“Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі”, Мінск, 19-20.ІХ.2014
Міжнародная навуковая канферэнцыя
“Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі”
(19-20 верасня 2014 г., г. Мінск)
Юбілеі важных гістарычных падзей часта становяцца каталізатарам правядзення новых даследаванняў і пераасэнсавання ведаў пра мінулае. Спадзяемся, што не стане выключэннем і 75-годзе вайсковай аперацыі Чырвонай арміі супраць Польшчы ў верасні 1939 г. Тагачасныя ваенна-палітычныя падзеі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне савецкая гістарыяграфія ацэньвала як “уз’яднанне братніх народаў”, а шматлікія еўрапейскія даследчыкі характарызавалі як “акупацыю” або чарговы “падзел Польшчы”.
Праблема ацэнкі падзеяў восені 1939 г. і іх наступстваў застаецца ў цэнтры навуковых і грамадскіх дыскусій: Якое значэнне гэтыя падзеі мелі для Беларусі і яе суседзяў? Як стасуецца бясспрэчная нацыянальная значнасць “уз’яднання” для гісторыі Беларускай дзяржавы з ацэнкай гэтых падзей з пункту гледжання агульначалавечых каштоўнасцяў?
Адказы на гэтыя пытанні патрабуюць ад даследчыкаў новага прачытання традыцыйных гістарычных крыніц і выкарыстання новых. Даволі цікавыя вынікі дае спроба выйсці па-за межы архіваў і бібліятэк і звярнуцца да вусных успамінаў сведкаў тагачасных падзей. Менавіта таму ў цэнтры ўвагі нашай канферэнцыі знаходзіцца не толькі канкрэтна-гістарычны аспект у рамках гістарычнай традыцыі, але таксама праблематыка вуснай гісторыі. Апошняя дазваляе ўбачыць той вобраз сацыяльных і палітычных пераменаў восені 1939 – вясны 1941 г., які захавала памяць сведкаў. Аналіз гэтага вобразу памяці патрабуе пэўнага паглыблення ў тэарэтычны аспект праблематыкі вуснай гісторыі і наратыву.
Суаднясенне розных накірункаў гістарычных даследаванняў у рамках вывучэння палітычных і сацыяльных трансфармацый 1939 г. у Заходняй Беларусі паспрыяе іх навуковаму пераасэнсаванню і дазволіць вывесці дыскусіі пра “ўз’яднанне беларускага народу” на больш высокі ўзровень. Апроч таго канкрэтна-гістарычная праблематыка дапаможа яшчэ раз ацаніць эўрыстычныя магчымасці вуснай гісторыі.
Кола праблем, прапанаваных для абмеркавання ў рамках тэарэтычнага аспекту:
· Вусная гісторыя як метад гістарычных даследаванняў;
· Вусная гісторыя як прастора інтэрдысцыплінарнасці;
· Наратыўны характар біяграфічнага аповеду;
· Метад інтэрв’ю ў сацыяльных даследаваннях.
Асноўныя праблемы ў рамках гістарычнага аспекту:
· Ад “першых” да “другіх Саветаў”: ацэнка савецкай улады ў гістарыяграфіі і вуснай гісторыі;
· Вайсковая аперацыя Чырвонай арміі і стаўленне да яе жыхароў Заходняй Беларусі;
· “Рыжская мяжа” (1920-1939 гг.) і памежжа як сацыяльная прастора (працэс дэмаркацыі, функцыянаванне мяжы, штодзённасць памежжа і г.д.);
· Чалавек і ўлада: праблема палітычнага фактара ў жыцці і функцыянаванні памежжа.
Канферэнцыя адбудзецца 19-20 верасня 2014 г. у Мінску.
Заяўкі на ўдзел трэба дасылаць не пазней за 1 траўня 2014 г. на адрас: kanferencyja@nashapamiac.org. У заяўцы трэба пазначыць навуковую ступень, месца працы, тэму даклада і тэзісы (не больш 2 тыс. знакаў), кантактны тэлефон і адрас электроннай паштовай скрыні.
Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак.
Плануецца публікацыя матэрыялаў канферэнцыі.
Аргкамітэт канферэнцыі:
Д.г.н. Алесь Смалянчук,
PhD Ірына Кашталян
К.г.н. Анатоль Вялікі
К.г.н. Вольга Іванова
Мгр Ганна Кавалёва (каардынатар)