Новы нумар


Аўгуст Нічкэ. Праблематыка гістарычнай антрапалёгіі


Тлумачэньні да дасьледаваньня гісторыі дзяцінства i юнацтва[1]

Тыя, што сёньня гавораць пра гістарычную антрапалёгію, не заўсёды маюць на ўвазе адно й тое ж.

Некаторыя гісторыкі выкарыстоўваюць слова антрапалёгія ў англа-саксонскім сэнсе. Яны мысьляць пры гэтым навуку, якая раней у Нямеччыне называлася этналёгіяй. Гэтыя гісторыкі зьвяртаюцца да гістарычных крыніцаў з тымі пытаньнямі, якія звычайна ставяць этнолягі. Так яны дасьледуюць штодзённае жыцьцё, структуру сям’і, выхаваньне дзяцей, формы шлюбу, працоўныя навыкі. Паколькі яны вывучаюць грамадзтвы мінулага, іхняя праца мае гістарычны характар; вынікі гэтай працы мусяць дапаўняць апісаньне й аналіз палітычных падзей i эканамічных працэсаў[2].

Іншыя гісторыкі зыходзяць з раней пашыранага ў Нямеччыне сэнсу слова антрапалёгія. Яны разумеюць пад антрапалёгіяй вучэньне пра чалавека. Яны карыстаюцца гістарычнымі крыніцамі з мэтаю выведаць нешта пра своеасаблівасьць чалавека. Так яны зьвяртаюць увагу на фізыялягічныя дадзеныя, што цікавяць мэдыкаў, на мэнталітэт, якім заўсёды займаліся гісторыкі, i на спосаб узаемаўплыву ды ўзаемаўспрыманьня людзей, з чым дагэтуль мелі справу пераважна сацыёлягі. Гісторыкі, якія хочуць нешта выведаць пра асаблівасьці чалавека, зыходзяць з таго, што палітычныя дзеяньні i эканамічныя працэсы могуць толькі тады адпаведна інтэрпрэтавацца, калі перад гэтым высьветлена, якія магчымасьці чалавечай актыўнасьці i які характар рэакцыі трэба наогул браць у разьлік. Вынікі ix працы павінны ня толькі дапаўняць гістарычныя дасьледаваньні палітычных i эканамічных адносінаў, але й ствараць перадумовы, каб такія дасьледаваньні асэнсавана, рацыянальна ўвогуле былі магчымыя[3].

Большасьць гістарычных работ апошняга дзесяцігодзьдзя, прысьвечаных дзяцінству й юнацтву, — калі яны мелі справу з антрапалягічнай праблематыкай, былі інсьпіраваныя этналёгіяй[4]. У ix гісторыкі хацелі ведаць: як зь дзецьмі абыходзіліся? як дзяцей выхоўвалі? Але гэтыя працы апавядаюць нам больш пра дарослых, якія занятыя дзецьмі, чым пра саміх дзяцей. Дарослымі ж гістарычная навука й без таго павінна займацца; атрымліваецца, што вынікі гэтай працы не даюць аніякіх новых аспэктаў для гістарычнай дыдактыкі.

Зусім іншая сытуацыя, калі гісторык дасьледуе дзяцінства й юнацтва, каб лепш пазнаць характэрныя асаблівасьці чалавека. Гэтая праблематыка дае важны стымул для заняткаў, паколькі яна адкрывае дыдактычна новыя магчымасьці: яна сутыкае школьнікаў i студэнтаў зь ix уласным досьведам, зь ix асобай, з сытуацыяй, у якой яны жывуць са сваім грамадзтвам.

Я б хацеў патлумачыць значэньне ў гэтым сэнсе антрапалягічна зразуметай гісторыі дзяцінства на двух прыкладах. Спачатку я сыходжу з псыхалягічна арыентаваных назіраньняў, затым — з арыентаваных на спосаб узьдзеяньня (уплыву).

1. Псыхалягічна арыентаванае дзеяньне

Згодна зь меркаваньнямі псыхолягаў, разьвіцьцём чалавека кіруюць гармоны. Асаблівасьці гэтага разьвіцьця апісваюцца спэцыялістамі наступным чынам. Бэргіюс, які ў сваю чаргу абапіраецца на працы Кро, лічыць пэрыяд з 4 да 7 гадоў жыцьця «фантастычна аналягізуючым рэалізмам». «Развагі — так гэта завецца — іграюць… пэўную ролю тады, калі выкарыстоўваецца магічная практыка, каб прагнаць чужое (небясьпечнае) i прызваць сваё (прыхільнае)». «Сувязяў… па прынцыпу падабенства больш ствараецца, чым разумеецца»[5]. Гэтакую ўласьцівасьць мы, гісторыкі, назіраем толькі ў шматлікіх грамадзтвах, якія называем архаічнымі. Нават сярэднявечча не зусім вольнае ад «рэалізму», што дзеліць сьвет па законах аналёгіі i пры гэтым часта робіцца ахвярай уласнай фантазіі. Так былі скарыстаныя аналёгіі Альбэртуса i Томаса дзеля стварэньня іерархічнай будовы (Stufenordnung) прыроды; Яўхім фон Фіорэ выкарыстоўвае аналёгіі, каб упарадкаваць гістарычны працэс. Затым з гэтых падпарадкаваных адзін аднаму гістарычных дзеяў Аляксандар фон Розе робіць вельмі дакладныя (на ягоную думку) высновы адносна зусім блізкае будучыні[6].

Пасьля гэтай фазы ва ўзросьце ад 7 да 10 гадоў мусіць наступаць другая, што азначаецца як «наіўны рэалізм». Месца «фантастычнага сынтэзу» займае «аналіз». Разьвіваецца «імкненьне да фактаграфічных ведаў, да датаў i лічбавых дадзеных». Пераважаюць «калі-тады-сувязі»; усё яшчэ маюць месца «магічна адчувальныя (anmutende) сэнсавыя сувязі паміж рэчамі». «Набыцьцё вопыту засяроджанае… на вонкавай нагляднасьці»[7]. Гэта падобна на тое, як прыродазнаўства апісваецца Ёганам Кэплерам, а ён жа ня быў зусім нетыповы для свайго часу[8].

Фазу «крытычнага рэалізму» мы можам прапусьціць; яна мае шмат падабенства з часамі Ньютана i эпохай Асьветніцтва. Тое, што будзе сказана пра першую фазу сталасьці, якая пачынаецца прыкладна з 13 гадоў, можна таксама параўноўваць зь вядомым для гісторыкаў грамадзтвам. Для гэтага пэрыяду жыцьця характэрны «стан нез’арыентаванасьці». Назіраецца «зварот да ўсяго асабістага», які вядзе да «самарэфлексіі». Выяўляюцца «раздвоенасьць, рэзкія перапады ў настроі i пераход ад халодных пачуцьцяў да палымянасьці (Entflammstein)»[9]. Такія настроі можна лічыць характэрнымі для часоў «Буры i націску», як гэта паказана ў Вэртэра. У тую ж эпоху ў палітыцы гісторык сустракаецца з новымі формамі эмацыйных рухаў у амэрыканскай i францускай рэвалюцыях, пры зараджэньні нацыянальных дзяржаў, у вызвольных войнах. Вядомы таксама ў тым часе надзвычай разважлівы спосаб дзеяньня ў палітыцы: «халоднасьць пачуцьцяў» (Gefühlskälte).

На падставе гэтых параўнаньняў гісторык можа паставіць два пытаньні. Першае гучыць так: Ці гэтаксама праходзіць індывідуальнае разьвіцьцё ў нашым грамадзтве, як i разьвіцьцё заходнеэўрапейскага грамадзтва? Ці перажываюць юнакі да пэўнай меры тое ж, што эўрапейцы маглі набыць на працягу апошняй тысячы гадоў? Гэтае пытаньне мусіць цікавіць найперш псыхолягаў ды фізыёлягаў. Яны павінны высьвятляць, ці абумоўленыя зьмены, магчымыя ў першыя два дзесяцігодзьдзі жыцьця чалавека, якія мы прыпісваем узьдзеяньню гармонаў, нечым іншым, або ці ўзьдзейнічалі гармоны раней па-іншаму, або ці дзейнічалі раней іншыя гармоны? Вывучэньне гэтых залежнасьцяў дало б нам новыя веды пра асаблівасьць (Eigenart) чалавека. Праўда, яно выходзіць за сфэру гістарычнага досьледу.

Затое другое пытаньне цікавае для гісторыка. Вось як яно гучыць: ці толькі пэўнай ступені разьвіцьця дасягалі дзеці й юнакі ў ранейшых грамадзтвах? Калі б гэта было так, гісторык мусіў бы — i да таго ж вельмі інтэнсіўна — вывучаць узроставую псыхалёгію (Entwicklungspsychologie); гэта азначала б, што мы маглі б выкарыстоўваць дадзеныя ўзроставай псыхалёгіі, пазнаючы разнастайныя i адначасова відавочна абмежаваныя спосабы паводзінаў людзей XII ці XVI ст. Тады псыхолягі разьвіцьця маглі б падказаць нам, якія формы гаспадараньня пашыраліся, які від канстытуцыі структураваўся, якія палітычныя мэты для людзей былі абавязковыя, што адпавядалі толькі ўзроставай ступені нашых васьмігадовых, дванаццацігадовых, або шаснаццацігадовых. Адсюль мы маглі б зрабіць, наколькі гэта магчыма, лепш зразумелымі палітычныя мэты Карла IV, Фрыдрыха Вялікага.

Наўрад ці можна адмаўляць тое, што гэтая праблематыка магла б мець вялікае значэньне для перадачы ведаў. Яна пабуджае школьнікаў i студэнтаў уяўляць ix ранейшыя манэры весьці сябе, каб самім спасьцігаць палітычныя i гаспадарчыя формы паводзінаў у былых грамадзтвах. Відаць — ужо з узроставых прычынаў — гэта было б магчымым ca старэйшых клясаў.

Хоць такі вобраз дзеяньняў мне здаецца даволі цікавы, у мяне ёсьць адносна яго й істотныя сумненьні. Я сумняваюся ў высновах псыхолягаў разьвіцьця, i не лічу, што хаду гісторыі найбольш дакладна можна апісваць вось такім чынам; аднак, ня гледзячы на гэта, мне ўяўляецца неабходным зьвяртаць увагу й на такі прынцып дзеяньняў. /…/ A паколькі тут ня месца разьбірацца з прычынамі майго скепсысу[10], я б хацеў лепш зьвярнуцца да другой мадэлі.

Тым, хто сумняваецца ў «пазнаньнях» узроставай псыхалёгіі i напэўна асьцерагаецца інтэрпрэтаваць працэсы эўрапейскай гісторыі так генэтычна, прапанаваны тут прыклад гістарычна-антрапалягічнага вобразу дзеяньняў дае зусім іншую магчымасьць уводзіць у працэс навучаньня гісторыю дзяцінства й юнацтва.

2. Дзеяньне, арыентаванае на зьмену спосабу ўплыву.

Для большасьці гісторыкаў гісторыя — гэта гісторыя чалавечых дзеяньняў. Гісторыкі могуць тлумачыць гэтыя дзеяньні, зыходзячы зь людзкіх інтарэсаў, з мэнталітэту людзей, а часам i з чалавечых ідэяў[11]. У апошнія дзесяцігодзьдзі ў рамках гістарычнай антрапалёгіі гісторыкі паводзінаў цікавяцца зусім іншай гісторыяй: гісторыяй прынцыпаў узьдзеяньня (уплыву). Такія гісторыкі пытаюцца: якія віды ўзьдзеяньня асабліва зфэктыўныя або асабліва значныя для дадзенага грамадзтва?

Гэтыя гісторыкі зыходзяць ня толькі з чалавека, яго інтарэсаў, мэнталітэту й ідэяў, бо яны бачаць, што эфэктыўнасьць або неэфэктыўнасьць учынкаў вызначаецца часам людзьмі, а часам ix навакольным асяродзьдзем. На аснове гэтых назіраньняў быў распрацаваны асобны мэтад дыфэрэнцыяцыі розных відаў чалавечай актыўнасьці, каб далей вызначаць, які зь ix дамінуе ў канкрэтным грамадзтве, які тып дзейнасьці можна лічыць асабліва эфэктыўным для яго прадстаўнікоў[12]. Пры гэтым улічвалася тое, што ў цяжкую часіну аддаецца перавага тым дзеяньням, якія дазваляюць эфэктыўна прадухіляць небясьпеку.

Так перамясьціліся інтарэсы гісторыкаў. Цяпер ix цікавіў не чалавек, a ўзаемадзеяньні (Interaktionen) людзей, пры чым у асаблівым аспэкце: якія з гэтых узаемадзеяньняў былі найбольш эфэктыўныя ці значныя для прадстаўнікоў канкрэтнага грамадзтва?

У гэтым пляне асабліва цікавыя тыя дзеяньні, у якіх выяўляецца, як дзеці й юнакі паўстаюць супраць сваіх бацькоў i йдуць ім насуперак.

Мы ведаем шмат грамадзтваў, у якіх дзеці й моладзь пераймаюць тыпы адносін дарослых. Яны нас цяпер не цікавяць. У іншых грамадзтвах моладзь трапляе ў напружаныя адносіны з бацькамі тады, калі тыя не спаўняюць ix жаданьняў. Маладыя паводзяць сябе тут так, як гэта рабілі дарослыя ў юнацтве. I на гэтых адносінах мы спыняцца ня будзем.

Мы уважаем збунтаванай моладзьдзю толькі тых дзяцей i юнакоў, што насуперак дарослым абіраюць сабе такі лад жыцьця, які грунтоўна адрозьніваецца ад ладу жыцьця старэйшага пакаленьня. Калі дзеці й юнакі схіляюцца да гэтага, ня шмат зь ix уваходзіць у генэрацыю. Далей бярэм пад увагу толькі такіх — бунтарных — i пытаемся: які тып узьдзеяньня тут можна назіраць? Аднак перш трэба сказаць трохі пра формы бунту моладзі.

Калі не зьвяртаць увагу на пэўныя папярэднія здарэньні пэрыяду грэцкай антычнасьці — прыкладна часоў сафістыкі, дык упершыню вялікія рухі пратэсту можна назіраць у VI-VII ст. Дзеці й падлеткі — многія мелі толькі па 7 ці 8 гадоў — пакідалі бацькоўскі дом, адлучалі сябе ад сваякоў i йшлі да чужых. Яны спасылаліся пры гэтым на выказваньні Ісуса, сярод якіх ёсьць словы супраць сям’і й бацькоў, ды казалі, што хочуць быць пасьлядоўнікамі Абрама. Таму ж было загадана Богам, як напісана ў кнізе Быцьця, пакінуць свой дом, радзіму й родных. Такім чынам зьявіўся адзін з тыпаў паводзінаў, які ў многіх варыянтах дасюль сустракаецца ў эўрапейскай гісторыі[13].

Зусім добра вызначаецца тып паводзінаў юнакоў у XI i XII ст. Яны пратэстуюць супраць аўтарытэту дарослых. Яны крытыкуюць бацькоў, яны адмаўляюцца на школьных занятках прыслухоўвацца да аўтарытэту старых. Яны кідаюць сваім настаўнікам у твар, што ix лепшы вучыцель — гэта маладосьць. Яны імкнуцца пры гэтым да станавай самастойнасьці. У такіх выпадках гутарка йдзе пра рух за эмансыпацыю[14].

У XIII i пачатку XIV ст. тэндэнцыя супрацьлеглая. Моладзь усіх станаў, дзеці каралёў, як, прыкладам, дачка Людовіка VIII у Францыі, дачка Бэла ў Вугоршчыне, дзеці бюргераў, дзеці ніжэйшых слаёў больш не жадаюць самастойнасьці, a зусім наадварот. Яны шкодзяць самастойнасьці сваіх бацькоў. Яны адмаўляюцца ад ix маёмасьці, уладаньняў i багацьця. Гэтае адмаўленьне зусім радыкальнае. Такія дзеці носяць жабрачае адзеньне, яны больш ня мыюцца, яны самі прычыняюць сабе боль. Тыя, што належаць да вышэйшых слаёў, спрабуюць займацца дзейнасьцю ніжэйшых сацыяльных групаў, — часьцей зусім няўдала, бо яны ніякім чынам да гэтага не падрыхтаваныя; наогул моладзь імкнецца прыраўняць сябе да стану бедных людзей, выклікаць на сябе ix узьдзеяньне, трапіць пад ix уплыў. Ідэалам гэтага можа быць Ісус у пакутах, або «смуткуючая маці».

Пачынаючы з гэтага часу ў эўрапейскай гісторыі чаргуюцца эпохі, калі бунтарныя дзеці й моладзь, пакладаючыся на ўласныя сілы, дамагаюцца эмансыпацыі, — так было ў XV, у XVIII ст., з эпохамі, калі дзеці імкнуцца аддзяліцца ад сваіх бацькоў тым, што адмаўляюцца ад ix, грэбуюць ix маёмасьцю, дазваляюць уплываць на сябе асобам, якія пераўзыходзяць бацькоў.

Гэтакія пратэсты маладых могуць зыходзіць ад адзінак, але яны могуць ахопліваць i сотні, i нават тысячы чалавек, — так было пад час дзіцячага крыжовага паходу, пад час руху «алілуя» ў 1233 г., на хвалі паломніцтваў XIV ст., у руху моладзі на пачатку нашага стагодзьдзя, у школьных i студэнцкіх хваляваньнях шасьцідзесятых гадоў. Большасьць такіх пратэстаў мае працяглае дзеяньне; часам яны зьмяняюць нават формы грамадзтва i гаспадаркі. Гэтым яны асабліва важныя для гісторыкаў, якія цікавяцца працэсамі палітычнай гісторыі.

Я думаю, што такія рухі пратэсту павінны асьвятляцца на занятках у нашых школах. Моладзі будзе цікава даведацца, як дзейнічалі ix раўналеткі ў мінулыя часы, якімі эфэктыўнымі маглі быць учынкі дзяцей.

Дасюль мы разглядалі толькі фармальны бок дзеяньняў маладых — ці то яны, абапіраючыся на ўласныя сілы, патрабуюць большай незалежнасьці, ці то чакаюць ад дарослых, што тыя, як i яны, адмовяцца ад усяго дзеля іншых. Ня менш цікава пазнаёміцца зь пераменаю зьместу гэтага. Я б хацеў толькі прывесьці прыклады пераломных момантаў у паводзінах, калі маладыя імкнуліся дамагчыся большай незалежнасьці.

У XII ст. маладыя асобы здабываюць незалежнасьць тады, калі набываюць адпаведныя свайму сацыяльнаму становішчу паводзіны. Каб уплываць, яны мусяць выпрацоўваць свае манэры й жэстыкуляцыю (Gestik). Яшчэ Фрыдрых II у дзяцінстве меў схільнасьць да гэтага; пазьней ён шмат рабіў у гэтым напрамку як пэдагог. У XV ст. дзеці ўжо разумелі, як актывізаваць i схіліць да дзеяньня іншых. Яны ўплывалі на матывы рухаў i ўчынкаў ня толькі сваіх блізкіх, але й на іншых. Максымільян у юнацтве гэтакім чынам узьдзейнічаў на сваё асяродзьдзе. У XVIII ст. дзеці, што пайшлі супраць дарослых, імкнуцца выклікаць павышаную актыўнасьць у іншых, дзякуючы чаму яны так зьмяняюць асяродзьдзе, што ствараецца атмасфэра асаблівай напругі й узбуджанасьці. Жан-Жак Русо паказвае нам, як ён у 8 гадоў так узьдзейнічаў на свайго стрыечнага брата.

Такім чынам, тое, які ўчынак мае асаблівае узьдзеяньне, залежыць ад дадзенай гістарычнай сытуацыі, якая ў сваю чаргу можа быць абумоўленая асяродзьдзем. У пэўных эпохах маладым асобам даводзілася зьмяняць саміх сябе, свае манэры й жэстыкуляцыю. У іншых — браць пад увагу матывы руху й дзеяньняў; яшчэ ў іншых, калі яны хацелі ўплываць, трэба было або ствараць напругу ў сваім асяродзьдзі, або аслабляць яе.

Вось на такіх прыкладах, вельмі груба, праглядаюцца пэўныя адрозьненьні. Больш грунтоўнае дасьледаваньне розных спосабаў уплыву дазволіла б распрацаваць глыбейшую дыфэрэнцыяцыю. Магчыма таксама выдзяліць ix асобныя віды, у якіх дзейнічалі б розныя сацыяльныя групы аднаго грамадзтва. Хацелася толькі зьвярнуць увагу на такі спосаб назіраньня за мінулым, які ўлічвае ня толькі людзей, ix інтарэсы, мэнталітэт i ідэі, але й гісторыю ўзаемадзеяньняў ды зьвязаных з гэтым спосабаў уплыву. З пункту гледжаньня такой праблематыкі гісторыя дзяцінства й юнацтва будзе новай i цікавай. /…/

Зь нямецкай пераклаў Генадзь Сагановіч


[1] Nitschke, August. Fragestellung der historischen Anthropologie // Historische Anthropologie. Der Mensch in der Geschichte. Hg. H.Süssmuth. — Göttingen, 1984. S.32-42.

[2] Muhlmann W.E. Geschichte der Anthropologie. 2 Aufl. — Frankfurt/M., Bonn. 1968. S.201 ff; тойсама, Kulturanthropologie und Verhaltensforschung, in: Keiter F. (Hg.). Verhaltensforschung im Rahmen der Wissenschaften vom Menschen. — Göttingen, 1969. S.166; Medick H., Sabean D. Neue Themen in der historisch-ethnologischen Familienforschung // Sozialwissenschaftliche Informationen für Unterricht und Studium, 11 (1982). S.94.

[3] Па псыхалягічных дадзеных: Muhlmann W.E. Anthropologie…, S.162; Nitschke A. Verhaltensforschung. Analysen gesellschaftlicher Verhaltensweisen. Ein Arbeitsbuch. — Stuttgart, 1981. S.9,74; Schwidetzky I. Hauptprobleme der Anthropologie. — Freiburg, 1971. S.38; Teuteberg H. Die Ernährung als psychosoziales Phänomen // Hamburger Jahrbuch für Wirtschafts- und Gesell schaftspolitik. 24 (1979), S.264. Па мэнталітэту: Nitschke А. Verhaltensvorschung…, S.10,15. Па ўзаемадзеяньнях, відах уплыву i ўспрыманьня: Blumer H. Der methodische Standort des symbolischen Interaktionismus // Arbeitsgruppe Bielefelder Soziologen (Hg) Alltagswissen, Interaktion und gesellschaftliche Wirklichkeit, 1. — Hamburg, 1973. S.89; Nitschke A. Verhaltensforschung…, S 11 75.

[4] Aries P. Geschichte der Kindheit. — München, 1975; Shorter E. Die Geburt der modernen Familie. — Reinbek, 1977; Badinter E. Die Mutterliebe. Geschichte eines Gefühls vom XVII Jahrhundert bis heute. — München, 1980.

[5] Bergius R. Entwicklung als Stufenfolge // Thomae H. (Hg) Entwicklungspsychologie. Handbuch der Psychologie Bd 3 — Göttingen, 1959. S.143.

[6] Sturner W. Natur und Gesellschaft im Denken des Hoch- und Spätmittelalters. Naturwissenschaftliche Kraftvorstellungen und die Motivierung des politischen Handelns in Texen des XII-XIV Jahrhunderts. — Stuttgart, 1975. S.77, 89; Grundmann G. Ausgewählte Aufsätze. Bd.2. — Stuttgart, 1977. S.216; Bd.3, S.204.

[7] Bergius R. Entwicklung…, S.145.

[8] Nitschke A. Keplers Staats- und Rechtslehre // Internationales Kepler Symposium. Weil der Stadt, 1971. — Hildesheim, 1972. S.409.

[9] Bergius R. Entwicklung…, S.151.

[10] Крытыку пункту гледжаньня гуманітарных навукаў, які стаіць за ўяўленьнямі пра псыхалягічнае «разьвіцьцё», гл. у: Nitschke A. Naturerkenntnis und politisches Handeln im Mittelalter, Korper – Bewegung – Raum. — Stuttgart, 1967. S. 12,254. Тлумачэньне гістарычных пераменаў, арыентаваных не на гэтую генэтычную мадэль, гл. у яго ж: Revolutionen in Naturwissenschaft und Gesellschaft. — Stuttgart-Bad Cannstatt, 1979. S.67,116, 160; Яго ж: Verhaltensforschung…, S.205.

[11] Nitschke A. Sozialgeschichte im Unterricht // Geschichte in Wissenschaft und Unterricht, 1983, S.434.

[12] Nitschke A. Verhaltengsforschung…, S.11, 75.

[13] Найважнейшыя тэксты: Angenedt A. Monachi peregrini. Studien zu Pirmin und den monastischen Vorstellungen des frühen Mittelalters. — München, 1972.

[14] Сьведчаньні з тых часоў у: Misch G. Geschichte der Autobiographie. Bd.3,2. — Frankfurt/M., 1960. S.1180,1200.

Наверх

Tags: ,