Новы нумар


Андрэй Антонаў. Беларусь і беларусы ў літоўскіх школьных падручніках па гісторыі

1. Праграмы

Паводле навучальнай праграмы для агульнаадукацый ных школ, выдадзенай у 1999 г., якую падрыхтавала Міністэрства асветы і адукацыі Літоўскай Рэспублікі, курс гісторыі разлічаны на V—XII класы. На выкладанне гэтай дысцыпліны ў V—X класах адводзіцца 2 гадзіны на тыдзень, гэта значыць 68 гадзінаў на год, у X—XII класах ад 1 да 3 урокаў на тыдзень. Рашэнне аб колькасці гадзінаў пад урокі гісторыі, асноўным залежыць ад інтарэсаў вучняў, профіля школы, выпускных іспытаў і г.д. Неабходна адзначыць, што сама праграма не з’яўляецца абавязковай, яна вымагае творчай інтэрпрэтацыі з боку настаўніка, а таксама можа быць дапоўненая актуаліямі нацыянальных меншасцяў.

Структура прадмета выглядае наступным чынам:

V — уводны курс гісторыі Літвы;

VI — уводны курс сусветнай гісторыі;

VII — агульная і старажытная гісторыя Літвы;

VIII — агульная гісторыя і гісторыя Літвы да канца XVIII ст.;

IX — агульная гісторыя і гісторыя Літвы ад канца XVIII ст. да канца Першай сусветнай вайны;

X — агульная гісторыя і гісторыя Літвы новага часу;

У XI—XII класах настаўнікі і вучні могуць абраць адзін з наступных варыянтаў:

а) у абодвух класах выкладаецца агульная гісторыя і гісторыя Літвы;

б) у XI класе выкладаецца толькі агульная, а ў XII — гісторыя Літвы.

У любым з выпадкаў на курс гісторыі Літвы мусіць быць адведзена не менш як трэцяя частка заняткаў.

У самой праграме беларусы згадваюцца толькі аднойчы, у тэме «Нацыянальныя меншасці Літвы», у якой настаўнікам прапануецца азнаёміць вучняў з пытаннямі «Расійцы і беларусы. Русіны ў ВКЛ. Старадаўняя культура расійцаў Літвы. Францішак Скарына. Канстанцін Астрожскі. Андрэй Курбскі. Міхаіл Глінскі. Уніяты. Стараверы».

2. Падручнікі

Перш чым пачаць агляд падручнікаў па гісторыі для літоўскіх школ, варта звярнуць увагу на дзве праблемы тэрміналагічнага характару.

Тэрмін «Гісторыя Літвы» ў дачыненні да розных эпохаў мае адрозны семантычны змест. У дачыненні да старажытных часоў пад гэтым тэрмінам разумеюць тэрыторыі, заселеныя ўсходнімі балтамі. Калі гутарка ідзе пра Сярэднявечча — пад гэтым выразам маецца на ўвазе тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага, у дачыненні да ХIХ — пачатку ХХ ст. разумеюцца землі Ковенскай, Віленскай, Гарадзенскай і Сувалкаўскай губерняў. Тэрыторыі гэтых губерняў на старонках падручнікаў таксама называюцца «этнаграфічныя межы Літвы». У дачыненні да ХХ ст. гэты тэрмін абдымае тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, Клайпедскі і Віленскі край.

Другая асаблівасць, на якую варта звярнуць увагу — праблема назвы славянскага насельніцтва земляў Вялікага Княства Літоўскага. Для азначэння гэтай этнічнай супольнасці ВКЛ шырока ўжываюцца наступныя тэрміны: «rusai», «gudai», таксама сустракаецца назва «rusėnai». Найбольш часты тэрмін «gudai», але складанасць у тым, што пад гэтым тэрмінам у сучаснай літоўскай мове разумеюцца беларусы.

Прыкладна тыя ж праблемы паўстаюць перад аўтарамі школьных падручнікаў і пры вызначэнні пісьмовай мовы Вялікага Княства Літоўскага. Ужываецца тэрмін «senoji slavų kalba», які можа перакласці як «стараславянская мова», але праблема ў тым, што мова ВКЛ, назавем яе «старабела рускай», не мае нічога супольнага з рэканструкцыяй праславянскай мовы, якую вывучаюць на першых курсах студэнты-славісты. Таксама ўжываецца тэрмін «gudų kanceliarinė kalba» — «беларуская (русінская) канцылярс кая мова», «kanceliarinė slavų kalba» — «канцылярская славянская мова».

а) Adomas Butrimas. Lietuvos istorija nuo seniausių laikų iki XVIII amžiaus pabaigos, Vilnius. 1993. 256 p.

Падручнік Адомаса Бутрымаса «Гісторыя Літвы ад старажытных часоў да канца XVIII ст.» з’яўляецца першым падручнікам па гісторыі Літвы, напісаным у незалежнай краіне. На старонках гэтага дапаможніка беларускія землі ўпершыню згадваюцца на с. 67 у раздзеле «Ўтварэнне літоўскай дзяржавы. Літва Міндоўга», дзе мы можам прачытаць наступнае: «Гарадзенская зямля і бліжэйшыя замкі ўжо раней былі літоўскай здабычай. Міндоўг ішоў гэтым шляхам і заняў найбліжэйшыя ад Літвы вобласці славянаў-крывічоў, сам завалодаў Слонімам і Ваўкавыскам, а сыну Войшалку аддаў Наваградак». На с. 72 у раздзеле «Войны са славянскімі краінамі» аўтар звяртае ўвагу на знешнепалітычную дзейнасць князя Віценя: «Віцень, як і Міндоўг, рупіўся, каб далучыць да Літвы як мага больш славянскіх земляў. У 1300 г. ён на доўгія гады авалодаў Полацкам, важным гандлёвым пунктам каля ракі Дзвіна. Славяне, далучаныя да Літоўскай дзяржавы, пачалі ўдзельнічаць ў літоўскіх вайсковых паходах, а Віцень, у сваю чаргу, у Наваградку стварыў для іх незалежную ад кіеўскага мітрапаліта мітраполію».

Пашырэнне ВКЛ на поўдзень і ўсход, як вядома, адбывалася і ў пазнейшыя часы, таму беларуская тапаніміка сустракаецца і далей, на с. 73. Гаворачы пра часы кіравання Гедыміна, аўтар між іншым зазначае, што «Гедымін далучыў (да ВКЛ — А.А.) Віцебскую зямлю, басейны рэк Бярэзіна і Прыпяць (Пінскае і Тураўскае княствы), на Смаленск павялічыўся ягоны ўплыў. <…> Пачатыя ім дзеянні на ўсходзе паспяхова працягваў Альгерд. Хоць вялікі князь Літоўскі Гедымін і не кіраваў усімі балтамі, рускіх падданых ён меў больш, чым літоўскіх». У раздзеле «Мовы іншых народаў у літоўскай дзяржаве» аўтар спрабуе пазнаёміць з функцыянаваннем пісьмовых моваў у ВКЛ, пры гэтым узгадвае факт існавання старабеларускай мовы: «для кантактаў з Усходняй Еўропай, а часам і з Польшчай, ужывалася старажытная славянская мова, якая напрыканцы XIV ст. стала афіцыйнай пісьмовай мовай Літвы для ўнутраных спраў» (101).

У раздзеле «Вільня — сталіца ВКЛ», які на самай справе прысвечаны развіццю адукацыі і мастацтва ў Вялікім Княстве і ў некаторай ступені ва Ўсходняй Прусіі, аўтар даволі падрабязна спыняецца на ролі места Горадні ў жыцці краіны (147). Гаворачы пра вайсковыя поспехі Стэфана Баторыя, аўтар успамінае, што ён «у 1579 г. забраў у Масквы Полацк» (178). Падзеі 1654 г. таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў гэтым дапаможніку, сярод іншага аўтар зазначае, што «жыхароў некаторых гарадоў Беларусі расійскае войска выбіла, не пакінуўшы ніводнага жывога чалавека» (197). Паводле аўтара падручніка, у 1667 г. пасля падпісання ў Андрусаве мірнага пагаднення «Літва страціла Смаленск і ўсе землі на ўсход ад Дняпра» (197). У раздзеле пра першы падзел Рэчы Паспалітай аўтар паведамляе, што «Расія паводле падпісанага 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу падзелу ўзяла частку Беларусі: Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы, усходнюю славянскую частку Менскага ваяводства і Латгалію» (217). На с. 220 чытаем, што пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай «на тэрыторыі Літоўскай дзяржавы засталіся толькі літоўскія этнаграфіч ныя землі».

б) Juozas Brazauskas. Lietuvos istorija. V klasės skaitiniai. Kaunas, 2000. 176 p.

Гэтая чытанка па гісторыі Літвы разлічана на самых малодшых — пяцікласнікаў. Яе мэта — даць агульнае ўяўленне пра развіццё літоўскай дзяржавы і гісторыю літоўскага народа. На с. 22, у раздзеле «Літоўцы і іх суседзі», дзеці даведаюцца, што ў XII ст. Літва «на ўсходзе пастаянна пагражала Полацку». У раздзеле «Ў Рэнесансавым горадзе Вільня», гаворачы пра развіццё культуры ў XV—XVI ст., аўтар паведамляе: «у пісьме ўжывалі стараславянскую мову» (59). На наступнай старонцы, папярэдне азнаёміўшыся з роляй у жыцці ВКЛ яўрэяў і татараў, мы даведаемся, што «ў XVI ст. Вільня стала важным цэнтрам славянскай і праваслаўнай культуры. Тут першыя кнігі надрукаваў беларус Францішак Скарына». Наступны раз пра існаванне Беларусі аўтар нагадвае толькі на с. 129 у раздзеле «Драматычныя 1938—1939-я г.»: «17 верасня войскі Савецкага Саюза перайшлі мяжу з Польшчай, занялі Заходнюю Ўкраіну, Заходнюю Беларусь, Вільню і Віленскі край».

в) Juozas Brazauskas. Lietuvos istorija nuo seniausiųju laikų iki Liublino Unijos. Vilnius, 1995. 220 p.

Гэты падручнік настаўніка-метадыста з Панявежа «Гісторыя Літвы ад старажытных часоў да Люблінскай Уніі» разлічаны на вучняў VI—VII класаў. Кніга пабачыла свет яшчэ ў 1995 г. і да сёння выкарыстоўваецца ў школах Літвы.

Сюжэты і фармулёўкі, датычныя Беларусі і беларусаў, якія мы бачым у кнізе Juozas Brazauskas. Lietuvos istorija. V klasės skaitiniai (Kaunas, 2000. 176 p.), паходзяць адсюль. Але гэты падручнік разлічаны на больш падрыхтаванага чытача і мае канкрэтныя храналагічныя абмежаванні, таму некаторым сюжэтам з беларускага жыцця ВКЛ аўтар аддаў больш увагі, чым у сваёй пазнейшай працы. Напрыклад, на с. 155, апавядаючы пра літоўска-расійскую вайну 1500—1503 г., упершыню згадваецца Канстанцін Астрожскі: «Мужна абараняўся і пасля жахлівай бойні патрапіў у няволю ваявода Літоўскага войска князь Канстанцін Астрожскі». У тым самым раздзеле школьнік даведаецца, што «краю не давалі спакою татары, якіх Іван III заўсёды падтрымліваў і цкаваў супраць Літвы. У 1506 г. яны дайшлі нават да Наваградка і Ліды, але нарэшце каля Клецка іх пабіла літоўскае войска, якім кіраваў <…> Міхаіл Глінскі» (156). Апавядаючы пра часы кіравання Жыгімонта II, аўтар паведамляе і пра паўстанне Міхаіла Глінскага і ягоныя наступствы: «М.Глінскі думаў падняць супраць Жыгімонта II паўстанне, аддзяліць ад Літвы расійскія землі і стварыць з іх асобную дзяржаву. Ён напаў на Мінск і Слуцк. Войска Жыгімонта II яго разбіла. Тады Глінскі ўцёк у Маскву і падбіваў маскоўскага князя напасці на Літву. Адбылося некалькі жахлівых войнаў: 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537» (157). У гэтым жа раздзеле аўтар паведамляе пра бітву пад Оршай: «Хоць Літоўскае войска, якім кіраваў князь Канстанцін Астрожскі, у 1514 г. пад Оршай пабіла больш шматлікае расійскае войска, аднак гэтая і пазнейшыя перамогі не былі выкарыстаны. Кароль (Жыгімонт II. — А.А) замнога ўвагі аддаваў Польшчы, не хапала яму і грошай на наём войска, пабудову крэпасцяў» (158). У раздзеле «Выспяванне перадумоваў Люблінскай уніі» аўтар спрабуе растлумачыць важнасць беларускіх і ўкраінскіх земляў для ВКЛ наступным чынам: «Страціць Беларусь і Ўкраіну для Вялікага Княства Літоўскага азначала страціць палітычную ролю істотнай дзяржавы» (203). У гэтым падручніку куды больш увагі аддадзена дзейнасці Францішка Скарыны, ягонай асобе прысвечаны цэлы падраздзел. Аднак, распавядаючы пра пражскі перыяд жыцця беларускага кнігадрукара, аўтар ні словам не згадвае пра кнігі, якія выйшлі з яго друкарскага станка ў Празе (178—179).

г) Juozas Brazauskas. Lietuvos istorija nuo Liublino Unijos iki 1918 metų. VIII—IX klasės vadovėlis. Kaunas, 1995. 384 p.

У гэтым падручніку для VIII—IХ класаў «Гісторыя Літвы ад Люблінскай уніі да 1918 г.» беларуская тапаніміка сустракаецца даволі часта. І гэта зразумела, бо, гаворачы пра часы кіравання Стэфана Баторыя, цяжка не ўзгадаць пра тое, што ў 1579 г. пад ягоным кіраўніцтвам пасля Лівонскай вайны ВКЛ вярнула ў свой склад Полацк (21). Паседжанні створанага Баторыем Вярхоўнага Трыбуналу праходзілі не толькі ў Вільні, але і ў Троках, Наваградку і Мінску — пра гэта таксама нельга не ўзгадаць (22), як і пра той факт, што памёр Стэфан Баторы ў Горадні (22).

У раздзеле «Вялікае Княства Літоўскае ў войнах з Расіяй і Швецыяй у пачатку XVII ст.» сярод прычынаў, чаму ВКЛ так і не скарысталася са сваіх перамогаў над Швецыяй, прыводзіцца наступная: «Літоўскім і польскім магнатам больш рупіла вярнуць страчаныя землі Ўкраіны і Беларусі» (27). Зрэшты, адказу на пытанне «чаму ж тым магнатам рупілі больш беларускія і ўкраінскія землі, чым братэрская Лівонія?» на старонках гэтага дапаможніка мы не знойдзем.

У раздзеле «Развіццё літоўскай культуры ў другой палове XVI ст. Паланізацыя шляхты», распавядаючы пра лінгвістычныя здольнасці Жыгімонта Аўгуста, аўтар між іншым паведамляе, што ён валодаў «славянскай канцылярскай мовай» (35). Гаворачы пра пашырэнне польскай мовы ў жыцці ВКЛ, аўтар называе мовы, якія яна выштурхнула з ужытку: «ад сярэдзіны XVI ст. рознымі шляхамі пачала пашырацца польская мова, якая выштурхоўвала абедзве пісьмовыя мовы ВКЛ — гэтак званую канцылярскую славянскую мову і лаціну» (35).

Разглядаючы праблему казацкага паўстання пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, Ю.Бразаўскас між іншым зазначае, што «ўкраінскае паўстанне падтрымлівалі і сяляне, і гараджане Беларусі» (52). На гэтай жа старонцы гаворыцца пра вайну з Расіяй 1654—1661 г., ёсць звесткі і пра вайсковыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі.

У раздзеле «Развіццё асветы. Роля Віленскага універсітэта» на с. 90 узгадваецца факт дзейнасці ў Вільні уніяцкай калегіі. Але з уніятамі і уніяцтвам школьнікі змогуць пазнаёміцца толькі на с. 93 у раздзеле «Рысы культурнага заняпаду». Асноўныя рысы уніяцтва, на думку аўтара, былі наступныя: «Праваслаўных прымушалі станавіцца уніятамі, гэта значыць прызнаць Берасцейскую унію (1596 г.). Паводле яе, Праваслаўная царква на землях Беларусі і Ўкраіны мела падпарадкавацца Каталіцкаму Касцёлу, які панаваў у Польска-Літоўскай дзяржаве. Гэтым хацелі ўзмацніць дзяржаўную ўладу на тых землях». Наступным разам пра Беларусь аўтар згадвае ў раздзеле пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Апрача абавязковага ў гэтым выпадку пераліку земляў, што адышлі да Расіі ў выніку першага падзелу Рэспублікі, ён між іншым адзначае, што «Расіі і самой рупіла далучыць Украіну і Беларусь, якія з-за рэлігійнага і нацыянальнага прыгнёту былі схільныя з гэтым пагадзіцца» (107).

Разглядаючы гісторыю паўстання Тадэвуша Касцюшкі, Ю.Бразаўскас знаходзіць патрэбным паведаміць школьнікам, што кіраўнік паўстання 1794 г. з паходжання быў беларусам (130). Не забываецца аўтар нагадаць і пра беларускія нюансы дзейнасці Кастуся Каліноўскага — на с. 228 школьнікі змогуць даведацца, што К.Каліноўскі, «зразумеў шы, што трэба сур’ёзна рыхтавацца да паўстання, пачаў выдаваць газетку на беларускай мове „Мужыцкая праўда”». У раздзеле «Аднаўленне літоўскай дзяржавы» беларусы фігуруюць як «нацыянальная меншасць Літвы», паводле аўтара «беларусы (нацыянальна свядомыя) імкнуліся да Літоўска-Беларускай федэрацыі, значыцца, хацелі аднавіць ВКЛ» (362).

д) Rimantas Jokimaitis, Algis Kasperavičius, Eugenijus Manelis, Beatričė Stukienė. Pasaulio ir Lietuvos istorija VI—XVIII amžiai. Vilnius, 1999. 272 p.

Падручнік «Сусветная гісторыя і гісторыя Літвы VI—XVIII ст.» з’яўляецца адной з першых спробаў зрабіць навучальны дапаможнік, у якім бы гісторыя Літвы (чытай ВКЛ) разглядалася ў кантэксце сусветнай гісторыі. Беларускія тэрыторыі згадваюцца толькі ў сувязі з ходам вайсковых падзей, якія адбываліся на нашых тэрыторыях. Упершыню Беларусь на старонках гэтай кнігі ўпамінаецца ў раздзеле «Экспансія мангола-татараў», у сувязі з дачыненнямі ВКЛ і мангола-татараў. Цытую: «у пачатку XIII ст. Літва ў рэгіёне была наймагутнейшай дзяржавай, якая кіравала і некаторымі славянскімі землямі. Таму ВКЛ давялося сутыкнуцца і з татарамі, якія ў той час імкнуліся не толькі на рускія землі, але ўглыб Еўропы. У хроніцы пішацца, што ўжо ў 1234 г. папярэднік Міндоўга князь Рынгаўд у вярхоўях Нёмана (сучасная Беларусь) біўся з татарамі „ад усходу сонца да яго заходу”» (117). У раздзеле «Польска-літоў ская дзяржава: упадак, спробы рэформаў», калі ідзе размова пра ход Лівонскай вайны, узгадваецца і тое, што Рэч Паспалітая прымусіла Расію адмовіцца ад Полацка і Вяліжа (239). Гаворачы пра паўстанне Хмяльніцкага і выкліканую ім агрэсію з боку Расіі, аўтары паведамляюць, што расійцы занялі «Смаленск, Віцебск, Полацк, Вільню» (240). У раздзеле «Вялікае Княства Літоўскае ў XVI ст.» між іншым узгадваецца, што першы статут ВКЛ быў напісаны на «на славянскай канцылярскай мове ВКЛ, а пазней перакладзе ны на лаціну і польскую мовы» (94).

е) Algis Kasperavičius, Sigitas Jegelevičius, Saulius Jurkevičius. Naujujų Amžių Istorija. Nuo XVII a. Anglijos revoliucijos iki Prancuzijos karo su Prūsija. VIII klasės vadovėlis. Vilnius, 1996. 256 p.

У гэтым падручніку па гісторыі новага часу Беларусь згадваецца толькі ў кантэксце гісторыі Расіі ў раздзеле «Расія ў XVII—XVIII ст.». У раздзеле «Вайна Расіі з Польска-Літоўскай дзяржавай» у звязку з падзеямі вайны 1654—1667 г. аўтары паведамляюць, што «да вясны 1655 г. яе (расійскае. — А.А.) войска заняло Смаленск, амаль усю Беларусь» (100), у наступны раз назва «Беларусь» у гэтым жа раздзеле сустракаецца ў сувязі з падзеламі Рэчы Паспалітай (114—117).

ж) Arūnas Gumuliauskas. Lietuvos istorija nuo 1915 iki 1953 metų. X klasės vadovėlis. Kaunas, 1995.

Арунас Гумуляўскас у сваім падручніку для Х класа «Гісторыя Літвы ад 1915 да 1953 г.» шмат увагі аддаў такім падзеям у гісторыі нашых краінаў, як існаванне Літбелу і польскай акупацыі Віленскага краю, і таму ў адпаведных раздзелах Беларусь знаходзіць сабе месца.

У раздзеле «Унутраная і знешняя палітыка Літоўскай Рэспублікі 1918—1920 г.» на с. 29 аўтар знаёміць школьнікаў з планамі бальшавіцкага кіраўніцтва Расіі стварыць агульную Літоўскую і Беларускую камуністычную партыю ў жніўні 1918 г. Разглядаючы прычыны складанасцяў, якія ўзніклі на шляху стваральнікаў гэтай баявой адзінкі на фронце сусветнае рэвалюцыі, аўтар называе наступныя: «Аднак заснаваць такую Літоўскую і Беларускую арганізацыю было нялёгка, рэгіёны вельмі адрозніваліся з пункту гледжання этнаграфіі, культуры і палітыкі. Апрача таго, іх у сваю чаргу падзялілі ваенныя падзеі і нямецкая акупацыя. 27 жніўня 1918 г. Расія і Нямеччына падпісалі пагадненне, паводле якога немцы ўзялі на сябе абавязак паэтапна адысці з тэрыторыі Беларусі. Таму для ЦК КПР(б) з’явілася магчымасць ажыццявіць сваю задуму. Але беларускія камуністы, згуртаваныя ў нацыянальны камісарыят у Маскве, імкнуліся да стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі. Гэтаму супраціўляліся дзеючыя ў Маскве партыйныя і адміністратыўныя органы Савецкай Расіі. Яны лічылі тэрыторыі Літвы і Беларусі адным Заходнім фронтам, які абдымае Смаленскую, Магілёўскую, Віцебскую і Ковенскую губерні» (28—29). У раздзеле «Камуністычныя арганізацыі ў Літве» аўтар паведамляе пра яшчэ адну спробу стварэння ўвосень 1918 г. Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі, якая мусіла аб’яднаць камуністычны рух у Заходняй Беларусі і Літве. Але гэтай падзеі не давялося ўвайсці ў аналы, бо прадстаўнікі камуністаў Заходняй Беларусі не прыбылі на першы з’езд задуманай партыі (29). Паведамляецца і пра факт аб’яднання беларускіх і літоўскіх камуністаў пад сцягам адной «Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі», якое адбылося ў сакавіку 1919 г. (32).

На думку аўтара падручніка, менавіта напрыканцы 1918 г. праясніліся агpэсіўныя планы Польшчы. Яны выявіліся ў тым, што ў лістападзе гэтага года «ў Варшаве быў створаны камітэт „вызвалення крэсаў”, задача якога — падтрымліваць інтэрвенцыю ў Літву і Беларусь» (32). У раздзеле, прысвечаным нацыянальна-культурнай палітыцы ўраду Вінцаса Капсукаса, згадваецца факт надання беларускай мове статусу дзяржаўнай у Літоўскай Савецкай Рэспубліцы.

У асобным раздзеле аўтар разгледзеў кароткае існаванне Літбелу. На думку Арунаса Гумуляўскаса, на рашэнне аб стварэнні гэтай унітарнай дзяржавы паўплывалі наступныя акалічнасці: «Беларусь і Літва былі гістарычна звязаныя краіны. З другога боку, РКП(б) бачыла, што ў Літве не хапала партыйных кадраў. Рабочыя ў этнаграфічнай Літве не складалі і 1% ад усіх жыхароў. Камуністычны рух быў слабы. У той жа час камуністы Беларусі дзейнічалі куды актыўней. Аб’яднанне Літвы і Беларусі давала магчымасць ЦК РКП(б) вярнуць ўскраіны Расійскай імперыі» (35). Пра гэты супольны для беларусаў і літоўцаў сюжэт аўтар апавядае вельмі падрабязна. Паведамляе дату заснавання Беларускай Савецкай Рэспублікі, а таксама піша пра адмоўнае стаўленне беларускіх камуністаў да ідэі стварэння Літбелу (35).

У раздзеле «Барацьба за незалежнасць» Гумуляўскас упершыню фармулюе, што трэба разумець пад тэрмінам «этнаграфічныя межы Літвы». Цытую: «этнаграфічная тэрыторыя (Літвы. — А.А) абдымала былыя Віленскую, Ковенскую, Гарадзенскую і Сувалкаўскую губерні» (41), і на гэтай жа старонцы аўтар не забываецца нагадаць, што паводле Савецка-Літоўскай мірнай дамовы ад 12 ліпеня 1920 г. Савецкая Расея прызнала за Літвою «Горадню з ваколіцамі».

Асобны раздзел падручніка прысвечаны Віленскаму краю пад Польскай акупацыяй (1922—1939). У раздзеле «Сацыяльная структура. Нацыянальная палітыка ўладаў» аўтар сцвярджае: «несумненна, што ў акупаваным Віленскім краі больш за ўсё жыло палякаў. Літоўцы былі найбольшай нацыянальнай меншасцю. Шостую частку жыхароў складалі яўрэі. З сацыяльнага пунку гледжання больш за ўсё было сялянаў.

Людзі не польскай нацыянальнасці Віленскага краю цярпелі нацыянальны ўціск. Слаі польскай улады ўсімі магчымасцямі імкнуліся асіміляваць літоўцаў, беларусаў і жыхароў іншых нацыянальнасцяў. Так яны спадзяваліся вырашыць тэрытарыяльную спрэчку з Літвою» (89). На с. 91 аўтар паведамляе, што апошняя беларуская школа на Віленшчыне была зачынена ў 1931 г., што не зусім адпавядае рэчаіснасці. Сярод літоўскіх дзеячаў — выпускнікоў Віленскага універсітэта аўтар згадвае таксама і людзей, якія пакінулі даволі заўважны след у беларусістыцы — літаратара Ону Міцютэ і мастацтвазнаўцу Валдаса Дрэму (91). Аглядаючы сітуацыю з літоўскім перыядычным друкам, Арунас Гумуляўскас прыводзіць статыстычныя звесткі пра колькасць перыёдыкаў на іншых мовах краю, у тым ліку і беларускай. Статыстыка прыводзіцца за 1937 г. (97).

Наступны раз беларускае пытанне ўзнікае ў кантэксце пачатку Другой сусветнай вайны і вызвалення Заходняй Беларусі савецкімі войскамі. Аўтар даволі падрабязна спыняецца на праблеме перадачы Вільні ў склад БССР. «Занятыя 19 верасня Вільня і Віленскі край лічыліся часткаю Заходняй Беларусі. Тут пачалі ствараць савецкі сацыялізм, цэнтральнымі органамі адміністравання Вільні кіравалі дасланыя сюды супрацоўнікі партыйных і адміністрацыйных органаў Савецкай Беларусі <…> 6 кастрычніка часовыя праўленні Віленскай акругі і места вырашылі правесці выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі, які меў прыняць рашэнне аб далучэнні Заходняй Беларусі да Беларускай ССР. Гэта значыць, што Віленскі край быў бы ўключаны ў склад Савецкай Беларусі і Савецкага Саюза. Аднак выбары не адбыліся, бо якраз 10 кастрычніка паводле дамовы аб узаемнай дапамозе частку Віленскага краю СССР перадаў Літве» (103—104).

Апавядаючы пра радасную сустрэчу жыхарамі Вільні літоўскіх войскаў, аўтар сцвярджае, што прадстаўнікі беларускай грамадскасці таксама сказалі сваё прывітальнае слова новым гаспадарам краю (105).

з) Evaldas Bakonis, Jonas Janušas. Lietuva ir pasalis. Istorijos vadovėlis XI klasei. Kaunas, 2001. p.320

Падручнік па гісторыі для ХI класа Эвалдаса Баконіса і Ёнаса Янушаса «Літва і свет» пакідае найбольш прыемнае ўражанне з пункту гледжання методыкі выкладання дысцыпліны. Кожны раздзел гэтага падручніка мае наступную структуру: невялікі аўтарскі ўступ, асноўныя пытанні, цытаты з крыніцаў на дадзеную тэму (гэта звычайна ўрыўкі з працаў літоўскіх гісторыкаў або цытаты з дакументаў), пытанні для самакантролю і заданні для вучняў.

Беларусь згадваецца ўпершыню ў раздзеле «Балты і іх суседзі», у частцы «Крыніцы» цытуюцца ўрыўкі з працаў Эдвардаса Гудавічуса «Міндоўг» і Зігмаса Зінкявічуса «Ўсходняя Літва ў мінулым і цяпер», прысвечаныя гандлёвым сувязям балтаў і славянаў (138).

У раздзеле, прысвечаным перыяду кіравання вялікага князя Гедыміна, у «Крыніцах» прыводзіцца думка Эдвардаса Гудавічуса, што «паміж вялікімі заходнімі суседзямі Русі асаблівае месца дасталося Літве: яна далучыла немалую частку рускіх земляў. Літоўская ўлада адрознівалася ад сюзерэннай улады Залатой Арды інтэгральным далучэннем рускіх земляў. Гэта таксама была нацыянальна і рэлігійна чужая ўлада, але чужасць змякчала тое, што літоўскія князі станавіліся праваслаўнымі» (188).

У раздзеле «Перамога ў Грунвальдскай бітве» аўтары ўзгадваюць, што ў войску ВКЛ бралі ўдзел і беларусы (204), але тут жа побач зазначаецца, «што перамогу ў бітве святкавалі не народы, але дзяржавы».

У раздзеле «Шматнацыянальнае і шматкультурнае ВКЛ» аўтары згадваюць пра ўжыванне ад пачатку XV ст. у справаводстве «канцылярскай славянскай мовы», а таксама і той факт, што Літоўская хроніка ды летапісы напісаны былі менавіта на гэтай мове (221). Сярод крыніц прыводзіцца ўрывак з супольнай кнігі літоўскіх філосафаў Грэймаса і Саўлюса Жукаса «Літва ў Прыбалтыцы»: «У XVI ст. Вільня становіцца важным ачагом славянскай і праваслаў най культуры. Тут у 1522 і 1525 г. надрукаваў свае першыя кнігі, блізкія да ідэяў пратэстантызму, беларус Францішак Скарына» (224).

У раздзеле «Культура эпохі асветы ў Літве» згадваецца факт заснавання А.Тызенгаўзам у Горадні балету, аркестра батанічнага сада і спецыяльных школ (298).

і) Rūstis Kamuntavičius, Vaida Kamuntavičienė, Remigijus Civinskas, Kastytis Antanaitis. Lietuvos istorija 11—12 klasems. Vilnius, 2000. 487 p.

Падручнік «Гісторыя Літвы» прызначаны для школьнікаў ХI—ХII класаў. Беларускія геаграфічныя пункты ў гэтым падручніку згадваюцца ў раздзеле «Паганская Літоўская дзяржава»; цытую: «Ужо ў XIII ст. у склад Літвы ўвайшлі беларускія землі: Чорная Русь, Менск, Браслаў. Полацак таксама ўжо быў трапіў у васальную залежнасць ад Літвы» (43). На с. 44, гаворачы пра пашырэнне ВКЛ на поўдзень у XIV ст., аўтары паведамляюць пра ўваход у склад ВКЛ Палесся, Падляшша і вялікай часткі Белай Русі. Аднак, на іх думку, нягледзячы на тое, што на большай частцы тэрыторыі ВКЛ жылі славяне, «шчыльнасць засялення літоўцаў была большай, чым славянаў, таму колькасць літоўцаў і славянаў была прыблізна аднолькавай».

Асобная частка ў гэтым раздзеле прысвечана кіраванню далучаных да ВКЛ рускіх земляў і грамадскаму ўкладу на гэтых тэрыторыях. У ім аўтары адразу даюць сваю фармулёўку тэрміна «gudas», які на беларускую мову можна перакласці як «русін» — «пад час аповеду пра Рускія землі, далучаныя да ВКЛ, узнікае праблема назвы іх жыхароў. Сёння на гэтых тэрыторыях жывуць украінцы і беларусы, аднак у XIV ст. гэтыя нацыі яшчэ не былі сфармаванымі. І ўсё ж іх продкі адрозніваліся ад славянаў, якія жылі за межамі ВКЛ і склалі ядро расійскай нацыі. Па гэтай прычыне славянаў ВКЛ было дамоўлена называць русінамі» (47). Зрэшты, нягледзячы на такую ясную і зразумелую фармулёўку, аўтарам падручніка не ўдалося пазбегнуць пэўнай тэрміналагічнай блытаніны. Напрыклад, на с. 115 пад тэрмінам «gudas» разумеюцца беларусы ў сучасным значэнні. Гаворачы пра асобны палітычны статус рускіх земляў у ВКЛ, аўтары зазначаюць, што «далучаючы да ВКЛ, Гедымінавічы не імкнуліся мяняць старыя сістэмы кіравання ці права. Яны толькі займалі месцы ў вышэйшым кіраўнічым слаі, пакідаючы стары грамадскі ўклад. Шмат дробных рускіх княстваў хутка трацілі сваю самабытнасць, іх кіраўнічая эліта была цалкам выштурхнутая і яны лёгка інтэграваліся ў ВКЛ, аднак былі і выключэнні. Шматлікая і ўплывовая мясцовая грамада, складзеная са шляхты і гандляроў, захавалася ў Полацку і Віцебску» (47). Падрабязна разглядаюцца праблемы стварэння незалежнай праваслаў най мітраполіі ў ВКЛ.

Гаворачы пра палітычны статус русінскіх земляў ВКЛ, аўтары адзначаюць: «Русінскімі землямі часцей за ўсё кіравалі прадстаўнікі дынастыі Гедымінавічаў. Аднак яны ніколі не станавіліся незалежнымі ад цэнтра княствамі. <…> Пастаянна жывучы ў русінскім атачэнні, Гедымінавічы і іх вайсковая арыстакратыя, баяры завязвалі сямейныя стасункі з русінамі і зблізіліся з іх грамадствам, большасць прыняла праваслаўе. Стаўшы часткаю русінскага грамадства, Гедымінавічы прадстаўлялі іх інтарэсы пры двары вялікага князя. Гэта не заахвочвала інтэграцыю тых земляў у ВКЛ, аднак не пагражала і палітычнае раздрабленне, бо Гедымінавічы часцей за ўсё былі лаяльныя да цэнтру» (48).

Вынікі далучэння русінскіх земляў да ВКЛ, на думку аўтараў падручніка, «узмацнілі яго эканамічную і ваенную сілу. Вырасла колькасць жыхароў ВКЛ, а гэта азначае і большую колькасць войска і большыя паступленні ў казну. Эканамічна было вельмі карысна тое, што ВКЛ заняло важныя гандлёвыя шляхі Дзвіну, Днепр і г.д., атрымала ў спадчыну ўжо даўно сфармаваныя гандлёвыя цэнтры (Кіеў, Смаленск, Полацк, Віцебск). Апрача таго, з Рускіх земляў Літва пераняла досвед ужо даўно сфармаванага дзяржаўнага жыцця — воласці, валасных намеснікаў, пісараў і г.д. Была перанятая і русінская пісьменнаcць, яе пачалі ўжываць у дзяржаўным жыцці ВКЛ» (48—49). Зрэшты, паводле аўтараў, рускія землі таксама атрымалі пэўныя выгоды ад далучэння да ВКЛ. «Такія важныя культурныя і эканамічныя цэнтры як Полацк, Віцебск і Кіеў, маючы падтрымку ВКЛ, маглі свабодна гандляваць, не баючыся жахлівых набегаў з боку суседзяў. З-за талерантнай рэлігійнай палітыкі ВКЛ русіны маглі свабодна спавядаць сваю веру і развіваць сваю адметную культуру» (49).

У раздзеле «Фармаванне і пашырэнне літоўскай народнасці» цэлы абзац прысвечаны ўсходняй мяжы рассялення літоўскага этнасу: «На ўсходзе літоўцы межавалі з русінамі, з продкамі сучасных беларусаў. Пачынаючы ад сярэдзіны I тысячагоддзя, славяне, мігруючы з усходу на захад, выштурхоўвалі балцкія плямёны ў бок Балтыйскага мора. У XII ст. гэты працэс быў прыпынены, а ў XIII ст. літоўцы пачалі адбіраць у славянаў былыя балцкія землі. Адпаведна мяжа рассялення літоўцаў у гэтым рэгіёне пастаянна змянялася. У XIV ст. усходняя літоўская мяжа была далей на ўсход, чым сучасная мяжа Літвы і Беларусі» (61). Але пытанне нацыянальнай прыналежнасці ВКЛ не дае спакою аўтарам гэтага падручніка. Каб расставіць усе кропкі над «і», гэтай праблеме адвялі цэлы раздзел «ВКЛ: літоўская, польская ці беларуская дзяржава?», дзе выклалі ўсе свае аргументы. «ВКЛ была шматнацыянальнай і шматкультур най дзяржавай, заселенай балцкімі і славянскімі народамі. Тут побач адна з другой існавалі праваслаўная, каталіцкая і яшчэ не зніклая паганская культуры. У XVI ст. мы ўжо маем пісьмовыя мовы — русінскую, нямецкую, лаціну, польскую, літоўскую, якія існуюць здаўна або толькі пачынаюць фармавацца <…> Наўрад ці хто зможа нас пераканаць, што ВКЛ была не літоўскай дзяржавай. Ведаем, што Міндоўг і дынастыя Гедымінавічаў, якая кіравала пасля яго, былі літоўцы, а ядро земляў ВКЛ знаходзілася на літоўскіх землях. Сталіца ВКЛ Вільня стаіць у цэнтры тых земляў. Заваяваныя славянскія землі былі толькі анексы, якімі кіравалі прадстаўнікі дынастыі Гедымінавічаў<…> Цікавай з’яўляецца і пазіцыя нашых усходніх суседзяў, якія сцвярджаюць, што ВКЛ была беларускай дзяржавай, грунтуючыся на тым, што большую частку жыхароў ВКЛ складалі беларусы або, у ранейшыя часы, іх продкі русіны. Падкрэсліваецца і тое, што большасць элементаў функцыянавання дзяржавы была перанята ад русінскіх князёў: шмат дзяржаўных інстытуцыяў і, самае важнае, русінская канцылярская мова, на якой доўгі час пісаліся ўсе дзяржаўныя дакументы і нават Літоўскія метрыкі. Грунтуючыся на гэтых аргументах і сцвярджаючы, што ў Віленскім краі жыве вялікая колькасць беларусаў, у XX ст. яны пачалі выказваць прэтэнзіі на Вільню як сталіцу сваёй дзяржавы. Ад самага пачатку стагоддзя распаўсюджваныя імі карты выяўляюць Вільню як сталіцу Беларускай дзяржавы» (116—117).

У раздзеле «Змены ў культурным жыцці Літвы, выкліканыя рэфармацыяй» згадваецца Францішак Скарына як першадрукар на землях ВКЛ, а таксама дзейнасць друкарні М.Радзівіла Чорнага ў Берасці (131).

У раздзеле «Літва пад царскай уладай 1795—1863» асобная частка прысвечана этнічнаму складу насельніцтва Літвы. Найменшая ўвага была аддадзена беларусам (куды менш, чым татарам, караімам, немцам і г.д.), дазволю сабе цалкам прывесці фрагмент, прысвечаны беларусам. «У Віленскай губерні жыло нямала беларусаў. Яны часцей за ўсё былі сялянамі праваслаўнага веравызнання. Царская ўлада імкнулася да русіфікацыі гэтай этнічнай супольнасці, разам стараючыся адмежаваць іх ад культурнага ўплыву польскамоўнай шляхты. Беларускі нацыянальны рух узмацніўся ў канцы XIX ст., хоць ён быў крыху стыхійным» (291).

У раздзеле, прысвечаным гісторыі міжваеннай Літвы, аўтары падручніка палічылі патрэбным узгадаць факт існавання Міністэрства беларускіх спраў пры кааліцыйным кабінеце міністраў М.Шляжавічуса (352), а таксама не забыліся пра аб’яднанне Беларускай Савецкай Рэспублікі і Літоўскай Савецкай Рэспублікі ў адзінку, сёння вядомую як Літбел (353).

й) Visotinė istorija. XII klasės vadovėlis. Sudarytojas ir mokslinis redaktorius doc. Algis Kasperavičius. Kaunas, 1996. 206 p.

На старонках гэтага падручніка па агульнай гісторыі для ХII класа сюжэты, такім ці іншым чынам звязаныя з Беларуссю, можна знайсці толькі ў кантэксце гісторыі Расіі й Савецкага Саюза. Узгадваецца вызваленне Стэфанам Баторыем Полацка пад час Інфлянцкай вайны (74). Тэрыторыя Беларусі стала месцам баёў расійска-французскай вайны 1812 г., таму нічога дзіўнага ў тым, што ў адпаведным раздзеле мы знойдзем згадкі пра рэчкі Нёман і Бярэзіну (117).

Беларуская Савецкая Рэспубліка ўзгадваецца сярод рэспублік — заснавальніц ССР, а таксама не абыходзіцца ўвагай той факт, што беларускія камуністы не падтрымалі сталінскі план аўтанамізацыі (174).

Высновы

Сцвярджаць, што згадкі пра Беларусь і беларусаў на старонках літоўскіх падручнікаў сустракаюцца або рэдка, або выпадкова, было б няслушна. Беларусь у іх прысутнічае, і вымалёўваецца нават пэўная сістэма ў адлюстраванні гэтай прысутнасці. Ва ўсіх храналагічных перыядах Беларусь і беларусы разглядаюцца як бясспрэчная нацыяналь ная меншасць, чые здабыткі (у любой галіне чалавечай дзейнасці) мала паўплывалі на развіццё літоўскай нацыі і дзяржавы. З прадстаўнікоў сучаснага беларускага пантэону аўтары школьных падручнікаў пастаянна згадваюць пра Францішка Скарыну, астатнія ж такога гонару пакуль(?) не заслужылі, гэта тычыцца нават такіх бясспрэчна пралітоўскіх дзеячаў беларускага руху, як Адам Станкевіч, браты Луцкевічы, Клаўдзій Дуж-Душэўскі і г.д. Беларускія населеныя пункты згадваюцца аўтарамі падручнікаў звычайна ў выпадку асвятлення падзеяў той ці іншай вайны. У сістэме каардынат «захад-усход-поўдзень-поўнач» беларусы ўпэўнена займаюць месца на ўсходзе.

Літоўскія школьныя падручнікі па гісторыі з’яўляюцца як адлюстраваннем старых нацыянальных стэрэатыпаў, пашыраных у Літве, так і крыніцай для з’яўлення новых.

Наверх

Tags: ,