Commentarii Polocenses historici. T.I (2004), 2 (2005) (Аляксандр Доўнар)
Commentarii Polocenses historici / Полацкія гістарычныя запіскі. Полацк: Т. 1 (2004). – 84 с; Т. 2 (2005). -68 с.
У 2004-2005 г. пабачылі свет два тамы новага перыядычнага выдання, заснавальнікамі і рэдактарамі якога з’яўляюцца Віталь Галубовіч i Васіль Варонін. У склад рэдакцыйнай рады ўваходзяць Павел Лойка, Ганна Харашкевіч, Генадзь Сагановіч, Святлана Марозава, Генадзь Семянчук. Мэтай выдання рэдакцыя паставіла вывучэнне рэгіянальнай гісторыі Беларусі, a менавіта гісторыі Полаччыны, разам з тым адзначаецца, што рэдакцыя будзе вітаць рэгіянальныя даследаванні i іншых рэгіёнаў. Структурна кожны том часопіса падзяляецца на артыкулы, паведамленні, матэрыялы i рэцэнзіі.
Частка артыкулаў прысвечана вывучэнню i аналізу асобных крыніц, якія датычацца гісторыі Полаччыны. Першы том часопіса пачынаецца артыкулам М. Спірыдонава „Полаччына ў сярэдзіне XVI ст.”, які з’яўляецца новай рэдакцыяй публікацыі з падобнай назвай, змешчанай у газеце АН БССР „За передовую науку” (1990, 19 студзеня — 16 лютага). Артыкул змяшчае ў сабе грунтоўны аналіз палітычнага i сацыяльна-эканамічнага становішча Полаччыны па рэвізіі Полацкага ваяводства 1552 г. У артыкуле кваліфікавана разглядаецца землеўладанне па яго відах i памерах, найперш іпляхецкае, царкоўнае i мяшчанскае, шляхі ix фармавання, адзначаецца гаспадарчая спецыфіка рэгіёну сярэдзіны XVI ст., якая выявілася ў існаванні панскіх двароў — прататыпаў будучых фальваркаў. Аўтар распавядае пра сацыяльную структуру Полацкай зямлі i слушна адзначае, што мясцовае грамадства мела выразную станава-класавую структуру. Значнае месца ў артыкуле займае разгляд павіннасцяў i становішча розных катэгорый сялянства: дольнікаў, панцырных i путных баяр, „людзей прыгонных”, цяглых сялян, кунічнікаў, агароднікаў, даннікаў псяроў і інш.; адзначаецца эвалюцыя развіцця павіннасных комплексаў простата насельнщтва, раскрываецца значэннеў гэтым працэсе розных формаў асабістай залежнасці. Пры гэтым падкрэсліваецца, што развіццё сацыяльнай структуры Полаччыны ішло ў агульнадзяржаўным накірунку запрыгоньвання сялянства, але своеасаблівасцю рэгіёну было захаванне значнага слоя асабіста вольных людзей, якія ў сярэдзіне XVI ст. тут складалі 39% сялянства. Выкладзены матэрыял падмацоўваецца статыстычнымі дадзенымі, змешчанымі ў табліцах у якасці дадаткаў.
Разгляду прывілею на пацвярджэнне правоў, свабодаў i вольнасцяў Полацка, выдадзенага 11 сакавіка 1633 г., прысвечаны артыкул А. Доўнара „Пацвярджальны прывілей Полацку 1633 г. (нарыс з гісторыі Полацка 30-х гадоў XVII ст.)” (т. 1). Аўтар імкнецца з прыцягненнем апублікаваных дадзеных i дадзеных кніг запісаў Метрыкі ВКЛ правесці аналіз палажэнняў названага прывілею i яго значэння для горада.
Асаблівую цікавасць выклікаюць артыкулы М. Гардзеева „Акты па аперацыях з нерухомасцю ў полацкіх магістрацкіх кнігах другой паловы XVII ст.” (т. 1) i „Акты па праблемах самакіравання паводле полацкіх магістрацкіх кніг другой паловы XVII ст.” (т. 2). У ix даецца дыпламатычнае апісанне i прапануецца класіфікацыя адпаведных відаў актаў Так, акты па аперацыях з нерухомасцю аўтар падзяляе на 1) акты па куплі-продажу аб’ектаў нерухомасці; 2) акты па ўводзе ва ўладанне (інтрамісіі); 3) акты па абменах аб’ектамі нерухомасці; 4) акты па прэтэнзіях крэдытораў да нерухомай маёмасці даўжнікоў; 5) акты па дазволах магістрата мяшчанам „будоватсе” на гарадской зямлі; 6) акты па судовых працэсах, што тычыліся аб’ектаў нерухомасці; 7) акты па дараванні аб’ектаў нерухомасці; 8) акты па закладанні аб’ектаў нерухомасці за пазычаныя сумы грошай; 9) акты па даручэнні дамоў у дазор; 10) акты па дазволах пражываць у пустых дамах; 11) акты па адкліканнях ужо перададзенай новаму ўладальніку нерухомай маёмасці ў залік доўга; 12) акты, якія фіксавалі страту асабістых дакументаў на нерухомасць.
У другім артыкуле М. Гардзееў прапануе сваю класіфікацыю актаў, датычных самакіравання. Аўтарам выдзяля юцца наступныя падвіды: 1) запісы аб выбарах у склад магістрату; 2) пацвярджальныя акты на права займання магістрацкіх пасад ад войтаў; 3) пастановы магістратаў аб правядзенні выбараў сотнікаў, пяцідзесятнікаў i дзесятнікаў; 4) акты, якія адлюстроўваюць працэс выбараў на магістрацкія i іншыя пасады; 5) акты-паведамленні пра выкананне прысяг; 6) акты аб адтэрміноўцы судаводства; 7) акты-паведамленні аб адсутнасці бурмістраў з кіруючай „сесый” i замене ix іншымі бурмістрамі; 8) акты-„лісты” рознага характару. У артыкулах даецца кароткая характарыстыка кожнага падвіду дакументаў. Прапанаваная аўтарам класіфікацыя не носіць характару катэгарычнасці i безумоўнай універсальнасці, бо, на жаль, не пазначаюцца прынцыпы класіфікацыі, але, тым не менш, дапамагае лепш структураваць матэрыял пры даследчай працы.
Здабыткам часопіса можна лічыць даследаванні па асобных праблемах i пытаннях гісторыі Полаччыны. Так, у першым томе змяшчаецца артыкул В. Вароніна „Дрыса ў XVI ст.”, у якім аўтар з прыцягненнем разнастайных матэрыялаў разглядае гістарычныя падзеі, звязаныя з гісторыяй гэтага гарадскога паселішча ў адзначаны перыяд. Дадзены артыкул з’яўляецца пашыранай рэдакцыяй раздзела з адпаведнай кнігі „Памяць”[1]. Асаблівая ўвага ў артыкуле аддадзена аналізу дадзеных аб першай згадцы Дрысы (Верхнядзвінска). Аўтар аргументавана сцвярджае, што першай згадкай Дрысы як населенага пункта трэба лічыць 1517 г., a з’яўленне крэпасці адносіцца да сярэдзіны 40-х г. XVI ст. Далей у артыкуле даецца расповед пра лес Дрысы пад час Інфлянцкай вайны, падкрэсліваецца яе значнасць у тыя гады. Разам з тым адзначаецца, што ў першай палове XVII ст. Дрыса як крэпасць i як гарадское паселішча страціла свае значэнне. У артыкуле ў якасці дадаткаў аўтар змясціў публікацыю чатырох дакументаў з фондаў Метрыкі ВКЛ, якія датычацца Дрысы сярэдзіны XVI ст.
Ваеннай тэматыцы прысвечаны артыкулы А. Янушкевіча „Вульская бітва 1564 г.” (т. 1) i „Захоп Полацка маскоўскім войскам у 1563 г.” (т. 2). Для дадзеных даследаванняў характэрна прадуманая структура, лагічнасць падачы матэрыялу, навуковы аналіз ходу падзей, які заснаваны на грунтоўнай апрацоўцы гістарыяграфіі і якаснай крыніцазнаўчай працы. Аўтар імкнецца высветліць спрэчныя пытанні. Так, даследуючы бітву каля Улы 1564 г., якая была адной з самых буйных у Інфлянцкай вайне, аўтар прыпыняецца на значэнні бітвы. Ён выяўляе адсутнасць спецыяльных даследаваннняў па праблеме, крытычна характарызуе захаваныя крыніцы, распавядае пра перадумовы бітвы, разглядае планы i ступень падрыхтаванасці абодвух бакоў да ваеннай кампаніі 1564 г., дэталёва апісвае ход бітвы, яе вынікі i наступствы. Аналізуючы ход падзей пасля бітвы, А.Янушкевіч адзначае, што, нягледзячы на значную перамогу, з-за неўраджаяў i эпідэмій ВКЛ не змагло пераламіць ход ваенных дзеянняў i ў тым жа 1564 г. у лістападзе нават страціла свой паўночна-ўсходні замак — Азярышчы. Тым не менш, слушна падкрэсліваецца, што Ульская бітва спыніла наступ маскоўскіх войскаў углыб тэрыторыі ВКЛ. У другім сваім артыкуле A. Янушкевіч з такой жа падрабязнасцю i грунтоўнасцю распавядае пра прычыны страты ВКЛ у 1563 г. Полацка, пра ход аблогі горада i замка маскоўскімі войскамі ды ix дзеянні ў рэгіёне, пра наступствы гэтых падзей. Аналізуюцца розныя гіпотэзы адносна вышэйзгаданых падзей.
А. Ярашэвіч у артыкуле „Полацк у час вайны 1812 г. (нарыс падзей)” (т. 1) прыходзіць да высновы, што Полацк з’яўляўся найбольш пацярпелым ад вайны 1812 г. горадам Беларусь Ён апісвае адміністрацыйны падзел, памеры i значэнне горада, колькасць яго жыхароў на той час. Потым падрабязна разглядае непасрэдныя ваенныя дзеянні расійскай i французскай армій у раёне Полацка, аналізуе планы i канкрэтныя дзеянні супрацьлеглых бакоў. А. Ярашэвіч асобна спыняецца на кватараванні французских войскаў каля Полацка i ў самім горадзе, адзначае становішча i адносіны палачан да французаў і расіян. Напрыканцы артыкула закранае пытанне аб помніку падзеям 1812 г. у Полацку. Аўтарам выкарыстаны багаты факталагічны матэрыял, успаміны ўдзельнікаў падзей як з расійскага, так i французскага бакоў, a таксама новыя архіўныя дадзеныя. Для лепшага ўспрымання статыстычныя дадзеныя змешчаны ў дадатку ў выглядзе табліц.
У артыкуле Дз. Матвейчыка «„Вялікая эміграцыя” i лёсы паўстанцаў 1830-1831 г. з Віцебскай губерніі» (т. 2) распавядаецца пра лёс 16 выхадцаў з Віцебскай губерні, якія эмігравалі з Расійскай імперыі пасля падаўлення паўстання 1830-1831 г. Аўтар разглядае дзейнасць у эміграцыі Аляксандра Рыпінскага, Юзэфа Тэадорава (ці Фёдарава), Людвіга Паўлоўскага, Антонія Ражноўскага, Вінцэнта Загорскага i інш. На падставе аналізу ix біяграм паказана палярызацыя i зменлівасць палітычных поглядаў удзельнікаў паўстання 1830-1831 г. у эміграцыі.
А. Самусік у артыкуле „Вышэйшая адукацыя на ўсходзе Беларусі ў першай трэці XIX ст.” (т. 2) падрабязна разглядае дзейнасць піяраў ва ўсходняй частцы краю, прыводзіць цікавыя факты аб імкненні арганізаваць разнастайныя навучальныя ўстановы, паказвае цяжкасці i супярэчнасці развіцця вышэйшай адукацыі з-за складанай палітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Падкрэсліваецца роля ў адукацыйным працэсе ордэна езуітаў i Полацкай езуіцкай калегіі, якая з 1812 г. была ператворана ў Полацкую акадэмію з правамі універсітэта i якая праіснавала да свайго закрыцця ў 1820 г.
Цікавы матэрыял утрымлівае артыкул Ю. Грыбоўскага „Беларускія эмігранты з краінаў Паўднёвай Амерыкі — добраахвотнікі ў Польскіх узброеных сілах на Захадзе (1940-1945)”. У ім разглядаецца гісторыя стварэння i існавання польскіх фармаванняў, укамплектаваных у Вялікай Брытаніі, даследуецца роля i месца ў ix выхадцаў з Беларусі, якія знаходзіліся ў эміграцыі ў Лацінскай Амерыцы.
Н. Рыбак у артыкуле „Канфесійная палітыка савецкай улады ў адносінах да каталіцкага касцёла ў 1944-1949 г. (на прыкладзе Полацкай вобласці)” разглядае прычыны, накірункі, вынікі дзяржаўнай палітыкі адносна каталіцкай царквы ў цэлым, i канкрэтна ў дачыненні да ксяндзоў. Адзначаны яе рэпрэсіўны характар, бо ўлады пераследавалі мэту аслабіць уплыў рымска-каталіцкага касцёла на мясцовае насельніцтва. Але разам з тым падкрэсліваецца, што нягледзячы на такую палітыку ўплыў касцёла ў БССР заставаўся значным.
У паведамленні В. Емяльянчык „Гісторыя антрапалагічнага вывучэння сярэднявечнага насельніцтва беларускага Падзвіння”, змешчаным у першым томе, прыводзіцца грунтоўны аналіз даследаванняў краніялагічных матэрыялаў Х-ХІІІ ст. з тэрыторыі Полаччыны, якія праводзіліся пачынаючы з канца XIX ст. Адзначаецца, што параўнанне краніялагічных матэрыялаў з могільнікаў Полаччыны X-XIII i XVIII-XIX ст. выявілі высокую ступень ix падабенства паводле асноўных расавадыягнастычных прыкмет. Аўтар зазначае, што даследаванні дадзенага накірунку дазваляюць удакладніць этнакультурнаую сітуацыю Полаччыны ў старажытнасці.
У паведамленні В. Галубовіча „Да гісторыі адной арэнды ў Полацкім ваяводстве ў сярэдзіне XVII ст.” (т. 2) на аснове матэрыялаў архіва роду Падбіпентаў, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Варшаўскага універсітэта, аналізуецца дагавор арэнды на маёнтак Плісы 1652 г. паміж Я. Падбіпентам i полацкім яўрэем Абрамам Іцыкавічам. Аўтар дае кароткую гістарычную даведку пра маёнтак Плісы. A ў якасці дадатку змяшчаецца інвентар маёнтка Пліса 1652 г. з апісаннем панскага двара, мястэчка Плісы i вёсак Крывічы, Паддубе.
Раздзел „Матэрыялы” прадстаўлены спісам земскіх ураднікаў другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. Полацкага (т. 1) i Віцебскага (Віцебскага i Аршанскага паветаў) (т. 2) ваяводстваў, падрыхтаваным А. Радаманам, В. Галубовічам i Д. Вілімасам. Пры складанні дадзеных спісаў аўтары шырока карысталіся архіўнымі матэрыяламі, у першую чаргу Метрыкай ВКЛ i надрукаванымі крыніцамі. У публікацыі змяшчаюцца спісы маршалкаў, падкаморых, харужых, войскіх, земскіх суддзяў, падсудкаў i пісараў, стольнікаў, падстоліяў, падчашых, чэснікаў, скарбнікаў i мечнікаў. У спісе пазначаны час прызначэння на пасаду кожнай асобы, час яе смерці ці апошняй згадкі на пасадзе, а ў выбарных пасадах яшчэ i час выбару прэтэндэнта на пасаду. Трэба падкрэсліць, што ў другім томе дадзеныя лепш структураваныя.
У гэтым жа раздзеле ў т. 2 змешчана публікацыя апісання вяселля Цімаша Хмяльніцкага 1652 г., падрыхтаваная А. Шаландам па дакуменце, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні (фонд Слізняў).
Раздзел „Рэцэнзіі” прадстаўлены рэцэнзіямі В. Галубовіча на працы, якія датычацца Полаччыны — на „Витебские губернские ведомости” С. Сарокі (Масква – Наваполацк, 2004), „Иезуиты в Беларуси” Т. Бліновай (Горадня, 2002) i „Akademia Połocka” І.Кадульскай (Гданьск, 2004). У першым томе змешчана таксама слова на ўшанаванне памяці аднаго з аўтараў новага перыядычнага выдання маладога гісторыка Максіма Гардзеева, які трагічна загінуў у 2004 г.
У цэлым можна сказаць, што, як сведчаць змешчаныя ў часопісе публікацыі, рэдактары „Полацкіх гістарычных запісак” ствараюць грунтоўнае навуковае выданне па рэгіянальнай гісторыі Беларусь
Мінск
Аляксандр Доўнар
[1] Гл.: Памяць: Гісторыка-документальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: У 2 кн. Кн. 1. Мінск, 1999.