Гвагньïні, Олександр. Хроніка Європейської Сарматії / Упорядкув. та пер. з пол. о. Юрія Мицика. Київ, 2007 (Алесь Бразгуноў)
ГВАНЬЇНІ, ОЛЕКСАНДР. Хроніка Європейської Сарматії / Упорядкув. та пер. з пол. о. ЮРІЯ МИЦИКА. Київ: Видавничий дім „Києво-Могилянська академія”, 2007. 1006 с.
Геапалітычныя працэсы канца ХХ ст., у выніку якіх на карце Еўропы з’явіліся новыя незалежныя дзяржавы, паставілі на парадак дня пытанне пра месца і ролю гэтых дзяржаў у сучасным свеце. Таму, як і нашы продкі ў эпоху Адраджэння, сёння мы непазбежна звяртаемся да мінуўшчыны, каб знайсці там гістарычную легітымацыю сваёй краіны і паказаць яе правапераемнасць у адносінах да дзяржаўных утварэнняў мінулых эпох. Не сакрэт, што ў сучаснай украінскай гістарычнай навуцы надзвычай пашырана канцэпцыя Украіны як пераемніцы (цалкам або часткова) Кіеўскай Русі. Падобны падыход назіраецца і ў беларускай непадцэнзурнай гістарычнай навуцы, дзе Вялікае Княства Літоўскае (рознымі даследчыкамі ў рознай ступені) трактуецца як старабеларуская дзяржава. Зразумела, што стварэнне падобных канцэпцый сучаснымі гісторыкамі было б практычна немагчымае без звароту да спадчыны гісторыкаў даўнейшых эпох, што разумелі ўжо старажытныя рымляне, заклікаючы заўсёды звяртацца ad fontes (да крыніц). Не меншае значэнне, аднак, мае і папулярызацыя спадчыны, закліканая паспрыяць фармаванню г. зв. нацыянальнага міфа ў шырокіх масах.
Сёння і ва ўкраінскай, і ў беларускай навуцы працэсы развіцця нацыянальных гістарычных канцэпцый адбываюцца больш-менш паспяхова. Складаней выглядае справа з папулярызацыяй набыткаў мінуўшчыны — у першую чаргу ў галіне гістарыяграфіі, і асабліва ў Беларусі. Здавалася б, прыхільнікі ідэі Беларусі-Літвы ў першую чаргу мусілі б звярнуць увагу зусім не на шырокавядомую „Хроніку” Мацея Стрыйкоўскага, а на напісаную з пазіцый ліцвінскага патрыятызму папярэдніцу — хроніку „Пра пачатак… слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага”. Аднак за выключэннем 2–3 ле тапісаў і ўрыўкаў з іх не маем ніводнага перакладу на сучасную беларускую мову тых аўтарскіх хронік, якія шырока бытавалі ў былым ВКЛ (Марцін Бельскі, Мацей Стрыйкоўскі, Аляксандр Гваньіні) і значна ўплывалі на многія сферы тагачаснага жыцця[1].
У гэтым сэнсе цяжка пераацаніць значнасць з’яўлення ўкраінскага перакладу знакамітай „Хронікі Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні (1534, Верона — 1614, Кракаў), выкананага айцом Юрыем Мыцыкам.
Выданне мае традыцыйную структуру і складаецца з уступу ад перакладчыка, самога тэксту перакладу, каментароў і дапаможнага апарату (іменны і геаграфічны паказальнікі). Падставай для перакладу паслужыла польскамоўнае выданне (1611) як найбольш поўнае ў параўнанні з яго лацінамоўнымі папярэднікамі (1578, 1581), крыніцай — асобнікі Цэнтральнага Дзяр-жаўнага гістарычнага архіва Украіны і Нацыянальнай бібліятэкі Украіны, а таксама ксеракопія страчанага асобніка Інстытута літаратуры НАН Украіны. Кніга багата ілюстравана выявамі партрэтных і батальных гравюр з хронікі 1611 г., прычым укладальнік (паколькі ў арыгінальным друку адны і тыя ж партрэтныя гравюры часам „суправаджаюць” розных гістарычных асоб) ажыццявіў іх сістэматызацыю па прынцыпе першага з’яўлення, адзначаючы месцы паўтарэння адпаведнымі спасылкамі.
Зразумела, што ў межах рэцэнзіі немагчыма ахапіць усе аспекты перакладу, а таму акцэнтуем увагу на найбольш значных, на наш погляд, момантах.
Уступ ад перакладчыка з’яўляецца выдатным узорам публіцыстычнага артыкула на гістарычную тэматыку. Аўтар не столькі падае запазычаныя ў розных даследчыкаў розныя біяграфічныя звесткі пра А. Гваньіні, колькі малюе партрэт тагачаснай эпохі. Маючы несумненны талент апавядальніка, а. Ю. Мыцык, разам з тым, вытрымлівае высокі ўзровень навуковай культуры і не імкнецца да паспешлівых высноў, хоць не заўсёды іх пазбягае, як, напрыклад, у сваіх развагах пра ІІ кнігу хронікі: „Сімпатыі Гваньіні адназначна на баку Літвы, за выключэннем тых момантаў, калі гаворка ідзе пра польскалітоўскі канфлікт” (17). Паколькі першыя дзве кнігі хронікі („польская” і „літоўская”) не толькі выяўляюць прамую залежнасць ад хронікі М. Стрыйкоўскага (таксама як 7-я — ад твораў „Запіскі пра Масковію” Ж. Герберштайна і „Пра норавы і лютае панаванне цара маскоўскага” А. Шліхтынга), але і пераймаюць яе стылістыку, складана гаварыць пра сімпатыі адназначна.
Несумненная заслуга шаноўнага даследчыка — аналіз пытання пра залежнасць хронікі А. Гваньіні ад іншых крыніц (найперш твора М. Стрыйкоўскага) і ступень яе самастойнасці. Зважаючы на тое, што сама хроніка М. Стрыйкоўскага ў многім мае кампілятыўны характар (падобны метад творчасці не з’яўляўся недапушчальным, паколькі паняцце аўтарскага права было адносным), прыведзеныя даследчыкам аргументы маглі б быць прызнаныя за слушныя: „Ягоны твор адрозніваецца ад хронікі Стрыйкоўскага таксама й структурна, змяшчае арыгінальныя высновы самога Гваньіні. Яшчэ большай аказваецца розніца паміж абедзвюма хронікамі, калі зрабіць параўнанне з польскамоўным выданнем твора Гваньіні 1611 г., якое значна шырэйшае па аб’ёме і змяшчае апісанне многіх падзей, што адбываліся ўжо пасля смерці Стрыйкоўскага!” (10). Падобнай аргументацыі пярэчыць адзін немалаважны факт, які згадваецца і ва ўсту пе: М. Стрыйкоўскі падаў пазоў супраць А. Гваньіні ў ка ралеўскі суд, і 14 ліпеня 1580 г. суд прызнаў рацыю М. Стрыйкоўскага. Аднак жа абвінавачанне заключалася не ў плагіяце, а ў прыўлашчванні рукапісу хронікі[2], што — іс тот на. Па ўсёй верагоднасці, гэта і паслужыла пры чынай, па якой А. Гваньіні спешна дапоўніў сваю лацінамоў ную хроніку і перавыдаў яе ў 1581 г. у Шпееры, а не ў Кракаве, як у 1578 г. І толькі ў 1611 г., калі М. Стрыйкоўскі, відаць, адышоў у лепшы свет, з’явілася самае поўнае, але ўжо польскамоўнае выданне. І, думаецца, невыпад ко ва рукапіс М. Стрыйкоўскага не адшуканы да сёння.
Ва ўступе адчуваецца моцнае жаданне аўтара прыдаць перакладзенаму ім твору ўкраінацэнтрычнасць, што апраўдана наяўнасцю ў „Хроніцы” значнага матэрыялу, датычнага ўласна гісторыі Украіны. Час ад часу, аднак, дазваляе ён сабе і забароненыя ў гістарычнай навуцы прыёмы. Нельга не падаць адзін з прыкладаў падобнага падыходу. Так, на с. 8 са здзіўленнем чытаем: „Як сапраўдны панегірыст Гваньіні апявае заслугі не толькі Льва Сапегі, але ўсяго роду Сапегаў, які, дарэчы, быў украінскім, але затым спаланізаваўся й акаталічыўся ў канцы XVI — на пачатку XVII ст., і сам Леў Сапега перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва” [падкрэсленне наша]. Характэрна, што ў канцы гэтага сказа не падаецца спасылка на крыніцу, якая пацвярджала б слушнасць такой думкі. (Хоць уступ поўніцца спасылкамі больш як на 70 крыніц, між іх марна шукаць прозвішчы А. Банецкага, Ю. Вольфа і У. Сямковіча, якія ў сваіх даследаваннях пераканаўча даказалі, што род Сапегаў пачаўся ад велікакняскага пісара ў 1440-я г. Сямёна Сапігі, які паходзіў з полацкіх баяраў.) Рызыкну выказаць меркаванне, што падобнай крыніцы папросту не існуе. Магчыма, справа як быццам бы ва ўкраінскай форме прозвішча Сапіга? Не было і пераходу Льва Сапегі адразу з праваслаўя ў каталіцтва, бо пад час навучання ў 1570–73 г. у Ляйпцыгскім універсітэце ён перайшоў з праваслаўя ў кальвінства, і толькі ў 1586 г. у каталіцтва, што адкрыла яму магчымасць заняць у 1589 г. пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага.
Выклікае пэўнае пярэчанне і яшчэ адно безапеляцыйнае сцверджанне паважанага а. Ю. Мыцыка: „Невыпадкова львіная частка аб’ёму хронікі прыпадае на гісторыкагеаграфічнае апісанне ўласна Польшчы (кн. І), Літвы (кн. ІІ), РусіУкраіны, часткова і Беларусі (кн. ІІІ)…” (14). Па-першае, незразумела, чаму можна ўжыць назву Русь-Україна (у А. Гваньіні — Русь), а Літва-Беларусь (у А. Гваньіні — Літва) — не. У нашы дні наўрад ці хтосьці з сур’ёзных гісторыкаў будзе аспрэчваць, што паняцці даўнейшых Русі і Літвы, з аднаго боку, і сённяшніх Украіны і Літвы[3], з другога, не супадаюць. Па-другое, падобнай заяве пярэчыць і змест самой хронікі: так, у яе ІІ кнізе („Хроніка Вялікага Княства Літоўскага”) акрамя ўласна літоўскіх (у сучасным разуменні) земляў вялікая ўвага аддадзена і беларускім. У апісанні ваяводстваў ВКЛ асобна вылучаны звесткі пра наступныя павятовыя гарады (388–390): Вільня, Ашмяна, Вількамір, Брацлаў, Казня / Іказнь, Дрысвят (Віленскае ваяводства); Старыя Трокі, Гродна, Коўна[4], Ліда, Упіта (Ковенскае ваяводства); Менск, Кейданаў, Радашкавічы, Барысаў, Лагойск, Свіслач, Бабруйск, Адруцк (Менскае ваяводства); Наваградак, Слонім, Ваўкавыйск, Мсцібаў (Наваградскае ваяводства); Берасце, Пінск, Прыпяць (Берасцейскае ваяводства). Аднак Віцебскае, Полацкае і Мсціслаўскае ваяводствы (разам з Холмскай, Бэлзскай, Перамышльскай, Львоўскай і Галіцкай землямі, а таксама Валынню, Падоллем і Кіеўшчынай, с. 412–422) аднесены А. Гваньіні да кнігі ІІІ „Хроніка Рускай зямлі”. Узнікае пытанне: ці на думку перакладчыка тры вышэйназваныя беларускія ваяводствы — гэта таксама Русь-Украіна?
Як правільна адзначае а. Ю. Мыцык, „Хроніка” А. Гваньіні — неацэнны скарб для сучасных даследчыкаў. Асабліва сказанае датычыць 4-й („Хроніка Прускай зямлі”) і 7-й („Хроніка Вялікага Княства Маскоўскага”) кніг твора, першая з якіх з’яўляецца адной з вартых увагі крыніц па гісторыі Прусіі і Тэўтонскага ордэна, а другая мае неацэнную каштоўнасць праз свае апісанні нораваў, што панавалі ў Масковіі ў часы Івана IV Жахлівага (Грознага — у расійскай традыцыі). Зробленыя даследчыкам адносна 7-й кнігі высновы актуальныя не толькі для ўкраінскай, але і для беларускай гістарыяграфіі, таму дазволім сабе пашыраную цытацыю:
„Хаця ў расійскай гістарыяграфіі ёсць прыхільнікі даволі крытычнага погляду на дзейнасць Івана IV, яны заўсёды былі ў меншасці. <…> Расійская гістарыяграфія, як дарэвалюцыйная, так і савецкая й сучасная, моцна прасякнута вялікадзяржаўнай, а ў скрайніх формах нават джынгаісцкай ідэалогіяй, таму на першы план, як і ў ацэнцы дзейнасці Пятра І ці Сталіна, высоўваліся моманты, звязаныя з заваяваннем чужых земляў, прычым палітыка Масквы або Пецярбурга апалагетызавалася, і, наадварот, адкрыта замоўчваліся або абвяшчаліся „клеветой” галаслівыя факты знішчэння людзей, не толькі ў замежжы, а й сваіх; знішчэння помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Гваньіні, як і іншыя тагачасныя мемуарысты і храністы (Шліхтынг, Штадэн, Таўбэ, Крузэ і інш.), пралівае святло на гэтую старонку гісторыі Маскоўскай дзяржавы, руйнуе міф пра яе нібыта культуртрэгерства, асабліва ў дачыненні да ўкраінскага і беларускага народаў” (27).
Даследчыкам беларускай даўніны асаблівую ўвагу варта звярнуць на раздзел „Спосаб арання і сяўбы ў тых ваяводствах Белай Русі, што мяжуюць з Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой” (423–425), са зместу якога вынікае, што пад Белай Руссю ў дадзеным выпадку разумеюцца пскоўскія і паўночна-заходнія смаленскія землі. Патрабуюць атрыбуцыі і такія вершаваныя ўстаўкі, як апісанне разні палякаў у Маскве (671) або ўзяцця Смаленска 13 чэрвеня 1611 г. каралём Жыгімонтам ІІІ (673–676). Аўтарам першага верша, падпісанага крыптанімам S. R., на думку а. Ю. Мыцыка, быў паэт Паўло Пальчоўскі (25). Разам з тым добра вядома, што гэтым крыптанімам карыстаўся і Саламон Рысінскі. Аўтарам другога верша А. Гваньіні называе самога сябе: „А было тое так, як мы тут сцісла апісалі ў гэтых вершах” (673), што выклікае сумненні ў першую чаргу праз стылістыку твора — хутчэй за ўсё, А. Гваньіні папросту скарыстаў адзін з г. зв. баявых лісткоў („навін”), якія часта выдаваліся ў тую пару, асабліва пасля паспяховых бітваў:
Kto chce wzięcia istotnego / Хто хоча ведаць праўду
Dosiądz zamku smoleńskiego, / Пра ўзяцце смаленскага замка,
Przeczytay tę kartę małą, / Прачытай гэты маленькі лісток:
Masz figurę okazałą / Мецьмеш, чаго жадаеш.
Сумнеўна таксама, што А. Гваньіні валодаў польскай мовай у такой ступені, каб пісаць на ёй вершы[5]. Дарэчы, поўны варыянт гэтага верша хронікі, які знаходзіўся ў складзе рукапісу другой паловы XVII ст., апублікаваны сярод іншых польскамоўных твораў батальнай тэматыкі ў „Pamiętniku Literackim” (т. XII, № 2, 1913, с. 206–210). Тэкст верша ў хроніцы і ў часопіснай публікацыі супадаюць цалкам, аж да наяўнасці невялічкага празаічнага пасляслоўя (што праўда, у часопіснай публікацыі дзень захопу Смаленска аднесены да 18, а не да 13 жніўня). Словам, пытанне пра аўтарства патрабуе далейшага разгляду і навуковых росшукаў.
Пры ўсіх дадатных якасцях падрыхтаванага а. Ю. Мыцыкам выдання неабходна, аднак, канстатаваць і наяўнасць відавочных пралікаў. У першую чаргу сказанае датычыць дапаможнага апарату (каментары, паказальнікі імёнаў і назваў населеных пунктаў). Перадаючы ў перакладзе арыгінальную пагінацыю тэксту (па выданні 1611 г.), шаноўны навуковец, на немалое здзіўленне, паводле той самай пагінацыі ажыццяўляе і каментаванне, хаця логіка патрабуе каментара ў адпаведнасці з пагінацыяй украінамоўнага перакладу. Абраны падыход стварае для чытача пэўныя нязручнасці, ператвараючы пошук неабходнага каментара ў бясконцае перагортванне старонак і задаванне самому сабе пытання „Навошта?” Дзеля нагляднасці падамо адзін з прыкладаў.
Скажам, нас зацікавіла фраза „біля гори Кармель племінник Іродів був покараний ангелом” (с. 805 перакладу і, адпаведна, с. 62 Кнігі IX–X арыгінала). Паколькі ў самім тэксце перакладу нішто не ўказвае на прысутнасць каментара да гэтай пазіцыі, цікаўнаму чытачу застаюцца адно спадзяванні на яго наяўнасць. Адшукаўшы дзякуючы „Змісту” раздзел „Коментарі” (831) і знайшоўшы пачатак каментара непасрэдна да кнігі IX–X (924), толькі на с. 943 пад запісам „с. 62” чытач зможа, нарэшце, задаволіць сваю цікаўнасць. Відавочна, што перакладчык зэканоміў бы шмат часу і сабе, і іншым, калі б зрабіў каментар паводле агульнапрынятых прынцыпаў, падаючы канцавыя зноскі з іх нумарацыяй паводле кніг „Хронікі” (Кніга І. 1, 2, 3 і г. д.).
Ёсць і пэўныя недагляды, абдрукі. Калі верыць каментатару (942), адзін з рымскіх военачальнікаў, „пераможца” легендарнага Спартака — Марк Ліцыній Крас — пражыў 38 гадоў замест 62 (указаны 115–153 г. да н. э. [так!], замест 115–53 да н. э.). Вядома, гэта чыста тэхнічны абдрук, тым больш што шаноўны а. Ю. Мыцык ніжэй паведамляе пра заваёву Красам у 54 г. да н. э. часткі Месапатаміі. Аднак жа следам (946) на 16 гадоў „скарачае” жыццё выдатнага рымскага палкаводца Гнея Пампея (указаны 106–148 г. да н. э. [так!], замест 106–48 да н. э.).
Не заўсёды апраўданае і перанясенне ва ўкраінскі тэкст польскіх варыянтаў геаграфічных назваў: да прыкладу, Галація (924) — транслітарацыя старапольскага Galacya (ад лац. Galatia) — ва ўкраінскай мове больш лагічна было б перадаць з канчаткам асновы на -т: Галатія (бел. Галатыя). Слушнасць падобнага меркавання пацвярджаецца і Святым Пісаннем, а дакладней, „Пасланнем да Галатаў св. Апостала Паўла” (укр. Галатів; польск. Galatow пры Galacja). У адваротным выпадку незразумела, чаму назва грэцкай правінцыі Беотыі перадаецца як Беотія (865), а не Беоція (ст.-польск. Beocya, лац. Boiotia).
Зрэдку сустракаюцца і іншыя недакладнасці ў геаграфічных назвах. Так, гаворачы пра Хэлмінскую зямлю (871) і падаўшы нямецкі адпаведнік назвы яе сталічнага горада (Кульм), каментатар зблытаў Холм (Chełm, Люб лінскае ваяводства) з уласна Хэлмнам (Chełm no, у Ку яўска-Паморскім ваяводстве; даўнейшы Кульм).
Непаслядоўны ўкладальнік і ў перадачы асабовых імёнаў. Найбольш не пашанцавала ў гэтым плане вялікім князям літоўскім. Так, Міндоўг названы не толькі гістарычна задакументаванымі і наяўнымі ў творы А. Гваньіні формамі імя — Мендовг (Миндовг) (870) і Мендольф, Мендольфус (969), але і негістарычнай формай Міндаугас (969). Сказанае датычыць і імені Кейстут (Кестутис) (964). Можна было б успрыняць гэта як знак павагі да літоўскіх калег, калі б укладальнік датрымаў падобны падыход адносна іншых вялікіх князёў літоўскіх і побач з Альгерд, Вітень, Вітовт, Войшелк, Гедимін і г. д. падаў Альгірдас, Вітянис, Вітаутас, Вайшалкас, Гедимінас…
Зразумела, што вышэйназваныя недахопы можна патлумачыць прычынамі як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару, яны могуць быць лёгка выпраўлены. Не падлягае сумненню і тое, што ў творы гістарыяграфічнага плана (а ў яго перакладзе — пагатоў) падобныя хібы непажаданыя, хоць і непазбежныя. Зробленыя заўвагі, вядома ж, не могуць паўплываць на высокую ацэнку ажыццёўленай украінскім даследчыкам працы, якую, на добры лад, павінен быў бы выконваць цэлы даследчы інстытут. Шаноўны а. Юры Мыцык як перакладчык зрабіў галоўнае — увёў у навуковы зварот і культурны дыскурс сваёй краіны выдатны твор сярэднявечнай гістарыяграфіі, што, несумненна, паслужыць добрым прыкладам для іншых даследчыкаў у іх цяжкай, але так неабходнай грамадству працы.
Хочацца верыць, што гэты дыхтоўны, перакладзены бездакорнай украінскай мовай і багата ілюстраваны том будзе прыхільна сустрэты ўкраінскай грамадскасцю і што ён — толькі адна з цаглінак у аднаўленні велічнага храма мінуўшчыны.
Мінск
Алесь Бразгуноў
Напрыклад, хроніка А. Гваньіні пад час шматлікіх войнаў Рэчы Паспалітай з Масковіяй адыгрывала вялікую прапагандысцкую ролю ў Еўропе.
Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. Мінск: Кнігазбор, 2010. С. 163.
У А. Гваньіні Літва і Жамойць фігуруюць асобна. Да Жамойці нават аднесены такія рэкі, як, Прыпяць, Свіслач, Вілія, Нараў і Буг! (с. 523).
Ковенскі павет у перакладзе памылкова названы Ровенскім.
Перакладчыкам хронікі на польскую мову быў Марцін Пашкоўскі, які мог зрабіць падобныя ўстаўкі па ўласнай ініцыятыве або па ўзгадненні з А. Гваньіні.
Наверх