БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Między Odrą a Uralem. Księga dedykowana Profesorowi Władysławowi Andrzejowi Serczykowi. Rzeszów, 2010 (Марцэлі Косман)

Między Odrą a Uralem. Księga dedykowana Profesorowi WŁADYSŁAWOWI ANDRZEJOWI SERCZYKOWI / Pod redakcją WACŁAWA WIERZBIEŃCA. Rzeszow: Wydawnictwo Uniwersytetu Rzeszowskiego, 2010. 599 s.

Прафесар Уладыслаў Анджэй Сэрчык — адна з найбольш выдатных постацяў сярод сучасных польскіх гісторыкаў. Паўднёва-ўсходнімі абшарамі першай Рэчы Паспалітай ён займаўся ад пачатку сваёй навуковай дзейнасці — пачынаючы з кандыдацкай („Магнацкая гаспадарка ў Падольскім ваяводстве ў другой палове XVIII ст.”) і доктарскай (на тэму „каліеўшчыны”) дысертацый. Перад шырокім колам чытачоў — прыхільнікаў гістарычнай трылогіі Генрыка Сянкевіча — У. А. Сэрчык паўстаў як аўтар выдатна напісаных кніжак пра казацкія паўстанні („На далёкай Украіне”, „На палаючай Украіне”), а таксама як навуковы кансультант знакамітага фільма „Агнём і мячом” у пастаноўцы Ежы Хофмана. Трывалае месца ў гістарыяграфіі заняла яго „Гісторыя Украіны”, выпушчаная ў вядомай серыі выдавецтва „Ossolineum”, перавыданні якой былі пашыраны і дапоўнены. Увогуле У. А. Сэрчык апублікаваў 38 кніг, 130 навуковых артыкулаў і амаль 240 газетных, а так-сама каля 100 рэцэнзій.

15 гадоў таму выйшаў з друку памятны зборнік, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння навукоўца, пад назвай „З гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”[1]. У яго напісанні ўдзельнічалі 34 аўтары. У кнізе, з якой мы знаёмім сёння і якая ўвекавечвае 75-годдзе з дня нараджэння вучонага і 50-годдзе яго навуковай працы, змешчаны тэксты 44 даследчыкаў — пераважна з жэшаўскага асяроддзя, а ў папярэднім зборніку рэй вяло беластоцкае: У. А. Сэрчык быў тады рэктарам тамтэйшага ўніверсітэта. Тэрытарыяльна першае месца ў новай кнізе займае Украіна, за ёй ідзе Беларусь; храналагічна ж пераважаюць тэксты, што датычаць XVI–XX ст. і апісваюць тагачасныя падзеі ў палітычным, культурным і эканамічным аспекце.

Пётр Урускі разглядае адгалоскі Уладзіміравага хрышчэння Русі ў старажытнарускіх крыніцах, тонкі знаўца царкоўных справаў Антон Мірановіч асвятляе пытанні, звязаныя з заснаваннем Тураўскай епархіі на Палессі. На шырокім сацыяльным фоне аналізуе паняцце уніі ў старапольскія часы знакаміты даследчык гісторыі дзяржавы і права Станіслаў Градзіскі. Наступныя аўтары пішуць пра каралеўскі прывілей для Трамбоўлі, пра няпростыя дылемы, што паўставалі перад Багданам Хмяльніцкім як дзяржаўным дзеячам, пра дыпламатычныя дасягненні Станіслава Бянеўскага. Пётр Борак, дасведчаны выдавец і каментатар літаратурных крыніц XVII ст., аддае сваю ўвагу паэзіі Яна Белабоцкага, а Тэрэза Хінчэўская-Хенэль — „Гісторыі грамадзянскіх войнаў у Польшчы” Альберта Віміна (1603–1667). Даследаванне, прысвечанае адлюстраванню казацкай і ўкраінскай тэматыкі ў польскім жывапісе — „Паміж эпапеяй, вяшчунствам і думкай”, — адзінае ў томе суправаджаецца ілюстрацыямі, неад’емнай часткай артыкула.

У XVIII ст. нас уводзіць артыкул пра Замойскі сі-нод 1720 г. (на гэтым прыкладзе паказваецца працэс лацінізацыі ўніятаў), потым — крыніцазнаўчы нарыс пра польска-ўкраінска-армянскія ўзаемаадносіны на Падоллі (дакументацыя ў выглядзе табліц), а завяршае гэты раздзел невялікі артыкул пра сялянскую гаспадарку ў касцельных уладаннях Браслаўскага дэканата.

Шэсць тэкстаў датычаць XIX ст., асабліва прафесараў і студэнтаў польскіх ды ўкраінскіх універсітэтаў Расійскай імперыі. Але хацеў бы звярнуць увагу на эсэ Януша Тазбіра „Штодзённае жыццё ў сялянскіх хатах”. Аўтар з характэрнай для сябе эрудыцыяй дае ацэнку такім розным паводле сваёй выразнасці крыніцам, прысвечаным ладу жыцця на вёсцы, узаемаадносінам паміж жыхарамі хат і памешчыкамі, якія ў сваіх мемуарах малявалі іх ледзьве не ідылічна. Падобную выснову я зрабіў, слухаючы выступленні былых шляхцічаў (праўда, не ўсе яны былі такія абмежаваныя) на навуковых канферэнцыях — яны жылі ў сваіх дварах, не бачачы навакольнай бяды. І самі за гэта пад час Другой сусветнай вайны паплаціліся. У апошнім сказе аўтар прапануе, каб у шляхецкіх музеях поруч з экспазіцыямі палацавай аздобы „знайшлося месца хоць бы для адной сялянскай хаты”.

Палова тэкстаў датычаць XX ст. (апошнія нават першага дзесяцігоддзя нашага стагоддзя) — гістарычнай традыцыі (у прыватнасці, святкавання 500-годдзя Грунвальдскай бітвы ў Кракаве, у якім актыўна ўдзельнічаў памянёны продак юбіляра, ці расійскіх урачыстацяў з нагоды стагоддзя бітвы пад Барадзіном), Першай сусветнай вайны і часоў міжваеннай Польшчы. Тэкст пра дзяржаўную прыналежнасць Вільні ў 1918–1920 г. уяўляе сабой цікавы ўнёсак у асвятленне так званай справы генерала Жалігоўскага. Сінтэтычны характар мае нарыс пра незалежную Украіну (1989–2009), які дапаўняе артыкул пра яе Вярхоўную Раду. Завяршаюць кнігу нататкі пра сучасную эміграцыю.

Гэты каштоўны том утрымлівае сінтэтычныя ацэнкі выбраных фрагментаў перш за ўсё гісторыі Украіны і Беларусі, а таксама шматлікія пазнавальныя аналітычныя тэксты, якія з’яўляюцца каштоўным унёскам у даследаванні мінуўшчыны і сучаснасці гэтых краін.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Z dziejow Europy środkowo-wschodniej. Białystok, 1995. 424 s.

Тэгі: , ,