Новы нумар


Уда Арнольд. Танэнберг / Грунвальд як палітычны сімвал у ХІХ / ХХ ст.


У 1991 г. Свэн Экдаль апублікаваў у часопісе Journal of Baltic Studies артыкул пад загалоўкам „Танэнберг / Грунвальд — палітычны сімвал у Нямеччыне і Польшчы”[1]. Раней ён ужо неаднойчы звяртаўся да тэмы грамадскага ўспрымання бітвы[2] і займаецца ёю да гэтага часу[3]. Калі я, нягледзячы на гэта, усё ж бяруся за тэму рэцэпцыі бітвы, мяне падбадзёрвае надпіс, зроблены Свэнам Экдалем на асобным выданні 1991 г.: Пану Арнольдуякому я ўдзячны за імпульс да гэтага даследавання. Я не маю намеру папраўляць яго і не думаю, што здолею асвятліць пазначаную тэму лепш. Аднак калі я ўбачыў праект праграмы нашай канферэнцыі, а ў ім запланаваны даклад пана Экдаля пра ход бітвы, я палічыў сваім абавязкам звярнуцца да комплекснай тэмы палітычнай рэцэпцыі Танэнберга / Грунвальда ў XIX–XX ст., таму што інакш на канферэнцыі застаўся б не закрануты адзін важны аспект. Гэта адпавядае і ідэі Ежы Тапольскага, на якога спасылаецца сам Экдаль: „Абавязак кожнага гісторыка, калі ён хоча зрабіць свой унёсак у сучасную гістарыяграфію, — нястомна выступаць супраць міфаў у гісторыі”[4]. Я пастараюся прывесці прыклады, якія да гэтага часу заставаліся невядомымі прынамсі ў Нямеччыне, і тым самым паказаць новыя грані ў дадатак да таго, што ўжо гаварылася раней. Бітва пад Танэнбергам была для Нямецкага ордэна катастрафічным паражэннем. Ордэну пашанцавала, што праціўнікі не здолелі больш аператыўна скарыстацца сваім поспехам, і польска-літоўская аблога Мальбарка, рэзідэнцыі вялікага магіс тра, пачалася запознена. Дзякуючы гэтаму комтур Швэца Генрых фон Плаўэн атрымаў неабходны час, каб сабраць у крэпасці ўсе сілы і падрыхтавацца да аблогі. Тое, што аблога не мела сапраўднага поспеху, дало Прускаму ордэну ўрэшце магчымасць выжыць, хаця выплаты, агавораныя ў Першым Торуньскім мірным дагаворы, сталі для яго жорсткім ударам. Аднак польскі бок не дасягнуў мэты вайны — не атрымаў Гданьскае Памор’е, яно засталося ў межах Ордэна. Гэта змякчала ўражанне катастрафічнасці паражэння Ордэна. І ўсё ж вестка пра прайграную бітву мела ўласную дынаміку. Пра паражэнне даведаліся не толькі ў блізкім Любеку, але і ў Оснабруку, Браўншвайгу і Магдэбургу, у Аўгсбургу і Баварыі, у Аўстрыі — Мэльку і ў Клостэрнойбургу пад Венай, у Сілезіі і ў Чэхіі, у Францыі[5]; праз семдзесят пяць гадоў швейцарац Дзібольд Шылінг узяў цудоўны малюнак бітвы ў сваю Шпіцэрскую ілюстраваную хроніку, а ў 1513 г. — іншы малюнак у Люцэрнскую хроніку[6]. Пра паражэнне Ордэна даведалася ўся Еўропа. Тым самым Ордэн перастаў быць ідэалагічна непахісным, што вельмі яскрава праявілася праз некалькі гадоў на Канстанцкім саборы. Справа ў тым, што ён не толькі прайграў бітву, але і страціў німб непераможнасці — Танэнберг стаў увасабленнем ганьбы, якая цяжарам лягла на гісторыю Ордэна, як іпатэка абцяжарвае гаспадарку. Не выпадкова самае падрабязнае ў XX ст. апісанне гісторыі Ордэна тагачасным архіварыусам, а пазней вялікім магістрам Нямецкага ордэна Марыянам Тумлерам сканчаецца каля 1400 г. — г. зн. толькі да Танэнберга[7]. Як магло атрымацца, што паражэнне — якое хаця і было катастрафічным і каштавала шмат крыві, але ж не пазбавіла Ордэн тэрыторый — праз стагоддзі набыло ў грамадскай свядомасці такую вялікую значнасць і нават ператварылася ў сімвал?

Пасля страты Прусіі і Лівоніі ў XVI ст., а таксама знешніх апорных пунктаў на Міжземным моры ацалела толькі адгалінаванне Ордэна ў Святой Рымскай імперыі як трохканфесійнае аб’яднанне. Напалеон разбіў імперыю, а тым самым у 1809 г. паклаў канец і існаванню Ордэна на нямецкай зямлі. Узнавіць яго на Венскім кангрэсе не атрымалася, так што Ордэн захаваўся ўжо толькі на тэрыторыі Габсбургскай манархіі. Тут яму давялося перажыць рэформы і новыя падыходы, якія сёння дазваляюць яму ажыццяўляць сваю дзейнасць у сямі еўрапейскіх дзяржавах. Праўда, на працягу апошніх 90 гадоў ён іс нуе ўжо не як рыцарскі ордэн, а як рэлігійна-дабрачынная арганізацыя каталіцкай царквы[8].

Знішчэнне Святой Рымскай імперыі нямецкай на цыі Напалеонам азначала адначасова паражэнне Прус ка га каралеўства. І толькі катастрофа, якую Напа леон па-цярпеў пад Масквой, змяніла ход падзей. Выз ва ленчыя войны, што адбыліся адразу пасля яе, пачы наліся з Прусіі, пад час іх упершыню зноў звяр ну ліся да традыцыі Нямецкага ордэна Сярэднявечча ў межах яго прускай тэ рыторыі. Уласна кажучы, гэта на прошвалася як аргумент яшчэ пры падзеле Польшчы ў XVIII ст., калі Прускае каралеўства далучыла да сябе былую Каралеўскую Прусію з Павіслем, Гданьскім Памор’ем і Эрмландам ды тым самым зноў аб’яднала былую тэрыторыю Ордэна ў адных руках. Але кароль Фрыдрых II забараніў звяртацца да традыцыі Ордэна, у яго былі значныя праблемы з тым ордэнам, які яшчэ існаваў у імперыі, быў яго непасрэдным суседам у анс бахска-прускіх мясцовасцях і ўсё яшчэ прэтэндаваў на валоданне ордэнскай тэрыторыяй у Прусіі[9]. Аднак пасля экспрапрыяцыі і выгнання Ордэна Напалеонам вяр анню да яго сярэднявечнай традыцыі на прускай тэрыторыі больш нічога не перашкаджала.

Прысваенне традыцыі пачалося з увядзення ў 1813 г. Жалезнага крыжа як прускай вайсковай узнагароды[10]. Традыцыя мела працяг у літаратуры, у выяўленчым мастацтве, у гістарыяграфіі, урэшце яна стала агульным набыткам грамадскай свядомасці ў Прусіі, а з 1871 г. — у новым, ІІ Райху з кіраваннем па прускім ўзоры. Цяпер ужо ордэнская дзяржава пачала лічыцца зародкам прускасці, нямецкасці, яе крыж як воінская ўзнагарода выжыў, нягледзячы на ўсе ўрадавыя перамены з 1813 г. і да нашых дзён у Федэратыўнай Рэспубліцы. Ордэнская дзяржава ўспрымалася грамадскай свядомасцю як самая нямецкая з усіх нямецкіх дзяржаў, яе сярэднявечную поліэтнічнасць новыя інтэрпрэтатары тлумачылі як паспяховую асіміляцыю прусаў і славян пад нямецкім кіраваннем. Рыцар стаў сімвалам нямецкага героя і быў падняты на такую ж вышыню, як і хрысціянскі выратавальнік св. Георгій ці нябесны заступнік Нямеччыны св. Міхаэль. І гэта назіралася нават яшчэ і ў выбарчай барацьбе палітычных партый у 20-я г. XX ст. Але Прускае каралеўства было адной з тых дзяржаў, якія ў XVIII ст. дзялілі Польшчу. Падзел Польшчы захоўваўся і на працягу XIX ст., калі Прусія пасля свайго глыбокага прыніжэння пры Напалеоне перажывала росквіт і станавілася вядучай дзяржавай Еўропы. Таму пазітыўнае засваенне Прусіяй традыцыі ордэнскай дзяржавы Сярэднявечча выклікала ў Польшчы адпаведны сустрэчны рух. Бліскучы ордэнскі рыцар, якім паказваў яго прускі бок, у Польшчы таксама стаў сімвалам — вобразам ненавіснага крыважэрнага крыжаносца. Гэта таксама знаходзіла адлюстраванне ў літаратуры, выяўленчым мастацтве, гістарыяграфіі, нават у помніках і у грамадскіх святкаваннях з нагоды памятных падзей. Такая форма засваення традыцыі ўвайшла ў агульную грамадскую свядомасць палякаў, як гэта было і ў Нямеччыне. У медаля пад назвай Нямецкі ордэн было ў XIX і XX ст. два бакі — зіхатліва-белы нямецкі і змрочна-чорны польскі.

Аднак гістарычнае развіццё Ордэна на тэрыторыі Прусіі не было просталінейнай гісторыяй поспеху. У ім ад зна чалася два надломы — канец 1525 г. і бітва пад Та нэнбергам / Грунвальдам у 1410 г. У XIX ст. 1525 год асабліва не засмучаў ні нямецкі, ні польскі бок. Урэшце Кракаўская прысяга вялікага магістра і будучага герцага Прускага азначала для Нямеччыны пачатак панавання Гогенцолернаў на тэрыторыі, па імені якой менш чым праз 200 гадоў нават назвалі новую манархію, а для Польшчы гэта азначала канчатковую перамогу над нена віснымі крыжаносцамі. Што тычыцца 1410 года, то ён успрымаўся інакш.

З прычыны ідэнтыфікацыі з Нямецкім ордэнам у Прусіі / Нямеччыне бітва ўспрымалася як ганьба[11], як паражэнне, якое ўсё яшчэ працягваецца. А ў Польшчы яно лічылася — і ўспрымаецца менавіта так і цяпер — вялікай перамогай. Гэтая перамога мела тым большае значэнне, што яна была перамогай над той дзяржавай, традыцыю якой імкнулася пераняць адна з краін, што потым дзялілі Польшчу. Святкуючы гадавіну перамогі пад Грунвальдам, палякі трыумфавалі пэўным чынам і над Прускім каралеўствам, дзяржавай, якая ўдзельнічала ў падзеле Польшчы, а потым і над кайзераўскай імперыяй.

Такім чынам, Танэнберг для прускага / нямецкага боку не быў нагодай для трыумфа. А як абыходзіліся немцы з гэтай падзеяй? Самым значным чыннікам фармавання светапогляду і свядомасці для ўсіх слаёў насельніцтва ў XIX ст. была школа. Па-першае, гісторыя мела сярод прадметаў школьнай праграмы яшчэ большае значэнне, чым сёння, па-другое, тады яшчэ не было шматлікіх сродкаў масавай інфармацыі — як, напрыклад, тэлебачання, а ўплыў тых, што існавалі, быў колькасна абмежаваны — напрыклад, да кнігі звярталіся хутчэй дзеля таго, каб бавіць час. Таму я ў пошуках адказу на сваё пытанне зусім адвольна ўзяў некалькі школьных падручнікаў таго часу. У „Гістарычным дапаможніку для пачаткоўцаў”, які быў выдадзены ў 1875 г. у прускім горадзе Кройцнах-на-Наэ, гэта значыць на самым захадзе манархіі, у кантэксце гісторыі Ордэна адзначаюцца тры даты: 1309 г. — Мальбарк становіцца рэзідэнцыяй вялікага магістра, 1466 — заключэнне Другога Торуньскага міру і 1525 — секулярызацыя ордэнскай дзяржавы, ператварэнне яе ў свецкае герцагства[12], — Танэнберг не згадваецца. Трохі раней, магчыма, у шасцідзясятыя гады, у Гале (Прусія) выйшла першым выданнем „Малая айчынная гісторыя. Дапаможнік для народных школ Прусіі”. Кніга мела вялікі наклад і была надзвычай папулярнай. З гісторыі Ордэна згадваецца толькі будаўніцтва крэпасці Маль барк[13], больш нічога; у храналагічнай табліцы[14] Танэнберг таксама адсутнічае. Так вось абыходзіліся з паражэннем 1410 г. — яно замоўчвалася[15]. Відаць, гэта было працягам сітуацыі XVIII ст., наконт якой Свэн Экдаль сказаў: «Проста ў гэты час тэма „Танэнберг” не мела ў Прусіі сімвалічнага значэння»[16].

Іншы падыход адлюстраваны ў наступнай групе школь ных падручнікаў. Яшчэ ў 1832 ці 1833 г. у Патсдаме выйшаў „Нарыс cусветнай гісторыі для гімназій, вышэйшых навучальных устаноў і для самаадукацыі”, у якім пішацца: „Цяжкае паражэнне пад Танэнбергам (1410) у вайне з Уладыславам ІІ Польскім назаўсёды знішчыла сілу Ордэна, і толькі мужная абарона крэпасці Мальбарка комтурам Генрыхам Ройсам Плаўэн (у хуткім часе ён стаў вялікім магістрам) выратавала Ордэн ад пагібелі”[17]. Гэтае спалучэнне двух фактаў — паражэння пад Танэнбергам і выратавання Мальбарка — знаходзім і ў надзвычай папулярным „Нарысе брандэнбургска-прускай гісторыі”[18], які выйшаў у 1868 г., г. зн. незадоўга да стварэння Райха. У сціслай форме дапаможніка, прызначанага для паўтарэння, згадка пра іх у агульным кантэксце пададзена асабліва яскрава. У раздзеле „Гісторыя князёў і земляў” чытаем: „1410 год: паражэнне рыцараў Нямецкага ордэна пад Танэнбергам ад Уладыслава Ягайлы, вялікага князя літоўскага, караля польскага… Генрых фон Плаўэн ратуе Мальбарк”[19]. Гэта ж можна прасачыць і ў выданні „З Богам за Кайзера і Райх! Народнае апісанне Пруска-нямецкай гісторыі”. Яно выйшла ў самым канцы XIX ст. у Вроцлаве (тады Брэслаў)[20], які належаў да Прускага каралеўства. Такім чынам, гэта была яшчэ адна форма абыходжання з паражэннем пад Танэнбергам: у агульным кантэксце з ім гаворка ішла пра выратаванне Мальбарка, а тым самым і Ордэна, і пра заключэнне мірнага дагавора, ўмовы якога… былі яшчэ спрыяльныя для Ордэна[21]. Гэтым паражэнне ператваралася ледзь не ў поспех. Аднак неабходна падкрэсліць, што такім быў пункт гледжання Прусіі. Надрукаваная ў 1855 г. „Сусветная гісторыя для вышэйшых навучальных устаноў і самаадукацыі” адлюстроўвае падзеі зусім інакш: „Перамога палякаў пад Танэнбергам ў 1410 г. зламала сілу Ордэна, і з гэтай бядою, што прыйшла звонку, пачаліся звадкі і выраджэнне. Жамойць і Куявія — паўднёваўсходняя зямля Прусіі — сталі платай за мір, заключаны ў 1422 г.”[22]. Тут няма гаворкі пра гераічнае выратаванне Мальбарка, аўтары адразу пераходзяць да Мельнскага міру, без згадкі пра Торуньскі трактат і пра два ваенныя паходы. Характэрна, што гэтая кніга выйшла не ў Прусіі, а ў Бадэне, у каталіцкім выдавецтве „Гердэр”.

Наступным жанрам пасля падручнікаў былі дарожныя нататкі і літаратура, прызначаная для баўлення часу. Такія кнігі чыталі галоўным чынам прадстаўнікі вышэйшага бюргерства і арыстакратыі. Побач з аповедамі пра далёкія краіны і прыгоды — як, напрыклад, творы Карла Мая ці, у перакладах, Фенімора Купера — выходзіла мноства кніг гістарычнага зместу. Найбольшую папулярнасць мелі кнігі пра рыцараў і рыцарскія ордэны. Адным з ранніх цікавых аўтараў быў Карл Юліус Вебер. Ён нарадзіўся ў Гаэнлоэ — гэта значыць, у Франконіі, а не ў Прусіі. У 1792 г. ён пачаў працаваць асабістым сакратаром і ўрадавым дарадцам райхсграфа Хрысціяна цу Эрбах-Шонберга[23] і заставаўся на гэтай пасадзе да самай смерці апошняга — да 1799 г. З 1783 да 1799 г. Эрбах быў рэгентам Нямецкага ордэна (а гэта другая па значнасці пасада пасля вялікага магістра, кіраўнічай асобы Ордэна) у Мергентгайме, тагачасным ордэнскім цэнтры[24]. У 1824 г., г. зн. праз дзевяць гадоў пасля канчатковага выгнання Ордэна з Нямеччыны, выйшаў трэці том яго кнігі пра рыцарства і тры вялікія рыцарскія ордэны[25]. Пра Танэнберг Вебер піша: „Дню Танэнберга было наканавана стаць апошнім днём Ордэна!” Аднак: „Нямецкі ордэн згас з гонарам!” Потым Вебер прыводзіць адвольныя параўнанні: „З гэтым злашчасным днём, які шмат чым нагадвае бітвы рымлян пры Трэвіі, на Тразіменскім возеры і пры Канах, а яшчэ больш бітву пад Енай 1806 г., — назаўсёды згас бляск Ордэна!” Аўтар, у якога было сваё, вельмі цёплае, стаўленне да ордэнскай дзяржавы, гэтымі словамі ўскосна выказвае глыбокае шкадаванне, а параўнанні дазваляюць адчуць тую ацэнку гісторыі Ордэна, якую аўтар яшчэ больш яскрава дае ў канцы: „Ён загінуў у Рэфармацыю, каб застацца жыць у Чорным Арле — сімвале вялікіх магістраў — і яшчэ ярчэй расквітнець пад чорным Жалезным крыжам — сімвалам рыцараў! Няхае квітнее Прусія, пакуль захоўваецца дэвіз Ордэна: Suum Cuique*![26]. Такім чынам, вяртанне да прускай традыцыі, сімвалічна задакументаванае ў Жалезным крыжы, атрымала ўхвальную ацэнку і ў Вебера, франка, хоць Танэнберг быў для яго сімвалам пагібелі.

Няма магчымасці разгледзець падрабязней творы гэтага жанру. Тым не менш, мы бачым, што мела месца не толькі замоўчванне 1410года, існаваў і іншы, больш важны падыход да асвятлення дзвюх з’яў— Танэнберга і гераізму Генрыха фон Плаўэна. І хоць развіццё падзей паўстае як вельмі расцягнуты ў часе сцэнар пагібелі, але ж: „Нямецкі ордэн згас з гонарам!”[27]. Гэтая гераізацыя дасягнула ўрэшце найвышэйшага пункту ў 1881г., у вядомым рамане Эрнста Віхерта „Генрых фон Плаўэн”[28]. І ўсё ж у абодвух падыходах можна прасачыць сімвалічны характар: негатыўны сімвал сораму— у замоўчванні, упарты пратэст, як рэакцыя на сорам, — у кульце герояў.

Толькі ў XX ст. удалося ператварыць Танэнберг у пазітыўны сімвал. У 1914 г. 8-я нямецкая армія пад ка-мандаваннем Паўля фон Гіндэнбурга і начальніка яго генеральнага штаба Эрыха Людэндорфа атрымала важную перамогу над 2-й расійскай арміяй ва Усходняй Прусіі. Кайзер віншаваў з „перамогай пад Аленштайнам”, а ў паведамленнях з арміі гаварылася пра „бітву пад Ортэльбургам-Гільгенбургам”. Першы афіцэр генеральнага штаба Людэндорфа Макс Гофман пісаў у 1926 г.: «Генерал Людэндорф пачынаў дыктаваць загад наступнымі словамі: „Фрогэнаў. Час пакуль не пазначаць”. Я звярнуў яго ўвагу на тое, што, магчыма, было б лепш замест назвы Фрогэнаў выбраць гістарычную назву гарадка, перад якім мы стаялі, — Танэнберг, што ён пасля і зрабіў. Дзякуючы гэтаму бітву потым сталі называць менавіта па назве гарадка, які значыўся ў заключным загадзе Вярхоўнага камандавання»[29]. Людэндорф яшчэ ў 1919 г. у сваіх ваенных мемурах пісаў: „Бітву па маёй прапанове назвалі бітвай пад Танэнбергам — у знак памяці той бітвы, у якой Нямецкі рыцарскі ордэн пацярпеў паражэнне ад аб’яднаных польскіх і літоўскіх армій”[30]. Сваё слова сказаў у 1920 г. і Гіндэнбург: „Танэнберг! Слова, якое выклікае ў немцаў балючы успамін пра ордэнскую дзяржаву, і трыумфальны вокліч для славян, падзея, не забытыя ў гісторыі, нягледзячы на больш як 500 гадоў, што прайшлі з таго часу”[31]. Так другая бітва пад Танэнбергам стала лічыцца позняй помстай Нямецкага ордэна, нягледзячы на тое, што рускія 1914 г. атаясамліваліся з палякамі і літоўцамі 1410 г. Свэн Экдаль слушна сказаў пра гэта: „Сімволіка па-ранейшаму была памылковай”[32]. Тым не менш, назва Танэнберг стала ў Нямеччыне пазітыўным сімвалам, гэта замацавалася ў помніку Танэнбергу, які разам з магілай Гіндэнбурга быў ператвораны ў помнік славы нацыянал-сацыялістычнага Райха[33].

Пасля Другой сусветнай вайны тэма Танэнберга ў ГДР цікаваcці не выклікала, яе перадалі палякам[34]. У Федэратыўнай Рэспубліцы нагод для цікавасці да пазітыўнай сімволікі таксама ўжо не было, таму што адыход былых нямецкіх тэрыторый да Польшчы пазбавіў гэтую сімволіку глебы. Тэма Танэнберга іграла яшчэ нейкую ролю ў аб’яднаннях выгнаннікаў ці ў якасці элемента адпору спробам палякаў скарыстоўваць гэты перыяд гісторыі як палітычны сімвал[35] або нападкам з боку лева-каталіцкіх колаў на сучасны Нямецкі ордэн. Наколькі гэтая тэма ўвогуле змаргіналізавалася, пацвярджае знаёмства зноў-такі з (заходне)нямецкімі падручнікамі[36]. Адным з падручнікаў-„ветэранаў” быў да па можнік „Падарожжа ў мінулае” — згадкі пра Танэнберг там няма[37]. Яшчэ адзін падручнік — „Сусветная гіс-торыя”. У раздзеле пад загалоўкам „Польшча становіцца вялікай дзяржавай” заўважаем змену перспектывы: „У хуткім часе паміж ордэнскай дзяржавай і Ягелонскай імперыяй ўсталяваліся варожыя стасункі, асобныя канфлікты прывялі да вайны, у якой рыцары Ордэна ў вырашальнай бітве пад Танэнбергам у 1410 г. пацярпелі паражэнне”[38]. Падрыхтаваная прыкладна тады ж хрэстаматыя „Пы танні да гісторыі” з заданнямі абагульняе тэму Нямецкага ордэна ў раздзеле „Рассяленне на ўсход у Сярэднявеччы”, Танэнберг там не сустракаецца[39]. У 1985 г. выйшаў падручнік для баварскіх школ, у якім гісторыя Ордэна разглядаецца ў межах агульнай тэмы „Славяне і немцы”. Танэнберг тут згадваецца — даволі скупа, як наступства 1309 г. (падпарадкаванне Гданьска і Гданьскага Памор’я) і 1386 г. (аб’яднанне Польшчы і Літвы)[40]. Праз тры гады з’явілася чарговая новая кніга, „Адкрываць і разумець”. Тут пра Танэнберг таксама гаворыцца як пра наступства 1386 г. і таксама ў межах агульнай тэмы — „Нямецкае рассяленне на ўсход”[41]. Пасля перагляду школьных праграм на пачатку 1990-х г. выйшла нарэшце кніга „Гісторыя і падзеі”. І ў гэтай кнізе Танэнберг згадваецца як наступства 1386 г.[42]. У 2008 г. падручнік быў перавы дадзены — з большым акцэнтам на заданні; у перавыданні гісторыя Нямецкага ордэна на тэрыторыі Прусіі разглядаецца больш падрабязна, гаворыцца і пра рэцэпцыю гэтай тэмы ў XIX і XX ст. Танэнберг згадваецца ў кантэксце паражэння Ордэна, якое ўпісваецца ў агульны сцэнар заняпаду[43]. Са сказанага відаць, што школьныя падручнікі асвятляюць гэтую тэму вельмі лаканічна і скупа — або ўвогуле не асвятляюць яе, не апошняй прычынай чаго з’яўляецца ўсё большае скарачэнне вучэбнага часу на выкладанне гісторыі і тэм для выкладання. Таму па падручніках нельга зрабіць ніякіх высноў адносна палітычнага аспекта стаўлення да тэмы.

На падыходах да тэмы бітвы ў Польшчы я спынюся не так падрабязна, бо пра іх вядома значна больш. Там праблем з Грунвальдам як сімвалам не існавала[44]. Бітва адназначна скончылася перамогай. Гэта было прычынай для радасці ў XV ст., а ў XIX ст., асабліва ў яго другой палове, успамін пра Грунвальд быў даведзены да ўзроўню пазітыўнага фактара ў барацьбе з Прускім каралеўствам — адной з краін, якія падзялілі Польшчу (Прусія бачыла сябе пераемніцай Нямецкага ордэна). Гістарычная памяць у спалучэнні з маральнымі развагамі здаўна з’яўляецца зброяй пераможанага, а палякі з часоў падзелаў і ледзь не да канца XX ст. не належалі да пераможцаў. Тым большую сілу мела сімволіка перамогі ў мінулым. Гэта тычылася як 1525 г., васальнай прысягі Прусіі, так і 1410-га, Грунвальда.

Амаль адначасова з увядзеннем Жалезнага крыжа ў 1813 г. тэма, выбраная Янам Матэйкам, увайшла ў жанр, у якім яна на нямецкім баку амаль не сустракаецца, — у гістарычны жывапіс. Юзаф Пешка намаляваў уручэнне двух мячоў ад Ордэна каралю Ягайлу[45], апярэдзіўшы гэтым свайго славутага калегу. Яго буйнафарматную выяву самой бітвы з 1872 г. ведае ў Польшчы кожнае дзіця, яна ўвайшла ў агульнанацыянальны духоўны скарб[46] і да апошняга часу была носьбітам ідэалогіі: у 1976 г., з нагоды 700-гадовага юбілею пабудовы Мальбарка, яна была выстаўлена для шырокага паказу ў Варшаве ў Замку[47], а ў 1999 г. карціну прывезлі для ўзмацнення нацыянальнай свядомасці літоўцаў у Вільню — як паведамлялася, карціну, а тым самым і свайго вялікага князя Вітаўта, удзельніка бітвы пад Танэнбергам, уганаравалі ўвагай 200 000 наведвальнікаў выставы[48]. У час дзяржаўнай самастойнасці Польшчы паміж двума сусветнымі войнамі ўслед за Пешкам бітву выбраў тэмай для свайго твора Войцэх Косак[49]. У гістарычным жывапісе мастакі зноў і зноў звярталіся да гэтай тэмы на працягу 120 гадоў[50], г. зн. сваё значэнне бесперапынна захоўвала на працягу ўсяго гэтага часу і тэма Грунвальда.

Тое ж можна сказаць і пра літаратуру. У першых шэрагах знаходзіцца раман „Krzyżacy” Генрыха Сянкевіча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Спачатку, у 1897–1900 г., раман друкаваўся ў газетах вельмі вялікім накладам[51], і чыталі яго найперш у вышэйшых слаях буржуазіі. Цэнтральнай часткай твора было апісанне Грунвальдскай бітвы. У канцы яе пераможцы абводзяць позіркам поле бою: „Пачуццё невыказнага шчасця залівала святлом твары пераможцаў, усе яны разумелі, што вечар гэты паклаў канец нягодам і навалачы не толькі аднага дня, а цэлых стагоддзяў… І не толькі здрадны крыжацкі ордэн ляжыць цяпер ля ног караля, не, — у гэты дзень збавення ўся тэўтонская моц, што дасюль хвалямі патопу затапляла гаротныя славянскія землі, разбілася аб польскія грудзі”[52]. Тут мы бачым такое самае атаясамліванне палякаў cа славянамі, якое праз некалькі гадоў, пасля бітвы на Мазурах у Першай сусветнай вайне, паслужыла асновай для ператварэння Танэнберга нямецкім бокам у пазітыўны сімвал. Раман Сянкевіча хутка пасля выхаду быў уключаны ў спіс абавязковай літаратуры для школьнікаў і таму уплываў на агульнае ўспрыманне гісторыі яшчэ мацней, чым звы чайныя школьныя падручнікі. Як і карціна Матэйкі, раман амаль цэлае стагоддзе, нават яшчэ не адзін год пасля Другой сусветнай вайны, належаў да агульнанацыянальнага набытку польскай свядомасці. Былі ў гэтым жанры і іншыя творы, але ніводзін не меў такога ўздзеяння, як „Krzyżacy”.

Дык ці магло святкаванне юбілею бітвы ў 1910 г. не стаць маштабным усенародным святам, урачыстасцю, якой накавана было захаваць сваю вартасць у мастацкіх творах, прысвечаных гістарычнай памяці? Дыяпазон такога ўвасаблення сягае ад медалёў Ігнацыя Урублеўскага і Яна Рашкі[53] да фінансаванага выбітным піяністам Ігнацыем Падарэўскім помніка ў Кракаве ў 1902 г. — да-волі ліберальным краі, які пры падзеле Польшчы адышоў да Аўстрыі[54]. Зразумела, помнік захаваўся і захаваў сваё палітычнае значэнне і ў міжваенны час. Ён быў разбураны ў час Другой сусветнай вайны, пры акупацыі Польшчы Нямеччынай, г. зн. тады, калі нямецкі помнік Танэнбергу ўсё яшчэ перабудоўваўся.

У адрозненне ад Нямеччыны — усё роўна, ці ГДР, ці Федэратыўнай Рэспублікі, — у Польшчы Грунвальд пасля 1945 г. выконваў значную ролю. Свэн Экдаль прыводзіць шмат прыкладаў, у тым ліку і распрацаваныя яшчэ тры дзесяцігоддзі таму грандыёзныя планы Грунвальдскага камітэта на юбілейны 2010 г. Нагадаем толькі пра названыя вышэй з’явы — карціну, раман і помнік.

Ад жывапісу эстафету пераняў, відавочна, жанр плаката, які ў Польшчы перажываў асаблівы росквіт пасля 1945 г. У мастацтве плаката атрымалі сваё ўвасабленне паражэнне Трэцяга райха і ўдзел Польшчы ў авалоданні Берлінам. Яшчэ ў 1945 г. Тадэвуш Трапкоўскі праводзіў паралелі паміж Грунвальдам і Берлінам, а ў 1946 г. мяжа па Одэру-Нэйсэ падавалася на плакатах як запавет Грунвальда. З нагоды юбілею бітвы ў 1960 г. Зыгмунт Ліс зноў падхапіў атаясамліванне Грунвальда з Берлінам, намаляваўшы два танэнбергскія мячы на фоне разбітага шчыта са свастыкай і лічбы 1945 і 1410 на фоне польскага сцяга. Стэфан Вельгус паказвае ў цэнтры свайго юбілейнага плаката ўведзеную ў 1943 г. ваенную ўзнагароду — ордэн Грунвальда, а на заднім плане — фрагменты Матэйкавай карціны[55].

У той час як раман Сянкевіча ўсё яшчэ належаў да абавязковай літаратуры школьнай праграмы, шырокую публіку заваяваў новы від мастацтва — кіно. Хаця і ў сферы палітычнай прапаганды яго магчымасці былі вядомыя, бо выкарыстоўваліся там ужо гадоў трыццаць, аднак з’явіліся новыя магчымасці — шырокі экран і колер. Аляксандр Форд у 1960 г. звярнуўся да рамана Сянкевіча і кангеніяльна выкарыстаў яго ў кіно, натхнёны савецкім папярэднікам — фільмам „Аляксандр Неўскі” Сяргея Эйзенштэйна. Як фільм твор Форда выдатны, а як прапагандысцкі матэрыял ён надзвычай умацаваў польскае бачанне падзеі. У час з 1960 да 1990 г. не было, напэўна, ніводнага вучня, якому б не давялося хоць раз паглядзець гэты фільм, сімвал „Грунвальд” набыў новую значнасць для ўсіх пластоў насельніцтва.

Да гэтага ўрэшце дадаецца помнік — побач з адноўленым кракаўскім манументам узнікае новы, які сваёй манументальнасцю адлюстроўвае ўсё поле бою пад Грунвальдам. На яго адкрыцці ў 1960 г. прысутнічала вышэйшае кіраўніцтва партыі і дзяржавы, з гэтай нагоды адбылася Усяпольская сустрэча моладзі[56]. Помнік павінен быў „стаць перасцярогай агрэсару і адначасова сімвалам адзінства польскай нацыі і брацкіх стасункаў з іншымі сацыялістычнымі краінамі”[57]. Наўрад ці можна было дасягнуць больш моцнага сімвалічнага зараду, хаця і ў памылковым усведамленні ўдзельнікаў. Як перад Першай сусветнай вайной, так і пасля Другой: тры сродкі масавай інфармацыі, тры кульмінацыйныя пункты ў сімвалізацыі гістарычнай падзеі з пераносам на палітычную сучаснасць, нязменнасць бачання, нягледзячы на карэнныя палітычныя перамены за паўтара стагоддзі з лішкам. „Польскія нацыянальныя міфы нідзе не маніфестуюцца мацней, чым ва ўсходнепрускім Грунвальдзе / Танэнбергу, месцы трыумфу над Нямецкім ордэнам”[58].

І толькі знікненне палітычных лагераў, паступовае збліжэнне паміж Польшчай і Нямеччынай пазбавіла сімвал „Грунвальд” сілы, якую сімвал „Танэнберг” страціў яшчэ раней. Так, напрыклад, распаўся Грунвальдскі камітэт, які яшчэ ў 1980-я г. распрацоўваў маштабныя планы на юбілейны 2010 год.[59]. Адгалоскі гэтых змен будуць яшчэ адчувацца нейкі час у шырокіх слаях насельніцтва[60], але ў навуцы гэтая тэма ўжо не мае нацыянальнага значэння. Не ўспрымаецца ўжо як нацыянальная драма, напрыклад, наступны эпізод: у тэатралізаваных гульнях на колішнім полі бою — ін-сцэніроўцы бітвы— выканаўца ролі караля Ягайлы раптам упаў з каня. Штогадовыя Грунвальдскія гульні ўжо перайшлі ў жанр „son e lumiere”.

Танэнберг і Грунвальд былі як у Прусіі / Нямеччыне, так і ў Польшчы сімваламі, хаця і рознага кшталту і з неаднолькавым значэннем. У Нямеччыне доўгі час пераважаў фактар сораму са спробай замоўчвання або непасрэднага спалучэння паражэння з гераізмам, у выніку чаго гераізм сваім ззяннем зацьмяваў паражэнне. І толькі дзякуючы бітве на Мазурах у 1914 г. Танэнберг ператварыўся ў пазітыўны сімвал, няхай сабе і непраўдзівы з прычыны шырокага панславісцкага атаесамлення. Аднак Танэнберг ніколі не быў настолькі папулярны, каб назва яго магла увайсці ў прымаўкі. Ёсць фразеалагізм пра „сваё Ватэрлоа”, а прымаўкі пра нечы „Танэнберг” няма. Пасля 1945 г. Танэнберг увогуле страціў палітычнае значэнне, якое заслугоўвала ўвагі, ён застаўся хіба што лаканічнай датай у падручніках ці гістарычных даследаваннях.

У Польшчы ж тэма Грунвальда ў XIX і да канца XX cт. была папулярнай, ён заўсёды выконваў ролю элемента палітычнага адпору Прусіі / кайзераўскай імперыі / Трэцяму райху / ФРГ. Грунвальд быў надзвычай важным складнікам польскай ідэнтычнасці ва ўсіх пластах насельніцтва, ва ўсіх магчымых сродках масавай інфармацыі яму зноў і зноў даваліся новыя дэфініцыі. І толькі глабальныя перамены ў агульнапалітычнай сітуацыі ў Еўропе прывялі да знікнення сімвалічнага значэння бітвы і ператварэння гэтай падзеі ў своеасаблівую фальклорна-відовішчную з’яву. Палякам у Еўрапейскім саюзе міф Грунвальда больш не патрэбны.

Пасляслоўе

Гэты тэкст быў прачытаны як даклад у 2008 г. і ў наступным выйшаў у Польшчы па-нямецку. У 2010 г. у Польшчы адбыліся памятныя ўрачыстасці з нагоды 600-годдзя бітвы, якія ўключалі шмат культурных і навуковых мерапрыемстваў. З навуковых варта адзначыць найперш канферэнцыю, што праходзіла з 20 да 24 верасня ў Мальбарку і Кракаве і сабрала дакладчыкаў з сямі краін, а з культурных — свята, якое адбылося 15 ліпеня на полі бітвы. Пад час гэтага свята ў Польшчы дайшло да рэвалюцыйнай перамены: Нямецкі ордэн больш не атаясамліваўся з Нямеччынай (ФРГ), а разглядаўся як уласнае гістарычнае ўтварэнне. Адпаведна з гэтым польскі прэзідэнт Лех Качыньскі, а пасля яго смерці Браніслаў Камароўскі запрасілі на ўрачыстасць вялікага магістра Нямецкага ордэна ў Вене. Вялікі магістр прыняў запрашэнне і разам з прэзідэнтамі Польшчы, Літвы і Еўразвязу выступіў на памятнай урачыстасці з прамовай[61], на якую было звернута шмат увагі ў польскіх масмедыях. Праўда, у Нямеччыне гэтая падзея засталася незаўважанай, тэлебачанне падало толькі заключныя рыцарскія гульні — son e lumiere.

Пераклад Галіны Скакун


[1] Sven Ekdahl, Tannenberg / Grunwald — ein politisches Symbol in Deutschland und Polen // Journal of Baltic Studies 22, 1991, с. 271–324.
[2] Пачынаючы з яго капітальнай працы Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen.Bd 1: Einführung und Quellenlage (Berliner Historische Studien 8), Berlin 1982; у ёй раздз. 3: Die Bedeutung der Schlacht für das historische und politische Bewußtsein in Polen und Deutschland im 19. und 20. Jahrhundert, с. 14–37.
[3] Напр., Tannenberg — Grunwald — Žalgiris: Eine mittel alterliche Schlacht im Spiegel deutscher, polnischer und litauischer Denkmäler // Zeitschrift für Geschichtswissenschaft 50, 2002, с. 103–118. Апошняя публікацыя — прачытаны ў 2000 г. даклад The Battle of Tannenberg — Grunwald — Žalgiris (1410) as Reflected in TwentiethCentury Monuments // The Military Orders, vol. 3: History and Heritage, hrsg. von Victor Mallia-Milanes, Aldershot 2008, с. 175–194.
[4] Цыт. па: Ekdahl, Tannenberg / Grunwald (як у спас. 1), с. 272.
[5] Параўн. урыўкі з крыніц у: Scriptores rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der preußischen Vorzeit bis zum Untergang der Ordensherrschaft, hrsg. von Theodor Hirsch, Max Toppen und Ernst Strehlke, Bd. 3, Leipzig 1866, рэпрынт. выд. Франкфурт-на-Майне 1965, с. 405 і наст. Параўн. таксама: Marian Biskup, Echa bitwy grunwaldzkiej i obleżenia Malborka w niemieckej gałęzi Zakonu Krzyżackiego w lecie 1410 roku // Komunikaty Mazursko-Warmińskie 1983, № 4, с. 455–460.
[6] Diebold Schilling, Spiezer Bilderchronik, Luzern 1484/85, hrsg. von Hans Haeberli und Vinzenz Bartolomé, Luzern 1991; параўн. таксама Idee Europa. Entwürfe zum „Ewigen Frieden”. Ordnungen und Utopien für die Gestaltung Europas von der pax romana zur Europäischen Union (каталог), hrsg. v. Marie-Luise von Plessen, Berlin 2003, с. 82. Адносна абодвух малюнкаў параўн. (падрабязна, з дадатковымі прыкладамі і малюнкамі): Krystyna Sroczyńska, Ze studiow nad ikonografią bitwy pod Grunwaldem // Rocznik Olsztynski IV, 1961/62, с. 53–104.
[7] Marian Tumler, Der Deutsche Orden im Werden, Wachsen und Wirken bis 1400, Montreal / Wien 1955.
[8] Падрабязнага навуковага апісання яго гісторыі да нашых дзён няма; найлепшы агляд у: Marian Tumler / Udo Arnold, Der Deutsche Orden. Von seinem Ursprung bis zur Gegenwart, Bad Münstereifel (5)1992. Udo Arnold, L’Ordine Teutonico — una viva realtà, Lana 2001.
[9] Параўн. Udo Arnold, die Rekuperationsbemühungen des Deutschen Ordens aūf Preußen // Württembergisch Franken. Jahrbuch des Historischen Vereins für Württembergisch Franken 60, Mergentheim und Königsberg / Berlin 1976, с. 14–54.
[10] Параўн.: Hartmut Boockmann, Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Geschichte, München 1981, (5) 1999, c. 234–254. Яго ж, Zakon Krzyżacki (Klio w Niemczech 3), Warszawa 1998. 800 Jahre Deutscher Orden. Ausstellung des Germanischen Nationalmuseums Nürnberg in Zusammenarbeit mit der Nationalen Historischen Kommission zur Erforschung des Deutschen Ordens (каталог), hrsg. v. Gerhard Bott und Udo Arnold, Gutersloh / München 1990, у ім раздз. VII „Geschichte und Politik: Die Vergangenheit des Ordens im Dienste der Gegenwart”, с. 437–505. Udo Arnold, Prusiskoji vokieciu ordino istorija XIX ir XX amziu vokietijos politineje tradicijoje // Senoves baltu kultura. Prusijos kultura, Vilnius 1994, с. 235–255. Summary: The Prussian History of the German Order in the Political Tradition of Germany of the 19th20th Centuries, с. 255–258. Яго ж, Nationalismus, Nationalsozialismus und der Mißbrauch der Deutschordenstradition in Deutschland // Der Deutsche Orden und die Ballei Elsaß-Burgund. Die Freiburger Vortrage zur 800JahrFeier des Deutschen Ordens, hrsg. v. Hermann Brommer, Buhl / Baden 1996, с. 205–222. Яго ж, Der Deutsche Orden im deutschen Bewusstsein des 20. Jahrhunderts // Vergangenheit und Gegenwart der Ritterorden. Die Rezeption der Idee und die Wirklichkeit, hrsg. v. Zenon Hubert Nowak unter Mitarbeit von Roman Czaja (Ordines militares. Colloquia Torunensia Historica XI), Toruń 2001, с. 39–53. Перадрукавана ў: Udo Arnold, Deutscher Orden und Preußenland. Ausgewählte Aufsätze anläßlich des 65. Geburtstages, hrsg. v. Bernhart Jähnig und Georg Michels (Einzelschriften der Historischen Kommission für ost- und westpreußische Landesforschung 26), Marburg 2005, с. 93–106. Яго ж, Die Marienburg als politisches Symbol in Deutschland in der ersten Hälfte des 20. Jahrhunderts // Praeterita posteritati. Studia z historii sztuki i kultury ofiarowane Maciejowi Kilarskiemu, hrsg. v. Mariusz Mierzwiński, Malbork 2001, с. 33–40, на польскай мове: Zamek w Malborku jako symbol polityczny Niemiec w pierwszej połowie XX wieku, тамсама, с. 41–44.
[11] Гэтае слова ўжывае таксама Андрэас Косэрт (Andreas Kossert): Ostpreußen. Geschichte und Mythos, Berlin (3)2005, c. 48.
[12] J. C. Andrä, Geschichtlicher Leitfaden für Anfänger, Bad Kreuznach 1875, с. 93.
[13] A. Hummel, Kleine vaterländische Geschichte… Ein Leitfaden für preußische Volksschulen, Halle; тут спас. на 27-е выд. 1887 г., с. 17.
[14] Тамсама, с. 59 і наст.
[15] Характэрнай праявай у гэтым кантэксце з’яўляецца катэгарычная адмова Вярхоўнага прэзідэнта Заходняй Прусіі Тэадора фон Шона ўключыць напамінак пра Ульрыха фон Юнгінгена, вялікага магістра, што загінуў пад Танэнбергам, у праграму ўпрыгожання замка Мальбарка вітражамі; параўн.: Ekdahl,Tannenberg / Grunwald (як у спас. 1), с. 278.
[16] Параўн. тамсама, с. 276.
[17] E. A. Schmidt, Grundriß der Weltgeschichte für Gymnasien, höhere Lehranstalten und zum Selbstunterricht. Zweiter Theil: Geschichte des Mittelalters, Potsdam, тут спас. на 6-е выд. 1851 г., с. 132.
[18] Karl Tücking, Grundriß der brandenburgisch-preußischen Geschichte, Paderborn, тут спас. на 3-е выд. 1901 г., с. 30.
[19] Friedrich Junge, Geschichtsrepetitionen für die oberen Klassen höherer Lehranstalten, Berlin 1885, тут спас. на 2-е выд. 1893 г., с. 72 і наст.
[20] M. Haekel, Mit Gott für Kaiser und Reich! Volkstümliche Darstellung der Preußisch-deutschen Geschichte, bearbeitet für Schule, Heer und Haus, Breslau 1899, с. 30 і наст.
[21] Тамсама, с. 31.
[22] Karl Kiesel, Die Weltgeschichte für höhere Schulen und Selbstunterricht übersichtlich dargestellt, Bd. 2. Die christliche Zeit. Erste Abteilung: Fünfzehn Jahrhunderte, Freiburg i. B. 1855, c. 460.
[23] Параўн.: Marian Blümcke, Karl Julius Weber, der Demokrit aus Hohenlohe (Marbacher Magazin 70), Marbach am Neckar 1996.
[24] Параўн.: Klaus Oldenhage, Kurfürst Erzherzog Maximilian Franz als Hoch und Deutschmeister (1780–1801)(Quellen und Studien zur Geschichte des Deutschen Ordens 34), Bad Godesberg 1969, c. 73 і наст.
[25] Тут спас. на Carl Julius Weber, Das RitterWesen und die Templer, Johanniter und Marianer oder Deutschordens-Ritter insbesondere, Bd. 3 (Carl Julius Weber’s sämmtliche Werke 14), Stuttgart (2) 1837; наступныя цытаты с. 151–153.
[26] Тамсама, с. 156.
[27] Тамсама, с. 153.
[28] Ernst Wiechert, Heinrich von Plauen, Leipzig 1881.
[29] Max Hoffmann, Tannenberg, wie es wirklich war, Berlin 1926, c. 73.
[30] Erich Ludendorff, Meine Kriegserinnerungen, Berlin 1919, c. 44.
[31] [Paul] von Hindenburg, Aus meinem Leben, Leipzig 1920, c. 85.
[32] Sven Ekdahl, Tannenberg/Grunwald (як у спас. 1), с. 288.
[33] Прыклады публікацый Апякунскай рады па справах помніка славы ў Райху: Tannenberg, Deutsches Schicksal – Deutsche Aufgabe, Oldenburg i. O. [1939], з „анонсам” ад Адольфа Гітлера. Параўн. таксама: Ernst Vogelsang, Aus der Geschichte des Reichsehrenmals Tannenberg // Zwischen den Weltkriegen. Teil II:Kultur im Preußenland der Jahre 1918 bis 1939, hrsg. v. Udo Arnold (Tagungsberichte der Historischen Kommission für ost- und westpreußische Landesforschung 7), Lüneburg 1987, c. 73–122. Jürgen Tietz, Das Tannenberg-Nationaldenkmal. Architektur, Geschichte, Kontext, Berlin 1999.
[34] Хутчэй кур’ёзам можна лічыць апублікаваную ў ГДР працу: Erwin Ortmann, Die Banner der Teilnehmer an der Schlacht bei Grunwald 1410 // Kulturgeschichtliche Zinnfiguren. Arbeit sblätter 3–4, 1964 (Teil I für die deutschen Ritter) und 4–6, 1968 (Teil II für die polnischen Ritter), машынапісныя копіі, а таксама выданне: Gunter W. Fricke, Die Wappen und Fahnen der polnischen Ritter in der Schlacht bei Grunwald 1410 (тамсама, 1972). Першая частка працы Ортмана была апублікавана ў ФРГ у: Die Zinnfigur. Monatsschrift für Sammler und Liebhaber kulturhistorischer Figuren, N. F. 15, 1966, c. 61–77.
[35] Параўн. аб’ектыўна-разважальны артыкул R[ainer] Z[acharias], Ein vergessenes Datum? 15. Juli 1410:Schlacht bei Tannenberg // Marienburger Zeitung, № 451, кастрычнік 1985, с. 1–3.
[36] Тут можна скарыстацца толькі пэўнай выбаркай, таму што ў Нямеччыне кожная з 16 федэральных земляў мае ўласны кіраўнічы орган у галіне культуры і адукацыі, які і прымае рашэнне аб допуску школьных падручнікаў, таму існуе вельмі вялікая колькасць падручнікаў. Не ўлічваем і розныя тыпы школ (школа другой ступені, рэальная школа, гімназія, агульная школа), таму што ў школах любога тыпу гэтая тэма абмяркоўваецца ў класах аднаго ўзроставага ўзроўню. Праўда, не ўсе падручнікі дапушчаны для ўсіх тыпаў школ, таму што рашэнне аб допуску прымаецца асобна для кожнага тыпу.
[37] Hans Ebeling, Wolfgang Birkenfeld, Die Reise in die Vergangenheit, Ausgabe N, Bd. 1: Von der Vorgeschichte bis zum Ende des Mittelalters, Braunschweig 1977, c. 133.
[38] Wolfgang Hug, Hejo Busley, Geschichtliche Weltkunde, Bd. 1: Von der frühen Zeit der Menschen bis zumBeginn der Neuzeit, Frankfurt/Main 1974, c. 188.
[39] Fragen an die Geschichte. Geschichtliches Arbeitsbuch für Sekundarstufe I, hg. v. Hans Dieter Schmid. Bd. 2:Die Europäische Christenheit, Frankfurt/Main, тут цыт. (5)1980, с. 139–149.
[40] Joachim Cornelissen u. a., bsv Geschichte 2N: Vom frühen Mittelalter bis zum Zeitalter des Absolutismus,München 1985, с. 116.
[41] Entdecken und Verstehen, hg. v. Thomas Berger u. a. Bd. 1: Von der Urgeschichte bis zum Mittelalter,Frankfurt/Main, 1988, c. 184.
[42] Giselher Birk u. a., Geschichte und Geschehen. A2, Stuttgart 1995, c. 157.
[43] Frank Behne u. a., Geschichte und Geschehen. Stuttgart 2008, c. 191.
[44] Параўн. таксама 800 Jahre (як у спас. 10) і працы Экдаля.
[45] Bochnia, Muzeum; ілюстрацыя — 800 Jahre (як у спас. 10), с. 459.
[46] Варшава, Нацыянальны музей, якасны алейны эскіз на палатне (Замкавы музей, Мальбарк).
[47] Параўн.: R. Zacharaias (як у спас. 35), с. 3.
[48] Параўн.: A. Kossert (як у спас. 11), с. 16.
[49] Ольштын, Музей Варміі і Мазур; малюнак у: 800 Jahre (як у спас. 10), с. 494.
[50] Параўн.: K. Sroczyńska (як у спас. 6).
[51] Tygodnik Ilustrowany, Toruń, Biblioteka Głowna UMK.
[52] Цыт. па: 800 Jahre (як у спас. 10), с. 472.
[53] Toruń, Muzeum Okręgowe; малюнак тамсама, с. 476.
[54] Свэн Экдаль у сваіх працах значнае месца адводзіць помнікам, апошні раз у The Battle (як у спас. 3); параўн. таксама: Jurgen Vietig, Die polnischen Grunwaldfeiern der Jahre 1902 und 1910 // Germania Slavica II (Berliner Historische Studien 4), Berlin 1981, c. 237–262.
[55] Параўн.: 800 Jahre (як у спас. 10), с. 501–503, з малюнкам.
[56] Параўн.: S. Ekdahl, Schlacht (як у спас. 2).
[57] Marian Biskup, у: 800 Jahre (як у спас. 10), с. 503.
[58] A. Kossert (як у спас. 11), с. 394.
[59] Параўн.: S. Ekdahl, Battle (як у спас. 3), с. 194.
[60] У якасці прыкладу можна назваць тытульную старонку бульварнага варшаўскага „Факта” ў нумары, які выйшаў напярэдадні гульні зборных Польшчы і Нямеччыны на чэмпіянаце свету па футболе 2008 г.; параўн.: Krzysztof Ruchniewicz, Stehlen die Polen immer noch die deutschen Autos? Zur Aktualität der polnischdeutschen Stereotype // Polen-Analysen 40/08, Darmstadt 2008, c. 2–8, тут с. 3.
[61] Tannenberg / Grunwald 1410. Gesammelte Beiträge (Miscellanea Ordinis Teutonici 1). Wien 2010. S. 63–65, Abb. 15–17.
*Кожнаму сваё! (лац.)

Наверх

Tags: , ,