Ірына Ганецкая. Харчаванне ý беларускіх замках XVI—XVIII ст.
Замкі, несумненна, з’яўляюцца істотнай часткаю гісторыі і культуры нашай краіны. Першыя феадальныя замкі, якія ўзводзіліся вялікімі князямі ў XIV-XV ст., былі нешматлікімі, у наступным жа стагоддзі з атрыманнем зямельных уладанняў прадстаўнікамі арыстакратыі іх колькасць рэзка ўзрасла. Замак быў найважнейшым атрыбутам высокага сацыяльнага і эканамічнага статусу, рэзідэнцыяй феадала, адміністрацыйным цэнтрам акругі і, вядома ж, выконваў абарончую функцыю не толькі для самога гаспадара, але і для ўсяго навакольнага насельніцтва. Усё гэта забяспечвалі людзі, якія жылі і працавалі ў замку ці каля яго і павінны былі задавальняць свае штодзённыя патрэбы. Здабыванне, вытворчасць і спажыванне ежы як істотная сфера грамадскай дзейнасці заўжды былі і застаюцца адным з найважнейшых заняткаў чалавека. Калі ж размова ідзе пра замкі, то іх забяспечанасць прадуктамі харчавання і вадой выконвала ключавую, а часам і вырашальную ролю для арганізацыі паспяховай абароны.
Крыніцы па вывучэнні харчавання XVI-XVIII ст.
Пры ўважлівым падыходзе археалагічныя крыніцы даюць разнастайны, часам вельмі цікавы і арыгінальны матэрыял для рэканструкцыі такога аспекту штодзённага жыцця, як харчаванне, якое ў святле археалогіі можна ахарактарызаваць праз вывучэнне шэрагу катэгорый артэфактаў[1]. Рэшткі самога харчавання — насенне, шкарлупіны яек і арэхаў, косткі, рыбіна луска—гавораць самі за сябе. Прылады працы, што выкарыстоўваліся ў працэсе вытворчасці або апрацоўкі харчовых прадуктаў, сведчаць, якія прадукты вырабляліся на месцы. Абломкі тарнага посуду (керамічнага, шклянога, драўлянага, металічнага) могуць распавесці, што ў іх захоўвалася (асабліва каштоўны гэты матэрыял у дачыненні да імпартных прадуктаў харчавання). Знаходкі розных відаў кухоннага посуду (гаршкоў, латак, макотраў, патэльняў, рынак, etc.) і іншага начыння, стан косцевых рэшткаў паказваюць, якім чынам гатавалі стравы. Знаходкі сталовага посуду і прыбораў даюць звесткі пра тое, што людзі елі, як змяняўся этыкет спажывання ежы. Пісьмовыя крыніцы XVІ ст. утрымліваюць адносна мала інфармацыі па даследаванай тэме. Найбольш цікавыя такія дакументы агульнага характару, як мытныя кнігі. Сярод пераліку тавараў, якія ўвозіліся з-за мяжы, далёка не апошняе месца займалі прадукты харчавання. Дамовы, што тычыліся куплі-продажу, падзе-лу, перадачы ў спадчыну замкаў, як правіла, згадваюць палі і сенажаці, гароды, звярыныя і птушыныя ловы, іншым разам — сады пры доме. Вось, напрыклад, урывак з каралеўскага прывілею 1511 г., паводле якога Міхал Іванавіч Мсціслаўскі атрымліваў Маладзечна: „…и с конюхами и з рыболовы и з землями пашными и бортными и з лесы и з чащи и с сеножатьми и з ловы звериными и пташыми и з бобровыми гоны и з озеры и з реками и з даньми грошовыми и медовыми и бобровыми и куничными и з дяклы ржеными и овсяными и с сеном подякольным… ” [2].
Для XVIІ ст. самая шматлікая і самая інфармацыйная катэгорыя крыніц — інвентары замкаў і замкавых фальваркаў, валасцей. Яны змяшчаюць досыць падрабязныя, а галоўнае — максімальна рэалістычныя звесткі пра гаспадарчыя пабудовы, звязанныя з вытворчасцю і захаваннем прадуктаў харчавання, пра рамесныя спецыяльнасці, якія відавочна ўказваюць на здабыванне і гатаванне ежы. Інвентары характарызуюць павіннасці залежнага насельніцтва, большая частка якіх тычыцца вытворчасці і паставак харчавання ў замак.
Асаблівае месца ў пісьмовых крыніцах па даследаванай тэме, несумненна, займаюць дакументы нясвіжскага архіва Радзівілаў. Вось толькі назвы некаторых архіўных спраў, якія гавораць самі за сябе: „Ведамасці выдаткаў на княскую кухню”; „Меню”; „Спісы прадуктаў і він, выдадзеных на кухню Радзівілаў”; „Спісы тавараў і прадуктаў для князёў Радзівілаў”; „Запіска пра спосаб пасадкі і культывацыі ананасаў”; „Рэестр прадуктаў для княскай кухні” і інш[3].
Мемуарная літаратура і дзённікі XVI-XVIII ст. — надзвычай цікавы пласт крыніц па гісторыі тагачаснай штодзённасці. Часам аўтары згадваюць асобныя прадукты, асабліва тыя, што куплялі ў час замежных падарожжаў, ці нават стравы, якія спажывалі.
Рэестры прыватнаўласніцкіх мануфактур XVIII ст. даюць падрабязную інфармацыю найперш пра асартымент прадукцыі прадпрыемстваў[4]. Назвы посуду могуць быць вельмі красамоўнымі крыніцамі для рэканструкцыі традыцый спажывання ежы ў адпаведны перыяд.
Саму тэму харчавання можна разглядаць у некалькіх аспектах: здабыванне, асартымент прадуктаў, захоўванне, працэс прыгатавання і спажывання ежы.
Адкуль бралі харчовыя прадукты?
Велізарная доля харчовых прадуктаў пастаўлялася замкавымі маёнткамі, дзе насельніцтва займалася зем-ляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам, гародніц-твам. Знаходкі сельскагаспадарчых прыладаў працы ў замках не адносяцца да тыповых, але тым не менш яны сустракаюцца. У Смалянскім замку, напрыклад, быў знойдзены серп, у Глускім і Заслаўскім[5] замках — каменныя жорны. У інвентары Слуцкага замка згадваюцца трое ручных жорнаў з усімі патрэбнымі жалезнымі дэталямі ў рабочым стане (1687)[6], а таксама асобнае памяшканне для захоўвання мукі. Усе пералічаныя прылады сведчаць не толькі пра вырошчванне, але і пра поўную перапрацоўку злакавых культур непасрэдна пры замку. Рыдлёўкі (заступы) і матыкі (Мір[7], Заслаўе[8], Стары замак у Гродне[9]) выкарыстоўваліся ў агародніцтве. Часам звесткі пра раслінаводства траплялі ў пісьмовыя крыніцы. Так, напрыклад, у дзельчым лісце 1561 г. пра падзел Глускага замка чытаем, што перад замкам былі гароды, у тым ліку — гарод „ярыўны”, у фальварку ля вёскі Хваставічы размяшчаліся „палі пашныя замкавыя”[10]; пры Мірскім замку існавалі сад, гарод варыўны, гарод зельны[11]. Істотную долю ў павіннасцях залежнага насельніцтва складалі сельскагаспадарчыя працы — гвалт на жніво ў замкавых фальварках, рамонт замкавых млыноў. Часам называюцца імёны млынароў. Шматлікія знаходкі костак свойскай жывёлы і птушкі, шкарлупіны яек у культурных пластах замкаў, абавяз-ковы пералік сенажацяў пры іх у пісьмовых крыніцах сведчаць пра жывёла і птушкагадоўлю як неад’емную частку замкавай гаспадаркі.
Часткова харчы атрымлівалі ў лясах, рэках, азёрах. Дары прыроды дапамагалі зрабіць стол насельнікаў замкаў больш разнастайным. У лесе збіралі такія багатыя на вітаміны і мінералы прадукты, як ягады, грыбы, арэхі. Рэшткі іх знойдзены ў Глускім і Заслаўскім замках. Як паказвае археазаалагічны аналіз астэалагічных калекцый, паляванне было важнай крыніцай паступлення мяса на патрэбы арыстакратыі. Атрыбуты палявання згадваюцца ў інвентарах, а сцэны палявання бачым на пячной кафлі XVI-XVII ст. з Мірскага і Гарадоцкага замкаў. Паляванне ў XVI-XVIII ст. было прывілеем найвышэйшых класаў, таму дзічына на стале сведчыла пра высокі статус гаспадара. У дамове пра падзел Глускага замка 1561 г. дэталёва абгаворана ўсё, што тычыцца палявання: „што ся дотычеть ловов звериных оступов… княгиня Жеславская маеть восполок со мною а в небыточности нашой ино врадники наши тые ловы спольне ловити и людей своих восполок до оступов посылати. А один без другого не маем звер оступати и што зверу уловять то маем наполы делити… а летом и восень а зимою ото дня светого Николы аж до середопостья… не маем посылати…. озера замковые также з обу сторон вольно волочити …”[12]. Інвентары інфармуюць, што на асобных падданых была накладзеная павіннасць выходзіць на аблавы. Так, паводле інвентара Глускага замка за 1755 г., Мацей Анюшэня, стралец з в. Сяльцы, штонядзелю павінен быў дастаўляць птушку ў Глускі замак, а зімой — звера сачыць[13].
Усе беларускія замкі размешчаны на рэках або каля азёраў, таму, натуральна, рыбалоўства істотна разнастаіла рацыён іх жыхароў. Рыбу лавілі сеткамі, нератам і кашамі. У дамове XVI ст. пра падзел Глускага замка ўказаны спецыяльныя людзі з некаторых вёсак, якія павінны былі пастаўляць у замак рыбу, а у швентары 1692 г. згадваецца замкавы рыбак з характэрным прозвішчам Юшка. У пісьмовых крыніцах указана, што за асобнымі падданымі замацоўваўся абавязак рыбалоўства, прадзення нітак на невады, пляцення сетак. Часам сажалкі, дзе разводзілі карпа, раз-мяшчаліся непасрэдна на тэрыторыі замкаў ці каля іх (Нясвіжскі, Мірскі, Глускі замкі і інш.). У Глускім замку ў час даследаванняў выяўлены донныя адкладанні адной з дзвюх сажалак, існаванне якіх у другой пало-ве XVII-XIХ ст. пазней было пацверджана пісьмовымі крыніцамі[14].
Матэрыялы археалагічных раскопак цалкам сведчаць пра наяўнасць рыбы на стале жыхароў замкаў. Косткі і луска рыбы сустракаюцца ў культурным плас-це шмат якіх фартэцый (Гарадзенскі Стары замак, Свіслацкі, Мядзельскі, Глускі замкі). Значна часцей трапляюцца прылады, якія ўказваюць на розныя спосабы рыбалоўства. Амаль у кожным замку, дзе праводзіліся раскопкі, знойдзены жалезныя кручкі розных відаў. Разам з імі выкарыстоўваліся і іншыя прылады, якія таксама трапляюцца ў час археалагічных даследаванняў: свінцовыя, жалезныя і керамічныя грузікі, металічныя блешні, выразаныя з дрэва ці кары паплаўкі. Часам керамічныя грузікі пакрывалі палівай, каб іх бляск прывабліваў рыбу. Пералічаныя прылады сведчаць пра лоўлю рыбы сеткамі і вудамі.
Урэшце, ва ўсе часы харчовыя прадукты можна было знайсці на рынку ці прывезці з-за мяжы. Напрыклад, у пісьмовых крыніцах нярэдка згадваюцца імпартныя напоі, прыправы і іншае, дастаўленыя з Караляўца. Прадаваліся яны і на мясцовых рынках[15]. Нярэдка бываючы у шшаземных краінах, гаспадары замкаў ці іх падданыя абавязкова закуплялі асобныя віды прадуктаў харчавання. Архіў Радзівілаў захоўвае нямала гаспадарчых дакументаў, дзе пералічваюцца прадукты, дастаўленыя з іншых краін у Нясвіжскі замак. Мытныя кнігі такса-ма ўтрымліваюць падобныя пералікі прадуктаў, што паступалі на мясцовыя рынкі.
Што елі?
Рацыён уключаў розныя віды прадуктаў. Структура харчавання не была аднолькавай і змянялася ў часе як па сезонах, так і цягам стагоддзяў.
Няма сумненняў, што злакавыя культуры займалі вельмі важнае месца. Знаходкі самога зерня — даволі рэдкая, можна нават сказаць, выключная з’ява. Як правіла, яны звязаны з раннім перыядам, паколькі арганічныя рэшткі найлепей захоўваюцца на вялікай глыбіні. Жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса, гарох культываваліся паўсюдна. Пісьмовыя крыніцы ўказваюць, што зерневыя (пшаніца, жыта, грэчка) найперш перапрацоўваліся ў муку. Згадкі мукі, зерня і крупаў у інвентарах сустракаюцца вельмі часта. Палі існавалі не толькі ў фальварках, але і непасрэдна пры замках. У склад замкавай гаспадаркі абавязкова ўваходзілі млыны і пякарні[16], а ў пераліку глускіх мяшчан у інвентары 1638 г. фігуруе пекар Стэфан[17]. Для выпякання хлеба існавалі не толькі спецыяльныя памяшканнні ці нават асобныя будынкі — пякарні, але і спецыяльныя печы. Муку прасейвалі праз валасяныя сіты[18]. Зерневыя культуры перапрацоўвалі на крупы ячныя, грэчневыя, проса, з якіх варылі кашы.
Вялікую долю ў структуры харчавання складала мяса. Спажывалі мяса як свойскіх жывёл і птушак (звычайна 60-70% костак), так і дзікіх (як правіла 30-40%, у некаторых замках гэтая лічба дасягае 70%). Асновай мяснога рацыёну былі ялавічына, свініна, бараніна. Свойскія віды: свінні, буйная рагатая жывёла, козы, авечкі. Косткі буйной рагатай жывёлы складаюць у сярэднім 70-75% свойскага статку, свіней — 20-25%, авечак — 4-5%, коз — 2-3%. Варта адзначыць, што роля свініны на працягу XVI-XVIII ст. паступова ўзрастала. Са свойскіх птушак, верагодна, найбольш спажывалі гусяціну. Лось, высакародны алень і дзік былі найбольш папулярнымі аб’ектамі палявання, елі таксама мяса зуброў і зайцоў[19].
Аналіз астэлагічных калекцый з замкаў паказвае, што доля дзікіх жывёл у рацыёне паступова зніжалася. Добрая ілюстрацыя гэтай тэндэнцыі — знаходкі са Свіс-лацкага замка. 51% костак жывёлы з адкладанняў XII-XIV ст. тут належаў дзікім жывёлам, у другой пало-ве XIV ст. іх колькасць змяншаецца да 22,8%, а ў XV-XVI ст. — да 16-17%[20]. У Глускім замку недалёка ад жылога будынка XVI ст. доля костак дзікіх жывёл даходзіць да 53,2%, а на месцы, дзе кухня знаходзілася ў 1675-1690 г., яна складае толькі 25% астэалагічнай калекцыі. У XVIII ст. прадукцыя жывёлагадоўлі займае яшчэ больш важкае месца. Варта таксама адзначыць, што ва ўсе храналагічныя перыяды на ўчастках, дзе стаялі жылыя будынкі арыстакратыі, канцэнтрацыя касцей дзікіх жывёл большая ў параўнанні з сярэднімі паказчыкамі па ўсёй тэрыторыі помніка, прычым перавагу відавочна аддавалі філейным часткам тушаў. Апрача костак са слядамі раздзелкі і кулінарнай апрацоўкі, прысутнасць мяса на замкавых кухнях пацвярджае знаходка спецы-яльнага мяснога нажа ў культурным пласце 1675-1720 г. ля адной з вежаў Глускага замка.
Птушкагадоўля апроч мяса прыносіла таксама яйкі. У вялікай колькасці шкарлупіны як сырых, так і вараных яек знойдзены, у прыватнасці, пад час раскопак Глускага замка. Інвентары XVII-XVIII ст. пералічваюць віды птушак, якія гадаваліся ў фальварках: куры і кураняты, качкі, гусі, індыкі[21]. Сярод птушыных астэалагічных рэшткаў прысутнічаюць косткі не толькі свойскай, але і дзікай птушкі[22].
Малако і малочныя прадукты ва ўсе часы ўтваралі значны сегмент рацыёну. Пра гэта недвухсэнсоўна сведчаць пісьмовыя крыніцы. Натуральна, што кароў і коз трымалі не толькі дзеля мяса, але і дзеля малака, якое спажывалі як напой і з якога выраблялі масла і сыр. У кожным інвентары кожнага замка з фальваркамі згадваюцца гаспадарчыя будынкі, звязаныя з вытворчасцю малочнай прадукцыі: сырнік ці сырніцы, якія звычайна размяшчаліся на вышэйшым узроўні, а пад зямлёй захоўвалі малако. У дакументах таксама згадваюцца як самі малочныя прадукты (масла і сыры), так і прылады для іх вырабу (гаршкі „малочныя”, даёнкі для даення кароў, маслабойкі, „чаропкі для вырабу сыру”, медныя друшлякі). Сырам у той час называлі тварог і тварожныя сыры. Дзеля найлепшага захоўвання сыры моцна салілі, а таксама сушылі. Сярод археалагічных матэрыялаў шырока распаўсюджаныя знаходкі керамічных збаноў і кубкаў, у якіх на стол падавалі малако. Рэшткі прыстасаванняў для вырабу гэтых прадуктаў можна знайсці ў некаторых замках, хоць і не часта, бо зроблены яны пераважна з дрэва. Тым не менш, фрагменты начыння падобнага кшталту трапляюцца: напрыклад, крыжавіна маслабойкі (9,5×9,5 см) з Гарадзенскага Старога замка[23]. Керамічныя друшлякі (глыбокія міска-падобныя сасуды са шматлікімі адтулінамі ў донцы), вельмі зручныя для выкарыстання ў працэсе вырабу сыру, — частка традыцыйнага асартыменту кухоннага посуду ў замках.
Рыба заўсёды была важным і лёгкадаступным прадуктам. Знаходкі рыбінай лускі, костак, розныя віды рыбалоўных кручкоў сведчаць пра тое, што ў нашых землях спажывалі рачную і азёрную рыбу. У рацыёне былі асобіны карпавых, акунёвых, шчупаковых, сомавых і іншых сямействаў. Даволі рэдкія асятровыя і ласасёвыя перш за ўсё пастаўляліся на стол замкаў. У сажалках, якія не былі рэдкасцю пры замках, разводзілі карпа. Напрыклад, у жыхароў Глускага замка такая рыба стала прапісалася ў меню. У астэалагічным матэрыяле з раскопак адсюль прадстаўленыя таксама шчупакі (даўжныня аднаго з іх дасягала 42 см). Рыба ў розным выглядзе была таварам, які шырока прадаваўся на мясцовым рынку, прычым уюны вылучаліся асобна. Марскую рыбу і морапрадукты прывозілі з замежных краін. У інвентарах Мірскага замка (1688) згадваюцца траска, міногі[24].
Кожны замак меў свае гароды, сярод якіх вылучалі „варыўныя”, або „кухонныя”, і „зельныя”, дзе вырошчвалі адпаведна гародніну і зеляніну з лекавымі раслінамі. Вось прыклады з інвентарных апісанняў: пры замку Давыд-Гарадка — гарод „варыўны” (1720)[25]; пры палацы ў Слуцкім замку — гародчык для „зёл” (1687)[26]. Сады пры замках стала існуюць з XVI ст. Пра гэта найперш распавядаюць пісьмовыя крыніцы: пад замкам у Давыд-Гарадку названы сад з парэчкамі і рознымі саджанцамі (1692), а праз чатыры гады — сад з парэчкамі і дрэвамі рознымі (1696)[27]. Пры Мірскім замку, паводле інвентара 1688 г., было тры гароды (два „варыўныя” і адзін „зельны”) і сад. Вось як апісваецца гарод пад астрогам Камянецкага замка: „у гародзе 28 градак, на якіх вельмі мала гародніны, толькі бацвінне і справа чарнушка (гатунак цыбулі), левы бок засеяны каноплямі — 22 грады (1728)”[28]. Натуральна, пастаўлялі раслінную прадукцыю і замкавыя маёнткі. У гародзе „кухонным” фальварка Глускага замка Парычы раслі капуста, морква, бацвінне, гуркі, чарнушка, цыбуля, боб, каноплі, гарох; згадваюцца таксама грады з расадай (1692)[29].
У берасцейскіх мытных кнігах XVI ст. адлюстраваныя тавары, якія прывозілі купцы з замежных краін. Сярод іншых прадуктаў не апошняе месца займала насенне культур, якія вырошчвалі ў замкавых гародах: „насенне цыбульнае”[30], „насенне гурковае”[31], насенне пятрушкі[32]. Сярод мясцовых культур пісьмовыя крыніцы называюць капусту, цыбулю, рэпу, моркву, гуркі, пастарнак, мак, боб, гарох, пятрушку. Бочкі, бочачкі, кадушкі, згаданыя ў інвентарах, а таксама знойдзеныя пад час археалагічных даследаванняў, выкарыстоўваліся і для засолкі капусты, гуркоў. У першай палове XVIII ст. на сталах арыстакратыі з’яўляецца „тартуфель” — бульба. Адна з першых згадак пра яе знойдзена ў рэестры прывезеных з Варшавы прадуктаў[33].
Ягады пераважна збіралі ў лесе, часткова вырошчвалі. Садавіну і ягады (асабліва прывазныя) можна было набыць таксама на рынку. Асартымент мясцовых культур у XVI ст. быў, верагодна, небагаты: парэчкі, грушы, слівы (іх прывозілі таксама і з Венгрыі), маліны, суніцы. Мытныя кнігі таго часу згадваюць грэцкія арэхі, слівы, разынкі, інжыр, які называўся „фігамі”. У XVII ст., паводле сведчання пісьмовых крыніц, апроч традыцыйных відаў, шырока распаўсюджваюцца экзатычныя плады — апельсіны, лімоны, абрыкосы, ананасы, персікі, айва. У мытнай кнізе з ацэнкай тавараў, што правозіліся праз Берасце ў першай палове 1583 г., нярэдка згадваюцца алівы[34].
Археалогія таксама засведчыла прысутнасць на сталах жыхароў замкаў садавіны і гародніны. У цэлым артэфакты, што тычацца гэтай часткі рацыёну, надзвычай бедныя, бо ўсе яны арганічнага паходжання і кепска захоўваюцца ў культурным пласце. Рэшткі непасрэдна пладоў ды ягад адносяцца да катэгорыі рэдкіх знаходак. Адным з нямногіх выключэнняў з агульнага правіла стаў Глускі замак, дзе нам пашчасціла знайсці насенне малін, бузіны, маку, гарбуза, а таксама амаль цэлую грушу.
Лес даваў для харчавання не толькі ягады, але і грыбы, арэхі. Іх сляды ў археалагічных матэрыялах знайсці няпроста. Кошыкі і іншае драўлянае і асабліва берасцяное начынне, рэшткі якога, хоць і нячаста, трапляюцца ў раскопках, з вялікай доляй верагоднасці выкарыстоўваліся ў тым ліку і для збору ягад, грыбоў і арэхаў. У асобных выпадках на замках трапляюцца лясныя арэхі і іх шкарлупіны.
Важным прадуктам рацыёну ва ўмовах халоднага і вільготнага клімату быў тлушч. Жывёльныя тлушчы атрымлівалі, натуральна, са свойскіх жывёл, пераважна са свіней. Сала спажывалі ў халодным і гатаваным выглядзе, апроч таго, тлушч шырока выкарыстоўваўся пры гатаванні розных страваў. Насенне лёну і „ядомых” канопляў, якое служыла сыравінай для вырабу алею, зусім нярэдка згадваецца у тсьмовых крыніцах:
Магільнянскі замак (1536), Глускі замак (1638, 1692)[35], Мірскі замак (1681)[36], нагадаем 22 грады, засеяныя ка-ноплямі ў гародзе Камянецкага замка (1728 г.)[37], і інш. Пад час археалагічнага даследавання Заслаўскага замка былі знойдзены драўляныя часткі нажнога прэса для выціскання алею. Аліўкавы алей імпартавалі з паўднёвых краін яшчэ з XI-XII ст., пра што сведчаць шматлікія фрагменты амфар.
Мёд меў у харчаванні немалое значэнне, асабліва пры адсутнасці цукру. Пісьмовыя крыніцы сведчаць пра пчалярства пры замках (напрыклад, трымалі пчол у фальварку Глускага замка Лучкі). З фальваркаў мёд пастаўлялі ў замак, дзе яго захоўвалі ў спецыяльных вёдрах і бочках, якія змяшчаліся ў кладоўках. У інвентарах згадваюцца розныя гатункі мёду: мёд ліпавы, прэсны, сычоны і г. д. Цукар пачынае згадвацца ў крыніцах з XVIII ст. Яго прывозілі з далёкіх краін — Мальты, вострава Крыт, Азорскіх і Канарскіх астравоў[38]. Непасрэдныя сведчанні спажывання цукру знаходзім у рэестрах Свержанскай фаянсавай мануфактуры — шалі для цукру, цукарніцы ў складзе сталовых сервізаў.
Велізарнае значэнне ў кулінарыі мелі спецыі. Прыправы не толькі надаюць стравам больш далікатны смак, але і забяспечваюць іх лепшае захоўванне, паколькі валодаюць моцнымі бактэрыцыднымі ўласцівасцямі. Менавіта выкарыстанне спецый у кулінарыі сведчыць пра ступень развіцця мясцовай кухні. Натуральна, што у якасці прыправаў перш за ўсё выкарыстоўвалі мясцовыя расліны. У замкавых гародах вырошчвалі пастарнак і пятрушку (яе насенне фігуруе сярод прывазных тавараў у XVI ст., а таксама, паводле інвентароў, яго выдавалі з замка сялянам для вырошчвання). Напрыклад, у інвентары Мірскага замка 1681 г. сярод рэчаў, наяўных у гаспадарчых памяшканнях, згадваюцца соль, воцат, алей, карэнні, розныя зёлкі, мак. Насенне маку знойдзена ў пласце XVI — сярэдзіны XVII ст. пры раскопках Глускага замка. У мураваным скарбцы Слуцкага замка, паводле інвентара 1767 г., знаходзілася чвэрць бочкі імбіру[39]. У мытных кнігах сярод іншых прыправаў згадваюцца соль, перац, кмен, цынамон, мускат, імбір, шафран і інш. Экзатычныя спецыі з далёкіх краін былі вельмі дарагія і ўжываліся ў невялікіх колькасцях. Таму прызначаныя для іх маленькія керамічныя і шкляныя сасудзікі — звычайная знаходка пры археалагічных раскопках у замках. У пісьмовых крыніцах XVIII ст. згадваюцца таксама цукар, соль, аліўкавы алей, муштарда, воцат.
Нашмат лягчэй знайсці археалагічныя сведчанні, якія адносяцца да напояў. Ва ўсе часы асартымент сасудаў для піцця быў ці не самым шырокім і прызначаўся для розных напояў: куфлі — для піва; стопкі і невялікія скляніцы — для моцных алкагольных напояў; керамічныя і шкляныя бутэлькі і збаны разам з келіхамі, скляніцамі і кубкамі — для віна; з керамічных кубкаў і кубачкаў пілі гарбату, кампот і кісель; керамічныя і фаянсавыя чайнікі і спецыяльныя кубачкі выкарыстоўваліся для чаю і кавы. Настойкі выраблялі з мясцовых відаў ягад. І мы ведаем гэта не толькі з пісьмовых крыніц. Насенне некаторых дзікіх ягад (малін і бузіны) і зёлак, якія выкарыстоўваліся для гэтага, знойдзены сярод харчовых адыходаў у некаторых замках.
Да прадуктаў мясцовай вытворчасці адносяцца пітны мёд, піва ды гарэлка. Піва ўжывалася дастаткова шырока. Амаль кожны замак меў свой бровар (часта і не адзін), для якога ў фальварках вырошчвалі хмель і ячмень. На старонках інвентароў сустракаюцца імёны півавараў, а таксама людзі з адпаведным прозвішчам. У гаспадарчых памяшканнях трымалі прылады, прызначаныя для вырабу і захоўвання піва: калода для мачэння соладу, бочкі піўныя дубовыя, вёдры і цэбры, шкляное начынне для напояў. Шва часткова імпартавалася. У XVII ст. набірае папулярнасць англійскае піва.
З ягад і садавіны рабілі настоі, лікёры і ціснулі сок. У рэестрах Мірскага замка XVIIІ ст. гаворыцца пра сокі як з мясцовых, так і з прывазных пладоў: парэчкавы, малінавы, сунічны, яблычны, вішнёвы, слівавы, апельсінавы[40].
На стале гаспадароў замкаў нязменна прысутнічала віно, імпартаванае з розных краін. Асабліва папулярнымі былі венгерскія і італьянскія віны. Даволі частыя знаходкі фрагментаў рэйнскіх керамічных бутэлек (часам — з клеймамі) сведчаць таксама пра імпарт вінаў з паўднёвых нямецкіх гарадоў.
У XVIII ст. асартымент і геаграфія прывазных алкагольных напояў значна пашырыліся. Усё часцей сустракаем згадкі пра французскія напоі: разам з традыцыйнымі бургундскімі вінамі з’яўляюцца шампанскае і „французская гарэлка” (магчыма, маецца на ўвазе каньяк). Спажывалі ў замках таксама іспанскія, партугальскія, грэцкія віны, рысавую гарэлку і ром. З суседніх краін паступалі пераважна моцныя алкагольныя напоі: гданьская гарэлка з рознымі дабаўкамі, рыжскі бальзам.
Як гатавалі?
У кожным замку для прыгатавання ежы была прадугледжана кухня, часта і не адна. Яна магла быць размешчана непасрэдна ў жылым доме, палацы або вежы (у Глускім замку), магла быць прыбудовай (з XVII ст. — у Мірскім замку) ці асобным будынкам (Давыд-Гарадоцкі замак у XVII ст.), заўжды мела асобны выхад і складалася з некалькіх памяшканняў — пакоя, дзе стаяла печ для прыгатавання страваў, нерэдка асобнага памяшкання для выпякання хлеба, аднаго ці некалькіх памяшканняў, дзе захоўваліся кухоннае начынне і прадукты (спіжарня, піўніца). Непадалёк знаходзілася студня. У некаторых выпадках удалося археалагічна ідэнтыфікаваць кухні. Калі у Мірскім замку яе месца вызначана пры дапамозе пісьмовых крыніц і знаходкі там не адзначаны ніякімі асаблівасцямі, то ля брамы Глускага замка комплекс артэфактаў мае вельмі спецыфічны характар. Культурны пласт на невялікім участку тут літаральна насычаны фрагментамі керамічнага кухоннага посуду, часта з тоўстым слоем нагару, велізарнай колькасцю костак жывёлы. А калі дадаць сюды ніжнюю частку гаршка з рэшткамі зёлак, лускі і костак рыбы — зусім проста вызначыць функцыю памяшкання і яго лакалізацыю. Археалагічна ўстаноўлены факт пазней быў пацверджаны інфармацыяй інвентароў канца XVII і XVIII ст.
Розныя віды кухоннага посуду, а часам і стан косцевых рэшткаў, дапамагаюць высветліць, як гатавалі ежу. Міскі, мядніцы, драўляныя дошкі, сіты, спецыяльныя нажы прызначаліся для ачысткі і першаснай апрацоўкі харчовых прадуктаў. Разнастайнасць відаў кулінарных прыёмаў добра характарызуе калекцыя кухоннага посуду, у якім гатавалі стравы: гаршкі, рынкі, макотры, патэльні, друшляк, бабачніцы.
Важным прадуктам быў хлеб, які пяклі як з мясцовага, так і з прывазнога зерня. У пісьмовых крыніцах згадваецца хлеб з жытняй, пшанічнай, нават грачанай мукі[41]. Цеста замешвалі ў драўляных дзежках, а выпякалі ў „хлебных” печах. У івентары Глускага замка 1755 г. гаворыцца пра печ „для пячэння французскага”. Для бліноў, булак і іншых кандытарскіх вырабаў цеста рашчынялі у керамічных макотрах, якія вельмі часта трапляюцца пры археалагічных раскопках замкаў. Спецыяльна для бліноў прызначаліся вельмі плыткія керамічныя рынкі, шырока распаўсюджаныя ў XVI-XVII ст. Пазней іх замянілі металічныя патэльні. У пісьмовых крыніцах не раз згадваюцца бляшаныя формы для печыва[42]. У выпечцы шырока выкарыстоўваліся разынкі і насенне маку, якія згадваюцца ў інвентарах і выяўлены археалагічна. У мытных кнігах XVI ст. пазначаныя пернікі. Рэестры Свержанскай фаянсавай мануфактуры згадваюць спецыяльныя пасудзіны для печыва.
Мяса жывёл, птушкі і рыбы для лепшага захоўвання сушылі, салілі, вэндзілі: „гусі сухія”, „мяса сухое з ялоўцу” (Магільнянскі замак, 1536 г.)[43], „вяленая траска”[44].
Свежае мяса апрацоўвалі тэрмічна: варылі ў металічных катлах і керамічных гаршках, пражылі ў гліняных латках і глыбокіх рынках, смажылі ў патэльнях і рынках, пяклі на ражне на адкрытым агні. Ражны нярэдка згадваюцца ў інвентарах сярод гаспадарчага начыння. Часта мяса гатавалі проста ў замкавых дварах. Так, напрыклад, у Слуцку, паводле інвентара 1687 г., на замкавым падвор’і знаходзіліся два „каганцы жалезныя, пры слупах падвешаныя… з прутамі жалезнымі”[45]. Смажылі мяса ў даволі вялікай колькасці тлушчу.
Сярод мясных страў, якія пастаўлялі з фальваркаў, пералічваюцца, апроч уласна мяса, кумпякі, сала, „сальсасоны”, „лычыкі”, вяндліна з ласяціны, а таксама вэнджаная і сушаная птушка („куры дымовыя”, гусі і качкі вэнджаныя), каўбасы, рыба салёная і вэнджаная. Селядцы ў бочках прывозілі таксама з Гданьска і іншых прыморскіх гарадоў. У канцы XVII-XVIII ст. мяса ўжывалі з соусамі, запякалі ў цесце як начынку.
Садавіны і гародніны найбольш, вядома, было ў рацыёне жыхароў беларускіх замкаў летам і ўвосень, калі ix спажывалі пераважна ў сырым выглядзе — як асобна плады, так і ў выглядзе салатаў, прыпраўленых спецыямі і соусамі. Для прыгатавання салатаў карысталіся керамічнымі макотрамі і міскамі. Гародніна ўваходзіла у склад гатаваных страў — розных супоў, салянак, а з садавіны і ягад ціснулі сокі[46], варылі кампоты і кісялі, рабілі морсы, настойкі. Для спажывання пладоў з гародаў і садоў узімку і вясной боб, гарох, садавіну і ягады сушылі, у драўляных кадках[47] квасілі капусту, салілі гуркі, марынавалі грыбы. Са з’яўленнем цукру з садавіны і ягад пачалі варыць варэнне і канфіцюры[48].
Як елі?
Для спажывання ежы прызначаліся спецыяльныя памяшканні — сталовыя. Яны былі добра асветлены, бо, як правіла, мелі шмат вокнаў. У цэнтры пакоя ці залы стаяў вялікі стол з лаўкамі ці крэсламі. Вось як апісваецца сталовая ў палацы Слуцкага замка (1687 г.): „пасля сеняў — ізба сталовая, …да яе дзверы ліштваваныя…, вокнаў з аднаго боку ад замка чатыры… па шэсць кватэр шкляных, у волава апраўленых. Печ з кафляй белапаліванай з арламі чорнымі ў зялёным полі, падлога дубовая, ліхтар, пасярод ізбы вісячы спіжовы з ліхтарамі для стаўлення свеч…”[49]. Часта ў блоку са сталовымі былі яшчэ адзін-два невялікія пакоі, якія выконвалі ролю буфетных, адзін з іх меў выхад у сені. Буфеты маглі размяшчацца ў самой сталовай зале — зона, адгароджаная балясінамі са спецыяльнай драўлянай мэбляй. Для прыкладу працытуем той жа інвентар Слуцкага замка, дзе ў сталовай трэцяга палаца „ля дзвярэй служба драўляная, унізе з аднаго боку шуфляд пяць, прутам жалезным усе шуфляды замыкаюцца. У тым жа нізе пасярэдзіне дзверцы на завесах жалезных з унутраным замком, уверсе схованка з кратамі і ўнутраным замком”[50]. Там захоўвалі сталовы посуд, напоі, а таксама рыхтавалі стравы для падачы на стол. У вялікіх сталовых залах, у прыватнасці, у Мірскім замку, існавалі спецыяльныя агароджаныя балясінамі балконы для музыкаў.
Разнастайны сталовы посуд і прыборы — адна з най-больш пашыраных знаходак у культурным пласце кожнага замка. Шматлікія фрагменты місак, талерак, збаноў, кубкаў і кубачкаў, скляніц і келіхаў, шклянак і стопак, лыжак, нажоў і відэльцаў дазваляюць рэканструяваць працэс ежы ў той ці іншы перыяд, атрымаць уяўленне пра развіццё культуры харчавання. Пашырэнне асартыменту сталовага посуду (керамічнага, шклянога, металічнага, драўлянага) сведчыць пра спецыялізацыю яго відаў і, адпаведна, пра развіццё кулінарыі і ўскладненне этыкету спажывання ежы.
У ранні перыяд сталовы посуд цяжка назваць вытанчаным, ён мала чым адрозніваўся ад кухоннага. Начынне выраблялі пераважна з дрэва і грубай гліны. На стале прадстаўнікоў найвышэйшай арыстакратыі можна было знайсці сасуды з каляровых металаў, а таксама імпартныя келіхі, кубкі, збаны.
З’яўленне хуткага ганчарнага кола вывела тэхналогію керамічнай вытворчасці на якасна новы ўзровень. Сценкі посуду становяцца больш тонкімі, формы далікатнымі, аздабленне разнастайным. Прымяненне палівы, якая пакрывала вырабы тонкім бліскучым слоем розных колераў, не толькі рабіла іх прыгожымі, але і значна паляпшала іх санітарна-гігіенічныя ўласцівасці. Прыкметна ўзбагачаецца асартымент сталовага посуду. З’яўляюцца талеркі, кубкі, кубачкі, куфлі, стопкі.
Паводле археалагічных звестак, керамічныя талеркі з’явіліся ў XVI ст. Варта адзначыць, што фрагменты самых ранніх талерак знойдзены менавіта ў замках, і асабліва шматлікімі яны былі ў Лідскім, Крэўскім, Мірскім замках, а таксама ў Гарадзенскім Старым замку. Да сярэдзіны XVII ст. талеркі былі даволі вялікімі — дыяметрам 26-32 см, меншыя талеркі, дыяметрам 18-22 см, сустракаюцца ў раскопках значна радзей. Гэтая акалічнасць сведчыць, найхутчэй, пра тое, што ў той час карысталіся толькі агульнымі талеркамі і міскамі. Ежу разразалі нажом і бралі лыжкамі і рукамі. У выніку рукі былі тлустыя, таму скляніцы для піцця выраблялі абавязкова з рыфлёнымі налепамі, каб сасуд не выслізнуў з рук. На працягу другой паловы XVII—XVIII ст. назіраецца тэндэнцыя змяншэння памераў талерак і місак. Большая частка гэтага посуду выраблялася з гліны, аднак сярод археалагічных матэрыялаў з беларускіх замкаў вядомыя і знаходкі металічных талерак: алавяная з гербам Радзівілаў з Мірскага замка, якая датуецца канцом XVI ст.[51], а таксама маленькая медная місачка з Дубровенскага замка[52]. У XVIII ст. распаўсюджваюцца фаянсавыя талеркі самых разнастайных памераў. У кожным замку знойдзены фрагменты сталовага фаянсу як мясцовай, так і замежнай вытворчасці. У гэты час з асноўнай формы талеркі і міскі развіваюцца пасудзіны спецыяльнага прызначэння — вялікія талеркі для розных страў (рыбных, мясных і г. д.), талеркі з накрыўкамі для гарачага (называныя „тэрыны”), сподачкі, салатніцы, супніцы, соуснікі, цукарніцы, маслёнкі і інш.[53].
Самым пашыраным і даволі ўніверсальным сталовым прыборам была лыжка. Лыжкі, як правіла, выразалі з дрэва. Яны адрозніваліся па форме ў залежнасці ад таго, для якой стравы прызначаліся. Глыбейшымі елі рэдкія стравы. У XVI ст. з’яўляюцца металічныя лыжкі. Іх тронкі звычайна ўпрыгожваліся. Лыжкі знойдзены практычна ва ўсіх даследаваных археолагамі замках; у Гарадзенскім Старым замку іх калекцыя налічвае 10 штук.
Сталовымі нажамі карысталіся для разразання цвёрдай ежы (напрыклад, мяса). Іх спецыфічныя рысы — невялікі памер ляза, а таксама прыгожа аздобленыя касцяныя ці драўляныя тронкі, часам з інкрустацыяй каляровымі металамі.
У канцы XVI ст. у замках з’яўляюцца металічныя відэльцы (жалезныя ці свінцовыя) з двума доўгімі зубцамі (вядомыя паводле археалагічных матэрыялаў з раскопак Крэўскага, Лідскага, Мірскага, Глускага, Шклоўскага і іншых замкаў)[54]. Тронкі іх, драўляныя ці касцяныя, часта аздобленыя разьбою, настолькі кароткія, што такімі відэльцамі браць ежу з агульнай талеркі было проста немагчыма. Гэтыя двухзубыя відэльцы — бадай, самае ранняе сведчанне фармавання індывідуальнага сталовага камплекта, які складаўся з талеркі / міскі, лыжкі, відэльца і нажа. Цягам часу тронкі робяцца даўжэйшыя, а зубцы карацейшыя. У XVIII ст. колькасць зубцоў павлічваецца да трох, а прапорцыі становяцца такімі ж, як і ў сучасных відэльцах.
Асартымент сасудаў, якія прызначаліся для падачы на стол напояў і піцця, прыкметна ўзбагаціўся і ў асноўным аформіўся ў XVI ст. — збаны розных памераў, кубкі, куфлі, кубачкі, стопкі, скляніцы, келіхі, шклянкі. Менавіта гэты сегмент сталовага посуду вызначаецца найбольшай доляй імпартаваных сасудаў.
Прывабна выглядалі керамічныя збаны мясцовай вытворчасці. Іх пакрывалі бліскучай зялёнай палівай, упрыгожвалі наляпным і карбаваным арнаментам. З канца XV ст. у беларускіх замках пачынаюць з’яўляцца прывезеныя з нямецкіх прырэйнскіх гарадоў багата аздобленыя складаным рэльефам збаны і куфлі з каменнай масы. Фрагменты такіх сасудаў знойдзены пры раскопках у кожным замку.
Шкляны посуд у ранніх культурных пластах замкаў прадстаўлены толькі імпартнымі вырабамі. Самая ранняя знаходка шклянога келіха датуецца канцом XV ст. і паходзіць з велікакняскага Крэўскага замка[55]. Літаральна праз некалькі дзесяцігоддзяў прывазное шкло вядомае ўжо ва ўсіх даследаваных помніках, дзе вырабы Венецыі, Багеміі, нямецкіх гарадоў складалі да 50% пітных сасудаў. Фрагменты імпартнага посуду адрозніваюцца якасным тонкім шклом з самым розным аздабленнем. Пасля з’яўлення ў XVII ст. уласнага шкларобства прадукцыя мясцовых майстроў шы-рока распаўсюджваецца, выцясняючы керамічныя пітныя сасуды. Найбольш пашыраным у XVI-XVII ст. прадстаўніком гэтага віду посуду была цыліндрычная скляніца на хвалістым паддоне, абвітая па спіралі рыфлёным налепам. Сярод артэфактаў XVII-XVIII ст. часта сустракаюцца шкляныя бутэлькі (круглыя і квадратныя). У іх алкагольныя напоі не толькі захоўвалі, але і падавалі на стол. У XVIII ст. асартымент шклянога сталовага посуду набывае рысы і формы сучаснага. З’яўляецца новая тэхніка ўпрыгожвання шкла — гравіроўка. Шырока вядомым вытворцам шкляных вырабаў у нашай краіне тады была Урэцкая шкляная мануфактура. У той самы час з’яўляюцца фаянсавыя збаночкі і філіжанкі для кавы, гарбаты, графіны для гарэлкі. Найлепшая калекцыя сталовага фаянсу паходзіць з Мірскага замка.
У XVIII ст. прыкметна ўскладняецца кухня, этыкет спажывання ежы становіцца больш развітым і рафінаваным. Назіраецца рэзкая дыферэнцыяцыя асартыменту сталовага посуду. Разам з універсальнымі сасудамі з’яўляецца посуд, спецыяльна прызначаны пад асобныя стравы ці прадукты харчавання: міска і ваза для супу, міска для салаты, кошык для масла, талерка для паштэтаў, збаночак для малака, імбрычак для гарбаты, збанок і філіжанка для кавы.
Надзвычай развіты асартымент сталовага посуду сведчыць пра тое, што ў гэты час сфармаваўся якасна новы этыкет спажывання ежы, вельмі знаёмы сучаснаму чалавеку. Наяўнасць талерак не толькі даволі глыбокіх і вялікага дыяметру, як гэта было ў XVI-XVII ст., але і сярэдніх ды маленькіх, сведчыць пра тое, што за сталом цяпер ужо несумненна карысталіся не толькі агульнымі, але і індывідуальнымі талеркамі. У індывідуальны сервіровачны набор уваходзілі глыбокая, сярэдняя і плыткая талеркі, кубачак для кавы ці гарбаты на сподку, а таксама місачка для паласкання. Сподачкі маглі мець прыгожа аформленыя пляскатыя ручкі. Для розных страў належала выкарыстоўваць розныя віды сталовага начыння, пра што сведчыць, у прыватнасці, іх наяўнасць у індывідуальным наборы. Суп, напрыклад, налівалі з агульнага сасуда ў чаркі маленькія з вушкамі ці без іх. Для індывідуальнага карыстання прызначаліся таксама і камплекты сталовых прыбораў: лыжак, відэльцаў, нажоў, лыжачак для кавы і гарбаты. Тронкі для ix шшым разам рабілі фаянсавымі. Пітныя сасуды адрозніваліся паводле напояў, якія з іх пілі: спецыяльна вырабляліся кубачкі ці філіжанкі для кавы і гарбаты, кубачкі для гарэлкі, кубкі і куфлі для піва. Філіжанкі для кавы і гарбаты падавалі на сподачках.
Гарачыя стравы падавалі на стол у спецыяльных пасудзінах — „тэрынах”, паўмісках з накрыўкамі, каб не астывалі. Фрагменты фаянсавых тэрынаў знахо-дзяць пры археалагічным даследаванні замкаў. Для рэдкіх страў прызначаліся міскі або чары з накрыўкамі, з якіх іх чэрпалі конаўкамі. Пэўныя стравы маглі падаваць на стол таксама парцыённа ў маленькіх гаршчэчках. Закускі размяшчалі на плыткіх блюдах (вялікія талеркі) рознай формы. Некаторыя сасуды прызначаліся спецыяльна для нейкага прадукту ці стравы: салатніцы (маглі быць глыбокімі і плыткімі), маслёнкі, сальнічкі, цукарніцы, місы для печыва і садавіны. Напоі на стале стаялі не толькі ў шкляных, але і ў фаянсавых збанках (малако, кава, піва, віно) ды штофіках (піва, віно). Гарбату заварвалі ў імбрычках. „Галовы цукру” распілоўвалі на маленькія кавалачкі, якія ўзважвалі на вагах, шалі якіх таксама былі фаянсавымі. Некаторыя напоі трэба было ўжываць ахалоджанымі, для гэтага на сталы ў спецыяльных падстаўках прыносілі лёд.
Харчаванне ў разгледжаны перыяд падпарадкоўвалася пэўнаму рытму, на які ўплывалі як сезонныя фактары, так і рэлігійныя забароны. У цэлым беларуская кухня XVI-XVIII ст. была мясной і тлустай, што характэрна для краін з халодным кліматам, паколькі такі рацыён дапамагаў папярэдзіць хваробы дыхальнай сістэмы.
Кухня беларускіх замкаў XV—сярэдзіны XVI ст. была, верагодна, даволі простай. Паводле пісьмовых крыніц другой паловы XVI ст., пералік прадуктаў, напояў, спецый, посуду замкавых кухараў быў далёка не бедны, а таму можам зрабіць выснову, што кухня прадстаўнікоў найвышэйшых класаў, якія і валодалі замкамі, значна адрознівалася ад харчавання простых людзей не толькі колькасцю прадуктаў, але і іх асартыментам і складанасцю кулінарнай апрацоўкі. І гэты працэс прыкметна паскараўся. У канцы XVII — XVIII ст. кухня паступова становіцца ўсё больш і больш развітой і вытанчанай. Надзвычай шырокі асартымент сталовага посуду сведчыць. пра тое, што ў гэты час сфармаваўся якасна новы этыкет спажывання ежы.
Зразумела, пісьмовыя і археалагічныя крыніцы не дазваляюць ва ўсей паўнаце рэканструяваць харчаванне ў замках, асабліва меню і тэхналогію прыгатавання складаных страў. Тым не менш, нават кароткі і даволі павярхоўны агляд паказвае, што яны даюць агульнае ўяўленне пра гэты працэс, а больш уважлівыя пошукі і вывучэнне дазволяць папаўняць карціну новымі цікавымі дэталямі.
[1] Пры напісанні атрыкула выкарыстоўваліся артэфакты з раскопак, праведзеных аўтарам, а таксама інфармацыя пра знаходкі іншых даследчыкаў з публікацый: Археалогія Беларусі. Т. 4. Помнікі XIV-XVIII стст. Мінск, 2001; Ганецкая І. Крыніцы па вывучэнні беларускіх замкаў // БГЧ. 2003. № 9. С. 17—23; Ганецкая І. Стратыграфія і храналогія культурнага пласту Глускага замка // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Мінск, 2005. Вып. 9. С. 42—56; Заяц Ю. Заславль в эпоху феодализма. Мінск, 1995; Здановіч Н., Краўцэвіч А., Трусаў А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка. Мінск, 1994; Краўцэвіч А., Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка і г. Ліды // З глыбі вякоў. Наш край. Мінск, 1992. С. 83—96; Левко О. Археологическое изучение Дубровенского замка // Гісторыя і археалогія Полацка і По-лацкай зямлі. Полацк, 1998. С. 164—170; Левко О. Изучение Шкловского замка второй половины XVI — первой половины XVIII вв. // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Мінск, 2006. Вып. 11. С. 171-194; Собаль В. Даследаванні замка Белы Ковель у Смалянах // Castrum, urbisetbellum: Зборнік навуковых прац. Баранавічы, 2002. С. 362—369; Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н. Стары замак у Гродне. Мінск, 1993; Трусаў А. Матэрыяльная культура Крэўскага замка // З глыбі вякоў. Наш край. Мінск, 1996. С. 212-228.
[2] НГАБ. КМФ 18. Воп. 1. Спр. 8. Арк. 506 адв.
[3] НГАБ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 58; 60; 63; 267; 3156 і інш.
[4] AGAD. Archiwum Radziwiііуw (AR). Dz. XIX. Św-2. S. 1-10; Św-3. S. 11-13; Św-9. S. 50-107.
[5] Заяц Ю. Заславль в эпоху феодализма… С. 94.
[6] Mikulskį W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich z inwentarzy dóbr przechowywanych w archiwum Radziwiłłów w Archiwm Głównym Akt Dawnych. Warszawa, 1999. S. 72.
[7] AGAD. AR. Dz. XXV. Syg. 2446. S. 19 od.
[8] Заяц Ю. Заславль в эпоху феодализма…. С. 95.
[9] Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н. Стары замак у Гродне… C. 69.
[10] НГАБ. КМФ 18. Воп. 1. Спр. 41. Арк. 238.
[11] AGAD. AR. Dz. XXV. Syg. 2446. S. 2, 4, 14.
[12] НГАБ. КМФ 18. Воп. 1. Спр. 41. Арк. 238 адв.
[13] НГАБ. Ф. 179. Воп. 1. Спр. 153. Арк. 34.
[14] НГАБ. Ф. 27. Воп. 6. Спр. 3. Арк. 3.
[15] НГАБ. Ф. 179. Воп. 1. Спр. 151.
[16] НГАБ. КМФ 18. Воп. 1. Спр. 41. Арк. 238; AGAD. AR. Dz. XXV. Syg. 2446. S. 3, 6.
[17] НГАБ. Ф. 179. Воп. 1. Спр. 150.
[18] Mikulski W., Zawadzzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 74.
[19] Щеглова В., Ткачев М., Зверуго Я., Дучиц Л. Материалы о животноводстве и охоте на территории северной Беларуси в средние века // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2006. Вып. 21. С. 89-93; Разлуцкая А. Фауна замка Свислочь // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2004. Вып. 19. С. 220-231; Трусаў А. Матэрыяльная культура Крэўскага замка… С. 227.
[20] Разлуцкая А. Фауна замка Свислочь… С. 220-231.
[21] НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 846. Арк. 58; НГАБ. Ф. 27. Воп. 6. Спр. 3. Арк. 5; НГАБ. Ф. 179. Воп. 1. Спр. 153. Арк. 39.
[22] Астэалагічную калекцыю з раскопак Глускага замка апрацавала А. Разлуцкая.
[23] Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н. Стары замак у Гродне… С. 71.
[24] AGAD. AR, Dz. XXV. Syg. 2446. Аrk. 19, odw.
[25] Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 44.
[26] Ibidem, S. 62.
[27] Ibidem, S. 41, 43.
[28] Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 12.
[29] НГАБ. Ф. 694, воп. 7. Спр. 846. Арк. 59.
[30] Археографический сборник. Т. 3. С. 298, 311.
[31] Тамсама, с. 305.
[32] Тамсама, с. 310, 312.
[33] Пашкевіч У. Невядомыя старонкі гісторыі Нясвіжа XVIII ст. // Мастацкая спадчына Нясвіжа. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Нясвіж, 2006. С. 60.
[34] Археографический сборник. Т. 3. С. 289-322.
[35] НГАБ. Ф. 179. Воп. 1. Спр. 150. Арк. 20 адв.; НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 846. Арк. 59, 59 адв.
[36] НГАБ. Ф. 694/2-4466. Арк. 29.
[37] Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 12.
[38] Пашкевіч У. Невядомыя старонкі гісторыі Нясвіжа… С. 59.
[39] Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 86.
[40] Пашкевіч У. Невядомыя старонкі гісторыі Нясвіжа… С. 59-60.
[41] НГАБ. Ф. 694/2–4466. Арк. 285 адв.
[42] НГАБ. Ф. 694/2–4466. Арк. 29 адв.
[43] Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 54.
[44] НГАБ. Ф. 694/2-4466. Арк. 19.
[45] Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 62.
[46] Прэс для выціскання сокаў згадваецца, напрыклад, у інвентары Слуцкага замка 1767 г.: Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 81.
[47] Кадкі, пераважна сасновыя, даволі часта згадваюцца ý пісьмовых крыніцах XVI—XVIII ст., фрагменты іх (як правіла — донцы рознага дыяметру) час ад часу знаходзяць у археалагічных раскопках.
[48] Пашкевіч У. Невядомыя старонкі гісторыі Нясвіжа… С. 59— 60.
[49] Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 59.
[50] Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich… S. 61.
[51] Здановіч Н., Краўцэвіч А.,Трусаў А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка… С. 67.
[52] Археалогія Беларусі. Т. 4…С. С 294.
[53] Ганецкая І. Адлюстраванне ладу жыцця Нясвіжскага замка ў асартыменце вырабаў свержанскай фаянсавай мануфактуры // Мастацкая спадчына Нясвіжа. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Нясвіж, 2006. С. 62—65.
[54] Сагановіч Г. Кавальска-слясарскія вырабы з Крэўскага замка // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. Мінск, 1993. С. 94; Краўцэвіч А., Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка… С. 89; Здановіч Н., Краўцэвіч А., Трусаў А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка… С. 55; Археалогія Беларусі. Т. 4… С. 269.
[55] Сташкевіч А. Шкляныя вырабы беларускіх замкаў (канец XV — 1-я палова XVII ст.) // Матэрыяльная і духоўная культура замкаў Беларусі. Матэрыялы навуковай канферэнцыі. Мінск, 2003. С. 95-103.