БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ТРУС, МІКОЛА. Янка Купала ў Славакіі / навук. рэд. І. А. ЧАРОТА. Мінск: Рэдакцыя часопіса „Роднае слова», 2012. 176 с.: іл.


Кніга беларускага філолага Міколы Труса напісана на стыку гісторыі і гісторыі літаратуры. З аднаго боку, аўтар імкнуўся паказаць пэўны сюжэт у біяграфіі знакамітага беларускага паэта Янкі Купалы, а з другога — сітуацыю, у якой жылі і дзейнічалі прадстаўнікі культуры ў БССР (СССР) і Чэхаславакіі. У значнай ступені аўтар дабіўся пастаўленай мэты.

Даследаванне М. Труса складаецца з дзесяці раздзелаў-артыкулаў, аб’яднаных асобай Я. Купалы, пры гэтым кожны з іх уяўляе сабой асобны сюжэт у гісторыі візіту беларускага паэта ў Славакію ў 1935 г. Пасля прадмоў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і аўтара ідзе першая, фактычна ўводная частка, якая знаёміць чытача з сітуацыяй, што склалася ў міжваеннай Чэхаславакіі (і адпаведна — Славакіі), з асаблівасцямі развіцця славацкай літаратуры, прычынамі накіравання і складам савецкай дэлегацыі. Янка Купала не ўзначальваў групу, тым не менш, як адзначае М. Трус, увага славацкіх перыядычных выданняў была прыцягнута і да яго асобы.

Савецкая дэлегацыя наведала некалькі славацкіх гарадоў (Браціслава, Святы Юр, Модра, Пешцяны і інш.), дзе тым ці іншым чынам пакінула пасля сябе звесткі. Пазнаёміўшыся с архіўнымі дакументамі і славацкімі перыядычнымі выданнямі, аўтар змог па крупінках сабраць матэрыял, звязаны з гэтай паездкай. Варта адзначыць, што М. Трус робіць акцэнт не столькі на асобе Я. Купалы, колькі на адлюстраванні атмасферы, у якой той знаходзіўся. Гэта і зразумела: матэрыялу непасрэдна пра беларускага паэта няшмат, а таму паказаць яго дзейнасць амаль немагчыма. Можна меркаваць, што менавіта з гэтай прычыны ў кнізе больш замалёвак з гісторыі чэхаславацкага (славацкага) жыцця, апісання гарадоў, дзе пабывала дэлегацыя, і іх знакамітых ураджэнцаў. Значнае месца аўтар адводзіць і пераказу зместу паведамленняў славацкіх і чэхаславацкіх газет, адзначэнню мясцовай спецыфікі ў падачы матэрыялу.

У манаграфіі падкрэсліваецца, што чынны ўдзел у прыёме савецкіх гасцей брала Таварыства культурных і эканамічных сувязяў з СССР. Яго прадстаўнікі — Гана Грэгарава і Эла Шандар — непасрэдна кантактавалі з савецкімі пісьменнікамі, што знайшло адлюстраванне ў дакументах па арганізацыі візіту. Сярод іншых кантактаў Я. Купалы ў Славакіі аўтар знайшоў згадкі пра размову з Я. Понічанам і Г. Вамашам (іх кароткая біяграфія і характарыстыка твораў прыводзіцца ў кнізе). Аднак найбольш звестак захавалася пра стасункі Купалы з сям’ёй Шандараў, дзейнасць кожнага з членаў якой знаходзіць кароткую характарыстыку ў разгляданай кнізе. М. Трус адзначае, што менавіта Э. Шандар, а потым яго дачка Вольга шмат зрабілі ў справе росшукаў і „ўзнаўлення славацкіх старонак Купаліяны» (119). Пры гэтым аўтар праз канкрэтныя прыклады паказвае складанасці пошуку і знаходжання звестак пра побыт Купалы за мяжой.

Калі ацэньваць змест кнігі ў цэлым, то варта ў першую чаргу сказаць пра тое, што пададзеная інфармацыя больш характарызуе Славакію (Чэхаславакію), чым дзейнасць Я. Купалы, якая ўпісвалася ў графік паез-дак савецкай дэлегацыі і нічым адметным, можа, за выключэннем інтэрв’ю газеце „Лідове новіны», не вылучалася. Тым не менш, нават апісанне славацкай (чэхаславацкай) рэчаіснасці ў сукупнасці з матэрыялам пра асаблівасці арганізацыі афіцыйных паездак савецкіх пісьменнікаў за мяжу дазваляе лепш зразумець атмас-феру ў міжваенных Чэхаславакіі ды СССР і асаблівасці ўзаемаадносін гэтых краін.

Асобнай увагі заслугоўваюць фотаздымкі, змешчаныя у кнізе. Гэта сапраўдная знаходка як для даследчыкаў біяграфіі Я. Купалы, так і для славакістаў, багемістаў, русістаў. У пераважнай большасці здымкі паходзяць з асабістага архіва аўтара і публікуюцца ўпершыню. Яны раскрыв аюць асобныя сюжэты ў жыцці беларускага паэта, знаёмяць са славацкімі і чэхаславацкімі перыядычнымі выданнямі, з паказам у іх візіту савецкай дэлегацыі, стаўленнем да яе ў цэлым і да некаторых персон. Інтарэс выклікаюць і змешчаныя ў кнізе дакументальныя здымкі 1920-1930-х г., якія адлюстроўваюць мясцовы каларыт, пабачаны пісьменнікамігасцямі, і дазваляюць зразумець умовы жыцця міжваеннай Славакіі.

Сярод іншага, дадатковага матэрыялу, варта згадаць „Рэгістр славацкіх перыядычных выданняў 1935 года», які змяшчае кароткую характарыстыку выданняў і фактычна адлюстроўвае сітуацыю ў чэхаславацкім друку ў міжваенны перыяд.

На вялікі жаль, у Беларусі даследаванне славацкай гісторыі носіць толькі фрагментарны характар, хоць нашы краіны маюць шмат супольнага. Хочацца спадзявацца, што манаграфія М. Труса дасць штуршок не толькі да больш глыбокага спасціжэння біяграфіі Янкі Купалы і іншых беларускіх пісьменнікаў, але і да вывучэння славацкай гісторыі.

Мінск

Любоў Козік

Наверх

Тэгі: ,