Анджэй Смалярчык. Таварыства Беларускай Школы ў Палескім ваяводстве ў 1926–1933 г.*
Палескае ваяводства ў міжваенны перыяд – найменш даследаваны рэгіён тагачаснай польскай дзяржавы. Асноўная прычына – цяжкасці з доступам да беларускіх і літоўскіх архіваў у савецкі час. Да пачатку 1990-х г. вывучэнне гісторыі ўсходніх рэгіёнаў Другой Рэчы Паспалітай было немагчымае: доступ у архівы быў закрыты. Становішча карэнным чынам змянілася ў 1990 г. Адкрыццё ўсходніх архіваў для польскіх навукоўцаў дазволіла праводзіць комплексныя гістарычныя даследаванні.
Асноўны масіў дакументаў, створаных на тэрыторыі Палескага ваяводства ў міжваеннае дваццацігоддзе, зберагаецца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці (ДАБВ; Брэст, Беларусь). Каштоўныя дакументы, звязаныя з Палессем, якія найперш тычацца палітычнага і культурнага жыцця беларусаў у міжваеннай Польшчы, можна знайсці і ў Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве ў Вільні (Lietuvos Centrinis Volstybes Archyvas, далей LCVA).
Да найважнейшых даследаванняў, прысвечаных паўночна-ўсходнім землям тагачаснай Польшчы, адносяцца працы Войцэха Сляшыньскага [1], Яаны Янушэўскай-Юркевіч [2], Элеаноры Кірвель [3]. Сярод найбуйнейшых беларускіх даследчыкаў, што займаюцца вывучэннем гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, варта згадаць Аляксандра Вабішчэвіча [4], Аляксея Загідуліна [5], Вольгу Рабышку [6], Івана Трацяка [7].
Агульную характарыстыку нацыянальнай палітыкі польскіх уладаў знойдзем у працах Анджэя Хайноўскага [8] і Вальдэмара Паруха [9], а таксама ў публікацыях Яўгена Мірановіча [10] і Алены Глагоўскай [11]. Што тычыцца пытанняў, звязаных непасрэдна з Палескім ваяводствам, асаблівай увагі заслугоўваюць ужо згаданая вышэй публікацыя Войцэха Сляшыньскага і працы Пятра Ціхарацкага [12].
Апроч таго, праблематыка нацыянальных меншасцяў закраналася ў публікацыях Крысціны Гамулкі [13], а таксама Генрыка Халупчака і Тамаша Браварака [14].
* * *
Заходняя частка Палесся паводле Рыжскага мірнага дагавору адышла да Польшчы. Усходняе Палессе засталося пад савецкай уладай. У пераходны перыяд адміністрацыйнае кіраванне на Заходнім Палессі ажыццяўляла Грамадзянская ўправа ўсходніх земляў (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich, ZCZW), якая падзяліла далучаную да Польшчы тэрыторыю на акругі (пазней ваяводствы) і паветы. Амаль уся польская частка Палесся ўвайшла ў склад Палескага ваяводства. Раней гэта былі землі Гродзенскай, Мінскай і Валынскай губерняў Расійскай імперыі [15]. Паўднёвае Палессе апынулася ў Валынскім ваяводстве (Кастопальскі, Ковельскі і Уладзімірскі паветы), а самая паўночная частка – у Наваградскім ваяводстве (утварыўшы паўднёвую частку Баранавіцкага і Нясвіжскага паветаў). У склад новаўтворанага Палескага ваяводства ўвайшлі і землі, якія ў фізіка-геаграфічных адносінах не належалі да Палесся. Такімі былі паўночная і цэнтральная часткі Брэсцкага павета, заходні кавалак Кобрынскага павета і паўночны ўскраек Косаўскага павета [16]. Працэс тэрытарыяльнага афармлення Палескага ваяводства скончыўся ў 1931 г. перадачай у склад Валынскага ваяводства Сарненскага павета. Пасля гэтага ў складзе Палескага ваяводства засталося дзевяць паветаў: Брэсцкі, Драгічынскі, Камень-Кашырскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі і Столінскі. Адміністрацыйным цэнтрам ваяводства быў Брэст, які знаходзіўся каля яго заходняй мяжы і, адпаведна, быў пазбаўлены належнага ўплыву на ўсё Палессе. Таму ролю натуральнай сталіцы адыгрываў Пінск, які месціўся ў цэнтры [17].
Палескае ваяводства ў 1931 г. мела плошчу 36 688 км2, пры гэтым яго насельніцтва складала 1 132 200 чалавек [18]. Такім чынам, гэта было найбуйнейшае па тэрыторыі і адначасова найменш населенае ваяводства ў Другой Рэчы Паспалітай. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва ва ўсёй краіне складала 83 чал./км2 . На Палессі ж шчыльнасць насельніцтва моцна вагалася ў залежнасці ад мясцовых умоваў. Абсалютныя лічбы не адлюстроўваюць сапраўднай дэмаграфічнай сітуацыі на Палессі. У найбольш населеных паветах – Пружанскім і Драгічынскім – шчыльнасць насельніцтва складала 41 чал./км2, а ў прыгранічным Лунінецкім павеце, большую частку якога займалі лясы і балоты, – толькі 19 чал./км2. Калі ж улічыць, што толькі 18% плошчы Палескага ваяводства было прыдатным для земляробства (36% займалі лясы, 20% – заліўныя лугі, 16% – балоты), дык сярэдні паказчык шчыльнасці насельніцтва значна ўзрастаў. У найменш населеным Лунінецкім павеце толькі 8% тэрыторыі падыходзілі для земляробства. Такім чынам, у разліку на ворныя землі шчыльнасць насельніцтва складала ў сярэднім 215–240 чал./км2. Палессе фактычна было перанаселенае [19].
Насельніцтва міжваеннага Палескага ваяводства было неаднароднае. Яно ўяўляла сабой рэлігійную, нацыянальную і культурную мазаіку, што злівалася ў стракатую прыгранічную супольнасць. Апісанне гэтай супольнасці – справа няпростая: любыя абагульненні тут небяспечныя.
Паводле звестак усеагульнага перапісу насельніцтва за 1921 г. насельніцтва Палесся складала тады 749 370 чалавек, г. зн. у сярэднім – 20,8 чал./км2. У сваю чаргу, перапіс 1931 г. зафіксаваў 1 131 939 жыхароў, што дае сярэднюю шчыльнасць насельніцтва 31 чал./км2.
Асноўнай крыніцай супярэчнасцяў заставалася пытанне нацыянальнай прыналежнасці аўтахтонных жыхароў Палесся – палешукоў, якія самі сябе называлі “тутэйшымі”. Гэтае заблытанае пытанне густа абрасло міфамі і шматлікімі стэрэатыпамі. У карэннага насельніцтва Палесся яшчэ не склаліся выразныя ўяўленні пра сваю нацыянальнасць, хоць адначасова было моцна развіта пачуццё ўласнай адметнасці і прыналежнасці да асобнай сацыяльнай групы з уласнай мовай і рэлігіяй [20]. Неакрэсленасць нацыянальнага самаўсведамлення палешукоў паслужыла прычынай для перманентнай барацьбы польскага, рускага, беларускага і ўкраінскага нацыяналізмаў за ўплыў на нацыянальнае аблічча гэтага аўтахтоннага насельніцтва. Гэтая барацьба не спынялася на працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя. Беларусы лічылі палешукоў беларусамі, паколькі большая частка Палесся знаходзіцца ў межах гістарычнай Беларусі. Украінцы бачылі ў іх украінцаў з пункту гледжання мовы. Мова палешукоў, аднак, не зведала паўнацэннага развіцця (не ператварылася ў асобную мову). Варта гаварыць хутчэй пра палескія гаворкі, лакалізаваныя ў пераходнай украінска-беларускай зоне (з перавагай украінскага кампанента). Украінскія ўплывы дамінавалі на тэрыторыях, размешчаных на поўдзень ад Прыпяці. На поўнач ад Прыпяці ўзмацняўся ўплыў беларускіх дыялектаў. Істотным элементам палескіх гаворак былі і рысы, абумоўленыя ўплывам польскай і рускай моў. Фактычна кожная палеская вёска мела сваю адметную гаворку [21]. Калі пры вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці палешукоў улічыць фактар нацыянальнай самасвядомасці, якая ва ўкраінцаў была вельмі моцная, а ў беларусаў толькі абуджалася, дык можна прызнаць, што “тутэйшае” насельніцтва ў асноўным складалася з беларусаў [22].
Беларусы, што жылі на Палессі, не адыгрывалі істотнай ролі ў эканамічным і культурным жыцці гэтага краю. Найчасцей яны мелі дробныя гаспадаркі, што ўскладняла іх эканамічнае выжыванне і пазбаўляла сацыяльных перспектываў. Беларуская інтэлігенцыя была вельмі слабая. Нацыянальная самасвядомасць у беларусаў павольна развівалася з канца XIX ст. Канстанцін Сракоўскі пісаў: «Яшчэ не так даўно нацыянальнай самасвядомасці ў беларусаў амаль зусім не было: значная частка беларускіх жыхароў пра сваю нацыянальную прыналежнасць зусім нічога не магла сказаць і называла сябе “тутэйшымі”, “мясцовымі” або замест нацыянальнасці гаварыла пра сваё веравызнанне» [23]. Нацыянальныя памкненні беларусаў абудзіла кастрычніцкая рэвалюцыя. Беларускія сяляне, рэкрутаваныя ў органы ўлады, павысілі статус сваёй мовы, яшчэ нядаўна “мужыцкай”, да дзяржаўнага. З гэтага часу развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў на Палессі непарыўна звязвалася з сацыяльным, а не нацыянальным рухам [24].
Беларускае палітычнае жыццё ў Палескім ваяводстве было сціплае і слабаразвітое. Тлумачылася гэта перш за ўсё нізкім узроўнем нацыянальнай свядомасці палескага насельніцтва і яго нізкай палітычнай культурай. Апроч таго, палітыка польскіх уладаў у дачыненні да Палесся, якое павінна было стаць “польскім клінам”, убітым паміж беларускім і ўкраінскім абшарамі, не прадугледжвала свабоднай дзейнасці легальных беларускіх партый. Палітычнае жыццё на Палессі характарызавалася дзвюма асноўнымі рысамі – сацыяльным і нацыянальным радыкалізмам. Нелегальная Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) была часткай усеагульнага камуністычнага руху і беларускай толькі па назве. Аднак у Палескім ваяводстве беларускае насельніцтва не мела іншага выразніка сваіх нацыянальных інтарэсаў, апроч КПЗБ.
Таварыства Беларускай Школы (ТБШ) было ўтворана ў Вільні ў 1921 г. Яго мэтай стала падтрымка і развіццё беларускай культуры і адукацыі галоўным чынам праз заснаванне пачатковых і сярэдніх школ, а таксама настаўніцкіх семінарый, арганізацыю курсаў ліквідацыі непісьменнасці, утварэнне “народных дамоў”, арганізацыю лекцый і чытанняў. Сярод заснавальнікаў ТБШ былі вядомыя беларускія дзеячы з ліку членаў Беларускага нацыянальнага камітэта і дэпутатаў польскага сейма. Ад моманту свайго заснавання Таварыства мела характар палітычнай арганізацыі [25].
Пачатак работы ТБШ на Палессі быў непарыўна звязаны з дзейнасцю Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), якая ўзнікла 24 чэрвеня 1925 г. пасля расколу ў Беларускім пасольскім клубе (БПК). З яго выйшлі тры члены Беларускай партыі незалежных сацыялістаў – Пётр Мятла, Павел Валошын і Сымон РакМіхайлоўскі, а таксама сацыял-дэмакрат Браніслаў Тарашкевіч [26]. Праграма партыі адстойвала права народаў на самавызначэнне, заклікала да аб’яднання ўсіх беларускіх земляў у незалежную рэспубліку пад уладай рабоча-сялянскага ўрада, прадугледжвала падзел буйных землеўладанняў паміж сялянамі без выкупу, ліквідацыю асадніцтва, абкладанне падаткамі выключна ўласніцкіх класаў, вымагала забеспячэння грамадзянскіх, палітычных і культурных свабод беларускага насельніцтва. Сярод праграмных лозунгаў было і патрабаванне задавальнення патрэбаў беларусаў у сферы нацыянальнай адукацыі [27].
Грамадоўцы вырашылі шукаць палітычнай падтрымкі сярод шырокіх сялянскіх мас. Асноўным тэзісам, які павінен быў завабіць бедных і неадукаваных беларускіх сялян, стала крайне радыкальная аграрная праграма [28]. Агітатары БСРГ і КПЗБ [29] узялі на ўзбраенне лозунг “Зямлю абшарнікаў – нам без выкупу!”, які атрымаў велізарную папулярнасць у сялянскага насельніцтва, а таксама лозунг “Далоў асаднікаў!”– апошнія разглядаліся як закамуфляванае войска і грабежнікі беларускай зямлі. Куды менш энтузіязму абуджаў заклік да “ўз’яднання ўсіх беларускіх земляў з незалежнай Савецкай Беларуссю”. Для сялянскага насельніцтва аб’яднанне беларускіх земляў пад эгідай БССР было прывабнае з прычыны абавязковай у такім выпадку канфіскацыі зямлі ў абшарнікаў, сам жа факт атрымання дзяржаўнай незалежнасці ўспрымаўся стрымана [30].
Грамада была першай легальнай арганізацыяй, якая кіравалася ў сваёй дзейнасці камуністычнай ідэалогіяй і займалася пры гэтым палітычнымі дыверсіямі [31]. Заснаванне БСРГ было адназначна інтэрпрэтавана польскімі ўладамі як рэалізацыя ўстановак камуністаў на выкарыстанне легальных арганізацый для пашырэння камуністычнай дзейнасці на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Польшчы [32]. Нелегальнае становішча значна ўскладняла дзейнасць КПЗБ, таму партыя была моцна зацікаўлена ў легальным прыкрыцці, якім і стала БСРГ [33].
Беларуская сялянска-работніцкая грамада разгарнула інтэнсіўную дзейнасць на беларускіх землях у складзе Польшчы. За першы год існавання гэтай партыі тут узнікла больш за 2000 гурткоў, якія аб’ядналі больш як 60 тысяч членаў [34]. На Палессі БСРГ пачала сваю дзейнасць у першай палове 1926 г. утварэннем у Пінску аддзялення Беларускага кааператыўнага банка, раней заснаванага ў Вільні. Гэты філіял узначалілі прадстаўнікі радыкальнага крыла беларускага руху – Радаслаў Астроўскі і Лявон Васілеўскі, якія абвясцілі пра сваё ўступленне ў Грамаду. Банк, які атрымліваў фінансаванне ад структур Трэцяга Інтэрнацыянала, даваў кароткатэрміновыя пазыкі толькі тым сялянам, што далучаліся да БСРГ.
Да культурна-асветніцкага супрацоўніцтва Грамадзе ўдалося падключыць Таварыства беларускай школы. Цэнтральны камітэт БСРГ і кіраўніцтва ТБШ падалі супольную заяву ў Міністэрства веравызнанняў і публічнай асветы (МВіПА), у якой запатрабавалі стварыць сетку публічных беларускіх пачатковых і сярэдніх школ, ліквідаваць двухмоўныя (г. зв. утраквістычныя) школы, заснаваць у Віленскім універсітэце кафедру беларусазнаўства. Супрацоўніцтва на месцах ажыццяўлялася перш за ўсё ў форме арганізацыі школьных плебісцытаў [35].
21 чэрвеня 1925 г. у Пінску быў створаны павятовы сакратарыят БСРГ, на чале якога стаў Павел Іголка – адзін з лідараў КПЗБ. Па яго ініцыятыве дзейнасць Грамады на Піншчыне разгарнулася на базе наяўных ячэек КПЗБ, якія пераўтвараліся ў гурткі БСРГ. Члены КПЗБ пры гэтым масава ўступалі ў Грамаду. Тым самым Грамада ператварылася ў легальнае прыкрыццё для камуністычнай партыі, якая выйшла з падполля. Заканспіраванымі заставаліся акруговыя і раённыя камітэты КПЗБ, а таксама тыя прадстаўнікі ячэек, што займалі кіроўныя пасады. Рэалізуючы дырэктывы III з’езда КПП і III канферэнцыі КПЗБ, Пінскі павятовы сакратарыят выступіў з ініцыятывай утварэння “братніх легальных арганізацый” – гурткоў ТБШ і Міжнароднага сакратарыята барацьбы за амністыю палітычных вязняў. Адначасова з’явіліся павятовыя сакратарыяты Грамады ў Пружанах і Косаве-Палескім, якія таксама абапіраліся на мясцовыя структуры КПЗБ. Праз пяць месяцаў пасля свайго ўтварэння, у сярэдзіне лістапада 1926 г., Грамада мела ў Палескім ваяводстве тры павятовыя сакратарыяты і 245 гурткоў (у Пружанскім павеце – павятовы сакратарыят і 107 гурткоў, у Косаўскім павеце – павятовы сакратарыят і 102 гурткі, у Пінскім павеце – павятовы сакратарыят і 19 гурткоў, у Лунінецкім павеце – 12 гурткоў, у Брэсцкім павеце – 5 гурткоў). Сетка партыйных арганізацый Грамады ахапіла ў той час амаль усю паўночную тэрыторыю Палескага ваяводства на поўнач ад чыгункі Брэст – Лунінец. На поўдзень ад гэтай чыгуначнай лініі дзейнічалі іншыя “братнія легальныя арганізацыі” – Незалежная сялянская партыя, утвораная адначасова з Грамадой былымі членамі Польскай народнай партыі “Вызваленне”, а таксама Украінскае сялянска-работніцкае сацыялістычнае аб’яднанне (Сель-Роб), заснаванае ў лістападзе 1926 г. З гэтымі арганізацыямі БСРГ дзяліла сферу ўплыву. Польскія праваахоўныя органы ацэньвалі колькасць прыхільнікаў Сель-Роба ў 100 тысяч чалавек, з якіх 14 тысяч былі зарэгістраванымі членамі аб’яднання [36].
БСРГ здолела цалкам падпарадкаваць сабе дзейнасць ТБШ і ўвесці ў яе Галоўную ўправу і Наглядальную раду членаў свайго Цэнтральнага камітэта, сваіх прыхільнікаў і давераных асоб. У выніку выбараў, якія адбыліся 8 верасня 1926 г., кіроўныя органы ТБШ набылі наступны выгляд: Галоўная ўправа – Радаслаў Астроўскі (старшыня), Аляксандр Уласаў і Антон Трэпка (намеснікі старшыні), Язэп Шнаркевіч (сакратар), Мікалай Марцінчык (намеснік сакратара), Мітрафан Кепель (скарбнік), Мікалай Сіняўскі (намеснік скарбніка), Ігнат Дварчанін, Уладзімір Лукашэвіч, Фелікс Стацкевіч, Марыя Шавель, Браніслаў Тарашкевіч (члены ўправы), Аляксандр Коўш, Пётр Мятла, Іван Савіцкі (кандыдаты ў члены ўправы); Наглядальная рада – Сымон Рак-Міхайлоўскі, Уладзімір Самойла, Фабіян Акінчыц, Кузьма Крук, Сяргей Астапчык. Кантроль над Таварыствам дазваляў БСРГ уплываць на школьныя справы і прапагандаваць свае ідэі сярод беларускага насельніцтва [37].
Шчыльная сувязь ТБШ з Грамадой негатыўна ўплывала на сітуацыю з беларускай нацыянальнай асветай. Радыкалізацыя поглядаў кіраўніцтва ТБШ паспрыяла выхаду з Таварыства памяркоўна скіраваных дзеячаў, якія не маглі прыняць рэвалюцыйных лозунгаў БСРГ. У чэрвені 1926 г. з’явіўся Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК), адной з галоўных мэтаў якога стала заснаванне і падтрымка беларускіх школ усіх тыпаў. 15 ліпеня 1926 г. БІГіК звярнуўся з лістом у МВіПА, у якім запатрабаваў адкрыцця больш як 400 беларускіх школ, за што былі сабраны адпаведныя подпісы, ліквідацыі двухмоўных школ, арганізацыі трохмесячных курсаў для беларускіх настаўнікаў, адкрыцця Беларускага педагагічнага інстытута, дзвюх настаўніцкіх семінарый і кафедры беларусазнаўства пры Віленскім універсітэце. Было агучана таксама патрабаванне ўвесці беларускую мову ў праграму Пінскай і Віленскай духоўных семінарый [38].
9 верасня 1926 г. на пасяджэнні кіроўных органаў ТБШ у Вільні вырашылі ўтварыць пры Таварыстве тры аддзелы – выдавецкі, агульнаадукацыйны і пазашкольнай асветы. Задачай выдавецкага аддзела была падрыхтоўка і выданне падручнікаў для гарадскіх бібліятэк. Кіраўніком гэтага аддзела стаў І. Дварчанін, які 30 ліпеня 1926 г. вярнуўся ў Вільню і ўступіў у БСРГ. Неўзабаве выдавецкі аддзел ТБШ пры дапамозе Беларускага выдавецкага таварыства падрыхтаваў да друку падручнік “Беларуская хрэстаматыя”. Агульнаадукацыйны аддзел меў на мэце адкрыццё прыватных пачатковых школ, а таксама педагагічных курсаў для падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў. Кіраўніком гэтага аддзела стаў Б. Тарашкевіч, намеснікам кіраўніка – М. Сіняўскі. Агульнаадукацыйны аддзел вёў таксама актыўную агітацыю на беларускай вёсцы за адкрыццё беларускіх школ і супраць польскіх ды двухмоўных школ. Аддзел пазашкольнай асветы адказваў за адкрыццё народных дамоў, бібліятэк, чытальняў, падрыхтоўку лекцый і дакладаў. Кіраўніком гэтага аддзела стаў І. Савіцкі [39].
11–13 лістапада 1926 г. Цэнтральны камітэт БСРГ пастанавіў пашырыць і арганізацыйна ўмацаваць ТБШ шляхам стварэння як мага гусцейшай сеткі гурткоў Таварыства, а таксама праз уступленне ў іх самых актыўных і энергічных членаў Грамады [40]. Па меры пераходу пад кантроль БСРГ гурткі ТБШ пачыналі працаваць у адпаведнасці з інструкцыямі Грамады. Пры выкананні прынятых дырэктываў пачалося актыўнае ўтварэнне новых гурткоў ТБШ і ўвядзенне ў іх членаў БСРГ. З’явілася шмат новых “хат-чытальняў”, бібліятэк, народных дамоў. Да дзейнасці пад эгідай ТБШ было прыцягнута шмат тых, хто непасрэдна да Грамады далучацца не хацеў [41].
ТБШ вяло сярод беларускіх сялян агітацыю за складанне калектыўных петыцый аб адкрыцці беларускіх школ, заснавала Саюз беларускіх настаўнікаў, касы ўзаемадапамогі для настаўнікаў і адміністрацыі Віленскай беларускай гімназіі. Такім чынам, ТБШ рыхтавалася да працы ва ўмовах меркаванай у будучыні ліквідацыі БСРГ [42].
Цэнтральныя ўлады Польшчы 15 студзеня 1927 г. пастанавілі ліквідаваць камуністычныя арганізацыі, якія існавалі ў краіне. Было прызнана, што дзейнасць Грамады набыла характар, які пагражае дзяржаўнай бяспецы, а таму гэтая партыя падлягае ліквідацыі [43]. БСРГ абвясцілі антыдзяржаўнай арганізацыяй і забаранілі. На Палессі былі арыштаваныя кіраўнікі гурткоў БСРГ, а большасць членаў без эксцэсаў здалі ў камісарыяты паліцыі свае членскія білеты [44].
На момант ліквідацыі Грамады сетка гурткоў ТБШ на Палессі была не вельмі разгалінаванай. Яны не вялі актыўнай дзейнасці і былі малалікія. Фактычнае развіццё ТБШ у Палескім ваяводстве пачалося пасля ліквідацыі БСРГ. Шэрагі членаў Таварыства пачалі імкліва папаўняцца за кошт былых членаў Грамады і КПЗБ [45]. З’яўляліся новыя гурткі ТБШ у месцах ранейшай дзейнасці ячэек гэтых партый. У Косаве замест ліквідаванага павятовага камітэта БСРГ з’явілася акруговая ўправа ТБШ, дзейнасць якой ахоплівала і Пружанскі павет. Па распараджэнні КПЗБ у Косава былі накіраваны два камуністычныя дзеячы – Павел Дылько і Мікалай Трында. Пасля такога “кадравага ўмацавання” Косаўская акруговая ўправа ТБШ зрабілася спадкаемцам адпаведных структур Грамады, пераняўшы яе ідэалогію і метады дзейнасці [46].
Актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць на тэрыторыі Палескага ваяводства Таварыства беларускай школы разгарнула ў другой палове 1927 г. У многіх вёсках і мястэчках арганізоўваліся аматарскія паказы, навукова-папулярныя лекцыі, забаўляльныя мерапрыемствы, вечарыны, якія карысталіся вялікай папулярнасцю. Тым часам у ходзе такіх імпрэзаў праводзіліся падпольныя сходы асобных ячэек КПЗБ з удзелам кіраўнікоў ТБШ, дзе абмяркоўваліся метады палітычнай дзейнасці. Пры гэтым для шырокай грамадскасці ТБШ старанна захоўвала вобраз законапаслухмянай арганізацыі. Дзякуючы гэтаму ўдавалася пазбягаць рэпрэсій з боку ўладаў, а таксама заваёўваць сімпатыі памяркоўнай і апалітычнай часткі грамадства [47].
У 1928 г. ТБШ па ініцыятыве КПЗБ уключылася ў перадвыбарчую барацьбу. Таварыства падтрымала кандыдатаў “Змагання”, а потым стала платформай для рэгіянальнай дзейнасці дэпутатаў гэтай фракцыі. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву да канца жніўня 1928 г. удалося арганізаваць ужо восем структурна падначаленых Галоўнай управе ў Вільні акруговых управаў ТБШ – у Беластоку, Глыбокім, Гродне, Косаве-Палескім, Лідзе, Міры, Наваградку, Слоніме і Вілейцы, а таксама тры незалежныя ўправы – у Радашкавічах, Наваградку і Нясвіжы [48].
У Палескім ваяводстве ўсе члены КПЗБ і аб’яднаныя вакол яе былыя члены БСРГ, прыхільнікі ўкраінскага СельРоба і ППС-Лявіцы праз гурткі ТБШ атрымалі тайныя інструкцыі, у якіх прадпісвалася салідарна падтрымаць спіс № 19. Апроч таго, за галасы беларускіх выбаршчыкаў на Палессі змагалася Беларускае культурна-грамадскае аб’яднанне працоўных (спіс № 41) – арганізацыя памяркоўных поглядаў, вакол якой гуртавалася частка былых дзеячаў Грамады і беларускіх радыкалаў, што не належалі ні да якой палітычнай групоўкі. Польскія праваахоўныя органы сцвярджалі, што ТБШ вымушана было весці падвойную гульню і фармальна падтрымала спіс № 41. Пасля выбараў 1928 г. актыўнасць ТБШ у Палескім ваяводстве прыкметна зменшылася. Прычынай гэтага стаў разгром камуністычных арганізацый на Палессі. Арыштавалі многіх дзеячаў, што займалі кіроўныя пасады ў ТБШ.
Не хапала і фінансавых сродкаў, якія пайшлі на перадвыбарчую агітацыю. Праца ТБШ ажывілася ў другой палове 1928 г. Каардынацыю беларуска-камуністычнага руху на Палессі ўзяў на сябе дэпутат Ян Грэцкі. Была арганізавана г. зв. “кампанія супраць віленскага бясчынства”, якая прыняла форму акцый пратэсту супраць рэпрэсій польскіх уладаў супраць членаў Галоўнай управы ТБШ у Вільні [49]. Косаўская акруговая ўправа ТБШ планавала надаць усёй кампаніі масавы характар, падкрэсліваючы ў даведзеных да гурткоў інструкцыях, што “пратэсты павінны паходзіць ад усяго беларускага насельніцтва” і што трэба сабраць як мага больш подпісаў сялян. Аднак актывісты Таварыства сутыкнуліся з нечаканай пасіўнасцю жыхароў Палесся. Сяляне, асцерагаючыся жорсткай рэакцыі ўладаў, адмаўляліся ставіць свае подпісы пад загадзя падрыхтаванымі рэзалюцыямі [50].
Пад канец 1929 г. ТБШ з вялікім імпэтам уключылася ў правядзенне школьных плебісцытаў. Акруговая ўправа рассылала мясцовым гурткам атрыманыя з Галоўнай управы заявы пра адкрыццё беларускіх школ. Гэтую кампанію беларускае насельніцтва сустрэла прыхільна. У выніку сабралі вялікую колькасць подпісаў за адкрыццё беларускіх школ. Праўда, польскія адукацыйныя ўлады нават не разглядалі гэтыя заявы, заявіўшы, што яны не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства [51].
Праваахоўныя органы ўсё больш інтэнсіўна ўмешваліся ў дзейнасць ТБШ. Яны патрабавалі, каб Таварыства выключыла са сваіх шэрагаў “антыдзяржаўныя элементы” і абмежавалася выключна культурна-асветніцкай дзейнасцю. У выніку гэтага моцнага ціску сярод членаў ТБШ адбыўся раскол на дзве фракцыі. Першая была лаяльна настроена да польскай дзяржавы і выступала за тое, каб засяродзіцца на культурна-асветніцкай дзейнасці (Радаслаў Астроўскі і Антон Луцкевіч). Другая, застаючыся пад моцным уплывам камуністычнай партыі, імкнулася і надалей захаваць палітычны характар дзейнасці арганізацыі (Ігнат Дварчанін, Флягонт Валынец, Язэп Гаўрылік) [52]. Канфлікт прывёў да ліквідацыі Галоўнай управы ТБШ. Утварылася Часовая камісія, якая павінна была падрыхтаваць новыя выбары. Большасць гурткоў ТБШ, што заставаліся пад уплывам “Змагання”, не прызналі паўнамоцтваў Часовай камісіі і працягвалі весці радыкальную палітычную дзейнасць. 19 траўня 1929 г. на нелегальным з’ездзе ТБШ старшынёй Галоўнай управы абралі Фелікса Стацкевіча. Каб пазбегнуць двоеўладдзя ў ТБШ, Часовая камісія прызнала гэты выбар. Ліквідацыя “Змагання” ў канцы 1930 г., а таксама ўсё большая залежнасць ТБШ ад КПЗБ вялі да паступовай забароны дзейнасці Таварыства і ліквідацыі яго структур [53].
У жніўні 1932 г. Цэнтральны камітэт Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (ЦК КСМЗБ) выдаў у Вільні “Цыркуляр, прысвечаны новаму Закону аб школе і новаму навучальнаму году”. Найвялікшую пагрозу для беларускай адукацыі аўтары гэтага дакумента бачылі ў спробах польскіх уладаў падарваць унутранае адзінства ТБШ. КСМЗБ, кіруючыся дырэктывамі КПЗБ, рашуча падтрымаў фракцыю, згуртаваную вакол І. Дварчаніна і Ф. Валынца. У брашуры дэкларавалася неабходнасць “пашыраць адзіны фронт барацьбы” са згодніцкай групай Р. Астроўскага і А. Луцкевіча: «На школьным участку найвыразней відаць здрадніцкая роля нацыянал-фашыстаў і сацыял-фашыстаў. Луцкевіч, будучы дырэктарам Віленскай гімназіі, актыўна вядзе паланізацыю вучняў. Астроўскі афіцыйна ў якасці “беларускага эксперта” ўдзельнічаў у распрацоўцы праграмы паралельных беларускіх класаў пры гімназіі Славацкага і адмовіўся заняць прапанаваную яму Бацькоўскім камітэтам пасаду дырэктара гімназіі. Альсейка і Сташыс самі аддаюць у рукі паліцыі рэвалюцыйна настроеных літоўскіх вучняў». Рэзка крытыкаваліся і лідары ППС, якія галасавалі ў сейме за новы Закон аб школе [54].
Супрацоўніцтва ТБШ з КПЗБ і яго залежнасць ад апошняй прывялі ў Палескім ваяводстве да ўсё часцейшых арыштаў дзеячаў Таварыства за нелегальную камуністычную дзейнасць. Фактычна мясцовыя гурткі ТБШ цесна супрацоўнічалі з ячэйкамі КПЗБ. Як правіла, старшынёй Косаўскай акруговай управы ТБШ быў сакратар або інструктар Косаўскага райкама КПЗБ. Частыя арышты вялі да змяншэння колькасці мясцовых структур і страты ўплыву на вясковае насельніцтва. Вялікім ударам па ТБШ сталі ліквідацыя беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба “Змаганне” іўцёкі восенню 1930 г. часткі беларускіх дэпутатаў у СССР. З гэтага часу праца ТБШ абмяжоўвалася ўтрыманнем бібліятэк і хатчытальняў. Большасць мясцовых гурткоў у 1930–1931 г. спынілі сваю культурна-асветніцкую дзейнасць і служылі адно шырмай для ячэек КПЗБ. Толькі некаторыя гурткі ў гэты перыяд апроч бібліятэчнай работы і правядзення калектыўных чытанняў час ад часу ладзілі аматарскія тэатральныя паказы і народныя гулянні [55].
У студзені 1931 г. гурткі ТБШ у Пружанскім і Косаўскім паветах дзейнічалі даволі актыўна. Гэтаму спрыялі святы, у час якіх быў праведзены шэраг культурных і забаўляльных мерапрыемстваў. Адначасова праходзілі і сходы кіраўніцтва. У аператыўным данясенні праваахоўных органаў сцвярджалася, што тыя гурткі, якія працягвалі падтрымліваць сувязь з камуністычнай партыяй, вялі больш актыўную дзейнасць. Самымі актыўнымі былі гурткі ў Шэнях, Блудні, Асаўцах і Залессі (Пружанскі павет). Сходы асобных гурткоў прысвячаліся выбарам новага кіраўніцтва, справаздачам аб дзейнасці гурткоў і бібліятэк, бягучым пытанням і прыёму новых членаў [56].
Прыведзеныя ў табліцы 1 звесткі адлюстроўваюць стан ТБШ у Палескім ваяводстве ў студзені 1931 г. Гурткі дзейнічалі ў двух паветах – Косаўскім і Пружанскім. На працягу месяца структуры ТБШ правялі 21 культурна-забаўляльнае мерапрыемства і 7 арганізацыйных сходаў.
У 1932 г. дзяржаўныя ўлады пачалі разгром камуністычных структур у ТБШ. Была праведзена адмысловая канферэнцыя з членамі Косаўскай акруговай управы, дзе прагучала патрабаванне выключыць з Таварыства камуністаў і іх прыхільнікаў, а таксама наладзіць супрацоўніцтва з польскімі культурнымі арганізацыямі. Аднак гэтыя захады не прынеслі органам улады чаканага плёну. Затое яны выклікалі рэакцыю з боку КПЗБ, якая арганізавала кампанію супраць “фашызацыіТБШ” [57]. У наступныя месяцы адбылося планамернае і маштабнае наступленне на гурткі ТБШ. У выніку менш як за год усе гурткі Таварыства ў Палескім ваяводстве былі знішчаны. З 51 гуртка, што існаваў на пачатак 1932 г., 18 былі ліквідаваны па рашэнні ўладаў, а 31 самараспусціўся пасля ліквідацыі Косаўскай акруговай управы (9 траўня 1933 г.). Маёмасць ТБШ перадалі Галоўнай управе ў Вільні. Дзейнасць ТБШ на Палессі спынілася [58].
Прыведзеныя ў табліцы 2 статыстычныя звесткі адлюстроўваюць развіццё і заняпад ТБШ у Палескім ваяводстве ў 1929–1933 г. У працы 55 гурткоў Таварыства, якія дзейнічалі на тэрыторыі ваяводства ў 1929 г., актыўны ўдзел бралі каля 1060 членаў. У 1930 г. развіццё ТБШ на Палессі дасягнула свайго апагея. Колькасць гурткоў вырасла да 58, запісана ў іх было каля 1090 членаў. У 1931 г. колькасць гурткоў зменшылася на 4, іх стала 54. У 1932 г., нягледзячы на рэпрэсіі, якія ўжо распачаліся супраць ТБШ, колькасць гурткоў і іх членаў скарацілася нязначна (адпаведна – да 51 гуртка і каля 1050 членаў). У сакавіку 1933 г. ціск дзяржаўных органаў на ТБШ быў ужо вельмі відавочны. За некалькі месяцаў колькасць гурткоў зменшылася да 26, а колькасць членаў – да 700 з нечым чалавек. У траўні 1933 г. структур Таварыства на Палессі не засталося.
ТБШ дзейнічала галоўным чынам у двух паветах – Косаўскім і Пружанскім, у якіх беларускае насельніцтва складала пераважную большасць і мела трывалы палітычны ўплыў. Найбольш актыўную дзейнасць ТБШ ажыццяўляла ў Косаўскім павеце. У першую чаргу гэта тлумачылася месцазнаходжаннем Косаўскай акруговай управы. У 1929 г. у Косаўскім павеце дзейнічалі 44 гурткі Таварыства, што складала 80% ад усіх гурткоў у ваяводстве, у рабоце якіх удзельнічалі каля 870 членаў (82% ад усіх актывістаў ТБШ на Палессі). У Пружанскім павеце ў 8 гуртках (15%) былі зарэгістраваны 134 члены (13%). У Пінскім павеце дзейнічалі ўсяго 2 гурткі, якія налічвалі каля 60 удзельнікаў. Што ж да Брэсцкага павета, дык толькі адзін гурток меў там свае структуры, але не меў актывістаў.
Праваахоўныя органы зафіксавалі, што ў студзені 1931 г. цэнтральныя органы ТБШ у Вільні спрабавалі праз актывістаў КПЗБ у Высоцку заснаваць гурток Таварыства ў Столінскім павеце. Да таго часу на тэрыторыі Столінскага павета ТБШ не вяло ніякай дзейнасці [59].
У 1929–1931 г. колькасны стан ТБШ у асобных паветах амаль не мяняўся. У Косаўскім павеце ў гэты перыяд з’явіўся толькі адзін новы гурток, а колькасць членаў вырасла прыблізна на 100 чалавек (з 868 у 1929 г. да 970 у 1931 г.). У Пружанскім павеце, у сваю чаргу, колькасць гурткоў зменшылася на тры (з васьмі ў 1929 г. да пяці ў 1931 г.), а актывістаў – прыблізна на 70 чалавек. Брэсцкага гуртка ў 1931 г. ужо не існавала. Рэпрэсіі польскіх уладаў у 1932 г. прывялі да разгрому структур ТБШ і ў Пінскім павеце. У Косаўскім павеце ТБШ, нягледзячы на рэпрэсіі, дасягнула апагея ў сваім развіцці – 46 гурткоў і больш за тысячу актывістаў.
Арышты, якія праводзіліся сярод членаў ТБШ, падазраваных у прыналежнасці да камуністычнай партыі, з самага пачатку прывялі да істотнага змяншэння колькасці гурткоў і членаў арганізацыі. У Косаўскім павеце за некалькі месяцаў у канцы 1932 – пачатку 1933 г. колькасць гурткоў зменшылася з 46 да 23, а колькасць членаў – з амаль што тысячы да 662 чалавек. У Пружанскім павеце, у сваю чаргу, у гэты час зніклі два гурткі (з ранейшых пяці ў сакавіку 1933 г. засталіся толькі два). Яшчэ праз два месяцы былі ліквідаваны ўсе асяродкі ТБШ у Косаўскім і Пружанскім паветах.
Звесткі, прыведзеныя ў табліцы 3, дазваляюць ацаніць стан культурна-асветніцкай працы ў перыяд заняпаду ТБШ у Палескім ваяводстве. Колькасць членаў асобных гурткоў у Косаўскім і Пружанскім паветах вагалася ад васьмі да васьмідзесяці (больш за ўсё актывістаў меў гурток у Байках, менш за ўсё – у Скуратах). Бібліятэкі функцыянавалі пры больш як 20 гуртках. Найбольшыя кнігазборы існавалі пры гуртках у вёсках Шэні (315 тамоў), Хвалава, Варанілавічы (каля 170 тамоў), Квасевічы (160 тамоў). Найменшыя ж бібліятэчкі былі ў вёсках Падстарынь, Байкі, Руда. Хаты-чытальні функцыянавалі толькі пры трох гуртках – у Квасевічах, Сянкевічах і Гошчаве; пры гэтым яны выпісвалі толькі тры выданні: “Новае слова”, “Gazeta Grudziądzka” і “Зямля і воля”. Аматарскія драмгурткі дзейнічалі пры шасці нізавых арганізацыях ТБШ – у Квасевічах, Сянкевічах, Яглевічах, Блізне, Байках і Калазубах; трупы складаліся з 7–16 удзельнікаў [60].
Найбольш актыўнымі і дзейснымі былі шэсць гурткоў ТБШ: у Квасевічах, Варанілавічах, Блізне, Байках, Калазубах, Шэнях. Малую актыўнасць выяўлялі 10 гурткоў: у Заполлі, Сянкевічах, Яглевічах, Падстарыні, Міхновічах, Аменьчыцах, Шчытне, Калазубах, Залессі (Пружанскага павета), Хвалаве. У табліцы згаданы і дзевяць гурткоў, якія фактычна ўжо не дзейнічалі ад аднаго да чатырох гадоў.
У канцы 1933 г., пасля разгрому структур ТБШ у Палескім ваяводстве, надышла чарга ліквідацыі асяродкаў гэтай арганізацыі і ў Віленскім ды Наваградскім ваяводствах. У выніку на тэрыторыі трох паўночна-ўсходніх ваяводстваў не засталося ніводнага гуртка Таварыства. Функцыянавала толькі Галоўная ўправа ў Вільні. На пачатку 1934 г. кіраўніцтва ТБШ зрабіла яшчэ адну спробу вярнуць ранейшае значэнне арганізацыі, але ўдалося ўтварыць толькі 5 гурткоў у Віленскім і 19 у Беластоцкім ваяводствах [61].
У лістападзе 1936 г. праваахоўныя органы правялі ператрус у дамах дзеячаў ТБШ, пасля чаго была забаронена дзейнасць кіроўных органаў арганізацыі. У студзені 1937 г. адбыўся канчатковы роспуск Таварыства [62].
Польскія праваахоўныя органы лічылі ТБШ шырмай для “экстрэмісцкай” (г. зн. камуністычнай) партыі [63]. Падобныя марыянеткавыя арганізацыі дзейнічалі легальна на працягу 3–5 гадоў. Праваахоўныя органы толькі пасля працяглага назірання выкрывалі іх сувязі з камуністычнай партыяй. Наяўнасць доказаў такога супрацоўніцтва азначала ліквідацыю звязанай з камуністамі арганізацыі як той, што непасрэдна пагражае дзяржаўнай бяспецы. Шырмавыя арганізацыі лічыліся менш небяспечнымі ў параўнанні з нелегальнымі ці незалежнымі партыямі. Напрыклад, у адной са справаздач сцвярджалася: “не варта іх пераацэньваць, бо гэтыя партыі, імкнучыся як мага даўжэй захаваць сваё існаванне, вымушаны дзейнічаць асцярожна і скрытна. Таму яны не дасягаюць такой эфектыўнасці, як пры дзейнасці, не абмежаванай гэтымі меркаваннямі. Апроч таго, амаль ніколі іх кіраўніцтва з самага пачатку не кантралюецца камуністычнай партыяй. Гэты кантроль усталёўваецца крок за крокам, паступова, не без барацьбы, унутраных сутычак і адыходу ад партыі пэўных элементаў, што не пагаджаюцца на камуністычнае кіраванне” [64].
Таварыства беларускай школы было самай актыўнай (фактычна адзінай) беларускай культурна-асветніцкай арганізацыяй, якая дзейнічала ў Палескім ваяводстве. Асноўны ўплыў на яго дзейнасць аказвала БСРГ. Па меры развіцця Грамады ішло і разрастанне мясцовых асяродкаў ТБШ. Ліквідацыя Грамады аслабіла структуры і звузіла абсяг дзейнасці Таварыства. Пасля роспуску БСРГ кантроль над ТБШ пераняла КПЗБ. На тэрыторыі Палескага і Наваградскага ваяводстваў фактычна ўсе гурткі заставаліся пад кантролем камуністычнай партыі [65]. Гурткі, кіраўніцтва якіх займала больш памяркоўныя пазіцыі, не маглі тут дзейнічаць. Гэтае шчыльнае супрацоўніцтва з камуністамі стала прычынаю хуткай ліквідацыі структур Таварыства беларускай школы і не дазволіла адрадзіць яго ў 1934 г. нават у рудыментарнай форме. Ад заангажаванасці гурткоў ТБШ у палітычную дзейнасць цярпела асветніцкая работа сярод палескага насельніцтва.
Пераклад Сяргея Петрыкевіча
* Праца фінансавана са сродкаў Нацыянальнага Цэнтра Навукі (NСN), выдзеленых на падставе рашэння № DEC-2013/11/D/HS3/02457.
[1] Śleszyński W. Bezpieczeństwo wewnętrzne w polityce państwa polskiego na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej. Warszawa, 2007.
[2] Januszewska-Jurkiewicz J. Stosunki narodowościowe na Wileńszczyźnie w latach 1920–1939. Katowice, 2010.
[3] Kirwiel E. Kresy Północno-Wschodnie Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1918–1939. Oblicze polityczne. Lublin, 2011.
[4] Вабішчэвіч А. М. Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.). Брэст, 2008.
[5] Загідулін А. М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.). Гродна, 2010; Загідулін А. М. Нацыянальная і канфесійная палітыка польскіх улад у адносінах да беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.): аўтарэф. … дыс. канд. гіст. навук. Мінск, 2005.
[6] Рабышка В. Э. Этнапалітычныя працэсы ў Заходняй Беларусі ў 1919–1939 гадах: аўтарэф. … дыс. канд. гіст. навук. Мінск, 2004.
[7] Трацяк І. І. Культурна-асветніцкая дзейнасць беларускіх каталіцкіх святароў (пачатак ХХ ст. – 1939 г.): дыс. канд. культуралогіі. Гродна, 2000.
[8] Chojnowski A. Koncepcje polityki narodowościowej rządów polskich w latach 1921–1939. Ossolineum, 1979.
[9] Paruch W. Od konsolidacji państwowej do konsolidacji narodowej. Mniejszości narodowe w myśli politycznej obozu piłsudczykowskiego (1926–1939). Lublin, 1997.
[10] Mironowicz E. Białoruś. Warszawa, 1999; Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Białystok, 2007; Mironowicz E. Białorusini w polityce piłsudczyków w latach dwudziestych // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2003. № 23; Mironowicz E. Plany integracji ziem wschodnich II Rzeczypospolitej w polityce obozu sanacyjnego (1935–1937) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2005. № 18; Mironowicz E. Polityczne uwarunkowania funkcjonowania Kościoła prawosławnego w Polsce w latach 1920–1939 // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2005. № 24; Mironowicz E., Tokć S., Radzik R. Zmiany struktury narodowościowej na pograniczu polsko-białoruskim w XX wieku. Białystok, 2005.
[11] Głogowska H. Stosunki polsko-białoruskie w XX w. Od Imperium Rosyjskiego do Unii Europejskiej. Białystok, 2012.
[12] Cichoracki P. Polesie nieidylliczne. Zaburzenia porządku publicznego w województwie poleskim w latach trzydziestych XX w. Łomianki, 2007; Cichoracki P. Droga ku anatemie. Wacław KostekBiernacki (1884–1957). Warszawa, 2009; Cichoracki P. Województwo poleskie 1921–1939. Z dziejów politycznych. Łomianki, 2014.
[13] Gomółka K. Białorusini w II RP // Zeszyty Naukowe Politechniki Gdańskiej: Ekonomia XXXI. 1992. № 495; Gomółka K. Białoruskie partie i organizacje prorządowe w II Rzeczypospolitej // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 1997. № 7; Gomółka K. Między Polską a Rosją. Białoruś w koncepcjach polskich ugrupowań politycznych 1918–1922. Warszawa, 1994; Gomółka K. Polityka rządów polskich wobec mniejszości białoruskiej w latach 1918–1939 // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 1995. № 4; Gomółka K. Polskie ugrupowania polityczne wobec kwestii białoruskiej w latach 1918–1922. Warszawa, 1989; Gomółka K. Ruch białoruski w przededniu II wojny światowej // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. № 13; Gomółka K. Sprawa białoruska w koncepcjach Narodowej Demokracji w latach 1918–1922 // Polska – Polacy – mniejszości narodowe. Polska myśl polityczna XIX i XX w. T. VIII / red. W. Wrzesiński. Wrocław, 1992.
[14] Chałupczak H., Browarek T. Mniejszości narodowe w Polsce 1918–1995. Lublin, 2000.
[15] Bieńkiewicz W. Niektóre wiadomości o województwie poleskim // Rocznik Poleski. Brześć n./Bugiem, 1927. S. 29.
[16] Tomaszewski J. Z dziejów Polesia 1921–1939. Zarys stosunków społeczno-ekonomicznych. Warszawa, 1963. S. 10.
[17] Lewkowska A., Lewkowski J., Walczak W. Zabytkowe cmentarze na Kresach Wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej. Województwo Poleskie na obszarze Republiki Białoruś. Warszawa, 2000. S. 27.
[18] Mały Rocznik Statystyczny 1937. Warszawa, 1937. S. 13–15.
[19] Leszczełowski F. Stosunki narodowościowe i potrzeby kulturalne na Polesiu // Polska Macierz Szkolna na Polesiu. Warszawa, 1939. S. 14.
[20] Lewkowska A., Lewkowski J., Walczak W. Zabytkowe cmentarze… S. 29.
[21] Rąkowski G. Czar Polesia. Pruszków, 2001. S. 224.
[22] Tomaszewski J. Z dziejów Polesia… S. 25.
[23] Srokowski K. Sprawa narodowościowa na Kresach Wschodnich, Kraków 1924. S. 7.
[24] Tomaszewski J. Z dziejów Polesia… S. 32–33.
[25] Gomółka K. Białorusini w II RP // Zeszyty Naukowe Politechniki Gdańskiej: Ekonomia XXXI. 1992. № 495. S. 108; Szybieka Z. Historia Białorusi 1795–2000. Lublin, 2002. S. 290–291.
[26] Польскія праваахоўныя органы сцвярджалі, што арганізацыйная дзейнасць Грамады пачалася ў першыя месяцы 1925 г. і вялася канспіратыўна. У разбудове мясцовых структур Грамадзе дапамагала Незалежная сялянская партыя, якая адышла ад дзейнасці на землях, занятых беларускім насельніцтвам. Раскол у Беларускім пасольскім клубе і выступленне дэпутата Б. Тарашкевіча былі першай публічнай заявай аб новай партыі (Archiwum Akt Nowych [AAN], Instytucje Wojskowe [IW]. Sygn. 296/II-18. K. 75).
[27] Trejdeński P. Białoruskie stronnictwa polityczne w Polsce i ich ideologia // Sprawy Narodowościowe. 1930. № 5–6. S. 538; Bergman A. Sprawy Białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984. S. 117.
[28] Rozwój stosunków białoruskich w państwie polskim // AAN, Ministerstwo Spraw Wewnętrznych (MSW). Sygn. 2270. K.139.
[29] У 1923–1924 г. у Палескім ваяводстве з’явілася густая сетка нізавых структур КПЗБ (называных “ячэйкамі”), у тым ліку два акруговыя камітэты (Брэсцкі і Пінскі), а таксама моцныя асяродкі ў Бярозе-Картузскай, Косаве-Палескім і Пружанах. Першай мэтай КПЗБ была радыкалізацыя як мага шырэйшых слаёў насельніцтва Палесся і кіраўніцтва нацыянальна-вызваленчым рухам, а канчатковай мэтай – адрыў паўночнаўсходніх земляў ад Польскай рэспублікі шляхам узброенага паўстання і далучэнне іх да БССР. Тайныя дыверсійныя групы, працуючы на абшарах Палесся, павінны былі падрыхтаваць мясцовае насельніцтва да выбуху беларускага паўстання, якому на дапамогу мела прыйсці Чырвоная армія. Дзякуючы характару мясцовага насельніцтва камуністычны рух не меў тут радыкальнага характару. Тым не менш, польскім уладам ліквідаваць яго было не проста. Перашкаджалі гэтаму мясцовыя ўмовы – палескія балоты (Krótki zarys zagadnienia białoruskiego // Lietuvos valstybės istorijos archyve [LVIA]. F. 51. Ap. 17. B. 20. K. 140v).
[30] AAN, IW. Sygn. 296/II-19. K. 41.
[31] Chałupczak H., Browarek T. Mniejszości narodowe w Polsce 1918–1995. Lublin, 2000. S. 98–99.
[32] AAN, IW. Sygn. 296/II-18. K. 74–75; Mauersberg S. Szkolnictwo powszechne dla mniejszości narodowych w Polsce w latach 1918– 1939. Ossolineum, 1968. S. 41.
[33] Rozwój stosunków białoruskich…
[34] Trejdeński P. Białoruskie stronnictwa polityczne… S. 538; Krótki zarys zagadnienia białoruskiego… K. 158.
[35] Siemakowicz M. Szkoły z białoruskim językiem nauczania na tle polityki władz polskich wobec ludności białoruskiej od zamachu majowego do końca II Rzeczypospolitej // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2002. № 17. S. 126.
[36] Rozwój białoruskiego ruchu narodowościowego. Stronnictwa polityczne // Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (ДАБВ). Ф. 1. Воп. 9. Спр. 47. Арк. 22адв. – 23.
[37] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego… K. 160–160v.
[38] Siemakowicz M. Szkoły z białoruskim językiem nauczania… S. 126–127.
[39] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego… K. 160v–161.
[40] Januszewska-Jurkiewicz J. Stosunki narodowościowe na Wileńszczyźnie w latach 1920–1939. Katowice, 2010. S. 618.
[41] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego… K. 164–164v.
[42] Тамсама.
[43] Rys historyczny białoruskiego ruchu narodowego // AAN, Ministerstwo Spraw Zagranicznych (MSZ). Sygn. 2270. K. 173; Leszczełowski F. Stosunki narodowościowe… S. 17.
[44] Trejdeński P. Białoruskie stronnictwa polityczne… S. 538.
[45] Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Białystok, 2007. S. 54.
[46] Rozwój białoruskiego ruchu narodowościowego… Арк. 32адв.– 33.
[47] Тамсама.
[48] Siemakowicz M. Szkoły z białoruskim językiem nauczania… S. 132.
[49] Gomółka K. Białorusini w II RP. S. 109.
[50] Rozwój białoruskiego ruchu narodowościowego… Арк. 33–35; Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy… S. 55.
[51] Rozwój białoruskiego ruchu narodowościowego… Арк. 35адв.
[52] Mauersberg S. Szkolnictwo Powszechne dla mniejszości narodowych w Polsce w latach 1918–1939. Ossolineum, 1968. S. 112.
[53] Siemakowicz M. Szkoły z białoruskim językiem nauczania… S. 134–135.
[54] Okólnik KC KZM ZB w sprawie nowej Ustawy Szkolnej i nowego roku szkolnego // ДАБВ. Ф. 59. Воп. 2. Спр. 1053. Арк. 255.
[55] Тамсама.
[56] Sprawozdanie sytuacyjne № 1 ze stycznia 1931 r. Mniejszości narodowe // AAN, Urząd Wojewódzki w Brześciu (UWB). Sygn. 14. K. 13.
[57] Akcja komunistyczna ze strajkiem szkolnym // ДАБВ. Ф. 59. Воп. 2. Спр. 1053. Арк. 288.
[58] Rozwój białoruskiego ruchu narodowościowego… K. 35v.–36.
[59] Sprawozdanie sytuacyjne № 1… K. 14.
[60] Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy… S. 92–93.
[61] Gomółka K. Białorusini w II RP. S. 110.
[62] Тамсама.
[63] “Экстрэмісцкія” партыі падзяляліся на нелегальныя (КПП, КПЗБ, КПЗУ), марыянеткавыя (ТБШ, Сель-Саюз, рабочасялянскае аб’яднанне “Будучыня”) і незалежныя (“ПаалейЦыён-лявіца”, Незалежная сацыялістычная партыя працы).
[64] Wywrotowe partie polityczne // ДАБВ. Ф. 92. Воп. 1. Спр. 432. Арк. 3–8.
[65] Gomółka K. Białorusini w II RP. S. 110.