Новы нумар


ŚLESZYŃSKI, WOJCIECH. Historia w służbie polityki. Zmiany polityczne a konstruowanie przekazu historycznego na ziemiach białoruskich w XX i XXI wieku. Białystok, 2018. 468 S.


Пытанні, звязаныя з выкарыcтаннем і інтэрпрэтацыяй мінулага ў палітычных кантэкстах, у апошнія гады сталі прадметам асаблівай увагі. Звычайна гэтыя даследаванні знаходзяцца ў межах memory studies і маюць інтэрдысцыплінарны характар. У іх удзельнічаюць прадстаўнікі розных сацыяльных навук – гісторыкі, сацыёлагі, культуролагі, даследчыкі міжнародных адносін, псіхолагі ды інш. Сярод такіх даследаванняў толькі зрэдку сустракаюцца працы, прысвечаныя Беларусі [1], так што кніга польскага гісторыка Войцаха Сляшыньскага стала важным папаўненнем іх нешматлікага шэрагу.

Рэцэнзаванае выданне заслугоўвае спецыяльнай увагі, бо з’яўляецца першым даследаваннем, у якім праблематыка беларускага выпадку memory studies разглядаецца ў дачыненні да ўсяго ХХ і пачатку ХХІ ст. У цэнтры даследчай увагі – выкарыстанне палітычнымі элітамі сканструяванага гісторыкамі пэўнага вобраза мінулага, ролі гістарычнага наратыву ў палітычнай прапагандзе. Фактычна, гаворка ідзе пра лёс гістарычнай памяці беларусаў у яго “культурніцкім” варыянце. Варта нагадаць, што аўтар тэрміна “культурная памяць” нямецкі даследчык Ян Асман разумеў пад ёй асаблівую сімвалічную форму перадачы і актуалізацыі культурных сэнсаў, якая выходзіць за рамкі вопыту асобных людзей і груп, ахоўваецца традыцыяй і прысутнічае ў мемарыяльных знаках рознага тыпу (напр., памятных мясцінах, святочных датах, тэкстах, выяўленчых і манументальных помніках) [2].

Пры гэтым у кнізе выкарыстоўваюцца паняцці “калектыўная памяць” (“pamięć zbiorowa”), “гістарычная свядомасць” (“świadomość historyczna”), “вобраз мінулага” (“obraz przeszłości”), “гістарычная палітыка” (“polityka historyczna”), разуметая як намаганні дзяржавы па канструяванні і пашырэнні пэўнага вобраза мінулага, а таксама “przekaz historyczny”. Апошняе паняцце, якое трэба разумець як афіцыйны гістарычны наратыў, стала ключавым для даследавання. Звычайна гэты наратыў уяўляе сабой сюжэтна аформлены аповед, які прапануе цэльную карціну ланцуга гістарычных падзей, заснаваную на генеалагічным прынцыпе аповеду. Менавіта ён павінен тлумачыць супольнасці, як з калектыўнага мінулага вырастае сучаснасць, і ўказваць на яе найбліжэйшую будучыню.

Войцах Сляшыньскі засяродзіўся на палітычным выкарыстанні гісторыі, якое выходзіць за межы класічнага разумення гістарычнай палітыкі (Geschichtspolityk) і ўключае выпадкі свядомага і наўмыснага выкарыстання гісторыі ў якасці інструмента палітычнай аргументацыі. Важнае месца ў гэтым займала сацыяльная практыка, а менавіта дзеянні, накіраваныя на дасягненне гегемоніі пэўнай інтэрпрэтацыі мінулага, у тым ліку праз выкарыстанне публічных рэсурсаў, прававое рэгуляванне і прымус.

Даследаванне пачынаецца раздзелам “Памяць – гістарычны наратыў – палітыка”, у якім аўтар характарызуе тэарэтычны падмурак працы і тлумачыць вышэйпералічаныя асноўныя паняцці. Пэўны плюралізм паняццяў насцярожвае, бо за кожным з іх стаіць асобны метадалагічны падыход, a яднае іх толькі агульная прыналежнасць да memory studies. Таксама аўтар звяртае ўвагу на існаванне двух асноўных тыпаў даміноўнага вобраза мінулага або афіцыйнага гістарычнага наратыву – радыкальнага, які арыентуецца на адзіную нацыю, адзіны палітычны рэжым і ідэалогію, і плюралістычнага. Апошні адрозніваецца крытычным падыходам да аналізу гістарычнага працэсу, прысутнасцю пэўнага дыялога культур і пазіцыяй адкрытасці да іншых інтэрпрэтацый гістарычных падзеяў.

Аўтар вылучыў сем асноўных этапаў сацыяльнай і палітычнай трансфармацыі Беларусі ў ХХ–ХХІ ст. і паспрабаваў ахарактарызаваць гістарычны наратыў у кожным з іх. Атрымалася дзевяць раздзелаў кнігі:

“Фармаванне беларускага гістарычнага наратыву на рубяжы ХІХ–ХХ ст.”;

“Гісторыя на службе сацыялістычнай ідэі. БССР. 1919– 1939”;

“Гісторыя і польская асіміляцыйная палітыка – беларускія землі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай. 1919–1939”;

“Вобраз мінулага ў перыяд уключэння паўночна-ўсходніх земляў ІІ Рэчы Паспалітай у склад Савецкай Беларусі – БССР. 1939–1941”;

“Паміж нацыяналістычным і камуністычным бачаннем гісторыі – нямецка-савецкая вайна 1941–1944 г.”;

“Гісторыя на шляху да камунізму – БССР. 1944–1991”;

“У пошуках новага (нацыянальнага) гістарычнага аповеду – Рэспубліка Беларусь. 1991–1994”;

“Новая / старая гісторыя – Рэспубліка Беларусь. 1994– 2001”;

“Беларуская дзяржаўная ідэалогія. Рэспубліка Беларусь. 2001–2015”.

Як бачым, перыяду незалежнай Рэспублікі Беларусь прысвечаны тры раздзелы. У гэтым выпадку галоўным крытэрыем падзелу сталі змены ў афіцыйным гістарычным наратыве.

Не буду пераказваць змест гэтых раздзелаў, адзначу толькі, што польскі аўтар прадэманстраваў грунтоўнае веданне беларускай гістарыяграфіі. Толькі працы беларускіх гісторыкаў у агульным спісе выкарыстанай літаратуры займаюць больш як 100 пазіцый, а да таго ж там фігуруюць даследаванні гісторыкаў, палітолагаў, культуролагаў, сацыёлагаў іншых краін. Уражвае таксама пералік гістарычных крыніц, сярод якіх прамовы А. Лукашэнкі, дакументы з архіваў Польшчы, Літвы і Беларусі, падручнікі, даведнікі, альбомы і каталогі.

Безумоўна, у гэтай шырокай гістарычнай панараме палітычнага выкарыстання гісторыі ў “беларускім выпадку” можна адшукаць тое, што выпала з поля зроку даследчыка. У прыватнасці, аўтару варта было аддаць больш увагі дзейнасці Мітрафана Доўнара-Запольскага і яго артыкулу “Белорусское прошлое” (1888) на старонках газеты “Минский листок”. Шкада, што ў гісторыі навукі пасляваеннай БССР адсутнічае такая важная постаць, як Мікалай Улашчык, навуковае жыццё якога паміж Масквой і Мінскам таксама было абумоўлена палітычным выкарыстаннем гісторыі. У пераліку намаганняў па стварэнні альтэрнатыўнага гістарычнага наратыву варта было адзначыць дзейнасць Беларускага гістарычнага таварыства, супрацоўнікаў анлайн-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”, які паўстаў у 2011 г. Большай увагі заслугоўвалі публічныя дэбаты на гістарычныя тэмы, як, напрыклад, дыскусія пра месца Кастуся Каліноўскага ў беларускай гісторыі, пра ролю і значэнне БНР і БССР, пра савецкія рэпрэсіі і мемарыялізацыю ўрочышча Курапаты, пра наступствы аб’яднання беларускіх земляў у межах сталінскага СССР ды інш.

Кожны раздзел кнігі пачынаецца з характарыстыкі палітычнага і ідэалагічнага кантэксту, аповеду пра асноўныя сацыяльна-палітычныя падзеі з пэўным ухілам на праблематыку беларускай ідэнтычнасці. Аналізуючы палітычны ўплыў і пашырэнне афіцыйнага гістарычнага наратыву, аўтар звяртае ўвагу на навуковыя выданні, а таксама на дзяржаўныя ўрачыстасці, музеі і мемарыялы, літаратуру, мастацтва, у тым ліку кіно.

Пры гэтым В. Сляшыньскі не абмяжоўваецца рэпрэзентацыяй даміноўнага афіцыйнага вобраза мінулага, а імкнецца падаць альтэрнатыўныя версіі. Так, у кнізе паказаны варыянты камуністычнага гістарычнага наратыву, польскі нацыянальны “przekaz historyczny” і гістарычны міф з публікацый і праграм г. зв. краёўцаў. Таксама даецца характарыстыка “заходнярускай” карціны мінуўшчыны і, нарэшце, асвятляюцца спробы выпрацоўкі беларускага нацыянальнага гістарычнага наратыву. На старонках кнігі паўстае даволі грунтоўная карціна эвалюцыі апошняга, яго стасункі з палітычнай уладай.

Войцах Сляшыньскі звярнуў увагу таксама на праблему фармавання гістарычнай памяці польскай супольнасці ў Беларусі, што значна ўзбагаціла панараму палітычнага выкарыстання гісторыі.

Шмат увагі аўтар аддаў характарыстыцы працэсу саветызацыі ў Беларусі. Яго неад’емным элементам быў якраз камуністычны гістарычны наратыў, паводле якога гісторыя Беларусі пачыналася з абвяшчэння БССР (1919). Даследчык сцвярджае, што “савецкасць” не пашыралася адначасна з нацыянальнай ідэяй, а цалкам падмяняла яе. Аднак насамрэч беларуская ідэя жыла нават у самыя змрочныя часы саветызацыі і русіфікацыі. Яе асновай заставалася беларуская культура, якую, нягледзячы на ўсе намаганні савецкай улады, не атрымалася загнаць у рамкі фальклору. Яна прабівалася ў літаратуры і мастацтве з-пад ціску савецкай ідэалогіі і ўпарта супрацьстаяла дзяржаўнай палітыцы стварэння супольнасці Homo soveticus. Галоўнай захавальніцай уласна беларускага вобраза мінуўшчыны была інтэлігенцыя. Яе ж намаганнямі яшчэ ў перыяд гарбачоўскай “перабудовы” пачалася выпрацоўка новага нацыянальнага гістарычнага наратыву.

Многія сюжэты гэтага “познесавецкага” ды іншых раздзелаў кнігі патрабуюць больш грунтоўнага аналізу. Магчыма, гэтую задачу давядзецца вырашаць ужо беларускім гісторыкам.

Савецкаму вобразу мінулага аўтар аддае шмат увагі таксама ў раздзелах, датычных ужо гісторыі Рэспублікі Беларусь. Непрацяглы перыяд пошукаў новага нацыянальнага наратыву (1991–1994) змяніўся вяртаннем “савецкасці”, якая актыўна спрабавала адаптаваць “заходнярускі” гістарычны наратыў (1994–2001). Можна пагадзіцца з аўтарам, што ў апошні з разгляданых перыядаў (2001–2015) пэўная геапалітычная стабілізацыя беларускай дзяржаўнасці і распрацоўка дзяржаўнай ідэалогіі спрыялі з’яўленню эклектычнага вобраза мінулага, у якім побач з “вечна жывым” Леніным прысутнічалі Міцкевіч і Касцюшка, а дасягненні савецкай улады спалучаліся з выбранымі старонкамі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Яшчэ адной важнай рысай гэтага перыяду, на думку польскага даследчыка, стала трактоўка гісторыі Расіі як часткі агульнабеларускай спадчыны. Аднак апошні тэзіс недастаткова абгрунтаваны. Тэндэнцыя далучэння Расіі да беларускай гістарычнай спадчыны выразна прысутнічала ў выступах прэзідэнта Лукашэнкі ўжо ў першыя гады пасля яго абрання, але яна так і не была рэалізаваная ў афіцыйным гістарычным наратыве.

Кніга В. Сляшыньскага выйшла з друку ў 2018 г. Аўтар прыйшоў да высновы, што сканструяваны гісторыкамі пры актыўным удзеле дзяржаўнай адміністрацыі даміноўны вобраз мінулага паступова набывае форму дзяржаўнай ідэалогіі. У гэтым наратыве Беларусь і яе гісторыя стала каштоўнасцю сама па сабе, аднак яе ядром па-ранейшаму засталася спадчына Савецкага Саюза і прывязка да праваслаўнай канфесіі як падмурак тэзіса пра супольнасць беларуска-расійскай гісторыі. Намаганні асобных беларускіх даследчыкаў працягваць даследаванні на аснове абноўленага нацыянальнага наратыву і пашыраць плюралістычны вобраз мінулага не трапілі ў аўтарскае падсумаванне.

Пішучы гэтую рэцэнзію ўвосень 2020 г. ва ўмовах беларускай “рэвалюцыі годнасці”, сімвалам якой стаў бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня” і вокліч “Жыве Беларусь!”, міжволі шкадуеш, што ў даследаванні В. Сляшыньскага не знайшла належнага адлюстравання дзейнасць альтэрнатыўных навуковых асяродкаў, а менавіта Беларускага гістарычнага таварыства, анлайн-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”, рэдакцый часопісаў “Спадчына”, “Беларускі Гістарычны Агляд”, “Гістарычны альманах”, а таксама Цэнтра гарадскіх даследаванняў у Гродне, выкладчыкаў Беларускага калегіума і Лятучага ўніверсітэта ды інш.

Кніга В. Сляшыньскага стала значным унёскам у вывучэнне “беларускага выпадку” memory studies. Яна на новым узроўні працягвае згаданае даследаванне Р. Лінднэра і адначасна запрашае беларускіх навукоўцаў да дыскусіі і больш актыўнага вывучэння цікавай і актуальнай праблематыкі памяці.

Гродна

Алесь Смалянчук


[1] Тут варта прыгадаць хоць бы кнігу нямецкага гісторыка Райнэра Лінднэра “Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ–ХХ ст.” (Мінск, 2003).
[2] 2 Ассман Я. Культурная память: письмо, память о прошлом и политическая идентичность в высоких культурах древности (перевод с немецкого М. М. Сокольской). Москва, 2004.

Наверх

Tags: ,