БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Андрэй Вардамацкі. Беларусы і іх нацыянальная ідэнтычнасць


Увазе чытачоў прапануецца першы матэрыял з серыі публікацый па беларускай самаідэнтыфікацыі, якія мы плануем апублікаваць у бліжэйшы час. Яго мэта – фіксацыя сітуацыі з беларускай ідэнтычнасцю на момант 2012 г. За дынамікай станаўлення беларускай ідэнтычнасці будзем сачыць у далейшых нашых даследаваннях. Аналіз лічбавых дадзеных агульнанацыянальных рэпрэзентатыўных апытанняў па беларускай ідэнтычнасці, якія ажыццяўляюцца на момант выхаду першага матэрыялу (восень 2020 г.), будзе апублікаваны ў наступным нумары часопіса.

Першае пытанне, якое ўзнікае падчас тэарэтычнага вывучэння беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, – якога яна тыпу? Што аб’ядноўвае беларусаў – мова, культура, гісторыя, дзяржаўнасць, тэрыторыя ці нешта іншае? Раней мы ўжо неаднойчы апісвалі тып нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў як арыентаваны на дзяржаву. На дзяржаву, а не на культуру. Сучасных беларусаў яднае дзяржава, а не супольная гісторыя, культура або мастацтва. Аднак гэтая выснова грунтавалася на агульных уражаннях, чытанні навінаў і суб’ектыўным асабістым досведзе. Цяпер жа ў нас з’явіўся доступ да надзейных эмпірычных дадзеных, якія пацвярджаюць дэфініцыю беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці як дзяржаваарыентаванай. Дыяграмы, прыведзеныя ніжэй, створаны на падставе дадзеных з сацыялагічнага апытання, праведзенага Лабараторыяй НОВАК з 18 лютага да 6 сакавіка 2012 г. пры рэпрэзентатыўнай выбарцы ў 1000 рэспандэнтаў з улікам дэмаграфічнай і геаграфічнай структуры беларускага грамадства.

Дыяграма 1. “Што наймацней яднае вас з іншымі людзьмі вашай нацыянальнасці?”

У дыяграме 1 адлюстравана лінейнае размеркаванне адказаў на пытанне “Што наймацней яднае вас з іншымі людзьмі вашай нацыянальнасці?”. У ёй паказваецца, што дамінуюць адказы, звязаныя з такімі аспектамі, як “тэрыторыя, зямля” і “дзяржава”. Індыкатары “мова” або “нацыянальная культура” атрымалі менш працэнтаў.

У іншых артыкулах і бюлетэнях Беларускай аналітычнай майстэрні мы не раз звярталі ўвагу на бівектарнасць беларускай геапалітычнай свядомасці, якая праяўлялася ў кантэксце вымярэння геапалітычных арыентацый беларусаў. Даследаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці дазволіла нам пацвердзіць сказанае з дапамогай іншых індыкатараў.

Гэта крыху іншая бівектарнасць – яе можна назваць геагістарычнай. Беларусы (у суадносінах прыблізна адна трэць да дзвюх трэціх) вераць, што яны маюць розныя карані. Каля дзвюх трэціх беларусаў уяўляюць, што яны паходзяць з крыніц “даўняй” гісторыі (Вялікае Княства Літоўскае, Полацкае і Тураўскае княствы), а астатняя трэць бачыць свае гістарычныя карані ў зусім іншым пласце “нядаўняй” гісторыі (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка і Рэспубліка Беларусь). 44,8% беларусаў лічаць сваім гістарычным папярэднікам ВКЛ (Вялікае Княства Літоўскае), у той час як 18,2% называюць БССР, а 15,6% – сучасную Рэспубліку Беларусь. Калі дадаць да гэтага так званых “даўніх” гістарычных папярэднікаў – Полацкае і Тураўскае княствы (25,1%), то разам з ВКЛ (44,8%) гэта дасць 69,9%, у той час як БССР і Рэспубліка Беларусь (18,2% і 15,6% адпаведна) дае 33,8%. Такім чынам, гэтыя лічбы дазваляюць нам гаварыць пра падзеленасць ідэнтычнасці сярод беларусаў. Ізноў-такі, мы бачым праяўленне паралельнага грамадства – фактар, пра які мы не раз казалі ў дачыненні да іншых сфер.

Такі вынік даволі нечаканы, улічваючы вялізны ўплыў афіцыйнай прапаганды, якая сцвярджае, што беларусы на самай справе з’явіліся толькі пасля Другой сусветнай вайны. Аднак падаецца, што ў беларусаў больш грунтоўнае і шырокае гістарычнае разуменне свайго паходжання.

Яшчэ адна праява гэтага “водападзелу ідэнтычнасці” – у тым, як рэспандэнты ставіліся да СССР і Еўропы. Людзей прасілі выбраць, з якім з двух супрацьлеглых сцверджанняў яны пагаджаюцца. Адказы размеркаваліся наступным чынам:

Выказванне “Беларусь захавала найлепшае з СССР і стала яго пераемніцай. Таму, жывучы ў Беларусі, я магу лічыць сябе савецкім грамадзянінам” падтрымалі 43,8% рэспандэнтаў.

Выказванне “Падмуркі нашай дзяржаўнасці заклала Вялікае Княства Літоўскае, таму для беларусаў еўрапейская мадэль з’яўляецца натуральнай. Таму я магу лічыць сябе не толькі беларусам, але і еўрапейцам” падтрымалі 41,1% рэспандэнтаў.

Ці трэба ўспрымаць гэтае раздзяленне як падзел, які разрывае грамадства па швах, ці хутчэй як спакайнейшае класічнае раздзяленне меркаванняў, або натуральную разнастайнасць меркаванняў, можна даведацца з дапамогай больш глыбокага крос-культурнага параўнання, параўнальнага аналізу супастаўляльных дадзеных з іншых краін і, што важней, з будучым развіццём сітуацыі ў Беларусі.

Дыяграма 2. “На вашу думку, што з’яўляецца каранямі беларускай дзяржаўнасці?”

Якія нацыянальныя сімвалы прызнаюць беларусы – традыцыйны бел-чырвона-белы сцяг ці чырвона-зялёны сцяг савецкага тыпу? Згодна з дадзенымі таго самага рэпрэзентатыўнага нацыянальнага апытання, адказы на пытанне “Якія нацыянальныя сімвалы вы лічыце сваімі?” размеркаваліся наступным чынам (гл. дыяграму 3).

Гэтыя дадзеныя дэманструюць заўважнае разыходжанне паміж ідэямі беларусаў пра іх паходжанне і сімваламі, якія яны выбіраюць: дзве трэці апытаных лічаць, што іх карані ў “даўняй” гісторыі і адна трэць – што ў “нядаўняй”. Але ў дачыненні да сімвалаў мы назіраем абсалютна супрацьлеглую карціну: дзве трэці лічаць больш новыя, савецкія сімвалы “сваімі”. На гэты момант мы не можам патлумачыць такую супярэчнасць.

Прывядзем яшчэ некалькі самаідэнтыфікацыйных характарыстык, якія пацвярджаюць зробленую намі выснову пра тэрытарыяльны характар беларускай ідэнтычнасці на момант 2012 г. Пры гэтым мы разумеем, што працэс станаўлення ідэнтычнасці працягвае дынамічна развівацца і наша задача тут – проста зафіксаваць адну часавую кропку, а менавіта 2012 год. Далейшыя публікацыі пакажуць характар развіцця да цяперашняга часу.

1. Асобаснае самавызначэнне

Адкажыце на пытанне “Хто я?”, выкарыстоўваючы для адказу прапанаваныя ніжэй сцверджанні.

На выбар былі прапанаваны наступныя варыянты адказу:

Жыхар Беларусі

Беларус

Славянін

Грамадзянін Беларусі

Еўрапеец

Савецкі чалавек

Грамадзянін свету (касмапаліт)

Мясцовы (нараджэнец сваёй мясцовасці)

Патрыёт Беларусі

Праваслаўны, каталік, уніят па веравызнанні.

Опцыя “жыхар Беларусі” набрала 88,7% адказаў. Адказ “грамадзянін Беларусі” выбрала таксама абсалютная большасць апытаных – 83,6%. Пры гэтым 70% рэспандэнтаў лічаць сябе “славянамі”, г. зн. 70% апытаных, у ліку якіх, відавочна, ёсць і тыя, якія выбралі і опцыю “грамадзянін Беларусі”, і “беларус”, але, тым не менш, яны ж выбралі і варыянт адказу, які выключае ўласна беларускую ідэнтычнасць. Выбралі варыянт адказу, заснаваны на вядомай формуле: “Мы ўсе славяне, браты”.

Як прынцыпова важнае трэба адзначыць і тое, што амаль такая ж колькасць беларусаў – 67,9% – выбрала адказ, які выключае наогул якую-небудзь прыналежнасць да дзяржавы, нацыянальнасці і агульнай тэрыторыі ў рамках межаў – “мясцовыя”. Амаль 70% апытаных беларусаў лічаць сябе не беларусам, не славянінам, а “мясцовым” у межах свайго хутара, вёскі, аграгарадка, горада. Сваёй мясцовасці, якую яны лічаць такой. Такія азначэнні – “мясцовыя” і “немясцовыя”, “свае” і “чужыя” – значна больш жорстка і больш глыбока градзіруюць свет для беларуса 2012 г., чым характарыстыкі “грамадзянін” і “неграмадзянін”.

Адчуванне сябе “мясцовым” пацвярджаюць і іншыя дадзеныя.

Было зададзена наступнае пытанне: “Што больш за ўсё радніць (звязвае) вас з людзьмі вашай нацыянальнасці?”

Варыянты адказаў “тэрыторыя, зямля” і “месца нараджэння, Радзіма” – набралі аднолькавую колькасць адказаў – 72,7% і 72,5% адпаведна. Пазіцыі “нацыянальныя інтарэсы” і “гістарычнае мінулае” выбрала меншая колькасць рэспандэнтаў – 54,5% і 58,4%. Таксама меншая колькасць (63,1%) рэспандэнтаў лічыць, што іх родняць з людзьмі сваёй нацыянальнасці “традыцыі і абрады”. Пры тым адказ “мова” набраў 38,5%, што больш як на 30% менш (амаль удвая), чым “тэрыторыя і зямля”.

Як нам здаецца, менавіта ў гэтым кантэксце – тэрытарыяльна-“мясцовым” – трэба ацэньваць вынікі апытання “каго трэба лічыць беларусам”. У наступных апытаннях “самабытнай” і “непаўторнай” беларускую культуру лічыць толькі 3,8% апытаных. Веданне знакамітых беларускіх пісьменнікаў (і іх твораў), гістарычных дзеячоў Беларусі, архітэктурных помнікаў знаходзіцца на даволі нізкім узроўні. Максімальная колькасць рэспандэнтаў, якія ведаюць класікаў беларускай літаратуры і значных гістарычных асоб, не набірае 30%. У Якуба Коласа – 26,4%, у Васіля Быкава – усяго 9%, у Францыска Скарыны –20,6%. Больш як 70% апытаных не ведаюць, каму б з гістарычных дзеячоў Беларусі яны паставілі б помнік у сваім горадзе і ў сталіцы краіны. Так што, вяртаючыся да пытання, каго трэба лічыць беларусам і адказу на яго – “таго, хто любіць беларускую культуру і лічыць яе сваёй”, – пад культурай у дадзеным выпадку трэба разумець набор каштоўнасцяў і паводзінных характарыстык, прынятых у “мясцовых”, у “сваіх”.

Вяртаючыся да пытання “хто я”, трэба адзначыць, што трэць апытаных (29%) лічыць сябе “савецкімі людзьмі”. І 26% беларусаў вызначылі сябе як “еўрапейцаў”. Беларусы 2012 г. – гэта класічны спліт грамадскай думкі па ідэнтыфікацыйным параметры – беларускі / савецкі.

2. Стаўленне да краіны і да нацыі, патрыятызм і пачуццё гонару

61,2% беларусаў лічаць беларускую нацыю паспяховай. 64,4% з усяго таго, чым могуць ганарыцца беларусы, на першае месца паставілі спартыўныя дасягненні, на другое – навуковыя дасягненні (46,4%), на трэцяе – беларускую літаратуру (37,1%).

Амаль 70% (67,4%) не пераехалі б у іншую краіну на пастаяннае месца жыхарства, калі б у іх з’явілася такая магчымасць. Дарэчы, тройка самых папулярных краін размеркавалася наступным чынам: на першым месцы – Германія, на другім – Расія, на трэцім – Польшча.

Можна меркаваць, што тыя, хто не хоча пераязджаць, для сваіх дзяцей жадаюць якраз іншага лёсу. Але апытанне паказвае, што толькі 26,4% хацелі б, каб іх дзеці пераехалі жыць у іншую краіну. 56,4% не хочуць гэтага. Але ў гэтым апытанні прыцягвае ўвагу яшчэ адна лічба – 17% апытаных не вызначыліся з адказам.

3. Стаўленне да беларускай мовы

Больш за палову беларусаў (57,2%) лічыць беларускую мову роднай. Нягледзячы на тое, што рускую мову роднай лічыць большая колькасць рэспандэнтаў (78%), і меншая лічба тых, хто лічыць беларускую мову роднай, сітуацыя на самай справе значна больш адметная, чым простая канстатацыя дамінанты рускай мовы. Нават на фоне дадзеных аб тым, што толькі 3,9% апытаных сказалі, што карыстаюцца беларускай мовай пастаянна, і 60,8% адказалі на пытанне “Хацелі б вы палепшыць сваё веданне беларускай мовы?” адмоўна.

Таму што ёсць і іншыя лічбы.

Больш за палову апытаных хацелі б больш ведаць беларускіх казак і легенд (54,5%), хацелі б палепшыць сваё веданне беларускай гісторыі (68,1%), хацелі б больш ведаць пра беларускія абрады і традыцыі (69,8%). Больш за 40% пазітыўна паставіліся б да таго, калі б беларускай мовай сталі выключна або ў большай ступені карыстацца ў зносінах у сям’і, у СМІ, у рэкламе, у справаводстве, у афармленні гарадоў і вітрын.

Падагульнім: усяго 3,9% размаўляе на беларускай мове пастаянна і ад 40 да 60% хацелі б так ці інакш павялічыць прысутнасць мовы ў сваім штодзённым жыцці, а 44% апытаных лічаць беларускую мову нацыянальным здабыткам.

Так што ў дадзеным выпадку лічба 57,4% – тых беларусаў, якія лічаць беларускую мову роднай, – кажа значна больш, чым пра веданне мовы. Пры фактычным невыкарыстанні беларускай мовы большасць беларусаў лічыць яе роднай і хацела б, каб яна стала такой на самай справе ў самых розных сферах жыцця. Абагульняючы, можна сказаць, што беларуская мова для беларуса 2012 года – гэта недасягнутае жаданне.

4. Стаўленне да нацыянальных сімвалаў

На першым месцы сярод прапанаваных варыянтаў дзяржаўных сімвалаў, больш за ўсё (20%) набраў дзяржаўны сцяг. На другім месцы зубр – 15,4%. На трэцім месцы дзяржаўны герб – 10,2%.

Герб “Пагоня” ў якасці дзяржаўнага сімвала выбралі 3,2%.

54,6% апытаных мяркуе, што вытокі беларускай дзяржавы “ў Вялікім Княстве Літоўскім, таму для Беларусі натуральна арыентавацца на еўрапейскую мадэль, і я адчуваю сябе не толькі беларусам, але і еўрапейцам”.

Не нашмат больш (58,4%) мяркуе, што “Беларусь захавала тое лепшае, што было ў СССР, яна стала яго пераемніцай, таму, жывучы ў Беларусі, я магу адчуваць сябе савецкім чалавекам”. Гэта яшчэ адно лічбавае пацверджанне зробленай намі вышэй высновы аб тым, што ў беларусаў 2012 г. назіраецца класічны спліт еўрапейскі / савецкі.

* * *

Нашы папярэднія высновы можна звесці да двух галоўных тэзісаў. Першае: нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў арыентаваная на дзяржаву, а не на культуру. Другое: ёй уласцівы два водападзелы: а) супярэчнасць паміж ідэямі “даўняй” гісторыі стварэння беларускай нацыі і выбар больш “сучасных” сімвалаў у савецкім стылі; б) наяўнасць прасавецкіх і праеўрапейскіх арыентацый у прыблізна роўнай прапорцыі.

Праўда, эмпірычныя матэрыялы, выкарыстаныя для гэтай публікацыі, сёння ўжо толькі часткова захоўваюць навуковую каштоўнасць. Бо ў 2020 г. сітуацыя радыкальна змянілася. У масавай свядомасці змяніліся адносіны да сімвалаў наогул, і ў першую чаргу да бел-чырвона-белай нацыянальнай сімволікі. Бел-чырвона-белы сцяг ператварыўся ў сімвал пратэсту. Яго ўзнялі над калонамі пратэстоўцаў і ён набыў значэнне сімвала беларускай рэвалюцыі 2020 г. Бел-чырвона-белая сімволіка не толькі пачала несці гістарычны сэнс, але і напоўнілася пратэстным зместам. Адпаведныя звесткі на гэты конт мы прывядзем у наступным артыкуле, прысвечаным пытанням беларускай ідэнтычнасці.

Наверх

Тэгі: