БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Тарасаў, Сяргей В. Полацк IX—XVII ст. (Васіль Варонін)


Тарасаў, Сяргей В. Полацк IX—XVII ст.: Гісторыя і тапаграфія. Мінск: Беларуская навука, 1998. 183. іл.

Полацк з яго найбагацейшым мінулым і выбітнай роляй у станаўленні беларускага этнасу і дзяржаўнасці, здавалася б, мусіў стаць адным з цэнтральных аб’ектаў вывучэння айчыннай медыявістыкі. Аднак, на вялікі жаль, беларуская гістарыяграфія налічвае толькі некалькі манаграфій і досыць нешматлікія артыкулы па названым горадзе і яго рэгіёне. Прычым унёсак гісторыкаў у гэтую важную працу вельмі сціплы. Аўтарамі большай часткі работ з’яўляюцца археолагі. Пачынаючы з 60-х г., калі пабачыла свет славутая кніга Л. Аляксеева, іх манаграфіі, прысвечаныя Полацку і Полацкай зямлі, выходзяць з перыядычнасцю ў сярэднім адна на дзесяць гадоў. Праца С. Тарасава стала, такім чынам, своеасаблівым падагульненнем археалагічнага і ў значнай ступені ўвогуле гістарычнага вывучэння горада Полацка за 90-я г. У гэтай рэцэнзіі асноўная ўвага будзе аддадзена менавіта гістарычнай частцы даследавання.

Манаграфія складаецца з уводзінаў, 4 раздзелаў («Агляд крыніц і даследаванняў», «Культурны слой Полацка як гістарычная крыніца», «Архітэктурна-планіровачная структура Полацка» і «Дэмаграфічная структура Полацка IX—XVII ст.»), заключэння, а таксама аб’ёмнага дадатку ў выглядзе 71 малюнка і 9 табліц.

У аснову працы пакладзена салідная база гістарычных крыніц: археалагічных і пісьмовых. Прычым многія археалагічныя матэрыялы з’яўляюцца вынікам шматгадовых раскопак самога аўтара і ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак. Праведзеныя археалагічныя пошукі дазволілі даследчыку распрацаваць уласную перыядызацыю галоўных этапаў гістарычна-тапаграфічнага развіцця горада Полацка ад самага ранняга этапа яго існавання і да канца XVII ст. Асабліва важнымі і цікавымі падаюцца наступныя факты, меркаванні і высновы, якія былі выяўлены ці выказаны аўтарам.

Першапачатковае гарадзішча знаходзілася на левым беразе Палаты, поруч з ім — паселішча-пасад, якое большай часткай таксама размяшчалася на левым беразе Палаты. Згодна з думкай даследчыка, агульная іх плошча складала больш як 8 га: каля 1 га — гарадзішча і прыкладна 7 га — селішча. Месцазнаходжане і плошча апошняга выяўлены С. Тарасавым упершыню. Ён схільны датаваць перанос умацаванага дзядзінца на тэрыторыю пазнейшага Верхняга замка 3-й чвэрцю XI ст., у чым вядзе палеміку з Л. Аляксеевым і Г. Штыхавым, якія прапаноўвалі крыху іншую храналогію: адпаведна мяжу X—XI ст. і канец XI ст. Вялікі інтарэс уяўляе адкрыццё ўчастка пасадскай абарончай сцяны на тэрыторыі колішняга Вялікага пасада. Даследчык вызначыў, што гэта была каменна-драўляная канструкцыя, і датаваў яе XI ст. Выдатны вынік даў дэндрахраналагічны аналіз аднаго з падпорных слупоў драўляных канструкцый абарончых збудаванняў Верхняга замка: высветлілася, што дрэва было высечана ў 1363 г. Гэты факт дае магчымасць скласці больш поўнае ўяўленне пра дзейнасць апошняга полацкага князя — Андрэя Альгердавіча (1348—1387). Вельмі пераканаўча аўтару ўдалося давесці, што Ніжні замак быў пабудаваны толькі пасля ўзяцця Полацка войскамі Івана Жахлівага, а менавіта ў 1563—1564 г. Пры гэтым, на яго думку, было пракапана новае рэчышча Палаты, у выніку чаго першапачатковае гарадзішча было аддзелена ад сінхроннага селішча і аказалася ўжо на правым беразе названай ракі. Аўтар упершыню зрабіў спробу выявіць абарончыя збудаванні Запалоцця, узвядзенне якіх ён датаваў XIII — пачаткам XIV ст.

С. Тарасаў прапанаваў уласны погляд на дынаміку тэрытарыяль нага росту Полацка за ўвесь вывучаемы перыяд і яе лічбавыя характарыстыкі. Ён прасачыў змяненні ў колькасці гарадскога насельніцтва, выканаўшы арыгінальныя падлікі, якія грунтуюцца на археалагічных дадзеных. Сярод шматлікіх іншых значных знаходак варта вылучыць адкрыццё і даследаванне сядзібы залатара сярэдзіны XII — пачатку XIII ст. на Вялікім пасадзе.

Аднак разам з адзначанымі несумненна станоўчымі бакамі і дасягненнямі хацелася б звярнуць увагу на шэраг хібаў манаграфіі, а таксама прапанаваць некаторыя дапаўненні і ўдакладненні да яе.

Некалькі разоў (с. 25, 27, 28) аўтар ужыў выраз «часоў Полацкай зямлі». Незразумела, як яго належыць інтэрпрэтаваць храналагічна. Тэрміналагічныя і сэнсавыя прэтэнзіі могуць быць высунуты і да такога, напрыклад, выказвання: «У часы Руска-Польскай вайны 1654—1667 г. горад неаднаразова пераходзіў з рук у рукі» (4). Па-першае, падзеі 1654—1667 г. больш дакладна было б называць вайной Расіі з Рэччу Паспалітай. А па-другое, ніякіх шматлікіх пераходаў Полацка ад адной дзяржавы да другой не было: ён быў узяты расійскімі войскамі летам 1654 г., вернуты ж Рэчы Паспалітай згодна з умовамі Андрусаўскага перамір’я ў 1667 г. Не зусім зразумела таксама, што меў на ўвазе даследчык, калі пісаў пра «шматлікія гандлёвыя дагаварныя граматы Полацка з Рыгаю, Смаленскам» (4). Да гэтага часу ніводны гандлёвы дагавор Полацка са Смаленскам не выяўлены.

У першым параграфе першай главы пададзены даволі падрабязны пералік пісьмовых крыніц па тэме даследавання і прааналіза ваныя іх магчымасці. У цэлым ён ахоплівае асноўнае кола крыніц, але не пазбаўлены некаторых недакладнасцяў і пропускаў. Напрыклад, сцвярджаецца (7), быццам полацкая рэвізія 1552 г. захавалася ў складзе Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. На сённяшні дзень рэвізія вядомая ў дзвюх копіях, аднак ніводную з іх немагчыма знайсці ў кнігах Метрыкі.

Істотным дапаўненнем крыніцавай базы даследавання стала б прапрацоўка такой важнай крыніцы па гісторыі Полаччыны, як расійскія пісцовыя кнігі эпохі Інфлянцкай вайны. Яны ўтрымліваюць у асноўным апісанні сельскай мясцовасці і граніц Полацкага, а таксама часткова Віцебскага ваяводстваў, таму практычна не выкарыстоўва юцца пры вывучэнні гарадоў — у прыватнасці, Полацка. Пісцовыя кнігі захаваліся ў складзе Метрыкі ВКЛ як 566-я і 573-я кнігі (былыя 9-я і 16-я кнігі перапісаў). Яны публікаваліся: 566-я — цалкам, а 573-я — большай часткай[1] . 573-я кніга складаецца з 394 аркушаў. У публікацыі 1877 г. указана, што аркушы 143—394, г. зн. другая палова кнігі, надрукаваныя поўнасцю[2]. Аднак насамрэч апублікаваныя былі толькі аркушы 143-372. Такім чынам, аказаліся прапушчанымі 20 апошніх аркушаў кнігі. Пры іх праглядзе высветлілася, што аркушы 378—383адв. утрымліваюць надзвычай цікавыя звесткі 1570—1571 г. па тапаграфіі горада Полацка і яго блізкіх ваколіц. Напрыклад, згаданыя курганы «на гореломъ посаде»[3] — аб’ект, які вельмі цікавіць аўтара манаграфіі (11).

Вялікая ўвага цалкам правамерна аддадзена гістарычна-картаг рафічным дакументам. Іх крыніцазнаўчы аналіз у цэлым удалы, а пералік — поўны. Варта толькі дадаць, што, апрача расійскіх планаў горада Полацка 1779, 1786, 1793 г. і яшчэ двух дакладна не датаваных апошняй трэці XVIII ст. (дадатак, мал. 4—9), якія захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным архіве Ваенна-марскога флота (97), пэўную цікавасць можа ўяўляць і план Полацка 1785 г., што зберагаецца ў Аддзеле картаграфіі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі пад сігнатурай Ко 5/VII — 37.

Патрабуе ўдакладнення лічба гарадскіх пасадаў Полацка ў эпоху яго найбольшага росквіту. Згодна з думкай даследчыка, іх было 6: Вялікі, Запалоцкі, Востраўскі, Крыўцоў, Слабадскі, Экіманскі (24). Сапраўды, напрыклад, такая важная крыніца, як полацкая рэвізія 1552 г., згадвае ўсе 6 названых пасадаў. Аднак чамусьці падрабязна апісвае толькі 5 з іх — усе, апрача Крыўцова.[4] Гэты пасад фігуруе ў рэвізіі толькі ў двух выпадках[5]. Пры апісанні Востраўскага пасада рэвізія адзначае: «В том … посаде на земли земянина полоцкого Василя Картеня мещан трыдцат(ь), которых позем под имем его описан»[6]. Калі ж звярнуцца да пераліку ўладанняў полацкага шляхціца Васіля Карценя, які ўтрымлівае тая самая крыніца, дык высвятляецца, што «в Крывцове посаде на его земли мещан трыдцать, которые з местом тягнуть, а ему позма з них две копе и сорокъ осмъ гр(о)шей прыходить»[7]. Відавочна, што ў абодвух цытаваных фрагментах гаворка ідзе пра тых самых мяшчан, а Востраўскі і Крыўцоў — гэта назвы таго самага пасада. Такім чынам, «места Полацкае» складалася з Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага (ці Крыўцова), Экіманскага і Слабадскога пасадаў.

Супярэчліва трактуецца роля Задзвіння ў тэрытарыяльным і гаспадарчым развіцці Полацка. У адным выпадку (95) са спасылкай на рэвізію 1552 г. сцвярджаецца, быццам к сярэдзіне XVI ст. задзвінскія пасады ўжо былі паўнапраўнай гарадской тэрыторыяй. У другім жа (38) са спасылкай на тую самую крыніцу робіцца выснова, што іх можна разглядаць у такой якасці толькі з мяжы XVI—XVII ст., якая падаецца даволі рызыкоўнай — асабліва ў сувязі з вельмі слабой археалагічнай даследаванасцю Задзвіння (30). Небясспрэчным з’яўляецца вывад пра тое, што ў XIV—XVI ст. развіццё горада ў яго левабярэжнай частцы не мела вялікай перспектывы (95). Калі для XIV—XV ст. гэта, магчыма, і слушна, дык для 1-й паловы XVI ст. — наўрад ці. 1-я палова XVI ст. была эпохай амаль што безупынных войнаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім. Пад час гэтых войнаў Полацк быў аб’ектам надзвычай частых нападаў рускіх армій. У самым неспрыяльным становішчы апынулася правабярэжная частка горада: замак, Вялікі і Запалоцкі пасады. Менавіта яны найбольш цярпелі ад аблог і штурмаў варожых войскаў. У гэтай сітуацыі перасяленне мяшчан за Дзвіну, праз якую рускія войскі пераходзілі даволі рэдка, у значнай ступені вырашала праблему бяспекі гарадскіх жыхароў, што і стала галоўнай прычынай прыкметных маштабаў іх перасялення. У сувязі з гэтым хуткі рост і развіццё задзвінскіх пасадаў Полацка, прынамсі ў 1-й палове XVI ст., мелі пэўную перспектыву.

Патрабуе ўдакладнення ці перагляду лакалізацыя і датаванне існавання шэрагу будынкаў і іншых тапаграфічных аб’ектаў. Так, можна пагадзіцца з меркаваннем аб месцазнаходжанні полацкай ратушы на Вялікім пасадзе, аднак прывязваць яе пабудову да 1498 г. (72) — памылкова. Сапраўды, прывілей вялікага князя літоўскага Аляксандра Полацку на магдэбургскае права ўтрымлівае дазвол на ўзвядзенне ратушы. Аднак сам па сабе дазвол яшчэ не значыць, што будынак ратушы з’явіўся ў гэтым годзе. Захаваўся дакумент[8], з якога вынікае, што полацкія мяшчане набылі пляц пад ратушу толькі ў 1538 г. ці крыху раней.

Слушнае сцвярджэнне наконт прыбыцця каталіцкіх манахаў-бернардынаў у Полацк у 1498 г. спалучаецца з памылковай версіяй першапачатковага месцазнаходжання бернардынскага кляштара ў Задзвінні (82). Трэба зазначыць, што гэта даволі распаўсюджаная памылка[9]. Прывілей вялікага князя Аляксандра, паводле якога бернардынам дазвалялася пасяліцца ў Полацку, апісвае падараваны ім участак горада наступным чынам: ён ляжыць «пад замкам … уздоўж ракі Палаты, пачынаючы ад ракі Палаты каля шырокага моста і трымаючыся паабапал дарогі ці гасцінца, які вядзе ад замка да царквы Святога Духа, і зноў даходзячы да вышэйзгаданай ракі Палаты, разам з … лугам, размешчаным там жа»[10]. Гэты ўрывак цікавы з пункту гледжання вызначэння месцазнаходжання цэлага шэрагу тапаграфічных аб’ектаў горада Полацка. Што ж датычыцца лакалізацыі бернардын скага кляштара, дык ён дазваляе змясціць яго на абодвух берагах Палаты: як на Вялікім, так і на Запалоцкім пасадах. Аднак выкарыстанне дадатковай крыніцы дае магчымасць больш дакладнай лакалізацыі. Полацкая рэвізія 1552 г. паведамляе, што на землях царквы Святога Духа жылі чацвёра мяшчан, а на зямлі бернардынскага кляштара — адзін. Гэтыя мяшчане пералічаныя сярод жыхароў Запалоцкага пасада[11]. Таму месцазнаходжанне і бернардынскага кляштара, і Святадухаўскай царквы ў Запалоцці не выклікае сумненняў. Згодна з хронікай М. Стрыйкоўскага, пасля ўзяцця Полацка войскамі Івана Жахлівага ў 1563 г. манахі-бернардыны былі перабітыя. Верагодней за ўсё, тады ж быў разбураны і іх кляштар. Бернардыны зноў былі паселены ў Полацку — на гэты раз у Задзвінні — толькі напрыканцы XVII ст. тутэйшым ваяводам Дамінікам Служкам. Тут яны і ўзвялі спачатку драўляныя, а потым і мураваныя будынкі свайго новага кляштара, якія часткова дайшлі да нашага часу.

Можа мець іншае вырашэнне і праблема месцазнаходжання манастыра Святога Міхаіла на Гарадцы. Згодна з думкай аўтара манаграфіі, ён стаяў на правым беразе Палаты, недалёка ад Запалоцця, на асвейскай дарозе (79, 82). Галоўным аргументам на карысць гэтага дапушчэння стаў факт наяўнасці ў гэтым раёне ў XVIII — на пачатку XX ст. Міхайлаўскіх могілак. Аднак гэтая акалічнасць яшчэ не з’яўляецца дастатковым доказам існавання тут аднайменнага манастыра. Пісьмовыя крыніцы даюць матэрыял і для іншай яго лакалізацыі. У апісанні зямельных уладанняў Міхайлаўскага Гарадзецкага манастыра, якое ўтрымлівае рэвізія 1552 г., адзначана: «пры том манастыру село Улазовичы»[12]. У пераважнай большасці выпадкаў, звязаных з апісаннем маёнткаў, рэвізія ўжывае стандартны выраз «к тому (напрыклад, манастыру)». Ён азначае, што тое ці іншае паселішча належыць таму ці іншаму землеўладальніку ці, як тады казалі, «цягне» да яго. Выраз жа «пры том манастыру» належыць разумець па-іншаму — а менавіта літаральна, у тым сэнсе, што манастыр знаходзіўся недзе ў непасрэднай блізкасці ад названага населенага пункта. У XVI ст. вёска Ўлазавічы ляжала на ўсходнім ускрайку Полацкага ваяводства. Паводле сучаснага тэрытарыяльна-адміністрацыйнага падзелу яна ўваходзіць у склад Каўлякоўскага сельсавета Бешанкавіцкага раёна Віцебскай вобласці. Такім чынам, не выключана, што полацкі праваслаўны манастыр Святога Міхаіла на Гарадцы знаходзіўся ў ваколіцах вёскі Ўлазавічы. Канчатковы ж адказ на пастаўленае пытанне маглі б даць археалагічныя пошукі.

Увогуле, даволі рызыкоўнай выглядае спроба даследчыка вызначыць дакладную лічбу полацкіх цэркваў і манастыроў. На яго думку, на працягу XI—XVII ст. у горадзе існавала адначасова ад 1—2 да 18 цэркваў, а ў XV—XVIII ст. — 12 манастыроў (84, 95, 171—176). Аднак у адной толькі полацкай рэвізіі можна знайсці згадкі пра істотна большую колькасць цэркваў:

Цэрквы горада Полацка паводле дадзеных рэвізіі 1552 г.

Назва Старонкі Месцазнаходжанне
Афанасаўская 15,22* Вялікі пасад
Багаслоўская 6, 22 Вялікі пасад
Багаяўленская 21 Вялікі пасад
Благавешчанская «в месте» 21, 176 Вялікі пасад
Св. Васіля «в месте» 176 адзін з пасадаў
Св. Дзмітрыя «в замку» 175 замак
Св. Духа 24 Запалоцкі пасад
Екіманская 22, 26 Экіманскі пасад
Ільінская 21 Вялікі пасад
Св. Міколы «з места» 9, 22, 25 адзін з пасадаў
Св. Міколы «дворная… в замку» 174 замак
Св. Міколы «другая …в замку на Полупете» 5, 174 замак
Міхайлаўская 21 Вялікі пасад
Пакроўская 25 Запалоцкі пасад
Прачысценская 21, 26 Вялікі ці Экіманскі пасад
Пятніцкая «в месте» 22, 178 Вялікі пасад
Ражства Хрыстова «в месте» 21, 175 Вялікі пасад
Сафійскі сабор і два яго прыдзелы: 21, 25, 136, 143,144, 161, 174 замак
1. Траецкі 5, 21, 174 замак
2. Усіх Святых 174 замак
Стрэчання Хрыстова «в замку» 21, 174 замак
Узнясення Хрыстова «в месте» 9, 21, 176 Вялікі пасад
Юр’еўская 22 Вялікі пасад

* Нумары старонак указаныя паводле выдання 1905 г.

Такім чынам, на 1552 г. у Полацку налічвалася найменш 21 праваслаўная царква. Прычым гэта менавіта мінімальная колькасць. Рэвізоры не ставілі перад сабой задачу перапісаць усе гарадскія храмы. Цэрквы (як, дарэчы, і манастыры) цікавілі іх як землеўладальнікі. У сувязі з гэтым пераважная іх большасць і патрапіла ў рэвізію: тут пералічаны іх землі, а таксама сяляне і мяшчане, якія на тых землях жылі. Аднак шэраг цэркваў — відавочна, найбяднейшых — згадваецца ў рэвізіі мімаходзь, між іншым, і можна толькі здагадвацца пра тое, колькі такіх цэркавак увогуле не адлюстравалі пісьмовыя крыніцы. Таму ў рэчаіснасці цэркваў у Полацку было не васемнаццаць і не дваццаць адна, а больш. І, відаць, значна больш — асабліва калі ўлічыць шматлюднасць насельніцтва Полацка. Згодна з падлікамі самога С. Тарасава, на сярэдзіну XVI ст. яно складала прыблізна 34 662 чалавекі (91).

Нарэшце, нельга не звярнуць увагі на шэраг крыўдных абдрукаў у тэксце манаграфіі. Так, на с. 4 можна даведацца пра тое, што Полацк атрымаў магдэбургскае права ў 1490 г. (трэба 1498), а на с. 17 — што горад быў узяты войскамі Івана Жахлівага ў 1536 г. (1563).

Тым не менш, нягледзячы на выказаныя заўвагі, кніга С. Тарасава стала ў цэлым удалай спробай вырашэння пастаўленай праблемы. Выкананая на высокім навуковым узроўні, яна робіць значны ўнёсак у даследаванне археалогіі і гісторыі Полацка і адначасова пазначае шэраг важных кірункаў іх далейшага вывучэння.

Васіль Варонін

Менск


[1] Найбольш поўнае выданне: Писцовые книги Московского государства. Ч. 1. Отд. 2. С-Петербург., 1877. С. 421-566.
[2] Тамсама. С. 462.
[3] Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 389. Воп. 1. Адз. зах. 573. Арк. 382адв.
[4] Полоцкая ревизия 1552 года (далей — ПР 1552 г). М., 1905. С. 15-27.
[5] Тамсама. С. 2, 148.
[6] Тамсама. С. 26.
[7] Тамсама. С. 148.
[8] Беларускі архіў. Т. 2. Менск, 1928. С. 274-275.
[9] Гл., напр.: Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 397.
[10] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileсskiej. Kraków, 1948. S. 538.
[11] ПР 1552 г. С. 24, 25.
[12] Тамсама. С. 171.

Наверх

Тэгі: , ,