БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Беларуская гістарыяграфія ХIХ—ХХ ст. вaчыма нямецкага даследчыка


* Rainer Lindner. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik in Weissrussland im 19. und 20. Jahrhundert. Munchen, R.Oldenburg Verlag, 1999. 536.

Гісторыя гістарычнай навукі Беларусі была і застаецца адным з маладаследаваных кірункаў ва ўсім комплексе айчынных гістарычных ведаў. Літаральна па пальцах можна пералічыць манаграфіі па беларускай гістарыяграфіі. Да таго ж выдадзеныя кнігі прысвечаны асобным перыядам ці праблемам гісторыі Беларусі. Асабліва маладаследаваны сучасны перыяд гісторыі гістарычнай навукі, калі весці адлік з 1945 г. У пэўнай ступені такі стан рэчаў можна растлумачыць зразумелымі прычынамі. Навукоўцу цяжка весці даследчую працу па свежых слядах падзей, даваць ацэнку гістарыяграфічным з’явам і працэсам, у якіх ён тым ці іншым чынам удзельнічаў, характарызаваць працы сваіх калег. У такім становішчы вялікае значэнне набывае погляд звонку.

Такі непрадузяты і глыбокі погляд на развіццё гістарычных ведаў Беларусі па айчыннай гісторыі з канца ХIХ да канца ХХ ст. прапанаваў нямецкі даследчык, навуковы супрацоўнік Канстанцкага універсітэта Райнэр Лінднэр. У 1999 г. ён выдаў у Мюнхене фундаментальную працу пад назвай „Гісторык і ўлада: Фармаванне нацыі і палітыка адносна гістарычнай навукі ў Беларусі ў ХIХ і ХХ ст.“* Назву кнігі можна перадаць яшчэ больш дакладна: „Гісторык і панаванне“ ці „Гісторык пад прыгнётам улады“, бо нямецкае слова „Herrschaft“ азначае перш за ўсё панаванне, прыгнёт і ўціск. Назва кнігі вельмі дакладна адлюстроўвае становішча беларускага гісторыка і яго адносіны з уладай у познія царскія часы, савецкі перыяд і, на жаль, у незалежнай Беларусі.

Праца прысвечана ўзаемаадносінам паміж гістарычнай навукай, гістарычнай культурай і палітычным панаваннем у Беларусі ў перыяд з канца ХIХ ст. да канца ХХ ст. На прыкладзе Беларусі як нярускай перыферыі царскага самадзяржаўя, СССР і постсавецкай прасторы даследуецца гісторыя адносін паміж фармаваннем беларускай нацыі, гістарычнай самасвядомасцю насельніцтва і ўладай. Кніга выканана ў шырокім кантэксце палітычнай і духоўнай гісторыі Беларусі, асабліва пасляваенных дзесяцігоддзяў. Аналіз падзей заканчваецца 1997 г.

Прадметам даследавання ў вузкім сэнсе, як вызначае яго сам аўтар у прадмове, з’яўляецца фармаванне гістарычнай навукі ў правінцыі, яе інстытуцыянальнае і персанальнае афармленне і развіццё, узаемаадносіны паміж нацыянальнай і інтэгральнай гістарычнай карцінай (маюцца на ўвазе ўзаемаадносіны паміж даследаваннямі па гісторыі Беларусі і ўсеагульнай гісторыі), а таксама ўплыў на гістарыяграфію палітычных фактараў.

Рэцэнзаваная кніга — гэта скарочаны і дапрацаваны варыянт доктарскай дысертацыі, абароненай Лінднэрам у 1997 г. на гістарычным факультэце Цюбінгенскага універсітэта. Памер кнігі — 536 старонак, і калі ўлічыць, што гэта скарочаны варыянт доктарскай дысертацыі, то можна ўявіць сабе, якія па памерах дысертацыі абараняюцца ў Нямеччыне. Беларускія спашукальнікі вучонай ступені доктара гістарычных навук, як вядома, абмежаваны 200 старонкамі дысертацыйнага тэксту.

Праца пабудавана на багатай крынічнай базе. У ёй шырока выкарыстаны апублікаваныя тэксты гісторыкаў і публіцыстаў, друкаваныя і недрукаваныя дакументы, падручнікі, успаміны, мастацкая літаратура, перыёдыка. Аналізуюцца помнікі архітэктуры, музеі і іншыя сродкі фармавання гістарычнай культуры і свядомасці. Што датычыцца архіўных крыніц, то, як адзначае аўтар, ён быў першы заходні даследчык, які атрымаў доступ да асобых фондаў былога партархіва, цяпер Нацыянальнага Архіва Рэспублікі Беларусь. Выкарыстаны матэрыялы бібліятэк Нямеччыны і ЗША, у тым ліку багатыя кніжныя калекцыі Калумбійскага і Гарвардскага ўніверсітэтаў.

Нельга не адзначыць яшчэ адзін важны момант афармлення працы. Гэта беларускамоўная транскрыпцыя назваў і імёнаў. Лінднэр, як і іншыя сучасныя заходнія даследчыкі–беларусазнаўцы, адмовіўся ад рускамоўнай транскрыпцыі і перайшоў на беларускамоўную транслітарацыю.

Характарызуючы стан распрацоўкі ўзятай тэмы, аўтар канстатуе, што ні беларускія, ні заходнія даследчыкі пакуль што не вывучалі праблему ўзаемаадносін палітыкі і гістарычнай навукі ў Беларусі. Гэтыя ўзаемаадносіны, як і ўся гісторыя гістарычнай навукі Беларусі, вызначаліся палітычнымі ўмовамі, якія самым непасрэдным чынам уплывалі на гістарычныя даследаванні. На яго думку, усе без выключэння гістарыяграфічныя даследаванні мелі дакладны адбітак палітычных перакананняў іх аўтараў ці палітычнага ўціску абставін. Гэта бачна на прыкладах ад Уладзіміра Пічэты і да гістарыёграфаў 1990–х г. Праўда, гістарыяграфічныя даследаванні паміж 1985 і 1997 г. адлюстроўваюць „вельмі асцярожнае дыстанцыяванне ад палітычнага прыстасавання“ (с.11—12).

Сучасная гістарыяграфія гісторыі Беларусі пераважна вызначаецца „нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыяй“ (12—13). Гэты тэрмін Лінднэр бярэ ў коскі. Дарэчы, выказванні найбольш яркіх прадстаўнікоў гэтай канцэпцыі — М. Біча, М.Касцюка і іншых выкарыстоўваюцца як эпіграфы да асобных раздзелаў кнігі. Характарызуючы сучаснае становішча на „гістарыяграфічным фронце“ краіны, аўтар адзначае, што нацыянальная гістарыяграфія застаецца пад дамінавальным уплывам палітычнай рэальнасці і канфрантуе з афіцыйнай гістарыяграфіяй улады.

Праца складаецца з 4–х частак, у якіх разглядаецца ўплыў нацыянальных гістарычных ведаў і дзяржаўнай палітыкі адносна гістарычнай навукі на „незавершаны працэс фармавання беларускай нацыі“. 4 перыяды даследавання падзяляюцца наступным чынам: 1) познія царскія часы (канец ХIХ ст. — 1917 г.); 2) раннія савецкія часы (1921—1944 г.); 3) перыяд паміж другой сусветнай вайной і адлігай (1944—1954 г.); 4) познія савецкія і постсавецкія часы (1955—1997 г.). Аўтар падкрэслівае, што гэтыя перыяды даследавання ніяк не звязаны з перыядызацыяй беларускай гістарыяграфіі. Гаворка ідзе пра вылучэнне неўралгічных пунктаў у адносінах паміж гістарычнай навукай і палітыкай адносна гэтай навукі.

Аўтар уводзіць у навуковы зварот тэрмін „палітыка адносна гістарычнай навукі“. Па–нямецку гэта гучыць як „гістарычная палітыка“ („Geschichtspolitik“). Гэтаму паняццю даецца наступнае абгрунтаванне. Расколатая гістарычная карціна беларускай гістарыяграфіі стварылася як размежаванне розных гістарычных канцэпцый. Гісторыя як функцыя палітычных ці нацыянальных фактараў не даследавалася, а канструявалася і дэканструявалася, з’яўляючыся прадметам палітычнага гандлю, ці проста ўсталёўвалася зверху. Гэты „гандаль“ у галіне гістарычнай навукі з боку індывідуальных і калектыўных айчынных і замежных аўтараў можна назіраць на прыкладзе Беларусі ва ўсёй Усходняй Еўропе на пераломе ХХ і ХХI ст. Такая з’ява характарызуецца ў працы як „палітыка адносна гістарычнай навукі“ (17).

Праблемна–аналітычная частка працы канцэнтруецца на галоўных тэмах беларускай гістарыяграфіі: этнагенэз беларусаў; гісторыя Полацкага княства; гісторыя ВКЛ; ХIХ ст. з яго „ключавой датай“ 1863 г.; гісторыя БССР у „Вялікай Айчыннай вайне“ з эмацыйным акцэнтам на партызанскім руху. Праведзены аўтарам аналіз схіляе яго да высновы, што нацыянальная гістарычная карціна будуецца толькі на выбарцы пэўных эпох ці матываў з агульнай гісторыі нацыі. Аналізуецца польская, расійская, украінская і заходнееўрапейская (перш за ўсё нямецкамоўная) гістарыяграфія і беларусазнаўства .

У 1–й частцы, што прысвечана познім царскім часам, разглядаюцца паралельныя працэсы фармавання нацыі і гістарычнай навукі ў Беларусі. Паказваецца, як прафесійныя гісторыкі, што працавалі ў „Паўночна–Заходнім краі“ і за яго межамі, распрацоўвалі гістарычныя канцэпцыі і падыходы, якія знаходзіліся паміж вялікапольскай, вялікарускай і нацыянальнай, беларускай, арыентацыяй. Аналіз гістарычных тэкстаў дазваляе аўтару правесці пэўныя паралелі з гістарыяграфіяй кайзераўскай Нямеччыны.

Даследчык выдзяляе такі вельмі характэрны для гісторыкаў ускраін царскай Расіі феномен, як рамантызаваная „гістарычная фантазія“ ці „сіла ўяўлення“, што вынікала з глыбіні нацыянальнай эмацыйнасці. Гэтым тлумачыцца той факт, што для пераважнай часткі данавукова–публіцыстычнай гістарыяграфіі на беларускай тэрыторыі канца ХIХ — пачатку ХХ ст. быў уласцівы нават яшчэ больш моцны, чым для Заходняй Еўропы, паралелізм і падзел на пазітывісцка–дакументальную гістарыяграфію і нацыянальна–рамантызаванае гістарычнае апісанне. Кіруючыся маралізатарскімі, эстэтычнымі і мэтагістарычнымі катэгорыямі, узнікла мастацка–літаратурнае разуменне гістарычнага працэсу, якое перадавалася сродкамі публіцыстыкі.

У цэнтры 2–й часткі — беларуская нацыянальная гістарыяграфія ў сталінскія часы паміж 1921 і 1944 г. Ставіцца пытанне, наколькі глыбока размежаваліся паміж сабою нацыянальная гістарыяграфія, што працягвала існаваць з дасавецкіх часоў, і савецкая гістарыяграфія, якая нараджалася. Паказваюцца два шляхі рэкрутавання прафeсійных гісторыкаў: праз традыцыйна неадукаваныя пласты, калі сялянскія сыны без гімназічнай ці вышэйшай адукацыі прэтэндавалі на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі БАН, і праз партшколы. Даследуюцца канфлікт пакаленняў і ідэалогій у гуманітарных навуках Беларусі, адносіны ў галіне гістарычнай навукі паміж саюзным цэнтрам і рэспубліканскай правінцыяй. Адзначаецца, што беларуская партыйная наменклатура ўсталявала ў 20–я г. у галіне гістарычнай навукі непараўнальна больш жорсткую сістэму цэнзуры і пераследу, чым гэтага хацела саюзнае кіраўніцтва ў Маскве і чым гэта было на Ўкраіне і ў іншых саюзных рэспубліках.

3–я частка разглядае змяненне гістарычнай карціны і ўяўленняў пад уплывам уз’яднання 1939 г. і другой сусветнай вайны. Акцэнт у даследаванні робіцца на „міфалагізацыі гісторыі пад знакам партызанскага руху“. Аналізуецца праблема прыстасавання інтэлектуалаў да таталітарнай сістэмы. Гэта ажыццяўляецца шляхам параўнання паміж савецкай і нямецкай гістарычнай навукай перыяду 30—40–х г. Аўтар раскрывае адмоўны ўплыў на савецкую гуманітарную навуку ваеннай ідэалогіі і палітычных рэпрэсій і наяўнасць падобных з’яваў у нацыянал–сацыялістычнай Нямеччыне. У гэтым сэнсе ўяўляе цікавасць заўвага наконт таго, што пасляваенная гістарыяграфія на Захадзе і Ўсходзе недастаткова даследавала феномен таго, што паміж 1941—1945 г. вялася не толькі вайна зброяй, але і „вайна гісторый“ (21).

У 4–й частцы асвятляюцца працэсы развіцця беларускай гістарыяграфіі ў 1955—1997 г., якія вызначаюцца як „пастаянства і змены“. Галоўная ўвага аддаецца станаўленню нацыянальнай гістарыяграфіі ў Рэспубліцы Беларусь. Пытанні аналізуюцца ў кантэксце агульных гістарыяграфічных працэсаў, што адбываюцца на постсавецкай прасторы. Як і ў іншых дзяржавах–спадчынніках СССР, у Беларусі пасля дасягнення незалежнасці гісторыя і гістарычная навука стала прадметам палітычных дыскусій і сродкам фармавання нацыянальнага пачуцця. Для тлумачэння моцнага ціску перамен, які адчуваюць на сабе постсавецкія грамадствы і іх гісторыкі, Лінднэр услед за іншымі заходнімі даследчыкамі выкарыстоўвае тэрмін „тэрор гісторыі“.

Гістарычная і палітычная рэальнасць сучаснай Беларусі як адной з частак былых расійскай і савецкай імперый (у кнізе ў гэтым сэнсе Беларусь адносіцца да нацыянальных частковых грамадстваў, якія выйшлі з імперый) дыктуе неабходнасць фармавання новай тэматыкі гістарычных даследаванняў ці, паводле аўтара, новага „гістарычнага канона“. Ідзе актыўны працэс «перааацэнкі гісторыі», які адбываецца пры дапамозе гістарычнай навукі, публіцыстыкі, гістарычнай адукацыі і музейна–помнікавай культуры. Аўтар аналізуе гэтыя састаўныя часткі фармавання гістарычнай свядомасці.

У перыяд незалежнасці яшчэ больш абвастрылася праблема адносін паміж палітычнай уладай і гістарычнай навукай. Беларусь у гэтай сувязі з’яўляецца, на думку даследчыка, асаблівым выпадкам. Для нацыянальнага Рэнесансу, што назіраўся ў іншых постсавецкіх дзяржавах, палітычны рэжым у Менску даваў вельмі мала падставаў і магчымасцяў.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі нацыянальная гістарыяграфія і дзяржаўная палітыка пайшлі рознымі шляхамі. З 1996 г. пачалася адкрытая спрэчка. Прыхільнікі „нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі“ канфрантуюць, як іх папярэднікі ў дасавецкія і познія савецкія часы, з вялікарасійскімі тлумачэннямі мінулага. Сёння гістарыяграфія зноў знаходзіцца ў непрымірымай супрацьлегласці сваёй нацыянальнай і імперскай інтэрпрэтацый, якія з ХIХ ст. вызначалі і скажалі гісторыю Беларусі.

Разглядаючы дзяржаўную палітыку ў галіне гістарычнай навукі пры Лукашэнку, аўтар выкарыстоўвае паняцце «гістарыізацыя палітыкі» (Historisierung der Politik). Гістарыізацыя палітыкі ў Беларусі мае двухбаковую прыроду. Па–першае, гісторыя стала для ўсіх публічных дзеячаў рэзервуарам палітычнай аргументацыі. Па–другое, палітычная культура і рыторыка Лукашэнкі самі па сабе выглядаюць як «гістарычныя» і несучасныя. Ён характарызуецца як «прадаўжальнік савецкай гісторыі» (405). Як толькі пачалася распрацоўка праграм палітычных партый і праекта Канстытуцыі дзяржавы, нацыянальная гісторыя стала звышактуальнай. Гістарычныя палажэнні ўключаны ў праграму БНФ і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу, гістарыізацыя палітыкі і грамадскага жыцця вялі да палітызацыі гістарычнай навукі.

Афіцыйная арыентацыя на зжытыя гістарычныя ацэнкі і каноны савецкага грамадства датычыцца не толькі ўвядзення новай дзяржаўнай сімволікі і святочных дзён, пазбаўлення беларускай мовы статуса адзінай дзяржаўнай мовы, пастаяннага прыслугоўвання перад Расіяй, але і прымітыўнага параўнання пазіцыі БНФ з калабарантамі часоў вайны. Палітычная канфрантацыя ў беларускім грамадстве ўсё мацней суправаджаецца гістарычнай атрыбутыкай і параўнаннямі. Гістарычная навука і гісторыкі сталі са свайго боку каментатарамі палітычных падзей (400–413).

Канстатуючы адасабленне афіцыйнай палітыкі ад нацыянальнага разумення гісторыі, аўтар адзначае, што ў такой самай ступені бальшыня насельніцтва разумее нацыянальныя інтэрпрэтацыі гісторыі і сучаснасці. Стан гістарычнага і светапогляднага вакуума позніх савецкіх часоў не толькі не прывёў посткамуністычных гісторыкаў да нацыянальных і дэмакратычных пазіцый, але, як паказвае беларускі прыклад, садзейнічаў умацаванню нэасавецкіх утопій. Змяшчаецца матэрыял пра адзіную сярод постсавецкіх рэспублік беларускую „гістарычную спрэчку“ 1996—1997 г., якая стала непасрэдным вынікам усёй урадавай і „гістарычнай палітыкі“ першага беларускага прэзідэнта. Па сённяшні дзень зыход гэтай спрэчкі застаецца адкрытым (422).

Да якіх жа высноваў і заключэнняў прыходзіць аўтар кнігі? Вылучым найбольш важныя.

1. У Беларусі не завершаны працэс фармавання нацыі і не створана прынятая ў заходнім разуменні нацыя–дзяржава. Да канца ХХ ст. дзяржава і нацыя тут не сустрэліся. Перыяд нацыянальных дзяржаваў краіна перажыла як перыферыя імперыі. Сапраўдная беларуская гістарычная ідэнтычнасць застаецца абмежаванай нацыянальнай элітай і толькі часткова перанесена на іншыя часткі грамадства. З пачатку ўзнікнення нацыянальнай гістарыяграфіі супольнасць гісторыкаў расколата і яе гістарычныя ўяўленні падпарадкаваны палітычнаму кантролю. Пераважная частка беларускіх гісторыкаў знаходзілася з позніх царскіх часоў да канца існавання СССР у ідэалагічным гравітацыйным полі вышэйшых даследчых і ідэалагічных цэнтраў (479).

2. Выснова пра кантынуітэт беларускай гістарычнай карціны, якая па сённяшні дзень непарыўна звязана з традыцыямі да– і раннесавецкага часу. Гэтая карціна складаецца з набора выбраных вузлавых пытанняў беларускай гісторыі. Кантынуітэт беларускай гістарыяграфіі аўтар пацвярджае і тым тэзісам, што канкурэнцыя нацыянальна–гістарычнай канцэпцыі і савецка–марксісцкага разумення свету, якая існавала да канца 20–х г., вярнулася ў канцы 80–х і сёння ўсё яшчэ назіраецца ў Беларусі. Таксама рыторыка постсавецкай „спрэчкі гісторыкаў“ наўрад ці адрозніваецца ад крытычнага рытуала савецкага часу. Відавочна, заключае Лінднэр, што кантынуітэт паміж савецкай і постсавецкай гістарыяграфіяй і навуковай культурай аказаўся больш моцным, чым змены, якія прынёс крах імперыі.

3. Вузлавыя спляценні гісторыі Беларусі і сумежных з ёю краін, якія аўтар трактуе як міфалагемы і гістарычныя стэрэатыпы, па–рознаму інтэрпрэтуюцца беларускай, украінскай і расійскай нацыянальнымі гістарыяграфіямі. Тое, што для вучоных у Кіеве і Львове азначае спадчыну Кіеўскай Русі і Казацкага гетманата, а для даследчыкаў Масквы і Санкт–Пецярбурга звязана з міфамі аб Трэцім Рыме, царах і вызваленчых бітвах супраць татарскага гнёту, Напалеона і Гітлера, для гісторыкаў у Менску і Горадні ўвасабляе Полацкае княства і „Беларуска–Літоўскае Вялікае Княства“(23).

Падобна таму, як украінскія і расійскія гісторыкі вылучаюць узаемныя гістарычныя прэтэнзіі, беларуская гістарыяграфія, як у да– і раннесавецкія часы, пачынае дыстанцыявацца ад гістарычнай Расіі. Аўтар гаворыць пра відавочную розніцу паміж беларускай і расійскай гістарыяграфіяй нацыянальна–патрыятычнага кірунку, адзначаючы, што іх гістарычныя канцэпцыі выключаюць адна адну. Беларускі нацыяналізм, прыхільнікі якога хочуць бачыць у нацыяналізме „канструктыўную сілу“, не мае нічога агульнага з панславісцкай ідэалогіяй новага рускага нацыянальнага кансерватызму. У адрозненне ад рускіх інтэлектуалаў, беларускія „нацыяналісты“ сярод гісторыкаў глядзяць на Захад ці падкрэсліваюць „беларускую місію“ для еўраазіяцкай прасторы. Погляд на будучае дзвюх дзяржаваў падкрэслівае гэтае гістарычна абгрунтаванае адрозненне: патрыёты ў Беларусі і Расіі не маюць нічога агульнага, што іх звязвае (483).

4. У Беларусі амаль у той самай ступені, як і ў іншых перыферыйных нацыях Усходняй Еўропы, нацыянальная гісторыя канструявалася і дэканструявалася. Прыклад Беларусі паказвае, што народы, якія засталіся ў сваёй сучаснай гісторыі ў стадыі перарванага ці незавершанага нацыянальнага генэзісу, асабліва схільныя да фармавання міфаў. Да такіх гістарычных міфаў належаць перш за ўсё міфы пра паходжанне беларусаў, стварэнне дзяржавы, Радзіму, Залаты Век (часы ВКЛ), генацыд беларускага народа і насцярожаныя адносіны да іншаземцаў.

Схільнасць беларускай гістарыяграфіі да міфалагізацыі абгрунтоўваецца тым, што „малыя народы“ часта класіфікуюцца сумежнымі дзяржаўнымі гістарыяграфіямі як „негістарычныя“. З–за адсутнасці нацыянальнай эліты гістарычны шлях развіцця беларускага народа доўгі час быў „нябачны“ і заставаўся „неапісаным“. Адсутнічалі беларускія гістарычныя хронікі, нацыянальны пантэон выдатных дзеячаў гісторыі Беларусі быў незапоўнены. Гэта вяло да міфалагізацыі мінулага з боку нацыянальнай гістарыяграфіі і да яго абмежавання гісторыяй руска–беларускіх адносінаў з боку савецкіх гісторыкаў (479—480).

5. Інтэрпрэтацыя беларускай гістарыяграфіяй мінулага беларускага народа дваістая. Гэта — вынік супярэчнасці паміж нацыянальнай і імперскай гістарычнымі карцінамі. Таму Беларусь магла ці азірацца на традыцыі сваёй тысячагадовай дзяржаўнасці, ці аказвацца правінцыяй у густым ценю польскай, рускай і савецкай імперскай гісторыі. Гэта дваістая культура гістарычнай свядомасці замінае разуменню рэальнай гісторыі беларускіх тэрыторый. Нацыянальная гісторыя, з аднаго боку, царская і савецкая імперская гісторыя, з другога боку, былі палітычна матываванымі канструкцыямі, якія нярэдка прымусова аспрэчвалі права адно аднаго на існаванне (480).

Каментуючы гэтую выснову, зададзім аўтару пытанне — якія яму вядомы прыклады прымусовага ўкаранення нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі? Што тычыцца супрацьлеглай канцэпцыі, то такіх прыкладаў не пералічыць.

6. Праз усю кнігу праходзіць тэзіс аб супрацьлегласці нацыянальнай і імперскай гістарыяграфіі гісторыі Беларусі. Ва ўсе перыяды даследавання беларускія гісторыкі знаходзіліся ў палітычным полі прыцягнення, уплыву і кантролю ўладаў. Калі нацыянальная гістарыяграфія прафілявалася як пераважна гістарыяграфія пратэсту і дыстанцыявання ад улады і імперыі, савецкія гісторыкі павінны былі адпавядаць ціску падпарадкавання, які аказвалі партыя, панавальная ідэалогія і іх уласная паслухмянасць, якая абганяла дыктат улады. Сталінізм істотна змяніў праз рытуал крытыкі і індывідуальны тэрор гістарычную навуку і гістарыяграфію часоў ранняга СССР і Беларусі. Аднак нацыянальная гістарычная карціна працягвала існаваць у пачатку 30–х г. да перыяду фізічнага прымянення сілы і забароны для гісторыкаў працаваць ва універсітэце і акадэмічных інстытутах. Беспартыйныя беларускія гісторыкі былі выключэннем з правіла.

Нацыянальны прыклад інтэрпрэтацыі гісторыі Беларусі заставаўся на мяжы эпох (ХIХ—ХХ і ХХ—ХХI ст.) у ценю „заходнерускай“, „вялікарускай“, „савецка–патрыятычнай“ ці „русафіла–панславісцкай“ гістарычных канцэпцый. У фазе палітычнага аслаблення ўлады і ідэалагічнай моцы цэнтра (пасля 1905 г., у 20–я г., пад час агоніі савецкай імперыі) нацыянальная гістарыяграфія магла развіваць самастойныя гістарычныя ўяўленні і спрабавала ўвасабляць іх як нацыянальна зразумелы гістарычны працэс. У гэтыя перыяды асабліва выдатна выяўлялася роля гістарыяграфіі як нацыятворчай сілы.

7. Спецыфікай гістарычнай навукі савецкіх рэспублік і новых постсавецкіх дзяржаваў была і застаецца іх метадалагічная слабасць. Прычынамі структурнай слабасці і прафесійнай адсталасці беларускай гістарычнай навукі з’яўляліся, паводле аўтара, адсутнасць акадэмічных традыцый, рэпрэсіі і вайна. Толькі паміж 50—70 г. сярод менскіх і гарадзенскіх гісторыкаў можна было назіраць прафeсійны рост, асабліва ў галіне сацыяльнай і аграрнай гісторыі. Увогуле ж гістарычная навука Беларусі заставалася на правінцыйным узроўні і мела ранг гістарычнага рэгіянальнага краязнаўства. Вельмі рэдкія тэарэтычныя дэбаты ў савецкай гістарыяграфіі абвяшчаліся цэнтрам і праходзілі пры масаваным удзеле ЦК КПСС і галаўных маскоўскіх інстытутаў.

Пасля краху цэнтралізаванай сістэмы савецкай навукі ў новых дзяржавах не з’явілася інавацыйных методык, якія б сведчылі пра змену савецкай гістарычнай карціны на нацыянальную. Замена адной дзейнай канцэпцыі на другую не вяла да ніякага шматмернага гістарычнага аналізу. Міжнародны даследчы ландшафт успрымаецца вельмі слаба. Тлумачэнне гісторыі заходняй школай даследчыкаў па–ранейшаму ігнаруецца. Толькі ў другой палове 90–х г. з боку маладога пакалення менскіх гісторыкаў сталі зыходзіць імпульсы да авалодвання метадычным інструментарыем і заходнімі вынікамі даследаванняў (481—482).

8. Для інстытуцыянальнай гісторыі беларускай гістарычнай навукі ў савецкую эру важнае значэнне мела тое, што два яе галоўных цэнтры — Інстытут гісторыі Акадэміі навук і гістарычны факультэт БДУ — развіваліся ў рэчышчы палітычных працэсаў свайго часу ці нават абганялі іх. Маецца на ўвазе тое, што яны былі больш канфармісцкімі, чым гэта ад іх патрабавала ўлада. Нямала вучоных добраахвотна падтрымлівалі нефармальныя кантакты з менскімі партыйнымі ўстановамі. З другога боку, адносна меншая колькасць партыйных сярод беларускіх гісторыкаў сведчыла пра іх пэўную гатоўнасць да дысідэнцтва.

Адзіная савецкая гістарычная канцэпцыя ўсталявалася ў Беларусі толькі ў канцы 50–х г., калі была надрукавана першая агульная праца па „Гісторыі БССР“ з „марксісцка–ленінскіх пазіцый“. Пераважная бальшыня маладых аўтараў новай хвалі (пасля „адлігі“), якія потым сталі акадэмічнымі настаўнікі позняга савецкага і паслясавецкага пакаленняў вучоных, клапацілася пра тое, каб Беларусь заставалася ў гравітацыйным полі рускай імперскай гісторыі і каб пра заходні ўплыў на палітычнае ці культурнае развіццё Беларусі не было ніякай гаворкі. Калі санкцыянаваная партыяй гістарычная канцэпцыя стабілізавалася ў пачатку 60–х г., да сярэдзіны 80–х г. былі выдадзены шматлікія адна– ці шматтомавыя публікацыі гістарычных прац і падручнікаў па беларускай гісторыі.

Беларуская гістарыяграфія сфармавала да сярэдзіны 80–х г. функцыянальна працаздольную інстытуцыянальную інфраструктуру. Колькасць гісторыкаў, абароненых дысертацый і публікацый пастаянна ўзрастала. Але прастора дзеянняў для гісторыкаў у даследаванні нацыянальнай гістарычнай тэматыкі ўсё больш звужалася. Гістарыяграфія БССР, як і ўсяго СССР, знаходзілася ў „вытворчым летаргічным сне“, з якога можна было выйсці толькі праз палітычны імпульс (388).

9. Парадыгма нацыянальнага фактару была ў пачатку 90–х г. не толькі важным кампанентам фармавання постсавецкай ідэнтычнасці, але і канцэптуальным базісам новай гістарычнай навукі ў былых савецкіх рэспубліках. Сярод інтэлектуалаў так званых „малых“ ці „негістарычных“ народаў сфармавалася ва ўмовах намінальнай незалежнасці новае разуменне гісторыі, якое зафіксавалася ў навуковых працах гісторыкаў, мастацкіх творах пісьменнікаў і праграмных заявах новых палітычных партый. Для адных гісторыкаў постімперская гістарычная навука стала надзеяй і захавальнікам нацыянальнай ідэі, іншыя разглядалі гэтых гісторыкаў як сабатажнікаў ідэі „адзінага савецкага народа“.

Беларускі прыклад паказвае, што змена панавальнай гістарычнай канцэпцыі ў савецкіх рэспубліках вызначалася больш зменай пакаленняў, чым непасрэдна зменай палітычнай сістэмы. Разам з тым аўтар зазначае, што спрэчка гісторыкаў у 90–я г. ніяк не звязана, як у 20–я і пачатку 30–х г., з канфліктам пакаленняў. Сёння існуе падзел сярод старога пакалення гісторыкаў (421). Беларускія гісторыкі пры пераходзе ад царскай да савецкай сістэмы панавання менш эйфарычна мянялі ідэалогію, чым яны гэта рабілі пасля краху савецкай імперыі, калі толькі меншыня засталася ў карсэце савецкага разумення гісторыі, а бальшыня з энтузіязмам звярнулася да нацыянальнай гісторыі (483—484).

10. Адначасовасць нацыянальнага і інтэгральнага (ці імперскага) варыянтаў беларускай гістарыяграфіі працягваецца. Палітычныя інтарэсы ўлады таксама ў будучыні будуць вызначаць тую ці іншую гістарычную карціну і клапаціцца пра тое, каб гістарычная навука заставалася функцыяй палітычнага фактару. У постсавецкім кантэксце вылучаецца беларускі асобны шлях, таму што тут нацыянальная гістарыяграфія адвергнута кіроўнай палітычнай элітай і прэзідэнцкі рэжым Лукашэнкі стаіць на гістарычным і маральным каноне каштоўнасцяў позняга савецкага часу. Як у пачатку ХХ ст., у канцы стагоддзя беларуская гістарычная карціна знаходзіцца пад падзеленым небам. Гістарыяграфія застаецца арэнай барацьбы даследчых інтарэсаў і палітычных патрабаванняў.

Кніга заканчваецца аптымістычным спадзяваннем на тое, што „ўсё больш гісторыкаў у Менску, Горадні ці Гомелі будуць выстаўляць на рацыянальную праверку канкурэнтаздольныя канцэпцыі мінулага і паказваць гісторыю Беларусі такой, якой яна з’яўляецца на самай справе: гісторыяй этнічна, культурна і рэлігійна абмежаванай гістарычнай прасторы, якая ўвасабляе на падставе яе тэрытарыяльнай прыналежнасці да Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, польскай дваранскай рэспублікі, царскай імперыі ці Савецкага Саюза ўсходне– і цэнтральнаеўрапейскія традыцыі мінулых стагоддзяў ва ўсёй іх шматбаковасці, з усімі іх пераломамі і перыпетыямі. Палітычная і культурная будучыня маладой Рэспублікі Беларусь захоўваецца не ў малой ступені ў авалодванні гэтай багатай гісторыяй“ (484).

Чым адметная кніга Райнэра Лінднэра? Перш за ўсё ахопам перыяду даследавання і навізной узнятых праблем. Гэта першая ў сусветнай гістарычнай навуцы і беларусазнаўстве кніга пра станаўленне і развіццё беларускай гістарычнай навукі і яе ўзаемаадносіны з палітычнай уладай на працягу больш чым стогадовага адрэзку часу. Аўтар узняў і вырашыў праблемы, якія не маглі нават разглядаць беларускія гісторыкі ў савецкі час і да якіх яны толькі пачынаюць падыходзіць цяпер. Гэта перш за ўсё пытанне пра адносіны паміж гісторыкам і ўладай, а больш дакладна, пра залежнасць ці незалежнасць гісторыка ад улады. Запознены ці перарваны працэс фармавання беларускай нацыі і панаванне ўлады над гісторыкам — гэта дзве галоўныя прычыны, што абумовілі адсутнасць ці вельмі слабую прысутнасць нацыянальнага разумення гісторыі сярод беларускай навукова–гуманітарнай супольнасці да пачатку 90–х г. ХХ ст.

Аўтар аперуе добра знаёмымі для беларускіх даследчыкаў тэмамі, з’явамі і імёнамі. Праўда, і тут ён кранае сюжэты, якія па сённяшні дзень саромяцца асвятляць айчынныя навукоўцы. Гаворка ідзе пра нацыянальны склад гістарычных кадраў БДУ і Інстытута гісторыі Беларускай Акадэміі навук у даваенныя і пасляваенныя гады. Прыведзеныя лічбы сведчаць пра вельмі вялікую долю яўрэйскіх і рускіх (па нацыянальнасці) прадстаўнікоў у асяроддзі гістарычнай супольнасці (308—315).

Даследчы дыскурс працы выходзіць за межы таго, з чым звычайна прывыклі мець справу айчынныя вучоныя. Аўтар уводзіць праблематыку ў еўрапейскі і міжнародны даследчы кантэкст, выкарыстоўвае распрацаваную метадалогію вывучэння гістарыяграфіі краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, параўноўвае гістарыяграфічныя працэсы гэтага рэгіёна з тымі, што адбываліся ў заходнееўрапейскіх краінах, у першую чаргу Нямеччыне. Заслуга Лінднэра бачыцца нам у тым, што ён зрабіў вопыт развіцця беларускай гістарычнай навукі апошняга стагоддзя здабыткам сусветнай гістарыяграфіі. Параўнальна–гістарычны метад дазволіў вылучыць як спецыфічныя, так і агульныя рысы беларускай гістарычнай школы ў царскія, савецкія і постсавецкія часы.

Для беларускіх гісторыкаў і іншых спецыялістаў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук кніга нямецкага даследчыка мае не толькі пазнавальны, але і вялікі маральна–выхаваўчы сэнс. Аўтар, падкрэсліваючы пастаянны ціск улады на гісторыкаў, ставіць пытанне пра тое, ці магла іх пазіцыя быць больш скіраванай на нацыянальнае разуменне гістарычнага працэсу. Адказ на гэтае пытанне можна неаднаразова сустрэць на старонках кнігі, дзе гаворка ідзе пра моцны канфармізм гісторыкаў, гістарычных навучальных і даследчых устаноў, іх „паслухмянасць, якая абганяе патрабаванні ўлады“.

Мы не ставім сваёй задачай больш падрабязны разгляд рэцэнзаванай кнігі. Сучасныя і будучыя гістарыёграфы Беларусі не змогуць абысці яе сваёй увагай. Перш за ўсё нам хацелася б пазнаёміць беларускую гістарычную грамадскасць з тэматыкай і асноўнымі палажэннямі гэтага даследавання, адзначыць яго надзычайную навуковую і палітычную актуальнасць.

Некаторыя моманты кнігі выклікаюць пытанні, іншыя патрабуюць удакладнення сэнсу, які ўкладаў у іх аўтар. Трэба дамовіцца і наконт аўтэнтычнага разумення тэрмінаў, што ўжываюцца ў нямецкамоўным выданні. Кніга Лінднэра можа стаць прадметам шырокай дыскусіі ў нашым навуковым грамадстве, калі будзе перакладзена на беларускую мову.

Уладзімір Снапкоўскі

Менск

Наверх

Тэгі: , ,