БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Энцыклапедыя Сярэднявечча (Ірэна Ганецкая)


*Encyclopedia of the Middle Ages. Vol. 1—2. Andrй Vauchez, Barrie Dobson, Michael Lapidge (eds.). Vol. 1. I—XVIII, 1—809; Vol. 2. 810—1624. Cambridge, 2000.

У 2000 г. пабачыла свет выданне «Энцыклапедыі Сярэднявечча» ў 2 тамах пад рэдакцыяй Андрэ Вашэ разам з Бэры Добсанам і Майклам Лэпіджам. Спатрэбілася 10 гадоў на рэалізацыю гэтага грандыёзнага праекта, у якім бралі ўдзел 600 вучоных з больш чым 30 краінаў, 30 экспертаў, тры выдавецтвы. Першым было выданне на французскай мове (1997), потым «Энцыклапедыя» выйшла па–італьянску (1998–99) і, нарэшце, па–ангельску (2000). Усе тры выданні не з’яўляюцца абсалютна ідэнтычнымі, а адрозніваюцца паміж сабой найперш таму, што кожнае з іх арыентуецца на свайго чытача. Так, італьянскае выйшла ў трох тамах і шырэйшае параўнальна з французскім (якое ў прадмове рэцэнзаванага выдання ахарактарызавана як «франкацэнтрысцкае»), у ангельскім дададзена яшчэ 50 артыкулаў, якія тычацца пераважна Англіі, і значна пашырана бібліяграфія (рэдактары імкнуліся, каб кожны артыкул меў бібліяграфію, праўда, цалкам ажыццявіць задуму ўсё ж не ўдалося). Пераклад на ангельскую мову зрабіў Эдрыан Ўолфорд.

«Энцыклапедыя Сярэднявечча» ўключае 3200 артыкулаў, размешчаных у алфавітным парадку, каля 600 чорна–белых і 30 каляровых ілюстрацыяў. Мэтай выдання, як сказана ў прадмове, было даць даследчыкам кампактную, надзейную інфармацыю па–за межамі іх непасрэдных навуковых інтарэсаў.

Паводле словаў Андрэ Вашэ, выданню паспрыялі два асноўныя фактары: 1) хуткае развіццё медыявістыкі за апошняе паўстагоддзе па ўсім свеце, што пацвярджае праект International Medieval Bibliography, які засведчыў сапраўдны бібліяграфічны выбух; 2) хуткі рост суправаджаўся ўзнаўленнем і дасканаленнем метадаў і падыходаў, якія ўплываюць на любую галіну даследавання Сярэднявечча: ад гісторыі да мастацтвазнаўства і археалогіі, філасофіі і музыказнаўства. Надышоў час абагуліць і паказаць багаты плён на гэтай ніве. У выніку з’явіліся два манументальныя выданні: Lexicon des Mittelalters у 9 тамах (1977—99) і Dictionary of the Middle Ages у 12 тамах (1982—89). Абодва яны атрымаліся вялікімі па аб’ёме і дарагімі, таму маладаступнымі для індывідуальных даследчыкаў (звычайна карыстацца імі можна толькі ў бібліятэцы).

За апошнія 50 гадоў Сярэднявечча ва ўсім сваім багацці было фактычна адкрыта нанова і наблізілася да нашай рэальнасці. Рэдактары, не ідэалізуючы тысячагадовы перыяд (ад 500 да 1500 г.), упэўнены ў тым, што стэрэатып успрымання Сярэднявечча як «цёмнай» эпохі не павінны перашкаджаць бачыць яго веліч і недаацэньваць яго значнасць. Яны паспрабавалі падаць у «Энцыклапедыі» ўвесь спектр сярэднявечнай Еўропы, адвёўшы, паводле іх словаў, Захаду столькі ж месца, колькі і Ўсходу, а таксама паказаць, што Сярэднявечча адыграла істотную ролю шмат у якіх сферах: землеўпарадкаванні, тэхналогіі сельскай гаспадаркі, развіцці палітычных інстытутаў і нават у навуцы. Абвясціўшы намер адвесці Захаду столькі ж месца, колькі і Ўсходу, стваральнікі «Энцыклапедыі» шмат зрабілі для таго, каб увасобіць яго. Тым не менш, гэтае памкненне супярэчыць зарыентаванасці выдання на свайго, г.зн. заходняга, чытача. Да таго ж паняцце «Ўсход» ўбірае ў сябе Цэнтральную і Ўсходнюю Еўропу, Візантыйскую імперыю, а таксама мусульманскі і іудзейскі свет, таму, натуральна, глыбіня і дакладнасць асвятлення праблем моцна адрозніваюцца ад паказу заходнееўрапейскай гісторыі.

Геаграфічныя рамкі выдання, як ужо можна здагадацца, вельмі шырокія. Паколькі стваралася «Энцыклапедыя» для аўдыторыі, якая цікавіцца найперш сваёй гісторыяй, і мела быць надрукаванай на французскай, італьянскай і ангельскай мовах, то галоўным ядром яе зместу было сярэднявечнае хрысціянства — г.зн. ад Ісландыі і Канады да Эфіопіі і Цэнтральнай Азіі. Іншыя рэгіёны, народы і рэлігіі закранаюцца толькі ў звязку з заходнім хрысціянствам. Храналагічна праект абдымае VII—XV ст., хоць у кантэксце разгляду некаторых праблем, зразумела, выходзіць за межы акрэсленага перыяду.

Рэдактары мелі намер зрабіць кампактную «Энцыклапедыю», а тэматычны абшар проста неабсяжны, таму крытэры адбору матэрыялу мусілі быць даволі жорсткімі. Самі выдаўцы хацелі дапамагчы еўрапейцам трэцяга тысячагоддзя суаднесці сябе з спадчынай, якая і цяпер яшчэ вызначае іх лад жыцця і некаторыя аспекты якой усё яшчэ зачароўваюць іх, але значэнне якой яны не могуць усвядоміць, таму «асноўнае месца … аддалі філасофіі, тэалогіі, духоўнасці, літургіі і іканаграфіі». Гэта дазваляе апынуцца ў свядомасці таго часу, не пакідаючы без увагі таксама эканамічныя і сацыяльныя рэаліі, але заўсёды імкнучыся паставіць іх у рэлігійную, інтэлектуальную ці маральную перспектыву. Вось гэты намер рэдактарам удалося рэалізаваць поўнасцю.

Цяпер спынімся на фактарах, што, несумненна, паўплывалі на адбор і аб’ём падрыхтаваных артыкулаў, але пра якія нічога не сказана ў прадмове. Па–першае, гэта наяўнасць, аб’ём, якасць і даступнасць літаратуры па той ці іншай праблеме або краіне. Пад даступнасцю маецца на ўвазе даступнасць для заходняга чытача, г.зн. наяўнасць выданняў у заходніх бібліятэках (як мінімум) і на заходнееўрапейскіх мовах. Відавочна, не апошняе значэнне мелі і асабістыя сувязі з даследчыкамі–спецыялістамі. Скажам, намаганнямі ўкраінскага гісторыка Яраслава Ісаевіча, які сфармаваўся як даследчык на Захадзе, выдатна паказана Ўкраіна. Толькі асабістымі кантактамі можна патлумачыць тое, што, на мой погляд, неадэкватна вялікае месца адведзена Арменіі. Гэтай краіне прысвечаны артыкулы «Арменія (гісторыя, гісторыкі, культурныя цэнтры)», які займае 4,5 старонкі плюс «Армянская літаратура» на паўстаронкі, бібліяграфія ўключае 43 пазіцыі на ангельскай і французскай мовах. Да ўсяго яшчэ шэраг маленькіх артыкулаў па асобных гарадах і персаналіях. Для параўнання прывядзём аб’ёмы публікацый па іншых краінах: Ірландыі адведзена 1 старонка, Галандыі — 0,75 с., Польшчы — 1,5 с., Багеміі — 1,75 с. Цяжка паверыць, што Арменія значыла для сярэднявечнай Еўропы столькі ж, колькі ўсе гэтыя краіны разам узятыя. Проста Ніна Гарсаян (аўтар асноўных матэрыялаў па Арменіі) працуе ў Калумбійскім універсітэце. Беларусь, на жаль, нічым падобным пахваліцца не можа.

Тэматычныя рамкі энцыклапедыі, па словах рэдактараў, вельмі шырокія: археалогія, мастацтва, архітэктура, эканоміка, адукацыя, геаграфія, гісторыя, мовы, літаратура, філасофія, рэлігія, тэалогія, права, навука і палітыка. І гэта сапраўды так. Тут ёсць артыкулы, прысвечаныя глабальным праблемам, такім як «Улада», «Чалавек», «Зло», «Дабро», «Мова», «Праца», «Хрысціянства», «Супярэчнасці паміж мусульманамі і хрысціянамі (Усход, Захад)» і інш., а таксама зусім канкрэтным рэчам («Капліца», «Кніга», «Ежа», «Фібула» і г.д.). Сукупнасць матэрыялу знаёміць з практычна ўсімі аспектамі жыцця сярэднявечнага грамадства. Коратка ахарактарызуем асноўныя з іх.

Абагульняльныя паняцці, якія тычацца сацыяльна–палітычнай арганізацыі грамадства, разгледжаны выключна ў кантэксце медыявістыкі. Напрыклад, у артыкуле «Дзяржава» раскрываецца генэзіс і сутнасць сярэднявечнай дзяржавы, яе адрозненні ад рымскай і дзяржавы Новага часу. У артыкуле «Манархія» чытаем, што менавіта такая сістэма ўлады лічылася адзіна магчымай у перыяд Сярэднявечча, а адметная рыса манархіяў таго часу — іх павольная, паступовая трансфармацыя; тут жа адзначаны асаблівасці формаў і эвалюцыі манархіяў у розных заходніх краінах. Такія шырокія паняцці, як «Грамадскі лад», «Дзяржава», «Грамадскія класы» (дарэчы, найважнейшай асаблівасцю сацыяльнага падзелу ў эпоху Сярэднявечча названа вялікая роля традыцыі) дапоўненыя больш канкрэтнымі артыкуламі, дзе ўтрымліваецца інфармацыя пра формы ўлады, яе кампаненты і дзяржаўныя інстытуты (напрыклад, «Войска», «Кавалерыя», «Рыцарства», «Прадстаўнічы сход», «Васалітэт», «Раздробленасць», «Царква і дзяржава», «Набілітэт», «Селянін», «Карпарацыя» і г.д.). Матэрыял, як правіла, пададзены ў дзвюх частках: па Заходняй Еўропе і па Візантыйскай імперыі.

Паводле тых самых прынцыпаў выкладзена інфармацыя пра эканамічнае жыццё грамадства. Сельская гаспадарка, якой прысвечаны спецыяльны матэрыял, трактуецца як асноўны занятак большасці сярэднявечнага насельніцтва. Прагрэс сельскагаспадарчай тэхнікі меў месца, але ўсё ж асноўным фактарам развіцця было пашырэнне плошчаў культываванай зямлі. Характарызуецца арганізацыя працы, структура сельскай гаспадаркі. Шэраг грунтоўных артыкулаў прысвечаны тыповым для Сярэднявечча формам землеўладання і землекарыстання і звязанага з імі статуса асобы ў сістэме грамадскіх адносінаў: «Памесце, манар», «Бан, баналітэт», «Рэнта» і інш.

Вялікая ўвага аддадзена гандлю. Вылучаны і апісаны тры перыяды ў развіцці сярэднявечнага гандлю (да XI ст. адбывалася звужэнне гандлю; XI—XIII ст. — пашырэнне; 1350 — пачатак XVI ст. пазначаны крызісам), указаны фактары, якія стрымлівалі яго развіццё або спрыялі яму, вызначана скіраванасць гандлёвых сувязяў, асветлена арганізацыя гандлю. Тэму працягваюць артыкулы «Грошы», «Манетнае абарачэнне (Захад, Візантыя)», «Шляхі», «Кірмаш», «Рынак», etc.

Артыкул «Тэхналогія» грунтуецца цалкам на новых даследаваннях, якія здолелі змяніць устойлівы стэрэатып у ацэнцы Сярэднявечча як перыяду «канфармізму і адмаўлення навацыяў». Тэхніка ў той перыяд хоць і не лічылася катэгорыяй інтэлектуальнай, тым не менш займала важнае месца ў жыцці грамадства і асабліва ў глыбокай трансфармацыі заходняй эканомікі ў XI ст. Усе трактаты ў гэтай галіне мелі выгляд інструкцый. Перакладаліся рымскія тэксты, у іх устаўлялася новая інфармацыя. Толькі з XII ст. на развіццё тэхнікі пачалі звяртаць увагу тэолагі, рабіліся першыя спробы ўлучаць некаторыя рамёствы ва універсальную класіфікацыю ведаў. У артыкуле пералічаны крыніцы па вывучэнні сярэднявечнай тэхналогіі, указаны прычыны і механізмы тэхнічнага прагрэсу.

Праблематыка інтэлектуальнай гісторыі пададзена даволі шырока. Артыкул «Навука» складаецца з дзвюх частак: тэалогія і гісторыя.Тут прааналізаваны розныя значэнні паняцця ў розных кантэкстах, разгледжана эвалюцыя навукі ў дадзены перыяд, закранута праблема кантынуітэту ў развіцці навукі Сярэднявечча і Новага часу, названы асноўныя навуковыя цэнтры. Практычна кожнай з дысцыплін прысвечаны асобны матэрыял: «Філасофія», «Тэалогія», «Матэматыка», «Медыцына», etc., дзе даюцца нарысы развіцця іх у Заходняй Еўропе, Візантыі, а іншым разам і ў мусульманскім свеце. Асобна часам прааналізаваны базавыя навуковыя паняцці («Час», «Эклезіялогія», «Эсхаталогія» і інш.). Непасрэдна з навукай звязаны і такія артыкулы, як «Калегіюм», «Універсітэт», «Кніга», «Каляндар», «Энцыклапедыі, сярэднявечныя», «Бібліятэкі», etc.

Вялікая ўвага аддадзена развіццю гістарычнай навукі ў краінах Захаду і Ўсходу. У артыкуле «Гісторыя, гістарыяграфія» (678—680) даведваемся пра тое, што разумелі пад гісторыяй інтэлектуалы таго часу, якое месца мела гэтая дысцыпліна ў сістэме навуковых ведаў, як закладваліся асновы яе метадалогіі, хто займаўся гісторыяй, што прывяло да з’яўлення гістарыяграфіі. Прасочваецца развіццё гістарыяграфіі за перыяд Сярэднявечча. Тэма працягваецца ў шэрагу артыкулаў: «Гістарычная антрапалогія», «Сярэднявечная археалогія», «Геральдыка», «Дэмаграфія» і г.д., дзе акрэслены аб’ект даследавання, ахарактарызаваны крыніцы і метады даследавання, а таксама асноўныя вынікі кожнай з гэтых галінаў гістарычнай навукі. Несумненна, гісторыкі зацікавяцца інфармацыяй, якая тычыцца крыніцазнаўчай базы медыявістыкі і якую можна знайсці ў артыкулах «Палеаграфія», «Агіяграфія», «Славянскія рукапісы», «Акты біскупаў», «Візантыйскія рукапісы», «Хронікі, храністы», «Яўрэйскія рукапісы», «Лацінскія рукапісы», «Сагі» і інш.

Рэлігія і царква, як і заяўлена ў прадмове, займаюць найбольшае месца, што выглядае натуральна ў кантэксце сярэднявечнай гісторыі. У гэтай галіне таксама асветлены праблемы і пытанні самага рознага маштабу: «Паганства», «Хрысціянства», «Біблія», «Стварэнне», «Святы дух», «Эўхарыстыя», «Марыя», «Апакаліпсіс», «Алтар», «Крыж», «Абраз», «Дыяцэзія», «Праваслаўе», паказаны розныя рэлігійныя плыні, дзейнасць манаскіх ордэнаў, выбітных асобаў і шмат іншага. Фундаментальныя паняцці, дагматы і сімвалы хрысціянства разгледжаны ў некалькіх аспектах: духоўнасць, тэалогія, іканаграфія. Артыкулы гэтага тэматычнага блока добра праілюстраваны.

Чытач любых прыхільнасцяў з несумненнай цікавасцю пазнаёміцца з вялікай колькасцю артыкулаў, прысвечаных ментальнасці, штодзённасці, традыцыям, усяму таму, што і ўтварала тканіну духоўнага і матэрыяльнага жыцця сярэднявечнага чалавека. У гэтай галіне за апошнія дзесяцігоддзі напрацавана нямала матэрыялу, што знайшло сваё адлюстраванне на старонках рэцэнзаванага выдання. Для таго, каб паказаць тэматычную разнастайнасць публікацый, проста пералічым назвы некаторых з іх: «Жанчыны (тэалогія; гісторыя, Захад; гісторыя, Візантыя)», «Сям’я», «Шлюб (тэалогія, практыка на Захадзе, практыка ў Візантыі)», «Зло», «Дабро», «Вера», «Свабода», «Справядлівасць», «Гонар», «Надзея», «Мана», «Праца», «Асабовыя імёны», «Сэксуальнасць», «Пахаванне», «Смерць», «Самазабойства», «Карнавал», «Танец», «Дом», «Кухня», «Ежа», «Мэбля», «Шпіталь», «Кераміка», «Тканіны», «Адзенне», «Фібула», «Лес», etc.

Шмат месца аддадзена таксама мовам, літаратуры, архітэктуры, усім відам і стылям мастацтва эпохі Сярэднявечча. Натуральна, большасць ілюстрацыяў прысвечана менавіта мастацтву.

Энцыклапедыя шырока знаёміць чытача з этнічнай і палітычнай гісторыяй асобных краін і народаў, якія насялялі шырокія абшары сярэднявечнай Еўропы і Азіі, а таксама паўночнай Афрыкі. Трэба адзначыць, што ўсходне– і асабліва цэнтральнаеўрапейскія рэгіёны прадстаўлены не горш, чым заходнія (разам з франкамі, готамі, англа–саксамі, вікінгамі–варагамі знайшлося месца албанцам, балгарам, хазарам, славянам і інш.). Мяркуйце самі: найбольш дэталёва выкладзена гісторыя Англіі (3,7 с.), што натуральна, далей прывядзём аб’ёмы артыкулаў пра краіны з розных рэгіёнаў: Францыя (0,5 с.), Нямеччына, каралеўства (1,5 с.), Ірландыя (1 с.), Венгрыя (2 с.), Грэцыя (каля 0,5 с.), Сербія (0,75 с.), Балгарыя (0,5 с.), Малдова (0,75 с.), Грузія (крыху больш за 1 с.), Фінляндыя (1,8 с.), Эстонія (1 с.), Егіпет (1,3 с.), Эфіопія (1 с.), Іран (0,5 с.), Ірак (0,5 с.), Індыя (каля 0,5 с.). Звесткі пра шэраг этнічных плямёнаў уключаны ў артыкулы пра сучасныя краіны (Славакія, Эстонія, Латвія, Ірландыя і г.д.). Знайшлося месца і краінам, што існавалі толькі ў Сярэднявеччы, напрыклад, Ламбардыя, Багемія, Далмацыя, Галіччына, Валынь, Паўночна–Ўсходняя Русь, etc. Няма нейкай жорсткай структуры ў будове артыкулаў па краінах. Як правіла, пададзена інфармацыя пра геаграфічнае становішча, этнічны склад насельніцтва, палітычную гісторыю і культуру. Часта асаблівая ўвага (нават перавага) аддавалася працэсу хрысціянізацыі. Шырыня і змястоўнасць выбранага матэрыялу залежала ад наяўнасці літаратуры па праблеме і ад самога аўтара.

Гісторыя сярэднявечнага горада паказана ў розных вымярэннях: і як супольнасць, і як пэўным чынам арганізаваная прастора для жыцця, што знайшло адлюстраванне найперш у двух агульных артыкулах пра горад «Town» і «Civitas, city», акрэслена розніца паміж гэтымі тэрмінамі, якія на беларускую мову перакладаюцца адным словам — «горад». Тут чытач знойдзе грунтоўны нарыс па гісторыі заходняй урбаністыкі. Абодва артыкулы падмацаваны бібліяграфіяй, у якую ўключаны выданні апошніх 20 гадоў на заходнееўрапейскіх мовах.

Шмат якім сярэднявечным гарадам (практычна ўсім з Заходняй Еўропы і найважнейшым з іншых рэгіёнаў) прысвечаны асобныя артыкулы.

З усходнеславянскіх гарадоў на старонкі выдання трапілі Кіеў (0,5 с.), Белавозера (0,4 с.), Масква (0,4 с.), Ноўгарад (0,35 с.), Уладзімір (0,35 с.), Чарнігаў (0,2 с.), Наваградак (0,2 с.), Полацк (0,2 с.), Пскоў (0,1 с.). Публікацыі розныя як па аб’ёме (ад 3 старонак, прысвечаных Ерусаліму, па 2,5 старонкі, адведзеныя Парыжу і Рыму, да 0,1 старонкі пра Будапешт, Пскоў і інш.), так і па структуры і глыбіні асвятлення. Што тычыцца зместу, то прывядзём найбольш тыповыя апісанні.

Паўнацэнная і шматбаковая гісторыя менавіта горада дадзена, як правіла, у даволі вялікіх артыкулах (не менш за паўстаронкі). Тут асветлены праблемы генэзісу, фактары росту і развіцця, пытанні горадабудаўніцтва, рэлігійнага, інтэлектуальнага і мастацкага жыцця, пералічаны асноўныя помнікі архітэктуры (Парыж, Рым, Лондан, Гданьск, Кіеў). У асобных выпадках прасочана дынаміка змянення насельніцтва (Рым, Кіеў). Часам падрабязна выкладзена праблема сацыяльнай арганізацыі супольнасці і гарадскога самакіравання (Лондан, Гданьск). У артыкулах, прысвечаных сталіцам, акцэнт зроблены на палітычную гісторыю, прычым не толькі самога горада, але і дзяржаўнага ўтварэння, цэнтрам якога ён быў (Ноўгарад, Пскоў, Масква, Уладзімір, Чарнігаў). Рэлігійны аспект дамінуе там, дзе размова ідзе пра рэзідэнцыі царкоўных ерархаў ці вядомыя месцы паломніцтва (Рым, Гнезна, Белавозера). У шэрагу артыкулаў дэталёва разгледжаны пытанні культурнага жыцця: гісторыя буйных універсітэтаў (Парыж, Вена), архітэктуры і мастацтва (самы яскравы прыклад — Охрыд).

Вядома, у выданне ўвайшло мноства персаналій (манархі, рэлігійныя дзеячы, мастакі, паэты, першаадкрывальнікі), сярод якіх нямала і славянскіх імёнаў, а таксама канкрэтных гістарычных падзей палітычнага, царкоўнага, культурнага жыцця.

У «Энцыклапедыю» ўключана 13 карт, з іх сем каляровыя, астатнія — чорна–белыя. Каляровыя карты размешчаны на форзацах і маюць дастаткова вялікі фармат. Яны добра аформлены, дакладна адлюстроўваюць змест выдання ў цэлым: Італія (гарады і манастыры); Візантыйская імперыя (тут жа знаходзім Полацк і Наваградак, а таксама дзяржавы — Літва, Расія, Кіеў, Украіна, Падолле, Галіччына, Малдавія, Польшча і інш.); Нямеччына (гарады і манастыры); Англія і Францыя (гарады і манастыры); Мяжа паміж хрысціянскай і мусульманскай Іспаніяй; Свет па–за Еўропай, дзе нанесены межы мусульманскага свету і асноўныя гандлёвыя шляхі; Візантыйскія і Лацінскія арцыбіскупствы ў 1000 г.

Чорна–белыя карты прывязаны да пэўных артыкулаў і прысвечаны прыватным праблемам: Бургундская дзяржава ў XIV і XV ст.; Візантыйская імперыя пры дынастыі Комнінаў у XII ст.; Рымскі свет і заваёвы варвараў, IV—VIII ст.; Італія ў XI ст.; Заходнія славяне паміж 800 і 950; Іберыйскі паўвостраў у XI ст. Карты гэтыя ёсць, але карыстацца імі немагчыма: фармату яны невялікага, выявы і надпісы нярэзкія, расплывістыя, знакі і словы, змешчаныя ў легендзе, разабраць зусім немагчыма, а карта «Заходнія славяне…» настолькі сляпая, што нават знаёмыя назвы плямёнаў, пададзеныя адносна вялікімі літарамі, нечытэльныя.

Матэрыял асноўнага зместу выдання падмацаваны шэрагам дадаткаў. Найперш гэта табліцы з імёнамі і датамі кіравання манархаў, падзеленыя на некалькі частак (мусульманскі ўсход, Усходняя і Цэнтральная Еўропа, Захад), патрыярхаў канстанцінопальскіх, папаў рымскіх. Пры знаёмстве з спісамі ўсходнеславянскіх князёў пад загалоўкам «Рурыкавічы, дынастыя Русі» бачым, што тут пералічаны ад Рурыка і Алега кіеўскія князі, потым Уладзіміра–Суздальскія і Маскоўскія. З Наўгародскіх уключаны толькі Аляксандр Неўскі. Ніводнага полацкага князя, ні дынастыі Рагвалодавічаў ці Ізяславічаў тут няма, не знайшлося месца і Вольгавічам, хоць усе яны згадваюцца на старонках «Энцыклапедыі».

Прыкладзены спіс аўтараў (з пералічэннем артыкулаў і ўказаннем месц працы большасці з іх), прадметны паказальнік і спіс ілюстрацыяў, што робіць зручным карыстанне «Энцыклапедыяй».

* * *

У гэтай частцы рэцэнзіі прааналізуем, як паказана Беларусь у «Энцыклапедыі Сярэднявечча». Можна чакаць, што самыя раннія звесткі сустрэнуцца ў «этнічных» публікацыях. Найперш у артыкуле «Славяне», які напісаны польскім гісторыкам А.Гейштарам (1361—1363), бо беларускае Палессе самым непасрэдным чынам звязана з разгледжанай тут праблемай паходжання славянаў. Адной з трох магчымых славянскіх прарадзімаў называецца тэрыторыя «на захад ад Дняпра» (чытач мусіць сам высветліць, што гэта паўднёвая частка Беларусі і паўночная частка Ўкраіны). Прызнана, што менавіта гэтая гіпотэза пацвярджаецца археалогіяй. Слова «Беларусь» згадваецца толькі ў сувязі з развіццём з старажытнарускай мовы трох славянскіх моваў: рускай, украінскай і беларускай.

Можа, сустрэнем што–небудзь у артыкуле «Балты» (143—144), бо яны засялялі і тэрыторыю сучаснай Беларусі ў акрэслены перыяд? Назваўшы балтаў «адным з самых старажытных індаеўрапейскіх народаў», аўтар (Сімон Абрагам–Цісэ, універсітэт Ліля) далей апавядае пра хрысціянізацыю паморцаў, прусаў, літоўцаў, летаў. Паміж радкоў, прысвечаных Вітаўту, сустракаем прывід (але не больш) Полацкага княства: «Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж каталікамі і праваслаўнымі, вялікі князь Вітаўт (Witovdt) аднавіў аўтаномію Літвы». Безнадзейным рэхам адгукаецца пытанне, адкуль сярод зацятых язычнікаў, якімі паказаны ўсе балты, у Літве ўзяліся праваслаўныя (да таго ж яны здолелі прымусіць лічыцца з сабой вярхоўную ўладу). Забягаючы, можа, крыху наперад, усё ж працягнем размову пра хрысціянізацыю суседніх з Беларуссю балцкіх плямёнаў. На старонцы 854 у матэрыяле, прысвечаным Літве, яго аўтар Рубікаўскас крыху адсоўвае заслону: «У XIV ст. ВКЛ павялічылася за кошт тэрыторыяў, населеных пераважна праваслаўнымі славянамі». У артыкуле пра Латвію (831) сказана, што ў цэнтральнай і ўсходняй частцы краіны распаўсюдзілася праваслаўе з адпаведнымі цэрквамі, пахавальным абрадам, рэчамі культу, згаданы Герсіка і Кукенойс, але ні слова не сказана, адкуль там тое праваслаўе ўзялося. Самае цікавае ў гэтай сітуацыі тое, што і ў артыкуле пра Полацк мы не ўбачым ні намёка пра гэта.

Нарэшце знаходзім артыкул «Беларусь» (162—164). Займае ён паўтары старонкі, што зусім нямала. Для параўнання скажам, што публікацыя па Польшчы займае таксама паўтары старонкі, па Ўкраіне — 1,25 с., па Літве — 1 с., па Латвіі — 0,5 с. Аўтар матэрыялу, польскі гісторык Юліуш Бардах, годна прадставіў Беларусь не толькі колькасна, але і якасна. Рэцэнзаванае выданне не стане шырокадаступным для беларускага чытача, таму ёсць сэнс коратка перадаць змест гэтага артыкула, бо ён паказвае, як бачаць (і ўбачаць са старонак гэтай «Энцыклапедыі») нас збоку.

Арэал фармавання дзяржавы акрэслены як тэрыторыя паміж сярэднім цячэннем Дзвіны, верхнім Дняпром, Бярэзінай Дняпроўскай і Прыпяццю. Славяне, што з’явіліся тут у VII—VIII ст., паглынуўшы мясцовае балцкае насельніцтва, сфармавалі тры вялікія племі. Праўда, дрыгавічоў аўтар чамусьці змясціў на поўначы (магчыма, памылка перакладчыка). Гэты падзел і стаў асновай для дзяржаватворчых працэсаў. У цэнтры крывіцкай тэрыторыі ў IX ст. узнікла Полацкае княства. Полацк быў адным з цэнтраў усходніх славян (тады іх пачалі называць Руссю). У X—XI ст. на абшарах Усходняй Еўропы існавалі тры імперыі, якія супернічалі паміж сабой — Кіеўская, Полацкая і Наўгародская — і на чале якіх стаялі князі варажскага паходжання. Згаданы ў артыкуле эпізод захопу Ўладзімірам Полацка і ўзяцця ў жонкі тутэйшай князёўны (імёны Рагвалода і Рагнеды не названыя). Пазней Уладзімір пасадзіў у Полацку сына ад гэтага шлюбу, Ізяслава, які паклаў пачатак мясцовай дынастыі Ізяславічаў. Далей аўтар коратка інфармуе пра Пінскае і Тураўскае княствы, пра ўсталяванне біскупстваў у гэтых землях. Дадзена агульная характарыстыка Полацка як цэнтра хрысціянізацыі паўночна–заходняй Русі, цэнтра культуры, паводле сведчанняў «Жыцця святой Ефрасінні», сказана пра яе саму, названы асноўныя помнікі архітэктуры. Пералічаны іншыя старажытныя гарады: Брэст (Brest), Ваўкавыск (Volkovysk), Віцебск (Vitebsk), Орша (Orcha), Мінск (Minsk), Слуцк (Slutsk), Гродна (Grodno), Наваградак (Novogrodek).

Аўтар спыняецца на праблеме ўтварэння ВКЛ. Пад націскам мечаносцаў літоўцы, якія знаходзіліся на стадыі фармавання дзяржавы, ажыццяўлялі экспансію на ўсход. Перад пагрозай з боку рыцарскіх ордэнаў на поўначы і татарамі на ўсходзе полацкія князі шукалі саюзу з літоўскімі правадырамі. Літоўскія князі, якія селі на беларускія землі, самі славянізавался, што выявілася ў прыняцці імі хрышчэння па ўсходнім абрадзе. Славянскі Наваградак быў абраны імі сталіцай. У кантэксце гэтага тлумачэння можна зразумець, з якой нагоды і адкуль у Літве з’явілася праваслаўнае насельніцтва, але ж трэба яшчэ здагадацца, дзе шукаць гэты адказ на пытанне, што ўзнікае пры знаёмстве з артыкулам «Літва», у якім няма ніводнай зачэпкі для пошуку. Знаёмячы чытача з этнічным складам насельніцтва ВКЛ, Ю.Бардах сцвярджае, што большасцю жыхароў (на XIV ст. — 85%) былі рутэны, г.зн., як патлумачана, продкі беларусаў і ўкраінцаў. У Сярэднявеччы з’явілася дыферэнцыяцыя паміж рутэнамі і велікарусамі. Апошнія зрабілі сваім цэнтрам Маскву.

Далей Ю.Бардах дае нарыс унутрыпалітычнай сітуацыі ў ВКЛ (цэнтральнай праблемай тут былі супярэчнасці паміж каталікамі і праваслаўнымі), коратка спыняецца на гісторыі развіцця беларускіх гарадоў (увядзенне магдэбургскага права, этнічны і канфесійны склад насельніцтва).

Вялікая ўвага ў артыкуле аддадзена характарыстыцы і развіццю беларускай мовы. Культурнае дамінаванне рутэнаў у ВКЛ прывяло да прыняцця беларускай мовы ў якасці афіцыйнай. Старабеларуская мова — сінтэз старажытнай царкоўнаславянскай і мясцовага дыялекту. Адной з найважнейшых крыніц па вывучэнні старабеларускай мовы названыя статуты ВКЛ.

У заключным абзацы аўтар матэрыялу характарызуе два падыходы да вырашэння праблемы паходжання беларусаў: сутнасць першага, сфармуляванага Я.Карскім і падтрыманага Ў.Пічэтам, у тым, што кантынуітэт беларускай моўна–культурнай ідэнтычнасці выводзіцца з этнічна–культурнай асновы крывічоў і дрыгавічоў; іншыя бачаць вытокі беларускай мовы і нацыянальнай тоеснасці ў дыферэнцыяцыі старажытнарускага нацыянальнага пачуцця ў XV—XVI ст. (погляд у польскай і ангельскай літаратуры выкладзены Г.Пашкевічам, у беларускай — М.Піліпенкам). Ю.Бардах выказвае сваю прынцыповую пазіцыю ў дадзенай праблеме, падкрэсліваючы пераемнасць этнакультурнай тоеснасці і формаў палітычнага жыцця паміж Беларуссю і Полацкім княствам (duchy of Polotsk). Падводзячы вынікі, даследчык характарызуе ВКЛ па яго сутнасці як літоўска–беларускую дзяржаву. Адрознай рысай беларускай (украінскай) нацыянальнай прыналежнасці да канца XVI ст. была праваслаўная вера, а потым часткова грэка–каталіцкая. Інкарпарацыя паўднёва–рутэнскіх земляў у Польшчу ў 1569 г. паскорыла раздзяленне беларускага і ўкраінскага народаў.

Трэба адзначыць, што артыкул Ю.Бардаха — адзін з самых лепшых нарысаў, прысвечаных асобнай краіне. Нягледзячы на непазбежны схематызм, сярэднявечная Беларусь і яе народ паказаны аб’ёмна ў этнічна–культурным, рэлігійным, палітычным, моўна–культурным аспектах. Тут, фактычна, выкладзена стройная канцэпцыя гісторыі Беларусі эпохі Сярэднявечча.

Крыху здзіўляе падбор літаратуры ў бібліяграфіі да артыкула: не зразумелыя прынцыпы, паводле якіх працы ўключаліся ў спіс. Прывядзем яе цалкам, пакінуўшы без каментароў: H.Paszkiewicz, «The Three Russian Nations», The Making of the Russian Nation, London, 1963; В.В.Седов, Славяне верхнего Поднепровья и Подвинья, Москва, 1970; Е. Рыдзевская, Древняя русь и Скандинавия IX—XIV вв., Москва, 1978; М.Ермаловіч, Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды, Мінск, 1990; Імя тваё Белая Русь, Г.Сагановіч (рэд.), Мінск, 1991; М.Ф.Пилипенко, Возникновение Беларуси. Новая концепция, Мінск, 1991; А.К.Краўцэвіч, Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага, Мінск, 1998.

Артыкул «Украіна» (1477—1478) Я.Ісаевіча ў цэлым сугучны па сваім змесце з нарысам пра Беларусь. Пасля акрэслення геаграфічнага становішча і апісання этнічнай карты Ўкраіны паказаны асноўныя моманты яе гісторыі: з’яўленне славян, афармленне племянных саюзаў славян, усталяванне Рурыкавічаў і Кіеўская дзяржава, палітычная раздробленасць, мангольскае заваяванне, Галіцкае і Валынскае княствы. Праблема ўтварэння ВКЛ не закранутая, аўтар абмежаваўся канстатацыяй, што цэнтральныя і заходнія землі Ўкраіны ў другой палове XIV ст. падпарадкаваліся ВКЛ. Пазіцыя аўтара ў ацэнцы гэтага працэсу адлюстравалася ў выразе «ўваходжанне ў ВКЛ». Не абышоў даследчык увагай моўнае пытанне ў Вялікім Княстве, назваўшы афіцыйную мову рутэнскай (the Ruthenian literrary language), якая засноўвалася на ўкраінскім і беларускім дыялектах. Закранута праблема гарадоў. У канцы аўтар робіць выснову: «Увогуле культура сярэднявечнай Украіны была сімбіёзам нацыянальнай версіі пост–візантыйскай традыцыі і культурных плыняў Захаду».

Нарыс «Літва» (854—855, 1 с.) напісаў П.Рубікаўскас. Пачатак ВКЛ ён трактуе наступным чынам: «Каб лепей супрацьстаяць знешняй пагрозе, літоўскія правадыры ў першыя дзесяцігоддзі XIII ст. стварылі нацыянальную дзяржаву на чале з Міндоўгам (Duke Mindaugas). У XIV ст. ВКЛ павялічылася за кошт тэрыторыяў, населеных пераважна праваслаўнымі славянамі, якія імкнуліся пазбегнуць татарскага панавання». Далей сказана, што размова пойдзе толькі пра этнічную Літву, населеную літоўцамі. Падрабязна апісваецца працэс хрысціянізацыі літоўскіх плямёнаў, усталяванне і развіццё Віленскай дыяцэзіі. Тут жа даведваемся, што Крэва — гэта замак у Літве. Пытанні культуры і мовы асветлены досыць аб’ектыўна: раней за XV ст. няма пісьмовых тэкстаў, слядоў існавання школ, для перапіскі і афіцыйных дакументаў вялікія князі і набілітэт звярталіся да пісцоў–рутэнаў (і перанялі іх мову)… Літва была няздольная самастойна рыхтаваць святароў, таму яны прыязджалі з Польшчы. Згадана выданне статутаў, адзначана, што першая кніга на літоўскай мове надрукавана ў 1547 г. Нягледзячы на позняе з’яўленне пісьменнасці, літоўцы захавалі багатую фальклорную традыцыю. Асабіста мяне зацікавіў наступны выраз у апошнім абзацы: «у XII—XIII ст. мастацтва знаходзілася пад славяна–візантыйскім уплывам». Застаецца незразумелым, што маецца на ўвазе пад мастацтвам Літвы XII—XIII ст.: якія галіны мастацтва развіваліся ў язычніцкай Літве ў той час, ды і ўвогуле аповед у публікацыі пачынаецца з XIII ст. У наступныя перыяды формы мастацтва вызначаў каталіцызм. У бібліяграфію пасля артыкула ўключана літаратура, якая тычыцца хрысціянізацыі і афармлення царкоўнай улады.

Грунтоўны нарыс па сярэднявечнай гісторыі Польшчы Е.Клачоўскага (1159—1160; 1,5 с.) уяўляе пэўную цікавасць і з пункту гледжання беларускай гісторыі — дачыненні паміж дзвюма дзяржавамі былі дастаткова шчыльныя. Унія паміж Польшчай і ВКЛ, падпісаная ў 1385 г., ацэньваецца вельмі станоўча, «нягледзячы на велізарную розніцу ў пачатку паміж каралеўствам Польшча і Літоўска–Рутэнскім Вялікім Княствам, язычніцкім і праваслаўным (адпавядае цяперашнім Літве, Беларусі, Украіне). Улічваліся інтарэсы абедзвюх частак… Прыняцце каталіцкага хрышчэння аддзяляла літоўскіх баяраў ад праваслаўных рускіх баяраў і папярэджвала рызыку рутэнізацыі. У сапраўднасці Вялікае Княства Літоўскае захоўвала высокую ступень незалежнасці да Люблінскай уніі 1569…».

Беларускія сярэднявечныя гарады прадстаўлены двума гарадамі–сталіцамі: Полацкам і Наваградкам, якім адведзена па 20 радкоў (гэта крыху менш, чым Бамбэргу, Дуброўніку і Багдаду, але больш, чым Эссэну, Марбургу і Будапешту).

Артыкул Г.Штыхава (Sztychau H.W.) па Полацку (с. 1162) займае 19 радкоў, дапоўнены невялікай бібліяграфіяй. Каб даць найбольш поўнае ўяўленне пра яго змест, прывядзём даслоўны пераклад. «Полацк [назва пададзена ў расійскай форме — Polotsk. — І.Г.] (Polotiesk, Polat’sk, у скандынаўскіх сагах Paltesjuborg) быў цэнтрам Полацкага княства (X—XIV ст.), the territory of Polotsk (XIII—XV ст.) [тут, верагодна, мелася на ўвазе Полацкая зямля, але перакладчык не мог зразумець гэтага, бо ў далейшым тэксце дадзенае паняцце не фігуруе і не тлумачыцца ніяк. — І.Г.] і, нарэшце, Полацкага ваяводства ў ВКЛ (XVI—XVIII ст.). Цяпер знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь. [Хочацца спытаць, а дзе ж горад знаходзіўся раней: у Расіі, у Літве ці Польшчы? — І.Г.]. Выгоднае размяшчэнне Полацка на гандлёвым шляху з Скандынавіі ў Візантыю спрыяла развіццю горада, які ўпершыню згадваецца ў 862 г. Хрысціянізацыя пачалася ў 992 г. Біскупія ўсталяваная ў канцы XI або ў пачатку XII ст. Маючы ад 8 да 12 тыс. жыхароў, горад быў мастацкім, эканамічным і духоўным [а палітычным — не? — І.Г.] цэнтрам, здольным спаборнічаць з Кіевам. У XIII ст. Полацкае княства было далучана да Літвы. У складзе ВКЛ яно працягвала выконваць важныя функцыі ў XV ст. Полацкае княства існавала да 1387 г., калі па загадах Ягайлы, Скіргайлы гвалтам вывезлі князя полацкага, старэйшага брата Ягайлы Андрэя, які быў праваслаўным і выступіў супраць саюза з Польшчай і каталіцызацыі Літвы. Але апазіцыя была нядоўгай, і горад на стагоддзі заставаўся часткай ВКЛ.»

Быццам і сказана нямала, і аспрэчваць няма чаго, але ўсё ж артыкул пакідае неадназначнае ўражанне. Калі згадаць змест артыкулаў, прысвечаных цэнтрам княстваў (напрыклад, Чарнігаў, Ноўгарад), там спецыяльная ўвага звяртаецца на акрэсленне межаў дзяржавы, структуру палітычнай улады і сістэмы кіравання. Нічога падобнага ў нарысе Г.Штыхава не бачым. У выніку статус Полацка апынуўся зніжаным і зведзеным да звычайнага ўсходнеславянскага горада, хай сабе нават і здольнага «спаборнічаць з Кіевам» у галіне эканомікі і мастацтва. Гэтакі артыкул быў бы амаль дастатковым у выпадку, калі б Полацкаму княству прысвяцілі асобны нарыс, у дадзенай жа сітуацыі варта было б пераняць прыклад Я.Ісаевіча («Чарнігаў» і «Львоў»), які вельмі ўдала спалучае звесткі пра горад з інфармацыяй пра княства і яго гістарычны лёс. Неабходна было больш увагі аддаць палітычнай гісторыі і ладу Полацкага княства з яго ўласнай старажытнай дынастыяй, згадаць Герсіку і Кукенойс (тады б ясна ўспрымалася інфармацыя пра гэтыя гарады ў артыкуле «Латвія»), таксама сувязі з Ганзой, супрацьстаянне націску рыцарскіх ордэнаў і ролю палачанаў у бітве пад Грунвальдам. Ды і ў дачыненні да самога горада абавязкова трэба было сказаць пра першага вядомага з пісьмовых крыніцаў князя Рагвалода, пра Рагнеду, пра Ўсяслава Ізяславіча, пра Сафійскі сабор і асноўныя манастыры, пра Ефрасінню (пра яе няма асобнага артыкула) і пра крыж Лазара Богшы як нацыянальную рэліквію, пра ўласную архітэктурную школу, назваць асноўныя помнікі дойлідства, варта было ўключыць інфармацыю пра тапаграфічную структуру горада, этнічны і канфесійны склад насельніцтва. Зразумела, што рэдактары не заказвалі Г.Штыхаву артыкул спецыяльна для гэтай энцыклапедыі, а перадрукавалі яго з нейкага выдання, што выйшла на Захадзе, тым не менш трэба заўсёды ўсведамляць, наколькі годна (але без эмацыйных перабольшванняў) кожны асобны тэкст будзе паказваць нашу гісторыю, асабліва ў замежных выданнях.

Артыкул «Наваградак» (1033) займае столькі ж месца, колькі і «Полацк». Вельмі неахайна абышліся ў выданні з тапонімам: тытульная назва пададзена як «Novogrodek» — транслітарацыя невядома з якой мовы, а там, дзе, пэўна, быў намер даць беларускую форму, атрымалася «Novahnudah», нарэшце ўказана, што па–польску «Nowogródek». З тэксту даведваемся, што гэта горад на захадзе Беларусі, які ў Сярэднявеччы быў значным цэнтрам Кіеўскай Русі, а з канца XIII ст. — ВКЛ. Замкавая гара названа па–ангельску «Castle Mountain» і прадублявана па–польску (Gуra Zamkowa). Вельмі коратка выкладзена летапісная гісторыя і ахарактарызавана тапаграфічная структура горада. Сказана, што ў Наваградку знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта. Аўтар матэрыялу — Е.Клачоўскі. У бібліяграфічным спісе толькі дзве агульныя працы: «Праваслаўная царква і Польская Рэч Паспаліта» Хадыньскага (1934) і «Слоўнік славянскіх старажытнасцяў» (1967).

Непасрэдна з Беларуссю звязаны яшчэ два артыкулы. Першы з іх прысвечаны Кірылу Тураўскаму (402) і напісаны А.Попэ. Выдатны рэлігійны дзеяч ахарактарызаваны толькі як рускі манах, біскуп тураўскі, надзелены выключным літаратурным талентам. З доўгага спісу прац восем несумненна ягоных. Сказана, што Кірыла Тураўскі звязаны быў з Андрэем Багалюбскім, змагаўся з біскупам Суздальскім Фёдарам. У бібліяграфіі адна праца пра яго па–французску, пераклад на ангельскую яго ўласных твораў. Абсалютна нічога ў тэксце не ўказвае на прыналежнасць Кірылы Тураўскага да беларускай гісторыі. Толькі вельмі дапытлівы чытач, спрабуючы высветліць, дзе ж знаходзіцца Тураў, магчыма, натрапіць на артыкул Ю.Бардаха «Беларусь» і, магчыма, упіша асобу святога разам з Ефрасінняй Полацкай у кантэкст нашай сярэднявечнай культуры.

Кароткі нарыс апавядае пра другога знанага інтэлектуала з беларускіх земляў — Францішка Скарыну («Skaryna, Francysk», с. 1359—1360). У трынаццаць радкоў тэксту В.Чамярыцкі здолеў змясціць усе асноўныя біяграфічныя звесткі пра вялікага асветніка і першадрукара, даць ацэнку яго навуковай і выдавецкай дзейнасці і акрэсліць ролю ў развіцці беларускай мовы і культуры. Інфармацыя падмацавана вычарпальным спісам літаратуры на беларускай і ангельскай мовах.

Застаецца толькі прагледзець тыя артыкулы, дзе можна чакаць сустрэць хоць бы згадку пра Беларусь. У публікацыях «Русь Кіеўская», «Русь Паўночна–Ўсходняя», «Уладзімір Вялікі» назвы Полацка не сустрэнеш. Вядома ж, калі імя Ўсяслава не названа нават ў публікацыі пра Полацк, то не будзе яго таксама і ў іншых месцах «Энцыклапедыі». Тэўтонскаму ордэну (1421—1422) супрацьстаялі выключна палякі з літоўцамі, яны і толькі яны ўдзельнічалі і ў Грунвальдскай бітве (643), а значыць ім і належыць слава перамогі над рыцарамі.

У аповедзе пра Яраслава Мудрага (711) сказана, што ён сын Рагнеды (Rogneda), хоць пра яе паходжанне ні слова. У.Водоф («Аляксандр Неўскі», с. 37), паказваючы наўгародскага князя як палкаводца, паведамляе: усё ж «ён не змог перашкодзіць пераходу княства свайго цесця Полацка (the principality of his father–in–law Polock from passing under…) пад уладу Літвы». У такім ангельскім выкладзе «Polock» можна прыняць і за імя цесця, і за назву княства, хоць, верагодна, мелася на ўвазе другое.

У артыкуле Ежы Клачоўскага «Ягелоны» (753) чытаем: Гедымін (асобнай публікацыі ні пра яго, ні пра дынастыю Гедымінавічаў няма), «стваральнік літоўскай дзяржавы, распаўсюдзіў сваю ўладу на рутэнскія (Ruthenian) землі (Беларусь, Украіна), асабліва праз шлюбы сваіх дзяцей». Гэткая інтэрпрэтацыя фармавання тэрыторыі ВКЛ сугучная з пазіцыяй Ю.Бардаха, выкладзенай у артыкуле «Беларусь».

У матэрыяле «Ўладыслаў Ягела» (813) Л.Вайцэхоўскага (апроч ангельскай дадзена таксама польская і літоўская формы імя) роля Ягайлы ў гісторыі ВКЛ ацэнена наступным чынам: ён імкнуўся аслабіць Тэўтонскі ордэн, «нейтралізаваць нарастальную моц Масквы і ўтрымаць Русь у складзе Літвы». Пра якую Русь ідзе размова, не ўдакладняецца. Згадваюцца тут Крэўская унія 1385 г., а таксама Соф’я Гальшанская.

Праблему перадачы ўласных назваў і імёнаў разгледзім асобна. Першымі назвамі, пад якімі фігуруюць землі Беларусі ў выданні, з’яўляюцца Русь (Rus’), а ў некаторых артыкулах («Ядвіга», «Ягелоны», «Польшча», «Украіна») — Рутэнія, рутэнскі (Ruthenia, Ruthenian). Між іншага, у артыкуле пра Славакію і славакаў, дзе гаворыцца пра адметнасць гэтага народа, напісана, што крыніцы адрознівалі славакаў ад «суседніх славянскіх нацыяў: чэхаў, палякаў, рутэнаў». Полацкае княства згадваецца ўсяго некалькі разоў пад двума імёнамі: duchy of Polotsk («Беларусь», «Полацк») і the principality of Polоck («Аляксандр Неўскі»). Паняцце Полацкая зямля, як можна здагадацца, прысутнічае толькі ў артыкуле Г.Штыхава пра Полацк, але яно не ўведзена належным чынам, а таму перакладзена няўдала (territory of Polotsk). Чытачу, незнаёмаму з беларускай гістарыяграфіяй, зразумець, што тут маецца на ўвазе, проста немагчыма. Непрыемна было ўбачыць, што назва «Вялікае Княства Літоўскае» пададзена паўсюль, апроч артыкула Я.Ісаевіча «Украіна», як «grand duchy of Lithuania». Першыя два словы напісаны менавіта з малой літары, з чаго вынікае, што назва дзяржавы — проста Літва, і недасведчаны чытач непазбежна будзе атаясамліваць яе з сучаснай дзяржавай Літва.

Звернем увагу і на тую акалічнасць, што ці не ўсе ўласныя імёны і назвы транслітараваныя з рускай, польскай, часам літоўскай формаў: Polotsk, Nowogródek, Rogneda, Mindaugas, Jogaila, Witold—Vytautas, Algirdas, напрыклад. Па–беларуску пададзены хіба толькі ў матэрыяле Ю.Бардаха Міндоўг і Гедымін («Mendog, Gedymin) ды прозвішча Ф.Скарыны (Skaryna) у артыкуле В.Чамярыцкага.

Увогуле, Беларусь і яе сярэднявечная гісторыя паказаны лепш і ў большым аб’ёме, чым, напрыклад, Літва ці Латвія, і чым таго можна было чакаць. Адсутнасць асобнага нарыса пра ВКЛ кампенсуецца тым, што ў артыкулах пра Беларусь, Украіну, Літву і часткова Польшчу гісторыя Вялікага Княства ў прынцыпе выкладзена, прычым кожны бок мог сказаць «сваю праўду». А вось тое, што ў шэрагу «Русь Кіеўская», «Русь Паўночна–Ўсходняя», «Валынь», «Галіччына» няма артыкула «Полацкае княства» (ды яшчэ б і «Тураўскае княства») — проста недаравальна. Звяртае на сябе ўвагу і такая акалічнасць: з усіх сярэднявечных беларускіх гарадоў асабліва ўшанаваны фактычна сталічныя гарады — Полацк і Наваградак. Да гэтага кароткага спісу лагічна было б далучыць хоць бы Тураў, але ж яго гісторыя яшчэ не апублікавана. Адсутнасць у «Энцыклапедыі» спецыяльнага артыкула па другой сталіцы ВКЛ Вільні патлумачыць цяжка.

Канешне, было б вельмі цікава прааналізаваць асвятленне ў рэцэнзаваным выданні рознымі аўтарамі ў розных артыкулах асобных праблем гісторыі Беларусі перыяду Сярэднявечча (пытанне пра адзіную старажытнарускую народнасць, фармаванне беларускага этнасу і мовы, культурнае і царкоўнае жыццё, архітэктура і мастацтва, гарады і палітычная гісторыя, у прыватнасці праблема ўтварэння ВКЛ і г.д.), звярнуўшы ўвагу на літаратуру, якой карыстаўся аўтар, супаставіўшы пазіцыі з паходжаннем і ўзростам даследчыкаў. Гэта яскрава паказала б прабелы, над якімі беларускім гісторыкам трэба працаваць неадкладна.

У цэлым стан асвятлення старажытнай беларускай гісторыі ў «Энцыклапедыі Сярэднявечча» сведчыць: нельга казаць, што нас не ведаюць або замоўчваюць у свеце, але ўсё ж гаворыцца менш, чым хацелася б, і не зусім тое, што хацелася б нам. З гэтага вынікаюць і задачы беларускай гістарыяграфіі: ствараць якасны, даступны замежнаму карыстальніку і інтэграваны ў сучасны еўрапейскі кантэкст прадукт, у чым, несумненна, паказваюць прыклад гісторыкі Ўкраіны, сярэднявечча якой на старонках рэцэнзаванага выдання паказана значна больш паслядоўна і дэталёва.

І апошняе. Аналіз бібліяграфіі, прыведзенай у артыкулах «Энцыклапедыі», высвечвае надзвычай актуальную для беларускай гістарыяграфіі праблему — адкрыць сябе свету. Можна колькі заўгодна скардзіцца, што нас не заўважаюць, ігнаруюць, на нас не спасылаюцца, толькі карысці ад гэтага аніякай. Зададзім пытанне: «Чаму?» Што, беларускіх гісторыкаў не любяць і замоўчваюць наўмысна? Ды, улічваючы сказанае вышэй, наўрад ці. Бачым, што гісторыкі з суседніх краінаў часам з большай павагай ставяцца да беларускай гісторыі, чым іншыя свае. А прычыну трэба шукаць у сабе. Практычна ўсё, што выйшла і выходзіць па гісторыі Беларусі, друкавалася і друкуецца па–беларуску, па–руску, па–польску, г.зн. на мовах, маладаступных у Еўропе, асабліва Заходняй. Мізэрная колькасць публікацый па–ангельску, па–французску, па–нямецку (а менавіта такія выданні пераважна прыводзяцца ў спісах літаратуры) робіць нас закрытымі для свету. Што мы маем на ангельскай мове? Кароткія і нярэдка малапісьменныя рэзюмэ артыкулаў і адзінкавых манаграфій? Могуць яны змяніць сітуацыю? Напэўна, у вельмі невялікай ступені могуць, кардынальна ж — не. На жаль, гэтую праблему ігнаруюць тыя, хто маюць абавязак і адпаведныя рэсурсы для яе вырашэння. Усё, што робіцца ў дадзеным кірунку сёння, пераважна застаецца толькі прыватнай ініцыятывай. Нават у першым томе «Гісторыі Беларусі ў шасці тамах», які выйшаў нядаўна, няма ніякага рэзюмэ. Дзеля прапаганды сваёй гісторыі ў свеце проста неабходна было б перакласці найважнейшыя працы нашых гісторыкаў на заходнееўрапейскія мовы; стварыць спецыяльныя тэрміналагічныя слоўнікі; даваць разгорнутыя, прафесійна перакладзеныя рэзюмэ з адзінай узгодненай тэрміналогіяй; у ідэале, выпускаць перыёдык па–ангельску. Можа, калі–небудзь тыя, хто ўзначальвае гістарычную навуку ў Беларусі, усвядомяць важнасць акрэсленай праблемы. Яе вырашэнне, вядома ж, патрабуе немалых рэсурсаў, і не толькі фінансавых, але без гэтага разлічваць на жаданы эфект прысутнасці ў еўрапейскай гісторыі цяжка.

Спадзяюся, гэтая рэцэнзія абудзіць інтарэс у беларускіх даследчыкаў і аматараў гісторыі да ангельскага выдання «Энцыклапедыі Сярэднявечча» і гэтыя два важкія тамы будуць цікавымі і каштоўнымі для іх, бо тут можна знайсці самую разнастайную інфармацыю пра сярэднявечнае грамадства, а таксама пра асноўныя крыніцы і літаратуру для далейшай навуковай працы.

Менск

Ірэна Ганецкая

Наверх

Тэгі: , , ,