Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 1996 Т.3 Сш. 1

Том 3 Сшытак 1 (Травень 1996)

2 сакавіка, 2011 |

Ад рэдакцыі. C. 5-6

З гістарыяграфічнай спадчыны (артыкулы, рэцэнзіі, водгукі)
Першы Літоўскі Статут (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння). С. 7-27
Заўвагі на некаторыя раздзелы рукапісу «Белоруссия в XIII — середине XVI в.». С. 28-41
Заўвагі (вельмі кароткія) на рукапіс «Белоруссия в XIII — середине XVI в.». С. 42-43
Што ня зроблена. С. 44-46
Заўвагі на «письмо» А.І.Залескага «От идеологических вывихов к национализму и антисоветчине». С. 47-52
Водгук на кнігу З.М.Загарульскага «Узнікненне Мінска». С. 53-54
Водгук на артыкул Я.Н.Мараша «З гісторыі класавай барацьбы ва ўладаннях каталіцкай царквы Беларусі сярэдзіны XVII — XVIII ст.». С. 55
Кніга пра Янку Купалу. С. 56-62

Эпісталярыя. С. 63-106

Успаміны сяброў і калегаў
Леанід Аляксееў. Мікалай Мікалаевіч Улашчык. С. 107-109
Юліуш Бардах. Мае спатканні з Мікалаем Улашчыкам. С. 110-113
Віктар Буганаў. «Мы з Вамі разам ужо трыццаць». С. 114-119
Валянцін Грыцкевіч. Застаўся маяком. С. 120-122
Вітаўт Зубкоўскі. Памяці Мікалая Улашчыка. С. 123-125
Вітаўт Кіпель. Дзядзька Мікола. С. 126-127
Андрэй Нарбут. Мае сустрэчы з Улашчыкам. С. 128-130

Слова пра Улашчыка. С. 131-137

Асноўныя навуковыя працы Мікалая Улашчыка. С. 138-152

Хроніка ўшанавання памяці Мікалая Улашчыка. С. 153-154

Contents

Ад рэдакцыі

20 траўня, 1996 |

Дзесяць гадоў таму, у глыбокую восень 1986 г. ня стала Мікалая Мікалаевіча Улашчыка — магутнай і трагічнай постаці нашай гістарычнай навукі. Пасля Мітрафана Доўнар-Запольскага гэта другі гісторык Беларусі такога маштабу і ўзроўню, які таксама амаль усё сваё сталае жыццё мусіў правесці далёка ад айчыны. Высокапрафесійны даследчык, гісторык-фундаменталіст, выхад у свет кожнай кнігі якога быў падзеяй для беларускай гістарыяграфіі, ён ва ўсім заставаўся беларусам і дэманстраваў узоры грамадзянскай мужнасці. Хоць адкрыта ў самой Беларусі, дзе афіцыйны Мінск не прызнаваў вучонага, гаварыць пра заслугі і шырока ўшаноўваць памяць М.Улашчыка (1906-1986) стала магчымым толькі ў апошнія гады[1].

Цяпер, ведаючы многа пра яго жыццё і рэаліі падсавецкай Беларусі, можна сцвярджаць, што ў нялёгкія гады кампартыйнага панавання гэты чалавек увасабляў сумленне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Але, ухіляючыся ад патэтыкі, рэдакцыя аддае старонкі гэтага нумара самому Мікалаю Мікалаевічу, ягоным сябрам, калегам і паслядоўнікам.

Рэдакцыя змяшчае ў сшытку матэрыялы толькі з неапублікаванай гістарыяграфічнай спадчыны вучонага. Тэксты публікуюцца без зменаў, з захаваннем пэўных асаблівасцяў стылю аўтара і нязначнай моўнай уніфікацыяй. Падабраныя лісты, укладзеныя храналагічна, з’яўляюцца часткай багатай эпісталярыі. Спіс навуковых прац ахапляе публікацыі кніжныя і часопісныя (без газетных і чыста літаратурных).

Прысвячаючы гэты сшытак БГА Мікалаю Улашчыку, рэдакцыя спадзяецца ня толькі закласці ў нашай гуманістыцы традыцыю тэматычных выданняў, прысвечаных угодкам выдатных беларускіх гісторыкаў, але і рэальна прычыніцца да вяртання на Беларусь таго, хто так вяртаў ёй самой яе мінуўшчыну. Псторык вяртаецца ў тэкстах. У нашым мысленні Улашчык несмяротны.

Рэдакцыя


[1] Хроніку ўшанавання памяці М.М.Улашчыка гл. у канцы нумара.

Улашчык М. М. Першы Літоўскі Статут (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння)

19 траўня, 1996 |


У літаратуры за гэтым зводам замацавалася тры назвы: Статут 1529 г.[1], бо ён быў зацверджаны ў тым годзе, затым «Першы», бо пазней былі зацверджаныя яшчэ Статуты 1566 і 1588 г., і, нарэшце, «Стары». Паколькі ў арыгінале ён называўся «Права писаные», то назва «Статут» прыйшла да яго пазней, калі ўступілі ў дзеянне два наступныя. Назва «Літоўскі» зараз выклікае пярэчанні, бо гэта быў звод ня толькі для літоўскай часткі Вялікага Княства, але для ўсяго гаспадарства, і, напрыклад, у выданні 1960 г. ён названы «Статутам Вялікага Княства Літоўскага».

28 студзеня 1588 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут (звод законаў) для Вялікага Княства Літоўскага, які звычайна называецца трэцім. Статут 1588 г. дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім да канца існавання Рэчы Паспалітай, а пасля далучэння Беларусі і Літвы да Расіі ў губернях Віцебскай і Магілеўскай — да 1831 г., у губернях жа Кіеўскай, Валынскай, Падольскай, Менскай, Віленскай і Гарадзенскай — да 1840 г.[2]

Статут 1588 г. быў адразу надрукаваны ў Вільні ў друкарні Мамонічаў кірылічным шрыфтам, прычым артыкул першы раздзела чацвертага сцвярджаў, што «писаръ земъский маеть по руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншимъ езыкомъ и словы»[3] («По руску» — значыць на старабеларускай мове).

У дадатак да «артыкула» Леў Сапега, галоўная дзеючая асоба ў справе выпрацоўкі Статута, запісаў: «А если которому народу встыдъ правь своихъ не умети, поготовю намъ, которые не обчым якымъ языкомъ, але своимъ власнымъ права списаные маемъ и кождого часу чого намъ потреба ку отпору всякое кривды ведати можемъ»[4].

У 1614 г. Статут быў надрукаваны ў перакладзе на польскую мову і потым перавыдаваўся яшчэ шэсць разоў, але толькі па-польску, а ў 1811 г. яго надрукавалі на рускай мове, прычым пераклад быў зроблены з польскай[5]. На мове арыгіналу Статут 1588 г. зноў надрукавалі толькі ў 1854 г. у выданні «Общества истории и древностей Российских»[6]. У XVII ст. ён быў перакладзены на нямецкую мову для Прыбалтыкі (Латвіі і Эстоніі), а ў 1735-38 г. — на ўкраінскую[7].

Да таго часу, як Статут надрукавалі ў рускім перакладзе, гэта значыць да 1811 г., арыгінал быў настолькі забыты, што калі з’явілася апісанне кнігі, зробленае В.С.Сопікавым[8], дык гэта стала сенсацыяй. Калі нават надрукаваны тэкст Статута, можна сказаць, знайшлі ў пачатку XIX ст., дык значна больш складанай была справа з двума папярэднімі, — 1529 і 1566 г., бо тыя існавалі толькі ў рукапісах.

Калі ў канцы ХУШ ст. з’явіўся інтарэс да Статутаў і наогул да помнікаў права мінулага, аб іх меліся толькі самыя агульныя звесткі, асабліва гэта тычылася Статута 1529 г. як самага даўняга. Знаходкі рукапісаў гэтага помніка, яго першапачатковае вывучэньне і, нарэшце, публікацыя мелі, без перабольшвання, драматычны характар.

У пачатку XVI ст., калі ў Вялікім Княстве Літоўскім з’явілася неадкладная патрэба выдання агульнадзяржаўнага збору законаў, яно было адной з найвялікшых дзяржаў Еўропы, ахапляўшай Літву, Беларусь, большую частку Ўкраіны і значныя абшары рускіх земляў. У выніку войнаў з Масквой у канцы XV — пачатку XVI ст. Смаленск і шэраг вобласцяў на паўночным усходзе адышлі да Расіі, а пасля заключэння Люблінскай вуніі ў 1569 г. ад Вялікага Княства ў склад Польшчы перайшлі землі ўкраінскія, і, такім чынам, пасля гэтага году ў складзе Княства засталіся Літва і Беларусь (аднак, калі выпрацоўваліся першыя два Статуты, удзел прымалі і ўкраінскія вобласці). Насельніцтва гэтай дзяржавы было неаднародным як у нацыянальных, так і ў рэлігійных адносінах: на захадзе жылі літоўцы-каталікі, на ўсходзе, займаючы асноўную частку тэрыторыі, — праваслаўныя беларусы і ўкраінцы.

Вялікае Княства ўяўляла сабой манархію, першая асоба якой абіралася прадстаўнікамі пануючага класа. Зрэшты, выбарнасць абмяжоўвалася тым, што да сканчэння дынастыі Ягайлавічаў (1572) вялікія князі абіраліся толькі з прадстаўнікоў гэтага роду, а апошні з нашчадкаў Ягайлы, Жыгімонт II Аўгуст, нават быў каранаваны дзевяцігадовым пры жыцці бацькі.

Улада вялікіх князёў, вельмі моцная пры Вітаўце (памёр у 1430 г.), пазней аслабла, і калі Вітаўт мог, напрыклад, «вывести» з Кіева і Кіеўскага княства князя Ўладзіміра, старэйшага сына Альгерда, даўшы яму ўзамен нязначныя Капыль і Слуцак (паўднёвая Беларусь), дык у далейшым тытулаваная і нетытулаваная знаць да таго пашырыла свае ўладанні, што стала вырашальнай палітычнай і эканамічнай сілай у краіне. Дыспануючы велізарнымі зямельнымі ўладаннямі, магнаты былі там па-сутнасці неабмежаванымі ўладарамі, прыгнятаючы ня толькі сялян ці гараджан, але таксама і шляхту. Шляхта цярпела ўціск і з боку вялікакняскай адміністрацыі.

Аднак, ужо да канца XV ст. шматлікая шляхта, валодаўшая зброяй і абавязаная выступаць па патрабаванню вышэйшай улады на вайну, адчула сваю сілу і стала дамагацца выдання «пісаных законаў», бо як магнаты, так і княская адміністрацыя пры вынясенні судовых выракаў карысталіся звычаёвым правам, тлумачыўшы яго па-свойму, або ўласнай воляй.

З’яўленне пытання пра неабходнасць выдання Статута ў афіцыйных колах можна аднесці да 1501 г., калі вялікі князь Жыгімонт I, выдаючы пацвярджальны прывілей Валынскай зямлі, адзначыў, што прывілей будзе дзейнічаць да той пары, «пока права Статута у отчизне нашей не уставим»[9]. Гэта была быццам эпізадычная згадка, але разам з тым яна сведчыла пра тое, што пытанне аб выданні Статута ужо наспела.

Афіцыйна ўпершыню размову пра патрэбу выпрацоўкі Статута ўзнялі на Віленскім сойме ў 1514 г.[10] Аднак справа гэтая ўсё зацягвалася, бо магнаты Вялікага Княства «прыкладвалі ўсе намаганні», каб не дапусціць да стварэння такога зводу[11]. I гэта палкам натуральна, паколькі зацвярджэнне «Пісаных правоў» мела моцна скараціць ix сваволю .

Нарэшце, у 1522 г. на сойме ў Горадні станы звярнуліся да [вялікага] князя з просьбай выдаць «пісаныя законы». У тым жа годзе Статут быў выпрацаваны i ў снежні ўрад пастанавіў увесці яго ў дзеянне, аднак гэта не было зроблена[12].

Што ўяўляў Статут 1522 г. i як ён абмяркоўваўся — да гэтага часу няясна. Згодна з дадзенымі І.Даніловіча, Статут быў выпрацаваны «з старых статутаў i канстытуцый» (соймавых пастаноў). Аднак, што ўяўляў сабою гэты Статут i як яго абмяркоўвалі на сойме, не гаворыць i Даніловіч[13]. Даніловіч сцвярджае, што ў 1524 г. вялікі князь пераслаў тэкст Статута канцлеру Альбрэхту Гаштаўту, каб той «агаласіў» звод, але «некаторыя члены (ураду — М.У.) папрасілі не выдаваць яго». Выдалі Статут у 1529 г.[14]

Тое, што магнаты былі супраць Статута, гэта цалкам відавочна, аднак, калі Статут быў прадстаўлены i зацверджаны на працягу няпоўных 9 месяцаў (сойм працаваў у лютым — сакавіку), дык калі ўсё гэта было зроблена? Відаць, затрымка з увядзеннем яго ў жыццё стала вынікам ня толькі супраціву магнатаў, але i таго, што якасць зводу была не надта высокай.

Першапачаткова Статут 1529 г. меркавалася надрукаваць, тым больш, што да таго часу ў Вільні ўжо некалькі гадоў дзейнічала друкарня Францішка Скарыны, у якой былі надрукаваныя «Малая падарожная кніжка» (1522) i «Апостал» (1525). Ідэя гэтая, аднак, не ажыццявілася, i Статут пачаў дзейнічаць у рукапісным выглядзе.

Стаўшы агульнадзяржаўным законам, Статут быў запатрабаваны ў многіх сотнях асобнікаў. У велізарнай дзяржаве мовы i дыялекты ў розных раёнах істотна адрозніваліся, таму можна лічыць, што пры перапісванні падобныя асаблівасці мусілі адлюстравацца ў тэксце, не гаворачы пра непазбежныя памылкі перапішчыкаў.

Пасля зацвярджэння зводу 1566 г. патрэба ў «Старым» Статуце значна скарацілася, а гэта азначала, што каштоўнасць яго зменшылася, з прычыны чаго i берагчы яго сталі менш. З выхадам жа ў свет друкаванага Статута 1588 г. значэнне папярэдніх яшчэ больш знізілася. У два наступныя стагоддзі «Стары» Статут стаў творам настолькі састарэлым, i патрэба ў ім настолькі ўпала, што ён як бы знік наогул. Працэс гэты мусіў паскорыцца тым, што, пачынаючы з канца XVII ст., кірыліца ў Вялікім Княстве па-сутнасці выйшла з ужытку i стала незразумелай. Такім чынам, калі да «Старога» Статуту з’явілася цікаўнасць, дык выявілася, што знайсці яго вельмі цяжка.

Аднак, у рэшце рэшт некалькі асобнікаў удалося адшукаць. Старажытныя рукапісы i кнігі захоўваліся ў манастырах (кляштарах) i яшчэ больш у прыватных зборах. У XVIII ст. (як, зрэшты, i раней) некаторыя магнаты Рэчы Паспалітай мелі вельмі буйныя зборы кніг i рукапісаў на самых розных мовах i з самых розных эпох. Так, у бібліятэцы Залускіх у Варшаве мелася 300 тысяч кніг i 10 тысяч рукапісаў[15]. Вельмі вялікія былі зборы Радзівілаў у Нясвіжы, Храптовіча ў Шчорсах, Чартарыскіх у Пулавах, i г.д.

Пытаннямі гісторыі права Вялікага Княства Літоўскага ўпершыню сур’ёзна пачаў займацца ў канцы XVIII ст. буйны землеўладальнік i шырокаадукаваны чалавек Тадэвуш Чацкі, уладанні якога знаходзіліся на Правябярэжнай Украіне, у прыватнасці цэнтрам яго дзейнасці быў горад Крамянец, з якога Чацкі ствараў навуковы i вучэбны цэнтр (у польскім духу) для ўсёй Правабярэжнай Украіны. Чацкі ці ня першым з даследчыкаў атрымаў рукапісны асобнік Статута (на лацінскай мове), вывучыў яго i вынікі сваіх назіранняў апублікаваў у двухтомнай працы, якую назваў «Аб літоўскіх i польскіх правах»[16]. У сваёй працы ён крануў ўсе тры Статуты, але мы тут гаворым толькі пра тое, што ён казаў пра Першы. Увогуле, у вялікай працы Чацкага Першаму Статуту месца адведзена вельмі нямнога. Але сутнасць у тым, што ў ёй упершыню гэтае пытанне ўзнята.

Па словах Чацкага, асобнік Статута, які апынуўся ў яго, меў на вокладцы лічбу 1538 i ініцыялы J.U., што, на думку Чацкага, азначала Якаў Уханьскі (Jaków Uchański). У 1784 г. рукапіс Статута быў падараваны каронным (г.зн. польскім — М.У.) пісарам Казімірам Ржэвускім каралю Станіславу Аўгусту, які перадаў яго Чацкаму. Чацкі лічыў, што другі асобнік Статута меўся ў земскіх актах, але потым загінуў, i што таму ягоны асобнік адзіны. Дарэчы, Чацкі думаў, што Статут існуе толькі на лацінскай мове. Асобнік, які трапіў да яго, пазней называўся Порыцка-Пулаўскім (Порыц — маёнтак Чацкага, Пулавы — Чартарыскага).

Праца Чацкага спачатку расцэньвалася як найвышэйшае дасягненне польскай навукі. Дастаткова сказаць, што Ігнаці Даніловіч, які стаў да пачатку 20-х г. самым буйным знаўцам Статутаў, назваў яе «безсмяротнай»[17]. Але Чацкі, пры ўсіх сваіх сапраўды шырокіх ведах, быў дылетантам, пгто вельмі хутка стала ясна спецыялістам. Аднак у агульным гэта не магло паменшыць значэнне прац Чацкага як першаадкрывальніка.

Пакідаючы Чацкаму ролю першага, хто пачаў вывучаць Статуты, сапраўдным заснавальнікам гэтае справы трэба лічыць (і з поўным правам) Ігнація Даніловіча, які ня толькі першым выклаў (у самым кароткім выглядзе) гісторыю знаходак рукапісаў Статута ў арыгінале, г.зн. на старабеларускай, лацінскай i польскай мове, але i правёў па сутнасці ўсю працу па падрыхтоўцы Статута (Першага) да друку.

Рукапіс Першага Статута быў знойдзены ў Вільні ў 1815 г. у бібліятэцы Віленскага універсітэта, куды ён трапіў з бібліятэкі езуітаў, у якую, у сваю чаргу, быў прывезены са Слуцка (былая сталіца князёў Алелькавічаў-Слуцкіх), з калекцый кальвінскага «збора». Яшчэ раней ён належаў Яну Казіміру Пашкевічу, потым знаходзіўся ў бібліятэцы Казіміра Клакоцкага[18]. Такім чынам, уладальнікі гэтага рукапісу прасочваюцца з канца XVII i прыкладна праз усё XVIII ст. Даніловіч даў яму назву «Слуцкі».

У 1817 г. Карл Сцыпіён перадаў Варшаўскаму таварыству сяброў навук другі асобнік арыгінала Статута. Гэты рукапіс раней належаў бабулі Сцыпіёна, якая паходзіла з Фірлеяў, таму яму далі назву «Фірлеяўскі»[19].

У 1820 г. граф Цітус Дзялыньскі купіў у Мацея Казлоўскага за 30 дукатаў трэці асобнік Статута ў арыгінале, рукапіс якога аказаўся самым спраўным (непашкоджаным). Па прозвішчы ўладальніка яго называюць рукапісам Дзялыньскага[20]. У 1823 г. Даніловіч пісаў, што граф Дзялыньскі ўжо два гады як дазволіў Лялевелю карыстацца «найцікавейшым рукапісам рускага Першага статута». У другім месцы Даніловіч паведамляў, што Дзялыньскі «пазычыў» Статут Лялевелю[21]. Відавочна, гэта трэба разумець так, што рукапіс быў перасланы ў Вільню, дзе ім пачаў займацца Даніловіч. Сам Даніловіч напэўна ніколі з Дзялыньскім не сустракаўся, у кожным разе ён яшчэ ў 1819 г. пытаўся ў Лялевеля: хто такі Дзялыньскі?[22]

Першы час пасля знаходкі Статута 1529 г. на мове арыгінала ў яго даследаванні разам з Даніловічам удзельнічаў таксама Яўхім Лялевель, значна больш вядомы як палітычны дзеяч, або як гісторык Польшчы, хоць ён, знаходзячыся ў Вільні, нямала займаўся i гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.

Пра Даніловіча, ягоную знаходку Супрасльскага летапісу i яго выданні кароткія звесткі прыведзены ў нашых «Нарысах»[23]. Асобную манаграфію яму прысвяціў літоўскі гісторык А.Янулайціс[24].

Сын беднага вуніяцкага святара з-пад Бельску (крайні паўднёвы ўсход Беларусі, зараз у межах Польскай Рэспублікі), пасля школы ў г. Ломжы, а потым Беластоцкай гімназіі, дзе атрымаў грунтоўную падрыхтоўку па мовах лацінскай, нямецкай i французскай, Даніловіч паступіў у Віленскі універсітэт, які скончыў са званнем магістра права ў 1812 г. З 1822 г. ён прафесар таго ж універсітэту. Найважнейшым яго заняткам стаў пошук крыніц па гісторыі права Вялікага Княства Літоўскага. У гэтай справе, як i наогул у кожнай іншай, ён выяўляў велізарную энэргію i ў хуткім часе ў Супрасльскім манастыры (на сёння ў межах Польшчы) знайшоў летапіс, які атрымаў назву Супрасльскага, а затым i апублікаваў яго. Даніловіч жа, пасля знаходкі ў Вільні рукапісу Статута 1529 г., стаў галоўным, хто рыхтаваў гэты помнік да друку, а потым шэраг прац пра яго.

У тыя часы, калі знаходкі паступалі адна за другой, Віленскі універсітэт перажываў росквіт сваёй дзейнасці. Менавіта там сканцэнтраваліся навуковыя сілы, якія займаліся вывучэннем гісторыі [агульнай], гісторыі права, прыроды i г.д. як Літвы, так i Беларусь Акрамя згаданых ужо Даніловіча i Лялевеля, у той час ва універсітэце працавалі такія вядомыя вучоныя, як М.Баброўскі, І.Ярашэвіч, А.Сасноўскі, І.Анацэвіч, І.Лабойка. Ледзь не ўсе яны бралі нейкі ўдзел у даследаванні Статута, але асноўная роля належала І.Даніловічу.

Да таго часу, як Дзялыньскі даслаў у Вільню свой cnie, Даніловіч грунтоўна вывучыў Слуцкі. Дзялыньскі, які потым граў вырашальную ролю ў справе выдання Статута 1529 г., з’яўляўся багатым чалавекам, сабраўшым у сваім маёнтку Курнік (каля Познані) масу рукапісаў i кніг. За ўдзел у паўстанні 1831 г. ён быў асуджаны расійскім урадам да смяротнага пакарання, але ўхіліўся ад расправы. У 1848 г. за ўдзел у рэвалюцыйным руху ў Прусіі прускі ўрад наклаў на яго ўладанні секвестр, аднак ён хутка быў зняты. У сваёй антыўрадавай дзейнасці ў Прусіі Дзялыньскі, відаць, далёка не заходзіў. У 1828 г. ён пачаў друкаваць рознага кшталту крыніцы па гісторыі Польшчы (у 1828 г. успаміны Яна Кілінскага, аднаго з вядомых удзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі), у 1829 г. стаў сябрам Варшаўскага таварыства сяброў навук, пазней выдаў васьмітомную серыю дакументаў пад назвай «Акты Таміцыяна»[25]. Потым ён жа выдаў Статут.

Праца над падрыхтоўкай Статута да друку ўжо блізілася да завяршэння, калі раптам перапынілася. У 1823 г. царская паліцыя выкрыла шэраг нелегальных арганізацый студэнтаў Віленскага універсітэта, пачаліся масавыя арышты, многа прафесараў універсітэта звольнілі. A Даніловіч у 1824 г. быў прызначаны прафесарам Харкаўскага універсітэта, г.зн. мусіў пакінуць Вільню. Аднак, ён паехаў адразу не ў Харкаў, a ў Пецярбург, дзе пачаў працаваць у зборах М.П.Румянцава ды ў Імператарскай бібліятэцы, у фондах былой бібліятэкі Залускіх.

28 студзеня 1825 г. Даніловіч пісаў з Пецярбурга Лялевелю, што ён з’ехаў «па-дыягенску», г.зн. бяз усяго, пакінуўшы ўсе свае творы на месцы, недапрацаванымі. Улічваючы абставіны, якія тады склаліся, ён пісаў, што гатовы друкаваць тэкст Статута Дзялыньскага «рускімі літарамі» (відаць, «гражданкай»?), але побач хацеў даць тэксты лацінскі i польскі. Спрабуючы знайсці якое-небудзь выйсце з той сітуацыі, Даніловіч разважаў пра магчымасці далучэння да гэтай справы «канцлера», г.зн. М.П.Румянцава, прычым згаджаўся (каб скараціць выдаткі) друкаваць Статут без каментараў[26].

Натуральна, што рыхтуючы Статут да публікацыі, як Даніловіч, так i ўсе асгатнія, хто меў дачыненне да гэтай працы, думалі пра тое, як перадаць тэкст у друку. Амаль двухвекавая практыка Рэчы Паспалітай прывучыла да таго, што пры перапісванні старажытных кірылічных тэкстаў яны перадаваліся польскай графікай. У самога Даніловіча раней у гэтым сэнсе не было ніякіх сумненняў, — друкаваць належыць польскай графікай. Аднак сярод віленскіх вучоных знайшліся такія, хто глядзеў на справу інакш. У лісце Лялевелю ад 22 жніўня 1822 г. Даніловіч паведамляў, што Баброўскі (пэўна, Міхаіл Казіміравіч) выказаў пажаданне, каб Статут быў надрукаваны царкоўна-славянскім шрыфтам[27].

Буйнейшы паліглот свайго часу Баброўскі быў велічынёй такога рангу, што з ім нельга было не лічыцца, але перспектыва друкаваць Статут не лацініцай надзвычай расстроіла Даніловіча: «два гады маёй працы пойдзе на нішто»[28]. 11 ліпеня 1825 г. ужо з Харкава Даніловіч пісаў Лялевелю, што праца над першым Статутам амаль скончаная, другі ж ледзь крануты, але нават калі б усё было гатовае, то друкаваць у Харкаве нельга з прычыны адсутнасці польскага шрыфту. У якасці асноўнага тэксту для першага Статута пойдзе тэкст Дзялыньскага. Напрыканцы Даніловіч паведамляў, што згодны рабіць усё без аплаты («ганарара не чакаю»)[29].

26 верасня 1825 г. Даніловіч паведамляў: «Статут хутка ў мяне будзе гатовы для адсылкі ў рукі Завадскага (Завадскі — самы вядомы на той час выдавец у Вільні — М.У.), рабі з ім што жадаеш, друкуй, змяняй, бяры колькі можаш або i без ганарару, згодны на ўсё з удзячнасцю»[30]. Тое самае ў лісце ад 21 лютага 1826 г.[31]

Значыць, можна лічыць, што ў верасні 1825 г. працы над Статутам былі завершаныя, г.зн., што ў Даніловіча на той час меўся тэкст, гатовы для набору ў друкарні. Што ж уяўляў сабой гэты тэкст? Можна лічыць бясспрэчным, што як Статут, так i ўсе варыянты да яго са спісаў Слуцкага i Фірлеяўскага, былі выкананы лацінкай, г.зн. польскай графікай. Улічваючы грашовыя цяжкасці, на якія ў той час спасылаўся Даніловіч, можна меркаваць, што ўсю работу па перадачы Статута лацінкай ён выканаў сам. Сыходзячы з больш позніх падзей, калі Статут ужо друкаваўся (пра гэта ніжэй), можна дапускаць, што Даніловіч зрабіў два спісы лацінкай, але арыгінал застаўся ў адзіным асобніку. Прычым, ніводнагa са спісаў Статута ў арыгінале пасля ад’езду з Вільні Даніловіч ня меў. Далей вынікае, што ў хуткім часе пасля заканчэння працы Статут быў перасланы Лялевелю, які ў той час знаходзіўся ў Варшаве.

Далей ў ліставанні наступіў перапынак амаль на два гады (цалкам магчыма, што ліставанне i працягвалася, але пра гэта невядома), a калі яно аднавілася, дык пытанне стаяла ўжо аб магчымасці выдання ў Познані. Відавочна, у Вільні абставіны былі такія, што ні Завадскі, ні хто-небудзь іншы друкаваць Статут не рашаўся.

У лістах да Лялевеля ад 15 красавіка i 28 траўня 1828 г. Даніловіч пытае — што з Статутам?[32] Верагодна, рукапіс Статута ў той час знаходзіўся ў Лялевеля, ці дзе ў іншым месцы.

Пра самую гісторыю выдання Статута сведчаць ужо дакументы 1881 г.: брат Яўхіма Лялевеля Прот паведамляў, што Яўхім перадаў рукапіс Статута Варшаўскаму таварыству сяброў навук дзеля выдання, але Таварыства, ня маючы на гэта сродкаў, пераслала ўсё графу Дзялыньскаму ў Познань. Аднак, з іншага ліста таго ж Прота вынікае, што другі асобнік быў або перасланы ў Познань, або застаўся ў Яўхіма Лялевеля. У кожным разе, калі ў лістападзе 1831 г. у Варшаве пачалося паўстанне, у якім Лялевель браў такі значны ўдзел, дык ён да таго часу паспеў прачытаць толькі першыя 40 старонак. Калі набор праводзіўся ў Познані, a карэктуру Лялевель чытаў у Варшаве, дык вельмі верагодна, што ў яго быў другі асобнік тэксту. Прот Лялевель сцвярджае, што ўсе працы Яўхіма апынуліся, у сувязі з паўстаннем, у яго (Прота), i што ён потым перадаў усё Дзялыньскаму[33], a гэта таксама можа сведчыць, што ў Лялевеля быў другі асобнік.

Бясспрэчным у гэтай гісторыі ёсць наступнае. Па-першае, даследаваўшы некалькі спісаў Статута, Даніловіч лічыў (і цалкам справядліва), што самым захаваным з ix з’яўляецца спіс, які належаў графу Дзялыньскаму. Па-другое, Статут быў падрыхтаваны да друку менавіта па спісу Дзялыньскага. Трэцяе, што Дзялыньскі атрымаў рукапіс Статута ці ад Варшаўскага таварыства сяброў навук, ці ж непасрэдна ад Лялевеля; Даніловіч да гэтае справы ўжо ня меў аніякага дачынення.

Статут выйшаў з друку ў Познані ў 1841 г. у складзе аб’ёмнага зборніка, заняўшы ў ім асноўнае месца. Зборнік называўся «Збор помнікаў літоўскага права» (Zbiór praw litewskich). У прадмове, напісанай графам гранічна сцісла — на адну старонку, пра Даніловіча i Лялевеля ні слова. Пры такім становішчы чытачы мелі права лічыць, што падрыхтаваў да друку Статут сам Дзялыньскі.

Аб’ём зборніка вельмі вялікі: 542 старонкі дакументаў, чатыры старонкі тлумачальнага тэксту да прыкладзеных выяў пячатак, 12 аркушаў літаграфічных выяў пячатак, а ў канцы кнігі яшчэ дзве старонкі літаграфічных выяў, на адной з якіх змешчаны першая старонка Статута 1529 г., на другой «Отказ господаря короля его милости всим княжатом и панятом». Дакументы, змешчаныя ў зборніку, напісаныя на мовах лацінскай, старабеларускай і польскай, прычым усё, напісанае па-старабеларуску, перададзена польскай графікай. Хто падрыхтаваў да друку тэксты апрача Статута, у прадмове таксама не гаворыцца.

Да часу выдання «Зборніка» у Польшчы выпрацаваліся пэўныя (хоць і неабавязковыя для ўсіх) правілы транслітарацыі кірылічных тэкстаў польскай графікай; у старабеларускай мове гук «ґ» выбухны (змычны) перадаваўся дзвюмя літарамі «кг» (прозвішча Гаштаўт пісалася як Кгаштолт), пры перадачы таго ж гука лацінкай пісалі «kh», тады як «г» глухое перадавалася літарай «h». Гук «е» перадаецца літарамі «іе» або «jе», але таксама і проста «е». Гук «я» літарамі «іа» або «jа». Літара «у» пры перадачы лацінкай звычайна азначае гук «ы», але таксама і гук «і». Гэтыя правілы, аднак, не заўсёды вытрымліваліся, у асаблівасці гэта тычыцца гука «ж». У польскай графіцы гэты гук перадаецца літарай «z», над якой ставіцца кропка (без яе чытаецца як «з»). Такім чынам «Жигимонт» атрымліваецца як Зікгімонт (Zikhimont). Часам два словы пададзены разам, як адно (ктому), аднак увогуле тэкст у перадачы лацінкай цалкам даступны для разумення.

На працягу больш чым паўстагоддзя вывучэннем Статутаў займаліся асобы польскай культуры, частка з якіх (Даніловіч, Баброўскі, Сасноўскі, Анацэвіч) былі вуніятамі, што значыць не палякамі. Усе яны пісалі галоўным чынам па-польску і, як бачна з сказанага раней, Даніловіч вельмі засмучаўся з тае прычыны, што Статут можа быць надрукаваны царкоўна-славянскім шрыфтам, а не лацінкай. Прычынай такога расстройства вельмі верагодна маглі быць меркаванні аб тым, што асобы, зацікаўленыя ў вывучэнні Статута, з цяжкасцю авалодвалі б старабеларускім тэкстам, прычым цяжкасць гэтая нашмат павялічылася б, калі тэкст перадаць нават не царкоўна-славянскім шрыфтам, а «гражданкай». Статут, выдадзены за мяжой, і тым больш надрукаваны польскім шрыфтам, як і ўвесь зборнік, ня мог атрымаць шырокага распаўсюджвання ў Расіі, не гаворачы ўжо пра тое, што пасля закрыцця Віленскага універсітэта ў 1832 г. у Расіі больш не заставалася цэнтра, дзе б Статут выклікаў цікавасць. Стаўшы эмігрантам, Лялевель быў захоплены іншымі інтарэсамі, Даніловіч, хаця застаўся ў Расіі і стаў прафесарам Харкаўскага, а потым Маскоўскага і Кіеўскага універсітэтаў, быў заняты іншымі пытаннямі. У прыватнасці, у апошнія гады жыцця ён рыхтаваў кодэкс законаў для Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны, г.зн. тых няпольскіх вобласцяў былой Рэчы Паспалітай, якія адышлі да Расіі. (Аднак выпрацаваны і нават зацверджаны кодэкс ня быў уведзены ў дзеянне).

У той сітуацыі ініцыятыва ў справе выдання Статута (дакладней, усіх трох Статутаў) мусіла перайсці да расійскіх вучоных. Але ўжо наперад можна было сказаць, што яна сутыкнецца з цяжкасцямі, паколькі спецыялістаў па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, і тым больш па Беларусі, у Расіі 1850-х г., ды і шмат пазней, ня мелася. У рэшце рэшт за гэтую справу ўзялося Маскоўскае таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, якое выдала ў 1854-55 г. усе тры Статуты: 1529, 1566 і 1588 г. (у 1854 г. былі выдадзены Статуты 1529 і 1588 г., а ў 1855 г. — 1566 г.).

Выданне аб’ёмных і складаных крыніц на працягу двух гадоў, да таго ж на мове, вельмі нязвыклай для выдаўцоў, здаецца, мусіла гарантаваць нізкую якасць працы. Аднак усе тры Статуты надрукаваны ў цэлым на ўзроўні таго часу, прычым трэба адзначыць, што Статут 1566 г. на мове арыгіналу надрукаваны ў «Временнике» адзіны раз.

У літаратуры прынята лічыць, што ўся праца па публікацыі Статутаў выканана сакратаром таварыства І.Д.Бяляевым, але ні ў адным выданні пра гэта не гаворыцца адкрыта; за подпісам Бяляева ідуць толькі прадмовы.

Чаму Таварыства даручыла гэтую вельмі адказную працу менавіта Бяляеву? Да часу выдання Статута Бяляеў быў найбольш вядомы як аўтар даследавання «Сяляне на Русі». Выданне Статутаў мусіла прадугледжваць знаёмства рэдактара з гісторыяй як Вялікага Княства Літоўскага наогул, так і яго асобных частак у прыватнасці, гісторыяй Беларусі, Украіны, а таксама і Польшчы. Абсалютна неабходна было ведаць як мову Статутаў, так і пісьмовасць таго часу ў Вялікім Княстве ўвогуле. Аднак, у спісе работ І.Д.Бяляева, складзеным Мрочак-Драздоўскім у 1905 г.[34], твораў першага, нейкім чынам звязаных з падобнай тэматыкай, няшмат, яны невялікія па аб’ёму, а знаёмства з імі сведчыць пра дрэннае веданне аўтарам прадмета, пра які ён піша. Гэтыя работы друкаваліся амаль усе ў 1860-я г., у часы, калі расійскі нацыяналістычны друк праслаўляў дзейнасць Мураўёва, а «культурнай часткай» палітыкі Мураўёва ведаў І.П.Карнілаў. Творы Бяляева на гэтыя тэмы тады друкаваліся ў газэце «День», у «Православном обозрении», у «Русском вестнике». Самая большая праца І.Д.Бяляева, звязаная з Беларуссю, называецца «Нарыс гісторыі Паўночна-заходняга краю Расіі» (Вільня, 1867). Бяляеў давёў выклад да 1386 г. (да Крэўскай вуніі) і падараваў рукапіс Віленскай вучэбнай акрузе. Цалкам магчыма, што Бяляеў меў папярэднюю дамоўленасць з кіраўніцтвам акругі, у кожным разе кніга была надрукаваная накладам 1200 асобнікаў і бясплатна разасланая па школах акругі. У той час ужо існавала шматтомная «Старажытная гісторыя літоўскага народа» Нарбута[35] і трохтомнік Ярашэвіча «Вобраз Літвы»[36]. Відаць, Бяляеў ня ведаў пра іх, або погляды гэтых аўтараў яго не задавальнялі, і ён у «Нарысе» выклаў уласную канцэпцыю, якая здзіўляе сваёй непісьменнасцю. У выкладзе Бяляева Полацак і ўсё Полацкае княства было калоніяй Ноўгарада, але ў той самы час ён сцвярджае, што ад Прыпяці і да вусця Заходняй Дзвіны, ад верхняга Дняпра да вусця Нёмана жылі яцвягі, а ад Шчары да Бярэзіны — розныя літоўскія плямёны, дасягаючы на ўсходзе вярхоўяў Дняпра. Гэта былі дзікуны ў поўным сэнсе слова. Але калі літоўцы і яцвягі займалі акрэсленую прастору, дык дзе знаходзілася Полацкае княства?

Спроба Бяляева ўварвацца ў вобласць тапанімікі паказвае ягонае невуцтва і ў гэтай галіне. Так, згодна з ягоным меркаваннем, Юра (рака ў заходняй Літве) — назва руская, тады як на самой справе ў літоўскай мове «Юра» азначае «мора». Пултуск (горад у Польшчы), на думку Бяляева, — гэта другая назва Полацка. Відавочна, яго пазнанні ў гісторыі больш позняга часу, у прыватнасці XVI ст., перыяду, калі ствараліся Статуты, былі не вышэйшыя, чым веды аб пачатковым перыядзе. [Яго] прадмовы гранічна абмежаваныя па памерах і адпаведна бедныя па зместу.

Усе тры Статуты, змешчаныя ў «Временнике», займалі толькі яго частку. Так, у 18 кнізе, якая была разбітая на некалькі раздзелаў, у першым з іх, названым «Даследаванні», знаходзіцца артыкул В.Н.Ляшкова «Старажытныя рускія законы аб захаванні народнага багацця» (С.1-42). У наступным раздзеле «Матэрыялы» змешчаны Статут 1529 г.: прадмова — С.І-П; тэкст — С.1-106, змест — С.І-ХVI. Заўважым, што дадзеная ў «Временнике» назва «Старый Литовский статут 1529 г.» — таўталогія, бо ён называўся ці «Стары», ці «Першы», ці «Статутам 1529 г.». Услед за Статутам змешчана «Кніга сеунчэй», якую падаў Бяляеў (С.1-28). Той жа Бяляеў змясціў яшчэ адну публікацыю: «Жалованная обводная грамота 7182 года 30 сентября» (С.1-56). Такім чынам, Бяляеў у 18 кнізе «Временника» змясціў акрамя Статута яшчэ дзве публікацыі, якія ня мелі ніякага дачынення да помніка.

У прадмове да Статута гаворыцца наступнае: «Рэдакцыя “Временника” мела арыгіналам спіс гэтага Статута, выразна і дакладна зняты з рукапісу XVII ст., які захоўваўся ў былой Віленскай Акадэміі. Спіс гэтага рукапісу быў дастаўлены ў Таварыства А.В.Сямёнавым. Варыянты падведзены па спісах Дзялыньскага, Фірлеяўскім і Слуцкім». Далей гаворыцца, што Віленская рэдакцыя (г.зн. тая, па якой друкаваўся тэкст — М.У.) «адной рэдакцыі са Слуцкай, якой карыстаўся для варыянтаў граф Дзялыньскі,… верагодна абодва рукапісы гэтыя былі спісаныя з аднаго старажытнага рукапісу і ўяўляюць вельмі мала варыянтаў адзін да другога».

Статут друкаваўся «без дадаткаў і выпраўленняў па іншых рукапісах, за выняткам тых выпадкаў, дзе ў Віленскім рукапісе нехапала цэлых артыкулаў, якія і ўносіліся ў тэкст, хаця адзіным шрыфтам, але заўсёды з пазначэннем, з якога рукапісу яны браліся».

Публікацыя Статута 1529 г. па Віленскаму рукапісу — самая вялікая памылка (дакладней, недарэчнасць), дапушчаная Бяляевым. Справа ў тым, што Віленскі і Слуцкі спісы — гэта адно і тое ж. Бяляеў і ягоныя супрацоўнікі знайшлі, што рукапісы блізкія, але не ўбачылі, што гэта тое ж самае.

У тым жа 1854 г. у «Временнике» быў надрукаваны і Статут 1588 г., аб’ём якога значна большы, чым звода 1529 г. Дастаткова сказаць, што калі пры аднолькавым фармаце Статут 1529 г. змясціўся на 106 старонках і 16 старонак заняў ягоны змест, дык Статут 1588 г. заняў 382 старонкі тэксту, а пералік назваў раздзелаў знаходзіцца перад тэкстам і ахапляе 24 старонкі. Значыць, сам тэкст займае 358 старонак, што больш чым утрая перасягае аб’ём першага.

Прадмова і да гэтага Статута не перавышае адной старонкі. У ёй гаворыцца, што Статут надрукаваны па Мамоніцкаму выданню 1588 г., «у месцах жа цёмных, ці дзе ў Мамоніцкім выданні сустракаліся пагрэшнасці, карысталіся для выпраўлення і тлумачэння як варыянтамі спісам Статута, пісаным у XVII ст., які быў для гэтага прывезены … князем [М.А.] Абаленскім з Маскоўскага Архіва Міністэрства замежных спраў, і выданнем гэтага Статута на польскай мове з рускім перакладам, надрукаваным у Пецярбургу». Рэдакцыя імкнулася поўнасцю прытрымлівацца Мамоніцкага выдання, нават пры пераносе слоў з радка ў радок.

Статут 1566 г. надрукаваны ў 1855 г. у 23 кнізе «Временника», наогул у тым жа выглядзе, што і два папярэднія. У прадмове, падпісанай І.Д.Бяляевым, гаворыцца, што «Таварыства пастанавіла надрукаваць Статут 1566 года і «паправы» статутавыя 1578 года. I Статут, і «паправы» друкуюцца ўпершыню».

Статут 1566 г. друкаваўся па асобніку Румянцаўскага музея і па каталогу, які быў складзены Вастокавым і лічыўся пад нумарам ССССХІІ. Вастокаў так ахарактарызаваў рукапіс: «пісаны скорапісам польска-рускага почырка XVI стагоддзя, пісаны Васілём Усовічам, гродскім пісарам і прысяжным сіндзікам кіеўскім, як паказана ў розных месцах рукапісу. Гэты спіс Статута Валынскага[37], па некаторых прыкметах мусіць быць тым самым, які належаў бібліятэцы Залускіх і апісаны Яноцкім». «Спіс для Таварыства перапісаны з усёй акуратнасцю чыноўнікам Археаграфічнай камісіі Г.Цімафеевым, які быў добра знаёмы з старажытнай заходнерускай гаворкай і займаўся некалькі гадоў пры выданні «Актаў Заходняй Расіі…». Пры публікацыі Статута 1566 г. рэдакцыя «Временника» у месцах цёмных і незразумелых карысталася, дзе магчыма, як варыянтамі і дапаможнікамі Статутам 1529 і Статутам 1588 г.». Рэдакцыя гэтага выдання цалкам трымалася правапісу рукапіса.

Тэкст Статута на С.14-189. Далей, на С.200-222 «Поправа статутовая на сойме Варшавском ухваленая и поставленая. Артикулы поправ статуту Литовского на сейме валном в Варшаве 1578 года».

Выхад у свет усіх трох Статутаў на мове арыгіналу мусіў, здавалася б, сустрэць шырокі водгук сярод навукоўцаў, аднак гэта адзначылі вельмі сціпла, прычым, ацэнка, дадзеная першым рэцэнзентам Бершадскім, была далёка не аб’ектыўнай: Бершадскі лічыў, што Статут (1588 г.) дакладна перадае тэкст арыгіналу, аднак Бадзянскі адзначыў, што да дакладнасці ў дадзеным выпадку далёка, бо шэраг літар, што выйшлі з ужытку ў грамадзянскім шрыфце (амега, псі, ксі і некаторыя іншыя), заменены сучаснымі, надрадковыя літары унесены ў тэкст, цітлы раскрыты, што ў прадмове не аговорана. Акрамя таго, ёсць і памылкі. Але ні Бадзянскі, ні сам Лапа[38], які ведаў пра ўсе недахопы выдання «Временника», не адзначылі «паправак», унесеных рэдакцыяй у тэкст. У рукапісах, пісаных на старабеларускай мове, літара «і» сустракаецца вельмі рэдка (звычайна стаіць «и»). Аднак, у выданнях «Временника» «і» стаіць усюды, дзе гэта патрабавалася рускай граматыкай таго часу, г.зн. перад зычнымі. Далёка не заўсёды ў канцы слова, калі яно сканчалася на зычны, у беларускіх рукапісах стаялі «ъ» ці «ь», у прыватнасці, калі ў слове, што сканчалася на зычны, апошняя літара была надрадковай, то выбар знака залежаў ад рэдактара, але паколькі аўтар ня быў упэўнены, ці патрэбна ставіць нейкі знак, і тым больш, што, магчыма, там ня трэба было ставіць ніякага, тады як у «Временнике» знак «ъ» ці «ь» ставілі заўсёды, калі слова сканчаецца на зычны.

Ня гледзячы на ўсе гэтыя недахопы, чытачы атрымалі ў рукі Статуты на мове арыгіналу, тым больш, што Статут 1566 г. на ёй і да гэтага часу яшчэ не перавыдадзены.

Пасля «Временника» Першы Статут быў зноў перавыдадзены толькі праз 104 гады, у 1960 г.[39] Ажыццявіў гэтае выданне Аддзел прававых навук Акадэміі навук Беларусі[40]. Яно ўяўляе сабой нешта падобнае на хрэстаматыю, бо акрамя самога Статута ў арыгінале там дадаецца яго пераклад на рускую мову, а ў канцы кнігі яшчэ «слоўнік-каментарый», які тлумачыць шэраг тэрмінаў, што, як здавалася выдаўцам, будуць для чытачоў незразумелымі («В связи с тем, что без специальной лингвистической подготовки чтение текста Статута в значительной степени затруднено») (С.11). Выдаўцы, трэба лічыць, выявілі празмерны клопат аб чытачах. Статут жа прызначаецца для семінарскіх заняткаў у ВНУ і наогул для выкарыстання навуковымі супрацоўнікамі. Вядома, што пры наяўнасці пераклада чытачы арыгіналам пераважна не карыстаюцца, і такім чынам пазбаўляюць сябе магчымасці вывучыць мову арыгінала, што патрабуецца пры чытанні ня толькі Статута, але і наогул велізарнай масы пісьмовых крыніцаў ХVІ-ХVІІ ст. Больш за тое, у пачатку кнігі змешчаны артыкул У.І.Пічэты: «Літоўскі статут 1529 года і яго крыніцы». Такім чынам, з 17 друкарскіх аркушаў, якія складаюць кнігу, сам Статут займае крыху больш за траціну[41].

Праца У.І.Пічэты была адшукана пасля смерці вучонага, таму яна, найверагодней, не лічылася падрыхтаванай да друку, акрамя таго рэдакцыя, змяшчаючы артыкул, не адзначыла, што ён раней быў надрукаваны ў 5 томе «Вучоных запісак Інстытута славяназнаўства», у выніку чытач мае права ўважаць, што артыкул напісаны спецыяльна для мінскага выдання Статута.

У 1960 г. Статут выдадзены па спісах Дзялыньскага, Слуцкаму, Фірлеяўскаму і Замойскаму: у аснову пакладзены спіс Дзялыньскага, астатнія выкарыстаны для падводкі варыянтаў. На жаль, рыхтуючы Статут да друку, супрацоўнікі рэдакцыі «у твар» пазнаёміліся толькі з спісам Слуцкім, які знаходзіцца ў Бібліятэцы імя М.Е.Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе, у дачыненні ж да спісаў Дзялыньскага і Замойскага задаволіліся фотакопіяй, а што тычыцца Фірлееўскага, дык рэдакцыя адзначыла, што аб ім «нельга сказаць нічога, таму што да гэтага часу ён не адшуканы і невядома, ці захаваўся» (С.5). Як ён пры гэтым быў выкарыстаны, незразумела. Чаму гэты спіс быў названы Даніловічам «Фірлеяўскім» (пра гэта гл. вышэй), — у прадмове гэта асветлена вельмі няясна.

Як вынікае са сказанага, рэдакцыя выявіла празмерны клопат адносна будучага чытача Статута, дакладней, яна прадбачыла скрайне нізкі ўзровень развіцця гэтага чытача. Аб гэтым сведчыць ня столькі артыкул У.І.Пічэты, колькі пераклад і слоўнік-каментар. Наяўнасць пераклада рэдакцыя тлумачыць тым, што без спецыяльнай лінгвістычнай падрыхтоўкі чытанне тэксту Статута ў значнай ступені ўскладанена. Але ж гэта трэцяе выданне таго ж Статута, не гаворачы пра тое, што два наступныя надрукаваны без перакладаў. Як тады абходзіліся чытачы, у такім выпадку, да 1960 г.? Трэба згадаць і тое, што акрамя Статутаў надрукаваны дзясяткі тысяч дакументаў на той самай старабеларускай мове ў розных выданнях у мінулым стагоддзі, а яшчэ большая колькасць знаходзіцца ў архівах і бібліятэках. Нельга ж кожнаму, хто займаецца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, рабіць пераклады ўсіх дакументаў.

Але ўявім, што пераклад змешчаны, для чаго ж, у такім разе, яшчэ слоўнік-каментар? З нашага пункту гледжання, калі рэдакцыя ўжо так імкнулася аблегчыць долю сваіх чытачоў, цалкам дастаткова было б ці слоўніка, ці пераклада.

Якім тэрмінам рэдакцыя палічыла неабходным даваць тлумачэнні? Іх некалькі сотняў, прычым каментары на асобныя словы вельмі вялікія. Да такіх асабліва пашыраных адносяцца [тлумачэнні] тэрміну «віна», «вянец», «Вялікае Княства Літоўскае» і шэраг іншых. У некаторых выпадках тлумачэнне здаецца не бясспрэчным, а часам і памылковым. Да небясспрэчных, напрыклад, адносіцца тэрмін «паны-рада», у іншых выпадках тэрміны перакладзены недакладна. «Одрына», напрыклад, гэта «сеновал», але «навес» адрынай не называецца; такое збудаванне называла «паветкай», г.зн. «поветь». Тэрмін «цівун» у Беларуси дажыў да XX ст.: так называлі дробных адміністратараў у панскіх маёнтках.

У 1985 г. у Вільні .выйшла частка першая тома першага Статута (1529 г.)[42]. Гэтае выданне адрозніваецца ад усіх папярэдніх як сваім вонкавым выглядам (памер 25 х 32), выдатнай паперай, цудоўным агульным афармленнем, так і зместам. Першая частка змяшчае палеаграфічны і тэксталагічны аналіз усіх вядомых да гэтага часу спісаў, незалежна ад мовы. У другой частцы мусяць быць змешчаны каляровыя факсіміле тэкстаў Дзялыньскага, Лаўрэнцеўскага і Альшэўскага, г.зн. тэксты Статута на мовах арыгіналу (Дзялыньскага), рускай (Лаўрэнцеўскі) і польскай (Альшэўскі). Трэба сказаць, што кошт першай часткі — 35 рублёў. Кошт другой часткі, можна меркаваць, павінен быць значна вышэйшы, але такое выданне каштуе гэтых грошай. Увесь тэкст ад рэдакцыі на літоўскай і рускай мовах.

Гістарыяграфічная частка (С. 13-22) утрымлівае самы поўны агляд існуючай літаратуры аб Статуце (роля Лялевеля ў справе выдання Першага Статута нам здаецца перабольшанай за кошт Даніловіча, С. 15). У прыватнасці, у гістарыяграфіі адзначана дзейнасць В.А.Мацяеўскага, які выявіў невядомы раней спіс, атрымаўшы назву «Замойскі» (С. 16). У працы ахарактарызаваны вонкавыя прыкметы спісаў Фірлеяўскага, Замойскіх, Дзялыньскага, Слуцкага, Лаўрэнцеўскага (С.95), Пулаўскага, спісаў Статута на польскай мове (Свідзінскага, Альшэўскага). Г.зн. да тых спісаў, апісанне якіх звычайна давалі, дададзены з Замойскіх і Лаўрэнцеўскага, а акрамя таго…[43]

Апісаньне спісаў. Фірлеяўскі (С.25-49), Замойскіх (С.5065), Дзялыньскі (С.66-76), Слупкі (С.77-94). Апісаны таксама асобнік Статута — яго копія, зробленая ў Бібліятэцы АН, транскрыбаваная грамадзянскім рускім шрыфтам (С.93-94). Лаўрэнцеўскі, Шульпфарт ГДР (С.95-103). Знойдзены ў 1976 г. на лацінскай мове. Чаму Лаўрэнцеўскі, не гаворыцца. Пулаўскі (С.104-120). Тэкст Пулаўскага вельмі блізкі да Лаўрэнцеўскага. Лаўрэнцеўскі напісаны ў Кракаве (С.115).

Спісы Статута на польскай мове. Свідзінскі спіс. Страчаны пад час вайны (С.121). Вострабрамскі (С.123). Вострабрамскі дасканала перапісаны Лялевелем, у Курніцкай бібліятэцы (С.123). Альшэўскі.[44]


[1] У арыгінале Статут называўся ў поўнай форме так: Права писаные даны панству Великому Князьству Литовскому, Рускому, Жомойтскому и иных через наяснейшого пана Жикгимонта з божее милости короля полского, великого князя литовского, руского, пруского, жомойтского, мазовецкого и иных (Статут Великого Княжества Литовского 1529 года. Под редакцией академика АН Литовской ССР К.И.Яблонскиса. — Минск,1960, С.31). Упершыню гэтую назву апублікаваў польскай графікай у 1823 г. Ігнаці Даніловіч (Daniłowicz Ignacy. Opisanie bibliograficzne dotąd znanych exemplarzy statutu litewskiego, rękopiśmiennych, edycyy drukowanych, tak w ruskim oryginalnym, jako też polskim i łacińskim języku // Dziennik wileński, 1823. T.I, Wilno, S.388).

[2] Полное собрание законов Российской империи. Изд второе. Т.15, отд.1, №13591.

[3] Лаппо И.И. Литовский статут 1588 года. Том II. Текст. — Каунас, 1938. С.165. (Гл. таксама: Статут Вялікаіа Княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. — Мінск, 1989. С.140. — Рэд.).

[4] Тамсама, С.17. «Обчым» наогул азначала «чужым», а ў дадзеным выпадку мелася на ўвазе мова польская.

[5] На польскай мове Статут быў выдадзены яшчэ ў 1614, 1619, 1648, 1694, 1788, 1819 г. (Міхайла Грушэўскі падаваў 1614, 1619, 1648, 1693, 1698, 1744, 1786 г., і дадаваў: «а мабуть було іх і більше»// М.Грушевський. Історія Украіни-Руси, Т.5, С.620. — Рэд.).

[6] Временник Московского Общества истории и древностей Российских. Т.ХІХ. — Москва, 1854.

[7] Юхо І.А. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. // Беларуская Савецкая энцыклапедыя. Т.10, С.58.

[8] Опыт российской библиографии. 4.1-5. — С-Петербург, 1813-21.

[9] Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства. — Киев, 1889. С.73. Цытавана паводле працы У.І. Пічэты: Белоруссия и Литва XV-XVI в. — Москва, 1961, С.507.

[10] Любавский М.К. Литовско-русский сейм. — Москва, 1901. С.199.

[11] В.И.Пичета. Белоруссия и Литва XV-XVI в., С.507.

[12] Тамсама, С.508.

[13] Danilowicz I. Opisanie bibliograficzne dotąd znanych exemplarzy statutu litewskiego, rękopiśmiennych, edycyy drukowanych, tak w ruskim oryginalnym, jako też polskim i łacińskim języku // Dziennik wileński. 1823, T.I (II), Wilno, S.380-381.

[14] Ibidem.

[15] История Польши. Т.І. Второе издание. — Москва,1956. С.339-340.

[16] Czacki Т. O litewskich i polskich prawach, o ich duchu, źródłach, związku i o rzeczach zawartych w pierwszym Statucie dla Litwy 1527 (1529) roku wydanym. — Warszawa, 1800-1801, T.l-2.

[17] Daniłowicz I. Opisanie bibliograficzne…, S.386.

[18] Ibidem, S.388, 389.

[19] Ibidem, S.392.

[20] Ibidem, S.389.

[21] Ibidem, S.389.

[22] Z listów do Joachima Lelewela. Zebrała Leokadija Sadowska // Ateneum Wileńskie, R.VI, Z.3-4. — Wilno, 1929, S.612.

[23] Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — Москва, 1973, С.59-62.

[24] Janulaitis A. Ignas Danilavičius.

[25] Bodniak S. Dzialyriski Adam Tytus (1796-1861) // Polski słownik biograficzny. T.VI/I. — Kraków, 1946. S. 77-78.

[26] Z listów do Joachima Lelewela, S.619, 620.

[27] Ibidem, S.617.

[28] Ibidem, S.617.

[29] Ibidem, S.619, 620.

[30] Ibidem, S.620.

[31] Ibidem, S.621.

[32] Ibidem, S.623,624.

[33] Ibidem, S.633.

[34] Мрочек-Дроздовский П. Список трудов И.Д.Беляева (I. Исследования и статьи. II. Материалы и заметки. III. Посмертные издания.). — Москва, 1905.

[35] Narbutt Т. Dzieje starożythe narodu litewskiego. — Wilno, Т.I-IХ.

[36] Jaroszewicz I. Obraz Litwy pod względem jej cywilizacyi od czasów najdawniejszych do końca wieku XVII. T.I-III. — Wilno, 1835-1841 (1844-1845.-Cz.l-3).

[37] Статут 1566 г. часта называецца Валынскім, бо пасля далучэння Валыні да Польшчы ў 1569 г. там захаваўся гэты Статут, тады як у Вялікім Княстве Літоўскім з 1588 г. дзейнічаў новы Статут — Трэці.

[38] Лаппо И.И. Литовский статут 1588 года. Том ІІ. Текст, С.ІІІ.

[39] У 1917 г. у Растове-на-Дану Статут 1529 г. быў перавыдадзены Іанікіям Аляксеевічам Маліноўскім у хрэстаматыі «Сборникъ памятниковъ древняго русскаго права» (Рэд.)

[40] Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Под ред. акад. АН Литовской ССР К.И.Яблонскиса. Текст статута к печати подготовил к.ф.н. П.Ф.Крапивин. Переводы и комментарии К.И.Яблонскиса, Ю.И.Чернецкой, П.Ф.Крапивина, Л.С.Абецедарского. — Минск, 1960.

[41] Гл. тамсама: Прадмова — С.2-12; артыкул У.І.Пічэ’гы — С.13-30; тэкст Статута ў арыгінале — С.32-131; тэкст перакладу — С.132-216; дадатак — С.217-223; слоўнік-каментар — С.224-251.

[42] Первый Литовский Статут. Палеографический и текстологический анализ списков. Вильнюсский государственный университет им.В.Капсукаса, Институт истории АН Литовской ССР. С.Лазутка, Э.Гудавичюс. — Вильнюс, 1983. Тираж 3000 экз.

[43] Далей неразборліва (Рэд.).

[44] На гэтым рукапіс абрываецца ([Рэд.).

Наверх

Улашчык М. М. Заўвагі на некаторыя раздзелы рукапісу «Белоруссия в XIII — середине XVI в.»

18 траўня, 1996 |


Назва.[1] Акрамя таго, што няясная, яна не адпавядае зместу, таму што матэрыял фактычна выкладаецца да 1569 г., гэта значыць да Люблінскай вуніі. Што тычыцца пачатковай даты, то аўтары яўна мерыліся выкласці гісторыю Беларусі з моманту яе ўключэння ў склад Вялікага Княства Літоўскага, аднак ні пачатковая, ні канечная дата не агавораны, і засталіся проста стагоддзі. Але гістарычныя падзеі не разрэзваюцца механічна на кавалкі; для выдзялення пэўнага часу патрэбна адпаведная матывацыя.

Прадмова. Вельмі кароткая і цалкам прысвечаная самаўсхваленню: «Праца з’яўляецца першаю, прысвечанаю ўсебаковаму вывучэнню Беларусі» (С.1).«Упершыню ў савецкай гістарыяграфіі падрабязна раскрыты дзяржаўна-прававы стан беларускіх зямель у Вялікім Княстве Літоўскім» (С.1). Гэтыя выказванні супярэчлівыя і, у кожным разе, незразумелыя: ці гэта азначае, што дзяржаўна-прававое становішча беларускіх зямель з’яўляецца часткаю ўсеабдымнага вывучэння гісторыі Беларусі наогул, або гэта галоўная тэма працы?

Калі казаць пра Беларусь ХІV-ХVІ ст., дык трэба адразу тлумачыць, што для чатырнаццатага стагоддзя выраз «Белая Русь» выкарыстоўваўся ў дачыненні да розных мясцовасцяў, але да сучаснай Беларусі надта рэдка і, напрыклад, па некаторых крыніцах Іван Каліта быў князем «бела-рускім». У самым канцы раздзела аўтар даў грунтоўны агляд крыніц, у якіх згадвалася Беларусь. Мне ўяўляецца цалкам неабходным даць у прадмове кароткае тлумачэнне, як называліся ў мінулым тэрыторыі сучаснай Беларусі і яе народ. Мае назіранні зводзяцца да таго, што выраз «Белая Русь» у пачатковы перыяд, г.зн. вельмі рэдка, выкарыстоўваўся толькі да Полацкага Падзвіння, затым з цягам часу гэтая назва распаўсюджвалася шырэй і шырэй, і ахапляла ўсё Беларускае Падзвінне, затым і Падняпроўе, і толькі ў XX ст., ды й то далёка не ва ўсіх, яна атрымала сучаснае прызнанне.

Але значка часцей за «Беларусь» ужываўся выраз «Русь», прычым пад гэтым разумелася ўся тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага, якая была заселеная славянскім элементам, у асноўным беларусамі і ўкраінцамі. «Рускаю» называлася праваслаўная вера, у працілегласць да «польскай», г. зн.каталіцкай. Рускае насельніцтва і Расія наогул у крыніцах ВКЛ звычайна называліся «Масквой». Гэты выраз выкарыстоўваўся як да горада Масквы, так і да дзяржавы ў цэлым, да расійскага войска, да асобных аддзелаў, і нават да асобнага расійскага чалавека. Што тычыцца расійскіх крыніц, то яны, як правіла, усіх жыхароў ВКЛ, як і саму дзяржаву, называлі Літвою, не бачачы ў гэтых адносінах розніцы паміж асобамі рознай рэлігіі і нацыянальнасці. Таму ў свой час «Літвою» былі і Смаленск, і Вязьма.

Гістарыяграфія. У літаратуры выраз «Беларусь» у дачыненні да ўсёй сучаснай тэрыторыі БССР стаў выкарыстоўвацца толькі пасля рэвалюцыі, ды й то далёка не ўсімі, у той час як уся Віленская і Гарадзенская губерні (а час ад часу і Мінская) адносіліся да Літвы. Да таго ж дваранская і буржуазная гістарыяграфія лічылі, нібыта ў народаў, якія ня мелі сваёй дзяржаўнасці, не было і гісторыі. Пры такім стане пісаць гісторыю Беларусі, здавалася ім, не было падстаў. Вынікам гэтага стала тое, што да рэвалюцыі прац, прысвечаных непасрэдна гісторыі Беларусі (г.зн. названых «Псторыя Беларусі»), налічвалася толькі дзве: Турчыновіча і Ластоўскага. Зразумела, што Беларусь вывучалася і да рэвалюцыі, але ўсё, што пра яе пісалі, уяўлялася не як гісторыя беларускага народу, а як неаддымная частка гісторыі ВКЛ. Таму звычайна гістарыяграфія Беларусі вывучаецца як частка гістарыяграфіі ВКЛ. Гэтаксама зрабіў і аўтар рэцэнзаванай працы, які узяў сабе за ўзор адпаведны раздзел «Образования Литовского государства» У.Ц.Пашуты.

Як і ў Пашуты, у «Историографии» — спачатку выкладзены пункты погляду дарэвалюцыйных расійскіх гісторыкаў, затым (да 1939 г.) польскіх, потым савецкіх і сучасных польскіх і, у рэшце рэшт, нацыяналістычных беларускіх ды літоўскіх.

Такім чынам, «Историография» пачынаецца з працы М.Устралава, сябра Ф.Булгарына, паклонніка Уварава ды ягонай тэорыі самадзяржаў’я, праваслаўя і рускай народнасці, у якога беларусы і ўкраінцы разумеліся як частка рускага народа, не маючая ніякіх правоў ні на ўласную гісторыю, ні сваю культуру. Чаму ў такім выпадку ён стаў родапачынальнікам беларускай гістарыяграфіі? (Між іншага, у «Историографии» апушчана другая праца Устралава (невялікая брашура), спецыяльна прысвечаная характару ВКЛ: «Исследование вопроса, какое место в русской истории должно занимать Великое Княжество Литовское»). Значна болей правоў на першынства належыць Т.Нарбуту, аўтару дзесяцітомнай «Древней истории литовского народа» (аб ім гл. ніжэй).

Магчыма як першаму, Устралаву ў «Историографии» адведзена амаль столькі ж месца, колькі М.В.Доўнар-Запольскаму і У.І.Пічэце разам, што трэба лічыць цалкам ненатуральным.

Услед за Устралавым ідзе М.Каяловіч. У асвятленні аўтара яны быццам раўназначныя, але на самай справе розніца паміж імі вельмі вялікая хаця б таму, што для Устралава заняткі «Западной Русью» былі пераважна справай выпадковай, у той час як для Каяловіча гэта была асноўная тэма яго даследаванняў, ды і якасць ягоных прац значна вышэйшая, чым Устралава.

Далей ідзе Ф.Турчыновіч. Гэта быў першы, хто напісаў гісторыю Беларусі. У «Историографии» яму адведзена палова старонкі, прычым ён залічаны да тых, чые работы маюць характар «палітычнага апавядання, з пераказам розных сведчанняў з летапісаў і іншых крыніц», і далей паведамляецца, што найбольш арыгінальнай часткай яго працы з’яўляецца «апавяданне пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага, ідучы за летапісам, званым Хронікай Быхаўца» (С.8). Але як можа быць арыгінальным твор, які пераказвае хроніку? (Дарэчы, праца Турчыновіча ў гэтым месцы названа «История белорусского края», з чаго можна зрабіць выснову, што ў яго дзве працы, хоць справа ідзе ўсё аб тым жа «Обозрении»).

Якая ні прымітыўная праца Турчыновіча, гэта усё ж,такі першая, прысвечаная проста і непасрэдна Беларусі, прычым яе аўтар рупліва вывучыў літаратуру і крыніцы, што меліся тады, і давёў сваё апавяданне да далучэння паўночна-усходняй Беларусі да Расіі, г.зн. да 1772 г., чаго не зрабіў ні ў той час, ні шмат гадоў пазней, ніхто іншы. У «Обозрении» важны ня толькі тэкст, але і падрабязныя заўвагі (С.20?-299). Трэба было б звярнуць увагу і на дату выхаду гэтай кнігі ў свет: гэта ж 1857 г., эпоха пэўнай лібералізацыі, калі аказалася магчымым выкарыстаць забаронены раней выраз «Беларусь». Між іншым, Турчыновіч лічыў Беларуссю толькі яе ўсходнюю частку да Бярэзіны.

Аўтар «Историографии» не паспрабаваў растлумачыць і таго, чаму ў далейшым, на працягу больш чым 50 гадоў, працы з назваю «Беларусь» ужо не з’яўляліся: відавочна дзейнічала рэакцыя, якая наступіла пасля падаўлення паўстання 1863 г. I наогул зводных прац, хаця б накшталт «Обозрения» Турчыновіча, таксама не было да самага 1910 г., калі з’явілася «Гісторыя» Власта (Ластоўскага).

Пачынаючы з 80-х гадоў, цэнтрам вывучэння гісторыі Вялікага Княства Літоўскага становіцца Кіеў, дакладней Кіеўскі універсітэт, дзе цэлая група прафесараў выдала серыю манументальных прац па гісторыі ВКЛ, [але] пры гэтым у «Историографии» у спіс аўтараў не патрапілі М.Дашкевіч і М.Уладзімірскі-Буданаў, акрамя іх наогул нідзе не згаданыя такія буйныя вучоныя, як Я.Ф.Карскі ды І.І.Лапа.

Гістарыяграфія — гэта спіс прац на вызначаную тэму, хаця б і з кароткім іх зместам; гістарыяграфія павінна паказаць змену пунктаў погляду розных аўтараў, развіццё ідэй. Таму ў падобнай працы (а ў дадзеным выпадку гэта асабліва істотна) неабходна паказаць, хто быў аўтар, якія ён ставіў сабе мэты, з кім палемізаваў, якімі карыстаўся крыніцамі, гэта значыць, што «Историография» павінна быць шчыльна звязаная з крыніцазнаўствам. Нарэшце, хоць бы ў самай сціслай форме неабходна адзначаць, як успрымаліся гэтыя працы, якая вялася вакол іх палеміка.

Любы гістарыяграфічны агляд даследаванняў, што выйшлі за гэты час (канец XIX — пачатак XX ст.), ня можа быць поўным, калі не сказаць, наколькі багацейшая стала на той час крыніцазнаўчая база. Да канца XIX ст. былі апублікаваныя амаль што ўсе вядомыя на сёння летапісы (беларуска-літоўскія), цэлую серыю тамоў выдала Віленская археаграфічная камісія, выйшла некалькі тамоў «Рускай гістарычнай бібліятэкі», якія змяшчалі матэрыялы па гісторыі Беларусі. Эпахальныя працы М.Любаўскага, а затым У.Пічэты грунтаваліся ў першую чаргу на матэрыялах гэтага архіва.

Пералічыўшы (ня цалкам) прозвішчы кіеўскіх аўтараў і не сказаўшы пра іх больш нічога, «Гістарыяграфія» засяроджвае ўсю ўвагу на адной з прац М.Любаўскага, а менавіта на яго «Очерках», адзначыўшы, што гэтая праца з’явілася свайго роду вынікам усіх папярэдніх даследаванняў. Але праігнараваны пры гэтым яго ранейшыя працы, як праігнараваны, дарэчы, і яго «Основные моменты истории Белоруссии» (ужо не Літоўска-Рускай дзяржавы, а Беларусі), што выйшла ў 1918 г., у якой шэраг момантаў асвятляецца па-іншаму. Абышоўшы маўчаннем усё іншае, «Историография» моцна збядніла М.К.Любаўскага; гэта тым больш не зразумела, што ў наступных раздзелах іншыя аўтары вельмі шырока скарыстоўваюць яго «Областное деление» і «Сейм». Аднак, у параўнанні з Любаўскім, у яшчэ больш гаротным выглядзе паказаны М.В.Доўнар-Запольскі.

Калі меркаваць па «Историографии», дык М.В.Доўнар-Запольскі напісаў усяго толькі адну навуковую працу: «Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах», паколькі другая праца, згаданая тут («Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма»), з’яўляецца рэцэнзіяй на «Сейм» М.К.Любаўскага. Не адзначана нават наяўнасць такой вядомай працы, як «Очерки по организации западно-русского крестьянства», але і названыя дзве працы не атрымалі ў «Историографии» ніякай ацэнкі. Калі казаць пра ўклад, які ўнёс Доўнар-Запольскі ў справу вывучэння Беларусі, дык трэба было б адзначыць і ягоныя «Очерки истории Кривичской и Дреговичской земель», і тое, што ён напісаў працу пра Цяпінскага, і што выдаваў «Календарь Северо-Западного края». Увогуле, у спісе прац гэтага вучонага налічваецца каля 200 пазіцый, тады як уся ўвага «Историографии» засяроджана на танюткай брашуры, якая выйшла ў 1919 г., — «Асновы дзяржаўнасці Беларусі».

Вядома, што пераход гісторыкаў на марксісцкія пазіцыі быў цяжкім і ня ўсім наогул аказаўся па сіле. Пра тое, як на працягу 30 гадоў свайго жыцця эвалюцыяваў У.І.Пічэта, трэба было б сказаць больш грунтоўна, хаця б улічваючы тое, што ён быў самым буйным гісторыкам Беларусі ў паслярэвалюцыйны перыяд. Аднак яму гэтаксама не пашанцавала: уся ўвага «Историографии» засяроджваецца на ягонай «Гісторыі», што выйшла ў 1924 г., а затым на адпаведных раздзелах падручнікаў для ВНУ, а з гэтых прац бяруцца толькі моманты, якія тычацца становішча беларускіх зямель у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Але Пічэта сваю «Гісторыю» лічыў самым няўдалым са сваіх твораў, што і варта было адзначыць, бо ягоная эвалюцыя застанецца незразумелай, ці прынамсі не патлумачанай.

Але ж у 1958-61 г. выйшлі два тамы прац Пічэты, у якіх сабраныя ўсе ягоныя асноўныя творы («Аграрная реформа Сигизмунда-Августа» і «Белоруссия и Литва в XVI в.»). Тое, што аўтар «Историографии» не заўважыў гэтай акалічнасці, ставіць яго работу па-за межы навуковай. Між іншым, калі ня браць усяго, што змешчана ў згаданых тамах, то яму неабходна было б звярнуць увагу на «Историю белорусского народа» У.Пічэты, паколькі гэта быў першы курс гісторыі Беларусі для ВНУ, які Пічэта падрыхтаваў вельмі спяшаючыся і прачытаў летам 1918 г. у Беларускім народным універсітэце ў Маскве.

Ідучы за схемай У.Ц.Пашуты, «Историография» пасля дарэвалюцыйных расійскіх даследчыкаў пераходзіць да агляду польскіх, пачаўшы (у парушэнне храналагічнага прынцыпу) не з прац Т.Нарбута (першы том ягонай «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» выйшаў у 1835 г.), а з Я.Лялевеля (1839 г.). Увага і тут засяроджана цалкам на адлюстраванні ў разгляданых працах дзяржаўнага ладу і ролі ў Вялікім Княстве Літоўскім літоўскага элемента. У такім плане разгледжаны ўсе асноўныя працы польскіх даследчыкаў, пры гэтым аднак трапляюцца і даволі істотныя недахопы. У 1905 г. у Вільні было ўтворана Таварыства сяброў навук, якое выдавала да I сусветнай вайны свае «Рочнікі», а пачынаючы з 1922 г. ім пачалі выдавацца штогадовыя зборнікі пад назваю «Атэнэум Віленьске» (Ateneum Wileńskie), цалкам прысвечаныя гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя артыкулаў і часткова публікацый дакументаў «Атэнеум» даваў бібліяграфію прац, якія тычыліся усёй тэрыторыі былога Княства, г.зн. Беларусі і Літвы, настолькі поўную, што такой ня мела ніякае іншае выданне. Акрамя «Атэнэума» Таварыства надрукавала шэраг манаграфій (у тым ліку і «Студыі» Г.Лаўмянскага). Розныя пытанні гісторыі Вялікага Княства абмяркоўваліся на з’ездах польскіх гісторыкаў, аб чым таксама трэба сказаць.

Прадмова (як ужо адзначалася) абяцае ўсебаковы выклад гісторыі Беларусі, а «Гістарыяграфія» кранае толькі прававы стан беларусаў у Вялікім Княстве, адсюль у асноўным і сыходзяць недарэчнасці, але і ў тым вузкім сэнсе, як гэта зразумета аўтарам гістарыяграфічнага агляду, ёсць пропускі. Так, акрамя «Гісторыі беларускага народу» У.Пічэты прапушчаны «Гісторыя Беларусі» У.М.Ігнатоўскага і «Гісторыя» В.Д.Дружчыца (1924 г.). Калі апошніх двух аўтараў згадваць нельга (хоць згаданыя ж Ластоўскі і Найдзюк), дык гэта трэба было ў нейкай форме агаварыць. Прапушчана таксама і брашура Л.С.Абэцэдарскага «У святле неабвержаных фактаў».

Пра беларускую эмігранцкую літаратуру «Гістарыяграфія» мімаходзь кажа, але пра літоўскую — нічога, аднак жа літоўская непараўнальна багацейшая за беларускую.

У шэрагу выпадкаў «Гістарыяграфія» адзначае тое, што розныя аўтары ў розныя часы называлі Вялікае Княства Літоўскае то Літоўска-Рускім, то Літоўска-Беларускім. Стаўленне самога аўтара да гэтых назваў вельмі няпэўнае, а між тым афіцыйная назва ў час яго існавання была — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае («Рускае», зразумела, не з прэтэнзіяй на панаванне над Расіяй, а ў тым сэнсе, што ў складзе дзяржавы знаходзяцца «рускія» землі, у сучасным разуменні да 1569 г. Беларусь і большая частка Ўкраіны, а з 1569 г. — толькі Беларусь).

Праз увесь раздзел праходзяць спасылкі на кнігу «Образование Литовского государства» У.Ц.Пашуты, пры гэтым аўтар «Гістарыяграфіі» усюды цалкам згаджаецца з аўтарам «Образования», нават і ў тым месцы, дзе Пашута сцвярджае, што ў літоўскае справаводства «уваходзіла рускае права, руская мова», і што ўсё гэта «служыла інтарэсам улады, у першую чаргу літоўскага правячага стану» («Образование», С.352, «Историография», С.47). Гэтае месца выклікае вялікія сумненні. Феадалы пануючай нацыі прымаюць мову нацыі падпарадкаванай і першым гэта ідзе на карысць! Немцы ж у Прусіі не прымалі прускую мову, а знішчылі яе, што не пайшло ім на шкоду. Расійскія феадалы не ўспрынялі мовы ніводнага з падпарадкаваных імі народаў, а захавалі сваю, і гэта ім таксама не пашкодзіла.

Крыніцазнаўства. Напісана з веданнем справы і з вялікай паўнатою. Безумоўна, было б пажадана адзначаць, якія задачы ставілі сабе рэдактары, публікуючы тыя або іншыя матэрыялы, але для дадзенай працы гэта занадта складана.

Дзяржаўны лад і права. I першы, і другі варыянты маюць адзін і той тытул, але змест іх рэзка адрозніваецца. Аўтар першага (забракаванага) зразумеў (і выканаў) сваю задачу намнога шырэй, чым другога. У першым варыянце раздзел падзяляецца на чатыры параграфы, у кожны з якіх уваходзіць строга вызначаны матэрыял, прычым параграф другі (Мясцовыя органы кіравання і суда) і трэці (Войска і фінансы) у беларускай літаратуры калі і закраналіся, дык мімаходзь, тады як тут яны падаюцца даволі грунтоўна. Трэба сказаць, што значнасць параграфа трэцяга выходзіць далёка за межы назвы. Справа ў тым, што ў беларускай гістарыяграфіі ўтрымліваецца (перайшоўшы з гістарыяграфіі мінулага стагоддзя) перакананне, нібыта панаванне Літвы над Беларуссю мела форму ваеннай акупацыі, якая зацягнулася на 500 гадоў. Не гаворачы пра гэта адкрыта, гісторыкі апісвалі справу так, быццам сітуацыя ў Беларусі амаль не адрознівалася ад характару заваявання Прыбалтыкі Нямецкім ордэнам. Так, калі гаворыцца аб выступленнях беларускага насельніцтва супраць феадалаў, дык яго падаўляюць літоўскія, або (што яшчэ часцей) польскія войскі. Пра які-небудзь удзел беларускіх феадалаў (не па назве, а па сутнасці) нідзе няма. Такім чынам, класавая барацьба ў Беларусі набыла (у гістарычнай літаратуры) характар нацыянальна-рэлігійнай, дакладней — рэлігійна-нацыянальнай; гэта барацьба не супраць феадалаў, эксплуатаваўшых сялян, а супраць іншаземных акупантаў. У сапраўднасці ў ВКЛ, як і ўсюды ў феадальную эпоху, ваенную службу павінен быў несці кожны феадал, і пры гэтым прыводзіць з сабою, або наогул выводзіць у поле вызначаную колькасць сваіх узброеных «падданых». Ужо сыходзячы з тых дадзеных, на якія абапіраюцца аўтары абодвух варыянтаў (якія даюць спасылкі на працы Якубоўскага і Лаўмянскага), вынікае, што ва ўзброеных сілах ВКЛ прыкладна палову складалі беларусы, але лічбы, атрыманыя польскімі даследчыкамі (на аснове матэрыялаў «попісаў»), выклікаюць сумненні: Заходняя Беларусь і Слуцкае княства, амаль роўныя па тэрыторыі этнічнай Літве, былі заселеныя не радзей, чым Літва, і, такім чынам, павінны былі даваць і ўзброеных людзей ня менш, а плюс да таго яшчэ пастаўлялі Ўсходняя і Паўднёвая Беларусь.

Ніякай дыскрымінацыі беларусы з прычыны сваёй нацыянальнай прыналежнасці не падвяргаліся, а нават наадварот: не іх прымушалі гаварыць і пісаць па-літоўску, а беларуская (старабеларуская) мова стала ў Княстве дзяржаўнай моваю; на той жа мове напісаны і беларуска-літоўскія летапісы. Дыскрымінацыя была толькі ў плане рэлігійным: каталіцтва з’яўлялася рэлігіяй прывілеяванай у адносінах да праваслаўя (а таксама да іудзейства і мусульманства).

Пытанне пра нацыянальную прыналежнасць пануючага класа (нават яго кіруючых вярхоў) у ВКЛ абмяркоўвалася даўно, і [яно] наўрад ці будзе калі-небудзь вырашана канчаткова хаця б таму, што ў розныя часы яго спрабавалі (і будуць спрабаваць) вырашаць па-свойму. Бясспрэчна тое, што пасля далучэння да Літвы Беларусі і Ўкраіны вялікія князі літоўскія раздавалі цэлыя княствы сваім сынам; аграмадныя ўладанні ў Беларусі атрымлівалі таксама набліжаныя князя — літоўцы, і віленскі каталіцкі біскуп. Бясспрэчна і тое, што князі, атрымаўшы землі «на Русі», прымалі праваслаўе і вельмі хутка дэнацыяналізаваліся. Аднак бясспрэчна і тое, што вярхушка літоўскай знаці (Гаштаўты, Кезгайлы, Манівіды) да сярэдзіны XVI ст. вымярла, і яе месца занялі ў асноўным прадстаўнікі беларускіх і ўкраінскіх родаў, у мінулым праваслаўных, затым (часта) кальвіністаў і ўрэшце каталікоў.

У якой меры ўсе гэтыя перамены тычыліся народу, г.зн. у першую чаргу масы сялян? Ці была розніца ў становішчы сялян ва ўладанні «рускіх» феадалаў і літоўскіх, а таксама чым адрозніваўся стан сялян ва ўладаннях літоўскіх феадалаў, што знаходзіліся ў Літве і Беларусі? Гэтае пытанне здаецца нікім не ўздымалася, паколькі ўся ўвага засяроджвалася на вярхах, кажучы дакладней, — на складзе паноў-рады. У першым варыянце аўтар склаў нават табліцу, якая паказвае нацыянальна-рэлігійны склад рады ў розныя перыяды, і няма ніякіх падстаў яе здымаць (зняць яе можна ў тым выпадку, калі будзе даказана яе недакладнасць).

У новым варыянце апушчана пытанне пра мясцовыя органы кіравання і суда. Параграф гэты дае вельмі дакладнае ўяўленне па акрэсленай тэме, і яго выключэнне прынясе манаграфіі адчувальную страту.

Культура. Раздзел пачынаецца са сцвярджэння, што вырашальнае значэнне ў стварэнні культуры мае працоўнае насельніцтва, г.зн. у асноўным сялянства. Гэта цалкам справядліва, але для эпохі феадалізму неабходна ўлічваць таксама і першыя два станы, г.зн. духавенства і феадалаў. З раздзела ж вынікае, што беларуская культура была створаная толькі сялянамі, і ў невялікай меры ўдзел бралі гарадскія нізы, у той час як «вярхоў» нібыта не было зусім. Такое ўражанне трохі рассейваецца, калі чытаем апошнія старонкі раздзела (С.597-612), дзе гаворыцца аб наяўнасці беларускіх феадалаў, аднак пра іх удзел у справе стварэння культуры не сказана і там.

З назвы кнігі вынікае, што аўтар павінен паказаць эвалюцыю культуры на працягу прыкладна 250 гадоў. Гэта значны адрэзак часу, калі ў Еўропе з’явілася кнігадрукаванне і наогул адбываліся грандыёзныя перамены ў вобласці культуры. У якой ступені яны закранулі Беларусь?

Аўтар раздзелу робіць націск на тое, што культура Беларусі таго перыяду была цесна звязаная з культурай Кіеўскай Русі. Сведчаннем сувязі з’яўляецца захаванне літаратурных твораў, створаных у даўні перыяд. Павага да мінулага сваёй краіны, свайго народу, ёсць сама па сабе паказальнікам высокага культурнага ўзроўню насельніцтва, але, як і ў шэрагу іншых выпадкаў, аўтар тут, як кажуць, перабірае. Бо калі народ захоўвае культуру мінулага, але сам не стварае нічога (або амаль нічога) новага, дык гэта азначае, што ён дэградуе. У XV, і тым больш у XVI ст. у Еўропе былі надрукаваны тысячы кніг самага разнастайнага зместу. Большасць з іх была на лацінскай мове, але ў XVI ст. з’явілася нямала і на польскай, у тым ліку такія, як «Трактат аб дзвюх Сарматыях» Мацея Мяхоўскага, «Хроніка ўсяго свету» Марціна Бельскага, у 1582 г. выйшла кніга Мацея Стрыйкоўскага, у якой (між іншым) выкладзена і гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, якая была напісаная амаль цалкам па беларуска-літоўскіх летапісах. Лацінскую мову на той час ведалі вельмі нямногія, але польская была распаўсюджаная нашмат больш, акрамя таго працы Бельскага і Стрыйкоўскага пераклалі (але не надрукавалі) на старабеларускай і стараўкраінскай (у той час яны адрозніваліся паміж сабою вельмі мала). Часткова аўтар згадвае пра гэта, але глуха. Ці ведалі гэтую літаратуру хоць бы часткова ў Беларусі?

Матэрыяльную культуру сялян — жыллё, прылады працы, адзенне — аўтар паказаў, але ў феадалаў гэтаксама было жыллё, тое, у што яны апраналіся і абуваліся, і г.д. Ці ж гэта ня частка культуры народа? У XVІ ст. ужо існавалі замкі ня толькі як абарончыя збудаванні, але і як жыллё, там мелася добрая мэбля, дываны, карціны, кнігі. Апраналіся феадалы, як правіла, у строі, пашытыя з імпартных дарагіх тканін, абсталяванне было часткова імпартаванае, але шмат чаго рабілі свае майстры ў Радзівілаў у Нясвіжы, у князёў Слуцкіх у Слуцку, у Хадкевічаў у Шклове, і ў іншых, былі вялікія архівы, калекцыі зброі.

Пра манастыры аўтар згадвае (у Полацку, Слуцку, Супраслі і г.д.). Ёсць нават спасылка на інвентар Супрасльскага манастыра, у якім пералічана ўсё, што мелася там у пачатку XVI ст. Але ў інвентары пералічаны ня проста кнігі, там сказана, у якіх пераплётах яны былі, сярод рэчаў названы ювелірныя вырабы, каштоўныя вышытыя тканіны, багата аздобленыя абразы. Усё гэта таксама культура, але ў працы яно неяк абязлічана, страціла свой бляск. Між іншым, у інвентарах гэтага манастыра названы шэраг майстроў, якія стварылі шэдэўры, што знаходзіліся ў манастыры. Гэтыя імёны мусяць быць змешчаныя ў энцыклапедыі.

Школа. Так, школ было мала, і яны былі дрэнныя, але дзе ў XV і нават у XVI ст. іх было шмат, і дзе яны былі добрыя? Значна больш было месцаў, дзе іх наогул ня мелі, тады як у Менскай школе выкладаў «бакалаўр», а маленькага князя Саламярэцкага вучыў Сматрыцкі (Баркулабаўскі летапіс). У працы адзначана, што некаторыя нараджэнцы Беларусі вучыліся і ў замежных універсітэтах. Вучоны Э. Донэрт (Deutschland und Russland) піша, што ў Каралявецкім універсітэце былі студэнты з цэлага шэрагу гарадоў Беларусі. Гэта ўжо не выпадковасць; відавочна не выпадковая з’ява і Францішак Скарына. Наша культура была значна багацейшая, чым яе звычайна паказваюць.

Так, з іншымі ўсходнеславянскімі народамі, г.зн. з рускімі і ўкраінцамі, сувязь была больш цеснай, чым з заходнімі, што і зразумела, але ж вучыўся і працаваў у Польшчы і Чэхіі той жа Скарына, а ў Беларусь прыязджаў Іеранім Пражскі. Гэта ж таксама сувязі. Ёсць пэўныя намёкі на сустрэчы Скарыны з Парацэльсам.

На С.533 сказана, што на Хроніцы Быхаўца (дарэчы, у легендарнай частцы хронікі Наваградак падаецца як цэнтр, з якога ўзрасло Вялікае Княства Літоўскае) беларускае летапісанне перапынілася, і гэта так, але хутка пачалі стварацца гарадзкія хронікі — у Магілёве, Віцебску, Слуцку, і такога роду праца працягвалася да сярэдзіны XIX ст. Між іншым, у сярэдзіне XVI ст. Стрыйкоўскі, відаць, без вялікае напругі набыў 12 або 15 беларуска-літоўскіх летапісаў. Значыць, у той час іх мелася на руках нямала, і яны былі прадметам куплі-продажу. Кажучы пра ўздзеянне рускай культуры на беларусаў, трэба было б адзначыць і адваротнае: кнігі Скарыны з’явіліся за 47 год да выхаду ў Маскве «Апостала». Натуральна, што Скарынавыя выданні хутка пасля выхаду ў свет сталі вядомы ў Маскве. Шэраг мастацкіх твораў, створаных у Заходняй Еўропе (пра Баву Каралевіча, пра цара Гвідона і інш.), патрапілі ў Расію праз Беларусь.

Некаторыя месцы раздзела незразумелыя. На С.552 сказана, што ў 50-60-я г. XVI ст. «пры ўдзеле польскіх і маскоўскіх друкароў былі заснаваны друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Заблудаве». Калі лічыць (як гэта прынята), што «Апостал» Івана Фёдарава быў упершыню надрукаваны ў 1564 г., дык хто ж з масквічоў у 1560-я (і нават у 1550-я) гады ўдзельнічаў у стварэнні гэтых друкарняў?

У працы пералічаны рознага роду музычныя інструменты, але разбірацца, чым кожны з іх быў, пакінута чытачу. Трэба б удакладніць і тое, што «псалтыр», згаданы на С.514, гэта не кніга псалмаў. На С.545 пералічаны «прафесіяналы», так бы мовіць «забаўляльшчыкі», сярод іх скамарохі, вандроўныя музыканты, а таксама і валачобнікі. У ХІХ-ХХ ст. валачобнікамі называлі тых, хто ў першую вялікодную ноч хадзіў (звычайна групамі) па гарадах і вёсках і пад вокнамі спяваў валачобныя песні, але выканаўцаў адной ночы на год ніяк нельга прызнаць прафесіяналамі, да таго ж у больш ранні перыяд валачобным называлі паднашэнне гараджанамі начальству якіх-небудзь каштоўных падарункаў. Што ж меў на ўвазе аўтар? Трэба было б звярнуць увагу на тое, што ў Беларусі ёсць шэраг месцаў з назваю «Скамарошкі». Магчыма, там жылі прафесійныя скамарохі.

Адносна шмат увагі аўтар адвёў той мове (старабеларускай), якая была афіцыйнай моваю ВКЛ. Адзначым, што ўжо ў 1468 г. на гэтай мове быў напісаны кодэкс, які атрымаў назву «Судзебнік Казіміра». Статуты ў іх трох рэдакцыях напісаны на гэтай жа мове, прычым у [апошняй] ня толькі было пастаноўлена, што «писар земьский маеть по руску литерами и словы рускими, вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы» (гэтыя словы аўтар памылкова аднёс да другога Статуту, 1566 г.), але рэдактар Статута Леў Сапега, падканцлер ВКЛ, знайшоў патрэбным прыпісаць ад сябе, што «если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым (відаць мелася на ўвазе лацінская мова — М.У.) якым языком, але своим власным права списаные маем». Гэта пісаў магнат, г.зн. чалавек, якога ўся «Гісторыя» вельмі паслядоўна выключае са складу беларускага народа. Магчыма, тут дарэчы сказаць, што самымі энэргічнымі праціўнікамі Люблінскай вуніі былі розныя магнаты — Радзівілы, Хадкевічы, што цалкам натуральна, паколькі вунія моцна ўразала іх правы.

Розныя дробныя заўвагі. На С.571 сказана, што ў Смаленску была каменная крэпасць да 1514 г. Каменныя сцены там ўзведзены на мяжы XVI і XVII ст. На той жа старонцы сказана, што для Паўночна-заходняй Русі ў ХIV-XV ст. «найбольшае значэнне мелі культурныя сувязі з Ноўгарадскай рэспублікай». Але што ў дадзеным выпадку аўтар разумее пад Паўночна-усходняю Руссю? «Мяшчане беларускіх гарадоў дабіваліся права на самакіраванне, азіраючыся на Ноўгарадскую рэспубліку» (С.571). Магдэбургскае права — гэта і было самакіраванне. Берасце атрымала яго ў канцы XIV ст. Апісанне Кулікоўскай бітвы «уваходзіла ў шматлікія летапісныя зводы, якія перапісваліся і распаўсюджваліся ў Беларусі» (С.573). Апісанне Кулікоўскай бітвы вядома толькі па «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» (ПСРЛ, Т.32), але і там далей ідзе выпад, варожы Дзмітрыю Данскому. На С.554 гаворыцца пра дняпроўска-пінскіх крывічоў (абдрук?).

Лічу, што прадмову і гістарыяграфію неабходна напісаць нанова, раздзел пра культуру дапрацаваць. Яшчэ адна дробязь: у беларускіх тэкстах замест «і» ставіцца «1». Гэта непрыгожа, а акрамя таго паказвае непавагу да сваёй культуры.

М.Улашчык, доктар гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік-кансультант Інстытута гісторыі СССР АН СССР

[1980]


[1] Кніга доўга рыхтавалася Інстытутам гісторыі АН БССР, але так і не пабачыла свету (Рэд.).

Наверх

Улашчык М. М. Заўвагі (вельмі кароткія) на рукапіс «Белоруссия в XIII — середине XVI в.»

17 траўня, 1996 |

Гэтую кнігу пачалі пісаць каля дваццаці гадоў таму. Абмяркоўвалася яна толькі ў Інстытуце гісторыі СССР два (а можа і тры) разы, яе чытала неверагодная колькасць рэцэнзентаў, яна доўгі час знаходзілася ў выдавецтве, дзе калі яе не забракавалі цалкам, дык запатрабавалі чарговай працяглай дапрацоўкі. На працягу гэтых дзесяцігоддзяў некаторыя члены аўтарскага калектыву сышлі, іншыя з’явіліся (цяпер у калектыве налічваецца 10 чалавек). Калі памножыць колькасць аўтараў на колькасць затрачанага на стварэнне кнігі часу, дык атрымаюцца астранамічныя лічбы, а кошт кожнай старонкі будзе вымярацца сотнямі рублёў. Гэта для нас празмерна дорага.

У тым варыянце, які знаходзіцца ў выдавецтве «Навука і тэхніка», у гістарыяграфічным раздзеле сказана, што У.І.Пічэта быў аўтарам адной брашуры (акурат той, ад якой Пічэта адхрышчваўся), Доўнар-Запольскі таксама аўтар адной брашуры. Гэта ня толькі невуцтва, але па-просту хуліганства, якое ідзе пад грыфам Акадэміі навук. Цяпер гэты раздзел вельмі заўважна пашыраны, у прыватнасці за кошт агляду прац эмігрантаў-нацыяналістаў. Гэта слушна, але справа ў тым, што на такія ж тэмы пішуць і літоўскія нацыяналісты (у Чыкага, Таронта і інш.), прычым таксама, канешне, не з марксісцкіх пазіцыяў. Падкрэсліванне памылак аднаго боку пры замоўчванні другога пераконвае, што эмігранцкая літоўская літаратура адлюстроўвае ўсё ў духу, які цалкам задавальняе аўтараў «Белоруссии». У такім выпадку пра гэта неабходна сказаць з поўнай шчырасцю.

Гістарыяграфія пачынаецца з прац Устралава, пры гэтым апушчана яго адзіная спецыяльная праца, якая тычыцца ВКЛ: «Исследование вопроса, какое место в русской истории должно занимать Великое Княжество Литовское». Дадамо, што гэты родапачынальнік беларускай гістарыяграфіі (на меркаванне аўтараў «Белоруссии») быў сябрам Фадзея Булгарына і паклоннікам графа Уварава з ягонай тэорыяй «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Беларусаў Устралаў ніколі не ўважаў за народ і, натуральна, лічыў, што ў іх ніякай гісторыі ніколі не было.

На якіх умовах беларускія землі ўвайшлі ў склад ВКЛ (па дамове або сілаю), — аўтары неяк іранічна адгукаюцца пра прыхільнікаў гэтых тэорый, не прапанаваўшы, аднак, ніякай сваёй (бяспечней). Аўтары сцвярджаюць, што сяляне з Беларусі беглі толькі ў Расію (датуецца дакумент 1492 г., калі паміж феадаламі і сялянамі Беларусі розніцы ні ў мове, ні ў рэлігіі не было). Уцёкі сялян за мяжу (у той час у значнай ступені ўмоўную) адбываліся ўсюды і заўсёды, таму што за мяжой яны нейкі час вызваляліся ад павіннасцяў. Праз пэўны час тыя ж сяляне нярэдка вярталіся на былую радзіму, але ў іншае месца і там зноў такі былі на ільготным становішчы. Але з Беларусі больш за ўсё ўцякалі на Украіну, што цалкам натуральна, таму што па рачных шляхах гэта было рабіць прасцей за ўсё, ды і ўцёкшы чалавек [там] станавіўся вольным казакам (згодна з гіпотэзай Любаўскага, украінскае казацтва наогул утварылі ўцекачы з Беларусі).

Увогуле ж, усе меркаванні, усе спасылкі на крыніцы патрабуюць праверкі. Гэта праца не навуковая, а прымітыўна прапагандысцкая, у якой праваслаўны бог (вера) з’яўляецца асноўным рухавіком гістарычнага працэсу.

Кожная старонка рукапісу выклікае раздражненне сваім фальшам.

М.Улашчык

3 студзеня 1986 г.

Улашчык М. М. Што ня зроблена

16 траўня, 1996 |

Была задума напісаць чатыры выпускі пра публікацыю крыніц па гісторыі Беларусі. Выканана: У 1973 г. выйшлі «Очерки по археографии». У канцы 1982 г. здаў у выдавецтва «Введение в изучение белорусско-литовского летописания». Выйшла ў 1985 г. У трэці выпуск павінны ўвайсці мемуары. Гэтую тэму распачаў, але, бясспрэчна, ня скончу. Пакуль перачытаў і зрабіў нататкі з успамінаў Храпавіцкага, Маскевіча, Абуховічаў, Вайніловіча, Матушэвіча. У Кракаве перачытаў, але не зрабіў ніякіх запісаў, «Паментнікі» Корвін-Мілеўскага. Яшчэ перад вайною ў мяне былі ўспаміны паляка пра вайну 1812 г., калі ён быў на Беларусі (ці толькі праходзіў праз яе), тое ж і нямецкага афіцэра. Гэты матэрыял (пра 1812 г.) пэўна бязмежны. Вялізная колькасць успамінаў пра паўстанне 1831 г., у большасці выдадзеных у Пуацье. Пра 1863 г. на Беларусі бачыў мала. Павінна быць значная колькасць. Спецыяльна не займаўся, але павінна быць надта многа пра 1917-1920 г. Калі ня браць усяе тэмы, якую ўсё роўна не ахопіш, то варта было б выбраць Вайніловіча, Корвін-Мілеўскага, Ваньковіча (Шчанячыя гады) і Касакоўскага (сем томаў памятнікаў Касакоўскага знаходзяцца ў Бібліятэцы Акадэміі навук у Варшаве). Варта дадаць яшчэ Пілсудскага і каго-небудзь з блізкіх да яго людзей. Была б вострая і цікавая кніга на 8—10 аркушаў. У чацьвёрты выпуск думаў даць агляд юрыдычных матэрыялаў, пачынаючы з Статуту Казіміра (Судзебніка), пасля ўсе тры Статуты, соймавыя канстытуцыі, Валюміна легум, ПСЗ I, II, III. Асобна том законаў для 9 губерняў, прыгатаваны Даніловічам. У агульнай форме даць агляд, карыстаючыся даведнікам Рубінштэйна, пра заканадаўства рускага ўраду адносна «Западных губерняў».

Насельніцтва Беларусі за сто гадоў: 1795-1897.

Узяць матэрыялы пра Віленшчыну і Гарадзеншчыну з «Предпосылок» і такім самым метадам напісаць пра 1795-1858 г., затым коратка, па справаздачах губернатараў і «Памятных кніжках» паказаць рух да 90-х г. Скарыстаўшы матэрыялы перапісу 1897 г. даць капітальны агляд насельніцтва на канец XIX ст.: нацыянальны склад, па ўзросту, пісьменнасць, заняткі, горад і вёска, і наогул усё, пра што ёсць дадзеныя ў перапісе.

Польскае Віленскае таварыства прыяцеляў навук.

Збіраў усё, што мае дачыненне да гэтай тэмы. Сабраў шмат чаго, але да поўнага далёка. Ёсць: «Рочнікі» з 1905 г., амаль поўны камплект «Атэнэума Віленьскага», друкаваныя справаздачы. Не стае манаграфій, выдадзеных Таварыствам, у прыватнасці «Студый» Лаўмянскага, яшчэ больш шкада, што толькі бачыў у 1946 г. выданне «Ку чці пана Юзафа Пілсудскага». У Вільні запрасілі ў той час фантастычную цану: 500 руб., па сённяшняму — 5 руб., але і таго не было. Спадзяваўся, што пабагацею і куплю, але калі пабагацеў, то знайсці ня мог. Адзначыць разнастайнасць і багацце зместу «Атэнэума», а разам і пазіцыі аўтараў, якія амаль не змяніліся з канца XIX ст. Адзначыць вельмі поўную і дакладную бібліяграфію ў «Атэнэуме».

Надзвычай вострая і цікавая тэма — віленскі друк (газэты за 1905-1914 г.). Баючыся перакрочыць граніцу, беларускія аўтары пішуць толькі пра тыя выданні, якія выходзілі на сучаснай Беларусі. У выніку недзе застаецца ня толькі «Наша Ніва», але і ўсё, што даваў тагачасны віленскі друк пра Беларусь.

Ваяводы.

Усіх ваяводстваў у Беларусі з сярэдзіны XVI ст. было шэсць: Берасцейскае, Наваградскае, Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Менскае, а яшчэ Горадзенскі павет ды частка Віленскага. Значыцца, ваяводы былі на працягу больш, чым 200 гадоў. Зразумела, за гэты час яны мяняліся ня толькі персанальна, але і па звычаях, па асвеце, нават па адзенні і г.д. Некаторыя з іх пакінулі ўспаміны рознага зместу і рознай вартасці (гл. Мальдзіса). Вядомы зараз успаміны віцебскага ваяводы Храпавіцкага, менскага Завішы, берасцейскага кашталяна Матушэвіча. У музеях Польшчы ёсць партрэты ваяводаў, пэўна ёсць і апублікаваныя. Асобная тэма — працяг пра ваявод: расійскія губернатары. Некаторыя з іх увайшлі ўжо ў гісторыю (Курлоў, Сямёнаў), пра другіх варта было б ведаць.

Духоўныя семінарыі.

Пасля 1905 г. (дакладна зараз не памятаю) у друку выступаў інспектар Мінскай семінарыі Скрынчанка, які папярэджваў грамадскасць, што вось выйшла з друку «Жалейка», і таму можа вырасці свой Шэўчэнка. Пакуль магчыма, — гэта трэба стлуміць.

Вуніяцкае духавенства (вясковае) дало Даніловіча, Анацэвіча, Ачапоўскага, Ярашэвіча і іншых больш дробных. Каго дало праваслаўнае? Чаму вучылі ў семінарыях, хто там выкладаў, хто там вучыўся, што сабою ўяўлялі праваслаўныя папы? У пачатку XX ст. заможныя сяляне (якіх я ведаў) аддавалі сваіх сыноў у духоўныя вучылішчы і семінарыі, спадзяючыся, што ў гэтых хлопцаў жыццё будзе лёгкае, што іх будуць шанаваць, але найбольш (пэўна) было з духоўных. Уражанне, што з праваслаўных папоў ня выйшла нават адзінак, якія б спрабавалі нешта зрабіць для народа. Гэта цемрашалы, найперш русіфікатары.

Улашчык М. М. Заўвагі на «письмо» А.І.Залескага «От идеологических вывихов к национализму и антисоветчине»

15 траўня, 1996 |

Аўтар назваў свой твор «письмом» (С.22).[1] Такую назву можна прыняць толькі ўмоўна, бо яно мае аб’ём каля 8 друкаваных аркушаў, і да таго ж разбіта на раздзелы, раздзелы на параграфы. Па сутнасці, гэта цэлая манаграфія. Мэта «письма» — выкрыць нацыяналістычныя і антысавецкія элементы ў надрукаваных (а таксама часткова і недрукаваных) працах з тым, каб некаторыя з іх вывесці («изъять») з ужытку, а ў дачыненні да іншых — хоць бы перасцерагчы чытачоў. Паколькі аўтар меў намер перасцерагчы ўсіх чытачоў ад усёй заганнай літаратуры, адсюль вынікае, што ён мусіў вывучаць усю літаратуру, якая выходзіць (выйшла) у Рэспубліцы прыкладна за апошнія 20 гадоў па гісторыі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве, а таксама рознага кшталту публіцыстыку.

Аднак, з «письма» бачна, што аўтар гаворыць амаль выключна аб працах і супрацоўніках Акадэміі навук БССР, прычым галоўную ўвагу надае дзейнасці Савецкага аддзела Інстытута гісторыі, далей (але непараўнальна менш) Інстытута літаратуры, потым Інстытута этнаграфіі, а таксама некалькіх супрацоўнікаў Акадэміі з іншых месцаў. Разам з тым, ніводнага слова няма пра працы Інстытутаў філасофіі ці дзяржавы і права, з чаго відавочна вынікае, што там заганных прац ня пішуць. У Рэспубліцы апрача Акадэміі ёсць тры універсітэты, каля дзесятка педагагічных інстытутаў, і дзесяткі інстытутаў іншых профіляў. Ва універсітэтах і педінстытутах выкладаюцца гісторыя СССР і БССР, і палітычныя дысцыпліны, палітычныя ж дысцыпліны выкладаюцца і ва ўсіх астатніх інстытутах. Частка прафесараў і выкладчыкаў палітычных дысцыплін друкуе свае работы, але, трэба думаць, яны ніякіх памылак у сваіх працах не робяць, інакш аўтар «письма» мусіў бы гэта заўважыць. Значыць, заганныя (ці па-просту шкодныя) працы выходзяць галоўным чынам з тых двух Інстытутаў (гісторыі і этнаграфіі), дзе раней працаваў аўтар «письма».

З «письма» вынікае, што адзіным чалавекам у Рэспубліцы, які бесперапынна і.вельмі энэргічна змагаецца са злом, з’яўляецца сам аўтар (у якасці сваіх аднадумцаў Залескі называе толькі Абэцэдарскага і Атрошчанку (С.55,58), але гэта сказана неяк мімаходзь і зразумела, што яны значнай падтрымкі Залескаму не аказвалі). Такім чынам, усе работнікі ідэалагічнага фронту (апрача названых у «письме») ня толькі не пазбягаюць памылак самі, але не заўважаюць гэтага ў іншых.

Адзіны чалавек на дзевяць мільёнаў! Гэтакая расстаноўка сілаў, натуральна, выклікае сумненні.

Хто ж персанальна тыя аўтары заганных (або шкодных) твораў? У «письме» названа больш за сто прозвішчаў, але аўтары сярод іх займаюць адносна невялікае месца. Сярод згаданых ёсць вядомыя антысавецкія дзеячы: Астроўскі, Станкевіч, Іваноўскі, Захарка і інш. Усе яны згадваюцца мімаходзь, і толькі аднаму Забэйду-Суміцкаму надаецца шмат увагі (С.43-50 і інш.). Забэйда — артыст, спявак, што выступаў у Ла Скала, г.зн. артыст вялікі. Залескі паведамляе, што жывучы ў Празе, той быў блізкі «арыстакратычным вярхам беларускай буржуазнай эміграцыі» (С.44). Чаму ў такім выпадку пра самыя «вярхі» нічога не сказана, а «блізкаму» аддадзена гэтак шмат месца? Відавочна, гэта спатрэбілася для таго, каб скампраметаваць паэта і былога дырэктара Інстытута этнаграфіі П.Ф.Глебку, які гасцінна прымаў Забэйду, калі той быў у Мінску (С.48).

Аднак, адкрытыя антысавецкія дзеячы займаюць вельмі мала месца ў «письме». Асноўная ўвага сканцэнтравана на тых, хто жыве і працуе ў Мінску (ніякіх недахопаў у тых, хто жыве па-за яго межамі, не адзначана). Шмат пра каго з іх сказана між іншага. Гэта, напрыклад, тычыцца Глебкі. Мімаходзь згадваецца аўтар працы пра культуру Беларусі Галенчанка (С.20), мастацтвазнаўца Няфёд (С.18). Гэтаксама мімаходзь (вялікі сябра этнографа Грынблата) згадваецца віцэ-прэзідэнт АН БССР Лукашоў (С.17,18). Пісьменнік і віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Крапіва і дырэктар Інстытута мовы Суднік згадваюцца ў сувязі з тым, што яны былі супраць вылучэння Залескага ў члены-карэспандэнты АН БССР (С.12). Паэт Звонак напісаў, на думку Залескага, няправільны верш і даў яму няправільную назву. Залескі павучае Звонка, як трэба было пісаць і называць (С.49). Пісьменнік Васіль Быкаў выступіў з няправільнай прамовай на з’ездзе пісьменнікаў СССР (С.76). Пра яго Залескі ў іранічным тоне сказаў, што той «официальных признаков учености не имеет» (С.76).

Дваццаць пяць старонак «письма» (С.91-115) адведзена шэрагу супрацоўнікаў Акадэміі, якія фальсіфікавалі свае «автобиографии», а разам з тым выдалі заганныя працы (Раманоўскі, Шавела і інш.).

Аднак, галоўная ўвага Залескага сканцэнтравана на трох супрацоўніках Акадэміі: былым дырэктары Інстытута гісторыі І.М.Ігнаценку, цяперашнім дырэктары П.Ц.Петрыкаве, пісьменніку і літаратуразнаўцу А.М.Адамовічу. Асноўным аб’ектам крытыкі Ігнаценкі стала яго праца «Бяднейшае сялянства — саюзнік пралетарыята ў барацьбе за перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі» (Мінск, 1962). За гэтую працу Ігнаценка атрымаў навуковую ступень доктара, званне прафесара, потым члена-карэспандэнта Акадэміі навук і, нарэшце, акадэміка. На думку Залескага, гэтая манаграфія ёсць «плодом наглого вымысла, сфабрикованного безграмотным и бесчестным автором» (С.91). Пераходзячы да больш канкрэтных паказчыкаў, Залескі сцвярджае, што Ігнаценка з’яўляецца паслядоўнікам нацдэмаў (С.25), і што ён прызнае распаўсюджанне беларускай мовы па-за межамі «нынешней Белоруссии» (С.63). Да ўсяго гэтага дададзена, што Ігнаценка зарабляе (апрача ганарараў) па тысячы рублёў у месяц (С.25).

Кнігу Ігнаценкі рэзка крытыкавалі ў друку. Да таго, што аб ёй сказана, трэба было б дадаць, што ні бяднейшага, ні якога б то ні было іншага сялянства ўвогуле ў яго працы няма. Кідкая назва ня мае ніякага дачынення да зместу. Неабходна адзначыць, што кніга пасярэдняя, што называецца «шэрая», аднак абвінавачанне яго ў беларускім нацыяналізме абсалютна дарэмнае. Ігнаценка ня ўмее ні гаварыць (дакладней, зусім забыўся) па-беларуску, ні пісаць, і ніяк не збіраецца вучыцца.

Заўвагі пра Петрыкава раскіданы па ўсім «письме». Ён абвінавачваецца Залескім у якасці і аўтара, і рэдактара, і адміністрацыйнага дзеяча. У найбольш сканцэнтраваным выглядзе абвінавачванне сфармулявана на С.22, дзе сказана, што «Петриков возглавил пропаганду антимарксистских, националистаческих измышлений, … наносящих большой вред нашей идеологии, нашему строю». Размова ідзе аб тых старонках аднатомнай гісторыі Беларусі на расійскай мове, дзе гаворыцца пра барацьбу за Беларусь паміж маскоўскім урадам і вярхамі ўкраінскага казацтва ў 1654-67 г. Між іншага, у найбольш разгорнутым выглядзе гэтая барацьба выкладзена ў працы «Белоруссия и Россия» (Мінск, 1978) Абэцэдарскага, таго самага, што быў саюзнікам Залескага, і магчыма выказванні Залескага пра яго зроблены ў невыразнай форме менавіта з гэтай прычыны. Найгалоўнейшым момантам абвінавачвання Петрыкава з’яўляюцца яго словы пра В.М.Ігнатоўскага, былога старшыню Інбелкульта і першага прэзідэнта Акадэміі навук БССР. Ігнатоўскі, працы якога выходзілі да 1930 г. і які не з’яўляўся марксістам, быў абвінавачаны ў «национал-уклонизме», але Петрыкаў пісаў і гаварыў пра яго, відавочна, па ўзгадненні з Прэзідыумам АН.

Вельмі шмат увагі ў «письме» адведзена пісьменніку і літаратуразнаўцу А.М.Адамовічу. Залескі ў іранічным тоне адзначае, што Адамовіч з’яўляецца членам-карэспандэнтам Акадэміі навук. З якога часу гэта стала заганай? Залескі сцвярджае, што Адамовіч у сваім рамане «Карнікі» ускладае віну за злачынствы, здзейсненыя ў часе вайны, на ўсіх немцаў. Калі ўлічыць, што тут ужо сказана, як Адамовіч «вопреки нашим общеизвестным принципам борьбы за мир навязывает советским людям идеи толстовства, достоевщины, библейские догмы и каноны христианской морали» (С.130), то паводзіны гэтага навукоўца і пісьменніка зусім незразумелыя. Увогуле, Залескі адным з галоўных хібаў Адамовіча лічыць яго захапленне творчасцю Л.М.Талстога і Ф.М.Дастаеўскага. Адамовіч абвінавачваецца і ў тым, што адзначае беларускае паходжанне Дастаеўскага (яго продкаў) (Дастоева, былая родавая сядзіба Дастаеўскіх, знаходзіцца ў Берасцейскай вобласці). На заканчэнне, працы Адамовіча ахарактарызаваныя як «галиматья» і яму рэкамендавана «хотя бы познакомиться с Библией и некоторыми основами атеизма» (С.129,130). Ацэнка творчасці Талстога і Дастаеўскага дае падставы меркаваць, што Залескі твораў гэтых аўтараў не чытаў.

Аднак жа згадаў Залескі далёка не ўсе працы Адамовіча, — не сказаў пра тую, што напісаная разам з пісьменнікамі

І.А.Брылём і У.А.Калеснікам. Кніга гэтая называецца «Мы з вогненнай вёскі». У ёй сабраныя аповяды ацалелых жыхароў паселішчаў, што былі спаленыя разам з людзьмі. Гэта дакумент выключнай сілы, магчыма адзіны ў сусветнай літаратуры. Якім чынам гэта можна ўвязаць са спавяданнем «талстоўства і дастаеўшчыны» ?

«Письмо» пачынаецца з крытыкі прац этнографа М.Я.Грынблата. Але і ў гэтым выпадку Залескі вядзе спрэчку метадам, які й аддалена не нагадвае навуковы. Выхапляючы паасобныя сказы, ён выстаўляе Грынблату абвінавачванне палітычнага характару, патрабуючы, каб яго кніга («Белорусы. Очерк происхождения и этнической истории», 1968) была выведзена з ужытку. Пасля выхаду ў свет працы Грынблата прайшло 14 гадоў. За гэты час выйшла шмат даследаванняў, дзе разглядаюцца тыя самыя пытанні, якія кранаў Грынблат. Найбольш эфектыўна гэтым займаецца акадэмік Б.А.Рыбакоў, аднак спасылак на яго працы, як і на працы Л.В.Аляксеева, В.В.Сядова, Ф.Д.Гурэвіч няма, Але ж каб ацаніць працы Грынблата на сённяшні дзень, іх неабходна ведаць. Не згаданыя ў «письме» і працы Я.Ф.Карскага, найбольш аўтарытэтнага ў пытаннях беларусазнаўства, не названа такая аўтарытэтная крыніца па дадзенай праблеме, як матэрыялы перапісу 1897 г., і інш.

Некаторыя думкі самога Залескага, датычныя ранняй гісторыі беларусаў, выклікаюць нядобрае здзіўленне. Напрыклад, Залескі супраць назвы альманаха «Радзіміч», што выходзіць у Гомлі (Гомель стаіць на Сажы, на той рацэ, дзе «сядзела» племя радзімічаў). Пры гэтым Залескі грэбліва выказаўся, што, маўляў, «Радзімічы» — назва «дагістарычная» (С.50). Значыць, «дагістарычнымі» павінны быць і ўсе астатнія плямёны славянаў: паляне, крывічы і г.д. Каштоўнейшыя дадзеныя нашых летапісаў Залескі лічыць «дагістарычнымі». I гэта доктар гістарычных навук.

У дэталях разбіраць усё «письмо» немагчыма, ды і наўрад ці ёсць такая неабходнасць. Яго задачай было перад усім праслаўленне самога сябе, а яшчэ больш — ачарненне сваіх сапраўдных і ўяўных праціўнікаў. Што зроблена для ўласнага праслаўлення? Па-першае, гэта сцвярджэнне, быццам ён адзін з дзевяці мільёнаў убачыў тое, што не бачаць астатнія, а астатнія — гэта і партыйны апарат. Тых, хто чытае працы і Залескага, і яго праціўнікаў, аўтар «письма» называе «интеллигентами кое-что знающими» (С.76). Гэта мова звышчалавека.

Сам сябе (і толькі сябе) Залескі называе «прафесарам Залескім» (С. 11,37,57,62,74,123,137 і інш.). Часта гэта не проста згадка, а нешта звязанае з надзвычайнай падзеяй. Напрыклад, на С.79 сказана, што «острую борьбу с Павловым вел профессор Залесский». Далей Залескі адзначыў, што менавіта ён першы зрабіў даклад пра «Новую землю» Л.І.Брэжнева (С.142).

«Доказательства» Залескага ўяўляюць сабой асобныя выказванні, адвольна ўзятыя з тэксту, а яшчэ часцей — проста пераказ. У дачыненні да Грынблата Залескі аперуе дадзенымі з ненадрукаванай працы, што характарызуе самога аўтара «письма» з вельмі незайздроснага боку. Потым высвятляецца, што Залескі ведае і пра размовы некага «в неофициальной обстановке» (С.136). У адным выпадку гэтая «неофициальная обстановка» мае зусім дзіўны характар: паміж Ігнаценкам і Петрыкавым у калідоры Інстытута вялася размова пра выступленне Башко (С.74). Якім чынам і ў якой форме Залескі даведаўся пра гэтую размову? Ці сам падслухоўваў (занятак, які зусім не пасуе прафесару), ці меў для таго інфарматара?

Ёсць і яшчэ дзіўныя абвінавачванні. Паўлаў, якому і без таго прысвечана шмат увагі, як высвятляецца, яшчэ і зяць Ігнаценкі (С.79). Сын галоўнага вучонага сакратара Прэзідыума АН БССР Вінакурава жанаты на дачцэ Раманоўскага (С.109). Сакратар парткама АН Бірыла з’яўляецца па жонцы нейкім сваяком таму ж Раманоўскаму (С.96).

«Письмо» скрайне тэндэнцыйнае. Кожнае яго слова, кожны сказ патрабуе праверкі, але як можна праверыць, калі гэтае слова — «галиматья» ці «кликушество» (С.130,133).

М.Улашчык

30 ліпеня 1982 г.


[1] Ліст меў падназву: «О некоторых факторах, ведущих к формированию неправильных взглядов и морально-политическому разложению наиболее неустойчивых представителей интеллигенции Белоруссии».

Улашчык М. М. Водгук на кнігу Э.М.Загарульскага «Узнікненне Мінска» пры абароне аўтарам доктарскай дысертацыі ў МДУ (10.IV.1984).

14 траўня, 1996 |

Праца грунтоўная. Напісана ў асноўным на матэрыялах, здабытых у выніку раскопак самім аўтарам. Напісана добраю моваю. Без сумнення, яе аўтар заслугоўвае ступень доктара.

Разам з тым, у шэрагу месцаў яна выклікае сумненні або пытанні. Аўтар называе раку, што працякае ў Мінску (дакладней, ручай), пра якую згадвае і «Слова пра паход Ігараў», то Нямігай, то Нямізай. Але ж гэты ручай у назоўным склоне толькі «Няміга», «Няміза» ж у давальным («Нямізе») толькі ў старажытнарускай або сучаснай беларускай.

Але ў Беларусі, у басейне Прыпяці, ёсць яшчэ адна Няміга, пра якую аўтар не згадаў наогул.

Аўтар пераканаўча даказвае, што гарадзішча ў Строчыцах узнікла ў той час, калі Менск ужо існаваў, і такім чынам меркаванне, што першапачаткова Менск быў утвораны на беразе ракі Менкі, адпадае. Строчыцы знаходзяцца ад Мінска на адлегласці каля 10 км. У такім выпадку паўстае пытанне: дзеля чаго там была створана моцная (для свайго, зразумела, часу) крэпасць?

Рака Пціч, недалёка ад якой створана Строчыцкае гарадзішча, упадае ў Прыпяць, г.зн. належыць да Чарнаморскага басейна. Свіслач, на якой стаіць Менск, упадае ў Бярэзіну, г.зн. таксама належыць да Чарнаморскага басейна. Аднак, калі плысці ў Кіеў, то Свіслаччу шлях скарочваецца, відаць, больш чым на сотню кіламетраў. Таму размяшчэнне на Свіслачы больш выгоднае, чым на Пцічы. Строчыцкае гарадзішча магчыма было ўтворана для аховы волака. Проста на поўдзень ад Строчыц, на адлегласці 4-5 км, каля вёскі Шпількі пачынаецца рака Жэсць, якая ніжэй завецца Уздзянкаю. Прыкладна за паўтары кіламетра ад яе вытокаў, у сучаснай вёсцы Віцкаўшчына сто гадоў таму працаваў вадзяны млын (зараз, у выніку дзейнасці меліяратараў, гэта брудная прамая канава). Значыць, сто гадоў таму гэта была рачулка, у якой пастаянна цякла вада. Тысячу гадоў таму гэтая рачулка (трэба думаць) была нашмат больш паўнаводнаю. Уздзянка ўпадае ў Нёман, па-іншаму кажучы, гэта рака Балтыйскага басейну. Таму магчыма, што паміж Жэсцю і Пціччу існаваў волак. Каля вёскі Грычына, што стаіць на беразе Жэсці, знаходзіцца курган, нават у наш час вышынёю больш за тры метры. На ўсход ад яго ў лінію стаяць яшчэ два такія курганы. У наваколлі ёсць нямала курганоў, але гэта дрыгавіцкія, сягаючыя амаль што метра ў вышыню. Да сённяшняга часу ніводзін з вялікіх курганоў не раскопваўся, і можна чакаць, што яго знясуць экскаватарам, як гэта робіцца ў Дзяржынску (былым Койданаве), дзе спярша ўзарвалі замак, які стаяў на гарадзішчы, а цяпер зносяць само гарадзішча.

Раскопкі Менскага дзяцінца далі багатыя вынікі, і прадугледжвалася, што над раскопкамі будзе зроблены дах, г.зн. утворыцца музей. Але атрымалася наадварот: раскопкі засыпалі, залілі асфальтам і зрабілі над гістарычным ядром горада аўтобусны прыпынак. У друку неяк з’явілася абвестка, што раскопкі адновяцца, і што нават будзе насыпаны вал, і Мінскае замчышча прыме такі выгляд, які яно мела ў XII ст. Пакуль што ніякіх намёкаў на тое, што аўтобусная станцыя будзе куды-небудзь пасунута, няма.

Дадамо яшчэ, што Банцараўскае гарадзішча, якое атрымала шырокую вядомасць у літаратуры і знаходзіцца зараз амаль на ўскрайку Мінска, страчана для археолагаў: адзін з віцэ-міністраў пабудаваў на ім лецішча, якое перайшло да фізкультурнікаў, і доступ туды археолагам закрыты.

Празмерна бесцырымонна абыходзяцца ў Беларусі са сваімі помнікамі мінулага. Дакументы аб ахове цытуюцца, а помнікі нішчацца.

М.Улашчык

5 красавіка 1984 г.

Улашчык М. М. Водгук на артыкул Я.Н.Мараша «З гісторыі класавай барацьбы ва ўладаннях каталіцкай царквы Беларусі сярэдзіны XVII — XVIII ст.»

13 траўня, 1996 |

Я.Н.Мараш з’яўляецца аўтарам шэрагу манаграфіяў і артыкулаў, з якіх усе прысвечаны дзейнасці каталіцкай царквы на Беларусі. Асаблівую увагу ён надае езуітам; тым жа займаюцца і яго вучні па Гарадзенскаму універсітэту.

Артыкул занадта падрабязны, у значнай ступені гэта звязана з тым, што ў ім пераказваюцца падзеі, вядомыя вельмі даўно (барацьба на Палессі ў 1648-49 г. і інш.). Першыя дзесяць старонак тычацца памераў уладанняў езуітаў; для гэтага было б дастаткова адной-дзвюх. Няма ніякай патрэбы пераконваць нашага чытача, што манахі не былі святымі, і што іх вельмі не любілі (С.8-10). Аўтар сцвярджае, што нянавісць народных масаў была накіраваная выключна супраць духавенства каталіцкага і вуніяцкага, з чаго вынікае (маўкліва), што праваслаўнае духавенства было добрым. Але казакі Налівайкі ў свой час спалілі Магілёў разам з праваслаўнымі цэрквамі. На С.20 сказана, што паўстанцы разграмілі ўладанні князя Чацвярцінскага, а ён жа быў праваслаўным. Наогул, карціна атрымалася б іншай, калі б Мараш скарыстаў манаграфію А.Н.Мальцава, самую лепшую працу пра вайну 1654-67 г. Нявыкарыстана яна, відаць, таму, што не супадае са схемаю Мараша.

У артыкуле дзеючыя асобы, якія займаюць значныя пасады (літоўскі стражнік Мірскі, пінскі войт Ельскі і інш.) паказаны як дзеячы польскія. Палякамі названы і Радзівілы, якія ў той час разарвалі вунію з Польшчаю і заключылі саюз з Швецыяй. Мараш выступае супраць тэорыі адзінага патоку беларускай нацыі, але адмаўленне існавання беларускіх феадалаў — гэта і ёсць тэорыя бяскласавасці нацыі. У артыкуле адсутнічае Вялікае Княства Літоўскае, а ёсць толькі Польшча. Ад гэтага даўно трэба адмовіцца.

Каштоўным у артыкуле з’яўляецца матэрыял аб уладаннях езуітаў і іншых ордэнаў (картэзіянцы ўсюды названы картузамі) і там, дзе гаворыцца пра рух у Мазырскім Палессі, але ў гэтым выпадку неабходна больш адцяніць значнасць манаграфіі А.П.Ігнаценкі.

М.Улашчык

23.Х.1984

Улашчык М. М. Кніга пра Янку Купалу

12 траўня, 1996 |


У 1982 г. у серыі «Жизнь замечательных людей» выйшла кніга А.А.Лойкі «Янка Купала» (Лойко Олег. Янка Купала. — Москва, 1982, 348 С., наклад 150 тыс. асобнікаў). Як вядома, у серыі ЖЗЛ друкуюцца біяграфіі выдатных людзей. Значыць, у гэтым выпадку мы маем жыццяпіс найбуйнейшага паэта Беларусі. Аднак у падзагалоўку арыгіналу гэтае самае кнігі (на беларускай мове), які выйшаў у Мінску асобным выданнем у 1984 г., сказана, што гэта раман-эсэ (Лойка Алег. Як агонь, як вада… Раман-эсэ пра Янку Купалу. — Мінск. 1984, 486 С, наклад 20 тыс. асобнікаў). Атрымліваецца, тая самая праца прадстаўленая чытачам у трох розных жанрах! Апроч таго, да перакладу даецца прадмова, да арыгіналу — не. Хутчэй за ўсё гэтак здарылася таму, што трэба было вытлумачыць, чаму ў серыі «Біяграфіі» змешчаны па сутнасці раман, тады як у арыгінале ёсць падзагаловак — «раман-эсэ», падобнага тлумачэння не вымагалася.

Аўтар прадмовы — І.П.Шамякін — адзначае «историческую достоверность (падкрэслена Шамякіным) гэтай працы і да таго ж не толькі там, дзе яна пацвярджаецца дакументамі, але і ў тых выпадках, дзе дакументаў няма, не было ці яны страчаныя, і аўтару сваёй фантазіяй, інтуіцыяй даследчыка, веданнем эпохі давялося дапоўніць гэтыя “белыя плямы”. Алег Лойка робіць гэта не шляхам “раманнага” вымыслу, але зноў жа на падставе дакументаў (падкрэслена Шамякіным) — вершаў, паэмаў, драмаў» (С.З). Прадмова, як бачым, робіць націск на тое, што прыведзеныя ў кнізе факты праўдзівыя нават у тым выпадку, калі аўтар, не маючы дакументаў, абапіраецца на ўласную інтуіцыю. Рызыкоўнае сцвярджэнне! Спасылаючыся на інтуіцыю, можна выказваць меркаванні, але не сцвярджаць.

«Веданне эпохі» павінна азначаць, што аўтар капітальна вывучыў літаратуру і крыніцы як пра эпоху, пра якую ён піша, гэтак і пра асобу паэта. Ці было так на самай справе? Чытанне кнігі Лойкі дае дастаткова падставаў сумнявацца.

Каб чытач быў упэўнены ў праўдзівасці прыведзеных звестак, у працы маюць рабіцца спасылкі на дакументы ці даследаванні, з дакладнай падачай прозвішча аўтара і назвы ягонай працы. Але ў кнізе Лойкі няма ніводнай падобнай спасылкі. У некаторых выпадках ён, што праўда, спасылаецца на мемуары, але аўтары іх (за выключэннем аднаго выпадку) не названыя. Больш за тое, колькі разоў Лойка называе аўтараў мемуараў, прозвішчы якіх ён сам прыдумаў (!), уводзячы такім чынам чытачоў у зман. Карыстаючыся мемуарамі Мядзёлкі (пра гэта ніжэй), аўтар прыводзіць паведамленні, якіх у мемуарах няма, у іншым жа выпадку прыводзіць звесткі з тых жа мемуараў, але падаючы крыніцы. Значыць, тут абсалютна пануе «раманны» вымысел, наконт праўдзівасці ж і мовы няма. Мы не збіраемся сцвярджаць, што ўсе звесткі ў Лойкавай працы маюць фантастычны характар, але ж зразумела, што нават пара наўмысных памылак ставіць пад сумненне каштоўнасць усяе кнігі.

Аб продках паэта, пра юнацкія гады самога Купалы Лойка паведамляе на падставе дакументаў, сабраных і выдадзеных Г.В.Кісялёвым, вельмі абазнаным і добрасумленным спецыялістам (Пуцявінамі Янкі Купалы. Дакументы і матэрыялы. Укладальнік Г.В.Кісялёў. — Мінск, 1981).

Менскі мяшчанін паводле пашпарту, Купала паходзіў са шляхты. У расійскай літаратуры здаўна пануе вельмі непрыхільнае ўяўленне пра шляхту, але нельга забывацца, што з дробнай ці збяднелай шляхты Беларусі выйшлі Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Адам Міцкевіч і нямала іншых выдатных дзеячоў.

Да сярэдзіны XVII ст. большасць беларускай шляхты прыняла «панскую» веру, г.зн. акаталічылася. Шляхціч-каталік, як, зрэшты і праваслаўны, лічыў сябе (незалежна ад маёмаснага стану) вышэй за «мужыкоў», г.зн. сялян; моваю літаратуры, а таксама «параднаю», перад усім у сумоўі з ксяндзом, была польская (моваю ж сямейных зносінаў тым не менш заставалася беларуская). Сам Купала не толькі перш навучыўся чытаць па-польску, але і першыя свае вершы пісаў на польскай мове (гэтага Лойка на адзначыў), аднак народная стыхія ўзяла верх. Пераход на «мужыцкую» мову і тое, што першы свой друкаваны верш Купала назваў «Мужык», сведчыць, якія забабоны давялося пераадолець маладому паэту.

У 1906 г. у Вільні пачала выходзіць беларуская газета «Наша доля», а пасля яе закрыцця — «Наша Ніва». Гэтая газета як у асабістым лёсе Купалы, гэтак і ў справе беларускага Адраджэння мела велізарнае значэнне. У 1908 г. Купала пераехаў у Вільню, дзе стаў адным з асноўных супрацоўнікаў газеты, адначасова працуючы ў прыватнай бібліятэцы Даніловіча.

На жаль, што з сябе ўяўляла Вільня пачатку стагоддзя, Лойка не сказаў па сутнасці нічога, а між тым гэта быў адзін з найкультурнейшых гарадоў Расійскай імперыі таго часу. Пазбаўлены універсітэту яшчэ ў 1832 г., ён заставаўся культурным асяродкам усяе Беларусі, Літвы і часткова Польшчы. Дастаткова сказаць, што ў 1913 г. у гэтым шматнацыянальным месце выходзіла каля паўсотні перыёдыкаў на шасці мовах (Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. — Вильна, 1914, С.55-161. У Лойкі сказана, што ў Вільні на той час выходзіла 20 газетаў — С.77).

Практычна нічога не сказаўшы пра Вільню, аўтар амаль зусім маўчыць таксама пра «Нашу Ніву». Ён не крануў ані тых, хто пісаў у газету, ані тых, хто чытаў яе. Вельмі глуха сказана пра матэрыяльнае становішча, пра склад рэдакцыі і інш. Уся ўвага аўтара засяроджана на трох беларускіх дзеячах таго часу — братох «Лацкевічах» і «Ласоўскім» (рэальна гэта Іван і Антон Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі). Ужо само па сабе скажэнне прозвішчаў гэтых людзей сведчыць пра рашучае імкненне аўтара любым чынам ачарніць іх. «Лацкевічы», паводле Лойкі, ня толькі дробныя палітыканы, але і нячыстыя на руку дзялкі. Старэйшы з іх стварыў у Вільні беларускі гістарычна-этнаграфічны музей, экспанаты для якога «вымантачваў» ці здабываў падманам, грошы ж на выданне «Нашай Нівы» здабываў «усемагчымымі шляхамі» (С.79). Аўтар не сказаў, што «Лацкевіч» здабываў сродкі для газеты, скажам, крадзяжом ці рабаўніцтвам, але калі сказана, што «ўсемагчымымі шляхамі», дык пра такое можна меркаваць (інтуітыўна). Іван Луцкевіч, якому дапамагалі многія з тагачасных дзеячоў культуры і працоўных Беларусі, у сапраўднасці стварыў унікальны музей, які перажыў усе войны і толькі потым быў знішчаны, і паказваць гэтую справу як нешта цьмянае, — значыць праяўляць чорную|Няўдзячнасць да чалавека, жыццё якога ёсць узорам служэння народу. Між іншага, той жа Лойка далей паведамляе, што «Лацкевіч» «адпісаў» свой музей грамадскасці, г.зн. свайму народу (С.213). Гэтае паведамленне ніяк «не стасуецца» з характарыстыкаю, дадзенаю стваральніку музея раней.

Гаворачы пра адносіны «Лацкевічаў» да Купалы, Лойка сцвярджае, што Купала быў у іх нібы парабкам (С.76), і ў той жа час кажа, што Купала меў гонар (С.75). Як у аўтара спалучаюцца гонар са становішчам парабка — незразумела.

Амаль нічога не сказаўшы пра накіраванасць газеты, пра яе значэнне ў справе развіцця беларускай культуры, аўтар цэлую старонку аддае друкаваным у газеце аб’явам. Гэтыя аб’явы былі такія, што адну з іх цнатлівы Лойка не наважыўся нават назваць (мабыць, у такім разе лепш было б пра яе і не згадваць). Аб’явы быццам прывялі да таго, што Купала парваў з рэдакцыяй і з’ехаў у Пецярбург, дзе і пражыў чатыры гады (С.80,81).

Тут адзначым, што пункт погляду Лойкі як на «Нашу Ніву», гэтак і на ейных кіраўнікоў працілеглы іхняй ацэнцы, дадзенай М.Горкім. Горкі рэкамендаваў «Нашу Ніву» сваім чытачам, сцвярджаючы, што гэтая газета скажа ім «шмат цікавага». Вельмі станоўча Горкі ацэньваў і працу «людзей, згрупаваных вакол газеты» (Ивашин В.В. Горький и белорусская литература начала XX в. — Минск, 1956, С.70). Відавочна, раней Горкі чытаў «Нашу Ніву» нерэгулярна, паколькі прасіў на 1910 г. «залічыць» яго падпішчыкам (тамсама). Можна быць упэўненым, што пісьменнік не зрабіў бы гэтага, калі б ён не быў задаволены зместам газеты. Дзіўным чынам Лойка нічога гэтага ня ведае.

Але і пункт погляду самога Лойкі ў далейшым аказваецца іншым. На С.213 ён піша, што ў 1913 г. «па-ранейшаму» (г.зн. як і раней — М.У.) газета адрасавалася шырокім сялянскім масам і народнай інтэлігенцыі, і па-ранейшаму яе забаранялася выпісваць чыноўнікам, настаўнікам-семінарыстам» і г.д. Як і раней яе цкаваў чарнасоценны друк.

Ацэнкі ў аўтара мяняюцца з гранічнай лёгкасцю і хуткасцю.

Пра «Ласоўскага» аўтар прыводзіць выказванне аднаго з «Лацкевічаў», выкарыстоўваючы для гэтага апублікаваныя звесткі, не называючы, аднак, свае крыніцы. Потым ужо ад сябе Лойка выкладае меркаванне адносна таго, хто быў сапраўдным бацькам жанчыны, яшчэ жывой, калі пісалася кніга. Як і належыць плётцы, аўтар перадае яе жаманна, цьмяна выслаўляецца (не адразу і ўцяміш, пра што ідзе гаворка). Падобная «інтуіцыя» дрэнна пахне, яна кранае гонар старой жанчыны, але Лойка лічыць згаданы сюжэт нагэтулькі важным, што звяртаецца да яго яшчэ некалькі разоў, часткова карыстаючы з мемуараў Мядзелкі, апублікаваных у 1974 г. (Мядзёлка Паўліна. Сцежкамі жыцця. — Мінск, 1974). Спасылаючыся на іх, Лойка піша, што Мядзёлка нагадвала Купалу пра яго сувязь з маці тае жанчыны. Аднак нічога падобнага ў мемуарах няма.

Асвятляючы перыяд ад ад’езду Купалы з Вільні ў 1915 г. і амаль за дзесяцігоддзе, Лойка кажа пра сямейнае жыццё паэта, але гэта пададзена ў нейкім рэпарцёрскім выглядзе, у той жа час такая падзея, як ушанаванне Купалы ва ўніверсітэце 18 сакавіка 1922 г., прапушчаная. Пачаўшы працаваць увосень 1921 г. у вельмі цяжкіх умовах, універсітэт ужо з канца таго ж года зарганізаваў шэраг публічных паседжанняў; на адным з такіх паседжанняў ушаноўвалі Купалу. Гэта было першае яго ўшанаванне на такім высокім узроўні, і яно выклікала шырокі розгалас (Труды БГУ, № 1. — Минск, 1922, С.214-215).

Самы змястоўны ў кнізе Лойкі раздзел дзесяты, асабліва параграф другі, прысвечаны падзеям 1930-х гадоў. Ён цікавы хаця б таму, што тут ёсць звесткі, якія не сустракаюцца амаль нідзе: пра дзейнасць самай змрочнай фігуры ў гісторыі новае беларускае літаратуры — Л.А.Бэндэ. На жаль, толькі паміж іншага тут згаданы самы адданы паслядоўнік Бэндэ — А.Кучар. Наогул, у 20-я гады маладыя пісьменнікі былі задзірлівыя і час ад часу выклікалі «старых» (якім ледзь мінула 40 год) на дыспуты. Але ўсё было зусім інакш, калі на сцэне з’явіўся Бэндэ, які стаў выносіць Купалу (ды ці толькі яму) абвінавачванні палітычнага характару.

На жаль, апроч сказанага вышэй, пра кнігу набралася і яшчэ колькі заўваг.

У сцэне, дзе малады Купала чытае вершы рабочым бровара, адзін са слухачоў, звяртаючыся да паэта, называе яго «Дамінікавіч» (С.36). Гэты «простанародны», чыста расійскі зварот у той час на Беларусі быў невядомы. У пачатку XX ст. з імем ды імем па бацьку на Беларусі звярталіся да сябе прадстаўнікі расійскае ды абруселае інтэлігенцыі, да Купалы ж работнік, калі хацеў выказаць яму павагу, звяртаўся б або «пане Луцэвіч», або, паколькі Купала быў малады, «пане Ясь».

Купала (у Лойкавай інтэрпрэтацыі) сказаў, што Тадэвуш Касцюшка ў праваслаўі зваўся Андрэй (С.188). Купала, ведаючы, што Касцюшка ад нараджэння быў каталіком, сказаць так ня мог.

Згодна з сцвярджэннем Лойкі, рэтраграды ў Інбелкульце хацелі замест «галёшаў» увесці слова «макраступы» (С.198). Тут зноўку ўсё наблытана, як той казаў, і ў часе і ў прасторы. Так хацеў зрабіць (у расійскай мове) адмірал Шышкоў (1754-1841).

Лойка сцвярджае, што на Беларусі імя «Янка» жаночае (С.105). У сапраўднасці ж і ў мужчын гэтае імя (як памяншальнае ад поўнага) звычайнае: Рыгор — Рыгорка, Міхась — Міхаська, Ян — Янка… Варта прачытаць хаця б «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» Сержпутоўскага, каб пераканацца ў гэтым.

Гаворачы пра падзеі першае сусветнае вайны, аўтар адзначае, што баі (у ліку іншых) адбываліся «на Галіччыне і пад Валынню» (С.158). У гэтым выпадку аўтар, відавочна, разумеў пад Валынню не абшар, а горад (С.215).

Аднак рэч, вядома, ня ў гэтых прыватных памылках і недакладнасцях, хаця й іх можна было пазбегчы. Купала быў вялікім паэтам і вялікім чалавекам, і таму, каб напісаць пра яго вартую кнігу, трэба валодаць (апрача іншага) вялізарнымі ведамі пра эпоху, пра самога паэта, пра ягоную творчасць. Усё гэта патрабуе працяглае ўпартае працы і добрасумленнасці. На кнізе ж ляжыць адбітак выпадковасці. Нешта ў яе ўключана, нешта прапушчана. Аўтар, напрыклад, не палічыў патрэбным адзначыць, што ў «Нашай Ніве» друкаваліся творы такіх пісьменнікаў, як Л.М.Талстой, А.П.Чэхаў, В.Р.Караленка, І.С.Тургенеў (Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. — Мінск, 1969. Т.2. С.248) і інш., затое ёсць пра аб’явы. Змаўчаў аўтар і пра тое месца ў А.Фадзеева, дзе сказана, што Купала «да рэвалюцыі ня мае сабе роўнага па крэўнай блізкасці да мужыка, узведзенага на ўзровень самае высокае паэзіі» (цыт. паводле: Березкин Г. Мир Купалы. — М., 1973. С.59).

Што тычыцца «Нашай Нівы», дык тут Лойка фактычна ігнаруе дасягненні беларускага савецкага літаратуразнаўства. Ягоныя адносіны да газэты ідуць уразрэз з ацэнкаю, дадзенаю ёй вучонымі, якія адмыслова займаліся даследаваннем гэтага пытання (гл. напр.: Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. — Мінск, 1971. С.201-233). А паколькі ў пацвярджэнне такой пазіцыі пераканаўчых аргументаў Лойка ня мае, ён бярэ на ўзбраенне метад вельмі сумнеўны: пакідаючы ўбаку сутнасць «Нашай Нівы», націскае на неістотныя моманты, якія ўзводзяцца ім у ранг ідэйна значных. Мяркуецца, відаць, што гэта самы пэўны спосаб скампраметаваць і само выданне, якое мела эпахальнае значэнне ў гісторыі беларускага народу, і яго стваральнікаў.

Кнізе Лойкі ўласцівая адсутнасць інтэлігентнага падыходу, разрахаванасць на мяшчанскі густ (дробязнасць, недагаворкі, карпаніна ў асабістым жыцці). Менавіта таму тут вельмі дарэчы прыйшоўся жанр эсэ, які дае прастору расплывістым, няпэўным характарыстыкам, дадумванню.

Маючы на ўвазе ўсё гэта, належыць з усёй пэўнасцю сказаць, што з часоў Бэндэ (змрочная постаць якога, дарэчы, добра паказаная ў кнізе) пра Купалу гэтак ніхто не пісаў. Спадзяваймася, што ў беларускай літаратуры на гэтым полі ў Лойкі ня знойдзецца больш паслядоўнікаў.

М.М.Улашчык,

доктар гістарычных навук

18.05.1985, г.Масква.

Наверх

Эпісталярыя Мікалая Улашчыка

11 траўня, 1996 |

Эпісталярыя

Паважаны Іосіф Бенцыянавіч![1]

З даваеннай перыёдыкі ў мяне ёсць за некалькі гадоў «Полымя» і «Советское строительство». «Полымя» трошкі пакалечанае — Аляксандра Пятроўна вырвала з яго ўсе артыкулы Уладзіміра Іванавіча. У цяперашні час працы Уладзіміра Іванавіча перавыдаюцца (першы том выйдзе ў лютым), і таму праз нейкі час, напэўна, і гэтыя артыкулы таксама можна будзе атрымаць.

Умовы мае такія: паколькі я атрымаў гэтыя часопісы ад Аляксандры Пятроўны бясплатна, то я на тых самых умовах аддам іх Вам, за выключэннем таго, што ў Вас ёсць, бо для мяне гэта ўвогуле вялікая каштоўнасць. Апроч таго, у мяне ёсць гадавыя камплекты часопісаў «Минувшие годы» і «Голос минувшего» — гэта з бібліятэкі нябожчыка Беражкова. Гэта я таксама магу аддаць Вам, але па сабекошце. У Беражкова, спецыяліста па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, было вельмі шмат каштоўных кніг не толькі па Літве і Беларусі, але і розных зусім унікальных выданняў 1917 г. Цяпер там засталося няшмат, але калі будзеце Вы ці Ваш прадстаўнік, то можна паглядзець.

Я размаўляў з Уладзімірам Юр’евічам Гацье адносна бібліятэкі яго бацькі. Ён кажа, што кніг няшмат, але ў прынцыпе ён згодны на перадачу іх Вам. Яго адрас: Новапясчаная, д. 21, кв. 39. Карацей, гэта мой сусед.

Разам з тым, я звяртаюся да Вас з просьбай. Тут нельга дастаць беларускай літаратуры, і нават аб выданні яе даведваешся выпадкова. Мне трэба купіць два экзэмпляры «Истории Минска», два экзэмпляры кнігі Абэцэдарскага «Белорусы в Москве», экзэмпляр кнігі Ліўшыца (дакладнай назвы не памятаю, — пра Іудзею), акрамя таго, я не магу выпісаць «Літаратуру і мастацтва», бо падпіскі на яе тут няма. Магчыма, што акрамя гэтых кніг выйшла яшчэ што-небудзь, але я больш ня ведаю. Калі Вы можаце даручыць каму-небудзь зрабіць гэта, то я адразу вышлю грошы. Чытаць далей →

Леанід Аляксееў. Мікалай Мікалаевіч Улашчык

10 траўня, 1996 |


У наш час катастрафічнай дэвальвацыі асобы як выніку таго, што нам вельмі доўга ідэі падмянялі людзей, невымяральнае значэнне ў развіцці грамадства маюць жыццёвыя прыклады, прыклады жыцця людзей, і найперш тых вучоных, якія пакідаюць нам сваю спадчыну. Толькі тое, што зроблена чыстымі рукамі і з чыстым сумленнем, сапраўды паўнавартаснае!

Яскравым прыкладам такога вучонага з’яўляецца Мікалай Мікалаевіч Улашчык, угодкі з дня смерці якога мы зараз адзначаем.

Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў 1906 г., ён, такім чынам, належаў да равеснікаў веку, таго пакалення, на чые плечы лёг увесь цяжар пераўладкавання Расіі пасля дзвюх рэвалюцыяў 1917 г. і працэса стварэння новага грамадства. Выхадзец з вёскі Слуцкага павету Мінскай губерні, ён з юнацтва быў захоплены вывучэннем гістарычных лёсаў сваёй радзімы — Беларусі, найактыўней уключыўся ў дзейнасць Інбелкульта, а з 1928 г. — у працу Беларускай Акадэміі Навук, якая замяніла Інбелкульт. Але тут даследчыка чакала страшэнная эпоха 1930-х, якая ў Беларусі, паўтараючы ўсе рысы трагедыі, характэрнай для ўсяго СССР наогул, узмацнілася яшчэ так званай «нацдэмаўшчынай». На фоне інтэрнацыянальнага вучэння марксізму захапленне беларускай гісторыяй было расцэнена вышэйшымі беларускімі інстанцыямі як нацыяналістычны экстаз, што прывяло, у рэшце рэшт, як мы ведаем, да вельмі сумных наступстваў. Пачатак 1930-х гадоў у Беларусі азначыўся сумна вядомай барацьбой з «нацдэмаўшчынай», а дакладней, — барацьбой з толькі што сфармаванай у Беларусі інтэлігенцыяй. Не пазбег агульнай долі, як мы ведаем, і Мікалай Мікалаевіч…

З чаго ж пачаў Мікалай Улашчык навуковую дзейнасць? Дазвольце пра першыя два перыяды ягонага жыцця пасля вучобы расказаць яго ўласнымі словамі. Вось першая замалёўка, апублікаваная Мікалаем Мікалаевічам па-беларуску: «У той час мы ўсе лічылі, што краязнаўства — гэта перадусім археалогія, а ўжо потым збор матэрыялаў па фальклёры і этнаграфіі». Мікалай Мікалаевіч пачаў займацца археалогіяй і ўдзельнічаў у шэрагу раскопак і выведак. Ён піша далей: «Увесну 1925 г. пад кіраўніцтвам І.А.Сербава ў вёсках Пятроўшчына і Рылаўшчына (пад Менскам, — Л.А.) пачаліся раскопкі курганоў. Гэта быў адзін з першых досведаў па аднаўленні археалагічнай дзейнасці (пасля рэвалюцыі — Л.А.). [...] На раскопкі ў Пятроўшчыну рухаліся як на свята (у той час гэтая дзейнасць насіла рамантычны характар). Невялікім натоўпам ішлі навуковыя і ненавуковыя дзеячы, сярод іх географ М.Азбукін, пісьменнік І.Барашка, быў і нейкі пахмурны, маўклівы, нікому невядомы чалавек гадоў 30, галава якога ўжо пачала сівець. Гэта быў Аляксей Каваленя, як хутка стала вядома, баец Грамадзянскай вайны, удзельнік Перакопскага штурму…».

А вось перад намі фотаздымак удзельнікаў раскопак таго часу. Сам Мікалай Мікалаевіч сваёй рукой, па маёй просьбе, назваў у часопісе ўсіх удзельнікаў: тут і суворы навуковец у гадах М.В.Доўнар-Запольскі, і людзі сярэдняга пакалення — К.М.Палікарповіч, А.Д.Каваленя, С.Дубінскі і, нарэшце, сам аўтар — Мікалай Мікалаевіч. Паглядзіце, які ў гэтага юнака радасны, шчаслівы твар! Хіба мог ён здагадвацца, што перад ім наперадзе, якія жыццёвыя выпрабаванні!

А выпрабаванні чакалі страшэнныя — тыя, у якіх выпрабоўваюцца найперш маральныя якасці чалавека. Пры жыцці М.Улашчыка пра іх шырока яшчэ не прынята было гаварыць, але ён зрэдку распавядаў пра гэта ў вузкім коле сяброў. Пры мне упершыню пра свой лагер ён загаварыў дома за сталом, толькі што вярнуўшыся са шпіталя, дзе ляжаў з інфарктам, 26 лютага 1977 г. Хвароба была для яго, відавочна, першым званком, і Мікалай Мікалаевіч лічыў цяпер патрэбным расказаць пра ўсё перажытае. Тое апавяданне я запісаў дома ў той жа вечар… [...]

18 сакавіка 1985 г. было трыццацігоддзе ягонага вызваленьня. Такім чынам, з 1930 па 1955 год! Дваццаць пяць гадоў, праўда, з некалькімі перапынкамі… Нягледзячы|на страшэнны час сталінскіх лагераў смерці, зламаць яго ня ўдалося.

Мне помніцца маё першае знаёмства з ім.

20 кастрычніка 1955 г., прыехаўшы на сваю кандыдацкую абарону за гадзіну да пачатку і прывёзшы толькі-што скончаны дысертацыйны альбом, я даведваюся, што ў чытальнай зале сядзіць невядомы, які з раніцы чытае маю дысертацыю і некалькі разоў ужо пытаўся пра альбом. Я ў жаху: чалавек відавочна рвецца выступіць супраць… Нас знаёмяць. Ён усміхаецца, называе сваё прозвішча, якое ад хвалявання я не расчуў, і гаворыць, што мой рукапіс яму вельмі падабаецца…! А выступіць ён ня можа з прычыны нейкіх сваіх абставінаў і хутка павінен з’ехаць…

Так пачалося нашае знаёмства з Мікалаем Мікалаевічам, якое хутка перайшло ў цеснае сяброўства!

Мікалай Мікалаевіч быў дзіўным, непаўторным чалавекам! 30 год, якія яму былі адведзены для працы, ён з усімі сіламі, можам сказаць, магутнага арганізма аддаЎся даследаванням, звязаным з гісторыяй беларускіх земляў. Па сваёй добрасумленнасці і бескарыслівай адданасці навуцы ён можа стаць прыкладам для ўсіх нас. Але ня толькі гэта прыцягвае ў асобе Мікалая Мікалаевіча. Ён быў менавіта асобай, аб якой мы гаварылі ў пачатку, і якая ў значнай ступені ў многіх з нас страчана. Бясконца добры, чулы, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, здатны ахвотна падзяліцца проста энцыклапедычнымі ведамі ў сваёй галіне, захаваўшы, да таго ж, насуперак усяму пройдзенаму шляху, цалкам арыгінальны гумар, — такім застанецца ў нашай памяці незабыўны Мікалай Мікалаевіч Улашчык.

22.ХІ.1988.

Леанід Аляксееў

Наверх

Юліуш Бардах. Мае спатканні з Мікалаем Улашчыкам

9 траўня, 1996 |


З Мікалаем Мікалаевічам Улашчыкам пазнаёміўся ў час аднаго з маіх побытаў у Маскве, у другой палове 1960-х г. Збіраў тады матэрыялы для манаграфіі пра Вацлава Аляксандра Мацяеўскага (1793-1887), вядомага гісторыка славянскага права, і бываў у сектары гісторыі феадалізму Інстытуту гісторыі Акадэміі навук СССР.

Аднаго дня Ганна Леанідаўна Харашкевіч пазнаёміла мяне з маўклівым калегам, сказаўшы, што нас лучыць супольная зацікаўленасць мінулым Вялікага Княства Літоўскага. На працягу майго, на той час месячнага побыту сустракаліся з Мікалаем Мікалаевічам пару разоў. Ён выявіў жывую зацікаўленасць станам даследаванняў гісторыі Літвы і Беларусі феадальнага перыяду ў польскай гістарычнай навуцы. З навуковай інфармацыяй тады, як і раней, мелі праблемы, асабліва калі гэта тычылася прац, якія яшчэ былі ў працэсе, але падобна было і з апублікаванымі. Мой суразмоўца быў у гэтай матэрыі пільным і патрабавальным. У сваю чаргу я цікавіўся станам даследаванняў гісторыі ВКЛ у навуцы беларускай. Мне хацелася ведаць, у якой ступені знайшлі працяг традыцыі Інбелкульту, а потым Беларускай Акадэміі Навук, а таксама школа Ўладзіміра Пічэты.

У часе майго наступнага побыту атрымаў ад Мікалая Мікалаевіча «Бібліяграфію па гісторыі Беларусі. Феадалізм і капіталізм», выдадзеную ў 1969 г. Інстытутам гісторыі Акадэміі навук БССР. Яна ахапляла толькі пазіцыі, апублікаваныя на мовах беларускай, рускай і ўкраінскай. Кніга была прыкметай — і так яе ўспрымаў Улашчык —пэўнага ажыўлення беларускіх даследаванняў. Таму я хутка апублікаваў даволі аб’ёмную рэцэнзію на «Бібліяграфію» у «Kwartalniku Historycznym» (1973, Nr.3), выказаўшы, між іншага, пажаданне, каб у другім томе знайшлі месца і працы па гісторыі Беларусі, апублікаваныя на іншых мовах, асабліва па-польску, прапанаваўшы наладзіць дзеля гэтага супрацоўніцтва паміж інстытутамі гісторыі абедзьвюх нашых Акадэмій навук.

У 1970 г. меў прыемнасць ахвяраваць Улашчыку том маіх «Studiów z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVII wieku», і атрымаў тады ад яго вялікі цёплы ліст. Трэба сказаць, што паміж намі паступова завязалася сувязь, якая неўзабаве набыла ўсе рысы прыязні. Пад час кожнага побыту ў Маскве, а ў 1970-х я бываў там практычна кожны год, працягваючы свае працы над гісторыяй гістарыяграфіі, заўсёды сустракаўся з Мікалаем Мікалаевічам, праводзячы з ім ужо доўгія, шчырыя размовы. Распавядаў мне тады сцісла, не ўдаючыся ў дэталі, што быў рэпрэсаваны, і хоць пасля рэабілітацыі змог вярнуцца да навуковай працы, прычым на прэстыжным месцы, — у саюзнай Акадэміі навук, ня меў магчымасці вярнуцца ў Мінск і працаваць там, дзе быў бы ў найбліжэйшым для яго асяроддзі і кшталтаваў бы маладых беларускіх гісторыкаў.

У 1973 г. парадаваў мяне, ахвяраваўшы з сардэчнай дэдыкацыяй сваю кнігу «Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду» (Масква, 1973). Апублікаваў на гэтую працу аб’ёмную рэцэнзію ў спецыялізаваных «Studiach Zródłoznawczych» (Т.ХІХ, 1974). «Studia» выдаюцца ў фармаце in folio, а рэцэнзія набрана петытам, таму на 3 старонках друку змясцілася больш за 10 старонак машынапісу. Значэнне працы ацаніў высока, асабліва падкрэсліваючы аб’ектывізм аўтара, які выявіўся, між іншага, у крытычнай ацэнцы дзейнасці Віленскай археаграфічнай камісіі, паўсталай пасля 1863 г., у паказе тэндэнцыйнасці апублікаваных ёю крыніц, асабліва ў першыя дзесяцігоддзі. Мікалай Мікалаевіч не завагаўся, называючы яе «арганізацыяй прапагандысцкай» (С.134), і сцвердзіў, што «складаныя працэсы, якія вякамі цягнуліся ў Беларусі, Камісія тлумачыла самым прымітыўным чынам» (С.129), не цураючыся нават — гаворка пра першыя тамы — фальшавання дакументаў, каб падкрэсліць «истинно русский» характар так званага Заходняга краю. Звярнуў таксама ўвагу, што ў ёй адкінутае прынятае тады таксама расійскай навукай азначэнне Вялікага Княства як дзяржавы літоўска-рускай (трэба помніць, што пад назвай русіны разумелі тады беларусаў, а таксама ўкраінцаў). Думаю, болей Мікалай Мікалаевіч і ня мог тады напісаць.

Меў таксама крытычныя заўвагі, датычныя таго, што быў прапушчаны шэраг польскіх прац па археаграфіі Беларусі, асабліва Рычарда Мяніцкага пра Віленскую археаграфічную камісію (1927) і пра Архіў старажытных актаў у Віцебску (1939). Апошняе вынікала, як ужо адзначаў вышэй, з цяжкасцяў узаемнага інфармавання, а таксама з накінутага аўтару зверху абмежавання выключна археаграфіяй беларускай у сэнсе межаў савецкай Беларусі. У выніку былі абмінуты Літоўскія Статуты, меўшыя падставовае значэнне для гісторыі Беларусі, або такія выданні, як «Апісанне дакументаў і папер, якія захоўваюцца ў Маскоўскім архіве Міністэрства юстыцыі, Кн.21: Кнігі Літоўскай метрыкі» (Масква, 1915). Неставала таксама публікацыяў эміграцыйных даследчыкаў на чале з І.І.Лапам. Мне здалося, што Мікалай Мікалаевіч застаўся нават задаволены гэтымі крытычнымі заўвагамі, бо па-сутнасці яны былі скіраваныя супраць накінутых яму абмежаванняў, спрэчных з гістарычнай рэчаіснасцю, якая патрабавала даследаваць Вялікае Княства Літоўскае як цэлае, а не згодна з «межамі, вызначанымі ўвосень 1939 г.».

Згаданых абмежаванняў ужо не было, калі ў 1975 і 1980 г. Мікалай Мікалаевіч апублікаваў Хронікі Літоўскую і Жамойцкую ды Быхаўца, а таксама беларуска-літоўскія летапісы ў 32 і 35 тамах «Поўнага збору рускіх летапісаў». Што праўда, агульны тытул мог выклікаць заўвагі, бо гэта не былі летапісы расійскія, але выдаўцы маглі спаслацца на тое, што большасць іх ужо публікавалася ў 17 томе дарэвалюцыйнага выдання летапісаў. Важна, што гэтыя бясцэнныя крыніцы выйшлі ў надзвычай сумленнай і скрупулёзнай рэдакцыі М.Улашчыка, які звязваў з імі сваё імя даследчыка і выдаўца. Маю абодва гэтыя тамы з дэдыкацыяй аўтара, выкарыстоўваў іх, публікуючы праз некалькі гадоў пасля таго артыкул «Chronik in Litauen» y «Lexicon des Mittelalters» (Т.2, Мііпспеп, 1983), дзе гаварыў і пра выдаўца.

У 1980 г. нашыя кантакты аслаблі з незалежных ад нас прычынаў. Мікалай Мікалаевіч недамагаў яшчэ ў 1970-х. Хвароба сэрца, да якой верагодна спрычынілася тое, што ён прайшоў праз няволю, не дазволіла нам спаткацца пад час майго побыту ў Маскве ў верасні, калі займаўся карэктурай расійскага выдання «Гісторыі дзяржавы і права Польшчы» (Масква, 1980). А потым, праз колькі гадоў, навуковыя сувязі паміж савецкімі і польскімі гісторыкамі сталі замарожвацца. Баючыся «крамолы», у выдаваных у Маскве публікацыях некалькі гадоў не дазвалялася нават называць прозвішчы яшчэ жывых польскіх гісторыкаў (за выняткам пары «благонадейных», да якіх мяне не залічылі). У выпадку вострай патрэбы спасылаліся на назву часопіса, называючы год, нумар і старонкі, але не падавалі прозвішча аўтара і назвы артыкула. А кніжных выданняў наогул не згадвалі.

Калі перыяд гэтага своеасаблівага «навуковага карантыну» мінуў, Мікалая Мікалаевіча, на жаль, ужо не было сярод жывых. Ён назаўсёды застаўся ў маёй памяці як чалавек сціплы, стрыманы, які ў той жа час жыва цікавіўся ўсім, што тычылася яго жыццёвага захаплення — навукі гісторыі, якой прысвяціў сваё жыццё. Рад быў, што можа працаваць над гісторыяй любімай Беларусі, перажываў, што мусіць рабіць гэта далёка ад сваіх, хоць усюды карыстаўся сімпатыяй і прызнаннем, якія цалкам заслужыў. Ягоны навуковы даробак з’яўляецца непераходнай каштоўнасцю і будзе служыць многім пакаленням даследчыкаў гісторыі Беларусі, Літвы, Полыпчы і Расіі.

Юліуш Бардах, доктар габілітаваны, прафэсар, сапраўдны член ПАН

2.Х.1995

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '1996 Т.3 Сш. 1'