Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 1997 Т.4 Сш. 1-2

Том 4 Сшыткі 1-2 (6-7) (Снежань 1997)

2 сакавіка, 2011 |

Артыкулы

Генадзь Сагановiч. У пошуках Сярэднявечча. С. 3-18.
Алесь Смалянчук. “Краёвасць” у беларускай i лiтоўскай гiсторыi. С. 19-34.
Рышард Радзiк. Палякi – беларусы: узаемныя стэрэатыпы ў XIX-XX ст. С. 35-60.
Кiрыл Маль. Вайна 1920 г. i Беларусь: вызваленне цi акупацыя? С. 61-71.

Пераклады

Эдвард Г. Кар. Гiсторык i яго факты. С. 72-92.
Лорэнс Стоўн. Вяртанне наратыву. С. 93-120.
Лорэнс Стоўн. Будучыня гiсторыi. С. 121-142.

Вачыма суседзяў

Губэрт Лашкевiч. Беларусь i беларусы ў польскiх падручнiках па гiсторыi. С. 142-172.

Архiвалii

Франц Кушаль. Спробы арганiзацыi Беларускага Войска. С. 173-204.

Палемiка

Генадзь Сагановiч. Дзве гiсторыi Полацка. С. 205-216.

Новая гiстарычная лiтаратура: агляды i рэцэнзii

Першы дапаможнiк па метадалогii (Марына Сакалова). С. 217-228.

Памяць раённага маштабу (Мiкола Нiкалаеў, Валеры Антонаў). С. 229-239.
Писаренко, Юрiй Г. Велес-Волос в язичницькому свiтоглядi давньоi Русi (Эдвард Зайкоўскi). С. 240-244.
Шаблюк, Валеры У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV-XVIII ст. (Iрэна Ганецкая). С. 244-247.
Zamojski, Adam. Ostatni król Polski (Яўген Анiшчанка). С. 247-249.
Beavoius, Daniel. Walka o ziemie. Szlachta polska na Ukrainie (Алесь Смалянчук). C. 249-258.
Sikorska-Kulesza, Iolanta. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi (Алесь Смалянчук). C. 258-261.
Буховец, Олег Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Росссийской империи (Вячаслаў Насевiч). C 262-268.
Weeks, Theodore R. Nation and State in Late Imperial Russia (Андрэй Кiштымаў). C. 268-271.
Кавко, Алексей. Белорусское Возрождение в историко-литературном контексте (XIX в.) (Мiхась Тычына). C- 271-276.
Latyszonek, Oleg. Białoruskie formacje wojskowe 1917-1924 (Аляксей Лiцвiн). C. 276-283.
Głogowska, Helena. Białoruś 1914-1929. Kultura pod presją polityki (Валянцiна Грыгор’ева). C. 283-285.
Платонаў, Расцiслаў П. Палiтыкi. Iдэi. Лёсы; Мiхнюк, Уладзiмiр М. Арыштаваць у высылцы; Михнюк, Владимир Н. Антон Луцкевич. Материалы следственного дела (Алесь Слабодскi). C. 285-290.
Розенблат, Евгений С., Еленская, Ирина Э. Пинские евреи: 1939-1944 (Уладзiмiр Здановiч). C. 290-296.
Рагуля, Барыс. Беларускае студэнцтва на чужыне (Вiктар Астрога). C. 296-299.
Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лiнгвiстыцы (Сяргей Запрудскi) . C. 299-305.

Iнфармацыя i хронiка

Дысертацыi па гiсторыi Беларусi (1994-1997) (Ларыса Мiхальчук) . C. 306-308.

“Жыццё i дзейнасць М.В.Доўнара-Запольскага” (Вiталь Скалабан). C. 309-310.
Гiсторыя “Вялiкага тэрору” ў Беларусi (Андрэй Кiштымаў). C. 311-312.
“Архiвы на шляху ў ХХI стагоддзе” (Кузьма Казак). C. 313.

Contents

Генадзь Сагановiч. У пошуках Сярэднявечча

30 снежня, 1997 |

Гiсторык ведае, што ўсялякi падзел часу на перыяды штучны.
Дзiтрых Гергард

Мiнула шэсць гадоў, як абвалiўся Савецкi Саюз, а ў гуманiстыцы яшчэ так мала змянiлася. Крытыка i перагляд метадалагiчных падыходаў старой гiстарыяграфii ў Беларусi толькi пачынаюцца. У нас дасюль яшчэ не было сур’ёзных навуковых дыскусiй, хоць гiсторыкi-практыкi непазбежна сутыкаюцца з многiмi праблемамi, абумоўленымi непрыдатнасцю ранейшых прынцыпаў для адэкватнага тлумачэння гiстарычнага працэсу. Адным з цэнтральных пытанняў такога характару з’яўляецца перыядызацыя. Беларускiя гiсторыкi яшчэ нiколi не надавалi ёй належнага значэння. Нават сярод навучальнай лiтаратуры спецыяльны параграф, у якiм уводзiцца адпаведны падзел мiнулага на перыяды, маюць толькi “Кароткi нарыс” Усевалада Iгнатоўскага ды унiверсiтэцкi дапаможнiк часоў стагнацыi[1]. I вось у апошнiя гады становiшча з перыядызацыяй у беларускай гiстарыяграфii быццам стала мяняцца, аднак робiцца гэта настолькi легкадумна, што выклiкае адно здзiўленне.

Як вядома, перыядызацыя наогул – гэта падзел гiсторыi на эпохi, перыяды, падперыяды etc., якi ажыццяўляецца на падставе пэўных крытэрыяў. Межы памiж iмi мусяць адлюстроўваць змены якаснага характару. Iх вызначэнне павiнна не толькi залежаць ад аб’екту даследавання, але i ўзгадняцца з метадамi пазнання[2], г.зн. у iдэале метады вывучэння адной эпохi адрознiваюцца ад метадаў даследавання другой. Наогул, усялякi падзел гiстарычнага часу адносны i ўмоўны, ён iдэйны, iснуючы толькi ў галаве даследчыка, аднак дзяленне гэтае па-трэбна для лепшага разумення мiнулага. Таму, нягледзячы на сваю ўмоўнасць, перыядызацыя да сёння застаецца “адной з найважнейшых праблемаў гiсторыяпiсання”[3]. Вызначэнне перыядаў – гэта самая верхняя генералiзацыя, у якой праяўляецца найвышэйшая форма сiнтэзнага падыходу да гiсторыi, таму як мага дакладнейшы падзел гiстарычнага працэсу заўсёды быў важнай задачай класiчнай гiстарыяграфii. “Перыядызацыя становiць нашую формулу гiстарычнага працэсу”, – пiша вядомы польскi вучоны Юлiуш Бардах.

Прынцып расчлянення сусветнай гiсторыi на тры вялiкiя эпохi Старажытнасць – Сярэднявечча – Новы час сягае сваiм вытокам у часы Адраджэння, калi iтальянскiя гуманiсты ўвялi яго замест сярэднявечнага падзелу ўсёй гiсторыi на эпохi чатырох манархiй – асiра-вавiлонскай, мiда-персiцкай, грэка-македонскай i рымскай. Яны ўпершыню як эпоху асобна вылучылi Сярэднiя вякi, супрацьпаставiўшы iх як папярэдняму перыяду росквiту культуры ў класiчнай старажытнасцi (Грэцыi i Рыму), так i часам яе адраджэння ў ХV-ХVI ст. Паняцце “Сярэднiя вякi” з моманту з’яўлення мела пеяратыўнае значэнне: гуманiсты ўкладалi ў яго ўласнае адмоўнае стаўленне да папярэдняй эпохi – вякоў невуцтва i застою (на iх думку), у адрозненне ад iхных часоў, называных Адраджэннем. Ужо Петрарка ахрысцiў Сярэднявечча “цёмным”, “варварскiм”. У вуснах ганарлiвых гуманiстаў мiнулая эпоха менавалася па ўжыванай тады скажонай форме лацiны. У адрозненне ад рымлянаў, готы i вандалы пасля заваёвы Рыма гаварылi на “sermone barboro”. Часы такой “сапсаванай” мовы Джаванi Амбара назваў “media tempestas”[4]. У ХVI ст. з’явiлiся азначэннi “media aetas”, “medium tempus”, “media latinitas” (лацiна пасярэдняя, пераходная). Аднак новае азначэнне не хутка ўвайшло ў агульны ўжытак. Толькi пасля таго, як нямецкi прафесар унiверсiтэту ў Гале Хрыстафорус Келарыус у 1685 г. выдаў падручнiк па унiверсальнай гiсторыi, падзялiўшы мiнулае на Старажытнасць, Сярэднiя Вякi i Новы час (адна з яго кнiг так i называлася – “Historia medii aevi…”), трохчленная схема перыядызацыi стала пашырацца па ўсёй Еўропе. У ХVIII ст. яна зрабiлася агульнапрынятай i датрывала да нашага часу. Але ў выбары канкрэтных датаў для пазначэння межаў эпох гiсторыкi роз-ных краiн нiколi не прыходзiлi да адзiнства. Напрыклад, у французскай гiстарыяграфii пачаткам Сярэднiх вякоў лiчыцца смерць Тэадорыха Вялiкага (395 г.), у немцаў i палякаў – крах заходняй Рымскай iмперыi (476 г.). Часам iх адлiчваюць ад 375 г. – паходу гунаў i пачатку Вялiкага перасялення народаў, прывёўшага да ўтварэння рамана-германскай супольнасцi. За канец Сярэднявечча i нараджэнне Новага часу таксама бяруцца розныя даты. Гэта або 1453 г. – захоп Канстанцiнопаля туркамi i заняпад Вiзантыйскай iмперыi, або 1492 (адкрыццё Амерыкi), або 1517 (выступленне Лютэра) i г.д.[5].

Да рэвалюцыi класiчнай трыяды ў перыядызацыi трымалiся i ў Расiйскай iмперыi. А ў савецкай гiстарыяграфii, як вядома, за аснову была прынята пяцiступенная схема фармацыйнага падзелу сусветнай гiсторыi, да якой пэўным чынам пры-стасоўвалася i традыцыйная Старажытнасць -Сярэднявечча – Новы час. Абсалютызацыя Марксавага погляду на гiсторыю як на заканамерны рух наперад, вызначаны развiццём эканамiчнага базiсу, знайшла сябе ў тэорыi лiнейна прагрэсiўнага працэсу змены нiжэйшай грамадска-эканамiчнай фармацыi вышэйшай. Апошняя заставалася непарушнай iсцiнай да канца iснавання Савецкага Саюзу. Нават у гады перабудовы вядучы савецкi метадолаг гiсторыi Е.Жукаў пiсаў, што ўсялякiя не заснаваныя на фармацыйным падыходзе распрацоўкi перыядызацыi “будуць непазбежна насiць суб’ектыўны характар”[6].

Сярэднявечча ў марксiсцкай парадыгме разглядалася як эпоха зараджэння, развiцця i заняпаду феадалiзму, г.зн. яно практычна атаясамлялася з трэцяй грамадска-эканамiчнай фармацыяй. За яе пачатак прымаўся крах Рымскай iмперыi, за канец – у адрозненне ад заходняй традыцыi – сярэдзiна ХVII ст., а канкрэтна – ангельская рэвалюцыя, якая, паводле К.Маркса, мела агульнаеўрапейскае значэнне i паклала пачатак пераходу ад феадалiзму да капiталiзму. Зместам Новай гiсторыi лiчылася, адпаведна, зараджэнне, развiццё i заняпад капiталiзму.

У дачыненнi да гiсторыi народаў СССР савецкая гiстарыяграфiя выкарыстоўвала, як правiла, толькi фармацыйную перыядызацыю. Але тое, што яна трактавала Сярэднiя вякi як сусветна-гiстарычную эпоху iснавання феадальнай фармацыi, мела немалаважнае тэарэтычнае наступства: дзякуючы гэтаму паняцце Сярэднявечча, з’яўленне i распрацоўка якога былi звязаныя толькi з Еўропай (у класiчнай гiстарыяграфii гiсторыяй Сярэднiх вякоў з’яўлялася гiсторыя народаў i дзяржаў адной Еўропы), стала разумецца унiверсальна i ўжывацца ў дачыненнi да мiнулага ўсiх краiн, у якiх iснаваў феадалiзм. Пытанне аб правамернасцi такога пашыранага разумення Сярэднiх вякоў дасюль застаецца адкрытым. Дзеля яго абгрунтавання прыводзiлiся аргументы ўскоснага, фармальнага характару – вялося пра канцэптуальнае падабенства змены гiстарычных эпох[7], а не пра тоеснасць сутнасных працэсаў. Невыпадкова заходнiя вучоныя размяжоўваюць сферу медыявiстыкi, з аднаго боку, i вiзантыстыкi ды ўсходнееўрапейскай гiсторыi, з другога. Сапраўды, пра Сярэднявечча Ўсходняй Еўропы можна гаварыць толькi ў пераносным сэнсе слова, бо яна страцiла непасрэдную пераемнасць антычных традыцый. I лепшыя расiйскiя медыявiсты ў сучасных навучальных выданнях агаворваюць, што ў сцiслым сэнсе слова паняцце Сярэднiя вякi прымяняльна толькi да тых абшараў, якiя ведалi Адраджэнне, г.зн. адно да ўласна Еўропы[8]. Праўда, пераважае ўсё ж адваротнае iмкненне зацерцi гэтую рознiцу i фармальна ўпiсаць Расiю ў агульнаеўрапейскую гiсторыю.

Беларуская гiстарыяграфiя ў свой час пераняла фармацыйную перыядызацыю як адзiную для ўсёй савецкай гуманiстыкi. У нешматлiкiх сiнтэтычных выданнях па гiсторыi Беларусi мiнулае падзялялася на дакладна такiя ж перыяды i з такiмi ж храналагiчнымi рамкамi, як i ў Расii, на Украiне цi ў Прыбалтыцы:

  1. Першабытнае грамадства – да VIII ст. н.э.
  2. Феадальнае грамадства – IХ ст. – 1861 г.
  3. Капiталiзм – 1861-1917 г.
  4. Сацыялiзм – з 1917 г.[9]

Недахопы фармацыйнага падыходу заслугоўваюць асобнай размовы. Звярну ўвагу толькi на тое, што ён пастуляваў жорсткi эканамiчны дэтэрмiнiзм, зводзiў усю шматмернасць i полiфактарнасць гiстарычнага працэсу да аднастайнасцi i монакаўзальнасцi. Ужо сама па сабе храналагiчная унiфiкацыя гiстарычных працэсаў такiх розных рэгiёнаў, як былыя рэспублiкi СССР, ня можа не выклiкаць сумненняў у прыдатнасцi фармацыйнай тэорыi для адэкватнага тлумачэння мiнулага. Нераўнамернасць, асiнхроннасць, спецыфiчныя асаблiвасцi развiцця асобных краiн i народаў – усё гэта патрабуе сваёй, “унутранай” перыядызацыi. Не дзiўна, што непрыступная раней тэорыя грамадска-эканамiчных фармацыяў, контарканцэпцыямi якой на Захадзе сталi гiсторыя штодзённасцi, мiкрагiсторыя, гiстарычная антрапалогiя[10], нарэшце i ў нас дачакалася справядлiвай крытыкi.

У расiйскай гiстарычнай навуцы дыскусii па праблемах перыядызацыi пачалiся яшчэ ў канцы 80-х гадоў. Што да верхняй мяжы Сярэднявечча i пачатку Новага часу, дык пры ўсёй рознасцi пазiцый найбольш пераканаўча выглядае прапанова датаваць iх ангельскай рэвалюцыяй, г.зн. 1640-1649 г.[11]. Апошнiм часам, праўда, выказвалiся думкi, што Новы час у Расii наставаў значна пазней. Прыкладам, у спецыяльным даследаваннi па гiстарычнай свядомасцi расiйскага грамадства нядаўна сцвярджалася, што ў гэтай сферы пераход ад Сярэднявечча да Новага часу адбываўся толькi ў ХVIII ст., калi “на змену сярэднявечным уяўленням i каштоўнасцям прыйшлi светапоглядныя ўяўленнi i каштоўнасцi Новага часу”[12]. Але бальшыня расiйскiх гiсторыкаў настроена пасоўваць храналагiчныя межы ў iншы бок. На форуме членаў “Усерасiйскай Асацыяцыi медыявiстаў i гiсторыкаў ранняга Новага часу” адбылася дыскусiя, i “большасць выказалася” за тое, каб згаданую мяжу правесцi памiж ХV i ХVI ст.[13]. Праўда, пра тое, з чаго сыходзiла тая “большасць”, як аргументавала сваю пазiцыю, у навуковай перыёдыцы нiчога не паведамлялася. Дыскусiя працягваецца, i прыхiльнiкi адлiку Новай гiсторыi Расii з ХVI цi нават канца ХV ст. выступаюць пакуль толькi з аргументамi накшталт iмкнення да “сусветных стандартаў”, каб было “як ва ўсiм свеце”[14].

Выглядае, што адзiна з добрага iмкнення зрабiць “як ва ўсiм свеце” падобныя храналагiчныя рамкi сталi сцвярджацца i ў навучальнай лiтаратуры па гiсторыi Беларусi.

Некалькi гадоў назад калектывам гiсторыкаў, што працаваў над новай канцэпцыяй школьнай адукацыi, была прапанавана новая перыядызацыя, асноўныя прынцыпы якой увайшлi ў праграму i падручнiкi па гiсторыi для базавых агульнаадукацыйных школаў. У ёй перагляд традыцыйнай савецкай перыядызацыi заснаваны на спалучэннi фармацыйнага падыходу з цывiлiзацыйным, тлумачаць аўтары, хоць, як выглядае, застаюцца прыхiльнiкамi прагрэсiсцкай iдэi паступальнага развiцця грамадства[15], што само па сабе наўрад цi паслядоўна. Су-светная гiсторыя разглядаецца не па фармацыях, як раней, а па ўжо згадванай трохчленнай схеме, уведзенай гуманiстамi, прычым i храналагiчныя рамкi бяруцца заходнееўрапейскiя: Сярэднявечча ўкладваецца памiж V i ХV стагоддзямi ўключна, а Новы час пачынаецца, адпаведна, у ХVI ст. Самае смелае i, я б сказаў, нечаканае – стасаванне гэтай схемы да гiсторыi Беларусi (як, зрэшты, i iншых краiн Усходняй Еўропы). Чым аргументаваны такi радыкальны перагляд храналагiчных рамак?

Абгрунтавання мэтазгоднасцi пераносу пачатку Сярэднявечча на V-VI ст. у “Праграме” наогул няма, што ж да яго верхняй мяжы i пачатку Новага часу, дык аўтары тлумачаць: “Эпоха Вялiкiх геаграфiчных адкрыццяў i звязаная з ёю каланiяльная экспансiя еўрапейскiх краiн паклала пачатак станаўленню ўзаемазалежнасцi i адзiнства розных рэгiёнаў свету. На змену ранейшай замкнутасцi i iзаляцыi прыходзiць усебаковая сувязь нацый. Скарбы духоўнай i матэрыяльнай культуры асобных народаў уключаюцца ў агульны працэс развiцця чалавечага грамадства”[16].

Што ж, тэндэнцыi пазначаны слушна, але так было ў Заходняй i ў нейкай ступенi ў Цэнтральнай Еўропе. Дапускаць, што гэта датычыць i Беларусi, можна толькi пры ўмове, што тут i грамадства, i гаспадарка развiвалiся так, як там. Але што агульнага мела Беларусь з Заходняй Еўропай, напрыклад, у V-VI ст.? Усходнееўрапейскi рэгiён з’яўляўся перыферыяй, што прымала iмпульсы з эпiцэнтру з вялiкiм спазненнем. У азначаныя стагоддзi, як ведаем, на тэрыторыi сучаснай Беларусi насельнiцтва лучылi толькi рода-племянныя сувязi. Яшчэ нi дзяржавы, нi горада, нi пiсьменнасцi – суцэльная архаiчная (першабытная) супольнасць! Можна толькi гадаць, якой была арганiзацыя прасторы i грамадства, але тут яна пэўна ж рознiлася ад абшараў былой Рымскай iмперыi. Да Х ст. славяне толькi далучалiся да еўрапейскай супольнасцi – праз прыняцце хрысцiянства. Абшары, што не ведалi дзяржаўнасцi i хрысцiянства, заставалiся варварскiм светам, – хiба яны мелi Сярэднiя вякi як уласна еўрапейскую гiсторыю? Тое ж можна сказаць пра верхнюю мяжу Сярэднявечча. Ну якiя якасныя перамены выклiкалi ў Беларусi ХVI ст. геаграфiчныя адкрыццi або каланiяльная экспансiя Захаду? У якую “ўсебаковую сувязь” магла ўключыцца тагачасная Беларусь, калi яна прадстаў-ляла чыста традыцыйнае грамадства? Як вядома, да эпохi су-светнай капiталiстычнай гаспадаркi агульных сувязяў як такiх проста не iснавала.

Эклектычнае спалучэнне падыходаў i некрытычны перанос заходнееўрапейскай перыядызацыi на мiнулае Беларусi (якi, дарэчы, свядома падкрэслiваецца)[17], абумовiлi шэраг алагiзмаў i непаслядоўнасцяў у новых беларускiх падручнiках па гiсторыi (што само па сабе не здзiўляе, бо падручнiкi мусяць узгадняцца з праграмай). Прыкладам, у навучальным дапаможнiку “Гiсторыя Беларусi” для 5-6 класаў, каб прыстасаваць новы храналагiчны падзел мiнулага, аўтары свядома скарацiлi жалезны век: тут ён сканчаецца V ст. (хоць традыцыйна -VII-VIII ст.), бо з VI трэба ж адлiчваць Сярэднявечча![18] У найноўшым падручнiку для 6 класа “Гiсторыя Беларусi ў сярэднiя вякi” таксама дакладна скапiявана заходнееўрапейская перыядызацыя: ранняе Сярэднявечча датуецца VI-IХ ст., высокае – Х-ХIII ст., i позняе -ХIV-ХV ст., але пра сутнасць эпохi наогул не гаворыцца[19]. Хоць ужо ХVI ст. ў новай перыядызацыi абвешчана пачаткам Новага часу ў Беларусi, да сярэдзiны ХIХ ст. тут доўжыцца “крызiс феадальна-прыгоннiцкай сiстэмы”[20]. У параграфах, прысвечаных канцу ХVIII-ХIХ ст., новыя дапаможнiкi тлумачаць вучням “асаблiвасцi развiцця феадальных адносiн у Беларусi”[21]. Падобнай блытанiны поўна. I гэта не толькi ў навучальнай лiтаратуры для школьнiкаў. Новая перыядызацыя стала ўводзiцца i ў акадэмiчныя сiнтэзы. Так, у “Нарысах па гiсторыi Беларусi” Сярэднявечча пачынаецца ў VI ст., але “афармленне феадальнай сiстэмы” датуецца толькi ХIII – першай паловай ХVII ст.[22]. Што магло быць зместам сярэднявечнай эпохi да ХIII ст. – загадка. З iншага боку, як гэта феадальная сiстэма можа толькi афармляцца ў эпоху Новага часу (паводле новай перыядызацыi!), калi той вызначаўся антысярэднявечнасцю, адмаўляў традыцыйна сярэднявечныя формы гаспадарання? А можа маюць рацыю расiйскiя гiсторыкi I.Фраянаў i А.Дварнiчэнка, якiя адносяць усталяванне феадалiзму на Русi да ХIV-ХV ст.?

Калi б iнiцыятары пераносу заходняй перыядызацыi на мiнулае Беларусi вызначалi для сябе сутнасць i змест кожнай эпохi, у iх паменела б аптымiзму. З канца ХIХ ст. ў Еўропе прынята лiчыць, што асноўная прыкмета Сярэднявечча – гэта наяўнасць феадалiзму як спецыфiчнага тыпу грамадскага ладу, самай характэрнай рысай якога з’яўляецца васалiтэт. Як вядома, на Русi нават у Х ст. аформiлiся толькi элементы феадалiзму – дзякуючы паўсталай дзяржаве i хрысцiянiзацыi. Але класiчнай для Еўропы формы ён так i не дасягнуў. Ерархiя васальнай залежнасцi i сiстэма iмунiтэтаў тут засталася недаразвiтай. Тыповыя элементы еўрапейскага Сярэднявечча, такiя як iнстытут рыцарства, мунiцыпальная арганiзацыя гарадоў i гiльдыi, унiверсiтэты i прафесiйная навука, у нейкай ступенi дасягнулi яшчэ Вялiкага Княства Лiтоўскага, абшараў Беларусi, але далей на ўсходзе iх не ведалi. У Маскоўскiм царстве развiў-ся адно ваенны варыянт феадалiзму. Абсалютная ўлада цара ператварыла старыя княскiя роды ў звычайнае служылае дваранства i не пакiнула нiякага права падданым.

Гэтаксама са зместам Новага часу. Лiчыцца, што яго выяўляе пераход ад натуральнай да грашовай гаспадаркi, ад аграрна-станавага грамадства да iндустрыяльнай грамадзянскай супольнасцi, ад сярэднявечнай формы дзяржавы (патрыманiяльнай манархii) да сучаснай, сацыяльнай[23]. Новая гiсторыя, пераход да iндустрыяльнага, сучаснага грамадства звязаныя перадусiм з зараджэннем i развiццём капiталiзму, якi немагчымы без рынку. Марна шукаць гэта ў Беларусi ХVI-ХVII ст. Наадварот, тут сутыкаемся яшчэ з тыпова феадальнымi асаблiвасцямi грамадскага ладу: панаваннем натуральнай гаспадаркi, канцэнтрацыяй абсалютнай большасцi насельнiцтва ў вёсках, панаваннем буйных землеўладальнiкаў, асабiстай залежнасцю сялян-земляробаў i г.д.

Такiм чынам, класiчную еўрапейскую мадэль перыядызацыi прыстасоўваць да гiсторыi Беларусi, мякка кажучы, праблематычна. Нават для Заходняй Еўропы такiя храналагiчныя межы даўно аспрэчваюцца. У прыватнасцi, адносна пачатку Новага часу нi заходняя, нi марксiсцкая гiстарыяграфiя не былi i ня ёсць адзiнымi. Многiя вучоныя-марксiсты лiчылi, што больш дакладна датаваць яго не ангельскай, а французскай рэвалюцыяй ХVIII ст.[24]. Што да заходнееўрапейскай гiстарыяграфii, дык дастаткова зазiрнуць у сучасныя нямецкiя выданнi дыдактычнага характару, каб пераканацца, што i там Сярэднявечча не сканчаецца ХV, а пашыраецца i на ХVI ст.[25]. У Заходняй Еўропе, на якую так безаглядна зарыентавана новая беларуская перыядызацыя, прынамсi прызнаецца, што памiж Сярэднявеччам i Новым часам iснавала шырокая пераходная эпоха, ахапляўшая прыкладна 1450-1550 г.[26].

Наогул, у заходнееўрапейскай навуцы ўжо сфармавалася iншае ўяўленне пра храналагiчныя межы Сярэднявечча. Многiя медыявiсты даўно цвердзяць, што яно працягвалася значна даўжэй, чым гэта калiсьцi вызначылi гуманiсты. Най-больш выразным прадстаўнiком тых, хто настойвае на такiм разуменнi сярэднявечнай эпохi, з’яўляецца Жак Ле Гоф – адзiн з самых вядомых цяпер французскiх вучоных, якi разумее “сярэднявечную цывiлiзацыю” шырока, паводле канцэпцыi татальнай гiсторыi, у духу часопiса “Аналы”. Жак Ле Гоф упэўнены, што Сярэднiя вякi не сканчаюцца Рэнесансам або Асветнiцтвам, а трываюць даўжэй[27]. Iдэя “працяглага Сярэднявечча” з’явiлася ў Ле Гофа пад уплывам тэорыi Фернана Брадэля пра “час вялiкай працягласцi” (у расiйскай гiстарыяграфii такi падыход падзяляе група вядомых медыявiстаў, якiх узначальвае вучоны з сусветным iмем А.Я.Гурэвiч). Яна абгрунтоўваецца наступным чынам.

Да апошняга часу схема разумення мiнулага Еўропы задавалася тымi, хто даследаваў горад, гандаль, нараджэнне буржуазii. Яны факусавалi ўвагу на выдзяленнi парасткаў новага грамадства, на праявах вышэйшай культуры, на дынамiзме. Цяпер жа больш iстотна тое, што ўносяць аграрнiкi, якiя канцэнтруюцца на Сярэднявеччы безадносна да наступнай эпохi. Яны вывучаюць нiзавыя формы культуры, што вызначалiся асаблiвай стабiльнасцю i кансерватызмам. У традыцыйным грамадстве вёска дамiнавала над горадам. Вышэйшыя дасягненнi, у якiх i праяўляўся дынамiзм, належалi толькi вузкай iнтэлектуальнай элiце. Асноўныя ж мадэлi свядомасцi i паводзiн сфармавалiся ў аграрным грамадстве. I нi Рэнесанс, нi Рэфармацыя, нi нават Асветнiцтва не маглi парваць з ментальнасцю тыпова сярэднявечнага чалавека – селянiна i бюргера[28], бо яны краналi толькi элiтарную культуру. Паводле сцвярджэння Жака Ле Гофа, для кожнага гiсторыка, якi ўсведамляе, што цэнтр цяжару сацыяльна-эканамiчнага жыцця Еўропы ляжаў на вёсцы, эпоха Сярэднiх вякоў мусiць доўжыцца да ХIХ ст.[29].

Гэтакi падыход усё больш характэрызуе не толькi французскую медыявiстыку. У Нямеччыне яшчэ на пачатку ХХ ст. Эрнэст Трольч сцвярджаў, што “сапраўдны Новы час нарадзiў-ся з разрыву з абсалютызмам i контррэфармацыяй… Цывiльнае грамадства, аўтаномiя i здольнасць да арганiзацыi прафесiйнай навукi – вось яго прыкметы”[30]. Да ХV ст. ён адносiў Новы час толькi ў вузкiм сэнсе слова, сапраўдную ж Новую гiсторыю пачынаў з ангельскай рэвалюцыi i Асветнiцтва. Вядомы нямецкi сацыёлаг Ота Брунэр таксама цвердзiў, што тыпова сярэднявечныя з’явы дажываюць да ХVIII-ХIХ ст.[31]. Толькi пасля французскай рэвалюцыi дайшло да так званай “фундаментальнай дэмакратызацыi” грамадства, якое з аграрна-станавага пачало ператварацца ў iндустрыяльна-бюракратычнае. Урэшце сучасны аўтарытэтны нямецкi вучоны Томас Нiпэрдэй таксама ўпэўнены, што ў гаспадарцы, у грамадскiм жыццi i тым больш у менталiтэце Сярэднявечча вызначала аблiчча Еўропы прынамсi да канца ХVIII ст.[32].

Часавая доўгатрываласць з’яў i працэсаў у гуманiстыцы даўно пазначаецца запазычаным з дакладных навукаў тэрмiнам кантынуiтэт (Kontinuität), якi дазваляе побач з пераменамi насуперак дыскрэтнасцi фiксаваць i пастуляваць iх iдэнтычнасць i далейшае iснаванне[33]. Канстанты выяўляюцца галоўным чынам у менталiтэце, карцiне свету, формах жыцця. У святле тэорыi кантынуiтэту пачатак Сярэднiх вякоў можна адносiць на некалькi стагоддзяў раней[34]. i тут важна падкрэслiць, што кантынуiтэт Сярэднявечча ў Новым часе значна больш выразны, чым трыванне Старажытнасцi ў змянiўшых яе Сярэднiх вяках. У гэтай сувязi пра перыяд з ХII па ХVIII ст. правамерна гаварыць як пра адну эпоху, эпоху стараеўрапейскай цывiлiзацыi[35]. Маючы на ўвазе важныя маштабныя перамены, якiя краналi ўсё грамадства, цэлую Еўропу, спецыялiсты даўно салiдарна выдзяляюць адзiны суцэльны перыяд памiж Х-ХI i ХVIII ст., калi Еўропа iснавала як Respublica Christiana, гiстарычная супольнасць, аб’яднаная iдэяй унiверсалiзму, iдэнтыфiкаваная з хрысцiянствам[36]. Сапраўды, ступень уздзеяння на грамадства Рэнесансу i Рэфармацыi, якiя раней лiчылiся самай важнай якаснай прыкметай пераходу ад Сярэднявечча да пачатку Новай гiсторыi, нiяк не параўнаць з структурнымi зменамi канца ХVIII ст., якiя лiтаральна пахавалi феадальнае грамадства. З iншага боку, як ужо не раз даводзiлася, ўсе найважнейшыя рысы Рэнесансу можна знайсцi i ў Сярэднявеччы[37].

Так што ў новай гiстарычнай навуцы i сама класiчная мадэль перыядызацыi даўно не манапольная, i яе храналагiчныя рамкi пераглядаюцца. А трымаюцца яе, вiдаць, у асноўным па традыцыi. У свой час i малады Леапольд фон Ранке, падзялiўшы мiнулае на старажытную, сярэднявечную i новую гiсторыю, заўважыў, што “гэтакi метад ня мае нiякiх унутраных асноў i не дае нiякiх перавагаў”, аднак у сваёй практыцы так i не адмовiўся ад яго[38].

Выдзяленне вышэйшых i нiжэйшых формаў культуры, або, паводле аналiстаў, культуры “фальклёрнай”, асаблiва актуальнае для мiнулага Беларусi, дзе гэты падзел дасягнуў асаблiвай выразнасцi. Перыферыйнасць краiны ў еўрапейскай культурна-цывiлiзацыйнай сiстэме ў цэлым, нiзкая ступень урбанiзацыi, панаванне аграрнай гаспадаркi (нават гарады ХVI-ХVII ст. не пазбылiся аграрнага характару), выклiканы бясконцымi войнамi дэмаграфiчны рэгрэс, а таксама шэраг iншых рэгiянальных спецыфiчнасцяў, – усё гэта абумовiла асаблiвую доўгатрываласць традыцыйных структураў i ментальных стэрэатыпаў на абшарах Беларусi. Не дзiўна, што тут можам знайсцi безлiч тыпова сярэднявечных з’яў ня толькi ў ХVII, але i ў ХIХ ст. Тая ж народная магiя, вера ў чары. Нават мясцовая элiта яшчэ i ў ХVIII ст. у цэнтры Беларусi бавiлася спальваннем чараўнiц, хоць, паводле Макса Вэбэра, адным з першых вынiкаў росту рацыянальнасцi як праявы Новага часу ўжо мусiла б стаць “расчароўванне”, “зняцце чараў” (Entzauberung). Псiхалагiчныя ўстаноўкi i рэлiгiйнасць народа нiяк не мянялiся. Урэшце i метады даследавання падзей i з’яў ХVI-ХVIII ст. у нас ня маюць прынцыповых адрозненняў ад вывучэння папярэдняга стагоддзя (а метад Новага часу мусiць быць “наскрозь гiстарычны”, заснаваны на выкарыстаннi масавых пiсьмовых крынiцаў).

У святле ўсяго азначанага перанос храналагiчных рамак старой заходнееўрапейскай перыядызацыi на гiсторыю Беларусi нiчым не апраўданы. Памятайма прынцыповую заўвагу А.Гурэвiча, што паняцце “Сярэднiя вякi” не столькi храналагiчнае, колькi змястоўнае. У беларускiх жа падручнiках атрымалася як у тым iранiчным пасажы Бенедыкта Крочэ: занавес закрыў прадстаўленне сярэднявечнай гiсторыi ў канцы ХV ст., каб затым адразу ўзняцца дзеля пачатку дзеяў Новага часу. Прыхiльнiкi новай перыядызацыi выглядаюць тут “päpster als der Papst”, бо ў Еўропе, а цяпер i ў Расii, у навучальных выданнях па Сярэднiх вяках асвятляюцца звычайна i ХVI, i першая палова ХVII ст.[39] Там гiсторыкi добра ўсведамляюць, што як для пачатку Сярэднявечча, так i для яго завяршэння немагчыма вызначыць нейкую дату, паваротны пункт, што такi падыход вядзе да дагматычнага тлумачэння гiсторыi. I самыя Сярэднiя вякi цяжка трактаваць як адну цэласную эпоху, настолькi вялiкая рознiца памiж iх першымi i апошнiмi стагоддзямi. Невыпадкова гiсторыкi адкрылi ў Сярэднявеччы серыю “рэнесансаў”, хоць тэрмiны “Рэнесанс” i “Сярэднiя вякi” традыцыйна супрацьпастаўлялiся. Знайсцi даты, якiя б аддзялялi Сярэднявечча ад Старажытнасцi цi ад Новага часу, проста немагчыма. Рэальна можна выявiць не паваротныя пункты, а шырокiя пераходныя перыяды, – даўно пранiклiва заўважыў О.Галецкi[40].

Такiм чынам, няма нiякiх падстаў пачынаць Сярэднявечча яшчэ ў дапiсьмовай, дадзяржаўнай гiсторыi. Гэтаксама няма як i сканчаць яго ХV ст., калi ў плане палiтычна-юрыдычным Вялiкае Княства Лiтоўскае яшчэ бадай нават не стала тыпова феадальнай дзяржавай, не мела развiтай сiстэмы васалiтэту. Калi агульнай рысай пераходу ад сярэднявечнай да рэнесансавай дзяржавы лiчыць з’яўленне бюракратыi як дзяржаўнага апарату новага тыпу, заняпад палiтычнай вагi феадальнай арыстакратыi[41], дык у ВКЛ ХVI ст. i гэтага не знойдзем. Што да сферы эканомiкi, дык тут цалкам пануе феадальная гаспадарка з яе палiтычнай надбудовай. Станавасць i карпаратыўнасць, канфесiяналiзм i iрацыяналiзм, рэгiянальная замкнутасць i партыкулярызм – усё тое, што было зместам Сярэднявечча як эпохi, у Беларусi ад ХVI да ХVII ст. толькi нарастае. У прынцыпе тут i ў ХVIII ст. грамадства заставалася ва ўладзе традыцыi, той самай “старыны”, да якой так настойлiва апелявала i якiм жыло беларускае мяшчанства далёкага ХVI ст. Гэта значыць, практычна ўсiм членам грамадста ў той цi iншай ступенi была ўласцiва так званая “народная культура” Сярэднявечча – комплекс уяўленняў пра свет, разумовых установак i стэрэатыпаў паводзiн, прасякнутых народнай рэлiгiйнасцю i архаiзмам.

Сярэднявечча нас дасюль не пакiнула. Яно не толькi ў формах арганiзацыi жыцця, гандлю, рынку, у рамёствах; да яго сягаюць не толькi асноўныя маральныя нормы сучаснага чалавека, прававыя сiстэмы i iнстытуты; Сярэднiя вякi – у нашай падсвядомасцi, у нашай мове i жыццёвых звычках[42]. Больш за тое, на нашых вачах на постсавецкай прасторы сцвердзiлася “новае Сярэднявечча” (Мiкалай Бердзяеў), i цi не найвыразней – у Беларусi. Таталiтарнае грамадства як савецкага, так i постсавецкага рэжыму пераймае горшыя асаблiвасцi калектывiсцкага мыслення сярэднявечнага чалавека – аўтарытарнасць i дагматызм, ерархiзм i кансерватызм, любоў да “закону i парадку” i г.д. [43]. Сярэднявечная культура была глыбока аўтарытарнай, заснаванай на рэлiгiйнай дактрыне. Людзi той эпохi прыпiсвалi надзвычайную ролю аўтарытэту, лiчылi яго гарантам ладу i дабрабыту. Усё новае супрацьпастаўлялася яму, бо парушала стары лад, будзiла iх недавер i страх[44]. Цi не пазнаецца ў гэтым апiсаннi сучаснае беларускае грамадства? У супольнасцi з аўтарытарным мысленнем людзi перакладваюць функцыi ўласнага мыслення на аўтарытэт[45]. Лiдэр надзяляецца абсалютнай уладай i ўсё грамадства арганiзуецца па прынцыпах заснаванай на калектывiзме традыцыйнай палiтычнай культуры, характэрнай даiндустрыяльным супольнасцям. Такое грамадства адвяргае iнстытуты заходняй дэмакратыi як чужародныя, варожыя прынцыпам яго калектывiзму.

Вобразна гаворачы пра светаўспрыманне сярэднявечных людзей, Жак Ле Гоф адзначае, што iх “залаты век” ляжаў у даўно аджытым. “Iх будучыня была даўно мiнуўшым. I яны прасоўвалiся наперад, гледзячы назад”[46].

Вяртаючыся да перыядызацыi, згадайма пра яе прызначэнне. Як зазначаў цытаваны ўжо Д.Гергард, калi яна нам па-трэбная, то хiба дзякуючы таму, што выдзеленыя перыяды i эпохi вызначаюцца нейкiм сэнсам[47].

Беларуская гiсторыя мае пэўныя ўласныя (у кожным разе не заходнееўрапейскiя) межы перажываных ёю эпохаў, у тым лiку трыяды Старажытнасць – Сярэднявечча – Новы час. Яшчэ О.Шпэнглер i М.Данiлеўскi сцвярджалi, што няма агульначалавечай гiсторыi, што кожны культурна-гiстарычны тып – унiкальны i саматоесны. Гiсторыя кожнага народу мае свой сэнс, сваю дынамiку i маштабы часу. Нераўнамернасць i спецыфiка развiцця народаў i рэгiёнаў акурат i вымагае выпрацоўкi перыядызацыi як формулы iх гiстарычнага шляху. I задачай тут ёсць як мага больш тонкае вызначэнне яго храналагiчных каардынатаў. Iнакш увядзенне усялякiх падзелаў мiнулага на эпохi i перыяды будзе не спрыяць, а толькi замiнаць яго разуменню.


[1] Гл.: Iгнатоўскi Ул. Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi. Мiнск, 1992.С.28-30; История БССР. Часть 1. Ред. В.Чепко, А.Игнатенко. Минск, 1981. С.5-6.
[2] Пра гэта пiша М.Гандэльсман. Гл. у: Serejski M. Historycy o historii. T.2. Warszawa, 1966. S.69-70.
[3] Ritter H. Dictionary of concepts in history. New York, 1986.P.313.
[4] Schalk F. Über Epoche und Historie // Diller H., Schalk F. Studien zur Periodisierung und zum Epochenbegriff. Mainz; Wiesbaden, 1972. 157.
[5] Pitz E. Mittelalter // Leksikon des Mittelalters. Bd.6. München, Zürich, 1993.S.686.
[6] Жуков Е.М. Очерки методологии истории. Москва, 1987. С.168.
[7] Конрад Н.И. Запад и Восток. Статьи. М., 1966. С.92-95.
[8] Гуревич А.Я., Харитонович Д.Э. История средних веков. Учебник. Москва, 1995.С.12.
[9] Гл. напрыклад: История БССР. Ч.1. Ред. В.Чепко, А.Игнатенко. Минск, 1981.С.5.
[10] Borgolte M.Mittelforschung und Postmoderne // Zeitschrift fur Geschichtswissenschaft. 1995. 7, S.622.
[11] Козенко Б., Садовая Г. О периодизации новой и новейшей истории в свете современных трактовок // Новая и новейшая история, 1993, 4, С.96.
[12] Каменский А.Б. Историческое сознание русского общества середины – второй половины ХVIII в. // Спорные вопросы отечественной истории ХI-ХVIII в. Тезисы докл. и сооб. Первых чтений, посвященных памяти А.А.Зимина. Часть 1:. Москва, 1990. С.93.
[13] Пра гэта гл. у: Вопросы истории, 1992, 2, С.159.
[14] Козенко Б.Д., Садовая Т.М. К дискуссии о периодизации истории стран Европы и Америки//Новая и новейшая история. 1996.1. С.89.
[15] Праграма па гiсторыi для базавых агульнаадукацыйных школ. Мiнск, 1995. С.5,
[16] Тамсама. С.8.
[17] “Наступная эпоха ў гiсторыi насельнiцтва Беларусi, як i ў Заходняй Еўропе, называецца раннiм Сярэднявеччам, якое пачынаецца з V-VI ст.”, – чытаем у дапаможнiку для 10 кл. (Штыхаў Г.В. Гiсторыя Беларусi ад старажытных часоў да канца ХIII ст. Кн.1. Мiнск., 1994. С.4-5).
[18] Штыхаў Г.В., Пляшэвiч У.К. Гiсторыя Беларусi. Старажытныя часы i Сярэднявечча. Мiнск, 1993.С.81,247.
[19] Штыхаў Г.В., Ракуць В.У. Гiсторыя Беларусi ў сярэднiя вякi. Падручнiк для 6 класа. Пад рэд. П.Ц.Петрыкава. Мiнск, 1996. С.7-8.
[20] Бiч М.В. Гiсторыя Беларусi. Канец ХVIII ст. – 1917 г. Вучэбны дапаможнiк для вучняў 8 кл. Мiнск, 1993.
[21] Гiсторыя Беларусi. Канец ХVIII-1996 г. Вучэбны дапаможнiк для вучняў 11 класа. Кн.1. Пад рэд. Я.К.Новiка i В.А.Цяпловай. Мiнск, 1996. С.12 i далей.
[22] Нарысы гiсторыi Беларусi. У 2-х частках. Ч.1. Мiнск, 1994. С.525-526.
[23] Гл.: Bauer L., Matis H. Geburt der Neuzeit. Vom Feudalsystem zur Marktgesellschaft. München, 1989.
[24] Жуков Е.М. О периодизации всемирной истории // Вопросы истории, 1960, 8, С.30.
[25] Bussem E., Neher M. Arbeitsbuch Geschichte: Mittelalter. Repetitorium. Tübingen, Basel, 1995.
[26] Schulze W. Einführung in die Neuere Geschichte. Stuttgart, 1987.S.14.
[27] Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. Москва, 1992. С.5-6.
[28] Гуревич А.Я. Средневековый мир: культура безмолвствующего большинства. Москва, 1990. С.11.
[29] Le Goff J. Pour un autre Moyen Age. Temps, travail et culture en Occident. Paris, 1977. P.339.
[30] Трёльч Э. Историзм и его проблемы. Логическая проблема философии истории. М., 1994. С.648.
[31] Brunner O. Sozialgeschichte Europas im Mittelalter. Göttingen, 1984. S.86.
[32] Нiпэрдэй Т. Актуальнасць Сярэднявечча. Аб гiстарычных асновах сучаснага // Беларускi Гiстарычны Агляд, Т.2 (1995), Сш.2. С.268.
[33] Pitz E. Kontinuität // Leksikon des Mittelalters. Bd.V. 1991. S.1418.
[34] Sauer H. Mittelalter. S.686.
[35] Dinzelbacher P. Sachwörterbuch der Mediavistik. Stuttgart, 1992.S.546.
[36] Halecki O. Historia Europy – jej granice i podzialy. Lublin, 1994. S.171; Gerhard D. Periodization in European History // The American Historical Review. V.LXI.Nr.4 (1956).P.903-911.
[37] Бэрк П. Рэнесанс. Мiнск, 1997.С.70.
[38] Koselleck R. Vergangene Zukunft. Zur Semantik geschichtlicher Zeiten. Frankfurt am Main, 1995.S.306.
[39] Гл., напрыклад: Средневековая Европа глазами современников и историков. Книга для чтения в пяти частях. Москва, 1994.
[40] Halecki O. Historia Europy. S.171.
[41] Люблинская А.Д. Государство эпохи Возрождения в Западной Европе // Типология и периодизация культуры Возрождения. Москва, 1978. С.8 i iнш.
[42] Seibt F. Ist Mediaevistik aktuell? // Probleme der Geschichtswissenschaft. Dusseldorf, 1973.S.60.
[43] Гл.: Ивин А.А. Введение в философию истории. Москва, 1997.
[44] Senko W. Jak rozumieć filozofje średniowiecza. Warszawa, 1993. S.21.
[45] Ивин А.А. Введение в философию истории. С.116.
[46] Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. С.183.
[47] Gerhard D. Gerhard D. Periodization in European History. P.913.

Наверх

Алесь Смалянчук. “Краёвасць” у беларускай i лiтоўскай гiсторыi. 1905-1940 г.

29 снежня, 1997 |


Краёвасць як феномен грамадска-палiтычнага жыцця Беларусi i Лiтвы ( Беларусь i Лiтва разглядаюцца ў межах Вiленскай, Вiцебскай, Гродзенскай, Ковенскай, Магiлёўскай i Мiнскай губ.) з’явiлася ў часы рэвалюцыi 1905-1907 г. Сутнасцю яе iдэалогii было сцвярджэнне прыярытэту агульна-краёвых iнтарэсаў перад iнтарэсамi асобных этнасаў i сацыяльных груп. Апошнiя праявы краёвасцi адносяцца да 1939-1940 г.

Першымi зацiкавiлiся тэмай краёўцаў польскiя даследчыкi. Уладзiслаў Вяльгорскi, Юлiуш Бардах, Крыстына Гамулка i iнш. звычайна разглядаюць краёўцаў у рэчышчы дзейнасцi польскай грамадскасцi Беларусi i Лiтвы. Пры гэтым заўсёды падкрэслiваецца своеасаблiвасць iх самасвядомасцi. Ю.Бардах ахарактарызаваў яе наступным чынам: “Яны былi палякамi з пункту погляду культурнай арыентацыi. Аднак, разважаючы над iх нацыянальнасцю, трэба адзначыць, што заўсёды пераважала пачуццё краёвай прыналежнасцi. Яны падпарадкоўвалi польскiя iнтарэсы агульным iнтарэсам краю”[1]. Гiзберт-Студнiцкi прапанаваў нават увесцi для краёўцаў спецыяльны тэрмiн – “лiцвiн-паляк”[2].

Лiтоўскi гiсторык Рымантас Мiкныс лiчыць краёўцаў лiцвiнамi ў гiстарычным (палiтычным) сэнсе i разглядае iх па-за межамi этнiчных рухаў[3].

Беларускi гiсторык i публiцыст Янка Запруднiк у асобах такiх краёўцаў як Раман Скiрмунт, Эдвард Роп, Геранiм Друцкi-Любецкi i iншых дэпутатаў I Дзяржаўнай Думы ад Беларусi i Лiтвы, што ўвайшлi ў т.з. “Тэрытарыяльнае кола”, убачыў беларускае дваранства[4].

Аўтар гэтых радкоў у сваiм дысертацыйным даследаваннi (1995) прыйшоў да высновы, хоць i з пэўнымi агаворкамi, што ў перыяд рэвалюцыi краёўцы з’яўлялiся дамiнуючым кiрункам польскага руху на Беларусi i Лiтве[5]. Даследчая праца апошняга часу ў архiвах i бiблiятэках Польшчы дазволiла прааналiзаваць шэраг раней недаступных крынiц. Сярод iх пераважалi ўспамiны i дзённiкавыя запiсы грамадскiх i культурных дзеячаў Беларусi, Польшчы i Лiтвы пачатку ХХ ст. Выкарыстанне фактычна новай (для аўтара) групы крынiц, больш грунтоўнае азнаямленне з польскай гiстарыяграфiяй прымусiла ўнесцi пэўныя карэктывы ў высновы 1995 г.

Краёвасць як феномен грамадска-палiтычнага жыцця нарадзiлася ў асяроддзi палякаў беларускага i лiтоўскага паходжання. Выпрацоўка асноўных палажэнняў краёвай iдэалогii закончылася ўвесну 1906 г. Галоўную ролю ў гэтым адыгралi Раман Скiрмунт, Баляслаў Ялавецкi, Мiхал Ромэр i Канстанцыя Скiрмунт.

Р.Скiрмунт першым сфармуляваў стрыжнявую iдэю краёвай iдэалогii: усе жыхары беларуска-лiтоўскага краю незалежна ад этнiчнай прыналежнасцi i сацыяльнага паходжання павiнны аб’яднацца ў сумеснай працы на карысць усяго краю i ўсiх яго народаў. Звяртаючыся да мясцовай заможнай шляхты, Р.Скiрмунт пiсаў: “Мы павiнны працаваць для дабра ўсяго краю разам з нашым лiтоўскiм або рускiм* народам, з якiм мы ўтвараем адзiную нацыю”[6].

У канцы 1905 г. у Вiльнi быў надрукаваны “Нацыянальны катэхiзiс Лiтвы”. Яго аўтар Б.Ялавецкi сфармуляваў асновы краёвай iдэалогii ў выглядзе пытанняў i адказаў. Ужо адказ на першае пытанне: “Чым з’яўляецца Лiтва?” звяртаў на сябе ўвагу: ” Лiтва – гэта край, якi спрадвеку насяляюць лiцвiны, палякi i беларусы, а ў Iнфлянтах яшчэ i латышы. Усе яны адной крывi i ўтвараюць адзiную лiтоўскую нацыю”[7].

М.Ромэр вызначыў галоўную мэту дзейнасцi: “Задачай блiжэйшай будучынi з’яўляецца арганiзацыя сумеснага жыцця розных культурна-этнiчных элементаў у краi i ў Вiльнi на падмурку агульнага грамадзянства”[8].

У краёвай iдэалогii тэрмiн “нацыя” выйшаў за межы этнiчнага разумення i набыў палiтычны змест. Галоўнай прыкметай нацыi стала агульнае грамадзянства. Да “нацыi лiцвiнаў” адносiлi палякаў, лiтоўцаў, беларусаў i iнш., т.зв. “карэнныя” этнасы краю. Рускiя ўспрымалiся як народ чужы i варожы. Канстанцыя Скiрмунт да чужых адносiла i яўрэяў[9]. Але такi погляд быў выключэннем. Звычайна яўрэяў уключалi ў склад нацыi.

Iдэалогiя краёвасцi мела грунтоўны гiстарычны падмурак. Краёўцы пастаянна звярталiся да мiнуўшчыны беларуска-лiтоўскага краю, апелявалi да гiстарычнай памяцi i, больш за тое, самi iмкнулiся фармаваць гэтую памяць. У шматлiкiх публiкацыях i выступленнях яны падкрэслiвалi агульнасць гiстарычнага лёсу ўсiх карэнных этнасаў Беларусi i Лiтвы[10].

Гiстарычная свядомасць адыграла адну з галоўных роляў у складваннi краёвай iдэалогii. Палiтыка русiфiкацыi беларуска-лiтоўскага краю пасля разгрому паўстання 1863 г. стрымлiвала развiццё этнiчнай свядомасцi. У гэтых умовах на пярэднi план выйшла гiстарычная памяць[11]. Менавiта яна сталася падмуркам той своеасаблiвай свядомасцi шляхты былога Вялiкага Княства Лiтоўскага, якая вызначалася формулай: “Лiцвiн (або русiн) па паходжанню, паляк па нацыянальнасцi”. У палiтычнай дзейнасцi шляхты з канца XVIII i на працягу ўсяго ХIХ ст. гэтая своеасаблiвасць знаходзiла адбiтак у т.зв. “лiтоў-скiм сепаратызме”, якi прысутнiчаў ва ўсiх паўстаннях гэтага перыяду i вызначаў сутнасць праекту аднаўлення Вялiкага Княства Лiтоўскага (1811). Аўтарам гэтага праекту быў Мiхал Клеафас Агiнскi. Уяўленне прыналежнасцi адначасова да двух цi нават да трох народаў было характэрна для такiх дзеячаў культуры беларуска-лiтоўскага краю ў ХIХ ст., як Адам Мiцкевiч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскi, Уладзiслаў Сыракомля, Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч i iнш.

Аднак вытокi краёвасцi не толькi ў гэтым. Шляхта Беларусi i Лiтвы (i не толькi дробная) значную частку свайго жыцця праводзiла ў маёнтках. Яна размаўляла з сялянамi на iх роднай мове, разбiралася ў асаблiвасцях псiхалогii i менталiтэту вёскi i нармальна ўспрымала “тутэйшасць” сялянскай свядомасцi. Магчыма, гэтая сялянская “тутэйшасць” таксама стрымлiвала працэсы этнiчнай iдэнтыфiкацыi сярод вярхоў грамадства.

“Тутэйшасць” часцей трактуецца як нiжэйшая ступень этнiчнай iдэнтыфiкацыi, як прымiтыўнасць. Аднак такi погляд досыць павярхоўны. Можна цалкам пагадзiцца з Ю.Бардахам, якi сцвярджаў: “У вёсцы, перш за ўсё беларускай, там, дзе су-стракалiся розныя мовы, веравызнаннi, уплывы розных культур, “тутэйшасць” азначала форму адмовы ад пэўнага выбару, нежаданне прызнаць сваю прыналежнасць да таго цi iншага народу. Была асцярога, што такi выбар парушыць традыцыйныя формы сумеснага жыцця i прывядзе да канфлiктаў”[12]. Невыпадкова Канстанцыя Скiрмунт абараняла паняцце “тутэйшасцi” ад насмешак: “Тутэйшасць – гэта сувязь з роднай зямлёй, гэта патрыятызм”[13]. У пэўным сэнсе тутэйшасць была краёвасцю “маўклiвай большасцi” (па вызначэнню А.Гурэвiча) грамадства Беларусi i Лiтвы.

Краёвасць вырасла з тутэйшасцi, якая спалучалася з гiстарычнай свядомасцю прыналежнасцi да шляхты былога Вялiкага Княства Лiтоўскага. Да пачатку ХХ ст. яна асаблiва не афiшавалася. З’яўленне краёвасцi ў грамадска-палiтычным жыццi было выклiкана абвастрэннем этнiчных i сацыяльных адносiн. Аднак гэтыя ж самыя працэсы стрымлiвалi яе пашырэнне.

Галоўнай перашкодай было перапляценне сацыяльнага падзелу грамадства Беларусi i Лiтвы з падзелам этнiчным. Па вынiках перапiсу 1897 г. 47,1% патомнага дваранства, 24% асабiстага дваранства, 8,7% мяшчанства, а г.з. значная частка памешчыкаў, чыноўнiкаў сярэдняга i нiжэйшага рангу, iнтэлiгенцыi шасцi беларуска-лiтоўскiх губерняў складалася з мясцовых палякаў, або, дакладней, тых, хто лiчыў сваёй роднай мовай польскую. У той жа час 87,4% сялян краю прызнавалi сваёй роднай мовай беларускую або лiтоўскую. Задачы лiтоўскага i беларускага рухаў былi цесна звязаны з праблемамi i патрабаваннямi вёскi. Гэтыя рухi непазбежна былi накiраваны не толькi супраць панавання расiйскiх чыноўнiкаў, але i супраць польскiх землеўладальнiкаў, якiя валодалi прыблiзна паловай (50-55%) усiх прыватнаўласнiцкiх зямель краю[14].

Пэўную антыпольскую афарбоўку лiтоўскага руху падтрымлiвала i iмкнулася ўмацаваць расiйская адмiнiстрацыя. Патэнцыял антыпольскасцi ўтрымлiваўся i ў дзейнасцi беларускiх арганiзацый. Усё гэта моцна ўплывала на працэс афармлення краёвага руху. Спробы стварэння Краёвай партыi Беларусi i Лiтвы, звязаныя з дзейнасцю Рамана Скiрмунта, Эдварда Ропа, Аляксандра Ляднiцкага, Канстанцыi Скiрмунт закончылiся няўдачай. Перспектыва арганiзацыi нацыянальнага (у палiтычным сэнсе) руху разбiлася аб сацыяльныя супярэчнасцi, якiя набывалi этнiчную афарбоўку i ператваралiся ў этнiчныя канфлiкты. Iх абвастрэнню спрыялi расiйскiя ўлады.

У вынiку краёўцаў аб’ядноўвала толькi iдэалогiя. Адсутнасць арганiзацыйных формаў рабiла краёвы рух ва ўмовах абвастрэння этнiчных адносiн досыць няўстойлiвым аб’яднаннем.

Перыяд рэвалюцыi 1905-1907 г. на Беларусi i Лiтве – гэта час хуткага развiцця лiтоўскага i беларускага рухаў, актывiзацыi Партыi польскiх нацыянальных дэмакратаў, стварэння расiйскiх чарнасоценных арганiзацый, узнiкнення сiянiсцкiх партый i iх фiлiялаў. Побач з афармленнем краёвай iдэалогii ўзмацнялася пачуццё прыналежнасцi да пэўнага этнасу. Сярод мясцовых палякаў пашыралася адчуванне польскасцi. Многiя з iх прымалi краёвую iдэалогiю як iдэалогiю польскага руху, як сродак умацавання польскiх пазiцый у краi. Публiцыст А.Тупальскi шчыра заявiў на старонках друку, што толькi пашырэнне краёвай iдэалогii дазволiць палякам захаваць дамiнуючыя пазiцыi ў культурным i эканамiчным жыццi краю ва ўмовах дэмакратычнай i дэцэнтралiзаванай Расii[15]. Менавiта таму нельга цалкам адрываць краёўцаў ад польскага руху. Пазiцыя iдэолагаў (Р.Скiрмунт, М.Ромэр i iнш.) часта ўспрымалася шырокiмi коламi польскай грамадскасцi iнакш, чым яны самi таго жадалi.

Гiсторыкi звычайна адзначаюць падзел краёўцаў на кансерватыўны i дэмакратычны (або лiберальна-дэмакратычны) кiрункi. Да кансерватараў, якiя не прымалi патрабаванняў радыкальнай аграрнай рэформы, не пагаджалiся з iдэяй усеагульнага выбарчага права i г.д., адносяць Iпалiта Корвiн-Мiлеўскага, Эдварда Вайнiловiча, Аляксандра Мейштовiча, Аляксандра Хамiньскага, Чэслава Янкоўскага, Рамана Скiрмунта, Канстанцыю Скiрмунт i iнш. У перыяд рэвалюцыi iдэйным цэнтрам краёўцаў-кансерватараў быў “Kurier Litewski”, а найбольш уплывовымi арганiзацыямi – дэпутацкiя фракцыi ў I i II Думах i ў Дзяржаўным Савеце.

Сярод дэмакратаў, якiя былi гатовы пайсцi насустрач па-трабаванням беларускага i лiтоўскага сялянства, вылучаюцца постацi Мiхала Ромэра, Людвiка Абрамовiча, Тадэвуша Урублеўскага, Аляксандра Ляднiцкага, Бранiслава Крыжаноўскага i iнш. Такi падзел з пункту погляду палiтычнай арыентацыi, безумоўна, справядлiвы. Хоць не менш важнымi для спробы пэўнай класiфiкацыi краёўцаў застаюцца iх адносiны да этнiчных рухаў. Ужо ў перыяд рэвалюцыi можна заўважыць, што пазiцыя большасцi краёўцаў-кансерватараў эвалюцыянавала ў кiрунку польскасцi. Супрацьстаялi гэтай тэндэнцыi Раман Скiрмунт, Эдвард Вайнiловiч, Баляслаў Ялавецкi, Канстанцыя Скiрмунт i некаторыя iнш. Iх палiтычныя перакананнi ў гэтым выпадку адыходзiлi на другi план. Так, Б.Ялавецкi фiнансаваў выданне ў Пецярбургу лiтоўскай газеты “Lietuviskas lajkrastis”[16]. Р.Скiрмунт, як паведамляюць С.Выслаух i К.Гамулка, фiнансава падтрымлiваў “Нашу Нiву”[17] i г.д. Гэта iх зблiжала з краёўцамi-дэмакратамi, якiя прызнавалi права беларусаў i лiтоўцаў на самастойнае культурнае i палiтычнае жыццё. Красамоўна выглядаюць амаль сяброўскiя адносiны памiж А.Ляднiцкiм, якi адыгрываў прыкметную ролю ў кiраўнiцтве партыi кадэтаў, i Р.Скiрмунтам. Падставай гэтай узаемнай павагi было аднолькавае разуменне нацыянальнай праблемы ў беларуска-лiтоўскiм краi. Краёўцы дэмакратычнага кiрунку падтрымлiвалi сувязi з дзеячамi лiтоўскага i беларускага рухаў, абаранялi беларусаў i лiтоўцаў ад шавiнiстычных выпадаў з боку прадстаўнiкоў Партыi нацыянальных дэмакратаў Р.Дмоўскага. Iх iдэйным i арганiзацыйным цэнтрам у перыяд рэвалюцыi была “Gazeta Wileńska”, якая выдавалася ад студзеня да лiпеня 1906 г.

Трэццечэрвеньскi дзяржаўны пераварот нарадзiў новую палiтычную сiтуацыю. Знiклi надзеi на дэмакратызацыю грамадскага i палiтычнага жыцця, на ўвядзенне мясцовага самакiравання i iнш. Галоўнай задачай станавiлася абарона тых правоў, якiя ўжо былi дасягнуты. Сярод краёўцаў-кансерватараў у гэты час узмацнiлiся пазiцыi тых, хто трактаваў краёвасць толькi як сродак умацавання польскiх пазiцый. Пачуццё Радзiмы ў гэтых людзей звузiлася да межаў уласнага маёнтку.

Гэта засведчыла i чарговая няўдача Р.Скiрмунта з утварэннем Краёвай партыi. Р.Скiрмунт распрацаваў праект свайго роду мiжнацыянальнага партыйнага саюзу, якi павiнен быў складацца з лiтоўскай, беларускай i польскай самастойных партыйных арганiзацый[18]. У стварэннi Краёвай партыi ён па-спрабаваў абаперцiся на вярхi польскай грамадскасцi. Сумесна з Ч.Янкоўскiм яны правялi ў чэрвенi 1907 г. у Вiльнi з’езд землеўладальнiкаў краёвай арыентацыi. На з’езд прыехала ўсяго каля 30 чалавек. Дэлегаты не прынялi iдэi Р.Скiрмунта. Яны ўтварылi Краёвую партыю, але гэта была партыя польскiх землеўладальнiкаў. Галоўнымi пунктамi праграмы было ўвядзенне самакiравання ў краi, роўнасць усiх народаў, пачатковая адукацыя на роднай мове i недатыкальнасць памешчыцкага землеўладання[19]. Апошняе азначала фактычную адмову ад пошукаў узаемаразумення i шляхоў супрацоўнiцтва з дзеячамi лiтоўскага i беларускага рухаў. Прадстаўнiкi Ковенскай i Вiцебскай губ., а разам з iмi i Р.Скiрмунт адмовiлiся ўвахо-дзiць у склад гэтай партыi. Затое яе праграму падпiсалi такiя вядомыя краёўцы, як Э.Вайнiловiч (старшыня партыi), I.Корвiн-Мiлеўскi, Д.Карыбут-Дашкевiч, А.Хамiньскi, С.Ваньковiч, Ч.Янкоўскi i iнш. Усяго 23 чалавекi[20].

Партыя не знайшла шырокай падтрымкi. На пачатку 1908 г. Р.Скiрмунт паспрабаваў правесцi яе рэарганiзацыю ў адпаведнасцi з першапачатковым праектам, але нi палякаў, нi беларусаў, нi лiтоўцаў ягоныя намаганнi не зацiкавiлi.

Перамены ў пазiцыi многiх вiленскiх краёўцаў-кансерватараў адбiлiся i на польскiм вiленскiм друку. “Наша Нiва” ў 1911 г. адзначала: “Kurier Litewski” iдзе тым жа шляхам, што i “Белорусская жизнь”[21].

I зноў жа трэба падкрэслiць, што гэтая эвалюцыя не датычыла ўсiх краёўцаў-кансерватараў. К.Скiрмунт у 1910 г. пiсала: “Лiцвiнкай i толькi лiцвiнкай з ласкi Божай я была, ёсць i да апошняга дыхання буду”[22].

Краёўцы-дэмакраты па-ранейшаму прапагандавалi краёвую iдэю. Яны iмкнулiся знайсцi новых яе прыхiльнiкаў сярод дзеячаў польскага, лiтоўскага, беларускага i яўрэйскага рухаў. I дасягнулi пэўных поспехаў. М.Ромэр з 1906 да 1914 г. дзейнiчаў у кантакце з Ёнасам Вiлейшысам, Мiколасам Слежэвiчусам, Мiколасам Бiржышкам, Казiмiрам Акулiчам, Вацлавам Студнiцкiм, Мечыславам Недзялкоўскiм, Аляксандрам Заштоўтам, Вацлавам Ластоўскiм, Вацлавам Iваноўскiм, Iванам ды Антонам Луцкевiчамi, Ежы Ромам, Шабадам i iнш.[23].

Прыкладам кантактаў можа служыць супрацоўнiцтва М. Ромэра i рэдакцыi “Нашай Нiвы” ў справе вывучэння становiшча сялянаў. Галоўным метадам вывучэння было анкетаванне. З перапiскi М.Ромэра з вядомым археолагам i этнографам Вандалiнам Шукевiчам вiдаць, што ў вераснi 1908 г. анкетаванне адбылося ў Ковенскай, Вiленскай, Менскай, Магiлёўскай i Гарадзенскай губ.[24] Кантактам спрыяла i дзейнасць масонскiх ложаў – “Адзiн-ства” (з 1910 г.), “Лiтва” (з 1911 г.), “Беларусь” (з 1914 г.)[25].

Масонскiя ложы адыгралi прыкметную ролю ў пашырэннi краёвай iдэi. Ва ўмовах “сталыпiнскай” i “постсталыпiнскай” Расii масонскiя арганiзацыi на Беларусi i Лiтве былi формай iснавання нелегальных дэмакратычных таварыстваў краёвага накiрунку. Як адзначаў пазней Мiхал Ромэр, уласна масонскай дзейнасцi фактычна не было. Затое ложы спрыялi ўкараненню ў свядомасцi “братоў” краёвай iдэалогii[26].

Першыя ложы iснавалi пад фармальным патранатам масонскiх арганiзацый Масквы i Пецярбурга, якiя ўзнiклi ў 1906-1907 г. З пачаткам першай сусветнай вайны ложы Беларусi i Лiтвы аб’ядналiся ў “Вялiкi Усход Лiтвы” i ўжо афiцыйна сталi самастойнымi.

Аналiз дзейнасцi масонаў дазваляе заўважыць прыкметна ўклад беларусаў у краёвы рух. Як паказалi даследаваннi Збiгнева Соляка, заснаваныя пераважна на аналiзе дзённiкавых запiсаў М. Ромэра, аднымi з iнiцыятараў утварэння першай масонскай ложы былi браты Луцкевiчы. Узначалiў ложу дзеяч яўрэйскага руху Ежы Ром. Акрамя iх “братамi” ложы былi Iван Краскоўскi, якi ў 1917 г. будзе сябрам Беларускага Нацыянальнага Камiтэту, Зыгмунт Нагродскi, Бранiслаў Крыжаноўскi, Вiтольд Абрамовiч, Iван Прозараў, Мiколас Слежэвiчус, Элiаш Ром, Бромсан i Данатас Малiноўскас. У сакавiку 1911 г. у ложу быў прыняты Мiхал Ромэр. Афiцыйнае запрашэнне да ўступлення ён атрымаў ад Iвана Луцкевiча[27].

Даволi хутка М.Ромэр стаўся адным з кiраўнiкоў масонаў. Ён узначальваў ложу “Лiтва”, якая была ўтворана ў 1911 г. Гэты краёвец разумеў мэты масонскай дзейнасцi: “Нашыя прынцыпы – братэрства, любоў i свабода чалавечага духа. Мы гуманiсты ў самым высакародным i дзейным значэннi гэтага слова. Мы iмкнемся, каб гэтыя прыгожыя словы… сталi рэальнасцю сумлення, дзеянняў i чалавечых адносiн”[28].

У 1912 г. у ложу “Лiтва” ўступiў Вацлаў Ластоўскi[29].

Пасля ўзнiкнення “Адзiнства” i “Лiтвы” многiя пытаннi дзейнасцi краёўцаў абмяркоўвалiся на масонскiх сходах. Магчыма, што менавiта так у 1912 г. вырашалася праблема органа друку краёўцаў.

Тагачасны орган “Przegląd Wileński” (1911-1915), рэдактарам якога быў Людвiк Абрамовiч, выклiкаў незадавальненне. М.Ромэр характарызаваў газету як орган краёвай польскай грамадскасцi i лiчыў пазiцыю рэдактара шавiнiстычнай па сваёй сутнасцi, хаця i апранутай у дэмакратычную вопратку[30]. Было прынята рашэнне арганiзаваць новае краёвае выданне. У 1912 г. выйшаў першы нумар “Kuriera Krajowego”. Актыўную ролю ў рэдкалегii адыгрывалi браты Луцкевiчы i В.Ластоўскi[31]. Р.Мiкныс, якi ў сваiх даследаваннях таксама абапiраецца на Дзённiк М.Ромэра, лiчыць беларусаў фактычнымi кiраўнiкамi польскамоўнага выдання[32].

Выданне “Kuriera” было разлiчана на пашырэнне краёвай iдэi сярод польскай грамадскасцi краю, значная частка якой складалася з нашчадкаў паланiзаваных беларусаў i лiтоўцаў. У рэдакцыйным артыкуле першага нумара газеты (8 лiстапада 1912 г.) галоўнай бядой краю абвяшчаўся шавiнiзм. Газета звярталася да польскай iнтэлiгенцыi як “найбольш культурнай i свядомай часткi грамадства, якая павiнна абараняць не толькi свае правы, але i весцi выхаваўчую працу сярод абуджаючагася шматмiльённага народу.” “Kurier Krajowy” лiтаральна патрабаваў ад польскай iнтэлiгенцыi дапамагаць культурнаму адраджэнню беларусаў i лiтоўцаў[33]. Шмат увагi газета аддавала беларускаму руху, падкрэслiваючы характэрныя для яго дэмакратызм i талеранцыю[34].

Антон Луцкевiч у красавiку 1914 г. ахарактарызаваў пазiцыю кiраўнiкоў беларускага руху як “дэмакратычна-краёвую”. На думку беларускага палiтыка, толькi такая пазiцыя дазволiць зменшыць “нацыянальныя сваркi, каторыя што болей развiваюцца ў нашай старонцы, марнуючы безкарысна падчас найлепшыя сiлы народу”. А.Луцкевiч запрашаў да сумеснай культурна-нацыянальнай працы дзеля iнтарэсаў усяго краю, “дзеля ўмацавання нашага грамадзянства”[35].

Адначасова з “Kurierem Krajowym” браты Луцкевiчы арганiзавалi выданне ў Вiльнi рускамоўнай “Вечерней газеты”. Яна была разлiчана на зрусiфiкаваных беларусаў. Iван ды Антон Луцкевiчы iмкнулiся адарваць iх ад уплываў расiйскага чарнасоценнага друку, якi часта апранаўся ў “беларускую вопратку”, i зрабiць прыхiльнiкамi краёвай iдэi[36].

У кастрычнiку 1914 г. узнiкла ложа “Беларусь”. У яе склад увайшлi А.Луцкевiч, А.Булёта, П.Бугайлiшкiс, М.Бiржышка, I.Краскоўскi, А.Заштоўт i К.Астахевiч[37]. Сходы гэтай ложы праходзiлi разам са сходамi “Лiтвы”. Поўнае арганiзацыйнае афармленне планавалася на восень 1915 г. Аднак вайна ўнесла свае карэктывы. Этнiчныя адносiны ў краi абвастрылiся. Усё часцей гэта адчувалася ў дзейнасцi этнiчна мешаных масонскiх арганiзацый. Урэшце яны спынiлi сваё iснаванне. Аднак краёвая iдэя была яшчэ досыць моцнай. Вельмi актыўна прапагандавалi яе менавiта беларусы.

У снежнi 1915 г. яны былi аднымi з iнiцыятараў утварэння грамадскай арганiзацыi “Канфедэрацыя Вялiкага Княства Лiтоўскага”[38]. Канфедэрацыя аб’яднала кiраўнiкоў польскага, лiтоўскага, беларускага i яўрэйскага рухаў вакол iдэi незалежнай Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы. Яна абвясцiла пра сваё iснаванне Унiверсалам, надрукаваным на чатырох мовах.[39] У лютым 1916 г. была апублiкаваная праграма Канфедэрацыi. Яе галоўным пунктам было ўтварэнне Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы з сеймам у Вiльнi. Сейм фармаваўся на падставе агульных, простых, тайных i роўных выбараў i станавiўся гарантам прававой роўнасцi ўсiх этнасаў краю. Праграма канчалася заклiкам яднання: “Кiньма сваркi i звадкi, ад каторых церпiць весь Край. Падумайма разам ды шчыра аб долi гэтага Краю, бо ж усе мы, апрача жменi прыблуд, сыны нашай зямлi – нашай Лiтвы i Беларусi… Стойма, грамадзяне, моцна, цвёрда i ў згодзе, без рожнiцы станаў, нацый i веры, пры штандары нашай вольнай Бацькаўшчыны – Лiтвы i Беларусi”[40].

Краёвая Канфэдэрацыя, як i краёвая iдэя наогул, не вытрымала выпрабавання часам. Этнiчныя каштоўнасцi i iдэя ўласнай этнiчнай дзяржавы аказалiся больш прыцягальнымi ў першую чаргу для лiтоўцаў i палякаў. Да распаду Канфедэрацыi прычынiлася i палiтыка германскiх акупантаў, якая вызначалася традыцыйнай для захопнiкаў формулай: “Па-дзяляй i пануй!”.

Па меры адраджэння Польшчы як самастойнай дзяржавы пераважная частка польскай грамадскасцi Беларусi i Лiтвы паступова перайшла на пазiцыi Партыi польскiх нацыянальных дэмакратаў i пачала выступаць за далучэнне беларуска-лiтоўскага краю да Польшчы. Сярод гэтых дзеячаў былi i былыя краёўцы. Ч.Янкоўскi ў сваiм дзённiку 21 снежня 1915 г. зрабiў запiс, што Вiльняй павiнна кiраваць чыста польская арганiзацыя. Ён нават прыдумаў назву – “Нацыянальны польскi сенат для Лiтвы i Беларусi”[41]. Дзеячы беларускага руху пратэставалi. 14 сакавiка 1917 г. А.Луцкевiч напiсаў лiст да Вiльгельма II, у якiм адвяргаў прэтэнзii Часовага польскага ўраду на беларуска-лiтоўскi край. Ён адстойваў iдэю Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы, адзначаючы, што “падаўляючая большасць насельнiцтва Беларусi i Лiтвы здаўна iмкнецца да незалежнасцi”[42].

Краёвая iдэя не знiкла. Беларускiя дзеячы абапiралiся на яе ў сваiх спробах выпрацоўкi ўласнай геапалiтыкi. У 1918 г. урад БНР прапанаваў утварэнне канфедэрацыi Беларусi, Польшчы, прыбалтыйскiх дзяржаў i Украiны. Беларусаў падтрымалi вiленскiя краёўцы-дэмакраты. М.Ромэр у 1919 г. выказаў iдэю ўтварэння “Балтыйскага саюза” як федэрацыi Лiтвы, Беларусi, Польшчы, Латвii i Эстонii.[43]. Ад краёвай iдэалогii не адмовiўся i Р.Скiрмунт, якi адыгрываў прыкметную ролю ў беларускiм палiтычным жыццi 1917-1918 г.

Спадзяваннi краёўцаў былi канчаткова перакрэслены вынiкамi Рыжскiх перамоваў i захопам Вiльнi дывiзiяй генерала Люцыяна Жэлiгоўскага. Эдвард Вайнiловiч ацанiў Рыжскi дагавор як “новы чацвёрты падзел краю, iнiцыяваны самой Польшчай”[44]. Рыжскi трактат пазбавiў Э.Вайнiловiча i многiх iншых краёўцаў не толькi ўласнасцi, яны страцiлi Радзiму, i тым самым згубiлi сэнс усялякай грамадскай дзейнасцi.

Апошнiя гады свайго жыцця Э.Вайнiловiч правёў у правiнцыйнай Быдгашчы. Ён амаль не займаўся грамадска-палiтычнай дзейнасцю. Жыццё Р.Скiрмунта доўгi час было напоўнена пераважна гаспадарчымi клопатамi i… лiтаратурнымi да-следаваннямi. У 1926 г. убачыла свет ягоная кнiга, прысвечаная творчасцi Ю.Славацкага[45]. Да палiтычнай дзейнасцi Р.Скiрмунт вярнуўся ў 1930 г., калi быў выбраны ў склад Сенату. Ён уваходзiў у Беспартыйны блок супрацоўнiцтва з урадам (BBWR). Гэты блок, мiж iншым, выступаў супраць палiтыкi асiмiляцыi этнiчных меншасцяў II Рэчы Паспалiтай.

Трагiчна склаўся лёс А.Ляднiцкага, якi пакончыў жыццё самагубствам. Ягоная трагедыя, на думку аднаго з бiёграфаў, заключалася ў неабходнасцi свядомага змяншэння ўласнага iнтэлектуальнага патэнцыялу[46].

Мiхал Ромэр i Станiслаў Нарутовiч, пратэстуючы супраць захопу польскiмi войскамi Вiльнi i ўтварэння т.з. “Litwy Środkowej”, выехалi ў Коўна i пачалi дзейнiчаць як лiтоўскiя палiтыкi. Праўда, М.Ромэр i пры гэтым заставаўся краёўцам. У лiсце да рэктара Ягелонскага ўнiверсiтэту В. Сэмковiча ад 4 сакавiка 1930 г. ён, закрануўшы польска-лiтоўскi канфлiкт, адзначыў: “Застаючыся настолькi ж лiцвiнам, наколькi i палякам, я асаблiва востра ўспрымаю гэты канфлiкт. Горача кахаючы Лiтву, я не магу ненавiдзець Польшчу. Наадварот, я кахаю i яе. Я, а такiх шмат, з’яўляюся эпiгонам таго тыпу людзей нашага краю, якi цяпер ужо вымiрае. Iдэальным узорам чалавека гэтага тыпу быў Адам Мiцкевiч, якi злучаў дзве нацыянальныя душы. Ён быў столькi ж палякам, колькi i лiцвiнам, але нiколi не быў толькi палякам або толькi лiцвiнам”[47].

Тадэвуш Урублеўскi застаўся ў Вiльнi. Ён займаўся адвакацкай дзейнасцю, працягваў збiраць бiблiятэку, якую потым перадаў гораду Вiльнi. Т.Урублеўскi па-ранейшаму адстойваў краёвыя iдэалы, абараняючы на судовых працэсах дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Да самай смерцi (лiпень 1925 г.) ён лiчыў сябе грамадзянiнам Вялiкага Княства Лiтоўскага. У некралогу адзначалася: “Паляк сёння кахае польскую нацыянальную iдэю, лiцвiн – лiтоўскую, беларус – беларускую. Урублеўскi ж кахаў перш за ўсё наш край з усiмi яго жыхарамi, незалежна ад той мовы, на якой яны размаўлялi. Ён кахаў край з усiм яго багатым мiнулым ад славутых паходаў Вiтаўта да баёў Калiноўскага ў гродзенскiх лясах. … У сучаснай нацыяналiстычнай Польшчы Тадэвуш Урублеўскi не мог знайсцi сабе месца. … Сучаснай Польшчы Урублеўскi не мог зразумець”[48].

У Вiльнi застаўся i Людвiг Абрамовiч. “Przegląd Wileński”, якi ён рэдагаваў, захаваў свае ранейшыя пазiцыi. Затое ягоны брат Вiтольд Абрамовiч адмовiўся ад краёвасцi i стаў нават адным з кiраўнiкоў “Litwy Srodkowej”, якая ўяўляла сабой польскую марыянеткавую дзяржаву. У 1922 г. яна была далучана да Польшчы.

У 20-30-ыя г. краёвасць сустракалася часцей як прыватная справа людзей, якiя насуперак гiстарычным рэалiям не жадалi губляць свой “Край” i адчувалi сябе грамадзянамi былога Вялiкага Княства Лiтоўскага (Тадэвуш Урублеўскi, Мар’ян Здзехоўскi i некаторыя iнш.). Радзей краёвасць выкарыстоўвалася правячымi коламi Польшчы як сродак змяншэння беларускiх пратэстаў супраць палiтыкi асiмiляцыi. Як паказалi даследаваннi К.Гамулкi, якраз так можна тлумачыць iснаванне ў 1920-1921 г. т.з. “Краёвага саюза”, якi ўзначальвалi Павел Аляксюк i Вячаслаў Адамовiч (сын). Даследчыца сцвярджала, што “Саюз” iснаваў толькi дзякуючы фiнансавай падтрымцы польскага ўрада[49].

Апошнiя праявы краёвасцi назiралiся ў 1939-1940 г. Яны былi звязаны з перадачай Вiльнi Лiтоўскай дзяржаве. Зыгмунт Юндзiл, Бранiслаў Крыжаноўскi, Юзаф Мацкевiч i iншыя спрабавалi ўлагодзiць польска-лiтоўскiя адносiны i дасягнуць нацыянальнай згоды на падставе адраджэння традыцый “Гiстарычнай Лiтвы”. Яны iмкнулiся ператварыць Вiльню ў месца паяднання i паразумення ўсiх народаў, якiя насялялi Вiленшчыну. Аднак нацыяналiстычныя настроi былi мацнейшымi. М.Ромэр, якi выдатна арыентаваўся ў палiтычных рэалiях, ацанiў гэтую спробу як “рамантычнае донкiхоцтва”[50].

Дзейнасць краёўцаў – гэта спроба ва ўмовах абвастрэння сацыяльных i этнiчных канфлiктаў распаўсюдзiць i абаранiць iдэю палiтычнай нацыi. Аднак на Беларусi i Лiтве, як i амаль ва ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропе (ад Прыбалтыкi да Балкан) перамагла iдэя культурнай (этнiчнай) нацыi. Сярод галоў-ных прычын паражэння iдэi палiтычнай нацыi на тэрыторыi Беларусi i Лiтвы трэба адзначыць наступствы палiтыкi русiфiкацыi, кiраўнiкi якой прыкладалi на пачатку ХХ ст. вялiкiя намаганнi па стварэнню ў краi мiжэтнiчнай напружанасцi. Сiтуацыя ўскладнялася i тым, што этнiчны падзел у значнай меры супадаў з падзелам сацыяльным. Да таго ж iдэя палiтычнай нацыi ўжо не ўпiсвалася ў кантэкст еўрапейскай гiсторыi. На пачатку ХХ ст., калi актывiзавалiся культурна-этнiчныя рухi, яна выглядала пэўным анахранiзмам.

Краёвасць як феномен грамадска-палiтычнага жыцця знiкла ў 1920-1921 г. Яна была перакрэслена ўмовамi Рыжскага мiру i ўтварэннем “Litwy Srodkowej”. Большасць краёўцаў ператварылася ў “крэсоўцаў”. Некаторыя далучылiся да лiтоўскага руху. Iншыя адышлi ад грамадскай дзейнасцi. I толькi адзiнкi – М.Ромэр, Л.Абрамовiч, Т.Урублеўскi, М.Здзехоўскi i некаторыя iншыя захавалi вернасць краёвай iдэi.

Краёўцы ўнеслi значны ўклад ва ўлагоджванне этнiчных i сацыяльных канфлiктаў у беларуска-лiтоўскiм краi. Яны закладвалi традыцыi барацьбы супраць iдэалогii этнiчнага шавiнiзму. Сённяшняя досыць прыкметная цiкавасць гiсторыкаў (асаблiва польскiх i лiтоўскiх) да гэтай праблемы сведчыць пра жыццёвасць многiх аспектаў краёвай iдэалогii.

Паражэнне iдэi палiтычнай нацыi на пачатку ХХ ст. было паражэннем не толькi краёўцаў. Гэта было паражэнне народаў Беларусi, Лiтвы i Польшчы. Канфрантацыя памiж iмi аблегчыла панаванне на нашай зямлi iмперыялiстаў розных краiн i розных iдэалогiй.

Аўтар выказвае падзяку прафесару Юлiушу Бардаху i доктару Рымантасу Мiкнысу за прапанаваныя матэрыялы з уласных архiваў. Таксама шчыра ўдзячны кiраўнiцтву Касы iм. Юзафа Мяноўскага (Варшава), якое фiнансава падтрымала працу аўтара ў бiблiятэках i архiвах Польшчы.


[1] Bardach J. O dawniej i niedawniej Litwie.Poznań, 1988. S.217-218
[2] Gizbert-Studnicki W. Mickiewicz i jego kraj.Chicago, 1955. S.7
[3] Miknys R. Stosunki polsko-litewskie w wizji politycznej krajowców. // Zeszyty historyczne. Paryż, 1993, №104. S.123-124
[4] Запруднiк Я. Дваранства i беларуская мова // Беларусiка. Кн.2. Мiнск, 1992. C.33
* Пад “рускiм народам” аўтар разумеў беларусаў. З пачатку 1906 г. Р.Скiрмунт пачаў ужываць больш адпаведную тэрмiналогiю.
[5] Смалянчук А. Польскi нацыянальны рух на Беларусi i Лiтве напярэдаднi i ў перыяд рэвалюцыi 1905-1907 г. Аўтарэферат канд. дысертацыi. Мiнск, 1995.
[6] Romunt. (R.Skirmunt). Głos przeszłosci i potrzeba chwili. Lwów, 1905. S.38
[7] J…i B.Litwa i jej potrzeby. Narodowy katechizm Litwy. Wilno, 1905. S.1
[8] Römer M. Stosunki etnograficzno-kulturalne na Litwie. Kraków, 1906. S.15-16
[9] Futurus (Konstancja Skirmunt). Kartki krajowe. Wilno, 1913. S.84
[10] Смалянчук А. Гiстарычная сьвядомасьць i iдэалёгiя палякаў Беларусi i Лiтвы. БГА. Т.2. Сш.1. C.32-40
[11] Bardach J. Wieloszczeblowa świadomość narodowa na ziemiach litewsko-ruskich Rzeczypospolitej w XVII-XX w. // Pamiętnik XV powszechnego zjazdu historyków polskich. T.1, cz.1. Gdansk-Toruń, 1995. S.31
[12] Bardach J. Polacy litewscy a inne narody Litwy historycznej. Próba analizy systemowej // Belaruś. Lithuania. Poland. Ukraine. Lublin-Rome. 1994. S.366
[13] Kurier Litewski. 1906, №214
[14] Смалянчук А. Польскi нацыянальны рух на Беларусi i Лiтве. C.17
[15] Kurier Litewski. 1906, №189
[16] Нацыянальная бiблiятэка Польшчы. Аддз.рук. Akc.10592/z.5. S.72
[17] Gomułka K. Między Polska a Rosja. Warszawa, 1994. S.14; Wysłouch S. Białorusini na ziemi Wileńskiej. Wilno, 1930. S.3
[18] Jankowski Cz. W ciągu dwoch lat… Warszawa, 1908. S.137
[19] Kurier Litewski. 1907, №135
[20] Тамсама.
[21] Наша Нiва. 1911, №27
[22] Futurus (Skirmunt K.). Kartki krajowe. Wilno, 1913. S.48
[23] Пра гэта паведамляе ў сваiм дзённiку М.Ромэр (т.3, с.62, 66). Дзённiк захоўваецца ў Бiблiятэцы АН Лiтвы. Аўтар выкарыстаў матэрыялы з архiва Р.Мiкныса.
[24] Нацыянальная Бiблiятэка Польшчы. Аддз.рук. rkp.2946, s.46-47.
[25] Дзённiк М.Ромэра. Т.4, с.404 (З арх. Р.Мiкныса); Solak S. Michal Römer i masoneria wileńska (1911-1915) // Lietuvių Atgimimo istorijos studijos. Vilnius, 1996, t.13. P.35-40
[26] З арт.: Solak Z. Michał Römer… s.39
[27] З арт.: Solak S. Odrodzenie masonerii wileńskiej w latach 1910-1915 w Dzienniku Michala Römera. // Niepodległość. 1996, t.28, s.89. У арт. на с.85-94 змешчаны дзённiкавыя запiсы М.Ромэра за 3(16) i 4(17) сакавiка 1915 г.
[28] Solak Z. Odrodzenie… s.86
[29] Тамcама. S.93
[30] Тамсама. S.83-84
[31] Solak Z. Michal Römer…s.39; Jurkiewicz J.Polska mysl polityczna na Litwie i Białorusi w latach 1905-1922. Poznań, 1983. S.76-77
[32] Дзённiк М.Ромэра. Т.1. C.82; т.3. C.174, 323, 329. (З арх.Р.Мiкныса).
[33] Kurier Krajowy. 1913, №98
[34] Тамсама. 1913, №№ 12, 129
[35] А.Навiна (А.Луцкевiч). Краёвае становiшчэ // Спадчына, 1996, №1, с.53
[36] Römer M. Litwa wobec wojny. // Zeszyty historyczne. T.17. Paryż, 1970, s.116
[37] Solak Z. Michal Romer… S.40
[38] Вiтан-Дубейкоўская Ю. Мае ўспамiны. Вiльня, 1994, с. 45
[39] Abramowicz L. Litwa podczas wojny: zbior dokumentów, uchwał, odezw i t.p. Warszawa, 1918
[40] Лiтаратура i мастацтва. 23 лiстапада 1990 г.
[41] Jankowski Cz. Z dnia na dzień. Warszawa. 1914-1915. Wilno, 1923. S.402
[42] Бiблiятэка АН Лiтвы. Аддз.рук. F21-277, s.5
[43] Нацыянальная бiблiятэка Польшчы. Аддз.рук. Akc.IV. 6486/II. S.7
[44] Ro…munt (Skirmunt R.) Blichtr i blask. Z rozmyślań o Słowackim. Wilno, 1926.
[45] Lednicki W. Pamiętniki. T.2.Łondyn, 1967, s.696
[46] Miknys R. Stosunki polsko-litewskie… S.128
[47] Бiблiятэка Ягелонскага ўнiверсiтэту (РП). Аддз.рук. 9538 III, k.38-39 (з асабiстага арх. Ю.Бардаха).
[48] Kurier Wileński. 7 лiпеня 1925 г.
[49] Gomułka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992
[50] Бiблiятэка АН Лiтвы. Дзённiк М.Ромэра. Т.37. S.219

Наверх

Рышард Радзiк. Палякi – беларусы: узаемныя стэрэатыпы ў XIX-XX ст. (да 1939 г.)

28 снежня, 1997 |

Перыяд Расейскай iмперыi

1. Польскiя стэрэатыпы беларусаў

У ХIХ ст. узаемаадносiны палякаў i беларусаў прынцыпова рознiлiся ад сучасных. Палякi не ўспрымалi беларусаў як нацыянальна чужую супольнасць[1]. Суб’ектыўна адчуваныя культурныя адрозненнi паступова павялiчвалiся пасля скасавання унiяцтва, паразы паўстання 1863-1864 г., разам з узмацненнем пазiцыяў праваслаўя. Культурная рознасць пачала ўспры-мацца як нацыянальная толькi ў XX ст., адначасова з трансфармацыяй палiтычнай, пазаэтнiчнай iдэi польскага народа ў культурную, моўна-этнiчную i з ўзнiкненнем беларускага нацыянальнага руху.

Насельнiцтва, называнае беларускiм, – гэта ў першай палове ХIХ ст. жыхары Вiцебскай, Магiлёўскай i ўсходняй часткi Менскай губерняў (усход сённяшняй Беларусi) – часткi Вялiкага Княства Лiтоўскага (далей – ВКЛ). Паняцце “беларус” мела тады тапанiмiчны, а не этнiчны характар[2]. Жыхары цэнтральнай i заходняй Беларусi называлiся “лiцвiнамi”, гэтае найменне таксама мела пазаэтнiчны характар i гаварыла пра колiшнюю дзяржаўна-палiтычную прыналежнасць да ВКЛ. У другой палове мiнулага стагоддзя акрэсленне “беларусы” пашырылася на захад Беларусi i паступова набыло этнiчны характар. Працэс гэты скончыўся толькi ў Беларусi Савецкай.

Каго ў XIX ст. лiчыць беларусам? Гэта сапраўды праблема, бо сённяшнiя крытэрыi падзелу вельмi розняцца ад тагачасных: шляхта лiчыла сябе “gente Lithuani (Rutheni), natione Poloni”, звычайна дробная шляхта ў штодзённым жыццi размаўляла па-беларуску, а па-польску толькi па святах. Беларускамоўныя сяляне-каталiкi акрэслiвалi сябе як людзей “польскай веры”, або проста як палякаў (гэта не значыць, што ўжо ў тыя часы яны былi нацыянальна свядомыя), а праваслаў-ныя вяскоўцы лiчылi сябе “рускiмi”, -пасоўваючыся ж па сацыяльнай лесвiцы, усё часцей пачувалiся расейцамi.

Пра тагачаснае беларускамоўнае насельнiцтва (пераважна сялянаў) мы даведваемся з апiсанняў сучаснiкаў – перш за ўсё абшарнiкаў, якiя жылi побач, ад нешматлiкiх даследнiкаў, а таксама сялян-перасяленцаў, найчасцей званых “мазурамi”. Крынiцаю звестак была багатая мемуарная i мастацкая лiтаратура (Ю.Крашэўскi, Э.Ажэшка, Ё.Вайсэнгоф), а з 1905 г. i мясцовая прэса. На працягу саракагоддзя пасля паўстання 1863-1864 г., калi на тэрыторыi былога ВКЛ i Украiны дзейнiчала забарона на польскамоўны друк, допiсы з Беларусi з’яўлялiся ў польскай прэсе Кангрэсавага каралеўства, а таксама тэрыторыяў, анексаваных Прусiяй i Аўстрыяй. Гэтыя карэспандэнцыi хутчэй сведчылi пра iснаванне стэрэатыпаў на Беларусi, чым пра тое, што яны, гэтыя стэрэатыпы, мелi месца ў Кракаве цi Познанi.

У 1817 г. Мар’я Чарноўская (Czarnowska) так пiсала пра праваслаўных сялянаў (некалi унiятаў) Магiлёўшчыны: яны “выконваюць усё тое, чаму iх навучылi запаветы продкаў, i з аднолькавай пабожнасцю выконваюць як паганскiя, так i хрысцiянскiя абрады, спалучаючы часта першае з другiм. [...] Яны не могуць растлумачыць нi значэння, нi прычыны таго, што робяць. Увесь адказ, што так рабiлi нашыя (iх) продкi i так казалi старыя людзi”[3]. Даследнiкi i землеўладальнiкi, якiя што-дня сутыкалiся з сялянамi, часта пiсалi пра iх рэлiгiйны рытуалiзм, павярхоўнасць веры, iндыферэнтнасць i нават схiльнасць да атэiзму (у палешукоў); асаблiва гэта датычыла праваслаўнага насельнiцтва, яшчэ нядаўна унiяцкага, якое было ў значна меншай ступенi прывязанае да сваёй рэлiгii, чым сталыя ў сваёй веры рыма-каталiкi. Гэтак было як у ХIХ, так i ў ХХ ст. Да таго ж увесь час падкрэслiвалася нiзкая ступень асветы ў народзе, нiзкi ўзровень ягонай гiстарычнай i грамадскай свядомасцi, сялянская апатычнасць, баязлiвасць, асцярожлiвасць, падатлiвасць[4], часам хiтрасць, схiльнасць да фаталiзму i прымхлiвасць.

Адначасова абвяшчалася, асаблiва пад уплывам рамантычнай народнасцi, неабходнасць пазнання народу, зблiжэння з iм, выказвалася спачуванне ягонай нядолi, звярталася ўвага на сялянскую галечу – лiчылася, што вёсцы трэба дапамагчы, асаблiва шляхам пашырэння асветы сярод народу; гэтак часам i рабiлася. Ян Чачот пiсаў: “Сяляне нашы – люд добры, лагодны, працавiты, прыстойны – павiнны ўзбуджаць у нас самыя прыхiльныя пачуццi. З iмi мы можам быць шчаслiвыя. Даючы iм за працу рук iхных працу розуму i асветы нашай, мы можам памножыць агульнае дабро. Не варта думаць, што i мы ад iх не маглi б нечаму навучыцца”[5]. Паэту хацелася, каб песнi, якiя ён збiраў i запiсваў, “павялiчвалi тую ўзаемную прыхiльнасць пана i селянiна, ад якой столькi залежыць”[6]. Адносiны памiж селянiнам i панам былi асаблiва iдэалiзаваныя перад скасаваннем прыгону. “Польскi рай”, як заўважае Ян Блоньскi, найчасцей бачылi на лiтоўска-беларускiх “крэсах”[7]. “Дворная супольнасць” мусiла аб’ядноўваць вёску i маёнтак дзеля iх агульнай карысцi. Хоць i заўважалi адрозненнi памiж станамi, аднак доўга нiхто не здагадваўся, што яны могуць ператварыцца ў нацыянальныя. Селянiн з-пад Менску быў для мясцовага землеўладальнiка так сама сваiм, як для мазавецкага шляхцiча быў сваiм “люд з-пад Варшавы”, нягледзячы на тое, што размаўляў на iншай гаворцы i часам належаў да iншага веравы-знання. Шляхецкае ўяўленне пра народ у Рэчы Паспалiтай прымала ягоную шматкультурнасць, таксама як i вертыкальную, ерархiчную структуру грамадства з панам-землеўладальнiкам наверсе, якi патэрналiстычна ставiўся да селянiна, што, згодна з моцна ўкаранёнай феадальнай традыцыяй, знаходзiўся на самым нiзе сацыяльнай лесвiцы.

Паўстанне 1863-1864 г. паказала шмат каму з палякаў маштаб канфлiкту памiж вёскаю i маёнткам. Ядвiга Кеневiч, якая паходзiла з сям’i землеўладальнiкаў, у траўнi 1863 г. апiсвала падзеi, што мелi месца на Мазыршчыне: “Раз’юшаныя сяляне подла падглядаюць, высочваюць, звязваюць i вывозяць уласных паноў, знушчаюцца, калi каго вылавяць у лесе, не прапускаючы анiчога з арсеналу катаў Хрыста”[8]. Несумненна лепшым было становiшча на каталiцкай Вiленшчыне. Леон Васiлеўскi пазней пiсаў: “… да праваслаўных беларусаў пасля 1863 году польская культура не мае нiякага доступу”[9].

Аднак землеўладальнiкi, якiя жылi сярод сялянаў i былi звязаныя з iмi эканамiчна, i надалей жадалi бачыць у iх усё яшчэ нацыянальна блiзкi народ, ставячыся да беларускасцi як да складовай часткi палiтычнай супольнасцi, якая лучыла колiшнюю Рэч Паспалiтую. Такое стаўленне абумоўлiвалася i блiзкасцю беларускiх дыялектаў да польскай мовы, з прычыны чаго iх часта лiчылi непасрэдна польскiмi гаворкамi або пераходнымi памiж расейскiмi i польскiмi. Лягчэй успрымала iдэю культурнага, этнiчна-моўнага народу iнтэлiгенцыя, якая была слаба звязаная з сялянствам эканамiчна i ўвогуле жыла ў гарадох, на адлегласцi ад вяскоўцаў. Iнтэлiгенцыя (як i незаможнае мяшчанства) хутчэй за землеўладальнiкаў выключала з польскага народу праваслаўных. Гэта, аднак, стала вiдавочным толькi пасля 1905 году.

Апiсаннi беларускiх сялянаў другой паловы ХIХ ст. прынцыпова не адрознiвалiся ад тых, што былi зробленыя ў першай палове стагоддзя. У 80-ыя гады карэспандэнт “Dziennika Poznanskiego” паведамляў з Вiльнi: “Беларускi народ на дзiва добры i спакойны. Гэта той матэрыял, з якога любы разумны ўрад мог бы зрабiць усё, што пажадаў бы. Лянотны i iнертны, беларускi селянiн нават i няздольны супрацьстаяць бяспраўю, што, аднак, не значыць, каб у глыбiнi душы ён не меў крыўды на сваiх прыгнятальнiкаў. Нацыянальнай свядомасцi для яго не iснуе, на пытанне, хто ён, беларускi вясковец хутчэй за ўсё адкажа: “Я, паночку, тутэйшы”, як быццам слова “тутэйшы” было для яго альфай i амегай”[10]. У той жа час “Gazeta Rolni-cza” пiсала пра сялянаў з Вiцебскай губернi: “Лепяльчанiн (беларус) – абавязкова земляроб. Адпаведна амаль дапатопнаму ўзроўню апрацоўкi зямлi, ён цiхi, спакойны, нецiкаўны, нават апатычны. Лiчачы, што ўсiм ён абавязаны выключна сiлам прыроды, пакiдае сабе вельмi нязначную частку ў спажываннi сродкаў, неабходных, каб пракармiцца. Вопратка, жытло, усё хатняе акружэнне надта яскрава гаворыць пра стан i характар нашага вяскоўца”[11].

Падзеi 1905-1906 г., рабункi маёнткаў сялянамi не толькi дапамаглi землеўладальнiкам убачыць сiлу класавага канфлiкту на беларускай вёсцы, а таксама выставiлi на першы план тыя рысы мясцовага насельнiцтва, якiя дагэтуль рэдка калi згадвалiся. Iдылiчныя пейзажы вёскi Чачота i Дунiна-Марцiнкевiча дапоўнiлi вiдовiшчы ахопленых полымем сядзiбаў, карцiны рабункаў, забойстваў, учыненых цёмнымi сялянамi. У апошняе дзесяцiгоддзе расейскага панавання з’явiўся новы слой беларускай нацыянальнай iнтэлiгенцыi. Частка польскай грамадскасцi, у тым лiку землеўладальнiкаў, падтрымала беларускi рух (i нават фiнансавала яго), лiчачы, што ён стане перашкодаю для русiфiкацыi Беларусi (асаблiва праваслаўнага насельнiцтва). Спадзявалiся, што гэты рух не будзе насiць антыпольскага характару, а стане саюзнiкам польскасцi. Беларускi землеўладальнiк Эдвард Вайнiловiч, якi фiнансава падтрымлiваў беларускi рух, расчараваны тым, у якiм напрамку гэты рух развiваўся, пiсаў: “Ад беларускiх таварыстваў, пачаткова беручы ў iх i матэрыяльны ўдзел, я заўсёды ўрэшце адыходзiў, бо распачатая ў iх праца ў кiрунку самаспазнавання i нацыянальнага адраджэння (“Лучынка”, “Саха”, “Загляне сонцэ i ў нашэ ваконцэ” i да т.п.) заўсёды пад канец прымала характар i напрамак сацыялiстычны, якому насуперак сваiм перакананням я ня мог патураць”[12].

Эвалюцыя ацэнкi беларускасцi была ў вялiкай ступенi вынiкам змены палякамi нацыянальных катэгорыяў мыслення. Усведамленне пагрозы для польскасцi з боку расейскага захопнiка спрычынiлася да ўзмацнення працэсу атаесамлення польскасцi з каталiцтвам i паступовага дыстанцыявання ад праваслаўных супольнасцяў усходнiх ускраiн былой Рэчы Па-спалiтай. Асаблiва нацыянальныя дэмакраты былi чым далей, тым больш схiльныя бачыць у мясцовых беларускамоўных каталiках польскае насельнiцтва ў сучасным, этнiчна-моўным разуменнi народу, выключаючы з гэтак зразуметай польскасцi жыхароў праваслаўных, асаблiва тых, што лакалiзавалiся кампактна на ўсходнiх абшарах Беларусi (што пазней знайшло адлюстраванне ў Рыжскай дамове). Стаўленне тагачасных палякаў да сваiх беларускiх суседзяў не было аднародным. Юлiуш Бардах вызначыў, акрамя нацыянальных дэмакратаў, тры iншыя палiтычныя плынi ў польскiм грамадстве[13]. Плынь кансерватыўна-землеўладальнiцкая ставiлася да сялянаў патэрналiстычна, беручы за ўзор традыцыi даўняй Рэчы Паспалiтай. “Краёўцы” прымалi культурны i нацыянальны плюралiзм мясцовага грамадства, лiчачы неабходным захаваць усё насельнiцтва краю як непадзельнае цэлае. У той жа час сацыялiсты-iнтэрнацыяналiсты (галоўным чынам СДКПiЛ – Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага i Лiтвы), падкрэслiваючы важнасць класавага падзелу, меркавалi, што рэвалюцыя вырашыць нацыянальныя праблемы ва ўсёй iмперыi.

Абагульняючы, можна канстатаваць, што значную частку ХIХ ст. палякi не ўспрымалi Беларусь як выразна акрэсленую тэрыторыю, населеную, акрамя гарадоў, жыхарствам да-статкова аднародным этнiчна, вiдавочна адрозным ад сваiх суседзяў. Беларусь лiчылася часткаю былога Вялiкага Княства Лiтоўскага з насельнiцтвам, блiзкiм у моўных адносiнах як да палякаў (якое наогул не паважае сваёй “простай” мовы i часта лiчыць, што яна не вартая таго, каб на ёй пiсаць i друкаваць), так i да расейцаў. Пад канец анексiяў гэтае бачанне было ўжо крыху iншае. Беларусь ужо нярэдка ўспрымалася як спецыфiчнае геаграфiчна-культурнае (этнiчна-моўнае) цэлае, аднак гэта не значыла, што яна мае рэальныя шанцы стаць суб’ектам гiстарычных падзеяў, асаблiва ў сепаратна-нацыянальным сэнсе. Усё часцей бачылi таксама цывiлiзацыйны падзел Беларусi на частку заходнюю, каталiцкую, што арыентуецца на польскасць, i ўсходнюю, праваслаўную, якая схiляецца ў бок Расеi: паступова з гэтага рабiлiся палiтычныя высновы. Беларускасць усё яшчэ атаесамлялася з сялянскасцю, недахопам (слабасцю) актыўнасцi, накiраванай на рэалiзацыю ўласных не толькi нацыянальна-дзяржаўных вымогаў, але нават культурных памкненняў у iх невясковым, элiтарным разуменнi. Да Беларусi ставiлiся як да абшару памiж Польшчаю i Расеяй – магчымага аб’екту (але нiяк не суб’екту) сутыкненняў.

2. Беларускае бачанне палякаў

Палякi не бачылi ў беларусах ХIХ ст. насельнiцтва, адрознага ў нацыянальных адносiнах, не таму, што не былi здольныя апераваць катэгорыямi нацыянальнымi, але з тае прычыны, што самi беларусы не лiчылi сябе асобным народам. Таму беларускае насельнiцтва, не ўспрымаўшае сябе ў катэгорыях нацыянальных, не бачыла таксама i ў паляках адзiнага нацыянальнага цэлага, надстанавага, пазакласавага i пазарэлiгiйнага. Апiсваючы даўнейшую польскую супольнасць на Беларусi, даследнiкi вылучаюць: паноў-землеўладальнiкаў, сялянаў, “мазураў”, дробную шляхту, нешматлiкую гарадскую iнтэлiгенцыю, плебс, а таксама – часам – каталiцкiх, хоць i беларускамоўных сялянаў, якiя казалi, што яны “веры польскай”, аднак найчасцей называлi сябе “тутэйшымi”. Для тагачасных беларускiх сялянаў усё гэта былi розныя сацыяльныя групы, а сённяшнiя крытэрыi падзелу накшталт “мы”-беларусы i “яны”-палякi былi для iх наогул далёкiя.

Як заўважае Стэфан Кеневiч, “польскасць у вачах лiтоў-скiх цi беларускiх сялянаў цягам стагоддзяў заставалася раўназначнаю шляхоцкасцi – лiчылася перашкодай на шляху заваявання народнай прыхiльнасцi”[14]. У стаўленнi сялянаў да землеўладальнiкаў, ад якiх яны моцна залежалi не толькi эканамiчна i да якiх мелi шмат слушных цi няслушных прэтэнзiяў, – часта дамiнаваў негатывiзм. Як ужо адзначалася, гэта было абумоўлена не нацыянальна, а класава (станава), часта з усведамленнем культурнай рознасцi – моўнай, нярэдка рэлiгiйнай. Аналiзуючы беларускi фальклор, Марыя Чурак адзначала, што сяляне прыпiсвалi панам жорсткасць, абвостраную чуйнасць да ўсяго, што датычыць iх персоны, няробства, часам наiўнасць i дурасць, а таксама бездапаможнасць, адсутнасць сялянскага спрыту i кемлiвасцi. Пан – герой безлiчы камiчных аповядаў, дзе ён становiцца прадметам высмейвання[15]. “Наогул, нягле-дзячы на дастаткова прыхiльнае стаўленне насельнiцтва да паноў, – пiсала пра палешукоў Эма Яленская (Elenska), сама землеўладальнiца, – яно мае вельмi слабое ўяўленне пра iх маральную вартаснасць. Яны раяць не давяраць, падазраючы паноў у нейкiх незычлiвых намерах, дзiвiцца з iх стылю жыцця: доўга спяць наранiцы, а ўначы сядзяць, ходзяць без усялякай патрэбы то ў лес, то па вёсцы; у iхных “пакоях” панастаўляна розных цацак; яны абсаджваюць дамы дзiкiмi бескарыснымi дрэвамi, каля дарог прыдумляюць “якiе-то штукi”, ездзяць на роварах цi малююць звычайныя старыя хаты. “Нашто iм гэта! От, ведама, паны!” Здаецца iм таксама, што паны нiколi нiчога не робяць, што гэта непатрэбнае на зямлi племя, нездарма ж пустыя каласы, якiя высака трымаюць галовы, заўсёды называюць паны! Нiколi, праўда, у нашых мясцiнах не было следу непрыязнасцi цi бунтарскiх непарадкаў”[16].

Было б перабольшаннем сцвярджаць, што сяляне заўсёды варожа адносiлiся да сваiх паноў. У часы скасавання прыгону селянiн на закiды генерала Назiмава, скiраваныя ў бок паноў, пярэчыў: “Хоць, паночку, кажаш, што паны нас удушылi… але помнiм тожа, што былi i бацькамi, што нам памагалi!”[17]. У той самы час Якуб Гейштар заўважаў: “Тыя, хто валодаў хатамi, адмовiлiся б ад iх, абы толькi быць вольнымi, а сапраўднай волi без шляхецтва не разумелi!”[18] Стаўленне селянiна з-пад Лiды да свайго пана было блiзкае да стаўлення вяскоўца з-пад Люблiна да мясцовага землеўладальнiка. Часам бывала так, што стаўленне гэтае выразна пагаршалася пасля скасавання прыгону, калi ўзмацнiлiся спрэчкi пра сэрвiтуты, выкарыстанне папасаў, лясоў. Iсныя адрозненнi i надалей успрымалiся перш за ўсё як класавыя. У той жа час разам з экспансiяй праваслаўя ў яго расейскiм варыянце паглыблялiся культурныя адрозненнi, якiя, аднак, не ўспрымалiся сялянскiмi масамi ў катэгорыях нацыянальных. Стаўленне да пана было сумессю пачуццяў варожасцi (страху), iронii, зайздрасцi, залежнасцi i несправядлiвасцi, але таксама надзеi на дапамогу ў цяжкiя хвiлiны, у галодную пару (на гэтую дапамогу – да засмучэння сялянаў – нельга было ўжо так моцна разлiчваць пасля скасавання прыгону), пачуцця захаплення сiлаю ягонае ўлады, багаццем, свабодаю i, нарэшце, нягледзячы на iронiю, “вышэйшаю” культураю. У словах, якiмi ў 1907 г. “Наша Нiва” характарызавала стаўленне беларускiх сялянаў да мясцовых землеўладальнiкаў, што засталося актуальным да канца расейскага панавання, – не згадваецца iх этнiчна-нацыянальная прыналежнасць: “”Нi пядзi зямлi мужыком!” Пан усюды астаецца панам i аддаваць мужыком свае зямлi ня любiць, але нiгдзе паны не абараняюць так сваiх маёнткаў, як у нас”[19].

Этнiчна польскае жыхарства, якое наплывала на Беларусь з захаду, а таксама бедную дробную шарачковую шляхту, таксама як i т.зв. будачнiкаў, называлi найчасцей “мазурамi”. Гэтае насельнiцтва вылучалася сваёй моваю, ладам жыцця, а ў праваслаўным асяроддзi – сваёй каталiцкасцю. Бывала, з часам яно асiмiлявалася мясцовым беларускiм асяроддзем. М.Чурак лiчыць, што ў беларускiм фальклоры мазур паўставаў як чалавек бесклапотны, сварлiвы, грубiян i забiяка, ахвотнiк да забаваў, а яшчэ гультай ды няўклюда ў працы, стварэнне бязглуздае i смешнае[20]. “Тэксты пра мазураў, акрамя хiбаў мазурскае натуры, часта высмейваюць мазурскую гаворку – як вымову, так i словы”[21]. У той жа час аб’ектамi кпiнаў у адрас малазямельнай шляхты былi “шляхоцкая пыхлiвасць, самаўпэўненасць, няправiльнае маўленне i тытуламанiя; апошняе выяўлялася ў празмернай любовi да тытулаў, у iх ужываннi не да месца i не да часу”[22]. Як вядома, малазямельная шляхта часта не адрознiвалася заможнасцю ад суседзяў-сялянаў.

Беларускi даследнiк Павел Церашковiч прааналiзаваў больш за 200 беларускiх iдыёмаў, прысвечаных iншым народам. Палякi выглядалi не найгоpш на фоне iншых, асаблiва на фоне расейцаў (“маскалёў”), i выступалi пад найменнямi “ляхi”, “палякi”, “варшавякi”, “мазуры”, “паны”. “Успрыманне этнiчных палякаў вызначалася, – як мяркуе Церашковiч, – дастаткова выразнай прыхiльнасцю, зрэшты, яно не было пазбаўленае iронii. Палякi вызначаюцца адвагаю (“мазуру бiцца, так як людзям хлеб з маслам з’есць”, “мазур каб i смерць угледзеў, то не ўтоiцца”), пачуццём годнасцi (“варшавяк як галодны, то свiшча” цi “варшавяк як есцi хоча, то палкаю круцiць i свiшча”) i ў той жа час схiльнасцю да гультайства (“мазур то анно да гуляння зух”). Пры гэтым мазур не здаваўся страшным, не рэпрэзентаваўся як няпрыяцель, у адрозненне ад расейца цi габрэя, а выстаўляўся хутчэй у камiчным святле (“гэтыя мазуры ўсё то на кпiны зроблены”)”. Разам з тым агульная ацэнка палякаў, сфармаваная галоўным чынам пад уплывам стаўлення да паноў-землеўладальнiкаў, была значна больш крытычная, хоць i абумоўленая не этнiчна (нацыянальна), а сацыяльна[23].

Трэба згадаць групу пецярбургскiх народнiкаў, паходжаннем з Беларусi, якiя ў 1884 г. выпусцiлi два нумары нелегальнага часопiса “Гомoн”, а таксама некалькi iншых выданняў, пры-свечаных беларускай праблематыцы. Гэтае кола мiжволi стала стваральнiкам беларускай нацыянальнай iдэi, сфармуляванай, трэба прызнаць, па-расейску, аднак цiкавай сваiм зместам. У тэкстах народнiкаў (шмат хто з iх паходзiў з праваслаўных сем’яў Усходняе Беларусi, часам з сацыяльных нiзоў) амаль адсутнiчае крытыка ў адрас праваслаўя (праўда, яно тут не атаесамляецца адназначна з расейскасцю), але з iх боку нярэдка гучыць дастаткова рэзкая крытыка каталiцтва, якое звязвалася ў iх з польскасцю. Яны сцвярджалi, што паланiзацыi падлеглi найперш вышэйшыя сацыяльныя слаi, а народ – у значна меншай ступенi. Паляк, перш за ўсё, успрымаўся iмi як землеўладальнiк-каталiк. Лiчылася, што беларуска-польскi канфлiкт мае класавую (i рэлiгiйную) глебу. Гоманаўцы ўпершыню пабачылi беларускасць такою, якою пазней ўяўлялi яе за Саветамi. Для такога погляду было характэрна iмкненне да саюзу з Расеяй, карыстанне расейскаю мовай пры абмеркаваннi беларускай праблематыкi, шчыльнае спалучэнне беларускасцi з сацыяльнаю свабодай, дыстанцыяванне ад польскасцi i каталiцтва[24].

Пасля 1905 г. склалася адносна невялiкае кола беларускай iнтэлiгенцыi, згуртаванай галоўным чынам вакол некалькiх беларускiх перыёдыкаў i выдавецтваў, найперш вакол “Нашай Нiвы” (1906-1915). Адным з элементаў фармуляванай у той час беларускай нацыянальнай iдэалогii, легальна прапагандаванай праз шматтысячныя наклады газетаў, брашураў i календароў, было стаўленне беларусаў да палякаў. Упершыню на беларускiх землях беларусы аднеслiся да палякаў як да класава дыферэнцыяванай нацыянальнай супольнасцi, упершыню такое стаўленне да палякаў выходзiла за межы штодзённага досведу селянiна, мела iдэалагiчны, комплексны характар i вынiкала са стваранай нацыянальнай праграмы. У выдадзенай у 1910 г. “Кароткай гiсторыi Беларусi” палякам закiдалася шматвяковая паланiзацыя, да iх ставiлiся як да непрыяцеляў беларусаў[25].

Галоўнае беларускае нацыянальнае выданне “Наша Нiва”, беручы пад увагу мясцовыя рэалii, спрабавала падкрэслiваць выгады ад сувязяў з двума вялiкiмi суседнiмi народамi – расейцамi i палякамi[26], адначасова дыстанцуючыся ад iх у нацыянальным сэнсе, выяўляючы ўласную адметнасць. “Карысць ад палякоў вiдаць ужо i ў тым, – пiсала ў 1908 г. “Наша Нiва”, – што ў нашым краi сельская гаспадарка лепей нарыхтована i стаiць выжэй, як у Расеi. Так сама ў тых губернях Беларусi, гдзе многа палякоў, граматных больш, як у iншых. Палякi народ практычны, i ад iх шмат чаго могуць навучыцца беларусы”[27]. У той жа час палякам прыпiсвалася iмкненне паланiзаваць Беларусь (а расейцам – русiфiкаваць)[28]. Палякам закiдалася i тое, што яны схiльныя атаесамляць каталiцкасць з польскасцю: “…бачым, – пiсала “Наша Нiва”, – што польскiе газэты не знайшлi ў Вiльнi нiводнаго каталiка-беларуса”[29]. Часам прыводзiлiся прыклады выказвання палякаў супраць адра-джэння беларушчыны; выказвалася думка, што маёнткi на Беларусi “не спаўняюць сваёй культурнай мiсii”, не шыраць беларускае нацыянальнае свядомасцi[30]. Аднак рэдка з’яўлялiся настолькi негатыўныя характарыстыкi палякаў, як наступная: “Паляк – чалавек легкадумны, лiслiвы i хiтры. Ён любiць выстаўляцца i ўдаваць пана, гэта найменш дэмакратычны народ сярод славянаў”[31]. Часам чулiся скаргi, што для сялянаў беларуская мова – “гэта “хамская” брыдкая мова, дык лепей чытаць польскiе газэты”[32]. Выказвалiся прэтэнзii таксама i да дробнай шляхты, якая наштодзень гаварыла па-беларуску, аднак наогул мела сябе за палякаў. “Многа каля нас дробнай шляхты, – пiсалi ў газэту з Барысаўскага павету. – Усе яны каталiкi; гавораць дома па-беларуску, а толькi часам, як паявiцца чужы чалавек, то пробуюць гаварыць па-польску, але гэта нявельмi добра выходзiць”[33]. З большаю сiмпатыяй ставiўся да палякаў каталiцкi “Беларус” (1913-1915), якi тым не менш лучыў беларускамоўных каталiкоў з культурнай i нацыянальнай беларушчынай.

Стэрэатып паляка, што фармаваўся сярод iнтэлiгенцыi “нашанiўскага” перыяду, быў фрагментарны, дэкляраваныя iм iдэi слаба ўплывалi на мужыкоў. Гэты стэрэатып галоўным чынам меў рысы, якiя можна было назiраць у вышэйшых слаях – у шляхты (як заможнай, так i дробнай) i ў iнтэлiгенцыi. Змест гэтага стэрэатыпу залежаў ад беларускай ацэнкi стаўлення палякаў да ўласных нацыянальных памкненняў як на тады, так часам i ў далёкай мiнуўшчыне (такое гiстарычна-iдэалагiчнае, нацыянальнае бачанне не было ўласцiвае сялянам ХIХ ст.). Напаўненне гэтага стэрэатыпу перадвызначалася таксама i станоўчымi ды адмоўнымi рысамi, традыцыйна прыпiсванымi вышэйшым слаям (незалежна ад нацыянальнага кантэксту гэтых рысаў). Такiм чынам, на першы план выходзiў не толькi класавы канфлiкт (якi i надалей абумоўлiваў стаўленне мясцовых сялянаў да пана-паляка), але таксама падкрэслiвалася па-гроза паланiзацыi i атаесамленне польскасцi з каталiцтвам. У параўнаннi з расейцамi, у палякаў бачылi мацнейшую сувязь з еўрапейскаю культурай, вышэйшы ўзровень гаспадаркi, асветы, любоў да свабоды, а таксама часта празмерную пыхлiвасць – часам нават гратэскавую, адзначалiся праявы пагарды да маладой беларушчыны або паблажлiвае стаўленне да яе. Стэрэатыпы ва ўмовах, што характарызавалi нацыянальна-класавы склад грамадства Беларусi, узнiкалi на стыку дзвюх культураў – сялянскай (беларускай) i панскай (польскай). Хiбы палякаў былi хiбамi шляхты – слою, якi ўжо страчваў уплыў на этнiчна польскiх тэрыторых. На Беларусi не было шматлiкiх асяродкаў польскага (польскамоўнага) сялянства. Усё часцей беларусы пачыналi глядзець на палякаў праз прызму культуры расейскай, не зусiм уласнымi вачыма[34]. У часе I сусветнай вайны Казiмер Машынскi (Moszyński) пiсаў: “Кожны рух супраць “паноў”, якi калi-небудзь узнiкне, будзе адначасова накiраваны супраць польскасцi, i наадварот – усялякая барацьба з польскасцю будзе лiчыцца змаганнем супраць маёнткаў”[35].

Ад I сусветнай вайны да 1939 г.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай узаемныя польска-беларускiя стэрэатыпы фармавалiся ва ўмовах адсутнасцi ўласных нацыянальных дзяржаў – польскай i беларускай. Гэта быў адзiн з тых фактараў, ад якiх залежаць дачыненнi памiж двума грамадствамi. Стаўленне палякаў i беларусаў да царскiх уладаў было рознае. Аднак не гэта з’яўлялася галоўным фактарам узаемаацэнак. З заканчэннем I сусветнай вайны ўзаемадачыненнi набылi новую якасць.

1. Польскае бачанне беларусаў

Падзеi часоў I сусветнай вайны i польска-бальшавiцкiх сутыкненняў 1919-1920 г. паўплывалi на паглыбленне эвалюцыi вобраза беларуса ў польскiм грамадстве, асаблiва элiты. “На тагачасныя i пазнейшыя ўяўленнi, – пiша Ян Юркевiч, – паўплывала хваля пагромаў панскiх маёнткаў, што пасля кастрычнiцкага перавароту пранеслася па беларусiх землях, якiя засталiся па ўсходнi бок ад лiнii фронту”[36]. Землеўладальнiкi былi важнымi асяродкамi фармавання грамадскай думкi, iх апiсаннi рабункаў увайшлi ў мастацкую i мемуарную лiтаратуру i паўплывалi на польскае бачанне беларускага народу, вызваленага ад навязаных яму дзяржаваю адмiнiстратыўна-палiтычных абмежаванняў[37]. Аднак вобраз рэвалюцыянiзаванага беларускага народу, народу-рабаўнiка нiколi не дамiнаваў i быў у значнай ступенi чужы нiжэйшым слаям палякаў, якiя жылi на беларускiх землях. На польскiм этнiчным абшары праз лiтаратуру пашыраўся погляд, уласцiвы палiтыкам. Ён бытаваў сярод элiты II Рэчы Паспалiтай, але не сярод польскага народу, якi па-за ўсходнiмi землямi не сутыкаўся непасрэдна з беларусамi, – большасць палякаў наогул не мела нiякага меркавання на гэты конт. З цягам часу згадкi пра сялянскiя пагромы сцiралiся ў памяцi грамадства i iх месца трывала заняў вобраз “бальшавiзаванага”, “камунiзаванага” беларуса-левака. “У гады польска-савецкай вайны (1919-1921) такi по-гляд стаў агульным i фармаваў стаўленне польскiх жаўнераў да беларускага насельнiцтва”[38]. Замацавалi яго ў свядомасцi палякаў падзеi наступных дзесяцiгоддзяў.

Беларусаў заўсёды ўспрымалi як супольнасць сялянскую, плебейскую. Нягледзячы на рэвалюцыйнасць беларускага народу, надалей працягваў iснаваць стэрэатып беларуса-селянiна – iнэртнага, апатычнага, паслухмянага чужой волi. Беларусь, у адрозненне ад Летувы, – пiсаў у 1917 г. В.Вакар, – “дагэтуль ня мае выразных культурна-нацыянальных рысаў. [...] Народ застаецца пасiўным i не вылучае з сябе стваральнага элементу”[39]. Лiчылася, што беларусы не здольныя стварыць уласную дзяржаву i абараняць яе незалежнасць; што раней цi пазней iх падпарадкавалi б сабе расейцы, хоць часам выказвалiся i адваротныя думкi. Падкрэслiвалася слабасць або адсутнасць нацыянальнай свядомасцi сярод беларускай масы, вiдавочная нешматлiкасць беларускай элiты, большая цiкавасць беларусаў да сацыяльных, а не нацыянальных праблем, надзвычайная слабасць дзяржаватворчых памкненняў. У момант заканчэння вайны вялiкая частка польскай палiтычнай элiты не думала пра культурную асiмiляцыю беларусаў. Такiя намеры мелi, у першую чаргу, нацыянальныя дэмакраты. У той жа час абвяшчалася неабходнасць палiтычнай (дзяpжаўнай) асiмiляцыi беларусаў. Землеўладальнiкi былi зацiкаўленыя найперш у сацыяльнай згодзе, а не ў паланiзацыi мясцовага жыхарства. Такiм чынам, беларусы звычайна ўспрымалiся не як нацыянальна чужая супольнасць, але хутчэй як адрозная ў сацыяльным (ментальным) або рэлiгiйным плане. Такое стаўленне, што бярэ пачатак з часоў расейскай анексii Рэчы Паспалiтай, знайшло свой працяг у мiжваенным часе. Новая (прынамсi нiколi за часам анексii ў такой ступенi не выяўляная) рыса, якая прыпiсвалася беларусам у II Рэчы Паспалiтай, – левая арыентацыя. На такое ўспрыманне беларусаў, найперш беларускай iнтэлiгенцыi, паўплывала партызанская барацьба ў 20-я г., падзеi канца 30-х г., актыўнасць беларускiх паслоў у польскiм Сойме, дзейнасць Грамады i КПЗБ, апазiцыйнасць беларускага сялянства. У гэтым бачыўся ўплыў Менску i Масквы. Такое ўспрыманне беларусаў вынiкае з напiсанага пазней Чэславам Мiлашам. Калi, – згадвае паэт, – польскiя чыноўнiкi на беларускiх землях “давалi дазвол на адкрыццё асобных школ, вынiкi аказвалiся, на iх погляд, найгоршыя. Сялянскi сын, развiваючы ў працэсе навучання сваю моцна ўкарэненую антыпатыю, дасягаў першай ступенi далучанасцi да цывiлiзацыi, значыць амаль заўсёды станавiўся камунiстам i дзейнiчаў на карысць “рэунiфiкацыi”, г.зн. адлучэння ад Польшчы яе ўсходнiх ваяводстваў”[40]. Белаpуская iнтэлiгенцыя – тады яшчэ адносна нешматлiкая – уяўлялася як асяpодак iдэалагiчных pадыкалаў, ваpожых польскай дзяpжаве, падлеглых уплыву савецкiх спецслужбаў. Частка з iх, тpапiўшы ў СССР яшчэ пеpад вайною, апынулася ў лагеpох або была pасстpаляная.

Цяпеp белаpусы ўспpымалiся не так аднабакова. Iх “камунiзаванасць”, часам выpазная апазiцыйнасць польскай дзяpжаве тлумачылася ваеннымi пеpатуpбацыямi, галечаю сяpод вяскоўцаў, атpыманым у спадчыну ад цаpызму нiзкiм узpоўнем адукацыi. Hа пpацягу ўсяго мiжваеннага пеpыяду белаpус хаpактаpызаваўся адначасова i пазiтыўна, i негатыўна. Лiчылася, што ён рахманы, не схiльны да канфлiкту, цiхi, цярплiвы, гатовы прыстасоўвацца, павольны, але працавiты. Разам з тым, перад II сусветнай вайной былi напiсаныя наступныя радкi: “Гэты кансерватызм, гэтая недаверлiвасць, непрыняцце нiякiх навiнак цывiлiзацыi – тыповыя для свядомасцi тутэйшага селянiна”[41]. Хоць беларусаў не заўсёды атаесамлялi з палешукамi, экзотыка палескага жыхарства выразна ўплы-вала на партрэт беларусаў у цэлым. Гэта пераважна пра палешукоў (хоць i не толькi пра iх) пiсалi, што яны прымiтыўныя, хiтрыя, панурыя, вываротлiвыя, падазроныя, скрытныя, упартыя, маўклiвыя, зацятыя, помслiвыя, анархiчныя. Часам падкрэслiвалася таксама, што яны яшчэ больш за беларусаў iнэртныя i цёмныя. Былi i нараканнi на лянотнасць тутэйшага насельнiцтва, п’янства. Такiм чынам, яму прыпiсвалiся ўзаемавыключныя рысы. Аднак, падводзячы рысу, трэба сказаць, што стаўленне палякаў да беларускага народу не было адмоўным. Прынамсi, яно было значна лепшае, чым стаўленне польскай элiты да беларускай iнтэлiгенцыi. Польскiя ж сяляне дык i наогул мелi добрыя адносiны са сваiмi беларускiмi суседзямi. Землеўладальнiкi, а таксама прадстаўнiкi польскай iнтэлiгенцыi i нават чынавенства нярэдка спрабавалi апраўдваць мясцовых сялянаў, адзначаючы вонкавую, гiстарычную абумоўленасць поглядаў апошнiх. Часта гаварылася, што Польшча павiнна выканаць сваю цывiлiзацыйную мiсiю на ўсходзе. Праваднiкамi цывiлiзацыi мусiлi стаць шляхоцкiя двары, а таксама дзяржаўная адмiнiстрацыя. Тое, якiмi беларусы паўставалi ў вачах палякаў (асаблiва польскай уладнай элiты), залежала ў значнай ступенi ад iх стаўлення да польскай дзяржавы[42]. А яно не заўсёды задавальняла польскiя ўлады.

У адрозненне ад немцаў, летувiсаў, габрэяў i нават украi-нцаў (найперш у былой Галiцыi), беларусы ў мiжваенны час не ўспрымалiся ў сваёй масе як нацыя. У першыя гады iснавання польскай дзяржавы К.Скароўскi пiсаў: “Пазiтыўнай нацыянальнай самасвядомасцi беларусы маюць мала”[43] (Галасы пярэчання раздавалiся рэдка[44].) Пад канец згаданага перыяду Тадэуш Лапалеўскi сцвярджаў: “Замест пачуцця нацыянальнай прыналежнасцi мы назiраем тут хутчэй свядомасць прыналежнасцi тэрытарыяльнай”[45]. Гаварылася часам i пра штучнасць беларускага нацыянальнага руху, аднак нязменна адзначалася яго слабасць. У сiтуацыi, пры якой, на думку царскай адмiнiстрацыi, непасрэдна ўплываць на праваслаўных беларусаў з боку ўсходняга суседа было складана, слабей чым калi экспанаваўся рэлiгiйны падзел мясцовага насельнiцтва на каталiкоў i праваслаўных, а таксама пагроза схiлення апошнiх да расейскасцi. Праўда, зрэдку чулiся галасы, што пад знешняй формай беларускасцi можа хавацца набытая некалi расейскасць. Блiзкасць беларускамоўнага селянiна бачылася мясцовым палякам слабей, чым у ХIХ ст. з прычыны вельмi выразнай ужо эвалюцыi паняцця “польскi народ” ад яго палiтычнага зместу (надэтнiчнасць, шматкультурнасць) да этнiчна-моўнага. Яно мела крыху iншы змест i грамадскi кантэкст. Як з польскага боку, так i – яшчэ часцей – з беларускага (сярод iнтэлiгенцыi) былi ўжо людзi, якiя канстатавалi адрознасць двух народаў, культур (мелася на ўвазе праваслаўе), моў.

Вобраз беларусаў ствараў для грамадскасцi польскi шляхоцкi двор, мясцовая лiтаратурная iнтэлiгенцыя, палiтычная элiта. Яго шырыла прэса i мастацкая лiтаратура. Беларусы вачыма iх суседзяў, польскiх сялянаў, бачылiся трохi iнакш, чым вачыма iнтэлiгенцыi – менш iдэалагiзаванымi i палiтызаванымi. Але ж, як заўважае Ежы Тамашэўскi, “вялiкая частка польскага грамадства нiчога не ведала пра беларусаў i думала, што “крэсовую” вёску насяляюць палякi, прынамсi этнiчна польскае насельнiцтва, якое, аднак, з прычыны захопу расейцамi падлегла чужым уплывам i страцiла нацыянальную свядомасць. У блiзкiх да ўладаў колах дамiнавала перакананне, што ў Польшчы беларускага пытання няма”[46]. Польскае сялянства, малаадукаваныя слаi польскага грамадства, што жылi па-за Беларуссю, былi ўвогуле незнаёмыя з праблемаю. Беларусы ўяўлялiся ў катэгорыях iншасцi рэгiянальнай, культурнай (этнаграфiчнай), часам моўнай (дакладней дыялектнай), найперш праз вобраз экзатычнага Палесся, але рэдка як народ, адрозны з пункту гледжання нацыянальнага.

Пра беларусаў у БССР польскае грамадства мiжваеннага часу ведала значна менш. Савецкая Беларусь успрымалася як край, падпарадкаваны Маскве, камунiстычны – значыць, варожы, якi пачаткова развiваў беларускасць, аднак пазней вынiшчыў сваю палiтычную элiту, злiквiдаваў прыватную ўласнасць на зямлю, выказаўшыся за калгасы (якiмi страшылi лю-дзей у Польшчы). Адною з крынiцаў iнфармацыi сталi сенсацыйныя апавяданнi кантрабандыстаў.

* * *

У вынiку бальшавiцкай рэвалюцыi i ўзнiкнення Савецкай Беларусi быў знiшчаны клас землеўладальнiкаў, тэрыторыю БССР пакiнула значная колькасць iнтэлiгенцыi, ваенныя ўцекачы, тыя, хто прыехаў сюды адносна нядаўна на заробкi i не паспеў яшчэ замацавацца, а таксама заможныя людзi, якiя мелi што губляць у Краiне Саветаў, ды яшчэ тыя групы, што адчувалi моцную сувязь з этнiчнаю Польшчаю. Засталося, у першую чаргу, вясковае жыхарства, сяляне, досыць шматлiкая дробная шляхта, а ў гарадах – рабочыя. З’явiлася невялiкая, але вельмi актыўная група польскiх камунiстычных дзеячоў – выхадцаў як з земляў новапаўсталай польскай дзяржавы, так i з розных рэгiёнаў СССР. На думку Мiколы Iванова, “амаль усё польскае насельнiцтва “крэсаў” ставiлася абыякава, а часам нават варожа i да савецкае ўлады, i да польскае аўтаномii на тэрыторыi СССР”[47]. Польская грамадскасць, асаблiва вясковая, больш кансерватыўная, заставалася ў палоне катэгорыяў мыслення, вынесеных з царскай Расеi: любая няпольская улада – антыпольская. Новая ўлада аслабляла такiя погляды: нейкi час вельмi энергiчна развiвалася школьнiцтва, культурнiцкiя арганiзацыi i ўстановы самакiравання, быў нават створаны польскi аўтаномны раён, т.зв. Дзяржыншчына (1932-1936). Гэтыя захады скiроўвалiся на хутчэйшую саветызацыю польскага насельнiцтва, на стварэнне ўзору i крынiцы кадраў для будучай сацыялiстычнай Польшчы. Выдавалася шматлiкая польская перыёдыка, кнiгi[48]. Палякi мелi з гэтага пэўную карысць, тым не менш савецкая польскасць, поўная камунiстычнай фразеалогii, заставалася часта чужою для iх. Затое яна была блiзкаю палякам-камунiстам, колькасць якiх у дзяржаўным i партыйным кiраўнiцтве была непрапарцыйна вялiкая (хоць гэтак жа непрапарцыйна малая на нiжэйшых узроўнях улады)[49].

Варожае стаўленне да фармальна беларускiх уладаў узмацнялася iх адназначна антыкаталiцкаю палiтыкай, правя-дзеннем калектывiзацыi, рэпрэсiямi другой паловы 30-ых г. (асаблiва з 1938 г.). Часам даходзiла да канфлiктаў з лакальнымi беларускiмi групамi (у тым лiку i з уладамi) на фоне раздзелу панскiх земляў. Да прыкладу, можна прывесцi спрэчку памiж дзвюма вёскамi на Вiцебшчыне – польскаю (Мяжонкi), населенай шляхтаю, i беларускаю, сялянскаю (Дулебы). “Сяляне, – паведамлялася ў рапарце камiсii, створанай тагачаснымi ўладамi, – глядзяць на мяжонкаўцаў як на паноў, а тыя лiчаць iх п’янюгамi, якiм няможна даваць новай зямлi”[50]. Надалей захоўвалiся даўнiя стэрэатыпы, у якiх паляк часта атаесамляўся з панам, шляхцiчам, а палякi глядзелi на беларуса як на простага селянiна. Захавалiся такiя погляды найперш на вёсцы, хоць не было ўжо польскiх землеўладальнiкаў (“паноў”), багатых магнатаў, грашавiтых фабрыкантаў, значна менш засталося iнтэлiгенцыi, а беларусы – асаблiва ў перыяд т.зв. беларусiзацыi (20-ыя г.) – складалi выразную большасць на ўсiх узроўнях кiравання.

Адносiны “улада-грамадства” не былi такiя празрыстыя з пункту гледжання нацыянальнага, як у царскай Расеi. У адрозненне ад iмперыi Раманавых, якая ў сваёй палiтыцы вiдавочна кiравалася нацыянальнай iдэалогiяй (што выяўлялася ў дзеяннях чынавенства), новыя ўлады звыш меры ў сваёй iдэалогii i дзейнасцi эксплуатавалi класавыя лозунгi. Таму i стэрэа-тып беларуса фармаваўся ў вачах мясцовых палякаў у невялiкай ступенi пад уплывам рэпрэсiяў, якiя ажыццяўлялiся мясцовымi ўладамi. Хоць, трэба адзначыць, гэтыя рэпрэсii часта былi непараўнальна больш адчувальныя за тыя, з якiмi сутыкалiся палякi з боку царызму. Улада была нацыянальна расплывiстая, неакрэсленая. Фармальна беларуская, яна падпарадкоўвалася Маскве. Пасля згортвання беларусiзацыi яе праваднiкi зноў вярталiся да расейскай мовы. Сярод iх можна было бачыць расейцаў, габрэяў, а таксама палякаў i прадстаўнiкоў iншых нацыяў. Тады аказалася, што побач жыве беларускi народ, на долю якога выпадала часам не менш, чым на долю палякаў. Стаўленне да ўлады было негатыўнае. Паступова яе пачалi баяцца больш як царскую. Беларусы ў рэпрэсiях выступалi i як суб’ект, i аб’ект, аднак у вачах палякаў яны рэ-прэзентавалi хутчэй уладу, чым народ.

У мiжваенны перыяд у БССР паступова змянялiся i слаблi, не знiкаючы канчаткова, даўнiя польска-беларускiя стэрэатыпы. Беларус уяўляўся суседам-селянiнам з тымi ж рысамi, якiя прыпiсвалiся яму раней (яны заставалiся актуальнымi ў свядомасцi палякаў II Рэчы Паспалiтай), а таксама камунiстам, дзяржаўна-партыйным функцыянерам, апаратчыкам, найчасцей выхадцам з нiзоў, захопленым палiтычнаю вiхураю; яго варта было асцерагацца. Па польскi бок мяжы, дзе беларуская iнтэлiгенцыя была вельмi малалiкая, беларус бачыўся найперш у аблiччы селянiна. Моцна адчувалася яго грамадская i культурная падпарадкаванасць польскасцi (гэты погляд здавён iснаваў у свядомасцi палякаў). Патэрналiсцкае стаўленне да беларускага вяскоўца дадавала яму лагоднасцi. Рамантычнае ўспрыманне “крэсаў” як польскага раю ўжо засталося ў мiнулым.

2. Палякi ў вачах беларусаў

Бальшавiцкая рэвалюцыя стварыла беларускiм сялянам умовы выяўлення моцнай, абумоўленай, праўда, не нацыянальнымi, а класавымi фактарамi, непрыязнасцi да мясцовых абшарнiкаў, паноў – часта палякаў. Наступствы гэтага былi таксама вiдавочныя ў адроджанай Рэчы Паспалiтай. Беларускiя сяляне ўспрымалi палякаў праз штодзённы iндывiдуальны досвед, у класавых катэгорыях, а пасля аднаўлення Рэчы Паспалiтай – праз стасункi “улада-падуладны”, а гэтыя апошнiя былi для сялянаў дастаткова балючыя. У вачах беларускага сялянства польскасць увасаблялася хутчэй у постацi абшарнiка, палiцыянта, гарадскога iнтэлiгента, чым у аблiччы “мазурскага” суседа-селянiна. Надалей важным заставаўся канфесiйны фактар. Да ўзнiкнення II Рэчы Паспалiтай польскасць не лучылася з дзяржаваю (як тое было ў выпадку з расейскасцю).

Гаворачы пра часы адразу пасля I сусветнай вайны, Збiгнеў Запароўскi пiша пра iрацыянальны страх “беларускага насельнiцтва перад Польшчаю, перад быццам бы вяртаннем паншчыны; перад стратаю прывiлеяванага датуль становiшча праваслаўя. Гэтыя настроi актыўна падагравалiся антыпольскаю прапагандаю, якая чулася з розных бакоў. Яна знаходзiла водгук сярод праваслаўных, якiя на працягу жыцця некалькiх пакаленняў знаходзiлася ў сферы ўплыву расейскiх iнстытуцый: адмiнiстрацыi, царквы, школы, войска, якiя заўзята шырылi манархiчны культ у Вялiкарасеi. Даваеннае жыццё здавалася iм бяспечным i сытым”[51]. Непрыязнасць беларусаў да польскiх уладаў выклiкала ажыццяўленне прынятай Соймам напрыканцы 1920 г. пастановы пра вайсковае i цывiльнае асаднiцтва на ўсходнiх землях Рэчы Паспалiтае.

Частка беларускай iнтэлiгенцыi, ашуканая польскiмi ўладамi (у тым лiку Пiлсудскiм) пад час усталявання новага палiтычнага ладу ў гэтым еўрапейскiм рэгiёне – мiзэрнасцю ўступак на карысць беларусаў (адсутнасцю аўтаномii), -адкрыта казала пра палiтычную апазiцыю Беларусi[52]. Праваслаўнае святарства, пазбаўленае ранейшай падтрымкi адмiнiстрацыi (расейскай), ускладала вiну за пагаршэнне свайго эканамiчнага становiшча на польскiя ўлады, уплываючы такiм чынам на настроi насельнiцтва i яго негатыўнае стаўленне да польскай дзяржавы. Усведамленне культурнай, рэлiгiйнай (рэдка нацыянальнай) iншасцi ў польска-беларускiх дачыненнях, вiдавочнае ў праваслаўнай супольнасцi, захоўвалася на працягу ўсяго iснавання II Рэчы Паспалiтае.

На стаўленне беларускага селянiна да ўлады наогул, у тым лiку да польскай, паўплываў ягоны досвед, вынесены з I су-светнай вайны, з бальшавiцкай рэвалюцыi, з пазнейшых вой-наў. Слабасць чарговай ўлады, якая хутка пераходзiла з рук у рукi, спрыяла падзенню яе аўтарытэту[53]. Часта (гэта не значыць заўсёды) беларускi селянiн варожа ставiўся да польскае адмiнiстрацыi. Антыпатыя гэтая, досыць адчувальная ў 20-ыя г., становiцца крыху менш заўважная цягам наступнага дзесяцiгоддзя, у немалой ступенi пад уплывам вестак, што даходзiлi тады з БССР. Тым не менш, – як пiша Ф.Селiцкi, – шмат у якiх “рускiх” (г.зн. праваслаўных) вёсках бальшавiкоў чакалi аж да 1939 году. Жыхары Крупнiкаў “цярплiва чакалi “бальшавiкоў”, пачынаючы з 1921 г., калi тут умацавалася польская ўлада. Кожную восень яны старалiся чым раней сеяць жыта, верачы, што менавiта ранняй восенню прыйдуць бальшавiкi. Iх ня-прыязь да “польскага права” выяўлялася, мiж iншым, у тым, што яны выязджалi ў поле 3 траўня i 11 лiстапада (даты дзяржаўных святаў – Дня Канстытуцыi i Свята Незалежнасцi – перакл.), не хочучы святкаваць, хоць гэта пагражала палiцэйскай карай”[54].

На стаўленне беларусаў да польскай дзяржавы ўплывала таксама iх веданне пра павышэнне статусу беларускай мовы ў БССР, пра ўжыванне яе ў дзяржаўных установах, у сiстэме адукацыi, што выгодна адрознiвала Савецкую Беларусь ад яе заходняга суседа. Пра дыскрымiнацыю беларушчыны ў Польшчы пiсаў ужо ў 1920 г. А.Луцкевiч[55]. Праз восем гадоў дзеяч беларускай хрысцiянскай дэмакратыi кс.Адам Станкевiч, апiсваючы адносiны да беларускае мовы, адзначаў “факт дзяржаў-най неталерантнасцi да нашага народу”[56]. Газета “Biełaruskaja Krynica” (10.08.1933), выказваючы шкадаванне з прычыны закрыцця беларускiх школ, пiсала: “У культурна-асветнай сферы праводзiцца сiстэматычная паланiзацыя маладога пакалення беларусаў”[57].

Асаблiва беларуская iнтэлiгенцыя была чуйнаю да дыскрымiнацыi беларускай мовы i школьнiцтва, палiтычнай свабоды, а найбольш – абмежавання культурных, нацыянальных (а не толькi класавых) памкненняў беларусаў. Польскiм палiтыкам закiдалi, што яны выкарысталi наiўнасць беларусаў у момант стварэння II Рэчы Паспалiтай. Не былi выкананыя ранейшыя абяцаннi, дадзеныя ў той час беларусам. Гэтак фармаваўся сярод беларускай элiты стэрэатып хiтрага паляка, здраднiка, спрытнюгi, неталерантнага пыхлiўца. Ён датычыў найперш польскай палiтычнай элiты, адмiнiстрацыi. Выказвалiся i абвiнавачаннi ў адрас польскае iнтэлiгенцыi, што здра-дзiла свайму этасу: не падтрымала беларусаў у iх iмкненнi да развiцця ўласнай нацыянальнасцi, а таксама класавай незалежнасцi. Бранiслаў Тарашкевiч закiдаў польскiм iнтэлiгентам бяздзеянне, завяршаючы артыкул у перыёдыку “Przeglad Wilenski”: “Вы хочаце магутнае Польшчы, а з сяброў робiце ворагаў, вымагаеце грамадзянскай ахвярнасцi, а абуджаеце толькi азлобленасць i няпрыязь. Каб вам горка не пашкадаваць пра гэта ў часiну выпрабаванняў”[58].

Стэрэатып паляка – палiтыка, абшарнiка, прадстаўнiка адмiнiстрацыi, палiцыянта – часта быў афарбаваны яркiмi эмоцыямi, аднак ён не вычэрпваў для беларускага iнтэлiгента бачання польскасцi ў яе цэласцi. Часткова польскасць успрымалася (па-за сфераю дзяржаўнай ўлады) гэтаксама, як i ў даваенны час. Мiжваеннае дваццацiгоддзе было занадта кароткiм прамежкам часу, каб ранейшыя стэрэатыпы змянiлiся карэнным чынам. Палякаў лiчылi людзьмi, мацней звязанымi з Захадам, чым расейцы: яны змагаюцца за сваю свабоду, хоць ужо не заўсёды даюць яе iншым, яны больш актыўныя за беларусаў, нацыянальна скансалiдаваныя, патрыёты, нават нацыяналiсты. У польскай культуры адзначалася рамантычная традыцыя, а яе “панскасць” успрымалася вельмi амбiвалентна. Тыповы беларускi iнтэлiгент усё часцей выхоўваўся ў польскай культуры, нярэдка прывабнай для яго. Яна не была яму чужой – гэта была ягоная культура, хоць не ў нацыянальным сэнсе. Таму ён не ставiўся варожа да блiзкiх яму вартасцяў, якiя яна ўключала, таксама i да польскага народу. Гэтая блiзкасць часам ускладняла яму стэрэатыпiзацыю польскасцi па-за сфераю канфрантацыi з ёю.

Сяляне часта адмоўна ацэньвалi польскага чыноўнiка, палiцыянта, але значна лепш сваiх суседзяў – польскiх сялянаў. Польскай уладзе яны закiдалi пыхлiвасць, фанабэрыю, бязлiтаснасць. Але так было не заўсёды. Польскае войска нярэдка здавалася прывабным для беларускага рэкрута. Узаемiны з абшарнiкам часта былi карэктныя, або нават i добрыя. Польская “панскасць” таксама бывала прыцягальнаю, асаблiва калi яна стварала магчымасць кар’еры.

Пасля I сусветнай вайны БССР была для беларусаў Польшчы сталым, станоўчым, iдэалагiзаваным узорам, з часам усё менш адпаведным сапраўднасцi. З ёю супастаўлялi рэальную Польшчу, якая часта разглядалася праз прызму класавай i нацыянальнай несправядлiвасцi. Умроеная, высненая Савецкая Беларусь увайшла ў вострую канфрантацыю з рэчаiснасцю пасля 17 верасня 1939 г.

* * *

У БССР – дзяржаве, якая на кожным кроку абвяшчала класавыя лозунгi, пашырала сацыялiстычныя iдэi, – польскасць асацыявалася ў беларусаў з “панскасцю”, з класавай эксплуатацыяй абшарнiкамi i буржуазiяй, з варожасцю да суседняй капiталiстычнай дзяржавы, з нацыянальнай нетале-рант–насцю, з захопамi. Гэтая афiцыйна абвяшчaная пазiцыя мусiла хоць часткова экстрапалявацца на палякаў Савецкай Беларусi. А яны ж павiнны былi стаць узорам для будучай польскай сацыялiстычнай дзяржавы, таму гэтае негатыўнае бачанне польскасцi спрабавалi мадыфiкаваць, не стасуючы яго да мясцовых палякаў. Гэта адпавядала палiтыцы падтрымкi нацыянальных меншасцяў, якая праводзiлася ў БССР у 20-ыя г. Рэзалюцыя ЦК КП(б)Б ад 25-29.01.1925 г., прысвечаная нацыянальнаму пытанню, звяртала ўвагу на неабходнасць право-дзiць сярод беларускiх сялянаў сталую растлумачальную працу, накiраваную “супраць перажыткаў нiчым не абгрунтаванага стаў-лення да польскiх сялянаў як да ворагаў працоўных масаў i савецкай улады, што было абумоўлена ранейшай наяўнасцю на Беларусi развiтага абшарнiцкага землеўладання i татальным падо-зраннем, што польскае насельнiцтва хiлiцца да буржуазнай Польшчы”[59]. У адрозненне ад польскiх капiталiстаў, абшарнiкаў, уладных вярхоў II Рэчы Паспалiтай, польскi народ па абодва бакi мяжы мусiў быць блiзкiм да народу беларускага, мусiў быць ягоным класавым саюзнiкам.

Пасля травеньскага перавароту, якi адбыўся ў Польшчы ў 1926 г., у СССР атрымаў распаўсюджанне стэрэатып “фашысцкай Польшчы”. Ён замацаваўся ў свядомасцi беларусаў на доўгiя дзесяцiгоддзi. Прапагандавалася афiцыйнае ўяўленне пра “панскую Польшчу” i яе кiраўнiцтва – “белапалякаў”. Палякi на ўсходзе на працягу цэлых пакаленняў успрымалiся – пад уплывам расейскай прапаганды – як паўстанцы, бунтаў-шчыкi. Такая характарыстыка ў дэспатычнай дзяржаве акцэптавалася выключна негатыўна. Даследуючы беларускую прэсу БССР i Заходняй Беларусi другой паловы 20-ых г., Андрэй Кротаў знаходзiць там “вобраз Польшчы – варожай дзяржавы, што канае ў перадсмяротных канвульсiях, i вобраз польскага народу, атручанага шавiнiзмам, вялiкадзяржаўнасцю i нянавiсцю да не-палякаў”[60]. У другой палове 30-ых г., пасля няўдачы ў справе пабудовы “польскага сацыялiстычнага грамадства” ў СССР, у сiтуацыi пагаршэння мiждзяржаўных польска-савецкiх дачыненняў i ўзмацнення сталiнскiх рэпрэсiяў, савецкiя ўлады прыйшлi да высновы, што злучэнне польскасцi з iдэяй камунiзму – задача незвычайна цяжкая. Афiцыйная iдэалогiя была прасякнутая антыпольскасцю. Польскае сялянства iнтэрпрэтавалася як апiрышча рэакцыi i клерыкалiзму. Палякi на колiшнiх усходнiх землях былой Рэчы Паспалiтай залiчалiся да т.зв. “няпэўнага элементу”. “Да кампанii ўкаранення ў свядомасць абывацеля савецкага стэрэатыпу “паляка – ворага народнай улады”, “паляка-сабатажнiка”, “паляка-шкоднiка”, “паляка – фашысцкага шпiёна” – актыўна далучылiся друк, тэатр, кiно, мастацкая лiтаратура”[61].

У 30-ыя г. у беларускай гiстарыяграфii ўмацавалася “мадэрнiзаваная вялiкаруская канцэпцыя, злучаная з бальшавiцкiмi догмамi”[62]. Праз прызму гэтай канцэпцыi аўтары гiстарычных, iдэалагiчна-прапагандысцкiх працаў, школьных падручнiкаў глядзелi не толькi на самую гiсторыю Беларусi, але i на ролю палякаў у ёй. У афiцыйнай сферы польскасць успрымалася негатыўна. Масква пашырала расейска-савецкiя, нацыянальна-класавыя стэрэатыпы паляка. Хоць гэта не значыць, што яны дамiнавалi сярод беларускага народу, хоць iх iснаванне станавiлася ўсё больш заўважным на фоне ранейшых уяўленняў (яны часта iснуюць на працягу пакаленняў), паступова слабеўшых. Беларусь стала закрытаю для свету, ў тым лiку для найблiжэйшага, заходняга, на iншых пачала пазiраць чужымi, расейскiмi вачыма.

Пераклаў Змiцер Саўка


[1] Найбольш грунтоўна ў польскiм пiсьменстве праблема польскага бачання беларусаў у перыяд пасля падзелу Рэчы Паспалiтай разглядаец-ца ў: J.Jurkiewicz. Nasze widzenie Białorusinów w XX w. (do 1939 r.) // Dzieje najnowsze. 1995.2.
[2] В.К.Бандарчык, П.У.Церашковiч. Фармiраванне i развiццё беларускай нацыi // Этнаграфiя беларусаў. Гiстарыяграфiя, этнагенез, этнiчная гiсторыя. Мiнск, 1985. С.150.
[3] M.Czarnowska. Zabytki mitologii słowiańskiej w zwyczajach wiejskiego ludu na Białej Rusi dochowywane // Dziennik Wileński. T.VI. 1817. Lipiec-grudzień. S.397.
[4] Хоць у той жа час расiянiн I.Папоў пiсаў: “Беларус не зведаў татарскай няволi, таму застаўся адносна дабрадушны i лагодны, гэта прывяло таксама i да захавання большай патрыярхальнасцi ў дачыненнях” (И.Попов. Бeлоруссiя и белоруссы. Москва, 1903. С.21.)
[5] J.Czeczot. Piosenki wieśniacze z nad Niemna. Wilno, 1837. S.V.
[6] Тамсама. S.VIII.
[7] J.Buoński. Polski raj // Tygodnik Powszechny. 1987. №51-52.
[8] Цыт. пвд.: J.Kieniewicz. Dereszewicze. 1863. Wrocław, 1986. S.137.
[9] L.Wasilewski. Kresy wschodnie. Litwa i Białoruś-Podlasie i Chelmszczyzna-Galicja Wschodnia-Ukraina. Warszawa-Kraków, 1917. S.43.
[10] Korespondencja z Wilna // Dziennik Poznański. 1887. №187. Цыт. пвд.: O.Kolberg. Białoruś- Polesie//Dzieła wszystkie. T.52. Wrocław-Poznań, 1968. S.38.
[11] Gazeta Rolnicza. 1885.35 (list Ottona Missuny). Цыт. пвд.: O.Kolberg. S.64.
[12] E.Woyniłłowicz. Wspomnienia 1847-1928 / Oprac.J.Iwaszkiewicz. Cz.1. Wilno, 1931. S.210-211.
[13] J.Bardach. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań. 1988. S.262.
[14] J.Kieniewicz. Powstanie styczniowe. Warszawa, 1983. S.296.
[15] M.Czurak. Komizm w białoruskiej prozie ludowej. Wrocław, 1984. S.32-38.
[16] E.Jeleńska. Wieś Komarowicze w powiecie mozyrskim // Wisła (Warszawa). 1892. T.V. S.52.
[17] Цыт. пвд.: Ruch rewolucyjny na Litwie i Białorusi 1861-1862 r. Moskwa, 1864. S.38.
[18] J.Gieysztor. Pamiętniki z lat 1857-1865. T.1. Wilno, 1913. S.136.
[19] Наша Нiва. 1907. №5. С.6.
[20] M.Czurak… S.58.
[21] Тамсама. S.60.
[22] Тамсама. S.60, 61.
[23] П.Терешкович. Этнические стереотипы в традиционной ментальности белорусов (машынапiс). С.6.
[24] R.Radzik. Idea narodu białoruskiego w drukach narodników petersburskiego pisma “Гомон” // Slavia Orientalis. 1995. 3.
[25] Власт. Кароткая гiсторыя Беларусi з 40 рысункамi. Вiльня, 1910.
[26] Наша Нiва. 1907. №33. С.4-5 (артыкул да першых угодкаў газеты).
[27] Тамсама. 1908. №9. С.2.
[28] Тамсама. С.1.
[29] Тамсама. 1911. №31-32. С.390. Карэспандэнт “Нашай Нiвы” з Бабруйшчыны пiсаў у першым нумары газеты за 1907 г. (с.4): “Нам, праваслаўным, кажуць, што мы руские, значыць людзи иншые ад каталикоў; кажуць, што каталики – гэта ляхы. А па праўдзи, то гэта адно брэхня. Каталики – гэта такие самые людзи, як и правослаўные; яны гавараць па нашаму и жывуць так сама цяжка, як и мы, правослаўные. Мы ўсе – браты адной крыви и з адной зямли беларускай. Мы не руские и не паляки, а беларусы, и кожны гэта павинен памятаць”.
[30] Тамсама. 1911. №49. С.637.
[31] Тамсама. 1913. №48. С.1.
[32] Тамсама. 1910. №6. С.100 (допiс з Сакольскага павету на Беласточчыне).
[33] Тамсама. 1909. №12. С.179.
[34] Гэтая з’ява стала вiдавочнаю асаблiва ў Савецкай Беларусi (гл: M.Koszelew. Polacy w oczach Białorusinów: ewolucja poglądów // Dzieje Najnowsze. 1995.2).
[35] K.Moszyński. Stosunki narodowościowe w Wileńskiem // Myśl Polska. 1918. Z.1-2. S.25.
[36] J.Jurkiewicz. S.69.
[37] A.Kieniewicz. Nad Prypecią, dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / Przygotował do drurku S.Kieniewicz. Wrocław, 1986.S.457; A.Patek. Polacy na wschodzie w latach 1917-1922 (od przewrotu październikowego do proklamowania ZSRR) // Przegląd Polonijny. 1995. Z.2. S.16-17.
[38] J.Jurkiewicz. S.70.
[39] W.Wakar. Rozwój terytorialny narodowości polskiej. Cz.III. Statystyka narodowościowa kresów wschodnich. Kielce, 1917. S.11.
[40] Cz.Miłosz. Rodzinna Europa. Paryż, 1989. S.52.
[41] T.Łopalewski. Między Niemnem a Dźwiną. Ziemia wileńska i nowogródzka. Poznań (без года выдання). S.40.
[42] На гэта звяртае ўвагу J.Jurkiewicz. S.71.
[43] K.Srokowski. Sprawa narodowościowa na kresach wschodnich. Kraków, 1924. S.9.
[44] Polska-Białoruś, 1918-1945 / Red. W.Balcerak. Warszawa, 1994. S.81 (выказванне Л.Хaмiньскага).
[45] T.Łopalewski. Między Niemnem… S.34.
[46] Białorusini w oczach polaków. 1919-1939 // Literatura na świecie. 1991.8-9. S.237-238.
[47] M.Iwanow. Pierwszy naród ukarany. Polacy w Związku Radzieckim 1921-1939. Warszawa-Wrocław, 1991. S.159.
[48] K.Woźniakowski. Polskie środowisko literackie Białoruskiej SRR w latach 1919-1989 (dzieje-dorobek-perspektywy) // Przegląd Polonijny. 1990.3.
[49] M.Iwanow. S.85,158-159.
[50] Цыт. пвд.: M.Iwanow. S.331.
[51] Z.Zaporowski. Stosunki polityczno-społeczne na północno-wschodnich kresach drugiej Rzeczypospolitej 1918-1939 // Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej (Białoruś Zachodnia i Litwa Wschodnia) w latach 1939-1941 / Pod red. M.Giżejewskiej i T.Strzembosza. Warszawa, 1995. S.62.
[52] А.Луцкевiч. Польская акупацыя ў Беларусi. Вiльня, 1920.
[53] K.Srokowski… S.8.
[54] F.Sielicki. Region dołginowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszcźyenie. Kronika historyczna. Warszawa-Wrocław, 1989. S.161.
[55] А.Луцкевiч. C.15.
[56] Ks.A.Stankiewič. Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929. S.139.
[57] Цыт. пвд.: W.Paprocka. Ludność białoruska a polska polityka mniejszościowa w okresie międzywojennym // Etnografia polska. 1995. 1-2. S.24.
[58] Białorusin. Nie tędy droga // Przegląd Wileński.3. 10.02.1924. Цыт. пвд.: A.Bergman. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977. S.92-93.
[59] Цыт. пвд.: M.Koszelew… S.88.
[60] A.Krotau. Obraz polaków w prasie białoruskiej lat dwudziestych // Sprawy Narodowościowe – Seria Nowa. 1996.1. S.194.
[61] M.Iwanow… S.358.
[62] М.Бiч. Аб нацыянальнай канцэпцыi гiсторыi i гiстарычнай адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь // Беларускi гiстарычны часопiс. 1993. №1. С.15.

Наверх

Кiрыл Маль. Вайна 1920 г. i Беларусь: вызваленне цi акупацыя?

27 снежня, 1997 |


Савецка-польская вайна 1920 г. была адной з самых значных i драматычных старонак нашай гiсторыi XX стагоддзя. Падзеi 1920 г., як сцвярджаў вядомы польскi пiсьменнiк i публiцыст Збiгнеў Залускi, “… стварылi новае матэрыяльнае становiшча, новую рэальнасць быцця Расii, Беларусi i Украiны, а ў пэўнай ступенi i Польшчы”[1]. Не выпадкова савецка-польская вайна заўсёды выклiкала цiкавасць як айчынных, так i замежных даследчыкаў. Аднак сярод значнай колькасцi гiстарычных прац няма амаль нiводнай, прысвечанай месцу Беларусi ў савецка-польскiм канфлiкце, уплыву падзей 1920 г. на ейны лёс. Савецкая гiстарыяграфiя заўсёды лiчыла паход Чырвонай Армii вызваленнем беларускага i ўкраiнскага народаў з-пад польскай акупацыi. Цi гэта на самой справе было так?

Увесну 1920 г. грамадзянская вайна, што ахапiла велiзарныя абшары былой Расiйскай iмперыi, у еўрапейскай часцы Расii ў асноўным завяршылася. Часткi барона Ўрангеля, заблакаваныя ў Крыме, не ўяўлялi сур’ёзнай пагрозы бальшавiцкаму рэжыму. Гэтая адносная, хоць i не канчатковая, стабiлiзацыя ўнутранага становiшча дала магчымасць бальшавiкам звярнуцца да Еўропы i зноў вярнуцца да паўсталага яшчэ пад час нямецкай рэвалюцыi праекту сусветнай класавай вайны супраць iмперыялiзму. Польшча, якая, па словах Сталiна, была “контрреволюционным барьером между революционным Западом и социалистической Россией”, стала ворагам нумар 1 для РСФСР, i менавiта праз яе “труп” праходзiў шлях Чырвонай Армii, якая несла на сваiх штыках “мiр” i “шчасце” ўсiм народам Еўропы.

Цi iмкненне “ашчаслiвiць” увесь свет было такiм наiўна шчырым, цi за iм, як за шырмай, хавалiся iншыя, больш прагматычныя планы? Як нi дзiўна, адказ на гэтае пытанне можна знайсцi ў працах У.Ленiна, дзе той кранае падзеi Французскай рэвалюцыi. Правадыр расiйскага пралетарыяту пiсаў, што “из национальных французских войн получились империалистические, породившие в свою очередь национально-освободительные войны против Наполеона”[2]. Прыкладна тую ж эвалюцыю мы можам заўважыць i ў знешняй палiтыцы Савецкай Расii. Нават калi дапусцiць, што бальшавiцкiя лiдары iмкнулiся папросту пашырыць сацыялiстычныя заваёвы на ўсю Еўропу, нельга не прызнаць, што аб’ектыўна яны стваралi падставы для таталiтарнай iмперскай сiстэмы. Хацелi таго цi не, а “война за независимость России, за её союз с социалистической Польшей и с пролетариями Европы и всего мира”[3] была пачаткам iмперскай экспансii Расii на Захад, гэтаксама, як калiсцi пачаткам iмперскай экспансii стаў паход у Iталiю тады яшчэ рэвалюцыйнага генерала Напалеона Банапарта.

Мiжнародная сiтуацыя для бальшавiкоў, аднак, была не такая спрыяльная, як для французскiх “краманьёлаў”, якiм супрацьстаялi старыя, струхлелыя еўрапейскiя манархii. Сусветная сацыялiстычная рэвалюцыя не карысталася такой папулярнасцю, як iдэi свабоды, роўнасцi i братэрства. У вынiку прамыслова адсталая Расiя апынулася перад развiтай, моцнай Еўропай, i яе ўшчэнт разграмiлi ў першай жа бiтве. Час рэваншу надышоў значна пазней, калi праведзеная праз сталiнскую iндустрыялiзацыю i рэпрэсii Расiя была ператворана ў моцную, добра ўзброеную таталiтарную iмперыю – СССР.

У тых грандыёзных планах “вызваленне” Беларусi не было нi галоўнай, нi нават другараднай мэтай. БССР, створаная бальшавiкамi ў 1919 г., а потым iмi ж разбураная i адноўленая ў лiпенi 1920 г., пад час наступу Чырвонай Армii, аўтаматычна ўваходзiла ў будучую сацыялiстычную Еўропу. А пакуль гэтая новая Еўропа яшчэ не стварылася, бальшавiкi планавалi скарыстаць Беларусь у сваiх ваенна-стратэгiчных мэтах.

Перш за ўсё чырвоныя камандзiры разглядалi Беларусь як плацдарм аперацыяў супраць Польшчы, з якога было зручна весцi далейшае наступленне на Варшаву. Па планах бальшавiцкага камандавання, беларускiя землi мусiлi стаць галоўным тэатрам баявых дзеянняў, бо геаграфiчныя i палiтычныя ўмовы тут былi самыя спрыяльныя для шырокамаштабнага наступу[4]. Праўда, пэўны клопат спачатку выклiкала пазiцыя Лiтвы, якая магла пагражаць праваму флангу наступаючых армiй, але бальшавiкi вырашылi i гэтую праблему, “купiўшы” нейтралiтэт Лiтоўскай дзяржавы часткаю беларускiх земляў. Згодна з умовамi мiрнай дамовы, падпiсанай памiж Савецкай Расiяй i Лiтвой, да апошняй адыходзiла практычна ўся паўночна-заходняя частка сённяшняй Беларусi са Смаргонню, Ашмянамi, Лiдай i Горадняй. Больш за тое, бальшавiкi абавязалiся выплацiць Лiтве 3 мiльёны рублёў золатам[5].

Апрача гэтага, бальшавiкi глядзелi на Беларусь як на дэмаграфiчную базу для папаўнення сваiх армiяў мясцовым насельнiцтвам. Такая iдэя належала камандуючаму Заходнiм фронтам Мiхаiлу Тухачэўскаму,[6] якi паспрабаваў ажыццявiць яе яшчэ ў траўнi 1920 г., калi рыхтаваў другое наступленне сваiх армiй. Аднак нi мясцовыя жыхары прызыўнога ўзросту, нi дэзерцiры, што хавалiся па вёсках, не спяшалiся iсцi на фронт ваяваць за справу, якую не разумелi i не падтрымлiвалi. Таму камандаванне Заходнiм фронтам пайшло на жорсткiя меры. У месцах, дзе праходзiў набор папаўнення, з 15 траўня да 1 чэрвеня праводзiлася так званая кампанiя па барацьбе з дэзерцiрствам, якая, па сутнасцi, была адным з актаў бальшавiцкага тэрору i рабавання насельнiцтва. Спецыяльныя часовыя надзвычайныя камiсii пры дапамозе асобных узброеных аддзелаў, у кожным з якiх было па 300 штыкоў i 50 шабляў, ладзiлi сапраўднае паляванне, што ахапiла Смаленскую, Гомельскую i часткова Вiцебскую губернi. Вобласць, у якой адбывалася аперацыя, абвяшчалася на ваенным становiшчы, i ўзброеныя групы праводзiлi аблавы. Тых, хто адмаўляўся iсцi на фронт, расстрэльвалi без усялякай лiтасцi. У iншых канфiскоўвалi маёмасць i прымушалi iсцi ў армiю[7]. Маёмасць забiралi i ў тых, хто хаваў у сябе дэзерцiраў. Так, у Гомелi па загаду Л.Троцкага ў сем’ях так званых укрывальнiкаў адбiралi коней, жывёлу i асабiстую маёмасць – нават “независимо от предания трибуналу”[8].

Гэта быў толькi пачатак рабавання Беларусi, якое дасягнула апагею пад час наступу Заходняга фронту. Бальшавiкi разглядалi i без гэтага спустошаныя беларускiя землi як базу харчавання i задавальнення iншых патрэбаў армii. Як пiсаў потым камандуючы 4-й армiяй Е.Сяргееў, франтавыя тылы былi настолькi невялiкiя, “что любые их переброски не особенно стесняли войска, возложившие все свои упования почти исключительно на местные средства”[9]. Зборам харчавання для Чырвонай Армii займалiся спецыяльныя ограны – апрадкомы. Звычайна яны патрабавалi ад той цi iншай воласцi выканання пэўных нормаў па пастаўцы хлеба, якi рэквiзаваўся для армii. Тэрмiны выканання такiх нормаў былi вельмi жорскiя, i калi вёска цi воласць спазнялiся, апрадкомы рэквiзавалi ўсе “100 % без учёта каких-либо остатков по нормам; в случае же сознательного скрытия излишков нарядку с продуктами конфискуется весь скот и лошади”[10].

Аднак, нават калi мясцовыя жыхары i выконвалi нормы апрадкомаў у вызначаны тэрмiн цi па развёрстцы, яны ўсё роў-на не былi застрахаваныя ад паўторнага наведвання рэквiзiцыйных аддзелаў. Апрадкомы маглi правесцi рэквiзiцыi нават у тых вёсках, дзе ўжо праводзiлася харчразвёрстка[11]. Дзейнасць апрадкомаў наогул хутка выйшла з-пад усялякага кантролю. Арганiзаванае рабаўнiцтва стала неарганiзаваным i дасягнула такiх памераў, што камандаванне чырвоных было вымушана канстатаваць у спецыяльным загадзе: “Красноармейцы, прикомандированные к опродкомам и агентам последних, чинят над населением безобразные насилия и забывают дисциплину, обязательную для каждого солдата Красной Армии”[12].

Актыўна рабавалi мясцовае насельнiцтва i звычайныя армейскiя часткi. У свой час пра гэта пiсалi нават камандзiры Чырвонай Армii, праўда, яны называлi рабаўнiцтва больш мякка – словам “самоснабжение”. Асаблiва вылучалiся ў гэтым палкi чырвонай коннiцы, якiя, са словаў Е.Сяргеева, “… вели войну несколько по заветам средних веков, чередуя лихие удары по противнику с излишне внимательным отношением к пожиткам местного населения”[13]. Пагроза спусташэння навiсла не толькi над звычайнымi сялянамi, але нават i над новаспечанымi савецкiмi гаспадаркамi, якiя таксама не ўнiклi разгрому, як, напрыклад, у Лепельскiм павеце Вiцебскай губернi[14]. Але больш за ўсё не пашанцавала былым маёнткам, якiя яшчэ захавалiся да таго часу. “Трудная задача предстояла агитаторам, – пiсаў Сяргееў, – убедить батрацкие группы принять в свои руки помещичьи хозяйства, от которых часто оставались одни головешки и рога убитого на мясо “животного инвентаря”"[15].

Нехта можа заўважыць, што “самоснабжение” войска – з’ява натуральная i заўсёдная для выпадкаў, калi цэнтралiзаванае забеспячэнне прадуктамi недастатковае, або наогул адсутнiчае. Але чырвоныя займалiся рабаваннем не з прычыны цяжкага становiшчам з харчаваннем. Апрадкомы добра рабiлi сваю справу i забяспечвалi войска ўсiм неабходным, пастаўлялi нават больш, чым гэтага патрабавалася. Паводле дадзеных штаба Чырвонай Армii, у час рашучых аперацыяў 707 700 чалавек войска Заходняга фронту былi забяспечаны:

мукой – на 111,07%; крупамi – на 96,3%; мясам i рыбай – на 137,8%; тлушчамi – на 61%; зернем-фуражом – на 80,6%[16].

Такiм чынам, прычынай рабавання была не нястача харчу (гэта яшчэ можна было б зразумець). Звычаi грамадзянскай вайны настолькi глыбока ўкаранiлiся ў Чырвоную Армiю, што яны аўтаматычна перанеслiся i на савецка-польскi фронт. Камандаванне бальшавiкоў, якое складалася ў асноўным з прафесiяналаў былой царскай армii, добра разумела, што ў рабаў-нiцтве войска разлагаецца, i спрабавала спынiць цi хаця б абмежаваць гвалтоўныя рэквiзiцыi. Але абабранаму мясцоваму жыхарству ад гэтага не было лягчэй, бо такiя захады амаль не мелi поспеху. “Несмотря на приказ армиям Западного фронта от 17 марта №77 – канстатавалася у спецыяльнай тэлеграме камандарма 15-й i 16-й армiяў, – всё ещё продолжают поступать сведения о вмешательстве войск и войсковых начальников в работу местных продорганов, а также самочинных реквизициях и незаконных насильственных приёмах самоснабжения помимо продорганов за счёт ресурсов местного населения”[17]. У вынiку беларускiя вёскi былi так спустошаны, што бальшавiкi ўжо не змаглi атрымаць у iх нiякiх прадуктаў пад час адыходу сваiх армiяў ад Варшавы. Як даносiў М.Тухачэўскi, “ввиду бедности населения заготовок вести нельзя”[18].

Можна доўга прыводзiць факты таго, як Беларусь рабавалася пад час вайны 1920 г. i пасля яе заканчэння. Аднак i ўжо прыведзенага дастаткова, каб прыйсцi да высновы: для Беларусi паход Чырвонай Армii быў не вызваленнем ад польскай акупацыi, а чужым нашэсцем, якое несла ўсё, чым звычайна i характарызуецца ўсялякае нашэсце – рабункi i гвалт. Менавiта як да захопнiкаў i ставiлася да бальшавiкоў значная частка беларускага насельнiцтва.

Ужо ў самым пачатку вайны беларускiя сяляне, пазнаўшыя савецкую ўладу яшчэ ў 1918-1919 г., мякка кажучы, не выяўлялi вялiкай радасцi з нагоды iх “вызвалення” бальшавiкамi. У кожным разе, як ужо гаварылася вышэй, яны не збiралiся разам з Чырвонай Армiяй “вызваляць” свае землi ад палякаў, i бальшавiкi мусiлi пайсцi на жорсткiя захады, каб прымусiць мясцовых жыхароў iсцi у войска. У далейшым сiтуацыя з прызывам мясцовага насельнiцтва ў Чырвоную Армiю не палепшылася. Пад час адыходу бальшавiкоў ад Варшавы яны зноў iмкнулiся папоўнiць страты сваiх разбiтых войскаў за кошт беларусаў. У.Ленiн пiсаў 12 жнiўня 1920 г. у лiсце да Э.М.Склянскага: “Не надо ли указать Смигле, что надо поголовно (после сбора хлеба) брать в войско всех взрослых мужчин? Надо. Раз Будённый на юг, надо усилить север”[19]. Ленiн мае тут на ўвазе прызыў у армiю ўсiх дарослых мужчын менавiта з Беларусi. Аднак, каб не пакiдаць нiякiх сумненняў, прывядзем тэкст яшчэ аднаго лiста, напiсанага крыху пазней,19 жнiўня, яскравым, тыпова “ленiнскiм” стылем. “Необходимо налечь изо всех сил, чтобы белорусские рабочие и крестьяне, хотя бы в лаптях и купальных костюмах, но с немедленной и революционной быстротой дали вам пополнение в тройном и четверном количестве”[20].

Аднак “белорусские рабочие и крестьяне” не толькi “в лаптях и купальных костюмах”, але нават i ў мундзiрах ды ботах не спяшалiся на вайну за савецкую уладу. Прызыўнiкi ўцякалi ў iншыя раёны, а тыя, хто трапляў у войска, нярэдка таксама знiкалi. Сабатаж прызываў i дэзерцiрства былi значнымi нават у часы парамог Чырвонай Армii, а калi разбiтыя пад Варшавай бальшавiцкiя войскi адыходзiлi на ўсход, дык яны набылi катастрафiчныя маштабы. Савецкiя ваенныя i грамадзянскiя ўлады рабiлi ўсё магчымае – ад забароны прызыўнiкам з’язджаць у iншыя раёны да расстрэлу ўцекачоў i зняволення iх сем’яў у канцэнтрацыйным лагеры[21], але так i не здолелi выправiць становiшча.

Але нават тыя з беларусаў, што засталiся ў войску, змагалiся з палякамi без асаблiвай ахвоты. Наогул, дух фармаванняў Чырвонай Армii Заходняга фронту ў гэтай вайне быў далёка не лепшы, i камандаванне “падбадзёрвала” сваiх жаўнераў так званымi заградатрадамi. Пад час аднаго толькi першага наступлення глаўком С.Каменеў перадаў Тухачэўскаму пяць такiх фармаванняў[22]. Аднак i такiя метады не дадалi чырвонаармейцам рашучасцi. Амаль усе польскiя камандзiры адзначылi няўпэўненасць, таптанне на месцы буйных частак Чырвонай Армii, асаблiва ў пачатку першага i другога наступленняў. Напрыклад, увесь дзень 4 лiпеня 4-ю армiю чырвоных стрымлiваў адзiн 33 польскi полк з дзесяццю гарматамi[23]. I ў далейшым, пакуль супрацiў палякаў не быў канчаткова зламаны i iх адступленне не набыло катастрафiчнага характару, бальшавiцкiя войскi дзейнiчалi надзвычай нерашуча. Камандарм Е.Сяргееў у адным з загадаў пiсаў: “Требую прекратить постоянное опасение за фланги и учитывать моральное состояние противника; совершенно недопустимо, чтобы отдельные роты расстроенного противника, случайно не успевшие удрать, принимались бы за свежие полки, под угрозой удара которых задерживалось бы продвижение целых дивизий”[24]. Справа тут, канешне, не ў нiзкай баяздольнасцi савецкiх войскаў. За два гады грамадзянскай вайны яны набылi дастатковы баявы вопыт. Прычына iх няўпэўненасцi – недахоп баявога духу, што ў сваю чаргу выклiкалася неразуменнем мэтаў гэтай вайны. Нi заклiкi ЦК РКП(б), нi натхнёны зварот Тухачэў-скага не кранулi душы чырвоных жаўнераў. Той жа Е.Сяргееў, адзiн з самых крытычных савецкiх аўтараў, пiсаў: “Ставка на вспышку польской революции могла серьёзно приниматься в расчёт только в политических канцеляриях, да и то достаточно удалённых от фронта. В войсках в это мало верили …”[25].

Iснавалi i iншыя формы супрацiву мясцовых жыхароў бальшавiкам, больш актыўныя, чым дэзерцiрства i сабатаж прызыву ў войска. Да iх належалi падпалы ваенных складоў i пашкоджванне чыгуначных шляхоў. Армейскiм уладам давялося ўвесцi адказнасць усяго мясцовага насельнiцтва, якое жыло ў паласе да 15 вёрст ад чыгункi, за стан чыгункi[26]. Акрамя гэтага, сяляне сабатавалi харчразвёрстку, а калi ўхiлiцца ад яе ўжо не мелi магчымасцi – аддавалi бальшавiкам непрыдатныя прадукты i атручаныя кармы для жывёлы[27].

У цэлым няўзброеныя формы барацьбы мясцовага насельнiцтва супраць бальшавiкоў былi даволi значнымi i, думаю, сталi адной з прычынаў паразы савецкiх войскаў пад Варшавай. I тут мусiм згадаць, што дачыненне беларусаў да той вайны не абмяжоўвалася адно “мiрным” супрацiвам захопнiкам. Змагалiся яны i са зброяй у руках у складзе польскiх узброеных сiлаў. Дзве дывiзii польскага Паўночнага фронту – 1-я i 2-я Лiтоўска-Беларускiя складалiся з нараджэнцаў Беларусi[28]. Гэтыя фармаваннi былi цалкам баяздольныя i надзейныя. Пад час бiтвы пад Варшавай 1-я Лiтоўска-Беларуская дывiзiя складала апошнюю рэзервовую частку абаронцаў горада i была ўведзена ў бой пад Радзiмiным,[29] а потым, калi пачалося контрнаступленне польскiх армiй, Ю.Пiлсудскi перакiнуў яе ў авангард, каб яна магла браць удзел у вызваленнi сваёй радзiмы[30]. У 1922 г. дывiзiя была ўзнагароджаная ордэнам Вiртуцi Мiлiтары[31].

Ва ўзброенай барацьбе супраць бальшавiкоў бралi ўдзел i тыя мясцовыя жыхары, якiя не служылi ў польскiх частках. Часта яны ўтваралi добраахвотныя часткi, якiя разам з палякамi абаранялi свае гарады i мястэчкi, як гэта было, напрыклад, у баях пад Горадняй[32]. З мясцовых жыхароў складалiся i антыбальшавiцкiя партызанскiя аддзелы ды iншыя фармаваннi, якiя на мове чырвоных называлiся “бандамi”. Тэрмiн гэты, ужываны тады бальшавiкамi, не мае нiчога агульнага з сённяшнiм яго сэнсам – арганiзаванымi крымiнальнымi структурамi. Як пiсаў Тухачэўскi, “самоорганизующаяся местная крестьянская власть опирается на местные крестьянские вооружённые формирования, обычно называемые у нас бандами”[33]. Такiм чынам, любыя сялянскiя ўзброеныя аддзелы, скiраваныя супраць бальшавiзму, атрымлiвалi назву “банды”, i такiх “бандытаў” у Беларусi было нямала.

Ужо ў траўнi 1920 г., у адказ на кампанiю па барацьбе з дэзерцiрствам, у Вiцебскай, Смаленскай, Гомельскай i Пскоўскай губернях назiраўся рост мясцовага “бандытызму”, што i прымусiла Тухачэўскага пакiнуць войскi “ВОХР” у тыле i не даручаць iм баявых задачаў[34]. Узброеныя антыбальшавiцкiя аддзелы не спынялi сваёй дзейнасцi i пад час вырашальных аперацыяў на фронце. Самым вядомым з iх можна лiчыць аддзел С.Булак-Балаховiча, якi, што праўда, выглядаў больш як рэгулярная частка. Ён браў актыўны ўдзел у восеньскiх баях i адыграў значную ролю ў канчатковай паразе бальшавiкоў. 26 верасня 1920 г. сiлы С.Булака-Балаховiча збiлi часткi 4-й армii ля Невельскай пераправы, падарвалi чыгуначны мост у станцыi Маладковiчы, а потым захапiлi Пiнск, чым прымусiлi бальшавiкоў пакiнуць лiнiю абароны на рацэ Шчары i адысцi на ўсход. Гэты дзёрзкi налёт меў такi рэзананс, што нават Ленiн устрывожыўся. “Запросить условия потери Пинска, – пiсаў ён у спецыяльным пасланнi. – Была ли опасность известна раньше?”[35].

Дзейнасць узброеных аддзелаў не прыпынiлася з афiцыйным завяршэннем вайны. Рыжскi мiр быў даўно падпiсаны, а бальшавiкi ўсё ўтрымлiвалi на тэрыторыi Беларусi Заходнi фронт. Як пiсалi савецкiя гiсторыкi, “командующему фронтом ещё не раз приходилось разрабатывать и проводить военные операции по ликвидации в Западной Белоруссии (?) эсеро-кулацких мятежей и уничтожению бесчинствующих белогвардейских банд, подстрекаемых и поддерживаемых белополяками”[36]. Гэтая “ликвидация” ажыццяўлялася надзвычай жорсткiм спосабам. Сам М.Тухачэўскi сведчыў, што метады барацьбы з “бандытызмам” у Беларусi былi ў асноўным “тамбоў-скiя”[37]. Што такое “тамбоўскiя метады” таварыша Тухачэўскага – цяпер ужо добра вядома. Iх сутнасць у шырокiм выкарыстаннi канцэнтрацыйных лагераў, куды звозiлi сем’i, мужчыны з якiх падазравалiся ва ўдзеле ў барацьбе супраць савецкай улады. Калi ў азначаны тэрмiн “бандыт” не здаваўся – сям’ю ссылалi. Тухачэўскi пiша пра гэта халодна: на ягоную думку, “из репрессий наиболее действительными являются: выселение семей бандитов, укрывающих своих членов, конфискация их имущества и передача советски настроенным крестьянам. Если выселение трудно организовать сразу, то необходимо устройство широких концентрационных лагерей. За укрывательство, за несообщение о местонахождении и действиях бандитов должна быть установлена круговая порука”[38]. Такiмi вось былi метады “самого гуманного в мире государства” па ўсталяванню ўлады “рабочых i сялян” у Беларусi. Аднак ня гледзячы на ўсё гэта, барацьба супраць бальшавiкоў тут працягвалася амаль да сярэдзiны 20-х гадоў, i толькi ў 1924 г. бальшавiкi адважылiся злiквiдаваць Заходнi фронт.

Такiм чынам, як ужо паказана вышэй, жыхары Беларусi не лiчылi бальшавiкоў вызваленцамi. Савецкая ўлада ўспрымала Беларусь як сваю ўласнасць, як тэрыторыю, што натуральна належыць Савецкай Расii. Яе арганiзаванае i неарганiзаванае рабаўнiцтва выклiкала адпаведную рэакцыю насельнiцтва, якое пераважна бачыла ў бальшавiках захопнiкаў i ворагаў. Савецка-польская вайна стала яшчэ адной вялiкай трагедыяй Беларусi. Менавiта ў вынiку падзей 1920-21 г. перш палова, а потым i ўся Беларусь апынулася пад савецкай акупацыяй, якая i вызначыла яе складаны i цяжкi лёс на наступныя 70 гадоў.


[1] Залуский З. Пути к достоверности. Приложение к кн: Налеч Д., Налеч Т. Юзеф Пилсудский – легенды и факты. Москва, 1990. С.226.
[2] Ленин В.И. Полн. собр. соч. Т.30. С. 5-6.
[3] Директивы командования фронтов Красной Армии. Москва, 1974. Т.3. С.13.
[4] Тухачевский М.Н. Поход за Вислу. Москва, 1992. С. 36.
[5] Документы внешней политики СССР. Москва, 1959. Т.3. С. 38.
[6] Тухачевский М.Н. Поход за Вислу. С. 45.
[7] Приказание полевому управлению Запасной армии Западного военного округа. Смоленск, 1920. Приказ по Западному военному округу №957. (Далей: Приказание полевому управлению – Ред.)
[8] Тамсама. Приказ Реввоенсов. и Наркомата №215 от 10 мая по гор. Гомелю.
[9] Сергеев Е. От Двины к Висле. Смоленск, 1923. С. 39.
[10] Сборник приказов опродкомам Западного фронта. Смоленск, 1921. С.123-124 (Далей: Сборник приказов – Ред.).
[11] Тамсама. С.124.
[12] Приказание полевому управлению. Приказ армиям Западного фронта №25.
[13] Сергеев Е. От Двины к Висле. С.55.
[14] Приказание полевому управлению. Приказ армиям Западного фронта №1741.
[15] Сергеев Е. От Двины к Висле. С.82.
[16] Какурин Н.Е., Меликов В.А. Война с белополяками 1920 г. Москва, 1925. С. 52.
[17] Сборник приказов. С. 91-92.
[18] Директивы командования фронтов Красной Армии. Т.3. С.100.
[19] Ленин В.И. Полн. собр. соч. Т.51. С. 258.
[20][] Тамсама. С. 261.
[21] Приказание полевому управлению. Приказ армиям Западного фронта от 13 июля 1920 г. Приказ армиям Западного фронта от 16 ноября 1920 г.
[22] Директивы командования фронтов Красной Армии. Т.3.С. 39.
[23] Пилсудский Ю. Война 1920 г. Москва, 1992. С. 146.
[24] Сергеев Е. От Двины к Висле. С. 122.
[25] Тамсама. С. 82.
[26] Приказание полевому управлению. Приказ армиям Западного фронта №865.
[27] Сборник приказов. С. 130.
[28] Пилсудский Ю. Война 1920 г. С. 262.
[29] Залуский З. Пути к достоверности. С. 263.
[30] Пилсудский Ю. Война 1920 г. С. 246.
[31] Gomólka K. Polskie ugrupowania polityczne wobec kwestii białoruskiej 1918-1922. Warszawa, 1992. S.52.
[32] Сергеев Е. От Двины к Висле. С. 66.
[33] Тухачевский М.Н. Борьба с контрреволюционными восстаниями // Война и революция. 1926. №7/8. С. 7.
[34] Какурин Н.Е., Меликов В.А. Война с белополяками. С. 90.
[35] Ленин В.И. Полн. собр. соч. Т.51. С. 291.
[36] Иванов В.М. Маршал М.Н.Тухачевский. Москва, 1990. С. 185
[37] Тухачевский М.Н. Борьба с контрреволюционными восстаниями // Война и революция.1926. №9. С. 4.
[38] Тамсама. С.16.

Наверх

Эдвард Г. Кар. Гiсторык i яго факты*

26 снежня, 1997 |


* Carr E.H. The Historian and His Facts // яго ж, What is History. London. 1990. P.7-30.
Што такое гiсторыя? Якiм бы бессэнсоўным i непатрэбным не здавалася такое пытанне, працытую два ўрыўкi, датычныя адпаведна першага i другога выданняў Cambridge Modern History („Кембрыджскай новай гiсторыi”). Эктан у сваiм дакладзе аб працы, выкананай над гэтым выданнем, у кастрычнiку 1896 г. перад сiндыкамi Cambridge University Press гаварыў:

Iснуе ўнiкальная магчымасць усю сукупнасць ведаў, якiя ХIХ ст. рыхтуецца перадаць нашчадкам, запiсаць самым прымальным для найбольшай колькасцi людзей спосабам… Нам трэба зрабiць гэта шляхам рацыянальнага падзелу працы, i прынесцi ў кожны дом канчатковы дакумент i самыя плённыя вынiкi мiжнародных даследаванняў.

Мы не можам атрымаць канчатковую гiсторыю ў гэтым пакаленнi, але можам выкарыстаць традыцыйную гiсторыю i паказаць, чаго мы дасягнулi на шляху ад аднаго да другога цяпер, паказаць, што ўся iнфармацыя дасягальная i кожная праблема вырашальная[1].

I амаль дакладна праз шэсцьдзесят гадоў у агульных уводзiнах да другой Cambridge Modern History праф. Джордж Кларк сказаў адносна гэтай веры Эктана i ягоных прыхiльнiкаў, што можа i настане калi дзень стварэння „канчатковай гiсторыi”, i прадоўжыў:

Гiсторыкi пазнейшай генерацыi не спадзяюцца нiякай падобнай перспектывы. Яны чакаюць, што iх праца будзе зноў i зноў адмаўляцца. Яны лiчаць, што веды пра мiнулае, прапушчаныя праз адзiн цi больш розумаў, „апрацоўваюцца” iмi i таму не могуць складацца з элементарных i безасабовых атамаў, якiя нiчога не мяняюць. … Даследаванне ўяўляецца бясконцым, i некаторыя нецярплiвыя вучоныя знаходзяць аддушыну ў скептыцызме цi, прынамсi, у iдэi, што, калi ўжо ўсе гiстарычныя меркаваннi залежаць ад асобаў i пунктаў погляду, i ўсе яны аднолькава добрыя, то „аб’ектыўнай” гiстарычнай праўды не iснуе[2].
Там, дзе вучоныя мужы так рэзка пярэчаць адзiн аднаму, адкрываецца поле для даследаванняў. Спадзяюся, што я дастаткова сучасны, калi прызнаю, што ўсё, напiсанае ў 1890-х г., пэўна стала нонсэнсам. Але я яшчэ не настолькi стары, каб лiчыць, што ўсё, напiсанае ў 1950-х г., абавязкова мае сэнс. Сапраўды, вам адразу можа прыйсцi думка, што гэтая праца, верагодна, пяройдзе ў нешта нават шырэйшае за разгляд прыроды гiсторыi. Разыходжанне Эктана i сэра Джорджа Кларка адлюстроўвае змены ў нашым агульным поглядзе на грамадства за часы памiж iх выказваннямi. Эктан агучвае пазiтыўную веру, самаўпэўненасць з шырока расплюшчанымi вачыма, характэрную для позняй вiктарыянскай эпохi. Сэр Джордж Кларк увасабляе рэха разгубленасцi i шалёнага скептыцызму бiтнiкаў. Калi мы спрабуем адказаць на пытанне „Што такое гiсторыя?”, наш адказ, свядома цi несвядома, адлюстроўвае нашу ўласную пазiцыю ў часе i ўтварае частку нашага адказу на шырэйшае пытанне – як мы глядзiм на грамадства, у якiм жывём. Я не баюся, што пры блiжэйшым разглядзе мой прадмет можа здацца трывiяльным. Баюся, што будзе выглядаць дзёрзкасцю сама пастаноўка такога велiзарнага i настолькi надзённага пытання.Дзевятнаццатае стагоддзе было вялiкiм стагоддзем фактаў. „Чаго я хачу, дык гэта Фактаў, – казаў мiстэр Грэдрайнд у Hard Times („Цяжкiя часы”)… У жыццi патрабуюцца толькi Факты.” Гiсторыкi ХIХ ст. увогуле пагаджалiся з iм. Калi Ранке ў 1830-х г., слушна пратэстуючы супраць маралiзавання ў гiсторыi, адзначыў, што задача гiсторыка „проста паказаць, як яно было на самай справе (wie es eigentlich gewesen)”, гэты не зусiм удалы афарызм чакала надзiва вялiкая папулярнасць. Тры пакаленнi нямецкiх, брытанскiх i нават французскiх гiсторыкаў iшлi ў бойку, распяваючы магiчныя словы „Wie es eigentlich gewesen”, як заклiнанне, прызначанае, падобна большасцi заклiнанняў, для вызвалення ад нуднага абавязку думаць самастойна. Пазiтывiсты, заклапочаныя iх правам патрабавання гiсторыi як навукi, вагой свайго ўплыву ўмацавалi гэты культ фактаў. Спачатку знайдзi факты, кажуць пазiтывiсты, потым зрабi з iх свае высновы. У Вялiкабрытанii гэты погляд на гiсторыю выдатна супаў з традыцыяй эмпiрызму – вядучай плынi брытанскай фiласофii ад Лока да Бэртрана Расэла. Эмпiрычная тэорыя пазнання прадугледжвае поўнае аддзяленне суб’екта ад аб’екта. Факты, падобна пачуццёвым уражанням, успрымаюцца назiральнiкам звонку i не залежаць ад ягонай свядомасцi. Працэс успрымання пасiўны: успрыняўшы дадзеныя, назiральнiк потым працуе над iмi. Кароткi оксфардскi ангельскi слоўнiк (The Oxford Shorter English Dictionary), карысная, але тэндэнцыйная праца эмпiрычнай школы, выразна адасабляе два працэсы, вызначаючы факт як „дадзеныя вопыту, адрозныя ад высноваў”. Гэта тое, што можна назваць агульнапрынятым поглядам на гiсторыю. Гiсторыя складаецца з корпусу ўстаноўленых фактаў. Факты ўвасабляюцца для гiсторыка ў дакументах, надпiсах i г.д., – як рыба на прылаўку ў краме. Гiсторык збiрае iх, прыносiць дадому, гатуе i падае ў якiм хоча выглядзе. Эктан, чые кулiнарныя густы адрознiвалiся аскетызмам, хацеў, каб iх падавалi проста. У звароце да ахвяравальнiкаў першай Cambridge Modern History ён заявiў: „Нашае Вотэрлу павiнна аднолькава задавальняць французаў i ангельцаў, немцаў i галяндцаў, каб нiхто не мог сказаць, не зазiрнуўшы ў спiс аўтараў, дзе паклаў пяро бiскуп Оксфардскi, дзе яго ўзяў Фэабэарн цi Гаскет, Лiбэрман цi Гэрысан”[3]. Нават сэр Джордж Кларк, якiм ужо крытычным было яго стаўленне да Эктана, сам супрацьпастаўляў „цвёрдае ядро фактаў” у гiсторыi „акаляючай мякацi спрэчнай iнтэрпрэтацыi”[4], пэўна, забыўшыся на тое, што мяккая частка садавiны больш вартая, чым цвёрдае ядро. Спачатку ўпарадкуй свае факты, потым на сваю рызыку апусцi iх у сыпучы пясок iнтэрпрэтацыi – вось найвышэйшая мудрасць эмпiрызму, гiстарычнай школы здаровага сэнсу. Яна нагадвае ўлюбёны афарызм вядомага лiберальнага журналiста К.П.Скота: „Факты святыя, думка вольная”.

Цяпер гэта не можа задаволiць. Не буду заглыбляцца ў фiласофскую дыскусiю аб прыродзе нашых ведаў пра мiнулае. Дапусцiм на момант, быццам тое, што Цэзар перайшоў Рубiкон, i тое, што пасярод пакоя стаiць стол, ёсць фактамi аднаго цi падобнага парадку, што абодва яны даюцца нашай свядомасцi аднолькавым цi падобным спосабам, i што абодва маюць аднолькава аб’ектыўны характар у дачыненнi да асобы, якая iх ведае. Але нават пры гэтым смелым i не зусiм праўдападобным дапушчэннi нашая аргументацыя адразу сутыкаецца з цяжкасцямi, бо не ўсе факты пра мiнулае – факты гiстарычныя, або ўважаныя такiмi гiсторыкам. Якi ж крытэрый адрознення фактаў гiстарычных ад iншых фактаў мiнулага?

Што такое гiстарычны факт? Гэта вызначальнае пытанне, якое мы павiнны разгледзець крыху падрабязней. Калi сыходзiць са здаровага сэнсу, то iснуюць пэўныя галоўныя факты, аднолькавыя для ўсiх гiсторыкаў i ўтвараючыя, так бы мовiць, хрыбет гiсторыi – напрыклад факт, што бiтва пры Гастынгсе адбылася ў 1066 г. Але такая пазiцыя вымагае дзвюх заўвагаў. Па-першае, гiсторык займаецца пераважна не такiмi фактамi. Несумненна, трэба ведаць, што вялiкая бiтва адбылася ў 1066 г., а не ў 1065 цi 1067 г., i што яна была пры Гастынгсе, а не пры iстбёрне цi Брайтане. Гiсторыку нельга блытацца ў такiх рэчах. Але калi ўздымаюцца пытаннi такога кшталту, мне згадваюцца словы Наўзмэна, што „дакладнасць – гэта абавязак, а не дабрачыннасць”[5]. Хвалiць гiсторыка за дакладнасць – тое ж, што хвалiць архiтэктара за выкарыстанне ў будоўлi добра вымешанага цэменту. Гэта неабходная ўмова ягонай працы, а не яго сутнасная функцыя. Менавiта дзеля гэтага гiсторык мае права абапiрацца на так званыя дапаможныя гiстарычныя навукi – археалогiю, эпiграфiку, нумiзматыку, храналогiю i г.д. Ад гiсторыка не патрабуюцца спецыяльныя навыкi, неабходныя для вызначэння паходжання i датавання фрагмента керамiкi цi мармура, расшыфроўкi незразумелага надпiсу або складаных астранамiчных разлiкаў з мэтай вызначэння дакладнай даты. Гэтыя так званыя падставовыя факты, аднолькавыя для ўсiх гiсторыкаў, на практыцы належаць да катэгорыi сыравiны гiсторыка, а не да самой гiсторыi. Другая заўвага ў тым, што патрэба ўстанавiць гэтыя падставовыя факты грунтуецца не на якой-небудзь уласцiвасцi самiх фактаў, а на апрыёрным рашэннi гiсторыка. Апрача дэвiзу Скота кожны журналiст сёння ведае, што самы эфектыўны шлях уздзеяння на меркаваннi пралягае праз адбор i расстаноўку адпаведнай фактуры. Часта можна пачуць, што факты гавораць самi за сябе. Гэта, канешне, не так. Факты гавораць толькi тады, калi iх выклiкае гiсторык: менавiта ён вырашае, якiм фактам даць слова, у якiм парадку i кантэксце. Здаецца, адзiн з герояў Пiрандэла сказаў, што факты падобныя на мех – не будзе стаяць, пакуль не напоўнiш. Адзiная прычына нашай цiкавасцi да таго, што бiтва пры Ганстынгсе адбылася ў 1066 г., у тым, што гiсторыкi лiчаць яе вялiкай гiстарычнай падзеяй. Менавiта гiсторык адпаведна сваiм матывам вызначыў, што пераход Цэзара праз нязначны ручай Рубiкон – гэта факт гiсторыi, тады як пераход Рубiкона мiльёнамi людзей да i пасля таго не цiкавiць нiкога. Тое, што вы дабралiся да гэтага дому паўгадзiны таму пехам або на ровары цi машыне – такi ж самы факт мiнулага, як i пераход Цэзара праз Рубiкон. Але яго пэўна ж праiгнаруюць гiсторыкi. Прафесар Талькат Парсанз аднойчы назваў навуку „сiстэмай адбора кагнiтыўных арыентацый на рэальнасць”[6]. Магчыма, сказана занадта проста. Але i гэта, мiж iншага, ёсць гiсторыяй. Гiсторык – той, хто абавязкова адбiрае. Вера ў цвёрдае ядро гiстарычных фактаў, якiя iснуюць аб’ектыўна i незалежна ад iнтэрпрэтацыi гiсторыка, гэта абсурдны сафiзм, але яна з тых вер, якiя цяжка выкараняюцца.

Давайце паглядзiм на працэс трансфармацыi простага факту мiнулага ў факт гiстарычны. У 1850 г. у Стэйлiбрыдж Ўэйкс у вынiку нейкай нязначнай сваркi раззлаваны натоўп забiў нагамi да смерцi прадаўца iмбiрных пернiкаў. Цi з’яўляецца гэты факт гiстарычным? Год таму я б не вагаючыся сказаў „не”. Гэты выпадак быў запiсаны вiдавочцам у нейкiх малавядомых мемуарах[7]. Я нiколi не лiчыў яго вартым увагi гiсторыка. У мiнулым годзе доктар Кiтсан Кларк згадаў яго ў сваiх лекцыях у Оксфардзе[8]. Цi ператварае гэта тое здарэнне ў гiстарычны факт? Думаю, што не. Мяркую, яго цяперашнi статус такi: ён рэкамендаваны сябрам у элiтны клуб гiстарычных фактаў. Цяпер ён чакае апекуна i фундатараў. Магчыма, праз колькi гадоў мы ўбачым, што гэты факт увойдзе спачатку ў спасылкi, потым у тэкст артыкулаў i кнiг пра Ангельшчыну ХIХ ст., i што ў дваццацi-трыццацi гадовы тэрмiн ён можа стаць стабiльным гiстарычным фактам. А можа наадварот, нiхто не падхопiць яго, тады ён зноў вернецца ў кладоўку негiстарычных фактаў мiнулага, адкуль доктар Кiтсан Кларк галантна спрабаваў яго выбавiць. Што вырашыць, якая з гэтых дзвюх магчымасцяў рэалiзуецца? Усё будзе залежаць, думаю, ад таго, цi тэза або iнтэрпрэтацыя, ў падтрымку якой доктар Кiтсан Кларк цытаваў гэты iнцыдэнт, прымецца iншымi гiсторыкамi як важкая i значная. Статус яго як гiстарычнага факта ператвараецца ў пытанне iнтэрпрэтацыi. Такi элемент iнтэрпрэтацыi ўваходзiць у кожны гiстарычны факт.

Дазвольце асабiсты ўспамiн. Калi я вывучаў старажытную гiсторыю ў гэтым унiверсiтэце шмат гадоў таму, у мяне быў спецыяльны прадмет „Грэцыя ў перыяд Персiдскiх войнаў”. Я сабраў пятнаццаць цi дваццаць тамоў на кнiжнай палiцы i напiсанае ў тых тамах лiчыў даўно даведзеным, я меў усе факты, што датычылi майго прадмету. Удакладнiм, у тых тамах утрымлiвалiся ўсе факты аб прадмеце, якiя былi цi маглi быць вядомыя. Мне нiколi не прыходзiла ў галаву пацiкавiцца, у вынiку якога выпадку цi працэсу зношвання нязначная колькасць гэтых адабраных з усiх мiрыяд калi-небудзь вядомых фактаў захавалася, каб стаць фактамi гiсторыi. Падазраю, што нават сёння старажытная i сярэднявечная гiсторыя зачароўвае нас у тым лiку i тым, што стварае iлюзiю наяўнасцi ўсiх фактаў у дыяпазоне даследавання: прыдзiрлiвы падзел на факты гiстарычныя i iншыя факты мiнулага знiкае, таму што некалькi вядомых фактаў i ёсць усёй гiстарычнай фактурай. Як казаў Б’юры, якi займаўся абодвума згаданымi перыядамi, „аналы старажытнай i сярэднявечнай гiсторыi поўныя лакунаў”[9]. Гiсторыю называлi велiзарнай ажурнай пiлой з мноствам страчаных фрагментаў. Але асноўная праблема не ў запаўненнi лакунаў. Наша карцiна Грэцыi V ст. да н.э. неадэкватная не столькi таму, што выпадкова страчана мноства фрагментаў, колькi таму, што яна наогул прадстаўляе малюнак, створаны маленькай групай людзей ў горадзе Афiны. Мы ведаем шмат пра тое, як выглядала Грэцыя V ст. да н.э. у вачах грамадзян Афiнаў, i фактычна нiчога не ведаем пра тое, як яе бачылi жыхары Спарты, Карынфу, Фiваў – не кажучы ўжо пра персаў, рабоў цi прадстаўнiкоў не-грамадзян Афiнаў. Мы маем справу з карцiнай папярэдне адфiльтраванай i абмежаванай не столькi выпадкам, колькi людзьмi, свядома цi несвядома фарбаваўшымi сваiм асабiстым поглядам i думкаю факты, якiя падцвярджалi, што гэты погляд варты захавання. Тое самае, калi я чытаю ў сучаснай гiсторыi Сярэднiх вякоў, што людзi ў Сярэднявеччы былi глыбока рэлiгiйныя, у мяне паўстае пытанне, адкуль мы ведаем гэта, i цi гэта праўда. Што мы ведаем, калi факты сярэднявечнай гiсторыi амаль усе падабраныя для нас пакаленнямi хранiстаў, якiя прафесiйна займалiся тэорыяй i практыкай рэлiгii, а значыць лiчылi яе найважнейшай i запiсвалi ўсё, што тычылася яе – i не больш. Уяўленне пра рэлiгiйную адданасць расiйскага селянiна было разбуранае рэвалюцыяй 1917 г. Вобраз сярэднявечнага чалавека як глыбока рэлiгiйнага, так гэта цi не, непарушны, бо амаль усе вядомыя факты пра яго папярэдне выбраныя для нас людзьмi, якiя верылi ў гэта i хацелi, каб у гэта паверылi i iншыя, а маса iншых фактаў, у якiх мы б мелi магчымасць знайсцi сведчанне адваротнага, згублены незваротна. Мёртвая рука сышоўшых са сцэны гiсторыкаў, пiсараў i хранiстаў вызначае малюнак мiнулага, не пакiдаючы магчымасцi апеляцыi. „Гiсторыя, якую мы чытаем, – пiша медыявiст прафесар Бараклаў, – хоць яна i грунтуецца на фактах, з’яўляецца, строга кажучы, заснаванай зусiм не на фактах, а на шэрагу прынятых меркаванняў”[10].

Але звернемся да iншага, не менш важнага абавязку гiсторыка. Даследчык старажытнасцi або медыявiст можа быць удзячны велiзарнаму працэсу адсейвання, праз гады даўшага яму ў рукi прыдатны корпус гiстарычных фактаў. Як казаў у сваёй гарэзлiвай манеры Лiта Стрэчы, „няведанне -першы рэквiзiт гiсторыка, няведанне, якое спрашчае i высвятляе, якое адбiрае i апускае”[11]. Калi мною авалодвае – што бывае -зайздрасць да неверагоднай кампетэнтнасцi калегаў, што пiшуць старажытную цi сярэднявечную гiсторыю, я суцяшаюся ў роздуме: яны настолькi кампетэнтныя пераважна таму, што такiя невукi ва ўласным прадмеце. Гiсторык сучаснасцi не атрымлiвае нiякай асалоды ад перавагаў гэтага зададзенага невуцтва. Але ён мусiць культываваць у сабе гэтую неабходную якасць – i тым больш, чым блiжэй падыходзiць да свайго часу. У яго падвойная задача адкрыцця нямногiх значных фактаў, ператварэння iх у факты гiстарычныя i адмаўлення ад мноства нязначных фактаў як негiстарычных. Менавiта ў гэтым контраверсiйнасць ерасi ХIХ ст.: гiсторыя складаецца з кампiляцыi максiмальнай колькасцi неабвержных i аб’ектыўных фактаў. Хто ж паддасца на гэтую ерась, будзе вымушаны або адмовiцца ад гiсторыi як кепскай працы i заняцца калекцыянаваннем марак цi якога iншага антыкварыяту, або скончыць свае днi ў вар’ятнi. Менавiта гэтая ерась цягам апошнiх ста гадоў мела разбуральны эфект на сучаснага гiсторыка, стварыўшы ў Нямеччыне, Вялiкабрытанii i Злучаных Штатах велiзарную i нарастаўшую масу сухiх, як прах, фактаграфiчных даследаванняў, спецыяльных манаграфiй-аднадзёнак, нiбыта гiсторыкаў, ведаўшых усё больш i больш пра менш i менш i патануўшых бясследна ў акiяне фактаў. Менавiта гэтая ерась, падазраю, а не канфлiкт памiж лiберальнай i каталiцкай прыхiльнасцямi, як кажуць, пахаваў Эктана як гiсторыка. У раннiм эсэ пра свайго настаўнiка Дзёлiнгера Эктан адзначаў: „Ён нiколi не пiсаў, маючы няпоўныя матэрыялы, а для яго матэрыялы заўсёды былi няпоўныя”[12]. Несумненна Эктан тут абвяшчае апераджальны вердыкт сабе: такi дзiўны феномен гiсторыка, якога многiя лiчаць самым выдатным з усiх уладальнiкаў Каралеўскай катэдры Новай гiсторыi ў гэтым унiверсiтэце, якi не стварыў гiсторыi. Той самы Эктан напiсаў сабе эпiтафiю ва ўступнай нататцы да першага тома Cambridge Modern History, выдадзенай акурат пасля яго смерцi. Там ён скардзiўся, што патрабаваннi, якiя цiснуць на гiсторыка, „пагражаюць ператварыць яго з аўтара ў складальнiка энцыклапедыi”[13]. Тут нешта разладзiлася. I тое, што разладзiлася – вера ў гэтае нястомнае i бясконцае збiранне цвёрдых фактаў як падмурка гiсторыi, вера, што факты гавораць самыя за сябе, i што не можа быць занадта шмат фактаў, вера, у той час настолькi безапеляцыйная, што зусiм нямногiя гiсторыкi лычылi неабходным – а некаторыя i сёння лiчаць гэта непатрэбным – задаць сабе пытанне „Што такое гiсторыя?”

Фетышызм фактаў ХIХ ст. завяршаўся i апраўдваўся фетышызмам дакументаў, цi помнiкаў. Дакументы былi каўчэгам запавету ў храме фактаў. Поўны глыбокай пашаны гiсторык наблiжаўся да iх са схiленай галавой i размаўляў пра iх шэптам. Калi вы знойдзеце гэта ў дакументах, значыць гэта так. Але што гэтыя дакументы – дэкрэты, дамовы, спiсы земляў i даходаў ад iх арэнды, сiнiя кнiгi, афiцыйная карэспандэнцыя, прыватныя лiсты i дзённiкi – скажуць нам, калi мы iх праглынем? Нiводзiн дакумент не можа сказаць нам больш за тое, што думаў яго аўтар: што ён думаў пра тое, што адбылося; што ён думаў пра тое, што павiнна адбыцца i адбудзецца; а можа толькi тое, што ён хацеў, каб iншыя думалi, што ён думае; цi нават толькi тое, што ён сам думаў, што думае. Усё гэта не значыць нiчога, пакуль гiсторык не папрацуе над iм i не расшыфруе яго. Перш, чым хоць неяк карыстацца фактамi – цi тыя выяўлены ў помнiках, цi не, гiсторык мусiць яшчэ апрацаваць iх: выкарыстанне iх ёсць, калi можна так сказаць, працэсам апрацоўкi.

Дазвольце добра вядомым прыкладам праiлюстраваць тое, што я спрабую выкласцi. Калi Гуcтаў Штрэзэман, мiнiстр замежных справаў Веймарскай рэспублiкi, памёр у 1929 г., ён пакiнуў пасля сябе велiзарную колькасць – 300 поўных скрыняў – папераў, афiцыйных, паўафiцыйных ды прыватных, i амаль усе мелi дачыненне да ягонай шасцiгадовай дзейнасцi на мiнiстэрскай пасадзе. Сябры i блiзкiя, натуральна, палiчылi, што гэтаму вялiкаму чалавеку трэба ўзвесцi помнiк. Адданы сакратар Бэрнгард узяўся за працу, i праз тры гады з тых трох сотняў скрыняў з’явiлiся тры важкiх тамы – прыкладна па 600 старонак кожны – выбраных дакументаў пад уражвальнай назвай: Stresemanns Vermachtnis. Звычайным чынам самы па сабе дакументы марнелi б у якiм-небудзь сутарэннi цi на гарышчы i знiклi б назаўсёды, цi можа праз якiх сто гадоў нейкi цiкаўны вучоны натрапiў бы на iх i вырашыў бы параўнаць з тэкстамi Бэрнгарда. Але тое, што адбылося, аказалася яшчэ больш драматычным. У 1945 г. дакументы трапiлi ў рукi брытанскага i амерыканскага ўрадаў, якiя сфатаграфавалi шмат з iх i аддалi негатывы ў карыстанне даследчыкам у Public Record Office у Лондане i ў Нацыянальны архiў у Вашынгтоне: так што, калi хапае цярпення i цiкаўнасцi, можна дакладна высветлiць, што зрабiў Бэрнгард. А тое, што ён зрабiў, не было нi вельмi арыгiнальным, нi надта шакуючым. Калi Штрэзэман памёр, здавалася, што ягоная заходняя палiтыка ўвянчалася шэрагам блiскучых поспехаў – Лакарна, прыняцце Нямеччыны ў Лiгу нацый, план Даўэса, план Янга, амерыканскiя пазыкi, вывад саюзных акупацыйных войскаў з Рэйнскай зямлi. Гэта ўяўлялася значнай i вартай часткай знешняй палiтыкi Штрэзэмана i, натуральна, мусiла быць прадстаўлена i ў зборнiку дакументаў Бэрнгарда. Усходняя палiтыка Штрэзэмана, з iншага боку, яго дачыненнi з Савецкiм Саюзам, здавалася, не прывялi нi да чога асаблiвага, i паколькi масы дакументаў пра перамовы, якiя далi толькi нязначныя вынiкi, не былi цiкавыя i нiчога не дадавалi да аўтарытэту Штрэзэмана, працэс адбору мог быць больш строгiм. А на самой справе дачыненням з Савецкiм Саюзам Штрэзэман прысвяцiў нашмат больш настойлiвай i зацiкаўленай увагi, i яны адыгрывалi значна большую ролю ў ягонай знешняй палiтыцы ў цэлым, чым гэта вынiкае са зборнiка Бэрнгарда. Я думаю, што тамы Бэрнгарда не з’яўляюцца выключэннем сярод шматлiкiх выдадзеных зборнiкаў дакументаў, на якiя без ваганняў спасылаецца звычайны гiсторык.

Гэта не канец маёй гiсторыi. Хутка пасля публiкацыi тамоў Бэрнгарда да ўлады прыйшоў Гiтлер. Iмя Штрэзэмана было забытае ў Нямеччыне, а тамы знiклi са звароту: большая частка, верагодна, была знiшчаная. Сёння Stresemanns Vermachtnis – даволi рэдкая кнiга. Але на Захадзе аўтарытэт Штрэзэмана заставаўся высокi. У 1935 г. ангельскi выдавец надрукаваў скарочаны пераклад працы Бэрнгарда – выбранае з выбранага. Не ўвайшла магчыма трэць арыгiнала. Сатан, добра вядомы перакладчык з нямецкай, зрабiў сваю працу кампетэнтна i добра. Ангельская версiя, тлумачыў ён у прадмове, „крыху скарочаная, але толькi за кошт пропуску пэўнай колькасцi таго, што здавалася больш выпадковым … i ўяўляла меншую цiкавасць для ангельскiх чытачоў i даследчыкаў”[14]. I гэта таксама натуральна. Але ў вынiку ўсходняя палiтыка Штрэзэмана, ужо недапрадстаўленая ў Бэрнгарда, аддаляецца яшчэ больш, i Савецкi Саюз выступае ў выданнi Сатана ў якасцi амаль выпадковага i няпрошанага госця пераважна заходняй знешняй палiтыкi Штрэзэмана. З пэўнасцю можна казаць, што для ўсiх за невялiкiм выняткам спецыялiстаў голас Штрэзэмана рэпрэзентуе Сатан, а не Бэрнгард – i яшчэ менш самыя дакументы. Калi б нават апошнiя загiнулi пад бомбамi ў 1945 г., цi знiклi б ацалелыя тамы Бэрнгарда, аўтэнтычнасць i аўтарытэт Сатана нiколi не выклiкалi б сумненняў. Многiя надрукаваныя зборнiкi дакументаў, з удзячнасцю прынятыя гiсторыкамi з прычыны адсутнасцi арыгiналаў, грунтуюцца не на больш надзейным падмурку, чым гэты.

Але я б хацеў крыху прадоўжыць. Давайце забудземся на Бэрнгарда i Сатана i, дзякуючы таму, што можам выбраць, звернемся да аўтэнтычных папераў лiдара якiх-небудзь значных падзей нядаўняй еўрапейскай гiсторыi. Што скажуць нам гэтыя паперы? Сярод iншага яны ўтрымлiваюць запiсы не адной сотнi перамоваў Штрэзэмана з савецкiм паслом у Бэрлiне i прыкладна такой жа колькасцi з Чычэрыным. Гэтыя запiсы маюць адну агульную рысу. Яны паказваюць, што менавiта Штрэзэман правёў iльвiную долю перамоваў i ягоныя аргументы былi нязменна добра сфармуляванымi i пераканаўчымi, а аргументы партнёра ў большасцi выпадкаў мiзэрнымi, блытанымi i непераканаўчымi. Гэта характэрная рыса ўсiх запiсаў дыпламатычных перамоваў. Дакументы гавораць нам не тое, што адбылося, але толькi тое, што Штрэзэман думаў, што адбылося, або ён хацеў, каб iншыя думалi, цi можа тое, што ён сам хацеў думаць, што адбылося. Не Сатан i Бэрнгард, а сам Штрэзэман пачаў працэс адбору. I калi б мы мелi запiсы Чычэрына гэтых самых перамоваў, мы б даведалiся з iх толькi пра тое, што думаў Чычэрын, а тое, што рэальна адбылося, розум гiсторыка яшчэ мусiў бы рэканструяваць. Канешне, факты i дакументы важныя для гiсторыка. Але не рабiце з iх фетыша. Яны не прадстаўляюць гiсторыю самыя па сабе. Самыя па сабе яны не даюць нiякага гатовага адказу на гэтае надакучлiвае пытанне „Што такое гiсторыя?”.

Тут я б хацеў сказаць некалькi словаў пра тое, чаму гiсторыкi ХIХ ст. былi ўвогуле iндыферэнтныя да фiласофii гiсторыi. Тэрмiн быў вынайдзены Вальтэрам, i з таго часу выкарыстоўваеца ў розных значэннях, але я, калi ўвогуле буду iм карыстацца, буду мець на ўвазе наш адказ на пытанне „Што такое гiсторыя?”. ХIХ стагоддзе было для заходнееўрапейскiх вучоных перыядам, спрыяльным для росту веры i аптымiзму. Факты задавальнялi ўсiх, а схiльнасць задаваць i адказваць на непрыемныя пытаннi наконт iх была адносна слабая. Ранке верыў, што боская воля паклапоцiцца пра значэнне гiсторыi, калi ён паклапоцiцца пра факты, а Буркгардт па-сучаснаму, з большым цынiзмам заўважыў: „Няма чаго капацца ў прызначэннях вечнай мудрасцi”. Прафесар Батэрфiлд толькi ў 1931 г. адзначыў з адпаведным задавальненнем, што „гiсторыкi мала сумнявалiся ў прыродзе рэчаў i нават прыродзе свайго прадмета”[15]. Але мой папярэднiк па гэтых лекцыях, доктар Э.Л.Роўз, больш справядлiва крытычны, пiсаў пра кнiгу сэра Ўiнстана Чэрчыля World Crisis („Сусветны крызiс”) пра першую сусветную вайну, што яна роўная History of the Russian Revolution („Гiсторыi расiйскай рэвалюцыi”) па асобе, яркасцi i выразнасцi, i саступае толькi ў адным: яна „не мае за сабой фiласофii гiсторыi”[16]. Брытанскiя гiсторыкi адмовiлiся выказацца не таму, што не прызнавалi за гiсторыяй нiякага значэння, а таму, што ўважалi, быццам яе значэнне не выклiкае сумненняў i само сабой зразумелае. Лiберальны погляд на гiсторыю ў ХIХ ст. вельмi блiзкi эканамiчнай дактрыне неўмяшальнiцтва – таксама прадукт спакойнага i самаўпэўненага погляду на свет. Няхай кожны займаецца сваёй справай, а нябачная рука парупiцца пра ўнiверсальную гармонiю. Самыя па сабе факты былi дэманстрацыяй найвышэйшага факту дабратворнага i вiдавочна бясконцага прагрэсавання да рэчаў вышэйшага парадку. Гэта быў узрост нявiннасцi, i гiсторыкi блукалi па райскiм садзе, не маючы на сабе нi шматка фiласофii, аголеныя, не ведаючы сораму перад Богам гiсторыi. З таго часу яны зведалi Грэх i перажылi Падзенне, i тыя гiсторыкi, якiя сёння хочуць абыходзiцца без фiласофii гiсторыi, нiбы сябры калонii нудыстаў, проста дарэмна спрабуюць аднавiць райскi сад на гарадской ускраiне. Цяпер нельга ўнiкнуць гэтага нязручнага пытання.

За апошнiя пяцьдзесят гадоў па пытанню „Што такое гiсторыя?” выканана добрая частка сур’ёзнай працы. Менавiта з Нямеччыны, краiны, якой было наканавана зрабiць так шмат для разбурэння зручнага панавання лiбералiзму ў ХIХ ст., у 1880-х i 1890-х г. пачуўся першы выклiк дактрыне прымата i аўтаномii фактаў у гiсторыi. Фiлосафы, ад якiх сыходзiў гэты выклiк, цяпер не больш, чым iмёны: Дылтэй – адзiны з iх, хто нядаўна атрымаў крыху запозненае прызнанне ў Вялiкабрытанii. Перад пачаткам нашага стагоддзя росквiт i аптымiзм у гэтай краiне былi яшчэ затрывалыя, каб хоць якая ўвага надавалася ерэтыкам, атакаваўшым культ фактаў. Але ў пачатку новага стагоддзя паходня перайшла да Iталii, дзе Крочэ пачаў прапаноўваць для абмеркавання фiласофiю гiсторыi, якая вiдавочна многiм была абавязаная нямецкiм настаўнiкам. Уся гiсторыя – „сучасная гiсторыя”, абвясцiў Крочэ[17], маючы на ўвазе, што асноўная сутнасць гiсторыi ў бачаннi мiнулага вачыма сучаснага i ў святле яго праблемаў, i што галоўная праца гiсторыка не ў запiсваннi, але ў ацэнцы, бо, калi не ацэньваць, дык адкуль можна ведаць, што вартае запiсу? У 1910 г. амерыканскi гiсторык Карл Бэкер сцвярджаў у стрымана правакацыйнай манеры, што „гiстарычныя факты не iснуюць для гiсторыка, пакуль ён не створыць iх”[18]. На гэтыя выклiкi тады мала звярталi ўвагi. Толькi пасля 1920 г. Крочэ набыў значную папулярнасць у Францыi i Вялiкабрытанii. Гэта здарылася, пэўна, не таму, што ён быў тонкiм мысляром або стылiстам, лепшым за сваiх нямецкiх папярэднiкаў, а таму, што пасля I сусветнай вайны факты, здавалася, не так насмiхаюцца з нас, як да 1914 г., i мы былi больш адкрытыя фiласофii, схiльнай змяншаць iх прэстыж. Крочэ меў значны ўплыў на оксфардскага фiлосафа i гiсторыка Колiнгвуда, адзiнага брытанскага iнтэлектуала цяперашняга стагоддзя, якi ўнёс сур’ёзны даробак у фiласофiю гiсторыi. Яму не хапiла часу напiсаць планаваную сiстэматызаваную працу, але надрукаваныя i ненадрукаваныя артыкулы Колiнгвуда па дадзенай праблеме былi сабраныя ў пасмяротным томе пад назвай The Idea of History („Iдэя гiсторыi”), якi выйшаў у 1945 г.

Погляды Колiнгвуда можна падсумаваць наступным чынам. Фiласофiя гiсторыi не тычыцца нi „мiнулага самога па сабе”, нi „меркавання гiсторыка пра яго самога па сабе”, але „гэтых абодвух рэчаў у iх узаемадзеяннi”. (Гэтае выказванне адлюстроўвае дадзеныя два значэннi слова „гiсторыя” – даследаванне, якое ажыццяўляе гiсторык, i шэраг падзей мiнулага, якiя ён аналiзуе.) „Мiнулае, даследаванае гiсторыкам, гэта не памерлае мiнулае, а такое, што ў пэўным сэнсе жыве яшчэ i цяпер”. Але былое дзеянне мёртвае, г.зн. не мае сэнсу для гiсторыка, пакуль ён не зможа зразумець думку, што стаяла за iм. Такiм чынам, „уся гiсторыя ёсць гiсторыяй думкi”, i „гiсторыя – узнаўленне ў свядомасцi гiсторыка думкi, гiсторыю якой ён вывучае”. Рэканструкцыя мiнулага ў свядомасцi гiсторыка залежыць ад эмпiрычнага сведчання. Але яна сама не ёсць працэсам эмпiрычным, i не можа складацца проста з дэталёвага пералiку фактаў. Наадварот, працэс узнаўлення кiруе адборам i iнтэрпрэтацыяй фактаў: гэта, фактычна, i робiць iх гiстарычнымi фактамi. „Гiсторыя, – кажа прафесар Оўкшат, якi ў гэтым пытаннi стаiць блiзка да Колiнгвуда, – вопыт гiсторыка. Яна „робiцца” не кiм iншым, а толькi гiсторыкам: напiсаць гiсторыю – адзiная магчымасць стварыць яе.”[19]

Гэтая грунтоўная крытыка, хоць яна можа выклiкаць некаторыя сур’ёзныя агаворкi, высвятляе пэўныя iсцiны, якiмi грэбавалi раней.

Па-першае, гiстарычныя факты нiколi не даходзяць да нас „чыстымi”, паколькi не iснуюць i не могуць iснаваць у чыстай форме: яны заўсёды прасейваюцца праз свядомасць таго, хто запiсвае. Адсюль вынiкае, што калi мы выбралi працу гiсторыка, наш першы клопат мусiць тычыцца не фактаў, а гiсторыка, якi апiсаў iх. Дазвольце прывесцi ў прыклад вялiкага гiсторыка, гонару i асобе якога i прысвячаюцца гэтыя лекцыi. Дж.М.Трэвэльян, як ён кажа ў сваёй аўтабiяграфii, „выхоўваўся дома на ў чымсцi гiпертрафаванай традыцыi вiгаў”[20], i ён, спадзяюся, не запярэчыў бы, калi б я назваў яго апошнiм па часе, але не па значнасцi сярод вялiкiх ангельскiх лiберальных гiсторыкаў традыцыi вiгаў. Што з таго, што ён сваiм паходжаннем праз вялiкага гiсторыка-вiга Джорджа Ота Трэвэльяна звязаны з Маколеям, несумненна найвялiкшым з гiсторыкаў-вiгаў. У такiм кантэксце i была напiсана самая лепшая i спелая праца Трэвэльяна England under Queen Anne („Ангельшчына пры каралеве Ганне”), i яна набывае свой поўны сэнс i значнасць для чытача толькi тады, калi чытаецца на тым жа фоне. Аўтар не нясе нiякай адказнасцi, калi чытач не здолее зрабiць гэтага. Бо калi вы, пераймаючы тэхнiку аматараў дэтэктыва, чытаеце спачатку канец, то на апошнIх некалькiх старонках трэцяга тома вы знойдзеце найлепшае з вядомых мне рэзюмэ таго, што сёння называецца вiгаўскай iнтэрпрэтацыяй гiсторыi, i ўбачыце: Трэвэльян спрабуе даследаваць паходжанне i развiццё традыцыi вiгаў i ўкаранiць яе проста ў часы пасля смерцi яе заснавальнiка Ўiльяма III. Хоць гэта, магчыма, не адзiная памылковая iнтэрпрэтацыя падзей перыяду панавання каралевы Ганны, яна з’яўляецца важкай i карыснай для Трэвэльяна iнтэрпрэтацыяй. Але, каб ацанiць усю яе каштоўнасць, вы мусiце разумець, што робiць гiсторык. Бо калi, як кажа Колiнгвуд, гiсторык павiнны ўзнавiць у думках тое, што адбывалася ў свядомасцi персанажаў ягонай драмы, дык i чытач, у сваю чаргу, мусiць узнавiць, што адбываецца ў свядомасцi гiсторыка. Вывучы гiсторыка да таго, як пачаць даследаваць факты. Гэта, урэшце, не так цяжка зразумець. Гэта тое, што ўжо зрабiў старанны студэнт, якi, пасля таго, як яму рэкамендавалi прачытаць працу вялiкага вучонага Джоўнза з Сэнт Джудз, едзе да сябра ў Сэнт Джудз, каб спытаць яго, што за дзядзька гэты Джоўнз i на чым ён памяшаны. Калi вы чытаеце працу па гiсторыi, заўсёды прыслухоўвайцеся да чуткаў. Калi ж вы не можаце iх знайсцi, то або вы глухаватыя, або ваш гiсторык шэры. У сапраўднасцi факты зусiм не падобныя да рыбы на прылаўку рыбнай крамы. Яны падобныя да рыбы, што плавае ў велiзарным i часам недасягальным акiяне. Што зловiць гiсторык, будзе залежаць часткова ад выпадку, але галоўным чынам ад таго, якую частку акiяна ён выбiрае для лоўлi i якi бярэ рыштунак, – гэтыя два фактары, канешне, залежаць ад вiду рыбы, якую ён хоча злавiць. Увогуле, гiсторык здабудзе такiя факты, якiя хоча. Гiсторыя азначае iнтэрпрэтацыю. Сапраўды, калi б, пераварочваючы сэра Джорджа Кларка, я назваў гiсторыю „цвёрдым ядром iнтэпрэтацыi ў сярод мякацi спрэчных фактаў”, маё сцверджанне, несумненна, было б аднабокiм i памылковым, але, адважуся думаць, не больш чым арыгiнальнае выказванне.

Другая праблема больш знаёмая – гэта патрэба вобразнага разумення свядомасцi людзей, якiмi гiсторык займаецца, думкаў, што стаяць за iх дзеяннямi: я кажу „вобразнае разуменне”, не „сiмпатызаванне”, бо трэба мець на ўвазе не сiмпатыю, а ўзгадненне. ХIХ стагоддзе было слабым у сярэднявечнай гiсторыi, таму што рэлiгiйныя прымхi Сярэднявечча i выклiканае iмi варварства былi яму зачужыя, каб з’явiлася хоць якое вобразнае разуменне людзей Сярэднявечча. Вазьмiце жорсткую заўвагу Буркхардта наконт Трыццацiгадовай вайны: „Ганебна для веравызнання, без рознiцы каталiцкага цi пратэстанцкага, ставiць свой паратунак вышэй яднання нацыi”[21]. Лiберальнаму гiсторыку ХIХ ст., выхаванаму на перакананнi, што правамерна i ўхвальна забiваць дзеля абароны краiны, але кепска i неразумна забiваць у абарону рэлiгii, было неверагодна цяжка прыняць светагляд удзельнiкаў Трыццацiгадовай вайны. Гэтая праблема асаблiва актуальная у сферы, у якой цяпер працую я. Шмат таго, што напiсана ў ангельскамоўных краiнах за апошнiя дзесяць гадоў пра Савецкi Саюз, i ў Савецкiм Саюзе пра ангельскамоўныя краiны, сапсаванае гэтай няздольнасцю дасягнуць хаця б элементарнага вобразнага разумення таго, што адбываецца ў свядомасцi процiлеглага боку, так што словы i дзеяннi iншых падаюцца злымi, бессэнсоўнымi цi няшчырымi. Гiсторыя не можа быць напiсаная без дасягнення гiсторыкам своеасаблiвага кантакту са свядомасцю тых, пра каго ён пiша.

Па-трэцяе, мы можам бачыць мiнулае i дасягнуць яго разумення толькi вачыма цяперашняга. Гiсторык належыць да свайго часу i прывязаны да яго ўмовамi чалавечага iснавання. Самыя словы, якiмi ён карыстаецца – накшталт словаў дэмакратыя, iмперыя, вайна, рэвалюцыя – маюць сучасныя канатацыi, ад якiх ён не можа аддзялiць самi словы. Гiсторыкi старажытнасцi прынялi да карыстання словы накшталт „полiс” i „плебс” у арыгiнальным значэннi, якраз каб паказаць, што яны не трапiлi ў гэтую пастку. Гэта не ратуе iх. Яны таксама жывуць цяпер i не могуць падмануць сябе i апынуцца ў мiнулым пры дапамозе незнаёмых цi састарэлых словаў, як i не сталi б яны лепшымi знаўцамi гiсторыi Грэцыi i Рыму, калi б чыталi свае лекцыi ў хламiдах ды тогах. Словы, якiмi пазнейшыя французскiя гiсторыкi называлi парыжскi натоўп, што граў такую значную ролю ў Французскай рэвалюцыi – les sans-culottes, le peuple, la canaille, les bras-nus – усе яны для ведаючых правiлы гульнi з’яўляюцца манiфестамi палiтычнай прыналежнасцi i дэталёвай iнтэрпрэтацыi. Усё ж гiсторык абавязаны выбiраць: выкарыстанне мовы не дазваляе яму заставацца нейтральным. I справа не толькi ў словах. На працягу апошнiх ста гадоў зменены баланс сiлаў у Еўропе прывёў да поўнага перагляду стаўлення брытанскiх гiсторыкаў да Фрыдрыха Вялiкага. Перайначаны баланс улады ў хрысцiянскай царкве памiж каталiцтвам i пратэстанцтвам абсалютна змянiў iх стаўленне да такiх фiгураў, як Лаёла, Лютар i Кромвэль. Дастаткова павярхоўна ведаць працы французскiх гiсторыкаў апошнiх сарака гадоў па французскай рэвалюцыi, каб убачыць, наколькi глыбока на iх паўплывала расейская рэвалюцыя 1917 г. Гiсторык належыць не мiнуламу, а сучаснасцi. Прафесар Трэвар-Роўпэр кажа, што гiсторык „павiнны любiць мiнулае”[22]. Гэты сумнiўны загад лёгка можа быць выяўленнем настальгiчнага рамантызму старых людзей i старых грамадстваў, сiмптомам страты веры i цiкавасцi да сучаснасцi i будучага[23]. Клiшэ дзеля клiшэ, я б аддаў перавагу таму, хто вызваляецца ад „мёртвай рукi мiнулага”. Функцыяй гiсторыка ёсць не любiць мiнулае, не вызваляцца ад мiнулага, але разумець яго i валодаць iм як ключом разумення сучаснасцi.

Гэтыя заўвагi можна назваць поглядам Колiнгвуда на гiсторыю. Час звярнуць увагу на некаторыя небяспечныя моманты. Акцэнтаванне ролi гiсторыка ў стварэннi гiсторыi мае тэндэнцыю, калi давесцi да лагiчнага канца, выключаць усялякую аб’ектыўную гiсторыю: гiсторыя ёсць тым, што стварае гiсторык. Колiнгвуд, здаецца, сапраўды ў нейкi момант у ненадрукаванай нататцы, цытаванай ягоным рэдактарам, прыйшоў да такой высновы:

Св. Аўгусцiн глядзеў на гiсторыю з пункту гледжання ранняга хрысцiянiна; Тылямон – з пункту гледжання француза XVII ст.; Гiбон – з пункту гледжання ангельца XVIII ст.; Момзэн – з пункту гледжання немца XIX ст. Не мае сэнсу пытанне, якi з пунктаў гледжання слушны. Кожны быў адзiна магчымы для прыняўшага яго[24].

Так даходзiць да татальнага скептыцызму, такога, як заўвага Фроўда, што гiсторыя – „дзiцячая скрынка з лiтарамi, з якiх можна скласцi якое заўгодна слова”[25]. Колiнгвуд у сваёй рэакцыi супраць „кампiлятыўнай гiсторыi”, супраць погляду на гiсторыю як на простую кампiляцыю фактаў, падыходзiць небяспечна блiзка да вызначэння гiсторыi як нечага выцягнутага з чалавечага розуму i вяртае да высновы, на якую спасылаўся сэр Джордж Кларк у цытаваным вышэй фрагменце: „”аб’ектыўнай” гiстарычнай праўды не iснуе”. Замест тэорыi, што гiсторыя не мае значэння, нам прапануюць тут тэорыю неакрэсленасцi значэнняў. Кожная з iх не больш слушная за iншую – абедзьве вядуць да вельмi падобнага. Другая тэорыя несумненна настолькi ж непрыдатная, як i першая. Калi гара набывае розныя формы з розных кропак гледжання, гэта не сведчыць нi пра адсутнасць формы ўвогуле, нi пра няпэўнасць форм. Тое, што iнтэрпрэтацыя грае неабходную ролю ва ўстанаўленнi гiстарычных фактаў i што нiводная з iснуючых iнтэрпрэтацый не з’яўляецца абсалютна аб’ектыўнай, не азначае, быццам адна iнтэпрэтацыя гэткая ж добрая, як i другая, i гiстарычныя факты ў прынцыпе не паддаюцца iнтэрпрэтацыi аб’ектыўнай. Далей мне давядзецца паразважаць, што менавiта разумеецца пад аб’ектыўнасцю гiсторыi.У гiпотэзе Колiнгвуда ўтойваецца яшчэ большая небяспека. Калi гiсторык абавязкова глядзiць на свой перыяд гiсторыi вачыма свайго часу i вывучае праблемы мiнулага як ключ да праблемаў сучаснасцi, цi не скоцiцца ён да чыста прагматычнага погляду на факты i сцверджання, што крытэрый слушнасцi iнтэрпрэтацыi – гэта яго адпаведнасць якой-небудзь сённяшняй мэце? Паводле гэтай гiпотэзы, гiстарычныя факты – нiшто, iнтэпрэтацыя – усё. Нiцшэ ўжо сфармуляваў гэты прынцып: „Фальшывасць меркавання не ёсць для нас якiм-небудзь пярэчаннем яму. … Пытанне ў тым, наколькi яно жыццядайнае, жыццеахоўнае, вiдазахавальнае, можа вiдастваральнае”[26]. Амерыканскiя прагматысты iшлi, не так вiдавочна i не так самааддана, тым самым шляхам. Веды ёсць ведамi для нейкай мэты. Важкасць ведаў залежыць ад важкасцi мэты. Але нават там, дзе такая тэорыя не вызнавалалася, практыка часта была не менш трывожнай. У галiне майго даследавання я бачыў занадта шмат прыкладаў экстравагантнай iнтэрпрэтацыi, якая груба абыходзiлася з фактамi, каб рэальнасць гэтай небяспекi не ўразiла. Не дзiўна, што ўважлiвае прачытанне некаторых найбольш скрайнiх прадуктаў савецкай i антысавецкай школаў гiстарыяграфii часам спараджае пэўную настальгiю па тых iлюзорных нябёсах чыста фактаграфiчнай гiстарыяграфii ХIХ ст.
Тады як нам у сярэдзiне ХХ ст. вызначыць, што гiсторыку рабiць з яго фактамi? Здаецца, у апошнiя гады я дастаткова часу страцiў на пошукi i ўважлiвае чытаннi дакументаў, напаўняючы свой гiстарычны наратыў дакладнымi спасылкамi на факты, каб пазбегнуць абвiнавачання ў занадта вольным абыходжаннi з фактамi i дакументамi. Абавязак гiсторыка паважаць свае факты не вычэрпваецца абавязкам бачыць, што ягоныя факты дакладныя. Ён мусiць дамагацца ўключэння ў карцiну ўсiх вядомых i тых, пра якiя яшчэ можна даведацца фактаў, у тым цi iншым сэнсе датычных тэмы даследавання i прапанаванай iнтэрпрэтацыi. Калi ён iмкнецца паказаць вiктарыянскага ангельца маральнай i рацыянальнай iстотай, ён не можа забывацца на тое, што адбылося ў Стэйлiбрыдж Ўэйкс у 1850 г. Гэта ж, у сваю чаргу, не азначае, што ён можа iгнараваць iнтэрпрэтацыю – кроў гiсторыi. Неспецыялiсты – так бы мовiць, неакадэмiчныя прыяцелi або прадстаўнiкi iншых акадэмiчных дысцыплiн – часам пытаюцца ў мяне, як гiсторык працуе, калi пiша гiсторыю. Самае распаўсюджанае меркаванне, што гiсторык падзяляе сваю працу на дзве цалкам адрозныя фазы. Першую займае доўгi падрыхтоўчы перыяд: чытанне крынiцаў i напаўненне сшыткаў фактамi. Потым, калi гэта зроблена, ён выкладвае ўсе свае крынiцы, дастае сшыткi i пiша кнiгу ад пачатку да канца. Карцiна ў такiм выглядзе для мяне непераканаўчая i непраўдападобная. Што да мяне, дык калi толькi натрапiў на некалькi асноўных крынiц, пачынаецца такi моцны сверб, што я сядаю пiсаць – неабавязкова з пачатку, але з якога-небудзь месца, з любога месца. Далей чытанне i пiсанне iдуць адначасова. Да напiсанага нешта дадаецца, нешта выкiдаецца, перафармулёўваецца, здымаецца, па меры таго, як я працягваю чытаць. Пiсанне шлiфуе, накiроўвае, робiць плённым чытанне: чым болей я пiшу, тым болей я ведаю, чаго шукаю, лепш разумею значэнне i дарэчнасць знойдзенага. Магчыма, некаторыя гiсторыкi выконваюць усё гэтае папярэдняе пiсанне ў галаве, не карыстаючыся ручкай, паперай цi друкавальнай машынкай, як некаторыя гуляюць у шахматы ў думках, без дошкi i партнёра: гэта талент, якому я зайздрошчу, але сам iм не валодаю. Ва ўсялякiм разе, я перакананы, што ў кожнага, хто варты называцца гiсторыкам, гэтыя два працэсы, названыя эканамiстамi „загрузкай” i „выхадам”, адбываюцца адначасова i на практыцы з’яўляюцца часткамi адзiнага працэсу. Калi паспрабуеш iх раздзялiць, або паставiць адзiн над другiм, кiдаешся ў адну з ерасяў. Або пiшаш кампiлятыўную гiсторыю без сэнсу i значэння, або пiшаш прапаганду цi гiстарычную белетрыстыку, пры гэтым проста карыстаешся фактамi мiнулага, каб аздобiць напiсанае, якое не мае нiякага дачынення да гiсторыi.

У вынiку нашага разбору стаўлення гiсторыка да фактаў гiсторыi мы апынаемся ў вiдавочна небяспечным становiшчы памiж Сцылай непрыдатнай тэорыi гiсторыi як аб’ектыўнай кампiляцыi фактаў, безумоўнай перавагi факта перад iнтэрпрэтацыяй, i Харыбдай роўна непрыдатнай тэорыi гiсторыi як суб’ектыўнага прадукта разумовай дзейнасцi гiсторыка, якi вызначае факты гiсторыi i апрацоўвае iх у працэсе iнтэрпрэтацыi; памiж поглядам на гiсторыю з цэнтрам цяжару ў мiнулым i поглядам на гiсторыю з цэнтрам цяжару ў сучаснасцi. Але нашае становiшча не такое безнадзейнае, як здаецца. Мы сутыкнемся з гэтай самай дыхатамiяй факта i iнтэрпрэтацыi зноў у гэтых лекцыях пад iншымi маскамi – асобнае i агульнае, эмпiрычнае i тэарэтычнае, аб’ектыўнае i суб’ектыўнае. Праблема гiсторыка – рэфлексiя над прыродай чалавека. Чалавек, за выняткам можа ранняга дзяцiнства i глыбокай старасцi, зусiм не цалкам захоплены асяроддзем i безумоўна яму падпарадкаваны. З iншага боку, ён нiколi не бывае безумоўным валадаром асяроддзя або абсалютна незалежным ад яго. Узаемадачыненнi чалавека з асяроддзем – гэта i ёсць адносiны гiсторыка да яго тэмы. Гiсторык не з’яўляецца нi пакорлiвым рабом, нi гаспадаром-тыранам у дачыненнi да сваiх фактаў. Дачыненнi памiж гiсторыкам i яго фактамi – дачыненнi роўнасцi, дай-i-вазьмi. Кожны практыкуючы гiсторык ведае, калi ён перастае задумвацца над тым, што робiць, калi гiсторык думае i пiша, то ён заняты працяглым працэсам ператварэння сваiх фактаў у сваю iнтэрпрэтацыю i сваёй iнтэрпрэтацыi ў свае факты. Паставiць адно над другiм немагчыма.

Гiсторык пачынае з папярэдняга адбору фактаў i папярэдняй iнтэрпрэтацыi, у святле якой рабiўся iх адбор – як iншымi, так i iм самiм. У працэсе працы i iнтэрпрэтацыя, i адбор, i ўпарадкаванне фактаў зведваюць адмысловыя i магчыма часткова несвядомыя змены дзякуючы ўзаемадзеянню, якое ўлучае таксама i ўзаемадзеянне сучаснага з мiнулым, бо гiсторык – частка сучаснага, а факты належаць да мiнулага. Гiсторык i факты гiсторыi неабходныя адзiн аднаму. Гiсторык без сваiх фактаў пазбаўлены каранёў i бясплодны; факты без свайго гiсторыка мёртвыя i бессэнсоўныя. Такiм чынам, мой першы адказ на пытанне „Што такое гiсторыя?” наступны. Гэта працяглы працэс узаемадзеяння памiж гiсторыкам i ягонымi фактамi, несканчальны дыялог сучаснага з мiнулым.

Пераклала Iрэна Ганецкая

[1] The Cambridge Modern History: Its Origin, Authorship and Production. 1907. P.10-12.
[2] The New Cambridge Modern History. I. 1957. P.XXIV-XXV.
[3];Acton, Lectures on Modern History. 1906. P.318.
[4]Цытуецца ў Listener, 19 June 1952. P.992
[5] M.Manilii Astronomicon: Liber Primus. 2nd еd. 1937. P. 87.
[6] Parsons T. and Shils E. Towards a General Theory of Action. 2nd еd. 1954. P.167.
[7] Sanger G. Seventy Years a Showman. 2nd еd.1926. P.188-9.
[8] Clark K. The Making of Victorian England. 1962.
[9] Bury J.B. Selected Essays. 1930. P.52.
[10] Barraclough G. History in a Changing World. 1955. P.14.
[11] Strachey L. Прадмова да Eminent Victorians.
[12] Цытавалася ў G.P.Gooch, History and Historians in the Nineteenth Century, p. 385; пазней Эктан сказаў пра Дзёлiнгера, што “яму было дадзена стварыць сваю фiласофiю гiсторыi на найвялiкшай iндукцыi, калi-небудзь даступнай чалавеку” (History of Freedom and Other Essays. 1907. P.435).
[13] Cambridge Modern History. I. 1902. P.4.
[14] Stresemann G. Diaries, Letters and Papers. I. 1935 – заўвага рэдактара.
[15] Butterfield H. The Whig interpretation of History. 1931. P. 67.
[16] Rowse A.L. The End of an Epoch. 1947. P.181-3.
[17] Кантэкст гэтага знакамiтага афарызму наступны: „Практычныя патрабаваннi, якiя стаяць за кожным гiстарычным меркаваннем, надаюць усёй гiсторыi характар “сучаснай гiсторыi”, таму што, якiмi б аддаленымi ў часе не здавалiся выкладзеныя такiм чынам падзеi, у сапраўднасцi гiсторыя мае дачыненне да сучасных патрэбаў i сучасных сiтуацый, у якiх тыя падзеi i пульсуюць” (Croce B. History as the Story of Liberty (анг. перакл). 1941. P.19.
[18] Atlantic Monthly, October 1910. P.528.
[19] Oakeshott M. Experience and Its Modes. 1933. P.99.
[20] Trevelyan G.M. An Autobiography. 1949. P.11.
[21] Burckhardt J. Judgements on History and Historians. 1959. P.179.
[22] Уступ да: Burckhardt J. Judgements on History and Historians. P.17.
[23] Параўнай погляд Нiцшэ на гiсторыю: “Мiнулым часам належыць старэчы занятак азiрацца i падводзiць рахункi, шукаць заспакаення ва ўспамiнах з мiнулага, у гiстарычнай культуры” (Thoughts Out of Season (анг. перакл.). 1909. II. P.65-6.
[24] Collingwood R. The Idea of History. 1946. P.XII.
[25] Froude A. Short Studies on Great Subjects. I.1894. P.21.
[26] Beyond Good and Evil. Ch.I.

Наверх

Лорэнс Стоўн. Вяртанне наратыву: развагi пра новую старую гiсторыю*

25 снежня, 1997 |


Я вельмi абавязаны маёй жонцы i маiм калегам – прафесарам Робэрту Дэрнтану, Наталi Дэйвiс, Фэлiксу Джыльбэрту, Чарльзу Джылiспi, Тэадору Рабу, Карлу Шорскэ i многiм iншым за каштоўныя заўвагi да першага варыянту гэтага нарысу. Бальшыню iхных прапановаў я прыняў, аднак адказнасць за канчатковы вынiк нясу толькi я.

* Stone, Lawrence. The revival of narrative: reflections on a new old history, – Chapter 3 from his book: The past and the present. Boston, London and Henley, 1981.P.74-96

I

Гiсторыкi заўсёды апавядалi гiсторыi. Ад Фукiдзiда з Тацытам да Гiбона з Маколеем iхная найвялiкшая амбiцыя заў-жды палягала ў тым, каб выкласцi свой аповед жывою, элегантнаю прозаю. Гiсторыя лiчылася галiною рыторыкi. Аднак у апошнiя пяцьдзесят гадоў дзеячы т. зв. “новае гiсторыi” перыяду пасля II сусветнай вайны[1], якiя ўважалi сябе за авангард свае прафесii, зняславiлi гэтую апавядальнiцкую функцыю. У Францыi апавядальнiцтва адрынулi як l’histoire événementielle (“гiсторыю падзеяў”). Цяпер, аднак, я заўважаю прыкметы падводнае плынi, якая зноў зацягвае шмат каго з вядомых “новых гiсторыкаў” у тую цi iншую форму наратыву.

Перш чым разбiрацца ў прыкметах такое змены i разважаць пра магчымыя яе прычыны, варта праяснiць некаторыя паняццi. Па-першае – што мы будзем называць “наратывам” (narrative)[2] . Наратыў азначае арганiзацыю матэрыялу ў храналагiчнай паслядоўнасцi i канцэнтрацыю зместу вакол аднаго звязнага сюжэту, хоць бы i з пабочнымi лiнiямi. Два асноўныя адрозненнi структурнае гiсторыi ад наратыўнае наступныя: яна будуецца апiсальна, а не аналiтычна, а цэнтр яе цiкавасцi ляжыць у чалавеку, а не ў абставiнах. Таму яна мае справу не столькi з калектыўным i статыстычным, колькi з асабiстым i канкрэтным. Наратыў – адзiн з спосабаў гiстарычнага пiсьма, але ён уплывае на змест i метад гiсторыi i ў сваю чаргу знаходзiцца пад iхным уплывам.

Я маю тут на ўвазе не такi наратыў, якi ўжывае звычайны хранiкёр-антыкварый або аналiст. Гэты выклад зыходзiць з пэўнага “ўнутранага прынцыпу” (pregnant principle), мае сваю тэму i аргументацыю. Для Фукiдзiда тэмаю былi Пэлапанэскiя войны i iхнае катастрафiчнае ўздзеянне на грэцкае грамадства i палiтыку; у Гiбона – тое самае, што стаiць у назове ягонае працы; для Маколея – узнiкненне ў напружаннi рэвалюцыйнае палiтыкi лiберальнага дзяржаўнага ладу, пры якiм насельнiцтва бярэ чынны ўдзел у дзяржаўным жыццi (liberal participatory constitution). Бiёграф апавядае гiсторыю жыцця пэўнага чалавека ад нараджэння i да смерцi. Нiхто з гiсторыкаў, якiя згодна з маiм вызначэннем належаць да наратыўнае плынi, не можа цалкам пазбегнуць аналiзу, але аналiз нiколi не бывае тым каркасам, вакол якога будуецца iхная праца. I, нарэшце, iм надта рупiць рытарычны аспект выкладу. З поспехам цi не, але яны iмкнуцца да стылiстычнае зграбнасцi, дасцiпнасцi i афарыстычнасцi. Iм мала абы-як паскiдаць словы на старонку i пакiнуць iх там, як тыя каровячыя праснакi на полi, – маўляў, раз гiсторыя ёсць навука, дык яна выдатна можа абысцiся i без дапамогi з боку мастацтва.

Не трэба лiчыць, што вызначаныя тут тэндэнцыi стасуюцца да пераважнае бальшынi гiсторыкаў. Я хачу толькi звярнуць увагу на значны зрух у змесце, метадзе i стылi працы, якi адбыўся сярод надта вузкае, але i надта ўплывовае праслойкi прафесiйных гiсторыкаў. Гiсторыя заўсёды жыла на шмат дамоў, i так мусiць быць надалей, калi мы хочам, каб у будучынi яна таксама квiтнела. Трыумф кожнага жанру i ўсялякае школы на справе заўжды вядзе да вузкага сектанцтва, нарцысiзму i самахвальства, да падазронасцi або тыранii ў дачыненнi да iншадумцаў i да iншых прыкрых i самагубных праяваў. Такiя выпадкi знаёмыя нам усiм. У некаторых краiнах i навуковых установах “новыя гiсторыкi” ў апошнiя 30 г. гэтак перарабiлi ўсё на свой капыл, што там склалася нездаровая сiтуацыя; але не здаравей будзе i тады, калi недзе гэтаксама запануе новая тэндэнцыя (пры ўмове, што гэта сапраўды тэндэнцыя).

Важна таксама зазначыць раз назаўжды, што гэты нарыс мае на мэце акрэсленне заўважаных аўтарам зменаў, якiя адбылiся ў гiстарычным стылi, а не ацэнку таго, якi спосаб пiсаць гiсторыю лепшы, а якi горшы. У кожным гiстарыяграфiчным доследзе цяжка пазбегнуць ацэначных меркаванняў, але гэты нарыс не мае на мэце ўзняць нейкi сцяг або распачаць нейкую рэвалюцыю. Аўтар не будзе нiкога змушаць выкiнуць свой калькулятар i ўзяцца распавядаць сюжэтныя гiсторыi.

II

Перш чым пачаць разгляд апошнiх тэндэнцыяў, трэба азiрнуцца назад, каб патлумачыць: чаму каля 50 г. таму шмат хто з гiсторыкаў адмовiўся ад 2000-гадовае традыцыi, згодна з якою наратыў прызнаваўся за iдэальны спосаб пiсаць гiсторыю. Перадусiм, насуперак палкiм запэўненням у адваротным, у гiстарычных колах пашырылася не пазбаўленая слушнасцi думка, што адказы на пытаннi “Што?” i “Як?” у храналагiчным стылi, нават аб’яднаныя логiкай пэўнае стрыжнёвае аргументацыi, на справе не надта дапамагаюць адказаць на пытанне “Чаму?”. Апроч таго, тагачасныя гiсторыкi знаходзiлiся пад магутным уздзеяннем як марксiсцкае iдэалогii, так i метадалогii грамадскiх навук. Таму яны цiкавiлiся грамадствамi, а не асобамi, i былi перакананыя, што можна распрацаваць нейкую “навуковую гiсторыю”, якая з цягам часу сфармулюе абагульненыя законы гiстарычных зменаў.

Тут мы мусiм яшчэ раз прыпынiцца, каб вызначыць, што маецца на ўвазе пад “навуковай гiсторыяй”. Упершыню паняцце “навуковае гiсторыi” сфармуляваў у XIX ст. Ранкэ. У ягонай аснове ляжала вывучэнне матэрыялаў з новых крынiц. Лiчылася, што пiльная тэкстуальная крытыка нераскрытых дагэтуль дакументаў, пахаваных па дзяржаўных архiвах, раз назаўжды ўсталюе факты палiтычнае гiсторыi. У апошнiя 30 г. у гiстарычнай навуцы пашырылiся тры вельмi адрозныя плынi навуковай гiсторыi, якiя грунтавалiся не на новых матэрыялах, а на новых мадэлях цi метадах: марксiсцкая эканамiчная мадэль, французская экалагiчна-дэмаграфiчная мадэль i амерыканская “клiаметрычная” метадалогiя. Згодна са старою марксiсцкаю мадэллю, гiсторыя рухаецца ў дыялектычным працэсе ад тэзiсу да антытэзiсу, цераз барацьбу класаў, якiя ўтвараюцца праз змены ў кантролi над сродкамi вытворчасцi. У 1930-я г. гэтая канцэпцыя спарадзiла надта спрошчаны эканамiчна-сацыяльны дэтэрмiнiзм, якi закрануў багата тагачасных маладых навукоўцаў. Менавiта паняцце навуковае гiсторыi марксiсты моцна баранiлi аж да канца 1950-х г.; пра гэта сведчыць той факт, што часопiс Past and Present аж да 1959 г. не мог змянiць свой падзагаловак з “Часопiсу навуковай гiсторыi” на “Часопiс гiстарычных доследаў”. Варта зазначыць, што цяперашняе пакаленне “нэа-марксiстаў”, здаецца, адмовiлася ад бальшынi падставовых дагматаў традыцыйнага марксiзму 1930-х. Цяпер яны гэтаксама, як i iхныя калегi – не-марксiсты, цiкавяцца дзяржавай, палiтыкай, рэлiгiяй i iдэалогiяй, i, здаецца, перасталi прэтэндаваць на iмкненне да “навуковае гiсторыi”.

У iншым сэнсе выразам “навуковая гiсторыя” карыстаецца з 1945 г. французская гiстарычная школа “Аналаў”, галоў-ным прадстаўнiком якое, хоць i даволi скрайным, можа лiчыцца прафесар Э. Ле Руа Лядуры. Згодна з гэтаю школай, ключавая зменная ў гiсторыi – зрухi ў экалагiчнай раўнавазе памiж запасамi харчавання i колькасцю насельнiцтва; гэтая раўнавага мусiць вызначацца шляхам квантытатыўнага вывучэння прадукцыйнасцi сельскае гаспадаркi, дэмаграфiчных зменаў i цэнаў на ежу на працягу даўжэйшага часу. Такую разнавiднасць “навуковае гiсторыi” спарадзiла камбiнацыя квантыфiкацыйнае метадалогii з даўнымi французскiмi зацiкаўленнямi гiстарычнай геаграфiяй i гiстарычнай дэмаграфiяй. Ле Руа Лядуры наўпрост казаў, што “гiсторыя, якая не паддаецца квантыфiкацыi, не можа прэтэндаваць на навуковасць”[3] .

Трэцяе значэнне тэрмiну “навуковая гiсторыя” характэрнае перадусiм для Амерыкi. Тамтэйшыя “клiаметрысты” на ўвесь голас цвердзяць, што толькi iхная адмысловая квантытатыўная метадалогiя мае права звацца навуковаю[4]. Згодна з iмi, уся супольнасць гiсторыкаў падзяляецца на дзве часткi. Ёсць “традыцыяналiсты”, у лiк якiх уваходзяць як старамодныя гiсторыкi-наратывiсты, што займаюцца найбольш дзяржаўнай палiтыкай i гiсторыяй дзяржаўнага ладу, так i “новыя” гiсторыкi школаў “Аналаў” i Past and Present, што спецыялiзуюцца на эканамiчнай, дэмаграфiчнай i сацыяльнай гiсторыi – нягледзячы на тое, што апошнiя таксама карыстаюцца квантыфiкацыяй, i што абедзве групы, асаблiва ў Францыi, ужо некалькi дзесяцiгоддзяў зацята варагуюць мiжсобку. Зусiм асобна ад iх стаяць навуковыя гiсторыкi – клiаметрысты, якiх яднае метадалогiя, а не той цi iншы прадмет доследу або разуменне прыроды гiстарычных зменаў. Яны будуюць парадыгматычныя (часам супярэчныя фактам) мадэлi светаў, якiя нiколi не iснавалi ў рэальным жыццi, i правяраюць валiднасць сваiх мадэляў з дапамогай найскладанейшых матэматычных i алгебраiчных формулаў, апрацоўваючы паводле iх электронным чынам велiзарныя масы звестак. Iхная спецыяльнасць – эканамiчная гiсторыя, i ў Злучаных Штатах яны фактычна запанавалi ў гэтай галiне; апроч таго, яны ажыццяўлялi маштабныя наезды ў гiсторыю дэмакратычнае палiтыкi апошняга часу, стасуючы свае метады да выбарчых паводзiнаў – як выбаршчыкаў, так i выбiраных. Гэтыя праекты, грандыёзныя, як будоўля пiрамiдаў, канечне, патрабуюць калектыўнае працы: пад аўтакратычным наглядам кiраўнiка групы цэлыя брыгады руплiвых асiстэнтаў збiраюць зыходныя звесткi, кадуюць iх, праграмуюць i прапускаюць праз кампутар. Вынiкi гэтае працы не паддаюцца праверцы нiводным з традыцыйных метадаў, бо ўсе зыходныя звесткi не паведамляюцца ў заўвагах, а застаюцца пахаваныя ў кампутарных стужках, якiмi валодаюць толькi самi даследчыкi. Але ў кожным разе яны часта перадаюцца настолькi цёмнай матэматычнай формай, што застаюцца незразумелымi для бальшынi прафесiйных гiсторыкаў. Адзiнае суцяшэнне для збянтэжаных прафанаў у тым, што самi сябры гэтага святарскага ордэну заўзята i публiчна адмаўляюць адзiн адному ў слушнасцi iх вынаходстваў.

Тры гэтыя тыпы “навуковае гiсторыi” да некаторае ступенi перакрываюцца, аднак, прынамсi ў вачох сваiх прыхiльнiкаў, кожны з iх мае досыць адметных рысаў, каб апраўдаць iснаванне гэтае траiстае тыпалогii.

Iншыя “навуковыя” тлумачэннi гiстарычных зменаў, здабываючы на нейкi час прыхiльнасць навукоўцаў, неўзабаве выходзiлi з моды. Французскi структуралiзм даў блiскучыя ўзоры тэарэтычнага мыслення, але нiводнае значнае гiстарычнае працы – калi не лiчыць творы Мiшэля Фуко працамi больш па гiсторыi, а не па фiласофii маралi з гiстарычнымi прыкладамi. Парсанiянскi функцыяналiзм, якому папярэднiчала “Навуковая тэорыя культуры” Малiноўскага, праiснаваў даволi доўга, нягледзячы на тое, што яму не ўдалося вытлумачыць нi зменаў, якiя адбываюцца з цягам часу, нi таго вiдавочнага факту, што матэрыяльныя i бiялагiчныя патрэбы грамадства, з аднога боку, i ягоныя iнстытуты i каштоўнасцi, з другога, заўсёды адпавядалi адно адному далёка не дасканала, а часта нават вельмi слаба. Як структуралiзм, так i функцыяналiзм прапаноў-валi каштоўныя канцэпцыi, але нiводзiн з iх блiзка не падыйшоў да таго, каб даць гiсторыкам усеабдымнае навуковае тлумачэнне гiстарычных зменаў.

Усе гэтыя тры асноўныя групы навуковых гiсторыкаў, росквiт якiх прыпаў на перыяд адпаведна з 1930-х да 1950-х, з 1950-х да сярэдзiны 1970-х i на 1960-я ды пачатак 1970-х, былi цалкам перакананыя ў вырашальнасцi асноўных праблемаў гiстарычнага тлумачэння i ў тым, што з цягам часу яны патрапяць iх вырашыць. Яны спадзявалiся, што некалi, напэўна, удасца знайсцi адназначныя рашэннi такiх цяжкiх праблемаў, як прычыны “вялiкiх рэвалюцыяў”, пераходу ад феадалiзму да капiталiзму, ад традыцыйных грамадстваў да сучасных. Гэты палкi аптымiзм, так вiдавочны памiж 1930-мi i 1960-мi г. у першых дзвюх групах “навуковых гiсторыкаў”, падтрымлiваўся i верай у тое, што матэрыяльныя ўмовы, такiя, як змены ў суадносiнах колькасцi насельнiцтва i запасаў харчавання, у сродках вытворчасцi i класавай барацьбе, ёсць вядучыя сiлы гiсторыi. Шмат для каго, хоць i не для ўсiх, iнтэлектуальныя, культурныя, рэлiгiйныя, псiхалагiчныя, юрыдычныя, а нават палiтычныя падзеi былi не больш чым эпiфеноменамi. Паколькi змест новага жанру гiстарычнага доследу дыктаваўся ў значнай меры эканамiчным i/цi дэмаграфiчным дэтэрмiнiзмам, то для арганiзацыi i падачы звестак аналiтычны спосаб выкладу быў зручнейшы за наратыўны, а самi звесткi мусiлi, пакуль магчыма, насiць колькасны характар.

Французскiя гiсторыкi, якiя сталi ў 1950-х i 1960-х г. на чале гэтага смелага пачыну, распрацавалi стандартную ерархiчную класiфiкацыю: на першым месцы, i ў пералiку i паводле значнасцi, выступалi факты эканомiкi i дэмаграфii, далей сацыяльная структура, i нарэшце – iнтэлектуальныя, рэлiгiйныя, культурныя i палiтычныя падзеi. Тры гэтыя ярусы разглядалiся як нешта накшталт паверхаў у доме: кожны з iх абапiраўся на нiжэйшы, але верхнiя зусiм або амаль не мелi нiякага зваротнага ўплыву на нiжнiя. У руках некаторых гiсторыкаў новая метадалогiя i новыя пытаннi прыносiлi плён амаль што сенсацыйны. Першыя кнiгi Фэрнана Брадэля, П’ера Губэра i Эмануэля Ле Руа Лядуры вартыя стаць нароўнi з найвялiкшымi гiстарычнымi працамi ўсiх вякоў i народаў[5]. Ужо толькi яны адны цалкам апраўдваюць прыняццё цэлым пакаленнем аналiтычнага i структурнага падыходу.

У вынiку, аднак, узнялася магутная хваля гiстарычнага рэвiзiянiзму. Паколькi рэальную значнасць меў толькi першы з трох ярусаў, а галоўным прадметам доследу была не культура элiты, а матэрыяльнае становiшча масаў, то зрабiлася магчымым казаць пра гiсторыю кантынентальнай Еўропы ад XIV да XVIII ст. як пра “нерухомую гiсторыю” (l’histoire immobile). Прафесар Ле Руа Лядуры даводзiў, што за гэтыя пяць стагоддзяў не змянiлася нiчога – абсалютна нiчога! – паколькi грамадства ўпарта заставалася ў вязнiцы сваёй традыцыйнай i нязменнай “экадэмаграфii” (éco-démographie)[6] . Для гэтае новае мадэлi гiсторыi такiя рухi, як Рэнесанс, Рэфармацыя, Асветнiцтва i ўзнiкненне сучаснае дзяржавы папросту не iснавалi. Яна цалкам iгнаравала грандыёзныя трансфармацыi культуры, мастацтва, архiтэктуры, лiтаратуры, рэлiгii, адукацыi, навукi, права, дзяржаўнага ладу, дзяржаўнага будаўнiцтва, бюракратыi, вайсковае арганiзацыi, фiскальных захадаў i г.д., якiя адбывалiся ў гэтыя пяць стагоддзяў у вышэйшых эшалонах грамадства. Такая дзiўная слепата вынiкала з цвёрдага пераканання, што ўсе гэтыя сферы належаць да трэцяга ярусу, да чыста павярхоўнае надбудовы. Калi некаторыя навукоў-цы гэтае школы пачалi апошнiм часам стасаваць свае выпрабаваныя статыстычныя метады да такiх праблемаў, як пiсьменнасць, змесцiва бiблiятэк i ўздым i заняпад хрысцiянскае пабожнасцi, гэтую сваю дзейнасць яны назвалi стасаваннем квантыфiкацыйных метадаў да le troisiéme niveau.

III

Першая прычына цяперашняга адраджэння наратыву – распаўсюджанае расчараванне ў дэтэрмiнiсцкай эканамiчнай мадэлi гiстарычнага тлумачэння i ў той трохяруснай ерархiчнай структуры, якую яна стварыла. Раскол памiж сацыяльнай i iнтэлектуальнай гiсторыяй прынёс надта прыкры плён. Абе-дзве яны апынулiся ў iзаляцыi адна ад адной, засяродзiлiся самi на сабе i надта звузiлi свой абсяг. У Амерыцы iнтэлектуальнай гiсторыi, якая некалi была флагманам гiстарычнае навукi, прыйшлося так нялёгка, што на нейкi час яна нават страцiла веру ў сябе[7]; сацыяльная гiсторыя тым часам расквiтнела як нiколi раней, але як толькi вера ў чыста эканамiчныя i сацыяльныя тлумачэннi пачала слабець, то выявiлася, што гонар гэтае галiны гiстарычнае навукi за свае iзаляваныя дасягненнi быў толькi прадвеснiкам заняпаду жыццёвых сiлаў. Факты гiсторыi (the historical record) прымусiлi сёння шмат каго з нас прызнаць, што памiж такiмi рэчамi, як лiк насельнiцтва, клiмат, забяспечанасць ежай, каштоўнымi металамi, цэны i г. д., з аднаго боку, i каштоўнасцямi, iдэямi i звычаямi, з другога, iснуюць надзвычай складаныя двухбаковыя cувязi. Разам з сацыяльнымi – статуснымi або класавымi – стасункамi яны ўтвараюць адзiную семантычную структуру (web of meaning).

Шмат хто з гiсторыкаў цяпер лiчыць, што культура групы i нават воля асобы патэнцыйна становяць не менш, калi не больш, важныя прычыннiкi зменаў, чым безасабовыя сiлы матэрыяльнае вытворчасцi i дэмаграфiчнага росту. Няма нiякiх тэарэтычных прычын, чаму першыя заўсёды павiнны дыктавацца апошнiмi, а не наадварот; i сапраўды, факты падаюць багата прыкладаў адваротнае залежнасцi[8]. Так, кантрацэпцыя – прадукт яўна не толькi эканамiчных абставiнаў цi тэхнiчнае вынаходлiвасцi, але не ў меншай меры i стану свядомасцi. Доказ слушнасцi такога меркавання можна ўбачыць у шырокiм распаўсюджаннi гэтае практыкi па ўсёй Францыi задоўга да эпохi iндустрыялiзацыi, амаль за стагоддзе да таго, як гэты звычай пашырыўся ў iншых заходнiх краiнах, i пры адсутнасцi моцнага папуляцыйнага цiску (хiба што на дробных фермах). Гэтаксама мы цяпер ведаем, што нуклеарная сям’я ўзнiкла раней за iндустрыяльнае грамадства, а паняццi прыватнасцi, кахання i iндывiдуалiзму ўзнiклi падобным жа чынам напрыканцы XVII i на пачатку XVIII ст. у Англii ў найтрадыцыйнейшых сектарах традыцыйнага грамадства i не былi вынiкам пазнейшых эканамiчных i сацыяльных працэсаў мадэрнiзацыi грамадства. Пурытанская этыка нарадзiлася з рэлiгiйнага руху, якi паўстаў у англасаксонскiх супольнасцях Англii i Новай Англii за стагоддзi да таго, як паўстала патрэба ў руцiнных мадэлях працы i была збудавана першая фабрыка. Тым часам памiж пiсьменнасцю i урбанiзацыяй, з аднаго боку, i iндустрыялiзацыяй, з другога, iснуе (прынамсi што да Францыi XIX ст.) i адваротная карэляцыя. Узровень пiсьменнасцi аказваецца кепскiм iндыкатарам “сучаснага” ладу думак (attitudes) або “сучасных” прафесiяў[9]. Вось жа, повязi памiж культурай i грамадствам сапраўды надта складаныя, i яны, як выглядае, вар’ююцца ад часу да часу i ад месца да месца.

Цяжка ўстрымацца ад падазрэння, што сваю ролю тут адыграла i аслабленне iдэалагiчнай заангажаванасцi заходнiх iнтэлектуалаў. Калi зiрнуць на тры самыя палкiя гiстарычныя дыскусii 1950-х i 1960-х г. – пра тое, на ўздыме цi ў заняпадзе знаходзiлася шляхта ў Англii XVII ст., рос цi падаў на раннiх этапах iндустрыялiзацыi рэальны прыбытак рабочага класу, а таксама аб прычынах, прыродзе i наступствах амерыканскага рабства, – дык пабачым, што ўсе гэтыя спрэчкi ў сваёй аснове распальвалiся бягучымi iдэалагiчнымi клопатамi. На той час здавалася страшэнна важна ведаць, цi мае слушнасць марксiсцкая iнтэрпрэтацыя гiсторыi, i таму гэтыя пытаннi набылi актуальнасць i выклiкалi вялiкае ўзрушэнне. Iнтэлектуальны заняпад марксiзму i прыняццё на Захадзе мяшанае эканомiкi прыглушылi iдэалагiчную кантраверсiю; адначасна з гэтым гiстарычны дослед страцiў iмпэт да вялiкiх пытанняў “Чаму?”. Праўдападобна, памiж дзвюма гэтымi тэндэнцыямi iснуе некаторая залежнасць.

Эканамiчны i дэмаграфiчны дэтэрмiнiзм падрываўся не толькi прыняццём iдэяў, культуры i нават iндывiдуальнае волi за незалежныя зменныя. Яго падрывала i адраджэнне пры-знання таго факту, што структура грамадства, размеркаванне багацця, аграрная сiстэма i нават культура элiты вельмi часта дыктавалiся палiтычнай i вайсковай уладай з дапамогай грубае сiлы. Класiчныя прыклады – нарманская заваёва Англii ў 1066 г. i, магчыма, тыя розныя шляхi, якiя абралi сабе ў XVI-XVII ст. Усходняя Еўропа, Паўночна-Усходняя Еўропа i Англiя[10]. “Новых гiсторыкаў” 1950-х i 1960-х г., несумненна, будуць жорстка крытыкаваць за тое, што яны, апантаныя сацыяльнымi, эканамiчнымi i дэмаграфiчнымi сiламi гiсторыi, не аддалi належнае ўвагi палiтычнай арганiзацыi, працэсу прыняцця рашэнняў i выпадковасцям бiтваў i аблогаў, разбурэнняў i заваёваў. Праз флуктуацыi палiтычнае ўлады i перамены ваеннае фартуны паўставалi i гiнулi цывiлiзацыi. Надта дзiўна, што тыя, хто ўважаў сябе за авангард гiстарычнае навукi, так доўга не звярталiся да гэтых рэчаў. На практыцы бальшыня гiсторыкаў надалей працягвала займацца палiтычнай гiсторыяй, што, праўда, ужо не лiчылася верхам наватарства. Запозненае прызнанне важнасцi ўлады, асабiстых палiтычных рашэнняў асобнага чалавека i шанцаў у бiтве прымусiла некаторых гiсторыкаў, хочучы-няхочучы, вярнуцца да апавядальнага стылю выкладу. Кажучы словамi Макiявэлi, нi з virtu, нi з fortuna нельга даць сабе рады iнакш, як толькi праз наратыў цi нават анекдот, бо першае з двух гэтых паняццяў – iндывiдуальны атрыбут, а другое – шчаслiвы цi няшчасны выпадак.

Трэцi сур’ёзны ўдар па структурнай i аналiтычнай гiсторыi быў нанесены тым фактам, што ў выкарыстаннi свайго найбольш характэрнага метаду – а менавiта квантыфiкацыi – яе заслугi аказалiся дагэтуль досыць спрэчнымi. Квантыфiкацыя, бясспрэчна, метад цалкам даспелы, i ў шмат якiх галiнах гiстарычнага доследу без яе не абысцiся – асаблiва ў дэмаграфiчнай гiсторыi, гiсторыi сацыяльнай структуры i сацыяльнай мабiльнасцi, эканамiчнай гiсторыi i гiсторыi мадэляў галасавання i выбарчых паводзiнаў у дэмакратычных палiтычных сiстэмах. Выкарыстанне квантыфiкацыi значна павысiла агульную якасць гiстарычнага дыскурсу, патрабуючы дакладных лiчбаў, а не агульных словаў, як дагэтуль. Гiсторык больш не можа абысцiся словамi, якiя лагiчна прадугледжваюць колькаснае параўнанне, накшталт “больш”, “менш”, “рост”, “спад” i падобнымi, не падаючы статыстычнага абгрунтавання сваiх цверджанняў. Квантыфiкацыя, апрача таго, здыскрэдытавала звычай будаваць аргументацыю выключна на паасобных пры-кладах. Цяперашнiм часам крытыкi патрабуюць статыстычных доказаў тыповасцi пададзеных прыкладаў, каб быць пэўнымi, што гэта не проста выключэннi з агульнага правiла. Такiя працэдуры, бясспрэчна, павысiлi лагiчную сiлу i пераканаўчасць гiстарычнае аргументацыi. Цяпер усе згодныя, што гiсторык мусiць вылiчваць заўжды, калi гэта магчыма i плённа, i калi захаваныя крынiцы гэта дазваляюць.

Аднак памiж працаю клiаметрыстаў i рамеснiцкай квантыфiкацыяй асобнага даследчыка, якi складае простыя таблiцы i падлiчвае працэнтныя суадносiны на кiшэнным калькулятары, iснуе вялiзная рознiца. Спецыяльнасць клiаметрыстаў – збор каласальных масаў дадзеных вялiзнымi калектывамi асiстэнтаў, апрацоўка iх на кампутарах i стасаванне да вынiкаў надта складаных матэматычных працэдураў. Але кожная стадыя гэтага працэсу родзiць сумненнi. Шмат для каго застаецца пытаннем, цi дастаткова надзейныя гiстарычныя звесткi для такiх працэдураў; цi можна верыць, што ўся вялiзная каманда асiстэнтаў будзе аднастайна кадаваць усе дакументы, часта вельмi розныя i нават двухсэнсоўныя; цi не губляецца пры кадаваннi мноства вырашальных падрабязнасцяў; цi магчыма ўвогуле быць упэўненым у беспамылковасцi кадавання i праграмнага забеспячэння; i цi не аказваецца складанасць матэматычных i алгебраiчных формулаў урэшце самагубнаю, бо перад iмi большасць гiсторыкаў становiцца ў тупiк. Нарэшце, шмат каго бянтэжыць, што праверыць канчатковыя вынiкi фактычна немагчыма, бо пры гэтым давялося б зыходзiць не з апублiкаваных заўвагаў, а з кампутарных стужак, якiя застаюцца прыватнай уласнасцю i ў сваю чаргу грунтуюцца на гэтаксама прыватных кодавых аркушах, звесткi ў якiх здабытыя з сырога матэрыялу.

Пытаннi гэтыя рэальныя, i самi сабою яны не здымуцца. Усiм нам знаёмыя доктарскiя дысертацыi, артыкулы i мана-графii, у якiх з дапамогай як найбольш вышуканае тэхнiкi або даказваецца вiдавочнае, або робiцца спроба давесцi непраўдападобнае, прычым ужытыя для гэтага формулы i мова робяць немагчымым для звычайнага гiсторыка спраўдзiць выкарыстаную аўтарам метадалогiю. У вынiку такая праца часам спалучае ў сабе заганы як нечытэльнасцi, так i трывiяльнасцi. Кожны з нас ведае пра доктарскiя дысертацыi, якiя чэзнуць недакончанымi, бо даследчык не ў стане апанаваць розумам таўшчэзныя тамы кампутарных раздруковак або страцiў столькi сiлаў, рыхтуючы дадзеныя для машыны, што вычарпаў i час, i цярпенне, i грошы. Ясна адно: дзе калi магчыма, падаваць прыклады ручным спосабам – лепш, хутчэй i не менш надзейна, чым прапускаць праз машыну цэлы сусвет. Усiм нам вядомыя праекты, у якiх лагiчная памылка ў аргументацыi або няўменне скарыстаць звычайны здаровы сэнс сказiлi цi паставiлi пад сумнеў шмат якiя з высноваў. Ведаем мы i пра iншыя праекты, у якiх на стадыi кадавання не ўдалося занатаваць нейкi адзiн кавалак iнфармацыi, а ў вынiку страцiлiся важныя высновы. Чуваць i пра iншыя праекты, дзе самi крынiцы iнфармацыi настолькi ненадзейныя, што высновам, якiя грунтуюцца на колькасных манiпуляцыях з iмi, нiяк нельга даць добрае веры. Класiчны прыклад – парафiяльныя рэгiстры. На працу з iмi цяпер у шмат якiх краiнах трацяцца велiзарныя намаганнi, але плёну ад iх варта чакаць толькi ў асобных i нешматлiкiх выпадках.

Нягледзячы на неаспрэчныя дасягненнi квантыфiкацыйнага метаду, нельга адмаўляць, што ён не апраўдаў вялiкiх спа-дзяванняў, якiя ўскладалiся былi на яго дваццаць гадоў таму назад. Бальшыня вялiкiх праблемаў гiсторыi застаецца сёння гэтаксама неразвязанаю, як i раней, калi не яшчэ больш заблытанаю. Як i раней, у пытаннi аб прычынах ангельскае, француз-скае або амерыканскае рэвалюцыяў яшчэ надта далёка да згоды, нягледзячы на вялiзныя намаганнi, прыкладзеныя, каб высветлiць iх сацыяльныя i эканамiчныя перадумовы. За тры дзесяткi гадоў iнтэнсiўных даследаванняў з эканамiчнае гiсторыi непаразуменняў не паменела, а паболела. Мы не ведаем, чаму памiж 1640 i 1740 г. рост насельнiцтва на большай частцы Еўропы спынiўся; не ведаем, чаму пасля 1740 г. ён аднавiўся зноў; не ведаем нават, што сталася прычынаю гэтага аднаўлення: цi рост ураджайнасцi, цi знiжэнне смяротнасцi. Квантыфiкацыйныя метады могуць даць нам у гiстарычнай дэмаграфii багата адказаў на пытаннi “Што?”, але пакуль адносна мала – на пытаннi “Як?”. Асноўныя пытаннi, звязаныя з амерыканскiм рабствам, застаюцца, як i дагэтуль, без адказу, нягледзячы на самыя складаныя i маштабныя ў гiсторыi навукi квантыфiкацыйныя доследы. Публiкацыя iхных вынiкаў не столькi развязала бальшыню праблемаў, колькi ўзняла тэмпэратуру палемiкi[11]. Яны прыцягнулi ўвагу да такiх iстотных пытанняў, як дыета, гiгiена, здароўе i структура сям’i амерыканскiх неграў у рабстве, але адначасна i адцягнулi ўвагу ад не менш, калi не больш, важных псiхалагiчных уплываў рабства на рабаўладальнiкаў i рабоў – i толькi з тае прычыны, што такiя рэчы немагчыма вымерыць кампутарам. Працы з гiсторыi гарадоў перапоўненыя разна-стайнаю статыстыкай, але тэндэнцыi мабiльнасцi дагэтуль застаюцца нявысветленымi. Нiхто сёння не можа быць цалкам упэўнены, цi было ў XVII i XVIII ст. ангельскае грамадства больш адкрытым i мабiльным за французскае, цi менш, i нават – што перажывала перад Грамадзянскаю вайною ангельская шляхта, уздым цi заняпад. У гэтых пытаннях мы не пайшлi далей за Джэймза Гарынгтана з XVII або дэ Таквiля з XIX ст.

Найбольш расчараванняў дагэтуль прыносiлi якраз тыя праекты, якiя мелi найшчадрэйшае фiнансаванне, пад якiя найамбiтней збiралiся вялiзныя масы звестак з дапамогай цэлых армiяў даследчыкаў (праца якiх аплочвалася), якiя апрацоўвалiся самым навуковым чынам паводле апошняга слова кампутарнае тэхналогii i мелi найскладанейшае матэматычнае афармленне. Сёння, калi мiнулi два дзесяцiгоддзi i выдаткавалiся мiльёны даляраў, фунтаў i франкаў, вiдаць, што гэтыя вялiзныя выдаткi часу, сiлаў i грошай прынеслi даволi сцiплы плён. У кабiнетах навукоўцаў пыляцца велiзарныя стосы зеленаватых раздруковак, шматлiкiя пухлыя i страшэнна нудныя тамы поўняцца лiчбавымi таблiцамi, цяжказразумелымi алгебраiчнымi раўнаннямi i працэнтавымi суадносiнамi, падлiчанымi з дакладнасцю да другога знаку пасля коскi. Апроч таго, дасягнута багата новых важных вынiкаў, а некалькi кнiг папоўнiлi сабою адносна нешматлiкi корпус гiстарычных працаў, якiя з цягам часу не трацяць свае каштоўнасцi. Але ўскладненне метадалогii прывяло ў цэлым да завышанай ацэнкi надзейнасцi зыходных звестак, тым часам як карыснасць атрыманых вынiкаў, здаецца, апынулася цi не ў адваротным стасунку да матэматычнае складанасцi метадалогii доследу i грандыёзнасцi размаху пры зборы зыходных звестак.

Як бы нi падлiчваць тут кошты i здабыткi, але дагэтуль шырокамаштабная кампутарызацыя гiсторыi надта рэдка апраўд-вала выдаткi часу i грошай, i гiсторыкi мусiлi шукаць iншыя спосабы даследавання мiнуўшчыны, якiя пралiлi б на яе больш святла з меншай фатыгаю. У 1968 г. Ле Руа Лядуры напрарочыў, што ў 1980-х г. “гiсторык будзе або праграмiстам, або нiкiм”[12]. Прароцтва гэтае не споўнiлася, i найперш не стаў яго спаўняць сам прарок.

Вось жа гiсторыкi мусяць вярнуцца да прынцыпу iндэтэрмiнiзму – прызнаць, што ў гiсторыi так багата пераменных, што абагульненнi магчымыя максiмум сярэдняга маштабу, як казаў быў шмат гадоў таму Робэрт Мэртан. Макраэканамiчная мадэль – паветраны замак, а “навуковая гiсторыя” – проста мiф. Тлумачэннi, якiя выводзяць усё з адзiнае прычыны, проста не працуюць. Здаецца, тлумачэнне з дапамогай мадэляў са зваротнаю сувяззю, збудаваных вакол Вэбэравых “абiральных схiльнасцяў” (elective affinities), паслужыла б лепшым iнструментам, каб хоць часткова адкрыць няўлоўную праўду аб прычынах гiстарычных падзеяў, асаблiва калi адмовiцца ад усялякiх прэтэнзiяў на навуковасць (у якiм заўгодна сэнсе) нашае метадалогii.

Расчараваўшыся як у монакаўзальным дэтэрмiнiзме эканомiкi i дэмаграфii, так i ў квантыфiкацыйнай метадалогii, гiсторыкi пачалi задаваць зусiм новыя пытаннi, якiх дагэтуль збольшага не заўважалi, засяродзiўшыся на адмысловай метадалогii – структурнай, калектыўнай i статыстычнай. Усё большы лiк “новых гiсторыкаў” спрабуе цяпер зразумець, што адбывалася ў мiнулым у галовах людзей i як iм тады жылося, – а гэтыя пытаннi непазбежна прымушаюць вярнуцца да выкарыстання наратыву.

Значная падгрупа вялiкае французскае школы гiсторыкаў на чале з Люсьенам Фэўрам заўсёды лiчыла iнтэлектуальныя, псiхалагiчныя i культурныя трансфармацыi незалежнымi пераменнымi падставовай важнасцi. Доўгi час яны заставалiся ў меншынi, пакуль паўз iхную цiхую затоку кацiлася хваля навуковае гiсторыi, эканамiчнай i сацыяльнай паводле зместу, структурнай паводле арганiзацыi i квантытатыўнай паводле метаду. Ажно цяпер тэмы, якiмi цiкавiлiся яны, раптоў-на ўвайшлi ў моду. Праўда, крыху змянiўся характар задаваных пытанняў: цяпер яны часта бяруцца з антрапалогii. Антрапалогiя заўжды заставалася адною з самых агiстарычных дысцыплiнаў, прынамсi на практыцы, калi не ў тэорыi, бо яе не цiкавiлi змены, што адбываюцца з цягам часу. Тым не менш яна прадэманстравала, як з дапамогай пражэктарнага метаду (the searchlight method) можна блiскуча раскрыць сутнасць цэлае сацыяльнае сiстэмы i сiстэмы каштоўнасцяў, дэталёва аднатаваўшы адну асобную падзею, пры ўмове пiльнага ўлiку ўсяго яе кантэксту i пiльнага аналiзу яе культурнага сэнсу. Архетыповая мадэль такога “разгорнутага апiсання” (‘thick description‘) – класiчнае паведамленне Клiфарда Джырца (Geertz) пра бойкi пеўняў на выспе Балi[13]. Мы, гiсторыкi, на жаль, не можам апынуцца на месцы падзеi з нататнiкам, магнiтафонам, фота- i кiнакамерамi, але дзе-нiдзе знаходзiм цэлыя натоўпы сведкаў, ад якiх можна даведацца, як iм жылося.

Адна з найвыдатнейшых зменаў, якiя адбылiся за апошнi час са зместам гiсторыi, – раптоўны ўздым цiкавасцi да пачуццяў, эмоцыяў, мадэляў паводзiнаў, каштоўнасцяў i псiхiчных станаў (states of mind). У гэтым дачыненнi ўплыў такiх антраполагаў, як Эванс-Прычард, Клiфард Джырц, Мэры Дуглас i Вiктар Турнэр, сапраўды стаўся вялiзарным. I таму першая прычына адраджэння наратыву некаторымi з “новых гiсторыкаў” была тая, што месца сацыялогii цi эканомiкi як найбольш уплывовай з грамадскiх навук заняла антрапалогiя. Хоць псiхагiсторыя дагэтуль застаецца ў значнай меры тэрыторыяй бедства – пустыняй, усеянай рэшткамi выштукаваных экiпажаў, якiя паразвальвалiся, ледзьве паспеўшы ад’ехаць ад зыходнага пункту, – але свой уплыў на гэтае пакаленне зрабiла i псiхалогiя, так што ягоныя прадстаўнiкi звяртаюць цяпер сваю ўвагу на сэксуальную пажаду, сямейныя стасункi i эмацыйныя сувязi, паколькi тыя ўздзейнiчаюць на чалавека, i на iдэi, погляды i звычаi, паколькi тыя ўздзейнiчаюць на групу. Магчыма, гэтая змена ў пытаннях звязаная яшчэ i з тагачаснай (1970-х г.) грамадскаю сiтуацыяй. Гэта было дзесяцiгоддзе, калi над грамадскiмi пытаннямi ўзялi верх больш персаналiзаваныя iдэi i зацiкаўленнi, бо пашырылася расчараванне ў перспектывах змены становiшча шляхам палiтычнае дзейнасцi. Таму праўдападобна, што раптоўны ўздым цiкавасцi да гэтых пытанняў у мiнулым звязаны з сучаснаю заклапочанасцю аналагiчнымi рэчамi.

Новае зацiкаўленне ментальнымi структурамi стымуляваў крах традыцыйнае iнтэлектуальнае гiсторыi, трактаванай як прасочванне гiсторыi iдэяў на працягу стагоддзяў (зазвычай спыняючыся на Арыстоцелi або Платоне). “Вялiкiя кнiгi” вывучалiся ў гiстарычным вакууме, прычым даследчыкi амаль цi зусiм не спрабавалi ставiць нi самiх аўтараў, нi iхнае слоўнiцтва ў рэальны гiстарычны кантэкст. Сёння гiсторыя палiтычнае думкi на Захадзе перапiсваецца нанова (галоўным чынам такiмi даследчыкамi, як прафесары Дж.Г.Э.Поўкак, Квэнтын Скiнэр i Бэрнард Бэйлiн). Яны з вялiкiмi намаганнямi рэканструююць дакладны кантэкст i значэнне слоў i iдэяў у мiнулым i паказваюць, як з цягам часу тыя змянялi, бы хамелеоны, сваю форму i афарбоўку, прыстасоўваючыся да новых абставiнаў i новых патрэбаў.

Адначасна з гэтым традыцыйная гiсторыя iдэяў скiравала свае намаганнi на вывучэнне зменаў у сродках камунiкацыi i iхнай аўдыторыi. Паўстала новая, квiтучая дысцыплiна – гiсторыя друку, кнiгi i пiсьменства i iхнага ўплыву на распаўсюдж-ванне iдэяў i трансфармацыю каштоўнасцяў.

Яшчэ адна прычына вяртання шмат каго з “новых гiсторыкаў” да наратыву палягае, вiдаць, на жаданнi зноўку зрабiць свае знаходкi даступнымi не толькi для вузкiх спецыялiстаў, але i для шырокае адукаванае публiкi – для тых, хто прагне ўведаць, што новага адкрыта з дапамогаю гэтых наватарскiх пытанняў, метадаў i звестак, але не можа адолець нястраўныя статыстычныя таблiцы, сухую аналiтычную аргументацыю i нашпiгаваную навуковым жаргонам прозу. Спецыялiсты ў структурнай, аналiтычнай, квантытатыўнай гiсторыi што далей то болей мусiлi размаўляць толькi мiж сабою – i болей нi з кiм. Iхныя знахады публiкавалiся ў прафесiйных часопiсах або ў манаграфiях, якiя мелi настолькi высокую цану i настолькi малыя наклады (менш за 1000 паасобнiкаў), што на практыцы амаль увесь наклад такога выдання разыходзiўся па бiблiятэках. Аднак поспех такiх папулярных гiстарычных часопiсаў, як History Today i L’Histoire, сведчыць пра iснаванне ў iх вялiкай i цiкаўнай аўдыторыi, i новыя гiсторыкi iмкнуцца сёння звяртацца да гэтае аўдыторыi, а не пакiдаць яе жывiцца папулярнымi бiяграфiямi i падручнiкамi. Новыя гiсторыкi задаюцца перадусiм тымi пытаннямi, якiя хвалююць сёння кожнага з нас. Гэта прырода ўлады (power), валадарства (authority) i харызматычнага лiдарства; адносiны палiтычных iнстытутаў да сацыяльных мадэляў i сiстэмаў каштоўнасцяў, якiя ляжаць у iх аснове; погляды на маладосць, старасць, хваробу i смерць; сэкс, шлюб i канкубiнат (няшлюбнае сужыццё); народзiны, контрацэпцыя i аборты; праца, вольны час i спажыванне (conspicuous consumption); суадносiны рэлiгii, навукi i магii як мадэляў тлумачэння рэальнасцi; сiла i накiрунак пачуццяў кахання, страху, пажады i нянавiсцi; уплыў пiсьменнасцi i адукацыi на жыццё i светапогляд людзей; адносная важнасць розных сацыяльных згрупаванняў, такiх, як сям’я, род, абшчына, нацыя, клан i раса; моц i значэнне рытуалу, сiмвалу i звычаю як спосабаў мацавання супольнасцi; маральныя i фiласофскiя падыходы да злачынства i пакарання; мадэлi шанавання i выбухi эгалiтарызму; структурныя канфлiкты памiж статус-групамi або класамi; сродкi, магчымасцi i абмежаннi сацыяльнае мабiльнасцi; прырода i сэнс народнага пратэсту i хiлiястычных спадзяванняў; зрух экалагiчнае раўнавагi памiж чалавекам i прыродаю; прычыны i наступствы хваробаў. Усё гэта надзвычай пякучыя пытаннi. Яны датычаць масаў, а не элiты, i маюць большае дачыненне да нашага ўласнага жыцця, чымся справы памерлых каралёў, прэзiдэнтаў i генералаў.

IV

У вынiку ўсiх гэтых збежных плыняў шмат хто з вядомых прадстаўнiкоў “новае гiсторыi” вяртаецца цяпер да пагарджанага раней наратыўнага стылю. I ўсё ж гiсторыкi – i нават iхныя выдаўцы – чуюцца пры гэтым, здаецца, крыху няўпэўнена. У 1979 г. Publishers’ Weekly – выдавецкi тыднёвiк – хвалiў новую кнiгу (гiсторыю суду над Луi XVI) наступным цiкавым чынам: “Выбраны Джорданам наратыўны, а не навуковы падыход (курсiў мой) … становiць узор яснасцi i сiнтэзу”[14]. Крытыку кнiга вiдавочна падабаецца, аднак, на ягоную думку, наратыў паводле азначэння не можа быць навуковым. Калi выдатны прадстаўнiк школы “новае гiсторыi” пiша наратыў, ягоныя сябры нiбы апраўдваюцца за яго: “Вядома, ён зрабiў гэта толькi дзеля грошай”. Але нягледзячы на гэткiя сарамяжлiвыя апраўданнi, новыя тэндэнцыi ў гiстарыяграфii – i ў змесце, i ў метадзе, i ў стылi доследу – вiдавочныя, куды нi зiрнi.

Наватарскую кнiгу Норбэрта Элiаса пра норавы The Civilising Process сорак гадоў нiхто не чытаў, ажно раптам з’явiлiся яе ангельскi i французскi пераклады[15]. Др. Зэльдзiн напiсаў для серыi стандартных падручнiкаў блiскучую двухтамовую гiсторыю сучаснае Францыi, якая iгнаруе цi не ўсе чыста аспекты традыцыйнае гiсторыi i засяроджваецца амаль выключна на эмоцыях i псiхiчных станах[16]. Прафесар Фiлiп Арыес вывучаў рэакцыi, якiя на працягу велiзарнага часавага перыяду выклiкала ўсеагульная траўма – смерць[17]. Гiсторыя чараўнiцтва раптоўна пачала расцi ва ўсiх краiнах, як на драж-джах. Тое самае адбылося i з гiсторыяй сям’i, у тым лiку з гiсторыяй дзяцiнства, юнацтва, старасцi, жанчын i сэксуальнасцi (прычым апошнiя дзве тэмы рызыкуюць рухнуць пад напорам навуковых сiлаў, скiраваных на iх распрацоўку). Выдатны прыклад траекторыi тэндэнцыяў гiстарычнага даследавання на працягу апошнiх дванаццаццi гадоў становяць навуковыя зацiкаўленнi прафесара Жана Дэлюмо. Пачаўшы ў 1962 г. з кнiгi пра эканамiчны прадукт (квасцы), ён у 1969 г. апублiкаваў даследаванне пра грамадства (Рым), у 1971 – пра рэлiгiю (каталiцтва), у 1976 – пра калектыўныя паводзiны (Les Pays de Cocagne), i нарэшце, у 1979 г., – пра эмоцыi (страх)[18].

У французскай мове iснуе назва для гэтае новае тэматыкi – mentalité, але, на жаль, гэтае слова не вызначана як мае быць, i яго цяжка перакласцi на ангельскую мову. I ўсё ж, як бы там нi было, апавядальнiцтва, – дэталёвы выклад усiх акалiчнасцяў аднае цi некалькiх падзеяў (‘happenings’) на падставе сведчанняў вiдавочцаў i ўдзельнiкаў, – бясспрэчна дае магчымасць прасачыць некаторыя з вонкавых праяваў mentalité мiнулага. Вядома, калi антрапалагiчная iнтэрпрэтацыя культуры, на якой грунтуецца такая праца, прэтэндуе на сiстэматычнасць i навуковасць, то аналiз мусiць заставацца яе iстотным складнiкам. Але гэта не можа засланiць ролю вывучэння mentalité ў адраджэннi неаналiтычных спосабаў пiсаць гiсторыю, сярод якiх знаходзiцца i апавядальнiцтва.

Вядома, наратыў – толькi адзiн з спосабаў пiсаць гiсторыю mentalité, якiя сталiся магчымымi дзякуючы расчараванню ў структурным аналiзе. Возьмем, напрыклад, такую блiскучую рэканструкцыю знiклага настрою свядомасцi (mind set), як узнаўленне свету позняе антычнасцi, зробленае Пiтэрам Браўнам[19]. Звычайныя ясныя аналiтычныя катэгорыi – насельнiцтва, эканомiка, сацыяльная структура, палiтычная сiстэма, культура i г.д. – тут iгнаруюцца. Замест гэтага Браўн малюе партрэт веку ў манеры мастака-постiмпрэсiянiста, кiдаючы тут i там грубыя плямы колеру, якiя, калi стаць на добрай адлегласцi, твораць ашаламляльнае па рэальнасцi вiдовiшча, але як прыгле-дзiшся блiжэй – распадаюцца на бессэнсоўныя плямы. Свядомая цьмянасць, жывапiсны падыход, цеснае зблiжэнне гiсторыi, лiтаратуры, рэлiгii i мастацтва, цiкавасць да таго, што адбываецца ў галовах людзей – усё гэта характэрныя рысы аднаго з новых поглядаў на гiсторыю. Гэткi спосаб пiсаць гiсторыю ўжо не наратыўны, а хутчэй “пуантылiсцкi”. Але i яго таксама стымулявала новая цiкавасць да mentalité, i ён таксама стаўся магчымым дзякуючы заняпаду аналiтычнага i структурнага падыходу, якi непадзельна панаваў апошнiя трыццаць гадоў.

Адбылося нават адраджэнне расповеду пра адну асобную падзею. Прафесар Жорж Дубi адважыўся на тое, пра што яшчэ колькi гадоў таму нельга было i падумаць: ён прысвяцiў цэлую кнiгу разбору аднае-адзiнае бiтвы (Бувiнскае) i раскрыў праз яе асноўныя характарыстыкi французскага феадальнага грамадства пачатку XIII ст.[20]. Карла Гiнзбург даў падрабязны разгляд касмалогii нязнанага, пакорлiвага млынара з паўночнай iталii пачатку XVI ст., iмкнучыся такiм чынам прадэманстраваць узрушэннi, якiя на народным узроўнi выклiкала пранiкненне рэфармацыйных iдэяў у нiжэйшыя слаi грамадства[21]. Прафесар Эмануэль Ле Руа Лядуры стварыў унiкальны i незабыўны абраз жыцця i смерцi, працы i сэксу, рэлiгii i звычаяў у пiрэнэйскай вёсцы пачатку XIV ст. Ягоная кнiга Montaillou значная ў двух дачыненнях: па-першае, яна сталася ў Францыi адным з найвялiкшых гiстарычных бэстсэлераў XX ст., а па-другое, аўтар у ёй не выкладае нейкi просты сюжэт – сюжэту там увогуле няма – а бязмэтна блукае па свядомасцi тагачасных людзей. Нездарма такое блуканне становiць адно з адрозненняў сучаснага раману ад колiшняга. Пазней Ле Руа Лядуры распавёў яшчэ гiсторыю асобнага крывавага эпiзоду, якi адбыўся ў маленькiм паўднёвафранцузскiм мястэчку ў 1580 г., раскрыўшы праз яе лiнii ўзаемнае нянавiсцi, што рвалi на шматкi сацыяльную тканiну мястэчка[22]. Прафесар Карла М. Чыполлё, дагэтуль адзiн з самых зацятых эканамiчных i дэмаграфiчных структуралiстаў, апублiкаваў кагадзе кнiгу, дзе ў сувязi з жахлiвым крызiсам пандэмii iдзецца не столькi пра статыстыку захворванняў i смяротнасцi, колькi пра ўзнаўленне i рэканструкцыю асабовых рэакцыяў на яго. Так з-пад ягонага пяра ўпершыню выйшаў аповед[23]. Прафесар Эрык Гобс-баўм, апiсваючы брыдкае, грубае i нядоўгае жыццё паўстанцаў i бандытаў з цэлага свету, вызначае ў гэтай працы прыроду i задачы сваiх “прымiтыўных паўстанцаў” i “сацыяльных бандытаў”[24]. Мiстэр Эдуард Томпсан распавёў гiсторыю змагання памiж браканьерамi i ўладамi ў Вiндзорскiм лесе ў Англii на пачатку XVIII ст., каб падмацаваць сваю тэзу, паводле якое ў Англii ў той час адбывалася сутыкненне плябеяў з патрыцыямi[25]. Апошняя кнiга прафесара Робэрта Дарнтана апавядае, як ажыццяўлялася публiкацыя вялiкае французскае Энцыклапедыi, кiдае багата новага святла на працэс распаўсю-джвання асветнiцкае думкi ў XVIII ст. i праблемы насычэння нацыянальнага i мiжнароднага рынку iдэяў[26]. Прафесар Наталi Дэвiс распавяла пра чатыры charivaris – рытуальныя працэдуры публiчнага ганьбавання – якiя адбылiся ў Лiёне i Жэневе ў XVII ст., iлюструючы гэтым намаганнi супольнасцi ўсталяваць грамадскiя стандарты годнасцi i ўласнасцi[27].

Новая цiкавасць да mentalité сама па сабе стымулявала вяртанне да старых спосабаў гiсторыяпiсання. Разгляд канфлiкту памiж магiяй i рэлiгiяй, прапанаваны Кiт Томас, будуецца вакол пэўнага “ўнутранага прынцыпу”, на якi аўтарка нанiзвае процьму сюжэтаў i прыкладаў[28]. Паводле калi не дасягненняў, то прынамсi задумы i метаду яе вельмi нагадвае i мая нядаўняя кнiжка пра змены ў эмацыйным жыццi ангельскае сям’i[29].

Усе названыя дагэтуль гiсторыкi – даспелыя навукоўцы, даўно звязаныя з “новаю гiсторыяй”. Задаючыся новымi пытаннямi, выпрабоўваючы новыя метады i шукаючы новых крынiцаў, яны цяпер вяртаюцца да сюжэтнага апавядальнiцтва. Аднак памiж iхнымi аповедамi i прозаю традыцыйных гiсторыкаў-наратывiстаў iснуе пяць адрозненняў. Па-першае, усе яны амаль без вынятку займаюцца жыццём, пачуццямi i паводзiнамi людзей бедных i невядомых, а не вялiкiх i моцных. Па-другое, для iхнае метадалогii аналiз застаецца не менш iстотным за апiсанне падзеяў, так што iхныя кнiгi пераскокваюць з аднаго стылю на другi, часам даволi няўклюдна. Па-трэцяе, яны ўводзяць ва ўжытак новыя крынiцы, часта – пратаколы крымiнальных судоў, што дзейнiчалi паводле працэдураў рымскага права, бо там змяшчаюцца поўныя тэксты паказанняў сведкаў на допытах i следствах. (iншы модны спосаб ужытку крымiнальных пратаколаў – картаграфаванне росту i знiжэння колькасцi розных тыпаў адхiленняў – я лiчу справаю цi не цалкам марнаю, бо ўлiчваюцца пры гэтым не зробленыя злачынствы, а арыштаваныя i пакараныя злачынцы, а гэта ж зусiм iншая рэч. Няма падставаў меркаваць, што суадносiны памiж iмi з цягам часу застаюцца нязменнымi.) Па-чацвертае, часта яны апавядаюць свае гiсторыi зусiм не так, як Гамер, Дыкенс цi Бальзак. Пад уплывам сучаснага раману i фрэйдысцкiх iдэяў яны не столькi стараюцца трымацца простых фактаў, колькi ўважлiва даследуюць падсвядомасць, а пад уплывам антрапалогii – спрабуюць выкарыстоўваць паводзiны дзеля адкрыцця сiмвалiчных сэнсаў. I, па-пятае, яны распавядаюць пра пэўнага чалавека, судовы працэс або драматычны эпiзод не дзеля iх як такiх, а дзеля таго, каб пралiць святло на ўнутраныя мэханiзмы колiшняе культуры i грамадства.

V

Калi я маю рацыю, то пераход “новых гiсторыкаў” да наратыву адзначае сабою канец пэўнай эпохi: канец пошукаў звязнага навуковага тлумачэння зменаў, якiя адбывалiся ў мiнулым. Мадэлi гiстарычнага дэтэрмiнiзму, грунтаваныя на эканомiцы, дэмаграфii або сацыялогii, абрынулiся перад аблiччам фактаў, але больш нiякая развiтая дэтэрмiнiсцкая мадэль, грунтаваная на нейкай iншай сацыяльнай навуцы – палiтыцы, псiхалогii цi антрапалогii – не прыйшла iм на змену . Структуралiзм i функцыяналiзм паказалi сябе не нашмат лепшымi. Квантытатыўная метадалогiя аказалася досыць слабым iнструментам, здатным развязаць толькi абмежаваны шэраг праблемаў. Мусячы выбiраць памiж апрыёрнымi статыстычнымi мадэлямi людскiх паводзiн i канцэпцыямi, грунтаванымi на назiраннi, досведзе, меркаваннi (judgеment) i iнтуiцыi, некаторыя з “новых гiсторыкаў” схiльныя цяпер вярнуцца да гэтага апошняга спосабу iнтэрпрэтавання мiнуўшчыны.

Хоць адраджэнне “новымi гiсторыкамi” наратыўнага стылю – праява самага апошняга часу, iхны даробак – усяго толькi тонкi струменьчык у параўнаннi з няспыннай шырокай плынню не менш выдатных апiсальных палiтычных аповедаў, што выходзяць з-пад пяра больш традыцыйных гiсторыкаў. Нядаў-нi прыклад – кнiга СIмона Шамы пра палiтыку Галандыi ў XVIII ст.[30], якую навуковы свет сустрэў бурнай авацыяй. Да працаў падобнага кшталту новыя сацыяльныя гiсторыкi дзесяцiгоддзямi ставiлiся абыякава цi з ледзь прыхаванай пагардай. Такi падыход быў не надта апраўданы, але ў апошнiя гады ён падштурхнуў сяго-таго з традыцыйных гiсторыкаў прыстасаваць свой апiсальны стыль да пастаноўкi новых пытанняў. Некаторыя з iх цiкавяцца ўжо не толькi пытаннямi ўлады i адпаведна асобамi каралёў i прэм’ер-мiнiстраў, войнамi i дыпламатыяй, але, як i “новыя гiсторыкi”, аддаюць увагу прыватнаму жыццю зусiм нязнаных людзей. Чым выклiкана гэтая тэндэнцыя (калi гэта сапраўды тэндэнцыя), не зусiм ясна, але, як здаецца, яе натхняе жаданне распавесцi цiкавую гiсторыю, у якой бы раскрывалiся адметныя рысы асабовасцi i ўнутраны сэнс (inwardness) рэчаў iншага часу i iншае культуры. Некаторыя традыцыйныя гiсторыкi ўжо пэўны час гэтым займаюцца. У 1958 г. прафесар Дж.Р.Эльтан апублiкаваў кнiгу, скла-дзеную з гiсторыяў бунтаў i гвалту (mayhem) у Англii XVI ст., узятых з пратаколаў Зорнае Палаты[31]. У 1946 г. прафесар Х’ю Трэвар-Роў-пэр зрабiў блiскучую рэканструкцыю апошнiх дзён Гiтлера[32]. А зусiм нядаўна ён жа даследаваў незвычайную кар’еру адносна малавядомага ангельскага збiральнiка рукапiсаў, аматара старасвеччыны i патаемнага парнографа, якi жыў у Кiтаi на пачатку нашага стагоддзя. Пiшучы гэтую розрыўку, аўтар, вiдаць, меў на мэце чыстую асалоду ад апавядання самога па сабе, iмкнучыся прасачыць i зафiксаваць адмысловую гiстарычную цiкавостку. Амаль тую ж самую тэхнiку за шмат гадоў перад тым выкарыстаў Э.Дж.Э.Сайманз у сваёй класiчнай працы Quest for Corvo[33], а матывацыя вельмi нагадвае тую, што натхнiла была Рычарда Коба апiсваць з самымi брыдкiмi падрабязнасцямi ўбогае жыццё i смерць злачынцаў, прастытутак i iншых сацыяльных няўдачнiкаў з дна рэвалюцыйнае Францыi[34].

Творы новае брытанскае школы маладых антыкварыяў-эмпiрыкаў кардынальна адрознiваюцца ад тых, пра якiя iшлося вышэй, i сваiм зместам, i метадамi, i задачамi. Iхныя дэталёвыя палiтычныя аповеды зыходзяць з iмплiцытнае тэзы, што ў гiсторыi няма нiякага глыбокага прыхаванага сэнсу, адно выпадковая прыхамаць фартуны i асабовасцi. На чале з прафесарам Конрадам Расэлам i Джонам Кэн’енам i пад уплывам прафесара Джэфры Эльтана яны цяпер спрабуюць пазбавiць якога-колечы iдэалагiчнага цi iдэалiстычнага сэнсу абедзве ангельскiя рэвалюцыi XVII ст.[35]. Няма сумневу, што неўзабаве яны цi iм падобныя звернуць сваю ўвагу яшчэ некуды. Хоць яны нi разу не фармулявалi сваю мэту адкрыта, тым не менш iхны падыход ёсць чысцюткiм нэа-нам’ерызмам, i гэта акурат тады, калi ўласна нам’ерызм, як спосаб разгляду ангельскае палiтыкi XVIII ст., канае. Магчыма, iхнае стаўленне да палiтычнае гiсторыi карэнiцца ў падсвядомым пачуццi расчаравання, звязаным з тым, што сучасная парламенцкая сiстэма выглядае няздатнаю даць рады няўхiльнаму заняпаду эканомiкi i ўлады Брытанii. Але як бы там нi было, гэтыя гiсторыкi – надзвычай абазнаныя i дасведчаныя хранiкёры дробных падзеяў, l’histoire йvйnementielle, i, т. ч., яны становяць адну з шматлiкiх плыняў, якiмi жывiцца адраджэнне наратыву.

Фундаментальная прычына пераходу “новых гiсторыкаў” ад аналiтычнага стылю да дэскрыптыўнага палягае ў карэннай змене погляду на тое, што ёсць цэнтральным прадметам гiсторыi. А гэта ў сваю чаргу залежыць ад папярэднiх фiласофскiх дапушчэнняў пра ролю свабоднае волi чалавека ва ўзаемадзеяннi з сiламi прыроды. Два процiлеглыя полюсы думкi найяскравей выяўляюцца ў пададзеных нiжэй цытатах – адной з аднаго боку, i дзвюх з другога. Так, у 1973 г. Эмануэль Ле Руа Лядуры назваў адзiн з раздзелаў у зборнiку сваiх артыкулаў “Гiсторыя без людзей”. З iншага боку, за паўстагоддзя да гэтага Люсьен Фэўр абвясцiў адваротнае: “Ma proie, c’est l’homme” (“На што я палюю – гэта чалавек”), а за чвэртку стагоддзя Х’ю Трэвар-Роўпэр у сваёй iнаўгурацыйнай лекцыi заклiкаў гiсторыкаў да “вывучэння не абставiнаў, а чалавека ў гэтых абставiнах”[36]. Сёння iдэал гiсторыi, абвешчаны Люсьенам Фэўрам, шмат у якiх колах увайшоў у моду, а з выдавецтваў на-далей лiюцца ракою аналiтычныя i структурныя даследаваннi безасабовых сiлаў. Таму сённяшнiя гiсторыкi падзялiлiся на чатыры групы: гiсторыкi старой наратыўнай школы, перадусiм спецыялiсты з палiтычнае гiсторыi i бiёграфы; клiаметрысты, якiя застаюцца надалей статыстычнымi наркаманамi; сацыяльныя гiсторыкi, якiя працягваюць займацца аналiзам безасабовых структураў; i гiсторыкi mentalité, якiя цяпер прасочваюць з дапамогай наратыву iдэалы, каштоўнасцi, настроi свядомасцi i мадэлi асабiстых iнтымных паводзiнаў – i чым iнтымнейшых, тым лепш.

Аднак пераход апошняе з гэтых чатырох групаў да падрабязнага апiсальнага наратыву цi да iндывiдуальнае бiяграфii не пазбаўлены сваiх праблемаў. Цяжкасць тут даўняя: аргументацыя з дапамогай выбраных прыкладаў застаецца непераканаўчаю з фiласофскага пункту гледжання, бо гэта ўсё ж iнструмент рыторыкi, якi не можа служыць навуковым доказам. Пра асноўную гiстарыяграфiчную пастку, у якую мы тут трапляем, нядаўна добра сказаў Карла Гiнзбург:[37]

“Квантытатыўны i анты-антрапацэнтрычны падыход, прыняты навукамi аб прыродзе ад Галiлея да нашых дзён, паставiў гуманiтарныя навукi перад прыкраю дылемай: яны мусяць прыняць або слабыя навуковыя стандарты, каб атрымаць значны плён, або моцныя навуковыя стандарты – i атрымаць вынiкi, пазбаўленыя вялiкае значнасцi”.

Расчараванне ў другiм падыходзе прымушае вярнуцца да першага. У вынiку сёння адбываецца ператварэнне метаду выбраных прыкладаў – не часта, праўда, унiкальных i дэталiзаваных – у модны спосаб пiсання гiсторыi. У пэўным сэнсе гэта толькi лагiчнае наступства велiзарнага поспеху доследаў з лакальнае гiсторыi, прадметам якiх служыць не ўсё грамадства ў цэлым, а толькi нейкi адзiн з ягоных сегментаў – правiнцыя, места цi нават вёска. Татальная гiсторыя здаецца магчымаю толькi тады, калi ўзяць нейкi мiкракосм, i вынiкi такога доследу часта даюць для асвятлення i тлумачэння мiнуўшчыны больш, чым усе ранейшыя цi сучасныя працы, грунтаваныя на архiвах цэнтральнага ўраду. Праўда, новая плынь выступае i як антытэза даследаванню лакальнае гiсторыi, бо адмаўляе як немагчымую татальную гiсторыю грамадства, нават найменшага, i бярэцца за гiсторыю асобнай яго ячэйкi.

Другая праблема, якая паўстае пры iлюстраваннi mentalité падрабязнымi прыкладамi, – як адрознiць нармальнае ад эксцэнтрычнага. Паколькi цяпер нас цiкавiць перадусiм чалавек, то падрабязны аповед пра асобны выпадак цi канкрэтную асобу можа стаць не толькi цiкавай, але i карыснай чытанкай. Але дзеля гэтага трэба, каб выбраныя намi эпiзоды тычылiся не проста нейкага ашаламляльнага, але, па сутнасцi, нехарактэрнага (irrelevant) драматычнага выпадку, мяцяжу або гвалту, цi то жыцця нейкага эксцэнтрычнага злодзея, нягоднiка або мiстыка. Крытэрыем адбору павiнна быць тое, цi могуць яны пралiць святло на пэўныя аспекты мiнулае культуры. Гэта азначае, што яны мусяць быць тыповымi; аднак шырокае выкарыстанне судовых пратаколаў робiць праблему тыповасцi надта складанай. Людзi, прыцягнутыя да суду, атыповыя цi не паводле самога азначэння; аднак гэта не канечне павiнна тычыцца таго свету, якi так яскрава раскрываецца ў паказаннях сведкаў. Вось жа, бяспека палягае ў тым, каб вывучаць дакументы не столькi дзеля пошуку звестак пра эксцэнтрычныя паводзiны абвiнавачанага, колькi дзеля таго святла, якое дакументы пралiваюць на жыццё i погляды датычных да справы асобаў.

Трэцяя праблема – гэта праблема iнтэрпрэтацыi, i яна яшчэ цяжэй паддаецца вырашэнню. Апавядальнiцтва, мабыць, не горш за любы iншы спосаб можа дапамагчы нам залезцi ў голаў да чалавека з мiнуўшчыны i стварыць ягоны iнтымны вобраз – пры ўмове, што гiсторык усведамляе звязаную з гэтым рызыку. Цяжкасць у тым, што апавядальнiку, як толькi ён туды дападзе, спатрэбiцца ўсё майстэрства, досвед i веды, здабытыя ў практыцы аналiтычнае гiсторыi грамадства, эканомiкi i культуры, каб даць праўдападобнае тлумачэнне некаторых надта дзiўных рэчаў, на якiя ён можа натрапiць. Магчыма, яму спатрэбiцца i крыху аматарскае псiхалогii, але паспяхова апераваць з аматарскаю псiхалогiяй надта складана, а сёй-той стаў бы нават даводзiць, што гэта ўвогуле немагчыма.

Яшчэ адна вiдавочная небяспека палягае ў тым, што адраджэнне наратыву можа прывесцi да вяртання чыстага антыкварыянiзму, да апавядання дзеля апавядання. I яшчэ адна – у тым, каб, засяроджваючыся на сенсацыйным, не выпусцiць з поля зроку нуду i аднастайнасць жыцця пераважнае большасцi людзей. I Трэвар-Роўпэр, i Рычард Коб чытаюцца з захапленнем, але па абодвух гэтых пунктах яны адкрытыя для крытыкi. Шмат хто з прыхiльнiкаў новага стылю, у тым лiку Коб, Гобсбаўм, Томпсан, Ле Руа Лядуры i Трэвар-Роўпэр (дый я сам), вiдавочна захапляюцца аповедамi пра гвалт i сэкс, якiя звяртаюцца да вуайерыстычных iнстынктаў у кожным з нас. З iншага боку, можна даводзiць, што сэкс i гвалт – iнтэгральныя складнiкi ўсяго досведу чалавецтва, i таму вывучаць iхны ўплыў на людзей у мiнулым гэтаксама слушна i апраўдана, як чакаць такога матэрыялу ад сучасных раманаў, кiно i тэлебачання.

Тэндэнцыя да наратыву ўздымае нявырашаныя пытаннi адносна таго, як нам вучыць у будучынi нашых студэнтаў – калi яшчэ застанецца каго вучыць. Вучыць iх старажытнаму мастацтву рыторыкi? Крытыцы тэксту? Семiётыцы? Сiмвалiчнай антрапалогii? Псiхалогii? Або тэхнiцы аналiзу сацыяльных i эканамiчных структураў, якою мы займаемся ўжо цэлае пакаленне? Таму застаецца адкрытым пытанне: дабро цi зло прынясе нашай прафесii гэтае неспадзяванае адраджэнне наратыву такiм мноствам вядучых прадстаўнiкоў “новае гiсторыi”?

У 1972 г. Ле Руа Лядуры ўпэўнена пiсаў[38]:

“Сучасная гiстарыяграфiя, аддаючы перавагу колькаснаму (quantifiable), статыстычнаму i структурнаму, мусiць дзеля выжывання прыгнятаць iншыя гiстарыяграфiчныя накiрункi. За апошнiя дзесяцiгоддзi яна фактычна асудзiла на смерць як наратыўную гiсторыю падзеяў, так i iндывiдуальную бiяграфiю”.

Але сёння, калi пайшло ўжо трэцяе дзесяцiгоддзе, як наратыўная гiсторыя, так i iндывiдуальная бiяграфiя падаюць выразныя прыкметы свайго ўваскрошання. Нiводная з iх не засталася такою сама, як перад сваiм “сконам”, але i ў першай, i ў другой лёгка пазнаць варыянт ранейшага роду. I ня-гледзячы на iхнае ўваскрошанне, спраўляць хаўтуры над смярдзючым трупам аналiтычнае, структурнае, квантытатыўнае гiсторыi яшчэ зарана; яна надалей квiтнее i нават развiваецца, з увагi на амерыканскiя доктарскiя дысертацыi[39].

Ясна, што ў адным слове “наратыў”, асаблiва калi за iм стаiць такая складаная гiсторыя, немагчыма раскрыць змест цэлага шэрагу зменаў, якiя адбылiся ў характары гiстарычнага дыскурсу. Iснуюць прыкметы зрухаў у цэнтральным пытаннi гiсторыi – з акалiчнасцяў, што атачаюць чалавека, да чалавека ў акалiчнасцях; у праблемах, якiя падлягаюць доследу – з эканамiчных i дэмаграфiчных да культурных i эмацыйных; у галоўных крынiцах уплыву на гiсторыю – з сацыялогii, эканомiкi i дэмаграфii да антрапалогii i псiхалогii; у самiм яе прадмеце – з групы да асобы; у мадэлi тлумачэння гiстарычных зменаў – з стратыфiкаваных i монакаўзальных да ўзаемазвязаных i мультыкаўзальных; у арганiзацыi выкладу – з аналiтычнае да дэскрыптыўнае; а ў разуменнi функцыi гiсторыка – з навуковае да лiтаратурнае. Гэтыя шматгранныя змены ў змесце, задачы, метадзе i стылi пiсання гiсторыi адбываюцца адначасова i маюць адны да адных выразныя “абiральныя схiльнасцi”: усе яны шчыльна ўзаемазвязаныя памiж сабою. Дагэтуль не знойдзена адзiнага слова, якое ахапiла б iх усе, i таму стэнаграфiчным значком для ўсiх гэтых працэсаў пакуль што мусiць служыць “наратыў”.

Спадзяюся, што гэты артыкул прыцягне ўвагу да адраджэння наратыву i падштурхне да далейшага асэнсавання ягонага значэння для будучынi гiсторыi i да змены адносiнаў (цяпер усё менш значных) гiсторыi з роднаснымi ёй сацыяльнымi навукамi, – улiчваючы, што гiсторыя належыць перадусiм да сацыяльных навук.

З ангельскай пераклаў Мiкола Раманоўскi

.


[1] Гэтых “новых гiсторыкаў” апошняга часу не след блытаць з амерыканскiмi “новымi гiсторыкамi” ранейшага пакалення, такiмi, як Чарльз Бэрд i Джэймз Гарвэй Робiнсан.
[2] Пра гiсторыю наратыву гл.: Gossman L. Augustin Thierry and Liberal Historiography // History and Theory, Beiheft 15, 1979, i White H. Metahistory: the Historical Imagination in the Nineteenth Century. Baltimore, 1973. Я ўдзячны прафэсару Р.Стэрну за тое, што ён звярнуў маю ўвагу на апошнюю з названых кнiг.
[3] Le Roy Ladurie E. The territory of the Historian. New York, 1979. P. 15 i Part I, у розных месцах.
[4] У сваiм неапублiкаваным дакладзе “Навуковая гiсторыя i традыцыйная гiсторыя” (1979) Р.У.Фогель падае найпераканаўчую аргументацыю, што яна павiнна лiчыцца адзiнай i адзiна праўдзiвай “навуковай” гiсторыяй. Але я застаюся пры сваёй думцы.
[5] Braudel F. La Mediterranée au Temps de Philippe II. Paris, 1949; Goubert P. Beauvais et le Beauvaisis de 1600 а 1730. Paris, 1966; Le Roy Ladurie E. Les Paysans du Languedoc. Paris, 1966.
[6] Le Roy Ladurie E. “L’histoire immobile”, у яго Le Territoire de l’Historien, II, 1978 (напiсана ў 1973 г.).
[7] Darnton E. “Intellectual and Cultural History”, History in our Time, ed. M.Kammen. Ithaca, 1980.
[8] Zuckerman M. Dreams that Men dare to dream: the Role of Ideas in Western Modernizaton // Social Science History. V.2,3.1978.
[9] Furet F., Ozouf J. Lire et Ecrire. Paris, 1977. Гл. таксама Lockridge K. Literacy Colonial New England. New York, 1974.
[10] Я спасылаюся на дыскусiю, распачатую Р.П.Брэнэрам: Brenner R.P. Agrarian Class Structure and Economic Development in Pre-Industrial Europe // Past and Present. 70 (1976).
[11] Fogel R., Engerman S. Time on the Cross. Boston, 1974; David P.A. et al., Reckoning with Slavery. New York, 1976; Gutman H. Slavery and the Numbers Game. Urbana, 1975.
[12] Le Roy Ladurie E. Le Territorie de l’Historien. V.I. Paris, 1973. P.14 (пераклад мой).
[13] Geertz C. Deep play: Notes on the balinese Cock-fight // яго ж The Interpretation of Cultures. New York, 1973.
[14] Jordan D.P. The King’s Trial: Louis XVI v. the French Revolution. Berkeley, 1979. Рэцэнзiя ў: Publisher’s Weekly. 13 August, 1979.
[15] Elias N. The Civilizing Process. New York, 1978.
[16] Zeldin T. France 1848-1945. V.I-II. Oxford, 1973, 1979 (у французскiм перакладзе – Histoire des Passions Francaises. Paris, 1978). Гл. таксама: Mandrou R. Introduction a la France Moderne (1500-1640). Paris, 1961.
[17] Aries P. L’Homme devant La Mort. Paris, 1977.
[18] Delumeau J. L’alun de Rome. Paris, 1962; La Vie économique et sociale de Rome dans la seconde moitié du XVI siécle. Paris, 1969; Le Catholicisme entre Luther et Voltaire. Paris, 1971; La Mort des Pays de Cocagne: Comportments Collectifs de la Renaissance à l’Age Classique. Paris, 1976; L’Histoire de la Peur. Paris, 1979.
[19] Brown P.R.L. The Making of Late Antiquity. Cambridge, Mass., 1978.
[20] Duby G. Le Dimanche de Bouvines: 27 Juillet 1214. Paris, 1973.
[21] Ginzburg C. The Cheese and the Worms. Baltimore, 1980.
[22] Le Roy Ladurie E. Montailou, Village occitan de 1294 а 1324. Paris, 1975; Le carnaval de Romans. Paris, 1979.
[23] Cipolla C.M. Faith, Reason and the Plague in Seventeenth Century Tuscany. Ithaca, 1979.
[24] Hobsbawm E.J. Primitive Rebels. Manchester, 1959; Bandits, New York, 1969; Captain Swing, New York, 1969.
[25] Thompson E.P. Whigs and Hunters. New York, 1975.
[26] Darnton E. The Business of the Enlightenment. Cambridge, Mass., 1979.
[27] Davis N.Z. Charivari, Honneur et Communauté à Lyon et а Genève au XVIIe Siècle // Le Charivari, ed. J.Le Goff and J.C.Schmitt (у друку).
[28] Thomas K.V. Religion and the Decline of Magic, New York, 1971.
[29] Stone L. Family, Sex and Marriage in England 1500-1800. New York, 1978.
[30] Schama S. Patriots and Liberators: Revolution in Netherlands. New York, 1977.
[31] Elton G.R. Star Chamber Stories. London, 1958.
[32] Trevor-Roper H.R. The Last Days of Hitler. London, 1947.
[33] Trevor-Roper H.R. The Hermit of Peking. New York, 1977; Symons A.J.A. Quest for Corvo. London, 1934.
[34] Cobb R. The Police and the People. Oxford, 1970; Cobb R. Death in Paris. New York, 1978.
[35] Russel C. Parliaments and English Politics 1621-29. Oxford, 1979; Kenyon J.P. Stuart England. London, 1978; гл. таксама артыкулы ў Journal of Modern History, vol. 49(4), 1977.
[36] Le Roy Ladurie E. The Territory of the Historian. P.285; Trevor-Roper H.R. History, professiоnal and lay. Oxford, 1957.P. 21.
[37] Ginzburg C. Roots of a Scientific Paradigm // Theory and Society. V.7 (1979). P.276.
[38] Le Roy Ladurie E. The Territory of the Historian. P.111.
[39] Darnton R. Intellectual and Cultural History, дадатак.

Наверх

Лорэнс Стоўн. Будучыня гiсторыi*

24 снежня, 1997 |


* Stone L. The future of history//Historia a debate. Tomo 1. P. 177-189.

Пятнаццаць гадоў таму, у 1978 г. П’ер Нора, супрацоўнiк Вышэйшай школы сацыяльных даследаванняў у Парыжы, прапанаваў наступную характарыстыку стану сучаснай гiстарычнай навукi:

“Мы жывем у перыяд выбуху Гiсторыi. Новыя праблемы, аплодненыя сумежнымi дысцыплiнамi, i пашырэнне на ўвесь свет гiстарычнай свядомасцi, доўга ўласцiвай адной Еўропе, неверагодна ўзбагацiлi спектр пытанняў, якiя гiсторыкi адрасавалi мiнуламу. Гiсторыя, да нядаўняга часу прысвечаная аповеду пра тыя падзеi, якiя ўражвалi сучаснiкаў, бiяграфiям вялiкiх людзей i палiтычным лёсам нацыяў, змянiла свае метады, структуру i мэты.

Аналiз эканомiкi i грамадстваў дапоўнены сёння вывучэннем матэрыяльных культур, цывiлiзацыяў i менталiтэту. Палiтычная гiсторыя пашырыла свае гарызонты i стала займацца праблемамi механiзмаў улады. Больш надзейную аснову для развiцця дэмаграфiчных, эканамiчных i культурных перспектываў даюць колькасныя метады. Тэкст ужо не кароль: непiсаныя сведчаннi (археалагiчныя знаходкi, вобразы, фальклор) пашыраюць дамен гiсторыi. Увесь чалавек, яго цела, ежа, мова, уяўленнi, тэхнiчныя i разумовыя iнструменты, якiя змяняюцца больш менш хутка – увесь гэты матэрыял, на якi раней не звярталi ўвагi, стаў хлебам гiсторыка. У той жа час, паскарэнне гiстарычнага працэсу прыцягнула ўвагу да су-працьлеглага, стымулюючы больш дэталёвае даследаванне пастаяннага i нязменнага ў калектыўнай гiсторыi”[1].

Гэта было справядлiва тады, калi пiсалася. Выбух сацыяльнай i пазней культурнай гiсторыi пасля другой сусветнай вайны стаў сапраўды велiзарным дасягненнем гiстарычнай навукi. Дзякуючы яму з’явiлiся некаторыя з найвялiкшых працаў па гiсторыi, многiя з iх прадукты школы аналаў у Парыжы, гэтага магутнага рухавiка гiстарычнай iнавацыi. Я вельмi шчаслiвы, што быў якраз у адпаведным узросце, каб спрычынiцца да яе. Нядаўна, аднак, сацыяльная i культурная гiсторыi, якiя цягам пяцiдзесяцi гадоў iнтэлектуальна, калi не колькасна, дамiнавалi ў нашай прафесii, досыць нечакана зазналi цяжкiя часы. Iх самаўпэўненыя патрабаваннi верхавенства ў дысцыплiне цяпер рашуча аспрэчваюцца i ў моду зноў уваходзяць палiтычная гiсторыя i наратыў. Цяпер я прааналiзую спачатку мiнулае – што менавiта было не ў парадку з сацыяльнай гiсторыяй. Потым звярнуся да цяперашняга – што не так у сённяшнiх плынях. I ўрэшце скончу выкладаннем прычынаў веры ў светлую будучыню для гiсторыi ў наступныя дзесяцiгоддзi.

I. Мiнулае: сацыяльныя гiсторыкi

Яшчэ да пачатку 1980-х г. стала зразумелым, што ўнутры сацыяльнай i культурнай гiсторыi маёй генерацыi iснуюць пэў-ныя хiбы. За некалькi апошнiх гадоў у гэтым гiстарычным напрамку выявiлiся вiдавочныя адзнакi крызiсу: прыкметы як узнясення да фанабэрыстага канструявання ў паднябессi, так i ўпадання ў трывiяльнасць, нудоту i недарэчнасць. Структуралiсцкая гiсторыя, магчыма, дасягнула апагею звышнаватарства ў кнiгах Фуко пра вар’яцтва, сэксуальнасць i турмы.

Фуко справядлiва крытыкаваў Дэрыду за ўхiленне ад пытання ўлады, але сам у вывучэннi ўсiх грамадскiх i iндывiдуальных адносiнаў надаваў абсалютнае значэнне панаванню i падпарадкаванню. Гэтую догму я лiчу псiхалагiчна неадэкватнай. На час, аднак, Фуко змянiў наша бачанне свету, чым часова разбурыў маральныя падпоркi Асветнiцтва XVIII ст. На маю думку, гэта не тое, чым можна ганарыцца.

Квантыфiкацыя як навуковы iнструмент гiсторыi дасягнула свайго супернаватарства ў спробе прафесараў Фогеля i Энгермана са Злучаных Штатаў вырашыць большасць праблемаў рабства ў Амерыцы пры дапамозе клiаметрыi, г.зн. прымяненнем у гiсторыi статыстычных метадаў.

Пры асцярожным выкарыстаннi квантыфiкацыя з’яўляецца найвыдатнейшым навуковым iнструментам для высвятлення няпэўнай думкi, асаблiва ў эканомiцы i дэмаграфii. Са-праўды, колькасная гiсторыя ў дачыненнi да дэмаграфii дасягнула трыумфальнага поспеху ва ўстанаўленнi фактаў, хоць яна значна менш плённая пры выпрацоўцы праўдападобных тлумачэнняў[2].

Першай памылкай было перакананне, што клiаметрыя з’яўляецца чамусьцi навуковай, у той час як на самой справе яна надзейная ўсяго настолькi, наколькi надзейныя дадзеныя, на якiх яна абапiраецца i якiм не заўсёды можна давяраць. Другой памылкай было дапушчэнне, што важныя гiстарычныя праблемы яна можа рашыць найлепшым чынам. У сапраўднасцi ж сферы яе ўсёмагутнасцi, такiя як эканамiчная i дэмаграфiчная гiсторыя, вiдавочна абмежаваныя. Трэцяй памылкай была ўпэўненасць, што кнiгi, насычаныя лiчбамi i ўраўненнямi, але цалкам пазбаўленыя чалавечых iндывiдуальнасцяў, могуць паслужыць хоць бы пачаткам разумення складанасцяў i супярэчнасцяў гiстарычнага працэсу – а яны нашмат менш прыцягваюць зацiкаўленага чытача.

Клiаметрысты забылiся, калi ўвогуле ведалi, правiлы выкарыстання статыстыкi, прапанаваныя вялiкiм ангельскiм палiтэканомам Т.Г.Маршалам у 1906 г.[3]:

1. Выкарыстоўвайце матэматыку як стэнаграфiю, а не як рухавiк даследавання;

2. Перакладзiце яе на ангельскую мову;

3. Падмацуйце прыкладамi з рэальнага жыцця;

4. Выкiньце матэматыку.”

Але калi адзiнкi найлепшых сацыяльных гiсторыкаў iмкнулiся да зорак (i часам падалi з неба, падобна iкару), пераважная большасць другарадных патаналi ў антыкварнай трывiяльнасцi ў абраных для даследавання тэмах, а таксама ў апантанай пагонi за найноўшай модай.

Прычыны заняпаду, напэўна, трэба шукаць у памылках майго пакалення, i я прымаю сваю долю адказнасцi за гэтыя памылкi:

1. Адны канцэнтравалi ўвагу ўсё больш на збяднелых маргiнальных групах, а не на асноўнай плынi, рамантызавалi iх, таму што яны былi бедныя i маргiнальныя;

2. Iншыя сталi ахвярамi тыранii фактаў, узмоцненай квантыфiкацыяй. Але “вiну за безразважны эмпiрызм не трэба звальваць на статыстыку; мы павiнны разабрацца менавiта з няўдачай у выкарыстаннi гэтых i iншых метадаў даследавання, каб адказаць на важныя пытаннi”[4].

3. Мы ўсе моцна грашым, не звяртаючы нiякай увагi на пытаннi ўтварэння дзяржавы i дзяржаўнай ўлады ў палiтычным цi вайсковым аспекце i на палiтыку як працэс. Вось канкрэтны прыклад. У сваёй велiзарнай кнiзе пра Crisis of the Aristocracy (“Крызiс арыстакратыi”) у Англii канца XVI ст. я не згадваў пра змену палiтычнай ролi палаты лордаў. Вызначэнне сацыяльнай гiсторыi, дадзенае ў 1944 г. Дж.М.Трэвэльянам, як “гiсторыi народа без палiтыкi” стала прароцтвам, так фактычна i здарылася”[5].

4. Такое iгнараванне дзяржаўнай палiтыкi спалучалася з аднолькава пагардлiвым стаўленннем да рэлiгii, прынятым па розных прычынах усiмi асноўнымi галiнамi новай сацыяльнай гiсторыi. I гэта пасля таго, як Макс Вэбэр надаў рэлiгii такую грандыёзную гiстарычную вагу. Напрыклад, наўрад цi знойдзецца слова пра рэлiгiю ў вялiзнай i плённай кнiзе Брадэля пра Мiжземнамор’е ў часы Фiлiпа II, нягледзячы на той факт, што якраз тады барацьба памiж вялiкiмi рэлiгiйнымi iнстытутамi каталiцкага хрысцiянства i iслама за кантроль над Мiжземнаморскiм басейнам дасягнула кульмiнацыi[6]. Такое ж грэбаванне iдэалогiяй, рэлiгiяй i культурай можна ўбачыць таксама ў трохтомным даследаваннi Брадэля матэрыяльнай цывiлiзацыi Захаду[7]. Але рэлiгiя несумненна адыгрывала вырашальную ролю ў жыццi мужчын i жанчын у перыяд памiж рэфармацыяй XVI ст. i ўздымам секулярызму ў ХIХ ст., i наўмыснае iгнараванне гэтай тэмы большасцю сацыяльных гiсторыкаў было адным з найбольш вiдавочных i сур’ёзных грахоў.

5. У аснове сучаснай сацыяльнай гiсторыi была адна вельмi спрэчная перадумова. Гэта дапушчэнне, што пры даследаваннi масавых паводзiнаў, народнай культуры цi нацыянальнай палiтыкi асобныя iндывiды цi групы можна праўдападобна разглядаць як нешта цалкам рацыянальнае. Гiсторыя сведчыць, што людзi, прынамсi часта, а можа i часцей за ўсё, змагаюцца i памiраюць за iдэю, прынцып, рэлiгiю, расавыя цi племянныя прымхi, чым за матэрыяльны эканамiчны iнтарэс. Яны будуць змагацца за iнтарэс, нават забiваць за яго, але звычайна, калi гэта ў iх магчымасцi, не памiраюць за яго. Аднак, калi прынцып i iнтарэс супадаюць, няма межаў, да якiх людзi гатовыя iсцi, што нядаўна было прадэманстравана ў Боснii.

Напрыклад, усе мы трапiлi пад уплыў погляду Джорджа Рудэ i Чарльза Тылi аб надзвычайнай рацыянальнасцi i выбарачнасцi даiндустрыяльнага паўстання натоўпу, цалкам процiлеглага ранейшай iрацыянальнай мадэлi Ле Бона. Iх мадэль па агульным прызнаннi, знаходзiць пэўнае пацверджанне ў рэчаiснасцi, але наўрад цi падыходзiць да нашага сённяшняга досведу, напрыклад, да рэлiгiйных паўстанняў у Iндыi i Іране, расавых хваляванняў 1960-х г. у Амерыцы цi футбольных бясчынстваў 1970-х i 1980-х г. у Англii. У вынiку гэтай рацыяналiстычнай мадэлi мы, гiсторыкi ранняга Новага часу, згубiлi сон, дзiвячыся, з якой гэта нагоды ў 1668 г. натоўп лонданскiх маракоў i чаляднiкаў учынiў пагром публiчных дамоў, не пакiдаючы пярынаў. Урэшце мы нагадваем Карла II, якi тады спытаў у недаўменнi: “Яны карысталiся iмi, цi не так?”. Не выклiкае нiякiх сур’ёзных сумненняў тое, што дзеяннi i паводзiны людзей грунтуюцца не на рэалiстычным аналiзе ўласнага сацыяльнага становiшча, але на iх суб’ектыўных уяўленнях пра гэтую рэчаiснасць.

6. Наступнай нашай, сацыяльных гiсторыкаў, вялiкай памылкай было тое, што мы iгнаравалi, па-першае, выпадковасць i асобу ў гiсторыi i, па-другое, значэнне чыстага выпадку. Мы былi вымушаныя заплюшчваць вочы на гэтыя фактары, зневажаючы храналагiчны наратыў i высокую палiтыку. Гэта змушала нас прынiжаць ролю асобы i адвольнага прыняцця рашэнняў, якiя ўплывалi на хаду вялiкiх падзей, накшталт французскай рэвалюцыi. У гэтым вялiкая сiла Citizens (“Грамадзяне”) Сiмона Шамы, ягонай хронiкi французскай рэвалюцыi. Яна блiскуча працуе ў выяўленнi крытычнай значнасцi гэтых уплываў. Але на жаль, з вадой яна выплёсквае дзiця, паколькi iгнаруе большыя неперсанiфiкаваныя сiлы iмкненняў да змены сярод буржуазii, лiберальнай арыстакратыi i сялянства, i структурныя слабасцi ancien régime (старога рэжыму), вайсковую, фiнансавую, бюракратычную i маральную, а таксама вялiкую эмацыйную сiлу словаў, накшталт свабода, роўнасць i братэрства.

Даўным-даўно сэр Гэрбэрт Батэрфiльд казаў гэта ў дачыненнi да значнасцi свабоднай волi iндывiда ў гiсторыi: “Поле выбару iндывiдаў падобнае да маленькага сегменту вялiкага круга неабходнасцi. Калi даецца хоць нейкае такое поле, яго дастаткова, каб змянiць характар усёй гiсторыi”. З iншага боку, ён сцвярджаў, што “нiхто не стане аспрэчваць прыналежнасць значнай часткi чалавечага жыцця да сферы закона i неабходнасцi”. Працуючы з 1955 г., сэр Батэрфiльд не прадбачыў з’яўлення эмпiрычных намiналiстаў”[8].

Такiм чынам, Шама меў рацыю, калi вяртаў iндывiду важкую ролю ў вялiкай драме, але памыляўся, калi не прызнаваў, што, прынамсi ў нейкай ступенi, кожны iндывiд сацыяльна i культурна сфармаваны i, такiм чынам, ёсць прадуктам свайго асяроддзя. Маркс амаль слушна ўстанавiў сувязi: “Людзi робяць сваю гiсторыю, але яны не робяць яе так, як хочуць; яны робяць яе не пры абставiнах, выбраных iмi самымi, але пры абставiнах, з якiмi нечакана сутыкаюцца, атрыманых i перададзеных з мiнулага”[9]. З iншага боку, дакладна, што з-за прысутнасцi выпадковасцi ў паводзiнах чалавека не iснуе навуковых законаў гiсторыi, i няма для гiсторыкаў магчымасцi паспяхова прадказваць будучыню, апроч як у самым агульным выглядзе. Нават антраполаг-структуралiст Левi-Строс сказаў тое самае, толькi ў iншы час: “На маю думку, блiжэйшая цi аддаленая будучыня залежыць ад выпадковасцi, i я не магу абмяркоўваць яе”.

7. Наступная праблема маральнага плану. Некаторыя антраполагi-культуролагi даўным-даўно сцвярджаюць, што для таго, каб адрачыся ад этнацэнтрызму, мы павiнны прыняць, што любая культурная практыка цi палiтычная арганiзацыя, якая б жорсткая i дзiкая яна нi была (у тым лiку i лiтарыдыктамiя ва Усходняй Афрыцы цi самагенацыд у Камбоджы), вартая павагi, як i любая iншая. Праблема этыкi ў гiсторыi ўзнiкла ў сувязi з неразуменнем палемiчнай, але блiскучай кнiгi сэра Гэрбэрта Батэрфiльда, Whig interpretation of History (“Вiгаўская iнтэрпрэтацыя гiсторыi”). У яе апошнiм разделе рэзка крытыкуецца лорд Эктан, якiм, як высвятляецца пазней, аўтар вельмi захапляўся. Эктан сцвярджаў, што абавязак гiсторыка не толькi растлумачыць i зразумець, але i даць ацэнку мiнуламу. Менавiта гэтаму дапушчэнню боскiх сiлаў пярэчыў Батэрфiльд, перакананы метадыст. Пазней высветлiлася, што Батэрфiльд быў адданы традыцыi вiгаў, не пярэчыў, калi яго называлi новым вiгам, лiчыў iндывiдаў у гiсторыi безумоўна строга адказнымi за iх дзеяннi i напiсаў дзве самыя “вiгаўскiя” кнiгi па гiсторыi ў свеце: The Englishman and his History (“Ангелец i яго гiсторыя”,1944) i The Origins of Modern Science (“Паходжанне сучаснай навукi”,1949)[10].

8. Апошняя праблема сацыяльнай i культурнай гiсторыi – яе аморфнасць. Часткова гэта выклiкана адмаўленнем ад высокай палiтыкi i дзяржаўных структураў, у вынiку чаго гiстарычныя даследаваннi пазбавiлiся цэнтру прыцягнення; часткова тым, што тэматычны спектр дасягнуў незвычайных маштабаў i разнастайнасцi i стаў некiруемым. У вынiку сацыяльная i культурная гiсторыя сёння прапануе неверагодна багаты дыяпазон самых розных аспектаў даследавання жыцця чалавека, з якога гiсторык выбiрае сабе тэму выпадкова, а не сыходзячы з нейкага лагiчнага прынцыпу. Напрыклад, французы нядаўна распрацавалi шырокамаштабныя гiсторыi сэксуальнасцi, пахаў i чыстаплотнасцi. Але як звязаць гiсторыю пахаў цi чыстаплотнасцi з гiсторыяй палiтыкi[11]? Гэтага не ведае нiхто.

Мы ўсе ўсведамляем тую глабальную пераарыентацыю, якая нядаўна адбылася ў сацыяльнай гiсторыi. Надзвычай уражвае адыход у апошнiя 10-15 гадоў ад вывучэння чыста матэрыяльных сiлаў ды сацыяльных i эканамiчных структур, шырока заснаванага на выкарыстаннi статыстыкi. Вызначылася тэндэнцыя да новай культурнай гiсторыi, г.зн. гiсторыi mentalitй (менталiтэту) i даследавання на аснове антрапалагiчнай метадалогii высокай i нiзкай культуры, асаблiва iх выяўленне ў канкрэтных рытуалах i публiчных вiдовiшчах як сiмвалах значэння. Клiфард Джырц, Мэары Дуглас, Вiктар Цёрнэр i Эванз Прычард сталi нашымi ментарамi. Даследаваннi такiх разумных i тонкiх асобаў, як Эмануэль Ля Руа Ладуры, Франсўа Фурэ i Мона Озуф у Парыжы, Карла Гiнзбург у Балоньi, Кэйт Томас у Оксфардзе, Наталi Дэйвiз i Робэрт Дарнтан у Прынстане, Грэг Дэнiнг, Iнга Кледзiнэн i Рыс Iсаак у Мельбурне (Аўстралiя) могуць даць блiскучыя i сенсацыйныя вынiкi. Напрыклад, вельмi проста пагадзiцца з важнай, але не вызначальнай, роляй публiчнага рытуала i публiчнай рыторыкi ў французскай рэвалюцыi. Але тут ёсць дзве агаворкi. Першае, вывучэнне сiмвалiчнага значэння можа лёгка зайсцi занадта далёка. Заўсёды праблематычна вырашыць, калi даследчык прыпiсвае дзеячам iдэi, якiх не было ў сапраўднасцi i пра якiя тыя нават не здагадвалiся. Так, у мяне ёсць сумненнi наконт таго, што Вялiкая катовая разня для парыжскiх чаляднiкаў XVIII ст., якiя яе ажыццявiлi, на самой справе азначала тое, што кажа пра яе мой сябар Робэрт Дарнтан[12].

Па-другое, сёння, здаецца, больш прыкладаецца намаганняў для вывучэння сiмвалiзму, вобразаў i рыторыкi таго, што адбылося ў мiнулым, чым аб’ектыўнай рэальнасцi. У рэшце рэшт, улада i палiтыка ёсць нечым большым, чым проста рытуалы, сiмвалы i словы, хоць i яны несумненна важныя ў стварэннi гегемонii i падтрыманнi кансэнсуса i падпарадкавання. Як пiсаў Мао Цзэ Дун у сваёй грубай манеры: “Улада гля-дзiць з дула пiсталета”. Гэта паўпраўда, на якую мы, гiсторыкi, нiколi не павiнны забывацца, асаблiва тут, на Захадзе, якi заваяваў свет дзякуючы больш высокай вайсковай тэхналогii. Дзяржавы не толькi рыхтуюць распрацаваныя тэатральныя вiдовiшчы накшталт рытуальнага спальвання жанок. Яны таксама ваююць, падвышаюць падаткi, караюць смерцю крымiнальнiкаў i вызначаюць закон.

Не ўспрымайце сказанае як прамову на хаўтурах сацыяльнай i асаблiва культурнай гiсторыi. На працягу пяцiдзесяцi гадоў спачатку сацыяльная, потым культурная гiсторыя былi самымi наватарскiмi i займальнымi. Яны перавярнулi гiсторыю ўверх нагамi. А пазней, у 1980-х г., часткi iх пачалi падаць ахвярамi iх уласных поспехаў. Але нават у такiм стане ў гэтых сферах сацыяльнай i культурнай гiсторыi iдзе вялiкая праца высокай якасцi. Неабходна толькi адмовiцца ад скрайнiх пазiцыяў i змагацца за аднаўленне пачуцця плюралiстычнага адзiнства ў агульнай справе. Пра гэта яшчэ будзе размова ў канцы артыкула.

II. Сучаснасць

Прааналiзаваўшы слабасцi старэйшай сацыяльнай i маладзейшай культурнай гiсторыi розных тыпаў, пяройдзем да разбору не менш сур’ёзных недахопаў мыслення “сярдзiтых маладых людзей” – цяпер ужо не такiх маладых – галоўных яе крытыкаў. Устаноўкi, метадалогiя i высновы сацыяльных гiсторыкаў узору 1950-х i 1960-х г. сёння падвяргаюцца сумненню з боку працiўнiкаў, якiх можна падзялiць на дзве вельмi розныя групы.

Першых я назаву эмпiрыкамi-намiналiстамi. Iх пярэчаннi найбольш яскрава выяўляюцца ў цяперашняй дыскусii наконт ангельскай рэвалюцыi XVII ст., але iх iдэi распаўсюджваюцца амаль на ўсе сферы Заходняй гiсторыi, у тым лiку на амерыканскую i французскую рэвалюцыi.

Нягледзячы на тое, што яны нiякiм чынам не з’яўляюцца маналiтнай групай, iх усё ж лучаць пэўныя падставовыя пазiцыi. Яны прытрымлiваюцца мадэлi пераменаў, якая прадухiляе колькасныя скачкi, адмаўляе доўгатэрмiновыя прычынныя змены, вышэй за ўсё ставiць прыняцце рашэнняў i выяўляе моцную прыхiльнасць да “histoire immobile” (нерухомай гiсторыi) – паняцце, што стагоддзямi нiчога асаблiва не змяняецца.

Адзiн з эмпiрыкаў-намiналiстаў сказаў: “Вялiкiя падзеi не маюць вялiкiх прычынаў, хоць гiсторыку ўласцiва шукаць iх”. Але яшчэ ў XVIII ст. лорд Боўлiнгброўк заўважыў, што “голых фактаў без прычынаў, якiя спарадзiлi iх … недастаткова для характарыстыкi дзеянняў цi рашэнняў”[13]. Iншы, Конрад Расэл, параўнаў грамадзянскiя войны i рэвалюцыi з “дарожнымi здарэннямi”, вiдавочна маючы на ўвазе, што яны ёсць падзеямi, якiя з’яўляюцца проста вынiкам нейкiх непрадбачаных памылак з боку аднаго цi болей кiроўцаў. Французскую, ангельскую i амерыканскую рэвалюцыi сёння многiя лiчаць проста выпадкамi – i да таго ж няшчаснымi.

Мы, такiм чынам, сустракаемся з агульнай iнтэрпрэтацыяй таго, як працуе гiсторыя, якая амаль цалкам адмаўляе шырокiя плынi гiстарычнай прычыннасцi, таму што яны нябачныя ў гатовым выглядзе ў тэкстах, чытаных эмпiрыкамi-намiналiстамi. Такая iнтэрпрэтацыя звужае выбар i формы разумення, а не адкрывае новыя. Яна адхiляе доўгатэрмiновыя ўплывы эканомiкi, сацыяльных зменаў, iдэалагiчных перакананняў, фiласофскiх i юрыдычных iдэй на штодзённую рэальнасць высокай палiтыкi i прыдворныя звадкi; прынiжае ролю iдэй i прынцыпаў у паводзiнах людзей; iгнаруе ўздзеянне народных пачуццяў i дзеянняў на палiтыку, якую праводзiць элiта. Гэтае звужэнне гiстарычнага фокуса, часткова абумоўленае iдэалогiяй, часткова метадалогiяй, цяпер адбiваецца на аналiзе i наступстваў, i прычынаў. Напрыклад, ангельскую прамысловую рэвалюцыю зводзяць да статыстыкi вытворчасцi бавоўны, фабрычных рабочых i г.д. Пры гэтым губляецца ўсё тое, што адбывалася з розумамi, ладам жыцця, мараллю i паводзiнамi, па меры павольнай эвалюцыi Англii, па агульным прызнаннi, вельмi павольнай i без бачных скачкоў, у бок самага урбанiзаванага i iндустрыялiзаванага грамадства ў свеце. Калi вы няправiльна ставiце пытанне, вы, верагодна, атрымаеце няправiльны адказ, а менавiта – не было нiякай прамысловай рэвалюцыi.

Наступная лагiчная памылка эмпiрыкаў-намiналiстаў у тым, што яны блытаюць прызнанне значнасцi доўгатэрмiновых прычынаў змены ў гiсторыi з верай у гiстарычную непазбежнасць. Так, я заўсёды быў перакананы ў важнасцi як доўгатэрмiновых, так i кароткатэрмiновых прычынаў у гiсторыi, але я не магу згадаць нiякай вялiкай падзеi, якую б я лiчыў непазбежнай. Напрыклад, я не ведаю выпадку, каб хоць адзiн прафесiйны гiсторык, цi то марксiст, цi то вiг, калi-небудзь ясна i адназначна прызнаўся ў прыхiльнасцi дактрыне непазбежнасцi грамадзянскай вайны ў Англii ў 1642 г. Вялiкая мiшэнь для абразаў – “шырокая дарога да грамадзянскай вайны” – нават не горная сцежка, пратаптаная козамi. Яе нiколi не iснавала.

Эмпiрыкi-намiналiсты скардзяцца, што гiсторыкаў часта больш цiкавяць падзеi, што маюць доўгатэрмiновае значэнне, чым тыя, якiя, як высвятляецца, такога не маюць. Менавiта так i ёсць. Але чаму не? Як адзначыў Дройзэн амаль стагоддзе таму, не ўсё, што адбылося ў мiнулым, аднолькава вартае вывучэння, i наш выбар павiнен быць прадыктаваны неабходнасцю паглыбiць разуменне таго, як мiнулае паўплывала на цяперашняе[14]. Вось чаму мы вывучаем у дробных дэталях гiсторыю ранняга хрысцiянства, а культам Мiтры толькi цiкавiмся, нягледзячы на тое, што апошнi ў той час быў больш распаў-сюджаны.

Адзiн эмпiрык сцвярджаў, што “ў навуцы, як i ўсюды, калi клапацiцца пра пенс, фунты паклапоцяцца самi пра сябе”[15]. Але гэта якраз тое, чаго не адбываецца нi ў якой iнтэлектуальнай дзейнасцi. Трэба пачынаць з праблемы, i кожная гiпотэза павiнна быць праверана. Як заўважыў нядаўна доктар Тэадор Зэлдзiн, “уяўленне настолькi ж неабходнае гiсторыкам, як i новыя дакументы. Новыя дакументы – лёгкi шлях стварыць iлюзiю арыгiнальнасцi”[16]. Свядомае адмаўленне ўяўлення вядзе проста да калекцыявання антыкварыяту, гэтаксама, як i да падсвядомай прывязанасцi да iдэалогii, не заснаванай на тэкстах.

2. Другая група гiсторыкаў, яшчэ невялiкая, але вельмi шумная, выказвае пагрозы самым падмуркам нашай дысцыплiны. Гэта новая хваля тых, каго я называю фактаграфiчнымi рэлятывiстамi. Ужо двойчы ў гэтым стагоддзi мы бачым з’яўленне скрайнiх формаў гiстарычнага рэлятывiзму. Першы раз ён быў сцiсла выкладзены ва ўражваючым звароце Карла Бэкэра, калi той заступаў на пост прэзiдэнта Амерыканскай гiстарычнай асацыяцыi ў 1931 г., названым “Кожны сам сабе гiсторык”. Сёння мы жывем ў эпоху пост-мадэрнiзму, пост-структуралiзму, дэканструктывiзму, новага гiстарыцызму i новага лiтаратуразнаўства. Сёння выходзяць кнiгi, якiя з’яўляюцца ўзорам таго, што трапна названа “навукай, слепа захопленай салiпсiсцкiмi дэканструкцыямi, забруджанай жаргонам i крытычнымi догмамi, i пазбаўленай здаровага сэнсу i здольнасцi да эстэтычнага ўспрыняцця”[17]. Многiя лiтаратуразнаўцы нашага часу, здаецца, рашуча ненавiдзяць лiтаратуру. Рыторыка гiсторыi мiтуслiва iмкнецца напаказ укленчыць перад за-гадкавымi творамi паўбагоў[181]. Сёння пералiчэнне iмёнаў такiх вучоных прысутнiчае шмат у якiх артыкулах i кнiгах, быццам само згадванне iх надае арэол i значнасць таму, што аўтары даволi пампезна любяць называць цяпер сваiм “дыскурсам”. Смяцiць iмёнамi – амаль гэтак жа модна сярод гiсторыкаў на Захадзе сёння, як было ў Расii пры Сталiне. Напрыклад, на некалькiх старонках аднаго з нядаўнiх артыкулаў у ангельскiм гiстарычным часопiсе аўтар умудрыўся пералiчыць наступнае: Сасюр, Барт, Лiотар, Дэрыда, Альтусэр i Лакан з Францыi; Нiцшэ i Гайдэгер з Нямеччыны; Стэнлей Фiш, Гэйдэн Ўайт i Ля Кэпра з Амерыкi[19].

Дэканструктывiсты сцвярджаюць, што словы могуць вольна мяняць значэннi, незалежна ад намеру таго, хто iх выкарыстоўвае. Так, Дэрыда абвяшчае: “Не iснуе нiчога па-за тэкстам”, г.зн., што няма эмпiрычнай рэальнасцi па-за iм, няма вопыту жывых людзей у мiнулым, якi мы, гiсторыкi, здольны праз стараннае вывучэнне гiстарычнага кантэксту зразумець i апiсаць. Няма, настойвае ён, нiякага лагiчнага супадпарадкавання памiж прычынай i наступствам. У вынiку ён пытае – зразумела, чакаючы станоўчага адказу, – цi “ёсць iсцiны выдумкамi, чыя фiктыўнасць забытая”[20]. Калi б усё было так, гэта азначала б канец усiх гiстарычных спрэчкаў, паколькi не было б фактаў для падтрымкi аргументаў. Гэта выклiк сведчанню iснавання – хоць i затуманены – рэальнага свету. “Адзiн з галоўных правалаў мадэрнiзму, – напiсаў Дональд МакКлоскэй, – у тым, што ён уводзiць донкiхоцкi стандарт сапраўднага значэння, якi, калi яго строга прытрымлiвацца, прывядзе нас усiх да нявольнага памяшання”. Тым часам амерыканскi даследчык Дамэнiк Ля Кэпра нядаўна заявiў, што “i ў тэксце няма нiчога”[21].

На шчасце, чуткi пра смерць гiсторыi моцна перабольшаныя, як нас нядаўна запэўнiлi Джойс Эплбай i Габрыэль Шпiгэль у гiсторыi i Стэнлей Фiш у лiтаратуразнаўстве. Прафесар Эплбай сцвярджае, што тэкст ёсць проста пасiўным матэрыялам у руках яго аўтара. Менавiта людзi гуляюць словамi, словы не гуляюць самi сабой. Для таго, каб устанавiць iх значэнне, нам, гiсторыкам, такiм чынам, трэба шукаць намер аўтара, вывучаць сацыяльны i палiтычны кантэкст, якi стварыў сучасную форму мовы, апусцiцца з галавой ў традыцыi культуры. Гэтымi гiстарычнымi сродкамi мы здолеем зноў схапiць папярэднюю iсцiну, прынамсi, дастаткова верагодную, каб з ёй пагадзiлася большасць добра iнфармаваных чытачоў[22]. Нават гуру лiтаратуразнаўства Стэнлей Фiш нядаўна прызнаў-ся, што згодны са сцверджаннем, што “спрэчкi па гiсторыi ў рэшце рэшт носяць не эпiстэмалагiчны характар, а эмпiрычны, у тым лiку i дыспуты наконт зместу ведаў, гiстарычных сведчанняў i iх значнасцi”[23].

Мадыфiкаваным рэлятывiстам бадай можна зрабiць дзве саступкi. Першая, што аўтары, якiя пiшуць i ў галiне гiсторыi, i ў мастацкай лiтаратуры, залежаць ад працы ўяўлення, паколькi i тое, i другое ёсць канструкцыямi чалавечага розуму. Але iснуе прынцыповая рознiца ў сферах, у якiх можна законна карыстацца ўяўленнем. Раманiст цi той, хто пiша гiстарычную белетрыстыку, карыстаецца сваiм уяўленнем для стварэння падставовага матэрыялу – персанажаў, дзеянняў, дыялогаў i сюжэтаў. Але для гiсторыка найменшае ўмяшанне ў фiксаваныя архiўныя дадзеныя – адзiн з недаравальных грахоў, грэх супраць Святога Духа нашай прафесii. Нам няма патрэбы адмаўляцца ад старых стандартаў i метадаў ацэнкi гiстарычных сведчанняў, выпрацаваных намаганнямi цэлага стагоддзя. Дзякуючы iм, гiстарычныя “веды могуць мець папярэднi характар, але яны не адвольныя”[24]. Сам раманiст, Джон Ле Карэ прыйшоў да высновы, што “Iсцiна ёсць нечым уяўным, далiкатнай сумессю таго, што можна прадэманстраваць i таго, што немагчыма абвергнуць”[52].

Наш час, безумоўна, не адзiны перыяд нядоўгага росквiту скрайняга скептычнага рэлятывiзму. У пачатку XVIII ст. лорд Боўлiнгброўк пiсаў: “Гэтаксама, як чалавеку ўласцiва даводзiць свае меркаваннi да скрайнасцяў, так i некаторыя гатовы настойваць, што гiсторыя – мiф i, у лепшым выпадку, праўдападобная казка, па-майстэрску складзеная i пераканаўча расказаная, у якой праўду не адрознiш ад вымыслу … Але тут адбываецца тое, што здараецца часта: пасылкi правiльныя, а выснова памылковая”[26].

Мы таксама можам пагадзiцца, незалежна ад таго, хто мы, “жорсткiя” вучоныя-прыродазнаўцы, цi “мяккiя” гуманiтарыi, што да кожнай праблемы падыходзiм са сваiмi ўяўленнямi пра яе i прымхамi. Найлепшая засцярога ад памылкi – паслядоўная вера ў лiберальны прынцып, што мы можам памыляцца. У канцы XVII ст. Лок дэкляраваў гатоўнасць “адмовiцца ад любой сваёй думкi цi ад таго, што напiсана, пры першым сведчаннi нейкай памылкi ў iм”[27].

Паўстагоддзя таму Фэргюсан адзначыў, што “калi гiсторык увогуле бярэцца iнтэрпрэтаваць мiнулае, ён павiнен мець сваю пазiцыю, але найблiжэй ён можа падысцi да аб’ектыўнасцi, калi толькi ўсведамляе яе наяўнасць i не абсалютызуе яе”[28]. Падобным чынам, палеантолаг С.Дж.Гуд неяк заўважыў, што “аб’ектыўнасць палягае на гатоўнасцi адмовiцца ад выпешчанай тэорыi, калi мяркуемы вынiк нельга пацвердзiць … Не раскiдаючы сетку тэорыi дастаткова шырока, не ўбачыш, што ляжыць перад табой”[29].

Безумоўна, выкарыстоўваць гiсторыю ў якасцi зброi для дасягнення кан’юнктурных iдэалагiчных мэтаў, цi гэта агрэсiўны шавiнiзм, цi вульгарны марксiзм, небяспечна. Праграма жаночых даследаванняў стала велiзарным даробкам у навуку апошнiх пятнаццацi гадоў: былi прасочаны ўплыў i дзейнасць жанчын у часе – тэмы, якiя мужчыны раней цалкам iгнаравалi. Але менавiта маючы на ўвазе фемiнiсцкую iдэалогiю, антраполаг Юдыт Шапiра нядаўна засцерагала ад “занадта цеснай сувязi навукi з сацыяльным рэфарматарствам”, засцярога, праiлюстраваная сумнай гiсторыяй марксiсцкай гiстарыяграфii апошнiх пяцiдзесяцi гадоў. У звязку з гэтым, я дапушчаю, што мараторый на ўжыванне словаў накшталт “фалацэнтрычны”, “фалакратыя” i г.д. дапамог бы ачысцiць мову даследчыкаў ад пэўнага флёру моднага жаргону, а таксама аднавiць справядлiвасць у дачыненнi да тых з нас, хто меў няшчасце нарадзiцца з гэтымi дадаткамi[30]. Больш за тое, можна даказаць, што жаночая гiсторыя церпiць ад “перавытворчасцi”. Прафесар Лiнда Колей – сама жанчына – падкрэслiла, што ў 1983 г. выйшла 231 кнiга i артыкул па гiсторыi жанчын у Брытанii XVIII ст. i ўсяго 10 – па вайсковай гiсторыi. Здаецца, баланс парушаны[31].

III. Будучае

Гэты разгорнуты аналiз таго, што я лiчу памылковым у некаторых модных плынях сучаснай гiсторыi, не азначае, што я змрочна гляджу на перспектывы нашай прафесii. Наадварот, пад усёй гэтай пенай вядзецца сур’ёзная праца каласальнага аб’ёму. Калi пэўныя тэндэнцыi захаваюцца, то ў будучыню можна глядзець са сцiплым аптымiзмам. Што ў рэальнасцi прынясе будучыня, нiхто не ведае, гiсторыкi – не прарокi, але ўсе мы вольныя паразважаць над тым, як бы нам хацелася, каб iшлi справы ў наступныя гадоў дваццаць. Найперш, мы не павiнны рабiць некаторых рэчаў. Не збiрайце фактаў без папярэдняй гiпотэзы. Як заўважыў Стэфан Джэй Гуд, гаворачы пра навуку: “Новыя факты, сабраныя старымi метадамi, паводле старых тэорыяў, рэдка вядуць да нейкага сур’ёзнага перагляду канцэпцыi. Факты не гавораць за сябе: яны чытаюцца ў святле тэорыi”[32]. Не слухайце тых, хто настойлiва раiць вам пiсаць гiсторыю, не азiраючыся на мiнулы вопыт, бо тады марна губляецца iстотная частка iнфармацыi[33]. Не звяртайце ўвагi на тых, хто настойлiва раiць вам адмовiцца ад паняццяў, невядомых сучаснiкам: без абстрактных нэалагiзмаў накшталт “феадалiзм” цi “капiталiзм” мы не здолеем зразумець мiнулае. Не звяртайце ўвагi на тых, хто сцвярджае, што гiсторык па сваiм прызваннi абавязаны займаць пазiцыю маральнага нейтралiтэту, абыякавасцi i да свабоды, i да тыранii, старанна пазбягаючы якасных ацэнак. Каля стагоддзя таму Дройзэн з пагардай гаварыў пра тых, хто прапаведуе “аб’ектыўнасць еўнуха”. Ён цвёрда верыў, што гiсторыкi не павiнны трубiць пра свае асабiстыя погляды, але заклiкаў iх прызнаць, што “быць чалавекам – значыць мець прыхiльнасцi”[34].

Таксама пазбягайце тых, хто падбухторвае вас зламаць мост, упершыню ўзведзены Эдвардам Гiбонам у XVIII ст., памiж фiлосафамi i эрудытамi, маралiстамi i даследчыкамi. Iгнаруйце тых, хто змушае вас надзець на гiсторыю жорсткую аброць дэтэрмiнiзму, цi гэта будзе вульгарны марксiст, цi структурны функцыяналiст, цi радыкальны фемiнiст. Не слухайце тых, хто кажа вам, што ваша праца – проста артэфакт вашага розуму, а таму яе не адрознiць ад казкi. Ваша праца – сапраўды артэфакт, iнтэлектуальная канструкцыя, але яе кампаненты iстотна адрознiваюцца ад кампанентаў лiтаратурнага твора. Iгнаруйце тых, хто цвердзiць вам, што гiсторык не абавязаны спрабаваць растлумачыць нешта.

Нам трэба супрацьстаяць, наколькi магчыма, “гетаiзацыi”, разгароджванню комплекснага прадмету гiсторыi на эканамiчную, культурную гiсторыi, гiсторыю рэлiгii, гiсторыю жанчын i г.д. Цягам стагоддзяў палова чалавецтва, а менавiта жанчыны, былi фактычна выключаны з сур’ёзных гiстарычных прац. Гэта было i ганебна, i неразумна, i дзеля таго, каб выправiць сiтуацыю, вылучэнне жаночых даследаванняў у асобную галiну гiсторыi, што характэрна для Амерыкi, было цалкам апраўдана. Гэта дало плён – адбыўся вялiкi зрух наперад у нашым разуменнi роляў жанчын у гiсторыi. Але ў далёкай перспектыве вывучэнне гiсторыi жанчын без мужчын стане, верагодна, такiм жа неадэкватным, як i вывучэнне гiсторыi мужчын без жанчын.

Перадусiм мы павiнны пазбягаць дзвюх рэчаў. Першае, трымайцеся далей ад вузкай спецыялiзацыi i дробных тэмаў – што мой сябар сэр Морыс Боўра звычайна называў “Вязаннем манашкi ў паўднёвым Лiнкальншыры памiж 1351 г. i 1364 г.”. Другое, пазбягайце таго, што iншы сябар, Джэк Гэкстэр, называе “тунэльнай гiсторыяй”, формай зашоранай гiсторыi, якая канцэнтруецца выключна на адзiным аспекце шматбаковай праблемы. У гiсторыi вельмi неразумна давярацца монакаўзальным тлумачэнням. Мы павiнны рашуча адкiнуць рэлятывiзм у стаўленнi да iсцiны, але быць плюралiстычнымi ў пошуку гэтай самай няўлоўнай з усiх узнагарод. Толькi так мы атрымаем шанец зразумець мiнулае i зможам пераадолець разрыў памiж так званымi дзвюма культурамi[35].

Якi б метад нi быў прыняты, аналiтычны цi наратыўны, прынцыпова важна вярнуцца да аднаго з кампанентаў таго, што да нядаўняга часу лiчылася добрай гiстарычнай працай, значыць iмкнуцца да яснасцi мовы i мыслення. Гэтая каштоўнасць сёння вiдавочна мае нiзкi аўтарытэт у культуры, якая абдорвае ўхваламi i суперзаробкамi цэлую свiту неразборлiвых гуру. Непралазны зараснiк прозы цяпер стаў справай гонару. Як неяк заў-важыў адзiн раздражнёны амерыканскi аглядальнiк: “Пiсаць проста прозу, ясную i даступную разуменню, азначае страцiць свой твар. Вы не станеце вядомым, пакуль не дадасце нечага да возера жаргону, чые воды (разлiваныя на экспарт у Злучаныя Штаты) лiюцца патокам памiж Нант’ерам i Сарбонай, i да чыiх багнiстых берагоў кожную ноч прыходзяць на вадапой статкi бляючых постструктуралiстаў”. Апроч чыста эстэтычнага, асноўнае пярэчанне пiсанню кепскай i змрочнай прозы даўно добра сфармулявана Джорджам Орўэлам: “Калi вы спросцiце сваю ангельскую мову, то вызвалiцеся ад найгоршага глупства артадоксii … Калi вы зробiце тупую заўвагу, тупасць будзе вiдавочная нават вам самым”. У скептычнага чытача стварэнне незразумелых новых тэрмiнаў выклiкае падазронасць, што за дымавой завесай жаргону можа, як звычайна, хавацца адсутнасць сур’ёзнага iнтэлектуальнага зместу.

Мы, гiсторыкi, сёння, такiм чынам, апынулiся ва ўнiкальным становiшчы – мы аточаныя прадстаўнiкамi дзвюх новых моваў, якiя шмат хто з нас проста не разумее: па-першае, дэгуманiзаваныя, матэматычныя i алгебраiчныя формулы клiаметрыстаў, па-другое, туманны жаргон крытычнай тэорыi i постмадэрнiзму.

Калi мы вернемся да канкрэтных меркаванняў наконт будучынi, па-мойму, ёсць сведчанне, што ўсе тыя плынi, якiя б хацелася бачыць у развiццi, ужо фактычна iснуюць. У апошняе дзесяцiгоддзе некалькi першакласных прац ужо з’явiлася ў накiрунках, пра якiя я збiраюся пагаварыць. Разам з тым, аднолькава першакласныя працы ствараюцца ў такiх традыцыйных галiнах, як гiсторыя палiтычнай думкi, навукi, рэлiгii, заканадаўства, а таксама ў новых вобласцях – крымiнальнай гiсторыi i гiсторыi полаў. Амерыка мае выгоднае становiшча, каб быць лiдарам, паколькi ўжо валодае не менш як паўтузiнам найвялiкшых у свеце даследчыцкiх унiверсiтэтаў i бiблiятэк. Навука ў Амерыцы, такiм чынам, арганiзацыйна разсяроджана, пазбаўлена канцэнтрацыi ўсiх талентаў у адным месцы, як здарылася ў Парыжы. Да таго ж, большасць элiтарных установаў тут да гэтага часу спраўлялася з фiнансавымi цяжкасцямi 1990-х г. нашмат лепш, чым iх еўрапейскiя канкурэнты.

Першая вялiкая задача гiсторыкаў у наступным дзесяцiгоддзi ў тым, каб даць больш пераканаўчае тлумачэнне гiстарычным пераменам у часе. Мэты можна дасягнуць толькi выканаўшы дзве рэчы. Першае, звязаць сацыяльную i эканамiчную гiсторыю з гiсторыяй культуры. I народная i высокая культура вывучалiся i вывучаюцца цяпер надзвычай дэталёва, хоць у вялiкай ступенi iзалявана адна ад адной i ад iншых фактараў. Але, як адзначыў Пiтэр Бёрк, культурная гiсторыя нядаўна атрымала новае жыццё, павярнуўшыся ад сацыяльнай гiсторыi культуры да культурнай гiсторыi грамадства. Атрымаўшы стымул ад правалу святкавання ў 1992 г. першага кантакту Еўропы з Амерыкай, гiсторыкi культуры цяпер займаюцца iншымi прыкладамi сутыкненняў культураў, часта з пункту гле-джання пераможаных, а не толькi пераможцаў. Наступная неабходная ўмова, калi мы хочам узяцца за праблему змены ў часе, – каб у сацыяльную i культурную гiсторыю, а таксама ў аналiз глыбокiх структур увесцi даследаванне бядотаў вайны i зменлiвасць палiтычнай улады i высокай палiтыкi, устанавiўшы сувязь памiж iмi, якая ганебна iгнаравалася двума пакаленнямi. Урэшце, менавiта сам Марк Блош неяк пратэставаў: “Шмат што трэба сказаць пра слова “палiтычны”. Чаму яго заўсёды лiчаць сiнонiмам павярхоўнасцi[36]?” Вырашэнне пытання – у тым, каб трактаваць палiтыку як арэну сацыяльнага, культурнага i эканамiчнага канфлiкту.

На шчасце, пачатак гэтым кiрункам ужо пакладзены гiсторыкамi многiх краiн. Я думаю, напрыклад, пра нядаўнюю кнiгу майго калегi Шона Ўiленца, якая спрабуе навесцi такiя масты ў гiсторыi рабочага класу Нью-Ёрка ХIХ ст.: або праца Джона Бруэра пра Англiю XVIII ст.; або П’ера Губэра i Данiэля Роша пра Францыю XVIII ст., цi Iнгi Клендынен пра ацтэкаў. Трэцяе, рэлiгii трэба вярнуць цэнтральнае месца як незалежнай, пераменнай гiстарычных зменаў. Асаблiва гэта iстотна для ранняга Новага часу, калi Захад перажываў перыяд такiх iнтэнсiўных рэлiгiйных жарсцяў i нянавiсцi, што яны разрывалi Еўропу на шматкi.

Важна таксама пакiнуць месца ў тлумачальных схемах проста выпадку i ролi выключнай асобы – i тое i другое было выцiснутае на ўзбочыну ў пошуках псеўданавуковых законаў гiсторыi. Выдатны прыклад адноўленай увагi да асобы i выпадку знаходзiм у кнiзе Дж.Г.Элiата Richelieu and Olivares (“Рышэлье i Алiварэс”). Гэтую задачу можна ажыццявiць у даследаваннях любога ўзроўню: агульнага, лакальнага, мiкракасмiчнага, але заўсёды з ясна пастаўленай мэтай — растлумачыць змены.

Параўнальны метад асаблiва плённы пры вывучэннi цалкам адасобленых культурных выспаў, напрыклад Гiшпанii цi Англii. Гэта адзiны шлях вызначыць, што сапраўды адрознага i што фактычна агульнага было ў iх з iншымi еўрапейскiмi краiнамi ў адзiн i той жа перыяд. Гэты метад гiстарычнага даследавання, канешне, рызыкоўны, цяжкi i ў многiм занядбаны, але патэнцыйна вельмi плённы.

Апрача даследавання пераменаў у часе, другая задача гiсторыка – быць гiсторыкам-этнографам, даследчыкам мiкра-гiсторыi асобы цi асобаў або месца, найперш для таго, каб уваскрасiць iмгненне мiнулага i потым прааналiзаваць, iнтэрпрэтаваць i растлумачыць яго. Я думаю, напрыклад, пра працы Ле Руа Ладур’е Montaillou: The Promissed Land of Error (“Монталу: Абяцаная зямля памылкi”) (1978), Карлы Гiнзбурга The Cheese and Worms (“Сыр i чэрвi”) (1980), Наталi Дэйвiз The Return of Martin Guerre (“Вяртанне Марцiна Гера”) (1984). Тлумачэнне ўключае рэканструкцыю дзяржаўнага ладу, грамадства, эканомiкi, звычаяў, законаў, маралi i культуры, як яны ўплывалi на мысленне групы цi iндывiда. Iснуе шмат спосабаў ухапiць i ажывiць мiнулае, калi аўтар стаiць па слушны бок мяжы, што аддзяляе паказальны прыклад ад анекдатычнай трывiяльнасцi. Але так цi iначай, жывых людзей ва ўсёй iх супярэчлiвай складанасцi трэба вярнуць у гiсторыю, з якой iх выцягнулi вульгарны марксiзм, структуралiзм i квантыфiкацыя.

Нарэшце мы можам i абавязаны зноў вярнуцца да нявырашаных пытанняў наконт эвалюцыi сучаснай Заходняй цывiлiзацыi, упершыню пастаўленых Марксам i Максам Вэбэрам, пазней гiсторыкамi-вiгамi, i зусiм нядаўна амерыканскiмi тэарэтыкамi мадэрнiзацыi. Каб дамагчыся поспеху, гiсторыкi павiнны перастаць дзялiцца на ўсё меншыя i меншыя групы, кожная са сваiм спецыяльным часопiсам i iмпрэзамi, а замест гэтага мусяць прыкласцi свядомыя намаганнi i пераадолець гэтыя растучыя штучныя бар’еры. Калi нам не ўдасца пераадолець гэтую раздзеленасць, дык нас, як i нашых палiтычных гiстарычных папярэднiкаў пяцьдзесят гадоў таму, чакае лёс усё больш вузкай спецыялiзацыi i, такiм чынам, трывiялiзацыi. Мы апынемся тады ў смяротнай небяспецы весцi размовы з самымi сабой на тэмы, якiя на самой справе больш нiкога не цiкавяць.

У кантэксце зместу даследаванняў аднаго з найвялiкшых прабелаў у гiстарыяграфii любой Заходняй краiны, якi толькi цяпер пачынае запаўняцца, з’яўляецца сярэднi клас, сярэдняе звяно, буржуазiя. Здарылася так, што элiта, асаблiва зямельная арыстакратыя, якая карысталася да нядаўняга часу най-большай уладай, прэстыжам i багаццем у грамадстве, была мецэнатам мастацтва, высока адукаваная, i якая пакiнула пра сябе масы дакументаў, заўсёды знаходзiлася ў цэнтры ўвагi гiсторыка. На працягу апошнiх трыццацi гадоў тэндэнцыя да вывучэння “гiсторыi знiзу” выявiла велiзарную колькасць новай iнфармацыi пра сялянаў, гарадскi пралетарыят i бедных, а ўвага да жаночай гiсторыi ўжо прынесла масу новай iнфармацыi пра жанчын. Аднак, хоць сярэднiя класы, пачынаючы з Арыстоцеля, уважалiся за “сховiшча ўсiх дабрачыннасцяў”, за вялiкi рухавiк эканамiчнай i сацыяльнай змены, iх да гэтага часу, можна сказаць, iгнаравалi. Другая нераскрытая тэма, як вызначыў яе Пiтэр Бёрк, гэта параметры, межы i наступствы культурнага канфлiкту i абмену.

Запазычаючы ад iншых дысцiплiн, што канешне трэба рабiць, мы павiнны заняць гнуткую i ўзважаную пазiцыю: культываваць гатоўнасць выкарыстоўваць любыя дадзеныя, выкарыстоўваць любы метад, прымяняць любую мадэль i ўзiрацца пад ногi, шукаючы найменшага намёка на нешта новае, што паходзiць з сумежных дысцыплiнаў.

Калi мы будзем прытрымлiвацца таго, што я прапанаваў, i развiваць тэндэнцыi, якiя ўжо маюць месца, мы, гiсторыкi, будзем больш здольныя выконваць нашу двайную функцыю – усё тую ж, якую прапанавалi i якой прытрымлiвалiся больш двух тысячагоддзяў таму Фукiдзiд i Герадот. Па-першае, развiваць больш складаныя i пераканаўчыя шматкаўзальныя тлумачэннi таго, як мы прыйшлi адтуль сюды. Па-другое, зноў ухапiць дух, адчуванне i тэкстуру таго, як нашыя продкi жылi ў традыцыйным свеце, страчаным для нас. Мы павiнны таксама неяк пранiкнуць у iх галовы, каб зразумець i растлумачыць iх сiстэму перакананняў i лад мыслення. Калi мы дасягнем поспеху ў гэтых дзвюх мэтах, то зможам сказаць, што наша дзейнасць i iснаванне граюць важную ролю ў культурным жыццi грамадства, у якiм мы жывем. Бо толькi дэманструючы палiтыкам i грамадскасцi, што ў нас ёсць што сказаць важнага i цiкавага, мы, прафесiйныя гiсторыкi, зможам квiтнець у грамадстве, якое ўсё больш паварочваецца да тэхнiкi ў пошуках хуткага вырашэння ўсiх праблемаў i да хлуслiвых мiфатворцаў злева i справа, каб тыя далi яму веру i надзею.

Пераклала Iрэна Ганецкая

[1] Le Goff J., Nora P. Making History. Paris, 1971, уступ (гэтай спасылкай я абавязаны доктару Лусэту Валенсi).
[2] Scott Smith D. The Troubled Issue of Agency in History: British Historical Demography since 1750 // Journal of British Studies. 26 (1987). P.26-7.
[3] Маршал Боўлею, 27 лютага 1906 г., у Contributions to Political Economy, уступ.
[4] Calhoun C.J., у: Social History. 3 (1978). P.371.
[5] Trevelyan G.M. The Social History of England.
[6] Braudel F. The Mediterranean and the Mediterranean World in the Age of Philip II.
[7] Braudel F. Civilization materiйlle, Йconomie et Capitalisme, XVe-XVIIIe Siиcles. Paris, 1979.
[8] McIyre C.T., ed., Herbert Butterfield, Writings on Christianity and History. Oxford, 1979. P.30-34.
[9] Marx K. The Eighteenth Brumaire. New York, 1963. P.15.
[10] McIntyre, op. cit. P.30-34.
[11] Vigarello G. Concepts of Cleanliness: Changing Attitudes in France since the Middle Ages. Cambridge, 1988.
[12] Darnton R. The Great Cat Massacre and other episodes in French Cultural History. New York, 1984. Крытыку гл. у: Chartier P.R. Texts, symbols and Frenchness // Journal of Modern History. 57 (1985).
[13] Bolingbroke, lord // Historical Writings. Ed. I.Kramnick. Chicago, 1972. P.9.
[14] Gilbert F. The New Edition of Johann Gustav Droysen’s Historik // Journal of the History of Ideas. 44 (1983). P.335.
[15] Morrill J. Proceeding Moderately // Times Literary Supplement. (24 October, 1980); гл. таксама: Elton G.R. The History of England. Cambridge, 1984.
[16] Zeldin T. Personal History and the History of the Emotions // Journal of Social History. 15 (1982). P.341.
[17] New York Times. (Oct. 21, 1992, C21), (рэц. M.Kakutani на The Madonna Connection: Representational Politics, Subcultural Identities and Cultural Theory. Ed. Schichtenberg C. New York, 1992.
[18] Cацыялагiчны аналiз фенаменальнага поспеху Дэрыды ў Злучаных Штатах гл.: Lamont M. How to become a prominent French Philosopher: the case of Jacques Derrida // American Journal of Sociology. 93 (1987).
[19] Easthope A. Romancing the Stone: History writing and Rhetoric // Social History. 18(2) (1993).
[20] Culler J. On Deconstruction (1984). P.181.
[21] McCloskey D. The Rhetoric of Economics // Journal of Economic History. 21 (1983). P.488.
[22] Appleby J. One good turn deserves another: Moving beyond the Linguistic: A response to David Harlan // AHR 94 (50 Dec. 1989).
[23] Fish S. The New Historicism. Ed. Veeser H.A. New York, 1989. P.13.
[24] Rosenberg C. Medicine and Community in Victorian Britain // Journal of Interdisciplinary History. 11 (1981). P.684.
[25] New York Times Magazine. (May 4, 1993).
[26] Kramnick, op. cit. P. 51.
[27] Цытуецца Д.Вутанам: Locke, John. Ed. Political Writings. London, 1993. P.IX.
[28] Ferguson W.K. The Renaissance in Historical Thought. Boston, 1948. P.388.
[29] Gould, Stephen J. Natural History. 102.№ 8 (August 1993). P.4.
[30] Напрыклад, Keuls E.C. The Reign of the Phallus: Sexual Politics in Ancient Athenes. New York, 1980.
[31] Colley L. The Politics of Eighteenth Century British History // Journal of British Studies. 25(4) (1986). P.361.
[32] Gould S.H. Eversince Darvin, Reflections in Natural History. New York, 1977. P.161. Сэр Пiтэр Мiдавор сцвярджаў, што ўсе дасягненнi ў навуковым даследaваннi пачынаюцца з “уяўлення таго, што можа быць iсцiнай” (Medawar P. Plato’s Republic. Oxford, 1982).
[33] Cannon J. The Historian at Work. P.9-11.
[34] Gilbert F. P.332-333.
[35] Гл.: Gould S.J. у: Natural History (July 1990).
[36] Цытуецца Ле Гофам у: Historical Studies Today. Ed. Gilbert F. and Graubard S. New York, 1971. P.341.

Наверх

Губэрт Лашкевiч. Беларусь i беларусы ў польскiх падручнiках па гiсторыi

23 снежня, 1997 |


1. Навучальныя праграмы

У нiводнай навучальнай праграме, акрамя праграмы 1981 г., беларуская праблематыка не была вылучана асобна. Гэта, вiдавочна, не азначае, што яна нiяк не выступае ў гэтых пра-грамах. Нагоду, каб закрануць яе, даюць тэмы, звязаныя з па-дзелам Рэчы Паспалiтай, паўстаннямi 1830-1831 i 1863-1864 г. на тэрыторыi колiшняга Вялiкага Княства Лiтоўскага, пытаннi нацыянальнага адраджэння, становiшча нацыянальных мяншыняў у II Рэчы Паспалiтай, i г.д. Застаецца аднак фактам, што само найменне Беларусь з усiх праграмаў фiгуруе толькi ў вышэйзгаданай – у сувязi з нацыянальнымi пытаннямi на землях колiшняе Рэчы Паспалiтае ў другой палове XIX i на пачатку XX ст., а таксама там, дзе гаворка заходзiць пра нацыянальныя мяншынi II Рэчы Паспалiтай (Program 1981, 23, 29). У iншых прагледжаных намi навучальных праграмах з гiсторыi (гл. iх пералiк у бiблiяграфii) беларуская праблематыка таксама не выступае як самастойнае пытанне.

2. Падручнiкi па гiсторыi

Падзелiм iх на дзве групы: а) падручнiкi, якiя былi ва ўжытку да канца 80-х гадоў; б) падручнiкi, якiмi карыстаюцца цяпер. Разглядаць iх будзем у такiм парадку, у якiм яны ўжываюцца ў школе (кл. I, II, III i г.д.). Бiблiяграфiчны скарот на пачатку разгляду кожнага падручнiка адсылае да адпаведнае пазiцыi ў бiблiяграфii. Цытаваныя старонкi падаюцца ў дужках без паўтарэння скарочанага бiблiяграфiчнага апiсання, змешчанага на пачатку разгляду.

а) Падручнiкi, якiя ўжывалiся да канца 1980-х

Кл. I (Dowiat). Пытаннi гiсторыi Русi ў эпоху Сярэднявечча займаюць багата месца. Апрацаваныя яны досыць падрабязна: выступаюць палiтычныя адрозненнi памiж Руссю Кiеў-скай, Галiцкай, Залескай (Уладзiмiрска-Cуздальскай). На карце Кiеўскае Русi X-XI ст. адзначаныя галоўныя гарады (м. Iнш. Полацак, Вiцебск, Тураў, якiя ляжаць на тэрыторыi сучаснае Беларусi) (248). Тэрмiн “Беларусь” у палiтычна-дзяржаўным значэннi не выступае. Пры разглядзе тэрытарыяльнага развiцця Лiтвы ў XIV ст. з’яўляецца, аднак, прыметнiк “беларускi” ў этнiчна-геаграфiчным значэннi: “Карыстаючыся слабасцю разбiтае на ўдзелы Русi, Лiтвiны падбiвалi рускiя княствы, аж пакуль уся заходняя частка Русi з Кiевам, г. зн. беларускiя i ўкраiнскiя землi, не апынулiся пад iхнаю ўладай” (451). На карце Вялiкага Княства Лiтоўскага, дзе паказана яго развiццё да 1385 г. (450), адзначана шэсць гiстарычных назваў, напрыклад: “Чорная Русь” (з местамi Гроднам, Наваградкам, Слонiмам) i iншыя гарады сучаснае Беларусi (Полацак, Бярэсце, Слуцак, Менск, Бабруйск, Магiлёў, Орша, Вiцебск, Мсцiслаў, Гомель, Мазыр, Пiнск, Тураў). Да гэтых звестак можна дадаць яшчэ iнфармацыю пра “смаленскiя палкi”, якiя бралi ўдзел у бiтве пад Грунвальдам у складзе “лiтоўска-рускiх” войскаў (455).

Кл. II (Gierowski). Гiсторыя земляў, якiя належаць цяпер да беларускай дзяржавы, разглядаецца ў складзе гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага i Рэчы Паспалiтай Ягайлавiчаў. Тэрмiны “беларускi”, “Беларусь” ужываюцца не ў палiтычна-дзяржаўным, а ў этнiчна-геаграфiчным значэннi, як i ў папярэднiм падручнiку. Важная для грамадскай, рэлiгiйнай i палiтычнай гiсторыi колiшняе Рэчы Паспалiтай Берасцейская унiя (1596) прадстаўлена як вынiк контррэфармацыi: згодна з аўтарамi падручнiка, мэтаю унii была “лiквiдацыя праваслаўнае царквы” (140). Унiя, аднак, была адрынута “(…) бальшынёю праваслаўнага насельнiцтва, спрычынiлася да (…) абвастрэння ўнутраных канфлiктаў класавага i нацыянальнага характару ў Рэчы Паспалiтай” (140). У храналагiчнай зводцы, змешчанай напрыканцы кнiгi, Берасцейская унiя прапушчана. Не згадваюць пра яе i навучальныя праграмы 1981 i 1992 гадоў, затое яна фiгуруе ў праграме 1984 г. (Program 1984, 7). Аднак i ў гэтым апошнiм выпадку праграма не патрабуе, каб вучань канечне мусiў ведаць пра гэтую падзею (Program 1984, 12). У рубрыцы “Паняццi”, дзе пералiчваюцца тыя гiстарычныя паняццi, з якiмi вучань павiнен быць знаёмы, унii наогул няма; няма i даты яе падпiсання ў пералiку тых датаў, якiя вучань павiнен запомнiць). Негатыўна ацэньваюць аўтары i палiтычную унiю, заключаную ў Люблiне (1569). На iх думку, хоць яна i ўзмацнiла абедзве дзяржавы i паспрыяла ўмацаванню на Лiтве сярэдне-шля-хоцкага стану, аднак, з прычыны далучэння Кiеўшчыны да Кароны i наступнага канфлiкту з Масквою, “(…) унiя вяла да канцэнтрацыi ваенна-палiтычных намаганняў на ўсходзе” (143). А гэта, на думку аўтараў, прывяло да страты магчымасцi дамагацца заходнiх земляў пры палiтычным разгроме Рэйху. Агулам беручы, у вынiку унii Польшча ўздзейнiчала сваёй культурай на Ўсход: “(…) яна стала пасрэднiкам у перадачы здабыткаў культуры заходняй Эўропы. (…) гэта мела значэнне для агульнаеўрапейскага культурнага развiцця, але не паспрыяла трываламу ўмацаванню пазiцыi дзяржавы” (143). Назва “Беларусь” цi прыметнiк “беларускi” з’яўляюцца некалькi разоў. Пры разглядзе пытання “Уплывы польскай барочнай культуры” аўтары пiшуць: “Польшча надалей спаўняла ролю пасярэднiка памiж Усходам i Захадам у пашырэннi новых культурных дасягненняў. Апрача лiтоўскiх, беларускiх i ўкраiнскiх земляў (…) таксама ў Малдавii, Расii” (201). Далей – у сувязi з тэрытарыяльным абсягам паўстання Багдана Хмяльнiцкага, якое “ахапiла (…) частку Беларусi” (226). У разглядзе падзелаў Рэчы Паспалiтай чытаем: “У рукi Расii трапiла большая частка Беларусi (па лiнiю Друя – Пiнск) (…)” (365 i карта на с. 366). Беларусь узнiкае яшчэ ў падсумаваннi разгляду падзелаў: “Пад расiйскiм панаваннем апынулася ўся Беларусь, прыяднана была Ўкраiна (…) за выключэннем Галiцыi” (377-379 i карта на с. 378).

Кл. III (Galos). Як i ў папярэднiх падручнiках, тут небагата згадак, якiя можна непасрэдна i ясна звязаць з беларускай праблематыкай. Сучасныя землi Беларусi выступаюць як “польскiя землi пад падзеламi”, землi, “забраныя Расiяй” (43 i далей). Кажучы пра лiстападаўскае паўстанне, аўтары пiшуць i пра падзеi на Лiтве (у сэнсе тэрыторыяў колiшняга Вялiкага Княства) : “Напрыканцы сакавiка выбухнула паўстанне на Жмудзi, якое неўзабаве ахапiла значныя абшары Лiтвы i Беларусi” (61). Звесткi пра рэпрэсii па лiстападаўскiм паўстаннi абмяжоўваюцца тэрыторыямi Кангрэсавага Каралеўства (74 i далей). Успамiнаючы пра змоўнiцкi рух Шымана Канарскага, аўтары зазначаюць, што ён ахапiў Лiтву i Валынь (92). Але, гаворачы пра распрыгоньванне ў Расii ў 60-х г. XIX ст., яны не разглядаюць, аднак, сiтуацыю ў т. зв. паўночна-заходнiх губернях (157-158). Няма таксама анi згадкi аб працэсе лiквiдацыi царкоўнай унii (завершаным у iмперыi ў 1839 г.). Гэтае пытанне не фiгуруе i ў школьных праграмах. Крыху выразней беларуская праблематыка выступае ў сувязi з Студзеньскiм паўстаннем. Упершыню ў падручнiках тэрмiн “Беларусь” ужываецца ў палiтычным значэннi: “(…) на працягу лютага (1863) паўстанне ахапiла тэрыторыю Лiтвы i Беларусi (…). На Беларусi значную ролю адыгрываў Кастусь Калiноўскi, якi хацеў падзялiць зямлю абшарнiкаў памiж сялянамi i ўтварыць сама-стойную беларускую рэспублiку” (168). Пры разглядзе вынiкаў паўстання падкрэслiваецца, што яно паўплывала на “ўтварэнне сучаснага польскага народу” i “прыспешыла даспяванне нацыянальнай свядомасцi сярод найшырэйшых слаёў насельнiцтва” (173-174). На жаль, нiчога не сказана пра пачаткi падобных працэсаў сярод iншых народаў колiшняй Рэчы Паспалiтай.

Кл. III (Wapiński I). Асноўны прадмет гэтага падручнiка – дзеi Каралеўства, i гэта адна з прычын, чаму гiстарычная праблематыка земляў былое Рэчы Паспалiтай з’яўляецца пабочнай i шырэй не разбудоўваецца. Беларусь не згадваецца ў кантэксце геаграфii рэпрэсiяў пасля Студзеньскага паўстання: “Асаблiва цяжкiя рэпрэсii выпалi на польскае насельнiцтва, якое жыло на Лiтве i Ўкраiне” (16). Беларускiя пытаннi з’яўляюцца толькi напачатку XX ст. На карце “Палякi ў Вялiкай Кастрычнiцкай сацыялiстычнай рэвалюцыi” адзначаны Лiтва, Беларусь i Ўкраiна, але гранiцы памiж iмi не паказаны (120). У параграфе, прысвечаным канцэпцыям гранiц адроджанай польскай дзяржавы, Беларусь выступае колькi разоў як этнiчна-геаграфiчны тэрмiн пры выкладзе канцэпцыi межаў Дмоў-скага i Пiлсудскага (160, 162, 164). Аўтар звяртае ўвагу, што жаданне адбудаваць польскую дзяржаву ў гiстарычных межах “(…) перашкаджала частцы польскага грамадства заўважыць нацыянальную эмансiпацыю лiтоўцаў, украiнцаў i беларусаў, якая адбывалася ў XX ст.” (160). Тут варта зазначыць, што падручнiк гэтага працэсу не апiсвае. У праграме ад 1981 г. пытанне развiцця нацыянальнай свядомасцi, мiж iншага, i ў беларусаў, было вылучана ў асобную тэму (Program 1981, 23). Вызначэнне мяжы на ўсходзе пасля Рыжскага трактату аўтар пры-знае некарысным для дзяржавы (шырэй пра фармаванне гэтай мяжы ён не пiша). На тых землях нацыянальны канфлiкт (палякi – i ўкраiнцы, беларусы, лiтоўцы) спалучыўся з канфлiктам эканамiчным (аграрнае пытанне) (160). Падзел Беларусi i Ўкраiны зрабiў немагчымай нармалiзацыю стасункаў з усходнiм суседам – СССР (164). Шырэй пра беларускiя справы iдзец-ца толькi ў сувязi з гiсторыяй Польшчы 1918-1939 г. Чытач падручнiка даведваецца, што беларусы складалi каля 3,9 % жыхароў Польскай Рэчы Паспалiтай i кампактна насялялi паў-ночныя тэрыторыi палескага ваяводства, наваградскае ваяводства i часткова вiленскае (179-180 i карта на с. 180: “Абшары Рэчы Паспалiтай з перавагай беларускага i ўкраiнскага насельнiцтва”).

Наступным разам беларусы з’яўляюцца ў кантэксце рэвалюцыйных рухаў у Польшчы. У 1922-1923 г. кепская эканамiчная сiтуацыя абвастрыла нацыянальныя канфлiкты, асаблiва на “заходнiх землях Украiны i Беларусi” (185). Незалежная Сялянская Партыя ажывiла змаганне за сельскагаспадарчую рэформу i адыграла значную ролю ў развiццi рэвалюцыйнага руху на Беларусi. Развiццё гэтага руху прывяло да ўзнiкнення Беларускай Сялянска-Работнiцкай Грамады: “Пад уплывам стыхiйных выступленняў народных масаў Заходняй Беларусi ў чэрвенi 1925 г. адбылося ўтварэнне Беларускай Сялянска-Работнiцкай Грамады, лiк сяброў якой напрыканцы 1926 г. дасягнуў 100 тысячаў. Грамада змагалася за шанаванне пастаноў Сакавiцкае Канстытуцыi, што тычылiся правоў нацыянальных меншасцяў, i за работнiцка-сялянскi ўрад” (220). Грамада, як i НСП, была абвешчана па-за законам, што стала праявай “рэпрэсiяў супроць рэвалюцыйнага сялянства”, якiя вынiкалi з повязi Пiлсудскага з землеўласнiкамi (220).

Пры разглядзе гiсторыi СССР беларуская праблематыка ўвогуле не выступае (208 i далей).

Беларускае пытанне вяртаецца яшчэ колькi разоў у сувязi з гiсторыяй мiжваеннага дваццацiгоддзя. Цiкава падаюцца грамадскiя наступствы крызiсу 1929-1935 г. Мы чытаем, што горшыя жыццёвыя ўмовы прывялi да радыкалiзацыi працоўных масаў, а гэта паўплывала на завастрэнне санацыйнае дыктатуры; “апрача таго, на радыкалiзацыю народных масаў нацыянальных мяншыняў сур’ёзны ўплыў зрабiла i ўзмацненне нацыянальнага ўцiску, мэтай якога была дэнацыяналiзацыя перадусiм беларусаў i ўкраiнцаў” (236). Iм зачынялi школы, гаспадарчыя таварыствы “(…) i жорстка ўцiскалi любую праяву незалежнiцкай дзейнасцi. Гэтая палiтыка нацыянальнага ўцiску абвастрыла, аднак, нацыянальна-вызваленчую барацьбу, якую вяло беларускае i ўкраiнскае насельнiцтва (…)” (236).

З разгляду стану культуры i асветы, змешчанага напрыканцы падручнiка, можна даведацца, што найбольшы працэнт непiсьменных знаходзiўся якраз у ваяводствах, населеных галоўным чынам беларусамi (271-273, карта “Непiсьменнасць у Польшчы на пачатку дваццатых гадоў”), г. зн. у ваяводствах вiленскiм, наваградскiм i палескiм, дзе ён дасягаў 50-70 % насельнiцтва. Пра тое, што такi стан быў спадчынай расiйскай iмперыi, аўтар не згадвае.

Кл. IV (Wapiński II). У гады II сусветнае вайны, пра якую пiша аўтар, Беларусь – тэрмiн перадусiм геаграфiчны, часам этнiчны. Спецыяльнай увагi гэтым землям не прысвячаецца. У звязку з пачаткам вайны ў 1939 г. i “заняццем” часткi Рэчы Паспалiтай Савецкiм Саюзам гаворыцца пра Заходнюю Беларусь (14). Няма, аднак, больш падрабязных звестак пра тое, што стала з гэтай тэрыторыяй пасля прыходу Чырвонай Армii. У наступных частках кнiжкi назва “Беларусь” з’яўляецца спарадычна: 1941 г. – “Немцы займаюць усю Беларусь” (33), 1943 г. – у бiтве на Курскай дузе прарваны фронт i вызвалена частка Беларусi (41), 1942-43 г. – урад Сiкорскага адкiдае прапанову СССР аддаць Заходнюю Ўкраiну i Беларусь (84). Адным сказам згадваецца пра АК на Вiленшчыне i Валынi (89). Нiчога не гаворыцца пра тое, што Беларуская ССР стала сябрам-заснавальнiкам ААН (66). Справа рэпатрыяцыi, у тым лiку з з тэрыторыяў “Заходняй Беларусi”, таксама не прадстаўлена дакладней (124), не згадана i пра перасяленнi ў адваротным напрамку (з Польшчы ў СССР). Нават на карце СССР, якая аздабляе ўнутраную частку вокладкi, саюзныя рэспублiкi, у тым лiку i Беларуская ССР, не паказаныя.

Кл. IV (Siergiejczyk 1986 выд. 1). Гэты падручнiк быў уве-дзены ў школы ў 1986-87 г. i ўжываецца да сёння (выд. 4, 1991 г.). У iм разглядаецца толькi перыяд вайны 1939-1945 г. З беларускiмi пытаннямi чытач сутыкаецца ўжо на самым пачатку кнiжкi. Кажучы пра стаўленне розных частак польскага грамадства да пагрозы незалежнасцi ў 1939 г., аўтар пiша: “Заслугоўвае падкрэслення i патрыятызм значнае часткi нацыянальных мяншыняў, асаблiва жыдоўскай i беларускай. I перад вайной, i пазней, пасля нападу гiтлераўскай Нямеччыны, яны лаяльна спаўнялi абавязкi перад дзяржавай. Нярэдка прадстаўнiкi нацыянальных мяншыняў, не атрымаўшы мабiлiзацыйных картак, самi iх патрабавалi” (20). У далейшых частках падручнiка, дзе распавядаецца пра ўварванне Чырвонай Армii ў Польшчу 17 верасня 1939 г. i падзел краiны памiж СССР i Рэйхам, з’яўляюцца згадкi пра “беларускае насельнiцтва” i “Заходнюю Беларусь”, але больш увагi iм не аддаецца (31-33, 36, 46). Iнфармацыя пра беларусаў з’яўляецца зноўку пры апiсаннi дэпартацыi людзей з тэрыторыяў польскай дзяржавы, занятых Савецкiм Саюзам. Дэпартацыi ахапiлi каля 1 млн. чалавек, з якiх каля 60 % складалi палякi, а астатнiя – украiнцы, жыды, беларусы (159). У падсумаваннi аўтар сцвярджае, што, нягле-дзячы на гэтыя “скажэннi”, “(…) савецкая палiтыка ў дачыненнi да насельнiцтва земляў, прыяднаных да СССР, iмкнулася ўлiчваць яго патрэбы i iнтарэсы” (158).

Пасля 1941 г., калi немцы занялi значную частку СССР, на тэрыторыях прыбалтыйскiх “рэспублiк” i Беларусi была ўтворана адмiнiстрацыйная акруга “Ostland” (169). Нямецкi Генеральны Ўсходнi План (Generalplan Ost) прадугледжваў масавыя высяленнi. Меркавалася выселiць з тэрыторыяў колiшняе II Рэчы Паспалiтай i часткi СССР каля 30 млн. людзей. У гэтых планах было i высяленне 65 % беларусаў i ўкраiнцаў, якiя там жылi, i 85 % палякаў (170). У 1942-1943 г. на “Крэсах Усходнiх” (можна здагадацца, што i на Беларусi – Г.Л.) дзейнiчала арганiзацыя пад крыптонiмам “Wachlarz”, мэтай якой напачатку было стварэнне прыкрыцця для будучага ўсеагульнага паўстання (196).

Прадстаўляючы погляды польскiх палiтычных арганiзацыяў на форму межаў Польшчы, аўтар цытуе праграму КРН, у якой iдзецца пра “(…) вяртанне старых пястаўскiх земляў на Захадзе i ўрэгуляванне мяжы на Ўсходзе шляхам самавызначэння народаў” (211). Зацытавана таксама ранейшая за дакумент КРН Iдэйная Дэкларацыя ЗПП ад 1943 г., якая гучыць падобна да яе: “(…) мы ўважаем, што межы Рыжскага трактату не адпавядалi правамоцным iмкненням украiнцаў i беларусаў да ўласнага нацыянальнага яднання. Згодна з прынцыпамi свабоды, мы не жадаем для сябе анiводнае пядзi ўкраiнскае, беларускае цi лiтоўскае зямлi (…)” (217). Гэтую спадзейную пазiцыю польскiх камунiстаў у дачыненнi да тэрытарыяльных памкненняў беларусаў, украiнцаў i лiтоўцаў аўтар супастаўляе з Дэкларацыяй RJN ад 1944 г. пра цэласць усходнiх межаў Рэчы Паспалiтай Польскай (222). Беларускай праблематыкi непасрэдна тычыцца i карта “Тэрыторыя II Рэчы Паспалiтай i Народная Польшча”, дзе адзначаны абшары, якiя адышлi да Беларускай ССР пасля II сусветнай вайны (261). Праблемаў змены межаў тычыцца i пытанне № 7 з раздзелу “Заданнi i праблемы для дыскусii”: “Чаму ўсталяваныя ў 1945 г. межы Польшчы мы называем слушнымi i справядлiвымi?” (262). Нарэшце, дзеля паўнаты малюнка, трэба зазначыць, што ў бiяграфiчнай нататцы пра Баляслава Берута, змешчанай у падручнiку, можна прачытаць, што ў 1941-1943 г. ён знаходзiўся ў Менску Беларускiм (211).

У падборцы дадатковай лiтаратуры, прылучанай да кнiжкi, знаходзiцца выданне ўспамiнаў аднаго з удзельнiкаў “Wa-chlarza” (A. Paczkowski, Lekarz nie przyjmuje, Warszawa, 1981), у якiм ёсць сякая-такая iнфармацыя пра беларускiя справы.

б) Падручнiкi, якiя ўжываюцца цяпер

Як i папярэднiя, iх будзем разглядаць у парадку класаў. Трэба зазначыць, што цяперашнiм часам настаўнiк у Польшчы мае значна большыя магчымасцi, каб самастойна выбiраць навучальны матэрыял (адзiнае, што яго абмяжоўвае, – праграмны мiнiмум), таму не ўвесь матэрыял з падручнiка мусiць абмяркоўвацца на лекцыях: некаторыя пытаннi можна апрацоўваць, карыстаючыся iншымi дапаможнiкамi, рэкамендаванымi Miнiстэрствам нацыянальнай адукацыi.

Кл. I (Manikowska). Непасрэдных згадак i ужывання тэрмiнаў “Беларусь”, “беларускi” i г.д. у працы не знойдзем. Аднак матэрыял пра гiсторыю Русi пададзены шырэй i лепш, чым у падручнiку Довята (Dowiat). Так, напрыклад, падзенне Баляслава Смелага выразна звязана з ягонаю выправай на Русь i тамтэйшым побытам, тым часам як у Довята гэтай сувязi не было вiдаць (60-61; Dowiat, 324). Кнiжка падае шэраг звестак, якiя добра арыентуюць вучня ў палiтычнай, гаспадарчай i культурнай гiсторыi Русi:

  • рассяленне ўсходнеславянскiх плямёнаў каля 1000 г. (40-41),
  • iх хрысцiянiзацыя i тварэнне дзяржаўнасцi (45, 48, 117-118),
  • канфлiкты дзяржавы Пястаў з Руссю (56, 58, 59, 60, 61),
  • узнiкненне ўсходняга расколу (85),
  • галоўныя этапы развiцця Кiеўскае Русi (118-119, 121),
  • мiжнародны гандаль у XIII-XV ст.,
  • заваёвы Казiмiра Вялiкага (145),
  • развiццё лiтоўскага гаспадарства i ягоныя сувязi з Каралеўствам Польскiм (176-178, 181, 194),
  • супернiцтва Ягайлавiчаў з Руссю Залескай (Маскоўскай), якая ўсцяж мацнее (206-209).

Усё гэта дае аўтарам пазнейшых падручнiкаў добрыя падставы для выяўлення генезiсу розных гiстарычных працэсаў. Разгляд паасобных пытанняў забяспечаны картамi, якiя добра арыентуюць чытача ў прасторавым вымярэннi гiсторыi лiтоў-скiх i рускiх земляў. Тут значна больш, чым у Довята, гаворыцца пра Усходнiя Цэрквы (асаблiва праваслаўную). Вучань можа даведацца пра iдэю “Масква – III Рым”, пра заснаванне ў Маскве мiтраполii, а ад 1589 г. – патрыярхату (207-209). Карта паказвае канфесiйны падзел Еўропы ў XVI ст. (246). Падручнiк дапаўняюць храналагiчныя зводкi i слоўнiк важнейшых гiстарычных тэрмiнаў, што робiць яго добрай прыладай працы як для вучня, так i для настаўнiка (260-261, 266-271).

Кл. II (Cegielski). Варта падкрэслiць, што ў гэтым падручнiку звернута ўвага на непарыўнасць шмат якiх гiстарычных працэсаў. Звяртаючыся да пытанняў, пра якiя вучань даведаўся з падручнiка для I класу, аўтары раскрываюць узаемасувязi розных з’яваў. Iлюстрацыйны матэрыял падабраны вельмi старанна. Каштоўная навацыя – iнфармацыя пра дыскусii, якiя вядуцца гiсторыкамi па некаторых пытаннях. Назва “Беларусь” выступае як геаграфiчны i этнiчны тэрмiн. Беларусь ёсць на карце “Кiрункi, структура i цэнтры гандлю Рэчы Паспалiтай у XVI ст.”, а ў каментары чытаем: “(…) люблiнскi кiрмаш злучаў тры эканамiчныя зоны: збожжавую (Цэнтральная Польшча), лясную (Лiтва, Беларусь) i стэпава-жывёлагадоўчую (Украiна)” (45). Гiстарычныя наступствы люблiнскай унii аўтары бачаць збольшага гэтаксама, як i ў наступным падручнiку (Gierowski, 143). Яна мела негатыўныя палiтычныя наступствы (войны з Расiяй, значнае эканамiчнае i этнiчнае расслаенне дзяржавы), але з iншага, культурнага пункту гледжання, Польшча стала мастом памiж Усходам i Захадам, атрымала Касцюшку, Мiцкевiча, Славацкага i Мiлаша: “Дзякуючы унii змяшалiся элементы розных культур: беларускай, украiнскай, лiтоўскай, польскай, жыдоўскай, армянскай, татарскай” (59-60). У раздзеле пра “Рэч Паспалiтую Абодвух Народаў у XVI ст.” гаворыцца пра “паланiзацыю лiтоўскай i рускай шляхты” (69) – у гэтай апошняй можна ўбачыць шляхту, аселую на беларускiх землях. Мы чытаем таксама, што “руская мова” (з старабеларускiмi цi стараўкраiнскiмi рысамi) была мовай канцылярыi Вялiкага Княства Лiтоўскага (69). Наступны раздзел прысвечаны “Цэрквам i канфесiям Рэчы Паспалiтай XVI-XVII ст.”. Вартая ўвагi змешчаная ў iм карта тэрытарыяльных падзелаў Праваслаўнай i Рыма-Каталiцкай цэркваў у Кароне i на Лiтве ў перыяд каля 1500 г. (77) з каментаром. Тамсама распавядаецца i пра Берасцейскую унiю. Меркаваннi аўтараў больш узважаныя, чым у папярэднiм падручнiку. Прычыны унii падаюцца на шырэйшым фоне. Да яе ўзнiкнення прычынiлася, мiж iншага, заснаванне патрыярхату ў Маскве ў 1589 г. Падзеi, звязаныя з узнiкненнем унii, выкладаюцца ў слушным парадку: унiя ў Рыме (1595) i яе абвешчанне на сiнодзе ў Берасцi (1596 ). Распавядаючы пра ўнутраныя канфлiкты, выклiканыя унiяй, аўтары ўстрымлiваюцца ад адназначнай ацэнкi гэтае з’явы (86-87). У суме чытач мае i паўнейшы, i больш узважаны вобраз падзеяў, чым у падручнiку Героўскага.

У той частцы кнiгi, якая прысвечана культуры барока i сарматызму, называюцца “старыя цэнтры культуры на ўсхо-дзе”: Полацак i Вiльня, г. зн. тыя месты, якiя ўважаюцца за асяродкi даўнай беларускай культуры i сучаснымi беларускiмi даследчыкамi (195).

Трэба, мiж iншым, зазначыць, што пад здымкам езуiцкага (pojezuickiego) касцёла ў Вiльнi подпiс памылковы: павiнна быць не “касцёл Св. Ядзвiгi”, а “касцёл Св. Яна” (211).

Звесткi пра Беларусь з’яўляюцца яшчэ напрыканцы падручнiка ў сувязi з падзеламi Рэчы Паспалiтай. Пры I падзеле Расiя заняла 92 тыс. км[2] “(…) з ваяводствамi: iнфлянцкiм, часткай полацкага, вiцебскiм, мсцiслаўскiм, нарэшце, часткай менскага, – iнакш кажучы, землi сённяшняй Беларусi памiж Дзьвiною, Друццю i Дняпром” (306). У гаворцы пра наступныя па-дзелы назва “Беларусь” ужо не гучыць. Варта, аднак, шырэй прывесцi ацэнку значэння падзелаў, якую даюць аўтары ў канцы сваёй працы. Падзелы былi трагедыяй не толькi для палякаў:

“Не падлягае ж сумненню, што лiквiдацыя польска-лiтоў-скай дзяржавы несла нацыянальную катастрофу – i не толькi для палякаў. Гэта была параза лiтоўцаў i русiнаў, жыдоў i армянаў, бо здэцэнтралiзаваная, лiберальна кiраваная Рэч Паспалiтая давала прытулак i вялiкiм i малым народам. У хвiлiну свайго падзення яна пераставала быць выключна шляхоцкай дзяржавай; надзеi на змену становiшча адкрывалiся не толькi перад польскiм мешчанiнам, але i перад украiнскiм селянiнам” (403).

Падручнiк дапаўняюць змешчаныя напрыканцы храналагiчныя зводкi i спiс рэкамендаванай лiтаратуры. Гэты падручнiк, як i папярэднi, з’яўляецца добрай асновай для правя-дзення ўрокаў гiсторыi.

Кл. III (Szcześniak I). Распавядаючы пра землi колiшняй Рэчы Паспалiтае у складзе Расiйскай iмперыi ў XIX ст., аўтар недастаткова дакладна акрэслiў значэнне ужываных iм геаграфiчных тэрмiнаў. Магчыма, некаторыя непаразуменнi iдуць адгэтуль. Паняцце “Лiтва”, што выступае ў яго, можна зразумець то як тэрыторыi колiшняга Вялiкага Княства, то ў сэнсе ўласна Лiтвы (без усходнеславянскiх земляў). Лiтвы ў шырэйшым значэннi (а значыць, i тэрыторыяў Беларусi) датычаць тыя фрагменты падручнiка, дзе распавядаецца пра гiсторыю Вiленскае Навучальнае акругi i Вiленскага унiверсiтэту (22), Лiстападаўскага паўстання на Лiтве (36-38), падпольнай арганiзацыi Шымана Канарскага (53) i пачаткаў рэформаў Аляксандра II (93). У бальшынi выпадкаў гэта вельмi агульныя заўвагi, якiя не змяшчаюць нiякiх адмысловых адсылак да беларускае праблематыкi. Беларускi сюжэт узнiкае толькi ў сувязi з Сту-дзеньскiм паўстаннем: “(…) на Вiленшчыне i Гарадзеншчыне беларускiя сяляне масава (licznie) ўступалi ў аддзелы (partii) Людвiка Нарбута, Валерыя Ўрублеўскага, а на Палессi – Рамуальда Траўгута. Аднак на Белай Русi, у iнфлянтах, на Ўкраiне сяляне пераважна выступалi супроць паўстанцаў, i даходзiла часам да выразання шляхты (Краслаўка на Магiлёўшчыне, Салаўёўка на Кiеўшчыне)” (108).

Постаць Канстанцiна Калiноўскага, якi ў Беларусi ўважаецца за нацыянальнага героя, яшчэ раз узнiкае ў тэксце пры гаворцы пра разгром паўстання (114). Рэпрэсii пасьля паўстання пададзеныя сiнтэтычным чынам, i ў iх асвятленнi аўтар ужывае паняцце “Лiтва” (116, 211 i iнш.).

У падраздзеле “Насельнiцтва цi раса? (Нараджэнне новых iдэалогiяў)” (174 i iнш.) гаворыцца пра нацыянальнае адраджэнне ў XIX-XX ст. у Еўропе. Згадваюцца балгары, чэхi, украiнцы, лiтоўцы i iншыя народы, але пра беларусаў няма нiчога (177). Да самага канца кнiгi Беларусь i яе жыхары не згадваюцца як асобная тэрыторыя. Беларусь як геаграфiчнае паняцце выступае толькi ў сувязi з Берасцейскiм мiрам (люты 1918 г.) (296) i арганiзацыяй Польскага корпусу ў 1917 г. (330). У характарыстыцы расiйскага нацыянальнага (narodowego) руху пачатку XX ст. напiсана, што ён iмкнуўся да русiфiкацыi м. Iнш. Беларусi i Ўкраiны (311), але адсутнасць звестак на гэтую тэму ў ранейшых частках падручнiка прыводзiць да таго, што гэтая iнфармацыя павiсае ў пустаце.

Кл. III (Szcześniak 1992). Падручнiк тычыцца перыяду 1918-1939 г. i змяшчае найбольш iнфармацыi на тэму Беларусi i беларусаў. На жаль, яна не найлепшая. Да беларускiх справаў можна ўскосна аднесцi звесткi аб трактаце пра нацыянальныя меншасцi, якi складаў частку Вэрсальскага ладу (15-16), а таксама згадку пра 8 млн. грамадзянаў Рэчы Паспалiтай Польскай, якiя належалi да нацыянальных мяншыняў, i чыя прысутнасць стала пазней агмянём канфлiктаў (17-18). Шырэй i непасрэдна аўтар выказваецца пра Беларусь пры разглядзе федэрацыйных планаў Юзэфа Пiлсудскага: “Iшлося перадусiм пра федэрацыю з Лiтвой i Беларуссю i пра саюз гэтае федэрацыi з нацыянальна самастойнай Украiнай i Латвiяй” (48). У кантэксце канфлiкту памiж адроджанай польскай дзяржавай i бальшавiцкай Расiяй згадана пра ўтварэнне 31 снежня 1918 г. Беларускай Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi на чале з кiраўнiком Заходняга Фронту Чырвонай Армii Аляксандрам Мяснiковым i савецкiм дыпламатам Адольфам Ёфэ. У склад ураду ўвайшлi, як пiша аўтар, “адны польскiя камунiсты” (49). Падобная сiтуацыя паўтарылася ў 1919 г., калi ўтварылася Лiтоўска-Беларуская Рэспублiка Саветаў, ва ўладах якой (прэм’ерам быў лiтовец В.С.Капсукас-Мiцкявiчус) “не было беларусаў i лiтоўцаў, а толькi жыды i польскiя камунiсты” (49). У час вайны 1920 г. “на польскi бок перайшлi i аддзелы генерала Станiслава Булак-Балаховiча, якiя выступалi пад афiцыйным назовам Беларускай Народнай армii” (53).

Дробны фрагмент адозвы Ленiна, якая заклiкала расiянаў да абароны краю ад палякаў у 1920 г., змяшчае сказ пра “Беларусь са Смаленскам”, якую хочуць заняць палякi (53). Падчас перамоваў у Рызе бальшавiкi планавалi ўсю Беларусь аддаць Польшчы ўзамен за здачу незалежнасцi Ўкраiны, але Станiслаў Грабскi, прадстаўнiк эндэцыi, адхiлiў гэтую прапанову, “(…) баючыся, што гэта аблегчыць Пiлсудскаму рэалiзацыю iдэi федэрацыi” (59). Пры разглядзе пастановаў рыжскага трактату (59-60) пра Беларусь ужо не згадваецца. У параграфах для паўтарэння ў разгледжанай вышэй частцы падручнiка з’яўляюцца тэмы, якiя тычацца канцэпцыi межаў Дмоўскага i Пiлсудскага i пастановаў Рыжскага Трактату i даюць магчымасць згадаць пра Беларусь (64).

Выкладаючы справу Вiльнi i Вiленшчыны i канфлiкт з Лiтвою, аўтар пiша пра ўзнiкненне ў 1919 г. Лiтоўска-Беларускай Рэспублiкi Саветаў (71). Прыводзiць таксама звесткi ўсеагульнага перапiсу 1931 г. пра нацыянальны склад жыхароў Вiльнi: палякаў – 128,6 тыс., жыдоў 54,6 тыс., беларусаў 1,7 тыс.

Раздзел, прысвечаны “Iмперыi Сталiна (пабудова асноваў сацыялiзму ў СССР у 1921-1939 г.)” (75 i iнш.), змяшчае небагата iнфармацыi пра Беларусь. Мы даведваемся, што ў 1918 г. яна была акупаваная немцамi (75), i толькi. Гаворачы пра рэпрэсii 1937-1938 г., аўтар пiша: “З таго перыяду паходзяць, мiж iншым, масавыя пахаваннi ў Вiннiцы на Ўкраiне (9,5 тыс.), частка расiйскiх пахаванняў у Катынi i ў Курапатах пад Менскам (…) (85).

Тэма iнтэграцыi польскай дзяржавы пасля I сусветнай вайны дае нагоду прывесцi статыстыку нацыянальнага складу 1931 г. (уласна кажучы, гэта была моўная статыстыка, бо такiм было пытанне ў перапiсе – Г.Л.), паводле якой беларусы складалi 3,9 % ўсяго насельнiцтва II Рэчы Паспалiтай (90). Крыху далей падкрэслiваецца, што нацыянальныя падзелы накладалiся на веравызнаўчыя, а бальшыня беларусаў была праваслаў-наю (92). Асаблiвае значэнне для нашай тэмы мае раздзел “Гiстарычная спадчына (Нацыянальныя мяншынi ў II Рэчы Паспалiтай)”. Ён змяшчае кароткiя даведкi пра лiтоўцаў (104-106), немцаў (106), украiнцаў (106-108), жыдоў (108-111) i беларусаў (111). Гэтым апошнiм адведзена найменш месца. Са змешчанага яшчэ раней графiку вынiкае, што беларусы жылi збольшага на вёсцы. Кароткая нататка iнфармуе, што беларусы былi трэцяй па колькасцi нацыянальнай мяншыняй у польскай дзяржаве. Жылi яны на паўночна-ўсходнiх “крэсах” Рэчы Паспалiтай i складалi сялянскае насельнiцтва з зародкамi мяшчанства i iнтэлiгенцыi. Гэта была група з “(…) нацыянальнай свядомасцю, якая знаходзiлася толькi ў стадыi фармавання” (111). Напачатку 20-х г. “(…) на землях, населеных беларусамi, дайшло да дыверсiйных i тэрарыстычных актаў, скiраваных супроць польскай адмiнiстрацыi. Гэтыя акцыi арганiзоўвалiся адмысловымi савецкiмi дыверсiйнымi службамi, заданнем якiх было выклiкаць паўстанне сярод беларусаў. Канец бальшавiцкiм дыверсiям паклала ўтварэнне Корпусу Аховы Памежжа (КАП). Тады камунiсты змянiлi тактыку i пастанавiлi “рэвалюцыянiзаваць масы” праз пасярэднiцтва апанаванай iмi сялянскай партыi Грамада” (111). Выснова з гэтых развагаў надрукавана чырвонай капiтэллю: “Але ў цэлым беларускае насельнiцтва засталося лаяльным да польскай дзяржавы” (111). Прадстаўляючы стасунак уладаў польскай дзяржавы да нацыянальных мяншыняў, аўтар цвердзiць, што апошнiя ў святле канстытуцыi мелi ўсю паўнату правоў, але “(…) на справе iснавала багата фактараў, якiя распальвалi нацыянальныя канфлiкты” (112). У практыкаваннях на паўтарэнне да гэтага раздзелу няма пытанняў, якiя можна было б ясна аднесцi да беларусаў (113). У наступных частках кнiгi беларуская праблематыка з’яўляецца выпадкова. Колькi разоў Беларусь згадваецца як геаграфiчны абшар (124, 131, 178, 180). У зацытаванай ухвале VI З’езду КПП 1939 г. гаворыцца пра вынiшчэнне польскiмi ўладамi беларускай мовы (124). У спробе падвесцi баланс усяго перыяду незалежнасцi чытаем, што матэрыяльная галеча украiнскага i беларускага насельнiцтва не дазваляла яму ўтрымлiваць школы на ўласныя сродкi ў колькасцi, адпаведнай патрэбам. “Замест гэтага адмiнiстрацыйныя ўлады заводзiлi дзвюхмоўныя школы (польска-ўкраiнскiя i польска-беларускiя), што дзеячы гэтых мяншыняў лiчылi за дыскрымiнацыю” (182). I далей аўтар гэтак падсумоўвае палiтыку II Рэчы Паспалiтай у нацыянальным пытаннi: “Сярод нацыянальных мяншыняў, што жылi ў польскай дзяржаве, выступалi ўзаемавыключальныя цэнтрабежныя i цэнтраiмклiвыя тэндэнцыi. Гэта датычыла украiнцаў i немцаў, а ў крыху меншай ступенi i беларусаў з лiтоўцамi. Але Рэч Паспалiтая не магла змiрыцца з спробамi адарваць ад яе тэрыторыi цэлыя рэгiёны” (189).

Кл. IV (Siergiejczyk 1991, выд. 4). Гэты падручнiк – перавыданне таго, пра якi ўжо гаварылася раней i якi ахапляў 1939-1945 г. (Siergiejczyk 1986 выд. 1). У асноўным новае выданне не адыходзiць ад першага. Беларусь, як i раней, выступае ў iм як геаграфiчнае паняцце, месца ваенных дзеянняў, часамi згадваецца пра беларускае насельнiцтва як прадмет палiтыкi (26, 30, 37, 39, 97, 98, 129, 136, 137, 147, 148, 181, 186, 234 – карта, на якой адзначана Беларуская ССР). Аўтар паўтарае за першым выданнем свайго падручнiка, што беларусы ў 1939 г. паводзiлi сябе лаяльна да польскай дзяржавы (16). Далей чытач даведваецца, што 2 лiстапада 1939 г. Заходняя Беларусь была “па ўласным жаданнi” ўключана ў Беларускую ССР (39). Гаворачы пра дэпартацыi, арганiзаваныя ўладамi СССР на занятых у 1939 г. тэрыторыях, Сяргейчык пiша, што ў iх “(…) чынны ўдзел брала створаная на тым абшары мiлiцыя. Яна набiралася з украiнскiх i беларускiх нацыяналiстаў, часткi жыдоўскага пралетарыяту i нават звычайных авантурнiкаў. Бясслаўную ролю ў гэтай акцыi адыгралi i мясцовыя камунiсты” (135). Дэпартацыi ахапiлi каля 1,5 млн. польскiх грамадзянаў, з якiх 60 % складалi палякi, а астатнiя 40 % украiнцы, жыды i беларусы (137). iнфармацыю пра нямецкiя планы вынiшчэння i перасялення насельнiцтва (т. зв. план Ост) аўтар паўтарае за першым выданнем сваёй працы (148). З падручнiку вынiкае, што толькi ЗПП, ППР i потым КРН ясна бачылi, што ўсё адно давядзецца аддаць тэрыторыю дзяржавы за лiнiяй Буг (лiнiяй Керзона) (139, 186).

Кл. IV (Pankowicz). Падручнiк ахоплiвае перыяд ад 1939 да 1990 г. Беларусь, яе гiсторыя i жыхары выступаюць як пабочнае пытанне. Таму пра Беларусь найчасцей гаворыцца ў сувязi з пактам Рыбентропа-Молатава i заняццем часткi тэрыторыi Польшчы Савецкiм Саюзам (10, 13, 22), або далучэннем тэрыторыi заходняй Беларусi да СССР (46[-]50). Аўтар, як i Сяргейчык (Siergiejczyk 1991, выд. 1, 20; ён жа, выд. 4, 16), падкрэслiвае лаяльнасць беларусаў да польскай дзяржавы ў 1939 г.: “Сярод нацыянальных мяншыняў прывязанасць да Польшчы як сваёй айчыны выяўлялi жыды i беларусы (…)” (13). Рэпрэсii пад савецкай акупацыяй закранулi i беларусаў. З агульнага лiку дэпартаваных (1 200 000 чалавек) 60 % складалi палякi, украiнцы i беларусы 30 %, жыды 10 %. Палова вывезеных памерла да чэрвеня 1941 г. (50). Пасля выбуху вайны памiж СССР i Нямеччынай на тэрыторыi Беларусi дзейнiчала моцная савецкая партызанка (81).

Беларусь як геаграфiчная назва нярэдка з’яўляецца ў тых частках падручнiка, у якiх апiсана ўсталяванне мяжы польскай дзяржавы на ўсходзе (85, 88-89, 93-94, 99, 101-102, 103-104) i гаворыцца пра погляды польскiх камунiстаў (137) ды палiтычныя арганiзацыi Падпольнае дзяржавы (138). Гаворачы пра Польшчу ў новых межах (люты 1946 г.), аўтар пiша, што яшчэ тады каля 1/3 насельнiцтва складалi немцы, беларусы, украiнцы, лiтоўцы i жыды. Але рэпатрыяцыi i эмiграцыi зрабiлi “(…) Польшчу дзяржавай у асноўным маналiтнай у нацыянальным дачыненнi” (172). Пра перасяленнi, арганiзаваныя пасля вайны, аўтар згадвае яшчэ далей, але ўжо агульна (181-182). Мы даведваемся таксама, што Беларуская ССР была сябрам-заснавальнiкам ААН (191) i што па вайне ўлады СССР арганiзавалi дэпартацыю насельнiцтва ўглыб краiны, м. Iнш. з Беларусi (200).

3. Гiстарычныя атласы

Карта – такi ж iстотны дыдактычны матэрыял, як i падручнiк. Для разгляду мы выбралi тры гiстарычныя атласы, якiя здаюцца найбольш рэпрэзентатыўнымi для ўжываных у школе картаграфiчных матэрыялаў.

а) (Semkowicz). Картаграфiя рускiх земляў Вялiкага Княства Лiтоўскага прадстаўлена багата. Найпаўнейшае ўяўленне дае палiтычная карта XV ст.: “Польшча i Лiтва пры Ягелонах” у маштабе 1 : 6 000 000. Назва Беларусi з’яўляецца тут колькi разоў у геаграфiчным i адмiнiстрацыйным значэннi: Белая Русь, Беларуская губерня (тэрыторыя I падзелу) (карты падзелаў 1772-1795 г. на с.10), Варшаўскае Княства. На картах XX ст. (на апошняй старонцы вокладкi), датычных мiжваеннага часу i становiшча пасля 1945 г., Беларуская ССР не адзначана.

б) (Czapliński). Гэта вялiкi атлас, у якi ўваходзiць таксама тэкставая частка i iндэксы. У картаграфiчнай частцы знахо-дзяцца шматлiкiя карты, звязаныя з беларускiмi землямi (рускiя землi Вялiкага Княства Лiтоўскага па унii 1569 г.). На карце тэрмiн “Беларусь” з’яўляецца ўжо ў XVI ст. (карта “Шляхецкая Рэч Паспалiтая ў XVI ст.”, 20-21). З яе можна зрабiць выснову, што Беларусь – гэта абшар збольшага ад Менску да Оршы, але без Смаленшчыны. Па карце “Мовы народаў Рэчы Паспалiтай i заходнiх земляў у канцы XVI ст.” (23, маштаб 1 : 10 000 000) можна зарыентавацца ў тагачасным абсягу беларускае мовы. Каментар да яе не ўносiць нiчога iстотнага (Objaśnienia, 15). Потым Беларусь знiкае з картаў, каб зноўку з’явiцца ў сувязi з паказам адбудовы польскае дзяржавы пасля I сусветнай вайны. На карце, датычнай 1918-1922 г. (44-45), пазначаны межы Беларускае ССР у яе першапачатковым выглядзе, расцягнутым па мерыдыяне. Тэкст тлумачэнняў нiчога не дадае да таго, што вiдаць з карты (27-29). Пасля вышэйзгаданага прыкладу Беларусь больш не з’яўляецца. Але каб пазнаёмiцца з тою часткай сучаснае Беларусi, якая ў 1921-1939 г. уваходзiла ў склад польскай дзяржавы, настаўнiк i вучань могуць карыстацца картамi мiжваеннай Польшчы (гушчыня насельнiцтва, ураджайнасць i г. д.). Пра беларускiя справы гаворыцца яшчэ ў каментарах да картаў, дзе паказаны змены межаў у 1939 г. (тлумачэннi, 33-34 – кароткая заўвага пра далучэнне Заходняе Беларусi) i, без сувязi з картаграфiчнай часткай, ў iнфармацыi пра перасяленнi i рэпатрыяцыi пасля 1944 г. Мы чытаем, што ў сувязi з вялiкiмi перасяленнямi насельнiцтва каля 0,5 млн. украiнцаў i беларусаў пакiнулi тэрыторыю Польшчы (Objaśnienia, 38). Закранаецца таксама праблема колькаснага складу нацыянальных мяншыняў у ПНР: “Колькасць (…) нацыянальных мяншыняў ацэньваецца прыблiзна ў 1,5 % (на 1961-1962 г.). Гэта каля 450 тыс. чалавек, у тым лiку 180 тыс. украiнцаў i 165 тыс. беларусаў” (Objaśnienia, 38).

в) (Atlas historyczny). Гэта найбольшы з усiх атласаў, пра якiя тут iдзе гаворка. Апрача картаў, у iм ёсць каментар i iндэксы. У суме картаграфiчная частка дае добрую падставу для знаёмства з гiсторыяй Беларусi. Тэрыторыi, населеныя беларусамi, адзначаюцца на картах, пачынаючы з XV ст. Для ранейшых часоў карысныя карты, якiя паказваюць галоўныя цэнтры даўняе Русi (напр. Полацкае, Смаленскае, Пiнскае княствы на таб. 50: “Еўропа каля паловы XIII ст.”). Беларусь i Беларусы вылучаны i адзначаны на такiх картах, як:

1. “Еўрапейскiя народы напрыканцы XV ст.” (таб. 60)

2. “Еўропа ў палове XVI ст.” (таб. 70)

3. “Еўропа ў 1569-1648 г.” (таб. 72)

4. “Еўропа ў 1815-1871 г.” (таб. 102)

5. “Еўропа ў 1815-1849 г.” (таб. 106)

6. “Расiя пасля 1815 г.” (таб. 107)

7. “Славянскае адраджэнне ў XIX ст.” (таб. 110)

8. “Цэнтральная Еўропа – народы i мовы (каля 1900 г.)” (таб. 120)

9. “Адбудова польскае дзяржавы (1918-1922)” (таб. 125)

Далей на картах стала адзначаюцца межы (усё меншыя) (?) Беларускае ССР, акрамя карты 10, на якой Беларусь паказана як геаграфiчны абшар.

10. “Еўропа пад час I сусветнай вайны (1914-1918)” (таб. 126-127)

11. “Еўропа ў 1918-1923 г.” (таб. 130-131)

12. “Расiйская рэвалюцыя i грамадзянская вайна ў 1917-1921 г.” (таб. 132)

13. “СССР у 1922-1939 г. (еўрапейская частка)” (таб. 136)

14. “СССР у 1922-1945 г. (азiяцкая частка)” (таб. 137)

15. “Еўропа ў 1923-1939 г.” (таб. 138-139)

16. “Польшча пад час II сусветнай вайны” (таб. 141)

17. “Еўропа пад час II сусветнай вайны (1939-1943)” (таб. 142)

18. “Еўропа пад час II сусветнай вайны (1944-1945)” (таб. 143)

19. “Еўропа пасля II сусветнай вайны (1944-1965)” (таб. 143)

20. “СССР у 1945-1965 г. (еўрапейская частка)” (таб. 153)

Але хоць картаграфiчны вобраз Беларусi ўвогуле багаты, камэнтары да паасобных картаў маюць розную вартасць. Найгорш з тымi, што тычацца XX ст. На iх малазначнасць напэўна паўплывалi меркаваннi цэнзурнага характару. Камэнтуючы карту славянскага адраджэння ў XIX ст. (карта № 7 вышэйпададзенага спiсу), аўтары пiшуць яшчэ, што “палiтычнай незалежнасцю (сярод славянскiх народаў у XIX ст. – Г.Л.) валодала толькi Расiя, але на яе абшары нават пануючы расiйскi народ не меў палiтычных свабодаў i паўнаты магчымасцяў культурнага развiцця, тым часам як заваяваныя народы, такiя, як палякi, украiнцы i беларусы, такiх магчымасцяў не мелi наагул (за выняткам кароткага перыяду самастойнасцi палякаў у Каралеўстве Польскiм)” (Komentarz, 26).

Лiхiм царскiм часам процiпастаўлены вобраз дабрабыту (pomyślności), якi мелася забяспечыць савецкая дзяржава. У каментары да карты № 12 нашага спiсу чытаем: “Савецкая ўлада пакрысе затрыумфавала ўсюды, лiквiдуючы, м. iнш., спробы ўтварыць буржуазныя ўрады на Ўкраiне i ў Беларусi. У цяжкiм становiшчы апынулася Савецкая Расiя ўлетку 1920 г. у вынiку вайны з Польшчай, што пагражала адарваннем Украiны i знiшчэннем незалежнасцi Беларусi. Урэшце, пасля розных перыпетыяў, увосень 1920 г. было заключана замiрэнне, канчаткова зацверджанае мiрнай дамоваю ў Рызе 18 сакавiка 1921 г., у якой Расiя i Савецкая Украiна мусiлi што праўда зрабiць Польшчы значныя саступкi (Заходняя Беларусь i Заходняя Ўкраiна апынулiся пад польскай уладай, насуперак прапанаванай улетку 1920 г. лiнii ўздоўж Бугу i Сану, т. зв. лiнii Керзана), але дзякуючы гэтаму маглi будаваць сацыялiзм у мiрных умовах (…)” (Komentarz, 33).

У каментарах да Беларусi звяртаюцца яшчэ колькi разоў у сувязi са зменамi мяжы пасля 1939 г., але гэта толькi згадкi пра палiтычна-геаграфiчную тэрыторыю (Komentarz, 37, 40, 42).

4. Дадатковая лiтаратура для вучняў i настаўнiкаў

Поруч з падручнiкамi Miнiстэрства нацыянальнай адукацыi рэкамендуе дадатковае чытанне, асаблiва для перыяду най-ноўшае гiсторыi. Для аналiзу падабраны тыя працы, што най-шырэй выкарыстоўваюцца вучнямi i настаўнiкамi.

(Pronobis) З увагi на назву працы (“Польшча i свет у XX ст.”), можна было б чакаць, што найбольш iнфармацыi на цiкавую нам тэму мы знойдзем акурат у гэтай кнiзе. Аднак пры блiжэйшым знаёмстве спадзяваннi не пацвярджаюцца. Беларусь выступае ў гэтай працы як геаграфiчны абшар. Яна з’яўляецца ў сувязi з берасцейскiм трактатам i польска-бальшавiцкаю вайной (59-60). Мы знаходзiм таксама ўрывачныя звесткi накшталт “паразай скончылася i беларускае Слуцкае паў-станне супроць бальшавiцкага панавання” (67). У сувязi з ацэнкай версальскае сiстэмы аўтар пiша: “мары ўкраiнцаў i беларусаў пра незалежнасць не спраўдзiлiся” (75). Крыху далей ён паведамляе, што ў 1918-1919 г. узнiклi савецкiя Рэспублiкi Лiтвы i Беларусi (78). Выкладаючы гiсторыю Польшчы памiж войнамi, аўтар падае статыстыку нацыянальнага складу ў 20-я гады: беларусы складалi каля 4 % грамадзян дзяржавы. Успамiнае ён i пра абмежаваннi, якiя закраналi беларуска- i ўкраiнскамоўнае школьнiцтва (104). Крыху больш развiтыя звесткi пра камунiстычны рух на Беларусi. У 1925 г. пад уплывам КПП утварылася Беларуская Сялянска-Работнiцкая Грамада, якая прывяла ў Сейм 4 паслоў. Гэтая арганiзацыя, пры ўдзеле спецыяльных службаў СССР, вяла тэрарыстычную дзейнасць супраць польскай дзяржавы (107). У 1923 г. паўстае КПЗБ (108). Беларусь у 20-х г. была тэрыторыяй дзейнасцi савецкiх агентаў (118). Беларускiя справы з’яўляюцца яшчэ ў сувязi з вайною 1939 г. i падзелам Польшчы памiж Нямеччынай i СССР (195, 198) а таксама акупацыяй часткi польскай дзяржавы Савецкiм Саюзам у 1939-1941 г., калi лёс польскага насельнiцтва быў асаблiва цяжкi – перадусiм яго дэпартавалi, а ўлады “адкрыта пад’юджалi беларусаў i ўкраiнцаў помсцiць за крыўды, зазнаныя ў часы II Рэчы Паспалiтай” (231). Агляд звестак пра Беларусь, змешчаных у кнiзе, замыкае згадка пра тое, што пад час нямецкай акупацыi ў I сусветную вайну частка яе знаходзiлася пад цывiльнай адмiнiстрацыяй (253).

Астатнiя прагледжаныя намi працы (Holzer, Roszkowski, Davis) не даюць нiчога асаблiва новага пра беларускiя справы. Адносна больш звестак пра iх змяшчаюць раздзелы пра мiжваенны перыяд. Але тагачасныя праявы палiтычнага жыцця беларусаў у Польшчы аўтары звязваюць толькi з камунiстычнай дзейнасцю (напр. Holzer, 283; Roszkowski, 45-46). Нават найбагацейшая ў фактаграфiчным дачыненнi кнiжка Рашкоў-скага (Roszkowski), нягледзячы на частыя згадкi пра Беларусь, не дае больш нiчога, апрача ўрывачных звестак. Таксама i ў кнiжцы Дэвiса беларуская праблематыка трактуецца маргiнальна (Davis).

5. Падручныя энцыклапедыi, кампендыюмы i слоўнiкi

Каштоўнасць гэтых даведнiкаў не заўсёды залежыць ад даты выдання. Аднак, агулам кажучы, даўнейшыя працы даюць менш iнфармацыi, асаблiва пра XX ст. (Słownik 1974, Bieńkowski 1976, Mały Słownik 1964). З цэнзурных прычын яны цалкам абмiнаюць савецкi перыяд гiсторыi. Гэта звычайна прыводзiць да адсутнасцi звестак пра палiтыку “беларусiзацыi” 20-х г. i рэпрэсii, звязаныя з т. зв. барацьбой з “нацдэмаўшчынай” у 30-я г. Пiшучы пра II сусветную вайну, аўтары прымалi пункт гледжання савецкай гiстарыяграфii. Паваенныя гады i палiтыка “перавыхавання” (?) (“reedukacji”), якая праводзiлася ў Беларусi савецкiмi ўладамi, не апiсвалiся ўвогуле.

Працы, якiя з’явiлiся пасля 1989 г., таксама маюць вельмi розную вартасць. Поўнай недарэчнасцю стаў, напрыклад, “Слоўнiк гiсторыi XX стагоддзя” (Bankowicz 1992), у якiм ёсць артыкулы “Эстонiя”, “Латвiя” i… “Ангола”, але няма “Расii” i “СССР”. Вельмi слабы i, па сутнасцi, непрыдатны для знаёмства з гiсторыяй Беларусi пералiк датаў ад X да XX ст. (Grunberg 1992). Затое надзвычай карысным аказваецца “Малы оксфардскi слоўнiк гiсторыi свету ў XX ст.” (Mały oxfordzki słownik 1992). З прычыны недахопу месца аўтар артыкулу прапусцiў некаторыя пытаннi (напрыклад, важную з сiмвалiчных меркаванняў для гiсторыi Беларусi Устаўную Грамату Беларускай Народнай Рэспублiкi ад 25 сакавiка 1918 г., якая абвясцiла Беларусь незалежнай дзяржавай). Крыху перабольшана цверджанне, што “(…) савецкая партызанка, з прычыны абыякавага стаўлення насельнiцтва, была досыць слабою” (Mały oxfordzki słownik 1992, 57). У цэлым, аднак, тэкст i ўвогуле слоўнiк складзены добра i прыстойна арыентуе чытача ў складанай гiсторыi Беларусi XX ст. Добры i карысны таксама “Mały słownik historii Polski”, выдадзены ў 1991 г. (Sienkiewicz 1991). Аднак сцiсласць выдання прымусiла аўтара пайсцi на значныя спрашчэннi. Тым не менш беларуская праблематыка ў гэтай працы прысутнiчае i прадстаўлена добра. Гэтага, на жаль, нельга сказаць пра найноўшае выданне “Гiсторыя. Школьная энцыклапедыя” (Historia 1993), аўтары якога ўпарта пачынаюць гiсторыю Беларусi з XX ст., ад узнiкнення ў 1919 г. Беларускай ССР (гэта, мабыць, абумоўлена тым, што пры пiсаннi артыкула “Беларусь” яны абапiралiся толькi на старую працу М. Космана: M.Kosman, Historia Białorusi, Wrocław, Ossolineum 1977).

Што да гiсторыi лiтаратуры, то надалей можна карыстацца “Малым слоўнiкам пiсьменнiкаў эўрапейскiх народаў СССР” (Mauy suownik pisarzy 1966), але трэба памятаць, у якiм часе ён паўставаў. У кожным разе там знойдзецца iнфармацыя пра Францiшка Скарыну, Сiмяона Полацкага, Францiшка Багушэвiча, Якуба Коласа, Янку Купалу i iншых.

“Слоўнiк гiстарычных паняццяў i тэрмiнаў” (Snoch 1990) карысны толькi ў сцiплым абсягу (артыкулы: unia, unici, dyzunici, bojar).

Падсумаванне

I ў старых, i ў новых падручнiках па гiсторыi беларуская тэматыка выступае як пабочная. Падобная сiтуацыя i ў дадатковай лiтаратурай. У галiне картаграфii справа можа крыху лепшая, але каментары да картаў не адпавядаюць патрабаванням сумленнай гiстарычнай навукi. Адсутнасць беларускiх пытанняў у аналiзаваных тэкстах вынiкае з шмат якiх прычынаў. Перадусiм, паколькi для эпохi да канца XVIII ст. падручнiкi прымаюць дзяржаўнiцкi пункт гледжання (гiсторыя дзяржаваў), то выходзiць, што гiсторыi Беларусi няма, бо не iснуе беларускае дзяржавы. Прызнанне Вялiкага Княства Лiтоўскага за лiтоўска-беларускую дзяржаву не пранiкла да падручнiкаў. Зрэшты, пра гiсторыю Вялiкага Княства гаворыцца не надта шырока (увага аўтараў засяроджваецца звычайна на Кароне). Ад часоў падзелаў у падручнiках выкладаецца гiсторыя палякаў, г. зн. народу, бо дзяржавы польскай ужо няма. Гэты нацыянальны прынцып вылучэння матэрыялу для апавядання таксама не спрыяе прадстаўленню беларускiх пытанняў. Фармаванне нацыянальнай самастойнасцi на Беларусi прыпала на канец XIX – пачатак XX ст., г.зн. пачалося пазней, чым нават у лiтоўцаў, не кажучы ўжо пра ўкраiнцаў. Таму пра Беларусь i яе жыхароў – беларусаў пiшацца толькi пры разглядзе пытанняў, звязаных з нацыянальнымi мяншынямi ў II Рэчы Паспалiтай. Крыху iнакш гэтая праблема падаецца ў новых падручнiках. Раней падкрэслiвалася моцная повязь беларускiх палiтычных рухаў з рухам камунiстычным (Грамада, КПЗБ), што, мабыць, мусiла служыць iм за станоўчую характарыстыку. У падручнiках, ужываных цяпер, такая сувязь ужо не падкрэслiваецца так адназначна. Хоць, з iншага боку, у рэкамендаванай лiтаратуры (Roszkowski, Pronobis, Holzer) бальшыня звестак пра беларусаў за 1918-1939 г. тычыцца камунiстычнага альбо звязанага з камунiзмам беларускага руху. Але гэтага, бадай, не след разумець як сiнтэтычную ацэнку палiтычнае дзейнасцi беларусаў, якую мелiся даць аўтары. Гэта хутчэй абумоўлена тым фактам, што найбольш даступныя ў польскай гiстарыяграфii звесткi тычацца акурат такой палiтычнай актыўнасцi беларусаў. Варта заўважыць, што, нягледзячы на шматлiкасць працаў на гэтую тэму, праблема дагэтуль не прадстаўлена нi самым лепшым, нi самым праўдзiвым чынам. Асаблiва нестае ў працах на тэму камунiстычнага руху на Беларусi (як на землях II Рэчы Паспалiтай, так i ў Беларускай ССР) добрага i сiнтэтычнага апiсання яго лiквiдацыi савецкiмi ўладамi ў 30-я г.

Вiдавочна, на падставе кароткiх i часта слаба звязаных мiж сабою звестак, рассеяных па падручнiках, вучань толькi з вялiзнай цяжкасцю можа выпрацаваць нейкi цэльны погляд на гiсторыю беларускай дзяржавы i народу. Нават абшар Беларусi ў геаграфiчным сэнсе вельмi цяжка вызначыць на аснове ведаў, атрыманых з школьных матэрыялаў (за выключэннем, можа, “Гiстарычнага атласу”). Дадатковую цяжкасць у гэтым дачыненнi спраўляе той факт, што ў нiводным з падручнiкаў па гiсторыi не прадстаўлена гiстарычная геаграфiя земляў колiшняе Рэчы Паспалiтай.Таму часта ўжыванае аўтарамi паняцце “Лiтва” (для азначэння Вялiкага Княства Лiтоўскага або колiшнiх яго абшараў у XIX ст.) вучнi могуць зразумець памылкова (як тэрыторыю сучаснае Лiтвы), асаблiва калi яно не выступае ў ясным кантэксце.

У сувязi з тым, што беларускiя пытаннi становяць у падручнiках гiсторыi пабочны сюжэт, ацэначных меркаванняў пра ўласна беларусаў (у адрозненне ад украiнцаў i жыдоў) у iх няшмат. Аднак тыя, якiя ўсё ж трапляюць у падручнiкi, польскi вучань можа ўспрымаць як пазiтыўныя. Так, у новых падручнiках падкрэслiваецца лаяльнасць беларусаў да польскае дзяржавы, нават у найцяжэйшыя часы вайны 1939-1945 г. Здараюцца, аднак, i дзiўныя фармулёўкi, напрыклад, пра “супрацоў-нiцтва беларускiх нацыяналiстаў з савецкiмi ўладамi ў 1939-1941 г.” (Siergiejczyk 1991, выд. 4, 135). Калi ўлiчыць, што беларускi нацыянальны рух аптаваў у той час на карысць Нямеччыны, бо савецкi “беларускi эксперымент” у 20-я i 30-я г. скончыўся крывава, дык такое меркаванне цалкам памылковае. Вось жа, аўтар ужыў слова “нацыяналiсты” не ў значэннi палiтычнага кiрунку, а ў ацэначнай яго канатацыi, чаго, аднак, ясней не патлумачыў.

Яшчэ раз належыць падкрэслiць, што на падставе пра-аналiзаваных матэрыялаў цэласны вобраз гiсторыi ўсходнiх суседзяў Польшчы збудаваць немагчыма. Тэарэтычна можна, вядома, спадзявацца, што настаўнiк будзе старацца падаць вучням больш матэрыялу, чым яны могуць знайсцi ў падручнiках. Аднак, паколькi колькасць гадзiнаў, прызначаных на навучанне гiсторыi, змяншаецца, а падручнiкi дапаўняюцца вельмi дэталёвым матэрыялам пра гады апошняе вайны i пазнейшы перыяд, то беларуская праблематыка будзе хутчэй увогуле прамiнацца. Адсутнасць цiкавасцi да непасрэднiх суседзяў Польшчы цi не найвыразнейшая ў падручнiках польскай мовы, бо адзiным кантэкстам польскае лiтаратуры ў iх аказваецца лiтаратура Захаду, дапоўненая вялiкай расiйскай лiтаратурай (Гогаль, Дастаеўскi, Булгакаў etc.).

Польская гiстарыяграфiя i гiстарычная публiцыстыка пра Беларусь

Гэта нi ў якiм выпадку не будзе поўны агляд дасягненняў гiстарыяграфii i роднасных галiнаў навукi (мовазнаўства, гiсторыi лiтаратуры, геаграфii, гiсторыi мастацтва). Iдзецца хутчэй пра абмалёўку пэўнага ўступнага i агульнага вобразу таго, што пiсана пра беларускiя справы па-польску, або палякамi.

У якасцi самастойнай тэмы беларускiя пытаннi прадстаў-лены досыць слаба. У гiстарыяграфii, створанай у XIX ст. i да паловы XX ст., землi Беларусi, што праўда, часта бывалi прадметам доследаў, але толькi як частка Вялiкага Княства Лiтоўскага (гл. агляд лiтаратуры: Kosman 1979). Спамiж даўнейшых працаў пра беларускае пытанне (у яго сучасным разуменнi) найбольш напiсана Леонам Васiлеўскiм (Wasilewski 1912; Wasilewski 1916; Wasilewski 1933). У гiсторыi лiтаратуры Беларусь часта выступае як краявiд (А.Мiцкевiч), але яе апiсанне звычайна бывае звязана з гiсторыяй Вялiкага Княства цi Крэсаў. У сувязi з апошнiм паняццем як даўней, так i сёння паўстае многа даследаванняў. Бальшыня iх, аднак, разглядае галоўным чынам польскую культуру, займаючыся астатнiмi “крэсовымi культурамi” хутчэй пабочна. Калi бывае iнакш, то ўкраiнскай, жыдоўскай i лiтоўскай культуры аддаецца больш увагi, чым беларускай. Працы пра гiсторыю Беларусi i беларусаў, якiя з’явiлiся пасля II сусветнай вайны, маюць вельмi розную каштоўнасць. Найлепшыя тыя, у якiх iдзецца пра гiсторыю Вялiкага Княства Лiтоўскага. Магчыма, у гэтым выпадку iдэалагiчны нацiск быў найслабейшым, а цэнзурныя абмежаннi не такiмi значнымi. Найгорш выглядае справа з гiсторыяй XX ст.: перыяды I i II сусветных войнаў i пасля 1945 г. Нават у сферы гiсторыi камунiстычнага руху цэнзурныя меркаваннi не дазвалялi праводзiць добрасумленных доследаў. Тым не менш, на гэтую тэму з’явiлася некалькi добрых працаў. Перадусiм трэба назваць кнiжкi Аляксандры Бергман i Генрыка Цiмэка (Bergman 1977; Bergman 1984; Cimek 1988). Толькi пасля 1989 г. змаглi выходзiць вельмi важныя працы Юрыя Туронка, без якiх немагчыма зразумець фармаванне нацыянальнага беларускага руху i яго нялёгкую гiсторыю ў XX ст. (Turonek 1989 выд. 1; Turonek 1993 выд. 2; Turonek 1993). Поруч са старэйшымi да-следчыкамi, звязанымi з беларускiмi справамi праз паходжанне, з’яўляюцца новыя (Radzik (w:) Historycy wobec tożsamości 1992; Wróbel 1990). Надалей, аднак, застаецца слушным тое, што пiсаў у прадмове да пасмяротнага выдання прац А. Бергман Ежы Тамашэўскi: “Мы занадта мала ведаем пра беларусаў, iх культуру, традыцыi, гiсторыю” (Bergman 1984, 5). Прабелаў у гiстарыяграфii XX ст. нiякiм чынам не можа запоўнiць сiнтэз гiсторыi Беларусi, выкананы Марцэлем Косманам (Kosman 1979). Найноўшая гiсторыя пададзена ў ягонай кнiзе тэндэнцыйна, згодна з абавязковай у тыя часы савецкай iнтэрпрэтацыяй. Сучаснага чытача здзiвiць, што аўтар заключыў свае развагi цытатаю з Эдварда Герэка (новы класiк?!) (Kosman 1979, 369). Але тыя часткi кнiгi Космана, якiя тычацца даў-няе гiсторыi, збольшага захавалi сваю iнфармацыйную каштоўнасць.

Акрамя самога факту пiсання пра Беларусь цi беларусаў не меншую важнасць маюць выказаныя аўтарамi (як гiсторыкамi, так i публiцыстамi) сiнтэтычныя меркаваннi наконт гэтае дзяржавы i асаблiва народу. У шмат якiх выпадках гэта ацэнкi, як на польскае адчуванне, прыязныя. Не заўсёды аднак тое, што з польскага боку ўважаецца за доказ сiмпатыi, гэтаксама ўспрымаецца беларускiм бокам. У праявах польскай сiмпатыi беларусы часта, i не заўсёды беспадстаўна, бачаць патэрналiсцкую пазiцыю. Пробным каменем часта бывае стаўленне польскага боку да iхнае мовы. А з гэтым у мiнулым было не найлепш. Таму меркаваннi накшталт выказвання ксяндза Жыскара (сярэдзiна XX ст. !), спаланiзаванага француза, зрэшты, прыязнага беларусам, будзiлi i будзяць супрацiў: “Беларускi народ мае дзiўнае стаўленне да роднае мовы. Ужывае яе штодня дома, але ў касцеле хоча лепш спавядацца i гаварыць па-польску” (Nasze kościoły, 32). Гэтаксама негатыўна ўспрымаюцца такiя выказваннi, як цытаванае Марыянам Здзяхоўскiм у ягонай крытыцы Рыжскага трактату: “Не верыцца, як тут (на Меншчыне – Г.Л.) усё было на добрай дарозе, як тут расхоплiвалi польскiя лемантары i падручнiкi, якое мноства школаў мы адчынiлi, як войты i солтысы вучылiся пiсаць свае адозвы па-польску, i як па-польску адбывалiся мiравыя i акруговыя суды …”, “I ўсё гэта мы ўпусцiлi!” (дадае сам М. Здзехоўскi. – Г.Л.) (Zdziechowski, 233). Агулам беручы, беларусы разумеюць польскiя сiмпатыi як спробу “лагоднае” паланiзацыi iх народу, i супраць гэтага рашуча пратэстуюць. Пасля I сусветнае вайны нават Марцэлi Гандэльсман, хоць з ваганнем, але прызнаваў асобнасць i самастойнасць беларускага народу i мовы (Handelsman 1921).

Мiжваенныя гады i II сусветная вайна не прынеслi прынцыповых зменаў у прадстаўленых пазiцыях. Оскар Галецкi, адзiн з найлепшых знаўцаў гiсторыi даўняе Рэчы Паспалiтай, i асаблiва Вялiкага Княства Лiтоўскага, так характарызаваў становiшча беларусаў у II Рэчы Паспалiтай: “Like Ukrainians, the White Ruthenians also had less real liberty in their Soviet republics than in neighboring Poland where even as minorities they could organize politically without any imposed ideology” (“Беларусы, як i ўкраiнцы, мелi ў сваiх савецкiх рэспублiках менш свабоды, чым у суседняй Польшчы, дзе нават як мяншынi яны маглi арганiзоўвацца палiтычна без нiякае навязанае iдэалогii”) (Halecki 1952, 415). Беларускi бок не быў бы схiльны прыняць такое меркаванне без шырэйшага каментару.

Цытаваныя аўтары, якiя прадстаўляюць асяроддзi, прыхiльныя памкненням беларусаў, пераканаўча дэманструюць, чаму беларусы часта ўспрымаюць польскiя сiмпатыi як дары данайцаў.

Толькi праз дзесяцiгоддзi пасля катаклiзму II сусветнае вайны ў польскай палiтычнай i гiстарычнай публiцыстыцы пачало фармавацца новае стаўленне да беларускiх справаў. Трэба аднак памятаць, што частка грамадскай думкi ў самой краiне i на эмiграцыi надалей застаецца на старых пазiцыях. У выпрацоўцы новага погляду на справы народаў, якiя суседзяць з Польшчай з усходу, асаблiва заслужылася асяроддзе парыжскае “Культуры”. Важную ролю тут адыграла публiцыстыка Юлiуша Мерашэўскага, якi патрабаваў, каб польскi бок ясна выказаўся за незалежнасць Украiны, Лiтвы i Беларусi (гл. нарысы: Польская “Ostpolitik” i расейскi “польскi комплекс” i ULB (у:) Mieroszewski 1976, 110-122н, 175-186). Збежны з ягонымi патрабаваннямi напрамак думкi з’явiўся ў Польшчы ў 80-х г. (напр. Tomaszewski 1985; Konwersatorium 1988; Podlaski). Сёння польская дзяржава прызнае мiжнародную суб’ектнасць суседняе Беларусi без нiякiх засцярогаў i ваганняў.

Заканчэнне

З агляду прадстаўленых матэрыялаў ясна вынiкае, што магчымасць пазнаць гiсторыю Беларусi для вучня сярэдняе школы мiнiмальная. Як змянiць гэта, якi абсяг ведаў усе зацiкаўленыя бакi будуць гатовыя прызнаць задавальняючым – гэта тэмы асобнае дыскусii. На шчасце, сучасная сiтуацыя спрыяе адкрытаму абмеркаванню гэтых пытанняў. Адсутнасць цэнзуры, магчымасць сустрэч гiсторыкаў з абедзьвюх краiн дазваляюць дасягнуць такога паразумення, якое задавальняла б абодва бакi. Шмат у якiх месцах ацэнка здарэнняў мiнуўшчыны напэўна застанецца рознаю. Гэта натуральна, бо гiстарычная i нацыянальная тоеснасць абодвух народаў па-рознаму кшталтавалася i па-рознаму выглядае (пар. Бiч 1993 i Czym jest polskość 1987-88). Важна аднак, каб абодва бакi, захоўваючы адметнасць, спрабавалi лепш пазнаць i зразумець адзiн аднаго.

Бiблiяграфiя

1. Навучальныя праграмы.
(Program 1981) Program nauczania liceum ogólnokształcącego.
Historia. Klasy I-IV. Праграма зацверджаная рашэннем Мiнiстэрства Асветы i Выхавання ад 10 лiпеня 1981, прызначаная для паўсюднае рэалiзацыi, пачынаючы ад 1981-82 навучальнага году, у лiцэях усiх профiляў. Гэта мадыфiкаваная версiя праграмы па гiсторыi, выда-дзенае ў жнiўнi 1970 г. Дзяржаўным прадпрыемствам Школьных Выданняў (Państwowe Zakłady Wydawnictw Szkołnych), зацверджанай Мiнiстрам Асветы i Вышэйшай Адукацыi рашэннем ад 7 чэрвеня, дастасаваная да актуальных патрэбаў адукацыi (Warszawa, 1984, wyd.2).
(Program 1984) Program liceum ogólnokształcącego oraz liceum zawodowego i technikum. Historia. Падрыхтаваная ў Iнстытуце Школьных Праграмаў, зацверджаная Мiнiстрам Асветы i Выхавання 8 мая 1984 г. для рэалiзацыi ў агульнаадукацыйным лiцэi, тэхнiкуме i прафесiйным лiцэi, ад 1986-87 навучальнага году – у I, ад 1987-88 г. – II, ад 1988-89 г. – III, ад 1989-90 г. – IV, i ад 1990-91 г. – у V класе; у тэхнiкуме на базе ZSZ ад 1989-90 навучальнага году ў I класе, ад 1990-91 году ў II класе (Warszawa, 1986).
Minimum programowe w zakresie historii. Projekt (Materiał badawczy). Opracowali Wanda Fuchsa, Zygmunt Kłodnicki, Izabela Kołodziej, Zofia Kozłowska, Elżbieta Kunc, Jerzy Lebiedziewicz, Czesław Nowarski, Jan Żaryn, Wojciech Biliński, Stanisław Sławiński, Magdalena Stalpińska. Warszawa, 1992. (Датычыць усiх тыпаў школ. – Г.Л.)
(Program 1992) Historia. Szkoła średnia. Minimum programowe obowiązujące od 1 września 1992. Warszawa, 1992.
Program szkoły podstawowej. Historia, klasy IV-VIII. Праграма зацверджаная для рэалiзацыi ў IV-VIII класах сярэдняе школы, пачынаючы ад 1990-91 навучальнага году, загадам Мiнiстра Народнае Адукацыi №1 ад 15 студзеня 1990 г. (Warszawa, 1990).
Historia. Szkoła podstawowa. Minimum programowe bowiązujące od 1 września. Warszawa, 1992.
Program zasadniczej szkoły zawodowej. Historia. Праграма зацверджаная для рэалiзацыi ў I-II класах асноўных прафесiйных школ, пачынаючы ад 1990-91 навучальнага году, загадам Мiнiстра Народнае Адукацыi ад 22 сакавiка 1990 г. (Warszawa, 1990).
Program technikum i liceum zawodowego. Historia. Праграма зацверджаная для рэалiзацыi ў I-III класах тэхнiкумаў i лiцэяў на базе ZSZ, пачынаючы ад 1990-91 навучальнага году, загадам Мiнiстра Народнае Адукацыi ад 22 сакавiка 1990 г. (Warszawa, 1990).

2. Падручнiкi па гiсторыi
а) Падручнiкi, ужываныя ў 80-х г.
(Dowiat) Dowiat J. Historia dla klasy I liceum ogolnokształcącego. Warszawa, 1975, wyd.10.
(Gierowski) Gierowski J., Leszczyński J. Historia dla klasy II liceum ogolnoksztaucrcego. Warszawa, 1987, wyd.15.
(Galos) Galos A., Gierowski J., Leszczyński J. Historia dla klasy III liceum ogolnokształcącego. Część pierwsza. Warszawa, 1989, wyd.17.
(Wapiński I) Wapiński R. Historia dla klasy III liceum ogolnokształcącego część druga oraz dla klasy III technikum. Warszawa, 1974, wyd.6.
(Wapiński II) Wapiński R. Historia dla klasy IV liceum ogolnokształcącego oraz dla klasy III technikum. Część druga. Warszawa, 1979, wyd.11.
(Siergiejczyk, 1986, wyd. 1) Siergiejczyk T. Dzieje Najnowsze 1939-1945. Historia dla szkół średnich (klasa IV liceum ogolnokształcącego oraz klasa III technikum i liceum zawodowego). Warszawa, 1986, wyd.1.

б) Падручнiкi, якiя ўжываюцца цяпер
(Manikowska) Manikowska H., Tazbirowa J. Historia. Średniowiecze. Podręcznik dla szkół średnich klasy I liceum ogolnokształcącego i liceum zawodowego. Warszawa, 1988, wyd.1.
(Cegielski) Cegielski T., Zielinska K. Dzieje nowozytne. Podręcznik dla szkół średnich klasy II liceum ogolnokształcącego. Warszawa, 1991, wyd.1.
(Szcześniak I) Szcześniak A.L. Historia. Dzieje nowożytne i najnowsze 1815-1918. Podręcznik dla szkół średnich klasy III liceum ogolnoksztalcrcego oraz klasy II technikum i liceum zawodowego. Część pierwsza. Bydgoszcz, 1992, wyd.2.
Szcześniak A.L. Historia. Dzieje nowożytne i najnowsze od połowy XIX do 1918 r. Podręcznik dla szkół średnich klasy III liceum ogolnokształcącego oraz klasy II technikum i liceum zawodowego. Warszawa, 1990, wyd.1. (Гэты падручнiк змяшчае той самы матэрыял, што i папярэднi (Szcześniak I), кароткi час функцыянаваў як другая частка да падручнiка Галёса, Героўскага i Лешчыньскага, якi тычыцца гадоў 1815 – паловы XIX ст., гл. (Galos).
(Szcześniak, 1992) Szcześniak A.L. Historia. Dzieje Polski Odrodzonej 1918-1939. Podrccznik dla szkou średnich klasy III liceum ogolnoksztaucrcego oraz klasy II technikum i liceum zawodowego. Część druga. Bydgoszcz, 1992, wyd.1.
(Siergiejczyk, 1991, wyd. 4) Siergiejczyk T. Historia. Dzieje najnowsze 1939-1945. Podręcznik dla szkół średnich klasy IV liceum ogolnokształcącego oraz dla klasy III technikum i liceum zawodowego. Warszawa, 1991, wyd.4.
(Pankowicz) Pankowicz A. Historia. Polska i swiat współczesny. Podręcznik dla szkół średnich dla klasy IV liceum ogolnokształcącego oraz dla klasy III technikum i liceum zawodowego. Warszawa, 1991, wyd.2.

3. Гiстарычныя атласы
(Semkowicz) Nanke C., Piotrowicz L., Semkowicz W. Mały Atlas historyczny. Warszawa-Wrocław, 1986 (б. г.в.).
(Czapliński) Atlas historyczny Polski, pod red. W. Czaplińskiego i T. Ladogorskiego. Wrocław, 1973, wyd.3.
(Atlas historyczny) Atlas historyczny świata, pod red. J. Wolskiego. Warszawa-Wrocuaw, 1986, wyd.2.

4. Дадатковая лiтаратура, рэкамендаваная Мiнiстэрствам нацыянальнай адукацыi
(Davies) Davies N. Boże igrzysko. Historia Polski, tlum. E.Tabakowska. T. 1-2. Kraków, 1989-1991.
(Holzer) Holzer J., Kieniewicz J., Tymowski M. Historia Polski. Warszawa, 1990, wyd.3.
(Pronobis) Pronobis W. Polska i świat w XX wieku. Warszawa, 1991, wyd.2.
(Roszkowski) Roszkowski W. Historia Polski 1914-1990. Warszawa, 1991.

5. Даведнiкi
(Bankowicz) Bankowicz B., Bankowicz M., Dudek A. Słownik historii XX wieku. Kraków, 1992.
(Suownik, 1974) Białoruska Socjalistyczna Respublika Radziecka // Słownik Geografii ZSRR. Warszawa, 1974. S.323-345.
(Bieńkowski) Bieńkowski L. Białoruś // Encyklopedia Katolicka. T.2. Lublin, 1976. Kol.368-369.
(Grünberg, 1992) Grünberg K., Polacka K., Rozwadowska A.J., Rulka J., Wincławska M. Historia od X – XX wieku. Kronika wydarzeń. Polska i sąsiedzi. Toruń, 1992.
(Historia, 1993) Historia. Encyklopedia szkołna. Warszawa, 1993.
(Mały oxfordzki słownik, 1992) Mały oxfordzki słownik historii świata w XX wieku, przel. M. Urbański, red. P.Wieczorkiewicz i M.Urbański. Uondyn, 1992.
(Mauy słownik, 1964) Mały słownik historii Polski, pod red. T. Lepkowskiego. Warszawa, 1964, wyd.3.
(Sienkiewicz, 1991) Sienkiewicz W. Mały słownik historii Polski. Warszawa, 1991.
(Snoch, 1990) Snoch B. Słownik szkołny. Terminy i pojecia historyczne. Warszawa, 1990.

6. Працы з гiсторыi, гiстарычнае публiцыстыкi i мова-знаўства, выкарыстаныя пры напiсаннi гэтае працы
(Бiч, 1993) Бiч М. Аб нацыянальнай канцэпцыi гiсторыi i гiстарычнай адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь // Беларускi Гiстарычны Часопiс. №1(1). 1993. C.15-24.
(Bergman, 1977) Bergman A. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977.
(Bergman, 1984) Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
(Cimek, 1988) Cimek H. Legalne chlopskie partje rewolucyjne w Drugiej Rzeczypospolitej. Białystok, 1988.
(Halecki, 1952) Halecki O. Borderlands of Western Civilisation. A History of East Central Europe. New York, 1952.
(Handelsman, 1921) Handelsman M. O dzisiejszą politykę naszą na wschodniej Białej Rusi // Wschód Polski. Miesięcznik polityczny. T.2. 1921. Z.1-3, 34-45.
(Konwersatorium, 1988) Konwersatorium “Polska w Europie. Kościoł pod wezwaniem Św. Trojcy. Cykł: Europa Środkowa. Zeszyt drugi: “Między Wschodem i Zachodem”. Warszawa, 1988.
(Kosman, 1979) Kosman M. Historia Białorusi. Wrocuaw, 1979.
(Mieroszewski, 1976) Mieroszewski J. Materiały do refleksji i zadumy. Paryż, 1976.
(Nasze kouciouy) Nasze kościoły. Opis ilustrowany wszystkich kościółow i parafii znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyleglych. T. 1. Archidiecezja Mohylewska, ułożyli i wydali ks. D. Baczkowski i ks. J. Żyskar. Warszawa – Petersburg, 1913.
(Tomaszewski, 1985) Tomaszewski J. Ojczyzna nie tylko Polaków. Mniejszości narodowe w Polsce w latach 1918-1939. Warszawa, 1985.
Tomaszewski J. Europa środkowo-Wschodnia 1944-1968. Powstanie, ewolucja i kryzys realnego socjalizmu. Warszawa, 1992, wyd.2.
(Turonek, 1993) Turonek J. Biauoruś pod okupacją niemiecką. Warszawa, 1993.
(Wasilewski, 1912) Wasilewski L. Litwa i Białoruś. Przeszlość – terazniejszość – tendencje rozwojowe. Kraków, 1912.
(Wasilewski, 1916) Wasilewski L. Polityka narodowościowa Rosji. Kraków, 1916.
(Wasilewski, 1933) Wasilewski L. Sklad narodowościowy państw europejskich. Warszawa, 1933.
(Wróbel, 1990) Wróbel P. Ksztaltowanie się białoruskiej świadomości narodowej a Polska. Warszawa, 1990.
(Zdziechowski) Zdziechowski M. Zbrodnia Ryska // tenże, Europa, Rosja, Azja. Szkice polityczno-literackie. Warszawa (b.r.w.), 227-242.

З польскай пераклаў Мiкола Раманоўскі

Наверх

Франц Кушаль. Спробы арганiзацыi Беларускага Войска – працяг

22 снежня, 1997 |


Працяг публiкацыi. Папярэднiя раздзелы гл. у Т.1. Сш.1 (1994) i Т.2. Сш.1 (1995).

Варункi былi наступныя:

1) Камандзiр батальёну i ўсе нiжэйшыя камандзiры – беларусы. 2) Каманднай i службовай мовай у батальёне – беларуская. 3) Кандыдатаў на камандзiраў прадстаўляе галоўны вайсковы рэфэрэнт БСА пры Самапомачы. 4) Маральную апеку над батальёнам i прапаганду маюць беларусы. 5) Узбраеньне, абмундзiраваньне i выжывеньне нямецкае, паводле нямецкiх вайсковых нормаў. 6) Адзнакi на мундзiрах павiны быць аднак беларускiя, на шапках Пагонi, а бел-чырвона-белыя сьцяжкi на левым рукаве. 7) Батальён можа быць ужыты толькi на Беларусi й толькi супроць ворагаў беларускага народу бальшавiцкiх партызанаў.

Калi Шлегель прачытаў гэтыя варункi, ён сказаў, што на ўсё згаджаецца, апрача таго толькi, што камандзiр батальёну павiнен быць беларус. Усе iншыя камандзiры, сказаў ён, будуць беларусы, але камандзiр батальёну павiнен быць немец. Калi я i Саковiч адказалi, што мы згаджаемся на гэтую зьмену, калi iнакш ня можна, то Шлегель сказаў: “Калi так, дык я ў вашай прысутнасьцi падпiсваюся пад вашымi варункамi”. “А цяпер, падпiсаўшы паперу, зьвярнуўся ён да мяне, – жадаю вам удачы ў арганiзацыi новага беларускага батальёну”.

На наступны дзень я выехаў у вакругi, каб на месцы паразумецца з акруговымi рэфэрэнтамi БСА i кiраўнiкамi Самапомачы. Як тыя, так i другiя пайшлi мне цалкам на руку. Запэў-нiўшы пэўную колькасьць добраахвотнiкаў з кожнае акругi, я вярнуўся ў Менск i пачаў чакаць iхнага прыбыцьця.

У пачатку лютага 1943 г. добраахвотнiкi пачалi прыбываць. Немцы далi мне сапраўды быццам цалкам свабодную руку ў арганiзацыi батальёну. Iз афiцэраў прыбылi ў батальён падлейтэнант Мазур, падлейтэнант Орсiч, лейтэнанты Мялешка, Дрозд, Мохарт, Калька, Бандык i пазьней Iванiцкi. Камандзiрамi ротаў былi вызначаныя Мазур i Орсiч. У першай палове сакавiка батальён быў гатовы. Складаўся ён з дзьвюх ротаў па 200 чалавек у кожнай. Калi батальён быў зааргнiзаваны, прапагандыстам прызначылi на маю прапанову лейтэнанта Чабатарэвiча.

Батальён гэты быў добра абмундзiраваны й знаходзiўся на ваенным харчаваньнi. Справа ўзгадаваньня жаўнераў была пастаўленая вельмi высока. Усё беларускае грамадзянства зьвяртала на батальён вялiкую ўвагу, для батальёну ладзiлiся тэатральныя паказы, вечарыны й iншае. Саюз моладзi з свайго боку даваў для жаўнераў аматарскiя паказы. Адным словам, гэта быў узорны вайсковы аддзел – улюбёнец беларускага грамадзянства.

У маi 1943 году батальён пайшоў у вакцыю супроць парты-занаў. У вакцыi як камандзiры, так i стральцы паказалi сябе з найлепшага боку. Пасьля колькiтыднёвай акцыi батальён вярнуўся ў Менск. Камандзiр батальёну немец i iншыя немцы вельмi хвалiлi нашых стральцоў i камандзiраў. У часе акцыi былi ахвяры сярод сральцоў i падафiцэраў. Гэтыя ахвяры вельмi ўрачыста былi пахаваныя ў Менску пры ўдзеле беларускага грамадзянства й немцаў. Адным словам, батальён цалкам здаў эгзамен i мы спадзявалiся, што атрымаем дазвол на арганiзацыю далейшых беларускiх батальёнаў.

У гэтым самым часе, калi здавалася, што ўсё на як найлепшай дарозе, пачалi здарацца канфлiкты памiж камандзiрам батальёну – немцам i нашымi афiцэрамi. Я, як апякун гэтага батальёну, мусiў выступаць пры кожным канфлiкце як пасярэднiк памiж камандзiрам батальёну й нашымi афiцэрамi.

Прычыны для канфлiкту галоўным чынам былi дзьве: адна тая, што немцы папрыдзялялi да ротаў сваiх падафiцэраў, якiя называлiся шэфамi ротаў i iнструктарамi. Вось гэтыя шэфы ротаў i пачалi ўваходзiць у кампэтэнцыi камандзiраў ротаў i зьвязаў. Нашыя афiцэры не хацелi зрачыся сваiх правоў i прывiлеяў камандзiраў на карысьць нямецкiх падафiцэраў. Iзноў нямецкiя падафiцэры пры кожным асаджэньнi iх, у выпадку, калi яны мяшалiся ў правы нашых камандзiраў, жалiлiся камандзiру батальёну. Немец, камандзiр батальёну, заўсёды прымаў бок сваiх нямецкiх падафiцэраў i нападаў на афiцэраў беларусаў, хоць бы яны мелi стопрацэнтовую рацыю. Нашыя афiцэры ў такiм выпадку адклiкалiся да мяне.

Другая прычына канфлiкту была тая, што на ўсiх гаспадарскiх функцыях у батальёне стаялi нямецкiя падафiцэры, якiя абкрадалi нашых жаўнераў. Я асабiста сцьвердзiў некалькi раз крадзеж нямецкiмi падафiцэрамi харчоў, аб чым дакладваў нямецкiм вышэйшым уладам. З гэтай прычыны камандзiр батальёну меў частыя няпрыемнасьцi й канфлiкт гэты памiж iм i намi што раз больш паглыбляўся. Найбольш няўступлiвым быў камандзiр 2-гой роты падлейтэнант Мазур, шчыры беларус, чалавек вельмi амбiтны i iмпульсыйны.

Камандзiр батальёну прасiў мяне, каб я адклiкаў Мазура й даў на ягонае мейсца iншага афiцэра. Аднак я просьбы ягонай здаволiць ня мог iз прынцыпу. Праз некаторы час каман-дзiр батальёну паведамiў мне, што Мазур высылаецца ў афiцэрскую школу ў Бэрлiн на перашкаленьне. Такi зварот у дачыненьнi да Мазура мяне вельмi зьдзiвiў, аднак я гэтаму паверыў. Хутка Мазур “быў высланы ў Бэрлiн”. Перад ад’ездам ён пайшоў у СД па дакумэнты: i як увайшоў у будынак СД, так з таго моманту нiхто яго больш ня бачыў. Тыднi прыблiзна праз два пасьля гэтага выпадку камандзiр батальёну паведамiў афiцэрам батальёну, што Мазур быў забiты ў часе бамбардаваньня Потсдаму, дзе знаходзiлася ягоная школа, але, як вядома, Потсдам нiколi ня быў бамбардаваны, i сьмерць Мазура засталася загадкай.

Усё лета 1943 году батальён прымаў удзел у вакцыях. Былi ахвяры ў людзях, але батальён стаўся нязвычайна баёвай адзiн-кай. У восенi таго году яго папоўнiла рота, якая была створаная пры СД у Вялейцы пад камандаваньнем камандзiра гэтае роты лейтэнанта Качана Аркадзiя. Апрача таго, з Глыбоцкае акругi прыбыло каля 150 чалавек на чале з лейтэнантам Якубёнкам. Гэтай жа восеняй батальён быў пераведзяны з Менску ў Вялейку. Тут батальён яшчэ папоўнiўся аддзеламi, якiя былi зарганiзаваныя пры iншых СД на Беларусi. Такiм чынам у Вялейцы батальён разгарнуўся ў вялiкую адзiнку ў складзе каля тысячы чалавек. Афiцэрскi склад батальёну быў наступны: надлейтэнант Орсiч, лейтэнанты Мялешка, Бандык, Дрозд, Калька, Iванiцкi, Качан, Якубёнак, Бобка, Мохарт, Сасукевiч, Кушнеровiч, Клiнцэвiч. У Вялейцы батальён атрымаў нумар 13 i афiцыйна называўся 13-ты Беларускi Палiцыйны Батальён пры СД. Беларусы звычайна называлi яго батальёнам СС. Пасьля кароткага збiраньня батальёну ў вадну цэласьць, невялiкiя часткi батальёну, звычайна ня больш зьвязу, былi паразсыпаныя па акруговых СД, дзе несьлi ахоўную службу. Большая частка батальёну засталася ў Вялейцы й усьцяж прымала ўдзел у супроцьпартызанскiх акцыях. Гэтак сама бралi ўдзел у супроцьпартызанскiх акцыях i зьвязы, якiя знаходзiлiся пры акруговых СД. Камандзiрам аднаго зьвязу, выдзеленага iз 13-га батальёну, быў лейтэнант Мялешка, якi выконваў службу ў Лiдзе. Вось гэты самы лейтэнант Мялешка, вельмi вартасны афiцэр, згiнуў сьмерцяй героя пры вельмi цiкавых абставiнах.

У студзенi 1944 году акруговы начальнiк нямецкае палiцыi ў Лiдзе хацеў правесьцi акцыю супроць партызанаў. З гэтай мэтай ён папоўнiў зьвяз, якiм камандаваў Мялешка, рознай зьберанiнай, як ОТ, палiцыя, урадаўцы з гэбiтскамiсарыяту й iнш. Сабралася досыць вялiкая група людзей, якой i меў камандаваць у часе акцыi Мялешка. Кiляметраў прыблiзна за дзесяць ад Лiды стаяла нямецкая рота, якая сама мела ўзяць удзел у акцыi. Нямецкi камандзiр абудвух аддзелаў не паведамiў дакладна камандзiру роты, калi i зь якога кiрунку прыбу-дзе аддзел iз Лiды, каб злучыцца з ротай для супольнай акцыi. Затое той атрымаў ад ранiцы паведамленьне ад свае варты, што да вёскi наблiжаецца падазроны аддзел. Камандзiр роты выйшаў на скрай вёскi й пачаў праз бiнокль наглядаць падозраны аддзел. Калi ён пiльна прыгледзiўся, дык пабачыў узброеных людзей у розных вопратках. ОТ насiла вопраткi, калёрам падобныя да польскага вайсковага абмундзiраваньня, а дзеля таго, што ў Лiдчыне было шмат польскiх партызанаў, то ня дзiва, што камандзiр роты палiчыў незнаёмы аддзел за польскiх партызанаў i, падпусьцiўшы на адпаведную адлегласьць, скамандваў роце адкрыць агонь. На чале аддзелу адважна крочыў лейтэнант Мялешка, i ён жа першы быў цяжка паранены. Жаўнер, якi пасьпяшаўся на помач свайму улюбёнаму камандзiру, быў забiты. Непаразуменьне хутка высьвятлiлася, але Мялешка тут жа памёр. Такiм недарэчным чынам згiнуў наш адважны, малады афiцэр, якi падаваў найлепшыя надзеi.

Большасьць батальёну знаходзiлася стала ў Вялейцы. Тут ён вельмi часта прымаў удзел у супроцьпартызанскiх акцыях. Аднак камандзiр батальёну, немец, вельмi тэндэнцыйна ставiўся да нашых афiцэраў. Значэньня беларускiх афiцэраў ён увесь час стараўся зьвесьцi да нуля, супроцьстаўляючы iм нямецкiх падафiцэраў. Гэткiя адносiны давялi да адкрытага бунту нашых афiцэраў пры наступных абставiнах.

Начальнiк Вялейскага СД обэрштурмфюрэр Гравэ наехаў на мiну i быў забiты. На пахаваньне Гравэ прыгатавалася iсьцi й рота беларускага батальёну. Камандзiр гэтае роты лейтэнант Бандык выстраiў яе i, калi прыйшоў да роты камандзiр батальёну, здаў таму рапарт. Але камандзiр батальёну загадаў Бандыку ўступiць у строй, а камандаваньне ротай перадаў падафiцэру немцу. Бандык у строй не ўступiў. Бачучы гэта, камандзiры зьвязаў лейтэнанты гэтаксама выступiлi iз строю й далучылiся да Бандыка. Ротай камандаваў нямецкi падафiцэр, а нашыя афiцэры на пахаваньнi былi прысутныя асобнай групай, прыватна. Гэты ўчынак Бандыка й ягоных афiцэраў камандзiр батальёну палiчыў за адкрыты бунт, прыгразiў iм палявым судом i напiсаў адпаведны рапарт начальнiку СД Беларусi ў Менску.

На другi дзень пасьля гэтага iнцыдэнту я прыехаў у Вялейку на iнспэкцыю батальёнаў БКА. Лейтэнант Бандык зьявiў-ся да мяне iз сваiмi афiцэрамi й расказаў аб iнцыдэнце. Я неадкладна напiсаў адпаведны рапарт Прэзыдэнту БЦР i прасiў Прэзыдэнта зьвярнуцца па гэтай справе да начальнiка СД. Прэзыдэнт iнтэрвэньяваў i ў рэшце рэштаў нашым афiцэрам была прызнаная слушнасьць. Камандзiр батальёну сказаў Бандыку, што ён пагарачыўся, але адносiны памiж iмi яшчэ пагоршылiся.

У гэтым самым часе адзiн зьвяз 13-га батальёну стаяў у Глыбокiм. Камандзiрам гэтага зьвязу быў надлейтэнант Орсiч, адзiн з найвыдатнейшых афiцэраў батальёну. Орсiч меў ня толькi выдатныя камандзiрскiя здольнасьцi, але й быў чалавекам уплывовым, духовым правадыром афiцэраў i стральцоў батальёну. Ягоны зьвяз праводзiў вучэбнае вострае страляньне зь мiнамёту. Адна мiна ўзарвалася ў мiнамёце, так што ўсе людзi, якiя знаходзiлiся блiзка, былi цяжка параненыя. Быў цяжка паранены i надлейтэнант Орсiч. Асколак прабiў яму лёгкiя навылёт. Калi я наведаў яго ў лязарэце, стан ягоны быў амаль безнадзейны, хаця ў гэты мамэнт, па чутках, ён паправiў-ся i знаходзiцца ў лязарэце ў Баварыi на вылячэньнi.

У канцы чэрвеня 1944 г. распачалася эвакуацыя з Беларусi. 13-ты батальён пачаў адступаць на захад разам зь нямецкiм войскам. Па дарозе далучалiся да яго часткi, якiя былi ад батальёну аддзеленыя. Адносiны памiж камандзiрам батальёну немцам i нашымi афiцэрамi што раз горшалi i зрабiлiся нарэшце немагчымымi. Нямецкiя афiцэры былi поўнымi панамi палажэньня ў ротах. Гэты стан давёў да распачлiвага кроку нашых афiцэраў. У Аўгустове на пастою лейтэнант Бандык заалярмаваў сваю роту. Да роты далучылiся афiцэры Iванiцкi, Дрозд i Мохарт i пад камандай Бандыка адлучылiся ад батальёну й пайшлi ў лес. Такiм чынам 150 стральцоў i 4-х афiцэраў ад батальёну адпала. Пасьля гэтага факту камандзiр батальёну сабраў рэшту афiцэраў i накiраваў iх у РОА. Лейтэнанты Сасукевiч, Кушнеровiч i Клiнцэвiч замест РОА прыехалi ў Бэрлiн у БЦР, дзе й былi прыдзеляныя да 1-га Кадравага Беларускага Батальёну.

Афiцэры, якiя пакiнулi батальён у Аўгустове, ня мелi намеру здрадзiць. Да гэтага распачлiвага кроку яны былi вымушаныя толькi неадпаведнымi адносiнамi да iх немцаў. Аб гэтым сьведчыць той факт, што два афiцэры, лейтэнант Дрозд i Мохарт, пакiнуўшы батальён, далучылiся да калёны ўцекачоў i разам з калёнай адступiлi ў Нямеччыну. Калi даведаўся аб гэтым камандзiр батальёну, то паслаў патруль, зложаны з немцаў, каб арыштаваць Дразда й Мохарта. Патруль прыбыў у калёну, забраў лейтэнанта Дразда й Мохарта, i, адвёўшы iх ад калёны, на вачох бежанцоў, абодвух застрэлiў. Кажуць, што быццам лейтэнант Мохарт быў толькi паранены й уцёк. Цi гэта праўда, ня ведама.

Калi лейтэнант Сасукевiч i iншыя прыбылi ў БЦР i расказалi аб гэтых падзеях, я неадкладна паехаў на месца пастою батальёну, каб праверыць усё на мейсцы. Было гэта ў кастрычнiку 1944 г. Частка батальёну стаяла ў мясцовасьцi Альбрэтс-дорф каля Брандбэргу. Гэта была толькi адна рота. Камандзiр гэтае роты гаўптштурмфюрэр немец вельмi ўсцешыўся з майго прыезду, бо трэба было падняць настрой у людзей, якi быў вельмi ўпаў. У гутарцы са мною камандзiр батальёну на мае запытаньнi, чаму гэтак здарылася, што нашых афiцэраў няма ў батальёне, даў вельмi неясны адказ. Ён абвiнавацiў нашых афiцэраў у тым, што яны не хацелi падпарадкавацца нямецкiм падафiцэрам. Камандзiр батальёну загадаў сабраць усiх людзей, каб я мог зь iмi гаварыць. Калi я пачаў гаварыць зь людзьмi, то сьцьвердзiў сапраўды благi настрой у iх. Першае, на што мне жалiлiся стральцы, гэта на адсутнасьць пры iх сваiх афiцэраў. “Мы жадаем, казалi мне стральцы, каб БЦР прылажыла ўсiх стараньняў, каб нашыя афiцэры вярнулiся да нас”.

У гэтым часе ў батальёне было яшчэ каля 600 чалавек, але людзi былi падзеленыя на адзiнкi й раскiнутыя па ўсёй Нямеччыне: 1 рота ў Лебрэхсдорфе – 85 чалавек; 1 рота ў Нiхачове – 89 чалавек; 2 роты ў Лесляў – 260 чалавек; 1 рота ў Трыесьце – 112 чалавек; 1 зьвяз у Бэрлiне – 21 чалавек.

Арганiзацыя Чыгуначнага Беларускага Батальёну

У канцы верасня 1942 г. дырэкцыя чыгункi ў Менску зьвярнулася праз Гэнэральны Камiсарыят Беларусi да доктара Ярмачэнкi, як да галоўнага Каманданта БСА з запытаньнем цi мог бы ён зарганiзаваць беларускi батальён для аховы чыгункi. Варункi, якiя дырэкцыя паставiла для батальёну, былi, з беларускага пункту гледзiшча, вельмi дагодныя. Як камандзiр батальёну, так i ўсе камандзiры мелiся быць беларусы, каманды беларускiя й iншае. Доктар Ярмачэнка згадзiўся зарганiзаваць батальён.

Згадзiўшыся зарганiзаваць чыгуначны батальён, ён пачаў раiцца са мной, як канкрэтна прыступiць да рэалiзацыi прынятага на сябе абавязку. У гэтым часе зарганiзаваць батальён было не цяжка, дзеля таго, што iснавала сетка для паклiканьня БСА, былi перашколеныя два афiцэрскiя й падафiцэрскiя курсы, так што кадра была гатовая, а дзеля таго, што для БСА ячшэ ня было зброi, то набор кадры й людзей не прадстаўляў цяжкасьцi. На камандзiра батальёну д-р Ярмачэнка пачаў прасiць мяне, пераконваючы прыняць на сябе гэтую функцыю з адначасовым выконваньнем абавязкаў галоўнага рэфэрэнта, прынаймся на час арганiзацыi. Я на гэта згадзiўся.

Аднэй нядзелi д-р Ярмачэнка запрасiў мяне да сябе на прыватную кватэру. Калi я прыйшоў туды, там знаходзiлiся ўжо два прадстаўнiкi з аховы чыгункi на Беларусi. Адзiн зь iх па прозьвiшчу Штрымкэ, прадставiўся мне, як камандзiр чыгуначнай аховы. Ярмачэнка прадставiў мяне, як камандзiра чыгуначнага беларускага батальёну. Мэтай нашага сходу было абгаварыць ужо самую тэхнiку арганiзацыi батальёну. Пры гэтай гутарцы немцы былi вельмi ўступлiвымi. Усе варункi, якiя мы iм паставiлi, яны прынялi, так што д-р Ярмачэнка й я, будучы вельмi задаволенымi вынiкам размоваў, пастанавiлi на наступны дзень выехаць у акругi, каб на месцы даць указаньнi акруговым вайсковым рэфэрэнтам аб вярбоўцы дабраахвотнiкаў у чыгуначны батальён. Па дарозе мы затрымоўвалiся ў тых мясцовасьцях, у якiх мелi быць закватэраваныя аддзелы батальёну i аглядалi прыгатаваныя немцамi казармы.

Пры перамовах iз Штрымкэ было ўстаноўленае наступнае: разьмяшчэньне батальёну: 1 рота ў Менску, 1 рота ў Стоўп-цах, 1 рота ў Баранавiчах, 1 рота ў Лiдзе i 1 рота ў Крулеўшчыне, Глыбоцкае акругi. Апрача таго, у Менску мелася быць арганiзаваная падафiцэрская школа для прыгатаўленьня падафiцэраў чыгуначнай аховы. Разам патрэбна было набрацца 800 чалавек. Кожная зарганiзаваная рота павiнна была прайсьцi 4-х тыднёвае перашкаленьне, пасьля чаго магла ўжывацца да службы на чыгунцы.

Не задоўга пасьля нашага звароту з аб’езду пачалi прыбываць ахвотнiкi. Першая партыя прыбыла ў Менск са Слонiмшчыны, дзе й пачалася арганiзоўвацца першая рота. Камандзiрам роты ў Менску быў вызначаны лейтэнант Чайкоўскi Дзiмiтры. Чайкоўскi выказаў у арганiзацыi роты шмат энэргii й iнiцыятывы, ягоная рота ў пачатку сьнежня 1942 году пры-ступiла да нармальнага вышкаленьня. У сьлед за Менскай ротай пачала арганiзоўвацца рота ў Баранавiчах. Камандзiрам роты ў Баранавiчах быў вызначаны лейтэнант Барбарыч. Наагул, арганiзацыя чыгуначнага батальёну пайшла вельмi спраў-на.

Калi аб гэтым пераканалiся немцы, то адносiны iх да нас грунтоўна зьмянiлiся. Iхная першапачатковая ўступлiвасьць зьмянiлася на неўступлiвасьць. Першае, што яны нам аб’явiлi, гэта тое, што чыгуначная дырэкцыя не згадзiлася, каб камандзiрам батальёну быў беларус i што камандзiр батальёну бу-дзе вызначаны Штрымкэ, а зь беларускага боку iм патрэбны толькi афiцэр для сувязi. Д-р Ярмачэнка на гэта згадзiўся. Афiцэрам для сувязi быў вызначаны Мiкула Вiталь. Над самiм д-рам Ярмачэнкам яны сыгралi проста злосную шутку.

На самым пачатку арганiзацыi Менскай роты, яны да-зволiлi Ярмачэнцы ўзяць дзесяць абмундыраваных людзей для сваёй асабiстай аховы. Людзi былi ўзятыя. Узбраеньне яны атрымалi з запасаў БСА, так што пры ўваходзе ў Галоўнае кiраўнiцтва самапомачы, стаяў узброены жаўнер. Калi прыхо-дзiў iнтарэсант, то ён накiроўваўся вартаўнiком на вартоўню, дзе мусiў атрымаць пропуск на права ўваходу ў якую-небудзь канцылярыю. Але ня доўга давялося Ярмачэнку цешыцца вайсковай аховай. Прыблiзна ў тым самым часе, калi немцам стаў-ся непатрэбным камандзiр батальёну беларус, Штрымкэ заявiў д-ру Ярмачэнку, што ён мусiць забраць ад аховы абмундзiраваньне, бо няможна праўна апраўдаць ягоную выдачу. Ярмачэнка мусiў на гэтае згадзiцца, але жаўнеры не згадзiлiся трымаць пры iм ахову без абмундзiраваньня i пайшлi ў роту. Ярмачэнка застаўся без аховы.

У студзенi 1943 году зарганiзавалася рота ў Лiдзе. Камандзiрам гэтай роты быў вызначаны лейтэнант Сажыч Язэп.

Тым часам Менская рота скончыла свой курс перашколеньня й была разьдзеляная групамi на асобныя станцыi для аховы чыгункi. Групы гэтыя былi больш-менш у сiле аднаго зьвязку, якiя знаходзiлiся на вузлавых станцыях i неслi ахову на пэўных чыгуначных адрэзках. Такiм чынам, адна група была адпраўленая ў Полацак пад камандай лейтэнанта Маслава, адна група ў Унечу пад Арлом i адна група засталася ў Менску. На мейсца выбыўшых людзей у Менскую роту пачалi набiрацца новыя кандыдаты.

Баранавiцкая рота мела вялiкiя цяжкасьцi матар’яльнага характару. Галоўным недахопам была нестача абутку. У часе майго пабыту ў Баранавiчах камандзiр роты лейтэнант Барбарыч жалiўся мне, што 50% людзей ня ходзяць на практычныя заняткi, бо мусяць босыя сядзець у казарме. Але напалову зь бядой i гэтая рота скончыла курс перашколеньня й была разьдзеляная групамi й накiраваная на Палесьсе. Адна моцная група знаходзiлася ў Калiнкавiчах i вяла бязупыннае змаганьне з партызанамi, якiя знаходзiлiся ў палескiх лясах. Апошняй ротай, якая скончыла перашколеньня, была рота Лiдзкая, якая гэтак сама была разьдзеляная групамi на паасобныя адрэзкi чыгунак.

Да вясны 1943 году было набрана ў батальёны разам з тымi, што былi перашколеныя i нясьлi службу на чыгунках iз новабранымi ў Баранавiчах i Менску – каля 1000 чалавек. Усе чыгункi на Беларусi ад Арла да Берасьця й ад Полацку да Калiнкавiч ахоўвалася беларусамi. Людзi вельмi сумленна, нават ахвярна выконвалi свае абавязкi, верачы, што яны служаць сваёй Бацькаўшчыне. Шмат зь iх аддалi свае жыццё, стоячы на пастох у часе бамбардаваньняў i ў змаганьнi з партызанамi. У гэтым самым часе немцы пачалi выцiскаць нашых афiцэраў з камандных становiшчаў i замяняць iх сваiмi падафiцэрамi. Усе мае й д-ра Ярмачэнкi iнтэрвэнцыi ў гэтым кiрунку ня мелi нiякага вынiку. Прадстаўнiкi нямецкiх чыгуначных палiцыйных уладаў згадзiлiся з намi ў гутарцы, аднак пасьлядоўна рабiлi сваю працу. Афiцэры з большай амбiцыяй самi выходзiлi са службы. Такiм чынам, былi выцiснутыя са службы Барбарыч, Чайкоўскi, Сажыч i iнш., а Мiкула, пабачыўшы нямецкую палiтыку адносна нашых камандзiраў, кiнуў сваё становiшча афiцэра для сувязi i паехаў у Несьвiж на настаўнiка нямецкае мовы ў настаўнiцкую семiнарыю. Месца ягонае заняў Чайкоўскi, але таксама ня доўга на iм застаўся.

“Беларусы зрабiлi сваю справу, беларусы могуць адыйсьцi”.

Пасьля вялiкiх цяжкасьцяў мне ўдалося пераканаць Штрымкэ аб неабходнасьцi пакiнуць пры батальёне хоць аднаго беларускага афiцэра, як прапагандыстага. На гэтае становiшча, не без адпору, згадзiўся Сажыч Язэп. Атрымаў ён тытул кампанiфюрэра i на гэтым становiшчы заставаўся аж да эвакуацыi Беларусi. Мейсцам ягонага ўрадаваньня былi Баранавiчы.

Адносiны немцаў да людзей былi вельмi благiя. Нямецкiя падафiцэры бiлi iх, акрадалi iхны паёк i т.п. Дзякуючы такiм адносiнам, шмат падафiцэраў звольнiлiся лягальна, а некаторыя, разжаленыя, дэзэртыравалi з батальёну. Мiма ўсяго, дзякуючы працы Сажыча, батальён захаваўся й сумленна выконваў свае абавязкi датуль, покуль не адыйшоў апошннi нямецкi цягнiк зь Беларусi.

Пасьля эвакуацыi з Беларусi, батальён быў эвакуаваны ў Надрэнiю. Тут людзi батальёну былi ўжытыя, як працоўная сiла на чыгунках Надрэнii. Частка трапiла i ў брыгаду Зiглiнга. Ужо ў жнiўнi 1944 году, даведаўшыся аб лёсе чыгуначнага батальёну, БЦР i я пачалi рабiць стараньнi каб выратаваць адтуль людзей. Удалося выцягнуць толькi аднаго Сажыча. Лёс рэшты людзей нам невядомы.

Беларуская Краёвая Абарона (БКА)

Калi аканчальна ўканстытуавалася Беларуская Цэнтральная Рада, то на першым яе паседжаньнi 22.1.1944 году Прэзiдэнт Рады прафесар Астроўскi ў сваёй дэклярацыi мiж iншым сказаў, што галоўным заданьнем БЦР будзе арганiзацыя ўсiх беларускiх сiл для барацьбы з бальшавiцкай партызаншчынай i, наагул, з бальшавiзмам. Ясна, што змаганьне з партызаншчынай у першую чаргу павiнна было быць збройнае.

У той час на Беларусi беларускай збройнай сiлай была палiцыя, якая налiчвала каля 20 000 чалавек i цалкам знаходзiлася ў распараджэньнi нямецкiх палiцэйскiх уладаў. Апрача таго, iснавала яшчэ некалькi батальёнаў самааховы, якiя знаходзiлiся ў стане лiквiдацыi iх немцамi. Так што, каб збройна змагацца, трэба было ў першую чаргу стварыць нейкую збройную сiлу. БЦР тады i пастанавiла прыступiць да арганiзацыi беларускай збройнай сiлы пад назовам Беларускай Краёвай Абароны.

Гэнэральны камiсар Беларусi i камандзiр войск СС i палiцыi на Беларусi гэнэрал – лейтэнант палiцыi i СС групэнфюрэр фон Готбэрг, якi фактычна паклiкаў да жыцця БЦР, ахвотна на гэта згадзiўся. Сьпярша сярод БЦР i сярод нямецкiх дзейнiкаў вялiся дыскусыi, цi БКА арганiзоўваць дарогай дабраахвотнiцкага зацягу, цi дарогай мабiлiзацыi. У рэшце рэштаў было пастаноўлена арганiзоўваць БКА дарогай прымусовай мабiлiзацыi.

Правядзеньне мабiлiзацыi на Беларусi прадстаўнiцтвам беларускага народу, якiм тады з’яўлялася БЦР, было надзвычайна важнай справай. Гэта быў першы факт у гiсторыi Беларусi, калi беларускi народ паклiкаўся ў беларускае войска беларускiмi ўладамi. Трэба было сьпярша правесьцi разьведку, намацаць грунт на мяйсцох, даведацца, як на гэта будуць заглядацца шырэйшыя беларускiя кругi. З гэтай мэтай Прэзыдэнт БЦР i пастанавiў зрабiць падарожжа па Беларусi.

Яшчэ ў сьнежнi 1943 году, калi прафесар Астроўскi прыняў на сябе абавязкi Прэзыдэнта БЦР i пачаў дабiраць сяброў у склад рады, то запрапанаваў i мне ўвайсьцi ў склад сяброў рады з тым, што калi пачнецца арганiзацыя беларускага войска ў якой-небудзь форме, то я буду стаяць на чале гэтага войска. Я на гэта згадзiўся, так што быў уважаны Прэзыдэнтам БЦР за кандыдата на камандзiра будучага беларускага войска. Калi Прэзыдэнт выбiраўся ў аб’езд Беларусi, з мэтай атрыманьня дадзеных аб мажлiвасьцi мабiлiзацыi на Беларусi, то забраў з сабою i мяне. Такiм чынам, у пачатку лютага 1944 году Прэзыдэнт Астроўскi, я, Нэронскi, як сакратар Прэзыдэнта i прадстаўнiк штабу Готбэрга капiтан Куммэр Эмiль, немец, якi знаў добра расейскую мову, выправiлiся ў падарожжа.

Першай мэтай нашага падарожжа была Слуцкая акруга. Калi мы прыбылi ў Слуцак, то гэбiтскамiсар Слуцку, папярэдня паведамлены немцамi аб нашым прыезьдзе, вельмi ветлiва прыняў нас. Прэзыдэнт папрасiў гэбiтскамiсара, каб той склiкаў на першы дзень нашага побыту ў Слуцку начальнiкаў раёнаў, якiя былi ўсе беларусамi, а на другi дзень – агульны сход беларускага насельнiцтва акругi.

На сабраньнi начальнiкаў раёнаў, калi Прэзыдэнт прадставiў справу мабiлiзацыi, усе начальнiкi, апрача Капыльскага, якi рабiў засьцярогi адносна мажлiвасьцi правядзеньня мабiлiзацыi з погляду на моцную партызаншчыну ў ягоным раёне, запэўнiлi Прэзыдэнта, што гэтая справа зусiм магчымая i што насельнiцтва ахвотна пойдзе на заклiк Прэзыдэнта ў беларускае войска.

На наступны дзень адбыўся сход насельнiцтва. Народу прыбыло вельмi шмат. Шмат было людзей iз вёсак. Вялiкая заля кiна не магла зьмясьцiць усiх удзельнiкаў сходу, народ запоўнiў ня толькi ўсе карыдоры, але шмат было прымушана стаяць на вулiцы. Прэзыдэнт быў прывiтаны бурнымi авацыямi. У Случчыне Астроўскi быў асаблiва папулярны, як сам Случчанiн. Прамова Прэзыдэнта зрабiла на ўсiх вялiкае ўражаньне. Арганiзацыю беларускага войска ўсе вельмi вiталi. Паасобныя прамоўцы iз удзельнiкаў запэўнiлi Прэзыдэнта, што на ягоны заклiк уся Случчына стане як адзiн чалавек. Уражаньне ад Слуцку засталося як найлепшае. З гэтым добрым уражаньнем выехалi мы ў Баранавiчы.

На прыезд Прэзыдэнта Баранавiчы прыгатовiлiся па сьвяточнаму. Пры ўезьдзе ў горад Прэзыдэнта спаткалi ганаровая рота, складзеная з беларускае палiцыi, Старшыня гораду Русак Аляксандар i шмат народу з хлебам i соляй. Гэбiтскамiсар прыняў нас вельмi гасьцiнна. Тут, як i ў Слуцку, сьпярша адбыўся сход раённых начальнiкаў, пасьля – беларускага насельнiцтва. I тут, гэтак сама было пастаноўлена праводзiць мабiлiзацыю i тварыць беларускае войска.

З Баранавiч мы паехалi ў Слонiм. У Слонiме гэтак сама спаткалi нас урачыста, адбылiся гэткiя самыя сходы i гэтак сама было пастаноўлена праводзiць мабiлiзацыю i арганiзоўваць беларускае войска. Тут трэба адзначыць, што слонiмская акруга асаблiва вiтала арганiзацыю БКА, бо мела за сабой прыгожую традыцыю змаганьня з партызаншчынай за часы iснаваньня самааховы.

Пасьля аб’езду слонiмскае акругi мы вярнулiся ў Менск. Цяпер можна было прыступiць да працы з пэўнасьцю, што мабiлiзацыя безумоўна ўдасца.

А праца чакала нас вельмi вялiкая. Каб правесьцi мабiлiзацыю, трэба было арганiзаваць штаб БКА, якi б падрыхтоўваў плян мабiлiзацыi, трэба было арганiзоўваць адмiнiстрацыйную i вайскова-адмiнiстрацыйную ўладу на ўсiм абшары Гэнэральнага Камiсарыяту Беларусi, каб можна было правесьцi мабiлiзацыю.

Прэзыдэнт БЦР неадкладна пачаў дабiраць кандыдатаў на намесьнiкау ў акругах. Я пачаў арганiзоўваць штаб i дабiраць кандыдатаў на акруговых вайсковых начальнiкаў БКА.

Адносна штабу, то ў самым пачатку пачалася памiж БЦР i адпаведнымi нямецкiмi ўладамi разнагалосiца. Немцы ўважалi, што абавязкам БЦР з’яўляецца толькi правесьцi мабiлiзацыю, а кiраваньне змабiлiзаванымi людзьмi належыць да iх. З гэтым не згаджалася БЦР, уважаючы, што пасьля мабiлiзацыi ў кiраваньнi БКА павiнна браць удзел i БЦР пры дапамозе свайго собскага штабу. Па доўгiх перамовах памiж прадстаўнiком Готбэрга доктарам i гаўптштурмфюрэрам Маркусам, якi з’яўляўся палiтычным рэфэрэнтам Гэнэральнага Камiсарыяту Беларусi з аднаго боку i Прэзыдэнтам БЦР – з другога, было пастаноўлена, што пры БЦР будзе ўтвораны аддзел БКА, якi прыгатуе мабiлiзацыю, правядзе яе i будзе супрацоўнiчаць iз штабам Готбэрга ў справах прапаганды, гаспадарчых, санiтарных i вайсковай падрыхтоўкi. Уся аперацыйная справа належыць толькi да нямецкага штабу Готбэрга. Пры гэтых перамовах ужо ясна выявiлася, што немцы зусiм ня мелi намеру дазволiць беларусам стварыць нейкую беларускую збройную сiлу, iм патрэбны былi толькi людзi, якiх беларусы павiнны iм даць, а кiраваць людзьмi мелiся яны самi без нашай помачы.

З гэтым жа самым Маркусам было дагаворана, што Готбэрг прыймае на сябе абавязак усё БКА належна ўзброiць, а што справу абмундзiраваньня БЦР прыймае на сябе.

Прэзыдэнт Астроўскi прыняў на сябе абавязак абмундзiраваньня БКА, дзеля таго, што ўважаў, што супраць партызанскiх бандаў можна змагацца толькi партызанскiм спосабам. Гэта значыць, што аддзелы БКА добра ўзброеныя тварылi бы, як ён называў iх, “белыя банды”. Гэтыя “белыя банды”, якiя складалiся б iз мясцовага насельнiцтва i якiя зналi б добра родныя пушчы, проста хадзiлi бы ў лес як партызанскiя банды i нiшчылi бы чырвоных партызанаў. Немцам сьпярша гэтая думка спадабалася, аднак пасьля яны ад яе адыйшлi, за выняткам толькi таго, што БЦР павiнна БКА апрануць.

Прыблiзна ў другой палове лютага 1944 году ўсе пытаньнi адносна БКА памiж штабам Готбэрга i БЦР былi ўзгодненыя. Я прыступiў да арганiзацыi штабу, цi як немцы жадалi, аддзелу БКА пры БЦР. Справа гэтая была незвычайна цяжкая.

Я з самага пачатку зьвярнуў увагу Прэзыдэнта i ўсяе Рады на тое, што мы будзем мець вялiкiя цяжкасьцi з прычыны слабасьцi беларускага афiцэрскага корпусу, бо з арганiзацыi Самааховы я знаў амаль кожнага афiцэра-беларуса асабiста. Кадравых афiцэраў у нас ня было амаль зусiм. Адзiны афiцэр штабовы з вышэйшай вайсковай асветай, гэта быў падпалкоўнiк гэнэральнага штабу царскай армii Гуцька Язэп, але той, спасылаючыся на слабасьць свайго здароўя, адмовiўся прыняць на сябе якую-колечы працу ў БКА.

Для прыгатаўленьня пляну мабiлiзацыi ў тым маштабе, у якiм праектавала БЦР, патрэбна было прынаймi некалькi афiцэраў-спэцыялiстых у гэтай справе, у нас жа ня было нiводнага. Увесь цяжар працы i адказнасьць спалi на мяне. Трэба было аднак дзейнiчаць. Я пачаў арганiзоўваць штаб. Першы службовы мой тытул быў Начальнiк Штабу БКА. На свайго заступнiка я паклiкаў падпаручнiка польскае армii Мiкулу Вiталя. Гэта быў кадравы афiцэр польскае армii. Ён скончыў польскi кадэцкi корпус i артылерыйскую ваенную школу. Быў гэта чалавек адданы беларускай справе, вайскова добра прыгатаваны, вельмi працавiты, але малады, з малым жыцьцёвым i вайсковым пазнаньнем i нiколi не працаваўшы ў штабе. На кiраўнiка агульнай канцылярыi штабу быў паклiканы Васiленя Аляксей, вельмi добры тэхнiчны кiраўнiк канцылярыi. На рэфэрэнта пэрсанальнага аддзелу Раманчук Сымон, на начальнiка санiтарнай часьцi БКА доктар Пражога, пазьней Багдановiч Глеб. На кiраўнiка прапаганднага аддзелу Гуцька Уладзiмер. На гаспадарчыя функцыi былi паклiканыя Плескачэўскi, Скуратовiч Ян i Касьпяровiч.

Вось i ўвесь склад штабу. Нiводнага чалавека апрача кiраўнiка санiтарнай часьцi, ня было спэцыялiстага ў прынятай на сябе функцыi. З гэтым штабам я прыступiў сьпярша да прыгатаўлення мабiлiзацыi, а пасьля да кiравання БКА. Мiж iншым, мушу сказаць, што БЦР нiяк не магло пагадзiцца з накiнутым немцамi назовам “аддзел БКА”, а дзеля таго, што на назоў “штаб” немцы не хацелi згадзiцца, то БЦР вырашыла наш штаб называць “Галоўным Кiраўнiцтвам БКА”.

У прыгатаўленьнi пляну мабiлiзацыi прыймалi ўдзел апрача штабу i радныя БЦР. Праектаў, якiя паступалi ў Галоўнае кiраўнiцтва БКА, было шмат, але ўсё ж аканчальны плян апрацоўвалi я з Мiкулай. Плян быў апрацаваны вельмi падрабязна, з мiнутовым падзелам дзейнасьцi намесьнiкаў БЦР, акруговых начальнiкаў, павятовых начальнiкаў i камандзiраў батальёнаў i рот.

Другой вельмi важнай справай была абсада ў вокругах намесьнiкаў i акруговых начальнiкаў. Прэзыдэнтам былi вызначаныя на намесьнiкаў наступныя асобы: Менская акруга – iнжынер Жук, а дзеля часовай ягонай адсутнасьцi да выкананьня абавязкаў намесьнiка прыступiў Будзiловiч; Слуцкая акруга – Гiнько, Баранавiцкая акруга – др. фiл. Станкевiч Станiслаў, Слонiмская акруга – Аўдзей, Наваградзкая акруга – Рагуля Барыс, Вялейская акруга – др. мэд. Малецкi i Глыбоцкая акруга – iнжынэр Касяк Iван, у Лiдзкую акругу i Ганцавiцкую намесьнiкi не вызначалiся дзеля таго, што гэтыя акругi былi вылучаныя з мабiлiзацыi. Акруговымi начальнiкамi БКА былi вызначаныя: Менскай – капiтан Пугачоў, кадравы ваенны савецкай армii, якi добра знаўся на вайсковай справе i быў вельмi энэргiчным.

Слуцкае акругi – падлейтэнант Шнэк Сьцяпан – кадравы афiцэр савецкай армii (апошнiх некалькi год у армii не служыў), чалавек вельмi разважны, на вайсковай справе добра знаўся.

Баранавiцкае акругi – лейтэнант Русак Уладзiмер, падхарунжы польскае армii, вайскова падрыхтаваны слаба, вызначаны на гэтае становiшча намеснiкам акругi з прычыны адсутнасьцi iншага кандыдата.

Слонiмскае акругi – Дакiневiч Язэп, падхарунжы польскай армii, вайскова падрыхтаваны слаба, але знаны ў Слонiмшчыне з працы па арганiзацыi Самааховы.

Наваградзкае акругi – Рагуля Барыс, вайскова падрыхтаваны слаба, але адданы беларускай справе, вельмi энэргiчны i знаны ў Наваградчыне як змагар за беларускую справу.

Вялейскае акругi – Бабiч, падхарунжы польскай армii, вайскова слаба падрыхтаваны, але адданы беларускай справе, энэргiчны.

Глыбоцкае акругi – Зыбайла Рыгор, падхарунжы польскай армii, вайскова слаба падрыхтаваны, але адданы беларускай справе, знаны беларускаму грамадзтву, як змагар за беларускую справу.

Як вiдаць з гэтага сьпiсу, вайсковымi начальнiкамi акругоў былi людзi маладыя, вайскова слаба падрыхтаваныя, за выняткам капiтана Пугачова, якi да 1941 г. служыў у савецкай армii, бяз жыцьцёвага дазнаньня. Iншых кандыдатаў у нас ня было. Былi, праўда, яшчэ прапаршчыкi запасу царскае армii, але гэта былi людзi старыя векам, вайскова зусiм бязвартасныя i ў бальшынi чужыя беларускай справе. Ясна, што выбар наш мусiў затрымацца на людзях маладых, iдэёвых змагарох за беларускую справу i вайскова ўсё ж такi так-гэтак падрыхтаваных.

Галоўны цяжар па падрыхтоўцы мабiлiзацыi i ейным правядзеньнi ўскладаўся на намесьнiкаў. Па мысьлi першай iнструкцыi, мабiлiзацыйныя намесьнiкi, супольна з акруговымi начальнiкамi i з павятовымi начальнiкамi, павiнны былi на мяйсцох выбраць камандзiраў батальёнаў. У кожным павеце праектаваўся адзiн батальён у сiле 600 чалавек, значыцца яшчэ перад мабiлiзацыяй павiнны былi быць паклiканыя камандзiры батальёнаў, якiя супольна з павятовымi начальнiкамi i мусiлi прыгатаваць усё да мабiлiзацыi ў павеце.

У мiжчасьсi, калi Галоўнае Кiраўнiцтва БКА i Прэзыдэнт БЦР выконвалi вышэй апiсаную працу, выйшаў загад Готбэрга аб арганiзацыi БКА Для адчытаньня гэтага загаду адбыўся сход у габiнэце Прэзыдэнта ў канцы лютага 1944 году. На сходзе з беларускага боку былi прысутныя: Прэзыдэнт БЦР, Першы Вiцэпрэзыдэнт, ад Галоўнага Кiраўнiцтва БКА я i Мiкула, а з боку нямецкага прысутнiчалi начальнiк штабу Готбэрга падпалкоўнiк Кляйнц iз сваiм ад’ютантам, кiраўнiк чужа-нацыянальнай палiцыi на Беларусi падпалкоўнiк Каўфман з ад’ютантам, кiраўнiк палiтычнага аддзелу пры СД у Менску штурмбанфюрэр Сэп, нямецкiя акруговыя начальнiкi палiцыi, акруговыя начальнiкi БКА i намесьнiкi. На гэтым сабраньнi ад’ютант начальнiка штабу Готбэрга прачытаў загад Готбэрга аб арганiзацыi БКА. Зьмест гэтага загаду наступны:

(У арыгiнале тэкст загаду адсутнiчае. Дакумент гл. у дадатку на с. 202. – Рэд.)

Пасьля прачытаньня загаду адбылася дыскусыя на тэму тэхнiкi правядзеньня мабiлiзацыi. Была вырашана дата мабiлiзацыi 10-га сакавiка 1944 г.

Як вiдаць iз загаду Готбэрга, роля Галоўнага Кiраўнiцтва БКА пры БЦР была вельмi малая, не гледзячы на тое, што ўся адказнасьць за мабiлiзацыю спадала на гэтае кiраўнiцтва.

У сувязi з тым, што нашыя афiцэрскiя i падафiцэрскiя кадры былi слабыя, БЦР вырашыла, а немцы цалкам на гэта згадзiлiся, правесьцi перашкаленьне афiцэраў i падафiцэраў. З гэтай мэтай у Менску адчынiўся месячны курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў, разьлiчаны на 50 афiцэраў i 150 падафiцэраў. Курсы мелiся праводзiцца адзiн за адным так доў-га, пакуль усе афiцэры i падафiцэры ня будуць перашколеныя. Пасьля гэтых курсаў плянавалася адчыненьне афiцэрскай школы з 6-месячным курсам для новых кандыдатаў на афiцэраў. У пляне мабiлiзацыi было прадугледжана ў першых днях мабiлiзацыi прыслаць у Менск на курс афiцэраў i падафiцэраў.

Камандзiрам курсу з нямецкага боку быў вызначаны штабам Готбэрга капiтан Шнайдэр. Трэба было вызначыць камандзiра курсу з нашага боку. Пасьля разгляду кандыдатаў Прэзыдэнт i я згадзiлiся вызначыць на гэтае становiшча маёра савецкае армii Бедрыцкага. З гэтай мэтай Прэзыдэнт выклiкаў Бедрыцкага з Баранавiч у Менск. Прэзыдэнт i я расцэньвалi становiшча камандзiра, сьпярша афiцэрскiх i падафiцэрскiх курсаў перашкаленьня, а пасьля афiцэрскай школы, як адно з вельмi адказных становiшчаў у БКА. Гутарка з Бедрыцкiм адбывалася ў габiнэце Прэзыдэнта. Калi Прэзыдэнт запрапанаваў Бедрыцкаму становiшча камандзiра курсаў, то Бедрыцкi катэгарычна адмовiўся, матывуючы сваю адмову сваёй хвараблiвасьцяй. Пры гэтым ён лiтаральна плакаў i гаварыў, што ён так кепска чуецца, што пэўна яшчэ ў гэтым годзе памрэ. Наагул, ён зрабiў на нас уражаньне нейкага духовага i фiзычнага ўбоства.

Пасьля адмовы Бедрыцкага, адзiным кандыдатам застаўся ў нас Чабатарэвiч Вiктар, якi на маю прапанову ахвотна зга-дзiўся. Справядлiвасьць, аднак, вымагае падкрэсьлiць, што Чабатарэвiч вельмi энэргiчна ўзяўся за працу, як у часе прыгатаў-леньня, так i шкаленьня курсу. Ён выказаў шмат волi i энэргii, i здавалася, што зь яго вырабiцца добры камандзiр. Далейшыя падзеi змусiлi, аднак, горка ў Чабатарэвiчу расчаравацца.

У акругах у гэтым самым часе праца па прыгатаўленьню мабiлiзацыi iшла поўным ходам. Намесьнiкi i акруговыя начальнiкi БКА i паветавыя начальнiкi ўвайшлi ў курс спраў, разумелi важнасьць справы i рабiлi ўсё, што ад iх залежыла. Гэбiтскамiсары i нямецкiя начальнiкi палiцыi, атрымаўшы загады ад Гэнэральнага Камiсару Беларусi, працы ня толькi не перашкаджалi, а наадварот памагалi. Набiраўся загад Прэзыдэнта аб мабiлiзацыi. Дзеля тайнасьцi справы набор рабiў Най-дзюк Язэп. Тэрмiн мабiлiзацыi трымаўся ў таямнiцы. Утаямнiчаныя зь бiцьцём сэрца чакалi 10-га сакавiка.

Нарэшце найдыйшоў дзень дзесятага сакавiка 1944 году. Ужо дзевятага сакавiка пад вечар у большай частцы Беларусi былi расклеяныя абвешчаньнi Прэзыдэнта БЦР аб мабiлiзацыi ў БКА. Дзесятага па паўднi прыйшлi ў БЦР першыя весткi аб ходзе мабiлiзацыi. Весткi гэтыя былi вельмi добрыя. Народ масава пайшоў да прыймовых камiсыяў. На колькi народ здаў эгзамен сваёй нацыянальнай i грамадзкай сьведамасьцi, сьведчыць беларускае насельнiцтва тых раёнаў, якiя цалкам былi апанаваныя партызанамi. Улада а нi нямецкая, а нi беларуская туды не сягалi. Прызыўныя гадавiкi маглi зусiм безкарна да прыймовых камiсыяў не з’явiцца, аднак усе з’явiлiся.

Абвешчэньне мабiлiзацыi зрабiла на партызанаў вялiкае ўражаньне. Не прадугледжваючы падобнай рэчы, партызаны ня мелi аднэй лiнii адносiнаў да прызыўнiкоў, якiя выконвалi загад Прэзыдэнта. Дзеля гэтага захоўвалiся яны ў кожнай частцы Беларусi па-рознаму. Так, напрыклад, у некаторых мяйсцох яны павыстаўлялi на дарогах пасты, якiя не прапушчалi прызыўнiкоў да прыймовых камiсыяў, у iншых наадварот, раiлi прызыўнiкам iсьцi i браць зброю ў рукi, каб пасьля павярнуць яе супроць немцаў. З раёнаў у якiх партызаны патварылi кардоны, не прапушчаючы прызыўнiкоў, апошнiя пракралiся праз гэтыя кардоны праз лясы, каб з’явiцца перад прыймовай камiсыяй. Адзiнаццатага сакавiка я наведаў прыймовую камiсiю Менскага раёну. Вялiкая плошча каля будынку, у якiм працавала камiсыя, была застаўлена вазамi, на якiх прызыўнiкi чакалi сваёй чаргi. Настрой у людзей быў сьвяточны, усе спа-дзявалiся, што сапраўды створыцца беларуская збройная сiла, якая адваюе лепшае мейсца ў сьвеце для беларускага народу.

У часе мабiлiзацыi начальнiк Менскай акругi далажыў мне, што часьць людзей, прызнаных здольнымi да вайсковай службы, немцы забiраюць i аддаюць у распараджэньне “ОТ”. Гэтую вестку я зараз жа падаў да ведама Прэзыдэнту. Прэзыдэнт вельмi абурыўся гэтаму факту i неадкладна паехаў у Гэнэральны Камiсарыят, каб злажыць пратэст супроць гэтага бяспраўя. Др. Маркус матываваў Прэзыдэнту свой учынак тым, што для немцаў была патрэбна рабочая сiла для паправы дарог на Беларусi. Прэзыдэнт тады падаў думку каб зрабiць гэта не нарушаючы папярэднiя ўмовы адносна БКА, творачы сапёрныя батальёны. Немцы падхапiлi гэтую думку i такiм чынам паўстала iдэя арганiзацыi сапёрных батальёнаў. Пры ўмове аб арганiзацыi сапёрных батальёнаў з др. Маркусам было пастаноўлена арганiзаваць 12 такiх батальёнаў. Батальёны гэтыя мелi знаходзiцца паўтары месяцы ў распараджэньнi армii, пасьля чаго мелi ўвайсцi ў склад БКА. Пры гэтым сапёрныя батальёны павiнны былi быць абмундзiраваныя i ўзброеныя армiяй.

Пачатак мабiлiзацыi быў надзвычайна добры, каб не нашыя апякуны – немцы. Гэнэральны Камiсар Беларусi аддаў загад па нямецкай лiнii, што ў выпадку неабходнай патрэбы могуць быць звольненыя ад мабiлiзацыi незамянiмыя спэцыялiстыя ў прадпрыемствах вайсковага значэньня. Пры гэтым у такiх выпадках мелi рэклямаваць адпаведныя кiраўнiкi прадпрыемстваў, а звальняць меў права Гэбiтскамiсар. Дзеля таго, што ў часе вайны ўсё можна было падцягнуць пад вайсковае прадпрыемства, то загад гэты адчынiў дзьверы для злоўжываньняў. Чалавек, якi даглядаў сьвiней цi курэй якога-колечы нямецкага ўрадоўца, аказаўся незамянiмым спэцам. Працаўнiк на земляных работах, якi падарыў свайму начальнiку-немцу кусок сланiны, гэтак сама рэклямаваўся як незамянiмы спэц. Так што, у рэшце рэштаў амаль палова змабiлiзаваных была рэклямаваная i звальнялася. Шмат нэрваў каштавала БЦР пакуль гэтыя злоўжываньнi трохi спынiлiся.

Мабiлiзацыя цягнулася значна даўжэй, чым было праду-гледжана мабiлiзацыйным плянам. Прычынай гэтага было малое дазнаньне прыймовых камiсыяў i перашкоды з боку пар-тызанаў i нямецкiх уладаў. У вынiку пачалi арганiзавацца 39 батальёнаў пяхоты, а таксама i сапёрныя батальёны, у якiя людзi iшлi вельмi неахвотна. У некаторых мяйсцох людзi, пры-званыя ў сапёрныя батальёны разьбягалiся, як, напрыклад, у Нясьвiжы i Клецку. У пяхотныя ж батальёны людзi iшлi вельмi ахвотна, хочучы непасрэдна змагацца з бальшавiцкiмi партызанамi, чаго не давалi iм сапёрныя батальёны.

Найслабейшым пунктам БКА была слабасьць афiцэрскага складу. Як у арганiзацыi Самааховы, так i тут гэтая справа з самага пачатку пачала даваць благiя вынiкi. Трэба, аднак, прызнацца, што ў беларускiх умовах арганiзацыя вайсковых адзiнак напаткала б на шмат цяжкасьцяў навет i пры вельмi добрых афiцэрах. У нас ня было а нi вайсковых структураў, а нi штатаў, а нi праграмаў шкаленьня, а нi вайсковых традыцыяў, так што кожны камандзiр павiнен быў выявiць вялiкi вайсковы вопыт, гэтага вопыту не хапала нашым камандзiрам. Штаб БКА нахутка апрацоўваў усё неабходнае да арганiзацыi i вайсковай падрыхтоўкi, аднак, гэта ня было тое, што мелi армii суседнiх дзяржаваў. Некаторыя сябры прэзыдыуму БЦР старалiся дашукацца вiны за недахопы ў батальёнах, у штабе БКА. Так, напрыклад, Родзька Усевалад закiдаў штабу, што штаб складаецца з вельмi маладых афiцэраў i выглядае непаважна. Я асабiста цалкам з iм згаджаўся i прасiў сяброў прэзыдыуму, каб далi мне больш паважных кандыдатаў на штабныя становiшчы, аднак, нiхто мне такога кандыдата паказаць ня мог. Увага затрымоўвалася на адзiным кандыдаце на штабную працу – гэта на падпалкоўнiку царскай армii Гуцьку Язэпу. Прэзыдэнт напiсаў пiсьмо да Гуцькi, запрашаючы яго на начальнiка штабу БКА. Гуцька свой прыезд у Менск адцягваў i прыбыў толькi ў пачатку траўня 1944 году разам з Якуцэвiчам Паўлам. Пры першай гутарцы з Прэзыдэнтам падпалкоўнiк Гуцька зга-дзiўся прыняць становiшча начальнiка штабу i на другi дзень зьявiўся да мяне, просячы, каб я даў яму акты для азнаямленьня. Прагледзеўшы акты, Гуцька пайшоў да Прэзыдэнта i катэгарычна адмовiўся ад працы ў БКА. У гутарцы са мною ён сказаў, што калi апэрацыйная частка штабу належыць не да штабу БКА, а да нямецкага штабу, то ён уважае, што гэты штаб ня ёсьць штабам у поўным значэньнi i дзеля гэтага ён працаваць у такiм штабе ня хоча. Гэткiм чынам, адзiная надзея на наданьне штабу “паважнага выгляду” скончылася няўдачай. У штабе застаўся працаваць Якуцэвiч, якому Прэзыдэнт надаў рангу маёра. Якуцэвiч абняў становiшча iнспектара БКА.

Зброю для БКА узялiся даць нямецкiя ўлады, якiя абяцалi на пачатак па сто вiнтовак на кожны батальён. Фактычна, пад канец мабiлiзацыi на кожны батальён было прыдзелена па сто iтальянскiх вiнтоўкаў. Вiнтоўкi гэтыя былi, аднак, такой марнай якасьцi, што мы сьпярша прынялi iх за вучэбныя.

Прайшло прыблiзна з месяц часу. Мабiлiзацыя даўно скончылася. Людзi праходзiлi ў батальёнах вайсковую падрыхтоўку iз гэтымi ж iтальянскiмi вiнтоўкамi. Адна вiнтоўка прыпадала прыблiзна на 6 -7 чалавек. Амунiцыi было вельмi мала. Даведалiся аб гэтым партызаны i пачалi нападаць на батальёны. Людзi ў батальёнах звычайна прыймалi бой, аднак мусiлi ўступаць перавазе зброi ў ворага. Два батальёны ў Глыбоцкай акрузе былi разьбiтыя зусiм, людзi былi ўзятыя ў палон, рэшта разьбеглася. Гэтыя факты вельмi адмоўна адбiвалiся на маральным стане ў батальёнах. БЦР iз свайго боку рабiла нацiск на штаб гэн. Готбэрга, каб хутчэй давалi зброю. Акруговыя начальнiкi БКА прысылалi ў штаб БКА мэльдункi, у якiх справу прадстаўлялi ў што раз чарнейшых колерах. Прэзыдыум БЦР вырашыў склiкаць з’езд начальнiкаў акругоў, каб супольна з БЦР знайсьцi меры для паправы справы.

З’езд адбыўся ў канцы красавiка 1944 году. Заслухаўшы даклады з мейсцаў, некаторыя ўдзельнiкi з’езду паставiлi прапанову аб лiквiдацыi БКА. Пасьля дыскусыi, аднак было па-станоўлена БКА не лiквiдаваць, а зьменшыць згодна колькасьцi зброi, гэта значыць на тры чвэрцi. Гэн. Готбэрг пажадаў прыняць увесь з’езд у сваiм службовым памяшканьнi. Прыняў ён яго вельмi суха. Сьпярша прачытаў натацыю, што беларусы вельмi гарачыя i жадаюць рэчаў немагчымых i не ўлiчваюць ваенных абставiнаў, а пасьля сказаў, што транспарт зброi для БКА быў у дарозе, але разьбiты ворагам i што на зброю цяпер прыйдзёцца пачакаць даўжэйшы час. Аб рэдукцыi БКА гэн. Готбэрг не хацеў навет i слухаць. Аднак гутарка на з’ездзе аб лiквiдацыi або рэдукцыi БКА зрабiла на немцаў пэўнае ўражаньне: зброя пачала прыбываць. Пры гэтым прыбывала зброя розных сыстэмаў, як вiнтоўкi францускiя, галяндзкiя, расейскiя, польскiя i iнш. Цяжкiя кулямёты былi ў бальшынi польскiя. Можна цяпер уявiць, якiя цяжкасьцi мелi камандзiры батальёнаў, маючы столькi сыстэмаў зброi, з вайсковай падрыхтоўкай, разьдзелам амунiцыi. Наагул, да самага бальшавiцкага наступу, БКА фактычна ўзброена не была.

Справа з абмундзiраваньнем прадстаўлялася яшчэ горш. Прэзыдэнт БЦР Астроўскi гэтай справы не даацэньваў. Ён усьцяж лятуцеў аб “белых бандах” i таму яшчэ пры ўступных перамовах згадзiўся абмундзiраваньне ўзяць на сябе. У чым людзi прыйшлi ў час мабiлiзацыi, у тым i засталiся. БЦР ня мела нiякiх магчымасьцяў абмундзiраваць БКА. Калi я, бачачы ў батальёнах абадранцаў, пачаў зьвяртацца да начальнiка штабу гэн. Готбэрга i прасiць аб прыдзеле абмундзiраваньня, то заўсёды атрымоўваў адказ: “Ваш Прэзыдэнт узяў на сябе абмундзiраваць БКА, няхай ён гэта выконвае, мы свой абавязак у справе зброi выканалi”.

Як я ужо вышэй успомнiў, для прыгатаўленьня добра квалiфiкаваных кадраў у Менску быў адчынены месячны курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў. Першы курс распачаў-ся ў сярэдзiне сакавiка 1944 году. На курс прыбыло 50 афiцэраў i каля 200 падафiцэраў. У сувязi з тым, што наблiжалася 25 Сакавiка, гадавiна абвяшчэньня незалежнасьцi Беларускай Народнай Рэспублiкi, БЦР пастанавiла ў гэты дзень правесьцi прысягу БКА. Быў апрацаваны тэкст прысягi, разасланыя загады начальнiкам акругоў, каб прысягу правесьцi ў як найбольш урачыстых абставiнах. У Менску мела быць урачыста праведзена прысяга курсу перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў. Прысяга гэтая вельмi ўрачыста, у прысутнасьцi Прэзыдэнта БЦР, гэн. Готбэрга, прадстаўнiкоў армii i ўладаў цывiльных i вялiзарнага натоўпу менскага жыхарства, была праве-дзена на катэдральнай плошчы. Пасьля прысягi адбыўся парад. Курсанты прадстаўлялiся вельмi добра. Была праведзена прысяга i ў iншых батальёнах, аднак не ва ўсiх, дзеля таго, што некаторыя батальёны яшчэ знаходзiлiся ў стадыi арганiзацыi.

Першы курс скончыўся ў палове красавiка. Пры заканчэньнi быў праведзены эгзамен у прысутнасьцi гэн. Готбэрга. Беларускi штаб БЦР прадстаўляў толькi я. Прэзыдэнт, будучы нездаволены iз спосабу ўзбраеньня БКА немцамi, на эгзамен не прыбыў. На заканчэньне эгзамэну гэн. Готбэрг сказаў да курсу прамову, у якой паклаў спэцыяльны нацiск на тое, што не гледзячы на ўсе цяжкасьцi, БКА будзе ўзброена, i адыграе гiстарычную ролю ў змаганьнi з бальшавiзмам.

Пасьля заканчэньня першага курсу быў адчынены другi курс у канцы красавiка 1944 году. Галоўным заданьнем у прыгатаўленьнi кадраў было, аднак, адчыненьне афiцэрскай школы для моладзi, якая яшчэ не была ў войску. Атрымаўшы згоду гэн. Готбэрга, БЦР правяла адпаведную прапаганду i роўналежна з трэцiм афiцэрскiм курсам у другой палове чэрвеня 1944 году з’ехалася 280 кандыдатаў у афiцэрскую школу. Былi гэта маладыя хлапцы, у бальшынi iз скончанай сярэдняй асьветай. Курс навукi прадугледжваўся 6-месячны, пасьля чаго маладым кандыдатам мела быць наданая першая афiцэрская ранга. Маладыя кандыдаты зь вялiкай верай i запалам узялiся за навуку. Нажаль, ня было суджана гэтым маладым беларускiм патрыётам атрымаць афiцэрскiя рангi беларускага войска. 28-га чэрвеня бальшавiцкая армiя пачала наблiжацца да Менску. Менск хутка эвакуiраваўся. Афiцэрская школа пешым маршам 29-га чэрвеня накiравалася на Вiльню. Ужо ў часе маршу маладыя хлапцы, ня прывыкшыя да фарсiраванага маршу, пачалi адставаць. У Вiльнi трапiлi яны пад бамбардаваньне, пры гэтым 6 вучняў было забiтых i некалькi параненых. У Вiльнi афiцэрская школа заладавалася ў цягнiк i пасьля доўгага падарожжа ў канцы лiпеня была прыдзеленая да гэтак званай брыгады Зiглiнга. Зiглiнг, гэты злы дух беларускай вайсковасьцi пры немцах, падзялiў школу на паасобныя пададдзелы i такiм чынам школа была зьлiквiдаваная.

Пры самым пачатку арганiзацыi БКА немцы старалiся як найбольш абмежаваць кампэтэнцыi беларускага штабу. Ужо тое, што пры беларускiм штабе ня было апэрацыйнага аддзелу, зводзiла ягоную ролю на другараднае мейсца. Паводле нямецкага пляну, заданьнем беларускага штабу, апрача правя-дзеньня мабiлiзацыi, была праца прапагандовая. З гэтым по-глядам беларускi штаб бязупынна змагаўся. У рэште рэштаў беларускi штаб складаўся з наступных аддзелаў:

  • Аддзел арганiзацыйны,
  • Аддзел прапагандовы,
  • Аддзел санiтарны,
  • Аддзел гаспадарчы,
  • Агульная канцылярыя.

Свабода руху беларускага штабу была вельмi зьвязаная. Беларускi штаб ня меў у сваiм распараджэньнi нiякiх сродкаў лучнасьцi. Калi штаб высылаў у акругi пасланцоў, то прапускi для пасланцоў трэба было атрымоўваць з нямецкага штабу, пры гэтым трэба было ўматываваць неабходнасьць пасылкi пасланцоў, а нямецкi штаб мог прапускi даць, а мог i ня даць, што часта здаралася.Я загадам Прэзыдэнта БЦР быў назначаны начальнiкам беларускага штабу. Маiм заданьнем было прыгатаваць i правесьцi мабiлiзацыю. Калi мабiлiзацыя была скончаная, Прэзыдэнт БЦР сваiм дэкрэтам вызначыў мяне камандзiрам БКА. Ува ўсiх справах БКА начальнiк штабу гэн. Готбэрга зьвязваўся беспасрэдна са мной. Я часта ў гэтым выпадку пасылаў да начальнiка штабу майго заступнiка – маёра Мiкулу. У другой палове чэрвеня 1944 году загадам гэн. Готбэрга быў вызначаны нямецкi штаб лучнасьцi, у складзе аднаго маёра, двух капiтанаў i 4-х падафiцэраў. Вызначаны штаб атрымаў памешканьне для працы ў будынку беларускага штабу. Заданьнем штабу лучнасьцi было ня толькi тэхнiчна ўтрымоўваць лучнасьць памiж беларускiм штабам i штабам гэн. Готбэрга, але i ўнiкаць ва ўсе патрэбы БКА i палягчаць цяжкасьцi беларускага штабу адносна матар’яльных патрэбаў БКА. Як выглядала бы ў практыцы супрацоўнiцтва са штабам лучнасьцi сказаць цяжка, дзеля таго, што штаб гэты яшчэ не пасьпеў увайсьцi ў курс сваiх абавязкаў, як падзеi на ўсходнiм фронце прымусiлi ўсё адвярнуцца ўверх дном.

Прыблiзна ў канцы красавiка 1944 году БКА прыняло выразна акрэсьленае аблiчча. Было арганiзавана 39 батальёнаў пяхоты i 6 батальёнаў сапёрных. У кожным раёне быў адзiн батальён пяхоты. Сапёрныя батальёны былi раскватэраваныя наступна: адзiн батальён у Барысаве, два батальёны ў Менску, два батальёны ў Слуцку i адзiн батальён у Баранавiчах. Яшчэ трэба было арганiзаваць пяць батальёнаў сапёрных, але гэта не ўдалося выканаць, дзякуючы ад’емным адносiнам людзей да гэтых батальёнаў.

Зараз пасьля заканчэньня мабiлiзацыi, я распачаў праводзiць iнспэкцыю ў батальёнах. Нямецкi штаб ставiўся да маiх iнспэкцыйных падарожжаў вельмi прыхiльна, справе гэтай дапамагаў. У тых батальёнах, у якiх прысяга ня была праведзеная 25-га Сакавiка, яна складалася ў часе маiх iнспэкцыяў у маёй прысутнасьцi. У гэтым выпадку немцы выразна iмкнулiся выкарыстаць мяне, як прапагандзiстага. Батальёны выстрайвалiся на мой прыезд, я прыймаў рапарт камандзiраў батальёнаў, праводзiў перагляд i абавязкова мусiў закончыць цырымонiю прапагандовай прамовай. Нямецкi прадстаўнiк звычайна трымаўся набаку. У некаторых выпадках мая роля прапагандзiстага i роля немцаў, пад поглядам аперацыйным занадта падкрэсьлiвалася. Так напрыклад, у Слуцку пасьля маёй прамовы да сапёрнага батальёну i пасьля прысягi, камандзiр сапёрнага нямецкага палка зараз жа аддаў батальёнам загады апэрацыйнага характару. Гэткiм чынам, роля мая, як камандуючага БКА была вельмi няпрыемная, тым больш, што а нi жаўнеры Б.К.А, а нi беларускае грамадзянства не разумела фактычнага майго палажэньня.

У часе маiх iнспэкцыйных аб’ездаў, я сьцвердзiў нязвычайную ахвярнасьць i адданасьць справе беларускiх жаўнераў. Ня гледзячы на тое, што жаўнеры БКА ня былi абмундзiраваныя, а былi апранутыя вельмi марна ў свае самадзелкi, у бальшынi босыя, яны вялi нармальныя вайсковыя заняткi, выконвалi вартавую службу i хадзiлi на партызанаў. У Капылi, Слуцкай акругi, у дажджлiвы i вельмi халодны дзень я засьпеў жаўнераў БКА на пастох. Яны былi босыя, стаялi вышэй косткаў у халодным балоце па некалькi гадзiн бяз змены. Ня гледзячы на такiя ўмовы, жаўнеры БКА вельмi сумленна выконвалi свае абавязкi. Да канца траўню 1945 году былi абмундзiраваныя цалкам толькi сапёрныя батальёны, але зброi яны так i не пабачылi.

Як толькi батальёны сяк-так былi ўзброеныя, яны пачалi весьцi змаганьне з партызанамi. Змаганьне гэтае выглядала так, што моцныя аддзелы БКА абходзiлi свае раёны, заганяючы партызанскiя банды ў глыб лясоў i гэтым даючы мажлiвасьць сялянам свабодна апрацоўваць сваю зямлю.

У другой палове траўня нямецкi штаб прыйшоў да перакананьня, што батальёны БКА можна ўжываць у апэрацыях супраць партызанаў. Першы выбар паў на 15 батальён Гара-дзiшчанскага раёну, якi стаяў у вёсцы Вольная. Нямецкi штаб, якi засьцярог сабе права апэрацыйна ўжываць батальёны, навет не паведамiў у беларускi штаб аб сваiм намеры, а выдаў загад Гэбiтспалiцайкамэнданту Баранавiцкае акругi, што 15 батальён належыць неадкладна заладаваць на цягнiк у Баранавiчах i адправiць у Менск з мэтай абмундзiраваньня i пераўзбраеньня. Гэбiтспалiцайкамандант знайшоўся ў цяжкiм становiшчы. Ён ведаў, як захоўвалiся жаўнеры БКА пры арганiзацыi сапёрных батальёнаў, калi людзi, каб не трапiць у сапёрныя батальёны, разьбягалiся. Гэбiтспалiцайкамандант ня быў пэўны 15-га батальёну, якi мог таксама разьбегчыся, даведаўшыся аб вывазе яго ў Менск немцамi. Гэбiтспалiцайкамандант зьвярнуўся тады з запытаньнем да намесьнiка БЦР у Баранавiчах д-ра Станiслава Станкевiча, цi яму вядома аб загадзе адносна 15-га батальёну. У гэты самы мамэнт я, будучы ў Баранавiчах, знаходзiўся якраз у д-ра Станкевiча. Нi мне, нi д-ру Станкевiчу нiчога не было вядома аб гэтым загадзе. Гэбiтспалiцайкамандант зараз жа прыбыў да нас, паiнфармаваў аб атры-маным з Менску загадзе i прасiў нас, каб мы згадзiлiся паехаць супольна з iм у Вольную i пераканаць батальён аб неабходнасьцi выкананьня загаду. На наступны дзень мы з iм паехалi. У Вольнай ужо ведалi аб нашым прыездзе. Прыгатавалi трыбуну, з якой мы мелiся прамаўляць. Пасьля перагляду батальёну прамаўлялi да яго я i др. Станкевiч. Пасьля гэтага пад’ехалi самаходы, у якiя батальён бяз слова заладаваўся да ад’езду. У Менску 15 батальён быў абмундзiраваны, пераўзброены i рэарганiзаваны. Камандзiрам гэтага батальёну быў былы падхарунжы польскай армii Мануей, мне асабiста мала знаны як камандзiр. Каб мець пэўнасьць добрага камандаваньня батальёнам у часе акцыi быў вызначаны падлейтэнант Родзька Усевалад спэцыяльна-упаўнаважаным ад беларускага штабу пры батальёне. Батальён быў прыдзелены да апэрацыйнай групы, якая пад камандаваньнем гэн. Готбэрга праводзiла ачышчэньне мясцовасьцi ад партызанаў у раёне Лепеля i Барысава. У часе акцыi батальён павыказаў вялiкую баявую вартасьць. Пасьля акцыi падлейтэнант Родзька, якi быў фактычным камандзiрам у часе акцыi, атрымаў Жалезны Крыж, другiя камандзiры i шмат падафiцэраў i стральцоў атрымалi баявую ўзнагароду для ўсходнiх народаў.

У палове чэрвеня 1944 году быў узяты ў акцыю 34-ы батальён са Стоўпцаў, якi атрымаў сьцяг з рук Прэзыдэнта БЦР i прыймаючы ягонае iмя. Нямецкi штаб i ў гэтым выпадку па-ступiў так, як i з 15-тым батальёнам, гэта значыць не паведамiўшы беларускi штаб выслаў загад Гэбiтскпалiцайкаманданта. I ў гэтым выпадку а нi я, а нi др. Станкевiч паведамлёныя не былi. Калi Гэбiтспалiцайкамандант прыбыў у Стоўпцы, каб заладаваць батальён у чыгуначны транспарт, то жаўнеры батальёну, якiя ня бачылi прадстаўнiка беларускага камандаваньня разьбеглiся. Нямецкi штаб у Менску, даведаўшыся аб гэтым факце, заявiў прэтэнзiю да беларускага штабу. Але тут умяшаўся ў справу Прэзыдэнт БЦР, якi катэгарычна заявiў прадстаўнiку гэн. Готбэрга, што нi адзiн аддзел БКА ня можа быць узяты бяз папярэдняга паведамленьня беларускага штабу. Справу ў 34 батальёне мусiў вырышаць маёр Мiкула, якi як мой заступнiк паехаў у Стоўпцы i выправiў батальён на акцыю.

Ня гледзячы на марны прыадзевак, на марнае ўзбраеньне, на адсутнасьць добра квалiфiкаваных камандзiраў i iншыя недахопы БКА, што раз мацней станавiлася на ногi, што раз больш давала адпор партызанскiм бандам i бяз сумнiву сталася б крынiцай кадраў для будучай беларускай армii, каб не падзеi на беларускiм фронце ў другой палове чэрвеня i наступных месяцаў 1944 году, падзеi, якiя вырашылi лёс ня толькi БКА, але i ўсяе Беларусi.

22-га чэрвеня 1944 году чырвоная армiя перайшла ў наступ на ўсiм беларускiм фронце. Як цывiльныя нямецкiя ўлады перад БЦР, так i нямецкi штаб перад беларускiм штабам посьпехi чырвонай армii на фронце старанна хавалi. У гэтым часе БЦР была занятая прыгатаўленьнем 2-га Беларускага Кангрэсу. 27-га чырвеня 1944 году ў Менскiм гарадзкiм тэатры пад аховай беларускай афiцэрскай школы быў адчынены 2-гi Усебеларускi Кангрэс. У гэты ж самы дзень нямецкiя ўлады атрымалi загад аб эвакуацыi Менску. Пад вечар 27-га чэрвеня начальнiк нямецкага штабу палкоўнiк Родэ папрасiў мяне ў штаб i сказаў такую рэч: “Па аўтастрадзе Барысаў – Менск цягнуцца цэлыя масы дэзэртыраў з нямецкай армii, палявая жандармэрыя ня можа зь iмi даць рады, трэба, каб вы далi батальён БКА, якi абыйме палiцыйную службу на гэтай аўтастрадзе i пад камандай начальнiка палявой жандармерыi будзе дапамагаць у затрымваньнi гэтае масы”. У маiм распараджэньнi былi два батальёны БКА, якiя знаходзiлiся ў беспасрэднай блiзкасьцi да гэтай аўтастрады: батальён у Рудзенску i батальён у Менску, але батальёны гэтыя ня былi абмундзiраваныя. Гэта быў першы выпадак, калi начальнiк нямецкага штабу папрасiў у мяне батальён для ягонага апэрацыйнага ўжыцьця. Аднак, здаволiць ягоную просьбу я ня мог, бо неабмундзiраваных жаўнераў ужыць у такой акцыi было немагчыма.

28-га чэрвеня Гэнэральны Камiсарыят Беларусi афiцыйна паведамiў Прэзыдэнта БЦР аб эвакуацыi Менску. Для БЦР быў прызначаны Кэнiгсбэрг.

Нямецкi штаб не паведамiў беларускi штаб аб эвакуацыi Менску. Iз штабу лучнасьцi ўжо 27-га чэрвеня нiхто да працы не зьявiўся. Штаб лучнасьцi загiнуў, па сяньняшнi дзень для мяне няведама куды. Калi я даведаўся ад Прэзыдэнта БЦР аб эвакуацыi Менску, я з маёрам Мiкулам неадкладна адправiлiся да начальнiка нямецкага штабу, каб узгоднiць зь iм эвакуацыю БКА. Начальнiк штабу ясна i катэгарычна адказаў нам: “Вы ня маеце чаго клапацiцца аб эвакуацыi БКА. Гэн. Готбэрг ужо аддаў загад, каб БКА адступала на захад супольна зь нямецкай палiцыяй пад камандай Гэбiтспалiцайкамандантаў. Як далёка яны будуць адступаць, сёньня я прадугледзiць не магу”. А нi тэлефону, а нi тэлеграфу, а нi радыё я ня меў, навет, паслаць ганцоў мог толькi праз нямецкi штаб, бо наш штаб ня мог сам навет выпiсаць дакумэнтаў да падарожжа. Дый выслаць ганцоў было бязсэнсоўна, бо падзеi разгортвалiся так хутка, а на чыгунцы панаваў такi хаос, што сумлiўна, цi маглi б ганцы асягнуць батальёны. Урэшце, загады мае, якiя я мог бы выслаць, не маглi быць супярэчнымi з загадамi гэн. Готбэрга, бо гэта выклiкала б яшчэ большы хаос.

Аб палажэньнi я далажыў Прэзыдэнту БЦР. Прэзыдэнт вырашыў, што штаб БКА мае ехаць з БЦР у Кэнiгсбэрг. Я меў выязджаць iз Менску з транспартам БЦР, з тым, што калi транспарт асягне Лiду, я з iншымi сябрамi БЦР застаемся ў Лiдзе, дзе ў гэтым часе ўжо будзе знаходзiцца Прэзыдэнт з гэн. Готбэргам. Далейшыя загады я меў атрымаць у Лiдзе. Прэзыдэнт у таварысьцве Нэронскага i сваiх ад’ютантаў Радзевiча й Пласкачэўскага самаходам паехалi ў Вiльню, адкуль меўся ехаць у Лiду, куды, па вестках, якiя ён атрымаў, меўся эвакуавацца штаб гэн. Готбэрга. У выпадку, калi б Прэзыдэнта ня было б у Лiдзе, я мусiў бы ехаць у Кэнiгсбэрг, дзе мела сабрацца ўся БЦР. Транспарт БЦР асягнуў Лiду 2-га лiпеня. Першы Вiцэ-Прэзыдэнт Шкелёнак i я тэлеграфiчна зьвязалiся са станцыi з горадам, але а нi штабу Готбэрга, а нi Прэзыдэнта там ня было. Нiчога не заставалася, як ехаць у Кэнiгсбэрг.

28-га чырвеня 1944 году нямецкi фронт развалiўся. Бальшавiцкiя танкавыя часьцi iшлi на захад. Нямецкай палiцыi было не да БКА – яна кiдала ўсё i ратавала сваю скуру. Шмат дзе нямецкiя каманданты, каб пазбыцца клопату, аб’явiлi батальёнам, што яны дэмабiлiзуюцца i могуць разыходзiцца дахаты, з чаго жаўнеры i скарысталi. Iншыя батальёны былi абкружаныя i разам з немцамi ўзятыя ў палон. Некаторыя батальёны адступалi ў поўным парадку, бяручы ўдзел у баёх.

5-га лiпеня БЦР прыехала ў Кэнiгсбэрг. Пасьля колькiх дзён чаканьня Прэзыдэнта, я зь некалькiмi афiцэрамi паехаў на фронт. На фроньце я хацеў арганiзаваць зборныя пункты, на якiх афiцэры зьбiралi б БКА у групы i накiроўвалi б у Лодзь, дзе ў глыбокiм тыле можна было б пераарганiзоўваць iх у баёвыя адзiнкi. Першы пункт, у якi мы прыбылi, быў Беласток. Праз Беласток праходзiла маса нямецкага войска, якое адступала ў непарадку з фронту. Гэтак званае “Frontstelle” у Беластоку паведамiла мяне, што па звестках, якiя ў iх маюцца, чужа-нацыянальныя вайсковыя адзiнкi накiроўвалiся ў Кузьнiцу каля Гораднi, дзе яны зьбiралiся й пераарганiзоўвалiся. Але ў Кузьнiцу ўжо ня можна было даехаць. Тады “Frontstelle” паслала нас у Ломжу, куды з Кузьнiцы павiнны былi накiравацца чужа-нацыянальныя вайсковыя адзiнкi. Пакiнуўшы двух афiцэраў у Беластоку для арганiзацыi зборнага пункту, я з рэштай афiцэраў паехалi ў Ломжу. У Ломжы я знайшоў частку штабу гэн. Готбэрга. Там мне параiлi ехаць у штаб гэн. Готбэрга, якi знаходзiўся ў Плоцку. У Ломжы я таксама пакiнуў двух афiцэраў для арганiзацыi зборнага пункту, а сам паехаў у Плоцк.

У Плоцку я сапраўды знайшоў штаб Готбэрга i афiцэрскую школу, якая знаходзiлася ў чыгуначным транспарце. Начальнiк штабу цi сапраўды не арыентаваўся ў становiшчы, цi не хацеў мне нiчога гаварыць з погляду на вайсковую таямнiцу, але факт той, што нiякiх вестак аб БКА ён мне даць ня мог. Мой плян аб канцэнтрацыi БКА у Лодзi ён пахвалiў i абяцаў пераслаць туды i афiцэрскую школу. У гэтым жа штабе я даведаўся аб арганiзацыi гэтак званага “Sperrbrigade” Зiглiнга. Гэтая “Sperrbrigade” паводле словаў арганiзоўвалася з нямецкае i чужа-нацыянальнае палiцыi, якая знаходзiлася на Беларусi. Аб улучэньнi ў гэтую брыгаду БКА i афiцэрскае школы, як запэўнiў мяне начальнiк штабу, не магло быць навет i мовы. Наадварот, начальнiк штабу абяцаў мне загад сваiм часткам, каб БКА накiроўвалi ў Лодзь.

Тымчасам, сталася iначай. Як толькi я выехаў з Плоцку, афiцэрская школа была адразу ж накiраваная да брыгады Зiлiнга. Гэтак сама i iншыя адзiнкi БКА былi накiраваныя да гэтае брыгады. Злачынная брыгада i была канчальнай магiлай БКА.

Сапёрныя батальёны БКА, якiя знаходзiлiся пад камандай армii, эвакуавалiся ўсе шэсьць у Бедруск пад Пазнанем. Там яны былi рэарганiзаваныя ў два гэтак званых “Baubataillon” i былi па-за ведаю БЦР далучаны да складу нямецкае армii. Гэтыя батальёны iснавалi аж да канца вайны.

Працяг будзе

Дадатак Чытаць далей →

Генадзь Сагановiч. Дзве гiсторыi Полацка

21 снежня, 1997 |


Кнiга Д.Аляксандрава i Д.Валадзiхiна “Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в ХII-ХVI в.” (Москва, 1994) рэцэнзавалася мной ледзь не адразу пасля яе з’яўлення*. А параўнальна нядаўна стала распаўсюджвацца надрукаваная ў Полацку брашурка Д.Валадзiхiна, у якой змешчаны адказ апошняга на маю рэцэнзiю[1]. Адмёўшы ўсе заўвагi, у брашурцы Д.Валадзiхiн па-стараўся пераканаць сваiх чытачоў у нiзкай “якасцi працы” рэцэнзента, дэманстраваў мае недакладнасцi. У мяне, аднак, ёсць усе падставы пераадрасаваць гэтыя абвiнавачаннi шаноўнаму маскоўскаму апаненту, дзеля чаго мушу вярнуцца да згаданай кнiгi пра Полацк.

Пайду тым жа парадкам, якiм быццам бы так эфектна абвяргаў мае заўвагi Д.Валадзiхiн. Праўда, некаторыя ён такi пакiнуў без каментараў (прыкладам, мой пратэст супраць тэзы, быццам граматы на магдэбургскае права ўнiфiкавалi беларускiя гарады з польскiмi). Давядзецца многа цытаваць – для “чысцiнi палемiкi”, як выказаўся мой зацяты апанент з Расii.

У кнiзе Д.Валадзiхiн класiфiкаваў грамадзянскую вайну ў ВКЛ 1430-х г. як “адну з самых працяглых i крывавых унутраных войнаў” у гiсторыi гэтай дзяржавы, што i выклiкала маё здзiўленне: няўжо ў ВКЛ iх было так многа? У адказ у “Моей полемике…” аўтар прывёў у прыклад “крывавыя канфлiкты памiж сынамi Альгерда за ўладу ў ВКЛ”, “сутыкненнi Ягайлы з Кейстутам i Вiтаўтам” i “адпадзенне Смаленска” у пачатку ХV ст. (С.17-18). Канешне, вайной можна называць кожны сур’ёзны закалат. Але я б не рызыкнуў лiчыць асаблiва “працяглымi i крывавымi войнамi” большасць са згаданых унутраных канфлiктаў. У кожным разе, у гiсторыi Русi Маскоўскай iх непараўнальна больш.

Папракнуты за атаесамленне праваслаўных з рускiмi, аўтар “Борьбы…” адмаўляецца ад гэтага i выказвае здзiўленне: “адкуль жа вычытаў Г.Сагановiч падобнае атаесамленне?” (С.18). Як адкуль, калi ў апiсаннi падзей ХV-ХVI ст. у кнiзе па-ў-сюль фiгуруюць “русские”, “православные русские земли”, “русские города” (С.61, 65, 68 i iнш). Памылка толькi ў нумары старонкi, на якую спасылаюся (што атрымалася, падобна, чыста тэхнiчна), але спасылацца можна хоць i на цэлы раздзел. Тут для аўтара што ў Маскоўскай дзяржаве, што у ВКЛ – скрозь “русские”. Д.Валадзiхiн свядома пiша так, каб у чытача складвалася ўражанне, што гэта адзiны народ, хоць гiсторыкi, зацiкаўленыя ў лепшым разуменнi нашага мiнулага, аддзяляюць русiнаў ВКЛ ад вялiкарусаў i на ўзроўнi тэрмiналогii.

Наступнае, на чым мы радыкальна разышлiся, гэта палiтыка Свiдрыгайлы. У кнiзе напiсана, што iдэя царкоўнай унii была непапулярная ў лагеры гэтага князя. Хоць той да 1434 г. быццам i не быў працiўнiкам унii, але ўжо ў 1435 г. спалiў мiтрапалiта Герасiма менавiта за тое, што ўладыка задумляў аб’яднанне цэркваў (С.61). Мае контраргументы – калектыўны лiст 1433 г. з Вiцебска ў Базэль з просьбай правесцi унiю i мiсiя Пфафендорфа – мала змянiлi пазiцыi аўтара, хоць у адказе ён змякчыў фармулёўку, адступiў, зазначыўшы, быццам выказваў толькi гiпотэзу, i далей настойвае толькi на тым, што адно ў 1435 г. Свiдрыгайла бясспрэчна быў зацятым ворагам унii. “Хiба прыведзеная Г.Сагановiчам грамата (пасланне з Вiцебска – Г.С.) адносiцца да 1435, а не 1433 г.?” (С.18).

Мой калега дэманструе нядрэннае ўменне выкручвацца, не маючы аргументаў. Вось жа з крынiцаў добра вядома, што амаль ад самага пачатку вайны з Жыгiмонтам Кейстутавiчам вялiкi князь Свiдрыгайла – саюзны Нямецкаму ордэну – быў прыхiльнiкам унii. З 1433 г. ён самым сур’ёзным чынам займаў-ся ажыццяўленнем гэтага плану, бо спадзяваўся падтрымкi ад еўрапейскiх манархаў. У 1434 г., вiнавацячы Ягайлу i Жыiiмонта, ён прасiў ад Базэльскага сабору дазволу на саюз з паганымi для барацьбы за свой вялiкакняскi пасад, што хутчэй за ўсё i перакрэслiла ягоныя шансы на дапамогу каталiцкай Еўропы[2]. I нават у канцы таго года ў вядомым пасланнi з Базэля да Свiдрыгайлы абмяркоўвалася ягонае жаданне “далучыць народы Рускiя да Св. Рымскага касцёла”. А дзе ж сведчаннi хуткай i радыкальнай змены стаўлення гэтага князя да унii? У Д.Вала-дзiхiна iх няма. Бо мiтрапалiт Герасiм спалены не за унiю, а за апазiцыю да яе i за сувязi з Жыгiмонтам[3]. Цяжка зразумець, чаму Д.Валадзiхiн тут такi недасведчаны – пра гэта ж даўно пiсалася i ў расiйскай гiстарыяграфii[4].

З “суверэнiтэтам” Полацкай зямлi, таксама кранутым у палемiцы, усё не так адназначна. Але спачатку зноў пра некарэктнасць: я крытыкаваў аўтараў кнiгi за выкарыстанне тэрмiну “суверэнiтэт” – на мой погляд, зусiм недарэчнага – у дачыненнi да Полацкай зямлi не толькi часоў Свiдрыгайлы, але i ранейшых. Нагадаю, нават характарызуючы Андрэя Альгердавiча, аўтары “Борьбы за Полоцк…” пiсалi, што той быў “за поўны суверэнiтэт сваёй зямлi” (С.118). У брашуры ж апанент звяртаецца ўжо толькi да Свiдрыгайлы i цвердзiць, што з 1432 па 1436 г. Полацкая зямля iснавала “як ядро суверэннага дзяржаўнага ўтварэння” (С.19). Ахвотна пагадзiўся б, каб Д.Вала-дзiхiн паказаў, у чым выявiлася сутнасць такога суверэнiтэту, якой была яго iдэя i канцэпцыя.

Наогул, што такое суверэнiтэт у Сярэднявеччы? Маскоў-скiя манархi Iван III i Васiль III фармальна прызнавалi сваiмi суверэнамi сыноў хана Ахмата. Ну i што? Хоць, з iншага боку, ужо Iван III дамогся мiжнароднага суверэнiтэту – пасля дынастычнага шлюбу з Палеалогамi i фактычнага вызвалення ад Залатой Арды. I вось гэты суверэнiтэт адразу выявiўся i ў тытуле, i ў новай дактрыне.

Вопыт еўрапейскай гiсторыi паказвае, што дзяржавы дамагалiся суверэнiтэту ў вынiку працяглага, складанага працэсу, у тым лiку дзякуючы цэнтралiзацыi. Суверэнiтэт мусiў сцвярджацца юрыдычна – праз адмаўленне легальнасцi ранейшай улады (каб ранейшы ўладар не меў не толькi фактычнай улады, але i тытулаў). Затым да гэтага дадавалася гiстарычна-фiласофская аргументацыя. Аднак сярэднявечнае грамадства было наскрозь прасякнута складанай сiстэмай леннай залежнасцi, так што падлегласць аднаго суверэна другому абярталася небяспекай для суверэнiтэту дзяржаваў[5]. (Тут, дарэчы, мусiм адрознiваць суверэннасць манарха ад суверэннасцi дзяржавы, суверэннасць унутраную ад вонкавай etc.) i калi вяртацца да Свiдрыгайлы, то, як мне падаецца, у гады грамадзянскай вайны дактрына суверэннасцi не толькi не стала ўласнасцю элiты Полацкай зямлi, – яна нават яшчэ не артыкулявалася.

Зусiм па-рознаму нам бачацца i матывы, якiмi кiраваўся Iван III, калi развязваў войны супраць ВКЛ. На с.78 маскоўскi даследчык пiша, што да канца XV ст. захоўвалася “непарушнасць праваслаўя на рускiх землях ВКЛ”, i Аляксандр Казiмiравiч першы ажыццявiў “спробу насiльнага ўвядзення унii сярод усяго праваслаўнага насельнiцтва, а таксама ажыццявiў нацiск на сваю жонку Алену Iванаўну, каб яна пакiнула праваслаўе” (спасылка на Васкрасенскi летапiс i працу К.Базiлевiча). “У прыватнасцi, у Полацку памiж 1497 i 1500 г. быў заснаваны бернардынскi касцёл, i яму была перададзена зямля, якой да гэтага валодала праваслаўная царква св. Пятра” (спасылка на “Полацкiя граматы” А.Харашкевiч). Я нездарма крытыкаваў гэтае месца. Лагiчная сувязь апошняга сказа з папярэднiм мала ўцямная, цi не так? Наогул, справа полацкiх бернардынаў выглядае штучна звязанай з гэтай праблемай. Разумею, аўтару хацелася прывесцi канкрэтны прыклад нарастання рэлiгiйнага ўцiску, але гэты – вельмi ж няўдалы. Каталiкi ў Полацку былi да заснавання там касцёлу i кляштару бернардынаў, а год з’яўлення апошнiх добра вядомы – 1498. Спецыфiкай дзейнасцi полацкiх бернардынаў, аднак, з’яўлялася тое, што яны не перахрышчвалi праваслаўных нанова: такую iх практыку ўхвалiла i Апостальская сталiца. Так што ў Полацку проста не было падстаў гаварыць аб прымусовым пераводзе ў iншую веру i канфесiйным уцiску ўвогуле. Перадача ж зямлi бернардынскаму касцёлу нiяк не ўпаўнаважвае да глабальных высноў пра спробы ўвядзення унii: у тыя гады зямельныя на-даннi ад манарха мела i праваслаўная царква: прыкладам, у 1497 г. Пустынкаўскi манастыр у Кiеве, у 1501 г. – Сафiйскi сабор у Полацку.

Цяпер пра самога Аляксандра Казiмiравiча. Гiсторыкi, якiя спецыяльна займалiся канфесiйнай праблемай у ВКЛ, зазначалi, як правiла, выразную талерантнасць першых Ягайлавiчаў, асаблiва Аляксандра. Пры iм у канцы ХV ст. праваслаў-ная царква ўмацавала свае пазiцыi ў ВКЛ. У прыватнасцi, у 1499 г. вялiкi князь пацвердзiў т.зв. “Скрутак Яраслава”, дзякуючы якому яна атрымала судовы iмунiтэт i ў прававых адносiнах была ў лепшым становiшчы, чым у Маскоўскай дзяржаве. I калi маскоўскi даследчык прапануе лiтаральна прoцiлеглую характарыстыку канфесiйнай палiтыкi Аляксандра, яму належыць надта сур’ёзна абгрунтоўваць свае тэзы. Аднак дакументальных сведчанняў канкрэтнай дыскрымiнацыi праваслаўных у ВКЛ тых часоў нiдзе не знаходзiм.

Чуткi пра тое, што лiтоўска-рускi манарх дамагаецца ад жонкi пераходу ў каталiцтва i што ў ВКЛ уцiскаюць праваслаўных князёў, сыходзiлi з маскоўскiх жа колаў. Ад шпега Фёдара Шастакова, якi стаў пiсаць пра гэта ў Маскву ў 1499 г. Хутчэй за ўсё, гэта былi плёткi. А Iван III падхапiў тэму, бо мусiў апраўдаць прыём князёў-перабежчыкаў. Наколькi вядома, вялiкi князь Аляксандр не змушаў Алену Iванаўну пакiнуць праваслаўе – i гэта насуперак патрабаванням каталiцкiх ерархаў. Наадварот, ён дамагаўся для яе тытулу каралевы. План царкоўнай унii ў Аляксандра сапраўды меўся, аднак не ён справакаваў вайну. Шаноўны апанент чамусьцi паказвае ўсё ў перавернутым адлюстраваннi. Менавiта маскоўская пагроза была адной з прычынаў пацвярджэння Гарадзельскага прывiлея аб унii ВКЛ з Каронай у 1499 г., тым часам Валадзiхiн падае наадварот, быццам акурат гэты саюз уяўляў небяспеку (прынамсi, для праваслаўя) i правакаваў на агрэсiю Iвана III (С.78). У мэтах абароны ад нарастаўшай небяспекi з боку Масквы вялiкi князь Аляксандр i задумаў аб’яднаць падданых хаця б у межах адной царквы. Але ягоны пасол з гэтай мiсiяй выехаў з Вiльнi ў Рым ужо пасля бiтвы на Ведрашы, а маскоўскiя ўлады пачалi падрыхтоўку да вайны яшчэ ў 1497 г.[6].

Дарэчы, перад пачаткам агрэсii цар Iван IV Жахлiвы таксама выдаваў паход на Полацк за прэвентыўную абарону праваслаўя, што цытуе i Д.Валадзiхiн (С.90), аднак жа ў гэтым выпадку аўтар не ўзяўся выдаваць узоры царскай прапаганды за сапраўдныя прычыны вайны.

Гэтак i з магдэбургскiм правам. Калi ў кнiзе на адной старонцы прыводзiцца дакладны год атрымання магдэбургскага права Полацкам, а на iншай гаворыцца, быццам полацкая магдэбургiя была “адной з першых” у Беларусi – гэта ўспрымаецца як слабая дасведчанасць аўтара (чытач не абавязаны ўзгадняць першае з другiм). Недастатковае валоданне матэрыялам пацвярджаецца шэрагам iншых промахаў, так што аўтар сам правакуе заўвагi. Але сутнасць маёй крытыкi тычылася iншага. Цытую кнiгу: “З пачатку ХVI ст. беларускiя гарады пачалi здавацца ваяводам Iвана III, а затым i Васiля III неахвотна (?! – значыць раней здавалiся ахвотна – Г.С.)… Менавiта ў гэтыя гады адбываецца масавая раздача вялiкiмi князямi лiтоўскiмi прывiлеяў на магдэбургскае права беларускiм гарадам” (С.82). Сувязь выказванняў вiдавочная. У брашуры Д.Валадзiхiн спаслаўся на працы М.Крома, якi быццам i ўстанавiў залежнасць пазiцый беларускiх гарадоў ад прывiлеяў на магдэбургiю. Аднак у публiкацыi, да якой адаслаў мяне маскоўскi калега, М.Кром пiша лiтаральна наступнае: аб’ём прывiлеяў i правоў Полацка, Менска, Смаленска i Вiцебска “быў значна шырэйшы ў параўнаннi з невялiкiмi гарадкамi кшталту Бранска, Крычава i Дуброўны” (С.145). Сацыяльна-палiтычным iдэалам мяшчан заставалася “старына”, абаронцам якой i iмкнуўся выглядаць вялiкi князь лiтоўскi, канстатуе гiсторык, i далей сцвярджае: “Гэтым i тлумачыцца той факт, што шэраг буйных гарадоў (Менск, Полацк, Вiцебск, Смаленск) выявiў супрацiў маскоўскiм ваяводам: яны баранiлi сваю “старыну”…”. А вось малыя гарадкi – Крычаў, Бранск, Дуброўна, Гомель – ня мелi такiх правоў i традыцыi самастойнага iснавання, не валодалi дастатковымi рэсурсамi абароны, таму i iхная палiтычная стабiльнасць была меншай[7]. Дадамо, што традыцыя самакiравання ў пералiчаных гарадах была i да атрымання iмi магдэбургскага права.

Так што нiякай простай i непасрэднай сувязi памiж пазiцыяй беларускiх гарадоў i прывiлеямi на самакiраванне, пра якую пiша мой апанент, i ў публiкацыi М.Крома не знаходзiм. Валадзiхiн жа лiчыць, што ў падобнай сувязi няма чаго i сумнявацца, ды зазначае: “Да 1490-х г., калi пачалiся войны памiж ВКЛ i Маскоўскай дзяржавай, Магдэбургiю атрымалi лiчаныя адзiнкi беларускiх гарадоў, а на працягу перыяду з канца ХV ст. да 1537 г. (заканчэння Старадубскай вайны) прывiлеяў на Магдэбургскае права былi раздадзены дзесяткi”. Ну i што з таго?

Палемiцы Д.Валадзiхiна характэрны прыёмы парушэння логiкi спрэчкi, лагiчныя дыверсii. Паказальны прыклад з Мiхалонам Лiцвiном. У рэцэнзii я толькi заўважыў, што гiсторыку ўжо нельга, быццам дзесяцiгоддзi таму, выдаваць яго за Мiхайлу Тышкевiча, ды спаслаўся на Е.Ахманьскага, якому належыць заслуга выяўлення сапраўднага аўтара славутага трактата. Валадзiхiн прызнаў сваю памылку, але з агаворкай “часткова” (?) i з папрокам у мой адрас: “спасылацца тут трэба не на старыя працы Ахманьскага, а на больш сучасную працу лiтоўскага фiлолага Рочкi (Ročka M. Mycolas Lietuvis, Vilnius 1988)”. Словам, падмянiў сэнс спрэчкi i … выйшаў з выглядам пераможцы. Па-першае, вялося адно пра тое, кiм насамсправе быў Мiхалон Лiцвiн, а не пра ступень пераканальнасцi цi навiзны розных версiй, а па-другое, згаданы фiлолаг Рочка ўсяго толькi пераняў асноўныя iдэi гiсторыка Ахманьскага.

Пакрытыкаваны за сцверджанне, быццам крымскiя татары за адзiн паход 1506 г. вывелi з Беларусi 100 000 палонных, Д.Валадзiхiн настойвае на сваiм, кажа, што “пры высокай баявой вывучцы крымцаў гэта зусiм не дзiўна” ды зноў спасылаецца на Стрыйкоўскага, Бельскага, летапiс Рачынскага (С.20). Але ж кожны, хто займаецца даўняй гiсторыяй, добра ведае, што, падаючы колькасць, хранiсты заўсёды перабольшвалi, дадавалi нулi. Калi б за адзiн паход татары маглi выводзiць па сто тысяч жыхароў, дык за некалькi гадоў цэлая Беларусь абязлюдзела б, бо ўсё насельнiцтва краю на той час добра калi сягала мiльёна. Нашто ж фантазiяваць, калi спецыялiсты даўно займалiся падобнымi пытаннямi i ўжо публiкавалi дакладныя лiчбы. Прыкладам, даведзена, што такая ж колькасць татараў у 1512 г. выводзiла з густанаселенай Львоўшчыны 16 000 палонных[8] – i гэта ўжо выглядае зусiм праўдападобна.

Найбольш радыкальнымi аказалiся нашыя разыходжаннi ў асвятленнi полацкай кампанii Iвана Жахлiвага. Выкрыты ў тым, што пры апiсаннi пачатку вайны ў кнiзе працiўнiкам Масквы памылкова паказаў Польшчу i палякаў, Д.Валадзiхiн шукае апраўданняў. Маўляў, Жыгiмонт Аўгуст быў адначасова i каралём польскiм i вялiкiм князем лiтоўскiм, таму Полацк абараняла “i некалькi польскiх рот” (С.20). Ну i што з той адначасовасцi? Адно з другога не вынiкае. Папярэднiкi i паслядоўнiкi Жыгiмонта Аўгуста на вiленскiм пасадзе таксама адначасова былi польскiмi каралямi, ну i што? Жыгiмонт III Ваза, з’яўляючыся каралём польскiм i вялiкiм князем лiтоўскiм, з 1592 па 1599 г. быў яшчэ i каралём Швецыi, але нешта шведскага войска нi ў Кароне, нi ў ВКЛ нiхто не бачыў. I тут маскоў-скi калега або непаслядоўны, або зноў усё пераварочвае, заблытвае. Прысутнасцi “некалькi польскiх рот” нiхто нiколi не аспрэчваў. Справа ў iншым. На згаданых у маёй рэцэнзii старонках пры апiсаннi баёў за Полацк тройчы згадваюцца толькi палякi (С.102), яшчэ раней гаворыцца, што ў кампанiях 1561-1562 г. не дамаглiся поспеху “нi Польшча, нi Маскоўская дзяржава” (С.86). Падобна, Д.Валадзiхiн сапраўды не ведае, што да Люблiнскай унii Карона не брала ўдзелу ў гэтай вайне. Толькi ў адказе ён, змянiўшы тон, пiша, што ў Полацку было “i некалькi польскiх рот”: дык менавiта “i”, якога няма ў кнiзе, мяняе ўвесь акцэнт асвятлення.

Цяпер пра масавыя расправы ў Полацку, якiя Д.Валадзiхiн фактычна адмаўляе i ў адказе на рэцэнзiю. Тут у яго зноў цiкавая логiка аргументацыi. Спачатку цытуецца А.Гваньiнi, якi напiсаў, што Iван IV распарадзiўся ўтапiць “усiх жыдоў, не пажадаўшых прымаць св. хрышчэння”, але не згадаў бернардынаў (гэта толькi у Гваньiнi – Бельскi i Стрыйкоўскi пра iх забойства паведамляюць); потым прыводзiцца меркаванне Тэдальдзi, якi апраўдваў цара i адмаўляў расправы (маўляў, зусiм не крануў бернардынаў i загадаў утапiць “усяго толькi двух цi трох” жыдоў – тэндэнцыйнасць Тэдальдзi я адзначаў у рэцэнзii); i далей, на падставе гэтага, фармулюецца выснова Д.Валадзiхiна: “Такiм чынам, калi аб’яднаць паведамленнi Гваньiнi i Тэдальдзi, выяўляецца, што ўтопленыя былi толькi некаторыя з лiку тых, хто супрацiўляўся хрышчэнню i быў хрышчаны насiльна” (С.105). Нейкая загадкавая працэдура “аб’яднання”… У адказе на рэцэнзiю аўтар зноў спасылаецца на сваё “узгадненне” звестак Гваньiнi з iнфармацыяй Тэдальдзi, даючы зразумець, што сведчаннi першага не з’яўляюцца аргументам на карысць сапраўднасцi масавых забойстваў, i адсюль выводзiць цэлы ланцуг заключэнняў: “Одэрборн даслоўна паўтарае Гваньiнi. Невядомы нямецкi аўтар (забыты зноў такi Г.Сагановiчам), пацвярджае версiю Гваньiнi-Тэдальдзi… У М.Бельскага пра захоп Полацка нiчога няма” (i зноў закiд у мой адрас – некампетэнтны! – Г.С.). “Хронiка Бельскiх”, цвердзiць далей мой апанент, “амаль даслоўна паўтарае iнфармацыю з Хронiкi Стрыйкоўскага”, а ў апошняга, маўляў, як i ў Р.Гейдэнштайна – “прапольскi пункт гледжання”, таму ў яго сведчаннях “цалкам можна сумнявацца”. Ну а Хронiка Лiтоўская i Жамойцкая, у сваю чаргу, пераказвае нявартага даверу Стрыйкоўскага (С.22). Праўда, у iншых месцах Д.Валадзiхiн чамусьцi безаглядна верыць Стрыйкоўскаму i спасылкай на хранiста апраўдвае ўласныя памылкi. Дарэчы, наш адвакат цара Iвана нешта абмiнуў Пскоў-скi летапiс, якi таксама апавядае пра масавыя пакараннi – можа таму, што гэты помнiк нiяк не спiшаш за “прапольскую” тэндэнцыйнасць. Затое згадаў Р.Гейдэнштайна, хоць у таго нi слова пра полацкую трагедыю 1563 г. “Вось так”, – эмацыйна завяршае ён спрэчку. Маўляў, пытанне закрыта: масавыя пакараннi ў Полацку – выдумка, якая не пацвярджаецца нiякiмi верагоднымi крынiцамi.

На справе тут усё шыта белымi нiткамi, асаблiва што да полацкiх бернардынаў. Адмаўляць факт расправы над iмi можа толькi той, хто ўпарта не хоча, каб пра гэта ведалi. Бо даследчыкi даўно прыводзяць нават iмёны пяцi забiтых тады манахаў, у свой час залiчаных да святых[9].

Дзiўна, што iнфармацыю пра масавыя расправы Д.Валадзiхiн зводзiць толькi да Гваньiнi i Стрыйкоўскага, намагаючыся зняпраўдзiць iх сведчаннi. Iснуе куды больш важны корпус крынiцаў пра гэтыя падзеi – т.зв. “лятучыя лiсткi”, з якiмi мой апанент мусiў быць добра знаёмы – карыстаўся ж грунтоўнай працай А.Капэлера. Дык вось, асновай гэтых перыёдыкаў з’яўлялiся лiсты iнфарматараў з ВКЛ, пiсаныя, што называецца, па свежых слядах. Згаданы Д.Вала-дзiхiным “невядомы нямецкi аўтар” – нейкая асоба з Вiльнi. Не ён пацвярджае версiю Гваньiнi, а зусiм наадварот, хранiсты потым выкарыстоўвалi iнфармацыю “лятучых лiсткоў”. I нарэшце пра сумненне, выказанае быццам гэтым немцам. Тут Д.Валадзiхiн, як i вядомы расiйскi гiсторык Р.Скрыннiкаў[10], пайшоў за А.Сапуновым – перакладчыкам i публiкатарам адзiнага “лятучага лiстка”, скарыстанага ў рэцэнзаванай кнiзе. Апошнi, аднак, пераклаў тэкст недакладна: на самсправе, сумненне аўтара помнiка тычыцца не сказу пра расправы, а выказвання аб нечакана багатай здабычы, узятай у захопленым гора-дзе. Гэта бачна з копii арыгiнала i цалкам узгадняецца з пазнейшымi помнiкамi – творам Гваньiнi[11], Одэрборна[12] i iнш.

Цi мае рацыю наш апанент у iншых сцверджаннях? За Бельскага папракае таксама беспадстаўна. Вось раскрываем “Kroniku Polsku Marcina Bielskiego” i ў 2 томе чытаем пра з’яўленне вялiзнага войска Iвана Васiлевiча пад Полацкам, пра захоп горада i расправы. У прыватнасцi, пра тое, што цар “загадаў татарам пасекчы ўсiх манахаў-бернардынаў, а жыдоў патапiць у Дзвiне”[13]. Далёкi ад праўды Валадзiхiн i ў сцверджаннi, быццам iнфармацыя пра полацкiя падзеi у “Хронiцы Бельскiх” амаль дакладна паўтарае тэкст Стрыйкоўскага, бо калi ў першым помнiку пра гэта напiсана некалькi радкоў, дык у Стрыйкоўскага – цэлая старонка, прычым з новымi дэталямi. У прыватнасцi, апошнi паведамляе, што разам са шляхтай цар павёў на Маскву i “усiх полацкiх мяшчан”[14], чаго няма ў Бельскага.

Тут зноў пра “чысцiню палемiкi”. Адна з маiх заўваг да Д.Валадзiхiна тычылася тэндэнцыйнага асвятлення лёсу палонных палачанаў, якое выявiлася, у прыватнасцi, у адмаўленнi вартасцi звестак Г.Штадэна, аднак у брашуры апанент павярнуў справу так, быццам мая крытыка нi на чым не грунтавалася (С.23). Што ж, вернемся да напiсанага. У кнiзе на с. 108 гаворыцца: “Немец-апрычнiк Г.Штадэн паведамляе пра пазнейшае знiшчэнне ўсiх палонных палачан у сувязi з няўдачамi ў вайне (спасылка на Штадэна), але гэта няпраўда”; далей згадана пра абмен Давойны, вяртанне Глябовiча, высылку полацкага епiскапа i паведамленне пра шляхту, а завершана так: “Пасля перамоў 1566 г. полацкая шляхта была часткова абмяняна на рускiх палонных, а часткова аддадзена за выкуп… Бясспрэчна, частка палачан была вернута царом на родныя землi… Сёй-той запiсаўся ў маскоўскую службу…”. Звярнiце ўвагу на акцэнты: у Штадэна пра знiшчэнне – няпраўда, частка шляхты аддадзена, частка выкуплена, частка вернута, некаторыя запiсалiся на службу… Сказана пра столькi “частак”, што ўяўляецца цэлае, i ў чытача складваецца ўражанне пра памысны лёс усiх дэпартаваных (толькi ў малапрыкметнай спасылцы на Шлiхцiнга згадваюцца ахвяры сярод палачан, выведзеных у Цвер i Таржок). Вось гэта я i аспрэчваў, калi гаварыў пра вiдавочнае iмкненне аўтараў абялiць Iвана IV. Ёсць жа, апрача Шлiхцiнга, шэраг iншых аўтэнтычных звестак пра гiбель палачанаў. Сярод выведзеных у Маскву мяшчан Полацка быў i Ярмула Андрэевiч (ужо ж нiяк не лiтовец!), якому ў 1570 г. ўдалося збегчы з царства. Яго расповеды сталi асновай чарговай нямецкай брашуркi. Дык вось адзiн гэты Ярмула сведчыў пра забойства прынамсi 500 полацкiх вязняў[15].

Дзiвiць тут вось што. Д.Валадзiхiн неаднакроць дэкляраваў бесстароннi падыход i навуковасць, завяраў, што пiша “з максiмальна магчымай дакладнасцю”, а на старонках кнiгi – безлiч сведчанняў таго, як слаба аўтар валодае лiтаратурай прадмета, як павярхоўна трактуе многiя пытаннi. Прыкладам, гаворачы пра мiжканфесiйныя дачыненнi ў ВКЛ тых часоў – складанейшую праблему, дасюль маладаследаваную, ён спасылаецца на паўпапулярную кнiгу Леона Васiлеўскага, напiсаную на пачатку стагоддзя. Канешне, Л.Васiлеўскi ў сваiх працах кранаў i нацыянальна-рэлiгiйныя пытаннi першай Рэчы Паспалiтай, але ж ён перш публiцыст, дыпламат, актыўны грамадскi дзеяч, i толькi потым гiсторык, ды, зноў жа, прафесiйна заняты праблемамi найноўшай гiсторыi, адроджанай Польшчы, а не сярэднявечнай. На каго гэта разлiчана? Несур’ёзна, шаноўны спадар апанент. Гэтаксама несур’ёзна, як называць “крымцамi” крымскiх татараў, або гаварыць, што ў 1560-х г. галоўнай унутранай праблемай ВКЛ былi канфесiйныя канфлiкты (С.87).

Аўтар “Борьбы…” i “Моей полемики…” вiдавочна паспяшаўся адкiдаць усю крытыку ягонай кнiгi за выняткам адзiнай заўвагi пра недакладнае цытаванне (С.23). Пасля другога знаёмства з выданнем агульнае меркаванне пра кнiгу нiяк не паляпшаецца. Хутчэй наадварот. У рэцэнзii я памылiўся толькi ў тым, што не заўважыў крытычную агаворку Д.Валадзiхiна адносна Лебедзеўскага летапiсу – недастаткова ўважлiва чытаў ягонае апiсанне штурмаў Полацка, за што i адказваю.

Яшчэ раз пераканаўся, што кнiга напiсана тэндэнцыйна. У ёй створана такое мiнулае Полацка, якое iдэальна адпавядае вялiкарасiйскай канцэпцыi гiсторыi. У беларускай жа гiстарыяграфii многiя факты трактуюцца i разумеюцца iнакш, i ўся гiсторыя Полацка паўстае ў iншым святле. I калi б хто ў Беларусi не пашкадаваў часу ды ўзяўся за “сур’ёзны навуковы аналiз” “Борьбы за Полоцк…”, на што выказаў спадзеў Д.Валадзiхiн, то атрымалася б рэцэнзiя цi не такога ж аб’ёму, як гэтая кнiга, i ў ёй гiсторыя Полацка паўстала б зусiм iншай. Ды цi варта? Канструктыўней i ашчадней ствараць. Мой спа-дзеў – на хуткае з’яўленне новай, айчыннай кнiгi па багатай гiсторыi Полацка, iншай, больш навуковай, у параўнаннi з якой i выявяцца як вартасцi, так i заганы рэцэнзаванай працы расiйскiх даследчыкаў.

Генадзь Сагановiч

* Гл. БГА Т.2 (1995).Сш.1. С.112-121.

[1] Володихин Д.М. Моя полемика с Г.Н.Сагановичем // яго ж: Спорные вопросы истории Белой Руси. Полоцк, 1997. С.17-24.
[2] Dombrowski L. Die Beziehungen des Deutschen Ordens zum Baseler Konzil. Berlin, 1913.S.102.
[3] Puzyna J. Switrigail von Litauen. Die politische Bedeutung seiner Erhebung zum Grossfürsten. Dissertation. Freiburg, 1914. S.126-128.
[4] Бестужев-Рюмин К. Нравственное и материальное состояние общества Западно-русского до Сигизмунда Августа. С-Петербург, 1876.С.368.
[5] Baszkiewicz J. Państwo suwerenne w feudalnej doktrynie politycznej do początku XIV w. Warszawa, 1964. S.217.
[6] Pietkiewicz K. Wielkie Księstwo Litewskie pod rządami Aleksandra Jagiellończyka. Poznań, 1995. S.166, спас.75.
[7] Кромм М.М. К вопросу о позиции западнорусских и белорусских городов в период войн России с Великим Княжеством Литовским конца ХV – первой трети ХVI в. // Спорные вопросы отечественной истории ХI-ХVIII веков. Тезисы докладов и сообщений Первых чтений, посвященных памяти А.А.Зимина. Часть 1. Москва, 1990. С.146.
[8] Herbst S. Najazd tatarski 1512 // Pryegląd Historyczny. Т.36/37. S.225.
[9] Klasztory bernardyńskie w Polsce w jej granicach historycznych. Red. Ks.Hieronim E. Wyczawski OFM. Kalwaria Zebżydowska, 1985.S.265.
[10] Скрынников Р.Г. Царство террора. С-Петербург, 1992.С.156.
[11] Gwagnin A. Z Kroniki Sarmacji Europejskiej. Wyd. K.J.Turowski. Kraków, 1860. S.213.
[12] Oderbornio P. Joannis Basilidis Magni Moscoviae Ducis vita. Witebergae, 1585.
[13] Kronika Polska Marcina Bielskiego. Wyd. K.J.Turowskiego. T.2. Sanok, 1856.S.1146.
[14] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. T.2. Warszawa, 1846.S.414.
[15] Гл.: Kappeler A. Die letzten Opričninajahre (1569-1571) im Lichte dreier zeitgenossischer deutscher Broschüren // JGOE. Bd.19 (1971).

Наверх

Першы дапаможнiк па метадалогii* (Марына Сакалова)

20 снежня, 1997 |


* Методология истории. Учебное пособие для студентов вузов. Под ред. А.Н.Алпеева и др. Минск, 1996. 240.
У 1996 г. мeнскае выдавецтва “Тэтрасiстэмс” выпусцiла навуковы дапаможнiк па метадалогii гiсторыi для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Змест дапаможнiка быў распрацаваны, галоўным чынам, выкладчыкамi i загадчыкам кафедры ўсеагульной гiсторыi Гарадзенскага ўнiверсiтэту. Як зазначана, “iстотны ўклад, асаблiва ў раздзел аб метадах гiстарычнага пазнання, унесла кафедра крынiцазнаўства i музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэту” (С.5), Савет беларускай Асацыяцыi “Гiсторыя i кампутар”, а таксама Гуманiтарна-эканамiчны недзяржаўны iнстытут.

Выданне першага ў беларускай гiстарыяграфii падручнiка па метадалогii магло б стаць прыкметнай з’явай, калi б аўтары больш сур’ёзна i грунтоўна падышлi да задуманай iмi справы. Дыскусiйнасць многiх метадалагiчных праблемаў, цяжкасцi вызначэння прадметнай вобласцi метадалогii гiсторыi патрабуюць вельмi грунтоўнай прапрацоўкi. Калi дадаць, што ў нашай краiне адсутнiчае вопыт падрыхтоўкi тэарэтычных выданняў, вельмi няшмат спецыялiстаў, якiя займаюцца ўласна метадалогiяй, то стане вiдавочна, што падрыхтоўка i выданне падручнiка без папярэдняга шырокага абмеркавання яго зместу на старонках гiстарычных перыядычных выданняў было, па меншай меры, паспешным. Паспрабуем выправiць гэты недахоп i, хоць са спазненнем, задаць аўтарам падручнiка некалькi пытанняў.

Першае пытанне. Што аўтары разумеюць пад метадалогiяй гiсторыi? Ва ўводзiнах цытуецца азначэнне Б.Магiльнiцкага: “Метадалогiя гiсторыi вывучае прыроду, прынцыпы i метады гiстарычнага пазнання”[1]. У слоўнiку тэрмiнаў чытаем: “Метадалогiя (эпiстэмалогiя) – сiстэма прынцыпаў i спосабаў арганiзацыi i будавання тэарэтычнай i практычнай дзейнасцi, а таксама вучэнне аб гэтай сiстэме” (С.228). Гэтыя два азначэннi раскрываюць розныя аспекты так званай “метадалогii гiсторыi ў шырокiм сэнсе слова” – дэскрыптыўны i нарматыўны. Як вядома, дэскрыптыўная метадалогiя займаецца апiсаннем кагнiтыўных аперацый i iх прадуктаў i з’яўляецца рэфлексiяй на прадмет даследчыцкай практыкi (пар.з азначэннем Магiльнiцкага), а нарматыўная метадалогiя распрацоўвае прынцыпы фармальна-лагiчнага сiнтэзу пры афармленнi вынiкаў працы гiсторыка, г.зн. мае дачыненне да даследчыцкай працы як такой (пар. з азначэннем у слоўнiку тэрмiнаў). Вiдавочна, метадалогiя гiсторыi (асаблiва яе дэскрыптыўныя аспекты) цесна звязана з гiстарычнай эпiстэмалогiяй, аднак iх нельга атаясамляць, як гэта робяць аўтары дапаможнiка.

Цiкава, што для абгрунтавання такога звядзення метадалогii да эпiстэмалогii аўтары сцвярджаюць, быццам А.Ракiтаў прапанаваў замест назвы “метадалогiя гiсторыi” увесцi больш дакладнае азначэнне – “гiстарычная эпiстэмалогiя” (С.9, спасылка). Аднак у выданнi, на якое яны спасылаюцца, А.Ракiтаў сцвярджае зусiм не тое. “Между методологией в узком и широком смысле и исторической эпистемологией существуют довольно сложные отношения. При одном развороте исследования их проблематика довольно тесно переплетается, даже сливается и почти не поддается разграничению, при другом – можно провести определенные разграничительные полосы. Было бы излишним педантизмом заранее перечислять и обусловливать все возможные случаи. Следует лишь подчеркнуть, что терминологическая четкость и концептуальная прозрачность – необходимые предварительные условия серьезного обсуждения всякой научной проблемы”[2]. Менавiта тэрмiналагiчнай дакладнасцi i канцэптуальнай празрыстасцi i не хапае аўтарам падручнiка. Прапанаванае iмi разуменне прадмета метадалогii гiсторыi ўваходзiць у супярэчлiвасць з самым тэкстам кнiгi, што вiдаць ужо па змесце выдання. Пад паняцце гiстарычнай эпiстэмалогii зводзяцца i гнасеалогiя, i тэорыя гiсторыi, i метадалогiя гiсторыi ў вузкiм сэнсе слова (нарматыўная). Калi да гэтага дадаць, што фiласофская праблема сэнсу гiсторыi разглядаецца як гiстарычная катэгорыя(!)(С.127), дык тэрмiналагiчная блытанiна становiцца вiдавочнай.

Трэба прызнаць, што размежаваць метадалогiю, эпiстэмалогiю, тэорыю i фiласофiю гiсторыi сапраўды цяжка. Але ж гэтую праблему нельга лiчыць невырашальнай[3]. Iншая справа, што няма адзiнага, абавязковага для ўсiх i прымальнага ва ўсiх прадметных вобласцях гiстарычных ведаў падыходу да яе вырашэння, на што прэтэндаваў гiстарычны матэрыялiзм.

Наступнае пытанне. Незразумела, што аўтары маюць на ўвазе, калi гавораць пра гiстарычную тэорыю. Цi разумеюць яны рознiцу памiж такiмi паняццямi, як “метадалагiчная канцэпцыя”, “гiстарычная тэорыя”, “канцэптуальная мадэль гiсторыi (тэорыя гiсторыi)”, “спецыяльныя вобласцi гiстарычнага да-следавання”.

Так, у раздзеле “Основные современные методологические концепции в историческом исследовании” вельмi коратка, у некалькiх сказах, згадваюцца некаторыя метадалагiчныя праблемы (тлумачэнне ў гiсторыi, наратыў, ахапляльныя законы).Потым iдзе апiсанне стану “гiстарычнай навукi” у розных краiнах. Тут аўтары лёгка пераходзяць ад дылемы аб’ектывiзм-рэлятывiзм да iнтэлектуальнай гiсторыi i псiхагiсторыi. Асноў-нымi падыходамi ў “гiстарычнай навуцы” ЗША аўтары лiчаць аб’ектывiзм, рэлятывiзм i, чамусцi, псiхагiсторыю (С.17), а iнтэлектуальная гiсторыя падаецца як “крайнее выражение” рэлятывiзму (С.16). Паўстае пытанне, цi знаёмiлiся аўтары з даволi пашыраным пунктам гледжання, што псiхагiсторыя, iнтэлектуальная гiсторыя, сацыяльная гiсторыя, эканамiчная гiсторыя i г.д. выдзяляюцца па выснове прадмета даследавання i кола праблемаў, якiя яны iмкнуцца вырашыць[4]. Рэлятывiсцкiя ж, напрыклад, тэарэтычна-пазнавальныя ўстаноўкi могуць дэтэрмiнаваць падыход гiсторыка да даследавання праблем як iнтэлектуальнай гiсторыi , так i псiхагiсторыi. Тое самае можна сказаць i пра аб’ектывiзм. Здаецца, аўтары пераблыталi агульна-фiласофскiя падыходы, цi тэарэтычна-пазнавальныя ўстаноўкi (сцыентызм, рэлятывiзм, аб’ектывiзм) i прадметныя вобласцi гiстарычнага даследавання, або, як iх прынята называць, “спецыяльныя гiсторыi” (iнтэлектуальная гiсторыя i псiхагiсторыя)[5].

Калi ў тым самым параграфе гаворка заходзiць аб метадалагiчных праблемах “гiстарычнай навукi краiн СНД ў цяперашнi час” (С.21), аўтары чамусцi звяртаюцца да “фармацыйнага, цывiлiзацыйнага i тэхналагiчнага (?) падыходаў”. З гэтым таксама звязаны некаторыя пытаннi i заўвагi. Па-першае, хацелася б атрымаць тлумачэнне таго, што аўтары разумеюць пад “тэхналагiчным падыходам”[6]. Па-другое, хацелася б напомнiць, што фармацыйны i цывiлiзацыйны “падыходы” з’яўляюцца, на самой справе, рознымi канцэпцыямi гiстарычнага працэса[7], гэта значыць, тэорыямi гiсторыi.

Цiкава, што ў параграфе “Эмпирический и теоретический уровни познания в историческом исследовании” гаворыцца ўжо пра тэорыю фармацыяў i лакальных цывiлiзацый. Але ж хоць яны i характарызуюцца як “фундаментальные исторические конструкции” (С.104), з логiкi тэксту вынiкае, што аўтары прыраўнялi iх да гiстарычнага абагульнення, “теоретического осмысления итогов проведенного исследования”. Усё гэта вымушае зрабiць выснову, што аўтары не фiксуюць рознiцу памiж канцэптуальнымi мадэлямi гiстарычнага працэсу (тэорыямi гiсторыi) i сiстэмамi тлумачэння, якiя ўключаюць некалькi гiпотэз[8] аб пэўным класе аб’ектаў (гiстарычныя тэорыi).

Наогул, аўтары вельмi спрошчана ўяўляюць тое, як будуюцца гiстарычныя тэорыi i праводзяцца працэдуры гiстарычнага даследавання. Здаецца, найлепшым сведчаннем гэтага будзе цытаванне першага абзаца згаданага параграфа. “В проведении исторического исследования условно можно выделить три взаимосвязанных операции: 1) сбор фактов, 2) построение модели, 3) интерпретация. Логическим завершением их является написание работы, когда историк, “наконец, осуществляет свою социальную задачу, увековечивает для будущих исследований коллективный опыт прошлого человеческого общества”[9]. В реальной практике последовательность всех этих операций весьма относительна: еще до научного синтеза у ученого складывается некое предварительное мнение, которое оказывает воздействие на всю процедуру исследования. Окончательная формулировка этого мнения представляет собой историческую теорию” (С.100-101). I далей. “По своему содержанию историческое знание нельзя отнести к чисто эмпирическому либо к теоретическому… Эмпирический уровень более связан с источниковым знанием и в этом отношении более верифицируем и объективен. Теоретический уровень представляет собой разрез материала под определенным углом зрения, заданным мировоозрением исследователя”(С.101).

Для параўнання пакажам, як гэтую праблему трактуе Э. Лаонэ. Ён лiчыць, што першай ступенню даследавання з’яўляецца рэканструкцыйная дзейнасць – працэс фiксацыi фактаў, стварэння першаснай карцiны таго, што вывучаецца ў гiстарычным даследаваннi. Справа ў тым, што гiсторык не працуе з гiстарычнымi фактамi як такiмi. Тое, з чым ён працуе – цi то сабраныя факты, цi апiсанне крынiц, гэта, на справе, сучасная яму фiксацыя, а не мiнулае як такое. Гiсторык не звязаны з эмпiрычнымi фактамi напрасткi: яны яму не дадзены, iх трэба ўстанавiць. Iншымi словамi, патрабуецца рэканструяваць мiнулае. Таму ў гiстарычным даследаваннi эмпiрычнай працы заўсёды папярэднiчае рэканструкцыйны этап. Сродкам фiксацыi рэканструкцыйных ведаў з’яўляецца наратыў цi гiстарычнае апiсанне (змест i ўзаемаадносiны гэтых тэрмiнаў па-ранейшаму дыскусiйныя, але тут не месца для iх азначэння). Наратыўнае апiсанне гiстарычнага працэса не выключае яго апiсання iншымi сродкамi, а з’яўляецца перадумовай такога выяўлення[10]. Эмпiрычныя веды ў гiстарыяграфii з’яўляюцца вынiкам апрацоўкi рэканструкцыйных. Прыёмы, цi аперацыi эмпiрычнага даследавання наступныя:1) пошук рэгулярнасцяў (выяўленне агульнага); 2) даследаванне прыватных выпадкаў (выяўленне асобнага); 3) параўнальныя даследаваннi (наяўнасць падобных сiстэмаў, частак i структураў цi iх кампанентаў, падобных змяненняў, працэсаў, паслядоўнасцяў i г.д.). Вынiкам такiх даследаванняў з’яўляюцца тыпалогii i стварэнне новых паняццяў – абагульняльных тэрмiнаў, што дазваляе пабудаваць эмпiрычную карцiну гiстарычных працэсаў – упарадкаваную ў часе паслядоўнасць мностваў тыпаў грамадскiх з’яваў. Гiстарычныя ж тэорыi будуюцца на падставе эмпiрычна адкрытых рэгулярнасцяў – блiзкiх прыкметаў працэсаў, тыпалогiй з’яваў i г.д. – i тлумачаць эмпiрычныя, а не рэканструкцыйныя факты[11].

Спрошчаным з’яўляецца, на наш погляд, i ўяўленне пра тое, што кожны гiсторык пры “напiсаннi працы” праходзiць усе “ступенi” цi “узроўнi”, напрыклад, эмпiрычны i тэарэтычны. Больш абгрунтаваным уяўляецца меркаванне таго ж Э.Лаонэ, што ў гiстарыяграфiчнай практыцы мы сутыкаемся з рознымi тыпамi даследаванняў – эмпiрычнымi, тэарэтычнымi, рэканструкцыйнымi. Больш за тое, прынцыпова важнай лiчым яго заўвагу, што эмпiрычныя i тэарэтычныя даследаваннi ў гiстарыяграфii яшчэ дастаткова рэдкiя. Таму абмеркаванне iх з пункту гледжання тэорыi пазнання мае “ў цяперашнi час папярэднi характар”[12].

Хацелася б засяродзiць увагу i на пастаноўцы аўтарамi праблемы прынцыпаў. Па-першае, цяжка зразумець, аб якiх прынцыпах iдзе гаворка – “принципах исторического познания”, “исследовательских принципах” цi “принципах истории”[13]. Сiтуацыя ўскладняецца, калi чытач спрабуе суаднесцi азначэнне навуковых прынцыпаў, якое аўтары даюць, спасылаючыся на А.Эйнштэйна[14], з пералiчанымi далей прынцыпамi аб’ектыўнасцi, гiстарызму i каштоўнаснага падыходу[15]. Устанавiць лагiчную сувязь памiж iмi без дадатковых тлумачэнняў немагчыма. Па-другое, трэба адзначыць, што сама фармулёўка “прынцыпы гiстарычнага пазнання” запазычана з тэорыi гiстарычнага матэрыялiзму, што, безумоўна, вызначыла трактоўку такiх паняццяў, як аб’ектыўнасць i гiстарызм. А “прынцып каштоўнаснага падыходу” замянiў прынцып партыйнасцi ў трыя-дзе прынцыпаў гiстарычнага матэрыялiзму[16].

Дык што ж разумеецца ў падручнiку пад “прынцыпам аб’ектыўнасцi”? З параграфа, прысвечанага гэтай тэме, даведваемся, што “несмотря на то, что процесс исторического познания есть своего рода “упорядочение” действительности с помощью субъективных по своей природе категорий, он может давать объективные результаты” (С.150). Далей пералiчваюцца фактары, якiя ствараюць магчымасцi гэтага (гiстарычныя крынiцы, зацiкаўленасць гiсторыка i грамадства ў атры-маннi верагодных ведаў, кантраляванне аб’ектыўнасцi на аснове ўзроўню, дасягнутага гiстарычнай навукай). “Гарантией достижения объективности в изображении прошлого в значительной степени является уровень профессиональной подготовки ученого, фундаментальность его научной концепции, личностные качества, как-то: честность, темперамент, педантичность, “воля к правдивости”, совесть и др.” (С.150-151) – г.зн. абсалютна суб’ектыўныя рэчы. Аднак, узаемаадносiны памiж суб’ектыўным i аб’ектыўным у гiстарычным даследаваннi не аналiзуюцца, суб’ектывiзм i аб’ектывiзм чамусьцi разглядаюцца ў параграфе, прысвечаным “прынцыпу каштоўнаснага падыходу”. Не згадваюцца тут нi скептыцызм, нi рэлятывiзм, не аналiзуецца ўзаемасувязь памiж паняццямi аб’ектыўнасцi, iсцiны i ацэначнага меркавання. Але ж менавiта гэтыя аспекты праблемы аб’ектыўнасцi лiчацца iстотнымi i прынцыповымi для сучасных метадалагiчных канцэпцый[17].

Змест тэрмiну “гiстарызм” выкладзены ў падручнiку даволi поўна i паслядоўна. Аўтары паказалi генэзiс гэтага тэрмiну i яго асноўныя складовыя – iндывiдуальнасць i развiццё. Аднак цяжка пагадзiцца з тым, што адно з больш поўных азна-чэнняў “прынцыпа гiстарызму” у навуцы належыць У.Ленiну. Наогул незразумела, чаму аўтары спыняюцца толькi на характарыстыцы нямецкага гiстарызму ХIХ – пачатку ХХ ст., марксiсцкага разумення гiстарызму i “амерыканскага ўмеранага гiстарызму”. Як вядома, пад тэрмiнамi гiстарызм i гiстарыцызм часцей за ўсё разумеецца перакананне ў тым, што розныя феномены рэчаiснасцi, “чалавечай рэальнасцi” можна адэкватна зразумець толькi “гiстарычна”, г.зн., калi прасачыць iх паходжанне i апiсаць у кантэксце працэсу развiцця ў часе. Разам з тым iснуюць дзве палярныя трактоўкi гэтага тэрмiну. Адна – нямецкi гiстарызм, якi аналiзуецца ў падручнiку (дактрына, заснаваная на ўпэўненасцi, што мiнулыя падзеi i сiтуацыi ўнiкальныя i непаўторныя, таму iх нельга зразумець у агульных, унiверсальных тэрмiнах, а толькi ў тэрмiнах iх прыватнага кантэксту), другая – пазiтывiсцкая, да якой належыць i марксiсцкае разуменне гiстарызму (даследаванне гiсторыi дазваляе адкрываць агульныя законы сацыяльнага развiцця, якiя можна выкарыстоўваць для прадказання будучых па-дзеяў)[18]. Такiм чынам, у падручнiку аналiзуюцца скрайнiя, “расширительные толкования” гiстарызму, i пры гэтым зусiм не ўлiчваюцца сучасныя дыскусii пра суаднясенне сапраўднага “гiстарычнага падыходу” i гiстарызму, гiстарызму i абсалютных чалавечых каштоўнасцяў, пра будучыню гiстарыцысцкага падыходу ў сацыяльных навуках. У параграфе мы не знаходзiм нават згадкi пра знакмiтыя працы Б.Крочэ, Э.Трольча, Ф.Майнэке, К.Попэра, Дж.Iгерса, М.Мандэльбаўма, Х.Ўайта, прадметам якiх была фiласофская i ўласна метадалагiчная рэфлексiя пра разуменне i каштоўнасць гiстарысцкага цi гiстарыцыстскага падыходу[19].

Адной з фундаментальных праблем метадалогii гiсторыi – праблеме гiстарычнага тлумачэння – у навуковым дапаможнiку адводзiцца толькi дзве старонкi (105-106). Адказу на пытанне, што такое гiстарычнае тлумачэнне, у тэксце не знахо-дзiм (калi не лiчыць азначэннем вельмi туманную цытату з працы I.Кавальчанкi[20] пра тое, што ў тлумачэннi раскрываецца разуменне, якое, у сваю чаргу, з’яўляецца “спасцiжэннем” унутранай прыроды рэальнасцi). Для параўнання ў якасцi прыкладу прывядзем адно з канвенцыяльных, “слоўнiкавых” азначэнняў тлумачэння ў гiсторыi: “Тлумачэнне – спосаб разважання i аргументацыi, якi выкарыстоўваюць гiсторыкi, каб зрабiць мiнулае даступным для разумення; спосаб, якiм гiсторыкi тлумачаць, чаму адбылiся тыя цi iншыя падзеi ў мiнулым; працэс, у канцы якога мы атрымлiваем разуменне факта”[21]. Для нас не падлягае сумненню, што аналiз праблемы гiстарычнага тлумачэння не можа лiчыцца поўным i карэктным, калi не разглядаць апошняга ў кантэксце такiх паняццяў (цi працэдур), як разуменне i iнтэрпрэтацыя. Але, здаецца, аўтары падручнiка прытрымлiваюцца iншага пункту гледжання. Хацелася б атрымаць адказ на пытанне, чаму яны адмовiлiся ад падыходу, якi ўжо можа лiчыцца традыцыйным.

Выклiкае пытаннi i прапанаваная ў падручнiку тыпалогiя гiстарычных тлумачэнняў (тлумачэнне праз закон, прычыннае, генетычнае, структурнае i функцыянальнае). Па- першае, для студэнтаў, здаецца, больш карысным быў бы не пералiк з вельмi кароткiмi тлумачэннямi, а апiсанне самой працэдуры хоць бы самага важнага для гiсторыка прычыннага тлумачэння, як зрабiў гэта, напрыклад, Е. Тапольскi[22]. Па-другое, пералiчаныя вiды тлумачэння з’яўляюцца сiмбiёзам тыпалогiй, праведзеных на аснове розных прынцыпаў. Так, у залежнасцi ад сувязi з “ахапляльнымi законамi”, вызначаюцца “тлумачэнне праз закон” i “гiстарычнае абагульненне”[23]. Што тычыцца астатнiх “вiдаў” гэтай працэдуры, дык аўтары падручнiка паўтараюць пералiк розных тыпаў iнтэрпрэтацый гiстарычнага тлумачэння, прапанаваны Е.Тапольскiм[24] i працытаваны пазней А.Ракiтавым, ужо як класiфiкацыя гiстарычных тлумачэнняў[25].

Шмат пытанняў выклiкае параграф “Катэгорыi гiстарычнай навукi” (С.122-137). У шэраг гiстарычных трапiлi агульнафiласофскiя катэгорыi (сутнасць i з’ява, неабходнасць i выпадковасць, рэчаiснасць i магчымасць), праблемы фiласофii гiсторыi (сэнс гiсторыi), “канцэпцыi” сусветнай гiсторыi i культурнага плюралiзма, паняццi “iдэальны тып”, “менталiтэт”, “лакальна-гiстарычнае”, “сусветна-гiстарычнае”, “цывiлiзацыя”, “гiстарычны час”, “гiстарычная прастора” i г.д. Складваецца ўражанне, што аўтары паставiлi за мэту пералiчыць усе больш цi менш абагульняльныя тэрмiны, якiмi карыстаюцца гiсторыкi, чым i асудзiлi сябе на няўдачу. Мiж тым, у пачатку параграфа яны зусiм справядлiва адзначаюць, што “в ходе исторического исследования у историка возникает необходимость сгруппировать и классифицировать собранный материал, что осуществляется с помощью научных категорий” (С.122). Аднак далей акцэнт ставiцца не на тым, што катэгорыi – гэта “адна з пазнавальных формаў мыслення чалавека”[26], што працэс катэгарызацыi (разам з канцэптуалiзацыяй) уласцiвы кожнаму пазнавальнаму працэсу i таму гiсторык мае права фармуляваць неабходныя яму катэгорыi i паняццi ў працэсе да-следавання[27], а на тым, што катэгорыi – гэта нейкiя статычныя фундаментальныя паняццi, якiя могуць выратаваць ад сiтуацыi, калi “субъективизм конкретного исследователя порождает относительный характер группировки материала”(С.122). Наогул, здаецца, аўтары блытаюць катэгорыi i тэарэтычныя падыходы, цi, нават, канцэптуальныя мадэлi гiсторыi. Бо “арыентуе” гiсторыка, напрыклад, не “катэгорыя цывiлiзацыi”, а цывiлiзацыйная канцэпцыя гiсторыi (С.137).

Нам уяўляецца вiдавочным тое, што метадалогiя гiсторыi павiнна не дэклараваць катэгорыi як нейкiя пастулаты, а даваць схемы i метады катэгарызацыi ў гiсторыi. Менавiта так рабiў Е.Тапольскi, якi ўключыў у сваю кнiгу раздзел “Класiфiкацыя i ўпарадкаванне канцэптаў”[28].

Незразумела таксама, па якiх прынцыпах складаўся “Слоўнiк тэрмiнаў”. Так, ажно 24 з усiх 73 тэрмiнаў тычацца колькасных метадаў даследавання гiсторыi. Разам з тым няма азначэння такiх паняццяў, як прычыннасць, рэгулярнасць, сувязь, тлумачэнне, разуменне, iнтэрпрэтацыя, не вызначаны тыпы гiстарычных даследаванняў, тыпы законафармулёвак i гiстарычных абагульненняў ды шмат iншага. Некаторыя тлумачэннi ў слоўнiку не супадаюць з азначэннямi ў тэксце29. Мiж тым, мы трымаем у руках падручнiк, якi мусiць даваць студэнтам уяўленне пра тыя праблемы, якiмi займаецца метадалогiя гiсторыi, а ў iдэале – навучыць карэктна ажыццяўляць працэдуру гiстарычнага даследавання.

Трэба, аднак, зазначыць, што гэта наша ўласнае ўяўленне аб мэтах курса метадалогii гiсторыi. Аўтары сфармулявалi сваю задачу iнакш: “…Исходя из значения методологии как “пути исследования”, можно заключить, что целью дисциплины является изучение практических проблем исторического познания” (С.7). На жаль, яны не справiлiся, на наш погляд, з гэтай задачай.

Спадзяемся, што гэтая рэцэнзiя выклiча дыскусiю, i першымi адгукнуцца аўтары “Методологии истории”.

Менск

Марына Сакалова


[1] Могильницкий Б.Г. Введение в методологию истории. Москва, 1989. С.4
[2] Ракитов А. Историческое познание. Москва, 1982. С.24
[3] Ёсць два прыклады, у нашым разуменнi, паспяховага вызначэння прадметнай вобласцi метадалогii гiсторыi – у Е.Тапольскага i А.С.Лапы-Данiлеўскага. Польскi вучоны Е.Тапольскi лiчыць, што магчымасць пазбегнуць тэрмiналагiчнай блытанiны даецца ўвядзеннем наступных рабочых тэрмiнаў: прагматычная метадалогiя гiсторыi, апрагматычная метадалогiя гiсторыi, аб’ектыўная метадалогiя гiсторыi. Прадмет прагматычнай метадалогii гiсторыi – кагнiтыўныя аперацыi i працэдуры, г.зн. рэфлексiя на прадмет даследчыцкай практыкi гiсторыка, працэсу гiстарычнага пазнання. Iншымi словамi, гiстарычная эпiстэмалогiя. Апрагматычная метадалогiя гiсторыi мае дачыненне да вынiкаў працы гiсторыка, аналiзу тых сцверджанняў, якiя яны фармулююць – гiстарычных высноваў, абагульненняў, класiфiкацый, катэгарызацый, законаў. У сферу апрагматычнай метадалогii ўваходзяць такiя канцэпты, як гiстарычнае сцверджанне, гiстарычнае абагульненне, закон, каштоўнасная ацэнка, гiстарычны наратыў, аб’ектная мова i метамова, iсцiна i iнш. Аб’ектыўная метадалогiя гiсторыi – гэта рэфлексiя наконт аб’ектаў (а не прадмета) гiстарычных даследаванняў. Гэтая вобласць даследаванняў часта вызначаецца як фiласофiя гiсторыi. (Гл.:Topolsky J. Methodology of History. Warszawa.1976). А.С.Лапа-Данiлеўскi ў азначэннi прадмета метадалогii гiсторыi зыходзiў з таго, што “учение о методах исторического исследования исходит из той познавательной точки зрения, которая обосновывается в теории исторического знания”. Метадалогiя гiсторыi ў такiм выпадку займаецца высвятленнем “соотношения, которое существует между принятой познавательной точкой зрения и данным объектом исторического знания, то есть зависимости данной комбинации принципов и методов от уже принятой познавательной точки зрения, а также от свойств объектов, подлежащих историческому исследованию”. Далей Лапа-Данiлеўскi вызначае метадалогiю крынiцазнаўства i метадалогiю гiстарычнага будавання. Апошняя “рассуждает о производных принципах и методах построения истории из фактов, данные о которых были предварительно истолкованы и проверены; она не задается вопросом, в силу какого рода соображений историк признает то, что они действительно были (гэта для Данiлеўскага – праблемы тэорыi гiстарычных ведаў, г. зн. эпiстэмалогii), а, предполагая его решенным в утвердительном смысле, только выясняет, каковы производные принципы и методы, которыми историк пользуется для того, чтобы научно конструировать историческую действительность” (Гл.:Лаппо-Данилевский А. Методология истории. Вып. 2. С-Петербург, 1913. С.15,16,342). Такiм чынам, эпiстэмалогiя i фiласофiя гiсторыi выводзяцца за рамкi ўласна метадалогii. Затое шмат увагi аддаецца ўнутранай несупярэчлiвасцi “исторического построения”. Вось такi, хоць i вузкi, падыход да метадалогii гiсторыi, здаецца, мог быць карысны i пры складаннi разгляданага падручнiка.
[4] Аналiз “Слоўнiка тэрмiнаў” прымушае зрабiць выснову, што гэты пункт гледжання ўсё ж невядомы аўтарам, бо мы знаходзiм тут толькi азначэннi псiхагiсторыi i гiсторыi татальнай (сацыяльнай). Для параўнання пакажам раздзелы выдадзенай ў ЗША ў 1979 г. пад рэдакцыяй Дж. Iгерса i Х. Паркера кнiгi “International Handbook of historical Studies: Contemporary Research and Theory”: дэмаграфiчная гiсторыя, эканамiчная гiсторыя, сацыяльная гiсторыя (сюды ўключана i так званая школа “Аналаў”, да якой так часта звяртаюцца аўтары), палiтычная (дыпламатычная) гiсторыя, псiхалагiчныя даследаваннi гiсторыi, iнтэлектуальная гiсторыя.
[5] Пры гэтым яны зусiм не звярнулi ўвагу на метадалагiчныя праблемы, якiя ўзнiкаюць у гэтай сувязi. Бо, як заўважыў яшчэ М.Вэбэр, у аснове дзялення на “спецыяльныя вобласцi” ляжыць не толькi рознiца ў “прадметах даследавання”, не фактычныя сувязi рэчаў, а разумовыя сувязi праблемаў i тыя метады, якiя выкарыстоўваюцца пры iх вырашэннi (Гл.: THESIS. 1993.Т.1.Вып. 1.С.163-164).
[6] Тлумачэнне, што “технологический подход.. основывается на том или ином уровне технического производства”, што “его концепция “пост-индустриального общества” противопоставлялась учению о смене общественно-экономических формаций путем социального прогресса” (С.24) не дае ўяўлення, якое дачыненне ўсё гэта мае да метадалогii гiсторыi.
[7] Найбольш дакладную сiстэматызацыю гэтых канцэпцый, як нам здаецца, прапанаваў расiйскi даследчык П.Грэчка. Ен вылучыў цыклiчныя (Арыстоцель, Вiко, М Данiлеўскi, О. Шпэнглер, А.Тойнбi, Л.Гумiлёў i iнш.) i лiнеарныя (А.Конт, Г.Спэнсэр, Ф.Фукуяма) канцэпцыi, якiя засноўваюцца на ўяўленнях аб спiралепадобнасцi грамадскага развiцця (Гегель, Маркс), каварыянтныя мадэлi сусветнай гiсторыi (тэорыя восевага часу i т.п.) i постмадэрнiсцкiя, альтэрнатыўна-рызомныя iнтэрпрэтацыi гiстарычнага працэсу (М.Фуко, Ж.Дэлез, Ф.Гватары) (Гл.: Гречко П. Концептуальные модели истории. Москва, 1995).
[8] Пэнто М., Гравитц М. Методы социальных наук. Москва, 1972.С.220.
[9] Цытата з кнiгi У.Рэньера “History.Its purpose and method”, выдадзенай у Лондане ў 1950 г.
[10] У гэтым кантэксце разам з апiсаннем розных формаў наратыву можна гаварыць i пра фрэймавае прадстаўленне вынiкаў рэканструкцыйнай дзейнасцi, i пра гiстарычную iнфарматыку, якiм адводзiцца так многа месца ў падручнiку – 24 старонкi. Выклiкае здзiўленне, што раздзел “Организация и представление исторического знания” (С.109- 122) прысвечаны толькi фрэймавай тэорыi. Праблема наратыву цi гiстарычнага апiсання не закранаецца ўвогуле. Апiсанню (наратыву) ў гiстарычнай навуцы прысвечаны шосты, апошнi параграф раздзела “Структура исторического исследования” – 3 старонкi. Праблема асвечана так павярхоўна, што цяжка нават неяк аналiзаваць прапанаваны тэкст.
[11] Лооне Э. Современная философия истории. Таллинн, 1980. С.159-167
[12] Тамсама. С.182.
[13] Здаецца, для аўтараў дапаможнiка гэта тое самае.
[14] “Для применения своего метода теоретик в качестве фундамента нуждается в некоторых общих предположениях, так называемых принципах, исходя из которых он может вывести следствия. Для их установления не существует метода, который можно было бы выучить и систематически применять для достижения целей. Исследователь должен, скорее, выведать у природы четко формулируемые общие черты совокупности множества экспериментально установленных фактов” (С.142).
[15] Тэрмiн “прынцып каштоўнаснага падыходу”, на наш погляд, з’яўляецца пустым паняццем. Аўтары трактуюць яго то як “своеобразный способ познания”, то як “оценочную деятельность историка”, прыгадваюць бадэнскую школу нэакантыянцаў i трансцэндэнтныя вартасцi Г.Рыкерта, разважаюць пра аб’ектывiзм i суб’ектывiзм. Наогул, атаясамлiваюць аксiялогiю i ацэначныя меркаваннi.
[16] Як вядома, амаль ва ўсiх выданнях савецкага часу, прысвечаных тэорыi i метадалогii гiсторыi, пералiчвалiся наступныя прынцыпы гiстарычнага матэрыялiзму, якi лiчыўся тэорыяй i метадам гiстарычных даследаванняў: аб’ектыўнасць, гiстарызм i партыйнасць.
[17] Ritter H. Dictionary of Concepts in History. New York, 1986. P.303-307.
[18] Ibid. P.183.
[19] Трёльч Э. Историзм и его проблемы. Москва, 1994; К.Поппер. Нищета историцизма.// Вопросы философии.1992.8; Mandelbaum M. History, Man and Reason. Baltimore. 1971; Meinecke F. Historism: The Rise of a new Historical Outlook. London. 1972 (пераклад выдання 1936 г.) ; Iggers G. The German Conception of History. Middletown, 1968; White H. Historicism, History, and the Figurative Imagination//History and Theory.1975.Beih.14.
[20] “Объяснение дает синтезированное представление о познаваемой реальности, в нем раскрывается понимание познающим субъектом этой реальности, которое состоит в уяснении внутренней природы изучаемой реальности, причин и тенденций развития и т.д.” (Ковальченко И.Д. Методы исторического исследования. Москва, 1987.С.231).
[21] Ritter H. Dictionary of Concepts in History. P.146. Самы поўны аналiз тлумачэння ў гiсторыi гл.: Porter D. The Emergence of the Past: A Theory of Historical Explanation. Chicago. 1981.
[22] Topolski J. Methodology of History.P.558-583.
[23] Ritter H. Dictionary of Concepts in History. P.50-53,147-148, 328-329 i iнш.
[24] З гэтага пералiку аўтары чамусьцi выключылi тлумачэнне праз апiсанне (дэскрыптыўнае) i тлумачэнне праз вызначэнне (дэфiнiтыўнае).
[25] Topolski J. Methodology of History.P.536 ; Ракитов A. Историческое познание.С.267
[26] Кубрякова Е., Демьянков В., Панкрац Ю., Лузина Л. Краткий словарь когнитивных терминов.Москва,1996. С.45
[27] Дарэчы, аўтары самi сцвярджаюць, што катэгорыi, якiя яны пералiчваюць, “складывались в процессе исторического развития теоретической мысли и общественной практики” (С.123). Тым больш незразумела, чаму усiм гiсторыкам прапануюцца, напрыклад, арыстоцелеўскiя катэгорыi.
[28] Topolski J. Methodology of History.P.617-620.
[29] Гл., напрыклад, тлумачэнне паняцця “метадалогiя”.

Наверх

Памяць раённага маштабу (Мiкола Нiкалаеў, Валеры Антонаў)

19 снежня, 1997 |


*Памяць. Наваградскi раён. Мiнск: Беларусь, 1996.
Далей спасылкi на старонкi кнiгi дадзены непасрэдна ў тэксце.

Гэтая кнiга* – чарговы, здаецца, ужо больш чым дваццаты том хронiкi “Памяць” – не можа быць ардынарнай, адной з многiх падобных, хаця i рыхтавалася ў рамках добра вядомай серыi. Па-першае, не ў крыўду iншым гарадам i раёнам, Наваградак ёсць справа асаблiвая. Лёс даўняй сталiцы Вялiкага Княства Лiтоўскага (ВКЛ), роля Наваградчыны ў гiсторыi i, у прыватнасцi, этнiчнай гiсторыi Беларусi настолькi ж значныя i выразныя, наколькi i цьмяныя, загадкавыя, ахутаныя густой смугой легенд, апокрыфаў цi простага маўчання крынiц. З другога боку, сама “Памяць” на працягу дванаццацi год свайго iснавання не заставалася нязменнай. Раслi патрабаваннi да серыi, пашыралiся яе задачы, набываўся вопыт. Досыць параў-наць, напр., адзiн з першых выпускаў – пра Шумiлiнскi раён – шэрую (у любым сэнсе) кнiжыцу, скрозь прысвечаную поспехам у камунiстычным будаўнiцтве, з iлюстрацыйным матэрыялам, што больш нагадваў стэнд нагляднай агiтацыi на плошчы якога-небудзь раённага гарадка (таго ж Шумiлiна), а ўся дакастрычнiцкая гiсторыя змясцiлася на дзевяцi (мы не жартуем) старонках, з цяперашнiм, важкiм наваградскiм томам, да работы над каторым прыцягвалiся буйнейшыя спецыялiсты (iмёны Л. Побаля, В. Чамярыцкага, М. Ермаловiча самi за сябе гавораць), са значным даведачным i картаграфiчным апаратам, нават бiблiяграфiяй, – каб бачна ўразумець пройдзены “Памяццю” шлях i яе дасягненнi.

Змест кнiгi вельмi разнастайны не толькi тэматычна, але i, так сказаць, у жанравым аспекце. Ёсць раздзелы, па сутнасцi арыгiнальныя даследаваннi пра асобныя перыяды гiсторыi гораду i краю, ёсць дробныя нарысы па адносна частковых пытаннях (напр., бiяграфiчныя), спiсы ахвяр фашысцкага i бальшавiцкага тэрору, слоўнiк населеных пунктаў Наваградчыны, публiкацыi дакументаў i шмат iншага, каштоўнага i часта унiкальнага. Аднак сама гэтая разнастайнасць – пры, шчыра кажучы, пэўных недахопах рэдактарскай працы – вядзе калi-нiкалi да нейкай якаснай пярэстасцi, няўзгодненасцi асобных частак тэксту, некаторых змястоўных лакун.

Том пачынаецца, пасля блоку каляровых фотаздымкаў i кароткай храналогii, са слова “Да чытача” галоўнага рэдактара М. Касцюка. Напiсана яно ў крыху лiрычным стылi i настроi – таму прабачым аўтару i “векавыя дубровы” (гэта аб некалькiх выпадкова ацалелых дасёння вакол горада дубах), i спасылкi на Яву з Суматрай i “шматлiкiя сузор’i Галактыкi”, нават сур’ёзны пераказ старой школьнай байкi пра падземную раку памiж Свiцяззю i морам. Горай, калi М. Касцюк кранае рэчы больш канкрэтныя. Адкуль ён, напр., узяў, што са Свiцязi не выцякае “нi адна рачулка” (с. 18), i куды тады дзець Сваротву, якую, дарэчы, ясна вiдаць на карце раёна ледзь не на суседняй старонцы (с. 22)[1]? Дзе тыя археолагi, што, паводле нашага аўтара, адносяць “з’яўленне першых пасяленцаў на месцы цяперашняга Наваградка… да 2-3 тысячагоддзяў да нашай эры” (с. 19)? Знаходкi крамянёвых прыладаў 3-2 тысячагоддзяў (менавiта ў такiм парадку, мяркуем, варта весцi адлiк да нашай эры) ля Белiцы, Чарэшлi, Свiцязi дачынення да гораду XI ст., зразумела, не маюць, а датаваць Наваградак больш раннiм часам няма нiякiх падстаў.

Нарыс А. Мядзведзева “З глыбiнi тысячагоддзяў” прасочвае гiсторыю краю ад мусцьерскай эпохi, але пачынае не з Наваградчыны – на той час па клiматычных прычынах чалавеку немагчыма было тут жыць (“на жаль”, як прастадушна заўважае аўтар), – а з Паўднёвай Беларусi. Далей успамiнаюцца стаянкi каменнага веку ў Чарэшлi, Белiцы, Васiлевiчах, Панямонi, пры апiсаннi якiх, на нашу думку, перабольшана (як для навукова-папулярнага выдання) спецыяльных тэрмiнаў i катэгорыяў: пералiчваюцца, без асаблiвых растлумачэнняў, культуры Лiнгбi i арэнсбургская, помнiкi тыпу Дубiчай або Лысай Гары, дабраборскi этап нёманскай неалiтычнай культуры, мясцовы мезалiтычны субстрат… У археолага за кожным з названых слоў стаiць багаты гiсторыка-культурны змест, а для шырокага чытача яны мала што значаць. Недзе ў сярэдзiне тэксту аказалася паведамленне пра культуру штрыхаванай керамiкi, носьбiтаў якой “звязваюць са старажытнымi ўсходнiмi балтамi” (с. 26). Падкрэслiм, што гэтыя словы – адзiная ва ўсiм тоўстым томе згадка пра балцкае насельнiцтва Нава-градчыны, найбольш важную i складаную праблему даўняй гiсторыi Беларусi. Што праблема ляжыць на паверхнi, сведчыць сама этымалогiя назваў навакольных вёсак: Суляцiчы (лiтоўскае sula ‘сок з дрэва’), Пукачы (pūkas ‘пух’), Галынь (galas, galūnė ‘канец, край’), Мотча (močia ‘мацi, хавальнiца роду’), Рэцемля (reitimas ‘скрутак тканiны, сувой’) i г. д.

Раздзел “Скарбы Наваградчыны” (аўтар Л. Побаль) уяўляе спробу каталога знойдзеных на Наваградчыне рымскiх манет. Каталог вельмi цiкавы, але было б значна лепш, калi б ён пазбавiўся шматлiкiх памылак друку (i не толькi друку) пры перадачы i перакладзе лацiнскiх i грэчаскiх тэкстаў. Возь-мем, напр., першае з апiсанняў – дынарый Траяна з Вераскава, згодна з аўтарам, 112-117 г. (с. 27-28). Прывядзем надпiс з падзелам на словы: “IMP. CAES. NER. TRAIANO OPTIMO AUG. GER. DAC. P. M. TR. P. SPQR”. Тэкст, як бачым, абсалютна ясны: “Iмператару Цэзару Нерве Траяну Найлепшаму Аўгусту Германскаму Дакiйскаму, вялiкаму пантыфiку з трыбунскай уладай, рымскi сенат i народ”. У перакладзе ж усе ўскосныя склоны (датыў i аблатыў) замененыя на назоўны, а агульнавядомы тытул Траяна “Optimus” (“Найлепшы”) перададзены зусiм абсурдна, як “арыстакрат”, i г. д. Не спыняемся на рознага гатунку арфаграфiчных ляпсусах; зазначым, урэшце, што i датаванне манеты можна iстотна ўдакладнiць. Паколькi Траян тытул Найлепшага атрымаў у 114 г., а ў 116 г. да яго прыбавiўся “Парфянскi”, якi ў надпiсе адсутнiчае, то, вiдавочна, вераскаўская манета адчаканеная якраз у гэты прамежак часу.

Археалогiя i гiсторыя X-XIII ст., якiм прысвечаны тры наступныя раздзелы, – хiба не найлепш распрацаваная дзялянка наваградскай гiстарычнай мiнуўшчыны. Дзякуючы 25-гадовым раскопкам Ф. Гурэвiч мы добра ведаем матэрыяльную культуру гораду дамангольскага часу, iншыя археолагi шмат даследавалi архiтэктуру (П. Рапапорт, А. Каргер, М. Малеўская-Малевiч, М. Ткачоў) i пахаваннi ў вакольных курганах (К. Паўлава). Вынiкi гэтай работы досыць прафесiйна рэзюмавалi Я. Звяруга i Т. Бубенька. Пры гэтым адчуваецца аддаленасць аўтараў археалагiчнай часткi ад уласна наваградскай праблематыкi i адсутнасць у iх замiлавання да гiстарычнага краязнаў-ства: ёсць апiсанне абраду пахавання, але не выкарыстана цiкавая i важная работа – рэканструкцыя аблiчча гараджанiна XII ст. па чэрапе, што знойдзены пры раскопках Малога замку[2] ; пералiк рэчаў, якiмi карысталiся наваградцы, замяняе рэканструкцыю iх побыту i г. д. Бясспрэчна, паўнату гiстарычнай карцiны дадаюць нарысы М. Ермаловiча, В. Насевiча i В. Чаропкi з палiтычнай гiсторыi XIII ст. Але iх аўтарам ужо не да мясцовага побыту – тут крыжуюцца розныя погляды на паў-станне ВКЛ. Можа праз гэта не прагучала нi ў археалагiчным (Я. Звяруга), нi ў прысвечаным Войшалку (В. Чаропка) кавалках тэксту слушнае, на наш погляд, меркаванне Ф. Гурэвiч, што знойдзены пры раскопках Замка абразок-лiцiк звязаны з паломнiцтвам Войшалка на святую гару Афон[3]. На жаль, няма i рэпрадукцыi гэтай каштоўнай рэлiквii.

Эпоха ВКЛ (раздзелы “Перыяд станаўлення. XIII-XV стст.” i “Наваградчына ў XVI-XVIII стст.”) – час росквiту Наваградка. Будуецца Замак, узносяцца цэрквы i касцёлы, фармуюцца вулiцы, квiтнеюць рамёствы i гандаль. Потым, пад час войнаў або эпiдэмiй, усё гiне, iдзе з полымем, занепадае. Потым iзноў жыццё адраджаецца – на месцы драўляных храмаў ставяцца мураваныя, людзi ўпрыгожваюць свае святынi. Вярхоўны суд дзяржавы (Трыбунал) рэгулярна збiраецца ў Наваградку, прыцягваючы сотнi людзей з усяе краiны i гэтым даючы гараджанам не толькi заработак i апошнiя навiны, але i магчымасць непасрэдна ўдзельнiчаць (часцей, канечне, як маўклiвыя сведкi) у найважнейшых падзеях. Шляхта павету час ад часу з’яжджаецца на павятовыя сеймiкi i на судовыя “рочкi”, каб рассудзiцца памiж сабой i з магнатамi, сфармуляваць свае патрабаваннi паслам на агульнадзяржаўны сейм, абраць сабе суддзю, падсудка i пiсара, пагаварыць, хто будзе на наступныя гады харужым, а значыць у выпадку паспалiтага рушэння павядзе (пад “пелiстым з Пагоняй” сцягам) у бой наваградскую шляхту.

Пра многае з гэтага ў кнiзе напiсана. Кожны з аўтараў у межах сваёй тэмы паведамляе факты. Аднак цэльны малюнак гiстарычнага працэсу атрымлiваецца з цяжкасцю.

Раздзел “Ад сталiцы княства да цэнтра ваяводства” пачынаецца вельмi высокамоўнай фразай пра “самаадданую працу беларускага i лiтоўскага народаў, гераiзм iх мужных вояў i актыўную дзейнасць лiтоўска-беларускiх князёў…” (с. 68). Нiжэй аўтар (В. Чамярыцкi) ужо пiша пра беларускую народ-насць XIV-XV ст. Што такое ёсць гэтая народнасць, якiмi прыкметамi яна вызначаецца, якiя яе тэрытарыяльныя межы, не сказана. i не дзiўна. Добры знаўца царкоўнаславянскай i старабеларускай мовы i тэкстаў крынiц, В. Чамярыцкi выдатна ведае, што, напр., тыя цi iншыя моўныя асаблiвасцi, нават най-мацнейшыя, могуць служыць адзнакай этнiчнага адасаблення, толькi калi ўсведамляюцца ў гэтай апошняй якасцi носьбiтамi мовы. (Таму вельмi наiўнымi выглядаюць вучоныя, якiя ў пацвярджэнне iснавання беларускага этнасу ў XII-XIII ст. лiчаць мову полацкiх грамат – мiжволi адчуваеш: такi аўтар у глыбiнi душы хавае дзiцячую ўпэўненасць, што былi часы без анiякiх моўных асаблiвасцяў.) Застаецца па-старому спаслацца на “пануючае становiшча ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм беларускай мовы” ды яшчэ ганарыцца тым, што “утварэнне Лiтоўска-Беларускай дзяржавы… на цэлае стагоддзе апярэдзiла аналагiчны працэс у Маскоўскай Русi” (с. 68). Тым часам аўтар так i не паказаў, калi i як было створана Наваградскае ваяводства, у чым яго спецыфiка ў параўнаннi з iншымi, як змянялiся яго гранiцы. У спiсе лiтаратуры (с. 92-93) не ўспамянута спецыяльная манаграфiя Г. Лаўмяньскага[4] .

Раздзел “Наваградчына ў XVI-XVIII ст.” наогул асаблiвы. Досыць буйны (с. 93-163), напоўнены багатым i разнастайным матэрыялам, ён не ўяўляе цэласнага гiстарычнага выкладу, а распадаецца на шэраг асобных артыкулаў, якiя адзiн з адным па сутнасцi не звязаны – сярод iх “Паны i прыгонныя” М. Спiрыдонава, “Герб места Наваградка” А. Цiтова, “Пачатковая гiсторыя унiяцтва i Наваградак” С. Палуцкай, “Архiтэктурныя помнiкi Наваградчыны” Т. Габрусь (гэты апошнi, нам здаецца, ёсць адзным з найлепшых ва ўсёй кнiзе – яго сцiсласць, iнфармацыйнасць, умелае выкладанне пры, само сабой зразумела, грунтоўнай эрудыцыi аўтара вартыя высокай ацэнкi). Такая раздробленасць вядзе да вельмi дзiўных вынiкаў – у “гiсторыка-дакументальнай хронiцы” цалкам адсутнiчае гiсторыя другой паловы XVII i ўсяго (!) XVIII ст. Цяжка паверыць, але факт: ад друкара Мiхала Слёзкi да Iаахiма Храптовiча пераход самы непасрэдны i нязмушаны. (Ёсць, праўда, яшчэ невялiкi нарыс аб вальным сойме 1773 г., аднак ён чамусьцi знаходзiцца ў самай сярэдзiне наступнага раздзелу “Наваградчына ў складзе Расiйскай iмперыi” – мяркуйце самi пра логiку i зручнасць такога размяшчэння.)

Гiпотэза А. Цiтова пра сувязь “Чорнага Анёла” на гербе Наваградка з найменнем “Чорная Русь”, як i выснова пра выключнасць такога гербу (с. 136), не выдаецца вельмi даказальнай. Выява Мiхаiла Архангела з вагамi i мячом стала моднай для геральдыкi ВКЛ канца XVI i пачатку XVII ст. Перш (у 1593 г.) такi герб атрымаў маленькi гандлёвы гарадок недалёка Вiльнi Новая Воля. Адрозненне ад наваградскага гербу – ў колерах адзежы архангела i ў тым, што на гербе Новай Волi той трымае меч лязом долу. Потым герб з гэтым самым сюжэтам атрымалi Наваградак (1595 г.) i Ёнiшкi (1616 г.)[5]. Застаецца, аднак, загадкай, чаму менавiта гэтыя гарады злучылiся падобнымi памiж сабой гербамi.

Несумненна важнай акалiчнасцю ў жыццi Наваградка было размяшчэнне ў iм рэзiдэнцыi заходнерускiх (кiеўскiх) мiтрапалiтаў. Мiтраполiя мела ў горадзе некалькi пляцоў, падаткi з якiх iшлi ў даход мiтрапалiту. Побач жылi месцiчы магдэбургскага падпарадкавання, якiя плацiлi падаткi дзяржаве, i жыдоўская абшчына, што плацiла свае падаткi асобным ад горада рахункам. Наяўнасць у параўнальна невялiкiм населеным пункце некалькiх самастойных юрысдык была, на нашу думку, адной з важных прычынаў эканамiчнай слабасцi горада. Зрэшты, аўтары абышлi сваёй увагай гэтае пытанне. Больш за тое, звестка аб тым, што ў Наваградку была рэзiдэнцыя мiтрапалiта, паўтараецца не менш чым у пяцi месцах Хронiкi (с. 69, 80, 101, 142-143, 152), а вось што пры гэтай рэзiдэнцыi быў сабраны i доўгi час знаходзiўся мiтрапалiчы архiў, якi захаваўся да нашых дзён, i ў iм мноства дакументаў, непасрэдна датычных мiтрапалiчых маёмасцяў у Наваградку i ваколiцах, i што да Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Пецярбургу выдадзены двухтамовы вопiс гэтага архiву[6] (трэцi том не выдадзены, але iснуе ў рукапiсе) – пра гэта нiхто з паважаных аўтараў не паведамiў. I гэтых дакументаў не выкарыстаў.

Гiсторыя XIX i пачатку XX ст. ставiць новыя праблемы. Калi для больш аддаленых часоў колькасць захаваных крынiц досыць абмежаваная i кожная з iх “на вагу золата”, то тут галоўная цяжкасць у iншым – з многiх крынiц выбраць найбольш важныя, сцiсла i збалансавана падаць вялiзны матэрыял. Аўтары гэтага раздзелу ўпэўнена спраўляюцца са шматлiкiмi складанасцямi. Знiкае фрагментарнасць, апавяданне зноў набывае паўнату i сiстэматычны характар. Вельмi нядрэнна, без звычайных агульных фразаў, выкладзены падзеi 1812 г. Аднак не варта пры гэтым трацiць увагу i да гiстарычнага фону мясцовых здарэнняў – тады б не трапiлi ў тэкст прыкрыя недахопы, як машынальны, верагодна, паўтор даўняга навуковага непаразумення адносна пераправы Напалеона цераз Нёман нiбы без абвяшчэння вайны (с. 168)[7] або сцвярджэнне, што губернi пад час напалеонаўскай акупацыi “пераўтваралiся ў правiнцыi” (с. 169), калi ўжо побач бачым правiльную назву “дэпартамент”(с. 171).

У раздзеле пра Наваградчыну эпохi капiталiзму асаблiва адчуваецца прыхiльнасць аўтара (У. Фiлякова) да сацыяльнай i эканамiчнай гiсторыi – стану гаспадаркi, удзелу выхадцаў з Наваградчыны ў рэвалюцыйных падзеях у расiйскiх i ўкраiнскiх гарадах. Больш агульна ахарактарызаваныя побыт i культура. Пры апiсаннi асветы i санiтарнага стану аўтар не назваў нiводнага настаўнiка цi доктара, а гэта ж была мясцовая iнтэлiгенцыя – людзi, якiя працавалi доўгiя гады i якiх ведала ўсё наваколле. У якiм цяжкiм становiшчы аказалася, напр., Любча, калi з яе ў 1914 г. адначасова прызвалi на вайну доктара Х. Скалабана i фельчара М. Снiтко! Варта было б таксама ўспомнiць ветэрынарную службу, якая мела непараўнальна (з сённяшнiм) большае значэнне i большы ахоп работы; у 1895-1914 г. яе ўзначальваў павятовы ветэрынарны ўрач Уладзiмiр Фролавiч Пракаповiч. Пры яго непасрэдным удзеле ў горадзе ў 1907 г. была адчынена ветэрынарная лячэбнiца. Шкада, што не паведамлена пра iснаванне (з 1911 г.) Наваградскага земства – яно шмат зрабiла працы па добраўпарадкаванню дарог, паляпшэнню арганiзацыi пошты, займалася агранамiяй, школамi, аптэкамi, бiблiятэкамi i г. д. З 1913 г. земства рабiла захады па арганiзацыi ў павеце тэлефоннай сувязi. Таксама па-за межамi кнiгi застаўся такi актуальны на пачатку XX ст. для гарадскiх уладаў Наваградка клопат, як канкурэнцыя з Баранавiчамi. Мiзэрнае мястэчка дзякуючы чыгуначнай станцыi хутка перарасло павятовы горад i па колькасцi жыхароў, i па абаротах гандлю, ды й мела сваiмi жыхарамi багатых i адукаваных чыноўнiкаў – прынамсi са складу раскватараванага ў Баранавiчах штабу вайсковай чыгуначнай брыгады i двух чыгуначных батальёнаў. У студзенi 1911 г. было нават паднята пытанне аб змене гранiц Наваградскага павету i аб пераносе павятовага цэнтру з Наваградка ў Баранавiчы. Гэтая “гiстарычная спрэчка” перакрочыла ў наступны перыяд i тлумачыць з’яўленне ў свой час Баранавiцкай вобласцi.

I сёння па розных прычынах цяжка пiсаць пра падзеi другой сусветнай вайны. Жывыя яшчэ сучаснiкi, жывая памяць пра страты. Нялёгкую задачу спынiць варожасць у сваiх душах вырашаюць многiя ўдзельнiкi вайны. Так, польскi i нямецкi народы, сабраўшы прадстаўнiкоў сваiх урадаў i духавенства, зрабiлi замiрэнне, абапiраючыся на формулу “Przebaczamy i prosimy o przebaczenie”. Нельга сказаць, што Хронiка не спрабуе ажыццявiць пэўныя крокi ў гэтым кiрунку – узяць хоць бы сур’ёзныя заўвагi аб падставах пераходу “некаторых грамадзян Наваградчыны” на службу да гiтлераўцаў (с. 289). Але вось iншы прыклад. Расказваецца пра змаганне чырвоных партызан з атрадам Барыса Рагулi. У фарбах апiсана жудаснае забойства ля в. Ваўковiчы партызана Юрчыка, “труп якога два зiмнiя тыднi вiсеў каля дарогi Наваградак – Карэлiчы для запалохвання насельнiцтва” (с. 298). А потым каротка i холадна пра разбiтых рагулёўцаў: “На полi бою засталося 18 варожых трупаў…” (с. 299). Хай палiтычныя погляды, а то i проста нешчаслiвы лёс развялi людзей на розныя бакi барыкадаў. Але ж тыя, хто ваяваў у Рагулi, таксама тутэйшыя лю-дзi. Значыць, пасля таго бою ў 18 навакольных вясковых хатах стаяла труна i была смерць. Цi не час i нам сказаць: “Прабачаймо, i прабачце нас”…[8]

I другi бок той самай праблемы. Для гiсторыка гэтай вайны часам цяжка пераадолець уплыў лiтаратурнай (iдэалагiчнай па паходжаннi) традыцыi, косных, хаця звычных i зручных поглядаў, ацэнак, шаблонаў. “Напярэдаднi нашэсця, – пiша У. Несцярэнка, – вораг пераўзыходзiў нашы сiлы ў заходнiх пагранiчных акругах па колькасцi войск у 1,8, па сярэднiх i цяжкiх танках – у 1,5 раза, па баявых самалётах новых тыпаў – у 3,2 раза” (с. 285). Не будзем нават дашуквацца да крынiцы гэтых лiчбаў – яны, безумоўна, не адпавядаюць рэчаiснасцi. Да 22 чэрвеня 1941 г. суадносiны сiл i сродкаў Заходняга фронту i войск групы армiй “Цэнтр” у яго паласе, як цвёрда ўстаноўлена, былi прыкладна роўныя, за выключэннем танкаў, па якiх савецкi бок пераўзыходзiў працiўнiка ў 2,7 раза[9]. Такiм чынам, справа не ў колькаснай перавазе, а ў тым, што, як рэзюмуе сучасны даследчык, “группировка войск в ЗапОВО больше подходила для наступления, чем для обороны”[10]. Нам могуць запярэчыць, што ўсё гэта вышэйшыя стратэгiчныя разважаннi, якiя маюць няшмат дачынення да ўласна Наваградчыны. Не пагодзiмся. Напр., якраз у раён Наваградка яшчэ 20 чэрвеня 1941 г. пачалося высоўванне (з-пад Магiлёва) 13-й армii[11] , аб чым Хронiка ўвогуле не ўспамiнае. Тым часам, фiгуры замоўчвання iншы раз проста скажаюць стан рэчаў. Вось iдзе гаворка пра абарону Беластоцкага выступу: “На 10-ую армiю… наступалi чатыры армейскiя карпусы працiўнiка – 7-ы, 9-ы, 13-ы i 42-i” (с. 286). Гэта робiць уражанне. Пакуль не прыгадаеш, што сама савецкая 10-я армiя налiчвала пяць карпусоў, да таго ж пры 1315 танках – у паўтары разы больш, чым ва ўсёй групе “Цэнтр” супраць Заходняга фронту!

Мы, вядома, не маем тут магчымасцi закрануць, нават бегла, кожны раздзел, нарыс, артыкул кнiгi. На заканчэнне скажам пра картаграфiчны апарат выдання. Ён не малы, асаблiва ў параўнаннi з нядаўнiм часам, калi поўная савецкая сакрэтнасць усяго тапаграфiчнага матэрыялу ператварала края-знаўства ў навуку тэарэтычную да схаластыкi. У кнiзе змешчаны 36 карт i планаў – уступная, так сказаць, агульнадаведачная карта раёну, 10 гiстарычных карт i планаў гораду, 6 планаў дробных аб’ектаў (археалагiчныя помнiкi, сядзiба, парк) i 19 картаграфiчных рэпрадукцый, г. зн. публiкацый фрагментаў геаграфiчных карт ад С. Мюнстэра (1540 г.) да сучасных тапакарт, дзе паказана Наваградчына або яе асобныя мясцовасцi (з якiх, зрэшты, пашанцавала толькi Нягневiчам i Шчорсам). Гэтая апошняя, iлюстрацыйная частка бадай што лепшая, найбольш цiкавая з усёй картаграфii наваградскай Хронiкi. Вельмi павучальна i карысна прасачыць адлюстраванне Нава-градчыны ў старадрукаваных атласах, на генеральных картах XVIII-XIX ст., на вайсковых расiйскiх, нямецкiх, польскiх картах першай паловы ХХ ст. Уласна гiстарычныя карты, зробленыя ў абсалютнай большасцi выдатным знаўцам у гэтай галiне М. Спiрыдонавым, падобнага ўражання, на жаль, не ствараюць. Наогул няма карт, якiя б паказвалi асноўную, калi можна так сказаць, геаграфiчную тканiну гiсторыi кожнага краю -яго ўнутранае адмiнiстрацыйнае дзяленне i яго месца ў палiтыка-адмiнiстрацыйным дзяленнi дзяржавы, у асаблiвасцi тых шматлiкiх дзяржаў, праз якiя прайшоў наваградскi лёс. Не вельмi ўдалыя i проста малазмястоўныя планы гораду (з 1797 да 1995 г.), што падрыхтаваныя таксама М. Спiрыдонавым у не зусiм зразумелым жанры “схема плана” (с. 531, 532, 536, 538). У шэрагу выпадкаў не названы маштаб, у т. л. на агульнай карце раёна. Пры картах-рэпрадукцыях ён, праўда, паказаны заў-сёды, але колькi разоў памылкова: на с. 543 i 544 надрукавана 1:1 000 000 замест 1:100 000, а на с. 122 (здымак з атласу 1772 г.) маштаб арыгiналу, магчыма, дадзены слушна (1:692 000), аднак пры друку зменшаны прыкладна да 1:1 100 000.

У пачатку нашых нататак мы ўжо адзначалi пэўныя хiбы рэдактарскай працы над Хронiкай. Верагодна, найбольш яскрава яны выяўляюцца ў тым граматычным разнабоi, каб не сказаць хаосе, што пануе ў напiсаннi iмёнаў. Мы добра разумеем усю складанасць праблемы, ведаем, наколькi грэшныя ў гэтых адносiнах многiя даведачныя выданнi, але тое, што бачым на старонках наваградскай “Памяцi”, перавышае ўсякую iмавернасць. “Рыгор” Цамблак (с. 80) ператвараецца ў “Грыгора” (с. 81-83), патрыярх Яўхiм (с. 81) у Яўфiмiя (с. 83). Бацька Адама Храптовiча пiшацца то Iаахiмам (c. 148-150, 227), то проста Iахiмам (c. 171, 206), вядомы паўстанец 1831 г. Кашыц завецца калi Юзафам (c. 171, 173), калi Iосiфам (c. 206), а само гэтае iмя знаходзiцца яшчэ i ў форме “Ёсiф” (c. 105). Ды што там “Ёсiфы” – сама назва “Наваградак” ужываецца ў кнiзе ў чатырох (!) арфаграфiчных варыянтах без якiх-небудзь тлумачэнняў. Зрэшты, гэта тычыцца не толькi iмёнаў уласных: мы сустракаем “банiфратраў” (c. 147) i “бонiфратараў” (c. 165), “Троiцкую царкву” (c. 143), але “Траецкае брацтва” (c. 144), i г. д.

Больш-менш падрыхтаваны чытач ужо не вельмi пры-дзiрлiва, амаль што машынальна, адзначае сабе розныя супярэчнасцi ў розных частках кнiгi – пра першае ўпамiнанне пра горад у крынiцах (c. 35 i 85), пра колькасць касцёлаў у Наваградку (c. 146 i 165) i да т. п. Чытач прызвычайваецца да ўсяго – нават да Адама Мiцкевiча як “носьбiта беларускай нацыянальнай iдэi” (c. 164), хаця часам i цяжка верыць, што “tygodnik” гэта “штогоднiк” (c. 183) або што чорны хлеб пякуць з iржы (с. 192), а не з жыта.

Але што рабiць чытачу – не гiсторыку, не рэцэнзенту, а проста ахвотнiку атрымаць досвед у наваградскай гiсторыi? Напэўна, толькi вучыцца асаблiва ўважлiвым i строга крытычным адносiнам да тэксту кожнай, нават самай аўтарытэтнай кнiгi. Ды яшчэ спадзявацца, што спецыялiсты, якiя згуртавалiся ў рэдакцыйную калегiю, стварылi арганiзацыйна-метадычны цэнтр i раённую камiсiю, вылучылi шасцёх навуковых рэдактараў на чале з галоўным i чатырох проста рэдактараў на чале з вядучым (гл. адварот тытульнага аркуша), здолеюць улiчыць уласны багаты, хай часам горкi, вопыт, перадаць яго сваiм калегам i прадаўжальнiкам i што наступныя тамы беларускай “Памяцi” перасягнуць нават гэтую важную, цiкавую, выдатную кнiгу.

Санкт-Пецярбург

Валеры Антонаў,
Мiкола Нiкалаеў


[1] Калi зайшла гаворка пра гiдраграфiю, адзначым: анiводны з аўтараў кнiгi не заўважыў (ужо не скажам – пракаментаваў) той факт, што значны горад, неўзабаве сталiца, узнiк у падкрэсленай адлегласцi ад водных шляхоў зносiн – выпадак, здаецца, у Еўропе цi не адзiнкавы.
[2] Цягака Л.I., Чаквiн I.У. Што паказвае рэканструкцыя аблiчча продкаў // ПГКБ. 1983. № 2.
[3] Гуревич Ф.Д . Новые данные о стеклянных иконках-литиках на территории СССР // ВВ. 1982. Т. 43.
[4] Lowmiański H. Rys historyczny województwa nowogrudzkiego w jego dzisiejszych granicach, do r. 1795. Wilno, 1935.
[5] Rimša E. Lietuvos miestų XV-XVIII a. heraldikos šaltiniai Lenkijos archyvuose // KBar. 1988. № 4. L. 66-68. Варта заўважыць, што прывiлей на герб Новай Волi напiсаны старабеларускай мовай.
[6] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1-2. СПб., 1897-1907.
[7] Цiкава было б прасачыць узнiкненне гэтага мiфа, але, натуральна, тут мы не маем такой магчымасцi. Адашлём толькi чытача да спецыяльнай працы: Троицкий Н.А. К истории нашествия Наполеона на Россию. (Объявление войны) // ННИ. 1990. № 3.
[8] Дарэчы, Кнiга памяцi ахвяр палiтычных рэпрэсiй “Ленинградский мартиролог 1937-1938″ (Т. 2. СПб., 1996. С. 412) паведамляе, што ў 1937 г. у Ленiнградзе быў расстраляны Канстанцiн Пятровiч Юрчык, беларус, беспартыйны, нараджэнец в. Ваўковiчы Наваградскага павета. Цi не сваяк?
[9] Семидетко В.А. Истоки поражения в Белоруссии (Западный особый военный округ к 22 июня 1941 г.) // ВИЖ. 1989. № 4. С. 30. У цэлым пра колькасныя суадносiны Чырвонай Армii i Вермахта напярэдаднi вайны, у т. л. на Беларусi, гл. таксама: Шлыков В. И танки наши быстры // МЖ. 1988. № 9; Мариничев В. На небе не найдешь следа//-Не-ва. 1989. № 6; Мельтюхов М.И. Споры вокруг 1941 года: опыт критического осмысления одной дискуссии // ОИ. 1994. № 3; i iнш.
[10] Семидетко В.А. Указ. соч. С. 30.
[11] Секирин М.К., Белкин И.М., Дорошенко В.М. Через всю войну: Очерк о воинах 13-й армии. М., 1991. С. 8.

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '1997 Т.4 Сш. 1-2'