Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2002 Т.9 Сш. 1-2

Том 9 Сшыткі 1-2 (16-17) (Снежань 2002)

2 сакавіка, 2011 |

Артыкулы
Васіль Варонін. Друцкія князі XIV стагоддзя. С. 3-30.
Ігар Клімаў. Да біяграфіі Васіля Цяпінскага, перакладчыка і выдаўца Евангелля. С. 31-55.
Агнешка Каляса-Новак. Гістарычная сацыялогія як новая даследчая прапанова. С. 57-78.

Паведамленні
Марына Сакалова. Пра метадалогію вывучэння гісторыі грамадскіх рухаў XIX ст. С. 79-91.
Ігар Лялькоў. Да пытання аб пранямецкіх і антысавецкіх настроях у БССР перад II сусветнай вайной. С. 92-104.

Пераклады
Фрэнсіс Анкерсміт. Гістарыяграфія і постмадэрнізм. С. 105-128.

Гістарыяграфія
Яраслаў Панэк. Чэшская гістарыяграфія на мяжы ХХ—ХХI ст. С. 129-151.
Генадзь Сагановіч. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі. С. 152-168.

Новая лiтаратура: агляды i рэцэнзii
Міхаіл Спірыдонаў. Гістарычныя карты Беларусі ў айчынных энцыклапедыях. С. 169-188.
Ганна Харашкевіч. Беларуская археаграфія на новым этапе. С. 189-194.
Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku (Захар Шыбека). С. 195-201.
Ruthenica. Том I / Відповедальні редактори: Володимир Ричка, Олексій Толочко. Київ, 2002. 185. (Генадзь Семянчук). С. 202-206.
450 Jahre Sigismund von Herbersteins Rerum Moscoviticarum Commentarii 1549—1999. Jubiläumsvorträge hrsg. von Frank Kämpfer und Reinhard Frötschner (Уладзімір Канановіч). С. 206-220.
Хорошкевич Анна Л. Россия в системе международных отношений середины XVI века. Москва, 2003. 621. (Андрэй Янушкевіч). С. 221-232.
Кавалёў, Сяргей В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мінск, 2002. 218. (Альбіна Семянчук). С. 233-243.
Michaluk, Dorota. Ziemia mielnicka wojwództwa podlaskiego w XVI—XVII w: Osadnictwo, własność ziemska i podziały kościelne (Міхаіл Спірыдонаў). С. 243-250.
Moser, Michael. Die polnische, ukrainische und weißrussische Interferenzenschicht im russische Satzbau des 16. und 17. Jahrhunderts (Ігар Клімаў). С. 251-260.
Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius (Генадзь Сагановіч). С. 260-267.
Remy, Johannes. Higher Education and National Identity: Polish Student Activism in Russia 1832—1863 (Наталля Анофранка). С. 267-271.
Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999 (Віталь Зайка). С. 271-277.
Die polnische Heimatarmee: Geschichte und Mythos der Armia Krajowa seit dem Zweitem Weltkrieg. Hrsg. von Bernhard Chiari unter Mitarbeit Jerzy Kochanowski (Сяргей Новікаў). С. 278-286.
Independent Belarus: Domestic Determinants, Regional Dynamics, and Implications for the West. Ed. By Margarita M. Balmaceda, James I. Clem, Lisbeth L. Tarlow (Лявон Баршчэўскі). С. 287-291.
Radzik, Ryszard. Kim są Białorusini? (Павел Церашковіч). С. 291-297.
Radzik, Ryszard. Belarusians (View from Poland) (Юры Вашкевіч). С. 297-304.
Prot’ko, Tatjana. The Formation of Soviet Totalitarian System in Belarus (1917—1941) (Анатоль Вялікі). С. 304-310.
Чарота, Іван А. Беларуская мова і царква (Ігар Клімаў). С. 310-323.
Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія. Складальнікі ВІТАЎТ КІПЕЛЬ і ЗЬМІЦЕР САЎКА. (Сяргей Запрудзкі). С. 323-331.

In memoriam
Вітаўтас Раўдзялюнас. С. 332-336.

Набыць на knihi.by.

Васіль Варонін. Друцкія князі XIV стагоддзя

28 снежня, 2002 |


Апошнім часам на Беларусі сталі актыўна святкавацца юбі­леі населеных пунктаў: гарадоў, пасёлкаў, вёсак. Адным са станоўчых бакоў гэтых мерапрыемстваў з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці і даследчыкаў да іх гістарычнага мінулага, актывізацыя яго вывучэння. Яскравы таму прыклад — нядаўна адзначаны 1000–гадовы юбілей Друцка.  Ініцыятарам і энтузіястам яго правядзення ўдалося ў поўнай меры скарыстаць нагоду і дамагчыся інтэнсіфікацыі вывучэння гісторыі Друцка. Арганізаваны выхад у свет дзвюх выкананых на добрым навуковым і паліграфічным узроўні кніг[1]. Праведзена навукова–практычная канферэнцыя, матэрыялы якой таксама апублікаваныя[2]. І гэ­ты артыкул у пэўнай ступені можна разглядаць як вынік павышэння цікавасці да мінулага Друцка ў апошнія гады. Аўтар спадзяецца, што дыскусія па закранутай у ім і больш шырокай — генеалагічнай — праблематыцы будзе працягнута.

Крыніцы пакінулі нам даволі багатую інфармацыю па грамадска–палітычным жыцці Друцка XII ст. Сярод іншага вядома, што ў гэты час у Друцку замацаваліся нашчадкі князя Барыса, сына Ўсяслава Брачыслававіча.

На жаль, нам невядомыя не толькі акалічнасці палітычнай барацьбы, але нават імёны мясцовых князёў у наступным стагоддзі. Праўда, шэраг фактаў, у якіх фігуруюць друцкія князі як быццам XIII ст., данеслі да нас беларуска–літоўскія летапісы. Згодна з першым іх паведамленнем, пад час нашэсця Батыя на Русь вялікі князь кіеўскі Дзмітрый уцёк з горада. „А въслышав, ижь мужики мешкають без господаря, а зовутся дручане. И он, собравъшися з людми, пошол ко Друцку, и землю Друцкую посел, и город Друческ зарубил, и назвался князем великим друцькым“[3]. Другі эпізод зноў звязаны з барацьбой супраць татар. Вялікі князь літоўскі Транята (у некаторых зводах Скіргайла) сабраў вялікае войска і ў саюзе з „рускімі“ князямі Сямёнам Міхайла­вічам Друцкім, Давыдам Мсціслававічам Луцкім і Святаславам Кіеўскім вырушыў супраць „заволжскага цара“ Курдаса. Вырашальная бітва, у якой татары былі разгромлены, адбылася „за Мазырем на реце Окуневце“. У ёй, аднак, загінулі друцкі і луцкі князі[4]. І, нарэшце, у трэцім выпадку друцкі князь Дзмітрый разам са Святаславам Кіеўскім і Львом Уладзімірскім склалі змову супраць вялікага князя літоўскага Рынголта з мэтай сагнаць яго „з отчизн своих, городов руских“. Узяўшы сабе на дапамогу некалькі тысяч татар ад „цара заволжскага“, яны вырушылі на Рынголта, але былі разбіты каля Магільна на Нёмане[5].

Падзеі і асобы, зафіксаваныя ў прыгаданых эпізодах (за выключэннем хіба Батыя ды Траняты), — міфічныя[6], яны не сустракаюцца больш ні ў якіх надзейных крыніцах. Таму пералічаныя факты нельга разглядаць як гістарычныя, яны звязаныя хутчэй з гістарыяграфічнай традыцыяй. Усе тры ўпершыню з’явіліся ў „Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага“. На думку Ежы Ахманьскага, гэты твор быў складзены асобай, шчыльна звязанай з Паўлам Гальшанскім і Альбрэхтам Гаштаўтам, верагодна, паміж 1522 і 1527 г.[7] Менавіта іх роды найбольш услаўляюцца ў „Хроніцы“. Адначасова вядома[8], што прадзедам А. Гаштаўта па жаночай лініі быў князь Дзмітрый Сямёнавіч Друцкі–Зубравіцкі (Мітка Сякіра). А. Гаштаўт ганарыўся сваімі сваяцкімі сувязямі з родам князёў Друцкіх. Адзін з чатырох гербаў, змешчаных на шчыце з яго надмагільнага помніка ў віленскай катэдры, — гэта „Друцк“[9]. Тыя ж гербы (Абданк, Гіпацэнтаўр, Пламеньчык і Друцк) неслі на сабе таксама чатырохчасткавыя шчыты з дараносіцы, запісанай А. Гаштаўтам на касцёл Св. Мікалая ў Геранёнах[10]. У сувязі з гэтым няма нічога дзіўнага ў тым, што „Хроніка“ — відавочна, з меркаванняў прэстыжу — робіць родапачынальнікам Друцкіх вялікага князя кіеўскага. Прычым Друцкія быццам бы захавалі вялікакняскі тытул. Выбар імя таксама падаецца невыпадковым: так звалі прадзеда А. Гаштаўта, ды і ўвогуле гэтае імя было даволі папулярнае ў родзе Друцкіх. У другім фрагменце зноў выявілася жаданне паставіць друцкага князя ўпоравень з кіеўскім, а таксама з луцкім. Яго імя, напэўна, было запазычана з позніх радаводаў, паводле якіх адным з першых прадстаўнікоў рода быў князь Сямён Міхайлавіч Друцкі. Лакалізацыя пераможнай бітвы з татарамі на Мазыршчыне, вельмі верагодна, таксама звязаная з асобай і кар’ерай А. Гаштаўта: у 1513—1539 г. ён займаў пасаду мазырскага старосты. У трэцім эпізодзе друцкі князь у чарговы раз дзейнічае як паплечнік і роўны з кіеўскім і ўла­дзімірскім князямі. У змове „рускіх“ князёў супраць вялікага князя літоўскага Рынголта, дарэчы, праглядаюцца вельмі блізкія паралелі з вядомай змовай князёў Міхаіла Алелькавіча, Івана Гальшанскага і Фёдара Бельскага супраць Казіміра Ягелончыка ў 1481 г.

Апавяданне пра барацьбу князя Траняты з Курдас–султанам і пра бітву на Акунёўцы, у якой прынялі ўдзел князі Святаслаў Кіеўскі, Сямён Міхайлавіч Друцкі і Давід Мсціслававіч Луцкі, перадае таксама М. Стрыйкоўскі[11]. Як і ў „Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага“, князь Сямён Друцкі загінуў у бітве. Крыніцай М. Стрыйкоўскага была, відавочна, указаная „Хроніка“. Ён прама спасылаецца на летапісы: „як сведчаць усе летапісцы“[12]. Менавіта М. Стрыйкоўскі першы прама выказаў версію пра блізкае сваяцтва Друцкіх і Астрожскіх. Больш за тое, ён сцвярджаў[13], што Астрожскія паходзяць ад Друцкіх. М. Стрыйкоўскі адзначаў гэта ў сувязі з асобай апошняй жонкі Ўладзіслава II Ягайлы Соф’і, а таксама з прызначэннем князя Канстанціна Астрожскага на пасаду найвышэйшага гетмана Вялікага Княства Літоўскага. Гісторык лічыў, што Соф’я была дачкой князя Андрэя Іванавіча Друцкага і адмыслова пад­крэсліў: „не Гальшанскага, як кладзе летапісец“[14]. З вядомых на сённяшні дзень беларуска–літоўскіх летапісаў князя Андрэя Гальшанскага называе толькі адзін — Хроніка Быхаўца. І гэта крыніца сапраўды лічыць Соф’ю яго дачкой[15]. Праўда, у Хроніцы Быхаўца князь Андрэй фігуруе як Альгімонтавіч, але М. Стрыйкоўскі, напэўна, ведаў, што насамрэч Андрэй быў не сынам, а ўнукам Альгімонта. Сына ж Альгімонта звалі Іван[16]. Апісваючы сітуацыю з прызначэннем К. Астрожскага, М. Стрыйкоўскі таксама абапіраўся на Хроніку Быхаўца ці на вельмі блізкі да яе летапіс[17]. Аднак Хроніка Быхаўца пра паходжанне Астрожскіх ад Друцкіх нічога не гаворыць. Цяжка вырашыць, на падставе якіх фактаў і меркаванняў М. Стрыйкоўскі зрабіў гэтую сваю выснову. Яна не выклікае даверу, аднак у далейшым моцна паўплывала на гістарыяграфічную традыцыю.

Каспар Нясецкі (1682—1744) сцвярджаў, што, „паводле нашых гісторыкаў“, Друцкія паходзяць ад рускіх князёў (Рурыкавічаў)[18]. З гісторыкаў ён спасылаецца на Альберта Каяловіча і Мацея Стрыйкоўскага. Відавочна, працамі толькі гэтых двух аўтараў ён і карыстаўся. З кнігі А. Каяловіча Нясецкі запазычыў звесткі пра паходжанне Друцкіх „з даўніх князёў рускіх“, а таксама пра жаніцьбу князя Андрэя Іванавіча Друцкага з сястрой Вітаўта, ад гэтага шлюбу быццам бы паходзіць жонка Ягайлы — Соф’я[19]. Праўда, апошні факт узыходзіць да хронікі М. Стрыйкоўскага[20]. Непасрэдна ж з хронікі М. Стрыйкоўскага К. Нясецкі спасылаецца на той яе эпізод, дзе ідзе гаворка пра гібель князя Сямёна Міхайлавіча Друцкага ў бітве на Акунёўцы[21]. Астатнія дэталі ранняга радаводу Друцкіх належаць аўтарству самога К. Нясецкага. Згодна з ім, гэты род паходзіць ад уладзімірскага і галіцкага князя Рамана. Раман меў пяць сыноў: Мсціслава, Данілу, Васільку, Уладзіміра і Міхаіла. Апошні быў пачынальнікам Друцкіх і меў шматлікія ўладанні на Валыні. (Відаць, менавіта ў гэтых словах К. Нясецкага трэба шукаць вытокі версіі пазнейшых генеалогаў пра месцазнаходжанне горада Друцка на Валыні.) Міхаіл меў сына Сямёна. Звестку пра князя Сямёна Міхайлавіча Друцкага К. Нясецкі ўзяў, безумоўна, з хронікі М. Стрыйкоўскага. Сямён пакінуў сына Дзмітрыя, той — Івана, а Іван — Сямёна і Андрэя[22]. К. Нясецкі патлумачыў словы М. Стрыйкоўскага аб паходжанні Астрожскіх ад Друцкіх такім чынам, што Астрожскія вялі свой род ад самага малодшага з сыноў князя Рамана — Васіля[23]. Можна здагадвацца, што пад уладзі­мірскім і галіцкім князем Раманам К. Нясецкі разумеў славутага ўладзімірска–валынскага і галіцкага князя Рамана Мсціслававіча (1170—1205). Аднак яго далейшыя генеалагічныя пабудовы не вытрымліваюць аніякай крытыкі і з’яўляюцца чыстай міфатворчасцю. Дастаткова сказаць, што Раман Мсціслававіч меў усяго двух сыноў — Данілу і Васільку. Тым не менш гербоўнік К. Нясецкага стаў надзвычай папулярнай крыніцай для генеалогаў XIX ст. Напрыклад, запазычанае адтуль сцвяр­джэнне аб паходжанні Астрожскіх і Друцкіх ад аднаго продка прызнавалася як вартае даверу нават яшчэ некаторымі даследчыкамі пачатку XX ст.[24]

Менавіта на працы К. Нясецкага, а не на хроніцы М. Стрыйкоўскага, як гэта сцвярджае Д. Аляксандраў[25], пабудаваў ранні радавод Друцкіх П. Далгарукаў. Паводле яго працы, родапачынальнік Друцкіх князь Міхаіл быў адным з пяці сыноў (іх імёны і нават чарговасць цалкам супадаюць з адпаведнымі звесткамі К. Нясецкага) уладзіміра–валынскага князя Рамана Аляксандравіча[26]. П. Далгарукаў таксама першым прама заявіў, што Друцк знаходзіўся на Валыні. Праўда, ён ведаў і пра „другі“ — беларускі — Друцк[27]. У выкладанні ж далейшага (пачынаючы з князя Міхаіла) радаводу Друцкіх П. Далгарукаў і крыху пазней П. Пятроў[28] абапіраліся ўжо зусім на іншыя крыніцы, а менавіта на расійскія радаводныя кнігі. Радаводныя кнігі, безумоўна, утрымліваюць надзвычай важную і цікавую генеалагічную інфармацыю, бо складаліся нашчадкамі родаў — напрыклад, тымі ж князямі Друцкімі, некаторыя з якіх выехалі ў Вялікае Княства Маскоўскае на пачатку XVI ст. Аднак яны маюць і свае хібы. Сярод найбольш істотных трэба назваць позні час складання: XVI ці нават XVII ст. Значная храналагічная адлегласць, палітычная сітуацыя ў Маскве, а таксама іншыя фактары не маглі не паўплываць адмоўна на дакладнасць звестак.

Не адкідваючы цалкам варыянты радаводу, пададзеныя расійскімі радаводнымі кнігамі, а таксама распрацаваныя да­следчыкамі, варта ўсё ж ставіцца да іх крытычна. Адначасова трэба звярнуць увагу на некаторыя дадатковыя факты, бо крыніцавая база праблемы ранейшымі даследчыкамі яшчэ далёка не вычарпаная. Напрыклад, не выкарыстоўвалася, з адным вы­ключэннем, такая важная крыніца, як памяннік (сінодзік) Кіева–Пячорскай лаўры. Гэты памяннік тым больш каштоўны, што датаваны раннім часам: 1483—1526 г.[29] Сярод іншых звестак, ён утрымлівае запіс пад загалоўкам: „Род князя Дмитриа Ивановича Путятича, воеводы киевьскаго“[30]. Князь Дзмітрый Іванавіч Пуцяціч належаў да роду Друцкіх і займаў пасаду кіеўскага ваяводы з 1492 г. і да смерці ў 1505 г.[31] Не выклікае сумніву, што гэты запіс быў унесены ім на ўспамін свайго роду і асабіста сябе ў перыяд кіеўскага ваводства. Сярод да­следчыкаў шырока распаўсюджана і з’яўляецца амаль што агульнапрынятай думка аб цяжкасці і спрэчнасці інтэрпрэтацыі матэрыялаў паменнікоў і, адпаведна, іх невялікай каштоўнасці як гістарычнай крыніцы. Сапраўды, трактаваць іх звесткі надзвычай складана. Аднак гэта справа не безнадзейная і ў шэрагу выпадкаў пэўныя заканамернасці ўсё ж такі можна вылучыць — праўда, пры ўмове абавязковага выкарыстання дадатковай інфармацыі. Адзін з такіх узораў — гэта памінальны запіс Дзмітрыя Пуцяціча. Ён складаецца, апрача цытаванага загалоўка, з 32 імёнаў, 24 з якіх — мужчынскія і 8 — жаночыя. На першым месцы пастаўлена імя самога князя Дзмітрыя Пуцяціча. Наступныя ж шэсць імёнаў выглядаюць вось як: „князя Данила Дрюцкого, князя Михаила, князя Михаила, князя Димитриа, князя Симеона, князя Иоанна“[32]. Спроба інтэрпрэтацыі гэтага ўрыўка рабілася ў літаратуры[33], аднак яе нельга прызнаць цалкам удалай.

Пры ўважлівым разглядзе прыведзенага шэрагу імёнаў прасочваецца пэўнае правіла. На падставе дакументальных крыніц высветлена[34], што Сямён быў сынам Дзмітрыя, а Іван — сынам Сямёна. Князь Іван — гэта, відавочна, бацька Дзмітрыя Пуцяціча. Такім чынам, тры апошнія імя прадстаўляюць продкаў Дзмітрыя Пуцяціча па прамой узыходнай лініі: прадзед, дзед і бацька. Лагічна дапусціць, што першыя тры імя расстаўлены паводле той жа заканамернасці. Гэта падаецца вельмі верагодным яшчэ і таму, што ў такім выпадку князь Дзмітрый Пуцяціч пералічыў сваіх мужчынскіх продкаў да сёмага калена.

Князь Даніла Друцкі па іншых крыніцах невядомы. Аднак, у сувязі з запісам у паменніку, адмаўляць яго рэальнае існаванне немагчыма. Час княжання Данілы Друцкага вызначыць да­статкова складана. З упэўненасцю можна сцвярджаць толькі, што ён памёр да 1330 г., калі ў Друцку княжыў ужо Міхаіл. Даніла Друцкі мог жыць як у першае трыццацігоддзе XIV ст., так і яшчэ раней. Л. Дэ Вітэ выказала меркаванне[35], што пад Данілам Друцкім трэба разумець унука Данілы Раманавіча Галіцкага Данілу Мсціслававіча. Спраўды, крыніцы ведаюць такога князя. Пад 1280 г. яго прыгадвае Іпацеўскі летапіс[36]. Аднак атаясамліваць князёў толькі на падставе супадзення імёнаў ды магчымай адначасовасці іх жыцця нельга. Імя Даніла хоць і не належала да самых папулярных, але і рэдкім яго таксама нельга лічыць. Напрыклад, прыблізна ў гэты ж час жыў заснавальнік маскоўскай княскай дынастыі — Даніла Аляксандравіч (1261—1303). Найбольш верагодна, што Даніла Друцкі быў нашчадкам полацкага княскага роду. Праўда, нельга цалкам выключыць і таго, што ў XIII ст. у Друцку замацаваліся князі іншага паходжання[37]. Д. Аляксандраў перакананы ў гэтым. Ён нават прапанаваў кандыдатуру і час: прадстаўнік чарнігаўскай дынастыі Сямён Міхайлавіч як быццам укняжыўся ў Друцку ў першай палове 40–х г. XIII ст. Аднак спроба абаперціся на легендарныя звесткі беларуска–літоўскіх летапісаў і хронікі М. Стрыйкоўскага робяць пабудовы даследчыка надзвычай гіпатэтычнымі[38].

Мяркуючы па пераліку ў паменніку, князь Даніла Друцкі меў сына Міхаіла і ўнука з такім імем. У адрозненні ад Данілы, князь Міхаіл Друцкі вядомы і па іншых крыніцах. У 1330 г. ён ахвяраваў мітрапаліту Феагносту срэбны каўкій (царкоўны посуд)[39]. Цяжка сказаць, кім даводзіўся гэты Міхаіл Данілу, сынам ці ўнукам. Відаць, нейкія глухія ўспаміны пра князя Міхаіла як заснавальніка роду захоўваліся ў сям’і Друцкіх у Маскве яшчэ ў XVI—XVII ст., бо менавіта Міхаіла лічаць родапачынальнікам гэтай княскай дынастыі расійскія радаводныя кнігі.

У 2–й чвэрці XIV ст. крыніцы зафіксавалі князя Івана Друцкага. У 1339 г. на загад маскоўскага князя Івана Данілавіча ён разам з іншымі князямі хадзіў на Смаленск[40]. Іван Друцкі прадаў сваё сяло „в Дмитрове“ пераемніку Івана Каліты — вялікаму князю Сямёну Іванавічу, аб чым і згадвае яго тэстамент 1353 г.[41] На гэтым нашы звесткі пра яго вычэрпваюцца. Трэба пага­дзіцца з тымі даследчыкамі, якія звязвалі ад’езд князя Івана Друцкага ў Маскву з наступам вялікага князя літоўскага Гедымі­на на ўсход[42]. Адносна ж яго сваяцкіх сувязяў нельга сказаць нічога пэўнага.

Напісанае двойчы імя Міхаіл ускладняе праблему ідэнты­фі­кацыі кожнай з асоб і высвятлення храналогіі іх княжанняў. Адначасова прыходзіць на памяць асоба князя Васі­ля Міхайлаві­ча Друцкага. Апрача расійскіх радаводных кніг, ён вядомы і па дзвюх крыніцах XIV ст. Гэта — укладны запіс у Друцкім евангеллі і дарчая грамата вялікага князя полацкага Андрэя Альгердавіча Фёдару і Дзмітрыю Корсакам. Абедзве крыніцы не маюць дакладных дат. Андрэй Альгердавіч, у грамаце якога князь Васіль Друцкі выступае ў якасці сведкі[43], панаваў у Полацку пачынаючы з 1348 г. і да 1387 г. з невялікім перапынкам у 1377/1378—1382(?) г. Можна пагадзіцца з Г.Л. Харашкевіч, якая датавала грамату Андрэя Альгердавіча 80–мі гадамі[44]. Як здаецца, яна магла быць выдадзена і ў 1377 г. Значыць, князь Васіль Міхайлавіч жыў у гэты час. Праўда, ён мог жыць і раней, і пазней. Імя Васіля Міхайлавіча не згадваецца ў Кіева–Пячорскім сінодзіку ў лініі продкаў князя Дзмітрыя Пуцяціча. Аднак яго імя па бацьку і факт княжання ў Друцку, як здаецца, з дастатковай ступенню верагоднасці ўказваюць на паходжанне ад аднаго з Міхаілаў. Можна выказаць дзве версіі наконт яго сваяцкіх сувязяў. Васіль Міхайлавіч мог быць сынам Міхаіла Данілавіча і братам Міхаіла Міхайлавіча. Такім чынам, ён тады не ўваходзіў у прамую лінію, прадстаўленую ў паменніку. Паводле другой гіпотэзы, ён з’яўляўся сынам Міхаіла Міхайлавіча і ўнукам Міхаіла Данілавіча. Калі гэта было сапраўды так, ён мог княжыць у Друцку і не адзін. На гэта як быццам указвае тая акалічнасць, што населеныя пункты, адзначаныя ва ўкладным запісе, размешчаны ў паўночным і паўночна–заходнім кірунках ад Друцка. Тым не менш запіс малюе Васіля Міхайлавіча як дастаткова магутнага і багатага валадара свайго княства. Яго рэзідэнцыя знаходзілася ў Друцку. На карысць гэтага сведчаць таксама вельмі дарагі ўклад (пергамінавае евангелле ў абкладзе) ды шчодрыя зямельныя падараванні, у тым ліку і вельмі аддаленых вёсак[45]. Такім чынам, калі Васіль Міхайлавіч княжыў у Друцкім княстве не адзін, усё ж такі на той момант яго драбленне за­йшло яшчэ не вельмі далёка.  Хранала­гічна яго княжанне трэба звязваць з сярэдзінай — другой паловай XIV ст.

У айчыннай літаратуры рабілася спроба звязаць паходжанне Друцкіх з сынам Гедыміна Нарымонтам і яго нашчадкамі. А. Белы выказаў меркаванне, што князь Міхаіл Друцкі паведамлення 1330 г. і сын Нарымонта Міхаіл маглі быць адной асобай[46]. Гэтая версія вартая разгляду, бо сярод нашчадкаў Нарымонта знаходзім Васіля Міхайлавіча — поўнага цёзку друцкага князя. Іх атаясамленне вырашала б пытанне на карысць паходжання Друцкіх сапраўды ад Нарымонта.

Князь Васіль Міхайлавіч Нарымонтавіч быў прыкметнай постаццю ў Вялікім Княстве Літоўскім у 2–й палове XIV ст. Яго асобай упершыню зацікавіўся Ю. Вольф[47]. Ён лічыў Васіля Міхайлавіча ўнукам Нарымонта. Той жа думкі прытрымліваўся Ю. Пузына[48]. Дзякуючы іх намаганням былі сабраныя звесткі пра дзейнасць гэтага князя. Упершыню ён выступае ў 50–я г. XIV ст. У копіі 2–й паловы XVI ст. захаваўся ўрывак фундацыйнай граматы „пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого“ на царкву Раства Божай Маці ў Куранцу[49]. 27 кастрычніка 1386 г. у Луцку князь Васіль Пінскі прынёс прысягу на вернасць каралю Ўладыславу II Ягайлу і яго жонцы Ядвізе[50]. Пра ўдзел „Нарымонта Васіля Пінскага“ ў вясельных урачыстасцях у Кракаве ў 1386 г. і пра яго прысягу напісаў М. Стрыйкоўскі[51]. 11 жніўня 1387 г. князь Васіль Пінскі разам з Вітаўтам і іншымі князямі паручыўся перад Уладыславам II Ягайлам за галіцкага ваяводу Бенедыкта[52]. Князь Васіль Міхайлавіч названы другім сярод князёў і баяр, якія паміж 1387 і 1390 г. паручыліся перад Скіргайлам за Грыдку Канстанці­навіча[53]. Захавалася таксама недатаваная менавая грамата, якую „князь Васіль Нарымонтавіч“, выступаючы, відавочна, як уладар Піншчыны, даў Паўлу Катовічу[54]. Ю. Вольф выказаў думку[55], што князь Васіль Міхайлавіч памёр напрыканцы XIV ст. Ю. Пузына, як здаецца, цалкам праўдападобна ўда­кладніў дату смерці князя Васіля Міхайлавіча: 1390 г.[56] Абапіраючыся на Я. Длугаша[57] і М. Стрыйкоўскага[58], ён прыйшоў да высновы, што забіты на загад Вітаўта „князь Нарымунд“ — гэта і ёсць князь Васіль Міхайлавіч. Ян Длугаш паведамляе[59], што яго жонкай была Ульяна — родная сястра жонкі Вітаўта Ганны. Як вядома, Ганна была дачкой князя Святаслава Смаленскага.

Ян Тэнгоўскі лічыць князя Васіля не ўнукам, а сынам Нарымонта[60]. Але ў такім выпадку незразумела, чаму гэты князь насіў імя па бацьку Міхайлавіч, бо хрысціянскім імем Нарымонта было Глеб. Даследчык паставіў пад сумніў сапраўднасць дакумента 1355 г. Ён звярнуў увагу на неадпаведнасць індыкта году, а таксама на тое, што Мсціслаў трапіў пад уладу вялікіх князёў літоўскіх пазней (у 1359 г.) і Васіль Міхайлавіч да гэтага часу не мог называць сябе „панам мсціслаўскім“[61]. У цэлым копія сапраўды выклікае некаторыя падазрэнні, у прыватнасці дзіўнай тэрміналогіяй. Але не трэба забываць, што гэта далёка не першая, і прычым позняя копія. Што ж датычыцца аргументаў Я. Тэнгоўскага, дык індыкт бянтэжыць толькі на першы погляд. Калі адлічваць яго па студзеньскай сістэме, прынятай у каталіцкім свеце, дык 1355 году насамрэч адпавядае восьмы, а не дзевяты індыкт. Але трэба мець на ўвазе, што на праваслаўнах землях карысталіся не студзеньскім, а вераснёўскім індыктам. Толькі вераснёўскі індыкт і мог быць прастаўлены ў разгляданым дакуменце. Дзевяты індыкт пачаўся 1 верасня 1355 г. і скончыўся 31 жніўня 1356 г. Такім чынам, акт быў складзены паміж 1 верасня і 31 снежня 1355 г.

Адносна далучэння Мсціслава да Вялікага Княства Літоўскага можна адзначыць наступнае. Распавядаючы пра напад літоўцаў на Прусію ў 1352 г., ордэнскі храніст Віганд Марбург зафіксаваў удзел у ім „караля са Смаленска“. Для „караля“ вы­права скончылася трагічна — ён загінуў. Адзін нямецкі рыцар вырашыў перадаць яго цела „за вялікія падарункі“ Кейстуту, бо „кароль“ быў сынам яго брата[62]. Даследчык гісторыі Смаленскага княства П. Галубоўскі скептычна паставіўся да паведамлення В. Марбурга і Я. Длугаша аб удзеле смалян у гэтым паходзе. Адпаведны фрагмент Я. Длугаша ён зразумеў такім чынам, што на чале смалян стаяў Патрыкій Нарымонтавіч і крытыкаваў польскага храніста за гэтую відавочную памылку[63]. Аднак у Я. Длугаша імя смаленскага князя не ўказана[64]. Хто ж быў гэты смаленскі князь, пляменнік Кейстута? Г. Пашкевіч лічыў[65], што гэта мог быць сын Альгерда. Аднак Альгердавічаў можна адразу выключыць: па–першае, яны былі яшчэ замаладыя, а па–другое, В. Марбург выдатна ведаў Альгерда і згадаў яго ў апавяданні пра той жа напад[66]. Калі б гэта быў нехта з Альгердавічаў, незразумела, навошта храністу было яго называць менавіта пляменнікам Кейстута, а не сынам Альгерда. Нішто не перашка­джае дапусціць, што ў Смаленску ў гэты час княжыў Міхаіл Нарымонтавіч. (У сваёй нядаўняй манаграфіі Г. Ластоўскі залічыў згадку В. Марбургам „караля са Смаленска“ ў паведамленні 1352 г. да геаграфічных памылак храніста. Але адначасова выказаў меркаванне[67], што ў гэтай асобе насамрэч трэба бачыць аднаго з сыноў Нарымонта). Названы князь ні ў якіх крыніцах не згадваецца, і яго існаванне вынікае толькі з імя па бацьку князя Васіля Міхайлавіча Нарымонтавіча[68]. Гэта і дало падставы найноўшым даследчыкам адмаўляць яго існаванне ўвогуле[69]. Аднак іх аргументы не пераконваюць. Княжанне (відаць, непрацяглае) Міхаіла Нарымонтавіча ў Смаленску шмат што праясні­ла б. Па–першае, калі прыняць, што блізу 1350 г. літоўцы нейкім чынам здолелі ўсталявацца ў Смаленску, становіцца зразумелым, чаму ў 1352 г. вялікі князь маскоўскі Сямён Іванавіч хадзіў на Смаленск[70]. Гэты паход — абсалютна невытлумачальны з пункту гледжання папярэдніх узаемных стасункаў Масквы і Смаленска. Ніякіх сутыкненняў напярэдадні 1352 г. паміж імі не назіралася, гэты паход выглядае поў­най нечаканасцю. З лета­пісаў нельга таксама зразумець мэты выправы Сямёна Іванавіча. Адметна, што на абарону смалян вы­ступіў Альгерд, паслаўшы да вялікага князя маскоўскага сваіх паслоў[71]. Факт княжання ў 1352 г. Міхаіла Нарымонтавіча тлумачыць і тое, чаму князь Васіль Міхайлавіч фігуруе ў грамаце як „пан мсціслаўскі“. Па­ную­чы ў Смаленску, Міхаіл Нарымонтавіч прызначыў свайго сына кіраваць адным са смаленскіх прыгарадаў — звычайная практыка сярод князёў на Русі. Варта нагадаць яшчэ і тое, што, паводле Я. Длугаша, забіты ў 1390 г. „Нарымунд“ быў жанаты са смаленскай князёўнай Ульянай. Раней лічылася[72], што Ульяна на самай справе была жонкай брата Вітаўта Таўцівіла–Конрада, аднак апошнім часам гэты пункт гледжання крытыкуецца[73]. Таму зусім не выключана, што ў паведамленні Яна Длугаша мог знайсці адлюстраванне нейкі рэальны факт і Васіль Нарымонтавіч быў жанаты з князёўнай са смаленскай дынастыі.

Такім чынам, рэальна існавалі і Міхаіл Нарымонтавіч, і яго сын Васіль. Ян Тэнгоўскі адрознівае князя Васіля Нарымонтаві­ча ад князя Васіля Пінскага[74]. Аднак, у сувязі з вышэйсказаным, гэта наўрад ці можна прыняць. Між іншым і таму, што М. Стрыйкоўскі прама называе князя Васіля Пінскага Нарымунтам.

Можна назваць тры асноўныя рысы, якія аб’ядноўваюць Васіля Міхайлавіча Друцкага і Васіля Міхайлавіча Нарымонтаві­ча Пінскага. Яны насілі адно імя, жылі ў адзін час і выказвалі прыхільнасць культу Божай Маці (і адзін і другі заснавалі цэрквы ў яе гонар). Аднак культ Маці Боскай быў вельмі пашыраны. Імёны Васіль і Міхаіл таксама мелі вялікую папулярнасць, у гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім магло быць і некалькі князёў з імем Васіль Міхайлавіч. Да таго ж, зыходзячы з дзвюх яго грамат, князь Васіль Міхайлавіч Пінскі быў схільны падкрэсліваць сваё паходжанне ад Нарымонта і далучаць гэтае імя да свайго. Васіль жа Міхайлавіч Друцкі ў сваёй укладной фігуруе без гэтага дадатку. Нарэшце, князь Васіль Нарымонтавіч Пінскі ў 80–я г. дзейнічаў як зацяты прыхільнік Ягайлы. А Васіль Міхайлавіч Друцкі ўваходзіў у кола блізкіх людзей Андрэя Альгердавіча — праціўніка Ягайлы. Таму версія пра паходжанне князёў Друцкіх ад Нарымонта не пацвярджаецца. Між іншым, няма ніякіх звестак аб сувязі нашчадкаў Нарымонта з Друцкам. Яны ніколі не прад’яўлялі сваіх правоў на гэтае княства[75].

У сувязі з разгляданым сюжэтам варта больш падрабязна спыніцца на такім выдатным помніку беларускай культуры і гісторыі, як Друцкае евангелле. Паводле почырку, яно прызнаецца творам XIV ст.: першай паловы[76] ці канца яго[77]. На тое ж стагоддзе ўказвае таксама асоба і ўкладны запіс князя Васіля Міхайлавіча Друцкага, напісаны адным з почыркаў асноўнага тэксту евангелля. У гэтым запісе згадваюцца яшчэ жонка князя Васіліса і іх не названыя па імёнах дзеці[78]. Але храналагічнай прывязцы да  XIV ст. быццам бы супярэчыць дата — 1001 (6509 ад стварэння свету) год. Запіс сцвярджае, што менавіта ў гэтым годзе князь Васіль Міхайлавіч заснаваў у Друцку царкву Святой Багародзіцы і забяспечыў шчодрымі падараваннямі яе дзейнасць. Аднак указаны год выклікае шматлікія пытанні, бо супярэчыць іншым дадзеным укладнога запісу, Друцкага евангелля ў цэлым, а таксама гістарычным фактам. Па–першае, мова за­пісу не адпавядае мове мяжы X—XI ст. ні паводле граматыкі, ні паводле слоўнікавага складу. Гэта выключае тую верагоднасць, што ўкладны запіс з’яўляецца пазнейшай копіяй запісу 1001 г. Па–другое, почырк датуецца XIV ст. Па–трэцяе, князь Васіль Міхайлавіч Друцкі жыў у XIV ст. Надзвычай малаверагодна, каб у 1001 г. у Друцку жыў і княжыў яго цёзка. Незразумела, чаму тады яго імя не зафіксавана летапісамі. Нельга таксама зразумець, хто ён быў з паходжання і якія сувязі яго лучылі з вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Святаслававічам, бо на Русі тады княжылі толькі ён сам ды яго сыны. Па–чацвертае. Як вядома, хрысціянства было прынята на Русі ў 988 г. Аднак князі, не гаворачы ўжо пра прадстаўнікоў ніжэйшых сацыяльных пластоў, карысталіся амаль што выключна сваімі язычніцкімі імёнамі яшчэ вельмі доўга — на працягу ўсяго XI ст. ды і нават значна пазней. Менавіта пад імі яны выступаюць у летапісах і іншых крыніцах. Час ад часу, у запісах царкоўнага зместу, яны ўжывалі і свае хрысціянскія імёны — але заўсёды разам са славянскімі. А Васіль Міхайлавіч назваў толькі хрысціянскія і сваё, і бацькава імёны. Яго жонка таксама выступае толькі пад сваім хрыс­ціянскім імем. У запісе згаданае „лукъно Якимово“, г. зн. мядовая даніна з селяніна Якіма ці нават ужо населены пункт з такой назвай. Якім — хрысціянскае імя (Іlакімъ). Падаецца неверагодным, каб на мяжы X—XI ст. селянін стала выступаў пад сваім хросным імем, бо ў гэты час хрысціяні­зацыя закранула вёску ў мінімальнай ступені — калі ўвогуле закранула. Тое, што імя Якім было ўжо тады замацавана ў тапоніме, можна таксама выключыць. Па–пятае, калі запіс не пазнейшая копія, вельмі цяжка праўдападобна вытлумачыць, адкуль пісец XIV ст. мог ведаць, што царква была заснавана ў 1001 г.[79]

Калі больш уважліва прыгледзецца да запісу[80], дык можна заўважыць, што почырк самага верхняга радка левага слупка істотна адрозніваецца ад почырку астатняга яго тэксту. Словы „Въ лѢт ‡SФѲ–Ѣ створе…“ напісаныя драбнейшымі і іншымі па форме літарамі, са значна большай разрадкай. Гэта асабліва прыметна на даце. Першая літара „В“ чытаецца дрэнна. Вынасное „т“ напісана, падобна, па аналогіі са словам „лѢт(о)“ у змешчаным на той самай старонцы запісе 1441 г. На матэрыяле пісьма — пергаміне — можна заўважыць падцёкі. Складваецца ўражанне, што напісана па змытым. Але каму, калі і навошта спатрэбілася карэктаваць запіс?

Зусім не выключаная верагоднасць свядомай падробкі. У сувязі з гэтым прыгадваецца асоба вядомага расійскага падробніка старажытных рукапісаў 1–й паловы XIX ст. Аляксандра Сулакадзэва. Методыка яго працы нечым нагадвае зафіксаваную ў Друцкім евангеллі. А. Сулакадзэў браў старадаўнія рукапісы і з дапамогай прыпісак на палях „рабіў“ іх больш старажытнымі і рэдкімі, чым яны былі ў рэчаіснаці. Ён імкнуўся „надаць“ рукапі­сам як мага большую старажытнасць — чым даўней, тым лепей. Яшчэ адной адметнай рысай „творчага почырка“ А. Сулакадзэва было жаданне забяспечыць свае запісы датамі — як правіла, з дакладнасцю да года[81]. Сярод іх сустракаюцца і вельмі блізкія да даты Друцкага евангелля: 999 і 1000 г.[82] Пасля смерці А. Сулакадзэва (1830 г.) яго кнігазбор быў распрададзены розным установам і прыватным асобам[83]. На жаль, невядома, якім чынам Друцкае евангелле трапіла ў бібліятэку акадэміка М.М. Ціхамірава, але сярод яго кніг былі і асобнікі з калекцыі А. Сулакадзэва — у прыватнасці, №8[84]. Таму не выключана, што і Друцкае евангелле паходзіць адтуль жа. Разам з тым ёсць і важныя адрозненні запісу ў Друцкім евангеллі ад прадукцыі А. Сулакадзэва. Ён, напрыклад, рабіў свае прыпіскі на палях і на чыстых старонках рукапісаў, прычым гэтыя запісы не былі звязаныя з асноўным тэкстам[85]. На сённяшні дзень невядома ніводнага выпадка, каб А. Сулакадзэў змываў стары надпіс і пісаў свой паверх яго. Да таго ж „старажытны“ почырк, якім пісаў А. Сулакадзэў, даволі пазнавальны[86] і ён адрозніваецца ад почырка, якім выкананыя першыя, вышэй цытаваныя, словы ўкладнога запісу ў Друцкім евангеллі. Таму нельга быць цалкам перакананым у тым, што пачатковая частка запісу падроблена свядома і што аўтар падробкі — А. Сулакадзэў.

Гаворка можа ісці таксама пра тое, што кніга была па­шкоджана несвядома, у выніку нядбайнага захоўвання. Яна магла, напрыклад, патрапіць у ваду. І тады нехта паднавіў першыя змытыя словы. Мяркуючы па ўсім, стары тэкст ужо тады кепска чытаўся ці быў нечытэльны ўвогуле. Цяжка сказаць, калі і тым больш кім гэта магло быць зроблена, аднак некаторыя літары (напрыклад, „Ф“) падобныя на паўустаў XVI ст.

Так ці інакш, але дату 1001 г., безумоўна, трэба адкінуць. Гэты год не можа лічыцца годам першай згадкі горада Друцка. Ю. Заяц, як здаецца, вельмі праўдападобна растлумачыў прычыны і акалічнасці заснавання Друцка, датаваўшы гэтую падзею хуткім часам пасля 1021 г.[87] Першапачаткова ва ўкладным запі­се, хутчэй за ўсё, сапраўды была нейкая дата, перапраўленая пазней на „6509“. З той прычыны, што княжанне Васіля Міхайлавіча ў Друцку прыпадае на сярэдзіну — другую палову XIV ст., менавіта гэтым  часам і трэба датаваць Друцкае евангелле.

Наступнае ў шэрагу імён Кіева–Пячэрскага паменніка — Дзмітрый. Вялікая колькасць рускіх летапісных зводаў пад 1372 г. паведамляе пра выправу літоўскіх князёў, накіраваную князем Міхаілам Цвярскім на Пераяслаў і Кашын. Сярод іх названы Кейстут, Андрэй Полацкі, Дзмітрый Друцкі і Вітаўт[88]. На першы погляд, памяннік дае падставы лічыць, што ў летапісе ідзе гаворка пра Дзмітрыя Міхайлавіча Друцкага. Але больш уважлі­вы разгляд летапісных паведамленняў выклікае пытанне: з якой прычыны тады друцкі князь названы сярод найбліжэйшых сваякоў вялікага князя літоўскага Альгерда? Відавочна таму, што ён таксама належаў да іх ліку. Пад Дзмітрыем Друцкім трэба разумець другога сына Альгерда. Як Альгердавіч ён фігуруе ўжо ў некаторых летапісах[89]. Гэтай жа думкі прытрымліваліся складальнікі паказальнікаў да „Поўнага збору рускіх летапісаў“[90]. Яна выказвалася і ў пазнейшых даследчыцкіх працах[91]. Дзмі­трый Альгердавіч княжыў не толькі ў Друцку, але і ў Бранску. Менавіта ён зафіксаваны як Дзмітрый Бранскі ў вядомай перамірнай грамаце 1372 г. паміж вялікімі князямі Альгердам і Дзмітрыем Маскоўскім — зразумела, на баку Альгерда. Адметна, што грамата зазначае: „А князю великому Олгерду и брату его, князю Кестутью, и ихъ детемъ за него [князя Міхаіла Цвярскога. — В.В.] ся не въступати“[92]. Гэта відавочны намёк на вясновы паход 1372 г. Кейстута, Вітаўта, Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў.

Якім чынам Дзмітрый Альгердавіч старэйшы стаў друцкім князем? У пераліку князёў, якія загінулі на Ворскле ў 1399 г. і аказаліся занатаванымі ў рускіх летапісах, сярод іншых быў унесены і „князь Андрей, пасынок Дмитриев“[93]. У адным са спісаў[94] замест яго знаходзім „князя Андрея Дрютьского“. Такім чынам, гэта адна асоба. Пад Дзмітрыем тут можна разумець толькі Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага, які загінуў тады ж. Адсюль вынікае, што Дзмітрый Альгердавіч быў жанаты з удавой друцкага князя. Так ён і атрымаў Друцк. Ю. Пузына лічыў[95], што шлюб адбыўся паміж 1339 і 1345 г. Аднак з гэтым наўрад ці можна пагадзіцца. Дзмітрый Альгердавіч быў замалады ў гэты час. Мяркуючы па падзеях у Пскове[96], ахрышчаны там у 1342 г. Андрэй Альгердавіч быў яшчэ падлеткам. (Цікава, што пра хрышчэнне Андрэя „ў дзяцінстве“ паведамляе М. Стрыйкоў­скі [97].). А Дзмітрый быў яго малодшым братам. Шлюб быў заключаны пазней.

Расійскі гісторык М. Хмыроў сцвярджаў, што дачка Алега Іванавіча Разанскага Настасся ў першым шлюбе была замужам за князем Дзмітрыем Васілевічам Друцкім. Ад яго яна мела сыноў Андрэя і Васіля Друцкіх. Другім мужам Настассі Алегаўны быў Карыбут–Дзмітрый Альгердавіч, трубчаўскі, бранскі і ноўгарад–северскі князь. Ён загінуў у бітве на Ворскле[98]. Крыніцы М. Хмырова невядомыя. Адначасова трэба адзначыць блытаніну, якую ён дапусціў у дачыненні да асобы князя Дзмітрыя Альгердавіча. Альгерд меў двух сыноў з такім імем: Дзмітрыя старэйшага (ад першай жонкі) і Карыбута–Дзмітрыя (ад другой). Да працы Ю. Вольфа[99] іх часта блыталі. Не пазбегнуў гэтай памылкі і М. Хмыроў. На самай справе Дзмітрый старэйшы княжыў у Бранску і Трубчаўску, ён і загінуў на Ворскле ў 1399 г. А Карыбут–Дзмітрый быў ноўгарад–северскім князем. Факт шлюбу Карыбута–Дзмітрыя з дачкой Алега Разанскага пацвярджаецца дакументам, але гэты дакумент не называе яе імя[100]. Хутчэй за ўсё, у працы М. Хмырова знайшлі адлюстраванне два шлюбы: Карыбута–Дзмітрыя Альгердавіча з дачкой Алега Разанскага і Дзмі­трыя Альгердавіча старэйшага з удавой друцкага князя. Мяркуючы па Кіева–Пячэрскім паменніку, гэта быў Міхаіл Міхайлавіч. Такім чынам, паміж імёнамі Міхаіл і Дзмітрый Кіева–Пячорскага паменніка можна канстатаваць „збой“: пераемнасць старой княскай дынастыі і нашчадкаў Дзмітрыя Альгердавіча, якія замацаваліся ў Друцку пазней, увасобіла жанчына. Цалкам можа быць, што Дзмітрый Альгердавіч княжыў у Друцкім княстве не адзін. Калі слушна тое, што Васіль Міхайлавіч быў братам Міхаіла Міхайлавіча Друцкага, пасля смерці брата ён мог захаваць за сабой прынамсі частку княства.

Напэўна, менавіта Дзмітрый Альгердавіч быў тым друцкім князем, які ў 1374 г. хадзіў з Андрэем Полацкім на Дзюнабург. У хроніцы Г. Вартберга: „reges de Plotzeke ac de Odriske“[101]. Пад „Odriske“ трэба разумець, безумоўна, Друцк.

Увогуле ж кідаецца ў вочы падабенства лёсаў Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў. Два найстарэйшыя сыны Альгерда нейкі час княжылі ў адным рэгіёне. Часта разам удзельнічалі ў ваенных паходах. Калі ў снежні 1379 г. Дзмітрый Маскоўскі вырашыў падпарадкаваць Трубчаўск і Старадуб, якія ўваходзілі ў лік уладанняў Дзмітрыя Альгердавіча, ён паслаў сярод ваявод і Андрэя Альгердавіча. Відаць, менавіта дзякуючы перагаворам з братам Дзмітрый „не сталъ на бои … и не бьяся, но выиде изъ города съ княгинею своею, и з детми, и съ бояры своими, приеха на Москву градъ“[102]. Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы разам удзельнічалі ў бітве на Куліковым полі. Загінулі яны таксама ў адзін дзень — на Ворскле ў 1399 г. Два найстарэйшыя Альгердавічы былі, відаць, не толькі ваенна–палітычнымі саюзнікамі, але і блізкімі сябрамі[103]. Мяркуючы па ўсім, такія сяброўскія, блізкія стасункі былі вельмі распаўсюджаны і ўсяляк заахвочваліся сярод братоў, і асабліва блізкіх па ўзросту, Гедымінава роду. Дастаткова прыгадаць „тандэмы“: Альгерд і Кейстут, Вітаўт і Ягайла (да вядомых падзей 1381—1382 г.)…

На жаль, нельга дакладна вызначыць, да якога часу Дзмі­трый Альгердавіч кіраваў Друцкам. Але пасля яго пераходу ў Маскву гэта было ўжо немагчыма. Дакладна невядома, хто княжыў у Друцку да пачатку 90–х г. Але калі ў 1393 г. Вітаўт хадзіў на Віцебск, „друцкии князи стретили князя великого Витовта с честью великою и ударили ему чолом в службу“[104]. Сярод іх маглі быць як дзеці Дзмітрыя Альгердавіча, так і яго пасынкі — нашчадкі Міхаіла Міхайлавіча, а таксама сыны Васіля Міхайлавіча. Калі сыны Міхаіла Міхайлавіча падраслі, а іх айчым замацаваўся ў Бранску, яны, напэўна, сталі княжыць у бацькоўскім Друцку. Да ліку пасынкаў належаў Андрэй, які загінуў на Ворскле.

Юзаф Пузына лічыў[105], што сынам Дзмітрыя Альгердавіча быў князь Глеб, які фігуруе ў „Сказанні пра Мамаева пабоішча“ то як Друцкі, то як Бранскі. Улічваючы, што Дзмітрый Альгердавіч княжыў у Друцку і Бранску, можна сапраўды вырашыць, што ён меў сына Глеба, які згадваецца ў крыніцы пад тытуламі князя Бранскага і Друцкага. Але пры больш уважлівым азнаямленні са „Сказаннем“ высвятляецца, што Глеб Друцкі і Глеб Бранскі — гэта розныя асобы. Па–першае, на аглядзе войск у Каломне вялікі князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч паставіў князя Глеба Бранскага на чале палка левай рукі[106]. Глеб жа Друцкі быў пастаўлены кіраваць перадавым палком[107]. Нават калі гэта разыходжанне і вынік памылкі перапісчыка (бо яно фіксуецца ў розных рэдакцыях твора), адрозненні ўсё роўна застаюцца. Напрыклад, у адной з груп спісаў „Сказання“ паведамляецца, што князь Глеб Бранскі страціў жыццё на Куліковым полі[108], Глеб жа Друцкі жыў яшчэ нейкі час. Прычым тут бранскі князь названы Іванавічам — яскравы аргумент супраць таго, што ён быў сынам Дзмітрыя Альгердавіча. Праўда, і ў гэтым выпадку нельга быць цалкам перакананым у тым, што імя па бацьку ўказана правільна.

У нядаўна адшуканай паручнай грамаце па Івану Жыдзіві­ду[109] ў якасці аднаго з паручыцеляў выступіў нейкі князь Глеб Дзмітрыевіч. Ян Тэнгоўскі датаваў дакумент прыблізна 1393 г. і атаясаміў гэтага князя з сынам Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага Глебам, які прымаў удзел у Кулікоўскай бітве як Глеб Друцкі[110]. Ідэнтыфікацыя князя Глеба Дзмітрыевіча паручнай з сынам Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага цалкам імаверная. Аднак другая частка гіпотэзы не такая відавочная.

У сінодзіку Маскоўскага крамлёўскага Успенскага сабора згаданы князь Глеб Друцкі, які загінуў 15 студзеня 1411 г. у бітве на Лыскове[111] (70 км на паўднёвы ўсход ад Ніжняга Ноўгарада). Тут ніжагародскія князі разбілі ваявод вялікага князя маскоўскага Васіля I. Мяркуючы па ўсім, Глеб Друцкі быў адным з кіраўнікоў маскоўскага войска. Другі сінодзік (Растоўскі саборны) называе імя па бацьку гэтага князя — Васілевіч[112]. Князя Глеба Друцкага трэба прызнаць сынам Васіля Міхайлавіча. Цяжэй адказаць на пытанне: хто ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве, ён ці сапраўды сын Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага? Верагоднасць абодвух варыянтаў падаецца прыкладна роўнай. На Куліковым полі маглі быць і сыны Васіля Міхайлавіча, які быў звязаны з Андрэем Полацкім, і дзеці Дзмітрыя Альгердавіча.

Цьмянае паходжанне князя Льва Друцкага. Распаўсюджаная рэдакцыя „Сказання пра Мамаева пабоішча“ паведамляе, што ў Каломне вялікі князь Дзмітрый Іванавіч „передовои … полк уряди князя Льва Дружесково“[113]. Зноў жа, нельга выключыць памылку перапісчыка, які пераблытаў Глеба і Льва Друц­кіх. Але магчыма, што Леў Друцкі сапраўды ўдзельнічаў у бітве на Куліковым полі. Князь Леў Друцкі быў унесены ў пералік сведкаў граматы, выдадзенай Вітаўтам у Караляўцу 30 студзеня 1384 г. Прычым ён названы там Вітаўтавым шваграм[114]. Даследчыкамі слушна адзначалася, што слова „швагер“ можа абазначаць не толькі мужа сястры. Яго можна разумець і так, што Леў быў, напрыклад, братам жонкі Вітаўта[115] ці яны мелі за жонак родных сясцёр. У адпаведнасці з апошнім, Ян Тэнгоўскі лі­чыць[116], што жонкай Глеба Друцкага была сястра Ганны Смаленскай — жонкі Вітаўта. Але магчыма і іншае. Паводле Хронікі Быхаўца[117], Вітаўт другім шлюбам быў жанаты з князёўнай Марыяй Лукомскай (хоць гэта быў, відаць, яго першы шлюб). Тады жонкай Льва Друцкага магла быць таксама лукомская князёўна, а з улікам геаграфічнай блізкасці княстваў гэта цалкам верагодна. Леў Друцкі быў, відаць, сярод тых князёў і баяр, якія выехалі да Вітаўта пасля яго ўцёкаў у Прусію (канец 1382 г.). У „Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх“ чытаем: „бывшу же ему [Вітаўту. — В.В.] в Немцех и у Марине граде у мистра, приехаша к нему мнози князи и бояре литовьскыи“[118]. Гэта адбылося ў 1383 г. Пра далейшы лёс Льва Друцкага нічога невядома. Што ж датычыцца яго месца ў сістэме сваяцкіх стасункаў князёў Друцкіх, дык хутчэй за ўсё ён быў сынам Дзмі­трыя Альгердавіча. На карысць гэтага гаворыць і той факт, што ён карыстаўся гербам Пагоня[119]. У сувязі з гэтым можна дапусціць, што шлюб паміж Дзмітрыем Альгердавічам і ўдавой друцкага князя адбыўся напрыканцы 50–х г.[120], бо ў 1380 г. Леў Друцкі, магчыма, удзель­нічаў у Кулікоўскай бітве, прычым камандаваў палком, а ў 1384 г. быў ужо жанаты. У літаратуры[121] выказвалася гіпотэза пра тое, што Глеб і Леў Друцкія — гэта адна і тая асоба. Нашы дадзеныя на гэты конт, на жаль, недастатковыя для надзейных высноў.

Вельмі мала звестак і пра князя Івана Друцкага. Ён названы сярод сведкаў Салінскага трактата, заключанага паміж Вітаўтам і Ордэнам 12 кастрычніка 1398 г.[122] Можна пагадзіцца з Я. Тэнгоўскім, які атаясаміў яго з Іванам Дзмітрыевічам Кіндыром[123], што загінуў у бітве на Ворскле. У пераважнай большасці летапісных зводаў (у тым ліку і ў самых старажытных, поўных і аўтарытэтных[124]) князь Іван Дзмітрыевіч Кіндыр пастаўлены ў спісе забітых князёў на чацвёртае ці нават на трэцяе месца — пасля Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў (ды Міхаіла Яўнутавіча). Пасля яго ідзе пасынак Дзмітрыя Альгердавіча Андрэй Друцкі. Ю. Пузына, які зрабіў спробу рэканструкцыі першапачатковага спіса князёў[125], паставіў Івана Кіндыра на чацвёртае месца. Таму ён, безумоўна, належаў да Гедымінавічаў. Імя па бацьку выразна ўказвае на тое, што ён быў сынам Дзмітрыя Альгердавіча. Іван вядомы таксама па Любецкім сінодзіку, дзе ён названы разам з бацькам, маці Ганнай і братам Міхаілам[126].

У тым самым спісе князёў 1399 г. адзначаны Міхаіл Падбярэзскі і яго брат Аляксандр[127]. Вядомы княскі род Ямантовічаў–Падбярэзскіх, пачынальнік якога Ямант таксама загінуў на Ворскле. Аднак трэба пагадзіцца з Ю. Вольфам[128], паводле якога названыя браты не мелі да Ямантовічаў–Падбярэзскіх аніякага дачынення. Вельмі верагодна, што гэта нашчадкі Яманта атры­малі Падбярэззе пасля іх смерці[129]. Міхаіл і Аляксандр, відаць, паходзілі ад старых друцкіх князёў, к канцу XIV ст. выціс­нутых у сціплае Падбярэззе. Яно, дарэчы, размешчана на паўночны захад ад Друцка — там, дзе раздаваў землі князь Васіль Міхайлавіч Друцкі. Цалкам можа быць, што Міхаіл і Аляксандр былі яго сынамі.

26 студзеня 1401 г. у Бірштанах князь Сямён Дзмітрыевіч Друцкі прынёс прысягу ў тым, што ў выпадку смерці вялікага князя Вітаўта не будзе шукаць сабе іншага сюзерэна, апрача караля Ўладыслава II Ягайлы і Кароны Польскай[130]. Князь Сямён Друцкі набыў вядомасць яшчэ і тым, што ў 1422 г. выдаў замуж за Ягайлу пляменніцу, дачку сваёй сястры Аляксандры і князя Андрэя Іванавіча Гальшанскага[131]. Гэта была славутая Соф’я Гальшанская. Трэба падтрымаць выснову Яна Тэнгоўскага, згодна з якой князь Сямён Друцкі быў сынам Дзмітрыя Альгердавіча[132]. (Аднак не ад Ганны, як лічыць згаданы даследчык[133], а ад  іншай жонкі. Іначай чым растлумачыць той факт, што Сямён не быў унесены ў Любецкі сінодзік разам з Міхаілам і Іванам, сынамі Дзмітрыя Альгердавіча і Ганны?)

На карысць паходжання Сямёна Друцкага ад Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага можна прывесці наступныя факты. Ян Длугаш паведамляе[134], што Ягайла знаходзіўся ў трэцяй і чацвёртай ступенях сваяцтва са сваёй чацвёртай жонкай Соф’яй. Калі ўзяць пад увагу, што Соф’я была дачкой сястры Сямёна Дзмітрыевіча і прыняць, што яе маці была дачкой Дзмітрыя Альгердаві­ча, сапраўды атрымліваецца, што Соф’ю Гальшанскую лучыла з Ягайлам трэцяя ступень сваяцтва[135]. Чацвёртая датычылася, праўдападобна, рода Гальшанскіх. Другі, дадатковы аргумент звязаны з геральдыкай. Ю. Пузына звярнуў увагу на падабенства знакаў, якімі карысталіся князі Друцкія, да знакаў Альгерда і Гедымінавічаў[136]. Ён таксама трапна заўважыў, што напрыканцы XIV— на пачатку XV ст. Друцкія рэгулярна займалі вельмі высокія, у ліку першых, месцы сярод сведкаў міжнародных дагавораў. Між іншым ён адзначыў, што спаміж князёў–сведкаў Салінскага трактата няма аніводнага князя нелітоўскага пахо­джання[137]. Варта нагадаць, што ў пералік быў упісаны Іван Друцкі.

Такім чынам, можна ўпэўнена сцвярджаць, што галіна Друцкіх, якую Ю. Вольф вызначыў як малодшую[138], вядзе сваё паходжанне ад Дзмітрыя Альгердавіча праз яго сына Сямёна. Старэйшая ж галіна не была звязана з Альгердавічамі. Ю. Вольф на падставе расійскіх радаводаў выводзіў яе ад Васіля Міхайлаві­ча[139]. Мяркуючы па ўсім, яна вядзе свой пачатак ад старога друцкага княскага рода. Яго прадстаўнік Даніла жыў недзе на пачатку XIV ст. ці нават раней, і на сёння гэта першы вядомы нам гістарычны друцкі князь эпохі Вялікага Княства Літоўскага. На карысць мясцовага паходжання старэйшай лініі Друцкіх гаворыць, між іншым, і тое, што калі прадстаўнікі малодшай галіны займалі высокія месцы сярод князёў Вялікага Княства Літоўскага, дык Друцкія старэйшай галіны не мелі такога пры­знання. Іх дзейнасць, відаць, абмяжоўвалася сваім вузкім рэгіёнам і мясцовымі інтарэсамі, і яны толькі зрэдку з’яўляюцца ў крыніцах. У найвышэйшыя сферы тытулаванай знаці і палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага яны не мелі доступу. Паказальна, што князі менавіта з гэтай галіны выехалі ў 1508 г. у Маскву.


[1] Друцк старажытны: Да 1000–годдзя ўзнікнення горада. Мінск, 2000; Друцк летапісны. Друцкае евангелле. Мінск, 2001.
[2] Древнему Друцку 1000 лет: Материалы к научно–практической конференции. Витебск, 2001.
[3] Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 32. Москва, 1975. С. 130; Т. 35. Москва, 1980. С. 129, 146, 194.
[4] Тамсама. Т. 32. С. 24—25, 132; Т. 35. С. 92, 131, 148, 176, 196, 217.
[5] Тамсама. Т. 32. С. 25, 132; Т. 35. С. 92, 131, 148, 176, 196, 217.
[6] Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV — XVI ст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 84, 85; Яго ж. Друцкае княства і князі Друцкія // Друцк старажытны: Да 1000–годдзя ўзнікнення горада. С. 49.
[7] Ochmański J. Nad Kronik№ Bychowca // Studia Żródłoznawcze. T. XII. 1967. S. 159; Гл. таксама: Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969. С. 156—158.
[8] Boniecki A. Poczet rodów w Wielkiem Księstwie Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887. S. 56; Wolff J. Kniaziowie litewsko–ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 58; Kuźmińska M. Olbracht Marcinowicz Gasztołd // Ateneum Wileńskie. 1928. Zesz. 14. S. 126, 174.
[9] Пластыка Беларусі XII—XVIII ст.: Альбом. Мінск, 1983. Іл. 153, 154.
[10] Sokołowski M. Dwa gotycyzmy wileсski i krakowski w architekturze i zіotnictwie i źródła ich znamion charakterystycznych // Sprawozdania Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce. T.VIII. Kraków, 1912. S. 12.
[11] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Królewiec, 1582. S. 283—284.
[12] Ibid. S. 283.
[13] Ibid. S. 639, 676.
[14] Ibid. S. 639.
[15] Гл.: Хроника Быховца. С. 149, 150.
[16] Wolff J. Kniaziowie litewsko–ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 96, 115.
[17] Гл.: Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32. С. 165.
[18] Niesiecki K. Herbarz Polski. T. 3. Lipsk, 1839. S. 409.
[19] Гл.: Kojałowicz W. Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego tak zwany Compendium. Kraków, 1897. S. 45.
[20] Stryjkowski M. Op. cit. S. 639.
[21] Hiesiecki K. Op. cit. S. 409.
[22] Ibid.
[23] Ibid. T. 7. Lipsk, 1841. S. 177.
[24] Власьев Г.А. Князья Острожские и Друцкие // Известия Русского генеалогического общества. Вып. 4. С.–Петербург, 1911. С. 1.
[25] Александров Д.Н., Володихин Д.М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках. Москва, 1994. С. 25. Радавода Друцкіх, які Д. Аляксандраў прыпісвае  хроніцы М.Стрыйкоўскага, у ёй увогуле няма.
[26] Долгоруков П.В. Российская родословная книга. Ч. 1. С.–Петербург, 1854. С. 130—131.
[27] Тамсама. С. 132, 133.
[28] Петров П.Н. История родов русского дворянства. Т. 1. С.–Петербург, 1886. С. 45—50.
[29] Древний помянник Киево–Печерской лавры (конца XV и начала XVI столетия) // Чтения в Историческом обществе Нестора летописца (далей — ЧИОНЛ). 1892. Кн. 6. Приложение. С. IX.
[30] Тамсама. С. 31—32.
[31] Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795. Kraków, 1885. S. 19.
[32] Древний помянник Киево–Печерской лавры (конца XV и начала XVI столетия). С. 31.
[33] Де Витте Е.И. Комментарии к древнейшим помянникам Киево–Печерской лавры и Киево–Златоверхо–Михайловского монастыря // ЧИОНЛ. 1914. Кн. 24. Вып. 1. Приложение. С. 83.
[34] Wolff J. Kniaziowie… S. 56—61; Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх… С. 90—96; Яго ж. Друцкае княства… С. 52—56.
[35] Де Витте Е.И. Комментарии…// ЧОИНЛ. 1913. Кн. 23. Вып. 2. Приложение. С. 79.
[36] ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1962. С. 881.
[37] Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх… С. 85.
[38] Александров Д.Н., Володихин Д.М. Борьба… С. 25—28.
[39] Приселков М.Д., Фасмер М.Р. Отрывки В.Н. Бенешевича по истории русской церкви XIV века // Известия Отделения русского языка и словесности императорской Академии Наук. 1916. Т. 21. Кн. 1. С. 58.
[40] Воскресенская летопись // ПСРЛ. Т. 7. С.–Петербург, 1856. С. 206; Патриаршая или Никоновская летопись // Тамсама. Т. 10. С.–Петербург, 1885. С. 211; Летопись Авраамки // Тамсама. Т. 16. С.–Петербург, 1889. С. 73.
[41] Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV—XVI вв. (далей — ДДГ). Москва — Ленинград, 1950.  № 3. С. 14.
[42] Paszkiewicz H. O genezie i wartości Krewa. Warszawa, 1938. S. 313; Насевіч В. Род князёў Друцкіх… С. 85.
[43] Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. Вып. 1. Москва, 1977. № 6. С. 44.
[44] Тамсама. Вып. 3. Москва, 1980. С. 149.
[45] З пяці населеных пунктаў, згаданых у запісе, удалося ідэнтыфікаваць чатыры. Цяпер гэта: Мураўнічы — вёска Маціёўскага сельсавета Талачынскага р–на Віцебскай вобл. (15 км на паўночны захад ад Друцка); Відзенічы — вёска Алёнавіцкага сельсавета таго ж раёна (25 км на поўнач ад Друцка); Якімаўка („лукъно Якимово“) — вёска Халопеніцкага пасялковага савета Крупскага р–на Мінскай вобл. (45 км на паўночны захад ад Друцка); Худава — вёска Кастрычніцкага сельсавета таго ж раёна (55 км на паўночны захад ад Друцка). „Поротвина земля“ гіпатэтычна атаясамліваецца з урочышчам Ператоўшчына за 20 км на захад ад Друцка. У перадапошнім выпадку цікава адзначыць, між іншым, ранняе замацаванне на пісьме акання („на Худаве“).
[46] Белы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1999. С. 297—298.
[47] Wolff J. Ród Gedimina. Kraków, 1886. S. 20—21; Ejusdem. Kniaziowie… S. 366.
[48] Puzyna J. Potomstwo Narymunta Gedyminowicza // Miesięcznik Heraldyczny (MH). 1931 (Rocznik X). Nr 7—8. S. 135.
[49] Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. Т. 11. Вильна, 1880. № 18. С. 42. Тое самае: Сапунов А.П., Друцкий–Любецкий В. Материалы по истории и географии Дисенского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск, 1896. Приложения. № 19. С. 35.
[50] Codex epistolaris Vitoldi (CEV). Cracoviae, 1882. Nr 30. P. 10—11.
[51] Stryjkowski M. Op. cit. S. 475.
[52] CEV. Nr 35. P. 13.
[53] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. С.–Петербург, 1863. № 2. С. 2.
[54] Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском. Вильна, 1867. С. 232.
[55] Wolff J. Ród Gedimina. S. 21; Ejusdem. Kniaziowie… S. 366.
[56] Puzyna J. Potomstwo… S. 136.
[57] Długosz J. Roczniki czyli kroniki sławnego Królestwa Polskiego. Ks. 10. Warszawa, 1981. S. 244—245.
[58] Stryjkowski M. Op. cit. S. 488.
[59] Długosz J. Roczniki… Ks. 10. S. 245.
[60] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Poznań—Wrocław, 1999. S. 26.
[61] Ibid. S. 25.
[62] Die Chronik Wigands von Marburg // Scriptores Rerum Prussicarum (SRP). T. 2. Leipzig, 1863. P. 518.
[63] Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV ст. Киев, 1895. С. 317 (прим. 3).
[64] Dlugossius I. Historiae Polonicae libri XII // Opera omnia. T. XII. Cracoviae, 1876. P. 247.
[65] Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa. T. 1: Litwa a Moskwa w XIII i XIV wieku. Warszawa, 1933. S. 386 (przyp. 3).
[66] Die Chronik Wigands von Marburg. P. 519.
[67] Ластовский Г.А. Политическое развитие Смоленской земли в конце XIII— начале XVI веков. Минск — Смоленск, 2001. С. 44.
[68] Wolff J. Ród Gedimina. S. 20; Ejusdem. Kniaziowie… S. 366.
[69] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 25; Nikodem J. Narymunt Giedyminowicz i jego uposazenie // Scriptura custos memoriae. Prace historyczne. Poznań, 2001. S. 622.
[70] Рогожский летописец // ПСРЛ. Т. 15. Вып. 1. Петроград, 1922. Ст. 60—61; Симеоновская летопись // Тамсама. Т. 18. С.–Петербург, 1913. С. 97—98.
[71] Тамсама.
[72] Wolff J. Kniaziowie… S. 160.
[73] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 215—216.
[74] Ibid. S. 39.
[75] Vide: Nikodem J. Op. cit.
[76] Рогов А.И., Покровский Н.Н. Собрание рукописей академика М.Н. Тихомирова, переданное Сибирскому отделению АН СССР // Археографический ежегодник за 1965 год. Москва, 1966. С. 162; Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. Москва, 1968. С. 9.
[77] Тихомиров М.Н. Послание белорусского Пимена // Неделя. 1965. № 36. С. 9.
[78] Запіс некалькі разоў друкаваўся. Гл., напр.: Рогов А.И., Покровский Н.Н. Собрание… С. 162; Тихомиров М.Н. Описание … С. 9, 11; Друцк старажытны: Да 1000–годдзя ўзнікнення горада. С. 120; Друцк летапісны. Друцкае евангелле. С. 270, 271. Тым не менш паўнавартаснай навуковай публі­кацыі помніка няма і да сённяшняга дня.
[79] Гэтае пытанне — праўда, без канчатковага вырашэння — ужо ставілася ў літаратуры. Гл.: Аляксееў Л.В. Старажытны Друцк // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973. № 3. С. 19.
[80] Аўтар, на жаль, не меў магчымасці азнаёміцца з арыгіналам рукапісу, які зберагаецца ў Навасібірску. Таму яго назіранні грунтуюцца на апублікаваных фотаздымках, а таксама мікрафільмаванай копіі Друцкага евангелля, якая захоўваецца ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі пад сігнатурай Фр 27.
[81] Сперанский М.Н. Русские подделки рукописей в начале XIX века (Бардин и Сулакадзев)// Проблемы источниковедения. Т. 5. Москва, 1956. С. 64, 66, 67, 69, 70—71; Яго ж. К истории русских рукописных подделок // Доклады Академии Наук СССР. 1928. Серия В. С. 183.
[82] Сперанский М.Н. К истории… С. 181.
[83] Сперанский М.Н. Русские подделки… С. 63; Яго ж. К истории… С. 183. Прим. 1.
[84] Тихомиров М.Н. Описание… С. 16.
[85] Гл.: Огієнко Ів. Молитовник кн. Володимира Великого з 999 р.// Стара Україна. 1925. № 5. С. 83, 84, 85.
[86] Гл.: Тамсама.
[87] Заяц Ю.А. Друть и Друцк // Древнему Друцку 1000 лет: Материалы к научно–практической конференции. С. 20.
[88] Гл., напр.: Новгородская Четвертая летопись // ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. Вып. 1. Петроград, 1915. С. 297; Воскресенская летопись // Тамсама. Т. 8. С.–Петербург, 1859. С. 19; Патриаршая или Никоновская летопись // Тамсама. Т. 11. Москва, 1965. С. 17; Типографская летопись // Тамсама. Т. 24. Петроград, 1921. С. 128.
[89] Ермолинская летопись // ПСРЛ. Т. 23. С.–Петербург, 1910. С. 117; Летописный свод 1518 г. (Уваровская летопись) // Тамсама. Т. 28. Москва — Ленинград, 1963. С. 238.
[90] Указатель к первым осьми томам Полного собрания русских летописей. Отдел первый. С.–Петербург, 1898. С. 299.
[91] Puzyna J. O pochodzeniu kniazia Fedka Nieświzkiego // MH. 1911 (Rok IV). Nr 5—6. S. 79; Kuczyński S.M. Ziemie Czernihowsko–Siewierskie pod rządami Litwy. Warszawa, 1936. S. 152 (przyp. 327), 153; Paszkiewicz H. O genezie i wartości Krewa. S. 314; Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 74.
[92] ДДГ. № 6. С. 22. Некаторыя гісторыкі, якія вывучалі і публікавалі грамату, адносілі яе да 1371 г. Такога  датавання прытрымліваўся і аўтар выкарыстанага выдання Л.У. Чарапнін. Абгрунтаваную крытыку яго пункта гледжання гл.: Кучкин В.А. Русские княжества и земли перед Куликовской битвой // Куликовская битва: Сборник статей. Москва, 1980. С. 90—91.
[93] Софийская Первая летопись // ПСРЛ. Т. 5. С.–Петербург, 1851. С. 251; Воскресенская летопись // Тамсама. Т. 8. С.–Петербург, 1859. С. 73; Тверской сборник // Тамсама. Т. 15. Москва, 1965. С. 458.
[94] Новгородская Четвертая летопись // ПСРЛ. Т. 4. С.–Петербург, 1848. С. 142.
[95] Puzyna J. Pierwsze wystąpienia Korjatowiczów na Rusi Południowej // Ateneum Wileńskie (AW). 1938 (R. XIII). Zesz. 2. S. 18; Kuczyński S.M. Op. cit. S. 152 (przyp. 327).
[96] Псковские летописи. Вып. 1. Москва — Ленинград, 1941. С. 18—19; Тамсама. Вып. 2. Москва, 1955. С. 24—25, 95—96.
[97] Stryjkowski M. Op. cit. S. 476.
[98] Хмыров М.Д. Алфавитно–справочный перечень удельных князей русских и членов царствующего дома Романовых. Половина первая. С.–Петербург, 1871. № 287. С. 21.
[99] Wolff J. Ród Gedimina. S. 90—92, 152—153.
[100] Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków. T. 1. Lwów, 1887. Nr 17. S. 16.
[101] H. de Wartberge. Chronicon Livoniae // SRP. T. 2. P. 105.
[102] Симеоновская летопись // ПСРЛ. Т. 18. С.–Петербург, 1913. С. 129; Патриаршая или Никоновская летопись // Тамсама. Т. 11. Москва, 1965. С. 45.
[103] На тое, што Дзмітрый старэйшы быў „найбліжэйшы“ да Андрэя Полацкага, ужо звярталася ўвага ў літаратуры: Kuczyński S.M. Op. cit. S. 200.
[104] ПСРЛ. Т. 32. С. 147; Там жа. Т. 35. С. 71, 89, 101, 137, 159, 185, 206, 228.
[105] Puzyna J. Korjat i Korjatowicze // AW. 1930 (R. VII). Zesz. 3—4. S. 437.
[106] Повести о Куликовской битве. Москва, 1959. С. 56, 180.
[107] Тамcама. С. 90.
[108] Тамсама. С. 457.
[109] Tęgowski J. Kniaź Iwan Żedewid (Przyczynek do genealogii rodu Giedymina) // Studia historycyne z XIII—XV wieku. Olsztyn, 1995. S. 133.
[110] Ibid. S. 134; Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 78.
[111] Древняя российская вивлиофика. Ч. VI. Изд. 2–е. Москва, 1788. С. 452.
[112] Кузьмин А.В. Родословная князя Дмитрия Михайловича Боброка–Волын­ского // Дмитрий Донской и эпоха возрождения Руси. События, памятники, традиции: Труды Юбилейной научной конференции. Тула, 2001. С. 130. Выказваю шчырую падзяку А. Кузьміну за кансультацыі.
[113] Повести о Куликовской битве. С. 135.
[114] CEV. Nr 13. P. 4.
[115] Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх… С. 90—91.
[116] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 78.
[117] ПСРЛ. Т. 32. С. 150.
[118] Тамсама. Т. 35. С. 63, 69, 87, 99, 113, 135, 157, 183, 204, 226.
[119] CEV. Nr 101. P. 32; Gumowski M. Pieczęcie Ksążąt Litewskich // AW. 1930 (R. VII). Zesz. 3—4. S. 704.
[120] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 77.
[121] Ibid. S. 75, 78.
[122] Skarbiec diplomatów / Zebr. I. Danłіowicz. T. 1. Wilno, 1860. Nr 695. S. 315.
[123] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 79.
[124] Новгородская Четвертая летопись // ПСРЛ. Т. 4. С.–Петербург, 1848. С. 104; Софийская Первая летопись // Тамсама. Т. 5. С.–Петербург, 1851. С. 251; Воскресенская летопись. С. 73; Тверская летопись // ПСРЛ. Т. 15. Москва, 1965. С. 458.
[125] Puzyna J. Korjat i Korjatowicze. S. 431 (przyp. 29).
[126] Зотов Р.В. О черниговских князьях по Любецкому синодику и черниговском княжестве в татарское время // Летопись занятий Археографической комиссии. 1882—1884 г. Вып. 9. С.–Петербург, 1893. С. 28.
[127] Новгородская Четвертая летопись. С. 142; Софийская Первая летопись. С. 251; Воскресенская летопись. С. 73.
[128] Wolff J. Kniaziowie… S. 57.
[129] Насевіч В.Л. Друцкае княства… С. 58.
[130] Сборник Муханова. Изд. 2–е, дополненное. С.–Петербург, 1866. № 350. С. 622; тое самае: Akta unji Polski z Litwą / Wyd. St. Kutrzeba, Wі. Semkowicz. Kraków, 1932. Nr 40. S. 42 .
[131] Хроника Быховца. С. 149.
[132] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 76, 79—80.
[133] Ibid. S. 75.
[134] Dіugosz J. Roczniki… Ks. 11. Warszawa, 1985. S. 165.
[135] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 76.
[136] Puzyna J. O pochodzeniu kniazia Fedka Nieświzkiego. S. 77—80. Гл. таксама: Gumowski M. Op. cit. 709—710, tabl. IV, nr 31—32.
[137] Ibid. S. 80.
[138] Wolff J. Kniaziowie. S. 56.
[139] Ibid.

Наверх

Ігар Клімаў. Да біяграфіі Васіля Цяпінскага

27 снежня, 2002 |


З усіх дзеячоў беларускай даўніны постаць Васіля Цяпін­скага, напэўна, найменш вядомая. І гэта пры тым, што пера­кладчыцкая і выдавецкая справа Цяпінскага ставiць яго ў адзін шэраг з выдатнымі асветнікамі Беларусі. Але ён не толькі паслядоўнічаў справе сваіх славутых папярэднікаў (і значнай колькасці сваіх сучаснікаў), але шмат у чым пайшоў далей за іх.

Звесткі пра асобу Цяпінскага вельмі сціплыя і няпэўныя, нават час яго жыцця нельга вызначыць дакладней, чым 2–я палова XVI ст. У Літоўскай метрыцы адшуканы цэлы шэраг згадак пра Цяпінскага, але няма ўпэўненасці, што ўсе яны датычаць менавіта той асобы, якая пераклала і выдала Евангелле. Сябе Цяпінскі называе толькі аднойчы, у прадмове да Евангелля, якая захавалася ў адзіным рукапісе, што паходзіць са скрыпторыя Супрасльскага манастыра (Падляшша): Василеи Тяпинскіи. Апрача таго, вядомы адзін дрэварыт (дакладней, яго копія) з выявай Цяпінскага і подпісам Василь Тяпинскии[1]. Некалькі разоў Цяпін­скага як свайго аднадумца згадвае ў шэрагу твораў вядомы беларускі пратэстант Сымон Будны (называе яго: Basilem Ciapińskim, Wasila Ciapińskiego), з чаго вынікае, што Цяпінскі належаў да пратэстанцкага руху[2]. Пра гэта сведчыць і справа, якой займаўся Цяпінскі — пераклад ды выданне Св. Пісьма на народную мову. У сваёй прадмове да Евангелля Цяпінскі скрозь гаворыць пра „Навуку Слова Божага“, што таксама было тыпова для пратэстанцкага дыскурса.

Сціпласць гістарычных звестак пра Цяпінскага тлумачыцца, напэўна, тым, што пратэстантызм у Беларусі быў прынесенай з’явай і заставаўся вызнаннем меншасці. Хоць гэта была актыўная і адукаваная меншасць, пратэстанцкія супольнасці былі ізаляваныя ад іншых асяродкаў, што трымаліся традыцыйных вызнанняў, і жылі сваім адасобленым жыццём. Актыўнасць збору часта праходзіла ў баку ад афіцыйных устаноў і інстытуцый, і толькі па асобных культурных фактах кшталту літаратурных твораў ці перакладаў можна даведацца пра яе. Таму дзейнасць збору знаходзіла мінімальнае адлюстраванне ў публічных актах і толькі ўскосна набывала фіксацыю ў афіцыйным справаводстве, з нагоды, напрыклад, спраў вакол маёмасці. Больш надзейнымі крыніцамі звестак пра Цяпінскага магла б стаць эпі­сталярная і дакументальная спадчына польска–беларускай Рэфармацыі, але яна ў поўным аб’ёме яшчэ неда­статкова вывучаная.

Усе звесткі пра Цяпінскага, вядомыя на сённяшні дзень, можна падзяліць на дзве нераўнамерныя часткі. Да першай адносіцца толькі некалькі крыніц, што апавядаюць пра дзейнасць польска–літоўскіх антытрынітарыяў. Яны праліваюць святло на найбольш важны аспект бія­графіі Цяпінскага — яго канфесійнае становішча. Сведчанні гэтых крыніц цалкам адпавядаюць характару перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасці Цяпінскага, якая вялася ў пратэстанцкім духу. Менавіта гэтыя сведчанні заслугоўваюць найбольшага даверу, чаго нельга сказаць пра другую частку звестак. Яны складаюцца са шматлікіх згадак пра Васіля Цяпінскага (або Цяпіна) ці проста Цяпінскага, а таксама Цяпінскіх з іншымі імёнамі, знойдзеных у розных юрыдычных і гаспадарчых дакументах сярэдзіны XVI — пачатку XVII ст., галоўным чынам у Літоўскай метрыцы. Усе гэтыя звесткі, як паказаў у свой час Лявіцкі, што найбольш крытычна падышоў да іх ацэнкі, „не можна зараз же тулити … до особи загадкового перекладача … Євангелїя, коли … немає виразного свідоцтва, що то власне про його йде мова…“[3]. А якраз такога сведчання пазбаўленыя згадкі гэтай часткі крыніц. Патрэбна адмысловая інтэрпрэтацыя, каб звязаць іх з асобай перакладчыка Евангелля ці наадварот, адхіліць зусім.

Асноўны масіў дакументаў, дзе згадваецца імя Цяпінскага, са­браў і абагуліў яшчэ напрыканцы XIX ст. М. Доўнар–Запольскі[4]. Паводле гэтых крыніц маёнткі Цяпінскага былі раскіданыя па розных кутках Беларусі: не толькі на Полаччыне, дзе існавала вёска з назвай Цяпіна (пад Чашнікамі), але на Міншчыне, Лідчыне, Віленшчыне і нават на пад Кіевам. З гэтых звестак вынікала, што Васіль Цяпінскі належаў да дробных землеўлас­нікаў, цярпеў ад самавольства заможных паноў і быў абмежаваны ў сродках. Дарэчы прыйшліся і нараканні самога Цяпінскага ў прадмове да Евангелля на абмежаванасць яго сродкаў і згадкі пра значныя высілкі дзеля выдання Евангелля[5].

Высновы Доўнара–Запольскага былі, аднак, узятыя пад сумнеў А. Лявіцкім[6]. Разбіраючы дакументы XVI ст., што пахо­дзяць з Валыні, ён знайшоў у іх вялікую колькасць згадак пра нейкага Васіля Цяпінскага. Супастаўленне гэтых крыніц з матэрыялам Доўнара–Запольскага вымушала прызнаць, што Цяпін­скі адначасова знаходзіўся ў розных мясцінах. Таму Лявіцкі за­ключыў, што „в другій половинї XVI в. істнував не один Василь Тяпинський, а одночасно їх було два“[7]. Гэта было натуральнай з’явай для шляхецкіх родаў ва ўмовах здрабнення феадальнага землеўладання[8]. З гэтай прычыны, сцвярджаў Лявіцкі, нельга давяраць ніводнаму акту, дзе згадваецца прозвішча Цяпінскага, калі „актові матеріяли не подають задля сього найменьшої підстави … про те, щоб той або инший Тяпинський хоч як небудь дотикався до літературних чи друкарських справ“[9]. Адсюль усе матэрыялы Доўнара–Запольскага, на думку Лявіцкага, губляюць сваю доказную сілу, бо ў іх няма „хочай би малого натяку на те, що се був власне той самий Тяпинський, що переклав і видав Євангелїє“[10].

Больш за тое, у нядаўняй працы У. Вяроўкіна–Шалюты[11] было паказана, што і сярод гэтых шляхцічаў Цяпінскіх з Беларусі ёсць два Васілі: „раней усё, што ведама пра Васіля Цяпінскага, прыпісвалася аднаму чалавеку, а іх было два“[12]. На падставе розных крыніц даследчык здолеў рэканструяваць генеалогію роду Цяпінскіх у XVI ст. і звязаць яго паходжанне з родам Слушкаў, вядомага з пачатку XVI ст. Ён высветліў, што ў братоў Мікалая і Матэя Цяпінскіх былі сыны, якія абодва насілі імя Васіль, і паставіў пытанне, хто з іх з’яўляецца перакладчыкам і выдаўцом Евангелля[13].

Хоць Лявіцкі заклікаў гісторыкаў да пэўнай асцярожнасці пры інтэрпрэтацыі крыніц, звязаных з Цяпінскім, аднак яго заклікі так і не былі ўзятыя пад увагу большасцю аўтараў, якія пісалі пра беларускага пратэстанта[14]. Па словах Лявіцкага, яны „звертались до инших історичних та литературних джерел і все, що тільки знаходили там про Василя Тяпинського, не вагаючись, прикладали до його особи“[15]. У выніку беларускаму пера­кладчыку было прыпісана шмат фактаў, якія ў сапраўднасці не маюць да яго дачынення.

Так, зусім невядома, якое імя па бацьку сапраўды меў Васіль Цяпінскі, „гэта ўжо пазьнейшыя дасьледчыкі яго творчасьці надалі яму бацьку Мікалая“[16], на той падставе, што ў другой палове XVI ст. адзін з уладальнікаў маёнтка Цяпіна, Мікалай Цяпінскі, меў сына Васіля. Аднак, як высветліла даследаванне Вяроўкіна–Шалюты, на Беларусі ў адну эпоху існавала два Васілі: стрыечныя браты Васіль, сын Матэя Цяпінскага, і Васіль, сын Мікалая Цяпінскага. І з актаў зусім не вынікае, хто з іх спрычыніўся да перакладу і выдання Евангелля. Другая частка (Амельяновіч) падвойнага прозвішча, якое настойліва надаюць Цяпінскаму, была звязана ўсяго толькі з назваю маёнтка (відаць, не родавага) у Латыголічах, але няма ўпэўненасці, што назва гэтага маёнтка ўваходзіла ў склад родавага прозвішча Цяпінскага[17]. Відаць, правільна лічыць, што прозвішча беларускага перакладчыка звязана з тапонімам Цяпіна[18], але няма ніякіх сведчанняў, што той Цяпінскі, які паводле розных крыніц дзейнічаў у Цяпіне, меў дачыненне да перакладу і друкарскіх спраў. Аднак усе такія „звесткі“ пра Цяпінскага надзейна замацаваліся ў даведніках і энцыклапедыях і падаюцца ў іх на правах ледзь не фактаў, хоць на самай справе яны ўяўляюць сабой толькі меркаванні ці гіпотэзы.

Кіруючыся папярэджаннямі Лявіцкага, „рішучо остерігавшого, щоб не валити всіх Тяпинських в одно“[19], трэба з належным крытыцызмам ставіцца да сведчанняў дакументальных крыніц і па–новаму ацэньваць іх вартасць. Адзіна надзейнымі трэба прызнаць толькі згадкі з пратэстанцкага лагера, якія характарызуюць Цяпінскага як удзельніка польска–беларускай Рэфармацыі.

Найбольшага даверу тут заслугоўваюць два сведчанні Сымона Буднага, якія ён даў мімаходзь у сваіх друкаваных творах. Пра гэта навуковаму свету паведаміў А. Брукнер[20], услед за якім гэтыя звесткі пачалі цытаваць іншыя аўтары[21]. Першая з іх знаходзіцца ў катэхізісе, што выдаў Будны пад назваю „O przedniey­szych wiary christiańskiej artikulech“ (Лоск, 1576), і паведамляе пра сход у 1574 г. аднадумцаў Буднага ў доме Васіля Цяпінскага[22]. Другая згадка знаходзіцца ў зборніку трактатаў Буднага пад назвай „O urzędzie miecza uїywającem“ (Лоск, 1583) і апавядае пра дыскусію па важным тэалагічным пытанні паміж Васілём Цяпінскім і двума вядомымі антытрынітарыямі — Мартынам Чаховічам і Аляксандрам Вітрэлінам, што адбылася ў 1578 г. на сустрэчы беларускіх і польскіх антытрынітарыяў у Лоску[23]. Апрача заўваг Буднага вядома і адна дакументальная натацыя пра нейкага Цяпінскага, які ў 1569 г. прымаў удзел у пратэстанцкім сінодзе ў Бэльжыцах[24]. Такім чынам, паводле гэтых крыніц Цяпінскі з канца 1560–х г. належаў да пратэстанцкага руху і быў прыхільнік ідэй Буднага.

Сведчанні, узятыя з дакументаў Літоўскай метрыкі і іншых юрыдычна–гаспадарчых актаў беларускага і ўкраінскага пахо­джання[25], можна аб’яднаць у некалькі груп. Кожная група згадак апавядае пра адну асобу (ці адно кола асоб), што насіла прозвішча Цяпінскі, аднак пакуль няясна, якое дачыненне ўсе яны маюць да перакладчыка і выдаўца Евангелля. Таму вядомыя згадкі, якія ніжэй падаюцца па групах у хранала­гічным парадку, не трэба разглядаць як дакументальны жыццяпіс беларускага пратэстанта.

Найбольш раннія з вядомых згадак прозвішча Цяпінскі ў XVI ст. паходзяць з канца 20–х г. У недатаваным дакуменце 1529 г. згадваецца „баярын трокскага павету“ Мікалай Амельяновіч Цяпінскі, якому віцебскі баярын Глеб Шапка разам з Васілём Рагозічам засталіся вінныя пэўную суму[26]. Але і праз дзесяцігоддзе, як сведчыць акт 1540 г., Мікалай Цяпінскі, названы цяпер ужо як „баярын гаспадарскі Полацкага павету“, усё яшчэ не мог 9 снежня 1540 г. спагнаць гэтую суму з Глеба Шапкі[27]. З гэтых крыніц вынікае, што Мікалай Цяпінскі меў маёмасць не толькі на Полаччыне, але і ў Трокскім павеце. Як „баярын зямлі полацкай“ Мікалай Цяпінскі шмат разоў (шэсць актаў ад 21 лютага 1533 г. з Полацка) згадваецца ў 16–й кнізе запісаў Літоўскай метрыкі[28]. У двух актах з гэтай кнігі ад 3 і 18 траўня 1534 г. ён разам з жонкай выступае ў судовай справе супраць пана Глеба Есмана[29]. З акта ад 12 лютага 1539 г. можна даведацца пра існаванне ў Мікалая брата Мацвея (Матэя) Цяпінскага, які падаваў на яго скаргу за абразу[30]. Відаць, да гэтай групы актаў можна далучыць „пазоўны ліст“, які быў напісаны ў студзені 1550 г. у Кракаве ад імя караля Жыгімонта–Аўгуста да ваяводзіны трокскай кн. Альжбэты Гальшанскай (народжанай Радзівіл)[31]. Яна (верагодна, пасля заканчэння тэрміну арэнды) трымала ва ўла­дзе „палавіцу“ (пэўную частку) „айчызнага“ мястэчка братоў Мікалая і Матэя Цяпінскіх, якое знаходзілася на зямлі іх маёнтка Цяпінскае, скаргу аб чым і падалі гэтыя браты разам са сваім родзічам Іванам Рыгоравічам Слушкам, кіеўскім гараднічым. Каралеўскі загад ад 13 жніўня 1563 г. надаваў Матэю Цяпінскаму „з братанічам яго“ вёску Галавенічы (14 двароў, 7 „службаў“) пад Магілёвам у якасці кампенсацыі за страту маёнтка на Полаччыне пад час акупацыі яе маскавітамі[32]. Нехта Фрэдрых Цяпінскі таксама атрымаў у 1563 г. 10 „службаў“ людзей у Барысаўскай воласці па прычыне знішчэння маскавітамі яго маёнтка[33].

Другая група дакументаў, найбольш шматлікая (14 актаў), аб’ядноўваецца згадкамі імя Васіля Цяпінскага, прычым у большасці выпадкаў няма сумневу, што гаворка ідзе пра адну асобу. Усе гэтыя акты адлюстроўваюць маёмаснае і сацыяльнае становішча Цяпінскіх, але маўчаць пра іх канфесійны стан. Зусім слушна заўважыў Доўнар–Запольскі, што „в них тщетно было бы искать определённых указаний на религиозные воззрения нашего автора“[34].

Тэстамент Матрэны Цяпінскай, складзены 9 чэрвеня 1563 г. у Вільні, апавядае пра падзел маёнтка Цяпіна з чэляддзю (прыдбанага ва ўласнасць ад яе мужа Мікалая) паміж трыма яе сынамі: Васілём, Жданам і непаўналетнім Іванам Войнам, апека над якім даручаецца Мікалаю Слушку[35]. Мімаходзь згадваецца ўнука Марына, а таксама пан Мікалай Осцік, у якога Васіль арэндаваў адзін маёнтак на тры гады і збіраўся гэты маёнтак выкупляць назаўсёды.

Развіццё гэтай калізіі можна назіраць ў чатырох актах, якія тычацца цяжбы вакол маёнтка Свіраны (Віленскі павет; 13 двароў), што быў закладзены Васілю Цяпінскаму старастам Мікалаем Осцікам. Брат памерлага старасты, Юры Осцік, у адсутнасць Цяпінскага зрабіў 18 ліпеня 1564 г. „наезд“ на гэты маёнтак, абрабаваў яго і захапіў частку ўгоддзяў. Пра гэта 19 ліпеня 1564 г. Цяпінскі падаў скаргу ў віленскі земскі „ўрад“[36] і апрача таго звярнуўся да караля. Згодна з каралеўскім мандатам і пад ўздзеяннем каралеўскага ўпаўнаважанага Осцік вярнуў Цяпінскаму захопленыя землі, але прадугледжанай мандатам кампенсацыі Цяпінскі так і не атрымаў. І таму ён звярнуўся з патрабаваннем яе ў суд. Патрабаванне было разгледжана 12 студзеня 1565 г. у пасяджэнні маршалковага суда пад час вальнага сойму ў Вільні[37]. Хоць суд і вынес пастанову аб спагнанні страт з Осціка, той нічога не плаціў. Дарэмна Цяпінскі двойчы (другі раз — 8 верасня 1566 г.) дамогся ад імя караля „напамінальнага ліста“ Осціку, дзе праз каралеўскага ўпаўнаважанага загадвалася ўвесці Цяпінскага (у якасці кампенсацыйнай меры) ва ўладанне часткай осцікавага маёнтка Казлішкі. Калі праз год упаўнаважаны Мацвей Івановіч пры сведках заявіўся на двор Осціка, каб увесці Цяпінскага ва ўладанне, Осцік ім абодвум учыніў асабістую абразу, заяву аб чым і зрабіў 6 снежня 1567 г. упаўнаважаны ў кнігу віленскага „гаспадарскага“ суда[38].

Яшчэ чатыры акты тычацца спраў Васіля Цяпінскага па двух маёнтках: Вярсоцкае (Лідскі павет; 11 цяглавых двароў і 14 чалавек чэлядзі) і Полькаўскае (Ашмянскі павет; 9 цяглавых двароў). Жонцы Ва­сіля Зоф’і Данілаўне, кн. Жыжэмскай, належала частка Вярсоцкага маёнтка, тады як другой часткай валодала яе сястра Кацярына разам са сваім мужам Васілём Міхайлавічам Скіпарам. Не раней за 1565 г., як мяркуе Доўнар–Запольскі, Зоф’я прадала ўласную частку свайму мужу. Пра гэта вядома з акта прымірэння ад 12 красавіка 1578 г. пасля спрэчкі са Скіпарамі пра падзел маёнтка[39]. Сваёй часткай маёнтка Вярсоцкае Васіль памяняўся (акт ад 28 лютага 1579 г.) з „зямянінам ашменскім“ Мікалаем Янавічам Брацішэўскім, які валодаў маёнткам Полькаўскае, запіс аб чым быў унесены ў віленскія кнігі 24 сакавіка 1579 г. Пацверджанне гэтай падзеі дае і заява Цяпінскага ад 30 сакавіка 1579 г. аб верыфікацыі яго „менаванага ліста“, які быў пашкоджаны („інкавустам замазаўся“)[40].

Ёсць згадкі, што ў 1578 г. нехта Васіль Цяпінскі быў аршанскім падстарастам[41].

Тры акты асвятляюць крымінальную справу „зямян гаспадарскіх ваяводства Полацкага“ Абраама і Канстанціна Цяпін­скіх з „баярамі“ Менскага ваяводства Гедройтамі ў мен­скім гродскім судзе[42]. У першым дакуменце ад 1 сакавіка 1600 г. заяўлена пра напад Гедройтаў, якія 27 лютага „збілі кіймі“ братоў Цяпінскіх у стадоле „на Кройску“. Цяпінскія ехалі на той час з маёнтка іх маці Зоф’і, кн. Жыжэмскай, у Полацк на суд (які меў адбыцца 1 сакавіка 1600 г.) з „зямянамі гаспадарскімі“ Полацкага павета Іванам і Васілём Мацвеевічамі[43] Цяпінскімі па справе „аб забіцці цераз іх айца нашага пана Васіля Цяпінскага“. З акта 9 сакавіка 1600 г. аб асведкаванні ран і пабояў, якія ўчынілі ім Гедройты (пра што было ўпісана 18 сакавіка 1600 г. у кнігі менскага гродскага суда), можна даведацца, што Абраам і Канстанцін выехалі з маёнтка сваёй маці 7 лютага 1600 г. З трэцяга дакумента высвятляецца і назва гэтага маёнтка — Латыголы (Менскі павет), які адначасова меў найменне Амельяноўшчына. У гэтым дакуменце бацька двух малодшых Гедройтаў скардзіцца 30 сакавіка 1600 г. у менскі гродскі „ўрад“ на Канстанціна Цяпінскага, які 23 сакавіка 1600 г. напаў на Гедройтаў у той самай зла­шчаснай стадоле, збіў іх і абрабаваў.

Вядома крыніца[44], згодна якой спадчыну Васіля Цяпінскага — маёнтак Цяпіна — дзеляць двое яго сыноў Абрам і Тобіяш. Недзе ў 1603 г. Тобіяш захапіў „сядзібу старую нябожчыка айца іх“ і выгнаў адтуль Абрама (названага ў гэтым акце Цяпінскім Амельянавічам). Потым, відаць, паміж імі адбылося пагадненне, паводле якога Абрам мусіў атрымаць кампенсацыю. Аднак Тобіяш дамовы не выканаў, і Абрам падаў скаргу ў полацкі гродскі суд. На пасяджэнне суда 1 студзеня 1604 г. Тобіяш не з’явіўся і быў асуджаны завочна на выплату страт і выдаткаў. Калі ў Цяпіна прыехаў пры сведках упаўнаважаны суда Балтрамей Банкоўскі, каб увесці ва ўладанне Абрама, то Тобіяш „моцна бараніў“ маёнтак і выканаць гэтага судовага прысуду не даў. 3 гэтай жа місіяй 25 чэрвеня 1604 г. наведаў Цяпіна і гродскі суддзя Ян Рагаза, але таксама беспаспяхова. У адказ на рэляцыю суддзі аб такой непаслухмянасці кароль 22 ліпеня 1604 г. выдаў ліст аб „вываланні“ (астракізме) Тобіяша з дзяржавы. Такім чынам, гэтая крыніца пацвярджае, што Васіль Цяпінскі памёр да 1603 г.

Трэцюю групу згадак імя Васіля Цяпінскага складаюць дакументы ўкраінскага паходжання, якія, на думку Лявіцкага, апавядаюць пра іншую асобу, не тоесную полацкаму шляхцічу[45]. Згадкі гэтыя знахо­дзяцца ў дзесяці актах з кніг луцкага гродскага суда[46] і ў двух кіеўскіх дакументах. У трох актах 1572 г. (адзін з 22 кастрычніка і два з 29 кастрычніка) Алена Салтанаўна, кн. Саколская, жонка (другім шлюбам) пана Васіля Цяпінскага (як даводзіць Лявіцкі, ён пайшоў да яе ў прымы)[47], скар­дзіц­ца на свайго суседа пана Мікалая Харлінскага. Усе гэтыя асобы — жыхары мястэчка Любча Луцкага павету. У сваю чаргу, Харлінскі скардзіцца ў чэрвені 1573 г. на Алену Цяпінскую. У двух іншых дакументах фігуруе не толькі Алена (4 верасня 1573 г.), але і Васіль Цяпінскі (8 верасня 1573 г.). Чатыры акты з 1574 г. (ад 2. і 10 жніўня, 22 верасня і 25 кастрычні­ка) асвятляюць спрэчку Цяпінскага і Харлінскага з Фёдарам Загароўскім наконт межавання ўгоддзяў. У акце ад 18 лютага 1576 г. пані Фядора Дзялынская скардзіцца на Васіля Цяпінскага і яго пасынка Грыгорыя Івановіча, кн. Любецкага. Няясна, ці гэтая ж самая асоба зноў узнікае пад прозвішчам Цяпінскі ў 80–х г. на Кіеўшчыне. Паводле ліста Філона Кміты–Чарнабыльскага, які ён накіраваў у студзені 1582 г. у кіеўскі земскі „ўрад“, Васілю Цяпінскаму, „прыяцелю свайму“, давяраецца выступаць ад імя Кміты ў справе па абмену аднаго сяла з кіеўскім Пустынна–Мікольскім манастыром[48]. З „памінальнага ліста“ ад 31 ліпеня 1585 г. да кіеўскага мітрапаліта Анісіфара Дзевачкі можна даведацца пра напад пад Кіевам мітрапалітавых сялян на слугу Васіля Цяпінскага, за што ён, патрабуючы кампенсацыі, выклікаў мітрапаліта на 11 верасня 1585 г. у гродскі суд[49].

Яшчэ адна група дакументальных згадак прозвішча Цяпінскага паходзіць з вайсковых попісаў Вялікага Княства Літоўскага[50]. У попісе „гаспадарскага“ войска з 1565 г. (рэестр пачаты з 9 ліпеня 1565 г.), што збіралася пад Ракавам у падначаленне кн. Мікалая Радзівіла, ваяводы трокскага, адзначаецца за 9 ліпеня 1565 г., што Матэй Амеляновіч Цяпінскі выслаў сына Мартына на кані і яшчэ аднаго каня з пахолкам (салдат–вершнік, якога мусіў выстаўляць землеўладальнік)[51]. Пры гэтай жа „дворнай“ харугве гаворыцца (запіс за 8 жніўня 1568 г.), што Васіль Цяпінскі, які выслаў пахолка на кані, „сам служыць маршалку дворнаму“[52]. Гэтая згадка знаходзіць падтрымку ў попісе земскага войска з 1567 г. (рэестр пачаты з 26 ліпеня 1567 г.), якое збіралася спачатку пад Красным Сялом, а потым каля Маладзечна, у падначаленне кн. Рыгора Хадкевіча. У за­пісе „слуг“ падканцлера і маршалка дворнага Астафея Валовіча згадваецца Васіль Цяпінскі з Менскага павету, які мусіў выстаўляць аднаго каня[53]. У адпаведным месцы гэтага попісу, пры пераліку дваран Менскага павету, зроблены запіс[54], што „Васіль Цяпінскі з Латыголіч сам служыць пану Астафею Валовічу, падканцлеру“[55]. Тамсама пацвярджаецца звестка з папярэдняга попісу наконт Матэя Цяпінскага, які паходзіць „з імення свайго з Латыголіч, у павеце Менскім“ (запіс за 6 кастрычніка 1567 г.): „сам дэй стары, а сынове служаць князю ваяводу троцкаму“[56], на той час ваяводам быў ужо Стафан Збаражскі. Між іншым, у попісе 1567 г. сустракаюцца знаёмыя прозвішчы Скіпараў, Есманаў і інш.[57]. Цікава, што ва ўхвале, якую прыняў вялікі сойм 1 траўня 1528 г. у Вільні і якая пералічвае, хто з землеўласнікаў колькі коней мае ставіць у войска, называюцца родныя браты Мікалай і Матэй Амельянові­чы, якія разам мусілі ставіць два кані[58]. Вядомы таксама рэестр (ад 1 чэрвеня 1567 г., зроблены ў Чашніках) коннай роты Філона Кміты–Чарнабыльскага, дзе згадваецца Васіль Цяпін, „таварыш“ (малодшы афіцэр, якому падпарадкоўвалася некалькі коннікаў–пахолкаў)[59].

Вёска Цяпіна знаходзіцца на межах Полацкага павету, таму „землі Цяпінскія“, або „межы Цяпінскія“ фігуруюць у розных вопісах гэтай адміністрацыйнай адзінкі[60]. Напрыклад, паводле вопісу 1564—1566 г., які складаўся ў акупаваным Полацку маскоўкімі баярамі на падставе „сыскаў“ (росшукаў), што зрабілі іх эмісары, распытваючы мясцовых жыхароў (праўда, не заўсёды прыхільных да маскавітаў, а таму, напэўна, не заўсёды і праўдзівых), вотчына пана Мікалая Цяпінскага знахо­дзілася каля самай мяжы з Віленскім паветам[61]. Пра саму вёску ў гэтым попісе (за 70–я г.) сказана як пра „сяло Ця­піна з дзярэўнямі“[62]. Складальнік карты Полацкага павету XVI ст. М.  Аглоблін адзначае каля вёскі Цяпіна (за адну вярсту) яшчэ і пагост (селішча вакол царквы, якая знаходзіцца за межамі вёскі) з той самай назваю[63]. Паводле інвентара Цяпіна са снежня 1591 г. маёнтак складаецца з трох вёсак: Мокаўская (3 двары), Прыстоі (3 двары) і Цяпінская (16 двароў і яшчэ 5 людзей з рознымі павіннасцямі)[64]. У полацкай рэвізіі 1552 г. называюцца Матэй Іванавіч і Мікалай Іванавіч Цяпінскія, якія маюць па „дворцу“ Цяпіна ў якасці „імення айчызнага“ (г.зн. спадкаемнага), чаму і абавязаны ставіць у земскае войска па кані[65]. Тут пералічана і колькасць „дымаў“ (двароў; адпаведна, 14 у першага (ды 6 чалавек „службаў“) і 12 у другога) і характар павіннасцяў, якія выконваюць няцяглыя людзі (агароднікі і кунічнікі, усяго 12 у першага і 6 у другога). У рэвізіі полацкіх царкоўных і ўладычных зямель за 1580 г. згадваецца пан Мартын Цяпінскі[66] (хутчэй за ўсё, сын Матэя Цяпінскага, высланы да войска ў 1565 г.). Між іншым, у полацкай рэвізіі 1552 г. сустракаюцца прозвішчы кн. Жыжэмскага[67], Есманаў[68]; напрыклад Марына, жонка Глеба Есмана, мае ў Полацкім павеце вёску Латыгола з людзьмі „прыхожымі“[69].

У сярэдзіне XVI ст. маёнтак Цяпіна знаходзіўся ў спадчыне Івана Слушкі, кіеўскага гараднічага, сына Рыгора Слушкі[70]. Акт, выдадзены „гаспадарскай“ канцылярыяй у 1547 г. на хадатай­ніц­тва Івана, чые дакументы загінулі пад час пажару таго самага года ў Менску, пацвяр­джае яго правы на спадчынныя маёнткі, у т. л. на „айчызнае і дзедзічнае“ Цяпіна, якое дасталася Івану ад брата Паўла[71]. Хутчэй за ўсё, Слушкі валодалі адной з вёсак, што ўваходзіла ў склад маёнтка Цяпіна. У канцы XVI ст. маёнтак Цяпіна меў у спадчыне Мікалай Слушка, у якога было трое сыноў: Мікалай, Крыштаф і Аляксандр[72]. Спачатку маентак атрымаў Мікалай, як вынікае з інвентара са снежня 1591 г., дзе між іншым сказана, што ён „тое іменне Цяпінскае здаўна само ў сабе мае“[73]. Маёнтак здаваўся ў арэнду Юрыю Наркевічу на 3 гады, а пасля смерці Мікалая ў 1597 г. ён перайшоў да Крыштафа, які ў 1603 г. прадаў яго Станіславу, кн. Свірскаму[74].

Генеалагічныя росшукі Вяроўкіна–Шалюты паказалі, што Слушкі і Цяпінскія паходзяць ад аднаго продка, Амяльяна, які атрымаў сваё шляхецтва і землеўладанне, як можна меркаваць паводле яго прозвішча, за службу (у XVI часам пісалася Служка, Служыч). У Амяльяна былі сыны Рыгор і Іван. Па Рыгору далей пайшла лінія Слушкаў, а па Івану (відаць, малодшаму сыну) — лінія Цяпінскіх (атрымалі сваё прозвішча, верагодна, таму, што ім дастаўся напачатку толькі адзін буйны ўдзел — Цяпіна, хоць частка гэтага маёнтка заставалася і ў Слушкаў).

У Івана Цяпінскага было двое сыноў — Мікалай і Матэй (Мацэй, Мацвей), апошні, відаць, быў малодшы. Ва ўладанні Мікалая знаходзіўся спадчынны маёнтак Цяпіна, у Полацкім павеце, і нейкі маёнтак у Трокскім павеце, а ва ўладанні Матэя (Мацвея) — маёнтак Латыголічы[75], у Менскім павеце, а таксама нейкая частка маёнтка Цяпіна. Аднак з часам Мікалай сваю маёмасць у Трокскім павеце, відаць, страціў, паколькі пасля яго смерці падзелу падлягала толькі Цяпіна. У 1563 г. яго жонка Матрэна падзяліла належную ёй частку Цяпіна паміж трыма сваімі дзецьмі: Васілём, Жданам і непаўналетнім Іванам Войнам, апека над якім была даручана Мікалаю Слушку, родзічу Цяпінскіх. З гэтага вынікае, што Васіль Мікалаевіч на той час ужо быў дастаткова дарослы, каб арэндаваць у пана Мікалая Осціка маёнтак, а потым з ім судзіцца ў 1564 г.

З часоў Доўнара–Запольскага лічыцца, што жонкай Васіля Мікалаевіча была Зоф’я Жыжэмская[76]. Але калі далей трымацца гэтага меркавання, то паводле новаадшуканых дакументаў (справа Гедройтаў з Цяпінскімі) трэба дапусціць, што ў Мацэя Цяпінскага было не двое, а трое сыноў, пры чым адзін з іх насіў праваслаўнае імя Іван. Апрача таго, трэба дапусціць, што Васілю Мікалаевічу з Цяпіна належала і частка Латыголіч (пра што звестак няма) і што яна была неўзабаве набытая ім пасля смерці яго бацькі (пасля 1563 г., паколькі гэтая маёмасць не адлюстраваная ў тэстаменце Матрэны Мікалаевай Цяпінскай, але да 1567 г., каб Васіль мог трапіць у вайсковы попіс у якасці зямяніна Менскага павету). Каб пазбегнуць такіх дапушчэнняў, Зоф’ю трэба лічыць жонкай Васіля Мацвеевіча Цяпінскага, пакуль не будуць адшуканыя пераканаўчыя звесткі, што яе мужам быў менавіта Васіль Мікалаевіч[77].

У Матэя (Мацвея) Цяпінскага было два сыны: Мартын і Васіль, прычым першы быў жывы яшчэ ў 1580 г. (верагодна, яму дасталася частка Цяпіна, а Васілю — Латыголічы). Жонка Васіля Мацвеевіча, кн. Зоф’я Жыжэмская, валодала часткай Вярсоцкага маёнтка; другой часткай гэтага маёнтка валодала яе сястра Кацярына, што была замужам за Васілём Скіпарам. Пасля спрэчкі са Скіпарамі Цяпінскія вырашылі з імі больш не суседнічаць і ў 1579 г. памяняліся на маёнтак Полькаўскае на Ашмяншчыне. Дзецьмі Васіля і Зоф’і паводле адной крыніцы былі Абраам і Канстанцін, а паводле другой — Абрам і То­біяш[78]. Частка Цяпіна дасталася да 1603 г. Абраму і Тобіяшу (верагодна, ад памерлага Мартына, які ў такім выпадку быў бяз­дзетны), што прывяло да спрэчкі паміж імі. Іншая частка маёнтка належала нашчадкам Мікалая, якія або далей трымалі яе, або страцілі (напэўна, да 1591 г.) на карысць Слушкаў (адзін са Слушкаў быў апекуном Войны Мікалаевіча). Васіля Мацвеевіча з Латыголіч чакала каля 1600 г. жахлівая смерць ад рукі ягоных пляменнікаў — сыноў Васіля Мікалаевіча; можна дапусціць, што яна была выклі­каная спрэчкай пры раздзеле маёмасці (хутчэй за ўсё Цяпіна)[79]. Пасля яго смерці Латыголічы перайшлі Зоф’і — відаць, маён­так быў цалкам „запісаны“ ёй, паколькі раней яна прадала „мацерысты“ маёнтак Вярсоцкае свайму мужу[80] (напэўна, таму, каб яе родныя не прэтэндавалі на Вярсокі, што складалі пасаг Зоф’і).

Але самыя важныя звесткі наконт заняткаў і спраў Васіля Мацвеевіча даюць вайсковыя попісы 1565—68 г. Паводле аднаго з іх, Васіль Цяпінскі, які паходзіць з Латыголіч у Менскім павеце, служыў пану Астафею Валовічу, заможнаму пратэктару пратэстанцкага руху на Беларусі. Тыя самыя попісы паведамляюць, што сыны Матэя Цяпінскага, які валодаў Латыголічамі, служылі ваяводзе троцкаму — Стафану Збаражскаму, яшчэ аднаму вядомаму пратэктару пратэстантызму. Дзякуючы гэтым заўвагам вайсковых попісаў, можна дастаткова надзейна звязаць сыноў Матэя Цяпінскага з лідэрамі пратэстанцкага руху Вялікага Княства Літоўскага. Але іх сувязі не абмяжоўваліся службовымі дачыненнямі, яны мелі больш блізкі характар — сваяцкі: жонка Васіля Мацвеевіча Цяпінскага, Зоф’я Жыжэмская, даво­дзілася пляменніцай Астафею Валовічу[81]. На падставе гэтых звестак можна з усёй пэўнасцю сцвяр­джаць, што перакладчыкам і выдаўцом пратэстанцкага Евангелля вы­ступаў Васіль Мацвеевіч Цяпінскі, што з Латыголіч Менскага павету, а не сын Мікалая, што з Цяпіна. Менавіта Васіль Мацвеевіч меў трывалыя і службовыя, і сваяцкія сувязі з вядомымі прыхільнікамі новай веры на Беларусі, чаго ў адносінах да Васіля Мікалаевіча не заўважана. Улічваючы даўнюю варажнечу паміж абодвума братамі, працягнутую іх на­шчадкамі, трэба заключыць, што Васіль Мікалаевіч з Цяпіна наогул не мае ніякага дачынення да перакладу і выдання Евангелля.

Якім чынам Цяпінскія з Латыголіч успрынялі пратэстанцкія ідэі — застаецца тэмай для здагадак. Лічыцца, што перакладчык Евангелля перайшоў у новую веру з праваслаўя82. Аднак цяпер існуюць некаторыя падставы для перагляду такога меркавання. Калі звярнуць увагу на імёны Мацвея, яго нашчадкаў і сваякоў (Матэй/Мацэй, Мартын, Зоф’я, Абраам, Тобіяш, Канстантын), то лёгка заўважыць, што ўсе яны маюць паланізаваную форму[83]. Наадварот, імёны Мікалая і яго сямейных захоўваюць праваслаўнае (Мікалай, Матрэна, Іван), а часам нават паганскае (Ждан, Война) паходжанне. Гэта хутчэй за ўсё сведчыць, што Матэй яшчэ ў 1–й палове XVI ст. перайшоў у каталіц­тва, а Мікалай застаўся ў праваслаўі. Таму трэба выводзіць, што ў новую веру Васіль (і, напэўна, яго брат Мартын) перавярнуўся з каталіцтва, а не з праваслаўя, ідэйна вельмі далёкага ад пратэстанцтва. Вырашальным у канвертацыі магло быць знаёмства са сваёй будучай жонкай Зоф’яй, якая, магчыма, на той момант ужо была пратэстанткай. Дзякуючы сваім роднасным сувязям, яна зрабіла свайму мужу пратэкцыю пры двары ўплывовых беларускіх магнатаў–пратэстантаў.

Відаць, менавіта Васіль Мацвеевіч быў блізкі з Філонам Кмітам–Чарнабыльскім, пад камандай якога Васіль служыў у коннай роце каля 1567 г., а ў 1582 г. на яго даручэнне выступаў у судзе. Пасаду аршанскага падстарасты Васіль Цяпінскі займаў таксама пад час староства Філона Кміты, які з 1566 г. быў старастам аршанскім (і, дарэчы, даводзіўся зяцем Рыгору Хадкевічу, іншаму буйному магнату Беларусі, які, аднак, застаўся ў праваслаўі). Варта ўлічыць, што Філон Кміта знаходзіўся ў прыяцельскіх адносінах з Астафеем Валовічам, карыстаўся яго асабістай падтрымкай, а ў 1573—74 г. ліставаў да Валовіча, які тады загадваў вялікакняскай канцылярыяй. Такім чынам, ёсць падставы звязваць дзейнасць Васіля Цяпінскага з асобай Астафея Валовіча, які перайшоў у пратэстантызм з праваслаўя (прыкладна з сярэдзіны 1550–х г., напачатку патаемна, а пазней і адкрыта).

Менавіта падтрымкай ды дапамогай Валовіча мог карыстацца Цяпінскі ў сваёй дзейнасці па выданні Евангелля[84]. Шмат чаго набліжала магната і яго службоўца. Як і Цяпінскі, Валовіч пры сваіх пратэстанцкіх поглядах цікавіўся царкоўнаславянскай спадчынай (у прыватнасці, ён разам з Рыгорам Хадкевічам фінансаваў у 1561 г. паездку манаха Ісаі ў Маскву па славянскія рукапісы[85], напярэдадні выдання ў Заблудаве вучыцельнага евангелля на царкоўнаславянскай мове). Як і Цяпінскі, Валовіч падтрымліваў кантакты з Будным і фінансаваў яго выданні (з гэтай прычыны другі кірылічны друк Нясвіжскай друкарні — „Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам“ (1562), які не дайшоў, — быў прысвечаны Валовічу). У маёнтках Валовіча знаходзілі прытулак і працу пратэстанцкія святары, аратары і пісьменнікі. Натуральна дапусціць, што Валовіч не застаўся ў баку ад перакладчыцкай справы свайго службоўца.

Аднак у прадмове Цяпінскі скардзіцца на недахоп сродкаў, дакарае „зацных паноў“ за марнатраўства і заклікае іх дапамагчы ў справе распаўсюджання „Навукі Слова Божага“. Відавочна, што такой дапамогі ад „зацных паноў“ ён не атрымаў, інакш бы трэба было чакаць дэдыкацыі мецэнату ці хоць бы нейкіх рэверансаў у яго бок. Цяпінскі ж гаворыць пра сябе як пра адзінага заснавальніка і фундатара друкарні[86]. Затое ў прадмове прысутнічаюць іншыя матывы. У творы ёсць намёкі на крыўду, ня­ўдзячнасць ды варожасць з боку нейкіх асоб[87]. Ці не з’яўляецца адной з такіх асоб магнат, што раней падтрымліваў Цяпінскага? Можна дапусціць, што Валовіч выступіў напачатку фундатарам выдання Цяпінскага, аднак потым з прычыны нейкіх разыходжанняў (пэўна, дактрынальных) спыніў сваё фінансаванне[88]. Цяпінскі, застаўшыся без матэрыяльнай падтрымкі, пачаў сваімі сіламі рыхтаваць (ці доўжыць) выданне Евангелля, цалкам вы­красліўшы былога мецэната з ліку сваіх паплечнікаў[89]. Гэтае меркаванне псіхалагічна вельмі праўдападобнае, хоць доказаў яго бракуе.

Тым не менш, у сваёй боскай справе Цяпінскі наўрад ці быў адзінокі. Апрача магната ён мог знайсці падтрымку з боку пратэстанцкай грамады, якая была зацікаўленая ў перакладным Евангеллі і магла часткова ўзяць на сябе матэрыяльныя выдаткі па яго друкаванні[90]. Хутчэй за ўсё, у пратэстанцкай грамадзе Цяпінскі адыгрываў далёка не апошнюю ролю — ён мог быць пастарам ці казнадзеем[91]. Сама дзейнасць па перакладу і выданні Евангелля (ды яшчэ з каментарамі), клопат пра пашырэнне „Навукі Слова Божага“, што скразіць у прадмове, сведчаць аб натхнёнай душапастырскай дзейнасці гэтай асобы. Менавіта пастар мог узяцца за апостальскую справу распаўсюджання Св. Пісьма і аб’яднаць намаганні цэлай грамады. Але спыненне больш істотнай матэрыяльнай падтрымкі з боку магната прымусіла Цяпінскага спыніць друк і выпусціць у свет недакончанае выданне[92].

Не вытрымлівае ніякай крытыкі меркаванне пра друк Евангелля ў маёнтку Цяпіна (ці ў яго ваколіцах)[93]. У 1563—70 г., а потым у 1579 г. гэтая мясцовасць была арэнай вайсковых дзеянняў пад час Полацкай вайны, а на працягу 1570–х г. межавала з тэрыторыяй, захопленай маскавітамі, варожымі да ўсялякіх іншаверцаў[94]. Цяжка ўявіць сабе, што ў гэты час нехта мог распачаць пратэстанцкі друк у аддаленай вёсцы, якая да таго ж знаходзілася ў небяспечнай блізкасці да маскоўскіх уладанняў і тэатра вайсковых дзеянняў.

Паводле ўжо згаданага трактата Буднага „O przednieyszych wiary christiaсskiej artikulech“ дзеячы польска–беларускай Рэфармацыі сабраліся ў 1574 г. w Litwie, w domu brata miіego Waњila Ciapiсskiego. Цяжка дапусціць, што пад „домам у Літве“ маецца на ўвазе Цяпіна на Полаччыне (якую, дарэчы, называлі „Руссю“), а польскія і беларускія пратэстанты накіраваліся туды ў перыяд маскоўскай акупацыі  Полаччыны. Больш верагодна, што падзея, апісаная Будным, адбывалася не на Полаччыне, а недзе ў Паўночна–Заходняй Беларусі, бліжэй да цэнтраў пратэстанцкага руху і буйных камунікацый.

Верагодна, там і знаходзілася друкарня Цяпінскага[95]. Аднак не абавязкова змяшчаць яе ў маёнтку Цяпінскага, як розныя аўтары робяць гэта на працягу цэлага стагоддзя. Яны звычайна спасылаюцца на прадмову Цяпінскага, але там беларускі выдавец гаворыць толькі пра выдаткі на друк ва ўласнай друкарні, заснаванай iм з убогое моее маетности [г. зн. маёмасці]. Для накладу выдання яму давялося ахвяраваць усiм тым, што было при неи [г. зн. маетности] и на именечку, але нават і пры гэтым ён застаўся ач вельмим стол вед же пред се и должачисе [г. зн. вiнны]. У прадмове Цяпінскага нідзе не сказана, што друкарня месцілася ў именечку. Таму ўстойлівае меркаванне пра друк Евангелля ў маёнтку беларускага шляхціча трэба лічыць гістарыяграфічнай прыдумкай, хоць і даволі верагоднай, але ў дадзеным выпадку не падмацаванай матэрыялам. У далейшым, пры пошуках месцазнаходжання друкарні, не варта прывязвацца толькі да маёнткаў Цяпінскага[96].

Вакол асобы беларускага перакладчыка і выдаўца Евангелля за паўтара стагоддзя навуковага знаёмства нагрувашчана шмат міфаў і проста недакладнай інфармацыі. Асноўныя гіпотэзы наконт яго бія­графіі былі створаны яшчэ дарэвалюцыйнымі вучонымі, але з таго часу не было дададзена ніводнай цікавай ідэі. У лепшым выпадку гісторыкі абмяжоўваліся канстатацыяй вядомых меркаванняў і фактаў, але не рабілі іх крытычнага асэнсавання. Між тым, актавы матэрыял, як той, што быў знойдзены яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы, так і адшуканыя ў канцы 1980–х — пачатку 1990–х г. звесткі, неадназначны. Хоць на яго падставе можна пабудаваць фрагментарную генеалогію рода Цяпінскіх у XVI ст., аднак застаюцца некаторыя пытанні. Таму браць на веру ўсе звесткі археа­графічных крыніц і адносіць іх да таго Цяпінскага, што пераклаў і выдаў Евангелле, неабачліва. Перасцярогі Лявіцкага, зробленыя яшчэ на пачатку XX ст., засхоўваюць сваю слушнасць і цяпер. Тым не менш, назапашаны на сёння актавы матэрыял здольны паглыбіць і ўда­кладніць веды пра жыццё беларускага перакладчыка і выдаўца Евангелля, які, аднак, усё яшчэ застаецца даволі загадкавай постаццю беларускай мінуўшчыны.


[1] Выява была знойдзена на пачатку XX ст. беларускiм бiблiяфiлам Р. Зямкевiчам і апублiкаваная ў 1919 г. у мiнскай газеце (Ziemkiewič R. Wasil Ciapiński // Biełaruskaje żyćcio. 1919. 14 lipnia. S. 3—4). Зямкевiч сцвярджае, што ў 1915 г. ён бачыў арыгiнал у адным з паасобнiкаў Радзiвiлаўскай (Брэсцкай) бiблii, якi быў прыплецены сярод лiстоў гэтага выдання, што захоўвалася ў Крошыне, у бібліятэцы К. Святаполк–Завадскага. Але ў 1919 г. арыгiнала ўжо не было, а замест яго iснавала копiя, зробленая алоўкам на папяроснай паперы, якую Зямкевіч сабе i перакапiяваў. Сапраўднасць дрэварыту Цяпiнскага цяпер праверыць немагчыма, хiба што праз мастацтва­знаўчую экспертызу гэтага партрэта. Пра гэтую выяву гл.: Галенчанка Г. Я. Партрэты першадрукароў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1. С. 28; Шматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў. Мінск, 1984. С. 46, 58—60.
[2] Некаторыя дарэвалюцыйныя даследчыкі лічылі, што ён быў праваслаўны, гл.: Иосиф, архимандрит. Малороссийский перевод Четвероевангелия // Духовная беседа. 1861. Т. 12—13. С. 398—400; Владимиров П. В. Доктор Франциск Скорина: Его переводы, печатные издания и язык. С.–Петербург, 1888. С. 30; Владимиров П. В. Научное изучение белорусского наречия за последние десять лет: (1886—1896) // Университетские известия. 1898. № 5. С. 58—62; Грушевський М. Історія Україны–Руси. Київ; Львів, 1907. Т. 6. Ч. 2. С. 433; Левицький О. Про Василя Тяпинського, що переклав в XVI ст. Євангелїє на просту мову: Критична розвідка // Записки Українського наукового товариства в Киї­вї. 1913. Кн. 12. С. 11—12, 19—21; Грушевський М. Культурно–національний рух на Україні в XVI—XVII віцї. Київ; Львів, 1912. С. 56; таксама гл.: Щавин­ская Л., Лабынцев Ю. Литература белорусов Польши (XV—XIX вв.). Минск, 2003. С. 45—47.
[3] Левицький О. Op. cit. С. 20.
[4] Довнар–Запольский М. В. В. Н. Тяпинский, переводчик евангелия на белорусское наречие // Известия Отделения русского языка и словесности Императорской академии наук. 1899. Т. 4. Кн. 3. С. 1031—1064. Гэты артыкул без змен перадрукаваны ў кн.: Довнар–Запольский М. В. Исследования и статьи: Собрание трудов в 2–х т. Киев, 1909. Т. 1. С. 232—256. У далейшым артыкул цытуецца паводле яго першай публікацыі.
[5] Ibid. С. 1063.
[6] Левицький О. Op. cit. С. 12—22.
[7] Ibid. С. 20.
[8] У якасці прыкладу можна прывесці сведчанне М. Грушэўскага: „На пописі шляхти Львівської землі 1621 г. на 628 загального числа шляхтичів ставилося 43 Чайкайківських, 34 Гошовських. 40 Витвицьких. На пописі Перемиської землі 1648 г. на загальне число близько 1000 шляхтичів ставилося 70 Яворьских, 46 Кульчицьких, 36 Винницьких, 23 Билинських“ (гл.: Грушевський М. Історія Україны–Руси… С. 241).
[9] Левицький О. Op. cit. С. 19.
[10] Ibid. С. 20.
[11] Вяроўкін–Шэлюта У. Васіль Цяпінскі і род Слушкаў–Цяпінскіх у 16 стагодзьдзі // Годнасьць: Выданьне згуртаваньня беларускае шляхты. 1994. № 1. С. 15—21.
[12] Ibіd. С. 19.
[13] Ibid. Даследчык звязваў вырашэнне гэтага пытання з будучымі знаходкамі новых археаграфічных крыніц.
[14] Толькі адзін М. Грушэўскі прапаноўваў не звязваць „з одним полоцьким шляхтичом–унітаріем, що мав таке імя“ другога шляхціча „серед православної украінської шляхти того часу“, згадкі пра якога адшукаў Лявіцкі, гл.: Грушевський М. З історії реліґійної думкі на Україні. Львів, 1925. С. 55.
[15] Левицький О. Op. cit. С. 20.
[16] Вяроўкін–Шэлюта У. Op. cit. С. 19.
[17] Паколькі маёнтак у Латыголычах належаў Матэю, роднаму брату Мікалая Цяпінскага, то больш падстаў называць Амельяновічам менавіта Матэя і яго нашчадкаў, а не Мікалая. Але ў тагачасных дакументах Амельяновічамі называюцца абодва браты, і Матэй і Мікалай.
[18] Саверчанка І. В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мінск, 1993. С. 8.
[19] Грушевський М. Історія української літератури. Київ, 1927. Т. 5. Ч. 2. С. 242.
[20] Brückner A. Bibliographisches: (Drei slavische russische, weißrussische, bulgarische Frühdrücke der königliche Bibliothek zu Berlin) // Archiv für slavische Philologie. 1896. Bd. 18. S. 628—629.
[21] Гл., напрыкл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1033; Левицький О. Op. cit. С. 11.
[22] Szymon Budny: O przedniejszych wiary chrystyjańskiej artykulech / Publ.: M. Macijewska, Ł. Szczucki, Z. Zawadzki. Warszawa; Łódź, 1989. S. 3, 202.
[23] Szymon Budny: O urzędzie miecza używającem; (1583) / Publ. S. Kot. Warszawa, 1932. S. 22, 231.
[24] Гл.: Zachorowski S. Najstarsze synody arjan polskich z rękopisu kołoszwarskiego // Reformacja w Polsce. 1921. Rocz. 1. S. 333; Akta synodów różnowierczych w Polsce. T. 2: (1560—1570) / Publ. M. Sypayłło. Warszawa, 1972. S. 222, 371; Саверчанка І. Op. cit. С. 35.
[25] Гэты археаграфічны матэрыял з рознай поўніцай разгледжаны ў шэрагу прац: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1049—1062; Галенчанка Г. Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік скарынінскай справы // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968. С. 172—173; Немировский Е. Л. Иван Фёдоров в Белоруссии. Москва, 1979. С. 51—53, 60—61; Галенчанка Г. Я. Цяпінскі (Амельяновіч) Васіль Мікалаевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мінск, 1987. Т. 5. С. 498; Лозка А. Загадкі з Галубіцы і Латыголіч // Літаратура і мастацтва. 1987. 4 снежня. С. 16; Беляжэнка Б. „З народам я загіну, з народам і ўваскрэсну“: Да 450–годдзя з часу нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка і кнігавыдаўца // Віцебскі рабочы. 1990. 18 мая. С. 4; Беляжэнка Б. „З народам я загіну, з народам і ўваскрэсну“: Запавет Васіля Цяпінскага // „Слова“: Сувенірны спецвыпуск газеты „Звязда“. 1990. Май. С. 11; Мельнікаў А. А. Цяпінскі Васіль // Беларускія пісьменнікі: Біябіблія­графічны слоўнік. Мінск, 1995. Т. 6. С. 239; Клімаў І. П. Нарыс бібліяграфіі аб Васілю Цяпінскім // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі. Мінск, 1995. С. 81—89; Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі: (памёр каля 1600) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мінск, 2000. Вып. 1. С. 64–69.
[26] Гл.: The Lithuanian Metrica: (1528—1547); 6th court record book. Vilnius, 1995. С. 184—185.
[27] Ibid. С. 171.
[28] Гл.: Беларускі архіў=Weissruthenisches Archiw. Bd. 2: (Akten des XV und XVI Jh.). Minsk, 1928. С. 170, 205, 208, 209, 210, 216. Акт № 286 (гл. с. 205) памылкова датаваны 1534 г., трэба 1533 г.
[29] Ibid. С. 247—247. Пра гэтыя дакументы паведамляе і Неміроўскі (гл.: Немировский Е. Л. Op. cit. С. 51).
[30] Ibid. С. 282.
[31] Галенчанка Г. Я. „Ложка серебреная сыну моему Василю…“ // Шляхам гадоў: Гісторыка–літаратурны зборнік. Мінск, 1990. С. 334—335.
[32] Документы московского архива Министерства юстиции. Москва, 1897. Т. 1. С. 143. Гэты самы дакумент нядаўна перавыдадзены ў кн.: Метрыка Вялі­кага княства Літоўскага: Кніга запісаў 44: (1559—1556) / Публ. А. I. Грушы. Мінск, 2001. С. 98.
[33] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1051.
[34] Ibid. С. 1049—1050.
[35] Галенчанка Г. Я. „Ложка серебреная…“ С. 335—337. Пра гэты дакумент даследчык згадваў яшчэ раней, у 1987 г. (гл.: Галенчанка Г. Я. Цяпінскі (Амельяновіч)… С. 498).
[36] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1055—1056.
[37] Ibid. С. 1057—1058.
[38] Ibid. С. 1059—1060.
[39] Ibid. С. 1052—1053.
[40] Ibid. С. 1053—1055.
[41] Mienicki R. Ciapiński Wasil (Bazyli) // Polski słownik biograficzny. Kraków, 1938. [рэпрынт: Wrocław, 1984.] № 4. S. 17; Демидова Н. Ф. Тяпинский, Омельянович, Василий Николаевич // Советская историческая энциклопедия. Москва, 1973. Т. 14. С. 638.
[42] Васіль Цяпінскі: Новыя дакументы. / Публ. В. Бабкова // Спадчына. 1991. № 3. С. 15—19. Гл. таксама: Бабкова В. У. Новыя дадзеныя аб В. Цяпінскім на падставе актавага матэрыялу ЦДГА БССР у Мінску // Наш радавод: Материалы Международной научной конференции по региональной истории Восточной Европы „Культура народов Великого княжества Литовского XIII — начала XX вв.“. Гродно, 1991. Кн. 3. Ч. 1. С. 194—195; Бабкова В. Пра Мяне // Крыніца. 1995. № 4. С. 5—6.
[43] Хутчэй за ўсё, гэта памылка перапісчыка, трэба „Мікалаевічамі“. Верагодна, перапісчык уставіў Васілёвае імя па бацьку да імёнаў яго пляменнікаў.
[44] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1061—1062.
[45] Левицький О. Op. cit. С. 13, 18—19, 20.
[46] Ibid. С. 13—16.
[47] Ibid. С. 15, 17.
[48] Ibid. С. 17.
[49] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1061. Гэта дакумент пад № 108 адзначаны і ў кн.: Описание документов Архива западнорусских униатских митрополитов. С.–Петербург, 1897. Т. 1. С. 52—53.
[50] Некаторыя з гэтых дакументаў разглядаюцца ў працах: Галенчанка Г. Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік… С. 172. Немировский Е. Л. Op. cit. С. 53, 159; Лозка А. Op. cit. С. 16; Вяроўкін–Шэлюта У. Op. cit. С. 17—18.
[51] Литовская Метрика: Отд. 1. Ч. 3: Книги публичных дел: Переписи войска Литовского // Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою археографическою комиссиею. Петроград, 1915. (Т. 33) Слуп. 253.
[52] Ibid. Слуп. 256.
[53] Ibid. Слуп. 446.
[54] Запіс пазначаны „3 генвара“, але гэта, відаць, памылка, запіс быў зроблены, напэўна, 3 лістапада 1567 г., бо папярэдні запіс датуецца 28 кастрычніка 1567 г., а студзеньскіх запісаў у попісе не заўважана.
[55] Литовская Метрика… Слуп. 1231.
[56] Ibid. Слуп. 533.
[57] Ibid. Слуп. 1227, 1228—1229. Сярод шляхты Менскага павету, якая паводле гэтага попісу мусіла ставіць у войска коней і вершнікаў, згадваецца Мацвей Кавячынскі з Нясвіжа (Слуп. 1221).
[58] Ibid. Слуп. 20. Галенчанка ўпэўнены, што тут называюцца Цяпінскія, хоць і напісаныя без іх мясцовага прозвішча — Цяпінскія (гл.: Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 65).
[59] Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо–Западной Руси, издавемый при управлении Виленского учебного округа. Вильно, 1867. Т. 4. С. 219.
[60] Гл.: Тетрадь, а в ней писаны рубежи городу Полоцку и Полоцкому повету 7071 года / Публ. С. Савельев // Временник Императорского Московского общества истории и древностей российских. Москва, 1856. Кн. 24. С. 34; Писцовые книги XVI века. С.–Петербург, 1877. Отд. 2. С. 423, 437; Литовская метрика: Отд. 1—2: Ч. 3: Книги публичных дел; Т. 1 // Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою археографическою комиссиею. Юрьев, 1914. (Т. 30) Слуп. 893.
[61] Тетрадь, а в ней писаны рубежи… С. 4; Писцовые книги… С. 423.
[62] Тетрадь, а в ней писаны рубежи… С. 26; Писцовые книги… С. 437. На думку Вяроўкіна–Шалюты, на зямлі маёнтка Цяпінскае існавала некалькі адасобленых населеных пунктаў з такой назвай (гл.: Вяроўкін–Шэлюта У. Op. cit. С. 18—19). Гэтаму пярэчыць Галенчанка, які лічыць, што тут ідзецца пра падзел аднаго ўладання паміж некалькімі ўладальнікамі, кроўнымі родзічамі (Гл.: Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 66). На самай справе, маюць рацыю абодва даследчыкі. У склад маёнтка магло ўваходзіць некалькі селішчаў, якія хоць і мелі свае назвы, але лічыліся адным маёнткам. Нават і цяпер пад Чашнікамі побач існуюць дзве вёскі Цяпіна, а непадалёк ад іх знаходзіцца вёска Дзярэўня — гэтая назва ўзнікла, відаць, таму, што такое селішча было часткай маёнтка.
[63] Оглоблин Н. Н. Объяснительная записка к карте Полоцкого повета во 2–й половине XVI–го века // Сборник Археологического института. С.–Петербург, 1880. Кн. 3. Отд. 2. С. 42. Кн. 4. Отд. 2. С. 60.
[64] Акты, издаваемые Виленскою комиссией для разбора древних актов. Вильно, 1887. Т. 14. С. 413.
[65] Полоцкая ревизия 1552 года / Публ. И. И. Лаппо. Москва, 1905. С. 10, 148–149. Тэкст гэтай рэвізіі вядомы і паводле пазнейшага спіса лацінкай, які быў выдадзены ў кн.: Rewizya wojewodztwa połockiego z roku 1552 / Publ. J. Szujski // Archiwum Komisyi historycznej. Kraków, 1880. T. 2. S. 181, 244.
[66] Описание полоцких владычных, монастырских и церковных земель ревизией 1580 года / Публ. И. И. Лаппо // Чтения в Обществе истории и древностей российских. 1907. Кн. 3. С. 2.
[67] Полоцкая ревизия… С. 127—128.
[68] Ibid. С. 69, 116—118.
[69] Ibid. С. 118.
[70] Boniecki A. Poczet rodów w Wielkiem Księstwie Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887. S. 322.
[71] Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 65.
[72] Łopaciński A. K. Ciapin // Słownik geograficzny królewstwa polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1880. № 1. S. 670.
[73] Акты, издаваемые Виленскою комиссией… С. 411–413.
[74] Вяроўкін–Шэлюта У. Op. cit. С. 18.
[75] Хутчэй за ўсё, гэта быў даволі новы маёнтак, верагодна, набыты ці атрыманы ад Амельяновічаў–Слушкаў (адкуль яго іншая назва — Амельяноўшчына), таму ён дастаўся малодшаму сыну. Сама назва Латыгола — балцкага паходжання (параўн. Латгалія, гл.: Трусман Ю. Этимология местных названий Витебской губерни. Ревель, 1897. С. 165—166), яна сведчыць, што тая мясцовасць у даўнія часы была населеная неславянскімі жыхарамі. Дарэчы, Цяпіна хутчэй за ўсё таксама мае балц­кую ці фінскую этымалогію (гл.: Трусман Ю. Op. cit. С. 292). Латыголічы знахо­дзяцца паблізу Маладзечна, каля ракі Іллі, непадалёк ад яе ўпадзення ў Вяллю. Побач месціцца вёска Цяпінцы — без сумневу, яе назва звязаная з прозвішчам былых уладальнікаў Латыголіч (цяпер — Латыголь).
[76] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1051, 1052—1053.
[77] Доўнар–Запольскі, на жаль, не паведамляе імя па бацьку Васіля Цяпінскага, што парадчыў маёнткам сваёй жонкі Вярсоцкае, але згадвае, што ён названы там Амельяновічам (гл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1050).
[78] Можна дапускаць, што або Тобіяш — гэта перахрышчаны Канстанцін, або ў Васі­ля і Зоф’і было трое дзяцей: Абрам, Канстанцін (памёр?) і Тобіяш. На думку Доўнара–Запольскага, Абрам і Тобіяш — біблійныя імёны, нязвыклыя ў праваслаўных, але ўжываныя пратэстантамі (гл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1051, зн. 2).
[79] Адносіны паміж братамі Цяпінскімі здавён не былі бясхмарныя. Вядомы дакумент ад 12 лютага 1539 г. з Полацка пра абразу Матэя Цяпінскага яго братам Мікалаем (гл.: Беларускі архіў=Weissruthenisches Archiv… С. 282).
[80] Гэта засведчана дакументальна, гл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1052—1053.
[81] Галенчанка Г. Астафій Валовіч: (1520—1587) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мінск, 2000. Вып. 1. С. 37.
[82] Гл.: Mienicki R. Ciapiński Wasil… S. 17; Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. T. 5: Wielkie Księstwo Litewskie / Oprac. A. Kawecka–Gryczowa, K. Korotajowa, W. Krajewski. Wrocław; Kraków, 1959.  S. 67; Немировский Е. Л. Op. cit. С…. Клімаў І. П. Нарыс бібліяграфіі… С. 62; Мельнікаў А. А. Op. cit. С. 240; Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 68.
[83] Аднак, напрыклад, на „менаваным лісце“ 1579 г. наконт маёнтка Вярсоцкае Цяпінскі падпісаўся писмом руським (гл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1053).
[84] Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 67.
[85] Гл.: Галенчанка Г. Астафій Валовіч… С. 37.
[86] Клімаў І. П. Выданне В. Цяпінскага і яго друкарня // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі. Мінск, 2001. Вып. 4. С. 77—78.
[87] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1040—1041.
[88] Змена адносін тлумачыцца, напэўна, тым, што Цяпінскі ўслед за Будным перайшоў да больш радыкальных палажэнняў антытрынітарства, якое рашуча парывала з кальвінізмам. За свой радыкалізм антытрынітарыі Рэчы Паспалітай зазнавалі пераслед з боку усіх іншых пратэстанцкіх канфесій. Валовіч жа да канца сваіх дзён трымаўся кальвінізму, хоць і сімпатызаваў некаторым антытрынітарскім ідэям. Аналогіяй можна служыць выпадак з Будным, якога падтрымліваў іншы буйны пратэктар пратэстантызму на Беларусі Ян Кішка. Хоць Кішка адкрыта вызнаваў антытрынітарства, аднак пасля разыходжання Буднага з польскімі антытрынітарыямі ў 1582 г. ён пазбавіў Буднага сваёй падтрымкі, гл.: Merczyng H. Szymon Budny jako krytyk tekstów biblijnych. Kraków, 1913. S. 105—106.
[89] У пратэстанцкім асяроддзі часам даходзіла да вострых ідэйных канфліктаў, у вы­ніку якіх былыя аднадумцы станавіліся зацятымі ворагамі. Нараканні Цяпінскага маглі стасавацца менавіта да яго паплечнікаў, а зусім не да праціўнікаў пратэстантызму. У адным месцы ён тлумачыць свае нягоды тым, што пры правдивой повести зостал и злого мнимания ушел, г. зн. пазбегнуў. Верагодна, тут аўтар намякае на нейкія дактрынальныя разыходжанні са сваім(і) ананімным(і) апанентам(і).
[90] Клімаў І. П. Выданне В. Цяпінскага… С. 78.
[91] Аргументацыю гэтай гіпотэзы гл.: Клімаў І. П. Выданне В. Цяпінскага… С. 78—79.
[92] Пратэстанцкія зборы на Беларусі пакутавалі ад недахопу сродкаў і моцна залежалі ад міласці сваіх заможных фундатараў.
[93] Так, Галенчанка прапаноўваў калі не Цяпіна, дык суседнія Чашнікі, гл.: Галенчанка Г. Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мінск, 1993. С. 225.
[94] Падрабязную аргументацыю гл. у: Клімаў І. П. Выданне В. Цяпінскага… С. 85—87, таксама: Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 69.
[95] Галенчанка прапануе шукаць яе месцазнаходжанне ў іншых маёнтках Цяпін­скага: Латыголічы ці Вярсоцкае (гл.: Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 69). Здаецца, што найлепш для гэтай мэты падыходзяць Латыголічы, што месцяцца непадалёк Вільні і побач з Лоскам.
[96] У сувязі з гэтым цікавасць набывае іншая версія, выказаная ў канцы XIX ст. архімандрытам Леанідам. Паводле яе, друкарня Цяпінскага была вандроўнай і пераязджала з мясцовасці ў мясцовасць (гл.: Леонид, архимандрит. [Рэц.] И. П. Каратаев: Описание славяно–русских книг, напечатанных кирилловскими буквами: 1883 // Журнал Министерства народного просвещения. 1884. Т. 5. С. 43—44). Крыніцай для архімандрыта былі вядомыя расійскія знаўцы старадрукаванай кнігі І. Каратаеў і А. Віктараў (гл.: Клімаў І. П. Нарыс бібліяграфіі… С. 65).

Наверх

Агнешка Каляса–Новак. Гістарычная сацыялогія як новая даследчая прапанова

26 снежня, 2002 |


Праблема ўзаемасувязяў сацыялогіі і гісторыі належыць да надзвычай складаных і шматузроўневых, калі браць пад увагу розныя традыцыі і непадобныя ўмовы ўзнікнення абедзвюх дысцыплін. Рэфлексія над мінуўшчынай, старая, як людская цыві­лізацыя, працяглы час суцэльна ахоплівала дзейнасць чалавека ў свеце. Толькі ў ХIХ ст. адбылося вылучэнне адмысловых дысцыплін, скіраваных на даследаванне разнастайных аспектаў грамадскай рэчаіснасці. Для эканамічных, палітычных навук, сацыялогіі істотнай характарыстыкай з’яўляюцца ўмовы, з якіх яны паўсталі. Гэткай адметнасцю робіцца пазітывісцкі падыход і, як вынік, агістарычная тэндэнцыя. Таму цікавасць да гісторыі з боку сучасных сацыёлагаў — даволі рэдкая з’ява.

Гістарызм у грамадскіх навуках паўстае пашыраным выбарам, зразумелым надзвычай разнастайна. У ім змяшчаюцца як пазiтывісцкія перадумовы існавання правільнага гістарычнага працэсу, што развіваецца ў вызначаным напрамку, так і ўпэўненасць у кантэкставасці, індывідуальнасці ды непаўторнасці грамадскай рэчаіснасці. Дзве такія крайнія пазіцыі, здаецца, немагчыма ўзгадніць, аднак іх яднае апазіцыя да агістарычных версій сацыялогіі — як тэарэтычнай, так і эмпірычнай: яны ўлічваюць часава–прасторавыя дэтэрмінанты, а таксама дынамічны характар грамадскіх з’яваў[1].

Гістарызм марксісцкага кшталту, як стратэгія пабудовы універсальных законаў грамадскага развіцця, быў грунтоўна раскрытыкаваны Карлам Поперам у працы „Ўбоства гістарыцызму“[2]. З гэтай пары цікаўнасць да мінулага ў сацыялогіі скіравалася на ўлік яго складанасці ды разнароднасці. Усё часцей прызнаецца, што багацце гісторыі не вычэрпваецца простымі прычыннымі схемамі. Яны не даюць падставы для высноваў аб напрамках наступных ператварэнняў і веры ў няўхільнасць слушных працэсаў. Такім чынам, сучасныя гістарычныя падыходы зводзяцца да аксіёмы даследавання канкрэтных грамадстваў ды канкрэтных людзей. Адкідваецца перакананне аб нязменных уласцівасцях чалавечай натуры ці аб універсальных грамадскіх механізмах.

Цікавасць да гісторыі ў сучаснай сацыялогіі паходзіць з дзвюх крыніц. Першая — даволі распаўсюджаныя спробы вы­светліць глабальныя грамадскія механізмы, што фармуюць свет канца ХХ ст. Другая — тэарэтычныя пошукі ў сацыялогіі апошніх гадоў. Гаворка ідзе пра кірункі, у якіх спрабуецца ўзгадніць структурны падыход у даследаванні законаў функцыявання грамадскіх сістэмаў з напрамкам, дзе акцэнтуецца аўтаномная роля людзей і іх творчага дзеяння. Гэтым падкрэсліваецца ўзаемаабумоўленасць структур грамадскага жыцця ды яго актыўных суб’ектаў. Да асноўных перадумоваў такой перспектывы належыць перакананасць у вазе гістарычнага і кантэкставага вымярэння грамадскіх з’яваў.

У сучаснай сацыялогіі, са шматлікіх субдысцыплін і школаў, вылучаецца сацыялогія гістарычная. Яна паўстала і існуе ў цяперашнім выглядзе перадусім у амерыканскай сацыялогіі. Паўторнае адкрыццё гістарычнасці грамадскага жыцця ажывіла там адну з вялікіх традыцыяў сацыялагічнай думкі.

Традыцыйная агістарычная амерыканская сацыялогія заўжды арыентавалася на практычнае вымярэнне. Характар пры­кладной навукі праявіўся ў надаванні асаблівай ролі бягучым грамадскім праблемам, у развіцці сацыяграфіі, мясцовых даследаванняў і case studies. Такія імкненні суправаджала засяроджанасць на даследчых метадах, а неўзабаве — і на тэарэтычных пытаннях. Даміноўны ўплыў чыкагскай школы ў 1915—1930 г. на доўгі час вызначыў эмпірычны характар грамадскіх навук ў Амерыцы[3]. У адрозненне ад еўрапейскай сацыялогіі там неставала сувязяў з шырэйшай філасофскай рэфлексіяй, а таксама глыбейшай часавай перспектывы, што абумовіла абмінанне гістарычнага фактару. Прафесіяналізацыя сацыялогіі здзяйснялася праз выразнае адасабленне ад гісторыі.

Функцыяналізм, што развіваўся пасля II сусветнай вайны, спарадзіў імпазантныя тэарэтычныя даследаванні Талката Парсанза і Роберта Мэртана, а таксама метадалагічныя — напры­клад, Паўла Лазарсфельда. Агістарычны, скіраваны на статыку характар іх сістэмных аналізаў замясціў эвалюцыйныя ды іншыя тлумачэнні, якімі апісваліся механізмы грамадскіх зменаў. Характэрная для амерыканскай сацыялогіі прэзентысцкая, эмпірычная і мікраструктуральная скіраванасць спалучалася з інспірацыяй псіхалагічнымі, а не гістарычнымі навукамі. Узбагачэнне праблематыкі праз пытанні, датычныя макрапрацэсаў, схіліла ўвагу даследчыкаў да функцыяналісцкіх традыцыяў брытанскай антрапалогіі. Такім чынам, можна казаць пра праграмны агістарызм амерыканскай сацыялогіі[4].

Гістарычная сацыялогія не мела шанцу на развіццё ў да­міноўным асяроддзі „вялікіх тэорыяў“ ды ў замкнёных на вузкім эмпірызме колах — тым больш, еўрапейская традыцыя гістарычнай рэфлексіі была нязвыклай для амерыканскай сацыялогіі. Толькі ўвага да дасягненняў Алексі дэ Таквіля, а перадусім Макса Вэбэра, адкрыла шлях гістарычнай перспектыве[5].

Узрастанне папулярнасці тэорыі Карла Маркса ў шасцідзесятыя гады таксама адыграла значную ролю, хоць гэты марксізм быў далёкі ад усходнееўрапейскай версіі. Творчасць Грамшы, Лукача, франкфурцкай школы, разам з уплывам „новых левых“, узмацнілі пазіцыю марксізму ў асяроддзі амерыканскіх гістарычных сацыёлагаў. Гэтая ж тэндэнцыя паўплывала на міждысцыплі­нарныя пошукі брытанскіх гісторыкаў і сацыёлагаў, такіх як Эдвард П. Томпсан, Эрык Хабсбаўм, Джордж Руд, Пол Андэрсан[6].

Генезіс сучаснага сусветнага ладу, асабліва ўзнікненне індустрыяльнага капіталістычнага грамадства, зацікавілі даследчыкаў яшчэ і дзякуючы папулярнасці тэорыі мадэрнізацыі ды развіцця. Пасля II сусветнай вайны сацыёлагі, перадусім палітычныя, пачалі разглядаць праблемы ўзнікнення рынкавай эканомікі ды прамысловай рэвалюцыі, генезіс дэмакратычнага палітычнага ладу. Напрамкі развіцця грамадстваў Трэцяга свету зрабіліся прадметам зацікаўленасці не толькі палітыкаў, але і навукоўцаў. Працэсы мадэрнізацыі тлумачыліся ў той час у катэгорыях эндагенных з’яваў, абавязковых і аднародных. У шасцідзесятыя ды сямідзесятыя гады такая мадэль была ўзята пад сумнеў, абмяркоўвалася магчымасць шматвектарнага развіцця, абумоўленага лакальнай традыцыяй і ўплывам знешніх фактараў. Вынікам змянення стала не толькі адкінутая еўропацэнтрычная перспектыва — пашырыліся параўнальныя даследаванні канкрэтных гістарычных уласцівасцяў аналізаваных грамадстваў[7]. Пачаткам змянення стала тэорыя залежнасці, якая з часам зрабілася зыходным пунктам для мадэлі сусветнай сістэмы Імануэла Валерстайнa. Тыя неамарксісцкія падыходы, якія ўзніклі як рэакцыя на практыку дзяржаў Трэцяга свету, грунтаваліся на сцвярджэнні, што гістарычны працэс, спрыяльны для развіцця ў заходнім цэнтры, адначасова спараджае занядбанасць ды адсталасць Трэцяга свету[8].

Адну з першых прапановаў, дзе пастулат пашырэння рэ­флексіі аб гістарычным вымярэнні атрымаў тэарэтычнае і філасофскае абгрунтаванне, сфармуляваў Чарлз Райт Мілз у класічнай працы The Sociological Imagination[9]. Галоўнай думкай у кнізе стала неабходнасць узнаўлення сувязі тэарэтычнай рэ­флексіі з да­следаваннем грамадскай рэчаіснасці. Сваёй крытыкай функцыяналізму Мілз падкрэслівае ролю грамадскага кантэксту і унікальнай часава–прасторавай абумоўленасці. Гістарычна–параўнальны метад аўтар прызнаваў за аптымальны. Выкарыстоўваючы яго, неабходна пазбягаць чыстай індукцыйнай працэдуры, з аднаго боку, і аперавання на ўзроўні агульных мадэляў, з другога: тады метад дае магчымасць „уздымаць канкрэтныя тэарэтычныя праблемы на гістарычным узроўні рэчаіснасці“[10].

Шасцідзесятыя гады сталі пачаткам шырэйшага „антытэарэтычнага павароту“ ў сацыялогіі і спарадзілі, сярод астатняга, крытыку функцыяналізму Рэлфа Дарэндорфа, крытыку механістычнага марксізму Карла Попера, крытыку метафары ўзросту і развіцця Робэрта Нісбэта[11]. Спад папулярнасці функцыянальнай тэорыі, крытыкаванай за недастатковае тлумачэнне з’яваў змянення, улады і канфлікту, паспрыяў узнікненню амерыканскай гістарычнай сацыялогіі. Крытыка функцыяналізму часта атаяснялася з рухамі „новых левых“ і папулярнасцю марксізму ды тэорыі канфлікту ў шасцідзесятыя гады. Заняпад функцыянальнай школы распачаў пашыраны сёння стан фрагментацыі, тэарэтычнага плюралізму і прагрэсоўнай спецыялізацыі. Сітуацыю сучаснай сацыялагічнай рэфлексіі характарызуе разладдзе паміж тэорыяй і даследаваннямі, а таксама павелічэнне размежаванняў у абсягу самой тэорыі[12]. Адным са шляхоў развіцця робіцца параўнальна–гістарычная сацыялогія. Стан гэтага напрамку пакуль цяжка ацаніць, хоць і паўстаюць спробы залічыць яго, разам з інтэрпрэтацыйнай сацыялогіяй ды колькасным падыходам, да трох галоўных плыняў сучаснай амерыканскай сацыялогіі[13]. У значнай ступені ён абумовіў перанясенне ўвагі сацыёлагаў, перадусім у макраструктурных аналізах, з аўтаматычнага, механічнага функцыянавання сістэмы на творчую актыўнасць суб’ектаў[14].

Да сямідзесятых гадоў сацыягістарычныя працы ў англасаксонскай сацыялогіі з’яўляліся рэдка — нягледзячы на паслядоўную крытыку агістарызму ў сацыялогіі, перадусім у тэорыі мадэрнізацыі[15]. Большасць сацыёлагаў упарта трымалася плыні мясцовых даследаванняў эмпірычнага і бягучага кшталту. Гістарычная сацыялогія была абсягам нешматлікіх даследчыкаў. Але менавіта тады паўсталі працы, залічаныя сёння да класікі амерыканскай гістарычнай сацыялогіі — творы са значным храналагічным і праблематычным дыяпазонам, аўтары якіх звычайна заставаліся на перыферыі акадэмічнай навукі. Такі маргінальны стан вынікаў з міждысцыплінарнага характару іх інтарэсаў. Гэтыя даследчыкі былі выхаваны ў рэчышчы функцыянальнай традыцыі, аднак час і пераважна левыя погляды праз натхнёнасць вучэннямі Карла Маркса ды Макса Вэбэра падводзілі іх да розных версіяў тэорыі канфлікту. Папулярнасць гістарычнай школы „Аналаў“ таксама адыграла ролю ў росце цікаўнасці сацыёлагаў да мінулага.

Сярод стваральнікаў сучаснай гістарычнай сацыялогіі неабходна адзначыць С.Н. Айзенштада — прадстаўніка функцыянальнай традыцыі; гадаванцаў неамарксісцкай плыні Пэры Андэрсана, Бэрынгтана Мура малодшага, Тэды Скокпол, Эдварда П. Томпсана, Імануэла Валерстайна; а таксама Рэйнхарда Бэндыкса ды Чарльза Тылі, натхнёных сацыялогіяй Дзюркхейма і Вэбэра[16].

Узнятыя імі тэмы, датычныя генезісу грамадскага ды палі­тычнага аблічча сучаснага свету, месцяцца каля праблемаў сацыялогіі палітыкі. Прадметамі даследавання робяцца: з’яўленне і грамадскія дасягненні пашырэння рынкавай эканомікі, сувязі паміж пачаткамі капіталізму і змяненнямі формы ды абсягу дзейнасці дзяржаў, генезіс дзяржаў новага часу, а таксама змяненні правамоцнасці дзяржаўнай улады і эвалюцыя да дэмакратычнага ладу. Да істотных пытанняў належыць таксама гістарычны аналіз рэвалюцыі як з’явы, а перадусім грамадскіх рухаў ды іх ролі ў фармаванні дэмакратычнай сістэмы.

Усе працы паўсталі, абапіраючыся на параўнальны метад — праз супастаўленне гісторыі грамадстваў Еўропы ды некаторых нееўрапейскіх (Японіі, Кітая, краін Трэцяга свету). Да класічных пазіцыяў належаць: Social Origins of Dictatorship and Democracy Бэрынгтана Мура, States and Social Revolutions Тэды Скокпол, Nation Building and Citizenship Рэйнхарда Бэндыкса, Lineages of the Absolutist State Пэры Андэрсана, The Vendee і The Rebellious Century 1830—1930 Чарльза Тылі[17].

Сямідзесятыя ды васьмідзесятыя гады прынеслі не толькі шматлікія працы па гістарычнай сацыялогіі, але і першыя метадалагічныя развагі аб яе перспектывах[18]. Таксама адбылася інстытуалізацыя і хуткае вылучэнне гістарычнай сацыялогіі ў параўнанні з іншымі спецыяльнасцямі амерыканскай сацыялогіі. У 1983 г. у Амерыканскім Сацыялагічным Таварыстве паўстала секцыя параўнальна–гістарычнай сацыялогіі. Праз некалькі гадоў яна зрабілася, разам з секцыямі сацыялогіі палітыкі і грамадскага змянення, трэцім па велічыні тэматычным блокам сярод васьмі наяўных[19]. Пачалі множыцца канферэнцыі і семінары, прысвечаныя гістарычным метадам. Курсы гістарычнай сацыялогіі з’явіліся ў праграме большасці амерыканскіх навучальных устаноў. Пераломнымі момантамі ў развіцці сталі: выхад у 1966 г. надзвычай аўтарытэтнай кнігі Бэрынгтана Мура Social Origins of Dictatorship and Democracy, колькасныя гістарычныя аналізы Тылі, угаранаванне прэстыжнай узнагародай American Sociological Association імя Піцірыма Сарокіна: Імануэла Валерстайна за працу The Modern World–System (1975), Джыма Пэйджа за Agrarian Revolution (1976), Пола Андэрсан за Considerations on Western Marxism (1977) і Тэды Скокпол за States and Social Revolutions (1980)[20]. Паўсталі такія асяродкі даследаванняў, як Даследчы цэнтр Імануэла Валерстайна імя Фердынанда Брадэля ў Нью–Ёркскім Універсітэце ў Бінгэмптане, Цэнтр Даследавання Грамадскіх Арганізацый (CSRO) Чарльза Тылі ва Універсітэце Мічыган у Эн–Арбар, а таксама Цэнтр Да­следавання Грамадскіх Змяненняў (CSSC) у New School for Social Research у Нью–Ёрку[21]. На пачатку васьмідзесятых гадоў чвэрць артыкулаў у галоўных англамоўных перыядычных выданнях па сацыялогіі пісалася пад уплывам дасягненняў гістарычнага падыходу[22]. Узмацнілася плынь гістарычных даследаванняў брытан­скай сацыялогіі, прадстаўленая здзяйсненнямі Эрнэста Гэлнэра, Джона Хола і Міхаэля Мана[23]. Пачаўся „залаты век гістарычнай сацыялогіі“[24]. Пасля гадоў спрэчак выяўляецца, што „сацыялогія і гісторыя спаткаліся сёння ў амерыканскіх універсітэтах“[25].

Здзейснены нейкі час таму разгляд сацыялагічных субдысцыплін ў Злучаных Штатах выяўляе існаванне моцнага напрамку палітычнай і макрасацыялогіі (political and macrosociology). У яго межах вылучаюцца такія спецыяльнасці, як: сацыялогія палітыкі, сацыялогія грамадскіх змяненняў, параўнальная сацыя­логія ды макрасацыялогія, сацыялогія развіцця, сацыялогія грамадскіх рухаў. Сюды ж уваходзіць грамадска–эканамічная праблематыка, а таксама вузкая галіна сацыялогіі сусветнага канф­лікту. Даследаванні ў межах гэтых спецыяльнасцяў маюць сацыягістарычны характар[26].

Пад час змяненняў у амерыканскай сацыялогіі адбылося тэарэтычнае пераарыентаванне і сярод тамтэйшых гісторыкаў. У канцы пяцідзесятых гадоў пачала заяўляць аб сабе група маладых навукоўцаў, што спрабавалі займацца гісторыяй як грамадскай навукай (social science history). Ад палітычнай гісторыі і вывучэння ролі асоб яны перайшлі да аналізавання эканамічных ды грамадскіх фактараў, імкнуліся да стварэння абагульняльных фармулёвак і тлумачальных мадэляў. Менавіта тады паўстала колькасная гісторыя, пашырыліся даследаванні гісторыі ментальнасці, грамадскіх рухаў, гвалту і рэвалюцыі. Узорам новага міждысцыплінарнага падыходу стала новая эканамічная гісторыя: балазе, у межах гэтай спецыяльнасці здаўна існаваў непа­срэдны кантакт паміж даследчыкамі дзвюх дысцыплін[27]. Такому падыходу спрыя­ла перакананасць, што неабходна „ўжываць навуковыя метады, якія тэстуюць утвораныя гіпотэзы“[28]. Эканаметрыя ўводзіла ў даследчую практыку гісторыкаў чыстае мадэляванне, колькасныя метады, а таксама цікавасць да паўторных выпадкаў, датычных калектыўнасці. Даследчыкі звярнулі ўвагу на новы тып крыніц — масавыя звесткі, стандартны прадукт бюракратыі, і выпрацавалі іншы спосаб іх аналізу[29]. Гэтыя рэвалюцыйныя змяненні абумовілі ўзнікненне некалькіх новых спецыяльнасцяў — псіхагісторыі, новай грамадскай гісторыі, квантацыйнай гісторыі, новай палітычнай гісторыі, family history ды іншых[30]. Амерыканская гістарычная сацыялогія таксама трапіла ў спектр гэтага новага падыходу да гістарычных даследаванняў.

Падобныя ж спробы пераарыентаваць мадэль гістарычных даследаванняў можна ўгледзець у еўрапейскіх гістарыяграфіях. Французская традыцыя школы „Аналаў“ і глабальнай гісторыі Фердынанда Брадэля дала пачатак гэтак званай Nouvelle Histoire. У Нямеччыне ў асяроддзі даследчыкаў найноўшай гісторыі пашырылася новая грамадская гісторыя пад назвай Sozial­ge­schichte[31]. У Вялікай Брытаніі цікавасць да грамадскіх навук распаўсюдзілася сярод марксісцкіх гісторыкаў, звязаных у пасляваенныя гады з камуністычнай партыяй — такіх як Эрык Хабсбаўм, Эдвард П. Томпсан або Пэры Андэрсан[32].

Упэўненае аднясенне пералічаных выпадкаў да плыні грамадскай гісторыі або гістарычнай сацыялогіі мае самаўпраўны характар. Іх метадалагічныя прынцыпы, спосаб вядзення даследаванняў, нарэшце, праблемы, што выклікалі даследчыцкую цікавасць, часта ідэнтычныя. Гэткая блізкасць набывае інстытуцыйныя формы — напрыклад, праз выдаванне сумеснай перыё­дыкі. У Злучаных Штатах і Еўропе працяглы час выходзіць вялікая колькасць сацыягістарычных перыядычных выданняў. Сярод іх, з 1958 г., — Comparative Studies in Society and History, заснаваны гісторыкамі квартальнік, у якім прапагандуецца параўнальны сацыягістарычны аналіз[33].

Гістарычная сацыялогія ўпісваецца ў доўгую традыцыю вывучэння макраструктур і зменных працэсаў. Пад адной назвай паўстаюць як агульныя працы — мадэляванні вялікіх часавых ды прасторавых абшараў, так і эмпірычныя аналізы асобных працэсаў ці гістарычных здарэнняў. Дыяпазон ад агульных тэорыяў змянення да даследаванняў канкрэтных сацыягістарычных праблем складае першую цяжкасць пры самавызначэнні дысцыпліны.

Да агульных элементаў ва ўсіх працах па гістарычнай сацыялогіі належыць тлумачэнне грамадскай рэчаіснасці як працэсу і падкрэсліванне ролі гістарычнага моманту, тэмпу ды рытму ператварэнняў. Грамадскія змяненні складаюцца са шмат­лікіх рознаскіраваных працэсаў кумуляцыйнага кшталту. Іх першапачатковымі віноўнікамі з’яўляюцца дзеячы, абмежаваныя існымі структурамі. Такая перспектыва падкрэслівае, што свет развіваецца не аднакалейна, а папярэднія сітуацыі ўплываюць на магчымыя альтэрнатывы развіцця. Акцэнтуецца таксама значнасць чалавека як стваральніка грамадскай рэчаіснасці.

Сярод прыхільнікаў гістарычнага падыходу ёсць тыя, для каго ён, на добры лад, вызначае сутнасць усёй сацыялогіі[34]. Размежаванне сацыялогіі і гісторыі разумеецца імі як штучнае і шкоднае не толькі ў абсягу прадмета, але таксама метадаў і да­следчых мэтаў[35]. У такім скрайнім падыходзе выяўляецца перакананне ў магчымасці ўзгадніць імкненне сацыялогіі да агульных мадэляў з уласцівым для гісторыкаў нарацыйным, апісальным шляхам, адданасцю канкрэтыцы[36]. Іншыя пазіцыі абмяжоў­ваюцца падкрэсліваннем карысці для сацыялогіі, перадусім для будавання і тэставання вартых тэорыяў і мадэляў, датычных макраструктур і сацыяльных зменаў[37]. Апісванне генезісу навачаснага свету і гістарычных прычын працэсаў, што мяняюць яго аблічча,  звязваюць даследаванні гістарычных сацыёлагаў з цэнтральнай плынню сучаснай сацыялагічнай рэфлексіі.

Вялікая колькасць уздыманых гістарычнымі сацыёлагамі даследчых праблем, а таксама разнароднасць эпістэмалагічных, тэарэтычных і метадалагічных накіраванасцяў выяўляецца ў трох тыпах даследчых стратэгіяў[38]. Галоўнай мэтай першага шляху з’яўляецца ўжыванне агульнай тэарэтычнай мадэлі ў дачыненні да гістарычнай рэчаіснасці. Канкрэтныя гістарычныя прыклады прымяняюцца пры тэставанні, удакладненні ды выкарыстанні тэорыі або яе фрагмента. Такі характар маюць, напрыклад, працы, напісаныя ў рэчышчы функцыянальнай традыцыі — як Social Change in the Industrial Revolution Нэйла Смейзера, або неаэвалюцыйнай — як Power and Priviledge Герхарда Ленскі[39]. У іх аналізах выяўляецца схільнасць да безапеляцыйнага будавання мадэлі разам з самаўпраўным прымяненнем яе да абраных гістарычных выпадкаў. Гістарычны матэрыял у такіх даследаваннях выконвае пераважна ілюстрацыйную функцыю. Гэта не надае законнай моцы тэорыі і не спрыяе яе верыфікацыі, бо прыклады падбіраюцца ў катэгорыях папярэдне ўзятай мадэлі. Такім чынам, пашырэнне разважанняў пра найбагацейшы склад гістарычных фактаў не нясе належных метадалагічных перавагаў. У апошнія гады спробы пераадолець азначаную хібу прасочваюцца ў тэорыі сусветнай сістэмы Імануэла Валерстайна. У створаным ім Цэнтры Даследавання Грамадскіх зменаў імя Фердынанда Брадэля вядуцца даследаванні ўзнікнення і развіцця трох гістарычных сусветных сістэмаў: мінісістэмаў, сусветных імперыяў і сусветнай эканомікі. Зыходзячы з марксіз­му, праз мадыфікаваную тэорыю залежнага развіцця, Валерстайн стварыў агульную міждысцыплінарную канцэпцыю глабальнага грамадства. У катэгорыях генезісу і пашырэння сусветнай сістэмы капіталізму, разам з падзелам на рэгіёны (цэнтр, перыферыя ды напаўперыферыя), яго тэорыя бярэ за мэту апі­санне і тлумачэнне гістарычнай адметнасці розных шляхоў развіцця[40]. Натхнёны міждысцыплінарнай перспектывай Фердынанда Брадэля і французскай школы „Аналаў“, Імануэл Валерстайн спалучае праніклівы гістарычны аналіз з канструяваннем мадэлі грамадскай сістэмы. Абсяг функцыявання грамадскай сістэмы змяняецца з уплывам часу, ад перадгістарычных міні­сістэмаў да сучаснага дамінавання капіталістычнай сусветнай сістэмы.

Другі падыход, гэтак званая гістарычна–інтэрпрэтацыйная перс­пектыва, з’яўляецца рэакцыяй на функцыянальныя, марк­сіс­цкія ды іншыя агульныя схемы гісторыі. Ён грунтуецца на стварэнні інтэрпрэтацыі гісторыі, бяручы пад увагу ролю кан­крэтных выпадкаў. Акцэнт прыпадае на культурны кантэкст, жаданні ўдзельнікаў, унікальныя рысы разгляданых з’яваў. Да­следаванне кіруецца абранымі паняццямі, катэгорыямі, праблемамі. Аўтары рэдка займаюцца раскрыццём прычынных сувязяў, падлеглых абагульненню. Аналізы засяроджваюцца на невялікай колькасці выпадкаў. Гэтая перспектыва характарызуецца найбольшай слушнасцю ў дачыненні да гістарычнай непаўторнасці і складанасці. Прыкладамі яе прымянення з’яўляюцца працы Рэйнхарда Бэндыкса, Чарльза Тылі, Вікторыі Бонэл і Міхаэля Мана[41].

Мэта трэцяга падыходу — канструяванне мадэляў тлумачэння на падставе аналізу канкрэтных гістарычных выпадкаў. Тут дапускаецца існаванне прычынных рэгулярнасцяў, якія можна адкрываць пры даследаванні гістарычнай рэчаіснасці. Гэтыя абагульненні абмежаваны наяўным часавым ды прасторавым кантэкстам. Прычынна–аналітычная перспектыва імк­нецца пазбягаць крайнасці дзвюх папярэдніх. У адрозненне ад тых, яна мае даволі выразную даследчую праграму. Істотнай праблемай з’яўляецца пытанне кантралявання зменных, перадусім размежаванне важкіх прычын ад менш значных. Апрача таго, у гэтых аналізах паўстае праблема перадумоваў і тэорыяў, прыхаваных за выпрацаванымі прычыннымі мадэлямі. Аднак, на думку прыхільнікаў падыходу, толькі ён дазваляе сацыёлагам фармуляваць лепшыя мадэлі і тэорыі, дзякуючы ўсебаковай канфрантацыі са зменлівай разнароднасцю гістарычнай матэрыі. Гэта дае магчымасць крытыкаваць і дыскваліфікаваць памылковыя гіпотэзы, мадэлі ды тэорыі[42]. Да сацыягістарычных прычынных аналізаў належаць працы: Social Origins of Dictatorship and Democracy Бэрынгтана Мура, States and Social Revolutions Тэды Скок­­пол, або The Vendee Чарльза Тылі. У іх аналізах усталёўваюцца рэгулярнасці і фармулююцца прычынныя сцверджанні на падставе параўнаных выпадкаў. Працэдура грунтуецца на індукцыйнай выснове. Вынікі даследаванняў маюць характар абагульненняў, абмежаваных, аднак, разгле­джанымі выпадкамі[43].

Класічным прыкладам аналітычнага параўнання з’яўляецца Social Origins of Dictatorship and Democracy Бэрынгтана Мура. Галоўнае пытанне тычыцца формаў мадэрнізацыйных ператварэнняў у аграрных грамадствах, спрыяльных для дэмакратычнага ладу. Мур намагаўся зразумець стасункі паміж эканамічнымі і палітычнымі зменамі. На думку аўтара, на характар і кірунак палітычных ператварэнняў галоўным чынам паўплывалі дачыненні, што склаліся паміж буйнымі землеўласнікамі ды сялянамі. Паходжанне трох найбольш значных у ХХ ст. палітычных сістэмаў — дэмакратыі, фашызму і камунізму — тлумачыцца праз спосаб вырашэння аграрнага пытання, змяненні ў сістэме класавых дачыненняў, ператварэнні ў сістэме дзяржаўнай улады. Параўноўваючы гісторыі Англіі, Францыі, ЗША, Кітая, Японіі, Індыі, а таксама, часткова, Расіі ды Нямеччыны, Мур вышуквае прынцыпы зменлівасці палітычных ладаў. Параў­нанні дапаўняюцца разгорнутым даследаваннем выпадкаў. Праца з’яўляецца прыкладам спалучэння адданасці гістарычнаму кантэксту з фармуляваннем агульных высноваў.

Мур здзейсніў параўнанне выбраных аспектаў гісторыі розных грамадстваў і вызначыў канфігурацыю фактараў, спрыяльных ці неспрыяльных для з’яўлення пэўных палітычных формаў. Яго аналіз надоўга ўсталяваў стыль і кірунак гістарычна–параўнальных даследаванняў.

Прымяненне кампаратывістыкі ў дачыненні да гістарычных пытанняў абумовіла развіццё рэфлексіі над тыпамі параў­нанняў, іх каштоўнасцю ды прыдатнасцю гэтага метаду да гістарычнай матэрыі. У даследчай практыцы гістарычных сацыёлагаў вылучаюцца чатыры стратэгіі параўнальнага аналізу: параў­нанне паводле індывідуальнасці; паводле універсальнасці — адшукванне агульных мадэлёвых рысаў; варыяцыйныя — з мэтай адкрыць прынцыпы зменлівасці разгледжаных выпадкаў; кантэкставыя — розніца паміж выпадкамі тлумачыцца іх месцам у структуры[44].

У параўнанні паводле індывідуальнасці за мэту бярэцца пошук гістарычнай непаўторнасці апісваных з’яваў. Тлумачэнне замяняецца адпаведнасцю кантэксту і дэталям. Вынікам гэтага ёсць схільнасць да генетычнага дэтэрмінізму і ўтоеных зададзенасцяў, а таксама няпэўнасці пры размежаванні залежных і незалежных зменных у разгляданых выпадках.

У параўнаннях паводле універсальнасці робіцца дапушчэнне аб гамагеннасці выпадкаў, іх прынцыповым падабенстве, пры гэтым абмінаецца праблема сістэматычнага або выпадковага дыферэнцыявання[45]. Тым не менш, яны дапамагаюць стварыць выразны вобраз, упарадкоўваць выпадкі, што спрыяе адчувальнасці даследчыкаў не толькі да верагоднага падабенства, але і да адрозненняў.

Варыяцыйныя параўнанні дазваляюць пашырэнне адкрытага правіла на новыя выпадкі — пры ўмове, што як тэставаныя гіпотэзы, так і супастаўляльныя зменныя былі дакладна вызначаны. Істотным патрабаваннем з’яўляецца іх узаемная незалежнасць, а таксама параўнальнасць адносна даследаваных пытанняў.

Метадалогія кантэкставых параўнанняў вымагае распрацоўкі сістэмнай мадэлі і тэорыі яе дзейнасці. Такая стратэгія рызыкуе саслізгнуць у функцыянальныя тлумачэнні, па сваёй сутнасці цяжкія для верыфікацыі і таму часта таўталагічныя. Аднак кантэкставыя параўнанні лічацца каштоўнымі і асабліва прыдатнымі для сацыягістарычных даследаванняў дзякуючы ўвя­дзенню аналізу ў кантэксце шырэйшых гістарычных структур ды працэсаў і прадстаўленню грамадскай рэчаіснасці як сеціва ўзаемазвязаных дачыненняў[46].

Названыя тыпы параўнанняў спалучаюцца з трыма да­следчымі стратэгіямі ў гістарычнай сацыялогіі[47]. Параўнанні паводле індывідуальнасці звязаны з гістарычна–інтэрпрэтацыйным падыходам, кантэкставыя — з ужываннем тэарэтычнай мадэлі ў гісторыі. Нарэшце, параўнанні паводле універсальнасці і варыяцыйныя выяўляюць альтэрнатыўныя формы аналітычнай стратэгіі.

Некалькі дзесяцігоддзяў досведу гістарычнай сацыялогіі выявілі таксама і галоўныя метадалагічныя цяжкасці гэтага міждысцыплінарнага праекта. Яны канцэнтруюцца вакол спецыфікі параўнаўчага метаду, а таксама на пытанні аб’яднання гістарычнага і сацыялагічнага падыходаў. Абедзве праблемы шчыльна ўзаемазвязаны.

У літаратуры прадмету прынята акцэнтаваць тлумачальную функцыю сацыягістарычных аналізаў. Яна прызнаецца галоўнай адметнасцю такіх даследаванняў у параўнанні з практыкай гісторыкаў. Але менавіта пастулат спалучэння з’яваў гістарычнасці з патрабаваннямі чыстага мадэлявання складае кры­ніцу прынцыповых цяжкасцяў. Параўнальна–гістарычная сацыялогія ўзнікла на грунце распрацаваных тэорыяў грамадскіх зменаў, такіх як функцыянальная тэорыя, тэорыя мадэрнізацыі, марксаўскі ды вэбэраўскі аналізы генезісу капіталізму. Адначасова ад пачатку паўстала рэакцыя на дамінаванне агістарычных версіяў гэтых тэорый, што спарадзілася са сцвярджэння непасавальнасці агульных тэарэтычных мадэляў да гістарычнай рэча­існасці. Ёю падкрэсліваецца складанасць, выключнасць ды выпадковы характар грамадскага жыцця, у якім асаблівую ролю выконвае вымярэнне часу і прасторы. Кожная спроба тлумачэння мусіць быць абмежаванай і мець дакладна акрэслены часавы ды прасторавы абсяг. Апрача таго, гістарычныя сацыёлагі імкнуцца цалкам адпавядаць патрабаванням выразнай фармулёўкі прынцыпаў, чыстага мадэлявання, па магчымасці поўнага кантралявання ўмоў параўнання і, нарэшце, будавання верыфікацыйных гіпотэз. Сутнасць пошукаў канцэнтруецца вакол цэнтральнай метадалагічнай праблемы параўнальнай сацыялогіі: пераходу ад ідэі агульнага шляху развіцця да канкрэтных, інды­відуальных траекторыяў змянення. Азначаная дылема выяў­ляец­ца ў цяжкасцях кожнага з чатырох параўнаўчых тыпаў, а таксама прасочваецца ў падзеле на тры роды даследчых стратэгіяў.

Параўнальна–гістарычны метад стварае таксама праблемы правамернасці, звязаныя з выкананнем уступных прынцыпаў. Яны не заўсёды ўсведамляюцца даследчыкамі. Звычайна параў­нанні здзяйсняюцца на ўзроўні грамадстваў, то бок нацыянальных дзяржаў ці іх гістарычных папярэднікаў. Такім чынам, дапускаецца іх сувымернасць і незалежнасць як прыкладаў. Пры гэтым часта абмінаецца культурная адметнасць і кантэкставыя сувязі паміж выпадкамі. Зводзіць гісторыі розных грамадстваў да агульнага збору тлумачальных зменных — значыць інтэр­прэтаваць іх у катэгорыях адной абранай культуры[48]. Выкарыстанне такой аналітычнай адзінкі выклікае цяжкасці пры адасабленні зменных, асабліва ў выпадку параўнальна малой колькасці грамадстваў — нацыянальных дзяржаў[49]. Прыняцце гэтых адзінак аналізу выво­дзіцца з традыцыі даследаванняў сацыялогіі палітыкі і паліталогіі, падлеглых уплы­ву тэорыі развіцця і мадэрнізацыі. Паступовае адмаўленне азначанай перспектывы ў сямі­дзесятыя гады адкрывае шлях новым прапановам і ідэям. У асяроддзі гістарычных сацыёлагаў пашыраецца меркаванне, што катэгорыя грамадства ў якасці адзінкі параўнання непрыдатная і памылковая — ствараюцца фікцыйныя творы без практычнага адасабляльнага крытэрыю, якія ў выніку зводзяцца да сучаснай нацыянальнай дзяржавы. Лепш, такім чынам, даследаваць працэсы і структуры, прыдатныя да вылучэння і дакладнага азна­чэння[50].

Праблема несувымернасці паняццяў у параўнальнай сацыялогіі звязана яшчэ з адным пытаннем. Навуковыя паняцці — канструкты, надбудаваныя над паняццямі грамадскімі. Адсюль вынікае цяжкі пошук агульнай параўнальнай плоскасці. Выйсце бачыцца ў сучасных кірунках развіцця сацыялогіі і грамадскага свету[51]. Тэндэнцыі глабалізацыі, з аднаго боку, інтэрнацыя­налізацыя і уніфікацыя мовы ды паняццёвага апарату сацыялогіі, з другога, палягчаюць супадзенне абодвух тыпаў паняццяў.

Значэнне тэарэтычных мадэляў у сацыягістарычных аналізах стварае істотную праблему: кожнае тлумачэнне грунтуецца на мадэлях, што апісваюць механізм узнікнення засведчаных залежнасцяў. Такім чынам, агульныя тэорыі або, прынамсі, падставы ды катэгорыі ўпарадкавання робяцца неадлучным складнікам кожнага такога аналізу. Галоўная мэта метадалагічных пошукаў у гістарычнай сацыялогіі — укараненне тэорыі і мадэлі ў гістарычнай рэчаіснасці, або фармулёўка гістарычна ўмацаванай тэорыі. У такі бок скіравана даследчая ўвага Чарльза Тылі[52]. Таксама ў якасці прыкладу можна прывесці тэорыю сусветнай сістэмы Імануэла Валерстайна[53].

Аналіз узнікнення і пашырэння сусветнай сістэмы капіталістычнай эканомікі зрабіўся агульным узорам для параўнання і апісання гісторыі канкрэтных грамадстваў. Расповед пра гісторыю сусветнай сістэмы капіталізму адначасна з’яўляецца спробай патлумачыць яе механізм. Рэчаіснае пераўтварэнне ўзнікае толькі на сістэмным ўзроўні, змяненні асобных грамадстваў выяў­ляюць адзіна ўнутраныя працэсы — напрыклад, пашырэнне сістэмы.

У макрасацыягістарычных параўнаннях цяжка пазбегнуць пасткі затоенага механізму „нябачнай рукі“, які працуе па–над і па–за людзьмі. Тлумачэнні набываюць структурны характар, абмінаючы сапраўдную, актыўную ролю людзей у грамадскіх працэсах. Калі дадаць сюды ж закіды пра немагчымасць тэставання ды верыфікацыі гіпотэз, зведзенасць да некалькіх агульных, „цяжкіх“ зменных, часам паўстае выснова пра абмежаваныя імкненні гістарычнай сацыялогіі. Яе абсягам мусіць быць аналізаванне выбраных фрагментаў гісторыі ў сацыялагічных катэгорыях ды вызначэнне іх разнароднасці і ўзаемнай нескарачальнасці[54]. Паводле іншых даследчыкаў, пераход ад пошуку універсальных элементаў да выяўлення адметных з’яўляецца сімптомам шырэйшай парадыгматычнай змены. Яна заключаецца ў пераходзе ад традыцыяў пазітывісцкай навукі да гума­нітарнай сацыялогіі[55].

Прапанова Валерстайна акцэнтуе інтэрпрэтацыйныя магчымасці параўнальнага метаду. Іншы, альтэрнатыўны падыход звяртае ўвагу на яго фармальныя ўласцівасці, а таксама аналітычны і статыстычны характар. Гэтыя скрайнія спосабы прымянення параўнанняў спрабуюць злучыцца для стварэння стратэгіі, пазбаўленай абмежаванасці кожнага з іх. Такой спробай ёсць параўнанне, у якім канструюецца агульная сістэма шляхам сцвярджэння даследаваных з’яваў праз гістарычны кантэкст. Гэта нагадвае тэорыю сусветнай сістэмы Валерстайна, хоць тут і не прадугледжваецца існаванне нейкага аналітычнага адзінства[56]. Характар падыходу хутчэй фарматны, а не структурны, манера супастаўлення залежыць ад разгляданых выпадкаў.

Размежаванне на інтэрпрэтацыйны і фармальны тып параў­нанняў нагадвае іншы, вядомы ў літаратуры падзел на параў­нанні якасныя (інтэнсіўныя) і колькасныя (экстэнсіўныя). Першыя, пабудаваныя на абмежаванай колькасці выпадкаў і лагічным аналізе, выводзяцца з традыцыі сацыялогіі Макса Вэбэра. У вывучэнні грамадскіх макрапрацэсаў яны дамінуюць. Для якасных метадаў ўласцівы халістычны падыход, які выяўляе складаныя абумоўленасці. Тлумачэнні ўлічваюць непаўторнасць выпадкаў, таму мусяць ахапляць і нерэгулярнасці. Гэта спрыяе фармулёўцы новых тэарэтычных прапановаў. Параўнанні экс­тэнсіўныя арыентуюцца на зменныя, якія можна паказаць колькасна. Гістарычная разнароднасць бярэцца імі ў агульных катэгорыях, зве­дзеных да некалькіх сквантыфікаваных зменных. Карані такога тыпу параўнанняў сягаюць у сацыялогію Дзюркхейма. Абедзве гэтыя стратэгіі з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі[57].

Пры такім размежаванні параўнанняў, таксама як і пры падзеле на інтэрпрэтацыйны ды фармальны тыпы, з’яўляецца ідэя іх аб’яднання. Жорсткае раздзяленне стратэгіяў сталася вынікам дамінавання да нядаўняй пары номатэтычнага ідэалу тэорыі ў грамадскіх навуках. Пошукі прамежнага шляху вызначаны ўзрослай цікавасцю да гістарычнага аспекту з’яваў, абумоўленай як новымі тэарэтычнымі кірункамі, так і грамадскай запатрабаванасцю на навуковае апісанне працэсаў, што ператвараюць сучасны свет. У метадалагічным вымярэнні такое зблі­жэнне выяўляецца ў стварэнні стратэгіі спалучэння логікі ды атрыбутаў інтэнсіўнага даследавання з выкарыстаннем вялікай колькасці выпадкаў. Яна робіць мажлівым аналізаванне канфігурацыі зменных у сітуацыях са шматлікімі складанымі прычынамі[58]. Усе гэтыя пошукі засяроджаны вакол галоўнай метадалагічнай праблемы параўнальнай сацыялогіі, якой з’яўляецца  спалучэнне агульнай канцэпцыі грамадскіх зменаў (ці мадэлі паасобных шляхоў ператварэння) з канкрэтнымі, гістарычнымі траекторыямі тых змяненняў.

У апошнія гады сацыёлагі ўсё часцей звяртаюцца да гістарычнай праблематыкі. Гісторыя перастала быць згаслай ды нецікавай галіной, зарэзерваванай для класікаў. Яна ўсё выразней робіцца прасторай, на якой сустракаюцца галоўныя сюжэты тэарэтычных зацікаўленняў сацыялогіі дзевяностых гадоў. Апрача таго, развіццё гістарычнай навукі сведчыць пра між­дысцыплінарныя захапленні. Будучыня такога збліжэння бачыцца вельмі цікавай, пагатоў, традыцыя сацыягістарычных даследаванняў ужо сёння багатая і распрацаваная. Яно асаб­ліва каштоўнае для спробаў рэфлексіі над пераломнымі зменамі ў найноўшай гісторыі Ўсходняй Еўропы. Выпрацаваныя гістарычнай сацыялогіяй метады, яе даследчыя дасягненні, а таксама назапашаныя веды пра навачасныя грамадскія змяненні могуць быць плённа скарыстаны пры вывучэнні працэсаў, якія трансфармуюць цяпер нашую частку Еўропы.

Пераклад Вольгі Мазуравай


[1] Гл.: Szacki J. Historyzm a współczesne nauki społeczne // Szacki J. Dylematy historiografii idei. Warszawa, 1991. S.320; Kwaśniewicz W. Przeciw lekceważeniu historycznego punktu widzenia w badaniach socjologicznych // Studia Socjologiczne. 1982. Nr 1/2. S. 6—30.
[2] Popper K. The Poverty of Historicism. London, 1957.
[3] Гл.: Wrong D. The Present Condition of American Sociology // Journal of Comparative Study of Society and History. 1993. Nr. 35. P. 186; таксама Turner J.H. Socjologia amerykaсska w poszukiwaniu tożsamości. Warszawa, 1993. S. 17.
[4] Гл.: Kwaśniewicz W. Przeciw lekceważeniu historycznego punktu widzenia w badaniach socjologicznych. S. 11; таксама Sztompka P. Socjologia jako nauka historyczna // Studia Socjologiczne. 1988. Nr 1—2. S. 5—32.
[5] Новым, адрозным ад парсанскага прачытаннем Вэбэра англамоўная сацыялогія абавязана працам Энтані Гідэнса Capitalism and Modern Social Theory (New York, 1971) ды Рэндала Колінза Weber’s Last Theory of Capitalism. A Systematisation (American Sociological Review. vol. 45 (1980). P. 925—942).
[6] За выключэннем Пола Андэрсана, прадстаўніка малодшага пакалення даследчыкаў, гэта было кола гісторыкаў–актывістаў Гістарычных Груповак Бры­танскай Камуністычнай Партыі пасля II сусветнай вайны. Гл.: Callinico A. Making History: Agency, Structure and Change in Social Theory. Cambridge, 1987.
[7] Sztompka P. The Sociology of Social Change. Oxford, 1994. P. 132—135.
[8] Гл., напр.: Frank A.G. Capitalism and Underdevelopment in Latin America. New York, 1967; Cardoso F., Faletto E. Dependency and Development in Latin America. Berkeley, 1979; Wallerstein I.
[9] Wright Mills C. The Sociological Imagination. New York, 1959.
[10] Тамсама. P. 128.
[11] Dahrendorf R. Out of Utopia. Toward a Reorientation of Sociological Analysis // American Journal of Sociology. 1958. vol. 64; Popper K. Nкdza historycyzmu; Nisbet R. Social Change and History. London, 1969. Гл. таксама: Sztompka P. The Renaissance of Historical Perspective in Sociology // International Sociology. vol. 1 (1986). Nr. 3. P. 328.
[12] Wrong D. The Present Condition of American Sociology; Turner J.H., Turner S. Socjologia amerykaсska w poszukiwaniu tożsamości. S. 111, 113.
[13] Willey N. The Current Interregnum in American Sociology // Social Research. vol. 52 (1985). Nr. 1.
[14] Sztompka P. Socjologia jako nauka historyczna. S. 17.
[15] Гістарычныя лініі прасочваюцца ў такіх працах, як: Bendix R. Work and Authority in Industry: Ideologies of Management in the Course of Industrialization. New York, 1956; Smelser N. Social Change in the Industrial Revolution: An Appli­ca­-tion of Theory to the British Cotton Industry. Chicago, 1959; Lipset M. Agrarian Socialism: The Cooperative Commonwealth Federation in Saskatchewan. Berkeley, 1950; Eberhard W. Conquerors and Rulers: Social Forces in Medieval China. Leiden, 1952; Moore Jr.B. Terror and Progress. Cambridge, 1956; Bellah R.N. Tokugawa Religion: The Values of Pre–Industrial Japan. Glencoe, 1957; Lipset M. Sociologist Looks at A History // Pacific Sociological Review. vol. I (Spring 1958). Nr. 1. Пар. з: Bonnell V. The Uses of Theory, Concepts, and Comparisons in Historical Sociology // Comparative Studies of Society and History. vol. 22 (1980). Nr. 2. P. 158—169.
[16] Гл.: Skocpol T. (ed.) Vision and Method in Historical Sociology. New York, 1984; Sztompka P. Socjologia jako nauka historyczna // Studia Socjologiczne. 1986. Nr. 2; idem. The Renaissance of Historical Orientation in Sociology. S. 330.
[17] Moore B. Social Origins of Dictatorship and Democracy: Lord and Peasant in the Making of the Modern World. Boston, 1966; Skocpol T. States and Social Revolution. Cambridge, 1979; Bendix R. Nation–Building and Citizenship. New York, 1964; Anderson P. Lineaeges of the Absolutist State. London, 1974; Tilly C. The Vendee. London, 1964; Tilly C., Tilly L., Tilly R. The Rebellious Century 1830—1930. London, 1975.
[18] Гл, напр.: Stinchcombe A. Theoretical Methods in Social History. New York, 1978; Abram P. Historical Sociology. Ithaca, 1982; Skocpol T. (ed.). Vision and Method in Historical Sociology; Tilly C. As Sociology Meets History. New York, 1981; idem. Big Structures, Large Processes, Huge Comparison. New York, 1984; Burke P. Sociology and History. Cambridge, 1980.
[19] Ennis J.G. The Social Organisation of Sociological Knowledge: Modeling the Intersection of Specialties // American Sociological Review. vol. 57 (April 1992). P. 259—265.
[20] Willey N. The Current Interregnum. P. 197.
[21] Sztompka P. Socjologia jako nauka historyczna. S. 18.
[22] Smith D. The Rise of Historical Sociology. Oxford, 1991. P. 2.
[23] Gellner E. Plough, Sword and Book: The Structure of Human History. Glasgow, 1988; Hall J.A. Powers and Liberties: The Causes and Consequences of the Rise of the West. Oxford, 1985; Mann M. The Sources of Social Power. vol. 1. New York, 1986, vol. 2. New York, 1993.
[24] Collins R. Three Sociological Traditions. Oxford, 1985. P. 107.
[25] Turner J.H., Turner S. Socjologia amerykańska w poszukiwaniu tożsamości. S. 180.
[26] Ennis J.G. The Social Organization of Sociological Knowledge: Modeling the Intersection of Specialties. P. 259—265.
[27] Pomorski J. Historyk i metodologia. Lublin, 1991. S. 105 – 106.
[28] North D.C. Growth and Welfare in the American Past: A New Economic History. Englewood Cliffs, 1966. P. VII, цыт. па: Pomorski J. Historyk i metodologia. S. 106.
[29] Гл.: Pomorski J. Paradygmat „New Economic History“: Studium z teorii rozwoju nauki historycznej. Lublin, 1985. Пра новую грамадскую квантытацыйную гісторыю гл.: Kammen M. (ed.) The Past Before Us: Contemporary Historical Writing in the United States. Ithaca, 1980. Раздзел 18, 19.
[30] Аб месцы тэорыі і колькасных метадаў у family history гл.: Laslett B. Beyond Methodology: The Place of Theory in Quantitative Historical Research // American Sociological Review. vol. 45 (1980). P. 214—228.
[31] Topolski J. Teoria wiedzy historycznej. S. 69, 95, 105; Pomorski J. Historyk i metodologia. S. 5, 99—105.
[32] Callinicos A. Making History: Agency, Structure and Change in Social Theory. P. 23.
[33] Thrupp S. L. Diachronic Methods in Comparative Politics // Holt R.T., Turner J.E. (ed.) The Methodology of Comparative Research. New York, 1970. P. 357.
[34] Wright Mills C. The Sociological Imagination. P. 146.
[35] Abrams P. Historical Sociology. New York, 1980. P. IX, 300; Giddens A. The Constitution of Society: Outline of the Theory of Structuration. Cambridge, 1984. P. 230.
[36] Abrams P. Historical Sociology. P. 187.
[37] Skocpol T. (ed.) Vision and Method in Historical Sociology. P. 19; Stinchcombe A. Theoretical Methods in Social History. New York, 1978. P. 1; Homan G.C. Рэц. на: Stinchcomba A. // Theory and Society. vol. 12 (1983). P. 682.
[38] Гл.: Skocpol T. (ed.) Vision and Method. Раздзел 11; Kalberg S. Max Weber’s Comparative Historical Sociology. Cambridge, 1994. P. 4.
[39] Smelser N. Social Change in the Industrial Revolution: An Application of Theory to the British Cotton Industry. New York, 1959; Lenski G. Power and Priviledge: A Theory of Social Stratification. New York, 1966.
[40] Wallerstein I. The Modern World System. Vol. 1. Capitalist Agriculture and the European World–Economy in the XVIth Century. New York, 1974, vol. 2 Mercantilism and the Consolidation of the European World–Economy, 1600—1750. New York, 1980, vol. 3. The Second Era of Great Expansion of the Capitalist World–Economy, 1730—1840’s. New York, 1989.
[41] Bendix R. Nation–Building and Citizenship; idem. Kings or People: Power and the Mandate to Rule. New York, 1978; Tilly C. The Contentious French. Cambridge, 1986; Bonnell V. Roots of Rebellion: Workers Politics and Organizations in St.Petersburg. New York, 1982; Mann M. The Sources of Social Power. Vol. 1—2.
[42] Skocpol T. (ed.) Vision and Method. P. 385; Skocpol T., Somers M. The Uses of Comparative History in Macrosocial Inquiry // Comparative Study of Society and History. vol. 22 (April 1980). Nr. 2. P. 193—194.
[43] Skocpol T., Somers M. The Uses of Comparative History in Macrosocial Inquiry. P. 190—196; Skocpol T. (ed.) Vision and Method in Historical Sociology. P. 380—386.
[44] Гл.: Tilly C. Big Structures, Large Processes, Huge Comparisons. New York, 1984. Раздзел 5—8.
[45] Тамсама. P. 97—115.
[46] Тамсама. P. 125—126, 147.
[47] Пар. з: Skocpol T., Somers M. The Uses of Comparative History in Macrosocial Inquiry. P. 174—197; таксама McMichael P. Incorporating Comparison within a World–historical Perspective: An Alternative Comparative Method // American Sociological Review. vol. 55 (June 1990). P. 385—397.
[48] Badie B. Comparative Analysis and Historical Sociology // International Social Science Journal. Nr. 133 (August 1992). P. 321.
[49] Vallier I. (ed.) Comparative Methods in Sociology: Essays on Trends and Applications. Berkeley, 1971. P. 272.
[50] Tilly C. Tkacze, kopacze i egzegeci w historii społecznej // Historyka. 1989. T. XIX. S. 40.
[51] Sztompka P. Conceptual Frameworks in Comparative Inquiry // International Sociology. 1988. Nr. 3. P. 207—218.
[52] Kolasa–Nowak A. Socjolog w badaniu przeszłości. Koncepcja socjologii historycznej Charlesa Tilly’ego. Lublin, 2001.
[53] Wallerstein I. The Modern World System. Vol. 1—3; Hopkins T.K. World–System Analysis: Methodological Issues // Hockney Kaplan B. (ed.) Social Change in the Capitalist World–Economy. Beverly Hills, 1978. P.199—218; Chirot D., Hall T.D. World–System Theory // Annual Review of Sociology. vol.8 (1982). P. 81—106.
[54] Badie B. Comparative Analysis and Historical Sociology. P. 326—327.
[55] Sztompka P. Conceptual Frameworks in Comparative Inquiry. P. 216.
[56] Гл.: McMichael P. Incorporating Comparison within a World–historical Prespective: An Alternative Comparative Method. P. 385—397; idem. Rethinking Comparative Analysis in a Post–developmentalist Context // International Social Science Journal. Nr. 133 (August 1992). P. 351—362.
[57] Гл.: Ragin С., Zaret D. Theory and Method in Comparative Research: Two Strategies // Social Forces. vol. 61 (1983). P. 731; Ragin С. Comparative Sociology and the Comparative Method // International Journal of Comparative Sociology. vol. XXII (1981). Nr. 1—2. P. 102—120; idem. Comparative Method: Moving Beyond Qualitative and Quantitative Strategies. Berkeley, 1987. P. VIII, 3—32; idem. New Directions in Comparative Research; Kohn M. (ed.), Cross–National Research in Sociology. Newbury Park, 1989. P. 57—75.
[58] Гл.: Ragin С., Zaret D. Theory and Method in Comparative Research: Two Strategies // Social Forces. vol. 61 (1983). P. 731; Ragin С. Comparative Sociology and the Comparative Method // International Journal of Comparative Sociology. vol. XXII (1981). Nr. 1—2. P. 102—120; idem. Comparative Method: Moving Beyond Qualitative and Quantitative Strategies. Berkeley, 1987. P. VIII, 3—32; idem. New Directions in Comparative Research; Kohn M. (ed.). Cross–National Research in Sociology. Newbury Park, 1989. P. 57—75.

Наверх

Марына Сакалова. Пра метадалогію вывучэння гісторыі грамадскіх рухаў ХIХ ст.

25 снежня, 2002 |


Пры апісанні грамадскіх рухаў гістарычная навука назапашвае пэўную колькасць паняццяў і катэгорый, змест якіх павінны быць вызначаны агульнапрынятым спосабам. У айчыннай гістарыяграфіі гэтая працэдура ажыццяўляецца, галоўным чынам, праз пералік феноменаў, якія, па меркаванні розных аў­тараў, маюць да іх дачыненне. Безумоўна, такім чынам забяспеч­­ваецца эмпірычная рэферэнтнасць паняццяў. Але ў кожным выпадку эмпірычныя веды апісваюць толькі пэўны аспект існавання аб’екта, даюць толькі адну прадметную праекцыю. Такім чынам, запас канкрэтна–гістарычных ведаў расце, але прырост надзейных ведаў аб узаемaсувязі дэталяў за гэтым ростам не па­спявае. Як адзначаў нямецкі сацыёлаг Норберт Эліас (1897—1990), крыніцавая база, надзейнасць спасылак — гэта безумоўны доказ навуковасці і каштоўнасці гістарычнай працы. Аднак гістарычныя крыніцы — гэта фрагменты, якія даследчык інтэрпрэтуе ў адпаведнасці са сваімі мэтамі, каштоўнасцямі і ідэаламі[1]. Адсутнасць жа тэарэтычна распрацаванай і верыфікаванай сістэмы каардынат запускае той заганны круг, пра які гаварыў яшчэ Леапольд Ранке: „Гісторыю заўсёды перапісваюць нанова… Кожны час і яго асноўны кірунак прысвойваюць сабе і пераносяць на яе свае думкі. Адпаведна раздаюць хвалу і ганьбу. Усё гэта так і пляцецца далей, пакуль зусім не перастаюць разумець сам прадмет. Тады не дапаможа нічога, акрамя вяртання да першапачатковага паведамлення. Але сталі б мы ўвогуле вывучаць гэтае паведамленне без імпульса ад сучаснасці?“[2]

Адным са спосабаў вырашэння гэтай праблемы ў дачыненні да вывучэння грамадскіх рухаў XIX ст. можа стаць міждысцыплінарны падыход да гісторыі фармавання катэгарыяльнага апарату і канцэптуалізацыі аб’екта.

Як вядома, паняцце „сацыяльны рух“ было ўпершыню выкарыстана ў канцы XVIII ст. Анры Сен–Сімонам (1760—1825) для характарыстыкі рухаў сацыяльнага пратэсту, якія пачалі фармавацца ў той час. У XIX— пачатку XX ст. склаліся асноўныя напрамкі ў вывучэнні грамадскіх рухаў. Прускі грамадскі дзеяч і тэарэтык Л. фон Штайн (1815—1890) аб’яднаў паняцце грамадскіх рухаў з ідэяй сацыяльных рэформ па ініцыятыве дзяржавы. Карл Маркс (1815—1883) аналізаваў грамадскія рухі з пункту гледжання класавай тэорыі. У далейшым у артадаксальным марксізме атрымала перавагу канцэпцыя рэвалюцыйнай партыі, якая кіравала рабочым рухам. Даследчыкі канцэнтравалі ўвагу на паступовым пашырэнні сацыялістычнага і камуні­стычнага рухаў як суб’ектаў сацыялістычнай рэвалюцыі. Іншым грамадскім рухам не надавалася самастойнага значэння, яны разглядаліся або як ніжэйшая фаза рэвалюцыйнага працэсу, або як перашкоды на шляху да рэвалюцыі. Пры гэтым вылучаліся тры асноўныя віды класавай барацьбы: эканамічная (за непа­срэднае штодзённае паляпшэнне жыццёвых умоў працоўных), палітычная (за пашырэнне правоў і свабод працоўных, за ўдзел у дзяржаўных справах) і тэарэтычная/ідэалагічная (за развіццё рэвалюцыйнага вучэння, вызваленне працоўных ад класава чужых поглядаў і замацаванне ў іх асяроддзі сацыялістычнага круга­гляду), і падкрэслівалася, што ўсялякая са­праўдная класавая барацьба ёсць барацьба палітычная[3]. Такім чынам, акцэнт на класавай барацьбе фактычна вы­ціскаў грамадскія рухі як асобны аб’ект гістарычнага да­следавання. Класавая ж сутнасць любой партыі і руху вы­значалася не толькі і не столькі іх праграмамі, а тым, інтарэсы якога класа яна „аб’ектыўна“ выяўляла. Паколькі крыніца класавай барацьбы — у супрацьлегласці інтарэсаў сацыяльна–эканамічных класаў, якая даходзіць да антаганізмаў, то перш за ўсё трэба выкрыць гэтыя інтарэсы і зразумець іх характар. Такім чынам аналіз на асно­ве „класавых інтарэсаў“ ператвараўся ў „герменеўтыку падазронасці“[4].

Іншую пазіцыю займаў Макс Вэбэр (1864—1920), які лічыў, што эканамічныя класы дакладна не акрэслены і не адлюстроўваюць высокай ступені агульнасці інтарэсаў. Кожны клас складаецца са шматлікіх статусных груп, якія ерархічна размешчаны ў адпаведнасці з адноснымі рынкавымі перавагамі. Так, М. Вэбэр элімінаваў сацыяльны аспект паняцця класаў і, тым самым, адкрыў дзверы для сацыялогіі, канцэптуальна за­снаванай на „бязмежным размежаванні інтарэсаў“[5]. Важным для вывучэння грамадскіх рухаў стала вызначэнне Вэбэрам розніцы паміж мэтарацыянальнымі паводзінамі і масавым дзеяннем. Масавае дзеянне ён разглядаў як падобныя паводзіны многіх людзей у падобных абставінах і не лічыў яго грамадскім рухам. „У тых выпадках, калі на паводзіны асобных людзей уплывае той факт, што і іншыя ўдзельнікі пэўнай сітуацыі паводзяць сябе пэўным чынам, мы будзем гаварыць аб „паводзінах, абумоўленых масавасцю“[6]. Асновай жа сацыяльнага дзеяння М. Вэбэр лічыў такія паводзіны, калі „асобны індывід мяркуе, што ён можа разлічваць на сумесна прыняты праз супольнае аб’яднанне характар дзеянняў іншага ці іншых і што ў яго інтарэсах поўнасцю арыентаваць на гэта свае дзеянні“[7]. Такім чынам, было паказана, што сацыяльны рух, перш за ўсё, звязаны з грамадскімі аб’яднаннямі, а сацыяльнае дзеянне абумоўлена інтарэсамі шматлікіх статусных груп, якія існуюць ў межах экана­міч­ных класаў.

Добра вядома, што ў айчыннай гістарыяграфіі доўгі час панаваў артадаксальны марксісцкі падыход. Прыватызацыя гісторыі грамадскіх рухаў марксістамі пачалася ў канцы XIX ст., калі былі апублікаваны працы У. Леніна (1870—1924), якія на доўгі час вызначылі метадалагічныя падыходы да аналізу грамадскіх рухаў у Расійскай імперыі, і ў тым ліку ў Беларусі[8]. Ацэнка грамадскіх рухаў і плыняў давалася тут у адпаведнасці з тым, наколькі яны адлюстроўвалі інтарэсы класаў як носьбітаў „аб’ектыўнага гістарычнага працэсу“. А для таго каб паказаць пераемнасць сацыял–дэмакратаў і папярэдняга вызваленчага руху, погляды грамадскіх дзеячаў часта скажаліся і мадэрнізаваліся.

У ходзе культурнай рэвалюцыі 30–х г. марксізм з пажаданай і карыснай вернасці агульным прынцыпам — сацыяльна–эканамічны фактар, класавы аналіз, роля нізоў — ператварыўся ў прымусова–абавязковую схему і канон. У такіх умовах за­ставаліся, па сутнасці, дзве галоўныя магчымасці: выкарыстоўваць свае веды для ўдакладнення зададзеных прынцыпаў у выбранай сферы ці пакідаць марксізм для агульных уводзінаў, каб далей выкладаць гісторыю ў духу старога добрага пазітывізму, звяртаючыся для страхоўкі да патрэбных агаворак і тэрміналогіі[9]. А ў працах па гісторыі грамадскіх рухаў спалучаліся два падыходы: артадаксальны марксісцкі класавы аналіз і апісанне рухаў у тэрмінах гісторыка–эмпірычных абстракцый[10]. Так, створаная ў Маскве ў 1961 г. спецыяльная „Група па гісторыі грамадскага руху ў парэформавай Расіі“ планавала вывучаць рэвалюцыйна–дэмакратычны рух, рабочы рух, інтэрнацыянальныя сувязі рэвалюцыянераў, другую рэвалюцыйную сітуацыю, дэмакратычную журналістыку. На паседжаннях групы ні разу не абмяркоўваліся пытанні аб сутнасці грамадскіх рухаў, іх адрозненні ад палітычных і варыянты тыпалогіі рухаў[11].

У выніку ў савецкай гістарыяграфіі пад паняцце „грамадскі рух“ падводзілася і дзейнасць палітычных партый, і класавая барацьба. У некаторых працах грамадскі рух нават вызначаўся як „сістэма палітычных партый, якія з’яўляліся вышэйшай арганізацыйнай формай класавых рухаў, што адлюстроўвалі найбольш істотныя эканамічныя, палітычныя і культурныя памкненні“ асноўных слаёў грамадства[12]. У той жа час уводзілася паняцце „вызваленчага руху“, пад якім разумеўся ўсялякі рух, накіраваны на вызваленне народа ад прыгону, самадзяржаўя, нацыянальнага прыгнёту і г.д.[13] А тэрмін „грамадскі рух“ выкарыстоўваўся як агульная назва для вызваленчага руху і грамадскай думкі[14].

З канца 80–х г. у савецкай і айчыннай сацыялогіі сталі складвацца новыя падыходы да вывучэння грамадскіх рухаў, ішло засваенне немарксісцкіх тэорый калектыўных паводзінаў. Гэта ў пэўнай ступені паўплывала на гістарычныя працы і прывяло, перш за ўсё, да пашырэння аб’ёму паняцця „грамадскі рух“[15]. Аднак у пераважнай большасці прац па гісторыі грамадскіх рухаў да гэтага часу не існуе дакладных перыядызацый, параметры класіфікацый нават не вылучаны з паняццевых і катэгарыяльных комплексаў. „Непамерны“ набор расплывістых па сэнсе азначэнняў прыводзіць да няпэўнасці і неадназначнасці класіфікацый, памылак тыпалогій нават добра вывучаных феноменаў. У выніку назіраецца страта інтарэсу да гісторыі грамадскіх рухаў і, разам з тым, ілюзія вывучанасці прадмета.

Аднак такая ілюзія знікае, калі адысці ад простага сінтэзу фактычных дадзеных і арганізацыі іх у храналагічным парадку з мінімальнымі абагульненнямі і „стабілізаваць“ аб’ект даследавання з дапамогай тэарэтычнага інструментарыя (дэфініцыйных схем, крытэрыяў класіфікацый), распрацаваных, у прыватнасці, сучаснай сацыялогіяй. І перш за ўсё ў гэтым кантэксце карысна звярнуцца да агульнапрынятага ў сацыялогіі ўяўлення аб грамадскім руху, які вызначаецца як такая форма масавых паводзінаў, калі людзі імкнуцца да ажыццяўлення ці блакавання тых ці іншых сацыяльных зменаў ці да ўдзелу ў вырашэнні грамадска значных праблем. У якасці асноўных характарыстык руху можна вылучаць адсутнасць фіксаванага членства ўдзельнікаў і дакладнага вызначэння функцый і апарату функцыянераў. Акрамя таго, дыфузныя па геаграфічнай прыкмеце і разнародныя па сацыяльным складзе грамадскія рухі характарызуюцца даволі свабодным унутраным рэжымам узаемадзеяння. Менавіта гэтым і адсутнасцю прэтэнзій на дзяржаўную ўладу яны адрозніваюцца ад палітычных партый. З другога боку, для грамадскага руху ўсё ж характэрны некаторы мінімальны ўзровень арганізаванасці і планавання, паколькі гэта — сумеснае імкненне людзей да рэалізацыі агульных мэтаў. Таму ад грамадскага руху трэба адрозніваць масавыя з’явы — простую суму падобных учынкаў, калі людзі паводзяць сябе аднолькава ў падобных сітуацыях[16].

У працэсе вывучэння гісторыі грамадскіх рухаў так ці іначай вылучаюцца іх агульныя і розныя прыкметы і сувязі, і гісторык, усвядомлена ці не, пераходзіць да этапу класіфікацыі (сістэматызацыі і групавання феноменаў). Пры класіфікацыі грамадскіх рухаў у гістарыяграфіі пераважае стадыяльны падыход, накіраваны на выяўленне асноўных этапаў іх развіцця. Аднак дыяхронная сістэматызацыя не дае магчымасці ранжыраваць некаторыя сутнасныя прыкметы рухаў, якія проста знікаюць пры такой класіфікацыі. Групаванне рухаў, падобных па тых ці іншых прыкметах, і аддзяленне груп адна ад адной не толькі ўпарадкоў­вае і замацоўвае ўжо здабытыя навуковыя матэрыялы, але і з’яўляецца адным са шляхоў далейшага пазнання сутнасці гэтых рухаў. Справа ў тым, што задача класіфікацыі заключаецца не столькі ва ўпарадкаванні з’яў, колькі ў вы­працоўцы наменклатуры, у тэрмінах якой можна было б адэкватна апісваць масу эмпірычных феноменаў і праводзіць параўнальны аналіз рухаў. Вось чаму вылучэнне адзінак для аналізу на аснове дакладных класіфікацый і тыпалогій, усталяванне адносінаў паміж шматлікімі і вельмі разнастайнымі грамадскімі рухамі, якія існавалі ў мінулым і існуюць цяпер, з’яўляецца адной з важных метадалагічных праблем гісторыі грамадскіх рухаў. Наменклатура класіфікацыйных схем засноўваецца на сацыяльных паняццях базавага ўзроўню, якія выяўляюцца на аснове дзвюх логік: 1) арыстоцелеўскі прынцып неабходных і дастатковых умоў для членства ў катэгорыі; 2) „натуральная катэгарызацыя“ на аснове прынцыпу сямейнага падабенства.

У першым выпадку класіфікацыя як працэдура з’яўляецца прыватным выпадкам лагічнай аперацыі дзялення аб’ёму паняццяў, якая заключаецца ў дзяленні родавага паняцця некаторай сукупнасці прадметаў на віды, класы і тыпы на аснове іх агульных прыкмет з утварэннем пэўнай сістэмы класаў. Прыкмета класіфікацыі (асновы дзялення) лічыцца дакладнай і змястоўна яснай, калі выконваюцца наступныя правілы: дзяленне павінна быць суразмерным (аб’ём дзялімага паняцця павінен быць роўны суме аб’ёмаў дзялення); на кожным этапе дзялення павінна выкарыстоўвацца адна і тая ж аснова (нейкая сукупнасць істотных прыкмет); члены дзялення павінны выключаць адно аднаго (не павінны перасякацца, быць часткай другога). Іншымі словамі, класіфікацыя патрабуе лагічнай яснасці, строгай дакладнасці і семантычнай адназначнасці прыкмет. Без гэтага яна ператвараецца ў свядомую ці несвядомую фальсіфікацыю. Самай простай разнавіднасцю класіфікацыі з’яўляецца дыхатамія, калі аб’ём паняцця падзяляюць на дзве ўзаемавы­ключныя часткі, якія ў суме вычэрпваюць аб’ём дзялімага паняцця. Але калі не захоўваецца правіла дзялення аб’ёму паняцця, прывабная ідэя дыхатаміі прыводзіць да памылак у ідэнтыфікацыі тыпаў.

У адпаведнасці з прынцыпам натуральнай катэгарызацыі вакол „добрых прыкладаў“ ці „прататыпаў“ ядра катэгорыі аб’ядноўваецца маса перыферыйных членаў, так што няма ніводнай уласцівасці, якую падзяляюць усе члены катэгорыі. Класіфі­кацыі пры гэтым абапіраюцца не столькі на аналіз уласцівасцяў, колькі на агульнае ўяўленне пра аб’ект, на яго вобраз. Пры гэтым базавым узроўнем лічыцца такі, паняцці якога маюць максімальны аб’ём, сумяшчальны з эканамічным кадаваннем і рэ­прэзентацыяй інфармацыі. Такімі эканамічныі формамі з’яўляюцца ментальныя (візуальныя) вобразы, якія мелі значныя перавагі ў параўнанні з грувасткімі апісаннямі прыкмет[17]. Трэба адзначыць, што менавіта ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам пабудавана большасць класіфікацый грамадскіх рухаў у працах айчынных гісторыкаў. У якасці „ядра“ натуральнай катэгарызацыі паўстаюць часцей за ўсё гісторыка–эм­пірычныя абстракцыі (канцэпты). З аднаго боку, карыстанне такім тыпам катэгорый дазваляе пазбегнуць экстрапаляцыі сучасных даследчыку ведаў і каштоўнасцяў у мінулае. Аднак, калі канцэпты выкарыстоўваюцца ў класіфікацыях замест аналітычных тэрмінаў, адбываецца памнажэнне класіфікацыйных катэгорый, ускладняецца вылучэнне базавых паняццяў. У выніку класіфікацыйныя і тыпалагічныя схемы пазбаўляюцца аналітычнай каштоўнасці, бо ператвараюцца ў просты пералік феноменаў, якія маюць тое ці іншае дачыненне да грамадскага руху.

Характэрным у гэтым кантэксце з’яўляецца варыянт класі­фікацыі рухаў, прапанаваны У.І. Леніным у працы „Ад якой спадчыны мы адмаўляемся“. „Адна справа — гэта змешваць разам розныя погляды; іншая справа — абагульняць і падводзіць пад адну катэгорыю пісьменнікаў, якія, нягледзячы на розніцу па многіх пытаннях, салідарны па тых асноўных і галоўных пунктах, супраць якіх паўсталі „вучні“. Для „вучня“ важна зусім не тое, каб паказаць, напрыклад, непрыдатнасць поглядаў, што адрозніваюць якога–небудзь сп. Юзава ад іншых народнікаў: для яго важна абвергнуць погляды, агульныя і для сп. Юзава і для сп. Міхайлоўскага і ўсіх народнікаў увогуле, г.зн. іх адносіны да капіталістычнай эвалюцыі Расіі, іх абмеркаванне пытанняў эканамічных і публіцыстычных з пункту гледжання дробнага вытворцы, іх неразуменне сацыяльнага (гістарычнага) матэрыялізму. Гэтыя рысы складаюць агульны набытак цэлай плыні грамадскай думкі, якая адыграла буйную гістарычную ролю. У гэтай шырокай плыні ёсць правыя і левыя флангі, ёсць людзі, якія апускаліся да  нацыяналізму і антысемітызму і ёсць людзі, невінаватыя ў гэтым; ёсць людзі, якія са знявагай адносіліся да  многіх запаветаў „спадчыны“, і ёсць людзі, якія імкнуліся захоўваць гэтыя запаветы… Але паколькі мы выступаем супраць асноўных поглядаў, агульных для ўсіх гэтых адценняў, то з якой жа рады  нам гаварыць аб прыватных адрозненнях агульнай плыні?… Агульнасць поглядаў на рускі капіталізм, на сялянскую „абшчыну“, на ўсёмагутнасць так званага „грамадства“ ў пісьменнікаў не ва ўсім салідарных адзначалася не раз у нашай літаратуры“[18]. Тут у якасці „ядра візуалізацыі“ выступае ўяўленне аб „добрым прыкладзе“ народніцтва, і вызначэнне розных напрамкаў робіцца не на аснове дакладных прыкмет, а на пэўным ментальным вобразе аб’­екта.

Другі прыклад такой візуалізацыі знаходзім у мемуарах С.І. Міцкевіча, дзе ён апісвае склад удзельнікаў IX Пірагоўскага з’езда (1904 г.): „Лібераламі б проста іх … было б няслушна назваць: яны — разначынцы, з’яўляліся ідэолагамі не буржуазіі ў вузкім сэнсе гэтага слова, а „народа“, г. зн. працоўных і дробнабуржуазных элементаў. Але проста дэмакратамі было б таксама няправільна іх назваць, бо ў гэтае паняцце ўваходзіць элемент рэвалюцыйнасці, чаго ў іх не было“[19]. Відавочна, што пры такой „натуральнай“ класіфікацыі парушаецца патрабаванне адзін­ства асновы, што прыводзіць да пэўнай блытаніны: атры­моўваецца, што разначынцы не могуць быць лібераламі, а дэмакраты не могуць быць рэфарматарамі.

Практыка візуалізацыі семантычных катэгорый, характэрная для ленінскіх прац, была засвоена савецкімім гісторыкамі[20]. Нават да гэтага часу, абагульняючы эмпірычны матэрыял, гісторыкі часта не ўлічваюць спецыфіку працэдур класіфікацыі і тыпалогіі і, разам з тым, рэдка звяртаюцца да класіфікацыйных схем, распрацаваных сацыёлагамі. Між тым, выкарыстанне такіх схем можа спрыяць аналітычнай дакладнасці гістарычных абагульненняў. Так, у залежнасці ад значнасці сацыяльных змен, якія імкнуцца рэалізаваць удзельнікі, грамадскія рухі можна класіфікаваць як рэвалюцыйныя (стварэнне абсалютна новага сацыяльнага парадку) і рэфармісцкія (вырашэнне спецыфічных праблем у рамках дадзенай сацыяльнай структуры)[21]. Прадуктыўнай для гістарычнага даследавання можа быць таксама класіфікацыя грамадскіх рухаў на аснове так званых „вузлоў мабілізацыі“ — кампактных сектараў грамадскай актыўнасці, якія вызначаюцца праблематыкай калектыўных дзеянняў і ўцягненнем пэўных сацыяльных груп: рабочы, нацыянальны, этнічны, жаночы, культурны і інш.[22] Нельга не ўзгадаць таксама класіфі­кацыі грамадскіх рухаў на аснове іх інтэлектуальна–ідэалагічнага зместу (сацыялістычны, ліберальны, кансерватыўны)[23].

Паколькі для грамадскіх рухаў характэрна некаторая арганізаванасць, правамернай можа лічыцца класіфікацыя, якая ўлічвае формы аб’яднання ўдзельнікаў рухаў: сацыяльны круг, нефармальная група, мэтавая група, арганізацыя[24]. Такая класі­фікацыя дапамагае выявіць канфігурацыі ўсіх, а не толькі найбольш уплывовых і развітых грамадскіх рухаў у пэўны адрэзак часу, што вельмі важна для гісторыка, які імкнецца найбольш дакладна рэканструяваць мінулую рэчаіснасць.

На аснове шэрагу прынцыпаў могуць складацца і тыпалагічныя схемы. Адну з першых тыпалогій грамадскіх рухаў — паводле значнасці зменаў і ўзроўняў, на якіх праходзяць гэтыя змены — прапанавалі амерыканскія сацыёлагі Д.Аберле і М.Коэн. Так, яны вылучылі альтэрнатыўны рух (індывідуальныя частковыя змены, накіраваныя на выпраўленне індывідуальных недахопаў; прыклад — гурткі самаразвіцця); рэфармісцкі (частковыя змены на сацыяльным узроўні, мэта якіх — выправіць пэўныя праявы „сацыяльнай несправядлівасці“; прыклад — рух за раўна­праўе жанчын); збавіцельны рух (індывідуальныя татальныя змены, прыклад — рэлігійныя рухі) і трансфармацыйныя (татальныя змены на сацыяльным узроўні, мэта якіх — фундаментальная трансфармацыя сацыяльнага парадку; пры­клад — кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.[25]).

Трэба адзначыць, што ў адрозненне ад сацыялогіі, дзе класіфікацыйныя абагульненні з’яўляюцца канцавой мэтай даследавання, для вывучэння гісторыі такія схемы выконваюць перш за ўсё эўрыстычную функцыю[26]. Менавіта класіфікацыйныя схемы „дысцыплінуюць“ практыку гісторыка, дазваляюць выйсці за рамкі простага эмпірычнага апісання і пераадолець абмежаванні традыцыйнага гістарызму, стварыць глебу для параўнальнага аналізу грамадскіх рухаў.

Метадалагічная значнасць праблем стварэння катэгарыяльнага апарату і класіфікацыі для вывучэння грамадскіх рухаў ставіць новыя задачы і перад гістарыёграфамі. Традыцыйна яны абагульняюць вынікі эмпірычных даследаванняў і аналізуюць інстытуцыянальныя фактары развіцця гістарычнай навукі. Аднак для адэкватнага гістарыяграфічнага аналізу грамадскіх рухаў трэба вывучаць, як былі атрыманы прадметныя праекцыі і якім чынам ажыццяўлялася аднясенне гэтых праекцый да аб’екта. Верыфікацыя такіх працэдур на аснове міждысцыплінарных падыходаў дае магчымасць забяспечыць не толькі эмпірычную рэферэнтнасць, але і аналітычную дакладнасць гістарычнага даследавання.


[1] Элиас Н. Введение: социология и история // Элиас Н. Придворное общество. Москва, 2002. С. 48.
[2] Ranke L. Tagebuchlblätter, 1831—1849 // Das politische Gespräch und andere Schriften zur Wissenshaftslehre. Halle, 1925. S.52.
[3] Энгельс Ф. Добавление к предисловию к „Крестьянской войне в Германии“ // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2–е изд. Т. 18. С. 499; Ленин В. Что делать? // ПСС. Т. 6. С. 25.
[4] Дмитриев А. „Академический марксизм“ 1920—30–х годов и история Академии: случай А.Н. Шебунина // Новое литературное обозрение. 2002. №54. С. 128.
[5] Чилкот Р. Теории сравнительной политологии. Москва, 2001. С. 163, 427.
[6] Вебер М. О некоторых категориях понимающей социологии // Яго ж. Избранные произведения. Москва, 1990. С. 524.
[7] Тамсама, с. 522.
[8] „Што такое сябры народа і як яны ваююць супраць сацыял–дэмакратаў“ (1894), „Ад якой спадчыны мы адмаўлемся?“ (1897), „Папятны напрамак у рускай сацыял–дэмакратыі“ (1899), „Пачатак дэманстрацый“ (1901), „Што рабіць“ (1902) і інш.
[9] Копосов Н.Е. Советская историография, марксизм и тоталитаризм // Одиссей–1992. Москва, 1994. С. 86.
[10] Гістарычна–эмпірычныя абстракцыі ў змястоўным плане з’яўляюцца пераходнымі паміж семантыкай моўных адзінак, з аднаго боку, і зместам філасофскіх і навуковых катэгорый — з другога. Ад навуковых тэрмінаў (аналітычных катэгорый) канцэпты адрозніваюцца сваёй рэальнай дынамічнай сувяззю з жыццём. Іншымі словамі, пры дапамозе гісторыка–эмпірычных абстракцый людзі адлюстроўваюць сацыяльнае асяроддзе ў сваёй паўсядзеннай дзейнасці. Ад моўных значэнняў канцэпты адрозніваюцца большай складанасцю і зместавым багаццем, пры гэтым моўная семантыка разумеецца часам як базавая частка канцэпта, яго апорны змест (Арутюнова Н. Введение //Логический анализ языка. Ментальные действия. Москва. 1993. С.3; Лооне Э. Современная философия истории. Таллинн. 1980. С. 97).
[11] Общественное движение в пореформенной России. Москва, 1965. С. 366—369.
[12] Общественное движение на польских землях. Москва, 1988. С.187
[13] Вандалковская М. История изучения русского революционного движения середины 19 в. 1890—1917. Москва, 1982. С.3.
[14] В.И. Ленин и история классов и политических партий в России. Москва, 1970. С. 106, 108.
[15] Гл., напрыклад, Вернигоров В.И. Политические партии и общественные движения в России и Беларуси: вторая половина XIX — первая треть XX века. Минск, 2001; Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. Гродна. 2001; Дзядзюля П. Культурна–асветніцкая дзейнасць грамадскіх рухаў і аб’яднанняў на пачатку 20 ст.// Труды БТУ. Сер.5. Политология, философия, история, филология. 2002. Вып.10. С. 1—16; Сяменчык М. Сялянскія арганізацыі беларусі ў Лютаўскай рэвалюцыі // Тамсама, с. 9—13; Бондаренко К.М. Консервативно–монархическая оппозиция в Беларуси в 1907—1917 г. // Веснік МДУ ім. Куляшова. 2001. №1; Сяменчык М. Маніфестацыі як форма грамадска–палітычнага жыцця на Беларусі ў рэвалюцыі 1917 г. // Веснік БДПУ. 2001. №1 і інш.
[16] Бауман З. Мыслить социологически. Москва, 1996; Вятр Е. Социология политических отношений. Москва, 1979, Зборовский Г. Социология. Москва, 1995; Щепаньский Я. Элементарные понятия социологии. Москва, 1969; Желтов В., Шпак Л. Социально–политическое взаимодействие: прошлое и современность (социологические этюды). Кемерово, 1999.
[17] Копосов Н.Е. Основные исторические понятия и термины базового уровня: к семантике социальных категорий // Журнал социологии и социальной антропологии. 1998. Том 1. Вып.4. С.67.
[18] Ленин В.И. От какого наследства мы отказываемся // Избранные произведения. Москва, 1973. Т.1 С.75.
[19] Мицкевич С.И. Революционная Москва. Москва, 1940. С.188—189.
[20] Степанский А. Либеральная интеллигенция в общественном движении // Исторические записки. Т. 109. Москва, 1983. С.65; Общественное движение в пореформенной России. Москва, 1965; Общественное движение в России. Москва, 1986; Общественные движения в пореформенной России. Москва, 1965; Общественно–политические движения в России конца ХVIII — ХIХ в. Москва, 1975; Бич М. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904. Минск, 1983; Лосинский Н. Революционно–народническое движение в Белоруссии. Минск, 1983; Самбук С. Революционные народники Белоруссии 70–х — нач. 80–х годов ХIХ в. Минск, 1972 и др.
[21] Smelser N. Theory of Collective Behaviour. London, 1962.
[22] Ядов В. Социологические исследования: методология, программа, методы. Москва, 1987.
[23] Соколова М. Общественные объединения и движения в Беларуси в конце ХVIII — начале ХХ века: проблемы становления гражданского общества. Минск, 2002.
[24] Щепаньский С. Элементарные понятия социологии. С. 211, 214; Вятр Е. Социология, С. 45—48
[25] Aberle D., Cohen A. The Functional Prerequisites of Society // Ethics. 1950 N.15(20).
[26] Сердюк Т. Категория „типическое“ в историческом познании. Автореф. дис. канд. филос. наук / Алтайский гос. унив. Кемерово, 2001. С. 9.

Наверх

Ігар Лялькоў. Да пытання аб пранямецкіх і антысавецкіх настроях у БССР перад II сусветнай вайной

24 снежня, 2002 |


Адной з найбольш пашыраных тэзаў, створаных беларускай гістарыяграфіяй савецкіх часоў, можна лічыць сцвярджэнне пра „ўсенародную барацьбу ў Беларусі супраць нямецка–фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны“. Аднак у яе праўдзівасці лёгка засумнявацца — дастаткова звярнуцца да агульнадаступных лічбаў.

Па звестках перапісу насельніцтва 1939 г. у Беларусі на пачатак Другой сусветнай вайны жыло 8912,2 тыс. чалавек[1]. Паколькі мне засталіся недаступнымі звесткі пра ўзроставую структуру насельніцтва ў той перыяд, думаю, што будзе дастаткова карэктна зыходзіць з дадзеных перапісу 1959 г., калі дзеці ў веку да 16 гадоў складалі 31,3%. Такім чынам, умоўна можна лічыць, што на пачатак нямецка–савецкай вайны 1941—45 г. колькасць дарослага насельніцтва ў БССР складала каля 6 млн. 122,7 тыс. чалавек (пры гэтых падліках ігнаруецца як натуральны прырост насельніцтва ў 1940—1941 г., які мусіў гэтую лічбу павялічыць, так і верагодна большая рэальная доля дзяцей у 1941 г. у параўнанні з 1959 г.[2], якая яе мусіла зменшыць). Па самых аптымістычных падліках, у 1941—1942 г. у савецкіх партызанскіх адзінках у Беларусі, уключна са спецгрупамі НКГБ—НКВД і Галоўразведуправы Чырвонай Арміі, налічвалася каля 97 тыс. чалавек[3]. Беларускі штаб партызанскага руху ў 1944 г. лічыў, што колькасць партызанаў да канца 1941 г. тут складала каля 5 тыс. чал., а ў 1942 — 73 тыс.[4], аднак для далейшых разлікаў выкарыстаю ўсё ж „афіцыйна прызнаную“ лічбу. Для чыстаты падліку да партызанаў трэба дадаць яшчэ і падпольшчыкаў. Іх „афіцыйная“ колькасць за ўсю вайну вызначаецца ў 70 тыс. чалавек[5]. Калі ўлічыць, што за 1941—1944 г. у савецкім партызанскім руху прымалі ўдзел 374 тыс. чалавек[6] і прыкласці прапорцыю суадносінаў колькасці партызанаў у 1941—42 і за ўсю вайну да колькасці падпольшчыкаў, атрымаем вынік — каля 17 тыс. падпольшчыкаў для 1941—1942 г.

Гэтыя падлікі паказваюць, што з 6 млн. 122,7 тыс. чалавек дарослага насельніцтва БССР на пачатку вайны, у 1941—1942 г., больш–менш актыўны ўдзел у барацьбе з немцамі прымалі 114 тыс., то бок — каля 1,86%. Іншымі словамі, у першы перыяд нямецка–савецкай вайны менш за 2% жыхароў Беларусі выступілі актыўна на баку Саветаў (апроч, натуральна, мабілізаваных у Чырвоную Армію), а больш за 98% з іх адносна лаяльна паставі­ліся да немцаў. Да канца ліпеня 1944 г., як вынік кардынальных зменаў у хадзе вайны на карысць СССР і надзвычай жорсткай акупацыйнай палітыкі немцаў, гэтая прапорцыя прыкметна змянілася ў бок павелічэння падтрымкі верагодных пераможцаў, аднак маштабаў „усенароднай барацьбы“ яўна не дасягнула. Пры гэтым асабліва варта падкрэсліць, што рэальны ўдзел жыхароў Беларусі ў змаганні супраць нацыстаў і іхных хаўруснікаў быў яшчэ меншым, бо, як вядома, значную частку савецкіх партызанаў (а ў 1941—1942 г., відаць, і большую) складалі вайскоўцы Чырвонай Арміі, што патрапілі ў акружэнне або збеглі з палону, а таксама дыверсанты, закінутыя з–за лініі фронту. Адначасна, хоць колькасць беларусаў, якія актыўна супрацоўнічалі з новымі акупантамі вылічыць даволі цяжка, але заслугоўвае ўвагі той факт, што ўжо ўвесну 1944 г., калі вяртанне Савецкай улады выглядала непазбежным, на прызыўныя пункты Беларускай краёвай абароны з’явілася ад 40 да 50 тыс. жыхароў Генеральнай акругі Беларусь[7] (тэрыторыя якой складала толькі 1/3 БССРаўскай), а ў шэрагах Саюзу беларускай моладзі (дзейнічаў на той самай тэрыторыі) паводле некаторых дадзеных налічвалася да 100 тыс. юнакоў і дзяўчат[8]. Натуральна, неабходна ўлічваць часткова прымусовы характар мабілізацыі ў БКА (як зрэшты й любой іншай мабілізацыі), аднак і набор у партызанскія атрады, асабліва ў гэтак званых „партызанскіх зонах“, зусім не адрозніваўся ўзорнай добраахвотнасцю. Урэшце, пэўным індыкатарам грамадскіх настрояў у тагачаснай БССР можа служыць і факт прыняцця ў лютым 1945 г. адмысловай рэзалюцыі ЦК КПБ аб „перавыхаванні грамадства ў духу савецкага патрыятызму і нянавісці да нямецкіх акупантаў“, якіх на тэрыторыі Беларусі не было ўжо больш за паўгода[9].

Як бачым, праблема вызначэння сапраўднага стаўлення жыхарства Беларусі да супраціўных бакоў сусветнага канфлікту сярэдзіны ХХ ст. не прыдумана, і яе навуковае вырашэнне не можа быць забяспечанае без выхаду за межы савецкай гістарыя­графічнай міфалогіі. Мне здаецца, што адным з ключавых крокаў на гэтым шляху мае быць вывучэнне настрояў беларускага грамадства па гэтым пытанні да пачатку нямецка–савецкай вайны. Гэта дазволіць зразумець падставы тых ці іншых паводзінаў насельніцтва ва ўмовах нямецкай акупацыі, вызначыць наяўнасць ці адсутнасць першапачатковай арыентацыі на супрацоўніцтва з новай уладай да моманту яе непасрэднага ўсталявання і меркаваныя ўмовы гэтага супрацоўніцтва.

Цікавай крыніцавай базай для такіх доследаў ёсць дакументы, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у фондзе Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі (фонд 4). Тут можна адшукаць шматлікія інфармацыйныя лісты і справаздачы кіраўніцтва НКВД БССР на імя кіраўніцтва ЦК КПБ, у якіх пад грыфам „зусім сакрэтна“ часта адлюстроўвалася сапраўдная сітуацыя ў краіне і сапраўдныя настроі грамадства, якія рэзка кантраставалі з нястрымным аптымізмам і лозунгавым савецкім патрыятызмам тагачасных газетных артыкулаў і „ад­крытых“ партыйных дакументаў. Натуральна, да гэтых, як і да ўсіх іншых, крыніцаў трэба ставіцца крытычна, але, на маю думку, па ступені адлюстравання рэальнага, а не параднага, жыцця ў даваеннай БССР і сапраўдных, а не „для начальства“, думак яе жыхароў, дакументы з былога сакрэтнага архіва Асобага сектара ЦК КПБ ёсць аднымі з найбольш каштоўных крыніцаў па гісторыі нашай краіны ў савецкі час.

З іх мы, напрыклад, можам даведацца, што 18 студзеня 1939 г. на Менскім галоўпаштамце быў затрыманы міліцыяй Пётр Ісакавіч Лебедзеў, „які сядзеў у аперацыйнай зале і складаў антысавецкія ўлёткі фашысцкага характару“[10]. Затрыманы быў 17–гадовым пісьменным беларусам (скончыў васьмігодку), які прыехаў у Менск у пошуках працы з вёскі Нізголава Сакораўскага сельсавета Бешанковіцкага раёна. Што праўда, змест улёткі паказвае, што на фармаванне асобы хлопца больш па­ўплывала рэлігій­ная літаратура, чым савецкія падручнікі, ды і стан ягонага псіхічнага здароўя выклікае пэўныя пытанні. Тым не менш рука яго выводзіла не якія іншыя, а менавіта гэткія словы (тэксты ўлётак тут і далей падаюцца ў мове арыгіналаў):

Граждане! Волей бога и силой указа всевышнего императора Европы ГИТЛЕРА сразу после переписи (відавочна, вядзецца пра перапіс насельніцтва 1939 г. — І.Л.) начинается всесветная война, огонь которой будет разить на советской земле[11].

Далейшы лёс Пятра Лебедзева, напэўна, быў незайздросны, аднак у Менску хапала ягоных больш фартунных аднадумцаў. Пра гэта сведчыць хоць бы тое, што ў тым жа студзені 1939 г. в.а. наркама ўнутраных справаў БССР Масленікаў яшчэ як мінімум два разы быў вымушаны патурбаваць першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнку паведамленнямі пра знаходкі падобных улётак у сталіцы Савецкай Беларусі. Адна з іх была знойдзеная на заводзе „Беларусь“ і ўтрымлівала зварот да рабочых:

Т.т. рабочие, поднимайте забастовку, вооружайтесь револьверами, винтовками, свергайте власть — она Вас доведет до голода, холода, до безработицы, до жабрацтва. От шпионского центра правых 1–00. Привет от г. ГИТЛЕРА[12].

Яшчэ адна ўлётка прыйшла на адрас Менскай электрастанцыі і таксама адрасавалася рабочым:

Здравствуйте, дорогие рабочие. Шлем вам привет от германского правительства. Центр шпионской организации просит всех рабочих и служащих о немедленном вооруженном восстании против самодержавия, которое ведет ваш советский народ на голод, нищету, безработицу, на жибрацтва, а вашу армию в скором будущем ваше командование поведет на пушнину, потому что Ваше командование уже продалось за деньги. Просим от всего руководства Украинского и Белорусского центра передавать всем рабочим о недовольстве, которое стало в этот момент. Если Вы рабочие и крестьяне совместно поднимитесь, вооружайтесь, убивайте своих начальников и т.д. Дороговизна вас доведет, да к тому среди крестьян проводим и об’ясняем жизнь германского народа[13].

„Па гарачых слядах“ аўтараў (ці аўтара?) гэтых улётак адшукаць не ўдалося. А пра тое, што падобныя з’явы не былі выпадковымі ў даваенным Менску, пераканаўча сведчаць і іншыя справаздачы НКВДўскіх кіраўнікоў (раю, напрыклад, звярнуць увагу на нядаўна апублікаваныя справаздачы аб настроях сталіч­ных жыхароў у сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны[14]), і пазнейшае шчырае здзіўленне менскага гарадскога камісара ў 1944  г. Бэкера ад таго, „што 8000 жыхароў горада добраахвотна, без прынукі выйшлі на пабудову ўмацаванняў вакол горада перад наступам Чырвонай Арміі“[15].

Аднак пранямецкія ўлёткі (як і адпаведныя настроі) не былі ў той час характэрнымі толькі для сталіцы БССР. 1 красаві­ка 1939 г. першы сакратар Камарынскага райкама КП(б)Б Бейненсон пісаў гэткую дакладную запіску на імя Панамарэнкі і першага сакратара Палескага абкама Маркіна: „Даводжу да Вашага ведама, што сёння, 1.4.39, я атрымаў ад партарга пярвічнай партарганізацыі калгаса „Чырвоны Барацьбіт“ Асарэвіцкага сельсавета тав. Шэіна пакет, у якім ён пераслаў знойдзеную ў сельсавеце 31.3.39 адозву контррэвалюцыйнага характару (копію якой пры гэтым прыкладаю), гэтая адозва быццам бы была знойдзеная на вуліцы адным вучнем. Па атрыманні гэтага ліста мною быў выкліканы нач. РА НКВД і прапанавана тэрмінова выехаць у Асарэвіцкі сельсавет пяці чалавекам [з] райпартактыву (у тым ліку 2 працаўнікам Райкама КП(б)Б) для правядзення палітмасавай работы на 4 дні тлумачэння рашэнняў 18–га З’езду УКП(б) [і] падрыхтоўкі да сяўбы, нічога не кажучы пра гэты лісток. Пра што стаўлю Вас у вядомасць. Аб выніках праверкі паведамлю дадаткова. Арыгінал улёткі перададзены нач. РА НКВД. Прашу паведаміць аб неабходных мерапрыемствах[, якія трэба] правесці ў гэтым сельсавеце, апрача прынятых мною“[16]. Прычынаю гэтых узрушанняў быў наступны „крык душы“ на аркушы з вучнёўскага сшытку:

Таварышы! Все з вас ведаюць, в какой абстановки находится наша жизнь. Канечна, наша жизнь представляет скудную жизнь, как калхозникав, так и аднаасобникав. Нужно вот что сказать, что советское правительство мало обращает внимания на нашу плахую жизнь. Эта все отрыгнется им на ихних сердцах в будущай войне, котора неминуча, так как эта паслабляет тыл. Паэтаму таварыщы закликаем мы: в выпадку нападу на Совецки Союз со стораны капиталистых краин (Германия, Италия, Япония, Польща, Англия, Францыя и другия), то нужно им аказать помач: как силай, так и харчами и всеми вазможными срадствами, только нужно освободится от ига советскай империи  (ГИТЛЕР, МУСАЛИНИ)[17].

Гэтым разам органы НКВД спрацавалі аператыўна, і ўжо праз месяц, 7 траўня 1939 г., наркам унутраных справаў БССР Цанава змог назваць Панамарэнку імёны тых, хто падрыхтаваў гэтую ўлётку: „1. АНДРАЛОВІЧ Сцяпан Рыгоравіч, 1912 г. н., ураджэнец Смалявіцкага р–на, з сялянаў, бацька яго ў мінулым служыў аканомам у памешчыка. АНДРАЛОВІЧ С.Р. у дадзены час працуе ў шавецкай арцелі і жыве ў в. Асарэвічы. 2. АГАРОДНІКАЎ Піліп Фядосавіч, ураджэнец Брагінскага р–на, па прафесіі шавец, працуе з АНДРАЛОВІЧАМ у шавецкай арцелі, жыве ў в. Асарэвічы. 3. ЯФІМЕНКА Сцяпан Іванавіч, 1892 г. н., ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, у мінулым заможны сялянін, у 1933 г. су­дзіўся Камарынскім Нарсудом за шкодніцтва ў калгасе, у дадзены час вартаўнік калгаса. 4. ПЕСКАВЫ Пётр Якаўлевіч, 1912 г. н., ураджэнец в. Асарэвічы, з сялянаў, быў асуджаны на 3 гады па­збаўлення волі за крадзёж калгаснае маёмасці. Цяпер жыве ў г. Менску, працуе ў прамбудтрэсце. 5. КАНЦАВЫ Марк Філімонавіч, 1896 г. н., ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, былы кулак і царкоўны дзяк, мае двух братоў, асуджаных за к–р дзейнасць. 6. ПІНЧУК Андрэй Мінавіч, ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, з сялянаў, састаіць у калгасе“[18]. Гэтая ж дакладная запіска шэфа НКВД данесла да нас выказванні асарэвіцкіх сялянаў, у якіх адлюстраваліся іхнія перадваенныя настроі і спадзяванні. Вось, напрыклад, меркаванне Сцяпана Андраловіча: „Намі кіруюць камуністы і габрэі, і нас душаць у калгасах, але прыйдзе час, калі ў Расеі з камуністамі і габрэямі расправяцца так, як Гітлер у Нямеччыне. У бліжэйшы час абавязкова будзе вайна з Савецкім Саюзам, і Нямеччына ў гэтай вайне знішчыць Савецкі Саюз. Нам неабходна быць гатовымі на момант пачатку вайны выступіць у тыле Савецкай улады і дапамагчы Гітлеру знішчыць Савецкі Саюз“[19]. Гэтую гатоўнасць выступіць на баку Нямеччыны супраць Саветаў падзяляў і Марк Канцавы: „Нам трэба захаваць коней і назапасіць хоць бы паляўнічых стрэльбаў. Як толькі палыхне вайна, мы выступім з тылу супраць Савецкай улады і дапаможам нашым сябрам знішчыць Савецкую ўладу і адчыніць нам светлае жыццё“[20]. Адным з найбольш „палітычна пісьменных“ жыхароў Асарэвічаў быў, відаць, Сцяпан Яфіменка, які пад час кампаніі па так званых выбарах у Вярхоўны Савет БССР тлумачыў аднавяскоўцам: „Як не ўхваляйце Савецкую ўладу, яна не доўга будзе існаваць, яна будзе знішчаная Нямеччынай, як і Аўстрыя, і Чэхаславаччына. За мяжой лепш жывецца, чым у нас, і калі б Савецкая ўлада не перашкаджала, то большасць народу выехала б за мяжу. Пагля­дзіце, нашых кіраўнікоў партыі і ўраду ў хуткім часе разгоняць як мышэй. Цяпер усе моцныя дзяржавы непасрэдна падпарадкоўваюцца Гітлеру, і яны распрацавалі агульны план знішчэння Савецкай улады, а мы, сяляне, толькі на гэта й чакаем“[21]. Асарэвіцкая група, як мы ведаем, была выкрытая НКВД, і наўрад ці яе сябры дачакаліся прадказанага імі хуткага пачатку нямецка–савецкай вайны. Аднак, на маю думку, было б памылкай лічыць іхныя погляды і чаканні адзін­кавай і выпадковай з’явай у тагачасным сялянскім дыскурсе ў Беларусі. Гвалтоўная сталінская калектывізацыя і спадарожныя ёй масавыя рэпрэсіі ў беларускай вёсцы (толькі за 1938 г. і толькі па „антысавецкіх“ справах былі асуджаныя, у асноўным на смерць, 1844 „кулакі“, 1762 калгаснікі, 640 аднаасобнікаў і 50 рабочых МТС[22]) ніяк не маглі спрычыніцца да змяншэння колькасці тых, хто чакаў прыходу немцаў як збавення.

Зафіксаваныя, незалежна адны ад другіх, як у вялікім горадзе, так і ў вёсцы, тагачасныя пранямецкія настроі натуральна, не маглі абысці і мястэчка. Гэта пацвярджаюць і архіўныя крыніцы. Так, 31 студзеня 1939 у ЦК КП(б)Б на імя Панамарэнкі паступіла спецпаведамленне ад наркама НКВД Цанавы, які даводзіў да ведама партыйнага начальніка, што „ў Лоеўскай ся­рэдняй школе таго ж раёна былымі камсамольцамі–вучнямі ПЛЮШЧОМ Міхаілам Іванавічам і ЗАХАРЭЎСКАЙ Наталляй Мікалаеўнай, як унутры школы, так і ў мястэчку Лоеве, распаўсюджваліся к.–р. улёткі фашысцкага зместу. Ва ўлётках усхваляліся фашысты ГІТЛЕР і ТРОЦКІ, а таксама распаўсюджваліся правакацыйныя чуткі, што быццам бы хутка будзе вайна. ПЛЮШЧ распаўсюдзіў адну, а ЗАХАРЭЎСКАЯ сем улётак“[23]. Абодва „галоўныя героі“ гэтага спецпаведамлення былі вучнямі 9 класа, мелі па 16—17 гадоў і, верагодна, складалі ўлёткі ў адпаведнасці са сваімі палітычнымі поглядамі. Цікава, што пры гэтым яны не былі самотнымі нават у сваім класе!

Падзеі, якія адбываліся ў той самай школе, праз некалькі месяцаў сталі падставай напісання дакладной запіскі першым сакратаром ЦК ЛКСМБ Каралёвым першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку. У гэтым дакуменце камсамольскі дзеяч падае такую храналогію падзеяў: „4.4.1939 г. праходзіў раённы камсамольскі актыў па выніках 18 з’езду УКП(б). Пасля актыву ў школе былі выяўленыя каля вешалак напісаныя атрамантам на фотапаперы 2 фашысцкія свастыкі […] 5.4.39 г. у калідоры школы былі знойдзеныя 2 пакеты, у якіх былі запячатаныя контррэвалюцыйныя ўлёткі, напісаныя ад рукі друкаваным шрыфтам. 6.4.39 г. у скрыні для газет і лістоў былі выяўленыя 4 пакеты, адрасаваныя на імя: 1) Дырэктара школы тав. Кільчэўскага, 2) Сакратару КСМ камітэта т. Гофман, 3) Заг. навучальнай часткаю тав. Тумань і 4) Нам. сакратара КСМ камітэта т. Гараўцову. Ва ўсіх пакетах былі ўлёткі, пісаныя друкаваным шрыфтам ад рукі, контррэвалюцыйнага зместу, і на кожнай улётцы была надрукаваная фашысцкая свастыка адмыслова зробленым штампам“[24]. Змест гэтых улётак дазваляў бы кваліфікаваць акцыю іхных аўтараў і распаўсюднікаў хутчэй як хуліганскую выхадку не лепшых вучняў, калі б не яўны адбітак пэўнай палітычнай ангажаванасці гэтых падлеткаў. І сапраўды, тут быў такі, напры­клад, зварот да дырэктара школы:

Глядзі брат, кулацкі Абдула, шануй сваю шкуру, долга не бу­дзеш уладаром школы, на цябе ўжо адточан нож і просіць міласці парануць у ключэўскую [кільчэўскую?] гадзіну, а табе, яхідны піжон, тумелеўская шкура свінцовая пуля просіць міласці прабіць лысую чарап’янку. Ачкастым дуракам, предсядацелям комсомола Гофману і Горэўцову вучні выб’юць з башкі політыку, хоць ноччу з–за вугла, хоць летам у адпачынку[25].

Быў і зварот да вучняў:

Вучні, помніце заветы народа — калі старшых кровапіўцаў меншасць, нада карыць іх большасцю, арганізоўвайце падпольныя гурткі, пішыце лістоўкі і раскідвайце іх па школе, не слухайце сваіх настаўнікаў і іхніх падхалімаў, злосных убівайце ноччу камнямі. Вучні, даставайце ржавае аружжа, рабіце самастрэлы, аб’яднайцеся ў партыю, будзьце гатовы, скора будзе вам свабода ад германскага народа, няхай жыве Гітлер[26].

Найменш хуліганская і найбольш палітычна выразная ўлётка абвяшчала:

Скора прыдзе Гітлер, таварышы настаўнікі і вучні, памагайце раскарчаваць гадаў сярод Вас. Вам будзе воля і свабода ад германского народа. Няхай жыве Гітлер[27].

Больш упэўнена пра палітычную падаплёку гэтае справы дазваляюць казаць біяграфіі аўтараў гэтых улётак, яшчэ па–хлапечы кароткія, але ўжо вельмі выразныя. Вось як яны паўстаюць у выкладзе Цанавы ў ягоным спецпаведамленні для Панамарэнкі: „1. ЯКІМЕНКА Ўладзімір Аляксандравіч, 1923 г. нара­джэння, 16 чэрвеня, ураджэнец гор. Гомеля, бацька якога ў 1938 г. арыштаваны за к.–р. дзейнасць і асуджаны на 10 гадоў. 2. ЛАПКОЎСКІ Канстанцін Аляксандравіч, 1922 г. нараджэння, урадж. Рэчыцкага р–на, па паходжанні — з сям’і рэлігійнага культу [sic!]. Бацька яго ў 1937 г. арыштаваны органамі НКВД і высланы. 3. ГУНЬКА Іван Аляксеевіч, 1922 г. нараджэння, урадж. м. Лоева, з сялянаў–сераднякоў“[28]. Відаць, і гэтым хлопцам у барацьбе супраць савецкай улады, якая пазбавіла іх бацькоў, адзіным магчымым хаўруснікам уяўляўся нямецкі фюрэр…

Такім чынам, на маю думку, не будзе перабольшаннем вы­снова, што наконадні Другой сусветнай вайны ў БССР сапраўды існавалі ярка выражаныя пранямецкія і нават прафашысцкія настроі. Як сведчаць дакументы, яны былі пашыраныя сярод групаў насельніцтва, адрозных як па месце жыхарства (буйны горад, мястэчка, вёска), так і па веку (сталыя асарэвіцкія сяляне і юныя лоеўскія школьнікі). Не думаю, што да вытокаў гэткіх настрояў можна аднесці дзейнасць нямецкай рэзідэнтуры, або ўспрыняцце беларускім насельніцтвам ідэяў нацыянал–сацыя­ліз­му (у гэтым асабіста мяне пераконваюць вышэйпрыведзеныя тэксты ўлётак). Не здаюцца згаданыя вышэй выпадкі і падобнымі на вынікі правакацыяў НКВД. На маю думку, гэтая „пранямецкасць“ ці „прафашысцкасць“ часткі жыхароў БССР была ўсяго толькі сублімацыяй іхнай глыбокай нянавісці да тагачаснай бальшавісцкай улады, якую яны справядліва лічылі вінаватай у сваім гаротным матэрыяльным стане і адказнай за масавае прыніжэнне ды знішчэнне людзей. Як гэта ні дзіўна, але ўзнікненню менавіта такіх настрояў значна паспрыяла і савецкая прапаганда. Дакументы паказваюць, што спіс патэнцыйных „збаўцаў“ ад Саветаў цалкам адпавядае савецкаму прапагандоваму пераліку „ворагаў народа“: тут і „шпіёнскія цэнтры правых“, і „капіталістычнае атачэнне“ (прычым, зусім у духу савецкай прапаганды, праз коску пералічваюцца і Нямеччына з Іта­ліяй, і Англія з Францыяй, і суседняя Польшча), і Леў Троцкі. Цудоўная ілюстрацыя літаральнага ўспрыняцця масамі вядомай максімы „ворагі нашых ворагаў ёсць нашымі сябрамі“!

Тэзу аб субліматыўным характары прафашысцкіх настрояў у БССР можна падцвердзіць і спасылкай на іхную распаўсю­джанасць сярод такіх пластоў насельніцтва, якія амаль ня мелі іншых крыніцаў інфармацыі, апрача афіцыйнай. Характэрна, што сярод гуманітарнай інтэлігенцыі, якая была настроеная не менш па–антысавецку, чым рабочыя ці сяляне, але валодала значна шырэйшым даляглядам і ведамі, сімпатыяў да нямецкіх нацыстаў не адзначалася. Для прыкладу прывяду зафіксаваныя сексотамі НКВД у тым самым 1939 г. выказванні толькі найвыдатнейшых тагачасных беларускіх гісторыкаў:

Мікалай Міхайлавіч Нікольскі: „Бальшавізм ёсць фашызм навыварат, у СССР вучоныя не могуць адкрыта выкладаць свае погляды, і ў выпадку вайны я не жадаў бы застацца на тэрыторыі СССР“[29].

Уладзімер Мікалаевіч Перцаў: „Калі б насельніцтва былой царскай Расеі апынулася ў такім матэрыяльным становішчы, у якім знаходзяцца пры Савецкай уладзе, то рэвалюцыя адбылася б нашмат раней за сямнаццаты год. Нейкі палітычны пераварот неабходны і цяпер, бо палітыка партыі і Савецкай улады ўсё горш і горш цісне на насельніцтва. Бальшавікі як не імкнуцца падтрымаць аўтарытэт партыі, але ва ўсіх пра яе склалася самае кепскае меркаванне, нават прыродныя пралетарыі ставяцца пагардліва, і гэта цалкам натуральна, бо жыццё пры іхным кіраўніцтве ёсць самае цягаснае“[30].

Уладзімер Іванавіч Пічэта: „Я з палітыкай Савецкай улады не згодны і ніколі не згаджуся, і трываць яе (уладу) не магу. Наўкола хамы і больш нічога. Савецкі Саюз — гэта фашысцкая катавальня, а не сацыялізм. Усё тое, што пішуць у газетах — сама­хвальства і ідыятызм“[31].

Выказанае вышэй меркаванне пацвярджае, як мне здаецца, і той факт, што пасля жнівеньскага 1939 г. „пакта Молатава — Рыбентропа“, калі гітлераўская Нямеччына і Савецкі Саюз ператварыліся з ворагаў у хаўруснікаў, і да самага пачатку нямецка–савецкай вайны ў чэрвені 1941 г. пранямецкія настроі ў БССР ідуць на спад, прынамсі дакументы з фіксацыяй такіх настрояў у гэты перыяд асабіста мною не выяўленыя.

Напрыканцы дзве высновы, якія могуць падштурхнуць даследнікаў да больш актыўнага вывучэння пастаўленай у гэтым артыкуле праблемы:

1. Выглядае на тое, што на пачатку нямецка–савецкай вайны 1941––45 г. значная частка насельніцтва Беларусі, у моц свайго варожага стаўлення да Савецкай улады, была псіхалагічна гатовая да падтрымкі новага рэжыму, усталяваннем якога суправаджаўся ўваход нямецкіх войскаў на тэрыторыю краю. Патэнцыял гэтай гатоўнасці не быў і не мог быць дастаткова выкарыстаны нямецкімі нацыстамі па прычыне кардынальных разыходжанняў іхнай ідэалогіі і мэтаў у гэтай вайне з ідэалогіяй і мэтамі беларусаў, аднак і савецкі партызанскі рух у 1941—44 г. ніколі не карыстаўся падтрымкай большасці жыхароў Беларусі.

2. Тэза аб „адвечнай савецкасці“ новачаснай беларускай нацыі ды ейнай заўсёднай прыхільнасці да сацыялістычных каштоўнасцяў, якая апошнім часам актыўна распрацоўваецца аўтарамі розных палітычных арыентацыяў, здаецца, не вытрымлівае праверкі фактамі.


[1] Кудзелька Дз., Шахоцька Л. Перапісы насельніцтва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 465.
[2] Як пішуць Дз. Кудзелька і Л. Шахоцька, „характэрнай рысай дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва [у Беларусі] з’яўляецца памяншэнне долі дзяцей“ (Тамсама).
[3] Пасэ У. Вялікая Айчынная вайна 1941—45 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.2. Мінск, 1994. С. 429.
[4] Гл.: Калинин П. Партизанская республика. 2–е изд. Минск, 1968. С. 367.
[5] Тозік А. Патрыятычнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 436.
[6] Лемяшонак У. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 414.
[7] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 188.
[8] Тамсама. С. 186.
[9] Гл.: Тамсама. С. 201.
[10] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ), Ф.4, воп.21, спр.1676, арк.117.
[11] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1676, арк.116.
[12] Тамсама, арк.117.
[13] Тамсама, арк.126.
[14] Гл.: Лялькоў І. Гарачая восень 1939 году: погляд зь Менску // Спадчына. 1999. №4. С. 98-103.
[15] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. С. 188.
[16] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1576, арк.20.
[17] Тамсама, арк.21.
[18] Тамсама, спр.1678, арк.143—144.
[19] Тамсама, арк.141.
[20] Тамсама, арк.142.
[21] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1678, арк.142—143.
[22] Процька Т. Вынішчэнне сялянства. Вёска Ўсходняй Беларусі пад цяжарам бальшавіцкіх рэпрэсіяў 30-х гадоў. Мінск, 1998. С. 98.
[23] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1676, арк. 143.
[24] Тамсама, спр.1596, арк.19.
[25] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1576, арк.44.
[26] Тамсама.
[27] Тамсама, спр.1678, арк.83.
[28] Тамсама, арк.84.
[29] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1689, арк.147.
[30] Тамсама, арк.233—234.
[31] Тамсама, спр.1691, арк.338.

Наверх

Фрэнсіс Анкерсміт. Гістарыяграфія і постмадэрнізм

23 снежня, 2002 |


Пачну гэты артыкул з сучаснай перавытворчасці ў нашай дысцыпліне. Мы ўсе добра ведаем: у кожнай галіне гістарыяграфіі, якую толькі можна сабе ўявіць, па любой гістарычнай спецыяльнасці штогод з’яўляецца такое незлічонае мноства кніг і артыкулаў, што ахапіць іх усе робіцца немагчымым. Гэта застаецца слушным, нават калі гаворка ідзе пра паасобныя тэмы ў межах аднае і тае ж спецыяльнасці. Дазвольце мне праілюстраваць гэта прыкладам з палітычнай тэорыі — галіны, з якой я добра знаёмы. Кожнаму, хто гадоў дваццаць таму хацеў заняцца палітычнай філасофіяй Томаса Гобса, патрэбныя былі толькі два важныя даследаванні пра яго: працы Ўоткінса [Watkins] і Ўорэндэра [Warrender]. Вядома, нават у тыя часы падобнай літаратуры было болей, але, прачытаўшы гэтыя дзве кнігі, вы ўжо апыналіся як мае быць „у курсе“. Аднак кожны, хто важыцца сказаць нешта істотнае пра Гобса ў 1989 г., павінен спярша прадрацца скрозь 20—25 даследаванняў, якія ў роўнай меры адзначаюцца і стараннасцю апрацоўкі, і вялізным аб’ёмам; я выбаўлю вас ад іх пералічэння. Мала таго, гэтыя даследаванні звычайна аказваюцца такой высокай якасці, што пакінуць іх непрачытанымі ніяк немагчыма.

Вынікі гэтай перавытворчасці даволі неспадзяваныя, і то ў двух дачыненнях. Па–першае, даследаванне Гобса часта пера­твараецца ў развагі пра яго інтэрпрэтацыю, а не пра ягоную творчасць саму па сабе. Часам можа здацца, што пра Гобсаву творчасць усе забыліся, і яна засталася толькі як нагода для сённяшняй вайны інтэрпрэтацыяў. Па–другое, паколькі Гобсаў арыгінальны тэкст, відавочна, дапускае разнастайныя інтэрпрэтацыі, ён паступова зрабіўся няздатны выконваць ролю арбітра ў гістарычнай дыскусіі. З–за ўсіх гэтых інтэрпрэтацыяў сам тэкст размыўся, ператварыўся ў акварэль, дзе лініі перацякаюць адна ў адну. Вось жа, наіўная вера ў тое, што рашэнне нашых інтэрпрэтацыйных праблемаў можа прынесці сам тэкст, выявілася гэткаю ж абсурднаю, як і вера ў дарожны ўказальнік, прымацаваны да флюгера. У выніку, як ні парадаксальна, сам тэкст больш не мае ніякага аўтарытэту ні ў якай інтэрпрэтацыі, і мы нават ловім сябе на тым, што вымушаны раіць нашым студэнтам не чытаць „Левіяфана“ самастойна; ім лепш спярша прабіц­ца скрозь джунглі інтэрпрэтацыяў. Адным словам, у нас больш няма ні тэкстаў, ні мінуўшчыны, а толькі іх інтэрпрэтацыі.

Чытаючы кніжныя агляды і анонсы новых кніжак у Times Literary Supplement, у New York Review of Books альбо ў прафесійных часопісах, колькасць якіх расце трывожнымі тэмпамі, я пераконваюся, што ў іншых галінах гістарыяграфіі справа стаіць збольшага гэтаксама. Становішча, пры якім сама гістарыяграфія перашкаджае нам зазірнуць у мінуўшчыну (тое, чаго Ніцшэ баяўся больш як сто гадоў таму), зрабілася, як падаецца, рэальнасцю. Навала гістарычнай літаратуры не толькі прыводзіць нас усіх у глыбокую роспач: у гэтай перавытворчасці бясспрэчна ёсць нешта варварскае. Мы звязваем цывілізацыю, сярод іншага, з пачуццём памяркоўнасці, з залатой сярэдзінаю паміж збыткам і недахопам. Але ў сённяшнім інтэлектуальным запоі ўсялякае пачуццё памяркоўнасці, здаецца, страцілася. Гэтае параўнанне з запоем яшчэ таму трапнае, што найноўшая кніга альбо артыкул на пэўную тэму заўсёды прыкідваецца апошняй інтэлектуальнаю чаркай.

Вядома, гэткае становішча не новае, і таму няма нястачы ў спробах запэўніць для разгубленых гісторыкаў нейкія абна­дзейлівыя перспектывы на будучыню. Галандскі гісторык Рамэн [Romein] бачыў у гэтай перавытворчасці тэндэнцыю да спецыялізацыі; таму ён заклікаў да тэарэтычнае гісторыі, якая ліквідавала б расцярушанасць нашага разумення мінуўшчыны, выклі­каную спецыялізацыяй. Тэарэтычная гісторыя ўзняла б нас на вышэйшы пункт гледжання, з якога мы зноўку змаглі б агле­дзець хаос, спрычынены спецыялізацыяй і перавытворчасцю, і ўпарадкаваць яго[1]. Але Рамэнава кніга пра мяжу XIX—XX ст. сведчыць, што гэта лягчэй сказаць, чым зрабіць. Галоўная праблема, здаецца, палягае ў тым, што і на гэтым вышэйшым узроўні, якога патрабуе Рамэн, па–ранейшаму цяжка ажыццявіць сапраўднае ўзаемадзеянне паміж рознымі спецыяльнасцямі. Інтэгральная гістарыяграфія вядзе не да інтэграцыі, а да пералі­чэння.

Яшчэ адзін спосаб выхаду з гэтае дылемы — стратэгія, прынятая школаю „Аналаў“. Яе прыхільнікі скіравалі свае намаганні галоўным чынам на адкрыццё новых аб’ектаў даследавання ў мінуўшчыне; гэтая стратэгія, сапраўды, дае ім шанс заспець гісторыю ў яе першабытнай чысціні. Вядома, палёгка тут толькі часовая: неўзабаве на гэтыя новыя тэмы набяжыць плойма іншых гісторыкаў, як з Францыі, так і з іншых краін, і на іх хутка нарасце тоўсты і непразрысты слой інтэрпрэтацыяў. Аднак той спрыт, з якім школа „Аналаў“ знаходзіць новыя цікавыя тэмы, варты пільнейшай увагі. Далей я яшчэ вярнуся да гэтага.

Ключавое пытанне цяпер — як нам паставіцца да гэтай перавытворчасці гістарычнае прадукцыі, якая шырыцца, нібы ракавая пухліна, па ўсіх галінах гісторыі. Рэакцыйная туга па той яснасці, што панавала ў гістарычным свеце пяцьдзесят гадоў таму, гэтаксама не мае сэнсу, як і панылая пакора перад лёсам. Трэба зразумець, што дарогі назад няма. Падлічана, што сёння мінуўшчынай займаецца болей гісторыкаў, чым за ўсе часы ад Герадота да 1960 г. Само сабой зразумела, што немагчыма забараніць усім гэтым сённяшнім навукоўцам ствараць новыя кнігі і артыкулы. Скаргі на страту непасрэднай сувязі з мінуўшчынаю нікуды нас не прывядуць. Што мае сэнс у гэткім становішчы і можа даць яму рады — гэта вызначэнне новай, інакшай повязі з мінуўшчынаю на аснове поўнага і сумленнага прызнання таго становішча, у якім мы як гісторыкі сёння апынуліся.

Акрамя таго, для намаганняў у гэтым напрамку ёсць яшчэ адна прычына. Сучасную перавытворчасць гістарычнае прадукцыі сапраўды можна назваць пачварнаю, калі зыходзіць з традыцыйных уяўленняў пра задачу і сэнс гістарыяграфіі. Але сённяшняя гістарыяграфія вырвалася з сваіх традыцыйных тэарэтычных строяў, якія самі сабе вызначалі законы, і таму патрабуе новага ўбрання. Яно патрэбна не дзеля таго, каб навучыць гісторыка, як яму працаваць як гісторыку, і не дзеля таго, каб распрацаваць тэорыю Vom Nutzen und Nachteil der Historie für das Leben [„Пра карысць і шкоду гісторыі для жыцця“]. Што да першай паловы гэтага цверджання, дык па–за гістарыяграфіяй самой па сабе не існуе такога пункту, з якога высноўваліся б правілы для метаду працы гісторыка; калі гісторыкі лічаць нешта значным, то яно і ёсць значнае, і ўсё тут. Што да другой ягонай паловы — я не веру ні ў карыснасць гістарыяграфіі, ні ў яе істотную заганнасць. Я не хачу сказаць, што гістарыяграфія — рэч бескарысная, проста ставіць пытанне пра яе карыснасць ці шкоднасць — справа недарэчная, „катэгарыяльная памылка“, кажучы словамі Райла [Ryle]. Гісторыя і гістарычная свядомасць — разам з паэзіяй, літаратурай, жывапісам і да т.п. — належаць да культуры, а пра карыснасць культуры немагчыма задаць ніякага сэнсоўнага пытання. Культура, часткаю якой выступае гістарыяграфія, — гэта хутчэй той фон, на якім — або зыходзячы з якога — могуць фармавацца меркаванні пра карыснасць, напрыклад, пэўных навуковых даследаванняў альбо палітычных мэтаў. Таму навука і палітыка не належаць да культуры; тое, што вызначаецца карыснасцю або шкоднасцю, тое, што дае нам магчымасць уздзейнічаць на свет, у цывілізацыю не ўваходзіць. Культура і гісторыя вызначаюць выкарыстанне, але іх саміх нельга вызначыць у тэрмінах карыснасці. Яны належаць да сферы „абсалютных прэсупазіцыяў“[2], калі скарыстаць выраз Колінгвуда. Гэтым тлумачыцца і тое, чаму палітыка не павінна ўмешвацца ў культуру.

Вось чаму пры спробах падабраць для гістарыяграфіі новыя строі, пра неабходнасць якіх была гаворка вышэй, наша найважнейшая задача — вызначыць месца гістарыяграфіі ў сённяшняй цывілізацыі як цэласці. Гэта праблема або культурна–гістарычная, або інтэрпрэтацыйная; яе можна параўнаць з задачамі, з якімі мы часам сутыкаемся, разважаючы над месцам і значэннем той ці іншай падзеі для нашага жыцця ў цэлым. Увогуле дзіўна, што гісторыкі і філосафы гісторыі ў апошнія сорак гадоў так мала ўвагі звярталі на паралелі паміж развіццём сучаснае гістарыяграфіі, з аднаго боку, і развіццём літаратуры, літаратурнае крытыкі, друку — карацей кажучы, цыві­лізацыі, — з другога. Здаецца, гісторык бачыў не болей падставаў, каб пада­зраваць існаванне гэткіх паралеляў, чым хімік альбо астраном.

Гэткае вызначэнне месца гістарыяграфіі не ўваходзіць у мае задачы. Я хацеў бы пайсці далей і высветліць, ці не мае тая перавытворчасць, якая назіраецца ў гістарыяграфіі, свайго адпаведніка ў значнай частцы сучаснай цывілізацыі і грамадства. Каму не знаёма фраза, што мы жывём у век лішку інфармацыі? У гэткім тэарэтызаванні пра інфармацыю — часам больш, а часам і менш глыбокім — выяўляюцца дзве рэчы, важныя для астатняе часткі майго артыкула. Дзіўна, перадусім, тое, што часта пра інфармацыю гавораць як пра нешта амаль фізічнае. Інфармацыя „плыве“, „рухаецца“, „распаўсюджваецца“, ёю „абменьваюцца“, яе „захоўваюць“ альбо „арганізуюць“. Ліятар кажа пра Дзяржаву як пра арганізацыю, якая абмяжоўвае або распаўсюджвае інфармацыйныя плыні[3]. Інфармацыя нагадвае цякучую вадкасць; яна залівае нас, і нам увесь час пагражае вось–вось патануць у ёй. Па–другое, калі мы гаворым пра інфармацыю, інфармацыя як такая займае відавочна больш выразнае месца ў параўнанні з самім яе зместам. Звычайна было наадварот. Возьмем цверджанне, якое нясе інфармацыю, напры­клад: „У 1984 г. Рональд Рэйган быў абраны на прэзідэнта ЗША“. Гэтае інфарматыўнае цверджанне схавана за станам справаў, які ім апісваецца. Аднак у рамках нашага цяперашняга спосабу гаварыць пра інфармацыю тая рэальнасць, якой інфармацыя тычыцца, ператвараецца ў фон. Рэальнасцю становіцца сама інфармацыя, а не рэальнасць, якая за ёю стаіць. Гэта надае інфармацыі аўтаномны статус, уласную рэальнасць. Як існуюць законы для апісання паводзінаў рэчаў у рэальнасці, гэтаксама, здаецца, можа існаваць і навуковая сістэма для апісання паводзінаў гэтай дзіўнай вадкасці, што мы завём інфармацыяй. Дарэчы, я хацеў бы дадаць тут, што з пункту гледжання Остынавай тэорыі маўленчых актаў (speech act theory) інфармацыю можна адначасова назваць і чыста перфарматыўнай і зусім не перфарматыўнай. Гэта, бясспрэчна, адзін з найцікавейшых аспектаў феномена інфармацыі[4].

У апошнія гады шмат хто заўважыў, што нашае стаўленне да гэтага феномена змянілася. Вакол яго сфармаваліся цэлыя тэорыі, і навукоўцы, што ім заняліся, як зазвычай, парабілі сабе на ім імёны. У гэтым кантэксце мы часта згадваем постмадэрні­с­таў і постструктуралістаў, якія, натуральна, супрацьпастаўляюцца мадэрністам і структуралістам нядаўняй мінуўшчыны. У 1984 г. постмадэрнізму была прысвечана вельмі цікавая канферэнцыя ў Утрэхце, і кожны, хто слухаў чытаныя там даклады, пагодзіцца, што даць канцэпцыям постмадэрнізму ці постструктуралізму здавальняючае вызначэнне нялёгка[5]. Тым не менш генеральную лінію прасачыць магчыма, што і зрабіў у сваёй нядаўняй кнізе Джонатан Кулер[6]. Для мадэрністаў і структуралістаў альфаю і амегаю была навука; яны разглядалі яе не толькі як найважнейшую дадзенасць, але разам з тым і як асноўную дадзенасць сучаснасці. Для постмадэрністаў жа і постструктуралістаў навуковая рацыянальнасць як такая не складае праблемы; яны глядзяць на яе, так бы мовіць, звонку ці згары. Яны не крытыкуюць навуку і не адкідаюць яе; яны не ірацыяналісты, аднак выказваюць да навукі тую ж абыякавасць, якую мы назіралі вышэй у нашым сучасным стаўленні да інфармацыі. Гэта не справа метакрытыкі навуковага даследавання або навуковага метаду, да якіх мы звыклі ў філасофіі навукі. Для сцыентызму мадэрністаў застаецца ўласціваю філасофія навукі; яе даследчыкі прасочваюць ход думкі навукоўцаў, вывучаючы іхні шлях ад збору эмпірычных звестак да пабудовы тэорыі. Для постмадэрністаў жа і філасофія навукі, і сама навука складаюць дадзенасць, зыходны пункт для іхніх развагаў. Гэтаксама ж постмадэрністаў мала цікавіць сацыялагічнае пытанне пра тое, як да­следчыкі рэагуюць адзін на аднаго альбо якія стасункі ўзнікаюць паміж навукаю і грамадствам. Увага постмадэрністаў засяроджваецца не на навуковым даследаванні і не на спосабе за­сваення грамадствам ягоных вынікаў, а толькі на функцыянаванні навукі і навуковай інфармацыі саміх па сабе.

Для постмадэрнізму навука і інфармацыя — самастойныя прадметы даследавання, якія падпарадкоўваюцца сваім уласным законам. Першы і асноўны закон постмадэрнісцкай тэорыі інфармацыі кажа: інфармацыя множыцца. Адна з самых падставовых характарыстык інфармацыі — тая, што важная інфармацыя ніколі не завяршае сабою інфармацыйную генеалогію; наадварот, яе сапраўдная важнасць выяўляецца праз тое інтэлектуальнае патомства, якое яна спараджае. Выдатнай ілюстрацыяй гэтага служыць сама гістарыяграфія. Вялікія працы з гісторыі гістарыяграфіі — творы дэ Таквіля, Маркса, Буркхарта, Вэбэра, Гёйзінгі ці Брадэля — кожны раз аказваліся магутнымі стымулятарамі новае хвалі публікацыяў, а не замыкалі сабою інфармацыйную генеалогію, як быццам вырашыўшы пэўную праблему раз назаўжды: „Як ні парадаксальна, чым больш моцнай і аўтарытэтнай аказваецца інтэрпрэтацыя, тым болей тэкстаў яна спараджае“[7]. З мадэрнісцкага пункту гледжання, натуральна, незразумела, якім чынам цікавая інфармацыя спараджае новую інфармацыю. Для мадэрністаў істотная інфармацыя — тая, што кладзе канец з’яўленню новых тэкстаў; яны не могуць вытлумачыць, чаму якраз спрэчнае мае фундаментальную каштоўнасць для прагрэсу навукі, чаму, як сказаў Башляр, менавіта спрэчныя факты — факты сапраўдныя [it is the debatable facts which are true facts].

У рамках гэтага артыкула важна зірнуць больш дэталёва на той постмадэрнізм, які мае не антысцыентычны, а асцыентычны характар. Па–першае, ён можа паказаць, што трэба разумець пад постмадэрнісцкаю гістарыяграфіяй, а па–другое, — што ў гістарыяграфіі, як ні дзіўна, заўсёды было нешта постмадэрнісцкае. Добры прыклад постмадэрнісцкага крытэрыю навукі — Ніцшэва „дэканструкцыя“ (кажучы дакладна) прычыннасці, той самай, якую шмат хто лічыць адным з найважнейшых апірышчаў навуковае думкі. У каўзалістычнай тэрміналогіі прычына — гэта першасная дадзенасць, а вынік — другасная. Ніцшэ ж звяртае ўвагу на тое, што толькі назіранне вынікаў вядзе нас да пошуку прычын, і таму вынік фактычна аказваецца першаснай да­дзенасцю, а прычына — другаснаю. „Калі вынік — гэта тое, што робіць прычыну прычынаю, тады першакры­ніцаю трэба лічыць вынік, а не прычыну“[8]. Хто запярэчыць, што Ніцшэ зблытаў парадак рэчаў у даследаванні і рэальнасці, той не зразумеў ходу Ніцшэвай думкі, бо галоўная ідэя тут якраз у штучнасці традыцыйнай ерархіі прычыны і выніку. Нашая навуковая адукацыя, так бы мовіць, прывучыла [„stabilized“] нас трымацца гэтае традыцыйнае ерархіі, але па–за ёю нішто нас да гэтага не прымушае. Тое самае (праўда, не болей) можна сказаць і на карысць перавароту гэтай ерархіі.

Так заўсёды бывае ў постмадэрнізме. Навука тут „дэ­стабілі­завана“, змешчана па–за ўласным цэнтрам; падкрэсліваецца, што лад думак і катэгорыі мыслення можна перакуліць дагары нагамі, і пры гэтым не прапануецца ніякае пэўнае альтэрнатывы. Гэта як бы здрадніцкая крытыка навукі, удар ніжэй пояса. Магчыма, ён несумленны, але якраз таму ён і цаляе навуцы ў самае балючае месца. Навуковая рацыянальнасць — не гегелеўскае aufgehoben да нечага іншага; гэтаксама няслушна казаць, што кожны погляд аўтаматычна спараджае свой антытэзіс; хутчэй гаворка ідзе аб прызнанні, што кожны погляд мае, акрамя свайго санкцыянаванага навукаю ўнутранага зместу, яшчэ і знешні бок, якога навука не заўважае. У сваім „Трактаце“ Вітгенштэйн ужо прапанаваў нешта падобнае ў дачыненні да ўсялякага слушнага ланцуга развагаў. Насамрэч жа якраз слушны ланцуг развагаў імкнецца да збыткоўнасці і таму заўсёды аказваецца падарожжам праз тэрыторыю няслушнага — то бок вандроўкаю ад памылковых уяўленняў напачатку да слушнага разумення ў канцы. Таму праўда заўсёды застаецца пры­псавана няпраўдаю.

Да гэтага разумення можна далучыць і лагічныя, і онталагічныя высновы; разам узятыя, яны даюць уяўленне пра рэвалюцыйны характар постмадэрнізму. Зірнем перш на логіку. Для постмадэрніста несумненныя навуковыя факты, з якіх заўжды зыходзілі мадэрністы, — усяго толькі разнастайныя варыяцыі парадокса хлуса. Маецца на ўвазе показка пра крыцяніна, які кажа, што ўсе крыцяне хлусы; сціслей кажучы, парадокс, звязаны з цверджаннем „гэтае цверджанне — няпраўда“, якое цвердзіць гэта само пра сябе. Вядома, уся драма постмадэрнізму палягае ў здaгадцы пра невырашальнасць гэткіх парадоксаў. Трэба памятаць, што вырашэнне парадокса хлуса, якое Расэл, з ягонай тэорыяй тыпаў і распадзелам паміж прэдыкатамі і прэдыкатамі прэдыкатаў, прапанаваў у Principia Mathematica, дагэтуль прызнаецца найважнейшаю з падвалінаў сучаснае логікі[9]. Таму перад постмадэрністам паўстае задача выцягнуць ходнік з–пад ног навукі і мадэрнізму. Тут таксама найлепшую ілюстрацыю да ягонае пазіцыі падае гістарыяграфія. Гістарычныя інтэрпрэтацыі мінуўшчыны робяцца пазнавальнымі, здабываюць сваю тоеснасць праз супастаўленне з іншымі інтэрпрэтацыямі; яны становяцца сабою толькі на  аснове таго, што ўжо стала іншым. Кожны, хто ведае толькі адну інтэрпрэтацыю, напры­клад, халоднае вайны, не ведае ўвогуле ніводнае інтэрпрэтацыі гэтага феномена. Таму кожная гістарычная інтуіцыя па сутнасці мае парадаксальны характар[10]. Несумненна, Гэйдн Ўайт [Hayden White] у сваёй „Метагісторыі“ — найбольш рэвалюцыйнай кнізе з філасофіі гісторыі за апошнія дваццаць пяць гадоў, — называючы ўсю гістарыяграфію фундаментальна іранічнаю[11], зыходзіў з падобнага ж погляду.

Звернемся цяпер да онталогіі. У сваёй дэканструкцыі традыцыйнай прычынна–выніковай ерархіі Ніцшэ супрацьпастаўляў наш спосаб казаць пра рэальнасць і працэсы, што адбываюцца ў самой рэальнасці. Сучаснае адрозніванне мовы і рэальнасці, такім чынам, страчвае свой raison d’être. У прыватнасці, навуковая мова ўжо не „люстра прыроды“, а такая ж частка інвентару рэальнасці, як і аб’екты тае рэальнасці, што вывучаюцца навукаю. Мова ў навуцы выкарыстоўваецца як рэч[12], і, як даводзіў Ганс Бертэнс [Hans Bertens] на Утрэхтскай канферэнцыі па постмадэрнізме[13], рэчы ў рэальнасці набываюць „мовападобны“ характар. Ізноў жа найлепшую ілюстрацыю да гэтага падае гістарыяграфія. Як мы неўзабаве пабачым, тая ж цьмянасць, якую мы звязваем з рэчамі ў рэальнасці, характэрная і для гістарычнае мовы. Больш за тое, і Гэйдн Ўайт, і Поль Рыкёр [Ricoeur] (якога я, вядома, не збіраюся залічаць да пост­мадэрніс­таў) любяць нагадваць, што мінулая рэальнасць павінна разглядацца як тэкст, сфармуляваны на чужой мове, з тымі ж лексічным, граматычным, сінтаксічным і семантычным вымярэннямі, як і ў любога іншага тэксту[14]. Гэтаксама ж характэрна, што гісторыкі ў сваіх тэарэтычных рэфлексіях часта выказваюць прыкметную схільнасць гаварыць пра гістарычную мову, як быццам яна частка самой рэальнасці, і наадварот. Так, Маркс казаў пра супярэчнасць паміж прадукцыйнымі сіламі і прадукцыйнымі адносінамі, як быццам разглядаючы цверджанні пра рэальнасць замест аспектаў гэтае рэальнасці. Падобным жа чынам гісторыкам вельмі часта хацелася б, каб гістарычная мова стала гэткаю ж унікальнаю, як і гістарычныя феномены[15]. Карацей кажучы, латэнтны і часта падсвядомы супраціў дыхатаміі „мова—рэальнасць“, які часта выказвалі гісторыкі, насамрэч мае свае карані ў неўсвядомленым, але тым не менш слушным адчуванні гісторыкамі постмадэрнісцкага па сутнасці характару сваёй дысцыпліны.

Калі дыхатамія паміж моваю і рэальнасцю пачынае аспрэчвацца, мы апынаемся не надта далёка ад эстэтызму. Мова раманіста і мова гісторыка — ці ж не дае нам і першая і другая ілюзію рэальнасці, прыдуманае або сапраўднае? Яшчэ важней, як вучыў нас Гомбрыч [Gombrich] у сваіх шматлікіх працах, што твор мастацтва, то бок мова мастака, — не міметычнае ўзнаўленне рэальнасці, а замена ці сурагат яе[16]. Мова і мастацтва не су­працьстаяць рэальнасці, яны самі складаюць псеўдарэальнасць, і таму іх месца — усярэдзіне рэальнасці. Мэгіл [Megill] у сваёй бліскучай генеалогіі постмадэрнізму паказаў, па сутнасці, як моцна прагнуць постмадэрністы — ад Ніцшэ да Дэрыды ўключна — распасцерці эстэтызм на ўсю сферу прадстаўлення рэальнасці[17].

Гэты эстэтызм добра гарманіруе і з найноўшымі поглядамі на сутнасць гістарыяграфіі — то бок з прызнаннем, што гістарычны твор мае стылістычнае вымярэнне. Мадэрністы ставіліся да стылю з нянавісцю або, у лепшым выпадку, абыякава. Працытую з нядаўняе лекцыі Бертэльса [C.P.Bertels]: „Стылёвая вышуканасць, дэманстрацыя літаратурнага стылю не дадаюць ані каліва праўды ні да гістарычнага і ні да якага іншага навуковага доследу“[18]. Важнасць мае змест, а той спосаб, той стыль, праз які ён выказваецца, не мае значэння. Аднак пасля Куайна і Гудмана [Quine, Goodman] гэты выгодны распадзел на форму або стыль, з аднаго боку, і змест — з другога, больш не выпадае прымаць на веру. Аргументацыю гэтых аўтараў можна падсумаваць наступным чынам. Калі розныя гісторыкі займаюцца рознымі аспектамі аднаго і таго ж прадмета даследавання, то розніцу ў змесце, якая пры гэтым атрымліваецца, можна з тым жа поспехам назваць розніцай у стылі трактоўкі гэтага прадмета даследавання. „Тое, што гаворыцца… можа быць спосабам гаварыць пра нешта іншае; напрыклад, пісаць пра рэнесансныя бітвы і пра рэнесанснае мастацтва — гэта розныя спосабы пісаць пра Рэнесанс“[19]. Як казаў Гэй [Gay], „манера“ [manner], стыль, прадугледжвае адначасна і пэўнае рашэнне адносна „прадмета“ [matter], зместу[20]. А там, дзе ёсць магчымасць адрозніць стыль ад зместу, мы можам нават прыпісаць стылю першынства перад зместам; бо розныя гістарыяграфічныя погляды — рэчы несувымерныя (інакш кажучы, прыроду разыходжанняў у поглядах на гісторыю немагчыма здавальняюча вызначыць у тэрмінах прадметаў да­следавання), і таму, калі мы хочам запэўніць змястоўнасць і прагрэс гістарычнай дыскусіі, нам нічога не застаецца, як толькі засяродзіцца на стылі, увасобленым у кожным гістарычным погля­дзе або спосабе глядзець на мінуўшчыну. Пытанне, якое абмяркоўваецца ў такіх дыскусіях, — стыль, а не змест. Змест — вы­творная ад стылю.

Постмадэрнісцкае прызнанне эстэтычнага характару гістарыяграфіі можна дакладней апісаць наступным чынам. У аналі­тычнай філасофіі існуе феномен так званага „інтэнсіянальнага кантэксту“. Прыклад — цверджанне „Джон верыць, што p“, або „Джон спадзяецца, што p“ (дзе p азначае нейкае канкрэтнае цверджанне). У гэткім інтэнсіянальным кантэксце p ніколі нельга замяніць іншым цверджаннем, нават калі гэтае іншае цверджанне эквівалентна p альбо наўпрост вынікае з яго. Урэшце, мы не ведаем, ці ўсведамляе Джон насамрэч наступствы сваёй веры альбо надзеі. Магчыма, напрыклад, Джон лічыць, што вада кіпіць, не лічачы пры гэтым, што яе тэмпература — сто градусаў паводле Цэльсія. Іншымі словамі, дакладная форма, у якой было сфармулявана цверджанне ў інтэнсіянальным кантэксце, — адна з неабходных умоваў слушнасці гэтага цвер­джання. Сказ, так бы мовіць, прыцягвае да сябе ўвагу. Вось жа, форма гэтага цверджання бясспрэчна мае гэткую ж важнасць, як і ягоны змест. Данта [Danto] у сваёй надзвычай цікавай кнізе адзначыў, што гэтая інтэнсіянальная сутнасць цверджанняў і тэкстаў (альбо прынамсі некаторых з іх) найвыразней выступае ў літаратуры: „мабыць, яна [гэты інтэнсіянальны элемент] нідзе не відаць ясней, чым у тых літаратурных тэкстах, дзе на дадатак да любога факта, які аўтар мае на мэце сцвердзіць, ён або яна выбірае словы, якімі яны сцвярджаюцца“, а творчая задума аўтара „правалілася б, калі б замест гэтых словаў былі выкарыстаныя іншыя“[21]. З прычыны свайго інтэнсія­нальнага характару літаратурны тэкст мае пэўную непразрыстасць, здатнасць прыцягваць увагу да сябе самога, а не да тае ўяўнай ці гістарычнай рэальнасці, што за ім стаіць. Гэтая рыса яднае мастацкі тэкст з гістарыяграфіяй; бо сутнасць погляду на мінуўшчыну, які прадстаўлены ў гістарычнай працы, дакладна вызначаецца моваю, якую выкарыстаў гісторык. Адносіны паміж гістарыя­графічным поглядам і тою моваю, праз якую гісторык выказвае гэты погляд, — адносіны, якія нідзе не перакрыжоўваюцца з сфераю мінуўшчыны — надаюць гістарыяграфіі тую ж цёмнасць і інтэнсіянальнае вымярэнне, якія ўласцівыя мастацтву.

Таму і мастацтва, і гістарыяграфія супрацьпастаўляюцца навуцы. Навуковая мова, прынамсі, прэтэндуе на празрыстасць; калі яна перашкаджае нам бачыць рэальнасць, яе належыць ачысціць альбо праясніць. Праўда, некаторыя філосафы навукі, такія, як Мэры Гесэ [Mary Hesse], хочуць і навуцы прыпісаць вышэйзгаданыя эстэтычнае і літаратурнае вымярэнні. Гэта, вядома, надало б праўдападабенства маёй пазіцыі ў дачыненні да гістарыяграфіі, але адрозненні паміж дакладнымі навукамі і гістарыяграфіяй, на маю думку, не зводзяцца толькі да адценняў. Там, дзе падыходы, прапанаваныя тою ці іншаю дысцыплі­наю, маюць больш сінтаксічны, чым семантычны характар — як у выпадку з дакладнымі навукамі, — для інтэнсіянальнага кантэксту застаецца параўнальна меней прастору. Урэшце, пытанне пра наяўнасць сінаніміі (а яно ў інтэнсіянальным кантэксце найважнейшае) мае сэнс толькі з пункту гледжання семантыкі.

Калі мы згодныя з вышэйсказаным, то бок з стасавальнасцю постмадэрнісцкай інтуіцыі да гістарыяграфіі, я хацеў бы перад заканчэннем гэтага артыкула зрабіць некаторыя высновы. Для мадэрніста ў рамках навуковай карціны свету, у рамках таго погляду на гісторыю, які мы ўсе ўспрымаем першапачаткова, гістарычныя сведчанні — гэта, па сутнасці, сведчанні пра тое, што нешта адбылося ў мінулым. Гісторык–мадэрніст вядзе ланцужок развагаў ад крыніц і сведчанняў да гістарычнай рэальнасці, схаванае за імі. На постмадэрнісцкі ж погляд, яны сведчаць не пра мінуўшчыну, а пра іншыя інтэрпрэтацыі мінуўшчыны; бо фактычна мы іх выкарыстоўваем якраз дзеля гэтага. Паўторым тое самае на прыкладзе з сферы выяўленчага мастацтва: для мадэрніста сведчанне — кафля, якую ён падымае, каб паглядзець, што пад ёю; постмадэрніст жа, наадварот, ступае на гэтую кафлю, каб перайсці да іншых кафляў: рух адбываецца па гарызанталі, а не па вертыкалі.

Гэты прыклад ілюструе не толькі тое, што адбываецца цяпер, але і тое, на чым гісторыкі маюць засяродзіцца ў будучыні. Найлепш назваць гэта асучасніваннем гістарычных крыніцаў. Іхнія сведчанні — не павелічальнае шкло, праз якое мы можам вывучаць мінуўшчыну: хутчэй гэта мазкі, з дапамогаю якіх мастак імкнецца дасягнуць пэўнага эфекту. Сведчанне не адсылае нас назад у мінуўшчыну, а спараджае пытанне, што гісторыку можна ці нельга зрабіць з ім тут і зараз. Прыклад гэтага новага стаўлення да сведчанняў падае Жорж Дзюбі [Georges Duby]. Калі ягоны высокаінтэлектуальны суразмоўца Гі Лярдро [Guy Lardreau] запытаў, якое сведчанне будзе для яго, Дзюбі, найцікавейшым, той адказаў: найцікавейшае — у невымоўным, у тым, што перыяд не сказаў пра сябе. Таму сваю гістарычную працу Дзюбі параўноўвае з праяўкаю негатыва[22]. Як рыба не ведае, што яна плавае ў вадзе, так і тое, што для перыяду найбольш характэрна і найбольш паўсюдна, самому гэтаму перыяду невядома. Яно не можа выявіцца, пакуль перыяд не прыйдзе да заканчэння. Водар аднаго перыяду можна адчуць толькі ў наступным. Вядома, Гегель і Фуко ўжо зрабілі багата цікавых заўваг пра гэта. Аднак важна тут назіранне Дзюбі пра тое, што сутнасць перыяду вызначае destinataire (калі скарыстаць тэрмін французскіх постмадэрністаў): гісторык, які мае праявіць тут і цяпер свой негатыў перыяду з таго, што не было прамоўлена, ці было толькі прашаптана, ці было выказана толькі ў нязначных дэталях. Гісторык тут нагадвае такога мастацтвазнаўцу, які цэніць мастака не за тое, што для яго характэрна (і таму можа быць перанята), а за тое, што, так бы мовіць, мімаволі „выслізгвае“ з яго рук. „Le style, c’est l’homme“ [„Стыль — гэта чалавек“], і наш стыль якраз у тым, у чым мы бываем самі сабою, не думаючы пра саміх сябе. Вось чаму ў нашую нарцысісцкую эпоху так мала людзей, якія яшчэ захавалі ўласны стыль. Карацей кажучы, адметнасць такога спосабу апераваць з сведчаннямі, які прапануе Дзюбі, не ў тым, што сведчанне паказвае на нешта схаванае за ім ў мінуўшчыне, а ў тым, што яно набывае сэнс і значнасць толькі ў сутыкненні з ментальнасцю пазнейшага перыяду, у якім жыве і піша гісторык. Ментальнасць перыяду праяўляецца толькі ў сваім адрозненні ад ментальнасці пазнейшага перыяду; напрамак, у якім паказвае сведчанне, такім чынам паварочваецца на дзевяноста градусаў. Гёйзінга, як зазвычай, гэта прадбачыў. Пішучы пра адчуванне гісторыі, ён кажа: „Гэты кантакт з мінуўшчынаю, які суправаджаецца поўнай перакананасцю ў сапраўднасці, праўдзівасці, могуць выклікаць радок з граматы або летапісу, пячатка, некалькі нотаў старой песні. Гэты элемент не ўносіцца аўтарам [з мінуўшчыны] у сваю працу праз тыя ці іншыя словы… Яго прыносіць чытач — насустрач аўтару, у адказ на ягоны покліч“[23].

Не дзіва, што Дзюбі і Лярдро звяртаюць у звязку з гэтым увагу на суадносіны гістарыяграфіі з псіхааналізам[24]. І ў гістарыяграфіі, і ў псіхааналізе мы маем справу з інтэрпрэтацыяй у самым падставовым сэнсе гэтага слова. У гістарыяграфіі той спосаб працаваць са слядамі мінуўшчыны, што прапануе Дзюбі, прымушае нас устрымацца ад пошуку нейкай першапачаткова нябачнай машыны ў самой мінуўшчыне, якая пакінула гэтыя відочныя на паверхні сляды. Гэткім жа парадкам псіхааналіз, насуперак пазітывісцкім нотам у самога Фройда, фактычна ёсць набор інтэрпрэтацыйных стратэгіяў. Псіхааналіз вучыць нас разумець тое, што кажа неўротык, не дбаючы аб прычыннай сувязі ягоных словаў з мноствам элементарных і непадзельных гамункулусаў у ягонай свядомасці[25]. І псіхааналітык, і гісторык намагаюцца спраецыраваць мадэль на сляды і не шукаюць нечага па–за слядамі. У абодвух выпадках інтэрпрэтацыйная дзейнасць разумеецца строга наміналістычна: ні ў гістарычнай рэальнасці, ні ў свядомасці неўротыка няма нічога, што адпавядае зместу інтэрпрэтацыяў[26].

Аднак паміж гістарычнай і псіхааналітычнай інтэрпрэтацыяй існуе яшчэ цікавейшая паралель. Вядома, тэза Дзюбі, паводле якой гісторык павінен пільнавацца таго, што не прамоўлена і замоўчваецца — вар’яцтва, няпраўды і табу, калі карыстацца крытэрыямі Фуко, — гэтая тэза відавочна звязана з метадам працы аналітыка. Гэтаксама як мы аказваемся не самі сабою — не тымі, хто мы ёсць, або тымі, кім не хочам быць, — у пэўным сэнсе мінуўшчына таксама аказваецца не тым, што яна ёсць. І ў псіхааналізе, і ў гісторыі тыя рэчы, што зазнаюць уціск, выяўляюцца толькі ў дробных і неістотных, на погляд, дэталях. У псіхааналізе гэта спараджае інтуіцыю, паводле якой чалавек не мае такой існасці альбо сутнасці, якая лёгка паддаецца назіранню і на аснове якой яго можна зразумець: таямніца асабовасці ляжыць у тым, што толькі зрэдку і мімалётна праглядаецца з–пад звыклых праяваў. Нашая асабовасць, як кажа Рорці [Rorti], — калаж, а не субстанцыя: „здольнасць думаць пра сябе як пра унікальна сфармаваныя калажы, а не пра субстанцыі, вельмі памагла нам пазбыцца ідэі, што мы маем сапраўднае „я“, супольнае з усімі іншымі людзьмі… Фройд зрабіў парадыгму самапазнання сродкам для адкрыцця дробных унікальных выпадкаў, а не нейкай сутнасці“[27].

Так стаіць справа і ў гістарыяграфіі, прынамсі ў той яе частцы, якую я назваў бы постмадэрнісцкай гісторыяй (ментальнасцяў). Калі сфармуляваць гэта ў парадаксальнай манеры, такой папулярнай сярод постмадэрністаў, сутнасць мінуўшчыны не ёсць сутнасць мінуўшчыны, альбо — не палягае у ёй. Толькі ў шматках, абмоўках, Fehlleistungen мінуўшчыны, у рэдкія моманты, калі мінуўшчына „папускаецца“, мы адкрываем тое, што сапраўды для нас важна. Падазраю, што тут ляжыць прынамсі частковае тлумачэнне праявы, якую Ёрн Русен [Jцrn Rьsen] назваў „зменаю парадыгмаў“ у сучаснай гістарыяграфіі. Гэтая змена парадыгмаў, на ягоную думку, зводзіцца галоўным чынам да пераносу ўвагі гісторыка з makrohistorische Strukturen [макрагістарычных структураў] на mikrohistorische Situationen und Lebensverhältnisse [мікрагістарычныя сітуацыі і жыццёвыя ўмовы][28]. Магчыма, мы сталі сведкамі рашучага развітання з усімі эсенцыялісцкімі памкненнямі, якія панавалі ў гістарыяграфіі цягам усяго яе існавання. Гісторыкі заўсёды шукалі нейкай, так бы мовіць, сутнасці мінуўшчыны — такога прынцыпу, які яднаў бы ўсю мінуўшчыну (або яе частку) і на аснове якога, адпаведна, можна было б ўсё зразумець. Цягам стагоддзяў гэты эсен­цыя­лізм праяўляўся ў гістарыяграфіі незлічонымі спосабамі. Ён відавочна прысутнічаў ў разнастайных спекулятыўных сістэмах, якімі кіравалася мысленне заходняга чалавека пра сваю мінуўшчыну. Аўгустынава тэалагічная канцэпцыя гісторыі і яе секулярызаваныя варыянты[29], як і ідэя прагрэсу з яе сляпою вераю ў прагрэс навукі і чаканыя ад яго сацыяльныя даброты, заўсёды былі, калі скарыстаць тэрмін Ліятара [Lyotard], „метанаратывамі“, праз якія легітымізавалася не толькі гістарыяграфія, але і іншыя фундаментальныя аспекты цывілізацыі і грамадства[30].

Потым надышоў гістарызм, які з дзіўнай наіўнасцю[31] лічыў, што сутнасць мінуўшчыны ўвасабляецца ў цікавай мяшанцы факта і ідэі. Эпістэмалагічная наіўнасць ягонае дактрыны пра гістарычныя ідэі была магчымаю толькі ў часы, калі вера ў спасцігальнасць сутнасці мінуўшчыны лічылася цалкам натуральнаю, так што ніхто і не падазраваў маштабаў сваёй онталагічнай самаўпэўненасці. Апошнім звяном у гэтым ланцугу эсенцыялісцкіх поглядаў на гісторыю была сацыяльная гісторыя, пра якую піша Русэн. Трыумфальныя ноты, якімі суправаджалася яе з’яўленне, асабліва ў Нямеччыне, — найбольш яскравы доказ аптымістычна завышанай самаацэнкі гісторыкаў, ахопленых адчуваннем, што нарэшце знайшоўся доўгашуканы ключ, які адамкне ўсе гістарычныя дзверы. Кожны, хто ўсведамляе эсенцыялісцкі характар сацыяльнае гісторыі і знаёмы з традыцыйнай варожасцю паміж эсенцыялізмам і навукаю, не можа не заўважыць, наколькі гэтыя прэтэнзіі недарэчныя. Але найгоршых мадэрністаў дагэтуль можна знайсці сярод філосафаў гісторыі (што, дарэчы, не дзіва); яны вітаюць кожную дэманстрацыйную праяву псеўданавукі яшчэ з большай гатоўнасцю, чым гісторыкі, абы здалося, што яна пацвярджае іхнія зацяганыя пазітывісцкія ідэі.

Акрэслены вышэй рух гістарычнае свядомасці я хацеў бы праілюстраваць такой аналогіяй. Прыпадобнім гісторыю да дрэва. Эсенцыялісцкая традыцыя ў заходняй гістарыяграфіі факусавала ўвагу гісторыкаў на ствале гэтага дрэва. Спекулятыўныя сістэмы вызначалі, так бы мовіць, прыроду і форму гэтага ствала. Гістарызм і мадэрнісцкая навуковая гістарыяграфія, са сваёй (пахвальнай у аснове) увагаю да таго, што насамрэч адбывалася ў мінуўшчыне і з непрыманнем апрыёрных схемаў, месціліся на галінах гэтага дрэва. Аднак увага іхняя па–ранейшаму засяроджвалася на ствале. І гістарысты, і прыхільнікі так званай навуковай гістарыяграфіі (як і іхнія спекулятыўныя папярэднікі) спадзяваліся і дакляравалі, што ўрэшце ім удасца нешта сказаць пра той ствол. Паказальнаю ў гэтым кантэксце была шчыльная повязь паміж так званаю навуковай сацыяльнай гісторыяй і марксізмам. Ад часоў гістарызму гістарыяграфія заўсёды імкнулася да поўнае ці частковае рэканструкцыі эсенцыялісцкае лініі, што праходзіла праз усю мінуўшчыну, незалежна ад таго, у якой тэрміналогіі гэта фармулявалася — у онталагічнай, эпістэмалагічнай або метадалагічнай.

У постмадэрнісцкай гістарыяграфіі, асабліва ў гісторыі ментальнасцяў, упершыню адбываецца разрыў з шматсотгадовай эсенцыялісцкаю традыцыяй. (Тут я адразу дадам, каб па­збегнуць усялякага пафасу і перабольшвання, што гаворка ідзе пра тэндэнцыі, а не пра радыкальныя разрывы.) Выбар падае ўжо не на ствол ці галіны, а на лісце нашага дрэва. У рамках постмадэрнісцкага погляду на гісторыю інтэграцыя, сінтэз і татальнасць больш не служаць за мэту: у цэнтры ўвагі апынаюцца гэтыя шматкі гісторыі. Возьмем, да прыкладу, Montaillou і іншыя кнігі, што напісаў пазней Ле Руа Лядуры, Microhistorie Гінзбурга, Sunday of Bouvines Дзюбі або Return of Martin Guerre Наталі Зэмон Дэвіс [Zemon Davis]. Пятнаццаць–дваццаць гадоў таму мы здзіўлена задавалі­ся б пытаннем, у чым сэнс гэткага гістарычнага пісьма, што яно імкнецца давесці. Гэтае зусім натуральнае непаразуменне было б вы­клікана, як заўсёды, нашым мадэрнісцкім жаданнем даведацца, як працуе машына гісторыі. Аднак пры анты–эсенцыялісцкім, наміналістычным падыходзе, уласцівым постмадэрнізму, гэтае пытанне страціла сэнс. А калі ўсё ж трымацца эсенцыялізму, мы можам сказаць, што сутнасць гістарычнага дрэва не ў ствале і не ў галінах, а ў лісці.

Гэта падводзіць мяне да галоўнае тэзы гэтага артыкула. Для лістоты характэрна, што яна адносна свабодна прымацавана да дрэва, а калі надыходзіць восень ці зіма, яе здзімае вецер. Шэраг прыкмет дазваляе лічыць, што ў заходняй гістарыяграфіі надышла восень. Першая з іх —  постмадэрнісцкі характар сучаснай эпохі. Наш антыэсенцыялізм, альбо, як яго прынята сёння называць, „анты–фундацыяналізм“ [anti–foundationalism], асла­біў нашую адданасць навуцы і традыцыйнай гістарыяграфіі. Змена становішча Еўропы ў свеце пасля 1945 г. — другая важная азнака. Гісторыя гэтага прыдатку да еўразійскага кантынента больш не ёсць сусветная гісторыя[32]. Тое, што мы хацелі б бачыць ствалом дрэва заходняе гісторыі, стала часткаю цэлага лесу. Тыя meta–récits [мета–аповеды], якія мы любілі распавядаць пра сваю гісторыю, — трыумф Розуму, слаўная барацьба за эмансіпацыю пралетарыяту XIX ст., — маюць толькі мясцовую значнасць і таму больш не пасуюць на ролю метанаратываў. Той сівер, які, паводле словаў Рамэна [Romein], узняўся каля 1900 г. адначасова на Захадзе і на Ўсходзе[33], у другой палове стагоддзя паздзімаў урэшце лісце і з нашага гістарычнага дрэва.

Заходняй гістарыяграфіі цяпер застаецца толькі збіраць апалае лісце і вывучаць яго незалежна ад таго, адкуль яно ўзялося. Гэта азначае, што нашая гістарычная свядомасць, так бы мовіць, вывернулася на левы бок. Калі мы збіраем лісце мінуўшчыны гэткім жа чынам, як Ле Руа Лядуры ці Гінзбург, важна ўжо не месца, якое яны займалі на дрэве, а той узор, які мы можам скласці з іх цяпер, той спосаб, праз які гэтую мадэль можна адаптаваць да іншых, сучасных формаў цывілізацыі. „З часоў Гётэ, Маколея, Карлайла і Эмерсана, — пісаў Рорці, — выпрацаваўся адмысловы гатунак пісьма. Гэта не ацэнка адносных заслугаў літаратурных твораў, не інтэлектуальная гісторыя, не маральная філасофія, не гнасеалогія, не сацыяльнае прароцтва, але ўсё гэта разам, злітае ў нейкім новым жанры“[34]. Каментуючы гэтае цверджанне Рорці, Калер [Culler] адзначае вельмі характэрную для „гэтага новага гатунку пісьма“ абыякавасць да паходжання і кантэксту, як гістарычнага, так і любога іншага:

тыя, хто займаецца канкрэтнымі дысцыплінамі, скардзяцца, што працы, якіх патрабуе гэты жанр, вывучаюцца па–за належнай дысцыплінарнаю матрыцай: студэнты–тэарэтыкі чытаюць Фройда, не цікавячыся, ці не аспрэчылі ягоных фармулёвак пазнейшыя псіхалагічныя даследаванні; яны чытаюць Дэрыду, не авалодаўшы філасофскаю традыцыяй; яны чытаюць Маркса, не вывучаючы альтэрнатыўных апісанняў палітычных і эканамічных сітуацыяў[35].

Правільны гістарычны кантэкст страціў сваю традыцыйную важнасць, функцыю і натуральнасць у якасці фону — не дзеля таго, што некаму так ужо хочацца заняць агістарычную пазіцыю або не хапае жадання аддаць належнае ходу гісторыі, а таму, што даводзіцца „вылузвацца“ з гістарычнага кантэксту. Усё цяпер абвяшчае сябе неабвешчаным, і ў гэтым застаецца наша адзіная надзея ўтрымаць у будучыні галаву над вадою. Як лісты на дрэве не злучаны адзін з адным, а іхнія ўзаемаадносіны абумоўліваюцца толькі галінаю або ствалом, — так і вышэйзгаданыя эсенцыялісцкія дапушчэнні забяспечвалі вядучую ролю гэтага абнадзейлівага „гістарычнага кантэксту“.

Не зразумейце мяне няправільна. Я не прапаную новае формы суб’ектыўнасці, не збіраюся легітымізаваць накіданне мінуўшчыне сучасных мадэляў. Легітымацыю чаго заўгодна лепш пакінуць мадэрністам. Сутнасць постмадэрнізму акурат у тым, каб па магчымасці не звяртаць увагі на эсенцыялісцкія мадэлі ў мінуўшчыне. Таму наўрад ці мелі рацыю нядаўнія спробы ўдыхнуць новае жыццё — дбаючы пра становішча і рэпутацыю гістарыяграфіі — у стары нямецкі ідэал Bildung‘у[36]. Хацелася б, дарэчы, адразу дадаць, што гэтыя спробы мне нашмат больш сімпатычныя, чым тая навуковая наіўнасць, якую сацыяльныя гісторыкі дэманструюць у пытанні задач і карыснасці гістарыяграфіі. Аднак заглыбляцца ў спадзяванні, народжаныя сацыяльна–навуковай гістарыяграфіяй, — марны занятак. З іншага боку, рэанімацыя ідэалу Bildung’у — яскравая рэакцыя на характар сучаснае цывілізацыі, якую можна параўнаць з картаю. У мінулым цывілізацыя больш нагадвала дарожны знак, які даваў адносна адназначныя дырэктывы што да грамадскіх і маральных паводзінаў; сучасная ж цывілізацыя падказвае, куды нам ісці, не больш, чым карта; а калі мы ўжо зрабілі свой выбар, яна не кажа, выбраць нам найкарацейшы шлях або маляўнічую, але дальнюю дарогу. Рэалізацыя ідэалу Bildung’у сама больш дасць нам добры малюнак тае дарогі, якую мы дагэтуль прайшлі. Ідэал Bildung’у — культурны адпаведнік славутага тэ­зіса Эрнста Гекеля [Ernst Haeckel], паводле якога развіццё індывідуума паўтарае ў скароце развіццё віду. Bildung — скарочаная версія гісторыі цывілізацыі ў маштабе паасобнага індывіда, праз якую ён можа стацца карысным і годным чальцом нашага грамадства.

Аднак для постмадэрнісцкай гістарычнай свядомасці гэты скарочаны онтагенетычны паўтор нашага культурнага філагенезу больш не мае сэнсу. Эвалюцыйныя звёны таго шэрагу гістарычных кантэкстаў, з якіх складаецца наш культурны філагенез, урэшце разарваліся. Усё стала сучасным, але разам з тым (калі скарыстаць выраз Дзюбі) усё стала і гісторыяй. Калі гісторыя перакампаноўваецца ў сучаснасць, гэта азначае, што сучаснасць атрымлівае кляймо мінуўшчыны. Bildung, адпаведна, патрабуе арыентацыі на компас, адкінутай постмадэрнізмам. Мы павінны не прыстасоўвацца да мінуўшчыны, а вучыцца гуляць з ёю ў нашую культурную гульню. Што гэта канкрэтна азначае для паасобнага індывідуума, выславіў Жан–Жак Русо ў Les reveries du promeneur solitaire: бывае такі

стан, у якім душа знаходзіць дастаткова трываласці, каб цалкам адпачыць і сабраць усю сваю існасць, не маючы патрэбы ні ўспамінаць мінулае, ні зазіраць у будучыню; стан, у якім час для яе нішто, у якім цяпершчына доўжыцца заўсёды, але ніяк не пазначае сваёй працягласці і не мае ні знаку паслядоўнасці[37].

І далей Русо адзначае, што такое абыходжанне з часам прыносіць у нашае жыццё адчуванне паўнаты шчасця — „шчасця дастатковага, дасканалага і поўнага, якое не пакідае ў душы ніякае пусткі, што прагнула б запоўніцца“[38].

Гісторыя тут ужо не рэканструкцыя таго, што здаралася з намі ў розных фазах нашага жыцця, а няспынная гульня з памяццю пра гэта. Памяць мае першынства перад тым, што помніцца. Нешта падобнае слушна і для гістарыяграфіі. Дзікае, прагавітае і нястрымнае капанне ў мінулым, натхнёнае жаданнем адкрыць мінулую рэальнасць і здзейсніць яе навуковую рэканструкцыю, больш не выступае бясспрэчнаю задачаю гісторыка. Замест гэтага нам варта пільней даследаваць тое, што накапана за паўтараста гадоў, і часцей пытацца ў сябе, што гэта ўсё нам кажа. Надышоў час, калі нам трэба не даследаваць мінуўшчыну, а думаць пра яе.

Аднак не выключана, што цяпер гістарыяграфія ўвайшла ў фазу, калі сэнс важнейшы за рэканструкцыю і генезіс; калі мэтаю, якую ставяць перад сабою гісторыкі, робіцца раскрыццё сэнсу фундаментальных канфліктаў у нашай мінуўшчыне і дэманстрацыя таго, наколькі яны аказваюцца сучаснымі. Разгледзім колькі прыкладаў. Пэўная трактоўка канфлікту паміж Сакратам і Афінскай дзяржаваю (напрыклад, Гегелева) можа сто разоў супярэчыць таму, што мы цяпер ведаем пра Афіны каля 400 г. да н.э., але тым не менш яна не страчвае сваёй сілы. Другі прыклад: рэчы, якія Фуко пісаў пра шчыльную сувязь паміж уладай і дыскурсам, што імкнецца да праўды, або пра надзвычай цікавыя суадносіны паміж моваю і рэальнасцю ў XVI ст., шмат хто скрытыкаваў на фактуальнай аснове, але гэта не азначае, што ягоныя канцэпцыі страцілі сваю прывабнасць. Я не хачу сказаць, што гістарычная праўда і верагоднасць не маюць значэння ці нават загароджваюць шлях да больш змястоўнай гістарыяграфіі. Наадварот: прыклады накшталт Гегеля і Фуко паказваюць нам (чаму, уласна, я іх і абраў), што метафарычнае вымярэнне ў гістарыяграфіі мацнейшае за вымярэнне даслоўнае ці фактуальнае. Філалагічны Віламовіц [Wilamowitz], намагаючыся абвергнуць Ніцшэва „Нараджэнне трагедыі“ [Die Geburt der Tragödie], нагадвае чалавека, які спрабуе саматугам перакуліць чыгуначны вагон; і сапраўды, крытыка метафары на фактуальнай аснове — занятак настолькі ж бессэнсоўны, як і безгустоўны. Метафары „абвяргаюцца“ толькі метафарамі.

Гэта падводзіць нас да заканчэння. Як я казаў ужо, ёсць сэнс меркаваць, што ў будучыні нашы адносіны да мінуўшчыны і наша разуменне яе будуць насіць метафарычны, а не да­слоўны характар. Вось што я маю на ўвазе. Даслоўнае цверджанне „гэты стол мае ў даўжыню два метры“ скіроўвае нашую ўвагу да пэўнага стану рэчаў па–за самою моваю, які гэтым цверджаннем выказваецца. Метафарычнае ж выказванне — прыкладам, „гісторыя — дрэва без ствала“, — пераносіць акцэнт на тое, што адбываецца паміж проста словамі „гісторыя“ і „дрэва без ствала“. З постмадэрнісцкага пункту гледжання, цэнтр увагі ўжо знаходзіцца не ў самой мінуўшчыне, а ў неадпаведнасці паміж мінуўшчынай і сучаснасцю, паміж моваю, з дапамогай якой мы цяпер гаворым пра мінуўшчыну, і самою мінуўшчынай. Больш няма „адзінае лініі, што праходзіць праз усю гісторыю“, каб нейтралізаваць гэтую неадпаведнасць. Гэта тлумачыць увагу да недарэчных, здавалася б, але непрадказальных і, можа, нават хвалюючых дэталяў, якія Фройд у сваім эсэ пра Unheimliche вызначыў як „was im Verborgenen hatte bleiben sollen und hervorgetreten ist[39]; словам, увагу да ўсяго, што не мае сэнсу і ніяк не тычыцца прадмета з пункту погляду навуковае гістарыяграфіі. Бо гэтыя недарэчныя, unheimliche падзеі адпавядаюць недарэчнасці мовы гісторыка ў яе дачыненні да мінуўшчыны.

Як постмадэрнізм пасля Ніцшэ і Гайдэгера скрытыкаваў усю так званую логацэнтрычную традыцыю ў філасофіі з часоў Сакрата і Платона, то бок рацыяналістычную веру ў тое, што Розум дасць нам магчымасць раскрыць таямніцы рэальнасці, гэтаксама і постмадэрнісцкай гістарыяграфіі ўласцівая натуральная настальгія па дасакратаўскай рэальнай гісторыі. Найдаўнейшая гістарыяграфія грэкаў была эпічнаю; грэкі распавядалі адзін аднаму пра колішнія дзеі сваіх продкаў у эпічных наратыўных паэмах. Іхнія аповеды не былі ўзаемавыключальнымі, ня­гледзячы на супярэчнасці паміж імі, бо натхнялі перадусім да этычнага і эстэтычнага сузірання. Паколькі войны і палітычная барацьба паглыблялі сацыяльную і палітычную свядомасць, а пісанае слова нашмат менш талерантна да разыходжанняў паміж традыцыямі, чым слова прамоўленае, Гекатэй, Герадот і Фукідыд, а за імі і іншыя аўтары правялі „лагацэнтрычную“ уні­фармізацыю мінуўшчыны[40]. Так упершыню ўзняўся над зямлёю малады ствол дрэва мінуўшчыны. Я, вядома, не хачу сказаць, што нам трэба вярнуцца ў дагекатэевы часы. Тут таксама справа метафарычнай праўды, а не даслоўнай. Постмадэрнізм не адкідае навуковае гістарыяграфіі, а толькі прыцягвае нашую ўвагу да мадэрнісцкага аблуднага кола, якое хоча пераканаць нас, быццам па–за ім нішто не існуе. Тым часам па–за ім ляжыць уся сфера мэты і сэнсу гісторыі.

З ангельскай пераклаў Мікола Раманоўскі


[1] Romein J. „Het vergruisde beeld“ i „Theoretische geschiedenis“, у кн.: Historische Lijnen en Patronen (Amsterdam, 1971).
[2] Colingwood R.G. An Essay on Metaphysics. Oxford, 1940.
[3] Lyotard J.F. La condition postmoderne. Paris, 1979, 15.
[4] Інфармацыя перфарматыўная, яна мае чыста „iлакуцыйную“ i „перлакуцыйную“ сiлу, бо яе канстатарны элемент страчаны; i яна не перфарматыўная, бо падпарадкоўваецца сваiм уласным законам, а не законам мiжлюдскае камунiкацыi: камунiкацыя — толькi частка жыцця iнфар­мацыi.
[5] Reijen W. Postscriptum // Modernen versus Postmodernen. Ed. W.Hudson and W. van Reijen. Utrecht, 1986, 9—51; Hudson W. The Question of Postmodern Philosophy?// ibid., 51—91.
[6] Culler J. On Deconstruction: Theory and Criticism after Structuralism. London, 1985, 18 ff.
[7] Ibid., 90.
[8] Ibid., 88.
[9] Heijenoort J. Logical Paradoxes // The Encyclopedia of Philosophy. Ed. P. Edwards. London, 1967, 45—51.
[10] Ankersmit F.R. Narrative Logic: A Semantic Analysis of the Historian’s Language. The Hague, 1983, 239, 240.
[11] White H. Metahistory: The Historical Imagination in Nineteenth Century Europe. Baltimore, 1973, 37.
[12] Ankersmit F.R. The Use of Language in the Writing of History //  Working with Language. Ed. H. Coleman. Berlin, 1989.
[13] Bertens H. Het ‘Talige’ Karakter van de Postmoderne Werkelijkheid // Modernen versus postmodernen, 135—153. Пазiцыя Бертэнса застаецца насамрэч мадэрнiсцкаю: ягоная тэза, што мова нiколi не здатна прадставiць усю паўнату рэальнасцi, прымушае яго заняць пазiцыю ў рамках палярнага процiпастаўлення мовы i рэальнасцi, а не па–за iм, як патрабуюць пост­мадэрнiсты.
[14] White H. Metahistory, 30; Ricoeur P. The Model of the Text: Meaningful Action Considered as a Text // Interpretative Social Science. Ed. P. Rabinow and W.M.Sullivan. London, 1979, 73.
[15] Dunk, Von der. De Organisatie van het Verleden. Bussum, 1982; гл., напр., 169, 170, 344, 362, 369.
[16] Gombrich E.H. Meditations on a Hobby Horse, or the Roots of Artistic Form // Aesthetics Today. Ed. P.J.Gudel. New York, 1980.
[17] Megill A. Prophets of Extremity: Nietzsche, Heidegger, Foucault, Derrida. Berkeley, 1985; гл. асаблiва 2–20.
[18] Bertels C.P. Stijl: Een Verkeerde Categorie in de Geschiedwetenschap // Groniek 89/90 (1984), 150.
[19] Goodman N. The Status of Style // Goodman N. Ways of Worldmaking. Hassocks, 1978, 26.
[20] Gay P. Style in History. London, 1974, 3.
[21] Danto A.C. The Transfiguration of the Commonplace: A Philosophy of Art. Cambridge, Mass., 1983, 188.
[22] Duby G.and Lardreau G. Geschichte und Geschichtswissenschaft: Dialoge. Frankfurt am Main, 1982, 97, 98.
[23] Huizinga J. De Taak der Cultuurgeschiedenis // Huizinga J. Verzamelde Werken. Bd. 7. Haarlem, 1950, 71, 72.
[24] Duby and Lardreau, 98ff.
[25] Гэта лейтматыў кнiгi: Spence D.P. Narrative Truth and Historical Truth: Meaning and Interpretation in Psychoanalysis. New York, 1982.
[26] Лярдро выказаў гэта для гiстарыяграфii наступным чынам: „Somit gibt es nichts als Diskurse über eine Vergangenheit, die wiederum aus nichts anderem als aus diesen Diskursen besteht, in denen jeweils gegenwärtigen Interessen mobilisiert werden. Ein präzis inszeniertes Ballett von masken, die die Interessen und Konflikte der Gegenwart darstellen, mit wechselnden Rollen, aber gleichbleibenden Standorten — die Geschicht als Kleiderkammer imaginärer Inscriptionen, der Historiker als Kostьmbildner, der Verkleidungen arrangiert, die nie neu gewesen sind: die Geschichte ist aus dem Stoff unserer Träume gewebt, unser Kurzes Gedächtnis von einem Schlummer umhьllt“. У гэтым кантэксце Лярдро адкрыта кажа пра намiналiзм. Гл. Duby and Lardreau, 10.
[27] Rorty R. Freud and Moral Reflection, 17. (Гэты артыкул я атрымаў у фотакопii ад аўтара; на жаль, больш нiякiх звестак пра яго не маю.)
[28] Programmaboek Congres „Balans en Perspectief“. Utrecht, 1986, 50.
[29] Гэта, вядома, адсылае да тэзы К. Лёвiта [K. Lцwith] у ягонай працы Meaning in History (Chicago, 1970).
[30] Lyotard, 49—63.
[31] Ankersmit F.R. De Chiastische Verhouding Tussen Literatur en Geschiedenis // Spectator (October, 1986), 101—120.
[32] Яскравыя доказы рэзкага спаду значнасцi еўрапейскае мiнуўшчыны падае М. Фэро: Ferro M. Hoe de Geschiedenis aan Kinderen Wordt Verteldt. Weesp, 1985.
[33] Romein J. Op het Breukvlak van Twee Eeuwen. Amsterdam, 1967, I, 35.
[34] Culler, 8.
[35] Тамсама.
[36] У лiстападзе 1985 г. факультэт мастацтваў у Гронiнгене арганiзаваў форум пра Bildung. Сярод дакладчыкаў былi М.А.Вэс [M.A.Wes], Э.Г.Косман [E.H.Kossmann] i Й.Й.А.Моэй [J.J.A.Mooij]. Гл. тс. E.H.Kossmann, De Functie van een Alpha–Faculteit (Groningen, 1985); Косман таксама заўважае, што iдэалы Bildung’у канца XVIII i XIX стст. больш не могуць рэалiзавацца ў наш час: „Перш за ўсё само сабой вiдавочна, што iдэал Bildung‘у ў сённяшняй сiтуацыi не можа быць гамагеннай, прэскрыптыўнай мадэллю этычных i эстэтычных стандартаў i шаблоннай эрудыцыi. Хутчэй гэта будзе форма iнвентару магчымых этычных i эстэтычных стандартаў, мэтаў, якiя чалавецтва можа ставiць перад сабою i якiя рэалiзуюцца iм у тую ж гiстарычную эпоху. Цяперашнi iдэал Bildung‘у не прэскрыптыўны, а дэскрыптыўны, не закрыты, а адкрыты“ (23).
[37] Rousseau J.J. Les rêeveries du promeneur solitaire. Paris, 1972, 101.
[38] Тамсама.
[39] Freud S. Das Unheimliche // Sigmund Freud: Studienausgabe IV. Psychologische Schriften. Frankfurt/M., 1892, 264.
[40] Гэтымi заўвагамi пра паходжанне грэцкай гiстарычнай свядомасцi я вельмi абавязаны спадарынi Й. Круль–Блок [J. Krul–Blok].

Наверх

Яраслаў Панэк. Чэшская гістарыяграфія на мяжы ХХ—ХХI ст.

22 снежня, 2002 |


1. Уводзіны

На схіле ХХ ст. — 10—12 верасня 1999 г. — ва ўсходнечэшскім горадзе Градэц–Кралавэ адбыўся VIII з’езд чэшскіх гісторыкаў[1]. У шэрагу падобных сустрэч градэцкі кангрэс належыць да найбольш дынамічных і дыскусійна багатых паседжанняў. З аднаго боку таму, што з нагоды дзесятых угодкаў „акса­мітнай рэвалюцыі“ і канца стагоддзя само сабою напрошвалася пэўнае падагульненне, а з другога боку таму, што з’езд адбываўся ў час, калі вялікая частка чэшскага грамадства адчувала моцную незадаволенасць эканамічным і палітычным развіццём краіны. Гэтыя акалічнасці дадалі кангрэсавым паседжанням пэўнае напружанне, якое адбілася ўжо ў перадз’ездавых палемі­ках на старонках пражскай прэсы[2].

Не апраўдаліся чаканні тых, хто прадказваў, што адбудзецца сутыкненне пакаленняў, — пазіцыі па спрэчных пытаннях займаліся ў залежнасці не ад фізічнага веку, не ад прыналежнасці да пэўнае генерацыі, а хутчэй у залежнасці ад палітычнай арыентацыі сваіх носьбітаў. Галоўную лінію падзелу ўтварала стаўленне да ацэнкі чэшскай гістарыяграфіі пасля II сусветнай вайны, прычым як за панаваннем камуністаў (1948—1989), так і пасля вяртання да свабоднага дэмакратычнага развіцця (1989—1999). Плынь „перарванасці“ гістарычнага мыслення, якая абвяшчала неабходнасць адасобіцца ад старых традыцый, моцна раскрытыкавала ўсялякае паваеннае развіццё галіны і асабліва адмаўляла (за выключэннем прац дысідэнтаў і эмігрантаў) якія–кольвек пазітыўныя вынікі даследаванняў 1970—80 г.; гісторыкаў, якія пачыналі свой навуковы шлях у гэты час, яна азначыла як перашкоду для далейшага развіцця чэшскай гістарыяграфіі ў кірунку яе еўрапеізацыі. Насуперак гэтаму пры­хільнікі „пераемнасці“, якіх на з’ездзе была большасць, адмаўлялі гэтую непрымальнасць і падкрэслівалі паступовае разгортванне гістарыяграфіі як галіны ведаў з аўтаномным развіццём. Дыскусіі працягваліся на некалькіх сходах спецыялістаў і студэнтаў–гістарыёграфаў, на т.зв. дыскусійных форумах, якія паступова засяроджваліся на канкрэтных праблемах, такіх як стасунак гістарыяграфіі да грамадскасці, універсітэцкае навучанне гісторыі і становішча маладых гісторыкаў. Мяжа ХХ і ХХI ст. была, такім чынам, пазначана дыскусіямі, якіх бракавала ў часы камунізму і якія пасля 1989 г. разгортваліся досыць павольна[3].

2. Карані сучаснай гістарыяграфіі

На працягу свайго амаль двухсотгадовага развіцця навачасная чэшская гістарыяграфія далёка не заўсёды дасягала еўрапейскага ўзроўню, але прынамсі двойчы ёй гэта ўдалося. Упершыню ў трэцяй чвэрці ХIХ ст., калі стваралася эпахальная спадчына Францішка Палацкага (1798—1876), які з крытычных пазіцый здолеў дасягнуць вялікага сінтэзу і адначасова выявіў палітычную ідэалогію адной з самабытных еўрапейскіх нацый[4]. Другім разам гэта ўдалося ў першай палове ХХ ст., у час дзейнасці двух пакаленняў вучняў Яраслава Гола, якія распрацавалі чэшскі варыянт гістарыяграфічнага пазітывізму[5]. Варта прыгадаць асаблі­ва двух найбуйнейшых чэшскіх гісторыкаў тае пары. Творчасць Ёзэфа Пекаржа (1870—1937) увяла чэшскіх гісторыкаў у еўрапейскія дыскусіі пра асноўныя пытанні сярэднявечнай і навачаснай гісторыі, тым часам як пад кіраўніцтвам Ёзэфа Шусты (1874—1945) яны выраслі ад глыбокіх аналітычных до­следаў да бліскучага сінтэзу сусветнай гісторыі. Нягледзячы на тое, што гэтая праца не магла быць скончаная за другой сусветнай вайной, з метадалагічнага гледзішча яна да сёння ўяўляе сабой адно з найвыбітнейшых дасягненняў чэшскае гістарыя­графіі[6].

Наадварот, пад час нацысцкай акупацыі чэшскіх земляў (1939—1945) і ў наступныя паваенныя дзесяцігоддзі чэшская гістарыяграфія панесла вельмі значныя страты. Тройчы за трыццаць гадоў яна губляла сваіх найлепшых прадстаўнікоў, і пераемнасць ейнага развіцця была пад сур’ёзнай пагрозай. Найперш нямецкія акупацыйныя ўлады фізічна знішчылі шэраг выбітных або надзвычай шматабяцальных вучоных, сярод іх Бэдржыха Мэндла (1892—1940) і Ёзэфа Матоўшака (1906—1939), якія па–наватарску пераасэнсоўвалі традыцыю французскай метадалогіі эканамічнай, сацыяльнай і, часткова, палітычнай гісторыі[7]. Гэты разбуральны ўраган, на шчасце, якім ні быў лютым, не працягваўся доўга.

Другім разам круты пералом надышоў неўзабаве пасля захопу ўлады камуністычнай партыяй у 1948 г. Тады большасць старэйшых прадстаўнікоў чэшскай гістарычнай даследчай думкі выгналі з ВНУ, і яны толькі часткова змаглі рэалізаваць сябе ў новаствораных акадэмічных установах. Побач са жменькай даваенных — з навуковага гледзішча не надта значных — марксіс­таў на першы план выйшла шмат мацнейшая група маладых гісторыкаў на чале з Ёзэфам Мацэкам (1921—1992) і Францішкам Граўсам (1921—1989). Хоць гэтыя даследчыкі распачыналі сваю навуковую і палітычную кар’еру ў эпоху жорсткага сталі­нізму і ў значнай ступені падладжваліся да ягоных патрабаванняў, яны не адмовіліся ад сваіх навуковых мэтаў, а з цягам часу надавалі ім у сваёй дзейнасці ўсё большае значэнне. На працягу шасцідзесятых гадоў некалі радыкальныя прыхільнікі марк­сізму адышлі ад сталінскай дагматыкі і імкнуліся наладзіць міжнародныя кантакты, у першую чаргу з заходнееўрапейскімі краінамі. Пазітыўна ставячыся да жывых гісторыкаў старэйшага пакалення, да іх працаў, яны імкнуліся ўзнавіць і пераемнасць чэшскай гістарычнай навукі. Вынікам гэтага сталіся выдатныя працы па медыявістыцы, а таксама частковае ўдасканаленне даследаванняў сучаснай гісторыі[8].

Некалькігадовы ўзлёт быў зноў, ужо ў трэці раз усяго за тры дзесяцігоддзі, рэзка перапынены ўварваннем войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію ў жніўні 1968 г. і наступнай савецкай акупацыяй. Адразу на пачатку неасталінскай „нармалізацыі“ ў 1969—1971 г. нядаўна яшчэ вядучыя прадстаўнікі гістарыяграфіі, такія як „неамарксісты“ ці „рэвізіяністы“, былі адлучаныя ад навуковага жыцця. Частка з іх (сярод іншых Францішак Граўс) эмігравала, частка засталася ў краіне, аднак без нармальнай магчымасці публікавацца (сярод іх Ёзэф Мацэк) ці проста трапіла за краты за „антыдзяржаўную дзейнасць“ (сярод іх Яраслаў Мэзнік (нар. 1928)).

Чэшскія гісторыкі тагачаснага старэйшага і сярэдняга пакалення падзяліліся на чатыры плыні: 1) прарэжымную (якая займала афіцыйныя ўстановы), 2) талераваную (людзі са значна абмежаванымі магчымасцямі, тым не менш, задзейнічаныя ў акадэмічнай навуцы, у ВНУ, у архівах і музеях), 3) дысідэнцкую (людзі, якія публікаваліся ў „самвыдаце“ ці за мяжой) і 4) эмігранцкую (гісторыкі, якія выехалі найперш у Нямеччыну, Швейцарыю або Францыю)[9].

На перавернутую грамадазнаўчую сцэну ў сямідзесятыя гады выйшла адносна шматлікае пакаленне наймалодшых гісторыкаў, якія часткова знаходзіліся пад уплывам ліберальнай атмасферы Пражскай вясны, але адначасова вымушаны былі змірыцца з новай ізаляцыяй ад удзелу ў еўрапейскай навуцы і з ідэалагічным ціскам на гістарыяграфію. Некаторыя з іх без агаворак прынялі гэты дыктат і, перадусім у галіне найноўшай гісторыі, служылі хутчэй партыйнай прапагандзе, чым навуцы. Аднак істотная частка маладых гісторыкаў засяродзілася на даследаванні Сярэднявечча і ранняга Новага часу і спрабавала — калі–нікалі вонкава ўжываючы марксісцкую тэрміналогію і фразеалогію — працягваць навуковае вывучэнне чэшскай гісторыі. Як правіла, гэта азначала вяртанне да апісальнага неапазітывізму, аднак у некаторыя працы (асабліва праз польскае пася­рэдніц­тва)[10] пранікалі больш сучасныя погляды на гістарыяграфію, у якіх аддавалася вялікая ўвага структуралістычным, семія­тычным і міждысцыплінарным падыходам. Асабліва ў васьмі­дзесятыя гады, калі ідэалагічны ціск паслабіўся і калі часткова маглі аднавіцца сувязі з замежнай навукай, узнік шэраг значных прац па гісторыі сярэднявечнай чэшскай дзяржавы, прац пра развіццё гарадоў, пра стан грамадства ранняга Новага часу, пра ўключэнне чэшскай дзяржавы ў склад Габсбургскай імперыі і інш. Некаторыя з гэтых вынікаў дэманстравалі аднаўленне пераемнасці галі­ны і адначасова рабілі магчымым наладзіць сутнасную дыскусію з гістарыёграфамі іншых еўрапейскіх краін[11].

3. Імкненне да збліжэння трох групаў гісторыкаў
пасля 1989 г.

Пасля палітычнага перавароту — так званай „аксамітнай рэвалюцыі“ — у лістападзе 1989 г. адной з галоўных задач чэшскай гістарыяграфіі было ўсталяванне кантактаў паміж асобнымі кірункамі і групамі гісторыкаў. Асабліва гаворка ішла пра кантакт паміж даследчыкамі, якія працавалі ў афіцыйных установах, і гісторыкамі, што выйшлі з няміласці ці вярнуліся з–за мяжы. Абавязковай умовай была, безумоўна, замена кіраўніц­тва навуковых установаў, адкуль мусілі сысці вядучыя прадстаўнікі старога рэжыму, якія скампраметавалі сябе супрацоў­ніц­твам з камуністычнай службай бяспекі і злоўжываннем гістарыяграфіі ў прапагандысцкіх мэтах; усе яны спрэс паспяшаліся выйсці на пенсію або занялі нязначныя пасады ў іншых інстытуцыях. У гэтым выпадку пэўна не ішлося пра страту, бо гэтыя людзі, калі ўвогуле мелі некалі навуковыя амбіцыі, даўно ўжо адышлі ад працы па спецыяльнасці і пры­свяцілі сябе палітыцы.

Наадварот, у дачыненні да навукоўцаў, якія хоць і былі сябрамі камуністычнай партыі, аднак дэманставалі пазітыўныя навуковыя вынікі, не было прынята ніякіх дыскрымінацыйных захадаў. Пад увагу браўся той факт, што палітычны ціск на ВНУ і інстытуты Акадэміі навук быў — асабліва ў шасцідзесятыя гады — такі моцны, што ўмовай самога захавання галіны стала фармальная наяўнасць камуністычнай арганізацыі ў кожнай установе і камуністычнай ячэйкі ў кожным галіновым аддзеле. У выніку гэтага ва універсітэтах і акадэмічных інстытутах партыйнай была значная частка гісторыкаў тагачаснага малодшага і сярэдняга пакаленняў. Пры гэтым, аднак, некаторыя з іх належалі ў сваіх установах да ўнутранай апазіцыі і бралі чынны ўдзел у пераходзе установаў ад таталітарнага да дэмакратычнага метаду кіравання[12].

Збліжэнне гэтай плыні з дысідэнтамі і былымі эмігрантамі зусім не было безумоўным і лёгкім. Вострыя дыскусіі, якія адбываліся ў другой палове лістапада і ў снежні 1989 г., выяўлялі напружанасць паміж новымі „экскамуністамі“ (г.зн. тымі, што былі фармальнымі сябрамі партыі, але ў пераважнай большасці выйшлі з яе адразу пасля рэвалюцыі), людзьмі, выключанымі з камуністычнай партыі пасля жніўня 1968 г. і, нарэшце, гісторыкамі, якія ніколі не былі нават пасіўнымі чальцамі партыі ўлады. На першы план натуральным чынам выйшлі гісторыкі з бясспрэчнымі навуковымі дасягненнямі і адначасова з найбольшым палітычным аўтарытэтам, а гэта былі, з аднаго боку, дысі­дэнты, з другога — людзі, пакараныя за сваю рэфарматарскую дзейнасць у камуністычнай партыі ў другой палове шасцідзесятых гадоў; часткова — навукоўцы, якія перажылі сямідзесятыя і васьмідзесятыя гады на радзіме, часткова даследчыкі, што вярнуліся з эміграцыі толькі на мяжы 1989—1990 гг.[13].

Так, менавіта Яраслаў Мэзнік, які за ўяўную „антыдзяржаўную дзейнасць“ (насамрэч за выяўленне пратэсту супраць неправавых захадаў таталітарнага рэжыму) правёў некалькі гадоў у турме, заняў вядучае месца ва Універсітэце імя Масарыка ў Брне[14]. Ёзэф Мацэк, які, шмат гадоў адпрацаваўшы на другасных пасадах у Акадэміі навук, быў адпраўлены на пенсію, зрабіў­ся старшынём Чэхаславацкага нацыянальнага камітэта гісторыкаў і ўжо ў жніўні 1990 г. ачоліў дэлегацыю чэшскіх і славацкіх гісторыкаў на міжнародным кангрэсе гістарычных навук у Мадры­дзе[15]. Ян Кршэн (нар. 1930), які, працуючы простым рабочым, на працягу дваццаці гадоў упарта працягваў вывучаць сучасную гісторыю, стаў кіраўніком адчыненага Інстытута міжнародных даследаванняў у Карлавым універсітэце ў Празе[16]. Вядучы прадстаўнік чэшскай медыявістыкі Францішак Шмагел (нар. 1934), які адпрацаваў шмат гадоў кіроўцам трамвая, а пасля супрацоўнікам рэгіянальнага музея, заняў пасаду дырэктара Інстытута гісторыі Акадэміі навук[17], тым часам як Вілем Прэчан (нар. 1933), які вярнуўся з эміграцыі ў Нямеччыне, узначаліў наваствораны Інстытут сучаснай гісторыі[18].

Гэтыя людзі распачалі штатную і часткова структурную рэарганізацыю гістарычнай навукі на пачатку дзевяностых гадоў. На шчасце для чэшскай гістарыяграфіі, гэта былі шчырыя асобы з высокімі маральнымі прынцыпамі, асобы, якія зразумелі, што далейшыя чысткі персаналу значылі б для галіны катастрофу. Іхнімі намаганнямі магчымасць даследчай, а пры неабходнасці і навукова–арганізацыйнай дзейнасці, была дадзена ўсім гісторыкам, якія пры мінулым рэжыме не скампраметавалі сябе. Магчымасці разгарнуць свабодную даследчую працу, неабмежавана публікавацца, уключыцца ў навучальны працэс у ВНУ (што да 1989 г. было для пазауніверсітэцкіх гісторыкаў амаль немагчыма), атрымаць навуковую стyпень дацэнта або прафесара — гэта ўсё азначала, што ўзнікла выдатная нагода для абнаўлення сярэдняга пакалення навукоўцаў, якое якраз у выні­ку папярэдніх чыстак пачатку сямідзесятых гадоў амаль адсутні­чала.

4. Змены ў арганізацыі і фінансаванні гістарычных навук

Кіраўніцтва гістарычнай навукі, якое заняло свае пасады ў 1990 г., выразна ўмацавала пазітыўныя элементы пераемнасці ў развіцці чэшскай гістарыяграфіі і абнаўлення яе інфраструктуры. Аднак у першай палове дзевяностых гадоў яно мусіла даць рады змяненням, на якія магло паўплываць толькі часткова. Першым з іх было зніжэнне дзяржаўных датацый на навуку і даследчую дзейнасць, што мела негатыўныя наступствы асаб­ліва для выхавання і прасоўвання маладых навуковых кадраў. Іх заробкі пры імклівай сацыяльнай дыферэнцыяцыі чэшскага грамадства апынуліся на невымерна нізкім узроўні, які зніжаў фінансавую прывабнасць навуковай працы і пачаў пагражаць незацікаўленасцю з боку навуковай змены[19]. Адначасова некаторыя навуковыя інстытуцыі (напрыклад Інстытут гісторыі Акадэміі навук ЧР) трапілі ў складаную сітуацыю ў выніку вяртання будынкаў колішнім уладальнікам гэтай нерухомасці згодна з законам аб рэстытуцыі. Аднак праблему страты пабудоваў, у якіх размяшчаліся інстытуты, цягам дзевяностых гадоў удалося вырашыць, адшукаўшы іншыя памяшканні або ўзвёўшы новыя будынкі[20].

На пачатку дзевяностых гадоў таксама адбыліся важныя зрухі ў арганізацыі гістарычных даследаванняў. Пад ціскам непазбежнай неабходнасці спалучыць даследчыя пошукі з універсітэцкім навучаннем інстытуты Акадэміі навук страцілі ранейшае — у пэўнай ступені прывілеяванае — становішча ў даследчыцкай дзейнасці. Некаторыя інстытуты былі скасаваныя, а ў іншых значна скарацілася колькасць супрацоўнікаў.[21] Фінансаванне даследчае дзейнасці трапіла ў залежнасць ад аднаразовага вылучэння спецыяльных сродкаў на канкрэтныя заданні грантадаўцамі[22], што хоць і паспрыяла ініцыятыўнасці шэрагу навукоўцаў у змаганні за гэтыя грошы, аднак адначасова ўскладніла даследчую працу новай формай бюракратычнай дзейнасці і прывяло да пэўнай атамізацыі даследаванняў паводле абгрунтавальнасці навуковых зацікаўленняў — часта вельмі вузкіх — асобных гісторыкаў. Толькі ў канцы дзевяностых гадоў досвед з грантавай сістэмай дастаткова выявіў, што такая атамі­зацыя не можа надалей працягвацца і што неабходна аддаваць перавагу выкананню прынцыповых заданняў, у якіх бы ўдзельнічалі вялікія даследчыя каманды. Канкрэтна ў выпадку Інстытута гісторыі Акадэміі навук гэта значыла паступовае засяродж­ванне на доўгатэрміновых заданнях пры выбудоў­ванні інфармацыйнай інфраструктуры чэшскай гістарычнай навукі, то бок пры распрацоўцы бібліяграфіі[23], біяграфічнага слоўніка[24], энцыклапедыі чэшскай гісторыі[25], гістарычнага атласа гарадоў[26], далей пры выданні галоўных перыёдыкаў галіны і да т.п.[27]

Вялікая частка гістарычных даследаванняў перамясцілася ў ВНУ, прычым не толькі ў тры традыцыйныя універсітэты (Прага, Брно, Аламоўц)[28], але і ў новапаўсталыя універсітэты ў асобных рэгіёнах[29]. Напачатку было відавочна, што гэтыя універсітэты ўзнікаюць хутчэй з прычын палітычных, чым навуковых, і нягледзячы на тое, што ў іх перайшла частка колішніх работнікаў акадэмічных інстытутаў, там назіраўся недахоп высока­квалі­фікаваных адмыслоўцаў. Аднак цягам дзевяностых гадоў прынамсі некаторыя з гэтых ВНУ ўзняліся не толькі ў педагагіч­най, але і ў навуковай дзейнасці на вельмі высокі ўзровень і цалкам абгрунтавалі паўнапраўнасць свайго існавання[30]. У гістарычных даследаваннях пасля 1993 г. значна выразней пачалі ўдзельні­чаць архівы і музеі, якія выкарысталі сваю ўзмоцненую аўтаномію, свабоду доследаў і неабмежаваных магчымасцяў публікаваць[31]. Гэты факт яшчэ больш падкрэсліў працэс дэцэнтралізацыі даследаванняў і публікацыі іх вынікаў, у якіх цяпер у Чэшскай Рэспубліцы ўдзельнічаюць дзесяткі інстытуцый і сотні даследчыкаў[32].

Сапраўдны пераварот перажылі пасля 1989 г. міжнародныя кантакты чэшскіх гісторыкаў. Ранейшую шкодную ізаляцыю замяніла адкрытасць і пошук новых формаў кантактаў. З аднаго боку, зніклі або пераўтварыліся білатэральныя камісіі гісторыкаў (сярод іх і колішняя камісія чэхаславацка–савецкая), з другога боку, узнік шэраг новых магчымасцяў супрацоўніцтва: мультылатэральныя партнёрскія сеткі, тэматычныя праекты, міжнародныя канферэнцыі, сумесныя нарады па пытанні неканфрантацыйнага разумення падручнікаў гісторыі, а таксама наноўзаснаваныя двухбаковыя камісіі гісторыкаў паміж Чэхіяй і Славакіяй, Нямеччынай, Аўстрыяй, Францыяй, Расіяй, Вялікай Брытаніяй і г.д.[33] Асаблівае значэнне займеў той факт, што перад таленавітымі маладымі гісторыкамі — упершыню за апошнія пяцьдзесят гадоў — адкрылася магчымасць навучання ў заходніх універсітэтах і што для даследчыкаў–пачаткоўцаў цяпер сталі шырока даступныя замежныя архівы і бібліятэкі. Для будучыні і асабліва для міжнароднага іміджу чэшскай гістарыя­графіі гэта шмат абяцае.

5. Публікатарская дзейнасць

Як сведчыць штогадовае патаўшчэнне кнігі, прызначанай для бібліяграфічнай рэгістрацыі гістарычных прац[34], увесь час павялічваецца колькасць выдаваных манаграфій і даследаванняў, друкуецца значная колькасць рэцэнзій, а таксама навукова–папулярных прац і перакладаў кніг па замежнай гістарыя­графіі. Насуперак гэтаму чэшскія гісторыкі выяўляюць меншую цікавасць да працы — якая вымагае багата часу — па выданні крыніц, у тым ліку ўжо з ХIХ ст., без якіх нельга ўявіць даследаванне па старажытнай гісторыі.

Пры высокай колькасці чэшскіх галіновых часопісаў і альманахаў (галоўным чынам рэгіянальных) сітуацыя з выданнем гістарычных прац замежнаму назіральніку можа падацца непраходнымі джунглямі[35]. Чэшскія гісторыкі гэта ўсведамляюць, гэтак сама як і той факт, што выдаваныя па–чэшску працы замежныя даследчыкі чытаюць толькі ў выключных выпадках. Bohemica non leguntur, гаворыць старая мудрасць, а таму выдаюцца не толькі рэзюмэ на сусветных мовах, але і іншамоўная перыёдыка. Панарамай чэшскай даследчай думкі імкнецца быць штогоднік Historica. Historical Sciences in the Czech Republic, які ў форме артыкулаў і рэцэнзій робіць агляд навукова актуальных тэмаў чэшскай гістарыяграфіі ад Сярэднявечча да ХХ ст.[36]. Апроч таго выходзіць шэраг перыядычных выданняў, скіраваных на спецыялізаваныя тэматычныя акругі — Prague Economic and Social History Papers і Prague Papers on the History of International Relations[37], Acta Comeniana. International Review of Comenius Studies and Early Modern Intellectual History[38], Judaica Bohemiae[39], Ibero–Americana Pragensia[40] або Archiv orientální. Quarterly Journal of African and Asian Studies[41]. Назвы гэтых перыядычных выданняў добра іх характарызуюць.

Аднак для беларускага чытача неабходна падкрэсліць некалькі момантаў што да часопісаў і альманахаў, якія аддаюць асаблівую ўвагу ўсходняй Еўропе і славянскаму свету. Даўнюю традыцыю чэшскай гістарычнай славістыкі ўвасабляе Slovanský přehled, часопіс, заснаваны яшчэ ў 1898 г., які выходзіць чатыры разы на год. Ягоным антыподам, у якім можна змяшчаць буйныя даследаванні, ужо ад 1955 г. ёсць зборнік Slovanské historické studie[42]. Гістарычныя аспекты даследавання славянскіх культур закранаюць таксама некаторыя артыкулы, якія публікуюцца ў часопісах Byzantinoslavica і Germanoslavica. Zeitschrift für germano–slawische Studien[43]. Аднак нядаўна была ўкладзеная каментаваная бібліяграфія чэшскіх прац па гісторыі ўсходняй Еўропы[44], у якую ўлучаны ў тым ліку і вынікі чэшскай беларусістыкі, якія, на жаль, у параўнанні з астатнімі краінамі вельмі сціплыя[45].

Да выбарачнага бібліяграфічнага падсумавання і крытычнага аналізу вынікаў апошняга дзесяцігоддзя ХХ ст. чэшскія гісторыкі дайшлі зусім нядаўна і прапанавалі свае напрацоўкі замежным адмыслоўцам па–англійску[46].

Аднак рэальныя вынікі даследчае дзейнасці і арганізацыі навукі не выяўляе колькасць выдадзеных кніг, артыкулаў і рэцэнзій. Гаворка найперш пра якасць, а тут заўсёды найлепш меркаваць па буйных працах, якія прадстаўляюць дадзеную галіну. У дзевяностыя гады і на пачатку ХХI ст. сапраўды выйшаў шэраг выдатных сінтэтычных даследаванняў, роўных дасягненням міжваеннай эпохі, якія добра прэзентуюць чэшскую гістарыяграфію і міжнародным кантэксце. Вартай увагі распрацоўкі дачакаліся Вялікамараўская імперыя і пачаткі чэшскай дзяржаўнасці[47], эпоха ўладарання чэшскага караля і рымскага імператара Карла IV (1346—1378)[48], гусіцкая рэвалюцыя XV ст.[49] і эпоха Ягелонаў у чэшскай гісторыі (1471—1526)[50], у гісторыі ранняга Новага часу — гісторыя матэрыяльнай культуры[51] і развіццё сярэднемараўскага транзітнага краю на прыкладзе Маравіі[52]. Для ХIХ ст. і пачатку ХХ ст. гэта датычыць асабліва гісторыі чэшскага грамадства[53] і чэшска–нямецкіх стасункаў[54]. Пераважна гэта працы гісторыкаў старэйшага пакалення, якія часткова ўзніклі на аснове доследаў, праведзеных яшчэ да 1989 г.

У ліхаманкавыя дзевяностыя гады шырока разгарнулася даследчая і выдавецкая дзейнасць, асабліва ў галіне сучаснай гісторыі (перадусім палітычнай). Узбагацілася палітра тэмаў, прычым не толькі з чэшскай гісторыі (што належыць да традыцыйнай сферы зацікаўленняў чэшскіх гісторыкаў), але і з галіны сусветнай гісторыі[55]. Там–сям пашырыўся і ахоп скарыстаных метадаў. Увогуле, аднак, сярэдняе пакаленне, якое мусіла б быць найпрадуктыўнейшым, прэзентавала сябе працамі значнага фармату хіба як выключэнне. На шчасце, у апошнія гады сітуацыя мяняецца, і некаторыя прадстаўнікі сярэдняга пакалення выдалі значныя сінтэтычныя працы па сярэднявечнай і сучаснай гісторыі[56]. Гэтак паступова сціраецца кідкая супярэчнасць паміж навуковымі дасягненнямі сённяшніх саракагадовых ці пяці­дзесяці­гадовых навукоўцаў і тым фактам, што ў канцы дзевяностых гадоў у пэўнай ступені менавіта яны прынялі кіраўніцтва ў гістарычнай галіне.

6. Стан чэшскай гістарыяграфіі на пачатку ХХI ст.

Пакаленне шасцідзесяці–сямідзесяцігадовых гісторыкаў, якія пасля 1989 г. атрымалі магчымасць вярнуцца да нармальнай навуковай дзейнасці, паступова сыходзіла на пенсію або на іншыя працоўныя месцы. Часткова гэта адбывалася добраахвотна (з намерам вызваліць рукі ад арганізатарскіх абавязкаў і засяродзіцца на творчай працы), часткова пад ціскам фармальных інструкцыяў, якія не дазваляюць, каб акадэмічным інстытутам кіраваў той самы вучоны цягам больш за восем гадоў[57]. У выні­ку гэтага ў 1998 г. адбыліся змены ў кіраванні гістарычных інстытуцый Акадэміі навук, за імі надышлі такія самыя змены ў кіраўніцтве кафедраў у ВНУ і г.д.[58]

Цяперашняя сітуацыя мае выразна пераходны характар. Новыя фармальныя прадстаўнікі галіны да сёння не належаць да „сучасных класікаў“ чэшскай гістарыяграфіі фармату Міра­сла­ва Гроха (нар. 1932), Ёзэфа Пэтраня (1930), Францішка Шмагела (1934) ці Ёзэфа Валкі (1929). У той жа час яны не маглі скарыстацца дабротамі новай эпохі ў тым, каб некалькі семестраў правучыцца за мяжой і нефармальна зліцца такім чынам з еўрапейскай акадэмічнай навукай. Дзевяностыя гады яны правялі хутчэй у інтэнсіўным навучанні студэнтаў, у падрыхтоўцы новых падручнікаў гісторыі для пачатковых, сярэдніх і вышэйшых школ, у публіцыстычнай дзейнасці ці ў выкананні навукова–арганізацыйных заданняў на ніжэйшым узроўні. А цяпер апынулі­ся — вядома на ўласнае жаданне і ў выніку паспяховага прахо­джання па конкурсе — на чале гістарычных інстытуцый. Яны стаялі і стаяць перад заданнем кіраваць не толькі сваімі аднагодкамі і старэйшымі калегамі, але і маладымі гісторыкамі, некаторыя з якіх прынеслі досвед і раней невядомыя патрабаванні з замежжа. Частка гэтых маладых гісторыкаў мае ўжо, апроч усяго іншага, блізу трыццаці бліскучых публікацый, што выклікае пачуццё няпэўнасці ў некаторых менш паспяховых сарака–пяцідзесяцігадовых вучоных на вядучых пасадах.

Тым часам як прадстаўнікі старэйшага пакалення ўвасаблялі пераемнасць традыцый з эпохі Пражскай вясны 1968 г., сярэдняе пакаленне пры поглядзе звонку можа ўспрымацца хутчэй у сувязі з часам, калі яно ўступала ў навуковае жыццё, то бок з перыядам неасталінскай „нармалізацыі“. Ейныя прадстаўнікі апынаюцца ў праблематычнай сітуацыі не толькі пры шуканні ўласнай тоеснасці, але і пры перайманні адказнасці за стан чэшскай гістарычнай навукі, якая на пачатку дзевяностых гадоў хоць і скансалідавалася прафесійна ў асобных інстытуцыях, аднак як цэлае засталася пасіўнай. Супольная арганізацыя гісторыкаў — Гістарычны клуб (Historický klub) — у сярэдзіне дзевяностых гадоў у выніку абыякавасці сваіх чальцоў апынулася на мяжы развалу і толькі пасля трансфармацыі ў агульнадзяржаўнае Згуртаванне гісторыкаў Чэшскай рэспублікі (Sdruženн historiků České republiky) у 1997 г. пачала выяўляць больш выразныя знакі ажыўлення і жыццяздольнасці[59]. У гэтай сітуацыі камітэт Згуртавання гісторыкаў ЧР у 1999 г. і рыхтаваў згаданы ва ўводзінах з’езд чэшскіх гісторыкаў, які — разам з папярэдняй і наступнай медыяльнай дыскусіяй — распачаў дэбаты пра стан чэшскай гістарычнай навукі.

7. Дыскусія пра будучыню

Прадметам дыскусіі паўнапраўна сталі пытанні арганізацыі, фінансавання і метадалогіі гістарычных даследаванняў, узроўню навучання гісторыі ў ВНУ, падрыхтоўкі маладых навуковых работнікаў і іх кар’ернага росту. То бок гаворка пра выключна сур’ёзныя — а часам і вельмі спрэчна вырашаныя — праблемы. Усе яны заслугоўваюць стараннага ўзважвання і пошукаў праходных шляхоў для паляпшэння сучаснага стану. Калі ж гэта ў некаторых выпадках не ўдаецца, Згуртаванне гісторыкаў мусіць прынамсі паспрыяць іх рэгістрацыі і абнародаванню ў галіновым друку, каб увагі і крытыкі не ўніклі тыя, хто замінае вырашэнню праблемаў[60].

Аднак гаворка далёка не толькі пра пытанні галіны. Прадметам бурлівых дыскусій робяцца таксама персанальныя і палі­тычныя аспекты гістарыяграфіі. Характар асабістых і групавых інтарэсаў мае перадусім медыяльная дыскусія пра „рахаванне з мінуўшчынай“. Гэтая складаная праблема, якая мае ўзровень маральны, палітычны і прававы, як правіла, разумеецца не як доўгатэрміновае глыбокае пазнаванне гісторыі, але, на шкоду навуцы, перадусім як напаўненне інтарэсаў сілавых групаў і асабістая канфрантацыя. Асабліва права арыентаваныя медыі робяць выпады супраць асобных гісторыкаў, на якіх нібыта падае нейкі неканкрэтызаваны цень мінуўшчыны. Такім чынам, гэта часава мадыфікаваны — паводле свайго характару палітычны і медыяльны, то бок пазанавуковы — ціск з мэтай падзелу чэшскіх гісторыкаў на дзве групы (паўнапраўныя і непаўнапраўныя), якая бачыцца нам параўнальнай з мэтамі чыстак мінулых дзесяцігоддзяў. Парадаксальны характар гэтых медыяльных кампаній палягае ў тым, што яны выразна права скіраваныя (як правіла супраць гісторыкаў, арыентаваных на лявіцу) у часе, калі ўжо двойчы запар выбары ў Чэхіі выйграла сацыял–дэма­кратычная партыя. Увогуле можна сказаць, што гэтая плынь дыскусіі выбіваецца з узроўню навуковых дэбатаў і ёсць выяўленнем змагання за ўладу над навуковымі інстытуцыямі, ці суперніцтвам за ўплыў на грамадскую думку пры абмеркаванні гістарычных каранёў сучаснасці.

Другім галоўным матывам дыскусій зрабілася пытанне інтэрпрэтацыі чэшскай гісторыі, як яе падае права скіраваная частка чэшскага штодзённага друку, што знаходзіцца пераважна ў руках нямецкага капіталу (пасля 1989 г. асобныя газеты паступова скупілі друкарскія канцэрны ў Пасаў і Дзюсельдорфе)[61]. Гэтая інтэрпрэтацыя, названая „негатывісцкай“, падае чэшскую гісторыю ад Сярэднявечча да ХХ ст. як серыю няўдач або нават злачынстваў, якія дасягаюць свайго піку выгнаннем нямецкай меншасці з чэшскіх земляў пасля заканчэння II сусветнай вайны[62]. У сувязі з абвастрэннем атак на чэшскую гістарычную свядомасць чэшскае грамадства было нават абвінавачана ў генацы­дзе цыганскага насельніцтва Чэхіі і Маравіі пад час нацысцкай акупацыі, вінаватымі ў якім былі абсалютна відавочна нямецкія акупанты[63]. Гэтае і іншыя ўяўныя злачынствы чэшскага народа былі прадстаўлены і пастаўлены на такі самы ўзровень, як эт­нічныя чысткі, якія ў 1999 г. адбываліся на тэрыторыі Косава, і набылі гэткім чынам новую актуальнасць. Іх выкупленне, дыктаванае вонкавымі суддзямі, паводле казальнікаў негатывісцкай канцэпцыі, мусіла б стацца ўмовай для прыняцця чэхаў у сям’ю цывілізаваных народаў Еўропы, іншымі словамі для дазволу на ўступленне Чэшскай рэспублікі ў Еўрапейскую унію[64].

Выразнае падабенства з інтэрпрэтацыяй чэшскай гісторыі старажытнасці і Новага часу гітлераўскімі нацыстамі, а пазней ваяўнічым крылом судэцкіх немцаў умагчыміла крытычна паказаць на паралелі паміж гэтымі тлумачэннямі і поглядамі, якія распаўсюджвае частка пражскага друку[65]. Пры гэтым гаворка вялася не пра прыкрыццё цёмных старонак мінуўшчыны Чэхіі (падобна як і іншых народаў), а пра падкрэсленне факту, што гэтую экстрэмальную інтэрпрэтацыю варта падпарадкаваць аналізу і вылучыць ёй належнае месца сярод мэтанакіраваных інструменталізацый гісторыі на службе сучаснай прапагандзе[66].

Паўсталая палеміка пра судэцканямецкую і журналісцкую інтэрпрэтацыю чэшскай гісторыі ды пра яе палітычную інструменталізацыю вылучыла пытанне, ці гатовае (і ў якім сэнсе) чэшскае грамадства прыняць такі выклад уласнай мінуўшчыны, які па сутнасці адпавядае гетэрастэрэатыпу ваяўнічай часткі судэцкіх немцаў[67]. Паводзіны некаторых палітыкаў у Аўстрыі, Венгрыі і Нямеччыне (асабліва ў Баварыі) у 2001—2002 г. паказалі, што гісторыя чэшскіх земляў зноў робіцца актуальнай праблемай. Выклад гэтай праблемы мусіць сувырашаць што да правамоцнасці прэтэнзій на кампенсацыю стратаў нямецкай меншасці, якая перад канцом II сусветнай вайны жыла на тэрыторыі Чэхіі (а таксама Польшчы, Славакіі, Славеніі ці Расіі) і    была ў выніку нацысцкіх злачынстваў над мясцовым насельніцтвам выселена ў Нямеччыну.

Няма неабходнасці апісваць палітычны і медыяльны розгалас гэтага ціску на рэінтэрпрэтацыю чэшскай гісторыі ў судэцканямецкім духу. Дастаткова сказаць, што ў гэтую дыскусію ўлучылася і чэшская гістарыяграфія. Яна здзейсніла гэта пасярэд­ніцтвам дэкларацыі Згуртавання гісторыкаў ЧР „Гісторыкі су­праць гвалту з гісторыі“, у якой паспрабавала паказаць складанасць гэтай праблематыкі і адмовіць ёй у палітычнай інструменталізацыі[68]. Гэтая дэкларацыя мела значны рэзананс (у т.л. вялікую інтэрнэт–дыскусію) і паспрыяла ўразуменню поглядаў грамадскасці на комплекснасць сярэднееўрапейскай гісторыі ХХ ст.; вядома ж, яна зрабілася і прадметам нападаў, часам і вельмі вульгарных, з боку медыяў. Падобны лёс — цікавасць, але і медыяльныя асуджэнні — заспеў і дзве аглядныя публікацыі, якія напісалі прафесійныя чэшскія гісторыкі і якія мелі сваім заданнем падаць нарыс чэшска–нямецкіх узаемінаў у ХХ ст. Абедзве выйшлі недзе ў сярэдзіне 2002 г. і былі прызначаныя, з аднаго боку, на патрэбы універсітэцкага навучання, з другога боку — для шырокай зацікаўленай грамадскасці. Найбольш аўтараў гэтых кніг дакаралі ў тым, што працы былі надрукаваныя пры падтрымцы дзяржавы (міністэрства адукацыі і міні­стэрства культуры) Чэшскай рэспублікі і што яны выйшлі ў свет, апанаваны сродкамі масавай інфармацыі, у часе перадвыбарнай кампаніі. І тут выявілася, што медыі, гнаныя прагай сенсацый, а па сутнасці прагай вялікага накладу і прыбытку, абараняючы, такім чынам, уласныя ўладныя інтарэсы, не надта вітаюць крытычны сутнасны погляд адмыслоўцаў на віртуалізаваную гісторыю[69].

Згаданыя навукова–папулярныя даследаванні адпавядаюць актуальнай патрэбе агляднага і яснага выкладу дыскутаваных пытанняў. Побач з імі, безумоўна, выходзяць працы, пры­значаныя для вузейшага кола адмыслоўцаў. Гэтыя публікацыі, між іншым, зрабіліся тэмай міжнароднай дыскусіі што да правамоцнасці эвакуацыі нямецкай меншасці і законнасці вырашэння гэтай праблематыкі за II сусветнай вайной і непасрэдна пасля яе. Даследаванні і манаграфіі, якія выйшлі заслугай маладзейшых чэшскіх спецыялістаў у гісторыі ХХ ст., уяўляюць сабой значнае даследчыцкае дасягненне і спрыяюць вырашэнню актуальнай праблемы агульным намаганнем гісторыкаў і юрыстаў[70].

8. Заключэнне

На мяжы ХХ і ХХI ст. адбываецца вельмі важная рэкапітуляцыя не толькі чэшскай гістарыяграфіі, але і ўсёй чэшскай гісторыі. Яшчэ колькі гадоў таму магло здацца, што мінуўшчына „мёртвая“ і што яна мусіць застацца выключна прадметам акадэмічных даследаванняў. Насамрэч свабодная гістарычная навука, якая стала на новы падмурак, і новае жыццё выявілі яе актуальнасць. Тым часам як у колах адмыслоўцаў і ў штодзённым друку адбываецца дыскусія пра характар і метадычную правамоцнасць навуковай працы, у міжнароднай палітыцы гісторыя пяцідзесяці– і больш гадовай даўніны зноў робіцца гарачым аргументам. Гістарычным даследаванням у Чэшскай рэспубліцы гэта прыносіць і плюсы, і мінусы. Гісторыкаў, асабліва чулых да грамадскага розгаласу сваёй галіны, якія даследуюць найперш гісторыю ХХ ст., гэтая акалічнасць пазбаўляе спакойнай засяроджанасці і вымушае іх прысвячаць сябе часава працаёмкім дыскусіям. Аднак адначасова гэтыя дыскусіі заахвочваюць да новага абдумвання агульна важных тэмаў, а таксама метадаў, якія даюць мажлівасць лепш гэтыя тэмы даследаваць. Галоўным вынікам гэтай актуалізацыі ёсць той факт, што гістарыяграфія не застаецца выключна прадметам зацікаўлення вузкай групы спецыялістаў. Сучасная, але і ранейшая гісторыя прыцягвае ўвагу досыць шырокіх колаў грамадскасці. Гісторыкі такім чынам атрымліваюць цяжкое заданне — паспрабаваць з дапамогай даступных навуковых метадаў паспрыяць культывацыі гістарычнай свядомасці чэшскага грамадства.

З чэшскай пераклалі Юлія і Сяргей Сматрычэнкі


[1] Сціслую аб’ектыўную інфармацыю пра з’езд падалі С. Ракава, В. Бужэк і Ф. Шмагел: Svatava Raková — Václav Bůžek — František Šmahel, VIII. sjezd českých historiků, у: Český časopis historický 97, 1999, s. 877—879; апроч таго, сваё ўласнае стаўленне да з’езду выказалі чатырнаццаць удзельнікаў з’езду ў анкеце Historici mezi sebou a o sobĕ, у: Dĕjiny a současnost 21, 1999, č. 6, s. 16—25. Рэдагаваныя вынікі кангрэсавых паседжанняў, якія, аднак, толькі прыблізна адлюстроўваюць напружаную атмасферу абмеркаванняў, падае зборнік: Jiří Pešek (ed.), VIII. sjezd českých historiků (Hradec Králové, 10.—12. září 1999), Praha 2000.
[2] Найбольш актыўны ўдзел у дыскусіі бралі пражская газета Lidové noviny і палітычны штотыднёвік Respekt; абодва гэтыя выданні рэпрэзентуюць выразна правыя пазіцыі. Насуперак гэтаму пазіцыя лявіцы, асабліва сацыяльнай дэмакратыі, прагучала ў значна меншай ступені.
[3] Дыскусіі часткова адлюстраваныя ў публікацыях: Jiří Kocian (ed.), Historické diskusní fуrum (1999), Praha 2000; Historické diskusní fórum 1999—2000, у: Soudobé dĕjiny 8, 2001, s. 77—130.
[4] František Palacký, Dĕjiny národu českého v Čechách a v Moravĕ, I—V, Praha 1848—1867 (канчатковае выданне 1876—1878); найноўшыя вынікі даследаванняў падаюць публікацыі: Jiří Kořalka, František Palacký (1798—1876). Životopis, Praha 1998; František Šmahel — Eva Doležalová (eds.), František Palacký 1798 / 1998. Sborník z jubilejní konference, Praha 1999.
[5] Асноўныя звесткі пра чэшскую гістарыяграфію ўтрымлівае сінтэтычная праца: František Kutnar — Jaroslav Marek, Přehledné dĕjiny českého a slovenského dĕjepisectví. Od počátků národní kultury až do třicátých let 20. století, Praha 1997; пра школу Я. Гола (Jaroslav Goll) гаворка ідзе на с. 365—933.
[6] Josef Šusta (ed.), Dĕjiny lidstva od pravĕku k dnešku, I—VI, Praha 1935—1939; апошнія два тамы, на жаль, не выйшлі з прычыны нацысцкай акупацыі чэшскіх земляў.
[7] Пар. зборнік Vĕdecká konference k 100. výročí narození Bedřicha Macka, prvního profesora hospodářských dĕjin Univerzity Karlovy, 1892—1992, Praha 1997; Tomáš Pasák, Univerzita Karlova a 17. listopad, Praha 1997; F. Kutnar — J. Marek, Přehledné dĕjiny, s. 755—807; Jarmila Pešková, Josef Matoušek: zapomenutá obĕť 17. listopadu, у: Dĕjiny a současnost 21, 1999, č. 6, s. 37—41.
[8] Josef Petráт, Historická skupina (komentář k vzpomínkám jejích členů), у: Studie z obecných dĕjin. Sborník k šedesátým narozeninám Jaroslava Charváta, Praha 1975, s. 11—47; зборнік Václav Husa, Praha 1989; не надта ўдалую спробу нарыса развіцця пасляваеннай чэшскай гістарыяграфіі падае Ёзэф Ганзал: Josef Hanzal, Cesty české historiografie 1945—1989, Praha 1999; крытыку гэтай працы вы знойдзеце ў рэцэнзіі Томаша Бораўскага (Tomáš Borovský) у: Český časopis historický 97, 1999, s. 807—812. Найноўшы каментар у працы Францішка Каўкі: František Kavka, Ohlédnutí za padesáti lety ve službĕ českému dĕjepisectví, Praha 2002.
[9] Пра эмігранцкую і дысідэнцкую гістарыяграфію падае больш падрабязныя бібліяграфічныя звесткі Ё. Ганзал: Josef Hanzal, Cesty české historiografie, s. 226—243.
[10] У час ізаляцыі Чэхаславакіі, акупаванай савецкім войскам, вялікую ролю адыграў Ośrodek Kultury polskiej w Pradze, дзе можна было набыць найноўшыя працы польскіх гісторыкаў, а таксама польскія пераклады французскіх і іншых навукоўцаў. Такім чынам пашыраўся кругагляд найперш маладых чэшскіх гісторыкаў. Разам з абмежаванай магчымасцю знаёмства з заходняй літаратурай у Deutsche Bücherei in Leipzig і праглядам навуковых часопісаў ды адзінкавых кніг, што даходзілі з Захаду, у першай палове васьмідзесятых гадоў гэта была адна з нешматлікіх магчымасцяў сачыць за развіццём гістарыяграфіі ў Заходняй Еўропе.
[11] Фрагменты асобных звестак па гэтай праблематыцы падаюцца ў кнізе: Josef Hanzal, Cesty české historiografie, s. 163—225. Аўтар, на жаль, спыніўся толькі на бібліяграфічнай рэгістрацыі і задаволіўся палітычнай дэмагогіяй; яму, аднак, не ўдалося раскрыць праблематыку з гледзішча тэматычнага і метадалагічнага.
[12] Дакументацыю пра падзеі ў некаторых пражскіх установах аб’яднала публікацыя: Deset pražských dnů (17.—27. listopad 1989), Praha 1990 (напрыклад, пра тагачасны Інстытут чэхаславацкай і сусветнай гісторыі ЧСАН гл. на с. 546).
[13] Цікавыя погляды на гэты час апублікаваў Ян Кршэн, адзін з дысідэнтаў сярод чэшскіх гісторыкаў, у інтэрвію: Bílých míst je stále dost, ale jsou jiná, než před deseti lety (zpracovali Alena Míšková a Jan Urban), у: Dĕjiny a současnost 21, 1999, č. 6, s. 35—36.
[14] Jaroslav Pánek, K životnímu jubileu Jaroslava Mezníka, у: Folia Historica Bohemica 13, 1990, s. 541—551; Sborník k 70. narozeninám Jaroslava Mezníka, Brno 1998 (Časopis Matice moravské 117, 1998).
[15] František Šmahel, † Josef Macek, у: Český časopis historický 90, 1992, s. 143—146; а таксама зборнік In memoriam Josefa Macka (1922—1991), ed. Miroslav Polívka a František Šmahel, Praha 1996.
[16] Пар. Occursus — Setkání — Begegnung. Sborník ku poctĕ 65. narozenin Jana Křena, ed. Zdenĕk Pousta, Pavel Seifter a Jiří Pešek, Praha 1996.
[17] Пар. Husitství — Reformace — Renesance. Sborník k 60. narozeninám Františka Šmahela, I—III, ed. Jaroslav Pánek, Miroslav Polívka a Noemi Rejchrtová, Praha 1994.
[18] Пар. зборнік Acta contemporanea. K pĕtašedesátinám Viléma Prečana, ed. Jindřich Pecka, Praha 1998.
[19] Частка маладых перспектыўных гісторыкаў шукае сабе дадатковы прыбытак у больш–менш сістэматычным супрацоўніцтве з пражскімі перыядычнымі выданнямі. У пэўнай ступені гэтая дзейнасць станоўчая, бо прынамсі ў некаторых аспектах можа падвысіць узровень гэтых выданняў. Аднак яна мае і свае адмоўныя бакі, бо асабліва пільных карэспандэнтаў адцягвае ад навуковай працы, прыводзіць іх да звычкі да журналісцкага (часта спрашчальнага, аргументацыйна непадмацаванага і скіраванага да сенсацыі) ладу мыслення і выказвання, і ўрэшце таксама стварае відавочную залежнасць гэтых гісторыкаў ад палітычнай арыентацыі дадзеных выданняў.
[20] Пар.: František Šmahel, Historia calamitatum…, у: Bulletin Historického ústavu ČAV 4, 1933, č. 3, s. 1; Miloslav Polívka — Jiří Mikulec, Historický ústav Akademie vĕd České republiky. Všeobecná a bio–bibliografická příručka, Praha—Brno 1999; што да астатніх гістарычных інстытутаў пар. публікацыю Akademie vĕd České republiky. Informační příručka, Praha 1998.
[21] Напр., у 1993 г. быў скасаваны Інстытут гісторыі Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы, а ў рамках Акадэміі навук ЧР частка ягоных супрацоўнікаў і даследчых праграмаў (гісторыя Ўсходняй і Паўднёва–Ўсходняй Еўропы) была перададзена Інстытуту гісторыі АН ЧР.
[22] Для падтрымкі гістарычных даследаванняў асабліва важныя агульнадзяржаўнае Грантавае агенцтва Чэшскай рэспублікі і Грантавае агенцтва Акадэміі навук ЧР, потым Грантавае агенцтва Карлавага універсітэта ў Празе і агенцтвы галіновых міністэрстваў.
[23] Вынікі гістарыяграфічнага даследавання найпадрабязней фіксуе Bibliografie dĕjin českých zemí, якую выдае Інстытут гісторыі АН ЧР (выдавец Вацлава Горчакава (Václava Horčáková)); гэтая бібліяграфія выходзіць з некалькігадовым спазненнем, і ў 2002 г. была выдадзена за 1997 г.
[24] Biografický slovník českých zemí ствараецца пад рэдакцыяй Яна Новатнага (Jan Novotný). Пакуль была створана вялікая дакументацыйная база і словаспіс, які выйшаў у чатырох тоўстых тамах у 1997—2000 г.
[25] Шматтомавая Encyklopedie českých dĕjin, якая рыхтуецца разам з Інстытутам сучаснай гісторыі (адказныя рэдактары Яраслаў Панэк і Олдржых Тума (Jaroslav Pánek, Oldřich Tůma)), ахопіць гісторыю земляў Кароны чэшскай ад ранняга Сярэднявечча да канца ХХ ст., прычым з улікам выкладу агульных паняццяў, працэсаў, з’яваў, падзеяў і г.д. у шырэйшым гістарычным кантэксце.
[26] Historický atlas mĕst České republiky выходзіць з 1996 г. шчыраваннямі Эвы Сэматанавай і Ёзэфа Жэмлічкі (Eva Semotanová, Josef Žemlička); дагэтуль было выдадзена 10 сшыткаў, прысвечаных кожнага разу нейкаму са значных гарадоў Чэхіі ці Маравіі (Літамнержыцэ, Пардубіцэ, Чэске Будзеёвіцэ, Градэц Кралавэ, Табар, Іглава, Тэлч і інш.).
[27] З найважнейшых перыядычных выданняў у галіне гістарыяграфіі Інстытут гісторыі АН ЧР выдае цэнтральны Český časopis historický (заснаваны ў 1895 г., у 1953—1989 выходзіў пад назвай Československý časopis historický) і Slovanský přehled (заснаваны ў 1898 г.), прысвечаны гісторыі сярэдняй і ўсходняй Еўропы; сярод альманахаў найбольш значны Historica. Historical Sciences in the Czech Republic, які прэзентуе вынікі чэшскіх даследаванняў замежнай грамадзе па–ангельску, па–французску і па–нямецку, потым Mediaevalia Historica Bohemica (па чэшскай і сусветнай гісторыі ранняга Новага часу), Moderní dĕjiny (па гісторыі ХIХ і ХХ ст.), Hospodářské dĕjiny — Economic History і Historická geografie. З іншых перыядычных выданняў неабходна прынамсі дзеля арыентацыі згадаць Časopis Matice moravské (выдае Маціца мараўская ў Брне ў процівагу Českému časopisu historickému), Soudobé dĕjiny (выдае Інстытут сучаснай гісторыі АН ЧР), Sborník archivních prací (Архіўная ўправа Міністэрства ўнутраных справаў ЧР), Acta Comeniana (Інстытут філасофіі АН ЧР) і Archiv orientální (па гісторыі Азіі і Афрыкі, выдае Інстытут арыенталістыкі АН ЧР); з часопісаў вядучых музейных інстытуцый нельга прамінуць Časopis Národního muzea (Нацыянальны музей у Празе), Časopis Moravského zemského muzea (Мараўскі краёвы музей у Брне), Slezský sborník (Сілезскі краёвы музей у Апаве) і Studia Comeniana et historica (Музей Я.А. Коменскага ва Ўгорскім Бродзе).
[28] Карлаў універсітэт у Празе, Універсітэт імя Масарыка ў Брне і Універсітэт імя Палацкага ў Аламоўцы.
[29] Паўднёвачэшскі універсітэт у Чэскіх Будзеёвіцах, Заходнечэшскі універсітэт у Плзэні, Універсітэт імя Я.Э. Пуркіне ў Усці–над–Лабэм, Універсітэт Пардубіцэ, Універсітэт Градэц Кралавэ, Астраўскі універсітэт і Сілезскі універсітэт у Апаве.
[30] Асабліва дынамічна развіваецца малады Паўднёвачэшскі універсітэт у Чэскіх Будзеёвіцах і Гістарычны інстытут пры ім, які ўлучыўся ў міжнароднае навуковае супрацоўніцтва і ўтварыў у паўднёвай Чэхіі адзін з цэнтраў еўрапейскіх параўнальных даследаванняў арыстакратыі і рэзідэнцый эпохі ранняга Новага часу. Вядучы прадстаўнік гэтага інстытута Вацлаў Бужэк здолеў на працягу дванаццаці гадоў выхаваць шэраг здольных вучняў і заснаваць самабытную навуковую школу.
[31] Надзвычай вялікую навуковую і публікатарскую дзейнасць разгарнулі Дзяржаўны цэнтральны архіў у Празе, Архіў сталічнага горада Прагі, Нацыянальны музей у Празе, Усходнечэшскі музей у Пардубіцах і некаторыя іншыя інстытуцыі.
[32] Асноўны агляд інстытуцый і большасці працаўнікоў у галіне гістарыяграфіі падае Lexikon současných českých historiků, ed. Jaroslav Pánek a Petr Vorel, Praha 1999.
[33] Падрабязней пра гэта: Jaroslav Pánek, Die tschechische Historiographie in den neunziger Jahren, у: Österreichische Osthefte 41, 1999, s. 5—23, асабліва s. 13—15.
[34] Гл. вышэй спасылку 23.
[35] Агляд найбольш значных гістарычных часопісаў, што выдаюцца ў Чэшскай рэспубліцы, падаецца ў працы: Jaroslav Pánek, Czech Historiography at the End of the 20th Century, у: Select Bibliography on Czech History 1990—1999, Prague 2000, p. IX—XLVI.
[36] Альманах выдае Інстытут гісторыі АН ЧР у Празе.
[37] Абодва часопісы выдае філасофскі факультэт Карлавага універсітэта ў Празе.
[38] Выдае Інстытут філасофіі АН ЧР у Празе.
[39] Выдае Габрэйскі музей у Празе.
[40] Выдае Цэнтр лацінаамерыканскіх даследаванняў Карлавага універсітэта ў Празе.
[41] Выдае Інстытут арыенталістыкі АН ЧР у Празе.
[42] Абодва перыёдыкі выдае Інстытут гісторыі АН ЧР у Празе.
[43] Абодва перыёдыкі выдае Інстытут славістыкі АН ЧР у Празе.
[44] Miroslav Šesták — Radomír Vlček (ed.), Východoevropská studia v České republice 1990—2000: Historie, Praha 2001 (= Slovanské historické studie 27, 2001).
[45] Emil Voráček, Česká historická bĕlorusistika, у: M. Šesták — R. Vlček (ed.), Východoevropská studia v České republice 1990—2000: Historie, s. 94.
[46] Václava Horčáková — Kristina Rexová — Luboš Polanský, Select Bibliography on Czech History. Books and Articles 1990—1999, Prague 2000; Jaroslav Pánek (ed.), Czech Historiography in 1990s, Prague 2001 (= Historica 7—8, 2000—2001); Miroslav Šesták — Radomír Vlček, East European Studies, ibidem, p. 181—226.
[47] Dušan Třeštík, Počátky Přemyslovců. Vstup Čechů do dĕjin, Praha 1997; idem, Vznik Velké Moravy. Moravané. Čechové a střední Evropa v letech 781—871, Praha 2001.
[48] František Kavka, Vláda Karla IV. za jeho císařství (1355—1378), I—III, Praha 1993; гэтаму ж перыяду — адно ў мараўскім аспекце — прысвечана новая сінтэтычная праца (якая сапраўды ўзнікла ў другой палове дзевяностых гадоў) з–пад пяра Яраслава Мэзніка: Jaroslav Mezník, Lucemburská Morava 1310—1423, Praha 1999.
[49] František Šmahel, Husitská revoluce, I—IV, Praha 1993; гэты самы аўтар далей наноў сінтэтычна перапрацаваў досвед з гэтай эпохі: Husitské Čechy. Struktury, procesy, ideje, Praha 2001.
[50] Josef Macek, Jagellonský vĕk v českých zemích, I—IV, Praha 1992—1999.
[51] Josef Petráт (ve spolupráci s Lýdií Petráтovou), Dĕjiny hmotné kultury II / 1—2. Kultura každodenního života od 16. do 18. století, Praha 1995—1997.
[52] Josef Válka, Dĕjiny Moravy, I—II, Brno 1991—1996.
[53] Otto Urban, Die tschechische Gesellschaft 1848—1918, Wien 1994.
[54] Jan Křen, Konfliktní společenství. Češi a Nĕmci 1780—1918, Praha 1990. Да гэтай асноўнай сінтэтычнай працы потым далучыўся шэраг манаграфій і зборнікаў па гісторыі чэшска–нямецкіх узаемінаў у ХХ ст.
[55] Выданнем арыгінальных прац па гісторыі замежных краін была паспяхова пераадолена мяжа, якая традыцыйна замыкала чэшскую гістарыяграфію ў мясцовых праблемах; пар. Milan Švankmajer a kolektiv, Dĕjiny Ruska, Praha 1995; Luboš Švec a kolektiv, Dĕjiny pobaltských zemí, Praha 1996; Jan Klíma, Dĕjiny Portugalska, Praha 1996; Otakar Hulec, Dĕjiny Jižní Afriky, Praha 1997; Svatava Raková, Anglické kolonie v severní Americe, Praha 1997; Jan Klíma, Dĕjiny Brazílie, Praha 1998; Miroslav Šesták a kolektiv, Dĕjiny jihoslovanských zemí, Praha 1998; Pavel Hradečný a kolektiv, Dĕjiny Řecka, Praha 1998; Oldřich Kašpar, Dĕjiny Mexika, Praha 1999; Jiří Chalupa, Dĕjiny Argentiny, Uruguaye a Chile, Praha 1999; Jan Rychlík, Dĕjiny Bulharska, Praha 2000; Lenka Rovná — Miroslav Jindra, Dĕjiny Kanady, Praha 2000; Helena Kadečková, Dĕjiny Islandu, Praha 2001. Вялікую трохтомавую манаграфію па гісторыі еўра–амерыканскіх узаемінаў у ХХ ст. напісаў Ян Ванэр: Jan Wanner, Spojené státy a evropská válka 1939—1945, пакуль што выдадзеныя два тамы, Praha 2001—2002.
[56] Гэта датычыць, між іншым, і вялікай калектыўнай працы Dĕjiny Univerzity Karlovy, I—IV, red. František Kavka a Josef Petráт, Praha 1995—1998; з сінтэтычных манаграфіяў згадаю прынамсі наступныя: Josef Žemlička, Čechy v dobĕ knížecí (1034—1198), Praha 1997; Petr Čornej, Velké dĕjiny zemí Koruny české, V (1402—1437), Praha—Litomyšl, 2000; Antonín Klimek, Boj o Hrad, I—II, Praha 1996—1998; A. Klimek, Velké dĕjiny zemí Koruny české, XIII (1918—1929), XIV (1929—1938), Praha—Litomyšl 2000—2002; Jan Rychlík, Češi a Slováci ve 20. století, I—II, Bratislava 1997—1998; J. Rychlík, Rozpad Československa. Česko–slovenské vztahy 1989—1992, Bratislava 2002; Václav Ledvinka — Jiří Pešek, Praha. Dĕjiny českých mĕst, Praha 2000.
[57] Маюцца на ўвазе два чатырохгадовыя тэрміны, на якія пэўная асоба можа быць прызначаная дырэктарам акадэмічнага інстытута, прычым заўсёды па­сля паўторнага конкурсу.;
[58] Асабліва рэзкая змена адбылася 01.06.1998 г., калі ў Акадэміі навук ЧР былі прызначаныя новыя дырэктары ў Інстытуце гісторыі (Яраслаў Панэк), Інстытуце сучаснай гісторыі (Эва Броклава) і Інстытуце імя Масарыка (Олдржых Тума), а разам з імі вядучыя сталі выконваць і іншыя прадстаўнікі сярэдняга пакалення.
[59] Падрабязней пра гэта: Jaroslav Pánek, Nĕkolik úvah o stavu a perspektivách Historického klubu, у: Zpravodaj Historického klubu 7, 1996, č. 1, s. 1—3; J. Pánek, Mezi Historickým klubem a Sdružením historiků, ibidem 8, 1997, č. 2, s. 1—7; J. Pánek, Sdružení historiků České republiky na sklonku tisíciletí, ibidem 10, 1999, č. 2, s. 28—32; J. Pánek, Sdružení historiků České republiky na prahu 21. století, ibidem 12, 2001, č. 2, s. 33—37.
[60] Згуртаванне гісторыкаў ЧР у значнай ступені ўдзельнічае ў гэтых дыскусіях. Таму яно дамагаецца публікацыі дакументаў, якія б умагчымілі сапраўды значныя, сутнасныя і доўгатэрміновыя дэбаты над праблемамі і адкрыты пошук новых шляхоў вырашэння. Зусім нядаўна яно прыступіла да публікацыі дакументацыі (у т.л. стэнаграфічнага запісу дыскусіі на акадэмічным сенаце), што датычыць змагання за становішча маладых гісторыкаў і ўзроўню навучання гісторыі на філасофскім факультэце Карлавага універсітэта ў Празе ў 2001—2002 г.; гл. Dominik Hrodek (ed.), Diskuse o vysokoškolské výuce historie, Praha 2002.
[61] Пра гэтую праблематыку распавёў чэшскі гісторык Баржывой Чэлаўскі, які ў эпоху камуністычнай улады быў у эміграцыі ў Канадзе і які (абапіраючыся на досвед абароны канадскага друку ад празмернага замежнага ўплыву) востра раскрытыкаваў развіццё медыяў у Чэхіі: Bořivoj Čelovský, Konec českého tisku, Praha 2001.
[62] Падрабязней пра гэта: Jaroslav Pánek, Současné reinterpretace českých dĕjin, у: Spory o dĕjiny. Sborník kritických textů III, Praha 2000, s. 13—23.
[63] Аналіз праблемы і дакументацыі да пытання цыганскага лагера ў Летах каля Пісэка, які стаў прадметам палітычных і журналісцкіх спрэчак, падае публікацыя: Ctibor Nečas — Oldřich Sládek — Jaroslav Valenta, Historikové a kauza Lety, Praha 1999.
[64] Сутнасны адказ на адно з найбольш спрэчных пытанняў, то бок на выклад дэкрэтаў прэзідэнта Чэхаславацкай рэспублікі Эдварда Бэнэша часоў II сусветнай вайны і першых паваенных месяцаў, падала тройка маладых гісторыкаў у публікацыі: Jindřich Dejmek — Jan Kuklík — Jan Nĕmeček, Kauza: tzv. Benešovy dekrety. Historické kořeny a souvislosti (Tři české hlasy v diskusi), Praha 1999.
[65] Тым часам як газеты падаюць вельмі павярхоўныя артыкулы і прынагодныя палемікі, цэльную канцэпцыю доўгі час падае часопіс Střední Evropa, выдаваны Інстытутам сярэднееўрапейскай культуры і палітыкі ў Празе. Ягоным аналізам займалася французскі гісторык Марлен Ляруэль, якая прыйшла да высновы, што мэтай гэтага часопіса ёсць інтэлектуальнае адмаўленне чэшскай нацыянальнай тоеснасці („la négation intelectuelle de l’identité tcheque“); Marlene Laruelle, „Střední Evropa“: Une autre écriture de la nation?, у: Documents de travail CEFRES, № 4, Prague 1996, p. 17.
[66] Падрабязней пра гэта: Jaroslav Pánek, Česká historická vĕda a české historické vĕdomí, у: Český časopis historický 97, 1999, s. 316—320.
[67] Праблематыку самаідэнтыфікацыі і гістарычнага стэрэатыпу судэцкіх немцаў распрацавалі Эва Ган і Ганс Генінг Ган: Eva Hahnová — Hans Henning Hahn, Sudetonĕmecká vzpomínání a zapomínání, Praha 2002.
[68] Jaroslav Pánek — Jiří Pešek, Historikové proti znásilтování dĕjin. Stanovisko Sdružení historiků České republiky, Praha 2002; англійскі варыянт (Historians against the Abuse of History) апублікаваў новы міжнародны зборнік Historia Europae Centralis 1, 2002, p. 93—98.
[69] Zdenĕk Beneš a kolektiv, Téma: Odsun — Vertreibung. Transfer Nĕmců z Československa 1945—1947. Informační materiál pro učitele k výuce na základních a středních školách, Praha 2002; Zdenĕk Beneš a kolektiv, Rozumĕt dĕjinám, Praha 2002.
[70] Jan Kuklík, Mýty a realita takzvaných Benešových dekretů, Praha 2002; Václav Pavlíček, O české státnosti, I. Český stát a Nĕmci, Praha 2002; Jan Nĕmeček a kolektiv, Cesta k dekretům a odsunu Nĕmců, Praha 2002; Jindřich Dejmek, Československo, jeho sousedé a velmoci ve XX. století (1918 až 1992). Vybrané kapitoly z dĕjin československé zahraniční politiky, Praha 2002.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі

21 снежня, 2002 |


Бітва 1410 г. пад Грунвальдам (у нямецкай традыцыі — Танэнберг, у літоўскай — Žalgiris, у беларускай магло б быць Дуброўна[1], як лакалізавана месца сечы ў летапісах) стала па­дзеяй, пра якую адразу даведаўся ўвесь тагачасны свет. Як вядома, самы чынны ўдзел у ёй бралі і продкі цяперашніх беларусаў. Але ў грамадска–палітычным жыцці Беларусі тэма вялікай бітвы займае непараўнальна меншае месца, чым у Літве ці Польшчы, у якой Грунвальд даўно стаў нацыянальным сімвалам. Невыпадкова польскія калегі да нядаўняга часу, параўноўваючы грунвальдскую традыцыю сваёй краіны з літоўскай, расійскай, украінскай і чэшскай, пра беларускую нават не згадвалі[2]. Беларускае грамадства сапраўды не ацэньвала і не перажывала грунвальдскай спадчыны, бо, можна сказаць, і не ведала яе. Сітуацыя пачала мяняцца толькі ў канцы 80–х — пачатку 90–х г., калі ўгодкі грунвальдскай перамогі сталі публічна святкавацца ў Мінску, ёй прысвячаліся навуковыя чытанні, расла колькасць папулярных публікацый пра бітву, „Грунвальдам“ называлі перыёдыкі, летнікі і г.д.[3] Сцвярджэнне сваёй грунвальдскай традыцыі актывізавалася з абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, і калі б не радыкальная змена ўладаў ды палітычнага курсу краіны, вынікі гэтага працэсу, магчыма, былі б ужо відавочныя.

Калі даследаванне традыцыі ёсць справай хутчэй сацыёлагаў ці антраполагаў, дык гісторыку важна высветліць, як рэагавала гістарыяграфія на рост грамадскай цікавасці да Грунвальда ў 1980—90–я г., і наогул, якое месца заняў Грунвальд у нашай гістарычнай навуцы.

Для кожнага, хто арыентуецца ў айчыннай гістарычнай бібліяграфіі, не сакрэт, што тэма Грунвальда ў беларускай гістарыяграфіі засталася зусім непрыкметнай. У нас няма па ёй ніводнага даследавання манаграфічнага ўзроўню, а спецыяльных артыкулаў, прысвечаных славутай бітве, не набярэцца і дзесятак. Таму, вызначаючы актуальны стан беларускай грунвальдскай гістарыяграфіі, варта разгледзець не толькі навуковыя публікацыі, але і навучальную літаратуру, сінтэтычныя і энцыклапедычныя выданні, а таксама найбольш значныя творы публіцыстыкі.

Не спрабуючы ахапіць усіх аспектаў праблемы і свядома пакінуўшы ў баку шмат спрэчных пытанняў, звернемся да таго, як у беларускай гістарычнай літаратуры падаюцца

1) прычыны „Вялікай вайны“ і паходу саюзнай арміі ў Прусію;

2) колькасць армій праціўнікаў ды іх склад;

3) тактыка дзеянняў і ход бітвы;

4) страты абодвух бакоў;

5) ваеннае і палітычна–гістарычнае значэнне перамогі.

1. Пачаткам айчыннай грунвальдскай гістарыяграфіі можна лічыць публікацыі беларускіх гісторыкаў непадобных лёсаў ды розных ідэалагічных арыентацый — Міхаіла Каяловіча[4] і Дзмітра Даўгялы[5], прысвечаныя славутай бітве. Праўда, тэкст М.Каяловіча мае толькі ўскосныя адносіны да ўласна гістарыяграфіі: гэта яго ўрачыстая прамова ў Славянскім Дабрачынным Таварыстве, у якой гісторык, палемізуючы з асвятленнем Грунвальда ў польскіх і нямецкіх кнігах (якія славу пераможцаў прыпісвалі палякам), эмацыйна канстатаваў, што менавіта смаленскія палкі „спасли славянское дело“, пасля чаго перайшоў да праблемы рэлігійнай палітыкі ў ВКЛ. Больш сур’ёзным выданнем пра Грунвальд стаў нарыс Дзмітра Даўгялы, прысвечаны 500–годдзю вя­лікай перамогі. Узаемаадносіны ВКЛ і Польскай Кароны з Ордэнам гісторык прадставіў у ім як пастаяннае нарастанне канфрантацыі славянскага свету з немцамі, што непа­збежна вяло да развязкі. Наогул, у гэтым юбілейным нарысе, насычаным панславіс­цкай рыторыкай („общеславянское дело“, „общеславянское торжество“ і да т.п.), не выпадае шукаць асаблівай навуковасці, бо, па прызнанні самога аўтара, пісаўся ён у супрацьвагу польскай легендзе Грунвальда, для сцвярджэння першачарговых заслуг „руских“ палкоў наогул і „западно–русских“ у прыватнасці[6].

Калі не ўлічваць даволі папулярнага артыкула Язэпа Лёсіка, прысвечанага параўнанню апісанняў бітвы ў вядомых хроні­ках[7], то атрымаецца, што пасля згаданых выданняў спецыяльных навуковых публікацый пра Грунвальд у Беларусі давялося чакаць цэлае стагоддзе.

З сучасных гісторыкаў першым да вялікай перамогі звярнуўся Анатоль Грыцкевіч[8]. Вось жа, свядома ці не, ён наследаваў традыцыю трактавання немцаў як адвечных ворагаў славянства, дух славяна–нямецкага супрацьстаяння ваенных часоў, які выдаваў бітву пад Грунвальдам за фатальнае наступства нямецкай агрэсіі[9]. „Тэўтонскі ордэн планаваў стварэнне вялікай нямецкай дзяржавы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора з уключэннем у яго склад Паўночнай Польшчы, Літвы і большай часткі Беларусі, Пскова і Ноўгарада Вялікага“, — пісаў гісторык. „Па­стаянна існавала пагроза незалежнасці дзяржавы, пагроза заняволення літоўскага і беларускага народаў, магчымага іх зні­ш­чэння або анямечвання (як прусаў)“[10]. Падобна патлумачыў прычыны вайны і аўтар другой спецыяльнай публікацыі Вітаўт Чаропка[11]. На яго думку, імкненне ВКЛ і Кароны разам абара­ніцца ад агульнага ворага стала „адной з галоўных прычын за­ключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі“. „Ордэн выношваў планы заваявання Польшчы, Літвы, Ноўгарада і Пскова. Крыжакі здзей­снілі больш за 140 паходаў на ВКЛ, а ў адказ вялікакняскія войскі правялі 60 паходаў на Прусію і Лівонію“[12]. Шкада толькі, што не ўдакладнена, за які перыяд. Калі ў навукова–папулярнай кнізе Аляксандра Краўцэвіча — першым айчынным выданні, прысвечаным Тэўтонскаму ордэну — сцвярджаецца, што ў перыяд паміж 1340 і 1410 г. нямецкія рыцары, апрача 97 вялікіх паходаў на ВКЛ, здзяйснялі па 4—8 „невялікіх рабаўнічых вы­праў“ у год[13], то і гэтыя лічбы выглядаюць не асабліва карэктна, паколькі ў адносінах паміж ВКЛ і Ордэнам былі і перыяды замірэння, пры гэтым абсалютную большасць паходаў рыцары скіроўвалі ўсё ж на Жамойць ці Аўкштоту[14].

Лішне казаць, у якое складанае становішча трапляе энцыклапедычная і асабліва навучальная літаратура, што павінна выкладаць квінтэсэнцыю атрыманых і адаптаваных у навуцы ведаў, калі навукоўцы не забяспечваюць яе кандыцыйнымі распрацоўкамі. Сітуацыя з Грунвальдам тут асабліва паказальная: адсутнасць айчынных акадэмічных прац стварала і стварае самыя спрыяльныя ўмовы для выступлення аматараў у ролі знаўцаў праблематыкі, для пашырэння недаказаных гіпотэзаў, спрашчэнняў ці проста міфаў. Так, у адпаведным артыкуле „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“ сцвярджаецца, што мэтай „Вялікай вайны“ 1409—1411 г., названай этапам нямецкай палітыкі „Дранг нах Остэн“, было „стварэнне вялікай Тэўтоніі ад вострава Руген у Балтыйскім моры да Фінскага заліва“ з землямі Польшчы, Беларусі, Літвы, Пскова і Ноўгарада[15]. Нягледзячы на тое, што гэты план быў прыпісаны вялікаму магістру знаным даследчыкам грунвальдскай праблематыкі Стэфанам М. Кучыньскім, аўтарам вельмі папулярнай сярод беларускіх калегаў „Вялікай вайны з Нямецкім ордэнам“[16], у праўдзівасць падобных намераў проста немагчыма верыць. Як ужо было трапна адзначана ў палеміцы нямецкім гісторыкам, тут у адно сабраны асобныя намеры і спробы ўсіх эпох і часоў, так што такі план Ульрыху фон Юнінгену не мог нават прысніцца[17].

У навучальнай літаратуры прычыны Вялікай вайны з Ордэнам да апошняга дзесяцігоддзя амаль не закраналіся. А вось у новых дапаможніках, якія аддаюць бітве значна больш увагі, стала прасочвацца выразная інтэрпрэтацыйная тэндэнцыя: калі ў даваенных навучальных выданнях можна было прачытаць, што „ваенныя паходы рабілі не толькі рыцары на Літву і Беларусь, але і наадварот, літоўска–беларускія войскі не раз урываліся ў межы тэрыторыі, занятай рыцарамі, у сваю чаргу спусташалі і грабілі яе“[18], дык цяпер тлумачэнне прычынаў „Вялікай вайны“ гранічна спрасцілася і наблізілася да ўжо знаёмай схемы: увесь час узрастала небяспека з боку Ордэна, і генеральная сеча была проста неабходная для самаабароны! Напрыклад, калі ў школьных падручніках савецкага ўзору проста звяртаецца ўвага на значэнне Крэўскай уніі для паспяховай барацьбы славян і літоўцаў супраць Тэўтонскага ордэна[19], дык у новым дапаможніку, у якім упершыню славутай бітве адведзены асобны параграф, сцвярджаецца, што нямецкія рыцары няспынна працягвалі „грабежніцкае наступленне на Ўсход“, што колькасць іх рэйдаў „даходзіла да васьмі за год“, і што „толькі рашучая перамога над крыжакамі магла даць надзею на пазбаўленне ад грознай небяспекі…“[20]. І ў сучасных дапаможніках для ВНУ гаворыцца, што Ордэн пагражаў „балта–славянскім народам [...] духоўным і фізічным вынішчэннем“[21], што „скрушэнне агрэсіўнага суседа стала жыццёвай неабходнасцю ліцвінаў і палякаў“[22]. Нават у акадэмічных „Нарысах“ вайна з тэўтонцамі названая „барацьбой за выжыванне славянства“[23].

Не дзіўна, што гістарычная белетрыстыка і публіцыстыка, разлічаная на эмацыйнае ўспрыманне, дазваляла сабе яшчэ больш драматызаваць адносіны паміж немцамі і ВКЛ. Асаблівае месца ў папулярнай літаратуры заняло майстэрскае эсэ Канстанціна Тарасава „Пагоркі Грунвальда“, уключанае ў яго вядомую кнігу „Памяць пра легенды“[24], якая, стаўшы бестселерам другой паловы 1980–х г., акурат і спрычынілася да абуджэння гістарычнай свядомасці і папулярызацыі Грунвальда сярод шырокай грамадскасці. Можа таму, што сам жанр вымагаў ад пісьменніка кантрастаў, перадгісторыя генеральнай бітвы вы­трымана ў асабліва змрочных фарбах: маўляў, да 15 ліпеня 1410 г. паходы рыцараў на Літву і Беларусь „здараліся да васьмі разоў на год“, у суседстве з Ордэнам беларусаў і літоўцаў чакаў такі ж лёс, як прусаў, „ад якога… немцы не пакінулі нічога, апроч імя“, таму, маўляў, „зруйнаванне Ордэна стала неад­кладнай задачай, жыццёва неабходнай патрэбай літоўцаў, беларусаў і палякаў“, якую і вырашыла „Вялікая вайна“ 1409—1411 гадоў[25]. Пра „злавесную хмару смяротнай небяспекі“ з боку рыцарскай дзяржавы пісалася як у белетрызаваных аповедах пра Грунвальд[26], так і ў публікацыях новага гістарычнага перыёдыка, чытачам якога таксама нагадвалі пра лёс прусаў, што былі быццам „цалкам знішчаны“ немцамі, таму, маўляў, „такая ж горкая доля чакала беларусаў з літоўцамі“[27].

Лёс прусаў, як даўно высветлена даследчыкамі, быў далёка не такі трагічны, у кожным разе пра іх фізічнае вынішчэнне гаварыць не выпадае. Што ж да гвалтоўнага падпарадкавання і хрышчэння прусаў, то не варта забываць пра чынны ўдзел русінаў (у прыватнасці — гарадзенцаў) у адной з крыжовых выправаў супраць прускіх плямёнаў яшчэ ў ХII ст.

А Нямецкі ордэн у пачатку ХIV ст. ужо не ўяўляў для Вялікага Княства той небяспекі, якая зыходзіла з яго да Крэўскай уніі 1385 г. Ды і наогул, рэанімаванне антынямецкай фобіі ў наш час зусім беспадстаўнае. Сцвярджэнне вобраза нямецкіх рыцараў як смяротных ворагаў, што здзяйснялі Drang nach Osten, было характэрна для польскіх гісторыкаў і пісьменнікаў другой паловы ХIХ — пачатку ХХ ст. Традыцыя такога ўспрымання „крыжакоў“ нарадзілася ў ХV ст. у атмасферы вострага польска–нямецкага антаганізму, а развіццё нацыянальнай ідэалогіі ва ўмовах антыпольскай палітыкі прускіх уладаў актуалізавала яе. Тады ж расійскі панславізм, ставячы на мэце аб’яднанне ўсіх славян вакол „русского племени“, ператварыў Грунвальд у сімвал славянскага адзінства, перамогі „славянского дела“ над немцамі, выкарыстаў яго для прапаганды „великой идеи борьбы против вековых врагов и притеснителей славянства“[28]. Ідэалогія панславізму, ад самага пачатку шчыра палітычная і падпарадкаваная вялікарасійскім інтарэсам, асабліва прапагандавалася пад час сусветных войнаў. Цяжка зразумець, чаму пасля распаду СССР і з’яўлення магчымасцяў інтэграцыі ў вольную Еўропу беларуская гістарычная літаратура пераняла прымітыўныя міфы і фразеалогію ваяўнічага панславізму стогадовай даўнасці. Напрыклад, су­працьпастаўляючы славянскі свет нямецкаму, заходняму, аўтары некаторых не толькі папулярных, але нават навучальных выданняў сутыкнулі на Грунвальдскім полі „Еўропу крыжацкую, агрэсіўную“, з „Еўропай славянскай, што бараніла сваю годнасць і незалежнасць“[29].

2. Колькасць сілаў, якія сышліся для генеральнай бітвы, не засведчаная верагоднымі крыніцамі, таму яе вызначаюць да­следчыкі, дакладнасць якіх залежыць ад методыкі падлікаў[30]. Простыя лічбы, ператвараючыся ў колькасць „сваіх“ ці „ворагаў“, таксама выяўляюць пэўную эмацыйнасць падыходу да мінулага. Калі Анатоль Грыцкевіч цалкам прыняў дадзеныя польскага гісторыка Стэфана Кучыньскага (войска Вітаўта — 11 тыс. конніцы і 500 пяхотнікаў, войска Ягайлы — 18 тыс. конніцы, 2 тыс. пяхоты, у Ордэна — 21 тыс. конніцы і 6 тыс. пяхоты[31]), дык для В.Чаропкі нават лічбы Кучыньскага, якія многімі гісторыкамі лічацца моцна завышанымі, падаліся замалыя: як „рэальныя“ ён назваў 30—33 тыс. для Ордэна, а ў арміі саюз­нікаў павялічыў толькі колькасць сілаў Вітаўта да 20 тыс., тады як колькасць польскага крыла ў 20 тыс. яго задаволіла[32].

З аўтараў папулярных выданняў бадай толькі А.Краўцэвіч пагадзіўся з падлікамі С.Кучыньскага[33]. Канстанцін Тарасаў, назваўшы „Вялікую вайну“ польскага гісторыка „найбольш глыбокім“ даследаваннем грунвальдскай праблематыкі, вызначаную ў ёй колькасць войска палічыў заніжанай і напісаў, што Вітаўт меў прынамсі 20 тыс. — не менш за Ягайлу, тады як у Ордэна была 30–тысячная армія[34].

Завышаць колькасць армій, што бралі ўдзел у бітве, нельга не толькі з увагі на абмежаваныя мабілізацыйныя магчымасці дзяржаў — удзельніц вайны. Калі б нават лічбы С.Кучыньскага (не гаворачы пра большыя) адпавядалі сапраўднасці, то атрымалася б, што 15 ліпеня 1410 г. з абодвух бакоў мусіла б сы­сціся 50 тыс. конніцы, а з улікам рэзерву, татараў і малдаўскай дапамогі — 65 тыс.! Готхалд Родэ слушна адзначаў, што такая колькасць войска проста фізічна не змясцілася б на грунвальдскім полі[35].

Заслугі паасобных народаў у разгроме Ордэна немагчыма ўявіць без вызначэння этнічнага складу арміі саюзнікаў. Звычайна гэта рабілася на падставе пераліку харугваў у хроніцы Длугаша, названых па землях. Праўда, як для падліку агульнай колькасці сілаў, так і для вызначэння іх складу дадзеныя славутага храніста, які назваў, дарэчы, у арміі Вітаўта толькі 18 харугваў[36], складана лічыць надзейнай крыніцай[37]. Шкада, што ў нас яго крытыку яшчэ мала бралі да ўвагі. Ці не першым за выра­шэнне пытання складу армій браўся Дзмітры Даўгяла, якому трэба было паказаць, наколькі вялікая роля ў разгроме немцаў належала ўсходнім славянам. Аўтар вызначаў этнічны склад войска Вітаўта „на аснове знаёмства з характарам насельніцтва Заходне–Рускага краю“ і па актавых кнігах Віленскіх архіваў. З пералічаных Длугашам харугваў Вітаўтавага войска да літоўскіх ён аднёс 5 (віленскую, ваўкавыскую, ковенскую, медніцкую і троцкую), а да „рускіх“ — 15 (берасцейскую, віцебскую, гара­дзенскую, драгічынскую, кіеўскую, крамянецкую, лідскую, мельніцкую, наваградскую, пінскую, полацкую, тры смаленскіх і старадубскую)[38]. З патрыятычным максімалізмам падышоў да праблемы А.Грыцкевіч, сцвярджаючы, што з 40 харугваў Вітаўта беларускімі былі 28, украінскімі — 8, а ўласна літоўскімі — толькі 4[39]. Думаю, гісторык напісаў гэта пад уплывам А. Барбашова, які назваў „рускімі“ 36 харугваў арміі ВКЛ[40].

У навучальнай літаратуры ўвага да этнічнага складу войска залежала ад эпохі. Падручнікі савецкага ўзору проста не задаваліся гэтым пытаннем. Яны звычайна суха канстатавалі, што ў складзе армій Польшчы і ВКЛ „акрамя“ палякаў і літоўцаў былі таксама харугвы з Беларусі ды Ўкраіны, пералічваючы толькі іх частку[41], ніколі не забываючыся, аднак, згадаць пра гераічныя смаленскія палкі. Новыя ж, постсавецкія дапаможнікі звяртаюць увагу на вялікі колькасны ўдзел беларусаў у бітве, сцвяр­джаючы, што „ўласна беларускія“ харугвы складалі прынамсі больш за палову арміі Вітаўта[42]. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што даследчыкі і ў сваіх папулярных публікацыях за­ставаліся даволі асцярожнымі з вызначэннем „удзельнай вагі“ сваіх далёкіх продкаў у саюзным войску. Прыкладам, Вячаслаў Насевіч падаў прапорцыі русінаў і літоўцаў у арміі ВКЛ як 3 да 1 (30 беларуска–украінскіх харугваў на 10 „уласна літоўскіх“[43]). Затое публіцыстыка і тут не ведала меры. Папулярызатары лічылі магчымым пісаць, што беларусы складалі „пераважную большасць“ той „асноўнай сілы“, якая разграміла немцаў[44], а каб іх гераізм уяўляўся яшчэ большым, сцвярджалася, што ворагаў „усё ж такі было болей“, чым пададзена ў С.Кучыньскага[45].

3. Сучасныя беларускія гісторыкі салідарна адзначалі, што першымі бітву пачало войска Вітаўта (тады як палякі ўступілі ў бітву на гадзіну–дзве пазней), ды што яно наткнулася на падрыхтаваныя немцамі „воўчыя ямы“. З версіяй пра ўцёкі Вітаўтавай арміі, уведзенай у гістарыяграфію Длугашам, яны не пагаджаюцца. А.Грыцкевіч піша толькі пра „адступленне“, якое было „звычайнай тактыкай літоўска–беларускіх і татарскіх атрадаў“[46]. Аспрэчыў сцвярджэнне польскага храніста пра слабасць арміі ліцвіноў ды іх уцёкі і В.Чаропка, спрабуючы даводзіць, што ўсё адбывалася згодна з планам Вітаўта ды Ягайлы, і што менавіта Вітаўту з ягоным войскам належыць вырашальная роля ў разгроме непрыяцеля, хоць „аб’ектыўна лаўры пераможцаў падзяляе і польскае войска“[47]. Праўда, аргументацыя тут занадта павярхоўная, каб канкураваць з довадамі С.Кучыньскага[48]. Шкада, што В.Чаропка не пазнаёміўся з грунтоўнай крытыкай „Вялікай вайны з Нямецкім ордэнам“ шведскім гісторыкам Свэнам Экдалем[49].

Падобным чынам стаў асвятляцца ход бітвы і ў сучаснай навучальнай літаратуры. Так, паводле аўтараў аднаго з найноўшых дапаможнікаў, уцёкаў войска Вітаўта наогул не было, яно проста вымушана адступіла[50]. Энцыклапедычны артыкул таксама пераконвае, што гэта быў „падманны манёўр уяўнага панічнага адступлення“[51]. У 1990–х г. адступленне Вітаўтавага крыла стала салідарна падавацца як загадзя спланаваны і арганізаваны манёўр практычна ва ўсіх спецыяльных публікацыях. Прынамсі так яно названа і ў папулярнай кніжцы А.Краўцэвіча[52], і ў белетрызаваным творы С.Цярохіна[53].

Сцвярджэнне Длугаша пра ўцёкі беларуска–літоўскага крыла пагатоў не магло быць прынята ў публіцыстыцы. На думку Канстанціна Тарасава, гэта было манёўравае адступленне да абозу 15 харугваў Манівідавага крыла, якіх потым Вітаўт вярнуў для акружэння Валенрода[54]. Пісьменнік наогул больш праўдзівым лічыў апісанне бітвы ў „Хроніцы Быхаўца“, якая галоўныя заслугі ў разгроме немцаў прыпісвае Вітаўту і яго войску, паведамляе пра „воўчыя ямы“ і вываз паловы ордэнскіх штандараў у Вільню[55]. Між тым, да паведамленняў гэтай позняй хронікі, не пацверджанай іншымі крыніцамі, варта падыходзіць з асаблівай асцярожнасцю. Прыкладам, сумненні многіх гісторыкаў (В.Маеўскага, Г.Родэ, С.Экдаля, А.Надольскага i iнш.) у наяўнасці „воўчых ям“ аказаліся справядлівыя — археалагічныя да­следаванні паказалі, што ў сапраўднасці іх не існавала[56].

Наступным агульным месцам апісання бітвы стаў гераізм „трох смаленскіх палкоў“. Яшчэ Дз. Даўгяла сцвярджаў, што „геройством и доблестью всех превзошли белорусские — смоленские полки князя Мстиславского“[57], г.зн. Сымона Лугвена. У інтэрпрэтацыі Ўсевалада Ігнатоўскага рыцары нават пабеглі „дзякуючы моцнаму націску на ворага беларускіх смаленскіх палкоў[58]“. „Стойкасць і мужнасць“ трох смаленскіх палкоў за­ставалася важным момантам асвятлення бітвы як у выданнях Расійскай імперыі, так і ў савецкіх падручніках. І ў найноўшых беларускіх дапаможніках гераізм смаленскіх харугваў, якімі лічацца аршанская, мсціслаўская і смаленская, называецца „вызначальным фактарам, які вызначыў ход бітвы“[59]. Між тым, сюжэт са смаленскімі харугвамі ёсць толькі ў Длугаша, на што слушна звярнуў увагу адзін А.Грыцкевіч[60], так што верагоднасць гэтага паведамлення не самая высокая.

4. Пра страты, асабліва са свайго боку, у беларускай грунвальдскай гістарыяграфіі пісалася сама меней. А.Грыцкевіч ізноў цалкам прыняў дадзеныя С.Кучыньскага, які сцвярджаў, што Ордэн страціў 18 тыс. забітымі і 14 тыс. палоннымі[61]. З такімі разлікамі польскага гісторыка пагадзіўся і В.Чаропка, прызнаўшы таксама, што „значныя страты“ панеслі ліцвіны (паводле Кучыньскага — 5—6 тыс.), а ў палякаў, са слоў Ягайлы, была адно мізэрная колькасць загінулых[62]. Акцэптаваў падлікі Кучыньскага і А.Краўцэвіч[63]. Між тым, дадзеных для вызначэння стратаў яшчэ менш, чым для колькасці сабраных для бітвы армій, а лічбы С.Кучыньскага відавочна моцна завышаныя[64]. Проста не магло быць, каб страты ордэнскага войска ў дзесяткі разоў перавысілі страты арміі саюзнікаў. Цалкам адвольнай уяўляецца пададзеная ў дапаможніку гарадзенскіх аўтараў лічба ў 20 тыс. загінулых з боку ВКЛ, якімі, да таго ж, „у пераважнай большасці“ былі „сыны беларускай зямлі“[65].

5. Хоць у польскай гістарыяграфіі прынята лічыць, што, параўнальна з ваенным значэннем перамогі, палітычныя наступствы трыумфу саюзнікаў пад Грунвальдам былі нязначныя, у беларускай гістарычнай літаратуры яны часта гіпертрафуюцца. Можна прасачыць, як паступова мянялася ацэнка значэння Грунвальдскай перамогі. Знамянальна, што „Хроніка Быхаўца“ не звязвала з ёй нічога лёсавызначальнага: пераможцы „з великою честю и з невымовным звытяжством, и на весь свет знаменитую славу осягнувши,… до своих земль доехали“[66]. Стрыманымі былі спачатку і ацэнкі беларускіх гісторыкаў. У 1910 г., адзначаючы 500–годдзе Грунвальда, „Наша Ніва“ змясціла толькі фрагмент „Хронікі Быхаўца“ з апісаннем бітвы, да якога ў якасці каментара рэдактар дадаў адзін–адзіны сказ: „Пасьля Грунвальдзкай бітвы […] немцы страцілі сваю сілу“[67]. У першым беларускім падручніку — нарысе Вацлава Ластоўскага — можна прачытаць толькі пра тое, што Вітаўт „сілу крыжацкую ў бітве пад Грунвальдам… зусім зламаў“[68]. Усевалад Ігнатоўскі ўбачыў у перамозе 1410 г. адно „відны пералом у беспарыўным змаганні“ ВКЛ з Ордэнам[69]. І такі аўтарытэт, як Мітрафан Доўнар–Запольскі, у рукапісе свайго падручніка палічыў дастатковым сказаць, што ў выніку паражэння „Ордэн распаўся“[70]. Васіль Шчарбакоў у даваенным падручніку заўважыў толькі, што па­сля Грунвальда „рыцарскія войскі страчваюць сваю мінулую сілу“ і іх дзяржава хутка ліквідуецца[71]. Язэп Найдзюк абмежаваўся тым жа: „Тэўтонскі ордэн не здолеў акрыяць пасля такога разгрому і пачаў слабець“, пакуль не стаў васалам Польшчы[72], а таксама зазначыў, што звязаныя з перамогай міжнародныя перамены спрыялі гандлю ВКЛ.

Трактаванне Грунвальдскай перамогі ў падручніках моцна змянілася пасля II сусветнай вайны. Асвятленне гісторыі адносін з немцамі, пераведзенае на лексіку франтавых часоў, і пасля разгрому фашызму падпарадкоўвалася антынямецкай ідэа­логіі. У першым паваенным акадэмічным выданні гісторыі Беларусі ўпершыню з’явіўся тэзіс, што „дзякуючы гераізму і стойкасці рускіх палкоў далейшая агрэсія нямецкіх феадалаў на славянскія і літоўскія землі была спынена“[73]. У наступнай акадэмічнай гісторыі не толькі сцвярджалася, што Грунвальдская перамога „канчаткова спыніла агрэсію нямецкіх феадалаў на славянскія і літоўскія землі“, але і падкрэслівалася, што „Літва і Польшча могуць весці паспяховую барацьбу супраць нямецкіх захопнікаў толькі пры апоры на ваенныя сілы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх зямель“ (заўвага пра значэнне перамогі для эканамічнага развіцця апынулася на апошнім месцы)[74]. У найбольш кандыцыйнай пяцітомавай „Гісторыі Беларускай ССР“ засталася тая ж ідэалагема, сфармуляваная, праўда, больш мякка: перамога „прыпыніла агрэсію“. Праўда, тут упершыню гаварылася, што яна „садзейнічала згуртаванню беларускіх зямель і фарміраванню беларускай народнасці“ (чаго, дарэчы, не паўтарыў ніводзін іншы падручнік) і спрыяла эканамічнаму развіццю краіны[75].

З 1970–х г. пры апісанні значэння перамогі практычна ўсе падручнікі, акадэмічныя і энцыклапедычныя выданні на першае месца выносілі спыненне агрэсіі нямецкіх рыцараў (раней пісалі „феадалаў“, цяпер  — „крыжакоў“), а потым паўтаралі тэзіс пра ажыўленне гандлю і гаспадаркі. У новых падручніках постсавецкай Беларусі трактаванне Грунвальдскай бітвы як эпахальнай падзеі, што ўратавала славян, толькі ўзмацнілася. Напрыклад, у школьным дапаможніку па гісторыі эпохі Сярэднявечча напісана найперш пра „крах 200–гадовай крыжацкай агрэсіі ў Еўропе“[76], а ўжо потым — пра ўзрастанне аўтарытэту ВКЛ, станоўчую ролю перамогі для развіцця эканомікі і культуры. Нельга не здзіўляцца, што і першая ў суверэннай Беларусі акадэмічная сінтэза па айчыннай гісторыі, прапанаваўшы эмацыйнае апісанне бітвы, максімалізавала яе значэнне: перамога 1410 г. паклала канец „страшнаму, больш чым двухсотгадоваму супрацьстаянню двух магутных сіл: славянства і крыжацкіх заваёўнікаў“, яна „прадвызначыла далейшае гістарычнае развіццё многіх еўрапейскіх народаў“, пасля яе „землі ўсходніх славян пяць стагоддзяў не ведалі германскай агрэсіі“[77]. Такім чынам, у ацэнках Грунвальда і школьны дапаможнік, і акадэмічнае выданне, нічым не розняцца.

Складваецца ўражанне, што ў першыя гады незалежнай Беларусі ад празмерных эмоцыяў не маглі ўтрымацца і аўтары навуковых публікацый. Напрыклад, А.Грыцкевіч ацаніў перамогу пад Грунвальдам як выратаванне „ад вынішчэння і анямечвання беларускага народа“[78]. Але, з іншага боку, В.Чаропка, які ў публіцыстычнай кнізе падаў перамогу як „здзяйсненне мары“ літоўскіх князёў, пачынаючы ад Міндоўга[79], у навуковым артыкуле абмежаваўся сціплай канстатацыяй таго, што дзякуючы Грунвальду „польскія, літоўскія, беларускія землі былі выратаваны ад нямецкай агрэсіі“[80]. А Вячаслаў Насевіч, апісаўшы бітву даволі традыцыйна, яе значэнне патрактаваў наогул спакойна і неардынарна: да ваенна–палітычных вынікаў (спыненне нападаў, вяртанне Жамойці) ён дадаў гістарычна–цывілізацыйныя — перамога замацавала унію ВКЛ з Польскай Каронай, што на стагоддзі ўключыла Беларусь і Ўкраіну ў сферу заходняй цывілі­зацыі, а ў суме бітва стала „адным з ключавых момантаў станаўлення этнагенеза“ беларусаў і ўкраінцаў[81].

На завяршэнне агляду нельга не прывесці ў прыклад цалкам іншы падыход, зусім не тыповы для беларускай гістарыя­графіі: у сінтэтычным выкладзе гісторыі Беларусі эміграцыйны гісторык Янка Запруднік зусім сцісла і гранічна нейтральна напісаў пра Грунвальдскую бітву, затое яе наступствы інтэрпрэтаваў арыгінальна: з разгромам Ордэна было непасрэдна звязанае падпісанне Гарадзельскай уніі і манапалізацыя каталікамі вышэйшых царкоўных і дзяржаўных пасадаў, што мусіла заспакоіць Рым, — маўляў, каталіцкі касцёл не страціў у рэгіёне сваіх пазіцый[82].

Агляд літаратуры пра Грунвальд выяўляе, паміж іншага, вартую ўвагі асаблівасць нашай гістарыяграфіі: ніводзін аўтар не пагаджаўся з версіяй пра ўцёкі арміі Вітаўта, не адмаўляўся ад услаўлення смаленскіх палкоў, не ставіў пад сумненне наяўнасць „воўчых ям“, быццам падрыхтаваных немцамі, пры гэтым за многімі заўважаецца імкненне гераізаваць беларуска–літоўскія харугвы, завысіць колькасць ордэнскіх фармаванняў, гіпербалізаваць наступствы перамогі і г.д. Выразная патрыятычнасць падыходаў! Толькі вось з навукай у такога патрыятызму зусім мала агульнага.

Думаю, акурат гэтай патрыятычнасцю можна патлумачыць тое, што вобраз Грунвальда ў навуковых публікацыях у нас мала чым розніцца ад яго легенды ў дыдактычных выданнях і публіцыстыцы. Цяжка, аднак, зразумець, чаму палітычнае разняволенне гістарыяграфіі пасля распаду Савецкага Саюза не аслабіла тэндэнцыю гіпербалізацыі Грунвальда і сцвярджэння канфрантацыі з Захадам, а наадварот, парадаксальным чынам радыкалізавала яе, давёўшы да пераймання панславісцкай рыторыкі. Відавочна, на фармаванне грамадскай візіі Грунвальда ўплывала не навука, а гістарычная публіцыстыка. Сапраўды, складваецца ўражанне, што, напрыклад, грунвальдскае эсэ Канстанціна Тарасава моцна паўплывала на многіх гісторыкаў — надта ж падобныя падыходы і фармулёўкі! У прыватнасці, менавіта К.Тарасаву належыць фраза, якая ў 1990–х г. стала амаль літаральна паўтарацца ў шматлікіх папулярных публікацыях і нават у дапаможніках па айчыннай гісторыі, — што пасля Грунвальда „на працягу пяці стагоддзяў, да 1914 г., на землі Беларусі і Літвы не ступаў узброены немец“[83]. Толькі пры поўным гістарычным дальтанізме абсурднае супрацьпастаўленне „Еўропы крыжацкай“ і „Еўропы славянскай“ з папулярнай публікацыі С.Асіноўскага магло перавандраваць у дапаможнік выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта[84].

Падобныя прыклады сведчаць, што асвятленне грунвальдскай тэматыкі ў Беларусі спаўзала да белетрызацыі і спрашчэння, а навуковая гістарыяграфія нічога не супрацьпаставіла гэтаму. Выконваючы ролю папулярызатараў, нават гісторыкі выступалі ў гібрыдным жанры. Акурат ад гэтага засцерагаў Ё. Гёйзінга, гаворачы, што калі замест сур’ёзнай гістарычнай літаратуры грамадству прапануюцца эмацыйныя публікацыі пра мінулае, разлічаныя на літаратурны эфект, то культуры чыніцца вялікая шкода[85].


[1] Пытанне назвы заслугоўвае асобнай размовы. Нагадаю толькі пра тое, што яшчэ М.Каяловіч і Дз.Даўгяла ў публікацыях пра бітву 1410 г. згадвалі летапісную „Дуброўну“, М.Доўнар–Запольскі і Ў.Ігнатоўскі апрача „Грунвальда“ выкарыстоўвалі „Танэнберг“, а ў беларускай адраджэнскай перыёдыцы 1990–х г. рабілася свядомая спроба прыняць „Дуброўну“ за нацыянальны варыянт назвы славутай бітвы.
[2] Maternicki J. Tradycja grunwaldzka jako przedmiot badań historycznych // Studia Grunwaldzkie. Tom II. Olsztyn, 1992. S.70.
[3] Невыпадкова ў 1990 г. беларуская дэлегацыя ўпершыню брала ўдзел у міжнародных урачыстасцях на Грунвальдскім полі ў Польшчы, прысвечаных 580–годдзю бітвы.
[4] Коялович М. Грюнвальдская битва 1410 года. С.–Петербург, 1885.
[5] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. Вильна, 1909.
[6] Тамсама. С.3, 25.
[7] Лёсік Я. Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. №4. С.142—163. Перадрук з выдання 1922 г.
[8] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта (Заходні накірунак) // Наш Радавод. Кн.2. Гродна, 1990. С.172—175; яго ж. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (Беларуска–Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы ХIV— першай палове ХV ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып.1. Мінск, 1995. С.36—61.
[9] Не лішне нагадаць, што ў беларуска–літоўскім летапісанні, найперш у „Хроніцы Быхаўца“, пачатак „Вялікай вайны“ ні з чым не звязваўся і тым больш не падаваўся як заканамерны этап развіцця адносін Вялікага Княства і Кароны з Нямецкім ордэнам (Гл.: ПСРЛ. Т.32. Москва, 1975. С.151).
[10] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта. С.172. Гэтаксама падаецца нямецкая пагроза для беларусаў і літоўцаў у другім, больш грунтоўным артыкуле (Гл.: Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага… С.39).
[11] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. №2. С.14—22. Аўтар не мае спецыяльнай гістарычнай адукацыі, аднак публікацыя змешчана ў профільным перыёдыку, сярод заснавальнікаў якога Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Беларускі дзяржаўны універсітэт.
[12] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве. С.14.
[13] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.21.
[14] Гл. падлік колькасці паходаў: Paravicini W. Die Preussenreisen des europäischen Adels. T.2. Sigmaringen, 1995. Tab.49.
[15] Цярохін С. Грунвальдская бітва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.3. Мінск, 1996. С.158.
[16] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem krzyżackim w latach 1409—1411. Wyd. 2. Warszawa, 1960.
[17] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 (Zu einem Buch von Stefan M. Kuczyński) // ZfO. Bd. 22 (1973). Hf. 3. S.484.
[18] Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Менск, 1934. С.93.
[19] Гісторыя БССР. Вучэбны дапаможнік для вучняў сярэдняй школы. Пад рэд. Л.С.Абэцэдарскага. Выд. 13–е. Мінск, 1974. С.30; Гісторыя БССР. Падручнік для 8—9 класаў сярэдняй школы. Пад рэд. Э.М.Загарульскага. Мінск, 1989. С.56—57.
[20] Штыхаў Г., Ракуць В. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. Падручнік для 6 кл. сяр. школы. Пад рэд. П.Петрыкава. Мінск, 1996. С.130—131.
[21] Гісторыя Беларусі. Дапаможнік для паступаючых у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пад рэд. Ю.Казакова, А.Каханоўскага, П.Лойкі. Мінск, 1998. С.81.
[22] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст.: Курс лекцый / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава і інш. Мінск, 2000. С.234.
[23] Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. Мінск, 1994. С.118.
[24] Гл. першае выданне на рускай мове: Тарасов К. Память о легендах: Белорусской старины голоса и лица. Минск, 1984 (раздзел „Холмы Грюнвальда“ — с.35—54). Цытаты прыводзяцца па 2–м беларускім выданні: Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. Мінск, 1994 („Пагоркі Грунвальда“ — с.77—96). Падзеяй стаў і выхад гістарычнай аповесці К.Тарасава „Погоня на Грюнвальд“ (Москва, 1986), разлічанай, аднак, на „ўсесаюзнага“ чытача і ў Беларусі маладаступнай.
[25] Тамсама. С.78.
[26] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне. Да 580–годдзя Грунвальдскай бітвы (1410—1990). Мінск, 1991. С.13.
[27] Асіноўскі С. Сумленна прынялі свой лёс… // Беларуская Мінуўшчына. 1995. №3. С.2.
[28] Гейсман П. Польско–литовско–русский поход в Восточную Пруссию и сражение при Грюнвальде–Танненберге. С.–Петербург, 1910. С.45.
[29] Асіноўскі С. Сумленна прынялі свой лёс. С.4; Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый. С.240.
[30] Праблема падліку і крытыка методык добра разгледжана ў: Ekdahl S. Die „Branderia Prutenorum“ des Jan Długosz. Eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410. Göttingen, 1976. S.144—154.
[31] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.45.
[32] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ… С.15.
[33] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.33.
[34] Тарасаў К. Памяць пра легенды. С.82.
[35] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410. S.481.
[36] Названы троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая і старадубская харугвы, а таксама палкі Жыгімонта Карыбута, Cымона Лугвена і князя Юрыя (сына Сымона Лугвена). Гл.: Długosz J. Roczniki, czyli Kroniki sіawnego królewstwa polskiego. Ks. 11. Warszawa, 1982. S.107—108.
[37] Крытыку разлікаў па падставе інфармацыі Длугаша гл. ў: Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd.1. Berlin, 1982; Łojko J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSP. VIII. Poznań, 1989. S.152. і інш.
[38] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.21.
[39] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта. С.173.
[40] Барбашев А. Танненбергская битва // ЖМНП. 1887, декабрь. С.171; яго ж. Витовт. Последние двадцать лет княжения. С.–Петербург, 1891. С.59.
[41] Гл.: История Белорусской ССР. Ред. колл. И.М. Игнатенко и др. Минск, 1977. С.52; История БССР. Под ред. В.Чепко, А.Игнатенко. Минск, 1981. С.91—92; Гісторыя Беларускай ССР. У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С.166.
[42] Напрыклад, гл.: Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. Мінск, 2000. С.236.
[43] Носевич В. История не терпит пустоты // Парус. 1990. №8. С.49.
[44] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне. С.77.
[45] Тамсама. С.39.
[46] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.47.
[47] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ… С.21.
[48] Тамсама. С.17—21. Відавочна слаба арыентаваны як у гістарыяграфіі, так і ў крыніцах, аўтар часта спасылаецца на даўно састарэлыя ці публіцыстычныя выданні, аргументы іншых гісторыкаў выдае за ўласныя, прыпісваючы сабе арыгінальныя падыходы вядомых даследчыкаў, а таксама дапускае шэраг іншых некарэктнасцяў.
[49] Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd.1. Berlin, 1982. S.314—316, 341—357 і далей.
[50] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.237.
[51] Цярохін С. Грунвальдская бітва. С.159.
[52] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.40.
[53] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне.
[54] Тамсама. С. 89—91.
[55] Тамсама. С.84, 88.
[56] Nadolski A. Grunwald: problemy wybrane. Olsztyn, 1990. S.139.
[57] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.25.
[58] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5–е выд. Мінск, 1992. С.86.
[59] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.237.
[60] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.47.
[61] Тамсама. С.49.
[62] Чаропка В. Удзел войск ВКЛ… С.21.
[63] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.42.
[64] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410. 3. S.480—481.
[65] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.239.
[66] ПСРЛ. Т.32. С.151.
[67] Гл.: Наша Ніва. 1910. №28. С.1—2.
[68] Власт. Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910. С.27.
[69] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С.86.
[70] Доўнар–Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С.58.
[71] Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Частка 1. Менск, 1934. С.94.
[72] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мінск, 1993. С.41.
[73] История Белорусской ССР. В 2 т. Т.1. Под ред. В.Перцева, К.Шабуни и Л.Абе¬цедарского. Минск, 1954. С.81.
[74] История Белорусской ССР. В 2 т. Т.1. Ред. колл.: Л.Абецедарский, В.Перцев, К.Шабуня. Минск, 1961. С.72.
[75] Гісторыя Беларускай ССР. Т.1. Гал. рэд. К.Шабуня. Мінск, 1972. С.166.
[76] Штыхаў Г., Ракуць В. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. С.135.
[77] Нарыс гісторыі Беларусі. У 2–х ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. С.118, 120.
[78] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. С.49.
[79] Чаропка В. Імя ў летапісе. Мінск, 1994. С.383.
[80] Чаропка В. Удзел войск ВКЛ… С.21.
[81] Носевич В. История не терпит пустоты. С.49, 55.
[82] Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск, 1996. С.33, 35.
[83] Тарасаў К. Памяць пра легенды. С.77.
[84] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый. С.240.
[85] Хейзинга Й. Задачи истории культуры // яго ж. Об исторических жизненных идеалах. Лондон, 1992. С.37.

Наверх

Міхаіл Спірыдонаў. Гістарычныя карты Беларусі ў айчынных энцыклапедыях

20 снежня, 2002 |

Заснаванае ў 1967 г. Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства „Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі“ (першапачаткова „Галоўная рэдакцыя Беларускай Савецкай Энцыклапедыі пры АН Беларусі“) стала і працяглы час заставалася галоўным цэнтрам, які ініцыяваў складанне гістарычных карт Беларусі і рыхтаваў іх да друку ў сваіх шматлікіх разнастайных выданнях. Вялікую ролю ў  гэтай важнай справе адыгралі былыя і цяперашнія супрацоўнікі групы картаграфіі дадзенага выдавецтва Л. У. Белякова, Т. С. Забеліна, Т. У. Кавалеўская, Н. М. Махавікова, В. Ф. Надзененка, Т. І. Нішт, Я. П. Цупа, Г. Р. Шыкунова і Т. В. Якубоўская. Менавіта яны падрыхтавалі да друку вялікую колькасць гістарычных карт Беларусі па ўсіх перыядах і гэтым садзейнічалі развіццю адной з галін усё яшчэ недастаткова распрацаванай у айчыннай гістарыяграфіі спецыяльнай гістарычнай навукі — гістарычнай картаграфіі.

У дадзеным артыкуле ўпершыню даецца агульны кароткі агляд пэўных вынікаў шматгадовай гістарычна–картаграфічнай дзейнасці названага выдавецтва на падставе ўліку адпаведных карт, што былі апублікаваны ў: „Беларуская Савецкая Энцыклапедыя“ (БелСЭ. Т.1—12. Мінск, 1969—1975), „Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя“ (БССРКЭ. Т. 1. Мінск, 1978), „Энцыклапедыя гісторыі Беларусі“ (ЭГБ. Т. 1—6, кн. 1. Мінск, 1993—2001) і „Беларуская Энцыклапедыя“ (БелЭн. Т. 1—15. Мінск, 1996—2002) (гл.: дадаткі 1 і 2). Спадзяёмся, што дадзены агляд будзе карысны не толькі для гісторыкау, але і для ўсіх тых, хто цікавіцца мінулым нашай Радзімы.

Па нашых падліках, у БелСЭ апублікавана 45 гістарычных карт як арыгінальных, так і кампілятыўных. З іх 27 былі таксама перадрукаваны ў БССРКЭ. Пры гэтым у апошняй, у прыватнасці, новымі па сутнасці былі толькі дзве карты (гл. Д. 1, № 2, 13). Падлікі колькасці карт па асноўных перыядах гісторыі Беларусі сведчаць, што дапісьменны перыяд адлюстраваны на дзвюх картах у БелСЭ і трох у БССРКЭ, старажытнарускі — адпаведна на шасці і пяці, перыяд уключэння і знаходжання сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ,  другая палова ХIII — XVIII ст.) — на сямі і трох, перыяд далучэння і знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі — на пяці і дзвюх, савецкі перыяд, у т. л. і знаходжання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, — на 25 і 15. Такім чынам, самы кароткі перыяд гісторыі Беларусі адлюстраваны на большасці (53%) карт БелСЭ, што яскрава сведчыць пра характар тагачасных прыярытэтаў у гістарыяграфіі.

На наш погляд, мінулае Беларусі, асабліва дасавецкага перыяду, адлюстравана на картах БелСЭ выключна абмежавана. Недахопамі гэтага камплекта карт можна лічыць ананімнасць многіх з іх, г. зн. адсутнасць звестак пра тое, адкуль яны скампі­ляваны, а таксама дробнасць маштабаў большасці гэтых выданняў, што істотна зніжае іх змястоўнасць. Істотным агульным недахопам БелСЭ, на нашу думку, з’яўляецца і тое, што тапаніміка гістарычных карт зусім не адлюстравана ў выданні „Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Паказальнікі: прадметны, імянны, геаграфічных назваў“ (Мінск, 1976).

Новы, больш плённы этап гістарычна–картаграфічнай дзейнасці выдавецтва „Беларуская Энцыклапедыя“ пачаўся ў сувязі з падрыхтоўкай ЭГБ. У ёй ужо апублікавана і плануецца апублікаваць у апошнім томе 174 гістарычныя карты, пераважна арыгінальныя, з іх пяць як укладкі. Гэта амаль у чатыры разы больш (370%), чым у БелСЭ. Большасць (127, або 71%) гэтых жа карт перадрукавана ў выдадзеных тамах БелЭн. Пры гэтым не зусім зразумелыя крытэрыі адбору карт для публікацыі ў БелЭн. Напрыклад, карты Палескай, Пінскай і Полацкай вобласцяў перадрукаваны, а аналагічныя карты Бабруйскай, Барана­віцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Віцебскай, Гомель­скай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай — не, хоць, на нашу думку, апошнія таксама вартыя гэтага.

У дадзеным кароткім аглядзе гістарычных карт ЭГБ немагчыма прааналізаваць іх змест усебакова, таму мы таксама абмяжуемся ў асноўным агульнымі звесткамі аб ступені забяспечанасці імі розных перыядаў гісторыі Беларусі, звярнуўшы ўвагу на некаторыя найбольш арыгінальныя з іх, што, як правіла, былі складзены ўпершыню.

Дапісьмовы перыяд гісторыі Беларусі адлюстраваны на трох традыцыйных археалагічных картах. Па старажытным перыядзе ў ЭГБ ёсць чатыры таксама традыцыйныя карты. Варта заўважыць, што ў БелЭн у адрозненне ад ЭГБ дадаткова перадрукавана вельмі састарэлая карта „Кіеўская Русь у IX— пач. ХII ст.“

Перыяд уключэння і знаходжання сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у складзе  ВКЛ прадстаўлены ў ЭГБ 42 картамі (24,1% усіх). Дарэчы, у БелЭн у адрозненне ад ЭГБ, у прыватнасці, дадаткова перадрукавана даўно састарэлая карта „Лівонская вайна 1558—1583 г.“, пра якую, на жаль, няма карты ў ЭГБ. Сярод карт гэтага храналагічнага блока варта адзначыць серыі арыгінальных карт розных воласцяў XVI—XVIII ст. В. Л. Насевіча і М. Ф. Спірыдонава — „беларускіх“ паветаў ВКЛ канца XVI ст. Пэўную навізну маюць таксама карты В. І. Мялешкі, Г. М. Сагановіча і М. А. Ткачова аб падзеях у Беларусі 1648—1661 г., а таксама У. І. Пашкевіча „Беларусь у гады Паўночнай вайны 1700—1721 г.“, дарэчы, у БелЭн замененую на іншую: „Паўночная вайна 1700—1721 г. Агульны ход вайны“, якая па інфармацыйнасці адносна падзей у Беларусі значна саступае першай.

Значная колькасць карт ЭГБ (71, або 40,8% усіх) прысвечана перыяду знаходжання сучаснай тэрыторыі Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Сярод іх арыгінальнасцю вылучаюцца серыі карт: адміністрацыйна–тэрытарыяльнага дзялення канца XVIII ст. Я. К. Анішчанкі, „беларускіх“ уездаў імперыі другой паловы ХIХ ст. В. Л. Насевіча і баёў 1812 г. В. В. Антонава. Варта адзначыць і  арыгінальную карту В. П. Панюціча „Адыходніцтва з Беларусі (1861—1910 г.)“.

Савецкі перыяд гісторыі Беларусі, у т. л. і перыяд знахо­джання БССР у складзе СССР, адлюстраваны ў ЭГБ на 53 (30,5% усіх) картах. Заходняй Беларусі, якая з 1921 да 1939 г. знаходзі­лася ў складзе Рэспублікі Польшча, прысвечана толькі адна карта з адміністрацыйна–тэрытарыяльным дзяленнем на 1935 г. Большасць гэтых карт уяўляюць перадрукоўкі з розных ранейшых выданняў, якія, на жаль, не названы. Многія застаюцца ананімнымі, бо аўтары на іх не пазначаны. Да таго ж пераважная большасць карт гэтага храналагічнага блока прысвечана падзеям II сусветнай вайны 1941—1945 г. на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх да арыгінальных у пэўнай ступені можна залічыць карты У. Ф. Ісаенкі „Абарона Мінска 25 чэрвеня — 3 ліпеня 1941 г.“ і „Навагрудскі «кацёл»“.

Такім чынам, ЭГБ колькасна значна папоўніла комплекс гістарычных карт Беларусі, асабліва па дасавецкім перыядзе. Аднак, на жаль, на яе старонках пакуль што не з’явіліся карты па гісторыі гаспадаркі (у прыватнасці, індустрыялізацыі, калектывізацыі), культуры і царквы, а пераважаюць карты, якія адлюстроўваюць амаль выключна асноўныя палітычныя, ваенныя і адміністрацыйна–тэрытарыяльныя факты, падзеі і працэсы. Гэты істотны недахоп абумоўлены, на наш погляд, усё яшчэ вельмі недастатковай распрацаванасцю праблем гістарычнай геаграфіі і гістарычнай картаграфіі Беларусі. Акрамя гэтага галоўнага, ЭГБ мае і іншыя недахопы: на многіх картах, асабліва дробнамаштабных, не паказаны ні лікавыя, ні лінейныя маштабы, што ператварае іх па сутнасці ў малазмястоўныя схемы; у першым і шостым (кн. 1) тамах няма абавязковых для энцыклапедыі спісаў карт, а ў тых, дзе яны ёсць, не паказаны старонкі, на якіх адпаведныя карты надрукаваны, што, безумоўна, ускладняе карыстанне імі. Дарэчы, у  БелЭн наогул няма такіх спісаў.

Варта таксама дадаць, што шэраг гістарычных карт, апублікаваных у ЭГБ, быў перадрукаваны ў іншых выданнях „Беларускай энцыклапедыі“: „Иллюстрированная хронология истории Беларуси: с древности и до наших дней“ (3 изд. Минск, 2002) і „Беларусь: Энцыклапедычны даведнік“ (Мінск, 1995).

На наш погляд, гістарычныя карты ЭГБ, як і „Нацыянальнага атласа Беларусі“ (Мінск, 2002. Гл. дадатак 3), могуць і павінны стаць асновай для стварэння даўно неабходных усім, хто цікавіцца мінулым нашай Радзімы, навукова–папулярнага і навуковага гістарычных атласаў Беларусі, якіх у адрозненне ад суседніх краін у нас да гэтага часу няма. Бо, на жаль, некалькі апублікаваных лапідарных школьных атласаў па гісторыі Беларусі не могуць задаволіць сур’ёзную цікавасць шматлікіх чытачоў да гістарычных карт.

Дадатак 1

Дадатак 2
П№           Аўтар                                                     Назва  Маштаб           Энцыклапедыi

млн.           ЭГБ     БелЭн

Т:с   Т:с

1                2                                                          3      4         5    6

1   Ісаенка У.Ф.    Пашырэнне археалагiчных культур на тэрыторыi Беларусi     3,8       1:163  3:21

2   Ісаенка У.Ф.    Каменны век на тэрыторыi Беларусi         3,8*   4:42     7:514

3   Крывальцэвiч М.М.,

Чарняўскi М.М. Бронзавы век на тэрыторыi Беларусi        3,8*   2:78     3:260

4   Штыхаў Г.В.     Крывiчы                                   3,8*   4:271    8:498

5   Багамольнiкаў У.У.                                        Радзiмiчы       2,1*      6,1:67 —

6   Лысенка П.Ф.    Дрыгавiчы                                 3,8*   3:301    6:226

7                  Кiеўская Русь у IХ— пач. ХII ст.          12     —        8:253

8   Штыхаў Г.В.     Старажытныя землi Беларусi ў ХI—ХIII стст.       3,8*     4:169     3:23

9   Насевiч В.Л.    Вялiкае княства Лiтоўскае ў ХIII— 1–й пал. XIV ст.        5,3*      2:388  4:358

10  Насевiч В.Л.    Вялiкае княства Лiтоўскае ў 2–й пал. XIV—XV ст. 5,3*     2:391     4:359

11                 Бiтва пад Грунвальдам 15. VII. 1410 г.           3:157    —

12  Бохан Ю.М.      Бiтва пад Грунвальдам 15. VII. 1410 г.           —        5:463

13  Насевiч В.Л.    Свiслацкая воласць (стараства) у XV—XVI стст.             6,1:262   14:264

14                 Аршанская бiтва 1514 г.                          1:187    1:538

15  Насевiч В.Л.    Аршанскi павет на пач. XVI ст.                   1:192    1:542

16  Насевiч В.Л.    Мазырскае стараства ў 1-й пал. XVI ст.           5:38     —

17  Насевiч В.Л.    Пiнскае стараства ў сярэдзiне XVI ст.            5:497    12:366

18                 Лiвонская вайна 1558—1583 гг.             4,5    —        9:245

19  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Беларусь у канцы XVI ст.        2,5*   2:394—395 4:360—361

20  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Аршанскi павет у канцы XVI ст. 1,2*   1:191    1:541

21  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Ашмянскi павет у канцы XVI ст. 1*     1:239    2:168

22  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Браслаўскi павет у канцы XVI ст.       0,8*    2:70            3:248

23  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Берасцейскi павет у канцы XVI ст.      0,8*    2:104           3:298

24  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Ваўкавыскi павет у канцы XVI ст.       0,8*    2:235           4:42

25  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Вiленскi павет у канцы XVI ст. 1,1*   2:286    4:168

26  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Вiцебскi павет у канцы XVI ст. 0,9*   2:333    4:229

27  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Гарадзенскi павет у канцы XVI ст.      1,1*    3:137           5:436

28  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Кiеўскае ваяводства ў канцы XVI ст. Фрагмент.          1,3                                       4:167  —

29  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Лiдскi павет у канцы XVI ст.    0,8    4:365    9:251

30  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Мазырскi павет у канцы XVI ст.  1      5:40    9:517

31  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Менскi павет у канцы XVI ст.    1,3    5:190    10:447

32  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Мсцiслаўскае ваяводства ў канцы XVI ст.     1,2             5:226                                     10:538

33  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Новагародскi павет у канцы XVI ст.     1,4    5:262           11:95

34  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Пiнскi павет у канцы XVI ст.    1,4    5:502    12:372

35  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Полацкае ваяводства ў канцы XVI ст.    1,4    5:524           12:455

36  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Рэчыцкi павет у канцы XVI ст.  2,2    6,1:181         14:40

37  Спiрыдонаў М.Ф.                                           Слонiмскi павет у канцы XVI ст.        0,8    6,1:341         15:19

38  Думiн С.У.,     Татарскiя землеўладаннi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм          6,1:508      —

Канапацкi І.Б.  у XVI— пач. XVII ст.

39  Насевiч В.Л.    Прапойская воласць у XVI ст.                     5:565    13:16

40  Насевiч В.Л.    Бабруйская воласць (стараства) у 2–й пал. XVI—

1–й пал. XVII ст.                                1:255    2:188

41  Насевiч В.Л.    Магiлёўская воласць у пач. XVII ст.              5:18     —

42  Мялешка В.І.    Антыфеадальная вайна 1648—1651 гг. на Беларусi   5,6*     1:134     —

43  Сагановiч Г.М.,                                           Вайна Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—1667 гг.

Ткачоў М.А.     Ваенныя дзеяннi 1654—55 гг.               6,1*   2:190    3:457

44  Сагановiч Г.М.,                                           Вайна Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—1667 гг.

Ткачоў М.А.     Ваенныя дзеяннi 1659—61 гг.               6,1*   2:190    3:457

45  Казлоў Л.Р.,    Вялiкае княства Лiтоўскае ў XVII ст.      6*     2:397    4:362

Мiхайлоўская Л.Ю.

46  Насевiч В.Л.    Крычаўская воласць у XVII—XVIII стст.            4:280    8:525

47  Пашкевiч У.І.   Беларусь у гады Паўночнай вайны 1700—1721 гг.    3,8*     5:445     —

48                 Паўночная вайна 1700—1721 гг. Агульны ход вайны. 12       —  12:223

49  Насевiч В.Л.    Барысаўская воласць (стараства) у XVIII ст.               1:319     2:330

50  Насевiч В.Л.    Любашанская воласць (стараства) у XVIII ст.               4:411     9:394

51  Насевiч В.Л.    Рагачоўская воласць (стараства) у XVIII ст.               6,1:41    13:197

52  Насевiч В.Л.    Рэчыцкая воласць (стараства)                     6,1:180  14:39

53  Казлоў Л.Р.     Адмiнiстрацыйна–тэрытарыяльны падзел Беларусi

i сумежных тэрыторый у сярэдзiне XVIII ст.       3        1:укладка 1:115

54                 Далучэнне Беларусi да Расii               4,9*   3:199    3:25

55  Анiшчанка Я.К. Магiлёскае намеснiцтва (1777—1795 гг.).   2      5:14

56  Анiшчанка Я.К. Полацкае намеснiцтва (1777—1795 гг.).     1,7    5:527    12:456

57  Насевiч В.Л.    Копыскi павет у 1802—1861 гг.                    4:234    8:415

58  Анiшчанка Я.К. Лепельскi павет у канцы XVIII— пач. ХIХ ст.               4:352     —

59  Анiшчанка Я.К. Слонiмская губерня (1796 г.)                     6,1:338  15:15

60  Лукашэвiч А.М.  Планы аховы заходнiх гранiц Расiйскай iмперыi

(канец ХVIII — пач. ХIХ ст.)                     6,2:     —

61                 Айчынная вайна 1812 г. Наступленне французскай армii.

12 чэрвеня—20 верасня 1812 г.             8,5    1:укладка  3:451

62                 Айчынная вайна 1812 г. Наступленне рускай армii.

6 кастрычнiка—2 снежня 1812 г.            7,5    1:укладка  3:451

63  Антонаў В.В.    Вiленская аперацыя 1812 г.                       2:277    —

64  Антонаў В.В.    Бой каля в. Астроўна 13 (25)—14 (26) лiпеня 1812 г.          1:244  —

65  Лукашэвiч А.М.  Бiтва пад Салтанаўкай 9—11 (21—23) лiпеня 1812 г.            6,1:214      14:116

66                 Клясцiцкiя баi 1812 г. Размяшчэнне войскаў

на 14 (26) лiпеня i iх рух да 18 (30) лiпеня              4:205     8:355

67                 Клясцiцкiя баi 1812 г. Агульны ход баёў 18 (30) —

20 лiпеня (1 жнiўня)                             4:205    8:355

68                 Бiтва пры Чашнiках 19 (31) кастрычнiка 1812 г.            6,2:      —

69  Антонаў В.В.    Барысаўская бiтва 9 (21)—11 (23) лiстапада 1812 г.           1:318  2:329

70  Антонаў В.В.    Бярэзiнская аперацыя 1812 г.                     2:173    3:415

71  Антонаў В.В.    Ваўкавыскi бой 3—4 (15—16).11.1812 г.            2:234    —

72                 Бiтва каля в. Студзёнка 14—16 (26—28) лiстапада 1812 г.      6,1:434      —

73  Казлоў Л.Р.     Адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусi

i сумежных тэрыторый у 2–й пал. ХIХ— пач. ХХ ст. 3        1:укладка 1:116

74  Панюцiч В.П.    Адыходнiцтва з Беларусi (1861—1910 гг.)          1:64     —

75  Насевiч В.Л.    Аршанскi павет у 2–й пал. XIХ ст.                1:192    1:542

76  Насевiч В.Л.    Ашмянскi павет у 2–й пал. XIХ ст.                1:240    2:169

77  Насевiч В.Л.    Бабруйскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.               1:258    2:192

78  Насевiч В.Л.    Барысаўскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.              1:322    2:332

79  Насевiч В.Л.    Брэсцкi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                 2:105    3:299

80  Насевiч В.Л.    Быхаўскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                2:148    3:379

81  Насевiч В.Л.    Ваўкавыскi павет у канцы XIХ— пач. ХХ ст.                 2:235     4:43

82  Насевiч В.Л.    Вiлейскi павет у канцы XIХ— пач. ХХ ст.          2:270    4:160

83  Насевiч В.Л.    Вiцебскi павет у канцы XIХ— пач. ХХ ст.          2:334    4:230

84  Насевiч В.Л.    Гарадоцкi павет у 2–й пал. ХIХ ст.               2:479    5:45

85  Насевiч В.Л.    Гомельскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.               3:76     5:346

86  Насевiч В.Л.    Горацкi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                 3:87     5:358

87  Насевiч В.Л.    Гродзенскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.              3:137    5:437

88  Насевiч В.Л.    Дзiсенскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.               3:230    6:117

89  Насевiч В.Л.    Дрысенскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.               3:304    6:229

90  Насевiч В.Л.    Ігуменскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.               3:472    7:165

91  Насевiч В.Л.    Клiмавiцкi павет у 2–й пал. ХIХ ст.              4:198    8:338

92  Насевiч В.Л.    Кобрынскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.               4:220    8:370

93  Насевiч В.Л.    Лепельскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.               4:352    9:208

94  Насевiч В.Л.    Лiдскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                  4:365    9:251

95  Насевiч В.Л.    Магiлёўскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.              5:26     9:469

96  Насевiч В.Л.    Мазырскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                5:41     9:517

97  Насевiч В.Л.    Мiнскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                  5:191    10:448    98     Насевiч В.Л.     Мсцiслаўскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                             5:229    10:540    99     Насевiч В.Л.     Навагрудскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                             5:263    11:96

100 Насевiч В.Л.    Пiнскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                  5:502    12:373    101    Насевiч В.Л.     Полацкi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                                 5:538    12:465    102    Насевiч В.Л.     Пружанскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                               5:576    13:49

103 Насевiч В.Л.    Рагачоўскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.              6,1:42   13:198    104    Насевiч В.Л.     Рэчыцкi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                                 6,1:181  14:40

105 Насевiч В.Л.    Свянцянскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.              6,1:266  14:270    106    Насевiч В.Л.     Сенненскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                               6,1:290  14:330    107    Насевiч В.Л.     Слонiмскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                               6,1:341  15:20

108 Насевiч В.Л.    Слуцкi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                  6,1:351  15:31

109 Насевiч В.Л.    Суражскi павет у 1–й пал. —  сярэдзiне ХIХ ст.            6,1:448   15:278

110 Насевiч В.Л.    Чавускi павет у 2–й пал. ХIХ ст.                 6,2:     —

111 Насевiч В.Л.    Чэрыкаўскi павет у 2–й пал. ХIХ ст.              6,2:     —

112 Спiрыдонаў М.Ф.                                           Схема планiроўкi сядзiбы Адампаль (каля 1900 г.)                                                           1:45   —

113                Вiленская губерня ў канцы ХIХ ст.         1,7*   2:283    4:165

114                Вiцебская губерня ў пач. ХХ ст.           2,3*   2:324    4:220

115                Гродзенская губерня ў пач. ХХ ст.         2,2*   3:126    5:426

116                Магiлёўская губерня ў пач. ХХ ст.         2,5*   5:19     9:458

117                Мiнская губерня ў пач. ХХ ст.             2,4*   5:176    10:425    118    Бiч М.В.     Структура насельнiцтва Беларусi i сумежных тэрыторый

у канцы ХIХ ст. (1897 г.).                3      1:укладка  —

119                Першая сусветная вайна 1914—1918 гг. Ваенныя дзеяннi

на тэрыторыi Беларусi                     5*     5:472    —

120                Усходне–Пруская аперацыя 1914 г.                 6,2:     —

121                Заходнi фронт 1915—18 гг.: у кампанiю 1915 г.             3:418     —

122 Лукашэвiч А.М. Свянцянскi прарыў 1915 г.                        6,1:267  14:271

123                Заходнi фронт 1915—18 гг.: у кампанiю 1916 г.             3:418

124                Баранавiцкая аперацыя 19 чэрвеня (2 лiпеня)—              1:298     —

16 (29) лiпеня 1916 г.

125                Заходнi фронт 1915—18 гг.: у кампанiю 1917—18 гг.            3:418  —

126                Беларусь у 1918—1920 гг. Люты 1918 г.—люты 1919 г.        5,8*      3:100  —

127                Брэсцкi мiр 1918 г.                              2:102    3:298

128                Мяцеж Доўбар–Муснiцкага                          3:270    6:186

129                Беларусь у 1918—1920 гг. Сакавiк 1919 г.—1920 г.          5,8*      3:100  —

130                Варшаўская аперацыя 23 лiпеня—25 жнiўня 1920 г.           2:225     4:18

131                Сярэдняя Лiтва (1920—1922 гг.)                   6,1:484  15:362

132                Узбуйненне Беларускай ССР                 4*     6,1:566  —

133                Заходняя Беларусь. 1935 г.                2,7*   3:422    7:21

134                Вiцебская вобласць. 1938 г.; 1944 г.; 1954 г.; 1993 г.    1,2       2:323  —

135                Гомельская вобласць. 1938 г.; 1954 г.; 1996 г.   2        3:69      —

136                Магiлёўская вобласць. 1938 г.; 1954 г.; 1999 г.  1,9      5:18      —

137                Мiнская вобласць. 1938 г.; 1954 г.; 1960 г.; 1999 г.      1,4       5:174  —

138                Баранавiцкая вобласць. 18.11.1940 г.; 20.9.1944 г.        1,6*      1:299  —

139                Беластоцкая вобласць. 18.11.1940 г.       1,9*   1:491    —

140                Брэсцкая вобласць. 1940 г.; 1944 г.; 1954 г.     1        2:94      —

141                Вiлейская вобласць. 1.1.1941 г.           1,7*   2:269    —

142                Беларуская ССР, палiтыка–адмiнiстрацыйная карта. 1.1.1941 г.       3,3*   1:56   1:117

143                План вайны фашысцкай Германii супраць СССР

(План „Барбароса“)                               1:307    2:304

144                Вялiкая Айчынная вайна 1941—1945 гг. Агульны ход

ваенных дзеянняў. 22 чэрвеня 1941 г.—23 снежня 1943 г.

(22 чэрвеня 1941 г.—18 лiстапада 1942 г.).       20       2:426     4:371

145                Абарона Брэсцкай крэпасцi. 1941 г.               2:89     3:288

146 Ісаенка У.Ф.    Абарона Мiнска 25 чэрвеня—3 лiпеня 1941 г.       0,48*    5:162     10:409 147    Ісаенка У.Ф.    Навагрудскi „кацёл“                       2,5*   5:260    —

148                Ваенна-адмiнiстрацыйны падзел акупiраванай тэрыторыi

Беларусi (па стану на 1942 г.)            4,5*   1:89     —

149                Знiшчэнне насельнiцтва Беларусi нямецка–фашысцкiмi

акупантамi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны 4*     1:90     —

150                Вялiкая Айчынная вайна 1941—1945 гг. Агульны ход

ваенных дзеянняў. 22 чэрвеня 1941 г. —23 снежня 1943 г.

(19 лiстапада 1942 г. —23 снежня 1943 г.).       15       2:426     4:371

151 Манаенкаў А.Л. Дыслакацыя партызанскiх злучэнняў, брыгад i асобных

атрадаў на акупiраванай тэрыторыi Беларусi

(чэрвень 1941 г.—лiпень 1944 г.)          3,75   5:415    12:137    152    Пасэ У.С.     Бялынiцкiя аперацыi партызан у 1943 г. 13 красавiка              2:165    —

153 Пасэ У.С.       Бялынiцкiя аперацыi партызан у 1943 г. 26 жнiўня             2:165  —

154 Пасэ У.С.       Бялынiцкiя аперацыi партызан у 1943 г. 11 верасня            2:165  —

155                Смаленская аперацыя 7 жнiўня — 2 кастрычнiка 1943 г.         6,1:357      15:42

156                Бранская аперацыя 1 верасня—3 кастрычнiка 1943 г.            2:66   3:243

157                Гомельска–Рэчыцкая аперацыя 10—30 лiстапада 1943 г.          3:67   5:338

158                Гарадоцкая аперацыя 13—31 снежня 1943 г.         2:478    5:44

159                Вялiкая Айчынная вайна 1941—1945 гг. Агульны ход

ваенных дзеянняў. Студзень 1944 г.—май 1945 г.   15       2:427     4:374

160 Шомадзi В.Э.    Вызваленне Беларусi ад нямецка–фашысцкiх захопнiкаў

(1943—1944 гг.)                           2,5    2:432—433  4:372—373

161                Беларуская аперацыя. 23 чэрвеня—29 жнiўня 1944 г.         5,6*      1:364  2:405

162 Шомадзi В.Э.    Калiнкавiцка–Мазырская аперацыя 8 студзеня —              4:29      7:468

8 лютага 1944 г.

163                Рагачоўска–Жлобiнская аперацыя 21—26 лютага 1944 г.          6,1:40 13:197

164 Лiтвiн А.М.     Абарона Дняпроўска–Бугскага канала. Люты–сакавiк 1944 г.     3:261  6:171

165 Лабанок У.Е.,   Абарона Полацка–Лепельскай партызанскай зоны

Манаенкаў А.Л.  i прарыў блакады (11 красавiка—5 мая 1944 г.)            5:529     12:437

166                Вiцебска–Аршанская аперацыя 23—28 чэрвеня 1944 г.            2:318  4:212

167                Магiлёўская аперацыя 23—28 чэрвеня 1944 г.                5:16      9:454

168                Бабруйская аперацыя 24—29 чэрвеня 1944 г.                 1:253     2:188

169                Мiнская аперацыя 29 чэрвеня—4 лiпеня 1944 г.              5:171     10:419

170                Полацкая аперацыя 29 чэрвеня—4 лiпеня 1944 г.             5:529     12:458

171                Вiльнюская аперацыя 5—20 лiпеня 1944 г.          2:291    4:176

172                Беластоцкая аперацыя 5—27 лiпеня 1944 г.         1:490    3:71

173                Люблiн–Брэсцкая аперацыя. 18 лiпеня—2 жнiўня 1944 г.         4:412  9:369

174                Бабруйская вобласць. 20.9.1944 г.         1,9*   1:254    —

175                Гродзенская вобласць. 1944 г.; 1954 г.; 1996 г.  1,9      3:127     —

176                Палеская вобласць у 1944—54 гг. 20.9.1944 г.     1,3*     5:386     11:549

177                Пiнская вобласць. 20.9.1944 г.            1,7*   5:499    12:367

178                Полацкая вобласць. 20.9.1944 г.           1,9*   5:530    12:458

* Прыблiзныя лiкавыя маштабы вызначаны намi, бо на саміх картах нi лiкавыя, нi лiнейныя маштабы не паказаны.

Дадатак 3

Спіс гістарычных карт  Нацыянальнага атласу Беларусі (Мінск, 2002)

1. Ксяндзоў У.П. Палеаліт і мезаліт Беларусі. 24—5–е тысячагоддзі
да н.э. 1:4 000 000…………………………………………………………………. С. 263

2. Чарняўскі М.М. Неаліт Беларусі. 5–е—пачатак 2–га тысячагоддзя да н.э. 1:4 000 000         С. 263

3. Чарняўскі М.М. Бронзавы век Беларусі.
Пачатак 2–га тысячагоддзя — VIII ст. да н.э. 1:4 000 000…… С. 263

4. Шадыра В.І. Жалезны век Беларусі.
VIII—VII cт. да н.э. —  IV—V ст. н.э. 1:4 000 000…………………….. С. 263

5. Мядзведзеў А.М. Беларусь у раннім сярэднявеччы. V—X ст.
1:4 000 000…………………………………………………………………………….. С. 264

6. Лысенка П.Ф., Штыхаў Г.В. Беларусь у IX—першай палове XIII ст. 1:4 000 000         С. 264

7. Насевіч В.Л. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Другая палова ХIII—XIV ст. 1:5 500 000 С. 264—265

8. Насевіч В.Л. Вялікае княства Літоўскае ў XV— першай палове
XVI ст. 1:5 500 000…………………………………………………………………. С. 265

9. Бохан Ю.М. Бітва пад Грунвальдам. 15 ліпеня 1410 г.
// Беларуская энцыклапедыя. Т. 5. Мінск, 1997. С. 463……… С. 265

10. Спірыдонаў М.Ф. Беларусь у другой палове XVI ст. 1:1 500 000
С. 266—267

11. Спірыдонаў М.Ф. Рэч Паспалітая ў канцы XVI ст. 1:10 000 000 . . С. 267

12. Беларусь на карце „Вялікае княства Літоўскае“ (1613 г.). // Кордт В. Материалы по истории русской картографии. Вторая серия. Вып. 2: Карты всей России и западных её областей до конца XVII в. Киев, 1910. № 13—16 С. 268

13. Сагановіч Г.М. Беларусь у XVII ст. 1:3 000 000…………………. С. 269

14. Пашкевіч У.І. Беларусь у гады Паўночнай вайны. 1700—1721 гг. 1:3 500 000       С. 269

15. Анішчанка Я.К. Беларусь у другой палове XVIII ст. 1:1 500 000
С. 270—271

16. Спірыдонаў М.Ф. Рэч Паспалітая ў 1770 г. 1:10 000 000… С. 271

17. Анішчанка Я.К. Паўстанне 1794 г. у Беларусі. 1:3 000 000 . С. 272

18. Насевіч В.Л. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел
усходняй Беларусі. 1772—1792 гг. 1:3 000 000…………………… С. 272

19. Насевіч В.Л. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Беларусі. 1793—1796 гг. 1:3 000 000       С. 272

20. Насевіч В.Л. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Беларусі. Першая палова ХIХ ст. 1:3 000 000        С. 273

21. Падзеі вайны 1812 г. у Беларусі. Чэрвень—жнівень. 1:6 000 000 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мінск, 1993. Укладка……………………………………………………………………………………………….. С. 273

22. Падзеі вайны 1812 г. у Беларусі. Кастрычнік—снежань.1:5 500 000 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мінск, 1993. Укладка…………………………………………………………………………………. С. 273

23. Міхайлоўская Л.Ю., Насевіч В.Л. Беларусь у другой палове ХIХ—пачатку ХХ ст. 1:2 150 000             С. 274—275

24. Цітоў В.С., Штыхаў Г.В. Межы рассялення беларусаў. 1:4 000 000 // Этнаграфія Беларусі. Мінск, 1989. С. 549         С. 275

25. Біч М.В., Насытка Я.П. Структура насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый у канцы ХIХ ст. (1897 г.). 1:3 000 000 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мінск, 1993. Укладка         С. 276

26. Смальянінаў М.М., Траццяк С.А. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны 1914—1918 гг. (Кампаніі 1915—1917 г.).
Лютаўская рэвалюцыя ў Беларусі. 1:3 000 000…………………… С. 276

27. Траццяк С.А. Усталяванне Савецкай улады ў Беларусі.
Лістапад 1917 г. — люты 1918 г. 1:3 000 000………………………. С. 277

28. Смальянінаў М.М., Траццяк С.А. Заходняя вобласць (Заходняя Камуна) РСФСР. 23 лістапада 1917 г. — снежань 1918 г. Заходні паход Чырвонай Арміі. Верасень 1918 г. — студзень 1919 г.
1:3 000 000…………………………………………………………………………….. С. 277

29. Траццяк С.А. Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі і Літоўска–Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.
1 студзеня 1919 г. — ліпень 1920 г. 1:3 000 000…………………. С. 278

30. Траццяк С.А. Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі — Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка. Чэрвень1920 г. — сакавік 1921 г. 1:3 000 000…………………….. С. 278

31. Жук В.М. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Савецкай Беларусі. 1921—1926 гг. 1:3 000 000          С. 279

32. Жук В.М. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Савецкай Беларусі. 1935—1937 гг. 1:3 000 000          С. 279

33. Палуян У.А. Заходняя Беларусь. 1921—1930 гг. 1:3 000 000       С. 279

34. Палуян У.А. Заходняя Беларусь. 1931—1939 гг. 1:3 000 000       С. 279

35. Палуян У.А. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Заходняй Беларусі. 1931—1939 гг. 1:1 500 000     С. 280

36. Палуян У.А. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. 17 верасня — 14 лістапада 1939 г.
1:3 000 000…………………………………………………………………………….. С. 281

37. Жук В.М., Палуян У.А. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Беларусі. 1940 г. 1:3 000 000     С. 281

38. Ісаенка У.Ф. Вялікая Айчынная вайна. Баявыя дзеянні
на тэрыторыі Беларусі. 22 чэрвеня — жнівень 1941 г. 1:1 500 000
С. 282—283

39. Манаенкаў А.Л. Вялікая Айчынная вайна. Партызанскія
фарміраванні ў Беларусі. 1941—1944 гг. 1: 3 500 000 //
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1999. С. 415. С. 284

40. Шомадзі В.Э. Вялікая Айчынная вайна. Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 г. — жнівень 1944 г. 1:3 000 000 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1994. С. 432—433………………… С. 285

41. Сафонаў М.В. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Беларусі. 1945 г. 1:3 000 000    С. 285

42. Несцяровіч М.Б. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Беларусі. 1955 г. 1:3 000 000               С. 286

43. Урублеўскі А.П. Адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел Беларусі. 1965 г. 1:3 000 000 С. 286

44. Спірыдонаў М.Ф. Фарміраванне тэрыторыі горада Мінска.
1800—2001 гг. 1:65 000………………………………………………………… С. 287

45. Спірыдонаў М.Ф. Мінск і наваколле. 1800 г. 1:100 000…… С. 288

46. Спірыдонаў М.Ф. Мінск і наваколле. 1850 г. 1:100 000…… С. 288

47. Спірыдонаў М.Ф. Мінск і наваколле. 1900 г. 1:100 000…… С. 288

48. Спірыдонаў М.Ф. Менск і наваколле. 1920 г. 1:100 000….. С. 288

49. Спірыдонаў М.Ф. Мінск і наваколле. 1940 г. 1:100 000…… С. 289

50. Спірыдонаў М.Ф. Мінск і наваколле. 1950 г. 1:100 000…… С. 289

51. Спірыдонаў М.Ф. Мінск і наваколле. 1965 г. 1:100 000…… С. 289

52. Спірыдонаў М.Ф. Мінск і наваколле. 1980 г. 1:100 000…… С. 289

Наверх

Ганна Харашкевіч. Беларуская археагрaфія на новым этапе

19 снежня, 2002 |


* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага: Кніга 44: Кніга запісаў 44 (1559—1566)/ Падрыхт. А.І.Груша). Мінск, 2001. 229.

Пра „беларускую“ археаграфію пасля працы М. Улашчыка[1] можна гаварыць толькі з 20–х г. мінулага стагоддзя, калі справай выдання крыніц па гісторыі Беларусі сталі займацца гісторыкі гэтай краіны. Перадумовы для нацыянальнай археаграфіч­най школы былі створаны яшчэ да 1917 г. Першым археографам, які пакінуў заўважны след у вывучэнні матэрыялаў Літоўскай метрыкі, выступіў С. Шамбінага (разам з М. Беражковым ён займаўся апісаннем найбольш старажытных кніг запісаў Літоўскай метрыкі[2]). Менавіта гэтыя гісторыкі ўвялі ў зварот шмат якія азначэнні актаў і дакументаў, што сцвердзі­ліся ў сучаснай дыпламатыцы Вялікага Княства Літоўскага.

Публікацыя Дз. Даўгялы 1928 г. была адзінай на працягу ўсяго савецкага перыяду існавання і Беларусі, і краіны, у якую яна ўваходзіла — Савецкага Саюза. У адпаведнасці з узроўнем дыпламатыкі і археаграфіі свайго часу Дз. Даўгяла даў агульную характарыстыку 8–й кнігі судовых справаў і ўнесеных у яе дакументаў. Кніга была цалкам прысвечана адной з беларускіх земляў — Полацкай — і разам з шматлікімі апісаннямі межаў Полацкай зямлі, зробленымі пад час дыпламатычных перамоваў прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай і Расійскага царства 1570 г., дала надзейны матэрыял для меркавання пра некаторыя карэнныя пытанні сацыяльнага, эканамічнага і часткова палітычнага развіцця гэтай зямлі.

Аднак серыя „Беларускі архіў“, у якую была ўключана і публікацыя кнігі судовых справаў ЛМ, ва ўмовах пачатага „антынацыяналістычнага“ тэрору савецкай улады працягу не мела. Гісторыкі загінулі ў  ГУЛАГу, публікатарская дзейнасць замёрла надоўга. Толькі пасля вайны з’явілася выданне тэндэнцыйна падабраных дакументаў пра расійска–беларускія дачыненні XVII ст., выкананае Абэцэдарскім. Зборнік Абэцэдарскага, як і ўсе выданні пра нацыянальныя адносіны, ажыццёўленыя пад сцягам „антыкасмапалітызму“, быў просталінейны і пазбаўлены атма­сферы рэальнага жыцця з яго супярэчлівымі тэндэнцыямі і плынямі. З археаграфічнага пункту погляду зборнік не ўяўляў цікавасці. Складальнік не абцяжарваў сябе пошукам адэкватных паняццяў для характарыстыкі розных дакументаў, тэксты былі пададзены ў спрошчанай транскрыпцыі, поле іх пошуку звужана да ЦДАСА.

Аднак пасля гэтага зноў надышоў перапынак, на гэты раз ён, здаецца, не суправаджаўся маштабам такога тэрору супраць саміх вучоных, як у канцы 20 — пачатку 30–х г. Тым не менш, найлепшыя ўсё ж пацярпелі. Сярод іх быў і М. Улашчык. Пасля вяртання з трэцяй высылкі ён змог абагульніць досвед папярэдняй археаграфіі гісторыі Беларусі.

Спроба У. Пашуты доказамі ад гісторыі змацаваць распад на асобныя фрагменты цела „адзінага і магутнага Савецкага Саюза“ не знайшла падтрымкі ў афіцыйных акадэмічных колах. Калі манаграфія, прысвечаная старажытнарускім традыцыям і лёсу ўсходняга славянства, была апублікаваная, то другое пачынанне пад яго эгідай — калектыўнае выданне матэрыялаў Літоўскай метрыкі вучонымі Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны і Беларусі — было асуджана на пагібель. Сваю ролю выканаў і трывала замацаваны ў свядомасці акадэмічных вучоных страх перад праявамі „нацыяналізму“ (бо гутарка ішла пра гісторыю дзяржавы, што спаборнічала ў Сярэднія вякі і ў пачатку Новага часу з Расійскім царствам і Расійскай імперыяй), і палітычнае стано­віш­ча, якое несла сур’ёзны крызіс сацыялістычнай сістэмы ў Еўропе (Салідарнасць у Польшчы прадэманстравала размах антысацыялістычнага і антысавецкага руху).

Ні маскоўскія[3], ні ўкраінскія, ні беларускія афіцыйныя акадэмічныя колы не ўспрынялі савецка–польскай дамовы пра сумеснае выданне матэрыялаў Літоўскай метрыкі як кіраўніцтва да дзеяння. Падрыхтаваны В. Мянжынскім першы з беларускай серыі том Літоўскай метрыкі з цяжкасцю знайшоў выдаўца, і то за межамі Акадэміі навук Беларусі[4]. Ён праклаў шлях падобным заняткам у незалежнай Беларусі. І ў 2001 г. з’явіўся другі том, праўда, зноў пад грыфам не АНБ, а Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі пры фінансавай падтрымцы Гарадзенскага абласнога аб’яднання маладых вучоных. Паколькі зайшла гутарка пра гэтую ўстанову, варта сказаць пра яе хоць некалькі слоў. Гародня дзякуючы намаганням Дз. Карава стала сапраўдным цэнтрам беларусазнаўства ў межах самой краіны, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і за яе межамі. У серыі „Наш радавод“ выйшла ўжо 8 тамоў, дзе змешчаны даследаванні па археаграфіі і крыніцазнаўстве айчынных і замежных даследчыкаў.

У 2001 г. была апублікавана 44–я кніга запісаў, дакументы якой прысвечаны пераломнаму ў гісторыі Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы пачатковаму перыяду Лівонскай вайны — 1559—1566 г. Дазволім сабе не пагадзіцца з выдаўцом А.Грушам, які ў анатацыі адрасуе сваё выданне „ўсім тым, хто цікавіц­ца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі“. Ён занадта сціпла ацэньвае значэнне 44 дакументаў, якія ўваходзяць у кнігу. Без іх немагчыма вывучэнне мінулага ні Расійскага царства, ні Рэчы Паспалітай, ні Латвіі, ні Еўропы ў цэлым. Можна спадзявацца, што на гэты пралік выдаўца звернуць увагу і іншыя рэцэнзенты з сумежных і несумежных з Беларуссю еўрапейскіх і іншых краін.

Задача дадзенай рэцэнзіі значна вузейшая — падысці да выдання 44–й кнігі запісаў з пункту погляду патрабаванняў сучаснай археаграфіі. Нельга адмаўляць таго, што гэтыя па­трабаванні бываюць рознымі: расійская археаграфічная школа — максімалісцкая па сваім характары (яе каноны распрацоўваюцца пераважна С.Каштанавым[5]), заходняя ў цэлым адпавядае ўзроўню расій­скай археаграфіі пачатку ХХ ст.[6]

Адзначым адразу, што выданне А.Грушы па тыпе найбольш блізкае да выданняў „Актов Русского государства ХVI в.“, „Актов Российского государства XVI в.“[7]. Сам склад тома нагадвае названыя тамы. У аб’ёмных уводзінах чытач знойдзе характарыстыку, праўда, вельмі кароткую, змешчаных у кнізе дакументаў, падрабязнае палеаграфічнае апісанне рукапісу з пазначэннем дакументаў, перапісаных трыма пісцамі, узоры почыркаў якіх пададзены ў дадатках, суадносінамі чатырох розных пагінацый канца XVI— 50–х г. ХХ ст. (што вельмі зручна для даследчыкаў, якія будуць карыстацца працамі класікаў беларусазнаўства ХIХ— пачатку ХХ ст.), вылучэнне асобных дакументаў па гісторыі некалькіх родаў ВКЛ, у тым ліку і роду Корсакаў. Тут жа выдавец выкладае свае ўяўленні наконт паходжання кнігі–копіі. Ён зыходзіць з меркавання, што кніга–копія ўзнаўляе цэлую арыгінальную кнігу пісара і земскага падскарбія Астафія Багданавіча Валовіча. Шкада толькі, што А.Груша не звязаў храналагічнае размеркаванне дакументаў 1561—1562, 1563 і 1566 г. з рэальнымі фактамі біяграфіі пісара, каралеўскім ітынерарыем і паездкамі самога пісара, абмежаваўшыся агульнай заўвагай, што Валовіч рэдка пакідаў краіну ў час доўгіх ад’ездаў караля (XXV).

Правілы перадачы тэкстаў крыху адрозніваюцца ад прынятых літоўскімі калегамі і рэкамендаваных расійскімі ў 1985 г. Аднак па дакладнасці перадачы тэкстаў выданне А.Грушы, бадай, пераўзыходзіць усе папярэднія. Крыху нязвычны, ды і ня­зручны для чытання выгляд „рваных“ слоў у тэксце, калі лічбавымі пазначэннямі вылучаецца адна ці дзве літары ў слове і менавіта да гэтай літары даецца палеаграфічная заўвага. Больш мэтазгодна ў заўвазе расказаць пра асаблівасці напісання слова, захоўваючы яго цэласнасць у тэксце. Незразумелая прычына адмовы ад літарнага пазначэння палеаграфічных заўваг і выкарыстання ў іх курсіву, які ўжываецца ва ўсім свеце для такіх заўваг. Залішнім здаецца ўзнаўленне кустодый.

Публікацыя 44–й кнігі запісаў Літоўскай меторыкі мае і іншае падабенства з названымі выданнямі рускіх сярэднявечных актаў, ажыццёўленымі ў савецкі і постсавецкі час. Маем на ўвазе забеспячэнне дакументаў складальніцкімі загалоўкамі. Паколькі кнігі–копіі Літоўскай метрыкі ўжо маюць загалоўкі, якія ўзыхо­дзяць да часу іх перапіскі, г. зн. да канца XVI ст., то літоўскія калегі адмові­ліся ад складальніцкіх загалоўкаў. Мяркуем, не зусім правамоцна, бо ўяўленні капііста XVI ст. пра дыпламатыку разыходзяцца з сучаснымі. Асэнсаванне ж формы і зместу дакументаў — гэта, на нашу думку, інструмент і шлях да спазнання сярэднявечнага грамадства. Таму, у цэлым падтрымліваючы ідэю ўключэння ў выданне складальніцкіх загалоўкаў, не магу ўстрымацца ад невялікага папроку А.Грушу. На наш погляд, выдавец неда­статкова закрануў пытанні дыпламатыкі і вызначэнні тыпу і разнавіднасці дакументаў, якія ў 1988 г., на апошняй канферэнцыі па гісторыі ЛМ, вы­клікалі вельмі вострыя спрэчкі і справядлівыя папрокі на адрас маскоўскіх складальнікаў „Метадычных рэкамендацый“ 1985 г., перш за ўсё на адрас цяперашняга рэцэнзента.

У цэлым можна пагадзіцца з прапанаванай выдаўцом класі­фікацыяй, якая, на наш погляд, уяўляе крок наперад параў­нальна з прапанаванай намі ў 1985 г. Аднак суадносіны з анала­гічнай класіфікацыяй К. Яблонскіса застаюцца ў выкладанні выдаўца цьмянымі. Ёсць і прыватныя пытанні: незразумела, чаму ў спісе разнавіднасцяў дакументаў пазначаны толькі 17 (c.17), а ў загалоўках іх крыху больш. Пра некаторую няўпэўненасць складальніка ў прапанаванай ім класіфікацыі сведчыць разнабой у вызначэнні разнавіднасцяў дакументаў. У паказальнік унесены 126 нумароў, а ў самой публікацыі толькі 106 дакументаў, якія знахо­дзяцца ў 44–й кнізе–копіі, плюс два дакументы–копіі, якія захоў­ваюц­ца ў Нацыяльнальным архіве Беларусі. Гэты разнабой адбыўся таму, што некаторыя, вылучаныя ў якасці асаблівай разнавіднасці, дакументы залічаны і ў гэтай асаблівай якасці і занесены ў агульную рубрыку „листы“ (так, сярод „листов“ двойчы згаданы „известительные окружные“ — №№ 16, 36, „данный уставной“ № 9, „ввязчие“ №№ 1—6, 10, 63, 80, 83). Аднак паслядоўнасці тут няма — частка „известительных окружных“ у лік „листов“ не трапіла (№№ 34, 43, 59, 72), як і адзін „данный уставной“ №53 і некалькі „ввязчих“ №№ 22, 25, 94, — і ўсё гэта без вытлумачэння прычын.

Вызначэнне некаторых разнавіднасцяў да таго ж выклікае сумненне. Так, вылучаюцца „данины“ ад імя ваяводаў, якія мелі сілу „до воли и ласки господарской“, яны адрозніваюцца ад па­цвярджальных караля і вялікага князя і яго ж прывілеяў, аднак тэрмінам „данина“ яшчэ ў першай палове XVI ст., мяркуючы па 6–й кнізе запісаў, пазначаліся і ўсе каралеўскія прывілеі.

Што да навукова–даведачнага апарата, то яго разнастайнасць і якасць можа задаволіць, спадзяюся, амаль кожнага чытача. Гэта слоўнік, каментары, табліца суадносінаў старых і новых шыфраў рукапісу, спіс копій дакументаў, змешчаных у кнізе. З іх толькі копіі двух дакументаў апублікаваны ў дадатку. Выданне мае так­сама спіс папярэдніх публікацый і спасылак на дакументы кнігі–копіі № 44. За гэтым спісам змешчаны храналагічны пералік дакументаў, паказальнікі — імянны і геаграфічны. Такім чынам, можна сказаць, што гэтае выданне па паўнаце навукова–даведачнага апарату можа прэтэндаваць на першае месца сярод усіх публікацый Літоўскай метрыкі канца ХХ— пачатку ХХI ст.

Спынімся падрабязней на некаторых частках гэтага апарату.

Тлумачальны слоўнік улічвае ўсе асноўныя дасягненні гісторыкаў і лінгвістаў у гэтай сферы. Можна выказаць толькі шкадаванне, што пераклад даецца, як і ў папярэднім, мінскім, томе Літоўскай метрыкі, толькі на беларускую мову. Рускамоўнаму чытачу, верагодна, можа не хапаць тлумачэння такіх слоў і словазлучэнняў, як вепрь кормный (№80), вгеръский золотый (№67), закло (№109), лой (№107), сажавки (№114), татарка (№67), шпекг (№67). У каментарах тлумачацца спасылкі на розныя па­дзеі, падаюцца імёны асобаў, названых толькі па займаных пасадах, ёсць бія­графічныя дадзеныя розных асобаў, уда­кладняецца месцазнаходжанне тых або іншых пунктаў, праводзіцца параў­нанне спісаў пінскіх мяшчан, прыведзеных у аднатыпных дакументах 1562 і 1563 г. (44, 71—73).

На заканчэнне хацелася б яшчэ паўтарыць сцвяр­джэнне, вынесенае ў загаловак рэцэнзіі. З публікацыяй 44–й кнігі запісаў Літоўскай метрыкі беларуская археаграфія не толькі зрабі­ла вялікі крок наперад параўнальна з дарэвалюцыйнымі выданнямі, але і ўзняла планку патрабаванняў да сучасных археографаў, якія займаюцца ўвядзеннем ў зварот не толькі кніг–копій Літоўскай метрыкі, але і помнікаў рускага і польскага Сярэднявечча.


[1] Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973.
[2] Книги Литовской метрики / Сост. Н.Г. Бережков и С.К. Шамбинаго //Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. Москва, 1915. Кн. 21.
[3] Сярод якіх пасля смерці Ў.Пашуты першую скрыпку ў пахаванні яго пачынанняў выконваў злы геній расійскай медыявістыкі — намеснік, а пазней дырэктар інстытута (што паслядоўна называўся Інстытутам гісторыі СССР, потым Інстытутам расійскай гісторый) А.Сахараў.
[4] Метрыка Вялiкага Княства Лiтоўскага. Архiў Канцылярыi вялiкага Князя Лiтоўскага. Кнiга 28. (1522—1552). Кнiга запicаў 28 (Копiя канца XVI ст.). Менск, 2000.
[5] Падрабязней гл.: Список печатных трудов Каштанова С.М. / Сост. Г.А. и О.И. Елисеевы, Л.В. Столярова, О.И. Хоруженко // У источника. Сборник статей в честь члена–корреспондента  Российской Академии наук Сергея Михайловича Каштанова. Москва, 1997. Ч. 1. С. 26—59.
[6] Гэты ўзровень цягам апошняй трэці ХХ ст. вызначаўся ў асноўным рукапіснымі „Методическими рекомендациями по изданию „Актов Русского государства“ С.М. Каштанава, якія пабачылі свет толькі ў 1998 г. Гл.: Каштанов С.М. Актовая археография. Москва, 1998. С. 143—232
[7] Акты Русского государства. Москва, 1975; Акты Российского государства. Москва, 1999. Пра іх гл.: Хорошкевич А.Л. Акты, акты и еще раз акты… Новые миры средневековой Руси, эдиционная техника и научная традиция // Отечественная история. 2000. № 5. С. 127—138.

Наверх

Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku (Захар Шыбека)

18 снежня, 2002 |


Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi
od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, 2002. 330.

Дапаможнік нашых калегаў з Беластока Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча, выдадзены на сродкі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, адпавядае дзяржаўнай праграме вывучэння беларускай тэматыкі ў сярэдніх і няпоўных сярэдніх школах былога Беластоцкага ваяводства. У ім выклад найноўшай гісторыі пачынаецца ад сярэдзіны ХVIII cт. і даводзіцца да 2002 г. Аўтараў не задавальняе агульнапрынятае ў беларускай і ў польскай гістарыяграфіі правіла пачынаць новы этап у гісторыі абедзвюх краін з 1795 г., даты апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Яны лічаць гэты рубеж неадэкватным для гісторыі Беларусі, спасылаючыся на тое, што паглынанне Расіяй беларускіх земляў пачыналася яшчэ з часоў Елізаветы, якая прэтэндавала на ўсходнюю Беларусь, і доўжылася да 1815 г., а таму 1795 г. не быў у гэтым працяглым працэсе вызначальным. Галоўным у выдзяленні новага этапу было не гэта, а тое, што з сярэдзіны ХVIII ст. пачыналася рашучая мадэрнізацыя Рэчы Паспалітай і Расіі, Беларусь жа апынулася перад выбарам польскага або расійскага ўзору гэтай мадэрнізацыі (10—11). На думку аўтараў, у акрэслены імі перыяд якраз і адбывалася цывілізацыйнае аддаленне Беларусі ад Польшчы і фармаванне сучаснай беларускай нацыі (11). У прыведзеных разважаннях шмат слушнага. Праблематычна толькі звязваць узнікненне сучаснай беларускай нацыі з яе аддаленнем ад Польшчы, бо супадзенне гэтае выключна фармальнае, а не сутнаснае. Без сувязі з Польшчай узнікненне сучаснай беларускай нацыі было б немагчымым. Разам з прыпыненнем сувязяў Беларусі з Польшчай у часы „савецкай жалезнай заслоны“ прыпыняўся і нацыятворчы працэс. Хоць нейкі ўплыў Польшчы заставаўся і тады. Сувязь Беларусі з Польшчай пацвярджаецца ўсім зместам кнігі. Таму гэта, думаю, не пазіцыя аўтараў, а, хутчэй, недакладны выраз.

Урэшце, гісторыю можна пісаць з любога моманту, абы яна была праўдзівай і цікавай. І ў гэтым сэнсе прэтэнзій да аўтараў няма. Выданне вылучаецца арыгінальнасцю і навізной. Прыводзяцца новыя факты. Нават шырокавядомыя падзеі дапаўняюцца цікавымі дэталямі і робяцца прывабнымі. Багаты і разнастайны матэрыял выкладаецца лаканічна і даступна. Нават дастаткова вывучаныя гістарычныя з’явы інтэрпрэтуюцца нетрадыцыйна. Аўтары не абмяжоўваюцца пераказам гістарычных падзей, а імкнуцца вызначыць матывацыю іх удзельнікаў. Істотнае месца адводзіцца гістарычнаму лёсу сучасных беларусаў Польшчы. Гісторыя Беларусі выступае неад’емнай часткай еўрапейскага гістарычнага працэсу.

Праца складаецца з 33 раздзелаў, якія дзеляцца на канкрэтныя сюжэты з уласнымі назвамі. На некаторыя арыгінальныя сюжэты і новыя аўтарскія ацэнкі варта звярнуць асаблівую ўвагу.

На думку гісторыкаў з Беластока, у другой палове ХVIII ст. магдэбургскае права ў гарадскіх паселішчах Беларусі становіцца паўфіктыўным, бо пасля мінулых войнаў мяшчанства не змагло аднавіць былы грамадскі статус. У прыватнаўласніцкіх мястэчках мяшчан выганялі на паншчыну (14). Пецярбург падарваў пасярэдніцкі гандаль Магілёва з Расіяй і ўвогуле стаў сур’ёзным канкурэнтам беларускіх гарадоў у замежным гандлі (15). Адданасць традыцыйнай адукацыі на Смаленшчыне была настолькі моцнай, што яшчэ ў 1728 г. расійскія ўлады спецыяльным загадам забаранялі шляхце пасылаць дзяцей на навучанне ў межы Рэчы Паспалітай (16). З часам усталяваўся звычай называць тэрыторыю першага падзелу краю Беларуссю, а рэшту сучасных беларускіх земляў — Літвой (21). У школьных праграмах, выпрацаваных Адукацыйнай камісіяй у перыяд падзелаў, не фігуравала беларуская мова — у адрозненне ад літоўскай, на якой быў выдадзены буквар (26). Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пісаў вершы па–беларуску (35).

Цікавымі дэталямі напоўнена і беларуская гісторыя першай паловы ХIХ ст. На Беласточчыне была самая высокая ўдзельная вага мяшчан, мяшчанскімі правамі з часоў Рэчы Паспалітай карысталіся тут жыхары вёсак, размешчаных вакол каралеўскіх гарадоў (40). У Віленскім універсітэце існаваў гурток беларускай уніяцкай моладзі на чале з Антонам Марціноўскім (52). У 1820–х г., да паўстання 1831 г., колькасць вучняў у Беларусі была большай, чым ва ўсіх вялікарускіх губернях (54). У 1828 г. Мікалай I загадаў выдаць Статут ВКЛ на рускай, польскай і беларускай мовах, прызнаючы тым самым дзяржаўны статус мовы беларускай (69). На думку аўтараў, забарона царом называць Менскую і Гарадзенскую губерні літоўскімі спрыяла прызнанню іх беларускімі землямі (70). Выдадзены ў 1835 г. каталіцкі катэхізіс для дзяцей быў першай беларускай кніжкай (84).

Некаторыя новыя ацэнкі падзей першай паловы ХIХ ст. патрабуюць удакладненняў. Аўтары выяўляюць у Беларусі таго часу працэс фармавання цэлага пласта заможных сялян, за якіх паншчыну адбывалі іх парабкі, а самі яны займаліся гандлем і трымалі млыны (47). Гаворка, відаць, можа ісці толькі пра асобныя выпадкі. На с.69 сцвярджаецца, што ў 1844 г. у выніку інвентарнай рэформы Паўла Кісялёва дзяржаўныя беларускія сяляне атрымалі такое ж права асабістай вольнасці, як раней расійскія (69). Аднак, атрымаўшы грамадзянскія свабоды, казённыя сяляне заставаліся дзяржаўнымі прыгоннымі.

Часам аўтары прыводзяць меркаванні, з якімі цяжка пагадзіцца. Так, імі ставіцца пад сумненне меркаванне пра уніяцтва як беларускае нацыянальнае веравызнанне, бо, маўляў, уніяцкае богаслужэнне ў першай чвэрці ХIХ ст. адбывалася на старацаркоўнаславянскай і польскай мовах (71). Але казані ўсё ж адбываліся і па–беларуску. Аўтары лічаць, што вялікапаляка Ясінскага цяжка падазраваць у літоўскім сепаратызме (32). Крыху далей выказваецца меркаванне, што Паўлюк Багрым быў кавалём, а не паэтам, і верш, прыпісаны яму, стварыў нехта іншы ў 1850–х г. (64). Аўтары звяртаюць увагу на тое, што Францішак Багушэвіч пісаў патрыятычныя вершы толькі па–польску і падзяляў погляды ППС. Таму першым беларускім нацыянальным паэтам, лічаць яны, лепш прызнаць Казіміра Кастравіцкага (118—119). Прыведзеныя выказванні прыніжаюць вартасць знакавых суб’ектаў беларускай гісторыі, хацелі таго стваральнікі кнігі ці не. Яны кіруюцца пры гэтым неабходнасцю развянчання міфаў. Мэта, безумоўна, высакародная, але развянчанне нацыянальных міфаў не ёсць самай актуальнай у беларускай гістарыяграфіі задачай. Тым больш што разбурэнне старых міфаў вядзе да стварэння новых.

Разыходжанні ў поглядах рэцэнзента з аўтарамі выкліканы рознымі адносінамі да праблемы cуадносін матывацый і канкрэтных дзеянняў у гісторыі, ацэнкі фактаў аўтэнтычна мінуламу ці з праекцыяй на сённяшні вопыт гістарычнага развіцця. Важна, як Ясінскі ці Багушэвіч думалі, але не менш важна, як яны дзейнічалі і якія вынікі мела іх дзейнасць у гістарычным лёсе Беларусі. Прынцып аўтэнтычных ацэнак у гісторыі не выклікае сумненняў, але механічнае прытрымліванне яго вядзе да абсурду. Калі да канца ХIХ ст. не было беларусаў, а да пачатку ХХ ст. не існавала БНР і БССР, то адпаведна аўтэнтычнаму прынцыпу не было і іх гісторыі. Выходзіць, нават кіруючыся добрымі намерамі, ролю беларусаў ва ўласнай гісторыі можна звесці да статыстаў і шэрай масы, як гэта робяць нашыя суседзі. І тут свядомая пазіцыя, а не наіўнасць ці недасведчанасць аўтараў.

Падзеі другой паловы ХIХ ст. менш дыскусійныя і больш вывучаныя. Але і тут беларускія гісторыкі з Беластока знаходзяць чым здзівіць нават дасведчанага чытача. Першымі беларусамі, пакаранымі за беларускую нацыянальную дзейнасць, былі студэнты Віленскага настаўніцкага інстытута Мамовіч і Апенчанка, якія выступалі кіраўнікамі беларускага студэнцкага гуртка ў згаданай установе (113). Вытокі „крывіцкага руху“ аўтары бачаць ў працы А.Нарутовіча „Гісторыя польскага народа“, а вытокі „заходнерусізму“ — у працы С.Богуш–Сестранцэвіча „Аб Заходняй Расіі“. Узніклая ж у другой палове ХIХ ст. канцэпцыя трыадзінства расійскага народа (вялікарусы, маларусы, беларусы) была, на думку А.Латышонка і Я.Мірановіча, адказам на ідэю адзінага польскага народа, які складаўся з „абодвух народаў“ — польскага і літоўскага (34).

Большая частка кнігі адведзена гісторыі ХХ ст. Пачынаючы ад падзей 1939 г. яе асвятленне насычана дэталямі побыту, прыкладамі побытавай свядомасці, што сведчыць аб выкарыстанні аўтарамі матэрыялаў успамінаў непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Уважліва вывучаны бальшавіцкія пастановы. Ім аддаецца часам больш увагі, чым канкрэтным падзеям.

І ў выкладанні гэтага перыяду гісторыі выяўляецца імкненне да „дэгераізацыі“ мінулага. Наўрад ці ёсць падставы сцвярджаць, што беларускі рух уяўляў сабой маргінез галоўнага струменя падзей 1917 г. (131). Галоўным зместам тых падзей была барацьба за ўладу ў Беларусі. І беларусы ўпершыню выступілі ў гэтай барацьбе самастойнай палітычнай сілай, з якой не маглі не лічыцца ні рускія, ні палякі. Першы Ўсебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) — ніяк не другарадная з’ява ў палітычнай гісторыі Беларусі ды і Расіі ў цэлым. Супраціўленне савецкай уладзе пасля заканчэння II сусветнай вайны тлумачыцца не столькі патрыятычнымі матывамі, колькі барацьбой за выжыванне „лясных братоў“, а ў ліку прычын з’яўлення студэнцкага антысавецкага падполля называецца правакацыя КДБ (236). Аўтары сцвярджаюць, што структуры апазіцыйнага руху з’явіліся ў БССР толькі ў гады „перабудовы“ (261). Гэта так, але і ў 1960—1980–х г. антыкамуністычныя настроі і антысавецкі рух усё ж існаваў, і пра іх варта было б успомніць.

Заслугоўвае ўвагі ацэнка савецкіх партызан. Хто яны? Нацыянальныя патрыёты, героі або „пушачнае мяса“ для бальшавікоў? Аўтары адмаўляюць партызанскаму руху ў нацыянальным патрыятызме. Партызанка — гэта адзін з франтоў Чырвонай Арміі, які кіраваўся з Масквы, а не праява ўсенароднай барацьбы з акупантамі. І, відаць, нашы калегі маюць рацыю. „Рабіць“ партызан нацыянальнымі героямі вельмі цяжка. Няўжо беларусы ішлі ў партызаны, каб ратаваць Айчыну, якой у іх не было, ратаваць бальшавіцкія парадкі, ад якіх пакутавалі да вайны? Людзей гнаў у лясы пераважна страх. Іначай чаму партызанскі рух не стаў масавым да перамогі над немцамі пад Сталінградам і Курскам? І тут мы трацім яшчэ адну гераічную старонку сваёй гісторыі. Але якой яе цаной набывалі? Цаной апраўдання пакорлівага падпарадкавання бальшавіцкай Расіі.

Вялікае месца ў кнізе адводзіцца ацэнкам страт жыхароў Беларусі ад нацызму і бальшавізму. Аўтары робяць важную і слушную выснову, што ў часы нацысцкай акупацыі ў беларусаў не было групавых матывацый для супрацоўніцтва з немцамі, бо яны не мелі вопыту працы ў дзяржаўных структурах і адпаведнай адукацыі (208). Гэтая акалічнасць, а таксама жорсткасць нацыстаў і актыўнасць савецкіх партызан абумовілі асабліва вялікую долю загінутага пад акупацыяй цывільнага насельніцтва ў параўнанні з іншымі акупаванымі краінамі Еўропы (227). Беларусь страціла ў мінулай вайне нацыянальную эліту (228). У 1945—1955 г. з Беларусі на падставе барацьбы з калабарантамі і нацыяналістамі і ў рамках „перавыхавання“ вывезены амаль мільён чалавек, пераважна жыхароў гарадскіх паселішчаў. Іх месца заступалі расіяне, якія складалі тут кіроўную эліту (235).

Прыводзяцца шэраг прыкладаў „ідыятызму“ савецкай улады пасляваеннага часу. Не замоўчваюцца і асобныя поспехі. Можна сказаць, заўважаецца нават іх некаторае перабольшванне. Відаць, дзеля таго, каб патлумачыць прыхільнасць сучасных беларусаў да савецкага мінулага. Але не ўсё было так добра, як можа падацца нават прафесійным даследчыкам мінулага. Праўленне А.Лукашэнкі ацэньваецца вельмі крытычна, на падставе фактаў, але не абразліва.

Галоўная ўвага пры асвятленні гісторыі ХХ ст. звяртаецца ўсё ж на беларуска–польскія ўзаемаадносіны. Польская палітыка 1919—1920 г. у Беларусі і пазнейшая палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі ацэньваецца вельмі жорстка — як палітыка каланіяльная, накіраваная на асіміляцыю беларусаў. На думку аўтараў, гэтая палітыка наносіла шкоду не толькі адносінам паміж палякамі і беларусамі, але і інтарэсам польскай дзяржавы.

Кніга змяшчае цікавы раздзел пад назвай „Беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы 1944—1955“. Праўда, гаворка ў ім чамусьці ідзе толькі пра Беластоцкае ваяводства. Лёс беларусаў Польшчы да 1949 г. аказаўся не лепшым, чым у пасляваеннай сталінскай Беларусі. У пачатку 1946 г. польскае падполле спаліла жыўцом у замкнутым будынку жыхароў беларускай вёскі Залешаны (245). Крытэрыем беларускасці ў камуністычнай Польшчы было праваслаўе, як і пад царскім прыгнётам (241). Інвеставанне заходнебеларускіх земляў стрымлівалася пасля вайны небяспечнасцю іх захопу патэнцыйным праціўнікам (233). Прыведзены і іншыя прыклады дыскрымінацыі і паланізацыі беларусаў, што стала адной з прычын іх камунізацыі і падтрымкі імі існуючых тады ўладаў.

Узнятая тэма разглядаецца і ў другім раздзеле „Беларускае нацыянальнае жыццё ў Польшчы 1955—1989“. Хрушчоўская „адліга“ і ў Польшчы выклікала адраджэнне беларускага нацыянальнага жыцця (265). Для беларускага насельніцтва гэта быў час і абыякавасці, і гераічнай барацьбы за захаванне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. Падкрэсліваецца выключны ўклад у захаванні беларускасці Cакрата Яновіча і Юрыя Туронка. Хоць працэс дыскрэдытацыі і асіміляцыі не прыпыняўся. Адсутнасць інвестыцый спрыяла абязлюдзенню Беласточчыны, якая мэтанакіравана засялялася асаднікамі з цэнтральнай Польшчы (270). Уражвае падабенства антыбеларускіх захадаў савецкай Расіі і камуністычнай Польшчы. Нават „Салідарнасць“ прытрымлівалася пастулата „паляк—каталік“ (273).

Тэму завяршае раздзел „Беларусы ў III Рэчы Паспалітай“, які дае дастаткова поўнае ўяўленне аб сучасным становішчы беларусаў у польскай дзяржаве. А яно выглядае лепшым, чым у Рэспубліцы Беларусь. Пасля ўключэння Польшчы ў Еўрапейскі Саюз правы нацыянальных меншасцяў атрымалі там яшчэ большую гарантыю. Заўвагу выклікае толькі тэрмін „III Рэч Паспалітая“. Ён не вельмі прымальны для беларускай гістарыяграфіі. Бясспрэчна прызнаючы III Рэч Паспалітую польскай дзяржавай, ускосна прызнаецца польскай дзяржавай і I Рэч Паспалітая.

У падсумаванні неабходна яшчэ раз падкрэсліць, што праца беларускіх гісторыкаў з Беластока заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Абапіраючыся на здабыткі польскай гістарыяграфіі, яны глыбока і па–новаму распрацавалі гісторыю Беларусі, уключылі Беласточчыну ў кантэкст беларускай гісторыі, грунтоўна паказаўшы польскаму чытачу асаблівасці гісторыі Беларусі і ролю ў ёй Польшчы, і наогул зрабілі шмат для сцвярджэння цвярозага погляду на айчынную гісторыю. Хоць рэцэнзент больш прыхільны да рамантычных адносін да мінулага, трэба прызнаць, што прагматызм гістарычных ацэнак — можа самы моцны бок дадзенай кнігі.

У кнізе чамусьці няма ніводнай карты. Як у кожным выданні, у ёй сустракаюцца памылкі: напрыклад, 1761 г., а не 1861 г. (17), XVIII cт., а не XVII cт. (36); у Віцебску ў 1898 г. быў пушчаны электрычны, а не конны трамвай (105).

Дапаможнік такога ўзроўню варты не толькі сярэдняй, але і вышэйшай школы. Ён будзе карысны і выкладчыкам, і даследчыкам. Такога дапаможніка няма ў Беларусі, таму нашы выдаўцы зрабілі б добрую справу, калі б выдалі яго ў перакладзе на беларускую мову. Беластоцкі дапаможнік дае добрую падставу для істотнага дапаўнення і ўдасканальвання беларускай версіі найноўшай гісторыі.
Мінск

Захар Шыбека

Наверх

Ruthenica. Том I (Генадзь Семянчук)

17 снежня, 2002 |


Ruthenica. Том I / Відповедальні редактори: Володимир Ричка, Олексій Толочко. Київ, 2002. 185.

У ўкраінскай гістарыяграфіі з’явіўся новы выдавецкі праект Ruthenica — навуковы зборнік Інстытута гісторыi Ўкраіны НАН Украіны, прысвечаны праблемам гісторыі, культуры, археалогіі і этналогіі ўкраінскага Сярэднявечча, а канкрэтней — праблемам перыяду Кіеўскай Русі. Амаль занядбаны ў савецкія часы ва Ўкраіне (у Беларусі сітуацыя была яшчэ горшая), гэты навуковы кірунак апошнім часам перажывае відавочнае адраджэнне. І гэта пры тым, што перыяду Кіеўскай Русі прысвечана настолькі вялікая колькасць разнастайных вузкапрафесійных выданняў, што новы праект, здавалася, будзе мець значныя цяжкасці. Аднак ужо першы том гэтага зборніка, рэдагаванага спецыялістамі высокага ўзроўню Ўладзімірам Рычкам і Аляксеем Талочкам, сведчыць пра вялікія магчымасці ў вывучэнні ранняга Сярэднявечча Ўсходняй Еўропы. Тут бачыцца адразу два слушных і перспектыўных арганізацыйных моманты з боку рэдактараў: 1) інтэрдысцыплінарнасць — пад адной вокладкай аб’ядноўваюцца гісторыкі, археолагі, этнолагі, антраполагі, лінгвісты і інш.; 2) інтэрнацыянальнасць — побач з украінскімі даследчыкамі друкуюцца расійскія і беларускія. Таксама добрым знакам з’яўляецца аб’яднанне сталых і вядомых навукоўцаў з маладымі, пачаткоўцамі. Плюсам праекта таксама можна лічыць яго пэўны дэмакратызм, г.зн. друкаванне тэкстаў і аўтараў розных метадалагічных поглядаў і пазіцый на родных мовах.

Першы том навуковага зборніка Ruthenica складаецца з матэрыялаў „Круглага стала“ на тэму „Этнічныя працэсы ў сярэднявечным славянскім свеце“, які адбыўся ў Кіеве ў 2000 г. Асноўныя спрэчкі паміж расійскімі, украінскімі і беларускімі гісторыкамі і археолагамі, якія адбываюцца на працягу ўжо амаль дзесяці гадоў, вядуцца вакол праблемы т.зв. „старажытнарускай народнасці“. У залежнасці ад палітычных і метадалагічных пазіцый, кола ўдзельнікаў спрэчкі можна падзяліць на тры групы: 1) прыхільнікі і абаронцы ідэі існавання на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў IХ—ХIII ст. адзінай этнічнай, палітычнай і культурнай супольнасці „стражытнаруская народнасць“; 2) прыхільнікі і абаронцы ідэі неіснавання падобнага этнічнага ўтварэння, замест якога маглі быць іншыя (вайсковыя, рэлігійныя, адміністрацыйныя) формы сувязяў, якія звычайна мелі часовы харатар; 3) традыцыйныя „цэнтрысты“, высновы якіх залежаць часцей за ўсё ад кан’юнктуры і новых поглядаў навуковых аўтарытэтаў.

Падобны падзел яскрава прасочваецца і сярод часткі тэкстаў, змешчаных у рэцэнзаваным зборніку. Да першай групы неабходна аднесці артыкулы Валянціна Сядова „Древнерусская народность и предпосылки ее дифференциации“, Эдуарда Загарульскага „О времени и условиях формирования древнерусской народности“ і Наталлі Юсавай „Проблема давньоруськой народності в праці В.В.Мавродіна «Образование Древнерусского государства» (1945 г.)“.

Галоўная ідэя артыкула В.Сядова: на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў Х—ХII ст. існавала агульная этнамоўная супольнасць — старажытнаруская (усходнеславянская) народнасць. Яе існаванне, на думку расійскага даследчыка, пацвярджаюць археалагічныя, мовазнаўчыя і гістарычныя дадзеныя. Па–першае, у Х ст. на змену разнастайным і шматлікім археалагічным культурам, якія адлюстроўвалі папярэдні дыялектна–этнаграфічны падзел, фармуецца адзіная культура. Яе развіццё было абумоўлена станаўленнем уніфікаванага гарадскога жыцця з дынамічнай рамеснай дзейнасцю, складваннем вайскова–дружыннага і адміністрацыйнага станаў. Гэта ў сваю чаргу прыводзіла да адзінства прадметаў побыту і ўзбраення, нівелявання дыялектных і этнаграфічных асаблівасцяў прадстаўнікоў розных этнаграфічных групаў. Па–другое, у Х—ХIII ст. назіраецца уніфікацыя пахавальных помнікаў на тэрыторыі рассялення ўсходніх славянаў, што таксама сведчыць пра знікненне этнаграфічных асаблівасцяў сярод вясковага насельніцтва. І па–трэцяе, фактарам кансалідацыі ды інтэграцыі на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы канца I тыс. н.э. сталі славянскія перасяленцы з Дуная. На думку В.Сядова, менавіта яны хутка распаўсюдзілі ганчарную кераміку, удасканалілі ювелірнае і іншыя рамёствы, прынеслі пахавальны абрад трупапакладання. Спасылаючыся на аўтарытэты, В.Сядоў падмацоўвае свае меркаванні гістарычнымі і мовазнаўчымі фактамі. Старажытнаруская народнасць была даволі моцнай, бо нават у перыяд феадальнай раздробленнасці ХII — першай трэці ХIII ст. яе адзінства ўсведамлялася як супрацьстаянне падзелам. І толькі трагедыі сярэдзіны ХIII ст. — мангола–татарская навала і літоўскія захопы — канчаткова знішчылі магчымасці існавання адзінага этнічнага, культурнага, палітычнага і эканамічнага жыцця насельніцтва Ўсходняй Еўропы.

Гістарычным фактам „старажытнаруская народнасць“ з’яўляецца і для беларускага даследчыка Эдуарда Загарульскага. Адзіная мова, адна культура, агульная самасвядомасць і тэрыторыя — вось тыя галоўныя адзнакі насельніцтва Русі IХ—ХIII ст. Праўда, Э.Загарульскі справядліва звяртае ўвагу на недаследаваныя аспекты ў пытаннях „старажытнарускай народнасці“. Напрыклад, ён выступае супраць савецкай канцэпцыі фармавання гэтай народнасці на базе ўсходнеславянскіх летапісных груповак у перыяд існавання Старажытнарускай дзяржавы і ў межах яе вялізнай тэрыторыі. На думку Э.Загарульскага, этнагенетычныя працэсы сёння можна растлумачыць наступным чынам: асновы „старажытнарускай народнасці“ былі закладзены ў VI—IХ ст. у невялікай прасторы, якая ахоплівала паўднёвую Беларусь і паўночную Ўкраіну. Менавіта сюды перасялілася з прарадзімы частка носьбітаў пражскай культуры, якія пад нязначным уплывам мясцовага балцкага насельніцтва пачалі вылучацца як асобная (усходняя) група славянаў са сваёй усходнеславянскай мовай. У IХ—Х ст. усходнія славяне, ужо сфармаваныя ў адзіны народ „Русь“, з агульнай мовай і культурай, пачалі рассяляцца на землях на поўнач і на ўсход ад Прыпяці. Менавіта адзінства надоўга забяспечыла непадзельнасць „старажытнарускай народнасці“. Археалагічным сведчаннем дадзенага працэсу з’яўляецца шырокае распаўсюджванне сферычных курганоў з адзінкавымі трупаспаленнямі і ўзнікненне гарадоў. Больш за тое, уяўленне аб ўсходніх славянах як этнічна і палітычна маналітнай супольнасці ставіць пад сумненне існаванне племянных саюзаў крывічоў, дрыгавічоў, вяцічаў і інш. „Старажытнаруская народнасць“ увесь час знаходзілася пад уздзеяннем разбуральных сілаў: тэрытарыяльны фактар, розныя моўныя субстраты, паглыбленне феадальнай раздробленасці, а пазней і палітычнае размежаванне. Менавіта накапленне элементаў дыференцыяцыі з’явілася галоўнай прычынай паступовага падзелу ўсходняга славянства на тры народы — вялікарусаў, украінцаў і беларусаў.

Другую групу склалі артыкулы Георгія Штыхава „У истоков белорусской народности“, Аляксея Талочкі „Воображённая народность“ і Аляксандра Моці „З «міфів народів світу»: про час появы східнослов’янських націй“. Беларускі даследчык Г.Штыхаў не без падстаў лічыць канцэпцыю „старажытнарускай народнасці“ палітычнай, а не навуковай. Створана яна была ў канцы 40— пачатку 50–х г. ХХ ст. А працэс фармавання беларускага народа адбываўся незалежна ад створанага савецкай навукай поліэтноніма. Вытокі яго знаходзяцца ў балта–славянскім сімбіёзе, які складваўся ў другой палове I тыс. н.э. Тут Г.Штыхаў поўнасцю прымае канцэпцыю В.Сядова, і якраз славяна–балцкія ўзаемакантакты з’яўляюцца для яго адной з падстаў спецыфічнай беларускай ментальнасці. У выніку дадзеных кантактаў сфармаваліся летапісныя племянныя групоўкі, якія ў сваю чаргу сталі асновай утварэння княстваў. І толькі ў ХII ст. на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы самастойныя княствы пачалі аб’ядноўвацца ў групы па палітычных, эканамічных і тэрытарыяльных матывах. Менавіта ў дадзеных групах пазначылася вылучэнне тэрыторыі беларускай, украінскай і вялікарускай народнасцяў. Для першых, беларусаў, падобнай групай сталі Полацка–Мінская, Смаленская і Турава–Пінская землі.

Арыгінальным падаюцца думкі пра этнічна–культурныя працэсы часоў Кіеўскай Русі, выказаныя Аляксеем Талочкам. Адзначаючы пэўную тупіковасць у сучаснай навуковай інтэрпрэтацыі этнічнай сітуацыі на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ранняга Сярэднявечча, украінскі даследчык прапануе звярнуцца да новага, больш глыбока крыніцазнаўчага аналізу летапісных тэкстаў (улік наратыўных канвенцый летапісаў) і да метадалагічных інавацый сучаснай навукі (антрапалагічнае разуменне народнасці). Карыснымі ў першую чаргу маглі б стаць падыходы Бенедыкта Андэрсэна па даследаванні мадэрных нацый (маецца на ўвазе канцэпцыя „ўяўных супольнасцяў“).

Да цікавых высноў у артыкуле „О древнерусских «землях»“ прыходзіць і гісторык Антон Горскі. Аналіз крыніцаў ХII—ХIII ст. дазволіў аўтару сцвердзіць, што паняцце „зямля“ тоеснае суверэнным дзяржаўным утварэнням Усходняй Еўропы эпохі ранняга Сярэднявечча. Зразумела, гэта тычыцца і Полацкага ды Смаленскага княстваў.

Багата карыснай інфармацыі можна знайсці і ў іншых артыкулах, апублікаваных у 1 томе Ruthenica: „Теоретіко–методологічні засади дослідження етногенезу східнослов’янських народів у цивілізацийному контексті“ Юрыя Паўленкі, „Біля витоків слов’янства (за матеріалами Подніпров’я)“ Расціслава Церпілоўскага, „Етнічни процеси на Волині та Галичині в ранньоримський час (археологічний аспект)“ Дзяніса Казака, „До питання про Дунайську прабатьківшчину слав’ян“ Аляксея Стрыжака, „Деякі питання походження та етнічної історії населення Русі–України за даними антропології“ Сяргея Сегеды і „Лично–родовые знаки князей Рюриковичей на металлических подвесках ХI в.“ Сяргея Бялецкага.

Горадня

Генадзь Семянчук

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2002 Т.9 Сш. 1-2'