Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2003 Т.10 Сш. 1-2

Том 10 Сшыткі 1-2 (18-19) (Снежань 2003)

2 сакавіка, 2011 |

Артыкулы
Расціслаў Баравы. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст. (Гістарычна–геаграфічны аспект).  C. 3-28.
Андрэй Янушкевіч. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г. C. 29-58.
Рустыс Камунтавічус. Падарожжы па Літве ў XVI—XVII ст.: досвед італьянцаў і французаў. С. 59-88.
Конрад Бабятыньскі. Стары i Новы Быхаў у час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (1654-1655) С. 89-120.
Юры Гардзееў. Да моўнай праблематыкі гарадскіх кніг навачаснай Горадні. С. 121-142.
Юры Туронак. Фабіян Акінчыц – правадыр беларускіх нацыянал-сацыялістаў. С. 143-162.

Арxіваліі
Андрэй Радаман. Інструкцыя Новагародскага cойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г. С. 163-174.
Максім Гардзееў. Дакументы па гісторыі рамяства ў актавай кнізе полацкага магістрату за 1656—57 г. С. 175-187.

Гістарыяграфія
Зміцер Шавялёў. Агляд развіцця яўрэйскіх даследаванняў у Беларусі на мяжы ХХ—ХХI ст. С. 188-200.

Палеміка
Алесь Груша. «Малапрыстасаваныя» рэкамендацыі ці малападрыхтаваныя рэцэнзенты? С. 201-227.

Новая лiтаратура: агляды i рэцэнзii
Віктар Цемушаў. Праблемы развіцця гістарычнай геаграфіі Беларусі. С. 228-254.
Алесь Смaлянчук. У пошуках ворага польскай нацыі. С. 255-280.
Генадзь Сагановіч. Прывід нацыі ў імгле стэрэатыпаў. С. 280-318.
Сяргей Запрудскі. Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны. С. 319-352.
Максім Знак. Міфы, міфалогія і міфолагі. С. 353-370.
Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3 (2002), Вып. 4 (2003) (Віталь Галубовіч). С. 371-375.
Гусева, Александра А. Издания кирилловского шрифта второй половины XVI в. (ігар Клімаў). С. 375-384.
Zoltán András. Oláh Miklos Athila címűmunkájának XVI. századi lengyel és fehérorosz fordítása (Алесь Бразгуноў). С. 384-390.
Stern, Dieter Hubert. Die Liederhandschrift F 19-233 (15) der Bibliothek der Litauischen Akademie der Wissenschaften (ігар Клімаў). С. 391-402.
Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы (Аляксей Каўка). С. 402-407.
Пушкін, ігар А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (Захар Шыбека). С. 408-410.

Інфармацыя
Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2002—2003 г. (Любоў Собалева). С. 411-416.

(DOC)

Расціслаў Баравы. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст. (Гістарычна–геаграфічны аспект)

22 снежня, 2003 |


Хрышчэнне Русі — адна з ключавых падзей ранняй гісторыі Ўсходняй Еўропы, зафіксаваная ў вельмі вялікім і рэпрэзентатыўным корпусе крыніц. На жаль, усе крыніцы таго перыяду, што дайшлі да нас, утрымліваюць значныя прабелы інфармацыйнага поля. Гэта абумоўлена, як правіла, надта высокім узроўнем сацыяльна–культурных рэалій, якія знахо­дзяцца ў сферы інтарэсаў іх аўтараў.

У сваёй большасці крыніцы абмяжоўваюцца лаканічнымі паведамленнямі пра вышэйшую царкоўную ерархію і структуру царквы на ўзроўні епархій, а таксама адзінкавымі фактамі, звязанымі з гісторыяй асобных (найбольш буйных) храмаў і манастыроў, практычна поўнасцю пакідаючы па–за ўвагай абставіны, метады і нават храналогію хрышчэння Русі, — г. зн. канкрэтныя складнікі працэсу хрысціянізацыі „на месцах“.

У крыніцах амаль няма звестак і пра штодзённую практыку кліра Старажытнай Русі на ўзроўні прыходаў, напрыклад, пра іх місіянерскую дзейнасць, якая ў XI—XII ст. павінна была б быць абавязковай і паўсюднай (у многіх рэгіёнах гэтая дзейнасць не спынялася яшчэ некалькі стагоддзяў).

Прыкладна такі ж, у цэлым негатыўны, вынік дае і разгляд пісьмовых крыніц у „падзейна–рэгіянальным“ аспекце. У рамках дадзенай працы мы палічылі магчымым абмежавацца наступнай, заведама спрошчанай, схемай.

1. Апісанне хрысціянізацыі ядра дзяржавы — Кіева (і, шырэй, Паўднёвай Русі) — суправаджаецца шэрагам „маляўнічых падрабязнасцяў“, відавочна, ужо таму, што менавіта адтуль ішоў асноўны імпульс гэтага працэсу.

2. Тое самае можна сказаць і пра хрысціянізацыю поўначы і паўночнага ўсходу (Ноўгарад — Растоў — Суздаль): тут „па­драбязнасці“ звязаныя, галоўным чынам, з эпізодамі су­пра­ціўлення гэтаму працэсу асобных груп мясцовага насельніцтва.

3. Для тэрыторый Полацкай і Тураўскай епархій пісьмовыя крыніцы не даюць наогул ніякіх „падрабязнасцяў“ — невядомыя нават дакладныя даты заснавання епіскапскіх кафедраў у Полацку і Тураве. Гэта, напэўна, звязана з гістарычнай адасобленасцю „Рагвалодавых унукаў“, якая вяла да ін­фармацыйнай ізаляцыі паўночна–заходніх княстваў у крыні­цах паўднёвай і ўсходняй Русі; мясцовыя ж крыніцы (Полацкія і іншыя летапісы) былі пазней страчаны.

Але, калі выключыць гэтыя ў многім „літаратурныя“ эпізоды „хрышчэння“ Кіева і Ноўгарада, мы можам канстатаваць: працэс хрысціянізацыі тэрыторый асобных княстваў адлюстраваны ў крыніцах аднолькава для ўсіх рэгіёнаў — гэта значыць у самых агульных рысах.

Літаратура па тэме настолькі вялікая, што нават просты пералік хоць бы асноўных прац у межах дадзенага артыкула немагчымы[1]. Да таго ж, гэты пералік давялося б завяршыць канстатацыяй таго, што вельмі лакальны і прыватны аспект тэмы, які цікавіць нас — прасторава–храналагічнае мадэляванне працэсу ўзнікнення і распаўсюджвання праваслаўных храмаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў першыя стагоддзі пасля „хрышчэння“ — ніяк не асветлены ў крыніцах і, адпаведна, у гістарыяграфіі[2].

Трэба адзначыць, што перспектывы і нават сама магчымасць такіх даследаванняў ацэньвалася спецыялістамі яшчэ ў канцы XIX ст. крайне песімістычна: „Нельга адшукаць ні ў летапісах, ні ў іншых крыніцах больш–менш поўных і сістэматычных звестак пра пабудову цэркваў па ўсёй Расіі і, значыць, скласці агульны лік рускіх цэркваў няма ніякай магчымасці“[3].

У нашым выпадку праблема ў тым, каб адэкватна адлюстраваць канфесійную сітуацыю на тэрыторыі Беларусі ў XI—XIV і XV—XVI ст. Яе спецыфіка ў тым, што кола крыніц, якія адлюстроўваюць гісторыю існавання на землях Беларусі дзвюх канфесій — праваслаўя і каталіцызму, — па інфармацыйным змесце прынцыпова непараўнальнае.

У канцы XIV ст. на тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епар­хій пачала паступова распаўсюджвацца сетка рымска–ката­ліцкіх прыходаў (у XV—XVI ст. таксама і кляштараў розных ордэнаў). Дынаміка гэтага працэсу дастаткова поўна адлюстравана як у крыніцах[4], так і ў шэрагу спецыяльных да­следаван­няў[5], і лёгка фіксуецца на карце. У той жа час карта­графаванне або нават просты падлік праваслаўных прыходаў XI—XIV ст. па ўказаных прычынах (маўчанне крыніц) практычна немагчымы.

Нам вядомая толькі адна такая спроба, зробленая яшчэ ў пачатку 1950–х г. Б.В.Сапуновым[6] (работа перавыдадзена ў крыху змененым і дапоўненым выглядзе ў 1987 г.)[7]. Сумніўная дакладнасць выніковых падлікаў аўтара, на якую не раз указвалі спецыялісты[8], наўпрост звязана з методыкай, пакла­дзенай Б.В.Сапуновым у аснову дадзенага даследавання, якая і прыводзіць, акрамя лагічных хібаў тыпу „недаказанай вы­сновы“, яшчэ і да лавінападобнага росту памылак[9].

Але нават безадносна да гэтага высновы аўтара наконт колькасці цэркваў у Старажытнай Русі нічога нам не даюць. З беларускіх гарадоў ён згадвае толькі Віцебск, Полацк, Тураў і Горадню, а таксама Давыд–Гарадок і Ліду (!), — на жаль, не прыводзячы крыніц, у якіх ён знайшоў згадкі пра два апошнія гарады „да 1240 г.“ — г. зн. да заяўленай аўтарам верхняй храналагічнай мяжы даследавання (пра рэальнае датаванне гэтых гарадоў у крыніцах — гл. ніжэй).

Як бачым, на ўсёй тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епар­хій аўтар налічыў толькі пяць „гарадоў“, што мелі прыходскія і манастырскія цэрквы. Калі выключыць Ліду, што трапіла ў спіс гарадоў X—XIII ст. яўна памылкова, застаецца чатыры.

Ніхто не ўсумніцца ў апрыёрным сцвярджэнні, што на гэтай тэрыторыі нават у XI ст. было значна больш „гарадоў“, якія мелі праваслаўныя прыходы. Гэтае сцвярджэнне нават нельга назваць „дагматычным“, настолькі яно відавочнае, але, калі грунтавацца толькі на корпусе традыцыйных пісьмовых крыніц, праваслаўныя прыходы X—XIV ст. на тэрыторыі Пінскай і Тураўскай епархій, у адрозненне ад рымска–каталіцкіх (XIV—XVI ст.), нельга ні пералічыць у храналагічным парадку, ні паказаць на гістарычнай карце. У выніку, кантрастуючы са шчыльнай інфармацыйнай нагрузкай карты рым­ска–каталіцкіх касцёлаў XV—XVI ст., амаль чыстыя аркушы карт, якія павінны адлюстроўваць першапачатковую хрысціянізацыю гэтай тэрыторыі ў XI—XIII ст., таксама як і гісторыю праваслаўнай царквы ВКЛ XIV—XVI ст., міжволі могуць са­дзейнічаць неадэкватнаму ўспрыманню гістарычных рэалій разгляданага перыяду.

У гэтай сувязі неабходна было знайсці нейкую новую, нетрадыцыйную методыку, дакладней, больш агульны падыход да праблемы, у рамках якога мы можам праз супастаўленне тэматычна разнародных на першы погляд фактаў аднавіць несупярэчлівую карціну разгляданага працэсу. Такі падыход, заснаваны на прынцыпах комплекснага крыніцазнаўства[10], хоць і прадугледжвае выкарыстанне пэўных тэарэтычных дапушчэнняў, але дазваляе разглядаць сціплыя дадзеныя пісьмовых крыніц з іншага, значна больш пашыранага пункту погляду.

У артыкуле зроблена спроба як бы „матэрыялізаваць“ працэс хрысціянізацыі, звязаўшы яго з ужо вядомымі элементамі сацыяльна–палітычнай структуры дадзенага рэгіёну. Для гэтага побач з нешматлікімі непасрэднымі ўказаннямі пісьмовых і археалагічных крыніц пра месцазнаходжанне храмаў і манастыроў XI—XIV ст.[11] (гл. карту, № 1—2) намі быў выкарыстаны значна больш шырокі корпус дадзеных і, часткова, метадаў, запазычаных намі з гістарычнай геаграфіі.

Тэзісная форма вызначана ў роўнай ступені праблематычнасцю тэмы, разнароднасцю матэрыялу і нетрадыцыйнасцю нашай методыкі.

1. Сістэмны характар „хрысціянізацыі“ і структурная аснова гэтага працэсу: „горад — храм — прыход“.

1.1. Паводле дадзеных летапісаў, пасля хрышчэння кіяўлян Уладзімір Святаслававіч „… повеле рубити церкви и поставляти по местам, иде же стояху кумири… И нача ставити по градом церкви и попы, и люди на крещенье приводити по всем градом и селом“[12]. Паведамленне носіць падкрэслена дэскрыптыўны характар, дэталі працэсу, як ужо гаварылася, у крыніцах не ўпамінаюцца[13].

Я.Галубінскі прапануе наступную схему: „Пры хрышчэнні горада або ўезда ўрад падзяляў іх на некалькі ўчасткаў і ў кожным ставіў царкву. З цягам часу гэтыя прыходы раздзяляліся на меншыя… Станоўчых звестак пра ўзнікненне гэтых „другасных“ прыходаў мы не маем ніякіх“[14].

На думку таго ж гісторыка, „пры рухомасці насельніц­тва… клопат аб пабудове цэркваў у Старажытнай Русі (як і ў Англіі)… клаўся на землеўласнікаў“[15]. Далей ён піша, што „шукаць святароў (у прыход) было вельмі лёгка (з прычыны іх мноства), але і яны нават самі маглі спрыяць памнажэнню прыходаў… Паставіць драўляную царкву … уласнымі сродкамі… нічога не каштавала. Усё … (акрамя ікон)… магло быць выраблена на месцы, у вёсцы“[16].

1.2. Як бачым, аўтар лічыць, што ўжо ў XI ст. існавалі ўсе ўмовы, каб храмаў (прыходаў) было шмат, але нават пры­кладная іх колькасць застаецца невядомай.

У крыніцах сустракаюцца толькі ўрыўкавыя звесткі пра лік храмаў у буйных гарадах, перш за ўсё ў Кіеве. Так, па да­дзеных Ніканаўскага летапісу, у 1017 г. (г. зн. праз 30 гадоў па­сля хрышчэння) у Кіеве „згарэла да 700 цэркваў“[17]. Амаль столькі ж храмаў („каля 600“) згарэла ў Кіеве пад час пажару ў 1124 г.[18], г. зн. амаль праз паўтара стагоддзя пасля хрышчэння. Несумненна, большая частка гэтых „цэркваў“ — дамавыя малельні і капліцы. Нават калі ўслед за П.П.Талочкам лічыць, што колькасць жыхароў старажытнага Кіева складала 50 тыс. чалавек[19], то пры наяўнасці ў горадзе больш за два дзесяткі буйных каменных храмаў[20] драўляных прыходскіх цэркваў (калі лічыць у сярэднім па 300—400 чалавек на прыход) павінна быць каля 150.

Сам факт існавання ў сталіцы дзяржавы ўжо ў першым стагоддзі пасля хрышчэння прыкладна 200 прыходскіх храмаў дае падставы дапусціць наяўнасць адпаведнай колькасці храмаў і ў іншых гарадах: ад некалькіх дзесяткаў у сталіцах княстваў[21], да 1—2 у больш дробных адміністрацыйных цэнтрах[22].

1.3. Прымаючы (для тэрыторыі Кіеўскай Русі) існаван­не аб’ектыўнай сувязі „горад — храм“ як аксіёму[23], мы можам сцвярджаць, што дамінантны тут менавіта феномен „горада“.

Па назіраннях Я.Галубінскага, у перыяд, які нас ці­ка­віць („да канца XIV ст.“), нават манастыры (абшчыны, што па сваёй сутнасці маюць на ўвазе пэўнае адасабленне, „замк­­нутасць“ у дачыненні да „свету“), засноўваюцца або на самой тэрыторыі, або ў бліжэйшых ваколіцах буйных гарадоў[24].

У XI—XIII ст. і сам факт заснавання, і тым больш далейшае функцыянаванне храма (як і яго місіянерская дзейнасць) былі непасрэдна звязаны з канкрэтным населеным пунктам. Прычым гэты населены пункт да моманту заснавання храма ўжо меў пэўны статус, з’яўляючыся адмі­ністрацыйным цэнтрам таго ці іншага ўзроўню, г. зн. „горадам“.

1.4. Як вядома, „гарадамі“ для аўтараў летапісаў[25] былі ўсе населеныя пункты, што мелі ўмацаванні. Зыходзячы з такой трактоўкі гэтага паняцця, хоць і з некаторымі агаворкамі, М.Ціхаміраў налічваў у Старажытнай Русі да 300 гарадоў[26]. П.Рапапорт, які карыстаўся крытэрыем „велічыні ўмацаванай тэрыторыі“, паменшыў гэтую колькасць да 100[27]. А.Куза, які выпрацаваў сваю, вельмі падрабязную і шматпланавую сістэму крытэрыяў, заснаваную ў асноўным на археалагічных крыніцах, прыйшоў да высновы, што „ў цэлым на Русі ў канцы X — пачатку XI ст. налічвалася 20—25 пасяленняў гарадскога тыпу, у XI — першай палове XII ст. іх было каля 70, а да сярэ­дзіны XIII ст. існавала ўжо каля 150 феадальных гарадоў“[28].

У апошнія дзесяцігоддзі з’явіўся шэраг прац, якія пашырылі і ўзбагацілі канцэптуальна–тэарэтычную базу, звязаную з дадзе­най праблематыкай (сярод даследчыкаў, акрамя назва­нага А.Кузы[29], у першую чаргу неабходна згадаць В.Карла­­ва[30] і Б.Цімашчука[31]).

Тым не менш, нягледзячы на значную зацікаўленасць да­следчыкаў гэтай праблемай, у сучаснай гістарыяграфіі няма адназначнага, прызнанага калі не ўсімі, то хоць бы большасцю, і распаўсюджанага на ўсе рэгіёны Старажытнай Русі азначэння такога сацыяльна–культурнага феномена, як „горад“.

1.5. На наш погляд, усё яшчэ ў цэлым справядлівай застаецца выснова В.Т.Пашуты, што „гарады Русі былі вельмі разнастайнымі як па характары іх сацыяльнай струк­­туры, так і па палітычнай ролі. Да гэтага трэба дадаць, што пад уплывам эканамічнага развіцця або пад уздзеян­нем знешніх фактараў асобныя гарады пераходзілі з адной катэгорыі ў другую. Неаднароднасць гаспадарчых і палітычных умоваў у вялікай дзяржаве непазбежна спараджала цяжка аглядную „неаднастайнасць“ генезісу і развіцця гарадскіх формаў“[32].

Улічваючы гэтую акалічнасць і не маючы магчымасці ўдавацца ў складаныя дэфініцыі сацыяльна–культурнага, экана­мічнага і палітычнага плану, мы прымаем, што ўсе (адносна нешматлікія) населеныя пункты на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах XI—XIII ст. (менавіта ў сілу гэтага ўпамінання!), былі адміністрацыйнымі цэнтрамі рознага ўзроўню і тым самым патэнцыяльнымі цэнтрамі хрысціянізацыі ў межах тагачаснай Полацкай, Тураўскай, часткова — Смаленскай, Чарнігаўскай і Ўладзіміра–Валынскай епархій[33].

2. „Гарады“ і „прыходы“ на тэрыторыі Беларусі ў X—XIII ст.

2.1. Гэта, перш за ўсё, Полацк і Тураў, вядомыя па пісьмовых крыніцах як сталіцы княстваў яшчэ да 988 г., якія заканамерна сталі першымі цэнтрамі хрысціянізацыі і цэнтрамі епархій. Да гэтых двух гарадоў прымыкае і Заслаўе (летапісны Ізяслаўль), першае ўпамінанне якога, хоць і не датаванае, звязана непасрэдна з асобай самога Ўладзіміра Святаслававіча (ужо пасля хрышчэння), яго найбліжэйшым атачэннем і членамі сям’і (Рагнеда — Ізяслаў Уладзіміравіч)[34], а жыццё горада ў канцы X — першай палове XI ст. — з вельмі актыўнымі працэсамі хрысціянізацыі насельніцтва[35]. Больш за тое, па меркаванні А.Рапава, заснаваным на аналізе агульнагістарычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне і на сведчаннях мясцовых паданняў, менавіта Заслаўе, а не Полацк, было „найстаражытнейшым хрысціянскім цэнтрам Полацкай зямлі“[36].

Менавіта гэтыя тры населеныя пункты — на поўначы, у цэнтры і на поўдні сучаснай Беларусі — трэба лічыць першымі і асноўнымі цэнтрамі хрысціянізацыі тэрыторыі ўжо на мяжы X—XI ст., г. зн. на пачатковым этапе разгляданага працэсу[37].

2.2. Надалей такімі цэнтрамі заканамерна станавіліся і тыя населеныя пункты, якія ў пісьмовых крыніцах XI—XIII ст. вы­ступаюць у якасці цэнтраў удзельных княстваў або называюцца „гарадамі“[38]. Гэта Берасце, Віцебск, Менск, Лагойск, Пінск, Друцк, Слуцк, Горадня, Рагачоў, Барысаў, Брагін, Мсціслаў, Рэчыца, Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Кобрын і інш.

Тым не менш, нават прыняўшы такое бясспрэчнае, на наш погляд, дапушчэнне, мы не можам расставіць гэтыя „цэнтры хрысціянізацыі“ ў храналагічным парадку, г. зн. непа­срэдна звязаць традыцыйнае датаванне, заснаванае на „першым летапісным упамінанні“, з заснаваннем храма (прыходу). Напрыклад, Берасце (1019) і Віцебск (1021), напэўна, былі такімі „цэнтрамі“ ўжо ў 1–й палове XI ст., таксама і Пінск, хоць ён упамінаецца толькі ў 1097 г. Што да Менска і Оршы (1067), Копысі (1059), Лукомля і Лагойска (1078.), а таксама Друцка (1092), мы з улікам „сітуацыі ўпамінання“ і дадзеных іншых крыніц (галоўным чынам, археалагічных) можам з упэўненасцю гаварыць пра існаванне там прыходаў толькі на мяжы XI—XII ст. У гэтую ж групу трапляюць Слуцк (1116), Барысаў (1127), Горадня і Клецк (1128).

2.3. Астатнія населеныя пункты, упамянутыя ў 1130—1150–х г. (Прапойск, Крычаў, Гомель, Брагін, Мазыр, Мсціслаў і Чачэрск), у 1214 г. (Рэчыца) і ў 1250—1280–х г. (Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Здзітаў, Турыйск, Капыль, Камянец, Кобрын), можна ўжо з большай упэўненасцю атаясамліваць з „цэнтрамі хрысціянізацыі“ менавіта гэтага перыяду, г. зн. сярэдзіны XII — 2–й паловы XIII ст.

Да гэтай жа групы мы лічым неабходным далучыць Браслаў, Давыд–Гарадок і Свіслач — тры „гарады“, узнікненне якіх, нягледзячы на даволі позняе ўпамінанне ў крыніцах, у літаратуры датуецца XI—XII ст.[39], а таксама заснаваны не пазней чым у 2–й палове XIII ст. Лаўрышаўскі манастыр пад Нава­градкам.

З улікам усіх гэтых абставінаў найбольш карэктнай нам уяўляецца наступная схема: вылучыўшы Полацк, Тураў, Ізя­слаўль (X ст.), усе астатнія (33 „гарады“ і 1 манастыр) аб’яднаць агульным датаваннем — „XI—XIII ст.“. У выніку мы маем 37 пунктаў, якія несумненна былі рэгіянальнымі цэнтрамі хрысціянізацыі на беларускіх землях у XI—XIII ст. (гл. карту, №№ 3—4).

2.4. Але ў межах пастаўленай задачы мы не можам абмежавацца простай канстатацыяй факта існавання на гэтай тэрыторыі ў XI—XIII ст. „37 цэнтраў хрысціянізацыі“.

Па–першае, мы павінны агаварыцца, што да канца XIII ст. праваслаўных прыходаў на Беларусі было значна больш, як і больш–менш буйных населеных пунктаў: проста не ўсе яны за­фіксаваныя ў пісьмовых крыніцах, якія захаваліся да нашага часу.

Па–другое, якая была роля гэтых 37 вядомых нам прыходскіх цэнтраў для хрысціянізацыі краіны ў цэлым? Калі дапусціць, што іх дзейнасць абмяжоўвалася толькі гэтымі населенымі пунктамі, то для тэрыторыі больш чым 200 тыс. кв. км, няхай нават на Ѕ пакрытай лясамі і балотамі, гэтага яўна недастаткова.

3. Прыходы як аснова працэсу хрысціянізацыі.
Місіянер­ская дзейнасць прыходу і яе межы.

3.1. Традыцыйная летапісная фармулёўка „хрышчэнне Русі“ нібы мае на ўвазе ледзь не ўсеагульны, аднамомантны, і хутчэй нават сімвалічны акт[40], хоць усе разумеюць, што гэта быў складаны і шматгранны працэс, які спалучаў у сабе цэлы шэраг фактараў — духоўных, ідэалагічных, сацыяльна–культурных, эканамічных, прававых і г. д. Разам з тым, часта па–за ўвагай застаецца тая акалічнасць, што асновай гэтага працэсу з’яўлялася практыка (калі і не штодзённая, то дастаткова рэгулярная), падобная да той, якая пазней атрымала назву місіянерскай дзейнасці.

Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць шматлікія „Словы“, накіраваныя супраць язычніцтва і яго перажыткаў („дзвюх­вер’я“). На думку Я.Анічкава, гэтыя „…павучэнні скіраваны на насельніцтва, якое ўпарта не паддаецца хрысціянскаму вучэнню, але менавіта тое, што тут жа побач, з якім даводзіцца мець справу штодзённа…“[41], г. зн. такая дзейнасць у XI—XIII ст. павінна была весціся ў межах кожнага асобнага прыхода.

3.2. Як мы ўжо адзначалі, крыніцы практычна нічога не паведамляюць пра гэты бок дзейнасці кліра. Можна толькі меркаваць, што абавязкі святара ў тую эпоху не былі традыцыйна–руціннымі і павінны былі спалучацца з больш–менш актыўнай місіянерскай дзейнасцю, у тым ліку па–за межамі храма.

На думку спецыялістаў, богаслужэнне ў храмах XII—XIV ст. (акрамя „саборных“, якія знаходзіліся ў вялікіх гарадах) адбывалася толькі па нядзелях і святочных днях. У астатні час „святары павінны былі пераязджаць з месца на месца, наведваць сваіх духоўных дзяцей і здзяйсняць богаслужэнні ў розных месцах…“[42]. Пра гэта красамоўна сведчыць і тэрміналогія старажытных крыніц: ніжэйшая царкоўная акруга называецца „уездом“, „переездом“ або „пределом“[43]. Тэрміновы (неза­планаваны) выезд за межы таго населенага пункта, дзе знаходзіўся храм, мог быць выкліканы таксама неабходнасцю або хрышчэння, што, згодна з крыніцамі, яшчэ ў XII ст. разглядалася як справа першачарговай важнасці[44], або прыча­шчэння і адпявання.

3.3. Узнікае пытанне: што магло тэрытарыяльна абмяжоў­ваць гэтую місіянерскую дзейнасць? У тэорыі — межы суседніх прыходаў, як гэта было ў больш познія часы. На практыцы, асабліва ў XI—XIII ст., хутчэй за ўсё — толькі меркаванні бяспекі і рэальныя транспартныя магчымасці.

У якасці аналогіі можна, на наш погляд, прывесці прыклад (магчыма, легендарны) першапачатковага і свядомага абмежавання межаў сваёй епіскапскай юрысдыкцыі адным з Айцоў царквы (калі не памыляемся, Св.Аўгусцінам). Межы гэтыя былі ім вызначаны зыходзячы з магчымасцяў індывідуальнага перамяшчэння вярхом (на асле або муле) ад усходу да захаду сонца (за зыходны пункт было ўзята месца пастаяннага служэння).

3.4. Калі мы звернемся да параўнальна нядаўняга мінулага, то ў 2–й палове XIX ст. у Цэнтральнай Беларусі сярэдняя адлегласць ад прыходскай царквы да самай аддаленай вёскі, што ўваходзіла ў склад дадзенага прыходу, складала: па Мінскім уездзе — 9—10 вёрст, Барысаўскім — 10—15 вёрст, Слуцкім — 8—9 вёрст. Сустракаліся і вёскі, адлегласць да якіх была 15—17 вёрст (Мінскі ўезд), 20—22 вярсты (Барысаўскі), 14—15 (Слуцкі)[45]. Можна адзначыць, што з гэтых трох уездаў найменш населены і адначасова найбольш пакрыты лесам — Барысаўскі.

Што да Старажытнай Русі, то, на думку гісторыкаў, „… на калёсах і санях перавозілі толькі жанчын і дзяцей… Мужчыны перамяшчаліся вярхом, нават духавенства… Усё гэта можна пацвердзіць сотнямі прыкладаў“[46]. Паводле сведчанняў лета­пісу, у 1097 г. восенню „на калёсах“ княскі абоз пераадолеў адлегласць ад Кіева да Ўладзіміра–Валынскага (каля 500 км) за шэсць дзён (відавочна, на зменных конях), г. зн. з хуткасцю прыкладна 80 км у дзень[47]. Сярэднюю хуткасць перамяшчэння коннага атрада (княскай дружыны) даследчыкі ацэньваюць як 50—60 км у дзень, г. зн. 6—7 км у гадзіну. (Максімальная хуткасць улегцы, з запаснымі коньмі раўнялася 110—120 км у дзень[48].)

У нашым выпадку мінімальны радыус місіянерскай дзейнасці кожнага прыходу XI—XIII ст. (за выключэннем, магчыма, размешчаных у такіх буйных гарадах, як Кіеў, Ноўгарад і некаторых іншых) мы можам умоўна вызначыць у 20—25 км, што дазваляла без асаблівай спешкі даехаць туды і назад за 8—10 гадзін (гл. карту, № 5).

3.5. Паказальна, што асноўная адміністрацыйная адзінка Старажытнай Русі — воласць — мела прыкладна такія ж памеры. Так, паводле дадзеных археалагічных даследаванняў, „Суздальская воласць“ у XI — пачатку XII ст. налічвала каля 30 пасяленняў, што размяшчаліся каля Суздаля на тэрыторыі радыусам 20—25 км[49].

Даследчыкі таксама адзначаюць, што па крыніцах XV—XVII ст. „часам цяжка вырашыць, дзе заканчваецца прыход і пачынаецца воласць. Ці не дзве гэта розныя назвы той самай адміністрацыйнай адзінкі? Калі будавалася новая царква, то прыход падзяляўся, але аўтаматычна падзялялася і воласць. Справы пазямельнай абшчыны (воласці) і прыходу ніяк не размяжоўваліся“[50]. Рэтраспектыўная экстрапаляцыя гэтых высноваў калі не на X—XI, то, па меншай меры, на XII—XIII ст. уяўляецца дастаткова апраўданай.

Як бачым, кантамінацыя паняццяў „горад“, „храм“, „воласць“, „прыход“ яскрава прасочваецца на матэрыяле самых розных дысцыплін — ад археалогіі да гісторыі ментальнасцяў.

4. XIV ст.: „Спіс рускіх гарадоў…“ — „Спіс прыходаў“ і іншыя цэнтры хрысціянізацыі на тэрыторыі Беларусі.

4.1. XIV стагоддзе ў многім пераломнае для большасці рэгіёнаў Усходняй Еўропы, адначасова і самае „цёмнае“. Страта большасці пісьмовых крыніц (асабліва для ВКЛ), паступовая змена якасных і колькасных характарыстык розных відаў гэтых крыніц (актавыя замест летапісных і г. д.)[51], агульны дэфі­цыт базы крыніц — асноўныя прычыны такой сітуацыі.

Практычна адзінай комплекснай крыніцай па гістарычнай геаграфіі Беларусі гэтага перыяду з’яўляецца „Список русских городов дальних и ближних“[52] — унікальная праца не зусім зразумелага характару і паходжання[53]. Хоць час складання ўласна „Спіса“ датуецца канцом XIV ст. („1387—92 г.“[54], „1394—96 г.“[55] або „1375—1381 г.“[56], у распараджэнні яго аўтара (або аўтараў) знаходзіліся невядомыя нам крыніцы больш ранняга перыяду — некаторыя дадзеныя „Спіса“, згодна з даследаваннямі А.В.Попэ, узыходзяць да гістарычна–геа­графічных рэалій 1–й паловы XIII ст.[57]

4.2. З пункту погляду нашай тэматыкі вельмі важнае меркаванне А.В.Кузы, што, напэўна, гарады „Спіса“ — „гэта цэнтры епархій і прыходаў, з якіх калі–небудзь руская мітраполія атрымлівала даходы або спрабавала распаўсюдзіць на іх сваю ўладу“[58].

„Спіс“ называе 26 з тых 36 „гарадоў“, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўжо вядомы нам па летапісных упамінаннях XI—XIII ст. Дадаткова „Спіс“ называе яшчэ 14 тапонімаў, якія даследчыкі, пачынаючы з М.Ціхамірава, атаясамліваюць з адпаведнымі населенымі пунктамі гэтай тэрыторыі. Сем з іх знаходзяцца ў басейне Дняпра (Абольцы, Цяцерын, Магілёў, Быхаў, Лучын, Стрэшын, Горваль); шэсць — на паўночным захадзе (Лебедзева, Лоск, Славенск, Крэва, Гальшаны, Ліда); яшчэ адзін на Прыпяці, непадалёку ад Турава (Перароў)[59].

4.3. Да гэтых 14 „гарадоў“, названых у „Спісе“, мы можам дадаць яшчэ шэраг населеных пунктаў, першае ўпамінанне якіх у пісьмовых крыніцах датуецца 2–й паловай — канцом XIV ст. Гэта чатыры цэнтры валасцей: Бабруйск, Любашаны, Ігумен (сучасны Чэрвень), прыгаданыя ў грамаце вялікага князя Ягайлы 1387 г.[60], і Глуск („Стары“ або „Пагарэлы“) — „Глуская воласць“ ужо ў 2–й палове XIV ст. належала Івану Ольгімунтавічу Гальшанскаму[61] (памёр прыблізна ў 1401 г.)[62].

У гэты ж перыяд у дакументах упамінаюцца такія параў­нальна буйныя населеныя пункты (што не трапляюць у разрад „вёсак“), як Маладзечна — 1388 г.[63], Друя і Дрыса (сучасны Верхнядзвінск) — 1386[64] і Ляхавічы[65].

4.4. Сюды неабходна дадаць таксама „маёнтак Куранец“, дзе ў 1353 г. яго ўладальніцай была заснавана царква[66], і Пустынскі манастыр пад Мсціславам, заснаваны ў 1380 г.[67], — у выніку атрымліваецца 24 цэнтры хрысціянізацыі, датаваныя XIV ст. (гл. карту, № 6).

Разам з папярэднімі — 61, што відавочна мала для чатырох стагоддзяў, якія прайшлі з часоў хрышчэння, і для такой тэрыторыі. Несумненна, прыходаў было значна больш, як і населеных пунктаў, але крыніцы маўчаць як пра першыя, так і пра другія.

На фоне гэтага „маўчання“ як своеасаблівую „гістарычную крыніцу другога роду“, што дае цікавы матэрыял для вы­сноваў гістарычна–геаграфічнага характару, мы можам разглядаць і ўласна карту, на якой нанесены ўсе гэтыя населеныя пункты і абазначаны ў адпаведным маштабе прыняты намі ўмоўны „радыус“ кожнага з гэтых прыходаў (20 км).

4.5. Як нам уяўляецца, карта дастаткова наглядна дэманструе асноўныя тэндэнцыі развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на гэтай тэрыторыі, што вызначыліся, напэўна, значна раней, яшчэ ў сярэдзіне — 2–й палове XIII ст. і былі цесна звязаны з агульнымі працэсамі паглыблення структурнай дыферэнцыяцыі дадзенай этнагеаграфічнай прасторы.

Мы бачым, што на невялікім участку балцка–славянскага пагранічча[68] між Маладзечнам і Ашмянамі (плошчай пры­кладна 70Ч80 км) у 2–й палове XIV ст. знаходзілася 7 цэнтраў праваслаўных прыходаў (адлегласць між бліжэйшымі — ад 10 да 20 км). Адпаведна прыняты намі раней „умоўны радыус прыходу скарачаецца ў дадзеным выпадку да 10 або нават да 5 км. Амаль такую карціну мы назіраем і ў раёне Браслава (адлегласць — ад 20 км да 30 км, „радыус“ — ад 10 да 15 км).

Несумненна, варты ўвагі і той факт, што адзінае дакументальнае сведчанне пра заснаванне храма (прыхода) на гэтай тэрыторыі ў сярэдзіне XIV ст., якое дайшло да нас, адносіцца не да цэнтраў удзельных княстваў (Гальшаны, Лоск, Крэва)[69] і нават ні да аднаго з гарадоў „Спіса“ (Лебедзеў, Славенск), а да нідзе раней не згаданага простага „маёнтка“ (Куранец).

5. Асноўныя тэндэнцыі працэсу хрысціянізацыі тэрыторыі Беларусі на мяжы XIV—XV ст.

5.1. Абагульняючы ўсе гэтыя назіранні ў рамках яшчэ адной (зрэшты, дастаткова трывіяльнай) пасылкі, якую мы фармулюем апрыёры — яна заключаецца ў тым, што працэс развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на тэрыторыі Беларусі ў X—XIV ст. трэба вызначыць як неперарыўны, з тэндэнцыяй да неабарачальнага і ўстойлівага росту, — можна зрабіць наступныя высновы.

5.1.1. З’яўленне ў сярэдзіне XIV ст. праваслаўных прыходаў у „маёнтках“ (прытым у раёне балцка–славянскага пагранічча) ускосна пацвярджае раней выказаны тэзіс, што „гарады“ „Спіса…“ былі цэнтрамі прыходаў ужо, па меншай меры, на рубяжы XIII—XIV ст.

5.1.2. Сітуацыя, адзначаная намі ў паўночна–заходнім рэгіёне Беларусі і звязаная, хутчэй за ўсё, з місіянерскай дзейнасцю праваслаўнай царквы ў асяроддзі язычнікаў–балтаў, можа разглядацца і як сітуацыя, што адлюстроўвае агульную тэндэнцыю, характэрную для ўсёй Беларусі ў XIII—XIV ст. — павелічэнне колькасці прыходаў з адначасовым скарачэннем тэрыторыі кожнага з іх.

5.1.3. Мы маем права дапусціць, што кожны населены пункт, згаданы ў пісьмовых крыніцах, напрыклад, у 1–й палове XV ст. (або, шырэй, у XV ст.), які знаходзіцца на адлегласці больш за 20—30 км ад ужо адзначаных намі „прыходскіх цэнтраў“ X—XIV ст., павінен быў мець (сінхронна гэтаму ўпамінанню) свой праваслаўны храм — г. зн. быць цэнтрам асобнага прыходу ўжо на мяжы XIV—XV ст.[70]

У лік такіх „прыходаў“ (паводле крытэрыю „аддаленасці“) могуць уваходзіць, напрыклад, Докшыцы або Беразіно (Верхняе), Ула, Азярышча, Петрыкаў, Шарашова, Высокае, Свір, Лоеў, Дрысвяты, Стары Лепель, Горы, Дзісна, Койданава (сучасны Дзяржынск), Столін і інш. (гл. карту, № 7).

5.1.4. Дадатковы крытэрый — наяўнасць на тэрыторыі такога населенага пункта слядоў умацавання і культурнага напластавання эпохі Старажытнай Русі — робіць магчымасць існавання там праваслаўнага прыходу ў XIII—XIV ст. практычна стопрацэнтнай, адначасова ўказваючы на магчымасць і яшчэ больш ранняга датавання гэтага прыходу (Лоеў, Дрысвяты, Сураж, Свір, Радомля і інш.)[71].

5.2. На заканчэнне, крыху выходзячы за храналагічныя рамкі нашай тэмы, мы можам таксама выказаць меркаванне, што ў канцы XV ст. колькасць прыходаў на тэрыторыі, адзначанай межамі сучаснай Беларусі, набліжалася да тысячы, а асноўная тэндэнцыя развіцця сеткі праваслаўных прыходаў у гэты перыяд можа быць сфармулявана прыкладна так: „Адно сяло — адзін прыход“[72].

Ускосным пацвярджэннем таму могуць служыць наступныя лічбы.

Колькасць населеных пунктаў на найбольш падрабязнай гістарычнай карце Беларусі, складзенай М.Ф.Спірыдона­вым[73] на аснове дадзеных пісьмовых крыніц 2–й паловы XVI ст., складае 2300.

Мы таксама можам прыкладна падлічыць і колькасць унія­ц­­кіх цэркваў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII ст.: 500—600 у Віленскім, Наваградскім і Менскім ваяводствах (разам з Кіеўскім і Троцкім, яны складалі епархію мітрапаліта); каля 1000 — у Полацкім, Віцебскім і Мсці­слаўскім ваяводствах (Полацкая архіепіскапія); не больш за 100 — у Пінскай епархіі (складалася з аднаго Пінскага павету Берасцейскага ваяводства); 200—300 — у Берасцейскім ваяводстве (разам з Валынскім ваяводствам і Падляшшам увахо­дзіла ва Ўладзіміра–Берасцейскую епархію)[74].

Усяго мы маем ад 1800 да 2000 прыходскіх цэркваў. Не трэба даказваць, што ўсе гэтыя цэрквы да пачатку XVII ст. былі праваслаўнымі. Калі адняць прыкладна 100—150 храмаў, што знаходзіліся ў 10—15 найбольш буйных гарадах, атрымліваем, што на адзін прыход прыпадала менш за 1,5 населенага пункта (!). Рэальна, нават з улікам верагоднасці завышэння дадзеных аб колькасці прыходаў і магчымай непаўнаты карты М.Ф.Спірыдонава, на адзін прыход прыпадала не больш за 2—3 населеныя пункты, г. зн. указаная тэндэнцыя прасочваецца дастаткова выразна[75].

5.3. Нам уяўляецца, што зыходзячы з апрыёрнай пасылкі пра сістэмны характар працэсу хрысціянізацыі Старажытнай Русі, можна зрабіць дастаткова абгрунтаваную выснову аб цеснай прасторава–храналагічнай карэляцыі паміж агульнапрызнанымі рэаліямі гістарычнай геаграфіі Беларусі X—XIV ст. і працэсам развіцця тут сеткі праваслаўных прыходаў у першыя стагоддзі пасля хрышчэння.

Пры ўсёй умоўнасці падобнага метаду яго выкарыстанне ў дадзеным канкрэтным выпадку з’яўляецца адзіна магчымым варыянтам развязання праблемы, якую, нагадаем, немагчыма вырашыць на аснове той базы крыніц, што мы маем на гэты час, і ў рамках традыцыйнай методыкі яе выкарыстання.

ПРАВАСЛАЎНЫЯ ПРЫХОДЫ
НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Каменныя храмы XII—XIV ст. (з пісь­мовых і археалагічных крыніц)

Манастыры XII—XIV ст. (з пісьмовых крыніц)

Цэнтры хрысціянізацыі рубяжа X—XI ст.

Цэнтры хрысціянізацыі XI—XIII ст. і мінімальны ўмоўны арэал царкоўнага прыходу XI—XIII ст. (R=20 км).

Цэнтры прыходаў XIV ст. (з пісьмовых крыніц).

Некаторыя з найбольш верагодных цэнтраў прыходаў рубяжа XIV—XV ст. (па крытэрыю „аддаленасці“).

Мінімальны ўмоўны арэал прыходаў XIV—XV ст. (R=10 км).

Цэнтры епархій

ПРАВАСЛАЎНЫЯ ПРЫХОДЫ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Аўтар карты Р. Баравы


[1] У сваіх высновах аўтар грунтаваўся на факталагічнай аснове і канцэптуальных палажэннях шэрагу аўтарытэтных даследаванняў: Макарий (Булгаков). История русской церкви. (Выд. 2). Москва, 1995. Кн. 1—3; Голубинский Е.Е. История русской церкви. Москва, 1901—1904. Т. 1 (I и II пол.); Приселков М.Д. Очерки по церковно–политической истории Киевской Руси X—XII вв. С.–Петербург, 1913; Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1. Париж, 1954 (репринт, Москва, 1991); Чистович И. Очерки истории западнорусской церкви. Ч. 1. С.–Петербург, 1884; Знаменский П.В. Приходское духовенство на Руси XVI и XVII вв. Казань, 1865; Щапов Я.И. Княжеские уставы и Церковь в Древней Руси: XI—XIV вв. Москва, 1972; Ён жа. Церковь в Древней Руси (до конца XIII в.) // Русское православие: Вехи истории. Москва, 1989; Щапов Я.И. Государство и церковь Древней Руси X—XIII вв. Москва, 1989; Рапов О.И. Русская церковь в XI — первой трети XII в.: Принятие христианства. Москва, 1988; Православная энциклопедия. Русская православная церковь. Москва, 2000; Poppe A. Państwo i Kosciól na Rusi w XI wieku. Warszawa, 1968; і інш.
[2] Дадаткова намі быў прагледжаны (з п.п. указанай праблемы) шэраг бібліяграфічных паказальнікаў XIX—XX ст. як па агульнацаркоўнай гісторыі, так і рэгіянальных: Леонтович Ф.И. История Русского права. Вып. 1. Литература истории русского права. Варшава, 1902. С. 302—320 (Источники права церковного); С. 345—355 (Церковное управление); Макарий (Булгаков). Op. cit. Кн. 3. Москва, 1995. С. 579—618 (Новая литература по истории Русской Православной Церкви 988—1448 г.). Пенкина З.М. Полесье: Библиогр. материалы. С.–Петербург, 1883 г.; Балтрамайтис С. Сборник библиографических материалов для географии, истории, истории права, статистики и этнографии Литвы. Изд. 2. С.–Петербург, 1904; і інш.
[3] Волков Н.С. Статистические сведения о сохранившихся древнерусских книгах XI—XIV вв. и их указатель // Памятники древней письменности. Вып. 123. С.–Петербург, 1897. С. 12.
[4] Kodeks dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej. Kraków, 1948. Т. I (1387—1507).
[5] Kurczewski I. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912; Ochmański I. Bis­kupstwo Wileńskie w sredniowieszu. Poznań, 1972 і інш.
[6] Сапунов Б.В. Некоторые соображения о древне–русской книжности XI—XIII вв. // ТОДРЛ. 1955. Т. 11. С. 314—332.
[7] Ён жа. Книга в России в XI—XIII вв. Москва, 1978. С. 30—84. (Гл. II. Гипотетическое восстановление возможного количества древнерусских книг XI—XIII вв.).
[8] Гл. Розов Н.Н. Книга Древней Руси. Москва, 1977. С. 79—80, 138. (Прим. №№ 151; 154; 155).
[9] Коратка спынімся на асноўных звёнах гэтага „метадычнага ланцужка“:

1) дадзеныя пра будаўніцтва і пажары цэркваў у 54 гарадах (да 1240 г.), сабраныя аўтарам у летапісах і іншых пісьмовых крыніцах, абагульнены ў табліцах (без спасылак на крыніцы). Вынік — 264 прыходскія храмы і 143 манастыры (1978. С. 42—44, 63);

2) вызначана меркаваная колькасць гарадоў Старажытняй Русі, а потым вылічана колькасць насельніцтва, якое магло там жыць;

3) на аснове гэтых вылічэнняў рэканструявана агульная колькасць прыходаў у гарадах і зроблена выснова, што „да сярэдзіны XIII ст. там было ўзведзена 1300—1500 цэркваў“ (1978 г. С. 56);

4) вылічана „агульная“ колькасць насельніцтва Старажытнай Русі, адняўшы ад якога „ўжо вядомую“ лічбу гарадскога насельніцтва, аўтар атрымлівае колькасць сельскага; падзяліўшы вынік на ўмоўную колькасць жыхароў аднаго прыходy (500 чал.), вызначае колькасць сельскіх прыходаў — „8—9 тысяч“ (1978. С. 60);

5) падсумаваўшы ўсе лічбы і дадаўшы „1000 дамавых малельняў у ся­дзібах феадалаў“, аўтар атрымлівае вынік: „У Старажытнай Русі функ­цыя­навала прыкладна 10 тысяч цэркваў розных катэгорый“ (1978. С. 64).
[10] Янин В.Л. Очерки комплексного источниковедения. Москва, 1977. С. 19—21.
[11] Гл.: Раппопорт П.А. Русская архитектура X—XIII вв. // Археология СССР: Свод археол. источников. Вып. Е1–47. Ленинград, 1982; Антипов И.В. Древнерусская архитектура второй половины XIII — первой трети XIV вв. С.–Петербург, 2000.
[12] Повесть временных лет. Ч. 1. Москва, 1950. С. 81.
[13] „Пра ператварэнне ў хрысціянства ўсіх гэтых усходнеславянскіх народнасцяў (смаленскія крывічы, радзімічы, севяране, вяцічы) у пісь­мовых крыніцах амаль не сустракаецца матэрыялаў“ (Рапов О.М. Русская церковь в XI — I трети XII в. С. 340); „Летапісы не паведамляюць пра час і акалічнасці хрышчэння Полацкай зямлі“ (Тамсама. С. 373); „Пісьмовыя крыніцы не ўтрымліваюць дадзеных пра пераўтварэнне ў хрысціянства насельніцтва Верхняга Пабужжа і Верхняга Панямоння“ (Тамсама. С. 379).
[14] Голубинский Е.Е. История русской церкви. Т. 1 (1–я пол.). С. 487.
[15] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (2–я пол.). С. 3. Прим. 1.
[16] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (1–я пол.). С. 487. Далей аўтар указвае на распаўсюджанасць у Старажытнай Русі кцітарскага права, што сведчыць пра вялікую колькасць храмаў (прыходаў), заснаваных прыватнымі асобамі (Тамсама. С.488—489, 412—415).
[17] ПСРЛ. Т. 9. Москва, 1965. Стб. 75. Паводле іншых дадзеных (Т.Мерзебургский) у 1018 г. у Кіеве існавала „каля 400 цэркваў“. Гл.: Голубинский Е.Е. История Русской церкви. Т. 1 (2–я пол.). С. 5; Рапов О., Ткаченко Н.Г. Русские известия Титмара Мерзебургского // Вестник Московского ун–та. Сер. История. 1980. № 3. С. 66.
[18] ПСРЛ. Т. I. Москва, 1997. Стб. 293.
[19] Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. Киев, 1989. С. 200.
[20] Раппопорт П.А. Русская архитектура X—XIII вв. С. 7—27.
[21] Напрыклад, у Ноўгарадзе ў XI—XIII ст. было пабудавана 87 цэркваў, з іх 22 — каменныя (Раппопорт П.А. Op. cit.).
[22] Ускоснае ўказанне на параўнальна вялікую колькасць такіх „цэнтраў“ (пры прасторавай велічыні епархій Старажытнай Русі) Я. Галубінскі бачыць і ў распаўсюджанасці звычаю „малога асвячэння“, калі архірэй, не маючы магчымасці асабіста асвяціць новы храм („вялікае асвячэнне“), замест гэтага пасылаў асвячоны антымінс (Голубинский Е.Е. Op. cit.. Т. 1. С. 182—183; 460).
[23] Лічым абавязковым зрабіць адну істотную агаворку, звязаную з неабходнасцю ўліку канкрэтнай гістарычна–геаграфічнай сітуацыі і сацыяльна–культурных рэалій розных рэгіёнаў Старажытнай Русі. Напрыклад, для тэрыторыі Ўкраіны (асабліва левабярэжнай) наўрад ці будзе правамерным атаясамліванне адвольна ўзятага населенага пункта, няхай нават і ўпамянутага ў летапісах як „горад“, з цэнтрам праваслаўнага прыходу. У якасці прыкладу можна прыгадаць рэпліку Святаслава Чарнігаўскага, якая адносіцца да 1159 г., пра „сем пустых гарадоў“ — „а в нех седят псарове же и Половци“ (ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1962. Стб. 500). Хоць у летапісе па Васкрасенскаму спісу гэтая рэпліка мае крыху іншае гучанне: „а в нех седят псарове, и тож Половци выпустошили“ (ПСРЛ, Т. 7. Стб. 69), а сярод „пустых городов“ згаданы Любеч, які, несумненна, меў храм і „прыход“ ужо ў XI ст., усё гэта абавязвае да пэўнай асцярожнасці. У дастатковай ступені асцярожны падыход неабходны і да праблемы „цэнтраў хрысціянізацыі“ для тэрыторый поўначы і паўночнага ўсходу, дзе славянская каланізацыя і „княская дань“ маглі распаўсюджвацца як паралельна з працэсам хрысціянізацыі, так і апера­джаць яго, што стварала складанае і, магчыма, асінхроннае спалучэнне этнасацыяльных, эканамічных і культурна–ідэалагічных фактараў. Як і ў выпадку з „пустыми городами“ Чарнігаўшчыны, гэта магло (для перыяду XI—XIII ст.) весці да парушэння пастуляванай намі для тэрыторыі Беларусі тоеснасці: „Летапісны населены пункт“ — „храм“.
[24] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (2–я пол.). С. 746—763.
[25] У сувязі з тым, што асноўная пісьмовая крыніца для гэтай эпохі — летапісы, у гістарыяграфіі ўзнік нават такі тэрмін, як „летапісныя гарады“ — тэрмін не зусім карэктны, бо, па сутнасці, з’яўляецца полісемантычным. Часам ён выкарыстоўваецца ў абагульнена–тыпалагічным плане з адценнем „умоўна–горад“, часам — як указанне на пэўны храналагічны прамежак (X—XIII ст.) у гісторыі канкрэтнага горада і г. д.
[26] Тихомиров М.Н. Древнерусские города. Москва, 1956. С. 43.
[27] Раппопорт П.А. О типологии древнерусских поселений // КСИА. Вып. 110. Москва, 1967. С. 5.
[28] Куза В.А. Древнерусские поселения // Археология СССР: Древняя Русь. Город, замок, село. Москва, 1985. С. 61.
[29] Куза А.В. Города в социально–экономической системе древнерусского государства // КСИА. Вып. 179. Москва, 1984. С. 3—11; Ён жа. Малые города древней Руси. Москва, 1989; Ён жа. Древнерусские городища X—XIII вв. // Свод археологических памятников. Москва, 1996.
[30] Карлов В.В. О факторах экономического и политического развития русского города в эпоху средневековья (к постановке вопроса) // Русский город. Вып. 1. Москва, 1976. С. 32—69; Ён жа. К вопросу о понятии раннефеодального города и его типов в отечественной истории // Русский город. Москва, Вып. 3. 1980. С. 60—83.
[31] Тимощук Б.А. Восточные славяне: От общины к городам. Москва, 1995.
[32] Пашуто В.Т. О некоторых путях изучения древнерусского города // Города феодальной России. Москва, 1966. С. 98.
[33] Традыцыйна лічыцца, што „межы епархій у асноўным супадаюць з межамі княстваў і земляў“ (гл. Макарый (Булгакаў). История русской церкви… Кн. II. С. 134 і 298 (Карты епархій). Але, па–першае, нашыя веды пра межы княстваў дастаткова ўмоўныя (гл. Древнерусские княжества X—XIII ст. Москва, 1975); па–другое, частая змена гэтых межаў, дакладней — юрысдыкцыі княстваў на даволі невялікіх участках памежнай тэрыторыі наўрад ці магла ўплываць на значна больш устой­лівыя, па вызначэнні, межы епіскапскай юрысдыкцыі.
[34] У сваю чаргу, і гэтыя персанажы таксама характарызуюцца ў летапіснай традыцыі як актыўныя прыхільнікі новай рэлігіі („манастыры“ Рагнеды, „любоў да хрысціянства“ Ізяслава).
[35] Заяц Ю.А. Распространение христианства в городах Полоцкой земли по материалам археологии (на примере Заславля) // Тэзісы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 1000–годдзю Полацкай епархіі і праваслаўнай царквы на Беларусі. Мінск, 1992. С. 21—22.
[36] Рапов А.И. Op. cit. С. 377. Можна дадаць, што ў рамках гэтага тэзі­са аўтар адносіць і ўзнікненне ў Полацку епіскапскай кафедры толькі да эпохі княжання Ўсяслава Брачыслававіча, г. зн. „не раней за канец 60–х г. XI ст.“ (Тамсама).
[37] Параўн. меркаванне Шчапава пра час утварэння Тураўскай і Полацкай епархій (Государство и церковь в Древней Руси… С. 39, 42—43).
[38] У крыніцах таксама фігуруе шэраг тапонімаў, упамінанне якіх, асабліва „першае летапіснае…“, не суправаджаецца адпаведнымі характарыстыкамі і не дае магчымасці вызначыць статус дадзенага населенага пункта адносна канкрэтнай летапіснай даты, нават з пункту погляду летапісца. Як правіла, пры больш познім упамінанні ў пісьмовых крыніцах (у рамках гэтага ж перыяду — XI—XIII ст.) яны ўжо называюцца „гарадамі“.
[39] Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв. С. 173; Куза Л.В. Малые города Древней Руси. С. 97, 100; Куза Л.В. Древнерусские городища X—XIII вв. // Свод археологических памятников. Москва, 1966. С. 71, 82, 165.
[40] Такое „спрошчанае“ разуменне падзей, якое інкрымінавалася большасці царкоўных дарэвалюцыйных гісторыкаў, было аб’ектам крытыкі савецкіх гісторыкаў ад М.Пакроўскага і М.Нікольскага да I.Фраянава (Об историческом значении „Крещения Руси“ // Генезис и развитие феодализма в России. Ленинград, 1987. С. 20—58) і А.Кузьміна (Падение Перуна. Москва, 1988).
[41] Аничков Е.В. Язычество и Древняя Русь. С.–Петeрбург, 1914. С. 136.
[42] Баловнев Д.А. Приходское духовенство в Древней Руси X—XV вв. Православная энциклопедия. Москва, 2000. С. 253.
[43] Дз.Балаўнёў адзначае, што самае ранняе выкарыстанне тэрміна „прыход“ адносіцца да канца XV ст. (1485 г.). Тамсама. С. 254.
[44] „Либо си [если даже] и службу [церковную] оставите, нетуть в том греха“ („Поучение епископа Ильи“. РИБ. Т. 6. С. 367). Цыт. паводле: Романов Б.А. Люди и нравы Древней Руси. Ленинград, 1947. С. 239.
[45] Гл.: Описание церквей и приходов Минской Епархии. Ч. 1—3. Минск, 1878—1879.
[46] Гаворачы аб „прыкладах“, А.В.Арцыхоўскі мае на ўвазе не толькі пісьмовыя крыніцы, але і „…Мініяцюры Ніканаўскага летапісу XVI ст., якія часткова набліжаны да арыгіналаў XIV—XV ст.“. — Гл.: Очерки русской культуры XIII—XV вв. Ч. 1. Материальная культура. Москва, 1967. С. 315.
[47] Вигилев А.И. История отечественной почты. Москва, 1990. С. 24.
[48] История культуры Древней Руси: Домонгольский период. Т. 1. Материальная культура. Москва, 1948. С. 407.
[49] Лапшин В.А. К вопросу о формировании округи древнерусского города // Историко–археологический семинар „Чернигов и его округа в XI—XIII вв.“: Тезисы докл. Чернигов. 1988. С. 93—94.
[50] Лурье С. Община, империя, православие в русской этнической картине мира XV—XVII вв. // ОЗ. 2001. № 1. С. 105.
[51] Тихомиров М.Н. Источниковедение истории СССР: С древнейших времен до конца XVIII в. Вып. 1. Москва, 1962. С. 159.
[52] Тихомиров М.Н. Список русских городов дальних и ближних // ИЗ. 1952. Т. 40. С. 214—259 (перадрук у кн.: Русское летописание. Москва, 1979. С. 83—137).
[53] Подосинов А.В. О принципах построения и месте создания „Списка русских городов дальних и ближних“ // Восточная Европа в древности и средневековье. Москва, 1978. С. 40—48.
[54] Тихомиров М.Н. Указ. соч. С. 89.
[55] Наумов Е.П. К истории летописного „Списка русских городов дальних и ближних“ // Летописи и хроники. 1973. Москва, 1974. С. 157.
[56] Янин В.Л. К вопросу о дате составления обзора: „А се имена градом всем русскым, далним и ближним“ // Древнейшие государства Восточной Европы: Материалы и исследования, 1992—1993 г. Москва, 1995. С. 131.
[57] Поппе А.В. Деякі питання заселения польско–руського рубежа в ранньому середньовіччі // УІЖ. 1960. № 6. — Нажаль, мы не маем якіх–небудзь станоўчых дадзеных, каб гэтак жа ўпэўнена датаваць XIII стагоддзем больш за дзесятак „беларуских“ населеных пунктаў, упершыню названых менавіта ў гэтым „Спісе“ (гл. ніжэй).
[58] Куза А.В. Малые города Древней Руси. С. 31. Далей аўтар прыходзіць да высновы, што „гарадамі ў канцы XIV ст., па меншай меры ў царкоўных кругах, лічыліся цэнтры прыходаў“ (Тамсама). Такое ўскоснае пацвярджэнне тоеснасці гэтых паняццяў („горад“ — „прыход“) важна для нас яшчэ таму, што і адзіны часавы вектар і, у цэлым, дынаміка двух працэсаў — горадаўтварэння і хрысціянізацыі — робяць магчымасць такой тоеснасці для сітуацыі XI—XIII ст. значна больш высокай.
[59] Характэрна, што 9 з гэтых 14 „гарадоў“ так або інакш звязаны з кірункам асноўнай сухапутнай дарогі гэтага рэгіёну (Смаленск — Мінск — Вільня), а астатнія 5 — з воднымі шляхамі па Дняпры і Прыпяці.
[60] Гл. Jakubowski J. Opis Księstwa Trockiego z r. 1387 // Przegląd His­toryczny. 1907. T. 5. S. 44—46.
[61] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1. (1340—1506). С.–Петербург, 1846. С. 92.
[62] Wolff J. Kniaziowie Litewsko–Ruscy od końca XIV wieku. Warszawa, 1895. S. 95.
[63] Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск. Изд. А.Сапунова и В.Друцкого–Любецкого. 1896. С. 221.
[64] Тамсама. С. 115.
[65] Щапов Я.И. Туровские уставы XIV в. о десятине // Археографический ежегодник 1964. Москва, 1965. С. 268; С. 271—272; Грамата „О постановлении Туровской епископии“ каштоўная тым, што акрамя Ляхавічаў, разам з іншымі гарадамі называецца і Здзітаў, што ўпамінаецца ў летапісах толькі адзін раз.
[66] Материалы по истории и географии Дисненского и Виленского уездов… С. 211 (Приложения. С. 35—36).
[67] Краснянский В.Г. Город Мстиславль. Его прошлое и настоящее // Записки Северо–Западного Отдела РГО. Книжка 3. Вильно. 1912. С. 118.
[68] Гл.: Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemennej do XVI wieku. Poznań. 1981. Карты 1 і 3 (с. 34 і 72).
[69] Пра існаванне праваслаўнага храма ў Крэве ў 2–й палове XIV ст. упамінаецца ў некаторых больш позніх дакументах. Гл.: Виленские епархиальные ведомости. 1875. № 44.
[70] Дастаткова шмат звестак пра заснаванне праваслаўных храмаў ёсць і ў пісьмовых крыніцах XV ст. (у асноўным, другой паловы), але гэта ўжо асобная тэма.
[71] Пра наяўнасць указанных прыкмет гл.: Куза А.В. Древнерусские городища X—XIII вв.; Штыхов А.В. Археологическая карта Белоруссии: Памятники железного века и эпохи феодализма. Вып. 2. Минск, 1971.
[72] Гэтая тэндэнцыя адлюстроўвае ўзровень транспартных і тэхналагічных магчымасцяў грамадства — яшчэ ў XVI—XVII ст. прасцей і лягчэй было пабудаваць 2—3 малыя царквы, чым адну, супастаўляльную з імі па аб’ёме і здольную змясціць такую самую колькасць людзей. Шляхі зносінаў таксама былі ў дрэнным стане, кадравай жа праблемы, верагодна, не існавала. Як указваў Я.Галубінскі, ужо ў XII—XIII ст. колькасць святароў была залішняй, а камплект асноўных прадметаў царкоўнага ўжытку (акрамя кніг і ікон), як правіла, быў мясцовай вытворчасці.
[73] Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Минск, 1993. Приложение. Карта „Беларусь в конце XVI в.“ 1:1 000 000.
[74] Гл.: Чистович И. Очерк истории западно–русской церкви. Часть II. С.–Петербург, 1884. С. 391—406.
[75] „Узбуйненне“ прыходаў, заснаванае на разліку колькасці прыхаджан у маштабах асноўных адміністрацыйных адзінак (губерняў і г. д.), з’яўляецца параджэннем бюракратычнай сістэмы Расійскай імперыі канца XVIII — пачатку XIX ст. і звязана з сістэмай дзяржаўнага фінансавання кліра.

Наверх

Андрэй Янушкевіч. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г.

21 снежня, 2003 |


1569 год стаў пераломным у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Заключанай у Любліне уніі з Польшчай папярэд­нічалі важныя ўнутрыпалітычныя падзеі і працэсы, у якіх удзель­нічалі прынамсі тры ўплывовыя палітычныя суб’екты — гаспадар, магнатэрыя і шляхта. Важна высветліць, якімі ж былі пазіцыі гэтых бакоў у дачыненні да „уній­нага пытання“, ці сапраўды сярэдняя шляхта з’яўлялася асноўным і, галоўнае, свядомым правадніком злучэння Княства з Каронай[1].

Яшчэ з пачатку ХХ ст. у гістарыяграфіі запанавала схема, прапанаваная Мацвеем Любаўскім[2]. Паводле яго працаў, сацыяльна–палітычнае развіццё ў ВКЛ вызначалася паступовай палітычнай эмансіпацыяй сярэдняй шляхты, што выяўлялася ў яе імкненні пашырыць свае правы і вольнасці. Запавольвала гэты працэс магнатэрыя, у інтарэсах якой было не дапусціць шырокія масы шляхты да роўнага з ёй удзелу ў рэалізацыі ўладных паўнамоцтваў. Галоўнай тэндэнцыяй сацыяльна–палітычнага развіцця ВКЛ з’яўлялася барацьба гэтых дзвюх класавых праслоек за дамінацыю ў палітычным жыцці краіны. Дзякуючы прыняццю Статута 1566 г. і заключэнню Люблінскай уніі ў 1569 г. фармальна гэтую барацьбу выйграла шляхта, атрымаўшы прамы доступ да ўлады праз соймавыя і судовыя структуры.

Блізкая да такіх поглядаў пазіцыя Оскара Галецкага — выбітнага знаўцы польска–літоўскай уніі[3]. У яго даследаваннях дамінуе думка, што палітычная эмансіпацыя шляхты ў ВКЛ ішла ўпоравень з усведамленнем непазбежнасці для перамогі над магнатэрыяй заключэння уніі з Польшчай і пабудовы дзяржаўна–праўнай сістэмы па польскім узоры. Меркаванне аб адзінстве унійнага і эмансіпацыйнага працэсаў трывала замацавалася ў польскай гістарыяграфіі і з’яўляецца яе характэрнай рысай па сённяшні дзень. Яго найбольш аўтарытэтны прыхільнік — Юліуш Бардах[4].

У працах Івана Лапо развіваўся альтэрнатыўны погляд на сутнасць унутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ напярэдадні знамянальнага 1569 г.[5] На думку гэтага навукоўца, вялікіх разыходжанняў у пазіцыях шляхты і магнатэрыі ў пытанні далейшых узаемаадносін ВКЛ і Польшчы не было. Увага акцэнтавалася на салідарнай абароне шляхецкім грамадствам ВКЛ агульнадзяржаўных інтарэсаў. І. Лапо адводзіў значнае месца вывучэнню прававых аспектаў развіцця ўнутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ. Гэты даследчык прынцыпова даводзіў, што пасля заключэння Люблінскай уніі Княства захавала асноўныя атрыбуты суверэнітэту.

Трэба адзначыць, што за апошнія гады ў Польшчы і Літве выйшлі новыя працы, якія рэпрэзентуюць падобныя альтэрнатыўныя погляды на сутнасць уніі і ролю шляхты ВКЛ у яе заключэнні. У даследаваннях Генрыка Віснэра, Гжэгажа Блашчыка, Генрыка Люлевіча, Мечыславаса Ючаса і іншых звяртаецца ўвага на негатыўныя наступствы уніі для ВКЛ і супярэчлівую ролю шляхты ў гэтым працэсе[6].

Сучасная беларуская гістарыяграфія болей схіляецца да акцэптацыі поглядаў М. Любаўскага і новай польскай гістарыя­графіі, у першую чаргу знаўцы прадмета Ю. Бардаха. Асаблі­ва тут трэба ўзгадаць апошнюю працу Паўла Лойкі, у якой аўтар не выходзіць за рамкі традыцыйнага трактавання ўнутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ у сярэдзіне XVI ст.[7]

Адным з найбольш пераканальных аргументаў на карысць меркавання аб імкненні шляхты ВКЛ да заключэння уніі з Польшчай, які з лёгкай рукі О. Галецкага замацаваўся ў гістарыяграфіі, сталі падзеі ў вайсковым лагеры пад Віцебскам у верасні 1562 г., дзе ад імя ўсёй сабранай у паспалітым рушанні шляхты было накіравана пасольства да Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб супольным з палякамі вырашэнні некаторых актуальных палітычных пытанняў. На думку О. Галецкага, гэта быў першы свядомы выступ шляхты ВКЛ на карысць уніі, які паказаў Жыгімонту Аўгусту падтрымку шляхецкім грамадствам гэтай ідэі і неабходнасць яе хутчэйшай рэалізацыі. Ініцыятыва шляхты ў немалой ступені была водгукам на прапаганду з польскага боку дабротаў уніі і ўсведамлення яе карысці для сябе[8]. Далейшыя падзеі на ваенным фронце, асабліва захоп маскоўцамі Полацка ў 1563 г., прывялі да канчатковага разумення неабходнасці заключэння уніі.

Найважнейшыя крыніцы пра падзеі ў вайсковым лагеры пад Віцебскам, што адбываліся ў верасні 1562 г., захаваліся ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве[9]. Іх комплекс складаецца з трох частак. Спачатку ідуць своеасаблівыя ўводзіны ў тэму — уступ, напісаны ананімам, у якім коратка характарызуецца ўнутрыпалітычная сітуацыя ў ВКЛ у 1562 г., у прыватнасці, характар адносінаў паміж „панамі“ і шляхтай. Тэкст напісаны на польскай мове і яго аўтар, безумоўна, паляк. У другой част­цы змяшчаюцца „Спісы“ (spisy, spisky[10]) — дакумент, дзе ў тэзіснай форме падаюцца патрабаванні шляхты, сабранай пад Віцебскам. Далей ідзе ліст да гаспадара ад імя пасольства ў складзе Яна Хадкевіча, Малхера Шэмета і Рыгора Бакея, у якім выкладаюцца прапановы ўдзельнікаў падзей у вайсковым лагеры.

У сваіх поглядах аўтар дакументальнага тэксту схіляўся да неабходнасці злучэння (іншымі словамі — інкарпарацыі) ВКЛ з Польшчай. Галоўнай перашкодай на шляху да уніі, на яго думку, былі „паны“, якія не хацелі дапускаць шляхту да ўлады і, зыходзячы з гэтага, не былі зацікаўленыя ў развіцці ў ВКЛ „шляхецкай дэмакратыі“[11]. Дарэчы, пры аналізе крыніцы О.Галецкі безумоўна падтрымаў пазіцыю ананімнага аўтара ўступу, дакладна пераказваючы яго ідэі.

Аднак змест крыніц даводзіць, што унія ў вайсковым лагеры ліцьвінаў разумелася інакш. У якасці галоўнага патрабавання быў вылучаны заклік да склікання супольнага сойму, на якім у першую чаргу павінны быць вырашаны пытанні элекцыі будучага гаспадара і агульнай абароны. Асобным пунктам стаяла жаданне стварыць адзінае праўнае поле ў Кароне і Княстве, з выразнай мэтай рэалізацыі ў ВКЛ пастулатаў „шляхецкай дэмакратыі“. Унія разумелася як супольнае вырашэнне гэтых асноўных задач. Шляхта не пага­джа­лася з вылучаным у Кароне інкарпарацыйным праектам уніі: „A wiedz że M(iło)ściwy Królu, za zjechaniem naszym z pany Polaky nie juśmy na to wszystko przyzwolić, do czego by oni nas z upadkiem Rzeczypospol(itej) naszej przywodzić chcieły proźbami abo radami swemi…“[12].

Варта заўважыць, што вылучаныя ў „Спісах“ патрабаванні пададзены ў ультыматыўнай форме. Прыхільнікі гэтай ініцыятывы асцерагаліся супрацьдзеяння з боку магнатэрыі і імкнуліся засцерагчыся ад яе ціску. Такі ціск, згодна з тэкстам „Спісаў“, мог здзяйсняцца праз судова–выканаўчыя структуры, якія былі пад уплывам магнатаў, а таксама фізічнымі метадамі. „Спісы“ заклікалі ўсю шляхту салідарызавацца для адпору. У выпадку ігнаравання сваіх патрабаванняў шляхта нават адмаўлялася плаціць падаткі і збіраліся ў паспалітае рушанне. Шляхта імкнулася выступаць на палітычнай арэне ў якасці самастойнай сілы, што, безумоўна, разыходзілася з поглядамі магнатэрыі адносна месца і ролі шараговага шляхецтва ў палітычным жыцці краіны[13].

Аднак гэта не значыць, што шляхта спрабавала супраць­па­ставіць сябе магнатэрыі. У пасольскім лісце прама гаварылася пра жаданне супольнага абмеркавання надзённых праблем з панамі–радай, нават пры адсутнасці гаспадара. Прызнаючы вялікую ролю Рады ў палітычным жыцці краіны, віцебскі лагер лічыў правамоцным і патрэбным паўнапраўны ўдзел шляхты як „меншага стану“ ў абмеркаванні найважнейшых дзяржаўных спраў. Шляхта патрабавала склікання з’езду (сойму), дзе б „меншы стан“ меў магчымасць данесці да ведама гаспадара і радных паноў свае „просьбы“. Іншымі словамі, шляхта хацела займець рэальную рэпрэзентацыю на галоўным прадстаўнічым форуме краіны і непасрэдна ўплываць на ход прыняцця палітычных рашэнняў.

Што стала прычынай актывізацыі шляхты, сабранай у вайсковым лагеры, і вылучэння ёю дастаткова радыкальных патрабаванняў? О. Галецкі лічыць, што непасрэднай прычынай гэтага паслужылі цяжкасці ў вядзенні Інфлянцкай вайны. Яны актывізавалі палітычную дзейнасць шляхты[14].

Трапна, на наш погляд, ахарактарызаваў падзеі пад Віцебскам І. Лапо. Ён не бачыў у дзеяннях шляхты водгуку на заклікі польскіх экзекуцыяністаў, ацэньваючы іх як „крык змучанай вайной паўгалоднай масы людзей, якія страчвалі надзею на паспяховае вядзенне вайны сіламі толькі сваёй дзяржавы“[15].

Дакладна вядома, што шляхта была незадаволена працяглым побытам у лагеры з–за адсутнасці патрэбнай колькасці харчавання. Навакольны край быў спустошаны ваеннымі дзеяннямі, а спадзяванні на атрыманне здабычы ў выніку ваенных выправаў, мяркуючы па ўсім, не апраўдаліся. Пры гэтым дзяржаўная ўлада дамагалася ад шляхты, сабранай у паспалітым рушанні, ухвалення новага збору серабшчыны[16]. Змучаная ваенным становішчам шляхта, пагаджаючыся на новую серабшчыну, узамен прасіла, зважаючы на цяжкасці з харчаваннем, распусціць войска[17].

Гэты кантэкст падзей, якія адбываліся ў вайсковым лагеры пад Віцебскам, можа растлумачыць некаторыя заблытаныя пытанні. Шляхта была змучана вайной, і яе незадаволенасць цяжкасцямі вайны трэба было толькі скіраваць у па­трэбнае рэчышча. У падобных варунках атрыманне пад­трым­кі звонку магло здавацца адзіным выйсцем са складанай сітуацыі.

Ці не выкарыстала гэтыя акалічнасці сапраўды дасведчаная і ўплывовая палітычная сіла ва ўласных інтарэсах? Вядома, што адным з паслоў ад сабраных пад Віцебскам шэрагаў шляхты быў малады і амбітны Ян Хадкевіч. Узнікае пытанне, чаму на чале шляхецкага пасольства апынуўся прадстаўнік магнацкага роду?

На наш погляд, гэта адбылося па той прычыне, што менавіта Я. Хадкевіч мог быць ініцыятарам выступлення шляхты[18]. Стольнік земскі ВКЛ пачынаў выяўляць сябе на той час як актыўны ваенны і палітычны дзеяч[19]. Хадкевічы тады былі другім па ўплывовасці магнацкім родам пасля Радзівілаў і іх супернікамі ў змаганні за дамінаванне на палітычнай арэне[20]. Аднак становішча Радзівілаў на пачатку 60–х г. XVI ст. было настолькі моцнае, што без вонкавай падтрымкі ні Хадкевічы, ні якая–небудзь іншая палітычная сіла не магла даць ім рады.

Калі паглядзець на падзеі пад Віцебскам праз разрэз унутрыпалітычнай барацьбы Радзівілаў з Хадкевічамі, то выглядае цалкам праўдападобным, што Я. Хадкевіч паспрабаваў, абапі­раючыся на шляхецкія масы, перахапіць палітычную ініцыятыву[21]. Менавіта Радзівілы мэтанакіравана супраціўляліся скліканню супольнага польска–літоўскага сойму, на якім пры любым раскладзе было б пастаўлена пытанне абмеркавання уніі. Звернем увагу яшчэ раз, што віцебскі лагер дамагаўся менавіта супольнага саймавання, аднак не дзеля інкарпарацыйнага зліцця Княства з Каронай, і нават не дзеля вузкастанавай задачы атрымання польскіх „залатых правоў і вольнасцяў“, як часта пішацца ў гістарыяграфіі, а для вырашэння найпільнейшых палітычных пытанняў пры сваім паўнапраўным удзеле. Пры гэтым скліканне такога сойму не азначала ўвя­дзення новага інстытута ўлады, а павінна было быць аднаразовай акцыяй.

Як бачна, прапановы віцебскага лагера — канкрэтныя і саспелыя да рэалізацыі — насілі ўмераны характар. У іх пры­знавалася неабходнасць уніі для дзейснай абароны краіны ды пераемнасці ўлады і адначасова абараняліся асноўныя атрыбуты суверэнітэту ВКЛ[22]. Цяжка ўявіць, каб такі ўзважаны праект мог спантанна з’явіцца ў шэрагах ананімных шляхцічаў, з ліку якіх мы не ведаем прозвішча ніводнага палітычнага лідэра. Ініцыятарам яго стварэння павінен быў быць добра інфармаваны ў палітычных справах ВКЛ і Польшчы чалавек. Я. Хадкевіч найлепей падыходзіў на гэтую ролю. Да таго ж, пастулаты, вылучаныя пад Віцебскам у 1562 г., не разыхо­дзіліся з пазіцыяй Хадкевіча па унійным пытанні, якую ён займаў на Люблінскім сойме 1569 г.

Акцыя Я. Хадкевіча была цікавай спробай перахопу палітычнай ініцыятывы, у якой ён салідарызаваўся з новай пазіцыяй гаспадара ў пытаннях узаемадачыненняў паміж Польшчай і ВКЛ. Я. Хадкевіч выкарыстаў незадаволенасць шляхты для адшукання яе падтрымкі, а праз прызнанне неабходнасці уніі — давер караля. З яго боку гэта быў досыць рызыкоўны крок, бо ў выпадку няўдачы існавала небяспека апынуцца на ўзбочыне вялікай палітыкі. Аднак, як паказаў час, Я. Хадкевіч добра арыентаваўся ў палітычнай сітуацыі і яе перспектывах. Неўзабаве ён пачаў хутка прасоўвацца па ўрадніцкай лесвіцы, зрабіўшыся ў другой палове 60–х г. XVI ст. фактычна адным з самых уплывовых палітыкаў у ВКЛ[23].

Асабліва трэба адзначыць — падзеі ў лагеры пад Віцебскам паказалі, што паспалітае рушанне з інструменту для вя­дзення ваенных дзеянняў cтанавілася важным фактарам унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ.

„Спісы“ шляхты ВКЛ агучылі на Варшаўскім сойме 1563/1564 г., на якім была зроблена першая сур’ёзная спроба за­ключэння новай уніі. Аднак гэтая ініцыятыва польскіх паслоў не прынесла вялікага эфекту. Напэўна, з той прычыны, што прапановы, выпрацаваныя ў вайсковым лагеры пад Віцебскам у верасні 1562 г., па сутнасці, мала чым адрозніваліся ад пазіцыі пасольства на чале з М. Радзівілам Чорным. Віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч у сваім вотуме, выкладзеным на Берасцейскім сойме 1566 г., ставіў у адзін шэраг прапановы ліцьвінаў наконт уніі, зробленыя ў вайсковым лагеры пад Віцебскам і на соймах у Вільні і Варшаве ў 1563 г.[24]

З процілеглага Радзівілам палітычнага лагера выйшла яшчэ адна цікавая контракцыя. Са з’езду радных паноў у Трабах у кастрычніку 1565 г. у Вільню да гаспадара было выслана пасольства на чале з усё тымі ж Я. Хадкевічам і М. Шэметам[25]. Пасольства прасіла ад Жыгімонта Аўгуста гарантый, што ў далейшым часе падобныя з’езды не будуць шкодзіць „шляхецкім вольнасцям“ і склікацца без вальнага сойму. Гаспадар тлумачыў, што з’езд быў скліканы без вальнага сойму для аператыўных радаў „о пилных и великоважных потребах“ абароны краіны, што ніякага „нарушенья и уближенья“ правоў і вольнасцяў з–за гэтага няма і не будзе.

Нашто групоўцы радных паноў у той сітуацыі, калі шляхта быццам бы ціснула на магнатэрыю з мэтай найхутчэйшага заключэння уніі з Польшчай, адмаўляцца ад магчымасці вырашаць дзяржаўныя праблемы ў вузкім коле Рады і дамагацца гарантавання вольнасцяў праз абавязковае скліканне сойму — найвышэйшага станавага прадстаўнічага органа?

На нашу думку, у гэтым выпадку зноў яскрава выявілася барацьба групоўкі Я. Хадкевіча за палітычныя ўплывы. Падобныя паводзіны скіроўваліся ў першую чаргу супраць групоўкі М. Радзівіла Рудога і яе канцэпцыі палітычнага ўладкавання ў ВКЛ. Я. Хадкевічу было лепей дзейнічаць па ўмацаванні сваіх уплываў менавіта на соймах, таму што тут было больш шырокае поле для манеўраў, і Радзівілы, у адрозненне ад Рады, не гралі тут абсалютна дамінавальную ролю. Да таго ж, месца земскага маршалка ў гэты час было вакантным, а Я.Хадкевіч на яго, безумоўна, прэтэндаваў[26]. Падобны ход быў бяспройгрышны, таму што Жыгімонт Аўгуст не мог не па­цвердзіць гарантый шляхецкіх вольнасцяў. Гэта адпавядала яго тагачаснай палітыцы ўмацавання праўных асноў шляхецка–дэмакратычнага ладу ў ВКЛ.

Як сведчаць факты, шляхта ВКЛ не адыгрывала актыўнай і, што найважней, самастойнай ролі ў палітычным жыцці. Ініцыятыўнасць на соймах у выглядзе падачы „просьбаў“ да гаспадара не павінна прыводзіць у зман. Гэтыя просьбы мелі на мэце выкананне хутчэй рэгіянальных інтарэсаў, чым агульнадзяржаўных. Адсутнасць на рэгіянальным узроўні прадстаўнічых органаў — соймікаў — спрычынялася да слабой абазнанасці шляхты ў палітычных справах і не спрыяла накапленню досведу палітычнай барацьбы. Шляхта, дарэчы, ніколі не вылучала патрабавання ўтварэння соймікаў на тэрыторыі Княства. Няма такога пункта і ў віцебскіх „Спісах“ 1562 г. Вядома, што ў Польшчы менавіта соймікі служылі для шараговай шляхты школай, дзе яна практычным шляхам здабывала палітычную адукацыю. Калі шляхта імкнулася да пераймання польскіх узораў, то чаму не патрабавала стварэння так відавочна выгадных для сябе соймікавых структур улады?

Сапраўднае месца прадстаўнікоў ад рэгіёнаў (у большасці звычайных сярэдніх шляхцічаў) у палітычнай ерархіі засведчыла інструкцыя (канфірмацыя) для пасольства ВКЛ на Варшаўскі сойм, зацверджаная гаспадаром у ліпені 1563 г. Сябры пасольства, якія не належалі да першай „лавіцы“ паноў–рады, не мелі права самастойна выказваць свой голас у дыскусіях[27]. Верагодна, такі падыход акцэптаваўся ўсімі ўдзельні­камі пасольства як сам сабой зразумелы. Дзённік Варшаўскага сойму змяшчае толькі выступленні М. Радзівіла Чорнага — кіраўніка пасольства. На заўвагу, чаму ад імя ліцьвінаў выказваецца толь­кі ён, Радзівіл адказаў, што мае паўнамоцтвы ад усяго шляхецтва ВКЛ[28]. На ролю М. Радзівіла Чорнага ў гэтым пасольстве могуць паказваць абвіначванні ў яго бок, зробленыя кракаў­скім кашталянам Я. Тарноўскім, які заявіў, што Радзівіл за­мяніў сапраўдных земскіх паслоў на залежных ад яго шляхцічаў[29].

Важныя аргументы супраць прапанаванай О. Галецкім канцэпцыі — адсутнасць звестак пра новыя праунійныя іні­цыя­тывы шляхты ВКЛ. Дакладна толькі вядома, што праунійныя прапановы зыходзілі ад падляшскай шляхты. Аб прычынах яе зацікаўленасці ў уніі ўжо шмат пісалася ў літаратуры. Найбольш яскрава праунійная пазіцыя падляшан праявілася на Берасцейскім сойме 1566 г. Толькі ў „просьбах“ падляш­скіх паветаў было цвёрда і прама пастаўлена пытанне пра неабходнасць давяршэння справы уніі з Польшчай[30].

З асяроддзя падляшан выйшла яшчэ адна вельмі цікавая прапанова, на якую не звярнулі ўвагі навукоўцы. Шэраг падляшскіх ураднікаў з ліку мясцовай шляхты склалі прамову, выкладзеную перад удзельнікамі сойму[31]. У ёй гаварылася, што ў той сітуацыі, калі палітычныя эліты абедзвюх краін (г. зн. сенатары з польскага боку, а радныя паны — з боку ВКЛ) не могуць дамовіцца па спрэчных пытаннях (што можа зацягнуць за­ключэнне уніі да бясконцасці), вырашэнне спрэчак і прыняцце канчатковага рашэння належыць Жыгімонту Аўгусту як „panu zwierchnemu a przedniejszemu tak Korony Polskiej jako Wielkiego Księstwa Litewskiego“, пры ўмове захавання правоў і вольнасцяў абедзвюх дзяржаў. Пры гэтым падляшскія паслы асабліва падкрэслівалі, што „żaden inszy zgadzać abo ro­zeznawać nie może ani będzie obywatelów a narodów tego państwa Wielkiego Księstwa Litewskiego z obywatelmi a z narody Korony Polskiej“[32]. Такім чынам, падляшскія паслы выказваліся за адсоўванне радных паноў ад вырашэння гэтай актуальнай палітычнай праблемы.

Палітычныя ініцыятывы падляшан заўсёды выстаўляліся як прыклад памкненняў шляхты да эмансіпацыі і уніі. Хацелася б перавесці ўвагу на іншую праблему. Ці абавязкова пра­унійная пазіцыя падляшскіх паветаў вынікала пераважна з рацыі саслоўных інтарэсаў сярэдняй шляхты? Ці не адыгрывалі тут больш значную ролю рэгіянальныя інтарэсы Падляшша як спецыфічнага раёна ВКЛ? Суседства з Каронай спрыяла не толькі перайманню традыцый рэальнай „шляхецкай дэмакратыі“, але і паглыбленню эканамічных і культурных сувязяў, што стварала дадатковую зацікаўленасць падляшан у уніі.

Да 1568 г. на соймах ВКЛ пытанне уніі (дакладней, склі­кання агульнага з палякамі сойму) не падымалася. На Віленскім сойме 1563 г. была вылучана „просьба“ да палякаў аб вайсковай дапамозе, наступствам чаго стала накіраванне на польскі сойм восенню 1563 г. афіцыйнай дэлегацыі з ВКЛ[33]. На Віленскім сойме 1565 г. гаспадар, адказваючы на „просьбы“ некаторых паветаў, сам адхіліў разгляд пытання аб супольным сойме[34]. Універсал аб скліканні вальнага сойму ў сярэдзіне 1566 г. сведчыў пра асаблівае значэнне унійнага пытання, аднак у лістах гаспадара да соймікаў пра гэта няма ніводнага слова[35]. У жніўні 1566 г. Рада прасіла гаспадара адкласці скліканне супольнага польска–літоўскага сойму з прычыны небяспекі нападу вялікага маскоўскага войска[36]. У гаспадарскіх пасланнях на соймікі ў кастрычніку 1566 г. ясна гаварылася, што ўзнаўленне перамоў аб уніі з палякамі рабілася вы­ключна „для способнейшое и потужнейшое вальки з не­прия­телем“[37]. Аднак з вялікай доляй верагоднасці можна дапускаць, што гаспадарскай уладзе не ўдалося схіліць сойм да ўзнаўлення перамоў аб уніі. Рэцэс Гарадзенскага сойму ад 6 студзеня 1567 г. змяшчае толькі артыкул „о сланье до панов поляков“ з просьбай аб вайсковай і фінансавай дапамозе на будучую выправу супраць маскоўцаў, у чым, дарэчы, польскі бок адмовіў[38]. І толькі на Гарадзенскім сойме 1568 г., выконваючы пастанову з’езду ў Лебедзеве, па ініцыятыве гаспадарскай улады было ўхвалена скліканне агульнага сойму з палякамі для канчатковага вырашэння „унійнага пытання“[39].

Дык ці была шляхта непасрэдна зацікаўлена ў заключэнні уніі з Польшчай? Безумоўна, гэта знаходзілася ў сферы яе станавых інтарэсаў і шляхта магла атрымаць ад уніі выгаду. Аднак у палітычных варунках тагачасся найпільнейшай па­трэбай шляхта бачыла прыняцце новага Статута, у які былі б упісаны прывілеі аб наданні шляхецкіх правоў і вольнасцяў, што юрыдычна аформіла б прызнанне за ўсім шляхецкім станам роўнага доступу да ўлады. Пасля зацвярджэння і ўступлення ў сілу Статута ВКЛ 1566 г. шляхта дамаглася рэалізацыі сваіх намаганняў. Атрыманне шляхецкіх вольнасцяў у любым выпадку цяпер не магло быць прывабным аргументам на карысць уніі з Польшчай.

Другой задачай для шляхты было завяршэнне вайны, а тым самым спыненне накладных збораў у паспалітае рушанне і выплатаў цяжкіх надзвычайных падаткаў. Уступленне ў Інфлянцкую вайну абумовіла рэзкае павелічэнне ставак ускосных падаткаў і частае ўхваленне серабшчыны[40]. Саюз з Польшчай усведамляўся як выхад з цяжкага становішча, і гэтае разуменне ўмацоўвалася з цягам Інфлянцкай вайны і выразна выявілася пасля збору войска ВКЛ у 1567 г.

Але шляхце не былі чужымі агульнадзяржаўныя інтарэсы ВКЛ, якія зусім не разыходзіліся з яе станавымі інтарэсамі. Ліцьвінаў вызначала цвёрдае ўсведамленне ўласнай адрознасці ад тых жа палякаў як асобнага „палітычнага народа“. Усведамленне асобнасці свайго палітычнага быцця змешвалася з этнічнымі характарыстыкамі, у выніку чаго паўставала арыгінальная „ліцьвінская свядомасць“, якая пазней стала крыніцай для праяваў „літоўскага сепаратызму“. Сведчанні моцнага адчування сваёй непадобнасці да „братняга“ народа мы сустракаем на кожным кроку. Гэтаму нямала паспрыялі творы польскіх публіцыстаў. Яны выстаўлялі ліцьвінаў як няўдзячны барбарскі народ, які павінен быць абавязаны Поль­шчы за свой уваход у супольнасць хрысціянскіх краінаў Еўропы. Ліцьвіны, у сваю чаргу, выступалі супраць гэткага погляду, лічылі яго несправядлівым і зняважлівым і, як маглі, змагаліся з ім. Найяскравейшы прыклад падобнай палемікі — творы Станіслава Ажахоўскага і ананімная „Размова Паляка з Ліцьвінам“[41].

Як ужо ўзгадвалася, упершыню супольнае абмеркаванне праблемы уніі адбылося на Варшаўскім сойме 1563/1564 г. Абодва бакі выклалі свае праекты будучага саюзу суседніх дзяржаў. Праект пасольскай ізбы польскага сойму, дзе дамінавалі экзекуцыяністы, заключаўся ў фактычнай інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы[42]. Польскія сенатары таксама вы­ступалі за інкарпарацыйную унію, але іх пазіцыя была  больш схільная да кампрамісаў з ліцьвінамі[43]. Такі падыход не мог быць станоўча ўспрыняты літоўскім бокам. Паслы з  ВКЛ неаднакроць заяўлялі, што імкнуцца заключыць унію, але на ўмовах захавання „правоў і вольнасцяў“ Княства[44].

Літоўскі праект уніі кардынальна адрозніваўся сваім стаўленнем да характару і ролі супольнага сойму Рэчы Паспалітай. Радныя паны ВКЛ настойвалі на прысутнасці ў дзяржаўна–праўнай сістэме супольнай дзяржавы асобнага вальнага (або „паспалітага“) сойму ВКЛ. Гэты сойм, маючы паўнату заканадаўчай улады на тэрыторыі ВКЛ, быў прамежкавай ін­станцыяй паміж „Вялікім вальным соймам Рэчы Паспалітай“ (такі тэрмін выкарыстоўваецца ў дзённіку Варшаўскага сойму 1563/1564 г.) і літоўскімі соймікамі. Толькі ў выпадку вырашэння агульных для ўсёй дзяржавы пытанняў сойм у ВКЛ не павінен збірацца. Замест гэтага радныя паны павінны былі б вызначаць, хто з іх едзе на вялікі сойм, а хто застаецца[45].

М. Радзівіл Чорны лічыў патрэбным правядзенне ў ВКЛ рэформаў унутранага ладу і, у прыватнасці, утварэння павятовых соймікаў (sic!). Дзякуючы гэтым рэформам у ВКЛ з фармальна–юрыдычнага гледзішча канчаткова ўсталяваліся б прынцыпы „шляхецкай дэмакратыі“. Аднак пры гэтым магнацтва не згубіла б свайго рэальнага ўплыву на развіццё ўнутранай палітыкі дзяржавы. Гэты кантроль забяспечвала б у першую чаргу існаванне ўласна вальнага сойму ВКЛ.

У ВКЛ прытрымліваліся канцэпцыі „дзвюх Рэчаў Паспалітых“. Для функцыянавання ў краіне „шляхецкай дэмакратыі“ патрабавалася ўвядзенне новых урадаў і пасадаў, а таксама наданне прывілеяў „на ўзор польскі“. Аднак аб’яднанне з Каронай не было абсалютна неабходным. На такой пазіцыі стаяла Рада. Мяркуючы па крыніцах, гэтая пазіцыя не сустракала пярэчанняў з боку шляхецкага стану. Нельга разглядаць рэформы 1564—1566 г. як пройгрыш магнатаў і выйгрыш шляхты[46]. У свой час Ю. Бардах выказаў думку, што рэформы 1564—1566 г. уяўлялі сабою саступку з боку магнатэрыі, якая хацела такім чынам адвесці шляхту ад імкнення да уніі[47].

Для характарыстыкі літоўскага праекта дадае інфармацыі адзіны ў сваім родзе (і гэтым унікальны) votum віленскага біскупа В. Пратасевіча, выкладзены на Берасцейскім сойме 1566 г. Аргументацыйнай апорай для В. Пратасевіча быў прывілей Аляксандра 1492 г. Ён лічыў, што любыя унійныя пагадненні павінны абапірацца на гэты дакумент. Пазіцыя віленскага біскупа безумоўна кансерватыўная: „teraz nic my nowego nie potrzebujemy, jedno abyśmy zachowani byli po sta­remu“[48]. У галоўным пытанні — структуры вярхоўнага заканадаўчага органа — радныя паны салідарна выступалі за захаванне сойму ВКЛ. В. Пратасевіч, у прыватнасці, казаў, што калі Княства пазбавіцца ўласных вальных соймаў і Рады, „już przy tym państwie nic takiego osobliwego ani znatnego ku do­stojności jego i wolności naszej nie zostało“[49]. Важна адзначыць, што, абараняючы патрэбу функцыянавання соймаў ВКЛ, біскуп спасылаўся на прускую мадэль, дзе існаваў асобны ад кароннага сойм.

Праграмай–мінімум ліцьвінаў была згода на элекцыю адзі­нага гаспадара і вядзенне супольнай знешняй палітыкі. Гэты праект, мяркуючы па ўсім, быў абмеркаваны на Вілен­скім сойме 1563 г. і зацверджаны Жыгімонтам Аўгустам у канфірмацыі, нададзенай пасольству ВКЛ[50].

Такім чынам, гаспадар пагаджаўся з асноўнымі патрабаваннямі ліцьвінаў. На нашу думку, ён меркаваў з дапамогай такой умеранай уніі вырашыць дынастычныя праблемы і атрымаць ад польскага боку вайсковую і фінансавую дапамогу для вядзення Інфлянцкай вайны. Для гаспадарскай улады гэта было задачай нумар адзін. Падобныя прычыны пастаноўкі унійнага пытання ўказваў у кастрычніку 1563 г. Міхал Дзялыньскі ў сваёй размове з папскім нунцыем Камэндоні[51].

Аднак справа заключэння уніі разбілася аб рознае стаўленне бакоў у пытанні структуры вышэйшага заканадаўчага органа ўлады. З ходам соймавых дыскусій рос недавер да па­мкненняў процілеглага боку. Палякі непакоіліся, што захаванне вальнага сойму ВКЛ адкрые ў далейшым часе шлях да разрыву уніі і выбару асобнага вялікага князя. Ліцьвіны, у сваю чаргу, баяліся, што ў палітычным жыцці Княства пачнуць дамінаваць палякі, займаючы мясцовыя ўрады[52].

Літоўскае пасольства імкнулася перанесці заключэнне уніі на наступны сойм, спасылаючыся на адсутнасць дастатковых паўнамоцтваў для падпісання дакументаў, якія сваім зместам адыходзілі ад артыкулаў канфірмацыі. Ліцьвіны заяўлялі, што новыя спрэчныя пытанні павінны быць абмеркаваны на вальным сойме ВКЛ[53]. Упэўненасці ім дадавала атрыманне паведамленняў пра перамогу ў Вульскай бітве 26 студзеня 1564 г. Польскі бок, як і раней, ставіў у залежнасць ад вырашэння уній­нага пытання аказанне вайсковай і фінансавай дапамогі Княству ў вядзенні вайны з Маскоўскай дзяржавай[54].

Літоўскае пасольства ад’ехала з Варшавы ў канцы лютага 1564 г. Апісваючы настроі сярод удзельнікаў сойму, Камэндоні называў некалькі прычын, па якіх унія не была заключана[55]. Варта звярнуць увагу на апошнюю з іх. Верагодна, М. Ра­дзівіл Чорны, убачыўшы немагчымасць заключэння уніі па ўласным праекце, перайшоў да палітыкі зацягвання і адкладання перамоў з польскім бокам па гэтым пытанні. Віленскі ваявода канчаткова разышоўся ў поглядах з гаспадаром, і іх адносіны заўважна астудзіліся пасля гэтага часу.

На соймах 1564—1566 г. гэтая палітыка Рады ВКЛ, дзе верхаводзілі Радзівілы, выявілася з поўнай відавочнасцю. На каронны сойм, скліканы ў Парчове ўлетку 1564 г., з радных паноў ніхто не з’явіўся. Яны даслалі толькі сваіх упаўнаважаных, каб выказацца супраць экзекуцыі. Камэндоні ў гэтай сувязі канстатаваў: „utrudzają więc układy jak mogą, tak, iż ko­niecznym jest zaniechać ję na ten raz i odłożyć do drugiego sejmu“[56]. Аднак і на наступным каронным сойме, які сабраўся ў Пётракаве ў сака­віку 1565 г., сітуацыя паўтарылася. Прычынай непрыезду ліцьвінаў была пільная ваенная небяспека з боку Масквы[57].

У 1566 г. каронны сойм зноў чакаў пасольства з ВКЛ, якое павінна было выкласці пазіцыю літоўскага боку ў дачыненні да далейшых узаемаадносінаў паміж Княствам і Каронай. Аднак пасольства на чале з Мікалаем Нарушэвічам і Юрыем Осцікам, што прыехала на сойм 15 ліпеня 1566 г., не мела паўнамоцтваў для заключэння уніі. Яно паўтарыла тыя ж самыя ўмовы, якія былі вылучаны ліцьвінамі на Варшаўскім сойме 1563/1564 г.[58]

Такім чынам, радныя паны імкнуліся захаваць перадусім аўтаномію сойму ВКЛ у дзяржаўна–праўнай структуры Рэчы Паспалітай, не маючы нічога супраць заключэння уніі на прынцыпах адзінства гаспадарскай улады і вядзення супольнай знешняй палітыкі. Больш за тое, у радных паноў (у тым ліку і ў Радзівілаў) не выклікала пярэчанняў правядзенне рэформ для зацвярджэння ў ВКЛ шляхецка–дэмакратычных прынцыпаў дзяржаўнага ўладкавання. Рада імкнулася перавесці ўвагу на праблемы вайны і абароны, заклікаючы гаспадара да вырашэння гэтых найпільнейшых для Княства задач. Пытанне уніі перасоўвалася ёю па сваёй актуальнасці на другі план.

Асобнага аналізу патрабуе пазіцыя Жыгімонта Аўгуста ў дачыненні да уніі. Пачынаючы з 1562 г. гаспадар паслядоўна імкнуўся да яе заключэння. Але што да характару і шляхоў рэа­лізацыі унійных планаў, то тут дзеянні апошняга Гедымінавіча былі досыць супярэчлівыя. Яго пазіцыя змянялася ў залежнасці ад развіцця палітычных падзей у Польшчы і ВКЛ. Пры характарыстыцы унійнай палітыкі гаспадара нельга абмі­наць і ўплывовыя знешнепалітычныя фактары, у першую чаргу ўдзел Княства ў Інфлянцкай вайне.

Для вядзення актыўнай знешняй палітыкі Жыгімонт Аўгуст першы зразумеў неабходнасць апоры на вайсковы і фі­нансава–матэрыяльны патэнцыял не толькі Літвы, але таксама і Польшчы. Гэтую патрэбу ўвідавочнілі складанасці, якія ўзнік­лі пры падпарадкаванні Інфлянтаў на пачатку 60–х г. XVI ст. Да заключэння уніі Жыгімонта Аўгуста штурхала не што іншае як патрэба знайсці сродкі для рэалізацыі сваіх знешнепалітычных планаў.

Унійную палітыку гаспадара лаканічна і вельмі дакладна апісаў у сваёй рэляцыі ў Рым добра дасведчаны папскі нунцый Ю. Руджэры: „Ma Jego Królewska Miłość inny zamiar, który go niemało zajmuje, to jest zjednoczenie Litwy z Koroną w sposób niżej opisany, a to tym końcem aby połączone siły mogły łatwiej opierać się wspólnym nieprzyjaciołom a mianowicie Moskwie, której, jak się okazało z doświadczenia, Litwini nie są w stanie podołać, a Polacy, nie będąc z nimi złączeni, nie chcieli wojować w tamtych stronach bez żołdu“[59]. Як бачым, папскі нунцый лічыў, што патрэбы абароны служылі галоўнай прычынай праунійнай палітыкі гаспадара. Падобныя матывацыі унійнай палітыкі гаспадара па­цвярджае таксама інструкцыя на соймік Бельскага павету ў кастрычніку 1568 г. У гэтым дакуменце, выдадзеным напярэдадні Люблінскага сойму, няма ніводнага слова пра станавую зацікаўленасць шляхты ў заключэнні уніі, таксама як пра падобныя перадумовы палітыкі гаспадарскай улады[60].

Ужо ў канцы 1562 г. Жыгімонт Аўгуст заклікаў М. Радзівіла Чорнага да хутчэйшага заключэння уніі[61]. Страта Полацка ў лютым 1563 г. яшчэ мацней пераканала Жыгімонта Аўгуста ў патрэбе як мага хутчэйшага атрымання вайсковай дапамогі з боку Польшчы. Вышэйшыя станы ВКЛ таксама выразна ўбачылі патрэбу ў прыцягненні знешніх сродкаў для абароны. Вальны сойм ВКЛ у 1563 г. пагадзіўся выслаць у Польшчу пасольства для абмеркавання умоў, на якіх можа быць заключана унія. Агаворвалася, што гэты крок кіраўніцтва ВКЛ зрабіла з мэтай атрымання вайсковай і фінансавай дапамогі з Поль­шчы[62].

Цікавы той факт, што Жыгімонт Аўгуст падпісаў канфірмацыю для пасольства, дзе выкладаўся літоўскі праект уніі. Напэўна, гаспадар пагаджаўся з умовамі ліцьвінаў і лічыў, што такой жа будзе пазіцыя польскага сойму. Варта заўважыць, што пастулаты літоўскага боку не супярэчылі дынастычным інтарэсам апошняга прадстаўніка Гедымінавічаў. У канфірмацыі нідзе не прасочвалася ідэя неабходнасці уні­фікацыі палітычных сістэм Кароны і Княства. Ці можна, у сувязі з гэтым, казаць пра паслядоўнасць планаў гаспадара ў заключэнні цяснейшага саюзу дзвюх дзяржаў?

Жыгімонт Аўгуст умела выкарыстоўваў супярэчнасці паміж сенатам і пасольскай ізбой у каронным сойме дзеля рэалізацыі сваіх палітычных задумаў. Нельга казаць, што пасля 1562 г. кароль лёгка перайшоў на бок экзекуцыяністаў і па­слухмяна выконваў пастулаты іх праграмы[63]. Супярэчлівасць унутранай палітыкі гаспадара ў Кароне заключалася ў лавіраванні паміж сенатам, якому экзекуцыя правоў на зямельныя маёнткі была нявыгадная, і пасольскай ізбой — патрабавальнікам радыкальных экзекуцыйных рэформаў.

Схільны да кампрамісных рашэнняў, Жыгімонт Аўгуст бачыў, што ні інкарпарацыя, ні захаванне соймавай аўтаноміі ВКЛ не надаваліся для абодвух бакоў як шлях да заключэння уніі. Гэта стала выразна відаць пасля дыскусій на Варшаўскім сойме 1563/1564 г.

Жыгімонт Аўгуст рашуча падтрымаў польскі бок, зыходзячы з ідэі „аднаго цела і галавы Рэчы Паспалітай“. Тым самым любое раздзяленне паўнамоцтваў вярхоўных органаў улады адкідвалася як супярэчнае ідэі супольнай дзяржавы. Аднак канкрэтныя пытанні, якія датычыліся „правоў, вольнасцяў, звычаяў“, патрабавалі дакладнага юрыдычнага вырашэння. Найважнейшымі з іх (узгаданых у рэцэсе Варшаўскага сойму 1563/1564 г.) былі вызначэнне месца ліцьвінаў у соймавай ерархіі, вызначэнне месца адбыцця соймаў і стварэнне на тэрыторыі ВКЛ соймікаў. Так што прорва адрозненняў паміж дзяржаўна–палітычным уладкаваннем Кароны і Княства была глыбейшая, чым ўяўлялася.

Перамога ў Вульскай бітве 26 студзеня 1564 г. выявіла, што спыніць наступ маскоўцаў можна было ўласнымі сіламі ліцьвінаў. Задача прыцягнення знешняй дапамогі не здавалася такой актуальнай. Гэтае становішча выкарысталі Радзі­вілы, каб згарнуць перамовы з польскім бокам наконт уніі.

Іх заклікі звярнуцца да ваенных спраў не засталіся па–за ўвагай гаспадара. У 1565 г. ён выступіў за актывізацыю ваенных дзеянняў і нанясенне непрыяцелю вырашальнага ўдару.  Жыгімонт Аўгуст на польскім сойме ў сакавіку 1565 г. выказаўся за хутчэйшае завяршэнне вайны як першачарговую задачу для абедзвюх дзяржаў, „nie trwoniąc czasu, jak w upły­nionym roku, swarami około zjednoczenia Litwy z Koroną“[64]. Гас­падар разам з сенатам прапаноўваў неадкладна ўхваліць падаткі на ваенна–абарончыя мэты. На іх думку, ваеннае становішча перашкаджала спакойна займацца ўнутрыпалітычнымі справамі, у прыватнасці, праводзіць супольныя соймы, дзе магла б быць даведзена да канца справа уніі[65]. У сваю чаргу, пасольская ізба клапацілася пра распачынанне экзекуцыі як першачарговага пытання. Пасля яе рэалізацыі можна было прыступіць да уніі. Навядзенне парадку ў Кароне павінна было станоўча паўплываць, на думку земскіх паслоў, на стаўленне ліцьвінаў да саюзу з Польшчай[66]. Нягледзячы на падобнае разыходжанне пазіцый, падаткі на вайну былі ўхвалены.

У соймікавых інструкцыях, разасланых перад Пётракаў­скім соймам 1566 г., Жыгімонт Аўгуст зноў заклікаў да абмеркавання праблем абароны ад маскоўскага непрыяцеля, заявіў­шы, што гэта — супольная справа і для Княства, і для Кароны. Пад час працы сойму ён супакойваў шляхту тым, што „jest Litwa chętna do unii“[67].

Складана адказаць, чаму Жыгімонт Аўгуст так цвёрда і мэтанакіравана выказваўся за падрыхтоўку вырашальнага ваеннага ўдару па праціўніку і хутчэйшае пераможнае заканчэнне вайны з Масквою ў сярэдзіне 60–х г. XVI ст. Такая пазіцыя дазваляла спадзявацца на атрыманне фінансавых рэсурсаў з Кароны, дзеля чаго была патрэбная згода сойму. Магчыма, жаданне скончыць вайну было шчырым, але рэалізаваць яго не ўдалося па аб’ектыўных прычынах (гаспадарчы кры­зіс, эпідэмія чумы, кепская праца кіраўнічага апарату ў ВКЛ). З іншага боку, магло быць і так, што, абвяшчаючы перамогу ў вайне прыярытэтнай задачай, Жыгімонт Аўгуст тым самым хацеў выбіць апошні козыр з рук радных паноў ВКЛ, для якіх ваенная небяспека была галоўнай падставай для ігнаравання унійнага пытання.

Ідэю заключэння уніі Жыгімонт Аўгуст не пакідаў увесь час. Аднак планы рэалізацыі гэтай ідэі змяняліся ў залежнасці ад складвання палітычных абставінаў. Не трэба забываць, што аб’ектыўная сітуацыя на ваенным фронце прымушала звяртаць пільную ўвагу на праблемы абароны. З сярэдзіны 1566 г. маскоўцы перайшлі да новай палітыкі замацавання на Полаччыне. На захопленых тэрыторыях яны распачалі будаўніцтва замкаў, якія павінны былі адыгрываць ролю фарпостаў маскоўскай улады. Замкі будаваліся ў найважнейшых стратэгічных месцах. Маскоўцы імкнуліся размяшчаць іх у глыбіні тэрыторыі ВКЛ, тым самым пашыраючы зону свайго кантролю.

У гэтых абставінах заклікі радных паноў звярнуцца да ваенных праблем станавіліся вельмі актуальнымі. У ся­рэдзі­не 1566 г. Жыгімонт Аўгуст амаль што страціў на­дзею на заключэнне уніі, убачыўшы нежаданне радных паноў ехаць на польскі сойм для абмеркавання гэтага пытання (яны прыкрываліся патрэбай заставацца ў Княстве для абароны краіны)[68].

Неспадзяваная актывізацыя каланізацыйнай палітыкі маскоўцаў прымусіла ўрад ВКЛ перайсці да хуткіх контрдзеянняў, якія заключаліся ў выкарыстанні наёмнага войска ВКЛ супраць маскоўскіх планаў, а таксама ў актывізацыі будаўніцтва ўласных фарпостаў на Полаччыне. Дзякуючы прынятым мерам у 1567—1568 г. прасоўванне маскоўцаў углыб тэрыторыі ВКЛ было спынена[69].

Актуалізаваліся і намеры нанесці па ворагу вырашальны ўдар. На Гарадзенскім сойме 1566/1567 г. дэкларавалася па­трэба актывізацыі ваенных дзеянняў. Акцэнтуючы ўвагу на першачарговасці гэтай задачы, гаспадарская ўлада запэўнівала, што „…в тых двух годех не маем ни до чого иншого вести ани взывати, одной войне потужъной з неприятелем досыть чинити“[70].  Як вынік, на сойме ўхвалілі збор паспалітага рушання з абавязковым удзелам у ім Жыгімонта Аўгуста. Калі б гаспадар заклікаў да чаго–небудзь іншага (пад гэтым, безумоўна, разумелася унія), а не да вайны, вышэйшыя станы вызваляліся б ад абавязку плаціць земскія падаткі. Падобным чынам палітычныя эліты ВКЛ імкнуліся перастрахавацца ад разгляду унійнага пытання ў бліжэйшай будучыні.

Наўрад ці Жыгімонт Аўгуст верыў у выніковасць перамоў з маскоўскім пасольствам, якое знаходзілася ў ВКЛ улетку 1567 г.[71] Разведкавыя мэты маскоўцаў сталі хутка відавочнымі для кіраўніцтва ВКЛ. Вельмі верагодна, што гаспадар будаваў пераможныя планы ў залежнасці ад поспеху выступлення апазіцыі ў Маскве, не маючы вялікай надзеі на эфектыўнасць дзеянняў сабранага паспалітага рушання.

У любым выпадку шырокамаштабная падрыхтоўка паспалітага рушання ў 1567 г. не прывяла да значных актыўных дзеянняў. Затое ў вайсковым лагеры пад час сходу шляхты ў Лебедзеве былі вырашаны важныя пытанні, звязаныя са зборам падаткаў і арганізацыяй абароны. Шляхта таксама пад­трымала на гэтым сходзе ідэю склікання супольнага сойму з Каронай для канчатковага заключэння уніі[72].

Заўважым, што Жыгімонт Аўгуст звярнуўся да шляхты для атрымання падтрымкі сваіх унійных планаў менавіта ў вайсковым лагеры, дзе голас вялікай шляхецкай масы меў асаблівую сілу[73]. Паспалітае рушанне з вайсковага лагера, улічваючы вялікую прадстаўнічасць шляхты, імгненна магло ператварыцца ў палітычны форум. Тут добра было право­дзіць прапагандысцкія акцыі, а таксама дамагацца згоды шляхецкага грамадства на ўхваленне тых ці іншых палітычных мерапрыемстваў. Дарэчнай будзе аналогія з віцебскім лагерам 1562 г., калі ад імя шляхецкіх масаў, сабраных у паспалітым рушанні, была здзейснена важная палітычная акцыя.

На нашу думку, гаспадар разглядаў паспалітае рушанне 1567 г. як сродак уздзеяння на грамадскую думку і інструмент унутранай палітыкі ў дзяржаве. Цікава, што неўзабаве пасля сканчэння гэтага з’езду ў лістападзе 1567 г. гаспадар ад’ехаў з войска. Можа, таму, што галоўная для яго задача збору паспалітага рушання была ўжо вырашана? Дамогшыся згоды на унію,  гаспадарская ўлада выканала палітычныя задачы, якія ставіла перад паспалітым рушаннем. Можна сказаць, карыстаючыся сучаснай тэрміналогіяй, што ў Лебедзеве ў лістапа­дзе 1567 г. адбыўся своеасаблівы „шляхецкі рэферэндум“.

На такі сцэнар указваюць паводзіны гаспадара пад час збору паспалітага рушання ВКЛ у 1567 г. Жыгімонт Аўгуст не выяўляў шчырага жадання ўзначаліць войска і прывесці яго да перамогі над непрыяцелем. У вайсковы лагер ён прыбыў толькі ў верасні 1567 г., хоць збор шляхты распачаўся яшчэ ў траўні. Аднак і ўвесь восеньскі час шляхта прабыла ў бяздзейнасці. Паспалітае рушанне, безна­дзейна страці­ўшы спрыяльны час, было вымушана раз’ехацца па хатах, так і не атрымаўшы загаду гаспадара рушыць супраць непрыяцеля. Сярод пэўных колаў у ВКЛ існавалі падазрэнні, што Жыгімонт Аўгуст задумаў збор войска дзеля вымотвання апошніх сіл і сродкаў ВКЛ і прапаганды унійных ідэй сярод шляхецкіх масаў, а не для ўласна наступу на Маскву[74].

З гэтага часу заключэнне уніі было справай вырашанай. Адчайная ініцыятыва Я. Хадкевіча па выкарыстанні паспалітага рушання ў няўдалай аблозе Улы, здзейсненая ў лютым—сакавіку 1568 г., толькі яшчэ больш падкрэсліла неэфектыўнасць шляхецкага войска. Нават паспяховы штурм Улы, учынены Раманам Сангушкам у жніўні 1568 г., не мог прынесці такіх палітычных дывідэндаў, як гэта калісьці было пасля перамогі ў Ульскай бітве 1564 г.

Заключэнню уніі, безумоўна, паспрыяла заспакаенне на ваенным фронце і паляпшэнне знешнепалітычнага становішча ВКЛ напрыканцы 60–х г. XVI ст. Сітуацыя на фронце не ўяўляла на той час вялікай небяспекі для Княства. З’явіліся магчымасці шчыльна заняцца ўнутрыпалітычнымі справамі. У параўнанні з 1563 г. сітуацыя кардынальна памянялася: тады патрэбу уніі дыктавала ваенная небяспека, цяпер нават поспехі ў вайне не прымушалі пакінуць разгляд „уній­нага пытання“. За гэты перыяд грамадства ўсвядоміла, што дзяржава не спраўляецца сама з наладжваннем абароны і фінансавымі выдаткамі на вайну. Патрэба знешняй дапамогі і ўласная ня­здольнасць у пытаннях арганізацыі абароны асаблі­ва выразна выявіліся пасля безвыніковага збору паспалі­тага рушання ў 1567 г.

Пагаджаючыся на скліканне супольнага сойму, радныя паны па–ранейшаму імкнуліся атрымаць гарантыі захавання суверэнітэту ВКЛ. Такія гарантыі былі дадзены гаспадаром у прывілеі, падпісаным у Воіню ў снежні 1568 г. Жыгімонт Аўгуст абавязваўся дбаць пра вышэйшыя інтарэсы Княства, ні ў чым не парушаючы яго „правоў і вольнасцяў“[75].

Праводзячы на пачатку Люблінскага сойму 1569 г. перамовы з польскім бокам па сцэнары 1563 г., літоўскае пасольства на чале з М. Радзівілам Рудым не ўлічвала значнай змены акалічнасцяў. Цяпер ВКЛ было падрыхтавана да заключэння уніі праз правядзенне ўнутраных рэформаў у сярэдзіне 60–х г. XVI ст. Самастойнае вядзенне Інфлянцкай вайны не зрабіла вялікіх зрухаў ваенна–стратэгічнага балансу на сваю карысць.

Змяніўся характар палітычнай эліты ў дзяржаве. Значэнне М. Радзівіла Рудога як лідэра радных паноў не было такім моцным, як яго брата на пачатку 60–х г. XVI ст. Да таго ж, за гэтыя гады вырас уплывовы супернік у асобе Я. Хадкевіча, сімпатыі да якога з боку гаспадара былі большыя.

Нежаданне цвяроза ацэньваць рэаліі прымусіла М. Радзі­віла Рудога здзейсніць фатальную памылку — перарваць без выразных тлумачэнняў перамовы з польскім бокам і, што важней, з гаспадаром. Пэўна, такім шляхам меркавалася атры­маць час для далейшага „ўзгаднення пазіцый“. Радзівіл вярнуўся да старой палітыкі зацягвання вырашэння „унійнага пытання“.

Аднак, маючы выразнае ўяўленне аб патрэбах дзяржавы і грамадскіх настроях, Жыгімонт Аўгуст вырашыў пераламаць ход падзей з дапамогай рэзкага і нечаканага кроку — адарвання ад ВКЛ памежных паветаў на захадзе і поўдні краіны. Праяўленая падобным чынам (гвалтоўным па сутнасці) рашучасць Жыгімонта Аўгуста паказала радным панам у хуткім часе адсутнасць іншых варыянтаў вырашэння праблемы і прымусіла шукаць капрамісныя рашэнні.

У варунках 1569 г. рэальнай альтэрнатывы уніі не існавала. Для рэалізацыі іншага праекту радныя паны проста не мелі магчымасцяў. Не было ў іх таксама і грамадскай пад­трымкі. Для грамадства ВКЛ нават цяжка было ўявіць сабе магчымасць зрыву ўсялякіх адносінаў з Польшчай. Суіснаванне з Каронай працягвалася доўгі час, і насельніцтва ВКЛ пры­звычаілася да свайго партнёра па дынастычнай уніі як да неабходнага складніка існавання ВКЛ. Ва ўмовах ваеннага становішча зрыў саюзных адносін з Польшчай здаваўся большай бядой, чым частковая страта суверэнітэту. Узгадаем, што ў Літве не было прынцыповых праціўнікаў уніі з Польшчай, бо разумелі, што супрацьстаянне з Масквой будзе немагчымым, асабліва калі ўлічваць далёкасяжную перспектыву. Змагаліся супраць таго, каб гэты хаўрус прыняў форму інкарпарацыйнай уніі.

Падтрымка уніі з боку шляхты насіла пасіўны характар, прытым з упэўненасцю можна казаць, што падтрымлівалася толькі ідэя ўмеранай уніі[76]. Яе прыхільнікі прызнавалі неабходнасць уніі для эфектыўнай абароны супольных межаў, але адначасова стаялі за захаванне асобнасці Вялікага Княства Літоўскага ў сістэме Рэчы Паспалітай. Радыкальныя прапановы польскіх экзекуцыяністаў аб інкарпарацыі ВКЛ у склад Польскай Кароны не былі ўспрыняты як супярэчныя агульнадзяржаўным інтарэсам. Патрэба заключэння уніі з Поль­шчай канчаткова ўсвядомілася ў ВКЛ у канцы 60–х г. XVI ст. Неабходнасць уніі дыктавалася ў першую чаргу вычарпанасцю ўнутраных рэсурсаў ВКЛ, патрэбных для ўдзелу ў Інфлянцкай вайне і, у сувязі з гэтым, патрэбай знешняй вайсковай і фінансавай падтрымкі.

Палітыка радных паноў на чале з Радзівіламі па зацягванні часу і пастаянным адкладанні унійных перамоў не прынесла ўдалых вынікаў і не займела грамадскай падтрымкі. Ранейшая гістарыяграфія асацыявала пазіцыю Радзівілаў з пазіцыяй усёй магнацкай групы. Аднак гэта вельмі спрошчаны, а галоўнае, няслушны падыход. Нягледзячы на вядучае станові­шча Радзівілаў у Радзе і іх значны ўплыў на ход палітычных падзей у краіне, пазіцыя магнацтва ў дачыненні да уніі не заўсёды салідарызавалася з пазіцыяй Радзівілаў. Гэта найбольш яскрава выявілася на віленскім з’ездзе ў сакавіку 1569 г.[77]

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тое, што расстаноўка сіл у барацьбе праунійных і антыунійных тэндэнцый не залежала наўпрост ад сацыяльнай стратыфікацыі і, насуперак цверджанням прыхільнікаў канцэпцый М. Любаўскага і О. Галецкага, мела характар чыста палітычнай, а не класавай (станавай) барацьбы. Не выключаючы з–пад увагі самога факта існавання пэўнага напружання палітычных інтарэсаў магнацтва і сярэдняга шляхецтва, трэба адзначыць разуменне з боку ўсяго „палітычнага народа“ ВКЛ агульнадзяржаўных інтарэсаў.


[1] Артыкул з’яўляецца працягам маёй публікацыі: Да пытання аб характары палітычнага працэсу ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI ст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2003. № 19. S. 32—56.
[2] Любавский М. Литовско–русский сейм: Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. Москва, 1900; Любавский М. Очерк истории Литовско–Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, 1915.
[3] Halecki O. Dzieje Unii Jagiellońskiej. T. I—II. Kraków, 1919—1920.
[4] Гл.: Bardach J. Krewo i Lublin. Z problemów unii polsko–litewskiej // Kwartalnik Historyczny, 1969, R. 76. № 3. S. 607—619. Асноўныя тэзісы гэтага даследавання паўтораны аўтарам у найноўшых працах: Bardach J. O Rzeczpospolitą Obojga Narodów. Dzieje związku Polski z Litwą do schyłku XVIII wieku. Warszawa, 1998. S. 19—21; Bardach J. Od aktu w Krewie do Zaręczenia Wzajemnego Obojga Narodów (1385—1791) // Unia lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej. Lublin, 1999. S. 12—44.
[5] Лаппо И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). С.–Петербург, 1901; Лаппо И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско–Русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911; Лаппо И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1, ч. 1. Каунас, 1934.
[6] Wisner H. Unia: Sceny z przeszłości Polski i Litwy. Warszawa, 1988; Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z dziejów Polski szlacheckiej XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1978; 2–e wyd. — Warszawa, 2001; Błaszczyk G. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności 1492—1569. Poznań, 2002; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy: Stosunki polsko–litewskie w latach 1569—1586. Warszawa, 2002; Jučas M. Lietuvos ir Lenkijos unija. Vilnius, 2000.
[7] Лойка П. Шляхта беларускіх зямель у грамадска–палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст. Мінск, 2002. С. 8—34.
[8] Halecki O. Sejm obozowy szlachty litewskiej pod Witebskiem 1562 r. i jego petycja o unię z Polską (Przyczynek do dziejów parlamentaryzmu litewskiego i genezy unii lubelskiej) // Przegląd Historyczny. 1914. T. 18, z. 3. S. 320—352.
[9] Biblioteka Czartoryjskich w Krakowie (далей — BCzart.). Rkp. 1604. K. 55—74. Тыя ж самыя матэрыялы знаходзяцца ў: BCzart. Rkp. 2208. K. 269—288. Агляд крыніц па праблеме „віцебскай петыцыі 1562 г.“ зроблены ў: Kiaupienė J. Litewskie cechy kultury politycznej szlachty Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI wieku // Kultura Litwy i Polski w dziejach: Tożsamość i współistnienie / Red. J. Wyrozumski. Kraków, 2000. S. 72—73.
[10] Верагодна, гэты тэрмін трэба атаясамліваць з беларускімі „змова“, „пагадненне“.
[11] BCzart. Rkp. 1604. K. 53—55.
[12] BCzart. Rkp. 2208. K. 287.
[13] У пасольскім лісце прама гаворыцца пра разбежнасць пазіцый і інтарэсаў магнатэрыі і шляхты: „…rzadko to bywa, aby się członkowie bol­szego, średniego i mniejszego stanu w czym spolnie a słusznie zgadzać się mieli“ (BCzart. Rkp. 2208. K. 280—281).
[14] Halecki O. Sejm obozowy… S. 327.
[15] Лаппо И. Литовский Статут 1588 г. C. 233.
[16] BCzart. Rkp. 1604. K. 53—54. Заўважым, што ў матэрыялах Метрыкі ВКЛ намеры дзяржаўнай улады ўхваліць збор падаткаў праз удзель­нікаў вайсковага лагера не прасочваюцца.
[17] Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 564: (1553—1567) / Parengė A. Baliulis. Vilnius, 1996. P. 121—122; BCzart. Rkp. 2208. K. 272—273.
[18] У апошні час гэтую думку выказала Юратэ Кяўпене, выдатна аргументуючы сваю пазіцыю: Kiaupienė J. Litewskie cechy kultury… S. 67—78.
[19] У 1559 г. Я. Хадкевіч узначальваў коннае наёмнае войска ВКЛ у Інфлянтах і фактычна быў кіраўніком (разам з Юрым Зено­вічам) кампаніі па размяшчэнні ў інфлянцкіх замках гарнізонаў з ВКЛ: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. T. III. С.–Петербург, 1848. C. 108—110.
[20] Kempa T. Rywalizacja Radziwiłłów i Chodkiewiczów o pierwsze miejsce w elicie politycznej Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 60. i 70. XVI wieku // History, culture and language of Lithuania. Proceedings of the international Lithuanian conference, Poznań 17—19 September 1998 / Ed. G. Błaszczyk and M. Hasiuk. Poznań, 2000. S. 195—219.
[21] Пра антырадзівілаўскі характар віцебскай акцыі піша: Halecki O. Sejm obozowy… S. 332—333.
[22] Гэта яскрава паказваюць просьбы аб захаванні ўласнага войска і дзяржаўных ўрадаў, якія павінны раздавацца толькі нараджэнцам Княства: BCzart. Rkp. 2208. K. 287—288.
[23] М. Радзівіл Чорны наракаў у лісце да М. Радзівіла Рудога ад 22 лютага 1565 г., што Хадкевічы ў апошні час займелі вялікі ўплыў: „Znać że panowie Chodkiewiczowie na mnie wojne uradzili, bo się ich radzie we wszem dosyć stało coś czynic, jedno musze pati et ferne“ (Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (далей — AGAD). Archiwum Radziwiłłów. Dz. IV. Teka 35. Sygn. 502. K. 39—42. Лукішкі, 22.02.1565). Павелічэнне рэальнага ўплыву Я. Хадкевіча на гаспадарскім двары занатаваў у 1570 г. нават маскоўскі пасол: Сборник императорского Русского исторического общества. T. 71: Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско–Литовским (1560—1571 гг.). С.–Петербург, 1892. C. 804.
[24] „…i my też z nimi zarówne mieć chcemy, i ich (палякаў) do tego sami dobrowolnie pobudziły i przywiedli, Witebskiem, Sejmem Wileńskim, aż potym do Warszawy“ (Votum Waleriana, biskupa wileńskiego, nad unią Korony z Litwą // Dziennik Warszawski. 1826. R. 5. S. 161—162).
[25] У склад пасольства, акрамя жамойцкага старасты Я. Хадкевіча і біржанскага цівуна з Жамойці М. Шэмета, уваходзілі маршалак зямлі Валынскай, кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі, цівун з Жамойцкай зямлі Рыгор Трызна, луцкі стараста Богуш Карэцкі, анікштанскі дзяржаўца (?), гаспадарскі дваранін Пётр (прозвішча чытаецца невыразна): AGAD. Archiwum Radziwiłłów. Dz. I. Sygn. 7776. Вільня, 12.10.1565.
[26] 11 сакавіка 1566 г. ён атрымаў намінацыю на гэты ўрад: Сборник материалов, относящихся к истории панов–рады Великого Княжества Литовского / Изд. И. Малиновский. Томск, 1901. С. 49–51.
[27] „I ci, którzy z inszych stanów są obrani, tym, którzy z ławicy rady pań­skiej posłani są, we wszystkich rzeczach jako starszym i przełożonym swoim powinni uczciwpść aby czynili i nic okrom ich rady i przyzwolenia w rzeczach ziemskich sprawować nie mają ani będą mogli“ (Źrzódłopisma do dziejów unii Korony Polskiej i W. X. Litewskiego / Wyd. T. Działyński. Cz. II, oddz. I. Poznań, 1856. S. 173)
[28] „Więcej mam do tego powinowactwo z strony szlachectwa swego, aniżeli z urzędu“ (Źrzódłopisma… S. 352).
[29] Commendoni J. F. Pamiętniki o dawnej Polsce z czasów Zygmunta Augusta / Wyd. J. Albertrandi, M. Malinowski. T. I. Wilno, 1847. S. 72. Варшава, 6.03.1564.
[30] Менавіта падляшская шляхта выступіла ў 1566 г. ініцыятарам склі­кання агульнага сойму з палякамі. Аднак яе просьба была адхілена гаспадаром: Акты Литовско–Русского государства / Изд. М. Довнар–Запольский. Т. II. Москва, 1897. С. 185.
[31] Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Kórniku (далей — BKórn.). Rkp. 247. K. 122—122v.
[32] BKórn. Rkp. 247. K. 122v.
[33] Русская историческая библиотека (далей — РИБ). Т. 30: Литовская Метрика. Отделы первый–второй. Ч. 3: Книги публичных дел. Юрьев, 1914. С. 324—325, 745—748.
[34] Тамсамса. С. 373.
[35] Тамсама. С. 838—841, 878—882.
[36] Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 530: (1566—1572) / Parengė D. Baronas, J. Jovajša. Vilnius, 1999. P. 21—22.
[37] Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 180—182 (приложения).
[38] РИБ. Т. 30. С. 428—429.
[39] Тамсама. С. 481.
[40] Довнар–Запольский М. Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 365—366, 560—570, 770—775.
[41] Orzechowski S. Wybór piśm / Oprac. J. Starnawski. Wrocław etc., 1972. S. 304—629; Rozmowa Polaka z Litwinem / Wyd. J. Korzeniowski. Kraków, 1890.
[42] Вылучаліся нават прапановы кшталту перайменавання Літвы ў Новую Польшчу: Źrzódłopisma… S. 271—272.
[43] Аб разыходжаннях у поглядах на унію паміж пасламі і сенатарамі ўказвае ў лісце ад 5 студзеня 1564 г. Камэндоні: „W senacie codzień traktują o polączeniu Litwy; a jeśliby posłowie ziemscy nie sprzeciwiali się, rzecz była by juz skończona“ (Commendoni J. F. Pamiętniki… T. I. S. 37. Варшава, 24.01.1564).
[44] „Nie chcemy tego naprzód, aby nas kto rozumieć miał, iżebyśmy nie chcieli unii, bo my chcemy i potrzebujemy jej z Ich Mościami; a nie rozumiemy, kto by jej nie chciał a nie potrzebował, jedno djabeł, któremu zgody nie potrzeba i jest zgodzie wiecznym nieprzyjacielem“ (Źrzód­łopisma… S. 362)
[45] „Żadną miarą u nas bez Sejmu Walnego być nie moze (…) Tamze i sejmiki powiatowe będą postanowione, bo ich u nas nigdy nie było (…) A z tych to Sejmików główniejszych i powiatowych kiedy będzie potrzeba, będziemy pierwiej swej Sejm Walny mieć, a potem na koronny główniejszy, Wielki walny społeczny sejm jachać. A kiedy też u nas Sejmu walnego nie będzie potrzeba, dla własnych samych Rzeczypospolitej potrzeb, tedy Posłowie nasi prosto z Sejmików przyjadą na Koronny Sejm“ (Źrzódłopisma… S. 351).
[46] На гэты момант звяртае ўвагу літоўскі даследчык Дарыюс Вілімас: Вилимас Д. Михалон Литвин и Федор Евлашевский — два взгляда на реформу судов Великого Княжества Литовского 1564—1566 гг. // Наш радавод. Кн. 7. Гародня, 1998. С. 216—218.
[47] Bardach J. Krewo i Lublin… S. 611.
[48] Votum Waleriana…. S. 176.
[49] Ibid. S. 166.
[50] Źrzódłopisma… S. 172—178.
[51] „O sejmie powiedział mi, że (…) pierwszym przedmiotem będzie połączenie Litwy, Rusi, Żmudzi z Koroną polską (…) Przez tyle wszakże lat połączenie to nie następowało dla usiłowań królewskich, aby te kraje jako dziedzictwo dla potomstwa zachowac (…) Dziś, kedy moskiewski książe stał się panem znacznej części Inflant i innych pogranicznych z Litwą krajów, a nawet część samej Litwy najechał i ujarzmił; polacy nie chcą iść na obronę tych prowincji, jeżeli król przyobiecywanego połączenia nie przywiedzie do skutku. Król nie zdaje się być trudnym w tej mierze, częścią dla wspomnianego niebezpieczeństwa, a częścią dla tego, że jest bezpotomny i nadzei nawet potomstwa niemający; ztąd wnoszą, iz żadnej w tem nie będzie innej trudnosci, chyba tylko w samych warunkach zjednoczenia“ (Commendoni J. F. Pamiętniki… T. I. S. 8. 30.10.1563)
[52] Ibid. T. I. S. 55. Варшава, 7.02.1564.
[53] Цікава, што польскія паслы прапаноўвалі здзейсніць падобнае абмеркаванне на новаствораных сойміках у ВКЛ, абмінаючы такую структуру, як вальны сойм дзяржавы. Відавочна, такім чынам меркавалася пазбегнуць ціску з боку радных паноў, якія былі найменш за­цікаўленай групай у заключэнні уніі (Źrzódłopisma… S. 341—342).
[54] Commendoni J. F. Pamiętniki… T. I. S. 55. Варшава, 7.02.1564.
[55] „Powszechne jest mniemanie, że skuteczności układów cztery rzeczy były na wstręcie: obustronna niepowsciągliwość w mowach i odwieczne na­rodowe zawiści; podejrzenie litwinów, iz posiłkowe wojsko polskie umyś­lnie tak późno nadciągneło dla złączenia się z nimi i że wielkich krzywd dopuściło się na granicy; zwycięstwo przez samych tylko litwinów od­nie­sione (…); wojewoda wileński, który, będąc głowa poselstwa, nie życzył przyprowadzić go do skutku“ (Ibid. T. I. S. 72. Варшава, 6.03.1564).
[56] Ibid. T. I. S. 173—174. Ціхостаў, 5.08.1564.
[57] Dyaryusz sejmu Piotrkowskiego 1565 / Wyd. W. Chomętowski. War­szawa, 1868. S. 225—226.
[58] Ibid., s. 27.
[59] Relacje nuncjuszów apostolskich i innych osób o Polsce od roku 1548 do 1690. T. I. Berlin—Poznań, 1864. S. 189.
[60] Змест інструкцыі настолькі цікавы для нашай тэмы, што дазволім сабе працытаваць яе як мага паўней: „Иж, ач кольвек его кролевская милость бачыти и ласкаве прыймовати рачить от вашое милости панов рад и ото всих станов рыцерства своего, же и податками немалыми прыкладаетеся и нелитованьем крови и здоровья своего против тому непрыятелю, великому князю Московскому, и над повинность свою чыните досыть, але, иж оный непрыятель посягненьем панства его кролевской милости и зневоленьем братьи вашое, верных подданых его кролевской милости не помалу змоцняеть, прото, хотячы его кролевская милость способом большым против тому непрыятелю войну вести, якобы с помочю Божью слушный отпор взял и не шырился и не владал властного его милости господарского, рад бы то видел, абы большый посилок и з меньшим накладом вашим быти мог, што лацно быти можеть за злученьем в унею з станы Короны Польское, одностайною а сполною рукою чынечы отпор оному непрыятелю, а то не только против тому непрыятелю, але и против каждому у многих речах немало пожытку Речы Посполитое приняти можеть, кгдыж згода а милость межы каждыми панствы особливого добра прымноженье чынить“ (Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 209—211 (приложения)).
[61] Listy Zygmunta Augusta do Radziwiłłów / Oprac. I. Kaniewska. Kraków, 1999. S. 409—410. Пётркаў, 6.12.1562.
[62] РИБ. T. 30. C. 324—325.
[63] Pałucki W. Drogi i bezdroża skarbowości polskiej XVI i pierwszej połowy XVII wieku. Wrocław, 1974. S. 84—96; Sucheni–Grabowska A. Badania nad elitą władzy w latach 1551—1562 // Społeczeństwo staropolskie. T. I. Warszawa, 1976. S. 80—81.
[64] Commendoni J. F. Pamiętniki… T. II. Wilno, 1851. S. 114—115. Piotr­ków, 23.03.1565.
[65] Dyaryusz sejmu… S. 232.
[66] Ibid. S. 309—311.
[67] Diariusz sejmu lubelskiego 1566 roku / Oprac. I. Kaniewska. Wrocław etc., 1980. S. 13.
[68] Гэтае меркаванне грунтуецца на падставе інфармацыі О. Галецкага, які спасылаўся на знішчаныя пад час Другой сусветнай вайны дакументы з Бібліятэкі ардынацыі Красінскіх (сігнатура 4001): Halecki O. Dzieje Unii Jagiellońskiej. T. II. S. 216.
[69] Гл. падрабязней: Янушкевіч А. Ваенныя дзеянні паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай у 60–я гады XVI стагоддзя // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. № 14. S. 33—56.
[70] РИБ. T. 30. C. 415—416.
[71] Гэта прасочваецца ў гаспадарскай інструкцыі на павятовыя соймікі перад каронным соймам 1566 г.: Diariusz sejmu lubelskiego. S. 57.
[72] „Якож на он час в Лебедеве вси станы тамошнего панства нашого великого княства Литовского, около того з собою намовивши и сполне и згодливе на то зволивши, нам, господару, донесли и оповедили, же ни с которое иное причины и якого мушенья, одно з доброе воли своее а с таковое ж хути и милости, з якою ся обыватели корунные, братья и суседы ваши, через послов своих ку вам оповедають, ест есте прихильни до принятья и постановенья з ними сполку братьского, то ест унии в таковом взвязку, милости, згоды братское, который бы был однако и заровно во всем пожиточный обеюм тым панствам“ (Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 208 (приложения); РИБ. Т. 30. С. 481). Гл. таксама цікавую інфармацыю каралеўскага лажнічага Лукаша Ленцкага: Bodniak S. Z wyprawy radoszkowickiej na Moskwę w roku 1567—1568 // Ateneum Wileńskie. 1930. R. 7, z. 3—4. S. 807—808.
[73] Рост палітычнага значэння паспалітага рушання ў другой палове XVI — XVIII ст. падкрэсліваюць у сваіх апошніх даследаваннях Лешэк Кеневіч і Анджэй Закшэўскі: Kieniewicz L. Senat za Stefana Batorego. Warszawa, 2000. S. 289; Zakrzewski A. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI—XVIII w.: Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000. S. 188—189.
[74] Piwarski K. Niedoszła wyprawa t. zw. Radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567—68) // Ateneum Wileńskie. 1928. R. V, z. 14. S. 101.
[75] Akta unii Polski z Litwą 1385—1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 189—192.
[76] На нашу думку, менавіта падобныя погляды занатаваў назіральнік з Гданьска: Kolankowski L. Jagiellonowie i Unia // Pamiętnik VI powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie 17—20 września 1935 r. T. II. Lwów, 1936. S. 288—289.
[77] Halecki O. Przyłączenie Podlasia, Wołynia i Kijowszczyzny do Korony w roku 1569. Kraków, 1915. S. 82—122.

Наверх

Рустыс Камунтавічус. Падарожжы па Літве ў XVI—XVII ст.: досвед італьянцаў і французаў

20 снежня, 2003 |


Уводзіны

У гэтым артыкуле будуць аналізавацца італьянскія і французскія тэксты XVI—XVII ст., якія дазволілі б выявіць умовы падарожжаў па Літве* ў іх параўнанні з падарожжамі па Польшчы. Галоўныя крыніцы працы — успаміны італьянскіх і французскіх дыпламатаў, якія наведвалі Рэч Паспалітую Абодвух Народаў і Вялікае Княства Літоўскае, геаграфічна–палітычныя апісанні, справаздачы і ліставанне. Самаю шматлікаю групаю іншаземцаў, якая пакінула па сабе крыніцы гэткага тыпу, былі французы і італьянцы[1]. Цягам XVI—XVII ст. Рэч Паспалітую адведала, пакінуўшы пісьмовыя апісанні, каля 30 французаў. Італьянцаў за той жа перыяд было ўтрая болей; звыш за палову іхняга ліку (каля 50) складалі папскія нунцыі.

Абсалютная бальшыня ўсіх італьянцаў і французаў, якія наведвалі Рэч Паспалітую ў XVI—XVII ст., прыязджала сюды з рознымі заданнямі або з пэўнай канкрэтнаю мэтай. Такіх, якія б падарожнічалі дзеля прыемнасці або шукаючы новых уражанняў, амаль не было. Бальшыню французскіх крыніц складаюць успаміны дыпламатаў, найманых жаўнераў і афіцэраў, людзей з атачэння польскага каралеўскага двара або падарожнікаў. Бальшыня апісанняў Польшчы і Літвы належыць да другой паловы XVII ст., то бок да перыяду, калі палітычныя і культурныя стасункі паміж Рэччу Паспалітай і Францыяй былі асабліва актыўныя. Бальшыню італьянскіх матэрыялаў складаюць справаздачы і ліставанне венецыянскіх паслоў і папскіх нунцыяў. Пераважна яны паходзяць з другой паловы XVI ст. і першай паловы XVII ст., калі былі за­снаваны першыя сталыя дыпламатычныя місіі, асабліва зацікаўленыя ў польска–літоўскай дзяржаве, што перажывала свой залаты век.

Іншаземцы знаходзіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай неаднолькава доўга. Папскія нунцыі ў перыяд XVI—XVII ст. праводзілі тут у сярэднім каля 4 гадоў. Але нямала сярод іх было такіх, што заставаліся ў некалькі разоў даўжэй (напрыклад, Кл. Рангоні — 8 гадоў, М. Філянардзі — 7 гадоў) і такіх, што прыязджалі толькі на пару гадоў (напрыклад, Дж. Кантэльмі ў 1688 г.; у перыяд 1522—53 г. папскія нунцыі праводзілі ў Рэчы Паспалітай усяго па 1—2 гады). Падобная сітуацыя складалася і ў выпадку венецыянскіх паслоў і іхніх сакратароў. У другой палове XVI ст. дыпламаты (Дж. Ліпамана, Дж. Ф. Маразіні, П. Дуода [G. Lippomano, G. F. Morosini, P. Duodo]) праводзілі ў Польшчы па 1—2 гады. З іншага боку, маем і прыклад сакратара венецыянскага пасла Дж. Альберці [G. Alberti], які правёў у Рэчы Паспалітай 15 гадоў. Пра больш як 20 французаў мы таксама знаходзім інфармацыю, якая пацвярджае іхняе знаходжанне ў Рэчы Паспалітай цягам да 2 гадоў. Толькі шэсць французаў правялі ў польска–літоўскай дзяржаве ад некалькіх гадоў да некалькіх дзесяцігоддзяў (напрыклад, Г. дэ Тэнд і Ф. П. Далярак). Пра астатніх у нас няма дакладных звестак.

Італьянцы і французы рэдка дабіраліся да Літвы, а калі і прыязджалі сюды, дык толькі на кароткі час, найчасцей не больш як на адзін год. Мы валодаем дакладнай інфармацыяй пра тое, што ў першай палове XVI ст. у ВКЛ бывалі два пап­скія нунцыі: З. Фэрэры[2] (у верасні 1520— лютым 1521 г.) і Дж. Ф. Цыта (у траўні 1526 г.)[3]. У сярэдзіне стагоддзя, калі ў Поль­шчы ўсталявалася сістэма нунцыятуры, гэтая лічба крыху вырасла: А. Баланьета[4] (1583—84), Б. Бонджыавані[5] (1560), Дж. А. Калігары[6] (1579), А. ды Капуа[7] (1589), Л. Ліпамана[8] (1555). У першай палове XVI ст. сітуацыя радыкальна не змянілася: М. Філянардзі[9] (1636), Кл. Рангоні[10] (1601), Ф. Сіманета[11] (1609—10), Г. Вісконці[12] (1633). У гэты перыяд маем звесткі пра прыезд у Літву прынамсі некалькіх не звязаных з папам дыпламатаў: у 1609 г. у Літву заехаў па­сланнік тасканскага князя Казіма II [Cosimo II], Л. Бэвіляква[13], каб спаткацца з каралём Польшчы, а трохі пазней праз Літву праязджаў, па дарозе з Масквы ў Польшчу, дамініканскі місіянер Дж. ды Люка[14].

Сярэдзіна XVII ст. — пераломная, што да колькасці падарожжаў у Літву. Па–першае, гэты факт быў выкліканы ростам ліку французаў, якіх прывабліваў двор Людвікі Марыі і Яна III Сабескага (з 1674 г.). Свой побыт у Літве пацвярджаюць або даюць падставу для такіх сцверджанняў прынамсі пяць французаў: Ф. Аўрыль[15] (1688—89), Ф. Дзюпон[16], Ф. П. Далярак[17] (1688 r.), Русо дэ ля Валет[18] i Г. дэ Тэнд[19]. Апошні з іх нават цвердзіць, што правёў у гэтай краіне „шмат гадоў“. Па–другое, рост колькасці чужаземцаў быў выкліканы падвышэннем палітычнае значнасці ВКЛ у Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. З 1674 г., калі ў Горадні пачаў ладзіцца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітае, сюды мусіў прыязджаць кароль, а разам з ім і двор, і дыпламатычны корпус. У гэты перыяд на Літве льга было спаткаць не толькі папскіх нунцыяў — такіх, як Дж. Кантэльмі[20] (1688—89), але і супрацоўніка венецыянскае амбасады Дж. Альберці[21] (1687—88, 1692—93).

Калі не лічыць актывізацыі ў другой палове XVII ст., італьянцы і французы наведвалі Літву нашмат радзей, чым Польшчу. Гэтаму было некалькі прычын. Па–першае, іншаземцы былі прывязаныя да каралеўскага двара і найчасцей падарожнічалі толькі з ім. Але кароль наязджаў у Літву вельмі рэдка. Па–другое, найбольш інтэнсіўна культурнае і палітычнае жыццё віравала ў самой Польшчы, асабліва ў яе палітычных цэнтрах. Таму іншаземцам, чые падарожжы звычайна мелі канкрэтную мэту, не было чаго ехаць у такую далеч. Трэба памятаць, што турызм у цяперашнім сэнсе гэтага слова тады яшчэ не развіўся, а прагу адкрываць для сябе новыя краіны стрымлівалі цяжкія ўмовы, высокі кошт падарожжа і не надта шырокі выбар аб’ектаў, якія лічыліся вартымі ўвагі назіральніка.

Інфармацыйныя крыніцы, якімі карысталіся дыпламаты і назіральнікі, знаходзячыся на тэрыторыі Рэчы Паспалітае, яшчэ не канчаткова высветленыя. Вызначыць іх нялёгка, бо аўтары звычайна пакідалі іх без увагі. Можна меркаваць, што першай і галоўнай такой крыніцай быў каралеўскі двор і найвышэйшыя дзяржаўныя саноўнікі. В. Тыгельскі цвердзіць, што нунцыі стараліся спраўджваць інфармацыю іншымі шляхамі, напрыклад, супастаўляючы яе з уласным досведам і са звесткамі, атрыманымі ад клеру[22]. Д. Тале ўздымае яшчэ адну праблему, звязаную з крыніцамі інфармацыі. У другой палове XVI ст. французы, як і бальшыня іншаземцаў, якія прыязджалі ў Рэч Паспалітую на кароткі час, не гаварылі па–польску і таму цалкам залежалі ад сваіх інфарматараў. Гэта будзіць сумненні, ці маглі іхнія тэксты грунтавацца на глыбокім асабістым досведзе. З іншага боку, шмат хто з палякаў ведаў лаціну, а то і гаварыў па–французску, што дазваляла паразумецца непасрэдна[23].

Умовы падарожжа па Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у XVI—XVII ст.

Прыблізна ад другой паловы XVI ст. пачынаюць з’яўляцца тэксты іншаземцаў з інфармацыяй пра ўмовы падарожжа ў Рэчы Паспалітай. Тут часта можна спаткаць парады, у якіх месцах трэба спыняцца, якія рэчы браць у дарогу, якія шляхі выбіраць і г.д. Часам пазначаецца нават адлегласць паміж гарадамі. Пра ўмовы падарожжа пісалі: Ф. П. Далярак, Г. дэ Тэнд, Г. Фантуццы [G. Fantuzzi], Бураціна [Buratino] і іншыя. Не пазбаўлена падставаў меркаванне, што адной з найчасцей ужываных інструкцыяў быў тэкст нунцыя другой паловы XVI ст. Г. Марэскоцці, які апісваў, як паводзіць сябе іншым нунцыям, што прыязджаюць у гэтую краіну. У інструкцыю ўключаны раздзел пра тое, як падарожнічаць па Рэчы Паспалітай[24]. Як і ў іншых тэкстах падобнага характару, тут пазначаюцца адлегласці паміж мясцовасцямі польскага каралеўства, змяшчаюцца парады наконт таго, якія рэчы трэба ўзяць з сабой у дарогу, падаюцца апісанні каралеўства і ягоных рэгіёнаў.

Інструкцыя Г. Марэскоцці, як і іншыя падобныя тэксты, магла б служыць выдатнай крыніцай даследавання ўмоваў падарожжа па Літве. Аднак у абсалютнай бальшыні аналагічных запісаў уся ўвага засяроджвалася на землях Каралеўства Польскага і надзвычай рэдка апісваліся спецыфічныя ўмовы ВКЛ, абумоўленыя маланаселенасцю і вялікай колькасцю балотаў і лясоў. Відавочна, іншаземцы падарожнічалі па дарогах, пазначаных на карце, якую падае Т. Хынчэўска–Генэль[25], аднак няма сумненняў, што рух на гэтых дарогах не быў паўсюль аднолькава інтэнсіўны. Найчасцей для падарожжа выбіраўся напрамак Кракаў — Варшава — Гданьск. Акрамя таго, нельга забываць і пра той факт, што з Заходняй Еўропы ў Рэч Паспалітую звычайна прыязджалі цераз Польшчу: мяжу перасякалі або ў гданьскім порце, або на сухаземных дарогах па­блізу Познані ці Кракава. Той факт, што бальшыня падарожных XVI—XVII ст. мела блізкія стасункі з каралеўскім дваром і старалася падарожнічаць разам з ім, абумовіла значную колькасць апісанняў каралеўскіх рэзідэнцыяў на Чырвонай Русі — уладанняў Казіміра ці Яна III Сабескага. Бальшыня інфармацыйных тэкстаў, якія прысвячаліся падарожжам па Рэчы Па­спалітай Абодвух Народаў і апісвалі тыя дарогі Польшчы, што выбіраліся найчасцей, да­следчыку літоўскае гісторыі можа служыць выключна для арыентацыі, каб прасачыць агульную тэндэнцыю.

У літоўскіх гісторыкаў не ўдалося знайсці ніякіх працаў, прысвечаных гэтай праблематыцы. Ніводнага даследавання, якое займалася б пытаннем штодзённасці падарожжа, станам дарог і інфраструктуры паслугаў, у літоўскай гістарыяграфіі мы напэўна не знойдзем. Таму ў нашым распараджэнні толькі тэксты польскіх і заходніх аўтараў. З шэрагу працаў, дзе абмяркоўваюцца ўмовы падарожжаў у гэты перыяд, варта вылучыць тэксты Т. Хынчэўскай–Генэль[26] і А. Моньчака[27]. Даследаваўшы багата дарожных нататак, абодва аўтары апісваюць іхні змест і ўражанні падарожных. У Польшчы апошніх чакалі тыя ж небяспекі і цяжкасці, як і ў іншых землях Еўропы — рабункі, цяжкая штодзённасць і ўмовы начлегу. Да асаблівасцяў Рэчы Паспалітай (як і астатняй часткі Ўсходняй Еўропы) іншаземцы залічвалі — з іхняга пункту гледжання — кепскі стан корчмаў: іх часткова льга было параўнаць з іспанскімі (якія ў Еўропе лічыліся сярод  найгоршых). Зусім не развітая сістэма абслугоўвання кліентаў прыводзіла да таго, што цяжка было знайсці начлег і нават ежу. Дж. Фаджуолі, сакратар нунцыя Санта Крочы [Santa Crocio], у апошнім дзесяцігоддзі XVII ст. апісваў падарожжа з Частахова да Варшавы і вельмі скардзіўся, што на гэтай дарозе, адной з самых язджалых у Польшчы, яму цяжка было дастаць нават вады[28]. Стараючыся пазбегнуць гэткіх праблемаў, падарожныя бралі з сабою ў дарогу па Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў не толькі харч і пітво, але нават ложкі. Іншаземцаў, што прыязджалі з міжземнаморскага рэгіёну, асабліва дзівіў той факт, што ўзімку ехалася нашмат лягчэй, чым у іншыя поры года — у параўнанні з дарогамі летняга перыяду, што мала розніліся ад палявых ці лясных сцежак, замерзлыя рэкі і заснежаныя палі ператвараліся ў сапраўдныя аўтастрады.

Дадатковым прыкладам, які часта сустракаецца ў тэкстах як ілюстрацыя фатальнага стану дарог і інфраструктуры ў Польшчы, можа служыць ліст нунцыя К. дэ Торэс [C. de Torres] ад 30 чэрвеня 1646 г. да папы Памфілія. У гэтым лісце апісваецца вяртанне дадому пасля ўрачыстасцяў на двары пэўнага магната, куды было запрошана багата знатных гасцей: „саноўнікі, каралеўскія міністры і іншыя сенатары ад’язджаюць дзень пры дні, выбіраючы штораз іншыя дарогі і трымаючыся на вялікай адлегласці, каб мець магчымасць падарожнічаць з усімі ўбогімі выгодамі, даступнымі ў гэтай краіне“[29]. Пры надта вузкіх і нязручных дарогах і вельмі абмежаванай колькасці месцаў для начлегу госці мусілі выбіраць розныя дарогі і вытрымліваць вялікія інтэрвалы паміж ад’ездамі.

Стан корчмаў не адрозніваўся радыкальна ад стану дарог. Характэрнае апісанне можна спаткаць у тэксце французскага падарожніка другой паловы XVII ст. Г. дэ Тэнда, які цвердзіў, што правёў у Літве шмат гадоў. Паводле яго, у Рэчы Паспалітай не было такіх прыдарожных заезных дамоў, якія можна было спаткаць у Заходняй Еўропе. Замест іх падарожны мог знайсці толькі драўляныя будынкі, якія звычайна вы­ка­рыс­тоў­валіся як хлявы. У такім будынку быў пакой з акном і печкай, але падарожныя ахвотней заставаліся ў хляве з каровамі і свіннямі, бо смурод і бруд у пакоях аказваўся ня­зносны[30]. Гісторык Б. Бараноўскі паспрабаваў рэканструяваць вобраз карчмы на землях, што ляжалі на ўсход ад Віслы[31]. Следам за Г. дэ Тэндам ён цвердзіць, што самым звычайным тыпам заезнага дома быў драўляны будынак, у адным крыле якога мес­цілася некалькі раздзеленых калідорам пакояў з печамі; калідор вёў у памяшканне, што знаходзілася ў другой палове будынка — там была стайня, якая ўзімку служыла хлявом і для іншай свойскай жывёлы, і стаялі вазы. Магчыма, якраз такія корчмы льга было сустрэць і на землях ВКЛ. Пра стан літоўскіх корчмаў можна толькі здагадвацца, бо звестак пра корчмы XVI—XVII ст. на Літве ў нас няма.

У Рэчы Паспалітай, якая славілася кепскімі дарогамі і слаба развітай інфраструктурай, кароль быў адзінаю сілай, што спрабавала цэнтралізаваць дзяржаву і паляпшаць умовы падарожжаў. У справаздачы сакратара папскага нунцыя Ф. Ру­джэры (другая палова XVI ст.) пісалася, што за пэўную плату — маючы дазвол ад караля — па краіне можна было падарожнічаць з вялікай хуткасцю, змяняючы коней у каралеўскіх маёнт­ках[32]. Кур’ер папскае пошты Дж. Мізэлі, які ў другой палове XVII ст. не раз прыязджаў у Рэч Паспалітую, згадвае цэны падарожжа экіпажамі каралеўскае пошты паміж галоўнымі гарадамі Польшчы (літоўскія гарады не называюцца, і можна меркаваць, што аўтар на Літве не быў). Аўтар падкрэсліваў, што пошта ў Рэчы Паспалітай была арганізавана не так, як у Заходняй Еўропе, дзе каралеўскія лісты дастаўляліся адмысловымі экіпажамі. У Польшчы лісты перавозілі з аднаго прамежкавага пункта ў другі[33]. Але не заўсёды такое падарожжа адбывалася гладка. Пра гэта мы можам даведацца з ліста сакратара папскага нунцыя Дж. Кантэльмі, які апісвае паездку ў Горадню ў 1688 г. У лісце гаворыцца, што выезд з Варшавы запазніўся, бо ў дарогу мелася выправіцца гэтулькі людзей, што „ў каралеўскім двары не хапіла экіпажаў“[34] і трэба было чакаць, пакуль хто не даставіць дадатковы транспарт. Іншаземцы, якія не маглі скарыстаць з каралеўскага транспарту, звычайна самі куплялі або наймалі коней ці экіпажы на ўвесь час ці на нейкі перыяд знаходжання ў Рэчы Паспалітай.

Ліхія дарогі і кепскі стан  корчмаў у Рэчы Паспалітай спараджалі эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя праблемы[35]. З прычыны няспынных войнаў — асабліва ў XVII ст. — эканамічнае развіццё затармазілася. У асяроддзі магнацкіх родаў пашырыліся ідэі дэцэнтралізацыі, якія не адбіваліся спрыяльна на развіцці камунікацыі і будове дарог. Каралі, якія імкнуліся ўмацаваць сваю ўладу, прайгралі ў змаганні з магнацтвам і шляхтаю. У развіцці дарог і камунікацыі былі больш зацікаўлены жыхары местаў, але гэты слой тут быў нешматлікі і не меў такога эканамічнага ўплыву, як у Заходняй Еўропе. Больш за тое — з прычыны асаблівасцяў заканадаўства ўтрыманне корчмаў не акупляла сябе, бо шляхта не плаціла за па­слугі. Таму стан дарог Рэчы Паспалітай не змяняўся цягам усяго перыяду XVI—XVII ст. Іншаземцаў, якія прыязджалі з Францыі або італьянскіх дзяржаваў, дзе цэнтральная ўлада набірала сілы і разам з багатымі гарадамі за два стагоддзі дасягнула вялікага прагрэсу ў справах будовы дарог і нагляду за імі, такое становішча прыводзіла ў збянтэжанасць.

Падарожжа па Літве

Умовы падарожжа

Абсалютная бальшыня падарожных цвердзіла, што ўмовы падарожжа ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў былі горшыя, чым у Заходняй Еўропе. Аднак польска–літоўская дзяржава з гэтага пункту гледжання не была маналітнаю. Лепшымі і больш ажыўленымі былі дарогі на захадзе краіны, якая мела інтэнсіўныя кантакты з заходнімі дзяржавамі, а таксама дарогі, што вялі да палітычных цэнтраў — Варшавы, Кракава, Гданьска і Гнезна. На ўсходзе і поўначы становішча выглядала зусім іначай. Ф. П. Далярак падкрэсліваў, што калі звычайна мілю можна было праехаць за гадзіну, то ў ваколіцах Падолля, на Ўкраіне, на Жамойці і ў некаторых іншых рэгіёнах гэта займала аж дзве гадзіны[36].

Амаль усе падарожныя, якія ў XVI—XVII ст. пісалі пра ўмовы падарожжа на Літве, падкрэслівалі, што тут было яшчэ горш, чым у Польшчы. Найбольш перашкаджалі падарожжам лясы і балоты, якіх тут было болей, чым у Каралеўстве. Дадатковую перашкоду складала меншая населенасць Вялікага Княства ў параўнанні з Каралеўствам. Гэта азначала, што падарожныя мусілі браць з сабою больш ежы і пітва, мелі болей шанцаў заблудзіць або перажыць напад. Вельмі трапную заўвагу пакінуў Ф. Морысан — падарожны канца XVI ст., якога А. Моньчак залічыў да найбольш праніклівых іншаземцаў. Пішучы пра Літву, ён сцвердзіў: „Літва… найбольшая правінцыя [Поль­шчы]. [Яна настолькі] балоцістая і лясістая, што ўлетку туды не праехаць. Толькі ўзімку, калі балоты замярзаюць, купцы гандлююць з жыхарамі… гарадоў тут вельмі мала, а вёскі найчасцей знаходзяцца на адлегласці 20 нямецкіх міляў адна ад адной“[37].

Цверджанне, што Літва — лясістая і балоцістая краіна, куды можна праехаць толькі ўзімку, калі рэкі замярзаюць і ўсё пакрываецца снегам, пачало шырыцца ў Францыі разам з першымі французскімі апісаннямі Рэчы Паспалітае ў другой палове XVI ст. Такую інфармацыю, спісаную з нямецкіх касмаграфіяў, паўтаралі Б. дэ Віжэнэр і ананім F. L. P.[38]. У той жа перыяд у Італіі падобным чынам пісалі аўтары, добра вядомыя ў пазнейшыя часы — венецыянскія паслы Дж. Ліпамана і П. Дуода [G. Lippomano i P. Duodo][39]. Не адставалі ад іх і папскія нунцыі, якія ад сярэдзіны XVI ст. аж да XVIII ст. паўтаралі падобныя заўвагі ў сваіх справаздачах[40]. Магчыма, такое сцвер­джанне перарасло ў стэрэатып, тым больш што яно паўтараецца ў шматлікіх і катэгарычных тэкстах. Акрамя таго, паўтараючыся цягам стагоддзяў, яно ператварылася ў элемент грамадскае думкі.

На жаль, падарожныя XVI—XVII ст. амаль не пакінулі апісанняў сваіх літоўскіх дарожных уражанняў, хоць няма нястачы ў аналагічных тэкстах з апісаннямі падарожжаў па Поль­шчы. Спрабуючы высветліць, як выглядала падарожжа вачыма іншаземца, мы павінны звярнуцца да ўспамінаў анг­лі­чаніна У. Кокса [W. Coxe]. Хоць аўтар склаў свой тэкст у другой палове XVIII ст., але пасля эканамічнага спаду на пачатку стагоддзя стан дарог на Літве, напэўна, не вельмі змяніўся ў параўнанні з XVII ст.: „Дарогі ў гэтай краіне вельмі занядбаныя, мала розняцца ад звычайных сцежак, якія віюцца праз густы лес без ніякага знаку, што ім даў напрамак чалавек. Часта яны такія вузкія, што экіпаж ледзьве можа праехаць. На дарогах поўна карэння і пнёў, а шмат дзе яны настолькі пясчаныя, што восем конікаў ледзьве маглі нас выцягнуць… Масты праз рэчкі так хістка збудаваныя і такія старыя, што здавалася, быццам яны вось–вось заваляцца пад цяжарам экіпажу, і мы лічылі вялікай удачай, калі шчасліва пераязджалі цераз іх“[41].

З Польшчы ў Літву і праз Літву

Якімі шляхамі іншаземцы прыязджалі ў Літву і як падарожнічалі па самой краіне? Адказ на гэтыя пытанні залежыць ад таго, хто быў падарожнік і што ў яго былі за мэты. Аўтары крыніц гэтае працы — у асноўным дыпламаты, амбасадары, нунцыі, каралеўскія прыдворныя і іншыя асобы, чые заняткі і зацікаўленні былі збольшага падобныя. Амаль усіх яднала тое, што яны альбо жылі пры каралеўскім двары, альбо знаходзіліся паблізу яго ў палітычных цэнтрах Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Таму найчасцей у Літву ездзілі з Кракава альбо Варшавы. У абсалютнай бальшыні выпадкаў мэтаю падарожжа была Вільня ці Горадня, — значэнне апошняе вырасла пасля таго, як было пастаноўлена ладзіць у гэтым горадзе кожны трэці супольны сойм Рэчы Паспалітае. Незраўнана меншая, аднак усё ж значная група іншаземцаў ездзіла праз Літву ў Маскву, выбіраючы напрамак Вільня — Менск — Смаленск — Масква (гл. карту).

Здаецца, дарога з Кракава ў Вільню да пачатку XVII ст. была самай ажыўленай артэрыяй, якая яднала Польшчу з Літвою, хоць няма сумнення, што некаторыя абіралі іншы напрамак[42]. У той час з Кракава ў Літву ездзілі дзяржаўныя чыноўнікі, чыёю мэтаю былі агульнадзяржаўныя паседжанні і соймы. Акрамя іх, паміж галоўнымі местамі Польшчы і Літвы актыўна падарожнічалі дыпламаты замежных дзяржаваў, якія мелі сталую рэзідэнцыю пры каралеўскім двары і ездзілі ў сталіцу ВКЛ з палітычнымі заданнямі, а таксама купцы. У адной з першых французскіх кніжак з апісаннем Польшчы — кніжка гэтая належала пяру Б. дэ Віжэнэра (1523—96) і была выда­дзена ў 1573 г. — аўтар далучыў да тэксту табліцу з прапанаванымі маршрутамі, якімі можна даехаць да польска–літоўскае дзяржавы і падарожнічаць па ёй[43]. Аўтар пазначыў не толькі гарады, праз якія трэба ехаць, але і адлегласці паміж імі. Для падарожжа з Польшчы ў Літву прапаноўваўся толькі адзін напрамак — з Кракава. Б. дэ Віжэнэр апісаў аж два магчымыя маршруты, якімі з сталіцы льга было дабрацца да Вільні. У абодвух выпадках падарожжа павінна было заняць 14—15 дзён. Гэтулькі правёў у дарозе тасканскі пасланнік Л. Бэ­віляква [L. Bevilacqua], якому спадарожнічаў М. дэ ля Коля [M. de la Cola] — француз, што належаў да каралеўскага двара. З Кракава яны выехалі 7 верасня, а да Вільні даехалі 22[44]. Па­сланнік папскага нунцыя Ф. Руджэры ў справаздачы з 1572 г., кажучы пра ўзровень каралеўскае інфраструктуры, якая дазваляла ехаць з аднаго пункта ў другі, мяняючы коней, за­значыў, што такое падарожжа займае прынамсі пяць дзён. Праўда, падкрэсліваў ён і тое, што ў гэты час рэдка ўдаецца ўкласціся[45].

Застаецца няясным, з якой крыніцы Б. дэ Віжэнэр атрымаў такую падрабязную інфармацыю пра дарогі ў польска–літоўскай дзяржаве. Аўтар — чалавек, інтэлектуальна адораны — вучыўся ў парыжскім універсітэце і працаваў на дыпламатычнай службе, шмат падарожнічаў, адведаў не адзін нямецкі і нідэрландскі горад, аднак на землях Рэчы Паспалітае ніколі не бываў. Здаецца, ён пераклаў частку нейкай нямецкай працы. Гэта не дзіўна, бо амаль усе першыя французскія кнігі пра Польшчу, выдадзеныя ў 90–х г. XVI ст., былі звычайнымі перакладамі. Тым болей што Б. дэ Віжэнэр, як вядома, у 1573 г. пераклаў Chroniques et annales de Pologne, напісаныя Г. дэ Фулштайнам [H. de Fulstein][46]. Аднак нельга ігнараваць тую акалічнасць, што Б. дэ Віжэнэр з 1547 г. служыў за сакратара ў вядомага роду дэ Нэвэраў [de Nevers], а гэты род вельмі цікавіўся польскімі справамі і быў адным з самых энергічных арганізатараў абрання Анры Валуа на польскі трон. Таму не выключана, што Б. дэ Віжэнэр мог прыехаць у Польшчу з нейкім даручэннем сваіх патронаў.

На пачатку XVII ст. палітычны цэнтр Польшчы пераносіцца з Кракава ў Варшаву. Адпаведна змяняецца і траекторыя падарожжаў. Цяпер іншаземцы едуць у Вільню праз новую сталіцу Польшчы. Гэтая дарога аж да нашых дзён застаецца найважнейшай камунікацыйнай артэрыяй, што злучае Літву не толькі з Польшчаю, але і з астатняй Еўропай. Не змянілася з XVI—XVII ст. і думка падарожных пра ўмовы падарожжа — найчасцей негатыўная.

У найлепшы для паездак час — узімку, калі рэкі замярзаюць і санны транспарт не сустракае ніякіх перашкод — дабіраўся з Варшавы ў Вільню папскі нунцый Л. Ліпамана, які ў лісце ў Рым паведамляў, што выехаў 28 снежня і апынуўся ў Вільні 8 студзеня: „Бог ведае, якія невыгоды зазналі і я, і мае спадарожнікі, едучы ў самыя суворыя маразы, праз лёд, вецер, узняцце водаў; мы кепска харчаваліся, з цяжкасцю спаталялі смагу, спалі ўвесь час на зямлі, маючы пад сабою толькі шматок сена, дый той знайсці было нялёгка“[47]. Хоць літоўскія маразы і ўразілі нунцыя, звыклага да клімату Апенінскага паўвострава, аднак ягонае падарожжа трывала адносна нядоўга — усяго 12 дзён. Папскі нунцый Дж. Кантэльмі ў 1688 г. адолеў шлях з Варшавы ў Горадню (г.зн. 2/3 дарогі з Варшавы ў Вільню) за 5—6 дзён[48] — то бок яшчэ хутчэй.

На цяжкасці падарожжа скардзіцца і іншы папскі нунцый, М. Філянардзі, у лісце ў Рым ад 1636 г[49]. Але ён для падарожжа выбраў не найлепшы час: у чэрвені яно заняло ў яго 15 дзён, гэтулькі ж, як і ў Л. Бэвіляквы, які мусіў адолець нашмат даўжэйшы кавалак дарогі — ад самага Кракава. Нунцыя М. Філянардзі дзівілі дзве вялізныя пушчы, праз якія трэба было ехаць цэлымі днямі, не маючы магчымасці знайсці хоць які начлег. Начаваць і гатаваць ежу даводзілася ў корчмах, якія належалі габраям; фактычна спалі ў хлявах на сене. Нунцыю пашчасціла: карыстаючыся імем плоцкага біскупа, ён аж двойчы спыняўся ў панскіх дварах, дзе ўмовы, як можна здагадвацца, былі лепшыя. Шматлікія магнацкія маёнткі ў ваколіцах Горадні, на Чорнай Русі, часта рабіліся месцам начлегу падарожных. Здаецца, магнаты ВКЛ не без прычыны мелі ў гэтым рэгіёне Літвы, які часта наведвалі іншаземцы, багата сваіх рэзідэнцыяў.

М. Філянардзі быў не адзіным, хто ехаў з Варшавы ў Віль­ню ў чэрвені. На жаль, толькі нешматлікія аўтары інфармуюць пра падрабязнасці падарожжа і падаюць дакладны яго час, які льга параўнаць з іншымі звесткамі. Адзін з іх — Самуэль Кіхель, чыё апісанне падарожжа з Горадні ў Вільню ў 1586 г. было нядаўна апублікавана[50]. Выехаўшы з Горадні 28 чэрвеня, ён прыехаў у Вільню ў першыя дні ліпеня. Іншымі словамі, гэтае падарожжа заняло ў немца 4—5 дзён. Узяўшы пад увагу, што дарога з Горадні да Вільні складае каля аднае траціны ўсяе адлегласці паміж Варшавай і Вільняю, можна вылічыць, што ўсё падарожжа паміж сталіцамі ў чэрвені магло заняць два тыдні, то бок гэтулькі часу, колькі яно заняло і ў М. Філянардзі.

Крыніцы сведчаць, што ўлетку падарожжа было не цяжэйшае, чым узімку. Дж. Альберці [G. Alberti], сакратар амбасадара Венецыі, які цікавіўся падарожжам караля з Горадні ў Вільню ў красавіку 1688 г., цвердзіў, што праз 10 дзён кароль напаўпрытомны даехаў да Трокаў[51]. З прычыны кепскіх дарожных умоваў дарога заняла ўдвая больш часу, чым у чэрвені.

Паколькі Літва размешчана на паўночны захад ад Польшчы, а таксама з прычыны цяжкіх умоваў падарожжа, краіна гэтая здабыла рэпутацыю месца, шкоднага для здароўя. Гэты негатыўны вобраз асабліва ўмацаваўся дзякуючы гарадзенскім соймам канца XVII ст., калі дыпламаты заходніх краін мусілі ехаць у адсталую правінцыю. У адным з лістоў 1688 г. сакратар папскага нунцыя Дж. Кантэльмі, пішучы пра тое, як атачэнне караля Яна Сабескага раіла апошняму не ехаць у Вільню, назваў у якасці аднаго з аргументаў кепскае паветра („l’aria poco salubre della Littuania“), якое магло б за­шкодзіць здароўю караля[52]. Магчыма, надвор’е сапраўды не надта спрыяла італьянцам і французам, бо шмат хто з іх скардзіўся на абмарожванні і дыскамфорт; маем нават прынамсі адзін факт смяротнага выпадку. У 1693 г. пад час сойму ў Горадні памёр амбасадар Францыі Відамэ д’Эснэваль (Рабэр ле Ру д’Эснэваль) [Vidame d’Esneval (Robert le Roux d’Esneval)]. Дыпламат прыехаў у Рэч Паспалітую пасля місіі ў Партугаліі і не вытрымаў суровае зімы[53].

Хоць для шмат каго з падарожнікаў, якія прыязджалі з Варшавы ці Кракава, Вільня была апошнім пунктам падарожжа, аднак некаторыя ехалі яшчэ далей. Найчасцей гэта былі пасланнікі розных еўрапейскіх дзяржаваў, мэтаю якіх была Масква. Калі замест Украіны ці Інфлянтаў яны выбіралі маршрут праз Літву, то звычайна ехалі праз Менск і Смаленск. Знаёмы ўжо чытачу французскі аўтар Б. дэ Віжэнэр, акрамя гэтае дарогі, адзначаў яшчэ адзін напрамак, што вёў праз Полацк і Ноўгарад, але сам аўтар падкрэсліваў, што гэтая дарога нашмат даўжэйшая за першую. Як можна меркаваць, ёю карысталіся нямецкія купцы, якія ў дарозе да Масквы тым самым наведвалі і важныя ў гандлёвым дачыненні гарады — Ноўгарад і Цвер.

Апісанняў дарогі з Вільні ў Маскву ў нас вельмі мала. Французскі падарожнік канца XVII ст. Ф. Аўрыль[54] прысвяціў крыху ўвагі толькі Менску, назваўшы яго „значным горадам Чорнае Русі“. Згадаў ён і пра тое, што паміж Менскам і Casino (апошні горад Польшчы на мяжы з Масквою) знаходзіліся два вялікія лясы. Пасля такога лаканічнага апісання свайго падарожжа аўтар падрабязна распавёў пра насельнікаў тых лясоў — мядзведзяў і пчол, не забыўшыся дадаць, што ў Смаргоні месціцца найбольшая школа дрэсіроўкі мядзведзяў. Гэтае апісанне — тыповае, і яно паказвае, што, едучы праз Літву, іншаземец пра самую дарогу нічога сказаць не мог, бо яна здавалася доўгаю і манатоннаю, і шукаў экзатычных фактаў з жыцця рэгіёну, якія маглі б зацікавіць чытача.

На заканчэнне трэба вярнуцца да праблемы, звязанае з адлегласцю і працягласцю падарожжа. У першай палове XVII ст. праз Вільню, па дарозе з Масквы ў Варшаву, праязджаў італьянец Джавані ды Люка, які правёў каля 20 гадоў, вандруючы па Азіі і Еўропе. Ён цвердзіў, што з Смаленска да Вільні даехаў за тры дні, а з сталіцы ВКЛ да Варшавы — за шэсць[55]. Дзівіць не толькі кароткі час, але і тое, што адлегласць ад Смаленска да Вільні аўтар адолеў удвая хутчэй, чым амаль такі самы кавалак паміж Вільняй і Варшаваю. Ствараецца ўражанне, што аўтар пісаў свой тэкст ужо праз нейкі час, грунтуючыся на сваіх успамінах ці нататках. Магчыма, тут закралася памылка перапісчыка, бо арыгінал тэксту нам невядомы. Больш праўдападобным здаецца, што дарога магла заняць у адным выпадку 13, а ў другім — 16 дзён. Тым больш што пры пера­пісцы італьянскага тэксту такая памылка цалкам магчымая (tretredici, sei — sedici). Магчымасць такіх памылак паказвае, што мы не можам грунтавацца толькі на лічбах, якія падаюць самі падарожныя, бо свае ўражанні яны часта запісвалі праз гады.

Ёсць яшчэ некалькі аспектаў, вартых асобнага каментара. Працягласць вандроўкі залежала не толькі ад пары года і метэаралагічных умоваў. Часта здаралася, што падарожны страч­ваў арыентацыю ў вялікіх лясах, яго рабавалі або ён зварочваў з простай дарогі, каб купіць патрэбныя тавары ў бліжэйшым горадзе. Здаралася і так, што шляхта і магнаты, якія жылі пры дарозе, запрашалі падарожных у свае маёнткі, карыстаючыся рэдкай нагодаю для кантакту з чужаземцамі. Іншая праблема палягае ў тым, што самі падарожныя па–рознаму вылічваюць сярэднюю адлегласць, якую льга было адолець за адзін дзень. Добрым прыкладам могуць быць У. Вэрдум і Ф. П. Далярак [U. Werdum i F. P. Dalairac], якія падарожнічалі па Рэчы Паспалітай у другой палове XVII ст. Першы цвердзіць, што на працягу дня пераадольваў адлегласць, якая адпавядае 44 км, а другі аўтар падае адлегласць ад 18 да 36 км. Таму Т. Хынчэўска–Генэль робіць выснову, што спробы рэканструкцыі сярэдняй адлегласці, якая пераадольвалася за адзін дзень, а таксама і падлікі часу, які быў патрэбны, каб даехаць з аднаго пункта ў другі, не маюць пад сабой грунту, бо гэтыя лічбы абумоўліваліся зменлівымі дарожнымі і метэаралагічнымі ўмовамі, а таксама іншымі акалічнасцямі[56].

Падсумаванне

У XVI—XVII ст. пераважная бальшыня італьянцаў і французаў прыязджала ў Літву на вельмі кароткі час — да аднаго года. Па самой краіне яны не вандравалі, абмяжоўваючыся выездамі ў Вільню і Горадню. Такое становішча было прычынаю вельмі абмежаваных ведаў пра дарогі ў ВКЛ.

Іншаземцы амаль аднагалосна цвердзілі, што ўмовы падарожжаў па Рэчы Паспалітай вельмі кепскія. Трэба браць з сабою ложкі, харч і іншыя неабходныя рэчы, купіць якія па дарозе немагчыма. Акрамя таго, стан дарог горшы, чым у бальшыні заходнееўрапейскіх краін.

Адною з прычын таго, што іншаземцы рэдка прыязджалі ў Літву, была яе малая прываблівасць з заходнееўрапейскага пункту гледжання. Ужо ў самых першых апісаннях Польшчы і Літвы, выдадзеных у першай палове XVI ст., можна знайсці катэгарычныя заявы, што стан дарог на Літве яшчэ горшы, чым у Польшчы, што тут багата лясоў і балотаў, менш насельніцтва. Інфармацыя, якая паўтаралася цягам стагоддзяў, мусі­ла замацавацца ў памяці італьянскіх і французскіх чытачоў. Склаўся стэрэатып, паводле якога з усіх частак Рэчы Паспалітай якраз ВКЛ становіць найвялікшы выклік для падарожніка.

Цяжка дакладна сказаць, колькі часу ў сярэднім італьянцы і французы праводзілі ў падарожжах. Крыніцы паказваюць, што дарога з Варшавы ў Вільню магла заняць ад тыдня да месяца — у залежнасці ад пары года, умоваў надвор’я, кшталту транспарту і ад грамадскага статусу падарожнага.

Дарогі ВКЛ, якія найчасцей выбіралі італьянцы і французы, і гарады, якія яны апісвалі (XVI—XVII ст.).

· Падарожжы па землях ВКЛ. Пераважная бальшыня італьянцаў і французаў, якія прыязджалі ў ВКЛ, запынялася на тэрыторыях, што пазначаны на карце. Адценне колеру паказвае інтэнсіўнасць руху. На карце таксама відаць найважнейшыя дарогі.

· Апісанні гарадоў ВКЛ. Памер шрыфту ў назвах гарадоў ВКЛ паказвае частату і падрабязнасць апісанняў, якія змяшчалі ў сваіх працах аўтары з Італіі і Францыі.

Паводле вынікаў даследаванняў Р. Камунтавічуса і картаў: „Rzeczpospolita w dobie wzrostu wpływów magnaterii (1586—1648)“, Atlas historyczny Polski, Warszawa, 1989, 24—25; „Белоруссия в середине XVI века. Структура феодальной земельной собственности“, Белорусская Советская Социалистическая Республика, Минск, 1978, 88—89.

Rūstis Kamuntavičius

* Тут і далей назва Літва выкарыстоўваецца ў яе гістарычным значэнні (Рэд.).


[1] Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita XVII wieku w oczach cudzo­ziemców. Warszawa, 1994.
[2] Захарыя Фэрэры [Zacharias Ferreri] (1479—1524) — італьянец, папскі нунцый у 1519—21 г. У сталіцы ВКЛ ён браў удзел у кананізацыі Казі­міра Ягелончыка, а ў лістападзе прысутнічаў на першым сінодзе віленскай дыяцэзіі. Напісаў адно з самых вычарпальных апісанняў Літвы, у якім разгледзеў справы гэтага рэгіёну, не інтэгруючы сваіх ведаў у кантэкст усяе Рэчы Паспалітай, як рабіла бальшыня італьянскіх аўтараў XVI ст. Апісанне Літвы ён падаў у творы, прысвечаным Казіміру Ягелончыку. Матэрыялы для сваёй працы збіраў пад час побыту ў Літве. Крыніцы: Acta nuntiaturae Polonae, moderatore H. D. Wojtyska CP (далей ANP). T. 2; Ferreri Z. Vita beati Casimiri con­fessoris ex serenissimis Poloniae regibus, et magnis Lituaniae ducibus clarissimi, 1521 (выдадзена, мабыць, у Кракаве). Гістарыяграфія: ANP. T.1; Dizionario Biografico degli Italiani. Roma (далей DBI).
[3] Дж. Ф. Цыта [J. F. Cito] (?—?) — італьянец, папскі нунцый у 1525—27 г. Наведаў Літву пад час свайго падарожжа з Польшчы ў Маскву. Кры­ніцы і гістарыяграфія: ANP. T.2.
[4] Альберта Баланьета [Alberto Bolognetto] (1538—85) — італьянец, папскі нунцый (1581—85). У Літву паехаў, калі туды накіраваўся каралеўскі двор. У 1583—84 г. нунцый наведаў Берасце, Вільню, Горадню. Крыніцы: Bolognetto A. Alberti Bolognetti nuntii Apostolici in Polo­nia. Epistolae et acta 1581—1585, pars II: 1583, edidit E. Kuntze. Craco­viae, 1938. Гістарыяграфія: ANP. T.1; DBI; (Bolognetto A.) Il cardinale Alberto Bolognetto e la sua nunziatura di Polonia per F. Calori Cesis. Bo­lognia, 1863; Tygielski W. Z Rzymu do Rzeczypospolitej: Studia z dziejów nun­cjatury apostolskiej w Polsce, XVI—XVII w. Warszawa, 1992. 105—124.
[5] Бэрард Бонджыавані [Berardus Bongiovanni] (1512—74) — італьянец, папскі нунцый у 1560—63 г. У 1560 г. нунцый сустракаўся з каралём у Вільні. Мяркуецца, што, вярнуўшыся з Літвы, ён напісаў справаздачу пра Рэч Паспалітую. Пратэстанцкая Літва аўтару была недаспадобы, і ў справаздачы ён прысвяціў ёй мала месца. Крыніцы: Elementa ad fontium editiones. Roma, 1984. T.LIX; Польскі пераклад справаздачы: Relacje nuncjuszów apostolskich i innych osób o Polsce od roku 1548 do 1690, wyd. E. Rykaczewski. T.1—2. Berlin—Poznań, 1864 (далей — Rykaczewski E.). Гістарыяграфія: ANP. T.1; Wojtyska H. D. Król i nun­cjusz. Rzym, 1972; Wojtyska H. D. Papiestwo—Polska, 1548—1563. Lublin, 1977.
[6] Джавані Андрэа Калігары [Giovanni Andrea Caligari] (1527—1613) — італьянец, папскі нунцый (1578—81). У 1579 г. наведваў Літву (Вільню). Крыніцы: ANP. T.1; Elementa ad Fontium editiones. Romae, 1970. T.XXIII; Litterae nuntiorum apostolicorum historiam Ucrainae illustrantes (1550—1850), collegit, paravit, adnotavit editioneque curavit P. A. G. Welykyj OSBM. Romae, vol.1: 1550—1593. Romae, 1959.
[7] Анібале ды Капуа [Annibale di Capua] (1544—95) — італьянец, папскі нунцый у 1586—91 г. Ягоныя лісты, датаваныя 1589 годам, адсылалі­ся з Вільні і Горадні. У адным з іх ён апісаў новазакладзены віленскі універсітэт. Крыніцы: Woś J. W. Annibale di Capua (Nunzio apostolico e arcivescovo di Napoli (1544 c.—1595): Materiali per una biografia. Roma,1984; Woś J. W. Fonti per la storia della nunziatura polacca di Annibale di Capua (1586—1591). Trento, 1992. Гістарыяграфія: ANP. T.1; Tygielski W. Z Rzymu do Rzeczypospolitej: Studia z dziejów nuncjatury apostolskiej w Polsce, XVI—XVII w. Warszawa, 1992. 124—137.
[8] Луіджы Ліпамана [Luigi Lippomano] (1496—1559) — італьянец, пап­скі нунцый у 1555—57 г. Да прыезду ў Рэч Паспалітую актыўна ўдзельнічаў у папскай дыпламатычнай працы — быў нунцыем пры імператары, паслом ад папы на Трыдэнцкі сабор. Вярнуўшыся з Рэчы Паспалітай, быў прызначаны першым сакратаром папы Паўла IV (1555—59). Знаходзіўся ў Вільні 28.X—28.XII.1555 г., калі там перабываў кароль. У справаздачы і ў карэспандэнцыі багата ўвагі аддаў літоўскім справам. Крыніцы: ANP. T.3; Гістарыяграфія: Ciampi S. Bibliografia critica delle antiche reciproche corrispondenze politiche, ecclesiastiche, scientifiche, letterarie, artistiche dell’Italia colla Russia, colla Polonia ed altre parti settentrionali. T.2. Firenze, 1839. P.33; Wojtyska H. D. Papiestwo—Polska, 1548—1563. Lublin, 1977; Ivinskis Z. „Lipomano, popie˛iaus legatas Lenkijoje 1555—1559“, Rinktiniai raštai. T.4: Krikščionybė Lietuvoje. Roma, 1987. 183—185.
[9] Марыо Філянардзі [Mario Filonardi] (?—1644) — італьянец, папскі нунцый у Польшчы ў 1636—43 г. Ягоная місія не мела вялікага поспеху — ён пачаў канфліктаваць з Уладыславам Вазам, шляхтаю, па­сварыў караля з папам Урбанам VIII (1623—44). Урэшце быў вымушаны пакінуць Рэч Паспалітую. Ад 5 чэрвеня да 17 верасня 1636 г. сустракаўся з каралём у Вільні, апісаў сваё быццё на Літве і перанос мошчаў св. Казіміра ў віленскую катэдру. Гістарыяграфія: ANP. T.1; Brahmer M. Powinowactwa polsko–włoskie, Warszawa, 1980, 322—324; Chynczewska–Hennel T. Mario Filonardi — nuncjusz Stolicy Apostol­skiej w Rzeczypospolitej w latach 1636—43. Rys biograficzny, Od­rodzenie i Reformacja w Polsce, 1999, t. XLIII, 151—162; Chynczewska–Hennel T. Pobyt Maria Filonardiego w Wilnie (1636 r.), Barok. Histo­ria—Literatura—Sztuka, 1998, nr. V/2 (10), 51—63; Chyn­czewska–Hennel T. Rzeczpospolita…; Masetti Zannini G. L. Virgilio Puccitelli, (appendice), 79—89; Rykaczewski E.; Targosz–Kretowa K. Teatr dworski Władysława IV (1635—1648), Kraków, 1965.
[10] Клаўдзіо Рангоні [Claudio Rangoni] (1559—1621) — італьянец, пап­скі нунцый (1598—1607). Разам з каралеўскім дваром, які ехаў на Інфлянты, праязджаў праз Літву. Наведаў Вільню і Нясвіж, дзе быў зачараваны радзівілаўскім палацам. Будучы на Літве, падтрымліваў кантакты з найвышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, збіраў звесткі, якія потым выкарыстаў у сваёй справаздачы. Крыніцы: Bodniak St. Polska w relacji włoskiej z roku 1604, Pamiętnik biblioteki kórnickiej, z. 2, Kórnik, 1930, 26—49. Гістарыяграфія: ANP. T.1; Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…; Sajkowski A. Z galerii znajomych nuncjusza Ran­goni, Włoskie przygody Polaków. Wiek XVI—XVIII, Warszawa, 1973, 9—13.
[11] Франчэска Сіманэта [Francesco Simonetta] (каля 1555—1612) — італьянец, папскі нунцый (1606—12). Жыў у Вільні ў 1609—10 г., стараўся быць як найбліжэй да караля, які тым часам займаўся справамі вайны з Масквою і знаходзіўся на тэрыторыі ВКЛ. Крыніцы: ANP. T.18. Гістарыяграфія: ANP. T.1; Tygielski W. Z Rzymu do Rzeczy­pos­politej: Studia z dziejów nuncjatury apostolskiej w Polsce, XVI—XVII w., Warszawa, 1992, 137—170.
[12] Ганарата Вісконці [Honorato Visconti] (?—1645) — італьянец. Папскі нунцый у 1630—35 г. Г. Вісконці быў улюбёнцам караля Рэчы Паспалітай, вельмі добра арыентаваўся ў палітычных справах. У справаздачы, якая стала адной з найбольш вычарпальных, багата ўвагі аддаў апісанням палітычных дзеячаў, пачынаючы ад караля і сканчаючы дробнымі чыноўнікамі Рэчы Паспалітай. Г. Вісконці быў адным з некалькіх нунцыяў, што наведалі Літву. У 1633 г. прыехаў у Вільню разам з каралеўскім дваром, які пад час вайны з Масквою стараўся знаходзіцца як найбліжэй да лініі фронту. Крыніцы: справаздача на польскай мове: Rykaczewski E., s. 187—275. Гістарыяграфія: ANP. T.1., Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…
[13] Луіджы Бэвіляква [Luigi Bevilacqua] (?—1616) — італьянец, па­слан­нік тасканскага ўладара Казіма II (1609—21). У 1609 г. прыехаў у Рэч Паспалітую з дыпламатычнаю місіяй — паведаміць пра новага ўладара ў Таскане. Калі даведаўся, што кароль на Літве, паехаў туды і знаходзіўся ў Вільні ад верасня да кастрычніка 1609 г., складаючы часам кампанію каралеве і каралевічу Ўладыславу. Спаткацца з каралём яму не ўдалося, бо той у Смаленску займаўся справамі вайны з Масквою і не прызначыў пасланніку аўдыенцыі. Пад час свайго быцця ў Вільні пасланнік падтрымліваў вельмі актыўныя кантакты з дзяржаўнымі чыноўнікамі Рэчы Паспалітае і свае сустрэчы апісаў у справаздачы. Крыніцы, гістарыяграфія: Tygielski W. Dyplomacja—Informacja—Propaganda. Podróż Luigiego Bevilacqua, posła toskańskiego na dwory europejskie w 1609 r., Semper, 2000.
[14] Джавані ды Люка [Giovanni di Lucca] (?—?) — дамініканец італьян­скага паходжання, місіянер Propaganda fide, які падарожнічаў у Крым у 1624—43 г. Нейкі час знаходзіўся ў Польшчы, бываў на двары Жыгімонта Вазы. У Літву заехаў, вяртаючыся з Масквы (Смаленск — Вільня — Гданьск). У сваім апісанні падарожжа прысвяціў Літве ўсяго некалькі сказаў. Крыніцы: Giovanni di Luca, Relatione di un uiaggio fatto dal padre frа Giovanni di Luca missionario per la Sacra Congregatione di Propaganda fide, alli circassi e comucchi, figliuolo del conuendo di San Domenico di Napoli Prouincia del Regno, 20 maggio 1643, BK, sygn. 147.
[15] Філіп Аўрыль [Philippe Avril] (1654—98) — французскі езуіт, місіянер. Ягонаю мэтай было адкрыць новую дарогу ў Кітай. У 1687—89 г. наведваў Рэч Паспалітую, якая была па дарозе ў Маскву. Знаходзячыся на Літве, кантактаваў з езуітамі з Віленскага універсітэта, якія па­ехалі з ім далей на ўсход. Пакінуў падрабязнае апісанне лясных жывёлаў — мядзведзяў і пчолаў. Крыніцы: (Avril Ph.), Voyage en divers Etats d’Europe et d’Asie, Etrepris pour dйcouvrir un nouveau chemin а la Chine. Contenant Plusieurs Remarques curieuses de Physique, de Geographie, d’Hydrographie & d’Histoire. Avec une description de la grande Tartarie, & des differens Peuples qui l’habitent, Paris, 1692; 1693. Польскія фрагменты перакладу: Podróż do różnych krajów Europy i Azji przez misjonarzów S. J. w roku 1690 odprawiona końcem odkrycia nowej drogi do Chin, X. R. Ładowski, Warszawa, 1791; Ziembicki W. Sobiesciana. Przyczynki do pracy „Jan Sobieski jako myśliwy“, Lwów, 1933, 34—37. Гістарыяграфія: Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…; Liske X. Filip Avril i jego pobyt w Polsce (1687—1689), Niwa, XI, 1877, 405—421; Tollet D. Les comptes rendus de voyages et commentaries des Franзais, sur la Pologne, au XVIIe siècle, auteurs et editions, Revue du Nord, Nr. 225, Avril—Juin 1975, T. LVII, Universitй de Lille III, 133—145 (далей — Tollet D.).
[16] Філіп Дзюпон [Philippe Dupont] (каля 1650 — пасля 1726 г.) — француз, належаў да двара Яна III Сабескага, служыў наёмнікам у польскім войску, якім камандаваў Ян III Сабескі (1674—96), займаў пост галоўнага інжынера артылерыі (ingnieur en chef de l’artillerie). Жыў у Рэчы Паспалітай у 1671—84 г. і ў гэты час браў удзел амаль ува ўсіх ваенных кампаніях. Мемуары ўсхваляюць ваенны геній караля Яна III Сабескага. Аўтар быў перакананы, што польскае войска не было ў заняпадзе. Невядома, ці бываў ён на Літве, аднак падрабязныя апісанні Вільні і Горадні дазваляюць меркаваць, што пазнаёміўся ён з гэтымі гарадамі асабіста. Крыніцы: Dupont Ph. Mйmoires pour servir а l’histoire de la vie et des actions de Jean Sobieski III du nom roi de Pologne par Philippe Dupont attachй а ce prince en qualitй d’ingnieur en chef de l’artillerie, J. Janicki, Varsovie, 1885. Польскі пераклад: Ziembicki W. Sobiesciana. Przyczynki do pracy „Jan Sobieski jako myśliwy“, Lwów, 1933, 50—56. Гістарыяграфія: Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…; Targosz K. Jan III Sobieski mecenasem nauk i uczonych, Wrocław — Warszawa — Kraków, 1991, 109—113; Tollet D.
[17] Франсуа Паўлін Далярак [Franзois Paulin Dalairac (Dalerac, Dallerac, Daleyrac, d’Allayrac; псеўданім Chevalier de Beaujeu)] (?—?) — француз, адзін з афіцэраў французскага войска, які пасля мірнага трактата, падпісанага ў 1678 г. у Німвегене, прыехаў у Польшчу, шукаючы новай ваеннай службы. Каля 13 гадоў правёў пры двары каралевы Марыі Казіміры (1674—96). Мемуары Ф. П. Далярака складаюцца з дзвюх кніг (адну з іх ён падпісаў псеўданімам Chevalier de Beaujeu) і сваім аб’ёмам перасягаюць астатнія італьянскія і французскія трактаты перыяду XVI—XVII ст., прысвечаныя Рэчы Паспалітай. Храналагічна мемуары ахопліваюць перыяд ад 1679 да 1690 г., але мы сустракаем у іх багата гістарычных экскурсаў. У сваіх мемуарах француз згадвае толькі адно падарожжа ў Літву, у 1688 г., калі ён спадарожнічаў каралю Яну III Сабескаму ў паездцы ў гарады ВКЛ — Горадню і Віль­ню. Даючы культурныя і гістарычныя апісанні Літвы, Ф. П. Далярак у значнай меры паўтарае добра вядомыя на Захадзе стэрэатыпы. Гэта збудзіла сумненні ў польскіх гісторыкаў — К. Таргаша (Targosz K. Jan III Sobieski mecenasem nauk i uczonych, Wrocław — Kraków, 1991, 107) і В. Зембіцкага (Ziembicki W. Sobiesciana. Przyczynki do pracy „Jan So­bies­ki jako myśliwy“, Lwów, 1933, 28) — ці сапраўды француз наведваў Літву, ці толькі перапісаў вядомыя звесткі. Крыніцы: Dalairac F. P. (Pseud. Chevalier de Beaujeu), Memoires du chevalier de Beaujeu con­tenant ses divers voyages tant en Pologne, en Allemagne, en Hongrie depuis l’annee 1679, Paris, 1698; Amsterdam, 1700; Dalairac F. P. Les anecdotes de Pologne ou memoires secrets du regne de Jean III du nom, Amsterdam, 1699; Paris, 1700; англійскае выданне: London, 1700; галандскае выданне: Gravenhage, 1700. Польскі пераклад: „Pamiętnik kawalera de Beaujeu“, Alexander Kraushar, Pamiętniki do czasów Jana III, W. Mar­kowski, ser. I, t. I, Kraków, 1883. Польскі пераклад фрагмента: Cudzo­ziemcy o Polsce: Relacje i opinie, wybrał i opracował J. Gintel, t. 1—2, Kraków, 1971; Ziembicki W. Sobiesciana. Przyczynki do pracy „Jan So­bieski jako myśliwy“, Lwów, 1933, 27—34; нямецкі фрагмент пера­кладу: Die Gelehrte Welt des 17. Jahrhunderts über Polen, Zeitgenossische Texte, Herausgegeben von E. M. Szarota, Historische Einfürung, Ein­leitungen und Anmerkungen von A. Kersten, Wien — München — Zürich, 1972, 184—196, 658—669, 811. Гістарыяграфія: Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…; Targosz K. Jan III Sobieski mecenasem nauk i uczo­nych, Wrocław — Warszawa — Kraków, 1991, 102—109; Targosz K. „Nieznane «portrety» Jana III i Marii Kazimiery piуra Franзois Paulin Dalairaca oraz ich autor“, Acta universitatis Wratislaviensis, no 1418, Historia CII, 1992, 111—120.
[18] Русо дэ ля Валет [Rousseau de la Valette] (?—?). Гісторык А. Керстэн дапускае, што гэты француз быў аўтарам успамінаў пра падарожжа ў Польшчу, падпісаных псеўданімам D. L. V. R. Пра біяграфію Русо дэ ля Валета мы ведаем мала. Вядома, што ён служыў пры двары Яна Казіміра Вазы (1648—1668). У сваіх мемуарах аўтар багата месца пры­свяціў любоўным інтрыгам, якія адбываліся на каралеўскім двары. Галоўнай рысаю гэтых мемуараў было тое, што аўтар больш увагі звяртаў на стыль свайго твора, чым на факты. Ён згадвае толькі адно падарожжа ў Літву (Вільню), але не падае дакладнае даты. Мэтаю падарожжа было спатканне з маркізаю дэ ля Рош, якая знаходзілася пры двары Марыі Людвікі. Крыніцы: Rousseau de la Valette M. Casimir Roy de Pologne (Paris 1679 (два выданні), 1680, Lyon 1679; англійскае выданне 1680; нямецкае выданне 1680). Польскае выданне: Miłostki królewskie, tłum. J. Olkiewicza, red. i wprowadzenie A. Kersten (War­szawa 1971). Гістарыяграфія: Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…; Rousseau de la Valette M. Miłostki królewskie…, 55—56.
[19] Гаспар дэ Тэнд [Gaspard de Tende] (Sieur de Hauteville, Sieur de l’Estang) (1618—97) — дакладна невядома, калі гэты француз упершыню прыехаў у Польшчу. Польскія гісторыкі схільныя меркаваць, што гэта адбылося ў 50–я г. XVII ст. (аднак у лісце, які знаходзіцца ў Нацыянальнай Бібліятэцы Францыі і датаваны 14 студзеня 1667 г., Г. дэ Тэнд успамінае, што правёў у Польшчы шэсць гадоў: Portefeuille du Dr. Vaillant, mйdecin et secrétaire de Mme de Sablé puis de Mlle de Guise, 420 f. Mélanges. f. 276 (а l’encre) ou f. 272 (au crayon): deux lettres de Gaspard de Tende sur les miséres du pays et les guerres, Varsovie 14 janv, BNF, Ms. fr. 17056; вось жа, льга меркаваць, што прыехаў ён каля 1661 г.). Напачатку ён працаваў пры двары Марыі Людвікі (1645—67) скарбнікам і выехаў з Польшчы пасля адрачэння Яна Казіміра Вазы ад трона ў 1667 г. Вярнуўся ў Польшчу Г. дэ Тэнд у 1674 г. сакратаром амбасадара. З лістоў каралевы Марыі Казіміры (1674—96) можна зрабіць выснову, што француз бавіўся ў колах двара Яна III Сабескага, хоць і не займаў пры ім ніякай пасады. Няясна, калі Г. дэ Тэнд выехаў з Польшчы, але можна меркаваць, што гэта адбылося пад канец панавання Яна III Сабескага. Калі верыць словам аўтара ў кнізе пра Польшчу, ён у Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў „правёў больш як 25 гадоў і вадзіўся з найважнейшымі людзьмі дзяржавы“. Ён падкрэсліваў, што, жывучы ў Рэчы Паспалітай, багата часу правёў на Літве, але не падаў ніякай канкрэтнай інфармацыі. Не назваў нават гарадоў і рэгіёнаў, якія тут наведваў. Мемуары Г. дэ Тэнда, у якіх выкладалася гісторыя Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і апісвалася палітычнае, культурнае і сацыяльнае становішча дзяржавы, выклікалі вялікую цікавасць у Заходняй Еўропе. Крыніцы: Tende G. de (Pseud. Sieur de Hauteville), Relation historique de la Pologne contenant le pouvoir de ses rois, leur élection et leur couronnement, les privileges de la noblesse, la religion, la justice, les moeurs et les inclinations des Polonois avec plusieurs actions remarquables, Paris, 1686 (2 выданні); 1687; 1694; 1697; Amsterdam, 1687; Cologne, 1697; 1705; Frankfurt, 1711; Leipzig, 1711; ангельскае выданне: London, 1698; нямецкія выданні: Kцln, 1697 (два выданні). Фрагмент на польскай мове: Gintel J. 1: 310—334; фрагмент на нямецкай мове: Szarota E. M. 132—162, 823—824. Гістарыя­графія: Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…; Fabiani B. Warszawski dwуr Ludwiki Marii, Warszawa, 1976; Targosz K. Jan III Sobieski mecenasem nauk i uczonych, Wrocław—Warszawa—Kraków, 1991, 99—100; Targosz K. Uczony dwór Ludwiki Marii Gonzagi (1646—1667). Z dziejów polsko–francuskich stosunków kulturalnych, Wrocław—Warszawa—Kraków, 1975, 88—89, 153; Tollet D.
[20] Джакома Кантэльмі [Giacomo Cantelmi] (1640—1702) — італьянец, папскі нунцый (1688—89). Правёў багата часу ў Горадні, дзе меў задачу схіліць польска–літоўскую шляхту да працягу антытурэцкае кампаніі. Крыніцы: „Korespondencja arcba Cantelmiego nuncjusza nadzwyczajnego na sejm grodzieński w 1688 r.“, Sacrum Poloniae Millenium, t. 3, Rzym, 1956, 51—281. Фрагменты карэспандэнцыі па–польску: Rykaczewski E. Гістарыяграфія: ANP. T.1; Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…; DBI, t. 18.
[21] Джэралама Альберці [Gerolamo Alberti] (?—?) — італьянец, сакратар амбасадара Венецыі. У венецыянскім архіве захаваліся ягоныя лісты з Польшчы і Літвы, якія інфармуюць пра палітычнае жыццё краіны з 1684 да 1699 г. Мы знаходзім лісты 1687—88 г., адасланыя з гарадоў ВКЛ — Горадні, Вільні, Трокаў, а ў перыяд 1692—93 г. — з Горадні. У абодвух выпадках галоўнай мэтай аўтара быў сойм, які адбываўся ў Горадні. Крыніцы: Archivio di Stato di Venezia. Dispacci degli amba­sciatori al Senato (Indice), Roma, 1959.
[22] Tygielski W. Z Rzymu do Rzeczypospolitej: Studia z dziejów nuncjatury apostolskiej w Polsce, XVI—XVII w., Warszawa, 1992, 65—69.
[23] Tollet D. „La Pologne vue par les Français (fin du XVIe siécle, première moitié du XVIIe siécle)“, L’Etat baroque, ouvrage publié sous la direction d’H. Mechoulan, Paris, 1985, Vrin, 449—456.
[24] Marescotti G. Vademecum pro Nuntiis apostolicis in Polonia a Galeazzo Marescotti Nuntio Apostolico circa a 1670, editionem curavit ac prooemio auxit Dr. A. Kakowski, Petropoli, 1912.
[25] Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…, 1994, 280.
[26] Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…,1994.
[27] Mączak A. Travel in Early Modern Europe, Polity Press, 1995.
[28] Faggiuoli J. „Djariusz podróży do Polski, wyjęty z pamiętników Jana Chrzciciela Faggiuoli przez Władysława Kulczyckiego“, Czas, dodatek miesięczny, 1858, t. 11, sierpień, 237—306.
[29] Biblioteka Narodowa, Teki Rzymskie, t. 21, 6.1.1646—30.6.1646, mikrofilm nr. 67223. Арыгінал: PAN Kr. 8367.
[30] „Il n’y a point d’hostelleries en Pologne, où l’on puisse loger commodement, & où l’on donne des lits. On ne trouve le plus souvent dans ce pays que des lieux bastis de bois que l’on appelle Karczma, où l’on est obligé de loger avec les bestes, c’est à dire, avec les chevaux, les vaches, & les cochons qui sont dans une longue écurie, faite de planches, mal jointes, & couverte de paille. Il est vray qu’au bout de cette écurie, il y a une chambre avec un poisle. Mais on n’y peut loger en estй, à cause des mouches, des puces, des punaises, & de la mauvaise odeur du lieu. Car quelque chaud qu’il fasse, on n’ouvre jamais la fenestre. Ainsi les étrangers aiment bien mieux coucher dans l’écurie en esté, que dans cette chambre, où le Gospodarz, c’est à dire celuy qui tient le cabaret, loge avec ses enfans & tout son ménage, & où fort souvent il garde un tonneau de choux aigres, dont l’odeur est fort desagreable aux étrangers. Car pour ceux du pays, comme ils y sont accoùtumés, ils n’en ressentent aucune incommodité“ [У Польшчы няма гасцініц, дзе можна жыць з выгодамі і дзе даюць ложкі. Найчасцей у гэтай краіне знойдзеш збудаваныя з дрэва памяшканні, якія завуцца Karczma, дзе мусіш жыць з жывёлаю, то бок з коньмі, каровамі і свіннямі, якія знаходзяцца ў доўгай стайні, зробленай з кепска прыгнаных дошак і пакрытай саломаю. Праўда, у канцы гэтае стайні ёсць пакой з печкаю. Але ў ім нельга жыць, з прычыны мух, блох, плюскваў і кепскага паху ў памяшканні. Бо, як бы горача ні было, акно ніколі не адчыняецца. Вось жа, іншаземцу больш даспадобы начаваць улетку ў стайні, чым у гэтым пакоі, дзе Gospodarz, гэта значыць той, хто трымае карчму, жыве са сваімі дзецьмі і ўсёй сям’ёю, і дзе ён вельмі часта захоўвае бочку кіслай капусты, пах якой для чужынца надзвычай непрыемны. Бо ў дзвюх гэтых краінах, прызвычаіўшыся, яны [тутэйшыя жыхары] не адчуваюць ніякае нязручнасці]. Tende G. De (Pseud. Sieur de Hauteville), Relation historique de la Pologne contenant le pouvoir de ses rois, leur élection et leur couronnement, les privileges de la noblesse, la religion, la justice, les moeurs et les inclinations des Polonois avec plusieurs actions remarquables, Paris, 1687, 283.
[31] Baranowski B. Polska Karczma, Restauracja, Kawiarnia, Ossolineum, 1979, 18—19.
[32] Bellini P. La Descrittione della Pollonia de Fulvio Ruggieri (1572), pre­sentazione di J. W. Woś, Trento, 1994, 116.
[33] Miselli G. Il Burattino veridico o vero istruzzione generale per chi viaggia Con la descrizzione dell’Europa, e distinzione de’Regni, Prouinzie, e Cittа, e con una esatta cognitione delle monete più utili, e corremti in detti luoghi; Con la notizia d’alcune parole in varie parti d’Europa più necessarie, espresse, nelle lingue, Italiana, Francese, Spagnuola, Tedesca, Polacca, e Turchesca. Con la Tauola delle Poste nelle vie, che al presente più regolate si trovano, & Indice de’Capitoli, e Titoli, Bologna, 1688, 196—198.
[34] Cantelimi J., Cibo A., Pallavicini O. „Korespondencja arcba Cantelmiego nuncjusza nadzwyczajnego na sejm grodzieński w 1688 r.“, Sacrum Poloniae Millenium, t. 3, Rzym, 1956, 72.
[35] Wilder J. A. Okiem cudzoziemca. Ze wspomnień cudzoziemców o dawnej Polsce, Warszawa, 1959, 46—47.
[36] „…les plus grandes lieuёs sont de cinq quarts d’heure, les ordinaires dune (sic!) heure, excepté en quelques endroits de Russie vers les frontieres de Podolie, en Ukraine, en Samogitie, & autres Regions, où à peine deux heures peuvent suffire“ [Найбольшыя мілі — за пяць чвэртак гадзіны, звычайныя — за адну гадзіну, акрамя некаторых мясцін Расіі каля межаў з Падоллем, на Ўкраіне, Жамойці і ў іншых мясцовасцях, дзе ледзьве можа хапіць дзвюх гадзін]. Dalairac F. P. (pseud. Chevalier de Beaujeu), Memoires du chevalier de Beaujeu. Contenant ses divers voyages tant en Pologne, en Allemagne, qu’en Hongrie avec des Relations particulieres des Guerres & des Affaires de ces Paпs–lа, depuis l’année 1679, Paris, 1698, 4.
[37] „Lithuania … is a most large Province, fenny and woody, so as in Summer there is no passage into it, but in winter when the Fenns are frozen, Merchands trade with the inhabitants. … It hath very few Townes, and the Villages are commonly distant 20 German miles from the other“. Moryson F. An Itinerary Containing His Ten Years Travell through the Twelve Dominions of Germany, Bohmerland, Sweitzerland, Netherland, Denmarke, Poland, Italy, Turkey, France, England, Scotland & Ireland, т. 4: Glasgow, 1908, 67—73.
[38] „Quand au pays il est plain, fort marescageux, & couuert de boys, tout ainsi que la Moscouie, & n’y peut on pas fort aisément aller l’Esté à cause des fanges & des eauёs., qui sont cause qu’il faut attendre l’Hyver, durant lequel on faict toutes les affaires & traffiques, qui consistent principalement en bleds & legumes, bestail, cuirs, miel, cire, fourrures excellentes & force cendres pour faire les lessiues, qu’on transporte à Dantzik, & de là en Hollande & autres pays bas auec de la poix & des aix & planchages pour faire les corps de nauires“ [Што да краю, ён роўны, вельмі балоцісты і пакрыты лясамі, зусім як Масковія, і па ім не надта лёгка ехаць улетку з прычыны гразі і вод, якія служаць прычынай таго, што трэба чакаць зімы, цягам якой робяцца ўсе справы і гешэфты, прадмет якіх галоўным чынам — збожжа і гародніна, жывёла, скуры, мёд, воск, раскошныя футры і ў вялікай колькасці попел для прання, што вывозяць у Гданьск, а стуль у Галандыю і ў іншыя нідэрландскія правінцыі, разам са смалою, бэлькамі і дошкамі, каб рабіць карпусы караблёў]. Vigenère B. De. La Description du royaume de Poloigne et pays adjacens, avec les statuts, constitutions, moeurs et façons de faire d’iceux, par Blaise Vigenere, Sercretaire de feu Monseigneur le Duc de Niuernois, Paris 1573; „La duché de Lithuanie… est pour la plus grand part mare cageuse & pleine de bois & Forestz, & a cette occasion ou ny peut entrer qu’auec bien grande peine & difficulté, d’autant que presque tout le paпs est couuert d’eaux dormantes, on y peut plus aysement traficquer en hyuer, qu’en esté, pource que le paпs est plus eccessible, a cause des maretz & estangs qui sont gellez & glacez de telle sorte, qu’ils rendent vn chemin fort asseuré, & lors les marchans y peuuent aller & venir plus facilement“ [Літоўскае княства… пераважна балоцістае і поўнае лясоў і пушчаў, і таму ў яго можна заехаць толькі з вельмі вялікімі намаганнямі і цяжкасцямі, да таго ж паколькі амаль уся краіна пакрыта стаячымі водамі, узімку лягчэй гандляваць, чым улетку, бо краіна тады найбольш даступная з прычыны лужын і копанак, якія замярзаюць і ледзянеюць, ператвараючыся ў вельмі бяспечную дарогу, і тады купцам найлягчэй ехаць і дабірацца сюды]. F. L. P., Briefve description dv pays et Royavme de Poloigne, contenant la situation du lieu, les mœurs & façons de viure des Polonnois, Les Archeueschez & Eueschez qui y sont, & autres singularitez, proprietez, & excellence du paїs, Recolligee des anciens & modernes Cosmographes par F. L. P., Lyon, 1573, 14—22.
[39] „…per Lituania è più difficile il far viaggio l’estate, per le nevi che si disfanno, che l’inverno che si cammina sopra i ghiacci“ [Па Літве цяжэй падарожнічаць улетку, калі снег растаўшы, чым узімку, калі ездзяць па лёдзе]. Albèri E. Le Relazioni degli ambasciatori Veneti al Senato durante il secolo decimosesto, serie I, volume I, Firenze 1862, 275; „Questa provincia è abbondantissima di boschi pieni d’infiniti legnami di varie sorte, e di moltissime paludi, sм che non si puт comodamente far viaggio in essa se non il verno con gran ghiacci, ovvero l’estate con gran caldo“ [Гэтая правінцыя вельмі багатая на лясы, поўныя незлічонай драўніны рознага гатунку, і на вельмі шматлікія балоты, так што ніколі не бывае зручней падарожнічаць па ёй, чым узімку ў вялікія маразы альбо ўлетку ў вялікую спёку]. Ibid, 327—328 p.
[40] Сакратар папскага нунцыя П. А. Джаваніні [P. A. Giovannini] у сваёй справаздачы, апісваючы Літву, цвердзіў, што „…Nessuna cosa farebbe più pericoloso l’intrar à dentro in questo regno et anco difficile il scorrerlo, che la frequentia dei boschi, molto atta all’insidiare et che impedisce il tirar vettovaglie di lontano, per non esser il paese aperto, ancora chè sia in ogni parte piano. Di Lithuania s’aggiunge ch’il paese è tanto basso et aquoso , che non è possibile à scorrerlo, se non quando è ridurato dal gelo“ [Нішто не творыць большае небяспекі пры пранікненні ў гэтае каралеўства, а таксама цяжкасці пры праездзе па ім, як частыя лясы: у іх вельмі зручна рабіць засады, і яны перашкаджаюць завозіць правіянт здалёк, так што гэтая мясцовасць нідзе не бывае адкрытаю, хоць яна і паўсюль раўнінная. Пра Літву яшчэ можна сказаць, што краіна гэтая настолькі нізінная і вільготная , што праехаць па ёй магчыма, толькі калі яна застывае ў лёд]. „Relazione di Polonia, 1565“, Scriptores rerum Polonicarum, t. XV, continet: Analecta Romana quae Historiam Poloniae saec. XVI illustrant ex archivis et bibliothecis excerpta, edidit Dr. I. Korzeniowski, Kraków, 1894, 174—205.
[41] „The roads in this country are quite neglected, being scarcely superior to by–paths winding through the thick forest without the least degree of artificial direction: they are frequently so narrow as scarcely to admit a carriage; and are continually so obstructed by stumps and roots of trees, and in many parts so exceedingly sandy, that eight small horses could scarcely drag us along. … The bridges across the rivulets were so weakly constructed and so old, that they seemed ready to crack with the weight of the carriage, and we thought ourselves fortunate in getting over them without an accident“. Coxe W. Travels into Poland. New York, 1971, 201—202.
[42] Прыкладам можа служыць пасланнік папы ў Польшчы З. Фэрэры, які прыехаў у Вільню з Торуні пад канец 1520 г.
[43] Vigenère B. de…
[44] Tygielski W. Dyplomacja—Informacja—Propaganda. Podróż Luigiego Bevilacqua, posła toskańskiego na dwory europejskie w 1609 r., Warszawa, 2000, 78.
[45] Bellini P. La Descrittione della Pollonia de Fulvio Ruggieri (1572), presentazione di J. W. Woś, Trento, 1994, 116.
[46] Biographie Universelle ancienne et moderne, histoire, par ordre alphabétique, de la vie publique et privée de tous les hommes qui se sont fait remarquer par leurs écrits, leurs actions, leurs talents, leurs vertus ou leurs crimes, nouvelle edition, poubliée sous la direction de M. Michaud, revue, corrigée, et considérablement augmentée d’articles inédits et nouveaux, ouvrage rédigé par une société de gens de lettres et de savants, Paris.
[47] „Cosм a XXVIII di Dicembre mi sono posto in camino et gionto qui a VIII del presente. Et sa Dio con quanto incommodo mio et di questa mia povera famiglia, per gli asprissimi freddi, ghiacci, venti et crescenze d’acque, mal da mangiare et peggio da berre, et dormir continovamente in terra, con un pocco di paglia sotto, se pur anco se ne ritrovava». Aloisius Lippomano card. Carolo Carafa (Vilnae, 15.I.1556), Acta nuntiaturae Polonae, moderatore H. D. Wojtyska CP, Romae 1993, t. 3 /1, 120.
[48] Cantelimi J., Cibo A., Pallavicini O. „Korespondencja arcba Cantelmiego nuncjusza nadzwyczajnego na sejm grodzieński w 1688 r.“, Sacrum Poloniae Millenium, t. 3, Rzym, 1956. 72.
[49] „Dopo haver caminato 15 giorni continui per questi paesi immensi, con far sin a 40 miglia Italiane il giorno, son hora giunto in questa città, capo del gran Ducato di Littuania… Questo viaggio s’è fatto in gran parte per selve una d’esse di 40 miglia, et un’altra di 35 convenne passar in un giorno, non issendovi allogio. … Nel viaggiare in queste parti convien portare ogni cosa per vivere e dormire, non trovandosi nell’hostarie ch’una camera terrena di tavole e contigua la stalla ove si fa la cucina ne per dormire v’altro che paglia. … L’hostarie sono in gran parte tenute da Hebrei, che dall’aumentar’ un poco il prezzo di qualche mi davano si sono nel resto ben portati con servir’ anco e contrattar il sabbato senz’esserne ricercati. … In doi lochi sono stat’ allogiato in nome di Mons. Vescovo di Plosca…“ [Праехаўшы цягам 15 дзён запар праз гэтую велізарную краіну, робячы па 40 італьянскіх міляў у дзень, прыбыў я ў гэты горад, сталіцу вялікага Княства Літоўскага… Дарога гэтая вяла большай часткаю праз пушчы, адну ў 40 міляў, а другую ў 35, якія давялося праязджаць за дзень, бо не было ніякага прытулку. …Пры падарожжы ў гэтых мясцінах належыць вазіць з сабою ўсе рэчы, каб жыць і спаць, бо ў гасцініцах знойдзеш толькі дашчаны пакой на ўзроўні зямлі, і побач хлеў, дзе ладзіцца кухня, а спаць можна толькі на саломе. …Гасцініцы пераважна трымаюць габрэі, якія крыху надбаўлялі цану сяго–таго, што мне прадавалі, але ў астатнім паводзілі сябе добра і прыслугоўвалі нават у суботу без вялікага ўпрошвання. …У двух месцах я спыняўся ў імя мансіньёра біскупа Плоцка…] Mario Filonardi do kard. Franciszka Barberini, Vilnae, 5.VI.1636. Ліст будзе апублікаваны ў Acta nuntiaturae Polonae. Мы хацелі б падзякаваць рэд. Т. Хынчэўскай–Генэль за магчымасць пазнаёміцца з гэтым і іншымі лістамі яшчэ да публікацыі цэлага збору.
[50] Саганович Г. „Вильна в описании немецкого путешественника Самуеля Кихеля (1586 г.)“, Senosios raštijos ir tautosakos sąveika: kultūrinė Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės patirtis. Vilnius, 1998, 193—197.
[51] „il Ré a trauerso mille incomodi e pattimenti di uiaggio, fatto più disastroso per la improuisa liquefacioue delle neui, e fiumi a mezzo sgellati, peruenne hieri sera decimo giorno di camino a Troki, Cittа sedici miglia distante da Wilna, con incomodata salute, ma gracie a Dio senza peggiori consequenze“ [Кароль, пераадолеўшы тысячу невыгодаў і цяжкасцяў падарожжа, якое зрабілася яшчэ цяжэйшым з прычыны раптоўнага таяння снягоў і напалову расталых рэкаў, дабраўся ўчора вечарам на дзесяты дзень дарогі ў Трокі, горад на адлегласці шаснаццаці міляў ад Вільні, з расстроеным здароўем, але, з Божае ласкі, без горшых наступстваў]. Archivio di Stato di Venezia, Senato, dispacci di Polonia, filza 10, karta 205.
[52] Sacrum Poloniae Millenium, t. 3. Rzym, 1956, 113.
[53] Przezdziecki R., Diplomatie et protocole a la Cour de Pologne, t. 1. Paris, 1934, 223—224.
[54] (Avril Ph.), Voyage en divers Etats d’Europe et d’Asie, Etrepris pour découvrir un nouveau chemin а la Chine. Contenant Plusieurs Remarques curieuses de Physique, de Geographie, d’Hydrographie & d’Histoire. Avec une description de la grande Tartarie, & des differens Peuples qui l’habitent. Paris, 1692.
[55] „peruennemo á Smolesco… di lá in tré giorni a Vilna… di poi caminando sei altri giorni giunsemo á Varsciavia…“ [даехалі да Смаленска… адкуль за тры дні да Вільні… і правандраваўшы яшчэ шэсць дзён, прыбылі ў Варшаву] Giovanni di Luca, Relatione di un uiaggio fatto dal padre frа Giovanni di Luca missionario per la Sacra Congregatione di Propaganda fide, alli circassi e comucchi, figliuolo del conuendo di San Domenico di Napoli Prouincia del Regno, 20 maggio 1643, Biblioteka Kórnicka, sygn. 147.
[56] Chynczewska–Hennel T. Rzeczpospolita…, 1994, 51—52.

Пераклаў з польскай Мікола Раманоўскі

Наверх

Конрад Бабятыньскі. Стары i Новы Быхаў у час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (1654—1655)

19 снежня, 2003 |


Стары і Новы Быхаў, два гарады на Дняпры, адыгралі значную ролю ў ваенных падзеях першага этапу вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1654—1655 г. Аблогі абодвух як маскоўска–казацкімі войскамі, так і арміяй ВКЛ, істотна паўплывалі на фармаванне сітуацыі ва ўсходнім ваенным тэатры ды на палітычныя рашэнні, датычныя перадусім стасункаў Рэчы Паспалітай з казакамі і планаў падпарадкавання Хмяльніцкаму Паўднёвай Беларусі.

З абодвух пунктаў вырашальнае значэнне меў Стары Быхаў. З 1542 да 1625 г. горад належаў аднаму з наймагутнейшых магнацкіх родаў — Хадкевічам. Падмуркам яго развіцця стаў прывілей 1590 г., дадзены Жыгімонтам III Вазам тагачаснаму ўладару, у будучыні вялікаму гетману літоўскаму Яну Каралю Хадкевічу. Кароль дазваляў будаваць у горадзе каменныя фартыфікацыі вакол замка. Хадкевіч распачаў працу з шырокім размахам (асабліва інтэнсіўна ў 1610—1619 г.), аднак завершана прадпрыемства было толькі наступнымі ўладарамі горада.

Пасля смерці гетмана і шматлікіх спрэчак паміж спадкаемцамі паводле пагаднення 1625 г. горад перайшоў у рукі яго зяця, вялікага маршалка літоўскага Яна Станіслава Сапегі. Сапегі зрабілі Стары Быхаў цэнтрам сваіх велізарных надняпроўскіх уладанняў і ўклалі вялікія грошы, каб мадэрнізаваць фартыфікацыі. У сярэдзіне XVII ст. горад лічыўся адным з найлепш умацаваных у Вялікім Княстве Літоўскім, а з прыватных цвердзяў з ім мог раўняцца толькі радзівілаўскі Слуцк[1]. Вялікая заслуга ў гэтым належала Казіміру Лявону Сапегу, малодшаму брату і дзедзічу Яна Станіслава. Ён займаў пасаду падканцлера літоўскага (1654), лічыўся адным з найбольш уплывовых і багатых літоўскіх магнатаў. Вялізныя прыбыткі са шматлікіх уладанняў дазволілі Сапегу не толькі абнесці Стары Быхаў найноўшымі на той час умацаваннямі, але і трымаць яго пад абаронай шматлікіх прыватных фармаванняў, большасць якіх у бойках 1654—1655 г. увайшла ў склад гарнізона надняпроўскай фартэцыі[2].

Напярэдадні вайны з Масквой у Старым Быхаве налічвалася каля 2000 дымоў, больш за 10 000 жыхароў, большую частку з якіх складала габрэйства[3]. Гэта ўводзіла яго ў дзесятак найбуйных цэнтраў ВКЛ. Горад займаў параўнальна невялікую плошчу, меў форму паўкруга з дыяметрам каля 800 м[4]. Цэнтральным пунктам быў вялізны рынак. Сканцэнтраванасць забудоў на даволі малой плошчы значна спрыяла паспяховай абароне. Даўжыня ўмацаванняў была мінімальнай, таму патрабавала меншай колькасці людзей, каб іх ахоўваць, а значная частка гарнізона магла заставацца ў рэзерве і браць удзел толькі ў наступальных дзеяннях (вылазкі). Шчыльная забудова палягчала і абарону пасля магчымага фарсавання ворагам і дазваляла зладзіць арганізаванае адступленне ў замак. У горадзе былі ўзведзены дзве ўмацаваныя будыніны, што маглі быць самастойнымі пунктамі су­праціву: мураваны касцёл у паўднёвых кварталах і сінагога на поўначы, абнесеная больш чым двухметровым мурам з вежамі. Астатнія будынкі Старога Быхава былі драўляныя і пад час аблогаў звычайна згаралі пад артылерыйскім абстрэлам.

Вакол горада ўздымаліся фартыфікацыі, мадэрнізаваныя Сапегамі ў 20–я г. XVII ст. паводле старадаўняй галандскай сістэмы. Перадусім гэта быў магутны зямельны вал (7—8 м у вышыню і 30 м у аснове), узмоцнены 5 бастыёнамі і 6 равелінамі. У Быхаў вялі тры добра ўмацаваныя каменныя брамы (па 2 ярусы ды 7—8 байніцаў кожная). Першая, Падольная (Дольная), выходзіла на бераг Дняпра, другая — Магілёўская, на поўнач; трэцяя — Рагачоўская (Навабыхаўская), у паўднёвы бок. Перад валам быў выкапаны глыбокі (7—8 м) і шырокі (да 50 м) абарончы роў, праз які перакідваліся два масты: да Магілеўскай ды Рагачоўскай брамаў.

Невялікі каменны замак ва ўсходняй частцы горада меў у плане прастакутнік 77×100 м. Абнесены земляным валам з бастыёнамі, на захадзе, поўначы і поўдні ён бараніўся яшчэ і равамі (некалькі метраў у глыбіню, 22—27 м у шырыню). З захаду ў замак вёў пад’ёмны мост.

Непрыступнасць Старога Быхава падвышала размяшчэнне на стромым беразе Дняпра, край якога праходзіў каля ўсходняй сцяны ўмацаванняў. З гэтага боку ў Днепр таксама ўпадала невялікая забалочаная рэчка Макранка. Таму спробы штурмаваць горад з усходняга кірунку не мелі шанцаў, а аблогу можна было весці толькі з захаду, поўначы ці поў­дня[5].

Найноўшыя фартыфікацыі, якія абараняліся моцнай артылерыяй ды шматлікімі дасканала забяспечанымі жаўнерамі, рабілі са Старога Быхава наймацнейшы пункт літоўскай абароны ўздоўж Дняпра. Узяцце горада вымагала старанных і працяглых абложных дзеянняў, са шматлікімі аддзеламі пяхоты і цяжкай артылерыі. Значна меней шанцаў на стрыманне войскаў праціўніка мелі іншыя гарады на найбольшай з беларускіх рэк: Дуброўна, Ворша, Копысь, Шклоў, Магілёў, урэшце, той жа Новы Быхаў.

Новы Быхаў, размешчаны прыблізна за 20 кіламетраў на поўдзень ад Старога, істотна розніўся ад таго як велічынёй, так і гаспадарча–ваеннай значнасцю. У XVII ст. у ім было блізу 2000 жыхароў[6]. Горад належаў сям’і Слушкаў. У разгляданы перыяд найбольш значным яе прадстаўніком быў Жыгімонт Адам, надворны харужы літоўскі з 1649 г.[7]. Горад і замак мелі трывалыя, хоць дзесьці ўжо і састарэлыя драўляна–зямельныя ўмацаванні, з прастакутнікам 560Ч370 м у плане. Як і Стары, Новы Быхаў быў размешчаны на высокім дняпроўскім беразе[8]. Дэталі фартыфікацыі горада апісаў удзельнік яго аблогі ў студзені — лютым 1655 г., канюшы літоўскі Багуслаў Радзівіл: „Z jednej strony, z której szerokie w równinie rozciągają się pola, było wałem opasane, drugą stronę rzeka Dniepr płynąca, także mocne sztakiety, palisady i grube dęby broniły [З аднаго боку, з якога шырока ў раўніну цягнуцца палі, было аперазана валам, другі бок баранілі плынная рака Днепр, а яшчэ моцныя штыкеты, частаколы і таўстыя дубы]“[9]. Для паспяховай абароны горада яго неабходна было ўкамплектаваць шматлікай пяхотай і моцнай артылерыяй. Нажаль, Слушкі, хоць і належалі да найбуйнейшых землеўласнікаў Паўднёвай Беларусі, былі не ў стане забяспечыць належныя сілы для абароны сваёй маёмасці. Абмежаваная ў грашовых сродках, у 1654 г. сям’я не наняла ніводнага прыватнага аддзела. Калі выявілася, што ў Новы Быхаў не будуць скіраваны кампутовыя войскі, яго абаронцамі зрабіліся, апрача мяшчан, толькі навакольная шляхта ды сяляне. Гэта цалкам пазбаўляла мажлівасці наладзіць які–ніякі супраціў захопнікам.

Як Стары, так і Новы Быхаў апынуліся пад час летняй кампаніі 1654 г. у зоне дзеяння казацкага корпуса на чале з нежынскім палкоўнікам Іванам Залатарэнкам, наказным гетманам. Заангажаванасць казакоў у бойках на Беларусі сталася вынікам пераяслаўскай уніі. Пад час перамоваў у Маскве ў сакавіку — красавіку пасольства на чале з генеральным запарожскім суддзём Самойлам Зарудным і перая­слаўскім палкоўнікам Паўлам Цяцерам заручылася канкрэтнай пастановай. 6 красавіка цар Аляксей Міхайлавіч пры­слаў Хмяльніцкаму ўказанне, каб той скіраваў у дапамогу маскоўскім войскам пад Смаленск 18 000 чалавек[10]. Урэшце на ВКЛ вырушылі два палкі — нежынскі ды чарнігаўскі, разам са шматлікімі валюнтарыюшамі. На чале гэтых сілаў стаяў швагер Хмяльніцкага, нежынскі палкоўнік Іван Залатарэнка. У чэрвені 1654 г. у абозе пад Ноўгарадам–Северскім сабралася, як даносіў царскі па­сланец Цімафей Спасіцелеў, больш за 20 000 жаўнераў[11].

Корпус Залатарэнкі ўвайшоў на тэрыторыю ВКЛ у другой палове чэрвеня. Не зважаючы на шматлікія лісты Аляксея Міхайлавіча з патрабаваннямі ісці да галоўнай маскоўскай арміі пад Вязьму ды Смаленск, казакі скіраваліся пад Гомель — найбольшую цвердзь Паўднёвай Беларусі. Хмяльніцкі прызначыў швагру заняць як мага больш абшараў ВКЛ, каб далучыць іх пасля да Ўкраіны. Таму Залатарэнка адмовіўся злучыцца з галоўнай маскоўскай арміяй, а да галоўнага царскага абозу пад Смаленскам выслаў у жніўні толькі каля 1000 чалавек пад камандай свайго брата Васіля[12].

Сам наказны гетман з большасцю войска засяродзіўся на аблозе Гомеля. Задача была няпростая, бо горад меў трывалыя фартыфікацыі і моцны гарнізон з кампутамі нямецкай ды польскай пяхоты (каля 600 жаўнераў) і мясцовай шляхты[13]. Кіраваў гарнізонам берасцейскі земскі суддзя Станіслаў Казімір Бабраўніцкі. Ліцвіны ўчынілі захопнікам моцны су­праціў, затрымалі казакоў пад Гомелем на доўгія шэсць тыдняў. Пад час упартых боек абодва бакі панеслі значныя страты, сярод забітых апынуўся і намеснік Залатарэнкі, чарнігаўскі палкоўнік Сцяпан Падабайла.

Пры аблозе Гомеля казакі ладзілі шматлікія кавалерый­скія набегі з абодвух берагоў Дняпра далёка ўглыб ВКЛ. З ліста Залатарэнкі да цара ад 25 ліпеня бачым, што яго падначаленыя ўжо захапілі Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Горваль і Рагачоў[14]. Тыднем раней, 17 ліпеня, нейкія казацкія фармаванні разбілі ў раёне Мазыра полк Шымона Паўшы колькасцю ў 5 лёгкіх і татарскіх харугваў ды 100 драгунаў, які бараніў межы ВКЛ з поўдня[15]. Калі ўрэшце 23 жніўня згаладалы, пазбаўлены надзеі на дапамогу гарнізон Гомеля капітуляваў, увесь корпус змог вырушыць на поўнач. Пасля ўзяцця Чачэрска казакі распачалі кампанію супраць Новага Быхава. Як бачна з ліста Залатарэнкі ў царскую канцылярыю ад 8 верасня, гэты горад, як і Прапойск, не здзейсніў казакам ніякага супраціву. Жыхары з уласнай волі самачынна расчынілі брамы, а пасля склалі Спасіцелеву — той увесь час суправаджаў нежынскага палкоўніка — прысягу на вернасць цару[16]. Паколькі гэты ліст пісаўся ўжо з абозу пад Старым Быхавам, а 4 верасня казакі былі яшчэ пад Чачэрскам, падзея, падобна, адбылася дзесьці 6 верасня.

Цяпер Іван Залатарэнка засяродзіў усе высілкі, каб прымусіць да капітуляцыі абаронцаў Старога Быхава. Узяцце гэткай магутнай цвердзі стала б грандыёзным і славутым дасягненнем, пацвярджэннем папярэдніх здабычаў. Стары Быхаў, разам з Гомелем, бачыўся нежынскаму палкоўніку цэнтрам казацкай Беларусі, падпарадкаванай Хмяльніцкаму. Але спачатку трэба было спыніць супраціў гарадскога гарнізона.

Казімір Лявон Сапега перад аблогай прыклаў усе намаганні, каб належна падрыхтаваць сваю найбуйнейшую цвердзь да абароны. Пасля звестак аб пераходзе ў канцы траўня — пачатку чэрвеня маскоўскімі войскамі мяжы Рэчы Па­спалітай ён урухоміў свой вялізны запас гатоўкі і распачаў найм жаўнераў. Яшчэ пад час нарадаў надзвычайнага сойму, перад 13 ліпеня, Сапега пакінуў Варшаву ды скіраваўся ў Літву, каб асабіста сачыць за падрыхтоўкай[17]. У Старым Быхаве на той час знаходзіўся яго верны слуга Канстанцін Багушэвіч, які энергічна ладзіў абарону. Тэрмінова рамантавалі фартыфікацыі, узмацнялі вал і бастыёны, звозілі запасы ладунку, харчу і фуражу. Да горада сцягваліся будучыя абаронцы. Як паведамляў Багушэвіч у вялікім лісце да падканцлера ад 13 ліпеня, у горадзе знаходзілася ажно 3000 баяздольных людзей, зарганізаваных у 21 харугву. За рэгіментара абралі Крыштафа Пагірскага. Апрача быхаўскіх мяшчан, да абароны ў вялікай колькасці далучылася навакольная шляхта, а таксама сяляне сапегавых уладанняў, перадусім з Талачына і Бялынічаў. Увесь час неставала толькі прафесійных жаўнераў, прыслання якіх дамагаўся Багушэвіч[18].

Рэгіменты нямецкай пяхоты і драгунаў дабраліся да горада толькі перад пачаткам аблогі. З сапегавых афіцэраў улетку 1654 г. у цвердзь мусіў прыбыць драгунскі капітан Ян Кругер[19]. Як паказвалі палонныя, захопленыя маскоўцамі напрыканцы снежня 1654 г., Стары Быхаў баранілі ў другой палове 1654 г. 2000 мяшчан, 600 наёмных жаўнераў, 200 гайдукоў, 100 драгунаў, каля 300 чалавек шляхты (перадусім уцекачоў з рэчыцкага павету), а таксама не менш за 1000 габрэяў. Усяго ў горадзе закрылася 10 000 чалавек[20]. Лічба ў 4200 абаронцаў відавочна завышана, што, аднак, сведчыць пра моц, надаваную гарадскому гарнізону. Як бачна з той жа рэляцыі, у Старым Быхаве было запасаў мукі на год, а солі і надаўжэй. Больш рэальнымі падаюцца звесткі з паказанняў іншага гараджаніна, узятага ў канцы 1654 г. Паводле яго слоў, горад мусілі бараніць 4 наёмныя харугвы, 100 драгунаў, 17 сотняў мяшчан ды шматлікія сяляне — усяго разам не больш за 3000 чалавек[21]. Што да гарадской артылерыі, няма звестак пра яе колькасць на пачатку вайны. У ліпені 1655 г. яна налічвала 4 цяжкія і 26 палявых гармат, чаго цалкам ставала для дзейснай абароны[22].

Іван Залатарэнка, калі прымаў рашэнне весці аблогу, разумеў, колькі высілкаў і ахвяр яна будзе каштаваць корпусу. У лісце да цара ад 8 верасня, першым пасля прыбыцця да Старога Быхава, ён кажа пра моцны гарнізон, што не хоча браць верхавенства Масквы і збіраецца ўчыніць казакам моцны су­праціў[23]. Наказны гетман усведамляў, што яго жаўнеры не маюць дастатковага досведу абложных дзеянняў і ніколі не бралі гэткай трывалай фартэцыі. Казакі не маглі спадзявацца на дастатковую падтрымку ўласнай артылерыі. Яшчэ ў абозе пад Ноўгарадам–Северскім было толькі 7 „пушак“, а разам з гарматамі, захопленымі вераснем y Гомелі ды Чачэрску, было не больш за 30 гармат, падобна, невялікага калібру[24]. Гэтага відавочна замала, каб стварыць пралом у найноўшых зямельных фартыфікацыях бастыёнавага тыпу. Таму Залатарэнка вельмі хутка адмовіўся ад плана здабыць горад генеральным штурмам ды абмежаваўся лакальнымі нападамі і блакадай.

Разлік быў не на згаладаласць гарнізона, а хутчэй на добраахвотную капітуляцыю абаронцаў, пазбаўленых надзеі на дапамогу. Сапраўды, у першыя дні верасня 1654 г. было цяжка чакаць, што Стары Быхаў атрымае знешнюю падтрымку. 24 жніўня пад Шапялевічамі армія ВКЛ пацярпела цяжкую паразу ў сутыкненні з корпусам Аляксея Трубяцкога і, разбітая, адышла за Бярэзіну. На працягу ўсяго верасня і часткі кастрычніка вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл перагрупоў­ваў у Менску сілы ў чаканні кароннага падмацавання і новых наймітаў ВКЛ. Тым часам у маскоўскія рукі пераходзілі новыя цвердзі Ўсходняй Беларусі. 29 верасня капітуляваў, пасля амаль трохмесячнай абароны, Смаленск, здабычу якога цар вызначыў сваім войскам за галоўную мэту ў летнюю кампанію 1654 г. З чэрвеня да кастрычніка былі страчаны Полацак, Мсціслаўе, Ворша, Шклоў, Дуброўна, а таксама некалькі сапегавых гарадоў — Горы, Іказнь, Друя. Акрамя Старога Быхава, з буйных цвердзяў у другой палове кастрычніка супраціў нашэсцю чыніў толькі Віцебск.

Нягледзячы ні на што, абаронцы не хацелі паўтараць лёс іншых літоўскіх гарадоў і капітуляваць не збіраліся. Больш за тое, апрача абароны, яны распачалі шматлікія вылазкі ў стан Залатарэнкі, неслі казакам адчувальныя страты. Аб ходзе і выніках адной з такіх вылазак 2 кастрычніка вядзецца ў паказаннях Лаўрына Шылы, казака нежынскага палка. Менш чым праз тыдзень ён трапіў у палон да войска ВКЛ у Вяляцічах каля Барысава.

Як вынікае з рэляцыі Шылы, казакі стаялі пад цвердзю чатырма табарамі. З поўначы, каля Магілёўскай брамы, размяшчаўся чарнігаўскі полк, узначалены пасля смерці Падабайлы зводным братам Залатарэнкі Цімафеем Анікенкам. З поўдня, за Навабыхаўскай брамай, трымаў пазіцыі створаны на пачатку вайны старадубскі полк пад камандай Пятра Забелы. І, урэшце, у надняпроўскіх сенажацях размясціўся нежынскі полк, якім кіраваў палкоўнік Кабыляц­кі — замест Залатарэнкі, што скіраваў свой табар на левы бераг ракі.

Спачатку ліцвіны напалі на шанцы падначаленых Анікенкі і прымусілі тых вярнуцца ў табар. Пасля заатакавалі з Ніжняй брамы, пасеклі аддзелы непрыяцеля над Дняпром, здабылі тры гарматы. Казакі распачалі панічныя ўцёкі праз раку „i wiele ich potonęło, drudzy do Zołotarenkowego uszli taboru, a nasi wyrabowawszy ich, tabor spalili i cało do miasta uszli [і шмат іх патанула, іншыя сышлі ў табар Залатарэнкі, а нашы іх вырабавалі, табар спалілі і разам сышлі ў горад]“. Уражанне ад той сутычкі ў казацкім абозе было такое моцнае, што ў наступныя дні Залатарэнка не адважваўся высылаць свае аддзелы на ўсходні край умацаванняў. Жыхары маглі спакойна пасвіць на лугах быдла і коні, быў адчынены доступ да вады. Калі казакі спрабавалі вярнуц­ца на сенажаці, гарнізон адганяў іх агнём рушніц ды гакаўніц[25]. Пагалоска пра поспех 2 кастрычніка шырокім рэхам адбілася ў рэляцыях тых дзён. Пра яго пісаў 13 кастрычніка палкоўнік валюнтарыюшаў Самуэль Аскерка ў лісце з Бабруйска да Багуслава Радзі­віла: „w piątek ten dwie niedziele będzie, jako im tabor jeden wypadłszy z Bychowa, znieśli [у гэтую пятніцу будзе два тыдні, як набеглі з Быхава ды знеслі ім адзін табар]“[26].

У сярэдзіне кастрычніка агульны стан старабыхаўскага гарнізона значна палепшыўся. З набліжэннем зімовай пары маскоўская армія спыніла наступальныя дзеянні. Палявыя кантынгенты збольшага адышлі на зімовыя кватэры далёка на ўсход, а на абшарах ВКЛ засталіся толькі гарнізоны ў акупаваных гарадах. За Бярэзінай канчалася сканцэнтраванне арміі Януша Радзівіла, якая разам з падмацавальным каронным корпусам і выстаўленым паветавым кантынгентам мела каля 18 000 жаўнераў[27]. У абоз прыбыў і прыватны полк Сапегаў. Апрача аддзелаў „агністага люду“, якія ўжо падтрымалі гарнізон Старога Быхава, падканцлер увосень 1654 г. вы­ставіў таксама некалькі харугваў конніцы ды драгунскі рэгімент (каля 300 чалавек) пад началам Вільгельма фон Клята[28]. Разумеючы, што гэткія сілы не ў стане ўчыніць сама­стойны супраціў Залатарэнку, Сапега наважыўся аддаць іх пад каманду Януша Радзівіла. Таго з літоўскім ваяводам здаўна размяжоўвалі шматлікія канфлікты, як амбітныя (спрэчка пра вялікую літоўскую булаву), так і маёмасныя (спадчына Дарага­стайскіх), аднак цяпер, дзеля вышэйшых інтарэсаў, Сапега вырашыў закапаць „сякеру вайны“ і распачаць супрацу. Да гэткага кроку яго схіляў і кароль, які яшчэ ў жніўні хацеў, каб падканцлер падтрымаў сваімі харугвамі кампутовае войска[29]. У лістападзе полк Сапегаў быў ужо пад Менскам, а асабісты кантроль над ім здзяйсняў кузен падканцлера, палявы пісар Аляксандр Гіляры Палубінскі[30] — паколькі ў абоз не прыбыў вядомы сваёй нянавісцю да вялікага гетмана віцебскі ваявода Павал Ян Сапега, што звычайна камандаваў харугвамі роду ва ўкраінскіх кампаніях[31].

Нажаль, спрэчка паміж гетманамі (палявым быў Вінцэнт Гасеўскі), што была паходняй абвостранай барацьбы двара з апазіцыяй, дадалася да скарбовых праблемаў ды прымусіла войскі Рэчы Паспалітай бяздзейна марнаваць час пад Мен­скам. Таму і не было падтрымкі гарадам у іх доўгай абароне: урэшце капітулявала Дуброўна — 22 кастрычніка, Віцебск — 2 снежня… На Бярэзіне дзеянні вяліся крыху актыўней: у першай палове кастрычніка наступленне на левым беразе распачала групоўка ўжо згаданага мазырскага земскага суддзі Самуэля Аскеркі. Пасля пераправы цераз раку ліцвіны разбілі некалькі казацкіх аддзелаў. 8 кастрычніка перамаглі праціў­ніка пад Клічавам, а праз некалькі дзён у вёсцы Рыні пад Барысавам знішчылі моцны табар, у якім замкнуўся мазырскі сотнік Аксен Змалевіч. У той бойцы загінула ажно 900 казакоў[32]. 13 кастрычніка Аскерка ўвайшоў у Бабруйск, а ў ноч з 15 на 16 кастрычніка выгнаў казакоў з Бялынічаў, мястэчка на паўночным захадзе, менш за 50 кіламетраў ад Старога Быхава. Дасягненні літоўскіх аддзелаў выклікалі паніку ў занятых маскоўцамі надняпроўскіх гарадах (перадусім Магілёве), а таксама моцную занепакоенасць у корпусе Залатарэнкі. У лісце да цара ад 22 кастрычніка нежынскі палкоўнік выказваў сур’ёзную трывогу пра далейшы лёс аблогі, прасіў даслаць неабходныя для штурмавання гарматы, порах ды кулі, а яшчэ пад Стары Быхаў кантынгент брата Васіля, які тым часам стаяў пад Віцебскам[33].

Аскерка спыніў, аднак, марш на ўсход, а пад канец месяца адступіў да Бярэзіны. Ніводны з кампутоў, што працягвалі стаяць пад Менскам, не падтрымаў яго дзеянняў. Аж да сярэдзіны снежня там адбываліся нарады скарбовай камісіі, дзе вы­значаліся ўмовы далейшай службы войска[34]. Да таго ж, армію ўвесь час раздзіралі ўнутраныя канфлікты, а спрэчка паміж гетманамі то абвастралася, то, праз пасярэдніцтва саноўнікаў, перадусім духоўнага рэферэндарыя Яна Даўгялы Завішы, часова прадухілялася[35]. Тым не менш, ажно да канца снежня літоўская армія не прапанавала канкрэтнай дапамогі Старому Быхаву. Гэта выклікала шматлікія абвінавачванні яе начальнікам, перадусім Янушу Радзівілу, у непрыдатнасці ды свядомым адцягванні наступлення[36].

Аднак гарнізон даў рады і без знешняй падтрымкі ды шчаслівым чынам адбіў усе атакі непрыяцеля. Ужо пад канец кастрычніка Залатарэнка пачаў разумець, што шанцы захапіць горад мізэрныя. Нягледзячы на тое, ён заставаўся пад Быхавам да 26 лістапада — умацоўваў і пашыраў здабычы апошніх месяцаў. Галоўнай мэтай было авалодаць найбольшым і найбагацейшым на той час горадам Усходняй Беларусі — Магілёвам[37]. Аднак палкоўніку давялося мерацца сілай з цвёрдым і небяспечным праціўнікам, шляхцічам пінскага павету Канстанцінам Паклонскім, які на пачатку верасня дамогся прыняцця горадам пратэкцыі цара[38]. Паклонскі планаваў стварыць вакол Магілёва і Старога Быхава аўтаномную дзяржаўку, праўда, з прызнаннем царскага пратэктарату, аднак непадуладную маскоўскаму ваяводу[39]. Гэта, вядома, пярэчыла замыслам Залатарэнкі. Таму ўжо з канца верасня пача­ліся сутыкненні паміж фармаваннямі абодвух апанентаў. Братазабойчыя сутычкі цягнуліся да лістапада, было шмат забітых. Барацьбу не спыніла нават асабістае ўмяшанне цара. Адмоўнае стаўленне Аляксея Міхайлавіча да казацкіх планаў авалодаць Магілёвам паўплывала на вырашэнне пытання, Залатарэнка мусіў адступіць[40].

Страціўшы надзею авалодаць Старым Быхавам, з надыходам зімы і перад пагрозай харчовых перабояў ды размяшчэння ў адкрытым полі, наказны гетман вырашыў спыніць аблогу. Адышоў Залатарэнка, аднак, недалёка — абоз перамясціўся за 20 кіламетраў на поўдзень, у Новы Быхаў. Такім чынам, было аспрэчана ўказанне Хмяльніцкага, які загадаў Залатарэнку 1 снежня вярнуцца ва Ўкраіну ды падмацаваць казацкія сілы ў бойках, распачатых у першыя дні лістапада кароннай арміяй, падтрыманай татарамі[41]. Залатарэнка ведаў, што гэтак адмовіцца ад дасягненняў апошніх месяцаў і згубіць мажлівасць далейшых бліскучых поспехаў у 1655 г.

Казакі разумелі, што ім давядзецца прыняць бой супраць войскаў Радзівіла, таму ад пачатку снежня пачалося тэрміновае фартыфікаванне Новага Быхава. Рамантаваліся ўмацаванні, падвышаўся вал, з боку Дняпра ў некалькі шэрагаў былі выстаўлены частаколы ды драўляныя заслоны, умацаваныя зямельнымі прыпорамі. Насыпалі яшчэ 7 бастыёнаў. Як ужо адзначалася, артылерыя казакоў налічвала 30 гармат. Залатарэнка сцягнуў у горад вялікі запас ежы, пораху ды куль — дастатковы, каб вытрымаць шматмесячную аблогу.

Колькасць казацкага корпуса на той час значна паменшылася, у параўнанні з пачаткам кампаніі ў 1654 г. Розныя крыніцы называюць лічбу ад 5000 да 12 000 чалавек[42]. На нашую думку, аддзелы Залатарэнкі налічвалі, як падае Сямён Мартынаў, пасланнік жыхароў Магілёва да цара, каля 8000 жаўнераў[43]. Такім чынам, у папярэдніх бойках корпус Залатарэнкі згубіў больш за палову. Галоўнай прычынай гэткіх высокіх страт былі не баявыя страты, а масавае дэзерцірства сялян, якія ўлетку тысячамі згаджаліся служыць, а цяпер не вытрымлівалі нягодаў шматмесячнай кампаніі, пакідалі шэрагі ды вярталіся да сваіх сядзіб ва Ўкраіне. Да пачатку аблогі ў Новы Быхаў не змог вярнуцца полк Васіля Залатарэнкі, хаця ўжо 7 лістапада цар даў загад, якім адклі­каў таго з–пад Віцебска[44]. Не ў стане адолець блакады, Ва­сіль вырушыў пад Старадуб, а да брата далучыўся толькі ў лютым[45].

У канцы снежня 1654 г., пад ціскам з боку двара ды большасці літоўскіх і каронных саноўнікаў, Януш Радзівіл урэшце быў змушаны перамясціць свае фармаванні ў поле. Сам гетман рашуча пярэчыў распачынанню боек гэтай парой года — ён слушна меркаваў, што жаўнер ніяк не падрыхтаваны да цяжкіх кліматычных умоў. Яго непакоіла нястача адпаведнай артылерыі ды слабое забеспячэнне, якія пазбаўлялі надзеі на паспяховую аблогу і адбіццё з маскоўскіх рук найбольш значных гарадоў, перадусім Смаленска. Не зважаючы на ўсё, гетман схіліўся перад настойлівасцю караля і распачаў ваенныя дзеянні.

У авангардзе ўсходняга руху літоўскай арміі выступаў полк Самуэля Аскеркі, колькасць якога маскоўскі бок перабольшваў да 4000 чалавек. Ранкам 28 снежня 1654 г. 10 харугваў мазырскага суддзі ўвайшлі ў Стары Быхаў, гарнізон якога сустрэў іх з захапленнем. Праз тры дні пад фартэцыяй з’явіліся яшчэ пяць конных ды пешых харугваў[46]. Ваколіцы горада знаходзіліся, такім чынам, пад суцэльным кантролем літоўскай арміі, а небяспека казацкага нападу была на два месяцы адхілена[47].

Праз нейкі час другі з загалоўных гарадоў, Новы Быхаў, стаў сведкам найвялікшага сутыкнення абодвух праціўнікаў у баях першай паловы 1655 г. Януш Радзівіл вызначыў узяцце гэтага пункта як найпершую мэту кампаніі, каб „uprzątnąć tę zawadę, która inszym imprezom obiecem ponere mogła [прыбраць тую замінку, якая магла (перашкаджаць. — К.Б.) іншым імпрэзам]“[48]. Верагодны поспех дазволіў бы не толькі вы­красліць з далейшай барацьбы корпус Залатарэнкі, а яшчэ і ўсталяваць аперацыйную супрацу з кароннай арміяй, якая пасля захопу Брацлаўшчыны працягвала шэсце на ўсход Украіны. Пераадоленне казакоў адчыняла шлях на поўдзень уздоўж Дняпра. Армія ВКЛ магла б прыйсці ва Ўкраіну і паспрабаваць паўтарыць пераможны манеўр 1651 г. Пасля разгрому Хмяльніцкага і злучэння каронных ды літоўскіх войскаў планавалася рушыць далей углыб маскоўскай дзяржавы, каб там здабыць канчатковую перамогу над праціў­нікам[49].

10 снежня аддзелы Януша Радзівіла прыбылі пад Стары Быхаў[50]. Яны налічвалі не больш за 12 000—14 000 жаўнераў, бо астатнія сілы віленскі ваявода прызначыў на блакаду Магілёва і Шклова, падмацаванне слуцкага гарнізона ды дзеянні ў раёне Полацка і Віцебска[51]. Жаўнеры нядоўга адпачывалі пад цвердзю і ўжо наступным днём вырушылі на поўдзень. Пры аказіі дбалі пра павелічэнне агнявой моцы перад хуткімі абложнымі дзеяннямі. Праз пасярэдніцтва Вінцэнта Гасеўскага была атрымана згода Казіміра Лявона Сапегі пазычыць са старабыхаўскага арсенала некалькі гармат буйнога калібру[52]. Гэта былі, мусіць, найбольшыя гарматы, што здабыла сабе армія ВКЛ за зіму — вясну 1655 г.

Ужо 12 снежня ліцвіны падышлі пад Новы Быхаў. Дывізія палявога гетмана паставіла абоз на беразе Дняпра, у кіламетры ад умацаванняў. Крыху далей размясціўся кантынгент вялікага гетмана[53]. З ліста Канстанціна Паклонскага да цвярскога намесніка Васіля Бутурліна даведваемся, што першыя сутычкі пачаліся праз два дні[54]. Ліцвіны прагналі казакоў за вал і пачалі рэгулярную аблогу.

Ад пачатку баёў жаўнеры Радзівіла сустрэліся з разнастайнымі цяжкасцямі. Эфектыўнасць артылерыйскага агню была невялікая. Прамёрзласць зямлі рабіла немагчымымі падкопы ды закладанне мін. Нельга было, як пісаў Януш Радзівіл, „albo rydla, ani motyki zażyć i zwyczajnymi w dobywaniu miast fortelami rem agere czas zimowy niesposobny nie pozwalał, a nade wszystko mocne siły nieprzyjacielskie, które przełamać bez fortelów, które alio tempore służyć by mogły, nie dały [ужыць ані рыдлёўкі, ані матыкі, і (весці справу. — К.Б.) звычайнымі ў здабыванні гарадоў хітрасцямі не дазваляў непрыдатны зімовы час, а мацней за ўсё непрыяцельскія сілы, што зламаць без хітрасцяў, якія маглі б служыць (іншым часам. — К.Б.), не даліся]“[55]. Ужо праз некалькі дзён паўсталі першыя харчовыя цяжкасці. Ваколіцы як Старога, так і Новага Быхава былі вынішчаны шматмесячнай прысутнасцю казакоў, якія перад прыбыццём ліцвінаў старанна спустошылі мясцовасць на шмат кіламетраў ад горада. Войска цярпела пакуты не толькі голаду, але і з–за суворых маразоў. Начамі, відаць, мерзла віно, а посуд з вадой было не адарваць ад вуснаў, каб не скрывавіць[56]. Побыт значна абцяжарвалі і вялікія снегавыя ападкі[57]. Не толькі жаўнеры, а і начальнікі жылі ў страшных умовах: „Dla wygody takiego Książęcia i miejsca nie było krom jednej dymem zakopciałej chałupki. Naszemu też księciu Bogusławowi nie lepsza stancja była. Inni panowie znaczniejsi po gumnach, stodołach i chlewach mieścić się musieli. Pospolity zaś żołnierz na mrozach i przykrych wiatrach bez żadnego przykrycia przy wznieconym ogniu statią mieć musiał [Для выгоды такога княжыча (Януша Радзівіла. — К.Б.) і месца не было, акрамя адной закуранай дымам хацінкі. Пансіён нашага князя Багуслава таксама быў не лепшы. Іншыя найважнейшыя паны мусілі мясціцца па гумнах, стадолах ды хлявах. Просты жа жаўнер мусіў бавіцца пры распаленым агні, без аніякага прыкрыцця ад маразоў і прыкрых вятроў]“[58].

Аблогу ўскладнялі яшчэ і шматлікія казацкія вылазкі. Пад час адной з іх падначаленыя Залатарэнкі разбілі татараў нясвіжскага князя (пэўна, татарскую харугву, што належала палку Міхала Казіміра Радзівіла) і ўзялі двух палонных[59]. Цягам іншай сутычкі трапіў у засаду і зазнаў сур’ёзную небяспеку Багуслаў Радзівіл: „W jednej wycieczce między konnemi kozakami, wmieszawszy się piechota i gałęziami i pniami wyciętych drzew obłożywszy się, z owych skrytych zasadzek niespodzianie z ręcznej strzelby wielu naszych pozabijali i książę nasz Bogusław w wielkim był niebezpieczeństwie. Bo jeden Kozak jednego z znaczniejszych urzędników przy boku książęcia Bogusława kulą z flintey zabił. Drugiego kozaka kula, który w samego książęcia Bogusława zmierzył szczęśliwie zboczyła, i tylko szmat rękawa oderwawszy palca trochę naruszyła [У адной вылазцы конныя казакі, умяшаўшыся пешкі і абклаўшыся галлём ды калодамі высечаных дрэваў, нечакана са схаваных тых засадаў з ручной стрэльбы пазабівалі шмат нашых, і княжа наш Багуслаў быў у вялікай небяспецы. Бо адзін казак аднаго з найзначнейшых службоўцаў з боку княжыча Багуслава забіў куляй з флінты. Куля другога казака, які ў самога княжыча Багуслава цэліў, шчасліва збочыла і, толькі адарваўшы шмат рукава, трохі парушыла пальца]“[60].

Ужо на пачатку аблогі ліцвіны страцілі свайго начальніка. З–за цяжкай хваробы Януш Радзівіл каля двух тыдняў не мог асабіста кіраваць арміяй. Нездароўе гетмана спарадзіла шэраг страхаў пра далейшы лёс кампаніі — усе разумелі, што ў войску няма асобы, здольнай яго замяніць. Сваю занепакоенасць выказаў кіраўнік літоўскіх фармаванняў на інфлянцкім памежжы, вендэнскі ваявода Мікалай Корф у лісце да швагра, купіскага старасты Вільгельма Тызенгаўза: „Książę JM Pan hetman wielki bardzo chory, którego niech Najwyższy do pierwszego przywróci zdrowia [Княжа ЯМ Пан вялікі гетман вельмі хворы, хай Найвышшы верне яго да былога здароўя]“[61]. Ва ўзніклай сітуацыі галоўнае кіраванне мусіў узяць, згодна са звычаем і правам, намеснік Вінцэнт Гасеўскі. Наўрад ці, аднак, так сталася насамрэч. Кіраванне дывізіяй правага крыла прыняў Багуслаў Радзівіл, які, паводле вядомых нам крыніц, не пажадаў прызнаць начальства палявога гетмана. Больш за тое, апісанні пазнейшых боек сведчаць, што паміж абодвума кіраўнікамі практычна не было ўзаемадзеяння. Гэта спараджала шэраг недамоўленасцяў, выклікала канфлікты наконт кампетэнцыі. Такім чынам, у найменш спрыяльны момант літоў­ская армія зноў была падзелена на два варожыя станы. Бяс­спрэчна, гэта ўскладняла каардынаванне дзеянняў на полі бою, часта ж рабіла яго проста немажлівым.

24 снежня літоўская армія здзейсніла генеральны штурм Новага Быхава. Усё яшчэ хворы Януш Радзівіл асабіста не кіраваў атакай. Войска было падзелена на дзве групоўкі. Правае крыло ўзначальваў Багуслаў Радзівіл. Левым, больш за 2500 жаўнераў, камандавалі Вінцэнт Гасеўскі і обэрштэр пяхотнага палка каралеўскай гвардыі Фромгальд Вольф. Першымі ў бой уступілі аддзелы канюшага князя. Багуслаў збіраўся ўварвацца ў цвердзь бліжэй да берага ракі, дзе доступ бараніўся толькі дубовымі частаколамі. Казакі чакалі атакі ліц­вінаў з гэтага боку і, каб ускладніць дасягненне лініі ўмацаванняў, павысякалі палонкі ў некалькіх месцах. Узяцце горада нападам з іншага кірунку, бадай, не ўваходзіла ў разлік — абаронцы карысталіся лютымі маразамі і палівалі фартыфікацыі вадой, якая замярзала і рабіла практычна немажлівымі спробы фарсавання. Аддзелы Багуслава прыступілі да штурмавання дзесьці за паўгадзіны да світанку. Жаўнеры рушылі да ўмацаванняў, маючы перад сабой на санях заслоны з дрэва ды саломы, каб бараніцца ад агню казакоў. Захапіць праціў­ніка знянацку не пашанцавала: відаць, устрывожаныя занадта гучнай падрыхтоўкай да атакі, казакі размясцілі ўздоўж ракі шматлікія аддзелы ды 3 батарэі[62]. Як пісаў Багу­слаў Радзівіл, яго жаўнеры, „brzegiem wysokim Dniepru się okrywając, po lodzie aż pod same parkany; także nasza dragonija w dziury parkanowe muszkiety kładąc ognia dawała, ale bez breszy  i bez siekier trudno się było włamać do parkanu [схаваныя за высокім берагам Дняпра, (падышлі. — К.Б.) па лёдзе пад самыя парканы, ды наша драгунія давала агню, кладучы мушкеты ў парканавыя дзіркі; аднак без (праломаў. — К.Б.) і сякер уламацца ў паркан было цяжка]“. Пасля гадзіннай бітвы і контр­удару казакоў ліцвіны змушаны былі адступіць. Іх страты складалі каля 30 забітых і столькі ж параненых. Двойчы паранены шротам быў начальнік пяхотнага палка Багуслаў Пшыпкоўскі“[63].

Аддзелы левага крыла, у пасіўным чаканні паразы, увогуле не далучыліся да наступлення. Багуслаў усклаў віну за гэта на Гасеўскага — пісаў, што ў выніку яго бяздарнасці, „na mnie jednego wszytek impet się obrócił, a zatem infectis rebus  wróciliśmy się [на мяне аднаго ўвесь (непрыяцельскі. — К.Б.) імпэт абярнуўся, а таму мы вярнуліся (нічога не ўчыніўшы. — К.Б.)]“[64]. У святле, аднак, іншай, значна шырэйшай рэляцыі, галоўнай прычынай несупрацоўніцтва стаў заўчасны ўдар фармаванняў канюшага. Пры гэтым не прагучаў умоўлены сігнал атакі для кантынгенту Гасеўскага, які чакаў у пералеску з іншага боку горада[65]. Хуткі адыход штурмоўцаў з–пад умацаванняў не да­зволіў дывізіі палявога гетмана далучыцца да бітвы. Зрэшты, сумнеўна, што нават скаардынаваны наступ усёй літоўскай арміі меў бы плён, пры недастатковай артылерыйскай пад­трымцы ды моцным казацкім супраціўленні.

Пасля паразы 24 снежня Януш Радзівіл не здзяйсняў, ня­гледзячы на пачатковы намер, іншых спробаў узяць Новы Быхаў[66]. Тлумачыў, што, паколькі не бачыць магчымасці, каб змусіць праціўніка да капітуляцыі, не хоча марна страчваць жаўнераў[67]. Літоўская армія знаходзілася пад горадам яшчэ каля двух тыдняў, да 10 лютага. Здабываць харч і корм коням рабілася ўсё складаней[68]. Прычынай, з якой вялікі гетман не рашаўся перакінуць свае аддзелы ў іншы раён, было, відаць, чаканне звестак з Украіны, дзе ўваходзіў у заключную фазу наступ кароннай арміі. Бясспрэчна, Януш Радзівіл звязваў свае далейшыя дзеянні з развіццём сітуацыі на паўднёвым фронце і чакаў звестак пра яе развязку.

Тым часам каронная армія з 29 снежня да 2 лютага вяла пад Ахматавам зацятыя баі з сіламі Хмяльніцкага ды маскоў­скай арміяй на чале з Васілём Барысавічам Шарамецевым. Тая бітва не прынесла палякам вырашальнай перамогі і за­трымала далейшы наступ. 2 лютага вялікі гетман каронны Станіслаў Рэвера Патоцкі з артылерыяй і большасцю пяхоты адышоў на захад. Неўзабаве шэрагі войска пакінуў палявы гетман Станіслаў Ланцкароньскі, кіраўніцтва засталося ў руках чарнігаўскага ваяводы Крыштафа Тышкевіча. Ва Ўкраіне засталося толькі некалькі тысяч конніцы i татарскія джамбулы, што ўшчэнт спустошвалі край[69].

Зімовы контрнаступ кароннай арміі скончыўся, такім чынам, суцэльным фіяска. У гэткай сітуацыі далейшая аблога Новага Быхава губляла які–небудзь сэнс. Таму 10 лютага ліцвіны згарнулі аблогу і адышлі на поўнач. На думку Анджэя Рахубы, пад горадам засталіся нейкія харугвы, напрыклад, з палка Сапегаў, якія мусілі блакаваць рух фармаванняў Залатарэнкі[70].

Наступнай мэтай войскаў Януша Радзівіла было ўзяцце Магілёва. Дарогай да горада, размешчанага за 60 км на поў­нач ад Новага Быхава, армія зноў завітала ў Стары Быхаў, пэўна, 11 ці 12 лютага. Ужо раней Казімір Лявон Сапега па­клапаціўся папоўніць запасы амуніцыі і харчу ў цвердзі[71]. На свае месцы вярнуліся, бадай, і аддзелы падканцлера, паколькі ў апісаннях бітваў пад Магілёвам не вядзецца пра прысутнасць у літоўскім абозе цяжкай артылерыі Сапегаў. Перад пагрозай новых атакаванняў казацкага кантынгенту яны былі цяпер больш патрэбныя ў Старым Быхаве і падканцлер, відаць, парупіўся, каб адвезці іх у родны цэйкгаўз.

16 лютага літоўская армія шматгадзінным штурмам здабыла магілёўскі ніжні горад. Не ўдалося, аднак, заняць замак ды верхні горад, куды адступіў маскоўскі гарнізон з большай часткай палка Паклонскага. Толькі каля 400 чалавек, разам са сваім начальнікам, вырашылі вярнуцца на службу Рэчы Па­спалітай і перайшлі на бок Радзівіла ў пачатку бойкі. Цягам амаль трох месяцаў літоўская армія і каронны корпус безвы­нікова спрабавалі схіліць гарнізон да капітуляцыі. Войскі Рэчы Паспалітай панеслі тым часам вялізныя страты, у выніку як баявых дзеянняў, так і, у значна большай ступені, маразоў, голаду, хвароб і дэзерцірства. Гэта была найбольшая стратэ­гічная памылка Януша Радзівіла ў час вайны 1654—1655 г. Стратэгічную ініцыятыву ўжо ў сакавіку — красавіку перахапіў праціўнік, а панесеныя страты прывялі да таго, што ўлетку 1655 г. Літва не мела практычна ніякай абароны ад новага наступу маскоўскіх войскаў.

У выніку засяроджання сілаў праціўніка пад Магілёвам ужо пад канец лютага Залатарэнка атрымаў свабоду дзеяння і змог распачаць наступальныя аперацыі. Нешматлікія літоў­скія харугвы ў ваколіцах Новага Быхава, вядома, не стрымалі процістаяння. Да горада пачалі сцягвацца новыя казацкія аддзелы і валюнтарыюшы з Украіны ды Беларусі. Праз некалькі тыдняў пасля адступлення ліцвінаў Васіль Залатарэнка прывёў значныя падмацаванні з раёна Старадуба.

Гэткія ўзмацненні дазволілі распачаць у сярэдзіне сакавіка наступальныя дзеянні. Углыб ВКЛ запускаліся шматлікія раз’езды, каб дэзарганізаваць тыл арміі, што вяла аблогу Ма­гілёва. Паколькі Януш Радзівіл не меў сілаў, дастатковых для стрымання казакоў, тыя амаль бяскарна спустошвалі абшары паміж Дняпром ды Бярэзінай. 22 сакавіка быў спалены Ба­бруйск і Каралеўская Слабада, захоплена шмат палонных, а ў маёнтку за 2 мілі ад Бабруйска зняволілі каралеўскага пры­дворнага Дамініка Казіміра Паца, сына даўно памерлага вялікага харужага літоўскага Самуэля[72]. На світанку 25 сакавіка казакі напалі на Глуск — мястэчка, што належала Аляксандру Гіляру Палубінскаму, разбілі размешчаныя на зімовыя кватэры харугвы ды спалілі забудовы[73]. У магілёўскі павет Залатарэнка даслаў і шматлікі (некалькі тысяч чалавек) кантынгент пад камандай брата Васіля, старадубскага палкоўніка Цімафея Анікенкі ды баржнянскага палкоўніка Самойлы Курбацкага, дзе тыя нанеслі адчувальную шкоду раскватараваным па вёсках фармаванням ВКЛ. Зразумела, у чарговы раз былі спустошаны ваколіцы Старога Быхава. Сама фартэцыя, праўда, яшчэ не трапіла ў аблогу, але ў абаронцаў ускладнілася сувязь з Магілёвам і тыя неўзабаве мусілі чакаць значнага пагаршэння свайго стану. Гарнізону Магілёва Залатарэнка таксама не даў непасрэднай дапамогі, цару ў лісце ад 9 сакавіка тлумачыў, што гэта немагчыма з–за вельмі высокага снегу ды цяжкасцяў з харчам[74].

Аблога Магілёва цягнулася да 11 траўня. Яшчэ за некалькі дзён перад яе завяршэннем Іван Залатарэнка надумаў вывесці з Новага Быхава свае галоўныя сілы. Пасля рэарганізацыі і дапаўнення яны зноў налічвалі каля 20 000 жаўнераў, але з іх толькі каля 14 000 прыдаваліся да бойкі, а 6000 чалавек былі або хворыя, або з іншых прычын выключаны з удзелу ў новай кампаніі[75]. Ужо 27 красавіка, праз два дні пасля прыбыцця да Залатарэнкі пасланнікаў ад начальніка магілёўскага гарнізона, Міхаіла Ваяйкова, з драматычнай просьбай дапамогі, Новы Быхаў пакінулі першыя аддзелы. Яны выбралі шыбчэйшы гэтай парой года водны шлях, чаўнамі ўверх па Дняпры. Групоўкай кіравалі Васіль Залатарэнка ды Цімафей Анікенка[76]. Следам на поўнач 4 траўня вырушыў Яхно Каробка, на чале 2000 чалавек. Неўзабаве Новы Быхаў назаўжды пакінуў і Іван Залатарэнка з рэшткамі свайго корпуса[77]. З гэтай пары горад стаяў у баку ад ваенных дзеянняў і змог распачаць аднаўленне пасля знішчэнняў мінулага паўгоддзя. Значна большая небяспека набліжалася цяпер з усходу, з маскоўскімі жаўнерамі, абарону ад рабаўніцтва якіх жыхарам паабяцаў сам наказны гетман[78].

Старому ж Быхаву давялося яшчэ неаднакроць граць важную ролю ў вайне Рэчы Паспалітай з Масквой. Гэтым разам Залатарэнка, сапраўды, даў фартэцыі спакой, што, аднак, не значыла, быццам ён адмовіўся ад думкі авалодаць ёю. Казімір Лявон Сапега зноў прыклаў усе намаганні, каб яго горад не трапіў у рукі праціўніка. Гэтым разам сітуацыя была яшчэ цяжэйшая, чым улетку 1655 г.: пасля паразы пад Магілёвам не бачылася мажлівасці для хуткага аднаўлення баяздольнасці літоўскай арміі, каб распачаць новы наступ на ўсход. Больш за тое, у выніку новага наступлення маскоўскіх войскаў, а таксама швед­скай агрэсіі на Карону, ужо праз некалькі месяцаў амаль уся Рэч Паспалітая была акупавана войскамі Караля Густава і Аляксея Міхайлавіча. Абаронцы цвердзяў, у тым ліку Старога Быхава, на шмат месяцаў былі адрэзаныя ад тылу і пазбаўленыя кантактаў з астатнім краем ды мусілі адны адбіваць варожыя напады.

Каб вырашыць гэтую задачу, падканцлер шмат месяцаў дасылаў у горад транспарт з харчамі, амуніцыяй і іншым ладункам. Сапега надаваў вялізную ўвагу забеспячэнню фартэцыі, задзейнічаў значную частку фінансаў, каб належна яе падрыхтаваць. У Стары Быхаў былі скіраваны і немалыя збройныя сілы. З ліста падканцлера да караля даведваемся, што ад снежня 1654 г. гарнізон баранілі каля 1200 жаўнераў. Як вядома, сярод іх быў драгунскі рэгімент Вільгельма Клата (вясной налічваў 2 харугвы, гэта значыць каля 200 чалавек)[79]. Яшчэ ў сакавіку і красавіку гэты аддзел размяшчаўся ў іншым сапегавым уладанні — Бешанковічах, а 23 красавіка ўдзель­нічаў у трагічна завершаным штурме Магілёва, дзе панёс значныя страты[80]. У Стары Быхаў ён прыбыў, відаць, неўзабаве пасля тых падзей, яшчэ перад блакадай горада казакамі. Казімір Лявон Сапега дамагаўся падтрымкі абаронцаў яшчэ і аддзелам нямецкай пяхоты ў 300 жаўнераў. Ужо не ў стане несці фінансавы цяжар, звязаны з трыманнем усё большага гарнізона, падканцлер хадатайнічаў аб узяцці кантынгенту на ўтрыманне літоўскім скарбам[81]. Гэтая справа абмяркоўвалася на пасяджэннях надзвычайнага сойму ў Варшаве з 19 траўня да 20 чэрвеня 1655 г. 31 траўня была выдадзена спецыяльная канстытуцыя „Securitas Bychowa“, якая задавальняла просьбу падканцлера, а жыхароў горада на 20 гадоў вызваляла ад усялякіх павіннасцяў і пацвяр­джала ўсе іх папярэднія прывілеі[82]. Гэта сведчыць, наколькі вялікае значэнне сенатары і паслы надавалі ўтрыманню ў руках Рэчы Паспалітай магутнай цвер­дзі на далёкім Дняпры.

Наўрад ці, аднак, Сапега паспеў прывесці ў горад згаданыя пяхотныя кампаніі да пачатку новай кампаніі Масквы. Калі ў Варшаве радзіўся сойм, на Дняпры ўжо цягнуліся ваенныя дзеянні, і часу, каб зладзіць тыя аддзелы, магло не хапіць. Тым не менш, ужо само прыбыццё драгунскага рэгімента было для гарнізона вялізнай падтрымкай.

Засяроджанасць у фартэцыі вялікай колькасці прафесійных жаўнераў не магла не выклікаць спрэчак аб кампетэнцыі яшчэ ў 1654 г. Вясной 1655 г. яны, вядома, узмацніліся. Як бачна з ліста рэчыцкага скарбніка Юстыніяна Паўшаноўскага, які ад імя падканцлера зладзіў новы набор, войска не хацела прызнаваць уладу Канстанціна Багушэвіча, які кіраваў абаронай дагэтуль. Хаця той выдатна спраўляўся з ускладзенымі абавязкамі, аднак не ў афіцэрскім чыне і, відаць, без значнага вайсковага досведу карыстаўся не надта вялікім аўтарытэтам сярод наймітаў[83]. Драгунскія рэгіменты лічылі за свайго начальніка капітана Яна Кругера. Бадай, можна сцвярджаць, што са згоды Казі­міра Лявона Сапегі менавіта ён узначальваў гарадскі гарнізон у 1655 г. Багушэвічу пакінулі толькі цывільную ўладу[84].

Усяго, як вынікае з вельмі агульных паказанняў палонных, узятых казакамі ў першыя дні ліпеня, на пачатку новай аблогі Стары Быхаў баранілі каля 50 чалавек шляхты, 400 конных наймітаў (пэўна, драгунаў), 50 вугорскай пяхоты, 1000 габрэяў і 800 гараджан — разам каля 2300 чалавек. У горадзе былі таксама вялікія запасы хлеба ды солі, а яшчэ волава ды салетры (дзякуючы якім гарнізон мог самастойна вырабляць порах)[85]. У параўнанні з лічбамі 1654 г. прыцягвае ўвагу значна меншая колькасць гараджан. Наўрад ці гэта вынік высокіх баявых страт. Хутчэй, перад пагрозай новага непрыяцельскага наступу, які, цалкам зразумела, мог прывесці да ўварвання таго далёка ўглыб дзяржавы, адбыўся масавы сыход старабыхаўчан. Шмат гараджан абрала лёс уцекачоў, паколькі, застаючыся на Дняпры, яны падлягалі шматмесячнай адсечанасці ад астатняга краю, а мажліва, і знішчэнню ворагам.

Хоць у маршы пад Магілёў казакі і абмінулі Стары Быхаў, неўзабаве цвердзь зноў трапіла ў блакаду. Залатарэнка з большасцю сілаў рушыў у пагоню за арміяй Януша Радзівіла, што адступіла за Бярэзіну, аднак пакінуў пад фартэцыяй некалькі аддзелаў, каб тыя кантралявалі пачынанні гарнізона. Сам жа перамог у раёне Талачына некалькі харугваў праціўніка, захапіў шматлікіх палонных ды адбіў каля 1500 выкрадзеных ліцвінамі жыхароў Магілёва і яго ваколіц, а пасля спыніў пагоню і ўжо 17 траўня вярнуўся пад Стары Быхаў[86]. У дзень распачынання другой аблогі гетман даслаў абаронцам ліст з за­клікам да капітуляцыі, на які тыя, натуральна, адказалі адмоўна[87]. Паколькі здзейсненыя спробы „дыпламатычнага“ схілення ліцвінаў да капітуляцыі не далі эфекту, заставаліся толькі збройныя дзеянні[88].

Залатарэнка, які памятаў пра прыкрую паразу ўвосень 1654 г., і гэтым разам не наважыўся на штурм. Да таго ж, яму неставала цяжкай артылерыі, без якой спадзявацца на поспех было цяжка. Таму казакі чакалі лагістычнa значна лепш забяспечанага маскоўскага кантынгенту.

Згодна з царскімі планамі, у летняй кампаніі 1655 г. Стары Быхаў знаходзіўся ў зоне дзеянняў арміі Аляксея Трубяцкога, зарганізаванай у раёне Бранска. Яе колькасць прынята лічыць ў 10 000 жаўнераў[89]. З–за павольнага канцэнтравання маскоўцы толькі першымі днямі чэрвеня вырушылі з Бранска. Іншым шляхам — праз Почап і Старадуб — на пачатку ліпеня яны дасягнулі Дняпра. 11 ліпеня Трубяцкой атрымаў у Магілёве царскі загад, якім скіроўваўся пад Стары Быхаў. Відаць, праз некалькі дзён ад першага ваеннага выбуху пад цвердзю Сапегаў з’явіўся маскоўскі жаўнер[90].

Трубяцкой ужо не заспеў пад горадам Залатарэнкі, бо той некалькімі тыднямі раней атрымаў царскі загад вырушыць з большасцю сілаў на захад. Казацкі корпус мусіў стаць у авангардзе цэнтральнай маскоўскай арміі, кіраванай Якавам Чаркаскім. Як вынікае з загаду Аляксея Міхайлавіча, выдадзенага 23 чэрвеня ў Шклове, Залатарэнку належыла ўдарыць у напрамку Свіслачы ды Менска[91]. У адказе, дадзеным праз 3 дні, казацкі начальнік пагаджаўся з патрабаваннем цара, але папярэджваў, што не зможа падтрымаць Чаркаскага ўсімі сваімі аддзеламі, бо мусіць пакінуць частку на аблозе Старога Быхава, ды, апрача таго, у абозе шмат хворых. Наракаў пры тым, што ў выніку рэйду з–над Дняпра не будзе мець дастатковых сілаў для аблогаў Новага Быхава, Чачэрска, Прапойска, Рагачова ды Жлобіна. Першымі ў апошнія дні чэрвеня ваколіцы Старога Быхава пакінулі нежынскі ды старадубскі палкі, пад камандай Васіля Залатарэнкі і Цімафея Анікенкі. Неўзабаве следам на захад шпарка выправіўся сам наказны гетман з астатнімі аддзеламі. Ужо 4 ліпеня Іван прыбыў на Бярэзіну і чакаў ад цара далейшых пастаноў. Пад Старым Быхавам з часткай пяхоты за­стаўся баржнянскі палкоўнік Самойла Курбацкі[92]. Напэўна, гэта былі сілы не больш за 5000 жаўнераў, чаго хапала для блакады гарнізона, але было замала, каб замахнуцца на ўзяцце горада. Толькі прыбыццё арміі Трубяцкога дазваляла спадзявацца на распачынанне больш актыўных абложных дзеянняў.

Корпус Івана Залатарэнкі адыграў надзвычай важную ролю ў летняй кампаніі 1655 г. Пасля пераправы 9 ліпеня праз Бярэзіну ён аб’яднаўся з маскоўскім аддзелам (каля 5 400 чалавек) пад камандай Багдана Хітраво, што 29 чэрвеня заняў Барысаў. 12 ліпеня казакі ўзялі Свіслач, пасля адзначыліся ў бітве пад Менскам (13 ці 15 ліпеня), у выніку якой царскія фармаванні занялі горад[93]. Далей атакавалі ў фарпосце арміі Чаркаскага, неаднакроць білі літоўскія харугвы, якія спрабавалі заступіць ім дарогу (пад Койданавам, Ашмянамі, Смургонямі)[94]. 8 жніўня ў баі пад Вільняй корпус істотна паспрыяў разбіццю фармаванняў Радзівіла. У наступныя дні казакі ўчы­нілі разню тысячам жыхароў сталіцы ВКЛ. Забойствы і рабун­кі 8—9 жніўня 1655 г. сталі адным з найтрагічнейшых здарэнняў у гісторыі горада Вільні.

Тым часам на Дняпры ваенныя дзеянні практычна абмежаваліся аблогай Старога Быхава. У той перыяд на тэрыторыі ВКЛ толькі некалькі іншых цвердзяў — сапегаўскія Ляхавічы ды радзівілаўскія Слуцак з Нясвіжам — чынілі ворагу су­пра­ціў. Усе іншыя землі, апрача раёна Берасця, знаходзіліся пад акупацыяй Масквы, а таксама шведаў, якія 11 ліпеня ўзялі Дынабург, а ў жніўні ўвайшлі і ў Жамойць.

Гарнізон Старога Быхава не скарыўся непрыяцелю і тады, калі кантынгент Курбацкага атрымаў падтрымку арміі Трубяцкога. Пераможца з–пад Шапялевічаў абкладаў фартэцыю каля трох тыдняў, аднак без ніякага плёну. Абаронцы, мала таго што не збіраліся капітуляваць, дык і ладзілі шматлікія вылазкі, якімі наносілі Маскве адчувальны ўрон[95]. 5 жніўня Трубяцкой адышоў з большасцю сілаў на захад, над Дняпром жа пакінуў толькі полк жаўнераў на чале з Якавам Ронартам[96]. На працягу двух наступных месяцаў Масква двойчы безвынікова спрабавала авалодаць Слуцкам[97]. Поспяховым, аднак, стаў рэйд Трубяцкога па Наваградскім ваяводстве, у выніку якога мясцовыя шляхецкія аддзелы былі вымушаны адступіць пад Берасце, маскоўскія ж войскі захапілі Новую Мыш, Сло­нім ды Мір. Каля 22 верасня Трубяцкой атрымаў загад пера­рваць адступленне пад Стары Быхаў[98].

Вярнуцца на Днепр, пасля ўзяцця Вільні, прагнуў і Іван Залатарэнка. Насуперак планам цара, паводле якіх кантынгент мусіў перайсці да дзеянняў на заходніх берагах Нёмана, а пасля заатакаваць фармаванні Паўла Яна Сапегі ў раёне Берасця, наказны гетман ужо 28 жніўня прасіў дазволу адысці на ўсход[99]. Згода на тое была выказана ў першыя дні верасня.

Узяцце Старога Быхава ўвесь час было для казакоў галоўнай мэтай вайны. Меркавалася, што горад стане адміністрацыйным цэнтрам казацкай Беларусі — тэрыторыяй, толькі фармальна падуладнай цару, а фактычна падпарадкаванай Хмяльніцкаму. Для Івана Залатарэнкі адчынялася бліскучая кар’ера, якая б значна ўзняла яго палітычнае ды маёмаснае становішча сярод казацкіх эліт. Таму, замест працягу барацьбы з рэшткамі літоўскіх войскаў, гетман палічыў за лепшае зноў прыступіць да аблогі Старога Быхава, узяць які ў тагачаснай палітычнай ды ваеннай сітуацыі здавалася значна прасцей, чым у папярэднія этапы кампаніі.

Пасля 11 верасня казацкія аддзелы, даўшы добрага круга праз наваградскае ваяводства, рушылі да далёкага Дняпра. Каля 16 верасня быў узяты Наваградак і ўсталявана сувязь з арміяй Трубяцкога. Пад Старым Быхавам казакі з’явіліся толькі ў першых днях кастрычніка. Аднак для Івана Залатарэнкі трэці побыт пад цвердзю Сапегаў скончыўся трагічна. 17 кастрычніка 1655 г. начальнік казацкага корпуса загінуў пад агнём абаронцаў[100].

Гэтым здарэннем практычна завяршаюцца вартыя ўвагі падзеі, якія адбыліся пад Старым Быхавам у час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1654—1655 г. Уражаныя смерцю свайго кіраўніка казакі, як і Трубяцкой, не чынілі новых атакаў горада, а абмежаваліся яго блакадай. Паколькі гарнізон фартэцыі ў лістападзе налічваў больш за 2000 чалавек, у якіх не было нястачы ў ежы ды ладунку, не вялося пра нейкі крызіс у яго шэрагах і капітуляцыю[101].

Зрэшты, позняй восеню 1655 г., ва ўмовах змененай у выніку шведскай агрэсіі на Карону палітычнай сітуацыі, дзеянні на літоўска–маскоўскім фронце, можна сказаць, заміраюць. У 1656 г. збройнае процістаянне саступае месца дыпламатычным перамовам, якія прывялі да падпісання 3 лістапада ў Немежы пад Вільняй дамовы аб замірэнні. Стары Быхаў тым часам заставаўся ў руках ліцвінаў. Толькі пасля ўзнаўлення ваенных дзеянняў у траўні 1659 г. горад зноў трапіў у аблогу. У снежні 1659 г., у выніку здрады часткі гарнізона, які паводле гадзяцкай дамовы складалі галоўным чынам казакі пад камандай чавусаўскага палкоўніка Івана Нячая (шмат з іх, ві­даць, вялі аблогу Старога Быхава ў 1654—1655 г.), цвердзь перайшла ў маскоўскія рукі.

Гераічная абарона Старога Быхава, якая з перапынкамі цягнулася з верасня 1654 г. да кастрычніка 1655 г., шырокім рэхам адгукнулася ў Рэчы Паспалітай і за яе межамі. Гераічная пастава жыхароў атрымала належную ўхвалу не толькі ад Яна Казіміра, які 20 чэрвеня 1661 г. пацвердзіў прывілей ад 31 траўня 1655 г.[102] Яго пераемнікі, Міхал Карыбут Вішнявецкі (20.XI.1669) ды Ян III Сабескі (20.III.1676), таксама санкцыянавалі ўсе ранейшыя наданні гораду, права вольнага гандлю на рэках Кароны і ВКЛ ды вызваленне ад падаткаў на 20 гадоў[103]. У тых дакументах адзначана і ўзорная пастава мясцовых габрэяў, якія цягам усёй аблогі ўдзельнічалі ў абароне, поруч з гарнізонам ды жыхарамі[104]. Пра высокую ацэнку за­слугаў старабыхаўчан лепш за ўсё сведчаць словы Яна III Сабескага, які выказаў спадзеў, каб „insi poddani nasi, du­chowni i szlacheccy, do takowejże i cnoty i wiary i przeciw nie­przyjacielowi resistentiej, ochotę i przykład z nich brali [іншыя нашы падданыя, духоўныя ды шляхта, да гэткай жа цноты і веры і супраціву непрыяцелю, ахвоту і прыклад з іх бралі]“[105].

З польскай пераклала Вольга Мазурава


[1] З прыватных гарадоў Сапегаў таксама сур’ёзна ўмацаваны былі Ляхавічы ў Наваградскім ваяводстве і Горы, непадалёку ад Смаленска. Значна слабейшыя фартыфікацыі мелі замкі ў Полацкім ваяводстве — Друя (Сапежынская) ды Іказнь.
[2] Жыццяпіс К.Л.Сапегі: Rachuba A. Polski Słownik Biograficzny (далей PSB). Wrocław, 1994. T.XXXV. S.31—37.
[3] Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965. Tabela 46.
[4] Апрача гэтага, на другім беразе Дняпра ў другой палове XVII ст. па­ўстала прадмесце Быхаўская Слабада (Лявонаўка).
[5] Умацаванні Старога Быхава апісваюцца паводле: Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Минск, 1985. С.45; Hryckiewicz A. Warowne miasta magnackie na Białorusi i Litwie // Przegląd Historyczny. 1970. T.LXI. Z.3. S.437—438; Кветницкая Е.Д. Архитектура Белоруссии XVII в. // Всеобщая история архитектуры. Москва, 1968. Т.VI. Ч.III; Ткачев М. Замки Белоруссии. Минск, 1987. С.180—182; Ткачоў М. Замкі і людзі. Мінск, 1991. С.80—82.
[6] У 1690 г. у горадзе было 412 дымоў (Morzy J. Op. cit. S.207).
[7] Rachuba A. Słuszka Zygmunt Adam // PSB. Wrocław, 1999. T.XXXIX. S.152—156.
[8] Ткачоў М. Замкі і людзі. С.89—90.
[9] Żywot Jaśnie Oświeconego Księcia Bogusława Radziwiłła. Poznań i Trzemieszno, 1840. S.114.
[10] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собраные и изданные Археографическою Комиссиею (далей АЮЗР). С.–Петербург, 1880. Т.X. С.506—507. Даты дадзены паводле дзейнага ў Рэчы Паспалітай грыгарыянскага календара (у маскоўскіх і казацкіх крыні­цах ўжываецца „спознены“ на 10 дзён юліянскі каляндар).
[11] Тамсама. Т.X. С.681—682; таксама: рэляцыя Залатарэнкі да цара ад 11(21).VI.1654 // Тамсама. С.–Петербург, 1889. Т.XIV. С.127—130.
[12] Тамсама. С.139—144.
[13] Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук (далей АМГ). С.–Петербург, 1894. Т.II. № 593. С.371—372; Lietuvos Valstybes Istorijos Archyvas (далей LVIA), f.SA, nr 4106, k.260—269, nr 4107, k.32v—37.
[14] АЮЗР. Т.XIV. С.135—138.
[15] List z Wilna, 8.VIII.1654 // Ojczyste spominki w pismach do dziejów dawnej Polski. Kraków, 1845. Т.I. S.112; List S.Pawszy, Petryków, 17.VIII.1654 // Ibidem. S.118—120.
[16] АЮЗР. Т.XIV. С.145—149; Дворцовые розряды. С.–Петербург, 1852. Т.III. С.445.
[17] Jan Kazimierz do A.S.Radziwiłła, Warszawa, 13.VII.1654. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu (далей BOssol.), rkps 2280/I, k.271v.
[18] K.Bohuszewicz do K.L.Sapiehy, [Stary] Bychów, 13.VII.1654. Львівска Державна Наукова Бібліотека ім. В.Стефаника (далей ЛНБ). Ф.103, спр.1647.
[19] K.Bohuszewicz do K.L.Sapiehy, [Stary] Bychów 19.VII.1654. ЛНБ. Ф.103, спр.1648.
[20] АЮЗР. Т.XIV. С.443—448.
[21] Тамсама. С.467.
[22] Тамсама. С.715—716.
[23] Тамсама. С.147—149.
[24] Тамсама. Т.X. С.681—682; У снежні 1655 г. пад час абароны Новага Быхава Залатарэнка меў 30 гармат (Vorbek–Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla Władysława IV. Wrocław, 1968. S.211).
[25] Konfesata Kozaków zaporoskich, pobranych w Wielatyczach, dzierżawie JM Pana Pisarza Polnego ВКЛ i przyprowadzonych z Berezyny, 18.X.1654. Biblioteka Muzeum im. Ks.Czartoryskich w Krakowie (далей BCzart.). Rkps 147, nr 98, s.421—424 (рэляцыя часткова надрукавана: Materyały dla historyi Małej Rossyi. Listy i uniwersały za Jana Kazimierza od.1650 do 1660. Kijów, 1852. T.II. S.39—41 — тут датуецца 10.X).
[26] BCzart. Rkps 147, nr 133, s.658.
[27] Асноўнымі крыніцамі, каб падлічыць колькасць літоўскай арміі таго часу, паўстаюць кнігі скарбовай камісіі 1662—1664 г. LVIA. F.SA, nr 4106, 4107. Пра склад і колькасць каронных фармаванняў гл.: Bobiatyński K. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie VKL w latach.1654—1655 (у бліжэйшым нумары „Studiów i Materiałów do Historii Wojskowości“).
[28] Асобныя атрады Сапегаў, не ўключаныя ў кампут, значыліся ў некалькіх рэестрах войска ВКЛ ад 1654—1655 г. (BCzart. Rkps 148, nr 191, s.906; BCzart. Rkps 2749, nr 112, s.407—410).
[29] Jan Kazimierz do K.L.Sapiehy, Warszawa, 21.VIII.1654. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (далей AGAD). Nabytki Kolek­cjonerskie, nr 59.
[30] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[31] Rachuba A. Sapieha Paweł Jan // PSB. Wrocław,1995. T.XXXV. S.138—139.
[32] S.Oskierko do B.Radziwiłła, Bobrujsk, 13.X.1654. BCzart. Rkps 147, nr 133, s.657—658; АЮЗР. Т.XIV. С.405—406, 424—426.
[33] АМГ. Т.II. № 612. С.384—386.
[34] Rachuba A. Konfederacja wojska litewskiego w Wierzbołowie w.1655 r. // Miscellanea Historico–Archivistica. 1994. T.IV. S.14—19.
[35] Radziwiłł A.S. Pamiętniki o dziejach w Polsce. Warszawa, 1980. T.III. S.437; Laskowski do A.Koniecpolskiego, Grodno, 18.XI.1654. AGAD. Archiwum Zamoyskich, nr 450, s.124; J.Mierzeński do A.Leszczyńskiego, Mińsk, początek grudnia.1654. BCzart. Rkps 417, k.151v.
[36] J.Radziwiłł do A.Leszczyńskiego, Mińsk, 2.XII.1654. BCzart. Rkps 147, nr 147, s.713—726; Remanifestacja na manifestację Księcia JM incerto authore uczyniona. Biblioteka PAN w Kórniku. Rkps 991, k.453—455.
[37] АЮЗР. Т.XIV. С.151—154.
[38] Жыццяпіс Паклонскага гл.: Rachuba A. Pokłoński, Konstanty // PSB. Wrocław, 1983. T.XXVII. S.234—235.
[39] Похилевич Д. Белорусское казачество // Наукові записки Львівского державного ун–ту ім. І.Франка. 1957. Т.XLIII. Вып.VI. C.162.
[40] АЮЗР. Т.XIV. С.153—164, 167—174, 297—300, 379—380, 407—408, 433—436, 439—442, 453—454.
[41] Документы Богдана Хмельницького 1648—1657. Киев, 1961. № 290. С.400—401.
[42] Extrait d’une Lettre ecrite par un Officier de l’armee de Lithuanie logee dans la ville basse de Mohilev du 19 fevrier.1655 (BN, mf 379 A)–5000; Eigentliche Erzählung welcher gestalt […] Janus Radziwil […] geführte Armee zeithero geschwächet und zurücke zu gehen genöthiget, BN, mf 11806–7000; Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.212 і далей (8000 сялян і 2000 украінскіх казакоў); Theatrum Europaeum (далей TE). Frankfurt am Maіn, 1685. T.VII. S.765f.
[43] АЮЗР. Т.XIV. С.468–470.
[44] АМГ. Т.II. №612. С.384—386.
[45] АЮЗР. Т.XIV. С.503—504, 515—518, 519—521.
[46] Тамсама. С.481—484.
[47] Mieszczanie starobychowscy do K.L.Sapiehy, Stary Bychów, 4.I.1655. Lietuvos Mokslu Akademijos Centrine Biblioteka. F.139, nr 545.
[48] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.132—133.
[49] J.Leszczyński do S.Potockiego, Kutno, 30.III.1655. BCzart. Rkps 384, nr 91, s.208.
[50] Ibidem. T.XIV. S.485—486.
[51] У 12 000 ацаніў сілы праціўніка Аляксей Міхайлавіч (Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Москва, 1961. Т.X. С.641); Іван Залатарэнка, на падставе паказанняў палонных, даваў лічбу двухкроць вышэй (АЮЗР. Т.XIV. С.513—516). У рэляцыі Extrait d’une Lettre… вядзецца пра 15 000.
[52] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279; Jan Kazimierz do K.L.Sapiehy, Warszawa, 17.II.1655. BCzart. Rkps 2105, s.117.
[53] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.211.
[54] АЮЗР. Т.XIV. С.495—496; Форбэк–Летаў (Оp.cit. S.211) дае дату на дзень пазней: 15.I.1655.
[55] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.133.
[56] L.Kubala, Wojna polsko–moskiewska.1654—1655, Szkice historyczne. Warszawa, 1910. T.III. S.274.
[57] TE. T.VII. S.765.
[58] Żywot [...] Bogusława Radziwiłła. S.115.
[59] АЮЗР. Т.XIV. С.519—524.
[60] Żywot [...] Bogusława Radziwiłła. S.115—116.
[61] M.Korff do W.Tyzenhauza, b.m., 30.I.1655. AGAD. Archiwum Tyzenhauzów, nr F–115.
[62] Extrait d’une Lettre…
[63] Radziwiłł B. Op.cit. S.135.
[64] Ibidem.
[65] Extrait d’une Lettre…
[66] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[67] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.134.
[68] Extrait d’une Lettre…
[69] Kersten A. Stefan Czarniecki 1599—1665. Warszawa, 1963. S.206—210.
[70] Rachuba A. Paweł Sapieha od 8.VIII.1655 roku do 30 V.1656 roku, praca magisterska w IHUW. S.28.
[71] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[72] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.217; АЮЗР. Т.XIV. С.533—534 (тут даецца на некалькі дзён ранейшая дата спалення Бабруйска і Каралеўскай Слабады), 539—541.
[73] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.217—218; АЮЗР. Т.XIV. С.540; List do A.H.Połubińskiego z 10.IV.1655. BCzart. Rkps 2749, nr 77, s.355.
[74] АЮЗР. Т.XIV. С.527—534.
[75] Тамсама. С.709—712.
[76] Русско–белорусские связи. Сборник документов (1570—1667). Минск, 1963. №307, с.330—331.
[77] АЮЗР. Т.XIV. С.569—570, 587—590, 593—595; АМГ. Т.II. № 663. С.409.
[78] З гэтай мэтай 23 траўня з табара пад Старым Быхавам адаслаў адпаведны ліст да цара (АЮЗР. Т.XIV. С.607—608).
[79] K.L.Sapieha do Jana Kazimierza, Słonim, 31.III.1655. BCzart. Rkps 2105, s.301; idem do J.Pawszanowskiego, Słonim, 15.V.1655 // АЮЗР. Т.XIV. С.727—728.
[80] Jan Kułak do K.L.Sapiehy, Bieszenkowicze, 2.IV.1655. ЛНБ. Ф.103, спр.1653; H.Lipski do E.Brzostowskiego, Tołoczyn, 28.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 33, s.169.
[81] K.L.Sapieha do Jana Kazimierza, Słonim, 31.III.1655. BCzart. Rkps 2105, s.301.
[82] Volumina Legum. С.–Петербург, 1859. Т.II. С.232—233.
[83] J.Pawszanowski do K.Bohuszewicza, Lachowicze, 20.V.1655 // АЮЗР. Т.XIV. С.729—732.
[84] K.L.Sapieha do J.Pawszanowskiego, Słonim, 15.V.1655 // Тамсама. С.727—728; J.Pawszanowski do J. Krügera, Lachowicze, 20.V.1655 // Тамсама. С.729—730.
[85] Тамсама. С.715—716.
[86] Тамсама. С.601—604, 675—678.
[87]Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо–Западной Руси. Вильно, 1867. Т.I. № 164. С.191.
[88] Падобны водклік сустракалі таксама пазнейшыя лісты, дасыланыя з гэткім жа заклікам Залатарэнкі ды Аляксея Міхайлавіча (напр.: Акты исторические, собраные и изданные Археографическою Коммиссиею. С.–Петербург, 1842. Т.IV. № 100. С.243; АЮЗР. Т.XIV. С.741—744).
[89] Берх В.Н. Царствование Алексея Михайловича. С.–Петербург, 1831. С.87.
[90] Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. Москва, 1974. С.84–85.
[91] АЮЗР. Т.XIV. С.705—706. Царскія планы падтрымаў таксама Хмяль­ніцкі, які ў лісце з Корсуня ад 7 чэрвеня загадаў свайму швагру рушыць да галоўных сілаў непрыяцеля, а не губляць жаўнераў пад „куратнікамі“, як з пагардай акрэсліў Стары Быхаў (тамсама, с.697—699).
[92] Тамсама. С.709—712, 717—719.
[93] Мальцев А.Н. Op.cit. С.90; J.Radziwiłł do Jana Kazimierza, Wilno, 18.VII.1655. BCzart. Rkps 2105, s.338; таксама авізы з Вільні ад 10.VII. BOssol. Rkps 189/II, s.765.
[94] АЮЗР. Т.XIV. С.751—756.
[95] АМГ. Т.II. № 696. С.425—426.
[96] Мальцев А.Н. Op.cit. С.85.
[97] Дыярыуш аблогі Слуцка: AGAD, Archiwum Radziwiłłów. Dz.II, księga 69.14, s.55—60 (копія: BCzart. Rkps 148, nr 104, s.529—534).
[98] АМГ. Т.II. № 717. С.436—439.
[99] АЮЗР. Т.XIV. С.787—790, 797—798
[100] Українське козацтво. Мала энциклопедия. Київ, 2002. С.176.
[101] АМГ. Т.II. № 759. С.463—464.
[102] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. Warszawa, 2001. № 1012. S.330—331.
[103] Акты издаваемые Виленскою Археографическою Коммиссиею для разбора древних актов (далей АВАК). Вильно, 1870. Т.IV. С.177—180.
[104] Horn M. Powinności wojenne Żydów w Rzeczypospolitej w XVI i XVII wieku. Warszawa, 1978. S.108.
[105] АВАК. Т.IV. С.177—180.

Наверх

Юры Гардзееў. Да моўнай праблематыкі гарадскіх кніг навачаснай Горадні

18 снежня, 2003 |


Палітра моўных дачыненняў на землях Літвы і Беларусі здаўна была аб’ектам увагі навукоўцаў. У першую чаргу гэтай тэматыкай займаліся мовазнаўцы, якія ў сваіх працах абапіраліся на літаратурныя творы, дзённікі альбо апублікаваныя навачасныя крыніцы[1]. Падаецца цалкам лагічным, што згаданая матэрыяльная база неда­статковая, каб пашырыць нашыя ве­ды пра рэгіянальныя ўласцівасці і тым самым удакладніць агульны вобраз моўных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Запоўніць гэтыя прагалы дазваляюць шматлікія захаваныя крыніцы — навачасныя кнігі магістратаў, актавыя матэрыялы гродскіх, земскіх ды іншых мясцовых уладаў. Сярод комплексу захаваных архіваліяў, якія былі складзены ў XVI—XVIII ст., асаблівай yвагі заслугоўваюць старажытныя гара­дзенскія акты. Нягледзячы на бурныя павароты лёсу, войны ды пажары, шматлікія „пераезды“, да нашых дзён дайшло нямала рукапісных матэрыялаў, у тым ліку найстарэйшыя зем­скія кнігі Гарадзенскага павету XVI ст. ці блізу 15 гара­дзенскіх магістрацкіх кніг з паасобных дзесяцігоддзяў XVII і XVIII ст. Дзякуючы іх захаванасці паўстае магчымасць узнавіць разнастайныя грамадска–гаспадарчыя ды культурныя адметнасці жыцця Горадні, у тым ліку распавесці пра мовы гарад­скога камунікавання.

Такім чынам, мэта артыкула — прасачыць тэндэнцыі развіц­ця мовы дакументацыі гарадзенскіх канцылярый у XVII—XVIII ст.[2] на шырэйшым параўнальна–гістарычным фоне. Апра­ча згаданых архіўных матэрыялаў, падмуркам працы з’яўляюцца іншыя віды крыніц: маладаследаваная мяшчан­ская літаратура[3], тагачасная прэса, на старонках якой магістрацкія чыноўнікі змяшчалі бягучыя звесткі гарадскога жыцця, а таксама інвентары гарадзенскіх каталіцкіх кляштараў[4].

Навачасныя гарадзенскія архіваліі, якія стагоддзямі назапашваліся ў гарадскіх канцылярыях, як і зыходныя дакументы, складаліся на розных мовах. Лацінская, што выконвала ў Заходняй Еўропе функцыю мовы літаратуры, навукі і міжнароднай камунікацыі, у Вялікім Княстве Літоўскім не адыграла такой ролі. На ёй былі напісаны толькі найстарэйшыя прывілеі Горадні, у тым ліку прывілей 1496 г., на падставе якога ў горадзе ўводзілася магдэбургскае права. Цягам усяго XVI ст. каралеўская канцылярыя выдала Горадні ажно 20 прывілеяў, з якіх 12 было складзена на старабеларускай мове. Апошні прывілей для горада на гэтай мове быў падрыхтаваны канцылярыяй караля Жыгімонта III у 1601 г.

З XVI ст. моўная сітуацыя ў ВКЛ пачала паступова мяняцца. У штодзённым і публічным жыцці літоўскіх ды беларускіх гарадоў досыць хуткімі тэмпамі распаўсюджвалася польская мова[5], што было выклікана паланізацыяй вышэйшых грамадскіх слаёў краіны, а таксама наплывам польскага насель­ніц­тва з Падляшша і Мазовіі. Трэба падкрэсліць, што апра­ча палякаў у шматлікіх гарадах краіны сяліліся гараджане са Швейцарыі, Францыі, Венгрыі, а таксама з Прусіі (Брандэнбургскай ды Княскай): Караляўца, Эльбланга, Дзялдава. З Памор’я, напрыклад, у Горадню прыбыла сям’я Сталіньскіх, прадстаўнік якой Анджэй Сталіньскі ў XVIII ст. заняў пасаду прэзідэнта горада[6].

Гарадзенскія архіўныя матэрыялы дазваляюць выявіць тэндэнцыю ўзаемазалежнасці паміж грамадскім статусам ягоных жыхароў і мовамі, якімі яны карысталіся. Аналіз сведчыць: чым вышэйшы быў статус гараджаніна, тым выразней у ягоным штодзённым жыцці ўзрастала роля польскай мовы. Да гэтай групы ў першую чаргу трэба аднесці прадстаўнікоў вышэйшых мяшчанскіх колаў, г. зн. магістрацкіх ураднікаў, заможных купцоў ці ўладальнікаў шматлікіх нерухомых маёмасцяў, якія з–за адсутнасці выпрацаваных канонаў і ўзораў уласнай культуры пераймалі сістэму каштоўнасцяў шляхецкіх слаёў[7], а таму імкнуліся да больш частага публічнага ўжывання польскай мовы. У працэс карыстання пальшчызнай таксама ўцягвалася гарадзенская павятовая шляхта, якая часта наведвала горад, з’язджалася ў Горадню на соймікі, ахвотна набывала тут сядзібы. Сувязь з польскай мовай дробнай шляхты, гарадскога паспольства ды непрывілеяваных гарадскіх слаёў, якія займалі ніжэйшую ступень на грамадскай лесвіцы (бедната, некваліфікаваныя і сезонныя работнікі, маргінальныя элементы), была меней выразнай. Не выклікае сумненняў той факт, што ў жыцці гэтай грамадска–культурнай прыступкі галоўную ролю адыгрывала ўжыванне роднай мовы[8].

Асаблівасцю ўзніклага ў Вялікім Княстве Літоўскім моўнага спляцення было функцыянаванне некалькіх разнародных дзвюхмоўяў, а ў іншых выпадках нават і трохмоўя. Акрамя таго наступствам пранікнення пальшчызны на літоўскія і беларускія землі і іх узаемаадносінаў стала ўзнікненне і развіццё паўночна–ўсходняга дыялекту польскай мовы. На працягу XVI—XVII ст. яна паступова займае месца, якое раней у пуб­ліч­ным ужытку належала канцылярскай беларушчыне[9].

Польская мова, якой карысталіся ў публічным жыцці жыхары тагачаснай Літвы і Беларусі, у мовазнаўчай літаратуры атрымала назоў паўночнакрэсавага дыялекту. Яго развіццё можна ахарактарызаваць, аналізуючы змесціва прадукцыі магістрацкіх, шляхецкіх і кляштaрных канцылярый навачаснай Горадні.

Як сведчаць вынікі папярэдніх даследаванняў, апрача агульных тэндэнцый, уласцівых развіццю польскай літаратурнай мовы, згаданы дыялект вызначаўся пэўным кансерватызмам, што праявілася ў запаволеным тэмпе змяненняў ды ў функцыянаванні лексічных формаў, якія ў XVIII ст. ужо не выкарыстоўваліся ў мове этнічных польскіх земляў[10]. Можна меркаваць, што тэндэнцыя трываласці польскай архаічнай лексікі ў Літве і Беларусі тлумачылася ўплывам моўнага беларускага асяроддзя. Вынікам кантактаў польскай і беларускай моўных сістэм стала з’яўленне інавацыйных формаў іх сімбіёзу ці паўстанне з’явы гіперкарэктнасці, г.зн. імкнення асобы, якая разумела рэгіянальнасць (у дадзеным выпадку беларускую) свайго вымаўлення, да паслядоўнага пазбягання памылак пад час пісання польскамоўнага тэксту[11].

На матэрыяле даследаваных крыніц можна вылучыць наступ­ныя праявы паўночна–ўсходняга дыялекту, найбольш заўважныя на фанетычным узроўні. У старажытных гара­дзен­скіх актавых кнігах выразна фіксуецца з’ява хіст­касці[12]:

—               з’яўленне yr– на месцы er–: syr (1786)[13], cztyrysta, wszyrz (1754)[14]. У XVIII ст. тэндэнцыя падвышэння да –yr– у агульнапольскай мове знікае, аднак у дыялекце захоўваецца да­лей. Таму можна меркаваць, што гэтая з’ява мае пэўную сувязь з субстратавымі беларускімі ўплывамі дыялекту (як вядома, –yr– належыць да беларускай нормы, напрыклад: чатыры);

—               чаргаванне галосных ó/u (якое мела сувязь з адсутнасцю насавых галосных у беларускай мове і імкненнем пісара да гіперкарэктнасці): wzgurze (1789)[15], w krutkosci (1790)[16], ruża (1791)[17];

—               выраўноўванне ó з o, як вынік звычкі гарадзенскіх мяш­чан ды шляхты да беларускага вымаўлення[18]: row (1717)[19], oka (1721)[20], miod (1775)[21],owny (1789)[22], koscioł, Wrob­lew­ski (1789, 1790)[23]. Выступае таксама ў канчатках роднага склону множнага ліку: wierszow (1761)[24], dymow, przepisow (1775)[25], porządkow, brukow (1783)[26], inwentarzow, franciszkanow, fun­datorow (1790)[27], assygnaciow, zydlow (1790)[28], gruntow, kra­mow, kupcow (1775)[29], placow, dochodow (1789)[30], krukow, kominow (1791)[31].

Наступная тэндэнцыя — працэс зніжэння і падвышэння артыкуляцыі галосных[32]:

—               зніжэнне артыкуляцыі галосных задняга раду пад уплы­вам санорных зычных:

а) u/o: ciwon (1772)[33], Zygmont (1741, 1772)[34], połkownik (1790)[35], omaczenie (1789)[36], gronta (1752)[37];

b) u/ó: mórowany (1790)[38], dwónastu (1786)[39], fórtka (1791)[40];

—               падвышэнне артыкуляцыі галосных задняга раду ó>u+ł, ó>u+r: protokuł (1790)[41], pułplacu (1664)[42], pułkamienicy (1729, 1774)[43], pułmisek (1775)[44], pułmurowany (1775)[45], szczegulna (1775)[46], gura (1661, 1691, 1752, 1791)[47], kturego (1717, 1791)[48], wturego (1791)[49], skura (1786)[50], curek (1790)[51], wiader skurzanych (1791)[52];

Сярод насавых галосных назіраем наступныя тэндэнцыі, абумоўленыя адсутнасцю гэтых гукаў у мо­ве–суб­страце ды імкненнем да гіперкарэктнага вымаў­­лен­ня[53]:

—               другасная назалізацыя: będnarz (1772, 1786, 1789)[54], naczynia będnarskiego[55]; sędyk (1668)[56], што з’яўляецца прыкладам двух фанетычных працэсаў — зніжэння артыкуляцыі галосных і гіперкарэктнасці: syndyk> ­sendyk> sędyk, z kącami (1752)[57], kączyć (1775)[58], gąt (1717, 1752)[59], Olęndzki (1783)[60], Eysymątt (1791)[61];

—               дэназалізацыя:

a) przyjowszy (1767)[62], zaczowszy (1790)[63];

b) у назоўніках і прыметніках творнага склону адзіночнага ліку: upicko, malżonko, nad rzeko, barszczowo, niebiesko, z czerwono kolumno (1790)[64];

c) дэназалізаванае вымаўленне перад зычнымі ł, l: przyioł, spłoneło, brneły (1753)[65], najoł (1783)[66], rozpoczeła (1790)[67];

—               графічная замена насавых галосных дзвюма літарамі:

a) перад змычна–выбухнымі зычнымі: na urzendzie (1659)[68], bendnarz; Kolendzina (1672)[69], Kolenda (1728)[70], skompały się (1753)[71], obremb (1789)[72], skomstwo, przystempuje (1790)[73], postempuje (1791)[74];

b) перад фрыкатыўнымі: Konski (форма прозвішча Kącki 1663, 1673, 1691, 1754)[75], męsa (1790)[76];

c) перад пярэднеязычнымі: ręnce (1692)[77], obręmb (1775)[78];

d) асобна пазначым насавую гіперкарэктнасць пазы­чаных з лаціны слоў: aręda (1560, 1770, 1786)[79], arędować (1690)[80], obwęcye (1775)[81], apparęcyi, procęta (1790)[82]; tes­tamęt (1791)[83].

У разгляданых крыніцах сустракаюцца таксама не­каторыя прыкметы рэдукцыі ненаціскных галосных[84]:

—               o>a: paręcze (1691)[85], Sapocki (1789)[86], Hardzieiewski (1790)[87];

—               e> a: Harasimowa[88], karmalit (1791)[89], karmalitow (1790)[90];

—               o>u: gunt (1679)[91].

Знаёмства з гарадзенскімі крыніцамі дазваляе выявіць таксама працэс вагання галосных[92]:

—               чаргаванне галосных e/o i a: od trzech leciech, przy scienie Rabieiowskiey (1789)[93], w przedzie (1633)[94], Pietrze, (1691, 1742)[95], Sebestyan (1668, 1790)[96], Katerzyna (1790)[97] (трэба адзначыць, што ў агульнапольскай мове архаізмы такога тыпу знікаюць толькі ў канцы XVIII ст.);

—               чаргаванне ę/ą: piątrami (1740)[98], piątro (1795)[99];

—               a/o: kożdy, broma (1691)[100], molowany (1790)[101];

—               a/e: sadziba (1775)[102];

—               e/o: dopioro;

—               e/y: syr, syrow (1786)[103].

Што да кансанантызму, назіраем ваганне зычных ды груп зычных, якое існавала ў розных рэгіёнах Поль­шчы, а ў некаторых выпадках складала таксама і норму беларускага вымаўлення[104]:

—               s/sz: szpichlerz (1691, 1740, 1767, 1795)[105], paszerzb (1670)[106];

—               śr/srz (функцыяванне старапольскага фрыкатыўнага вымаўлення ř): srzedzina (1742)[107], srzuba (1791)[108], srzodek (1752, 1753), posrzodku (1781)[109];

—               чаргаванне r/rz: pasierzb (1670, 1769)[110], sierzpow (1753)[111], а таксама ż/rz; instruktarz (1786)[112];

—               ś/s: częsciami (1789)[113], sledzy (1767)[114], swiecki (1789, перад мяккім зычным)[115], koscioł (1775)[116], Losona (1790)[117];

—               ваганне ć/cz: czwerc (1664)[118];

—               ć/c: Sopocko (1790)[119],

—               ń/n: вымаўленне цвёрдага n перад наступным цвёрдым зычным, што з’яўлялася спецыфічнай дыялектавай рысай і вынікала з нарматыўнай для беларускай мовы дэпалаталізацыі тыпу n’>n перад цвёрдым зычным: Klimanski, Suszynski (1790)[120];

—               χi/χy: мяккае вымаўленне беларускага χ, занатаванага ў розных скланеннях назоўнікаў: Sapiechi (1775)[121], Eustachi[122], dachi (1753) [123], monarchi (1775)[124];

—               sz/s: ulica Skolna (1665)[125],

—               z перад ń: rzeznik (1772)[126], Rzeznicka (1721, 1775)[127], kuznia (1790)[128].

Вынікам сутыкнення польскай і беларускай моўных сты­хій была адсутнасць мазурэння, альбо замены пярэдненёбных sz, ż, cz, dż на s, z, c, dz, якая ўжо адбылася на ўсходніх абшарах Сувальшчыны ды Падляшша. На думку Зоф’і Курцовай, „цяжка дапусціць, што на тэрыторыях, адлеглых ад этнічнай пальшчызны, дзе беларуская ды ўкраінская ўтвараюць субстрат для фармавання там польскай мовы і маюць з ёй сталы кантакт, дайшло да ўзнікнення такой польскай рысы, як мазурэнне, калі да яе не дайшло на моўным памежжы“[129].

У гэтай групе сустракаем іншыя прыклады ваганняў зычных:

—               з’яўленне пратэтычнага h: hantaby (1633, 1692)[130], hanyż (1786)[131], harmata (1781)[132];

—               чаргаванне k/g : Gasper[133],

—               страта j у розных пазіцыях:

a) chrześcian/ chrzescian (у інтэрвакальнай пазіцыі, 1789—1790 гг.)[134];

b) аслабленне артыкуляцыі i пасля галоснага mieyski, Leyba (1790)[135];

—               з’яўленне кароткага u замест w пасля галосных: Hauryło, Fiedor Hauryłowicz (XVII w.)[136],

—               тэндэнцыю спрашчэння груп зычных[137]:

a) падвоеных зычных: truna (20–я г. XVIII ст.)[138]; слова trumna ўжывалася ў польскай літаратурнай мове з паловы XVIII ст. У сувязі з тым пытанне: ці з’яўляецца дадзены пры­клад польскім спрашчэннем груп зычных ці пазычаннем беларускага труна — застаецца спрэчным;

b) падоўжаных зычных: zakonica (1738)[139], staraność, Zuzana (1790)[140];

c) стратай гукаў: przedażny (sprzedażny) (1660)[141], przedał (sprzedał) (1665, 1789)[142], dzień naleźienia s. Krzyża (znalezienie) (1775)[143], spólnie (wspólnie) (1660)[144];

d) спрашчэнне груп зычных тыпу śln>sn альбо rnk>rk: rzemiesnik (1736)[145], garków (1786)[146].

Цікава выяўляецца тэндэнцыя асіміляцыі па звон­касці[147].

Адна з яе праяваў — лёс спалучэння χv, якое функцыянавала ў Сярэднявеччы ў розных польскіх рэгіёнах, напрыклад, у Вялікапольшчы, Малапольшчы ды ў Сілезіі. З часам група χv зазнала паслядоўнае абязгучванне і пераход у f, перадусім на Мазовіі. Трэба адзначыць, што ў выпадку Гарадзенскага павету дадзеная прагрэсіўная асіміляцыя характарызуецца пэўным выключэннем. Тут мазавецкія ўплывы датычылі не толькі польскай групы χv, але і беларускай хв. Пацверджаннем з’яўляецца трансфармацыя прозвішча XVI ст. Boguchwał у Boufał[148].

У гарадзенскіх крыніцах сустракаем таксама з’явы:

a) рэгрэсіўнай асіміляцыі: rospiętego, powrosku (1790)[149], brygitki (1795)[150], juryzdyczanin (1784, 1786, 1791, 1792, 1795)[151], juryzdator (1792)[152], juryzdykcya (1775)[153] ды гіперкарэктнасцi: jadka (1746), Chrebtowicz (1743)[154] (ваpта звярнуць ўвагу на этымалогію прозвішча Храбтовіч, якую належыць выводзіць са слова ‘хрыбет’ і ў якой адсутнічае польская група –rze–);

b) узнікнення w перад націскнымі галоснымі o і u: Lewon (1664)[155].

Аналіз гарадзенскіх навачасных дакументаў дазваляе дадаткова пацвердзіць наступныя моўныя тэндэнцыі: функцыяванне флектыўнай хісткасці[156].

У разгляданых матэрыялах сустракаем наступныя прыклады назоўнікавых схем:

—               памяншэнне з дапамогай суфіксаў –eczka, yk: eczka, szpichlerzyk (1752)[157];

—               утварэнні з суфіксам –nik ад назоўнікавай асновы: olejnik (1792)[158];

—               формы з агульнаславянскім суфіксам iszcze: ku gliniszczu (1786)[159];

—               фарманты з карэнным n , а таксама суфіксамі:

a) –anin: juryzdyczanin (1784, 1786, 1791, 1792, 1795)[160];

b) ina–yna: osmina (1736)[161], somina (1786)[162], rayczyna (1673)[163];

—               утварэнні з суфіксам ość: osiadłość, obszerność, ziemskość, uległość (1787)[164];

—               фарманты з архаічным суфіксам ostwo,stwo: pisarstwo, burmistrzostwo (1660)[165], woytostwo (1747)[166], probostwo (1775)[167], aktorstwo (1789)[168];

—               новая форма з прэфіксам pod, паводле слова­ўтва­ральнай схемы, характэрнай для тагачасных назваў ураднікаў: podproboszczy/podproboszcz (1661, 1664, 1830)[169];

—               прыметнікавыя суфіксы з фармантам –n: ratuszny ці owny: arendowny (1783, 1786)[170];

—               ski/ska: kościół farski (1661, 1666)[171]; ulica Podolska (другая назва Падольнай вуліцы, 1664)[172];

Даследаваныя тэксты сведчаць пра флектыўныя ваганні назоўнікаў[173]:

—               ваганне граматычнага роду: karmalit (1791)[174], krama, kromka, krom (1733, 1739, 1740, 1746, 1774)[175];

—               ужыванне канчатка –ów у родным склоне множнага ліку: wsiów (1775)[176], elekcjów (1792)[177], piekarzów (1783)[178], zydlów (1790)[179]; obywatelów, libertacjów, narzędziów (1787, 1791)[180];

—               сюды ж адносіцца слова wiszeń (вішань, 1786)[181],

—               з’яўленне канчатка мужчынскага роду ў назоўніку давальнага склону ніякага роду: Grodnowi (1775, 1793)[182];

—               беларускае чаргаванне γ/ź: Sapiezie (Сапезе)[183];

—               з’яўленне назоўнікаў мужчынскага роду з канчаткам –а у назоўным склоне: Karpuszka (1772, 1790)[184], Słuszka[185] (можна лі­чыць, што рэдукцыя o > a звязана з беларускай моўнай нормай).

Цікавы прыклад паралелізму ў спражэнні дзеясловаў цяперашняга часу зафіксаваны ў мяшчанскай літаратуры XVIII ст. Флексія першай асобы множнага ліку –m/em была выкарыстана ў ананімным вершы, прысвечаным восеньскаму пажару 1753 г. у Горадні: „dziękujem, a prosim niech nas zawsze chroni“. Факт знікнення гэтага канчатка ў польскай мове ўжо ў канцы XVI ст. дае падставы да высоўвання дапушчэння, што названая з’ява мае карані ў рэгіянальнай мазавецкай разнавіднасці польскай мовы, альбо вынікае з сутыкнення пальшчызны з мовай–субстратам[186].

У названых крыніцах знаходзім прыклады выкарыста­ння:

—               аддзеяслоўных прыметнікаў тыпу: przeieżdży kupiec (не выключана, што дадзеная мадэль, не сустраканая ў польскіх схемах прыметнікавага словаўтварэння, з’яўляецца пазычаннем субстратавага прыезджы)[187];

—               старапольскіх формаў адпрыметнікавых прыслоўяў з суфіксам o: pilno (1717)[188];

—               прыслоўя mimo: droga do miasta mimo dwór (1673), ulica mimo Collegium (1772)[189].

У гарадзенскіх тэкстах захавалася значная група беларускіх лексічных запазычанняў:

—               з галіны будаўніцтва, аб’ектаў публічнага карыстання, прыладаў хатняй гаспадаркі, спажывецкіх вырабаў, рамесніцкай наменклатуры ці грамадскіх стасункаў[190]: pieńka (1786)[191], kołodzież (1560—1561)[192], czerha (1612)[193], płoszcza (1713, 1752, 1772)[194], odryna (1752, 1790)[195], kruhlak (1791)[196], para­sonik (1785)[197] (1783), stol (1717)[198], powieć (1744)[199], swiren (1741), swieronek (1790)[200], proboj (1752)[201], biełuha (1786)[202], kołomaszka, subota (1790)[203], zahułek (загулаk)[204], obapoł/obopół (1786, 1789)[205], nazad (1691, 1752)[206];

—               напісаныя лацінкай беларускія імёны ды прозвішчы: Alexiej (1790)[207], Fiedor, Ewdocia (1668)[208], Hrehory (1673, 1740)[209], Ławryn (1795)[210], Panas (1661, 1741)[211], Hauryło (1741)[212], Semion (1673)[213], Symon (1663, 1790)[214], Wasil (1754, 1790)[215], Zmitruk (1790)[216], Taciana (1664)[217], Hardziej/Hardziejewski (1790)[218], Hanczaruk (1740)[219], Harasimowicz (1754)[220], Hapa­nowicz (1712)[221].

Згадваючы анамастычнае пытанне, неабходна звярнуць увагу на тагачасную антрапанімію Горадні:

— што да славянскага насельніцтва, аднайменная анамаcтычная сістэма функцыявала перадусім у асяроддзі найбяднейшых жыхароў горада ды прыгоннага насельніцтва, што аселі ў магнацкіх юрыдыках (у інвентары маёмасці Радзі­вілаў Гной­ніца 1752 г., напрыклад, быў зарэгістраваны нейкі Jurko)[222];

—               з’яўленне паралельных, нестабільных формаў прозвішча тыпу SzeszkoSzeszkiewicz[223];

—               мянушкавую ідэнтыфікацыю асобы тыпу: Hauryło Żyłka[224];

—               групу найменняў паводле роду заняткаў: Teodor garbarz, Prokop cieśla, Makar mielnik (1664)[225], Kazimierz gancarz (1772)[226];

—               мянушкі, звязаныя з назвамі жывёл: Panas Borsuk[227];

—               геаграфічныя ды этнічныя вызначальнікі, якія сведчаць пра паходжанне асобы: Prokop Moskal, Chaim Jakubowicz Słucki, Józef Podolanin (пражываў на вуліцы Маставой, што вяла да гарадзенскага раёна Падолле)[228].

Яшчэ адна рыса дыялекту — ужыванне архаічных формаў[229]. Напрыклад, у Rejestrze expensy, складзеным у 1736 г. пад час работ над упрыгожваннем унутранага інтэр’ера гара­дзенскага касцёла бернардынаў, сустракаем два словы: агульнаўжывальнае gorzałka ды wodka[230].

Заўважым, што ў пальшчызне XVIII ст., якая функцыянавала на польскіх этнічных землях, слова gorzałka паступова адыходзіла на другі план і пераходзіла ў катэгорыю польскага архаічнага альбо дыялектнага запасу. У выпадку Гарадзенскага павету сітуацыя выглядала крыху інакш: гэтым выразам і пазней шырока карысталіся. Як можна меркаваць, гэты факт мог мець пэўную сувязь з уплывамі мовы–субстрата.

Сутыкненне дзвюх моўных стыхій чыніла відавочны клопат пісарам, у выніку паўставалі пераходныя інавацыйныя словаўтваральныя формы, незнаёмыя для абе­дзвюх сістэм, як, напрыклад, hanczarz (ганчар са змененым беларускім –r на польскае –rz)[231].

Прапанаваныя заўвагі з’яўляюцца спробай акрэсліць асаблівасці соцыялінгвістычнага развіцця на прыкладзе Горадні і яе наваколляў у XVII—XVIII ст.[232] Сабраныя матэрыялы ў чарговы раз пацвярджаюць думку пра падабенства развіццёвых тэндэнцый паўночна–ўсходняй гаворкі з кірункамі польскай літаратурнай мовы. Разам з тым мова, якая фармавалася на фоне дзвюхмоўнай інтэрферэнцыі, у адлегласці ад этнічных польскіх раёнаў, характарызавалася пэўным кансерватызмам, што, напрыклад, выяўляецца ва ўжыванні архаічных старапольскіх выразаў ці запаволенай моўнай уніфікацыі фанетычнага правапісу[233].

Багатая рукапісная спадчына, створаная і назапашаная некалькімі пакаленнямі пісараў гарадзенскіх канцылярый, з’яўляецца выдатным сведчаннем развіцця мясцовых асаб­лівасцяў навачаснай пальшчызны. Гарадзенскія крыніцы выразна паказваюць адметныя шляхі развіцця польскай мовы, ужыванай у Вялікім Княстве Літоўскім, яе кантакт з гутарковай беларушчынай. Істотнай катэгорыяй дыялекту ёсць арфаэпічныя, фанетычныя ды арфаграфічныя з’явы, уласцівыя беларускай мове, напрыклад, аканне, альбо з’яўленне a замест o ў ненаціскных складах (paręcze), з’яўленне гука в перад націскнымі галоснымі o (Lewon) ці з’яўленне ŭ пасля галоснага (Hauryło). Апрача субстратавай фанетызацыі польскай мовы, яе носьбіты часта выкарыстоўвалі беларускую гутарковую лексіку тыпу odryna, płoszcza альбо powieć[234].

Такім чынам, частотнасць ужывання пэўных лексічных формаў маглі вызначаць два фактары. Па–першае, этнічны склад насельніцтва канкрэтнага павету альбо рэгіёну[235], па–другое — паходжанне складальнікаў паасобных дакументаў. Менавіта з гэтай прычыны істотнае значэнне пры высвятленні паходжання персаналу канцылярыі мае тэарэтычная рэканструкцыя этапаў складвання дакумента, якую можна прасачыць, даследуючы, напрыклад, гарадзенскія кляштарныя інвентары XVIII ст.

Можна меркаваць, што аналізаваныя акты перапісваліся не начыста пад час візітацыі кляштара, а з чарнавіка. Таму падаецца лагічным, што асоба, якая перапісвала ў скрыпторнай цішыні раней падрыхтаваны тэкст–чарнавік, павінна была дапусціць значна менш моўных памылак у параўнанні з тым, хто занатоўваў тэкст на слых, ужывую. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, чаму ў ана­лізаваных інвентарах сустракаецца безліч прыкладаў фанетычных гіперкарэктнасцяў ці некаторыя беларускія лексічныя запазычанні. Хутчэй за ўсё гэтая з’ява вынікала не з псіхалагічных цяжкасцяў (напрыклад, пры­спешвання), а была праблемай этнапсіхалагічнага кшталту, г.зн. абумоўлена недастатковым веданнем ужыванай поль­скай мовы.

Пісары, для якіх пальшчызна была вывучанай мовай, не заўсёды маглі занатаваць формы, неўласцівыя для іх роднага моўнага асяроддзя. Прапанаваныя назіранні ўскосна пацвярджае факт паходжання манахаў гарадзенскага кляштара францысканцаў. Як сведчаць матэрыялы рубрыкі „якога паходжання і якой нацыянальнасці“ генеральнай візітацыі 1830 г. гэтага кляштара, яны выводзіліся як з Беласточчыны, так і з гістарычнай „Літвы“: Гарадзенскай ды Менскай губерняў, а таксама з „Белай Русі“[236]. Адсюль можна меркаваць, што факт паходжання манахаў з аддаленых ад этнічнай Польшчы беларускіх рэгіёнаў мог дадаткова спрычыніцца да з’яўлення згаданых з’яваў.

Аналагічнымі рысамі характарызавалася польская мова прадстаўніка шляхецкага стану — гарадзенскага землеўласні­ка Тадэвуша Анджэйковіча[237], супольніка Скарбавай Камісіі ВКЛ. У адным з падрыхтаваных ім у 1776 г. дакументаў назіраем тыповыя для польскага паўночна–ўсходняга дыялекту прыкметы: замена насавога галоснага двума графічнымі знакамі, альбо гіперкарэктнасць, паўсюднае выраўноўванне ó з o, нарэшце, ваганне груп зычных: przed nastompieniem, nastompił, rejęt, ubostwo, wybor podatkow, do prozb, teraz­niejszych[238].

Вынікі прыведзеных даследаванняў наводзяць на пэўныя развагі пра моўныя з’явы, а таксама грамадскую структуру Горадні ды Гарадзенскага павету. Узятыя матэрыялы верыфікуюць і развіваюць думку пра залежнасць паміж сацыяльным статусам ды мовай карыстальніка. Што да гарадоў ВКЛ, вышэйшы сацыяльны стан мяшчанскіх эліт бясспрэчна спрыяў і нават абавязваў да большага кантакту з пальшчызнай, як і да пашырэння яе абсягаў. Гэтыя тэндэнцыі не адмаўлялі, аднак, ролі іншых моў у штодзённым жыцці гарад­ской супольнасці. Доказам з’яўляецца непаслядоўнасць напісання некаторых прозвішчаў (напрыклад, Opanowicz/Hapanowicz[239]), якая па­цвярджае факт суіснавання разгляданых моў, а таксама сведчыць пра іх паралельнае ўжыванне рознымі грамадскімі слаямі, у прыватнасці, мяшчанскімі элі­тамі.

Выяўленне малой часткі дагэтуль недаследаваных матэрыялаў пераконвае ў неабходнасці знаёмства з малавядомым змесцівам літоўскіх ды беларускіх архіваў, каб працягваць вывучэнне мясцовых адметнасцяў польскай мовы ў ВКЛ. Апрача вызначэння геаграфічных межаў асобных моўных з’яў, вынікі аналізу навачасных архіваў могуць праясніць сацыяльную структуру гарадоў, гэта значыць патлумачыць такія даследчыя праблемы, як дынаміка развіцця этнічнага складу населеннага пункта, кірункі міграцыйных хваляў[240], узаемазалежнасць паміж моўнымі з’явамі ды грамадскім расслаеннем.

Пераклад з польскай Вольгі Мазуравай


[1] Smolińska B. Polszczyzna północnokresowa z przełomu XVII i XVIII w. Na podstawie rękopisów Jana Władysława Poczobuta Odlanickiego i Antoniego Kazimierza Sapiehy // Prace Językoznawcze. Wrocław, 1983. T. 51.; Kurzowa Z. Język polski Wileńszczyzny i kresów północno–wschodnich XVI—XX w. Warszawa—Kraków, 1993.
[2] Пра гісторыю гарадзенскай гарадской канцылярыі гл.: Hardziejeŭ J. Przyczynek do dziejów kancelarii miejskich grodzieńskich w XVI—XVIII w. // Białostocczyzna. 2001. № 1—2. S. 3—12; idem. Losy archiwaliów grodzieńskich z XVI — XVIII w. // Białostocczyzna. 1998. № 2. S. 72—86.
[3] Ягелонская бібліятэка (далей ЯБ). Рукапіс 6357.
[4] Аўтарамі артыкулаў на старонках варшаўскай прэсы былі гарадзенскі войт Юзаф Зяліньскі ды жыхар Горадні Ян Людвік Бэкю, найбліжэйшы паплечнік надворнага літоўскага падскарбія Антонія Тызенгаўза (Dziennik Handlowy.1786. Cz.1—3. S. 11—12; 1787. Cz.1—2. S. 44—45; Cz. 3. S. 93).
[5] Kurzowa Z. Język… S. 13, 32—40; Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 200—202. Пра паланізатарскую ролю гарадоў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага гл.: Alexandrowicz S. Rola miast i miasteczek w przemianach kulturalnych i językowych na ziemiach Białorusi w XVI—XVIII w. // Наш радавод. Гродна, 1996. Кн. 7. С. 243—248.
[6] Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі ў Мінску (далей НГАБ у Мінску). Ф. 1761, воп. 1, спр. 14, арк. 44, 524—550, 753, 653.
[7] Bogucka M., Samsonowicz H. Dzieje miast i mieszczaństwa w Polsce przedrozbiorowej. Wrocław, 1986. S. 548, 578, 588.
[8] Turska H. O powstaniu polskich obszarów językowych na Wileńszczyźnie // Studia nad polszczyzną kresową. T. 1. Wrocław, 1982. S. 41; Kurzowa Z. Język… S. 63.
[9] Kurzowa Z. Język… S. 317—318.
[10] Ibidem. S. 56, 58, 114—115; idem. O istocie dialektu północnokresowego // Wilno—Wileńszczyzna jako krajobraz i środowisko wielu kultur. Białystok, 1992. T. IV. S. 14.
[11] Kurzowa Z. Język… S. 87, 114—115.
[12] Ibidem. S. 67—75.
[13] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna na mocy praw, przywilejow, dekretow kommissarskich i assessorskich W. X. Litew: do wybierania prowentow pomiernego, wagowego, brukowergo, targowego tak w mieście J. K. Mci Grodnie, jako też na przedmieściach kontrahentom arędownym przy wydawaniu kontraktu w roku 1786 miesiąca 9bra 23 dnia sporządzony [улётка] (далей Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna).
[14] Писцовая книга Гродненской экономии (далей ПКГЭ). Вильно, 1882. Т. 2. С. 303, 310.
[15] Obiasnienia Interessu miasta Seymowego J. K. Mci Grodna, 1789, арк. H.
[16] Архіў гарадзенскіх францішканаў (далей АГФ). Рукапіс. Inwentarze Konwentu Grodzieńskiego Xięży Franciszkanów. S. 41.
[17] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 71, арк. 115, 262.
[18] Kurzowa Z. Język… S. 75.
[19] Галоўны Архіў Старажытных Актаў (далей ГАСА), Архіў Радзівілаў (АР). Аддзел XVIII, № 324, арк. 1.
[20] Навуковая бібліятэка ПАУ і ПАН у Кракаве (далей НБ ПАУ і ПАН у Кракаве). Рукапіс 369, арк. 60.
[21] Аддзел Рукапісаў Бібліятэкі АН Літвы (далей АР БАН Літвы). Ф. l—18/2—151, арк. B.
[22] Obiasnienia… арк. A [1].
[23] Ibidem. арк. A [2]; Літоўскі Дзяржаўны Гістарычны Архіў (далей ЛДГА). Старажытныя акты (далей СА), 11649.
[24] Kurier Litewski. 1761. № 29.
[25] ЛДГА. Ф. 11 воп. 1 спр. 18584.
[26] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 15, арк. 183.
[27] АГФ. Inwentarze... S. 41.
[28] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 71, арк. 58v.
[29] АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. A, B.
[30] Obiasnienia… арк. A.
[31] Kommissya Porządkowa y Cywilno–Woyskowa powiatu grodzienskiego z magistratem miasta Grodna ад 6 ліпеня 1791 г. [улётка] (далей Kommissya Porządkowa).
[32] Kurzowa Z. Język… S. 75—77.
[33] ЛДГА. СА. 3862, арк. 30v.
[34] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 6, арк. 306; ЛДГА. СА. 3862, арк. 30v.
[35] ЛДГА. СА. 11649.
[36] Obiasnienia… арк. I.
[37] ГАСА. АР. Аддзел. XVIII, № 323, арк. 226.
[38] ЛДГА. СА. 11649.
[39] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[40] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 71, арк. 274v.
[41] Ibidem. арк. 58v.
[42] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 170.
[43] Ibidem. Ф. 1761, воп. 1, спр. 6, арк. 170; Гродзенскі дзяржаўны гістарычна–археалагічны музей (далей ГДГАМ). Фонды, № 15114.
[44] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 6, арк. 1022.
[45] Kurzowa Z. Język… S. 75; ЛДГА. Ф. 11, воп. 1, спр. 18584; НГАБ у Мінску. Ф. 1887, воп. 1, спр. 1, арк. 58v.
[46] АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. A [1].
[47] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 29, 226; НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 1, арк. 115; ibidem. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 89.
[48] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 1, арк. 115; ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 324, арк. 2.
[49] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 71, арк. 115, 262.
[50] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[51] АГФ. Inwentarze… S. 52.
[52] Kommissya Porządkowa.
[53] Ірэна Баярова звяртае ўвагу на страту ў XVIII ст. арфаграфічнага па­зна­чэння назалізацыі. Гл.: Bajerowa I. Kształtowanie się systemu polskiego języka literackiego w XVIII wieku // Prace Językoznawcze. Wrocław, 1964. T. 38. S. 48; Kurzowa Z. Język… S. 81, 85—86.
[54] Obiasnienia… арк. F; ЛДГА. СА. 3862, арк. 70v; Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[55] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[56] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 347.
[57] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 223.
[58] АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. C 2.
[59] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 324, арк. 1, № 323, арк. 222.
[60] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 13, арк. 320.
[61] Ibidem. № 1, арк. 200.
[62] АГФ. [Akt przyjęcia do bractwa św. Antoniego Padewskiego przy klasztorze franciszkanów w Grodnie Rajny Kierusakówny z Kamionki] ад 12 сакавіка 1767 г. [улётка].
[63] ЛДГА. СА. 11649.
[64] ЛДГА. СА. 11649; АГФ. Inwentarze… S. 41, 43.
[65] ЯБ. Рукапіс 6357.
[66] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 713, арк. 350.
[67] АГФ. Inwentarze… S. 42.
[68] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 1.
[69] Ibidem. Ф. 1761, воп. 1, спр. 2, арк. 285.
[70] Ibidem. Спр. 5, арк. 74.
[71] ЯБ. Рукапіс 6357.
[72] Obiasnienia… арк. B1.
[73] АГФ. Inwentarze… S. 41, 42.
[74] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 71, арк. 274v.
[75] ПКГЭ. Т. 2, c. 303—204; НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 3, арк. 134v; ibidem. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 142, 501.
[76] АГФ. Inwentarze... S. 43.
[77] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 21.
[78] АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. A.
[79] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 6, арк. 1084; Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[80] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 3, арк. 43.
[81] obventio — нясталы прыбытак, apparentia — знешні выгляд (АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. B 2; АГФ. Inwentarze… S. 42; Słownik łacińsko–polski. Warszawa, 1959. T. 1. S. 224).
[82] АГФ. Inwentarze… S. 41.
[83] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 71, арк. 200.
[84] Kurzowa Z. Język… S. 85—87.
[85] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 29.
[86] Obiasnienia… арк. D 3.
[87] ЛДГА. СА. 11649.
[88] Ibidem.
[89] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 15, арк. 298.
[90] ЛДГА. СА. 11649.
[91] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 9.
[92] Kurzowa Z. Język… S. 87—90.
[93] Obiasnienia… арк. A, C.
[94] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 1.
[95] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 3, арк. 134v; спр. 6, арк. 835.
[96] Ibidem. Спр. 1, арк. 326; ЛДГА. СА. 11649.
[97] АГФ. Inwentarzе… S. 43.
[98] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 6, арк. 654.
[99] Ibidem. Спр. 16, арк. 1157.
[100] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 33.
[101] АГФ. Inwentarze… S. 42—43.
[102] АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. A [1].
[103] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[104] Kurzowa Z. Język… S. 94—99, 104—105.
[105] АГФ. Inwentarze…. S. 9; ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 33; НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 6, арк. 654; спр. 16, арк. 545.
[106] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 402.
[107] Ibidem. Ф. 1761, воп. 1, спр. 6, арк. 982.
[108] Ibidem. Ф. 1711, воп. 1, спр. 71, арк. 115.
[109] ЯБ. Рукапіс 6357; Gazeta Warszawska. 1781. № 39; ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 229.
[110] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 5, арк. 886; ibidem. Ф. 1800, воп.1, спр. 1, арк. 402.
[111] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 224.
[112] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[113] Obiasnienia…. арк. B 1.
[114] АГФ. Inwentarze…. S. 9.
[115] Obiasnienia…. арк. G 1.
[116] ЛДГА. Ф. 11, воп. 1, спр. 18584.
[117] АГФ. Inwentarze… S. 42.
[118] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 2, арк. 126; АГФ. Inwentarze... S. 9.
[119] ЛДГА. СА. 11649.
[120] Ibidem.
[121] ЯБ. Рукапіс 6357; ЛДГА. Ф. 11, воп. 1, спр. 18584.
[122] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 324, арк. 3.
[123] ЯБ. Рукапіс 6357.
[124] ЯБ. Рукапіс 6357; ЛДГА. Ф. 11, воп. 1, спр. 18584.
[125] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 2, арк. 102.
[126] ЛДГА. СА. 3862, арк. 29.
[127] ЛДГА. Ф. 11, воп. 1, спр. 18584; НБ ПАУ і ПАН у Кракаве. Рукапіс 369, арк. 54v.
[128] АГФ. Inwentarze… S. 51.
[129] Kurzowa Z. Język… S. 102—104.
[130] Тэрмін antaba (з нямецкай Handhabe) пераважаў на Мазовіі (за вы­ключэннем паўднёвай часткі). Гл.: Basara J. Terminologia budownictwa wiejskiego w dialektach polskich. Cz. 2 // Prace Językoznawcze. Wrocław, 1964. T. 43. S. 34; ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 1, 21).
[131] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[132] Gazeta Warszawska. 1781. № 39.
[133] ЛДГА. СА. 3862. Арк. 69v.
[134] Obiasnienia… арк. G 1; ЛДГА. СА. 11649.
[135] ЛДГА. СА. 11649.
[136] ПКГЭ. Т. 2. С. 297.
[137] Kurzowa Z. Język… S. 110—111.
[138] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 4, арк. 799.
[139] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве. Рукапіс 369, арк. 91.
[140] АГФ. Inwentarze… S. 41, 42.
[141] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 87.
[142] Ibidem. Ф. 1761, воп. 1, спр. 2, арк. 102; Obiasnienia… арк. C2.
[143] АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. B.
[144] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 87.
[145] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве. Рукапіс 66—66v. Цяжка адназначна сказаць, ці прыведзены прыклад быў узяты з размоўнай пальшчызны, альбо быў звязаны з яго субстратавым падмуркам. На карысць апошняга сведчыць факт, што ў беларускай мове спрашчэнне груп зычных утварае літаратурную норму. Такім чынам, страта сярэдзіннага гука ў слове rzemiesnik у паўночна–ўсходнім дыялекце магла быць новай формай, якая ўзнікла ў выніку сутыкнення польскага rzemieślnik ды беларускага рамеснік (Падлужны А. Фанетычныя працэсы // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 588).
[146] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[147] Kurzowa Z. Język… S. 111—112.
[148] Заснавальнікам гэтага роду быў гаспадарскі пісар Васько Дарашкевіч (мяжа XV—XVI ст. ) Як вынікае з крыніц, у тыя часы гэта была праваслаўная сям’я, пра што сведчыць факт пахавання Пракопа Хвалімера, сына Васька, у склепах адной з гарадзенскіх праваслаўных цэркваў. У сваім тастаменце Пракоп запісаў, каб „[...] жона моя Ганна мает тело мое грешное поховати почстиве, яко то належыт, у церкви, у Городне на Подоле у Чесного Хреста“ (Акты Виленской Архео­графической Комиссии. Вильно, 1894. Т. XXI. С. 438).
[149] АГФ. Inwentarze… S. 42, 51.
[150] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 16, арк. 473.
[151] Ibidem. Спр. 13, арк. 380—381, 792; спр. 15, арк. 116—118; спр. 15, арк. 486—490; спр. 16, арк. 513.
[152] Ibidem. Спр. 15, арк. 948.
[153] АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. A [1].
[154] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 9, арк. 66, 755.
[155] Ibidem. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 188.
[156] Kurzowa Z. Język… S. 116—161.
[157] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 223.
[158] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 15, арк. 1174.
[159] Ibidem. Ф. 1761, воп. 1, спр. 13, арк. 827.
[160] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 13 арк. 380—381, 792, спр. 15 арк. 116—118; спр. 15 арк. 486—490; cпр. 16 арк. 513.
[161] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве. Рукапіс 369, арк. 66.
[162] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[163] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 505. На прадукцыйнасць усходнеславянскага суфікса –ina, –yna звяртае ўвагу Зоф’я Курцова (Kurzowa Z. Język… S. 130).
[164] Dziennik Handlowy. 1787. Cz. 1—2. S. 44.
[165] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 2, 45.
[166] Ibidem. Ф. 1761, воп. 1, спр. 10, арк. 1.
[167] Ibidem. арк. 1; Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 2; ЛДГА. Ф. 11, воп. 1, спр. 18584.
[168] Obiasnienia… арк. A 1.
[169] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 91, 281; АГФ. Inwentarze… S. 188. Тэрмін podproboszczy азначаў вікарыя. Сустракаем яго ў паэме Organy (1784) Томаша Каятана Вянгерскага (Linde S. B. Słownik języka polskiego. Lwów, 1858. T. IV. S. 239; Słownik języka polskiego. Warszawa, 1964. T. 6. S. 701).
[170] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 13, арк. 251; Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[171] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 91, 253.
[172] Ibidem. арк. 172.
[173] Kurzowa Z. Język… S. 161—163, 172, 179, 180.
[174] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 15, арк. 298.
[175] Ibidem. Спр. 5, арк. 295; спр. 6, арк. 122, 487, 755, 1061.
[176] АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. A.
[177] ГДГАМ. Фонды. № 9217.
[178] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 13, арк. 260.
[179] Ibidem. Ф. 1887, воп. 1, спр. 1, арк. 58v.
[180] Dziennik Handlowy. 1787. Cz. 1—2. S. 44—45, 49; Kommissya Porządkowa.
[181] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[182] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 15, арк. 1289; АР БАН Літвы. Ф. l—18/2—151, арк. A [1].
[183] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 5, арк. 43.
[184] ЛДГА. СА. 3862, арк. 30v; СА. 11649.
[185] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 188.
[186] Kurzowa Z. Język… S. 196; ЯБ. Рукапіс 6357.
[187] Kurzowa Z. Język… S. 185, 201—202.
[188] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 4, арк. 175.
[189] Ibidem. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 581; ЛДГА. СА. 3862, арк. 30v.
[190] Дадзенае пытанне разглядалася Галінай Турскай у працы: Leksykalne pożyczki białoruskie w języku polskim (doba staropolska) // Sprawozdania z Prac Naukowych Wydziału Nauk Społecznych. Wrocław, 1970. R. 13. Z. 2 (57). S. 77—92; idem. O powstaniu… S. 73—86.
[191] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[192] ПКГЭ. Т. 2. С. 63.
[193] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 1, арк. 23.
[194] ПКГЭ. Т. 2. арк. 303; НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 10, арк. 569—570; ЛДГА. СА. 3862, арк. 2v.
[195] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 223; АГФ. Inwentarze… S. 52.
[196] НГАБ у Мінску. Ф. 1711, воп. 1, спр. 71, арк. 322v.
[197] Ibidem. Ф. 1761, воп. 1, спр. 13, арк. 639.
[198] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 324, арк. 1.
[199] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 6, арк. 318.
[200] АГФ. Inwentarze… S. 52.
[201] Беларускае пазычанне прабой, што значыць skobel, узнікла ў разгляданым дыялекце, у мове насельніцтва паўночна–ўсходняй часткі Мазоўша, на Падляшшы ды Сувальшчыне (Basara J. Terminologia... S. 30; ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 221).
[202] Instruktarz miasta J. K. Mci Grodna.
[203] Inwentarz… S. 41, 51.
[204] З’яўленне γ замест в перад націскным галосным сустракаецца на паўночным захадзе Беларусі (Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. Мінск, 1968. C. 35, 274).
[205]205 Беларускае пазычанне абапал (па абодва бакі): Obiasnienia… арк. C H.
[206]206 ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 323, арк. 32, 224.
[207] ЛДГА. СА. 11649.
[208] НГАБ у Мінску. Ф. 1800 воп. 1, спр.1, арк. 309, 310.
[209] Ibidem. арк. 520.
[210] Ibidem. Ф. 1761, воп. 1, спр. 16, арк. 425.
[211] Ibidem. Cпр. 8 арк. 843.
[212] Ibidem. Спр. 1, арк. 94; спр. 8, арк. 521, 691, 843.
[213] Ibidem. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 525.
[214] Ibidem, арк. 142; ЛДГА. СА. 11649 (імя Шымон у тарыфе дымоў Горадні 1790 г. сустракаецца рэдка).
[215] ПКГЭ. Т. 2. C. 302, 304; ЛДГА. СА. 11649.
[216] ЛДГА. СА. 11649.
[217] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 2, арк. 126.
[218] ЛДГА. СА. 11649.
[219] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 8, арк. 521.
[220] ПКГЭ. Т. 2. арк. 304.
[221] ABAK. Вильно, 1874. Т. VII. C. 472—473; НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 10, арк. 605.
[222] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 324, арк. 225, 228.
[223] ЛДГА. СА. 3862, арк. 16v. Няўстойлівасць прозвішчаў вынікае, падобна, з нізкага грамадскага статуса гарадзенскіх гарбароў.
[224] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 8, арк. 691.
[225] Ibidem. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 171.
[226] ЛДГА. СА. 3862, арк. 30v.
[227] НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 8, арк. 843.
[228] ГАСА. АР. Аддзел XVIII, № 324, арк. 225; НГАБ у Мінску. Ф. 1761, воп. 1, спр. 16, арк. 230; Obiasnienia… арк. 31.
[229] Kurzowa Z. Język… S. 488—289; Bajerowa I. Kształtowanie... S. 27—31.
[230] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве. Рукапіс 369, арк. 66v—67.
[231] НГАБ у Мінску. Ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 548.
[232] Трэба адзначыць, што пра неабходнасць даследавання гісторыі разнавіднасцяў польскай мовы ў Літве і Беларусі, у тым ліку і гарадзен­скай, казала Зоф’я Курцова. Гл.: O potrzebie badań nad polszczyzna kresową // Studia nad polszczyzną kresową. T. 1. Wrocław, 1982. T. 98. S. 16.
[233] Bajerowa I. Kształtowanie... S. 27—31, 69.
[234] Turska H. Leksykalne… S. 82—91.
[235] Наконт этнаканфесійнай структуры старажытнай Горадні гл.: Gordziejew J., Socjotopografia Grodna w XVIII w. Toruń, 2002. S. 258—271; Гардзееў Ю. Рэц. на: Черепица В. Н. Гродненский православный некрополь (с древнейших времён до начала XX века). Гродно, 2001 // Гістарычны альманах. Т. 8. Гародня, 2003. С. 195—203.
[236] АГФ. Inwentarze…. S. 188.
[237] Род Анджэйковічаў меў маёнткі ў ваўкавыскім ды гарадзенскім паветах. Тадэвуш Анджэйковіч — пінскі гродскі (1777), а таксама гарадзенскі гарадскі пісар (1786) (Boniecki A. Herbarz Polski. Warszawa, 1899. T. 1. S. 41).
[238] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве. Рукапіс 369, арк. 98.
[239] Як вядома, прадстаўнікі гэтай заможнай гарадской сям’і ў XVIII ст. засядалі ў гарадзенскім магістраце (ABAK. T. VII. C. 472—473).
[240] Мовазнаўчыя матэрыялы ілюструюць міграцыйныя кірункі ў ВКЛ. Пра гэта сведчыць, напрыклад, тэрмін antaba, які, можна меркаваць, трапіў сюды з Мазовіі (Basara J. Terminologia… S.34, 58; ГAСA. AР XVIII. Nr 323, арк.1, 21).

Наверх

Юры Туронак. Фабіян Акінчыц — правадыр беларускіх нацыянал–сацыялістаў

17 снежня, 2003 |


Напрыканцы 1933 г. на заходнебеларускай сцэне ўзнікла групоўка, якая абвясціла сябе нацыянал–сацыялістычным актывам. Яе заснавальнікам, ідэолагам і правадыром быў Фабіян Акінчыц, які вопыт палітычнай дзейнасці здабываў у пар­тыі расійскіх эсэраў, у БСР Грамадзе, Цэнтрасаюзе і іншых беларускіх арганізацыях[1].

Пад уражаннем перамогі нацыянал–сацыялістычнага руху ў Нямеччыне Акінчыц канчаткова адмовіўся ад ілюзіі дэма­кратычнага ладу і дайшоў да пераканання, што нацыянальныя і сацыяльныя нягоды беларускага народа можа паспяхова вырашыць ажыццяўленне праграмных прынцыпаў нацыянал–сацыялізму, такіх, як умацаванне нацыянальнай супольнасці, класавая салідарнасць, сацыяльны прагрэс, канфесійная свабода і іншыя.

Акінчыц і яго паплечнікі лічылі, што ўз’яднанне разарваных Рыжскім трактатам беларускіх зямель магчыма толькі ў выніку вайны. Гэты іх погляд асуджаўся гісторыкамі БССР, якія быццам бы не ведалі таго, што ў канцы 1939 г. далучэнне заходнебеларускіх абшараў да Савецкай Беларусі адбылося выключна ў выніку агрэсіі Чырвонай Арміі на Польшчу.

Прэсавым органам беларускіх нацыянал–сацыялістаў быў часопіс „Новы Шлях“, які выдаваўся з лістапада 1933 да лістапада 1937 г. пад рэдакцыяй Уладзіслава Казлоўскага. Часопіс выходзіў у сярэднім раз на два месяцы, у невялікім фармаце, аб’ёмам 8 старонак, а яго разавы наклад не перавышаў 500 асобнікаў.

Беларускія і польскія апаненты нярэдка лічылі групоўку Акінчыца агентурай нямецкіх нацыстаў, якая фінансавалася берлінскімі ўладамі. Магчыма, гэтыя ацэнкі адпавядалі са­праўднасці, аднак сціплы выгляд „Новага Шляху“ і адсутнасць іншай прапагандысцкай літаратуры паказвае, што фінансавая дапамога нямецкіх ідэалагічных саюзнікаў магла быць, хутчэй за ўсё, сімвалічнай.

Прагматычныя немцы не спяшаліся выдаткоўваць грошы. На гэта былі істотныя прычыны: па–першае, слабое зацікаўленне беларускай інтэлігенцыі і сялянства новым ідэалагічным напрамкам і, па–другое, супрацьдзеянне польскіх адміні­страцыйных улад, якія ў кастрычніку 1936 г. забаранілі правядзенне з’езда беларускіх нацыянал–сацыялістаў, а восенню 1937 г. — усю іх дзейнасць у пагранічнай зоне 150 км, г. зн. на большай частцы заходнебеларускай тэрыторыі[2].

На гэтым закончылася дзейнасць юрыдычна неаформленай партыі нацыянал–сацыялістаў. Рэдакцыя „Новага Шляху“ была перанесена ў Ліду, дзе 25 лістапада 1937 г. выпусціла апошні нумар газеты. У снежні 1936 г. Акінчыц абвясціў сябе хворым, вярнуўся ў свае Акінчыцы і чакаў выбуху, які павінен быў разбурыць створаны ў Версалі і Рызе палітычны лад у Еўропе.

Пасля таго як у студзені 1939 г. польскі ўрад адкінуў прапанаваны Гітлерам праект сумеснага паходу на Савецкі Саюз, нямецка–польская вайна ўжо была непазбежнай. Вясной Акін­чыц выехаў у Нямеччыну і прапанаваў дыверсійныя па­слугі беларускіх нацыянал–сацыялістаў у спадзяванай вайне. З такой мэтай у чэрвені 1939 г. у вольным горадзе Данцыг (Гданьск) была арганізавана сустрэча нямецкіх чыноўнікаў з беларускімі нацыстамі[3].

Незалежна ад прынятых пастановаў, пра якія пакуль што не выяўлена дакладных архіўных матэрыялаў, Данцыгская канферэнцыя не мела практычных наступстваў. Пасля жнівеньскага пагаднення  ўрадаў СССР і Нямеччыны аб сумесных дзеяннях Вермахта і Чырвонай Арміі ў Польшчы любая падтрымка беларускіх нацыянал–сацыялістаў ужо не была патрэбная. Больш за тое, кіруючыся карэктнымі адносінамі да новага саюзніка, нямецкія ўлады забаранілі эмігранцкім арганізацыям у Нямеччыне выказваць вусна ці пісьмова варожае стаўленне да Савецкага Саюза[4].

Акінчыц апынуўся ў складаным становішчы і чакаў на ласкавасць лёсу. Аднак нямецкія ўлады, відаць, не спяшаліся з яго выкарыстаннем. Паводле Станіслава Грынкевіча (малодшага), 4 лістапада 1939 г. Акінчыц узначаліў Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне — урадавую ўстанову, у якой не мог разгортваць некантраляваную палітычную дзейнасць[5]. Алесь Вініцкі лічыць, што ў снежні 1939 г. Акінчыцу даручылі выпуск першых нумароў „Раніцы“[6]. Аднак і ў Прадстаўніцтве, і ў рэдакцыі ён працаваў толькі некалькі тыдняў і на пачатку 1940 г. быў накіраваны ў Варшаву для арганізацыі Беларускага самадапамогавага камітэта ў Генералгубернатарстве.

Новая роля, відаць, адпавядала Акінчыцу, які на базе сваіх аднадумцаў у Генералгубернатарстве спадзяваўся стварыць грамадскую апору для беларускай нацыянал–сацыялістычнай арганізацыі. Аднак, калі ў лютым або на пачатку сакавіка 1940 г. ён прыбыў у Варшаву, тут ужо дзейнічаў камітэт, за­снаваны напрыканцы 1939 г. маладым лекарам Міколам Шчорсам. Пачалося змаганне за кіраўніцтва. Акінчыц, карыстаючыся падтрымкай берлінскіх чыноўнікаў, у сакавіку 1940 г. выключыў Шчорса і яго каманду з камітэта, што ў сваю чаргу выклікала абурэнне і супрацьдзеянне яго актывістаў. Спа­трэбілася інтэрвенцыя нямецкай службы бяспекі, якая ў палове 1940 г. ліквідавала скандал — вярнула Шчорса на пасаду старшыні камітэта, а Акінчыца адправіла ў Берлін[7].

Такой трактоўкі Акінчыц не чакаў. Маючы на ўвазе некалькігадовае супрацоўніцтва з нямецкімі нацыянал–сацыя­лістамі, ён спадзяваўся на кіраўнічую ролю сярод беларускіх эмігранцкіх груповак у Нямеччыне і на акупаваных ёю тэрыторыях. Аднак дагэтуль яму не шанцавала і раз–пораз ён быў вымушаны саступаць кіраўнічыя пасады ў Берліне і Варшаве сваім канкурэнтам. Непакоіла яго і дзейнасць лідэра пражскай групоўкі Івана Ермачэнкі, які запрашаўся ў міністэрства замежных спраў у Берліне.

Неўзабаве пасля вяртання ў Берлін Акінчыц разгарнуў змаганне за лідэрства. На гэта паўплывала адна важная прычына: 21 ліпеня 1940 г. Гітлер абвясціў галоўнаму камандаванню Вермахта сваё рашэнне аб паходзе на СССР, якога чакалі ўсе беларускія групоўкі ў Берліне, Парыжы, Празе і Варшаве. Паслядоўна адкрывалася перспектыва дзейнасці ў акупаванай Беларусі, у сувязі з чым змаганне за лідэрства набывала новую якасць, непараўнальную з рэаліямі эміграцыі.

1 лістапада 1940 і 10 студзеня 1941 г. Акінчыц накіраваў ва ўсходняе бюро нацысцкай партыі два мемарыялы з прапановай паслуг беларускіх нацыянал–сацыялістаў у чаканых падзеях[8]. Паводле Акінчыца, заснаваная ў 1940 г. у Варшаве група яго аднадумцаў планавала актывізаваць сваю дзейнасць галоўным чынам у наступных сферах:

— выпуск брашур;

— арганізацыя курсаў па падрыхтоўцы палітыкаў, адміністрацыйных і гаспадарчых службаў, публіцыстаў і журналістаў, між іншым, з ліку ваеннапалонных беларускай нацыянальнасці;

— падрыхтоўка дыверсійных груп для дзейнасці на тэрыторыі Беларускай ССР.

Далей Акінчыц пісаў, што такія задачы маглі выканаць толькі яго аднадумцы, у сувязі з чым ім павінна быць вызначана кіраўнічая роля. „Другая палітычная група, — пісаў ён, — настроена дэмакратычна. Яе адносіны да камуністаў сумніцельныя, яны патаемна сімпатызуюць яўрэям, схільны да панславізму, з скрытым недаверам адносяцца да Нямеччыны. Яна (група. — Ю.Т.) не верыць у перамогу Нямеччыны і, мяркуючы па яе палітычнай пазіцыі, імкнецца не скампраметаваць сябе ні перад палякамі, ні перад камуністамі, або лічыць на тое, што пасля паражэння Нямеччыны камуністы, а разам з імі палякі і яўрэі будуць панаваць у Еўропе. Гэтая група адносіцца да нашай арганізацыі вельмі варожа, пастаянна імкнецца яе знішчыць і ні ў якім разе не дапусціць, каб нямецкія ўстановы лічыліся з яе поглядамі“.

Следам за такой характарыстыкай незалежных ад Акінчыца груповак ішлі яго даносы на іх кіруючых дзеячаў — рэальных і ўяўных канкурэнтаў: Міколу Шчорса, Вінцэнта Гадлеўскага і Янку Станкевіча ў Варшаве, Вітаўта Тумаша ў Лодзі, Анатоля Шкутку ў Берліне, якія, на думку Акінчыца, павінны быць заменены яго аднадумцамі. Крытыкаваліся і беларусы ў Празе, большасць якіх, паводле аўтара мемарыялаў, былі настроены дэмакратычна і лева.

Аднак і гэтым разам намаганні Акінчыца былі безвыніковыя. У сувязі з забаронай дзейнасці ў Нямеччыне і на акупаваных ёю абшарах любых, акрамя NSDAP, палітычных партый, не магла быць заснавана і партыя беларускіх нацыянал–сацыя­лістаў, а яе прыхільнікі выконвалі даручэнні нямецкіх уладаў у індывідуальным парадку.

Не браліся пад увагу і парады наконт разведвальнай і дыверсійнай службы. Галоўнае камандаванне Вермахта і без Акін­чыца ведала як рыхтавацца да вайны і толькі са снежня 1940 да сакавіка 1941 г. заслала ў заходнія раёны СССР 66 шпіёнска–дыверсійных груп, якія складаліся з беларусаў, украінцаў, літоўцаў і іншых[9]. Дарэчы, некаторыя з іх былі арга­ні­заваны не толькі з дапамогай Акінчыца, але і ягоных апанентаў — Шчорса, Гадлеўскага, Тумаша і, магчыма, іншых[10].

Улады не дапусцілі Акінчыца і да афіцыйнай прапагандысцкай дзейнасці. Верагодна, на гэта ўплываў яго бескампрамісны антыбальшавізм, які не адпавядаў тагачасным адносінам Нямеччыны да Савецкага Саюза. Па гэтай прычыне ён быў вымушаны пакінуць рэдакцыю „Раніцы“, а таксама не ўдзельнічаў у прапагандысцкай арганізацыі „Вінета“. Усё ж у першай па­лове 1941 г. Акінчыц і яго людзі выпусцілі ў Берліне рататарнай тэхнікай дзве брашуры пад псеўданімам Усевалада Вераса „Як стварыць нашую сілу“ і „Шляхам барацьбы Беларусі з Масквою“, якія знешне нагадвалі нелегальныя публікацыі[11].

Летам 1941 г., калі служба бяспекі ў Берліне, Варшаве і Лодзі накіроўвала ў акупаваную Беларусь дзесяткі беларусаў для арганізацыі адміністрацыі, Акінчыц надалей заставаўся ў Берліне і сачыў за падзеямі ў Беларусі. Тым часам весткі, якія атрымліваў, не суцяшалі.

Асабліва істотнае значэнне мела кадравае становішча ў першыя месяцы акупацыі. Прывезеныя з эміграцыі кадры (паводле розных ацэнак — ад 30 да 50 чалавек) былі нешматлікія і ў большасці непадрыхтаваныя для выканання патрабаванняў акупацыйных уладаў. Выключна слабы быў удзел беларусаў у арганізацыі службы парадку (дапаможнай паліцыі), таму нямецкія вайсковыя ўлады накіроўвалі ў Беларусь літоўскія, латышскія і ўкраінскія паліцэйскія фармаванні, а ў яе заходніх акругах ахвотна давяралі кіраўніцтва мясцовай адміні­страцыяй і дапаможнай паліцыяй больш вопытным палякам. З пачаткам верасня 1941 г. частка Беларусі з Мінскам была перададзена цывільным уладам, аднак патэтычныя заклікі і лозунгі яе генеральнага камісара Вільгельма Кубэ („Беларусь для беларусаў“ і падобныя) пакуль што не мянялі становішча.

Сярод беларускіх дзеячаў, якія спадзяваліся на падтрымку нямецкімі ўладамі іх нацыянальна–дзяржаўных памкненняў, запанавала расчараванне. Адны лічылі, што немцы не давяраюць беларусам і фаварызуюць палякаў і літоўцаў, а іншыя самакрытычна прызнавалі сваю няздольнасць стварыць нацыянальнае самакіраванне нават у тых сціплых рамках, якія дапускаліся акупацыйнымі ўладамі. У многіх выпадках пачуццё сваёй няпаўнавартасці перапляталася з бязрадаснасцю, што садзейнічала пашырэнню настрояў пасіўнасці і адмаўлення ад грамадскай дзейнасці.

Бадай першы расчараваўся старшыня групоўкі „Цэнтр“ доктар Мікола Шчорс, які ў ліпені — жніўні 1941 г. на чале групы эмігрантаў імкнуўся арганізаваць у Беларусі краёвае самакіраванне пад нямецкім патранатам. Аднак некампетэнтнасць ваенных уладаў і абыякавасць нешматлікіх нацыянальных дзеячаў вымусіла яго адмовіцца ад гэтага намеру і вярнуцца ў Варшаву. Так без ніякіх намаганняў Акінчыца выпаў з палітычнай гульні яго галоўны канкурэнт да ўяўнай улады ў Беларусі. Па іншых прычынах не змог замацавацца ў Мінску і Радаслаў Астроўскі, які ў кастрычніку 1941 г. выехаў у Бранск і пазней — у Смаленск.

Аднак і цяпер не збыліся спадзяванні Акінчыца на ролю беларускага лідэра. У верасні 1941 г. міністр акупаваных усходніх абшараў Альфрэд Розенберг паслаў у Мінск доктара Івана Ермачэнку, які ўзначаліў Беларускую народную самапомач (БНС) — пакуль што адзіную легальную грамадскую арганізацыю. Ермачэнка карыстаўся даверам генеральнага ка­місара Кубэ, яны разам ажыццяўлялі розныя мерапрыемствы, накіраваныя на паступовую беларусізацыю адміністрацыі, арганізацыю антыпартызанскай Самааховы, развіццё школьніцтва і нацыянальнай самасвядомасці народа, на стварэнне ў перспектыве беларускай дзяржавы з Ермачэнкам як прэм’ерам яе ўрада.

Такі кірунак дзеянняў Кубэ і Ермачэнкі, на добры лад, няшмат адрозніваўся ад імкненняў Акінчыца з адным выняткам — ён сам хацеў быць будаўніком беларускай дзяржавы. Цяпер, пасля адыходу з палітычнай сцэны Шчорса і Астроў­скага, яго галоўным праціўнікам стаў Ермачэнка. Аднак змагацца з ім Акінчыцу было няпроста — абодва былі служачымі ведамства Розенберга, таму  ніякія звыклыя дзеянні Акінчыцу не варажылі поспеху і трэба было выяўляць новыя ініцыятывы.

Паколькі партыйная дзейнасць была забаронена нямецкімі ўладамі, летам 1941 г. Акінчыц выпрацаваў альтэрнатыўную канцэпцыю „руху маладых актывістаў“, мэтай якога было ўзгадаванне беларускай моладзі ў духу адданасці акупацыйнаму рэжыму. Паводле яго задумы, моладзь павінна была ўдзельнічаць у змаганні з ворагамі новага ладу, між іншым, ствараць свае атрады СС, а ў перспектыве быць падставай агульнакраёвай беларускай арганізацыі, якая была б надзейнай апорай нямецкага кіраўніцтва. У прыватнасці, беларускія юнацкія атрады СС дазволілі б замяніць літоўскія, латышскія і ўкраінскія паліцэйскія батальёны і паўплываць на рост нацыя­нальнай самасвядомасці народа.

Улічваючы скептыцызм Розенберга і яго чыноўнікаў у вырашэнні беларускага пытання, Акінчыц насуперак спадзяванням беларускіх канкурэнтаў даказваў, што пакуль не існавала магчымасці стварэння беларускай дзяржавы — для гэтага не было належных умоў: народ знаходзіўся ў летаргічным сне, нацыянальная свядомасць — паралізавана. Таму не маглі быць творцамі Беларусі „папяровыя генералы, прафесары і дактары“, якія хацелі б адраджаць яе зверху — беларускае адраджэнне трэба пачынаць знізу пад нямецкім кіраўніцтвам[12].

Усё ж, нягледзячы на зацікаўленне некаторых ваенных камендатур, аднадумцам Акінчыца не ўдалося заснаваць такую арганізацыю моладзі ў краёвым маштабе, але прынамсі ў Глыбоцкай акрузе летам 1941 г. яна была створана. Восенню гэтага ж года яна была ўхвалена акруговым камісарам Паўлем Гахманам і дзейнічала да чэрвеня 1943 г., калі ўлілася ў арганізаваны тады Саюз беларускай моладзі (СБМ)[13]. Магчыма, яе заснавальнікам у Глыбокім быў паплечнік Акінчыца Уладзіслаў Казлоўскі.

Гэтым разам ініцыятыва Акінчыца не была безвыніковай. Праўда, стварэнне „руху маладых актывістаў“ пакуль што не адбылося, але яго канцэпцыя, якая адлюстравалася ў рапартах службы бяспекі, стала вядомай у берлінскіх кіраўнічых колах, зацікаўленых ўзгадаваннем надзейных кадраў для акупацыйнага праўлення ў Беларусі. Стварыць гэтыя кадры Розенберг даручыў Акінчыцу.

Познім летам, пасля атрымання згоды галоўнага камандавання Вермахта, ведамства Розенберга дазволіла Акінчыцу выбраць з лагераў савецкіх ваеннапалонных пэўную колькасць інтэлігентных беларусаў для працы ў якасці перакладчыкаў і прапагандыстаў у нямецкіх установах у Беларусі. Не закраналіся пры гэтым у размовах з Акінчыцам ці беларускімі арганізацыямі ў Берліне палітычныя аспекты гэтых акцый[14]. У верасні 1941 г. была створана камісія, якая прачэсвала лагеры палонных і ацэньвала кваліфікацыю кандыдатаў на падрыхтоўчы курс у мясцовасці Вустраў пад Берлінам. Працай камісіі кіраваў Акінчыц, а яе членамі былі Васіль Камароўскі і Аляксандр Крыт. Неўзабаве да іх далучыўся Генрык Барановіч. З восені 1941 г. яны працавалі як арганізатары і лектары ў Вустраўскай школе прапагандыстаў[15]. Магчыма, працавалі там яшчэ іншыя асобы, пра якіх пакуль што няма пэўных звестак.

Няма дакладных дадзеных і пра колькасць палонных чырвонаармейцаў, якія пагадзіліся з прапановай камісіі і перавыхоўваліся ў Вустраве. Паводле Сымона Шаўцова, сабралася там 80 беларусаў[16]. Іван Касяк ацэньваў іх колькасць на 60 чалавек[17]. Няясныя выказванні Алеся Вініцкага, які піша, што з лагераў было выбрана каля сотні кандыдатаў, аднак курс праслухала ўсяго каля 20 чалавек[18]. Усе гэтыя звесткі выглядаюць неверагодна ў супастаўленні з інфармацыяй Аляксея Салаўёва, паводле якой толькі ў лютым 1942 г. у Мінск на чале з Акінчыцам прыбыла група прапагандыстаў у колькасці 70 чалавек[19]. Магчыма, агульная колькасць дастаўленых у Беларусь гадунцоў Акінчыца перавышала сотню.

Няшмат вядома і пра персаналіі Вустраўскіх курсантаў. Тыя, якім пасля вайны ўдалося пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР, — як Уладзімір Гарэлік (Латушкін) і Язэп Лешчанка (літаратурны псеўданім Міхась Кавыль), — маўчалі, і толькі Сымон Шаўцоў з Аўстраліі напрыканцы жыцця апублікаваў кароткі ўспамін аб Акінчыцавай школе і яе навучэнцах (Мая адысея. Вільня, 1999). Таксама маўчалі на эміграцыі Барановіч, Камароўскі і Крыт, а Вініцкі ў сваіх „Матэрыялах да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне“ прынцыпова пазбягаў называць прозвішчы курсантаў. У апошнія гады крыху персанальных звестак выявілі мінскія даследчыкі СБМ Алег Гардзіенка і Аляксандр Каваленя, якія карысталіся архіўнымі крыніцамі.

На падставе гэтых публікацый можна вызначыць прозвішчы 18 курсантаў: Бабкоў, Язэп Беразоўскі, Сяргей Бузак, Бядрыцкі, Уладзімір Гарэлік, Міхась Ганько, Гарбуноў, Жыркевіч, Мікіта Каляда, Калядка, Караваеў, Язэп Лешчанка, Па­лікарп Манькоў, Зміцер Стэльмах, Георгі Фролаў, Міхась Цікуноў, Сымон Шаўцоў і Фёдар Шпак. Усе яны былі афіцэрамі Чырвонай Арміі і акрамя Міхася Ганька ўсе паходзілі з усходняй Беларусі, дзе атрымалі адукацыю і ўзгадоўваліся ў духу камуністычнай ідэалогіі і савецкага патрыятызму. Палонныя афіцэры былі звыклыя да дысцыпліны і нацыянальнымі амбіцыямі ў большасці не кіраваліся. Відаць, гэтыя якас­ці вырашылі іх дапушчэнне на курс і да службы ў Беларусі.

Заняткі ў Вустраве трывалі каля шасці месяцаў з кожнай групай курсантаў. За гэты час яны павінны былі засвоіць прынцыпы дзеяння нямецкай цывільнай адміністрацыі ў Беларусі, метады змагання з бальшавіцкай ідэалогіяй, вывучалі нямецкую і беларускую мовы, практыкаваліся ў публічных выступленнях. Асаблівую ўвагу Акінчыц звяртаў на азнаямленне слухачоў з сваёй нацыянальнай канцэпцыяй, прычым прышчапляў ім пагарду да — на яго думку — „бесхрыбетных шкурнікаў“, „гнілых дэмакратаў“ і да т. п., якія, карыстаючыся непаслядоўнасцю нямецкага кіраўніцтва, пралезлі ў БНС.

Пасля сканчэння курса Акінчыц дастаўляў падрыхтаваныя групы прапагандыстаў у Мінск і перадаваў іх у аддзел прапаганды генеральнага камісарыята. Там іх накіроўвалі ў паасобныя акруговыя камісарыяты цывільнай зоны Беларусі. У Мін­ску працавалі, між іншым, Бузак, Ганько, Гарэлік, Лешчанка, Стэльмах, Шаўцоў, у Баранавічах — Бядрыцкі, Гарбуноў, Шпак, у Слуцку — Манькоў, у Лідзе — Бабкоў, у Нава­град­ку — Каляда. Прапагандысты выконвалі загады толькі нямецкіх установаў і не ўключаліся ў сферу дзейнасці БНС. Акра­мя некалькіх перабежчыкаў да партызанаў пераважная іх большасць апраўдала давер свайго настаўніка.

Так сфармавалася апазіцыйная да БНС–аўскага кіраўніц­тва нацыянал–сацыялістычная групоўка. Кіравалася яна ідэямі Акін­­чыца, выкладзенымі ў Вустраве і ў яго аб’ёмістым артыкуле „Дум­кі на часе“, апублікаваным у „Беларускай Газэце“ (28.03.—11.04.1943), якія можна рэзюмаваць наступным чынам.

— Вайна вядзецца ў імя будучыні ўсяго культурнага свету. Ад таго, якая сіла пераможа, залежыць лёс усіх народаў. Вайна вядзецца за перабудову Еўропы на новых палітычных і гаспадарчых падставах. Нам, беларусам, не даводзіцца шкадаваць даваенную Еўропу — нічога ў ёй мы не мелі і мець не маглі.

— Мы не павінны глядзець на гэтую вайну толькі з беларускага пункту гледжання. Беларуская справа будзе развязана на нашу карысць пасля таго, як вораг будзе знішчаны і ў Еўропе будзе запачаткаваны новы парадак, абапёрты на выключэнні з грамадскага жыцця бальшавізму і жыдоўства.

— У гэтым змаганні няма месца нейтральнасці. Той, хто супраць бальшавіцкай камуны, можа знайсці разнаякія магчымасці дапамогі фронту. Трэба праводзіць ачышчэнне краю ад бальшавікоў і іх агентаў, выкрываць падрыўныя метады іх дзейнасці, арганізаваць добры тыл для арміі, даць хлеб.

— Сапраўдная народная ўлада павінна быць створана ў выніку грамадскага пераўзгадавання нашага народа пад вы­значальным уплывам яснай цвёрдай ідэалогіі, адпаведнай вымогам жыцця ў агульнаеўрапейскім маштабе.

— Трэба размежавацца з людзьмі, якія інакш думаюць і дзейнічаюць на карысць варожых беларускай справе сіл. Вы­кінуць трэба і тых, хто хацеў бы заняць залатую сярэдзінку. У сучасную часіну ім месца няма. Хто не з намі — той супраць нас. Хто не хоча актыўна змагацца з бальшавізмам і ягонаю спадчынаю, хто чакае на адпаведнае надвор’е, той вораг. Трэба нарэшце зрабіць канчатковы парадак з тым бальшавіцкім ахвосцем, якое засталося і якое свой бальшавіцкі глузд сарамліва прыкрывае рознымі фігавымі лісткамі, як, прыкладам, славянафільствам ці нечым іншым, згатаваным у маскоўскай кухні.

— Ёсць у нас „палітыкі“, якія заклікаюць „ні ў якім выпадку не расцярушваць нашае ўвагі, не адцягваць яе ад сваіх беларускіх спраў“, ды нагадваюць, што „веліч сучасных падзеяў не павінна зацямняць «маласці» нашае справы і перашка­джаць у будаванні нашага заўтра, у збіранні і ўмацаванні нашых беларускіх сілаў“. Такім „палітыкам“ трэба прыгадаць, што лёс беларускай справы залежыць выключна ад лёсу антыбальшавіцкага фронту. Было б вялікім няшчасцем для беларусаў, калі б у гэтую часіну, калі край разбураны і выбіты з каляіны нармальнага жыцця, да ўлады над ім дарвалася нейкая кампанія людзей, якія нічога за сабой не маюць, акрамя хваравітых амбіцыяў і прагі ўлады.

На думку Акінчыца, выказаную ў кастрычніку 1942 г. у Баранавічах, для вырашэння гэтых праблем неабходна стварыць адпаведную палітычную арганізацыю, рэарганізаваць адміністрацыю і замяніць „варожыя элементы“ паслядоўнымі прыхільнікамі нацыянал–сацыялістычнай ідэалогіі. На такую ідэалогію павінны абапірацца ўсе беларускія арганізацыі, паліцыя, школьная адукацыя як зыходны пункт пераўзгадавання ўсяго грамадства[20].

Аднак Кубэ, які па–свойму разыгрываў карту беларускага нацыяналізму, ігнараваў патрабаванні Акінчыца і не дазваляў газетам змяшчаць ягоную крытыку паводзінаў Ермачэнкі і кіраўніцтва БНС. Затое больш прыхільна ставілася да яе Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі ў Берліне і яго мінскія органы. Яны здаўна ставіліся крытычна да палітыкі Кубэ і намагаліся яго скампраметаваць як правадніка нібыта супярэчных інтарэсам Нямеччыны беларускіх нацыянальных ініцыятываў, якія праяўляла кіраўніцтва БНС[21].

Канфлікт паміж кіраўнічымі органамі акупацыйнага праўлення ўспрымаўся Акінчыцам як доўгачаканы шанец: нарэшце службе бяспекі спатрэбіліся доказы злачыннай дзейнасці яго палітычных праціўнікаў. Пад канец 1942 г. ён павёў вострую атаку супраць кіраўніцтва БНС, якое абвінавачваў у бяздзейнасці, няздольнасці, а нават сабатажы такой справы, як актывізацыя грамадства ў барацьбе з партызанскім рухам. Крытыкаваліся і панславістычныя тэндэнцыі ў БНС–аўскім кіраўніцтве і прапартызанскія сімпатыі яго „левага крыла“, сведчаннем чаго меў быць пераход да партызанаў некаторых мясцовых дзеячоў БНС і груп Сама­аховы[22].

Нямецкая служба бяспекі карысталася даносамі Акінчыца і яго групы і няраз на іх спасылалася ў сваіх рапартах. Такім чынам яны паўплывалі на сфабрыкаванне ў снежні 1942 — студзені 1943 г. справы Ермачэнкі, які абвінавачваўся ў найбольшым злачынстве — дзяржаўнай здрадзе. Дзякуючы намаганням Кубэ Ермачэнка пазбег смерці і пакуль што заставаўся ў Мінску. Затое ў атмасферы паліцэйскіх ганенняў былі рэпрэсаваны многія дзеячы БНС у Мінску і на правінцыі, а ў іх ліку ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, арыштаваны і забіты 24 снежня 1942 г.[23]

На пачатку 1943 г. пазіцыя БНС моцна паслабела, і Акінчыц, які цешыўся прызнаннем Готберга, Штраўха і высокіх функцыянераў СС і паліцыі ў Берліне, быў упэўнены ў хуткай перамозе — якраз у тым часе СС–аўскае ведамства здабывала штораз большы ўплыў на дзейнасць Розенберга і цывільнага праўлення на Ўсходзе. Аднак Акінчыц усё яшчэ не ведаў, як будзе вырашаны лёс Ермачэнкі. 11 лютага 1943 г. блізкі су­працоўнік Акінчыца Генрык Барановіч пісаў Міхасю Ганько, што ў найбліжэйшым часе ён (Барановіч) з сваім шэфам і чарговай групай прапагандыстаў прыедуць у Мінск і так настаўляў Ганько супроць Ермачэнкі і яго каманды:

„Аб тым, што датычыць клікі Ермачэнкі (створанай толькі ў Беларусі), будзем з Вамі гаварыць у Мінску. Сёння магу Вам сказаць толькі адно: Вы будзеце здзіўлены рознаму — ёсць на тое падстава. Усё ж Вы не можаце ўявіць, што людзі, якія імкнуцца паказаць сябе знешне надзейнымі і лаяльнымі да Нямеччыны і беларускай справы, якія сумесна маршыруюць і скандуюць, вельмі часта з’яўляюцца найменш паўнацэннымі, лгунамі, вераломнымі і агіднымі суб’ектамі, нягоднікамі, нават свіннямі. Узнікае пытанне, чаму і як доўга такія анучы будуць засмечваць святую зямлю. <…> Калі мы прыедзем у Мінск, узарвецца бомба — у гэтым некаторыя паночкі могуць не сумнявацца. Я абсалютна ўпэўнены, што ваўкоў у авечай скуры паразяць прызначаныя ім асколкі“[24].

Невядома, ці словы Барановіча пра бомбу і асколкі абазначалі планаваны групай Акінчыца замах на жыццё Ермачэнкі, ці нейкую акцыю, якая давяла б яго да палітычнай гібелі. Так ці інакш Акінчыц і яго гадунцы рыхтавалі тады канчатковую расправу з кіраўніцтвам БНС. Аднак справы развінуліся інакш. Ліст Барановіча да Ганька наўрад ці дайшоў да адрасата — яго нечакана перанялі службы генеральнага камісарыята і перадалі Кубэ. 23 лютага 1943 г. ён з абурэннем пісаў Розенбергу пра паводзіны Барановіча і надалей бараніў Ермачэнку як надзейнага супрацоўніка[25].

Дзякуючы гэтай выпадковасці планы Акінчыцавай групы праваліліся. У прыватнасці, яны сталі вядомыя Ермачэнку, які з мэтай самаабароны арганізаваў знішчэнне свайго праціўніка, у чым галоўную ролю адыграў журналіст „Беларускай Газэты“ Алесь Матусевіч. Тым часам нішто не трывожыла Акінчыца ў Мінску, ніякія падазрэнні ў яго не ўзнікалі. Напярэдадні замаху Матусевіч запрасіў Акінчыца, Казлоўскага і Адамовіча на сустрэчу ў сваёй кватэры, пад час якой нібыта ад­крыта абмяркоўвалі тагачаснае палітычнае становішча, узгаднялі тэматыку публікацый Акінчыца ў „Беларускай Газэце“. Тады быццам была зроблена Матусевічам няўдалая спроба атру­ціць Акінчыца[26].

На наступны дзень, 5 сакавіка 1943 г., раніцай Матусевіч прыйшоў на кватэру Казлоўскага, у якога начаваў Акінчыц, забіў яго стрэлам з пісталета і ўцёк да партызанаў. Пахавалі яго на вайсковых могілках у Мінску чамусьці толькі 15 сака­віка — на дзесяты дзень ад смерці. Паводле Адамовіча, аддзел прэсы генеральнага камісарыята забараніў мінскім газетам друкаваць паведамленні пра замах і пахаванні, па гэтай прычыне не прайшоў і некралог, які напісаў Казлоўскі для „Беларускай Газэты“. Выглядае на тое, што ўлады не хацелі высвятляць прычыну замаху, а спроба спісаць яго на „маскоўскіх агентаў“ была б для сучаснікаў занадта неверагоднай.

На заканчэнне працытуем дзве супярэчлівыя ацэнкі нашых суродзічаў з Аўстраліі, без якіх палітычны партрэт Акінчыца быў бы няпоўны, і якія, магчыма, паспрыяюць пошукам адказу на пытанне, кім у сапраўднасці быў гэты чалавек.

Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні (Таронта, 1976, с. 48):

„З даручэння гітлераўцаў Акінчыц з савецкіх палонных выдзяляў беларусаў у адумысловыя перашкольныя табары пад Берлінам, дзе рыхтаваліся кадры людзей, слепа пакорных нацысцкай Нямеччыне, фюрэру і нацысцкім інтарэсам. <…> Гэта быў фанатык, які верыў, што нізкай услужлівасцю гітлераўцам здабудзе ў іх давер і што за гэтым ідзе — уладу ў Беларусі. Ён нават збіраўся ў час вайны рабіць «чыстку» у радах беларускіх актыўных дзеячаў, што ўзяліся за адбудову краю ў жудасных ваенных умовах. <…> Калі я сачыў дзейнасць Акін­чыца, я не мог зразумець, дзе ў ім канчаецца варожы беларускай справе авантурыст, а дзе пачынаецца псіхапат“.

Сымон Шаўцоў. Мая адысея (Вільня, 1999, с. 41—42):

„Памятаю, як ён (Акінчыц. — Ю.Т.) навучаў нас у гэтым лагеры: «Немцы нам не калегі, але мы не маем з кім ісці. Мы пайшлі б з самім чортам, каб толькі здабыць нашую незалежнасць. Немцы паляць вёскі з людзьмі, дзяцьмі, старымі. Партызаны забіваюць немца, падкідваюць бліз вёскі, а немцы паляць тую вёску як партызанскую. І немцы і партызаны забі­ваюць нашую інтэлігенцыю… На вас уся надзея. Я за вас залажыў сваю галаву. Як хто з вас уцячэ да партызанаў, усіх нас пастраляюць немцы. Трымайцеся адзін аднаго, каб вас не спакусілі, не справакавалі. Будзьце мудрыя, як біблейны Саламон, хітрыя, як змеі… Наша бяда, што лёс Радзімы лучыць нас з Нямеччынай. Так ужо было ў 1918 годзе, калі пад акупацыяй кайзераўскіх войскаў паўстала БНР. Ніхто нам незалежнасць не дасць, як самі яе не заваюем. Нам няма выйсця. Францыя, Англія ды Амерыка ў альянсе з СССР. Час пакажа, з кім нам ісці. А цяпер трэба ратаваць наш народ ад генацыду, як ад бальшавіцкага, гэтак і нямецкага… Вам выпала цяжкая праца. На вас будуць паляваць і бальшавікі і немцы. Ні адным, ні другім нашыя ідэі і мэты не пасуюць. Будзьце абачлівыя!» Так настаўляў нас Фабіян Акінчыц“.

Калі погляды накшталт ацэнкі Малецкага даволі пашыраныя ў эмігранцкай літаратуры і часткова пацвярджаюцца дакументацыяй, то выказванне Шаўцова з’яўляецца рэдкім і амаль неверагодным. Усё ж ігнараваць яго нельга, перш за ўсё з увагі на спецыфіку таго часу, калі афіцыйнымі дэкларацыямі няраз прыкрываліся іншыя намеры і дзеянні.

Бадай адзіным несумненным здзяйсненнем Акінчыца бы­ла падрыхтоўка прапагандыстаў, якія неўзабаве стварылі і ўзначалілі Саюз беларускай моладзі. Янка Жамойцін, які ўпер­­шыню сустрэўся з імі на СБМ–аўскіх курсах у Мінску, пісаў:

„Курсантамі былі пераважна крыху старэйшыя за мяне хлопцы з усходняй Беларусі. Пасля аказалася, што гэта былыя афіцэры Чырвонай Арміі, якія папалі ў палон і ўжо адбылі нейкую падрыхтоўку. Цяпер накіравалі іх арганізаваць Саюз беларускай моладзі. Апрача іх было і некалькі «заходнікаў»: з Глыбокага, Вілейкі, Ганцавіч, хіба з Баранавіч і я — з Нава­градка. Былыя афіцэры ставіліся да нас быццам з апякунствам, а мы да іх з недаверам, як да нямецкіх стаўленікаў. Курсы працягваліся нешта два тыдні і ў канцы пачатковая прадузятасць ужо не заўважалася. Як бы тыя былыя ваякі не маскіраваліся, стала ясным, што не немцам служыць яны прыехалі. Не заставалася ні трохі сумнення, што незалежна ад такіх ці іншых поглядаў, завербавала іх любоў да Радзімы, настальгія па культуры, у якой выраслі. <…> Акруговымі кіраўнікамі пасля заканчэння курсаў былі назначаны амаль вы­ключна хлопцы з прывезенай з Нямеччыны групы“[27].

Нягледзячы на выкарыстоўванне моладзі для ваенна–эканамічных патрэбаў Нямеччыны СБМ здолеў выхаваць тысячы юнакоў і юначак у духу нацыянальнай актыўнасці і адданасці сваёй Бацькаўшчыне. Такі быў вынік дзейнасці асуджаных Малецкім Акінчыцавых гадунцоў.


[1] Фабіян Акінчыц нарадзіўся 20 cтудзеня 1886 г. у вёсцы Акінчыцы Новасвержанскай воласці Мінскага паветy ў заможнай каталіцкай сям’і Яна і Эміліі. У 1906 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбугскага універсітэта, які скончыў у 1913 г., працаваў юрыстам. У 1906—1917 г. — дзеяч расійскай Партыі сацыялістаў–рэвалюцыянераў. У 1923 г. вярнуўся на радзіму, настаўнічаў у Засуллі на Стаўбцоўшчыне, са жніўня 1926 г. член кіраўніцтва БСР Грамады, у студзені 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля турэмнага зняволення з верасня 1930 да сакавіка 1931 г. член кіраўніцтва „Цэнтрасаюза“, пазней „Адраджэння“ і Беларускага дабрачыннага таварыства. Аўтар кніг „Чаму гэта так сталася“ (1931), „Правакацыя беларускага народу“ (1933), „Аграрна–кааператыўная палітыка будучыні“ (1936), „Jak Komintern organizował ruch białoruski“ (1938); выдавец газеты „Голас Праўды“ і аднаднёвак „Праўда“ і „Беларуская Праўда“.
[2] Новы Шлях. 25.11.1937. №24.
[3] Пра данцыгскую канферэнцыю польскія ўлады не мелі дакладных звестак. Апублікаваная В.Склубоўскім у беластоцкай „Ніве“ (19.09.1982) інфармацыя польскага міністэрства ўнутраных спраў называе яе „з’ездам беларускага нацыянальнага руху“, які прыняў пастанову, што Беларусь можа атрымаць незалежнасць толькі з дапамогай Нямеччыны. Ніякіх звестак пра ўдзельнікаў гэтага „з’езда“ ўлады не мелі. Усё ж гэта было дастаткова для інспірацыі шуміхі ў польскіх газетах, якія „дапрацоўвалі“ падрабязнасці, патрэбныя для абгрунтавання антыбеларускіх рэпрэсій. „Kurjer Polski“ (22.06.1939) Данцыгскую канферэнцыю назваў „кангрэсам беларускіх дзеячаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Савецкай Расіі і ЗША“. Гэтыя сенсацыі паўтарыў Цанава, па–свойму іх „удакладняючы“. У выніку з ліку ўдзельнікаў зніклі прадстаўнікі савецкіх беларусаў, а саму падзею назваў канферэнцыяй прадстаўнікоў капіталістычных краін з удзелам між  іншых Язэпа Варонкі. Такім чынам Цанава імкнуўся дыскрэдытаваць увесь беларускі незалежніцкі рух як агентуру фашысцкай Нямеччыны — гл.: Цанава Л. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Т.2. Мінск, 1951. С.882; Гл. таксама: Хрысціянская Думка. 1.07.1939.
[4] Косик В. Україна і Німеччина у другій світовій війні. Париж — Львів — Нью–Ёрк, 1998. С.486 (дакумент №35).
[5] Грынкевіч С. Ліст у рэдакцыю // Беларуская Царква. Чыкага, 1965, №28. С.193.
[6] Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Менск, 1994. С.12.
[7] Інфармацыя былых дзеячаў Беларускага камітэта ў Варшаве Міколы Ждановіча і Баляслава Манкевіча з 1983 г.
[8] Die weissruthenische Frage: Bericht ueber die beiden weissruthenischen politischen Gruppen, Архіў Новых Актаў у Варшаве (далей ААН), Александрыйскія мікрафільмы, Т–81, ролік 13, ЕАР–250d–18–10/4. (Матэрыялы Oststelle NSDAP.)
[9] Mader J. Hitlers Spionagegenerale sagen aus. Berlin, 1974. S. 269, 342.
[10] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Менск, 1993. С.255; Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С.35.
[11] Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. 1939—1944. Мінск, 2002. С.22—24.
[12] Ereignismeldung UdSSR Nr 154, 12.01.1941, AAH, Александрыйскія мікрафільмы, Т–175, ролік 234/2723569.
[13] Пасляэвакуацыйная справаздача акруговага камісара ў Глыбокім ад 16.08.1944, тамсама, Т–454, ролік 102/309.
[14] Ereignismeldung UdSSR Nr 190, 8.04.1942, ААН, T–175, ролік 235/2724178.
[15] Генрык Барановіч (1916—2003), нараджэнец Ашмяншчыны, удельнік нямецка–польскай вайны, вызвалены з лагера ваеннапалонных (1940), з восені 1941 г. супрацоўнік Акінчыца ў Вустраўскай школе прапагандыстаў, з лістапада 1943 г. арганізатар і кіраўнік Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне, рэдактар часопіса „Малады Змагар“. Пасля вайны жыў у г. Таронта, Канада.
Васіль Камароўскі (1914—1953), нараджэнец Стаўбцоўшчыны, удзель­­нік нямецка–польскай вайны, пасля вызвалення ў сакавіку 1941 г. з лагера ваеннапалонных сакратар Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне, з восені 1941 г. супрацоўнік Акінчыца. З 1950 г. жыў у г. Таронта, Канада, член замежнага сектара Беларускай народнай грамады, супрацоўнік часопіса „Баявая Ускалось“. Памёр у Таронта.
Аляксандр Крыт (1901—1983),  нараджэнец Стаўбцоўшчыны, верагодна, ўдзель­нік нямецка–польскай вайны, з вясны 1941 г. член управы Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне, з верасня 1941 г. супрацоўнік Акінчыца. Пасля вайны святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Англіі і ЗША (1950—1968), епіскап (1968), архіепіскап (1970), мітрапаліт (1972). Памёр у г. Кліўленд, ЗША.
[16] Шаўцоў С. Мая адысея. Вільня, 1999. С.41.
[17] Найдзюк Я., Касяк І. Назв. твор. С. 281.
[18] Вініцкі А. Назв. тв. С.17.
[19] Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Минск, 1995. С.146.
[20] Раманоўскі В. Саўдзельнікі ў злачынствах. Мінск, 1964. С. 199.
[21] Шырэй пра канфлікт Кубэ — СС гл. у працы Ю.Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй“. Мінск, 1993.
[22] Акінчыц Ф. Не забываць пра галоўнае // Беларуская Газэта. 4.03.1943; таксама Meldungen Nr 38, 22.01.1943, AAH, Александрыйскія мікрафільмы, Т–175, ролік 236/2725415.
[23] Ярмусик Э.С. Католический костёл в Белоруссии в годы Второй мировой войны (1939—1945). Гродно, 2002. С.229—231.
[24] Ліст Барановіча да Ганька ад 11.02.1943, ААН, Александpыйскія мікрафільмы, Т–454, ролік 39/1055.
[25] Ліст Кубэ да Розенберга ад 23.02.1943, тамсама, Т–454, ролік 39/1053.
[26] Інфармацыя Антона Адамовіча аўтару ад 18.04.1985.
[27] Жамойцін Я. З перажытага // Лёс аднаго пакалення. Беласток, 1996. С.88—89.

Наверх

Андрэй Радаман. Інструкцыя Новагародскага cойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г.

16 снежня, 2003 |


Соймікавая інструкцыя паслам Новагародскага павету на элекцыйны сойм 1587 г. — адзіная соймікавая інструкцыя шляхецкіх соймікаў Новагародскага ваяводства з часоў першага, другога і трэцяга бескаралеўяў, што дайшла да нашых часоў у арыгінале. Гэты унікальны дакумент дазваляе дакладна вызначыць кампетэнцыю новагародскага перад­элекцыйнага сойміка і высветліць пытанні, якія ста­віліся новагародскай шляхтай перад усёй палітычнай элітай Рэчы Паспалітай на элекцыйным сойме 1587 г. Як адзначыў у сваёй апошняй манаграфіі Генрых Люлевіч, на гэтым сойміку прысутнічала як мінімум 60 удзельнікаў. Пад пагрозай парушэння перамір’я з боку Маскоўскай дзяржавы яны пастанавілі не ехаць усім на элекцыйны сойм і вы­правілі пад Варшаву толькі 6 сваіх паслоў, якія павінны былі ў сваёй дзейнасці дакладна прытрымлівацца зместу інструкцыі, дадзенай ім на сойміку. Гэтыя ж паслы прадстаўлялі інтарэсы новагародскай шляхты і на галоўным з’ездзе ВКЛ у Ваўкавыску[1].

Інструкцыя ўплецена ў рукапісны зборнік, які змяшчае шэраг дакументаў, што маюць дачыненне да падзей бескаралеўя пасля смерці Стэфана Баторыя. Пазнакі Рыгора Паўлавіча[2] і Паўла Рыгоравіча[3] Унехоўскіх дазваляюць зрабіць выснову, што пасля элекцыйнага сойму 1587 г. інструкцыя засталася ў аднаго з паслоў, а менавіта ў Рыгора Паўлавіча Унехоўскага, і ў канцы XVI — пачатку XVII ст. захоўвалася ў сямейным архіве роду Унехоўскіх гербу „Астоя“ (належалі да шляхецкай карпарацыі Новагародскага павету). Якім чынам дакумент ­трапіў у Нясвіжскі архіў Радзівілаў, застаецца невядомым. Цяпер інструкцыя захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве.

Прынцыпы перадачы тэксту. Літары, якія выйшлі з ужытку — у рукапісе гэта є, ѡ, y, ѣ, ıa, ѧ — захоўваюцца. Дыграф „кг“, які выкарыстоўваўся для абазначэння выбухнога „г“, захоўваецца. „Ер“ („ъ“) перадаецца як у сярэдзіне, так і ў канцы слова. Вынасныя надрадковыя і падрадковыя літары і склады ўносяцца ў радок і перадаюцца курсівам. Прапушчаныя літары ў скарочаных пад цітлай словах аднаўляюцца і бяруцца ў круглыя дужкі. Паерык перадаецца знакамі s і z , у залежнасці ад формы яго напісання ў рукапісе.

A. Archiwum Główne Akt Dawnych, Archiwum Radziwiłłów, dział II „Dokumenty Historyczne“, nr 187, s. 1—6.

1587 г. траўня 12. Новагародак / Навагрудак. — Інструкцыя сойміка Новагародскага павету паслам: пісару вялікаму літоўскаму Андрэю Іванавічу Абрынскаму, земскаму новагародскаму суддзі Есіфу Галаўню, Міхайлу Казінскаму, Івану Масковічу, Рыгору Унехоўскаму і Беняшу Есману на элекцыйны сойм 1587 г.

[С. 1]

| Инъструкцыıa, альбо злецєне ѡт врадников земских и дворныхъ, | всего рыцєрства шлıaхты ѡбыватєлев воеводства повету | Новгородского, которые на тот час на сєsмик до Новгородъка | перед елекъцыею, через листы его м(и)л(о)сти пана | воеводы Новгородского зложоныz, зъехали, их м(и)л­(о)сти паном | посломъ, братьи нашоs, с посродку нас ѡбра­ным и на з[ъ]ездъ | головныs до Волковыsска, так же зараз и на сєsмъ елекцыи | блиско прышлыs до Варшавы, в року теперешнем,  тисеча | пıaтсот ѡсмъдесıaтъ семомъ, посланым: его м(и)л(о)сти пану | Анъдрею Ивановичу Ѡбрынскому, писарy королıa его | м(и)л(о)сти[4], его м(и)л(о)сти пану Есифy Головъни, судьи земскому | новгородскому[5], п(а)ну Михаsлу Козинскому[6], пану Ивану Масковичу[7], | пану Грыгорю Yнеховъскому, а пану Бенıaшу Есманy8

| [·҃а·] [1] Напервеs, панове послове н(а)шы, так въ Волковыsску их м(и)л(о)сти панов | сєнаторов и пословъ литовъских, а потомъ въ Варшаве | их м(и)л(о)сти панов сєнаторов и пановъ послов корунных поздоровити, | з виншованемъ ласки Божеs и з залецєнемъ служъбъ нашых, | до ласки их м(и)л(о)сти мають.

| [·҃в·] [2] Въ Волковыsску ѡ всıaких поправах прав и вольностеs нашых водле | артыкулов, нижеs списаных, што бы было з налепшым речы | посполитое, с пильным старанемъ, прац не литуючы, доsзреть | мають.

| [·҃г·] [3] До елекъцыи не прыступовать, аж все, што се выкрочыло про|тив списов yнѣи, направлено и въ звыклыs порадокъ | вправено бyдеть.

| [·҃д·] [4] На елекцыю, длıa ѡбиранıa за помочю Божою новог(о) пана, | иж намъ всимъ, з много слушъныхъ прычын, з домов | своих выехать и панство, Великое Кнıaзство Литовское, | ѡтчызнy нашy, бєз ѡпатренıa границ ѡт[ъ]ехать не видело, | вместо всих ѡсобъ нашыхъ ѡных же пановъ пословъ | нашых тамъ пославшы, ихъ м(и)л(о)сти злецаемъ, и моц | в томъ незамеронyю даемъ, за ласкою Божою в боıaзни | его светоs, п(а)на побожного, речы посполитоs нашоs пожы|точного ѡбрать згожаючысıa с тыми, которых правдиве | добрыми сторожами и милосниками речы поспо|литое видети и розyмети бyдyть.

| ·҃е· [5] Иже с мы капътур межы собою постановили, прото абы водлугъ | капътyра кождог(о) заховано, так хyдог(о), ıaкъ и великог(о) станy.

| ·҃ѕ· [6] Ѡ конъфєдєрацыю, абы въ своеs моцы зостала, не потъравyючи ее ни a–чом–a. | А то длıa того, абы нам тое не зезволено. –b –c || [С. 2]

| ·҃з· [7] В тых добрах королевских, которые бyдyть прыналежеть вечны|ми часы до столу королевского. Абы там єкономы были, | с тым докладом, абы был єкономєм литвин, а не полıaкъ. А | въ староствахъ судовых абы, по старому, старостове, а не | єкономы были. И переставать на том бyдyть повинни, | што им пожытку yказано будеть. А доходы вшелıaкие | до п(а)на подскарбего земског(о) абы были ѡдъдаваны.

| ·҃и· [8] Ѡ коле(г)иyмъ полоцъкое, которое ест з наданıa костелов кгрецких. | Абы то было направлено.

| ·҃ө· [9] Дєкреты, которые чынены противко праву посполитому, | над прысегу панскую, из листовъ затвороныхъ абы были | знесены и тые, которие не водле часy и не водлıa местца были | фєрованє.

| ·҃і· [10] Ѡ вечъныz покоs з Москвою. Абы нам пан попрысегнул взıaт его | первеs, ниж бyдеть корyнованъ. Вшак же с тым докладомъ, | абы в панствах ѡдорваных, звлаща въ Северскоz земъли | yгода, або мерковане было, бєз шкоды речы посполитое.

| ·҃аі· [11] Ѡ землю Лифлıaнтскую. Абы всıa была ку Великому Кнѧзству Лит(о)вскому.

| ·҃ві· [12] Єсли бы прышло до тог(о) поправовать тепер Статутy. | Поправить артыкуловъ ѡ ѡбраженю маестату коро|левъског(о). А може ли час быть, абы вес перед коронацыею | королıa прышлого поправен и до yтверженıa новому пану | подан был.

| ·҃гі· [13] Дыкгнитарства абы были вси вцале захованы. А хто бы | воеводство держал зо всим в цалости, абы юркгелту не мел. | Так же дедичъныхъ староствъ абы не было. Сынъ | по ѡsцy абы не дедичылъ, ıaко теперъ естъ. Абы | то заразъ yстало. А надъ право наше, абы жаден | двyхъ староствъ, або воеводъствъ сyдовыхъ | не держалъ. А хто бы держалъ, жебы заразъ, | с того зъездy волъковыsского, yступилъ тымъ, | которые заслужени в речы посполитоs сyть.

| ·҃ді· [14] Такъ же и державы, которые дети по ѡsцох своихъ | незаслужоные в речы посполитоz ѡсели. || [С. 3]

| ·҃єі· [15] А yрады, которы занедбаны, абы въ свою клюбу вєшъли, | звлаща подъкоморого, конюшого, кухмистровъскиz | абы тут y нас, панове полıaцы, в Литве, не владали, ıaко | yрадами земъскими.

| ·҃ѕі· [16] Абы пан прышлыz чужоземцовъ, а звлаща воsска коло себѣ | не ховалъ и yрады Великого Кнıaзства Литовъского | и державы, абы имъ не были роздаваны.

| ·҃зі· [17] Лесницътва абы людемъ народy литовъского были дава|ны. Кгдыж тєжъ то естъ yрады Великого Кнѧз|ства Литовъского, которые абы ѡт людеs на|родy ѡбъчого взıaты и родичомъ Великого Кнѧз|ства Литовъского заслужонымъ в речы посполитоs | розданы были з теперешнего зъездy недалеs.

| ·҃иі· [18] Манъдаты абы такие выходили, а не инакъшые, кото|рые бы се зъгажали с правомъ посполитым | подъ виною, постановеною на том зъезъде волъ|ковыzскомъ.

| ·҃өі· [19] Король, пан нашъ, абы тут, аж третег(о) рокy, в Литве мешъ|калъ, а две лете в Польще, бо тєжъ скаръбъ нашъ | добре мънеzшыz, за ѡдыстьемъ Волынıa и Подъ| лıaшъıa.

| ·҃к· [20] Панъ з воsски абы на сєsмъ не ездил и воzска yставичъного | абы пры собе не ховалъ, кгдыж то естъ з великою | шкодою речы посполитое.

| ·҃ка· [21] Склад нашъ абысмы мели в Ковне або въ Юрборку, если тог(о) реч посполитаıa | потребовать будеть.

| ·҃кв· [22] Ѡ местцє и вотум кнıaжетıa ег(о) м(и)л(о)сти слуцког(о) в раде панове послове нашы | старатисе мають, абы далеs не ѡткладаючы, пры том кн(я)же ег(о) м(и)л(о)сти | зоставлено было, кгдыж в том немалыs пожыток речи посполитое yпатруем.

| ·҃кг· [23] Державы, даные нетубыльцом, абы были тубыльцом розданы ѡд тог(о) | зъездy волковыsского не далеs.

| ·҃кд· [24] Ѡ Волынь и Подлıaше мовить и ѡ то сıa пильне пред елекцыею заставовать.

| ·҃кє· [25] Практыком забегать, абы не были жебы нами панове не тарговали. А которыs | бы в том yзнан был, против таковому, ıaко турбаторy речи посполитое, | повстат(ь) и здо­ровıa свое длıa потребы Ѡzчызны важыть. А хто бы з брати на|шое, бyдyчы слугъ их заволаным, не хотел сıa в тым почуть, пры ѡsчызне–d || [С. 4] и волности своеs зостати —бyдеть бєзєцъныz.

| ·҃кѕ· [26] Не шарпат речеs королевских, и интєрекгно так же добръ королевских, ани жадных держав, | бо бы то з ган(ь)бою нашою y людеs посторонных было. А хто скарбовъ ко|ролıa его м(и)л(о)сти што взıaл, абы совито ѡддал, а потым таковое шарпанє | никгды на веки абы не было.

| ·҃кз· [27] Єлекцыıa абы не была должъшаıa, нижли сєsмъ, абы се за тым практыки не ширыли.

| ·҃ки· [28] IAрмаркъ на кони абы был постановеныz и местцє пєвное yказано, звлаща в Сло|ниме а въ Брестью.

| ·҃кө· [29] Yрадники кгродские абы были шлıaхтичи родичи Великог(о) Кнѧзства Лит(о)вског(о) ѡселые и | прысıaглые.

| ·҃л· [30] Ѡ езы пруские, которые на переказе ıaзом на Немне и на иншых реках, абы тые зрy|цоны были.

| ·҃ла· [31] Крывды ѡд кгданщан абы жадные не были. | Шлıaхте абы ѡsчычы з добръ королевских были ворочаны, так же з добръ п(а)нов рад.

| ·҃лв· [32] Поборов жадных на себе не взносить под цнотою и под верою. А где бы тог(о) была потреба, | п(а)нове их м(и)л(ости), дыкгнитарове и старостове, державцы, правом дожывотным держачы | и в сумах добръ к(о)р(олевских) мають постановить. А мы, которые ѡд речи посполитое ничог(о) | не держемы, вольни ѡд тог(о) быти маемъ.

| ·҃лг· [33] Єє м(и)л(о)сть п(а)ни виленскаıa п(а)ни Крыстына зє Зборова, иж по вес час сєsмов прошлых прозбами своими | набегаsечы нам, абы еs м(и)л(о)ст(и) заслужоное годное  памети небожчыка п(а)на IAна Ходкевича, | малжонка ее м(и)л(о)сти, зъ скарбу заплачоно было. Кгдыж некоторые жолнери, которие | на тот час при ее м(и)л(о)сти служыли, заслужоного своего и тепер y ее м(и)л(о)сти yпоминаю(т) | и трудности великие, позываючи до права, задають. Ѡ то панове послове нашы | их м(и)л(ос)ти панов просити мають, жебы их м(и)л(о)сть, помнечи на yчъстивые и годные | послуги ѡног(о) зацного и в речи посполитоs добре заслужоного сєнатора, тую суму п(е)н(е)зеs | заслужонyю зъ скарбу малжонцє и детем его заплатит розказать рачили.

| ·҃лд· [34] Прекладал тєж на соsмикох ег(о) м(и)л(о)сть пан Есифъ Головнıa, судıa земскиs новгородскиs, заслуги свои в речы | посполитоs, которые з молодости лет своих, еще за славное светобливое памети королıa его | м(и)л(о)сти Жы­кгимонта Августа, а потом и за тог(о), тепер недавно зєшлого п(а)на нашог(о), светоб|ливое памети королıa его м(и)л(о)сти Стєфана, на прошлых воsнах под Зєльборком, под Полоц­к(е)м, | под Луками и под Псковом, на каждую потребу ставечы по двадцати и кильку кони | почту, з немалым накладом и yтратою своею, не берyчы на то жадное нагороды, | и не маючы ничог(о) ѡдъ столу Его К(о)р(олевское) м(и)л(о)сти, речы посполитоs служыл. За которие | таковые значные службы свои Ег(о) Королевскаıa м(и)л(о)сть, пан наш недавно зошлыs, контєнто|ват ег(о) был ѡбецал, чог(о) пєвное сведєцтво на писме с подписом руки Ег(о) К(о)р(олевское) м(и)л(ости) | мает.

Нижли за нещастем всее речи посполитое, не прышедшы ему до ѡпатренıa | жадног(о), пан Богъ Его К(о)р(олевскую) м(и)л(о)сть до хвалы своеs поволат рачил. И просил нас, абыхмо | паном послом н(а)шым таковые служъбы и yтраты ег(о) перед их м(и)л(о)стью п(а)ны сєнатор(а)м(и) | залетит поручили. Которих службъ пана судиных и сами будyчы сведоми, поручамы | паном послом нашымъ на том теперешнем зъезде волъковыsском до их м(и)л(ости) панов сє|наторов тые таковые службы его залетит и ѡ нагородy таковых служъбъ и | трат его просит, жебы межы иншыми заслужоными ѡд их м(и)л(о)сти не пробачонъ.

| ·҃лє· [35] Єго м(и)л(о)сть пан IAн Кунцєвич, подкоморыs новгородскиs, и пан Бенıaш Есман Сынковскиs, иж час | немалыs роты ведyчы и речи посполитоs yчъстиве служычи, в заплату жолнеров | немало маетности своее выдали. Панове послове н(а)шы их м(и)л(о)сти панов просит | мают, жебы п(а)ну подкоморому и п(а)ну Есману заплата водлуг пєвног(о) порахованıa | въ скарбе yчынена была. IAко бы сıa на потым въ ѡных самых и в других людеs | рыцєрских хуть до службы речы посполитое не yставала и не зменшывала.

| ·҃лѕ· [36] В чом всемъ зyполнyю моц паном послом нашым даемы и тог(о) им и цнотам их пове|рамы, которые болше мают се старатs, што бы было з пожытком речи пос|политое, а нижли з yщыркъком ее.

Писан y Новагородку, року ѡт нароженıa сы(на) | Божега ҂·҃а·҃ф·҃пз· [1587], м(е)с(е)ца маıa ·҃ві· [12] днıa. || [С. 5]

[60 адбіткаў сыгнетавых пячатак шляхты Новагарод­скага павета]–e || [С. 6]

| f–Штосѧ точыло на тоz алекцыи | нижэz написано.–f

| g–Инъстрyкцыıa рокy ҂·҃а·҃ф·|·҃пз· [1587] на єлекцыю.–g

| h–Инструкцыıa рокy ҂·҃а·҃ф·҃пө· [1589], кгдым был на сєsмъ посломъ, | таıa y п(а)на Зенковича зостала.–h

a–a так у ркп, трэба чытаць ни в чом

–b далей подпіс Паўла Рыгоравіча Унехоўскага Pawieł Uniechowsky, ręka swa

–c далей пазнака Нясвіжскага архіва Радзівілаў №2. Fa: 201. Publiczn.

–d далей подпіс Паўла Рыгоравіча Унехоўскага Pawieł Uniechowsky, ręka swa

–e далей подпіс Паўла Рыгоравіча Унехоўскага Pawieł Uniechowsky, ręka swa

f–f надпіс зроблены іншым почыркам ў верхняй частцы аркуша

g–g надпіс зроблены іншым почыркам у ніжняй частцы аркуша, які быў павернуты пры напісанні на 180°

h–h надпіс зроблены рукой Рыгора Паўлавіча Унехоўскага ў ніжняй частцы аркуша, які быў павернуты пры напісанні на 180°


[1] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko–litewskie w latach 1569—1588 / Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa, 2002. S. 371—372.

[2] Паводле дадзеных В. Каяловіча, род Унехоўскіх (Уніхоўскіх), гербу „Астоя“ паходзіць з Радамскай зямлі. Адзін з нашчадкаў Радагашчаніна, які асеў на Севершчыне, атрымаў Унехоўск (Уніхоўск) у Новагародскай зямлі (зараз вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Рэспублікі Беларусь). Гл. Kojałowicz W. W., ks. Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego, tak zwany Compendium, czyli o klejnotach albo herbach, których familie stanu rycerskiego w prowincyach Wielkiego Xięstwa Litewskiego zażywają / Wyd. F. Piekosiński, „Herold Polski“. Kraków. 1897. S. 205; Teodoras Jevlašauskis. Atsiminimai. / Parengė ir paaiškinimus paraše D. Vilimas. Vilnius, 1998. P. 58, 196: „Grigorijus Unichovskis buvo Naugarduko pav. bajoras. 1589 m. rinko mokesčius Naugarduko vaiv. Jo giminė yra kilusi iš Unechavas dv. Naugarduko pav… Ši giminė LDK žinoma dar iš Žygimanto Kęstutaičio valdymo laikų (1432—1440)“. У 1528 г. Якаў Радагашчанін выстаўляў у войска ВКЛ 1 каня. (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). КМФ 18. Метрыка ВКЛ (далей: Метрыка ВКЛ). Воп. 1. Спр. 523. Арк. 38; Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кн. Публічных спраў 1 / Падрыхт. А.І. Груша, М.Ф. Спірыдонаў, М.А. Вайтовіч; НАН Беларусі, Ін–т гісторыі. Мінск, 2003. С. 65: „Яков Радогощанин конь“).

Унукам Якава Радагашчаніна быў  пан Рыгор Паўлавіч Унехоўскі (Уніхоўскі)  („Uniechowski, Unichowski Hrehorej“; „Ryhor Unie­chow­ski“), земянін новагародскі, старэйшы сын Паўла Якаўлевіча (Якуба­віча) Унехоўскага (н. 15.I.1515 — † 26.XII.1593, o 23.I.1594) і Кацярыны Трызнянкі, дачкі Захарыя Карпавіча Трызны (н. к. 1532). Нара­дзіўся ён 8 студзеня 1549 г. у аўторак, перад поўднем. У першы паня­дзелак 7 суботы 1571 г. узяў шлюб з Зоф’яй Міхайлаўнай Улатоўскай (у 1–м шлюбе за Карпам Цішковічам) (Ptaszycki S. Dzieje rodów litewskich, jako materjał do archeologii historycznej // Ateneum. Piśmo naukowe i literackie. 1888. T. III, z. 3 (Ogólnego zbioru tom L). S. 537). Пасол на элекцыйны сойм 1587 г. Пасол на Варшаўскі пацыфікацыйны сойм 1589 г. (Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae… T. I / Ed. M. Dogiel. Vilnae, 1758. P. 239, 242). Згадваецца: 17.IV.1590 г. — „Выпис Есифу Дахновичу Севруковича с Григорем Уне­ховским о нагане шляхетства за отосланьем от суду головного и от суду земского новгородского“ Archiwum Państwowe w Krakowie (APKr.) Oddział I na Wawelu. Archiwum Sanguszków (ASang.) Rkps. 38. S. 71—72); 28.IV.1590 г. у сувязі з атрыманнем прывілея, які звальняў яго дом у Новагародку ад земскіх павіннасцяў (Метрыка ВКЛ 76. №165; Ptaszycki S. Op. cit. S. 537). На грамнічным сойміку 1592 г. выступіў супраць кандыдатуры Фёдара Еўлашэўскага на пасаду суддзі Трыбунала ВКЛ  (Еўлашэўскi Ф. Гiстарычныя запiскi // Свяжынскi У. М. „Гiстарычныя запiскi“ Ф. Еўлашэўскага. Мінск, 1990. С. 113). 11.III.1595 г. татарка царэвічава Астрынская (Ostryńska) запісала яму в. Кахілчэўскую (Kochyłczewską) (Метрыка ВКЛ 76. № 629; Ptaszycki S. Op. cit. S. 537). У лютым 1596 г. выставіў з сваіх маёнткаў супраць казакоў С. Налівайкі 14 вершнікаў і ўзначаліў другую сотню з 6 сфармаваных сотняў паспалітага рушання Новагародскага павету. (Spisanie szlachty powiatu nowogrodzkiego, ktorzy się do Kopyla ziachali na expeditią przeciw kozakom w roku 1596, na dzień od Iego Mości pana hetmana zlożony 12 februarii. Biblioteka Czartoryskich (BCz.) Rkps. 2243. S. 331—339; Жерела до історіі України–Руси. Т. 8. Матеріали до исторіі Української козаччини / Видані під загальною редакцією М. Грушевського. Т. I. Документи по рік 1631 / Зібрав і видав Іван Крипякевич. Львів, 1908. № 57. Спис новгородської шляхти, що ставила ся против козаків. Копиль, 12 лютого 1596 р. С. 80). Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1598 г. з Нoвагародскага ваяводства (Lietuvos Vyriausiojo Tribunolo sprendimai (1583—1655)/Parengė V.Raudeliūnas, A.Baliulis. Vilnius, 1988) P. 144; НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Арк. 600). Меў чатырох сыноў: Паўла, Яна, Пятра і Рыгора. Памёр 1.IV.1606 г.

[3] Унiхоўскi Павел Рыгоравіч („Павел Григоревич Униховский“; „Pawieł Unichowski“), падваявода новагародскі. Згадваецца на пасадзе: 31.III.1630 г. (НГАБ. Ф. 1730. Навагрудскi гродскi суд. Воп. 1. Спр. 459. Арк. 2); 20 XII. 1636 (Акты, издаваемые Виленской архео­графической комиссией (АВАК): В 39 т. / Виленская археографическая комиссия. Вильна, 1865—1915. T. IX: Акты Виленского земского суда (1493—1795). / Предисловие С. Шолкович. Вильна, 1878. №166. С. 471); 10.III.1640 (AGAD. AR, dz. XXIII. T.51, plik 2. S.67).

[4] Харытановiч Абрынскі Андрэй Іванавiч („Андрей Иванович Обрынь­ский“), пан, гербу ўласнага, „Харытон“, залатыя здвоеныя літары „ИЕ“ у чырвоным полі (Boniecki A. Herbarz Polski. Cz.I. Wiadomości his­to­ryczno–genealogiczne o rodach szlacheckich. T. II. Warszawa, 1900. S. 349). Харужыч новага­родскi. (Русская историческая библиотека, издаваемая император­ской археографической комиссией.: В 33 т. / С.–Петербург. 1872—1927. Т. XXX: Литовская Метрика. Отделы первый — второй. Часть третья: Книги Публичных Дел. Том первый / Под ред. И.И. Лаппо. Юрьев, 1914. Стб. 803. № 86). Дзяк канцылярыі ВКЛ (дзяк гас­па­дарскi). Падкаморы новагародскi. Першае пры­значаны на пасаду: N1 10.XII.1566 г. (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 266. Арк. 68 адв.); N2 08.I.1567 г. „Лист да обывателев земли новгородское на подкоморство Андрею Ивановичу, хоружичу“ (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 266. Арк. 80 адв.—81; Максимейко Н.А. Сеймы литовско–русского государства до Люблинской Унии 1569 года. Харьков, 1902. Приложение. С. 185). Сакратар ЯКМ. Прызначаны на пасаду 28.II.1567 г. (Кнышын) (Метрыка ВКЛ 267. Арк. 131 адв.—132). Пасол на Люблiнскi сойм 1569 г. (падпiсаў акт Люблiнскай унii) (Akta Unji Polski z Litwa, 1385—1791 / Wyd. St. Kutrzeba i Wł. Semkowicz. Kraków, 1932. №149. S. 356). Пасол да Маскоўскай дзяржавы (па рашэнні Люблінскага сойма) (Книга посольская Метрики ВКЛ, содержащая в себе дипломатические сношения Литвы в государствование короля Сигизмунда Августа (с 1545 по 1572 год) / Изд. М. Оболенский и И. Данилович. Москва, 1843. №188. С. 290—293). Пiсар вялiкi літоўскі. N 5.V.1574 г. (Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII w. Spisy / Pod red. A.Gąsiorowskiego. Polska Akademia Nauk, Biblioteka Kórnicka, Instytut Historii. Т. XI: Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII wieku. Spisy / Opracowali H.Lulewicz i A.Rachuba. Kórnik, 1994. (далей: U XI). №955; Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. В 5 вып. Вып. 5. Вильна, 1906. №560. S.8. dok. perg. or.). Адмовiўся ад пасады (далей: R) нoвагарод­скага падкаморыя 30.XI.1576 г. („…Спустил вряд добровольне [на Торуньскім сойме] Богушу Овсяному, за которым жадал пан Виленский,… Ян Ходкевич, кграбя на Шклове и Мышы“ (гл. намінацыю наступніка). (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 58. Арк.108 адв.—109 адв.; Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской Унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Опыт исследования политического и общественного строя. Т.1.  С.–Петербург, 1901. С. 355—356. Спасылка 5 — поўны тэкст прывілея). R2 05.XII.1576 г. (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 63. Арк.72 адв.—73). „…Поведил Андрей Иванович писар наш… спустил вряд добровольне Богушу Овсяному, за которым жадал пан Виленский, староста Жомоитский, маршалок земский ВКЛ, администратор и гетман земли Ифлянтской, староста ковенский, державца тельшовский пан Ян Ходкевич, кграбя на Шклове и Мышы“. Памёр на пачатку 1589 г. ([Wolff J.]. Senato­rowie i dignitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego (1386—1795). Kraków, 1885. S. 270).

[5] Галаўня Есiф Iванавiч („Есиф Иванович Головня“), гербу уласнага срэбны знак „Т“ у чырвоным полі (Boniecki A. Op. cit. Warszawa, 1904 (1986). T. VII (Grabowscy — Hulkiewiczowie). S. 316). Пiсар земскi нoвагародскi. Выбраны электам на пасаду на Менскiм вайсковым з’ездзе ў канцы лістапада 1564 г. (на 2 тыдні пазней дня Св. Марціна (11.XI.1564 г.). N 30.IV.1565 г. (Прывiлей Жыгiмонта Аўгуста аб абмежаваннi Ноўгародскага павету i ўвядзеннi ў iм земскага суда ад 30.IV.1565 г. / Падрыхтаваў да друку М.Ф.Спiрыдонаў // Памяць (Навагрудскi раён). Гiсторыка–дакументальная хронiка Нава­грудскага раёна. Мінск, 1996. С. 102—105). Прысягу на пасаду, верагодна, прынёс на Міхайлаўскіх судовых роках у верасні 1565 г. у Ляхавічах (Еўлашэўскi Ф. Op. cit. С. 93). Падсудак новагародскi. Згад­ваецца на пасадзе ўжо 01.I.1568 г. (Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Mетрика. Kn. 531 (1567—1569): Viešųjų reikalų knyga 9 (Книга публичных дел 9). / Lietuvos istorijos inst., Parengė L. Anužytė ir A. Baliulis. Vilnius, 2001. № 155, P. 150). Суддзя земскi новагародскi. N 26.III.1580 г. „за обраньем згодным всее шляхты воеводства Новгородского на судейство земское подсудка новгородского Есифа Головню листом нашим утвердили есмо“ (Горадня) (Метрыка ВКЛ 65. Арк.9). Выстаўляў супраць казакоў у лютым 1596 г. 50 коннікаў і 30 пешых (Матеріали до исторії Україн­ської козаччини. Т. I: Документи по рік 1631 / Зібрав і видав І. Крип’якевич. Видані під загальною редакцією М. Грушевського. Львів, 1908. № 57. С. 81). Памёр да 9.VII.1598 г. (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 83. Арк. 380 адв.—381).

[6] Гл. Boniecki A. Op. cit. Warszawa, 1908 (1987). T. XII (Kotry — Krzemie­niewscy). S. 91—94.

[7] Верагодна, Іван (Ян) Маскевіч („Iwan Maskiewicz“), сын Сямёна Рыгоравіча Маскевіча, уладальнік маёнтка Ятра ў Новагародскiм павеце. Прыхільнік элекцыі Максімільяна Габсбурга ў 1587 г. (AGAD. AR II. Nr 211). Элект на пасаду новагародскага падсудка ў 1592 г. (Еўлашоўскі Ф. Op. cit. С. 113). Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1596 г. ад Новагародскага павету. (BCz. Rkps. 2243. S. 328). На з’ездзе евангелікаў і праваслаўных ВКЛ у 1599 г. абраны правізарам для абароны тых, хто пераследаваўся за веру (Łukaszewicz J. Dzieje Kościoła wyznania hel­weckiego w Litwie. T. 1. Poznań, 1842. S. 133). Гл.: Rachuba A. Uwagi do genealogii Maskiewiczów // Litwa i jej sąsiedzi od XII do XX w. / Pod. red. G. Błaszczyka i A. Kijasa. Poznań, 1994. S. 126).

[8] Беняш (Бенедыкт) Есман Сынкоўскі, гербу „Корчак“. Гл. Boniecki A. Op. cit. Warszawa, 1906 (1987). T. IX  (Jelowscy — Kęsłowiczowie). S. 28.

Наверх

Гэтыя паразы, а таксама няспынная вайна са Швецыяй схілілі Рэч Паспалітую напрыканцы 1659 г. распачаць перамовы з царом. Было спадзяванне не столькі дасягнуць пагаднення, колькі выйграць час і запыніць ваенныя дзеянні маскоў­скіх ваяводаў

Максім Гардзееў. Дакументы па гісторыі рамяства ў актавай кнізе полацкага магістрату за 1656—57 г.

15 снежня, 2003 |


Першай абагульняльнай працай па гісторыі рамяства на Беларусі ў Сярэднявеччы прынята лічыць кнігу Фёдара Кліменкі „Западнорусские цехи ХVI—ХVIII вв.“, якая была выдадзена ў Кіеве ў 1914 г.[1] У ёй аўтар абмежаваўся толькі канстатацыяй і разглядам прававых нормаў у цэхавых статутах, не даў аналізу дынамікі зменаў у гарадской эканоміцы і, перш за ўсё, унутранага рынку як галоўнай умовы паступовага развіцця рамеснай вытворчасці.

У 1963 г. выйшла ў свет манаграфія Аляксандра Ігнаценкі „Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVII—ХVIII вв.“, якая на сённяшні дзень з’яўляецца найбольш поў­най працай па гісторыі беларускага рамяства азначанага перыяду[2].

Рамеснікі складалі асноўную масу насельніцтва беларус­кіх гарадоў. Вялікую ўдзельную вагу ў гэтай сацыяльнай групе гараджанаў мелі былыя прыгонныя сяляне, што збягалі ў гарады, і іх нашчадкі. Каралеўская ўлада была зацікаўлена ў развіцці гарадоў і імкнулася спрыяць павелічэнню гарадскога насельніцтва. Так, Полацку ў 1523 г. быў нададзены прывілей, паводле якога асобы, што прыбылі ў горад на жыхарства, вы­зваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцяў на 10 гадоў. Такі самы прывілей атрымаў Віцебск у 1531 г. і Мeнск у 1633 г.[3]

Павелічэнне рамесніцкага насельніцтва ў гарадах абумоўлена яшчэ і такой гістарычнай з’явай, як юрыдыкі — пасяленні гарадскога тыпу, што былі ў прыватнай уласнасці царкоўных ці свецкіх феадалаў і адначасова знаходзіліся ў межах тэрыторыі, на якую распаўсюджвалася па лакацыйным пры­вілеі падведамаснасць магістрату, і якія складалі разам з горадам адзіны сацыяльна–эканамічны комплекс[4]. Рамеснікі, што пастаянна пражывалі ў юрыдыках, не мелі значнай адасобленасці ад рамеснікаў, якія жылі непасрэдна на гарадской тэрыторыі і падпарадкоўваліся статутам рамесных цэхаў[5].

Цэхі — прафесійныя аб’яднанні рамеснікаў — упершыню згадваюцца ў ХV ст. Да сярэдзіны ХVI ст. на Беларусі яны не мелі такой назвы: у Берасці, Гародні, Менску і Віцебску яны называліся „брацтва“, у Полацку і Магілёве — „староствы“. З канца ХVI і ў першай палове ХVII ст. гэтыя старыя назвы сталі паўсюдна замяняцца назваю „цэх“[6].

Па гісторыі полацкага рамяства існуюць урыўкавыя звесткі. Вядома, што ў 1601 г. у горадзе ўзніклі два цэхі. Адзін з іх аб’яднаў кавалёў, кацельнікаў, слесараў, мечнікаў і залатароў, другі — краўцоў. Кнігі запісаў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага №№ 85 і 88 змяшчаюць два дакументы, што тычацца полацкіх рамеснікаў і датуюцца снежнем 1605 г. Паводле першага з іх (прывілею) можна прыйсці да высновы, што 8 жніўня 1601 г. (даты даюцца па арыгіналах) полацкія кавалі, катляры, слесары, мечнікі, залатары, краўцы, кушняры, шаўцы і іншыя рамеснікі прасілі вызначыць парадак для „брацтва их“, які „з немецка цехом называють“. Другі дакумент называецца „Порадок цеховый ремесником в Полоцку“ і адрасаваны пераважна рамеснікам, якія спецыялізаваліся на металаапрацоўцы, а таксама краўцам, кушнярам, шапачнікам, гарбарам, злотнікам[7].

У 1619 г. шапачнікі і кушняры вылучыліся з аб’яднанага цэха і стварылі самастойны. С цягам часу да гэтага ж цэха далучыліся скурнікі і краўцы. Аднак у 1726 г. цэх кушняроў, шапачнікаў і краўцоў зноў падзяліўся. З яго складу вы­йшлі краўцы, якія стварылі самастойны цэх. З сярэдзіны і да канца ХVII ст. у Полацку стварыліся 6 новых цэхаў: цырульнікаў (1642 г.), ганчароў, печнікоў, муляраў і цагельнікаў (1643 г.), мяс­нікоў (1672 г.), скурнікаў і кушняроў (1683 г.). З 1640 г. стаў вядомым самастойны цэх чабатароў, а з 1677 г. — кавальскі і слесарскі цэх[8].

Па падліках Зіновія Капыскага, якія ён прызнаваў далёка не поўнымі, у 1650 г. у Полацку налічвалася 43 прафесіі[9]. Параўноўваючы свае падлікі з дадзенымі перапісу рамеснікаў Полацка па інвентары 1654 г., які складаўся рускімі ўладамі, даследчык падлічыў, што інвентар указвае столькі ж прафесій, але сярод іх — 10 прафесій, невядомых па кнізе за 1650 г. З гэтага З.Ю. Капыскі зрабіў выснову, што агульная колькасць рамесных прафесій перавышала 50[10]. Але трэба адзначыць, што на самай справе колькасць рамесных прафесій па інвентары 1654 г. складае 63, з якіх толькі прадстаўнікі 31 былі ў наяўнасці на момант перапісу. Інвентар адзначыў 21 чабатара, 2 кавалі, 42 краўцы, 14 мяснікоў, 13 рыбакоў, 9 хлебнікаў, 19 цесляроў, 3 ганчары, 8 скурнікаў, па 11 халшчоўнікаў і лямачнікаў, па 9 калеснікаў і бровараў, 7 вінакураў, 6 фурманаў і г. д.[11] Гэтыя звесткі, безумоўна, далёка не поўныя, бо пера­піс­чыкам з пункту гледжання фіскала не было неабходнасці ў дакладнай рэгістрацыі рамеснікаў, таму яны не ўказвалі заняткаў многіх гараджанаў. Акрамя таго, як правіла, не ўлічваліся жыхары прыватнаўласніцкіх і царкоўных юрыдык; у перапісах указваліся толькі рамеснікі–домаўладальнікі без падмайстраў і вучняў, наяўнасць якіх у той час ужо не падлягае сумненню, бо існавалі цэхі.

Тым не менш інвентар адлюстроўвае катастрафічны стан, які склаўся ў беларускім рамястве пад час і пасля вайны 1654—67 г. Вялікая доля беларускіх рамеснікаў была вывезена ў Расійскую дзяржаву. Па дадзеных, што прыводзіць Лаўрэнцій Абэцэдарскі, у 1660 г. у Збройнай палаце Масквы працавалі 68 полацкіх і віцебскіх „серебренного и бронного, и ствольного, и замочного винтовальных пищалей, и ложевников, и токарного, столярного, и загомистрельского, и каретного, и замочного дела к светлицам“ майстроў і іх вучняў. У маскоўскай мяшчанскай слабадзе па дадзеных перапісной кнігі 1676 г. знаходзілася 412 уладальнікаў двароў і 75 бяз­дворных мяшчан, выхадцаў з Беларусі[12]. У Маскву трапіў полацкі аптэкар Станіслаў Рыдліцкі, які па дакументах рускіх прыказаў праходзіў як Іван Міхайлаў[13].

Як другі фактар скарачэння рамеснага люду варта адзначыць таксама ад’езд многіх рамеснікаў у ліку насельніцтва, якое ўцякала ад вайны „ў Літву і Інфлянты“. Адток рамеснікаў у 1654 г. быў даволі моцны. Можна меркаваць, што ён быў калі не раўназначны, то прыблізна дасягаў колькасці вывезеных у Маскву. Акты магістрацкай кнігі за 1656—57 г. ускосна сведчаць пра ад’езд рамеснікаў, членаў іх сямей. Напрыклад, тэкст тастамента ганчара Лаўрына Бялкоўскага сведчыць, што яго старэйшы сын Пётр адсутнічаў у Полацку пад час смерці бацькі[14]. „Цікавым“ у дачыненні да гэтай з’явы выглядае тлумачэнне яе А.П. Ігнаценкам, які, прыводзячы лічбы інвентара 1654 г., калі пры 910 пустых і 782 заселеных дварах у горадзе было 1719 душаў мужчынскага полу, адзначыў: „Их владельцы ушли из города, спасаясь от грабежей польских и швед­ских солдат“[15]. Дакументы нашай актавай кнігі красамоўна сведчаць, што пакутавалі палачане ад шведаў і войскаў Рэчы Паспалітай ужо „в збегах“, а ўцякалі з горада ў свой час менавіта ад „вызваліцеляў“[16].

Цікавы дакумент, які адлюстроўвае адзін з бакоў гэтай праблемы, — вырак магістрацкага суда па справе полацкіх мяшчан Фёдара Пестуна з Гаўрылам Бутаком пра 30 локцяў тканіны (гл. дак. №1). Ф. Пястун даў Г. Бутаку ў м. Дубмуйжы, дзе яны „посполу по збеженю од рати праведного г(осу)д(а)ря, ц(а)ря с Полоцка мешкали“, 30 талек (загатовак) нітак для вырабу тканіны, абяцаючы заплаціць па 3 польскія асьмакі за локаць. Бутак зрабіў 30 локцяў тканіны, але яны ніяк не маглі разлічыцца. Пад час разгляду справы Бутак быў у Полацку, але жыў ужо у м. Ілукшце ў Інфлянтах, куды і прасіў пры­слаць грошы за тканіну[17]. Дакумент сведчыць пра тое, што выезд рамеснікаў быў спланаваным і рыхтаваўся загадзя. Рамеснікі вывозілі з сабой вытворчае абсталяванне і на іншым месцы працягвалі працу, пазбягаючы вяртання ў Полацк, ва ўсялякім выпадку, на сталае месца жыхарства, ва ўмовах вядзення баявых дзеянняў. Акрамя таго, дакумент цікавы ў аспекце вывучэння гісторыі грашовага звароту. Прысуджаная магістратам сума выплаты за выраб 30 локцяў тканіны (3 польскія злотыя) і адсутнасць паведамлення пра ўключэнне ў яе якога–небудзь штрафу дазваляе зра­біць наступныя падлікі: 30 локцяўЧ3 польскія асьмакі=90 асьмакоў=3 польскія злотыя=90 польскіх грошаў. Адсюль можна зрабіць выснову, што польскі асьмак быў роўны польскаму грошу.

4 іншыя дакументы, што прапануюцца чытачу ніжэй, адлюстроўваюць розныя з’явы, якія назіраліся ў Полацку часоў вайны 1654—67 г. і тычыліся гісторыі рамяства.

Дакумент №2 уяўляе з сябе запіс пра прыняцце старастамі слесарскага і кавальскага цэхаў прысягі на 7165 (1656—57) г. Яго змест дазваляе меркаваць, што ўжо ў гэтым годзе існаваў асобны цэх слесараў і кавалёў, выдзяленне якога А.П.Іг­наценка адносіў да 1677 г. (гл. вышэй).

Дакумент №3 з’яўляецца копіяй акта з адпаведным фармулярам, які існаваў асобна і быў выдадзены дзісенскаму мешчаніну Аляксею Гарасімавічу, які доўгі час працаваў катляром у полацкага рамесніка Івана Каспаравіча Шышкі. Дакумент дае разгорнутую гісторыю станаўлення новага рамесніка ў спецыфічных умовах сярэднявечнай вытворчасці. Ён таксама ставіць пытанні наконт існавання асобнага цэху слесараў і кавалёў у Полацку ў 1656—57 г.: тэкст называе цэх яшчэ і катлярскім і мечніцкім, згадвае чатырох старастаў, з якіх двое названыя ў дакуменце №1.

Дакумент №4 уяўляе з сябе пратакол разгляду ў магістраце справы пра крадзёж кавальскіх прыладаў, што былі схаваныя ад рускіх войскаў пад час уцёкаў у 1654 г., і вырак па ёй.

Дакумент №5 цікавы найперш тым, што не толькі паведамляе пра факт прыняцця прысягі на слясарскае рамесніцтва полацкім мешчанінам Рыгорам Леставіцкім, але і падае змест прысягі.

Мы спадзяемся, што дакументы, якія прапануюцца ўвазе даследчыкаў, будуць каштоўнымі для вывучэння гісторыі рамесніцтва не толькі Полацка ХVII ст., але і ўсёй Беларусі гэтага перыяду.


[1] Клименко Ф.В. Западнорусские цехи ХVI—ХVIII вв. Киев, 1914.
[2] Игнатенко А.П. Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVII—ХVIII вв.  Минск, 1963.
[3] Тамсама. С.7.
[4] Карпачев А.М. Феодальные юридики в королевских городах Белоруссии ХVII—ХVIII веков. // Советское славяноведение. 1968. № 6. С. 37.
[5] Игнатенко А.П. Назв. пр. С. 37—39.
[6] Тамсама. С.28.
[7] Галубовiч В.У. Дакументы па гiсторыi Полацка ў кнiгах запiсаў Мет­рыкi Вялiкага княства Лiтоўскага першай трэцi ХVII стагоддзя // Симе­он Полоцкий: мировоззрение, общественно–политическая деятельность / Материалы Международной научной конференции. Полоцк, 1999. С. 50—51.
[8] Паводле дадзеных А. Ігнаценкі — Игнатенко А.П. Назв. пр. С. 32.
[9] Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в ХVI — первой половине ХVII в. Минск, 1966. С. 78. — Падлiк пра­водзiўся па матэрыялах актавай кнiгi полацкага магiстрату за 1650 г.
[10] Тамсама. С. 78.
[11] Дадзеныя iнвентару 1654 г. прыводзяцца паводле таблiцы, апуб­лiкаванай А.Ігнаценкам. — Игнатенко А.П. Назв. пр. С. 9—10.
[12] Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве ХVII в. Минск, 1957. С.19.
[13] Русско–белорусские связи: Сб. док. (1570—1667) / Отв. ред. Л.С. Абецедарский, М.А. Волков. Минск, 1963. С.308—311 (Дак. №№ 285—288). — Лекар прыгадваў у сваёй чалабітнай, што яго ў Полацку „разорили без остатку“. У актавай кнізе полацкага магістрату за 1656—1657 гг. захавалася скарга яго жонкі Раіны пра незаконныя дзеянні бурмістра Кузьмы Наумовіча. — Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ), ф.1823, воп.1, спр.1, арк.53. Жанчына адзначала, што яе муж „взято с Полоцка на послуги наяснейшог(о) цара ег(о) м(ило)сти аптекарские до места столечног(о) царског(о) величества столицы“.
[14] Тамсама, арк.451.
[15] Игнатенко А.П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией (вторая половина ХVII—ХVIII вв.) Минск, 1974. С.13.
[16] Гл.: „Под час небеспеченства од Москвы…“ (актавая кнiга полацкага магiстрату за 1656—1657 гг. як крынiца па вывучэнні вайны 1654—1667 гг.) // БГА. 1999. VI. Сш.1—2 (9—10). С. 202—221.
[17] Тамсама, арк.143—143 адв.

Дадатак

Пры транслітарацыі тэкстаў у аснову пакладзены прынцып палітарнай іх перадачы. Разам з тым тэксты адаптаваныя сучасным алфавітам. Графічнае абазначэнне літар, што выйшлі з ужытку, замененае сучасным, акрамя выпадкаў ужывання „ѯ“, „ѣ“. Тэксты падзелены на словы і сказы, цітлы раскрытыя, вынасныя літары і склады ўстаўленыя ў радок і пададзеныя курсівам. Прапушчаныя літары ў словах пад цітламі адноўлены з улікам асаблівасцяў правапісу старабеларускай мовы і заключаныя ў круглыя дужкі. Устаўкі ад аўтара ўзятыя ў квадратныя дужкі і агаворваюцца ў палеаграфічных падрадковых заўвагах. Цвёрды знак захаваны ўсюды. Вынасная літара (паерык) у выглядзе „ç“ перададзеная курсіўным „й“, акрамя выпадкаў яе ўжывання напрыканцы слоў адзіночнага ліку і ў слове „маистрат“. Дыграф „кг“ захаваны. Загалоўныя ініцыяльныя літары не адзначаюцца. Канцы рукапісных радкоў адзначаныя вертыкальнай рыскай „|“, канец аркушаў адзначаны дзвюма рыскамі „//“. Нумары аркушаў рукапісу ўключаныя ў тэкст. Пасля знака заканчэння аркуша „//“ у квадратных дужках курсівам набіраецца нумар наступнага аркуша. Відавочныя апіскі выпраўленыя па сэнсе і тыпічным фармуляры і агаворваюцца ў палеаграфічных падрадковых заўвагах. Знакі прыпынку расстаўлены ў адпаведнасці з сучаснымі правіламі пунктуацыі. Тэксты дакументаў падзеленыя на абзацы паводле прынцыпу тэматычна і граматычна закончанага раздзела і ў адпаведнасці з фармулярам. Выраз „пазнейшы запіс“ азначае, што перад адзначанай часткай тэксту ёсць паметка пісара аб заканчэнні справавання акта ў выглядзе „mnpp“, ці гэты ўрывак выразна адрозніваецца ад папярэдняга тэксту колерам ці насычанасцю чарніла.

№ 1. Вырак магістрату па справе полацкіх мяшчан Фёдара Пястуна з Гаўрылам Бутаком пра 30 локцяў палатна ад 7 студзеня 1657 г.

222. 17165 1. М(есе)ца 2генъвара 2 семого дня.

Д е к р е т ъ  в  с п р а в е  Ф е д о р а  П е с т у н а | з ъ  Г а в- р ы л о ю  Б у т а к о м ъ  о  с о р о к л о к т и й п о л о т н а . |

Б(о)жю м(и)л(о)стю г(осу)д(а)ря, ц(а)ря и великого князя Алексея Михайловича, | Всея Великия, Малыя и Белыя Россыи самодержца и обладателя. |

Перед нами, бурмистрами, райцами и лавниками места царского ве|личества Полоцъкого, того року на справахъ судовых в ратушу Полоцъ|комъ заседаючыми.

Постановивъшысе очевисто, мещанин места | Полоцкого Федор Пестун жаловал на мещанина того ж места Полоцкого | Гаврылу Бутака, ткача, о неодданье собе сорока локтий полотна, на ко|торое дал ему нитей сорок талек у Дубъмуйжы, где посполу по збеженю | од рати праведного г(осу)д(а)ря, ц(а)ря с Полоцка мешкали. А обецал, дей 3, ему | од кождого локтя за роботу заплатить по тре смаки польскихъ. |

О што будучы он, Гавърыло Бутак, очевисто на день сегоднешний че|резъ слугу врадового меского Гарасима Сахонова заказаный, | постановившысе, поведил.

Ижъ, дей, не сорок, але трыдцать талек нитей | он, Федор Пестун, мне на зробене полотна дал, яко ж я и уробил ему, | а он у мене не выкуповал, и по сес час тое полотно пры мне в мес|течъку Илукште, где на сес час перемешкиваю, зоставаеть. Ко|торое полотно готовъ ему за оказыею слушною в Полоцокъ | прыслать, нехай мне тепер за роботу оного од кожъдого локтя | по тры 4 осмаки 5 заплатить, альбо теж брату моему Федору | Бутаку, который в Полоцку мешкаеть, оддасть.

На што иж акътор | [поз]волил 6.

Мы, врад, наказали есмо 7ему, Гаврыле 7 Бутаку, тое полотно | трыдцать локтий на Запусты Масленые, в року теперешнемъ блиско | наступуючые, въ 8 Полоцокъ помененому Федору Пестуну прыслать. //[143 адв.] А он, Пестун, маеть брату его, Федору Бутаку, тры золотых 9 | полскихъ за роботу его полотна отъдать.

Што про паметь есть|до книг мескихъ полоцъких запи­сано.|

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк.143—143 адв.

1—1 лічбы абведзены іншым чарнілам.

2—2 іншым чарнілам почыркам II паверх паўзмытага генвара.

3 де паверх змытага іншым чарнілам.

4 ы паверх раней напісанага іншым чарнілам.

5 о ўпісана пазней іншым чарнілам.

6 у аркушы прабіта дзірка, страчаныя літары даюцца па сэнсе.

7—7 іншым чарнілам почыркам II паверх змытай часткі радка.

8 ъ упісаны іншым чарнілам почыркам II.

9 у ркп. голотых, выпраўлена па сэнсе.

№ 2. Паведамленне пра выкананне прысягі на стараства слесарскага і кавальскага цэха Сямёнам Гаўлоўскім і Панкратам —яўлевічам ад 12 верасня 1656 г.

30. 7165. М(есе)ца сеньтебра дванадцатог(о) дня.

В ы к о н а н ь е  п р ы| с е г и  н а  с т а р о с т в о  ц е х у  с л е- с а р с к о г (о)  и  к о в а л с к о г (о)  п р е з | С е м е н а  К г а в- л о в с к о г (о)  и  П а н к р а т а  И е в л е в и ч а . |

Б(о)жю м(и)л(о)стю г(осу)д(а)ря, ц(а)ря и великог(о) кн(я)зя Алексея Михайлови|ча, Всея Великия, Малыя и Белыя Россыи самодержца и обла|дателя.

Перед нами, бурмистрами, райцами и лавниками | места царског(о) величества Полоцкого, того року на справах судо|вых в ратушу Полоцъком заседаючыми.

Постановившысе | перед нами и прышодшы до нас в ратушу, вси ремесники цеху | слесарског(о) и ковалског(о) просили, абы подлуг звычаю и дав|ного порадку старостове до того це­ху их, от них згодне обра|ные, прысегу на врад свой выконали.

Яко ж мещане полоц|кие Семен Василевич Кгавловский и Панкрат Иевлевич, слесары, | од них на тот врад обраные, звычайную прысегу водлуг науки | правное перед нами, врадом, за позволеньем нашым выконали | и старостами цеху своег(о) на тот рок 7165 зостали.

Што про | паметь до книг меских полоцъких записано. |

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк.14 адв.

№ 3. Заява полацкага катляра Івана Каспаравіча Шышкі, а таксама старастаў слесарскага, кавальскага, катлярскага і мечніцкага цэха пра вызваленне з цэху дзісенскага мешчаніна і катляра Аляксея Гарасімавіча ад 21 лютага 1657 г.

378. 7165. М(есе)ца февраля двадцать первого дня.

С о з н а н е  с т а р о с т ц е х у  с л е с а р с к о г (о) | и  к о т- л я р с к о г о  п о л о ц к о г о  и  и н н ы х р е м е с н и к о в ц е- х у  и х ,  и ж А л е к с е й Г а р а с и м о| в и ч ,  к о т л я р ,  е с т в ы с л у ж о н ы м в  т о м р е м е с л е  к о т л я р с к о м  и  с ц е- х у  и х в ы з в о л е н ы й . |

1Бурмистры 1, райцы и лавники места царского величества Полоцкого, сего року | на справах судовых в ратушу Полоцкомъ заседаючые 2.

Чыним 3 ведомо | и ознаймуемъ тым нашым врадовым листом всим вобец и кождому зособна, | кому бы о том ведати належало.

Иж за потребованемъ и жоданем меща|нина дисеньского Алексея Гарасимовича, котлера, ставшы перед нами | очевисто в ратушу Полоцкомъ на мейсцу звыклом судовым, мещанин полоц|кий Иван Касперович Шышка, котляр, устне под прысегою водлугъ науки права | майдебурского в голос сознал в тые слова.

Иж помененый Алексей Гарасимович, | мещанин дисеньский, зашодшы до места Полоцкого еще з молодых лет своих, | служыл 4 ему, Ивану Шышце, през год десет нерозделне, учечысе ремесла котлярског(о). | То ест прыстал, дей, до него на тую службу в тисеча шестсот сорок втором году и слу|жыл за хлопца, не одставаючы и нигде не одходечы, през год сем. А потом | за его, Ивана Шышки, залеценем зъ цеху котлярского вызволеный, зоставшы, | робил у него ж, Ивана Шышки, на варстате вжо за товарыша годы тры, и, у него ж | будучы, за ег(о) промоцыею оженилсе. А оженившысе и мало што змешкавшы | у Полоцку, и з жоною своею до места Дисеньског(о) на мешкане отехал.

А до того, | постановившысе теж очевисто перед нами, врадом, мещане теж полоцкие | а старостове сегорочные цеху полоцкого слесарского, ковалского, кот|лярского и мечницкого, то ест два их: Максим Зенькович 5, зекгармистр, и Апанас | Лукашевич, ковал, а пры них и иншые ремесники цеху их а мещане теж | полоцкие Панкрат Иевлевич, слесар, и Сымонъ Васильевичъ Кгавловский, //[232 адв.] мечникъ, сами от себе и именьем всего цеху своег(о) тое сознане помененог(о) | Ивана Шышки яко слушное и правдивое потвердившы, тако ж под сумненем и под пры|сегою доброволне сознали, же тот Алексей Гарасимович по верном и цнотливом | у помененог(о) Ивана Шышки выслуженю и того ремесла котлярского нау|ченю за згодою всее брати цеховое полоцкое, яко ремесник добрый и выс|лужоный есть с цеху котлярског(о) вызволеный.

Которого такового, под пры|сегою през вышпомененых особъ учыненого, сознаня мы, маистрат, | выслухавшы, абы того Алексея Гарасимовича везде за почстивого | чоловека и за доброг(о), вызволеног(о) с цеху ремесника мели, для потом|ного веку за потребованемъ его, казавшы до книг нашых меских полоцких | записат, даем тое наше тестимониумъ с печатю упрывилеваною 6 мес|кою ратушнею и с подписом руки писара нашег(о) меского полоцкого.

Писан | у Полоцку, дня двадцат первого февраля, тисеча шестсот пятдесятъ семог(о) | году. 7Выпис выдано 7. |

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк.232—232 адв.

1—1 іншым чарнілам почыркам II паверх змытага.

2 е іншым чарнілам почыркам II паверх змытага.

3 ч іншым чарнілам почыркам II паверх змытага.

4 л іншым чарнілам паверх змытага.

5 нь паверх змытага іншым чарнілам.

6 н паверх змытага іншым чарнілам.

7—7 пазнейшы запіс.

№ 4. Вырак магістрату па справе мешчаніна Барыса Дарафеевіча і яго жонкі з мешчанінам Аляксеем Федаровічам пра кавальскі варштат ад 15 чэрвеня 1657 г.

678. 165. М(есе)ца июня петнадцатог(о) дня.

Д е к р е т в  с п р а в е  Б о р ы с а  Д о р о ф е е| в и ч а  и  ж о н ы  е г (о)  з ъ  А л е ѯ ѣ е м Ф е д о р о в и ч о м о  в а р -с т а т к о в а л с к и й . |

Б[(о)жю] 1 м(и)л(о)стю г(осу)д(а)ря ц(а)ря и великог(о) кн(я)зя Алеѯѣя Михайлови|ча, Всея Великия и Малыя и Белыя Россыи самодержца | и обладателя.

Перед нами, Филипом Кособуцким а Кузьмою | Наумовичом, бурмистрами, и перед нами, райцами и лавниками | места царског(о) величества Полоцкого, того року на справах судо|вых в ратушу Полоцком заседаючыми.

Постановившысе очеви|сто, мещанин места Полоцког(о) Борыс Дорофеевич и жона его жаловали //[456 адв.] на мещанина того ж места Полоцкого Алеѯѣя Федоровича | о то.

Ижъ, дей, онъ, Алеѯѣй, выбрал зъ земли весь варстат ко|валский, который они, уходечы од рати праведног(о) г(осу)д(а)ря ц(а)ря, | в лесе закопали были, опроч толко меха не было, а то весь | варстат схован был. А у него, Алеѯѣя Федоровича, по|казалосе лице, то ест кавадло ковалское, власне с того | схову вынятое.

О што будучы он, Алеѯѣй Федорович, | очевисто на день сегоднешний через слугу врадовог(о) меског(о) | Ивана Шлю­бовског(о) заказаный, постановившысе, пове|дил.

Ижъ, дей, я тое кавадло купил за золотых чотыры полских | у сельског(о) мужыка перед Иваном котелником и перед Гар|батым. А болей того ничого не куповалом.

Мы теды, врад, | наказали есмо одного Ивана котляра, яко чоловека, | веры годного, ку сознаню на день третий поставить. |

Якожъ кгды на день петнадцатый м(есе)ца июня ж был за|казаный, ставшы, сознал.

Иж, дей, тое кавадло мужык селский | у Гарбатог(о) заставил, а Алеѯѣй, прышодшы до нег(о), за золо|тых чотыры старговал.

По которомъ сознаню его поз|ваный Алеѯѣй Федорович поведил.

Ижъ, дей, жона ег(о), Борыса | Дорофеевича, мужыка тог(о) 2 добре знаеть, кгды ж, дей, до | мене з ним два разы прыходила строны тог(о) кавад|ла.

До чого иж тая жона Борысова зналасе.

Мы, вряд, | позваног(о) Алеѯѣя Федоровича од тое жалобы их волног(о) | учынили, а им, актором, до самого истца, хто тое ковад|ло продал, поневаш ег(о) знають и ведають, волное пра|во заховали. Альбо теж, если для ближшой згоды | похочуть, волно ему, Борысу Дорофеевичу, и жоне ег(о) | золотых чотыры тому Алеѯѣю Федоровичу отдать | а собе ковадло взять.

Што все про паметь естъ | до книг меских полоцких записано. |

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк.456—456 адв.

1 у аркушы прабіта дзірка, страчаныя літары даюцца па фармуляры.

2 т паверх змытага.

№ 5. Паведамленне пра выкананне прысягі на слесарскае рамяство полацкім мешчанінам Рыгорам Леставіцкім ад 17 ліпеня 1657 г.

732. 7165. М(е)с(я)ца июля семнадцатого дня.

В ы к о н а н ь е  п р ы с е| г и  п р е з Г р ы г о р я  Л е с т а- в и ц к о г о  н а  с л е с а р с к о е  р е м е с л о . |

Б(о)жю м(и)л(о)стю г(осу)д(а)ря ц(а)ря и великого кн(я)зя Алексея | Михайловича, Всея Великия и Малыя и Белыя | Россыи самодержца и обладателя.

Перед нами, Фи|липом Кособуцким а Кузьмою Наумовичом, бурмистрами, | и перед нами, райцами и лавниками места царского | величества Полоцъкого, того року на справах судовых | в ратушу Полоцъком заседаючыми.

Постановив|шысе очевисто, мещанинъ места Полоцкого | Грыгорей Леставицъкий, 1слесар 1, пры бытности старост и всее | братьи цеху слесарского, за их сполною зъгодою | будучы до цеху слесарского прынятый, водлуг | звычаю и науки правное прысегу в ратушы | на тое ремесло слесарское выконалъ и братом | ровным всим слесаром цеховым зостал.

А прысегнул, | ижъ маеть в ремесле своим верне и справедливе за|ховатисе и тое ремесло без ошуканины робить | и продавать або за плату брать маеть побожне | ровною ценою такъ богатому, яко и убогому, | а старшых тежъ цеховых в пошанованью меть | и ихъ послушонъ быть маеть и повиненъ | будеть.

Которое таковое выконанье тое пры|сеги през вышъпомененого Грыгоря Леставицкого, | слесара, ест до книг меских полоцъких записано. |

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк. 491.

1—1 над радком.

Наверх

Зміцер Шавялёў. Агляд развіцця яўрэйскіх даследаванняў у Беларусі на мяжы ХХ—ХХI ст.

14 снежня, 2003 |


Збег ХIХ—ХХ ст. супаў з уздымам яўрэйскіх даследаванняў у Расійскай імперыі. На Беларусі пачаткам іудаікі, які стаў адначасова і яе росквітам, была дзейнасць яўрэйскіх навукоўцаў Беларускай акадэміі навук у 1920—1930 г. Новы яе ўздым прыпаў на перыяд пасля распаду СССР. Бачыцца актуальным разгледзець стан развіцця іудаікі на Беларусі на збегу ХХ—ХХI ст., спроба чаго і з’явілася мэтай дадзенага агляду. Задачамі працы сталі: акрэсленне стану развіцця і паказ стаўлення дзяржавы да гэтай галіны навукі. За храналагічныя рамкі да­следавання ўзяты 1993 г. — з’яўленне першай працы па іудаіцы (брашура Яўгена Разэнблата „Жизнь и судьба“ брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв. Берасце, 1993) — і 2002 г. — сотыя ўгодкі з дня правядзення ў Мінску Другога ўсерасійскага сіянісцкага з’езду (1902 г., 22—28 жніўня па старым стылі).

Вызначым наступныя тэрміны, якімі карыстаюцца адмыслоўцы:

1) „іудаіка“ — паняцце, стылізаванае пад тэрмін лацінскага паходжання: Jūdaicus і Jūdaeicus з лацінскай мовы — іудзей­скі, яўрэйскі; тэрмін азначае даследаванні па яўрэйскай гісторыі і культуры; сінонімам можа служыць тэрмін „яўрэйскія даследаванні“ — даслоўны пераклад англійскага слова­злучэння „Jewish studies“; у гэтым кантэксце ўжываюць, але рэдка, тэрмін „іудаістыка“;

2) „гебраістыка“ — даследаванні ў галіне яўрэйскіх моў і літаратур, галоўным чынам, старажытнага ці сучаснага іўрыта; англійскі сінонім  „Hebrew studies“;

3) „біблеістыка“ — сукупнасць навуковых дысцыплін, што вывучаюць Стары і Новы Запавет; у дачыненні да яўрэйскіх даследаванняў маецца на ўвазе выключна Стары Запавет (Яўрэйская Біблія);

4) „ізраілезнаўства“ — вывучэнне сучаснага грамадства, эканомікі, палітычнай сістэмы і ваеннай справы Дзяржавы Ізраіль (з 1948 г.), альбо яўрэйскай абшчыны Палесціны ў дадзяржаўны перыяд ад пачатку першай сіянісцкай аліі ў Палесціну (з 1880–х г.).

Да 1991 г., да моманту распаду СССР, у Беларусі існавала пэўная традыцыя яўрэйскіх даследаванняў, што было звязана з дзейнасцю адпаведнага сектара Інстытута беларускай культуры і Беларускай Акадэміі навук[1] і асобных вучоных — Мікалая Міхайлавіча Нікольскага[2] і Гілера Маркавіча Ліўшыца[3]. Гэты фактар, а таксама абуджэнне нацыянальнага жыцця ў СССР у перыяд перабудовы, а потым і распад Савецкага Саюза прывялі да неабходнасці вядзення даследчыцкай працы па іудаіцы ў Рэспуб­ліцы Беларусь.

За пачатак яўрэйскіх даследаванняў на Беларусі можна лічыць брашуру Я. С. Разэнблата «Жизнь и судьба» брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв.“, выдадзеную Беларускім фондам культуры ў 1993 г.[4].

Вельмі моцны штуршок развіццю яўрэйскіх даследаванняў на постсавецкай прасторы дало заснаванне ў Маскве Цэнтра навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“ (далей — Цэнтр „Сэфэр“) Расій­скай акадэміяй навук у супрацоўніцтве з Міжнародным Цэнтрам выкладання яўрэйскай цывілізацыі ва універсітэтах (The International Center for University Teaching of Jewish Civilization) Яўрэйскага універсітэта ў Ерусаліме і пры падтрымцы Амерыканскага яўрэйскага аб’яднанага размеркавальнага камітэта (American Jewish Joint Distribution Committee). Задачамі Цэнтра сталі падтрымка і каардынацыя выкладчыцкай і даследчыцкай дзейнасці ў галіне яўрэйскіх даследаванняў у краінах СНД і Прыбалтыкі. База дадзеных Цэнтра ўключае больш за 1000 даследчыкаў, вучоных і выкладчыкаў, што працуюць у галінах гебраістыкі ды іудаікі. Такая база ўжо двойчы выдавалася[5].

Дзякуючы Цэнтру „Сэфэр“ стала магчымым выданне артыкулаў і абмеркаванне вынікаў даследаванняў на Штогадовых міжнародных навуковых канферэнцыях па іудаіцы[6]. Цэнтр таксама арганізуе стажыроўкі і прызначае стыпендыі для да­следчыцкай працы. У праграмах стажыровак у Ізраілі, што ўключаюць работу ў архівах і бібліятэках краіны альбо археа­лагічныя раскопкі, бралі ўдзел і маладыя навукоўцы з Беларусі.

Выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў Цэнтр „Сэфэр“, а таксама амерыканскія фундатары — муж і жонка Н’юманы — даюць стыпендыі для месяцовай даследчыцкай працы  Stephanie and Herb Neuman Fellowship Program. Сярод стыпендыятаў фонду Н’юманаў — кандыдаты гістарычных навук Яўген Разэнблат і Ірына Яленская, выкладчыкі Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна (стыпендыі 2000 г.); кандыдат культуралогіі Вольга Сабалеўская і кандыдат гістарычных навук Сяргей Піваварчык, выкладчыкі Гара­дзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (стыпендыі адпаведна 2001 і 2002 г.)[7].

Другой арганізацыяй, што падтрымлівала на працягу ад­значанага перыяду даследчыцкую працу ў галіне іудаікі, быў Амерыканскі яўрэйскі аб’яднаны размеркавальны камітэт (АЯАРК). Пры яго дапамозе ў Мінску адбыліся дзве прадстаўнічыя навуковыя канферэнцыі „Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з іншымі культурамі“ (у траўні 1994 г.) і „Евреи в меняющемся мире“ (у кастрычніку 1996 г.)[8] з удзелам замежных даследчыкаў.

Вялікай з’явай у развіцці іудаікі на Беларусі стаў выхад у свет зборніка навуковых артыкулаў „Евреи Беларуси. История и культура“. Выданне ўвесь час здзяйснялася пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва АЯАРК на Беларусі. Першы выпуск зборніка быў падрыхтаваны ў 1997 г. Ізраільскім культурна–інфармацыйным цэнтрам у Рэспубліцы Беларусь і Ад­крытым Універсітэтам Ізраіля на Беларусі. Ініцыятаркай і на­тхняльніцай стварэння беларускага выдання па яўрэйскай гісторыі і беларуска–яўрэйскіх стасунках стала кандыдат гістарычных навук Іна Герасімава. Першыя пяць выданняў падрыхтавалі І. Герасімава, Яўген Кімель[9] і Генрых Рутман. Спачатку выданне планавалася як збор артыкулаў і нататкаў студэнтаў і інструктараў Адкрытага Універсітэта Ізраіля на Беларусі. З другога нумара зборнік пачаў друкаваць артыкулы, нататкі і эсэ навукоўцаў і даследчыкаў з усёй краіны, у тым ліку і тых, хто ніяк не быў звязаны з Адкрытым Універсітэтам Ізраіля[10]. Увесь час зборнік „Евреи Беларуси: История и культура“ выходзіў выключна дзякуючы асабістым намаганням І. Герасімавай.

Беларускіх даследчыкаў цікавяць наступныя накірункі ў галіне беларуска–яўрэйскіх стасункаў: сацыяльна–эканамічнае і культурнае жыццё яўрэйскага насельніцтва на Беларусі ў XVIII — пачатку XX ст., дзейнасць яўрэйскіх партый на Беларусі, пагромы ў Паўночна–Заходнім краі ў пачатку ХХ ст., гісторыя гарадоў і мястэчак, яўрэйская адукацыя на Беларусі, яўрэйскія кнігадрукаванне і перыядычны друк на Беларусі, яўрэйская дабрачыннасць і дзейнасць на тэрыторыі Беларусі Амерыканскага яўрэйскага аб’яднанага размеркавальнага камітэта, гісторыя Халакосту, польска–яўрэйскія стасункі, яўрэі і беларускі нацыянальны рух, рэпрэсіі 1930 г. сярод яўрэйскага насельніцтва Беларусі, гісторыя сіянісцкага руху. Таксама з’яўляюцца працы па біблеістыцы[11]. На жаль, амаль не існуе прац, якія даследуюць мовы іўрыт і ідыш[12].

Адзначым выданні, што, безумоўна, былі знакавымі ў гэтыя гады. Першым і адзіным даследаваннем у галіне яўрэйскага музычнага фальклору Беларусі стала праца дацэнта Беларускай акадэміі музыкі, кандыдата мастацтвазнаўства Арка­дзя Дзвілянскага „Музыкальный еврейский фольклор Беларуси“, выдадзеная ў 1996 г. накладам 300 асобнікаў пры пад­трымцы АЯАРК. Праца праводзілася на стыпендыю Плана садзейнічання навуковым даследаванням Праграмы пад­трымкі вышэйшай адукацыі (Research Support Scheme of the Higher Education Support Programme). Гэта, напэўна, першае ў СНД даследаванне такога кшталту[13].

Становішча яўрэйскага насельніцтва ў час падзелаў Рэчы Паспалітай даследуе кандыдат гістарычных навук Яўген Анішчанка[14]. Гэта, магчыма, той аўтар, які найбольш плённа ў Беларусі працуе ў галіне іудаікі.

Сярод прац, выдадзеных у 1993—2002 г., толькі дзве вы­клікалі найбольшыя спрэчкі сярод спецыялістаў: гэта даследаванне выкладчыкаў Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна Я. Разэнблата і І. Яленскай „Пинские евреи 1939—1944“ (Берасце, 1997)[15], а таксама кніга Л. Смілавіцкага, ізраільскага аўтара, нараджэнца Беларусі, „Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 г.“ (Тэль–Авіў, 2000)[16].

У 2000 г. у Беларусі выйшла першая з 1993 г. праца па іудаіцы, напісаная на беларускай мове, — кніга В. А. Сабалеўскай „Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзен­скіх яўрэяў“ (Горадня, 2000)[17]. Выданне здзейснена пры дабрачыннай падтрымцы гарадзенскага абласнога грамад­скага аб’яднання „Ратуша“ і амерыканскіх фундатараў.

Безумоўным дасягненнем за гэтыя гады стала выданне некалькіх зборнікаў дакументаў — „Бунд в Беларуси. 1897—1921: Документы и материалы“ (Мінск, 1997), „Judenfrei! Свободно от евреев! История минского гетто в документах“ (Мінск, 1999)[18] — і спроба складання бібліяграфічнага паказальніка  „История Холокоста на территории Беларуси“ (Віцебск, 2001)[19]

У азначаны перыяд пачала выходзіць „Беларуская энцыклапедыя“ — „першая нацыянальная энцыклапедыя суверэннай дзяржавы“[20]. Мы разгледзелі тлумачэнне беларускімі спецыялістамі некаторых тэрмінаў, вельмі важных для іудаікі — „гебраістыка“, „Ізраіль“, „Іерусалім“, „іўрыт“, „сіянізм“[21].

У выніку намі зроблена выснова, што артыкулы напісаны на нізкім узроўні і складаюцца з шэрагу фактычных памылак, спыняцца на якіх не ёсць задача дадзенай працы. Варта адзначыць, што артыкул „Іўрыт“ у 7 т. „Беларускай энцыклапедыі“ — амаль літаральны выклад такога ж артыкула з „Беларускай савецкай энцыклапедыі[22], а артыкул „Гебраістыка“ Эмануіла Іофе скарочана, але тымі ж сказамі перадае аднайменны артыкул „Краткой еврейской энциклопедии»[23].

Паказчык развіцця той ці іншай навуковай дысцыпліны — напісанне дысертацыйных даследаванняў. За дзевяць гадоў развіцця іудаікі ў Беларусі было абаронена восем дысертацый. Першай стала праца Ігара Яцкевіча „Агитационная и пропагандистская деятельность Бунда в Беларуси в 1907 — первой половине 1914 года“ (Бел. дзярж. пед. ун–т імя Максіма Танка, 1995). Потым з’явіліся даследаванні І. Герасімавай „Еврейское образование в Белоруссии в ХIХ — начале ХХ вв. и отношение к нему российского самодержавия“ (Бел. дзярж. пед. ун–т імя Максіма Танка, 1996), Іны Соркінай (Гарадзенскі дзярж. ун–т імя Янкі Купалы, 1998), Яўгена Разэнблата (Ін–т гісторыі НАН Беларусі, 1999), Вольгі Сабалеўскай (Гара­дзенскі дзярж. ун–т імя Янкі Купалы, 1999), Юліі Функ (Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, 1999), Змітра Шавялёва (Бел. дзярж. ун–т, 2000) і Дзмітрыя Мазарчука (Бел. дзярж. ун–т, 2001)[24].

Толькі ў дзвюх дысертацыях, якія належаць грама­дзянам арабскіх краінаў, зроблена спроба даследавання сучаснага Блізкага Ўсходу[25]. Працы падрыхтаваны на вельмі нізкім ўзроўні: аўтары паказваюць няведанне гістарыяграфіі праблемы, недакладна вызначаны храналагічныя рамкі даследаванняў, апісанне праблем вельмі спрошчана, сустракаюцца памылкі ў напісанні прозвішчаў.

Беларуская дзяржава павінна мець зацікаўленасць у развіцці яўрэйскіх даследаванняў, менавіта ў галінах беларуска–яўрэйскіх стасункаў і ізраілезнаўства. Даследаванні ў першай галіне дазволяць атрымаць вывады па правядзенні неабходнага кірунку ў міжнацыянальнай палітыцы, а даследаванні ў другой — граматна весці блізкаўсходнюю знешнюю палітыку. Нягледзячы на гэта, на жаль, дзяржава не дае аніякай падтрымкі ні першай галіне, ні апошняй. Так, у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь з 1997 г. няма ніводнага (! ) спецыяліста, які валодаў бы мовай іўрыт. Усе працы беларускіх даследчыкаў вядуцца пры падтрымцы замежных навуковых установаў і дабрачынных фондаў.

Сістэмы ў выкладанні сучаснага іўрыта на Беларусі не існавала. Выкладанне на курсах іўрыта (ульпанах) падпарадкоўвалася Яўрэйскаму агенцтву Ізраіля і ізраільскай амбаса­дзе і скіроўвалася на авалоданне пачаткамі размоўнай мовы тымі, хто планаваў пераехаць у Ізраіль на пастаяннае жыхарства. За дзевяць гадоў былі дзве спробы арганізаваць выкладанне іўрыта для патрэб дзяржавы: на факультэце міжнародных адносін БДУ ў 1997—2001 г. і ў Міжнародным гуманітарным інстытуце, што быў заснаваны пры БДУ ў 2000 г. Але ж ніводны з трох выпускнікоў факультэта міжнародных адносін БДУ 2002 г., якія атэставаны па мове іўрыт і маюць узроўні валодання мовай ад „hэй“ да „вав“ універсітэцкага ульпана Ізраіля, не служаць у Міністэрстве замежных спраў, а ў Міжнародным гуманітарным інстытуце мова іўрыт не была вядучай дысцыплінай: на спецыяльнасці „сучасныя замежныя мовы“ іўрыт вывучаўся два гады па чатыры гадзіны ў тыдзень, на спецыяльнасці „культуралогія“ — пяць гадоў па дзве гадзіны ў тыдзень.

Адсутнасць у знешнепалітычным ведамстве спецыялістаў — знаўцаў Ізраіля адбіваецца на якасці інфармацыі (дакладныя запіскі і іншыя службовыя паперы, што накіроўваюцца з амбасадаў у Мінск): апрацоўваецца толькі інфармацыя з рускамоўных альбо англамоўных перыядычных выданняў, з–за чаго шэраг дэталяў, якія былі б даступны на іншых мовах, апускаецца[26].

За дзевяць гадоў, з 1993 да 2002 г., беларускімі даследчыкамі было выдадзена толькі пяць прац па ізраілезнаўстве, дзве з якіх — у першым выпуску зборніка „Евреи Беларуси: История и культура“, а дзве апублікаваны ў Маскве ў зборніку „Ближний Восток и современность[27].

Такі факт сведчыць, што праца беларускіх даследчыкаў вядома ў блізкім і далёкім замежжы. Грамадскасць знаёміцца з яе вынікамі з 1995 г. са старонак часопіса „Вестник Еврейского университета в Москве“ (потым — „Вестник Еврейского университета: История. Культура. Цивилизация“) — галоўнага навуковага выдання па іудаіцы ў СНД[28].

На 2002 г. прыпалі сотыя ўгодкі Другога усерасійскага сіянісцкага з’езду ў Мінску, што меў вялікае значэнне для развіцця ўсяго сіянісцкага руху[29]. Да гэтай даты ўдалося пера­класці і зверыць частку спіса дэлегатаў з’езду. Сп. І. Герасімава таксама падрыхтавала спецыяльны нумар яўрэйскай газеты „Авив“, прысвечаны гэтай даце[30]. Значнай з’явай у іудаіцы таго ж года стала выданне матэрыялаў першай міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Расіі „Российский сионизм: история и культура“, што адбылася ў кастрычніку 2001 г., з артыкуламі І. Герасімавай і З. Шавялёва[31].

У 2002 г. у расійскім часопісе „Диаспоры“ быў надрукаваны артыкул сп. Вольфа Рубінчыка „Критические заметки о „еврейской жизни“ в постсоветской Белоруссии“, у якім зроблена спроба даць дэталёвы агляд становішча яўрэйскай аб­шчыны ў Беларусі ў 1999—2001 г.[32], чаго ні беларускімі, ні замежнымі даследчыкамі яшчэ не рабілася.

Пэўны час у Беларусі вяла працу даследчыца з Францыі Клер Лё Фоль (С. Le Foll), вынікам чаго стала манаграфія „L’ècole artistique de Vitebsk (1897—1923): Èveil et rayonnement autour de Pen, Chagall et Malèvitch“ („Віцебская мастацкая школа (1897—1923 г.): Абуджэнне і бляск Пэна, Шагала і Малевіча“)[33].

Такім чынам, існаванне даўніх традыцыяў у галіне яўрэйскіх даследаванняў дало моцны штуршок іх развіццю на Беларусі ў канцы 1990–х г. Актывізацыя навуковай працы па іудаіцы на абшарах былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, звязана ў першую чаргу з дзейнасцю Цэнтра навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“, што з сярэдзіны 1990–х г. падтрымлівае вялікую частку праектаў беларускіх даследчыкаў. Спроба сканцэнтраваць іх сілы ўнутры краіны звязана з заснаваннем навуковага выдання „Евреи Беларуси. История и культура».

Праца беларускіх даследчыкаў вядома як у СНД, так і за межамі былога Савецкага Саюза: з 1995 г. іх работы друкуюцца ў вядучых расійскіх навуковых выданнях, яны з поспехам выступаюць на канферэнцыях і калёквіумах у Маскве, Санкт–Пецярбурзе, Рызе; на іх даследаванні з’явіліся водгукі ў навуковых выданнях далёкага замежжа.

Існаванне ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна базы гістарычных даследаванняў, падтрымка берасцейскіх вучоных замежнымі навуковымі ўстановамі і, у першую чаргу, самаадданая праца саміх даследчыкаў на працягу амаль дзесяці гадоў дазваляюць казаць пра складванне ў Берасці моцнага навуковага кірунку ў галіне іудаікі, асноўныя рысы якога: вывучэнне гісторыі Халакосту, дэталёвая верыфі­кацыя крыніц і сканцэнтраванасць даследаванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

*Аўтар шчыра дзякуе Цэнтру навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“ за магчымасць удзелу ў праграме стажыроўкі Stephanie and Herb Neuman Fellowship 2001 г., у час якой быў пачаты збор матэрыялаў па гэтай тэме.


[1] Пра гэта распавядаецца выключна ў трох працах: Greenbaum A. A. Jewish scholarship and scholarly institutions in Soviet Russia. 1918—1953. Jerusalem, 1978. Рускі пераклад гл. у зборніку „Евреи в России. Историографические очерки: 2–я половина ХIХ века — ХХ век“ (Москва—Иерусалим, 1994). Гл. таксама: Токараў М. Вывучэнне культуры і гісторыі яўрэяў у Беларускай Акадэміі навук // Бела­русі­ка= Albaruthenica: Кн.4. Мінск, 1995. С. 133—136; Герасимова И. К истории еврейского отдела Института белорусской культуры (Инбелкульта) и еврейского сектора Белорусской Академии Наук в 20—30–х годах // Вестник еврейского университета в Москве. Москва—Иерусалим, 1996. № 2 (12). С.144—167. Яўрэйскім сектарам Беларускай Акадэміі навук выдаваўся на мове ідыш навуковы зборнік „Часопіс для дасьледваньня яўрэйскай гісторыі, дэмаграфіі і эканомікі, літаратуры, мовы і этнаграфіі“ („Цайтшрифт фар идишэр гэшихтэ, дэмографіэ, ун экономик, литэратур, форшунг, шпрахвисншафт ун этнографиэ“). Том 1. Менск, 1926; Том 2—3. Менск, 1928; Том 4. Менск, 1930; Том 5. Менск, 1931.
[2] Гл.: Ботвинник М. Н. М. Никольский. Минск, 1967.
[3] Гл.: Ботвинник М. Г. М. Лившиц: Историографический очерк / Под ред. В. А. Федосика. Минск, 1994.
[4] Розенблат Е. С. „Жизнь и судьба“ брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв. Брест, 1993.
[5] Гл.: Исследователи истории и культуры евреев Восточной Европы / О–во „Еврейское наследие“. Москва, 1996; Иудаика в странах СНГ и Балтии (справочник) / Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“; Международный Центр университетского преподавания еврейской цивилизации (Еврейский университет в Иерусалиме). Москва, 1999.
[6] Выходзяць матэрыялы штогадовых міжнародных міждысцыплінарных канферэнцый па іудаіцы, іншых канферэнцый, якія праводзяцца Цэнтрам „Сэфэр“. Гл., напрыклад: Материалы Девятой Ежегодной Международной Междисциплинарной конференции по иудаике / Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“; Международный Центр университетского преподавания еврейской цивилизации (Еврейский университет, Иерусалим); Институт славяноведения РАН. Москва, 2002. Ч. 1—2 (Академическая серия. Вып.10).
[7] Гл. буклет: „Sefer“ Mentoring Program / The Moscow Center for Uni­versity Teaching of Jewish Civilization Sefer. [2002?].
[8] Матэрыялы першай апублікаваны: Беларусіка=Albaruthenica: Кн.4: [Матэрыялы канферэнцый: „Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з іншымі культурамі (май 1994 г., Мінск)“; „Вацлаў Ластоўскі — выдатны дзеяч беларускага адраджэння (кастрычнік 1993 г., Наваполацк)“]. Мінск, 1995. Трэба таксама ўзгадаць навуковы калёквіум, прысвечаны 140–годдзю з дня нараджэння Ш. Дубнова, т.зв. Дубноўскія чытанні (кастрычнік 2000 г.), якія павінны былі стаць штогадовымі, але, на жаль, такімі не зрабіліся. Гл.: Дубновские чтения: Материалы 1–й Международной научной конференции „Наследие Семена Дубнова и изучение истории евреев в странах СНГ и Балтии“, посвященной 140–летию со дня рождения ученого (г. Могилев, 17—19 октября 2000 г.): Сб. ст. / Союз белорусских еврейских общественных объединений и общин; Научно–просветительский центр С. Дубнова. Минск, 2001.
[9] Яўген Анатолевіч Кімель, які памёр у 2000 г., стаяў ля вытокаў беларускай іудаікі. На працягу чатырох гадоў сп. Кімель быў членам рэдакцыйнай рады зборніка „Евреи Беларуси. История и культура“. Выдатны філолаг, вучань М. Бахціна. Выпускнік Вышэйшых курсаў іудаікі Інстытута краін Азіі і Афрыкі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М. В. Ламаносава, сваёй працай ён садзейнічаў развіццю акадэмічнай іудаікі на Беларусі, а таксама прымаў удзел у выданні беларускага часопіса татараў–мусульман „Байрам“, вывучаў матэрыялы па гісторыі беларускай мовы і літаратуры. Ніжэй пералічаны асноўныя працы сп. Кімеля: Кімель Я. Яўрэйскае гарад­ское насельніцтва Беларусі ў 1897—1926 г. // Беларусіка=­Alba­ruthenica. Кн. 4. С.89—92; Ён жа. Становление источниковедения истории евреев Беларуси: Археографическое наследие проф. С. А. Бершадского // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 1. Минск, 1997. С.26—32; Ён жа. [Рэц. на:] Анищенко Е. К. Черта оседлости: (Белорусская синагога в царствование Екатерины II). Минск, 1998 // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 3—4. Минск, 1998. С.311—317; Ён жа. Программа преподавания курса „Евреи Беларуси“ // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 5. Минск, 2000. С.315—318.
[10] У 1997—2002 г. выйшла шэсць выпускаў зборніка. Гл.: Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст. Вып. 1 / Ред. колл.: Герасимова И., Киммель Е., Рутман Г. Минск, 1997; Вып. 2. Минск, 1998; Вып. 3—4. Минск, 1998; Вып. 5. Минск, 2000; Вып. 6. Минск, 2001.
[11] Гл.: Синило Г. В. Древние литературы Ближнего Востока и мир Танаха (Ветхого Завета): Учебное пособие для студентов филологических факультетов вузов. Минск, 1998.
[12] Абрамова Е. Гебраизмы и идишизмы в белорусском языке // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 1. С. 96—102; Цыхун Г., Літвіноўская А. Лёс яўрэйскіх запазычанняў у беларускай мове // Белару­сіка=Albaruthenica. Кн.4. С. 212—217.
[13] Двилянский А. Музыкальный еврейский фольклор Беларуси: Науч.–публ. исследование. Могилев, 1996.
[14] Гл.: Анішчанка Я. К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гады) / Гуманітарна–эканамічны недзярж. ін–т; Пад рэд. У. А. Сосны. Мінск, 1998; Ён жа. Черта оседлости: (Белорусская синагога в царствование Екатерины II). Минск, 1998. Апошняя таксама выдадзена пры пад­трымцы АЯАРК.
[15] Розенблат Е. С., Еленская И. Э. Пинские евреи 1939—1944 / Брест. гос. ун–т. Брест, 1997. 308 с.; Рэцэнзіі на гэтую працу гл.: Romanovsky D. The Jews in Pinsk: Sovietization, Then Holocaust: Review // „Jews in Eastern Europe“. Jerusalem, 2001 (fall). No.2 (45). P.73—78; Романовски Д. Йэhудэй Пинск ле–ор тэ’уд архиони ми–hа–шаним 1939—1943 // „Йад Ва–Шэм: ковэтс мекарим 29“. Йерушалайим, 2001. Ам. 117—141; Здановіч У. // БГА. Т.4 (1997). Сш.6—7. С.290—296; Альтман И. Пинские евреи в годы Холокоста: взгляд из Москвы // Евреи Беларуси. История и культура: Вып. 3—4. С. 277—279; Иоффе Э. Книга необычного жанра // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 284—285; Жумарь С. О книге „Пинские евреи. 1939—1944 г.“ и некоторых проблемах изучения Холокоста в Белоруссии // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 286—295; Вабишевич А. Судьба пинских евреев времен Холокоста // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 296—300. Разэнблат і Яленская — найбольш вядомыя аўтары, хто даследуе праблемы Халакосту на Беларусі. Гл., напрыклад: Еленская И. Э. Документы немецко–фашист­ских оккупационных органов управления и учреждений как исторический источник: (По материалам Госархива Брестской области): Дис. … канд. ист. наук (07.00.09) / НАН Беларуси. Ин–т истории. Минск, 1999; Розенблат Е. С. Нацистская политика геноцида в отношении еврейского населения на территории западных областей Беларуси (1941—1944 г.): Дис. … канд. ист. наук (07.00.02) / НАН Беларуси. Ин–т истории. Минск, 1999.
[16] Смиловицкий Л. Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 г. / Фонд АМОС для поддержки ученых и писателей, Всеобщего попечительского фонда им. Эвы Минскер де Вилар для поддержки ученых, писателей и художников репатриантов из СССР при Министерстве абсорбции, Фонд им. Йорана Шницера по изучению истории еврейского народа при Тель–Авивском университете. Тель–Авив, 2000. Рэцэнзіі на працу гл.: Рубінчык В. Яшчэ пра Галакост // Arche. 2000. №4. С.75—76; Шыбека З. // Кантакты і дыялогі. 2000. №10. С.43—44; Иоффе Э. // Нёман. 2001. №1. С.248—251; Ён жа. // „Авив“.  2001. №3 (март). C.20; Ён жа. // БГА. 2001. Т.8. Сш. 1—2 (14—15). С. 353—356; Розенблат Е., Еленская И. Новая книга о Холокосте // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып.6. С.238—252; Ботвинник М. Отрицательный отзыв — хорошая реклама для книги // „Авив“. 2001. №8 (август). С.10; Кантарович Б. Памятники трагической эпохи // „Мишпоха“. Витебск, 2000. №8. С.140. Параўн. рэцэнзіі сп. Іофе ў часопісах „Нёман“ і „Беларускі Гістарычны Агляд“.
[17] Сабалеўская В. Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гара­дзенскіх яўрэяў. Гародня, 2000.
[18] Бунд в Беларуси. 1897—1921: Документы и материалы / Сост. Э. М. Савицкий; Нац. Арх. Республики Беларусь, БелНИИ документоведения и арх. дела. Минск, 1997; „Нацистское золото“ из Беларуси: Документы и факты / Бел. респ. фонд „Взаимопонимание и примирение“. Минск, 1998; Judenfrei! Свободно от евреев! История минского гетто в документах / Сост. Р. А. Черноглазова. Минск, 1999.
[19] История Холокоста на территории Беларуси: Библиографический указатель / Научно–просветительский центр истории евреев Беларуси и Холокоста им. С. Дубнова; Еврейский общинный центр (г. Минск), Американский еврейский объед. распределит. комитет. Сост.: И. П. Герасимова, С. М. Паперная. Витебск, 2001.
[20] Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т.1. Мінск, 1996. С.5 (далей БелЭН).
[21] Гл.: Іофэ Э. Р. Гебраістыка // БелЭН. Т. 5. Мінск, 1997. С.129; Афнагель І. Я., Кошалеў У. С., Лянькевіч Р. Ч., Сініла Г. В., Шунейка Я. Ф. Ізраіль // БелЭН. Т.7. Мінск, 1998. С.181—188; Мазоўка Н. К., Шунейка Я. Ф. Іерусалім // БелЭН. Т.7. С. 171—172; Іўрыт // БелЭН. Т. 7. С.368; Боўш В. І. Сіянізм // БелЭН. Т.14. Мінск, 2002. С.429. Крыху адрозні­ваецца ад усіх толькі артыкул сп.  М. Рыбко „Сіянізм“, падрыхтаваны для „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“: Рыбко М. Сіянізм // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.6. Кн.1. Мінск, 2001. С.304—306.
[22] Гл.: Іўрыт // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т.5. Мінск, 1972. С.183.
[23] Параўн.: Гебраистика // Краткая еврейская энциклопедия / Общество по исследованию еврейских общин. Гл.ред.: И. Орен (Надель), М. Занд. Т.2. Иерусалим, 1982. Кол. 46—57.
[24] Гл.: Яцкевич И. Г. Агитационная и пропагандистская деятельность Бунда в Беларуси в 1907 — первой половине 1914 года: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Бел. гос. пед. ун–т им. Максима Танка. Минск, 1995; Герасимова И. П. Еврейское образование в Белоруссии в ХIХ — начале ХХ вв. и отношение к нему российского самодержавия: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Бел. гос. пед. ун–т им. Максима Танка. Минск, 1996; Соркіна І. В. Роля мястэчак у сацыяльна–эканамічным і культурным развіцці Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзяў: Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / НАН Беларусі. Ін–т гісторыі. Мінск, 1998; Розенблат Е. С. Нацистская политика геноцида в отношении еврейского населения на территории западных областей Беларуси (1941––1944 г.): Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / НАН Беларуси. Ин–т истории. Мінск, 1999; Сабалеўская В. А. Яўрэі Беларусі ў канцы ХVIII — першай палове ХIХ стагоддзя: лад жыцця і культура: Аўтарэф. дыс. … канд. культуралагічных навук: 24.00.02 / Гродзен. дзярж. ун–т ім. Янкі Купалы. Гродна, 1999; Функ Ю. В. Еврейская благотворительность в Беларуси в ХIХ — начале ХХ в. и источники ее исследования: Автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.09. / Бел. НИИ документоведения и архивного дела. Минск, 1999; Шевелёв Д. Л. Генезис палестинской проблемы, 1882—1917 г.: Дис. …канд. ист. наук: 07.00.05. / Бел. гос. ун–т. Минск, 2000; Мазарчук Д. В. Религиозно–политические движения в Иудее персидского периода: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.03 / Бел. гос. ун–т. Минск, 2001.
[25] Хиджаз Раухи Мохаммад Абдул Хак. Динамика палестино–израиль­ского конфликта и пути его урегулирования: Автореф. дисс. … канд. социол. наук: 22.00.04 / НАН Беларуси. Ин–т социологии. Минск, 1998; Аль–Катаунех Ахмад Гани. Роль Иордании в становлении и развитии мирного процесса на Ближнем Востоке в 90–е годы: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.15 / Бел. гос. ун–т. Минск, 2001.
[26] Пра гэты факт сведчыць дакумент, што з’явіўся ў выданні „Вестник Министерства иностранных дел“ у 2001 г. — агляд дзейнасці беларускай амбасады ў Ізраілі, падрыхтаваны яе супрацоўнікамі (Вестник Министерства иностранных дел. Минск, 2001. №2. С.130—135). У аглядзе сустракаецца шэраг фактычных памылак і недакладнасцяў.
[27] Гл.: Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып.1. С.83–89; С.90—95; Ближний Восток и современность: Сб.ст.: Вып.14. Москва, 2002. С.275—298; Ближний Восток и современность: Сб.ст.: Вып.15. Москва, 2002. С.229—238. Гл. таксама: Белорусский журнал международного права и международных отношений. 2000. №1. С.82—86.
[28] Гл.: Холокост на территории Пинщины. 1941—1944 г. // Вестник Еврейского университета в Москве. Москва—Иерусалим. 1995. №2 (9). С.114—118.
[29] Пра другі ўсерасійскі з’езд сіяністаў 1902 г. гл.: Штейн И. А. Всероссийский съезд сионистов в Минске: Отчет. Елисаветград, 1902 (Сионистское образование; №6). Гл. таксама: Герасимова И. П. Первая конференция сионистов в России: Минск, 1902 год. Люди. События. Взгляд через 100 лет // Российский сионизм: история и культура: Материалы научной конференции. Москва, 2002. С.87—110.
[30] „Авив“. Минск, 2002.  №11 (80).
[31] Российский сионизм: история и культура: Материалы научной конференции / Еврейское агентство в России; Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“. Москва, 2002.
[32] Рубинчик  В. П. Критические заметки о „еврейской жизни“ в постсоветской Белоруссии // Диаспоры. Москва, 2002. №4. С.53–86.
[33] Le Foll C. Lécole artistique de Vitebsk (18971923): Éveil et rayon­nement autour de Pen, Chagall et Malévitch / Préfacé par Suzanne Pour­chier et Yves Plasseraud.  LHarmattan, 2002.  280 p.  (Collection Biélorussie).Рэц.: Шишанов В. Пэновский „сват“ сосватал еврейское, русское и белорусское искусство // „Мишпоха“. Витебск, 2002. Вып. 12. С. 141—142.

Наверх

Алесь Груша. «Малапрыстасаваныя» рэкамендацыі ці мала-падрыхтаваныя рэцэнзенты?

13 снежня, 2003 |


Пад час знаёмства з рэцэнзіяй супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (далей — НГАБ) А. М. Латушкіна і З. Л. Яцкевіча[1] на «Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі рукапісных актавых кірылічных крыніц у Беларусі (XIII—XVIII стст., перыяд Вялікага княства Літоўскага»[2] (далей — «МР») міжволі ўзнікае некалькі пытанняў: няўжо ў тэксце амаль на 170 старонак, які размеркаваны на больш чым 1000 артыкулаў, няма ніводнай карыснай і кампетэнтнай рэкамендацыі; як атрымалася, што такому «малападрыхтаванаму» аўтару, якім з’яўляецца А. І. Груша, даручылі такую складаную (як адзначаюць рэцэнзенты, «вартую намаганняў цэлага аддзела ці нават інстытута») і адказную працу; нарэшце, куды глядзела рэдкалегія на чале з навуковым рэдактарам, вядомым расійскім археографам Г.Харашкевіч? Але, быць мо­жа, «МР» з’яўляюцца «малапрыстасаванымі» не для ўсіх пуб­лікатараў; быць можа, прычына не ў кваліфікацыі аўтара «МР», а рэдкалегія даволі паспяхова справілася са сваімі задачамі? Давайце разбярэмся.

Звяртае на сабе ўвагу, што крытыка рэцэнзентаў скіравана на вузкае кола праблем. Заўвагі прысвечаны ў асноўным ігнараванню папярэдніх прац, выкарыстанню некалькіх «новых» і «незразумелых» тэрмінаў (як потым высветліцца, новыя і незразумелыя яны толькі для Латушкіна і Яцкевіча) і некаторым агульным крытэрыям стварэння публікатарскіх загалоўкаў. Між тым, гэта не перашкодзіла рэцэнзентам прыйсці да заключэння аб поўнай непрыгоднасці «МР». А як жа тэкст, якому археографы надаюць асаблівае значэнне (у «МР» яму прысвечаны артыкулы 22—251)? Як жа навукова–даведачны апарат (артыкулы 838—998) і г. д.? Няўжо ўсё гэта дробязь у параўнанні са згаданымі праблемамі? Праўда, у адным месцы Латушкін і Яцкевіч паспрабавалі звязаць праблему перадачы тэксту з яго перакладам на сучасную мову. Больш за тое, яны далі зразумець, што пераклад — ледзь не самы дакладны і зручны «тэкст» крыніцы (с. 311). Я не буду ўдавацца ў тонкасці і разважаць на прадмет таго, які тэкст з’яўляецца больш «дакладным» і «зручным» і, наогул, што ўсё ж такі можна назваць тэкстам крыніцы: яго ўласны тэкст ці пераклад, г. зн. вынік творчасці перакладчыка. Адзначу толькі, што па маім (і не толькі маім) глыбокім перакананні, самым дакладным тэкстам можа быць толькі тэкст крыніцы. З другога боку, пра які пераклад ідзе гаворка: са старабеларускай мовы на беларускую? Не ведаю, як асобныя супрацоўнікі НГАБ, але прафесійныя даследчыкі ВКЛ і Беларусі (не толькі беларускія, але польскія, літоўскія і расійскія) такімі перакладамі не карыстаюцца. Быць можа, рэцэнзенты маюць на ўвазе дакументы, напісаныя на лацінскай, нямецкай, польскай і іншых мовах кірыліцай? Калі гэта так, то я б з вялікім задавальненнем па­знаёміўся з імі.

Прызнацца, я вельмі ўражаны заклікам рэцэнзентаў звяртацца пры распрацоўцы метадаў і прыёмаў выдання гістарычных крыніц да спадчыны такіх «знакамітых» археографаў, як І. І. Грыгаровіч, І. Я. Спрогіс, Дз. І. Даўгяла і іншых, да такіх зборнікаў дакументаў, як «Белоруский архив древних грамот», «Беларускі архіў», «Инвентари магнатских владений», публікацый асобных дакументаў у «Архіварыусе», «Беларускім археаграфічным штогодніку», хроніках «Памяць» і г. д. (с. 312). Я, канешне, мог ушанаваць згаданыя імёны і, такім чынам, выказаць павагу да дзейнасці І. Грыгаровіча, І. Спрогі­са, Дз. Даўгялы і інш. Але прызнаюся сумленна, я не выкарыстоўваў іх метадычны вопыт. Я, безумоўна, спаслаўся б на іх, калі б развіццё археаграфіі спынілася на ўзроўні іх публікацый. Але якімі яны ні былі знакамітымі, методыка выдання гістарычных крыніц у XIX ст. — гэта ўчарашні дзень. Безна­дзейна састарэла і методыка публікацыі «Беларускага архіва» Дз. Даўгялы, які абапіраўся на вопыт, што быў набыты ім у дарэвалюцыйны перыяд навуковай дзейнасці. Не разумець гэтага — проста не быць знаёмымі з сучаснымі патрабаваннямі да навуковых выданняў. Што да публікацый асобных дакументаў у навукова–папулярных зборніках «Архіварыус» і хроніках «Памяць», то апошнія саступаюць нават публікацыям І. Грыгаровіча і Дз. Даўгялы. У гэтым сэнсе яны могуць быць пры­кладам таго, як нельга друкаваць крыніцы. Зрэшты, менавіта да спрошчанасці публікацый і заклікаюць Латушкін і Яцкевіч. Менавіта так трэба разумець адно з іх выказванняў: «…пры мэце найбольш хуткага і шырокага ўвядзення іх (г. зн. гістарычных крыніц. — А. Г.) у навуковы ўжытак павінна, натуральна, рабіць мэтазгодным максімальную спрошчанасць правіл публікацыі гэтых крыніц (падкрэслена мной. — А. Г.)». Праўда, як яны дадаюць, «безумоўна, без шкоды для іх да­кладнай археаграфічнай апрацоўкі» (с. 310—311). Выкажам меркаванне, што гаворка ідзе пра непарушнасць «крыніца­знаўчай паўнацэннасці»[3] публікацыі. Калі маё меркаванне слушнае, то, відавочна, рэцэнзенты імкнуцца вырашыць невырашальную задачу. Максімальна спрасціць методыку выдання крыніцы і пры гэтым зрабіць яе публікацыю крыніца­знаўча паўнацэннай — гэта тое ж самае, што, напрыклад, Беларусі ўвайсці ў склад Расіі і пры гэтым захаваць поўны суверэнітэт і незалежнасць. Гэта абсалютна немагчыма.

Рэцэнзентам «кінулася ў вочы» ігнараванне «шматлікіх», як яны выказваюцца, падобных прац літоўскіх і польскіх да­следчыкаў (с. 311). Польскія працы па методыцы публікацыі гістарычных крыніц я не ігнарую (хоць інструкцый па выданні кірылічных крыніц у Польшчы і дасюль няма). Каб па­цвердзіць гэта, я раю прачытаць тэкст спасылак на с. 5 «МР». На літоўскія распрацоўкі я не мог даць спасылкі па той простай прычыне, што яны адсутнічаюць. Калі гаварыць пра вопыт выдання гістарычных крыніц у Літве, то самым вялікім дасягненнем літоўскіх вучоных у гэтай галіне з’яўляецца на сённяшні дзень публікацыя кніг Метрыкі ВКЛ. Аднак пры выданні кірылічных дакументаў Метрыкі літоўскія публікатары кіруюцца ў асноўным «Метадычнымі рэкамендацыямі» Г. Л. Харашкевіч і С. М. Каштанава[4] (пра што самі абвяшчаюць). Трэба сказаць, што ў параўнанні са згаданымі «Метадычнымі рэкамендацыямі» ў плане методыкі літоўскія выданні Метрыкі ВКЛ амаль нічога не даюць. Па гэтай прычыне яны таксама не былі названы ў ліку тых, на якія я абапіраўся. Адзі­нае, што можна паставіць мне ў папрок, дык гэта замоўчванне імён С. Кутшэбы, У. Сямковіча і Я. Фіялэка, археаграфічным вопытам якіх я сапраўды карыстаўся. Іх зборнікі «Akta unji Polska z Litwą 1385—1791» (Wyd. S. Kutrzeba, W. Sem­ko­wicz. Kraków, 1932) і «Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi wileńskiej» (Wyd. J. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1948) змяшчаюць у асноўным лацінамоўныя акты. Аднак змест, структура, прыёмы складання і афармлення навуковага і навуковага–даведачнага апарату выданняў вартыя пераймання. Зрэшты, пра гэтыя публікацыі нічога не сказана і ў рэцэнзіі. Гэта — натуральна. Прапаведванне рэцэнзентамі максімальна спрошчанага метаду выдання гістарычных кры­ніц з названымі працамі зусім не ўвязваецца.

Наступную цытату рэцэнзентаў прывяду цалкам: «Най­вялік­шае здзіўленне выклікае назва падраздзела 3.2.2.5. „Апісанне і ідэнтыфікацыя вадзянога знака (вадзяных знакаў) паперы“ (с. 111). Справа ў тым, што аўтару, які любіць выкарыстоўваць столькі новых тэрмінаў, варта было б ведаць, што пасля міжнароднага кангрэса па гісторыі паперы, што адбыўся ў Оксфордзе яшчэ ў 1967 г., для выкарыстання ў навуковых доследах быў прыняты тэрмін „філігрань“. Тлумачыцца гэта тым, што вада не пакідае ніякага знака» (с. 316). Выкарыстанне слова «вялікі» ў найвышэйшай якаснай ступені сведчыць пра тое, што на гэтую заўвагу Латушкін і Яцкевіч рабілі асаблівую стаўку. Аднак, па–першае, кангрэс, які маецца на ўвазе, адбыўся не ў 1967 г., а ў 1961 г. Па–другое, гэта быў не міжнародны кангрэс па гісторыі паперы, а міжнародны кангрэс гісторыкаў паперы (International Association of Paper Historians) (у дадзеным выпадку розніца істотная). Па–трэцяе, лёсавызначальнага рашэння для тэрміна «вадзяны знак» ён не прымаў. Вось што сказана ў кнізе Э. Т. Лаўцявічуса «Папера ў Літве ў XV—XVIII стст.», якая і паслужыла для Латуш­кіна і Яцкевіча крыніцай інфармацыі пра названы кангрэс: «На Міжнародным кангрэсе гісторыкаў паперы (Inter­national Association of Paper Historians) у 1961 г. пры абмеркаванні праблем тэрміналогіі было пастаўленна пытанне аб выкарыстанні тэрміна „вадзяны знак. Некаторыя ўдзельнікі кангрэса тлумачылі: слова „знак можна прыняць, таму што на паперы сапраўды бачны знак, але паколькі ён пакідаецца не ад вады, а ад дроту, з якога сплецена фігура на дне чарпальнай формы, то яго лепей называць „драцяным знакам“ (Wiremark, Drahtzeichen)»[5]. Галасы асобных удзельні­каў кангрэса — гэта яшчэ не рашэнне ўсяго кангрэса. Да таго ж гаворка ішла аб замене тэрміна «вадзяны знак» не на «філігрань», а на «драцяны знак». Рэцэнзенты яўна пазбеглі б такой недарэчнай недакладнасці, калі б былі добра знаёмыя з сучаснай літаратурай па філіграналогіі. У ёй побач з тэрмінам «філі­грань» па–ранейшаму выкарыстоўваецца «вадзяны знак». Няма сэнсу прыводзіць усе працы, у якіх прысутнічае гэты тэрмін. Спашлемся толькі на некаторыя з іх, а менавіта тыя, што змешчаны ў зборніку «Філіграналагічныя даследаванні. Тэорыя, методыка, практыка» (Ленінград, 1990). Апошні адлюстраваў дасягненні і падвёў вынікі развіцця ўсёй савецкай філіграналогіі. Яго аснову склалі даклады і паведамленні Першай усесаюзнай нарады па філіграназнаўстве, якая адбылася ў траўні 1987 г. у Маскве. Аўтары зборніка — вядучыя савецкія (расійскія, украінскія і эстонскія) філігранолагі, археографы, палеографы, гісторыкі кнігі: С. О. Шмідт, Ю. В. Андрушайціце, А. А. Амосаў, Т. В. Дзіянава, Ы. П. Уттэр, Л. Р. Уттэр, Е. М. Шварц, Л. М. Касцюхіна, Б. М. Клос, Я. Л. Неміроўскі, Л. П. Жукоўская, А. А. Турылаў, А. Я. Мацюк і інш. Усе названыя вучоныя ўжываюць як тэрмін «філігрань», так і «вадзяны знак» («ВЗ»).

Каб не склалася ўражанне, што толькі савецкія гісторыкі карысталіся тэрмінам «вадзяны знак», прывядзем адно выказванне Т. Дзіянавай. Даследчыца палемізуе з Л. Жукоўскай, якая прапанавала пад тэрмінам «вадзяны знак» падразумяваць усе часткі папяровай формы, якія адбіваюцца на папя­ровым аркушы: вяржэры, панцюзо, філігрань, а тэр­мін «філігрань» выкарыстоўваць толькі ў дачыненні да сюжэтных і літарных знакаў. «Аб’ядноўваць паняццем „вадзяны знак“ вяржэры, панцюзо і сюжэтны знак, — піша Т. Дзіянава, — таксама не правамерна, паколькі гэта адвядзе археографаў ад практыкі і тэорыі рускай, савецкай і сусветнай філіграназнаўчай тэрміналогіі. Прагляд апошніх філіграназнаўчых прац — нямецкіх, балгарскіх і айчынных — паказаў, што пад тэрмінам вадзяны знак“ (Wasserzeichen) падразумяваецца эмблематычная частка з літарным суправаджэннем (падкрэслена мной. — А. Г.), а астатнія часткі дна папяровай формы, якія адбіваюцца ў паперы, па традыцыі называюцца вяржэрамі і панцюзо»[6]. Выдатны літоўскі філігранолаг Э. Лаўцявічус, спа­слаўшыся на існуючую ў Літве практыку, той знак на паперы, які бачны на святло, называў «вадзяным знакам», а драцяны ўзор, які ўплятаўся ў дно чарпальнай формы — «філі­гранню»[7]. Напэўна, такой жа пазіцыі трымаецца і аўтар найноўшага выдання «Асновы рускай палеа­графіі» І. В. Лёвачкін: «Вадзяны знак (філігрань) — бачная на прасвет выява на паперы, атрыманая з дапамогай драцяной сеткі…», «філі­грань — драцяная выява, якая замацоўваецца на сетцы для адліву папяро­вых аркушаў з мэтай атрымання вадзяных знакаў»[8]. Тэрмін «вадзяны знак» можна знайсці на старонках самых апош­ніх літоўскіх, польскіх і расійскіх археаграфічных выдан­няў[9]. Прысутнічае ён і ў сучасных польскіх і расійскіх навучальных дапаможніках[10]. Варта дадаць, што ў спецыялістаў–папернікаў асноўным тэрмінам з’яўляецца «вадзяны знак», але часам ўжываецца і «філігран» («філігрань»)[11]. Дарэчы, прыведзеная вышэй цытата з працы Т. Дзіянавай тлумачыць, чаму я нічога не гавару пра літары, якія суправаждаюць выявы вадзяных знакаў: гэта частка вадзянога знака.

Рэцэнзенты адзначаюць: «Цікавую, але незразумелую тэрміналогію прапаноўвае А. І. Груша пры атаясамленні (так у рэцэнзіі, трэба абазначэнні. — А. Г.) ступені блізкасці філі­грані з тымі, якія ёсць у альбомах: „падобны“, „вельмі падобны“, „блізкі“, „тоесны“. Цяжка вызначыць дакладную мяжу ў адрозненнях паміж імі (прыклады ўзяты А. І. Грушай з уводзінаў да кнігі Метрыкі ВКЛ 44, апублікаванай ім у 2001 г.); на наш погляд, ён дэманструе ў гэтым некампетэнтнасць. Напрыклад, філігрань, якую ён называе „Сякера“ — элемент герба „Окша“, а герб „Тапор“, які беларускія даследчыкі звычайна не перакладаюць, мае іншы выгляд» (с. 316—317). Са зместу рэцэнзіі немагчыма вызначыць, да чаго адносіцца мая некампетэнтнасць: да таго, што я выкарыстоўваю формулы «падобны», «вельмі падобны», «блізкі», «тоесны», ці называю «Сякеру» «Сякерай». Хутчэй за ўсё — і да таго, і да іншага. Мяжу адрознення паміж паняццямі «падобны», «вельмі падобны», «блізкі», «тоесны» я адзначаю — трэба быць больш уважлівым[12]. Праблема ж уніфікацыі тэрміналогіі для абазначэння ступені блізкасці філіграні да тых, што змешчаны ў даведніках (альбомах), даўно з’яўляецца адной з самых актуальных. «Адсутнасць сведчання ў працы пра тое, што аўтар выкарыстоўвае тую ці іншую сістэму тэрмінаў ці стварае сваю ўласную, адсутнасць тлумачэнняў, чаму не з’яўляюцца прымальнымі традыцыйныя тэрміны, часам заблытвае сутнасць праблемы»[13]. Праблема уніфікацыі тэрміналогіі ўжо мае сваю гістарыяграфію. Так, Ш. Брыке і В. М. Шчэпкін выкарыстоў­валі тры ступені параўнання: а) тоесныя знакі («varietes iden­tiques»), якія супадаюць контурамі; б) «сходные» («varietes similaires»), якія маюць адрозненні ў форме і памеры; в) «подобные» («varietes divergentes», «якія адхіляюцца»), калі падабенства назіраецца ў межах тыпу. А. Амосаў рэкамендаваў адрозніваць: а) тоесныя вадзяныя знакі, якія адпавядаюць варыянту; б) блізкія, якія адпавядаюць разнавіднасці; в) «сходные», якія адпавядаюць віду; г) «подобные», што адпавядаюць групе; д) аналогія, што адпавядае класу[14]. У распрацаванай у 1977 г. у Францыі Інстытутам даследавання і гісторыі тэкстаў інструкцыі па апісанні рукапісаў прыняты наступныя ступені параўнання: «сходен», варыянт ці падобны тып і нумар па Брыке. У Балгарыі — гэта падобны («simi­laire»), вельмі падобны («tres similaire»), ідэнтычны («iden­tique»), тып («type»)[15]. Ступень блізкасці вадзяных знакаў ад­значаецца ва ўсіх найбольш грунтоўных археаграфічных выданнях[16]. І гэта натуральнае патрабаванне да ўсіх публікацый гістарычных крыніц на паперы. Тэрміналогія, якая прапанавана ў маіх «МР», «знешне» падобная на балгарскую (у беларускай мове «подобный» і «сходный» перакладаюцца адным словам — «падобны»; таму тое, што ў рускай мове «сходный», у мяне — «вельмі падобны») і адпавядае наступным узроўням класіфікацыі: а) тоесны — варыянту; б) бліз­кі — разна­від­насці; в) вельмі падобны — віду; г) падобны — тыпу.

Што да наймення «Сякера», то ў дачыненні да таго вадзянога знака, на які я спасылаюся, насуперак сцвярджэнню аўтараў рэцэнзіі, сапраўды, выкарыстоўваецца тэрмін «Сякера» («Topór» — па–польску, «Kirvis» — па–літоўску, «Топор» — па–руску)[17]. У аснову тыпавой класіфікацыі пакладзены герб «Сякера» з выявай сякеры, вастрыё якой павернута ў правы (геральдычны) бок (у Лакіера — у левы)[18]. Назва ж «Окша» належыць гербу з іншай выявай: алебардай, вастрыё якой накіравана ў правы (геральдычны) бок («biały halabard w czer­wonem polu») ці двума перакрыжаванамі алебардамі[19]. Такім чынам, імкнучыся прадэманстраваць маю некампетэнтнасць, рэцэнзенты дасягнулі адваротнага. Наогул, іх не бянтэжыць той факт, што назва «Сякера» для абазначэння дадзенага герба прысутнічае ў альбомах вадзяных знакаў (на якія я даю адсылку)[20] і археаграфічных публікацыях[21]. Самае цікавае, што выява менавіта гэтага герба прыведзена ў якасці ілюстрацыі да артыкула „Аколавы герба «Тапор» у «Малым гербоўніку наваградскай шляхты“. Аўтарамі артыкула з’яўляюцца С. Рыбчонак і… Яцкевіч, адзін з маіх рэцэнзентаў[22]. Відавочна, апошні забыўся на некаторыя дэталі сваіх папярэдніх прац.

Латушкін і Яцкевіч выказваюць неразуменне, чаму аўтар — складальнік «МР» аддае так мала ўвагі такому важнаму элементу пячаткі як кустодзія і абмяжоўваецца толькі адзначэннем яе разнавіднасці (с. 316). Хацелася б чарговы раз выказаць пажаданне быць больш уважлівым пры знаёмстве са зместам працы. Як вынікае з артыкула 698, «для адразных і выразных кустодзій пасля адзначэння тыпу прыводзяцца звесткі аб іх форме (падкрэслена мной. — А. Г.). Напрыклад: …адразная квадратная… <…> выразная прамавугольная з пашырэннем у левай частцы ў выглядзе прамавугольніка <…>». Не рэкамендуецца адзначаць форму толькі для падразной кустодзіі, якая з–за асаблівасцяў яе вырабу (з дапамогай падрэза) заўжды блізкая да трохвугольніка[23]. Дарэчы, паведамленне пра тып кустодзіі — не адзіная інфармацыя, якую я лічу неабходным прыводзіць пры апісанні кустодзіі. Наогул, ёй пры­свечана 14 артыкулаў, г. зн. болей, чым, напрыклад, адзначэнню спісаў дакументаў і публікацый. Магчыма, я памыляюся, але здаецца, ні ў Польшчы, ні ў Расіі, ні ў Украіне і дакладна ў Беларусі няма ніводнага выдання крыніцы, у якой бы паведамлялася пра разнавіднасць і форму кустодзій[24]. Не прадугледжваюць іх апісання і існуючыя інструкцыі і метадычныя рэкамендацыі. Што хочуць сказаць аўтары, калі пішуць: «тут, хутчэй, варта было прымяніць прынцып, выкарыстоўваемы (так у рэцэнзіі. — А. Г.) пры ідэнтыфікацыі філіграней» (с. 316), зразумела, напэўна, ім адным. Дадамо толькі: каб катэгарычна казаць пра залежнасць формы кустодзіі ад віду дакумента (што ў рэцэнзіі маецца на ўвазе пад тэрмінам «від дакумента»?), неабходна правесці спецыяльнае даследаванне. А такога даследавання пакуль што няма.

Спынімся на тэрмінах. Праблема тэрмінаў праходзіць чырвонай ніткай праз усю рэцэнзію. Як лічаць рэцэнзенты, праца проста «нагрувашчана» новай тэрміналогіяй (с. 317). Тэрмін «тапалагічная дата» новым назваць цяжка. Гэты тэрмін для абазначэння таго, што звычайна называецца «месцам выдання», выкарыстоўваў аўтар вядомай працы па Метрыцы ВКЛ М. Р. Беражкоў[25]. Сапраўды, не ўяўляецца магчымым вызначыць, якую дату меў на ўвазе пісар, калі паведамляў, напрыклад: «П(и)сан у Городне, април 10 ден, инъдик(т) 6»: дату прыняцця самога акта рашэння, падрыхтоўкі дакумента ці яго выдачы (рассылкі)[26]. У святле гэтых дадзеных тэрмін «месца выдання» (як, дарэчы, і «час выдання») нельга лічыць дакладным. Назва «тапалогія» паходзіць ад двух грэцкіх слоў: topos «месца» і logos «слова» («вучэнне», «навука»). А тэрмін «тапалагічная дата» створаны па аналогіі з тэрмінам «храналагічная дата» (мы ж не называем храналагічную дату «хранічнай»). Не з’яўляецца маім новаўвядзеннем і тэрмін «археограф–дыпламатыст», які рэцэнзенты марна стараліся адшукаць у «Вялікай савецкай энцыклапедыі» (с. 316). У пошуках гэтага тэрміна варта было б звярнуцца да спецыяльнай літаратуры па археаграфіі і дыпламатыцы[27]. Дыпламатыст — гэта вучоны, які займаецца дыпламатыкай — навукай аб знешняй і ўнутранай форме актаў (што гэта за навука, ведае амаль кожны студэнт). «Археограф–дыпламатыст» — археограф, які выдае актавыя крыніцы. Калі ўлічваць, што выданне акта — не проста перапіска яго тэксту, але і першасная яго навуковая (у першую чаргу, дыпламатычная) апрацоўка, то згаданы тэрмін цалкам адпавядае таму значэнню, якое ўкладваецца ў спалучэнне слоў «археограф» і «дыпламатыст». Ніякіх сувязяў з «дыпламатычным» прыёмам выданняў крыніц гэты тэрмін не мае. Тэрмін «шлемавая эмблема» (с. 317) таксама не мая прыдумка[28]. Яго павінен ведаць і адзін з рэцэнзентаў — Яцкевіч. Апошні неаднаразова выкарыстоўваў гэты тэрмін у сваіх артыкулах[29], але, відавочна, забыўся пра гэта (дарэчы, з забыўлівасцю мы ўжо сустракаліся). Не з’яўляецца памылкай выкарыстанне тэрміна «легенда» замест «надпіс» (с. 317), бо, у прыватнасці, у польскай і расійскай археаграфіі легенда пячаткі традыцыйна называецца надпісам[30] («легендай» жа называюць адну з частак навуковага апарату). Невядома на падставе чаго рэцэнзенты лічаць, што замест «прынцып павагі да тэксту» трэба пісаць «прынцып дакладнай перадачы тэксту» (с. 317). Прынцып «павагі да тэксту» («le respect du texte») сфармулявалі заходнееўрапейскія архео­графы[31]. Згодна з ім тэкст перадаецца без купюр, адвольных дапаўненняў, з захаваннем арфаграфіі крыніцы і г. д. Гэты тэрмін выкарыстаны мной свядома для адпаведнага падраз­дзела. У «МР» я не ўвёў ніводнага новага тэрміна. Але калі б была неабходнасць, я ўсё ж такі зрабіў бы гэта.

У аўтараў рэцэнзіі выклікае «непрыемнае ўражанне», што я «празмерна шырока» карыстаюся запазычаннямі («перакладам і калькаваннем») з кнігі С. Каштанава[32] (с. 313). Я ніколі не ставіў перад сабой задачы вызначыць колькасныя суадно­сіны артыкулаў «Метадычных рэкамендацый» С. Каштанава і сваіх. Рэцэнзенты падштурхнулі мяне гэта зрабіць. Выявілася, што з пералічаных артыкулаў ад «Метадычных рэкамендацый» С. Каштанава паходзіць не больш за трэць. Большасць з гэтай трэці — абагульненне папярэдняга археаграфічнага вопыту. Сапраўды, патрабаванні, згодна з якімі, напрыклад, скарачэнні раскрываюцца ва ўсіх выпадках, а літары, якія адсутнічаюць у тэксце, уносяцца ў радок у круглых дужках; пры ўнясенні ў радок прапушчанай літары, якая змяшчаецца ў канцы слова, улічваецца тая граматычная форма, у якой слова выкарыстана ў сказе; пры выкарыстанні малых і вялікіх літар у асноўным трэба кіравацца правіламі сучаснай арфа­графіі і г. д., апрабіраваны ў публікацыях, якія выйшлі задоўга да з’яўлення «Метадычных рэкамендацый» С. Каштанава[33]. Відавочна, што рэцэнзенты не знаёмы з гэтымі публікацыямі. Сучаснаму археографу–публікатару дасталася вялізная метадалагічная спадчына са шматлікімі варыянтамі рашэння адной і той жа праблемы. Таму часта дастаткова толькі выбраць адзін з самым аптымальных варыянтаў. У гэтай сувязі задача Латушкіна і Яцкевіча павінна заключацца не ў выяўленні і пад­ліку запазычанняў, а ў ацэнцы іх прыдатнасці з пункту гледжання выдання крыніц ВКЛ. Непрыемна ўражваць павінна не тое, што тыя ці іншыя вартыя ўвагі месцы запазычаны, а тое, што яны праігнараваны.

Некаторыя выказванні Латушкіна і Яцкевіча без усмешкі чытаць нельга. Пільнае вока рэцэнзентаў выкрыла плагіят: я ўзяў у С. Каштанава такія тэрміны, як «выбар тэксту», «перадача тэксту», «агульныя прынцыпы перадачы і прадстаўлення тэксту» (с. 313). Гэтыя агульныя навуковыя паняцці жывуць амаль столькі, колькі і сама археаграфія. Дзіўна, што мяне не абвінавацілі ў «калькаванні» такіх тэрмінаў, як «навукова–даведачны апарат», «паказальнік імёнаў», «геаграфічны паказальнік», «каментарыі», «тлумачальны слоўнік», «заўвагі і варыянты» і г. д.

Шэраг заўваг датычыць абазначэння разнавіднасцяў дакументаў: 1) назвы разнавіднасцяў запазычаны з расійскай дыпламатыкі; 2) гэтыя назвы могуць быць выкарыстаны, галоўным чынам, для працы з дакументамі Метрыкі ВКЛ да прыняцця Статута 1588 г. (с. 312). Прадметам крытыкі з’яўляецца, у прыватнасці, і тое, што я «ігнарую» назвы дакументаў, якія існавалі ў XVI—XVII ст.: выкарыстоўваю «пацвярджальны прывілей», хоць з канца XVI ст. гэта «канфірмацыйны» прывілей (або «канфірмацыя»); «уводны ліст», у той час як у крыніцах XVI ст. ён фігуруе пад назвай «падаўчы», «увяжчы» ліст, а ў XVII ст. — як «інтрамісійны»; замест «вырак», «дэкрэт» пішу «прыгавор суда» і г. д.

У адрозненне ад «МР», жанр якіх прымушае мяне не выходзіць за рамкі выключна рэкамендацый, дадзены адказ з’яўляецца першай магчымасцю абгрунтаваць сфармуляваныя палажэнні.

Рэцэнзенты самі заўважылі няўстойлівасць тэрміналогіі для абазначэння разнавіднасцяў некаторых дакументаў, але высноваў, якія напрошваюцца ў сувязі з гэтым, не зрабілі. У той жа час відавочна, што найменні пераважнай большасці дакументаў утвораны ад назваў тых юрыдычных дзеянняў, якія яны фіксавалі: «потверженый» ці «потвержоный» — ад «потвержать», «продажный» — ад «продавать», «дзельчий» — ад «дзелить», «меновный» — ад «менять», «заставный» — ад «застававлять», «умоцованый» — ад «умоцовывать» і г. д. Лексічным сродкам для абазначэння дадзенага дзеяння былі словы, якія існавалі ў старабеларускай мове. Калі з другой паловы XVI ст. дзякуючы больш цесным культурным кантактам ВКЛ і Польшчы ў старабеларускую мову праз польскую пра­ніклі і зацвердзіліся дзеясловы з лацінскай мовы (якія абазначалі юрыдычныя дзеянні), то менавіта ад іх і сталі ўтвараць назвы дакументаў. Адсюль «кансэнсы» — дазволы; «канфірмацыі», «канфірмацыйныя» — пацвярджэнні, пацвяр­джальныя; «цэсіі», «цэсійныя» — саступкі, саступныя; «туторыі» — апекі; «кансервацыі», «кансервацыйныя» — аховы, ахоўныя; «лібертацыі», «лібертацыйныя» — льготы, льготныя; «інтрамісіі», «інтрамісійныя» — увядзенні, уводныя; «данацыі» — даніны; «абляты» — яўкі; «кадукі» — спадкі і інш. Утварэнне найменняў дакументаў па назве юрыдычнага дзеяння на мове дадзенага часу — універсальны прынцып, якім кіраваліся пісары XV—XVIII ст. і павінны кіравацца, як я перакананы, сучасныя беларускія археографы. У гэтым, а не ў сляпым перайманні тэрміналогіі, і выяўляецца традыцыйнасць методыкі пры­свойвання найменняў дакументам. Таму ў маіх «МР» і фігуруюць «даравальны» ліст — ад «дараваць», «уводны» — ад «уво­дзіць», «прыгавор» — ад «прыгаварыць», «сведчыя» квіты — ад «сведчыць», «пастанова» — ад «пастанавіць», «вярыцельны» — ад «верыць», «прысяжны» — ад «прысягаць», «аб’язны» — ад «аб’язджаць» і інш. Ужо па гэтай прычыне згаданыя назвы не могуць лічыцца запазычаннямі з рускай дыпламатыкі. Старыя назвы захоўваюцца, калі іх сэнс даволі зразумелы: «прывілей», «позва», «атмена», «укладны», «фундушавы», «інвентар», «рэестр»; калі яны ўтвораны ад назвы юрыдычнага дзеяння, якое, у сваю чаргу, дало найменне другой разна­віднасці: «глейт»; у дачыненні да якіх пакуль што не выяўлены адпаведны дакладны тэрмін у сучаснай беларускай мове: «даніна», «даканчальны», «жалезны», «баніцыя», «ліст», «рэлаксацыйны». Ёсць некалькі выключэнняў іншага парадку.

Характэрна, што, карыстаючыся згаданым прынцыпам, былі ўтвораны назвы, якія не адрозніваюцца ці мала чым ад­роз­ніваюцца ад старых: «граничный лист»[34]; «даровный лист»[35]; «дельчий лист»[36]; «призволеный лист», «дозволеный лист», «лист дозволенье»[37]; «заручный лист»[38]; «заставный лист», «зоставный лист»[39]; «меновный лист»40; «постановене на соиме»[40], «постановенье соимовое», «уфала и постано­венье соймовое»[42]; «потвержоный лист», «потверженый лист», «потверженье»[43]; «продажный лист», «лист продажи»[44], «сведчоный лист»[45] і інш. І гэта не дзіўна: у старабеларускай мове шмат чаго агульнага з сучаснай беларускай. Тэрміны «даравальная» (грамата), «даравальны» (ліст) амаль не сустракаюцца ў кры­ніцах. Аднак у дыспазітыўнай частцы даравальных фігуруе дзеяслоў «жаловать», г. зн. «дараваць», а ў карабарацыі — таксама і «жалованье»: «На потверженье того моего жалованья и твердости печать нашу велели есмо привесити к сему листу»; «А на потверженье того нашого жалованья про лепъшую памят и твердость и печать нашу велели есмо привесити к сему нашому листу»[46] і г. д. Слова «жаловать» шырока ўжываецца і ў XVI ст.: «И бил намъ чоломъ, абыхъмо его пожаловали именицом, с чого бы собе поживенье мелъ… Мы… пожаловали есмо его, дали ему люди н(а)ши…»; «А такъ мы… тымъ спадкомъ его пожаловали… ему есмо да­ли…»[47] і г. д. У гэтым значэнні выкарыстоўваўся і дзеяслоў «даровать», які ёсць і ў сучаснай беларускай мове, і ад якога ўласна і ўтворана назва «даравальны»: «…за его к нам верную службу, тот двор Дорогово даемъ и даруем»; «…дали есмо еи и вечне даровали, записуемъ и вечне записали тымъ то нашимъ привилем дворъ в Мерецъкомъ повете…»; «…и тепер его м(и)л(о)сти дали и вечъне даровали, записуем и вечъне записали…»; «даемъ з ласки нашое, даруем тымъ нашимъ листомъ… тые люди…»[48].

Ці не гэтыя найменні, па сцвярджэнні рэцэнзентаў, пахо­дзяць з рускай дыпламатыкі? Маё здзіўленне пераўзыходзіць усе межы: Латушкін і Яцкевіч не ведаюць назваў тых дакументаў, апісанне якіх пастаўлена ў іх службовы абавязак як супрацоўнікаў НГАБ. Адсюль і супярэчнасць: адзначаецца, што «…тэрміналогія, з дапамогай якой аўтар стварае загалоўкі і апісвае дакументы, фактычна цалкам узята з прац расійскіх даследчыкаў Г. Л. Харашкевіч і С. М. Каштанава і найбольш падыходзіць да археаграфічнай апрацоўкі дакументаў Маскоўскай дзяржавы» і тут жа сцвярджаецца, што «яна можа быць выкарыстана для працы з дакументамі, якія выдаваліся ва ўстановах ВКЛ, але, галоўным чынам, для працы з актамі Метрыкі ВКЛ, якія напісаны на кірыліцы (так у рэцэнзіі, трэба чытаць кірыліцай“. — А. Г.) да прыняцця Статута ВКЛ 1588 г.» (с. 312)[49]. Мне хацелася б пабачыць рэакцыю ра­сійскага гісторыка, калі б у адносінах да «указной граматы» Маскоўскай дзяржавы была выкарыстана назва «ліст», а да «даравальнай граматы» — «прывілей». І няўжо аўтары рэцэнзіі мяркуюць, што прадажныя, мяноўныя, дзельчыя, за­стаўныя і іншыя лісты, якія ўпісваліся ў кнігі Метрыкі, настолькі моцна адрозніваліся ад тых жа лістоў у іншых актавых кнігах, што называліся ці павінны называцца ў сучасных археа­графічных выданнях інакш? Са слоў рэцэнзентаў вынікае, што дакумент адной разнавіднасці павінен мець іншую назву, калі ён напісаны не кірыліцай (!?). Тут без каментарыяў.

Многія дакументы ў «Метадычных рэкамендацыях» Г. Харашкевіч і С. Кашатанава адсутнічаюць. Вось яны: «атмены»; «даканчальныя»; «даніны»; аб’язныя; баніцыі; ваенныя, сеймавыя, срэбшчынныя, паслушныя апавяшчальныя акруговыя; выпісы ўпісанняў; глейты; гранічныя з загаду і ўгод­лівыя; даравальныя застаўныя, адкупныя, мяноўныя, да­звольчыя, укладныя, фундушавыя, бласлаўленныя, вызвольчыя, ахоўныя, апякальныя (прывілеі); дароўныя, укладныя і фундушавыя; дзельчыя ўгодлівыя, яднальныя, па прыгавору суда і проста дзельчыя; дзельчыя, прадажныя і застаўныя інвентары; прыгаворы суда; рэлаксацыйныя; сведчыя; уводныя з граніцамі, з аб’ездам і граніцамі; уводныя, камісійныя, ваенныя, сеймавыя, срэбшчынныя, заручныя «граматы» і «лісты»; умацаваныя і інш. Ці не гэта называецца запазычаннем? Калі абазначэнне дакумента, якое прапаноўваюць ін­шыя даследчыкі, з’яўляецца абгрунтаваным, чаму яно не можа быць прынята? Няўжо даследчык павінен прынцыпова адмовіцца ад папярэдніх дасягненняў? У Маскоўскай дзяржаве не існавала прывілеяў, а былі толькі даравальныя (з падразнавіднасцямі: данныя, аброчныя, тарханныя, абельныя, тарханна–аброчныя, тарханна–праезджыя, тарханна–несудзімыя (абельна–несудзімыя), ружныя, палетныя і інш.); не прыгаворы суда, а судныя спісы, дакладныя судныя спісы і правыя граматы (дарэчы, апошні тэрмін сустракаецца, праўда, рэдка і ў ВКЛ); не «глейты», а «опасы»; не «адмоўная», а «размётныя» і г. д. Нязначныя па колькасці супа­дзенні (даравальныя, мяноўныя, устаўныя) гавораць толькі аб пэўнай блізкасці сучаснай беларускай і старарускай моў.

Як бы там ні было, старыя назвы я не ігнарую. Паводле артыкула 289: «У загалоўку можа быць прыведзена і саманазва дакумента, якая змяшчаецца пасля назвы падразнавіднасці ў круглыя дужкі і двукоссе (…)».

Дарэчы, са слоў рэцэнзентаў вынікае, што мяжой існавання назваў дакументаў, які змешчаны у «МР», быў Статут ВКЛ 1588 г. Спакушальна, але небяспечна рабіць з вядомых пісьмовых помнікаў дэмаркацыйную лінію для тых ці ін­шых з’яў. Статут ВКЛ 1588 г. не адмяняў старыя і не ўводзіў новыя назвы, а толькі ўзнаўляў існуючыя. Вось прыклады з загалоўкаў да кніг Метрыкі ВКЛ, якія былі складзены ў 90–х г. XVI — пачатку XVII ст.: «привилей потверженья», «привилей и потверженье», «лист потверженья», «потверженье привилею», «потверженье», «потверженье на дозволенье»; «лист на вызволенье», «лист вызволенья», «лист и вызволенье», «привилей на вызволенье», «вызволенье»; «лист на дозволенье» або «позволенье», «привилей, позволенье», «лист и позволенье», «привилей на дозволенье» або «позволенье», «позволенье»; «лист военный»; «лист серебщизный»; «соймовыи листы»; «комисийный лист»; «лист заручный»; «лист кглейтовный»; «лист заставный»; «вписане до книгъ тестаменту», «вписанье листу…»; «уписанье копии з выроку комисарского…», «вписанье копии» і інш.[50] Такія назвы як «позволенье», «заручны лист», «потверженье», «железны лист», «глейт», «глейтовы лист», «даровный лист» часта сустракаюцца і ў другой палове XVII ст.[51], а словы «ўпісанне» і «ўпісываць» ва «ўпісаннях» — таксама і ў другой палове XVIII ст., прычым не толькі кнігах Метрыкі[52]. Але справа, як я гаварыў вышэй, не ў гэтым.

Калі для аўтараў рэцэнзіі іх пункт гледжання з’яўляецца прынцыповым, чаму тады выпіс яны не называюць «мінутай[53]», «відымусам»[54], «экстрактам», «прэпісам»[55]; «увяжчы» ці «інтрамісійны» — «заводчым» ці «завозчым»[56]; «вырак» — «судовым» лістом[57], «сказаннем», «усказываннем»[58], «разсудкам»[59] і г. д.?

Па сцвярджэнні рэцэнзентаў, «загалоўкі складзены не традыцыйна і стылістычна нязручна (…), перагружаны інфармацыйна, перанасычаны тэрмінамі, часам настолькі, што цяжка зразумець іх сэнс…» (с. 313), колькасць інфармацыі, якая вынесена ў загаловак «робіць цяжка ўспрымальнай інфармацыю пра змест дакументаў для чытачоў і даследчыкаў» (с. 314). Для прыкладу, з больш як 150 загалоўкаў, змешчаных у працы, абраны адзін і, канешне, самы аб’ёмны. Вось некалькі тыповых загалоўкаў «МР»: «Дазвольчы прывілей вял. кн. літ. Жыгімонта I Старога татарыну Троцкага пав. Абдуле Абрагімавічу на продаж троцкай ваяводзінай, пані Пятровай Ганне Аляксандраўне с. Краснае»; «Камісійны „ліст“ вял. кн. літ. Жыгімонта III Вазы да наўгародскага в–ды, гародзенскага с–ты, п. Тэадора Скуміна–Тышкевіча і зем. падск. і пісара ВКЛ, п. Яраша Валовіча па іску спраўцы манастыра ў г. Гародня Кліменція Багдана Гадкінскага на манахаў Бернардынскага кляштара аб зямлі на р. Нёман і цагельні»; «Прыгавор ка­мі­сарскага суда берасцейскага кашт. Рыгора Войны, берасцейскага падкаморага кн. Яна Шуйскага і Мальхера Райскага па цяжбе паміж мяшчанамі г. Бярэсце і п. Іванам Каліховічам–Бразоўскім аб валоданні валокамі зямлі». Я наўмысна не прыводжу больш сціслых загалоўкаў. Не ўяўляючы, аб якіх традыцыях у складанні загалоўкаў ідзе гаворка, адзначу, што амаль ва ўсіх выпадках структура загалоўка наступная: назва разнавіднасці (і падразнавіднасці) — адрасант — адрасат — сутнасць здзелкі ці дзеяння. Гэта даўно апрабаваная навуковая мадэль загалоўка. Таму, відавочна, у аснове цяжкасці ўспрымання прыведзеных загалоўкаў аўтарамі рэцэнзіі ляжаць вы­ключна, мягка кажучы, суб’ектыўныя прычыны. Паспрабуем задаволіць патрабаванні рэцэнзентаў: скароцім адзін ці некалькіх структурных адзінак. Змест загалоўка будзе ўсечаны, няпоўны. Ці не лепей у такім выпадку цалкам адмовіцца ад іх уключэння ў выданне?

«Форма складанняў загалоўкаў для выпісаў дакументаў… — пішуць аўтары рэцэнзіі, — непрыдатная для практычнага выкарыстання» (с. 314). Ніжэй яны прыводзяць прыклад, як павінен выглядаць загаловак для дадзенай разнавіднасці. Параўнаем мой варыянт і варыянт рэцэнзентаў.  «МР»: «Выпіс са слонімскіх гродскіх кніг зямяніну Слонімскага павета пану Віктару Адзінцэвічу ўпісання прадажнага 1570 г. мая 28. С. Бусяж. Адзінцэвіча і яго жонкі Святохны Багданаўны Мезгіроўны зямяніну Слонімскага павета пану Войтэху Чыжу на сенажаці пад с. Гаголіцы за 15 коп літ. гр.»; рэцэнзія: «Выпіс з кніг Слонімскага гродскага суда ад … ліста зямяніна ЯКМ Слонімскага павета пану Віктара Адзінцэвіча і яго жонкі Святохны Багданаўны Мезгіроўны аб продажы зямяніну ЯКМ Слонімскага павета пану Войцеху Чыжу сенажаці пад с. Гаголіцы за 15 коп літ. гр. Бусяж. 28 мая 1570 г.»

Робячы стаўку на простасць успрымання, аўтары рэцэнзіі ігнаруюць элементарныя навуковыя патрабаванні. Прадажныя і іншыя прыватнаправавыя згодна са Статутам ВКЛ 1588 г. набывалі юрыдычныю сілу толькі пасля ўпісання іх у земскія кнігі, кнігі Трыбунала і Метрыкі (паміж сесіямі земскага суда яны маглі быць унесены і ў кнігі гродскага суда з умовай перанясення іх у далейшым у земскія кнігі (Статут ВКЛ 1588 г. Р. 7. Арт. 1, 2, 3 і інш.); пастанова аб упісанні ў павятовыя кнігі «вячыстых» прадажных, дароўных і іншых лістоў была прынята ў 1551 г. і ўступіла ў сілу ў 1552 г.). Занясенне гэтых дакументаў у кнігу — не прыватны выпадак капіявання іх тэксту на падставе асабістага пагаднення зацікаўленай асобы з дзякам ці падпіскам, а афіцыйная працэдура з удзелам службовых асоб «урада», якія пасля знаёмства з прадстаўленым дакументам аддавалі распараджэнне аб іх упісанні. Дадзеная працэдура знайшла адлюстраванне ў змесце таго тэксту, які суправаджаў унесены ў кнігі дакумент. Разам са скапіяваным гэты тэкст меў усе неабходныя рысы асобнага акта з пачатковым пратаколам, асноўнай часткай і канцавым пратаколам. Ён так і называўся: «упис», «впис», «уписанье», «вписанье», пазней на лацінскі манер — таксама і «актыкацыя». На падставе ўпісання рабіўся выпіс. У любым выпадку апошні не мог быць зроблены непасрэдна з прыватнаправавога ліста — ён рабіўся з яго ўпісання. Таму формула «выпіс з кніг суда ліста аб продажы» з навуковага пункту гледжання не мае права на жыццё. У любым выпадку, структура загалоўка да ўпісанняў, якую прапаную я, не больш складаная, чым тая, што прапануюць рэцэнзенты. Да прыведзенага Латушкіным і Яцкевічам прыкладу ёсць і іншыя пытанні: чаму прыводзяцца даты (тапалагічная і храналагічная) упісання, але адсутнічаюць даты прадажнага ліста? Што такое ЯКМ? Калі гэта «яго каралеўскай міласці», то шляхта ВКЛ была падданай не караля поль­скага, а вялікага князя літоўскага.

Прадметам крытыкі з’яўляецца тое, што ў большасці загалоўкаў, прыведзеных у якасці прыкладаў, адсутнічае дата. Больш за тое, выказваецца меркаванне, што зроблена гэта свядома, бо прыведзеныя загалоўкі датуюцца пераважна XVI ст. (с. 311). Баюся расчараваць аўтараў рэцэнзіі — прычына больш банальная. Адзначэнню дат у загалоўках намі адведзены спецыяльны падраздзел. Там і трэба шукаць пры­клады з датамі. Па той прычыне, па якой у прыкладах для дат не прыводзіцца змест загалоўка, не адзначаюцца даты ў тых артыкулах, якія прысвечаны зместу загалоўкаў. Тут рэалізавана патрабаванне рацыянальнага размяшчэння тэксту выдання.

Рэцэнзенты не захацелі, а хутчэй за ўсё проста не змаглі заўважыць і ацаніць асноўную масу артыкулаў «МР». Для таго каб зрабіць гэта, трэба як мінімум ведаць, на што абапіраліся, як вырашалі тыя ці іншыя праблемы папярэднія археографы. Такімі ведамі рэцэнзенты пахваліцца не могуць. Як правіла, усё складанае набывае вобраз «тэорыі». Таму мая праца, якая змяшчае толькі практычныя рэкамендацыі, у вачах Латушкіна і Яцкевіча пераўтварылася ў распрацоўку тэарэтычнага характару (с. 317).

Што гаварыць пра тэрміналогію, калі Латушкін і Яцкевіч не ведаюць задач эдыцыйнай археаграфіі. Выказваючы ўласныя ўяўленні аб задачах археаграфіі, яны нагадваюць: «асноўная мэта практычнай археаграфіі — забеспячэнне даследчыкаў дакладнымі і зручнымі для карыстання тэкстамі дакументаў» (с. 312). Я б не раіў нагадваць гэта ні мне, ні іншым, паколькі археограф–публікатар выдае гістарычныя крыніцы, а не іх тэксты, хоць тэксты і з’яўляюцца найважнейшым элементам крыніцы.

Многія сцвярджэнні рэцэнзентаў галаслоўныя. Па якой прычыне, напрыклад, немэтазгодна ў паказальніку адзначаць асобу пад імем (с. 315)? Чаму нельга пісаць «Дзельчы інвентар падкаморага Слонімскага пав. Рыгора Трызны дарагіцкаму с–це, п. Мікалаю Кішку на Цеханаўцу м–ка Косаў Слонімскага пав.», а трэба «Інвентар м–ка Косаў Слонімскага пав. Рыгора Трызны, складзены пры падзеле з дарагіцкім старостай п. Мікалаем Кішкай на Ціханаўцу. Месца, дата» (с. 315)?

Рэцэнзенты пішуць: «Аўтар–складальнік паведамляе, што асобныя пытанні, выкладзеныя ім у рэкамендацыях, у далейшым будуць дапрацоўвацца і, больш таго, яны будуць дэталізавацца. Узнікае пытанне: а чаму не зараз і навошта яшчэ больш іх дэталізаваць?» (с. 318). Па першай частцы пытання («а чаму не зараз?») я наўрад ці змагу што–небудзь адказаць тым, хто не мае ніводнай буйной публікацыі, а значыць, не ведае спецыфікі працы над ёй. На другую частку пытання («на­вошта яшчэ больш іх дэталізаваць?») я ўсё ж такі адкажу: для таго каб павысіць узровень крыніцазнаўчай ін­фар­ма­цый­насці археаграфічных выданняў, а таксама каб скараціць колькасць такіх публікацый, якія робіць, у прыватнас­ці, Яцкевіч.

Цікава, што калі на старонках рэцэнзіі Яцкевіч перакананы ў немэтазгоднасці адзначэння падразнавіднасцяў прывілеяў (с. 314), то ў сваіх артыкулах ён сцвярджае адваротнае. Адсюль «набілітацыйныя прывілеі», «намінацыйныя прывілеі»[60]. Пры гэтым асобна падкрэсліваецца, што тэрмін «набілітацыйны прывілей» мае ўсе падставы для таго, каб заняць належнае месца ў класіфікацыі прывілеяў для жыхароў ВКЛ і РП»[61]. Дзе ж паслядоўнасць?

На старонках рэцэнзіі сцвярджаецца, што раздзел «Легенда» амаль цалкам з’яўляецца перакладам раздзела кнігі С. Каштанава «Актавая археаграфія». Я ўпэўнены, што пры ўваж­лівым знаёмстве з тэкстам маіх «МР» Латушкін і Яцкевіч не змогуць выявіць больш за чвэрць аднолькавых артыкулаў (нават са стандартнымі нормамі раздзела «Месца захоўвання і шыфр дакумента»). Арыгінальныя падраздзелы «Знешняя форма дакумента і яго фармат» (сем артыкулаў), «Апісанне арганізацыі старонкі» (11 артыкулаў), «Апісанне пісьма» (17 артыкулаў), «Адзначэнне вязі і апісанне малюнкаў (для рукапісаў з вяззю і малюнкамі)» (сем артыкулаў), «Адзначэнне квадратаў дакумента, якія ўтвораны яго згінамі» (шэсць артыкулаў). З 114 артыкулаў падраздзела «Апісанне пячаткі (ці пячатак)» да артыкулаў з «Метадычных рэкамендацый» С. Каштанава можна аднесці не больш за два дзясяткі. Амаль цалкам арыгінальны падраздзел «Адзначэнне пазнейшых паметак і надпісаў дакумента» (23 артыкулы) (выключэнне складае некалькі артыкулаў) і г. д. І гэта не гаворачы пра шматлікія прынцыповыя дапаўненні і ўдакладненні.

Рэцэнзенты ўпадаюць у супярэчнасць, калі лічаць адмоўным момантам наяўнасць запазычанняў у С. Каштанава, i пры гэтым замоўчваюць тыя, якія паходзяць, напрыклад, ад міжнародных правіл выдання гістарычных крыніц і распрацовак польскіх і ўкраінскіх археографаў.

Аўтары рэцэнзіі груба перакручваюць змест «МР»: «Памылковасць або сапраўднасць формы імені, — пішуць яны, — можна вызначыць толькі пры пэўнай колькасці згадак гэтага імені ў дакументах. Аўтар жа у рэкамендацыях прапануе вы­значаць памылковасць ці сапраўднасць імя, зыходзячы з прыёму ўзяцця за сапраўдную форму імя адну з форм напісання (часцяком бывае складана вызначыць, якая форма імя сапраўдная, паколькі ў аднаго імя і прозвішча могуць мецца некалькі форм напісання)» (с. 315). Гэтая заўвага датычыць артыкула 470, які гучыць так: «Імя, імя па бацьку, дзеду, прозвішча ці імя–мянушка адной і той жа асобы ў загалоўках да розных дакументаў прыводзяцца па магчымасці ў аднолькавай форме. Калі яны ў адным і тым жа ці розных дакументах маюць розныя варыянты, той які сустракаецца часцей, абіраецца як асноўны, астатнія прыводзяцца ў круглых дужках (за выключэннем яўна памылковых)». Як можна заўважыць, я не рэкамендую вызначаць памылковасць, нічога не пішу пра «сапраўдную» форму імя. А яўныя памылкі — гэта калі, напрыклад, Копаць Васілевіч названы Лопатам Васі­­ле­вічам, а Грынька Грамыка (вялікакняжацкія пісары) — Дрынькам Грамыкам. Гэтыя памылкі без цяжкасці заўважаюцца тымі, хто апрача ка­піявання тэксту рашае за­дачы ідэнтыфікацыі асоб і населеных пунктаў, якія су­стра­каюц­ца ў крыніцы. Апошняе, у прыватнасці, і прад­угледж­ваюць «МР».

У рэцэнзіі сказана: «Адзначаць у паказальніку асобу адначасова на імя (Філон Сямёнавіч Кміта), на імя па бацьку (Ся­мёнавіч Філон Кміта) і яго прыдомок (Чарнобыльскі Філон Кміта) немэтазгодна, таксама як і выносіць асобна варыянт прозвішча па–старабеларуску і па–сучаснаму» (с. 315). Такая форма як «Сямёнавіч Філон Кміта» як у «МР», так і ў выданні Метрыкі 44, адкуль узяты гэты прыклад, адсутнічае. Гэта — плён фантазіі рэцэнзентаў. Пад імем па бацьку (і дзеду) рэкамендуецца адзначаць толькі тых асоб, якія фігуруюць у крыні­цы без прозвішча[62].

Латушкін і Яцкевіч сцвярджаюць, што аўтар–складальнік «МР» не мае вопыту працы з арыгінальнымі дакументамі (не мікрафільмаванымі). Гэтае сцвярджэнне я пакідаю без каментарыяў. Зрэшты, я дапускаю, што з маімі публікацыямі Латушкін і Яцкевіч знаёмы не лепей, чым з «МР» і працамі (метадычнымі і публікацыямі крыніц) іншых вучоных, г. зн. павярхоўна ці наогул не маюць аб іх ніякага ўяўлення (вышэй я прыводзіў шмат прыкладаў такога роду).

Наогул, складваецца цікавая сітуацыя. Многія з патрабаванняў, якія ляглі ў аснову маіх «МР», былі рэалізаваны пры падрыхтоўцы кнігі Метрыкі ВКЛ 44. Гэтая кніга была падрыхтавана ў НГАБ і абмяркоўвалася на пасяджэнні аддзела старажытных актаў, на якім прысутнічаў адзін з рэцэнзентаў — Яцкевіч. З боку апошняга была выказана толькі адна заўвага: наконт адсутнасці тлумачальнага слоўніка. Што ж атрымліваецца: рэкамендацыі, змешчаныя ў працы, якая рэцэнзуецца, дрэнныя, а вось кніга, што выдадзена па гэтых рэкамендацыях — добрая. Логікі тут няма.

Я разгледзеў амаль усе заўвагі рэцэнзентаў. Усе яны супярэ­чаць тэорыі, методыцы і практыцы археаграфіі, фактам і эле­мен­тарнай логіцы. Паставіўшы перад сабой надзвычай склада­ную задачу — ацаніць маю працу з навуковага пункту гле­джан­ня — рэцэнзенты толькі прадэманстравалі элементарную неда­сведчанасць у галіне археаграфіі, а таксама ў тых на­вуках, якія сінтэзуе археаграфія: палеаграфія, філіграналогія, гістарычнае дакументазнаўства, дыпламатыка і інш. Шчыра прызнацца, я ніколі не чытаў рэцэнзіі, дзе б апрача ўсяго астат­няга дэ­ан­стра­­валася такая няўважлівасць да аб’екта крыты­кі, ды яшчэ ў спа­лучэнні з такім безапеляцыйным тонам. Маё пажа­данне Ла­тушкіну і Яцкевічу — павышаць свой узровень падрыхтоўкі.

Напрыканцы заўважу, што эдыцыйная археаграфія — такая ж сур’ёзная гістарычная навука, як і ўсе астатнія. Яна па­трабуе высокай кваліфікацыі, глыбокай эрудыцыі, нарэшце, практычнага вопыту. Рашэнне яе праблем «з наскоку» асу­джана на ня­ўдачу. Рэцэнзія Латушкіна і Яцкевіча — выразны таму прыклад.

* Ад рэдакцыі: Хоць рэцэнзія А. Латушкіна і З. Яцкевіча на «Метадычныя рэкамендацыі» друкавалася ў «Беларускім археаграфічным штогодніку», гэтае выданне адмовілася змяшчаць адказ А.Грушы. Не прымаючы практыкі падобнага стрымлівання навуковай палемікі, мы палічылі вартым прапанаваць заангажаваным у ёй гісторыкам старонкі БГА.


[1] Латушкін А. М., Яцкевіч З. Л. Малапрыстасаваныя для практычнага выкарыстання рэкамендацыі // Беларускі археаграфічны штогоднік (далей — БАШ). 2003. Вып. 4. С. 310—318.
[2] Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі рукапісных актавых кіры­лічных крыніц у Беларусі (XIII—XVIII стст., перыяд Вялікага княства Літоўскага) / Аўтар–складальнік А. І. Груша. Мінск, 2003.
[3] Пра гэта гл.: Добрушкин Е. М. Основы археографии: Учебное пособие. Москва, 1992. С. 37 і інш.
[4] Методические рекомендации по изданию и описанию Литовской Метрики / Сост. А. Л. Хорошкевич, С. М. Каштанов. Вильнюс, 1985.
[5] Лауцявичюс Э. Бумага в Литве в XV—XVIII вв. Вильнюс, 1979. С. 41.
[6] Дианова Т. В. Использование водяных знаков при описании рукописей // Филигранологические исследования. Теория. Методика. Практика. Москва, 1990. С. 42—43.
[7] Лауцявичюс Э. Op. cit. С. 41. Важнае і яшчэ адно выказванне гісторыка: «Знакі на паперы на розных мовах называюцца па–рознаму. У большасці моў іх называюць вадзянымі знакамі (water mark, wasserzeichen, wodny znak), але ў французскай, італьянскай і іншых мовах — філігранямі» (Тамсама).
[8] Лёвочкин И. В. Основы русской палеографии. Москва, 2003. С. 163, 166.
[9] Напр.: Lietuvos Metrika (1528—1547). 6–oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai par. S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius, 1995 (далей — LM–225). Š. CXXXVI—CXXXVIII; Lietuvos Metrika (1522—1530). 4–oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spau­dai par. S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius, 1997 (далей — LM–224). Š. CXL; Lietuvos Metrika (1533 — 1535). 8–oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai par. I. Valikonytė, S. Lazutka, N. Šlimienė ir kt. Vinius, 1999 (далей — LM–227). Š. LXXXIX; Lietuvos Metrika (1542 m.). 11–oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai par. I. Valikonytė, S. Viskantaitė, L. Steponavičienė. Vilnius, 2001 (далей — LM–230). Š. XXXIV; Metryka Litewska. Księga wpisów nr. 131 / Oprac. A. Rachuba. Warszawa, 2001 (далей — ML–131). S. 6—7; Памятники истории Восточной Европы. Источники XV—XVII вв. Москва—Варшава, 2002. Т. 6. Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки. Первая половина XVI в. / Сост. М. М. Кром (далей — Радзивилловские акты). С. 25, 26, 27, 33, 35 і інш.
[10] Напр.: Люблинская А. Д. Латинская палеография. Москва, 1967. С. 33 и др.; Николаева А. Т. Палеография. Москва, 1980. С. 35; Szymański J. Nauki pomocnicze historii. Warszawa, 2002. S. 311, 312.
[11] Андрюшайтите Ю. В. О работе Э. Лауцявичюса «Бумага в Литве в XV—XVIII веках» и некоторых вопросах перевода филиграноведческой литературы // Археографический ежегодник за 1981 год. Москва, 1982. С. 80.
[12] МР. С. 10, 111.
[13] Дианова Т. В. Op.cit. С. 35—36.
[14] Амосов А. А. Проблемы точности филигранологических наблюдений. 1. Терминология // Проблемы научного описания рукописей и факсимильного издания памятников письменности. Ленинград, 1981. 80—81; Ён жа. Датировка и кодикологическая структура «Истории Грозного» в Лицевом летописном своде (Заметки о бумаге так называемой Царственной книги) // Вспомогательные исторические дисциплины. Ленинград, 1982. Вып. 13. С. 159—160; Шварц Е. М. О методике определения филиграней (на материале славянских средневековых кодексов) // Вспомогательные исторические дисциплины. Ленинград, 1983. Вып. 15. С. 81—82; Дианова Т. В. Op. cit. С. 37.
[15] Дианова Т. В. Op.cit. С. 38—39.
[16] Напр.: Акты Русского государства 1505—1526 гг. / Сост. С. Б. Веселовский; доп. и подг. Р. В. Бахтурина, И. А. Булыгин, Л. И. Ивина и др. Москва, 1975 (далей — АРГ). № 2. С. 9, № 7. С. 16, № 11. С. 22. № 40. С. 46 і інш.; Радзивилловские акты; LM–224. Р. CXL; LM–225. Р. CXXXVI—CXXXVIII; LM–227. Р. LXXXIX; LM–230. Р. XXXIV.
[17] Лауцявичюс Э. Op. cit. С. 46 (рис. 17), 110—111.
[18] Paprocki B. Herby rycerstwa polskiego / Wydane K.–J. Turowskiego. Kraków, 1858. S. 58—104, 1907. T. 11; напр.: Boniecki A. Herbarz Polski. Cz. 1. Wiadomości historyczno–genealogiczne o rodach szlacheckich. Warszawa, 1906. Т. 9. S. 161, 206; 1907. T. 10. S. 83; Т. 11. S. 198; 1908. Т. 12. S. 70; 1909. Т. 13. S. 62, 172; Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413 // Lituano–Slavica Posnaniensia Studia Historica. 1989. Т. 3. S. 68 і ілюстр. 3 на с. 81; Лакиер А. Б. Русская геральдика. Москва, 1990. С. 292.
[19] Paprocki B. Op.cit. S. 561—565; напр.: Boniecki A. Herbarz Polski. S. 158; Лакиер А. Б. Op.cit. С. 292. С. 261 (табл. XIX, мал. 10).
[20] Sіniarskа–Czaplicka J. Filigrany papierni położonych na obszarze Rzeczypospolitej Polskiej od początku XVI do polowy XVIII wieku. Wrocław—Warszawa—Kraków, 1959. S. XI, 19—20. Расійскія філігранолагі таксама адрозніваюць вадзяныя знакі «Сякера» і «Алебарда» (Загребин В. М., Шварц Е. М. Водяные знаки бумаги XIV и XV вв. (Обзор) // Методические рекомендации по описанию славяно–русских рукописных книг. Москва, 1990. Вып. 3. Ч. 1. С. 8).
[21] Напр.: LM–225. Р. CXXXVII—CXXXVIII; LM–227. Р. LXXXIX; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 15 (1528—1538). U˛rašymų knyga 15 / Par. A. Dubonis. Vilnius, 2002. Р. 15.
[22] Малы гербоўнік наваградскай шляхты / А. Гануш, А. Леўчык, С. Рыбчонак і інш. Мінск, 1997. С. 15—16.
[23] МР. С. 122.
[24] У некаторых выпадках форму кустодзіі адзначае М. М. Кром (Радзивилловские акты. № 24. С. 78, № 64. С. 146).
[25] Бережков Н. Литовская Метрика как исторический источник. Москва—Ленинград, 1946. Ч. 1: О первоначальном составе книг Литовской Метрики по 1522 год. Прим. С. 165. Адсюль, напрыклад: «… документы… датированы Вильной…». С. 41.
[26] Часта ў копіях дакументаў, што змешчаны ў кнігах Метрыкі, на месцы дат нічога не пазначана (так званыя «акенцы»), а ў арыгіналах даты падпісаны іншым чарнілам.
[27] Напр.: Каштанов С. М. Актовая археография. Москва, 1998. С. 91. Праўда, тут «дыпламатыст–археограф».
[28] Черных А. П. Геральдика // Введение в специальные исторические дисциплины. Москва, 1990. С. 65 і інш.
[29] «На ўсіх малюнках на шлем адзета тыповая шляхецкая карона. На апошняй знаходзіцца шлемавая эмблема (вылучана намі. — А. Г.), якая звычайна складзена з выявы самога герба ці ягоных частак, а таксама са стравусіных ці паўлінавых пёраў» (Яцкевіч З. Малы гербоўнік халопеніцкай шляхты. Мінск, 1999. С. 14). Слова ў слова ў іншым выданні (Гербоўнік беларускай шляхты / Т. Капіца, А. Леўчык, С. Рыбчонак і інш. Мінск, 2002. С. 33).
[30] Гл., напр.: Akta unji Polska z Litwą 1385 — 1791 / Wyd. S. Kutrzeba, W. Semkowicz. Kraków, 1932. № 6. S. 5, № 10, S. 7, № 16, S. 13, № 21. S. 18 і інш.; Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi wileńskiej / Wyd. J. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1948. № 35, S. 62, № 56, S. 86, № 58, S. 90, № 125, S. 145, № 150, S. 167 і інш.; Грамоты Великого Новгорода и Пскова / Подг. В. Г. Гейман, Н. А. Казакова, А. И. Копанев и др.; под ред. С. Н. Валка. Москва—Ленинград, 1949. № 4. С. 13, № 6. С. 15, № 10. С. 21, № 11. С. 23, № 14. С. 26 і інш.; Акты социально–экономической истории Северо–Восточной Руси конца XIV — начала XVI в. Т. 1 / Сост. С. Б. Веселовский; подг. И. А. Голубцов, А. А. Зимин, Л. В. Черепнин; отв. Ред. Б. Д. Греков. Москва, 1952 (далей — АСЭИ). № 2. С. 27, № 47. С. 51, № 55. С. 56, № 74. С. 66, № 102. С. 82 і інш.; АРГ. № 16. С. 25, № 15. С. 24, № 23. С. 32, № 29. С. 36, № 32. С. 39 і інш.; Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. Ч. 2 / Сост. и подг. А. Л. Хорошкевич. Москва, 1972 (далей — ПГ). № 124. С. 8, № 135. С. 23. № 140. С. 30, № 141. С. 31, № 142. С. 33 і інш.
[31] «Le principe gènèral qui doit guider tout èditeur est le respect du texte» [«Агульны прынцып, якім павінен кіравацца любы публікатар — гэта прынцып павагі да тэксту»] (Normes internationales pour l’edition des documents medievaux // Folia Caesaraugustana. 1. Diplomatica et sigilographica. Travaux preliminaires de la Commission internationale de diplomatique et de la Commission internationale de sigillographie pour une normalisation internationale des иditions de documents et un Vocabulaire international de la Diplomatique et de la Sigillographie. Zaragoza, 1984. P. 37).
[32] Каштанов. Актовая археография.
[33] Гл., напр.: АСЭИ, АРГ, ПГ.
[34] Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 389. Воп. 1 (далей — Метрыка). Спр. 7. Арк. 1180; спр. 19. Арк. 95 адв.; спр. 22. Арк. 25; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 25 (1387—1546). U˛rašymų knyga 25 / Par. D. Antanavičius, A. Baliulis. Vilnius, 1998 (далей — LM–25). № 234. Р. 285 і інш.
[35] LM–224. № 426. Р. 351; № 427. Р. 352 і інш.
[36] НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4395. Арк. 130, 132, 132 адв.; Метрыка. Спр. 21. Арк. 111 адв.; спр. 228. Арк. 46 адв., 130 адв.; LM–25. № 140. Р. 202; LM–224. № 17. Р. 54; № 55. Р. 79; LM–225. № 78. Р. 70, № 204. Р. 150; LM–227. № 71. Р. 59; LM–230. № 33. Р. 36 і інш.
[37] НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк. 288; Метрыка. Спр. 228. Арк. 43 адв.; Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою комиссиею. Санкт–Петербург, 1910. Т. 27: Литовская Метрика. Отд. 1. Ч. 1: Книги записей. Т. 1 / Под ред. И. И. Лаппо (далей — РИБ. Т. 27). № 21. Стб. 533. № 183. Стб. 712 і інш.
[38] Метрыка. Спр. 21. Арк. 110 адв.; LM–25. № 154. Р. 217; LM–225. № 10. Р. 28; LM–227. № 42. Р. 50, № 56. Р. 55 і інш.
[39] НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4395. Арк. 25, 26, 41, 156, 156 адв.; воп. 4. Спр. 903. Арк. 23; ф. 1785. Воп. 1. Спр. 9. Арк. 17; Метрыка. Спр. 21. Арк. 126 адв., 127, 127 адв., 128 адв., 129, 129 адв.; спр. 228. Арк. 27 адв., 28 адв., 162, 168 адв.; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 12 (1522—1529). U˛rašymų knyga 12 / Par. D. Antanavičius, A. Baliulis. Vilnius, 2001 (далей — LM–12). № 453. Р. 363; LM–224. № 379. Р. 315; LM–225. № 277. Р. 197, № 365. Р. 248; LM–227. № 59. Р. 56 і інш.
[40] НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 9. Арк. 21; LM–12. № 19. Р. 130; № 48. Р. 148; № 49. Р. 149; № 236. Р. 250; LM–25. № 93. P. 150; LM–224. № 17. Р. 54; № 391. Р. 330; № 427. Р. 352 і інш.
[41] НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк. 114; LM–8. № 399. Р. 299 і інш.
[42] НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк. 114; LM–12. № 47. Р. 147 і інш.
[43] Метрыка. Спр. 18. Арк. 30 адв., 71; спр. 21. Арк. 50, 50 адв., 85; LM–12. № 49. Р. 149; № 429. Р. 350; № 503. Р. 398—399; LM–25. № 133. P. 193; № 235. Р. 286; LM–227. № 56. Р. 55; № 367. Р. 173, 174 і інш.
[44] НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4395. Арк. 59; воп. 4. Спр. 902. Арк. 18, 33 адв.; спр. 6029. Арк. 444; Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 18 адв., 19, 20, 21 адв.; спр. 9. Арк. 18 адв., 19, 19 адв.; спр. 14. Арк. 12 адв., 13 адв., 18 адв., 19, 19 адв., 20 і інш.
[45] РИБ. Т. 27. № 97. Стб. 408.
[46] LM–25. № 241. Р. 293, 242. Р. 294.
[47] LM–25. № 26. P. 92, № 52. Р. 117.
[48] Lietuvos Metrika (1427—1506). Knyga Nr. 5. U˛rašymų knyga 5 / Par. E. Banionis. Vilnius, 1993. № 145. Р. 262; LM–25. №15. Р. 83, № 16. Р. 85, № 224. Р. 278 і інш.
[49] Дарэчы, І. Грыгаровіч, ігнараванне вопыту якога з майго боку ў рэцэнзентаў выклікала вялікае негадаванне, абазначаў дакументы другой паловы XVI—XVII ст. «даравальнымі» («жалованными» — па–руску), «даравальнымі (пацвярджальнымі)», «пацвярджальнымі», «даравальнымі пацвярджальнымі» (Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею (далей — АЗР). Санкт–Петербург, 1848. Т. 3 (1544—1587) (далей — АЗР. Т. 3). № 49. С. 153, № 52. С. 157, № 54. С. 159; АЗР. Санкт–Петербург, 1851. Т. 4 (1588—1632). № 4. С. 7, № 6. С. 10, № 8. С. 13, № 171. С. 258; АЗР. Санкт–Петербург, 1853. Т. 5 (1633—1699). № 1. С. 1, № 2. С. 2, № 17. С. 67 і інш.). Ёсць у яго і «ўводная» грамата і «каралеўскія прыгаворы» (АЗР. Т. 3. № 57. С. 163, № 111. С. 241). Але і не працы І. Грыгаровіча паслужылі мне ўзорам для пераймання.
[50] Метрыка. Спр. 19. Арк. 27 адв., 28, 28 адв., 29, 31 адв.; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 8 (1499—1514). U˛rašymų knyga 8 / Par. A. Baliulis, R. Firkovičius, D. Antanavičius. Vilnius, 1995. № 197. Р. 190; LM–12. № 19. Р. 129, № 209. Р. 235, № 216. Р. 238, № 218. Р. 239, № 247. Р. 257, № 269. Р. 267, № 336. Р. 300, № 337. Р. 301, № 434. Р. 352, № 437. Р. 355; LM–15. № 106. Р. 140, № 131. Р. 161, № 147. Р. 185, № 186. Р. 243; Метрыка Вялiкага княства Лiтоўскага. Кнiга 28 (1522—1552). Кнiга запiсаў 28 / Падрыхт. В. Мянжынскi, У. Свя­жынскi. Мінск, 2000. № 5. С. 51, № 19. С. 68, № 29. С. 80, № 30. С. 80, № 55. С. 103, № 56. С. 104, № 61. С. 109, № 75. С. 124, № 81. С. 131, № 119. С. 160, № 152. С. 196; LM–224. № 453. Р. 366, № 508. Р. 404; LM–225. № 299. Р. 214; LM–227. № 89. Р. 65, № 90. Р. 66, № 184. Р. 97, № 225. Р. 108, № 336. Р. 155; LM–230. № 4. Р. 7 і інш.
[51] ML–131. № 37. S. 28, № 45. S. 31, № 78. S. 40, № 84. S. 41, № 222. S. 75, № 270. S. 85, № 332. S. 102, № 353. S. 106, № 470. S. 136, № 472. S. 137, № 556. S. 161, № 562. S. 162, № 616. S. 181, № 780. S. 233, № 821. S. 244, № 1090. S. 362 і інш.; Руська (Волинська) Метрика. Регести документів Коронної канцелярії для українських земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569—1673 // Передмова П. Кеннеді Грімстед; упорядники Г. Боряк, Г. Вайс, К. Вислобоков і інш. Київ, 2002. № 97. С. 804, № 98. С. 804, № 101. С. 804, № 102. С. 804, № 103. С. 804, № 105. С. 805 і інш.
[52] Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов (далей — АВАК). Вильна, 1865. Т. 1. Акты Гродненского земского суда. № 35. С. 130, № 38. С. 143; АВАК. Вильна, 1870. Т. 3. Акты Брестского гродского суда. № 4. С. 7, № 5. С. 9, № 11. С. 20, № 12. С. 20, № 37. С. 58, № 45. С. 67, № 46. С. 68, № 48. С. 71 і інш.
[53] Метрыка. Спр. 21. Арк. 130 і інш.
[54] НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 692. Т. 2. Арк. 71; спр. 1336. Т. 2. Арк. 391, 602, 624, 633 і інш.
[55] НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк. 112 адв. і інш.
[56] Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 17 / Склад. Т. І.Блізнюк, А. М. Булыка, Р. С. Гамзовіч і інш. Мінск, 1998. С. 55.
[57] НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк.  17, 18 і інш.
[58] «И пани Воитеховая перед нами мовила, ижъ пану моему жадного суда и усказываня и с Сенкомъ Звегою не было, а то он листъ указывает жалобъныи, нехаи он листъ укажетъ судовыи…» (Lietuvos Met­rika. Knyga Nr. 11 (1518—1523). Įrašų knyga 11 / Par. A. Dubonis. Vilnius, 1997 (далей — LM–11). № 138. Р. 133). Гл. таксама: LM–11. № 109. Р. 115; Метрыка. Спр. 21. Арк. 113; спр. 228. Арк. 33, 51, 53 адв. і інш. Дарэчы, тэрміны «увяжчы» і «вырак», я выкарыстоўваў у выданні кнігі Метрыкі ВКЛ 44, таму для мяне яны не з’яўляюцца «адкрыццём».
[59] «И мы тому порозумевши, таковыи есмо промежку них розсудок и сказанье вчинили… (Метрыка. Спр. 18. Арк. 30 адв.; «…розсудок тому вчинити водле прав писаных Статуту земского…» (Метрыка. Спр. 21. Арк. 82) і інш.
[60] Напр.: БАШ. Вып. 3. 2001. С. 186, 189.
[61] БАШ. Вып. 2. 2001. С. 228.
[62] МР. С. 147. Артыкул 916.

Наверх

Віктар Цемушаў. Праблемы развіцця гістарычнай геаграфіі Беларусі

12 снежня, 2003 |


*Нацыянальны Атлас Беларусі. Гісторыя. Мінск, 2002. С. 261—289.
Гістарычны раздзел „Нацыянальнага Атласа Беларусі“ (далей: НАБ) адлюстраваў узровень і стан сучаснай гістарычнай геаграфіі і картаграфіі ў Беларусі. Упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы была здзейснена спроба картаграфічнага адлюстравання шматвяковай беларускай гісторыі. Практычна ўсе значныя падзеі знайшлі месца на старонках гістарычнага раздзела НАБ. Акрамя таго, дзякуючы спецыфіцы картагра­фіч­най працы, змест раздзела значна глыбей, чым адпаведныя па тэматыцы і часе гістарычныя даследаванні пісьмовага характару. Дакладная лакалізацыя падзей, адлюстраванне тэрытарыяльных зменаў, дзяржаўных граніц, напрамкаў паходаў і г.д. — інфармацыя, якая істотна дапаўняе і падымае на новы ўзровень гістарычныя веды і разуменне гістарычнага працэсу ў цэлым.

Адной з пераваг раздзела „Гісторыя“ НАБ з’яўляецца яго строга навуковы характар. Тое, што выданне не арыентавана на выкарыстанне ў сферы адукацыі, дазволіла пазбегнуць абагульненняў і адаптацыі. Вялікі фармат НАБ зрабіў магчымым тое, чаго цяжка было дасягнуць у гістарычных картах малых памераў, якія звычайна ўкладаюцца ў даследаванні ці аб’­ядноў­ваюцца ў атласы. Вялікі калектыў аўтараў здолеў на належным узроўні вырашыць вельмі складаную задачу — са­браць і апрацаваць існуючы, стагоддзямі назапашваны матэрыял (традыцыі выяўлення Беларусі на картах не адно стагоддзе). Спецыфіка картаграфічнага адлюстравання гістарычнай рэчаіснасці такая, што нават добры даследчык–гісторык, звяртаючыся да картаў, сутыкаецца з цалкам незнаёмай для яго сферай ведаў. Як правіла, пры першым набліжэнні да вырашэння пастаўленай задачы пачынаецца пошук ужо гатовых, раней створаных картаў. У выніку такога запазычвання і рэпрадукцыі працягваюць існаваць многія гістарыяграфічныя міфы, пазбаўленне якіх — справа даволі марудная. У гэтай сувязі раздзел „Гісторыя“ НАБ з’явіўся несумненным крокам наперад. Уважлівае рэдагаванне раздзела дазволіла пазбегнуць шматлікіх недакладнасцяў і аўтарскіх памылак, якія сталі „агульным месцам“ многіх гістарычных картаў, што выдаюцца цяпер.

Развіццё гістарычнай картаграфіі Рэчы Паспалітай, Ра­сійскай імперыі, Савецкага Саюза, нарэшце, Рэспублікі Беларусь дало моцны падмурак для стварэння на сучаснай навуковай аснове картаў, якія адлюстроўваюць беларускую гісторыю XVII—XX ст. За некаторымі выключэннямі (казацка–сялянская вайна, першыя гады існавання беларускай дзяржавы і інш.) тэмы, што знайшлі адбітак у раздзеле „Гісторыя“ НАБ, карысталіся пільнай увагай даследчыкаў або былі часткай карта­графічнай вытворчасці, якая абслугоўвала па­трэбы дзяржавы. Асаблівую каштоўнасць у гэтай сувязі набываюць карты, упершыню зробленыя для раздзела „Гісторыя“ НАБ, або карты — абагульняльны вынік папярэдніх распрацовак. Найбольш цікавымі сярод іх можна назваць тыя, што тычацца перыяду беларускай гісторыі, пазбаўленага тагачаснай картаграфічнай традыцыі, дастатковых дакументальных дадзеных і абагульняльных гістарычна–геа­графічных прац. Гэта карты, прысвечаныя беларускаму Сярэднявеччу і ранняму Новаму часу. Складанай працы патрабавала стварэнне наступных картаў:

1. Лысенка П.Ф., Штыхаў Г.В. Беларусь у IX — першай палове XIII ст. 1: 4 000 000 (С. 264).

2. Насевіч В.Л. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага, Рус­кага і Жамойцкага. Другая палова ХIII — XIV ст. 1:5 500 000 (С. 264—265).

3. Насевіч В.Л. Вялікае Княства Літоўскае ў XV — першай палове XVI ст. 1:5 500 000 (С. 265).

4. Спірыдонаў М.Ф. Беларусь у другой палове XVI ст. 1:1 500 000 (С. 266—267). Рэч Паспалітая ў канцы XVI ст. 1:10 000 000 (С. 267).

Паспрабуем праз крытычны разбор пералічаных картаў, а таксама спробу абгрунтавання метадаў гістарычна–геаграфічнага даследавання вызначыць стан гэтага спецыфічнага кірунку сучаснай беларускай навукі.

Пры разглядзе карты „Беларусь у IX — першай палове XIII ст.“ складваецца ўражанне, што галоўным імкненнем яе аўтараў было пазбавіцца праблемных момантаў. І сапраўды, на ёй адсутнічае некалькі рэгіёнаў (частка Дзвіны з Герцыке і Кукенойсам, раён польска–руска–яцвяжскіх кантактаў з Візнай і Райгорадам, частка Пабужжа з Дарагічынам і цалкам руска–польскае памежжа, паўднёвая частка Пагарыння), якія даволі складана размежаваць і вызначыць іх уладальніцкую прыналежнасць. Адсутнасць пазначаных рэгіёнаў, пэўна, звязана з тым, што яны цяпер не ўваходзяць у межы Рэспублікі Беларусь. Вывучаюцца, такім чынам, толькі беларускія землі, пад якімі разумеюцца, відавочна, сучасныя землі Беларусі. Але, незалежна ад нашых жаданняў, сярэднявечныя дзяржаўныя ўтварэнні не ўпісваліся ў сучасныя дзяржаўныя межы. Калі Полацкае княства ці Тураўская зямля займалі частку тэрыторыі сучаснай Польшчы, Літвы або Расіі, то трэба пазначыць іх тэрыторыі поўнасцю. Іншая пазіцыя можа быць ахарактарызавана як антынавуковая. Сказанае тычыцца толькі тых утварэнняў, цэнтры ці найбольшая частка якіх змяшчаліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Па сутнасці, першая карта складаецца з трох зрэзаў, або трох не звязаных паміж сабою картаў: „Тэрыторыі рассялення ўсходнеславянскіх племянных саюзаў у IX—X ст.“, „Землі (княствы) X—XII ст.“, „Землі (княствы) першай паловы XIII ст.“ Палітычныя граніцы не супадалі з межамі рассялення племянных саюзаў. Пераемнасці, такім чынам, паміж першым і другім зрэзамі карты можа і не быць. Але незразумела, адкуль узнікаюць зусім іншыя граніцы паміж другім і трэцім зрэзамі. Суадносін паміж граніцамі наогул не назіраецца. Ствараецца ўражанне, што тэрыторыі княстваў XIII ст. склаліся незалежна ад дзяржаўных утварэнняў, якія існавалі раней. Паўночны захад на карце застаўся белай плямай. Балцкія плямёны знахо­дзяцца па–за сферай уплыву рускіх зямель. Аўтары не рызыкуюць распаўсюджваць межы Полацкага княства далей за тэрыторыі рассялення ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. На карце не акрэслена зона, занятая яцвягамі — так своеасабліва вырашаецца праблема ўключэння часткі яцвяжскіх зямель у склад Галіцка–Валынскага і Мазавецкага княстваў. Наогул здзіўляе даволі вольнае абыходжанне аўтараў карты з граніцамі. Складаныя праблемы полацка–наўгародскага, віцебска–смаленскага, руска–літоўскага, руска–польскага памежжа вырашаюцца або адмаўленнем іх адлюстравання на карце, або грубым абагульненнем і выпростваннем. Верагодна, у выніку такіх ураўноў­ванняў цэнтр полацкага ўдзела Стрэжаў застаўся далёка за межамі полацкіх зямель. Адпавядаюць ці не тагачаснай рэча­існасці пазначаныя на карце граніцы, сказаць цяжка. Але ці трэба на некаторых ускраінах зямель і княстваў наогул пазначаць граніцы? Наўгародскія і полацкія ўладанні не сутыкаліся, а паміж залежнымі ад рускіх князёў тэрыторыямі і землямі незалежных балтаў таксама немагчыма акрэс­ліць граніцы.

Адным з перспектыўных напрамкаў пры вывучэнні тэрытарыяльнага ўладкавання старажытных беларускіх зямель з’яўляецца вылучэнне па археалагічных дадзеных арэалаў існавання і дынамікі развіцця валасцей. Распаўсюджванне княжацкай улады фіксуюць апорныя пункты. Яны ўзнікалі на мяжы тэрыторый, якія мелі цягу да вызначанага цэнтра. Гэтыя пункты не абавязкова былі пагранічнымі. Паміж імі і тэрыторыямі, падуладнымі іншым цэнтрам, маглі ляжаць нікім не занятыя, не каланізаваныя або не „акняжаныя“ землі. Напрыклад, сустрэча полацкіх (віцебскіх) уладанняў са смаленскімі адбылася не адразу, а толькі ў XII ст.[1] Таксама і фармаванне полацка–наўгародскай, чарнігава–смаленскай і ін­шых граніц адбылося ў пачатку гэтага стагоддзя. Археалагічныя дадзеныя даюць магчымасць прасачыць каланізацыйны працэс і на падставе назіранняў скласці ўяўленне пра рост тэрыторый дзяржаўных утварэнняў.

Другому напрамку вызначэння структуры беларускіх зямель IX — першай паловы XIII ст. дае перспектыву метад Л.В. Аляк­сеева. Вылучэнне тапонімаў і гідронімаў з коранем „рубеж“, „мяжа“, „княж“ і іншых, у некаторых выпадках, дае падставу для рэканструкцыі старажытных дзяржаўных межаў. Аднак трэба вельмі асцярожна карыстацца згаданым метадам. Становіцца рэальнасцю, калі даследчык, валодаючы нейкім наборам пунктаў з назвамі „Рубеж“, „Межнік“ і г.д., даволі адвольна карыстаецца імі, упісваючы ў загадзя створаную схему. Наяўнасць падобных назваў не дае аўтаматычна права на іх выкарыстанне. Так, напрыклад, рака Мяжа (левы прыток Дзвіны), нягледзячы на такую назву, не была ніколі пагранічнай. Таму, карыстаючыся метадам Л.В. Аляксеева, трэба заўжды абапірацца на археалагічныя дадзеныя.

Наколькі існуючыя метады і напрацоўкі даследчыкаў знай­­шлі адлюстраванне на разгляданай карце? На ёй не адлюстравана хоць якой–небудзь дынамікі. Княствы паўстаюць у якасці маналітных утварэнняў з надзіва ўстойлівымі межамі. Ці адбывалася фармаванне дзяржаўнай тэрыторыі Полацкага княства, якім чынам паўстала Тураўскае княства (у некалькі разоў меншае за Тураўскую зямлю), калі і як узніклі агульныя граніцы паміж рускімі княствамі? Гэтыя пытанні застаюцца без адказаў. На карце не толькі не пазначаны тэрытарыяльныя набыткі і страты тых ці іншых княстваў, але не зроблена і спробы акрэсліць межы найбольш значных удзельных княстваў (Менскага, Віцебскага, Друцкага ды інш.). Тут мы зноў назіраем імкненне пазбавіцца рашэння навуковых задач або наогул ігнараванне гістарычных фактаў.

Хоць храналагічныя рамкі карты — першая палова XIII ст., на ёй пазначаны гарады (у тым ліку і цэнтры ўдзельных княст­ваў), што ўпершыню згадваюцца пісьмовымі крыніцамі ў другой палове XIII ст. Палітычныя падзеі, якімі была насычана гісторыя беларускіх зямель IX — першай паловы XIII ст. (напрыклад, барацьба Полацка з Кіевам, абарона незалежнасці Туравам, заваёвы Берасця ці Дарагічына палякамі), на карце наогул не адлюстраваны. Агульную канцэпцыю стваральнікаў гэтай карты характарызуюць адсутнасць войнаў з суседзямі, тэрытарыяльнай экспансіі (не толькі кіеўскіх, але і полацкіх князёў) і наогул якой–небудзь палітычнай барацьбы.

Здаецца, аўтары выкарыстоўвалі метад лінгвістычнай адпаведнасці. Гэты метад, між іншым, ужо саслужыў кепскую службу даследчыкам. Найбольш яскравым прыкладам з’яўляецца лёс Смаленскага княства. Абапіраючыся на унікальную крыніцу — устаўную грамату князя Расціслава Смаленскага для стваранага епіскапства (1136), гісторыкі адшуквалі на карце населеныя пункты, адпаведныя згаданым у грамаце. Зусім няўдалай выглядае спроба І.Д. Бяляева атаясаміць Даброчкава з Добрычамі, Дабраціна — з Добрым, Беніц — з Бялынкавічамі[2]. Аднак высновы больш вядомага гісторыка П.В. Галубоўскага сталі сапраўды хрэстаматыйнымі. Знайшоўшы ў актах XVI ст. згадку аб Дабрацінскім сяле, П.В. Галубоўскі прыняў яго за цэнтр воласці Дабрацін XII ст. Пасля гэтага гісторык, зыходзячы з таго, што воласці Дабрацін, Даброчкаў і Баброўніцы запісаны ў грамаце групай, знайшоў каля Дабраціна падобныя назвы — сёлы Дабрына і Баброўнікі[3]. Гэтыя і падобныя няпэўныя лакалізацыі П.В. Галубоўскага на доўгі час вызначылі межы Смаленскага княства, якое ў выніку распасціралася амаль да Масквы. Зрэшты, высновы П.В. Галубоўскага знаходзяць прыхільнікаў і ў наш час[4], прычым для іх пацверджання ўжываюцца нават археалагічныя дадзеныя[5].

Але вернемся да карты П.Ф. Лысенкі і Г.В. Штыхава. У беларускай гістарычнай навуцы пануе меркаванне аб лакалізацыі Лучына і Стрэжава на Дняпры, ніжэй Рагачова. Атрымліваецца, што на поўдзень ад кіеўскага ўладання Рагачова ўздоўж Дняпра ідзе смаленскі Лучын, потым полацкі Стрэжаў, затым чарнігаўская Рэчыца, якая напрыканцы змяняецца кіеўскімі землямі. Ці магчыма такая цераспалосіца ўладанняў? Варта азначыць, што яна фактычна ігнаруецца складальнікамі карты. Верагодна, канешне, дапусціць існаванне цэнтраў без валасцей, якія існавалі за кошт збірання мыта[6], але лепш зноў звярнуць увагу на метад лакалізацыі згаданых паселішчаў. І Лучын, і Стрэжаў ідэнтыфікаваны з падобнымі назвамі на правым беразе Дняпра. Лінгвістычная адпаведнасць пацверджана археалагічнымі знаходкамі. Аднак Лучынаў у наваколлях Смаленска існуе некалькі. Напрыклад, П.В. Галубоўскі лічыў, што Лучын — гэта Лучане на рацэ Ельшы[7]. Гэтая здагадка не пацвярджаецца археалагічнымі знаходкамі. Як пераканаўча даказвае Л.В. Аляксееў, Лучын знаходзіўся ля Лучанскага возера[8]. Гэтая лакалізацыя больш адпавядае логіцы тэрытарыяльнага развіцця Смаленскага княства. Спрэчным з’яўляецца і атаясамленне Стрэжава з сучасным Стрэшынам. Хоць у наваколлях апошняга знаходзіцца моцнае гарадзішча старажытнарускага часу, лінгвістычна Стрэжаў і Стрэшын не суадносяцца, тым больш што Стрэжаў павінен знаходзіцца бліжэй да Менску[9].

Наогул метад лінгвістычнай адпаведнасці трэба выкарыстоўваць вельмі асцярожна. Вынікі, атрыманыя дзякуючы яму, цяжка ўпісаць у тэрытарыяльную сістэму княскіх уладанняў старажытнарускага перыяду. Па словах аўтарытэтнага да­следчыка рускай генеалогіі і тапанімікі С.Б. Весялоўскага, „метад выбаркі тэрмінаў па сугучнасці ў самых разнастайных мясцовасцях і затым філалагічнай іх апрацоўкі дае невялікія вынікі, па большай частцы вельмі спрэчныя“[10]. Зрэшты, нель­га і адмаўляцца ад яго выкарыстання. Пры дапамозе археалогіі і глыбіннага вывучэння гісторыі існавання пэўнага населенага пункта можна атрымаць вельмі каштоўныя вынікі.

Зварот да апісанага вышэй метаду сведчыць пра больш грунтоўны падыход да методыкі гістарычна–геаграфічнага даследавання. Раней асноўны элемент лакалізацыі выглядаў так. Выкарыстоўваючы сучасную карту, у лепшым выпадку спісы населеных пунктаў XIX ст. ці карты таго ж часу, даследчык знаходзіў метадам лінгвістычнай адпаведнасці патрэбныя яму аб’екты, сцвярджаў іх існаванне ў XVI—XVII ст. паводле пісьмовых крыніц і быў упэўнены ў правільнасці сваёй лакалізацыі. Яшчэ адным абавязковым яе элементам стала выкарыстанне археалагічных дадзеных. Але ўся сукупнасць метадаў і, на першы погляд, вельмі моцная навуковая аснова пагражала памылкамі. Прыкладам можа служыць выпадак са старажытнарускім Сверылескам — уладаннем Чарнігаўскага княства. Яго справядліва шукалі каля ракі Акі, але няўдала атаясамілі з сялом Северскім, вядомым па актах з XIV ст., потым знайшлі на сучаснай карце (пры ўпадзенні рэчкі Северкі ў Маскву) і пацвердзілі лакалізацыю археалагічнымі дадзенымі. Чарнігаўскае княства набыло ў выніку неверагодныя абрысы. Як бачым, у прыведзеным прыкладзе памылковым было выкарыстанне метаду лінгвістычнай адпаведнасці. Толь­кі часта вельмі цяжка знайсці загану ў ланцугу лагічна нанізаных метадаў.

Недахопы разгледжанага метаду — у адарванасці кан­крэтных пошукаў ад ведання рэгіёну ў цэлым, у адсутнасці комплекснага даследавання гістарычных тэрыторый. Глыбіннае вывучэнне гісторыі жыцця таго ці іншага населенага пункта ад пачатку яго існавання да знікнення ці да сучаснага стану, выкарыстанне самых разнастайных крыніц і разгляд развіцця канкрэтнага аб’екта ў кантэксце мясцовага асяроддзя дазваляе не толькі пазбегнуць магчымых памылак, але і на новым узроўні атрымаць дадатковыя веды ды зірнуць на гісторыю ўсяго рэ­гіёну.

Комплексныя даследаванні гістарычных тэрыторый ці гістарычных ландшафтаў — новая ступень развіцця гістарычнай геаграфіі. Сутнасць пазначанага напрамку ў сінтэзе метадаў як гуманітарных, так і прыродазнаўчых навук, накіраваных на вывучэнне гістарычна аб’яднаных тэрыторый (валасцей, удзельных княстваў, зямель і г.д.). Накладванне суцэльнага археалагічнага даследавання нейкай мясцовасці на яе ж тапанімічны зрэз, звесткі пра якую атрыманыя дзякуючы разнастайным прыёмам, дае ўяўленне не толькі пра сістэму землеўладання, але і пра эканамічны рост або заняпад на пэўнай гістарычнай тэрыторыі, пра развіццё гаспадарчай дзейнасці і каланізацыйнага руху. На жаль, комплексным даследаваннем не закрануты на сёння ніводны рэгіён Беларусі. Мабыць, у якасці выключэння можа быць пазначана толькі вялікая праца М.Ф. Спірыдонава па даследаванні развіцця тэрыторыі горада Мінска і яго наваколля.

Трэба зазначыць, што камбінаванне метадаў розных навук для вырашэння пастаўленай задачы — не сучаснае дасягненне. Так, ужо С.Б. Весялоўскі, карыстаючыся дадзенымі генеалогіі і тапанімікі, рабіў высновы аб баярскім землеўладанні ў Вялікім Княстве Маскоўскім. Прызнаючы адной з асноў гістарычна–геаграфічнага даследавання лакалізацыю, ён выпрацаваў сваю комплексную сістэму непасрэднага збірання тапанімічных матэрыялаў шляхам суцэльнага даследавання мясцовасці і апытання жыхароў наваколляў[11].

Агульнае развіццё спецыяльных гістарычных даследаванняў у межах гістарычнай геаграфіі праходзіць шлях ад дыферэнцыяцыі гістарычных ведаў да інтэграцыі метадаў розных навук, накіраваных на вывучэнне гістарычных рэгіёнаў. Першасная апрацоўка дадзеных, спробы лакалізацыяў і аглядаў пэўных тэрыторый могуць і павінны спалучацца з супастаўленнем дадзеных розных галін гістарычнай навукі (генеалогіі, археалогіі, краязнаўства і г.д.), а калі патрэбна, то і з дадзенымі іншых навук (геаграфіі, мовазнаўства, этналогіі, палеабіялогіі і г.д.).

Адзін з галоўных недахопаў сучаснага гісторыка, які займаецца гістарычнай геаграфіяй і картаграфіяй — няўменне працаваць на кампутары. Несумненная неабходнасць у наш час — авалодванне спецыяльнымі кампутарнымі графічнымі пакетамі, якія дазваляюць пазбавіцца мноства недахопаў ру­ціннай ручной працы і значна ўдасканаліць яе вынікі. Павінна адысці ў мінулае практыка адлюстравання гістарычных рэгіёнаў на бланкоўцы дрэннай якасці ці наогул на непрыстасаванай выпадковай карце алоўкамі ці нават фламастэрамі. Ні аб якой дакладнасці вызначэння межаў, лакалізацыі населеных пунктаў або гістарычных падзей у працы не можа ісці гаворкі. Калі рэдактар–картограф сустракаецца з аўтарскім арыгінал–макетам, то ў ім месцазнаходжанне межаў, паселішчаў і г.д. часта вагаецца ў даволі значных маштабах, бо гісторык перш за ўсё імкнецца пазначыць падзеі, канцэптуальна абумовіць апошнія, адлюстраваць менавіта палітычныя дзеянні, і ў выніку па–ранейшаму працягвае быць толькі гісторыкам. На гістарычна–геаграфічныя атрыбуты карты (граніцы, дакладнасць лакалізацыяў і г.д.) звяртаецца значна менш увагі. Методыка, адпаведна якой гісторык самастойна акрэслівае нейкія межы, вылучае пасля карпатлівага аналізу пэўныя зямельныя ўладанні, непасрэдна карыстаючыся кры­ні­цамі, у працы сучаснага гісторыка амаль адсутнічае. Ён звычайна запазычвае іх з раней складзеных гістарычных картаў. У выніку характэрнай агульнай прыкметай нядобрасумленнай працы гісторыка, які выступае ў якасці картографа, з’яўляецца моцнае спрашчэнне першапачаткова дэтальнага і да­кладнага абрысу межаў дзяржавы, уладанняў, далучаных тэрыторый і г.д. Звярнуўшы ўвагу на дзве наступныя карты, прысвечаныя ўтварэнню і развіццю Вялікага Княства Літоў­скага ў другой палове ХIII — XIV ст. і ў XV — першай палове XVI ст., мы пераканаемся ў тым, што аўтар у сваёй працы не пайшоў далей за гэтую састарэлую методыку.

Тэматычна першая з дзвюх картаў, прысвечаных гісторыі ВКЛ, распадаецца на некалькі сюжэтаў. Перад нашымі вачыма паўстае развіццё некалькіх дзяржаўных утварэнняў — ВКЛ, Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Маскоўскага і Нямецкага ордэна. Пэўная ўвага аддаецца і рускім княствам, на аснове якіх паўсталі дзве найбуйнейшыя дзяржавы Ўсходняй Еўропы, падрабязна разглядаецца барацьба Ордэна за славянскія і балцкія землі. У адрозненне ад папярэдняй карты гэтая насычана мноствам падзей ваеннага характару, на ёй пазначаны амаль усе тэрытарыяльныя фармаванні (дзяржавы, племянныя княствы, гістарычна–геаграфічныя вобласці і г.д.), вылучаны цэнтры рускіх зямель, удзельных княстваў, польскіх княстваў на сярэдзіну XIII ст.

Гэтая карта таксама распадаецца на некалькі зрэзаў. Першы з іх, у адпаведнасці з легендай, называецца „Этнапалітычная сітуацыя на сярэдзіну XIII ст.“ Уся інфармацыя карты, па­значаная каляровай заліўкай, тычыцца менавіта першага зрэзу. Другі зрэз, пазначаны ў легендзе як „Тэрытарыяльныя змены ў другой палове XIII ст.“, падаецца штрыхоўкай, патэрнамі і каляровымі межамі. Трэці, „Тэрытарыяльныя змены ў XIV ст. (да 1384 г.)“, — адлюстроўваецца тымі ж прыёмамі, што і другі. Паміж усімі зрэзамі існуе пераемнасць, адзін дапаўняе другі, сыходзіць ад дадзеных папярэдняга, і ў выніку складваецца гарманічная карціна тэрытарыяльнага развіцця дзяржаў Усходняй Еўропы на працягу другой паловы XIII — XIV ст.

Трэба адзначыць, што карта не адлюстроўвае цалкам XIV ст.: аўтар спыніўся на 1385 г. — часе заключэння Крэўскай уніі. Наступная карта пачынаецца з канца XIV ст. (хоць у назве храналагічным пачаткам абвешчана XV ст.). Але, нягле­дзячы на неадпаведнасць назваў картаў іх інфармацыйнаму зместу, пераемнасць абедзвюх захавалася.

Храналагічны падзел паміж дзвюмя картамі, якія прысвечаны гісторыі ВКЛ, падаецца няўдалым. Як бачым, аўтар абе­дзвюх картаў сам не быў паслядоўным і не давёў да адпаведнасці храналогію назвы і рэальнае адлюстраванне часу на картах. Не заўсёды пры вызначэнні складу картаў можна выкарыстаць гістарычную храналогію. Трэба ўлічваць зручнасць менавіта тэрытарыяльнага развіцця краіны, гісторыю якой мяркуецца адлюстраваць. Напрыклад, рубяжом паміж картамі па гісторыі ВКЛ можа служыць канец першай трэці XV ст., калі ВКЛ дасягнула найвялікшай палітычнай магутнасці, скончылася яго барацьба з Каралеўствам Польскім за галіцка–валын­скую спадчыну і наогул яго тэрыторыя дасягнула сваіх найбольшых памераў. Падобны рубеж праглядваецца таксама ў канцы XV ст., калі пачынаюцца войны паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім, якія прынеслі вялізныя тэрытарыяльныя змены. У выніку атрымліваецца не менш за тры карты на перыяд ад утварэння ВКЛ да сярэдзіны XVI ст. Пры неабходнасці можна аб’яднаць іх і зрабіць дзве (рубеж паміж імі — першая трэць XV ст.), аднак больш мэтазгодны першы варыянт.

Адлюстраванне на карце зямель Русі сярэдзіны XIII ст. мае шмат недахопаў. Па–першае, трэба зазначыць, што яно цалкам не адпавядае папярэдняй карце, у якой пададзены межы зямель (княстваў) на першую палову XIII ст. Тое вылучэнне цэнтраў зямель Русі, якое робіць В. Насевіч, для сітуацыі XIII ст. не мае ніякага сэнсу, тым больш што гэтыя цэнтры вызначаюцца вельмі адвольна. Тэрыторыі Русі групуюцца па незразумелым прынцыпе вакол Галіча (ён не быў цэнтрам Галіцка–Валынскага княства, а сталіцай у той час з’яўляўся Холм), Пінска, Новагародка, Полацка, Смаленска, Кіева, Чарнігава, Пераяслава–Разанскага (і пасля мангола–татарскага нашэсця некаторы час сталіцай Разанскага княства заставалася Разань — а яна нават не пазначана на карце), Мурама, Уладзіміра. На самай справе падзел Русі на шэраг зямель для сітуацыі другой паловы XIII ст. — з’ява састарэлая. У гэты час фармуюцца новыя групоўкі княстваў, напрыклад, Вярхоўскія княствы, Чарнігава–Северская зямля з цэнтрам у Бранску. Цяжка зна­й­сці цэнтры на тэрыторыі Беларусі, Паўночна–Ўсходняй Русі. У палітычным плане часткі пазначаных тэрыторый моцна аддаліліся адна ад адной і ўяўлялі сабой незалежныя дзяржавы — цэнтры княстваў–зямель, у межах якіх утвараліся свае княствы. Прынцып „адзіная княжацкая дынастыя — адзі­ная зямля“ быў моцна парушаны яшчэ да мангольскага нашэсця.

У сярэдзіне XIII ст. не існавала гарадоў Мядынь (упер­шыню згадваецца больш чым праз стагоддзе), Камянца (каля Днястра), Браслава (на Паўднёвым Бугу), Жытоміра, Калугі (з другой паловы XIV ст.). Няма ўпэўненасці ў статусе горада такіх населеных пунктаў, як Рагачоў, Магілёў, Глуск, Гомель і г.д.

Падаецца больш мэтазгодным адлюстраваць не тэрыторыі Русі, падуладныя Залатой Ардзе з сярэдзіны XIII ст., а межы зямель, падуладных Залатой Ардзе (уключыўшы ў іх склад і Галіцка–Валынскае княства). У гэтым выпадку з’явіцца магчымасць выкарыстаць колер для пазначэння росту тэрыторый ВКЛ і Вялікага Княства Маскоўскага. Метадычна ня­правільна аддаваць другараднай інфармацыі найбольш наглядны сродак адлюстравання. Штрыхоўку, што абазначае тэрыторыі рускіх княстваў, пра якія няма звестак, лепей ужываць для тых тэрыторый Русі, якія захавалі незалежнасць ад Арды.

Дарэчы, здзіўляе фармулёўка легенды карты (якая, між іншым, ніколі раней не сустракалася): „Тэрыторыі [...] рускіх княстваў, пра межы і прыналежнасць якіх звестак няма“. Выкарыстоўваючы разнастайныя метады, прынамсі, пазначаныя вышэй, цалкам рэальна ліквідаваць усе „белыя плямы“. Другая справа, што не было спробы зрабіць гэта. Таксама выклікае незадаволенасць фраза легенды: „Тэрыторыі [...] рускіх княстваў, якія, верагодна, захавалі незалежнасць ад Арды“. Не верагодныя, а дакладныя межы тэрыторый акрэсліваюцца дзякуючы канкрэтным сведчанням крыніц і шматлікім даследаванням (напрыклад, В.Л. Ягорава)[12].

Больш за ўсё крытыкі заслугоўвае азначэнне межаў дзяржаўных утварэнняў і далучаных тэрыторый (існаванне апошніх не растлумачана ў легендзе карты). Большасць з іх — або спрошчанае запазычанне, або выдумка аўтара. Тэрыторыя Галіцка–Валынскага княства на сярэдзіну XIII ст. пададзена з улікам зменаў, якія адбыліся пазней, і не адпавядае рэальнасці пазначанага часу. Так, Малдаўскае княства (больш дакладная назва Малдаўская зямля, або Малдаўскае ваяводства) утварылася толькі ў 1359 г. (яно ніколі не было залежным ад Арды, як пазначана на карце), а дагэтуль будучыя часткі яго тэрыторыі належалі Венгерскаму каралеўству, Залатой Ардзе і Галіцка–Валынскаму княству. Таксама некаторыя землі Карпата–Днястроўскага рэгіёну, якія трапілі ў склад Малдовы ў другой палове XIV ст., раней нават не былі асвоены. Пасля мангола–татарскага нашэсця значныя часткі тэрыторыі Галіцка–Валын­скага княства ці адарваліся ад цэнтральнай княскай улады — у іх абаснаваліся мясцовыя баяры (у Галічы, Луцку, Перамышлі, Крамянцы, Бакоце, Уграўску), ці трапілі пад непасрэдную ўладу татарскіх ордаў (Курэмсы, Бурундая). Падолле (тагачасная назва — Паніззе), насуперак сцвярджэнню карты, не належала ў сярэдзіне XIII ст. галіцка–валынскім князям. Толькі ў другой палове XIII ст. пачынаецца аднаўленне іх уплы­ву на землі Прута–Днястроўскага міжрэчча. У 1254 г. да ўладанняў князёў Раманавічаў адышла Болахаўская зямля — былая частка Кіеўскага княства. (Яна нават не пазначана на карце.) У першай трэці XIV ст. у сферу ўплыву галіцка–валынскіх князёў зноў трапіла значная частка Падольскай зямлі (паняцце Падольская зямля да таго часу аха­піла значна большую тэрыторыю, заняўшы, як мяркуюць малдаўская даследчыкі, значную частку пазнейшага Малдаўскага княства). Аднак у хуткім часе пачалася барацьба за галіцка–валынскую спадчыну паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ.

З–за няўдалага храналагічнага падзелу тэрытарыяльная спрэчка за галіцка–валынскія землі на першай карце застаецца нявырашанай і пераносіцца на другую. Здзіўляе неадпаведнасць межаў разгляданага рэгіёну на дзвюх картах. Межы тэрыторый, падуладных у той ці іншы час Літве або Польшчы, пазначаны вельмі прыблізна, і складваецца ўражанне, што адвольна. Напрыклад, ёсць Уладзімір, часова падуладны Польшчы, а яго тэрыторыя акрэсліваецца на нейкай адлегласці вакол горада. Але дзякуючы польскім і ўкраінскім даследаванням тэрыторыі гістарычных абласцей Галіцка–Валын­скай зямлі можна вызначыць даволі дакладна. У некаторых выпадках нельга пагадзіцца і з пазначэннем часу прыналежнасці галіцка–валынскіх зямель таму ці іншаму боку. Так, наконт Уладзімірскай зямлі сказана: „Тэрыторыя, часова пад­уладная Польшчы ў 1349—1352 і 1366—1370 г.“ Аднак ужо з 1350 г. Уладзімір — уладанне ВКЛ, што было сцверджана дагаворам 1352 г. Падобныя недакладнасці ёсць і ў звестках пра іншыя галіцка–валынскія землі. Магчыма,  табліца 1 дапаможа ўдакладніць інфармацыю аўтара карты.

Барацьба Вялiкага княства Лiтоўскага с каралеўствам Польскiм за Галiцка-Валынския землi

Наступны вялікі рэгіён, які можна вызначыць на першай карце па ВКЛ, — кіеўскія і чарнігава–северскія землі. Здаецца, яго трэба было б таксама пазначыць як „тэрыторыі рускіх княстваў, пра межы і прыналежнасць якіх звестак няма“. Бо на ім нанесены толькі некаторыя цэнтры княстваў сярэдзіны XIII ст. У другой палове XIII — XIV ст. у спусташэнне прыхо­дзяць гарады Пуціўль, Ноўгарад–Северскі, Старадуб, Трубчэўск, Ялец, Курск. Адпаведна і княствы з цэнтрамі ў гэтых гарадах спыняюць сваё існаванне. Вызначыць іх межы на самай справе даволі складана. Аднак аўтар, зыходзячы з свайго меркавання аб складзе Кіеўскай і Чарнігава–Север­скай зямель, пазначае вельмі няпэўныя граніцы як саміх зямель, так і іх удзельных княстваў.

Пасля мангола–татарскага нашэсця на першы план у рэгіёне выходзяць новаўтвораныя Бранскае і Вярхоўскія княствы. Некаторыя тэрыторыі становяцца часткай непасрэдных уладанняў Залатой Арды, іншыя трапляюць у склад Кіеўскай зямлі (напрыклад, Пуціўль). Тэрытарыяльная сітуацыя другой паловы XIII — XIV ст. на карце застаецца нявызначанай. Мы даведваемся толькі аб няпэўных датах далучэння невядомых тэрыторый да ВКЛ і бачым вельмі абагульненую літоўскую граніцу напярэдадні Крэўскай уніі. Між іншым, межы ВКЛ у той час на ўсходзе не дасягалі Дону (толькі Северскага Данца і яго прытока Аскола), а на паўднёвым усходзе заходзілі за раку Ворсклу.

Не буду падрабязна спыняцца на некаторых іншых рэгіёнах — Смаленскай, Разанскай, Мурамскай і Наўгародскай землях. Можна толькі зазначыць, што прыналежнасць Мядыні, і асабліва Мажайска Вяземскаму княству (як гэта паказана на карце) — справа не даказаная. Межы Смаленскай зямлі і яе ўдзелаў, а таксама сумесных уладзіміра–наўгародскіх уладанняў вельмі абагульнены. Цікава, што да Ўла­дзімірскай зямлі аднесена Каломна, якая, як вядома, да пачатку XIV ст. знаходзілася ў складзе Разанскага княства.

Найбольшая колькасць недакладнасцяў, а часцей памылак і неапраўданых ігнараванняў, звязана з адлюстраваннем Паўночна–Ўсходняй Русі. Вялікую частку карты трэба пера­працаваць. Вядома, што аўтар у якасці асновы выкарыстаў працы вядучага расійскага даследчыка гістарычнай геаграфіі Маскоўскай Русі Ў.А. Кучкіна, але запазычванні былі зроблены вельмі няўдала і тычыліся толькі граніц княстваў (неверагодна абагульненых), а многія іншыя высновы навукоўца папросту ігнараваліся. Шмат увагі Ў.А. Кучкін надаваў пытанню аб складзе і межах Ўладзімірскага княства ў другой палове XIII — другой трэці XIV ст. (да зліцця з Вялікім Княствам Маскоўскім)[13]. За валоданне ўладзімірскім сталом ішла барацьба паміж найбольш уплывовымі рускімі князямі Паўночна–Ўсходняй Русі. Па традыцыі, усе вымарачныя княствы адыходзілі ў склад Вялікага Княства Ўладзімірскага (Пераяслаў–Залескі, Кастрама, Угліч, Юр’еў–Польскі). Такім чынам, уладзімірскія ўладанні не былі нязменным масівам зямель, яны дынамічна развіваліся ў бок павелічэння. Вяліка­княскія ўладанні і тэрыторыі іншых паўночна–ўсходніх рускіх княстваў ніколі не змешваліся, і нават князь, які атрымаў уладзімірскі стол, не меў права лічыць іх сваімі. Грубай памылкай аўтара з’яўляецца абагульненне ўсёй Паўночна–Ўсходняй Русі пад назвай Вялікае Княства Ўладзімірскае. Адпаведна легендзе, так называюцца дзяржавы ў другой палове XIV ст. Аднак у гэты час у Паўночна–Ўсходняй Русі існавала ўжо чатыры вя­лікія княствы — Уладзімірскае, Маскоўскае, Цвярское і Суздальска–Ніжагародскае. У гэтай сувязі незразумела, чаму Вя­лі­кае Княства Маскоўскае аўтар паслядоўна называе проста Маскоўскім княствам. Складваецца ўражанне, што карце ўласціва пэўная тэндэнцыйнасць, свядомае імкненне пазба­віц­ца ад фіксавання яшчэ аднаго цэнтра аб’яднання рускіх зямель і яго ўплыву на пэўныя тэрыторыі. Таксама фактычна ігнаруюцца і іншыя княствы Паўночна–Ўсходняй Русі. У сярэдзіне XIII ст. акрамя пазначаных на карце Пераяслава–Залескага, Суздальскага, Старадубскага, Растоўскага, Цвяр­скога і Ўладзімірскага несумненна існавалі Юр’еўскае, Дзмітраўскае (горада Дзмітрава наогул няма на карце), Углічскае і Гара­дзецкае княствы.

Трэба пагадзіцца з тым, што тэрыторыі Смаленскага, Вяземскага, Вярхоўскіх княстваў папераменна знаходзіліся ў залежнасці ад ВКЛ і Вялікага Княства Маскоўскага. Але складана гаварыць пра тое ж адносна Наўгародскай зямлі. Бясспрэчна, Вялікі Ноўгарад — сфера ўплыву Масквы. Між іншым, на карце Наўгародскую зямлю трэба было пазначыць як сама­стойнае дзяржаўнае ўтварэнне. Незразумела, чаму да пераменна залежных зямель не аднeсена Ржэва. Менавіта за Ржэву вялася няспынная барацьба паміж Вільняй і Масквой. Гэта добра адлюстроўвае табліца 2.

Барацьба Вiльнi и Масквы за ржэўскiя землi

Усе граніцы княстваў Паўночна–Ўсходняй Русі пададзены вельмі прыблізна. Яны зусім не адпавядаюць сучаснаму ўзроўню развіцця расійскай гістарычнай геаграфіі. Няма неабходнасці спыняцца на ўсіх недакладнасцях гэтай карты. Аднак яшчэ трэба зазначыць, што, як падаецца, яна не адлюстроўвае адзін з важных аспектаў — працэс аб’яднання рускіх зямель Масквой (у якасці працэсу, канкурэнтнаму росту тэрыторыі ВКЛ).

Безумоўна, даволі цяжка адлюстраваць ўсе тэрытарыяльныя змены, аднак для разгляданай карты, для якой прыняты прынцып выбаркі галоўных эпізодаў тэрытарыяльнага развіцця пэўных дзяржаў, гэта і не патрэбна. Дзякуючы такому прынцыпу можна пазначыць асноўныя моманты існавання таго ці іншага дзяржаўнага ўтварэння (напрыклад, яго межы пры ўтварэнні, у час найвялікшага тэрытарыяльнага развіцця і напрыканцы існавання). У выніку склалася б дастаткова поў­ная карціна тэрытарыяльнага ўпарадкавання дзяржаў Усходняй Еўропы другой паловы ХIII — XIV ст. Згаданы прынцып стварэння карты адзіна магчымы пры патрэбе адлюстравання зменаў на вялікай тэрыторыі працяглы перыяд. На акрэслены час прыпадае складванне дзяржаўнай тэрыторыі ВКЛ, Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Маскоўскага, Малдаўскага княства і Нямецкага ордэна. Магчыма, трэба было, у адпаведнасці з назвай карты, засяродзіць увагу на ўтварэнні і развіцці менавіта ВКЛ, звярнуўшыся перш за ўсё да беларускіх зямель, якія па сутнасці губляюцца на фоне мноства падзей і тэрытарыяльных зменаў, далёкіх ад іх межаў. На жаль, тэрыторыямі, „пра межы і прыналежнасць якіх звестак няма“ або „якія, верагодна, захавалі незалежнасць ад Арды“, сталі менавіта беларускія землі. У гэтай сувязі навуковае значэнне карты як даследавання па гісторыі Беларусі становіцца вельмі няпэўным. Адлюстраванне ўсёй тэрыторыі Польшчы, большасці рускіх княстваў ды і ўсёй тэрыторыі ВКЛ бачыцца немэтазгодным (паўторым, што гэта не адпавядае і назве карты). Яно апраўдана хіба толькі тым, што пералі­чаныя тэрыторыі лепш даследаваны, таму аўтару было адкуль браць дадзеныя. Складваецца ўражанне, што адзін з галоўных метадаў, які ўжываў аўтар — метад запазычвання.

Наступная карта В.Насевіча мае няўдалыя храналагічныя рамкі. Два розныя працэсы (рост тэрыторыі ВКЛ, які працягваўся ў першай трэці XV ст., і нястрымная экспансія Маскоўскай дзяржавы, што пачалася з канца XV ст.) накладваюцца адзін на адзін. У выніку графічнае адлюстраванне тэрытарыяльных зменаў губляе нагляднасць і вырашаецца шэрагам штрыховак і каляровых межаў. Гэтага можна было пазбегнуць, калі б папярэднюю карту храналагічна працягнулі да 30–х г. XV ст.

Яшчэ адным вынікам няўдалага храналагічнага падзелу стаў перанос на другі план вельмі значных падзеяў гісторыі ВКЛ. Далучэнні да ВКЛ Смаленска і Вязьмы зліваюцца ў адну падзею, гісторыя пашырэння літоўскай улады на Вярхоўскія княствы несправядліва абагульняецца. Вядома, што Вязьма была захоплена літоўскім князем Лугвенам раней за Смаленск, у 1403 г.[14] Знешнепалітычная арыентацыя вярхоўскіх князёў у апошняй чвэрці XIV ст. не была аднолькавай. Князі Навасільскія і Тарускія заставаліся ў залежнасці ад Масквы, Казельскія і Ялецкія трапілі пад уладу Разані дзякуючы дзейнасці князя Алега Іванавіча, які таксама рэалізоўваў праграму аб’яднання рускіх зямель. Асобныя Карачаўскія князі або арыентаваліся на ВКЛ, або захоўвалі незалежнасць. У 1393 г. самастойнасць Тарускага княства была ліквідаваная — ярлык на валоданне ім набыў у Тахтамыша маскоўскі вялікі князь Васіль I. Пры гэтым тарускія князі працягвалі валодаць сваімі вотчынамі. Некаторыя з іх ад’ехалі да Вітаўта і атрымалі ад яго вялікую частку Карачаўскага княства. Адарваны ад Тарусы, як асобная адзінка, па–ранейшаму працягваў існаваць Валконскі ўдзел Тарускага княства. Палітыка ВКЛ у дачыненні да Вярхоўскіх княстваў актывізавалася ў канцы XIV ст. Тады Вітаўтам быў заняты шэраг гарадоў у вярхоўях Акі. Але захаваць свой уплыў вялікі князь літоўскі не здолеў з–за паразы на рацэ Ворскле (1399). Аслабленне ВКЛ выкарыстала Масква, да якой быў далучаны Казельск. Экспансія ВКЛ у Вярхоўскія княствы атрымала найбольшую выніковасць у пачатку XV ст. У выніку ваенных дзеянняў 1406—1408 г. Карачаў­скае княства было ліквідавана, а ў Казельску, Любуцку і Мцэнску створаны намесніцтвы. Князь Перамышльскі і, часова, князі Бялёўскія ад’ехалі ў Маскву. Навасільскія князі некаторы час захоўвалі прыхільнасць да Масквы, але ў 1427 г. зрабіліся васаламі Вітаўта, захаваўшы, аднак, у адрозненне ад іншых вярхоўскіх князёў, пэўную самастойнасць.

Безумоўна, каб адлюстраваць усе палітычныя падзеі, звязаныя з вельмі насычанай гісторыяй Вярхоўскіх княстваў або ўсяго ўсходняга памежжа ВКЛ, неабходна скласці асобную карту ці змясціць на вялікай карце „ўрэзку“. Аднак памылкова сцвярджаць, што ўсе Вярхоўскія княствы былі залежныя ад ВКЛ з канца XIV ст. і непасрэдна далучаныя да яго ў 1420–я г. Не трэба было і аб’ядноўваць Смаленскае княства з Вязем­скім.

Нягледзячы на адмоўныя заўвагі, карта „Вялікае Княства Літоўскае ў XV — першай палове XVI ст.“ мае вялікую навуковую каштоўнасць. Упершыню была зроблена спроба вызначыць катэгорыі зямельных уладанняў ВКЛ у другой палове XV ст. Справа гэта вельмі складаная, бо, каб акрэсліць зямельныя ўладанні на значнай тэрыторыі ВКЛ, трэба правесці карпатлівую, амаль непад’ёмную апрацоўку шматлікіх актавых матэрыялаў, ажыццявіць поўнамаштабную лакалізацыю, прыцягнуць дзеля гэтага дадзеныя мноства крыніц разнастайнага характару і часу. Здаецца, аднак, што дадзеная работа не была выканана на належным узроўні. Па–першае, бянтэжыць час, у межах якога вызначаюцца зямельныя ўладанні. Няўжо за паўстагоддзя не адбылося аніякіх зменаў? Бачыцца больш мэтазгодным арыентавацца на кароткі адрэзак часу, як гэта робіць М.Ф. Спірыдонаў, які пазначае населеныя пункты паводле тыпу ўласнасці на 1600 г. Па–другое, напэўна, трэба адмовіцца ад вызначэння тэрыторыі таго ці іншага ўладання. Пры існуючым змешванні зямельных уладанняў, а таксама немагчымасці пазначыць іх межы больш абгрунтаванай вы­глядае пазіцыя М.Ф. Спірыдонава, які размяркоўвае па тыпу ўласнасці менавіта населеныя пункты. Межы зямельных уладанняў, адлюстраваныя на карце В.Л. Насевічам, выглядаюць часта вельмі абагульненымі, а калі яны тычацца суцэльных масіваў, напрыклад, Вяземскага, Бельскага ці Вярхоўскіх княстваў, то не адпавядаюць рэальнасці. Па–трэцяе, падаецца не зусім дакладным падзел зямельных уладанняў ВКЛ толькі на тры катэгорыі. Удзельныя князі ВКЛ знаходзіліся ў рознай ступені залежнасці ад віленскага двара і валодалі сваімі землямі не на аднолькавых умовах. Наогул, тэрмін „удзельныя князі“ не зусім удалы. Статус прадстаўнікоў прывілеяванага стану ВКЛ быў вельмі разнастайны, ад князёў–васалаў да князёў–вотчыннікаў, адпаведна княскія ўладанні ўяўлялі сабой ці напалову самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні, ці вотчыны, ці нетрывалыя наданні, ці наогул намесніцтвы[15]. Вызначэнне катэгорый зямельных уладанняў здаецца вельмі цяжкай справай.

Разгляданая карта выглядае больш цэльнай і гарманічнай, чым астатнія, але ў ёй таксама існуюць пэўныя асобныя зрэзы. Карта была б значна разгружана, калі б ад яе аднялі інфармацыю першай трэці XV ст. Між іншым, гэта інфармацыя недастаткова падрабязная і недакладная. Адарванай ад папярэдняй карты, не да канца выкананай праблемай выглядаюць тэрытарыяльныя падзелы паміж Польшчай і Літвой былых галіцка–валынскіх зямель. Мала карысці для карты, прысвечанай гісторыі ВКЛ, дае адлюстраванне тэрыторыі Каралеўства Польскага і памежных дзяржаў, злучаных з Поль­шчай уніямі ці васальнымі адносінамі.

Асобным зрэзам з’яўляюцца адносіны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Па сутнасці, калі адняць інфармацыю аб катэгорыях зямельных уладанняў ВКЛ, яны складаюць галоўны змест карты. Шкада, што падзеі 1487—1537 г. адлюстроў­ваюцца на недастаткова належным узроўні. Уражваюць ма­штабы спрашчэння межаў княстваў і далучаных тэрыторый, скажэнне тэрытарыяльных зменаў. У выніку ўзнікае вельмі аддаленае ўяўленне аб рэальным ходзе канфлікту паміж дзвюма дзяржавамі, якія змагаліся за падзел рускіх зямель.

Да прыкладу можна параўнаць адлюстраванне Вяземскага княства і фрагмента літоўска–маскоўскай мяжы на карце В. Л. Насевіча (злева) і ў варыянце, выкананым аўтарам рэцэнзіі (справа). Непадобна, што першы працаваў з крыніцамі ці нават знаёміўся з працамі папярэднікаў (напрыклад, з картамі І. Галубцова). Характэрна, што В.Л. Насевіч робіць тыповую памылку, калі змяшчае вярхоўі ракі Масквы на тэрыторыі Вяземскага княства. Яшчэ М.К. Любаўскі абмовіўся, што ў вярхоўях ракі Масквы знахо­дзіўся „маёнтак шматлікага роду князёў Глінскіх“ — Глінкі[16]. Гэтую ідэю запазычыў, не спасылаючыся на аўтара, Ф. Леантовіч[17], аднак сам М.К. Любаўскі ў крытычным разборы працы Ф. Леантовіча растлумачыў сваю пазіцыю тым, што ў вярхоўях ракі Масквы яму выпадкова сустрэліся некалькі ўрочышч з назвай Глінкі, якія ён звязаў з уладаннямі Глінскіх і памылкова выказаў сваю здагадку ў катэгарычнай форме[18]. На справе, у пазначаным М.К. Любаў­скім месцы лакалізуецца воласць Вышняе Глінскае, упершыню згаданая ў духоўнай грамаце вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Данскога сярод маскоўскіх уладанняў[19]. Чамусьці на папярэдняй карце В. Насевіча растлумачанай памылкі няма, і, такім чынам, мы зноў сустракаемся з адсутнасцю пераемнасці паміж картамі аднаго і таго ж аўтара.

Не варта пералічаць усе недасканаласці і памылкі, якія ўтрымлівае карта. Можна, аднак, заўважыць, што няведанне межаў тэрытарыяльных адзінак ВКЛ прывяло да значных скажэнняў і ў адлюстраванні зямельных уладанняў. Так, амаль увесь правы бок ракі Угры належаў князям Варатынскім на праву вотчыны, але ён паказаны ў складзе Смаленскай зямлі ў якасці зямлі–намесніцтва. Карачаў (які ўжо не меў статусу горада) непасрэдна падпарадкоўваўся вялікаму князю літоўскаму. Перамышль і некаторыя іншыя гарады, не адлюстраваныя на карце, былі намесніцтвамі і г.д. Аднак, трэба сказаць, сітуацыя з зямельнымі ўладаннямі ва ўсходнім рэгіёне ВКЛ была вельмі складаная і — што больш істотна — нестабільная. Напрыклад, тыя ж уладанні Варатынскіх уздоўж ракі Угры былі страчаны імі пасля ад’езду ў Маскву напрыканцы XV ст., і ў гэтых землях з’явіліся вялікакняскія намеснікі. Недахопы картаграфічнага адлюстравання тычацца таксама і іншых тэрыторый, памежных з Маскоўскай дзяржавай. Здзіў­ляе наяўнасць земляў, страчаных ВКЛ на карысць Вялікага Княства Разанскага ў 1430–я г. А межы Вялікага Княства Разанскага, Вялікага Княства Цвярскога і Пскоўскай зямлі моцна абагульнены.

Прычына недастатковага навуковага ўзроўню разгледжаных картаў можа хавацца ў слабасці метадычнай базы даследавання. Між тым, нягледзячы на звычайны недахоп крыніц, дзякуючы нефармальнаму падыходу, узброіўшыся пэўнай колькасцю метадаў, можна адужаць на першы погляд невырашальныя задачы. Паспрабуем азначыць некаторыя прыёмы, якія могуць дапамагчы пры рабоце над недастаткова акрэсленымі рэгіёнамі.

Пры вызначэнні межаў якой–небудзь зямельнай адзінкі трэба карыстацца звесткамі, што вызначаюць яе тэрыторыю з двух бакоў. Па–першае, вылучаюцца гранічныя пункты, прыналежныя самой гэтай тэрыторыі. Па–другое, адшукваюцца бліжэйшыя ўладанні суседзяў. Паміж уласнымі і чужымі пунктамі з пэўнай дакладнасцю праводзіцца граніца. Звычайна другое ігнаруецца даследчыкамі. Гэта абумоўлена яго складанасцю, таму што даводзіцца аналізаваць у некалькі разоў больш інфармацыі, якая на першы погляд і не тычыцца па­трэбнай тэрыторыі. Так, толькі па аднабаковых звестках (унутранай прасторы) вызначаецца граніца дадзенай тэрыторыі, якая ў выніку больш аддалена ад рэальнасці, чым пры выкарыстанні абодвух падыходаў (з дадатковым даследаваннем знешняй прасторы). Несумненна, пры вызначэнні пэўнай гістарычнай тэрыторыі неабходна камбінаваць абодва падыходы. Пры амаль поўнай адсутнасці звестак пра ўнутраны змест тэрыторыі на дапамогу прыходзіць другі метад, дзякуючы якому тэрыторыя вызначаецца звонку.

Іншыя шляхі вызначэння ўмоўнай тэрыторыі — рух па часе. Вынікі дасягаюцца рухам ад ранейшага да пазнейшага і наадварот. Так, ВКЛ у сваім развіцці ўключала ў свой склад тэрыторыі княстваў і зямель (Полацкага, Кіеўскага, Смален­скага і г.д.), частка межаў якіх вызначала рубяжы новай дзяржавы. Акрэсліўшы межы тэрытарыяльных адзінак, якія існавалі дагэтуль, абапіраючыся пры гэтым на сведчанні, ранейшыя за іх уключэнне ў склад ВКЛ, мы будзем ведаць частку рубяжоў новага дзяржаўнага ўтварэння. Гэты метад іншы раз незаменны, але ёсць у яго і істотныя недахопы. Па–першае, карыстаючыся ім, можна акрэсліць толькі невялікую частку новай мяжы. Па–другое, крыніцы больш ранняга часу не да­зваляюць скласці дакладнага ўяўлення пра межы якой–небудзь тэрыторыі, яны толькі азначаюць іх прыкладныя контуры. Па–трэцяе, тэрытарыяльныя адзінкі — не застылыя фармаванні: з цягам часу яны пашыраліся, іх межы ўдасканальваліся, яны ўваходзілі ва ўзаемадзеянне з іншымі тэрытарыяльнымі масівамі, што таксама прыводзіла да іх трансфармацыі.

Вызначэнне тэрыторыі нейкай адзінкі, якое рэалізуецца праз рух ад пазнейшага да ранейшага, можна назваць адным з варыянтаў рэтраспектыўнага метаду даследавання, з той заўвагай, што метад рэтраспекцыі — гэта перанясенне якіх–небудзь дадзеных з крыніц больш позняга перыяду на ранейшыя часы, а метад, пра які цяпер гаворыцца, звяртаецца менавіта да запазычвання тэрытарыяльных формаў пазнейшага часу і іх распаўсюджвання на мінулае.

Наогул, без рэтраспектыўнага метаду немагчыма займацца гістарычнай картаграфіяй. Гэта адзін з асноўных інструментаў, які дазваляе наблізіцца да разумення тэрытарыяльнай структуры дзяржаўных утварэнняў Сярэднявечча. Мноства тэрытарыяльных адзінак захоўвала свае рубяжы на працягу даволі доўгага часу, а іх змены звычайна фіксаваліся крыніцамі. Вывучаючы тэрытарыяльныя фармаванні, здавалася б, іншай эпохі, мы маем магчымасць рэканструяваць абрысы патрэбнага абшару ў патрэбны перыяд. Перавага метаду ў тым, што дзякуючы яму выкарыстоўваецца большая коль­касць крыніц, пры гэтым знаходзіцца інфармацыя і пра тэрыторыі, пазбаўленыя непасрэдных звестак. Мінус гэтага метаду ў тым, што ён не ўлічвае дэмаграфічнага і каланізацыйнага фактару, а атрыманыя дзякуючы яму ўяўленні пра пэўную тэрыторыю іншым разам моцна скажаюцца пры пераносе на ранейшыя часы.

Блізкі да метаду рэтраспекцыі метад рэтрагрэсіі (рух ад больш позніх падрабязных крыніц да ранніх недастатковымі звесткамі). Звычайна структура нейкага тэрытарыяльнага фармавання раскрываецца не адразу ва ўсёй паўнаце. Па рэдкіх згадках з разнастайных крыніц збіраецца інфармацыя, якая паступова запаўняе пустэчы. Амаль заўсёды пры першых упамінаннях якой–небудзь тэрытарыяльнай адзінкі прыналежныя ёй воласці, населеныя пункты, вадаёмы, урочышчы і г.д. не пералічаюцца. Толькі пазнейшыя крыніцы даюць неабходныя звесткі. Напрыклад, тэрыторыя Казельскага княства XIV ст., акрамя абазначэння цэнтра Казельска і ягонага ўдзела Перамышля, амаль не паддаецца вызначэнню. Аб структуры казельскіх валасцей мы даведваемся толькі напрыканцы XV ст. Лакалізацыя пералічаных валасцей XV ст. дае ўяўленне аб тэрыторыі Казельскага княства XIV ст. Безумоўна, для разгляданага метаду характэрны тыя ж самыя недахопы, што і для рэтраспектыўнага, але дзякуючы яму магчымасці даследчыка значна павялічваюцца.

Карта М.Ф. Спірыдонава „Беларусь у другой палове XVI ст.“ (з урэзкай „Рэч Паспалітая ў канцы XVI ст.“) значна адрозніваецца ад папярэдніх. Тут мы бачым сапраўдную карпатлівую гістарычна–геаграфічную працу, дасканалае даследаванне ўсіх куткоў Беларусі. Калі рабіць выснову аб стане сучаснай беларускай гістарычнай геаграфіі, то неабходна звярнуцца перш за ўсё да работ М.Ф. Спірыдонава. Варта дадаць, што наогул з’яўленне ў свет гістарычнай часткі НАБ стала магчымым дзякуючы арганізацыйнай дзейнасці Міхаіла Фёдаравіча.

Карта „Беларусь у другой палове XVI ст.“ сапраўды ўражвае сваёй навуковай грунтоўнасцю. Метадам працы над крыніцамі і адлюстравання гістарычнага матэрыялу на карце трэба вучыцца менавіта ў М. Спірыдонава. Вялізны інфармацыйны масіў так добра згрупаваны і пададзены, што не складваецца пачуцця перанасычанасці карты. Раней не было нават спробаў картаграфічна зафіксаваць усё багацце гісторыі зямель Беларусі. Цяпер пры вывучэнні тэрыторыі Беларусі і ранейшага часу даследчыкі звяртаюцца менавіта да працы М. Спірыдонава, бо на ёй пазначаны населеныя пункты і акрэслены адміністрацыйныя межы, якія часта існавалі і раней.

Далейшая работа над гістарычнай геаграфіяй беларускіх зямель другой паловы XVI ст. павінна весціся ў напрамку ўдасканальвання таго, што зрабіў М. Спірыдонаў. Напрыклад, скарыстаўшы адзін з вышэйпазначаных метадаў (вызначэння тэрыторыі звонку), можна ўдакладніць полацка–пскоўскую граніцу. Магчыма, пільную ўвагу трэба звярнуць не толькі на тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь, а і на іншыя абшары ВКЛ, якія не лічыліся з сучаснымі межамі. Давялося чуць многа крытычных водгукаў адносна аднаго з самых удалых метадычных прыёмаў, скарыстаных на разгляданай карце. Адлюстраванне назваў населеных пунктаў у адпаведнасці з той формай, у якой яны існавалі ў дадзены час, бачыцца да­кладна адпаведным ідэі набліжэння да рэальнасці далёкага часу і прынцыпу гістарызму, згаданаму самім М.Ф. Спірыдонавым. Безумоўна, на сёння карта М.Ф. Спірыдонава павінна служыць прыкладам і эталонам працы ў гістарычнай геа­графіі.

Цяпер агульныя высновы пра гістарычны раздзел НАБ. У цэлым адным з недахопаў разгледжаных картаў з’яўляецца адсутнасць пераемнасці паміж імі. Нават адзін аўтар дзвюх картаў не здолеў зрабіць так, каб адна з іх дапаўняла другую. На жаль, захавалася няўзгодненасць з папярэднімі і на карце М. Спірыдонава. Другі праблемны момант — моцнае спрашчэнне межаў тэрытарыяльных фармаванняў, што сведчыць пра дрэнную методыку працы або нават яе адсутнасць і пра скажонае запазычванне гатовых напрацовак. Заўважна незнаёмства аўтараў з даследаваннямі па гістарычнай геаграфіі памежных з Беларуссю краін, выкарыстанне састарэлых уяўленняў аб працягласці той ці іншай тэрыторыі. Усе разгледжаныя карты, акрамя апошняй, маюць шмат недакладнасцяў або канкрэтных памылак, якія выкрываюць нядбайнасць працы іх аўтараў. Трэба заўважыць, што, па сутнасці, увесь раздзел „Гісторыя“ НАБ прысвечаны разгляду толькі палітычнай гісторыі, а сацыяльна–эканамічная гісторыя засталася па–за яго межамі. Недастаткова поўна адлюстравана этнаканфесій­ная гісторыя беларускіх зямель, іх культурнае развіццё.

На жаль, развіццё гістарычнай геаграфіі Беларусі ў дачыненні да перыяду Сярэднявечча застаецца на пачатковым узроўні. Хацелася б спадзявацца, што беларуская гістарычная навука хутка пазбавіцца панавання аўтарытэтаў і тыражавання традыцыйных уяўленняў, якія нярэдка не адпавядаюць належнаму ўзроўню навуковага даследавання.


[1] Ляўко В.М. Смаленска–Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // Гістарычна–археалагічны зборнік. №12. Мінск, 1997. С. 172—177.
[2] Беляев И. Д. О географических сведениях в древней России // Записки Императорского Русского Географического Общества. Кн. VI. С.–Петербург, 1852. С. 178.
[3] Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV ст. Киев, 1895. С. 71—72.
[4] Юшко А. А. Московская земля IX—XIV веков. Москва, 1991. С. 144. Прим. 236.
[5] Успенская А. В. Древнерусское поселение Беницы // Ежегодник Государственного исторического музея. 1962 год. Москва, 1964.
[6] Мяцельскі А.А. Смаленска–чарнігаўскае памежжа ХII ст. у міжрэччы Дзясны і Дняпра // Гістарычна–археалагічны зборнік. 1994. № 4. С. 150.
[7] Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV ст. С. 10—12.
[8] Алексеев Л. В. Периферийные центры домонгольской Смоленщины // Советская археология. 1979. №4. С. 104.
[9] Алексеев Л.В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества X—XIII вв. Москва, 1975. С. 227.
[10] Веселовский С.Б. Топонимика на службе у истории // Исторические записки. Вып. 17 (1945). С. 34.
[11] Веселовский С.Б. Топонимика на службе у истории // Исторические записки. 1945. Вып. 17. С. 29.
[12] Егоров В. Л. Историческая география Золотой Орды в XIII—XIV вв. Москва, 1985; Ён жа. Граница Руси с Золотой Ордой в XIII—XIV веках // Вопросы истории. 1985 № 1. С. 16—30.
[13] Кучкин В.А. Формирование государственной территории северо–восточной Руси в X—XIV вв. Москва, 1984. С. 125—144.
[14] ПСРЛ. Т. 11. Москва, 2000. С. 188; Приселков М.Д. Троицкая летопись (Реконструкция текста). С.–Петербург, 2002. С. 456.
[15] Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско–литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. Москва, 1995. С. 65—66.
[16] Глінкі, т.ч. атаясамліваюцца з Вышнім Глінскім. Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско–Русского государства ко времени издания первого литовского статута. Москва, 1892. С. 284.
[17] Леонтович Ф. Очерки истории литовско–русского права. Образование государственной территории. С.–Петербург, 1894. С. 108.
[18] Любавский М. К вопросу об удельных князьях и местном управлении в Литовско–Русском государстве // Журнал Министерства Народного Просвещения. 1894. № 7—8. С. 366.
[19] Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV—XVI вв. Москва—Ленинград, 1950. № 12. С. 34.

Наверх

Алесь Смaлянчук. У пошуках ворага польскай нацыі

11 снежня, 2003 |


* Winnicki, Zdzisław Julian. Współczesna doktryna i historiografia biało­ruska (po roku 1989) wobec Polski i polskości. Wrocław, 2003. 621 s.

Польска–беларускія адносіны ніколі не набывалі такой вастрыні і напружанасці як, напрыклад, польска–літоўскія ў 20—30–я г. ХХ ст. ці польска–ўкраінскія пад час Другой сусветнай вайны. Аднак і яны перыядычна азмрочваліся канфліктамі, прычынай якіх найчасцей было нежаданне або няздольнасць зразумець іншы бок. Пра ўсё гэта красамоўна сведчыць складаны лёс польскай супольнасці ў Беларусі і беларускай — у Польшчы. Праўда, ацэньваючы пазіцыю беларускага боку, трэба ўлічваць, што на працягу большай часткі мінулага стагоддзя нацыянальную палітыку на беларускіх землях вызначала не эліта беларускай нацыі, а засланыя з Масквы чыноўнікі, якія рупліва ажыццяўлялі праграму стварэння „савецкага народа“. Зрэшты, цалкам самастойным не было таксама кіраўніцтва ПНР. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь стала неабходнай перадумовай для выпрацоўкі і рэалізацыі ўласна беларускай пазіцыі ў міждзяржаўных і міжнацыянальных адносінах. Аднак гэты працэс абцяжараны як палітычнымі ўплывамі з боку Расіі (асабліва з восені 1993 г.), так і стэрэатыпамі, уведзенымі ў свядомасць беларускага грамадства яшчэ ў часы панавання савецкай ідэалогіі. Досыць моцна ўплываюць гэтыя фактары на адносіны да Польшчы і да палякаў. Тым не менш аналіз навуковых публікацый па „польскім пытанні“ можа быць вельмі карысны як для разумення асаблівасцяў развіцця беларускай гістарыя­графіі на рубяжы ХХ—ХХI ст., так і для характарыстыкі менталітэту сучаснага беларускага грамадства.

Кніга Здзіслава Юліяна Вінніцкага з’яўляецца спробай падобнага аналізу. Прычым аўтар узяўся аналізаваць не толькі гістарыяграфію, але таксама „сучасную беларускую ідэалогію“ („współczesna doktryna białoruska“). Гэтае сумяшчэнне здзіўляе, бо ідэалогія і навука належаць да розных сфераў жыцця грамадства, выконваюць розныя сацыяльныя функцыі і патрабуюць розных метадаў даследавання. Гэтая рэцэнзія прысвечана гістарыяграфічным аспектам. Адносна „ідэалагічнага сюжэта“ працы З.Вінніцкага абмяжуюся толькі адной заўвагай. Паняцце „сучаснай беларускай ідэалогіі“ па­трабуе спецыяльнага тлумачэння. У нашай краіне (як і ў кожнай іншай) існуюць розныя ідэалогіі, і вывучэнне „польскага пытання“ ў ідэалагічных канцэпцыях, па меншай меры, прадугледжвае аналіз зместу як г.зв. „афіцыйнай ідэалогіі“[1], так і праграмаў буйных палітычных партый. Між тым аўтар канцэнтруе ўвагу на асобных выказваннях беларускіх палітыкаў і чыноўнікаў, артыкулах малавядомых журналістаў або прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, якія часцяком прадстаўляюць не столькі „сучасную беларускую ідэалогію“, колькі саміх сябе. Наогул праблема рэпрэзентатыўнасці выкарыстаных крыніцаў і літаратуры з’яўляецца адной з найважнейшых для дадзенага даследавання.

Галоўным аб’ектам аналізу будуць выказаныя польскім даследчыкам ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі. Але спачатку варта звярнуць увагу на даследчы метад аўтара. Менавіта яму, а таксама канцэпцыі даследавання прысвечаныя Ўводзіны, якія маюць падзагаловак Канцэптуальныя і метадалагічныя ўводзіны. Аднак на самай справе Ўводзіны пачынаюцца з… высновы. З.Вінніцкі адразу заяўляе, што „сучасная беларуская літаратура, асабліва гістарыяграфія і паліталогія <…> абцяжараная своеасаблівым комплексам, калі размова ідзе пра адносіны да Польшчы і палякаў. Прычым гэта датычыць як ацэнкі сучаснасці, так і (перш за ўсё) гісторыі польска–беларускіх (польска–літоўскіх) узаемадачыненняў. У гэтай ацэнцы відавочныя ўплывы расійскай (дарэвалюцыйнай) і адначасна савецкай гістарыяграфіі з вельмі выразным нацыянальна–класавым адценнем, якое выяўляецца ў негатыўных ацэнках гістарычных адносінаў Беларусі (беларусаў) да бліжэйшых суседзяў і ў першую чаргу ў адносінах да польскасці <…>“ (s.5).

Вылучаючы мэты даследавання, З.Вінніцкі першую з іх звязаў з характарыстыкай поглядаў беларускага грамадства на польска–беларускія адносіны, якія „ў сучаснай Беларусі бачацца скрозь прызму тутэйшай гістарыяграфіі“, а наступную — з дэманстрацыяй таго „ідэйна–палітычнага і фактычнага ціску“, ва ўмовах якога знаходзіцца ў Беларусі „мільённая польская супольнасць“ (s.6). Апошняе для аўтара з’яўляецца фактам, які не трэба даказваць, дастаткова канстатаваць. Заўважым, што падобная мэта належыць хутчэй да сферы палітыкі, чым навукі.

Даследчык адзначыў, што ў сучаснай беларускай гістарыя­графіі вылучаюцца два прынцыпова розныя метадалагічныя падыходы — постмарксізм (тлумачэнне гісторыі Беларусі з класавых пазіцый), які залічваюць да „праўрадавага“, або афі­цыйнага кірунку, і „апазіцыйны“, або незалежны падыход, які характарызуецца антысавецкай і антырасійскай пазіцыяй (s.14). Здзіўляе метадалагічная неахайнасць гэтай класіфікацыі, бо першы падыход характарызуецца на падставе даследчага метаду, а другі — на падставе палітычнай пазіцыі ягоных прадстаўнікоў. Аднак існаванне двух кірункаў у сучаснай беларускай гістарыяграфіі трэба прызнаць. Прадстаўнікі „пра­ўрадавага“ (або „афіцыйнага“) кірунку фармальна выкарыстоўваюць савецкі варыянт марксісцкага метаду даследавання. Але найбольш характэрнай рысай іх працаў з’яўляецца аўтарскае перакананне ў тым, што гісторыя — гэта частка ідэалогіі, і яна павінна абслугоўваць сучасную ўладу. „Нацыянальны“ кірунак, на мой погляд, грунтуецца на ўспрыняцці гісторыі як навукі, якая не падпарадкоўваецца чыноўнікам і палітыкам, і імкненні выкарыстоўваць у даследаваннях усё багацце метадалогіі сусветнай гістарыяграфіі. Нацыянальны змест гэтага кірунку выяўляецца галоўным чынам у спробе разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі. Перавагу „патрыятычнага“ кампанента над навуковым у працах некаторых прадстаўнікоў гэтага кірунку трэба разглядаць як свайго роду хваробу росту, якая, дарэчы, не з’яўляецца вы­ключна беларускай з’явай.

Тэкст Уводзінаў (68 старонак) уяўляе сабой канспект манаграфіі, ужо напоўнены ацэнкамі даследаванняў беларускай гістарыяграфіі па „польскім пытанні“. Толькі напрыканцы аўтар нарэшце згадвае пра ўласны даследчы метад, які называе „ілюстрацыйным“ (s.62). Ягоная асаблівасць — пастаноўка гіпотэзы на пачатку кожнага раздзела з наступным аналізам крыніцаў. Аднак на самай справе тэзісы, прапанаваныя аўтарам у пачатку раздзелаў (і ў пачатку кнігі), з’яўляюцца не гіпотэзай, якая служыць арганізацыі даследчага працэсу і пад час яго праходзіць верыфікацыю і мадыфікацыю, а гатовымі вынікамі даследавання. Яны яшчэ раз паўтараюцца напрыканцы кожнага раздзела (і кнігі). Такі „метад“ больш адпавядае падручніку, чым навуковай манаграфіі. Трэба прызнаць, што ўласна метадалогія даследавання не раскрытая, а вось канцэпцыя выразна адлюстравалася ў прапанаваных на пачатку манаграфіі аўтарскіх высновах.

Канцэпцыя праявілася таксама ў назвах раздзелаў, прысвечаных асвятленню ў „сучаснай беларускай ідэалогіі“ і гістарыяграфіі „ключавых праблемаў палітычнай і культурнай гісторыі польскай дзяржаўнасці“ (s.63). Да іх аўтар цалкам слушна аднёс наступныя — Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (Раздзел I); Ацэнка поль­ска–літоўскіх уній і ладу I Рэчы Паспалітай (Раздзел II); Канфесійная праблематыка (Раздзел III); Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (Раздзел IV); Адносіны да польскіх нацыянальных паўстанняў (Раздзел V); Гістарычныя постаці з тэрыторыі былога ВКЛдалучэнне да беларускага этнасу і беларускай культуры (Раздзел VI); Ацэнка палітычнага ладу II Рэчы Паспалітай (Раздзел VII); Адносіны да савецкай агрэсіі на Польшчу і яе наступстваў (Раздзел VIII); Адносіны да польскай ваенна–палітычнай дзейнасці на тэрыторыі акупаваных паўночна–ўсходніх ваяводстваў II Рэчы Паспалітай у перыяд II сусветнай вайны (Раздзел IХ). Пры гэтым З.Вінніцкі адпаведна свайму „ілюстрацыйнаму метаду“ ўжыў падвойныя назвы, у якіх адлюстрава­ліся ягоныя ацэнкі беларускай пазіцыі па азна­чаных праблемах, напрыклад: Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“ (Раздзел I); Рэч Паспалітая, якая не была Польшчай, але паланізавала Вялікае Княства Літоўскае, якое было „Беларуссю“ (Раздзел II); Пра паланізацыю праз каталіцызм беларусаў, якія спавядалі праваслаўную славянскую веру (Раздзел III); Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі) (Раздзел IV); Поль­ская дзяржава гвалту і беспраўя (Раздзел VII) ды інш. Гэтая падвоенасць надае ўсяму даследаванню выразную публіцыстычную афарбоўку. І тут мы падышлі да адной з „балючых кропак“ манаграфіі З.Вінніцкага.

Кніга напісаная вельмі эмацыйна. Аўтар адмаўляецца ад пазіцыі бесстаронняга аналітыка і ператвараецца ў пракурора, які асуджае беларускіх навукоўцаў і палітыкаў за непрафесіяналізм, варожасць да Польшчы і палякаў, анексійныя намеры адносна тэрыторыі польскай дзяржавы ды інш. З.Він­ніцкі выступае як носьбіт „ісціны ў апошняй інстанцыі“. Ён абвяргае, высмейвае, часам нават здзекуецца з таго, што пярэчыць гэтай „ісціне“. У гэтай сувязі згадваецца думка Марка Блока пра тое, што звычка выносіць прысуд перакрэслівае жаданне зразумець[2]. Аўтарскі стыль, безумоўна, не служыць справе абмеркавання праблемаў польска–беларускіх адносінаў і іх адлюстравання ў гістарыяграфіі.

Напрыканцы Ўводзінаў аўтар знаёміць чытача з „генераль­ным прынцыпам“ даследавання — „выкарыстанне ўсіх даступ­ных крыніцаў, якія аказваюць непасрэдны і масавы ўплыў на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, палітыкі і ідэалогіі ў адносінах да Польшчы і поль­скасці“ (s.68). Зразумела, што з улікам усёй маштабнасці пастаўленай задачы перад аўтарам непазбежна ўзнікла праблема селекцыі або вы­бару найбольш рэпрэзентатыўных крыні­цаў. Крытэрыі гэтага выбару („даступнасць“ і „масавы ўплыў…“) маюць выразны суб’ектыўны характар.

Знаёмства з тэкстам кнігі паступова пераконвае беларускага чытача, што пры разглядзе многіх гістарычных праблемаў аўтар не выкарыстоўвае найбольш рэпрэзентатыўныя крыніцы або выкарыстоўвае толькі іх частку. У выніку аўтарскай селекцыі беларуская гістарычная паланістыка ператвараецца ў мяшанку з ненавуковых ацэнак і характарыстык, антыпольскіх (неасавецкіх) выпадаў, неабгрунтаваных прэтэнзій (у т.л. тэрытарыяльных) ды інш.

Напрыклад, ацэнкі беларускай гістарыяграфіі ў раздзеле Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (= Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“) заснаваныя амаль выключна на аналізe тэкстаў падручнікаў для ВНУ і сярэдніх школ. Безумоўна, падручнікі ўплываюць на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, але нельга на іх падставе меркаваць пра ўзровень развіцця гістарыя­графіі, у т.л. пра ўзровень асвятлення пытанняў паланістыкі. Падручнікі непазбежна адлюстроўваюць учорашні дзень гіс­тарычнай навукі (ці нават пазаўчорашні, улічваючы імкненне ўладаў нашай краіны вярнуць гістарычную адукацыю ў рэчышча савецкай ідэалогіі). Па меншай меры, варта сумяшчаць разгляд падобных крыніцаў з аналізам навуковых даследаванняў. Аднак апошні па азначанай праблеме адсут­нічае.

У выніку аналізу тэкстаў падручнікаў аўтар сцвердзіў, што беларускія гісторыкі адмаўляюць факт масавых перасяленняў польскага насельніцтва на беларускія землі і тым самым не прызнаюць палякаў карэнным насельніцтвам, лічаць іх вынікам штучных працэсаў паланізацыі і акаталічвання, сцвяр­джаюць непаўнавартасць палякаў у Беларусі (маўляў, гэта не палякі, а „паланізаваныя беларусы“) і трактуюць творы поль­скай матэрыяльнай і духоўнай культуры як беларускія ў „эт­на–палітычным разуменні“ (s. 71, 97). На гэтых высновах трэба спыніцца, бо яны стануць свайго роду падмуркам далейшых аўтарскіх ацэнак і разважанняў.

Беларускія даследчыкі сапраўды прыйшлі да высновы, што перасяленні польскага насельніцтва на беларускія землі не мелі масавага характару, а паходжанне палякаў Беларусі звязанае галоўным чынам з асіміляцыйнымі працэсамі. Падобную пазіцыю падзяляе таксама большасць гісторыкаў Польшчы і Літвы. Аналіз польскай, беларускай і літоўскай гістарычнай літаратуры, зроблены аўтарам гэтых радкоў у манаграфіі Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 (Гродна, 2001) дазваляе сцвярджаць, што, на думку большасці даследчыкаў, перасяленні насельніцтва з тэрыторыі сучаснай Поль­шчы ў Беларусь насілі эпізадычны характар і ніколі не былі масавымі. Галоўным фактарам фармавання польскай супольнасці Беларусі з’яўляліся працэсы паланізацыі і самапаланізацыі карэннага насельніцтва[3]. У польскай гістарычнай навуцы гэты тэзіс адстойваюць такія вядомыя даследчыкі, як Юліуш Бардах, Уладыслаў Вяльгорскі, Ян Юркевіч, Пётр Эбэрхардт. Ю.Бардах, напрыклад, лічыць, што ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы“ галоўную ролю ады­грала пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання „літоўскіх палякаў“ з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. Паводле ягонага меркавання, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваіх этнакультурных рысах быў бліжэйшы да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы[4]. Відавочна, што думкі беларускіх даследчыкаў не з’яўляюцца нейкім кур’ёзам, а адпавядаюць, у прыватнасці, польскай гістарыяграфічнай традыцыі.

Прызнанне факта, што польская грамадскасць Беларусі сфармавалася галоўным чынам у выніку працэсаў асіміляцыі, толькі спрыяе аднясенню яе да карэннага насельніцтва[5] і зусім не сведчыць пра яе „непаўнавартасць“. Галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці з’яўляецца самасвядомасць чалавека, і ў гэтых адносінах паляк з–пад Горадні нічым не адрозніваецца ад паляка з–пад Варшавы.

Што да ацэнкі феномена „паланізацыі“, то ў беларускай гістарыяграфіі (з часоў Кароткай гісторыі Беларусі В.Ластоўскага) прысутнічае разуменне паланізацыі не толькі як палітыкі асіміляцыйнага гвалту, але як натуральнага працэсу, свайго роду „самапаланізацыі“. Аўтар гэтых радкоў у даследаванні польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях у апошняе пяцідзесяцігоддзе гісторыі Расійскай імперыі таксама прыйшоў да высновы, што немагчыма зразумець працэс асімі­ляцыі, карыстаючыся толькі паняццем „паланізацыя“. Даследаванне нацыянальна–культурнага і палітычнага становішча польскай грамадскасці Беларусі і Літвы напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ ст., а таксама імкненне разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі спрыялі ўвя­дзенню ва ўжытак беларускай гістарыяграфіі паняцця „самапаланізацыя“[6]. Аднак трэба прызнаць і тое, што ў айчыннай гістарыяграфіі і ў сістэме адукацыі ўсё яшчэ даволі распаўсю­джаныя ацэнкі асіміляцыйных працэсаў, заснаваныя не на навуковым, а на ідэалагічна–прапагандысцкім падыходзе. Тым не менш высновы З.Вінніцкага не адлюстроў­ваюць рэальны стан сучаснай беларускай гістарыяграфіі па праблеме пахо­джання і месца польскай супольнасці ў беларускай гісторыі. Аўтар праігнараваў пазітыўныя перамены апошніх гадоў.

Тое ж самае можна сцвярджаць адносна тэзіса З.Вінніцкага наконт „крадзяжу“ беларусамі польскіх твораў духоўнай і матэрыяльнай культуры разам з іх творцамі („<…> усе культурныя дасягненні на беларускіх землях <…> характарызуюцца як вынік працы этнічных (і палітычных) беларусаў (на кожным этапе гісторыі I Рэчы Паспалітай і да канца ХIХ ст. уключна)“ (s.411)). На самай справе беларускія гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што творчасць, напрыклад, Адама Міцке­віча, Тамаша Зана, Яна Баршчэўскага ды іншых належыць не толькі польскай, але таксама і беларускай культуры. Адзначаецца, што гэтыя славутыя дзеячы культуры ніколі не забыва­ліся пра сваю Радзіму, якой быў Беларуска–Літоўскі край (гістарычная Літва). Часцяком менавіта родны край з’яўляўся галоўнай крыніцай творчай энергіі.

Дарэчы, і ў гэтым выпадку беларускія аўтары не выглядаюць ізаляванымі. Ю.Бардах, напрыклад, грунтоўна прааналізаваў свядомасць тыпу gente Lithuanus (vel Ruthenus), natione Polonus. Ён адзначыў характэрную для яе, па меншай меры з ХVII ст., падвоенасць нацыянальнага пачуцця, калі Літва ўспрымалася як „малая Айчына“, а Польшча — як „вялікая“[7]. Як „караняжы“, так і „ліцвіны“ ў адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі былі палякамі. Але гэтыя паняцці мелі ў большай ступені дзяржаўны (палітычны) характар, чым этнакультурны. Падвоенасць свядомасці выразна адчуваецца ў літаратурнай творчасці, напрыклад, Адама Міцкевіча, які стаў гонарам і славай польскай паэзіі. У.Вяльгорскі наступным чынам ахарактарызаваў ягоную асобу: „Міцкевіч быў ліцвінам у тагачасным разуменні гэтага слова. Ён любіў свой родны край і яго мінуўшчыну сыноўняй любоўю. Жаданне вярнуць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага валодала ім цалкам. Адначасова Міцкевіч быў палякам. Ён належаў да польскай культуры і лічыў яе падмуркам духоўнай незалежнасці Айчыны. Незалежнасць Польшчы таксама была ягонай мэтай. Ён не ад­дзяляў яе ад свабоды Літвы. Абедзве гэтыя праўды аб’яднала ў душы Міцкевіча замілаванне да Рэчы Паспалітай“[8]. Яскравым прыкладам спалучэння ліцвінства і польскасці была таксама творчасць Людвіка Кандратовіча і Юзафа Крашэўскага.

У.Вяльгорскі лічыў, што менавіта гістарычная свядомасць нарадзіла гэты незвычайны для перыяду нараджэння нацыяналізмаў феномен. Ліцвінства ён звязваў з паходжаннем з тэрыторыі былога ВКЛ незалежна ад этнічнай і культурнай прыналежнасці, а польскасць лічыў гісторыка–палітычным утварэннем, вынікам гістарычных сувязяў, якія злучалі дзве дзяржавы і народы, што насялялі іх. Ён жа падкрэсліў прынцыповае адрозненне гэтай свядомасці ад свядомасці нацыянальнай[9].

Безумоўна, спроба вызначэння нацыянальнасці (у сучасным яе разуменні) многіх дзеячоў культуры ХIХ ст. выглядае як мадэрнізацыя гісторыі. І шмат каму з беларускіх даследчыкаў (і асабліва публіцыстаў) можна прад’явіць адпаведныя прэтэнзіі, але З.Вінніцкі, настойваючы на выключна „поль­скай нацыянальнай“ прыналежнасці гэтых людзей і іх твораў, робіць тое ж самае. Больш за тое, ягоныя намаганні называць I Рэч Паспалітую выключна „Польшчай“ успрымаюцца як спроба навязаць польскі нацыянальны характар федэратыўнай шматэтнічнай дзяржаве (s.137 ды інш.)[10]. Зрэшты, выкарыстаныя даследчыкам паняцці патрабуюць спецыяльнай гаворкі.

Аўтар не здолеў вырашыць праблему рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарычнай літаратуры і ў выпадку з гісторыяй ВКЛ. Многія беларускія медыявісты будуць вельмі здзіўленыя, калі з кнігі З.Вінніцкага даведаюцца, што ў беларускай гістарыяграфіі ВКЛ трактуецца выключна як „беларуская дзяржава“ (s.125 ды інш.). Погляд М.Ермаловіча, на працы якога спасылаецца З.Вінніцкі, не з’яўляецца агульнапрынятым ні ў беларускай медыявістыцы[11], ні ў сістэме адукацыі. Тое ж самае датычыць выключна негатыўнай ацэнкі гэтым беларускім даследчыкам наступстваў Люблінскай уніі (s.173).

Сцвярджаючы агульнасць тэзіса пра „беларускасць“ ВКЛ, аўтар таксама спасылаецца на працы беларускіх эмігрантаў пасляваенных гадоў (заўважым, што сярод іх практычна адсутнічалі прафесійныя гісторыкі), на некаторыя ацэнкі А.П. Грыцкевіча (1994), а таксама… гарадзенскіх польскіх гісторыкаў Г.Васюка і Т.Кручкоўскага. У гэтым раздзеле З.Вінніцкі адмовіўся выкарыстоўваць падручнікі, цытаванне якіх па іншых праблемах займае значнае месца. Між тым аналіз падручнікаў лёгка абвяргае аўтарскі тэзіс наконт „паўсюднай“ трактоўкі ВКЛ як „беларускай дзяржавы“.

Досыць часта аўтар паўтарае думку пра агульнае перакананне сучасных беларускіх даследчыкаў у тым, што нічога карыснага ў беларускую гісторыю палякі не прынеслі. Але вось што, напрыклад, пісалі Г.Сагановіч і У.Арлоў пра наступствы Люб­лінскай уніі ў адной з самых папулярных кніг па беларускай гісторыі: „Аб’яднанне з Каронай дазволіла вызваліць Полацак, выгнаць з Беларусі акупацыйнае маскоўскае войска, скончыць вайну, паправіць гаспадарку“[12]. М.Піліпенка звязаў з „польскасцю“ з’яўленне ў Сярэднявеччы новых формаў адмі­ністрацыйнага падзелу, гарадскога самакіравання, новага календара, пранікненне каталіцызму, узбагачэнне слоўнікавага складу беларускай мовы ды інш.[13] Гэтыя пазітыўныя ацэнкі польскага ўплыву зусім не з’яўляюцца выключэннем у сучаснай беларускай гістарычнай літаратуры.

Аналізуючы беларускую гістарыяграфію, прысвечаную розным аспектам гісторыі ВКЛ (да і пасля Люблінскай уніі), аўтар павінен быў значна больш увагі аддаць працам Г.Сагановіча, А.Краўцэвіча, Г.Галенчанкі, В.Грыцкевіча, А.Мальдзіса. Аднак імёны і працы гэтых даследчыкаў згадваюцца зрэдку. Затое З.Вінніцкі практычна па ўсіх вылучаных аспектах гісторыі звяртаецца да працаў В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (1926), якія храналагічна не належаць да разгляданага перыяду і ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі трактуюцца пераважна як помнікі гістарычнай думкі. З.Вінніцкі нават акрэсліў В.Ластоўскага „бацькам беларускай гісторыі“ (s.329, 347 ды інш.).

Абмяжуюся яшчэ толькі адным прыкладам, які ў аўтарскай канцэпцыі займае надзвычай важнае месца. Маецца на ўвазе тэзіс З.Вінніцкага, нібыта ў беларускай гістарыяграфіі, ідэалогіі і палітычным жыцці (у першую чаргу, сярод беларускай апазіцыі) прысутнічаюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Беласточчыну (s.257 ды інш.). Аўтар неаднаразова гаворыць пра гэтыя прэтэнзіі, імкнучыся паказаць асаблівую варожасць да Польшчы з боку палітычных праціўнікаў беларускага прэ­зідэнта. Аднак, як сведчыць тэкст раздзела Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (=Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі)), „гэты адзін з важнейшых канонаў беларускай ідэалогіі“ (s.257) прысутнічае толькі ў папулярным выданні доктара тэхнічных навук Я.Шыраева[14], у падручніках па гісторыі Беларусі У.Ігнатоўскага (1926), І.Коўкеля і Э.Ярмусіка[15], а таксама ў падручніку па беларусазнаўстве І.Саракавіка[16]. Дарэчы, аўтары падручнікаў, як і маскоўскі даследчык Я.Шыраеў, не маюць ніякага дачынення да беларускай апазіцыі.

Праблема рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарыяграфіі не вырашаная аўтарам і ў іншых раздзелах працы. Аўтар звычайна абмяжоўвае прадстаўленне сучаснай беларускай гістарычнай навукі працамі В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (4 выд., 1926), гістарычнай публіцыстыкай і некалькімі манаграфіямі пачатку 90–х г. ХХ ст., напісанымі не без уплыву „патрыятычнай“ гістарыяграфіі, а таксама сучаснымі падручнікамі неасавецкага кірунку, у прыватнасці, вельмі часта цытуюцца раздзелы падручнікаў па гісторыі Беларусі для ВНУ выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта І.Коўкеля і Э.Ярму­сіка[17], а таксама менскіх даследчыкаў Я.Новіка і Г.Марцуля[18]. Між тым яны належаць да „афіцыйнага“ (неасавецкага) кірунку сучаснай гістарыяграфіі і неаднаразова крытыкаваліся айчыннымі даследчыкамі[19]. Няўжо цытавання гэтых выданняў дастаткова, каб польскі чытач зразумеў тыя працэсы, што адбываюцца ў беларускай гістарычнай навуцы, у т.л. у ацэнках ролі палякаў і Польшчы ў мінулым краіны і яе народa? Безумоўна, не. Гэтага дастаткова толькі, каб па­цвердзіць аўтарскі прысуд беларускай гістарычнай навуцы, які, нагадаю, прагучаў ужо на с. 5 даследавання.

Паступова становіцца відавочным імкненне аўтара падмяніць навуковы аналіз беларускай гістарыяграфіі павярхоўнымі ацэнкамі спецыяльна падабранай дзеля гэтага літаратуры, у якой сапраўды прысутнічаюць антыпольскія стэрэатыпы яшчэ савецкіх часоў. Аўтарская селекцыя працаў беларускіх гісторыкаў не дазваляе ўбачыць эвалюцыю беларускай гістарыяграфіі, якая на рубяжы стагоддзяў перажывае цікавы і важны перыяд развіцця. Манаграфія З.Вінніцкага стварае вобраз „мёртвай“ навукі, якая недалёка адышла ад Кароткай гісторыі Беларусі.

Завяршаючы гаворку пра рэпрэзентатыўнасць даследавання, звернем увагу на Спіс літаратуры і крыніцаў. Раздзел манаграфій, зборнікаў і артыкулаў налічвае ўсяго каля 240 пазіцый. Беларускую гістарыяграфію пасля 1989 г. прадстаўляюць каля 70 пазіцый. Для працы, якая прэтэндуе на аналіз усёй беларускай гістарыяграфіі канца ХХ — пачатку ХХI ст., гэта вельмі мала. Практычна не згадваюцца працы Г.Сагано­віча, Г.Кісялёва, А.Мальдзіса, Я.Анішчанкі, Р.Лазько, Г.Галенчанкі, С.Марозавай, М.Спірыдонава, А.Латышонка, Я.Мірановіча, В.Насевіча, В.Шведа, А.Вабішчэвіча, А.Пяткевіча ды многіх іншых, чые даследчыя інтарэсы непасрэдна датычаць разгляданай праблематыкі[20]. Таксама не знайшлі свайго разгляду публікацыі такіх беларускіх гістарычных часопісаў як Беларускі гістарычны агляд (выходзіць з 1994 г.), Гістарычны альманах (з 1998), Край (з 2001), на старонках якіх часта асвятляецца праблема паланістыкі, у т.л. і польска–беларускіх адносінаў. Аўтар не прааналізаваў большасць адпаведных артыкулаў 6–томавай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (1993—2003), якая, безумоўна, аказвае даволі значны ўплыў на фармаванне гістарычнай свядомасці. Падобнае ігнараванне важнай часткі беларускай гістарыяграфіі тлумачыцца толькі тым, што ў „незаўважаных“ даследаваннях часцяком утрымліваюцца цалкам іншыя ацэнкі ролі Польшчы і палякаў у беларускай гісторыі, чым тыя, якія згадвае З.Вінніцкі.

Сучасная беларуская гістарыяграфія паступова перадольвае выключна канфрантацыйнае ўспрыняцце бліжэйшага заходняга суседа. У масавай свядомасці (дзякуючы таксама гістарычным працам) паступова знікае той вобраз „польскага ворага“, над стварэннем якога добра папрацавала савецкая ідэалогія міжваеннага часу.

Яшчэ адной характэрнай рысай тэксту кнігі з’яўляецца недакладнасць цытавання беларускіх аўтараў, якую ў некаторых выпадках можна ахарактарызаваць як свядомае скажэнне іх пазіцыі. Найбольш „пацярпеў“ аўтар падручніка па гісторыі Беларусі для 8 класа Міхась Біч. Вось некалькі пры­кладаў. У прыватнасці, М.Біч апублікаваў пачатак славутай інвакацыі да „Пана Тадэвуша“ ў перакладзе Я.Семяжона: „Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: / Не цэнім маючы, а страцім залатое…“[21]

А вось як З.Вінніцкі пераказвае гэты пераклад: „Літва! Беларускі край, ты як здароўе тое…“ [Litwo! Białoruski Kraju, ty jesteś jak zdrowie…“] (s.397). Пры гэтым аўтар піша пра беларускія „маніпуляцыі“: „<…> [(naszym zdaniem jest to mani­pulacja) co do brzmienia jednej z najważniejszych strof mickie­wiczowskiej poezji <…>“]. Маніпуляцыі, як мы бачым, са­праўды маюць месца. Толькі іх аўтар не М.Біч і не Я.Семяжон, а Здзіслаў Вінніцкі, які падманвае польскіх чытачоў!

І, на жаль, не толькі ў гэтым выпадку. Напрыклад, характарызуючы пазіцыю М.Біча адносна партызанскіх дзеянняў пад час вайны 1812 г., З.Вінніцкі сцвярджае, што аўтар пісаў толькі пра вайну супраць салдат арміі Напалеона (s.193, 395), г.зн., што ён застаўся ў межах расійскай гістарыяграфіі. На самай справе М.Біч пісаў і пра народную вайну супраць расій­скай арміі, салдаты якой таксама рабавалі беларускія вёскі[22]. Скажаецца пазіцыя беларускага даследчыка адносна мовы адукацыі Віленскай навучальнай акругі пачатку ХIХ ст. З.Він­ніцкі сцвярджае, што М.Біч „забыўся“ згадаць пра польскую мову школ Віленскай акругі, у выніку чаго вучні могуць зра­біць выснову пра беларускамоўную адукацыю ў гэтых школах, якую пазней забараніў расійскі ўрад (s.336). А вось што на самай справе пісаў М.Біч: „Ва ўсіх школах акругі (Віленскай — А.С.) асноўнай мовай навучання была польская мова. Руская вывучалася па жаданні бацькоў вучняў. Пытанне аб беларускай, літоўскай, украінскай мовах не ставілася“[23].

Aхвярай фальсіфікацыі стаў таксама В.Ластоўскі. Апошні, параўноўваючы беларускае і польскае кнігадрукаванне, ад­значыў, што „польская друкарня ў Кракаве была аткрыта ў 1505 г., значыць на 22 гады пазней беларускай“. І дадаў: „Мы ня хочэм казаць, што палякі ў тыя часы асьветай стаялі ніжэй беларусоў, але гэты факт паказвае на высокую культуру ў беларускаго народу, катораму патрэбны былі друкаваныя кнігі ўжо ў тыя часы, калі па ўсёй Эўропе ледзьве толькі пачынало расхадзіцца друкаванае слова“[24]. А вось як пераказаў ягоную пазіцыю З.Вінніцкі: „Той жа аўтар (Ластоўскі — А.С.) <…> адзначае, што Біблія на беларускай мове была надрукаваная Францішкам Скарынам — каталіком, а „польская друкарня ў Кракаве пачала дзейнічаць на 22 гады пазней <…> што азначала, што палякі ў той час стаялі ніжэй беларусаў, а гэты факт указвае на высокую культуру беларускай нацыі (sic! — З.В.)“ [„Ten sam autor <…> zaznacza, że Biblia w języku białoruskim była wydrukowana przez Franciszka Skorynę —  katolika, zaś „polska drukarnia w Krakowie została uruchomiona 22 lata później <…> co oznaczało, że Polacy w owych czasach stali niżej od Białorusinów, zaś powyższy fakt wskazuje na wysoką kulturę narodu (sic!) białoruskiego“ (s.235)][25]. Прыклады скажэння З.Вінніцкім палажэнняў і тэзісаў беларускіх даследчыкаў можна працягваць, але і прыведзенага дастаткова, каб страціць давер да рэцэнзаванага даследавання.

Таксама заўважальная адсутнасць спасылак на многія цытаты. У прыватнасці, на s.152 прыводзіцца антыпольскае выказванне аднаго з нядаўніх лідэраў апазіцыі С.Шарэцкага (маўляў, „з часоў Гарадзельскай уніі палякі заўсёды падманвалі беларусаў“). Аднак аўтар не ўказвае, калі яно было зроблена і дзе апублікаванае. Пры аналізе пазіцыі беларускай гістарыяграфіі па праблеме агрэсіі СССР супраць Польшчы ў 1939 г. З.Вінніцкі падрабязна (на 6 старонках) разбірае тэкст А.Кавалені, асобныя палажэнні якога носяць сенсацыйны характар, бо, напрыклад, сцвярджаецца „факт“ тайных перамоваў у верасні 1939 г. паміж дэлегацыямі Нямеччыны, з аднаго боку, і Францыі ды Англіі, з іншага. Але спасылкі на гэтую „сенсацыйную“ публікацыю адсутнічаюць[26].

Асобнай гаворкі патрабуе тэрміналагічны аппарат даследавання. Яшчэ раз заўважым, што З.Вінніцкі з абурэннем рэагуе на тое, што беларускія гісторыкі для назвы краіны, пачатак якой паклала Люблінская унія, ужываюць тэрмін „Рэч Паспалітая“ і пазбягаюць называць яе „Польшчай“. Ва ўжыванні афіцыйнай назвы дзяржавы ён убачыў праявы палонафобіі. Але прэтэнзіі польскага даследчыка на „нацыянальнае прысваенне“ шматэтнічнай дзяржавы выглядаюць смешнымі. Добра вядома, што тэрмін „паляк“ на працягу амаль усёй гісторыі Рэчы Паспалітай быў пераважна палітонімам, а не этнонімам. У першую чаргу ён азначаў прыналежнасць да шляхецкага стану. Менавіта гэта ператварала ў „палякаў“ эт­нічна неаднародную шляхту краіны. Імкненне некаторых да­следчыкаў навязаць Рэчы Паспалітай польскі нацыянальны характар з’яўляецца даўно адхіленай (між іншым, многімі польскімі гісторыкамі) мадэрнізацыяй гісторыі.

Звяртае на сябе ўвагу амаль паўсюднае выкарыстанне З.Вінніцкім тэрміна „Беларусь“ у двукоссі. Тым самым даследчык падкрэслівае недапушчальнасць ужывання гэтага тэрміна як негістарычнага для часоў Сярэднявечча і нават для ХIХ ст. Пры гэтым без двукосся, г.зн. як гістарычная рэалія, ужываюцца тэрміны „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ (s.48 ды інш.). Хочацца параіць аўтару пазнаёміцца з добра вядомай (і даступнай!) у краіне кнігай Алеся Белага[27] і артыкуламі Г.Сагановіча[28].

Што да ХIХ ст., для якога аўтар лічыць навукова карэктным ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“, то хачу адзначыць значнае распаўсюджванне тэрміна „Беларусь“ у другой палове стагоддзя. Тэрмін „Беларусь“ актыўна выкарыстоўваўся палітыкамі, навукоўцамі і дзеячамі культуры. У якасці прыкладу можна згадаць публікацыі часопіса беларускіх народнікаў „Гомон“ пачатку 80–х г. ХIХ ст., артыкулы гісторыка М.Доўнара–Запольскага „Беларускае мінулае“, надрукаваныя ў газеце „Минский листок“ (1888), паэтычны зборнік Ф.Багушэвіча „Дудка беларуская“ (1891), „Кароткую гісторыю Беларусі“ В.Ластоўскага (1910) ды інш. Ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ без двукосся ўспрымаецца ў Беларусі як адмаўленне яе права на самастойны гістарычны шлях і непрызнанне беларусаў суб’ектам уласнай гісторыі. Наогул, вывучэнне тэксту З.Вінніцкага паступова пераконвае ў тым, што Беларусь для аўтара не мае ні этнакультурнай, ні дзяржаўнай адметнасці. Для З.Вінніцкага гэта ўсё тыя ж „крэсы ўсходнія“, якія толькі праз нейкі гістарычны кур’ёз напрыканцы ХХ ст. атрымалі назву „Рэспубліка Беларусь“.

Таксама варта адзначыць, што выкарыстоўванне тэрміна „Беларусь“ у дачыненні, напрыклад, да часоў ранняга Сярэднявечча тлумачыцца імкненнем падкрэсліць пераемнасць і непарыўнасць беларускай гісторыі. Тое ж самае робяць польскія гісторыкі, якія, напрыклад, апісваюць умовы жыцця першабытнага чалавека ў Польшчы або сцвярджаюць факт пражывання ў Польшчы ў VI ст. славянскіх прапольскіх плямёнаў[29] ды інш.

Тэрміналагічны апарат, якім карыстаўся З.Вінніцкі, да­зваляе заўважыць яшчэ адну важную рысу даследавання — палонацэнтрызм. Менавіта ён перашкаджае аўтару прыслухацца да аргументаў іншага (беларускага) боку і зразумець, напрыклад, крытычнае стаўленне беларускага грамадства да вынікаў Рыжскага міру. Між тым, падзел беларускай зямлі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у 1920—1921 г. азначаў крах спадзяванняў на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Пратакол, падпісаны ў Рызе, абумовіў паўкаланіяльны стан Беларусі на працягу амаль усяго ХХ ст.

Палонацэнтрызм даследчыка выявіўся таксама ў трактоўцы паўстання 1863 г. як выключна „польскага нацыянальнага“ (s.321), хоць агульнавядомы актыўны ўдзел у паўстанні, у прыватнасці, беларускіх сялян Гарадзенскай губерні. Цікава, што аўтарская трактоўка паўстання цалкам супадае з ягонай ацэнкай у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Аўтар выказвае здзіўленне, што беларускія гісторыкі пішуць вы­ключна пра падзеі паўстання ў Беларусі. За гэтым „здзіўленнем“ хаваецца абвінавачванне беларускага боку ў тым, што паўстанне 1863 г. трактуецца ім як „беларускае нацыянальнае“. На самай справе ніхто з беларускіх гісторыкаў не падважае вялікай ролі палякаў у падрыхтоўцы паўстання і ў паўстанчай барацьбе. У айчыннай гістарыяграфіі адсутнічаюць ацэнкі паўстання як „беларускага нацыянальнага“. Найбольш пашыраны тэрмін — „Паўстанне 1863 г. у Польшчы, Беларусі і Літве“. Што датычыць праяваў „беларускага нацыянальнага“ ў паўстанні, то звычайна іх звязваюць з асобай Вікенція Канстанціна Каліноўскага (1838—1864). Дарэчы, аналіз дыскусіі па праблеме ролі Каліноўскага ў беларускай гісторыі, у якой актыўна ўдзельнічалі М.Біч і У.Казбярук, дазваляе заўважыць перамены, што адбываюцца ў нашай гістарычнай навуцы. На жаль, З.Вінніцкі праігнараваў гэтую дыскусію, як, дарэчы, і іншыя.

Асобнай гаворкі патрабуюць ацэнкі Здзіславам Вінніцкім асвятлення ў беларускай гістарыяграфіі польска–беларускіх адносінаў. Паводле аўтара, характэрнай рысай гэтага асвятлення з’яўляецца палонафобія: „У адносінах да польскасці ў самым шырокім значэнні гэтага паняцця сучасная беларуская гістарыяграфія працягвае царскую і савецкую палітыку, галоўнай мэтай якой заўсёды была поўная дэпаланізацыя <…>“ (s.37); „У сучаснай Беларусі (у беларусаў) здаўна прысутнічае выразны (у вялікай ступені класавы) польскі комплекс. На жаль, на яго існаванне ўплывае сістэма адукацыі, якая прадстаўляе беларуска–польскія адносіны часцяком у ідэалагізаваным выглядзе…“ (s.394). Пры гэтым гісторык імкнецца даказаць, што пачаткі беларускай палонафобіі караняцца ў палітыцы і гістарыяграфіі яшчэ дарэвалюцыйнай Расіі (s. 5, 97 ды інш.). Апошняя выснова не з’яўляецца арыгінальнай. Тое ж самае спрабаваў давесці старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Кручкоўскі ў кнізе Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności (Слонім, 2003)[30]. Характэрна, што пры гэтым аб’ектам аналізу польскага дзеяча сталі пераважна навукова–папулярныя выданні 1990—1993 г., напрыклад, 100 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі (Мінск, 1993), а таксама тыя канцэпцыі і ідэі, якія нарадзіліся на самым пачатку станаўлення Рэспублікі Беларусь і не былі пазбаўленыя пэўнай палітызаванасці. Т.Кручкоўскі таксама вельмі лёгка вырашыў праблему рэпрэзентатыўнасці: выкарыстоўвалася ўсё, што адпавядала ягонай канцэпцыі.

Варта адзначыць поўную згоду абодвух польскіх аўтараў адносна агульнай ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі і яе напрацовак па праблеме польска–беларускіх дачыненняў. У прыватнасці, абодва аўтары лічаць феномен беларуса–каталіка штучнай з’явай, народжанай яшчэ пад час расійскай імперскай дэпаланізацыйнай палітыкі. Паводле меркавання Т.Кручкоўскага, паняцце „беларус–каталік“ пазней выкарыстоўвалася савецкім кіраўніцтвам, а на пачатку 90–х г. ХХ ст. ужо ўладамі незалежнай Беларусі і дзеячамі БНФ, якія фактычна спрабавалі працягваць расійскую і савецкую палітыку дэпаланізацыі[31]. Характэрнай асаблівасцю тэкстаў зборніка Т.Кручкоўскага з’яўляецца шматразовае паўтарэнне састарэлых стэрэатыпаў — „паляк=каталік“ і „беларус (расіец)=праваслаўны“.

З.Вінніцкі, на першы погляд, пазбягае падобнай адна­значнасці. Сцвярджаючы, што ў Расійскай імперыі каталіцызм атаясамліваўся галоўным чынам з польскай нацыянальнасцю, а ў сучаснай Беларусі паняцці „каталіцызм“ і „польская вера“ тоесныя (s.78), ён тым не менш адзначыў існаванне беларусаў–каталікоў у міжваенны час у Віленскім ваяводстве (17—20% насельніцтва). Аднак ва ўсходняй і цэнтральнай Беларусі, паводле меркавання З.Вінніцкага, нацыянальнага па­дзелу сярод каталікоў не існавала — усе каталікі былі палякамі. І ў сучаснай Рэ