БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Агляды

Генадзь Сагановіч. Прывід нацыі ў імгле стэрэатыпаў


*Марзалюк, Ігар А. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х—ХVII ст.). Магілёў: МДУ імя А.Куляшова, 2003. 324 с. (Заўважым, што ў часопісе „Спадчына“ (№4, 2002) ўжо была надрукавана ананімная рэцэнзія на гэтую кнігу).

Калі, чытаючы, пераконваемся, што аўтар не ўжывае словы з належнай яснасцю і празрыстасцю, то можам адкласці такую кніжку ўбок і, не крыўдзячы яго, паўтарыць: Si non vis intelligi, debes negligi.

Джон Лок

Ужо сама назва кнігі магілёўскага гісторыка Ігара Марзалюка можа збянтэжыць чытача, прызвычаенага да стрыманасці і дакладнасці навуковай літаратуры: аўтар дэкларуе да­следаванне „людзей даўняй Беларусі“ з Х да ХVII ст., удакладняючы пры гэтым, што прадметам аналізу будуць іх „этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы“! Яшчэ бадай ніхто не браўся адзін даследаваць усё насельніцтва (у тытуле менавіта „людзі“ — у шырокім разуменні) цэлай Беларусі ў такія розныя перыяды гісторыі, ахапляючы нават тыя далёкія часы, якія практычна не пакінулі гісторыкам аўтэнтычных пісьмовых сведчанняў! І пры такім храналагічна–геаграфічным абсягу даследавання аўтар дэкларуе вывучэнне стэрэатыпаў! Але на падставе якіх крыніц ён сабраўся рэканструяваць стэрэатыпы людзей тых „цёмных“ стагоддзяў? Ці можа ў кнізе ўводзіцца нейкае новае разуменне стэрэатыпу? Чытаць далей →

Сяргей Запрудскі. Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны


* Станкевіч, Ян. Збор твораў: У 2 т. Рэдактар В.Булгакаў. Менск: Энцыклапедыкс, 2002. Т. 1. 549. Т. 2. 585.
Лёсік, Язэп. 1921—1930. Збор твораў. Уклад., прадм. і камент. А.Жынкіна. Мінск, 2003. 395.
Выбраныя навуковыя працы акадэміка С.М.Некрашэвіча. Да 120–годдзя з дня нараджэння. Навуковы рэдактар акадэмік А.І.Падлужны. Мінск: Беларуская навука, 2004. 190.

У апошнія 15 гадоў гісторыя беларускага мовазнаўства зведала, бадай, даволі спрыяльныя часы. Дэмакратызацыя грамадскага і палітычнага жыцця другой паловы 80–х сярод іншага прынесла бурныя дыскусіі пра гісторыю і сучасны стан беларускай мовы, і на гэтай хвалі незвычайна ўзрасла цікавасць да людзей, якія ў 1920–я і пазнейшыя гады займаліся даследаваннем і кадыфікацыяй беларускай мовы, пакінулі след у гісторыі як заснавальнікі або рэфарматары беларускай граматыкі і правапісу.  Як вынік гэтай цікавасці з пачатку 90–х гадоў у Беларусі стала друкавацца лінгвістычная спадчына 1920–х і працы з гісторыі мовазнаўства, у якіх асэнсоўвалася дзейнасць тых або іншых асоб, што зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне беларускай мовы. Чытаць далей →

Максім Знак. Міфы, міфалогія і міфолагі


* Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С.Санько, Т.Вало­дзіна, У.Васілевіч і інш. Мінск: Беларусь, 2004. 592 с.

Шырокі грамадскі інтарэс да архаічных вытокаў этнічнай культуры ў апошнія дзесяцігоддзі адзначыўся ва ўсіх народаў Еўропы. Жаданне сцвердзіць сваю культурную ідэнтычнасць і непаўторнасць, што бяруць пачаткі з пракаветных, „міфіч­ных“ часоў, робіцца ўсё вастрэйшым на тле працэсаў глабалізацыі і татальнай універсалізацыі быцця. Імкненне адстаяць свой „этнічны космас“ у сучасным вірлівым і зменлівым свеце выяўляецца ў фальклорным руху, які апелюе да аўтэнтыкі і карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю ў мегаполісах, дзе прынамсі і бярэ свае пачаткі. Г.зв. „неапаганскія“ суполкі, што паўсталі ў межах больш шырокай грамадска–палітычнай з’явы — „неакансерватызму“, вельмі часта змыкаюцца з фальклорным рухам і вызнаюць за адзіна праўдзівыя светапоглядныя каштоўнасці еўрапейца дахрысціянскай эпохі. Яшчэ адной праявай „вяртання ў будучыню“ сталі тысячы навуковых доследаў у галіне культурнай антрапалогіі (этнаграфіі, этналогіі, фалькларыстыкі ды інш.), што ўбачылі свет на абшарах ад Пірэнеяў да Ўрала і былі прысвечаны тым ці іншым аспектам архаічнай (дахрысціянскай) спадчыны. Пры гэтым відавочнай робіцца перавага сістэмных (структурна–семантычных) прынцыпаў даследавання, якія, у адрозненне ад пазітывісцкіх, не „прэпаравалі“ тканіну Традыцыі, а імкнуліся „аджывіць“ яе, зрабіць зразумелай для сучасніка, хоць бы і па асобных фрагментах.
Чытаць далей →

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3 (2002), Вып. 4 (2003) (Віталь Галубовіч)

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. / Рэд. кал.: Р.П. ПЛАТОНАЎ (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2002. 276 с.; Вып. 4. / Рэд. кал.: У.І. АДАМУШКА і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2003. 356 с.

У 2002 і 2003 г. свет пабачылі два новыя выпускі „Беларускага археаграфічнага штогодніка“, які, пачаўшы існаванне толькі ў 2000 г., ужо знайшоў свайго сталага чытача. Трэці выпуск выйшаў яшчэ пад рэдакцыяй прафесара Р.П. Платонава, а ў чацвёртым галоўнага рэдактара ўвогуле няма. Можна адзначыць змены і ў складзе рэдакцыйнай калегіі: у апошнім БАШы ў ёй не стала М. Сташкевіча і В. Чамярыцкага, а папоўнілася калегія гарадзенскім гісторыкам Дз. Каравым. Структура БАШа пасля адыходу галоўнага рэдактара не змянілася.
Чытаць далей →

Гусева, Александра А. Издания кирилловского шрифта второй половины XVI в. (Ігар Клімаў)


ГУСЕВА, АЛЕКСАНДРА А. Издания кирилловского шрифта второй половины XVI века: Сводный каталог; В 2–х кн./ Под общ. ред. Л. И. Сазоновой. Москва: Индрик, 2003. Кн 1: 648 с.; ил. Кн. 2: 708 с.; ил.

Гэты добра ілюстраваны двухтамовік вялікага фармату, складзены загадчыцай аддзела старадрукаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (раней — імя У. Леніна) А. А. Гусевай, уяўляе сабой каталог старадрукаў. У такіх каталогах з рознай ступенню дэталізацыі апісваецца назва, змест, выгляд і пахо­джанне кнігі, а таксама яе цяперашняе знаходжанне. Паводле ахопу матэрыялу каталогі апісваюць альбо ўсю кніж­ную прадукцыю за пэўны  часу (звычайна ад пачатку друкавання да XIX ст.), альбо склад тых ці іншых кнігасховішчаў (царкоўных, дзяржаўных, публічных, прыватных), дзе зберагаюцца старадрукі, альбо даробак асобнай друкарні ці некалькіх друкарань пэўнага рэгіёну. Такія апісанні служаць нібы лоцыямі ў кніжным моры старадаўняй пары; без іх магчымасці пошукаў гісторыкаў і філолагаў былі б істотна абмежаваныя. Але каталог старадрукаў ужо сам па сабе з’яўляецца даследчай працай, паколькі акрэслівае рэпертуар і змест друкаванай прадукцыі пэўнай эпохі і/ці рэгіёну, дае яе дакладнае біб­ліяграфічнае апісанне і, па магчымасці, рэгіструе ацалелыя асобнікі. Гэты матэрыял дапамагае даследчыкам вывучаць не толькі кнігадрукарскую справу, але і культуру, літаратуру ці грамадства пэўнай эпохі альбо краіны, робіць крыніцазнаўчы пошук больш лёгкім і сістэматызаваным.
Чытаць далей →

Zoltán András. Oláh Miklos Athila című munkájának XVI. századi lengyel és fehérorosz fordítása (Алесь Бразгуноў)


ZOLTÁN, ANDRÁS. Oláh Miklos Athila című munkájának XVI.századi lengyel és fehérorosz fordítása /Dimensiones Culturales et Urbariales Regni Hungariae 6/Nyíregyháza, 2004. 554 p. («Атыла» Міклаша Олаха ў польскім і беларускім перакладах XVI ст.).

Грунтоўная манаграфія венгерскага славіста і даўняга сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў доктара Андраша Золтана з’яўляецца плёнам амаль 14–гадовага даследавання занядбанага помніка даўняй беларускай перакладной літаратуры XVI ст. — «Исторыи о Атыли, короли Угорском». Мовазнаўчае на першы погляд, гэтае даследаванне, тым не менш, дадасць нямала карысці й таму, хто вывучае гісторыю, культуру і літаратурны працэс Беларусі эпохі Адраджэння.
Чытаць далей →

Stern, Dieter Hubert. Die Liederhandschrift F 19–233 (15) der Bibliothek der Litauischen Akademie der Wissenschaften (Ігар Клімаў)


Stern, Dieter Hubert. Die Liederhandschrift F 19—233 (15) der Bibliothek der Litauischen Akademie der Wissenschaften: Eine kommentierte Edition. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 2000. 767 S. (Bausteine zur slavischen Philologie und Kulturgeschichte, Reihe B: Editionen, Neue Folge, Bd. 16)

Кніга маладога нямецкага даследчыка Дытара Губерта Штэрна ўяўляе сабой каментаваную публікацыю зборніка 213 сілабічных духоўных песняў, г. зв. псальмаў. Такія песні ўваходзілі ў склад уніяцкіх ненатаваных спеўнікаў, вядомых пад назвай багагласнік. Рукапіс, даследаваны сп. Штэрнам, — практычна адзіны пакуль вядомы беларускі варыянт багагласніка, усе іншыя паходзяць з паўднёвага захаду Ўкраіны (19). Рукапіс быў створаны ў Супрасльскім кляштары, паводле аб­грунтаваных датаванняў даследчыка (з улікам філіграняў і згадак гістарычных асоб ды падзей), у 1740–х г., хоць праца па збіранні тэкстаў распачалася ў 1720–я г. (40—48). У XIX ст. пасля скасавання уніяцкай царквы ў Расійскай імперыі рукапіс трапіў у Вільню і цяпер захоўваецца ў бібліятэцы АН Літоўскай Рэспублікі (былой Віленскай Публічнай).
Чытаць далей →

Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы (Аляксей Каўка)


АНТОН ЛУЦКЕВІЧ. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы. Укладанне, прадмова, каментар, анатаваны індэкс імёнаў АНАТОЛЯ СІДАРЭВІЧА. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. 287 с.

Ідэолаг, палітык–практык, нацыянальны асветнік — гэтая буйная фігура гісторыі Беларусі пасля працяглага забыцця, прапагандысцкага шальмавання як «буржуазнага нацыяналіста», нават «нацыянал–фашыста» (выкрывальных інвектыў не пералічыць) вернута ў грамадзянскае і творчае жыццё Беларусі. Узрастае ўвага да імёнаў Луцкевічаў з боку гісторыкаў, філосафаў, літаратуразнаўцаў, іншых рупліўцаў новага кірунку ў беларускай гуманістыцы — луцкевічазнаўства. Антону Луцкевічу адведзены спецыяльны раздзел у найноўшым 4–тамовым акадэмічным выданні па гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.[1] Несумненным унёскам у гэты кірунак з’яўляецца і ўступны (не ва ўсім бясспрэчны, пра што ніжэй) артыкул укла­дальніка рэцэнзаванага выдання Анатоля Сідарэвіча «Антон Луцкевіч і гісторыя беларускага руху». У ім дэтальна разгледжана і роля Луцкевіча ў беларускім руху, і асвятленне гэтай праблемы ім самім у сваіх працах. Вышэй усялякай пахвалы вывераны каментар і анатаваны паказнік імёнаў, якія істотна дапаўняюць і ўзбагачаюць змест кнігі.
Чытаць далей →

Пушкін, Ігар А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (Захар Шыбека)

ПУШКІН, ІГАР А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (20—30–я гады ХХ ст.): дакументы і матэрыялы. Магілёў, 2003. 140 с.

Мой калега гісторык і музейны працаўнік Ігар Пушкін выдаў вельмі важную для беларускай гістарычнай навукі кнігу. Ён упершыню выключна на архіўных дакументах пераканаўча  пацвердзіў наяўнасць масавага руху супраць савецкай улады ў 1920—1930–я г. ва Ўсходняй Беларусі. Гэта робіць гонар аўтару, бо антысавецкі супраціў у афіцыйнай гістарычнай навуцы Беларусі дагэтуль традыцыйна замоўчваецца. Першым з да­следчыкаў на паўстанцкі рух ва Ўсходняй Беларусі звярнуў увагу беларускі гісторык у эміграцыі Юрка Віцьбіч[1]. Замежны статус даследчыка, неда­статковая дакументальная абгрунтаванасць фактаў давалі падставы для недаверу.

Але цяпер мы маем 112 апублікаваных І.Пушкіным архіўных дакументаў, якія яскрава сведчаць — антысавецкі рух у памежных з Расіяй беларускіх землях сапраўды быў і працягваўся амаль да пачатку II сусветнай вайны. Давер да такой важнай інфармацыі, якую пацвердзіў не толькі замежны, але і айчынны гісторык, істотна ўзрос. Публікацыя дакументаў зроблена прафесійна, з выкананнем усіх неабходных да яе патрабаванняў. Ва ўступным аўтарскім раздзеле даецца ўяўленне аб гістарычным перыядзе, адлюстраваным у дакументах, сутнасці ўзброенага супраціву, яго гістарыяграфіі. Тут жа апісваюцца архіўныя фонды, адкуль быў узяты дакументальны матэрыял, а таксама прыводзіцца кароткі аналіз дакументаў. Цяжка ўявіць, але ў канцы 1919 — пачатку 1920 г., калі вялася савецка–польская вайна, толькі ў Гомельскай губерні „вылоўліванню“ падлягалі больш за 170 тыс. дэзерціраў, якія адмаўляліся ад мабілізацыі ў Чырвоную Армію.
Чытаць далей →

Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2002—2003 г. (Любоў Собалева)

2002
доктарскія

1. Гужалоўскі А. А. Станаўленне і развіццё музейнай справы Беларусі (1918—1941 г.) (БДУ, 07.00.02 — айчынная гісторыя)*

2. Казлякоў У. Я. Нацыянальнае пытанне ў праграмных уста­ноў­ках і тактыцы неанародніцкіх партый. Пачатак XX ст. — канец 20–х г. (на матэрыялах Расіі, Беларусі, Украіны) (БДУ, 07.00.02 — айчынная гісторыя, 07.00.03 — усеагульная гісторыя)

3. Марозава С. В. Уніяцкая царква ў этнакультурным раз­віцці Беларусі (1596—1839) (ІГ НАНБ, 07.00.02 — айчынная гісторыя)

4. Менькоўскі В. І. Улада і савецкае грамадства 1930–х гадоў у англа–амерыканскай гістарыяграфіі (БДУ, 07.00.09 — гістарыя­графія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага да­следавання)

5. Смалянчук А. Ф. Польскі грамадска–палітычны рух на бела­рус­кіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. (ІГ НАНБ, 07.00.02 — айчынная гісторыя)

6. Стралец М. В. ФРГ і праблемы абмежавання і скарачэння ўзбраенняў у Еўропе (1949—1990 г.) (БДУ, 07.00.03 — усеагульная гісторыя)

7. Тугай У.В. Латышскі этнас у сацыяльна–эканамічным і культурным жыцці Беларусі ХIХ — першай паловы XX ст. (БДПУ, 07.00.02 — айчынная гісторыя) Чытаць далей →