Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2005 Т.12 Сш. 1-2

Том 12 Сшыткі 1-2 (22-23) (Снежань 2005)

4 сакавіка, 2011 |

Артыкулы
Наталля Юсава. Легітымацыя паняцця „старажытнаруская народнасць“. С. 3-20.
Гянутэ Кіркене. Інтэграцыйныя працэсы ў Вялікім Княстве Літоўскім: царкоўная унія. С. 21-35.
Андрэй Катлярчук. Другая Паўночная вайна і апошняя шведская аперацыя ў ВКЛ: аблога Берaсця 1657 г. і спрэчка за места. С. 35-60.
Кірыл Качагараў. Вечны мір 1686 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. С. 61-95.
Таццяна Валодзіна. Адам Кіркор і „краёвая“ гістарыяграфія ў кантэксце трансфармацыі Расійскай імперыі ў XIX ст. С. 96-110.
Алесь Пашкевіч. Выбары ў Вiленскi сойм у 1922 г. і адносiны да іх беларускай грамадскасцi. С. 111-131.

Архіваліі
Андрэй Радаман. Віленскі земскі прывілей 1565 г. вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. С. 132-161.
Генадзь Сагановіч. Паўночная Беларусь у апісанні Паўля Одэрборна. С. 162-166.
Паўль Одэрборн. Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў. С. 167-189.

Гістарыяграфія
Марцэлі Косман. Славіст, медыявіст, полігісторык: да 90-годдзя Герарда Лябуды. С. 190-209.

Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі
Аляксандр Груша. Віцебска–рыжскія акты і праблема іх выдання. С. 210-240.
Уладзімір Ісаенка. Першы дапаможнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. С. 241-259.
Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя  і ўклад. тэксту Мар’ян Семаковіч (Любоў Козік). С. 260-270.
Юсова, Наталія. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.) (Генадзь Сагановіч). С. 270-277.
Блануца, Андрій. Матеріали до реєстру земельних контрактів волинської шляхти (Аляксандр Доўнар). С. 277-280.
Kamieniecki, Jan. Szymon Budny: Zapomniana postać polskiej Reformacji (Ігар Клімаў). С. 281-291.
Fałowski, Adam. Język ruskiego przekładu Katechizmu jezuickiego (Ігар Клімаў). С. 291-295.
Kadulska, Irena. Akademia Połocka. Ośrodek kultury na Kresach 1812—1820 (Тамара Джумантаева). С. 296-299.
Kowkiel, Lilia. Prywatne księgozbiory na Grodzieńszczyźnie w pierwszej połowie XIX w. (Ларыса Доўнар). С. 299-315.
Vulpius, Ricarda. Nationalisierung der Religion. Russifizierungspolitik und ukrainische Nationsbildung 1860—1920 (Лявон Баршчэўскі). С. 315-318.
Євсєєва, Тетяна. Російська православна церква в Україні 1917—1921 рр. (Валянціна Яноўская). С. 318-326.
Робинсон, Михаил А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917— начало 1930-х г.) (Сяргей Запрудскі). С. 326-335.
Frank Grelka. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42 (Лявон Баршчэўскі). С. 335-337.
К’яры, Бернгард. Штодзённасць за лініяй фронту (Захар Шыбека). С. 337-344.
Projektgruppe Belarus im Jugendclub Köln e.V. (Hrsg.) „Existiert das Ghetto noch?“ (Гартмут Рус). С. 344-347.
Mironowicz Eugeniusz, Tokć Siarhiej, Radzik Ryszard. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko–białoruskim w XX w. (Аляксандр Пагарэлы). С. 347-353.
Юрэвіч, Лявон. Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага (Наталля Гардзіенка). С. 353-359.
Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: Нарматыўны даведнік (Уладзімір Свяжынскі, Міхаіл Спірыдонаў). С. 360-368.

Інфармацыі і хроніка
Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2004—2005 г. (Любоў Собалева). С. 369-375.
Маскоўская канферэнцыя па гістарыяграфіі (Генадзь Сагановіч). С. 376-378.
Брэменская канферэнцыя па калектыўнай памяці (Вячаслаў Швед). С. 379-380.

Наталля Юсава. Легітымацыя паняцця „старажытнаруская народнасць“

30 снежня, 2005 |


У сталінскую эпоху ў гістарычнай навуцы ўзнікла канцэпцыя старажытнарускай народнасці, якая (у інварыянтах) на пачатку 1950–х г. пачала ўводзіцца ў гісторыяпісанне і ўжо з 1953—1954 г. зрабілася палітычна легітымнай і навукова прызнанай, набыла статус тэорыі. У адпаведнасці з канцэпцыяй савецкія гісторыкі пачалі трактаваць кангламерат „рускіх плямёнаў“ старажытнакіеўскага часу як адзіную народнасць, а таксама як пэўную прамежкавую этнічную супольнасць, адрозную ад папярэдніх і будучых этнічных утварэнняў усходніх славян, як агульнага продка расіян, украінцаў і беларусаў. У гэтых двух момантах і складалася асноўнае адрозненне сутнасці канцэпцыі старажытнарускай народнасці ад поглядаў традыцыйнай расійскай гістарыяграфіі. Прадстаўнікі апошняй пераважна бачылі (па–першае) ва ўсходнім славянстве перыяду Кіеўскай Русі або сукупнасць асобных плямёнаў (ці саюзаў плямёнаў), або этнапаняццева няпэўны „рускі народ“ (як правіла, шматплемянны). У абодвух выпадках (гэта — па–другое) усходнія славяне, па перакананні бальшыні дарэвалюцыйных гісторыкаў, перажывалі ў старажытнарускую эпоху адзін з першых перыядаў свайго гістарычнага развіцця — перыяд станаўлення так званага адзінага рускага народа, які ў будучыні падзяліўся на тры галіны — велікарускую, маларускую і беларускую, але нейкім чынам працягваў захоўваць сваё метафізічнае адзінства.

Згодна з абагульненай думкай савецкіх гісторыкаў, старажытнаруская народнасць сфармавалася (або толькі знаходзілася на стадыі фармавання) у працэсе зліцця ўсходнеславянскіх плямёнаў, каталізатарам чаго стала іх аб’яднанне ў адзінай старажытнарускай дзяржаве. Праз знешнія і / або ўнутраныя прычыны яна распалася (або прыпыніла сваю далейшую кансалідацыю). У выніку гэтых працэсаў на працягу пэўнага часу ўзніклі тры новыя асобныя народнасці ўсходніх славян. Канцэпцыя / тэорыя старажытнарускай народнасці з часам (прыблізна ад сярэдзіны 1950–х г.) набыла статус дамінавальнай у савецкай гістарыяграфіі па праблемах Кіеўскай Русі.

На першы погляд, злучэнне тэрмінаў старажытная і народнасць у адным тэрміналагічным выразе здаецца цалкам відавочным. Але рэальна гэтае спалучэнне мела доўгую ідэйную і тэрміналагічную генеалогію, і такая магчымасць выпала толькі пры пэўных гістарыяграфічных умовах — як вынік сугучнасці некаторых вынікаў развіцця гістарычнай навукі ў СССР 1930–х — пачатку 1950–х г. адпаведным палітычна–ідэалагічным патрабаванням камуністычнага кіраўніцтва краіны[1]. Ідэйная і гістарыяграфічная генеалогія канцэпту старажытнаруская народнасць да 1945 г. уключна даследавана аўтарам гэтых радкоў у шэрагу артыкулаў і манаграфіі[2].

У папярэдніх аўтарскіх распрацоўках было аргументавана, што найбольш выразна і разгорнута сфармуляваў і выклаў свой погляд на праблему старажытнарускай народнасці ленінградскі гісторык Уладзімір Маўродзін. Гэта было зроблена ім на старонках манаграфіі „Утварэнне старажытнарускай дзяржавы“ (1945)[3]. У ёй вучоны ўпершыню прапанаваў новы тэрмін для азначэння ўсходнеславянскай этнічнай супольнасці часоў Кіеўскай Русі — старажытнаруская народнасць[4]. Апошняе У. Маўродзін разумеў у значэнні „продка“ (ён ужываў менавіта гэтае слова — дарэчы, упершыню сярод савецкіх гісторыкаў!)[5] будучых трох народнасцяў усходніх славян. Але, нягледзячы на аўтарытэт гісторыка, праз шэраг прычын (аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару) канцэпцыя старажытнарускай народнасці ў той час не атрымала навуковага распаўсюджання і афіцыйнай палітычнай легітымацыі.

Як вядома, пасля заканчэння вайны таталітарны рэжым у СССР зноў узмацніў ідэалагічны ціск на гуманітарныя дысцыпліны, перш за ўсё — на гістарычную навуку. Нейкія там канцэптуальныя навацыі ў ёй, нават калі пэўныя даследаванні былі прысвечаны старажытным перыядам гісторыі, не асабліва віталіся, тым больш у тым выпадку, калі іх не падтрымлівалі афіцыйныя аўтарытэты. У канкрэтным выпадку новую манаграфію У. Маўродзіна негатыўна ацаніў сам лідэр савецкіх гісторыкаў — акадэмік Б. Грэкаў[6]. У той самы час ён не дапусціў вылучэння кандыдатуры У. Маўродзіна ў члены–карэспандэнты АН СССР і на атрыманне сталінскай прэміі[7]. Мяркуем[8], што акадэмік ініцыяваў публікацыю ланцужка даволі крытычных рэцэнзій на кнігу У. Маўродзіна, дзе на адрас ленінградскага вучонага прагучалі палітычныя абвінавачванні[9]. Манаграфія У. Маўродзіна, як сведчаць архіўныя матэрыялы[10],  крытыкавалася з боку супрацоўнікаў агітпропа ЦК ВКП(б), а таксама „прапрацоўвалася“ на загад Ленінградскага абкама кампартыі на спецыяльным сходзе ў Навукова–даследчым інстытуце гісторыі пры Ленінградскім дзяржаўным універсітэце. У ліку памылак манаграфіі інкрымінаваўся нарманізм, што ва ўмовах ідэалагічных кампаній пасляваеннага часу прыводзіла да рэпрэсій у дачыненні да вучоных (У. Маўродзін быў звольнены з пасады дэкана гістарычнага факультэта ЛДУ[11]) і адпаведнага штучнага „забыцця“ іх творчых напрацовак. Відавочна, што камуністычныя ідэолагі на той час не ўгледзелі ў канцэпцыі У. Маўродзіна палітычнай актуальнасці, і таму яна не атрымала навуковай і палітычнай легітымнасці.

Уладзімір Маўродзін у пасляваенны час, хоць і не адмовіўся ад сваёй канцэпцыі (галоўныя яе тэзісы ён паўтарыў у публікацыях другой паловы 1940–х г.[12]), але адмовіўся ад этнакатэгорыі народнасць на карысць тэрміна народ і ад самога тэрміналагічнага словазлучэння старажытнаруская народнасць, якое ў новых працах ленінградскага гісторыка паслядоўна заменена на іншае — рускі народ[13]. Адна з галоўных прычын — акадэмік Б. Грэкаў у сваіх працах паслядоўна выкарыстоўваў словазлучэнне рускі народ[14] і тым самым паказваў прыклад усім іншым гуманітарыям. Але, па меншай меры, адзін раз акадэмік ужыў, як і ў артыкуле „Заходняя Украіна“ (1939), найменне русь у дачыненні да народа Кіеўскай Русі[15].

Прадстаўнікі ўкраінскай навуковай інтэлігенцыі таксама зрабілі свой унёсак у распрацоўку канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Так, напрыклад, галоўны распрацоўшчык тэмы „Паходжанне ўкраінскага народа“ ў Інстытуце гісторыі Ўкраіны (далей ІГУ) АН УССР К. Гуслісты ў неапублікаваных працах 1946 — 1947 г.[16] спрабаваў пры дапамозе рэферавання поглядаў аўтарытэтных даследчыкаў выкласці аргументы на карысць існавання старажытнарускай народнасці[17]. Між тым, ён далучыўся да канцэпцыі старажытнарускай народнасці[18]. Супрацоўнік акадэміі называў усходнеславянскую этнасупольнасць таго часу як „адзіны рускі або старажытнарускі шматплемянны народ“[19]. Апошні тэрмін (без слова шматплемянны) вучоны выкарыстаў яшчэ ў верасні 1946 г. у артыкуле, апублікаваным на старонках газеты „Савецкая Ўкраіна“. У ім у кантэксце асвятлення паходжання трох усходнеславянскіх народнасцяў падавалася адна з першых спробаў папулярызацыі вучэння пра старажытнарускую народнасць[20]. Тэрміналагічны выраз старажытнарускі народ К. Гуслісты заўсёды выкарыстоўваў у выступленнях на розных мерапрыемствах і ў публікацыях другой паловы 1940–х — пачатку 1950–х г.[21]. Выклад канцэпцыі старажытнарускай народнасці ў апублікаваных лекцыях (1949 і 1950 г.) К. Гуслісты падаваў паводле згаданага артыкула У. Маўродзіна „Пра складванне велікарускай народнасці і расійскай нацыі“ (1947). У названым артыкуле У. Маўродзін выкарыстоўваў словазлучэнне рускі народ, а К. Гуслісты карыстаўся адначасова і „старым“ тэрмінам У. Маўродзіна — старажытнаруская народнасць, праўда, са спецыфічнай арфаграфічнай транскрыпцыяй, і „сваім“ (гэты тэрмін упершыню ўжыў А. Удальцоў[22]) — старажытнарускі [давньоруські] народ (назіраем інварыянты арфаграфічнага афармлення слова древнерусский)[23].

Рэпрэзентантам поглядаў украінскіх археолагаў на тыя гады (другую палову 1940–х г.) можа служыць пазіцыя, якую займаў Д. Бліфельд[24]. Падзяляючы агульную скіраванасць канцэпцыі старажытнарускай народнасці, археолаг выкарыстоўваў тэрмін рускі народ[25]. Д. Бліфельд, прызнаючы Кіеўскую Русь агульным этапам гісторыі ўсходніх славян, іх калыскай, удакладняў: „…на базе этнічнага адзінства і супольнасці сацыяльна–эканамічнага жыцця выпрацавалася адзінства і высокі ўзровень культуры“[26]. Менавіта гэтая культура стала асновай „роднасных нацыянальных культур усходнеславянскіх народаў“, і ў Кіеўскай Русі „гняздзяцца карані“ іх братэрства[27].

Новая палітычная актуалізацыя даследаванняў у галіне этнагенезу ўсходніх славян адбылася ў 1949 г. (70–годдзе Сталіна), калі ўпершыню быў апублікаваны (а напісаны яшчэ ў 1929 г.) у 11–м томе твораў Сталіна артыкул „Нацыянальнае пытанне і ленінізм“[28]. Па ўсім Савецкім Саюзе, як гэта ўжо зрабілася традыцыяй, праходзілі розныя мерапрыемствы з мэтай абмеркавання і папулярызацыі сталінскай працы. Перш за ўсё яе павінны былі засвоіць і ўзяць на ўзбраенне прадстаўнікі гуманітарнай навукі, у прыватнасці гісторыкі[29]. У сувязі з актуалізацыяй разгляданай праблематыкі ў кастрычніку 1949 г. адбылося агульнае пасяджэнне навуковых супрацоўнікаў Інстытута археалогіі і ІГУ АН УССР, прысвечанае разгляду даследавання пад назвай „Этнагенезіс усходнеславянскіх народаў і паходжанне Кіеўскай дзяржавы“, падрыхтаванага выкладчыкам Палтаўскага педінстытута К. Кушнірчуком, якое амаль год ляжала ў ІГУ[30]. Аўтар падзяляў канцэпцыю старажытнарускай народнасці і, што паказальна, выкарыстоўваў для азначэння ўсходнеславянскай супольнасці паралельна чатыры найменні — русь, рускі народ, старарускі народ і нават старастаражытнарускі [стародревнерусский] народ[31]. Навуковыя супрацоўнікі абедзвюх акадэмічных устаноў пад час абмеркавання ніяк не пракаментавалі найменні, інакш кажучы, гэтыя назвы не выклікалі якога–небудзь пэўнага супраціву. К. Гуслісты, які прысутнічаў на паседжанні, у наступным годзе прапанаваў адзін з пададзеных тэрмінаў — старарускі народ. І адбылося гэта ў час абмеркавання раздзелаў 1–га тома „Гісторыі УССР“ на паседжанні аддзела гісторыі феадалізму ІГУ. Але К. Гуслісты прапанаваў замяніць згаданае тэрміналагічнае словазлучэнне на адзіны рускі народ, як гэта ўжывалася да таго часу[32].

Тэарэтычныя пытанні этнагенезу „ў святле прац Сталіна“ (сярод іншага — і пытанні этнакатэгарыяльнага апарату) былі ўзнятыя ў 1949 г. шэрагам навуковых супрацоўнікаў, у прыватнасці, С. Токаравым[33], П. Кушнерам, М. Камары і іншымі. Этнографы П. Кушнер і М. Камары ўжывалі тэрміны народ і народнасць сінанімічна. Згодна з думкай першага, народнасці ўтвараліся пачынаючы з феадальнай эпохі[34]. Абодва тэрміны М. Камары вызначаў як этнаграфічныя катэгорыі, якія папярэднічаюць нацыі[35]. У адрозненне ад П. Кушнера М. Камары лічыў, што народнасці могуць быць утвораны „шляхам аб’яднання і зліцця асобных плямёнаў на базе разлажэння першабытнага ладу і ўтварэння класавага, рабаўладальніцкага і феадальнага грамадстваў“[36]. Акрэсленыя пытанні разгледзеў і У. Маўродзін, артыкул якога выйшаў ужо ў 1950 г. Ленінградскі гісторык лічыў, што слова народ (як этнічная і гістарычная катэгорыя) мае больш шырокае значэнне, чым тэрміны народнасць і нацыя. Тэрмін народ, паводле У. Маўродзіна, варта ўжываць у дачыненні да любых этапаў складвання гістарычных супольнасцяў людзей[37]. Вучоны пагаджаўся з М. Камары адносна механізму і часу ўтварэння народнасцяў, хоць адзначаў, што М. Камары не прапанаваў дакладнага азначэння гэтай этнакатэгорыі.

Этнакатэгорыю народнасць у дачыненні да адзінай супольнасці ўсходніх славян у старажытнарускую эпоху ў гэтым самым (1949) годзе ўжыў на старонках адпаведнай лекцыі свайго курса па гісторыі СССР К. Базілевіч[38]. У дачыненні да гэтай народнасці ён выкарыстоўваў найменне русь і, у прыватнасці, адзначаў, што эканамічнае і культурнае збліжэнне паміж усходнеславянскімі плямёнамі „аб’яднала іх у агульнай народнасці — русі“[39]. Гэтая „адзіная народнасць русі“, на яго думку, яшчэ толькі пачынала складвацца, але феадальная раз’яднанасць і татара–мангольскае нашэсце прывялі да таго, што яна распалася на тры асобныя народнасці — велікарускую (расійскую), украінскую і беларускую. Лекцыйны курс К. Базілевіча быў перавыдадзены і ў наступным годзе. У новым выданні паўтараліся тыя самыя тэзісы пра „народнасць русі“[40].

Інспіраваная „зверху“[41] ў траўні 1950 г. дыскусія ў звязку з глотагенічнай тэорыяй М. Мара пачала чарговую ідэалагічную кампанію, якая ахапіла гуманітарныя галіны навукі. Кірунак кампаніі задавалі апублікаваныя летам таго года ў газеце „Праўда“ сталінскія нататкі і адказы на лісты чытачоў наконт разумення названай тэорыі. У гэтым самым годзе сталінскія нататкі былі аб’яднаныя ў кнігу „Марксізм і пытанні мовазнаўства“. Контраверсійныя ў дачыненні да тэорыі М. Мара сталінскія пастулаты сталі прычынай спецыфічнай выбуховай „рэвалюцыі“ ў этнагенетыцы і актывізавалі даследаванні этнагенетычных пытанняў акадэмічнымі інстытутамі гуманітарнага профілю. У СССР разгарнуліся інтэнсіўныя дыскусіі, да якіх далучыліся шматлікія навуковыя калектывы[42].

У справаздачы ІГУ за 1950 г. зазначана, што выхад у свет кнігі „Марксізм і пытанні мовазнаўства“ даў магчымасць аўтарскаму калектыву 1–га тома кароткага курса „Гісторыі СССР“ асвятліць шэраг пытанняў, якія да гэтага часу яшчэ заставаліся нявысветленымі, у прыватнасці пытання „…пра паходжанне ўкраінскай народнасці і фармавання яе ў нацыю, пытання пра гістарычную супольнасць славянскіх народаў і асабліва ўсходнеславянскіх“[43]. У справаздачы ж ІГУ за 1952 г. адзначалася, што ў раздзелах 1–га тома кароткага курса „Гісторыі УССР“, якія рыхтаваў К. Гуслісты, „на грунце геніяльных твораў тав. Сталіна «Марксізм і пытанні мовазнаўства» распрацаваны пытанні пра ўтварэнне старажытнарускай народнасці (вылучана намі. — Н. Ю.) і фармавання ўкраінскай народнасці“[44]. Сапраўды, пазначаная кніга „правадыра“ надала легітымнасці як у цэлым канцэпцыі старажытнарускай народнасці, так і непасрэдна самому тэрміну.

Яшчэ да пачатку дыскусіі наконт „марксізму ў мовазнаўстве“ выйшаў артыкул У. Маўродзіна „Асноўныя этапы этнічнага развіцця расійскага народа“[45], дзе, у прыватнасці, у чарговы раз выкладзены асноўныя рысы канцэпцыі старажытнарускай народнасці і наноў прапанаваны тэрміналагічны выраз старажытнаруская народнасць[46].

Гэты тэрмін тады ж быў падтрыманы А. Удальцовым[47]. А між тым справа з яго навуковай легітымацыяй выявілася не такой і простай, хоць другая частка словазлучэння (народнасць) у звязку з творамі Сталіна па мовазнаўстве нарэшце атрымала афіцыйную падтрымку. Сталінская думка пра няўстойлівасць мовы (а значыць, і самой этнічнай супольнасці) пэўнай народнасці, якая яшчэ не стала нацыяй („Бываюць… працэсы, калі адзіная мова народнасці, якая не стала яшчэ нацыяй праз адсутнасць неабходных эканамічных умоваў развіцця, зазнаюць крах у выніку дзяржаўнага распаду гэтай народнасці, а мясцовыя дыялекты, якія не паспелі перамалоцца ў адзінай мове, — ажываюць і даюць пачатак ўтварэнню асобных самастойных моў“[48]), дапускала існаванне этнасупольнасцяў у дакапіталістычныя перыяды развіцця, якія былі менш устойлівымі, чым нацыі, а таму, пры пэўных абставінах, маглі распасціся. Тым больш гэта тычылася тых этнічных супольнасцяў, якія яшчэ не паспелі дастаткова сфармавацца.

Канцэпцыя старажытнарускай народнасці, але без ужывання самога тэрміна, верагодна, упершыню стала фігураваць у больш шырокім навуковым ужытку ў звязку з заключным момантам вядомай дыскусіі па праблемах перыядызацыі гісторыі СССР. Абмеркаванне перыядызацыі, якое да гэтага часу адбывалася на старонках часопіса „Пытанні гісторыі“, у фінальнай сваёй частцы прайшло ў Інстытуце гісторыі АН СССР. Гэтая падзея прыпала на снежань 1950 г. У час абмеркавання асобныя элементы канцэпцыі У. Маўродзіна знайшлі, так бы мовіць, сваё месца ў дакладзе І. Смірнова[49], а таксама ў сумесным навуковым выступленні Л. Чарапніна і У. Пашуты. Даклад апошніх стаў асновай артыкула, апублікаванага на пачатку 1951 г. у тым самым часопісе[50]. Між тым, Л. Чарапнін і У. Пашута працягвалі ўжываць у дачыненні да ўсходнеславянскай этнасупольнасці старажытнарускай эпохі тэрміналагічны выраз рускі народ[51].

Лютаўскі выпуск афіцыйнага часопіса савецкай гістарычнай навукі, дзе быў надрукаваны згаданы артыкул, выйшаў, верагодней за ўсё, крыху пазней, чым адбылася канферэнцыя — дыскусія наконт даклада У. Маўродзіна „Асноўныя этапы этнічнага развіцця рускага народа“ (у аснову якога пакладзена аднайменная распрацоўка ленінградскага гісторыка[52]). На канферэнцыі нарэшце была аддадзена належная ўвага канцэпцыі старажытнарускай народнасці: яна выклікала ажыўленае абмеркаванне сярод прысутных гісторыкаў і мовазнаўцаў. Хоць прапанаваны У. Маўродзіным тэрміналагічны выраз старажытнаруская народнасць не выклікаў сярод удзельнікаў пярэчанняў (але і энтузіязму на гэты конт не назіралася), яны раскрытыкавалі складовыя аспекты канцэпцыі, у прыватнасці — ступень кансалідацыі народнасці і яе устойлівасць.

Іншым галоўным агентам легітымацыі канцэпцыі (а таксама паняцця і тэрміна) старажытнарускай народнасці стала яе змястоўная сугучнасць парадыгме „ўз’яднання“ Ўкраіны з Расіяй, якая ў сувязі з набліжэннем 300–годдзя Пераяслаўскай рады выцесніла з навуковага функцыянавання парадыгму „ўз’яднання“ і формулу „найменшага зла“[53]. Сугучнасць тут акумулюецца наступным чынам: калі ў старажытнарускую эпоху існаваў адзіны продак сучасных усходнеславянскіх народаў — старажытнаруская народнасць (хай сабе ў стадыі фармавання), то далучэнне ў 1654 г. Украіны (часткова і беларускіх земляў) да Расіі — заканамерная і справядлівая гістарычная падзея, бо народ, калісьці адзіны, зноў аб’яднаўся[54]. Зразумела, што з палітычнага пункту погляду няёмка было называць агульнага продка рускім народам, бо складвалася ўражанне, што гутарка ідзе не столькі пра агульнага продка, колькі пра продка расійскага (рускага, велікарускага) народа. Побач з тэрміналагічнымі выразамі старажытнаруская народнасць і старажытнарускі народ у пачатку 1950–х г. (уласна ў 1951 г.) савецкія гуманітарыі шукалі і іншыя тэрміны.

Спачатку ў навуковым асяродку як быццам засвоіўся тэрмін старажытнаруская народнасць. Так, 29 чэрвеня 1951 г. на паседжанні Вучонага савета Інстытута гісторыі АН СССР, якое было прысвечана гадавіне выхаду першай публікацыі Сталіна ў галіне мовазнаўства, з дакладам выступіў А. Насонаў. Даклад меў назву „Да пытання ўтварэння старажытнарускай народнасці ў святле твораў І. В. Сталіна па мовазнаўстве“[55]. Але ўжо ў снежні гэтага года вучоны–летапісазнаўца на метадалагічнай нарадзе па этнагенетычных пытаннях выступіў з дакладам „Пра некаторыя пытанні ўтварэння кіева–рускай народнасці“[56]. Іншы дакладчык — на той час ужо аўтарытэтны археолаг Б. Рыбакоў — таксама выкарыстаў падобную назву, але (і што асабліва важна!) у другой частцы паняцця выкарыстаны тэрмін народ, а не народнасць („кіева–рускі народ“)[57]. Прыведзены прыклад відавочна ілюструе і падмацоўвае думку пра тое, што не толькі тэрмін старажытнаруская, але і тэрмін народнасць працягвалі выклікаць сумненні ў даследчыкаў.

Але вось ужо ў выдадзенай у канцы таго года брашуры з тэзісамі дакладаў згаданы даклад Б. Рыбакова атрымаў іншую назву — „Да пытання пра ўтварэнне старажытнарускай народнасці“[58] (тэзісы навуковага выступлення А. Насонава не былі апублікаваныя). Верагодна, найменне ўсходнеславянскай народнасці старажытнарускай эпохі — кіева–руская — здавалася крыху „нацыяналістычным“. Да таго ж у ім не было дакладнага і да пэўнай ступені канкрэтызавальнага храналагічнага і тэрытарыяльнага маркера.

У плане ж аддзела гісторыі феадалізму ІГУ на 1952 г. гаварылася аб правядзенні дыскусіі па тэме „Да пытання пра адзіны старажытнарускі народ“[59]. Уласна кажучы, навуковыя дэбаты на гэты конт у асяродку ўкраінскіх вучоных (пераважна гісторыкаў) адбыліся яшчэ ў красавіку і чэрвені 1951 г. У час дыспутаў некаторыя навуковыя супрацоўнікі (Д. Бойка, М. Марчанка, Ф. Шаўчэнка, мовазнаўца І. Жылко) паставілі пад сумненне як само паняцце старажытнарускі народ (або старажытнаруская народнасць), так і канцэпцыю ў цэлым, прычым часам абапіраючыся на тыя самыя працы Сталіна па мовазнаўстве[60]. К. Гуслісты ў дакладзе на красавіцкай дыскусіі вёў гутарку пра сфармаваную старажытнарускую народнасць у перыяд Кіеўскай Русі[61] (у гісторыка фігуравала паняцце старажытнаруская народнасць[62]). На гэтым самым навуковым форуме гісторык — знаўца казакоў В. Галабуцкі, выкарыстоўваючы тэрміналагічны выраз старажытна–руская народнасць, разам з тым выказаў сумненне адносна яго маналітнасці[63]. Археолаг В. Даўжанок, які выступаў услед за В. Галабуцкім, наадварот, катэгарычна сцвярджаў, што ў часы Кіеўскай Русі „народнасць была ўжо маналітнай, такой, якая ўжо сфармавалася“[64]. Яна, згодна з думкай В. Даўжанка, пачала стварацца яшчэ ў сярэдзіне I тысячагоддзя н. э. — у анцкія часы, паколькі народнасць — гэта „з’ява класавага грамадства… рабаўладальніцкага або феадальнага — з’ява разлажэння першабытнаабшчыннага ладу“[65]. Археолаг, ужываючы тэрмін народнасць, у цэлым не далучаў да яго храналагічнага ўдакладнення — старажытнаруская. Побач з гэтым ён карыстаўся тэрміналагічным выразам старажытна–рускі народ[66], што сведчыць пра яшчэ нестабільнае ўжыванне і, так бы мовіць, непрыжытасць тэрміна старажытнаруская народнасць. Некаторыя іншыя ўдзельнікі дыскусіі выкарыстоўвалі тэрміналагічны выраз стараруская народнасць[67].

У тым самым 1951 г. выйшла манаграфія ўжо згаданага аўтарытэтнага этнографа П. Кушнера, дзе аргументавалася палажэнне пра тое, што за племем ідзе „новая форма этнічнай супольнасці — народнасць“[68]. Урэшце ў 1952 г. тэрмін народнасць канчаткова ўвайшоў ва ўжытак у дачыненні да азначэння этнічнай супольнасці, якая фармавалася на аснове першасных саюзаў плямёнаў. Гэтаму ўвядзенню больш за ўсіх гуманітарыяў паспрыялі мовазнаўцы. Так, у артыкуле галоўных маскоўскіх лінгвістаў–тэарэтыкаў Б. Горнунга, В. Левіна і В. Сідарава  катэгарычна сцвярджалася канцэптуальная дамінанта: „Саюз роднасных плямёнаў, які ў выніку тых або іншых гістарычных умоваў паказаў сябе трывалым і даўгавечным, непазбежна ўжо праз адно — два стагоддзі ператвараецца ў народнасць“[69].

Найменне старажытнаруская народнасць у 1952 г. таксама замацавалася ў навуковым звароце. Яно падавалася без альтэрнатываў у працах такіх аўтарытэтных даследчыкаў і адначасова прадстаўнікоў афіцыйнага гісторыяпісання, як Б. Рыбакоў і Л. Чарапнін[70]. Як агульнаўжывальнае найменне фігуравала ў гадавой справаздачы ІГУ за 1952 г. У тым самым годзе для чарговага варыянта 1–га тома „Гісторыі УССР“ К. Гуслісты прапанаваў нават вылучыць асобны параграф пад назвай „Утварэнне старажытнарускай народнасці“[72].

У той жа час Л. Чарапнін рыхтаваў канчатковы варыянт сваіх раздзелаў у 1–й частцы калектыўнай працы „Нарысы гісторыі СССР“[73], якая выйшла ў 1953 г. У адрозненне ад ўкраінскага выдання Л. Чарапнін канцэнтравана выклаў канцэпцыю старажытнарускай народнасці ў адным параграфе. А сама структурная адзінка кнігі атрымала назву, падобную да той, якую прапанаваў К. Гуслісты — „Утварэнне старажытнарускай народнасці“. У параграфе расійскі вучоны, абапіраючыся на палажэнні з кнігі Сталіна „Марксізм і пытанні мовазнаўства“, сцвярджаў, што названая народнасць склалася ў эпоху разлажэння першабытнага ладу і ўзнікнення класавага грамадства. Аўтар параграфа зрабіў выснову, што старажытнаруская народнасць склалася з асобных „славянскіх плямёнаў“, а потым з гэтай народнасці выспелі „…народнасці велікаруская, украінская, беларуская, гістарычная і моўная аснова якіх была адзінай“[74].

Адзін з першых гістарыёграфаў праблемы старажытнарускай народнасці маскоўскі даследчык (гісторык і часткова этнолаг), украінец з паходжання А. Казачэнка адзначаў, што абагульненне поглядаў савецкіх спецыялістаў у дачыненні да старажытнарускай народнасці, зробленае Л. Чарапніным, мела важнае значэнне для рашэння праблемы ў цэлым[75]. Па сутнасці, акадэмічнае выданне пад рэдакцыяй акадэміка Б. Грэкава нароўні з 1–м томам „Гісторыі Украінскай ССР“ (таксама апублікавана ў 1953 г.) з адпаведнымі параграфамі, напісанымі К. Гуслістым[76], легітымізавала як канцэпцыю, так і ўласна тэрмін старажытнарускай народнасць у навуковым звароце[77]. Канчатковая ж палітычная легітымацыя канцэпцыі / тэорыі і тэрміна была замацавана ў тэзісах ЦК КПСС „Аб 300–годдзі ўз’яднання Ўкраіны з Расіяй (1664—1954 г.)“[78]. Тут сцвярджалася, апроч іншага, наступнае: „Рускі, украінскі і беларускі народы паходзяць ад адзінага кораня — старажытнарускай народнасці, якая стварыла старажытнарускую дзяржаву — Кіеўскую Русь“[79]. У таталітарным грамадстве падобныя партыйныя тэзісы набывалі, як вядома, дагматычнае значэнне, а таму паняцце старажытнаруская народнасць было з тых часоў сакралізавана і палітычна легітымізавана.

Такім чынам, хоць паняцце старажытнаруская народнасць упершыню паспрабаваў увесці ў навуковы зварот у 1945 г. У. Маўродзін, распаўсюджанне і гэты тэрмін, і сама канцэпцыя атрымалі толькі на пачатку 1950–х г. Да гэтага часу вучэнне пра старажытнарускую народнасць не атрымала палітычнай санкцыі на яе навуковае пашырэнне. Гэта адбылося толькі тады, калі ў кнізе Сталіна „Марксізм і пытанні мовазнаўства“ была абгрунтавана магчымасць дастасавання этнакатэгорыі народнасць да ранніх фармацыйных этапаў развіцця чалавецтва. Другім галоўным фактарам легітымацыі навуковай канструкцыі стала яе сугучнасць парадыгме „ўз’яднання“ Ўкраіны з Расіяй. Гэты фактар, у прыватнасці, паспрыяў увядзенню ў склад названага паняцця тэрміна старажытнаруская, пад якім у спалучэнні з тэрмінам народнасць разумеўся агульны продак расіян, украінцаў і беларусаў.


[1] Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.). Вінниця: ТОВ „Консоль“, 2005. С. 14—17.
[2] Гл.: Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР… У спісе літаратуры да манаграфіі прыведзены ўсе артыкулы аўтара па гэтай тэме, апублікаваныя на пачатак 2005 г. (Гл. с. 450—453 названай манаграфіі).
[3] Мавродин В. В. Образование древнерусского государства. Ленинград, 1945. С. 392—402.
[4] Тамсама. С. 395—402.
[5] Тамсама. С. 400.
[6] Гл., напр.: „Я всегда испытывал большое удовольствие от обмена мыслями именно с вами“: письма Б. Д. Грекова к И. И. Смирнову. (Публикация подготовлена С. А. Никоновым) // Вестник Удмуртского университета. Серия „История“. 2004. № 3. С. 258.
[7] Дворниченко А. Ю. Владимир Васильевич Мавродин. Страницы жизни и творчества. С.–Петербург: Филолог. ф–т СПбГУ, 2001. С. 11.
[8] Некаторыя развагі на гэты конт можна ўзяць з публікацый: Юсова Н. К вопросу о взаимоотношениях В. В. Мавродина и Н. Л. Рубинштейна: по поводу рецензии 1946 г. // Мавродинские чтения. 2004. Актуальные проблемы историографии и исторической науки. Мат. юбил. конф., посв. 70–летию ист. ф–та СПбГУ / Под ред. А. Ю. Дворниченко. С.–Петербург: Изд–во С.–Петерб. ун–та, 2004. С. 18—22; яна ж. Письма В. В. Мавродина и Н. Л. Рубинштейна: реконструкция фактов по поводу рецензии 1946 г. // Вестник Удмуртского государственного университета. Серия „История“. 2005. С. 95—102.
[9] Базилевич К. В. Из истории образования древнерусского государства // Большевик. 1947. № 5. С. 51—56; Покровский С. А. О начале русского государства // Вестник древней историии. 1946. № 4. С. 101—109; ён жа. Новый труд об образовании Древнерусского государства // Советское государство и право. 1946. № 5–6. С. 89—93; Рубинштейн Н. Л. Путанная книга по истории Киевской Руси // Вопросы истории. 1946. № 8—9. С. 109—114.
[10] Центральный государственный архив Санкт–Петербурга (ЦГА СПб). Ф. 7240. Оп. 14. Ед. хр. 2028. ЛГУ. Л. 4—5; Гл. таксма: Дворниченко А. Ю. Владимир Васильевич Мавродин. Страницы жизни и творчества. С. 22
[11] Дворниченко А. Ю. Владимир Васильевич Мавродин. Страницы жизни и творчества. С. 25.
[12] Мавродин В. В. Формирование русской нации. Стенограмма публичной лекции, прочитанной 7 июля 1947 г. в Ленинграде. Ленинград, 1947. С. 11—12; ён жа. К вопросу о складывании великорусской народности и русской нации // Советская этнография (СЭ). 1947. № 4. С. 88; ён ж. Основные моменты развития Русского государства до XVIII века // Вестник Ленинградского госуниверситета (Вестник ЛГУ). (1947. №3) С. 87—91; ён жа. Предпосылки возвышения Москвы // Вестник ЛГУ. 1947. № 10. С. 57—58; ён жа. Начальный этап в истории русского народа и государства // Труды юбилейной научной сессии. Секция исторических наук. Ленинград, 1948. С. 97—104; ён жа. Сталин о феодальной России // Вестник ЛГУ. 1949. № 12. С. 62—63; ён жа [Рэц.]: Б. Д. Греков. Киевская Русь. Библиотека учителя. Государственное учебно–политическое издательство Министерства просвещения РСФСР. Москва. 1949 г. // Вестник ЛГУ. 1950. № 7. С. 97—98.
[13] Юсова Н. М. Генеза концепту „давньоруська народність“ у радянській історичній науці // Український історичний журнал. 2001. №6. С. 72—74.
[14] Гл., напр.: Греков Б. Славяне. Возникновение и развитие Киевского государства / (В помощь преподавателю дивизионной школы партактива истории СССР). Москва, 1946. 60 с.; ён жа. Крестьяне на Руси с древнейших времен до ХVII века. Москва — Ленинград, 1946; ён жа. Киевская Русь. Москва, 1949.
[15] Гл.: Греков Б. Д. Крестьяне на Руси с древнейших времен до ХVII века. С. 21.
[16] Гл.: Институт архивоведения Национальной библиотеки Украины им. В. И. Вернадского (ИА НБУВ). Ф. 32. Оп. 1. Д 112; Тамсама. Д. 26.
[17] Падрабязней гл.: Юсова Н. Участь Костя Гуслистого в розробці концепції „давньоруської народності“ // Український історичний збірник–2003. / Гол. ред. В. Смолій, заст. гол. ред. Т. Чухліб. Вип. 6. Київ, 2004. С. 403—411.
[18] Дэтальна пра гэта гл.: Юсова Н. Участь Костя Гуслистого в розробці концепції „давньоруської народності“.
[19] ИА НБУВ. Ф. 32. Оп. 1. Д. 26. Л. 15.
[20] К. Гуслистий. Походження східнослов’янських народів і Київська Русь // Радянська Україна. 1946. 4 верасня. С. 2.
[21] Гл., напр.: Научный архив Института истории Украины НАН Украины (НА ИИУ НАН Украины). Ф. 1. Оп. 1. Д. 173. Л. 27; Тамсама. Д. 380. Л. 5; Гуслистий К. Г. Київська Русь. Лекція для студентів–заочників історичних ф–тів пед. і учит. ін–тів. Київ, 1949; Гуслистий К. Г. Київська Русь — колиска трьох братніх народів — російського, українського і білоруського: Стенограма лекції. Київ, 1950.
[22] Гл.: Удальцов А. Начальный период восточнославянского этногенеза // Исторический журнал. 1943. № 11—12. С. 72; Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.). С. 304—314.
[23] Гл., напр.: Гуслистий К. Г. Київська Русь — колиска трьох братніх народів — російського, українського і білоруського. С.38.
[24] Научный архив Института археологии НАН Украины (НА ИА НАН Украины). Ф. 12. Оп. 2. Д. 268.
[25] Тамсама. Л. 17.
[26] Тамсама. Л. 13.
[27] Тамсама. Л. 13.
[28] Сталин И. В. Национальный вопрос и ленинизм // Сталин И. В. Сочинения. В 16 т. Т. 11: 1928 — март 1929. Москва, 1949. С. 333—355.
[29] Гл., напр.: НА ИИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 165. Л. 4. Тамсама. Д. 214—215. Л. 1, 8.
[30] Тамсама. Д. 173.
[31] Тамсама. Л. 28, 31.
[32] Тамсама. Д. 266. Л. 2.
[33] Токарев С. А. К постановке проблем этногенеза // СЭ. 1949. № 3. С. 12—36.
[34] Кушнер П. И. Учение Сталина о нации и национальной культуре // СЭ. 1949. № 4. С. 5.
[35] Каммари М. Создание и развитие И. В. Сталиным марксистской теории нации // ВИ. 1949. № 12. С. 68—69.
[36] Тамсама. С. 69.
[37] Мавродин В. В. Основные этапы этнического развития русского народа // ВИ. 1950. № 4. С. 62.
[38] Базилевич К. В. История СССР от древнейших времен до конца ХVII в. Курс лекций, прочитанных в Высшей партийной школе при ЦК ВКП(б). Москва, 1949.
[39] Тамсама. С. 102.
[40] Гл.: Базилевич К. В. История СССР от древнейших времен до конца ХVII в. Курс лекций, прочитанных в Высшей партийной школе при ЦК ВКП(б). Москва, 1950. С. 99.
[41] Гл., напр.: Мосенкіс Ю. З історії сприйняття наукової творчості академіка Ніколая Марра в Україні // Відкритий архів. Щорічник матеріалів та досліджень з історії модерної української культури / Український науковий інститут Гарвардського університету. Інститут критики. Київ, 2004. С. 389—394.
[42] Юсова Н. М. Генеза концепту „давньоруська народність“ у радянській історичній науці. С. 77—78; Мосенкіс Ю. З історії сприйняття наукової творчості академіка Ніколая Марра в Україні. С. 404.
[43] НА ИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 216. Л. 124.
[44] Тамсама. Д. 346. Л. 6.
[45] Часопіс з артыкулам быў падпісаны да друку ў траўні 1950 г., калі дыскусія на палосах газеты „Правда“ толькі пачыналася. Гл.: Алпатов В. М. История одного мифа. Марр и марризм. Москва, 1991. C. 161; Мосенкіс Ю. З історії сприйняття наукової творчості академіка Ніколая Марра в Україні. С. 389.
[46] Мавродин В. В. Основные этапы этнического развития русского народа. С. 55—70; ён жа [рэц.]: Б. Д. Греков. Киевская Русь. Библиотека учителя. Государственное учебно–политическое издательство Министерства просвещения РСФСР. Москва. 1949 г. // Вестник ЛГУ. 1950. № 7. С. 91.
[47] Гл.: Удальцов А. Д. Происхождение славян в свете новейших исследований. С. 18.
[48] Гл.: Сталін Й. Марксизм і питання мовознавства. Київ, 1950. С. 41: Сталин И. Марксизм и вопросы языкознания. Москва, 1950. С. 37.
[49] Смирнов И. И. Общие вопросы периодизации истории СССР // ВИ. 1950. № 12. С. 95.
[50] Пашуто В., Черепнин Л. О периодизации истории России эпохи феодализма // ВИ. 1951. № 2. С. 52—80.
[51] Тамсама. С. 58.
[52] В институте истории АН СССР // ВИ. 1951. № 5. С. 137—139. Гл. таксама: Юсова Н. М. Генеза концепту „давньоруська народність“ у радянській історичній науці. С. 74—77.
[53] Гл.: Юсова Н. Від розробки концепції „давньоруської народності“ до легітимізації терміна „возз’єднання“ України з Росією: друга пол. 40–х — поч. 50–х рр. ХХ ст. // Історіографічні дослідження в Україні / Відп. ред. Ю. А. Пінчук. Київ, 2004. Вип. 14. С. 426—430.
[54] Менавіта па такой логіцы развіваецца думка ў калегі К. Г. Гуслістага па аддзелу гісторыі феадалізма І. Д. Бойка, аўтара VI раздела I тома калектыўнай працы „История УССР“, у якой абгрунтоўваецца „воссоединение“ Украіны з Расіяй. Гл.: Історія Української РСР. В 2 т. Київ, 1953. Т. 1. С. 258—259.
[55] Научный архив Института российской истории РАН (НА ИРИ РАН). Ф. 1. „А“. Оп. 2. Ед. хр. 592. Л. 1.
[56] У лютым 1951 г. даклад атрымаў назву „К вопросу об образовании русской народности“. Гл.: Архив РАН. Ф. 142. Оп. 1. Ед. хр. 363. Л. 9.
[57] Тамсама. Ф. 1909. Оп. 1. Ед. хр. 155. Л. 28.
[58] Рыбаков Б. А. К вопросу об образовании древнерусской народности // Тезисы докладов и выступлений сотрудников ИИМК АН СССР, подготовленных к совещанию по методологии этногенетических исследований. Москва, 1951. С. 15—22.
[59] НА ИИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 380. Л. 5.
[60] Тамсама. Д. 294. Л. 8, 21, 39—41; Гудзенко П. П. До річниці опублікування геніальної праці Й. В. Сталіна // Вісник АН УРСР. 1951. № 7. C. 61—68.
[61] НА ИИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 294. Л. 34.
[62] Тамсама. Л. 45, 153.
[63] Тамсама. Л. 22—26.
[64] Тамсама. Л. 37.
[65] Тамсама. Л. 34—37.
[66] Тамсама. Л. 38—39.
[67] Тамсама. Л. 67.
[68] Кушнер П. И. (Кнышев). Этнические территории и этнические границы. Москва, 1951. С. 44.
[69] Горнунг Б. В., Левин В. Д., Сидоров В. Н. Проблемы образования и развития языковых семей // Вопросы языкознания. 1952. № 1. С. 50.
[70] Рыбаков Б. А. Проблема образования древнерусской народности в свете трудов И. В. Сталина // ВИ. 1952. № 9. С. 40—62; Черепнин Л. В. К вопросу о периодизации истории СССР периода феодализма // Известия АН СССР. Серия истории и философии. 1952. Т. IХ. № 2. С. 115—132.
[71] НА ИИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 346. Л. 6.
[72] Тамсама. Д. 382. 14 лл.
[73] Очерки истории СССР: Период феодализма IХ—ХV вв. / Под ред. Б. Д. Грекова. Ч. I. Москва, 1953. С. 251—258.
[74] Тамсама. С. 252.
[75] Козаченко А. И. Древнерусская народность — общая этническая база русского, украинского и белорусского народов // СЭ. 1954. №2. С. 4—5.
[76] Історія Української РСР. Т. 1. С. 40—114.
[77] Гл. таксама: Рыбаков Б. А. Древние русы. (К вопросу об образовании ядра древнерусской народности в свете трудов И. В. Сталина) // Советская археология. 1953. № ХVII. С. 23—104; Довженок В. И. К вопросу о сложении древнерусской народности // Доклады VI научной конференции Института археологии АН УССР. Київ, 1953. С. 40—59.
[78] Гл.: Юсова Н. М., Юсов С. Л. Проблема „приєднання“ України до Росії в оцінці істориків УРСР кінця 30–х — першої половини 40–х рр. // Український історичний журнал. 2004. № 5. С. 97.
[79] Тези про 300–річчя возз’єднання України з Росією (1654—1954 рр.). Схвалені ЦК КПРС. Київ, 1954. С. 16; Тезисы о 300–летии воссоединения Украины с Россией (1654 — 1954 гг.). Москва, 1954. С. 5.

Наверх

Гянутэ Кіркене. Інтэграцыйныя працэсы ў Вялікім Княстве Літоўскім: царкоўная унія

29 снежня, 2005 |


Інтэграцыйныя працэсы нацыянальных манархій, якія ўзніклі ў Еўропе ў Сярэднія вякі і раннім Новым часе, ахоплівалі рэгіянальныя і часткова этнічныя сегменты. Усім вядома, што ў дзяржавах ВКЛ і часткова Польшчы існавалі не толькі этнічныя суб’екты, але, важней за ўсё, канфесійныя сегменты грамадства. Гэтая канфесійная сегментацыя стала нават падставай і крытэрам пошуку межаў гістарычных рэгіёнаў Еўропы. Адзін з аўтараў канцэпцыі Сярэдняй Еўропы як гістарычнага рэгіёну, Аскар Галецкі, усходнюю мяжу гэтай часткі Еўропы сумяшчаў з лініяй стыку каталіцкага і праваслаўнага абшараў. У такім выпадку мяжа рэгіёну Сярэдняй Усходняй Еўропы праходзіць праз сярэдзіну ВКЛ, г.зн. дзеліць яго на дзве часткі. Такое агульнае ўяўленне захавалася да нашых дзён. Напрыклад, Самуэль Хантынгтан мяжу не толькі Сярэдняй Еўропы, але і Заходняй цывілізацыі праводзіць па ўсходніх ускраінах этнічнай Літвы[1].

Аднак А. Галецкі не спыніўся ў сваіх разважаннях і менавіта ў гэтае абагульненае ўяўленне не змясціў інтэграцыйных працэсаў ВКЛ і часткова Польшчы, адным з найважнейшых з якіх была царкоўная унія. Таму, спецыяльна даследуючы праблематыку царкоўнай уніі ў фундаментальнай працы „Ад Фларэнцыі да Берасця“[2], ён трактаваў царкоўную унію як фенаменальную (што не мае аналагаў у іншых краях Еўропы) для Польшчы і Літвы, злучаных дынастычнай уніяй, праблему дзяржаваў, якую для яе грамадства ўзняло Крэўскае пагадненне. У канцэпцыі А.Галецкага маецца на ўвазе, што менавіта гэтыя дзяржавы былі адзінымі ў Еўропе, у якіх манарх–каталік меў асабліва шматлікую частку падданых праваслаўнай канфесіі. Гэтая фенаменальнасць, па словах Галецкага, у 1395—1396 і ў 1415—1418 г. зрабіла Вітаўта і Ягайлу еўрапейскага маштабу палітыкамі царкоўнай уніі. Яны сфармулявалі ідэю сусветнай уніі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і рымскім папам, якую можна было заключыць на царкоўным саборы[3].

Як вядома, у Фларэнцыі была дасягнута дамоўленасць адносна захавання догмаў і сваёй літургіі[4]. Калі гэтая унія правалілася, а туркі захапілі Канстанцінопаль, ідэя сусветнай уніі ніколі болей не ўзнімалася і праблема перамясцілася на ўзровень лакальных або рэгіянальных уній з асобнымі ўсходнімі цэрквамі. Такая унія і была рэалізавана ў 1596 г. у Берасці. Насамрэч Берасцейская царкоўная унія вяла да інтэграцыі ўсяго праваслаўнага грамадства, аднак яго найвышэйшы слой ужо быў дайшоў да уніі іншымі шляхамі, так званы інтэграцыйны механізм праваслаўнай арыстакратыі спрацаваў нашмат раней. Найбольш пашыранай аказалася інтэграцыйная мадэль, апісаная Станіславам Котам, калі праваслаўныя пераходзілі ў Рэфармацыю і з яе не вярталіся ў праваслаўе, але схіляліся ў каталіцызм. Іншая мадэль — праваслаўныя пераходзілі ў каталіцызм мінаючы Рэфармацыю. Аднак самае важнае, што была не адна спроба царкоўнай уніі, а цэлы працэс, якога не бачыла гістарыяграфія. Тут трэба вярнуцца да абмеркавання канцэпцыі А.Галецкага.

А.Галецкі ў манархіі Ягайлавічаў 1458—1503 г. убачыў варыянт рэалізацыі не лакальнай, а сусветнай царкоўнай уніі, які назваў аднаўленнем Фларэнційскай уніі[5]. Гэтае значэнне ён і звязваў з нанова прызначаным (намінацы 5 верасня 1458 г.) мітрапалітам новай Кіеўскай мітраполіі (асобнай ад Масквы) Грыгорыем Булгарам[6] (праунійных перакананняў), якога пасвяціў і канстанцінопальскі патрыярх, уніят у выгнанні Грыгорый Мамма паводле грэцкіх абрадаў.

Працэс царкоўнай уніі пасля смерці Грыгорыя, па словах Галецкага, залежаў ад таго, хто стане яго наступнікам і ці будзе ён прыняты рускімі епіскапамі ВКЛ[7]. На думку аўтара, іншыя мітрапаліты да 1503 г. — Місаіл (1473—1476), Сімяон (1480/1—1488), Іона (1488—1494), Макарый (1495—1497), Булгарынавіч (1498—1501) — таксама былі унійных поглядаў, бо іх падтрымліваў сам правіцель. І гэтыя мітрапаліты імкнуліся заставацца ў адзінстве з каталіцкім касцёлам ды рымскім папам, у той жа час зусім не парываючы сувязяў з канстанцінопальскім патрыярхам, які, будучы пад уладай туркаў, не мог вольна выяўляць свае перакананні.

Галецкі лічыць, што дзейнасць мітрапаліта Булгарыновіча была нібы цвёрдым акордам, які імкнуўся ўмацаваць сусветную царкоўную унію ў манархіі Ягайлавічаў. У дзейнасці гэтага мітрапаліта мы бачым усе суб’екты гэтай царкоўнай уніі: правіцеля ВКЛ Аляксандра, папу Аляксандра VI, віленскага біскупа Альберта Табора, канстанцінопальскіх патрыярхаў Ніфанта II і Яахіма I, а таксама самога мітрапаліта Булгарыновіча. Якраз удзел гэтых суб’ектаў і стаў для Галецкага крытэрам характарыстыкі сусветнай царкоўнай уніі (праўда, аўтар такой дакладнай дэфініцыі не прапаноўвае). Між тым рэгіянальная або лакальная царкоўная унія, заключаная ў Берасці ў 1596 г., ужо не мела істотнага суб’екта сусветнай царкоўнай уніі — канстанцінопальскага патрыярха.

Пасля дзейнасці Булгарыновіча болей спробаў царкоўнай уніі не было, так што Галецкі лічыць пераломным 1503 г., калі новым кіеўскім мітрапалітам стаў Іосіф Солтан. Хоць ні гэты, ні наступны мітрапаліт не дэкляравалі адмовы ад царкоўнай уніі, аднак і не шукалі блаславення папаў. Не відаць і больш інтэнсіўных сувязяў з канстанцінопальскімі патрыярхамі[8]. Таму А.Галецкі ад гэтага моманту ўважае працэс Фларэнційскай царкоўнай уніі спыненым.

Самае наватарскае назіранне Галецкага ў гістарыяграфіі разгляданай праблемы ў тым, што для яго і пасля 1503 г. існавалі традыцыі Фларэнційскай царкоўнай уніі[9]. Аўтар адзначыў некалькі фактаў, найважнейшы з якіх быў і важнай з’явай у ВКЛ — даклярацыя князя Юрыя Слуцкага аб адзінстве з каталіцкай царквой: з аднаго боку, ён у 1526 г. уфундаваў каталіцкі касцёл у Вясеі, з другога — па пытанні шлюбу з каталічкай звяртаўся да папы Клімента VII, прызнаючы яго вяршэнства і сцвярджаючы, што хоць жыве паводле грэцкіх абрадаў, але прызнае і каталіцкую веру[10]. Гэтая канцэпцыя А. Галецкага магла б быць дапоўнена як іншымі аўтарамі, так і новымі фактамі. Аднак засталося шмат няяснага для гэтага перыяду — не быў патлумачаны механізм, як гэтыя факты маглі суіснаваць і калі ж спыніўся працэс царкоўнай уніі. У гэтым выпадку А. Галецкі не ацаніў ці не развіў магчымых іншых канцэпцый царкоўнай уніі і засяродзіў увагу толькі на сувязі кіеўскіх мітрапалітаў з Рымам, аднак прызнаў, што магчымыя і асабістыя сувязі праваслаўных з папам.

Выглядае, што разгледжаны Галецкім працэс сусветнай царкоўнай уніі 1458—1503 г. у ВКЛ рэалізоўваўся паралельна з пошукамі новай мадэлі уніі, суб’ектамі якой сталі прадстаўнікі каталіцкага лагера. І гэта ўмоўна можна было б назваць працэсам лакальнай нефармальнай царкоўнай уніі, у якім дамінуюць суб’екты каталіцкага лагера: папа, правіцель, каталіцкія епіскапы і бернардзіны.

Гэтая з’ява стала больш выразнай пасля 1503 г., калі фіксуецца пасіўная роля мітрапалітаў, і да гэтага пытання мы яшчэ вернемся. Раней, калі суб’екты сусветнай царкоўнай уніі ў другой палове XV ст. былі актыўныя, праявы лакальнай царкоўнай уніі прыкрываў той працэс, які Галецкі называў адраджэннем Фларэнційскай царкоўнай уніі. Але і тады мелі месца пацверджаныя самім папам спецыяльныя ці індывідуальныя выпадкі празелітызму (напр., Солтаны, Іван Сапега, Міхаіл Глінскі). Гэтыя прыклады — як бы формы рэалізацыі сусветнай царкоўнай уніі, аднак яны ўжо мелі іншы, больш канкрэтны змест. У некаторых выпадках яны паказалі „большую“ унійнасць, чым формы царкоўнай уніі, прапагандаваныя патрыярхамі і мітрапалітам. Гэтае адрозненне ў змесце яшчэ болей заўважалася вачыма каталіцкіх суб’ектаў царкоўнай уніі ВКЛ — правіцеля і епіскапаў, тым больш што тыя дэманстравалі самастойныя пазіцыі з пункту погляду царкоўнай уніі. Тут мусіла найбольш вырашаць пазіцыя правіцеля.

Фларэнційская унія, як вядома, захавала былым праваслаўным іх грэцкія абрады, але разам з тым патрабавала іх пераходу да каталіцкай дагматыкі, аднак пакінула шырокую шкалу інтэрпрэтацыі гэтых рэчаў: ад прызнання фармальнага прымата папы ў рамках пентархіі, якое задавальняла праваслаўных,  да рэалізацыі дагматычных тонкасцяў. Аднак застаецца зусім няясным, які магчымы механізм кантролю, каб ні адны, ні другія не пераступілі прадугледжанай Фларэнційскай уніяй шкалы, і тым больш незразумела, што канкрэтна трэба кантраляваць, калі формулы кампрамісныя. І тут узнікла імкненне каталіцкіх епіскапаў хрысціць праваслаўных другі раз.

Апошняе патрабаванне каталікоў пры рэалізацыі царкоўнай уніі нават не было абмеркавана на Фларэнційскім саборы, таму з пункту погляду праваслаўных дамаганне другога хрышчэння магло інтэрпрэтавацца сярод іх як самавольства каталіцкага духавенства. Апрача таго, былі розныя канцэпцыі царкоўнай уніі не толькі між праваслаўных і католікаў, але і ў самім каталіцкім лагеры.

У літоўскай гістарыяграфіі Віктарас Гіджунас, а таксама Рыта Трыманене звярнулі ўвагу, што ў другой палове XV ст. у працэсе ажыццяўлення царкоўнай уніі былі два лагеры: на адным баку — бернардзіны, кароль Казімір і праваслаўны мітрапаліт, якія не патрабавалі другога хрышчэння ад праваслаўных, з другога — польскія і літоўскія епіскапы, якія патрабавалі перахрысціць схільных да царкоўнага адзінства праваслаўных.

Бернардзіны, жадаючы пазбегнуць магчымых абвінавачванняў з боку каталіцкага духавенства ў тым, што яны пускаюць у свае касцёлы праваслаўных, дамагліся ад папы ў ліпені 1475 г. булы, якая давала ім права пускаць у свае касцёлы хрысціян грэцкага абраду[11]. Пры гэтым, жадаючы запэўніць праваслаўных у эфектыўнасці уніі, бернардзіны пачалі выдаваць літургічныя кнігі, у якіх „былі б выпраўлены памылкі праваслаўных“ (па словах В.Гіджунаса, друкаванне серыі кніг на царкоўнаславянскай мове было распачата ў друкарні Фіёля Швайпольта ў Кракаве, праўда, да канца гэта не ажыццявілася)[12]. Аднак гэтая ініцыятыва бернардзінаў была стрымана каталіцкімі біскупамі. Нягледзячы на спробы бернардзінаў прывесці праваслаўных у царкоўнае адзінства, у жыцці было інакш — каталіцкія святары патрабавалі ад праваслаўных другога хрышчэння або дакумента, які пацвярджаў гэты факт. Гэта паказаў прыклад Аляксандра Солтана. Той, калі хацеў прыняць у віленскай катэдры камунію, але не меў пасведчання, што навярнуўся ў каталіцызм, быў аблаяны ксяндзом: „Не ахрышчаны другі раз сабака пасмеў наблізіцца да Божага стала“[13]. А Р.Трыманене звярнула ўвагу на тлумачэнне сакратара вялікага князя Аляксандра віленскага плябана Эразма Цёлка, што „русіны, прызнаўшы царкоўную унію, але не прыняўшы сакраменту Святога Хрышчэння, толькі ўмацавалі свае памылкі. У дзень смерці яны клічуць братоў францішканаў абсервантаў — імі яны і былі ўведзеныя ў зман, — каб ім аказалі паслугу[14]. Значыць, каталіцкая ерархія ВКЛ па–свойму інтэрпрэтавала палажэнні сусветнай Фларэнційскай уніі і разам з тым не прыняла яе. Яна мела сваю мадэль царкоўнай уніі — праваслаўныя, якія вярнуліся ў царкоўнае адзінства, павінны нанова пахрысціцца. Такім чынам, гэтыя розныя канцэпцыі царкоўнай уніі мусілі б адпавядаць паняццю А.Галецкага адраджэння сусветнай царкоўнай уніі. Аднак гэта не так, быў паралельны працэс. Дзейнасць Казіміра і бернардзінаў, змест ліста Місаіла 1476 г. адлюстроўваюць ажыццяўленне палітыкі царкоўнай уніі паміж праваслаўнымі. Сігнатары ліста спрачаліся з–за другога хрышчэння, дамагаючыся больш якаснай царкоўнай уніі.

У другой палове XV ст. ініцыятыва царкоўнай уніі была ў руках манарха, бо ад яго залежаў выбар мітрапалітаў[15]. Высвятляецца, што ад гэтага моманту царкоўная унія фармавалася ўжо на ўзроўні каталіцкіх суб’ектаў. Пра інтэграцыю праваслаўных сведчылі папскія пасланні. Папа Сікст IV 31 жніўня 1481 г. выдаў булу, якой прадпісвалася прытрымлівацца рашэнняў Фларэнційскай уніі[16]. Яе паўтарыў 19 чэрвеня 1487 г. і папа Інакенцій VIII, дазволіўшы прымаць новых вернікаў, якія вярталіся пад апеку бернардзінаў, даваць ім адпушчэнне грахоў і не патрабаваць другога хрышчэння[17]. Такія ж пажаданні былі выказаны ў буле папы Аляксандра VI 23 жніўня 1501 г. віленскаму біскупу Альберту Табору[18].

Такім чынам, ці не маглі б мы аднесці ўжо да часаў панавання Казіміра вытокі лакальнай уніі, рэалізаванай у Берасці? А калі унійную арыентацыю мітрапалітаў перанялі не толькі праваслаўныя епіскапы, але і, верагодней за ўсё, праваслаўныя магнаты, то, магчыма, трэба было б гаварыць пра рэалізацыю царкоўнай уніі толькі на ўзроўні найвышэйшага слою праваслаўных?

У перыяд праўлення Аляксандра Кіеўская мітраполія была абяцана Іосіфу Булгарыновічу з той умовай, што той будзе працаваць на карысць уніі[19]. Высвятляецца, што місія гэтага мітрапаліта — умацаваць мадэль сусветнай царкоўнай уніі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тым больш што ў той час суб’екты такой уніі асабліва яркія: з аднаго боку — патрыярх, мітрапаліт і праваслаўныя епіскапы, з другога — каталіцкая лінія: папа, дзяржаўны ўладар і каталіцкія епіскапы. Аднак у гэты перыяд прыкметна пазначылася больш радыкальная спроба царкоўнай уніі — інтэграцыйны механізм праваслаўнай знаці.

Польскі гісторык Юзаф Марошак[20] бачыць у перыядзе 1495—1503 г. цэлы рух рэалізацыі царкоўнай уніі, і ў гэтым працэсе ён заўважае самую радыкальную форму царкоўнай уніі — стварэнне адзінай царквы абодвух абрадаў (тады як уніяцкая царква паводле пастановаў Берасцейскага сабору — царква, паслушная папу, але з асобнымі храмамі). Магчыма, Марошак памыляецца ў тым сэнсе, што царкоўнай уніяй лічыць радыкальную кананічную (а не арганізацыйную!) форму уніі — ідэю адзіных малітоўных дамоў, узнятую Іванам Сапегам і рэалізаваную ў Іказні[21]. Ажыццяўленне гэтай ідэі Марошак убачыў і ў фундацыях Аляксандра Хадкевіча ў Супраслі, а пазней у Мажэйкаве і Сынкавічах[22]. Аднак згаданы аўтар не звяртае ўвагі, што праект Івана Сапегі, згодна з якім храмы падпарадкоўваліся правіцелю і віленскаму епіскапу, пакідае ў адзіноце ерархію праваслаўнай царквы[23] Булгарыновіча, калі ён, хочучы стаць кардыналам, імкнуўся стварыць асобную уніяцкую мітраполію ВКЛ[24]. Аўтар зрабіў выснову, што праект Булгарыновіча быў нерэальны і выклікаў нездаволенасць ерархаў каталіцкага касцёла.

Такая магчымая аўтакефалія (у царкоўным сэнсе) абыходзіла б ерархію яе каталіцкай царквы рангам саноўнікаў, што само сабой адкрывала шляхі прэтэнзіям да Паноў–рады. У гэтым былі асабліва незацікаўленыя каталіцкія епіскапы.

Перспектыўнасць двух праектаў царкоўнай уніі — Іосіфа Булгарыновіча ды Івана Сапегі — дазваляе інакш уявіць лёс царкоўнай уніі пазней, пасля Булгарыновічавага праўлення мітраполіяй. Калі для Марошка са смерцю апошняга царкоўная унія закончылася, а для Галецкага гэтая традыцыя царкоўнай уніі заняпала, то таму, што абодва гісторыкі звярнулі ўвагу на пазіцыі мітрапалітаў адносна Св.Рыма[25].

Як бы там ні было, здаецца, што такі характар гэтай рэвалюцыйнай перамены падтрымлівалі, нават не ўхваліўшы праект Булгарыновіча, яе праціўнікі — і Аляксандр, і Жыгімонт Стары. Скарыстаўшыся гэтай пераменай, яны перанялі не толькі намінальную, але і рэальную ролю кіраўніка праваслаўнай царквы ВКЛ, тым самым пакінуўшы мітрапаліта ВКЛ Іосіфа Солтана (таксама і пазнейшых мітрапалітаў) у баку ад праблемы царкоўнай уніі. Гэта якраз дазволіла б высветліць, чаму вакол Супрасльскай фундацыі заставаўся смаленскі епіскап Іосіф Солтан, які, стаўшы мітрапалітам, лічыўся праціўнікам царкоўнай уніі ці, прынамсі, ужо абыякавым да яе. З гэтага выцякала б, што мітрапаліты сталі непатрэбнымі, бо функцыі правіцеля дзяржавы незвычайна выраслі.

Такім чынам была знойдзена цудоўная магчымасць задаволіць інтарэсы сусветнай праваслаўнай эліты і „абысці“ забароны Гарадзельскіх артыкулаў. У такой сітуацыі мы маглі б сцвярджаць, што існуе царкоўная унія на ўзроўні манарха (або на ўзроўні яго двара), калі праваслаўны канстанцінопальскі патрыярх становіцца толькі намінальным кіраўніком праваслаўных ВКЛ, а рэальным кіраўніком праваслаўных робяцца ўладары–каталікі[26].

Значыць, гэтыя абставіны аддаюць ідэю царкоўнай уніі ў ВКЛ у рукі каталіцкіх ерархаў, і яна зусім не залежыць ад пазіцыі канстанцінопальскіх патрыярхаў. Гэта дазваляла б адказаць і на шэраг пытанняў: навошта далей падтрымліваецца будаўніцтва супрасльскай царквы[27], хоць існуе забарона будаўніцтва цэркваў, дазвол на якое мусіў прасіць не толькі Канстанцін Астрожскі[28], але і прадстаўнік літоўскага каталіцкага роду Юрый Рыгоравіч Осцік, які без дазволу правіцеля пабудаваў у Анікшчай царкву і як незаконную мусіў яе па ўказу Жігімонта Старога ад 8 ліпеня 1529 г. разбурыць[29]; чаму ў рамках той самай эстэтычнай і канфесійнай праграмы будуюцца цэрквы ў Мажэйкаве і Сынкавічах; чаму можна гаварыць пра фундацыю царквы абодвух абрадаў у Туросне (важную крыніцу ўказвае Марошак — адшуканы дакумент царквы ў Туросне 23 красавіка 1515 г., які сведчыць, што гэтая святыня павінна служыць усім, хто знаходзіцца ў яднанні з рымскай каталіцкай царквой)[30].

Выказаўшы гіпотэзу, што царкоўная унія і яе прыхільнікі не маглі знікнуць ужо ў часы Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста (яе пакінулі толькі мітрапаліты і праваслаўныя епіскапы), А.Галецкі паказвае працэс царкоўнай уніі ў гэты перыяд толькі працягам яе традыцый (напрыклад, шлюб князя Юрыя Слуцкага з каталічкай Аленай Радзівіл)[31]. Гэта дазваляе думаць, што ў дзяржаве ўжо існавалі не толькі проста праваслаўныя, але і праваслаўныя уніяты, ці каталікі грэцкага абраду.

У гэтым кантэксце трэба было б прыгадаць Францішка Скарыну, якога ўжо лічылі уніятам[32]. Яго творчая дзейнасць (кнігавыдавецтва) мела не толькі русінскую (праваслаўную), але і каталіцкую арыентацыю, што дазваляе думаць пра яго унійную пазіцыю. Пры гэтым якраз у 1526 г. у акце фундацыі Юрыем Слуцкім царквы ў Вясеі між сведак згаданы слаўны доктар „Францішак“[33]. Так што ці трэба большае супадзенне — уніят пры уніяце!

Спрабуючы выявіць працэс лакальнай нефармальнай царкоўнай уніі ў часы Жыгімонта Старога, нагадваем, што палажэнням папы Аляксандра VI працівіліся святары (асабліва польскія), якія дамагаліся захавання патрабавання перахросту. Таму булу, выдадзеную 23 жніўня 1501 г. Аляксандрам VI, забараніў папа Леан Х у 1515 г. на Латэранскім саборы[34]. Аднак самае важнае, што да гэтага пытання зноў вярнуліся 2 лютага 1521 г., калі ў дэкрэце папскага легата Захарыюса Ферэры загадана „прытрымлівацца інструкцыі булы папы Аляксандра VI (23.08.1501), вярнуўшы ёй поўную сапраўднасць“[35]. На падставе гэтага мы можам сцвярджаць, што дух ідэі лакальнай нефармальнай царкоўнай уніі ў пачатку трэцяга дзесяцігоддзя XVI ст. быў жывы і актуальны, бо каму трэба паўторна выдаваць інструкцыю, калі, скажам, увогуле няма з’явы ці працэсу уніі?

Яшчэ трэба было б звярнуць увагу на шырэйшы працэс рэалізацыі нефармальнай лакальнай царкоўнай уніі, які прывёў праваслаўных не толькі ды уніі, але і да каталіцтва. На гэта быццам указвае шэраг прыкладаў пераходу праваслаўных у адзінства каталіцкай царквы: у 1533 г. самы значны слой шляхты Холма „перайшоў з рускіх абрадаў у рымскую царкву“[36]. Як відаць з натарыяльнага акта гнёзненскага арцыбіскупа Яна Ласкага ад 3 ліпеня 1516 г. пра перадачу булы папы Леана Х віленскаму біскупу Альберту, у пасланні не толькі згадваецца пра індульгенцыі Жыгімонту Старому за яго заслугі перад каталіцтвам, але і гаворыцца пра схіленне праваслаўных у „ac sepius scismatici et Rutheni ad Catholica fidem reverterentur“ і г.д.[37] Гэтая інфармацыя яшчэ раз пацвердзіла б нашую гіпотэзу, што ў царкоўную унію перайшоў толькі найвышэйшы слой праваслаўнай шляхты, таму было б магчыма казаць пра фактычную царкоўную унію праваслаўнай эліты.

У той жа час, зазірнуўшы ў „праваслаўны“ корпус кіраўнічай эліты і эмпірычна абгрунтаваўшы яе канфесійную пазіцыю, стане ясна, што ў асяроддзі правіцеля месца для праваслаўя быццам не застаецца: у часы Казіміра ў эліце або ўсе каталікі, або праваслаўныя як выразныя прыхільнікі царкоўнай уніі — Ян Хадкевіч[38] і Солтаны[39]. Ужо Р.Трыманене абгрунтавала уніяцкасць Аляксандра Солтана. Інфармацыю, што ён прыняў апеку каталіцкага касцёла без другога хрышчэння ад самога папы Паўла II, знаходзім у апісаннях Эразма Цёлка[40]. Тамсама згаданы і брат Аляксандра Солтана Івашка, якому папа Сікст IV 19 лістапада 1471 г. даў прывілей, што сведчыць пра яго уніяцтва[41].

У часы праўлення Аляксандра ў палітычнай эліце мы сапраўды бачым тых самых дзеячоў эпохі Казіміра Ягайлавіча. Пацверджана дакументамі прызнанне каталіцтва Іванам Сапегам і яго пераход у унію[42]. У часы Жыгімонтаў Старога і Аўгуста ў авангардзе працэсу царкоўнай уніі быў род Хадкевічаў, які ператварыў інтэграцыю часткі грамадства праваслаўнага паходжання (асабліва яе найвышэйшага слою) у працэс фармавання палітычнага народа ВКЛ.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў XVI ст. у ВКЛ без законнага афармлення існавала нефармальная лакальная царкоўная унія. Да яе юрыдычнай легітымацыі, як вядома, дайшло ў Берасці.

З літоўскай пераклаў У.Свяжынскі


[1] Huntington S. P. The clash of civilization //Foreign Affairs, 1993.
[2] Halecki O. Od unii Florenckiej do unii Brzeskiej/ Pod red. J. Kłoczowskiego, 1—2, Lublin, 1997.
[3] Halecki O. Od unii…, s.33—46. Параўн. Trajdos T.M. Metropolici kijowscy…, s. 226—232; Kłoczowski J. Jagiełło i Witold wobec prawosławnych: próba ich dowartościowania w 1417 r., s. 174—179.
[4] Сэнс Фларэнційскай царкоўнай уніі ў дасягненні кампрамісу па асноўных тэалагічных пытаннях. Так, праваслаўныя прызналі Vicarius Christi паводле пастаноў грамадскіх сходаў і Свяшчэнных канонаў, г. зн. папа быў прызнаны ерархічна першым сярод пяці (пасля яго ішлі патрыярхі: канстанцінопальскі, александрыйскі, антыяхійскі і ерусалімскі); прызнаная традыцыя еўхарыстыі абедзвюх цэркваў (г.зн. заходняй — няквашанага хлеба, а ўсходняга абраду — квашанага), пацверджана практыка сакраменту хрышчэння абедзвюх цэркваў; Усходняй царкве пакінута права па–свойму інтэрпрэтаваць чысцец, абмеркавана пытанне Filioque і, нарэшце, абедзвюм цэрквам былі пакінутыя асобныя абрады.
[5] Halecki O. Od unii…, s.116—137.
[6] Тамсама, s.119—122.
[7] Тамсама, s. 136.
[8] У сучаснай літаратуры гэтая сітуацыя характарызуецца як пакіданне польска–літоўскай праваслаўнай царквы на волю лёсу. Гл.: Kumor В. Historia Kościoła, 4. Lublin, 2003, s. 223—227.
[9] Halecki O. Od unii…, s.167—192.
[10] Тамсама, s.181—182.
[11] KDKW, Nr. 292, s. 340—341.
[12] Гл.: Gidžiūnas V. Pranciškonų, observantų–bernardinų gyvenimas… p. 114.
[13] Kutrzeba J., Fijałek J. Kopiarz rzymski Erazma Ciołka. Archivum Komisji Historycznej, 1, ser. 2., Kraków, 1924, s. 77.
[14] Trimonienė R.R. Katalikų bažnyčios politika, p. 337.
[15] Можна сцвярджаць, што лёс царкоўнай уніі залежаў не толькі ад таго, хто будзе яе паслядоўнікам і ці ён будзе прызнаны, але перш за ўсё ад пазіцыі ўладара. Факт, што Казімір груба адверг „сватанне“ канстанцінопальскім патрыярхам мітрапаліта Спірыдона і абраў кіеўскім мітрапалітам полацкага епіскапа Сімяона, зразумела, лаяльнага да сябе, а тым самым і да папы рымскага, як бы сведчыў, што Казімір у той час відавочна павінен быў пераняць ініцыятыву царкоўнай уніі ў свае рукі. Бо абраны праваслаўнымі епіскапамі ў 1489 г. наступным мітрапалітам кіеўскім полацкі епіскап Іван Глезна таксама быў пацверджаны перш за ўсё Янам Казімірам, і толькі пасля гэтага звярнуліся да канстанцінопальскага патрыярха дзеля яго высвячэння.
[16] KDKW, Nr.319—378; Пра гэта гл.: Gidžiūnas V. Pranciškonų, observantų–bernardinų gyvenimas… p.111; Kantak K. Bernadyni Polscy, (1453—1572), 1, Lwów, 1933, s.163—165.
[17] Gidžiūnas V. Pranciškonų, observantų–bernardinų gyvenimas… p.110—112; Kantak K. Bernadyni Polscy, (1453—1572), 1, s. 165—166.
[18] KDKW, Nr.503, s.611—613; Trimonienė R.R. Katalikų bažnyčios politika, p.337.
[19] Голубинский Е. История русской церкви, с. 447—448; Никольский Н. История русской церкви, с. 164—165.
[20] Пра гэта гл.: Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej…, s.1—15; яго ж: Pogranicze Litwy i Korony…, s.116—155.
[21] В.Гіджунас першы ў гістарыяграфіі звярнуў увагу на ўфундаваны Іванам Сапегам у 1501 г. у Іказні храм, прызначаны для абрадаў дзвюх канфесій — каталіцкай і праваслаўнай: Gidžiūnas V. Pranciškonų, observantų–bernardinų gyvenimas… p.117. Параўн. Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej…, s.10; Černius R. Konfesinis ir politinis XV a. pabaigos bažnytinės unijos aspektas…, p. 252.
[22] Аўтар звяртае ўвагу і на архітэктуру згаданых цэркваў, у якой аб’яднаныя элементы візантыйскага і гатычнага стыляў. Гл.: Pogranicze Litwy i Korony…, s.137—138, 145—149.
[23] Праўда, застаецца няясным пытанне, ці праграма І.Сапегі была выкананая „літара ў літару“ , г. зн. — захаваліся грэцкія абрады ці давялося перайсці на лацінскія. Адны даследчыкі могуць гэта трактаваць як зробленае каталіком, хоць і не патрабуючы хрышчэння, а іншыя — што гэта толькі паслушэнства каталіцкаму касцёлу. Паўстае яшчэ адно пытанне — калі ўсё ж практычныя абрады захаваныя, то ці дапушчаныя яны ў каталіцкія храмы? І наадварот — як у цэрквах, ці павінны уніяты дапускаць каталіцкія абрады? Гэтыя пытанні пакідаем для будучых даследаванняў.
[24] Černius R. Konfesinis ir politinis XV a. pabaigos bažnytinės unijos aspektas…, p. 256—257.
[25] Між тым, з назіранняў Чарнюса як бы выцякае, што калі ні папа, ні ерархія каталіцкай царквы не былі зацікаўленыя ў арганізацыйным радыкалізме мітрапаліта Булгарыновіча, то яны якраз маглі ўхваліць кананічны радыкалізм. Праўда, гэты кананічны радыкалізм з пункту погляду праваслаўных нават варожы, бо прыкметна бліжэйшы каталіцтву, якое, не патрабуючы другога хрышчэння, прымае праваслаўных пад сваю апеку. Параўн. Černius R. Konfesinis ir politinis XV a. pabaigos bažnytinės unijos aspektas…, p.257.
[26] Такую тэндэнцыю, калі ў XVI ст. інстытут кіеўскага мітрапаліта перажыў заняпад і роля патрыярха аслабела, а ўлада правіцеля ВКЛ узрасла ў прызначэнні мітрапалітаў, адзначыў Барыс Гудзяк. Гл.: Gudziak B.A. Crizis and Reform, The Kyivan Metropolitante the Patriarche of Constantinople and the Genesis of the Union of Brest, 1998, c.59—62.
[27] Юзаф Марошак лічыць, што будаўніцтва супрасльскай царквы, верагодней за ўсё, падтрымліваў і Аляксандр Казіміравіч, бо аднаму Аляксандру Хадкевічу такая будоўля наўрад ці была ў эканамічным сэнсе пад сілу. Гл.: Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej…, s. 6.
[28] Як вядома, К.Астрожскі на полі Аршанскай бітвы выпрасіў у Жыгімонта Старога дазвол на будаўніцтва дзвюх цэркваў у Вільні. Шырэй гл.: Fijałek J. Opisy Wilna, s. 137—146.
[29] Trimonienė R.R. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė ir Vidurio Europa XV—XVI sandūroje, Šiauliai, 1996, p.66.
[30] Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej…, s.11. Аўтар спасылаецца на Цэнтральны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне, ф.34, воп.2, к.273, к.7—8.
[31] Асабліва важна тое, што аўтар звярнуў увагу на зварот князя Юрыя Слуцкага па пытанні шлюбу да папы Клімента VII, які адзначыў, што „гэты (кн. Слуцкі. — Г.К.) жыве паводле абрадаў і звычаяў грэцкай і ўсходняй царквы, аднак, пры гэтым, прызнае каталіцкую веру“. Гл.: Halecki O. Od unii…, s.182.
[32] Розныя канцэпцыі канфесійнай арыентацыі Францішка Скарыны ў гістарыяграфіі абмеркаваў Г.Лаўмяньскі (гл. яго публікацыю ў Ateneum Wileńskie, Wilno, 1925, z. 9, s.161—179). Уся эпоха Скарыны — аспекты яго жыцця, індывідуальнасці, творчай дзейнасці адлюстраваныя ў спецыяльным зборніку артыкулаў: Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў першых Скарынаўскіх чытанняў (1986). Укл. А.І.Мальдзіс. Мінск, 1989.
[33] Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Мінск, 1988, с. 84—85: Praesentibus uenerabilibus, honorabili et nobilibus d[omi]nis Iacobo Staszkowsky, scholastico Uilnen[si] nec non Cra[couiensi], Sandomirien[si] ecclesiarum canonico, cancellario n[ost]ro Ioanne Syluio Amato, iuris utriusq[ue] doctore, canonico n[ost]ro Uilnensi et officiali generali, Georgio Chwalkowsky, in Ozie[ro]sdy et Lintupie plebano, uicethesaurario n[ost]ro, nec non Petro Goznisky, curiae n[ost]rae marschalco et egregio uiro domino Francisco, medicinae doctore, testibus ad praemissa uocatis et rogatis“ (папраўлена мной. — Г.К.).
[34] Fijałek J. Pierwszy synod diecezji wileńskiej // Kwartalnik teologiczny Wileński, 1, 1923, s. 84.
[35] Тамсама. Параўн.: Chodynicki K. Kościoł prawosіawny…, s.83.
[36] Макарий, История русской церкви, 5, с. 165.
[37] MAB RS, Ф.6, дак. 107, 109; Trimonienė R.R. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė…, р.68.
[38] Параўн. Mironowicz A. Kościół prawosławny w państwie Piastów i Jagiełłonów, s. 195—196.
[39] Trimonienė R.R. Aleksandras Soltanas — XV a. piligrimas // Mokslas ir gyvenimas, 1991, Nr. 2, p. 13. Параўн.: Paravicini A. u. W. Alexander Soltan ex Lithuania ritum grecorum sectans. Eine ruthenisch–polnische Reise zu den Höfen Europas und zum Heiligen Land 1467—1469 // Zwischen Christianisierung und Europäisierung: Beiträge zur Geschichte Osteuropas in Mittelalter und Früher Neuzeit. Festschrift für Peter Nitsche zum 65.Geburtstag, hrsg. von E.Hьbner, E. Klug und J. Kusber, Stuttgart, 1998, s.367—401.
[40] Kutrzeba S., Fijałek J. Kopiarz rzymski…, s.75: „Soltan unus ex primoribus ducatus Lithuanie, frater germanus dicti Ivaszko, ad unionem suspectus per papam Paulum Rome sine baptismate, verum litteras non accepit, ubi abiuratis erroribus Grecorum et voto firmans, quod subiectus et fidelis Romane ecclesie esse debuit, manibus dicti pape communicatus est; iuramentum vero hoc circa baltei Jerosolimitani acquisitionem apud sepuchrum dominum repetivit“.
[41] Тамсама, с. 73—74: „Soltanus quidam nomine a Paulo II et Iwasco germanu eisu ex Lithvania primores inter Rutenos, ambo a Sixto IV ambo suscepti et bulli patentibus in suopse ritu manerer“. Параўн.: Halecki O. Od unii…, s.140—141.
[42] Выпадкі пераходу згаданых Івашкі Солтана і Івана Сапегі на бок царкоўнай уніі прыгаданыя ў трактаце 1501 г. Elucidarius errorum ritus Rutheni. У 1492 г. у лісце папы Інакенція польскаму каралю Яну Альбрэхту напісана: „venit ad urbem Romam dilectus filius Ioannes Sapiha, familiaris tuus, qui abiurata haeresi ellius pravitate deposita, ad catholice fidem et unionem sanctae nastrae ecclesiae rediit, et nunc nostra benedictione habita, ad te reverti statuit…“ Гл.: Jaroszewicz J. Obraz Litwy, 2, Wilno, 1844, s.33, 181. Параўн.: Макарий, История русской церкви, 9, с. 95—96.

Наверх

Андрэй Катлярчук. Другая Паўночная вайна і апошняя шведская аперацыя ў ВКЛ: аблога Берaсця 1657 г. і спрэчка за места

28 снежня, 2005 |


6 студзеня 1656 г. у месце Раднот (Radnot)[1] Швецыя і Трансільванія (таксама і ад імя сваіх некаталіцкіх хаўруснікаў) уклалі дамову пра вайсковы саюз ды падзел Рэчы Паспалітай. Ад Швецыі яе падпісалі Цэлестын Штэрнбах (Celestin Sternbach) і Готард Велінг (Gotthard Velling), ад Трансільваніі — Янаш Кемень (János Kemény) і Міхай Мікеш (Mihály Mikes). У перамовах таксама бралі ўдзел паслы Прусіі і Багуслава Радзівіла — Ян Мяржэнскі і Стэфан Нямірыч. 18 артыкулаў дамовы — першы ў гісторыі дасканалы план скасавання Рэчы Паспалітай шляхам яе падзелу паміж Швецыяй, Трансільваніяй, Прусіяй, партыяй Багуслава Радзівіла і Ўкраінскім гетманатам[2].

Хаўруснікі падзялілі паміж сабой большую частку Вялікага Княства Літоўскага. Швецыя атрымала Жамойць, Ковенскі, Вількамірскі, Упіцкі, Браслаўскі паветы, а таксама часткі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў уздоўж Дзвіны. Апрача таго, да Швецыі адыходзіла „ўсё Падляшша“ па абодва бакі Буга (гэта значыць, яго польская і літоўская часткі) і літоўска–польскія Інфлянты. Да Трансільваніі адышло Берасцейскае ваяводства. Пытанне акупаваных Расіяй і Ўкраінай усходніх паветаў ВКЛ не разглядалася. Рэшту заходняй часткі Вялікага Княства атрымаў Багуслаў Радзівіл, у спадчынную дзяржаву якому перадавалася Наваградскае ваяводства „з усім, што да яго дагэтуль адносілася, дзе б яно ні размяшчалася, у валоданне па праву вышэйшасці“ (Pro principe Radzivilio Palatinatum Novogrodensem, cum aliis antehac ad ipsum spectantibus, ubicunque, sitae sint, jure superioritatis possidendis).

Згодна з дамовай, увесну 1657 г. планаваўся паход Швецыі і Трансільваніі на Рэч Паспалітую — з мэтай яе канчатковага падзелу. Спрэчным пытаннем стаў удзел у паходзе кааліцыі Багуслава Радзівіла і Ўкраінскага гетманата, „пакрыўджаных“ Радноцкай дамовай. Паранены (8 кастрычніка 1656 г.) у бітве пад Просткамі (Prostken/Prostki) і захоплены ў палон саюзным войскам ВКЛ і Крымскага ханства, Багуслаў Радзівіл пасля вызвалення шведамі (22 кастрычніка 1656 г.) знаходзіўся ў Прусіі. Паколькі два палкі Радзівіла панеслі ў бойцы значныя страты, яго палітычны ўплыў і міжнародная вага значна знізіліся. Як паслы ў Радноце ні баранілі інтарэсы Багуслава Радзівіла, яму быў перададзены толькі Наваградак — замест трох патрабаваных земляў[3]. Да таго ж, добрую палову Наваградскага ваяводства ўжо складала Радзівілава спадчыннае Слуцкае княства. Наваградская шляхта, вялікі ўплыў у якой мелі пратэстанты і праваслаўныя, падтрымлівала рашэнне стварыць з ваяводства асобную дзяржаву. У такім выпадку Наваградак (старажытная сталіца ВКЛ, да 1596 г. — адна з цэнтральных рэзідэнцый праваслаўнага мітрапаліта) аднавіў бы свой сталічны статус. Тым не менш, Багуслаў Радзівіл застаўся незадаволены вынікамі Радноцкай дамовы: яго пасол Ян Мяржэнскі апpатэставаў іх, апелюючы да кейданскіх перамоваў 1655 г. У сакавіку 1657 г. Ян Мяржэнскі вёў напружаныя перамовы ў Эльблонгу (Elbing/Elbląg) са шведскімі дыпламатамі Крыстоферам Карлам фон Шліпенбахам (Christoffer Carl von Schlippen–bach) і Матыясам Б’ёрнклоў (Matthias Björnklou). Галоўным пытаннем было далучэнне да дзяржавы Багуслава Радзівіла Берасцейскага павету і паўночнай часткі Падляшша. Адстойваючы правы Радзівіла на гэтыя абшары, Ян Мяржэнскі спасылаўся на жнівеньскія дамовы 1655 г. паміж Дэ ля Гарды і Багуславам Радзівілам. У рэшце рэшт дзяржаўны дарадца Матыяс Б’ёрнклоў пагадзіўся з прэтэнзіямі Радзівіла на паўночнае Падляшша і паабяцаў y будучыні далучыць да дзяржавы Радзівіла Берасце[4]. Толькі тады Багуслаў Радзівіл загадаў скіраваць у кааліцыйнае войска ўласны полк у 800 вершнікаў на чале з Эберхардам Путкамерам. Шведы былі зацікаўлены не столькі ў колькасці жаўнераў палка, колькі ў прыналежнасці іх да мясцовай шляхты. Радзівіл, які быў у добрых дачыненнях з Хмяльніцкім, спадзяваўся на падтрымку гетмана ў спрэчцы з Трансільваніяй за Берасце.

Такім чынам, у лютым 1657 г. Швецыя і яе хаўруснікі пачалі новую вайну супраць Рэчы Паспалітай. 1 красавіка Карл X аб’яднаўся з войскам Трансільваніі і ўкраінскімі казакамі ў польскай вёсцы Цьмелуў (Ćmielów), недалёка ад Ракува (Raków), колішняга цэнтра польскіх арыянаў. Трансільванскае войска (каля 24 тыс. жаўнераў) узначальваў князь Д’ёрдзь II Ракацы (György II Rákуczi). Аддзеламі кіравалі генералы Ферэнц Ішпан (Ferenc Ispán), Петэр Гусар (Péter Huszár) і Янаш Кемень. Украінскае войска (ад 6 да 20 тыс. жаўнераў) ачолілі палкоўнікі Антон Ждановіч (у шведскіх крыніцах — Antonio Sdanowitz) ды Іван Багун[5].

Шведска–прускім войскам з 7 тыс. жаўнераў кіраваў уласна Карл X. На чале шведскіх аддзелаў (4 тыс. жаўнераў) стаялі: брат караля генерал Адольф Ёган (Adolf Johan av Pfalz), генералы Якаб Казімір Дэ ля Гарды (Jacob Kasimir De la Gardie) і Юры Нямірыч, палкоўнік Ёган Бенедыкт фон Шонлебен (Johan Benedikt von Schönleben)[6]. Прускія аддзелы (каля 3 тыс. жаўнераў) узначальваў генерал Георг фон Вальдэк (Georg von Waldeck). Таксама да шведскага войска быў далучаны полк Багуслава Радзівіла. Сам Радзівіл, цяжка паранены ў галаву, у Берасцейскай аперацыі не ўдзельнічаў. Тым не менш, каб адстаяць свае правы на Берасце, ён разгарнуў актыўную дыпламатычную дзейнасць з Прусіі.

Пасля трыумфальнага захопу Малой Польшчы хаўруснікі скіраваліся ў бок ВКЛ, на Падляшша. Карл X зрабіў сваім станам мястэчка Радзівіла Венгруў (Węgrów) — пратэстанцкі цэнтр Падляшша. У ім 1 траўня 1657 г. кароль Швецыі атрымаў вестку, што войскі ВКЛ і Польшчы пераправіліся цераз Буг і рухаюцца ў бок Берасця. Кіраўніцтва кааліцыі вырашыла пайсці за імі.

Тактычнай мэтай аперацыі было знішчэнне 12–тысячнага войска ВКЛ на чале з Паўлам Сапегам і польскай арміі на чале з гетманам Станіславам Патоцкім (Stanisław Potocki). Тыя атабарыліся ў Берасці, чакалі там дывізію левага крыла, што на чале з Вінцэнтам Гансеўскім рухалася са Жмудзі. Хуткі наступ шведскай кааліцыі разбурыў планы гетманаў: войскі Княства адышлі ад Берасця ў Кобрын без Гансеўскага[7].

Стратэгічнай мэтай аперацыі была ліквідацыя галоўнай базы Яна Казіміра ў ВКЛ. Берасце 1655—1657 г. было цэнтрам патрыётаў на чале з Паўлам Сапегам. 27 студзеня 1657 г. войскі Сапегі захапілі апошні заняты шведамі замак Тыкоцін (Tykocin) і ўшчэнт знішчылі жаўнераў Швецыі ды Радзівіла. Маёмасць Багуслава Радзівіла была разрабавана. Каменданты Тыкоціна, швед Дыдрык фон Розэн (Didrik von Rosen) і ліцвін Ян Отэнгаўз, былі забітыя[8]. У выніку ўпершыню ад пачатку вайны Ян Казімір атрымаў кантроль над суцэльнай прасторай Літвы, што злучала ў адно Жамойць, Берасцейскае ваяводства і Падляшша. Літаральна за паўтара месяца да наступу кааліцыі на Берасце ў горадзе адбыўся з’езд вернай Яну Казіміру шляхты (14—17 сакавіка 1657 г.). Удзельнікі даслалі да караля пасольства на чале з берасцейскім старастам Янам Копцем. Галоўным патрабаваннем былі захаванне міру з Расіяй ды Ўкраінскім гетманатам і далейшая падтрымка антышведскай кааліцыі[9].

Згодна са шведскім стратэгічным планам, захоп Берасця, магутнай цвярдыні на злучэнні рэк Буг і Мухавец, дазваляў кантраляваць усе камунікацыі паміж Літвой, Мазовіяй, Падляшшам і Ўкраінай. У выпадку працягу вайны з Расіяй — „ворагам, які падтрымліваў стасункі з казакамі“, — кантроль над Берасцем меў выключнае значэнне[10]. На думку Карла X, рашэнне кааліцыі зладзіць паход на „Берасце ў Літве“ было цалкам слушным, „ніводнае места не магло змагацца супраць нас, бо разам наша войска было занадта моцным для іх[11].

5/15 траўня войскі кааліцыі падышлі да Буга праз Гродзіск (Grodzisk) і пераправіліся праз яго на поўдзень ад мястэчка Крэмень (Krzemień). Там да кааліцыі далучыўся шведскі генерал Густаў Ота Стэнбак (Gustav Otto Stenbock), які рухаўся з Прусіі з гарматамі, абозам і кухняй[12]. 7/17 траўня хаўруснікі выйшлі на мяжу Польшчы і Вялікага Княства і захапілі мястэчкі Астражаны (Ostrozany) ды Семятычы (Siemiatycze). Аперацыя праводзілася ў таямніцы, жаўнеры крочылі ўначы. 8/18 траўня войска кааліцыі ўвайшло ў межы ВКЛ і, праз Мілейчыцы (Milejczyce) і Токары (Tokary), скіравалася ў бок Берасця. Упершыню з 1655 г. на Беларусь ішло велізарнае войска колькасцю больш за 50 тыс. жаўнераў. 9/19 траўня 1657 г. аддзелы хаўруснікаў захапілі першы горад Вялікага Княства — Высокае. Актыўны ўдзел у аперацыі браў полк Радзівіла. У той самы дзень шведскі вайсковы інжынер Эрык Дальберг (Erik Dahlberg) прыбыў пад Берасце на чале драгунскага аддзела, з загадам караля агледзець стан умацаванняў ды зрабіць план места. Па словах Дальберга, знешні выгляд абарончых збудаванняў яго ўразіў: „Берасце было знадта добрай і моцнай цвярдыняй з магутнымі мурамі і моцным гарнізонам[13]. Аблога места патрабавала падрыхтоўкі. Да таго ж, кожны з хаўруснікаў Швецыі, апрача Прусіі, выказаў свае прэтэнзіі на места.

Берасце, якое знаходзілася на мяжы ВКЛ і Польшчы, займала выключнае палітычнае і гандлёвае становішча. Горад першым з беларускіх местаў атрымаў магдэбургскае права (1390 г.). З 1566 г. Берасце — цэнтр аднаго з найбагацейшых і густанаселеных ваяводстваў Княства. Гэта быў адзіны горад Літвы, дзе ў XVII ст. адбыўся вальны сойм Рэчы Паспалітай (1653 г.). У 1553 г. гарадскі стараста Мікалай Радзівіл Чорны фундаваў тут адзін з першых лютэранскіх збораў і першую пратэстанцкую друкарню. Такім чынам, для пратэстантаў горад быў каштоўным сімвалам. Паводле задумы Багуслава Радзівіла, места мусіла стаць складнікам ягонай дзяржавы. Аднак, адпаведна Радноцкай дамове, Берасцейскае ваяводства адышло да Трансільваніі. Гістарычныя прэтэнзіі Трансільваніі на Берасце грунтаваліся на дзяржаўнай канцэпцыі Ракацы і ягонай эліты, згодна з якой Берасцейская зямля мусіла зрабіцца часткай „Вялікай Вугоршчыны“. У XIII ст. Берасцейская зямля ўваходзіла ў склад Галіцка–Валынскага княства, спадкаеміцай якой лічылася вугорская карона. У 1349—1351 г. вугорскі кароль Людвік I Вялікі (Nagy Lajos) часова захапіў Берасце. У 1370—1382 г. ён быў каралём Польшчы. У выніку персанальнай уніі ВКЛ і Польшчы ў Крэве дачка Людвіка I Вялікага Ядзвіга пайшла за вялікага князя літоўскага Ягайлу, (гэта заклала пачатак дынастыі Ягелонаў, што кіравала Вялікім Княствам да 1572 г.) У 1370–х г. берасцейскі праваслаўны князь Фёдар Альгердавіч прызнаў сябе васалам Вугорскага каралеўства[14].

Уласныя планы на Берасце мелі і ўкраінскія казакі. Украінская эліта лічыла Берасце і яго акругу неад’емнай часткай свайго гаспадарства, краем русінскай мовы і праваслаўнага насельніцтва. Гэты тэзіс украінцы настойліва даводзілі на перамовах са Швецыяй. У 1596 г. у Берасці адбылося стварэнне новай царквы — уніяцкага касцёла. Таму авалодаць местам было вельмі істотна для ўкраінскіх казакаў, якія вялі барацьбу супраць Рэчы Паспалітай пад сцягам аднаўлення правоў праваслаўнай і знішчэння уніяцкай царквы. Казакаў раздражняла[15] і тое, што Берасце было сталіцай літоўскага Ваада (аўтаноміі габрэяў ВКЛ)[16]. 10 студзеня 1657 г. Багдан Хмяльніцкі абвяшчае пра паход украінскага войска на чале з Антонам Ждановічам супраць Рэчы Паспалітай. Універсал, занесены ў кнігі Менскага гродскага суда, падкрэсліваў правы тых, хто будзе гарнуцца да ўлады Ўкраіны[17]. 8 красавіка 1657 г., пасля злучэння ўкраінскага і трансільванскага войска з арміяй Швецыі ў мястэчку Завіхаст (Zawichost), адбыўся сумесны парад сіл кааліцыі, якім кіравалі Карл X, Д’ёрдзь II Ракацы і наказны гетман Антон Ждановіч[18]. Пасля параду, 10 красавіка 1657 г. кароль Швецыі піша ліст Хмяльніцкаму, у якім малюе карціну ўласных інтарэсаў у Рэчы Паспалітай. Абшары, якія мусілі адысці да Швецыі, дакладна супадалі з землямі, акрэсленымі ў Радноцкай дамове. Карл X не згадваў пра інтарэсы іншых хаўруснікаў кааліцыі і пісаў, што Швецыя згодна разгледзець прэтэнзіі Ўкраіны на землі Рэчы Паспалітай як „сатысфакцыю за хаўрус[19]. Пад час берасцейскай аперацыі, упершыню ў гісторыі, Карл X і яго генералы атрымалі магчымасць наўпростых перамоваў з украінскім кіраўніцтвам. У абозе каля Берасця бакі ўдакладнілі свае пазіцыі. Але Берасця Ўкраіна не атрымала, што заклала першую міну пад ідэю шведска–ўкраінскага хаўрусу.

11/21 траўня войска кааліцыі абклала Берасце. Пасля трохдзённага гарматнага абстрэлу гарнізон выкінуў белы сцяг[20]. Берасцейскі кашталян Мальхер Савіцкі прапанаваў абмен пасольствамі. Пасламі ад Берасця былі два шляхцічы і нямецкі афіцэр–найміт. Кіраваў пасольствам Рыгор Война. Са шведскага боку на перамовы былі выпраўлены тры шляхцічы Рэчы Паспалітай: генерал Юры Нямірыч, палкоўнік Эберхард Путкамер і невядомы капітан з палка Радзівіла. У апошнюю хвіліну Карл X надумаў замяніць капітана Эрыкам Дальбергам, які мусіў пагутарыць з нямецкімі наймітамі гарнізона. Дальберг здолеў агледзець муры і знайсці зручнае места для штурму. Да таго ж ён запалохаў жаўнераў словамі: „Мусіце ведаць, што кароль Швецыі мае 80 тысяч вугорцаў і казакаў. І калі вы адважыцеся стрэліць у мяне, дык праз гадзіну яны выражуць Берасце да апошняй душы![21].

16/26 траўня 1657 г. Берасце падпісала капітуляцыю. Мной адшуканы забыты дагавор здачы Берасця „Пункты згоды перадачы места і замка Берасця Літоўскага каралю Швецыі і князю Трансільваніі“[22]. Артыкул 1 дамовы вызначаў, што места здаецца на літасць караля Швецыі і князя Трансільваніі, з захаваннем усіх царкоўных і свецкіх правоў. Артыкул 7 перадаваў места пад кантроль Трансільваніі. Праз тры дні ад падпісання дамовы „польскі“ гарнізон мусіў пакінуць места, а князь Трансільваніі — прызначыць свайго каменданта. Артыкулы 2, 3, 4 і 8 датычылі ўмоваў здачы гарнізона. Жаўнеры, апрача тых, хто раней служыў Швецыі ці Прусіі, адпускаліся на волю разам з штандарамі і мушкетамі. Каб ніхто не адпомсціў „польскім жаўнерам Берасця[23], кароль Швецыі і князь Трансільваніі прызначылі 300 рэйтараў, якія павінны былі ахоўваць гарнізон пры адыходзе „ажно да пруда“. Артыкулы 5 і 6 вызначалі адносіны пераможцаў з тутэйшай шляхтай. Шляхце, што будзе вернай шведскаму каралю і князю Трансільваніі, гарантавалася ўласная бяспека і ахова дамоў. Шляхта, ахвочая служыць шведскаму каралю і князю Трансільваніі, запрашалася на службу, але мусіла спачатку перадаць гарадскія фартэцыі пад кантроль новых гаспадароў. Цікава, што ў тэксце дамовы не было ніякай згадкі пра інтарэсы іншых сяброў кааліцыі, перадусім Радзівіла і Хмяльніцкага. Як сведчыць Дальберг, „згодна дамовам Берасце было перададзена князю Ракацы[24].

19/29 траўня гарнізон з „2 300 дужых жаўнераў, 1 000 гарадскіх драбантаў з месцічаў (беларусаў. — А.К.) і габрэяў“ адкрыў браму места[25]. У той самы дзень у горадзе атабарыўся гарнізон Ракацы. Губернатарам места быў прызначаны палкоўнік Андраш Гаўдзі (András Gaudi). Берасце зрабілася галоўнай базай Трансільваніі ў Літве. Каб авалодаць усім паветам, асобныя аддзелы шведаў, вугорцаў і казакаў дайшлі да Кобрына[26].

3 чэрвеня група шведскіх мастакоў і картографаў на чале з Эрыкам Дальбергам скончыла агульны план места, таксама былі зроблены два панарамных малюнка горада. Адзін з іх, „Аблога Берасця“, быў надрукаваны ў 1696 г. Самуэлем Пуфендорфам і стаў добра вядомы даследчыкам[27]. Падрабязны план места з легендай і іншая панарама горада засталіся невядомымі і былі знойдзены мной у зборах Каралеўскай бібліятэкі Швецыі[28]. Варта нагадаць, што гісторыкі па–за межамі Швецыі часта памылкова лічаць Эрыка Дальберга аўтарам усіх графічных матэрыялаў, што выходзілі з яго подпісам. Між тым вядома, што Дальберг кіраваў групай мастакоў і часта толькі зацвярджаў працы, зробленыя тымі. Гэтак атрымалася і з выявамі Берасця. Напрыклад, план горада пад назвай „Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця, так, як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня“ зроблены самім Дальбергам — як бачна з подпісу пад легендай (мал. 1). Між тым, панарама Берасця з левага берага Буга пад назвай „Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.“ зроблена іншымі мастакамі (мал. 2.). Над гэтым малюнкам працавалі Морат (Morath) і Васэр (Waser). Пасля завяршэння праца была зацверджана подпісам Дальберга. Назва малюнка мае палітычны сэнс, бо сцвярджае, нібыта кароль Швецыі „вызваліў Берасце ад польскай блакады“ (? — А.К.). З невядомых прычынаў шведы падалі таксама памылковую дату капітуляцыі горада.

Друкаваныя ўпершыню, малюнкі, безумоўна, маюць вялікую каштоўнасць для беларускай культуры. Напрыклад, на плане места ў паўднёвай частцы старога горада пад літарай „D“ абазначаны лютэранскі збор (Pfarr Kirche). Гэта адзінае сведчанне пра існаванне ў Берасці пратэстанцкага храма ў сярэдзіне XVII ст. На пярэднім плане малюнка мастакі адлюстравалі старыя габрэйскія могілкі, якія сведчаць пра значнасць места для габрэйскай культуры. Сапраўды, да Вялікай Паўночнай вайны ў Берасці існавала вядомая на ўвесь свет „Габрэйская вышэйшая школа“, у якой, апрача студэнтаў з Літвы і Польшчы, навучалася моладзь з Нямеччыны, Італіі, Маравіі, Сілезіі[29].

Наогул, панарама места пераконвае, які яскравы еўрапейскі характар мела архітэктура старажытнага Берасця — магчыма, найшыкоўнейшага места тагачаснай Беларусі. Знойдзеныя графічныя матэрыялы з’яўляюцца асноўнай крыніцай да поўнай рэканструкцыі забудовы старога места, разбуранага ў 1833—1842 г. пры пабудове „Брэсцкай крэпасці“ — самай значнай тагачаснай фартэцыі Расійскай імперыі.

Асноўнай праблемай шведаў у Берасці была адсутнасць дысцыпліны ў шэрагах аддзелаў кааліцыі. За выключэннем вайскоўцаў Радзівіла, жаўнеры ўспрымалі гэтыя абшары як варожую зямлю. Асаблівы клопат стваралі ўкраінскія казакі, якія, па словах Карла X, „у адрозненне ад Ракацы, зусім не слухаліся маіх парадаў[30] ды паслядоўна знішчалі каталікоў, пратэстантаў і габрэяў. Напрыклад, казакамі быў зруйнаваны лютэранскі збор у в. Нейдорф Берасцейскага павету. Да таго ж, казакі адвялі ў суседняе мястэчка Славацічы 70 мясцовых лютэранаў „галендраў“, дзе ўсіх забілі. У спадзяванні выратаваць жыццё лютэране „зракліся праўды евангелічнай у рускай царкве <…> але ўсё роўна былі забітыя казакамі, якія меркавалі, што пасля іх ад’езду лютэране вернуцца да сваёй папярэдняй веры, таму нe трэба пакідаць іх жывымі“. Варта адзначыць, што катаваць лютэранаў казакам дапамагалі тутэйшыя „русіны“, пасля вайны шмат з якіх былі пакараны „горлам“ за здраду Рэчы Паспалітай[31]. У 1658 г. месцічы і габрэі мястэчка Славацічы атрымалі „лібэртацыю“ ад падаткаў на чатыры гады „з прычыны руінаў, паўсталых пасля наступу летась войскаў варожых шведскіх, вугорскіх, малдаўскіх, валашскіх і казацкіх[32].

Аддзелы Трансільваніі разгарнулі сапраўдны тэрор у дачыненні да берасцейскай шляхты — кліентаў Паўла Сапегі. Напрыклад, вугорцы ўшчэнт разрабавалі маёнтак Сапегаў Боцькі (Bocki) і забілі там (знеслі галовы) 10 шляхцічаў. Падобны лёс напаткаў іншых шляхцічаў з ваколіцаў Берасця[33]. Марадзёрства чыніла і шведскае войска. Аддзел шатландскіх наймітаў абрабаваў родавы маёнтак Сапегаў Кодань за 30 км на поўнач ад Берасця. Фінскія жаўнеры палкоўніка Фабіяна Берэнcа (Fabian Berens) абрабавалі Драгічын[34]. Адзін Эбэрхард Путкамер імкнуўся спыніць рабункі замежных жаўнераў. Ён скардзіўся генералу Якабу Казіміру Дэ ля Гарды на непрымальныя паводзіны шведскіх жаўнераў. У выніку ротмістар шатландскага аддзела, які разрабаваў Кодань, быў выкліканы каралём на допыт — але аспрэчваў усе абвінавачванні. Тады раз’юшаны Карл X рассек шатландцу галаву двума ўдарамі шаблі ды загадаў адправіць яго ў вязніцу[35].

З прычыны кепскага стаўлення да насельніцтва, здаецца, не магло весціся пра прыхільнае стаўленне шляхты і гараджан да новага рэжыму. Аднак калабаранты, як заўжды, знайшліся. Напрыклад, 3 верасня 1657 г. кароль Рэчы Паспалітай забраў маёнткі „здрайцаў Пятра Грэка і Крыштапа Пякарскага, што дапамагаюць Андрашу Гаўдзі і вугорскаму гарнізону ў Берасці[36]. Падкрэслю, што Пётр Грэк паходзіў з заможнага берасцейскага пратэстанцкага роду. Радавое гняздо Грэкаў Дабрынка мясцілася каля самога Берасця[37]. Шатландскі шляхціч на літоўскай службе, кальвініст Эндру Актэрлонім (Andrew Achterlonim) быў у Берасці сакратаром Андраша Гаўдзі і за здраду страціў усе палескія маёнткі[38]. У сваю чаргу, патрыёты, якія засталіся на баку Рэчы Паспалітай, былі ўзнагароджаны Янам Казімірам за кошт здраднікаў. Так, Станіслаў Прэтоцкі „за захаванне вернасці Рэчы Паспалітай“ атрымаў у Берасці пляц з будынкам, адабраны ў здрадніка „цырульніка берасцейскага Гансе[39]. Ротмістар Баляслаў Дзяткоўскі за мужнасць „пры абароне фартэцыі Берасця, калі пры наступе Ракацы і караля шведскага з войскам вялікім, адзіны, не слухаючы ніякіх прапаноў, на фартэцыі заставаўся і жаўнераў сваіх для службы нашай захаваў“, атрымаў ад Яна Казіміра фальварак здрадніка Яна Кісаржэўскага[40]. Каралём Рэчы Паспалітай быў адзначаны і берасцейскі гараднічы Ян Геранім Жаба, які пасля здачы горада адмовіўся супрацоўнічаць з новай уладай і разам з групай шляхты ўцёк да Сапегі[41]. Іншы берасцейскі шляхціч, Астафі Тышкевіч, атрымаў ад Яна Казіміра пасаду берасцейскага падкаморыя за тое, што „адмовіўся прыкладам продкаў сваіх ад варожай пратэкцыі[42].

Перадача Берасця Трансільваніі выклікала востры канфлікт у шэрагах Радноцкай кааліцыі. Антон Ждановіч пісаў Хмяльніцкаму, што вугорцы пакрыўдзілі казакаў. Тагачасны пасол Швецыі ва Ўкраіне Ёган Гільдэбрант (Johan Hildebrandt) занатаваў у дзённіку, што Ждановіч адмаўляецца слухацца генерала Янаша Кеменя, ды што паміж казакамі і трансільванцамі няма ўзаемнага даверу[43]. Пра гэта таксама пісаў сведка падзеяў Эрык Дальберг і дзяржаўны гістарыёграф Швецыі Самуэль Пуфендорф[44]. Украінская рада нагадала паслу Трансільваніі Ферэнцу Шэбешы (Ferenc Sebesi), што „не можа быць і гаворкі пра перадачу рускіх земляў на ўсход ад ракі Вісла[45]. Шэбешы пісаў: „Казакі муцяць ваду ў стасунках з намі <…> ім не спадабалася, што князь (Ракацы. — А.К.) заняў Берасце, бо лічаць, што ўсё, што знаходзіцца на ўсход ад ракі Вісла, належыць ім[46]. Насуперак інтарэсам Трансільваніі і Радзівіла, Ждановіч пачаў самастойную палітыку з мэтай далучэння да Ўкраіны ўсходняй часткі Берасцейскага ваяводства. 24 траўня 1657 г. з табара каля Берасця Антон Ждановіч, як „намеснік яго міласці пана гетмана Войскаў Запарожскіх“, абвясціў аб пратэкцыі Ўкраіны над пінскім паветам. Ждановіч падкрэсліў на рускай мове, што нагодай універсала стала жаданне шляхты, бо мае „дастатковую інфармацыю ад абывацеляў ваяводства, што гетман (Хмяльніцкі. — А.К.) іх усіх пад пратэкцыю сваю прыняў“. Паслом пінскай шляхты да Ждановіча быў пінскі земскі пісар Казімір Война. Універсал быў занесены ў кнігі Пінскага гродскага суда пінскім падстарастам Уладзіславам Войнам[47]. 1 ліпеня 1657 г. паслы ад пінскай шляхты — „усіх братоў павету нашага“ — пінскі маршалак Лукаш Ельскі і пінскі стольнік Адам Спытэк склалі ў сталіцы Ўкраіны Чыгірыне прысягу Багдану Хмяльніцкаму. З прычыны, што „Вялікае Княства Літоўскае <…> праз войскі розных ворагаў амаль да канца вынішчана“, шляхта вырашыла, што „пінскі павет пойдзе пад вечнае падпанства Ўкраіны[48].

У сваю чаргу, Багуслаў Радзівіл здзяйсняў усё магчымае, каб авалодаць Берасцем. У інструкцыі Юрыю Нямірычу ён прасіў таго ўплываць на Карла X, каб места перайшло да Радзівіла[49]. Таксама князь Слуцкі спадзяваўся на паразуменне з Хмяльніцкім. У выніку дамовы Радзівіла з гетманам Украіны Хмяльніцкі напярэдадні паходу на Берасце, 26 красавіка 1657 г., выдаў універсал, які забараняў украінскім казакам „рабіць крыўды і шкоды, гвалты і рабункі ў мястэчках князя ягамосьці Багуслава Радзівіла: Сялец, Венграў і Старое Сяло[50]. У час аблогі Берасця Радзівіл даслаў жыхарам ліст з прапановай здаць места Путкамеру. У пазнейшым мемарандуме з просьбай пра амністыю ён тлумачыў гэты крок тым, што „не шчыра заклікаў да здачы Берасьця, бо лепей, каб ва ўмовах наступу вялізнага шведскага войска места дабравольна здалося мне, чым было захоплена іншым[51].

У адказ на звесткі пра сыход шведскага войска ў Данію 4 ліпеня 1657 г. Багуслаў Радзівіл даслаў ліст Карлу X. Галоўным патрабаваннем да караля было аддаць загад губернатару Трансільваніі ў Берасці пра тэрміновую перадачу места прадстаўнікам Радзівіла. Князь Слуцкі падкрэсліваў, што Хмяльніцкі супраць перадачы места Трансільваніі і падтрымлівае перадачу горада Радзівілу. Таксама Радзівіл прасіў, каб Карл X дазволіў паход з Берасця на Слуцк. Згодна з планам Багуслава кароль мусіў адпусціць туды полк Эберхарда Путкамера, „мой рэгімэнт“, па словах князя. Да палка Путкамера мусіла далучыцца шведская армія генерала Густава Ота Стэнбака. Фінансавае забеспячэнне аперацыі гарантаваў хаўруснік Карла X вялікі электар Прусіі і Брандэнбурга Фрыдрых Вільгельм (Friedrich Wilhelm Hohenzollern)[52].

Але Карл X не адгукнуўся на прапановы Багуслава Радзівіла. Швецыя адмовілася перадаць Берасце Радзівілу, паколькі не хацела дзеля аслабленага хаўрусніка канфліктаваць з магутным Ракацы. Слуцкая аперацыя не адбылася. Адмова Швецыі грунтавалася на тым, што, па–першае, вайна з Даніяй пераключыла стратэгічны вектар шведскай палітыкі на Захад, па–другое, Слуцкая аперацыя прывяла б да чарговага абвастрэння адносінаў з Расіяй. У той час, калі Швецыя працягвала баявыя дзеянні супраць Расіі ў Інгерманландыі, слуцкі паход мог прывесці да ўзнікнення другога фронту ў вайне з Расіяй. Па–трэцяе, шведы ведалі, што падтрымка Багуслава Радзівіла палітычнымі сіламі Літвы была нязначнай. Нарэшце, адной з прычынаў адмовы Карла X падтрымаць шведскімі сіламі наступ на Слуцк была эпідэмія чумы, якая ў канцы траўня 1657 г. апанавала цэнтральныя паветы ВКЛ[53]. Пасля адмовы Карла X Багуслаў Радзівіл пахаваў ідэю стварэння пад пратэктаратам Швецыі ўласнай дзяржавы.

Згодна з планам Карла X частка шведскага войска мусіла ісці з Берасця ў Прусію, каб, пры падтрымцы некалькі тысяч украінскіх казакоў, „пераканаць“ Фрыдрыха Вільгельма заставацца ў хаўрусе далей. Армія Густава Ота Стэнбака мусіла застацца каля Берасця, каб разам з Ракацы і прускімі аддзеламі Георга фон Вальдэка дзейнічаць супраць аддзела ВКЛ. Аднак галоўны хаўруснік Швецыі Ракацы, калі даведаўся пра сыход Карла X з Берасця, абвясціў, што з–за пагрозы нападу татараў на Трансільванію вяртаецца дахаты, але пакідае ў горадзе невялікую залогу[54]. 4 чэрвеня 1657 г. асноўная група шведскага войска на чале з Карлам X адышла ў бок Прусіі і спынілася ў Астражанах. Тут Карл атрымаў звесткі пра напад Даніі на Швецыю і пра падпісаную 17 траўня аўстрыйска–польскую дамову пра супольную абарону. Гэтыя падзеі змянілі планы Швецыі. Кароль прыняў рашэнне тэрмінова пакінуць межы Вялікага Княства[55]. 7 чэрвеня 1657 г. апошні аддзел шведаў з 400 жаўнераў на чале з Эрыкам Дальбергам вырушыў з Берасця ў бок Кракава.

Сыход войска Швецыі з Рэчы Паспалітай цалкам змяніў геапалітычнае становішча ў рэгіёне на карысць антышведскай кааліцыі. Удзел хаўруснікаў Швецыі ў Берасцейскай аперацыі спрычыніўся да моцнага палітычнага крызісу гэтых краінаў. Удзел украінскіх аддзелаў у паходзе на Берасце на баку Швецыі канчаткова сапсаваў украінска–расійскія стасункі. У той час, калі Расія і Рэч Паспалітая падпісалі замірэнне ў Немежы, згодна з якім цар Аляксандр Міхайлавіч прызнаваўся будучым вялікім князем літоўскім, армія Ўкраіны ўзяла ўдзел у вайне супраць Рэчы Паспалітай на баку ворага Расіі. Гэтым фактам скарысталася прапольская партыя ВКЛ, якая была зацікаўлена ў расійска–ўкраінскім канфлікце. У траўні 1657 г. вялікі гетман Павел Сапега і пісар ВКЛ Аляксандр Нарушэвіч інфармавалі расійскіх ураднікаў, што „няпраўда Хмяльніцкага адкрылася, што ён хоча са Свейскім каралём вернасць учыніць[56]. Гетман Украіны быў вымушаны апраўдвацца перад царом за ўдзел казацкай арміі ў шведскім паходзе. 21 ліпеня 1657 г. Украіна, пад ціскам Расіі і Крымскага ханства, выйшла з вайны на баку Швецыі. У выніку ціску магутных хаўруснікаў Іван Ждановіч, які ўзначаліў паход на Берасце на загад гетмана, быў абвінавачаны ў „бунце“, адхілены ад пасады палкоўніка і засуджаны на смяротнае пакаранне. Толькі хуткі скон Багдана Хмяльніцкага выратаваў ягонае жыццё. Уплывовы ўкраінскі магнат Юры Нямірыч пакінуў шведскую службу і перайшоў на службу войска Запарожскага[57].

Пры адыходзе з Галіцыі 22 ліпеня 1657 г. войска Трансільваніі было акружана войскамі Польшчы (на чале з Станіславам Патоцкім) і Літвы (на чале з Аляксандрам Гілярыем Палубінскім). Ракацы быў вымушаны падпісаць ганебную капітуляцыю ў мястэчку Чорны Востраў каля Львова. Гарнізон Трансільваніі мусіў пакінуць Берасце[58]. Адначасова абшары Трансільваніі былі акупаваны Атаманскай Портай, незадаволенай самастойнай палітыкай свайго васала. Трансільванія капітулявала. У выніку палітычнага крызіса ў краіне выбухнула грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Ракацы. У пошуках міжнароднай падтрымкі Ракацы звярнуўся ў 1659 г. да Расіі, але 7 чэрвеня 1660 г. загінуў ад ран пасля прайгранай бітвы з туркамі. Авантурная мара Ракацы здабыць, пры падтрымцы шведаў, пасаду караля Польшчы ды захапіць кавалак Вялікага Княства прывяла ды палітычнага калапсу Трансільваніі і назаўжды пахавала ідэю аб’яднанай Вялікай Вугоршчыны[59].

Пасля няўдачы ў Берасці Багуслаў Радзівіл вырашыў адмовіцца ад супрацоўніцтва са Швецыяй. 10 жніўня 1657 г. ён піша апошні ліст да Карла X, дзе коратка паведамляе пра рашэнне перайсці на прускую службу[60]. 19 верасня 1657 г. Прусія і Рэч Паспалітая падпісваюць хаўрусную дамову ў Велау (Wehlau/Знаменск), згодна з якой Багуслаў Радзівіл атрымаў амністыю Яна Казіміра і далучыўся да антышведскай кааліцыі. 14 кастрычніка 1657 г. з’езд станаў Прусіі па прапанове Фрыдрыка Вільгельма выбраў Багуслава Радзівіла генеральным губернатарам Прусіі. Ужо ад імя Прусіі 6 лістапада 1657 г. Багуслаў Радзівіл падпісаў скіраваны супраць Швецыі хаўрус з Рэччу Паспалітай у Бромбергу (Bromberg /Bydgoszcz)[61].

Параза Багуслава Радзівіла ў барацьбе за Берасце абумовіла канчатковую кансалідацыю шляхты Княства вакол Варшавы. 12 лістапада 1657 г. у мястэчку Камянец распачала працу камісія ВКЛ па справе здачы Берасця Швецыі і здрадзе шляхцічаў. Камісіяй кіравалі жмудскі стараста Юры Кароль Глябовіч і вялікі маршалак Крыштап Завіша. Апрача іх удзельнікамі камісіі былі чатыры сенатары: віленскі ваявода Павел Сапега, віцебскі ваявода Ўладзіслаў Валовіч, берасцейскі ваявода Максімільян Бражоўскі, амсціслаўскі ваявода Рыгор Друцкі Горскі. Галоўным віноўцам быў прызнаны берасцейскі кашталян Мальхер Савіцкі. 15 лістапада 1657 г. камісія скончыла працу. Інструкцыю каралю падпісалі 16 ураднікаў Вялікага Княства. Па іх прапанове ўсе шляхцічы, чыя віна ў калабарацыі са Швецыяй і Трансільваніяй была даведзена, мусілі страціць свае маёнткі[62].

Такім чынам, увосень 1657 г. Швецыя страціла апошніх хаўруснікаў ва Ўсходняй Еўропе. Трансільванія і Ўкраінскі гетманат апынуліся ў палітычным крызісе і адмовіліся ад хаўруса з Стакгольмам. Польшча і Прусія дамовіліся пра супольную вайну супраць Швецыі. Былая прашведская апазіцыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з Радзівілам перайшла ў стан ворагаў Швецыі. У кастрычніку 1657 г. войскі ВКЛ пачалі паспяховыя дзеянні супраць Швецыі ў Лівоніі[63]. У 1658 г. да іх далучыўся Багуслаў Радзівіл, колішні генерал на шведскай службе. Асноўныя сілы шведскай арміі пакінулі Рэч Паспалітую дзеля вайны ў Даніі. Супраць Швецыі пачала вайну Аўстрыя. Расія захавала перамір’е з Рэччу Паспалітай і працягвала вайну супраць Швецыі. Дзякуючы гэтаму Радноцкая дамова страціла свой сэнс. Спроба Швецыі стварыць кааліцыю з сатэлітаў — малых некаталіцкіх краінаў Усходняй Еўропы — пацярпела паразу. Як быццам паспяховая для Швецыі берасцейская аперацыя абярнулася пачаткам канца шведскага панавання на Ўсходзе Балтыкі.

Як ні дзіўна, інтэрпрэтацыя далёкіх падзеяў 1657 г. застаецца досыць актуальнай у сучаснай Беларусі. Афіцыйная гістарыяграфія даводзіць насельніцтву, што Берасце было знішчана шведамі, якія „захапілі слаба ўмацаванае (! — А.К.) Берасце, места было разрабаванае, многія будынкі спаленыя[64]. Насамрэч, Берасце было спалена не шведамі, а маскоўскімі войскамі Івана Хаванскага. Паводле сведкаў, пасля штурму ў студзені 1660 г. „Берасце было зруйнаванае да апошняга будынка, спалена і ў невыч абрынута[65]. Між тым, сёння гістарычная віна за знішчэнне ўскладзена менавіта на шведаў. Падобнага кшталту фальсіфікацыямі карыстаюцца афіцыйныя беларускія гісторыкі пры інтэрпрэтацыі ўчынкаў шведскага войска ў часы Вялікай Паўночнай вайны. Робіцца гэта згодна з пунктам гледжання ўлады, паводле якога краіна пацярпела менавіта ад войскаў заходнееўрапейскіх краін[66].


[1] Сучасны Раднот — мястэчка пад назваю Іернут (Iernut) (9 000 жыхароў) у цэнтральнай Румыніі (побач з горадам Sighisoara, вобласць Mureş).
[2] Sziláfyi Sándor. Erdély és az északkeleti háború, levelek és okiratok. Transsylvania et bellum boreo–orientale. Acta et documenta. T. 2. Budapest, 1891. P. 191—196.
[3] Wasilewski T. Jan Mierzeński DD PSB. T. XXI/1. 1976. S. 19.
[4] Archiwum Głowne Akt Dawnych (далей — AGAD). AR, dz. V, sygn 9646. Jan Mierzeński do Bogusława Radziwiłła. 30.03.1657. NR MKF 65/498 — 65/531. S. 39—42.
[5] Erik Dahlberghs dagbok. I urval och med inledning av Alf Еberg. Stockholm, 1962. S. 78—83. Шатландскі афіцэр на шведскай службе Патрык Гардон, які браў удзел у паходзе на Берасце, ацэньваў колькасць украінскага войска ў 6 тыс., Трансільваніі ў 30 тыс. жаўнераў. Гл.: Гордон Патрик. Дневник 1635—1659. Москва, 2000. С. 114.
[6] Pufendorf, Samuel. Samuelis liberi baronis de Pufendorf De rebus a Carolo Gustav Sveciae rege gestis commentariorum, libri septem elegantissimis tabulis aeneis exornati cum triplici indice. Norimbergae, 1696. S. 259—261; Wibling, Carl. Carl X Gustaf och Georg Rakoczy II. Lund, 1891. S. 44—45; Jacobson, Gustaf. Sveriges historia till vеra dagar. Sjunde delen. Stockholm, 1926. S. 315; Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia under konungarne af pfalziska huset. Sveriges historia under Carl den tionde Gustafs regering. Andra upplagan. Stockholm, 1883. S. 357—358.
[7] Сагановіч Г. Невядомая вайна 1654—1667. Мінск, 1995. C. 65.
[8] Fagerlund R. Kriget i Östersjöprovinserna 1655—1660. Operationer och krigsansträngningar på en bikrigsskådeplats under Carl X Gustafs krig. Åbo, 1979. S. 106; Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. Opracował Andrzej Rachuba. Warszawa, 2001. Nr. 29. Note 1.
[9] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 304.
[10] Wibling, Carl. Carl X Gustaf… S. 49.
[11] Relation till ständerna av statssekretaren Edvard Ehrensteen. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags– protokoll. Sjunde delen 1660. Stockholm, 1881.
[12] Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia… S. 358:1.
[13] Erik Dahlberghs dagbok. S. 80—81.
[14] Белы А. Невядомыя эпізоды „невядомай вайны“, або ваенныя дзеянні Швецыі супраць Вялікага княства Літоўскага ў 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальберга // Спадчына. 1999. № 3. С. 128—129.
[15] Hannover, Natan. Abyss of Despair. The famous 17th century chronicle depicting Jewish life during the Chmielnicki massacres of 1648—49. New York, 1950.
[16] Cygielman, Shmuel Arthur. Jewish autonomy in Poland and Lithuania until 1648. Jerusalem, 1997.
[17] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ, 1998. № 150.
[18] Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia under konungarne af pfalziska huset. Sveriges historia under Carl den tionde Gustafs regering. Andra upplagan. Stockholm, 1883. S. 356:2.
[19] Karl X till Bohdan Chmielnicki. April 10, 1657. Latin. Riksarkivet (Нацыянальны Архіў Швецыі). RA/2113/2113.2. Diplomatica Muscovitica Cosacica T. 1.
[20] Гордон, Патрик. Дневник 1635—1659. С. 116.
[21] Erik Dahlberghs dagbok. I urval och med inledning av Alf Åberg. Stockholm, 1962. S. 83—85.
[22] Accords Puncta, so Bey Übergebung der Stadt und Scholsses Brescie Litevski. An Jhr. Königl. Mytt. zu Schweden und Jhr. Fürstl. Durchl. Zu Siebenbürgen/geschlossen. Jm Jahr 1657. Dat im Feld–lager bey Brescie den 16 Maji/st. n. Anno 1657. 4 pp. KB (Kungliga biblioteket). MFref Sveriges krig. R 12. Ex. A. No. 625.
[23] Гутарка ідзе пра жаўнераў Рэчы Паспалітай; cярод тых, хто імкнуўся да помсты гарнізону Берасця, на маю думку, маюцца на ўвазе хаўрусныя Швецыі ўкраінскія казакі.
[24] Erik Dahlberghs dagbok. S. 85.
[25] У гарадах ВКЛ габрэі ўваходзілі ў склад гарадскога апалчэння, мелі ўласную харугву і зброю. Гл: Стукалич В. Белоруссия и Литва. Очерки по истории городов в Белоруссии, 1894. Витебск. С. 30.
[26] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 451.
[27] Pufendorf, Samuel. Samuelis liberi baronis de Pufendorf De rebus a Carolo Gustav Sveciae rege gestis commentariorum, libri septem elegantissimis tabulis aeneis exornati cum triplici indice. Norimbergae, 1696.
[28] Dahlberg, Erik. Plan över Briestie. („Grundrik der Stadt undt Festüngh Litauwsch Briestie“) Kungliga biblioteket. Handrit. Vol. 41:16b. No. 10782; Dahlberg, Erik. Briestie. („Die Stadt Briestie in Litawien, undt an March Jhr Königl. Mytt. zu Schweden mitt der Armee, wodürch sieselbe von der Polnische Bloquade befreiuet worden. Den 14 Marty 1657“). Kungliga biblioteket. Handrit. Vol. 41:13a. No 10778.
[29] Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. Менск, 2002. C. 152.
[30] Relation till ständerna av statssekretaren Edvard Ehrensteen. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags– protokoll. Sjunde delen 1660. Stockholm, 1881. Tersmeden, Lars. Armia Karola X Gustawa–zarys organizacji. Wojna polsko–szwedska 1655—1660. Edited by Jan Wimmer. Warsawa. S. 159.
[31] Schultz, Edmund H. Kronika zboru ewangelicko–luterskiego Nejdorfskiego. Zwiastun Ewangeliczny. 1902. http://www.luteranie.pl/lublin/historia/neudorf–kronika.htm
[32] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 293.
[33] Гордон, Патрик. S. 167—169, 172—173.
[34] Ibidem. S. 170.
[35] Ibidem.
[36] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 60.
[37] Tazbir Janusz. Arianie w Białymstoku i okolicach. Studia i materiały do dziejów miasta Białegostoku. 1968. T. 1. S. 88.
[38] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 518.
[39] Тамсама. No. 229.
[40] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 959.
[41] Тамсама. No. 327.
[42] Тамсама. No. 374.
[43] Яковлева Т. Гетманьщина в другій половині 50–х років XVII століття. Причини і початок Руіни. Київ, 1998. С. 201.
[44] Erik Dahlberghs dagbok. S. 88; Pufendorf, Samuel. 1696. S. 264.
[45] Нариси з історії дипломатії України. Київ, 2001. С. 153.
[46] Хаванова, Ольга. Трансильвания в период русско–польско–украинского конфликта в 50–е годы XVII в. Руская и Украинская дипломатия в Евразии. Москва, 2000. С. 145.
[47] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ, 1998. Додаток II. Нумар 22. С. 375—376.
[48] Липиньский В. Україна на переломі 1657—1659. Відень, 1920. С. 220—249.
[49] Wasilewski, Tadeusz. Zarys dziejow Bogusława Radziwiłła. Radziwiłł, Bogusław. Autobiografia. Warszawa, 1979. S. 73—74.
[50] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ. 1998. Нумар 155.
[51] Radziwiłł, Bogusław. Autobiografia. Warszawa, 1979. S. 180—181.
[52] Bogusław Radziwiłł till Karl X. 04.07.1657. Preüschmark/Prezmark. Riksarkivet. Skrifrelser till Konungen Karl X Gustaf. Volym 47 (Radeke–Rosen). Fürst Bogislaus Radzivill. No 29.
[53] АВАК. Т. 10. Часть II. Акты Виленского магистрата и магдебургии. Вильна. 1879. Номер 52.
[54] Wibling, Carl. Carl X Gustaf och Georg Rakoczy II. Lund, 1891. S. 51—52.
[55] Kungl. Svea Livgardes historia. Band III:2. 1632(1611)—1660. Av Bertil Cson Barkman, Sven Lundkvist och Lars Tersmeden. Stockholm, 1966. S. 306; Carl X Gustaf–Studier 5. Polens krig med Sverige 1655—660. Krigshistoriska studier. Redaktion Arne Stade och Jan Wimmer. Kristianstad. 1973. S. 378—380.
[56] Яковлева Т. Гетманьщина… С. 197—198.
[57] Яковлева Т. Гетманьщина… С. 125—126, 201—213.
[58] Sziláfyi, Sándor. Okmánytár II. Rákуczy György: diplomacziai összeköttetéseihez. Budapest, 1874. S. 552—559.
[59] Хаванова, Ольга. Трансильвания… С. 146—148.
[60] Bogusław Radziwiłł till Karl X. 10.08.1657. Königsberg. RA. Skrifrelser till Konungen Karl X Gustaf. Vol. 47 (Radeke–Rosen). Fürst Bogislaus Radzivill. No 24.
[61] Wasilewski, Tadeusz. Radziwiłł Bogusław // PSB. T. XXX/1. 1987. S. 168; Jacoby, Jörg. Boguslaus Radziwill: der Statthalter des grossen Kurfürsten in Ostpreussen. Marburg–Lahn, 1959.
[62] Rachuba, Andrzej. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 304, 342:22.
[63] Fagerlund, Rainer. Kriget i Östersjöprovinserna 1655—1660. Operationer och krigsansträngningar på en bikrigsskådeplats under Carl X Gustafs krig. Åbo, 1979. S. 117.
[64] Брест. Путешествие сквозь века. Минск, 1999. С. 10.
[65] Morzy, Józef. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965. S. 74—75. T. 44.
[66] Kotljarchuk, Andrej. The tradition of Belarusian Statehood: a war for the past. Contemporary Change in Belarus. Baltic and Eastern European Studies. Volume 2. Södertörns högskola. 2004. P. 41—72.

Малюнак 1. Grundrik der Stadt undt Festьngh Litauwsch Briestie

„Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця,

так як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня

Пераклад легенды:

„Тлумачэнне літараў“ (Litterarum Explicatio)

A. Замак

B. Рынак

C. Езуіцкі касцёл

D. Лютэранскі збор

E. Грэцкая царква

F. Дамініканскі касцёл

G. Бернардынскі кляштар

H. Габрэйская сінагога

I. Пачатак бастыёнаў

K. Новыя бастыёны

L. Шведскія батарэі. Акопы.

M. Крайняя шведская батарэя

N. Вугорскія батарэі

O. Незавершаныя акопы

P. Шведская гарматная батарэя

Q. Каралеўскі стан

R. Вахта шведскіх рэйтараў

S. Рыбны стаў

T. Акопы корпуса Якаба Казіміра Дэ ля Гарды

„Малюнак Дальберга“ (Dahlbergh Delineo)

„Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця,  так як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня“

Малюнак 2. Die Stadt Briestie in Litawien, undt an March Jhr Königl. Mytt. zu Schweden mitt der Armee, wodürch sieselbe von der Polnische Bloquade befreiuet worden. Den 14 Marty 1657

„Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.“

Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.

Наверх

Кірыл Качагараў. Вечны мір 1686 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай

27 снежня, 2005 |


Значэнне дамовы пра Вечны мір 1686 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай неаднаразова падкрэслівалася ў гістарыяграфіі. Пры наяўнасці разнастайных ацэнак гэтай падзеі, якія былі выказаны рознымі гісторыкамі ў сваіх даследаваннях, большасць іх прызнавала важнасць дагавора для лёсаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Аднак наяўная літаратура практычна не закранае непасрэдна сам ход перагавораў і не разглядае працэс фармавання тэксту трактата. Толькі пра некаторыя пытанні, што абмяркоўваліся ў час перамоваў, пісалі Ф. Цітоў і Е. Французава[1]. Выключэннем з’яўляецца артыкул З. Вуйціка, але ў ім польскі гісторык не выкарыстаў багаты комплекс крыніц, які захоўваецца ў фондах Пасольскага прыказа ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў (РДАСА), і робіць высновы толькі на падставе выключна польскага матэрыялу[2].

Базу крыніц нашага даследавання склалі ўсе дакументы Пасольскага прыказа — Фонд 79 „Сношение России с Польшей“, а таксама дакументы архіва Патоцкіх Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве і Бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве, у асноўным ужо ўведзеныя ў навуковы зварот З. Вуйцікам. З апублікаваных крыніц асноўныя — гэта рэляцыі познаньскага ваяводы К. Гжымултоўскага і дзённік невядомага ўдзельніка пасольства[3].

Новы віток руска–польскага дыялогу, які вёўся з моманту заключэння Андрусаўскага замірэння 1667 г., пачаўся з уступлення Рэчы Паспалітай і Аўстрыі ў вайну супраць Асманскай імперыі. Прадметам перамоваў былі шчыльна звязаныя паміж сабой праблемы — заключэнне Вечнага міру і антыасманскі саюз. У перамовах, якія праходзілі ў 1683 г. у Варшаве і на андрусаўскай камісіі 1683—84 г., бакі не прыйшлі да згоды. Расійскі бок выказваў гатоўнасць заключыць неабходны Рэчы Паспалітай ваенны саюз, але пры ўмове прызнання за Расіяй тэрыторый, далучаных па замірэнні 1667 г., а польскі бок адмаўляўся заключыць Вечны мір на такіх умовах[4].

Зацікаўленасць саюзнікаў польскага караля (Венецыі, Рымскага Папы і Аўстрыі) ва ўдзеле Расіі ў вайне супраць Асманскай імперыі, беспаспяховыя спробы дыпламата Яна III прыцягнуць на свой бок Крымскае ханства, крах яго палітычных планаў адносна Венгрыі і Дунайскіх княстваў, няўдачы ваенных кампаній у Малдове 1684—85 г. — усё гэта прадвызначыла змякчэнне пазіцый Рэчы Паспалітай ў дачыненні да Расіі.

На сойме 1685 г. было прынята рашэнне накіраваць пасольства ў Маскву з мэтай заключэння Вечнага міру і антытурэцкага саюзу. У яго склад ад Кароны ўвайшлі познаньскі ваявода Кшыштаф Гжымултоўскі, падстолі каронны Аляксандр Прыемскі і камянецкі кашталян Ян Патоцкі, а ад ВКЛ — канцлер Марцыян Агінскі і мечнік Мікалай Агінскі[5]. Паслам было даручана за прызнанне межаў Андрусаўскага замірэння 1667 г. патрабаваць заключэння антыасманскага саюзу і выплаты грашовай кампенсацыі, пры гэтым дамагацца якіх толькі можна тэрытарыяльных саступак. Гэта азначала, что Рэч Паспалітая была гатовая прымірыцца са стратай зямель на ўсходзе[6]. Тым не менш, каралеўскі ганец Тамаш Адам Віткоўскі, які прыбыў у снежні 1685 г. у Маскву з інфармацыяй пра пасольства, паспрабаваў зноў празандаваць пазіцыю В. Галіцына адносна магчымых тэрытарыяльных саступак. Меркаванне начальніка Пасольскага прыказа заставалася непахісным — ніякіх саступак не будзе[7], тым больш што ўжо было вядома пра гатоўнасць пасольства Рэчы Паспалітай „навечно“ саступіць Расіі землі, часова далучаныя да яе згодна з Андрусаўскім замірэннем[8].

Напярэдадні перамоваў Масква вырашыла правесці кансультацыі з гетманам Самойлавічам і выслала да Батурына бліжняга акольнічага Л. Няплюева. Аднак гетман апярэдзіў маскоўскі ўрад, накіраваўшы ў студзені 1686 г. у Маскву свайго сына Рыгора і вайсковага есаула (будучага гетмана) І. Мазепу. У дасланай інструкцыі І. Самойлавіч падтрымліваў заключэнне дамовы, аднак выступіў супраць аб’яднання саюзных войскаў. Папярэджваючы пра цяжкасці кампаніі супраць Крымскага ханства і выказваючы перасцярогу наконт магчымых сепаратных перамоваў Рэчы Паспалітай з Портай, ён прапанаваў абмежаваць ваенную дапамогу польскаму боку выплатай грошай, настойваў на пераходзе Запарожжа ў аднаасобнае валоданне цароў, а таксама выказаўся супраць прымусовага пераводу ў унію праваслаўных Рэчы Паспалітай[9]. У артыкулах, дасланых у Маскву пасля перамоваў з Няплюевым, гетман зрабіў яшчэ больш жорсткай сваю пазіцыю, выступаючы за захавання міру з Асманскай імперыяй. Адзначаючы добраахвотнае ўваходжанне Украіны ў падданства цароў, ён прапаноўваў „в деньгах полякам отказать“ і ўвогуле адкласці заключэнне дамовы[10].

Пасольства Рэчы Паспалітай выехала да Масквы 9 (19) лютага 1686 г.[11]. Сярод тых, хто сустракаў паслоў пад час шэсця ў Гранавітую палату, быў і сын гетмана Самойлавіча Рыгор разам са старшынaй. Тут яго „пожаловали к царской грамоте“[12], што дэманстравала намер Масквы ўлічваць меркаванне гетмана ў час будучых перамоваў. 13 лютага паслы Кароны і ВКЛ з’явіліся „в первом ответе“ ў расійскай дэлегацыі, якую ўзначальваў князь В.Галіцын, а яго паплечнікамі былі баяры Б. Шарамецеў і І. Бутурлін, акольнічыя І. Чаадаеў і П. Скуратаў[13]. У адной са сцен былі зроблены адтуліны, прыкрытыя размаляваным палатном, каб за ходам перамоў магла сачыць царэўна Соф’я[14].

Паслы Рэчы Паспалітай адразу ж заявілі аб „заезде“ (захопе) казакамі Самойлавіча тэрыторый паміж Сажом і мяжой з Расіяй (г.зв. пасожскіх сёл або Засожжа)[15]. Яны акрэслілі перад Галіцыным карціну ўзгодненай барацьбы хрысціянскай Еўропы з туркамі, паведамілі, што ў Францыю накіравана пасольства канцлера Яна Веляпольскага. Паводле іх слоў, Людовік XIV падтрымлівае Святую лігу і нават збіраецца заключыць саюз з Янам III Сабескім, сведчаннем чаго з’яўляецца дасланая грамата з заклікам уступіць у антыасманскую кааліцыю[16]. Яны ўхіляліся ад усялякіх спробаў расійскага боку вывесці перамовы ў рэчышча абмеркавання канкрэтных умоваў будучай дамовы, настойвалі на неабходнасці вырашэння пытання аб пасожскіх сёлах. Расійская дэлегацыя на чале з Галіцыным настойвала на другаснасці гэтага пытання[17].

16 лютага паслы даслалі ў Пасольскі прыказ ліст царам ад дожа Венецыі, які паведамляў пра ваенныя поспехі яго дзяржавы ў вайне супраць туркаў, а таксама прапаноўваў царам далучыцца да саюзу, малюючы перад імі перспектывы тэрытарыяльных здабыткаў за кошт Порты[18].

22 лютага пачалася другая сустрэча паслоў. Галіцын абвясціў пра згоду цароў заключыць Вечны мір і саюз, які быў бы „сносен и нетягостен и неубыточен“[19]. Гэта заява ўзрадавала дэлегацыю Рэчы Паспалітай[20]. Прадметам гарачых спрэчак стала пытанне першачарговасці абвяшчэння бакамі ўмоваў заключэння Вечнага міру і саюзу. Ніводны з бакоў не хацеў рабіць гэта першым. Паслы працягвалі настойваць, каб цары загадалі саступіць Рэчы Паспалітай пасожскія сёлы і што „тою уступкою ко вхождению в разговор Вечного миру [цари] отворят двери“. Расійскі бок насуперак свайму жаданню аказаўся ўцягнуты ў доўгія дэбаты[21].

Расійскія дыпламаты сцвярджалі, што „заезд“ адбыўся з–за невыканання Рэччу Паспалітай пастаноў папярэдніх руска–польскіх дамоўленасцяў (Арт. 14 Андрусаўскай дамовы 1667 г.). Галіцын і яго калегі лічылі, што пытанне пра мяжу, якая дакладна не пазначана ў дамовах, можа быць вырашана толькі на памежных з’ездах. А Варшава, зацягваючы на працягу ўсіх гадоў працэс усталявання межаў, тым самым зацягвала і вырашэнне пытання аб пасожскіх сёлах. Паслы Рэчы Паспалітай настойвалі на тым, што справа пра сёлы носіць экстраардынарны характар і не можа быць аднесена да кампетэнцыі памежных суддзяў. Сам „заезд“, на іх думку, быў зроблены наўмысна, „чтоб удобнее с ними учинить за тем заездом Вечный мир“[22]. Польскі бок ставіў у непасрэдную залежнасць вырашэнне „пасожскага пытання“ з далейшым працягам перамоваў. Галіцын абнадзейваў паслоў, што пытанне будзе вырашана пасля заключэння Вечнага міру, адначасова намякнуў на магчымае спыненне перамоваў. Гэта садзейнічала памякчэнню пазіцыі польскіх дыпламатаў, і бакі перайшлі да абмеркавання ваеннага саюзу. Галіцын адразу адзначыў, што царам саюз у дадзены момант не патрэбны, бо з Асманскай імперыяй і Крымскім ханствам у Расіі мір[23]. Паслы адказалі, што туркі і татары прытрымліваюцца міру толькі тады, калі ім выгодна, разгортваючы перад Расіяй перспектывы вайны з Портай сам насам, у выпадку, калі саюзнікі заключаць мір з асманамі[24]. Пасля працяглых спрэчак і дыскусій кампраміс усё ж быў знойдзены — па прапанове Галіцына на наступным з’ездзе паслы павінны былі агучыць умовы саюзу, расійская дэлегацыя — Вечнага міру[25].

Трохі іначай адлюстраваны падзеі 22 лютага (4 сакавіка) ў польскіх крыніцах[26]. Паводле Гжымултоўскага, доўгая дыскусія пра чарговасць абвяшчэння ўмоваў пагаднення была развязана не Галіцыным, а Гжымултоўскім. Пазіцыя польскіх паслоў у час дыскусіі пра пасожскія сёлы была больш жорсткай, а Галіцына „со товарищи“, адпаведна, больш мяккай. У канцы сустрэчы Галіцын, „паглядзеўшы тады на ўсіх, сказаў: ну-ну, мы данясем царам, я думаю, што з гэтым (г.зн. з пасожскімі сёламі) не будзе цяжкасцяў“ (курсіў мой. — К.К.)[27].

Як відаць, першыя сустрэчы былі своеасаблівай спробай сілаў абодвух бакоў. У атрыманым 23 лютага (5 сакавіка) лісце ад Яна III Сабескага паслам прадпісвалася дамагацца заключэння трактата, нягледзячы на ўсе перашкоды. Па меркаванні З. Вуйціка, гэта было адназначным загадам заключаць дамову любой цаной[28].

Трэцяя сустрэча 24 лютага зноў пачалася з дыскусіі аб пасожскіх сёлах. Абодва бакі адстойвалі прынятыя яшчэ на мінулай сустрэчы пазіцыі. Паслы Рэчы Паспалітай імкнуліся вярнуць Засожжа без якіx–небудзь умоваў і памежных з’ездаў, непасрэдна праз царскі загад[29]. Пасля спрэчак Галіцын нарэшце „рашуча заявіў, што ў гэтай справе будзе дастаткова чыніцца, абы толькі вы шчыра прыступілі да заключэння трактата“, што і задаволіла польскі бок[30]. На гэтай жа сустрэчы паслы ўручылі расійскай дэлегацыі ліст ад французскага караля да цароў, выказаўшы надзею, што ў ім утрымліваецца заклік „о помочи против всех христиан неприятеля“[31]. Аднак ліст змяшчаў толькі досыць агульныя пажаданні наконт станоўчага выніку перамоваў[32]. Урэшце пасольства перайшло да абмеркавання пытання пра саюз, чаго так хацеў расійскі бок. Аднак расійскі бок пачуў відавочна не тое, што чакаў. Гжымултоўскі і яго калегі прапанавалі, каб Расія вяла ваенныя дзеянні супраць Крымскага ханства і адначасова ўзяла на сябе абавязак перашкодзіць татарам перайсці на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і на дапамогу туркам супраць Аўстрыі на ўмовах, абмеркаваных на перамовах з Жэлябужскім у Варшаве ў 1680—81 г.[33]. Галіцын адхіліў гэтыя прапановы, выразна даўшы зразумець, што Расія не збіраецца заключаць саюз на тых умовах, на якіх яна згаджалася яго заключыць у час вайны з Асманскай імперыяй у 1677—81 г. Пагадзіцца ўзяць на сябе цяжар новай вайны Масква была гатовая „разве для того, что Великим Государям… Государь их [Ян III] и все союзники нагородят городами и землями и на войски денежную казною“[34]. „Нагародай“ лічылася перадача Расіі гарадоў, якія былі захоплены царскімі войскамі ў час вайны 1654—67 г. і вернуты Рэчы Паспалітай паводле Андрусаўскай дамовы, — Полацка, Віцебска, Дынабурга, Вяліжа, Себежа (два апошніx былі вернуты Рэчы Паспалітай па дамове ад 1678 г.) і іншых. Канцлер заявіў, што гэтыя гарады былі саступлены толькі на час да Вечнага міру, дадаўшы, што за такі саюз, які прапануе пасольства Гжымултоўскага, увогуле варта вярнуць Расіі землі да Бярэзіны, — „как в древние времена [было]“[35]. Гэта збянтэжыла Гжымултоўскага, які заявіў, што такія патрабаванні з’явіліся для іх поўнай нечаканасцю, і вышэйназваныя землі былі аддадзены Расіяй дзеля замірэння з Рэччу Паспалітай, а для Вечнага міру неабходна саступіць і астатняе[36]. Паслы сцвярджалі, што ў выпадку няўдалага выніку перамоваў Яну III прыдзецца „к тому думать, как бы с турским салтаном миритись“, а сама Порта хоча міру „с великим радением“. У якасці доказу паслы прадставілі арыгінальныя лісты ад хана і польскага рэзідэнта ў Стамбуле Проскага[37]. Хан Сялім–гірэй прапаноўваў польскаму каралю свае пасярэдніцкія паслугі ў мірным пагадненні з султанам[38]. Рэзідэнт паведамляў, што султан згодны заключыць мір разам з саступкай Рэчы Паспалітай Чарткова і перадаць каталікам гроб Гасподні ў Ерусаліме. Аднак туркі адмовіліся вярнуць Камянец, „хотя бы салтан и всю свою казну имел на него испроторить“[39].

Галіцын прапанаваў паслам абвясціць „сносные и нетягостные“ ўмовы саюзу, даўшы зразумець, што тады і расійскі бок пойдзе на саступкі. Ён заявіў, што царскі ўрад адказаў адмовай на прапанову заключыць саюз супраць Рэчы Паспалітай[40]. У працэсе далейшых дэбатаў польскі бок агучыў нарэшце свае ўмовы Вечнага міру — вяртанне зямель, якія ўтрымліваюцца Расіяй паводле Андрусаўскага замірэння[41], а потым прапанавалі новыя ўмовы саюзу, па ўзоры, як яны самі прызналі, польска–аўстрыйскім: Расія вядзе наступленне на Крым, кароль „учнет воевать с своей стороны турка“, а ў выпадку наступлення туркаў на адну з дзяржаваў саюзнік павінен дапамагчы „всеми силами“[42]. Галіцын, гаворачы пра цяжкасці вайны з Крымам, запатрабаваў за такі саюз прызнаць за Расіяй землі, што былі далучаны паводле Андрусаўскага замірэння. Аднак паслы адмовіліся ісці на такую саступку і папрасілі даць ім час „меж собою помыслить до иного ответу“[43].

Трэці раунд перамоваў, адзін з самых працяглых, не быў, насуперак сцвярджэнням З. Вуйціка, цалкам безвыніковым[44]. Значнасць менавіта трэцяй сустрэчы відавочная: на ёй былі сфармуляваны падставы будучага пагаднення — саюз на ўмове наступлення Расіі на Крым, Вечны мір –– прызнанне за Расіяй межаў 1667 г. 25 лютага (7 сакавіка) Галіцын выказаў згоду на забеспячэнне польскага пасланніка ў Персію падводамі і правіянтам[45], у чым раней паслам было адмоўлена[46]. Паслы Рэчы Паспалітай прынялі гэты жэст, як і тры сустрэчы, што адбыліся раней, за прыкмету ўдалага заканчэння перамоваў. 1 (11) сакавіка яны атрымалі пасланне ад караля, у якім Ян III прыспешваў з заключэннем дамовы[47].

Наступны раунд перамоваў адбыўся 2 сакавіка[48]. Познаньскі ваявода доўга прамаўляў, гаворачы пра тое, што, нягледзячы на прапанову „бусурман“, Ян III не жадае з імі мірыцца. Калі ж Вечны мір не будзе заключаны, „тогда бусурманин с напущеной своей гордости, пачеб на них разъярился и обратил все свои поганские силы на государство Королевского Величества, не имея на себя никакова царского величества со стороны опасения“. Ён зноў пагражаў расійскай дэлегацыі сепаратным мірам з туркамі, які пазбавіць надзеі ўсіх хрысціян, што прагнуць вызвалення з–пад „бусурманского“ іга. І вінаваты ў гэтым будзе той, хто не далучыўся да антытурэцкай кааліцыі, г.зн. Расія. Галіцын адказаў не менш красамоўна. Ён пацвердзіў намер цароў заключыць Вечны мір і саюз, а таксама зазначыў, што для Расіі турэцка–польскі мір не страшны, бо ў мінулую руска–турэцкую вайну царскія раці „отпор [османам] чинили без посилков“[49].

Пад час далейшай дыскусіі польскія дыпламаты гаварылі пра тайныя дамовы казанскіх і астраханскіх татараў, калмыкаў з Крымскім ханствам, скіраваныя супраць Расіі. Расійская дэлегацыя ўзгадала „старые обиды“, якія датычыліся запрашэння данскіх казакоў і калмыкаў на каралеўскую службу. У час спрэчак сітуацыя так напружвалася, што Галіцын у чарговы раз пагражаў польскім дыпламатам „раз’ездам“[50]. Тады дэлегацыя Рэчы Паспалітай збавіла тон і вярнулася да абмеркавання сутнасці праблемы. Гжымултоўскі і яго калегі пачалі гаварыць пра тое, што частка зямель, якія адышлі да Расіі паводле Андрусаўскага замірэння 1667 г., павінны быць вернуты Рэчы Паспалітай, і ў першую чаргу Кіеў[51]. На гэта Галіцын жорстка тлумачыў, што „Киев задержан правдою“ і ў будучым ніколі вернутым не будзе, і наогул з заваяваных зямель „никогда королевского величества в сторону ничего отдано не будет, то б они из мысли своей выложили и впредь о том не упоминали“. Спрэчкі пра Кіеў працягваліся да самага канца паседжання. Расійскія дыпламаты катэгарычна адмаўляліся ў любым выглядзе разглядаць пытанні пра вяртанне Кіева, гаворачы, што паслы патрабуюць таго, „чего в руках своих не имеют“. Паслы зноў папрасілі час на абмеркаванне[52].

Наступная сустрэча адбылася 3 сакавіка[53]. Перамовы пачаліся з заявы паслоў Рэчы Паспалітай пра гатоўнасць пайсці на тэрытарыяльныя саступкі[54]. Яны патрабавалі „Смоленска каменное строение с того места снесть во все. И то место оставить пусто, таким подобием, будтоб ево на том месте и не бывало, а земли и места и поселения которые к нему належат разделить пополам, …а королевское величество с своей стороны ис тех земель Царского Величества в сторону уступает, с одну сторону от Красного и Досугова и Мигновичь к Смоленску по р. Есеневку а з другую сторону от Поречья к Смоленску по Касплю“. Смаленск трэба было знішчыць таму, што ён „состроен и стоит в том месте ко всякой недружбе“ і будзе пагражаць межам Рэчы Паспалітай нават і пасля заключэння Вечнага міру. Гжымултоўскі назваў горад камянём, „затопленым манархамі крывёю хрысціянскай“.

Гэтая заява польскага боку выклікала бурную рэакцыю з боку расійскіх дыпламатаў. Паводле сведчанняў невядомага нам шляхціча, яны закрычалі на паслоў „громким голосом“, хапалі сябе за валасы, заяўлялі, што такое патрабаванне „человеческому разуму противное, а наипаче стыдное и зазорное и неслыханное на свете“. Маўляў, Смаленск — „древняя отчина“ маскоўскіх цароў, заснаваны іх продкамі, спрэчкі ж сыходзяць не ад каменных сцен, якія бяздушныя, „а происходит добро и зло от мысли человеческой“. Расійскія дыпламаты лічылі, што такія прапановы сведчылі пра нежаданне Рэчы Паспалітай заключаць Вечны мір і саюз.

Адказваючы на гэта, Прыемскі папракнуў расійскіх прадстаўнікоў тым, што большай „непрадвой“ з’яўляецца патрабаванне імі Полацка, Віцебска, Мсціслаўля, Оршы і зямель аж да Бярэзіны, пры ўсё яшчэ не вернутым Кіеве[55]. Разгарнуліся доўгія дыскусіі, у час якіх бакі звярталіся да разнастайных гістарычных аргументаў. Галіцын які раз пагражаў паслам спыніць перамовы і яшчэ раз катэгарычна заявіў, што з боку Расіі „не токмо городов, но и самого малого места“ не будзе вернута. Паслы Рэчы Паспалітай, зноў змякчаючы сваю пазіцыю, гаварылі, што Ян Сабескі „для великой братцкой дружбы и любви“ згодзен саступіць той горад царам. Аднак яны працягвалі настойваць на вяртанні Рэчы Паспалітай зямлі па рэках Каспля і Ясенеўка, якія, на іх думку, належаць Віцебскаму ваяводству. Гэтая прапанова зноў сустрэла адмову[56].

Наступная сустрэча 4 сакавіка зноў пачалася са спрэчкі пра размежаванне паміж Смаленскім і Віцебскім ваяводствамі. Галіцын настойваў на старадаўнасці гэтай мяжы, якая не выклікала пытанняў пад час перамоваў па заключэнні Андрусаўскага замірэння 1667 г., а затым потым прапанаваў паслам замест зямель на Касплі і Ясенеўцы пасожскія сёлы. Але паслы „меж собою смеявся, говорили, что то дело нестаточное“, і зноў выступалі за вяртанне часткі смаленскіх зямель.

Паслоў Рэчы Паспалітай „приватными разговорами“ пераконвалі ў тым, што Расія гатовая разарваць мір з Асманскай імперыяй і ўзяць на сябе барацьбу з Крымскім ханствам, патрабуючы замест гэтага прызнаць тэрытарыяльныя саступкі 1667 г. Пазіцыя расійскага боку заставалася цвёрдай. На гэтай сесіі Галіцын не толькі працягваў адстойваць старыя патрабаванні, але і выставіў новае — пераход пад царскую ўладу Запарожжа[57].

Пад час перамоваў Гжымултоўскі запытаў Галіцына, ці ёсць у іх такі звычай, як ва ўсіх народаў, калі бліжэйшыя дарадцы цара вядуць з пасламі неафіцыйныя перамовы. Абражаны Галіцын адказаў, што ім цар гэтага не забараняе. Гжымултоўскі паабяцаў паказаць канцлеру некаторыя „прыватныя лісты“ Яна III, якія сведчаць пра яго жаданне заключыць Вечны мір. Пасля „разговора“ Галіцын праз прыстава запрасіў паслоў на наступны дзень у сваю загарадную рэзідэнцыю, і тыя скарысталіся прапановаю. Паводле познаньскага ваяводы, на незвычайны выезд замежных паслоў на неафіцыйныя перамовы да баярына сабралася паглядзець уся Масква. Пасля прыватнай сустрэчы, пра змест якой ваявода не паведамляе, быў перапынак у перамовах на некалькі дзён. У той жа час паслам стала вядома, што на мяжу прыехаў татарскі пасол, якога было загадана ветліва прыняць і суправадзіць у Маскву. На думку Гжымултоўскага, гэтая інфармацыя была наўмысна даведзена да ведама паслоў[58].

10 сакавіка на сёмай сустрэчы Галіцын адкрыта патрабаваў ад паслоў абвясціць пра саступку ўсяго заваяванага. Паслы заявілі, што саступаюць Смаленскае княства, ад чаго „сердце их вынято“. Пасля таго як расійскі бок у чарговы раз адмовіўся прыняць гэтыя прапановы, паслы, для выгляду яшчэ крыху паспрачаўшыся, згадзіліся саступіць Расіі яшчэ і „Киева со всем тамошним малороссийским народом“, аднак яны не адмовіліся ад прэтэнзій на частку зямель Смаленскага ваяводства[59]. Галіцын давёў да ведама паслоў, што днём раней, г.зн. 9 сакавіка, на паседжанні ўрада было вырашана распачаць вайну з Асманскай імперыяй і Крымам, а ў вяртанні смаленскіх зямель адмоўлена. Паслы ж працягвалі пераконваць, што просяць тыя землі „не для какого пожитку“, а дзеля прэстыжу, і зноў пужалі расійскі бок магчымасцю заключэння міру паміж Святой лігай і Асманскай імперыяй[60]. Атмасфера зноў напружвалася. Расійскія дыпламаты звярнулі ўвагу паслоў на тое, што землі, страчаныя Рэччу Паспалітай паводле Андрусаўскага замірэння, давядзецца вяртаць „трудом и кровью“, і хто ў гэтай новай вайне пераможа „знасть еще не почем“.

Далейшыя дыскусіі нічога не далі. Паслы прапанавалі перайсці да складання „разъезжих писем“, у тэкст якіх уключыць нявырашаныя на перамовах пытанні — вяртанне Кіева і пасожскіх сёлаў. Галіцын зрабіў крок да кампрамісу. Ён заявіў, што цары былі гатовыя саступіць Рэчы Паспалітай пасожскія сёлы „без розыску и без межевых судей, хотя бы и не довелось“. Для вырашэння гэтай праблемы трэба было выслаць межавых суддзяў[61].

Восьмая сесія 13 сакавіка[62] была прысвечана абмеркаванню ваеннага саюзу. Паслы патрабавалі, у выпадку заключэння дамовы, накіраваць войска ў Крым ужо ў тым годзе. Яны папрасілі таксама даць к „помянутым малым землям“ — 8 млн. польскіх злотых, а таксама саступіць землі „от Чернигова около посожских земель к речицкому и мозырскому повету належащие“[63]. Галіцын адразу даў зразумець, што ў тым годзе поўнамаштабнага паходу на Крым не будзе, бо царскі ўрад не паспее падрыхтаваць войска да кампаніі. Віну за гэта канцлер усклаў на саміх польскіх дыпламатаў, якія запозна прыехалі ў Маскву. Чарговы раз было адмоўлена ў саступцы зямель і выплаце грошай. Адносна ваеннага саюзу на бягучы год прапаноўвалася накіраваць да р. Арэль, у Самару, да Запарожжа, а таксама на „перелазы татарские“ Белгародскі полк у колькасці 50 тыс. чалавек і данскіх казакоў. Паслы не ўхвалілі прапанаваны план. Яны лічылі, што войскам варта знаходзіцца „у самой Перекопи и около Очакова и Казыкерменя“ і настойвалі на тым, каб „о удержании Крыма“ было запісана ў дамове. Расійскія дыпламаты адказалі, што „им … обнадеживать их … так, что совершенно удержать и похвалится невозможно“.

Канчаткова ўзгоднены план кампаніі выглядаў наступным чынам: 1) на Сечы будзе заснавана база царскіх войскаў з абозамі. Гэтыя войскі будуць вартаваць пераправы,а  асобныя аддзелы будуць накіроўвацца туды, дзе „воинский случай употреблен будет“; 2) на р. Самару будуць накіраваны аддзелы для аховы расійскіх межаў, бо татары, калі іх не пусціць у Рэч Паспалітую, могуць накіраваць свае загоны на расійскія тэрыторыі; 3) данскія казакі будуць накіраваны ў паход да Чорнага мора; 4) поўнамаштабны паход на Крым адбудзецца ў наступным годзе[64].

Паслы, аднак, не адступілі ад іншых патрабаванняў, і Галіцын прапанаваў абмяняцца „разъезжими письмами“. Пры гэтым ад іх патрабавалася выкінуць пункт пра неабходнасць вяртання Кіева, бо, маўляў, гэтага ніколі не будзе, „разве быть крови“.

Паслы пагадзіліся выкінуць усё, акрамя пытання пра пасожскія сёлы. Тады Галіцын нечакана заявіў, што пісаць пра іх не трэба, бо цары загадалі без з’езду межавых суддзяў саступіць тыя сёлы „в надежду Вечного мира“, дадаўшы, што паслам будзе дасланы спіс адпаведнага царскага загаду і дадзены адпаведны ліст. Гжымултоўскі і яго калегі хутка справіліся са сваёй разгубленасцю і папрасілі вярнуць подаці з тых зямель за два гады. Баяры прапанавалі вырашыць гэтае пытанне на памежнай камісіі. Адбыўся абмен лістамі, канчатковы змест якіх было вырашана ўзгадніць праз абсылкі. На завяршэнне сустрэчы прайшла тайная нарада, змест якой польская крыніца не раскрывае, аднак вядома, што бакі не прыйшлі да згоды[65].

Вынікі перамоваў на гэтым этапе, як бачна, не былі такія негатыўныя, як лічыць З. Вуйцік[66]. Нягледзячы на ўзгадненне тэкстаў „разъезжих писем“, што насілі яўна дэкларатыўны характар, на восьмай сустрэчы былі зацверджаны ўмовы ваеннага саюзу. Расійскі бок пайшоў на саступкі, пагадзіўшыся вярнуць пасожскія сёлы. Урэшце, надзею на эфектыўны працяг перамоваў давалі кулуарныя перамовы напрыканцы сустрэчы.

15 (25) сакавіка Гжымултоўскі склаў мемарандум для сваіх калег па пасольстве адносна далейшага ходу перамоваў. Падкрэсліваючы, што асабіста ён з’яўляецца прыхільнікам міру з Асманскай імперыя і вайны з Расіяй, тым не менш, ваявода настойваў на неабходнасці заключэння міру з Расіяй ва ўмовах вайны з Портай, пры слабасці войска і фінансавых цяжкасцях Рэчы Паспалітай. На яго думку, зрыў перагавораў пацягнуў бы за сабой не толькі невяртанне Засожжа, але і новую вайну. „Калі ж пра гэта даведаюцца людзі памежжа, то ўсе пад Маскву збягуць, і ўтворыцца арабская пустыня ў выніку ўсяго гэтага трактата з тых земляў, якія яшчэ утрымліваем паміж Дняпром і маскоўскай мяжой, бо баіцца народ вайны з Масквой, і падобнае будзе чыніцца і далей, пачынаючы ад Магілёва і Шклова“, –– дадаў ён у канцы[67].

Увесь дзевяты „разговор“ 17 сакавіка[68] быў прысвечаны абмеркаванню грашовай сумы, якую Расія павінна выплаціць Рэчы Паспалітай. На пачатку сустрэчы паслы паведамілі пра атрыманыя поштай звесткі наконт разгрому арміі Імрэ Цёкёлі (6 тыс. татар і 3 тыс. туркаў) аўстрыйскімі войскамі, пры гэтым „сам Текелий ушел и пропал безвестно“[69]. Польскі бок патрабаваў выплаты 4 млн. злотых, а расійскія дыпламаты адказалі, што цары гатовыя выплаціць толькі 30 тыс. рублёў. Паслы назвалі такую прапанову здзекам. Пасля працяглых спрэчак яны спыніліся на суме 600 тыс. рублёў (3 млн. злотых)[70], а расійскі бок павысіў сваю суму да 200 тыс. рублёў (200 тыс. талераў)[71]. Паслы зноў саступілі 100 тыс. рублёў, а потым пагадзіліся на суму 2 млн. злотых (400 тыс. рублёў)[72].

Не дасягнуўшы пагаднення, бакі пасля непрацяглых спрэчак склалі „разъезжие письма“ і абмяняліся імі[73]. Паводле познаньскага ваяводы, калі ён ужо ўзяў пяро, каб падпісаць дакумент, Галіцын сказаў, што лісты лёгка можна будзе падпісаць у час развітальнай аўдыенцыі. „І з’явілася ад таго немалая надзея, што наступная сустрэча скончыцца шчасліва“, — пісаў Гжымултоўскі[74].

18 і 19 сакавіка пасламі Рэчы Паспалітай былі праведзены неафіцыйныя перамовы. Прысланы да паслоў С.Лаўрэцкі пераконваў іх пагадзіцца на суму 1,5 млн. злотых (300 тыс. рублёў). Потым М.Агінскі нагадаў Лаўрэцкаму пра гэтую прапанову, але апошні адмаўляў факт прапанаванай ім сумы. Гжымултоўскі быў гатовы задаволіцца названай сумай, у чым яго падтрымалі і іншыя каронныя паслы, аднак гэта сустрэла нязгоду з боку Марціна і Мікалая Агінскіх.

У час неафіцыйных перамоваў было ўзнята пытанне пра Кіеўскую акругу. Паводле паведамлення Гжымултоўскага, „о самом Киеве было решено, [что он перейдет к России] как был в их владении без Ржищева, Стаек и Василькова“[75]. Развітальная аўдыенцыя паслам была прызначана на 20 сакавіка[76]. Перад ёй адбылася апошняя, 10–я афіцыйная сустрэча для падпісання „разъезжих писем“. Паслы запатрабавалі дадаць пячатку да ліста пра перадачу сёлаў і пагадзіліся пісьмова адмовіцца ад прэтэнзій наконт кампенсацыі стратаў з пасожскіх земляў, чаго патрабаваў ад іх Галіцын[77].

Больш дэталёва апісвае „кулуарныя падрабязнасці“ рэляцыя ваяводы. Галіцын з самага пачатку сказаў, што цары шчыра жадаюць Вечнага міру і саюзу, прапануючы польскім паслам пайсці на саступкі і абяцаючы зрабіць саступкі са свайго боку, „на то намекая, о чем вел переговоры через Лаврецкого и пристава“. Гжымултоўскі, жадаючы заключыць пагадненне, даручыў Прыемскаму і Патоцкаму пераканаць калег з ВКЛ адмовіцца ад сваіх грашовых прэтэнзій. Прыемскі адмовіўся ад такога даручэння, а Патоцкі пераконваў, але безвынікова. Абодва Агінскія лічылі, што калі не атрымаецца дамагчыся 2 млн., то лепш ад’ехаць[78]. Рознагалоссі паміж караняжамі і ліцвінамі датычыліся не толькі грашовай кампенсацыі і былі досыць сур’ёзнымі[79]. Верагодна, бачачы такую ўпартасць ліцвіноў, маскоўскія дыпламаты ў сваю чаргу адмовіліся прызнаць факт неафіцыйнай прапановы 1,5 млн.

Пасля гэтага адбылося падпісанне „разъезжих писем“, прыкладанне пячатак і абмен лістамі[80]. У іх тэксце гаварылася пра адкладанне „за многими трудностями“ заключэння Вечнага міру да камісіі ў чэрвені 1691 г. Да гэтага тэрміна меркавалася „чинить обсылки и посольства“ і не парушаць замірэння (лісты датаваныя 17 сакавіка 1686 г.)[81].

Пасля падпісання ўдзельнікі расійскай дэлегацыі накіраваліся да цароў, а паслы засталіся з прыставамі[82]. У гэты час перакладчык С.Лаўрэцкі і прыстаў некалькі разоў падыходзілі да Прыемскага і Гжымултоўскага і пераконвалі іх саступіць частку грашовай сумы, абяцаючы, што ў такім выпадку і расійскі бок нешта саступіць. Патоцкі зноў паспрабаваў угаварыць прадстаўнікоў ад ВКЛ, але дарэмна, „чакалі [маскоўскія дыпламаты] нашага рашэння больш, чым паўтары гадзіны, урэшце паклікалі да царскае рукі“[83].

У час урачыстай аўдыенцыі паслам была ўручана царская грамата і іх дапусцілі да царскае рукі[84]. У грамаце гаварылася, што пры згодзе польскіх паслоў саступіць у царскі бок тэрыторыі, якія адышлі паводле Андрусаўскага замірэння 1667 г., яны „приложили великие денежной казны запросы“, не жадаючы заключыць Вечны мір „за самым малым делом“. Заключэнне пагаднення было адкладзена да наступнай камісіі[85].

Пасля аўдыенцыі, калі паслы паехалі на пасольскі двор, іх дагнаў пасланнік Галіцына і ад імя царэўны Соф’і пераконваў заключыць дагавор, абяцаючы саюз на 10 гадоў і 1 млн. на войска ВКЛ. Узрадаваны М.Агінскі даў пасланцу 500 чырвонцаў[86]. Гэта пацвярджае дакумент польскага архіва, які, напэўна, з’яўляецца запісам прапанаваных умоваў. У ім тры пункты: 1) Расія выплачвае 1 мільён „денег“ (польскіх злотых) або 100 тыс. рублёў (напэўна тут памылка: павінна быць 200 тыс. — К.К.) на войска Рэчы Паспалітай; 2) Расія выстаўляе 50–тысячную армію „на задержание Крыма“; 3) пры адкладзеным заключэнні Вечнага міру перамір’е падоўжана да „шчаслівай перамогі над непрыяцелем святога крыжа“. Унізе дакумента знаходзіцца прыпіска, зробленая рукой Агінскага: „На гэта можа быць [наша] згода, толькі б яны самі [г.зн. маскоўскія дыпламаты] гэта выканалі; і ведаць трэба, як да гэтага трактата зноў вярнуцца пасля развітальнай аўдыенцыі. А стол да заўтра хацеў бы адкласці, калі магчыма…“. Апошняя заўвага канцлера адносна адмовы паслоў ад царскага стала ў дзень аўдыенцыі (які сапраўды быў перанесены на наступны дзень) дазваляе суаднесці гэты дакумент з паведамленнем літоўскаму канцлеру пра прапанову Соф’і і Галіцына, якая мела месца пасля заканчэння аўдыенцыі[87].

21 (31) сакавіка паслы адаслалі ліст каралю, у якім паведамлялі пра заканчэнне перамоваў, выказвалі думку, што іх зрыў можа быць карысным Рэчы Паспалітай, бо прывядзе да заключэння міру з Асманскай імперыяй[88]. 22 сакавіка (1 красавіка) Гжымултоўскі накіраваў вялікае пасланне кароннаму падканцлеру Міхалу Радзееўскаму[89]. На думку ваяводы, адной з прычын няўдалага для Рэчы Паспалітай выніку перамоваў было позняе прыбыццё пасольства. Прыставы, што прыехалі да паслоў, паведамілі пра незадаволенасць Галіцына зрывам перамоваў, і пагражалі, што паслам не будзе дадзены абяцаны ліст пра вяртанне пасожскіх сёлаў. Гэта занепакоіла паслоў, якія накіравалі да Галіцына пана Рачынскага. Галіцын заявіў, што ўсё яшчэ можна будзе выправіць і ўзнавіць перамовы[90].

Ян Сабескі ў сваіх чарговых пасланнях ад 11 (21) сакавіка і 24 сакавіка (3 красавіка), звяртаючыся да паслоў, працягваў настойваць на актуальнасці для Рэчы Паспалітай заключэння Вечнага міру і саюзу[91]. 23 сакавіка паслам была дадзена копія з царскай граматы і царскага загаду пра перадачу пасожскіх сёлаў каралю[92]. У той жа дзень кіраўніцтва Пасольскага прыказа распарадзілася спыніць дастаўку вады і дроў на кухню Пасольскага двара[93]. Так паслам давалі зразумець, што перамовы скончаны і яны могуць выпраўляцца ў зваротны шлях. Адначасова пагаршэнне ўмоваў утрымання павінна было зрабіць паслоў менш упартымі на выпадак, калі б перамовы працягваліся.

Такім чынам, пад час афіцыйных перагавораў бакі ўзгаднілі асноўныя умовы будучага міру і саюзу. Складваецца ўражанне, што пагадненне не было дасягнута з–за рознагалосся адносна грашовай сумы. Гэта дало паслам Рэчы Паспалітай адчуванне блізкасці поспеху. Безумоўна, урачысты прыём, згода забяспечыць падводамі і фуражом пасла караля ў Персію, вяртанне Засожжа (пры гэтым паслам быў адасланы толькі ўзор граматы пра вяртанне сёлаў, што пакідала магчымасць аказваць на іх ціск у далейшым) умацоўвалі такое ўражанне. Іх памылкай стала згода на спыненне афіцыйных перамоваў, што, як будзе відаць далей, пагоршыла сітуацыю дыпламатаў Рэчы Паспалітай. Потым гэта прызнаваў і сам Гжымултоўскі.

Палічыўшы, што перамовы сапраўды скончыліся, нягледзячы на абяцанне Галіцына, паслы папрасілі даць ім падводы. Аднак на працягу 22—24 сакавіка (1—3 красавіка) не змаглі атрымаць ні падводаў, ні якога–небудзь адказу на сваю просьбу[94]. Нарэшце дзяк Лаўрэнцій, прыехаўшы да паслоў 25 сакавіка (4 красавіка), заявіў паслам, што саюз можа быць заключаны толькі пры згодзе паслоў саступіць землі ўздоўж Дняпра ад Кіева да Чорнага мора на шырыню адлегласці між Чарнігавам і Дняпром (усяго 20 гарадоў). Паслы адразу патлумачылі, што гэта немагчыма[95].

Расійскія крыніцы паведамляюць, што ініцыятарамі ўзнаўлення перамоваў былі менавіта польскія дыпламаты. 28 сакавіка яны паведамілі, што адмаўляюцца ад патрабавання грашовай сумы ў 200 тыс. рублёў, саступаючы 50 тыс. Высланыя імі шляхцічы папрасілі пра новы з’езд[96]. У дадзеным выпадку варта давяраць польскім крыніцам: пасля атрымання афіцыйнага „отпуска“ паслы маглі заставацца ў Маскве толькі пры жаданні кіраўніцтва Пасольскага прыказа. Ім было адмоўлена ў новых з’ездах, пакуль „совершенно на мере не станет“, а да гэтага моманту было вырашана весці перамовы толькі праз „абсылкі“. Ад паслоў было запатрабавана „образцовое письмо“ з артыкуламі дамовы[97].

29 сакавіка паслы Рэчы Паспалітай даслалі патрабаваны ліст[98]. У дасланых імі артыкулах яны абвяшчалі наступныя ўмовы Вечнага міру і саюзу:

1. Цар разрывае Бахчысарайскі мір і заключае наступальны і абарончы саюз з Рэччу Паспалітай, абяцае распачаць перамовы з іншымі саюзнікамі польскага караля.

2. Рэч Паспалітая прызнае за Расіяй мяжу Андрусаўскага замірэння, а таксама Кіеў пры ўмове, што Расія не будзе патрабаваць астатняй часткі Кіеўскага ваяводства.

3. Расія вяртае Рэчы Паспалітай пасожскія сёлы.

4. Расія абяцае вярнуць гродскія і земскія кнігі, гарматы, званы і ўсялякае касцёльнае начынне, вывезенае ў час вайны, а таксама вызваліць яшчэ не вернутых палонных.

5. Каталікоў не будуць прымусова пераводзіць у праваслаўе, іх вера не павінна перашкаджаць у праве валодання маёнткамі; на смаленскім і кіеўскім пасадах цар павінен выдзеліць ім „место для богомолия“.

6. Расія выплачвае Рэчы Паспалітай 150 тыс. рублёў.

7. Бакі заключаюць наступальны саюз супраць Асманскай імперыі і Крыма пры забароне заключэння сепаратнага міру — абарончы назаўсёды.

8. Расія павінна выканаць акрэслены план кампаніі на 1686 г., да якога дададзены абавязак прымяняць супраць крымскіх татар „калмыцкие орды“, а таксама аблогі Белгародскім палком турэцкіх фартэцыяў на Дняпры[99].

„Запись Вечного мира“ (расійскі праект дамовы) быў адасланы паслам з С.Лаўрэцкім і паддзячым Кузьмой Нефімонавым 31 сакавіка[100]. Акрамя абмеркаваных раней былі дададзены і новыя пункты, якія на перамовах не закраналіся:

1. У дадатак да зямель, далучаных паводле Андрусаўскага замірэння, Расіі перадавалася паласа Правабярэжжа шырынёю 20 вёрст.

2. Кіеўская акруга пашыралася: да яе адыходзілі Васількаў, Трыполле, Стайкі з належнымі да іх „уездами, селами и деревнями и с пашнями и с лесами как они издавна к себе имели“.

3. Праваслаўныя не павінны прымушацца да уніі, праваслаўных епіскапаў Рэчы Паспалітай пасвячаў кіеўскі мітрапаліт (гэты артыкул патрабавалася ўнесці ў соймавую канстытуцыю).

4. Запарожжа пераходзіла пад уладу Расійскага царства.

5. У артыкуле пра саюз было абумоўлена, што Расія распачне вайну з Крымам і Турцыяй па просьбе не толькі польскага караля і Рэчы Паспалітай, але таксама Аўстрыі і Венецыі. Накіраваць войска „в Запороги“ для перакрыцця татарам шляхоў да Рэчы Паспалітай, а таксама адаслаць загад данскім казакам наконт арганізацыі паходу на Крым цары абавязваліся толькі пасля зацвярджэння дамовы. Прадугледжваўся і наступ царскіх войскаў на Крым, аднак у які тэрмін — не агаворвалася. Кароль быў абавязаны весці ваенныя дзеянні супраць Турцыі і Белгародскай арды з мэтай не дапусціць іх нападу на Расію.

6. Грашовая сума зніжалася да 140 тыс. рублёў.

7. Пасля заключэння Вечнага міру і саюзу цары і польскі кароль павінны былі адаслаць граматы з паведамленнем пра дагаворы хану і султану і прапанаваць мір. Заключыць мір прадугледжвалася пры ўмове вяртання Рэчы Паспалітай зямель, якія былі страчаны паводле Жураўненскага міру 1676 г. (у тым ліку і Камянца–Падольскага). Саюзнікі не маглі заключаць сепаратны мір. Асобна былі абумоўлены гарантыі ўдзелу Расіі ў мірных перамовах паміж Святой лігай і Портай, фактычным паручыцелем якіх выступала Рэч Паспалітая[101].

1 красавіка паслы даслалі сваіх шляхцічаў у Пасольскі прыказ, дзе яны заявілі, што расійскі праект складзены „противно разговорам“. Галіцын заявіў пасыльным, „что б Вечному миру и союзу быть так, как в образцовом письме написано“, і што саступак больш не будзе. 3 красавіка К.Нефімонаў і С.Лаўрэцкі паведамілі, што калі паслы не згодны заключыць мір на прапанаваных умовах, то цары „указали им с Москвы ехать тотчас и подводы им готовы“. Паслы адмовіліся ад якіх–небудзь саступак і заявілі, што гатовыя да ад’езду, „и того ж числа приведены к послам на двор подводы и велено им убиратись того ж числа“. Але ад’езд не адбыўся: 7 красавіка паслы Рэчы Паспалітай пагадзіліся саступіць тэрыторыі, якія ляжалі вакол Кіева і Запарожжа. Расійскі бок падрыхтаваў „образцовое письмо“ –– чарговую рэдакцыю дагавора, якая ў асноўным паўтарала папярэднія варыянты[102].

Для абмеркавання гэтай рэакцыі дзяк і паддзячыя ў той жа дзень сустрэліся з пасламі ў двары познаньскага ваяводы. Зноў разгарэліся спрэчкі. Да тытулаў цароў былі дададзены эпітэты „Пресветлые“ і „Вельможнейшие“ — гэта, як і напісанне царскага тытула, выклікала нараканні з боку польскай дэлегацыі, якая настойвала на напісанні тытула так, як у Андрусаўскім замірэнні[103]. Даючы згоду на пашырэнне кіеўскай акругі да мястэчак Стайкі, Трыполле і Васількаў уключна, дыпламаты Рэчы Паспалітай настойвалі, каб „земли и уезды к тем местечкам не именовать“[104]. Яны таксама выказалі незадаволенасць прапанаванай сумай выплат — 140 тыс. рублёў, патрабуючы яе падвышэння да 150 тыс., „и стояли на том неотступно“[105].

Артыкул пра правабярэжныя гарады выклікаў гарачыя дыскусіі. Нарэшце бакі сышліся на тым, што дагавор аб прыналежнасці гэтай тэрыторыі будзе заключаны запланаваным у Польшчу маскоўскім пасольствам. У адваротным выпадку рашэнне пра адкладанне перагавораў па гэтым пытанні можа быць прынята каралём і станамі Рэчы Паспалітай[106].

9–ы артыкул, датычны рэлігійных пытанняў (у такім жа выглядзе, як і ў першай рэдакцыі пагаднення), быў прыняты пасламі без асаблівых спрэчак. Адзінае іх патрабаванне заключалася ў дадатковым пункце пра выдзяленне каталікам месцаў пад пабудову касцёлаў на пасадах Масквы, Смаленска і Кіева[107].

А вось пра артыкул наконт саюзу, які ў асноўным паўтараў першую рэдакцыю, паслы спрачаліся, гаворачы, што ў ім „написаны толко церемонии, а не прямое дело“. Яны патрабавалі ўключыць у артыкул абавязак не дапусціць крымскіх татар у Рэч Паспалітую ў 1686 г., а потым прапанавалі, што напішуць яго самі, бо „то дело надобно им“[108].

Дыпламаты Рэчы Паспалітай выступілі супраць уключэння ў дамову ўзаемнага абавязання звяртацца да крымскага хана і турэцкага султана пасля заключэння Вечнага міру і саюзу з прапановай аб заключэнні міру. Цары па сваім жаданні могуць даслаць паслоў з мірнымі прапановамі[109].

Трынаццаты артыкул гарантаваў, што саюзнікі Яна III Сабескага Аўстрыя і Венецыя не будуць заключаць міру з Портаю без Расіі і Рэчы Паспалітай, „и цесарю и папе вечной мир и союз во свидетельство и в крепость за его королевское величество и за Речь Посполитую грамотами своими за руками ствердить и обнадежить“. Паслы пагадзіліся з гэтым артыкулам, аднак запатрабавалі выкінуць пункт пра абавязковае зацвярджэнне дагавора Папам і імператарам[110]. Яны пагадзіліся з пунктам аб закліканні ў саюз французскага караля, прапанаваўшы дадаць туды яшчэ англійскага і дацкага каралёў[111]. Расійскія прадстаўнікі ўзгаднілі ўсе змены ў дамове з Галіцыным[112].

Зусім па–іншаму падзеі гэтых дзён адлюстраваны ў польскіх крыніцах. Паводле рэляцыі Гжымултоўскага, з нагоды перадвелікоднага праваслаўнага вялікага тыдня[113] перамовы былі перапынены. Тады ж Гжымултоўскі атрымаў ад кароннага канцлера ліст электара брандэнбургскага Фрыдрыха Вільгельма да цароў з заклікам увайсці ў Святую лігу[114]. Ваявода адразу ж адаслаў ліст Галіцыну і перадаў праз ганца пра сваю гатоўнасць сустрэцца з расійскімі дыпламатамі ў нейтральным месцы. Кіраўнік пасольскага прыказа абяцаў падумаць. 6 (16) красавіка на двары ваяводы з’ехаліся ўдзельнікі пасольства. Пасля заканчэння святочнага застолля да брамы двара баярына Шэіна, што знаходзіўся насупраць двара познаньскага ваяводы, прыехаў Галіцын з некалькімі баярамі. Гжымултоўскі праз аднаго з прыставаў запрасіў яго да сябе, але той адмовіўся ісці без царскага дазволу. Ён прызначыў абяцаную „неафіцыйную“ сустрэчу на наступны дзень за горадам — „в поле“.

7 (17) верасня паслы ў суправаджэнні прыстава, пад выглядам прагулкі, прыехалі на дамоўленае месца. На працягу некалькіх гадзін абмеркавання ўсе пункты трактата былі ўзгоднены, пры гэтым паслы згадзіліся на перадачу Расіі Кіева разам з акругай. Расійскі бок паабяцаў на наступны дзень даслаць канчатковы варыянт дамовы на пасольскі двор думнага дзяка для зверкі[115]. У той жа дзень Агінскі ў лісце да арцыбіскупа гнёзненскага Стэфана Вярбоўскага сцісла выклаў узгодненыя ўмовы дагавора: прызнанне за Расіяй тэрыторый, далучаных паводле Андрусаўскага замірэння, уключна з Кіевам. Рашэнне наконт правабярэжных земляў, патрабаваных Расіяй, мусіў прыняць кароль, і адмова ад перадачы гэтых зямель не павінна была стаць падставай да скасавання Вечнага міру. Расія абавязалася накіраваць войска ў Запарожжа і супраць турэцкіх фартэцый на Дняпры, перакрыць шлях татарам на Рэч Паспалітую, арганізаваць дыверсіі супраць Крымскага ханства пры дапамозе запарожскіх і данскіх казакоў, у 1687 г. ажыццявіць поўнамаштабны паход на Крым, а таксама выплаціць Рэчы Паспалітай 1,5 млн. злотых (300 тыс. руб.)[116]. Як відаць, гэты варыянт практычна супадае з тым, што пададзены ў расійскіх крыніцах у якасці абмеркаванага на пасольскім двары.

Увечары 7 (17) красавіка пачалося паседжанне ўрада, якое скончылася раніцай наступнага дня. Пасля гэтага да поўдня паслам паведамілі аб адтэрміноўцы далейшых перамоваў да суботы, г. зн. да 10 (20) красавіка. Іх упэўнівалі, што ўсё тое, аб чым дамовіліся на апошняй сустрэчы, застаецца ў сіле[117].

Паўза, што наступіла ў перамовах, на нашу думку, была абумоўлена рознагалоссем адносна заключэння Вечнага міру ў асяроддзі кіраўнічай эліты Маскоўскай дзяржавы[118]. Адным з найбольш паслядоўных праціўнікаў вайны з Крымскім ханствам і Асманскай імперыяй быў патрыярх Іаакім[119]. Супраць заключэння Вечнага міру і за вайну з Рэччу Паспалітай выступала групоўка, у склад якой уваходзілі баярын князь Пётр Івановіч Празароўскі, баярын Фёдар Пятровіч Салтыкоў, блізкія да двара цара Івана, і іншыя[120]. Безумоўна, што і І.Чаадаеў, дасведчаны дыпламат, неаднаразовы ўдзельнік пасольстваў у Рэч Паспалітую і памежных камісій[121], быў таксама настроены варожа да Рэчы Паспалітай[122]. Супраць заключэння дамовы рашуча выступаў гетман І. Самойлавіч, да думкі якога прыслухоўваліся. У гэтай сітуацыі Галіцын быў вымушаны лічыцца з меркаваннем апазіцыі і настойваў на найбольш выгодных для Расіі ўмовах. Пра яго хісткае становішча ведала і польская дыпламатыя[123].

Напэўна, не толькі жаданне польскіх паслоў, але і супрацьдзеянне апазіцыі вымусіла Галіцына пайсці на сустрэчу ў „нейтральным“ месцы для ўзгаднення ўсіх пунктаў дагавора. Тым не менш, прыняты ў выніку праект дамовы быў рашуча адхілены праціўнікамі Вечнага міру на пасяджэнні ўрада. Пра ўзніклыя жарсці сведчыць тое, што дэбаты працягваліся ўсю ноч і скончыліся на світанку. Адтэрміноўка перамоваў сведчыць пра тое, што праект, які адстойваў Галіцын, прыняты не быў. Аднак прыхільнікі дамовы з Рэччу Паспалітай не здаваліся. На наступны дзень пасля „начной“ думы, г. зн. 8 (18) красавіка, царэўна Соф’я зрабіла адчайную спробу дамовіцца з польскімі пасламі „через головы“ праціўнікаў дагавора.

Адразу пасля заканчэння начнога паседжання ўрада, на якім абмяркоўваліся ўмовы Вечнага міру і саюзу, Соф’я прыехала ў манастыр і загадала ігуменні адаслаць свайго пляменніка да канцлера Агінскага з наступнымі прапановамі: 1) Расія абавязваецца выплачваць Рэчы Паспалітай да заканчэння вайны мільён злотых у год на войска; 2) Расія накіроўвае 20 тыс. пяхоты і 30 тыс. казакоў пад непасрэднае кіраванне караля; 3) заключэнне Вечнага міру адкладвалася на 15 гадоў і болей, калі абодва манархі „покоривши поганых …в любви вечный [мир] заключат“. З падпісаннем міру царэўна звязвала і вырашэнне ўкраінскай праблемы: „бунты ўкраінскія казацкія супакояць, якія нам горка дапякаюць; як дзюравыя мяхі не можам напоўніць [казакоў] грашыма, падарункамі і хлебнымі запасамі, а яны як ваўкі пагражаюць і бунтаваць хочуць“. Ігумення накіравала аднаго з сваіх пляменнікаў да прадстаўніка пасольства, які, запісаўшы „пункты“, у сваю чаргу азнаёміў з імі канцлера літоўскага. Агінскі прыняў умовы Соф’і, аднак пра гэты кантакт стала вядома Галіцыну, які дэзавуяваў прапановы царэўны, зняўшы іх з парадку дня далейшых перамоваў[124].

Звяртае на сябе ўвагу жаданне царэўны скараціць да мінімуму ваенны ўдзел Расіі ў кааліцыі, звесці яго да 20 тыс. атрадаў пяхоты і перадасць іх у камандаванне польскага караля. Асноўны цяжар ваенных дзеянняў меркавалася перакласці на казацтва. Разумеючы, што падобныя рашэнні выклічуць рэзкае незадавальненне казацкай старшыны і ў першую чаргу самога гетмана Самойлавіча, царэўна выказала гатоўнасць супрацоўнічаць з Рэччу Паспалітай у мэтах падаўлення магчымага незадавальнення на Ўкраіне.

10 (20) красавіка паслам паведамілі пра перанос перагавораў спачатку да 12 (22), а потым да 14 (24) красавіка. Занепакоеныя паслы запатрабавалі падвод для выезду са сталіцы і папрасілі выдаць ім дагавор пра вяртанне Засожжа. Паводле Гжымултоўскага, посожскае пытанне цягам неафіцыйных перамоваў пастаянна было сродкам шантажу польскіх дыпламатаў іх расійскімі калегамі[125]. У тых умовах ваявода склаў новы мемарыял для сваіх калег па пасольстве. Ён сцвярджаў, што, беручы пад увагу страчаны час для пачатку ваеннай кампаніі Расіяй сёлета, не варта заключаць саюз за кошт страты значных правінцый за Дняпром коштам таго, што „на другі бераг так шырока пераскоквае Масква і Запарожжа, адбірае і каля Кіева вялікія ўладанні“. На думку Гжымултоўскага, саюз будзе толькі перашкодай для мірных перагавораў з туркамі[126].

14 (24) красавіка дзякі нарэшце прывезлі паслам узор дамовы, „зусім праціўны таму, які быў узгоднены раней; [у яго] ўключылі тыя захопы, на якія раней прэтэндавалі, а потым у полі саступілі“. На заяву паслоў, што яны дамовіліся з князем Галіцыным пра іншыя ўмовы, дзякі адказалі, „што ў полі пастанавілі, не ведаем, так вырашана на нарадзе у цароў і па–іншаму не будзе“. Раз’юшаны ваявода адказаў, што нават калі б турэцкі султан ужо стаяў з войскам паміж Люблінам і Варшавай, яны б не пагадзіліся на такі трактат.

Паводле рэляцыі Гжымултоўскага, менавіта ў гэты варыянт дамовы былі ўнесены ў тытул цароў эпітэты „пресветлейшие и державнейшие“. Польскі кароль быў названы ўсяго толькі „наияснейшим“, пры гэтым рускія дыпламаты сцвярджалі, што гэта больш ганаровы эпітэт, чым „державнейший“. Паслы настойвалі на тым, каб да каралеўскага тытула быў дададзены эпітэт „наимогущественнейший“. Пасля доўгіх спрэчак расійскі бок пагадзіўся на тое, каб эпітэт „державнейший“ дабавіць і да тытула Яна III[127]. Раніцай 15 (25) красавіка дзякі зноў прыехалі ў рэзідэнцыю паслоў. У час гарачых спрэчак яны пагражалі, што калі дамова не будзе заключана, то цары „будут искать иной дружбы“, маючы на ўвазе султана і крымскага хана. У той жа дзень цары далі аўдыенцыю татарскаму паслу, і гэта наўмысна давялі да ведама польскіх дыпламатаў. Дзякі прыехалі да паслоў і ўвечары, прывёзшы новыя патрабаванні: Рэч Паспалітая, „в соответствии с желаниями и сообразно указаниям“ маскоўскіх дыпламатаў, павінна пачаць сепаратныя мірныя перамовы з султанам; імператар і Папа павінны заручыцца ў выкананні польскім каралём руска–польскага пагаднення; абодва манархі павінны запрасіць у саюз Людовіка XIV. Паслы адказалі, што польска–аўстрыйскі саюз сам па сабе ўжо з’яўляецца гарантыяй выканання Вечнага міру і саюзу. Астатнія прапановы былі імі катэгарычна адрынуты. Перамовы перапыніліся, на развітанне расійскія прадстаўнікі паабяцалі, што паслам будуць выдадзены падводы для ад’езду.

На наступны дзень маскоўскія дыпламаты зноў прыехалі да паслоў і настойвалі на папярэдніх патрабаваннях. Усё гэта Гжымултоўскі выклаў у лісце да Яна Сабескага, які быў выпраўлены ў той жа дзень, 16 (26) красавіка. Ваявода выказваў сумнеў, што Масква будзе прытрымлівацца дамовы ў выпадку яе заключэння[128].

Перамовы, якія згодна рэляцыі ваяводы, доўжыліся да 23 красавіка (3 траўня), былі засяроджаны вакол трох асноўных праблем: землі на правабярэжжы Дняпра, царскі і каралеўскі тытулы і антыасманскі саюз[129]. У сваіх лістах да паслоў кароль працягваў настойваць на неабходнасці для Рэчы Паспалітай заключэння дамовы. Яшчэ больш канкрэтна гэта выказаў у сваім лісце да іх рэгент кароннай канцылярыі Станіслаў Шчука, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Сабескага[130].

24 красавіка цары і Соф’я „слухалі“ і абмяркоўвалі ўзор дамовы „с ближними комнатными бояры“ і патрыярхам, „и Государи указали и патриарх и бояре приговорили такове записи о Вечном мире быть“. 26 красавіка адбылася ўрачыстая аўдыенцыя для падпісання і абмену экзэмплярамі дамовы і „отпуск“ паслоў у цароў[131]. Не спыняючыся на апісанні аўдыенцыі, адзначым адзін істотны момант: царэўна Соф’я ў сваёй прамове гаварыла пра важнасць заключэння дамовы, выказвала спадзяванне, што саюз будзе працяглым і трывалым. Прамаўляючы тост за здароўе польскага караля, яна прасіла паслоў паведаміць Яну III пра яе намер клапаціцца аб непарушнасці Вечнага міру[132].

Такім чынам, калі разыходжанні паміж польскімі і расійскімі крыніцамі адносна афіцыйнай часткі перамоваў дастаткова нязначныя, то адрозненні адносна апісання неафіцыйнай стадыі безумоўна больш заўважныя. Дакументацыя Пасольскага прыказа, якая добра фіксавала афіцыйна–пратакольныя пытанні, практычна не захавала ўзгадак аб кулуарных кантактах, або адмыслова сказіла з мэтай надаць ім паўафіцыйны характар. Так, сустрэча дэлегацыі за горадам была пададзена як нарада паддзячых з пасламі на пасольскім двары. Падобна, што захаванне падобнай дакументацыі было не ў інтарэсах В.В. Галіцына і царэўны Соф’і, калі ўлічваць наяўнасць значнай колькасці праціўнікаў іх палітыкі.

За час перагавораў узнікла некалькі рэдакцый дамовы: 1) расійская і польская, складзеныя бакамі паралельна пасля заканчэння афіцыйнай часткі перамоваў; 2) расійская 2–я, падрыхтаваная да сустрэчы з польскімі пасламі і перапрацаваная пасля дэбатаў 7 красавіка; 3) расійская 3–я, прадстаўленая польскім паслам 14 красавіка. Тэкст самой дамовы, такім чынам, быў пятым варыянтам. Як відаць, з канца сакавіка ініцыятыва знаходзілася цалкам у руках Масквы, а польскі бок толькі абараняўся.

У адпаведнасці з заключанай дамовай, Расія замацоўвала за сабой землі, якія былі далучаны паводле Андрусаўскага замірэння — Смаленскую зямлю, Левабярэжную Ўкраіну, Кіеў з землямі між рэкамі Ірпень і Стугна з гарадамі Васількаў, Стайкі, Трыполле. У аднаасобнае валоданне цароў пераходзіла Запарожжа. Бакі абавязаліся не засяляць паласу зямель уніз па правым беразе Дняпра. Пытанне аб іх прыналежнасці мусіла вырашыцца ў час перамоваў з расійскім пасольствам, якое мелася прыбыць у Рэч Паспалітую для прыняцця прысягі караля. У выпадку, калі бакі не прыйдуць да пагаднення, пытанне адкладвалася б да наступных перамоваў. Расія адмовілася ад прэтэнзій на астатнюю частку Правабярэжнай Украіны і на беларускія землі (Віцебск, Полацк і інш.), а таксама выплачвала Рэчы Паспалітай 146 тыс. рублёў. Праваслаўныя епіскапы Рэчы Паспалітай падпарадкоўваліся кіеўскаму мітрапаліту, была гарантавана свабода праваслаўя ў Рэчы Паспалітай і свабоднае выкананне рэлігійных абрадаў каталікамі (у сваіх дамах) у Расіі, пры гэтым падкрэслівалася неабходнасць ратыфікацыі гэтага артыкула Соймам. Бакі заключылі наступальны саюз супраць Крымскага ханства і Асманскай імперыі на час вайны, а абарончы саюз — „навечно“. Цары абавязаліся напісаць граматы да хана і султана з прапановай міру пры ўмове вяртання Рэчы Паспалітай украінскіх зямель разам з Камянцом–Падольскім. Бакі абавязаліся мірныя перамовы праводзіць толькі разам з саюзнікамі польскага караля па Святой лізе. Расія мусіла ў 1686 г. перакрыць шляхі набегаў татар на польскія землі і накіраваць супраць ханства данскіх казакоў, а ў 1687 г. арганізаваць паход на Крым. Ян III павінен быў узяць на сябе туркаў і Белгародскую арду. Бакі дамовіліся заклікаць да кааліцыі французскага караля, Англію, Галандыю і Данію. Ян III быў названы „наияснейшим и державнейшим“, а цары — „пресветлейшими и державнейшими“[133].

Напружаныя двухмесячныя перамовы, якія скончыліся Вечным мірам, адлюстравалі ўсю складанасць і супярэчлівасць адносінаў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай у ХVII ст. Яшчэ нядаўна яны былі адкрытымі праціўнікамі, але перад пагрозай асманскай экспансіі мусілі шукаць збліжэння. Кіраўнічым колам Рэчы Паспалітай, якая знаходзілася ў больш складаных унутраных і знешнепалітычных умовах, давялося прызнаць канчатковы пераход да Расіі зямель, утрыманых ёю паводле Андрусаўскага замірэння на ўмовах заключэння антыасманскага саюзу. Задача пасольства Гжымултоўскага заключалася ў тым, каб дамагчыся гарантый поўнай нейтралізацыі Крымскага ханства расійскімі войскамі, атрымаць максімальна магчымыя грашовыя выплаты і вярнуць пасожскія сёлы. Праўда, дыпламаты Рэчы Паспалітай спадзяваліся вытаргаваць і частку Смаленскага ваяводства, што хоць часткова ўратавала б прэстыж Яна III Сабескага ў вачах саюзнікаў па Святой лізе і польска–літоўскай шляхты. Варта адзначыць, што пастаянныя патрабаванні польскага караля як мага хутчэй заключыць дамову, разам з рознагалоссем паміж літоўскай і польскай часткамі пасольства, пагаршалі і без таго складанае становішча і спрыялі іх уступлівасці. Пасольству Гжымултоўскага не толькі не ўдалося выканаць усе тыя задачы, якія Варшава лічыла рэальна магчымымі, але і давялося сутыкнуцца з новымі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі. Не апраўдала чаканняў і сума выплат, і адмова Расіі арганізаваць поўнамаштабны паход на ханства ў 1686 г. Цікава, што 9–ы артыкул, які, на думку польскай гістарыяграфіі, меў фатальныя наступствы для Рэчы Паспалітай, прымаўся практычна без спрэчак.

Пачынаючы з 1683 г. Галіцын паслядоўна настойваў на прызнанні за Расіяй межаў Андрусаўскага замірэння, і тут польскім дыпламатам не даводзілася разлічваць на нейкія саступкі, нават пры захаванні для Рэчы Паспалітай існуючай кан’юктуры ў міжнародных адносінах, ужо не гаворачы пра яе пагаршэнне. На нашу думку, польская гістарыяграфія некалькі спрошчана паказвае пазіцыю Расіі, зводзячы яе да беспрэцэдэнтнага дыпламатычнага націску на праціўніка, які аказаўся ў патавай сітуацыі, і надзяляючы яе рысамі аднаго з будучых магільшчыкаў Рэчы Паспалітай, але Расіі 80–х г. XVII ст. яны яшчэ не былі ўласцівыя. Масква яшчэ даволі няўтульна адчувала сябе на еўрапейскай палітычнай арэне, перасцерагалася як вайны з Асманскай імперыяй, так і ўзмацнення Рэчы Паспалітай у выніку перамогі кааліцыі. Абодва бакі ў час перамоваў актыўна выкарыстоўвалі турэцка–татарскі фактар для шантажу праціўніка. Адсутнасць у Маскве адной думкі па пытанні знешняй палітыкі адлюстроўвалася на ходзе перамоў. Сам Галіцын, безумоўна, падтрымліваючы заключэнне дамовы, імкнуўся праводзіць палітыку лавіравання, улічваючы, па магчымасці, розныя інтарэсы, у тым ліку і інтарэсы Батурына, і пазіцыю праціўнікаў вайны. Пра тое, што яму не заўсёды ўдавалася ўтрымаць сітуацыю пад кантролем, сведчаць раптоўныя змены ў патрабаваннях да польскага пасольства, аж да зрыву дасягнутых раней дамоўленасцяў.

Дамова пра Вечны мір не стала адназначным вектарам расійскай знешняй палітыкі на бліжэйшае дзесяцігоддзе. Саюз з Рэччу Паспалітай адкрываў Расіі шлях у еўрапейскую палітыку, даючы магчымасць здзяйснення экспансіі ў напрамку ад Балтыкі або Чорнага мора. Пашырэнне Кіеўскай акругі і пераход пад царскую ўладу Правабярэжжа стварала плацдарм для барацьбы за поўнае падпарадкаванне Ўкраіны.


[1] Титов Ф.И. Окончательный переход Киева от Польши к России по договору о Вечном мире между ними в 1686 г. Киев, 1904; Французова Е.Б. Из истории русско–польских отношений в последней трети XVII в. (по материалам межевых комиссий) // Исторические записки. Т. 105. Москва, 1980. С. 287—288.
[2] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… Пра перагаворы 1686 г. пісаў у сваёй дысертацыі і І. Грэкаў (Греков И.Б. Вечный мир 1686 г. Москва, 1950), аднак тут яго праца не разглядаецца.
[3] Zdanie sprawy przed królem Janem III s poselstwa do Moskwy, zaczętego w roku 1685, a skoсczonego dnia trzeciego maja 1686 przez Krzysztofa Grzymułtowskiego, wojewodę poznańskiego // Źródła do dziejów polskich. Wydane przez M. Malinowskiego i A. Przedzieckiego. T. 2. Wilno, 1844. 3—35; Wjazd jaśnie wielmożnych: Krzysztofa Grzymułtowskiego, wojewody poznańskiego, marszałka królowej j.m. starosty kościańskiego; Marciana Aleksandra z Kozielska Ogińskiego kanclerza w. ks. lit. hrabi na Dubrownie, mścibowskiego, radoszkowskiego, dorsuńskiego, niemonojskiego starosty; Aleksandra Przyiemskiego, podstolego koronnego, starosty ostryńskiego; Jana na Potoku Potockiego kasztelanica kamienieckiego, pułkownika j. kr. m., posłów pełnomocnych do Moskwy do Jana Aleksiejewicza i Piotra Aleksiejewicza braci rodzonych, carów rossyjskich, roku 1686, d. 19 lutego // Ibid. S. 41—56.
[4] Российский государственный архив древних актов (Далей РГАДА). Ф. 79. Оп. 1. 1683 г. Дело № 5. Л. 27—31; Perdenia J. Rokowania polsko–rosyjskie w Kadzyniu w 1684 r. // Rocznik naukowo–dydaktyczny Wyższej Szkoły Pedagogicznej w Krakowie, 1963. Prace Historyczne, IV. Zeszyt 32.
[5] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 39.
[6] Wójcik Z. Jan Sobieski… S. 375—376.
[7] Archiwum Główny Akt Dawnych (Далее AGAD). Archiwum publiczny Potockich (Далей APP). Rps. 47, t. 1. S. 316—317; Гл. таксама: РГАДА Ф. 79. Оп. 1. 1685 г. Дело № 8.
[8] РГАДА Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 4. Л. 23.
[9] Маўляў, палякі „поступают то, чего в руках своих не мають“. Гл.: Источники малороссийской истории, собранные Д.Н. Бантышом–Каменским и изданные О. Бодянским. Ч. 1—2. Москва, 1859—58. Ч. 1. С. 289—296.
[10] Дакументы апублікаваны пры артыкуле В. Станiслаўскага „Статтi гетьмана Самойловича щодо „вiчного миру“ // Україна в Центрально–Схiдній Європі. Київ, 2001. С. 366—381.
[11] Zdanie sprawy… S. 5. Даты даюцца па старым стылі, але калі яны бяруцца з польскіх крыніц, то ў дужках прыводзіцца новы стыль.
[12] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 5. Л. 1, 2 об.
[13] Тамсама. Л. 61—62.
[14] Wjazd jaśnie wielmożnych… S. 50
[15] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 135 об. Пасожскія сёлы былі захоплены казакамі Самойлавіча ў сакавіку 1684 г. (гл.: Stanowisko Rzeczypospolitej szlacheckiej… S. 30).
[16] Тамсама. Л. 147—148. Параўн.: Zdanie sprawy… S. 7; Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 42.
[17] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 148—151. Як вынікае з дакументаў Пасольскага прыказа, паслы не абвінавачвалі ў захопе пасожскіх сёлаў непасрэдна маскоўскую ўладу, а выключна „северскіх казакоў“. Параўн.: Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 42.
[18] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 109; гл. таксама РГАДА. Ф. 41. Сношения России с Венецией. Оп. 2. 1685 г. Дело № 6.
[19] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 153—158.
[20] Zdanie sprawy… S. 8.
[21] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 158—163.
[22] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 163—170.
[23] Тамсама. Л. 169—173 об. Параўн. Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 43. У крыніцах, даступных З. Вуйціку, не адлюстраваны многія дастаткова важныя пытанні, якія разглядаліся на сесіі 22 лютага (4 сакавіка).
[24] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 173 об.—175; параўн. Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 43. Паводле яго, пярэчанні Гжымултоўскага зводзіліся выключна да антыасманскай рыторыкі.
[25] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 176—178.
[26] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 43—44. Згодна з аўтарам, тут падымалася толькі два пытанні — наконт антыасманскага саюзу і вяртання Засожжа.
[27] Zdanie sprawy… S. 9. Параўн.: Wjazd jaśnie wielmożnych… S. 50—51.
[28] Zdanie sprawy… S. 10.; Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 44.
[29] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело №224. Л. 187—198. Zdanie sprawy… S. 10.
[30] Zdanie sprawy… S. 10. У расійскіх крыніцах пра гэта не гаворыцца. Спрэчкі наконт Засожжа сцісла адлюстраваны таксама ў выданні „Wjаzd jaśnie wielmożnych…“. S. 51.
[31] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 199—199 об. Zdanie sprawy… S. 10.
[32] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 199 об.—201. Ліст з Версаля 20 (10).12.1685 г. Гл. таксама РГАДА. Ф. 93. Сношения России с Францией. Оп. 1. 1685 г. Дело № 2.
[33] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 202—205; Zdanie sprawy… S. 10—11.
[34] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 203 об.—209 об.; гл. абмеркаванне саюзу ў: Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 44.
[35] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 209 об.—213; Wjazd jaśnie wielmożnych… S. 51. Сярод патрабаваных рускімі гарадоў аўтар згадвае таксама Оршу і Мсціслаў. Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 44.
[36] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 213 об.—215.
[37] Тамсама. Л. 215—216; Zdanie sprawy… S. 11; Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 44.
[38] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 216 об.—218 об.
[39] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 218 об.—221 об.
[40] Тамсама. Л. 222—224 об.; гл. таксама Zdanie sprawy… S. 11; Параўн.: Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 44.
[41] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 224 об.—225 об.; Wjazd jaśnie wielmożnych… S. 51.
[42] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 228—229 об. Параўн. Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 44—45.
[43] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 229 об.—231 об.
[44] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 45.
[45] Zdanie sprawy… S. 12.
[46] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 232.
[47] Zdanie sprawy… S. 12.
[48] Гл. яго апісанне ў З. Вуйціка (Rokowania polsko–rosyjskie… S. 45).
[49] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 235—244. Zdanie sprawy… S. 13—14.
[50]РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 245—252. Zdanie sprawy… S. 15; Wjazd jaśnie wielmożnych… S. 51—52.
[51] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 253—254. Zdanie sprawy… S. 15—16.
[52] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 254 об.—263; Параўн. Zdanie sprawy… S. 16.
[53] У рэляцыі Гжымултоўскага апісанне сустрэчы 3 (13) сакавіка адсутнічае. З. Вуйцік (Rokowania polsko–rosyjskie… S. 45) мяркуе, што ваявода проста памылкова датаваў сустрэчу 14 сакавіка. Аднак змест перагавораў, апісаных у рэляцыі пад датай 14 сакавіка, не супадае з адпаведнымі апісаннямі сустрэчы 13 сакавіка як у расійскіх крыніцах, так і ў Wjazdzie jaśnie wielmożnych… (S. 51—52). Тым больш, што 4 (14) сакавіка адбыўся чарговы „разговор“. Так што апісанне перагавораў 3(13) сакавіка ў рэляцыю познаньскага ваяводы проста не было ўключана.
[54] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 280—280 об.
[55] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 280 об.—285 об.; Wjazd jaśnie wielmożnych… S. 52—53.
[56] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 286 об.—294; Wjazd jaśnie wielmożnych… S. 53.
[57] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 308—328 об. Рэляцыя Гжымултоўскага не згадвае пра пытанне аб Запарожжы, пастаўленае расійскімі дыпламатамі (Zdanie sprawy… S. 16—17).
[58] Zdanie sprawy… S. 17—18.
[59] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 330 об.—334. Паводле Гжымултоўскага, паслы пагадзіліся на гэтыя саступкі пасля доўгіх спрэчак пад канец самой сустрэчы, пры ўмове, што тэрытарыяльныя страты Рэчы Паспалітай будуць кампенсаваны за кошт Асманскай імперыі, у т.л. пры дапамозе Расіі. Гл.: Zdanie sprawy… S. 20.
[60] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 335—339; Zdanie sprawy… S. 19, 21.
[61] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 339 об.—351. Zdanie sprawy… S. 21.
[62] Паводле З. Вуйціка, восьмая сустрэча прайшла 24 (14) сакавіка (Rokowania polsko–rosyjskie… S. 45), што пярэчыць і расійскім крыніцам, і рэляцыі Гжымултоўскага.
[63] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 366—367; Wjаzd jaśnie wielmożnych… S. 53.
[64] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 368—375; Zdanie sprawy… S. 21—22. Паводле рэляцыі, Галіцын пагадзіўся на аблогу турэцкіх крэпасцяў на Дняпры ў тым жа годзе.
[65] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 376—380.
[66] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 45—46. На думку З.Вуйціка, усё сведчыла, што перамовы скончацца ў лепшым выпадку працягам перамір’я, прычым з віны Расіі.
[67] Biblioteka Czartoryskich (далей BCz.). Teki Naruszewicza (далей TN.), Rps 181. S. 399–401.
[68] Датаванне гэтай размовы 26 (16) сакавіком у З.Вуйціка зноў пярэчыць расійскім крыніцам, рэляцыі і дыярыушу (гл.: Rokowania polsko–rosyjskie… S. 45).
[69] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 383 об.
[70] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 385 об.—392 об.; Zdanie sprawy… S. 23.
[71] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 394—394 об.; Zdanie sprawy… S. 24; Wjаzd jaśnie wielmożnych… S. 54.
[72] Zdanie sprawy… S. 24.
[73] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 397 об.—399 об.; Zdanie sprawy… S. 24.
[74] Zdanie sprawy… S. 24. Гжымултоўскага паўтарае ананімны аўтар дыярыуша. Гл.:. Wjаzd jaśnie wielmożnych… S. 54.
[75] Zdanie sprawy… S. 24—25.
[76] У З. Вуйціка зноў пэўна памылкова — 31 (21) сакавіка (Rokowania polsko–rosyjskie… S. 46).
[77] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 402—405.
[78] Zdanie sprawy… S. 25.
[79] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 47, заўвагі 56 і 57. Аб супярэчнасцях паміж Каронай і Літвой у справе стаўлення да Масквы гл.: Wójcik Z. The separatist tendencies of Lithuanian Grand Duchy in the 17th century // Acta Poloniae Historica, 69. Warszawa, 1994. S. 60—61.
[80] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 407 об.; Zdanie sprawy… S. 25; Wjаzd jaśnie wielmożnych… S. 54.
[81] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 410 об.—423 об.
[82] Тамсама. Л. 410; Zdanie sprawy… S. 25.
[83] Zdanie sprawy… S. 26.
[84] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 410—434; Wjаzd jaśnie wielmożnych… S. 55—56.
[85] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 224. Л. 435—443 об. Грамата датавана 20 сакавіка.
[86] Wjаzd jaśnie wielmożnych… S. 56.
[87] AGAD. АРР. Rps 47, t. 1. S. 377. Почырк прыпіскі падобны на почырк лістоў М. Агінскага. Гл.: AGAD. Archiwum Radziwiłłów. Ks. 5. Rps 10718.
[88] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 46.
[89] Ліст датаваны 21 (31) сакавіка, постскрыптум — 22 сакавіка (1 красавіка).
[90] AGAD. APP. Rkps 47, t. 1. S. 358—362.
[91] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 47.
[92] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 444. Спісак граматы гетману Самойлавічу пра вяртанне пасожскіх сёлаў — лл. 444—447.
[93] Wjаzd jaśnie wielmożnych… S. 56.
[94] Zdanie sprawy… S. 26—27.
[95] AGAD. APP. Rps 47, t. 1. S. 368—369. Гл. апісанне падзей пасля развітальнай аўдыенцыі ў Гжымултоўскага (Zdanie sprawy… S. 27—28).
[96] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 6. Л. 1.
[97] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 497 об.; РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 6. Л. 2.
[98] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 6. Л. 3.
[99] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 499—504 об.
[100] Тамсама. Л. 505.
[101] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. Дело № 224. Л. 505—524; BCz. TN. Rps 181. S. 411—435.
[102] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 6. Л. 5—16, „образцовая запись“ — Л. 17—81.
[103] Тамсама. Л. 17, 82; Наконт царскіх тытулаў паводле Андрусаўскага перамір’я гл.: Полное собрание законов Российской империи. Изд. 1. С.–Петербург, 1830 (далей ПСЗ) Т. 1. С. 657—658.
[104] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 6. Л. 82.
[105] Тамсама. Л. 44—45, 83.
[106] Тамсама. Л. 46—48, 83.
[107] Тамсама. Л. 49—52, 84.
[108] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 6. Л. 53—62, 85.
[109] Тамсама. Л.64. 73—75, 70—71 (у справе няправільная нумарацыя аркушоў), 85.
[110] Тамсама. Л. 72, 65, 66, 85—86.
[111] Тамсама. Л. 86.
[112] Тамсама. Л. 87—88.
[113] Ваявода памыляўся, гаворачы, што каталіцкі Вялікдзень у 1686 г. супадаў з праваслаўным. Праваслаўны прыпаў на 10 красавіка, а каталіцкі — на 14 (4) красавіка (Chronologia Polski. Warszawa, 1957. S. 325).
[114] Zdanie sprawy… S. 29; Kamieński A. Polska a Brandenburgia–Prusy w drugiej połowie XVII wieku. Dzieje polityczne. Poznań, 2002. S. 264. Аўтар, здаецца, перабольшвае ролю Фрыдрыха–Вільгельма ў спрыянні заключэнню Вечнага міру.
[115] Zdanie sprawy… S. 29—30; BCz. TN. Rps 181. S. 439—440; BCz. TN. Rps 181. S. 441—442.
[116] BCz. TN. Rps 181. S. 391—393.
[117] Zdanie sprawy… S. 30; BCz. TN. Rps 181. S. 441—442.
[118] Богданов А.П. Московская публицистика последней четверти XVII века. Москва, 2001. С. 146—149.
[119] Богданов А.П. Указ. соч. С. 146. Невядомы аўтар дыярыуша паведамляе, што афіцыйныя перамовы былі сарваны па віне патрыярха. (Wjаzd jaśnie wielmożnych… S. 56).
[120] Архив кн. Ф.А. Куракина. Кн. 1. С.–Петербург, 1890. С. 51—52.
[121] РГАДА Ф. 79. Оп. 1. 1682 г. Дело № 11. Л. 1—3, 9—11, 269, 317; Дело № 11а. Л. 78—81, 120—121.
[122] На перамовах у Андрусаве ў 1683—84 г. паслы Рэчы Паспалітай з крыўдай згадвалі грубасці Чаадаева, які вінаваціў польскі бок у парушэнні перамір’я і пагражаў Рэчы Паспалітай вайной пад час перагавораў з расійскім пасольствам у Варшаве ў 1683 г. Гл.: Дополнение к Актам Историческим. Т. 11. С.–Петербург, 1893. С. 49. Не абышлося без інцыдэнту паміж Чаадаевым і польскімі пасламі і гэтым разам. Гл.: РГАДА, Ф. 79. Оп. 1. Кн. 224. Л. 308 об.—309.
[123] AGAD. AРР. Rps 163а. T. 13. S. 555—556.
[124] AGAD. AРР. Rps 47. T. 1. S. 381—382. На дакумент упершыню звярнуў увагу З. Вуйцік (Rokowania polsko–rosyjskie… S. 47). Аднак яго сцвярджэнне, што царэўна прыняла ў Крамлі некага з паслоў, памылковае, як недакладная і названая сума, прапанаваная ад імя царэўны — 500 тыс. (у дакуменце „рo milionu co rok“).
[125] Zdanie sprawy… S. 30—31.
[126] BCz. TN. Rps 181. S. 443—444.
[127] Zdanie sprawy… S. 31—32.
[128] BCz. TN. Rps 181. S. 445—451; Zdanie sprawy… S. 32.
[129] Zdanie sprawy… S. 33; З. Вуйцік называе іншую дату канчатковага ўзгаднення тэксту дагавора — 20 (30) красавіка (Rokowania polsko–rosyjskie… S. 51).
[130] Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S. 50.
[131] РГАДА. Ф. 79. Оп. 1. 1686 г. Дело № 6. Л. 88—90.
[132] Zdanie sprawy… S. 34.
[133] ПСЗ. Т.2. С. 770—786. Мэтай артыкула не з’яўляецца аналіз захаваных тэкстаў дагавора (гл.: Wójcik Z. Rokowania polsko–rosyjskie… S.51, заўвага 81). Адзначым толькі, што ў польскай версіі дакумента Кіеў быў названы „Богоспасаемым градом, прародительной их царского величества отчиной“ (РГАДА. Ф. 79. 1686 г. Дело № 6. Л. 159).

Наверх

Таццяна Валодзіна. Адам Кіркор і „краёвая“ гістарыяграфія ў кантэксце трансфармацыі Расійскай імперыі ў XIX ст.

26 снежня, 2005 |


Правінцыйная гістарыяграфія пачала актыўна развівацца ў Расіі ў паслярэформавы час. Як паказана ў працы В. Бярдзінскіх, у вялікарускіх губернях цікавасць да рэгіянальнай гісторыі мела несумненную сувязь з ліберальна–дэмакратычнымі ідэямі 1860–х г.[1] Высілкамі мясцовых гісторыкаў стала фармавацца думка пра значэнне не толькі цэнтралізацыі, але і дэцэнтралізацыі. Сэнс такога абласніцтва быў у перакананні: Расія — гэта не толькі Масква і Пецярбург, не толькі палацы і міністэрствы, канцылярыі і штабы; „Мы“ — гэта таксама Расія. А значыць, рускую гісторыю можна было вывучаць не толькі з Пецярбурга, але і з Вяткі, Разані, Ніжняга Ноўгарада. У фокусе ўвагі апыналася развіццё „абласцей“ і самадзейнасць народа.

Вонкава падобныя, але вельмі розныя па сутнасці працэсы мы можам бачыць у дзейнасці мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў нацыянальных ускраін Расійскай імперыі. Тут таксама назіраўся рост цікавасці да мясцовай гісторыі. Але калі вяцкія аматары даўніны сваімі працамі даказвалі тэзіс „Мы — гэта таксама Расія“, то іх калегі з Вільні, Рыгі або Кіева, якія ў бальшыні падзялялі перакананне „Мы — гэта не Расія“, апыналіся перад яшчэ больш складаным пытаннем: „У такім выпадку хто мы?“ Асабліва востра праблема прачытання мінулага ў пошуках адказу на гэтае пытанне стаяла ў тагачасным Паўночна–Заходнім краі. Вастрыня вызначалася, па–першае, наяўнасцю ў польскай гістарыяграфіі развітай традыцыі „ягелонскай Польшчы“, якая звязвала залаты век польскай гісторыі з перыядам XIV — канца XVI ст. і разглядала Вялікае Княства Літоўскае ў непарыўнай сувязі з гэтай гісторыяй. Па–другое, фактар паўстанняў 1830—31 г. і 1863 г. надаваў археалагічным знаходкам, музейным экспанатам і гістарычным працам характар аргументаў, якія падтрымлівалі гістарычную правату канфліктных бакоў. Усе гэтыя меркаванні неабходна ўлічваць пры разглядзе феномена „краёвай“ гістарыяграфіі.

Слова krajowy ў перакладзе з польскай мовы мае два значэнні: 1) айчынны, мясцовы; 2) нацыянальны, агульнадзяржаўны, агульнапольскі. На працягу XIX ст. можна адзначыць некаторы дрэйф у самасвядомасці шматлікіх нараджэнцаў Заходніх губерняў. Дрэйф гэты знайшоў, у прыватнасці, адлюстраванне ў разыходжанні двух значэнняў слова. Семантычнае супрацьстаянне „мясцовага“ і „ўсяпольскага“ адлюстроўвала цяжкі і балючы працэс нараджэння ўяўленняў пра ідэнтычнасць вялізнай тэрыторыі ад Смаленска да Беластока. На пачатак XX ст. рух „краёўцаў“ пачаў ужо афармляцца ідэалагічна і палітычна: у публіцыстыцы, дакументах і праграмах палітычных партый. У вачах тых, хто ўспрымаў „край“ як нешта адзінае і адрознае як ад „Польшчы“, так і ад „Расіі“, першачарговай задачай было знайсці той падмурак, на якім можна было б узвесці будынак сваёй „адменнасці“.

Задача была нялёгкая, бо наймацнейшы культурны ўплыў ішоў з Захаду і з Усходу. Класік беларускай літаратуры Янка Купала ў трагікамедыі „Тутэйшыя“ ў гратэскавай форме паказаў прэтэнзіі Расіі і Польшчы на памежныя землі і даў сатырычнае ўвасабленне гэтых прэтэнзій у вобразах „заходняга вучонага“ і „ўсходняга вучонага“. Першы носіць кунтуш і канфедэратку, ходзіць з голенай барадой і завесістымі вусамі, другі апрануты ў „падзёўку“ і „касаваротку“, на нагах у яго доўгія боты, а барада — няголеная, калматая. Яны вядуць даследаванні, распытваюць мясцовых жыхароў, запісваюць паданні. Але там, дзе ўсходні вучоны ўносіць у свае дзённікі: „Прырода в Русском Северо–Западном крае веліка і обільна“, заходні адзначае: „Пшырода на Польскіх Крэсах Всходніх надзвычай буйна і богата“. Ператварэнне старажытнага мора ў Пінскія балоты першы тлумачыць „врэднымі клімацічэскімі веяніямі с Запада“, а другі — „шкодлівым вплывом зэ Всходу“[2]. Аднак п’еса Янкі Купалы была напісана ў 1922 г., і ў гэты час сама ўжо была феноменам развіцця беларускай нацыянальнай свядомасці. У XIX ст. усё было інакш, да „беларускасці“ было яшчэ далёка, але дзейнасць па выпрацоўцы погляду, адрознага ад пазіцый „заходняга“ і „ўсходняга“ вучоных, ужо пачалася, і найважнейшым складнікам яе было вывучэнне і інтэрпрэтацыя мінулага краю. Значны ўнёсак у гэты працэс зрабілі прадстаўнікі віленскай гістарычнай школы[3].

Сярод дзеячаў, што выканалі актыўную ролю ў развіцці „краёвага“ вытлумачэння мінулага, заўважнае месца займае Адам Ганоры Кіркор (у рускай традыцыі Адам Карлавіч) — вядомы археолаг, этнограф, гісторык і выдавец. Але з азначэннем, якое можна было б дастасаваць да гэтых назоўнікаў, справа не такая і простая. У сучасных беларускіх працах Кіркора залічваюць да „беларускіх“ вучоных, польскія вучоныя лічаць яго „палякам“, а літоўскія аўтары мяркуюць, што Кіркор „знаходзіўся паміж Літвой, Польшчай і Беларуссю“[4].

Адам Кіркор нарадзіўся ў 1812 г. у мястэчку Слівіне Магілёўскай губерні. Наконт сацыяльнага статусу яго бацькі сустракаюцца розныя меркаванні — уніяцкі святар, дробны землеўласнік або нават аднадворац. Адукацыю Кіркор атрымаў у Магілёўскай гімназіі і Віленскім шляхецкім інстытуце. У канцы 1830–х г. ён асталяваўся ў Вільні, нядоўгі час служыў у губенскім праўленні сакратаром. Але чыноўніцкі шлях не здаваўся яму прывабным, і хутка ён цалкам прысвяціў сябе гістарычным, этнаграфічным працам і выдавецкай справе. Ён стаў сябрам, а потым сакратаром губернскага статыстычнага камітэта, дзейна супрацоўнічаў з Віленскай археаграфічнай камісіяй. З 1855 г., калі быў створаны музей старажытнасцяў, Кіркор заняў пасаду яго захавальніка. Ён шырока разгарнуў выдавецкую дзейнасць: у 1850—54 г. выдаў „Памятныя кніжкі Віленскай губерні“, у 1857—63 г. — альманах „Teka Wileńska“. У 1859 г. займеў уласную друкарню, а з 1860 г. стаў рэдактарам–выдаўцом „Виленского вестника“. Гэта былі залатыя гады Адама Кіркора. У Вільні ён кантактаваў з блізкімі па духу людзьмі (Я. Тышкевіч, Т. Нарбут, Н. Маліноўскі, І. Ходзька і інш.), якія ахвотна прапаноўвалі для яго выданняў свае гістарычныя і літаратурныя працы. Уласныя працы па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Кіркор змяшчаў не толькі ў мясцовых выданнях; яго артыкулы друкаваліся ў Маскве і Пецярбурзе. „Виленский вестник“ з кволага паўафіцыйнага органа ператварыўся ў цікавы часопіс, а колькасць яго падпісчыкаў павялічылася з 400 да 3000 чалавек.

Паўстанне 1863 г. паклала канец усяму гэтаму. Сам Кіркор не далучыўся да мяцежнікаў, але стала зразумела, што нават пры захаванні лаяльнасці ён ператварыўся ў persona non grata. Адміністрацыйная перапіска захавала драматычныя падрабязнасці таго, як яго „выціскалі“ з поля выдавецкай дзейнасці[5]. Вымушаны, згодна з загадам М. Мураўёва, выпускаць „Виленский вестник“ на рускай мове і друкаваць у ім усе афіцыйныя паведамленні і распараджэнні, Кіркор фактычна быў даведзены да банкруцтва. На друкарню наклалі арышт, а кантракт з ім разарвалі ў аднабаковым парадку. Але збанкрутаваны рэдактар высунуў сустрэчныя прэтэнзіі. Улады апынуліся ў складаным становішчы: юрыдычна справу трэба было разбіраць у судзе, але працэс непазбежна прыняў бы палітычны характар — нешта накшталт „Кіркор супраць Мураўёва“. Урэшце дасягнулі кампрамісу: „Виленский вестник“ атрымаў іншага рэдактара, а Кіркор — свабоду. Свайму сябру А. Катлярэўскаму ён пісаў: „1 снежня [1865 г.] мяне, нарэшце, вызваляць ад рэдакцыі; я разораны канчаткова, не ведаю, што і рабіць“[6]. Вырашыўшы пакінуць Вільню, ён вагаўся ў выбары паміж Пецярбургам і Масквой і прасіў у Катлярэўскага парады: „Як Вы думаеце, ці знойдзецца праца, ці няма прадузятасці ў вядомых слаях да перасяленца з Вільні?“[7].

Выбар быў зроблены на карысць Пецярбурга, і ў 1867 г. Кіркор пераехаў у паўночную сталіцу. Тут ён узяўся за выданне газеты „Новое время“. Можна выказаць меркаванне, што дазвол на новае выданне (а атрымаць яго было нялёгка) быў своеасаблівай кампенсацыяй Кіркору за панесеныя страты і праяўленую ў Вільні лаяльнасць. Але Пецярбург не прынёс яму шчасця. Кіркор у сваёй газеце шмат увагі аддаваў праблемам Заходняга краю, чым выклікаў падазрэнні — з боку цэнзуры, і незадавальненне — з боку рускай інтэлігенцыі. У вачах жа палякаў рэдактар „Нового времени“ ўвогуле выглядаў адступніком.

У хуткім часе адбылася катастрофа, у 1870 г. Кіркора абвясцілі неплацежаздольным даўжніком, і ён, ратуючыся ад даўгавой турмы, вымушаны быў пакінуць Расію. З той пары Кіркор жыў у Кракаве, час ад часу наведваючы Прагу, Львоў ці Познань. Старасць была горкай. Кіркор перабіваўся выпадковымі заробкамі: пісаў артыкулы, атрымоўваў дапамогу ад Кракаўскай Акадэміі навук, праводзіў археалагічныя раскопкі ў Галіцыі. І сумаваў… Апісваючы гурток віленскіх сяброў і знаёмых канца 1850–х г., Кіркор успамінаў: „Незадоўга да палітычнай буры і ў самы разгар яе грозных узрушэнняў раптоўная смерць вырвала з нашых шэрагаў найлепшых людзей, нібы хацела пазбавіць іх ад няшчасцяў і гора“[8]. А ў лісце да Катлярэўскага ён прызнаваўся: „Кепска, найдабрэйшы Аляксандр Аляксеевіч! Кепска жывецца. Нічога не зробіш з літоўскай натурай, паўсюль мне будзе кепска, апрача Вільні. І забівае думка, што ніколі ўжо не пабачу маёй Літвы, ды і костачкі давядзецца тут пакласці, а ў мяне там, у Вільні, прызапашана такое добрае местачка на Росе“[9] (Роса — старадаўнія каталіцкія могілкі на паўднёва–ўсходняй ускраіне Вільні. — Т. В.).

Гэтым могілкам Кіркор прысвяціў цэлы раздзел у сваім даведніку „Прагулкі па Вільні і яе ваколіцах“. Магілы і надмагіллі ўяўляліся яму маўклівымі пасярэднікамі паміж мінулым і цяперашнім. Кіркор пісаў: „Прагулкі па Росе дабратворныя для душы, бо гэтыя могілкі ёсць вялікая кніга жыцця, перад намі разгортваецца сціслая гісторыя тысяч людзей… гэты філасофскі трактат пра марнасць зямнога свету прымушае нас больш глыбока думаць і адчуваць“[10]. Але Кіркору не суджана было спачыць на віленскіх могілках. Ён памёр у 1886 г. у Кракаве, а ўвесь свой архіў пакінуў Кракаўскаму народнаму музею. Незадоўга да смерці ён пісаў сябру: „Смерць мяне не палохае; я дастаткова пражыў. Зрабіў, што мог паводле сваіх сіл і сродкаў, з чыстым сумленнем магу прызнацца, што маё жыццё для Літвы не прайшло дарэмна“[11].

Для Кіркора „Літва“ не зводзілася да тэрыторыі, гэтае паняцце набыло характар каштоўнасці, якая надала сэнс усяму жыццю. У 1861 г. ён пісаў каханай жанчыне[12]: „Я — ліцвін, ніколі не знішчыць ува мне гэтага пачуцця. Я люблю сваю радзіму з усім натхненнем юнака, з усім самаадрачэннем мужа. Сімпатыю да Польшчы я адчуваю настолькі, наколькі лёс яе звязаны з нашым“[13]. Але паняцце „ліцвін“ для Кіркора мела зусім асаблівы сэнс, яно адрознівалася ад значэння „этнічны літовец“ (у польскай мове — litwyn) і ў той жа час не зводзілася да ўстарэлага значэння гэтага слова, якое ўжывалася ў XVI—XVII ст. Тады, у часы позняга Сярэднявечча, ліцвінамі называлі насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. „Ліцвінам“, напрыклад, для Кіркора быў Адам Міцкевіч: „Па нараджэнні ён належыць Беларускаму палессю, але па выхаванні, па першых працах сваіх ён належыць Літве, якая ва ўспамінах усяго яго жыцця, ва ўсіх творах зліваецца з Беларуссю“[14]. Польская мова, на якой пісалі дзеячы культуры і навукі, з пункту погляду Кіркора, не была перашкодай „ліцвінству“, бо істотнай была не столькі мова, колькі пачуцці, на ёй выказаныя, — пачуцці да зямлі, на якой вырас, да яе мінулага і сучаснага. Пра вядомага пісьменніка ён, у прыватнасці, пісаў: „Ігнат Ходзька ў поўным сэнсе слова Ліцвін. Літва ў яго ва ўсім як жывая; з лёгкасцю і нейкай асаблівай сардэчнасцю ён малюе жывымі фарбамі хатняе жыццё, абрады, звычаі, або раптам уваскрашае ў памяці даўно мінулыя дзеі, паданні, паказвае гістарычных асобаў“[15].

Такім чынам, „ліцвінства“ заключалася не ў крыві ці этнічнай прыналежнасці, яно фармавалася ў свядомасці. Гісторыя служыла ў гэтай справе магутным інструментам, яна магла паспяхова рашаць задачу канструявання вобраза Літвы як „ідэальнай айчыны“[16]. І невыпадкова, напэўна, на працягу ўсяго жыцця Кіркор быў больш за ўсё схільны менавіта да гістарычных прац. Як сакратар Віленскага губернскага статыстычнага камітэта Кіркор узяўся за выданне „Памятных кніжак Віленскай губерні“. У выніку стандартныя даведнікі і адрас–календары ператварыліся ў найцікавейшыя выданні, куды ўваходзілі матэрыялы гістарычных, археалагічных, этнаграфічных даследаванняў, яны нават былі заўважаны ў сталіцы[17]. Гэтыя матэрыялы Кіркор групаваў асобна ад даведкавай часткі і лічыў іх своеасаблівымі „дадаткамі“ да „Памятных кніжак…“[18]. Варта адзначыць, што ў сваіх гістарычных артыкулах Кіркор імкнуўся па магчымасці даваць спасылкі і паказваць крыніцы, якімі ён карыстаўся, і гэта сведчыць на карысць яго дастаткова высокага навуковага ўзроўню.

Да гэтай групы прац далучаюцца артыкулы Кіркора на тэмы гісторыі, археалогіі і этнаграфіі ў іншых навуковых часопісах, а таксама падрыхтаваныя з яго ўдзелам выданні Віленскай археалагічнай камісіі[19]. Але Кіркор імкнуўся выйсці за межы вузкага кола аматараў даўніны і археалогіі і захапіць мінулым Літвы шырокую аўдыторыю. У перыядычных выданнях, якія ён выдаваў у тыя гады („Виленский вестник“ і „Teka Wileńska“), гістарычная тэматыка таксама займала галоўнае месца. І невыпадкова даведнік пра Вільню за кароткі час вытрымаў 4 выданні, у займальнай форме ён знаёміў чытачоў з памятнымі мясцінамі горада. Кіркор назваў гэтую кнігу „Прагулкі па Вільні“. Сапраўды, пры яе чытанні стваралася адчуванне, што, нетаропка рухаючыся па вуліцах горада, добры знаёмы распавядае вам пра касцёлы і цэрквы, могілкі і ратушы, пра прыватныя дамы і казённыя будынкі. Але самае галоўнае — ён распавядае пра тыя падзеі, якія калісьці адбываліся на гэтых вуліцах, пра людзей, якія жылі ў гэтых дамах. Адна з „прагулак“, дарэчы, была спецыяльна прысвечана расповеду пра экспанаты любімага Кіркоравага музея старажытнасцяў.

Пецярбургскі перыяд быў не такі багаты на гістарычныя працы, хоць на старонках „Нового времени“ можна было сустрэць матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Паўночна–Заходняга краю. А вось ў Кракаве Кіркор зноў вярнуўся да сваіх улюбёных сюжэтаў. Працаваць было цяжка, бо ён страціў усю сваю бібліятэку, а тут не ўсе расійскія навуковыя выданні можна было знайсці. Заробак быў малы і непастаянны. І ўсё ж Кіркор друкаваў і невялікія мемуарныя артыкулы, і справаздачы пра свае археалагічныя раскопкі ў паўднёвай Галіцыі, і папулярныя нарысы пра рускую літаратуру або літоўскія старажытнасці[20]. Сярод найбольш буйных прац кракаўскага перыяду варта назваць кнігу пра літаратуру славянскіх народаў, якая стала вынікам курса публічных лекцый[21]. Сам Кіркор пісаў: „Я рызыкнуў на нешта страшна тут дзівацкае, што прывяло многіх у жах! А менавіта — абвясціў публічныя лекцыі пра славянскія братэрскія літаратуры. Справа выглядала амаль неверагоднай, а між тым, завяршылася поспехам“[22]. Дабратворным адхланнем сярод жыццёвых нягод стала і праца над трэцім томам „Жывапіснай Расіі“, прысвечаным Літве і Беларусі. Гэтае грандыёзнае выданне, задуманае і ажыццёўленае М. Вольфам, патрабавала аб’яднаных высілкаў найлепшых прадстаўнікоў расійскай навукі і літаратуры. Кіркору, самотнаму эмігранту і няўдачніку, прапанавалі ўдзельнічаць у гэтай працы, а такая прапанова шмат каштавала. Гэтым прызнаваліся яго заслугі ў вывучэнні Літвы.

Мы можам вылучыць асноўныя палажэнні канцэпцыі Кіркора ў дачыненні да мінулага Літвы. У сціслай графічнай форме Кіркор сам спрабаваў зрабіць гэта яшчэ ў 1850–я г., калі на пачатку сваёй кнігі паставіў віньетку, спецыяльна заказаную для гэтай мэты мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму[23]. У цэнтры віньеткі — дуб, святарнае дрэва старажытных ліцвінаў. Унізе відаць вярхоўны бог паганскага пантэона Пярун, які стаіць на старажытным каменным молаце. Кіркор расказвае, дзе і калі пры раскопках былі знойдзены сякеры і тапары, жаночыя шпількі і пацеркі, ідалы і хатняе начынне. Пад дубам сядзіць узброены ваяр, а паміж партрэтамі размешчаны вензель Вітаўта — AW (Аляксандр–Вітаўт). На партрэтах — князь Вітаўт і Барбара Радзівіл. У цэнтры віньеткі — гістарычныя мясціны: Лідскі замак, Бернардзінская вежа ў Вільні, замак у Медніках, Замкавая гара ў Вільні, разваліны палаца Барбары Радзівіл, Троцкага і Крэўскага замкаў, Пятніцкая царква і касцёл Святога Мікалая ў Вільні.

Ва ўсім комплексе гістарычных твораў Кіркора можна вылучыць агульныя рысы, характэрныя для яго інтэрпрэтацыі гісторыі Літвы — той „ідэальнай айчыны“, якую ён імкнуўся знайсці не толькі ў сучаснасці, але і ў мінулым. Дарэчы, шмат якія свае працы ён падпісваў псеўданімам Ян з Слівіна. Гэтая згадка мястэчка, дзе Кіркор нарадзіўся, далёка невыпадковая. Іншы прадстаўнік віленскіх гісторыкаў І. Анацэвіч таксама любіў падпісвацца імем Жэгота з Бржастовіц. За гэтым хаваўся пэўны культурны код. Па–першае, код адсылаў да рамантычнай літаратурнай традыцыі. Юльян Нямцэвіч, напрыклад, напісаў гістарычны раман „Ян з Тэнчына“, а Ян Ходзька — „Пан Ян са Свіслачы“. Па–другое, код дазваляў гісторыкам пазіцыянаваць сябе як людзей, звязаных каранямі менавіта з гэтай зямлёй. У іх не было дзяржавы, якая б супадала з вобразам ідэальнай айчыны, яны не маглі адчуваць сябе „гістарыёграфамі“, як Карамзін або Нарушэвіч (Адам Нарушэвіч на загад караля Станіслава Аўгуста напісаў шматтамовую „Гісторыю польскага народа“). Але затое яны маглі падкрэсліць свой статус прыватнага чалавека, які глядзіць на гісторыю сваёй радзімы не з Пецярбурга ці з Варшавы, а пункту погляду „краю“.

Кіркор усё жыццё вельмі цікавіўся археалогіяй. Шкілеты і рэчы са старажытных могільнікаў здаваліся яму бесстароннімі сведкамі, без палітычнай, нацыянальнай або рэлігійнай прадузятасці. Спробы выкарыстаць археалогію ў такіх мэтах Кіркор шчыра адвяргаў. З Кракава ён пісаў: „Смешна яшчэ і тое, што тутэйшы набожны люд ублытвае рэлігію ў археалогію. Як дойдзе справа да першабытнага чалавека, дык і загваздка!“[24]. Археалогія неабвержна, на думку Кіркора, даказвала, што славяне і літоўцы былі аўтахтонным насельніцтвам на землях, якія цяпер называліся Заходнім краем. Менавіта яны — Русь і Літва, — арганічна з’ядноўваючыся, спарадзілі гэты адзіны „край“ з сваёй самабытнай гісторыяй і культурай. Кіркор нават бачыў прамую генеалагічную сувязь дынастыі Гедымінавічаў з полацкімі князямі[25]. Але карэнныя плямёны лёгка ўбіралі і засвойвалі чужую культуру (скандынаўскія сякеры на віньетцы). У выніку змешвання розных моваў, народнасцяў і канфесій (у тым ліку польскага і габрэйскага кампанентаў) адбываўся сінтэз і фармавалася „Літва“.

Залаты век яе гісторыі прыпадаў на XIV — XVI ст., асабліва на кіраванне Вітаўтам, калі „Літва, …што не баялася ні Польшчы, ні Ўсходняй Русі, ні татараў, падобная была на дужага, смелага, успрымальнага юнака, у якога ёсць усё, апрача ўзмужнеласці і вопытнасці“[26]. Нездарма на віньетцы сярод паказаных будынкаў толькі пабудовы XIV—XVI ст., больш познія помнікі, напэўна, здаваліся Кіркору менш „літоўскімі“. А ў XIII ст., лічыў Кіркор, Літва сваёй мужнасцю выратавала Еўропу ад жахаў мангольскага нашэсця, бо Міндоўг у 1242 і 1249 г. разбіў мангольскія войскі[27].

Сінкрэтызм культуры прыводзіў да фармавання талерантнасці ў грамадстве. Як несумненныя дасягненні ацэньваў Кіркор этнічную і рэлігійную цярпімасць, характэрную для Літвы, дзе законы абаранялі прываслаўных і каталікоў, татараў, караімаў і габрэяў. У такім кантэксце цалкам натуральным выглядае спакойнае стаўленне Кіркора да таго, што Вітаўт, выхаваны паганскай жрыцай, тройчы мяняў веру[28].

Пытанне пра польскі ўплыў было для Кіркора цяжкім і нават балючым. З аднаго боку, як гісторык і археолаг, ён ведаў, што палякаў — палякаў па крыві і паходжанні, выхадцаў з сапраўднай Польшчы — у Літве няшмат. Але немагчыма было адмежавацца ад таго факта, што польская культура глыбока ўвайшла ў плоць і кроў мясцовага адукаванага насельніцтва: „Калі многія беларусы і літоўцы прынялі для сябе польскую нацыянальнасць, польскую мову і ў многім (хоць і не ва ўсім) польскія норавы і звычаі, нарэшце, калі самі сябе яны называюць палякамі, то не толькі з этнаграфічнага, але і з маральнага пункту погляду мы не маем ніякага права называць іх інакш“[29].

З другога боку, збліжэнне Літвы і Польшчы, якое пачалося ў XV ст., Кіркор лічыў штучным — „нацягнутым сяброўствам з пярэчаннямі, непаразуменнямі і недаверам“. Унію 1569 г. ён называў палітычнай смерцю, а перыяд 1569—1795 г. характарызаваў як „шэраг бедстваў і маральнага гвалту, які давёў да маральнага разбэшчвання, а потым і падзення“[30]. Нездарма на віньетцы побач з партрэтам Вітаўта Кіркор змясціў выяву Барбары Радзівіл — гэтай трагічнай фігуры літоўскай гісторыі XVI ст. Кароль Жыгімонт Аўгуст, палка закахаўшыся, ажаніўся з ёю, але польскае грамадства прыняло літоўскую княгіню варожа, і хутка яна памерла ад атруты. За гэтым сімвалам хаваецца зусім натуральная патрэба для „краёвай“ гістарыяграфіі — падзяліць Літву і Польшчу.

Яшчэ больш рашуча пракладаў Кіркор водападзел паміж Руссю і Расіяй. Уласна гісторыя Расіі пачыналася для яго з Маскоўскай дзяржавы, а Русь — гэта той свет, які разгортваецца ў летапісе Нестара і ў „Слове пра паход Ігаравы“. Русь, якая арганічным кампанентам увайшла ў Літву, — гэта княствы Полацкае, Менскае, Віцебскае, Слуцкае, Друцкае, Тураўскае, Аршанскае і інш. Менавіта тут у X — XIII ст. праяўляецца вечавая традыцыя як характэрная рыса палітычнага развіцця Русі ў адрозненне ад дэспатычных тэндэнцый Маскоўскай Расіі[31]. Кіркору намнога лягчэй было ўключыць у „Русь“ Валынь, Падолію і Галіччыну, чым Уладзімір і Цвер.

Гэты прынцып раздзялення Русі і Расіі асабліва выразна выявіўся ў яго працы пра развіццё славянскіх літаратур, у якой асобныя раздзелы былі прысвечаны літаратуры русінскай, расійскай, чэшска–мараўскай, лужыцкай, сербскай і балгарскай. У раздзелах пра русінскую літаратуру Кіркор працягваў нітку развіцця ад Нестара да „Рускай Праўды“ — праз творы Пятра Скаргі і мітрапаліта Магілы — да творчасці Ўладыслава Сыракомлі, Мыколы Кастамарава і Тараса Шаўчэнкі. Літаратура ж расійская пачыналася ў яго з Максіма Грэка і заканчвалася Някрасавым, Тургеневым і Талстым. Гэта была цалкам усвядомленая пазіцыя, сам Кіркор прызнаваўся ў лісце: „Бадай, рускаму не спадабаецца тое, што я праводжу рэзкую рысу паміж Усходняй і Заходняй Расіяй і гавару спачатку пра апошнюю, г. зн. пра русінскую літаратуру (маларускую і беларускую), а пра расійскую, або маскоўскую — пачынаючы з XV і XVI ст. Але што ж рабіць? Кіева, песні пра паход Ігара, Скарыны, Статутаў і г. д., і г. д. маскалям я не аддам. Усё гэта наша, а іх літаратура ўласна і пачынаецца з часоў Грознага, Курбскага і інш.“[32].

Мяркуем, што можна разглядаць творчасць Адама Кіркора як адно з выяўленняў пачатковай стадыі афармлення асаблівай інтэрпрэтацыі гісторыі руска–польскага цывілізацыйнага памежжа. Яе нельга лічыць „нацыянальнай“ у сэнсе прыналежнасці да беларускай, літоўскай або ўкраінскай гістарыяграфічнай традыцыі. Але яна ўтрымлівала ў сабе зярняты ўсіх трох. Нацыянальны яе характар, калі заўгодна, заключаўся ў праекце канструявання „ліцвінскай“ нацыі. Цяжка адназначна меркаваць пра шанцы на яго ажыццяўленне. Але ў самім феномене „краёвай“ гістарыяграфіі знаходзіў адлюстраванне працэс нарастання супяэчнасцяў паміж нацыянальным і імперскім пачаткам. Шляхі развіцця нацыянальнай свядомасці ўвогуле вельмі мудрагелістыя. У 2000 г. у Наваградку адбылося падпісанне Акта абвяшчэння існавання „ліцвінскай нацыі“. У беларускіх СМІ гэтая падзея выглядала як акцыя маргінальнай групы шызоідных інтэлігентаў, такой малаколькаснай, што ўся яна змясцілася ў адзін аўтобус[33]. Здаецца, што такі акт „заснавання“ нацыі служыць жывой ілюстрацыяй даведзенага да крайнасці і абсурду канструктывісцкага падыходу да разумення сутнасці нацыі. Слабасць такога падыходу дэманструе Э. Хобсбаўм, падаючы гіпатэтычны прыклад з востравам Ўайт; з пункту погляду суб’ектывісцкага разумення нацыяналізму для стварэння „ўайтыянскай“ нацыі трэба толькі, каб пэўная група людзей пачала сябе лічыць такой[34]. Праўда, не будзем забывацца, што ў 1903 г., калі дзеячы ўкраінскай інтэлігенцыі ехалі ў Палтаву на адкрыццё помніка Катлярэўскаму, усе яны змясціліся ў пару вагонаў. Самі пасажыры нават іранізавалі, што каб цягнік дзе–небудзь па дарозе сышоў з рэек, то не стала б Украіны[35].

Увогуле шлях фармавання нацыянальнай свядомасці поўны нечаканых паваротаў, новых магчымасцяў і альтэрнатываў, таму ўявіць яго як нешта адналінейнае, заканамернае і жорстка дэтэрмінаванае можна толькі ў тым выпадку, калі развіццё разглядаецца з пункту погляду нашых сённяшніх ведаў пра дасягнутыя вынікі, a posteriori. У другой палове XIX ст., напрыклад, імпульс канструявання асаблівай ідэнтычнасці прысутнічаў у ідэях украінафілаў, правансальскіх паэтаў, віленскіх „краёўцаў“ і сібірскіх абласнікоў. Сёння, праз паўтара стагоддзя, мы ведаем, што мэты дасягнулі толькі ўкраінафілы. Але ці маем мы права пакідаць нашы веды ў мінулым? Ці маем мы права спрашчаць рэальную складанасць гістарычнага развіцця і акцэнтаваць у мінулым толькі тое, што працуе на доказ вядомага нам сёння выніку? Але, імкнучыся зразумець альтэрнатыўнасць гэтых працэсаў, нельга ўпадаць і ў іншую крайнасць — зводзіць іх толькі да гістарычнай выпадковасці.


[1] Бердинских В. Уездные историки: Русская провинциальная историография. Москва: НЛО, 2003. С.28—44.
[2] Купала Я. П’есы. Публiцыстыка. Янка Купала пра сябе. Мiнск, 2002. С. 287.
[3] Гл.: Смоленчук А.Ф. Историческое сознание и идеология поляков Белоруссии и Литвы в начале XX века // Славяноведение. 1997. №5. С.100—105.
[4] Гл., напр.: Карев Д. Белорусская историография конца XVIII — нач. XX вв. // Наш радавод. Гродно, 1993. Кн. 5. Ч. 2. С. 307—308; Базылев Л. Поляки в Петербурге. С.–Петербург, 2003. С.170—172; Medišauskiené Z. Adam Honory Kirkor — między Litwą, Polską a Białorusią // Lituano–Slavica Posnaniensia. Studia Historica VIII. Wydanie I.
[5] Пра гэта гл.: Докладная записка особой канцелярии Главного начальника Северо–Западных губерний по делу бывшего редактора „Виленского вестника“ А.К. Киркора. РГИА. Ф.954. Оп.1. Д.105.
[6] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л. 1об.
[7] Тамсама. Л.4.
[8] Kirkor A. Ze wspomnień wileńskich // Kraj. 1884. №3.
[9] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л. 28.
[10] Kirkor A. Przechadzki po Wilnie i jego okolicam. Wilno, 1859. S.241.
[11] Цыт. па: Янчук Н.А. А.К. Киркор. Краткий очерк жизни и деятельности. Москва, 1888. С.28.
[12] Гутарка ідзе пра Марыю Бачкоўскую, яны змаглі пажаніцца толькі ў жніўні 1866 г., і Кіркор пісаў на гэты конт: „Шэсць гадоў змагаўся я з ксяндзамі і, нарэшце, адолеў“. Гл.: ОР РНБ. Ф. 386. Д. 52. Л. 12.
[13] Цыт. па: Теливирская Е.Я. Некоторые вопросы общественного движения в Литве и Белоруссии в конце 50–х — начале 60–х гг. и подпольная литература // Революционная Россия и революционная Польша. Вторая половина XIX в. Москва, 1967. С.18.
[14] Живописная Россия. Т.3. С.–Петербург, 1882. С.124.
[15] Тамсама. С. 127.
[16] Пра вобраз „ідэальнай айчыны“ як складанай ідэалагічнай канструкцыі, што ўзнікае ў працэсе мадэлявання нацыі, гл.: Миллер А. И. Украинский вопрос в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIX в.). С.–Петербург, 2000. С. 12.
[17] Пра гэта гл.: Левин Д.Э. Первые столичные рецензии на Памятные книжки Виленской губернии (1852—1854 гг.) // Белорусский сборник. Вып. 1. С.–Петербург, 1998. С. 41—62.
[18] З падобных прац Кіркора можна назваць „Хронологическое показание достопримечательных событий Отечественной истории в Виленской губернии до 1852 г.“ (ПКВГ на 1851 і 1852 г.); „Очерки городов Виленской губернии“ (ПКВГ на 1852 г.); „Статистический взгляд на Виленскую губернию“ (ПГВГ на 1853 г.); „Литовские древности“ (ПКВГ на 1854 г.); „Виленские воспоминания“ (ПКВГ на 1853 г.); „Великий князь Витовт“ (ПКВГ на 1854 г.); „Черты из истории и жизни Литовского народа“ (ПКВГ на 1854 г.).
[19] Киркор А. Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Вестник Императорского Русского Географического общества. Ч. XX, XXI. С.–Петербург, 1857—1858; Записки Императорского археологического общества. Т. VIII. С.–Петербург, 1856; Известия Императорского археологического общества. С.–Петербург, 1857. Т.1. Вып.1; „Древности“. Труды Московского археологического общества. Т.1. Вып.2. Москва, 1867; Записки Виленской временной археологической комиссии. Вып. 1. Вильно, 1856; Вып.3. Вильно, 1858; Перечневый каталог предметов в Виленском музее древностей. Вильно, 1858; В память пребывания государя императора Александра II в Вильне 6 и 7 сентября 1858 г. Альбом, изданный Виленской археологической комиссией. Вильно, 1858.
[20] Kirkor A. Słowianie Nadbałіtyccy. Zarysy etnologiczno–mitologiczne. Lwów, 1876; Kirkor A. O znaczeniu i ważności zabytków pierwotnych oraz umiejętném ich poszukiwaniu: (dwa odczyty publiczne w Muzeum Techniczno–Przemysłowém w Krakowie) / przez A. H. Kirkora. Kraków, 1878; Kirkor A. Gdzie spoczywają szczęty Stanisława Leszczyńskiego / przez A. H. Kirkora. Kraków, 1884; Kirkor A. Bazylika litewska. Kraków: Red. „Przeglądu Powszechnego“, 1886; Kirkor A. Badania archeologiczne. Kraków, 1879; Kirkor A. B. M. Wolff: wspomnienie pośmiertne. S., 1884; Kirkor A. Zarysy współczesnej literatury rosyjskiej. Poznań, 1873.
[21] Kirkor A. O literaturze pobratymczych narodów słowiańskich. Kraków, 1874.
[22] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л.28.
[23] Гл.: Киркор А., Кукольник П. Черты из истории и жизни литовского народа. Вильно, 1853. С.7—20.
[24] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л.26.
[25] Гл.: Живописная Россия. Т.3. С.293.
[26] Киркор А., Кукольник П. Черты из истории и жизни литовского народа. С.22.
[27] Гл.: Живописная Россия. С.75—76.
[28] Гл.: Киркор А., Кукольник П. Черты из истории и жизни литовского народа. С.45.
[29] Живописная Россия. Т.3. С.11.
[30] Тамсама. С.91.
[31] Гл.: Тамсама. С.291—295.
[32] ОР РНБ. Ф.386. Д.52. Л.30.
[33] Гл.: Сацук С. Не скифы мы, не азиаты… // Белорусская деловая газета. № 774 ад 27.05.2000.
[34] Гл.: Hobsbawm E.J. Nations and Nationalism since 1780. Cambridge Univ. Press, 1990. P.8.
[35] Гл.: Миллер А.И. Назв. праца. С.231.

Наверх

Алесь Пашкевіч. Выбары ў Вiленскi сойм у 1922 г. і адносiны да іх беларускай грамадскасцi

25 снежня, 2005 |


У кастрычніку 1920 г., пасля захопу Вільні войскамі польскага генерала Люцыяна Жалігоўскага, на карце Ўсходняй Еўропы афіцыйна з’явілася новая дзяржава пад назвай „Сярэдняя Літва“, якая, акрамя самога горада Вільні, уключала ў сябе Ашмянскі, Віленскі, Троцкі і Свянцянскі паветы. Самастойнага значэння гэтае ўтварэнне не мела, і фактычна яго „незалежнасць“ служыла толькі шырмаю для прыкрыцця польскай улады над спрэчнымі з Літвой тэрыторыямі. Справа вызначэння дзяржаўнай прыналежнасці гэтых тэрыторый стала на пэўны час праблемай еўрапейскага значэння. Варыянтаў вырашэння праблемы было некалькі, і ў якасці аднаго з іх адразу ж была агучана ідэя выбараў мясцовага парламента, які на сваім паседжанні прыняў бы пастанову па гэтым пытанні.

Адразу ж пасля заняцця Вільні генерал Жалігоўскі заявіў, што „мы ставім сабе за задачу скліканне прадстаўнікоў краю ў Вільні, якія ад імя ўсяго насельніцтва аб’явяць сваю, нічым не звязаную волю і вырашаць наш будучы лёс“[1]. Тады ж, на яго загад, пачалася падрыхтоўка да выбараў. 1 лістапада 1920 г. быў выдадзены адпаведны дэкрэт „у справе выбараў у сойм у Вільні“, у якім дата выбараў прызначалася на 9 студзеня 1921 г. 26 лістапада 1920 г. Жалігоўскім быў падпісаны выбарчы закон і прызначаны выбарчы камісар[2].

Віленскія беларускія арганізацыі адразу мусілі прымаць рашэнне адносна свайго стаўлення да гэтых выбараў. Сама акцыя генерала Жалігоўскага першапачаткова была прынятая дастаткова прыхільна беларускімі дзеячамі, якія непасрэдна перад ёй атрымалі запэўненні блізкіх да кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудскага колаў, што на тэрыторыі Віленшчыны будзе ўтворана дзяржава пад назвай „Заходняя Беларусь“[3]. У Варшаве быў нават сфармаваны беларускі ўрад, які, праўда, мусіў напалову складацца з палякаў, а таксама падрыхтаваны адпаведныя дэкрэты і дыпламатычныя ноты. Аднак у апошні момант польскія палітыкі адмовіліся ад сваіх першапачатковых планаў, стварыўшы „Сярэднюю Літву“, у кіраўніцтве якой, праўда, знайшлося месца беларусам Вацлаву Іваноўскаму і Браніславу Тарашкевічу. Апошні ў якасці аднаго з аргументаў за падтрымку акцыі Жалігоўскага прывёў тое, што „ў Вільні будзе створаны Краёвы Сойм па ўсёй Сярэдняй Літве. Увесь народ гэтага краю зможа выказацца і гэта нас павінна больш–менш задаволіць“[4].

Як відаць з вышэйпрыведзенага выказвання Б. Тарашкевіча, беларускія дзеячы першапачаткова спадзяваліся на тое, што краёвы сойм у Вільні сапраўды будзе прадстаўніцтвам усяго насельніцтва рэгіёну. Аднак наступныя падзеі вельмі хутка разбурылі гэтыя ілюзіі, пераканаўшы беларусаў, што палякі пераследуюць толькі ўласныя інтарэсы. Дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, падпісаны Польшчай з  Савецкай Расіяй 12 кастрычніка 1920 г., фактычна перадвызначаў будучы падзел Беларусі. Як непасрэдную рэакцыю на гэты акт можна расцэньваць адкліканне ў сярэдзіне кастрычніка 1920 г. Віленскім Беларускім нацыянальным камітэтам (БНК) раней дадзенай санкцыі на ўваход Іваноўскага і Тарашкевіча ў Часовую камісію Сярэдняй Літвы, а таксама яго выступленне з пісьмовым зваротам супраць аб’яўленай Жалігоўскім мабілізацыі 16 лістапада 1920 г. Канчаткова рысу пад прапольскімі ілюзіямі беларусаў падвёў добраахвотны выхад Іваноўскага з Часовай камісіі ў снежні 1920 г.[5]

У такіх умовах на пазіцыю беларускіх палітыкаў усё больш  стаў уплываць другі суб’ект спрэчкі за Вільню — Літва. Улічваючы не вельмі вялікую колькасць літоўскага насельніцтва на Віленшчыне, ковенскія палітыкі з мэтай ажыццяўлення ціску на Варшаву і ўздзеяння на міжнародную грамадскую думку рашыліся на выкарыстанне беларускай карты. 11 лістапада 1920 г. была падпісана дамова паміж беларускім урадам у выгнанні на чале з Вацлавам Ластоўскім і ўрадам Літоўскай Рэспублікі, згодна з якой беларусы абавязваліся знаходзіцца на баку Літвы ў яе спрэчках з Польшчай і аддавалі ў яе распараджэнне свае вайсковыя фармаванні, а літоўцы, у сваю чаргу, пагаджаліся аказваць беларусам матэрыяльную і дыпламатычную падтрымку. Спрэчныя пытанні паміж бакамі, у тым ліку і балючае пытанне мяжы, павінны былі вырашацца шляхам перамоваў[6]. Урад Ластоўскага пасля гэтага развіў актыўную і небеспаспяховую агітацыю сярод беларускіх палітыкаў у Вільні, угаворваючы іх аб’яднацца. Пад час польска–беларускіх перамоваў у Рызе восенню 1920 г. эміграцыйны ўрад БНР прызнала Найвышэйшая Рада, якая да таго трымалася паланафільскай арыентацыі[7].

Вядома, усе гэтыя падзеі не маглі не адбіцца на пазіцыі беларускіх дзеячаў адносна выбараў у Віленскі сойм. У беларускай віленскай прэсе пачалі ўсё часцей з’яўляцца артыкулы, скіраваныя супраць удзелу ў іх. Прытым віленскія беларусы спачатку праяўлялі стрыманасць як у адносінах да Польшчы, так і ў дачыненні да Літвы. Так, у газеце „Наша Ніва“ адзначалася, што „цяперашняя спрэчка за Вільню вядзецца ў сферы вузканацыянальных інтарэсаў Польшчы і Літвы… Беларускае насельніцтва ў гэтай спрэчцы найменш зацікаўлена ў канчатковым выніку гэтай справы, бо і ў адным, і ў другім выпадку беларусы будуць адарваныя ад усяго свайго народа“[8].

Асноўнымі аргументамі супраць выбараў называліся: „1) не вярнуліся яшчэ з Расеі нашы бежанцы–беларусы; 2) тэрыторыя (правізарычная) для плебісцыту, або выбару ў Сойм, зусім штучна выкраена з абшараў беларускага і літоўскага; 3) плебісцыт, загаданы Лігай народаў, будзе вырашаць пытанне аб далучэнні ці да Польшчы, ці да Літвы, абмінаючы трэцюю страну — Беларусь…; 4) Сойм у Вільні пры сучасных варунках і пры асновах, на якіх ён склікаецца, не выкажа голасу ўсіх нацыянальнасцяў краю“[9]. Адзначаючы, што сама ідэя склікання сойму ў Вільні здаўна падтрымлівалася беларускімі дзеячамі і ўваходзіла ў праграмы многіх нацыянальных партый і арганізацый, падкрэслівалася, што „цяперашні сойм, што склікае ў Вільні Тымчасовая Камісія… грубая фальсіфікацыя таго, аб чым у свой час задумваліся лепшыя людзі нашага краю“[10].

У студзені 1921 г. у Вільні адбыўся вельмі рэпрэзентацыйны з’езд прадстаўнікоў усіх беларускіх палітычных арганізацый як з Віленшчыны, так і з іншых тэрыторый, на якім пераважна абмяркоўваліся праблемы выбараў у сойм Сярэдняй Літвы. Паміж прысутнымі на з’ездзе былі вялікія рознагалоссі. Частка палітыкаў выказвалася за ўдзел у выбарах з падтрымкай Польшчы, другая частка — за ўдзел у выбарах з антыпольскай платформай, трэцяя — за байкот. У выніку да агульнай пазіцыі беларускія палітыкі прыйсці не здолелі і рашыліся толькі на зварот да польскага ўрада са спецыяльнай дэкларацыяй з просьбай аб прызнанні правоў беларускай мовы ў арганізацыях і ўстановах, стварэнні беларускіх школ і ўліку жыццёва важных інтарэсаў беларускага насельніцтва[11].

Аднак выбары ў прызначаны тэрмін адбыцца не змаглі. Адной з прычын гэтага былі ўнутраныя рознагалоссі сярод польскіх палітыкаў, перш за ўсё паміж кіраўніком польскай дзяржавы Пілсудскім — у той час прыхільнікам федэрацыі Польшчы і Літвы з аднаго боку, і сеймавай большасцю, якая выказалася за непасрэднае далучэнне Віленшчыны да Польшчы — з другога. Вялікі ўплыў на развіццё падзей аказала і пазіцыя еўрапейскіх вялікіх дзяржаў, якія імкнуліся вырашыць віленскую праблему шляхам дасягнення кампрамісу паміж польскім і літоўскім урадамі. Пад ціскам Лігі нацый польскія палітыкі пагадзіліся сесці за стол перамоваў з літоўцамі. Таму тэрмін выбараў спачатку быў перанесены з 9 студзеня на 6 лютага 1921 г., а 1 лютага 1921 г. Жалігоўскі сваім дэкрэтам наогул адклаў іх правядзенне на неакрэслены тэрмін[12].

Польска–літоўскія перамовы пачаліся 20 красавіка 1921 г. у Брусэлі пад кіраўніцтвам дэлегата Лігі нацый бельгійца Поля Гіманса. Гіманс выступіў з праектам, які прадугледжваў кантанальную пабудову літоўскай дзяржавы з ковенскім і віленскім кантонамі. Агульнай сталіцай павінна была стаць Вільня, а Літва мусіла заключыць з Польшчай канвенцыі ў ваеннай, гандлёвай і знешнепалітычнай сферах. Гэты праект Гіманса прымаўся Польшчай, але адхіляўся Літвой[13]. Другі праект Гіманса больш адпавядаў жаданням літоўцаў, бо прадугледжваў толькі аўтаномію віленскай акругі ў складзе літоўскай дзяржавы. Аднак на гэта не пагадзіліся ўжо палякі. Такім чынам, польска–літоўскія перамовы да восені 1921 г. зайшлі ў тупік, і на парадак дня зноў выйшла пытанне правядзення выбараў у Віленскі краёвы сойм. Старшыня польскай дэлегацыі Шыман Ашкеназі пасля прыняцця Саветам Лігі нацый у верасні 1921 г. другога праекта Гіманса афіцыйна заявіў, што „польскі ўрад трымаецца той думкі, што лёсы Віленшчыны можа вырашыць толькі воля мясцовага насельніцтва“[14].

На працягу ўсяго перыяду польска–літоўскіх перамоваў Рада БНР з Коўна рабіла пастаянныя спробы пераадолець рознагалоссі ў беларускім нацыянальным руху і аб’яднаць усе беларускія групы пад сваім кіраўніцтвам. Ад віленскіх беларусаў бескампрамісна патрабавалася „адрачыся голасна ад змоў і супольнай працы з палякамі“[15]. Аднак частка віленчукоў, расчараваўшыся ў паляках, мела вялікія сумненні і наконт шчырасці намераў літоўскага ўрада. Гэтыя сумненні выліліся і на старонкі беларускага віленскага друку. Пад час падрыхтоўкі да польска–літоўскіх перамоваў у Брусэлі літоўскаму падыходу ў беларускім пытанні давалася наступная ацэнка: „Беларусам таксама аўтаномія… абяцаецца. Не звяртайце, беларусы, увагі на тое, што цяперашняе міністэрства беларускіх спраў у Коўне — гэта экспазытура русіфікацыі і нямецка–чарнасоценных інтрыг. Гэта ўсё нічога, пераменіцца, як дастанем Вільню, а тым часам знайце сваё дзела і на ўвесь свет крычыце проціў палякаў“[16]. Што датычыць Польшчы, то частка беларускіх дзеячоў яшчэ працягвала спадзявацца на магчымыя змены ў яе палітыцы, звязваючы іх перш за ўсё са зменамі ў верхніх эшалонах улады: „Калі ідзе гутарка аб Польшчы сучаснай, аб Польшчы Грабскіх і Дмоўскіх, дык хіба не знойдзецца ніводнага беларуса, каторы бы сказаў: так! Але апрача гэтай панскай Польшчы ёсць і тая другая — народная, тая, што на адзін момант паказала свой праўдзівы твар, выганяючы наездчыкаў і творачы сапраўды дэмакратычны ўрад Марачэўскага, стаўляючы на чале гаспадарства Язэпа Пілсудскага. З той другой Польшчай мы хочам і можам ісці. Яна цяпер таксама паняволена, як і мы. Яе таксама закавалі ў ланцугі, як і наш народ. Яе таксама вядзе да пагібелі чорны цэнтр рэакцыі ў Берліне, як і нашу Бацькаўшчыну“[17].

Частка віленскіх беларускіх дзеячоў, аднак, ужо ў той час практычна вызначылася з пытаннем пераходу да пралітоўскай арыентацыі. Так, Міхал Кахановіч у красавіку 1921 г. у сваім лісце да Вацлава Ластоўскага пісаў: „Найв[ышэйшая] Рада — нуль. Трэба весьці сваю ўласную лінію на пралом — разам з Ліцьвінамі, як бы мала яны нам не сулілі. Усе роўна, мы возьмем сваё — але толькі разам з Ліцьвінамі і проціў П[аляко]ў“[18]. З цягам часу, пад уплывам поўнага ігнаравання беларускіх інтарэсаў з боку палякаў і гаспадарання польскай адміністрацыі пераставалі верыць у шчырасць намераў палякаў у дачыненні да беларускага нацыянальнага руху і іншыя раней прыязныя да іх дзеячы. З’явілася і разуменне неабходнасці поўнага аб’яднання сіл дзеля магчымасці на нешта ўплываць. 10 ліпеня 1921 г. былыя сябры Найвышэйшай Рады Кузьма Цярэшчанка і Сымон Рак–Міхайлоўскі накіравалі ліст да Браніслава Тарашкевіча з прапановай спыніць дзейнасць гэтай арганізацыі[19]. 8 верасня 1921 г. старшыня БНК Фабіян Ярэміч выслаў ліст да В.Ластоўскага, у якім заклікаў да палагоджання ўсіх узаемных спрэчак, ад якіх „церпіць беларуская справа“[20]. Урэшце, 28 верасня 1921 г. па ініцыятыве прэм’ера беларускага ўрада ў Коўне Ластоўскага ў Празе адбылася Беларуская нацыянальна–палітычная канферэнцыя, у якой узялі ўдзел беларускія дзеячы з розных краін. У рэзалюцыях, выдадзеных па выніках гэтай канферэнцыі, усе актыўныя беларускія сілы заклікаліся да „самай рашучай рэвалюцыйнай барацьбы ўсякімі маючыміся ў іх распараджэнні спосабамі супроць падзелу Беларусі“, а ад Лігі нацый і ўсіх народаў свету вымагалася „адкінуць агідны польскі шавінізм і імперыялізм у яго этнаграфічныя межы за Буг і Нарэў“. Літва прызнавалася „векавым гістарычным сябрам беларускага народа, з якім яе звязвае агульнасць як палітычных, гэтак і эканамічных інтарэсаў“[21]. Нягледзячы на афіцыйную крытыку Лігі нацый за яе ігнараванне беларусаў пры вырашэнні віленскага пытання, у выступленнях удзельнікаў канферэнцыі падкрэслівалася вера „ў дзяржаўны розум вялікіх дзяржаў“[22]. Адзінай законнай правадаўчай уладай на Беларусі прызнавалася Рада БНР, як „вышэйшы орган беларускага народу, бяручый свой пачатак ад усебеларускага кангрэсу 1917 года“. Пастанову аб гэтым сярод іншых падпісалі, хоць і з агаворкамі, і прадстаўнікі Віленскага БНК[23]. Такім чынам, да восені 1921 г. адбылася кансалідацыя беларускага нацыянальнага руху і аб’яднанне яго вакол Рады БНР з рэзідэнцыяй у Коўне. Прапольскую арыентацыю захавала толькі арганізацыя „Краёвая сувязь“, на чале якой стаяў Павел Аляксюк.

У такім стане беларускі нацыянальны рух падышоў да моманту, калі ў сувязі з правалам польска–літоўскіх перамоваў палякі вырашылі самастойна развязаць віленскую праблему, ізноў пачаўшы падрыхтоўку да выбараў у Віленскі сойм. Іх намеры негалосна падтрымала Францыя, якая толькі зрабіла Польшчы некаторыя рэкамендацыі для палягчэння міжнароднага прызнання выбараў, асноўнымі сярод якіх былі сыход генерала Жалігоўскага з усіх сваіх пасадаў і пашырэнне выбарчай тэрыторыі на суседнія паветы, што знаходзіліся паміж Сярэдняй Літвой і ранейшай лініяй савецка–літоўскай мяжы згодна з дамовай ад 12 ліпеня 1920 г.[24] У выніку абедзве гэтыя задачы ўдалося выканаць, хоць і не без цяжкасцяў. 16 лістапада 1921 г. польскі Заканадаўчы сейм пасля доўгай дыскусіі прыняў пастанову аб пашырэнні выбарчай тэрыторыі на Лідскі і Браслаўскі паветы, а 30 лістапада Жалігоўскі перадаў уладу ў Сярэдняй Літве Аляксандру Мэйштовічу, прызначыўшы перад гэтым выбары на 8 студзеня 1922 г.

У выніку выбары павінны былі адбыцца на тэрыторыі, роўнай 20 211 км2 (з іх на тэрыторыю ўласна Сярэдняй Літвы прыпадалі 13 014 км2) з насельніцтвам 741 тыс. чалавек. Польскія афіцыйныя звесткі сведчылі, што на гэтай тэрыторыі жылі 68% палякаў, 11,5% габрэяў, 8,8% беларусаў, 7,2% літоўцаў, 2,8% іншых, 1,3% т. зв. тутэйшых[25]. Праўдзівасць гэтых лічбаў выклікае вялікія сумненні. Улічваючы практычна поўнае супадзенне паводле гэтай статыстыкі колькасці беларускага насельніцтва і насельніцтва праваслаўнага веравызнання (8,8 і 8,9% адпаведна), бясспрэчным падаецца факт амаль поўнага атаясамлення польскімі статыстыкамі канфесійнага фактару з нацыянальным. У выніку гэтага практычна ўсе беларусы–каталікі ўключаліся ў лік палякаў.

6 снежня 1921 г. урад Ластоўскага ў Коўне сабраўся на адмысловае паседжанне, на якім прыняў пастанову аб байкоце выбараў у Віленскі сойм, аргументаваўшы сваю пазіцыю тым, што „тэрыторыя т. зв. Срадковай Літвы штучна выразаная з цэлага краю і не становіць ні эканамічнага, ні палітычнага самаістнага арганізму, што выбары ў Сойм маюць адбывацца пад польскай акупацыяй і пад прэсам акупацыйных уладаў, што актыўныя беларускія сілы загнаны акупацыйнымі ўладамі Сярэдняй Літвы ў турмы, канцэнтрацыйныя лагеры і ў эміграцыю, а астаўшыеся на месцы тэрарызаваны“[26].

Пра гэтую пастанову, безумоўна, ведалі сябры Віленскага БНК, якія сабраліся на сваё паседжанне 10 снежня 1921 г. Аднак канчатковае рашэнне аб байкоце выбараў з яго боку было, несумненна, прынята яшчэ раней. У пачатку лістапада 1921 г. ва ўсіх беларускіх газетах, блізкіх да БНК, з’явіліся матэрыялы, у якіх сцвярджалася: „Мы, беларусы, да выбараў не пойдзем, бо пайсці не можам і не маем права. Пры сучасных варунках вольныя выбары немагчымыя, дык немагчымае і вырашэнне правільнае і справядлівае лёсу нашай роднай Віленшчыны. Выбары маюць адбыцца з часткі штучна выразанай з усяго краю. Дзеля гэтага нам самім прыкладаць руку да таго, каб нас кроілі, не тое што не выпадае, але было б нягодна“[27]. Такім чынам, на вышэйзгаданым снежаньскім паседжэнні рашэнне аб байкоце было толькі канчаткова аформлена спецыяльнай дэкларацыяй. У ёй пасля пераліку асноўных прычын прынятага рашэння рабілася выснова, што „выкананне волі народаў у Віленскім сойме… магчымае толькі пры ўдзеле ўсяго насельніцтва і ўсіх нацыянальнасцяў гэтага краю, пры ўмовах абсалютнай роўнасці, пры фактычным забеспячэнні грамадскіх і нацыянальных свабод, пры даўжэйшым перыядзе часу і пры пашырэнні выбараў у Віленскі сойм на ўсю беларускую тэрыторыю, адарваную ад Расеі. Толькі ў гэтых умовах магчыма аб’яднанне ўсіх народаў гэтага краю на дзяржаўнай тэрыторыі і сапраўднае волевыяўленне мясцовага насельніцтва“[28]. Падобныя пастановы былі прыняты таксама літоўскім і габрэйскім віленскімі нацыянальнымі камітэтамі.

„Краёвая сувязь“ П.Алексюка адказала на прыняцце пастановы БНК правядзеннем у Вільні ўласнага з’езда, які адбыўся 12–13 снежня 1921 г. Разам з ёй у якасці суарганізатара мерапрыемства была заяўлена т. зв. Сялянская партыя „Сялібнікі“, якая існавала хіба што толькі ў планах Алексюка[29]. У выніку двухдзённых паседжанняў была прынятая выніковая рэзалюцыя, у якой сярод іншага былі пункты аб выказванні ўдзячнасці польскаму народу за вызваленне беларускіх земляў і станаўлення на грунт аб’яднання беларускага народа з польскім, прызнаючы польскую дзяржаўнасць і аўтаномію для Беларусі. З гэтага лагічна выцякала рашэнне „прыняць удзел і працаваць сярод беларускага народа ў напрамку выбараў у сойм Сярэдняй Літвы і ў Варшаўскі сейм Польскай Рэспублікі“. Апанентам з іншых беларускіх арганізацый дадзенай пастановай выказвалася пагарда[30]. Пасля з’езда на тэрыторыі, дзе павінныя былі адбывацца выбары, распаўсюджвалася адозва, у якой беларускае насельніцтва заклікалася „стаць поплеч з братнім польскім народам, які падае нам руку, і разам ісці з ім і змагацца за нашу і іх долю і волю“[31]. Ад імя гэтага ж мерапрыемства высылаліся тэлеграмы вышэйшым кіраўнікам Польшчы і генералу Жалігоўскаму з сардэчнай падзякай за „вызваленне“ Заходняй Беларусі[32].

Алексюкоўскі з’езд выклікаў вялікае ўзрушэнне ў беларускіх палітычных асяродках. Супраць Алексюка была распачата шырокая кампанія ў прэсе. Пратэсты супраць мерапрыемства выдалі Беларускі нацыянальны камітэт, арганізацыя студэнтаў–беларусаў і іншыя беларускія арганізацыі і таварыствы. У адмысловым тлумачэнні БНК сцвярджалася, што заснаваны на з’ездзе камітэт з’яўляецца „арганізацыяй, створанай на польскія грошы, групуе вакол сябе прадажны элемент і служыць польскім, а не беларускім інтарэсам“[33]. Шматлікія нараканні выклікала сярод іншага сама арганізацыя з’езда. Дэлегаты яго нікім не выбіраліся, а запрашаліся асабіста арганізатарамі. Многім з іх гаварылася, што мерапрыемства будзе прысвечана выключна праблемам беларускай нацыянальнай адукацыі. На саміх паседжаннях панавала вельмі напружаная атмасфера, бо кожны, хто намагаўся выступіць з пратэстам супраць планаў арганізатараў, адразу ж выдаляўся з залы, прытым часта з пабоямі. Так былі выдалены, напрыклад, кс. Адам Станкевіч, Мікола Шыла, Уладзімір Пракулевіч, група студэнтаў–беларусаў. У выніку пасля заканчэння з’езда на адрасы Віленскага БНК і беларускіх газет паступіла шмат скаргаў ад удзельнікаў мерапрыемства, агульным зместам якіх было асуджэнне метадаў арганізатараў з’езда і несалідарызаванне з прынятымі на ім рэзалюцыямі[34]. Асабліва вялікае значэнне мела падобная заява Канстанціна Сцяпуры, які быў не простым удзельнікам з’езда, а выконваў абавязкі сакратара яго прэзідыума.

Распачатая кампанія ў прэсе канчаткова знішчыла і без таго небездакорную рэпутацыю Алексюка. У беларускай прэсе адзначалася, што „Аляксюк — гэта беларускі здраднік, адступнік і вырадак. Ён выракся беларусаў і прадаў за польскія маркі наш сялянскі люд… Няхай Вас Бог сцеражэ, каб Вы пайшлі за Алексюком, паслухалі яго голасу і дарма прадалі паном сябе, сваіх братоў гаротных і сваю родную зямельку, крывёй і потам вашым палітую“[35]. Шырока абмяркоўвалася тэма нібыта прысвоеных Алексюком грамадскіх грошай, друкаваліся шматлікія доказы гэтага[36]. Прозвішча Алексюка стала на той час сімвалам згодніцтва і нават нацыянальнай здрады не толькі для беларусаў, але і для іншых няпольскіх нацыянальнасцяў Віленшчыны. Так, у літоўскай газеце „Наша жыццё“ перад выбарамі пісалася: „Хто будзе выбіраць у Віленскі сойм? Так як ні літоўцы, ні беларусы, ні габрэі не будуць браць удзел у выбарах у Віленскі сойм, то гэты сойм будуць выбіраць толькі адныя палякі (і тое не ўсе), а таксама алексюкі і бальшавікі“[37].

Краёвая сувязь, як абсалютна прапольская арганізацыя, атрымлівала падтрымку палякаў у самых розных сферах. Яшчэ ў траўні 1921 г. віленскі стараста выдаў цыркуляр каменданту віленскай паліцыі адносна стаўлення да газеты „Краёвай сувязі“ „Jednaść“. У дакуменце адзначалася, што „гэтае выданне выступае пад лозунгам адзінства з Польшчай, таму не трэба яму перашкаджаць і стрымліваць распаўсюджванне штотыднёвіка на тэрыторыі Сярэдняй Літвы, а ўплываць там, дзе ёсць беларускае насельніцтва, на пашырэнне яго чытання“[38]. Перад самымі выбарамі, паводле сведчання А.Мэйштовіча, МЗС Польшчы прасіла яго пра „выдзяленне Алексюку неабходных сродкаў“[39]. Урэшце, пра небескарыслівасць занятай Алексюком пад час гэтых выбараў пазіцыі сведчыць таксама пазнейшая перапіска паміж польскімі міністэрствамі, асноўнай тэмай якой было прадастаўленне кааператыву, які ўзначальваў гэты дзеяч, пэўных гаспадарчых ільготаў[40].

Фінансаванне „Краёвай сувязі“ і яе мерапрыемстваў рабілася польскімі ўладамі з зусім акрэсленымі мэтамі. З дапамогай гэтай арганізацыі яны разлічвалі пераканаць міжнародную супольнасць, што беларускае насельніцтва Вільні жадае далучэння да Польшчы. Дзеля гэтага адразу пасля заканчэння з’езда ў Вільні быў арганізаваны візіт сфармаванай на ім дэлегацыі на чале з з Алексюком у Варшаву. Увага, якую аказалі беларускай дэлегацыі ў польскай сталіцы вышэйшыя дзяржаўныя ўлады, абсалютна не адпавядала рэальнай палітычнай вазе яе сяброў. 17 снежня дэлегацыю прынялі прэм’ер–міністр і міністр унутраных спраў Польшчы. Па запрашэнні польскага прэм’ера беларускія дзеячы прысутнічалі ў ягонай ложы пад час пастаноўкі „Пана Тадэвуша“ ў Вялікім тэатры ў Варшаве. Кульмінацыйным момантам візіту была аўдыенцыя сяброў дэлегацыі ў Юзэфа Пілсудскага 20 снежня 1921 г. Усё гэта падрабязна асвятлялася ў польскай прэсе[41]. Вестка пра прынятыя з’ездам пастановы была распаўсюджана па ўсім свеце сродкамі дзяржаўнага Варшаўскага радыётэлеграфа, прычым „Краёвая сувязь“ у яго паведамленні праходзіла як „Беларускі нацыянальны саюз у Вільні“[42].

У апошні месяц перад выбарамі на пазіцыю няпольскіх нацыянальнасцяў Віленшчыны зрабіла спробу непасрэднага ўплыву Францыя, якая ў віленскай спрэчцы пастаянна падтрымлівала Польшчу. У першай палове снежня 1921 г. адбылася дзвюхгадзінная сустрэча французскага дэлегата Шардзіньі з прэм’ерам Рады БНР Вацлавам Ластоўскім і міністрам замежных спраў БНР Аляксандрам Цвікевічам у Коўне[43]. 17 снежня 1921 г. Шардзіньі сустракаўся ўжо з віленскімі беларускімі дзеячамі Аркадзем Смолічам, Аляксандрам Карабачом і Міхалам Кахановічам[44]. Беларуская прэса не падавала падрабязнасцяў гэтых сустрэч, не хаваючы, аднак, таго, што пытанне выбараў пад час іх уздымалася. Аднак з іншых крыніц вядома, што Шардзіньі ўгаворваў беларусаў узяць удзел у выбарах узамен за аўтаномію, абяцаную палякамі[45].

Такая актыўнасць французскага прадстаўніка вымушала літоўскае кіраўніцтва да канкрэтызацыі сваіх прапаноў прадстаўнікам нелітоўскага насельніцтва Віленскага краю. Прэм’ер Літвы Казіс Грынюс 17 снежня 1921 г. у сваім выступленні з трыбуны літоўскага сойму зачытаў дэкларацыю, у якой гарантаваў для Віленшчыны краёвую аўтаномію з уласным соймам у Вільні і забеспячэнне ў гэтай аўтаноміі правоў для беларускай мовы і адукацыі. Тое ж датычыла і прадстаўнікоў астатніх народаў, якія насялялі Віленскі край. Кажучы пра беларусаў, Грынюс адзначыў, што „беларускі народ, з якім літоўцы мірна жылі сотні гадоў, можа быць пераконаны, што ў Літоўскай Рэспубліцы будуць абаронены яго мова, культура і рэлігія. Пад абаронай Гаспадарства пытанні гэтыя будуць застаўлены ў веданні культурна–аўтаномных устаноў. Заселеная беларусамі і іх потам палітая зямля дастанецца ім самім, а не чужацкім каланістам“[46]. Беларусы прынялі гэтую дэкларацыю з энтузіязмам: „Разважаючы над дэкларацыяй, кожны бесстаронні чалавек павінен прызнаць яснасць яе формы, шчырасць яе тону, дэмакратычнасць асноўных палажэнняў яе, справядлівасць у адносінах да паасобных народаў, засяляючых Усходнюю Літву… Літва сказала нам сваё шчырае слова, якога мы чакалі даўно“[47]. Місія Шардзіньі, такім чынам, скончылася няўдачай.

Аднак, нягледзячы на гэта, сам факт выступлення французскага прадстаўніка ў якасці лабіста польскіх інтарэсаў пазбаўляў беларускіх палітыкаў ілюзій адносна прызнання Лігай нацый вынікаў выбараў у Віленскі сойм. Гэта відавочна вынікае са зместу артыкула, які быў надрукаваны ў апошнім перадвыбарчым нумары газеты „Беларускі звон“. Публіцыст выдання адзначаў: „Ліга Народаў — Ліга пераможцаў. Для кантыненту Еўропы Ліга — гэта Францыя. Францыя, якая ачмуціўшыся чадам перамогі, нікога і нічога не бачыць, ды і не хоча бачыць… А раз гэта так, дык наш голас, хаця бы нават з трыбуны Сярэднялітоўскага Сойму, быў бы голас крычачага ў пустэльні… Застанёмся няшчаснымі, але затое чыстыя душой. Усе сілы на адукацыю, на ўсведамленне народу, а не на пустую нейкую надзею на міласць з неба… Для нас усё роўна, хто будзе ў нас, ці Жэлігоўскі, ці хто іншы з Варшавы, яны нам нічога добрага не дадуць. Наша надзея — гэта вера ў свой уласны, усвядомлены народ, а таксама ў сусветную дэмакратыю, а не ў цяперашніх камандзераў Еўропы“[48].

Галасаванне ў Віленскі сойм адбылося ў адпаведнасці з планам, 8 студзеня 1922 г. У выбарах узялі ўдзел 64,4% усіх выбаршчыкаў. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, галасаванне сярод беларускага насельніцтва склала 41% (у вясковых акругах — 44,5%)[49].

Узнікаюць вялікія цяжкасці пры аналізе гэтых лічбаў. Нават сярод польскіх даследчыкаў, якія абсалютна некрытычна ставяцца да афіцыйных звестак адносна нацыянальнай структуры насельніцтва Віленшчыны, існуюць рознагалоссі ў адносінах да ацэнкі пазіцыі беларускага насельніцтва. Варта, аднак, не забывацца пра тое, што польская дзяржаўная статыстыка можа выкарыстоўвацца толькі для характарыстыкі выбарчых паводзінаў праваслаўнай часткі беларускага насельніцтва. Што тычыцца беларусаў–каталікоў, то наконт іх галасавання можна рабіць толькі пэўныя прыблізныя дапушчэнні. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў некаторых гмінах колькасць выбаршчыкаў–хрысціян, якія не ўзялі ўдзелу ў галасаванні, значна перавышала колькасць зафіксаваных там беларусаў і літоўцаў. Як прыклад можа быць прыведзена Опсаўская гміна Браслаўскага павету, дзе, паводле афіцыйнай статыстыкі, жылі толькі 219 беларусаў, тутэйшых і рускіх (усе яны ўлічваліся разам) і 13 літоўцаў, а не галасавалі 1331 чалавек хрысціянскага веравызнання[50]. Вядома, сёння вельмі цяжка вызначыць, у якой ступені на падобную пазіцыю выбаршчыкаў уплывала беларуская агітацыя, а ў якой — іншыя фактары.

Безумоўна правальным можна назваць выступленне на выбарах групы Алексюка. Яго Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, які выставіў свае спісы ў Камайскай і Ашмянскай акругах (найбольш беларускіх згодна з польскай статыстыкай), набраў усяго 2400 галасоў і не правёў ніводнага дэпутата. Можна меркаваць, што да гэтай няўдачы Алексюка ў той ці іншай ступені спрычынілася і праведзеная супраць яго агітацыйная кампанія ў беларускай прэсе.

Як бы там ні было, неаспрэчна тое, што большая частка насельніцтва ўзяла ўдзел у выбарах. Гэта не абавязкова сведчыла пра яго польскасць, але вельмі часта пра просты недахоп нацыянальнай свядомасці. Вядомы польскі палітык Вінцэнт Вітас успамінаў, што „мясцовае насельніцтва выглядала ашаломленым, не вельмі разумеючы, што каля яго рабілася. Надзіва недаверліва паводзілі сябе некаторыя шляхецкія засценкі… Здзіўляла, што калі вясковы люд імкнуўся да Польшчы без ніякіх разважанняў, то частка інтэлігенцыі падымала розныя пытанні“[51]. Падобная характарыстыка сітуацыі ўтрымлівалася і ў рапарце польскага Таварыства стражы крэсовай: „Становішча на Віленшчыне можна ахарактарызаваць такім чынам: вёска — гэта чысты аркуш, на якім можа пісаць кожны, хто хоча і ўмее“[52].

Трэба прызнаць, што беларускім дзеячам не ўдалося дасягнуць пастаўленай мэты. Віленскі сойм, выбраны без іх удзелу, усё ж сабраўся і вырашыў лёс Сярэдняй Літвы. 20 лютага 1922 г. ён прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы. Нягледзячы на гэта, нельга сказаць, што тактыка байкоту выбараў, прынятая беларускімі дзеячамі, была адназначна памылковая, як лічылі некаторыя даследчыкі[53]. Як і пераважная большасць важных рашэнняў, якія прымаліся правадырамі беларускага руху, пачынаючы ад 1918 г., дадзеная пастанова прымалася ў першую чаргу з улікам міжнароднай сітуацыі. Удзел у выбарах мог прынесці беларусам правядзенне максімум некалькіх паслоў, якія ніякага ўплыву на рашэнні Віленскага сойму зрабіць бы не змаглі. У той жа час, ва ўмовах удзелу ў вырашэнні віленскага пытання еўрапейскіх дзяржаў, заставалася надзея, што пры ўзгодненым байкоце выбараў прадстаўнікамі ўсіх нацыянальных меншасцяў еўрапейскія дзяржавы схіляцца да перадачы Вільні Літве.

Прызнанне Віленшчыны літоўскай для беларусаў было важным па цэлым шэрагу прычын. Па–першае, Літва да 1922 г. заставалася адзінай фактычна прызнанай усім светам дзяржавай, зацікаўленай у падтрымцы беларускіх дзяржаватворчых памкненняў. Пры гэтым можна было спадзявацца, што пасля вырашэння ўсіх тэрытарыяльных праблем літоўскі ўрад не адмовіўся б ад выканання сваіх ранейшых абяцанняў хоць бы па прычыне зусім нязначнай колькасці літоўскага насельніцтва на Віленшчыне і неабходнасці супрацьдзеяння безумоўна ўплывоваму там польскаму элементу. Не маючы надзеі хутка літуанізаваць шматлікае славянскамоўнае насельніцтва, літоўскі ўрад проста вымушаны быў бы спрыяць пашырэнню на Віленшчыне прыязнай да сябе беларускасці, змяншаючы тым самым сферу ўплыву варожай польскасці. Безумоўна, як прадстаўнікі Віленскага БНК, так і дзеячы ўрада Ластоўскага мелі шматлікія прэтэнзіі да літоўскіх афіцыйных уладаў. Так, урад БНР лічыў, што „прыняты літоўскай дэлегацыяй пункт (у апошнім праекце Гіманса. — А. П.), па якім дзяржаўнай мовай прызнаецца толькі польская і літоўская, з’яўляецца крыўдай Беларускаму народу, які шчыра пайшоўшы на ўмовы ў асобе свайго Ураду з Урадам Літоўскай Рэспублікі, дзеля змаганьня з польскім імпэрыялізмам, клаў свае сілы і кроў на супольную справу; многа разоў выступаў супроць польскіх прэтэнзій на Віленшчыну перад Лігай Нацый і заўсёды высказываўся за сувязь яе з Літвой“[54]. Аднак дадзеныя беларуска–літоўскія супярэчнасці не ішлі ні ў якое параўнанне з беларуска–польскімі.

У дачыненні да Польшчы пераважная большасць беларускіх палітыкаў ніякіх ілюзіяў ужо даўно не мела. Шматлікія прыклады невыканання палякамі дадзеных імі раней абяцанняў і вялікі ўплыў нацыяналістаў на дзяржаўную палітыку не давалі надзеі на тое, што пасля далучэння Віленшчыны да Польшчы польскія ўлады хоць бы ў нейкай ступені будуць лічыцца з беларускім рухам. Зрэшты, палякі і не хавалі таго, што іх не вельмі хвалюе беларуская пазіцыя, пра што сведчаць, напрыклад, ліквідацыя з 1 студзеня 1922 г. дэпартамента беларускай асветы пры Часовай камісіі Сярэдняй Літвы[55] ці адмова Галоўнага выбарчага камісара прыняць заяву БНК на беларускай мове[56]. Толькі польскія партыі левага кірунку выказваліся за вядзенне больш гнуткай палітыкі ў беларускім пытанні. Так, Польская сацыялістычная партыя лічыла, што „трэба пачаць перамовы з беларусамі і габрэямі, каб усё насельніцтва Віленшчыны ўзяло ўдзел у выбарах у Віленскі сойм. Гэта патрабуе радыкальнай змены адміністрацыйнай палітыкі на ўсходзе“[57]. Польская народная партыя „Адраджэнне“ наогул запрапанавала паставіць на першым месцы на сваім спісе ксяндза–беларуса Міхала Пятроўскага, на што, праўда, апошні не даў згоды[58]. Аднак уплыў сацыялістаў і людоўцаў на тагачасную дзяржаўную палітыку Польшчы быў дастаткова абмежаваны, да таго ж папярэдні вопыт прымушаў беларусаў скептычна ставіцца да польскіх абяцанняў.

У такіх умовах адзіным аргументам за ўдзел у выбарах магла б быць магчымасць прапаганды пад час выбарчай кампаніі беларускай ідэі сярод насельніцтва. Аднак тут беларускія палітыкі па вышэйпрыведзеных прычынах знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад рашэння віленскіх літоўцаў, і байкот выбараў з боку апошніх (а рашэнне аб гэтым Літоўскім нацыянальным камітэтам у Вільні было прынята яшчэ 7 снежня 1921 г.)  прымушаў Віленскі БНК да заняцця аналагічнай пазіцыі. Але байкот выбараў быў актыўны, і беларусы, хоць і не мелі арганізаваных структур на месцах, імкнуліся ў меру магчымасці праводзіць прапаганду сваіх ідэяў. У якасці сродкаў для гэтага выкарыстоўваліся пераважна прэса і святарства. У рапартах польскіх спецслужбаў адзначалася, што беларускія газеты ананімна і бясплатна рассылаліся да ўсіх войтаў і солтысаў. Выпускаліся і распаўсюджваліся адмысловыя брашуры, у якіх выкладалася беларуская пазіцыя ў папулярнай форме[59]. Разгарнулі агітацыю ксяндзы–беларусы. Польскія спецслужбы сведчылі, што „ў кожным павеце ёсць некалькі ксяндзоў, якія рашуча і энергічна праводзяць гэтую (беларускую. — А. П.) агітацыю“. Характэрна, што ксяндзы–літоўцы ў парафіях з перавагай беларускага насельніцтва таксама праводзілі агітацыю пад беларускімі лозунгамі. Таксама пэўную ролю ў агітацыі мелі беларускія кааператывы і школы[60]. Што датычыць праваслаўнага святарства, то адзначалася, што „праваслаўнае духавенства, у пераважнай большасці рашуча расейскае, наогул у сучасны момант захоўвае вялікую стрыманасць і асцярожнасць у дачыненні да ўсялякіх палітычных акцыяў. Аднак асобы, найбольш схільныя да неадкладнай палітычнай дзейнасці, ахвотна хаваюцца пад прыкрыццё беларускага руху, каб такім чынам узмацніць антыпольскія настроі. Робіцца гэта, аднак, не праз амбон… але праз прыватнае жыццё, праз кантактаванне з людзьмі, а па меры магчымасці ў кааператывах і школах“[61].

Польскія ўлады баяліся магчымасці выкарыстання нацыянальнымі беларускімі дзеячамі выбарчай кампаніі дзеля пашырэння сваёй сувязі з сялянскімі масамі. Таму ў спецыяльнай інструкцыі адзначалася, што „пажадана, каб сярод прадстаўнікоў Віленскай зямлі былі прадстаўлены меншасці, асабліва габрэі і беларусы… Аднак непажаданыя расклейванне плакатаў з праграмамі, выезды кандыдатаў у паслы і скліканне мітынгаў“[62]. На час выбараў не было дадзена дазволу на выданне газет беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў „Krynica“ i „Świetač“. Праводзіліся арышты найбольш актыўных беларускіх дзеячаў, як, напрыклад, беларускіх каталіцкіх святароў Міхала Пятроўскага і Кастуся Стэповіча (Казіміра Сваяка)[63].

Улічваючы ўсё вышэйпададзенае, беларуская агітацыя, безумоўна, ахапіла толькі нязначную частку насельніцтва Сярэдняй Літвы і не магла аказаць вялікага ўплыву на вынікі выбараў. Аднак некаторыя беларусы ўпершыню пачулі пра існаванне асобнай беларускай нацыі менавіта ў гэты час, чаму ёсць сведчанні сучаснікаў[64].

28 сакавіка Віленскі сойм быў распушчаны, а 6 красавіка 1922 г. быў прыняты закон пра перадачу ўлады над Bіленшчынай дэлегатам польскага ўрада. Да канчатковага рашэння Лігі нацый аб прызнанні ўсходніх межаў Польшчы заставаўся яшчэ амаль год, аднак, улічваючы пазіцыю Францыі, мала хто сумняваўся, якім яно будзе. Пераходны перыяд скончыўся, і беларускім дзеячам у Вільні трэба было задумацца пра тактыку ў новых умовах — у складзе польскай дзяржавы.


[1] Ajnenkiel A. Historia Sejmu Polskiego. T. II. Cz. II. II Rzeczpospolita. Warszawa, 1989. S. 58.
[2] Srebrakowski A. Sejm Wileński 1922 roku: Idea i jej realizacja. Wrocław, 1995. S. 46.
[3] Латышонак А. Беларуская палітыка Пілсудскага ўвосень 1920 г. // Рыжскі мірны дагавор і лёсы народаў Усходняй Еўропы: Матэрыялы міжнароднай навукова–тэарэтычнай канферэнцыі (Мінск, 16—17 сакавіка 2001 г.). Мінск, 2001. С. 24.
[4] Ціхаміраў А. В. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска–савецкай вайны (1918—1921 гг.). Мінск, 2003. С. 299.
[5] Тамсама. С. 300—301.
[6] Ełski S. Sprawa białoruska: zarys historyczno–polityczny. Warszawa, 1931. S. 48—49.
[7] Czerniakiewicz A. Polsko–białoruskie stosunki wzajemne w końcowym etapie wojny polsko–sowieckiej // Rok 1920. Z perspektywy osiemdziesięciolecia / Red. nauk. A. Ajnenkiel. Warszawa, 2001. S. 200.
[8] Цыт. па: Głos białoruski o sporze polsko–litewskim // Gazeta Wileńska. 1920. 22 grudnia. Nr. 50. S. 3.
[9] М. К–ч. Віленскі Сойм, плебісцыт і беларусы // Наша Думка. 1920. 31 сьнежня.
[10] Вілянчук. Раней і цяпер // Наша Думка. 1921. 7 студзеня.
[11] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. Warszawa, 1928. S. 118—119.
[12] Srebrakowski A. Op. cit. S. 48—49.
[13] Gomółka K. Między Polską a Rosją. Warszawa, 1994. S. 192.
[14] Шубин И. (Самарин). Париж — Варшава — Вильно (Виленщина на перекрестке империалистических путей Франции). Москва, 1923. С. 40.
[15] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. Вільня — Mенск — Нью–Ёрк — Прага, 1998. С. 1046.
[16] Вільня, 17 красавіка 1921 г. // Беларускі звон. 1921. 17 красавіка. №4. С. 1.
[17] Каліноўскі В. Дзьве Польшчы // Беларускі звон. 1921. 28 красавіка. №5. С. 6.
[18] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1072.
[19] Тамсама. С. 1147—1148.
[20] Тамсама. С. 1210—1211.
[21] Тамсама. С. 1220—1221, 1224.
[22] Сташкевіч М. С. Непазбежнае банкруцтва (з гісторыі палітычнага краху нацыяналістычных партый у Беларусі. 1917—1925 гг.). Мінск, 1974. С. 132.
[23] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1229.
[24] Srebrakowski A. Op. cit. S. 52—53.
[25] Krajewski Z. Geneza i dzieje wewnętrzne Litwy Środkowej (1920—1922). Lublin, 1996. S. 94—95.
[26] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1252.
[27] Аб Сойме у Вільні // Беларускія ведамасьці. 1921. 7 лістапада. № 9. С. 4.
[28] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. S. 134.
[29] Z ruchu wyborczego. Białorusini wobec wyborów // Gazeta Wileńska. 1921. 10 grudnia. № 280. S. 2.
[30] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. S. 136—137.
[31] Беларускі дзяржаўны архіў–музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 206. А. 28.
[32] Коўкель І. І. Польска–літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партый і арганізацый // Беларусіка=Albaruthenica: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне / Рэд. А. Мальдзіс і інш. Мінск, 1994. С. 268.
[33] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 179. А. 94.
[34] БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 206. А. 3—8, 14, 17—18.
[35] D. Alaksiuk // Беларускі голас (аднаднёўка). 1921. 11 сьнежня. С. 1.
[36] Хроніка. Суд у справе Алексюка // Беларускі голас (аднаднёўка). 1921. 11 сьнежня. С. 2.
[37] Wybory do Sejmu w Wilnie, 8 stycznia 1922. Oświetlenie akcji wyborczej i jej wyników na podstawie źródeł urzędowych. Wilno, 1922. S. 75.
[38] Biełaruski hołas // Беларускі голас (аднаднёўка). 1921. 11 сьнежня. С. 1.
[39] Gomółka K. Między Polską a Rosją. S. 200.
[40] Archiwum Akt Nowych (AAN) w Warszawie. Prezydium Rady Ministrów 1918—1939. Sygn. 151/22. K. 5—13.
[41] AAN. Komitet Rosyjski w Polsce. Sygn. 34. K. 13.
[42] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1254.
[43] НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 179. А. 94.
[44] Палкоўнік Шардзіньі ў Вілен. Бел. Нацыянальным Камітэце // Беларускія Ведамасьці. 1921. 20 сьнежня. № 15. S. 6.
[45] БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 172. А. 1.
[46] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1256.
[47] M. K. Літва і Віленшчына // Беларускія Ведамасьці. 1922. 1 студзеня. № 1. С. 1.
[48] І. А. Што нам рабіць? // Беларускі звон. 1922. 6 студзеня. № 1. С. 2.
[49] Wybory do Sejmu w Wilnie, 8 stycznia 1922. Oświetlenie akcji wyborczej i jej wyników na podstawie źródeł urzędowych. S. 156.
[50] Ibidem. S. 155.
[51] Witos W. Moje wspomnienia. T. 2. Cz. II. Warszawa, 1990. S. 199—200.
[52] Hemmerling Z. PSL „Wyzwolenie“ w parlamentach II Rzeczypospolitej 1919—1931. Warszawa, 1990. S. 64.
[53] Bergman A. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977. S. 63; Сидоревич А. Антон Луцкевич: Главы из книги // Неман. 1990. № 7. С. 139.
[54] НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 111. А. 12.
[55] Gomółka K. Polskie ugrupowania polityczne wobec kwestii białoruskiej 1918–1922. Warszawa, 1989. S. 201.
[56] НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 115. А. 19.
[57] Тамсама. Адз. зах. 179. А. 54.
[58] Кандыдатура кс. Пятроўскага // Голас праўды (аднаднёўка). 1921. 27 сьнежня. № 4. С. 3.
[59] Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы: Гутарка дзеда да малодшых. Б. м., б. г.
[60] AAN. Ministerstwo Spraw Zagranicznych (MSZ) 1918—1939. Sygn. 6103. K. 237.
[61] Ibidem.
[62] Gomółka K. Między Polską a Rosją. S. 195.
[63] Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia, 1939. S. 160—162.
[64] Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава, 2003. С. 10.

Наверх

Андрэй Радаман. Віленскі земскі прывілей 1565 г. вялікага князя Жыгімонта Аўгуста

24 снежня, 2005 |


1. Гістарычна–прававая характарыстыка і значэнне Віленскага земскага прывілею 1565 г.

440 гадоў таму адбылася падзея, якая стала вехай не толькі ў гісторыі парламентарызму Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, але і ў гісторыі народаў сучасных Беларусі, Літвы і Ўкраіны. У час паседжанняў Вялікага Віленскага сойму 1565—1566 г. шляхта Вялікага Княства Літоўскага звярнулася да вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб увядзенні ў дзяржаве „кшталтомъ съ Коруны Полское“ павятовых соймікаў „для лепъшого и вечистого всякого порадку въ речи посполитой[1]. У адказе манарха, які быў датаваны 21 снежня 1565 г., на просьбу аб выдачы прывілею на ўтварэнне павятовых соймікаў „рачилъ Его Кр[олевская] Милость милостиве зезволяти[2] і ў той жа час шляхецтвам была выказана просьба аб тым, каб гаспадар вялікі князь рашэнне сваё „отъ того часу водле обетницы своее господаръское постановити и привильемъ своимъ на вечъные часы подтвердити рачилъ[3]. 30 снежня 1565 г. [па грыгарыянскім календары — 9 студзеня 1566 г.] „приводячи к большому порядку речь посполитую“, Жыгімонт Аўгуст выдаў адпаведны нарматыўны прававы акт, які меў моц агульнадзяржаўнага закону[4]. На просьбу шляхты аб тым, каб прывілей „теперешний Виленский новый, на соймики поветовые выданый“ быў унесены ў новы Статут, вялікі князь таксама даў сваю згоду[5].

Дыпламатычны аналіз арыгіналу Віленскага земскага прывілею 1565 г., які захоўваецца цяпер у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве[6], дазваляе выказаць меркаванне, што законапраект быў падрыхтаваны ў дзяржаўнай канцылярыі ў вельмі сціслы тэрмін. Зыходзячы з высноваў Андрэя Рыбакова[7] і Алеся Грушы[8] аб персанальнай адказнасці пісараў канцылярыі ВКЛ за падрыхтоўку актаў, можна сцвярджаць, што за распрацоўку законапраекта Віленскага земскага прывілею 1565 г. непасрэдна адказваў гаспадарскі маршалак і вялікі пісар літоўскі Ян Шымковіч[9], подпісам якога гэты нарматыўны прававы акт змацаваны. Не выключана аднак, што ўдзел у падрыхтоўцы законапраекта маглі ўзяць у час Віленскага сойму 1565—1566 г. і іншыя вялікія пісары ВКЛ — Астафей Багданавіч Валовіч, Ян Мікалаевіч Гайка і Мікалай Паўлавіч Нарушэвіч. Спецыяльна трэба адзначыць той факт, што вялікі князь Жыгімонт Аўгуст заверыў і змацаваў сваім подпісам заканадаўчы акт агульнадзяржаўнага значэння, які не паспелі ўпрыгожыць належным для дакументаў такога тыпу чынам[10]. Для таго, каб Віленскі земскі прывілей 1565 г. набыў юрыдычную сілу, патрабавалася яшчэ змацаваць яго дзяржаўнай пячаткай ВКЛ. У сувязі з тым, што пасля смерці ў траўні 1565 г. віленскага ваяводы, земскага маршалка і канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага пасада канцлера заставалася вакантнай[11], а падканцлерскі ўрад яшчэ не існаваў de jure, цяжка сцвярджаць адназначна, што Віленскі земскі прывілей 1565 г. быў змацаваны дзяржаўнай пячаткай менавіта ў дзень, калі ён быў падпісаны вялікім князем[12]. Паколькі да Віленскага земскага прывілею 1565 г. прывешана малая дзяржаўная пячатка ВКЛ[13], можна выказаць меркаванне, што функцыі пячатара ВКЛ ужо ў снежні 1565 г. мог выконваць пісар вялікі літоўскі Астафей Багданавіч Валовіч, які стаў першым падканцлерам ВКЛ пасля атрымання 11 сакавіка 1566 г. намінацыйнага прывілею на гэту пасаду[14].

На ўзор Польскай Кароны Віленскі земскі прывілей 1565 г. вызначаў у кожным судовым павеце ВКЛ „где кольвек вряды судовые засажены, и где потом через нас господаря засаженье врядов судовых з их просьбы и зволенья дойдет“ інстытут малых соймаў, якія павінны былі склікацца „на местцах головнейших[15] за 4 тыдні да вальнага сойму. Права ўдзелу ў малых соймах было дадзена манархам „всим обывателем… …паном радам нашим, князем, паном врядником земским и дворным, и всим станом народу шляхетского и стану рыцерского, где хто в котором повете оселость мает“, аднак прывілей не вызначыў поўны склад удзельнікаў гэтых з’ездаў[16]. У адпаведнасці з прадпісаннямі закону абывацелі ВКЛ, якія належалі да шляхецкага саслоўя, павінны былі з’язджацца на „соймы поветовые“, каб „o потребах Речи Посполитое радити и намовляти, и обмысляти“, а таксама „на выбиранье послов к соймом вальным и иным потребам земским належачих, для лепшего порадку во всих речах и способе ку справедливости и обороне“. Пра гэтыя патрэбы павятовая шляхта спавяшчалася спецыяльнымі лістамі манарха, але павятовыя шляхецкія карпарацыі маглі і самі вызначаць пытанні для абмеркавання на соймах, фармуляваць свае прапановы. Такім чынам, як справядліва адзначае А. Рахуба, Віленскі земскі прывілей 1565 г. не даваў соймікам права на ўхваленне нарматыўных прававых актаў, але выразна замацаваў за павятовымі перадсоймавымі з’ездамі шляхецтва права заканадаўчай ініцыятывы[17]. Прынцыпы арганізацыі і дзейнасці перадсоймавых малых соймаў Віленскі прывілей 1565 г. таксама дакладна не вызначыў. Жыгімонт  Аўгуст абмежаваўся сцвярджэннем, што яны павінны адбывацца „тым же прикладом и порядком, яко на таких соймех поветовых справа, поступок и обычай заховывается в панстве нашом Коруне Польской“. Як бачым, у тэксце Віленскага прывілею 1565 г. не сустракаецца і ўласна тэрмін „соймик“. Замест яго заканадаўца ўжывае тэрміны „соймы малые“, „соймы поветовые“, „съезды поветовые“ пры тым, што ў просьбе шляхты на Віленскім сойме 1565—1566 г. аб утварэнні сталых павятовых перадсоймавых шляхецкіх з’ездаў быў ужыты менавіта тэрмін „соймік[18]. Упершыню гэты тэрмін дапасуецца ў дачыненні да павятовых перадсоймавых „соймов малых“ толькі ў тэксце Статута 1566 г. [Р. III, арт. 5 „О соймикахъ поветовыхъ и о выправованю и посланю з них пословъ земъскихъ на вальный съемъ (сойм)“][19].

Значэнне Віленскага земскага прывілею 1565 г. у гісторыі дзяржаўнасці і права гістарычнай Літвы і Русі (Беларусі і Ўкраіны) палягае ў тым, што разам з артыкуламі 5, 6 і 12 III раздзела Статута ВКЛ 1566 г. ён юрыдычна аформіў у ВКЛінстытут агульнадзяржаўнага парламента (вальнага сойму) з вызначанай сістэмай прадстаўніцтва і інстытут рэгіянальных перадсоймавых соймікаў, якія далі магчымасць адносна шматлікім абывацелям шляхецкага стану (землеўладальнікам „на земскім праве“ і васалам першай ступені вялікага князя) рэальна ўдзельнічаць у прыняцці палітычных рашэнняў і рэалізацыі ўладных паўнамоцтваў у сваёй дзяржаве. Як трапна адзначыў кракаўскі гісторык права прафесар Станіслаў Плаза, менавіта на соймікі абапіраўся ўвесь складаны гмах парламенцкай сістэмы Рэчы Паспалітай абодвух народаў[20]. Найноўшыя ж даследаванні паказваюць, што ў другой палове XVI — першай палове XVII ст. дзейнасць соймікаў актыўна спрыяла ўмацаванню палітычнай і прававой культуры шляхты ВКЛ, характэрнымі рысамі якой у гэты час былі глыбокая павага да права і высокія патрабаванні да маральных якасцяў і ўзроўню адукацыі лідэраў рэгіянальных шляхецкіх эліт. Удзел сярэдняй і нават дробнай павятовай шляхты ў вызначэнні дзяржаўнай палітыкі ВКЛ і Рэчы Паспалітай абодвух народаў не быў у гэты час фікцыяй, што пацвярджаюць не толькі вынікі дысертацыйных і манаграфічных даследаванняў Генрыка Люлевіча[21], Анджэя Рахубы[22], Анджэя Закшэўскага[23], Генрыха Віснэра[24], Артураса Васіляўскаса[25], Паўла Лойкі[26], Уладзіміра Падалінскага[27], але і сцвярджэнне новагародскага кашталяна Васіля Копця, які, падкрэсліваючы перавагі monarchia mixta (мяшанай формы праўлення), вобразна параўноўваў у 1632 г. Рэч Паспалітую з хорам, у якім гучыць не адзін толькі каралеўскі альт, але мноства „вольных галасоў“ згодна падтрымліваюць адну мелодыю[28]. Як трапна адзначыў напрыканцы XX ст. англійскі гісторык Норман Дэйвіс, „пры пасрэдніцтве мясцовых земскіх соймікаў шляхта Рэчы Паспалітай здзяйсняла кантроль над вальным соймам, кіравала падатковай сістэмай і вайсковымі справамі…, і гэта не быў лад паўсюднай анархіі, які здабыў перавагу ў XVIII ст., а несумненна адважны эксперымент у галіне дэмакратыі, які ў эпоху абсалютызму і рэлігійных войнаў быў новай ажыўляльнай альтэрнатывай[29].

2. „Архіўны лёс“ Віленскага земскага прывілею 1565 г.

Земскія прывілеі, як і іншыя дакументы агульнадзяржаўнага значэння, захоўваліся ў земскім скарбе ВКЛ, які ў XVI ст. знаходзіўся ў Ніжнім Віленскім замку[30]. У 1547 г. на вальным Віленскім сойме прадстаўнікі шляхецтва звярнуліся аднак да вялікага князя з просьбай аб тым, каб „прывилья и всякии листы, отъ предковъ его милости… на права и вольности даныи… не въ скаръбе его милости земъскомъ были хованы, але на иномъ которомъ певномъ особливомъ местъцу, за печатьми пановъ радъ ихъ милости“ і за пячаткамі прадстаўнікоў ад павятовай шляхты, каб „къ тымъ прывильемъ латвейшый… прыступъ былъ, кгды бы того потреба вказывала[31]. Манарх даў станоўчы адказ на гэтую просьбу, аднак перазахаванне прывілеяў дапускаў толькі пасля пагаднення станаў сойму з раднымі панамі наконт таго, у якім бяспечным месцы і пад якімі пячаткамі будуць яны захоўвацца[32]. Пра такую дамоўленасць нам нічога невядома, а таму і надалей земскія прывілеі захоўваліся ў скарбе пад апекай паноў–рад, у першую чаргу канцлера[33], якому „привилья земские в дозренью, владзы и справе своей мети належало[34]. Ёсць факты, якія пацвярджаюць, што асобныя земскія прывілеі захоўваліся ў доме канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага ў Вільні ці ў яго Лукішскім маёнтку[35], а ў 1566 г. канцлер Мікалай Радзівіл Руды браў некаторыя з іх у Берасце, дзе адбываўся вальны сойм ВКЛ[36]. Такім чынам, земскія прывілеі маглі часова знаходзіцца і непасрэдна пры асобе канцлера ў месцы яго знаходжання. Як адзначае Раймонда Рагаўскене, значную колькасць дзяржаўных дакументаў і прывілеяў гаспадара вялікага князя, якія датычылі Статута ВКЛ, пастаноў павятовых соймікаў і сойму 1563 г., пасля завяршэння Берасцейскага сойму 1566 г. канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды даверыў на пэўны час тыкоцінскаму старосце, дзяржаўцу вількамірскаму гаспадаpскаму маршалку і пісару вялікаму літоўскаму Яну Шымковічу. Пасля завяршэння Гродзенскага сойму 1567 г. канцлер спадзяваўся ўсе гэтыя дакументы пакласці на захаванне ў скрыні, якія знаходзіліся ўземскім скарбе. Выконваючы волю канцлера, увесну 1567 г. разам з іншымі дакументамі Ян Шымковіч павёз земскія прывілеі з гаспадарскага вялікакняжацкага двара ў Кнышыне ў свой маёнтак у Мажэйкаве. Ноччу ў дарозе адзін з вазкоў, на якім перавозіліся паміж іншым і дзяржаўныя акты, саслізнуў з моста і ўпаў у раку. Некаторыя дакументы „не жебы з якое неопатрности альбо непильного хованья, але за допущеньем божим, с прыпадку нещасливого, пригодне“ моцна пацярпелі ад вільгаці[37], асабліва Бельскі земскі прывілей 1564 г.[38] Калі пасля гэтага здарэння акты трэба было прад’явіць гаспадару і Панскай Радзе, выбралі дакументы з захаванымі пячаткамі ці напісаныя яркім атрамантам з выразнымі подпісамі. Змест дакументаў быў засведчаны, пасля чаго іх упісалі ў кнігі Метрыкі ВКЛ[39] і перадалі на захаванне ў земскі скарб.

Пра тое, што ў часы канцлерства Астафея Валовіча і Льва Сапегі земскія прывілеі, як і раней, знаходзіліся пад наглядам вышэйшага пячатара дзяржавы, сведчаць шматлікія дакументы[40], у тым ліку ліст Жыгімонта III ад 18.11.1588 г. аб перадачы дзяржаўных дакументаў падканцлеру Л. Сапегу пасля смерці А. Валовіча[41]. У 1623 г. земскія прывілеі разам з унійнымі дакументамі і міждзяржаўнымі пагадненнямі былі перададзены Л. Сапегам новаму канцлеру — олыцкаму ардынату Альбрыхту Станіславу Радзівілу[42]. Земскі прывілей 1565 г. захоўваўся ў гэты час у шуфлядзе B 2, якая, у сваю чаргу, знаходзілася ў адной з дзвюх вялікіх скрыняў, што былі апячатаны ў скарбе пячаткамі канцлера і падскарбія[43]. За часы свайго канцлерства (6.02.1623—12.11.1656 гг.) Альбрыхт Станіслаў Радзівіл неаднаразова пакідаў Вільню і меў права, як і яго папярэднікі, браць неабходныя дзяржаўныя дакументы ў паездкі па краіне. Пасля таго як пачалася вайна з Маскоўскай дзяржавай, у лістападзе 1654 г. канцлер выехаў да Тухолі і знаходзіўся ў Каралеўскай Прусіі да 1656 г., пераехаўшы за некалькі месяцаў да сваёй смерці ў Гданьск[44]. Магчыма, што найбольш каштоўную частку архіва ВКЛ (у тым ліку і земскія прывілеі) канцлер у гэтыя часы вазіў з сабою[45], і ў абставінах ваеннага часу хоць і адчуваў набліжэнне смерці, не мог перадаць найкаштоўнейшыя дзяржаўныя дакументы на захаванне ў больш бяспечнае месца.

Вальдэмар Мікульскі выказаў меркаванне, што частка дзяржаўнага архіва ВКЛ патрапіла ў прыватны архіў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў пад апеку віленскага ваяводы, падканцлера і польнага гетмана ВКЛ Міхаіла Казіміра Радзівіла (ён да таго ж быў шваграм Яна III Сабескага) разам з прыватнымі дакументамі былога канцлера пасля смерці ў 1667 г. Крысціны з Любамірскіх, удавы Альбрыхта Станіслава, які не меў дзяцей[46]. Вядома, аднак, што соймы 1667 і 1673 г. ухвалялі канстытуцыі, якія наказвалі падскарбію земскаму правесці расследаванне наконт таго, дзе могуць знаходзіцца земскія прывілеі і архіў земскага скарбу ВКЛ[47], а гэта сведчыць пра тое, што палітычная эліта ВКЛ на 1673 г. не мела дакладнай інфармацыі пра іх знаходжанне. Упершыню пасля доўгага перыяду адсутнасці інфармацыі пра месцазнаходжанне земскіхпрывілеяў яны ўсплываюць у рэестры архіва Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, які быў складзены ў 1685 г. у Варшаве[48].

З гэтага часу пачынаецца працяглая барацьба нясвіжскіх Радзівілаў за права легальна захоўваць гэтыя дакументы ў сваім архіве[49]. Вынікам яе стала Канстытуцыя надзвычайнага сойму 1768 г., якая легалізавала права нясвіжскіх ардынатаў вечна захоўваць земскія прывілеі, выдадзеныя да Люблінскай уніі[50]. Аднак не раз яшчэ архіўныя скарбы ВКЛ пакідалі радзівілаўскія сховы. Дакументы архіва Кароль Станіслаў Радзівіл „Пане Каханку“ вывозіў у 1764—1768 г. у Жоўкву, Прэшаў, Прагу і Дрэздэн[51], на пераломе XVIII і XIX ст. архіў вывозіўся ў Кракаў, Варшаву і Небароў. У час дзейнасці Парадзівілаўскай Камісіі і Пракураторыі архіў быў перавезены ў Вільню ў распараджэнне старшыні камісіі Мікалая Маліноўскага. У Нясвіж архіў былі вернуты толькі ў 1838 г., пасля прыняцця нясвіжскай ардынацыі Вільгельмам Радзівілам. У другой палове XIX ст. земскія прывілеі былі ўключаны ў склад I аддзела архіва, туды ўвайшлі дакументы, напісаныя на пергаміне. Віленскі прывілей 1565 г. быў пазначаны ў рэестры пад № 210[52]. Як адзначалі Леон Жышчэўскі і Антоні Мучкоўскі, у 1846 г. яны працавалі з земскімі прывілеямі ВКЛ 1447, 1492 і 1506 г. у архіве Радзівілаў у Небарове[53], аднак невядома, ці былі ў гэты час перавезены з Нясвіжа ў Небароў земскія прывілеі ВКЛ XVI ст.

У час Першай сусветнай вайны, калі ў жніўні 1915 г. фронт наблізіўся да Нясвіжа, на загад царскіх органаў улады большая частка архіва была вывезена ў Мінск і размешчана ў кляштары Св. Духа[54]. Але частку дакументаў вывезлі з Нясвіжа ў Белую Царкву і Маскву. У 1919 г. найбольш каштоўныя дакументы былі перавезены ў Варшаву і знаходзіліся ў нераспакаваных скрынях у палацы Януша Францішка Радзівіла па вуліцы Белянскай, 14. З лістапада 1929 г. архіў размяшчаўся ў арандаваным пакоі на другім паверсе новага будынка па вуліцы Маршалкоўскай 113, 2[55].

У 30–я г. XX ст. супрацоўнік архіва Баляслаў Таўрагінскі склаў новы інвентар Першага аддзела архіва і прысвоіў новую сігнатуру Віленскаму прывілею 1565 г., змясціўшы яго ў рэестры пад № 36, пакінуўшы аднак у дужках і ранейшую сігнатуру (№ 210)[56].

У часы Другой сусветнай вайны ў 1943—1944 г. архіў Радзівілаў захоўваўся ў форце на Жалібожу ў Варшаве, пазней у будынку інтэрната Дзяржаўнай школы садоўніцтва ва Ўрсынове і форце Служэў (Służew), адкуль у верасні 1944 г. быў вывезены ў замак Фішгорн (Fischhorn) у Бруку (Brück) (Верхняя Аўстрыя). Вернутыя ў 1946 г. у Варшаву радзівілаўскія архіўныя скарбы былі размешчаны ў Вілянове (Wilanow), пазней у Палацы пад Бляхай (Pałac pod Blachą) і, урэшце, былі далучаны да фондаў Галоўнага архіва старажытных актаў, які размешчаны на вуліцы Доўгай, 7[57]. Земскія прывілеі ВКЛ, якія належалі да першага аддзела Радзівілаўскага архіва, былі перададзены на дэпазітнае захаванне ў склад агульнага фонду„Пергамінныя акты“, дзе і захоўваюцца да сёння. Віленскі прывілей 1565 г. атрымаў у гэтым фондзе сігнатуру „7772“.

Старыя рэестры архіва Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Нясвіжскага архіва Радзівілаў, якія захаваліся ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, дазваляюць ідэнтыфікаваць і старыя сігнатуры Віленскага прывілею 1565 г.

Год, у якім складзены рэестр, ці год, на які дакладна вызначана сігнатура прывілею

Архіў, запіс у рэестры, які дазваляе вызначыць месцазнаходжанне прывілею ў архіве Крыніца

1623 Дзяржаўны архіў ВКЛ, Земскі скарб ВКЛ „Szuflada B 2 Sigismundus Augustus“ AGAD. AR Dz. XXVII „Sumariusze i Inwentarze Archiwów Radziwiłłowskich“ („Sumariusze dokumentów i wykazy archiwalne“), nr 11, Regestr przywilegiow WX Ltt oddanych do zamku Xiążat Radziwiłłów, spisany na zamku wileńskim w dniu 26 listopada 1623 r., s. 8—9.
1685 Архіў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў „W szkatule pod literą A liczbą 5to Ruskie [...]. Przywiley pod literą B. na Sądy Powiatowe“. AGAD. AR Dz. XXVII, nr 13, „Regestr spraw J.O. Xżney JmCi Katarzyny z Sobieskich Radziwiłłowej… podkanclerzyney y hetmanowey W X Ltt 18 july 1685 sporządzony w Warszawie, s. 3.
1685 Архіў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў „W szufladzie pod literą [A] liczba 5que [...]. Pod litera B. Przywiley na sądy powiatowe“. AGAD. AR Dz. „Rękopisy biblioteczne“, nr VIII–2, „Regestr spraw spisany 1688 A.“, s. 3.[58]
1722 „Rok 1565. Przywiley Ruski krola Zygmunta Augusta na Sądy Powiatowe w Wielkim Xwie Litt. na Seymie Walnym wileńskim dany d. 30 Decembra, z pieczкcią, Litera C, Szuflada 1, Sztuka 5“ AGAD. AR Dz. XXVII, nr 14, Rejestr z 1722 r., s. 18.
[40–я гг. XVIII ст.] „Szuflada 3 Fascykuł No 2. 1565 Przywiley Ruski krola Zygmunta Augusta na Sądy Powiatowe W.X.Litt. na seymie walnym wileńskim. Dany d. 30 Xbra z pieczкcią,“ AGAD. AR Dz. XXVII, nr 27, Rejestr XVIII w. b.d., [lata 40 XVIII w.], s. 9.
1755 „Fasciculus 2dus. 1565. Przywiley Ruski krola Zygmunta Augusta na Sądy powiatowe W.X.Litt. z pieczкcią,na seymie w[a]lnym wileс[skim] dany d. 30 Xbris“ AGAD. AR Dz. XXVII, nr 29, Rejestr z X 1755 r., s. 9.
1902 „Dział Е. „Pergamina historyczne“ Nr 210. 1565. 30. XII. Wilno. Król Zygmunt August wprowadza sejmiki na Litwie. Katalog dodatkowy pergaminów nieświeskich. Opracował p. Pułjanowski. 1902.
[пачатак 30–х гг. XX ст.] Archiwum Ordynacji Nieświeskiej w Warszawie. „Dokumenty pergaminowe“. Nr 36 (210)[59] Taurogiński Bolesław, Inwentarz działu AR Dz. I: „Dokumenty pergaminowe“. [Warszawa], 1934—1935 (mps)
другая палова XX ст. — пачатак XXI ст. Archiwum Główne Akt Dawnych. Archiwum Radziwiłłów. Dział I[60] „Dokumenty pergaminowe“ Depozyt w Oddziale I AGAD: Zbiór dokumentów pergaminowych, nr 7772 Inwentarz: „Zbiór dokumentów pergaminowych“, t. 3, AGAD, Pracownia Naukowa oraz Oddział I. Taurogiński Bolesław, Inwentarz działu AR Dz.: „Dokumenty pergaminowe“, [Warszawa] 1934—1935 (mps); AGAD, Pracownia Naukowa

3. Гісторыя публікацый Віленскага прывілею 1565 г.

Галоўная археаграфічная задача дадзенай публікацыі — увядзенне ў навуковы зварот тэксту арыгінала Віленскага прывілею 1565 г., а таксама перавыданне яго афіцыйнай копіі, якая была актыкавана ў кнігах запісаў Метрыкі ВКЛ. Неабходнасць дадзенай публікацыі тлумачыцца тым, што да гэтага часу амаль усе навукоўцы, якія вывучалі гісторыю парламенцкіх інстытутаў ВКЛ (М. Любаўскі[61], І. Лапа[62], А. Закшэўскі[63] і інш.), выкарыстоўвалі ў сваіх працах не тэкст арыгінала Віленскага прывілею 1565 г., а публікацыю афіцыйнай копіі гэтага дакумента, якая пабачыла свет яшчэ ў 1848 г. у трэцім томе „Актов, относящихся к истории Западной России“[64]. Аналіз гэтай публікацыі, падрыхтаванай пад рэдакцыяй Івана Грыгаровіча[65], прыводзіць нас да высновы, што яна не толькі цалкам не адпавядае патрабаванням сучаснай археаграфіі[66], але часам і разыходзіцца з тэкстам афіцыйнай копіі Віленскага прывілею 1565 г., якая з’яўлялася адзінай крыніцай публікацыі. Праілюструем гэта на некалькіх прыкладах:

Крыніца публікацыі

Афіцыйная копія Віленскага земскага прывілею 1565 г. у перапісаным з арыгінальнага дублікатным картулярыі (спіс к. XVI ст.). — 38 кніга запісаў Метрыкі ВКЛ. № 374. Арк. 570—571 адв. (па старой фаліацыі).

Публікацыя

Акты, относящиеся к истории Западной России… Т. 3: 1544—1587. Сост. и ред. И.И. Григорович. Спб., 1848. № 38. С. 138—139.

IAко и кожъдою розтропъностью, а праве мyжъною, а моцною yсильностью …яко и ростропностью своею и моцною усильностью
…причинIAи и примножати хочемъ и wбецyемъ, абы вжо тымъ Статутомъ новымъ судили и справовалисIA вси станы, wднакимъ порIAдкомъ в поветехъ и на месцахъ сyдомъ розъложоныхъ перед врIAдники на сyды wтъ нас высажоными, водлyгъ привильIA и наданьIA нашого на соsме Бельскомъ на то wтъ нас wбъдарованого. …причиняти и примножати хочемъ, и дозволяем, абы вже тымъ статутомъ новымъ судилися и справовалися вси станы, однакимъ порядкомъ въ повѣтѣх и на мѣстцахъ судомъ засажоныхъ, передъ врядники, на суды отъ насъ высажоными, водлуг привилья и наданья нашого на соймѣ Бѣльскомъ на то отъ насъ обдарованого.

З прыкладаў відаць, што ці перапісчык дазволіў сабе адысці ад тэксту крыніцы, ці некаторыя выразы былі свядома зменены рэдактарам, які, па словах Г. Карпава, „иногда для ясности исправлял слог“ публікаваных дакументаў[67]. Таксама відавочна і тое, што І. Грыгаровіч пры падрыхтоўцы да друку аналізаванага дакумента свядома замяняў літару е на літару ѣ, як таго патрабавалі нормы рускай мовы XIX ст.

У 1855 г. пад рэдакцыяй І.Дз. Бяляева ў выданні Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасцяў Расійскіх „Временник“ было здзейснена выданне Статута ВКЛ 1566 г. Разам з ім былі надрукаваны і тры земскія прывілеі — 1563, 1564 і 1565 г.[68] Параўноўваючы гэтую публікацыю з выданнямі земскіх прывілеяў 1563 і 1565 г. Археаграфічнай камісіяй Ян Якубоўскі ў 1903 г. адзначыў, што „тексты привилеев отличались большой неисправностью и тем резко разнились с замечательно правильными текстами, изданными Археографической комиссией“, якія „могут считаться вполне достоверными[69]. Як мы пабачылі вышэй, Я. Якубоўскі ў дадзеным выпадку сур’ёзна памыляўся. Памылка гэтага дасведчанага даследчыка вынікае з таго, што на 1903 г. ён яшчэ не трымаў у руках арыгіналаў земскіх прывілеяў 1563 і 1565 г. Сведчыць пра гэта і ацэнка Якубоўскім выдадзеных Францішкам Пекасінскім у 1900 г. у Кракаве лацінскіх тэкстаў прывілеяў 1563, 1564 і 1565 гг.[70] Характарызуючы гэтую публікацыю, Якубоўскі адзначыў, што лацінскія тэксты „носят явные следы перевода с русского подлинника. …Все поименованные привилеи были напечатаны только в русских текстах и ничто не указывает на то, что это только переводы с латинского. Напротив, всё заставляет полагать, что привилеи 60–х гг. XVI столетия были составлены исключительно на русском языке[71].

У 1910 і 1915 г. у дадатку да свайго „Очерка истории Литовско–Русского государства“ перавыдаў лацінскі тэкст Віленскага прывілею 1565 г. М. Любаўскі[72].

У 20–я г. XX ст. сур’ёзна займаўся падрыхтоўкай да друку земскіх прывілеяў ВКЛ ужо згаданы намі Ян Якубоўскі, але гэтая праца так і не была скончана з прычыны таго, што савецкія ўлады не даслалі ў Польшчу па просьбе даследчыка копіі некаторых неабходных для публікацыі дакументаў. Разам з  тым, шматгадовы досвед працы з арыгінальнымі тэкстамі даў Якубоўскаму магчымасць сцвярджаць у 1931 г., што большасць агульнадзяржаўных дакументаў ВКЛ апублікаваны па копіях, якія не заўжды былі дакладнымі[73]. Пасля Якубоўскага ніхто з польскіх даследчыкаў не спрабаваў ажыццявіць крытычнае выданне земскіх прывілеяў ВКЛ.

У другой палове XX ст. неаднаразова ставіў праблему неабходнасці ўвядзення ў навуковы ўжытак арыгінала Віленскага прывілею 1565 г. літоўскі гісторык В. Раўдзялюнас[74], які рыхтаваў акадэмічнае выданне Статута 1566 г., але заўчасная смерць даследчыка не дала магчымасці рэалізаваць гэтыя планы.

A. AGAD. Archiwum Radziwiłłów. Dział I „Dokumenty pergaminowe“. Depozyt w Oddziale I AGAD: Zbiór dokumentów pergaminowych, nr 7772.

1565 г. снежня 30. Вільня / Вільнюс. — Агульназемскі прывілей вялікага князя Жыгімонта Аўгуста абывацелям шляхецкага саслоўя ўсіх зямель Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага на права правядзення павятовых соймікаў перад вальнымі соймамі.

Арыгінал, пергамін з няроўнымі краямі памерам 60Ч34. (Пергамін складзены, мае 1 гарызантальную і 2 вертыкальныя лініі згіну (без уліку згіну ніжняга краю граматы). Ніжні край пергаміна сагнуты. Памеры адгіна — 60Ч11). Унізе граматы пасярэдзіне адгіна на шнуры, які выплецены з чырвоных, белых і зялёных ядвабных нітак, прывешана круглая аднабаковая чырвонавасковая малая дзяржаўная пячатка канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага; Ø — 36 мм. у васковай ахоўнай чашы; Ø — 93 мм. На пячатцы выява дзяржаўнага герба ВКЛ „Пагоня“ і надпіс: SIGISMVNDVS AVGVST REX POLON MA. DVX LITVANIAE. „Хвост“ („язык“) шнура прапушчаны праз 2 дзіркі ў адгіне прывілея, адлегласць паміж якімі складае каля 11,5 см.

Фармуляр дакумента:  інтытуляцыя, прамульгацыя, нарацыя, дыспазіцыя, карабарацыя, эсхатакол.

Подпісы:

Sigismundus Augustus, Rex —

IAн Шимкович, маршалокъ, писар —

Мова дакумента — старабеларуская. Скорапіс XVI ст.

Ілюмінацыя адсутнічае. Матэрыял — атрамант.

Палі: зверху — 3 см (да інтытуляцыі), 5 см (да асноўнага тэксту), злева — 10 см, справа — 6—7 см.

Адлегласць паміж радкамі — 0,5 см.

Пазнакі: у верхнім левым куце (алоўкам): N 588a, ніжэй: sz. 36b.

На адвароце: Пячатка AGAD. Warszawa.

Przywiley Ruski na sąndy powiatowe 1565 [рука XVI ст.].

No 5 [перароблена 4 на 5]. [рука XVII ст. ?].

Ż 36 [перакрэслена] 37

Na sejmie wilenskim

B [літара павернута на 180° у адносінах да іншых надпісаў]

Przywiley Ruski Krola Zygmunta Augusta na Sądy | powiatowe w Wielkim Xięstwie Litt.° na Seymie Walnym | Wileńskim dany Roku 1565 miesiąca Xbra 30 dnia. [рука XVIII ст.].

L[itera]c C szuflada 1 sztuka 5 [рука XVIII ст.]

Szuflada | 3, plik 2, sztuk 1 [надпіс зроблены на прылепленай картцы, пашкоджаны, рука XVIII ст.]

nieprzepisany [рука XVII ст. ?]

[X] Спіс не захаваўся

D / Y. Российский государственный архив древних актов (РГАДА). Ф. 389. „Литовская метрика“. Воп. 1. А. з. 38. № 374. Арк. 568—569 адв. (па старой фаліяцыі — арк. 570—571 адв.). Спіс к. XVI ст. (афіцыйная копія ў перапісаным з арыгінальнага дублікатным картулярыі).

Мова дакумента — старабеларуская. Скорапіс XVI ст.

Фармуляр дакумента: загаловак, інтытуляцыя, прамульгацыя, нарацыя, дыспазіцыя, карабарацыя, эсхатакол.

Публікацыя названага спіса прывілею падрыхтавана на падставе мікрафільма, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. КМФ 18. Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 38. № 374. Арк. 568—569 адв.

Прынцыпы перадачы тэксту. Літары, якія выйшлі з ужытку — у рукапісе гэта є, w, y, ѣ, IA, ѧ — захоўваюцца. Дыграф „кг“, які выкарыстоўваўся для абазначэння выбухнога „г“, захоўваецца. „Ер“ („ъ“) перадаецца як у сярэдзіне, так і ў канцы слова. Вынасныя надрадковыя і падрадковыя літары і склады ўносяцца ў радок і перадаюцца курсівам. Прапушчаныя літары ў скарочаных пад цітлай словах аднаўляюцца і бяруцца ў круглыя дужкі. Паерык перадаецца знакам s.


[1] Документы Московского архива министерства юстиции (далей: ДМАМЮ) / Предисл., сост. М. В. Довнар–Запольский. Москва, 1897. Т. 1. С. 170; Литовская Метрика. Отд. I—II. Ч. III: Книги Публичных Дел. Том первый / Под ред. И.И. Лаппо. Юрьев, 1914. (Русская историческая библиотека, издаваемая императорской археографической комиссией. Т. XXX). Слп. 368.
[2] Ibidem. ДМАМЮ. Т. 1. С. 170, РИБ. Т. XXX. Слп. 368.
[3] Ibidem. ДМАМЮ. Т. 1. С. 170, РИБ. Т. XXX. Слп. 367—368.
[4] Бершадский С.А. Литовские евреи. История их юридического и общественного положения в Литве от Витовта до Люблинской унии (1388—1569 г.). С.–Петербург, 1883. С. 311; Любавский М.К. Литовско–Русский сейм. Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства / Императорское общество истории и древностей российских при Московском университете. Москва, 1900. С. 698; Лаппо И. И. Великое Княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско–русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911. С. 286—287, 290—292, 304; Zakrzewski A.B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI—XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000 (Seria: Monografie / Wydział Prawa i Administracji Uniwersytetu Warszawskiego). S. 21, 131; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 47.
[5] РИБ. Т. XXX. Слп. 367. Здзіўляе ўнясенне станоўчага адказу вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста на гэтую просьбу шляхты, які дакладна датуецца пачаткам 1566 г. („въ року тепер идучомъ шестьдесятъ шостомъ“), у 527 кнігу (5 кнігу публічных спраў) Метрыкі ВКЛ, раней за адказы на папярэднія просьбы шляхецтва, у тым ліку пра ўтварэнне павятовых соймікаў, якія датуюцца 21 снежня 1565 г. Гл. таксама: Рауделюнас В. Сеймовые постановления как источник Второго (1566 г.) Литовского Статута // Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija. 1976. №3 (56). P. 29—42.
[6] Archiwum Glówne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD). Zbiór Dokumentуw Pergaminowych. Nr 7772. Аўтар публікацыі выказвае шчырую падзяку супрацоўнікам Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве Яраславу Завадскаму, Міхалу Кулецкаму і Рафалу Янкоўскаму за магчымасць азнаёміцца з арыгіналам Віленскага земскага прывілею 1565 г. і вызначэнне старых сігнатур гэтага дакумента ў рэестрах і каталогах Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве.
[7] Рыбаков А.Е. Общее делопроизводство в центральном аппарате государственного управления Великого княжества Литовского в ХVI в.: Дисс. канд. ист. наук: 07.00.09; 05.25.02 / Бел. НИИ документоведения и архивного дела. Минск, 1999. — 20 с.; idem. Арганізацыя дзяржаўнага архіва Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст. // Архівы і справаводства. 1999. № 2. С. 70—76; idem. Галоўная і меншая канцылярыі Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 1998. № 3 (23). С. 43—47; idem. Нормативная документация в Великом Княжестве Литовском в XVI в.: состав и анализ // Архіварыус: Зб. навук.–папул. паведамл. і арт. / Рэдкал.: А. К. Галубовіч (старш.) і інш. Вып. 1. Мінск, 2001. С. 112—128; 178—180.
[8] Груша А.І. Канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага 40–х гадоў XV — першай паловы ХVI cт.: Дыс. канд. гіст. навук: 07.00.02 / НАНБ, ІГ. Мінск, 2001; idem. Інфармацыйныя элементы фармуляра дакумента канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага 40–х гадоў XV — першай паловы ХVI cт. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 2. 2001. С. 205—214; idem. Функцыі канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага (40–я гады XV — першая палова ХVI cт.) // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітар. навук. 2001. № 3. С. 81—87; idem. Службовы склад і структура канцылярыі ВКЛ 40–х гадоў XV — першай паловы ХVI cт. // METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т. I. Мінск, 2001. C. 11—45.
[9] Дзяржаўца каняўскі (1551) і дубіцкі. Староста тыкоцінскі (1554). Дзяржаўца вількамірскі. (N1 к. 07.1564; N2 21.10.1567; N3 1.11.1567) (Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy. Tom I: Województwo wileсskie. XIV—XVIII wiek. / Red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. Romaniuk. Przy współudzialie U. Jamialjanczyka i A. Macuka. Warszawa, 2004. № 3775. S. 493). Маршалак гаспадарскі. (1551—1569). Пісар вялікі літоўскі (пісар гаспадарскі) (1554—1569). Згадваецца на пасадзе ўжо 9.01.1554 г. Прызначаны на „урад на дворе нашом писарство“ 7.01.1555 г. пасля смерці Станіслава Камароўскага. Памёр незадоўга да 1.05.1569 г. (Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku. Spisy / Pod red. A.Gąsiorowskiego. Т. XI). (далей: U XI). № 588. S. 91; № 952. S. 129; S. 244). Менавіта Яну Шымковічу канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды пасля Берасцейскага сойму 1566 г. даверыў захаванне некаторых земскіх прывілеяў і іншых важных актаў ВКЛ. Гл. ніжэй.
[10] На гэта, між іншым, паказвае адсутнасць ініцыяльнай літары „Ж“ у інтытуляцыі і ініцыяльнай літары „Ч“ у прамульгацыі прывілею. Гл. фотаздымак Віленскага земскага прывілею 1565 г.: http://www.polska.pl/gal/146/30/158/big.jpg Параўнай ілюмінацыю Віленскага земскага прывілею 1565 г. з ілюмінацыяй Віленскага земскага прывілея 1563 г. Гл. фотаздымак Віленскага земскага прывілею 1563 г.: http://pergamentai.mch.mii.lt/IstoriniaiLietDok/F101-31/images/F101-31a.jpg — Lietuvos nacionalinл Martyno Mažvydo biblioteka, F 101–31.
[11] Мікалай Радзівіл Чорны памёр у ноч з 28 на 29 траўня 1565 г. (Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII wieku. Spisy / Oprac. H.Lulewicz i A.Rachuba. Kórnik, 1994 (U XI. № 216. S. 52). Толькі ў сакавіку 1566 г. адначасова з намінацыяй на пасаду віленскага ваяводы канцлерам быў прызначаны Мікалай Радзівіл Руды (згадваецца на пасадзе ўпершыню 11.03.1566 (Малиновский И.А. Сборник материалов, относящихся к истории панов–рады Великого княжества Литовского. Томск, 1901. С. 59; U XI. № 217. S. 52).
[12] Карабарацыя прывілею мае наступны выгляд: „IAкже на yтверженье и моцность того нашого привильѧ, подписавши ег(о) властною рyкою нашою г(о)с(по)д(а)ръскою, печать нашу к нему привесити есмо казали“.
[13] Гл. фотаздымак: http://dziedzictwo.polska.pl/katalog/slide,Pieczec_mniejsza_litewska_przy_dokumencie_ustanowienia_sejmikow_powiatowych_i_sadow_ziemskich_w_Wielkim_Ksiestwie_Litewskim_dnia_30_XII_1565_r,pid,134351.htm?view=big
[14] U XI. № 1126. S. 147.
[15] У адрозненне ад вызначэння ў Віленскім земскім прывілеі 1565 г. у якасці месца для правядзення перадсоймавых соймікаў галоўных цэнтраў судовых паветаў, у Статуце ВКЛ 1566 г. было вызначана, што павятовыя элекцыйныя з’езды павінны адбывацца на замку ці двары гаспадарскім, „которий на посродку того повету будеть“ (з чаго вынікае, што гэты замак ці двор не абавязкова павінен быць адміністрацыйным цэнтрам павета ці ваяводства). Гл.: Rachuba A. WKsL w systemie parlamentarnym. S. 47, 52.
[16] Як адзначаюць даследчыкі, удзельнічаць у працы сойміка мелі права толькі асобы хрысціянскага веравызнання, якія належалі да шляхецкага ці духоўнага саслоўяў і карысталіся суверэннымі правамі на сваіх землях пад вышэйшым сюзерэнам — вялікім князем. Гл.: Zakrzewski A.B. Sejmiki WKsL. S. 38—56; Rachuba A. WKsL w systemie parlamentarnym. S. 91—96.
[17] Rachuba A. WKsL w systemie parlamentarnym. S. 47.
[18] ДМАМЮ. Т. 1. С. 170, РИБ. Т. XXX. Слп. 367—368.
[19] Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Kórniku. Rkps. Nr 818. Statut Litewski 1566 r. (rus.) (Mf BN 2911). K. 59v—60. Гл. дадатак. Нягледзячы на наяўнасць некалькіх публікацый Статута ВКЛ 1566 г. па спісе Васіля Усовіча, аўтар лічыць неабходным у дадзеным выпадку прывесці спасылку на Курніцкі спіс Статута ВКЛ 1566 г., які спецыялісты прызнаюць найбольш блізкім да афіцыйнага тэксту Другога Статута ВКЛ. На жаль, праект Акадэмічнага выдання Статута ВКЛ 1566 г., які цягам жыцця імкнуўся рэалізаваць віленскі гісторык права Вітаўтас Раўдзялюнас, не быў завершаны з прычыны смерці даследчыка. Параўнай: Статутъ Великого Князства Литовского 1566 года (и поправы Статутовые 1578 г.) // Временник Императорского Московского Общества истории и древностей Российских. Москва, 1855. Кн. XXIII. Отд. II: Материалы. С. 45—46; Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года / Т.І. Доўнар, У.М. Сатолін, Я.А. Юхо; Рэдкалегія Т.І. Доўнар і інш. Мінск, 2003, электронная версія выдання — http://litopys.org.ua/statut2/st1566.htm ; Статути Великого князівства Литовського: У 3 т. Т. II. Статут Великого князівства Литовського 1566 року / За ред. С. Ківалова, П. Музиченка, А. Панькова. Одеса, 2004.
[20] Płaza S. Sejmiki i zjazdy szlacheckie województw poznańskiego i kaliskiego. Ustrój i funkcjonowanie (1572—1632). Warszawa; Kraków, 1984. (Seria: Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Prace prawnicze = Schedae Iuridicae. Z. 110 (DCCXX)). S. 5.
[21] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko–litewskie w latach 1569—1588 / Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa, 2002; Lulewicz H. Elita polityczno–społeczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w połowie XVII w. [1640—1655]. Warszawa, 1984 (доктарская дысертацыя Г. Люлевіча напісана ў Інстытуце гісторыі Варшаўскага універсітэта пад навуковым кіраўніцтвам Тадэвуша Васіліўскага і абаронена 23.11.1984 г. Машынапіс дысертацыі захоўваецца ў бібліятэцы Інстытута гісторыі Варшаўскага універсітэта).
[22] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002.
[23] Zakrzewski A.B. Sejmiki Wielkiego Ksiestwa Litewskiego XVI—XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000 (Seria: Monografie / Wydział Prawa i Administracji Uniwersytetu Warszawskiego).
[24] Wisner H. Przedsejmowy sejmik nowogrodzki w latach 1607—1648 // Przeglad Historyczny. 1978. T. LXIX, z. 4. S. 677—693; idem. Naprawa państwa w uchwałach sejmików Wielkiego Księstwa Litewskiego w pierwszej połowie XVII w. // Studia polsko–litewsko–białoruskie [praca zbiorowa, zawiera materiały dwóch konferencji zorganizowanych przez BTN — 4 i 5 listopada 1983 r., 16 i 17 maja 1985 r.] / Pod red. J. Tomaszewskiego, E. Smuіkowej i H. Majeckiego; Białostockie Towarzystwo Naukowe. Warszawa, 1988 (Prace Białostockiego Towarzystwa Naukowego. Nr 31). S. 33—50; idem. Sejmiki litewskie w czasach Zygmunta III i Władysława IV. Konwokacja wileńska oraz sejmiki przedsejmowe i relacyjne // Miscellanea Historico–Archivistica. / Naczelna dyrekcja archiwów państwowych, Archiwum Główne Akt dawnych. T. III: Radziwillowie XVI—XVIII w. w kregu polityki i kultury. Warszawa; Łodź, 1989. S. 51—66; idem. Efektywność przedsejmowego sejmiku wileńskiego w pierwszej połowie XVII wieku // Czasy Nowożytne. [Periodyk poświęcony dziejom polskim i powszechnym od XV do XX wieku]. T. XII (XIII). 2002. S. 57—83; idem. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z czasów Zygmunta III i Władysława IV Wazy. Warszawa, 2001; idem. Rzeczpospolita Wazów: czasy Zygmunta III i Władysława IV. Warszawa, 2002 і інш.
[25] Vasiliauskas A. Local Politics and Clientage in the Grand Duchy of Lithuania 1587—1632: Ph. D. Thesis. King’s College, London, 2001. — 292 p.
[26] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска–палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст. Мінск: БДУ, 2002.
[27] Падалінскі У. А. Прадстаўніцтва і палітычная пазіцыя Вялікага княства Літоўскага на вальных соймах Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVI ст.: Аўтарэф. дыс. канд. гіст. навук: 07.00.02 / НАНБ, ІГ. Мінск, 2004.
[28] Галенчанка Г.Я. Развіццё шляхецкай дэмакратыі ў Вялікім княстве Літоўскім у ХVI—ХVIII ст. // Герольд Litherland. № 3—4 (3). Горадня, 2001. Год I. С. 96; 1–я публікацыя: Голенченко Г. „Шляхетская демократия“ в Великом княжестве Литовском XVI—XVIII вв. // Белоруссия и Россия: общества и государства / Ред.–сост. Д.Е. Фурман. Москва, 1998. („Мир, прогресс, права человека“. Публикации Музея и общественного центра имени Андрея Сахарова. Вып. 2). С. 31—56.
[29] Davies N. Europa. Rozprawa historyka z historią / Przekład E. Tabakowska. Kraków, 1998. S. 597; 1–е выд.: Davies Norman. Europe: a history. Oxford; New York, 1996.
[30] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X. Litewskiego i jego losy // Archeion. T. IX. 1931. S. 1—2; Mikulski W. Dokumenty z Archiwum Wielkiego Księstwa Litewskiego w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów // Miscellanea historico–archivistica. T. VII. Warszawa, 1997. S. 72. Вядома, аднак, што ў другой палове XVI ст. некаторыя дакументы агульнадзяржаўнага значэння захоўваліся ў спецыяльным мяшку (1 з 12 сакваў, ці воркаў) непасрэдна пры ўрадзе канцлера ВКЛ (Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Mетрика. Kn.1 (1380—1584). Užrašymų kn.1 / Lietuvos istorijos inst., Parengė Algirdas Baliulis ir Romualdas Firkovičius. Vilnius, 1998. P. 23—25; Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 3—4.
[31] РИБ. Т. XXX. Слп. 137; Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского. Ч. 1: Критический разбор текстов общеземских привилеев // Журнал Министерства народнаго Просвещения. Ч. 347. 1903. № 4 (апрель). С. 240.
[32] Ibidem. Слп. 137—138.
[33] Akta unii Polski z Litwa (1385—1791) / Wydali St. Kutrzeba i Wł. Semkowicz. Kraków, 1932. S. XVIII; Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 2—3; Рагаускене Р. Канцлеры Великого Княжества Литовского и Литовская Метрика в XVI в.: вопросы сохранности документов государственной канцелярии. // Новости Литовской Метрики. Научно–информационное приложение журнала „Ежегодник истории Литвы“. № 7. 2003. С. 35—47. http://www.istorija.lt/lmn/ragauskiene2003ru.html
[34] Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 72.
[35] Так земскі прывілей 1563 г. пэўны час захоўваўся ў канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. (Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 2—3). Рагаускене Р. Op. сit. С. 41. У 1594 г. канцлер ВКЛ Леў Сапега звярнуўся з просьбай да Мікалая Крыштофа Радзвіла Сіроткі аб вяртанні магчымых рэштак „spraw kanclerskich“ з часоў канцлерства Радзівіла Чорнага. (Archiwum domu Sapiehów. T. 1. Listy z lat 1575—1606 / Oprac. Dr. A. Prochaska. Lwów, 1892. Nr 106, s. 79; Рагаускене Р. Op. сit. С. 43).
[36] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 3; Рагаускене Р. Op. сit. С. 44.
[37] Jakubowski J.F. Op. сit. S. 3; Рагаускене Р. Op. сit. С. 45.
[38] AGAD. Zbiór dokumentów pergaminowych. № 7773.
[39] Рагаускене Р. Op. сit. С. 45.
[40] Рагаускене Р. Op. сit. С. 45—47.
[41] Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской Метрики. С.–Петербург, 1887. С. 272—273.
[42] Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 73; Jankowski R. Prace inwentaryzacyjne w Archiwum Głównym Radziwiłłów w Nieświeżu do 1945 r. // Archiwista Polski. 2000. № 3 (19). S. 43—55; idem. Inwentarz zespołu akt. Archiwum Warszawskie Radziwiłłów Dział XXVII „Sumariusz i inwentarze archiwów radziwiłłowskich z lat [XVI w.] 1616—1947“. Warszawa, 2001 (mps w AGAD, Pracownia Naukowa oraz Oddział III).
[43] AGAD. AR. Dz. XXVII „Sumariusze i Inwentarze Archiwów Radziwiłłowskich“ („Sumariusze dokumentów i wykazy archiwalne“), nr 11, Regestr przywilegiow WX Ltt oddanych do zamku Xiążat Radziwiłłów, spisany na zamku wileńskim w dniu 26 listopada 1623 r., s. 8—9; Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 73.
[44] Przyboś A., Żelewski R. Życiorys A.S. Radziwiłła // Radziwiłł A.St. Pamiętnik o dziejach w Polsce (1632—1656). T. I. 1632—1636 / Przeł. i oprac. A.Przyboś i R.Żelewski. Warszawa, 1980. S. 62.
[45] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 5.
[46] Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 74—75, 77.
[47] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 5; Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 75.
[48] AGAD. AR Dz. XXVII, nr 13, „Regestr spraw J.O. Xżney JmCi Katarzyny z Sobieskich Radziwiііowej… podkanclerzyney y hetmanowey W X Ltt 18 july 1685 sporządzony w Warszawie, s. 3.
[49] У перыяд з 1721 да 1744 г. безумоўна з ініцыятывы Радзівілаў узнікае фальсіфікат прывілею Жыгімонта Аўгуста 1551 г., які нібыта надаваў Мікалаю Радзівілу Чорнаму права захоўваць земскія прывілеі ў сваім родавым архіве. Гл.: Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 6; Mikulski W. Fałszywy przywilej Zygmunta Augusta dla Radziwiłłów // Mówią Wieki. R. 38. 1996. nr (447). S. 25—27.
[50] VL. T. VII. С.–Петербург, 1860. F. 861—862.
[51] Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 76; Jankowski R. Archiwum Warszawskie Radziwiłłów w Archiwum Głównym Akt Dawnych w Warszawie. http://www.agad.archiwa.gov.pl/ar/ar.html#Projekt
[52] Ibidem.
[53] Codex diplomaticus Poloniae quo continentur privilegia Regum Poloniae, Magnorum Ducum Litvaniae, bullae pontificum nec non jura a privatis data illustrandis domesticis rebus gestis inservitura adhuc nusquam typis exarata, ab antiquissimis inde temporibus usque ad annum 1506 / Editus studio et opera Leonis Rzyszczewski et Antoni Muczkowski, adjutoris Varsaviensis Tabularii Publici Regni Poloniae. Notis adornatus usque ad Nr.CVII ab Antonio Sigismundo Helgel, Juris Utriusque Doctore. T. I. Varsaviae, 1847. P. 333, 345, 353, 364.
[54] Spis ewakuowanego archiwum w 1915 r. do Mińska Białoruskiego. „Archiwum Ordynacji Nieświeskiej J.O. Książąt Radziwiłłów Nieśwież Zamek“; Jankowski R. Archiwum Warszawskie Radziwiłłów w AGAD.
[55] У гэты ж час архіў пачынаюць стала наведваць даследчыкі.
[56] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 13.
[57] Jankowski R. Archiwum Warszawskie Radziwiłłów w AGAD; Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 76.
[58] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 6.
[59] Якубоўскі падаў гэтыя сігнатуры ўжо ў 1931 г. у сваім артыкуле. Гл.: Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 13: Zbiór pergaminów. Nr 36 (210).
[60] Старыя інвентары гэтага аддзела захоўваюцца ў аддзеле XXVII фонда Радзівілаў (nr 65—68, 117), тамсама захоўваецца асабовы і геаграфічны паказальнік (nr 69).
[61] Любавский М. Литовско–Русский сейм. С. 698.
[62] Лаппо И. Литовско–русский повет и его сеймик. С. 287.
[63] Zakrzewski A. Sejmiki WKsL. S. 38, 131.
[64] 1565 Декабря 30. Жалованная грамота всѣмъ обывателямъ Литвы, о дозволеніи имъ въ судныхъ дѣлахъ пользоваться новоизданным Статутомъ, съ предоставленіемъ права имѣть по уѣздамъ „сеймики“, по примѣру Поляковъ. Изъ Литовской Метрики (Запис. кн. XXXVIII, л. 570), хранящейся при Правительствующемъ Сенатѣ, въ С. Петербургѣ. Въ заглавіи грамоты отмѣчено: Привилей всимъ обывателемъ великого Князьства Литовского, о позволенье имъ статутомъ ново въ Бѣльску выданымъ и привилеемъ потвержонымъ отправовати всякіе справы въ повѣтѣхъ, и о зъѣзанью на соймики передъ соймомъ вальнымъ // Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией: В 5 т. / Археографическая комиссия; Сост. и ред. И.И. Григорович. С–Петербург, 1846—1853. Т. 3: 1544—1587. С–Петербург, 1848. № 38. С. 138—139.
[65] Гл.: Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973. С. 28—40.
[66] Параўнай: Улащик Н.Н. Op. cit. С. 36.
[67] Ibidem. С. 40.
[68] Статутъ Великого Князства Литовского 1566 года (и поправы Статутовые 1578 г.) [по списку Василия Усовича] // Временник Императорского Московского Общества истории и древностей Российских. Москва, 1855. Кн. XXIII. Отд. II: Материалы. С. 1—13.
[69] Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского. Ч. 1: Критический разбор текстов общеземских привилеев // Журнал Министерства народнаго Просвещения. Ч. 347. 1903. № 4 (апрель). С. 275.
[70] Pomniki Prawa Litewskiego z XVI wieku. [Powstanie trzech redakcyi Statutu]. Cz. I. Statut Litewski drugiej redakcyi (1566) / Wydał dr. Fr. Piekosinski. Kraków, 1900. (Wydawnictwo Komisyi prawniczej Akademii Umiejętności w Krakowie. Archiwum Komisji Prawniczej. T. VII). S. 298—302; LXV—LXX.
[71] Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского. Ч. 1: Критический разбор текстов общеземских привилеев // Журнал Министерства народнаго Просвещения. Ч. 347. 1903. № 4 (апрель). С. 275—276, 278.
[72] Любавский М.К. Очерк истории Литовско–Русского государства до Люблинской Унии включительно. С приложением текста хартий, выданых Великому Княжеству Литовскому и его областям / Изд. Московского Императорского Общества истории и древностей российских. Москва, 1910. С. 341—342; 2–е выд. Москва, 1915.
[73] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 9.
[74] Інфармацыя атрымана ад др. Дарыюса Вілімаса.
a 7,5 см ад левага краю, 3,5 см ад верхняга краю
b 2 см ад левага краю, 5,3 см ад верхняга краю
c неразборліва

Чытаць далей →

Паўль Одэрборн. Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў

23 снежня, 2005 |


Генадзь Сагановіч. Паўночная Беларусь у апісанні Паўля Одэрборна

Аўтар шырокавядомай гісторыкам біяграфіі маскоўскага цара Івана Васільевіча[1] немец Паўль Одэрборн (Oderborn, Oderbornius, Otterbornius) (каля 1555 — 1604) быў лютэранскім пастарам у ВКЛ і Інфлянтах. Нарадзіўся ён у Памераніі, y 1574 г. y Ростаку атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і з 1577/78 г. выконваў абавязкі казнадзея ў лютэранскім зборы ў Вільні. Вядома, што пад час полацкай кампаніі служыў палявым капеланам аддзела нямецкай пяхоты, потым стаў працаваць лютэранскім пробашчам у Коўне, а з 1587 г. — у Рызе[2].  У 1581 г., пакуль ішлі перамовы паміж маскоўскім царом і Стэфанам Баторыем, які ўрэшце пачаў рыхтаваць паход на Пскоў, Одэрборн з часткай нямецкіх жаўнераў заставаўся на Беларускім Падзвінні, каб прыкрываць Полаччыну ад магчымага нечаканага нападу. Тут ім і быў напісаны твор, які заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі. „Знаходзячыся ў глыбіні далёкага краю“, цікаўны лютэранін, каб не марнаваць часу, як ён сам адзначыў, „наведваў русінскіх святароў і размаўляў з імі праз перакладчыка пра веру і рэлігію“.

Так было створана каштоўнае апісанне, скончанае 25 ліпеня 1581 г. Одэрборн напісаў яго на лаціне ў выглядзе ліста да вядомага лютэранскага тэолага Давіда Хітрэуса і падкрэсліў, што ў апісанні няма нічога няпэўнага, пачутага ад іншых, „а толькі тое, што мы бачылі на свае вочы“. Ужо ў 1582 г. тэкст выйшаў у Ростаку асобным выданнем у кніжным фармаце[3], і да канца года дачакаўся другой эдыцыі. Пазней твор шматразова перавыдаваўся як на лаціне[4], так і ў перакладзе на нямецкую[5]. Увайшоў ён і ў збор карэспандэнцыі Давіда Хітрэуса[6], a апошні раз выдаваўся ў XIX ст.[7].

„Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў, іх шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт і адзенне…“, у адрозненне ад Одэрборнавай біяграфіі маскоўскага цара, яшчэ мала вядомы і не выкарыстаны ў беларускай гістарыяграфіі. Помнік, між тым, дастаткова каштоўны для гісторыка. Большая частка тэксту прысвечана русінам, прычым геаграфічна апісаныя рэаліі звязваюцца з Полацка–Дзісенскім Падзвіннем: Одэрборн кватараваў у Дзісне, у хаце бурмістра русіна Аляксея Цэзарына. Асобна апісваюцца рэлігія праваслаўных, іх храмы і царкоўны інтэр’ер, служба ў царкве і звычкі бацюшак, сватаўство і вясельны абрад, пахаванне і памінкі. Одэрборн апавядае таксама пра суды і законы русінаў, іх гульні і паляванне, знешні выгляд, адзенне, ежу і інш. Пратэстант не прапускае магчымасці пакрытыкаваць паганскія забабоны людзей чужога яму краю. У некаторых выпадках дадзеная ім характарыстыка  выглядае занадта негатыўнай і непраўдападобнай, а ў іншых — дастаткова нейтральнай і нават прыязнай. Апошняе даволі неспадзявана, калі ўлічваць, што гэта вобраз праваслаўных людзей славянскага народа ў вачах немца–лютэраніна. Гэтае паведамленне пра Полаччыну стваралася Одэрборнам як апісанне „барбарскага краю“ для славутага нямецкага пратэстанцкага тэолага Хітрэуса, так што аўтар і не мог абысціся без катэгарызацыі і згушчэння фарбаў. Для даследчыка ж галоўная каштоўнасць гэтага твора не ў ацэнках, а ў багацці канкрэтнага матэрыялу аб жыцці і звычаях беларусаў канца ХVI ст.

Несумненную цікавасць уяўляе апісанне знешняга выгляду жыхароў Полаччыны, пахавальнага абраду, спосабаў палявання і інш. Нечакана з–пад пяра немца чытаць пра ваяўнічасць тагачасных беларусаў. Пры адзначанай схільнасці да вайны, чужаземец, аднак, не заўважыў у іх закрытасці і дзікасці. Што да акцэнтавання схільнасці русінаў да празмернага ўжывання алкаголю, то гэта адпавядала пашыранаму сярод немцаў стэрэатыпу славянскіх народаў. У іншых нямецкіх аўтараў можна было чытаць пра схільнасць да празмернага п’янства палякаў і іншых паўночных народаў[8].

Тэкст утрымлівае таксама нямала канкрэтных, вартых увагі звестак пра падзеі вясны і лета 1581 г. Напрыклад, Одэрборн піша пра ўцёкі князя Багдана Бельскага з Масквы ў Вільню, дзе яго ласкава прыняў Стэфан Баторы, пра прыезд маскоўскіх паслоў і бясплённыя перагаворы, пра падрыхтоўку пскоўскай кампаніі, пра справы пратэстантаў у Вільні і г.д.

З гэтым апісаннем Полаччыны незалежна ад волі аўтара яшчэ ў ХVI ст. адбылася прыкрая метамарфоза. Сам Одэрборн пісаў пра Беларускае Падзвінне як пра „Русь“, а таксама адным з першых выкарыстоўваў назву „Белая Русь“, а жыхароў называў „русамі“, а часам „барусамі“. Аднак Давід Хітрэус, атрымаўшы пасланне, у назву перакладзенага на нямецкую мову твора дадаў адно тлумачальнае слова, якое шмат чаго мяняла, — „маскавіты“. Апісанне стала называцца „Праўдзівае і грунтоўнае паведамленне пра веру Русаў, якіх завуць Маскавітамі…“[9]. У ягонай прадмове да перакладу твор Одэрборна стаў ужо „кароткім паведамленнем пра Маскавітаў“, а не русінаў (kurzer Bericht von den Moscowitern). Больш за тое, нават у тэксце перакладчык замяняў „Religio Russorum“ на „Moscouite Religion“, „omnium Russorum“ — на „aller Moscouitten“, і нават у глосах правёў тую ж замену[10]. Так „русы“ (ці „русіны“) сталі „маскавітамі“, а Полаччына — Масковіяй. Гэта пры тым, што ў самім творы Одэрборн шматразова супрацьпастаўляе „русаў“ і „маскавітаў“. Немец–аўтар, які жыў у ВКЛ і быў добра абазнаны ў рэаліях, не мог атаесамляць першых з другімі. А вось вядучы лютэранскі тэолаг з Ростака, вучань славутага Меланхтона, палічыў Русь тоеснай Масковіі. З–за сэнсавых зменаў у нямецкамоўнай версіі апісанне Полаччыны стала ўспрымацца як апісанне Маскоўскай Русі і ўключацца ў зборныя выданні пра Маскоўскую дзяржаву[11].

Твор помніка друкуецца ў папярэдняй версіі ў перакладзе Жаны Некрашэвіч–Кароткай пры маім рэдагаванні. Пераклад выкананы з асобніка першага лацінамоўнага выдання[12], які захоўваецца ў Бібліятэцы герцага Аўгуста ў Вольфэнбютэлі (Нямеччына), і ў асобных месцах звераны з першай нямецкамоўнай эдыцыяй[13] (таксама з Бібліятэкі герцага Аўгуста).

Генадзь Сагановіч

Праўдзівы і грунтоўны аповед

пра веру русаў[14],

[іх] шлюбныя і пахавальныя абрады,

побыт, адзенне і г.д.,

а таксама пра веру і звычаі татараў

Напісана нядаўна для пана Давіда Хітрэуса.

Акрамя таго, у тым самым аповедзе —

пра веру і ахвяры старажытных барусаў[15].

Было даслана літасціваму мужу[16] Георгію Сабіну.

Надрукаваў Стэфан Міліяндар, 1582.


Пра веру русаў, [іх] шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт, адзенне і іншыя звычаі.

У маім лісце, дасланым табе 15 красавіка, я паабяцаў, што апішу крыху веру і абрады русаў[17]. Прачытай жа ўважліва тое, што мы[18] дасылаем, і пераканайся вось у чым: можа стацца так, што я буду пісаць не зусім згодна з рымскімі выразамі[19]. Аднак ты адчуеш, што самыя апісанні будуць цалкам пазбаўлены маны і ашуканства. І гэта таму, што мы не прыгадаем нічога з пачутага ад іншых, нічога, запазычанага ў іншых кнігах, нічога невядомага, — але толькі тое, што мы бачылі на свае вочы, пра тое і будзем сведчыць.

Калі Полацк быў здабыты праз капітуляцыю, калі Саколія[20], Чуса[21], Туроўля[22] ды іншыя гарады Белай Русі былі ўзяты праз агонь і меч, усе немцы, якія ваявалі на чале з Хрыстафорам Бамбшторфіем, былі адпушчаны. Іншым, аднак, трэба было застацца ў землях барусаў, на Русі, каб абараніць жыхароў тых земляў, калі б раптам суседнія маскавіты задумалі ўчыніць нечаканы напад.

(Рэлігія русаў)

Так, апынуўшыся ў цэнтры барбарскага краю[23], сярод грубых людзей, я ўвесь час праганяў гэтыя горкія душэўныя пакуты тым, што наведваў русінскіх святароў і размаўляў з імі праз перакладчыка пра веру і рэлігію.

(Веравучэнне)

Калі іх спытаць, ці вераць яны ў святую Тройцу, яны надзвычай адзінадушна менавіта гэта пацвярджаюць. Калі папросіш прывесці сведчанні са Святога Пісання, яны кажуць, што так напісана ў іх кнігах, якія яны атрымалі ад продкаў. Калі ж хтосьці жадае ўбачыць гэтыя кнігі, яны паказваюць Псалтыр прарока і цара Давіда (гэтую кнігу на іх мове, надрукаваную ў Астрожскіх, я выслаў Тваёй Эксцэленцыі). Акрамя таго, разам з тэкстамі розных малітваў да найсвяцейшай Багародзіцы і святога Мікалая яны маюць у манускрыптах Новы Запавет, Дзяянні апосталаў, пасланні апостала Паўла, а таксама гаміліі Хрызастома[24], Васілія[25] і Грыгорыя Назіянзіна, перакладзеныя з грэцкай мовы. Не ведаю, аднак, навошта ім гэтыя кнігі: народу яны прапануюць усяго толькі наіўныя аповеды з жыцця Госпада. А наконт таго сур’ёзнага [апавядання], якое мы чытаем у Евангеллі пра пакліканне з мёртвых сына ўдавы з Наіна[26], мой гаспадар, Дзісенскі бурмістр Аляксей Цэзарын, русін з паходжання, казаў, што ён чуў такую казань у сваім храме: „Хрыстос, які ішоў насустрач маці Марыі, пакорліва папрасіў у яе адну манету. Аднак маці, паколькі не мела аніякага срэбра, з тугою праводзіла вачыма сына Хрыста“.  Бачыш, якой лухтой яны падманваюць бедны народзік! Ды нават самі вучоныя людзі не ведаюць нічога лепшага, як, пачуўшы гэта, абсвістаць і абсмяяць. Толькі адзінкі дзівяцца на сваё барбарства.

(Архіепіскап)

Імя Рымскага Папы вельмі неахвотна дапускаюць яны да сваіх вушэй і заяўляюць, што ў веры яны блізкія грэкам, і што шануюць святасць візантыйскага пантыфіка. А той мае ў горадзе Масковіі свайго мітрапаліта, чалавека, які карыстаецца вялікім аўтарытэтам і славай у Івана Васільевіча, пра што я даведаўся ад Хрысціяна Бакорнія, прапаведніка вялікага князя, які тры гады жыў са сваім уладаром пра двары маскоўцаў. Русіны, якія падпарадкоўваюцца ўладзе нашага караля, маюць у Вільні свайго мітрапаліта імем Аніцыфар, — чалавек сталага веку з сіваватай барадой. 20 чэрвеня я бачыў, як ён у велічным і надзвычай каштоўным адзенні правіў святое набажэнства.

(Храмы)

Храмы ў русаў пераважна драўляныя, з дахам, крытым гонтай. На версе храма можна бачыць выяву Хрыста, узнятага на крыж. Сонечнага гадзінніка яны, канешне, не маюць. Тым не менш, у нядзелю, прыкладна а чацвёртай гадзіне раніцы іх „пахавальнік памерлых“[28], звонячы ў званы, склікае народ на набажэнства. Тады жанчына і мужчына, малое і старое, хлопцы і дзяўчаты, — усе, развітаўшыся з ложкам, апранаюцца і спяшаюцца ў царкву з надзвычайнай руплівасцю.

Рэч у тым, што яны наогул не выходзяць з хаты без таго, каб перш не ўлагодзіць словамі малітвы свайго нябеснага ахоўніка. У кожным доме ў іх ёсць які–небудзь драўляны абраз, на якім можна пабачыць некалькі намаляваных твараў. Падыходзячы да яго з усёй сям’ёй, яны з енкамі і слязьмі малітоўна просяць святога Мікалая і яго нябесную дружыну пра ахову свайго дома. Пры гэтым яны часам з такой самаахвярнасцю б’юць сябе ў грудзі, што лёгка ўзбуджаюць душэўную тугу ў любога, хто стаіць побач. Каб задобрыць багоў–ахоўнікаў, яны ідуць і ў святы храм і, перш чым пераступіць яго парог, з вялікай набожнасцю б’юць галавой [паклоны] да зямлі[29]. І сапраўды, калі твар справядліва называюць дзвярыма душы, то я не знаходжу ніякага іншага краю, дзе б людзі былі яшчэ больш схільныя ўшаноўваць волю Бога, чым гэтыя, пра якіх мы распавядаем, — калі б толькі замест марных баек яны аднойчы пазналі праўду нябеснага слова. Вельмі крыўдна, што найяснейшае святло Евангелля не асвяціла іх дагэтуль.

Два іх святары знаходзяцца ў закрысціі, у таямнічым месцы храма,  дзе алтар святога Мікалая з яго выяваю. Прыхаджане і народ стаяць навокал па ўсёй шырыні храма. Жанчыны, якія мінулай ноччу служылі Венеры, унутр храма не ўваходзяць, каб не зганіць Божага дома. Усе астатнія, хто падыходзяць бліжэй, запальваюць васковыя свечкі і складаюць ахвяру святару. Ён апрануты ў надзвычай прыгожыя шаўковыя шаты, агідны [сваёй] лысінай і бледным тварам, з крыжом крывавага колеру, які вісіць за спінай. Нарэшце ён выходзіць з алтарнай часткі храма і, трымаючы ў правай руцэ кадзіла, моцным водарам праганяе д’яблаў са святога месца. Неўзабаве прыносяць службовыя кнігі, і ён чытае ўголас якую–небудзь байку пра святога Мікалая, якога яны заўсёды ўшаноўваюць як Бога–ахоўніка.

(Казанні)

Аніводнага чытання евангельскага я тут ніколі не пачуў. Між тым закрысція замыкаецца. Калі здарыцца, што святар пад час чытання памыляецца, або калі ў яго блытаецца язык, ці калі якое слова вымавіць больш нізкім голасам, то за гэта прыхаджане яго вельмі груба лаюць: адны з іх у адзін голас крычаць, што ён не варты святога месца, другія — што [не можа] вучыць па кнігах. Калі чытанне скончана, ён вяртаецца да пярэдняй часткі святыні, у якой захоўваецца выява св. Мікалая, і бясконца ўздыхаючы просіць іх Бога, каб ён літасціва захаваў спакой русаў і каб збярог увесь народ, адданы яму, у барацьбе супраць ворагаў. Малітву святара падтрымліваюць жалобным галашэннем і лямантам не толькі вучні, але ўсе, колькі б ні прысутнічала іх у храме, зноў і зноў паўтараючы такія словы: „Госпадзі, памілуй“[30], што значыць „Змілуйся над намі, о Госпадзі“. Пакуль гэта працягваецца, пярэдняя частка святыні не адчыняецца.

(Імша)

Святар незаўважна ўваходзіць праз дзверцы побач, а перад ім трое нясуць тры свечкі. Пасля з’яўлення ён пасвячае святую ежу са словамі, прамоўленымі самім Хрыстом, але на сваёй роднай мове, прычым гэта адбываецца на алтары святога Мікалая. Неўзабаве пасля гэтага адчыняюцца дзверы, і ўсе людзі, паколькі лічыцца, што праўдзівы бог жыве менавіта ў гэтым месцы, спяшаюцца з лямантам да вялікага Сакраманту, бясконца паўтараючы „Госпадзі, памілуй!“ Спеў юнакоў[31], гучанне званочкаў і цымбалаў дзівосным чынам дапаўняюць гэтае галашэнне.

Як толькі ў цэлым храме зноў наступае цішыня, святар, рухаючыся наперад крок за крокам, паказвае ўсяму народу святыя таямніцы, трымаючы алавяны пацір з шаўковай накрыўкай у правай руцэ, а сподак з таго ж металу — у левай. Пакуль прыхаджане становяцца на калені, ён на мове русінаў прамаўляе наступныя словы: „Гэта Цела, а гэта кроў Госпада Ісуса Хрыста, якога юдзеі бязвінна пакаралі смерцю“. Тады яны зноў уздымаюць галашэнне са стогнамі і ўздыханнямі, б’ючы сябе рукамі ў грудзі. Потым, адразу ж вяртаючыся да закрысціі, святар ускладае сакрамант на алтары святога Мікалая, і да яго падыходзяць тыя, хто мае патрэбу, часам гэта адбываецца на працягу дня. Калі ў іх няма віна, замест яго выкарыстоўваюць гатаваны мёд (медавуху). Прэсны хлеб жыхары пякуць кожны ў сваёй хаце, і потым кожнага разу, калі з радасцю прыступаюць да гэтай Боскай трапезы, прыносяць яго на ахвяру святару, каб той пасвяціў ды разам з кубкам падзяліў. Скончыўшы набажэнства, ізноў узяўшы ў рукі кнігу, святар пачынае мармытаць адзін або некалькі псалмоў і ўсім дае цалаваць крыж, зроблены з чыстага срэбра. Потым усе яны разыходзяцца па сваіх дамах, і толькі нямногія прыходзяць на вячэрнюю малітву.

У Полацку і ў Вільні Божую літургію правяць з большай урачыстасцю і прыгажосцю. Там у іх усё начынне ў цэрквах каштоўнае, з золата і срэбра. У Вільні знаходзіцца каля трыццаці іх храмаў, і амаль усе мураваныя. (Няма скульптур, а толькі намаляваныя выявы) У іхных цэрквах няма ніякіх разьбяных ці ляпных скульптур, толькі маляваныя абразы святога Мікалая і Панны Марыі, упрыгожаныя срэбранай зерню … і падобнымі каштоўнасцямі, якіх яны шануюць як асаблівых Багоў ды кожнага году двойчы абмываюць у рацэ Дзвіне, пасля чаго з вялікай урачыстасцю вяртаюць на ранейшае месца. (Хрост) У іх прыняты і сакрамант таямнічага амавення (хросту), абрад якога амаль ва ўсім найбольш падобны да рымскага. Тут выкарыстоўваецца шмат алею і міра[32]. Пасля доўгіх сакральных цырымоній святар звычайна палівае дзіця цэлым конгіем[33] вады, прыгаворваючы так: „Я хрышчу цябе ў імя Айца, Сына і Святога Духа“. Потым, згодна з айчынным звычаем, немаўлятка акрапляецца з некалькіх асвечаных збаноў. І няхай нават на той час лютуе самая суровая зіма, тым не менш яны абліваюць сваё дзіцятка такой жа колькасцю халоднай вады. Калі хто спытае, навошта так рабіць, яны адказваюць: „Вельмі важна прывучаць з дзяцінства“. Нарэшце святар, ізноў узяўшы дзіця, пяшчотна [яго] цалуе і тройчы моцна прыкладае яго галаву да крыжа, высечанага на дзвярах царквы. І калі сведкі хросту не пачуюць гуку ад удару, яны абураюцца з гэтага і лічаць, што малое не па–сапраўднаму далучана да святыняў. На заканчэнне абраду святару падаюць тры хлябы (якія на іх мове з–за круглай формы называюць пірахнам[34]), а таксама некалькі срэбных манет, і храм зачыняецца.

(Святары)

Русінскія святары жэняцца і маюць уласных жонак. Калі нехта скажа, што шлюб святароў асуджаецца Папам, яны раздражнёна адказваюць, што няхай ён палае ў гарачым агні з жалезнымі пласцінамі[35] Цыклопаў у вогненнай печы. Яны не знаходзяцца на ўтрыманні і не атрымліваюць сталага даходу, аднак жа свабодна кормяцца дзякуючы дабрачыннасці прыхаджанаў. Капюшонаў (каптуроў) зусім не ведаюць, а носяць пераважна двайную расу цёмнага колеру. Асабліва цешацца сваімі доўгімі валасамі на грудзях і плячах, але чым чарнейшы нехта будзе, чым болей брыдкі на выгляд, тым больш гэтым абураюцца людзі. Акрамя таго, маючы лысае цемя і доўгую бараду, яны гэтым прыдаюць сабе асаблівую важнасць. Да ўсяго, яны вядуць настолькі нячысты і гнюсны лад жыцця, што ты мог бы пагадзіцца: яны вартыя не храмаў Божых, а млынаровых пякарняў[36]. Калі яны нават неаднаразова ўчыняць што–небудзь ганебнае, то перад людам будуць дастаткова самаўпэўнена апраўдваць сябе. Называюць сябе святымі братамі і намеснікамі [Божымі]. Больш за тое, яны ніколькі не сумняваюцца: што б з імі ні адбывалася, — усё будзе прымальным для жыхароў неба. У грамадскіх корчмах яны па ўсіх днях п’юць цёмнае віно. І калі потым ужо не служаць ні розум, ні ногі, яны часта валяцца проста сярод плошчы, быццам мёртвыя, і засынаюць. <…> Калі ж на наступную раніцу яны вяртаюцца ў храм для таго, каб правіць набажэнства, то нічым не менш шануюцца і паважаюцца людам, чым калі б яны сышлі з неба, выпраўленыя пасламі з нарады несмяротных багоў.

(Школы)

Пры цэрквах у іх заўсёды бываюць школы. У адной  малады мужчына гадоў трыццаці навучае дзяцей элементарным асновам граматы. Літары ў іх алфавіце надзвычай падобныя да старажытных грэцкіх. Ніякім Катэхізмам яны не карыстаюцца, а прапануюць дзецям толькі невялікія малітвы да блаславёнай Панны і святога Мікалая, запісаныя ў кнігах. Аднак яны вучаць апостальскі Сімвал, які  амаль не мяняецца, дадаючы да гэтага гімны Давіда, што чытаюць раніцай і ўвечары, удзень і ўначы. Калі дзеці трох і чатырох гадоў раптам бываюць апанаваныя якой–небудзь немаччу, імгненна прыбягае святар і надзяляе іх сакрамантам пад тым ці іншым выглядам. І тады на суровы загад святара бацькам трэба пільнаваць, каб гэтае дзіця, што атрымала святую трапезу, на працягу двух дзён не выплёўвала на зямлю выдзяленняў з рота.

На святочныя дні гэты бедны народ дастаткова змучаны, бо цягам цэлага году ім выпадаюць нямногія дні, калі яны могуць есці мяса.

(Шлюбны абрад)

Каб уступіць у шлюб, яны трымаюцца наступнага абраду. Калі якая–небудзь дзяўчына спадабаецца юнаку, ён выпраўляе трох або чатырох сваякоў, якія просяць бацькоў дзяўчыны выдаць яе замуж. Тыя ж як мага мацней злуюцца і запэўніваюць, што з гэтай справы нічога не атрымаецца, да таго ж выяўляюць у пасланцоў які–небудзь уяўны недахоп. Жаніх, падмануты ў сваіх спадзяваннях, падыходзіць да справы іншым шляхам і вельмі ўважліва чакае часу і нагоды, каб папаляваць на дзяўчыну. І калі тая часам выходзіць з бацькоўскага дома, слугі, што схаваліся ў засадзе, нечакана штурхаюць яе (хоць тая і не баіцца) у лавецкія сеткі жаніха–паляўнічага. Калі яна туды трапляе і пазбаўляецца дзявоцтва, тады выпраўляюць да бацькоў іншых паслоў, якія, з аднаго боку, просяць прабачэння, з другога — спісваюць усё на пажаднасць кахання. Нарэшце, калі згода бацькоў атрымана, прызначаецца дзень вяселля. Сумеснае жыццё ў іх не прынята весці да таго часу, пакуль маладыя не будуць злучаны пад час публічнай урачыстасці. Для гэтага каля адзінаццатай гадзіны ночы маладых пад гукі лютняў і дудаў, пад святлом паходняў прыводзяць у храм. Перад іх прыбыццём сюды прыносяць некалькі чарак, поўных сікеры[37], медавухі і піва. Там госці абодвух полаў добрую частку цёмнай ночы праводзяць у скоках ды гулянцы, у крыках і рогаце. У міжчассе адпраўляюць каго–небудзь запрасіць святара. Той звычайна большай часткай ходзіць туды–сюды, нічога не робячы, і гэта ўсё з прычыны ап’янеласці няшчаснага святара, якога кладзе з ног віно і сон. Народ між тым заняты карагодамі. Нарэшце тыя, што з’яўляюцца крэўнымі жаніха, калі ўжо не могуць вытрымаць затрымкі і бяздзейнасці святара, разбіваюць (ламаюць) ахвяру[38] і, захмялелага, яго выводзяць сілай і адпраўляюць выконваць святы абрад. Паколькі той звычайна хоча выконваць [свае] абавязкі, аднак не можа роўна стаяць на нагах, то часта падае ў цэнтры храма. Тады ўздымаецца ганебны і дзікі смех — наўрад ці, на маю думку, язычнікі ўздымалі гэткую ж буйную весялосць на святах Венеры. Да яго падбягаюць [некалькі чалавек] падтрымаць апівоху, каб ён не паваліўся. Тады найперш ён загадвае прынесці сабе неабходныя хлябы.

Потым з адгорнутай кнігай моцным голасам ён спявае які–небудзь гімн Давідаў. Пасля таго, схапіўшы рукой жаніха за кучаравыя валасы, звяртаецца да яго з наступнай прамовай: „Скажы мне, о жаніх, о браце, о сябру, ці можаш ты быць мужам для гэтай маладой? Ці будзеш ты калі–небудзь біць яе палкамі? Ці не пакінеш ты яе хворую, нядужую або старую?“ Жаніх прысягае Богам, што будзе выконваць абавязкі добрага мужа. Тады, звярнуўшыся да нявесты, ён пытаецца таксама ў яе, ці здольная яна вытрымаць мужа (бо тут аддаюць замуж дзяўчатак дзесяці і адзінаццаці гадоў), ці будзе яна клапаціцца пра хатнюю гаспадарку, ці хоча быць вернай спадарожніцай сляпому, згорбленаму і састарэламу мужу? Яна прысягае. Тады святар ускладае на галовы жаніха і нявесты сплеценыя зялёныя галінкі дрэва. Звонку вянка напісаны мовай русінаў наступныя словы: „Расціце  і пладзіцеся“. Пакуль ён гэта робіць, усе запальваюць васковыя свечкі і перадаюць адзін аднаму чашу з успененай асвячонай медавухай. Першым даюць адпіць з яе маладым. Усе [астатнія] з аднолькавай прагнасцю спусташаюць яе і перадаюць набожнаму мужу. Пасля, скінуўшы сплеценыя галінкі дрэва і патаптаўшы іх нагамі, яны зноў ладзяць карагоды. Цяпер ужо святар ачольвае ўсіх, а астатнія доўгай чарадою рухаюцца ўслед за ім. Жанчыны ў храме нават раскідваюць ваўчкі[39] і лён з такім воклічам: „Няхай нашыя багі стануць іх апекунамі, каб новыя муж і жонка ніколі не страчвалі дабрабыту“. Тады нарэшце галас завяршаецца. Святара адводзяць дадому, госці праводзяць маладых, пры гэтым шмат п’юць і аддаюцца распусце. <…>

(Пахавальны абрад)

Цяпер трэба тое–сёе распавесці пра звычай пахавання. Памерлых яны кладуць голымі на стол і на працягу цэлай гадзіны мыюць цёплай вадой, прычым усё гэта робяць ноччу. Адмыўшы такім чынам ад бруду, нябожчыка ўладкоўваюць на ўзвышэнні пасярод хаты. Прычына гэтага хіба ў тым, што яны нават мёртвага ўшаноўваюць і баяцца бацьку сямейства, колькі б ні пражылі сумесна. Я неаднаразова назіраў такое і слупянеў, валасы на галаве падымаліся і голас у горле перапыняўся. Урэшце на трэці дзень адбываецца пахаванне, выносяць цела, пры гэтым шкаляры ідуць папярод і спяваюць жалобную песню, сэнс якой звернуты да людзей: „Паглядзіце на гэтага нябожчыка і парупцеся пра сябе. Мы ўсе гэтаксама пойдзем туды, вы пойдзеце, яны пойдуць“. За трыма насільшчыкамі[40] ідуць следам тры святары, сярэдні з якіх абкурвае ўсё навокал кадзілам. Яны лічаць, што гэты водар настолькі непрыемны для д’яблавых духаў, што тыя ўцякуць ад яго гэтак жа, як ад выявы святога крыжа. Калі ўжо дайшлі да месца пахавання, пахавальныя насілкі ставяцца. Жанчыны, якія прыкладаюць усе намаганні, каб іх вочы плакалі, з гучным лямантаваннем падыходзяць да труны[41], якая яшчэ адкрыта, і цалуюць нябожчыка, звяртаючыся да яго з такімі пытаннямі: „Чаму ж ты пайшоў ад нас, найдаражэйшы? Няўжо цябе забіла нястача ежы і пітва? Няўжо ты захацеў выцягнуць галаву з пятлі няшчаснага шлюбу? Што ж цябе прымусіла пакінуць не толькі найпяшчотнейшую жонку і тваіх наймілейшых дзяцей, але таксама выракся асалодаў гэтага найпрывабнейшага свету, а таксама свайго шчасця і ўсіх сваякоў?“ На гэты конт ёсць справядлівае выслоўе: „Глухому распавядаюць байку“[42]. Неўзабаве святар, падышоўшы, адганяе жанчын, якія плачуць, ад труны і просіць анёла свету памерлых, каб той ніякім чынам не перашкаджаў нябожчыку, але каб дазволіў яму свабодна адысці ў тое месца шчаслівых душ, у якое ягоныя продкі ўжо калісьці прыйшлі, і каб па магчымасці спрыяў у такім доўгім і небяспечным падарожжы. Усё лепшае і самае каштоўнае, што нябожчык меў у хаце, яны кладуць у труну, апранаючы яго ў новае адзенне і абуваючы новыя боты, а пад галаву мёртваму падкладаюць падушку, набітую сухой зямлёю. Калі нарэшце святары завяршаюць пахавальнае мармытанне, жонка памерлага зноў падбягае з енкамі і крыкам ды кліча мужа назад да жыцця. Яе тужлівы лямант падхопліваюць самі святары з пеўчымі, і паўтары гадзіны марнуюць у галашэнні. Нарэшце прыносяць срэбны крыж, яго ўскладаюць на труну і нагадваюць памерламу, каб ён і ў атачэнні нябесных душ не забываўся пра сваю радзіму, але каб шчыра маліўся за яе перад нябеснымі багамі. Яны просяць таксама, каб ён зблізіўся перадусім са святым Мікалаем, бо той — Бог і апякун усіх русінаў[43]. Нарэшце нябожчыка апускаюць у яму. Святар пасыпае труну такой колькасцю зямлі, колькі можа ўзяць у руку. Потым і іншыя засыпаюць памерлага. Гэтым і завяршаецца пахавальная цырымонія.

(Памінкі)

Таго самага дня яны ладзяць досыць багатую памінальную вячэру, на якую запрашаюцца хрысціяне (так называюць жабракоў), каб тыя, як людзі бесклапотныя, памаліліся за нябожчыка. Запрашаюць таксама святароў і ўсіх блізкіх па крыві. Калі і мяне яны ўганаравалі такім чынам, то я, клянуся, пайшоў да іх ахвотна, найболей з той прычыны, што я атрымоўваў магчымасць лепш бачыць і назіраць іх звычаі. Гаспадары вельмі ласкава вітаюць пацалункам і кожнага як мага больш паважна садзяць за стол. Але тут я хацеў бы, каб ты ўспомніў пра адну акалічнасць: што ўсе русіны ўшаноўваюць святога Мікалая як Бога, і што ва ўсіх іх дамах можна ўбачыць яго абраз. Калі ўсе госці рассядуцца, яны адразу ж ставяць побач запаленую свечку і прысвячаюць яе Мікалаю, шчыра молячыся за збавенне і супакой для памерлага сябра. Потым на срэбным сподку ставяць пшаніцу з поўным куфлем мядовага віна. Кожны з іх, узяўшы лыжку, просіць у адзін голас у памерлых продкаў нябожчыка ўсялякага багацця і багатай маёмасці для нашчадкаў. Потым па кругу ідзе чарка, поўная гатаванага віна, і яны прагна п’юць гэты напой — не іначай, як празяблыя каровы ваду, як гаворыцца ў прыказцы. Аднак жа такія іх паводзіны не пазбаўлены пэўнага сэнсу. Я думаю, наўрад ці яны маглі б выжыць ад празмернасці ежы, калі б не пазбаўлялі страўнік вяласці пры дапамозе такой вялікай колькасці пітва. Як толькі паставяць розныя стравы, старэйшы сярод святароў густым фіміямам выганяе вонкі злыя духі, а потым, напісаўшы ў паветры знак крыжа, бласлаўляе ежу. Чужаземным гасцям прыносяць моцны напой, і калі тыя займаюць якую–небудзь пасаду або маюць якую–небудзь годнасць, ахвотна даюць ім падарункі. Усе п’юць поўнымі кубкамі за здароўе свайго караля, за супакой памерлага сябра, за дабрабыт сваякоў і блізкіх, і часта здараецца так, што з гэтага пахавання хіба два ці тры чалавекі ідуць дадому цвярозыя. Па пятніцах больш заможныя людзі раздаюць міласціну, але гэта толькі маленькі кавалачак звычайнага хлеба.

(Іншыя забабоны)

Што яшчэ павінен я распавесці пра розныя забабоны, да якіх схільны гэты народ? Многія тут трымаюць у сваіх хатах адмысловых змеяў і кормяць іх. Яны таксама баяцца і ўшаноўваюць злога духа, які прыходзіць апоўдні. У час, калі збіраюць саспелы ўраджай, ён [дух] ходзіць вакол поля ў жалобным адзенні ўдавы, і калі жнец, убачыўшы прывід, адразу ж не паваліцца на зямлю, то ён пераб’е працаўнікам — аднаму або многім — рукі і ногі. Прычым яны самі сябе пераконваюць, што супраць гэтай пакуты няма ніякіх сродкаў. У суседнім лесе ў іх ёсць дрэвы, якія яны ўшаноўваюць згодна з верай продкаў. Прыкладаючы іх кару да раны, яны не толькі лёгка лечаць яе, але і пазбаўляюць калецтва крываногага.

Я бачыў, як яны ратаваліся ад лагернага мору, занесенага сюды нашымі жаўнерамі. Узяўшы вяроўку, яны ў хаце старэйшага жыхара цягаюць яе туды–сюды праз адтуліну ў старым услоне да таго часу, пакуль не здабудуць іскру агню. Заўважыўшы полымя, запальваюць свечку ў храме, каб паліўся ачышчальны дождж. Потым усе, хто захаваў дома вугольчыкі або галавешку ад гэтай іскры, вераць, што яны дастаткова забяспечаныя перад моравай хваробай, і бывае так, што адной верай у гэта і аберагаюцца ад заразы.

Ад боляў у спіне яны лечацца наступным чынам. За невялікія грошы наймаюць незаконных дзяцей, якіх у гэтай зямлі вялізнае мноства, і тыя доўга топчуцца нагамі па спіне ды размінаюць яе. Яны ўпэўнены, што гэтая працэдура служыць болесуцішальным сродкам для дарослых.

(Законы і суды)

Дзяржаўную ўладу яны маюць па волі караля. Гарадамі кіруюць капітаны, якія на іх мове называюцца старастамі. Яны ўсталёўваюць законы паводле свайго меркавання і кіруюць гэтым народзікам сурова. Крымінальныя справы рэдка падаюцца ў суд. Калі нехта адмаўляецца, што сказаў абразлівыя словы, то яго адпускаюць. Яны выбіраюць адрачэнне замест прызначанага пакарання. Не дапаможа стараннае чытанне грунтоўных тамоў рымскага права разам з Бартолам і Балдам[44], калі хочаш жыць тут, бо яны застаюцца пры сваіх Статутах, гэта значыць, пісаных законах. У апошніх, сярод іншага, вызначана і тое, што забойца, калі яго не схопяць пад час самога злачынства, можа адкупіць жыццё за пяць фларынаў. Калі ж адзін аднаму заб’е сабаку, павінен быць прызначаны штраф дзесяць фларынаў. Найбольш распаўсюджаны від пакарання ці катавання ў іх — пакаранне палкамі. Таму паны сваіх сялян і кожны ўладальнік сваіх прыватных служак, калі яны ў чым правіняцца, моцна збіваюць дубцамі. Калі ж яны дапускаюць больш сур’ёзную правіннасць, сякуць іх жалезнымі пугамі.

Увесь гэты народ па прыродзе больш схільны да ваявання. Яны ваююць кароткімі мячамі, дзідамі і сагнутымі шаблямі, а часта і драўлянай булавой, якую заўсёды носяць у руцэ. Калі яны выязджаюць у поле, то з правага боку трымаюць costram, а з левага маюць татарскі лук з калчанам і атручанымі стрэламі.

(Гульні)

Пад час гулянак яны не толькі гуляюць у карты, а з прыемнасцю бавяць час і за гульнёй у косці. Але з найбольшым спрытам яны гуляюць у шахматы, калі два варожыя каралі — белы і чорны — змагаюцца паміж сабой за славу з войскамі двух колераў. У гэтай гульні яны, насамрэч, такія дасканалыя, што я не ведаю, ці мог бы параўнацца з імі які–небудзь іншы народ.

(Прадметы гандлю)

У мірны час яны перапраўляюць на продаж з Масковіі ў Польшчу ды Інфлянты розныя скуры дзікіх звяроў. Мёд, воск, скуры яны прадаюць іншаземцам у вялікіх колькасцях. З усіх бакоў іх атачаюць надзвычай густыя і непралазныя лясы. (Паляванне на звяроў) Так што яны часта палююць нават унутры гарадскіх сцен на ваўкоў, рысяў і куніц. Куніцы звычайна сядзяць на вершалінах дрэў і ліжуць мёд, старанна сабраны пчоламі. Сяляне нацкоўваюць на іх адмысловых сабак, якія нюхам вышукваюць звера, што схаваўся сярод лістоты дрэў. Тады прыходзіць паляўнічы і, моцна стукаючы па камлі, зганяе куніцу з самай верхавіны, і на яе адразу ж накідваецца сабака ды загрызае. Падобным чынам яны палююць і на баброў, што водзяцца ў балоцістых мясцінах. Гэтага звера, паколькі ён жыве ў міжрэччах, цяжка злавіць у іншы час, акрамя як у лістападзе ды снежні, калі зямля заледзянела ад вельмі моцнага марозу. І вось калі рэчка скаваная лёдам, туды спяшаецца селянін са сваім сабакам, які высочвае нюхам. Бабёр, які заўважае іх прысутнасць, пакідае сваю хатку і плыве пад лёдам у студзёнай вадзе. Сабака нюхам дакладна вызначае месца над галавою плывуна. Паляўнічы ідзе следам, прычым ён ужо загадзя паставіў у прабітым лёдзе ў напрамку да вытокаў ракі сетку, зробленую з трайнога лёну. Калі бабёр дабіраецца да яе, спадзеючыся прарвацца, яго забіваюць палкамі і выцягваюць. Скура бабра надзвычай высока цэніцца ў гэтых народаў. Аднак я яшчэ ніколі не глядзеў на гэтае паляванне без шкоды для сябе, бо мароз і моцны холад ледзь  не загубілі мяне.

У стаўленні да іншаземцаў русіны[45] дастаткова спагадныя, калі толькі ты часам не ахвочы да іх бутэлькі[46]. Бо пад час гулянкі яны перастаюць быць людзьмі.

(Адзенне)

Мужчыны і жанчыны, калі яны заможныя, апранаюцца амаль аднолькава. Яны носяць доўгія рознакаляровыя кашулі з брытанскай тканіны. Для акантоўкі вопраткі яны нашываюць шаўковыя стужкі ды пазалочаныя шарыкі. І мужчыны, і жанчыны ходзяць у ботах. Жанчыны носяць на галаве стужкі і высокі галаўны ўбор, мужчыны — скураное нагалоўе ці лямцавыя капелюшы рознай афарбоўкі. Дочкі сялян носяць на шыі каралі са змяіных галоў. Просты ж народ вырабляе кашулі са скуры дзікіх звяроў і абутак з кары дрэў. Тут колькі сялян — столькі і шаўцоў.

(Целасклад)

Нават у такіх суровых кліматычных умовах прырода стварыла прыгожых людзей. Іх целы звычайна моцныя і поўныя сілы. Жанчыны таксама не пазбаўлены правабнасці, калі б толькі нехта хацеў назіраць за іх прыгажосцю. Аднак усю сваю прыгажосць яны прыніжаюць і псуюць адзінай заганай — п’янствам. У гэтай справе яны калі не пераўзыходзяць мужоў, то, пэўна, і не саступаюць ім.

У вытанчанай музыцы яны не дасведчаныя, зусім не граюць на струнных інструментах, дзеля забавы ў іх звычайна выкарыстоўваецца толькі дуда з мехам. На вяселлях і іншых пачостках вельмі часта водзяць карагоды пад гучнае плясканне ў далоні.

(Кнігі)

Яны ніколі не бачылі кніг, напісаных па–грэцку і па–лацінску, тым не менш, яны вельмі ганарацца грэцкай рэлігіяй. Калі аднойчы ў мяне быў з сабою Новы Тэстамент, надрукаваны па–грэцку ў Цюрыху, я папрасіў святароў, каб яны мне што–небудзь прачыталі. Тыя рашуча адмовіліся зрабіць гэта, свята прысягаючы пры гэтым, што асобнікаў такога кшталту ніколі раней у сябе не бачылі.

(Ежа)

Пра лепшы стол яны не вельмі дбаюць, але надзвычай ахвотна ядуць сырую ежу, парэй і цыбулю, якая ў Егіпце лічылася ежай багоў. Больш заможныя п’юць віно і медавуху, просты народ — квас, гэта значыць ваду, у якую дабаўлена звычайная соль, а ядуць грубы і цвілы хлеб.

(Пабудовы)

Хаты русінаў драўляныя, да таго ж будуюць іх з благога дрэва. Тут яны да таго неразумныя, што аддаюць перавагу плеценай сцяне перад мураванай. Камень у іх амаль не ўжываецца. У Полацку я бачыў толькі тры царквы, пабудаваныя з цэглы. Трэці храм, аздоблены на італьянскі манер, нават цяпер звяртае на сябе ўвагу. Астатнія разбурыў вялікі князь маскавітаў Іван Васільевіч, калі васемнаццаць гадоў таму, захапіўшы Полацк, атрымаў яго ў сваё ўладанне.

(Ежа)

У мірным часе яны збіраюць з палёў багаты ўраджай, і ім не бракуе нічога з таго, чым сілкуецца чалавечае цела. З вялікім спрытам яны ловяць сваімі пасткамі птушак рознай пароды, напрыклад курапатак, фазанаў, рабчыкаў, цецерукоў, ды прадаюць іх зусім танна. Неверагодную колькасць найлепшай рыбы даюць ім паўнаводныя рэкі Дняпро, Дзвіна, Дрысна, Дрыса, Палата, з якіх разліваюцца незлічоныя азёры і сажалкі[47]. Соль для ежы прывозіцца з Іберыі.

(Манета)

У сваім краі яны не маюць каштоўных металаў, аднак ім уласціва вялікая прага да чыстага золата і чаканенага срэбра; гэтая загана лучыць іх з іншымі смяротнымі. Дасылаю Тваёй Эксцэленцыі іх срэбныя каваныя манеты авальнай формы: на адным іх баку — выява пакрытага даспехамі ваяра, на другім на рускай мове выбіты такія словы: „Кнς ßеλιkι  Ιßάμ“[48], што па–нямецку значыць „Вялікі Князь Іаан“.

(Музыка)

Вось усё найцікавейшае, о Давід Хітрэус, што я палічыў годным увагі ў той частцы Русі[49], што ляжыць у напрамку да ўзыходу сонца. Усё такое я ахвотна змясціў на гэтых старонках, каб задаволіць Тваю цікаўнасць. І я закрануў тут не ўсё, але адзначыў толькі самыя важныя моманты. Так пчала, імкнучыся да пяшчотнага нектару, крыху каштуе з верхавінкі цім’яну або чырвонага крокуса.

(Армяне)

Пра армян я Табе ўжо пісаў і не сумняваюся, што гэтае маё пасланне было перададзена. Мноства іх жыве ў Львове, і там жа ў іх ёсць вельмі прыгожыя храмы, — так паведаміў мне 7 чэрвеня ў Коўне Тыдэман Гізій. Што да мяне, то калі з патрэбы якой–небудзь паслугі мне выпадзе такая магчымасць, я наведаю Львоў ды агледжу суседнюю Арменію, і тады апішу ўсё больш падрабязна.

(Татары)

Цяпер застаецца трохі распавесці пра татараў. Хаця і вырашыў напісаць табе ліст, гэта не тое, што ты чакаеш як гісторыю. Не хацелася б насіць ваду ў калодзеж[50]. Я вельмі часта бачыў у каралеўскім ваенным стане вялікае войска татараў, якое заслугоўвае павагі; яны прыйшлі з Перакопскай Арды, з якой цяпер пераможца Стэфан нават набраў войска. Астатнія знаходзяцца на поўдзень ад палякаў: таўрыйскія, астраханскія, наянскія, рэзігорскія і чаркаскія. Князя Арды яны называюць на сваёй мове „царом“, гэта значыць „імператарам“. А вяльможы, улада якіх больш ці менш другасная, называюцца „кнезі“, гэта значыць, князі. Пыха ў гэтага, бясспрэчна, варварскага народа такая, што нават людзі нізкага паходжання дамагаюцца сабе тытулаў і высокіх імёнаў. Вера іх надзвычай розная.

(Веравызнанне татараў)

Я дам кароткія заўвагі пра набажэнства тых, што не прызнаюць улады нашага караля. Ваенныя мерапрыемствы не перашкаджаюць ім ушаноўваць Бога. У пятніцу, як толькі сонца пачынае выпускаць бліскучыя промні, яны ў вялікай колькасці паспешна збіраюцца на цэнтральнай роўні сярод палёў. Тут іх першасвятар з аголенай галавой і нагамі, сеўшы на земляным насыпе, трымае ў левай руцэ аркуш паперы з выпісанымі з Алькарана прыпавесцямі і зачытвае іх гучным голасам усім, хто стаіць навокал. Яны ж, як толькі пачуюць імя Бога ці Магамета, выказваюць сваю пакорлівасць воклічамі і ківаннем галавы. Калі чытанне скончана, кожны вяртаецца ў свой стан. Тыя ж, аднак, хто аддае перавагу міру перад вайной і хатняй гаспадарцы перад вайсковай справай, і набажэнства правяць па–іншаму. Яны набылі ў аднаго ваяра ў Вільні, каля берагоў ракі Вяліі, некалькі хацін і вёску ў вельмі маляўнічым месцы. Тут мы 20 чэрвеня, збочыўшы з дарогі, разам з Янам Гамратам Стральзундзінам, купцом і віленскім бюргерам, пайшлі гуляць і зайшлі ў іх храм. У ім зусім не было відаць аніводнай выявы ані Бога, ані чорнага дэмана. Паўсюдна — голыя сцены. Унутраныя пакоі пакрытыя расшытымі дыванамі. У пятніцу яны заўсёды збіраюцца на набажэнства, і гэта, на маю думку, з той нагоды, каб пазначыць, што яны не прызнаюць ані юдзейскіх забабонаў, ані імя і веры хрысціян. У храм нельга ўвайсці іначай, як разутым. Гучання званоў яны зусім не любяць. Замест гэтага першасвятар, калі ўзышло сонца, стоячы на верхняй пляцоўцы экседры[51] храма, вельмі гучным голасам склікае народ на сход. І калі збіраецца мноства людзей, ён, узяўшы ў рукі Алькаран (мне паказвалі яго, напісаны арабскімі літарамі), падае ім прыклад служэння Богу. Пасля гэтага яны спяваюць просценькую песню пра абагаўленне Магамета, пра яго велічнасць і першынства. І гэта — заканчэнне народнага сходу. Калі б мне давялося ўбачыць тут надрукаваны Алькаран або якую–небудзь іншую кнігу, я абавязкова даслаў бы яе табе, колькі б яна ні каштавала. Але ж яны казалі, што пры такім недахопе кніг не могуць нічога прадаць. Дарэмна будзеш пытацца пра Бога Ісуса Хрыста і духа святога. Пра сапраўдную дабрачыннасць яны дбаюць гэтаксама, як воўк пра лічбы або бурлівая рака пра берагі. Не аднойчы дзівіўся я: раз яны жывуць сярод хрысціян, чаму ж яны да такой ступені ўпартыя і выракаюцца хрысціянскай веры? І цяпер я ясна бачу, што езуіты шмат выдумляюць вялізнай лухты пра быццам бы навяртанне народаў да Рымскага касцёла, бо тых, хто моліцца за суседняй сцяной, яны ніякім чынам не змогуць адхіліць ад іх ілжывай веры. Тым не менш, я б не асмеліўся адмовіць і таго, што ў Скіфіі ёсць людзі, якія ўшаноўваюць імя Ісуса, бо сказана было Давідам пра слова Евангельскае, што пашырыцца яно сярод народаў апосталамі. <…> У сваю чаргу, Твая эксцэленцыя добра ведае, што веравучэнне магаметанаў у вялікай ступені суадносіцца з забабонамі і байкамі юдзеяў. Татары гэтаксама захоўваюць абразанне, але адрозным ад габрэяў спосабам. Яны абразаюцца на другі або трэці год ад нараджэння — як вырашыць першасвятар.

Іх мова настолькі непадобная да польскай гаворкі, што калі адныя перасяляюцца ў Скіфію, а другія — у Сарматыю, іх справядліва можна назваць „серыфоскімі жабамі“[52]. Аднак жа яны далёка і шырока рассяліліся ў Польшчы, Літве, а таксама ў адной і другой Русі. Большасць з іх вывучаюць і добра ведаюць мову тых людзей, разам з якімі жывуць.

Акрамя таго, іх першасвятар сказаў мне ў размове, што ў многіх рэгіёнах, дзе жыве яго народ, сонца, агонь, а таксама ліхія духі ўшаноўваюцца як багі. Норавы ў іх дзікія, і яны надзвычай вынослівыя ў цяжкай працы. Адной жонкай яны не задавальняюцца, а бяруць некалькі, і паміж імі на вялікае дзіва ў доме пануе згода. Аднак першая (папярэдняя) карыстаецца большай ласкай і прыязнасцю ў параўнанні з астатнімі.

Памерлых тут не спальваюць, а закопваюць. Памерлым сужэнцам пакідаюць у шлюбе набыты пасаг і неабходныя рэчы хатняй гаспадаркі пад час смешных, на маю думку, цырымоній. Яны думаць, што муж і жонка ажывуць у іншым свеце і заўсёды будуць разам. Наконт душ памерлых яны разважаюць наступным чынам: „Няма сумненняў, што яны з аднаго цела перасяляюцца ў другое да таго часу, пакуль не знойдуць якое–небудзь цудоўнае і доўга шуканае прыстанішча, і тады нараджаюцца вось такія вялікія асобы: цары і ўладарныя мужы“. Іх ежа вельмі бедная і цыклопская: я некалькі разоў з жахам назіраў, як яны елі. Яны вельмі ахвотна ядуць напалову праваранае конскае мяса, пры гэтым не карыстаюцца ніякімі сталамі і табурэткамі. Шкуры коней, якія яшчэ дымяцца і нядаўна садраны з жывёлы, падсцілаюць у якасці сядзення для сумесных збораў. Кабыліным малаком яны захапляюцца, быццам крыцкім віном, і п’юць яго. На войнах яны змагаюцца ятаганамі, лукамі і стрэламі; перавага іх у тым, што на баявых конях лёгка выступаюць наперадзе ўсіх.

Пасол перакопцаў, які 19 чэрвеня прыбыў у Вільню, прынёс каралю добрую навіну пра рашучыя ваенныя дзеянні супраць маскоўцаў. Ясна, што яны не толькі прайшлі з агнём і мячом па большай частцы варожых правінцый, але дайшлі да самых сцен сталіцы Масквы. Кароль, ухваліўшы іх стараннасць сваім словам, сказаў, што ён калі–небудзь добра аддзячыць ім, калі і надалей будуць з вялікім імпэтам ісці са зброяй і вайною на варожы народ.

Мне трэба ўжо напісаць штосьці пра тыя польскія падзеі, якія цяпер адбываюцца. Паколькі я не атрымліваў ад цябе ніякіх лістоў амаль тры месяцы, мяркую, што мае лісты, якія я напісаў у траўні і ліпені, загінулі. Наш кароль Стэфан 20 красавіка вярнуўся ў Вільню з Варшаўскага сойму. А 25 траўня Багдан Бельскі, вельмі знатны маскоўскі вяльможа, які ўцёк ад свайго валадара, прыбыў у Вільню да караля, які не толькі вельмі ласкава прыняў незнаёмага і нечаканага госця, але і аказаў таму сардэчную гасціннасць. Ёсць людзі, якія за ўсім гэтым бачаць падрыхтоўку да наступу і ўпэўненыя ў тым, што парады эмігранта ў многім дапамогуць каралю.

На наступны дзень, гэта было 26 траўня, мы ўбачылі, што набліжаюцца маскоўскія паслы, сярод якіх былі дастаткова вядомыя людзі. З імі некалькі дзён вяліся перамовы наконт міру. Умовы, прапанаваныя каралём, былі такія[53]: „Маскавіт павінен аддаць Інфлянты. Ваенныя абозы і харч пакінуць у здадзеных крэпасцях. Кампенсаваць выдаткі на дзве ваенныя выправы. Аднавіць вечны мір. Няхай заключаць гэтае пагадненне каралі Даніі і Швецыі. Палонных вызваліць за выкуп або шляхам абмену. Сам князь няхай з’явіцца на перамовы на мяжы абедзвюх дзяржаваў“. На гэта пасланцы паведамілі, што нічога з такіх умоваў у іх інструкцыях не адзначана, і пры пасярэдніцтве арыстакратаў дамагліся дзесяці дзён перапынку, каб за той час праз коннага ганца дазнацца пра намеры свайго князя. Паколькі ў вызначаны дзень той не вярнуўся, кароль адпусціў паслоў.

Сам ён 19 чэрвеня, сеўшы на каня, прызначанага для кругавых аб’ездаў, выехаў з Вільні каля дзесятай гадзіны дня, пры ясным надвор’і  і пры добразычлівых воклічах людзей, так што ні ў кога не магло быць сумненняў, што ён — валадар, дадзены польскаму народу з ласкі Божай, і што, шчасліва атрымаўшы перамогу над гэтай Лернейскай гідрай, набудзе бессмяротную славу. Разам з ім конна ехала мноства вяльможаў з розных народаў, сярод якіх не апошнім быў папскі легат Ян Андрэй Калігарый, біскуп Брыторнскі, які, патрабуючы грошай, прызначаных Папу дзеля ўмацавання каралеўства, прывёз індульгенцыі і адначасова самае шчодрае адпушчэнне грахоў. Бліжэйшае ад яго месца займаў радавіты чалавек, Левін Буловій, выпраўлены сюды ў пасольскай місіі найсвятлейшым Мархіёнам Брандэбургскім, князем барусаў[54]. Пазней, вярнуўшыся ў Коўну, ён запрасіў мяне на абед і па–сяброўску папрасіў, каб ад яго імя я перадаў Табе ў пісьме вялікае прывітанне. Пры гэтым ён дадаў, што Ты ў гэтым часе не прыедзеш у Барусію. Я гэта выслухаў з вялікімі жалем. А я ўжо думаў паехаць у Каралявец, каб прывітаць Цябе.

Тыдэман Гізій, вядомы дасведчаны муж[55] і асабісты сакратар караля, самы высокаадукаваны з усіх людзей і асабліва дасканалы ў найлепшых пісьмовых помніках, 21 чэрвеня паказаў мне ў Вільні Тваю „Гісторыю лютэранскага веравызнання“, падараваную Рытэрам, чалавекам лацінскай веры[56]. Хаця ён шмат разоў хацеў узяцца за пяро і напісаць Табе, аднак жа, прыгнечаны такім невымоўным цяжарам спраў, не мог апраўдацца перад самім сабой. Не па сваёй волі ў гэты час ён перапыніў службу Тваёй эксцэленцыі і папрасіў мяне ў імя Апалона[57], каб я ў сваім лісце да Цябе адзначыў гэтую турботу яго найчысцейшага сэрца, і я шчыра паабяцаў яму, што выканаю тое, што павінен. Дык вось, пра ўсе тыя падзеі, якія адбыліся да гэтага часу і якія адна за другой па волі Бога адбываюцца, ён больш дакладна паведаміць табе крыху пазней.

Брат нашага караля, валадар Трансільваніі, нядаўна адышоў з жыцця. Кароль цяжка перажываў яго сыход, як і мае быць. Магчыма, ён баіцца якіх–небудзь пераменаў у тых мясцінах, хоць сын памерлага, хлопчык дзесяці гадоў, быў прызнаны падданымі спадкаемцам бацькі. У той самы дзень, калі памёр валадар трансільванцаў, вельмі пародзісты конь караля раптоўна паваліўся без дыхання і здох. Яго пахавалі недалёка ад Віленскага замка і  паставілі драўляную калону.

Цяжар пачатай вайны гэтым летам закране Пскоў. Ваяры адусюль сцякаюцца сюды: адзін з Нямеччыны, другі з Каледоніі, трэці з Брытаніі, — для таго, несумненна, каб прызначаныя на продаж душы тым хутчэй перадаць Плутону. Бо шлях у апраметную адусюль аднолькавы[58].

Пакуль наш кароль знаходзіцца ў полі, ваюючы ворага там, мы дома вядзем вайну дзеля веры. Польскія магнаты, якія прыхільна ставяцца да настаўнікаў больш чыстага веравызнання[59] і часткова абараняюць цвінгліян, часткова ідуць следам за лютэранскай верай. Аднак большае за свой адыход значэнне яны надаюць неабходнасці захавання згоды[60], падмацоўваючы правільнасць гэтага тым, што вялікі пантыфік[61] у Рыме нядаўна выступіў з пастановаю пра вынішчэнне лютэранаў. Аднак, калі мы будзем дабрачынна прыходзіць да згоды ў пытаннях веры, то не так страшная будзе яго тыранія. У траўні месяцы мы сабраліся ў Вільні, але нічога не вырашылі. Прыкладзеныя старонкі ўтрымліваюць асноўныя палажэнні мерапрыемства. О, няхай бы сам Сын Божы сваім з’яўленнем у найвялікшай славе ацаліў раны царквы і падараваў нам вечнае шчасце. Аднак у гэтым веку сапраўднага міру чакаць не выпадае.

Я маю магчымасць папярэджваць ад аблудаў суседніх анабаптыстаў. Іх суперінтэндант Лаўрэнці Крышкоўскі піша, што ён мерыцца абараняць ерась. Калі будуць апублікаваныя творы, мы несумненна атрымаем тое, што або адрынем з пагардаю, або абвергнем аўтарытэтам Святога Пісання. Я перасылаю сачыненні самога Крышкоўскага тваёй эксцэленцыі.

Цяпер на заканчэнне я зноў і зноў вельмі прашу, каб Ты выправіў вось гэтыя старонкі па сваім разуменні і — або прачытай, або апублікуй, або прэч адкінь. Што б Ты ні зрабіў, я з усім пагаджуся. Вярхоўнага пантыфіка царквы, Ісуса Хрыста, Сына Бога і Панны, які адзіны ёсць прадаўжэннем дзён нашых, я малю ўсім сэрцам, каб накіроўваў сваім найсвяцейшым духам Тваю эксцэленцыю, і каб цудоўна захаваў Цябе здаровым. Аддаю ўсяго сябе Тваёй добрай волі і прыязнасці.

Паўль Одэрборн. Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў


[1] Paul Oderbornis. Joannis Basilidis Magni Moscoviae Ducis vita… Wittenberga, 1585. Cярод многіх нямецкамоўных выданняў гл.: Paul Oderborn. Wunderbare, erschreckliche, unerhцrte Geschichte und warhaffte Historien, nämlich des nechst gewesenen Großfürsten in der Moschkaw Ioan Basilidis … Leben. Sagan, 1588. Нядаўна пабачыла свет і літоўскамоўная версія гэтага дасюль каштоўнага для гісторыкаў твора: Paulis Oderbornas. Didžiojo Maskvos kunigaikščio Ivano Vasiljevičiaus gyvenimas. Vilnius, 1999.
[2] Асноўныя звесткі па біяграфіі гл.: Narzyński J. Pawel Oderborn // Polski słownik biograficzny. T.23/3 (98). Wrocław, 1978. S.533; Paul Oderborn // Allgemeines Schriftsteller– und Gelehrten–Lexikon der Provinzen Livland, Esthland und Kurland. Bearbeitet von Johann Friedrich von Recke und Karl Eduard Napiersky. Bd.3. (Neudruck der Originalausgabe Mitau 1831). Berlin, 1966. S.339—340; Jöcher Ch. G. Allgemeines Gelehrten–Lexikon. Bd.5 (ND). Darmstadt, 1961. S.926—928; Kallmeyer T. Die evangelischen Kirchen und Prediger Kurlands. 2 Ausg., 1910. Па–беларуску гл.: Белы А. Пауль Одэрборн // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С.351—352.
[3] De Russorum religione, ritibus nuptiarum, funerum, victu, vestitu, &c. et de Tartarorum religione ac moribus: vera et luculenta Narratio. Ad D. Davidem Chytraeum recens scripta. [Rostock] Excudebat Stephanus Myliander, 1582.
[4] De Russorum relgione, ritibus nuptiarum, funerum, victu, vestitu, &c. et de Tartarorum religione ac moribus, vera & luculenta narratio, ad D. Davidem Chytraeum recens scripta. Lipsiae, Abrahami Lambergi, 1589. Пад гэтай жа назвай ён змешчаны ў выданні: Neander М. Orbis Terrae Patritium succincta explicatio [...]. Lipsiae, 1586 (тое самае ў 1589 г.). З’яўляліся і выданні гэтага твора са змененым тытулам, напр.: De Russorum et Tartarorum religione, ritibus nuptiarum, funerum, victu, vestitu, &c. Epistola ad D. Davidem Chytraeum [б. г.].
[5] Warhafftiger gründlicher Bericht von der Reussen, sonsten Moscowiter genandt, Religion, Kirche, Ordnung, seltsamen gebreuchen [...]. Aus einem lateinischen Schreiben an D. David Chytraeum [...] trewlich verteuscht. Tübingen, bey Alexander Hock, 1583.
[6] Davidis Chytraei theologi ac historici eminentissimi [...] Epistolae ob miram rerum varietatem stylique elegantiam cuivis lectu iucundissimae, nunc demum in lucem editae a Davide Chytraeo authoris filio. Hanoviae 1614. P.1031—1053.
[7] De Russorum religione еt ritibus narratio. Ed. Starczewski // Historiae Ruthaenicae Sciptores. Berlin — Petersburg, 1842. S.35—44.
[8] Гл. напр.: Ludwig G.J. Newe Archontologia cosmica. Frankfurt, 1646. С.328.
[9] Warhafftiger gründlicher Bericht / von der Reussen / sonsten Moscowiter genandt / Religion / Kirche / Ordnung / seltsamen gebreuchen… Aus einem lateinischen Schreiben an D. Dauid Chytraeum / selbiger Landtsart her / beschehen / trewlich verteuscht. Tübingen, bey Alexander Hock, 1583.
[10] Напрыклад, „Moscowiter artzney und die Apoteck“.
[11] Як прыклад гл.: Boxhorn M. Z. Respublica Moscovia et Urbes. Accecundt quaedam latine nunquam antehac edita. Lugduni Batavorum. Ex officiana Ioanis: Maire, 1630. Р.125—173.
[12] De Russorum religione, ritibus nuptiarum, funerum, victu, vestitu, &c. et de Tartarorum religione ac moribus: vera et luculenta Narratio. Ad D. Davidem Chytraeum recens scripta. [Rostock] Excudebat Stephanus Myliander, 1582.
[13] Warhafftiger gründlicher Bericht von der Reussen, sonsten Moscowiter genandt, Religion, Kirche, Ordnung, seltsamen gebreuchen [...]. Aus einem lateinischen Schreiben an D. David Chytraeum [...] trewlich verteuscht. Tьbingen, bey Alexander Hock, 1583.
[14] Russorum.
[15] Borussorum.
[16] Так можна расшыфроўваць абрэвіятуру CL.V. (clementi viro).
[17] У нямецкамоўным цюбінгенскім выданні 1583 г. — „пра рэлігію маскавітаў“ (von der Moscouiten Religion).
[18] Форма аўтарскага „мы“ была прынята яшчэ ў літаратуры антычных часоў.
[19] Г.зн. не зусім правільнай лацінай.
[20] Сокал — замак, пабудаваны на Дрысе каля вёскі Саколішча (цяпер Расонскі раён) на загад Івана Жахлівага ў 1566 г.
[21] Суша — замак, збудаваны войскам Івана Жахлівага ў 1667 г. на выспе возера.
[22] Замак Туроўля быў таксама ўзведзены на Полаччыне маскоўскімі ўладамі ў тыя гады.
[23] Дасл.: у цэнтры варварства (media in barbaria).
[24] Іаана Залатавуста.
[25] Васілія Вялікага.
[26] Гл.: Лк.7.7–16.
[27] Ужываю слова „храм“ дзеля адрознення ад „святая святых“ храма, якую ніжэй буду пазначаць словам „святыня“.
[28] Літаральны пераклад грэцкага „νεκροθάπτυς“. Магчыма, званар.
[29] На ўзроўні гэтага радка на палях рукою напісана: „Ах, варта плакаць…“, далей — неразборліва.
[30] У лацінскім арыгінале „Hospodij pomyloij“.
[31] Хутчэй за ўсё тут сінкапіраваная форма „nolarum“ ад „novellarum“ — „маладых, юнакоў“; тады гэта, напэўна, пеўчыя.
[32] Мірa — назва рэчыва, якое выкарыстоўваецца хрысціянскай царквою ў таямніцы мірапамазання.
[33] Мера аб’ёму вадкасці каля 3,2 літра.
[34] Piracno.
[35] Прылада для катаванняў.
[36] Тут каламбур. Гэтае словазлучэнне можна перакласці адначасова як „зборышчаў распуснікаў“.
[37] Габрэйскім словам „сікера“ — ‘хмяльны напой’ — аўтар мог пазначаць гарэлку або брагу.
[38] Можа, маецца на ўвазе, што яны самі ўрываюцца ў святыню ці ў закрысцію?
[39] Lupulam. Магчыма, гэта шышкі хмелю.
[40] Пахавальных насілак або труны (?)
[41] Даслоўна: да пахавальнай урны.
[42] Адпавядае: словы кідаюцца на вецер.
[43] Rossorum.
[44] Бартол (Bartolus de Saxoferrato) і Балд (Baldus de Ubaldis) — самыя вядомыя італьянскія юрысты, якія жылі ў ХIV ст.
[45] Rossi.
[46] У нямецкамоўным варыянце — „да жанчын“ (Weibern).
[47] Тут грэцкае слова з літаральным значэннем „тыя, што кормяць рыб“.
[48] Так у лацiнскiм арыгiнале, у цюбінгенскім нямецкамоўным выданні — „Kniaz Vielikij Ioann“.
[49] Reussen.
[50] Г.зн. рабіць непатрэбную справу.
[51] У царкве гэта „хоры“.
[52] Ідыёма, якая павінна мець значэнне „тыя, хто не разумеюць адно аднаго“.
[53] На палях — рукой: „умовы міру“.
[54] Тут і далей барусы і Барусія — прусы і Прусія.
[55] Так разумею абрэвіятуру „I.V.D.“ (ille vir doctissimus).
[56] „latina civitate“, даслоўна можна перакладаць як „лацінскай супольнасці“ або „лацінскага грамадзянства“.
[57] Напэўна, адпаведнік выразаў кшталту „прасіць Госпадам Богам“.
[58] Лацінскае выслоўе.
[59] Падобна, аўтар мае на ўвазе пратэстантаў.
[60] Глоса ад рукі: „Пра евангельскую згоду, дасягнутую ў Польшчы“.
[61] Папа Рымскі.

Наверх

Марцэлі Косман. Славіст, медыявіст, полігісторык: да 90-годдзя Герарда Лябуды

22 снежня, 2005 |


Трыццаць гадоў таму вядомы познаньскі гісторык пісаў[1]: „Прафесар Герард Лябуда належыць да вядучых прадстаўнікоў квітнеючай у нас са стагоддзе медыявістыкі — той галіны гістарыяграфіі, якая, у змаганні з недахопам крыніц па Сярэднявеччы, асабліва ранейшым, далёка пайшла ва ўдасканальванні метадаў іх найбольш поўнага і дакладнага выкарыстання. Працягваючы адметныя крыніцазнаўчыя традыцыі айчыннай медыявістыкі, Лябуда дасягнуў вяршыні і ў другім метадалагічным падыходзе — суцэльным засваенні навуковай літаратуры, якую збірае з непараўнальным эўрыстычным майстэрствам, каб адшукваць там рашэнні, нярэдка забытыя, і праясняць такім чынам праблематыку. Пры гэтым адметнасць абранага ім метаду дазваляе змагацца з гістарыяграфічнымі легендамі і памылковымі поглядамі, падвяргаць іх знішчальнай крытыцы і, у выніку, выдаляць з поля аўтарытэтных ведаў меркаванні, не вартыя там заставацца. Толькі такім падрыхтаваным падмуркам аўтар імкнецца забяспечыць найбольш адэкватны вобраз мінулага, на ім узводзіць уласныя канструкцыі…“[2].

Далей Генрык Лаўмяньскі адзначае, што інтарэсы Лябуды сягаюць далёка за межы медыявістыкі і ў значнай ступені датычаць найноўшай гісторыі. Навуковыя даследаванні пры гэтым не перашкаджаюць дыдактычнай і арганізацыйнай працы — наадварот, усе тры віды дзейнасці крочаць поруч. Ужо ў 1976 г. публікацыйны даробак прафесара ўключаў 1059 пазіцый; у 1986 г. ён павялічыўся на 353 пункты; у 1996 — яшчэ на 308; чарговая сотня дадалася за апошняе, дзевятае, дзесяцігоддзе (in statu nascendi, а таму няпоўнае).

Першы вялікі юбілей прафесара адбыўся ў 1976 г. і быў ушанаваны 800–старонкавай памятнай кнігай[3]. Наступным гадавінам прысвячалі спецыяльныя выданні ўстановы, з якімі Герард Лябуда быў звязаны на працягу гадоў: Познаньскае таварыства сяброў навук (ПТСН), Курніцкая бібліятэка ПАН, Навуковае таварыства ў Торуні[4], Заходні інстытут[5], Вышэйшая школа кіравання і банкаў (ВШКБ) у Познані. Апрача таго, родны універсітэт Адама Міцкевіча (УАМ) парупіўся пра юбілейнае шанаванне Майстра друкаваннем яго выбраных і класічных твораў: 70–годдзю прысвечана дапоўненае перавыданне тады ўжо надзвычай рэдкага твора пра станаўленне польскай дзяржавы, якім у свой час быў закладзены пачатак новаму пасляваеннаму этапу даследаванняў дадзенай тэмы[6].

Усяго трыма гадамі пасля названай кнігі выйшлі — таксама выданнем познаньскай Акадэмічнай кнігарні Яна Яхоўскага — аналітычныя штудыі пра „першую славянскую дзяржаву“, крыніцай для якіх стала адзіная згадка ў хроніцы пра франкскага купца Самона (пам. каля 658). Той паўстаў супраць свайго ўладара, удзельнічаў у вайне славян з аварамі (623 г.); пасля перамогі быў абвешчаны ўладаром федэрацыі плямёнаў пратадзяржаўнага тыпу — куды ўвайшлі чэшскія, мараўскія, карынцкія і іншыя славянскія землі. Аб’яднанне, аднак, не выявіла трываласці і распалася пасля смерці Самона[7]. Аўтар, працягваючы разгляд станаўлення польскай дзяржавы, асцярожна вызначае героя даследавання як уладара „гіпатэтычнага“ дзяржаўнага арганізма эфемернага кшталту. Ён акрэслівае неабходнасць вывучэння пачаткаў трывалых дзяржаўнасцяў у славян[8] (праз некалькі дзесяцігоддзяў шматбаковае развязанне гэтай задачы здзейсніў іншы познаньскі гісторык[9]) адначасова са з’яўленнем твора вядомага чэшскага навукоўца[10]. Штудыі пра дзяржаву Самона, як і ранейшае даследаванне пра вытокі пястаўскай манархіі, — узор дасканалай медыявістычнай працы: на падставе рэшткаў крыніц аўтар з талентам сапраўднага дэтэктыва разгадвае таямніцы ранняга Сярэднявечча.

Завяршэнне восьмага дзесяцігоддзя Герарда Лябуды было ўшанавана выданнем вялікага тома гутарак пра польска–нямецкае мінулае. Туды, апрача новых тэкстаў, увайшлі і даўнія штудыі пяцідзесяцігадовай даўніны, прысвечаныя формам антаганізму паміж дзвюма нацыямі на працягу тысячагоддзя. Машынапіс 1946 г. значна апярэдзіў у высновах свой час і мусіў доўга чакаць спрыяльных умоваў для публікацыі[11]. Большасць ранейшых тэкстаў аўтар „асвяжыў“, забяспечыўшы іх пасляслоўем ці каментарамі.

Доўга чакаў друку (гэтым разам па волі аўтара: у 1973 г. першая версія кнігі магла быць скарыстана прапагандыстамі ў канфлікце паміж дзяржавай і касцёлам) аналітычны твор пра развіццё легенды кракаўскага біскупа св. Станіслава. Лябуда грунтоўна прааналізаваў корпус нешматлікіх крыніц, вызваліў іх ад налёту апрацовак мінулых стагоддзяў, выказаў сваё стаўленне да легендаў абодвух памазанцаў — чорнай караля і белай яго антаганіста[12].

У 2004 г. у Познаньскім выдавецтве выйшлі два творы ў аднолькавым афармленні: Szkice historyczne XI wieku Т. Вайцяхоўскага (пятае выданне, прысвечанае стагоддзю першадруку)[13] і доўгачаканы збор палемічных даследаванняў Лябуды[14]. Пад час прэзентацыі кнігі ў запоўненай Малой зале ўніверсітэта Майстар падараваў прысутным сапраўднае духоўнае свята, калі дзяліўся сакрэтамі амаль сямідзесяцігадовай працы над сваімі нарысамі. Згадваліся і вялікія дыскусіі, прысвечаныя нацыянальнай гісторыі — напрыклад, пра славутую максіму Цыцэрона[15].

Познаньскае таварыства сяброў навук зладзіла рэпрынтавае выданне трохтомавых Fragmentów dziejów Słowiańszczyzny zachodniej (1960—1975) з грунтоўным пасляслоўем, у якім прапануецца аўтарскі погляд на тэму праз чатыры дзесяцігоддзі[16].

***

Герард Лябуда нарадзіўся 28 снежня 1916 г. у Новай Гуце (Картузаўскі павет) у сям’і свядомага гаспадара. Заўважыўшы, што інтарэсы аднаго з сыноў не звязаны з зямлёй, бацька даў Герарду магчымасць вучыцца.

Першым крокам у свет і да самастойнасці стала класічная гімназія імя караля Яна III Сабескага ў Вайгерове. Калі ў 1936 г. пасля іспытаў юнак пакідаў Вайгерова, яго кнігазбор налічваў ужо больш за шэсцьсот асобнікаў. Пераважвала, вядома, паморская тэматыка. Малады Лябуда быў і самым старанным чытачом багатай гімназійнай бібліятэкі, якая, апрача іншага, выпісвала спецыяльную гістарычную літаратуру, у тым ліку навуковую перыёдыку. Яшчэ вучнем ён распачаў адважную палеміку з вядомым навуковым аўтарытэтам пра рэлігію даўніх славян. Крытычны артыкул быў дасланы ў Кракаў пад псеўданімам і ў траўні 1935 г. з’явіўся ў навуковым тыднёвым дадатку папулярнага па ўсёй краіне „Ilustrowanego Kuriera Codziennego“[17].

Перад матурай, вясной 1936 г., Лябуду захапіла хроніка вайгероўскага канвента XVII ст. Пры парадкаванні старога манастырскага кнігазбору ён знайшоў лацінскі рукапіс, які аказаўся каштоўным дакументам першых гадоў існавання горада і кляштара. Гэта быў другі, невядомы раней, варыянт тэксту, збераганага сярод архіўных збораў у Пэльпліне. Праз чатыры дзесяцігоддзі прафесар прааналізаваў помнік у друку[18], а яшчэ пазней паспрыяў яго публікацыі[19].

Пасля атрымання матуры[20] малады Лябуда вырушыў у бліжэйшы з шасці універсітэтаў II Рэчы Паспалітай — Познаньскі, вядомы багатай бібліятэкай і бліскучай прафесурай, да складу якой тады далучыліся Казімір Тымянецкі з Кракава, Казімір Хадыніцкі з Вільні, Адам Скалкоўскі з Львова. Лябуда наладзіў з імі кантакт, але ў першую чаргу бавіў час у кнігазборы гістарычнага семінара, заняткі ж наведваў пераважна з сацыёлагамі, географамі і псіхолагамі. Да некалькіх моваў, вывучаных у гімназіі, дадалася яшчэ і шведская — засвоіў яе на III курсе, пад час стажыроўкі ва універсітэце горада Лунд. Даследаваў там раннюю гісторыю Памор’я і праблематыку скандынаўскіх вікінгаў, вывучаў нешматлікія (але багата апісаныя) крыніцы. Знаёмства з арыгіналамі прац шведскіх і дацкіх навукоўцаў значна пашырыла яго даследчы кругагляд, які ў той час фармаваўся пад уплывам познаньскага асяродку, перадусім — Юзафа Відаевіча і Лявона Кочага.

Верасень 1939 г. абрынуўся на спадзевы маладога даследніка (была знішчана частка падрыхтаваных да друку артыкулаў), але не спыніў яго навуковага росту. Зладзілася публікацыя дзвюх манаграфій: Polska i krzyżacka misja w Prusach do połowy XIII wieku (пісалася яшчэ ў першы год студэнцтва, з меркаваных 10—20 старонак праца пашырылася да 235)[21] і Magdeburg i Poznań (атрымала высокую адзнаку такога патрабавальнага рэцэнзента, як Караль Бучак[22]). Тады ж пабачылі свет і 9 грунтоўных рэцэнзій Лябуды, пераважна на працы нямецкіх аўтараў ранняга Сярэднявечча. Кансультаваў Юзафа Кісялеўскага ў напісанні ягонай шчымліва–красамоўнай Ziemia gromadzi prochy, выкрываў бязлітасную германізатарскую барацьбу з этнічнымі жыхарамі земляў, далучаных да Прусіі[23]. У выніку на пачатку II сусветнай вайны Герард Лябуда трапіў у нямецкі вышук, мусіў хавацца далёка ад родных краёў, перад ад’ездам быў шарагоўцам у Легіі Акадэміцкай. Праз гады згадваў свой побыт у Хробжы (Chrobrz) на Келеччыне, дзе парадкаваў выдатную бібліятэку і апісваў архіў, а потым працаваў рахункаводам па студзень 1945 г.[24] Удзельнічаў у супраціўным руху Арміі Краёвай, выдаваў на капіявальніку Biuletyn для Піньчаўскага павету. Апрацаваў Codex Myszkovianae ordinationis diplomaticus, машынапіс якога пасля вайны быў аддадзены на захаванне кракаўскай бібліятэцы Польскай Акадэміі Ўмельстваў (ПАЎ). Абараніў магістарскую і доктарскую дысертацыі, выкладаў у падпольным Універсітэце заходніх земляў, рыхтаваў габілітацыйную працу пра станаўленне польскай дзяржавы. Канец знаходжання ў Хробжы, вызваленне ад немцаў пакінулі жахлівыя ўспаміны, сярод якіх варварскае знішчэнне шматвяковага кнігазбору.

Пасля вяртання ў Познань апынуўся разам са сваімі нядаўнімі настаўнікамі К. Тымянецкім і А. Скалкоўскім у шчыльным асяродку перадваенных даследчыкаў, намаганнямі якіх аднаўляўся гістарычны семінар. Alma Mater Posnaniensis залучыла да сябе некалькі высланых з Вільні навукоўцаў, у тым ліку — гісторыка Генрыка Лаўмяньскага. Пасля габілітацыі быў прадэканам. Як намеснік прафесара (1950 г. — прафесар надзвычайны, 1956 г. — прафесар звычайны) узначаліў Кафедру гісторыі заходніх славян, якая ў 1952 г. была далучана да перададзенай яму Кафедры гісторыі Польшчы. З 1969 г., пасля рэарганізацыі Інстытута гісторыі, кіраваў Аддзелам агульнай і польскай гісторыі па XV ст. Быў абраны на рэктарства ў Познаньскім універсітэце (кадэнцыя 1962/3, 1964/5 г.), прызнаны ганаровым членам–карэспандэнтам ПАУ (дзейнасць якой, аднак, была спынена ўрадам у наступным, 1952 г.) і створанай пасля ПАН (1964 г.), яшчэ праз два гады стаў сапраўдным членам ПАН.

Першы раз пагроза звальнення з працы паўстала перад Г. Лябудам у 1949 г. Тады прыйшло ратаванне ў выглядзе дзяржаўнай узнагароды III ступені: прыгнятаць лаўрэата не выпадала. „Дагналі мяне толькі ў 1970 г.“[25], — адзначае ён і распавядае, як быў без згоды перамешчаны ў штат ПАН, дзе з 1953 г. кіраваў Аддзелам гісторыі Памор’я ў Познані (у складзе Інстытута гісторыі)[26].

Ад імя ПАН Герард Лябуда выступіў арганізатарам комплексных даследаванняў так званага Вялікага Памор’я, прасцертага ад тагачаснай Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі да Інфлянтаў. Лабараторыі Аддзела гісторыі Памор’я знаходзіліся ў Торуні, Гданьску і нейкі час у Шчэціне. Склалася кола адмыслоўцаў, якія пачыналі яшчэ з магістарства — а дайшлі, збольшага, да прафесарскіх пасадаў. Паўсталі шматлікія манаграфіі ды фундаментальныя сінтэтычныя гісторыі Торуні, Гданьска і Шчэціна, а ў першую чаргу — шматтомавая Historia Pomorza. Spiritus movens усяго гэтага быў Герард Лябуда, які, сумесна з М. Біскупам, напісаў навацыйную працу Dzieje Zakonu Krzyżackiego w Prusach (перакладзена на нямецкую). „Гісторыяй Памор’я“, знакавым калектыўным творам, першы том якога выйшаў у 1969 г., прафесар займаўся да моманту абвяшчэння пра выхад апошняга з дзевяці грунтоўных тамоў — калі ўжо больш чым дзесяць гадоў фармальна знаходзіўся на пенсіі.

Навуковы плён юбіляра падрабязна апісаны ў бібліяграфіях ды рэцэнзіях[27]. Варта пералічыць найбольш значныя, апрача згаданых вышэй, аналітычныя працы па медыявістыцы: Źródła skandynawskie i anglosaskie do dziejów Słowiańszczyzny (Warszawa 1961); Źródła, sagi i legendy do najdawniejszych dziejów Polski (Warszawa 1961); Zaginiona kronika w Rocznikach Jana Długosza (Poznań 1983); Mieszko II król Polski 1025—1034 (Kraków 1992), а таксама яе аблегчаная, без дакументаў, версія Mieszko Drugi król Polski w czasach przełomu 1025—1034 (Poznań 1994); два сінтэтычныя накіды серыі „Dzieje narodu i państwa polskiego“ — Pierwsze państwo polskie (Kraków 1989) ды Korona i infuła. Od monarchii do poliarchii (Kraków 1996).

Акурат на восьмым дзесяцігоддзі паўсталі тэмы, звязаныя з „малой бацькаўшчынай“ — з якой Лябуда нястомна трымае шчыльную сувязь. За гэты час, апрача шматлікіх артыкулаў, з’явіліся тры кнігі: O Kaszubach, ich nazwie i ziemi zamieszkania (Gdańsk 1991), Dzieje wsi Luzino do schyłku XIX wieku (Gdańsk 1995), Kaszubi i ich dzieje (Gdańsk 1996). Таксама неабходна згадаць пра рэдагаванне такіх выданняў, як „Roczniki Historyczne“ і „Studia Źródłoznawcze“ (з I па XXVI тамы, сумесна з Аляксандрам Гейштарам i Брыгідай Кюрбіс), фундаментальнага Słownika Starożytności Słowiańskich (у якім актыўна ўдзельнічаў і ў якасці аўтара).

***

Герард Лябуда выконваў рэктарскія абавязкі на працягу 1962/3—1964/5 г. Рэктарства было надзвычайным і па сваёй праграме, і з улікам таго факта, што, апрача кароткага прадэканства у Гуманітарным факультэце (1950/1 акадэмічны год), прафесар ніколі не спрычыняўся да універсітэцкай адміністрацыйнай працы. Свае погляды на навачасны універсітэт і яго функцыі новы рэктар выявіў у інаўгурацыйнай лекцыі, прысвечанай месцу навучальнай установы ў сістэме навукі і дыдактыкі[28]. Тыповы медыявіст — гэта, у агульным разуменні, гісторык, заглыблены ў нешматлікія выпрацаваныя дакументы сярэднявечнай дыпламатыкі (у той час як даследчык сучаснай гісторыі звычайна ўспрымаецца як асоба, бліжэйшая да жыццёвых рэаліяў). У дадзеным выпадку вядзецца пра дазнанага даследчыка рэчаіснасці — не толькі полігісторыка, але і навукоўца, які цэласна падыходзіць да навукі і яе цывілізацыйнай ролі. Сярод яго ініцыятываў 1962 — 1965 г. належнае месца займаюць Рэктарская калегія УАМ ды Калегія рэктараў вышэйшых школ Познані (на інаўгурацыйным паседжанні 20 снежня 1962 г. Лябуда быў абраны першым старшынём).

Калі б Герард Лябуда быў толькі адміністратарам — ён усё роўна трапіў бы ва універсітэцкую гісторыю як вялікі дойлід. Пры ім упершыню паўстала і пачала ўвасабляцца ідэя навачаснага універсітэта, што рашуча перарос як свае будынкі 1914 г., так і сядзібы міжваеннага часу. Рэктар Лябуда стаў вядомы дзякуючы паспяховай дзейнасці, патрэба ў якой надзвычай пільна паўстала перад ягонай кадэнцыяй: універсітэцкія планы, распрацаваныя папярэднікам, былі пад пагрозай. Яшчэ раней у Познані ён выявіў майстэрства ўладжваць складаныя справы — дзякуючы як таленту дыпламата, так і цяжкім высілкам. Перадусім гэта датычыла ПТСН, галоўным сакратаром якога Лябуда стаў у час пагрозы знішчэння (1961), а пасля ў якасці прэзідэнта (1972—1975) паспрыяў дасягненню стабільнасці Таварыства. Тое ж датычыла Заходняга інстытута (віцэ–прэзідэнт, пасля прэзідэнт), перад якім, пасля першых гадоў інтэнсіўнай і эфектыўнай пасляваеннай дзейнасці, узнік прывід ліквідацыі. Анджэй Квілецкі акрэслівае час здзяйсненняў Лябуды як другі залаты перыяд у гісторыі ўстановы. Другі даследчык, згадваючы крызіс так званай сталінскай эпохі, нагадвае, як у тыя часы была скарочана значная частка супрацоўнікаў, некаторыя былі кінуты ў турму, панавалі абвінавачванні ў нацыяналізме і клерыкалізме, пахіснулася становішча першага дырэктара Зыгмунта Вайцяхоўскага, пасля ж смерці таго ў 1955 г. „рэальную пагрозу ліквідацыі Інстытута прадухілілі толькі звышчалавечыя намаганні яго членаў–заснавальнікаў на чале з Герардам Лябудам“[29].

Найвышэйшую пасаду ў ПТСН ён спалучыў са стварэннем познаньскага аддзялення ПАН (1972—1981 г.) і прэзідэнцтвам у ім. Гэта паспрыяла ўвасабленню канцэпцыі гарманічнай (можна сказаць — узорнай) супрацы ПАН з заслужанай вялікапольскай навуковай пляцоўкай. Разгарнуў маштабную дзейнасць як старшыня Рады папулярызацыі навукі (1980—1989), а таксама Рады навуковых таварыстваў (1984—1989) пры Прэзідыуме ПАН, віцэ–прэзідэнтам якой быў на працягу дзвюх кадэнцый (1984—1989).

На канец гэтага перыяду прыпадае яшчэ адна вялікая перамога — вяртанне з небыцця Польскай Акадэміі Ўмельстваў у Кракаве, дзейнасць якой некалі была перапынена на дзесяцігоддзі. Шлях да гэтай падзеі ішоў праз удзел у падрыхтоўцы радыкальных грамадскіх зменаў у краіне. Горкі жыццёвы досвед не пакінуў Майстру асаблівых нагодаў быць удзячным сістэме. У канцы 1986 г., калі апошні правадыр заняпалага ладу Войцэх Ярузэльскі прапанаваў прафесару ўдзел у Кансультацыйнай радзе пры старшыні Дзяржаўнай рады[30], Лябуда (тагачасны віцэ–прэзідэнт ПАН), разам з Аляксандрам Гейштарам (прэзідэнтам ПАН), выказаў згоду.

Яго выступы на сустрэчах у Бэльведэры адзначаліся рэфлексійнасцю. На першым пасяджэнні, 6 снежня 1986 г., Лябуда браў слова пяць разоў[31]. Закранаў прынцыповыя для нацыі рэчы, асэнсоўваў вялікія змены, архітэктарам якіх быў тагачасны правадыр дзяржавы. Дыскусіі, якія вяліся ў сядзібе, адыгрывалі значную ролю ў прыняцці рашэнняў.

У першым выступленні прафесар засяродзіўся на метадалогіі нарадаў, адзначыў небяспеку рэвалюцыйных зменаў, заклікаў да эвалюцыйных — працаёмістых, але больш трывалых, — здзяйсненняў. Звярнуў увагу на марнасць пустых абяцанняў, якія спустошваюць псіхіку людзей, што ім вераць і чакаюць, калі міфічны „нехта“ (дадамо: „яны“ з часоў рэальнага сацыялізму) пачне ўвасабляць усё гэта ў жыццё[32]. У кастpычніку 1987 г., калі вялася дыскусія пра г. зв. другі этап эканамічнай рэформы, Лябуда прысвяціў свой разгорнуты выступ ролі навукі ў дадзеным працэсе: дайшоў да задачаў, пастаўленых перад даследчыкамі мінулага, коратка закрануў далікатную праблему „белых плямаў“[33]. Прамова стала дыпламатычным адказам на ранейшыя гарачыя дыскусіі, ліццём, так мовіць, алею на бурлівыя хвалі. Калі на адной з чарговых сустрэчаў трэба было неяк суняць паважнага мецэната Уладыслава Сіла–Навіцкага і яго апанентаў, прафесар вытанчана акрэсліў іх палеміку як „доўгае інтэрмецца“, пасля якога неабходна вярнуцца да „акрэсленай абвесткай тэмы“. Ёю была даўняя эміграцыя і найноўшыя высяленцы: закранаючы балючую праблему аўтахтонаў у Варміі, Мазурах і Верхнім Шлёнску, Лябуда заўважыў: „Можа, не варта вяртацца да гісторыі — бо ў гісторыі, як кажуць філосафы, можна навучыцца толькі таму, што яе навукай ніхто не карыстаецца[34]. Таму лепш звярнуцца да досведу ўчорашняга дня“[35]. 28 студзеня 1989 г., калі праца Рады набліжалася да канца ды вымалёўвалася (хоць і пасля не было нястачы ў драматычных момантах) паразуменне з апазіцыяй і завяршэнне „круглага стала“, познаньскі гісторык выказаўся наконт больш чым двух гадоў дзейнасці:

„Карыснасць нашых дзеянняў у тым, што мы паслужылі трансмісійным пасам паміж грамадскімі думкамі ды поглядамі — і вышэйшымі коламі дзяржавы. <…> Нашы выказванні былі збольшага аналітычнымі, фактаграфічнымі, часам шматматыўнымі і даволі раздробленымі, але хапала таксама адкрыццяў і сінтэтычных дыскусій. <…> Апошнім часам робімся сведкамі ўзрастання адкрытасці і свабоды абмеркавання праблемаў, дагэтуль недапушчальных для публічнага абгаворвання. Гэта слушны кірунак дзейнасці — калі толькі грамадзянін, усвядоміўшы наяўныя праблемы (як пераадолення мінулай спадчыны, так і будучых перспектываў) захоча далучыцца да актыўнай дзейнасці. Кансультацыйная рада не можа заставацца адасобленай выспай, дзе не ўздымаюцца найбольш вострыя тэмы.“.

Прамоўца не застаўся ў коле агульных выказванняў. Асабліва блізкімі для Лябуды сталі пытанні новай канстытуцыі, нацыянальнай адукацыі і арганізацыі навукі. Так, была выразна агучана праблема фізічнага здароўя нацыі (хутчэй — яго нястачы): „Да асабліва значных для грамадства тэмаў залічваю пытанне элітарнага спорту, цяперашняга закладніка рэкордаманіі і сумнеўнага прэстыжу на міжнароднай арэне. І масавага спорту, перадусім школьнага, занядбанасць і адсутнасць якога абарочваецца шкодай для развіцця фізічнай культуры і здароўя ўсёй нацыі. Рада не можа заставацца абыякавай да выраджэння, што апаноўвае такую важную галіну калектыўнага жыцця“[36].

Калі пасля 1990 г. Ярузэльскі зрабіўся аб’ектам прапагандысцкіх нападкаў, прафесар у сваёй анкеце залічыў яго да дзесяці найбольш выдатных публічных асобаў. У сваю чаргу, былы прэзідэнт Польскай Рэспублікі захаваў удзячную памяць пра навукоўца з тых самых часоў вялікіх зменаў. На яго 85–годдзе Ярузэльскі даслаў арганізатарам урачыстасці ліст, у якім называў Лябуду вялікай постаццю польскай навукі.

Ужо на пенсіі Майстар прыступіў да рэалізацыі такой вялікай працы, як узнаўленне дзейнасці Польскай Акадэміі Ўмельстваў у Кракаве. Набліжалася саракавая гадавіна апошняга Агульнага сходу ПАЎ (21 чэрвеня 1951 г., адразу пасля таго, як Лябуда зрабіўся яе сапраўдным членам). Па ініцыятыве членаў кракаўскага аддзялення ПАН, пры падтрымцы з боку яе Прэзідыума і Агульнага сходу, 30 мая 1989 г. была склікана арганізацыйная камісія. Было выяўлена, што засталося толькі дзевяць членаў ПАЎ. Найстарэйшы, 97–гадовы Конрад Гурскі, неўзабаве таксама адышоў (7 красавіка 1990 г.), большасць ужо была не ў стане выязджаць на паседжанні — таму ў „адраджэнскім“ сходзе ў Варшаве (16 красавіка 1990 г.) удзельнічалі пяцёра членаў. Было выбрана статутнае прадстаўніцтва, якое ўзначаліў наймалодшы член ПАЎ — Герард Лябуда. Яны далучыліся да карпарацыі ўсіх кракаўскіх членаў ПАН і з таго моманту пачалі дамагацца прызнання сваіх пастановаў прэзідэнтам Польскай Рэспублікі, згодна са статутам 1927 г. На жаль, не было недахопу і ў галасах, якія спрабавалі разладзіць ці, прынамсі, ускладніць аднаўленне гэтай гістарычнай установы. Хапала іх і ў цэнтральным кіраўніцтве ПАН у Варшаве — яе віцэ–прэзідэнт, аднак, меў уласны досвед гадоў суіснавання Познаньскага аддзялення і ПТСН. 28 лістапада Лябуда наведаў Бэльведэр: прэзідэнт краіны з разуменнем паставіўся да ініцыятывы навукоўцаў і 22 лютага наступнага года прыняў адпаведнае рашэнне, якое было абвешчана 6 сакавіка 1990 г. У гістарычныя нацыянальныя ўгодкі, 3 траўня таго ж года, адбылося ўрачыстае паседжанне ПАЎ у Кракаве. Яе прэзідэнт сказаў памятную прамову, у якой абвясціў праграму працы пасля, паводле ягонага азначэння, саракагадовага каранціну[37]. Быў згаданы апошні Агульны сход у чэрвені 1951 г., які праходзіў у злавеснай атмасферы, „з прадчуваннем блізкай навальніцы — але ніхто з яго ўдзельнікаў тады нават не ўяўляў, што Акадэмію чакае шматгадовы сон. Сёння мы ведаем, у які каранцін трапілі людзі і як установа павінна была сканаць, так бы мовіць, натуральнай смерцю. З гэтым намерам, аднак, не замірыўся кракаўскі навуковы асяродак. На мяжы 1956/7 г. адбылася спроба скарыстацца тагачаснай палітычнай адлігай і абудзіць Акадэмію Ўмельстваў, але чаканні не спраўдзіліся. Кракаў мусіў задаволіцца іншай установай у выглядзе Аддзялення ПАН <…> Палітычная вясна 1989 г., якая абудзіла ў нацыі столькі спадзеваў, стварыла спрыяльны клімат і для адраджэння ПАЎ. Кракаў такі моцны і вялікі навукова–культурны цэнтр, што не можа быць проста філіялам, нават найшаноўнейшай навуковай установы. Ён патрабуе сабе ўласнага інстытута, які забяспечыў бы яму самастойнае месца на навуковай і культурнай карце краіны“.

У 1994 г. Герард Лябуда быў выбраны ганаровым прэзідэнтам ПАЎ.

Паступова ён адышоў ад працаёмістых рэдактарскіх абавязкаў, перадаў у маладзейшыя рукі „Roczniki Historyczne“ і „Studia Źrуdłoznawcze“. Гэта дазволіла яму засяродзіцца над давядзеннем да ладу фундаментальных калектыўных твораў, адметнае месца сярод якіх заняла шматтомавая Historia dyplomacji polskiej. Яе паходжанне звязана з г. зв. дэкадай Герэка і нават часамі „позняга Гамулкі“. Пачатак быў закладзены вялікай сінтэтычнай працай Polska granica zachodnia, напісанай для Познаньскага выдавецтва па грамадскай замове: з меркаванага эсэ ў некалькі аркушаў кніга пашырылася да 450 старонак, напісаных усяго за тры месяцы. Вядома, гэта толькі час фіксавання на паперы тэксту, што выношваўся аўтарам на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў. Аўтар аднак (пра гэта згадвалася вышэй) пасля двух выданняў наважыўся і на трэцюю рэдакцыю твора.

Нічога дзіўнага, што ў 1972 г. тагачасны міністр замежных спраў Стэфан Альшоўскі прапанаваў аўтару Polskich granic zachodnich пасаду галоўнага рэдактара Historii dyplomacji polskiej, якая мусіла ахапіць часы з сярэдзіны X ст. да сучаснасці. Планаваліся тры тамы: першы прысвячаўся перыяду перад падзеламі, другі — падзелам, трэці — часу ад вяртання незалежнасці. Згодна з чаканнямі, праца над першым томам — ён пераўтварыўся ў вялікія два, якімі кіравалі Мар’ян Біскуп і Збігнеў Вуйцік, — рухалася спраўна. Як і над трэцім, прысвечаным падзелам, пад кіраўніцтвам Людвіка Базылёва, — хоць тут ужо спатрэбілася пэўная дыпламатыя ў дачыненні да цэнзуры, якая стварала перашкоды, непераадольныя для сур’ёзных даследчыкаў. Часавая мяжа чацвёртага тома была перанесена з 1945 г. на пачатак II сусветнай вайны — тым не менш, усё роўна паўстала праблема асвятлення пакта Молатава–Рыбентропа і падзеяў 17 верасня 1939 г. Падзеям вайны меркавалася прысвяціць пяты том, падрыхтоўка якога прыпадала на чаканыя лепшыя часы. Галоўны рэдактар вёў далікатныя перамовы, у тым ліку з новым міністрам замежных спраў Мар’янам Ажахоўскім (не толькі членам Палітычнага бюро Польскай аб’яднанай рабочай партыі, але і дазнаным гісторыкам найноўшых часоў). Выданне гэтага надзвычай складанага тома неаднаразова адкладалася, пакуль не надышлі палітычныя змены ў краіне, а Герард Лябуда, пасля выхаду першых трох тамоў[38], не знайшоў галоўнага сурэдактара ў асобе Вальдэмара Міховіча з Лодзі. Дзякуючы іх гарманічнай супрацы, ужо ў лепшыя часы, да канца былі даведзены чацвёрты і пяты том[39], дзе (за выключэннем падзей, звязаных з „ветрам з усходу“) стала магчымым праўдзіва напісаць пра Катынь і Ялту.

Гэты знакавы твор, адзін з найзначнейшых у еўрапейскім маштабе, і цяпер знаходзіцца in statu nascendi. Працягваецца праца над апошнім томам, што мусіць ахапіць найноўшыя часы да сёння. У сувязі з адсутнасцю часавай дыстанцыі паўстаюць такія праблемы, як празмерная эмацыйнасць ацэнак і неабходнасць акрэслення ролі яшчэ дзейных персанажаў палітычнай сцэны. Адсюль затрымка — паспешлівасць у дадзенай сітуацыі была б недарэчы. У падобных выпадках замест тлумачэнняў мэтазгодна даваць храналогію падзей — што, уласна, і зрабілі абодва рэдактары ў даведзенай да канца XX ст. аднатомавай сінтэзе.

Тая, аднак, адносіцца ўжо да дзевятага дзесяцігоддзя.

***

Генрык Лаўмяньскі больш чым сорак гадоў таму вылучыў пяць галоўных тэматычных плыняў: 1) вытокі польскай дзяржавы; 2) заходнія славяне ў раннім Сярэднявеччы; 3) гісторыя польскага і „крыжацкага“ Памор’я; 4) крыніцазнаўчыя працы, 5) гісторыя польскай заходняй мяжы[40]. Па сутнасці, усё апублікаванае да 1996 г. і даследаванае Майстрам трапляе ў гэты абсяг. Тым не менш, асабліва трэба адзначыць даследаванне „малой бацькаўшчыны“: працу над вялікай, першай у Польшчы, сінтэтычнай гісторыяй Кашубшчыны (том I: час да XVI ст.).

Вось дасягненні, яшчэ не зафіксаваныя ў чарговай бібліяграфіі[41]:

Вынік 1997 г. — амаль трыццаць пунктаў, сярод якіх выдатна выдадзеная, на 455 старонак, анталогія тэкстаў з грунтоўнымі каментарамі Święty Wojciech w polskiej tradycji historiograficznej (біяграфія заступніка Гнезненскай мітраполіі). Далей — дзве кнігі[42], шэсць артыкулаў (у тым ліку два пра першага польскага пакутніка), а таксама чацвёрты, прысвечаны найноўшым часам, том Dziejów Szczecina пад галоўнай рэдакцыяй Г. Лябуды. У апошнім годзе мінулага тысячагоддзя выйшла пяць кніг і сем невялікіх распрацовак. Сярод іх — два даследаванні паморска–кашубскай тэмы[43], пераклад на нямецкую напісанага сумесна з М. Біскупам твора пра Крыжацкі ордэн у Прусіі[44] і дзве манаграфіі, прысвечаныя святым біскупам Пражскаму Войцэху ды Кракаўскаму Станіславу[45]. Плёнам першага года новага тысячагоддзя сталі 12 артыкулаў, а таксама завяршэнне працяглага калектыўнага даследавання гісторыі Памор’я, увасобленага ў васьмі тамах (агульны аб’ём 5500 старонак). Наступны год адзначыўся даследаваннямі, рэцэнзіямі і дзвюма кнігамі: Mieszko I. (Wrocław 2002) і ўжо згаданае перавыданне Fragmentów dziejów Słowiańszczyzny zachodniej. У 2003 г. пабачылі свет, апрача тузіна драбнейшых тэкстаў, навацыйныя гістарыяграфічныя штудыі, падрыхтаваныя ў межах даследніцкага плана Інстытута палітычнай гісторыі ВШКБ у Познані (Rozwój metod dziejopisarskich od starożytności do wspуіczesności. Cz. 1: do schyłku XIX w.). Сярод публікацый 2004 г. назавем ужо згаданыя Szkice historyczne z X i XI wieku, разгорнуты (больш за сто старонак) агляд 10–томавай гісторыі Польшчы і новай „кракаўскай“ сінтэзы Ягелонскага універсітэта[46] ды другое выданне кнігі пра св. Войцэха (хоць прайшло няпоўныя чатыры гады пасля першага выдання, аўтар „асвяжыў“ палеміку найноўшымі поглядамі і значна пашырыў бібліяграфічную частку).

Праца рухаецца наперад: як кажа прафесар, друкарская машынка — яго галоўны цяперашні суразмоўца. На першым плане, сярод іншых: сінтэтычная гісторыя Кашубшчыны; працяг Rozwoju metod dziejopisarskich; вонкава драбнейшыя — але таксама неадкладныя і працаёмістыя — тэмы, што паўстаюць па ходзе працы. Дом гісторыка з’яўляецца вялікай бібліятэкай, майстэрняй для тытанічнай працы. Не дзіва, што Томаш Агатоўскі, пад час гутаркі з Лябудам пра напісаныя кнігі (5 ліпеня 2001 г.), быў зачараваны надзвычайнымі памерамі ды якасцю кнігазбору і яго месцам у лёсе гаспадара, які з 1945 г. сістэматычна аднаўляе і пашырае свае запасы. Некалькімі гадамі раней перадаў частку кніг у Вайгерова. Апрача большасці вузкаспецыяльных назваў, тут ёсць Dzienniki Мячыслава Ф. Ракоўскага, творы Марыі Дамброўскай, Зоф’і Налкоўскай, паэзія Галіны Пасьвятоўскай.

Прафесар каментуе: „Рэч у тым, што калі б не меў у запасе шмат кніг, калі б не меў гэтага кнігазбору, мусіў бы няспынна хадзіць у бібліятэку, у тым ліку ва універсітэцкую. І там бы праца іншым разам доўжылася тыдзень, два тыдні. А я мушу спраўдзіць пытанне неадкладна! Таму лічу за лепшае купіць кнігу, мець яе — тады ашчаджаю шмат часу і без клопатаў здзяйсняю тое, што запланаваў“[47].

Сярод збераганых матэрыялаў адметнае месца займае ліст з Ватыкана ад 22 студзеня 2001 г., у якім Ян Павал II дзякаваў за дасланыя праз кашубскага земляка, Гнезненскага мітрапаліта, кнігі[48].

Арцыбіскуп Генрык Мушыньскі, таксама родам з Кашубшчыны, ушанаваў земляка лістом з Гнезна ад 3 снежня 2001 г., з нагоды святкавання яго 85–годдзя, якое ў будынку Вышэйшай школы кіравання і банкаў у Познані сабрала гісторыкаў усёй краіны. Ён падкрэсліў значнасць урачыстасці, у сувязі з чым звярнуў увагу на „доўгі тэрмін ціхай, сумленнай, плённай ды руплівай навуковай і дыдактычнай працы <…> неаспрэчнага аўтарытэта і выхавальніка некалькіх пакаленняў гісторыкаў“, што, „як вядомы знаўца гісторыі пачаткаў польскай дзяржаўнасці — непадзельна звязанай з гісторыяй касцёла на нашых землях — здабыў сабе <…> адметнае месца сярод навуковых даследчыкаў нашай мінуўшчыны“. Не забыўся і пра заслугі юбіляра перад Гнезненскай мітраполіяй — перадусім шматгадовыя штудыі, прысвечаныя яе апекуну. Фотакопія віншавальнага ліста змешчана ва ўступе да апошняй памятнай кнігі Aere Perennius, у тлумачэнні ўводных словаў — „Exegi monumentum“ Гарацыя[49].

У Інстытуце палітычнай гісторыі ВШКБ Герард Лябуда з 2000 г. Там у якасці штатнага звычайнага прафесара ён ажыццяўляе праграму даследаванняў па гісторыі ды метадалогіі гісторыі гістарыяграфіі і яе ролі ў палітычных навуках.

Майстар ушанаваны дзяржаўнымі ўзнагародамі (1949, 1951, 1971) і адзнакамі: Рыцарскі Крыж, Вялікі Крыж Ордэна Polonia Restituta (1996), Штандар Працы I Ступені (1976). У Нью–Ёрку ён атрымаў прэстыжную ўзнагароду імя Южыкоўскага (1983). Шырокім рэхам прагучалі чарговыя юбілеі, аднаўленне доктарства ў родным універсітэце (1996) і медаль Palmae Universitatis Studiorum Posnaniensis (2000). З’яўляецца — апрача абедзвюх айчынных Акадэмій — членам замежных[50] і айчынных навуковых таварыстваў у галоўных асяродках заходніх і паўночных земляў (Торунь, Гданьск, Шчэцін), якія таксама прэзентавалі яму доктарства honoris causa. Паслядоўнасць прызнання супала з размяшчэннем гэтых гарадоў па цячэнні дзвюх вялікіх рэк — Віслы і Одры: пачаў Гданьск (1985), пасля Торунь (1993), Кракаў (1995), Варшава (1997), Вроцлаў (1999) і Шчэцін (2003).

Шчэцінскі універсітэт паўставаў за рэктарствам Герарда Лябуды, які не забываецца апекавацца маладым навуковым асяродкам Вялікага Памор’я. Адметнай стала перадача 24 сакавіка 2003 г. у рукі Майстру дыплома ганаровага доктара і прыняцце яго тым самым у асяродак універсітэта, які вырас пры значным удзеле Almae Matris Posnaniensis. У сардэчнай атмасферы вучні, шмат хто ўжо з прафесарскімі званнямі, згадвалі яго заслугі. Ініцыятар імпрэзы казаў пра выгоды „пазнейшага нараджэння“, у сувязі з чым прамовіў:

„Такой ласкі не зведаў Герард Лябуда. Яго найпекныя студэнцкія гады былі жорстка перарваны нямецкім нападам на Польшчу <…> Прафесар падзяліў трагічны лёс свайго пакалення і пакалення сваіх вучняў, якіх выбух вайны і акупацыі прымусіў да роспачнай і гераічнай барацьбы за захаванне навуковых варштатаў і чалавечай годнасці. Калі перад вайной ён выяўляў надзвычайную навуковую спеласць, то акупацыйная ноч паставіла яго перад выключнымі выклікамі лёсу <…> Акупацыйныя перажыванні ўзмацнілі яго пазітывісцкія погляды — у якіх этас працы, абавязку і палітычнага рэалізму, большы за паўстанніцкія памкненні і схільнасць да даніны крыві, вызначаў ерархію задачаў у перыяд акупацыі і пасля“[51].

Асабліва „пасля“ — гэта значыць пад час складанага, але поўнага магчымасцяў для аднаўлення і пашырэння польскай навукі шасцідзесяцігоддзя пасля заканчэння вайны. Герард Лябуда, як прызнаўся ў адным з інтэрв’ю, не злаваўся на гісторыю.

З польскай пераклала Вольга Мазурава


[1] Пасля II сусветнай вайны познаньскі гістарычны асяродак вызначаўся трыма выдатнымі медыявістамі: Казімежам Тымянецкім (1887—1968), Генрыкам Лаўмяньскім (1898—1984), які прыехаў з Вільні ў 1945 г., і Герардам Лябудам (нар. 1916). У Познані мясцілася і рэдакцыя фундаментальнага Słownika Starożytności Słowiańskich, які ствараўся ў лабараторыі Інстытута cлавяназнаўства Польскай Акадэміі Навук (ПАН).
[2] Łowmiański H. Gerard Labuda // Nauka Polska. Nr 1. 1975. S. 58.
[3] Ars Historica. Prace z dziejów powszechnych i Polski. Poznań, 1976.
[4] Zapiski Historyczne. T. LII. 1987. Zeszyt 4 (плён паўстагоддзя навуковай працы); T. LXI. 1996. Zeszyt 4.
[5] Заходні Інстытут 70–годдзю свайго былога дырэктара прысвяціў падвойны сшытак Przeglądu Zachodniego: Nr 5/6. 1986. S. 390.
[6] Labuda G. Studia nad początkami państwa polskiego. T. I—II. Poznań, 1987—1988 (першадрук у адным томе: Poznań, 1946).
[7] У энцыклапедычным артыкуле, напісаным больш чым праз 30 гадоў, аўтар падае ў двукоссі азначэнне „кароль“ і нагадвае, што Самон трымаўся паганскага жыцця, меў, відаць, 12 жонак і 37 дзяцей. Асноўнай і, пэўна, адзінай крыніцай з’яўляецца датаваная тымі часамі Хроніка Фрэдэгара. Гл.: Labuda G. Samo (Samon) kupiec frankoński z okręgu Sens // Słownik Starożytności Słowiańskich. T. 5. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1975. У заключэнні аўтар сцвярджае, што ўжыванае азначэнне „першая славянская дзяржава“ мае выключна канвенцыйны характар — паколькі, верагодна, ужо раней на славянскіх землях існавалі аналагічныя дзяржаўныя ўтварэнні тыпу ваеннай дэмакратыі.
[8] Labuda G. Pierwsze państwo słowiańskie — państwo Samona. Poznań, 1949. Прадмова аўтара: s. V—VII.
[9] Вядзецца, вядома, пра фундаментальны твор Г. Лаўмяньскага: Łowmiański H. Początki Polski. Z dziejów Słowian w I tysiącleciu n.e. T. I—VI. Сz. 1—2. Warszawa, 1963 — 1984). Яго „анэксам“ з’яўляецца даследаванне: Religia Słowian i jej upadek (w. VI—XII). Warszawa, 1979.
[10] Dvornik Fr. The making of Central and Eastern Europe. London, 1949.
[11] Labuda G. Polsko–niemieckie rozmowy o przeszłości. Zbiór rozpraw i artykułów. Poznań: Instytut Historii UAM, 1996. S. 553.
[12] Labuda G. Św. Stanisław biskup krakowski, patron Polski. Śladami zabójstwa — męczeństwa — kanonizacji. Poznań, 2000.
[13] Wojciechowski T. Szkice historyczne jedynastego wieku. Poznań, 2004. Рэпрынт першадруку, з уступам Г. Лябуды O piątym wydaniu Tadeusza Wojciechowskiego „Szkiców historycznych“ słów kilka (S. 7—11).
[14] Labuda G. Szkice historyczne X—XI wieku. Z dziejów organizacji Kościoła w Polsce we wczesnym średniowieczu. Poznań, 2004.
[15] Гл.: Labuda G. Historia magistra vitae? // Gdańskie Zeszyty Humanistyczne. R. XXVI. Nr 30. S. 7—18; Labuda G. O pewnej zapomnianej niezapomnianej dyskusji (Maksyma Cycerona „Historia magistra vitae“ przed trybunałem historyków // Historyka. T. XVIII. 1988. S. 3—22.
[16] Labuda G. Fragmenty dziejów Słowiańszczyzny zachodniej. Poznań, 2002. S. 965; ibidem. Posłowie. S. 913—938.
[17] Gerla H. Na marginesie „Wierzeс religijnych naszych praojców Słowian“ (Stefana Noska) // Kurier Literacko–Naukowy. Nr 18 ад 6.V.1935. S. XII—XIII.
[18] Labuda G. Kronika franciszkanów wejherowskich — zapoznany zabytek historiografii klasztornej z połowy XVII wieku // Studia Polonistyczne. T. V. 1977. S. 49—65.
[19] O. Grzegorza Gdańskiego Kronika klasztoru Franciszkanów Ściślejszej Obserwancji w Wejherowie w latach 1633—1676. Wejherowo, 1996.
[20] Гімназійныя часы Герарда Лябуды не абмежаваліся знаёмствам толькі з літаратурай — свядомыя педагогі ладзілі вучням і шматлікія падарожжы ў гістарычныя мясціны: Вільню, Валынь, Крамянец, Збараж…
[21] Выйшла ў серыі „Annales Missiologicae“: R. IX. 1937. S. 201—435. Напісана ў адказ на прапанову Лявона Кочага, у 1943 г. стала фармальнай падставай магістарскай ступені ў канспірацыйных універсітэцкіх умовах.
[22] Magdeburg i Poznań (Założenie arcybiskupstwa magdeburskiego i biskupstwa poznańskiego na tle wschodniej polityki misyjnej Ottona Wielkiego) // Roczniki Historyczne. R. XIV. 1938. Zeszyt 2. S. 185—238 (рэцэнзію Караля Бучка гл. у: Kwartalnik Historyczny. R. LIII. 1939. Nr 1. S. 81—84). Гэтае даследаванне стала падставай доктарскай ступені, таксама ў падпольным Універсітэце заходніх земляў.
[23] Kisielewski J. Ziemia gromadzi prochy. Poznań, 1939; гл. таксама: Labuda G. Jak powstawaіa książka Józefa Kisielewskiego „Ziemia gromadzi prochy“ // Zapiski kaszubskie, morskie i pomorskie. Wybór pism. Gdańsk, 2000. S. 425—440.
[24] Labuda G. Tygodnik konspiracyjny Armii Krajowej Ziemi Pińczowskiej // Kubin J. Powstańcze reportaże z Żoliborza ze wspomnieniami K. Dunin–Wąsowicza i G. Labudy. Warszawa, 2004. S. 8.
[25] Гэта было звязана з удзелам яго сыноў у студэнцкіх хваляваннях 1968 г. Яшчэ пазней, пад час ваеннага становішча, калі сыны былі пазбаўлены волі, улады раілі Лябуду згадзіцца на высокую пасаду ў Патрыятычным руху нацыянальнага адраджэння, прапануючы ўзамен „абаліцыю“. Лябуда не прыняў прапановы.
[26] Займаў гэтую пасаду на працягу 33 гадоў, да самага выхаду на пенсію ў канцы 1986 г.
[27] Гл.: Kronika Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu za lata akademickie 1962/63—1964/65 za rektoratu prof. dra Gerarda Labudy. Poznań, 1967; Kosman M. Historyk i organizator życia naukowego. W 60–lecie urodzin i w 40–lecie pracy naukowej profesora Gerarda Labudy // Kronika Wielkopolski. 1976. Nr ѕ. S. 97—104; Kwilecki A. Instytut Zachodni w pięćdziesięcioleciu 1944—1994. Sprawy i ludzie // Przegląd Zachodni. 1994. Nr 3. S. 1—26; Gerard Labuda — Doctor Honoris Causa Uniwersytetu Szczecińskiego. Szczecin, 2003.
[28] Labuda G. Rola i zadania uniwersytetu w nowoczesnej organizacji nauki. Poznań, 1962. Апублікавана, распачынае дзейную і сёння серыю УАМ „Wykłady inauguracyjne“.
[29] Olszewski H. Między nauką a polityką: Instytut Zachodni w latach 1944—2004 // Przegląd Zachodni. R. LX. 2004. Nr 2(311). S. 16.
[30] Гл. пра гэта: Kosman M. Z rozważań nad kulturą polityczną w Polsce. Część druga. Poznań, 2001. S. 69—84; idem. Wojciech Jaruzelski wobec wyzwań swoich czasów. O kulturze politycznej w Polsce przełomu tysiącleci. Poznań, 2003; Kwiatkowski S. Przy półokrągłom stole z g enerałem Wojciechem Jaruzelskim. Tyczyn, 2003.
[31] Rada Konsultacyjna przy Przewodniczącym Rady Państwa 1986—1987 (далей: RK I). Warszawa, 1988. S. 31—33.
[32] RK I. S. 32.
[33] RK I. S. 387.
[34] Тая самая тэма была закранута больш чым дзесяццю гадамі пазней — калі ўжо Польшча „здабыла незалежнасць“, як абвяшчаюць прадстаўнікі новага палітычнага „класа“, — у вобразным апісанні шматлікіх прыхільнікаў Кліа ў ролі настаўнікаў пры адсутнасці слухачоў (класы з пустымі лавамі): Janusz Tazbir. Silva rerum historicarum. Warszawa, 2002. S. 341 nn.
[35] RK II. S. 161.
[36] RK II. S. 455.
[37] Labuda G. Polska Akademia Umiejętności po czterdziestoletniej kwarantannie — program pracy // Nauka Polska. 1990. Nr 3—4. S. 33—48.
[38] Historia dyplomacji polskiej (połowa X— XX w.). Naczelna redakcja G. Labudy. T. I: połowa X w. — 1572. Pod red. M. Biskupa. Warszawa, 1980. (Wyd. 2: 1982); T. II: 1572—1795. Pod red. Z. Wójcika. Warszawa, 1982; T. III: 1795—1918. Pod red. L. Bazylowa. Warszawa, 1982.
[39] Historia dyplomacji polskiej (połowa X— XX w.). Naczelna redakcja G. Labudy i W. Michowicza. T. IV: 1918—1939. Pod red. P. Јossowskiego. Warszawa, 1995; T. V: 1939—1945. Pod red. W. Michowicza. Warszawa, 1999.
[40] Гл.: сп. 2.
[41] Бібліяграфія публікацый да 1996 г.: сп. 3, 4.
[42] Nauka, nauczanie, upowszechnianie nauki. Warszawa, 1998. S. 239; Słowiańszczyzna starożytna i wczesnośredniowieczna. Antologia tekstów źródłowych. Poznań, 1999. S. 275.
[43] Zapiski kaszubskie, pomorskie i morskie. Wybór pism. Gdańsk, 2000. S. 503; Kaszubi i ich dzieje. Wyd. 2. Gdańsk, 2000. S. 325.
[44] Die Geschichte des Deutschen Ordens in Preussen. Wirtschaft — Gesellschaft — Staat — Ideologie. Warszawa, 2000. S. 15—290.
[45] Święty Wojciech. Biskup Mкczennik, Patron Polski, Czech i Węgier. Wrocław, 2000. S. 337; Święty Stanisіaw — Biskup Krakowski, Patron Polski. Poznań, 2000. S. 181.
[46] Labuda G. Zadania i cele poznawcze syntezy historii Polski od prawieku do współczesności // Forum Naukowe Wyższej Szkoły Zarządzania i Bankowości w Poznaniu. Prace Historyczno–Politologiczne Instytutu Historii Politycznej. R. IX. Nr 4 (19). 2004. S. 9—109.
[47] Wśród ksiąg. S. 349.
[48] Ibidem. S. 356 n.
[49] Aere perennius. Profesorowi Gerardowi Labudzie dnia 28 XII 2001 roku w hołdzie. Poznań, 2001. S. 358. Гл.: Kosman M. Profesorowi Gerardowi Labudzie w 65–lecie pracy naukowej // Forum Naukowe WSZiB w Poznaniu. Prace Historyczno–Politologiczne. R. VII. 2003. Nr 2(15). S. 255—273; ibidem: O historii i współczesności. Z profesorem Gerardem Labudą rozmawia Jan Zaіubski. S. 276 — 291. Гл. таксама: Stępiński W. Twardszy niż ze spiżu // Przegląd Uniwersytecki. Szczecin, 2002. Nr 4—6 (117—119). S. 32 nn.
[50] Societe Europeenne de Culture we Francji (1961), Historische Kommission у Берліне (1981), New York Acadeny of Science (1993).
[51] Stępiński W. Wniosek promotorski w sprawie nadania Gerardowi Labudzie godności doktora honoris causa Uniwersytetu Szczecińskiego // Gerard Labuda — Doctor honoris causa Uniwersytetu Szczecińskiego. Szczecin, 2003. S. 12.

Наверх

Аляксандр Груша. Віцебска–рыжскія акты і праблема іх выдання

21 снежня, 2005 |


Сёння, калі выданням сярэднявечных гістарычных крыніц беларускага паходжання аддаецца яшчэ так мала ўвагі, публікацыю малавядомага, а для многіх і зусім невядомага корпуса дакументаў з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Латвіі па зносінах Віцебска з Рыгай у XV—XVI ст., падрыхтаваную Алегам Дзярновічам, я назваў бы сапраўднай падзеяй. На жаль, публікатар некалькі недаацаніў значэнне гэтых дакументаў. А між тым, яны праліваюць святло на гісторыю Віцебска і Віцебскай зямлі з пункту гледжання не толькі іх міжнародных кантактаў, але і становішча ў складзе ВКЛ, а таксама формаў і кірункаў дзейнасці актыўнай часткі іх жыхароў, інстытутаў улады і кіравання. Не гаворачы пра тое, што згаданыя крыніцы змяшчаюць найкаштоўнейшы матэрыял па палеаграфіі і дыпламатыцы. І хоць у зборнік уключаны толькі 7 дакументаў, кожны з іх без перабольшання мае „вагу золата“.

Зрэшты, ацэньваць навуковую значнасць крыніцы — справа ў першую чаргу складальніка выдання, а перада мной стаіць задача вызначыць, як публікатар „Віцебска–рыжскіх актаў“[1] справіўся з пастаўленай мэтай — данесці да чытача (карыстальніка) гэтыя 7 дакументаў шляхам іх навуковай публікацыі.

Археаграфія — да гэтай галіны адносіцца абраны Дзярновічам від навуковай дзейнасці — дыктуе пэўныя агульныя прынцыпы, некаторыя з якіх я ў свой час пастараўся сфармуляваць наступным чынам: 1) паўната прадстаўлення і дакладнасць перадачы тэксту пры дапамозе шрыфтавога набору і апісальных сродкаў; 2) чытэльнасць тэксту; 3) паўната дадзеных пра сам рукапіс: яго атрыбуты як дакумента, архіўнай адзінкі, аб’екта даследчай увагі, крыніцы па гісторыі дзяржавы, народа і мовы, г. зн. тых дадзеных, якія прадстаўляюць яго як гістарычны помнік[2]; 4) сцісласць і ў той жа час паўната і дакладнасць фармулёвак публікатара; 5) лагічнае і зручнае для выкарыстання размяшчэнне структурных адзінак выдання; 6) адпаведнае шрыфтавое вылучэнне ўводных (загаловак, легенда), асноўных (тэкст), суправаджальных (заўвагі) і даведачных (навукова–даведачны апарат) частак выдання[3]. Галоўнымі з’яўляюцца першы і трэці прынцыпы, але вельмі істотнае значэнне маюць і іншыя, асабліва другі. Больш за тое, знаёмства з працай Дзярновіча падштурхнула мяне да фармулявання і яшчэ аднаго прынцыпу (пра гэта ніжэй). Усе названыя прынцыпы абумоўліваюць цэлы комплекс метадаў і прыёмаў.

Паспрабуем разгледзець, як рэалізоўваліся пералічаныя прынцыпы, дакладней, першыя тры, якая методыка выкарыстоўвалася пры гэтым. Бо ў значнай ступені менавіта ад рэалізацыі адзначаных прынцыпаў, ад выкарыстання той ці іншай методыкі залежыць, наколькі эфектыўна і аператыўна будзе весціся пошук, а таксама вывучацца і засвойвацца інфармацыя крыніцы і пра саму крыніцу.

Праца Дзярновіча складаецца з прадмовы („слова ад публікатара“; с. 7—9), нарыса па гісторыі архіўнага комплексу Moscowitica–Ruthenica (10—17), дзвюх схем (на першай схеме адлюстравана эвалюцыя комплексу, на другой — тое, што аўтар назваў „суадносінамі паняццяў аддзела і комплексу Moscowitica–Ruthenica“ (18—19), раздзела пад назвай „прынцыпы публікацыі кірылічных дакументаў“ (20—24), тэкстаў дакументаў і часткі навуковага апарату (загалоўкі, архіўныя шыфры, заўвагі па тэксце) (25—43), ілюстрацый („факсіміле“) дакументаў (44—50), каментараў да іх (51—81), пераліку скарочаных слоў, якія выкарыстоўваюцца ў крыніцах (82), тлумачальнага слоўніка (83—84) і спіса скарачэнняў (85—87).

Структура выдання даволі традыцыйная. Але чаго, здаецца, ніколі не сустракалася ў археаграфіі, дык гэта публікацыі ў адным зборніку аднаго і таго ж дакумента ў двух варыянтах. У выданні Дзярновіча адзін з іх называецца „лінгвістычным“, другі — „адаптаваным“.  Для кожнага варыянта характэрныя свае метады і прыёмы перадачы тэксту (гл. табліцу).

„Лінгвістычны“ варыянт

1. Вялікая літара выкарыстоўваецца толькі ў пачатку асобных раздзелаў дакумента, якія адасабляюцца пры дапамозе больш–менш значнага інтэрвалу.

2. Радковыя знакі рознага прызначэння захоўваюцца і ўзнаўляюцца ў тэксце.

3. Выкарыстоўваецца сучасная пунктуацыя.

4. Надрадковыя знакі захоўваюцца і перадаюцца ў тэксце.

5. Абрэвіятуры не раскрываюцца. Знак цітлы захоўваецца.

6. Вынасныя літары перадаюцца з дапамогай верхняга індэкса і курсіву. Знак цітлы захоўваецца.

7. Вынасная „и“ ( Дзярновіч называе яе „паерык“) перадаецца з дапамогай верхняга індэкса. Яе форма пры перадачы набліжана да формы рукапіснай.

„Адаптаваны“ варыянт

1. Пры ўжыванні вялікіх і малых літар выкарыстоўваюцца ў асноўным правілы сучаснай арфаграфіі. „Манархічныя тытулы (Кароль, Вялікі князь)“, геаграфічныя элементы афіцыйных тытулаў (напр., ваявода Віцебскі) пішуцца з вялікай літары.

2. Радковыя знакі рознага прызначэння не ўзнаўляюцца ў тэксце і не агаворваюцца.

3. Сучасная пунктуацыя не выкарыстоўваецца.

4. Надрадковыя знакі не перадаюцца і не агаворваюцца.

5. Абрэвіятуры раскрываюцца, прапушчаныя літары змяшчаюцца ў круглых дужках. Знак цітлы не перадаецца.

6. Вынасныя літары ўстаўляюцца ў радок і перадаюцца курсівам. Знак цітлы не захоўваецца.

7. Вынасная літара „и“ перадаецца як курсіўная „й“.

Такім чынам, у перадачы тэксту „лінгвістычным“ і „адаптаваным“ вырыянтамі налічваецца 7 істотных адрозненняў. Прааналізуем іх. Пачнем у першую чаргу з высвятлення таго, што з пералічанага ў першым слупку табліцы мае адносіны ўласна да лінгвістыкі (бо „варыянт“ называецца „лінгвістычным“).

Калі гаварыць пра рукапісную спадчыну таго часу, да якога адносяцца апублікаваныя дакументы, то сувязь выкарыстання вялікіх і малых літар з нормамі (сучаснай) арфаграфіі прасочваецца слаба. Паводле правілаў сучаснай арфаграфіі з вялікай літары пачынаюцца[4] першае слова кожнага самастойнага сказа, уключаючы і пачатак тэксту, а таксама імёны ўласныя, г. зн. нейкія індывідуальныя назвы. У апублікаваных дакументах да арфаграфічных прыёмаў у пэўнай (і не больш) ступені можна аднесці напісанне першай літары тэксту, а таксама першай літары раздзела. Падзел тэкстаў на сказы як на нейкія сінтаксічныя і сэнсавыя часткі не практыкаваўся (калі, безумоўна, не лічыць сказамі асобныя раздзелы ці падраздзелы тэксту, якія па аб’ёме маглі дасягаць старонкі і нават болей). Выразнага ўяўлення пра сказ (а значыць, і пра пачатак сказа) не было нават у канцы XVII ст. І таму наўрад ці пра яго наяўнасць можна сцвярджальна гаварыць у адносінах да XVI ст., а тым больш да XV ст. (калі сталі нават адасабляцца асобныя часткі тэксту дакумента: інтытуляцыя, інскрыпцыя, дата, а таксама буйныя падраздзелы ўнутры раздзелаў)[5]. Правіла пісаць уласныя імёны з вялікай літары не існавала. Не ўжываўся і прыём напісання з вялікай літары слоў, што абазначалі тэолага–агіяграфічныя паняцці (nomina sacra): „Богъ“, „Богородица“, „Троица“ і г. д. (з мэтай вылучэння гэтых слоў практыкаваўся іншы прыём, пра які ніжэй).

Між тым, нельга не заўважыць выпадкі выкарыстання вялікіх і павялічаных літар на пачатку слова, якія не былі падпарадкаваны правілам арфаграфіі. З вялікіх і павялічаных літар маглі пісацца любыя словы, незалежна ад таго, у якой сінтаксічнай пазіцыі яны стаялі, азначалі ўласныя імёны або агульныя. Колькасць такіх слоў павялічваецца ў XVII ст. Як можна растлумачыць гэтую з’яву?

Справа ў тым, што даўнія пісцы імкнуліся не толькі ўдасканальваць прыёмы выканання пісьма, але адначасова рабіць яго больш лёгкачытэльным. Каб тэкст чытаўся лёгка (а значыць, і хутка), ён павінен мець выразныя памежныя сігналы, г. зн. такія сігналы, якія служаць для размежавання адзінак тэксту — слоў[6]. У літарна–гукавым пісьме (самых розных пісьмовых сістэм) быў выпрацаваны найбольш дасканалы памежны сігнал, які, дарэчы, не вычарпаў свайго патэнцыялу і сёння — прабел паміж словамі. Але пры ўсёй сваёй дасканаласці прабел не заўсёды мог дзейнічаць самастойна. Гэта адносіцца ў першую чаргу да выканання хуткага („скарапіснага“) не звязнага пісьма. Як ні стараліся пісцы ствараць паміж словамі выразныя прабелы, пры высокім тэмпе ўзнаўлення пісьма большасць з іх з гэтай задачай не спраўлялася. У выніку на розных участках тэксту атрымліваліся прабелы самых розных памераў, у тым ліку і такія, якія па памерах (па выразнасці) нічым не адрозніваліся ад прабелаў паміж літарамі. Што пры пэўных умовах ствараць названыя прабелы — не такая простая задача, можна праверыць эксперыментальным шляхам у сучасных умовах. Паспрабуем выканаць ад рукі ў высокім тэмпе пісьмо „друкаванымі“ літарамі. Упэўнены, што некаторая (а быць можа, і значная) частка эксперыментатараў атрымае прабелы самых розных памераў, у тым ліку і такія, якія, уласна кажучы, прабелам паміж словам назваць будзе цяжка. Менавіта немагчымасць ва ўсіх выпадках пісаць у хуткім тэмпе так, каб пакідаць выразныя дыферэнцаваныя прабелы (вялікія паміж словамі і малыя паміж літарамі) і прывяла да фармавання сістэмы памежных сігналаў з мноствам элементаў: вынаснымі літарамі; літарамі асаблівых формаў, якія ставіліся ў пачатку слова; кропкамі паміж словамі і групамі слоў і г. д. Адным з памежных сігналаў сталі вялікія і павялічаныя літары, якія пісаліся ў пачатку слова, як ужо адзначалася, незалежна ад таго, азначала яно ўласнае імя ці агульнае, стаяла ці не стаяла ў той ці іншай сінтаксічнай пазіцыі[7].

Зрэшты, каб пераканацца, што асобная група літар выконвала функцыю памежных сігналаў, далёка хадзіць не трэба. Дастаткова азнаёміцца з ілюстрацый дакумента №1 „Віцебска–рыжскіх актаў“ (44). Дарэчы, хоць Дзярновіч ускосна і дэклараваў, што ён адзначае вялікія літары, на практыцы гэтай дэкларацыяй ён кіруецца непаслядоўна. Значыць, нейкае сумненне ў тым, што ўжыванне ўсіх вялікіх літар адносіцца да галіны арфаграфіі, у яго ўсё ж такі было. Калі надрукаваць згаданы дакумент з усімі вялікімі літарамі, ён будзе выглядаць наступным чынам (тут і далей тэкст перададзены спрошчана; сучасныя пунктуацыя і арфаграфія — у адносінах да імёнаў уласных і пэўных сінтаксічных пазіцый — выкарыстана наўмысна, каб наглядна паказаць суадносіны сучаснай і даўняй „арфаграфіі“, вялікія і павялічаныя літары вылучаны паўтлустым шрыфтам):

«От Миколая Немировича, старосты витебског(о) и мце|нског(о), паном вашеи м(и)л(о)сти: всим бурмистром и ратманом | наше приятельство с разъоумноженьемъ м(и)л (о)сти ва|шеи.

А також, милии панове, с пана нашег(о) приказань|емъ, наосвеценеишаго короля, пишу м(и)л(о)сти вашеи, | иж ми панъ наш, наосвеценеишіи корол, казал послати | ку вашеи м(и)л(о)сти, ижбы м(и)л(о)сть ваша то для пана нашего | кроля его м(и)л(о)сти оуделали мистра, обравши такого, | на мои руки прислали, што бы мел оу Витебску склепъ | вечаныи оправити. А то бы ваша м(и)л(о)сть, не мешкая, | для пана нашег(о), наосвеценеишог(о) короля, оуделали, ижбы борзеи | его ваша м(и)л(о)сть прислали. А справу тому мистру всю | подоимуя. А он, приехаши до пана нашег(о), о том ся | змовит, што маеть за свою работу заплату взяти. А пан | нашъ, наосвеценеишіи крол, рад ему заплату дас ту: | за то, о што ся коли съ его м(и)л(о)стью змовит. А то бы ваша | м(и)л(о)сть все оуделали на мои руки и на мои листъ.“ (с. 25, факсіміле дакумента № 1, с. 44)

Зрэшты, гэты прыклад не зусім удалы: і не толькі таму, што дакумент ранні (адносіцца да другой паловы XV ст.), але таксама і па той прычыне, што яго пісец, як і іншыя пісцы гэтага часу, імкнуліся часцей за ўсё павялічваць „и“ і „н“ (што, праўда, не супярэчыць сказанаму мной вышэй), а таксама першую літару радка, ствараючы такім чынам выразную мяжу тэкставага поля.

Калі гаварыць пра першую літару тэксту, якая мела вялікі памер, то яе прызначэнне яшчэ трэба высветліць. Аднак ёсць падставы сцвярджаць, што яе ўжыванне не адносіцца толькі да лінгвістыкі. Яе вытокі, відавочна, трэба шукаць у сакральнай функцыі пісьма. Прызначэнне дадзенай літары, верагодна, мае аналогію з першай літарай алфавіта, якой надаваўся асаблівы — сакральны — сэнс[8].

Значыць, вялікія і павялічаныя літары — гэта галіна не толькі лінгвістыкі, але і палеаграфіі — спецыяльнай гістарычнай навукі, якая вывучае знешні (графічны) аспект пісьма.

Тое ж самае можна сказаць і ў дачыненні да выкарыстання розных радковых знакаў, якія Дзярновіч называе „знакамі пунктуацыі“. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і я раней у дачыненні да ўсіх радковых знакаў выкарыстоўваў згаданы тэрмін. І гэта было недакладнасцю, калі не памылкай. Тэрмінам „знакі пунктуацыі“ можна абазначыць толькі асобную групу знакаў. У адносінах да актавых дакументаў XV—XVI ст. маса радковых знакаў мела іншае прызначэнне.

З пункту гледжання сінтаксісу і пунктуацыі функцыі знакаў прыпынку заключаюцца 1) у размежаванні сінтаксічных адзінак, адасабленні іх адна ад адной, адзначэнні канца адной і пачатку іншай, адзначэнні заканчэння тэксту; 2) у вылучэнні, адасабленні сінтаксічных адзінак, вылучэнні іх з іх атачэння. Пры гэтым кожны знак прыпынку патрабуе пэўнай інтанацыі. Але ці можна назваць знакамі пунктуацыі, напрыклад, тыя кропкі, якія адзначаны Дзярновічам у яго выданні (гэтыя кропкі, за выключэннем адной, у публікацыі адзначаны ў верхняй частцы радка):

„Веможнымъ · а мне ласка|вымъ · паномъ · ратма|номъ · и справцомъ · места | Ризского · пану · Юри По|дле · а пану · Ганусу · Бу|[тте] · а пану Ганусу Зба|ку ма дан быти |“ (№3, с. 30);

„Притомъ намъ ласковии и мили зычливи п(а)н(о)ве вся рада | оселая · славного · места · Ризкого поведаемъ в(а)шеи м(и)л(о)сти | штож . тых часовъ приходилъ перед насъ мещанин места · | г(о)с(по)д(а)рьского Витебского Семенъ Иванавич Митяевъ зо всими | купцами · места · Витебского обтяжливе жалуючися на бра|каровъ ваших м(и)л(о)сти тых которые бракуют селедцы в месте | в(а)шеи м(и)л(о)сти Рызскомъ так теж и на всих купцовъ места Ризког(о) | которые продают албо меняют купцомъ нашимъ витебским · | селедцы · против товаровъ нашихъ руских што ж в тых селед|цохъ · браку в(а)шеи м(и)л(о)сти ризкого мают купцы н(а)ши витеб|ские великую шкоду для браку в(а)шее м(и)л(о)сти рызкого“ (№ 7, с. 40)

Я сумняваюся. Іх функцыі заключаліся яўна ў іншым. Да таго ж як растлумачыць выпадкі, прычым нярэдкія, калі кропкі (пасярэдзіне, або на ніжняй, або на верхняй лінейцы радка) прастаўляліся ледзь не пасля кожнага слова[9]. Калі ўлічваць, што названыя кропкі знаходзілі выкарыстанне не толькі ў богаслужбовых кнігах (гэтыя кнігі прызначаліся для шматразовага чытання, чыталіся ўголас нараспеў) і чытальных кнігах (згаданыя кнігі таксама былі разлічаны на шматразовае чытанне, практыка іх чытання ўголас таксама была пашыранай), але і ў дзелавой дакументацыі (якая не прызначалася для шматразовага чытання), то за кропкамі давядзецца прызнаць не дэкаратыўнае прызначэнне, як лічыць Дзярновіч (78), а таксама функцыі памежных сігналаў.

Больш за тое, відавочна, паміж кропкамі і прабеламі існуе самая непасрэдная сувязь. Першапачаткова словы і групы слоў (унутры аднаго раздзела ці падраздзела) адасабляліся пры дапамозе адных толькі кропак. Між тым, прастаўленне кропак падразумявала вылучэнне пэўнага прабелу. Калі апошні стаў больш–менш выразны, то разам з кропкай ён стаў выконваць аднолькавыя функцыі. Паколькі і прабелы, і кропкі лакалізаваліся аднолькава, надышоў час, калі павінны былі знікнуць або прабел, або кропка. Знікла кропка. У сувязі са сказаным звяртае на сабе ўвагу наступны факт. Добра вядома, што пры дапамозе кропак адбывалася вылучэнне лічбаў (у кірыліцы яны перадаваліся пры дапамозе літар). Функцыя названай групы кропак не выклікае сумнення: яны былі патрэбны для таго, каб пры чытанні не зблытаць лічбы з літарамі. Дык вось, у тых узорах пісьма, дзе няма кропак паміж словамі (а замест іх функцыянуюць прабелы), як правіла, адсутнічаюць і кропкі, што адасабляюць лічбы (замест іх таксама ставяцца прабелы), і наадварот. У беларускім скорапісе рэгулярнае вылучэнне прабелаў не адразу адмяніла кропкі, якія ў якасці памежнага сігнала сустракаюцца да канца XV ст. Эпізадычная рэанімацыя кропак у якасці памежных сігналаў скорапісу адбываецца ў другой палове XVI ст. Такім чынам, кропкі ўваходзяць таксама ў галіну палеаграфіі[10].

Разгледзім абрэвіятуры. Як вядома, яны падзяляюцца на два віды: 1) кантракцыя (per contractionem), ці сцяжэнне і 2) суспенсія (per suspensionem), ці ўсячэнне. Пры кантракцыі выкідаліся літары ўнутры слова, пры суспенсіі — літары ў канцы слова. Абавязкова скарачаліся словы, якія абазначалі „свяшчэнныя імёны“: „Гь“ („Господь“), „Снъ“ („Сынъ“), „Прркъ“ („пророкъ“) і інш. Нямецкі палеограф Людвіг Траўбе лічыў, што кантракцыя мае сакральнае паходжанне. На яго думку, гэты від скарачэння прыйшоў з яўрэйскага пісьма, у якім імя Бога перадавалася пры дапамозе чатырох літар — так званую „тэтраграму“ (поўнае імя Бога маглі ведаць толькі святары). Пры перакладзе Бібліі на грэцкую мову напісанне з чатырох літар спачатку захоўвалася. Аднак найбольш пашыраным стала перадача гэтага імя пры дапамозе кантракцыі „ӨС“ („ӨЕOС“ — „Бог“) і „КС“ („КYРЙОС“ — „Гасподзь“). Паводле гэтага ўзору былі створаны кантракцыі „ІНС“ і „ХРС“ і інш. Рыска над гэтымі словамі не была знакам скарачэння — так рабілася падкрэсліванне, якое прыцягвала да слова асаблівую ўвагу. Некаторыя даследчыкі аспрэчылі меркаванне Траўбе. Рутберг сцвярджаў, што nomina sacra з’явіліся спачатку ў тэксце Евангелля і толькі потым сталі выкарыстоўвацца пры перапісцы кніг Старога запавету. Ён лічыць, што прататыпам nomina sacra была скарочаная форма імя імператара ў грэцкім курсіве. Паап адзначаў, што „свяшчэнныя імёны“ фармаваліся павольна і паступова; побач са скарочанымі формамі вельмі доўга суіснавалі і поўныя[11]. Як бы там ні было, найбольш раннія паўднёваславянскія і ўсходнеславянскія кірылічныя помнікі адлюстроўваюць менавіта сакральны характар кантракцыі. Гэта праяўляецца, у прыватнасці, у строгай, кананічнай форме старажытнай цітлы — знака, які ставіўся над кантрагаваным словам: пераважна ў выглядзе прамой з дзвюма засечкамі па краях. У той жа час цітлы, што ставіліся над суспенсіямі і вынаснымі літарамі (выконвалі пераважна практычную функцыю), мелі больш „свабодную“ форму: у выглядзе двухскатнага даху, прамой лініі, крыху выгнутай лініі, раўнабаковай дугі.

Суспенсія, відавочна, з самага пачатку служыла практычным задачам: з яе дапамогай эканомілі месца на радку, прычым за кошт тых слоў, якія не адносіліся да кананічнага тэксту, ці вырашалі праблему завяршэння радка на галосную, калі перанос слова быў немагчымы ці немэтазгодны (радок заўжды павінен быў заканчвацца на галосную літару, ці на „ъ“ і „ь“, якія спачатку абазначалі паўгалосныя[12]; такая практыка існавала, у тым ліку і ў XVII ст.). Праблема эканоміі, дакладней, нават правільнага размеркавання тэксту, была тым больш актуальнай, што тэкст пісаўся ў два слупкі. Значыць, абрэвіятуры — гэта не адна лінгвістыка.

Як ужо адзначалася, вынасныя літары (per litteras suprascriptas) таксама былі элементам сістэмы памежных сігналаў[13]. Можна заўважыць, што ў найбольш старажытных кірылічных помніках прыём вынасу літар над радком выкарыстоўваўся ў спалучэнні з кантракцыяй, напрыклад, „м(и)л(о)сть“, „вл(а)д(ы)ко“, а таксама ў тых выпадках, што і суспенсія, прычым у спалучэнні з ёй: у канцы радка, напрыклад: „реч(е)“ (вынасныя літары ў прыведзеных прыкладах адзначаны курсівам). Такім чынам, у першым выпадку вынас літар над радком дапамагаў правільна прачытаць скарочанае слова (часта доўгае), у другім, як і суспенсія, служыў мэце вырашэння праблемы завяршэння радка на галосную літару. У далейшым першапачатковыя функцыі вынасных літар захоўваліся, але не дамінавалі. Даследчыкі ўкраінскага кірылічнага скарапіснага пісьма (кіеўскага скорапісу) XVII ст., якое амаль нічым не адрознівалася ад беларускага скорапісу гэтага часу, адзначаюць наступныя яго прыкметы: значную безадрыўнасць пісьма, набліжэнне яго да курсіву і адначасова наяўнасць невялікай колькасці скарачэнняў і вынасных літар[14]. Звязнае напісанне — адзін з памежных сігналаў. Павелічэнне звязнасці паміж літарамі аднаго слова натуральным чынам вяло да выразнасці прабелу паміж словамі, што рабіла непатрэбнымі іншыя памежныя сігналы. Апошняе адносіцца і да вынасных літар, колькасць якіх па меры павелічэння звязнасці пісьма зніжаецца (а ў рускім скорапісе, які, у адрозненне ад беларускага, не спыніў свайго развіцця, яны ў XVIII ст. увогуле знікаюць). Такім чынам, вынасныя літары — гэта таксама не „чыстая“ лінгвістыка.

Калі прыведзеныя тлумачэнні адносна паходжання скарачэнняў слушныя, то толькі да адной лінгвістыкі нельга аднесці і знак цітлы. Думка Траўбе, што цітла служыла для падкрэслівання слова, відавочна, мае пад сабой грунт. Можна меркаваць, што прастаўленне цітлы мела таксама і практычныя задачы: у выпадку скарачэння шляхам кантракцыі яна вылучала асобныя цэлыя словы; у выпадку суспенсіі — канец слова; вынасу літар, якія стаялі ў сярэдзіне слова — адсутнасць мяжы паміж словамі, вынасу літар у канцы слова — канец гэтага слова і адпаведна пачатак наступнага, г. зн. ва ўсіх пералічаных выпадках цітла выкарыстоўвалася ў якасці памежнага сігнала. Прымальна да вынасных літар (незалежна ад іх становішча ў слове) цітлы выконвалі дадатковую функцыю — падкрэсліваючы (у літаральным сэнсе) гэты памежны сігнал, г. зн. вылучаючы яго больш выразна.

Дзярновіч уводзіць у сферу лінгвістыкі і прыём адзначэння вынасной літары „и“, якую ён называе паеркам (23). Ён яе абазначае пры дапамозе верхняга індэкса знакам, які па форме набліжаны да графікі рукапіснай. Па першае, вынасная „и“ — гэта не паерак. Назву „паерак“ (ерак, ерчык, ерціца) меў надрадковы знак, які абазначаў прапушчаныя „ъ“ і „ь“[15]. Адзін з яго варыянтаў нагадваў варыянт вынасной „и“. Адсюль і блытаніна. Па–другое, хоць вынасная „и“ сапраўды была графемай (абазначала гук [j]), але яе графіка непасрэдна ўзыходзіць да радковай „и“. Іншымі словамі — гэта якраз графічны варыянт радковай „и“. Першапачатковы варыянт вынасной „и“ — дзве вертыкальныя або нахіленыя рысачкі ці дужкі, з другой чвэрці XVI ст. яе форма амаль нічым не адрознівалася ад „и“. Тое, што спасцігла яе далей — стала нагадваць лацінскую s — агульная з’ява для ўсіх цітлападобных літар[16]. Каб мацней наблізіць цітлападобныя літары да формы цітлы, з імі праводзілі самыя розныя графічныя маніпуляцыі: іх расцягвалі і звівалі („м“), клалі на бок („з“, „р“), ніжнія вынасныя элементы адводзілі ўбок („ц“) ці наогул выдалялі („д“) і г. д. Тое ж самае адбываецца і з вынасной „и“. Калі з апошняй трэці XVI ст. у беларускім скорапісе цітлы сталі больш вузкімі і выпуклымі, а з першай чвэрці XVII ст. часта пісаліся як перавернутыя s, вынасная „и“ набывае форму s (у апошняй трэці XVI ст. — у шэрагу выпадкаў, а з пачатку XVII ст. — рэгулярна), а таксама дужкі[17]. Дарэчы, з сярэдзіны XVI ст. для абазначэння ётаванай „і“ пачынае выкарыстоўвацца і варыянт у выглядзе дзвюх гарызантальных паралельных прамых ці крывых, якія злучаны касой рыскай. Яго вытокі, відавочна, таксама трэба шукаць у графіцы радковай „и“. Такім чынам, яшчэ раз паўторым, вынасная s — гэта ўсяго толькі графічны варыянт радковай „и“. Калі Дзярновіч абірае шлях абазначэння гука [j] пры дапамозе спецыяльнага знака, то гэты знак ва ўсіх выпадках павінен быць аднолькавым, але ім выкарыстоўваюцца тры розныя знакі (23). Значыць, такім чынам адлюстравана графіка літар. А гэта ўжо адносіцца толькі да палеаграфіі.

Зрэшты, трэба прызнаць, што ў галіне палеаграфіі міжпрадметныя сувязі гісторыі і лінгвістыкі з’яўляюцца настолькі цеснымі, што вызначыць выразную мяжу паміж дзвюма гэтымі сферамі гуманітарнай навукі (гісторыяй і лінгвістыкай) немагчыма. Натуральна, што ў сувязі са сказаным называць адзначаны спосаб перадачы тэксту „лінгвістычным“ варыянтам не выпадае. Яго больш мэтазгодна ахарактарызаваць як палеаграфічна–лінгвістычны ці лінгвістычна–палеаграфічны. Калі б Дзярновіч не стаў прыпісваць сабе права на аўтарства тэрміна „лінгвістычны варыянт“[18], то ў якасці контраргумента ён мог бы спаслацца на даўнюю традыцыю выкарыстання гэтага тэрміна. Аднак у любым выпадку падобныя традыцыі (якія не маюць пад сабой фактычных падставаў) варта абавязкова ламаць. З іншага боку, чаму пры выданні гістарычнай крыніцы павінен дамінаваць нейкі адзін яе бок, і менавіта лінгвістычны?

Больш пытанняў выклікаюць прыёмы выдання крыніцы: у двух варыянтах, а таксама перадача тэксту ў адным з варыянтаў („лінгвістычным“) з узнаўленнем у самім тэксце радковых і надрадковых знакаў, цітлаў, вынасных літар пры дапамозе верхняга індэкса, нераскрытых абрэвіятур пры ігнараванні сучасных знакаў прыпынку.

Увогуле праблема прынцыпаў, метадаў і прыёмаў перадачы тэксту з’яўляецца цэнтральнай у археаграфіі. У аснове археаграфічнай практыкі ляжыць ідэя множання навукова апрацаваных копій пісьмовай гістарычнай крыніцы пры дапамозе даступных (адносна простых і танных з пункту гледжання тэхналогіі вытворчасці і танных з пункту гледжання рэалізацыі) сродкаў. Найбольш даступным спосабам з’яўляецца на сённяшні дзень друк шрыфтавым наборным спосабам. Тэкст — найбольш важная частка пісьмовай крыніцы. Ён не толькі перадае вусную інфармацыю, якая ўяўляе цікавасць для гісторыкаў, але і служыць крыніцай дадзеных па гісторыі мовы, што з’яўляецца ўжо сферай лінгвістыкі. Паколькі масты паміж гістарычнай навукай і лінгвістыкай яшчэ даволі хісткія, гэта абумовіла ўжыванне „спажывецкіх“ адносінаў да тэксту, калі кожны з названых бакоў ігнаруе інтарэсы іншага. Апошняе і прывяло да з’яўлення ў археаграфіі двух асноўных кірункаў у перадачы тэксту: першы — „лінгвістычны“ (ён называецца яшчэ і „дыпламатычным“), які мае на мэце пры дапамозе тэксту адлюстраваць у тым ліку дадзеныя пра мову, другі — „крытычны“ (адаптаваны), мэтай якога з’яўляецца ў першую чаргу перадача вуснай інфармацыі крыніцы. У цяперашні час, па меры павелічэння міжпрадметных сувязяў паміж гісторыяй і лінгвістыкай, можна канстатаваць новыя падыходы ў вывучэнні крыніц, калі набывае важнасць даследаванне ўсіх іх прыкмет (не толькі ўнутраных, але і знешніх), што ў сваю чаргу стымулюе развіццё такіх спецыяльных гістарычных навук, як палеаграфія, дыпламатыка, кадыкалогія, тэксталогія і інш. Таму сёння для гісторыка не дастаткова ўзнавіць толькі тэкст дакумента, яму патрэбна інфармацыя пра тое, якімі прыкметамі характарызуецца пісьмо тэксту, на чым выкананы гэты тэкст і г. д. Зрэшты, менавіта сукупнасць усіх прыкмет дакумента дае нам права гаварыць пра яго як пра гістарычную крыніцу. Так сталася, што лінгвісты, адзначаючы розны „дапаможны апарат“ тэксту, — розныя радковыя і надрадковыя знакі, — фіксуюць іх у публікацыі менавіта там, дзе ім належала быць у тэксце крыніцы, прычым робяць гэта з дапамогай даволі абмежаваных паліграфічных сродкаў. У пэўнай ступені пад уплывам лінгвістаў так пачалі рабіць у некаторых „гістарычных выданнях“. І хоць „магія“ тэксту даволі моцная, тым не менш няма падставаў адмаўляць права яшчэ адной спецыяльнай гістарычнай навукі — археаграфіі — карыстацца сваімі спецыяльнымі метадамі, а не толькі далёкім ад дасканаласці „фатаграфаваннем паліграфічнымі сродкамі“.

Увогуле, на чым грунтуецца прынцып, што ўсё змешчанае ў тэксце крыніцы трэба абавязкова адлюстраваць у публікацыі тэксту, прычым выконваць такім спосабам, як гэта зроблена ў крыніцы? Няўжо прыхільнікаў названага прынцыпу так моцна цісне імкненне любой цаной данесці знешні вобраз тэксту? Натуральна — гэта немагчыма, калі для прадстаўлення і перадачы тэксту абіраецца шрыфтавы наборны спосаб, а не факсімільны. Пра нейкія іншыя імкненні я здагадацца не магу.

Пры вырашэнні праблемы перадачы тэксту трэба зыходзіць з наступнага. Па–першае, публікатар перадае не проста тэкст, а вынікі яго навуковай крытыкі. Прыступаючы да працы, ён, на першы погляд, зыходзячы са сваіх прафесійных навыкаў і ўменняў, распрацоўвае нейкія агульныя падыходы, пачынаючы ад агульных прынцыпаў публікацыі і заканчваючы прыватнымі тэхнічныя прыёмамі. Але вынікам напружання яго інтэлектуальных сіл у гэтым выпадку чамусьці застаецца, па–сутнасці, механічнае капіяванне.

Па–другое, сучасны друкаваны тэкст з яго паліграфічнымі і лінгвістычнымі нормамі (сучаснай арфаграфіяй, пунктуацыяй, шрыфтамі і г. д) з’яўляецца прадуктам працяглай эвалюцыі, у выніку якой адбываўся пошук і адбор найбольш дасканалых сродкаў яго перадачы. Плёнам гэтай эвалюцыі мы і карыстаемся сёння. Якія існуюць матывы абіраць іншы шлях і ўступаць у супярэчнасць з сучаснымі дасягненнямі?

Па–трэцяе (і гэта галоўнае), пры сваёй дасканаласці сучасны шрыфт не можа адлюстраваць усіх нюансаў рукапіснага пісьма, а тым больш асаблівасцяў індывідуальнага пісьма (почырку)[19]. А сёння навука не можа задаволіцца агульнай інфармацыяй. Калі гаварыць, напрыклад, пра радковыя і надрадковыя знакі, мала толькі адзначыць іх месца размяшчэння і перадаць іх нейкім падобным знакам (а менавіта так і адбываецца пры выкарыстанні нават самых спецыялізаваных паліграфічных сродкаў), трэба даць дакладную выяву. Адныя і тыя ж надрадковыя знакі маглі мець розныя формы, памеры і іншыя прыкметы. У шэрагу выпадкаў менавіта ў дэталях гэтых прыкмет і заключаецца адказ на пытанне: што гэта за знак.

За час працы над публікацыяй гістарычных крыніц я выпрацаваў прынцып: калі не рашаецца тэхнічны бок праблемы, тады памылку трэба шукаць у агульным метадзе. Праблем тэхнічнага характару ў Дзярновіча багата, і гэтага ён не хавае. „Па тэхнічных прычынах“, нягледзячы на разнастайнасць формаў і памераў цітлаў, якія фігуруюць у апублікаваных дакументах, Дзярновіч абірае адзін — „стандартны“ — варыянт (21), надрадковыя знакі прастаўляюцца не проста над літарамі (дзе ў большасці выпадкаў яны і павінны стаяць), а ўверсе справа ад іх (21—22). Гэтыя праблемы нараджаюць у Дзярновіча думку, якую ён палічыў вельмі важнай, каб зрабіць адступленне і падзяліцца ёй з чытачом: найбольш спрошчаныя варыянты перадачы тэксту распрацоўваліся ў „эпоху“, калі кампутарныя тэхналогіі былі недаступныя (22). Праблема, на першы погляд, банальная: у табліцы сімвалаў персанальнага кампутара Дзярновіча не аказалася цітлаў патрэбнай формы і знакаў, што маглі быць размешчаны непасрэдна над літарай. У сувязі з гэтым адзначым, што публікацыя тэксту з надрадковымі знакамі, у тым ліку і з цітламі, не з’яўляецца наватарствам (пра гэта ніжэй), і што ў „эпоху“ няведання кампутарных тэхналогій такія праблемы вырашаліся куды больш паспяхова. Тэхнічныя абмежаванні ў працы археографа–публікатара, вядома, ёсць заўжды. Гэтага ніхто не адмаўляе. Аднак Дзярновіч, абраўшы згаданыя прыёмы публікацыі, яшчэ мацней звузіў кола сваіх магчымасцяў.

Па нашым глыбокім перакананні згаданыя праблемы будуць вырашаны, прычым значна больш удала, у тым выпадку, калі інфармацыя пра радковыя і надрадковыя знакі будзе размешчана ў навуковым апараце (легендзе і заўвагах па тэксце). Дарэчы, у адносінах да некаторых відаў працы з тэкстам — гэта даўно выпрацаваная і апрабаваная практыка. Ад апошняй не адмаўляецца і Дзярновіч, калі ў заўвагах паведамляе, напрыклад, пра асаблівасці размяшчэння тэксту і неразборлівыя месцы.

Між іншым, я не ведаю ніводнай публікацыі крыніцы, у тэксце якой, напрыклад, як і ў яе арыгінале была б пастаўлена клякса; літара была надрукавана па іншай літары, калі ў арыгінале выпраўленне было зроблена шляхам напісання адной літары па другой і г. д. Але калі публікатар не робіць гэтага, значыць, ён павінен быць паслядоўны ў іншых выпадках.

Пры перамяшчэнні звестак па тэксце ў навуковы апарат магчымасці публікатара даць вычарпальную інфармацыю, напрыклад, пра радковыя і надрадковыя знакі, значна павялічваюцца. Там можна надрукаваць інфармацыю пра месца размяшчэння, форму, колер чарніла і іншыя прыкметы таго ці іншага знака практычна ў любым аб’ёме, размясціць яго клішэ — выкананае ад рукі ці скапіяванае і апрацаванае на кампутары (як бачна, кампутарныя тэхналогіі не такія ўжо абмежаваныя). Менавіта так рэкамендавалася ў маіх „Метадычных рэкамендацыях“[20] (пра клішэ мы, праўда, не згадвалі), так зрабілі расійскія публікатары С. Каштанаў і Л. Сталярова ў зборніку „Россия и греческий мир в XVI веке“[21]. Магчымасці выкарыстання навуковага апарату я паспрабаваў паказаць у „Метадычных рэкамендацыях“. Дадам толькі, што гэтыя магчымасці, па–сутнасці, не абмежаваныя для прадстаўлення і перадачы не толькі тэксту, але і значнай часткі прыкмет крыніцы (у тым ліку і знешніх).

Магчымы і іншы спосаб публікацыі крыніцы, і ён, напэўна, на сёння самы перспектыўны, а менавіта: спалучэнне двух відаў публікацыі тэксту — шрыфтавым наборным спосабам і факсімільным (шляхам лічбавання крыніцы). Навуковы апарат у выглядзе легенды і заўваг па тэксце пры гэтым захоўваецца, але ён набывае дадатковы статус — кантрольны.

Такім чынам, пытанне „што важней — максімальна адэкватная перадача арыгіналу выдавецкім спосабам ці чытабельнасць зместу дакумента?“ (20), якім задаецца Дзярновіч, трэба аднесці да ліку рытарычных. Бо тое, што Дзярновіч называе „адэкватнай перадачай арыгіналу“ і чытабельнасцю „зместу“ (Дзярновіч, відаць, хацеў сказаць „тэксту“), могуць быць рэалізаваны адначасова.

Складваецца ўражанне, што ў асобе публікатара з пераменнай перавагай жорстка змагаюцца тры якасці: недастатковы вопыт працы ў галіне археаграфіі, адсутнасць самастойнага мыслення, а таксама завышаныя прэтэнзіі на першынства ў рашэнні шэрагу метадычных праблем гэтай навукі.

Ужо гаварылася, што Дзярновіч нясціпла прыпісаў сабе аўтарства тэрміна „лінгвістычны варыянт“. Між тым, гэты тэрмін даўно і добра вядомы ў археаграфіі (лінгвістычны метад ці спосаб). Наўрад ці Дзярновіч мог не ведаць „Правілаў лінгвістычнага выдання помнікаў старажытнарускай пісьменнасці“ (склала В. Князеўская), якія былі выдадзены яшчэ ў 1961 г. Менавіта „лінгвістычны“ спосаб падразумявае ўжыванне, у прыватнасці, такіх прыёмаў, як захаванне літар, што выйшлі з ужытку; перадачу надрадковых знакаў (у тым ліку цітлаў) і знакаў прыпынку (пад якімі часта падразумяваюць памежныя сігналы); перадачу вынасных літар пры дапамозе верхняга індэкса (над радком) — інакш кажучы ўсё тое, што і прапаноўвае Дзярновіч. „Лінгвістычны“ спосаб шырока выкарыстоўваўся раней і выкарыстоўваецца сёння пераважна лінгвістамі як у навуковых выданнях (пры публікацыі[22], апісанні крыніц[23], цытаванні[24]), так і ў навучальных[25]. Уласна кажучы, яго ўжыванне сярод лінгвістаў з’яўляецца правілам. „Лінгвістычныя“ патрабаванні адлюстраваны і ў „гістарычных выданнях“, напрыклад, у вядомых „Новгородских грамотах на бересте…“, што выходзяць з 1953 г. „Лінгвістычны“ спосаб мае і яшчэ адну назву — „дыпламатычны“. Сучасны ўкраінскі археограф Німчук прыводзіць наступныя прыёмы „дыпламатычнага“ спосабу перадачы тэксту: надрадковыя знакі захоўваюцца і друкуюцца над радком[26]; розныя літары, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння аднаго і таго ж гука, захоўваюцца[27]; абрэвіятуры не раскрываюцца[28]; перадаюцца радковыя знакі[29]; размеркаванне вялікіх і малых літар захоўваецца такім, як і ў крыніцы[30]. Гэтыя прыёмы характэрныя і для такога спосабу перадачы тэксту, які Німчук вызначае як дыпламатычна–крытычны[31]. У пэўнай ступені прадстаўлены яны ў прапанаваным тым жа аўтарам крытычна–дыпламатычным спосабе[32].

Дзярновіч не лічыць патрэбным паведаміць чытачу пра наяўную практыку. Яе як быццам не існуе, і тое, што ім прапануецца, робіцца быццам упершыню. Таму яму не даводзіцца даваць ацэнку наяўным падыходам, аналізаваць сучасныя метады і прыёмы, „чапляцца“ за спрэчныя ў тэорыі і практыцы моманты. Зразумела — іх няма. Дзярновіч задаецца простымі пытаннямі і тут жа дае на іх простыя адказы. Усё гэта робіцца спакойным і крыху прыўзнятым тонам глыбокага і аўтарытэтнага спецыяліста. Між тым, праблема ў тым і заключаецца: пытанні, на якіх акцэнтуе ўвагу Дзярновіч, маюць багатую гістарыяграфію. Аднак пра сваіх папярэднікаў ён не палічыў патрэбным сказаць ні слова.

Затое калі гаворка зайшла пра „адаптаваны“ варыянт перадачы тэксту, Дзярновіч не пашкадаваў месца ў падрадковых заўвагах для своеасаблівага „чорнага спісу“ метадычных рэкамендацый, у якіх, як ён лічыць, гэты варыянт прапануецца. Ці то з прычыны павярхоўнага знаёмства з гэтымі рэкамендацыямі, ці з–за празмернага імкнення паказаць сваё першынства ў гэты спіс трапілі працы, якія адлюстроўваюць самыя розныя спосабы перадачы тэксту. Больш за тое, спецыфіка некаторых з гэтых прац у тым, што ў іх апублікаваны рэкамендацыі адначасова для двух спосабаў перадачы тэксту: дыпламатычнага (=„лінгвістычнага“) і папулярнага (=„адаптаванага“), як, напрыклад, у „Правілах“ Страшко. Прычым апошні згаданую спецыфіку сваёй працы адлюстраваў у яе назве[33]. Усё гэта зусім не збянтэжыла Дзярновіча. Калі пазнаёміцца са зместам „Правілаў“ Страшко, то навізна методыкі Дзярновіча стане зусім уяўнай. Вось што прапануе Страшко для публікацыі тэксту дыпламатычным спосабам. Захоўваюцца ўсе кірылічныя літары, уключаючы „ъ“ і „ь“[34], вынасныя літары ўзнаўляюцца пры дапамозе верхняга індэкса[35]; перадаюцца паеркі[36], дыякрытычныя знакі[37]; скарачэнні (з цітламі ці без іх) не расшыфроўваюцца[38], выкарыстанне вялікіх і малых літар захоўваецца такім, як у крыніцы[39]; знакі пунктуацыі, ужытыя ў крыніцы, захоўваюцца[40]. У дадатку змешчаны ўзор публікацыі тэксту дыпламатычным спосабам[41]. Дык чаго ж няма ў Страшко з таго, што ёсць у Дзярновіча?

Але як „элегантна“ Дзярновіч адмежаваўся ад пералічаных выданняў: яны ў аснове сваёй (тэрмін Дзярновіча) адпавядаюць правілам адаптаванага варыянта публікацыі тэксту (22—23). Што азначае ў святле сказанага „ў аснове сваёй“: у сярэднім арыфметычным?[42]

Дасталося ад Дзярновіча і маім „Метадычным рэкамендацыям“ — яны таксама трапілі ў лік „адаптаваных“. Між тым, у раздзеле „Рэкамендацый“, прысвечаным прадстаўленню і перадачы тэксту, ясна сказана, што выкарыстоўваюцца ў асноўным усе літары, якія выйшлі з ужытку[43] (не друкуецца адна з так званых дублетных літар, бо калі адна з іх захоўваецца, другая сама сабой падразумяваецца; не ўжываецца „й“ — такой літары не існавала, а была „и“ з надрадковым знакам, якія адзначаюцца асобна, як і ўсе астатнія падобныя знакі), вынасныя літары хоць і перадаюцца ў радку, але вылучаюцца курсівам[44]; хоць прапушчаныя ў скарачэннях літары і ўносяцца ў радок, але ставяцца ў круглых дужках[45]; хоць знакі прыпынку (цяпер бы я выказаўся інакш — „радковыя знакі“), якія ёсць у тэксце, і не ўзнаўляюцца, але пра іх наяўнасць гаворыцца ў заўвагах[46]; тое ж самае адносіцца і да надрадковых знакаў[47]. Такім чынам, я абсалютна не ігнарую радковыя і надрадковыя знакі, але рэкамендую фіксаваць іх іншым (як лічу, больш дасканалым) спосабам. Акрамя таго, я рэкамендую пэўны склад элементаў, а таксама прыёмы апісання радковых і надрадковых знакаў[48]. Калі быць паслядоўным, то такому наватару, як Дзярновіч, варта было б адзначаць, апрача абрэвіятур, таксама і такі тып скарачэння, як лігатуры. Як гэта можна зрабіць — таксама напісана ў „Метадычных рэкамендацыях“[49].

У той жа час, калі спасылка даецца на Каштанава (як на прыхільніка „адаптаванага“ варыянта перадачы тэксту), то чаму адзначаюцца раннія (метадычныя рэкамендацыі па выданні „Актаў Рускай дзяржавы“ Каштанава, упершыню надрукаваныя ў 1998 г., былі распрацаваны ў 1987 г.[50]), а не апошнія яго працы (як згаданы зборнік „Россия и греческий мир в XVI в.“)?

Што тут перамагае: нястрымны „дух наватарства“ ці элементарная недасведчанасць — для мяне незразумела. У любым выпадку, стыль і асаблівасці працы Дзярновіча тут праяўляюцца надзвычай рэльефна.

Характарыстыку стылю працы публікатара „Віцебска–рыжскіх актаў“ можна дапоўніць. Мала таго, што ўзор публікацыі прыняты звонку, гэты ўзор успрымаецца публікатарам як канон, ад якога ён амаль не адыходзіць. Адсюль „фармальнасць“ (тэрмін „фармальны“ не трэба блытаць з тэрмінам „фармалізаваны“) шэрагу прыёмаў публікацыі. Незразумела, чаго дамагаецца публікатар, калі ў „лінгвістычным“ варыянце ён не раскрывае абрэвіятуры і захоўвае цітлы, пры тым, што ў „адаптаваным варыянце“ цітлы раскрываюцца, а літары, што ўносяцца ў слова, заключаюцца ў круглыя дужкі. Бо апошнія для таго і патрэбны, каб паведаміць пра склад абрэвіятуры і такім чынам адасобіць літары абрэвіятуры ад тых, што ўнесены публікатарам. Незразумела таксама, чаму вынасныя літары Дзярновіч узнаўляе пры дапамозе верхняга індэкса[51] і процістаўляе гэты прыём „адаптаванаму“ — калі вынасная літара перадаецца курсівам. І той, і іншы прыёмы выконваюць аднолькавую функцыю — абодва сігналізуюць, што літара вынесена над радком[52]. Нельга зразумець і мэтазгоднасць прыёму захавання цітлаў пры абрэвіятурах і вынасных літарах. Хто больш–менш знаёмы са старым пісьмом, ведае, што і першы, і другі прыёмы скарачэння суправаджаліся цітламі. Калі адзначаны адначасова і абрэвіятура, і вынасная літара, неабходнасць інфармаваць пра цітлу адпадае. У гэтым правіле можа быць толькі два выключэнні: калі цітла пастаўлена памылкова (наўрад ці „для прыгажосці“, як піша Дзярновіч; с. 21), і калі выносіцца цітлападобная літара. Аднак і пра тое, і пра гэта можна паінфармаваць у навуковым апараце, прычым зрабіць гэта больш дакладна.

Апрача таго, творчы запал Дзярновіча не ведае межаў там, дзе яго варта было б утаймаваць. Я маю на ўвазе два блокі інфармацыі навуковага апарату выдання. Першы блок аб’ядноўвае ў асноўным звесткі часткова пра літарнае абазначэнне гукавога складу слоў, часткова пра асаблівасці размяшчэння „дублетных“ літар, часткова пра склад радковых і надрадковых знакаў. Другі блок (ён вылучаны ў асобную частку і называецца „актавы пратакол“) змяшчае дадзеныя пра межы кампанентаў фармуляра дакументаў. Дарэчы, інфармацыя пра графічныя варыянты літар прыводзіцца ўперамешку з інфармацыяй пра графемы, як быццам гэта адно і тое ж (напрыклад, „літара к перадаецца як дзве дужкі. Для перадачы я выкарыстоўваюцца літары ѧ (пасля зычных) і ıa (пасля галосных) <…>; c.51). Зразумець сэнс некаторых фраз тыпу „характэрная функцыя літары û — злучнік паміж словамі“ (68) ці „характэрная функцыя літараў û і â — злучнік паміж словамі“ (70) без дадатковых тлумачэнняў немагчыма. Але гаворка не пра гэта. Усё, што змяшчае першы блок, адлюстравана ў „лінгвістычным“ варыянце тэксту. Таму няма неабходнасці паўторна фіксаваць гэтую інфармацыю[53].

Але чым асабліва здзівіў Дзярновіч, дык гэта другім блокам інфармацыі. Калі інфармацыя названага блока разлічана на больш–менш падрыхтаванага чытача, дык навошта яму пры наяўнасці апублікаванага тэксту адзначаць, з якіх дыпламатычных кампанентаў складаецца дакумент, а таксама „вадзіць пальцам“ і паказваць, напрыклад, дзе заканчваецца нарацыя і пачынаецца дыспазіцыя? А калі ставяцца задачы азнаямленчага характару, то варта было б, па крайняй меры, растлумачыць, што абазначаюць гэтыя мудрагелістыя словы (хаця б шляхам прывядзення беларускіх адпаведнікаў).

Сказанае дае нам падставы сфармуляваць яшчэ адзін прынцып археаграфічнай працы (што было абяцана ў самым пачатку): прынцып кампактнасці інфармацыі пра крыніцу. Іншымі словамі — інфармацыя пра крыніцу ў выданні не павінна паўтарацца (незалежна ад формы прадстаўлення). Гэтым прынцыпам Дзярновіч не кіруецца.

У святле сказанага прынцыпы і методыку працы Дзярновіча спрошчанымі назваць нельга, але прымітыўнымі — можна. Метадалагічны гібрыд, які прапанаваў Дзярновіч, негатыўным чынам адлюстроўваецца на працэсе пошуку, вывучэння і засваення той інфармацыі крыніцы і пра крыніцу, якую ён размясціў у „Віцебска–рыжскіх актах“.

Цяпер звернемся да праблемы паўнаты гэтай інфармацыі. Тое значэнне, якое Дзярновіч надае радковым і надрадковым заўвагам, прымушае пачаць менавіта з іх. Паводле ўласнага прызнання, ён не змог кампутарнымі сродкамі зафіксаваць форму цітлаў і з мэтай іх абазначэння абраў адзін яе „стандартны“ варыянт. На самай справе, такіх варыянтаў у выданні некалькі, але ў любым выпадку яны не адлюстроўваць усе тыя варыянты цітлаў, якія сустракаюцца ў тэксце апублікаваных дакументаў. Дзярновіч паспрабаваў вырашыць гэтую праблему шляхам сціслага апісання формы цітлаў у навуковым апараце. Але такое апісанне даецца, на жаль, толькі ў адносінах да дакументаў № 1 і 4, 5. У археаграфіі важнае значэнне мае прынцып фармалізаванасці структуры і зместу навуковага апарату, які праяўляецца, у прыватнасці, у тым, што падзел на структурныя адзінкі і склад апошніх у дачыненні да ўсіх дакументаў аднолькавы, за выключэннем, безумоўна, тых выпадкаў, калі прадмет адзначэння адсутнічае (г. зн., напрыклад, калі вадзяны знак ці пячатка адсутнічаюць, то іх і не апісваюць). Зусім нічога не сказана пра форму іншых надрадковых знакаў, у той час як Дзярновіч у раздзеле аб „прынцыпах публікацыі кірылічных дакументаў“ робіць намёк на ўмоўнасць іх формаў у публікацыі (бо перадаюцца машынна–кампутарнымі сродкамі; с.21).

Пісьмо ўсіх апублікаваных дакументаў у Дзярновіча апісваецца ў асноўным толькі такім чынам: „Скорапіс. Пісьмо выразнае. Націск моцны“. Гэтыя элементы апісальнага артыкула пісьма прапаўноўваліся мной у „Метадычных рэкамендацыях“[54]. Аднак у выданні Дзярновіча яны выглядаюць бязглузда, паколькі від пісьма („скорапіс“), ступень выразнасці пісьма і націск пяра („вага пісьма“) — адзінкі, якія выдраны з аб’ёмнага блока прапанаванай інфармацыі. Толькі ў каментарах да дакумента № 1 прыведзены дадатковыя звесткі пра пісьмо. Так, паведамляецца, што „ў літары а бакавая рыска значна выступае ўверх і ўніз за межы радка. W мае высокую сярэдзіну <…>. Верхнія часткі літар ъ і ѣ выступаюць за межы радка. Літара т часам мае апушчаныя да нізу радка загіны, часам яе верхняя частка выступае за межы радку. Літара к перадаецца як дзве дужкі“ (51). Па нейкай прычыне Дзярновіч спыніўся толькі на дзвюх прыкметах пісьма: ступені мінускулізацыі пісьма[55] (наяўнасць вынасных элементаў у „а“, „ъ“ і ѣ) і формах асобных літар[56]. Чаму б не ахарактарызаваць пісьмо яшчэ і па наступных прыкметах, напрыклад, па тэмпе руху; пераважнай працягласці рухаў пяра — вышыні (памеру) і прапорцыі літар; сіметрычнасці і суразмернасці літар; вуглу нахіла; агульнай (пераважнай) форме рухаў пяра; звязнасці рухаў; дукту; форме рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар і саміх літар паміж сабой; тыпе злучэння рухаў пры напісанні элементаў літар і саміх літар; колькасці рухаў (прыёмаў) пры напісанні элементаў літар і саміх літар; варыянтнасці літар; характару і колькасці скарачэнняў (абрэвіятур, лігатур, вензеляў і вынасных літар) у асноўным тэксце; сістэме памежных сігналаў і інш. Ці не таму, што аўтар гэтых радкоў (калі характарызаваў тыповыя прыкметы беларускага скорапісу другой паловы XV ст.) у адной з гутарак з Дзярновічам не паспеў імі падзяліцца? Я не здзіўлюся, што Дзярновічам у адной з наступных публікацый будуць „улічаны“ і толькі што прыведзеныя прыкметы пісьма (праўда, выкарыстаныя — так чамусьці думаецца — не ў адпаведнасці з іх рэальным зместам) без спасылкі на крыніцу інфармацыі.

Цікава, што Дзярновіч сапраўды ўпэўнены, што палеаграфічнае апісанне выдадзеных дакументаў дадзена ім падрабязна[57]. Напэўна, у сувязі менавіта з гэтым яго не пакідае зманлівая мара „пабудовы схемы эвалюцыі старабеларускага пісьма ў Віцебску з улікам характэрных прыёмаў арганізацыі тэксту і яго ўпрыгожваннем, з вызначэннем індывідуальных асаблівасцяў пісараў і дзякаў, а таксама іх ідэнтыфікацыя“ (22). Больш за тое, робіцца намёк на стварэнне ў перспектыве гістарычна–псіхалагічных тыпаў складальнікаў дакументаў на падставе іх почыркаў (!?) (8). Калі пад „індывідуальнымі асаблівасцямі пісараў і дзякаў“ маецца на ўвазе характарыстыка почыркаў (не пісьма), я б мог падказаць, якія прыкметы, апрача адзначаных (для пісьма), павінен фіксаваць публікатар. У любым выпадку, пры такой дасведчанасці ў галіне палеаграфіі і почырказнаўства выношваць грандыёзныя планы (некаторыя з якіх, праўда, мяжуюць з фантастыкай) — справа ненадзейная. Не варта забываць і пра тое, што каб абагульніць вынікі вывучэння якога–небудзь прадмета, апошні трэба спачатку прааналізаваць. У дадзеным выпадку рана гаварыць нават пра зародкі аналізу.

Публікатар яўна наўмысна не паведамляе, па чым зроблена публікацыя „Віцебска–рыжскіх актаў“, хоць для ўсіх іншых публікатараў размяшчэнне гэтай інфармацыі ў выданні з’яўляецца правілам. Гэтая інфармацыя для карыстальніка ўяўляе важнасць з практычнага пункту гледжання, а менавіта ў сувязі з тым, як ставіцца да вынікаў апрацоўкі апублікаванага дакумента. Асабіста для мяне відавочна, што „Віцебска–рыжскія акты“ падрыхтаваны да друку паводле не арыгінала, а мікрафільма (калі не памыляюся, пра тое, што публікацыя зроблена паводле мікрафільма, Дзярновіч паведамляў на пасяджэнні аддзела, на якім абмяркоўваўся рукапіс). Пра гэта сведчыць, напрыклад, адсутнасць звестак пра памеры носьбіта тэксту дакумента, вадзяныя знакі паперы, без якіх сёння не абыходзіцца нават самае „адаптаванае“ выданне. Лапідарныя звесткі пра пячаткі падаюцца з дапамогай стандартнай формулы: „Маюцца сляды васковай пячаткі, што змацоўвала ліст“ (51, 61, 68, 69, 71, 75). Нічога не сказана, пакінула гэтая пячатка адзін след або два ці болей, дзе яны размешчаны, якой яны формы, ці можна прачытаць па іх якія–небудзь надпісы і выявы і г. д. А шкада, бо менавіта дзякуючы гэтым звесткам чытач мог бы даведацца, напрыклад, ці быў гэты дакумент „зашытым“, г. зн. дасылаўся ў выглядзе запячатанага канверта (адпавядае заходнееўрапейскім lettres closes), або „отвореным“ (адпавядае заходнееўрапейскім lettres patentes).

Пералік праігнараванай інфармацыі можна павялічыць: няма дадзеных наконт значнай колькасці прыкмет пісьма і почырку (гл. вышэй), ліній згіну дакумента і квадратаў, што яны ўтваралі (яны могуць сведчыць, як складваўся дакумент пры адпраўцы і захаванні), тэкст не ўсіх пазнейшых паметак узноўлены (дакумент № 4, 5, 7), адсутнічаюць звесткі пра іх дакладную лакалізацыю і асаблівасці размяшчэння і інш.

Вельмі істотна і наступнае: публікацыя паводле мікрафільма дае падставу падазраваць, што не ўсе ўнутраныя і знешнія прыкметы крыніцы перададзены дакладна[58].

Некалькі слоў наконт каментараў па змесце. Усе вядомыя мне метадычныя рэкамендацыі аднагалосна сцвярджаюць: каментары не павінны быць шматслоўнымі і перагружаны залішняй інфармацыяй. „Галоўным паказчыкам якасці выдання з’яўляецца не прысутнасць падрабязных каментараў, а ўзровень парыхтоўкі тэкстаў, легенд, загалоўкаў і навукова–даведачнага апарату, — адзначае С. Каштанаў, праўда, пры гэтым дадае, — хаця безумоўна, вопыт працы па вывучэнні і каментаванні актаў можа станоўча ўплываць як на прачытанне тэкстаў, так і на іх археаграфічнае афармленне ў цэлым“[59]. Калі знаёмішся з каментарамі „Віцебска–рыжскіх актаў“, чарговы раз пераконваешся ў важнасці гэтай пазіцыі: каментары можна даваць ледзь не па кожным слове і тэрміне, што, вядома, практычна не ажыццяўляльна, ды і непатрэбна. У адваротным выпадку прадмет каментавання становіцца надзвычай адвольным. Калі гаварыць пра каментары Дзярновіча, то некаторыя яго думкі можна сфармуляваць больш сцісла, можна пазбегнуць аб’ёмных цытат (нават калі гэта цытата з крыніцы). Не думаю, у прыватнасці, што была неабходнасць даваць пералік літаратуры па праблеме гандлёвых і іншых сувязяў у Падзвінскім рэгіёне аб’ёмам амаль на цэлую старонку (кам., с. 53). Агульную карціну гістарычых рэалій, прадуктам якіх сталі апублікаваныя дакументы, было б больш мэтазгодна размясціць у гістарычнай прадмове выдання, якога, дарэчы, няма.

Мы спыніліся не на ўсіх аспектах выдання (пакінулі без увагі такія моманты, як размяшчэнне структурных адзінак выдання, іх асобных частак, паліграфічнае афармленне, якасць ілюстрацый і інш.). Каб зрабіць агульныя высновы, дастаткова і гэтага. Падсумоўваючы сказанае, адзначым наступнае. Выданне выклікае супярэчлівыя ўражанні: не прадуманы прынцыпы, метады і прыёмы перадачы тэксту, склад навуковага апарату. Карыстаючыся такім выданнем, даследчык не атрымае поўнай інфармацыі пра апублікаваныя крыніцы, а для таго, каб знайсці тое, што ўсё ж такі ёсць, яму спатрэбіцца спецыяльна папрацаваць, бо шукаць давядзецца ў масе непатрэбнай інфармацыі.

Я ўжо гаварыў[60], але паўтару яшчэ раз, іншымі словамі. Археаграфічная дзейнасць толькі на першы погляд робіць уражанне працы, якая прыносіць лёгкую навуковую славу. Гэта лёгкасць уяўная. Названая дзейнасць уводзіць даследчыка ў кола праблем спецыяльных гістарычных навук, а таксама ў галіну спецыяльнай метадалогіі, якая патрабуе сістэмных, а не ўрыўкавых ведаў, асаблівых уменняў, навыкаў і вопыту. Гэтая методыка ставіць на мэце распрацоўку сістэмнай мадэлі публікацыі, у якой кожны элемент мае сваё месца і знаходзіцца ў жорсткай сувязі з іншым, г. зн. такой мадэлі, дзе няма месца, з аднаго боку, лакунам, з другога — залішняй інфармацыі.

Я за выданне гістарычных крыніц, за выданне віцебска–рыжскіх актаў, але супраць падобных метадаў працы.


[1] Віцебска–Рыжскія акты XIII—XVII ст.: Дагаворы і службовая карэспандэнцыя паміж органамі кіравання горада Віцебска і ганзейскага горада Рыгі (з былога комплекса Ruthenica Дзяржаўнага Гістарычнага Архіва Латвіі). Вып. I: дакументы гаспадарча–гандлёвыя, XV — XVI ст. / Падрыхтаваў Алег Дзярновіч; НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. Мінск: ATHENAEUM, 2005. — 88 с., іл. (Athenaeum, Том XI).
[2] Першы і трэці прынцыпы адпавядаюць прынцыпу „крыніцазнаўчай паўнацэннасці“ выдання, які абгрунтоўваў расійскі археограф Я.Дабрушкін (Добрушкин Е. М. Основы археографии: Учебное пособие. Москва, 1992).
[3] Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі рукапісных актавых кірылічных крыніц у Беларусі (XIII—XVIII стст., перыяд Вялікага княства Літоўскага) / Аўтар–складальнік А.І.Груша. Мінск, 2003 (далей — Метадычныя рэкaмендацыі). С. 3—4.
[4] Калі выключыць літарныя і гукавыя абрэвіятуры, бо літары ўсіх літарных і значнай часткі гукавых абрэвіятур пішуцца з вялікай літары.
[5] Інтытуляцыя манарха вылучалася з дапамогай прабелу ці прабелу і кропкі, у далейшым шляхам пашырэння левага і правага палёў. Інтытуляцыя службовых і прыватных асобаў, інскрыпцыя, буйныя падраздзелы ўнутры раздзелаў ад далейшага тэксту — з дапамогай, як правіла, прабелаў ці прабелаў і пэўных знакаў (у выглядзе касых ліній, кропак і косак), вялікай і павялічанай літары, з якой пачынаўся наступны тэкст. Часцей за ўсё выкарыстоўваўся адзін ці два з пералічаных прыёмаў. Адасабленне даты ад папярэдняга тэксту рабілася з дапамогай вялікай літары, з якога пачыналася гэтая частка тэксту дакумента, прабелу, прабелу і знакаў. Як і ў папярэднім выпадку, пры гэтым найчасцей выкарыстоўваўся адзін ці два з названых прыёмаў.
[6] Сморгунова Е. М. О пограничных сигналах в скорописи (наблюдения над графикой смоленских грамот XVII века) // Исследования источников по истории русского языка и письменности. Москва, 1966. С. 177 і інш. „Падзел слоў адбыўся яшчэ ў IX ст., арфаграфія ўдасканальвалася стагоддзямі і спрыяла выпрацоўцы больш дакладнага разумення тэксту. Паступова склалася сістэма расстаноўкі слоў у радку, мэтай якой было больш лёгкае ўспрыманне напісанага. Для чытання (асабліва беглага) патрэбны пастаянны рытм, паколькі вока патрабуе зрокавай роўнасці прамежкаў. Каб вылучыць слова, дастаткова яго лакалізаваць з абодвух бакоў двайнымі апрошамі, г. зн. прасветамі“ (Киселёва Л. И. Западноевропейская рукописная и печатная книга XIV—XV вв.: Кодикологический и книговедческий аспекты. Ленинград, 1985. С. 55).
[7] Вялікія і павялічаныя літары адносяцца да віду станоўчых памежных сігналаў, якія абазначалі мяжу паміж словамі — у адрозненне ад адмоўных памежных сігналаў, што знаходзяцца ўнутры слова і адзначаюць адсутнасць мяжы паміж словамі (Сморгунова. О пограничных сигналах в скорописи. С. 178).
[8] Гэтае ўяўленне звязана са словамі Хрыста ў Апакаліпсісе: „Аз есмь Альфа и Омега, … початок и конец…“.
[9] Палеографические снимки с русских грамот преимущественно XIV века / Под ред. А. И. Соболевского и С. Л. Пташицкого. С.–Петербург, 1903. № 5, 6, 11, 20, 31, 48 і інш. У гэтай сувязі даследчыкамі даўно заўважана „бессістэмнасць“ прастаўлення кропак (Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография. Ленинград, 1928. С. 225; Черепнин Л. В. Русская палеография. Москва, 1956. С. 159).
[10] У сувязі з гэтым вартае ўвагі назіранне англійскага даследчыка Т. М. Клянчы. Гл.: Clanchy M. T. From Memory to Written Record. England 1066—1307. Second edition. Harvard Univercity Press, 2002. P. 130.
[11] Гл., напр.: Люблинская А. Д. Латинская палеография. Москва. 1967. C. 42—43.
[12] Аб розных прыёмах пераносу слоў на іншы радок у запісах пісцоў XIII— XV ст. гл.: Страхов А. Б. О коллекции писцовых записей М. Г. Гальченко (послесловие редактора) // Palaeoslavica, 2003. № 11. С. 145—146.
[13] Сморгунова. О пограничных сигналах в скорописи. С. 183 і інш.
[14] Щепкин В. Н. Русская палеография. 3–е доп. изд. Москва, 1999. С. 156.
[15] Колесов В. В. Знаки ударения и надстрочные знаки в русских рукописях XIV—XV вв. // Методическое пособие по описанию славяно–русских рукописей для Сводного каталога рукописей, хранящихся в СССР. Москва, 1973. Вып. 1. С. 79.
[16] Цітлападобнымі літарамі называюцца вынасныя літары, якія выносіліся над радком без цітлы, што тлумачыцца графічнай блізкасцю гэтых літар і цітлы.
[17] Нельга пагадзіцца з А. Булыкам, што форма вынасной „и“ ў выглядзе „s“ замацоўваецца ў пачатку XVI ст. (Булыка А. М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мінск, 1970. С. 53).
[18] „Найбольш адэкватны арыгіналу варыянт перадачы тэксту крыніцы, які мы называем (падкрэслена мной. — А. Г.) Лінгвістычным варыянтам…“ (с. 21).
[19] Будзе марным выкарыстанне для гэтай мэты распаўсюджаных шрыфтоў, стылізаваных пад старое пісьмо, якія адлюстроўваюць не палеаграфію пісьма, а толькі знешні эфект яго даўніны. Возьмем да прыкладу папулярны шрыфт Izhitsa. Па–першае, гэты шрыфт стылізаваны толькі пад устаў і паўустаў (не скорапіс). Па–другое, ён мае абмежаваны набор графічных варыянтаў літар, які існаваў ва ўставе і паўуставе (у розныя перыяды на працягу ўсяго часу іх функцыянавання). Па–трэцяе, тыя графічныя варыянты, якія прысутнічаюць у гэтым шрыфце, уласцівыя розным этапам развіцця ўстава і паўустава. Так, у Izhitsa „а“ ётаванае перадаецца як ІА. Устаўная ІА такога выгляду (з перакладзінай, якая праходзіла амаль па самым версе літары), выконвалася ў рукапісах беларускага паходжання толькі з апошняй трэці XIV ст. Той варыянт „амегі“, які прадстаўлены ў Izhitsa, а менавіта w (з высокай сярэдзінай), больш характэрны для XI ст.; у XII ст. сярэдзіна літары памяншаецца. Толькі ў другой палове XIV ст. у сувязі з так званым „другім паўднёваславянскім уплывам“ варыянт „амегі“ з нізкай сярэдзінай (ѡ) замяняецца на w з высокай сярэдзінай. У другой палове XV ст. у паўуставе ѡ пішацца як з высокай, так і з нізкай сярэдзінай. Тое ж самае можна сказаць і пра ѡ паўустава першай паловы XVI ст., а таксама ўстава XV — першай паловы XVI ст. У розны час існавалі і розныя варыянты e і ю. „Е“ ётаванае з перакладзінай пасярэдзіне характэрна для XI — першай паловы XIII ст. У другой палове XIII ст. у асобных выпадках перакладзіна ѥ можа падымацца і некалькі нахіляцца. Падымаецца ўверх таксама і перакладзіна ю. У апошняй трэці XIV ст. прамая перакладзіна ю можа праходзіць вельмі высока ці нават па самым версе. Такім жа чынам можа быць размешчана перакладзіна ѥ. Высокая перакладзіна ю нахіляецца. Адначасова з’яўляюцца варыянты ю з нахіленай перакладзінай пасярэдзіне. Падобныя прыклады можна памножыць. Такім чынам, названы шрыфт не можа адлюстроўваць графіку пісьма нейкага аднаго перыяду. І гэта не гаворачы пра тое, што вышэй разгледжаны толькі асаблівасці пісьма асноўнай масы, а не асобных рукапісаў і тым больш не асаблівасці асобна ўзятага почырку. Асаблівасці почырку як індывідуальнага пісьма — больш разнастайныя, чым агульная палеаграфія пісьма. Усё сказанае можна аднесці і да другога папулярнага шрыфта, Litopys New Roman. Такія шрыфты могуць быць выкарыстаны для абазначэння літар, якія выйшлі з ужытку, але не для адлюстравання палеаграфічных асаблівасцяў тэксту.
[20] Метадычныя рэкамендацыі. Вязь (с. 12—13. Арт. 17, с. 18. Арт. 43, с. 39. Арт. 123—124, с. 110. Арт. 582—584, с. 132. Арт. 783), лігатуры (с. 11. Арт. 16, с. 18. Арт. 42, с. 39. Арт. 125, с. 109. Арт. 571—572, с. 132. Арт. 783), ініцыяльныя літары (с. 18. Арт. 54, с. 39—40. Арт. 126—131, с. 132. Арт. 783), „знакі пунктуацыі“ (с. 11—12. Арт. 16, с. 18. Арт. 50, с. 40. Арт. 132—134, с. 109. Арт. 575—576, с. 132. Арт. 783); надрадковыя знакі (с. 11—12. Арт. 16, с. 18. Арт. 52, с. 109—110. Арт. 573—574, 577—578, с. 132. Арт. 783) і г. д.
[21] Россия и греческий мир в XVI веке: В 2 т. / Подгот. к публ. С. М. Каштанов, Л. В. Столярова, Б. Л. Фонкич. Москва, 2004. Т. 1. № 2. С. 129, № 5. С. 134, № 6. С. 136, № 8. С. 138, № 12. С. 140, № 14. С. 142, № 15. С. 143, № 17. С. 143, № 18. С. 143, № 20. С. 144, № 21. С. 144, № 22. С. 145, № 23. С. 145, № 26. С. 148, № 32. С. 152, № 37. С. 154, № 38. С. 157, № 39. С. 158, № 40. С. 159, № 41. С. 159, № 42. С. 161, № 43. С. 162, № 50. С. 169 і г. д., дадаткі: № 1. С. 336, № 2. С. 338 і інш.
[22] Напр.: Смоленские грамоты XIII—XIV веков / Подг. Т. А. Сумникова и В. В. Лопатин. Москва, 1963; Изборник 1076 года / Подг. В. С. Голышенко, В. Ф. Дубровина, В. Г. Демьянов, Г. Ф. Нефёдов. Москва, 1965 і інш.
[23] Напр.: Пергаминные рукописи собрания Виленской публичной библиотеки (Библиотека Академии наук Литовской Республики, ф. 19) / О. А. Князевская, А. Л. Лифшиц, А. А. Турилов // Krakowsko–Wileńskie studia Slawistyczne. T. 3. Kraków, 2001 і інш.
[24] Напр.: Записи писцов в датированных древнерусских рукописях XIII—XV вв. (из архива М. Г. Гальченко) / Подгот. Р. Н. Маслова // Palaeoslavica, 2003. № 11 і інш.
[25] Напр.: Хрестоматия по истории русского языка / Авторы–составители: В. В. Иванов, Т. А. Сумникова, Н. П. Панкратов. Москва, 1990.
[26] Німчук В. В. Правила видання пам’яток, писаних українською мовою та церковнослов’янською української редакциї. Ч. 1. Проект // Проблеми едиційної та камеральної археографії: історія, теорія, методика. Київ, 1995. Вип. 27. С. 22. Арт. 2.
[27] Таксама. С. 23. Арт. 3.
[28] Тамсама. С. 23. Арт. 6.
[29] Тамсама. С. 23. Арт. 7.
[30] Тамсама. С. 23. Арт. 9.
[31] Тамсама. С. 25. Арт. 4, с. 26. Арт. 5, 6, 8, с. 28. Арт. 14, 17.
[32] Тамсама. С. 31—32. Арт. 4—6, с. 32. Арт. 8.
[33] Страшко В. Правила передачі тексту кириличних документів XVI — XVIII ст. дипломатичним і популярним методами та рекомендації для застосування цих правил у виданнях наукового і науково–популярного типів (проект) // Проблеми едиційної та камеральної археографії: історія, теорія, методика. Київ, 1992. Вип. 7.
[34] Тамсама. С. 8. Арт. 1.6.
[35] Тамсама. С. 9. Арт. 1.7.
[36] Тамсама. С. 9. Арт. 1.8.
[37] Тамсама. С. 10. Арт. 1.9
[38] Тамсама. С. 10. Арт. 1.11.
[39] Тамсама. С. 11. Арт. 1.15.
[40] Тамсама. С. 12. Арт. 1.16.
[41] Тамсама. С. 17. Дадатак 1.
[42] Зрэшты, у рэкамендацыях Страшко мала што новага. Так ці інакш яны ўзыходзяць да „Правілаў лінгвістычнага выдання помнікаў старажытнарускай пісьменнасці“. Прычым па гэтых правілах выдаваліся не толькі старажытныя ўсходнеславянскія помнікі, але і больш познія крыніцы беларускага паходжання, напр. „Баркулабаўскі летапіс“, які падрыхтавала да друку Н. Вайтовіч (Вайтовіч Н. Т. Баркалабаўскі летапіс. Мінск, 1977). Вайтовіч, агаворваючы метады і прыёмы публікацыі, прама спасылаецца на „Правілы лінгвістычнага выдання…“. Па ўзоры Н. Вайтовіч У. Свяжынскім апублікаваны „Гістарычныя запіскі“ Ф. Еўлашоўскага (Свяжынскі У. М. „Гістарычныя запіскі“ Ф. Еўлашоўскага. Мінск, 1990).
[43] Метадычныя рэкамендацыі. С. 17. Арт. 37.
[44] Тамсама. С. 18. Арт. 46.
[45] Тамсама. С. 18. Арт. 48.
[46] Тамсама. С. 18. Арт. 50.
[47] Тамсама. С. 18. Арт. 52.
[48] Тамсама. С. 40. Арт. 132—134, с. 109—110. Арт. 573—578.
[49] Тамсама. С. 11. Арт. 16, с. 18. Арт. 42, с. 39. Арт. 125, с. 109. Арт. 571—572, с. 132. Арт. 783. Увогуле я параіў бы Дзярновічу пазнаёміцца з тым, што сказана на с. 4 згаданых „Рэкамендацый“: „Спалучэнне прынцыпаў паўнаты прадстаўлення і дакладнасці перадачы тэксту, з аднаго боку, і яго чытабельнасці, з другога, ажыццяўляецца за кошт уключэння характарыстык вязі і лігатур, звестак аб знаках пунктуацыі і надрадковых знаках рукапісу ў заўвагі. Адзначэнне апошніх, у прыватнасці, павінна зняць істотную розніцу, якая існуе паміж так званымі дыпламатычнымі і лінгвістычнымі выданнямі (падкрэслена мной. — А. Г.)“.
[50] Каштанов С. М. Актовая археография. Москва, 1998 (далей — Каштанов. Актовая археография). С. 285.
[51] Відавочна, вылучэння вынасных літар індэксам публікатару здалося мала, ён іх яшчэ вылучыў курсівам.
[52] „Пры наяўнасці курсіву для вынасных і дужак для прыўнесеных літар «дыпламатычнае» выданне можа выкарыстоўвацца як лінгвістычнае“ (Каштанов. Актовая археография. С. 243).
[53] Уласна гэтая інфармацыя прэтэндуе на нейкую аналітыку. Імкненне публікатараў стаць адначасова „даследчыкамі“ — адно са слабых месцаў сучаснай археаграфіі. Археограф–публікатар павінен ведаць сваю галоўную задачу — выканаць копію гістарычнай крыніцы, з якой можна было б працаваць як з крыніцай, не наведваючы месца яе захавання. А калі ўжо даследаваць крыніцу, то рабіць гэта ўсебакова, і калі, напрыклад, аналізаваць яе мову, то не толькі яе арфаграфію, але, і сінтаксіс, і фанетыку і інш. Я не праціўнік размяшчэння розных тыпаў даследаванняў у археаграфічнай працы, але трэба мець уяўленні пра іх межы. Напрыклад, уключэнне ў выданне вынікаў вывучэння архіўнага (бібліятэчнага) лёсу рукапісу не толькі пажадана, але і патрэбна, калі яны даюць магчымасць публікатару абгрунтаваць увядзенне ў склад выдання той ці іншай інфармацыі па тэксце, знешніх прыкметах рукапісу і інш.
[54] Метадычныя рэкамендацыі. С. 108. Арт. 566—568.
[55] Мы лічым мэтазгодным выкарыстанне ў адносінах да кірылічнага пісьма тэрмінаў, прынятых у лацінскай палеаграфіі. Маюскульнае (ад лац. majus вялікі) пісьмо — двухлінейнае, г. зн. усе літары займаюць прастору паміж дзвюма ўмоўнымі лінейкамі. Мінускульнае (ад лац. minus малы) пісьмо — чатырохлінейнае, г. зн. частка літар займае прастору паміж чатырма такімі лінейкамі (паміж першай і трэцяй, другой і чацвёртай, другой і трэцяй), прычым лініі, якія адыходзяць ад радковых літар уверх і ўніз (яны называюцца вынаснымі элементамі), з’яўляюцца складовымі элементамі гэтых літар.
[56] Нягледзячы на тое, што Дзярновіч і канстатуе выкарыстанне ў дакуменце № 1 літары „а“ з верхнім і ніжнім вынаснымі элементамі, ён у некаторых выпадках як бы адмаўляецца ад гэтых назіранняў і пры перадачы тэксту за „а“ памылкова прымае „о“ (якое, дарэчы, ніколі за ўсю сваю гісторыю такіх элементаў не мела) („ижбы м(и)л(о)сть ваша та (так надрукавана — трэба чытаць „то“) для пана нашего кроля“, 7 радок зверху; „што маеть за свою работу (так надрукавана — трэба чытаць „роботу“)“, 4 радок знізу) (пар. тэкст дакумента на с. 25 і ілюстрацыю на с. 44).
[57] „Такая важная задача, як падрабязнае палеаграфічнае апісанне (з прывядзеннем характарыстыкі знешняй формы дакумента), будзе рэалізоўвацца надалей…“ (7—8).
[58] Груша А. Шляхі і спосабы павышэння крыніцазнаўчай інфарматыўнасці выданняў кніг Метрыкі ВКЛ // Актуальныя пытанні вывучэння і выдання Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Матэрыялы міжнароднай навукова–практычнай канферэнцыі (Мінск, 11—12 лістапада 2003 г.). Мінск, 2005. С. 70, 83.
[59] Каштанов. Актовая археография. С. 288.
[60] Груша А. „Малапрыстасаваныя“ рэкамендацыі ці малападрыхтаваныя рэцэнзенты? // БГА. 2003. Т. 10. С. 227.

Наверх

Уладзімір Ісаенка. Першы дапаможнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

20 снежня, 2005 |


* Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны). Учебное пособие для 11 кл. Допущено Министерством образования Республики Беларусь. Под ред. докт. ист. наук, проф. А.А. Ковалени и докт. ист. наук Н.С. Сташкевича. Авторы: А.А. Коваленя, М.А. Краснова, В.И. Лемешонок, С.Е. Новиков, М.Г. Жилинский, Б.Д. Долготович, К.И. Козак. Минск: Издательский центр БГУ, 2004. 231 с.

Рэцэнзентамі дапаможніка выступілі кафедра гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, праф., канд. гіст. навук Г. Ваўчок і настаўнік гімназіі №56 г. Мінска П. Гламбоцкі.

Кніга выдадзена на рускай і беларускай мовах тыражом больш за 100 тысяч. Выданні, якія маюць невялікія адрозненні, выходзілі таксама ў якасці падручніка для ВНУ, а таксама для шырокага кола чытачоў.

Выхад у свет навучальнага дапаможніка пра велізарную вайну ў гісторыі чалавецтва — першага за 60 гадоў у Беларусі і краінах СНД, ды і сусвету — з’ява буйнога культурна–гістарычнага значэння. І не толькі таму, што ён абуджае ў памяці падзеі той вайны, маштабы ваенных аперацый (і трагедый) Другой сусветнай вайны. Увага да тых далёкіх падзей, якія выпалі на долю некалькіх пакаленняў, сведчыць, што не будуць забытыя палітычны і грамадзянскі вопыт, шматлікія ахвяры вайны, гераічныя подзвігі народаў–вызваліцеляў, сярод якіх пачэснае (і трагічнае) месца займае беларускі народ. Першы, найбольш магутны ўдар ворага абрынуўся менавіта на тэрыторыю і насельніцтва Беларусі, а вызвалена яна была (разам з Літвой) апошняй. Народ Беларусі так і не скарыўся акупантам, рэспубліка ператварылася ў партызанскую, амаль з кожнай сям’і нехта загінуў, многія пазбавіліся здароўя, жылля, маёмасці. Памяць пра родных, якія не вярнуліся з вайны, і пачуццё глыбокай удзячнасці да вызваліцеляў–сыноў іншых брацкіх народаў („савецкага народа“) жыве і будзе жыць у вяках. Нашчадкі тых, хто прайшоў цяжкімі дарогамі вайны, не шкадуючы жыцця, змагаўся ў лясных пушчах, адбудоўваў гарады і сёлы, могуць ганарыцца дзядамі і бацькамі.

Вайна — гэта ахвяры і страты, непамерная праца, галеча і калецтва, спусташэнне гарадоў і вёсак. Адначасова гэта праверка чалавечай годнасці, высокіх патрыятычных пачуццяў, самаахвярнасці, але іншы раз і праявы нізкіх, эгаістычных, пачварных учынкаў. У цяжкіх, экстрэмальных умовах існасць чалавека, народа выяўляецца хутка і яскрава. Беларускі народ прайшоў выпрабаванні вайны, набыў каштоўны вопыт нацыянальнага суіснавання ў Еўропе, у сям’і братніх народаў. Яго сыны ўдзельнічалі ва ўсіх падзеях былой вайны і паказалі высокую чалавечую годнасць, гарачую, неадольную любоў да Айчыны.

Звернемся да прапанаванага навучальнага дапаможніка аб падзеях шасцідзесяцігадовай даўнасці.

У пошуках прычын Другой сусветнай вайны (раздзел I) аўтары разглядаюць міжнароднае становішча, якое склалася пасля падпісання Версальскай мірнай дамовы 1919 г. Асаблівую ўвагу выклікае дзейнасць Лігі Нацый, г. зв. Версальска–Вашынгтонская сістэма. Гэтае паняцце савецкай гістарыяграфіі згадваецца шмат разоў (с. 12, 22), і не толькі ў разгляданым навучальным дапаможніку, але і ў падручніку па сусветнай гісторыі для 11–га класа. Між тым, амерыканскі сенат адхіліў і не ратыфікаваў 19 лістапада 1919 г. Версальскую дамову. У яе ўвайшлі толькі 4 з 23 умоваў, прапанаваных прэзідэнтам Вільсанам. Кангрэс не даў згоды і на ўваходжанне ЗША ў Лігу Нацый. У дачыненні да еўрапейскіх справаў пачала ажыццяўляцца палітыка ізаляцыянізму. У 1921 г. было абвешчана аб спыненні вайны з Нямеччынай і 25 жніўня ЗША падпісалі сепаратную дамову. Так што адзінай сістэмы ў рабаўніцтве Нямеччыны не было і ў перакройцы межаў у пасляваеннай Еўропе ЗША удзелу не бралі. Не было адзінства ўзгодненых дзеянняў нават у Францыі і Вялікай Брытаніі. Ленін назваў Версальскую дамову „дамовай драпежнікаў і рабаўнікоў“. Яе ўмовы, абавязковыя для выканання, прывялі да разбурэння эканомікі і жабрацтва ў Нямеччыне. Нямецкі ўрад адказаў 12 ліпеня 1922 г. спыненнем выплаты рэпарацый, а нямецкі народ у 1923 г. — выбухам нацысцкага путчу ў Мюнхене і камуністычнымі паўстаннямі ў Берліне і Гамбургу (першая спроба перавароту была ў студзені 1919 г. пад кіраўніцтвам К.Лібкнехта і Р.Люксембург.) Пра гэта, як і пра стварэнне і дзейнасць Камінтэрна на савецкія грошы ў дапаможніку — ані слова, паведамляецца толькі пра чамусьці заключаны ў 1936 г. „Антыкамінтэрнаўскі пакт“ (с. 15).

Не знайшлося месца, каб паведаміць аб прыходзе 30 кастрычніка 1922 г. да ўлады ў Італіі фашыста Мусаліні. Не разгледжана і сакрэтнае пагадненне 1922 г. Савецкага ўрада з Нямеччынай аб ваенна–тэхнічным супрацоўніцтве, якое набрала сілу да 1926 г. і дапамагала ўмацоўваць райхсвер.

Тлумачэння, хто такія арыйцы, а таксама паняццяў генацыд, нацызм, расавая палітыка, расізм, фашызм, шавінізм не даецца ні ў асноўным тэксце, ні ў прапанаваным слоўніку гістарычных паняццяў (с. 223—225).

Пры разглядзе міжнародных адносінаў 1930–х г. адзначаюцца галоўныя задачы нацыстаў — ліквідацыя беспрацоўя і ўзняцце дабрабыту ўсіх грамадзян — і мэта — адмена ўсіх абмежаванняў на ўзбраенне Нямеччыны (с. 13, 14). Галоўнае — панаванне ў Еўропе „арыйскай“ (а значыць нямецкай) расы, стварэнне неабходнай прасторы, з якой трэба выціснуць іншыя народы. Для гэтага перш за ўсё трэба аб’яднаць хоць бы нямецкі народ, прыйсці да ўлады. Аб’яднальнай была ідэя ануляваць Версальскую дамову і ліквідаваць Версальскую сістэму, дамагчыся раўнапраўя для Нямеччыны. У Нямеччыне ў лістападзе 1932 г. за нацыстаў аддалі галасы 11,8 млн., а за сацыял–дэмакратаў 8,1 млн., і за камуністаў — 5,8 млн. выбаршчыкаў, разам — большасць! Ды вось толькі апошнія не аб’ядналіся, а варагавалі, чым паспрыялі нацыстам атрымаць уладу і потым разбіць абедзве партыі. Прычыны гэтага — дзеянні Камінтэрна, які ажыццяўляў на практыцы генеральную лінію, акрэсленую Сталіным у 1924 г. на пленуме ЦК РКП(б): „Не кааліцыя з сацыял–дэмакратыяй, а смяротны бой з ёю“. Пра гэты палітычны промах аўтары не паведамляюць, а прыводзяць толькі табліцу росту ўплыву НСДАП у нямецкім грамадстве (с. 14). Не адзначаецца, што становішча ў Нямеччыне асабліва абвастрылася ў сувязі з сусветным эканамічным крызісам 1924—1933 г. 30 студзеня 1933 г. Гітлер легітымна ўзначаліў урад Нямеччыны. У кастрычніку Нямеччына пакінула Лігу Нацый, адмовілася ад удзелу ў Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні 1932—1934 г. (а не 1935 г.; с. 14). І нямецкі народ гэта ўхваліў! У лістападзе 1933 г. за НСДАП прагаласавала 92% выбаршчыкаў. Насельніцтва ў бальшыні пайшло за Гітлерам.

Аўтары прытрымліваюцца пункту погляду маскоўскіх „аналітыкаў“: нацыстаў падтрымалі дробныя ўласнікі, беспрацоўныя, частка інтэлігенцыі і моладзі. Аднак і камуністы абапіраліся на беспрацоўных, здольных на ўсё, на дэкласаваную частку моладзі. Кадравыя рабочыя, як і прадпрымальнікі, былі зацікаўлены ў стабільнасці, заробках, а моладзь — у набыцці прафесіі і кар’ерным росце. Яна імкнулася пераважна не да вулічных сутычак з паліцыяй і між сабой, займалася турызмам і спортам, прымала блізка да сэрца ідэі адраджэння і велічы Нямеччыны. Гросбаўэры (заможныя сяляне) і дробныя ўласнікі (сярэдняе саслоўе) пайшлі ў нацысты, бо спадзяваліся на іх падтрымку і ўзбагачэнне ў сувязі з „арыiзацыяй“ дробных прадпрыемстваў. Ліквідацыя беспрацоўя і адыход моладзі ад левых радыкалаў, ад камуністаў з іх лозунгам „У пралетарыяў няма бацькаўшчыны“ (Ленін) і абвастрэння класавай барацьбы (Сталін) яшчэ болей паслаблялі камуністычны рух. Кампартыя была разгромлена, а іншыя партыі самараспусціліся. Да 1935 г. ажыццявілася ідэя „адзін народ, адзін райх, адзін фюрэр“, дадамо яшчэ „адна партыя“ — таталітарызм нацысцкага ўзору. Яму быў патрэбны ўнутраны вораг, каб апраўдаць рэпрэсіі, і знешнія праціўнікі, каб распачаць гонку ўзбраенняў.

У дапаможніку прыведзена табліца выпуску самалётаў толькі ў Нямеччыне з 1932 да 1939 г. (с. 15). Але параўнальна–гістарычны падыход патрабуе дапоўніць яе дадзенымі па суседніх краінах. У СССР выпушчана самалётаў: 1936 г. — 860, 1934 г. — 2600, 1936 г. — 3600, 1938 г. — 5500, 1939 г. — 7000, прычым многа новых тыпаў. У гэты час ВПС Англіі мелі 3000, а Францыі — усяго 2000 самалётаў. У 1935—1939 г. вытворчасць танкаў у СССР была ў 2 разы большай, чым у Нямеччыне. Дзяржава мела гармат болей, чым усе астатнія краіны разам узятыя. І ў гэтым — найвялікшы працоўны подзвіг савецкага народа. Так што скардзіцца на недахопы (с. 44) не варта. „Са снежня 1939 да 1941 г. у войскі Чырвонай Арміі было пастаўлена 7 тыс. танкаў, каля 18 тыс. баявых самалётаў“ (с. 41) сцвярджаюць аўтары — і вельмі недакладна. На самай справе гэтая колькасць баявой тэхнікі была пастаўлена з студзеня (!) 1939 да 22 чэрвеня 1941 г.[1].

Кожнай вайне папярэднічае перыяд пэўнай палітычнай падрыхтоўкі. Аўтары вельмі слушна дапаўняюць Дамову аб ненападзе Сакрэтным дадатковым пратаколам, прадметам нядаўніх спрэчак (с. 24, 25). Але гэтага мала. Варта было б спаслацца і на папярэдняе гандлёвае пагадненне, падпісанае 19 жніўня. Паводле яго Нямеччына атрымлівала ад СССР сыравіну, гэтак неабходную для вайны, а СССР — станкі і абсталяванне, вельмі патрэбныя для ВПК некаторыя ўзбраенні.

Вядома, што 28 красавіка 1939 г. Нямеччына скасавала дамову з Польшчай аб ненападзе. Адпаведная дамова СССР з Польшчай фармальна дзейнічала да 1945 г. Дачакаўшыся разгрому польскай арміі, 17 верасня распачала свой заходні паход Чырвоная Армія. Але на прапанаванай карце (с. 27) чамусьці не нанесены адпаведныя чырвоныя стрэлкі ні па „ўсходніх крэсах“ Польшчы, ні па ўсходняй паласе Фінляндыі. Дарэчы, дамоўленая лінія размежавання паміж савецкай і нямецкай зонамі не супадае з „лініяй Керзана“, як сцвярджаецца (с. 29), а праходзіць далёка на захад ад яе, каля польскага горада Ломжа. У савецкай ноце польскаму паслу ў Маскве і 33 паслам іншых краін 17 верасня заяўлялася, што ў сувязі з „распадам“ польскай дзяржавы Чырвоная Армія выконвае загад „перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі“, г. зн. усталяваць там цывілізаваны парадак. З ліста сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі Сталіну (с. 37) відаць, што гэта быў за парадак: дзялілі зямлю, вешалі, расстрэльвалі, забівалі, здавалі… Нездарма да вайны ахоўвалася старая мяжа і „лінія Сталіна“ — умацаваныя раёны на ёй. У той час як умацаванні на новай мяжы („лінія Молатава“) апісаны (пабудавана 40%), для „лініі Сталіна“ (пабудавана 90%) месца не знайшлося.

Абодва бакі ліхаманкава рыхтаваліся да вырашальнага сутыкнення: Нямеччына — з 1935 (Закон аб абароне дзяржавы), СССР — з 1929 г. (індустрыялізацыя з ваенным ухілам). Разгром Польшчы і паход на Захад былі для нямецкай арміі хоць і прыемнымі, але толькі эпізодамі. У дамову аб ненападзе ніхто не верыў. Нямецкія ўзброеныя сілы панеслі невялікія страты, затое набылі патрэбны вайсковы вопыт і ўпэўненасць у сваёй непераможнасці. Савецкае кіраўніцтва верыла ў класавы характар вайны і падтрымку міжнароднага пралетарыяту.

Аўтары абяцалі паказаць Вялікую Айчынную вайну „ў кантэксце Другой сусветнай вайны“ і ў адносінах да Польшчы стрымалі сваё абяцанне. Але як ішла вайна на Захадзе — засталося амаль невядомым (с. 33, 34). Далучэнне прыбалтыйскіх рэспублік апісана вясёлкавымі фарбамі (с. 35), быццам адбывалася яно не ва ўмовах акупацыі, на асновах нелегітымных выбараў па сталінскім узоры, пасля грандыёзных „зачыстак“. Сцверджанні аб прызнанні гэтага акта законным вельмі спрэчныя (с. 35).

Зразумела, што навучальны дапаможнік — не навуковая манаграфія, якая змяшчае паглыбленыя даследаванні пэўных гістарычных падзей. Для яго дастаткова хоць бы пералічыць самыя істотныя падзеі ў пэўнай храналагічнай паслядоўнасці, падаць вынікі сістэмнага аналізу, пажадана без пропускаў і купюр. Усё сумнеўнае, спрэчнае, а тым больш памылковае на старонках навучальнага дапаможніка недапушчальнае.

Вядома, што „першай ахвярай на вайне робіцца праўда“. Таму крытычны аналіз павінен накіроўвацца ў першую чаргу на першасную інфармацыю, мемуары зацікаўленых удзельнікаў. Даследчык высвятляе ісціну, аўтар падручніка паведамляе пра яе ў форме, даступнай навучэнцу, пазбягае недакладнасцяў і супярэчнасцяў, а тым больш „псеўдафактаў“, домыслаў, міфаў накшталт „купавшихся детей“ (с. 70), панфілаўцаў (с. 77).

Але звернемся да ваеннай рэчаіснасці і яе адлюстравання ў дапаможніку. Дзеля зручнасці размесцім асобныя заўвагі ў паслядоўнасці, прапанаванай аўтарамі дапаможніка — паводле яго старонак.

Спачатку падаецца інфармацыя пра ўзброеныя сілы. Здавалася, яна павінна была б адлюстраваць колькасць асабовага складу, дывізій, танкаў, гармат, самалётаў усёй РККА і асобна будучага Заходняга фронту. Аўтары выбралі іншую форму, напрыклад: „з 1930 да 1939 г. колькасць танкаў павялічылася ў 43 разы“, „на ўзбраенні знаходзілася ўсяго каля 2000 самалётаў новых тыпаў“ (с. 44). Застаецца невядомым, колькі танкаў было ў 1930 г., агульная колькасць самалётаў. Па ЗАВО колькасць баявой тэхнікі ўказваецца канкрэтна і нават колькасць дывізій — 55 (с. 54), або 44 (с. 73). Якой лічбе верыць?

Пры вызначэнні суадносінаў узброеных сілаў аўтары не ўлічваюць, што супастаўляць мотадывізіі нельга. У савецкай мотадывізіі — 275 танкаў, больш, чым у нямецкай танкавай — 147 (с. 54). Сцвярджэнне, што „Нямеччына без абвяшчэння вайны напала на Савецкі Саюз“ (с. 56), не зусім дакладнае. Мемарандум быў зачытаны Молатаву і паслу Дэканозаву, хоць ужо грукатала артылерыйская кананада. Тэкст яго з канкрэтнымі абвінавачваннямі апублікаваны[2]. Паспрабуем дапамагчы аўтарам у ацэнцы сіл Заходняга фронту (на Беларусі і Смаленшчыне), што супрацьстаялі нямецкай групе армій „Цэнтр“, у якой налічвалася 50 дывізій, 2 брыгады (дывізія — злучэнне часцей розных родаў войск, мела каля 15 000 чал.)[3]. Сярод іх было 9 танкавых дывізій, 1800 танкаў.

Заходнюю акругу, потым фронт утваралі стралковыя (пяхотныя) дывізіі — 24, танкавыя і матарызаваныя — 18, кавалерыйскія — 2. Акрамя таго былі 3 брыгады супрацьтанкавай артылерыі (1 разліковая дывізія), паветрана–дэсантны корпус (1 дывізія), 2 брыгады ПВА (1 дывізія), пагранічныя войскі (1 дывізія), чыгуначныя войскі з бронецягнікамі і войскі аховы чыгункі (3 дывізіі), войскі НКВД, мотастралковая дывізія і канвойныя, аператыўныя (2 дывізіі), гарнізоны 9 умацаваных раёнаў, Пінская ваенная рачная флатылія. Разам — каля 55 рэальных і разліковых дывізій. Для ўмелай абароны дастаткова было б удвая менш войскаў.

Па напрамку да Вільні група армій „Цэнтр“ разбіла або адкінула яшчэ 5 дывізій Паўночна–Заходняга фронту, сярод якіх 5–я тд, 29–ы стралковы корпус, у якім былі часці былой літоўскай арміі. Многія літоўскія салдаты чакалі вызвалення… З 15 траўня на тылавы рубеж па Дзвіне і Дняпры сталі прыбываць дывізіі другога стратэгічнага эшалона. Пасля разгрому Заходняга фронту і знішчэння ў акружэнні амаль 80% кадравых дывізій 2 ліпеня 1944 г. Заходняму фронту перадалі прыбылыя войскі — 43 ці то 48 дывізій. Фактычна быў наноў створаны Заходні фронт (другога складу). Ён быў падмацаваны дзесяткамі дывізій з першага складу, што часткова захавалі сваю баяздольнасць і змаглі вырвацца з „катлоў“. Яшчэ 22 дывізіі засталіся ў групе рэзервовых армій. 30 ліпеня вылучаны асобны Рэзервовы фронт[4].

Дырэктыва № 21 аб нападзе, вядомая як „План Барбароса“ (была падпісана фюрэрам 18 снежня 1940 г.), зразумела, змяшчала толькі агульныя рысы будучай вайны. Ніякай „дэтальнасці“ ў ёй не было. У генеральным плане „Ост“ прадугледжвалася эканамічнае выкарыстанне захопленых тэрыторый, іх ачыстка ад непажаданых элементаў, анямечванне і каланізацыя, але далей накідаў і меркаванняў справа, відаць, не пайшла. Таму не варты ён асаблівай увагі (с. 51). Афіцыйна дакумента ніхто не бачыў. І ў гэтым была не выпадковасць, а наўмысная палітыка: схаваць свае сапраўдныя палітычныя намеры ад сусветнай грамадскасці. У сваёй заяве на паседжанні з Розенбергам, Борманам, Герынгам, Кейтэлем 16 ліпеня 1944 г. Гітлер заявіў: „Важна не раскрываць сваіх мэтаў заваёвы перад сусветам. Мы нічога не гаварылі пра свае намеры…“[5]. Генеральны план „Ост“ не быў прадстаўлены і Нюрнбергскаму трыбуналу. У нямецкага ваенна–палітычнага кіраўніцтва (ваеннай, грамадзянскай адміністрацыі, эсэсаўска–палітычных уладаў) не было адзінага погляду на акупацыйную палітыку. Сыходзіліся толькі ў адным: захапіць, кіраваць, эксплуатаваць, не заахвочваць нацыянальных памкненняў, не ствараць мясцовых узброеных сілаў.

Пры апісанні баявых дзеянняў 1944 г. аўтары нярэдка ўжываюць тэрмін бітва. Для іх бітвай быў і бой на Буйніцкім полі пад Магілёвам, дзе нямецкі танкавы батальён атакаваў пазіцыі савецкага палка (с. 72), і Смаленскае „сражение“ (с. 74). Між тым бітва ў ваеннай гістарыяграфіі — гэта грандыёзнае змаганне многіх соцень тысяч байцоў на вялікай тэрыторыі, вынікі якога мелі вялікае, стратэгічнае значэнне, накладалі адбітак на зыход вайны. Было 6 бітваў: Маскоўская, Сталінградская, за Каўказ, Курская, за Днепр, Берлінская. Спрэчкі могуць узнікнуць пры ацэнцы баёў за Магілёў (асобнае змаганне). Яго 24 дні вяла 13–я армія, а не толькі 172–а сд (с. 73). Савецкая гвардыя нарадзілася пад Ельняй у пекле ўпартых баёў Рэзервовага фронту, у якіх прынялі ўдзел і былыя абаронцы Мінска. Але ці ўпісваюцца гэтыя баі ў рамкі Смаленскага „сражения“ („бітвы“; с. 74)?

Двойчы аўтары падсумоўваюць баявыя дзеянні ва „ўсеагульным выглядзе“ — прыём прапагандыстаў з ГалоўПУРа, калі пажадана схаваць рэзкую няроўнасць сілаў. Гэта тычыцца „Лепельскага контрудару“, які быццам бы наносіўся 6 ліпеня 1941 г. (с. 69; на самай справе 6—11 ліпеня). Удакладнім сілы, якія супрацьстаялі. З савецкага боку ўдзельнічалі 1800 танкаў 5–га і 7–га механізаваных карпусоў. З нямецкага — 600 танкаў (7, 12, 17, 18–й тд) пры моцнай падтрымцы пікіроўшчыкаў 8–га авіякорпуса (да 200), якія забяспечылі разгром абодвух карпусоў.

Аўтары ні словам не абмовіліся пра „катлы“ 7—19 кастрычніка 1941 г. пад Вязьмай і Бранскам. У першым было знішчана пяць савецкіх армій, захоплена 660 тысяч палонных, адкрыта дарога на Маскву. Пераблытана інфармацыя пра нямецкія арміі на Маскоўскім напрамку (с. 76). На самай справе пад камандаваннем Г. фон Клюге была 4–я палявая армія. Х. Гудэрыян камандаваў 2–й танкавай, а 3–й танкавай — Г. Рэйнгард, а не Г. фон Гот (дарэчы, па–руску трэба пісаць з адной літарай т, бо von Hoth). 4–я танкавая група (яшчэ не армія) заставалася пад камандай Э. Гёпнера, які потым трапіў у вялікую няміласць да Гітлера. Адзначым яшчэ і 2–ю палявую армію (М. фон Вейхс).

У час Курскай бітвы „з абодвух бакоў было задзейнічана каля 5 тыс. самалётаў“ (с. 149). Адзначана канцэнтрацыя нямецкіх сілаў, а вось пра савецкі бок… забыліся. Таму ліквідуем гэты прабел. Чырвоная Армія супрацьпаставіла Вермахту ў бітве 1,3 млн. салдат і афіцэраў, 3600 танкаў, 2900 самалётаў, 20 000 гармат ды яшчэ падцягнула рэзервы — 500 тыс. салдат, 1500 танкаў, 7400 гармат — і перайшла ў контрнаступленне, вымусіла праціўніка перайсці да стратэгічнай абароны.

Абарона Мінска 25—28 чэрвеня вартая вялікай увагі. У Мінскім УРы трымала абарону 64–я сд (камандзір С. Ёўлеў), якая потым ажыццявіла прарыў з акружэння (Мінск заняты 28 чэрвеня). Нельга абмежавацца толькі 100–й сд (с. 67).

Не варта згадваць пра перавагу ў шмат разоў сілаў ворага каля Брэсцкай крэпасці (с. 71), трэба было б узгадаць пра крэпасць Асавец. Брэст штурмавала нямецкая 45–я пд, захапіла 7000 палонных і страціла 482 чал. забітымі.

Кіеўская абараняльная аперацыя, якая закончылася найвялікшым знішчэннем савецкіх войскаў пяці армій, аказалася найбуйнейшым акружэннем у гісторыі войнаў, а апісана як дзеянні нейкіх воінскіх часцей (с. 75). Кіеўскую групоўку акружалі не часці, а 1–я і 2–я танкавыя групы (фактычна арміі). Бранскі фронт няўдала атакаваў з усходу, каб гэтаму перашкодзіць. Вынік — 655 тыс. палонных, захоп ворагам амаль усёй Украіны. І вінаватыя — І. Сталін, С. Цімашэнка, Г. Жукаў. Зразумела, у дапаможніку гэтага няма. Затое апісаны подзвіг 28 панфілаўцаў на чале з палітруком „Дзіевым“ (с. 77), і ўсе 50 нямецкіх танкаў, якія спыніў 1075 стралковы полк, запісаны на іх рахунак.

На карце (с. 78) не адзначаны ўдар савецкіх войскаў на Растоў з усходу, на Вязьму з поўдня. Не гаворыцца пра абарону горада–героя Тулы 29.10—5.12.1941 г. і тым збядняюцца падзеі Маскоўскай бітвы.

Дапамога, атрыманая Савецкім Саюзам згодна з законам аб ленд–лізе, апісана дастаткова канкрэтна (с. 80). Вось толькі пра сыравіну з СССР — спрэчна.

Сярод прычын „няўдач“ Чырвонай Арміі ў 1941 г. няма самай галоўнай — нізкага ўзроўню, некампетэнтнасці, адсутнасці прафесіяналізму ў асобаў, якія ажыццяўлялі галоўнае камандаванне і прымалі стратэгічныя рашэнні, хоць у акадэміях не навучаліся. З цягам вайны ваенна–палітычнае кіраўніцтва набывала вопыт, удасканальвалася і прывяло ўрэшце да перамогі праз незлічоныя ахвяры. „Мы за цаной не пастаім“. Ініцыятыва, якая падаўлялася і каралася, боязь прымаць самастойныя рашэнні без згоды Масквы, боязь адказнасці, абвінавачання ў здрадзе паралізавалі дзейнасць штабоў вайсковых часцей, злучэнняў. А да таго — дрэнная сувязь, няўменне весці пастаянную разведку, манеўраваць на полі бою, абараняць і абсталёўваць пазіцыі, імкненне ўсюды да „знішчальных“ лабавых удараў, абароны „да апошняга чалавека“ загубілі арміі, якія мелі ўдвая больш сілаў. У 1941 г. загінулі амаль усе кадравыя дывізіі, што былі на Захадзе (да 200). Ім на змену прыйшлі новыя, навучаныя горш.

Жорсткая палітыка ўнутры краіны ў 1930–я г. спараджала ў часткі насельніцтва незадаволенасць палітыкай, калгасамі, а таксама варожасць, абыякавасць да лёсу савецкай улады і дзяржавы. Адсюль 5,7 млн. палонных (прызналі 4,5 млн.), 6 млн. кінутай асабістай зброі. Адсюль вытокі не толькі эканамічнай калабарацыі (с. 93). Не ўспамінаецца нават генерал А. Уласаў, УПА, рознакаляровыя легіёны, „казакі“, „хіві“ ў нямецкіх дывізіях — 1,5 млн. службоўцаў на ворага.

Вялікая Айчынная вайна быццам спалучылася з праявамі грамадзянскай вайны. Гэтым тлумачацца і вялізныя ахвяры сярод мірнага насельніцтва і жорсткія адносіны да ўласных ваеннапалонных. Сталін заяўляў: „У нас няма ваеннапалонных, ёсць здраднікі радзімы“. Тэрыторыя лясістай Беларусі зрабілася арэнай многіх драматычных падзей. Але чытач дапаможніка так і не даведаецца, колькі сапраўды было лагераў для палонных, гета, канцлагераў для насельніцтва (с. 98). Аб „філіялах“ няма размовы. Тут трэба большая дакладнасць. Так, у лагеры каля в. Дразды праверцы падлягалі жыхары Мінска ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў[6]. Наконт Трасцянецкага лагера застаецца спрэчнай колькасць ахвяр — 206,5 тыс., бо невядома, адкуль яны дастаўлены, як змяшчаліся ў адным (!) бараку. У частцы тыражу прапушчана слова тысячы, што недапушчальна. Колькасць прывезеных у Беларусь замежных яўрэяў часцей вызначаюць „да 35 тысяч“, а не 25 (с. 100). Сярод іх не было грамадзян Літвы, Польшчы. Іх знішчэнне ажыццяўлялі на месцы. Агульнае становішча на акупаванай тэрыторыі СССР трэба вылучыць асобна, нагадаць і пра Бабін Яр у Кіеве. Войскі гета не ахоўвалі (с. 100). Колькасць загінулых мірных жыхароў не 7 млн. (с. 102), а 17,4 млн.[7] У Нямеччыну на прымусовую працу было вывезена каля 400 тыс. чалавек з Беларусі, вярнулася 120 тыс. (с. 102). Але гэта яшчэ не сведчыць, што астатнія ў большасці загінулі. Нямала эмігравалі, не захацелі вяртацца.

Становішча з ваеннапалоннымі (с. 99). Дапушчальныя і іншыя падлікі. З 3,7 млн. ваеннапалонных 1941 г. да 13 лістапада было распушчана дадому 318 тыс., з іх 277 тыс. украінцаў. У лютым 1942 г. засталося 1,1 млн. працаздольных. Нямеччына страціла рабочыя рэсурсы, пра што потым пашкадавала.

На Ялцінскай канферэнцыі (люты 1945 г.) Сталін настаяў (і заходнія саюзнікі пагадзіліся) на „безумоўнай і ўсеагульнай рэпатрыяцыі ўсіх савецкіх грамадзян, што знаходзіліся ў іх акупацыйных зонах“ па стане межаў на 1 верасня 1939 г., г. зн. акрамя жыхароў Польшчы (а таксама Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны) і Прыбалтыкі. Гэтыя вярталіся паводле свайго жадання.

Партызанскі рух набыў асаблівае развіццё на лясіста–балоцістых прасторах Беларусі. Краіна набыла сусветную славу „партызанскай рэспублікі“. На 1944 г. было 374 тыс. савецкіх партызанаў (паводле нямецкіх дадзеных — 143 тыс.). Праўда, медалі „Партизану Отечественной войны“ атрымалі 127 тыс. Існавала развітое, у асноўным камуністычнае падполле, „партызанскія рэзервы“ (с. 114). Але аўтары не ўзгадваюць пра мірнае насельніцтва, якое проста хавалася ў лясах ад карнікаў і знішчэння. Яны перабольшваюць ролю камуністычных органаў, у той час як першымі арганізатарамі партызанскіх атрадаў былі камандзіры–„акружэнцы“. Яскравы трагічны лёс у гэтых адносінах камандзіра 208–й мд палкоўніка В. Нічыпаровіча. Спрэчнае падкрэсліванне ўдзелу падлеткаў у баявых аперацыях. Выкарыстанне дарослымі дзяцей на вайне можна тлумачыць па–рознаму, як і парушэнне агульнапрызнаных правілаў вайны. Некаторыя важныя эпізоды выпалі з тэксту: выбух міны 6 верасня ў сталовай паліцыі бяспекі (дыверсія Юлі Казловай), знішчэнне чыноў мінскай абласной адміністрацыі 28 ліпеня 1943 г.

Партызанскія рэйды, аэрадромы апісаны занадта агульна (с. 128), барацьба польскай Арміі Краёвай — толькі ў адмоўным святле (с. 134).

Тэма антыпартызанскай барацьбы амаль не закранаецца. Між тым, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі не толькі Беларуская Самаахова, батальёны шуцманаў з дапаможнай паліцыі, Беларуская Краёвая Абарона. Ахоўвалі камунікацыі, чыгунку добраахвотныя казацкія эскадроны, нават палкі, і Казацкі Стан. Чыніла расправы разам з паліцыянтамі брыгада Б. Камінскага. На паўночным захадзе рэспублікі дзейнічалі літоўскія батальёны „шумы“. Ахоўную службу неслі славакі, венгры. Пра ўсё гэта нічога не паведамляецца.

„Рэйкавая вайна“ ў час наступлення ўласных войскаў (с. 165) мае дваістую ацэнку. Можа, лепш было дарогі не разбураць, а ахоўваць, як гэта рабілі немцы ў 1941 г.

Ваеннае шчасце пераменлівае. І хоць на „Остфронце“ дзейнічала не менш за 70% сілаў Вермахта, прычым самых лепшых, іх аказалася недастаткова. У 1942—1943 г. адбыўся пералом у ходзе Другой сусветнай вайны. Пасля бітваў Маскоўскай (канец бліцкрыгу), Сталінградскай (знішчэнне лепшай арміі) і Курскай (крах танкавых войскаў і спробы наступаць) пачалося вызваленне ад акупацыі савецкай тэрыторыі. Еўропа паверыла ў перамогу саюзнікаў над Нямеччынай і доўгачаканае вызваленне.

Летам 1944 г. гэта зрабілася рэальнасцю. Выхад Фінляндыі з вайны, барацьба на італьянскім фронце, цяжкія бамбардзіроўкі Нямеччыны папярэднічалі грандыёзнай падзеі — стварэнню Другога фронту ў Францыі. Спробны дэсант 8 жніўня 1942 г. каля г. Д’еп (Dieppe) паблізу Гаўра пацярпеў няўдачу. З 7 тысяч дэсантнікаў страчана 3 тыс., астатнія скінутыя ў мора. Затое 156 тыс. салдат, якіх высадзілі 6 чэрвеня 1944 г., замацаваліся на ўзбярэжжы ў Нармандыі. У дапаможніку чамусьці сцвярджаецца, што ў гэты памятны дзень высадзілася ажно 2,9 млн. (с. 185). Гэта яўная бязглуздзіца. Гэтымі мільёнамі нарошчвалася першая хваля дэсанту на працягу некалькіх месяцаў…

Праз два тыдні пачалася беларуская наступальная аперацыя „Багратыён“ (23 чэрвеня — 29 жніўня), бліскучы ўзор ваеннага майстэрства. Прозвішчы камандуючых франтамі не прыводзяцца. Знайшлося месца толькі для лётчыкаў палка „Нармандыя“(!). Патаемная канцэнтрацыя вялізных сілаў (166 дывізій), знішчальныя ўдары па флангах і ў цэнтры фронту групы армій „Цэнтр“ (мела 38 дывізій), удалае манеўраванне танкавых карпусоў і конна–механізаваных груп прывялі да яе поўнага разгрому і вызвалення Беларусі. Не дапамаглі і спешна перакінутыя ворагам рэзервы (10—15 дывізій). Наяўнасць апошніх, на нашу думку, не дазваляе ўсё ж уключаць у падлікі сілы двух суседніх нямецкіх груп армій, як гэта робяць аўтары (с. 158), параўноўваючы сілы бакоў. Відаць, каб замаскаваць вялікую колькасную перавагу савецкіх войскаў (у 3—4 разы). Але стварэнне такой перавагі на вырашальным напрамку і ёсць сведчанне ваеннага майстэрства. Недарэчна выглядае падсумаванне сілаў абодвух бакоў (с. 157). У небе Беларусі 40 нямецкіх знішчальнікаў выляталі насустрач 2000 савецкіх, 900 танкаў выходзілі супраць 5200! Праз некалькі гадзін пасля Тацынскага ў сталіцу ўвайшлі танкі 1–га гвардзейскага Данскога корпуса 1–га Беларускага фронту з партызанскім дэсантам на брані — з боку Бабруйска. У шэрагу дробных „катлоў“ было захоплена 80 тыс. палонных, з якіх 17 ліпеня правялі па Маскве 57 000. Было разгромлена, цалкам знішчана 38 дывізій, у палоне апынулася да 200 000 чалавек. З дапаможніка пра гэта не даведаешся. Страты чатырох франтоў лепш падлічваць не да канца ліпеня (440 тыс. — с. 165), а да канца аперацыі — 29 жніўня (765 тыс.; 2900 танкаў).

Аўтары пра ўсё гэта не паведамляюць. Яны абышліся і без вельмі яскравага прыкладу ўзаемадзеяння саюзнікаў. Калі немцы з апошніх сілаў нанеслі вельмі небяспечны Ардэнскі ўдар, Чырвоная Армія датэрмінова правяла Вісла–Одэрскую аперацыю — падступіла да Берліна і Одэра ў студзені 1945 г. Вырашальныя перамогі Чырвонай Арміі, стварэнне Другога фронту, разбурэнне ваенна–прамысловага патэнцыялу Нямеччыны зрабіліся магчымымі дзякуючы поспеху ў вытворчасці баявой тэхнікі, якая ў 3—4 разы перасягнула нямецкую, а таксама імкліваму росту ўзброеных сілаў саюзнікаў. Таму табліца на с. 180 падаецца абгрунтавана, хоць і тычыцца толькі СССР і Нямеччыны. Варта пашырыць яе дадзенымі па ЗША і Вялікай Брытаніі.

Выкарыстанне статыстыкі накладае на аўтараў і новую адказнасць. У тэксце (с. 171) паведамляецца, што Савецкі Саюз штомесячна ў 1944 г. выпускаў 5,8 тыс. танкаў і 13,5 тыс. самалётаў. Калі пералічыць паводле табліцы, атрымаюцца адпаведна іншыя лічбы: 2400 і 2800. Чаму верыць? Зразумела, што выпуск 13,5 тыс. самалётаў у месяц — лічба заведама неверагодная. Нават ЗША выпусцілі за 1944 г. да 96 000 самалётаў, СССР — 40 000, Нямеччына — 35 000, Вялікая Брытанія — 26 000.

У частцы тыражу тэхнічныя характарыстыкі танкаў прыведзены з вялікімі памылкамі (с. 173). Дробныя недахопы сустракаюцца па ўсім тэксце і тлумачацца, відаць, паспешнасцю рэдагавання. Вось некаторыя з іх.

Агульныя страты Чырвонай Арміі ў вайне з Фінляндыяй не 140 тыс. (с. 33), а большыя. У Вярхоўным Савеце СССР 26 сакавіка 1940 г. было абвешчана пра 69 тыс. забітых і зніклых, 176 тыс. параненых і абмарожаных, 5650 трапіла ў палон. Сучасныя звесткі аб стратах: 71 тыс. забітых, 39 тыс. зніклых, 16 тыс. памерлі ў шпіталях, 264 тыс. параненых і абмарожаных. Звесткі ўзятыя з кнігі „Гриф секретности снят“, аб якой аўтары ведаюць (с.7), але чамусьці не скарысталі.

Незразумела, што такое „спецслужба СС“ (с. 90), „калабаранцкія органы“. Дарэчы, калабарацыя была не толькі эканамічная, але і ваенная. Пра яе сказана мала. Чамусьці забыліся пра гестапа. Зразумела, у паліцыі — не члены (с. 98), а службоўцы, чыны.

Партызаны былі розныя па сваіх палітычных поглядах (і апазнавальных, абавязковых знаках). Савецкія павінны былі мець на шапцы чырвоную стужку, якая нашывалася і праходзіла зверху ўніз налева (не так, як на с. 123).

Пад час „зачысткі“ ў Мінску „многіх арыштавалі“ (с. 138). Такіх небарак было 39. Ці гэта многа?

Не згаданае Варшаўскае паўстанне (1 жніўня — 2 кастрычніка 1944 г.)

Чамусьці двойчы стваралася БЦР (с. 92).

Не растлумачана, чаму пры наяўнасці ў складзе насельніцтва 8% яўрэяў толькі 3% былі ў партызанах. Наогул Халакост варты большай увагі. Надта смела сцвярджаецца, што ўжо ў 1941 г. „насаджалася нацыянал–сацыялістычная ідэалогія“ (с. 91). І сярод каго — „недачалавекаў“, прызначаных быць рабамі. Міністэрства прапаганды (Гёбельс) разаслала дакумент „Аб прапагандысцкай апрацоўцы еўрапейскіх народаў“. У ім патрабавалася: „Нельга называць усходнія народы, якія чакаюць ад нас вызвалення, скатамі, варварамі і да т.п. і ў гэтым выпадку разлічваць на іх зацікаўленасць у германскай перамозе“ (разуменне 15 лютага 1943 г., пасля Сталінграда). Нацысцкае ваенна–палітычнае кіраўніцтва мяняла сваю „ўсходнюю палітыку“, імкнулася выкарыстаць „усходнікаў“ у барацьбе з Саветамі, а значыць, так–сяк узброіць некаторых, абяцаць нават будучую незалежнасць, дзяржаўнасць пад эгідай Нямеччыны.

Пэўная непавага да фактаў, якая прасочваецца ў працах пра вайну, тлумачыцца недастаткова крытычным падыходам да іх разгляду, адсутнасцю ўсебаковасці, амаль поўным няведаннем дакументаў другога боку і нават савецкіх архіваў. Гэта яскрава выяўляецца пры паведамленні пра вынікі вайны, панесеныя страты. Народы СССР страцілі 27 млн. чалавек, з іх 12 млн. вайскоўцаў (с. 202). Тады 15 млн. страт — мірныя жыхары. Але раней паведамлялася пра 7 млн. (с. 102). Яшчэ нядаўна лічылася, што Беларусь страціла 2,2 млн. (кожнага чацвёртага). У нашы дні — каля 3 млн. (кожнага трэцяга). Абгрунтаванні абедзвюх лічбаў далёка не пераканальныя. Дзяржкамстат сведчыць пра страты мірнага насельніцтва — 1 547 000, даведка Нацыянальнага Архіва — 1 409 000, у мемарыяле „Хатынь“ — 2 230 000, відаць, з улікам вайскоўцаў (іх загінула да 350 000). Але наўпроставыя страты насельніцтва ў 1950 г. былі 9 180 000 — 7 709 000 = 1 471 000 чал. Сюды ўваходзяць не толькі загінулыя, але і сасланыя ў Гулаг (90 000); дэпартаваныя з Заходняй Беларусі (70 000); тыя, што пераехалі ў Польшчу пасля вайны (240 000); рэпрэсаваныя як калабаранты і прыспешнікі (50 000); тыя, што не рэпатрыяваліся з Нямеччыны (270 000); пасланыя па аргнаборы ў Калінінградскую вобласць, Ленінград, на новабудоўлі (70 000); яўрэйская частка насельніцтва, якая не вярнулася з эвакуацыі (не менш за 200 000). Натуральны прырост і перасяленцы з Расіі пакрывалі толькі частку страт. Здаецца, бліжэй за ўсё да ісціны была Надзвычайная Дзяржаўная Камісія, якая па гарачых слядах выяўляла злачынствы акупантаў. Што тычыцца страт Нямеччыны, то беззваротныя склалі 5,5 млн. (трэба было падлічыць асобна, а не разам з саюзнікамі — с. 202). Магчыма, там уключалі і параненых, і тых, што апынуліся на адабраных тэрыторыях.

Статыстыка — слабое месца ў савецкай гістарыяграфіі. У нашы дні „яго вялікасць факт“, як кажуць, павінен быць пераправераны, засведчаны дакументальна, павінен знайсці месца ў створанай даследчыкам сістэме.

Аўтары абгрунтавана змясцілі на палях кнігі ілюстрацыі найбольш вядомых і масавых узораў баявой айчыннай і замежнай тэхнікі. Для паглыблення інфармацыі пра іх карысна было б надпісы да іх пашырыць. Хаця б так:

„Пісталет–кулямёт ППШ–41 узору 1941 г., канструктар Шпагін Г.С. Выпушчана 5 млн.“ (с. 42);

„Іл–2 — лепшы штурмавік вайны, КБ Ілюшына С.В. З 1940 г. выпушчана 36 163“ (с.44);

„Т–34 — лепшы сярэдні танк вайны. КБ Кошкіна М.І. Прыняты на ўзбраенне ў канцы 1940 г. (а не 1939 г., як на с. 44). Выпушчана 61 000“ (с. 148);

„Нямецкі знішчальнік „Месершміт“ Ме–109 ф. Канструктар і ўладальнік фірмы В. Месершміт. З 1935 г. выпушчана 30 000“ (с. 67);

„Амерыканскі сярэдні танк М4А1 „Шэрман“. Па ваенных якасцях падобны да савецкага Т–34. Выпушчана з 1940 г. 48 000, пастаўляўся па ленд–лізу“ (с.80);

„Англійскі знішчальнік „Спітфайр“. З 1939 г. выпушчана 22 500. Мог супрацьстаяць „Месершмітам“;

„Пікіроўшчык і штурмавік Юнкерс–87 „Штука“. Самалёт фірмы Г. Юнкерса, канструктар Х. Польман і інш. З 1935 г. выпушчана 5000“;

„Цяжкія бамбардзіроўшчыкі Боінг, В–17, „Лятучая крэпасць“, ЗША. З 1941 г. выпушчана 9200; В–24 „Ліберэйтар“. Выпушчана 18 475“.

Пры апісанні баявой тэхнікі варта карыстацца яе афіцыйнымі назвамі: рэактыўная сістэма БМ–13, а не проста „Кацюша“ (с. 41).

Прыдатныя для ілюстравання і нямецкія зенітка „Флак–88“, панцэрфауст, рэактыўны знішчальнік Ме–262, балістычная ракета „Фау–2“ V–2 і інш.

З падзеямі велізарнай у гісторыі і лёсе чалавецтва вайны лепш знаёміцца не па мастацкай (с. 230), а па ваенна–мемуарнай і асабліва навукова–папулярнай літаратуры. Карыснымі для паглыбленага пазакласнага чытання былі б і некаторыя артыкулы з беларускага часопіса „Армия“ і расійскага „Родина“. Напрыклад:

Акалович Н.М. Они защищали Минск. Минск, 1987.

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне: Энцыклапедыя. Мінск, 1990.

Бешанов В. Танковый погром 1941 г. Москва — Минск, 2001.

Бешанов В. Десять сталинских ударов. Минск, 2003.

Бонвеч Бернд. За кулисами „рельсовой войны“ // „Родина“, 7/2003.

Ваупшасов С.А. На тревожных перекрестках. Москва, 1974.

Великая Отечественна война 1941—1945: В 4 т. Москва, 1998.

Еременко А.И. В начале войны. Москва, 1965.

Калинин П. Партизанская республика. Минск, 1968.

Карелл П. Барбаросса от Бреста до Москвы. Смоленск, 2002.

Кларк А. План „Барбаросса“. Москва, 2002.

Темиров Ю., Донец А. Энциклопедия заблуждений: Война. Москва, 2003.

Шомоди В. Операция „Багратион“ // „Армия“, 2/1999.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мінск, 1993—2003.

Надалей можна прапанаваць і больш новую літаратуру:

Бунич И. Операция „Гроза“: В 2 кн. Москва, 2005.

Вторая мировая война: День за днём. 1939—1945. Москва, 2005.

Лубягов М. Под Ельней в сорок первом. Смоленск, 2005.

Романько О. Советский легион Гитлера. Москва, 2006.

Солонин М. 22 июня… Москва, 2005.

Хаупт В. Сражения группы армий „Центр“. Москва, 2006.

Чуев С. Проклятые солдаты. Москва, 2004.

Перад аўтарскім калектывам, бясспрэчна, стаяла вельмі адказная задача: у параўнальна невялікай навукова–педагагічнай працы паведаміць пра вытокі, падрыхтоўку, асноўныя падзеі, вынікі і наступствы Вялікай Айчыннай вайны. Да таго ж, патрабавалася аддаць асаблівую ўвагу ваенным падзеям і ахвярам Беларусі. І ўсё гэта — на агульным фоне Другой сусветнай вайны, намаганняў саюзнікаў у гэтай грандыёзнай барацьбе. Шмат якія звесткі патрабавалі праверкі, крытычнага падыходу, перагляду ў сувязі з нарэшце адкрытымі дакументамі і новымі даследаваннямі. Непазбежным быў і адбор падзей, фактаў у залежнасці ад іх значэння і дачынення да Беларусі. У бальшыні выпадкаў ваенная гістарыяграфія, асабліва савецкая, мае вялікую запазычанасць перад гістарычнай навукай і грамадскасцю. Перад аўтарскім калектывам узнік шэраг навуковых праблем, у даследаванні якіх папярэднікаў не было. Даводзілася абапірацца на тыя высновы, які меліся. Аўтары валодалі рознай, нярэдка супярэчлівай, інфармацыяй, прыходзілі часам да неадназначных высноваў, вялікіх і малых хібаў у прыведзеных фактах, карысталіся зрэдку і псеўдафактамі. Шматлікасць аўтарскага калектыву, як гэта бывае заўсёды, выклікала няўзгодненасць, спадзяванні аднаго на другога, слабую прапрацоўку тэксту і недастатковую яго ўвязку з ілюстрацыйным матэрыялам.

Разгляданы навучальны дапаможнік патрабуе выпраўлення недакладнасцяў і факталагічных памылак, адзначаных вышэй (на жаль, шматлікіх). Варта перапрацаваць некаторыя раздзелы і дадаць новыя тэксты (і тут не трэба спыняцца перад павелічэннем аб’ёму). Дадатнай ацэнкі дапаможнік заслугоўвае толькі як першая спроба такога роду, як сродак абуджэння навукова–педагагічнай думкі і цікавасці, дапытлівасці моладзі, увагі да гераічнага мінулага сваёй Айчыны, выхавання высокіх патрыятычных пачуццяў. Спадзяемся, наступнае выданне будзе істотна перапрацавана.

Мінск

Уладзімір Ісаенка


[1] Самсонов А.М. Крах фашистской агресии 1939—1944. Москва, 1980. С. 123, 124.
[2] Военно–исторический журнал, 1991, № 6, с. 33—40.
[3] Далей скарачэнні: сд — стралковая, пд — пяхотная, мд — матарызаваная, мотапяхотная, тд — танкавая дывізія.
[4] Лубягов М. Под Ельней в сорок первом. Смоленск, 2005. С. 295. ЦАМО РФ, ф. 96А, оп. 1710, 1711.
[5] Гальдер Ф. Военный дневник. Т. 3. Москва, 1971. С. 151.
[6] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 63.
[7] „Гриф секретности снят“. Москва, 1993.

Наверх

Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўклад. тэксту Мар’ян Семаковіч (Любоў Козік)

19 снежня, 2005 |


Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўкладанне тэксту: МАР’ЯН СЕМАКОВІЧ. Пераклад тэксту з польскай: ГАННА ЦІШУК. Варшава: Demart, 2005. 312 c.

Прапанаваная шырокаму колу чытачоў кніга „Нарыс Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст.“, несумненна, доўгачаканая, яна будзе запатрабаваная ў Беларусі, тым больш што гэта першая гісторыя Польшчы па–беларуску. Шмат агульнага звязвае беларускі народ з польскім, з яго гісторыяй, традыцыямі і культурай, многія дзеячы лічылі сябе сынамі і дочкамі двух, а то і трох — польскага, беларускага і літоўскага — народаў. Але, на жаль, у беларускай гістарыяграфіі дагэтуль так і не была зроблена спроба напісаць абагульняльную працу па гісторыі суседняга народа, а гэта магло б стаць добрым крокам у развіцці не толькі нацыянальнай, але і польскай гістарычнай навукі.

У аснову нарысаў пакладзены храналагічны прынцып, у рамках якога можна вылучыць праблемны падыход. Так, разглядаючы падзеі Х — канца ХVIII ст., аўтар засяроджвае ўвагу на фармаванні дзяржаўных межаў і знешнепалітычнай дзейнасці кіраўнікоў польскай дзяржавы. Пытанні, якія датычацца дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, вынесены ў асобны раздзел. Гэта, на наш погляд, выклікае пэўныя нязручнасці пры чытанні тэксту не знаёмым ці мала знаёмым з гісторыяй Польшчы чытачом. Так, напрыклад, на с. 42 апісана знешнепалітычная дзейнасць Аляксандра Ягелончыка, у той час як асноўныя ўнутрыпалітычныя змены пад час яго кіравання (Мельніцкі прывілей, пастановы Пётркаўскага і Радамскага соймаў, канстытуцыя Nihil Novi, Статут Ласкага) прыводзяцца толькі на с. 106. Выдатна выкананыя карты дазваляюць зарыентавацца ў самых розных пытаннях палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай гісторыі і культуры.

Характарызуючы развіццё польскіх земляў у канцы XVIII — пачатку XIX ст., аўтар прыходзіць да высновы, што становішча ў складзе Расіі было лепшым у параўнанні з Прусіяй і Аўстрыяй. Пра гэта сведчыць аднаўленне пры Паўлу I шляхецкага самакіравання і вяртанне прававой сілы Статуту ВКЛ, прысутнасць польскіх саветнікаў пры расійскім цары Аляксандры I і г. д. (116—117).

Важным фактарам развіцця нацыянальнага руху стаў удзел польскіх узброеных фармаванняў у напалеонаўскіх паходах і стварэнне Варшаўскага княства (1807––1815). У тэксце адзначаецца, што сам факт існавання княства паўплываў на пазіцыю Расіі, Прусіі і Аўстрыі ў польскім пытанні і „паспрыяў таму, што ў 1815 г. на Венскім кангрэсе трактаты аб падзелах Рэчы Паспалітай былі ануляваныя“ (122). Але на гэтым жа Кангрэсе адбыўся фактычна чацвёрты раздзел польскіх земляў, у выніку якога пад уладай Расіі было створана Каралеўства Польскае, пад Прусіяй — Познаньскае вялікае княства, і пад апекай трох дзяржаваў — Кракаўская Рэч Паспалітая (122).

У кнізе дастаткова падрабязна разглядаецца палітычнае і эканамічнае становішча Каралеўства Польскага ў складзе Расійскай імперыі. Аўтар правільна адзначае, што нягледзячы на развіццё эканомікі і культуры, на польскіх землях расло грамадскае незадавальненне, выкліканае парушэннем законаў, увядзеннем цэнзуры, рэпрэсіямі супраць падпольных арганізацый, навязваннем князем Канстанцінам сваёй волі ўраду. Вынікам такіх настрояў стала паўстанне 1830––1831 г., якое ў кнізе падзяляецца на два перыяды — непасрэдна Лістападаўскае паўстанне (29/30.11.1830 — 25.05.1831) і польска–расійскую вайну (26.05 — 21.10.1831).

Параўноўваючы становішча польскіх земляў у складзе трох імперый у першай палове XIX ст., аўтар адзначае, што найбольш цяжкім яно было ў Аўстрыі, дзе адбывалася паслядоўная германізацыя насельніцтва (136), у той час як найбольш спрыяльныя ўмовы эканамічнага развіцця склаліся ў Познаньскім вялікім княстве (1815––1848), але і тут палітычная сітуацыя пагоршылася пасля паразы паўстання 1830—1831 г.

З сярэдзіны XIX ст. да пачатку Першай сусветнай вайны вылучаецца асобны этап у гісторыі польскага народа. Тут звяртаецца ўвага на важную ролю „севастопальскай адлігі“ (1853—1861) для развіцця Каралеўства Польскага, узнікнення і дзейнасці падпольных арганізацый, аналізуецца праграма „белых“ і „чырвоных“ напярэдадні і пад час паўстання 1863—1864 г., палітыка расійскіх уладаў пасля падаўлення выступленняў і да пачатку Першай сусветнай вайны. Ацэньваючы змены ў становішчы польскіх земляў, аўтар адзначае, што ў апошняй трэці XIX ст. Расія і Прусія пачалі праводзіць адпаведна палітыку русіфікацыі і германізацыі, у той час як аўстрыйскія ўлады пасля 1866 г. пайшлі на шэраг уступак шматнацыянальнаму насельніцтву. Адной з іх стала наданне Галіцыі статусу аўтаноміі, але той факт, што вышэйшыя пасады тут займалі палякі, прывёў да росту польска–ўкраінскага антаганізму, які выкарыстоўвала ў сваіх мэтах Аўстрыя (159—160).

Сярод зменаў, якія адбываліся ў грамадстве ў канцы XIX ст., вылучаецца стварэнне польскіх палітычных партый і аб’яднанняў сацыялістычнай, сялянскай, нацыяналістычнай скіраванасці і адзначаецца, што адны з іх ставілі на мэце ўзброеную барацьбу за незалежнасць, другія пайшлі па шляху перамоваў з кіраўніцтвам дзяржаваў–захопніц. Асноўныя дыскусіі напярэдадні вайны пра шляхі да незалежнасці перанесены ў наступны раздзел, прысвечаны Першай сусветнай вайне і аднаўленню Польскай дзяржавы. На наш погляд, тут было б мэтазгодна вылучыць асобны даваенны перыяд і непасрэдна дыскусіі ў час вайны, якая ўнесла карэктывы ў планы польскіх нацыянальных дзеячаў. Акрамя гэтага аўтар не закранае такіх пытанняў, як дзейнасць „Польскага кола“ ў Дзяржаўнай думе, раскол у Польскай сацыялістычнай партыі і няўдалы рэйд Юзафа Пілсудскага ў Каралеўства Польскае на пачатку жніўня 1914 г.

Значная ўвага аддаецца разгляду польскага пытання ў гады Першай сусветнай вайны і стаўленню да яго Прусіі, Аўстра–Венгрыі, Расіі і краін Антанты. У кнізе характарызуюцца Акт 5 лістапада 1916 г., Маніфест расійскага імператара ад 14 жніўня 1914 г., загад цара Мікалая II ад 25 снежня 1916 г., знакамітыя „чатырнаццаць пунктаў“ В. Вільсана. Цікава, што з’яўленне новых перспектываў у вырашэнні польскага пытання пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. звязваецца з ультыматумам, які Расіі выставіла Нямеччына пад час мірных перамоваў у Берасці ў лютым 1918 г. (171), а не з „Дэкларацыяй правоў народаў Расіі“, прынятай на II Усерасійскім з’ездзе саветаў. Можна спрачацца, наколькі бальшавікі імкнуліся здзейсніць заяўленае на практыцы, але фармальна дэкларацыя прызнавала права ўсіх народаў былой Расійскай імперыі на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння незалежнай дзяржавы.

Перадача Рэгенцкім саветам 11 лістапада 1918 г. вярхоўнай улады на польскіх землях Ю. Пілсудскаму стала знакавым днём — Днём незалежнасці — у гісторыі Польшчы. Першае, з чым сутыкнулася маладая дзяржава, была барацьба за будучыя межы. Сюды аўтар адносіць польска–ўкраінскую вайну за Ўсходнюю Галіцыю і Львоў, Велікапольскія 1918—1919 г. і Сілезскія 1919—1921 г. паўстанні, плебісцыт на Павіслі, у Варміі і на Мазурах, польска–чэхаславацкія спрэчкі за Цешынскую Сілезію, Спіш і Араву, польска–савецкую вайну 1919—1920 г., барацьбу з Літвой за Віленшчыну і Сувальшчыну, і адзначае, што ў выніку ваенных дзеянняў большасць тэрыторый, за якія ваявала Польская дзяржава, увайшлі ў яе склад, толькі Верхняя Сілезія атрымала права шырокай аўтаноміі.

Перад кіраўніцтвам маладой польскай дзяржавы стаяў і шэраг іншых складаных задач: умацаванне дзяржаўнага ладу, арганізацыя апарату кіравання, аднаўленне эканомікі і сістэмы адукацыі. Апісваючы першыя гады незалежнасці (з гэтага пачынаецца чарговы раздзел), аўтар адзначае факт стварэння ўрада на чале з Е. Марачэўскім, правядзенне парламенцкіх выбараў (памылкова датуе іх лютым 1919 г., у той час як яны адбыліся ў студзені) і прыняцце Малой Канстытуцыі, але не закранае сацыяльна–эканамічных пераўтварэнняў (увядзенне 8–гадзіннага працоўнага дня, сацыяльнага страхавання на час хваробы, распрацоўка аграрнай рэформы і г.д.).

Эканамічная і палітычная сітуацыя ў Польшчы ў перыяд парламенцкай дэмакратыі 1918—1926 г. была вельмі складанай. Нягледзячы на праведзеныя ўрадам У. Грабскага ў 1924—1925 г. валютную і аграрную рэформы, у краіне захоўвалася нестабільнае становішча, а ўрадавыя кабінеты, якія часта змяняліся, таксама не давалі насельніцтву ўпэўненасці ў будучыні. Менавіта ў гэтым хаваліся карані дзяржаўнага перавароту, арганізаванага Ю. Пілсудскім у траўні 1926 г.

Першыя гады рэжыму санацыі прынеслі ўнутрыпалітычную стабілізацыю і эканамічны рост, але, як правільна адзначае аўтар, гэта, хутчэй, быў вынік складвання на сусветным рынку карыснай для Польшчы кан’юнктуры і праведзеных раней рэформаў. Сусветны эканамічны крызіс моцна ўдарыў па Польшчы і быў выкарыстаны для ўзмацнення асабістай улады Ю. Пілсудскага. Спробы дэмакратычных дзеячаў супрацьстаяць аўтарытарным тэндэнцыям не далі выніку. Рэакцыяй уладаў сталі арышты і стварэнне канцэнтрацыйнага (у тэксце — ізаляцыйнага) лагера ў Бярозе–Картузскай (202). У канчатковым выглядзе рэжым санацыі быў зацверджаны ў Канстытуцыі 1935 г.

Адным з напружаных пытанняў міжваеннай Польшчы было нацыянальнае пытанне. Аўтар падрабязна спыняецца на нацыянальнай і канфесійнай палітыцы польскіх уладаў, паказвае змены ў стаўленні да няпольскага насельніцтва, прыводзіць прыклады парушэння яго правоў (211, 213, 215—216). Характарызуючы стан эканомікі няпольскіх земляў у другой палове 1930–х г., аўтар піша, што адбывалася нівеляванне „адрозненняў у эканамічным развіцці колішніх падзеленых тэрыторый“ (203—204). З гэтым складана пагадзіцца, бо Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна па–ранейшаму заставаліся аграрна–сыравінным дадаткам Польскай дзяржавы.

Вялікая ўвага ў кнізе аддаецца падзеям Другой сусветнай вайны, якая фактычна перадвызначыла лёс пасляваеннай Польшчы. Апісваюцца нямецка–польская і савецка–польская ваенныя кампаніі, тэрытарыяльны падзел Другой Рэчы Паспалітай, акупацыйная палітыка Нямеччыны і СССР, стварэнне польскага эміграцыйнага ўрада, савецка–польскія адносіны (1941—1943), польскае пытанне на міжнароднай арэне. Асобная ўвага аддаецца Руху Супраціву, у якім аўтар вылучае нацыянальна–вызваленчы лагер і польскае камуністычнае падполле. Суадносіны ў дзейнасці гэтых дзвюх сілаў былі на карысць першай, прадстаўленай Арміяй Краёвай, якой адведзена большая частка матэрыялу. Аўтар паказвае эвалюцыю польскага ўзброенага руху, розныя палітычныя плыні і іх узаемадзеянне, сувязь з урадам у эміграцыі, характарызуе тактыку і мэты барацьбы, робіць акцэнт на правядзенні аперацыі „Бура“ (у расійскай, беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі замацавалася польская назва — „Бужа“) і яе найбольш важнай падзеі — Варшаўскім паўстанні, не абыходзіць увагай дзейнасць польскіх узброеных сілаў на Захадзе і „працэс шаснаццаці“.

Што тычыцца камуністычнага лагера, то яго роля і дзейнасць у гады Другой сусветнай вайны раскрытыя дастаткова павярхоўна. Аўтар пачынае аповед з рашэння кіраўніцтва Камінтэрна аб аднаўленні камуністычнай партыі ў Польшчы і адразу канстатуе факт стварэння Польскай працоўнай партыі (ППР). Трэба ўдакладніць, што ППР была створана менавіта на польскай тэрыторыі з удзелам тамтэйшых камуністычных груп, якія прызналі кіраўніцтва дзеячаў, што прыбылі з СССР у канцы 1941 г. Акрамя гэтага ў кнізе згадваецца не першая, выдадзеная ў сакавіку 1943 г., а другая праграмная дэкларацыя ППР (лістапад 1943 г.), у якую, зыходзячы са стану савецка–польскіх адносінаў, былі ўнесены карэктывы. Важным момантам у развіцці камуністычнага руху стала стварэнне ў ноч з 31 снежня 1943 на 1 студзеня 1944 г. Краёвай Рады Нарадовай (КРН), але, на жаль, не адзначаецца, што яна прэтэндавала на ролю будучага парламента краіны (250—251). Гэта істотны момант, таму што ўзнікненне КРН падштурхнула кіраўніцтва Палітычнага пагаджальнага камітэта стварыць 9 студзеня 1944 г. Раду нацыянальнага адзінства, якая таксама выступіла ў якасці падпольнага парламента.

Важную ролю ў развіцці камуністычнага руху ў Польшчы выконвала польскае асяроддзе ў СССР. Аўтар згадвае Саюз польскіх патрыётаў на чале з В. Васілеўскай, стварэнне Польскай дывізіі імя Т. Касцюшкі і на яе базе 1–й Польскай арміі, Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ). Аднак, калі гаворка ідзе пра Маніфест ПКНВ, тут не ўсё дакладна. У кнізе адзначана, што ў гэтым дакуменце „змяшчалася праграма рэвалюцыйных грамадска–палітычных пераўтварэнняў“ (243), што не адпавядае рэчаіснасці, бо заяўленыя пераўтварэнні насілі агульнадэмакратычны характар і шмат у чым паўтаралі праграму даваеннай Сялянскай партыі (Стронніцтва Людовага), якую нельга абвінаваціць у радыкалізме.

Прыведзены ў кнізе матэрыял па Другой сусветнай вайне несумненна з’яўляецца цікавым і важным для знаёмства з гісторыяй Польшчы. Аднак, на наш погляд, аўтар не зусім удала яго структураваў, што прывяло да паўтораў і часам храналагічнай непаслядоўнасці ў перадачы падзей. Ніводным словам тут не згадваецца і паўстанне ў Варшаўскім гета ў 1943 г.

Пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчы адбыліся істотныя перамены. Па–першае, да ўлады прыйшлі камуністычныя сілы, якія вызначалі палітычнае і сацыяльна–эканамічнае развіццё краіны да 1989 г. Па–другое, адбыліся тэрытарыяльныя змены. Польшча страціла тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і атрымала заходнія тэрыторыі („вернутыя землі“), дзе пераважалі нямецкія жыхары. Змяненне межаў прывяло да ўзнікнення новай праблемы — неабходнасці перасялення насельніцтва. У выніку падпісаных у верасні 1944 г. дамоўленасцяў з тэрыторыі Польшчы мелі права выехаць беларусы, украінцы і літоўцы, адпаведна з БССР, УССР і ЛітССР — палякі. Усяго ў Польшчу з тэрыторыі СССР пераехала каля 1,5 млн. чалавек. Адначасова з гэтым вярталіся на радзіму вывезеныя на прымусовыя працы палякі, ішло высяленне нямецкага насельніцтва. У кнізе адзначаецца, што з Польшчы „выехала“ ў 1945—1947 г. каля 2,5 млн. немцаў (265). Але тут трэба было згадаць, што большасць з іх выязджала пад прымусам („армейскія“, „дзікія“ высяленні), асабліва ў 1945 г., што дазваляе некаторым гісторыкам гаварыць пра генацыд немцаў у Польшчы ў першыя пасляваенныя гады[1].

Важным пытаннем, якое выклікае найбольшыя спрэчкі даследчыкаў, з’яўляецца легітымнасць пасляваеннай улады ў Польшчы. У сувязі з гэтым у кнізе паказаны лёс польскай эміграцыі, якая не прызнала рашэнняў Ялцінскай канферэнцыі, захавала дзяржаўныя структуры, што існавалі яшчэ ў гады вайны, і „перадала ўладу“ першаму ўсенародна абранаму прэзідэнту Леху Валенсу. На польскіх землях таксама не ўсе прынялі новае кіраванне, таму тут пачалося фармаванне падпольных узброеных структур, якія дзейнічалі да сярэдзіны 50–х г. Акрамя польскага руху супраціўлення існавалі ўзброеныя атрады ўкраінскіх нацыяналістаў — Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінскай паўстанцкай арміі, разгромленыя ў выніку праведзенай летам 1947 г. аперацыі „Вісла“. Тут аўтар слушна заўважае, што яна „набыла характар жорсткай расправы з насельніцтвам цэлых мясцовасцей“ (269) і паглыбіла недавер і прадузятасць паміж палякамі і ўкраінцамі.

Аналізуючы пасляваеннае палітычнае жыццё Польшчы, аўтар адзначае факт стварэння афіцыйнай апазіцыйнай партыі — Польскай сялянскай партыі (ПСЛ) на чале з С. Мікалайчыкам — і паказвае, як жорстка яе атакавала ППР са сваімі саюзнікамі. (На с. 270 пракамуністычная Сялянская партыя — Стронніцтва Людовэ — названа Народнай партыяй.) Вастрыня палітычнай барацьбы разгарнулася вакол правядзення ў чэрвені 1946 г. рэферэндума і ў студзені 1947 г. парламенцкіх выбараў, вынікі якіх былі падтасаваныя. На жаль, у кнізе згадваюцца толькі афіцыйныя дадзеныя і не прыводзяцца больш–менш рэальныя паказчыкі галасавання ў час рэферэндуму, вядомыя дзякуючы працам польскага даследчыка А. Пачкоўскага[2]. З рэальнымі вынікамі парламенцкіх выбараў складаней, таму што ў архівах не захавалася сапраўдных дадзеных, акрамя таго злоўжыванні ўладаў пад час галасавання не маглі паказаць рэальнай карціны настрояў насельніцтва. Такім чынам, афіцыйную перамогу на выбарах атрымаў Дэмакратычны блок, а фактычна ППР, кіраўніцтва якой выбрала савецкую мадэль пабудовы сацыялізму.

Характарызуючы першыя пасляваенныя гады Польшчы, хацелася б унесці важнае, на наш погляд, дапаўненне. Да апісання падзей 1956 г. у Польшчы толькі аднойчы на с. 250 ускосна згадваецца такі дзеяч, як У. Гамулка — чалавек, які з 1943 г. узначальваў ППР, быў віцэ–прэм’ерам ва ўрадзе Э. Асубка–Мараўскага і — самае галоўнае — аўтарам канцэпцыі польскага шляху да сацыялізму, за што ў 1948 г. зазнаў пераслед як прыхільнік „праванацыяналістычнага ўхілу“. Менавіта арэол ахвяры рэпрэсій дапамог яму вярнуцца да ўлады ў 1956 г.

Вяртаючыся да пасляваенных пераменаў у Польшчы, замацаваных спачатку ў Малой Канстытуцыі 1947 г., а потым у Канстытуцыі 1952 г., хацелася б не пагадзіцца з выказваннем аўтара пра вялікі ўплыў Сталіна на рэдакцыю апошняй канстытуцыі (272). Калі меркаваць па англамоўнай публікацыі тэксту[3] канстытуцыі і ўнесеных Сталіным выпраўленняў, можна прыйсці да высновы, што яны насілі, хутчэй, стылістычны характар, не мянялі сутнасці дакумента, а толькі змякчалі некаторыя палажэнні. Іншая справа, што само ўмяшальніцтва кіраўніка адной краіны ў справы іншай дзяржавы, і тым больш стварэнне асноўнага закону, — незвычайны гістарычны факт.

Разважаючы пра пасляваеннае развіццё Польшчы, аўтар правільна ўказвае, што з 1948 г. „у палітычную практыку ўвайшлі савецкія метады пабудовы сацыялізму“ (275), адмова ад якіх адбылася пад час кастрычніцкай „адлігі“ 1956 г. Спробы вярнуцца да старых метадаў кіравання ў 60–я г. сутыкнуліся з моцным супрацівам актыўнай часткі насельніцтва і прывялі да падзей 1968 і 1970 г. Рэфармаванне перыяду кіравання Герэка таксама не дало вынікаў — першапачатковы ўздым скончыўся эканамічным крызісам, ростам апазіцыйных настрояў сярод грамадства і стварэннем асяродкаў нелегальнай, а з 1980 г. легальнай апазіцыі. Вялікую ролю тут адыграла абранне Папам Рымскім паляка Караля Вайтылы і яго паломніцтвы ў Польшчу (280—282). Абвастрэнне сітуацыі ў краіне прывяло да абвяшчэння ў снежні 1981 г. ваеннага становішча, якое, як адзначаецца, „не вырашыла польскіх праблем“ (285). І тут у тэксце ўзнікае пэўны прабел адносна падзей сярэдзіны 80–х г., а менавіта спробаў, хай і няўдалых, рэфармавання эканомікі. Аўтар адразу пераходзіць да перагаворнага працэсу пачатку 1989 г., вядомага як „Круглы стол“, і пераменаў, якія адбыліся ў краіне ў другой палове 1989 г.

Са снежня 1990 г. распачаўся перыяд Трэцяй Рэчы Паспалітай. У кнізе падрабязна разглядаецца план Л. Бальцаровіча, яго рэалізацыя і вынікі ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. Характарызуючы змены ва ўнутранай палітыцы, аўтар адзначае, што ў 1989 г. „палякі пачалі авалодваць дэмакратычнымі механізмамі, якія былі цалкам выведзены з грамадскага жыцця на працягу апошніх 50 гадоў“ (294). Складана пагадзіцца з такім выказваннем, бо, як прыведзена ў гэтым жа даследаванні, перыяд парламенцкай дэмакратыі ў Польшчы датуецца толькі 1918—1926 г., а гаварыць пра дэмакратыю санацыйнага рэжыму няма сэнсу, бо гэта быў рэжым „аўтарытарнага праўлення Ю. Пілсудскага“ (202).

Перамены, якія адбыліся ў Польшчы пасля 1989 г., закранулі і знешнюю палітыку краіны. У кнізе адзначана, што Польшча ўвайшла ў склад Савета Еўропы, Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці, Заходнееўрапейскага саюза і НАТО, а галоўнае — з 2004 г. з’яўляецца паўнапраўным членам ЕС. Акрамя гэтага актыўна ўдзельнічае ў рэгіянальных групоўках — Вышэградскай групе, Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве і Савеце краін рэгіёну Балтыйскага мора.

Асобна варта сказаць пра невялікія „ліхтарыкі“, прысвечаныя развіццю культуры на польскіх землях. Яны дапамагаюць зразумець асаблівасці культурнага развіцця ў Х — XVII ст., у эпоху рамантызму, а потым пазітывізму, культурнага працэсу ХХ ст. Узгадваючы развіццё навукі, асветы і культуры ў міжваенны перыяд, аўтар называе вядомага польскага пісьменніка У. Рэймонта, лаўрэата Нобелеўскай узнагароды за раман „Сяляне“ (217). Трэба было б удакладніць, што для чытачоў былой постсавецкай прасторы гэты твор больш знаёмы як „Мужыкі“.

У цэлым высока ацэньваючы прапанаваную беларускаму чытачу гісторыю Польшчы, нельга не звярнуць увагі на некаторыя хібы і недакладнасці тэксту. Найперш неабходна выправіць факталагічныя памылкі. Напрыклад, Міндоўг атрымаў ад Папы Рымскага каралеўскую карону ў 1253 г., а не ў 1252 г. (29); Літоўска–Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка (ЛітБел) была створана ў лютым 1919 г., а не ў студзені 1920 г. (191); бітва пад Варшавай адбылася 13—15 жніўня 1920 г., а не 13—25 жніўня 1920 г. (194); дамовы аб абмене насельніцтвам былі падпісаныя Польшчай з БССР і УССР 9 верасня 1944 г., а з ЛітССР — 22 верасня 1944 г. (у кнізе на с. 263 усе тры дамовы датуюцца 14 верасня 1944 г.); прафсаюз „Салідарнасць“ быў афіцыйна зарэгістраваны 10 лістапада, а не 10 снежня 1980 г. (283); на карце „Еўрапейскі Саюз і краіны — кандыдаты ў члены ЕС“ на с. 298—299 сярод кандыдатаў на ўваходжанне ў ЕС не пазначана Македонія. На с. 204 знакаміты Фронт Морж (Morges) перакладзены як Фронт Моргэс. Неабходна таксама ўдакладніць абрэвіятуру, якая ў большасці выпадкаў даецца па–польску, але сустракаюцца і скарачэнні з беларускай мовы (напрыклад на с. 227, 236). Падпольныя  псеўданімы польскіх дзеячаў перакладзены на беларускую мову, тым часам у савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі замацаваўся польскі варыянт. Так, псеўданім С. Жымерскага „Роля“ перакладзены як „Ралля“, псеўданім Т. Камароўскага „Бур“ — як „Бор“ (253), А. Крыжаноўскага „Вілк“ — як  „Воўк“ (269).

Мінск

Любоў Козік


[1] Гл. падрабязней: Niemcy w Polsce. 1945—1950. Wybór dokumentów. T. 1—4. Warszawa, 2001—2003.
[2] Гл.: Referendum z 30 czerwca 1946 r. Przebieg i wyniki. Dokumenty do dziejów PRL / Opracował A. Paczkowski. Warszawa, 1993.
[3] Гл.: Cold War International History Project Bulletin. 1998. Vol.11. P. 149—154.

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2005 Т.12 Сш. 1-2'