Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2009 Т.16 Сш. 1

Том 16 Сшытак 1 (30) Чэрвень 2009

26 сакавіка, 2011 |

Артыкулы
Уладзімір Падалінскі. Палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. С. 3-32.
Анатоль Трафімчык. Аб’яднанне Беларусі ў 1939 г. і “гістарычная справядлівасць”. С. 33-56.
Яўген Грэбень. Злачыннасць у Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі (1941 – 1944). С. 57-89.
Томас Бон. Доўгае парыванне са Сталіным, або Дзённік Яфіма Садоўскага. С. 90-106.

Паведамленні
Вячаслаў Афанасьеў. Кандыд (да біяграфіі Міхаіла Зялёнкі). С. 107-112.

Публікацыі
Наталля Сліж. Справа аднаго наезду, або Пра рэпутацыю Льва Сапегі. С. 113-120.
Аркадзіуш Чволэк. Як палявалі на чараўніц у маёнтках Яна Станіслава Сапегі. С. 121-138.
Ірына Сынкова, Міхаіл Тарэлка. Знахарскі тэкст з беларуска-татарскага рукапісу. С. 139-166.

Гістарыяграфія
Леанід Зашкільняк. “Паверхі” і “лесвіцы” сучаснай украінскай гістарыяграфіі. С. 167-189.
Марцэлі Косман. Ян Серадыка (1928 — 2008), гісторык старапольскага парламентарызму і ВКЛ. С. 190-219.

Палеміка
Юры Туронак. Роля Мікалая Пахлябаева ў падрыхтоўцы замаху на Вільгельма Кубэ. С. 221-238.

Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі
Генадзь Сагановіч. Мода на плагіят? С. 239-256.
Homo historicus 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. Вільня: ЕГУ, 2008 (Сяргей Грунтоў). С. 257-264.
Kosman, Marceli. Polska w drugim tysiącleciu. Т.1-2. Toruń, 2007 ….(Людміла Міхайлоўская, Любоў Козік). С. 264-275.
Pre-Modern Russia and its World. Essays in Honor of Thomas S. Noonan. Wiеsbaden, 2006 ….(Ірына Ганецкая). С. 276-283.
Per saecula ad tempora nostra. Sborník ptrací k šedesátým narozeninám prof. J. Pánka. T. 1-2. Praha, 2007 (Марцэлі Косман). С. 283-287.
Błaszczyk, Grzegorz. Dzieje stosunków polsko-litewskich. Tom II. Od Krewa do Lublina. Część I. Poznań, 2007 (Віталь Галубовіч). С. 287-294.
Bömelburg, Hans-Jürgen. Frühneuzeitliche Nationen im östlichen Europa. Wiesbaden, 2006 (Ірына Сынкова). С. 295-305.
Ilgiewicz, Henryka. Wileńskie towarzystwa i instytucje naukowe w XIX w. Toruń, 2005; Societas Academicae Vilnenses. Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907 – 1939) i jego poprzednicy. Warszawa, 2008 (Марцэлі Косман). С. 305-310.
Staliunas, Darius. Making Russians. Meaning and Practice of Russification in Lithuania and Belarus after 1863. Amsterdam – New York, 2007 (Павел Церашковіч). С. 310-312.
Унучак, Андрэй. “Наша Ніва” і беларускі нацыянальны рух (1906—1915)….(Сяргей Дубавец). С. 313-317.

Інфармацыі і хроніка
Аўтарэфераты дысертацый па гісторыі, дапушчаныx да абароны ў 2006-2007 г. (Ніна Камарова). С. 318-324.
“Беларусь паміж Усходам і Захадам” (нататкі з канферэнцыі) (Генадзь Сагановіч). С. 325-331.
Выданні, атрыманыя рэдакцыяй. С. 332-334.

http://knihi.by/knihi/bielaruski-histarycny-ahlad-tom-9

Набыць на knihi.by.

(PDF)

Уладзімір Падалінскі. Палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст.

24 чэрвеня, 2009 |


Рэформы сярэдзіны 1560-х г. істотна змянілі дзяржаўны лад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Утварэнне паветаў, увядзенне земскіх, гродскіх і падкаморскіх судоў, з’яўленне інстытута павятовых соймікаў, нарэшце, прыняцце Статута ў 1566 г. значна ўзмацняла палітычна-прававое становішча шляхецкага стану ў краіне[1]. Безумоўна, такія маштабныя новаўвядзенні спрыялі актыўнаму ўцягванню ў грамадска-палітычнае жыццё краіны даволі шырокіх колаў сярэдняга і дробнага шляхецтва, эвалюцыі і росту ўплываў рэгіянальных палітычных элітаў. Рэгіянальныя эліты выконвалі важную функцыю трансляцыі патрэбаў і інтарэсаў павятовай шляхты да вышэйшых кіроўных колаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Пад павятовай палітычнай элітай мы разумеем групу людзей, якія валодалі рэальнай уладай і аўтарытэтам у павеце, актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці і ўплывалі на прыняцце рашэнняў, як у межах павета, так і на дзяржаўным узроўні. Адпаведна, да палітычнай эліты павета, на нашу думку, можна аднесці павятовых ураднікаў (старостаў, падстаростаў, павятовых маршалкаў, падкаморыяў, харужых, войскіх, стольнікаў, падстоліяў), членаў земскага і гродскага суда, актыўных удзельнікаў соймікаў, паслоў на вальныя соймы і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, мясцовых зборшчыкаў падаткаў (паборцаў). Мэта артыкула — аналіз на прыкладзе Лідскага павета асабовага складу павятовай эліты, сацыяльнага і маёмаснага статусу, сваяцкіх і кліентальных сувязяў яе прадстаўнікоў, шляхоў уваходжання (каналаў рэкрутацыі) у межы эліты. Звернем увагу на палітычную культуру і ўзровень палітычнай свядомасці вышэйшых колаў лідскай шляхецкай карпарацыі.

Для даследавання палітычнай эліты Лідскага павета існуе шырокая база крыніц. Аналізу яе (эліты) асабовага складу дапамагаюць выдадзеныя спісы мясцовых земскіх і гродскіх ураднікаў і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, а таксама генеалагічныя працы А. Банецкага, К. Нясецкага і інш.[2]. Сацыяльны і маёмасны статус лідскай шляхты прасочваецца па матэрыялах попісаў войска Вялікага Княства 1565 і 1567 г.[3]. Для вывучэння палітычнай свядомасці і культуры шляхты апошняй трэці XVI ст. важнае значэнне маюць матэрыялы працы лідскага павятовага сойміка[4]. Безумоўна, неабходны і падрабязны аналіз розных відаў крыніц у матэрыялах Метрыкі ВКЛ, ухвалаў з’ездаў, вальных соймаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і г.д.

У другой палове XVI ст. у Лідскім павеце знаходзіліся ўладанні такіх значных магнацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ, як Гарнастаі, Давойны, Пацы, Радзівілы[5]. Паводле попісу 1567 г. на тэрыторыі павета свае маёнткі мелі валынскі ваявода князь Аляксандр Чартарыйскі, берасцейскі кашталян Ян Гайка, князі Аляксандр Палубенскі і Андрэй Вішнявецкі, прадстаўнікі родаў Солтанаў, Нарбутаў, Скумінаў-Тышкевічаў і інш.[6]. Аднак непасрэдна ў палітычным жыцці Лідскага павета яны фактычна не ўдзельнічалі. За выключэннем, бадай, віленскага ваяводы і канцлера Мікалая Радзівіла Рудога, які быў лідскім старостам больш за трыццаць гадоў: з 1547 да 1579 г.[7]. Хаця і ён уплываў на справы павета хутчэй ускосна, праз сваіх намеснікаў (падстаростаў), ураднікаў і кліентаў з ліку мясцовай шляхты[8]. Наступнікам М. Радзівіла на пасадзе старосты, якая, дарэчы, давала адміністрацыйную і значную судовую ўладу, а значыць і вялікі ўплыў у павеце, у 1579 г. стаў віленскі войскі Ян Абрамовіч[9]. Ён ужо больш актыўна браў удзел у розных палітычных падзеях на тэрыторыі Лідскага павета.

Павятовыя ўрады займалі пераважна прадстаўнікі мясцовай дробнай шляхты[10]. Згодна са звесткамі попісу 1567 г. у войска ВКЛ па адным конніку выстаўлялі лідскі харужы Рыгор Горла і будучы мясцовы гродскі суддзя Ян Даўлюд, па два коннікі ставілі віленскі гродскі суддзя Марцін Юхновіч-Сонгін (у канцы 1570-х г. будзе займаць урад лідскага падстаросты) і лідскі гродскі суддзя Мацей Сцяпанавіч, а таксама будучыя мясцовыя гродскія суддзі Ян Контрым ды Іван Быхавец і гродскі пісар Багдан Перапеча[11]. Лідскі земскі падсудак Мікалай Навіцкі выстаўляў у 1567 г. са сваіх маёнткаў у войска не толькі 2 вершнікаў, але і аднаго драба[12]. Па сваім эканамічным становішчы крыху вылучаліся пісары Лідскага павета земскі Ян Сіруць і гродскі Адам Гімбут, як і Юрага Лябедскі, бацька будучага лідскага войскага Юрыя Юрагі. Кожны з трох у 1567 г. ставіў у войска 4 коннікаў і 2 драбаў[13]. Да беднай і нязнатнай шляхты, на нашу думку, можна аднесці і такіх лідскіх ураднікаў, як гродскі пісар (1577) і харужы (1580-1604) Павел Круневіч, стольнік (1590-1597) і земскі падсудак (1597-1630) Станіслаў Тукала, стольнік (1597-1598) Станіслаў Вайшвіла, гродскі суддзя (1574) Ян Няшыцкі, гродскі суддзя (магчыма, з 1592) Аляксандр Пакаршынскі, гродскі пісар (магчыма, з 1585) Рафаэль Рожчыц[14].

Сярод палітычнай эліты Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. сустракаюцца таксама і прадстаўнікі знатных, „панскіх” родаў ВКЛ: Валчковічаў, Доўгірдаў, Завішаў, Скіндэраў, Траццякоў, Юндзілаў. Так, у 1568 і 1574 г. як лідскі падстароста згадваецца Станіслаў Юндзіл, павятовым маршалкам з 1566 да 1582 г. быў Ян Валчковіч (Волчак), падкаморыем у 1595-1596 г. — Ян Завіша[15]. Земскімі суддзямі ў 1566-1581 і 1586-1607 г., адпаведна, былі Себасцян Траццяк і Мікалай Скіндэр, з 1588 да 1615 г. урад лідскага земскага пісара трымаў Войцех Скіндэр, гродскім (1571, 1576) і земскім (1576-1588) пісарам быў Андрэй Доўгірд[16]. Прадстаўнік княжацкага роду Лукомскіх, Яраслаў Лукомскі, у канцы XVI – пачатку XVII ст. займаў пасады лідскага падстаросты (1590-1592), земскага падсудка (1592-1597) і лідскага падкаморыя (1597-1602)[17]. Розныя ўрады ў Лідскім павеце трымалі і выхадцы з такіх вядомых у гісторыі ВКЛ родаў, як Аляхновічы і Трызны. Так, лідскім падкаморыем у 1566-1593 г. быў Мікалай Аляхновіч, а Ян Трызна ў 1586 г. быў прызначаны лідскім земскім суддзём, але ўрад па нейкіх прычынах не прыняў[18]. Уплывовыя пазіцыі меў у павеце род Нелюбовічаў: Ян Нелюбовіч у 1589?-1612 г. быў павятовым маршалкам, Вацлаў Нелюбовіч з 1599 г. — мясцовым стольнікам[19]. Тым не менш, нават прадстаўнікі знатных родаў па сваім маёмасным статусе збольшага ўсё роўна належалі да дробнай шляхты. Той жа попіс войска 1567 г. фіксуе, што М. Аляхновіч і С. Траццяк ставілі ў войска 3 коннікаў і аднаго драба кожны, а М. Скіндэр — толькі аднаго конніка[20]. A вось С. Юндзіл са сваіх маёнткаў у Лідскім, Ковенскім паветах і Мсціслаўскім ваяводстве выстаўляў у войска ВКЛ адразу 8 коннікаў і 3 драбаў, таксама 8 коннікаў у 1565 г. у войска выстаўляў і Я. Валчковіч[21]. Іх, на нашу думку, варта лічыць прадстаўнікамі сярэдняга шляхецтва Вялікага Княства. Магчыма, да сярэдняй шляхты можна аднесці і Я. Трызну, сына смаленскага кашталяна Рыгора Трызны, які ў 1567 г. ставіў у войска 22 коннікі і 11 драбаў[22]. У канцы XVI ст. значныя зямельныя ўладанні сканцэнтраваў у сваіх руках Я. Абрамовіч і вывеў свой род у шэрагі заможнай шляхты[23]. Аднак ніхто з іх нават блізка не мог параўнацца па сваім сацыяльна-эканамічным становішчы з М. Радзівілам Рудым. Віленскі ваявода і лідскі староста ў 1567 г. выставіў у войска ВКЛ 400 коннікаў і 200 драбаў[24].

Некаторыя лідскія шляхцічы рабілі даволі паспяховую кар’еру на павятовым узроўні. За апошнюю трэць XVI ст. па два ўрады займалі П. Круневіч (гродскі пісар, харужы), А. Доўгірд (гродскі і земскі пісар), М. Юхновіч-Сонгін (падстароста, земскі падсудак), С. Тукала (стольнік, земскі падсудак), Еранім Абрамовіч (войскі, падстароста), а князь Я. Лукомскі паслядоўна трымаў тры ўрады (падстароста, земскі падсудак і падкаморы)[25]. У сваю чаргу, Я. Сіруць прайшоў у сваёй кар’еры праз усе пасады земскага суда Лідскага павета: ад пісара (1566-1576) і падсудка (1576-1581) да суддзі (1581-1586)[26]. Варта адзначыць, што ў апошняй трэці XVI ст. два прадстаўнікі лідскай шляхты ўвайшлі ў склад сената Рэчы Паспалітай. Лідскі староста і віленскі войскі Я. Абрамовіч у 1593 г. атрымаў намінацыю на ўрад менскага, а ў 1596 г. — смаленскага ваяводы, у тым самым 1596 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза прызначыў лідскага падкаморыя Я. Завішу мсціслаўскім, a ў 1599 г. — віцебскім ваяводам[27].

Каналы рэкрутацыі ў склад павятовай палітычнай эліты і магчымасць далейшага кар’ернага росту вызначаліся некалькімі фактарамі. Па-першае, вялікую ролю адыгрывалі пратэкцыянісцкія адносіны. Ужо попіс войска Вялікага Княства 1567 г. адлюстраваў шырокае распаўсюджанне ў Лідскім павеце стасункаў „патрон – кліент”. Найбольшы ўплыў у павеце меў віленскі ваявода і лідскі староста М. Радзівіл Руды. У попісе згадваюцца 12 кліентаў віленскага ваяводы з ліку мясцовай шляхты[28]. Значна менш, 5 кліентаў, меў гаспадарскі маршалак Ян Шымковіч, а віленскі кашталян, вялікі гетман ВКЛ Рыгор Хадкевіч і староста жамойцкі, земскі маршалак Ян Хадкевіч — па 4[29]. Таксама кліентаў сярод лідскай шляхты мелі біскупы віленскі Валерыян Пратасевіч і кіеўскі Мікалай Пац, кашталяны віцебскі Павел Пац і берасцейскі Я. Гайка, падканцлер і дворны маршалак ВКЛ Астафей Валовіч, падчашы Мікалай Кішка, лоўчы Рыгор Валовіч, князі Раман Сангушка і А. Вішнявецкі ды інш.[30].

Патроны актыўна дапамагалі сваім кліентам займаць разнастайныя павятовыя ўрады. М. Радзівіл Руды, як мясцовы староста, сам прызначаў падстаростаў і фармаваў склад гродскага суда[31], як правіла, з ліку сваіх кліентаў. Прынамсі, можна сцвярджаць, што падстаросты С. Юндзіл і М. Юхновіч-Сонгін, гродскі суддзя М. Сцяпанавіч, гродскія пісары А. Гімбут і П. Круневіч былі кліентамі менавіта віленскага ваяводы[32]. Кліентальна з М. Радзівілам быў звязаны і яго наступнік на пасадзе лідскага старосты Я. Абрамовіч[33]. У 1580 г. па пратэкцыі М. Радзівіла і А. Валовіча лідскім харужым стаў П. Круневіч[34]. А вось адзін з вышэйшых урадаў у павятовай ерархіі — урад падкаморыя — займаў М. Аляхновіч, кліент іншага буйнога магната ВКЛ — Я. Хадкевіча[35]. Заўважым, што яшчэ два кліенты жамойцкага старосты атрымалі ўрады ў Лідскім павеце толькі пасля смерці ў 1579 г. свайго патрона: Б. Перапеча стаў гродскім пісарам у 1581 г., а М. Скіндэр — земскім суддзём толькі ў 1586 г.[36] Пазней, у 1590-я г., свой уплыў на лідскую шляхту распаўсюдзіў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Пры падтрымцы пячатараў Вялікага Княства (канцлер Л. Сапега і падканцлер Габрыэль Война) у 1592 г. урад земскага падсудка атрымаў князь Я. Лукомскі, а ў 1597 г. яго, дзякуючы пратэкцыі менавіта Л. Сапегі, Жыгімонт Ваза прызначыў на пасаду лідскага падкаморыя[37]. З чарэйскай лініяй Сапегаў быў звязаны і Я. Трызна, адзін з апекуноў жонкі (сваёй сястры Аляксандры) і дзяцей памерлага ў 1576 г. Дзмітрыя Сапегі[38]. Блізкія сувязі з Я. Абрамовічам у 1590-я г. меў лідскі гродскі пісар Р. Рожчыц[39].

Вялікае значэнне для таго, каб увайсці ў склад рэгіянальнай палітычнай эліты, мелі сваяцкія сувязі, знатнае паходжанне, аўтарытэт сярод шляхты. Найважнейшыя павятовыя ўрады, як ужо адзначалася, займалі прадстаўнікі знатных родаў ВКЛ: Аляхновічаў, Валчковічаў, Доўгірдаў, Завішаў, Лукомскіх, Радзівілаў, Скіндэраў, Траццякоў, Трызнаў, Юндзілаў. Сваяцкія сувязі таксама дапамагалі рабіць кар’еру. Так, Лаўрын Сонгін, сын земскага падсудка М. Юхновіча-Сонгіна, у 1589 г. быў лідскім падстаростам, а М. Скіндэр, сын трокскага земскага суддзі Мікалая Скіндэра, — земскім суддзём Лідскага павета ў 1586-1607 г.[40]. Брат Я. Абрамовіча Пётр у 1589-1602 г. трымаў урад лідскага падстолія, а іх, верагодна, стрыечны брат Еранім — лідскага войскага (1585-1614) і падстаросты (1592-1605)[41]. Праз шлюбы лідская шляхта раднілася з іншымі шляхецкімі родамі ВКЛ: А. Гімбут быў звязаны з родам Доўгірдаў, Я. Завіша—з родам Трызнаў, а Я. Лукомскі—з чарэйскай лініяй Сапегаў (яго жонкай была пляменніца канцлера Л. Сапегі), Сіруці радніліся з Юндзіламі, а Скіндэры — з Шэметамі[42]. Напэўна, павятовая эліта ў немалой ступені магла дапамагчы сваім дзецям, братам ці сваякам у атрыманні пасадаў[43]. Ды і ўвогуле шляхецкая карпарацыя Лідскага павета ў другой палове XVI ст. не была нейкай замкнёнай групай. Роды тых жа Доўгірдаў, Завішаў, Лукомскіх, Трызнаў і Юндзілаў мелі ўладанні ў іншых паветах і ваяводствах ВКЛ. Былі выпадкі, калі шляхцічы займалі пасады ў розных паветах краіны. Так, лідскі староста Я. Абрамовіч быў таксама віленскім войскім, лідскі маршалак Я. Валчковіч быў віленскім канюшым і падканюшым, лідскі падстароста М. Юхновіч-Сонгін—віленскім гродскім суддзём, а падкаморы М. Аляхновіч — цівуном дырвянскім у Жамойцкім старостве.

Частка шляхцічаў магла заваяваць аўтарытэт і заслужыць палітычны аванс дзякуючы сваім заслугам перад дзяржавай і інтэлектуальным здольнасцям. У1586 г. Стэфан Баторый у намінацыйным прывілеі на ўрад лідскага земскага суддзі для Я. Трызны характарызаваў яго не толькі як чалавека, які добра праявіў сябе ў ваенных дзеяннях, але і „в праве посполитом умеетного”[44]. Безумоўна, і Я. Сіруць, прайшоўшы з 1566 да 1586 г. ад пасады пісара да ўраду суддзі ў лідскім земскім судзе, належаў да „людей добрыхъ, цнотливыхъ, ростропныхъ, в праве умеетныхъ”[45], г.зн. валодаў добрымі ведамі ў галіне права і меў аўтарытэт у шляхецкім асяродку Лідскага павета.

На нашу думку, прыкладам асобы, у кар’еры якога праявіліся ўсе гэтыя фактары — і пратэкцыянісцкія ўплывы, і знатнае паходжанне, і аўтарытэт сярод мясцовай шляхты, — быў лідскі земскі суддзя С. Траццяк. Сын земскага харужага Вялікага Княства, „пан” С. Траццяк карыстаўся падтрымкай віленскага ваяводы і лідскага старосты М. Радзівіла Рудога[46]. А пра яго ўплывовае становішча ў Лідскім павеце сведчыць тое, што паводле попісу войска ВКЛ 1567 г. сярод мясцовай шляхты ён меў як мінімум двух кліентаў: Я. Даўлюда і Мікалая Шмігірыча[47]. Магчыма, дзякуючы падтрымцы С. Траццяка, Я. Даўлюд у 1580-я г. займаў пасаду лідскага гродскага суддзі.

Пры характарыстыцы асабовага складу мясцовай эліты адзначым яшчэ некалькі момантаў. Па-першае, памежнае становішча Лідскага павета між зонамі рассялення балцкага і славянскага этнасаў прывяло да таго, што сярод лідскай шляхты сустракаюцца прадстаўнікі родаў як літоўскага (Аляхновічы, Доўгірды, Завішы, Юндзілы), так і беларускага (Лукомскія, Навіцкія, Нелюбовічы, Траццякі, Трызны) паходжання[48]. Па-другое, павятовыя ўрады ў Лідскім павеце займалі асобы розных хрысціянскіх канфесій: кальвіністы Р. Рожчыц і С. Тукала, праваслаўныя, хутчэй за ўсё, Р. Горла і І. Быхавец, каталік П. Абрамовіч. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў апошняй трэці XVI ст. этнічнае паходжанне і канфесійная прыналежнасць не ўплывалі на магчымасць шляхціча ўвайсці ў склад павятовай палітычнай эліты. На першым месцы стаяла прыналежнасць да адзінага „палітычнага народа” ВКЛ і магчымасць карыстацца адпаведнымі сацыяльна-палітычнымі правамі.

З асяродку павятовай палітычнай эліты ў разгляданы час можна вылучыць шэраг асобаў, якія актыўна прадстаўлялі Лідскі павет у грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай: выбіраліся соймавымі пасламі і дэпутатамі Трыбунала, прызначаліся паборцамі і гаспадарскімі пасламі на соймікі.

Нашы звесткі пра лідскіх паслоў на соймы Рэчы Паспалітай, на жаль, даволі абмежаваныя. На Люблінскім сойме 1569 г. Лідскі павет прадстаўлялі Шчасны Губа і Садзібор Доўгірд. Іх подпісы і пячаткі сустракаем пад актам Люблінскай уніі[49]. Таксама акт уніі пацвердзіў і Я. Валчковіч, які, як гаспадарскі маршалак, уваходзіў у склад сената ВКЛ[50]. У працы элекцыйнага сойму 1575 г. браў удзел М. Аляхновіч, які фактычна, як і ўсе прадстаўнікі ВКЛ, пры выбарах новага караля і вялікага князя падтрымаў кандыдатуру эрцгерцага Эрнеста з дынастыі Габсбургаў[51]. На элекцыі ўлетку 1587 г. вядома прысутнасць лідскіх шляхцічаў Л. Сонгіна і Яна Хаецкага, таксама паслом Лідскага павета, напэўна, быў і Андрэй Завіша[52]. У розных з’ездах ВКЛ часоў першых двух бескаралеўяў у Рэчы Паспалітай (1572-1576) удзельнічалі Я. Абрамовіч, Я. Валчковіч, С. Траццяк, В. Нелюбовіч, Я. Даўлюд[53]. Магчыма, пасламі Лідскага павета на вальныя соймы Рэчы Паспалітай былі А. Завіша ў 1589 г. і Я. Абрамовіч ды Абрам Юндзіл у 1593 г.[54]. Дарэчы, віленскі войскі і лідскі староста Я. Абрамовіч удзельнічаў і ў працы вальнага сойму 1585 г., аднак невядома, прадстаўніком якога павета ён у той час быў[55]. У 1597 г. на сойме інтарэсы лідскай шляхты прадстаўлялі віленскі гродскі пісар Шчасны Багуматка і гаспадарскі дваранін Філіп Лімант[56]. Адным з земскіх паслоў ВКЛ на наступны сойм Рэчы Паспалітай, які праходзіў у Варшаве ў 1598 г., быў Я. Трызна. Не выключана, што абраны ён быў на сойміку Лідскага павета. Заўважым, што напярэдадні вальнага сойму, на Галоўным сойміку ВКЛ у Слоніме, Я. Трызна быў выбраны пасольскім маршалкай[57], а гэта яскрава сведчыць пра яго аўтарытэт сярод шляхты, і не толькі лідскай. На апошнім у XVI ст. вальным сойме Рэчы Паспалітай пасламі Лідскага павета былі падстолі лідскі П. Абрамовіч і мазырскі староста Юры Радзівіл[58].

Значна лепей нам вядома прадстаўніцтва Лідскага павета ў Трыбунале ВКЛ. За перыяд 1582-1600 г. як мінімум па адным разе лідская шляхта абірала дэпутатам у Трыбунал Л. Сонгіна (1585, магчыма), М. Аляхновіча (1586), А. Доўгірда (1586), М. Юхновіча-Сонгіна (1589), Каспера Доўгірда (1592), С. Тукалу (1593), Андрэя Монтаўта (1595), С. Вайшвілу (1596), Р. Рожчыца (1597), Яўхіма Лапату (1597), А. Юндзіла (1598)[59]. У 1599 г. на дэпутацкім сойміку ў Лідзе дэпутатам Трыбунала ВКЛ быў абраны сенатар Рэчы Паспалітай — мсціслаўскі ваявода Я. Завіша, былы лідскі падкаморы[60]. Па два разы ў апошняй трэці XVI ст. трыбунальскімі суддзямі абіраліся М. Скіндэр (1582 і 1588), Я. Лукомскі (1592 і 1598), Ф. Лімант (1593 і 1600)[61]. Былі выпадкі, калі шляхта іншых паветаў ВКЛ дэлегавала ў Трыбунал прадстаўнікоў палітычнай эліты Лідскага павета. Так, лідскі харужы П. Круневіч абіраўся дэпутатам у 1598 г. ад Мазырскага, А. Монтаўт — у 1608 г. ад Пінскага, а лідскі гродскі пісар Р. Рожчыц — у 1612 г. ад Віленскага павета[62]. Неаднаразова ў склад Трыбунала ўваходзіў лідскі староста Я. Абрамовіч: у 1583, 1586 (у гэты год быў абраны трыбунальскім маршалкам), 1594, 1598 і 1601 г.[63], але ці прадстаўляў ён хоць раз менавіта лідскую шляхту, нам дакладна не вядома. Сапраўдныя рэкардсмены сярод „трыбуналістаў” Лідскага павета — Я. Нелюбовіч і Я. Трызна. Абодва ў канцы XVI – пачатку XVII ст. па 7 разоў былі дэпутатамі Трыбунала ВКЛ: Я. Нелюбовіч — у 1582, 1583, 1585, 1589, 1595, 1601 і 1604 г., а Я. Трызна —у 1584,1590,1591,1594, 1596, 1600 і 1606 г.[64]. Відавочна, што папулярнасцю і аўтарытэтам яны карысталіся не толькі ў асяродку лідскай шляхты, але і сярод шляхты ўсяго ВКЛ. Пра гэта сведчыць тое, што абодва абіраліся маршалкамі Трыбунала. Калі Я. Нелюбовіч выконваў функцыі маршалка аднойчы, у 1589 г. (маршалак віленскай кадэнцыі), то Я. Трызна — цэлых чатыры (!) разы — у 1584, 1594 (двойчы — маршалак наваградскай кадэнцыі), 1596 і 1606 г.[65].

Функцыі паборцаў у Лідскім павеце ў апошняй трэці XVI ст. выконвалі Астафей Барэйка (пабор, прызначаны на сойме ВКЛ 1566/67), А. Гімбут (паборы 1567 і 1568), Ш. Губа (пабор 1569), С. Траццяк (паборы 1568 і 1577), А. Доўгірд (паборы 1578 і 1580), М. Юхновіч-Сонгін (пабор 1581), Есіф Халецкі (пабор 1589), В. Скіндэр (пабор 1590), Е. Абрамовіч (пабор 1593) і Мацей Браніцкі (пабор 1596)[66]. У пэўнай ступені даручэнне збору падаткаў можа сведчыць пра высокі давер да той ці іншай асобы з боку павятовай шляхецкай супольнасці. Гаспадарскім паслом на павятовы соймік у Лідзе перад вальным соймам 1572 г. быў прызначаны Я. Сіруць, а С. Траццяк выступаў гаспадарскім паслом на лідскім павятовым сойміку цэлых тры разы: перад соймамі Рэчы Паспалітай 1576 і 1578 г., а таксама перад Галоўным соймікам ВКЛ 1577 г.[67]. Лідскі павятовы маршалак Я. Валчковіч быў гаспадарскім паслом на Галоўным сойміку Вялікага Княства ў Ваўкавыску ў студзені 1582 г.[68] Удзел лідскай шляхты ў грамадска-палітычным жыцці быў даволі актыўны, пра што сведчаць захаваныя да нашых дзён матэрыялы працы соймікаў Лідскага павета. Так, на сойміку ў Лідзе 6 верасня 1587 г., што адбыўся пасля элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай, прысутнічала як мінімум 53 чалавекі[69]. Ліст да віленскага ваяводы Крыштафа Радзівіла з лідскага рэляцыйнага сойміка ад 21 красавіка 1597 г. сваімі пячаткамі зацвердзіла 19 шляхцічаў, а 20 траўня 1598 г. пад аналагічным лістом падпісалася 17 прадстаўнікоў шляхты Лідскага павета[70]. Для параўнання, як мінімум 60 шляхцічаў удзельнічала ў працы сойміка Наваградскага павета 12 траўня 1587 г. перад элекцыйным соймам 1587 г.[71]. У снежні 1594 г. ліст да К. Радзівіла з перадсоймавага сойміка Трокскага павета быў зацверджаны 12 пячаткамі, а да лістоў віленскаму ваяводзе з рэляцыйных соймікаў Віленскага і Упіцкага паветаў у траўні 1595 г. свае пячаткі прыклалі 10 і 9 шляхцічаў адпаведна[72]. Інструкцыю паслам Берасцейскага павета на вальны сойм 1597 г. падпісала 19 асобаў[73]. Дарэчы, у 60 чалавек на канец XVI ст. ацэньваў сярэднюю колькасць палітычных актывістаў для кожнага павятовага сойміка ВКЛ беларускі гісторык П. Лойка[74]. Аднак у параўнанні з агульнай колькасцю павятовай шляхты адсотак актыўных удзельнікаў грамадска-палітычнага жыцця быў зусім невялікі. У матэрыялах попісу войска ВКЛ 1567 г. сустракаюцца звесткі пра больш за 700 шляхцічаў, якія мелі свае ўладанні ў Лідскім павеце[75], у той час калі за ўсю апошнюю трэць XVI ст. уласна да лідскай павятовай эліты можна аднесці недзе 60-70 чалавек.

Лідская шляхта актыўна праяўляла сябе не толькі на лакальным узроўні, але і на дзяржаўным. Так, на Галоўны з’езд ВКЛ, скліканы на кастрычнік 1587 г. пасля элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай, Лідскі павет дэлегаваў адразу 19 (!) сваіх прадстаўнікоў[76]. З’езд у кастрычніку скончыўся безвынікова, і ў лістападзе 1587 г. адбыўся новы Галоўны з’езд, на якім прадстаўнікі „палітычнага народа” Вялікага Княства вызначаліся ў сваёй падтрымцы камусьці з двух кандыдатаў на ўладу ў Рэчы Паспалітай[77]. Па выніках галасавання шляхецкіх паслоў за эрцгерцага Максімільяна аддалі свае галасы 15 шляхцічаў Лідскага павета, за шведскага каралевіча (і будучага караля і вялікага князя) Жыгімонта Вазу — ніводнага[78]. Між іншым, Я. Абрамовіч і Я. Трызна былі на з’ездзе ўключаны ў склад пасольства для перамоваў з абодвума прэтэндэнтамі на ўладу. Аднак калі ў снежні 1587 г. палітычная эліта ВКЛ фактычна падтрымала кандыдатуру Жыгімонта Вазы, то ў склад дэлегацыі Вялікага Княства на каранацыйны сойм у Кракаў ні Я. Абрамовіч, ні Я. Трызна не ўвайшлі[79]. Што датычыць Я. Абрамовіча, то ён яшчэ на вальным сойме Рэчы Паспалітай 1585 г. праявіў сябе сапраўдным лідэрам земскіх паслоў ВКЛ[80].

Важнай функцыяй павятовай эліты было ператварэнне інтарэсаў і імкненняў рэгіянальнай шляхецкай супольнасці ў палітычныя рашэнні і дзеянні. Нават фрагментарныя звесткі аб працы соймікаў Лідскага павета ў разгляданы час адлюстроўваюць багаты спектр палітычных пазіцый лідскай шляхты ў сферы грамадскага, эканамічнага і рэлігійнага жыцця, у галіне знешняй палітыкі. Цікавілі яе, натуральна, і мясцовыя праблемы, і дзяржаўныя. На апошнім вальным сойме ВКЛ, які адбыўся ў 1568 г. у Гародні, лідскія паслы прадставілі Жыгімонту Аўгусту тры просьбы, якія тычыліся мясцовых павятовых справаў. Па-першае, шляхта прасіла, каб паседжанні земскага суда адбываліся „не по корчмамъ”, а ў гаспадарскім замку ў Лідзе або ў нейкім іншым спецыяльным месцы. Другая просьба датычыла вызначэння адзінага харужага для ўсяго Лідскага павета. І, нарэшце, лідскія паслы скардзіліся на парушэнне юрысдыкцыі Лідскага павета з боку „вряду Городенского”[81]. У 1587 г. лідская шляхта даручала сваім прадстаўнікам на Галоўным з’ездзе ВКЛ разгледзець пытанне аднаўлення пасля элекцыі дзейнасці ў павеце каптуровага суда[82]. Інструкцыя паслам на вальны сойм 1597 г. утрымлівала шырокае кола пытанняў, якія датычылі як уласна Вялікага Княства, так і ўсёй Рэчы Паспалітай: арганізацыі абароны ад Турцыі, утварэння Хрысціянскай лігі, адносінаў з Маскоўскай дзяржавай, далучэння Эстоніі, выплаты падаткаў, становішча скарбовай сістэмы, працэдуры працы сойму, рэформы Трыбунала ВКЛ, выплаты „ўпамінак” татарам, падаўлення казацкіх бунтаў і інш.[83].

Дакументы канца XVI ст. дазваляюць у пэўнай ступені акрэсліць сістэму каштоўнасцяў, якія былі найважнейшымі для эліты Лідскага павета і непасрэдным чынам уплывалі як на яе стаўленне да палітычнага ладу Рэчы Паспалітай, так і на грамадскую пазіцыю лідскай шляхты. Матэрыялы працы соймікаў Лідскага павета 1587, 1596, 1597 і 1598 г.[84] яскрава сведчаць, што найперш мясцовую шляхецкую супольнасць, як „вольны народ”, хвалявала захаванне і строгае выкананне яе правоў, вольнасцяў і свабодаў. Важную ролю ў свядомасці лідскай палітычнай эліты адыгрывала ўяўленне аб неабходнасці падтрымкі ў краіне міру, згоды і любові. Забеспячэнне справядлівасці і роўнасці ў межах шляхецкага стану таксама трэба залічыць у лік найважнейШЫХ каштоўнасцяў лідскай палітычнай эліты. У цэлым падобная сістэма каштоўнасцяў была характэрна для палітычнай свядомасці шляхты беларускіх зямель канца XVI – пачатку XVII ст.[85]. Адначасова ў свядомасці палітычна актыўных колаў шляхты Лідскага павета асэнсоўваліся і ўяўленні аб найбольш негатыўных з’явах тагачаснага грамадскага жыцця. Найважнейшымі праблемамі лідскі соймік бачыў унутраны грамадскі неспакой (niepokуj) і „разорванье” сярод шляхецтва Рэчы Паспалітай. Таксама надзвычай небяспечным было пашырэнне ў краіне нянавісці, беспарадкаў, сварак, звадак і гвалту. У першую чаргу, гэтыя адмоўныя з’явы паглыбляліся з-за парушэння ў дзяржаве мірнага сółснавання прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій[86]. Непасрэдным вынікам такіх працэсаў, на думку лідскай шляхты, маглі быць, ні больш ні менш, заняпад і пагібель Рэчы Паспалітай. Адпаведна была сфармулявана і свайго роду ідэальная матывацыя палітычнай дзейнасці для кожнага шляхціча: „доброго речи посполитое радети“[87]. А наступны сказ з пасольскай інструкцыі на вальны сойм 1597 г. можна разглядаць як уяўленне палітычнай эліты Лідскага павета аб галоўным абавязку караля і вялікага князя адносна яго падданых: „Да міру і згоды прывесці, і тыя беспарадкі супакоіць, пакрыўджаным справядлівасць учыніць і кожны стан у яго вольнасцях і правах Кароль Я[го] М[іласць], згодна са сваёй прысягай, захаваць і пакінуць мае, а адрозным у веры і ўсім ласку сваю Гаспадарскую аднолькавую паказваць”[88].

З пункту гледжання сістэмы каштоўнасцяў адбывалася і ацэнка шляхтай усіх палітычных інстытутаў і падзей у Рэчы Паспалітай. Можна сцвярджаць, што легітымацыя палітычнай сістэмы супольнай дзяржавы з боку лідскай павятовай эліты была безумоўнай. Аднак прынамсі ў 1590-я г. ацэнка інстытутаў вальнага сойму і нават каралеўскай улады была даволі негатыўнай. Рэляцыйны соймік Лідскага павета 21 красавіка 1597 г. адзначаў, што на мінулым сойме „нічога суцяшальнага нам і Айчызне нашай мілай, пажытэчнага, пастаноўлена быць не магло. Правы нашы і вольнасці парушаны і памешаны былі…”[89]. Амаль праз год, 20 траўня 1598 г., на наступным рэляцыйным сойміку, лідская шляхта заяўляла, што соймы адбываюцца „з абразай правоў і вольнасцяў нашых шляхецкіх”[90]. Зразумела, што такія настроі непасрэдна ўплывалі на палітычную пазіцыю лідскай павятовай эліты. Глыбокую незадаволенасць шляхецкай супольнасці Лідскага павета палітычнай сітуацыяй у Рэчы Паспалітай перадаў невядомы аўтар кароткага дыярыуша Галоўнага сойміка ВКЛ 1597 г. у Слоніме, які так занатаваў частку выступлення лідскага соймавага пасла Ф. Ліманта: „O niewoli Litewskiej niepotrzebnie siła mówił”[91].

У канцы XVI ст. актыўная частка шляхты Лідскага павета вельмі часта займала апазіцыйнае становішча ў дачыненні да палітыкі Жыгімонта Вазы. Напрыклад, на 23 лютага 1592 г. Жыгімонт Ваза склікаў Галоўны з’езд ВКЛ, які павінен быў ухваліць падаткі на забеспячэнне ўласных фінансавых патрэбаў караля і вялікага князя, у т.л. і звязаных з яго будучым вяселлем[92]. На павятовым сойміку ў Лідзе, які адбываўся ў пачатку лютага 1592 г. (магчыма, супаў з дэпутацкім соймікам), шляхта даволі эмацыйна выступіла супраць гэтай ініцыятывы. Як паведамляў Л. Сапега трокскаму ваяводу Мікалаю Крыштафу Радзівілу, w Lidzie dudy nadęte były[93]. Лідская шляхта, як і частка іншай шляхты ВКЛ, заяўляла, што з’езд скліканы супраць права[94], не хацела ўхваляць ніякіх падаткаў і ўвогуле высылаць паслоў на з’езд і патрабавала склікання сойму. Толькі пад уплывам прысутнага на сойміку лідскага старосты Я. Абрамовіча мясцовае шляхецтва ледзьве згадзілася абраць паслоў на Галоўны з’езд, але ім было забаронена згаджацца на якія-небудзь падатковыя ўхвалы[95].

Доўгі час лідская шляхта адмаўлялася выплачваць пабор, ухвалены Галоўным з’ездам ВКЛ 1593 г. на паездку Жыгімонта Вазы ў Швецыю. Справа ў тым, што пабор зацвярджаўся з пэўнымі варункамі для караля і вялікага князя, а менавіта з умовай, што віленскім біскупам будзе прызначаны толькі ліцвін[96]. Аднак Жыгімонт Ваза настойваў на намінацыі віленскім біскупам паляка Бернарда Мацяёўскага, што толькі паглыбляла яго канфлікт з палітычнай элітай Вялікага Княства. У сваю чаргу, лідская шляхта паслядоўна прытрымлівалася пастановы Галоўнага з’езда. Калі ў 1596 г., пасля вальнага сойму, частка шляхты ВКЛ ужо схілялася да таго, каб выдаць Жыгімонту Вазу пабор 1593 г., то, паводле паведамлення Я. Абрамовіча К. Радзівілу, „у Ашмянах і Лідзе нават і не думаюць аб гэтым”[97]. Перад вальным соймам Рэчы Паспалітай 1597г. лідскі соймік заявіў: „…пабор [1593 г.], які не на сойме, але з добрай волі быў Я [го] К[аралеўскай] М[іласці] з пэўнымі кандыцыямі абяцаны, што не выканана, і зараз яго даваць не дазваляем”[98]. У 1597 г. шляхта Лідскага павета ўсё ж часткова выплаціла спрэчны пабор. Тым не менш, лідскі паборца Е. Абрамовіч увосень 1597 г. быў выкліканы ў гаспадарскі суд у справе аб нявыплаце ў скарб усіх падатковых грошай. Аднак на разбіральніцтва ў Варшаву ні Я. Абрамовіч, ні яго прадстаўнік нават не з’явіліся[99]. Дарэчы, у канфлікце вакол віленскага біскупства лідская шляхта таксама прынцыпова супрацьстаяла Жыгімонту Вазу. Перадсоймавы соймік Лідскага павета ў снежні 1596 г. зазначаў у інструкцыі сваім паслам: „Віленскае біскупства, паводле права, нікому іншаму, толькі ліцвіну, каб было нададзена”[100]. Аб пэўным недаверы да каралеўскай улады з боку лідскай шляхты можа сведчыць і яе зварот перад соймам 1597 г. да Генрыкавых артыкулаў 1573 г. у справе ўвядзення ў Рэчы Паспалітай інстытута сенатараў-рэзідэнтаў. Так, у інструкцыі паслам даручалася дабівацца, каб „сенатары alternatim пры Каралі паводле канстытуцыі” знаходзіліся[101]. Гэтыя факты вымагаюць больш глыбокага аналізу гіпотэзы аб тым, што ВКЛ у канцы XVI – пачатку XVII ст. было адным з тых рэгіёнаў Рэчы Паспалітай, дзе каралеўская ўлада мела найбольшы аўтарытэт сярод шляхецтва[102]. Напэўна, ступень даверу да палітыкі караля ў розных рэгіёнах Вялікага Княства была неаднолькавай.

Затое можна смела сцвярджаць, што велізарным аўтарытэтам і ўплывам сярод лідскай шляхты ў канцы XVI ст. карыстаўся адзін з буйнейшых магнатаў Рэчы Паспалітай віленскі ваявода К. Радзівіл, сын былога віленскага ваяводы, канцлера і лідскага старосты М. Радзівіла Рудога. Эліта Лідскага павета, расчараваная палітычнымі працэсамі ў краіне і вынікамі працы вальных соймаў, скардзячыся на „няласку Караля Памазанца Божага”, „нежаданне іншых Паноў Сенатараў” і, напэўна, не вельмі верачы ва ўласныя сілы, бачыла адзіным абаронцам сваіх правоў і вольнасцяў менавіта К. Радзівіла[103]. Лідская шляхта на рэляцыйных сойміках 1597 і 1598 г. называла віленскага ваяводу „апекуном” і „айцом Айчыны”, а сябе — не інакш як яго вернымі слугамі[104]. Шляхта таксама звярталася да К. Радзівіла, каб той „аб Айчыне клапаціцца не пераставаў, а мы пры В[ашай] К[няжацкай] М[іласці] …. здароўе і маёмасці нашы ахвяруем, цвёрда стоячы пры В[ашай] М[іласці], нашым м[іласцівым] пане”[105]. Пра шырокае распаўсюджванне пратэкцыянісцкіх уплываў сярод лідскага шляхецтва ўжо згадвалася вышэй. Відавочна, што магнатэрыя і ў апошняй трэці XVI ст. працягвала дамінаваць у сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ[106].

Не была самастойнай лідская павятовая эліта, прынамсі амаль адразу пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г., у такой важнай функцыі, як вызначэнне свайго прадстаўніцтва на вальным сойме Рэчы Паспалітай. Так, перад соймам 1572 г. кандыдатуры паслоў ад Лідскага павета, як і яшчэ 9 паветаў ВКЛ, вызначалі не столькі мясцовая шляхта, колькі  А. Валовіч і М. Радзівіл Руды: П[ан] Траццяк, суддзя, калі В[аша] М[іласць] (М. Радзівіл. — У. П.) захочаш яго ўжываць. А мог бы разам з ім і….. п[ан] Юндзіл, або як В[аша] М[іласць] пажадаеш, бо я (А. Валовіч. — У .П.) з імі размаўляў, не адмаўляюцца”[107]. Уплывы біржанскай лініі Радзівілаў на вызначэнне лідскай соймавай рэпрэзентацыі выразныя і ў пазнейшыя часы. Паслом на сойм 1597 г. быў абраны кліент К. Радзівіла Ш. Багуматка, а на сойм 1600 г. — пляменнік віленскага ваяводы Ю. Радзівіл[108]. Можна меркаваць, што патроны тым ці іншым чынам спрыялі ў выбары залежных ад сябе шляхцічаў і ў дэпутаты Трыбунала ВКЛ[109].

Разам з тым нельга сцвярджаць, што лідская шляхта была толькі пасіўным выканаўцам волі найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Верагодна, менавіта ў Лідскім павеце, побач з Наваградскім, Берасцейскім і Пінскім, у час бескаралеўя пасля смерці Жыгімонта Аўгуста была прынята адна з першых у Вялікім Княстве каптуровых ухвал[110]. Пасольская інструкцыя Лідскага павета на сойм 1597 г. утрымлівае шэраг важных пастулатаў, якія сведчылі пра даволі высокі ўзровень палітычнай свядомасці мясцовай шляхты і не заўсёды адпавядалі інтарэсам магнатэрыі ВКЛ. Напрыклад, для лепшай арганізацыі абароны краіны соймік у Лідзе прапанаваў увесці выплату кварты (¼ даходаў) з гаспадарскіх уладанняў, дзяржаўцамі якіх, як правіла, былі прадстаўнікі магнацкіх родаў. Таксама прапаноўвалася праводзіць у паветах збор шляхецкага апалчэння (okazowanie), якім былі б ахоплены і дзяржаўцы даменіяльных маёнткаў, і сенатары[111].

Яшчэ шэраг пастулатаў паслам Лідскага павета на сойм 1597 г. адлюстроўвае прагматычную пазіцыю і добрыя веды мясцовай эліты наконт актуальных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця сваёй краіны. Лідская шляхта замест уступлення Рэчы Паспалітай у склад антытурэцкай Хрысціянскай лігі прапаноўвала заключыць мір з самой Турцыяй, а таксама—вечны мір з Маскоўскай дзяржавай[112]. У справе абароны дзяржавы ад магчымай вайны з Турцыяй відавочнае імкненне шляхты перакласці яе цяжар з сябе перш за ўсё на каралеўскую ўладу. За сродкі караля і вялікага князя меркавалася пабудаваць некалькі замкаў і набыць гарматы, снарады і порах, на абарону магла быць выкарыстана маёмасць памерлай каралевы Ганны, якая, на думку складальнікаў інструкцыі, павінна была перайсці ў скарб Рэчы Паспалітай. Толькі на абарончыя патрэбы павінны былі ісці і сродкі з ухваленых раней пабораў, а вось на новыя падаткі, асабліва на пагалоўны, згаджацца паслам катэгарычна забаранялася[113]. Не збіралася лідская шляхта ўдзельнічаць у выплаце „ўпамінак” татарам, якія пастаянна пагражалі ўкраінскім землям, бо „Валынь, Падляшша, Кіеў, Падолле з нашай Літоўскай еднасці (spółku) узяты”[114]. Клапаціліся ў Лідзе і пра ўнутраныя справы ВКЛ. Паслам даручалася на сойме 1597 г. дамагацца ўтварэння камісіі з сенатараў і паслоў, якая б у Вільні выслухала справаздачу земскага падскарбія аб стане скарбу  Вялікага Княства, пераносу паседжанняў Трыбунала толькі ў адну Вільню, прыняцця канстытуцыі, каб па прыкладзе Польшчы ў кожным павеце ВКЛ былі заснаваны свае павятовыя скарбы[115].

Напрыканцы звернем увагу яшчэ на адну акалічнасць, а менавіта на працэс апалячвання лідскай шляхты. Можна сцвярджаць, што ў апошняй трэці XVI ст. гэты працэс праходзіў даволі хутка і ахапіў шырокія колы мясцовага шляхецтва. Так, калі ўхвала Лідскага павета 1587 г. была напісана на старабеларускай мове, то ўжо ўсе вядомыя нам матэрыялы лідскага сойміка 1596-1598 г. створаны на польскай мове. Лідскі маршалак Я. Нелюбовіч падпісваў акты Трыбунала ВКЛ у 1589 г. па-старабеларуску, а вось пад лістамі з рэляцыйных соймікаў Лідскага павета 1597 і 1598 г. падпісваўся ўжо толькі па-польску[116]. Красамоўны факт: з 17 чалавек, што паставілі свае подпісы пад лістом да К. Радзівіла з рэляцыйнага сойміка 1598 г., толькі адзін — П. Навіцкі — падпісаўся па-старабеларуску[117].

Такім чынам, палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. складалася збольшага з мясцовай дробнай і, у значна меншай ступені, сярэдняй шляхты. Сярод павятовай эліты шырока былі прадстаўлены знатныя роды ВКЛ (Аляхновічы, Валчковічы, Доўгірды, Завішы, Лукомскія, Радзівілы, Скіндэры, Траццякі, Трызны, Юндзілы). Частка лідскай эліты ўдзельнічала ў палітычным жыцці перадусім на дзяржаўным узроўні (Я. Трызна, М. Аляхновіч, Ф. Лімант, з пэўнымі агаворкамі Я. Абрамовіч), другая частка канцэнтравала сваю дзейнасць на лакальным узроўні (Я. Сіруць, С. Траццяк), а трэцяя — спалучала абодва гэтыя ўзроўні (Я. Нелюбовіч, А. Доўгірд, Я. Лукомскі, Е. Абрамовіч, М. Юхновіч-Сонгін, П. Круневіч). У 1590-я г. на авансцэну выйшла новае пакаленне, якое прадстаўляла Лідскі павет у грамадскім жыцці краіны пачатку XVII ст.: С. Тукала, В. Скіндэр, Р. Рожчыц, А. Пакаршынскі.

Шляхі ўваходжання ў склад рэгіянальнай эліты вызначаліся паходжаннем, сваяцкімі сувязямі, асабістымі здольнасцямі, ваеннымі заслугамі і ў значнай ступені пратэкцыянісцкімі ўплывамі. Лідская шляхта знаходзілася пад вялікім уплывам магнатэрыі Вялікага Княства, перадусім, біржанскіх Радзівілаў. Гэта было абумоўлена як велізарнай перавагай магнатаў над шляхтай у сацыяльна-эканамічным плане, так і пэўным расчараваннем мясцовага шляхецтва ў каралеўскай палітыцы і інстытуце вальнага сойму. Тым не менш палітычная культура і свядомасць лідскай павятовай эліты знаходзілася ў дынаміцы і пастаянна расла. На гэты працэс уплывалі рэформы ў ВКЛ сярэдзіны 1560-х г., утварэнне Рэчы Паспалітай і супольных парламенцкіх структур, што давала магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з вопытам палітычнай барацьбы польскай шляхты, а таксама палітычны досвед перыядаў бескаралеўяў. А вось этнічнае паходжанне або канфесійная прыналежнасць не ўплывалі на магчымасць шляхціча ўвайсці ў склад павятовай палітычнай эліты.

Безумоўна, палітычная эліта Лідскага павета, яе асабовы склад, палітычна-прававая культура і свядомасць патрабуюць свайго далейшага даследавання. У першую чаргу, гэта можа быць аналіз колькасных і якасных зменаў у эліце пад час яе эвалюцыі ў часе, унутраных сувязяў і ўзаемадзеяння з іншымі павятовымі элітамі, параўнанне з аналагічнымі групамі як у Вялікім Княстве Літоўскім, так і ўсёй Рэчы Паспалітай, вывучэнне грамадскай думкі і палітычнай практыкі лідскай шляхты.


[1] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 45-62.
[2] Boniecki A. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887; Ciechanowiecki A., Rachuba A.Rys genealogiczny rodziny Abramowiczów na Wornianach // Przegląd Wschodni. T. II, z. 3 (7). 1992/93. S. 595-609; Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582—1696):spis / pod red. A. Rachuby; oprac. H. Lulewicz i A. Rachuba; Instytut historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa, 2007; Niesiecki K. Herbarz Polski / Wyd. J.N. Bobrowicz. T. 1-10. Lipsk,1839-1840; Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy.T. 1: Województwo Wileńskie XIV-XVIII wiek / Pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2004.
[3] Русская историческая библиотека (РИБ): в 39 т. / Акад. наук.Археогр. комиссия. Т. 33: Литовская Метрика. Отдел третий. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи Литовского войска /Ред. С.Л. Пташицкий. Петроград, 1915.
[4] Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (AGAD). Archiwum Radziwiłłów (AR). Dz. II. Nr. 192, 354, 361, 383; Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inneodnoszące się do tego sejmu / Wyd. E. Barwiński. Kraków, 1907. S. 411–415.
[5] Грицкевич А.П. Распределение магнатских и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.) // Вопросы истории. Вып. 5. Минск, 1978. С. 95; Starożytna Polska pod wzgłędem historycznym, geograficznym i statystycznym opisana / Przez M. Bałińskiego i T. Lipińskiego. T. III. Wielkie Księstwo Litewskie opisane przez M. Bałińskiego. Warszawa, 1846. S. 252-264.
[6] РИБ. Т. 33. Стб. 437, 440, 469, 474, 498, 502, 503, 531.
[7] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 386.
[8] Так, у падрабязным itinerarium М. Радзівіла, складзенымлітоўскай даследчыцай Р. Рагаўскене, яго прысутнасць уЛідзе зафіксавана толькі адзін раз — 24 кастрычніка 1549 г.:Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kanclerisMikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515-1584 m.). Vilnius, 2002.P. 407-418.
[9] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 386.
[10] Крытэрыі падзелу шляхты на катэгорыі ў адпаведнасці з колькасцю коннікаў, выстаўленых у войска, прапаноўвалі А. Грыцкевіч і М. Спірыдонаў: Грицкевич А.П. Распределение магнатских… С. 96-97; Спірыдонаў М. Паны і прыгонныя // Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Навагруд. р-на. Мінск, 1996. С. 95. На нашу думку, да дробнай шляхты больш лагічна адносіць тых, хто валодаў менш як 50 сялянскімі „службамі”, г.зн. выстаўляў у войска ад 1 да 4 коннікаў, да сярэдняй шляхты варта адносіць тых, хто валодаў ад 50 да 249 „службаў” (ад 5 да 24 коннікаў), да заможнай, буйной шляхты — уладальнікаў мінімум 250 „службаў” (25-99 коннікаў) і да найбуйнейшай шляхты, магнатаў — уладальнікаў больш як 1000 сялянскіх „службаў” (больш як 100 коннікаў).
[11] РИБ. Т. 33. Стб. 747, 749, 754, 755, 757, 759, 784; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 362, 368.
[12] РИБ. Т. 33. Стб. 749. Гл. таксама: Vilimas D. LDK pavietų žemės teismų pareigūnai (1566-1588 m.): Pirmoji pavietų bajoriškųjų juristų karta // Lituanistica. 2002. Nr. 4. P. 7.
[13] РИБ. Т. 33. Стб. 509, 510, 783; Urzędnicy Wielkiego Księstwa…T. 1. S. 346, 349, 397.
[14] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 360, 368, 389.
[15] РИБ. Т. 33. Стб. 245-252, 487-506; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 337, 358, 362.
[16] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 349, 372; Vilimas D.LDK pavietų žemės… P. 16.
[17] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 358, 360, 362.
[18] Ibidem. S. 358, 372; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 16.Верагодна, пазней Я. Трызна стаў гаспадарскім маршалкам. Прынамсі, у верасні 1591 г. ён фігуруе менавіта як „маршалокъ его королевской милости”: Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (АВАК): в 39 т. Т. 30: Акты трокского подкоморского суда. Вильна, 1904. С. 85.
[19] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 337-338, 389.
[20] РИБ. Т. 33. Стб. 532, 778, 788.
[21] РИБ. Т. 33. Стб. 239, 756.
[22] Тамсама. Стб. 436-437. Гл. таксама: Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика / Liet. istorijos inst. Kn.51: 1566-1574. Vilnius, 2000. P. 304-306.
[23] Ciechanowiecki A., Rachuba A. Rys genealogiczny… S. 600.
[24] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половинеXVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев,1911. С. 580.
[25] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 349, 358, 360,362, 389.
[26] Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 16.
[27] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 4: Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie XIV-XVIII wiek / pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2003. S. 216; Wolff J. Senatorowie i dygnitarze WielkiegoKsięstwa Litewskiego (1386-1795). Kraków, 1885. S. 25, 30.
[28] РИБ. Т. 33. Стб. 496, 534-535, 750, 752-756, 759, 766; Гл.таксама: Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 372—376 (неўлічаны Ян Няшыйка (Няшыцкі?) і Войцех Баран).
[29] РИБ. Т. 33. Стб. 492, 754-755, 775, 778-780, 786, 791-792.
[30] РИБ. Т. 33. Стб. 446, 748, 753, 755, 771, 775-776, 784-785, 790.
[31] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / Т. І. Доўнар, У. М. Сатолін, Я. А. Юхо; Рэдкал.: Т. І. Доўнар і інш. Мінск, 2003. С. 109.
[32] РИБ. Т. 33. Стб. 756, 759; Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 66-67; Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 332, 335, 359, 373. Да 1579 г., калі ўрад лідскага старосты атрымаў Я. Абрамовіч, гродскімі суддзямі былі таксама Я. Контрым, Я. Няшыцкі і І. Быхавец, а гродскім пісарам — А. Доўгірд: Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 368.
[33] Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 277.
[34] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ).КМФ-18. Воп. 1. Спр. 66. Арк. 158-159; Спр. 212. Арк. 117адв. (Інфармацыя А. Радамана.)
[35] РИБ. Т. 33. Стб. 778.
[36] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 372. Падобную сітуацыю назіраем і з кліентам Р. Хадкевіча (памёр у 1573 г.) І. Быхаўцом, які стаў лідскім гродскім суддзём толькі ў 1577 г.:ibidem. S. 368.
[37] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 76. Арк. 382-282адв.; Спр. 77. Арк.313-313адв.; Спр. 78. Арк. 141адв.-142; Спр. 83. Арк. 261адв.-262; Спр. 283. Арк. 127-127адв. (Інфармацыя А. Радамана.)
[38] Sapiehowie. Materjaіy historyczno-genealogiczne i majątkowe:W 3t. T. 1. Petersburg, 1890. S. 111, 323-330. Дарэчы, бацькаЯ. Трызны, Р. Трызна, за ваенныя заслугі ў Інфлянцкай вайнекарыстаўся заступніцтвам М. Радзівіла Рудога і Я. Хадкевіча:Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 325.
[39] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 393адв.; AGAD. AR. Dz.V. Nr. 16. S. 67.
[40] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 362, 372.
[41] Ciechanowiecki A., Rachuba A. Rys genealogiczny… S. 597, 599,608-609; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 362, 365, 397.
[42] Вилимас Д. К вопросу о конфессиональных ориентацияхурядников земских судов ВКЛ в конце XVI века (пробапервичного анализа) // Канструкцыя і дэканструкцыя Вялікага княства Літоўскага: матэрыялы міжнар. навук. канф., Гродна, 23-25 красавіка 2004 г. /пад рэд. Н.У. Сліж. Мінск, 2007. С. 49;РИБ. Т. 33. Стб. 776, 783; Sapiehowie. S. 189-190; UrzędnicyWielkiego Księstwa… T. 1. S. 358.
[43] Пра ўтварэнне сістэмы ўзаемадапамогі паміж земскімі ўраднікамі і іх сваякамі ды стварэнне своеасаблівых дынастый„юрыстаў” у павятовых земскіх судах ВКЛ у канцы XVI ст. гл.:Вилимас Д. К вопросу о конфессиональных… С. 46-50.
[44] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 72. Арк. 36адв. У тым жа прывілеі, дарэчы, таксама дадавалася, што прызначаецца Я. Трызна земскім суддзём па пратэкцыі „некаторых паноў-рад”.
[45] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. С. 96.
[46] Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 315.
[47] РИБ. Т. 33. Стб. 747, 779. Напрыклад, па два кліенты сярод лідскай шляхты мелі таксама А. Валовіч і Я. Гайка: Тамсама. Стб. 748, 753, 776, 784.
[48] У беларускай гістарыяграфіі ўжо звярталася ўвага на гэтуюз’яву: Грицкевич А.П. Распределение магнатских… С. 102-104.
[49] Akta unii Polski z Litwą 1385-1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 351, 354, 356. Ш. Губа ў 1561-1563 г.быў ротмістрам пешай роты, дыслакаванай у Інфлянтах, а ў1567 г. ставіў у войска ВКЛ двух коннікаў: РИБ. Т. 33. Стб.757; Янушкевіч А.М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкаявайна 1558-1570 гг. Мінск, 2007. С. 163, 165.
[50] Akta unii… S. 349, 353, 355. Па ўмовах Люблінскай уніі 1569 г. гаспадарскія і павятовыя маршалкі ВКЛ апынуліся па-за сенатам Рэчы Паспалітай: Rachuba A. Wielkie Księstwo… S.169.
[51] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskiew latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 228-229.
[52] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1: Okresy bezkrólewi / Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2006. S. 247, 261,266. Л. Сонгін і Я. Хаецкі ў Варшаве занялі нейтральную пазіцыю, а вось А. Завіша, верагодна, падтрымаў кандыдатуру шведскага каралевіча Жыгімонта Вазы. У прыватнасці, у дыярыушы элекцыйнага сойму 1587 г. адзначана, што за Жыгімонта Вазу аддалі свае галасы „двое Завішаў”, дарэчы,як і „князь Лукоўскі (Лукомскі?) з Літвы”: Dyjaryjusze sejmower. 1587: sejmy konwokacyjny i elekcyjny / Wyd. A. Sokołowski.Kraków, 1887. S. 120, 127.
[53] Akta zjazdów… S. 86, 101.
[54] Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae.Vilnae, 1758. T. 1. P. 238; Filipczak-Kocur A. Pośmiertne proble my podskarbich litewskich Ławryna Wojny i Jana Hlebowicza // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006. S. 82-83.
[55] Akta Metryki Koronnej. Co ważniejsze z czasów Stefana Batorego. 1576-1586 / Wyd. A. Pawiński. Warszawa, 1882. S. 266; Dyaryusze sejmowe roku 1585. W dodatkach: Ułamki dyaryusza sejmowego roku 1582, akta sejmikowe i inne akta odnoszące się dosejmu 1585 r. / Wyd. A. Czyczyński. Kraków, 1901. S. 267, 286.
[56] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411. У 1598 г. Ш. Багуматка быў соймавым паслом ад Віленскага павета: AGAD. AR. Dz.II. Nr. 370. S. 1.
[57] Rachuba A. Wielkie Księstwo… S. 156.
[58] Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów na sejmie walnym warszawskim 9 II—21 III 1600 r. // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Pracy Historyczne. 2004, z. 131. S.89-107. Пасля заканчэння сойму Ю. Радзівіл быў прызначанытрокскім кашталянам: Wolff J. Senatorowie i dygnitarze… S. 65.
[59] Deputaci Trybunału Głównego… S. 68, 70, 77, 85, 88, 95, 98,101,104. З іх яшчэ С. Тукала і Р. Рожчыц прадстаўлялі лідскуюшляхту ў Трыбунале ў пачатку XVII ст. — у 1602 і 1606 г.адпаведна: Ibidem. S. 116, 128.
[60] Цалкам верагодна, што разам з Я. Завішам у Лідзе дэпутатам быў абраны і мазырскі староста Ю. Радзівіл, які потым стаў маршалкам віленскай кадэнцыі Трыбунала: Ibidem. S. 107—110.Дарэчы, у 1591 г. Я. Завіша ўжо абіраўся ў Трыбунал ВКЛ, але невядома ад якога павета: Ibidem. S. 85.
[61] Deputaci Trybunału Głównego… S. 61, 74, 85, 88, 104, 110.Акрамя таго, Я. Лукомскі засядаў у Трыбунале ад Лідскагапаветаў 1601 г., а Ф. Лімант — у 1605г.: Ibidem. S. 113,125.УXVII ст. суддзямі Трыбунала ВКЛ абіраліся: лідскія земскі пісар В. Скіндэр у 1602 і 1613 г., гродскі суддзя А. Пакаршынскі ў 1604і 1612 г., войскі Е. Абрамовіч у 1614 г., а таксама Ш. Багуматкаў 1608 г.: Ibidem. S. 116, 122, 134, 145, 148, 151.
[62] Ibudem. S. 106, 135, 145.
[63] Ibidem. S. 63, 70, 72, 94, 106, 115.
[64] Ibidem. S. 61, 63, 65, 68, 76-77, 79, 82, 91-92, 95, 97-98, 110,113, 122, 128.
[65] Ibidem. S. 65, 76, 91, 97, 128.
[66] АВАК: в 39 т. Т. 3: Акты брестского гродского суда. Вильна, 1870.С. 274; НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 275адв.-276; РИБ.Т. 30: Литовская Метрика. Отдел первый—второй. Ч. 3: Книги публичных дел / Ред. И.И. Лаппо. Юрьев, 1914. С. 417, 451; Lietuvos Metrika. Kn. 532:1569-1571. Vilnius, 2001. P. 79; Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609), vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 428, 438, 461; Volumina Legum. Przedruk źbiorupraw staraniem XX. Pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782 wydanego: W 8t. Petersburg, 1859-1860. T. 2.1859. S. 303,325, 364. У падатковым універсале 1596 г., магчыма, памылка,і пад М. Браніцкім маецца на ўвазе Мацей Бральніцкі, які ў 1603 г. прадстаўляў Лідскі павет у Трыбунале ВКЛ: Deputaci Trybunału Głównego… S. 119.
[67] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половинеXVI столетия. Приложения. С. 54, 71, 118; Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге (РНБ). Ф. 293.Западно-русские акты. № 252. Л. 1.
[68] АВАК: в 39 т. Т. 7: Акты гродненского гродского суда. Вильна, 1874. С. 179.
[69] Ухвала лідскага сойміка была зацверджана 53 пячаткамі:AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 2.
[70] Ibidem. Nr. 361. S. 1-2; nr. 383. S. 1-2. Зразумела, колькасцьшляхты на гэтых сойміках магла быць і большай: Rachuba A.Wielkie Księstwo… S. 97. На абодвух сойміках прысутнічалі Я. Нелюбовіч (верагодна, ён, як павятовы маршалак, і кіраваў соймікавымі пасяджэннямі), С. Тукала, Е. Абрамовічі некаторыя іншыя.
[71] Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам наэлекцыйны сойм 1587 г. // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 10,сш. 1-2 (18-19). 2003. С. 163.
[72] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 287. S. 2; nr. 302. S. 3; nr. 300. S. 3.
[73] АВАК. Т. 2: Акты брестского земского суда. Вильна, 1867.С. 154.
[74] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст. Мінск, 2002. С. 36-37.З іншага боку, польскі даследчык А. Рахуба не згаджаецца з разлікамі, якія выводзяць сярэднюю колькасць удзельнікаў соймікаў ВКЛ у 50 чалавек: Rachuba A.Wielkie Księstwo… S. 98.
[75] РИБ. Т. 33. Стб. 431-1378.
[76] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1. Імі былі: лідскі староста і віленскі войскі Я. Абрамовіч, Андрэй і Ян Завішы, Я. Трызна, падкаморы М. Аляхновіч, харужы П. Круневіч, земскі суддзя М. Скіндэр, земскі падсудак М. Юхновіч-Сонгін, войскі Е. Абрамовіч, Яні Вацлаў Нелюбовічы, Ян і Андрэй Скіндэры, Ян Багуматка, Войцех Александровіч, Іван Бака, Мацей Міцковіч, Пётр Навіцкі, Аляксандр Сіруць.
[77] Пра гэтыя два Галоўныя з’езды ВКЛ гл.: Lulewicz H. Gniewówо unię… S. 395-405.
[78] Лідскімі пасламі, што прагаласавалі за Максімільяна,былі: Я. Абрамовіч, Я. Трызна, П. Круневіч, М. Юхновіч-Сонгін, Е. Абрамовіч, Ян (або Вацлаў) Нелюбовіч, П. Навіцкі, падстароста Матыс Саковіч Камароўскі, Я. Даўлюд, Р. Рожчыц, П. Абрамовіч, Л. Сонгін, Б. Перапеча, Якуб Гаўрыловіч і Цімафей Бокей: Akta zjazdów… S. 277-280.
[79] Ibidem. S. 287-298, 308-311; Lulewicz H. Gniewów o unię…S. 407—409. Хутчэй за ўсё, гэта было звязана з іх палітычнайпазіцыяй.
[80] Dyaryusze sejmowe roku 1585. S. 267, 286.
[81] РИБ. Т. 30. Стб. 505-506.
[82] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1. Гл. таксама: Akta zjazdów…S. 242-243.
[83] Соймік адбываўся ў лідскім замку 30-31 снежня 1596 г. Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411—415. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 48, 54, 57—58, 136.
[84] AGAD. AR. Dz. II. NrNr. 192, 354, 361, 383; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411—415. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 42, 92.
[85] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 86-93.
[86] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 383. S. 1; Dyaryusze sejmowe roku 1597.S. 412.
[87] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1.
[88] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 412.
[89] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1.
[90] Ibidem. Nr. 383. S. 1. Мела лідская шляхта і цалкам канкрэтныя прэтэнзіі: зацягвання тэрміну працы сойму больш чым 6 тыдняў, позняе і недакладнае выданне соймавых канстытуцый.Узнімалася і пытанне аплаты „стравы” паслам на сойм, хаця яно ўжо было вырашана Статутам ВКЛ: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мінск, 1989.С. 116-117; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 414.
[91] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 421.
[92] Rachuba A. Wielkie Księstwo… S. 253.
[93] Archiwum Domu Radziwiłłów (ADR). Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki — Jana Zamoyskiego — Lwa Sapiehy. Kraków, 1885.S. 212.
[94] Падаткі можна было ўхваляць толькі на вальным сойме: Volumina Constitutionum. S. 329, 358.
[95] Такое ж рашэнне прыняў віленскі соймік (супраць з’езда выступаў і віленскі ваявода К. Радзівіл), на сойміку ў Менску ўвогуле не абралі паслоў, а вось трокскі соймік падтрымаў Жыгімонта Вазу: ADR. S. 212-213. Галоўны з’езд ВКЛ 1592 г.так і не прыняў аніякіх пастановаў: Rachuba A. WielkieKsięstwo… S. 253.
[96] АВАК. Т. 8: Акты виленского гродского суда. Вильна, 1874.С. 323—330. Гл. таксама: Лаппо И.И. Люблинская уния и третий Литовский статут // Журнал Министерства народного просвещения. 1917. № 5. С. 89—150; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596—1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej. Opole, 1990. S. 67—82.
[97] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 46.
[98] Разам з тым, у пастанове сойміка адзначалася, што калі ўсё ж на сойме ўсе сенатары і паслы пагодзяцца на выдачу гэтага пабору, то атрыманыя сродкі павінны быць выкарыстаны толькі для абароны ад Турцыі і на наём жаўнераў: Dyaryuszesejmowe roku 1597. S. 413-414.
[99] З Лідскага павета было сабрана 1648 злотых 20 грошаў, а суму нявыплачанага пабору скарб ацэньваў у 629 злотых польскіх:НГАБ. КМФ-18. Спр. 285. Арк. 275адв.-276, 409.
[100] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 412.
[101] Ibidem. S. 414; Volumina Constitutionum. S. 327-328, 368.Прынамсі ў Польшчы шляхта бачыла ў сенатарах-рэзідэнтах магчымасць кантролю за палітыкай караля: Czapliński W.Walka pierwszych Wazów polskich ze stanami // Acta Universitatis Wratislaviensis. Nr. 504. Historia XXXIV. Studia z dziejów Rzeczypospolitej szlacheckiej. Wrocław, 1981. S. 7—30.
[102] Opaliński E. Postawa szlachty Polskiej wobec osoby królewskiej jako instytucji w latach 1587—1648. Próba postawienia problematyki //Kwartalnik Historyczny. 1983. R. 90, № 4. S. 807.
[103] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1; nr. 383. S. 1.
[104] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1; nr. 383. S. 1. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 98. Гэтыя лісты з рэляцыйных соймікаў Лідскага павета нагадваюць хутчэй панегірык на адрас К. Радзівіла.
[105] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1.
[106] Zakrzewski A. Odrębności systemu parlamentarnego Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku // Rzeczpospolita w XVI—XVIII wieku. Państwo czy wspólnota? / Zbiór studiów pod red. B. Dybasia, P. Hanczewskiego, T. Kempy. Toruń, 2007.S. 126-127.
[107] Lulewicz H. Sejmiki litewskie przed sejmem 1572 roku. Projekt obsady funkcji poselskich // Litwa w epoce Wazów. S. 126—127.Невядома, ці былі абраны С. Траццяк і С. Юндзіл пасламі натой сойм. Затое вядома, што пад час сойму 1572 г. у Варшавезнаходзіўся Я. Трызна: Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 304—306.
[108] Гл. спасылкі 56 і 58.
[109] У канцы XVI ст. падобная практыка была распаўсюджана ў Польшчы. Аднак і ў ВКЛ чуліся незадаволеныя галасы шляхты, у прыватнасці наваградскай, каб у Трыбунал „нічыіх юргельтнікаў дэпутатамі не абіралі”: Sokołowski W. Politycy schyłku złotego wieku. Małopolscy przywódcy szlachty i parlamentarzyści w latach 1574-1605. Warszawa, 1997. S. 50-56, 79.
[110] Радаман А. Шляхецкія з’езды і соймікі Новагародскага паветаі праблема ўзнікнення каптуровых судоў у Вялікім КняствеЛітоўскім, Рускім і Жамойцкім у час бескаралеўяў другой паловы XVI ст. // Вестник Академии МВД Республики Беларусь.2004. № 1(7). С. 133-134.
[111] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 413.
[112] Ibidem. S. 412-413.
[113] Ibidem. S. 413—414. У выпадку заключэння вечнага міру з Маскоўскай дзяржавай на абарону ад Турцыі маглі быць перакінуты жаўнеры і артылерыя з маскоўскага памежжа.
[114] Ibidem. S. 414.
[115] Ibidem. У павятовы скарб павінен быў ісці падатак як са свецкіх маёнткаў, у т.л. сенатарскіх, так і духоўных.
[116] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 2; nr. 383. S. 1; Raudeliūnas V.,Wisner H. Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego.1581-1648 // Kwartalnik Historyczny. 1968. R. 93, № 4. S. 966.
[117] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 383. S. 1.

Наверх

Анатоль Трафімчык. Аб’яднанне Беларусі ў 1939 г. і „гістарычная справядлівасць“

23 чэрвеня, 2009 |


Вераснёўскія наступствы пакта Молатава—Рыбентропа, прызнанага сусветнай супольнасцю злачынным, у дачыненні да Беларусі многімі лічацца справядлівымі[1]. Пры гэтым амаль не звяртаецца ўвага на тое, што вераснёўская акцыя Савецкага Саюза супярэчыла падпісаным ім жа міжнародным дакументам, у тым ліку дэкларацыі аб ненападзе з Польшчай[2]. Дый заключэнне самога пакта Молатава—Рыбентропа ішло ўразрэз з папярэднімі савецка-польскімі дамоўленасцямі „не принимать участия ни в каких соглашениях, с агрессивной точки зрения явно враждебных другой стороне”. Аргументацыя ж Масквы, звязаная з тым, што Польшчы ўжо не існавала, а яе ўрад не падаваў прыкмет жыцця, была недастаткова правамоцнай для спынення савецка-польскіх дагавораў. Паводле міжнароднага права, як тлумачыць расійскі даследчык С. Случ, „государство продолжает существовать в смысле международного права даже тогда,  когда оно временно не обладает центральной властью, поскольку оно представляемо не только своим центральным правительством, но и всеми его органами. …Даже захват противником всей его территории… сам по себе не прекращает существования побежденного государства…”[3]. Да таго ж СССР трапляў пад дэфініцыю агрэсара паводле Лонданскай канвенцыі 1933 г., якую сам жа падпісваў (больш за тое: менавіта праект Савецкага Саюза быў пакладзены ў аснову вызначэння агрэсіі[4]). Масква парушала як мінімум пяць дакументаў[5].

Узнікаюць лагічныя пытанні, ці захавалася б справядлівасць, каб уз’яднанне Беларусі адбылося праз захоп ІІ Рэччу Паспалітай БССР? Ці, можа, захавалася б справядлівасць тады, калі б Сталін, просячы перадышкі ў Гітлера (снежань 1941 г.), аддаў ІІІ Райху заходнюю частку сваёй імперыі, у тым ліку Беларусь? У апошнім выпадку наша краіна таксама была б „аб’яднанай” — у Lebensraum’е. Але Гітлер не пайшоў на такі крок[6]. Нельга скідваць з рахунку, што ў ІІІ Райха адносна Беларусі напярэдадні яе акупацыі былі планы не толькі элімінацыі, але і стварэння „вольных ад Сталіна рэспублік”, што, як справядліва заўважае Юры Туронак, мала чым адрознівалася ад саюзнага status quo з гледзішча нацыянальных інтарэсаў, папросту адбылася б „замена распараджальнага цэнтра — з Масквы на Берлін”[7]. Ці рэалізацыю тых планаў можна было б назваць аб’яднаннем? Справядлівасць гэтакіх аб’яднанняў не ўкладваецца ў галаве. Менавіта на фоне гэтых пытанняў бачыцца абсурднасць той справядлівасці, адэптамі якой з’яўляюцца і сёння многія беларускія гісторыкі.

Савецкая гістарычная навука адназначна ацэньвала паход Чырвонай Арміі як вызваленчы (пералік публікацый ператварыўся б у аб’ёмны, нікому сёння не патрэбны гістарыяграфічны даведнік). Сучасная беларуская гістарыяграфія, за выключэннямі, якія не ўплываюць на агульны дыскурс, не адмовілася ад савецкай дэфініцыі з меркаванняў гістарычнай справядлівасці аб’яднання[8]. Тыповай для старэйшага пакалення беларускіх гісторыкаў з’яўляецца пазіцыя, прэзентаваная ў сучаснай айчыннай энцыклапедыі: „Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР — акт гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі гвалтоўнага і грабежніцкага падзелу Беларусі паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 г.”[9]; „Важнейшым вынікам” савецка-нямецкага дагавора ад 23 жніўня 1939 г. для Беларусі ёсць „гістарычна справядлівая ў жыцці беларускага народа падзея — уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР”[10]. Не пазбеглі гэтага штампа і аўтары (у прыватнасці С. Хоміч, М. Касцюк, А. Літвін) адносна ліберальнай, дэмакратычнай і дэпалітызаванай сінтэзы па гісторыі Беларусі[11]. Тут можна прыводзіць бясконцы шэраг прыкладаў.

Варта зазначыць, што гэты тэзіс узыходзіць да палітычнага дыскурсу перыяду Другой сусветнай вайны і належыць ён менавіта савецкаму боку. Так, нават Саюз Польскіх Патрыётаў, створаны з падачы непасрэдна І. Сталіна, заявіў пра законнасць „жаданняў беларусаў і ўкраінцаў да нацыянальнага ўз’яднання”[12]. Вядома, у рэчышчы крамлёўскай палітыкі выступала і кіраўніцтва Савецкай Беларусі адносна павелічэння БССР за кошт тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, штораз паўтараючы словы пра „гістарычныя правы”, „справядлівасць як у гістарычных, так і этнаграфічных адносінах”, „законнае і справядлівае жаданне беларускага народа” etc.[13]. Як бачым, такая таўталагізацыя дала плён: савецкая гістарычная навука з лёгкасцю падхапіла палітычнае абгрунтаванне, зрабіла яго настолькі моцным стэрэатыпам, ад якога і сёння не можа пазбавіцца гістарыяграфічны афіцыёз Рэспублікі Беларусь. Многія навукоўцы-гісторыкі ці то забываюць, ці то не разумеюць (а мо і не хочуць памятаць ці разумець), што гістарычная навука не павінна залежаць ад палітычнай кан’юнктуры, што гістарычная навука і паклікана для таго, каб прааналізаваць працэсы непрадузята. І ў той жа час нонканфармісцкія даследаванні такімі гісторыкамі расцэньваюцца чамусьці як палітызаваны погляд на падзеі верасня 1939 г. Толькі хто ж той погляд палітызаваў? Банальны адказ: аналіз дэтэрмінацыі падзей і фактаў, што мелі месца ў гісторыі — вось галоўны чыннік таго ўплыву. Іншая справа, што ўражанне палітызаванасці ў даследаванні ствараецца сапраўды, але — з прычын спецыфікі самога гістарычнага перыяду, калі ў Савецкім Саюзе больш, чым у любой іншай дзяржаве, кожны момант жыцця не толькі грамадства, але і індывідуума, павінен быў падпарадкоўвацца ідэалагічным устаноўкам Крамля. Навуковы аналіз такіх працэсаў немагчыма дэпалітызаваць — выключыць з іх палітыку. Галоўнае для навукі — не дамешваць да даследавання падаплёку дня сённяшняга, што ператварыла б яе ў публіцыстыку, а гісторыкаў — у канфармістаў або дысідэнтаў (у залежнасці ад іх грамадскіх поглядаў).

У сувязі з паняццем „гістарычная справядлівасць” хацелася б таксама адзначыць парадаксальны момант. Здавалася б, яго проста зразумець, аднак, відавочна, разуменне таго паняцця суб’ектыўнае. Яно будзе цалкам залежаць 1) ад асабістай пазіцыі таго ці іншага аўтара (палітычнай, метадалагічнай, напрыклад, яго сацыяльнага ці этнічнага або геаграфічнага паходжання ўрэшце), 2) ад кан’юнктуры (сацыяльнай, навуковай), прычым яна, безумоўна, будзе пэўным чынам уплываць і на тую асабістую пазіцыю. Менавіта ад асабістай пазіцыі пэўнага суб’екта і актуальнай кан’юнктуры будзе залежаць вызначэнне таго гістарычнага моманту, які як быццам справядліва было б аднавіць, вярнуць у рэчаіснасці колішні status quo. Але ж як вызначыць той момант і каму яго вызначаць? У свой час, яшчэ ў 1906 г., прафесар І. А. Бадуэн дэ Куртэнэ з нагоды „гістарычных правоў” (у дадзеным выпадку польскіх памешчыкаў на Беларусь, але нам важны сам прынцып) пісаў: „…. историческим правам отдельных национальностей место в архиве истории. Ссылками на исторические права можно, если угодно, обосновать восстановление людоедства, рабства, крепостничества, самодержавия и т. д. Нельзя, конечно, отрицать историю, но источником для практического решения политических вопросов может быть один только современный исторический момент”[14].

Калі задумацца над паняццем „гістарычная справядлівасць”, глянуўшы з іншага боку, дык тым, хто яго ўжывае (і да падзей 1939 г. у тым ліку) можна запярэчыць: гэтым самым яны фактычна пастулююць адсутнасць у дадзеным выпадку іншых аспектаў, „відаў” справядлівасці, акрамя гістарычнай, а іх жа можа быць процьма.

Было б несправядліва не заўважыць, што ў гісторыі палітычнай думкі існуе такое паняцце, як справядлівасць. „Осмысление справедливости в истории политической мысли дает нам два принципиально разных подхода к решению этой проблемы. Первый подход сформировался в рамках классической (античной) парадигмы политической философии, и связан прежде всего с именами Платона и Аристотеля. Классическая мысль понимает под справедливостью такой социальный и политический порядок, который ориентирован телеологически — на обретение блага в рамках совместного существования людей. Прямо противоположную трактовку справедливости дает политическая философия классического либерализма, представленная в первую очередь именами Гоббса, Локка, Руссо и Канта. В трудах этих мыслителей справедливость начинает трактоваться как функция индивидуальной свободы, причем свободы, понимаемой формально — как защита неотчуждаемых прав.

Иначе говоря, классическая мысль дает нам этическую трактовку справедливости (в основе которой — идея блага), а современная мысль — правовую трактовку (основанную на свободе)”[15].

Відавочна, што ў нашым выпадку маем справу з этычнай трактоўкай, якая стала ўжо анахранічнай. Наяўнасць міжнародных правапарушэнняў з боку Масквы і Берліна сёння ўжо нікім не аспрэчваецца. Што да СССР, то нават калі зыходзіць з разумення справядлівасці, прапанаванай савецкім бокам, яго паводзіны выклікаюць шмат пытанняў. Прычыны часткова бачацца ў непасрэдных адносінах савецкага кіраўніцтва да справядлівасці ў гістарычным развіцці: „Вопрос о борьбе… нужно рассматривать не под углом зрения справедливости, а под углом зрения политического момента, под углом зрения политической потребности партии в каждый данный момент” (з выступлення І. Сталіна на паседжанні выканкама Камінтэрна 22 студзеня 1926 г.)[16]. СССР выдаў свае ваенныя дзеянні як дапамогу і вызваленне кроўных братоў у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, што з пункту гледжання ленінскай тэорыі фармальна апраўдвала гэтыя дзеянні, бо яны нібыта не траплялі пад паняцце анексіі[17], і што дапамагло захапіць 51,4 % тэрыторыі II Рэчы Паспалітай. Фактычна галоўныя бальшавіцкія тэарэтыкі прыйшлі да наступнага кантрапункта сваёй ідэалогіі: справядліва тое, што ім выгадна. Насамрэч вызваленне і аб’яднанне падзеленай Беларусі (і Ўкраіны) не было для Крамля першачарговай задачай. Як справядліва і трапна заўважае А. П. Салькоў, „воссоединение белорусского и украинского этносов в рамках национальных государств” з’явілася „побочным, хотя и необыкновенно важным результатом реализации советских геополитических целей”[18].

Пра рэальнае стаўленне савецкага кіраўніцтва да справы ўз’яднання беларускага народа сведчыць тое, што Заходняя Беларусь далучалася ім у вельмі адрозным ад першапачатковага тэрытарыяльным разуменні:

1) Савецкі Саюз захапіў землі, якія ніколі не лічыліся Заходняй Беларуссю (Ломжыншчына) і дзе не ажыццяўляла сваю дзейнасць КПЗБ (першапачаткова планавалася ўвогуле заняць землі амаль да Варшавы!). Самі бальшавікі пасля Рыжскага дагавора вызначалі этнаграфічную тэрыторыю Беларусі, якая апынулася пад Польшчай, у 98 815 кв. км з 3,2 млн. насельніцтва[19]. Беларусы Заходняй Беларусі ацэньвалі яе абшар у 107 000 кв. км[20]. Цікава, што савецкая акадэмічная навука кіравалася ўжо пасляваенным станам і дэкларавала тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 82 тыс. кв. км, аднак жа ўключала ў яе склад усе чатыры ваяводствы „крэсаў паўночна-ўсходніх”, якія займалі нашмат большую плошчу[21]. Сённяшняя акадэмічная навука Беларусі ў склад Заходняй Беларусі не ўключае тэрыторыю на захад ад Беластока (так званы Ломжынскі рэгіён) і раён Каменя-Кашырскага[22]. Нейкай канстанты ў дачыненні да геаграфіі гэтай геапалітычнай назвы не было і пакуль няма. Зрэшты, у любым выпадку Ломжыншчына не трапляе пад паняцце Заходняй Беларусі;

2)не забывайма, што да чарговага падпісання савецка-нямецкага дагавора, на гэты раз аб дружбе, не было нават канкрэтных планаў адносна лёсу Заходняй Беларусіі іншых зямель ІІ Рэчы Паспалітай, занятых вермахтам іЧырвонай Арміяй;

3)пры правядзенні і ўдакладненні дэмаркацыйнайсавецка-нямецкай мяжы тэрыторыя, уключаная ў БССР,разглядалася па-ранейшаму як разменная ў кантэксцепалітыкі еўрапейскага маштабу: пасол Нямеччыны ў Маскве Шуленбург прызнаваўся: „Господин Сталин лично говорил мне в то время, что он готов сделать уступки на севере пограничной линии, там, где она проходит через Белоруссию”[23];

4)Віленшчына, прыналежнасць якой да ЗаходняйБеларусі з 1923 да 1939 г. не ставілася пад сумнеў у Маскве, была ў якасці траянскага каня прэзентавана Літве.Праўда, у адносінах з Літвою Крэмль гэтым разам прызнаваўсавецка-літоўскую мяжу, устаноўленую мірным дагаворам паміж Расіяй і Літвой у 1920 г., паводле якой паўночна-заходняя частка Беларусі разам з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы і іншымі адносіліся да Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі[24]. Калі б бальшавікі былі цалкам паслядоўнымі, яны павінны былі б аддаць нашмат большую частку Беларусі, адабраную ў ІІ Рэчы Паспалітай (да таго ж, паводле Рыжскага дагавора, пытанне пра прыналежнасць спрэчных паміж Польшчай і Літвой тэрыторый падлягала вырашэнню выключна паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі[25], г. зн. Масква не мела да таго пытання ніякага дачынення);

5) як прызнавала само кіраўніцтва СССР, Л. Кагановіч, не цырымонячыся з выразамі, казаў, што адной з першачарговых задач Крамля было „прибрать к рукам” дзяржавы, аднесеныя паводле пакта з Нямеччынай да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза[26] (варта прыгадаць і словы Сталіна пра распаўсюджванне сацыялістычнай сістэмы на новыя тэрыторыі і насельніцтва — гл. ніжэй).

Калі б савецкі бок сапраўды кіраваўся тым, што Рыжскі мірны дагавор быў несправядлівы, дык аўтаматычна рэанімаваў бы лінію Керзана — этнаграфічную польска-беларускую мяжу, устаноўленую незадоўга да Рыгі міжнароднай палітычнай супольнасцю, што ў такім выпадку з’яўлялася б вельмі карэктным (тое, што да лініі Керзана ўсё ж вярнуліся пры вырашэнні пасляваенных межаў ва Ўсходняй Еўропе, у пэўнай меры пацвярджае нашу думку[27]). Аднак на першым месцы тут знаходзілася ленінска-сталінская дактрына распаўсюджвання рэвалюцыі. Бальшавіцкая Расія разам з фашысцкай Нямеччынай у 1939 г. зрабіла тое самае, што здзейсніла ў 1921 г. у хаўрусе з адроджанай польскай дзяржавай, а менавіта — падзяліла землі суседа[28] (тым больш, што незадоўга да „чацвёртага”[29] падзелу Рэчы Паспалітай яе кіроўныя колы самі стварылі падобны прэцэдэнт, пайшоўшы на хаўрус з той жа нацысцкай Нямеччынай у дачыненні да лёсу Чэхаславакіі[30]). Аднак калі ў 1921 г. заключаўся мірны дагавор, дык у 1939 г. распачыналася Другая сусветная вайна. Што лепш для людзей, мір ці вайна? На Беларусі дагэтуль існуе падставовы крытэрый жыцця — „абы вайны не было”[31];

6) больш за тое, у святле сёння даказанага факта падрыхтоўкі Савецкага Саюза да наступальнай вайны гаворыцца пра змену ў яго палітыцы адносна польскага пытання: ужо Польшча станавілася прэтэкстам для вызвалення, таму на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны меркавалася стварыць польскую адміністрацыйную адзінку, да якой эвентуальна маглі б быць далучаны захопленыя Нямеччынай землі ІІ Рэчы Паспалітай (з гэтай мэтай нават пачалася падрыхтоўка да стварэння польскіх „чырвоных легіёнаў”[32]), — такім чынам, ізноў Беларусь разглядалася як прадмет палітычных маніпуляцый, як сродак чарговай савецкай стратэгічнай кампаніі.

Аб’яднанне Беларусі, хоць і з’яўляецца, можна сказаць, ускосным ці другасным вынікам у кантэксце міжнародных падзей, усё ж было імі дэтэрмінавана. Падзел зусім не азначаў спынення ў развіцці беларускай нацыянальнай ідэі[33]. Наадварот, ён стымуляваў яе далейшую эвалюцыю. А развіццё нацыянальнай ідэі вяло менавіта да ўз’яднання беларускай нацыі. Аднак гэтая кансалідацыя была праведзена не самімі беларусамі, а знешнепалітычнай імперскай сілай. Таму зліццё дзвюх частак аднаго народа не столькі ёсць вынікам іманентнай нацыянальнай эвалюцыі (хоць і гэты фактар тут адыграў сваю ролю, падрыхтаваўшы адпаведную глебу), колькі з’яўляецца абумоўленым самой логікай гістарычнага працэсу. Логіка заключаецца ў тым, што вынікі Першай сусветнай вайны, версальска-вашынгтонская сістэма былі відавочна няўстойлівымі, і многія дзяржавы (у першую чаргу Нямеччына ды СССР) імкнуліся да перабудовы свету паводле сваіх геапалітычных меркаванняў. Аднак імі не былі адэкватна засвоены ўрокі 1914—1918 г., галоўны з якіх палягаў у тым, што сусветная вайна нясе разбурэнне імперыям, а не ix стварэнне ці замацаванне[34]. Таму дзяржаватворчы працэс у Беларусі, перарваны ў міжваенны перыяд, заканамерна меў працяг пад час чарговай глабальнай вайны (у выніку якой, акрамя кансалідацыі, Беларуская Савецкая Рэспубліка стала адной з заснавальніц ААН), а наступствам „халоднага” капіталістычна-сацыялістычнага супрацьстаяння, часам называнага трэцяй сусветнай вайной, з’явілася ўтварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Ergo: для Беларусі аб’яднанне 1939 г. адэкватнае дыялектычным законам гісторыі. Таму можна адказаць на запытальныя словы Ю. Туронка — „ці ў выніку ўсіх міжваенных і пасьляваенных выпрабаваньняў існавала б сёньня беларуская нацыя, калі б не адбылося яе ўзьяднаньне, калі б Заходняя Беларусь працягвала заставацца ў межах Польшчы?”[35] — наступнае: Беларусь павінна была аб’яднацца, а вось метады, акалічнасці гэтага аб’яднання склаліся такія, што ў выніку Другой сусветнай вайны самі беларусы пацярпелі больш, чым які іншы народ Еўропы. Аб’яднанне адбылося, бо адбылося раз’яднанне ў 1921 г., прычым апошняе ішло ўразрэз з паступальнай эвалюцыяй нацыятварэння беларусаў, што шматкроць павялічыла трагізм гісторыі беларускага народа ў першай палове ХХ ст. і пад час Другой сусветнай вайны ў прыватнасці. У абодвух выпадках (і ў 1921, і ў 1939 г.) да падзей наўпрост спрычыніўся савецка-расійскі імперыялізм, спачатку ў хаўрусе з П Рэччу Паспалітай, затым—з ІІІ Райхам. Дарэчна будзе таксама падкрэсліць, што 17 верасня 1939 г. — толькі дата (паводле савецкай тэрміналогіі) вызвалення, але ні ў якім разе не аб’яднання, бо кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць „крэсы паўночна-ўсходнія” ў адной рэспубліцы. Перад інкарпарацыяй земляў Польскай дзяржавы існавала задума стварэння трох „дзяржаўных” фармаванняў у выглядзе савецкіх рэспублік: Польшчы, Заходняй Украіны ды Заходняй Беларусі. De jure паварот да варыянта, які ўрэшце ажыццявіўся — і Беларусь аб’ядналася, пачаўся 28 верасня 1939 г., калі паміж СССР і Нямеччынай быў падпісаны чарговы дагавор — аб дружбе і мяжы, які прадугледжваў новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна літоўскай, пакуль тады яшчэ суверэннай, дзяржавы[36]. 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра ўваходжанне яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939 г. гэтую „просьбу” афіцыйна задаволіў Крэмль, што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубляваў Вярхоўны Савет БССР. Нелегітымнасць, недэмакратычнасць выбараў на той сход (пра што сведчаць многія даступныя цяпер матэрыялы[37]), як і потым у саветы розных узроўняў, не з’яўляюцца сёння відавочнымі хіба толькі для немалой часткі беларускіх гісторыкаў, якія засталіся ў палоне савецкіх ідэалагічных установак. Дзіўна выглядаюць пазіцыі такіх навукоўцаў, якія, з аднаго боку, сцвярджаюць пра амаль стапрацэнтную актыўнасць электарату, а з другога (хочучы паказаць катастрафічна нізкі ўзровень адукацыі „заходнікаў”) — кажуць (у дадзеным выпадку слушна) пра тое, што непісьменнасць пры панскай Польшчы даходзіла да 70% (прынамсі на Палессі). Якім жа чынам, хочацца запытаць у тых даследчыкаў, змаглі прайсці працэдуру выбараў людзі, што й чытаць не ўмелі? Адказ у дадзеным выпадку адзін: іх рукою настойліва вадзіла ўлада.

У свой час У. Ленін таму і задумваў палітыку поўнай ліквідацыі непісьменнасці, абгрунтоўваючы гэта неабходнасцю палітычнай асветы масаў[38], бо разумеў, што іначай іх не ахапіць бальшавіцкім уплывам і тым больш не дабіцца суцэльнай падтрымкі. Але ён жа і папярэджваў, што „скачками здесь завоевать можно меньше всего, особенно среди масс, стоящих на низком культурном уровне”[39], што „мы ни в коем случае не должны спешно нести коммунистические идеи напрямую в деревню”, „поспешность и размашистость наиболее вредны”[40]. Такім чынам, нават логіка савецкага правадыра абвяргае магчымасць створаных на паперы паказчыкаў падтрымкі савецкай улады на выбарах у Заходняй Беларусі. Відавочнасць гэтага пачынаюць ужо прызнаваць і некаторыя афіцыёзныя гісторыкі Беларусі. Адзначаецца, напрыклад, што каля 400 тыс. чалавек выказаліся супраць дэпутатаў або не прынялі ўдзелу ў галасаванні ў Народны сход[41]. Галасаванне супраць або няўдзел у выбарах не сведчаць наўпрост пра адсутнасць дэмакратыі, але могуць лічыцца пацвярджэннем пэўнай нелаяльнасці да ўладаў. Відаць, варта, сказаўшы „А”, казаць і „Б” — прызнаць недэмакратычнасць тых савецкіх выбараў.

Вышэйсказанае значыць, што фармальна аб’яднанне Беларусі адбылося толькі амаль праз два месяцы пасля „вызвалення”, post factum. А насамрэч яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо спачатку праз старую мяжу не дазволілі вольнага перамяшчэння. „На старой границе имелись свои погранотряды. Это была большая сила”[42]. Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу толькі пры нямецкай акупацыі, да якой захоўваўся даваенны стан з жорсткім кантролем мяжы. Летам 1941 г., ужо пасля нападу Нямеччыны на СССР, мясцовыя жыхары, якія наважыліся на ўцёкі, не прапускаліся на савецкі  бок савецкімі ж памежнікамі! Дарэчы будзе працытаваць у гэтай сувязі дзённік аднаго яўрэя, які, відаць, разумеючы эвентуальнасць развіцця падзей адносна сваёй долі, пісаў: „Как велико было горе тех, кто все же достиг советской границы! Тут по всей линии границы стояли пограничные войска НКВД и угрожали застрелить каждого, кто намеревался пересечь границу. Пропускали только тех, кто имел специальный пропуск или билет коммунистической партии. А так как пропусков нигде нельзя было получить — в воскресенье все учрежденья были закрыты, а в понедельник всюду уже была суматоха, — то число тех, кому удалось пройти дальше на восток, было крайне незначительным. Огромная масса людей должна была вернуться обратно. Их положение было ужасно. Идти обратно означало наверняка попасть в руки немцев, захвативших уже оставшееся пространство, а идти дальше почему-то не позволяли советские пограничные войска…” І яшчэ адно сведчанне: „Пока была Советская власть, Западная Беларусь (у 1939-1941 г. —А. Т.) была изолирована от всего мира. Даже граница между Восточной и Западной Белоруссией была закрыта и местным жителям запрещалось пересекать ее. <…. > Только после захвата Белоруссии немцы открыли границы, и мы могли навестить родственников — как на востоке, так и на западе”[43]. Ад такой інфармацыі нават ствараецца ўражанне, што былая савецка-польская мяжа ахоўвалася нашмат пільней пры „першых Саветах”, чым да іх прыходу, калі яна перасякалася адносна немалой (як для мяжы паміж дзяржавамі-антаганістамі) колькасцю цікаўных паглядзець на „светлую будучыню”, якая абарочвалася для іх нярэдка сібірскім лагерам ці горш. (NB — ахоўвалі былую мяжу, калі верыць крыніцам, менавіта памежныя войскі. Дык хто ж нас, беларусаў, насамрэч аб’яднаў пасля Рыгі?!) Звяртае на сябе ўвагу факт, што ў самым пачатку многія заходнебеларускія нацыянальныя дзеячы (у прыватнасці, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і яе друкаваны орган „Krynica”) расцанілі падзеі такога аб’яднання таксама як гістарычную справядлівасць[44]. Аднак неабходна пры гэтым заўважыць пару прынцыповых і канцэптуальных акалічнасцяў:

1) ацэньваўся не юрыдычны, а перадусім палітычны (што, як паказана вышэй, адэкватна гісторыі палітычнай думкі) і этнічны аспекты (да таго ж, нагадаем, былі і контрвізіі — тых беларускіх палітыкаў, якія ў справе дасягнення незалежнасці разлічвалі на дапамогу Нямеччыны і да нападу апошняй на СССР вымушаны былі не выяўляць публічна сваю пазіцыю[45]; тут варта мець на ўвазе, што на першым этапе Другой сусветнай вайны палітыка ІІІ Райха на акупаваных тэрыторыях Еўропы значна адрознівалася ад дзеянняў у перыяд нямецка-савецкай вайны, да таго ж і задумкі Берліна ў дачыненні да Беларусі спачатку выглядалі для яе параўнальна авантажнымі і перспектыўнымі ў плане развіцця дзяржаўнасці);

2) генезіс паняцця „гістарычная справядлівасць” у савецкіх і многіх сучасных гісторыкаў узыходзіць да ленінска-сталінскага палітычнага дыскурсу і да меркаванняў нацыянальных сілаў Беларусі дачынення не мае.

Значыць, наша асэнсаванне падзей якасна не мяняецца.

I нарэшце апошняе. Кіраўніцтва ІІ Рэчы Паспалітай лічыла этнічныя беларускія землі за Бугам арганічнай часткай Польшчы і тлумачыла неабходнасць іх далучэння „гістарычным правам”[46]. Як бачым, гэтая пазіцыя метадалагічна тоесная савецкай, — разыходжанне заключаецца не ў імперыялістычнай форме, а ў змесце таго, што  кожнаму з бакоў хацелася б гістарычна „ўсправядлівіць”. А пастуляванне савецкай інтэрпрэтацыі адбылося толькі дзякуючы далучэнню Заходняй Беларусі да БССР. У адваротным выпадку існавала верагоднасць фігуравання тоеснага погляду на беларускую праблему ў польскай і савецкай гістарычнай навуцы.

Такім чынам, калі і спрабаваць следам за (пра)савецкімі гісторыкамі асэнсаваць феномен гістарычнай справядлівасці, то ні з прававога, ні з нейкага маральнага, а таксама гістарычнага гледзішча падзеі вакол 17 верасня 1939 г. нельга назваць справядлівымі. Акт 17 верасня – 2 лістапада 1939 г. неабходна прызнаць фармальна аб’яднальным для Беларусі (калі не браць пад увагу беларускія этнаграфічныя ўскраіны на поўначы і на ўсходзе).

Патрэбна скарэктаваць таксама канатацыю тэрміна „аб’яднанне”, што ў савецкай інтэпрэтацыі атрымаў цалкам станоўчую афарбоўку для таго гістарычнага моманту. Па-першае, аб’яднанне было далёкім ад дэмакратычнага, яно планавалася ў звышсакрэтных варунках і вузкім колам прадстаўнікоў ІІІ Рыма і ІІІ Райха. Па-другое, яго праводзілі зусім не тыя бакі, якія аб’ядноўваліся: іх аб’ядналі, не пытаючыся іх згоды, і толькі потым post factum правялі інсцэніроўку „Народнага” сходу. Як і ў 1921 г. пры падзеле Беларусі, яе прадстаўнікі былі не проста праігнараваны пры ажыццяўленні нібыта аб’яднальнага працэсу (а насамрэч каланіяльнага захопу), — яны нават не ведалі пра яго падрыхтоўку і пасля 17 верасня 1939 г. маглі толькі меркаваць пра далейшы лёс Заходняй Беларусі. (А неўзабаве многія інтэлектуалы-„заходнікі”, хто б мог стацца тымі прадстаўнікамі, апынуліся за кратамі, тым часам як наша нацыянальная эліта ўсходняй часткі Беларусі практычна ўжо была элімінавана бальшавікамі.) Такім чынам, акт, здзейснены кіраўніцтвам Савецкага Саюза ў 1939 г., па яго форме можна маркіраваць тэрмінам „аб’яднанне”, аднак нельга забывацца пра яго зместавую напоўненасць: інтэграцыя адбылася шляхам далучэння заходняй часткі беларускіх зямель, аншлюсам цалкам на ўзор „перад- і ваколмюнхенскіх” дзеянняў фашысцкай Нямеччыны 1937-1938 г. Думаецца, што менавіта выкарыстанне ў дадзеным выпадку тэрміна „далучэнне” дазваляе канрэтызаваць гістарычную сутнасць шматграннай і неадназначнай падзеі як для беларускага народа, так і для яго суседзяў. 17 верасня не адбываўся акт аб’яднання. Аб’яднанне адбылося ў выніку таго акта.

Дарэчна будзе адзначыць, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі, кажучы пра „насильницькі методи” „приєднання західної частини українських земель до Великої України в рамках Радянського Союзу”, слушна заўважаюць, што аб’яднанне „було найважливішим кроком у формуванні української соборності”[47]. „Однак ця подія, — цытуем іншага ўкраінскага гісторыка, — принесла украïнцям не менші страждання, ніж полякам”[48]. У аспекце абодвух момантаў карэктна бачыць такое ж (а ў справе кансалідацыі нават большае) значэнне тых падзей і для распалавіненай перад 1939 г. Беларусі. Тагачасная драма беларусаў і ўкраінцаў заключалася яшчэ і ў тым, што на гвалтоўна далучанай тэрыторыі адразу пачалася рэалізацыя брутальнага сцэнара, пракручанага амаль за два дзесяткі гадоў у БССР. Вядома, са сваёй спецыфікай, самай галоўнай рысай якой была аператыўнасць, а вынік тоесны — саветызацыя і русіфікацыя.

Трэба заўважыць, што „афіцыйная” цяперашняя гістарычная навука Беларусі часам адыходзіць ад тэзы пра гістарычную справядлівасць, кажучы ўжо наступнае: „Дзеянні савецкага кіраўніцтва калі нельга апраўдаць, то можна правільна зразумець, зыходзячы са склаўшайся рэальнай палітычнай сітуацыі”[49] (курсіў наш. — А. Т.). Як бачым, аўтар ужо дапускае магчымасць неапраўдання дзеянняў савецкага кіраўніцтва. (Неапраўдання „гістарычнай справядлівасці?!) Аднак, спрабуючы „выкруціцца”, кажа пра разуменне палітычна-гістарычнай логікі тых дзеянняў („можна правільна разумець”!). А хіба ўсе іншыя моманты гістарычнага працэсу можна разумець і няправільна? Ці можна правільна не разумець? Ці нельга правільна разумець? Думаецца, аўтар цытаты сафістычна заганяе сябе ў тупіковы кут квазінавуковых разважанняў, яўна завужваючы магчымасці выбару кіраўніцтвам Савецкага Саюза палітычнага курсу і не ўлічваючы меркаванні ў дачыненні да развіцця тых падзей галоўнага аўтара гэтага курсу — Сталіна. Паводле ж Іосіфа Вісарыёнавіча, вайна адкрывала перад СССР „широкое поле деятельности для развития мировой революции. <…> В интересах СССР — Родины трудящихся, чтобы война разразилась между Рейхом и капиталистическим блоком. Нужно сделать все, чтобы эта война длилась как можно дольше в целях изнурения двух сторон. Именно по этой причине мы должны согласиться на заключение пакта, предложенного Германией, и работать над тем, чтобы эта война, объявленная однажды, продлилась максимальное количество времени. <…> Что плохого было бы, если в результате разгрома Польши мы распространим социалистическую систему на новые территории и население”[50]. Сам Сталін добра разумеў значэнне падпісання падобных „мірных” дагавораў, бо яшчэ ў 1925 г. успамінаў прэцэдэнты заключэння такіх актаў у Новай гісторыі, напрыклад, паміж Нямеччынай ды Аўстрыяй, паміж Францыяй ды Расіяй, што прывяло да развязання Першай сусветнай вайны; апошні да таго ж меў і сакрэтны пратакол (!), паводле якога прадугледжвалася ваенная ўзаемадапамога супраць Нямеччыны[51].

Прызнаючы аб’яднальны для Беларусі момант у падзеях 1939 г., некарэктна казаць пра „вызваленне Чырвонай Арміяй” Заходняй Беларусі і тым больш пра справядлівасць таго акта, тым самым прызнаючы справядлівасць агрэсіі. Падзеі 1939 г. былі справядлівымі гэтак жа, як і дзяльба Беларусі ў 1918-1921 г. І падзеі 1939 г. не прыбавілі ў гісторыі справядлівасці, бо зло нельга выкараніць злом. Ад гэтага яго толькі пабольшае. А наданне тым ці іншым сацыяльна-палітычным з’явам ацэнак у гісторыі як гуманітарнай навуцы павінна быць адэкватным сістэме каштоўнасцяў сучаснай цывілізацыі і імкнуцца не трапляць у цянёты кан’юнктуры і залежнасці ад палітычных сілаў ці асабістых перакананняў даследчыка.

Паводле Ж.-М. Дамэнака, „гісторыя… гэта перадусім спосаб, згодна зь якім культура трактуе мінулыя падзеі, каб на гэтай падставе аналізаваць сваю цяпершчыну і планаваць будучыню”[52]. Таму і асэнсаванне палітычных працэсаў на і вакол Беларусі наўпрост выяўляе культуру аўтараў, іх адносіны да нормаў міжнароднага права, да права народа на нацыянальнае самавызначэнне, да гісторыі беларускай дзяржаўнасці, да таго, на якія ж гістарычныя ідэалы варта арыентавацца нацыі ў сваім развіцці, etc.

Ne quid falsi audeat, ne guid veri non audeat historia!


[1] Паспрыяла гэтаму, як ні парадаксальна, і пазіцыя Англіі і Францыі — тагачасных саюзнікаў Польшчы — адносна ўключэння нядаўніх усходніх правінцый ІІ Рэчы Паспалітай у склад СССР, якое разглядалася Лонданам дастаткова спакойна і нават зычліва, без якіх-небудзь прэтэнзій да Масквы (гл. падрабязней: Сальков А. П. Проблема принадлежности Западной Белоруссии и Западной Украины в советско-англо-франко-американских отношениях (сентябрь 1939 — июнь 1941 г.) // Другая сусветная вайна: новыя аспекты даследаванняў. Матэрыялы міжнароднага навуковага семінара 1 верасня 2003 г. Мінск; адк. рэд. В. Ф. Балакіраў, К. І. Козак. Мінск, 2004. С. 16-26; Sobczak К Polska wojna wrześniowa na dwoch frontach 1.09-17.09-6.10.1939. Warszawa: Wydawnictwo Comandor, 2005. S. 156-158). Дый сучасныя польскія даследчыкі сярод прычын падзелу ІІ Рэчы Паспалітай схільны бачыць у тым ліку і англійска-французскі фактар: „Trzeba niezmiennie pamiętać, że operacja Armii Czerwonej w Polsce 17 września 1939 r. stała się możliwa tylko w warunkach bezczynności aliantów Rzeczypospolitej na froncie zachodnim” (Kornat M. Agresja 17 września 1939 i jej konsekwencje w polityce europejskiej // Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkańców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej. Białystok, 2000. S. 50). Гэта сёння выкарыстоўваюць у сваіх вялікарасійскіх інтарэсах некаторыя расійскія гісторыкі, кажучы: «Сами британские политики того времени полагали действия СССР по восстановлению дореволюционной территории абсолютно правомерными: лорд Галифакс, министр иностранных дел, выступая в палате лордов, так представил советско-германский договор и действия СССР: „Будет справедливым напомнить две вещи: во-первых, советское правительство никогда не предприняло бы такие действия, если бы германское правительство не начало и не показало пример, вторгнувшись в Польшу без объявления войны (але ж перад тым быў пакт Молатава — Рыбентропа з яго сакрэтным пратаколам! — А. Т.); во-вторых, следует напомнить, что действия советского правительства заключались в перенесении границы по существу до той линии, которая была рекомендована во время Версальской конференции лордом Керзоном…” 10 октября 1939 г. такую же оценку дал У. Черчилль» (а хто ж дапамагаў Польшчы ў 1919—1920 г. у барацьбе супраць Савецкай Расіі, як не Англія? — А. Т.) (гл.: Нарочицкая Н. То, что нельзя забывать // Неман. 2005. № 5. С. 138). Аднак калі мець на ўвазе, што кіраўніцтва Англіі і Францыі чакала далейшага прасоўвання Гітлера на ўсход, дык такая іхняя зычлівасць лагічна вытлумачваецца, але ўжо пад час нямецка-савецкай вайны яны пры падтрымцы ЗША вялі ўпартую дыпламатычную барацьбу з прадстаўнікамі Крамля за адстойванне ўсходніх межаў Польшчы. У абодвух выпадках захады дыпламатаў, што і не дзіўна, дэтэрмінаваліся (геа)палітычнай кан’юнктурай, а не міжнародна-прававой базай.
[2] Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939—1954): Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабаш, Н. А. Рыбак. Гродно: ГГАУ, 2004. С. 106.
[3] Случ С. З. Советско-германские отношения в сентябре — декабре 1939 года и вопрос о вступлении СССР во Вторую мировую войну // Отечественная история. 2000. № 5. С. 46—58; № 6.С. 10-27.
[4] Сталін І. В. Творы. Т. 13. Мінск, 1951. С. 394.
[5] Лебедева Н. С. Польша между Германией и СССР в 1939 году //Война и политика, 1939-1941. Москва, 1999. С. 74; 162-163.
[6] Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына. 1994.№ 4. С. 59-60.
[7] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Пер. з польскай В. Ждановіч. Каментарыі А. М. Літвіна. Мінск, 1993.С. 38.
[8] Гл., напрыклад: Костюк М. П. Большевистская система власти в Беларуси. Москва, 2002. С. 208.
[9] Гл.: Горбач А., Міхнюк У. Уз’яднанне Заходняй Беларусі зБССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1.Мінск, 2001. С. 571.
[10] Снапкоўскі У. Савецка-германскія дагаворы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 194.
[11] Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 г. /А. Вабішчэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэд.) і інш.Мінск, 2006. С. 455, 468.
[12] Цыт. па: Вялікі А. Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944—1946): Манагр. / Навук. рэд. В. Дз. Селяменеў.Мінск, 2005. С. 20.
[13] Цыт. па той жа працы. С. 26, 30, 31.
[14] Цыт па: Турук Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. Москва, 1921. С. 51.
[15] Канарш Г. Ю. Понятие справедливости в истории политической мысли (античная традиция и классический либерализм) //Философские науки. 2006. № 2. С. 142. Да таго ж некаторыя сучасныя расійскія мысляры даводзяць, што не існуе агульнагауніверсальнага паняцця „справядлівасці” (гл.: Печерская Н.В.Метаморфозы справедливости: историко-этимологическийанализ понятия справедливости в русской культуре // Полис.2001. №2. С. 132-146).
[16] Цыт. па: Суворов В. Ледокол. Кто начал Вторую мировую войну?: Нефантастическая повесть-документ. Москва, 1992. С. 43.
[17] У гэтай сувязі дазволім сабе шырокае цытаванне У. Леніна: «Аннексией нельзя назвать всякое присоединение „чужой” территории, ибо социалисты, вообще говоря, сочувствуют устранению границ между нациями, сближению и слиянию наций, образованию более крупных государств. Ясно, что аннексией нельзя считать всякое нарушение status quo: это было бы величайшей реакционностью и насмешкой над основными понятиями исторической науки. Ясно, что аннексией нельзя считать всякое насильственное, военное, присоединение, ибо против насилия, если оно применяется в интересах массы населения и в интересах прогресса человечества, социалисты возражать не могут. Ясно, что аннексией можно и должно считать лишь присоединение территории вопреки воле ее населения. Другими словами, понятие аннексии неразрывно связано с понятием самоопределения наций» (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 27. Москва, 1973. С. 462—463). Але ж трэба мець на ўвазе (і тут варта пагадзіцца), што „Лeнин oбъявляeт нpaвcтвeнным вce, чтo cпocoбcтвyeт пpoлeтapcкoй peвoлюции, дpyгoгo oпpeдeлeния добpa oн нe знaeт” (Бердяев Н. А. Истоки и смысл русского коммунизма. Глава VII. § 3 — узята з Internet’а: http://www.philosophy.ru/library/berd/ comm.html). Бо неўзабаве пасля тых слоў, пры неабходнасці апаніравання, Ленін сам падкрэслівае, што “в понятие аннексии входят обычно 1) понятие насилия (насильственное присоединение), 2) понятие чуженационального гнета (присоединение „чужой” области и т. п. и — иногда — 3) понятие нарушения status quo („интересы человечества” ў дадзенай фармулёўцы адсутнічаюць), і, амаль паўтараючыся, робіць выснову: „аннексия есть нарушение самоопределения нации, есть установление границ государства вопреки воле населения” (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 30. Москва, 1980. С. 25—26). Логіка і мараль правадыра пралетарыяту характарызуюцца яго наступнымі словамі: „Плох тот революционер, который в момент острой борьбы останавливается перед незыблимостью закона. Законы в переходное время имеют временное значение. И если закон препятствует развитию революции, он отменяется или исправляется” (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 36. Москва, 1974. С. 504).
[18] Сальков А. П. Проблема принадлежности Западной Белоруссии и Западной Украины в советско-англо-франко-американских отношениях (сентября 1939 — июнь 1941 г.).С. 19.
[19] Ладысеў У. Ф. Рыжскі дагавор 1921 года і палітыка кіраўніцтва Савецкай Расіі экспарту рэвалюцыі // Biuletyn Historii Pogranicza. 2001. № 2. С. 38; першакрыніца: НАРБ, ф. 242,воп. 1, спр. 7, арк. 6, 75.
[20] Хваля М. Заходняя Беларусь. Яе абшар, люднасць і натуральныя багацці // Наш палетак. 1932. № 1. С. 12.
[21] Хаўратовіч І. П. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 4. Мінск, 1971. С. 533—535; Хаўратовіч І. П. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 10. Мінск, 1974. С. 438—439; ХаўратовічІ. П. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 12. Мінск, 1975. С. 151-157.
[22] Хаўратовіч І. Заходняя Беларусь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Мінск, 1996. С. 421.
[23] СССР — Германия. 1939—1941. Документы и материалы о советско-германских отношениях с апреля 1939 г. по июль1941 г. // http://around.spb.ru/variety/docs/diplomat/union.php
[24] Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына. 1994.№ 4. С. 56; Мирный договор между Россией и Литвой. 12 июля 1920 г. // Спадчына. 1993. № 5. С. 48-55.
[25] Мирный договор между Россией и Украиной, с одной стороны, и Польшей — с другой // Спадчына. 1993. № 4. С. 15.
[26] Случ С. З. Советско-германские отношения в сентябре — декабре 1939 года и вопрос о вступлении СССР во Вторую мировую войну // Отечественная история. 2000. № 5. С. 46—58; № 6. С. 10-27.
[27] Чаму ў пэўнай меры? Ды справа ў тым, што і ў канцы і паслявайны крамлёўскія палітыкі адстойвалі не столькі „гістарычнуюсправядлівасць”, колькі прыналежнасць да СССР эканамічна каштоўнай Галіччыны: „документи свідчать, що коли йшлося про конкретні території, то суперечки ніколи не торкалися Волині чи Західної Білорусії” (Коваль В. С. Довкола радянсько-польскої війни 1939 року // Історичні зошити. 1991. № 1. С. 58).
[28] Цікава, што такое параўнанне намі знойдзена і ў падставовым падручніку па гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў беларускіх ВНУ (Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. ХІХ-XX ст.: Курс лекцый / П. І. Брыгадзін, У. Ф. Ладысеў, П. І. Зялінскіі інш. Мінск, 2002. С. 439). А вось убачыць сярод аўтараў адпаведнага раздзела У. Ладысева, „барацьбіта за гістарычнуюсправядлівасць”, было даволі нечакана.
[29] Дарэчы, генезіс тэрміна „чацвёрты падзел” адносна вераснёўскіх падзей 1939 г. нельга прыпісваць цалкам польскаму палітычнаму ды гістарычнаму дыскурсу. Яшчэ да таго, як надаляглядзе тыя падзеі з’явіліся, кіраўніцтва СССР загаварыла пра эвентуальнасць „практики ХVІІІ ст.: произвести вместе(з Нямеччынай. —А. Т.) четвертый раздел” (Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939—1954):Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабаш, Н. А. Рыбак. Гродно, 2004. С. 105-106).
[30] У сувязі з гэтым нельга не пагадзіцца з абурэннямі атамана Палескай Сечы (Украінская Паўстанцкая Армія) генерала-харужага Тараса Бульбы-Бараўца: маўляў, палякі, пачынаючы з Рыгі 1920 г., так доўга гандлявалі чужымі землямі тоз Масквою, то з Берлінам, пакуль сама Польшча не зрабілася нямецкай і маскоўскай калоніяй (Бульба-Боровець Т. Армія без держави. Слава і трагедія українського повстанського руху.Спогади. Вінніпег — Канада, 1981. С. 66). З часамі сацыяльна-палітычнай лібералізацыі польская гістарычная навука праявіла тэндэнцыю не толькі да вытлумачэння логікі падзелу Чэхаславакіі паміж Нямеччынай, Польшчай і Венгрыяй, але і да канструявання вобраза ІІ Рэчы Паспалітай як ахвяры таго акта на той падставе, што яго кантэк ст прывёў неўзабаве да агрэсіі супраць самой Польшчы (гл., напрыклад: Sobczak K. Polska wobec Monachium // W 50 rocznicę konferencji monachijskiej – niedocenionego ostrzeżenia dla narodów świata. Mareriały z sesji naukowej. Bęsia 21-22 września 1988. Studia i Materiały Nr 19. Historia. Olsztyn, 1990. S. 11-20).
[31] У пачатку германа-савецкай вайны на запытанне немцаў, якойўлады хацелі б беларускія сяляне, адзін дзед шчыра адказаў,што такой, якая дала б „спакой нашаму сялу” (паведамленнеП. Панамарэнкі Сталіну): Чайковский А. С. Невідома війна:(Партиз. рух в Україні 1941—1944 рр. мовою документів, очима історика). Киïв, 1994. С. 58. Звярніце ўвагу на адсутнасць(прычым тыповую для беларускай вёскі) нейкай дзяржаўніцкайарыентацыі ў селяніна пры патрыятычнасці адносна сваёй малой радзімы. (Гл. на гэты конт таксама, напрыклад: Радзік Р.Прычыны слабасці нацыятворчага працэсу беларусаў у ХІХ—XX ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 2. Сш. 2. Менск, 1995.С. 197).
[32] Dębski S. Między Berlinem a Moskwą. Stosunki niemiecko-sowieckie 1939—1941. Warszawa: Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 2007. S. 600.
[33] Ліс А. Заходняя Беларусь: культурная спадчына забытага дваццацігоддзя // Спадчына. 1994. № 6. С. 38—39.
[34] Наджафов Д. Г. Советско-германский пакт 1939 года: переосмысление подходов к его оценке // http://www.rus-lib.ru/book/35/36/36-4/154-165.html#_ftn1.
[35] Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 816.
[36] Документы внешней политики. 1939. Т. ХХІІ: В 2 кн. Кн. 2:Сентябрь — декабрь. Москва, 1992. С. 135-136.
[37] Гл. хаця б: Хоміч С. Беларускія скарбы Гувера // Спадчына.2003. № 4—5. С. 69. Больш за тое, месцамі было заўважана, што тэхналогія выбараў дазваляла вылічыць тых, хто не галасаваў за адзінага ў бюлетэні кандыдата: Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954): Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабаш, Н. А. Рыбак. Гродно, 2004. С. 137—138. Гэта значыць, новая ўлада, акрамя пастаноўкі спектакля па юрыдычным афармленні далучэння зямель, паралельна выяўляла іх антысавецкі патэнцыял. Да таго ж савецкія „выбары” на Заходняй Беларусі, як сведчаць адрасаваныя ўладам пытанні бескампраміснай моладзі, адбываліся пад пагрозай савецкай зброі (Gnatowski M. Niepokorna Białostocczyzna. Opór społeczny i polskie podziemie niepodległościowe w regionie białostockim w latach 1939—1941 w radzieckich żrodłach. Białystok. 2001. S. 80). У снежні 1940 г. на выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы не толькі навязвалі сваіх, але пры гэтым і адхілялі вылучаных ад народа. У Столінскім раёне такіх аказалася ажно 76 (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага р-на. Мінск, 2003. С. 181). З тых часоў на некаторых выбарчых участках пэўны час захоўваўся надпіс: „Пакіньце адно прозвішча, а астатнія выкрасліце”. „Гэта здзіўляла, бянтэжыла, абурала выбаршчыкаў” (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іванаўскага р-на. Мінск, 2000. С. 152).
[38] Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 44. Москва, 1974. С. 170-174.
[39] Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 37. Москва, 1974.С. 464.
[40] Цыт. па: Жыжак С. Лавіце момант: ленінская спадчына //„ARCHE Пачатак”. 2004. № 4. С. 94.
[41] Каваленя А. А. Моладзь заходніх абласцей Беларусі напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў: зборнік навук. артыкулаў /Гродз. дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, У. І. Навіцкі,В. А. Белазаровіч (адк. рэд.) [і інш.]. Гродна, 2006. С. 15.
[42] Литвин А. Как это было // Нёман. 1991. № 6. С. 160.
[43] Цыт. па: Татаренко А. Недозволенная память: Западная Беларусь в документах и фактах: 1921—1954. С.-Петербург, 2006. С. 245-246, 332.
[44] Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 504.
[45] Гл., напрыклад: Шкялёнак М. Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы. Беласток, 2003. С. 236-248.
[46] Цыт. па: Ладысеў У. Ф. Да пытання нацыянальна-тэрытарыяльнага адзінства беларускіх зямель у 20-я гады //Этнасацыяльныя і культурныя працэсы ў заходнім рэгіёне Беларусі: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі / Пад рэд. І. П. Крэня. Гродна, 1998.С. 104.
[47] Історія України: нове бачання / В. Ф. Верстюк, О. В. Гарань,О. І. Гуржій та ін.; під ред. В. А. Смолія. Киïв, 2000. С. 338.
[48] Гетьманчук М. Ризький договір і трагедія Польщі в 1939 році //1939 рік в історичній долі України і українців. Матеріали Міжнародної наукової конференції 23—24 вересня 1999 р.Львів, 2001. С. 119.
[49] Ладысеў У. Ф. Ваенна-палітычны фактар у вырашэнні праблемы адзінства беларускай нацыі ў пачатковы перыяд II сусветнай вайны (метадалагічны аспект) // Другая сусветная вайна: новыя аспекты даследаванняў. Матэрыялы міжнароднага навуковага семінара 1 верасня 2003 г. Мінск; адк. рэд. В. Ф. Балакіраў, К. І. Козак. Мінск, 2004. С. 11.
[50] Цыт. па: Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954): Монография. С. 104-105.
[51] Гл. падрабязней: Сталин И. В. Сочинения. Т. 7. Москва, 1952.С. 274-276.
[52] Цыт. па: Ф’ют А. Быць (або ня быць) сярэднееўрапейцам // Спадчына. 1998. № 5. С. 195.

Наверх

Яўген Грэбень. Злачыннасць у Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі (1941–1944)

22 чэрвеня, 2009 |


Праблема злачыннасці, уласцівая любому грамадству, абвастраецца ў час розных катаклізмаў. Злачыннасць была характэрна і для Беларусі пад час нацысцкай акупацыі. У той перыяд шмат грамадзян каралі штрафамі, цялеснымі пакараннямі, турэмным зняволеннем ці канцлагерам за розныя віды супрацьпраўных дзеянняў. Неабходна адзначыць: нямецкія акупацыйныя ўлады лічылі правапарушэннем ухіленне ад выканання працоўнай павіннасці, што можна было разглядаць як пасіўны супраціў. Па-за ўвагай пакідаюцца таксама такія адміністрацыйныя парушэнні, як антысанітарны стан двароў грамадзян, несанкцыянаваны забой жывёлы. У артыкуле будуць разгледжаны віды правапарушэнняў, якія любой уладай, у тым ліку і акупацыйнай, успрымаюцца як правапарушэнні: крадзяжы, забойствы, спекуляцыя, самагонаварэнне і іншыя асацыяльныя з’явы, што адбываліся ў беларускім грамадстве пад час нацысцкай акупацыі. У ваенны час, нягледзячы на суровыя забароны акупацыйнай улады, гэтых праблем значна пабольшала. На падставе архіўных крыніц ахарактарызуем асноўныя віды правапарушэнняў, іх прычыны і віды пакаранняў.

Крыніцамі для вывучэння гэтай праблемы сталі карныя пастановы нямецкіх камендатур, пратаколы судовых пасяджэнняў міравых валасных, раённых і акруговых судоў, адміністрацыйная перапіска паліцыі, гарадскіх, раённых і валасных управаў і заявы грамадзян у органы мясцовай адміністрацыі.

Барацьба з крымінальнымі злачынствамі пачалася ўжо ў першыя месяцы акупацыі. Пра памер пакаранняў за найбольш тыповыя з пункту гледжання акупацыйнай улады злачынствы дае ўяўленне „Перечень проступков и взысканий по ним” ад 6.11.1941 г. за подпісам начальніка Чачэрскага раёна і начальніка раённай паліцыі. Хуліганства ў грамадскіх месцах, з’яўленне ў грамадскіх месцах ці ў царкве ў нецвярозым выглядзе, знявага святыні караліся арыштам на 14 сутак ці штрафам да 1000 руб. Такое ж пакаранне накладалася за падман, крадзяжы, знявагу службовых асобаў пры выкананні абавязкаў. Пры паўторным крадзяжы справа накіроўвалася на разгляд нямецкімі ўладамі. Пад юрысдыкцыю нямецкіх уладаў траплялі таксама такія злачынствы, як збіццё службовых асобаў, забойства, наўмысны падпал, крадзеж ваеннай маёмасці. Пабоі грамадзян, ненаўмысны падпал караліся штрафам да 500 руб.[1]

Камендатура вызначала памер пакарання ў залежнасці ад цяжкасці злачынства і наяўнасці змякчальных фактараў. Некаторыя грамадзяне маглі вызваляцца ад пакарання (калі размова ішла пра вар’ятаў)[2]. Прыкладам змякчальных фактараў можа служыць вердыкт Віцебскай камендатуры ад 24.10.1941 г. адносна маладога мужчыны, што абвінавачваўся ў незаконным продажы 0,5 л спірту і быў прыгавораны да турэмнага зняволення на тыдзень. Як адзначыў нямецкі камендант, учынак абвінавачанага змякчаецца тым, што гэты чалавек быў афіцыйна зарэгістраваны як беспрацоўны[3]. У дадзеным выпадку камендант міжволі канстатаваў такую праблему восені 1941 г., як беспрацоўе, што вымушала некаторых гараджан займацца спекуляцыяй.

Памер пакарання за аналагічныя ўчынкі мог варыявацца ў розных рэгіёнах акупаванай Беларусі. Відавочна, што ў вышэйшых органаў акупацыйнай улады не было пэўнай пазіцыі на гэты конт, і памеры пакарання за тыя ці іншыя віды злачынстваў вызначаліся мясцовымі камендатурамі самастойна. Напрыклад, у жніўні 1941 г. самаўпраўства каралася арыштам да 1 месяца ці штрафам 200 руб., з’яўленне на вуліцы ў нецвярозым стане, парушэнне грамадскага спакою караліся штрафам 50 руб. ці арыштам да двух тыдняў, крадзеж — арыштам ад трох месяцаў да года і г.д.[4].

Пра маштабы злачыннасці сведчыць адміністрацыйная перапіска органаў мясцовай улады з розных рэгіёнаў акупаванай Беларусі. Да канца 1941 г. Браслаўская павятовая ўправа разгледзела крымінальныя справы на 175 грамадзян[5]. 3 21.07 да 10.10.1941 г. у браслаўскай турме знаходзілася 46 чалавек, якія абвінавачваліся ў агітацыі за савецкую ўладу, у сувязі з Чырвонай Арміяй, у прыналежнасці да ЛКСМБ, да НКУС, да яўрэяў, а таксама былі асуджаны за такія крымінальныя злачынствы, як забойствы, незаконнае захоўванне зброі, п’янства і г.д.

На падставе дакументаў можна меркаваць пра колькасць вязняў віцебскай турмы (утрымліваліся жыхары гор ада і раёнаў) у розныя перыяды акупацыі. Штодзённае змяненне колькасці вязняў тлумачыцца шэрагам фактараў: адпраўка на допыт у СД, ГФП (тайная палявая паліцыя), сканчэнне тэрміну зняволення, смерць вязняў, зрэдку памілаванне. Масавыя праверкі дакументаў на вуліцах, рынках, аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы прыводзілі да ўтрымання ў турме вялікай колькасці грамадзян. Захаваліся спісы вязняў турмы. За 1941 г. (ліпень – снежань) у зняволенні ўтрымліваліся 663 чал., у 1942 г. — 898 чал., у 1943 г. —1230 чал.[6]. Гэтая статыстыка ўключае як асобаў, абвінавачаных у крымінальных і адміністрацыйных злачынствах, так і асобаў, абвінавачаных у сувязі з рухам супраціву і прыналежнасці да кампартыі. На 1942 г. у турме было 126 чал., у жніўні таго ж года колькасць вязняў вагалася ад 198 да 282, у лістападзе 1942 г. — ад 142 да 131[7]. Нельга дакладна вылучыць колькасць асобаў, што была звязана з рухам супраціву, і колькасць крымінальных злачынцаў. На наяўнасць палітычных вязняў указваюць толькі дадзеныя аб выбыцці некаторых грамадзян у СД ці ГФП[8]. Але колькасць абвінавачаных у крымінальных злачынствах заўсёды была высокая.

На падставе адміністрацыйна-дысцыплінарных пастановаў Браслаўскай раённай управы за 1941-1942 г. можна вылучыць найбольш тыповыя віды злачынстваў у Заходняй Беларусі і віды пакаранняў за іх.

Від правапарушэння Пакаранне
П’янства і парушэнне грамадскага спакою Штраф 300 руб. ці месяц прымусовых работ
Скандал і парушэнне цішыні ў начны час Штраф 300 руб. ці месяц прымусовых работ
Напад у п’яным выглядзе на кватэру Месяц прымусовых работ
П’янства і карцёжная гульня Штраф 300 руб.
Бойка Штраф 200 руб.
Біццё шыбаў Кампенсацыя пашкоджанняў ці 3 тыдні прымусовых работ
Пабоі жонкі Штраф 300 руб.
Парушэнне каменданцкай гадзіны Штраф 100 руб.
Няздача зброі Штраф 150 руб. ці 15 дзён прымусовых работ
Утрыманне сабакі без прывязі Штраф 100 руб.

Арыштаваныя ўтрымліваліся ў браслаўскай турме, але калі-нікалі маглі адбываць арышт пры валасных управах, як, напрыклад, грамадзянін Н., арыштаваны на 7 дзён за крадзеж лесу[9]. У 1941 г. да з’яўлення ў Генеральнай акрузе Беларусь міравых судоў памер пакарання вызначала паліцыя і кіраўнікі мясцовай адміністрацыі[10]. Раённыя начальнікі мелі паўнамоцтвы накладваць на грамадзян, што здзейснілі злачынства (за выключэннем немцаў з рэйха), штрафы да 50 марак (500 руб.), а пры паўторным правапарушэнні — да 100 марак (1000 руб.)[11].

Спектр здзейсненых жыхарамі Віцебска злачынстваў можна вызначыць на падставе дакументаў Віцебскай камендатуры (да арганізацыі судоў нямецкі камендант быў найвышэйшай судовай інстанцыяй) і гарадской турмы. Восенню 1941 г. тут лідзіравалі крадзяжы, рабаўніцтва і спекуляцыя. З канца 1941 г. прысуды за розныя правапарушэнні пачаў разглядаць міравы суд. Захаваліся статыстычныя дадзеныя аб працы міравога суда г. Віцебска. Арганізаваны 1.11.1941 г. суд першапачаткова разглядаў адміністрацыйныя і дробныя крымінальныя злачынствы, больш значныя крымінальныя правапарушэнні па-ранейшаму заставаліся ў кампетэнцыі камендатуры. З ліпеня 1943 г. камендатура пашырыла кампетэнцыю міравога суда, які пачаў выносіць вердыкты па крымінальных справах, звязаных з крадзяжамі, хуліганствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, службовымі злачынствамі. Міравы суд таксама атрымаў магчымасць накладаць пакаранне ў памеры да 4000 руб., а раней суд мог прысуджаць штраф да 1000 руб. ці арыштоўваць на тэрмін да 14 дзён.

За два гады працы судом былі разгледжаны 2453 справы, з якіх 327 крымінальных. Выклікае цікавасць ацэнка старшынёй суда крымінальнай сітуацыі ў Віцебску. Адзначалася, што ў даваенным Віцебску на 170 тыс. жыхароў было 11 народных і некалькі спецыяльных судоў, з прыходам немцаў адзін міравы суд абслугоўваў 40 тыс. гараджан. З гэтага калабарацыйны чыноўнік рабіў выснову, што злачыннасць у горадзе паменшылася: „уменьшились кражи, хулиганство, личные оскорбления”[12]. Старшыня суда ці выдаваў жаданае за сапраўднае, ці не браў пад увагу велізарную колькасць крымінальных справаў, разгледжаных камендатурай.

Маштабы злачыннасці ў акупаваным Магілёве відаць з дакументаў гарадскога юрыдычнага бюро, якое пачалопрацаваць з 12.11.1941 г. Юрбюро разглядала нязначныякрымінальныя і грамадзянскія справы. Да снежня 1941 г.на разгляд юрбюро паступіла 35 крымінальных справаў,20 з якіх былі разгледжаны, 3 спынены, 2 накіраваны надаследаванне, справы пра захоўванне зброі і самагонаварэннеперададзены на разгляд камендатуры, 2 спынены з-за адсутнасці вінаватых[13]. Са справаздачы аб працы юрыдычнагабюро за снежань 1941 г. відаць, што на працягу месяца ўрабоце знаходзілася 128 крымінальных справаў, з якіх38 па абвінавачванні ў крадзяжы, 18 па абвінавачванні ўзлачынствах супраць асобы, 46 — парушэнне загадаў улады,8 — абменны гандаль, 5 — спекуляцыя, 5 — хуліганства, — самаўпраўства[14]. Да лета 1942 г. юрыдычнае бюроштодзень разглядала 12-15 крымінальных і грамадзянскіхсправаў, яго кур’еры ўручалі 50-60 павестак жыхарам горадаі прыгарадных пасёлкаў[15].

Усяго за перыяд з 18.09.1941 г. да 25.07.1943 г. юрбюро Магілёва разгледзела 678 справаў па крымінальных і адміністрацыйных правапарушэннях, з якіх 189 справаў былі звязаны з абвінавачваннем грамадзян у крадзяжы, 3 справы па абвінавачванні ў куплі і захоўванні крадзенага, адна справа ў падбухторванні дзяцей да крадзяжу, 64 справы былі звязаны з пабоямі, у тым ліку пабоямі мужамі жонак, 12 справаў аб хуліганстве, 7 аб спекуляцыі, 5 па самагонаварэнні, 2 аб п’янстве, 1 аб забойстве, 8 аб парушэнні грамадскага парадку, 1 аб жорсткім абыходжанні з жывёлай і інш.[16].

Пра суадносіны арыштаваных па палітычных матывах і за крымінальныя і адміністрацыйныя правапарушэнні можна меркаваць па справаздачах магілёўскай паліцыі аб колькасці вязняў магілёўскага арыштнага дому (турмы). На 18.12.1941 г. з 11 вязняў 3 былі арыштаваныя як яўрэі, 1 — за ўцёкі з лагера ваеннапалонных, 3 — да высвятлення асобы, 1 — за прысваенне казённых рэчаў, 1 — за крадзеж, 1 — за хуліганства[17]. На 20.12.1041 г. там жа ўтрымліваліся8 чал., з якіх 1 грамадзянка арыштаваная як яўрэйка, 2 —за пабег, 1 — за хуліганства, 1 — за прысваенне казённыхрэчаў і трое за крадзеж[18]. У красавіку 1942 г. налічвалася 215арыштаваных да высвятлення асобы, 35 — за крадзеж, 31 —за адмову ад працы, 2 — за сабатаж, 20 ваеннапалонных, 4як контрразведчыкі, 10 — за сувязь з партызанамі, 50 яўрэяў,6 — за хуліганства і парушэнне грамадскага парадку, 1 — зараненне агнястрэльнай зброяй, 2 — за забойства, па аднымчалавеку за прастытуцыю, рабаўніцтва і спекуляцыю і г.д.[19].

Захаваліся таксама звесткі аб колькасці арыштаваных, якія ўтрымліваліся пры штабе паліцыі Бабруйска. На 24.12.1941      г. налічвалася 12 арыштаваных, з якіх 8 чал. —за крадзеж, 1 — за спекуляцыю, 1 — за махлярства і 2  — за парушэнне пашпартнага рэжыму. На 28.12.1941 г.14 чал. арыштаваных: 1 — за спекуляцыю, астатнія закрадзяжы і рабаўніцтва, у тым ліку яўрэйскай маёмасці. 17.01.1942     г. утрымлівалася: 6 чал. — за крадзеж, 1 — зазахоўванне крадзенай маёмасці, 1 як былы савецкі служачы, 2     — за хаджэнне без дакументаў, 1 — за хаджэнне пад час каменданцкай гадзіны, 15 — да высвятлення асобы, 1 — заспекуляцыю, 2 — за тое, што пражывалі пад чужымі імёнамі,і 1 грамадзянка як яўрэйка[20].

У Барысаве за тыдзень да 21.02.1942 г. быў асуджаны шэраг грамадзян за розныя правапарушэнні: крадзеж ячменю з калгаса (прымусовыя работы на 14 дзён), халатныя адносіныда службовых абавязкаў (14 сутак і штраф 110 руб.), пабоі(300 руб.), крадзеж аўса (500 руб.), крадзеж мукі (14 сутакпрымусовых работ), крадзеж бульбы (14 сутак прымусовыхработ), хуліганства (арышт на 14 сутак)[21].

Згодна з рэгістрацыйнай кнігай турмы ў Стоўбцах з 15.11.1941 г. да 10.11.1943 г. тут утрымліваліся 1591 чал. Восенню 1941 г. сярод вязняў дамінавалі нараджэнцы розных рэгіёнаў СССР, відавочна, савецкія ваеннапалонныя, да 1943 г. большасць складалі мясцовыя нараджэнцы, абвінавачаныя часцей за ўсё ў крымінальных злачынствах[22].

Такім чынам, калі восенню 1941 г. у месцах пазбаўлення волі, падначаленых мясцовай адміністрацыі, маглі адначасова знаходзіцца вязні, абвінавачаныя ў крымінале і супраціве акупацыйным уладам, то пазней крымінальныя злачынствы пачалі дамінаваць.

Найбольш тыповым злачынствам перыяду нацысцкай акупацыі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі былі крадзяжы, няспыннаму росту якіх садзейнічалі наступныя фактары. Пад час хаосу, што назіраўся летам 1941 г., на волі апынуліся некаторыя злачынцы, а яны маглі пачаць дзейнічаць больш актыўна, скарыстаўшыся аслабленнем кантролю з боку ўлады. Пазней, калі акупацыйныя ўлады жорсткімі мерамі нейтралізавалі крымінальныя элементы, крадзяжы здзяйснялі звычайныя грамадзяне, якіх часта штурхалі да гэтага жорсткія рэаліі акупацыйнай штодзённасці: беспрацоўе ў 1941 г., мізэрная аплата працы, недахоп прадуктаў, імклівы рост цэн, г. зн. чыста эканамічныя фактары. Натуральнае жаданне выжыць магло штурхаць на здзяйсненне супрацьпраўных учынкаў раней абсалютна законапаслухмяных грамадзян. Гэтая тэндэнцыя пацвярджаецца нямецкімі дакументамі. Напрыклад, у справаздачы ортскамендатуры аб становішчы ў г. Віцебску ад 2.03.1942 г. адзначалася: „Благодаря возрастающим материальным затруднениям заметно выросло воровство. Воруют русские у немцев и у своих”[23].

Першая хваля масавых крадзяжоў адбылася пад час абарончых баёў лета 1941 г. Пры адступленні савецкіх войскаў частка складоў і крамаў не была знішчана ці эвакуявана, і ўсё, што там захоўвалася, было разабрана насельніцтвам. Акупацыйныя ўлады разглядалі гэтую савецкую дзяржаўную маёмасць як маёмасць, што належыць нямецкай дзяржаве, таму ў першыя ж тыдні акупацыі выйшлі распараджэнні камендатур пра вяртанне разрабаваных тавараў. Колькасць добраахвотна вернутых тавараў была мізэрная, і восенню 1941 г. паліцыя пачала праводзіць масавыя вобыскі з мэтай вярнуць гэтую маёмасць. Бургамістр Бабруйска канстатаваў, што колькасць вернутых прамтавараў мінімальная, а прадукты харчавання ўвогуле ніхто не вяртаў, і рэкамендаваў паліцыі праводзіць павальныя вобыскі ў горадзе і навакольных вёсках, прычым рабіць гэта адначасова ў некалькіх месцах, каб насельніцтва розных населеных пунктаў не паспявала папярэджваць пра вобыскі[24].

Нярэдка крадзяжы здзяйсняліся ў суседзяў, і злачынцы добра ведалі, на якія каштоўнасці можна было разлічваць. Гэтыя злачынствы ўражваюць. У той час, калі многія гараджане ратаваліся бежанствам ад ворага, іншыя пад бамбёжкамі сярод пажараў ішлі рабаваць крамы і прыватныя дамы і кватэры. У рабаўніцтвах маглі ўдзельнічаць члены адной сям’і.

Акупацыйныя ўлады і мясцовая дапаможная адміністрацыя пачалі прыцягваць такіх грамадзян да адказнасці, не зважаючы на тое, што гэтыя злачынствы былі зроблены ў перыяд безуладдзя. Некаторыя бежанцы вярталіся дадому, і іх рэакцыя на разрабаваныя дамы не была сакрэтам для немцаў. Пацярпелыя маглі пазнаць сваю маёмасць у суседзяў, убачыць, як яна прадаецца на рынках, і апеляваць да ўлады з патрабаваннем пакараць вінаватых. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя, нягледзячы на тое, што злачынствы былі здзейснены пад час безуладдзя, рэагавала на такія заявы і карала злачынцаў. Гэтым самым нямецкія ўлады паказвалі, што любыя супрацьпраўныя ўчынкі, незалежна ад таго, калі яны былі здзейснены (нават пры савецкай уладзе), будуць жорстка карацца. Такім чынам каралася парушэнне закону ў прынцыпе, злачынства супраць любой улады. Важна было прадэманстраваць насельніцтву акупаваных тэрыторый, што немцы не будуць мірыцца з любымі спробамі парушэння правапарадку.

Першыя карныя пастановы нямецкіх камендатур і мясцовай дапаможнай адміністрацыі выдаваліся ўжо з канца лета 1941 г. Так, у верасні 1941 г. паліцыя Магілёва арганізавала вобыск у дзвюх жанчын, у адной з якіх было знойдзена шмат бялізны, у другой — шмат новай вопраткі, 22 м мануфактуры, новы абутак і інш. Было высветлена, што гэтыя рэчы скрадзены ў гарадскіх крамах пад час баявых дзеянняў[25]. Тады ж за крадзяжы пад час пажару ў Віцебску 10-11 ліпеня 1941 г. (момант адыходу з горада Чырвонай Арміі) была прыгаворана да розных тэрмінаў зняволення пэўная колькасць гараджан. Адносна крадзяжоў пад час пажараў у карных пастановах камендатуры можна сустрэць каментары, якія ілюструюць маштабы злачынстваў, напрыклад, „нарабавалі сабе цэлы склад прадуктаў”[26].

Асуджаныя за крадзеж дамінуюць у карных пастановах камендатур восенню 1941 г. Калі-нікалі можна бачыць раскрыццё паліцыяй арганізаванай злачыннасці. Напрыклад, у Віцебску 11.08.1941 г. адзін грамадзянін быў асуджаны на смяротнае пакаранне за 15-разовы крадзеж з узломам, два — за 9-разовыя крадзяжы прыгавораны да 6 месяцаў турмы і 20 удараў кіем штомесячна, чацвёрты за захоўванне скрадзенага да 4 месяцаў турмы і цялеснага пакарання штомесячна[27].

Усяго за жнівень – снежань 1941 г. Віцебскай камендатурай было прыгаворана да розных тэрмінаў зняволення за крадзяжы і рабаўніцтва больш за 80 чал. Некаторых грамадзян пакаралі за спекуляцыю, самагонаварэнне, ліхвярства, парушэнне грамадскага спакою, парушэнне правілаў гандлю, спробы забойства[28]. Абвінавачаныя атрымлівалі ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў турмы (памер пакарання высвятляў камендант). Акрамя гэтага, ужо восенню 1941 г. як мера пакарання пачалі практыкавацца ўдары кіем, адразу ці ў некалькі прыёмаў. Напрыклад, прыгавораны 7.08.1941 г. за крадзеж у сваякоў да двух месяцаў турмы жыхар Віцебска Пётр Ш. павінен быў атрымаць яшчэ і 20 удараў кіем[29]. Грамадзянін П. за выраб самагону і абменны гандаль па спекуляцыйных цэнах быў прыгавораны 24.10.1941 г. да двух месяцаў турэмнага зняволення і па 20 удараў штомесячна[30]. Тэрмін папярэдняга турэмнага зняволення мог залічвацца ў асноўны тэрмін ці не, па меркаванні каменданта[31]. Калі ў наступныя гады пакаранне за падобныя злачынствы пачаў разглядаць міравы суд, то і тады крадзяжы пераважалі.

У снежні 1943 г. Лепельскі акруговы суд разгледзеў справу па абвінавачванні чатырох жыхароў Лепеля ў крадзяжы. У паліцыю звярнулася грамадзянка С., якая заявіла, што быў разабраны яе хлеў. Паліцыя знайшла вінаватых, якія прызналі сваю віну. Іх прыгаварылі судом да штрафу на карысць акружной управы па 250 руб. кожны, а таксама абавязалі кампенсаваць страты, нанесеныя пацярпелай, у памеры 1500 руб.[32]. Повадам для судовага разбіральніцтва мог быць крадзеж дзяржаўнай маёмасці. У лістападзе 1943 г. у Лепелі партызаны спалілі саляны склад. Мясцовыя жыхары скарысталіся сітуацыяй і паспрабавалі запасціся дэфіцытным таварам. Паліцыя знайшла скрадзеную соль, і некаторыя грамадзяне былі прыгавораны да штрафу да 500 руб.[33].

Сярод аб’ектаў крадзяжоў лідзіравалі прадукты харчавання як найбольш каштоўны тавар часоў акупацыі. Папулярнасцю карысталіся таксама будаўнічыя матэрыялы, вытворчасць якіх была істотна зніжана, вырабленая прадукцыя пераважна ішла на забеспячэнне патрэбаў вермахта і для аб’ектаў калабарацыйнай адміністрацыі. Грамадзянскае насельніцтва, якое адчувала вострую патрэбу ў будаўнічых матэрыялах для рамонту дамоў і гаспадарчых пабудоваў, што былі разбураны пад час баявых дзеянняў, купіць іх легальна практычна не мела магчымасці, што штурхала асобных грамадзян на крадзеж дошак, бярвення, цэглы, шкла з дамоў, якія засталіся без гаспадароў, з будынкаў пераселеных у гета яўрэяў, камунальных будынкаў. Напрыклад, начальнік Лепельскага павета прыгаварыў 27.02.1943 г. трох грамадзян на 14 сутак арышту за крадзеж цэглы, дошак і аконных рам з будынка зачыненай школы[34]. У лістападзе 1943 г. жыхар Лепеля грамадзянін П. быў затрыманы паліцэйскімі пад час крадзяжу лесаматэрыялаў з гарадской ветэрынарнай бальніцы і прыцягнуты да адказнасці па 38-м артыкуле Спісу злачынстваў. Абвінавачаны на суд не з’явіўся, замест яго прыйшоў яго бацька, баец РВНА, які прызнаў віну сына. Вердыкт суда быў адносна мяккі — штраф у памеры 100 руб. Відавочна, адыграла ролю сваяцтва злачынцы з салдатам пранямецкага ўзброенага фармавання[35].

Шэраг выпадкаў крадзяжу адбываўся ва ўстановах і прадпрыемствах, звязаных з вырабам, продажам ці захоўваннем харчавання. 31.10.1943 г. быў здзейснены ўзлом замка на харчовым складзе № 2 Аршанскай гарадской управы. Спецыяльна арганізаваная камісія высветліла, што на складзе не хапае 30 кг маргарыну з 6062 кг, якія былі раней. Гарадская ўправа даручыла паліцыі правесці пошук вінаватых[36]. Нярэдка ў крадзяжах удзельнічалі супрацоўнікі такіх прадпрыемстваў, што тлумачыцца выключна цяжкімі ўмовамі жыцця і побыту асноўнай масы гарадскога насельніцтва, якое было вымушана існаваць за кошт мізэрных акладаў і харчовых пайкоў. Напрыклад, у крадзяжы хлеба з магілёўскай гарадской пякарні былі абвінавачаны чацвёра рабочых і возчык харчова-гандлёвага аддзела гарадской управы, які развозіў гатовую прадукцыю[37]. У другім выпадку за крадзеж хлеба там звольнілі работніцу, майстра змены аштрафавалі на 50% месячнага заробку, іншага рабочага, вучня, возчыка і загадчыка экспедыцыі аштрафавалі на 25% заробку[38].

Нягледзячы на суровыя забароны акупацыйных уладаў выраб самагону быў распаўсюджанай з’явай. У дачыненні да гэтага тыпу правапарушэння нямецкая і дапаможная адміністрацыі на працягу трох гадоў акупацыі выдавалі шмат распараджэнняў і забаронаў з пагрозай суровай кары (аж да расстрэлу), якія не мелі ніякага выніку. Суровае пакаранне таксама чакала тых, хто з’яўляўся ў грамадскіх месцах у нецвярозым выглядзе[39].

Забарона вырабу алкагольных напояў тлумачыцца, з аднаго боку, манапольным правам дзяржавы на гэты від прадукцыі, з другога боку, вырабам самагону пераважна з зерня, якое ва ўмовах вайны было для Нямеччыны стратэгічным прадуктам, паколькі за кошт акупаванай Беларусі забяспечваўся вермахт, да таго ж даводзілася карміць гарадское насельніцтва акупаваных тэрыторый. Самагоншчыкі, па меркаванні акупацыйных уладаў, павялічвалі дэфіцыт прадуктаў харчавання. Напрыклад, у распараджэнні начальніка Браслаўскага павета аб барацьбе з самагонаварэннем ад 26.09.1942 г. падкрэслівалася, што асабліва шкодны выраб самагону з зерневых культур[40]. Актывізацыя самагонаварэння адбывалася якраз пасля збору чарговага ўраджаю, і мясцовая адміністрацыя аператыўна рэагавала на гэта новым распараджэннем.

22.02.1944 г. быў выдадзены загад № 138 па Асіповіцкай павятовай управе, у якім канстатавалася маштабнае самагонаварэнне ў раёне. Змест гэтага загаду пачатку 1944 г. аналагічны такім самым загадам нямецкіх камендатур і мясцовай адміністрацыі ранейшых гадоў (быццам бы ён выдадзены ўпершыню), што сведчыць пра марнасць усіх ранейшых намаганняў. Перамагчы самагонаварэнне не атрымалася. Як і раней, начальнік раёна патрабаваў ад падначаленых органаў улады спыніць маштабнае самагонаварэнне асобамі, якія не маюць спецыяльнага дазволу на выраб алкагольных напояў; канстатаваў выкарыстанне насельніцтвам для гэтай мэты зерня і бульбы ва ўмовах татальнага дэфіцыту харчавання. Загад абавязваў валасных бургамістраў штодэкадна даносіць начальніку Асіповіцкага павета аб праведзеных мерапрыемствах у галіне барацьбы з самагонаварэннем[41]. 24.02.1942 г. была апублікавана аб’ява аналагічнага загаду зместу, адрасаваная насельніцтву Асіповіцкага павета. Акрамя абстрактных пагроз пакарання, да якіх самагоншчыкі ўжо прывыклі, тут змяшчалася пагроза канфіскацыі пры выкрыцці самагонаварэння ўсіх запасаў зерня і бульбы. Перспектыва застацца без асноўных прадуктаў харчавання павінна была, на думку павятовай адміністрацыі, прымусіць насельніцтва ўстрымлівацца ад самагонаварэння[42]. Аналіз аналагічных распараджэнняў з розных рэгіёнаў Беларусі ілюструе пошук акупацыйнымі ўладамі эфектыўнага сродку запалохвання самагоншчыкаў. Камендант мястэчка Карма ў сваім загадзе аб забароне самагонаварэння ад 12.01.1942 г. канстатаваў выраб самагону ў вялікіх памерах і пагражаў пакараннем у выглядзе расстрэлу[43].

Тым не менш, гэты від злачыннасці акупацыйныя ўлады так і не здолелі перамагчы. Акрамя адсутнасці легальнай мажлівасці набыць алкагольныя напоі, самагонаварэнне было выклікана да жыцця і тым фактарам, што алкаголь у гады акупацыі служыў своеасаблівай „вадкай валютай” ва ўмовах татальнага недаверу да папяровых савецкіх рублёў. Можна прывесці шмат прыкладаў самагонаварэння. 23.12.1941 г. начальнік Пастаўскага павета разгледзеў справу па абвінавачанні шасці жыхароў павета ў самагонаварэнні, якіх выкрыў камендант пастарунку паліцыі вёскі Васіліны. У аднаго з грамадзян быў знойдзены літр самагону, у другога бочка на 6-7 літраў, у астатніх канфіскавана брага, якую яны збіраліся перагнаць на самагон. Пад час допыту ўсе абвінавачаныя прызналі сябе вінаватымі і, каб паменшыць памер пакарання, выказвалі наступныя аргументы. Адзін з іх заявіў, што выгнаў гэты самагон яшчэ пры савецкай уладзе, другія сцвярджалі, што выраблялі яго для сябе, а не на продаж[44]. Справа была перададзена начальніку жандармерыі для вынясення прыгавору, грамадзяне былі аштрафаваныя на 250 руб. кожны[45].

У якасці ілюстрацыі выкарыстання алкаголю як эквіваленту грошай выклікае цікавасць пратакол допыту 2.02.1944 г. супрацоўнікам ветрынскай паліцыі грамадзяніна Уладзіміра Б., 1927 г. нар., затрыманага з гарэлкай. Абвінавачаны, бежанец, нараджэнец Руднянскага павета Расіі, пад час допыту паказаў, што жыў за кошт гандлю гарэлкай, і прывёў прыклады гэтага. Па яго словах, за гарэлку можна было дастаць усё, але часцей ён мяняў яе на соль, якая была ў гады акупацыі выключна дэфіцытным таварам. Напрыклад, у краме цэнтральнага гандлёвага таварыства ён памяняў літр гарэлкі на 4 кг солі, прычым прадавец запэўніла яго, што гарэлкі ім спатрэбіцца яшчэ шмат: „Сколько привезете, столько и возьмем”. У выніку абвінавачаны вырабіў у вёсцы 5 л самагону і яшчэ 9,5 л пазычыў у сялян, каб прадоўжыць абменныя аперацыі[46].

13.10.1943 г. байцы службы парадку г. Лепеля ў кватэры грамадзянкі Ганны А. зафіксавалі працэс самагонаварэння. Са складзенага паліцэйскімі акта вынікала, што ў 21.00 яны ўбачылі святло ў хаце абвінавачанай, але толькі праз 20 хвілін патрабаванняў іх туды дапусцілі. У хаце яны знайшлі самагонны апарат і 2,5 вядра брагі. Следствам было выяўлена, што грамадзянка А. — нараджэнка Расіі, непісьменная, маці двух байцоў Рускай народнай вызваленчай арміі. Абвінавачаная сцвярджала, што не знаёмая з распараджэннем обер-бургамістра Лепеля аб забароне самагонаварэння і займалася гэтым першы раз. Лепельскі акруговы суд прыняў пад увагу тое, што жанчына прызнала віну, і прыгаварыў яе толькі да штрафу на 500 руб.

Бывалі выпадкі, калі супрацоўнікі мясцовай адміністрацыі і паліцыі не толькі не перашкаджалі, але і самі спрыялі вытворчасці самагону. У адрозненне ад акупаваных краін Балтыі, дзе грамадзянскае насельніцтва і паліцыя маглі легальна набываць алкаголь па картках, беларускія паліцэйскія маглі атрымліваць віно ці гарэлку надзвычай рэдка, як прэмію да вялікіх святаў, і гэта штурхала іх вымагаць самагон у насельніцтва ці прымушаць грамадзян да яго вырабу. 3.07.1943 г. начальнік паліцыі Аршанскага павета патрабаваў накласці штраф і звольніць са службы паліцэйскіх, што не прымаюць мераў супраць самагонаварэння[47]. Начальнік паліцыі Ветрынскага павета 7.12.1943 г. абавязаў падначаленых камандзіраў праінструктаваць паліцэйскіх, што самагонаварэнне забаронена і для грамадзянскага насельніцтва, і для саміх супрацоўнікаў паліцыі, аднак, насуперак забароне, працягваецца. Вінаватым пагражала пакаранне ад 1-1,5 года прымусовых работ да расстрэлу[48].

Згаданы вышэй камендант паліцыі вёскі Васіліны Пастаўскага павета злавіў на месцы злачынства дваіх грамадзян, якія збіраліся гнаць самагон. Ён прымусіў іх закончыць самагонаварэнне (атрымалася 18 бутэлек прадукту), пасля чаго гасцяваў у хаце гэтых сялян двое сутак, выпіў частку самагону, канфіскаваў астатні[49]. Вінаватыя пазней тлумачылі свой учынак тым, што хацелі адсвяткаваць асвячэнне вясковай царквы[50]. Пад час следства выявілася, што камендант паліцыі здаў толькі 10 бутэлек канфіскаванага самагону, урэшце начальнік Пастаўскага павета аштрафаваў і самагоншчыкаў, і самога каменданта паліцыі[51].

Часта злачынствы здзяйсняліся пад уплывам алкаголю, прычым з удзелам усё тых жа прадстаўнікоў калабарацыйнай адміністрацыі. 27.02.1944 г. адбыўся канфлікт у вёсцы Дамачына Веравойшанскай воласці Аршанскага павета, куды на вяселле прыбылі бургамістр суседняй воласці Іван З. і начальнік валасной паліцыі Васіль Д. У нецвярозым выглядзе яны завязалі бойку з іншымі гасцямі, начальнік паліцыі кінуў гранату, якой параніў двух чалавек, пры спробе збегчы сам быў паранены стрэлам нямецкага салдата[52].

У лістападзе 1941 г. палявы камендант Барысава прыгаварыў да трох месяцаў турмы і звальнення пасля гэтага са службы паліцэйскага Сцяпана Г. за правядзенне ў п’яным выглядзе несанкцыянаванага вобыску ў прыватнай кватэры і здзяйсненні пры гэтым страляніны. Як адзначалася ў пастанове каменданта, раней гэты паліцэйскі ўжо меў папярэджанні за п’янства[53].

У сталоўках і закусачных у першы перыяд акупацыі дазвалялася гандляваць алкагольнымі напоямі, але пазней продаж алкаголю забаранілі ці істотна абмежавалі. Напрыклад, у аршанскай газеце „Новы шлях” ад 21.11.1942 г. было апублікавана распараджэнне ўладаў аб забароне продажу алкаголю, што, аднак, не спыніла яго падпольнай рэалізацыі. У выніку гарадская ўправа восенню 1942 г. правяла праверку ўсіх сталовак, закусачных і рынку з мэтай пошуку падпольных гандляроў спіртным[54]. Вынікі гэтай праверкі невядомыя, але ёсць звесткі пра выраб самагону ў Оршы ў красавіку 1944 г. Пад час рэвізіі рэстарана на рынкавай плошчы ў склепе знайшлі самагонны апарат. Відавочна, вытворчасць была маштабная. Адной толькі брагі выявілі 180 л, а таксама рэзервуары для прадукцыі аб’ёмам на сотні літраў[55]. Варта звярнуць увагу і на смеласць самагоншчыкаў, якія наладзілі працу ў самым цэнтры горада ў людным месцы, што, з аднаго боку, дазваляла доўгі час заставацца нераскрытымі (улады не здагадваліся шукаць іх там), з другога боку, на рынку было лёгка збываць гатовую прадукцыю.

Ужыванне алкаголю магло прыводзіць да самых нечаканых наступстваў. Акрамя хуліганскіх учынкаў, боек і г.д., ап’яненне магло справакаваць небяспечныя выказванні, у выніку чаго побытавыя канфлікты маглі набываць палітычную афарбоўку. Віцебская камендатура разгледзела справу па абвінавачванні ў п’яным дэбошы шафёра нямецкай установы Кандрата П. Ураджэнец Расіі грамадзянін П. восенню 1941 г. трапіў пад Вязьмай у палон, працаваў кухарам у працоўным лагеры, потым шафёрам. Як адзначалася ў справаздачы допыту, да гэтага часу П. паводзіў сябе добра, яго ўчынкі не выклікалі незадавальнення ў немцаў. Але да пэўнага моманту. Аднойчы П. напіўся са сваім знаёмым на базары, быў арыштаваны. П. пачаў грукаць у дзверы камеры, абяцаў немцам, што адпомсціць, калі будзе на волі, што пойдзе ў партызаны. На допыце П. не адмаўляў магчымасці такіх паводзінаў, але адзначаў, што нічога не помніць і што бывае ўзбуджаны, калі вып’е, што вышэй сказанае не адпавядае яго палітычным поглядам і ён заўсёды „супраць Расіі”. Урэшце П., які разумеў сур’ёзнасць інцыдэнту (яго справа была накіравана ў СД), добраахвотна папрасіўся на работу ў Нямеччыну[56].

Часта ў злачынствах удзельнічалі супрацоўнікі беларускай паліцыі, якія тэарэтычна павінны былі ахоўваць парадак і абараняць грамадзянскае насельніцтва ад крымінальных элементаў. Нямецкі даследчык Б. К’яры разглядае беларускіх паліцэйскіх як ахвяр і злачынцаў адначасова[57]. Вядома, некаторых з іх можна лічыць ахвярамі абставінаў, але аналіз службовай перапіскі паліцыі і скаргаў грамадзян дазваляюць намаляваць хутчэй негатыўны партрэт сярэднестатыстычнага паліцэйскага, які часцей выступаў у якасці злачынцы адносна грамадзянскага насельніцтва.

Злачынствы з боку паліцыі фіксаваліся ўжо восенню 1941 г., з самага пачатку функцыянавання мясцовай паліцыі, калі набор туды ажыццяўляўся на добраахвотнай аснове. Спачатку туды ішлі служыць асобы, пацярпелыя ад савецкай улады, якія лічылі, што цяпер зручны момант адпомсціць за свае крыўды. Іх негатыў выплёскваўся на ўсіх без выключэння грамадзянскіх асобаў (неўсвядомленая сублімацыя). Сярод паліцэйскіх трапляліся асобы з крымінальным мінулым, якія, атрымаўшы зброю ад новай улады, здзяйснялі супрацьпраўныя ўчынкі і былі ўпэўнены, што акупацыйныя ўлады будуць на гэта заплюшчваць вочы. Нямецкая ж адміністрацыя, якая жорстка падаўляла любыя праявы супраціву з боку грамадзянскага насельніцтва, рэзка негатыўна адносілася да злачынстваў, што здзяйснялі паліцэйскія. Так, у снежні 1941 г. два супрацоўнікі паліцыі Барысаўскага раёна жорстка збілі і застрэлілі жыхара вёскі Вяляцічы. Як адзначалася ў карнай пастанове каменданта палявой камендатуры (V) 244 Барысава, будучы п’янымі, паліцэйскія схапілі невінаватага грамадзяніна і, нягледзячы на наяўнасць у яго дакументаў, пацягнулі сваю ахвяру ў пастарунак, па дарозе нечалавечым чынам катавалі, стрэлам паранілі ў калена, потым паранілі яшчэ некалькі разоў і дабілі, праламаўшы галаву сякерай ці прыкладам. Пасля гэтага злачынцы паспрабавалі выставіць справу такім чынам, быццам бы яны забілі партызана. Схаваць таямніцу ад немцаў не атрымалася і, згодна з распараджэннем палявога каменданта ад 2.02.1942 г., паліцэйскія Мікола В. і Язэп Л. былі прыгавораны да смяротнага пакарання[58].

Тым не менш, смяротнае пакаранне паліцэйскага — з’ява даволі рэдкая, і, як правіла, злачынцы заставаліся беспакаранымі ці атрымлівалі мяккі прысуд. Інфармацыя пра рабаўніцтва і гвалт з боку паліцэйскіх ёсць у дакументах калабарацыйнай адміністрацыі адносна ўсіх рэгіёнаў Беларусі на працягу ўсяго перыяду акупацыі. Асабліва самавольства паліцыі назіраліся ў сельскай мясцовасці, дзе чалавек з вінтоўкай (прынамсі там, дзе не было партызанаў) адчуваў сябе поўным гаспадаром над безабароннымі сялянамі і мог асабліва не баяцца іх скаргаў у мясцовую адміністрацыю, якая нічога не магла зрабіць, ці ў нямецкую адміністрацыю, да якой часта было праблематычна дабрацца. Да таго ж, не кожны, каго пакрыўдзілі, адважваўся скардзіцца на паліцэйскага, бо не быў упэўнены ў магчымасці пакарання і баяўся помсты з яго боку.

Бывалі выпадкі, калі паліцэйскія здзяйснялі злачынствы на тэрыторыі іншай воласці, па-за сваёй юрысдыкцыяй, відавочна, спадзеючыся пазбегнуць пакарання. 22.02.1944 г. пяцёра паліцэйскіх з Оршы абрабавалі двух сялян (адзін быў збіты да непрытомнасці) з сельскай грамады Хамінічы Бараньскай воласці Аршанскага павета. Паліцэйскія забралі ў сялян сена і салому. Стараста грамады паскардзіўся ў камендатуру, на загад якой вінаватыя былі затрыманы[59].

Можна прывесці і яшчэ адзін прыклад супрацьпраўных дзеянняў паліцэйскіх. 9.04.1942 г. начальнік аддзялення службы парадку Новабарысава разгледзеў матэрыялы па абвінавачанні паліцэйскага Міхаіла Р. Следствам было ўстаноўлена, што Р. разам са сваім калегам Ш. ноччу 3.04.1942 г. хадзіў па хатах у пошуку самагону, патрабаваў яго пад пагрозай зброі, напіўшыся, называў сябе начальнікам паліцыі. Урэшце, Міхаіл Р. адсутнічаў на дзяжурстве з 4 на 5.04, напіўшыся, паваліўся, разбіў твар і ў такім выглядзе (пры зброі) працягваў свае „подзвігі”, пакуль раніцай 7.04 яго не знайшла жонка. Пасля гэтага Р. падаў даведку ад доктара аб непрацаздольнасці ў выніку пашкоджання твару. Начальнік аддзялення пастанавіў прыцягнуць вінаватых да адказнасці па законах ваеннага часу праз гестапа. Вердыкт жа начальніка службы парадку горада быў, на здзіўленне, мяккі: Ш. арыштаваць на 7 сутак, Р. — на 14 сутак[60]. Пакаранне сапраўды не адпавядала цяжару ўчынкаў паліцэйскіх. Магчыма, парушэнні, якія не пацягнулі за сабой забойства ці пашкоджання здароўя грамадзян, знаходзіліся ў кампетэнцыі начальніка паліцыі, а не нямецкай камендатуры, і начальнік службы парадку прыкрываў сваіх падначаленых.

П’янства сярод паліцэйскіх мела каласальныя маштабы, аблічча асноўнай масы супрацоўнікаў паліцыі было надзвычай непрыглядным. Можна прывесці прыклады, калі супрацоўнікі паліцыі расследавалі злачынствы, справядліва прыцягвалі вінаватых да заслужанага пакарання за рабаўніцтва, гвалт, забойствы. Частка супрацоўнікаў гарадской паліцыі сапраўды спрабавала весці барацьбу са злачыннасцю. У гэты ж час іншыя паліцэйскія паводзілі сябе ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва выключна амаральна. Раённае паліцэйскае начальства і нямецкія ўлады рэгулярна выносілі пастановы аб пакаранні сваіх падначаленых. Упраўленне службы парадку Сенненскага раёна накіравала начальніку палявой жандармерыі рапарт адносна пакарання стралка апорнага пункта Забор’е Аляксея Г., які 12.04.1944 г. у п’яным выглядзе вёз прадукты харчавання для сваіх калег, перакуліў груз у канаву, у выніку чаго частка прадуктаў згубілася, частка сапсавалася. Г., раззлаваны здарэннем, пачаў біць свайго каня карабінам, прабіў каню галаву і зламаў зброю, пасля чаго не з’явіўся на вячэрняе пастраенне, заснуўшы дома. Камандзір роты канстатаваў, што такія ўчынкі Г. здзейсніў упершыню, і прасіў кіраўніцтва абмежавацца пакараннем у выглядзе арышту на 14 сутак[61].

Супрацоўнікі паліцыі самавольнічалі не толькі ў дачыненні да простага грамадзянскага насельніцтва, але і да нізавога звяна мясцовай адміністрацыі. Калі ўладу начальніка раёна, якому быў падначалены кіраўнік раённай паліцыі, ігнараваць было складана, а нямецкіх уладаў даводзілася баяцца, то вясковыя старасты і валасныя бургамістры часам бывалі безабаронныя перад узброенымі паліцэйскімі. Напрыклад, у кастрычніку 1942 г. два супрацоўнікі паліцыі Негнавіцкай воласці Барысаўскага раёна залезлі ў памяшканне валасной управы, падрабілі фінансавыя дакументы і змянілі памер падаткаў аднаго з сялян, падрабілі подпіс касіра і заверылі паперу пячаткай бургамістра[62]. У траўні 1942 г. на імя начальніка Барысаўскага раёна паступіла заява супрацоўніка МТС, які скардзіўся на самавольства паліцыі. У яго адсутнасць два паліцэйскія зайшлі ў хату і патрабавалі ад яго жонкі, каб тая аддала веласіпед, якім грамадзянін карыстаўся з дазволу нямецкага каменданта. Калі жанчына адмовілася, паліцэйскія паставілі яе да сцяны і пагражалі расстраляць[63].

Акрамя беларускай паліцыі гвалт над грамадзянскім насельніцтвам чынілі салдаты калабарацыйных вайсковых фармаванняў, у прыватнасці, байцы дыслакаванай на Беларусі Рускай вызваленчай народнай арміі пад камандаваннем Б. Камінскага. 15.09.1943 г. на імя начальніка Лепельскага раёна паступіла заява супрацоўніка раённай управы Мікалая П., які скардзіўся на байцоў РВНА, што ўварваліся ноччу да яго ў хату, патрабавалі гарэлкі, двойчы выводзілі яго з жонкай на вуліцу і імітавалі расстрэл[64].

Злоўжыванні службовым становішчам нярэдка здзяйснялі супрацоўнікі мясцовай дапаможнай адміністрацыі. Карупцыя насіла мэтанакіраваны характар і магла цягнуцца доўга. 14.08.1942 г. міравы суд Магілёва разгледзеў справу аб крадзяжы прадуктаў харчавання (мяса і сала) і грошай са склада № 5 аддзела харчавання гарадской управы. Масаваму крадзяжу спрыяла тое, што загадчык склада не праводзіў праверкі наяўнасці прадуктаў, а бухгалтэрыя беспадстаўна спісала недахоп скрадзеных прадуктаў. Злодзеі не былі знойдзены, але суд высветліў, што крадзяжы здзяйсняліся з-за нядбайнасці службовых асобаў. Гэта давала магчымасць невядомым злачынцам прадаваць скрадзенае сала на рынку ў чатыры разы даражэй (пры дзяржаўным кошце 25 руб.). Хутчэй за ўсё, крадзяжамі займаўся хтосьці з супрацоўнікаў склада[65]

У іншым выпадку, на падставе заявы загадчыка лепельскага паравога млына, паліцыя ўзбудзіла крымінальную справу на былога загадчыка і супрацоўніка млына, якія абвінавачваліся ў крадзяжы ў вялікіх памерах. Пад час рэвізіі высветлілася, што вагі маюць недакладнасць і пры ўзважванні мяшка з зернем на 400-450 кг і атрыманай з яго мукі розніца складала 7,5 кг. Абвінавачаныя свядома сапсавалі вагі і кожны дзень атрымлівалі да 15 кг мукі. У лепельскай аптэцы ўзважылі грузы вагаў, выявілася, што кляймо на грузах сарванае, частка свінцовага напаўнення вагаў выдалена. Згодна з рашэннем суда абвінавачаных аштрафавалі па 1000 руб. кожнага і зняволілі на 50 і 25 дзён адпаведна з улікам папярэдняга тэрміну зняволення[66].

Зафіксаваны выпадкі карупцыі сярод саміх супрацоўнікаў суда. Пад час рэвізіі суда г. Бабруйска 23.10.1943 г. было высветлена, што два суддзі і сакратар суда прысвойвалі судовыя зборы. Суддзі спрабавалі абвінаваціць у гэтым толькі сакратара, якая, у сваю чаргу, абвінаваціла іх у хабарніцтве (грамадзяне прыносілі гарэлку, яблыкі, пшаніцу), а таксама ў тым, што вялі патаемныя перагаворы з удзельнікамі судовых працэсаў. Тым не менш, было высветлена, што сакратар усё ж прысвоіла 620 руб. судовых збораў, што ў судзе была арганізавана наладжаная сістэма карупцыі, пакуль кампаньёны не пасварыліся паміж сабой, не падзяліўшы дзяржаўныя дровы для сваіх патрэбаў. Абвінавачанне ў халатнасці было прад’яўлена і начальніку абласнога суда, які ведаў пра ўчынкі падначаленых, але нічога не рабіў[67]. Бургамістр, які разгледзеў матэрыялы следства, знайшоў віну суддзяў даказанай, але палічыў, што дастаткова ўжо вынесенага пакарання ў выглядзе адхілення суддзяў ад пасадаў. Экс-сакратара суда бургамістр рэкамендаваў нямецкай камендатуры прыцягнуць да прымусовых работ[68].

Забойстваў, учыненых грамадзянскімі асобамі, было няшмат. Прынамсі, зафіксаваны выпадкі забойстваў жанчынамі сваіх дзяцей. Напрыклад, у лютым 1944 г. y Лепелі быў знойдзены труп нованароджанага дзіцяці, пра што паведамілі паліцыі. Калі паліцыя прыехала, то трупа на месцы не знайшлі (невядомы забойца паспеў яго перахаваць), але пазней адшукалі ў бамбасховішчы. Медыцынская экспертыза высветліла, што дзіця нарадзілася ў тэрмін, жывым і здаровым.

Пад час следчых мерапрыемстваў знайшлі маці, якая здзейсніла злачынства, а таксама яе сястру, якую прыцягнулі да гэтай справы як саўдзельніцу. Абвінавачаная ў забойстве грамадзянка Т., незамужняя, руская, з сялян Арлоўскай губерні (відавочна, эвакуяваная ў Лепель разам з байцамі РВНА Камінскага), шкадавання за зробленае не выказала і патлумачыла свой учынак „невежественностью и темнотой”. У выніку судовага пасяджэння 15-18.03.1944 г. Т. і яе сястра былі прыгавораны да 5 гадоў турэмнага зняволення (самы жорсткі прыгавор гэтага суда)[69].

22.12.1942 г. міравы суд г. Магілёва разгледзеў крымінальную справу грамадзянкі Алены П. і яе памагатага Івана С. у забойстве 6-гадовага сына жанчыны. Першапачаткова забойцы былі прыгавораны судом адпаведна да 8 і 3 месяцаў зняволення ў канцлагеры, потым тэрмін быў павялічаны да трох гадоў. Аднак 30.07.1943 г. бургамістр Магілёва перагледзеў матэрыялы справы і параўнаў учынкі жанчыны з „учынкамі драпежнага звера”. Як вынікала з матэрыялаў суда, абвінавачаная загадзя спланавала забойства, пры дапамозе клізмы апякла хлопчыку вантробы каўстычнай содай, потым задушыла яго падушкай, труп закапала пад верандай дома. Цела пазней не знайшлі, і следства меркавала, што яго выкарысталі для варкі мыла. Па паказаннях сведкі, жанчына выказвала намер забіць таксама і сваю 4-гадовую дачку. У выніку бургамістр палічыў вынесенае пакаранне недастатковым і пастанавіў, што забойца заслугоўвае смяротнага пакарання[70].

Месцам здзяйснення злачынстваў часта рабіліся рынкі. Менавіта тут адбываліся крадзяжы, спекуляцыя, продаж скрадзеных рэчаў, парушэнне правілаў гандлю (продаж няякасных тавараў, абменны гандаль, валютная спекуляцыя). Згаданыя віды злачынстваў сустракаюцца ў дакументах акупацыйнага часу досыць рэгулярна. Як прыклад можна прывесці адміністрацыйную перапіску аршанскага рынку. Так, насуперак распараджэнню бургамістра тут квітнеў гандаль без патэнтаў, за што толькі 1.02.1944 г. было аштрафавана 13 жанчын па 300 руб. кожная[71]. Пад час праверкі 22.04.1944 г. начальнікам рынку быў затрыманы грамадзянін К., які прадаваў каўбасу, што была непрыдатная да спажывання, хаця існавала правіла аддаваць на праверку ўсе прадукты харчавання. У яго было канфіскавана 4,5 кг каўбасы і 3,5 кг мяса[72]. 28.04.1944 г. на рынку затрымалі грамадзяніна З., які прадаваў гарох і катэгарычна адмаўляўся прымаць савецкія рублі[73]. 18.06.1944 г. на тым жа рынку ў грамадзяніна Д. канфіскавалі хромавую скуру і загатоўкі для ботаў, скрадзеныя ў фельчара паліцыі[74].

Пад час акупацыі ў гарадах склалася праслойка гараджан, як правіла, маладых мужчын ці падлеткаў, якія афіцыйна нідзе не працавалі (нягледзячы на жорсткае пакаранне за ўхіленне ад працоўнай павіннасці), займаліся спекуляцыяй ці крадзяжамі. Месцам згуртавання такіх элементаў рабіліся гарадскія рынкі. Перыядычна паліцыя затрымлівала такіх людзей. Напрыклад, 24.11.1943 г. аршанская паліцыя затрымала Аляксандра В., 1927 г. нар., які нідзе не працаваў, шмат часу праводзіў на рынку і, як сцвярджалі супрацоўнікі рынку, займаўся махлярствам; перад гэтым, 9.11.1943 г., тамсама быў арыштаваны Уладзімір Б., які на рынку краў з кііпэняў[75]. Калі-нікалі ў спекуляцыйныя аперацыі ўцягвалі дзяцей, хоць нямецкія ўлады пад пагрозай канфіскацыі грошай і тавараў забаранялі гандляваць асобам да 16 гадоў[76].

Марнымі былі спробы акупацыйнай адміністрацыі спыніць абменны гандаль і спекуляцыю. Калі на гарадскіх рынках патэнцыяльная пагроза арышту за абменны гандаль існавала і перыядычна некаторыя грамадзяне прыцягваліся да адказнасці, то ў сельскай мясцовасці прасачыць і спыніць гэта было практычна немагчыма, і гараджане гэта цудоўна разумелі, таму многія не чакалі прыезду сялян у гарады, а самі выпраўляліся ў вёскі па харчаванне. Так, у верасні 1942 г. нямецкая адміністрацыя канстатавала, што ў раёне Барысава, Талачына і Круглага шмат гараджан едзе ў сельскую мясцовасць і мяняе прадметы побыту на харчаванне. Акрамя штрафаў і канфіскацыі прадуктаў нямецкі камендант патрабаваў ад беларускай адміністрацыі абмежаваць выдачу пропускаў на паездкі ў сельскую мясцовасць жыхарам Барысава і дэталёва правяраць матывацыю такіх паездак[77].

Як ілюстрацыя нелегальнага абменнага гандлю цікавая справа Лепельскага акружнога суда ад 23.11.1943 г. па абвінавачванні трох грамадзянак, жыхарак Лепеля. Жанчыны абвінавачваліся адразу ў некалькіх злачынствах: парушэнні пашпартнага рэжыму, спекуляцыі і спробе даць хабар. 5.11.1943 г. яны былі затрыманы без пропускаў патрульным паліцэйскім на падыходзе да Лепеля. Жанчыны прапанавалі яму хабар у памеры 3100 руб., што складала амаль шасцімесячны аклад паліцэйскага, але той адмовіўся і арыштаваў іх. Пад час допыту высветлілася, што жанчыны неаднаразова хадзілі за межы горада, каб абменьваць у немцаў сала і яйкі на соль, цукеркі, сахарын, мыла. Можна канстатаваць, што ў дадзеным выпадку суд сутыкнуўся з добра арганізаванай сістэмай спекуляцыі, своеасаблівай падпольнай гандлёвай фірмай. Жанчыны прызналіся, што раней на гэтай дарозе стаялі іх знаёмыя паліцэйскія, якія заўсёды пускалі іх без пропуска (відавочна, паліцэйскія атрымлівалі з гэтага выгоду), але на гэты раз трапіўся незнаёмы вартаўнік, які адмовіўся ўзяць грошы „на гарэлку”[78].

Да злачынстваў маглі прыводзіць побытавыя канфлікты паміж грамадзянамі. Так, на адным з хутароў Браслаўскага раёна 21.09.1941 г. група хлопцаў напала на дом грамадзяніна, яны пагражалі забіць мужчын, што былі ў доме, а жанчын згвалціць, папсавалі дзверы, пабілі шкло ў вокнах. У выніку праведзенага паліцыяй дазнання высветлілася, што прычынай нападу стала рэўнасць лідэра нападнікаў да дачкі пацярпелага гаспадара, да якой на момант нападу зайшоў іншы хлопец[79].

Прадметам судовых пасяджэнняў станавіліся справы аб парушэнні грамадскага спакою. У снежні 1943 г. лепельскі акружны суд разгледзеў справу грамадзянкі Ж., якая абвінавачвалася ў тым, што арганізавала дома п’янку і танцы і пабіла суседку. Суд аштрафаваў Ж. на 1000 руб., прыгаварыў да арышту на месяц, а таксама папярэдзіў, што пры паўторы падобнага атрымае больш жорсткае пакаранне і будзе выселена з кватэры[80].

23.12.1942 г. міравы суд Віцебска разгледзеў справу па абвінавачванні грамадзянак (маці і дачкі) у нанясенні пабояў суседу. Адна з удзельніц гэтага інцыдэнту, што адбыўся на побытавой глебе паміж жыхарамі барака ў прыгарадным пасёлку Чэпіна, з’яўлялася 15-гадовай дзяўчынай, якая нанесла пацярпеламу ўдар жалезнай рыдлёўкай па галаве. Суд прыгаварыў жанчын да 5 дзён турэмнага зняволення, аднак прыняў да ўвагі непаўналецце і адсутнасць судзімасці адной з жанчын і вынес ёй прыгавор умоўна[81].

У гады акупацыі як правапарушэнне класіфікавалася гульня ў карты. Прамых распараджэнняў, якія б забаранялі картачную гульню, не зафіксавана, але ёсць дакументы аб прыцягненні да адказнасці асобаў, якія былі заўважаны ў гэтай гульні. Ужо згадваліся судовыя пратаколы на жыхароў Магілёва. На падставе загада бургамістра Рэчыцы за картачную гульню на вытворчасці былі аштрафаваны супрацоўнікі гарадской пякарні па 5 марак кожны[82]. 29.06.1942 г. у фельдкамендатуру Лепеля паступіў рапарт супрацоўніка мясцовай адміністрацыі, дзе ён скардзіўся на гульню ў карты, якую на публіцы арганізавалі акцёры гарадскога тэатра пад час гастроляў у Бешанковічах. У арганізацыі гульні абвінавачваўся кіраўнік тэатральнага калектыву, што выйграў 1500 руб. Тэатральны канферансье прайграў яму двухмесячны заробак. Як адзначыў заявіцель, такія паводзіны артыстаў былі „проявлением богемщины, распущенности и безобразия перед населением Бешенковичей, которые были свидетелями азартной игры”. У выніку вырашылі выклікаць акцёраў і зрабіць ім вымову[83]. Распаўсюджанай з’явай было ўхіленне ад аплаты падаткаў. Ужо з восені 1941 г. на тэрыторыі акупаванай Беларусі пачалі адчыняцца прыватныя рамесныя і гандлёвыя прадпрыемствы. Частка прадпрымальнікаў працавала без патэнта і ўхілялася ад падаткаў. Несанкцыянаваная прадпрымальніцкая дзейнасць не заставалася для ўлады таямніцай, мясцовая адміністрацыя пачала прыцягваць грамадзян да адказнасці, часцей за ўсё ў выглядзе штрафу. Гэтае правапарушэнне назіралася на працягу ўсіх трох гадоў акупацыі[84]. Напрыклад, 26.03.1944 г. паліцыя Бабруйска склала пратакол на ўладальнікаў незарэгістраванага прадпрыемства па вырабе алею, што належала Мікалаю Б. і Васілю Л. Следства выявіла, што падпольнае прадпрыемства працавала прынамсі са студзеня да сакавіка 1944 г., за гэты час алей выраблялі чатыры разы, кожны з кампаньёнаў атрымаў па 16 л алею (выключна для асабістай патрэбы, як самі яны сцвярджалі). Фінансавы аддзел гарадской управы класіфікаваў прадпрыемства як камерцыйнае, якое за гэты час прынесла ўладальнікам прыбытку 32 тыс. руб., таму грамадзян абклалі падаткам у памеры 10% ад прыбытку (1600 руб. на кожнага) і прысудзілі штраф па 500 руб., у іншым выпадку ім пагражала б прымусовая праца[85].

Яшчэ адным відам правапарушэння было несанкцыянаванае падключэнне да электрасеткі. У буйных гарадах восенню 1941 г. камунальныя службы аднавілі энергазабеспячэнне, аднак карыстанне электрычнасцю грамадзянамі было абмежавана. Недастатковая магутнасць электрастанцый, дэфіцыт паліва, прыярытэтнае абслугоўванне стратэгічных для немцаў аб’ектаў прыводзіла да таго, што часта для падключэння электрычнасці ў жылым доме быў патрэбны спецыяльны дазвол улады. Існавала таксама нармаванае карыстанне электрычнасцю (лямпачка не больш за 40 Вт, забарона карыстацца электрапрыборамі) плюс высокія тарыфы на электраэнергію. У выніку не ўсе ахвотныя маглі карыстацца электраэнергіяй легальна, што выклікала злоўжыванні. 13.12.1941 г. бургамістр Бабруйска разгледзеў следчыя матэрыялы на Ўладзіміра і Марыю П. (сына і маці), якіх абвінавачвалі ў самавольным падключэнні да электрасеткі. Высветлілася, што яны ўключалі лямпачкі ў апламбаваныя патроны, нацкоўвалі сабаку на кантралёра электрасеткі. Уладзімір П. не толькі самавольна падключаўся да электракабелю (для чаго выкарыстоўваў англійскія шпількі), але падключаў і сваіх суседзяў, бо меў спецыяльныя „кіпцюры” і мог залезці на слуп. У выніку сям’я была пазбаўлена права карыстацца электраэнергіяй і аштрафавана на 600 руб.[86].

Пад час баявых дзеянняў на руках у насельніцтва з’явілася пэўная колькасць зброі. Нашэнне зброі мясцовым насельніцтвам (за выключэннем паліцыі) дапускалася толькі ў выключных выпадках і толькі з дазволу гебітскамісара (падстава — распараджэнне А. Розенберга ад 12.06.1942 г. І Г. Лозэ ад 16.10.1942 г.)[87]. Адносна ўсіх астатніх захоўванне зброі грамадзянскім насельніцтвам разглядалася нямецкімі ўладамі як цяжкае злачынства, за што абяцалася жорсткае пакаранне. Тым не менш, мела месца не толькі захоўванне зброі, але і яе выкарыстанне, прычым не толькі для барацьбы з акупантамі. Напрыклад, у верасні 1941 г. камендантам пастарунка паліцыі ў вёсцы Пераброддзе Браслаўскага раёна быў арыштаваны грамадзянін П. Са справаздачы каменданта вынікала, што арыштаваны абвінавачваўся ў страляніне. Каля 24.00 камендант пачуў стрэлы ў суседняй вёсцы, але не рызыкнуў накіравацца туды, і толькі раніцай арыштаваў там П. Пад час допыту высветлілася, што кампанія мужчын пад уздзеяннем спіртных напояў пачала страляніну з вінтоўкі, якая належыла П., зрабіўшы каля 20 стрэлаў. Іншыя арыштаваныя па гэтай справе паказалі, што ў вёсцы ёсць і іншая зброя. П. заявіў, што вінтоўку ён быццам бы знайшоў у лазні, дзе яны гналі самагон[88].

Частка злачынстваў раскрывалася дзякуючы заявам грамадзян. Сярод суседзяў, што доўгі час жылі побач, цяжка было захаваць таямніцу аб чым-небудзь. Грамадзяне маглі бачыць у суседзяў рэчы, нарабаваныя на дзяржаўных складах і ў крамах, свойскую жывёлу, якая раптоўна з’явілася, ці пазнаць свае рэчы, якімі карысталіся іншыя асобы, і паведамлялі пра гэта ў беларускую паліцыю ці нямецкія сілавыя структуры. Падобныя заявы грамадзян сярод комплексу крыніц акупацыйнага перыяду сустракаюцца досыць рэгулярна.

Абвінавачванне ў злачынствах магло служыць сродкам для помсты за крыўды паміж грамадзянамі. У якасці ілюстрацыі можна прывесці шэраг выпадкаў з жыцця жыхароў Барысава. Так, 23.07.1942 г. у паліцыю трапіла заява, падпісаная трыма грамадзянамі, якія даносілі на свайго суседа Браніслава Я. Заяўнікі абвінавачвалі маладога чалавека ў тым, што ён нідзе не працуе, займаецца спекуляцыяй, у выпадку пагрозы адпраўкі ў Нямеччыну абяцаў пайсці ў лес да партызанаў. Таксама ён быццам бы негатыўна характарызаваў акупацыйныя ўлады, казаў, што не будзе працаваць за 250 г. хлеба, бо „гэта не жыццё”. Прыводзіліся прыклады яго выказванняў, якія крытыкавалі новы парадак: „Мой бацька вось знаходзіцца ў заключэнні, высланы пры бальшавіках, і то жыве лепш, чым мы, народ, вызвалены Гітлерам ад бальшавізму (ад Сталіна). Браніслаў кажа, што пры бальшавіках хочаш працуй, хочаш не, хлеба дастаткова было, не тое што цяпер. Нічога не даюць, галодны, а працаваць як раб”. Напрыканцы грамадзяне выказвалі спадзяванне, што ўлады прымуць меры адносна „шкоднікаў”.

Начальнік паліцыі загадаў участковаму правесці дазнанне, у ходзе якога былі дапрошаны асобы, чые подпісы фігуравалі ў даносе, прычым апошнія адмаўлялі сваё аўтарства. У выніку пастанавілі справу спыніць, бо віна Я. не была даказана. Дадзены дакумент цікавы тым, што заяўнікі выкарыстоўвалі ў даносе важкія аргументы, прыводзілі як доказ віны тыповыя для таго часу злачынствы, на якія ўлады павінны былі абавязкова адрэагаваць[89]. 8.08.1941 г. у барысаўскую паліцыю трапіла заява грамадзянкі О., якая абвінавачвала свайго суседа В. у тым, што ён на момант прыходу нямецкіх войскаў адрываў дошкі ад агароджы парку, прычым рабіў гэта насупраць не свайго дома, а яе. На думку грамадзянкі, гэта рабілася свядома, каб навесці на яе падазрэнне ў крадзяжы[90].

Восенню таго ж года ў паліцыю паступіла заява жыхаркі Барысава Г., якая абвінавачвала сваіх суседзяў (дзве сям’і) у тым, што яны разбіралі будынак склада, расцягнулі некалькі кубаметраў дошак і бярвення: „У іх не было ніводнай палкі дроваў, а цяпер ляжыць па некалькі метраў дроваў. Мабыць, яны будуць апраўдвацца тым, што купілі дровы, але гэта няпраўда, мы добра ведаем, што ў іх не было дроваў, а яны цягалі са склада. І прашу праверыць гэтых”[91]. Акрамя банальнай зайздрасці і 88звядзення асабістых рахункаў падобныя даносы можна інтэрпрэтаваць і наступным чынам. У любым грамадстве заўсёды знойдуцца законапаслухмяныя грамадзяне, якія будуць паведамляць уладзе, нават варожай, пра любыя супрацьпраўныя дзеянні.

Такім чынам, пад час нацысцкай акупацыі на Беларусі назіраўся рост злачыннасці, выкліканы ў многім эканамічнымі абставінамі (нездарма сярод злачынстваў лідзіравалі эканамічныя), а таксама цяжкай спадчынай савецкага часу. Парушэнне законаў для пэўнай часткі грамадства было часткай стратэгіі выжывання ў экстрэмальнай сітуацыі. Нямецкія і калабарацыйныя ўлады ўжо з першых месяцаў акупацыі вымушаны былі весці няспынную барацьбу са злачыннасцю, але пагроза пакарання, як правіла, не магла спыніць яе. Часта ў супрацьпраўных дзеяннях былі замешаны супрацоўнікі калабарацыйнай адміністрацыі, прычым відавочная тэндэнцыя, калі іх кіраўніцтва выносіла ім адносна мяккія пакаранні.


[1] Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, ф. 1344, воп. 1, спр. 3,арк. 1.
[2] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2155, воп. 1, спр. 4,арк. 56.
[3] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 5, арк. 168.
[4] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 260, воп. 1, спр.15, арк. 48.
[5] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2848, воп. 1, спр. 167,арк. 1—25.
[6] Тамсама, ф. 2155, воп. 2, спр. 1, арк. 1-176; ф. 2155, воп. 2,спр. 2, арк. 1—43; ф. 2155, воп. 1, спр. 12, арк. 1—40.
[7] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 3, арк. 29-33, 40, 41, 43; ф. 2155,воп. 1, спр. 5, арк. 269, 304, 315, 316, 331, 332, 342-344.
[8] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 9, арк. 3.
[9] Тамсама, ф. 2847, воп. 1, спр. 17, арк. 3.
[10] Тамсама, ф. 2847, воп. 1, спр. 2, арк. 6, 7.
[11] Тамсама, ф. 2848, воп. 1, спр. 59, арк. 44.
[12] Тамсама, ф. 2073, воп. 8, спр. 486, арк. 1.
[13] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 260, воп. 1, спр. 2, арк. 1.
[14] Тамсама, ф. 260, воп. 1, спр. 29, арк. 13.
[15] Тамсама, ф. 259, воп. 1, спр. 40, арк. 20.
[16] Тамсама, ф. 257, воп. 1, спр. 1-679.
[17] Тамсама, ф. 260, воп. 1, спр. 17, арк. 121.
[18] Тамсама, арк. 123.
[19] Тамсама, ф. 260, воп. 1, спр. 29, арк. 67, 68.
[20] Тамсама, ф. 858, воп. 1, спр. 96, арк. 2, 17-20.
[21] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 624, воп. 1, спр. 8, арк. 9.
[22] Тамсама, ф. 1039, воп. 1, спр. 189, арк. 1-163.
[23] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 858, воп. 1, спр. 96,арк. 7.
[24] Тамсама, ф. 260, воп. 1, спр. 17, арк. 47.
[25] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2155, воп. 1, спр. 1,арк. 312-313.
[26] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 5, арк. 244.
[27] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 1, 1А, 2, 4, 5, 8; воп. 2, спр. 1.
[28] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 4, арк. 172.
[29] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 5, арк. 168.
[30] Тамсама, арк. 244.
[31] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 20, арк. 1-20.
[32] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 12, арк. 1-13.
[33] Тамсама, ф. 2088, воп. 1, спр. 25, арк. 15-17.
[34] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 10, арк. 1-5.
[35] Тамсама, ф. 2074, воп. 3, спр. 18, арк. 54.
[36] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 260, воп. 1, спр.52, арк. 25.
[37] Тамсама, ф. 259, воп. 1, спр. 49, арк. 43.
[38] Тамсама.
[39] Тамсама, ф. 1039, воп. 1, спр. 81, арк. 162.
[40] Тамсама, ф. 845, воп. 1, спр. 9, арк. 128.
[41] Тамсама, ф. 845, воп. 1, спр. 9, арк. 127.
[42] Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, ф. 1344, воп. 1, спр. 3,арк. 3.
[43] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2841, воп. 1, спр. 19,арк. 10.
[44] Тамсама, ф.2843, воп.1, спр.19, арк.16.
[45] Тамсама, ф. 2830, воп. 1, спр. 1, арк. 67.
[46] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 20, арк. 2-13.
[47] Тамсама, ф. 2092, воп. 1, спр. 41, арк. 5.
[48] Тамсама, ф. 2830, воп. 1, спр. 1, арк. 9.
[49] Тамсама, ф. 2843, воп.1, спр. 19 арк.1, 2.
[50] Тамсама, ф. 2843, воп.1, спр.17, арк.1.
[51] Тамсама, ф. 2843, воп.1, спр.19, арк.14.
[52] Тамсама, ф. 2074, воп. 2, спр. 2, арк. 52.
[53] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 2, арк.8.
[54] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2074, воп. 3, спр. 18,арк. 23.
[55] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 19-20.
[56] Тамсама, ф. 2116, воп. 1, спр. 1, арк. 241.
[57] К’яры Б. Штодзённасць за лініяй фронту: акупацыя,калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941—1944 г.). Мінск,2005. С. 191-200.
[58] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 3, арк. 24.
[59] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2074, воп. 2, спр. 2,арк. 51.
[60] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 9, арк.2-55, 83.
[61] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2116, воп. 1, спр. 1, арк. 48.
[62] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 624, воп. 1, спр. 8, арк. 289.
[63] Тамсама, ф. 624, воп. 1, спр. 4, арк. 4адв.
[64] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2088, воп. 1, спр. 76,арк. 74.
[65] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 259, воп. 1, спр. 40, арк. 22.
[66] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2091, воп. 1, спр. 6,арк. 1-39.
[67] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 858, воп. 1, спр.104, арк. 3-5.
[68] Тамсама, ф. 858, воп. 1, спр. 44, арк. 39.
[69] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2091, воп. 1, спр. 3,арк. 1-28.
[70] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 260, воп. 1, спр. 60, арк. 32.
[71] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 8.
[72] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 15.
[73] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 23.
[74] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 31.
[75] Тамсама, ф. 2092, воп. 1, спр. 95, арк. 9, 16.
[76] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 3, арк. 75.
[77] Тамсама, ф. 635, воп. 1, спр. 3, арк. 123.
[78] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2091, воп. 1, спр. 9,арк. 1—9.
[79] Тамсама, ф. 2847, воп. 1, спр. 8, арк. 10-12.
[80] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 22, арк. 19-20.
[81] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 6, арк. 16.
[82] Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, ф. 1326, воп. 1, спр.14, арк. 30.
[83] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2088, воп. 1, спр. 62,арк. 8.
[84] Гребень Е.А. Предпринимательская деятельность жителей г. Витебска в период немецкой оккупации (1941—1943 г.) // Vesture: avoti un cilveki. Proceedings of the 17th International Scientific. Readings of the Faculty of Humanities. History XI. Daugavpils: Saule, 2009. С. 108-115.
[85] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 858, воп. 1, спр.97, арк. 7-11.
[86] Тамсама, ф. 858, воп. 1, спр. 2, арк. 49.
[87] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2849, воп. 1, спр. 2,арк. 55.
[88] Тамсама, ф. 2847, воп. 1, спр. 10, арк. 2-9.
[89] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 24,арк. 376-381.
[90] Тамсама, ф. 635, воп. 1, спр. 6, арк. 1.
[91] Тамсама, ф. 635, воп. 1, спр. 6, арк. 76.

Наверх

Томас Бон. Доўгае парыванне са Сталіным, або Дзённік Яфіма Садоўскага

21 чэрвеня, 2009 |


У дзень смерці Сталіна, 5 сакавіка 1953 г., мінская газета „Советская Белоруссия”, орган Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, Вярхоўнага Савета і Савета міністраў БССР, апублікавала паведамленне маскоўскага ўрада. Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і Савет міністраў СССР абвяшчалі, што ў ноч з 1 на 2 сакавіка таварыш Сталін перажыў апаплексічны ўдар і ў бліжэйшы час не зможа прымаць удзелу ў бягучых справах дзяржаўнага кіравання[2]. Гэтае эўфемістычнае паведамленне мусіла прыхаваць сур’ёзнасць становішча і адкласці пошук адказу на пытанне, што ж будзе „пасля”. Уяўленне, што смерць не спынілася і перад такім звышчалавекам, як Сталін, выклікала шок не толькі ў прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, але і ў большай часткі савецкага насельніцтва. Калі „Советская Белоруссия” 6 сакавіка змясціла партрэт Сталіна, які днём таму пайшоў з жыцця, у жалобнай рамцы, гэта было ўсвядомлена пакаленнем, якое вырасла на савецкіх каштоўнасцях і нормах, як надлом, што засланіў досвед Другой сусветнай вайны. Каб даць час перажыць страту індывіда, які быў увасабленнем бацькі для масы яшчэ падуладнага традыцыяналісцкім уяўленням насельніцтва, абвясцілі чатырохдзённую жалобу. Пры гэтым можна расцаніць як палітычны сігнал той факт, што на жалобу па Сталіну было адведзена на адзін дзень меней, чым у свой час па Леніну. Цяпер зусім абгрунтавана загучалі запэўніванні ў адзінстве партыі. Яе адну прызнавалі здольнай весці насельніцтва далей у генеральным накірунку фарсіраванай індустрыялізацыі. Да таго ж пэўнага наследнага прынца Сталін загадзя не вызначыў[3]. Так што гэта адпавядала логіцы рэчаў, калі 7 сакавіка, яшчэ да пахавання былога ўладара, „Советская Белоруссия” ўжо абвясціла новую каманду кіраўнікоў у складзе Георгія Малянкова, Мікіты Хрушчова і Клімента Варашылава, якія ўзначалілі, адпаведна, Савет міністраў, Цэнтральны камітэт КПСС і Вярхоўны Савет[4]. Нарэшце 10 сакавіка „Советская Белоруссия” паведаміла пра змяшчэнне бальзамаванага цела Сталіна ў Маўзалей Леніна на Чырвонай Плошчы ў Маскве. Са спіса аратараў грамадскасць магла бачыць, хто на той момант уваходзіў у лік „уладных людзей”: гэта былі Малянкоў, Лаўрэнцій Берыя (Mіністэрства ўнутраных справаў) і Вячаслаў Молатаў (Міністэрства знешніх справаў)[5]. Што да падзей у самой сталіцы Беларусі Мінску, „Советская Белоруссия” згадвала жалобныя сходы на аўтамабільным заводзе (6 сакавіка), а таксама на Цэнтральнай плошчы (8 і 9 сакавіка). Апоўдні 9 сакавіка перад помнікам Сталіну, як паведамлялі, сабралася больш за 200 тыс. чалавек[6].

Перажыванне жалобы ў Мінску

У тыя драматычныя дні сакавіка 1953 г. мінскі журналіст Яфім Садоўскі ляжаў у шпіталі. Сёння наўрад ці можна сказаць, чаму ён насуперак сваёй звычцы не заносіў у нататнік звестак пра асноўныя падзеі дня: ці гэта было абумоўлена станам яго здароўя, ці ён, яўрэй па нацыянальнасці, трымаўся неабходнай палітычнай засцярогі, бо сучаснікі адчувалі ў студзеньскім „выкрыцці змовы” крамлёўскіх урачоў прыкметы новай хвалі чыстак або антысеміцкай кампаніі. Магчыма таксама, што Садоўскі на той момант наогул не меў з сабою дзённіка. Як бы там ні было, паміж 11 лютага і 11 сакавіка запісаў у ім няма[7]. Першае выказванне наконт згаданых падзей запісанае, што варта ўвагі, на датаваным 7 сакавіка 1953 г. аркушы, які быў укладзены ў нататнік пазней. Паводле яго, Садоўскі пачуў пра хваробу Сталіна яшчэ 3 сакавіка па радыё, і гэтая навіна, па яго словах, ударыла як маланкай, нібыта раптам наступіў холад: „Сэрца забалела, дыханне замёрла”. Размова ішла, урэшце, пра лёс Сталіна, да імя якога далучалі „любімы” і называлі проста па-бацьку „Вісарыёнавіч”, а ў адпаведнасці з культам, што пашырала прапаганда, яшчэ тытулавалі „нашым сонцам” і „нашай надзеяй”. Садоўскі лічыў, што ён адчувае і выказвае калектыўную разгубленасць ва ўсёй краіне: „Усе думкі былі ў Маскве, у Крамлі, ля ложка чалавека, які так шмат зрабіў для кожнага”. Насуперак рэпрэсіям і тэрору кожны асобны чалавек, паводле Садоўскага, быў вельмі абавязаны Сталіну. Таму для Садоўскага, як і для многіх яго суайчыннікаў, адбылося нешта недаступнае розуму, калі прагучала абвестка пра смерць: „Памёр той, хто так патрэбны кожнаму з нас. Немагчыма паверыць. Гэтага не можа быць. Гэта сон. Кашмарны сон. Хутчэй прачнуцца!”[8]. Пераадоленне псіхалагічнай траўмы, вяртанне жыццёвых сілаў і перажыванне жалобы цягнуліся ў выпадку Садоўскага таксама шмат даўжэй, чым рэзананс, які гэтая тэма мела ў друку. Усе далейшыя запісы ў нататніку Садоўскага гучаць у сваёй чуллівасці як афіцыйныя дэкларацыі культу Сталіна. Ці гэта насенне прапаганды ўзышло ў свядомасці Садоўскага? Ці ён папраўдзе верыў у „звышбацьку”? 13 сакавіка, калі перыяд дзяржаўнай жалобы ўжо даўно скончыўся, Садоўскі ўсё яшчэ не мог супакоіцца і прымірыцца з думкай, што Сталіна, „найвялікшага з найвялікшых”, больш няма. Маўляў, ад уяўлення гэтага факта яму робіцца балюча[9]. Нібыта рытм часу дае аблягчэнне, і Садоўскі пачаў 14 сакавіка лічыць дні пасля смерці Сталіна. Цяпер ён, паддаўшыся прыступу сентыментальнасці, шукаў суцяшэння ў гуках дзіцячых песень, прысвечаных Сталіну[10]. Але і праз 20 дзён, 25 сакавіка, не было і знаку паляпшэння яго стану. Дый як тое магло адбыцца? Ён жа цвёрда запомніў, што „новы (савецкі) чалавек” мусіць натхняцца імем Сталіна, калі ён, поўны энтузіязму, пачынае свой працоўны дзень і аддае свае сілы за светлую будучыню, за камунізм[11]. Садоўскаму здавалася, што нават указ аб амністыі ад 28 сакавіка трэба тлумачыць пасмяротнай воляй і мудрым рашэннем Сталіна. Ён амаль элегічна заклікаў: „Вечная памяць яму!” Бо небяспека, што нядаўнія рэпрэсіі разгорнуцца ў новую хвалю тэрору, здавалася на першы час адхіленай[12]. Хаця Садоўскі не каментаваў праведзеную 4 сакавіка рэабілітацыю арыштаваных у студзені крамлёўскіх урачоў, можна меркаваць, што ён вызваліўся ад значнай часткі напружанасці і цяжару, што навісаў над ім. Аднак жа ён анідзе не ставіць пад сумнеў асобу Сталіна. Калі 12 красавіка 1953 г. мінула 40 дзён пасля смерці Сталіна — біблейская лічба, Садоўскі зафіксаваў выхад з пустыні, не маючы, праўда, сілы зірнуць наперад: „Сорак дзён!”[13].

Толькі надыход свята Першамая стаў пераломам у гэтым плане. Хаця 30 красавіка Садоўскі занатаваў, што ані сонца, ані музыка і сцягі не змогуць прагнаць яго клопат, цяпер непазбежнае заняло сваё месца ў свядомасці: „Яго больш няма”. Але, піша Садоўскі, жыццё ідзе далей. І праз справы сваіх паплечнікаў Сталін увойдзе ў вечнасць[14]. Такія дыфірамбы міжволі выклікаюць пытанне: запісы ў дзённіку Садоўскага — выражэнне ўнутранага перажывання праўдзівых пачуццяў або гэта прадбачлівыя фармулёўкі, прызначаныя для магчымых чытачоў з колаў дзяржбяспекі? Па ўсім здаецца, што гэтыя разважанні сапраўды адпавядалі тагачаснаму душэўнаму стану Садоўскага. Нездарма ён амаль двума дзесяцігоддзямі пазней, 11 сакавіка 1972 г., перачытваючы свае нататкі., палічыў слушным дадаць яшчэ адзін радок: „Зразумела, усе сталінскія запісы былі зроблены ў духу 1953 года. Няхай даруе мне Бог”[15]. Гэта чытаецца як позняе ўразуменне чалавекам таго, што ён служыў куміру.

Жыццёвы шлях Яфіма Садоўскага

Кім быў журналіст Садоўскі? Яфім Ільіч Садоўскі нарадзіўся 22 снежня 1907 г. (4 студзеня 1908 г. па новым стылі) у Мінску ў сям’і служачага, які навучаўся хіміі ў Швейцарыі, але мусіў зарабляць на жыццё працаю ў дрэваапрацоўчай прамысловасці. Сваё дзяцінства Яфім правёў ва ўкраінскім горадзе Нікапалі. У 1922 г. сям’я вярнулася ў Мінск. Тут Садоўскі ў 1924-25 г. вучыўся ў сталярнай майстэрні і ў 1926 г. скончыў прафесійна-тэхнічную школу. Пасля наведвання агульнаадукацыйных курсаў ён з 1927 г. цалкам прысвяціў сябе журналістыцы. У 1923-25 г. працаваў для тады яшчэ беларускамоўнай „Савецкай Беларусі”, у 1925-37 г. — для „Рабочего”, а ў 1937-41 г. — зноў для „Советской Белоруссии”, якая стала рускамоўнай. Не атрымаўшы вышэйшай адукацыі, ён дзякуючы савецкай культурнай рэвалюцыі патрапіў у прывілеяваныя шэрагі мінскай інтэлігенцыі. Пры гэтым ён, без сумнення, паводзіў сябе, як таго патрабавала сістэма. Рэпрэсіі ў канцы 1930-х г. не закранулі Садоўскага, верагодна, таму, што ён яшчэ не займаў на той час кіроўных пасадаў. У 1939 г. яго прынялі ў Беларускі саюз пісьменнікаў. У Другую сусветную вайну Садоўскі служыў франтавым карэспандэнтам далёка ад роднага горада, занятага немцамі. У гэты час яго бацькі загінулі ў мінскім гета. Адразу пасля заканчэння вайны Садоўскі вярнуўся ў сталіцу Беларусі. У 1946 г. ён стаў членам Камуністычнай партыі БССР. Садоўскага прызначылі кіраўніком аддзела інфармацыі „Советской Белоруссии”. З 1963 г. ён выконваў толькі абавязкі літаратурнага супрацоўніка. Увогуле пасля Другой сусветнай вайны ён займаў аўтарытэтную пазіцыю ў сферы беларускіх масмедыя, ніколі не трапляючы ў цэнтр улады. Як кавалер ордэнаў Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР ён атрымаў персанальную пенсію, калі ў 1970 г. пайшоў на адпачынак.

Побач са сваёй журналісцкай працай Садоўскі ніколі не кідаў і актыўнай літаратурнай дзейнасці. Пры гэтым ён пісаў ці не выключна на рускай мове. У 1927 г. убачыў свет зборнік вершаў „Полустанок”. Потым выходзілі зборнікі апавяданняў „Скрыпка і ордэн” (1935), „Я вижу” (1939), „Ясные дали” (1951), „Жизни и судьбы” (1962). У 1957 г. ён выдаў зборнік „Маякоўскі ў Беларусі”. Побач з гэтым былі апублікаваны нарысы на краязнаўчыя тэмы: „Гістарычныя помнікі Беларусі” (1958), „Их именами названы улицы Минска” (1965), „Люди и подвиг” (1965), „Герои не умирают” (1967) і „По историко-революционным местам Минска” (1981). У апошнія гады жыцця з’явіліся яшчэ зборнік вершаў „Ожерелье” (1991) і зборнік апавяданняў „Отвергнутая любовь” (1991). 13 верасня 1993 г. Яфім Садоўскі памёр ва ўзросце 85 гадоў[16].

Дзённік Яфіма Садоўскага

Садоўскі пастаянна вёў свой дзённік пад назвамі „Запісная кніжка журналіста”, „Крокі майго часу” і „Думкі ўслых” на працягу 1947-76 г. Хаця поўны аб’ём дзённіка каля 100 сшыткаў, вартасць яго як дакумента эпохі нязначная. Чаканага адлюстравання часу тут не знаходзім. Гэта хутчэй нататкі мімаходзь, чым сістэматычныя дзённікавыя запісы. Чытач мала даведаецца пра жыццё ў пасляваенным Мінску ці пра ўспрыманне ў Беларусі палітычнага курсу, вызначанага ў Маскве. Найбольш інфармацыйныя выпадковыя разважанні Садоўскага пра сваё юнацтва і прастаўленне да рана памерлага бацькі. Астатняе — хроніка афіцыйных падзей кшталту згадак дзяржаўных святаў і фіксацыі сустрэч у Доме пісьменнікаў. Захапляльнымі аказваюцца каментары да юбілеяў асобаў, якія мелі вызначальны ўплыў на Садоўскага. Тут трэба назваць, па-першае, паэта Маякоўскага, які імкнуўся сілаю свайго слова стварыць свядомасць, здольную да ўспрымання новага свету, і сумна скончыў сваё жыццё, а па-другое, палітычнага ўладара Сталіна, які наважваўся напружаннем сваёй волі радыкальна перайначыць усю сацыяльна-эканамічную сістэму. Як бы там ні было, Садоўскі лічыў свае паперы настолькі важнымі, што пасля заканчэння актыўнай прафесійнай дзейнасці ён асабіста перадаў іх цягам 1975 і 1976 г. Беларускаму дзяржаўнаму архіву літаратуры і мастацтва[17].

Дэсталінізацыя ў адлюстраванні „Советской Белоруссии”

Што ж кажуць дзённікі далей адносна Сталіна? Як Садоўскі рэагаваў на пачатую пры Хрушчове дэсталінізацыю? Калі і якім чынам ён нарэшце пазбавіўся залежнасці ад свайго „звышбацькі”? Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба спачатку прыгадаць, як разгортваліся падзеі. Дакладна вядома, што афіцыйна дыскусія адносна Сталіна распачалася толькі пасля ХХ з’езда партыі ў 1956 г., нават калі Хрушчоў яшчэ ў ліпені 1953 г. на пленуме Цэнтральнага камітэта КПСС адмежаваўся ад так званага „культу асобы” і, пазбавіўшы паўнамоцтваў міністра ўнутраных справаў і першага намесніка старшыні Савета міністраў Лаўрэнція Берыю, выставіў яго ахвярным казлом, адказным за масавыя злачынствы сталінскай эпохі[18]. На гэтым фоне „Советская Белоруссия” ў першую гадавіну смерці Сталіна (5 сакавіка 1954 г.) яшчэ раз змясціла партрэт апошняга і тут жа пад буйным загалоўкам „Партыя вядзе нас наперад” аддала даніну памяці „вернаму вучню і паплечніку геніяльнага Леніна, вялікаму прадаўжальніку яго справы”. Зважаючы на дасягненні Сталіна ў індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі, культурнай рэвалюцыі і ў пераможным заканчэнні вайны, яму прыпісваліся „кіпучая энергія”, „магутны геній”, „нязломная воля” і „каласальны вопыт”. У звязку з артыкулам згадваліся памятныя мерапрыемствы на розных прадпрыемствах Мінска[19]. Рытуал паўтарыўся ў другую гадавіну смерці Сталіна (5 сакавіка 1955 г.), калі „Советская Белоруссия” апошні раз ушанавала яго памяць. У перадавым артыкуле з шматзначнай назвай „Камуністычная партыя — Вялікі Рулявы Савецкага народа” шляхам свядомага адмаўлення ідэі дыктатарскіх паўнамоцтваў адзінай асобы „мудрым правадыром” згуртаванага ў вайне „гераічнага савецкага народа” прызнавалася Камуністычная партыя, прадстаўленая сваім Цэнтральным камітэтам. Аднак жа яшчэ раз было аддадзена належнае „вялікаму Сталіну” — „вучню і прадаўжальніку справы” Леніна. Яго заслугай, як пісалася ў артыкуле, быў разгром „трацкістаў, бухарынцаў, буржуазных нацыяналістаў і ўсіх ворагаў народа”. Вось жа, адхіленні ад генеральнай лініі партыі па-ранейшаму не дапускаліся. Такі ж зарад несла і абвешчаная праграма культурных мерапрыемстваў, прысвечаных Сталіну: агітатараў заклікалі весці размовы на прадпрыемствах, прапагандуючы пры гэтым пабудову камунізму і ўздым народнай гаспадаркі. Апрача таго, трэба было яшчэ раз даць людзям усвядоміць значэнне Сталіна, выставіўшы ў музеях адмысловыя экспанаты і ў Дзяржаўнай бібліятэцы — поўны збор яго твораў[20].

Калі ж урэшце 14 лютага 1956 г. распачаўся ХХ з’езд партыі, вялікае сімвалічнае ўздзеянне мела ўжо тое, што ў пленарнай зале не было выявы Сталіна. Але ў сваім справаздачным дакладзе старшыня Цэнтральнага камітэта КПСС Хрушчоў адно коратка згадаў адыход ад „культу асобы”, створанага вакол Сталіна[21]. І толькі на закрытым пасяджэнні 25 лютага ён звязаў самавольства, з якім мноства сяброў партыі патраплялі пад рэпрэсіі, з дзеяннямі Сталіна, не ставячы, зрэшты, пад сумнеў сам рэжым[22]. Афіцыйнага абвяшчэння папраўкі курсу, зробленай Цэнтральным камітэтам, яшчэ не прагучала, таму рэдактарам „Советской Белоруссии”, бадай, вельмі пашанцавала, што трэцяя гадавіна смерці Сталіна 5 сакавіка 1956 г. выпала на панядзелак — дзень, калі іх газета не выходзіла. Так удалося практычна абысціся без таго, каб згадваць Сталіна[23]. Толькі рэзалюцыя Цэнтральнага камітэта ад 30 чэрвеня 1956 г. „Аб пераадоленні культу асобы і яго наступстваў” вызначыла лінію, якой трэба было прытрымлівацца. Ад гэтага моманту паратункам мусіла стаць вяртанне да запаветаў Леніна ды захаванне прынцыпу „калектыўнага кіраўніцтва”[24]. Адпаведна праз год, 5 сакавіка 1957 г., „Советская Белоруссия” ані слоўца больш не кінула пра гадавіну смерці Сталіна[25]. З таго часу Сталін стаў „нікім”, пра якога больш не згадвалі ў публіцыстыцы. Толькі пасля XXII з’езда партыі (17-31 кастрычніка 1961 г.), у выніку якога бальзамаванае цела Сталіна вынеслі з маўзалея Леніна і пахавалі каля Крамлёўскай сцяны, у „Советской Белоруссии” зноў з’явіліся навіны. 3 лістапада 1961 г. было надрукавана кароткае і трохі сарамліва змешчанае пад рубрыкай „Хроніка” паведамленне беларускага агенцтва навін БЕЛТА. Паводле яго, 2 лістапада прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР на падставе шматлікіх прапановаў працоўных і заяваў грамадскіх арганізацый пастанавіў перайменаваць Сталінскі раён горада Мінска ў Завадскі раён. Адначасова, напісана далей, выканаўчы камітэт Мінскага гарадскога савета вырашыў перайменаваць Сталінскі праспект у Ленінскі праспект. У той жа час так і не быў апублікаваны эскіз помніка Сталіну, які планавалі пабудаваць на Цэнтральнай плошчы Мінска. Партыя не выказвала зацікаўленасці ў аналізе свайго мінулага. Замест гэтага напрыканцы падзей дня змяшчаўся прагноз надвор’я[26].

Яфім Садоўскі: вызваленне ад Сталіна

У перыяд дэсталінізацыі Садоўскі не казаў ніводнага слова пра свайго куміра. Толькі калі хвалі абурэння ўлягліся і палітычная „адліга” (Ілья Эрэнбург) пачала саступаць новым маразам, яго кароткія развагі пра Сталіна ўзнавіліся. Мажліва, у час адбудовы сталіцы да канца 1950-х г. ён быў дужа загружаны сваёй журналісцкай работай. Прынамсі, павелічэнне актыўнасці яго літаратурных праяваў у 1960-я г. сведчыць, што ён толькі патрохі пачаў зноў знаходзіць час для іншых рэчаў. У адпаведнасці з магіяй лічбаў якраз 10-я гадавіна смерці Сталіна натхніла Садоўскага зрабіць наступны запіс 5 сакавіка 1963 г. Гэта было нешта накшталт асабістага рэзюме палітыкі Хрушчова, якое, урэшце, зноў звялося да вызнання вернасці Сталіну. Абмяжоўваючы грэхападзенне Сталіна 1937 годам, Садоўскі трымаўся афіцыйнай версіі, паводле якой рэпрэсіі ды тэрор былі звязаныя выключна з унутрыпартыйнымі „чысткамі”. Нават не маючы мажлівасці прызнаць Сталіна невінаватым, Садоўскі, аднак жа, як і раней, патэтычна пярэчыў: „Усё ж ён вялікі. Вялікі!”[27]. Відавочна, што за дзесяць гадоў Садоўскі не здолеў пазбавіцца залежнасці ад „культу асобы”. Таму і ставіць пад сумнеў сталінізм як сістэму яму нават у галаву не прыходзіла.

Пазней, з 1968 да 1975 г., Садоўскі ў гадавіны смерці Сталіна зноў рэгулярна выказваўся ў сваім дзённіку на гэтую тэму. То былі гады эпохі Брэжнева, калі неасталінізм паступова ўбіраўся ў сілу ў сферах унутранай і культурнай палітыкі, перш чым у другой палове 1970-х г. „застой” зрабіўся відавочным таксама ў эканамічнай і сацыяльнай палітыцы. Пасля таго, як ідэя сацыялізму страціла здольнасць выклікаць энтузіязм, дзеля стварэння новай інтэграцыйнай ідэалогіі запатрабаванымі сталі грамадская згода адносна непрыняцця фашызму і міф Другой сусветнай вайны. У гэтым кантэксце не дзіўна, што 4 сакавіка 1968 г. Садоўскі зноў прыгадаў Сталіна. Паводле Садоўскага, жывучай аказалася толькі частка міфа Сталіна: „Кажучы ўвогуле, яго прызнаюць геніяльным палкаводцам”. Не зважаючы на той факт, што Хрушчоў яшчэ ў сваёй сакрэтнай прамове ўнёс яснасць у гэтым аспекце, мінскія згуртаванні ветэранаў і партызанаў, па ўсім відаць, усё яшчэ адчувалі сябе абавязанымі свайму колішняму генералісімусу. Садоўскі зазначае: „Пра яго мала пішуць, толькі ў мемуарах вайскоўцаў”[28]. У гэтым выказванні праяўляецца змена ў вобразе Сталіна, што склаўся ў Садоўскага. Замест асабістай пашаны ён перадаў толькі павагу, адчуваную іншымі. Пасля ў дзённіку Садоўскага сустракаюцца адно рэмінісцэнцыі, што сведчаць пра расплывісты досвед, які, здаецца, мае ўжо няшмат дачынення да штодзённай рэальнасці.

Традыцыйным зачынам Даўным-даўно!” Садоўскі пачаў 28 чэрвеня 1969 г. казачны аповед: „Калісьці, да 1953 года, не было аніводнага дня, каб па радыё не прагучала імені Сталіна, каб па тэлебачанні не паказвалі яго партрэта”. Зусім пакінуўшы ўбаку тое, што за праекцыяй уяўных акалічнасцяў у мінулае — тэлевізары распаўсюдзіліся ў БССР толькі пасля 1956 г. — хаваецца, хутчэй, канстатацыя недахопаў у сучаснасці; у гэтым адлюстроўваецца ўразуменне Садоўскім сваёй прыналежнасці да пакалення, не здольнага больш даць жыццю ніякіх новых імпульсаў, бо яго досвед незапатрабаваны. Паводле Садоўскага, не адны дзеці, але і маладыя дарослыя рэагуюць на рэдкую магчымасць пабачыць выяву Сталіна нязграбным пытаннем: „Хто гэты вусаты!”. Паставіўшы пасля гэтага пытання клічнік, Садоўскі падкрэсліў незразумеласць для сябе сітуацыі. Але той факт, што ён наогул браў пад увагу метанімічнае азначэнне „вусаты” для звышчалавека Сталіна, дае, прынамсі, адчуць, што ён намагаўся стаць на месца маладога пакалення, не выказваючы абурэння[29].

3 5 сакавіка 1971 г. у дзённіку Садоўскага ў дні смерці Сталіна можна знайсці толькі каляндарныя паметы, якія пазначаюць колькасць прамінулых гадоў, але, гледзячы ў цэлым, сведчаць таксама і пра ўсё большае адасабленне. Праз „18 гадоў” пасля смерці Сталіна Садоўскі яшчэ раз прыгадаў вясновыя дні 1953 г. У памяці той надлом, што ўтварыла ў яго свядомасці перажыванне шоку, быў такі глыбокі, што ён толькі намякнуў на спрыяльныя ўмовы прыроднага клімату, не згадваючы, аднак, станоўчых уплываў „адлігі” ў галіне ўнутранай палітыкі і культуры. Замест гэтага Садоўскі адно рэтраспектыўна зафіксаваў пачатак „ледавіковага” перыяду, звязанага з уласным здранцвеннем. Па ўсім відаць, досвед эпохі Хрушчова не змог засланіць у галаве Садоўскага перажытага за Сталіным. Выключна ў галашэннях Садоўскага наконт дня сённяшняга адбылася дзіўная перамена, бо Сталін паўстае ў ролі звычайнага смяротнага: „Жыццё брала і бярэ сваё. Віват жыццю!”. На гэтым месцы Садоўскі зрабіў важны крок, пачаўшы разлічваць на будучыню, якой стваральнік кшталту Сталіна больш не патрэбны[30].

У выніку праз „19 гадоў” пасля смерці Сталіна ён проста і сціпла канстатаваў той факт, што апошні знік з грамадскай свядомасці і, такім чынам, больш не існуе[31]. Праз „20 гадоў” Садоўскі паспрабаваў з дапамогай біблейскай сентэнцыі выказацца па сутнасці дыскусіі, якая да таго моманту так і не набыла адкрытага характару: „Аддайце кесару кесарава”. Паводле яго меркавання, тое „добрае”, што зрабіў Сталін, было гэтаксама належным чынам ацэнена, як і тое „благое”, што ён зрабіў. І ўсё-такі Садоўскі хацеў устрымацца ад канчатковага рашэння. Лічачы часавую дыстанцыю яшчэ занадта кароткай, ён пакідаў гэтую задачу наступным пакаленням: „Але гісторыя сама яшчэ скажа пра яго сваё слова”[32]. Праз „21 год” пас ля смерці Сталіна Садоўскі без ілюзій патлумачыў тое, што моладзь не мае ведаў пра Сталіна і не адбываецца гістарычнага даследавання яго эпохі: „Вось дык лёс славы”. У гэтым гучыць не толькі тэма адзіноты „вялікага чалавека” ў гісторыі, але, відавочна, і патрэба Садоўскага зарыентавацца ў сучаснасці[33]. А праз „22 гады” пасля смерці Сталіна Садоўскі нарэшце змог паглядзець зверху на фігуру свайго „звышбацькі”, сцвярджаючы: „Ён баяўся, што без яго мы акажамся сляпымі кацянятамі. І дарма, бо жыццё абвергла гэта”[34]. Іншымі словамі, Садоўскі прыйшоў да разумення таго, што ён быў „павязаны” інтэлектуальнымі і псіхічнымі структурамі, якія доўгі час заміналі яму ісці далей сваім шляхам як самастойнаму чалавеку.

Спатрэбілася ў цэлым два дзесяцігоддзі, каб Садоўскі вызваліўся ад залежнасці ад „культу асобы” сталінскіх часоў. Зрабіўшы гэты крок, ён насмеліўся перадаць свае запісныя кніжкі ў архіў. Далейшы аналіз сваёй мінуўшчыны здаваўся яму больш непатрэбным. Цяпер ён разглядаў свае паперы выключна як дакумент эпохі, што можа паслужыць крыніцай будучым даследчыкам. Дзённік Садоўскага канчаецца 1976 г. Як відаць, ён не хацеў нічога больш раскрываць грамадскасці. Ды і што яму было яшчэ расказваць? Запіс у дзённіку ад 5 сакавіка 1976 г. нібыта пазначыў завяршэнне цыкла яго жыцця: пад уражаннем сустрэчы ў Саюзе пісьменнікаў напярэдадні ён спачатку зафіксаваў, па сутнасці, нязначны факт, што пісьменнік Максім Танк намысліў падарожжа ў Японію. Тут яму раптам успомнілася сустрэча з яго ўнучкай Юляй, якая заспела яго знянацку і адначасова пацешыла наіўным дзіцячым пытаннем: Дзед, а ці руская царыца таксама святкавала Восьмага сакавіка… [35].

Ці ведаў Садоўскі, як апошняя царыца з роду Раманавых праводзіла сацыялістычны Дзень жанчын, застаецца невядомым, бо замест таго, каб перадаць свой адказ, ён звёў увесь каментар да трох шматзначных кропачак. Яму стала ясна, што пакаленне яго ўнукаў задае гісторыі зусім іншыя пытанні, чым ён сам. Сталін не быў згаданы ніводным словам.

Яфім Садоўскі „гома саветыкус”

У другой палове 1990-х г. „дзённікі са сталінскіх часоў” прыцягнулі агульную цікавасць спецыялістаў-даследчыкаў[36]. З аднаго боку, фантазію чытачоў распальвае чаканне шчаслівага выпадку змерыць сябе надзеямі і расчараваннямі людзей, якія жылі ў іншы час і ў іншым атачэнні ў экстрэмальных умовах. З другога боку, навуковая інтэрпрэтацыя скіраваная на высвятленне нормаў паводзінаў ды ўзораў ідэнтыфікацыі пакалення, якое сфармавалася пад уплывам сталінізму. З дапамогай пісьмовых сведчанняў надта цяжка рабіць сцвярджэнні пра структуру асобы або пра суадносіны індывідуальна-псіхалагічнага планавання жыцця і сітуацый сацыяльнага прымусу. Ва ўсякім выпадку, можна прыцягнуць шаблоны для праверкі, ці ўкладваецца наяўнае ў пэўную схему і ці можна атрымаць на падставе гэтага тлумачэнне гістарычнае, якое выходзіць за межы адзінкавага выпадку.

Што ж за чалавек паўстае перад намі са старонак дзённіка Яфіма Садоўскага? Погляд назад на яго біяграфію паказвае, што ён уступіў у прафесійнае жыццё ў сярэдзіне 1920-х г., у перыяд „новай эканамічнай палітыкі”, што ўмоўна арыентавалася на рынкавыя механізмы, і дзякуючы савецкай кампаніі па пашырэнні адукаванасці заняў пазіцыю, якая дазволіла яму ў канцы 20-х – пачатку 30-х г. адсочваць прымусовую калектывізацыю сельскай гаспадаркі і фарсіраваную індустрыялізацыю краіны з пункту гледжання журналісцкай браціі. Насуперак свайму непралетарскаму паходжанню яму пашчасціла ў 1937 г., годзе тэрору, дасягнуць адной з пасад, што вызвалілася ў афіцыйна-ўрадавай „Советской Белоруссии”. І насуперак сваёй яўрэйскай нацыянальнасці ён і ў пасляваенны час працягваў рухацца ўверх па кар’ернай лесвіцы. Вось жа, нам варта разглядаць яго як прадстаўніка таго пакалення, для якога, прынамсі, на пэўны час спраўдзілася мара пра „новага чалавека”. Гэтае пакаленне было роўным чынам прасякнутае патэрналізмам і эгалітарызмам. Равеснікі Садоўскага адмаўляліся ад прыватнай сферы, якой іх пазбавіў недахоп жыллёвай плошчы ды калектыўная арганізацыя працы, мірыліся з дэфіцытам усіх рэчаў штодзённага ўжытку, абумоўленым занядбанасцю прамысловасці спажывецкіх тавараў, і ўладкоўваліся ў мілітарызаваным грамадстве з яго каманднай сістэмай. Для гэтага пакалення, што прайшло праз усе віры жыцця, Сталін увасабляў захаванне доўгачаканага „спакою ды парадку” і забеспячэнне якой бы там ні было „камуністычнай маралі”. З прычыны таго, што Сталіну ўсміхнулася ваеннае шчасце, ён быў для тых, каму давялося перажыць нацыянальную трагедыю, найсвяцейшай, недатыкальнай асобай. Хрушчоў жа, хоць і намагаўся аднавіць ленінізм, але ў духоўным плане не мог даць гэтым людзям ніякага апірышча. Наадварот: равеснікі Садоўскага мусілі сузіраць, як паступовае ўзрастанне ўзроўню жыцця пасляваеннага пакалення да зноснага становішча суправаджалася стратай веры ва утопію і як у грамадскім дагаворы шансам індывіда на самарэалізацыю надавалася ўсё большае значэнне. Таму рахункі са Сталіным былі для пакалення Садоўскага балючым працэсам, тым больш што размова ішла, у першую чаргу, пра выцясненне і ў меншай ступені пра разбор калектыўнай віны. Яны мусілі б пачаць сваю споведзь за грахі ўсяго жыцця з замоўчвання масавых злачынстваў ды згадаць пра сваю ўлучанасць у сістэму тэрору і гвалту. На фоне сказанага не так важна, ці быў журналіст Садоўскі эстэтам-канфармістам або лаяльным саўдзельнікам. У працэсе культуралістычнага пералому задачай гісторыкаў павінна быць, хутчэй, даследаванне сутнасці феномена „гома саветыкуса” ў цэлым, наглядная дэманстрацыя яго абмежаванай здольнасці да крытычнай ацэнкі, а таксама даступнае тлумачэнне адсутнасці ў яго індывідуалізму. „Савецкіх людзей” яшчэ можна сустрэць, выправіўшыся ў палявыя даследаванні.

Пераклад Сяргея Паўлавіцкага


* Feierte die russische Zarin den sozialistischen Frauentag? Efm Sadovskijs lange Abnabelung von Stalin // Kollektivität und Individualität. Der Mensch im östlichen Europa. Festschrift für Prof. Dr. Norbert Angermann zum 65. Geburtstag. Hrsg. v. Karsten Brüggemann, Thomas M. Bohn, Konrad Maier. Hamburg, 2001. S. 341-354.
[2] Советская Белоруссия. 5.03.1953. № 54. С. 1.
[3] Советская Белоруссия. 6.03.1953. № 55. С. 1.
[4] Советская Белоруссия. 7.03.1953. № 56. С. 1.
[5] Советская Белоруссия. 10.03.1953. № 59. С. 1.
[6] Советская Белоруссия. 7.03.1953. № 56. С. 3/3; 9.03.1953. № 58.С. 2; 10.03.1953. № 59. С. 3.
[7] Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей БДАМЛіМ). Мінск. Ф. 92: Ефим Ильич Садовский, воп. 1, спр. 251, арк. 97, арк. 97адв.
[8] Тамсама. Арк. 99.
[9] Тамсама. Арк. 97 адв.
[10] Тамсама. Арк. 101.
[11] Тамсама. Арк. 101 адв.
[12] Тамсама. Арк. 102.
[13] Тамсама. Арк. 103.
[14] Тамсама. Спр. 252, арк. 1 адв.
[15] Тамсама. Спр. 251, арк. 98.
[16] Гарэлік Л.М., Смольская В.У. Яфім Садоўскі // Беларускія пісьменнікі. Бібліяграфічны слоўнік / пад рэд. А.В. Мальдзіса. Т. 5. Мінск, 1995. С. 220-229.
[17] БДАМЛіМ. Ф. 92, воп. 1, спр. 249-292.
[18] Der Fall Berija. Protokoll einer Abrechnung. Das Plenum des ZKder KPdSU Juli 1953. Stenographischer Bericht, hrsg. v. ViktorKnoll u. Lothar Kölm. 2. Aufl. Berlin, 1999. S. 327-341.
[19] Советская Белоруссия. 5.03.1954. № 54. С. 1.
[20] Советская Белоруссия. 5.03.1955. № 54. С. 1.
[21] Rechenschaftsbericht des Zentralkomitees der KPdSU an denXX. Parteitag. Referat vom Genossen N.S. Chruschtschow, demErsten Sekretär des ZK der KPdSU, gehalten am 14. Februar1956. Berlin, 1956. S. 133.
[22] Über den Personenkult und seine Folgen. Rede N.S. Chruschtschowsin der internationalen Sitzung des XX. Parteitages der KPdSU,25. Februar 1956 // SED und Stalinismus. Dokumente aus demJahre 1956. Berlin, 1990. S.8-68, асабліва S. 21-22.
[23] Параўн.: Советская Белоруссия. 4.03.1956. № 54; 6.03.1956.№55.
[24] Über die Überwindung des Personenkults und seine Folgen. Beschluß des Zentralkomitees der KPdSU vom 30. Juni 1956 //SED und Stalinismus. S. 69-90.
[25] Параўн.: Советская Белоруссия. 5.03.1957. № 54.
[26] Советская Белоруссия. 3.11.1961. № 260. С. 4.
[27] БДАМЛіМ. Ф. 92, воп. 1, спр. 256, арк. 256.
[28] Тамсама. Спр. 276, арк. 66-67.
[29] Тамсама. Спр. 282, арк. 22.
[30] Тамсама. Спр. 286, арк. 30адв.
[31] Тамсама. Спр. 288, арк. 55.
[32] Тамсама. Спр. 289, арк. 99.
[33] Тамсама. Спр. 290, арк. 86.
[34] Тамсама. Спр. 291, арк. 67.
[35] Тамсама. Спр. 292, арк. 37.
[36] Напр., Tagebuch aus Moskau 1931—1939. Aus dem Russischen übersetzt und hrsg. v. Jochen Hellbeck. München, 1996; Das wahre Leben. Tagebücher aus der Stalin-Zeit. Hrsg. v. Véronique Garros, Natalija Korenewskaja, Thomas Lahusen. Berlin, 1998.

Наверх

Вячаслаў Афанасьеў. Кандыд (да біяграфіі Міхаіла Зялёнкі)

20 чэрвеня, 2009 |


Калі мы ўважліва прачытаем лісты Тараса Шаўчэнкі, якія ён паслаў з Новапятроўскага ўмацавання (Мангышлак. — В.А.) у Арэнбург, то амаль у кожным з іх заўважым сардэчныя, кранальныя прывітанні і пацалункі „бацьку прэфекту”. З пэўных меркаванняў гнаны кабзар не назваў імя гэтага чалавека. І мы, верагодна, ніколі б не даведаліся пра яго, калі б у 1899 г. у часопісе „Киевская старина” не з’явіліся б мемуары Ф. М. Лазарэўскага пад назвай „З успамінаў пра Шаўчэнку”, дзе, у прыватнасці, ён піша: „У маю адсутнасць Шаўчэнка зблізіўся з палякамі, якіх пад час мікалаеўскага царавання была цэлая калонія. Бліжэй за ўсіх, відаць што, ён быў да Залескага, Серакоўскага, Турно, Зялёнкі і Аркадзя Венгжыгоўскага. Апошні з іх служыў у Памежнай камісіі; чалавек незвычайна вёрткі і пранырлівы, ён першы дазнаваўся аб прыбыцці новых сасланых палякаў і адразу ж уводзіў іх у свой гурток. Міхаіл Зялёнка, дамініканскі манах, які быў у 30-я г. прэфектам гімназіі ў Літве, сасланы ў Арэнбург у 1834 г. і стаў там капеланам Арэнбургскага кадэцкага корпуса. Палякі не пераставалі зваць яго прэфектам. Менавіта гэтыя два верхаводы, Венгжыгоўскі і Зялёнка, напаўнялі цэнтр польскага насельніцтва ў краі найлепшымі прадстаўнікамі з сасланых у 30-я г. палякаў”[1].

Ілюстрацыяй да прыведзеных звестак можа служыць малюнак Аляксея Чарнышова „Шаўчэнка сярод сяброў у Арэнбургу”, зроблены ў момант адной з сустрэч. Тут злева направа мы бачым: Браніслава Залескага, Юльяна Кавальскага, Аляксандра Чарнышова (брата мастака), Тамаша Вернера, Яўстафія Серадніцкага, Людвіка Турно, Аляксандра Попеля, Станіслава Дамарацкага, Людвіка Ліпскага, Тараса Шаўчэнку і Бальтазара Калясінскага[2]. Праўда, сярод іх мы не бачым Міхаіла Зялёнкі. Відаць, у гэты момант яго не было ў казарме. Аднак пра яго ў Арэнбургскім архіве захавалася справа пад назвай „Аб прысланні на жыхарства ў Арэнбург прэфекта былой Гарадзенскай гімназіі ксяндза Зялёнкі і аб прызначэнні яго каталіцкім святаром у Арэнбургскі корпус”, якая ахоплівае дваццацісямігадовы перыяд знаходжання яго ў стэпавым краі[3].

3 яе вынікае, што Міхаіл Зялёнка нарадзіўся ў 1797 г. і паходзіць з дваран Віленскай губерні Троцкага ўезда. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Ковенскім і Мярэцкім павятовых вучылішчах, а ў 18 гадоў, г.зн. у 1815 г., прыняў абет манаства ў Тапорцкім манастыры дамініканскага ордэна. Скончыўшы ў дамініканцаў вышэйшы семінарскі курс са ступенню доктара багаслоўя, Міхаіл Зялёнка потым прайшоў яшчэ поўны курс на этыка-філалагічным факультэце Віленскага універсітэта і восенню 1819 г. быў прызначаны настаўнікам польскага красамоўства і лацінскай мовы ў Нясвіжскае павятовае вучылішча, дзе заставаўся да восені 1825 г., выкладаючы гісторыю і лацінскую мову. Варта адзначыць, што ў 1823 г. ён быў пасвечаны ў святары, прыняўшы ў манастве імя Кандыд.

У канцы 1825 г. Міхаіл Зялёнка быў пераведзены ў Гарадзенскую дамініканскую гімназію, дзе спачатку ў званні старшага настаўніка тры гады выкладаў красамоўства, логіку і лацінскую мову, а потым больш за пяць гадоў кіраваў гэтай навучальнай установай на пасадзе наглядчыка[4]. Неабходна зазначыць, што яго імя значыцца і сярод заснавальнікаў публічнай бібліятэкі ў Горадні, паседжанне якіх прайшло З верасня 1830 г.

Рэвалюцыйныя падзеі 1830-1832 г. закранулі і Міхаіла Зялёнку. Пасля разгрому паўстання яго абвінавачвалі ў тым, што ён, святар, заступіўся за сваіх вучняў, якія апынуліся пад следствам па палітычных справах. Яго выслалі з родных мясцін у далёкі Арэнбургскі край, а гімназію зачынілі. Пра гэта сведчыць яго асабовая справа, дзе Гарадзенская гімназія значыцца „былой”[5].

Выбіты са звыклага ладу жыцця, Міхаіл Зялёнка не згубіўся, а знайшоў у сабе дастаткова сілаў і энергіі, каб паклапаціцца пра іншых сасланых — таварышаў па барацьбе, а таксама беднякоў, якім была неабходна яго дапамога і суцяшэнне. Сам жа ён жыў на той час прыватнымі ўрокамі і выпадковымі заробкамі. Праз два гады яму была дадзена магчымасць пераехаць бліжэй да родных мясцін, але ён „не выказаў згоды”, інакш кажучы — адмовіўся. Знаходзячыся афіцыйна не пры справе, ён адчуваў, што неабходны людзям, адарваным ад айчыны, і не мог з імі развітацца.

Толькі праз некалькі гадоў, у 1839 г., дзякуючы хадайніцтву кіраўніка Арэнбургскага краю В. А. Пяроўскага, Міхаіл Зялёнка быў прызначаны святаром рымска-каталіцкага веравызнання пры асобным Арэнбургскім корпусе. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам у Арэнбургу пачалося і паспяхова закончылася будаўніцтва касцёла[7]. Праз дзесяткі гадоў газета „Арэнбургскі лісток” (1889.16 красавіка. —В.А.) змясціла на сваіх старонках апісанне гэтага аб’екта: „Будынак касцёла — каменны, чатырохкутны, прадаўгаваты і даволі высокі, з жалезным двухсхільным дахам. Алтарная частка будынка паўкруглая, з такім самым дахам. Вокны вузкія і высокія. Верх будынка звонку ўпрыгожаны толькі званіцай, пабудаванай над яго пярэдняй часткай, нізкай і чатырохвугольнай з паўплоскім трохсхільным дахам. Крыжы на будынку два, з якіх адзін над алтаром, а другі — над званіцай”[8].

Варта сказаць, што арэнбургскі пісьменнік і краязнаўца Леанід Бальшакоў у канцы 60-х г. мінулага стагоддзя распачаў пошукі гэтага касцёла і знайшоў яго рэшткі, якія цяпер служаць сценамі арэнбургскай абутковай фабрыкі[9]. Менавіта з таго часу, як М. Зялёнка стаў святаром, кола яго дзейнасці значна пашырылася, бо войскі Арэнбургскага корпуса былі размешчаны на вялізнай прасторы: ад Волгі і Камы да берагоў Сыр-Дар’і і ад мяжы Сібіры амаль да мяжы Персіі. Верны самому сабе, Міхаіл Зялёнка паўсюдна стараўся зрабіць людзям дабро, не звяртаючы ўвагі на іх веравызнанне. Раніцай і ўвечары дзверы яго сціплага жытла былі адчынены для кожнага, хто толькі хацеў звярнуцца да яго па дапамогу або абарону. Зранку да вечара, у любое надвор’е, хадзіў ён па горадзе, клапоцячыся пра іншых, з’яўляючыся туды, куды прыводзіў яго абавязак і чалавекалюбства, туды, дзе мог быць карысны бліжняму.

У сваіх успамінах ваенны інжынер, генерал-лейтэнант І. Ф. Бларамберг згадвае наступны цікавы выпадак: „Мае афіцэры Генеральнага штаба наладзілі ў Арэнбургу прыемнае новаўвядзенне — аматарскі тэатр на карысць бедных….. Каталіцкі святар (Міхаіл Зялёнка. — В.А.), які ведаў усіх беднякоў горада (вылучана аўтарам), з задавальненнем узяў на сябе адказнасць размеркавання сярод іх грошай… За сем гадоў сярод небагатых жыхароў горада было размеркавана 20 тысяч рублёў асігнацыямі”[10].

A вось яшчэ адно цікавае сведчанне: „Асабліва вялікую дабрачынную дзейнасць праявіў Зялёнка, хоць і пад чужым сцягам, пад час кіравання краем В. А. Обручава”. Далей у нататцы ідзе гаворка пра тое, што жонкі галоўных начальнікаў у правінцыі надзвычай любяць браць на сябе, хоць і не маюць ніякага ўяўлення аб справе, ролю апякунак бедных таго краю, якім кіруе муж. Але жонка генерала Обручава, клікалі яе Мацільда Пятроўна, занадта высока была пастаўлена, каб лазіць па брудных хацінках і ўпэўнівацца ў беднасці прасіцеля, яе нервы не вытрымлівалі выгляду розных пакут, пад якія пераважна падпадае бедны люд. Яна не магла асабіста здзяйсняць усіх выдач і збіраць грошы, не ведала, як весці рахунак і інш. „Для такіх умоў, — завяршае сваю нататку ананімны аўтар, — такой асобай у Арэнбургу толькі і мог быць адзін Зялёнка, які карыстаўся ўжо і раней рэпутацыяй усеагульнага дабрадзея, і таму выбар генеральшы, вядома ж, спыніўся на ім; яна і ўзяла яго сакратаром па справах бедных”[11].

На той час ён даўно ўжо быў для многіх польскіх выгнаннікаў „духоўным бацькам”. Губернатары — спачатку Пяроўскі, а потым і Обручаў — у афіцыйных даносах сведчылі, што Зялёнка „займеў давер і прыхільнасць палякаў, карыстаецца там усеагульным добрым меркаваннем”. Аднак, характарызуючы яго як „сціплага”, „надзейнага” і „ні ў чым нядобранамераным не заўважанага”, начальнікі глядзелі на ксяндза з асцярогай. Вядомы наступны выпадак: „Аднойчы Арэнбургскаму губернатару В. А. Обручаву данеслі, што ў мясцовым касцёле па вечарах відаць агонь, і што там збіраюцца на таемныя сходы сасланыя палякі. Атрымаўшы гэты данос, В. А. Обручаў у суправаджэнні плац-маёра Халецкага і паліцмайстра палкоўніка Дэмасціка з’явіўся нечакана вечарам да касцёла і, заўважыўшы там святло, тут жа запатрабаваў ксяндза Зялёнку і загадаў яму адчыніць касцёл. Калі ўвайшлі ўсярэдзіну, то ў ім нікога не знайшлі і В. А. Обручаву давялося прасіць прабачэння ў ксяндза Зялёнкі за залішнюю паспешлівасць: няцяжка было ўпэўніцца ў тым, што святло ў касцёле было ад промняў сонца на захадзе, якое свяціла якраз у рознакаляровыя шкельцы вокнаў алтара”[12].

Разумны, адукаваны і незвычайна энергічны Міхаіл Зялёнка не толькі хацеў, але і ўмеў рабіць дабро, ніколі не адмаўляючыся ні ад якіх паслуг. Так, у Арэнбургу ён заснаваў мясцовы заалагічны музей і з любоўю клапаціўся пра папаўненне і захаванне яго. На працягу некаторага часу ён бязвыплатна кіраваў скасаваным потым вучылішчам земляробства і лесаводства ў Арэнбургу. Ён прыняў дзейсны ўдзел пры заснаванні прыватнага таварыства наведвання бедных, нарэшце, яго ж разумнаму клопату абавязана было сваім існаваннем і першае ў Арэнбургу вучылішча для навучання шыццю і рукадзеллю бедных дзяўчат.

Асабліва выразна выявілася яго філантрапічная дзейнасць у 1848 г., пад час халернай эпідэміі, калі ён у ліку нямногіх царкоўных пастыраў праявіў сапраўдны гераізм у служэнні бліжнім. У 1851 г. за ўзорнае стараннае выкананне абавязкаў па званні корпуснага святара, а таксама за нястомную дабрачынную дзейнасць Міхаілу Зялёнку ўселітасцівейша падараваны нагрудны крыж[13].

Нястомная дзейнасць Міхаіла Фадзеевіча падтачыла ўрэшце яго сілы. Пад час адной са сваіх далёкіх паездак ён прастудзіўся і, вяртаючыся ў Арэнбург, памёр ад запалення лёгкіх 31 кастрычніка 1860 г. Пахаванне Міхаіла Зялёнкі, якое прыцягнула ўвагу шматлікіх яго прыхільнікаў, адбылося ў агароджы мясцовага касцёла, пабудаванага яго ж намаганнямі, а ў падпісцы на помнік бескарысліваму працаўніку прынялі ўдзел асобы ўсіх веравызнанняў.

Мінск

Вячаслаў Афанасьеў


[1] Киевская старина. 1899. Кн. 2. Февр. С. 151-167.
[2] Хинкулов Л. Шевченко. Москва, 1966. С. 224-225.
[3] ГАОО. Ф. 6, оп. 5, ед. хр. 10732.
[4] Русский биографический словарь. Петроград, 1916. С. 337—338.
[5] ЦДГАў Гродне. Ф.1, воп. 3, спр. 853, арк. 6-9.
[6] ГАОО. Ф. 6, оп. 5, ед. хр. 10 732.
[7] Русский биографический словарь. С. 337—338.
[8] Оренбургский листок. 1889. 16 апр.
[9] Большаков Л. Главы из жизни. Оренбург: Южно-Уральскоекнижное издательство, 1974. С. 61—62.
[10] Бларамберг И. Воспоминания. Москва, 1978. С. 266-267.
[11] Труды Оренбургской ученой архивной комиссии. Вып. 28.Оренбург, 1913.
[12] Тамсама.
[13] Оренбургские губернские ведомости. 1860. № 50.

Наверх

Наталля Сліж. Справа аднаго наезду, або Пра рэпутацыю Льва Сапегі

19 чэрвеня, 2009 |


Канцлер ВКЛ Леў Сапега (1557-1633) і смаленскі ваявода Філон Кміта-Чарнабыльскі (каля 1530-1587) — адны з найбольш вядомых асобаў сваёй эпохі. Л. Сапегу прысвечана панегірычная літаратура XVII ст.[1]. Яго першая біяграфія з’явілася ўжо ў 1645 г., аўтарам якой быў Ян Рывоцкі[2]. У гістарыяграфіі шмат увагі аддавалася кар’еры Л. Сапегі, яго ролі ў рэлігійным жыцці ВКЛ[3]. Але менш вядома пра яго дзейнасць на пасадзе аршанскага падстаросты.

Смаленскі ваявода Філон Кміта-Чарнабыльскі быў адным з герояў Інфлянцкай вайны. Сваімі вайсковымі подзвігамі заслужыў павагу сучаснікаў і шанаванне нашчадкаў[4]. У разнастайных гістарычных даследаваннях значная ўвага аддавалася менавіта яго вайсковай дзейнасці[5].

Выяўлены ліст Стэфана Баторыя да аршанскага старосты Ф. Кміты-Чарнабыльскага адносіцца да міжваеннага часу гадоў Інфлянцкай вайны. У ім паказаны неправавыя дзеянні аршанскага падстаросты Л. Сапегі (наезд на прыватную маёмасць), а таксама Ф. Кміты-Чарнабыльскага, які прыкрываў яго злачынства. Названы факт невядомы ў ix біяграфіі, ён сведчыць, што ўчынкі гэтых асобаў былі не заўсёды гераічнымі. Тым не менш, мы не ставілі за мэту паказаць Л. Сапегу і Ф. Кміту-Чарнабыльскага як антыгерояў. Дакумент прадэманструе, як у некаторых выпадках яны праяўлялі сябе на пасадах падстаросты і старосты.

Ліст Стэфана Баторыя захоўваецца ў архіве Гарнастаяў [гл. дадатак 1], бо справа звязана з берасцейскім ваяводам Гаўрылам Іванавічам Гарнастаем (? -1587)[6]. Гэта адзіны дакумент па гэтым выпадку. Напісаны ён быў у Мальбарку 25 лістапада 1577 г. пісарам Мікалаем Ясенскім[7]. Адрасаваны непасрэдна аршанскаму старосту па скарзе Г. Гарнастая на Л. Сапегу за наезд на яго сяло Старцэвічы ў маёнтку Задняпроўе[8].

17 жніўня 1577 г. Л. Сапега разам са старасельскімі і басейскімі баярамі Сямёнам Рубцом, Іванам Фядровічам, Грышкам і Марцінам Ганчарэнскімі, басейскімі падданымі Арцёмам Марцюшэвічам, Ходарам Зяньковічам, Іванам, Кандратам, Хромам і Івашкам Анбрасовічамі і з іншымі падданымі і баярамі, а таксама з аршанскімі казакамі і памочнікамі з ураду аршанскага падстаросты наехалі на сяло, пабілі і памардавалі падданых Г. Гарнастая, забралі ў іх маёмасць. У дакуменце пералічана толькі дзесяць асобаў, якія ўдзельнічалі ў наездзе. Пра агульную колькасць удзельнікаў меркаваць складана, бо былі не толькі падданыя, але і асобы з ураду і казакі. Войска Л. Сапегі магло складаць не менш за 30 чалавек. Наезд быў зроблены не з уласных маёнткаў, а са староства, хоць у той час Л. Сапега меў спадчынны маёнтак Сакольні ў Аршанскім павеце, які атрымаў пасля падзелу спадчыны з братамі ў 1575 г.[9].

Было адзначана, што берасцейскі ваявода скаргі на падстаросту падаваў неаднаразова. Але Ф. Кміта-Чарнабыльскі не хацеў прымаць сведчанні возных аб шкодах, акрамя таго яшчэ і іншыя дакументы па гэтай справе вырваў з актавых кніг. Па артыкуле 20 раздзела 4 Статута ВКЛ 1566 г. у функцыі старосты, сярод іншых справаў, уваходзіў разгляд наездаў на маёмасць. Невыкананне старостам сваіх абавязкаў і парушэнне закону прымусіла Г. Гарнастая падаць скаргі ў суды ў іншыя паветы. У дакуменце не адзначана, у якія менавіта. Бліжэйшыя суды былі ў Віцебску, Полацку, Мсціславе і Менску. Верагодней за ўсё скаргі былі пададзены ў менскі гродскі суд, бо Г. Гарнастай быў там старостам. Але на сёння гродскія кнігі гэтых судоў не захаваліся, таксама як і аршанскага, таму спраўдзіць гэтую інфармацыю немагчыма.

Выпадак стаў прычынай для позвы ў гаспадарскі суд Ф. Кміты-Чарнабыльскага, Л. Сапегі і яго памочнікаў. Яны павінны былі з’явіцца праз 8 тыдняў, калі гаспадар будзе ў той час у Польшчы, ці праз 4 тыдні, калі ён будзе ў ВКЛ. Быў дадзены час, неабходны для прыезду, як гэта вызначана ў Статуце ВКЛ. Крыніца спасылаецца на звычай і на Статут 1566 г., што правапарушэнні, здзейсненыя дзяржаўнымі асобамі, павінен разглядаць вялікі князь літоўскі. Артыкул не адзначаны, але гэтыя выпадкі агаворваюцца ў заканадаўстве (Статут ВКЛ 1566 г., р. 4, арт. 21, 45).

Паводле Статута ВКЛ 1566 г. (р. 11, арт. 1,2), Л. Сапега за наезд павінен быў выплаціць штраф і кампенсаваць шкоды. Але гэты від дакумента (позва ў суд) не дае магчымасці даведацца пра прысуд па справе. Наезд на маёмасць быў вельмі распаўсюджаным злачынствам у той час і пазней. Падобныя справы часта разглядаліся ў гродскіх судах. Для доказу наезду выклікаўся павятовы возны, які аглядаў шкоды і рабіў іх апісанне. Пасля яго сведчанні заносіліся ў кнігі і былі доказам у судовым працэсе. Але Ф. Кміта-Чарнабыльскі замест выканання сваіх абавязкаў, разгляду справы і вынясення прысуду скарыстаўся службовым становішчам, каб не даць хады справе. Ён выступіў на баку Л. Сапегі. Пры гэтым ён даводзіўся шваграм Г. Гарнастаю, быў жанаты з яго роднай сястрой Настассяй[10].

На 1577 г. падстароста меў толькі 20 гадоў і не быў уплывовай асобай у павеце. На такі ўчынак ён мог наважыцца пры падтрымцы іншай асобы. Хутчэй за ўсё, такой асобай стаў Ф. Кміта-Чарнабыльскі, бо ў дакуменце згадана пра яго верагодную „намову” і асабістую зацікаўленасць у спыненні справы.

Дадзены выпадак не адбіўся на кар’ерным росце ні Ф. Кміты-Чарнабыльскага, ні Л. Сапегі. Аршанскі староста займаў сваю пасаду да 1587 г., а ў 1579 г. стаў смаленскім ваяводам[11]. Відавочна, што яго вайсковая дзейнасць спрыяла станоўчаму вырашэнню пытання для яго. Аршанскі падстароста дзякуючы пратэкцыі Радзівілаў пачаў яскравую кар’еру: у 1581 г. ён ужо быў пісарам ВКЛ, у 1585 г. — падканцлерам, у 1589 — канцлерам[12].

Гэта замалёўка не мяняе кардынальна біяграфічных дадзеных пра Ф. Кміту-Чарнабыльскага і Л. Сапегу. Яна дадае новую інфармацыю пра дзейнасць у міжваенны час аднаго і пра пачатак кар’еры другога, а таксама паказвае, што абодва былі здольныя на неправавы ўчынак. Асобы, якія займаюць высокія пасады і шмат робяць для свай Айчыны, не заўсёды дзейнічаюць беззаганна. Але ад гэтага іх дасягненні не становяцца менш значнымі.

Дадатак 1. Ліст Стэфана Баторыя аршанскаму старосту Філону Кміту-Чарнабыльскаму (1577).

Дакумент напісаны на старабеларускай мове, арыгінал. Мае памеры 322х200 і замацаваны пячаткай „Пагоня”. Пры транслітарацыі тэкстаў у аснову пакладзены прынцып палітарнай іх перадачы. Захаваны літары „ѧ”, „ѡ”, „ѩ”, ү”, „Ѣ“, „є”. Вынасныя літары пададзены курсівам. Прапушчаныя літары ў словах пад цітламі адноўлены з улікам асаблівасцяў правапісу старабеларускай мовы і ўзяты ў круглыя дужкі. Устаўкі ад аўтара падаюцца ў квадратных дужках і каментуюцца ў палеаграфічных падрадковых заўвагах. Нумарацыя старонкі дадзена ў квадратных дужках.

[19] Стефан Божю м(и)л(о)стю корол полскии великии литовскии рускии прускии жомоисткии мазовецкии ифлянскии кн(ѧ)же седмигородскоє иных.

Старосте ѡршаньскому п(а)ну Филону Семеновичу Кмите Чернобыльскому. Жаловалъ намъ воевода берестеыскии староста меньскии державца каменецкии пан Гаврило Иванович Горностаи за справою үрадника своєг(о) Петра Тыминьского ѡ тош деи в року семдесят семом месеца августа семогонадцать дня в неделю подстаростии твои ѡршаньскии Лев Иванович Сопега[13] не ведаю єти и з росказанья твоєго або самъ зумыслу своєго особого своего и з боѩрми своими старосельскими и басеискими на имѩ съ Семеномъ Рубцемъ, Иваном Федровичом, Гришкам Мартином Ганчаренскими и с подданными своими басеискими Артемъ Мартюшевичомъ, Ходором Зеньковичом, Иваном, Кокдратож, Хромом, Ивашюш Акбросовичами и з ыкшими многими боѩрми и подданными своими и с козаками ѡршаньскими. Так же и з многими помочниками своими з ураду своєго подстароства cршанского наєхавши моцно гвалтож на властное имеке его Заднепръское на село Старцевичи[14] подданых єго побил помордовал и маєтности их wm мала до велѧ з домов их тым боѩром и подданым своим побрати велел. ѩко деи то ширеи на врадех н(а)ших г(оспо) д(а)рских ѡповедано и на выписех ширеи сѧ покажет. А к тому деи ѡт возных не хотел приимовати сознаныѧ але єще съ книгъ иншиє справы повыдрал[15]. И в тых же слугъ п(а)на воєводиных кони и иныє речи поѡтнимал. Которыє деи кривды морды и шкоды и бесправѧ тот подстаростич твои не з ыменѧ и з оселости своеи чинит але з староства н(а)шого што деи до инших врадов мусить слати. [..][16]оповедати ѡ што деи неоднокроти пан воєвода на то подстарост[о]го[17] твоєго жаловал и справедливости у тебе просил нижли деи справедливости үчинити не хотел. В чомъ кривду и шкодү великую ѡт тебє самого бытии менечи просил нас пан воєвода берестеискии абых с тобою справедливость w то єг(о) м(и)л(о)сти үчинити [20] велели. Ино кгды ж пан воєвода такую кривду и шкодү з ураду твоєго староства ѡршаньского собе быти менит а водле звычаю права посполитог(о) и статуту земского великого кн(ѧ)зьтва литовского з врадниками нашими үкривжоныи нигдеи индеи толко пред нами г(оспо)д(а)ремъ справедливости доходити себе маєт. Тогды праказуем абы єси пред нами г(оспо) д(а)ремъ там где на тот час дворем н(а)шимъ г(оспо)д(а) рским будемъ сам ку праву сталъ и тог(о) Лва подстаростего своєго зь єг(о) всими помочниками пред нами поставил и в том всем што на жалобе вышеи ѡписано п(а) ну воєводе усправедливилъна рокъ водле статуту зложоныи то єст ѡт поданѩ тобе сего позву нашег(о). єстли такъ долго в Коруне полскои змешкаемъ за ѡсемъ недел. А гдебыхмо до паньства н(а)шого великого кн(ѧ)зьтва литовского ѡсель выєхали нимъ таѩ ѡсемъ недель выидеть. Ино поприєханьє нашом даст ли Богъ в границы великого кн(ѧ)зьтва литовского за чотыри недели. Писан ү Малборку. ЛѢта Бож(его) нарож(енѩ) 1577 м(е)с(е)ц ноябра 25 днѩ.

Миколаи ѩсенскии писар.


[1] Borek P. Lew Sapieha w świetle oracji pogrzebowej Sebastiana Łaszewskiego // Sapiehowie epoki Kodnia i Krasiczyna / Red.K. Stępnik. Lublin, 2007. S. 77-90; Галенчанка Г. Невядомыя i малавядомыя помнікі духоўнай спадчыны і культурныхсувязей Беларусі XV — сярэдзіны XVII ст. Мінск, 2008. С. 149.
[2] Čiuprinskas M. Retoryka a biografia: życie Lwa Sapiehy w dziele Jana Rywockiego Idea magni herouis (1645) // Sapiehowie epoki Kodnia i Krasiczyna / Red. K. Stкpnik. Lublin, 2007. S. 65-76.
[3] Życie sławnych polaków. Orzechowski S. Życie Jana Tarnowskiego. X. Kochanowski. Lew Sapieha. T. I—II. Radom, 1830; Lulewicz H. Sapieha Lew // Polski Słownik Biograficzny (далей — PSB). T.XXXV/1. Zesz. 144. Warszawa; Wrocław; Kraków, 1993. S. 84-104;Akinczyc I. Lew Sapieha a problem religijny w Wielkim Księstwie Litewskim // Sapiehowie epoki Kodnia i Krasiczyna / Red. K. Stępnik. Lublin, 2007. S. 17-26; Kempa T. Kanclerz Lew Sapieha a kościół unicki // Sapiehowie epoki Kodnia i Krasiczyna / Red. K. Stępnik. Lublin, 2007. S. 27-42; Czwolek A. Lew Sapieha, dyplomata w służbie Zygmunta III // Леў Сапега (1557—1633 гг.) і ягочас. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2007. С. 123—138 і інш.
[4] Kochanowski J. Iesda do Moskwy. Kraków, 1583; Narkliewicz S.Dekret wieczney pamieci na sedziego ziemskiego smolenskiego JMP Hieronima Ciechanowicza, sakratarza JKM i na assesora JM przy żałobie pogrzebowey. Wilna, 1651.
[5] Eberle J. Kmita Fiłon Czarnobylski // Polski Słownik Biograficzny. T. 13. Wrocław; Warszawa; Kraków, 1967-1968.S. 88—89; Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці.Уклад., уступ. артыкулы, каментарыі канд. Філалагічных навук А.Ф.Коршунава. Мінск, 1975; Кміта-Чарнабыльскі Філон // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. Мінск, 1997.С. 207; Янушкевіч А. Вульская бітва 1564 г. // Commentarii Polocenses Historici. 2004. T. 1. С. 39-40.
[6] Г. Гарнастай быў старэйшым сынам падскарбія ВКЛ,навагарадскага ваяводы Івана Астаф’евіча (?—1558). Пасля бацькі атрымаў багатую спадчыну. Акрамя згаданай пасады займаў яшчэ наступныя: камянецкі дзяржаўца, менскі староста(1575), менскі ваявода. Markiwicz A. Hornostaj Gabriel (Hawryіa) Iwanowicz // PSB. T. 9. Wrocław; Warszawa; Kraków, 1960-1961.S. 626-627.
[7] Мікалай Ясенскі займаў пасаду пісара з 1576 г. Памёр у 1600 г. Lulewich H., Rachuba A. Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litеwskiego XIV—XVIII wieku. Spisy. Kórnik, 1994. S. 212.
[8] Archiwum Główny Aktów Dawnуch (далей—AGAD). Rchiwum Potockich z Radzynia, sygn. 349, k. 19-20.
[9] Lietuvos mosklų akademijos Bibliotekas rankraščtų skyrius, f.16-44,l. 11-12v.
[10] Eberle J. Kmita Fiłon Czarnobylski // PSB. T. 13. Wrocław; Warszawa; Kraków, 1967-1968. S. 89.
[11] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. IV. Ziemia Smoleńska i województwo Smoleńskie XIV—XVIII wiek / pod red.A. Rachuby. Oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. Romaniuk. Warszawa, 2003. S. 215, 365.
[12] Lulewicz H. Sapieha Lew // PSB. T. XXXV/1. Zesz.144. Warszawa; Wrocław; Kraków, 1993. S. 84-104.
[13] Імя, прозвішча і пасада падкрэслена.
[14] Назва мясцовасці падкрэслена.
[15] Слова падкрэслена.
[16] У гэтым месцы дакумент парваны.
[17] У гэтым месцы дакумент парваны. Літара адноўлена па сэнсе.

Наверх

Аркадзіуш Чволэк. Як палявалі на чараўніц у маёнтках Яна Станіслава Сапегі.

18 чэрвеня, 2009 |


Працэсы над чараўніцамі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага мелі сваю шматвяковую традыцыю. Першая згадка пра іх паходзіць з 1552 г., калі справа пра чары разглядалася ковенскім войтаўска-лаўнічым судом, а адзін з апошніх працэсаў адбыўся напрыканцы XVIII ст., хоць і пазней яны спарадычна мелі месца. Большасць працэсаў над чараўніцамі датычыла жыхароў уласна Жамойці. Гэта вынікала з таго, што на тых тэрыторыях былі яшчэ моцна жывучымі паганскія культы. У іншых раёнах ВКЛ падобныя суды здараліся намнога радзей. Найбольш працэсаў над чараўніцамі ў ВКЛ адбылося ў сярэдзіне ХVII ст. Колькасць расправаў над асуджанымі за чары, калі параўноўваць з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, ставіць ВКЛ на значна выгаднейшую пазіцыю. На яго тэрыторыі большасць справаў пра чары судзілі суды гродскія і земскія, а эвентуальна — і патрыманіяльныя дворскія суды. Але здараліся і спарадычныя адступленні ад гэтага правіла. Адну з такіх справаў судзіў каптуровы суд пад час аднаго з бескаралеўяў. Але ў прынцыпе працэсамі над чараўніцамі ў ВКЛ займаліся пераважна свецкія суды, чаго не было ў Кароне Польскай, дзе ў гэтай справе паміж свецкімі і духоўнымі судамі адбывалася кампетэнцыйнае канкураванне. Агульныя прававыя нормы для працэсаў над чараўніцамі ў ВКЛ упершыню з’явіліся толькі ў II Статуце ВКЛ. Аднак не хапала ўказанняў, датычных дэталяў правядзення саміх працэсаў, а таксама спосабаў доказу віны асобаў, абвінавачаных у чараўніцтве. Апеляцыйным судом у працэсах над чараўніцамі ў ВКЛ быў створаны ў 1581 г. Галоўны Трыбунал[1].

Цяпер існуе ўжо багатая літаратура, прысвечаная праблематыцы чараў і працэсаў над чараўніцамі ў XVI – XVII ст. Але большасць аналізаваных выпадкаў датычыць Кароны, і ў значна меншай ступені — ВКЛ[2]. У апошні час гэтая праблема даследавалася і ў дачыненні да Прусіі[3].

Тэкст, які публікуецца ніжэй, цяпер знаходзіцца ў фондах Бібліятэкі Літоўскай Акадэміі Навук у Вільні (Lietuovos Mokslų Akademijos Biblioteka) i мае сігнатуру F.17-167, k. 4-7v. Гэта несумненна арыгінал XVII ст. Ён датычыць следства ў справе падазравання ў чараванні, якое праводзілі ў маёнтках маршалка ВКЛ Яна Станіслава Сапегі два яго ўраднікі: Андрэй Кноф (Аndrzej Knoff) і не названы па імені Злоцкі (Złocki), намеснік слонімскага падстарасты. Ян Станіслаў Сапега быў самым старэйшым сынам Льва Сапегі і яго першай жонкі Дароты Фірлееўны. У маладосці вучыўся ў Віленскай Акадэміі і ў Браневе, а потым працягваў штудыі ў Вюрцбургу, Франкфурце і Парыжы. У 1593 г. стаў старастам Маркава і Мядзела, a ў 1605 г. — судовым слонімскім старастам. У 1611 г. Жыгімонт ІІІ даверыў яму ўрад надворнага маршалка літоўскага. Апошнім этапам яго добра пачатай кар’еры стала намінацыя ў 1621 г. на вялікага маршалка літоўскага. Пад канец жыцця ў Яна Станіслава Сапегі з’явіліся сімптомы псіхічнай хваробы, што непасрэдна паўплывала на распачынанне ў яго маёнтках палявання на чараўніц[4].

Працэс „адчароўвання” маёнткаў маршалка літоўскага быў шырока арганізаванай акцыяй, бо ўжо ў 1630 г. знаходзім першыя згадкі пра катаванне жанчыны, падазраванай у чарах[5]. Працэс над ёю трываў практычна 2 гады і завяршыўся смяротным прысудам. Яе спалілі на вогнішчы[6]. У публікаваных ніжэй крыніцах таксама ёсць адгалоскі ранейшых паляванняў на чараўніц у маёнтках маршалка літоўскага.

Тры публікаваныя ніжэй тэксты сваім зместам узаемна дапаўняюцца. Першая крыніца датычыць дэталяў следства, якое правялі ва ўладаннях маршалка літоўскага Яна Станіслава Сапегі яго ўраднікі Андрэй Кноф і не названы па імені Злоцкі, намеснік слонімскага падстарасты. На мэце працэсу было спраўдзіць, ці „не займаўся” чарамі адзін з падданых маршалка літоўскага з прозвішчам Кудравец, разам са сваёй жонкаю, дачкою і чалядніцаю. Як у многіх справах такога тыпу, западазравалі іх суседзі, a менавіта не названы па імені Перавалоцкі, які ўжо шмат гадоў прыватна канфліктаваў з Кудраўцом. Калі б чараўніцтва было даведзена, суседская калатня магла мець далёкасяжныя наступствы для Кудраўца і яго найбліжэйшай сям’і. Ураднікі Яна Станіслава Сапегі выконвалі сваю працу надзвычай скрупулёзна і, што трэба падкрэсліць, выключна бесстаронне. Распыталі бліжэйшых і далейшых суседзяў сям’і Кудраўцоў. У выніку стварыўся праўдзівы вобраз сітуацыі. Mенавіта Перавалоцкі, які меў не найлепшае рэнамэ сярод суседзяў, кaб папомсціцца на Кудраўцу і яго сям’і, беспадстаўна абвінаваціў яго ў чараўніцтве. Апісанне следства не здымае адназначна віны з Кудраўца і яго сям’і, aле выразна паказвае, што іх абгаварыў Перавалоцкі.

Два наступныя публікаваныя дакументы датычаць дадатковых высвятленняў Лявона Грынцэвіча (Leon Hryncewicz) і яго жонкі, суседзяў Кудраўца, якія непасрэдна звязаныя з праведзеным следствам. Згаданы Лявон Грынцэвіч і яго жонка апісвалі адно са здарэнняў, звязаных з жонкай Кудраўца, якая запэўнівала хворую жонку Грынцэвіча ў хуткім выздараўленні, што фактычна і адбылося. Гэта магло быць праявай яе звышнатуральных здольнасцяў, а гэтым самым — яе сувязяў з нячыстай сілай. Паведамленне Лявона Грынцэвіча і яго жонкі не дае адназначнага вырашэння гэтага пытання.

Падзеі, адлюстраваныя ў дакументах, адбываліся ў Слонімскім старостве, якое Леў Сапега перадаў свайму найстарэйшаму сыну Яну Станіславу Сапегу ў 1605 г. Пазней перадаваў яму і іншыя пасяленні, набытыя ці атрыманыя ў спадчыну, якія былі ў юрысдыкцыі слонімскага старасты. Так, згаданую ў публікаванай крыніцы вёску Перавалокі Леў Сапега атрымаў у 1611 г. ад гарадзенскага падкаморыя Паўла Валовіча і яго жонкі Сафіі Хадкевіч. Блізна было венам другой жонкі канцлера ВКЛ Гальшкі Радзівілаўны, якая запісала яму яго ў тэстаменце. Нейкія правы на тую вёску захаваліся і за яе братам Kрыштапам Радзівілам, палявым гетманам ВКЛ, бо ў 1614 г. перапрадаў яе Льву Сапегу. У1631 г. вёска была аддадзена ў заставу. У сваю чаргу, уладанне Міжрэчча (Międzyrzecz) на Падляшшы Леў Сапега атрымаў пасля смерці сваёй першай жонкі Дароты з Фірлеяў. Адносна іншых пасяленняў, згаданых у прэзентаваным тэксце, не хапае дакладных звестак. Праўдападобна, яны трапілі да Льва Сапегі, а потым і да яго сына, разам са Слонімскім староствам[7].

Публікацыя падрыхтавана на падставе Instrukcji wydawniczej dla źródeł historycznych od połowy XVI do połowy XIX wieku, распрацаванай Гістарычнай Камісіяй Польскай Акадэміяй Умельства ў Кракаве. Адначасова мову крыніц я стараўся перадаць як мага бліжэй да арыгінала. У публікацыі выкарыстаны прынцыпы скрачэнняў, рэкамендаваныя ў Instrukcji wydawniczej dla źródeł historycznych od połowy XVI do połowy XIX wieku: WMWaść Mość i г.д.

Аркадзіуш Чволэк. Як палявалі на чараўніц у маёнтках Яна Станіслава Сапегі .


[1] Падрабязней гл.: Pilaszek M. Litewskie procesy czarownic wXVI-XVIII w. // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XLVI.2002. S. 7—21; idem, Apelacje w polskich procesach czarownicXVII-XVIII w. // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. S. 114-134; Beresnevičius G., Čaplinskas T. Czarownica [w:] Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego. Analizy i obrazy, opr. V. Ališauskas,M. Jovaiša, M. Paknys, R. Petrauskas, E. Raila, tł. P. Bukowiec,B. Kalęba, B. Piasecka. Kraków, 2006. S. 145-150; Ostling M.Konstytucja 1543 r. i początek procesów o czary w Polsce // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XLIX. 2005. S. 99-102.
[2] З новай літаратуры гл.: Raganų teisman Lietuvoje. Ed. K. Jablonskis, R. Jasas.Vilnius 1987; Pilaszek M. Procesy czarownicw Polsce w XVI—XVIII w. Nowe aspekty. Uwagi na marginesiepracy B. Baranowskiego // Odrodzenie i Reformacja w Polsce.T. XLII. 1998. S. 81-102; Janiszewska-Mincer B. Bydgoski proces o czary w 1638 r. // Prace Komisji Historii. III, Seria C. Nr 4.S. 105-125; Urban W. Czary i mandragora w Tymbarku // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XLIX. 2005. S. 181-182; Bogdan D. Procesy o czary na Warmii w XVI wieku // Komunikaty Mazursko-Warmińskie. 2006. Nr 1. S. 19-35; Wijaczka J. Proces o czary we wsi Młotkowo w 1692 r. Przyczynek do polowaniana czarownice w Rzeczpospolitej w XVII w. // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XLVIII. 2004. S. 161-170; idem, Procesy oczary w Polsce w dobie Oświecenia. Zarys problematyki. Klio.2005. Nr 7. S. 17-61; Wiślicz T. Społeczeństwo Kleczewa i okolicw walce z czartem (1624—1700) // Kwartalnik Historyczny. 2004.CXII. nr 2. S. 37-60; Tazbir J. Procesy o czary // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XXIII. 1973. S. 151-176; ks. Szczurkowski R. Zmagania duchowieństwa polskiego z czarami i wiarą w upiory w XVIII w. // Analecta Cracoviensia 2003. XXV. S. 415-436, iшмат іншых вартых прац.
[3] Wijaczka J. Procesy o czary w Prusach Książęcych (Brandeburskich) w XVI-XVIII wieku. Toruń, 2007.
[4] Lulewicz H. Jan Stanisław Sapieha h. Lis // Polski Słownik Biograficzny (далей – PSB). T. XXXIV. Wrocław – Warszawa – Kraków, 1992. S. 624-629.
[5] Аляксандр Цехановіч да Яна Станіслава Сапегі, маршалка літоўскага, 8 III 1630, са Слоніма, Lietuvos Mokslų Akademijos Biblioteka (далей — LMAB), f.139-4969, k. 63.
[6] Pilaszek M. Litewskie procesy czarownic w XVI— XVIII w. S. 25,34-38.
[7] Lulewicz H. Lew Sapieha h. Lis // PSB. T. XXXV, z. 144. , Warszawa — Kraków, 1994. S. 100; Sapiehowie. Materiały historyczno-genealogiczne i majątkowe. Petersburg, 1890. T. 1. S. 146; LMAB, f. 17—131, k. 71—71v., Aкт продажу Льву Сапегу мястэчка Езерніцы і фальварку Блізны, 16 IV 1614 r.
[8] ад лацінскага scrutinium, ii — у значэнні следства, следства судовае.
[9] Падобна, што прозвішча Злоцкага ўжо пасля напісання тэксту было ўстаўлена ў пустое месца, пакінутае для гэтага.
[10] Хмельніца — вёска ў Слонімскім павеце.
[11] Праўдападобна Эльжбета Сапежанка, жонка наваградскага кашталяна Самуэля Валовіча, гл.: Herbarz Polski Kaspra Niesieckiego. Wyd. J.N. Bobrowicz. Lipsk, 1842. T. IX. S. 419.
[12] Перавалока, Перавалочка — вёска ў Слонімскім павеце, пры дарозе са Слоніма да Ружан (гл.: SGKP, Warszawa, 1887. T. 8.S. 9).
[13] Востраў — вёска над ракой Лукавіцай у Слонімскім павеце, ніжэй Клімавічаў.
[14] Слонім, разлеглы на берагах Шчары, сядзіба стараства, з 1586 г.у юрысдыкцыі Льва Сапегі, a з 1605 г. — яго старэйшага сына Яна Станіслава Сапегі.
[15] рochwalić — прыгразіць, паабяцаць помсту.
[16] дрэвы, драўніну.
[17] пахвалка — пагроза.
[18] сысці.
[19] сварыліся.
[20] у вязніцы.
[21] Яна Станіслава Сапегі.
[22] пасварк — калатня, спрэчка.
[23] Смаўжы — вёска ў Слонімскім павеце.
[24] паветра — тут: заразы.
[25] прыёмныя бацька і маці — выбраныя (przybrani) бацькі.
[26] паўкварты — мера аб’ёму, роўная ½ літра.
[27] кварта — мера аб’ёму, роўная 1 літру
[28] валока — адзінка вымярэння плошчы зямлі ў ВКЛ, роўная прыкладна 21, 36 гa.
[29] Янам Станіславам Сапегам, маршалкам літоўскім.
[30] Міжрэчча (Międzyrzecz) — уладанне на Падляшшы. ЛеўСапега атрымаў яго пасля смерці сваёй першай жонкі Дароты з Фірлеяў, перадаўшай яму яго ў сваім тэстаменце.
[31] Леў Іванавіч Сапега, каралеўскі сакратар (1581), падканцлер(1585) і канцлер ВКЛ (1589), пазней віленскі ваявода (1623)і вялікі гетман ВКЛ (1625). Гл.: Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVII wieku. Spisy.Opr. H. Lulewicz, A. Rachuba. Kórnik, 1994. S. 42, 134, 147.
[32] Блізна — пасяленне ў Слонімскім павеце.
[33] Kракоткі — вёска ў Слонімскім павеце.
[34] Пасынічы — вёска ў Слонімскім павеце.

Наверх

Ірына Сынкова, Міхаіл Тарэлка. Знахарскі тэкст з беларуска-­татарскага рукапіса

17 чэрвеня, 2009 |


Рукапісы, якія змяшчаюць парады народнай медыцыны, — вельмі каштоўныя для даследавання з розных аспектаў. Яны ілюструюць асобныя старонкі культуры народа ў мінулым і не толькі даюць прыклады „памылак і забабонаў”, але і паказваюць узровень рацыянальных ведаў таго часу. Праз іх часам праглядвае зусім іншая, чым сучасная, карціна свету.

Знахарскія тэксты, якія захаваліся ў рукапісах беларускіх татараў, — цалкам недаследаваная старонка іх культурнай спадчыны[1]. А між тым у падборках рэцэптаў і парад можна ўбачыць узаемаўплывы розных культур і розных эпох. Вядома, что рукапісная спадчына беларускіх татараў змяшчае творы як усходняга, так і тутэйшага паходжання. Такім чынам, не выключана, что і знахарскія тэксты могуць адлюстроўваць разнастайныя традыцыі народнай медыцыны і сляды міжкультурных кантактаў.

Вельмі цікавы рукапіс-лячэбнік захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад шыфрам П19-20/Нр13 (Р404). Ён мае толькі 6 аркушаў. Паводле асаблівасцяў почырку і адсутнасці вадзяных знакаў на паперы рукапіс датуецца канцом ХІХ або пачаткам ХХ ст. Тэкст напісаны на змешанай беларуска-польскай мове, Каран цытуецца па-арабску.

Фармальна рукапіс Р404 быў аднесены да хамаілаў[2]— адной з традыцыйных катэгорый рукапісаў беларускіх татараў. Звычайна знахарскія парады знаходзяцца ў хамаілах, змест якіх досыць разнастайны. Пераважна яны змяшчаюць тэксты рытуальнага і літургічнага характару. У ix таксама могуць сустракацца астралагічныя, варажбітныя тэксты, а таксама рознага кшталту рэкамендацыі народнай медыцыны. Аднак у рукапісе Р404 знаходзяцца толькі знахарскія парады і рэцэпты. Відавочна, што гэта не хамаіл і, мяркуючы па апошніх пустых старонках, не частка хамаіла. Слова канец таксама падказвае, што пэўная колькасць аркушаў была падрыхтаваная менавіта для загадзя вядомага аб’ёму тэксту. Рукапіс Р404 уяўляе сабой сапраўдны лячэбнік, з’яву надзвычай рэдкую, калі не унікальную, для рукапіснай спадчыны беларускіх татараў.

Упершыню рукапіс Р404 быў апісаны ў артыкуле А. Кожынавай і М. Тарэлкі „Рэалізацыя магічнай функцыі ў тэксце аднаго хамаіла”, выдадзеным у Польшчы[3]. Гэтая праца была прысвечана галоўным чынам лінгвістычнаму аналізу тэксту[4]. Аднак матэрыял рукапісу патрабуе таксама адпаведнага гістарычна-культурнага разгляду і параўнання з традыцыямі народнай медыцыны іншых народаў. Акрамя таго, у дадзеным артыкуле мы прапануем транслітарацыю[5] і пераклад усяго тэксту рукапісу Р404 на беларускую мову.

A sorcerer text from a Belarusian-Tatar manuscript

Як можна заўважыць, у гэтым невялічкім зборніку даюцца розныя парады, якія можна падзяліць на лячэбныя (знахарскія) рэцэпты, магічныя абрады і малітвы-замовы. Яны не маюць ніякай лагічнай паслядоўнасці або тэматычнага падзелу, нават парады супраць адной хваробы могуць знаходзіцца ў розных месцах. Гэта падаецца досыць натуральным для хатніх лячэбнікаў, у якія спарадычна ўносіліся розныя карысныя нататкі. Тэкст змяшчае ўсяго 19 парад супраць 15 хвароб: 1) высыпкі, 2) сыпу ад залатухі, 3) крываўкі, 4) адняцця (паралюша) ног або рук, 5) сухотаў, 6) трасцы, 7) жаўтухі, 8) зубной чарнаты, 9) зубнога болю (тры парады), 10) болю або ламання касцей, 11) абмірання (дзве парады)28, 12) болю ног, 13) каўтуна, 14) дыхавіцы (дзве парады) і біцця сэрца, 15) пухліны. Для лячэння прапануюцца разнастайныя сродкі расліннага, жывёльнага і мінеральнага паходжання.

Набор лекаў у народнай медыцыне розных народаў заўсёды залежаў ад мясцовых умоваў. Пры гэтым можна заўважыць, што першае месца ў народнай фармакапеі звычайна займаюць расліны, другое — сродкі жывёльнага і мінеральнага паходжання.

У лячэбніку Р404 можна бачыць амаль тую самую карціну: большасць прапанаваных лекаў — расліны або прадукты расліннага паходжання: бабкі[29] яловай кары (1а:1), імбір (1а:6), канаплянае малако (1а:8), алей з мучнога вотруб’я[30] (1а: 13), лісты бураковых высадак (1а:16), грэцкі арэх (1b:5), расходнік (2b:10), чабор (2b:17), міндаліны (3а:11), порхаўкі (3b:3), хлеб (3а:6), піва (1b:4). Сюды ж можна дадаць і такія сродкі, як гарэлка (3а:1, 9), спірт (3a:2; 3b:2), тэрпенцінавы алей (3b:11).

Чабор і расходнік — даволі вядомыя лекавыя травы, якія выкарыстоўваюцца паўсюль, дзе яны растуць. Яны сустракаюцца і ў беларускай народнай фармакапеі. А вось імбір, грэцкі арэх, міндаль — не вельмі характэрныя для нашай краіны расліны, таму ў беларускай народнай медыцыне нам не ўдалося знайсці згадак пра ўжыванне ў якасці лекавых сродкаў грэцкага арэха і міндаля. Але ў еўрапейскіх і расійскіх лячэбніках XVII-XVIII ст. яны сустракаюцца[31]. Імбір зрэдку можна знайсці ў рэцэптах народнай медыцыны Беларусі[32] і Расіі[33], хоць ён і не належыць да традыцыйных лекавых сродкаў усходніх славян у адрозненне ад жыхароў паўднёвых краін[34].

Што да першай парады (“ад высыпкі добра бабак яловай кары… напарыць”), то нявысветленасць значэння слова бабкі ўскладняе яе разуменне. Калі бабкі — гэта нейкая асобная расліна, якая бярэцца разам з яловай карой, тады іх трэба разглядаць паасобку. Пры гэтым адно са значэнняў слова бабкітрыпутнік (падарожнік)’—назва добра вядомай расліны, што спрадвеку выкарыстоўвалася ўсходнеславянскім насельніцтвам як лекавы сродак ад розных пашкоджанняў і захворванняў скуры. Яна ўваходзіць у народную фармакапею многіх іншых народаў[35]. Яліна, хоць і не часта, але таксама згадваецца ў рэцэптах беларускай народнай медыцыны. Паводле Л. І. Мінько, пры скураных захворваннях на Беларусі выкарыстоўвалі смалу хваёвых дрэваў[36]. Аднак нельга выключыць і іншае разуменне слова бабкі, пры якім размова ідзе пра мох[37] на яловай кары.

Не зусім зразумела (з-за магчымага пропуску ў тэксце), ад якой хваробы прапанаваны рэцэпт з лістамі бураковых высадак. Прыклады іх ужывання (ад гемарою) удалося знайсці ў расійскай народнай медыцыне[38].

Даволі шырока сярод розных народаў распаўсюджанае выкарыстанне канопляў. „Канаплянае малако” або „малако ад канаплянага насення” было вядомае беларусам[39]. Малако з тоўчаным канапляным семем пры болях у жываце ўжывалі калісьці ў расійскай народнай медыцыне[40]. Пра выкарыстанне башкірамі канопляў у ХІХ ст. пісаў Д. П. Нікольскі[41].

Порхаўкі, не зважаючы на іх распаўсюджанасць, не вельмі выкарыстоўваюцца ў беларускай народнай медыцыне, а рэцэптаў ад дыхавіцы, падобных да прапанаванага ў даследаваным рукапісе, наогул не знайшлося.

Тэрпенцінавы алей у беларускай народнай медыцыне не згадваецца. У расійскіх рукапісных лячэбніках XVII-XVIII ст. ён сустракаецца[42].

Што да гарэлкі і спірту, то яны, як „універсальныя” сродкі, самастойна або разам з іншымі складнікамі, ужываліся ад усіх хвароб як у беларусаў, так і ў іх суседзяў.

Гаючыя ванны і рознага кшталту прыпаркі, што называюцца ў рукапісе, шырока вядомыя як усходнеславянскім, так і цюркскім народам[43].

У рукапісе згадваюцца некаторыя жывёлы і прадукты жывёльнага паходжання: мёд (1а:6), жукі (1а:10), чарвяковы сок (1а:12), шчаня (1а:15), салодкае масла (1b:1), жаба (1b:2), каровін гной (1b:5), жаўткі курыныя (3b:10). Амаль усе яны досыць часта ўжываюцца ў знахарскіх рэцэптах розных народаў. Тут, як і ў выпадку з раслінамі, можна бачыць пераважна мясцовы „матэрыял”. Зусім не здзіўляюць у гэтым пераліку такія сродкі, як мёд, салодкае (сметанковае) масла і курыныя жаўткі; іх можна таксама лічыць універсальнымі гаючымі сродкамі, якімі спрадвеку карысталіся людзі.

Мёд разам з імбірам у прыведзеным лячэбніку прапануецца ўжываць для лячэння ад залатушнага сыпу. У расійскай народнай медыцыне супраць залатухі прапануецца рэцэпт без імбіру[44]. Лекавы сродак у пазначаным складзе — мёд з імбірам — вядомы ў беларускай народнай медыцыне; яго ўжываюць, „калі ў дзіцяці баліць у роце”[45], хоць тут ужо размова ідзе пра іншыя хваробы.

Прыклад ужывання яечнага жаўтка менавіта для лячэння пухлін знайшоўся ў якутаў: „жаўток дапамагае пры пухлінах (яны разыходзяцца)”[46].

Мазь або „настой” з дажджавых чарвякоў, як падаецца, таксама шырока вядомыя ў народнай медыцыне розных народаў. У дадзеным рукапісе „чарвяковы сок” прапануецца як сродак пры „адніманні” ног ці рук. Аднак у іншых народаў падобныя лекі часцей выкарыстоўваліся для лячэння рэўматызму[47]. З вядомых апісанняў беларускай народнай медыцыны прыкладаў карыстання „чарвяковым сокам” не знайшлося, але ў некаторых выпадках (напрыклад, ад рожы) раілася расціраць чарвякоў паміж далоньмі і потым націраць хворае месца.

Цяжка ацаніць каштоўнасць жукоў у якасці лекаў. Можна толькі дадаць, што насякомыя таксама не былі рэдкасцю ў народнай медыцыне[48].

Але трэба заўважыць, што на працягу стагоддзяў гэтыя сродкі выкарыстоўваліся і вучонымі-медыкамі. У брашуры Л. І. Мінько (са спасылкай на даследаванне О. Говаркі і А. Кронфельда) паведамляецца: „Першыя аптэкі з’явіліся ў Беларусі ў XVI ст. У іх рыхтавалі і прадавалі лекі не толькі з раслін. Там можна было купіць у якасці лекаў каштоўныя камяні, сушаных жаб, кратоў, ласіныя рогі, капыты, рачыныя вочы, курыныя страўнікі, шчупаковыя зубы, змяіны яд і г.д.”[49].

Прымяняліся ў народнай медыцыне розных народаў і жывёльныя экскрэменты[50].

У рукапісе называюцца некалькі сродкаў мінеральнага паходжання: соль (1b:9; 3b:5), вокіс свінца (2а:16), свінцовыя бялілы (2а:18), горкая соль (3b:4), сода (3b:5, 7). Глаўберава (або горкая) соль была ў ХІХ ст. добра вядомая мясцовым фельдшарам у Беларусі і ўваходзіла ў абавязковы арсенал лекаў[51]. Вокіс свінца не сустракаецца ў вясковых знахарскіх парадах, але яго можна знайсці ў рукапісных лячэбніках. Як аптэчны тавар ён, відавочна, быў больш даступны для сярэдніх слаёў насельніцтва (пераважна гарадскога). Наогул аптэчныя матэрыялы для народнай медыцыны не характэрныя і, трэба думаць, амаль да канца ХІХ ст. былі даступнымі толькі для абмежаванага кола гараджан і шляхты.

Бывае, што ў некаторых выпадках цяжка правесці мяжу паміж лячэннем і магічным дзеяннем. Гэта датычыцца, напрыклад, парады ад трасцы (малярыі): „у новым гаршку жабу высушыць і з гарэлкай піць”. Выкарыстанне жабы менавіта як „лекавага” сродку вядомае розным народам[52]. Прыклад з беларускай народнай медыцыны: „Адзін чалавек пасаветаваў жабу вадзяную настаяць на гарэлцы і даць выпіць”[53]. Мазуры ў Сандамірскай Пушчы ўжывалі супраць ліхаманкі „ваду, у якой на працягу двух тыдняў мокла жаба”[54], а на Падоллі — „высушаную і сцёртую ў парашок жабу”[55]. Блізкі да гэтага спосаб лячэння трасцы існаваў на Палессі, дзе палілі на вуглях скуру вужа і дыхалі гэтым дымам[56].

Але выкарыстанне жабы таксама часта сустракаецца і ў магічных рытуалах. Прыклад апатрапеічнай (ахоўнай) магіі з гэтым кампанентам прыводзіцца ў Г. Папова: „Добрым сродкам, які прадухіляе ліхаманку, з’яўляецца таксама зашыванне ў ладанку высушанай і стоўчанай галавы змяі, або высушанай галавы жабы”[57]. А ў беларусаў ад ліхаманкі „носяць у анучцы на грудзях змяіную галаву”[58]. Звяртае ўвагу выкарыстанне ў магічных рытуалах ад малярыі жывёл, якія звязваюцца з вадой, багнай.

Тое, што ў нашым рукапісе жабу прапануецца высушваць у новым гаршку, нібы ўказвае на магічны аспект дзеяння. Аднак нельга выключыць, што гэтае патрабаванне, магчыма, выклікана толькі імкненнем атрымаць „чыстыя” лекі без дамешку рэшткаў ежы.

Іншы прыклад прамежкавага кшталту — рэцэпт ад „сухоты”. Тут мае значэнне, як будзе разумецца слова сухота. Часта яно ўжывалася для абазначэння туберкулёзу. Ад гэтай хваробы ў розных народаў ужываўся жывёльны тлушч, у тым ліку сабачы[59]. Такім чынам, парада ў татарскім лячэбніку нібы мае некаторы рацыянальны сэнс. Але існавала яшчэ адна хвароба, якая таксама пазначалася словам сухота (побач з іншымі назвамі). Гэтая „сухота”, або „сабачая старасць” часта „лячылася” магічнымі дзеяннямі, якія ўяўлялі сабой розныя спосабы „пераносу” хваробы з дзіцяці на шчаня.

Амулеты і замовы. У розных народаў часта выкарыстоўваліся ў якасці амулетаў і гаючых сродкаў вытрымкі са Святога Пісання або малітвы, напісаныя на

паперы ці іншым матэрыяле. Сярод мусульман досыць звычайнай справай было нашэнне выпісаных з Карана сураў[60]. Такія тэксты маглі адначасова выкарыстоўвацца і як замовы, што відаць з тэксту рукапісу Р404.

Вельмі цікавай падаецца замова, прыведзеная ў нашым лячэбніку (2а:6-9), тэкст якой уяўляе сабой незразумелы набор слоў, абракадабру. Паралеллю да гэтага можа служыць апавяданне пра знахара, які лячыў зубы замовамі, напісанымі на паперцы; калі адзін з пацыентаў, парушаючы забарону, разгарнуў паперку, то ўбачыў там тры словы: „камуна, амуна, мамуна”[61]. Амаль такія самыя парады з незразумелым наборам слоў давалі некаторыя беларускія знахары ад іншых хвароб. „Ат малірэі чытаць нада: ценёт, сатор, опера, ротас <…> пісаць на хлебе і на бумажкі, а тады тыя бумажкі глытаць”[62]. У якасці сродку ад „ліхаманкі” раілася з’есці кавалачкі цукру з напісанымі на іх словамі: раба, габа, баба[63].

Магічныя абрады. Ва ўсіх апісаных выпадках яўна прысутнічае імкненне звышнатуральнага ўздзеяння на нейкі аб’ект. Так, напрыклад, відавочна магічны сэнс мае рэкамендацыя адносна „чарнаты зубоў”[64]. Не выключана, што ў дадзеным месцы пад час перапіскі штосці было прапушчана, бо адсутнічае вельмі важны для магіі кантакт паміж аб’ектам уздзеяння (зубамі) і „пасярэднікам” (зубчыкамі солі). Хоць лексіка дадзенай парады (зубы зубчыкі) падказвае, што тут можа мець месца не кантактная, а імітатыўная магія[65]. Антыбактэрыяльная ўласцівасць солі шырока выкарыстоўвалася ў побыце і ў народнай медыцыне. Яе ачышчальныя магчымасці ўспрымаліся як звышнатуральныя, і таму соль часта сустракаецца ў магічных рытуалах як ачышчальны сродак. Але ў выпадку ўжывання солі пры зубным болю, не зважаючы на магічны характар дзеянняў, адначасова магло мець месца і яе звычайнае тэрапеўтычнае ўздзеянне[66].

Што ж датычыцца фінальных дзеянняў у гэтым рытуале „ачышчэння” зубоў, то яны, можна сказаць, класічныя для гаючай магіі: ачышчэнне агнём, у якім разам з „пасярэднікам”, на які была „перанесена” хвароба (у дадзеным выпадку — соль), павінна знікнуць і сама хвароба. У такіх рытуалах у якасці „пасярэдніка” маглі выкарыстоўвацца і іншыя рэчы, якія потым кідалі (або, як варыянт, замуроўвалі[67]) у печ. Як зазначаюць сучасныя даследчыкі, „канчатковае пазбаўленне ад хваробы шляхам яе спальвання практыкуецца народнай медыцынай і ў нашы дні”[68]. Можна вылучыць яшчэ адзін важны элемент многіх магічных рытуалаў — печ. Вось, напрыклад, парада, падобная да апісанай у татарскім лячэбніку: „Узяць бальшую соліну (соль-кусочак), пацярэць барадаўку і кінуць у печ, кагда топіцца, засланіць ілі закрыць (есьлі шчыт) і быстра адбегчы ат печы, штобы не чуць, как трэскаець соль”[69]. У больш сур’ёзных выпадках захворвання трэба было выкарыстоўваць „жывы” агонь, г. зн. cпецыяльна для гэтага здабыты шляхам трэння дрэва або выкрэсвання з крэменю[70].

Акрамя таго, звяртае на сябе ўвагу кругавы рух, які выступае як частка рытуалу. Ён з’яўляецца вельмі старажытным элементам магічных дзеянняў, што захаваўся з сівой даўніны. У этнаграфічных матэрыялах, якія фіксуюць розныя знахарскія парады, апісанне такіх дзеянняў сустракаецца вельмі рэдка[71]. У яго аснове ляжаць уяўленні пра кругавы рух прыроднага існавання, паўтаральнасць цыкла нараджэння — росквіту — смерці і магчымасць „адраджэння”. Ёсць згадкі пра магічныя рытуалы з абыходжаннем вакол агню ў цюркскіх народаў[72]. Можна выказаць меркаванне, што апісаныя ў рукапісе дзеянні ўзыходзяць да тых старажытных абрадаў, якія здзяйсняліся калісьці вакол адкрытага агню (абшчыннага вогнішча, ачагу і г. д.) і якія ўжо немагчыма было зрабіць вакол печы. Таму абыходзілі вакол хаты. Але гэтыя дзеянні маглі мець і іншы сэнс, звязаны непасрэдна з сімволікай дому і яго ахоўнай моцы.

Да магічных абрадаў належаць і парады ад абмірання (эпілепсіі). У рукапісе прысутнічаюць дзве рэкамендацыі, звязаныя з адзеннем. У адным выпадку яго трэба раздзерці і закапаць у яме, прыбіўшы да зямлі, а ў другім — спаліць. Шырока вядомыя розныя звычаі, калі з дапамогай кашулі (якая ўспрымаецца як „працяг цела”) выконваюцца нейкія дзеянні, накіраваныя на „вызваленне” ад хваробы: яе „скідванне” разам са знятым адзеннем[73] або „знішчэнне” праз раздзіранне, закопванне, спальванне адзення. У башкіраў бывала, калі раптоўна захворвала дзіця, маці здымала з яго кашулю, абносіла яе некалькі разоў вакол яго з пэўнымі словамі і потым выкідвала яе на скрыжаванні дарог[74]. У Польшчы (Познань) „хвораму на падучку раяць зняць кашулю, раздзерці знізу даверху і прыбіць цвікамі да сцяны”[75], а ў Беларусі — „раздзерці кашулю і павесіць яе на ростанях або на Божых пакутах (на распяцці)”[76].

Магічная, гаючая моц зямлі часта выкарыстоўвалася ў народнай медыцыне ўсходніх славян пры розных захворваннях[77]. Зямлю ўжывалі ўнутр і звонку. Зямля выступала ў магічных рытуалах як ачышчальная стыхія. Рэкамендацыя, падобная да прыведзенай у рукапісе, запісанная этнаграфічнай экспедыцыяй у Архангельскай вобласці: „От родимца: рвут рубашку младенца и закапывают ее под полом на том месте, где стоит кроватка”[78]. У некаторых выпадках хваробу „забівалі” (або „прыбівалі”) асінавым калом у зямлю[79]. Асабліва эфектыўнай супраць хвароб лічылася магільная зямля. З беларускіх парад: „Таму, у каго падучая хвароба, трэба пайсці на могілкі і забіць у свежую магілу ў поўнач асінавы кол. Праз некалькі дзён, таксама ў поўнач, прынесці гэты кол у хату”[80]. Даследчыкамі сярод усходнеславянскага насельніцтва таксама зафіксаваны розныя спосабы „пахавання” эпілепсіі. Так, напрыклад, пад час прыпадку ў хворага ад яго кашулі адразаюць шматок, які кладуць у труну перад пахаваннем; такую маніпуляцыю трэба было зрабіць 12 разоў[81]. Або такі спосаб: „Трэба, як умрэ чалавек, з таго чалавека, хто хворы, скінуць рубашку цельну. І трэба, як выкапаюць магілу, каб ніхто не бачыў, выкапаць яму на дне магілы, закапаць рубашку, каб не было відна. Патом стаўляюць на дно гроб с пакойнікам”[82]. У іншым выпадку кашулю клалі ў труну да нябожчыка[83].

Звычай спальвання адзення пры асабліва цяжкіх захворваннях быў вельмі распаўсюджаны сярод усходніх славян[84]. У ім можна ўбачыць, з аднаго боку, магічныя дзеянні, накіраваныя на „знішчэнне хваробы”, а з іншага — вынік эмпірычнага досведу (пры інфекцыйных захворваннях). У беларускай народнай медыцыне знаходзім: „Ад падучай як первы раз увідзіш, нада рубашку на тым скоранька разарваць і кінуць у печ, спаліць”[85].

Таксама не выклікае здзіўлення рэкамендацыя выпіць попел. У народнай медыцыне „моцнымі лекавымі ўласцівасцямі надзялялі і прадукты спальвання — попел і вуглі”[86]. У адных выпадках хвораму прапаноўвалі выпіць попел ад паперкі, на якой напісаная замова або малітва. У другіх — ад спаленай рэчы, якая была нейкім чынам звязаная з хваробай; напрыклад, укушанаму сабакам трэба было выпіць попел ад спаленага касмыля шэрсці гэтага сабакі[87].

Як магічныя трэба разумець і дзеянні, што выконваюцца на парозе (гл. у тэксце 2b: 15-17). Парог—вельмі важнае месца ў хатняй тапаграфіі, якое мае і сімвалічны, і сакральны сэнс. Тут часам адбываюцца некаторыя ачышчальныя працэдуры. Перанясенне іх сюды са звычайных месцаў падкрэслівае магічны сэнс гэтых дзеянняў. Вядомыя такія абмыванні на парозе ў беларусаў (ад „находа” ў дзяцей і ў дарослых)[88] і ў рускіх („Соберешь чашки, ложки, поварешки, скалы, мутовки, все складешь в решето и обкатишь водой на подпольном пороге. А потом этой водичкой ребеночка”[89]).

Звяртае на сябе ўвагу спосаб пазначэння лекавых „дозаў”, які сустракаецца ў даследаваным лячэбніку: [...] на 1 капейку, [...] на 3 капейкі. Гэта можна параўнаць з заўвагай Г. Папова: „Паняцце пра значэнне дозы <…> у некаторых выпадках замяняецца ўяўленнем, што дзеянне лекаў будзе надзейней, калі іх набыць у няцотнай колькасці залатнікоў, на няцотнылік капеек…”[90].

Як можна бачыць, большасць сродкаў, апісаных у даследаваным лячэбніку, — традыцыйныя для народнай медыцыны і часта сустракаюцца ў розных народаў. Таму іх цяжка звязаць з якой-небудзь канкрэтнай традыцыяй, славянскай ці цюркскай. Гэтыя веды можно было б пазначыць як універсальныя. Аднак некаторыя рэцэпты ў дэталях супадаюць з вядомымі рэцэптамі народнай медыцыны ўсходніх славян. Тое самае можна сказаць і пра рытуалы гаючай магіі, якія маюць паралелі ў народнай культуры ўсходніх славян. Акрамя таго, ужытыя назвы хвароб, безумоўна, тутэйшыя — беларускія ці польскія. А гэта значыць, што адкуль ні прыйшлі б гэтыя парады, у даследаваны рукапіс яны трапілі ўжо перапрацаванымі пад уплывам культуры славянскага (у першую чаргу беларускага) насельніцтва. Некаторыя русізмы (грашовыя абазначэнні, ужыванне слова водка замест гарэлка і інш.) сведчаць пра час стварэння тэксту рукапісу — не раней за другую палову XIX ст., калі ў Беларусі ўзмацнілася ўздзеянне рускай мовы.

Што можна сказаць пра ўладальніка гэтага лячэбніка?

Звычайна ў традыцыйнай народнай медыцыне вылучаюць два ўзроўні: уласна народны і знахарскі. Што датычыцца першага, то ён ахопліваў найбольш шырокія слаі насельніцтва і ўяўляў сабой шматвяковы досвед народа, вынік яго назірання за навакольным асяроддзем. Знахары вылучаліся сярод астатніх людзей большым аб’ёмам ведаў, якія часта захоўваліся ў сакрэце і перадаваліся толькі блізкім. У татараў былі свае знахары — фалдзеі. З дапамогай фала — спецыяльнага варажбітнага тэксту—яны даведваліся, якая варожая істота (дух) вінаватая ў захворванні чалавека, і ўздзейнічалі на яе[91]. Змест дадзенага лячэбніка не характэрны для фалдзейскіх тэкстаў.

Нельга таксама выключыць магчымасці пранікнення ў асяроддзе беларускіх татараў медыцынскіх ведаў (зразумела, у невялікім аб’ёме, на ўзроўні асобных рэцэптаў), дзякуючы навучанню ў медрэсе іншых мусульманскіх рэгіёнаў[92]. Такім чынам, сюды маглі пранікнуць некаторыя каліўцы медычнай навукі Ібн Сіны (Авіцэны). У яго „Медычным каноне” можна знайсці амаль усе тыя лекі, што і ў рукапісе Р404, можна нават заўважыць блізкасць некаторых рэцэптаў да прапанаваных у татарскім лячэбніку. Аднак адсутнасць уласна ўсходняй (арабскай) медыцынскай тэрміналогіі ў тэксце рукапісу Р404 паказвае, што гэтыя парады прыйшлі іншым шляхам, а не праз мусульманскую адукацыю. Магчыма, гэта адбывалася праз прамежкавыя заходнія (або расійскія перакладныя з заходніх) лячэбнікі. Тое, што ў даследаваным рукапісе прыведзены ў якасці замовы вытрымкі з Карана, сведчыць толькі пра прыналежнасць уладальніка да ісламу.

Як ужо было заўважана, некаторыя асаблівасці прапанаваных лекаў (імпартныя прадукты, аптэчныя тавары) указваюць на прадстаўніка (ці прадстаўніцу) сярэдніх слаёў — дробнай шляхты або заможных гараджан, але, відавочна, з не вельмі высокім узроўнем адукацыі, з-за чаго ў рукапісе апынуліся і запісы магічных рытуалаў і даволі „экзатычныя” рэцэпты.

Гэты лячэбнік, зразумела, не паказвае ўвесь вядомы ўладальніку дыяпазон лекавых сродкаў, якія ўжываліся ў тыя часы ў татарскім асяроддзі, і хвароб, ад якіх лячыліся. Шмат іншых рэцэптаў і працэдур, добра вядомых з дзяцінства, відавочна, захоўвалася ў памяці, і іх не трэба было запісваць. Але і тое, што прыведзена, дазваляе зрабіць вельмі цікавыя назіранні і ўбачыць разнастайныя культурныя ўплывы. Відавочна, больш поўная карціна народнай медыцыны беларускіх татараў атрымаецца, калі сабраць і суаднесці ўсе лячэбныя (знахарскія) парады і рэцэпты з розных татарскіх рукапісаў.


[1] Адзіны вядомы нам артыкул на гэтую тэму: Tyszkiewicz J. Ubóstwo leków naturalnych, stosowanych przez tatarów litewsko-polskich i przyczyny tego zjawiska // Historia leków naturalnych / pod red. B. Kuźnickiej. T. II. Natura i kultura współzależności w dziejach lekoznawstwa. Warszawa, 1989.
[2] Адна з катэгорый рукапісаў беларускіх татараў побач з кітабамі, тафсірамі, таджвідамі і інш. Гл., напр.: Антонович А.К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968.
[3] Kożynowa A., Tarełko M. Realizacja funkcji magicznej w tekście jednego chamaiła // Etnolingwistika. Lublin, 2001. № 13.S. 231—246. Як можна бачыць з назвы, першапачаткова гэтырукапіс успрымаўся як хамаіл.
[4] У артыкуле таксама была прыведзена транслітарацыя тэкстół яго запіс сучасным польскім алфавітам. Пры гэтым цытатыз Карана былі перакладзены з арабскай мовы на польскую.
[5] Транслітарацыя друкуецца другі раз, таму што ў яе першым варыянце (у згаданым вышэй артыкуле; гл. заўвагу 3) былівыяўлены памылкі і недакладнасці.
[6] Два апошнія (паводле цяперашняй нумарацыі) аркушы пустыя.
[7] Слова babka мае некалькі значэнняў, напр., ‘трыпутнік’, аднаквельмі верагодна, што яно ўжытае тут у іншым (невядомым нам) значэнні, а выраз яловай кары з’яўляецца азначэннем да яго.Параўн. Бапкі, бабкі — „мох, які расце на саламяной страсе” і прыклад ужывання гэтага слова „Трэба бабак нарэзаць дзіця напарыць” (Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Т. 1. Мінск, 1979. С. 166).
[8] Што такое жабіна (?) нечыстата, а тым больш жабіны ночвы, застаецца незразумелым.
[9] Незразумелым застаецца, што такое мучное (?) вотруб’е і як з яго можна зрабіць алей. Справа ўскладняецца тым, што прыметнік ад назоўніка mąka ‘мука’ ў польскай літаратурнаймове гучыць не *mąkawy, што адпавядала б [menkovaj] удадзеным тэксце, а mączny.
[10] Ва ўсіх астатніх выпадках прыназоўнік od ‘ад’ у пачатку сказа ўказвае на хваробу (1а:1, 9, 15; 1b:1, 4; 3a:10). Гэта робіць верагодным тое, што назва хваробы тут прапушчаная.
[11] Таксама малазразумелым падаецца выраз зубчыкі солі. Можа быць, тут мае месца пропуск, і першапачаткова тэкст выглядаў, напрыклад, так: тры зубчыкі [часнаку] і солі, — з улікам таго, што часнок часта згадваецца ў парадах па лячэнні зубоў; гл., напр.: Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі; уклад., прадм. і паказ. Т. В. Валодзінай; навук. рэд. А. С. Ліс. Мінск, 2007. С. 439; Палявыя этнаграфічныя матэрыялы // Полацкі этнаграфічны зборнік. Вып. 1. Народная медыцына беларусаў Падзвіння. У 2 ч. / склад. А. У. Лобач, У. С. Фліпенка. Наваполацк. Ч. 2. С. 140, 150, 319.
[12] Каран 36:79-80 з адхіленнямі ад кананічнага тэксту: 1. Ён ведае кожную рэч замест Ён ведае кожнае стварэнне (пад уплывам таго, што выраз „Ён ведае кожную рэч” часта сустракаецца ў Каране: сура 2, аяты 29, 231, 282 і г.д.); 2. яны замест вы, што прыводзіць да недапасавання па асобе з наступным дзеясловам запальваць.
[13] У радках 2a:6—9 асобныя словы безумоўна маюць арабскае паходжанне. Аднак большая частка гэтага тэксту не паддаецца інтэрпрэтацыі, будучы, верагодна, пазбаўленым сэнсу набора слоў.
[14] Каран 39:54.
[15] Памылковы паўтор; гл. папярэдні радок.
[16] Трэба лічыць, што перад выразам за капейку ёсць пропуск, і таму робіцца незразумелым, што каштуе адну капейку.Верагодна, тут два разы было ўжытае слова касцей, што і стала прычынай пропуску.
[17] Окісь свінца. Ад нямецкага Sielber ‘срэбра’i Glette ‘глёт’. Параўн. „Глет, окись свинца, PbO, наз. также зильберглетом, потому что образуется при добыче серебра (Sielber) из свинцовых руд”(Энциклопедический словарь Т-ва „Бр. А. и И. Гранат и К”,7-е изд. Т. 15. С. 131-132).
[18] Або barlinac. Значэнне не вызначанае.
[19] Пераклад гіпатэтычны. Ці сапраўды слова [dovbn′eju] трэбаразумець як назву прыстасавання для забою скаціны, убівання чаго-небудзь або выканання рознай сельскагаспадарчай працы,застаецца незразумелым. Гэта можа быць і прыметнік.
[20] У значэнні ‘абхапіўшы’?
[21] Ужытае тут слова (дзеяслоў у форме інфінітыва?) не паддаецца інтэрпрэтацыі. Яно можа быць прачытанае як [b′erl′en′ic′], або[b′erl′in′ec′], або [berl′in′ec].
[22] Застаецца незразумелым, што піць і як можна піць з-за парога.
[23] У народных рэцэптах супраць каўтуна часта сустракаецца амела. „Бярэцца каўтун (омела) — асобенна утрам, да сходу сонца, становицца у чугун у пець и стаить да заходу сонца. И тады зайде сонцэ, поставяць чугун на бок у порога и помиюць голаву” (Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 417); „Коўтуны йе на берэзе, на хвойніке. Коўтуном лечаць от коўтуна і варять, голову мочать і пьють…” (тамсама, с. 426). ho[ri]?
[24] Хоць мы не знайшлі ні ў беларускай, ні ў польскай мове лексемы [dyxofka], няма падставаў сумнявацца, што гэтае слова — дыялектная назва дыхавіцы (польск. dychawica). Параўн. польскае дыялектнае dychawka (Karłowicz J. Słownik gwar polskich: У 6 т. T. 1. Kraków, 1929. S. 407).
[25] Відавочна памылковы паўтор; гл. папярэдні радок.
[26] Форма дзеяслова [dozešla], якую мы пераклалі як „дайшла” можа быць патлумачана як характэрнае для пальшчызны крэсовай утварэнне з плеанастычнымі прэфіксамі (Kurzowa Z. Język polski Wileńszczyzny i kresów północno-wschodnich XVI—XX w. Warszawa — Kraków, 1993. S. 159).
[27] Кручок — устар.: 1) чарка на 50 г., 2) бутэлька мерай на 1/8 л, 3)мера вадкасці на 250 г., 4) бутэлька ёмкасцю 100 г. (Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 5. Мінск, 1989. С. 127).
[28] Тое, што пад абміраннем маецца на ўвазе перш за ўсё эпілепсія, відаць, паміж іншым, з прыкладу ўжывання гэтага слова ў дыялектным слоўніку: „Абміраіць чалавек, падучая балесць у яго” (Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Т. 1. Мінск, 1971. С. 37).
[29] Значэнне не высветленае. Гл. заўвагу да перакладу 1а:1.
[30] Значэнне не высветленае. Гл. заўвагу да перакладу 1а: 14.
[31] Гл.: Груздев В. Ф. Русские рукописные лечебники. Ленинград, 1946. Аўтар прыводзіць дадзеныя па расійскіх лячэбніках, але ўказвае на заходняе (у прыватнасці польскае) паходжанне некаторых з іх.
[32] У зборніку этнаграфічных матэрыялаў „Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка” (Мінск, 2007) імбір згадваецца чатыры разы ў розных рэцэптах.
[33] Попов Г. Русская народно-бытовая медицина. С.-Петербург, 1903 (рэпрынт. перавыд.). С. 310. Можна таксама дадаць, што ў рукапісных расійскіх лячэбніках XVII—XVIII ст., значная частка якіх была перакладам замежных кніг, імбір згадваўся даволі часта; гл.: Груздев. Русские рукописные лечебники.С. 59, 62.
[34] Так, напрыклад, імбір уваходзіў у лік раслін, якія часта выкарыстоўваліся ў народнай медыцыне арабаў-бедуінаў (гл.: Абу-Рабия А. Лекарственные растения у бедуинов //Традиционная этническая культура и народные знания. Матер. междунар. конф. Москва, 1996. С. 1).
[35] Вядома, што башкіры ўжывалі гэтую расліну пры нарывах; гл.: Гумаров В. З. Башкирская народная медицина. Уфа, 1985.С. 64.
[36] Минько Л. И. Народная медицина Белоруссии. Минск, 1969.С. 42.
[37] Гл. заўв. 2.
[38] Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 303, 305. У навуковай літаратуры, прысвечанай беларускай народнай медыцыне, прыкладаў ужывання бурачных лістоў у якасці лекаў не зафіксавана.
[39] Гл., напр.: Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка.С. 180, 199.
[40] Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 310.
[41] Гл.: Гумаров. Башкирская народная медицина. С. 14.
[42] Гл., напр.: Груздев. Русские рукописные лечебники. С. 59, 63,66.
[43] Пра такія працэдуры ў башкіраў гл.: Гумаров. Башкирская народная медицина. С. 50.
[44] “…Считается полезным при золотухе… есть мед, чтобы золотуха вышла наружу”. (Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 314.)
[45] Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 282,466.
[46] Григорьева А.М. Народное врачевание в Якутии (XVII—XX вв.). Москва, 1996. С. 80.
[47] Напрыклад, „сокам” з чарвякоў лячылі рэўматызм у наваколлі Львова; вядомы ён быў і ў немцаў; гл. пра гэта: Biegeleisen H. Lecznictwo ludu Polskiego. Kraków, 1929. S. 204. Г. Папоў апісвае спосаб, якім выраблялася „глістнае масла” („сок” дажджавых чарвякоў) у Казанскай губерні; гл.: Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 299. Пра ўжыванне „настою з чырвоных дажджавых чарвякоў” у якутаў гл.: Григорьева А.М. Народноев рачевание в Якутии, с. 70.
[48] Параўн.: „Пры затрыманні газаў трэба праглынуць тры жывыя цį нежывыя мухі (іншыя кажуць—пяць)”. Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 472.
[49] Минько. Народная медицина Белоруссии. С. 25.
[50] Даследчыкі згадваюць такога кшталту „лекі” і ў славян (гл., напр.: Попов Г. Русская народно-бытовая медицина, с. 281—284),і ў іншых (вельмі аддаленных ад Беларусі) народаў: Григорьева. Народное врачевание в Якутии. С. 78, 84; Аршба С. Г. Народная медицина абхазов (конец XIX—XX вв.). Автореф. дис. канд.ист. наук. Москва, 2005. С. 14.
[51] Дихтяр С. Р. Материалы из истории медицинских организаций Белоруссии. Минск, 1927. С. 33.
[52] А. М. Грыгор’ева паведамляе пра досыць шырокі спектр ужывання жабы ў народнай медыцыне якутаў; гл.: Григорьева.Народное врачевание в Якутии. С. 81.
[53] Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 220.
[54] Biegeleisen H. Lecznictwo ludu Polskiego. Kraków, 1929. S. 325.
[55] Іbidem.
[56] У беларускай народнай медыцыне наогул існавала вялікае мноства спосабаў і рэцэптаў ад малярыі, што было звязана з шырокім распаўсюджаннем гэтай цяжкай хваробы. Значная колькасць „лекаў” уяўляла сабою смярдзючыя і вельмі агідныя на смак рэчывы; гл.: Минько. Народная медицина Белоруссии. С. 55. Такі спосаб лячэння малярыі быў вядомы і расійскай народнай медыцыне: «Для „вытравления” болезни дают пить „разные гадости”, чтобы рвотой удалить „гнездо болезни”» (Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 280-281).
[57] Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 189.
[58] Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 220.
[59] Пра ўжыванне ў беларускай народнай медыцыне сабачага тлушчу ад „сухоты” згадвае Л.І. Мінько (гл.: Минько. Народная медицина Белоруссии. С. 70). Ад „сухоты, сабак елі. Нада сабачча гняздо з’есці, сабак рэжуць, ядуць” (Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 266).
[60] С. Г. Аршба піша, што ў Абхазіі ў мясцовасцях са змешаным мусульманска-хрысціянскім насельніцтвам такія амулеты з каранічнымі сурамі насілі нават хрысціяне. Гл.: Аршба. Народная медицина абхазов. С. 19.
[61] Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 65.
[62] Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 217.
[63] Тамсама.
[64] У выглядзе цёмных плямаў на зубной эмалі праяўляюцца розныя паталагічныя працэсы (напр., флюароз, некроз эмалі).
[65] Аналогія, але звязаная з іншай хваробай — ячменем, паказвае, что такое меркаванне цалкам дапушчальнае. Замова ад ячменю: „Три зернышка жита на пецку кладу. Как эти желтинки треснут, так и мой песий сосок пропадет”. Гл.: Встану я благословясь… (Лечебные и любовные заговоры, записанные в части Архангельской области) / Изд. подгот. Ю. И. Смирновым и В. Н. Ильинской. Москва, 1992. С. 52.
[66] Параўн.: „Пры зубным болю вымаўлялася замова на соль, а соль клалі на зуб” (Встану я благословясь… С. 40).
[67] «Из третьего бревна спицу взять, на нее кровь из того зуба,что болит. Спицу в печь замуровать. Когда засохнет кровь, уймется зуб, навек утихнет» (Встану я благословясь… С. 55).
[68] Філіпенка У. С. Сімвалічныя (магічныя) прыёмы прафілактыкі, дыягностыкі і лекавання хвароб у беларусаў Падзвіння //Полацкі этнаграфічны зборнік. Ч. 1. С. 39.
[69] Расонскі сшытак // Полацкі этнаграфічны зборнік. Ч. 1. С. 146.
[70] Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 192—193.
[71] У матэрыялах з Архангельскай вобласці згадваецца рытуал ачышчэння дзіцяці ад „усіх хваробаў”, пры якім маці тройчы абыходзіць яго па сонцы (Встану я благословясь… С. 39).
[72] Напрыклад, ваджэнне або нашэнне хворага вакол агню назіралася ў башкіраў; гл.: Гумаров. Башкирская народная медицина. С. 58.
[73] Разнастайныя прыклады такога кшталту гл., напр.: Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 210.
[74] Руденко С. И. Башкиры. Историко-этнографические очерки.Москва — Ленинград, 1955. С. 324.
[75] Biegeleisen H. Lecznictwo ludu Polskiego. Kraków, 1929. S. 204.
[76] Ibidem.
[77] Мноства прыкладаў такога кшталту прыводзіць Г. Папоў; гл.Попов. Русская народно-бытовая медицина, с. 201.
[78] Встану я благословясь… С. 33. Аналагічны прыклад прыводзіць Г. Папоў (Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 222).
[79] Такі абрад супраць грыжы апісвае Г. Папов (Попов Г. Русская народно-бытовая медицина. С. 208).
[80] Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 383.
[81] Попов Г. Русская народно-бытовая медицина. С. 208.
[82] Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 383-384.
[83] Тамсама, с. 384.
[84] “Как выражение уничтожающих свойств огня, в некоторых местах сохранился обычай сжигать одежду с больного…” (Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 194).
[85] Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка. С. 397.
[86] Філіпенка У. С. Сімвалічныя (магічныя) прыёмы прафілактыкі, дыягностыкі і лекавання хвароб у беларусаў Падзвіння //Полацкі этнаграфічны зборнік. Ч. 1. С. 39.
[87] Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 213.
[88] Расонскі сшытак // Полацкі этнаграфічны зборнік. Ч. 1. С. 144.
[89] Встану я благословясь… С. 39.
[90] Попов. Русская народно-бытовая медицина. С. 295.
[91] Aleksandrowicz M. Legendy, znachorstwo, wr’żby i gusła ludu muzułmańskiego w Polsce // Rocznik tatarski. T. II. Zamość, 1935.S. 371-373.
[92] „В бухарских медресе изучались следующие науки: этимология и синтаксис арабского языка, логика, основы ислама, философия, состоявшая из богословия и медицины, и законоведение —фикх” (С. Айни. Воспоминания. Москва — Ленинград, 1960.С. 197).

Наверх

Леанід Зашкільняк. „Паверхі“ і „лесвіцы“ сучаснай украінскай гістарыяграфіі

16 чэрвеня, 2009 |


Метафарычная назва гэтага эсэ тлумачыцца спробай даць агульную характарыстыку сучаснага стану ўкраінскай гістарыяграфіі. У цэлым гэта справа няўдзячная, паколькі за гады ўкраінскай незалежнасці гісторыяпісанне зрабілася такім разнастайным і шматколерным, што звесці яго да якіх-небудзь тыповых груп вельмі складана. Тым не менш, суб’ектыўны погляд на тое, што мы называем сучаснай украінскай гістарыяграфіяй, можа быць у нечым карысны. Трэба дадаць, што ў навуковай перыёдыцы да пытанняў сучаснай гістарыяграфічнай творчасці звярталася нямала прафесійных гісторыкаў, гэтая праблематыка неаднаразова абмяркоўвалася на канферэнцыях, кангрэсах і семінарах[1]. A адзін польскі гісторык — Томаш Стрыек — прысвяціў ёй фундаментальную навуковую манаграфію[2].

Спачатку некалькі агульных штрыхоў. Ад Украінскай ССР незалежная Ўкраіна атрымала ў „спадчыну” савецкую версію „гісторыі Ўкраінскай ССР”, складзеную на аснове сацыяльна-эканамічнага дэтэрмінізму і кампартыйнай ідэалогіі, а таксама шматлікі корпус прафесійных гісторыкаў, сярод якіх асноўную частку складалі гісторыкі КПСС і даследчыкі з так званых кафедраў грамадскіх навук. Гэты корпус гісторыкаў, які складаў амаль палову ад усіх спецыялістаў, як, зрэшты, і большасць іншых савецкіх гісторыкаў, меў шэраг характэрных рысаў, сярод якіх трэба ў першую чаргу вылучыць: ідэалагічную індактрынацыю ў рэчышчы вульгарнага марксізму- ленінізму з яго аптымістычнай верай у грамадскі прагрэс і абавязковай знешняй і ўнутранай цэнзурай; невысокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі пры рабоце з крыніцамі; ігнараванне сусветных тэндэнцый у развіцці гістарычнай думкі і найноўшых метадалогій; адсутнасць сур’ёзных міжнародных кантактаў і няведанне замежных моў. Адным словам, украінская гістарыяграфія мела ўсе рысы правінцыяльнай гістарыяграфіі нават у межах СССР, дзе ўсе найлепшыя сілы і даследчыцкія магчымасці былі засяроджаны ў Маскве. Усё гэта я прыгадваю толькі для таго, каб растлумачыць наступныя тэндэнцыі ў развіцці нацыянальнай гістарыяграфіі.

Пасля абвяшчэння незалежнай Украіны сталася так, што за размовамі пра рэформы і дэмакратызацыю была захавана і нават „удасканалена” ўся інфраструктура гуманітарных ведаў. У першую чаргу былі рашуча замацаваны сувязі вучоных з дзяржавай і іх залежнасць ад яе: пакінута дзяржаўная Акадэмія навук з яе шматлікімі інстытутамі, сістэма вышэйшай універсітэцкай адукацыі, сістэма народнай асветы. Змены закранулі толькі тэматыку гістарычных даследаванняў, напаўненне навучальных праграм ВНУ і школ. Астатнія змены мелі чыста дэкаратыўны ці наогул кан’юнктурны характар (напрыклад, заснаванне „нацыянальных” інстытутаў і універсітэтаў, эксперыменты са зместам навучальных праграм і г.д.).

Што ж да гісторыі і гістарычных ведаў, то яны апынуліся пад магутным прэсам ідэалогіі і палітыкі. Але гэтым разам гаворка ішла не пра „саветызацыю” мінуўшчыны, а пра яе „нацыяналізацыю”[3]. Здавалася, што ў гэтым няма асаблівай праблемы і сам час загадаў „перапісваць” гісторыю з новых метадалагічных і ідэалагічных пазіцый, якія б легітымізавалі новыя суб’екты міжнароднага жыцця — украінскую нацыю і дзяржаўнасць. Аднак для гісторыі гэта павярнулася дзвюма нечаканымі з’явамі. Па-першае, у пошуках схемы і канцэпцыі нацыянальнай гісторыі не знайшлося альтэрнатывы версіям М. Грушэўскага і В. Ліпінскага — гісторыкаў пачатку XX ст., якія жылі і дзейнічалі ў зусім іншых грамадскіх і інтэлектуальных умовах. Па-другое, прапанаваная і, зрэшты, рэалізаваная цяпер версія „нарматыўнай” гісторыі Ўкраіны, або яе канон, мала чым адрозніваецца ад „марксісцка-ленінскага” погляду на мінуўшчыну Ўкраіны і ўкраінцаў; ёй уласцівы ўсе вызначальныя рысы лінейнасці, тэлеалагізму, функцыяналізму, заканамернасцяў гістарычнага працэсу, якія мы знаходзім і ў Гегеля, і ў Маркса, і ў савецкай гістарыяграфіі. І адрознівае яе ад іх толькі тое, што на месца „абсалютнага духу” або „прагрэсіўнага” класа ды класавай барацьбы пастаўлена нацыя і нацыянальная барацьба, якая паспяхова і „заканамерна” завяршаецца на адной стадыі з набыццём Украінай незалежнасці, каб перайсці да наступнай — вышэйшай, г.зн. да будаўніцтва грамадства „ўсеагульнага дабрабыту”. (За адным разам можна згадаць, што ў 1993 г. зусім сур’ёзна ў Міністэрстве адукацыі Ўкраіны разглядалася пытанне пра замену універсітэцкага курса „навуковага камунізму” курсам „навуковага нацыяналізму”, але, на шчасце, хапіла розуму, каб адмовіцца ад такой задумы.) Здавалася б, што ж у гэтым дрэннага? Бо няма ж сумненняў у тым, што для пераадолення вынікаў працяглай савецкай прапаганды і выкаранення ўстарэлых гістарычных стэрэатыпаў неабходна сканструяваць такую версію ўкраінскай мінуўшчыны, якая б адпавядала мэтам фарміравання нацыянальнай свядомасці насельніцтва і легітымацыі ўкраінскіх дзяржаўніцкіх памкненняў. Аднак выявілася цікавая акалічнасць: украінская нарматыўная гістарыяграфія, створаная найлепшымі гісторыкамі Ўкраіны (якая пакладзена ў аснову універсітэцкіх і школьных праграм), мала чым адрозніваецца ад версіі гісторыі Ўкраінскай ССР з пункту гледжання падбору і селекцыі матэрыялу, міфалагічнасці асноватворных пабудоваў, замоўчвання нявыгадных момантаў, фальсіфікацыі дакументальных матэрыялаў і г.д. Іншымі словамі, сучасная нарматыўная версія гісторыі Ўкраіны з’яўляецца аднабока этнацэнтрычнай, гераізаванай, заснаванай на ідэалізацыі ўсяго ўкраінскага і проціпастаўленні яму ўсяго неўкраінскага, г.зн. цалкам міфалагізаванай версіяй неарамантычнага плана[4]. У выніку мы маем нацыянальную выхаваўчую гісторыю, якая з навуковага пункту гледжання не вытрымлівае крытыкі, а з грамадзянскага — фарміруе небяспечныя тэндэнцыі нацыянальнага эгаізму, сацыяльнага калектывізму і падпарадкавання асобы грамадзе, антыдэмакратызму, а горш за ўсё — спараджае канфлікт гістарычнай памяці насельніцтва розных рэгіёнаў Украіны.

Але вернемся да зыходных пазіцый. Пасля 1991 г. поўнасцю знікла палітычная цэнзура, часткова адкрыліся архіўныя сховішчы і палегчыўся доступ да дакументальнай базы, стварыліся спрыяльныя ўмовы для работы гісторыкаў. Гэта прывяло да двух важных працэсаў у гістарычным спазнанні. З аднаго боку, пачалося актыўнае вывучэнне і публікацыя дакументальных матэрыялаў, у першую чаргу на тэму замоўчваных раней праблем мінуўшчыны Ўкраіны і яе ўзаемаадносінаў з іншымі народамі, у тым ліку ў складзе СССР. Гэты працэс працягваецца да цяперашняга часу, і яму не відаць канца-краю; яго плёнам сталі шматлікія дакументальныя публікацыі па ўсіх перыядах нацыянальнай гісторыі, перш за ўсё па гісторыі ўкраінскага казацтва і гетманшчыны, Украінскай рэвалюцыі 1917-1920 г., таталітарнага тэрору ў гады УССР, Галадамору 1932-1933 г., нацыянальна-вызваленчага руху ў гады Другой сусветнай вайны і г.д. З другога боку, новая база крыніц, якая давала значную прастору для новых сучасных інтэрпрэтацый, дазволіла досыць лёгка і хутка рыхтаваць ды абараняць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі за кошт „закрыцця” так званых белых і чорных плям мінуўшчыны без асаблівых намаганняў у справе іх асэнсавання — у цэнтры ўвагі апынулася ўкраінская этнічная супольнасць, праз эвалюцыю якой разглядаліся ўсе грамадскія з’явы. Такія дысертацыі масава абараняліся і абараняюцца дагэтуль без асаблівых намаганняў паводле выпрацаванага ў старыя „знаёмыя” часы шаблону: іх назвы, як правіла, гавораць самі за сябе, паколькі пачынаюцца са слоў „барацьба за…”, „нацыянальны рух у…”, „уклад украінцаў у…” і г.д. Як правіла, у такіх дысертацый ёсць „лагічная” мэта, якая робіцца арыенцірам, — паказаць барацьбу ўкраінцаў за незалежнасць, за культуру, супраць нацыянальнага прыгнёту, супраць таталітарных рэжымаў і да т.п. У выніку гэтага маем, што ў 1992-2002 г. гісторыкі абаранілі 192 доктарскія і 1243 (!) кандыдацкія дысертацыі, што склала прыблізна 33% ад усіх доктарскіх і 33% ад усіх кандыдацкіх дысертацый, абароненых ва Ўкраіне па ўсіх спецыяльнасцях[5]. Калі ў канцы 1980-х г. было больш як 3 тысячы дыпламаваных гісторыкаў, дык у канцы 2000-х г. ва Ўкраіне працуюць ужо больш як 6 тысяч дыпламаваных гісторыкаў (кандыдатаў і дактароў навук).

Як бачым, ёсць „статыстыка росту”, ёсць здабыткі ў канструяванні скразной схемы гісторыі Ўкраіны, якая сёння ўведзена ў сістэму вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Але за ўсім гэтым стаіць небяспечная тэндэнцыя дэпрафесіяналізацыі гістарычнай галіны як такой праз схематызацыю „вытворчасці” псеўданавуковых дысертацый і стварэння разгалінаванага дзяржаўнага апарату „ідэалагічных змагароў”, якія будуць выконваць любы заказ улады. А гэта азначае, калі гаварыць словамі вядомага расійскага гісторыка Ю. Афанасьева, што «мінуўшчыну зноў трэба „падчышчаць”, з яе зноў трэба выдаляць вельмі шмат таго, што не працуе на патрэбу бягучага моманту, і, адпаведна, дадаваць тое, чаго ўсім сёння так моцна хочацца»[6]. Такая пазіцыя, як падаецца, несумяшчальная з прынцыпамі і этыкай навуковай дзейнасці.

3 іншага боку, грамадства патрабуе пэўнай гістарычнай памяці, без якой не можа існаваць ніводная сацыяльная супольнасць, у тым ліку і нацыя. Таму можна сказаць, што галоўная праблема, з якой сутыкнулася ўкраінская гістарыяграфія пасля 1991 г. і якая працягвае існаваць дагэтуль, заключаецца ў тым, што ўкраінскія гісторыкі зразумелі сацыяльны выклік толькі як „перапісванне” гісторыі і не звярнулі ўвагі на сутнасць праблемы — як яе перапісваць. Таму крызіс сучаснай постсавецкай гістарыяграфіі не з’яўляецца крызісам навукі, а ёсць, паводле выказвання вядомага ўкраінскага гісторыка Н. Якавенкі, крызісам „ідэнтычнасці гісторыка”, крызісам вычарпання макрасацыяльных схем гістарычнага працэсу, якія ўжо даўно не задавальняюць навуку і вучоных[7]. Да яго дадаецца яшчэ і крызіс гістарычнай памяці грамадства, падзеленага на працягу многіх дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў у цывілізацыйных адносінах, — памяці, арыентаванай на „асаблівую” гістарычную місію „паміж Захадам і Ўсходам”, і памяці, што грунтуецца на еўрапейскім вопыце вырашэння грамадскіх праблем.

3 гэтай нагоды нельга не сказаць хоць колькі слоў пра сучасную сусветную эпістэмалагічную сітуацыю, якая вымушае і нас, гісторыкаў, па-новаму зірнуць на мінулую рэальнасць. Гаворка ідзе аб працэсах змены светапогляду і мыслення ў канцы XX – пачатку XXI ст., якія атрымалі такую непапулярную ў сяго-таго назву пераходу ад „мадэрну” да „постмадэрну”, або ад „мадэрнісцкага” вобраза навукі да „постмадэрнісцкага”. Калі сцісла падагульніць адрозненні паміж гэтымі вобразамі, то варта канстатаваць, што „мадэрнізм”, спалучаны з „матэматызацыяй навукі”, успрымае свет як аб’ект пераўтварэння дзеля людской „карысці”, „прыватызуе” яго ў адпаведнасці з прынцыпамі канструявання. „Постмадэрнісцкае” бачанне фарміруе зусім іншы вобраз навукі, вобраз, заснаваны на „дэканструкцыі” сацыякультурных уяўленняў, што ўтрымліваюцца ў мове; гэтыя ўяўленні становяць сабой „армію метафар”, якія нараджаюцца ў выніку кожнай паслядоўнай спробы высветліць стан свету на гэты канкрэтны момант і якія ў іншым часавым вымярэнні ператвараюцца ў „літаратурныя фікцыі”, міфалогію. „Постмадэрнізм” канстатуе адну істотную ісціну: „свет як з’яву” немагчыма адлюстраваць у форме ўсёахопнай „абсалютна праўдзівай тэорыі”. У такіх умовах застаецца толькі адна магчымасць спазнання — інтэрпрэтаваць, вытлумачваць свет пры дапамозе мовы („наратыву”). Але любое быццё, якое можна інтэрпрэтаваць пры дапамозе мовы, будзе „тэкстам”, а сам свет паўстае як своеасаблівы тэкст. „Нішто не існуе па-за тэкстам, — сцвярджаюць постмадэрністы, — або па-за пэўным тэкстам існуюць толькі іншыя тэксты”[8].

Для гісторыка гэтыя вывады безумоўна важныя, паколькі гаворка ідзе пра „адсутную” рэальнасць і канструктыўныя здольнасці чалавечага розуму. Гісторык заўсёды сам „стварае” гісторыю ў адпаведнасці са сваімі светапогляднымі пазіцыямі і сацыяльным становішчам. Але гэты інтэлектуальны працэс у прафесійных колах накіраваны перш за ўсё на рэканструкцыю светапогляду і свядомасці (менталітэту) гістарычных актараў мінуўшчыны, а не на прыпісванне ім сучасных уяўленняў. Іншымі словамі, гісторык сутыкаецца сёння з адной з найскладанейшых спазнавальных праблем — праблемай рэканструкцыі стану свядомасці (і падсвядомасці) людзей мінуўшчыны, а значыць, і тагачаснай сацыяльнай рэальнасці праз расшыфроўку зместаў і значэнняў мовы. Такая гісторыя значна больш глыбокая і праўдзівая, але яна заўсёды з’яўляецца своеасаблівай мікрагісторыяй.

Такім чынам, можна канстатаваць, што ўкраінскія гісторыкі за амаль дваццаць гадоў існавання без цэнзурна-таталітарнага ціску, па-першае, стварылі, або, лепш сказаць, крыху мадэрнізавалі схему скразной і працяглай гісторыі „ўкраінскага народа”, прапанаваную яшчэ на пачатку XX ст. Гэтая схема актыўна служыць нарматыўнай асновай для дысертацый, кніг, падручнікаў, папулярнай літаратуры. Яна з’яўляецца базай, на якую абапіраюцца большасць вядучых украінскіх палітыкаў, у тым ліку і прэзідэнт В. Юшчанка. Яе стваральнікамі выступае пераважная частка гісторыкаў НАН Украіны, вядомых універсітэтаў. Гэта нібы „найвышэйшы” ўзровень гістарычнага істэблішменту, які працуе ў дзяржаўных установах, ад Акадэміі навук і да прыватных універсітэтаў уключна. У апошнія два гады ўсё больш важкую ролю ў правядзенні гістарычнай палітыкі адыгрывае Ўкраінскі інстытут нацыянальнай памяці (створаны ў 2006 г.), на які ўскладзены абавязак фарміраваць нацыянальную гістарычную свядомасць.

Сярод даробку найвышэйшага гістарычнага „эшалона” — грунтоўны кампендыум сінтэтычных выданняў, універсітэцкіх і школьных падручнікаў, дакументальных серый. Няма магчымасці пералічыць усе здабыткі кананічнай гістарыяграфіі, згадаем толькі 15 тамоў выдання „Ўкраіна праз вякі” (1998-2000), ганараваных Дзяржаўнай прэміяй Украіны за 2000 г., пяцітомнік „Гісторыя ўкраінскай культуры” (1998-2003), двухтомнік „Гісторыя ўкраінскага сялянства. Нарысы” (2006), „Энцыклапедыю гісторыі Ўкраіны” (выйшлі пяць тамоў, рыхтуюцца яшчэ столькі ж) і гэтак далей. У аснове большасці з гэтых выданняў — праца Інстытута гісторыі Ўкраіны НАН Украіны (дырэктар — акадэмік НАН Украіны В. А. Смолій). Не даючы цяпер агульнай ацэнкі нарматыўным выданням, адзначым іх важную рысу — настойлівы пошук нацыянальнай гістарычнай ідэнтычнасці і адначасова намаганне выйсці за рамкі мадэрнісцкіх традыцый. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца заснаванне Інстытутам гісторыі Ўкраіны НАН Украіны шэрагу цікавых эксперыментальных часопісаў і зборнікаў, якія, па сутнасці, дэманструюць спробы выйсці за межы кананічнай гісторыі, — „Соціум. Альманах соціальної історії”, „Ruthenica. Альманах історії та археології Східної європи”, „Україна в Центрально-Східній європі” і іншых. Апошнім часам інстытут ініцыяваў выданне першага ва Ўкраіне гістарычна-тэарэтычнага часопіса „Ейдос. Альманах теорії та історії історичної науки”. Усе гэтыя выданні даступныя на веб-старонцы Інстытута гісторыі Ўкраіны[9].

Што найбольш характэрнае для нарматыўнага канона ўкраінскай гісторыі? Калі паспрабаваць адказаць вельмі коратка, то найлепш гэта зрабіў ужо згаданы кіеўскі гісторык Георгій Касьянаў. Ён пісаў, што фармаванне нарматыўнага канона прайшло тры этапы: на першым асноўная ўвага была звернута на забароненыя тэмы нацыянальнай гісторыі (а такіх было найбольш); на другім — адбываўся шпаркі падзел гістарычнай памяці і гістарычнай прасторы паводле этнічнай прыкметы; на трэцім — быў сфарміраваны нацыянальны метанаратыў, у якім тытульны этнас ператварыўся ў самадастатковую і трансцэндэнтную адзінку, што дзейнічае па-за часам і прасторай ды процістаіць усім іншым народам і дзяржавам[10]. Такі канон адназначна паказвае на тое, што ў галіне фармавання гістарычнай свядомасці была прадоўжана тая інтэлектуальная традыцыя, якая склалася яшчэ на пачатку XX ст., была перапынена падзеямі 1917-1920 г. і атрымлівае завяршэнне ў нашы дні. Параметры гэтага канона вызначаюцца задачамі „мадэрнасці”, або прынцыпамі так званай украінскай „народніцкай” і „дзяржаўніцкай” гістарыяграфіі першай паловы мінулага стагоддзя. Сярод іх — тэлеалагізм як ідэя аб натуральнасці і заканамернасці ўзнікнення ўкраінскай нацыі і дзяржавы; эсенцыялізм, які дае магчымасць знаходзіць нацыю ў любой гістарычнай эпосе; этнацэнтрычнасць, якая дазваляе атаясамліваць этнас з нацыяй і „ўкраінскім народам”; эксклюзіўнасць як асаблівая трагічнасць або віктымнасць украінскай нацыі; лінейнасць, што прадугледжвае схему „працякання” ўкраінскай гісторыі праз схемы перыядызацый: трыпольская культура — усходнеславянскія плямёны — Кіеўская Русь — Галіцка-Валынскае княства — польска-літоўскі перыяд (з акцэнтам на літоўскім перыядзе) — казацкі перыяд і Гетманат — нацыянальнае адраджэнне — украінская дзяржаўнасць 1917-1920 г. — Савецкая Ўкраіна (у цэлым дыскусійны перыяд) — незалежная Ўкраіна. Неад’емнай складовай часткай канона з’яўляецца нацыянальная міфалогія, якая прадугледжвае міфы пра заснаванне, пра герояў, пра абавязковых ворагаў, пра жрацоў і блазнаў і г.д.[11].

У выніку маем нарматыўны канон, які служыць легітымацыі ўкраінскай нацыі ды дзяржаўнасці і выконвае функцыі кампенсацыі гістарычнай памяці ў сучаснай Украіне. Яго роля вельмі важная ідэалагічна і палітычна, але стварае пэўныя цяжкасці пры супастаўленні з іншымі гістарычнымі наратывамі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Гаворка ідзе пра тое, што адасабленне і вылучэнне ўкраінскай гісторыі з гісторыі польскай, расійскай і савецкай адбылося, але яно спарадзіла пэўныя цяжкасці ў справе ўключэння ўкраінскай гісторыі ў еўрапейскую і ўзгаднення яе з гісторыяй іншых народаў, перш за ўсё рускага. У нас няма магчымасці спыняцца на разыходжаннях паміж украінскай і расійскай схемамі гісторыі, але супярэчнасцяў тут хапае, і сепарацыя ўкраінскай мінуўшчыны адназначна ўступае ў канфлікт з расійскім варыянтам „супольнай” гісторыі, а таксама вельмі балюча адбіваецца на сучасных украінска-расійскіх адносінах: украінскі метанаратыў крайне варожа ўспрымаецца расійскімі гісторыкамі, якія бачаць у ім спробу „перапісаць” гісторыю дзеля палітыкі, не заўважаючы, што ўвесь папярэдні перыяд гісторыятварэння быў навязваннем аднабокай прарасійскай версіі „гісторыі Ўсходняй Еўропы”[12]. Як складана адбываецца адыход расійскіх гісторыкаў ад даўно ўсталяваных схем „агульнага ўсходнеславянскага мінулага”, прадэманстравалі працы Камісіі гісторыкаў Украіны і Расіі, вынікам работы якой стала публікацыя ва Ўкраіне „Нарысаў гісторыі Расіі”, падрыхтаваных расійскімі гісторыкамі, і кнігі „Гісторыя Ўкраіны: навукова-папулярныя нарысы”, напісанай украінскімі гісторыкамі для расійскага чытача. У каментары да гэтай падзеі, дадзеным Ю. Шапавалам, адзначана, што для расійскіх калег украінская гісторыя аказалася неспадзяваным сюрпрызам, але той факт, што такая гісторыя ёсць, дае падставы чакаць плённых навуковых дыскусій[13].

Паводле падлікаў сучасных даследчыкаў, да цяперашняга часу з’явілася больш як два дзесяткі разнастайных сінтэтычных абагульненняў гісторыі Ўкраіны, большасць з якіх у той ці іншай ступені абгрунтоўваюць мадэрнісцкі нарматыўны канон[14]. Нельга сказаць, што ўсе яны аднолькавыя па сваёй фактаграфіі і спосабах інтэрпрэтацыі. Але ўсе яны заснаваныя на тых метадалагічных прынцыпах, пра якія гаварылася вышэй. Былі і застаюцца спробы „мадэрнізаваць” украінскі гранд-наратыў. Адной з іх, якая яшчэ дваццаць гадоў таму магла б выглядаць вельмі прывабна, з’яўляецца спроба двух вядомых і аўтарытэтных гісторыкаў — В. Смолія і В. Сцепанкова—стварыць новую канцэпцыю „ўкраінскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі XVII ст.”, звязанай з казацкімі войнамі[15]. Гэтая канцэпцыя, што надае Ўкраіне прыярытэт у мадэрнізацыйных працэсах на кантыненце і ўключае ў сябе такія канцэпцыі, як „казацтва — украінскае фермерства”, „казацтва — стрыжань украінскай нацыі ранняга Новага часу” і іншыя, сустрэла сур’ёзную крытыку спецыялістаў, але, тым не менш, у прыгладжаным выглядзе ўвайшла ў сучасныя школьныя і універсітэцкія падручнікі, паколькі дазваляла прасякнуцца гонарам за „ўклад” у еўрапейскую гісторыю. Н. Якавенка назвала гэтую канцэпцыю „мутацыяй” марксісцкага шаблону „пралетарскай рэвалюцыі”[16]. Не імкнучыся празмерна іранізаваць над нацыянальнай тэматыкай, мы ўсё ж мусім акрэсліць некаторыя слабыя бакі сучаснага гістарычнага канона і яго выкарыстання ў ідэалагічных мэтах. Найбольшую колькасць заўваг прафесійных даследчыкаў выклікаюць дзве тэмы—трыпольская культура, ад якой нібыта цягнецца радавод украінскага народа, як і ўсіх іншых еўрапейскіх народаў, і ўкраінскае казацтва. Можна згадаць хоць бы тое, што яшчэ прэзідэнтам Л. Кучмам у 2001 г. была зацверджана „Нацыянальная праграма развіцця ўкраінскага казацтва”, якая прадугледжвала „аказачванне” ў найбліжэйшыя гады многіх дзяржаўных установаў. На шчасце, на праграму забыліся, але казацкая тэма не згасла, а наадварот, атрымала развіццё ў дзейнасці прэзідэнта В. Юшчанкі. Апрача шматлікіх помнікаў і мемарыялаў, В. Юшчанка не забываецца эксплуатаваць казацкую тэму ў сваіх прамовах. Апафеозам гэтага стала выступленне прэзідэнта на ўстаноўчым сходзе Рады ўкраінскага казацтва 6 чэрвеня 2005 г., дзе ён заявіў, што „мірная перамога Майдана („аранжавая рэвалюцыя” 2004 г. — Л. З.)… гэта працяг у чарадзе казацкіх перамог, сярод якіх Кафа і Корсунь, Збараж і Канатоп”[17]. Такая кан’юнктура спарадзіла цэлы паток падручнікаў для універсітэтаў пад лозунгам сцвярджэння „казацкай педагогікі”, напісаных паважнымі прафесарамі і дацэнтамі. У іх гаворыцца аб тым, што „казацкая педагогіка — гэта унікальная з’ява не толькі ўсходнеславянскай, а і сусветнай культуры”. А ў рэзюмэ такіх твораў адзначаецца, што менавіта асаблівая „педагогіка” ператварыла казацтва ў „высокаінтэлектуальны і сацыятворчы унікум дзяржаватварэння, грамадскі цуд Еўропы, у якім кожны казак — гэта мудрэц, казацкі кош — кош мудрацоў, казацкі полк — полк мудрацоў”. Як прыклад такога мудраца прыводзіцца атаман Іван Сярко, „які ваяваў у Францыі, a потым у Парыжскім універсітэце чытаў лекцыі па гісторыі Ўкраіны і Польшчы”[18]. Не дзіўна, што сваім крытычным нататкам на тэму казацкай палітыкі гісторык А. Русіна дала назву „Дзікія танцы”.

Новая міфатворчасць уласціва і іншым тэмам украінскай гісторыі. Сярод іх Украінская рэвалюцыя 1917-1920 г., нацыянальны рух міжваенных часоў і перыяду Другой сусветнай вайны. Зразумела, што ключавыя тэмы ўкраінскай мінуўшчыны маюць і сур’ёзныя навуковыя даследаванні, але імкненне да ідэалізацыі ўсяго, што звязана з нацыянальнай барацьбой, немінуча вядзе да міфалагізацыі, ствараючы для гісторыкаў пэўныя метадалагічныя цяжкасці. Але ж іх задача — развенчваць міфы, а не ствараць новыя. У гэтых адносінах згадаем толькі адну працу, якая прафесійна развенчвае адзін з міфаў „вялікай айчыннай вайны” пра „маральна-палітычнае адзінства ўкраінскага савецкага грамадства” ў барацьбе з „нямецкімі фашыстамі”. Гэта кніга кіеўскага гісторыка У. Грыневіча „Грамадска-палітычныя настроі насельніцтва Ўкраіны ў гады Другой сусветнай вайны (1939-1945 г.)”, выдадзеная ў канцы 2007 г. У ёй на шырокім дакументальным матэрыяле з украінскіх, расійскіх і нямецкіх архіваў пераканаўча паказана велізарная дыферэнцыяцыя і дынамічная трансфармацыя настрояў насельніцтва Ўкраіны ў гады сусветнай вайны. Даследчык аргументавана сцвярджае, што бальшавікам, нягледзячы на выкарыстанне ўсіх магчымых і немагчымых сродкаў, не ўдалося сфарміраваць ва Ўкраіне гамагеннае грамадства з адзінай савецкай ідэнтычнасцю, і таму Ўкраіна ўвесь час заставалася „слабым звяном” у сталінскай імперыі, арэнай магутнага супраціўлення сталінскаму рэжыму[19]. Апошнім часам з’явіўся таксама шэраг прац пра нямецкі акупацыйны рэжым ва Ўкраіне і рух Супраціўлення, у якіх савецкі фактар займаў далёка не асноўнае месца. На жаль, гэтыя праЦЫ вельмі слаба ўплываюць на грамадскую свядомасць, дзе працягвае, асабліва на ўсходзе і поўдні краіны, панаваць міф аб „вялікай айчыннай вайне” і „маральна-палітычным адзінстве савецкага народа”.

Сярод тэм, у якіх паядналіся палітычная і навуковая кан’юнктура, знаходзіцца тэма Галадамору 1932-1933 г. На сёння ва Ўкраіне выдадзена шмат фундаментальных дакументальных зборнікаў і аналітычных прац, у якіх адназначна даводзіцца факт мэтанакіраванай палітыкі Масквы па вынішчэнні ўкраінскага насельніцтва, пераважна сельскага, што падпадае пад азначэнне генацыду. Цяпер распачалася работа над стварэннем шматтомнай „Энцыклапедыі Галадамору”, у якой возьмуць удзел вучоныя не толькі Ўкраіны, але і многіх іншых краін[20]. Актыўна распрацоўваецца тэма палітычнага тэрору ў савецкія часы; ці не найбольш у гэтым плане зрабілі кіеўскія гісторыкі С. Белаконь і І. Білас[21]. Раскрыццё спецархіваў колішніх НКУС, АДПУ і КДБ абяцае інтрыгоўныя „адкрыцці” адносна вядомых падзей савецкага перыяду, пра што сведчаць шматлікія дакументальныя зборнікі, якія ўжо выдадзены[22].

Супярэчлівай тэмай застаецца гісторыя ўкраінскага нацыянальна-вызваленчага руху, яго радыкальнага крыла, вядомага па абрэвіятурах АУН і УПА. Вакол гэтай тэмы ўжо шмат гадоў віруюць палітычныя страсці. Іх сутнасць у трываласці савецкага міфа аб „украінскіх буржуазных нацыяналістах — памагатых гітлераўскіх фашыстаў”. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1997 г. была створана ўрадавая камісія для вывучэння гэтай справы, а паводле яе даручэння працоўная група з прафесійных гісторыкаў на чале з С. Кульчыцкім падрыхтавала і ў 2005 г. апублікавала вялікую працу і прафесійны аналіз па гэтай праблематыцы, супраціўленне ўзважанаму ўспрыманню гэтай тэмы сярод часткі ўкраінскага насельніцтва застаецца значным[23]. Разам з тым, праяўляецца тэндэнцыя да міфалагізацыі АУН і УПА, падобна да таго як у свой час міфалагізаваўся савецкі патрыятызм. Гэта прасочваецца ў шматлікіх выданнях успамінаў і біяграфій дзеячаў украінскага руху, якія дэманструюць толькі патрыятычныя бакі дзейнасці падпольных нацыянальных арганізацый і замоўчваюць непрывабныя. Асабліва востра гэта назіраецца ў намаганні любой цаной абвергнуць факты калабарацыі з нацысцкім рэжымам ва Ўкраіне або апраўдаць ix барацьбой за нацыянальныя ідэалы, адкінуць антыпольскую акцыю АУН і УПА на Валыні і Галіччыне ў 1943-1944 г. Дыскусіі ўкраінскіх і польскіх гісторыкаў на навуковых семінарах, якія адбываліся ў 1997-2008 г. і знайшлі адлюстраванне ў дзесяці тамах матэрыялаў, дазволілі адкрыць нямала новых старонак украінска-польскага процістаяння ў гады апошняй сусветнай вайны, зменшыць адлегласць паміж польскімі і ўкраінскімі ацэнкамі гэтых падзей, але, зразумела, не скасавалі разыходжанняў у пазіцыях даследчыкаў[24]. У зародкавым стане знаходзіцца навуковае даследаванне савецкага перыяду гісторыі Ўкраіны, які патрабуе асаблівай прыдзірлівасці гісторыкаў у сувязі з пашырэннем (а часам і штучнай падтрымкай) ідэйна-палітычных стэрэатыпаў аб „сацыяльнай справядлівасці і абароненасці” грамадзян у колішнім СССР. У гэтым плане зроблена пакуль што вельмі мала[25]. Затое з’явіліся цікавыя манаграфіі па сучаснай гісторыі Ўкраіны пасля 1991 г., што выйшлі з-пад пяра двух сур’ёзных даследчыкаў — С. Кульчыцкага і Г. Касьянава[26]. Абедзве працы напісаны ў крытычным стылі і падаюць аналіз грамадска-палітычных працэсаў без кан’юнктурных напластаванняў. Таксама грунтоўнага сучаснага вывучэння дачакалася савецкая гістарычная навука ва Ўкраіне. Аналіз, зроблены В. Ярамчуком, паказаў існаванне нонканфармісцкіх плыняў ва ўкраінскай гістарыяграфіі 1950-1980-х г., якія намагаліся ісці ўпоравень з еўрапейскай навукай і адкідалі заідэалагізаваныя версіі афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі[27].

Яшчэ адзін „паверх” украінскай гістарыяграфіі прадстаўлены некананічнай гісторыяй, якая за свой узор мае сучасныя заходнія даследаванні і намагаецца працаваць у рэчышчы сучасных метадалогій сацыяльнай і антрапалагічнай гісторыі. Такія даследчыкі абапіраюцца пераважна на недзяржаўныя грамадскія арганізацыі і распрацоўваюць сваю тэматыку пры дапамозе розных міжнародных фондаў. Асноўнымі такімі цэнтрамі з’яўляюцца Інстытут гістарычных даследаванняў Яраслава Грыцака пры Львоўскім нацыянальным універсітэце імя І. Франко, які выдае аўтарытэтны часопіс „Україна модерна”, Таварыства даследчыкаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы на чале з Наталляй Якавенкай пры Нацыянальным універсітэце „Кіева-Магілянская акадэмія” з часопісам „Український гуманітарний огляд”, Усходні інстытут украіназнаўства імя Кавальскіх пры Харкаўскім нацыянальным універсітэце на чале з Уладзімірам Краўчанкам (выдае часопіс „Схід – Захід”) і некаторыя іншыя. У даробак гісторыкаў, якія гуртуюцца вакол гэтых і іншых падобных цэнтраў, уваходзяць некананічная гісторыя Ўкраіны аўтарства Н. Якавенкі і Я. Грыцака, арыгінальныя даследчыцкія працы накшталт нядаўна апублікаваных даследаванняў Н. Якавенкі пра ўяўленні і ідэі ва Ўкраіне ранняга Новага часу[28], Я. Грыцака — пра акружэнне Івана Франко[29], К. Дысы — пра вядзьмарства ва Ўкраіне[30] і гэтак далей. Адзін з напрамкаў дзейнасці гэтых цэнтраў — адсочванне гістарычнай літаратуры і яе крытычны аналіз.

Шэраг даследчыкаў наватарскага плана працуюць сёння таксама ў розных украінскіх універсітэтах і інстытутах. Варта згадаць фундаментальныя працы чаркашчаніна Ю. Прысяжнюка, прысвечаныя вывучэнню ментальнасці ўкраінскага сялянства канца XIX – пачатку XX ст.[31], днепрапетраўчаніна У. Вашчанкі — пра неўрастэнічны дыскурс гісторыяпісання М. Грушэўскага[32], працы кіяўляніна А. Талочкі пра гісторыяпісанне Тацішчава[33], даследаванні па вуснай гісторыі пад кіраўніцтвам запарожца А. Бойкі[34], львавяніна В. Ададурава пра ўяўленні Напалеона і французскіх уладаў адносна заходніх ускраін Расіі[35], днепрапетраўчаніна Ю. Святца пра кіламетрычныя метады даследавання ўкраінскага сялянства[36] і г.д. Гэтыя работы можна назваць „эксперыментальнымі”, г.зн. такімі, што не ўкладваюцца ў канон, але даюць значна глыбейшую карціну мінулай рэчаіснасці, паколькі абапіраюцца на сур’ёзную працу з крыніцамі, улік шырокага сацыяльнага фону і індывідуальных асаблівасцяў гістарычных актараў, выкарыстанне міждысцыплінарных падыходаў да гістарычнага матэрыялу. Яны так ці інакш уплываюць на кананічную гісторыю, якая вымушана ўлічваць здабыткі эксперыментатараў. Гаворка ідзе пра асобныя спробы даследаваць мінуўшчыну ў рэчышчы культурна-антрапалагічнай гісторыі, інтэлектуальнай гісторыі, гендэрных даследаванняў, мікрагісторыі і г.д.

Такім чынам, украінскі гістарычны канон паступова пазбаўляецца ад неарамантычных рысаў і больш звяртаецца да прафесійнага аналізу на аснове вывучэння гістарычных дакументаў. Гэтаму спрыяюць многія фактары, перш за ўсё адкрытасць украінскай гістарыяграфічнай прасторы для розных поглядаў і метадалогій, азнаямленне з якімі спадарожнічае „індывідуальным і калектыўным адкрыццям”. Шмат у чым гэта абумоўлена фактам навучання і стажыроўкі новых пакаленняў гісторыкаў у заходніх навуковых цэнтрах ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і г.д. Нямала спрыяе гэтаму праз увесь час украінская дыяспара, у першую чаргу Ўкраінскі навуковы інстытут Гарвардскага універсітэта (ЗША), кафедра гісторыі Ўкраіны універсітэта Альберты (Канада) і інш. Многія ўкраінскія гісторыкі скарысталі польскія стыпендыі і гранты, узнагароды Амерыканскай рады навуковых таварыстваў, фонды Фулбрайта і да т.п.

Нарэшце, акрэслім трохі ніжэйшы „паверх” — групу гісторыкаў, настаўнікаў гісторыі і ўдзельнікаў розных грамадскіх арганізацый, якія працуюць у краязнаўчай і спецыяльнай тэматыцы, як, напрыклад, Навуковае таварыства імя Шаўчэнкі, „Мемарыял”, розныя грамадскія і царкоўныя арганізацыі і таварыствы, занятыя пераважна патрыятычнай работай і закрыццём „цёмных” плямаў мінулага. Не хочам тым самым прынізіць іх уклад у асэнсаванне мінуўшчыны, наадварот, яны маюць важнае агульнаўкраінскае і краязнаўчае значэнне і папаўняюць рэгіянальнае вымярэнне гісторыі. Адметнасць палягае ў тым, што гэтыя арганізацыі не маюць дзяржаўнай падтрымкі і вымушаны разлічваць на добраахвотныя ахвяраванні або ўзносы. Напэўна, найбольш грунтоўныя гістарычныя даследаванні на трывалай дакументальнай аснове публікуюцца ў НТШ, дзе выходзіць шэраг серыйных выданняў „Записки НТШ”, „Вісник НТШ” і манаграфіі з розных перыядаў гісторыі Ўкраіны. Адноўленае НТШ ва Ўкраіне падтрымлівае сувязі з украінскімі дыяспарнымі навуковымі цэнтрамі (напрыклад, Украінскай свабоднай акадэміяй навук і іншымі), намагаецца ствараць „грамадзянскую” нішу нацыянальнага гісторыяпісання, засяроджваючыся на ўкраіназнаўчай тэматыцы.

Сучасная ўкраінская гістарыяграфія мае і свае слабыя звёны. Адно з іх — гэта маргінальнасць у вывучэнні сусветнай гісторыі. За апошнія гады пазначыліся пэўныя зрухі ў вывучэнні гісторыі суседніх краін—Польшчы і Расіі. А што да гісторыі заходніх дзяржаваў і народаў Усходу, то гэтыя кірункі ва Ўкраіне прадстаўлены вельмі слаба: ёсць толькі паасобныя спецыялісты па гісторыі Венгрыі, Чэхіі, Іспаніі, Францыі, Японіі, ЗША. Сусветная гісторыя практычна не мае свайго цэнтра даследавання па-за кафедрамі сусветнай гісторыі, дзе большасць выкладчыкаў прагнуць абараніцца па ўкраінскай гісторыі. Страчаны пазіцыі эканамічнай гісторыі, якая зрабілася „нямоднай”, не створана сапраўднай ваеннай гісторыі. Наогул, павольна развіваюцца спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны, тэарэтычныя даследаванні.

Украінскія гісторыкі, на жаль, не стварылі свайго гістарычнага таварыства; існуюць толькі аддзелы Ўкраінскага гістарычнага таварыства з цэнтрам у ЗША (выдаецца часопіс „Український історик”). Вельмі слаба прадстаўлена ўкраінская гістарыяграфія на міжнародных кангрэсах гісторыкаў. Украіна з 1996 г. з’яўляецца членам Міжнароднага камітэта гістарычных навук дзякуючы фінансавай дапамозе дыяспары, але па-ранейшаму мае сур’ёзныя цяжкасці ў фінансавых стасунках з МКГН. Украінскія гісторыкі былі ўдзельнікамі кангрэсаў МКГН пераважна як прыватныя асобы (у Сіднеі на 20-м кангрэсе быў усяго адзін удзельнік з Украіны).

Нарэшце, нельга не сказаць пра яшчэ адзін „паверх” гісторыяпісання — паранавуковы, але найбольш папулярны ў чытачоў. Гаворка ідзе пра папулярныя працы Ю. Шылава, Ю. Канігіна, Сцяпана і Сяргея Налівайкаў і некаторых іншых аўтараў, якія пішуць фантастычныя творы пра мінулае арыяў-украінцаў, ад якіх нібыта пайшлі ўсе іншыя народы, і нават Ісус Хрыстос быў „украінцам” з Галіччыны[37]. Тут і трыпольская цывілізацыя як найстаражытнейшая цывілізацыя свету, на тры тысячы гадоў старэйшая за шумерска-акадскую, якая стварыла кола, пісьменства, праславянскую дзяржаву Арата і г.д. На жаль, гэтыя работы, якія можна аднесці да белетрыстычнага напрамку фэнтэзі, маюць значна большы ўплыў на грамадзян, чым навуковыя, паколькі яны апелююць не да розуму, а да эмоцый. Гэта прыблізна такі ж варыянт „фаменкізму”, з якім сутыкнулася расійская гістарыяграфія. Справа ўскладняецца тым, што падобныя работы часам з’яўляюцца пад грыфам Інстытута ўкраіназнаўства Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны, якое ўзначальвае паэт і празаік Пятро Кананенка, і прэтэндуюць на статус навуковых даследаванняў, а не мастацкіх твораў. Самая гучная справа гэтага парадку звязана з папулярызацыяй фальсіфікату XX ст. — так званай Вялесавай кнігі, якая нібыта ўтрымлівае дахрысціянскае славянскае пісьмо; кніга нават была рэкамендавана як дапаможнік для сярэдняй школы. А шматлікія крытычныя артыкулы спецыялістаў не мелі ніякага рэзанансу[38].

Кароткія высновы. Сучасная ўкраінская гістарыяграфія наганяе страчаны час, звязаны з фармаваннем мадэрнісцкага бачання нацыянальнай мінуўшчыны, якое ў шматлікіх еўрапейскіх народаў завяршылася ў XIX – першай палове XX ст. Першачарговымі задачамі гістарычных пошукаў застаюцца адасабленне ўкраінскай мінуўшчыны ад расійскай і польскай схем гістарычнага працэсу і стварэнне легітымацыйнай версіі гісторыі Ўкраіны. У цэнтры гістарычнага працэсу знаходзіцца ўкраінскі этнас і яго трансфармацыя ў сучасную нацыю. Паралельна з гэтым украінскія гісторыкі пачынаюць засвойваць сусветны вопыт і напрацоўкі ў інтэрпрэтацыі міну лага краіны, паварочваючыся ад этнацэнтрычнай мадэлі мінуўшчыны да традыцыйнай шматкультурнасці насельніцтва і тэрыторыі Ўкраіны. Галоўным фактарам развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі застаецца, на шчасце, свабода навуковай творчасці і выбару светапоглядных пазіцый. Таму можна сказаць, што сучасныя „паверхі” ўкраінскага гісторыяпісання не з’яўляюцца герметычнымі, а злучаюцца паміж сабой многімі лесвіцамі; гэтыя праходы ў значнай ступені абумоўлены як удасканаленнем спазнавальнага інструментарыю, так і грамадскімі чаканнямі. Пазітыўным вынікам агульнай сітуацыі з „гісторыяй” ва Ўкраіне застаецца запатрабаванасць гістарычных ведаў у іх рознай інтэрпрэтацыі і, адпаведна, адсутнасць „беспрацоўя” сярод гісторыкаў. У недалёкай будучыні, калі дойдзе да лагічнага завяршэння працэс фармавання нацыянальнай свядомасці сучасных украінцаў і будзе стабілізавана гістарычная памяць, з’явіцца грамадская цікавасць і ўзнікнуць зусім новыя запатрабаванні да мінуўшчыны, што змусяць даследчыкаў перайсці ад вывучэння макрапрацэсаў да аналізу сацыяльных мікраструктур, пашырыць кола даследаванняў новага парадку, у цэнтры якіх будуць знаходзіцца асобы і супольнасці больш нізкага ўзроўню, чым нацыі, класы ці дзяржавы, а крыніцы сацыяльных паводзінаў будуць шукацца на скрыжаванні індывідуальнага і калектыўнага свядомага і падсвядомага. Але гэта ўжо будзе іншая гісторыя і гістарыяграфія — аддаленая ад ідэалагічнай кан’юнктуры і набліжаная да чалавечага вымярэння.

Пераклад з украінскай Сяргея Петрыкевіча


[1] Гл.: Історична наука на порозі ХХІ століття: підсумки та перспективи. Матеріали Всеукраїнської наукової конференції (Харків, 15—17 липня 1995 р.). Харків, 1995; Українська історична наука на порозі ХХІ століття. Харківський історіографічний збірник. Харків, 1997. Вип. 2; Таран Л.В. Провідні тенденції світової історіографії ХХ ст. та проблема кризи сучасної української історичної науки // Український історичний журнал (далей — УIЖ). Київ, 1998. № 5; 1999. №1; Реєнт О.П. Сучасна історична наука в Україні: шляхи поступу // УIЖ. 1999. № 3; Колесник І.І. Українська історіографія XVIII—початок ХХ століття. Київ, 2000; Міжнародний науковий конґрес „Українська історична наука на порозі ХХІ століття”. Чернівці, 16—18 травня 2000 р. Доповіді та повідомлення. Чернівці, 2000-2001. Т. 1—4; Українська історична дидактика. Міжнародний діалог (Фахівці різних країн про сучасні українські підручники з історії). Київ, 2000; Українська історіографія на рубежі століть: Матеріали міжнародної наукової конференції 25-26 жовтня 2001 р. / Наукові праці Кам’янець-Подільського державного педагогічного університету. Історичні науки. Кам’янець-Подільський, 2001. Т. 7 (9); Потульницький В.А. Україна і всесвітня історія. Історіософія світової та української історії XVII—XX століть. Київ, 2002; Касьянов Г. Ще не вмерла українська історіографія // Критика. Київ, 2002. Число 4; Яковенко Н. Одна Кліо; дві історії // Критика. Київ, 2002. Число 12; Hrycak J. Ukrainian Historiography 1991—2001 // Ősterreichische Osthefte. Wien, 2002. Heft 1/2; Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми / Колективна монографія за ред. Л. Зашкільняка. Львів, 2004; Таран Л.В. Новые тенденции в мировой и украинской историографии // Диалог со временем. Альманах интеллектуальной истории. Москва, 2005. Вып. 13; Яковенко Н. Нариси кризової історіографії // Критика. Київ, 2006. Число 1—2; Портнов А. Історіографія на краях // Критика. Київ, 2006. Число 3, і інш.
[2] Stryjek T. Jakiej przeszłości potrzebuje przyszłość? Interpretacje dziejów narodowych w historiografii i debacie publicznej na Ukrainie 1991—2004. Warszawa: Instytut Studiów Politycznych PAN, Oficyna Wydawnicza Rytm, 2007. 850 s.
[3] Тэрмін «„нацыяналізацыя” гісторыі» быў прапанаваны Г. Касьянавым (гл.: Касьянов Г. „Націоналізація” історії: нормативна історіографія, канон та їхні суперники (Україна 1990-х) // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 57—73).
[4] Гл. напр.: Шкільна історія очима істориків: Матеріали Робочої наради з моніторинґу шкільних підручників історії України / Упорядник Н. Яковенко. Київ, 2008; Образ Іншого в сусідніх історіях: міфи, стереотипи, наукові інтерпретації (Матеріали міжнародної наукової конференції, Київ, 15—16 грудня 2005 року) / Упорядник і наук. ред. Г. В. Касьянов. Київ, 2008.
[5] Падлікі зроблены паводле статыстычных матэрыялаў ВАК Украіны, ласкава перададзеных аўтару. Для параўнання варта згадаць, што ў 1970 г. ва Ўкраінскай ССР працавалі 3347 прафесійных гісторыкаў, у тым ліку 138 дактароў навук і 1199 кандыдатаў навук, а да пачатку 1990-х г. гэтая лічба максімум падвоілася (гл.: Subtelny O. The Current State of Ukrainian Historiography // Jornal of Ukrainian Studies. Edmonton, Alberta, 1993. Volume 18. Nr. 1-2. P. 50-51).
[6] Афанасьев Ю.Н. Трагедия победившего большинства. Размышления об отечественной истории и ее интерпретациях //http://www.yuri-afanasiev.ru/tragedy.html.
[7] Яковенко Н. Нариси кризової історіографії, с. 23.
[8] Лукьянець В.С. Эпигенез образа науки: постмодернистский взгляд // Постмодернізм у філософії, науці та культурі / Вісник Харківського університету. Серія: теорія культури і філософія. Харків, 2000. № 464. С. 128-133; Зашкільняк Л. Постмодерністський виклик і сучасна історична наука // Галичина. Науковий і культурно-просвітний краєзнавчий часопис. Івано-Франківськ, 2001. Вип. 5-6. С. 90-99.
[9] http://www.history.org.ua
[10] Касьянов Г. Націоналізація історії та образ Іншого // Критика. Київ, 2006. Число 1-2. С. 21.
[11] Гл.: Касьянов Г. „Націоналізація” історії: нормативна історіографія, канон та їхні суперники (Україна 1990-х) // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 57-73.
[12] Больш дэталёва гэтае пытанне пададзена ў: Україна і Росія в історичній ретроспективі. Київ, 2004. Т. 1—3.
[13] Гл.: Шаповал Ю. Контакт, або Точка дотику // День. Київ, 2008. 4 листопада. Книжки: История Украины: научно-популярныеочерки / Под ред. В. А. Смолия. Москва, 2008; Нариси історіїРосії: Пер. з рос. / Б.В. Ананьїч, І.Л. Андреєв, Є. В. Анісімов таін.; За заг. ред. О.О. Чубар’яна. Київ, 2007.
[14] Яремчук В. Загальний образ минулого України: підходи сучасної української історіографії // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 74. Адно з апошніх выданняў: Литвин В.М. Історія України. Підручник.2 доопр. та доп. вид. Київ, 2008.
[15] Пар.: Смолій В. А., Степанков В.С. Українська національна революція XVII ст. (1648—1676) / Серія „Україна крізь віки”,т. 7. Київ, 1999.
[16] Яковенко Н. У кольорах пролетарської революції // Український гуманітарний огляд. Київ, 2000. Вип. 3. С. 58—78.
[17] Гл.: http://www.president.gov.ua/.
[18] Русина О. Дикі танці // Критика. Київ, 2005. Число 6.
[19] Гриневич В.А. Суспільно-політичні настрої населення Українив роки Другої світової війни (1939-1945 рр.). Київ, 2007. С. 515-516.
[20] Марочко В. Голодомор 1932—1933 років в Україні: Хроніка /В. Марочко, О. Мовчан. Київ, 2008; Кульчицький С. В. Голод1932—1933 рр. в Україні як геноцид. Київ, 2005; Голодомор1932—1933 рр. в Україні: документи і матеріали / УпорядникР. Пиріг. Київ, 2007.1128 с.; Голодомор в Україні 1932-1933 рр.за документами політичного архіву Міністерства закордонних справ Федеративної Республіки Німеччина / УпорядникА.І. Кудряченко. Київ, 2008. 336 с., і інш.
[21] Політичні репресії радянської доби в Україні. Науково-допоміжний бібліографічний покажчик. Київ, 2008. 684 с.;Політичний терор і тероризм в Україні ХІХ— ХХ ст.: Історичні нариси / НАН України; Інститут історії України / Відп. ред. В. А. Смолій. Київ, 2002; Білокінь С. Нові студії з історії большевизму І-VІІІ. Київ, 2007; Білас І.Г. Репресивно-каральна система в Україні. 1917—1953: суспільно-політичний та історико-правовий аналіз. У 2 кн. Київ, 1994.
[22] Акрамя часопіса „З архівів ВУЧК-ГПУ-НКВД-КГБ”, які пачаў выходзіць з 1994 г., з’яўляюцца тэматычныя зборнікі дакументаў, у прыватнасці: Польща та Україна у тридцятих-сорокових роках ХХ століття. Невідомі документи з архівівспеціальних служб. 7 томів, виданих у Варшаві і Києві в 1998—2007 рр.; Радянські органи державної безпеки у 1939 —червні 1941 р. Документи ГДА СБ України / Упор. В. Даниленкоі С. Кокін. Київ, 2009. 1310 с.
[23] Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія: Історичні нариси / НАН України; Інститут історіїУкраїни / С.В. Кульчицький (відп. ред.). Київ, 2005; Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія:Фаховий висновок робочої групи істориків при Урядовій комісіїз вивчення діяльності ОУН і УПА / НАН України; Інститут історії України. Київ, 2005.
[24] Гл. напр.: Polska — Ukraina: trudna odpowiedź. Dokumentacja spotkań historyków (1994—2001). Kronika wydarzeń na Wołyniu i w Galicji Wschodniej (1939-1945). Warszawa, 2003; Іллюшин І.УПА і АК: Протистояння в Західній Україні (1939—1945 рр.).Київ, 2009.
[25] Да сур’ёзных даследаванняў можна аднесці не так і шмат прац, у прыватнасці гл.: Баран В.К. Україна: новітня історія (1945-1991 рр.). Львів, 2003.
[26] Кульчицький С. Помаранчева революція. Київ, 2005; Касьянов Г. Україна 1991—2007: нариси новітньої історії.Київ, 2008.
[27] Яремчук В. Минуле України в історичній науці УРСР після сталінської доби. Острог, 2009.
[28] Яковенко Н. Паралельний світ: Дослідження з історії уявлень та ідей в Україні XVI-XVII ст. Київ, 2007.
[29] Грицак Я. Пророк у своїй вітчизні: Франко та його спільнота (1856-1886). Київ, 2006.
[30] Диса К. Історія з відьмами. Суди про чари в українських воєводствах Речі Посполитої XVII—XVIII ст. Київ, 2008.
[31] Присяжнюк Ю.П. Українське селянство Наддніпрянщини другої половини ХІХ — початку ХХ ст. як соціоментальна історична cпільнота. Черкаси, 2008.
[32] Ващенко В. Від самопрезентації до методології: Психобіографічний вимір простору історіописання М. Грушевського. Дніпропетровськ, 2007.
[33] Толочко А. П. „История Российская” Василия Татищева:Источники и известия. Москва; Киев, 2005.
[34] Усна історія Степової України. Запорізький край / А.В. Бойкота ін. Запоріжжя, 2008. Т. 1.
[35] Ададуров В. „Наполеоніда” на Сході європи. Уявлення, проекти та діяльність уряду Франції щодо південно-західних окраїн Російської імперії на початку ХІХ ст. Львів, 2007.
[36] Святець Ю. Українське селянське господарство та новаекономічна політика (кліометричний аналіз соціально-економічного процесу). Дніпропетровськ, 2007.
[37] Гл.: Канигін Ю. Путь аріїв. Україна в духовній історії людства. Київ, 1996; Яго ж. Віхи священної історії: Русь-Україна. Київ, 2005; Яго ж. Початок і кінець часів: Новий погляд на Історію. Київ, 2008; Наливайко С. Українська індоаріка. Київ, 2007; Наливайко Сергій. Етнічна історія Давньої України. Київ, 2007 і інш.…
[38] Гл. напр.: Аксененко С. Велесова книга (история одной фальсификации) // http://h.ua/story/127166; Ісаєвич Я. Сучасні псевдонаукові публікації на історичні теми: два приклади // Україна модерна. Львів; Київ, 2008. Число 13.

Наверх

Марцэлі Косман. Ян Серадыка (1928–2008), гісторык старапольскага парламентарызму і ВКЛ

15 чэрвеня, 2009 |


16 жніўня 2008 г. пасля доўгай і цяжкай хваробы ў сваёй кватэры ў Аполі памёр прафесар Ян Серадыка, былы рэктар Вышэйшай педагагічнай школы—постаць выключная ў тамтэйшым навуковым асяроддзі і між польскіх гісторыкаў, пра каго ў некралогу, падпісаным рэктарам, Вышэйшай вучонай радай і ўсёй акадэмічнай супольнасцю, сказана: „Пайшоў з жыцця выбітны навуковец, Чалавек вельмі справядлівы, далікатны і сардэчны”[1]. Гэтую вестку я атрымаў па тэлефоне, калі знаходзіўся ў паўднёвай Англіі, за дзень перад вяртаннем дадому, так што змог удзельнічаць у апошнім развітанні са шматгадовым сябрам, знакамітым даследчыкам і чалавекам з характарам, які рэдка сустракаецца. Трапна адзначылі гэта аўтары працытаванага некралога.

Хаця ўжо на працягу некалькіх месяцаў і асабліва апошніх тыдняў можна было чакаць найгоршага (з пэўнага часу пасярэдніцай у тэлефонных размовах была яго жонка Эва), аднак мы шчыра верылі, і сам ён, пэўна, таксама не губляў надзеі, што 8 кастрычніка мы з ім сустрэнемся на ўрачыстым святкаванні ягонага 80-годдзя і паўвекавога стажу навуковай працы і тады ўручым яму памятную кнігу, падрыхтаваную з гэтай нагоды. Кніга—чарговая за апошнія 20 гадоў[2] — з’явілася, але ўжо прысвечаная памяці гісторыка[3]. У ёй змешчана поўная бібліяграфія ягоных публікацый (129 пазіцый) і некалькі астатніх тэкстаў, здадзеных аўтарам у друк.

У здабытку Яна Серадыкі пераважаюць манаграфіі, прысвечаныя соймам (прычым датычныя ўсёй Рэчы Паспалітай), асаблівае ж месца займае кніга пра канфлікт паміж вялікім маршалкам літоўскім Крыштафам Дарагастайскім і ягонай другой жонкай, Соф’яй з Радзівілаў, выкліканы яе пазашлюбным раманам. Гэтая праца грунтуецца на шматгадовых карпатлівых пошуках першакрыніц, увесь сюжэт разгортваецца на беларускім абшары Вялікага Княства Літоўскага. Пад знакам Пагоні застаецца таксама бадай большая частка спадчыны апольскага даследчыка, звязаная з унутранымі справамі і палітычнымі стасункамі (у тым ліку спрэчкамі на парламенцкай глебе пасля заключэння Люблінскай уніі) паміж абедзвюма складовымі часткамі Рэчы Паспалітай. Аддадзім ёй асаблівую ўвагу ў наступнай частцы гэтага нарыса.

***

Літуаністыка ў Польшчы мае даўнія традыцыі як у галіне гістарычных даследаванняў, так і літаратура- і мовазнаўчых[4]. Гэта зразумела, калі мець на ўвазе дзяржаўнае і культурнае адзінства Рэчы Паспалітай на працягу некалькіх стагоддзяў — несумненны феномен на фоне еўрапейскай новай гісторыі[5]. Развітая яшчэ пад уладай захопнікаў, літуаністыка выдатна развівалася далей у міжваеннае дваццацігоддзе, калі яе цэнтрам зрабілася Вільня, але акрамя яе значнае месца займалі таксама іншыя акадэмічныя асяродкі ІІ Рэчы Паспалітай. Урон ёй нанесла Другая сусветная вайна, асабліва яе палітычныя вынікі, якія сталі прычынай сыходу ўцалелых пасля ліхалецця людзей навукі ў падполле, аднак каб з гэтага анямелага стану выйсці на свет — самім або праз уласных вучняў, — ледзь толькі з’явіліся адпаведныя ўмовы[6]. Плён тут прынесла пазітывісцкая пазіцыя, відавочная ў дзеяннях постацяў такога маштабу, як Станіслаў Лоранц (Нацыянальны музей у Варшаве зрабіў цэнтрам для збораў і сустрэч выгнаннікаў з Віленшчыны)[7], аўтар фундаментальнай працы пра пачаткі Літвы Генрык Лаўмяньскі — у Познані (сам перайшоў да вывучэння старажытнага славянства, затое згуртаваў вакол сябе нешматлікае, але адборнае кола вучняў)[8], а ў сталіцы ягоны малодшы калега з-па-над Віліі, Юліюш Бардах, які напярэдадні 1939 г. пачынаў асістэнтам Універсітэта Стэфана Баторыя, з часам прыняў у яго эстафету як даследчык і апякун наступнага пакалення[9]. Навейшыя часы знайшлі знаўцу ў Пётры Ласоўскім, якога з карэннай Польшчы ў вайну лёс закінуў у край над Віліяй, што дало яму магчымасць вывучыць мову і захапіцца даследаваннямі ХХ ст.[10]. Гэта толькі некалькі прозвішчаў з такога шматлікага сёння кола гісторыкаў-літуаністаў у Польшчы, на чыёй карце яны адзначаны не толькі ў Варшаве, Познані ці Кракаве, але амаль ва ўсіх акадэмічных асяродках, што квітнеюць у Торуні, Беластоку, Уроцлаве, Аполі, Гданьску ці Ольштыне. Варта падкрэсліць супрацоўніцтва з сучаснымі Літвой і Беларуссю, якое паглыбляецца і прыносіць двухбаковы плён, традыцыі сувязяў у гэтай галіне з пасляваеннай Масквой, згладжванне недаверу і варожасці, з польскага боку — пераадольванне шкоднага патэрналізму і падкрэслівання „цывілізацыйнай вышэйшасці”[11], узаемныя пераклады кніг — прыгадаю тут біяграфію даволі супярэчлівай постаці гетмана Януша Радзівіла, што выйшла з-пад пяра Генрыка Віснера[12], нарысы па гісторыі Літвы даследчыкаў з Вільні і Коўна[13], нарэшце, эксклюзіўна выдадзеную працу пра культуру Вялікага Княства[14]. Gutta cavat lapidem — кропля камень точыць… А з іншага боку, не бракуе прыдуманых „адкрыццяў”, такіх, як звязанае з імем дзеяча эміграцыі ў Злучаных Штатах, аматара Ёнаса Даінаўскаса, які ў другой палове ХХ ст. падвергнуў сумненню існаванне… дакумента пагаднення ў Крэве 1385 г., назваўшы яго фальсіфікацыяй[15]. Cui bono? На шчасце, такіх надуманых і пазбаўленых навуковай вартасці высноваў, таксама і на тэму іншых аспектаў польска-літоўскай уніі на яе пачатковым этапе, не ўспрымаюць усур’ёз прафесійныя гісторыкі, прычым польскія даследчыкі палічылі мэтазгодным даць ім слушны адпор[16].

У таксама шматлікай сёння ў Польшчы плеядзе літуаністаў, асабліва даследчыкаў Вялікага Княства, пачэснае месца, якое ён замацаваў сваімі дасягненнямі на працягу мінулага паўвеку, займае Ян Серадыка, чые даследаванні парламентарызму Рэчы Паспалітай напярэдадні падзелаў не могуць замыкацца ў межах цяперашняй этнічнай Польшчы, Літвы, Украіны або Беларусі, як гэта калісьці спрабавалі рабіць, але складаюць адзінае цэлае, злучанае інстытутамі сойму і сената. Пры гэтым стымулююць падняцце шэрагу дэталёвых тэм, лакалізаваных ужо тэрытарыяльна ў паасобных мясцовасцях або рэгіёнах, датычных асобаў ці сямействаў, найчасцей магнацкіх.

Не забракавала Яну Серадыку таксама асабістага матыву, звязанага з тым фрагментам біяграфіі, калі семнаццацігадовым пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на хвалі міграцый народаў трапіў назаўсёды ў Аполе. Нарадзіўся ў Граеве, на Беласточчыне, а гэта ж паблізу даўняй мяжы паміж Каронай і Вялікім Княствам. У 1939 г. знаходзіўся разам з сям’ёй у Пінску — сэрцы Палесся, і там хлопцам-падлеткам перажыў ваенны час і абедзве акупацыі, працуючы фізічна на мясцовай рачной суднаверфі. Там пад канец вайны страціў старэйшага брата, які быў застрэлены і спачывае на адным з мясцовых пагостаў. Ягоную магілу прафесар здалёк атачаў асаблівым клопатам, а Пінск змог наведаць праз шмат гадоў. Той візіт у 2005 г. у мясціну свайго юнацтва, да якога доўга рыхтаваўся, перажыў і ўспамінаў у размовах з вялікім хваляваннем. Зрэшты, горача намаўляў мяне паўдзельнічаць у гэтай выключнай экскурсіі па Палессі, што ў той час, на жаль, па розных прычынах не было для мяне магчымым. Аднак я пабываў там на дзесяць з нечым гадоў раней, успамінаючы ўласныя даследаванні валочнай памеры ў другой палове XVI ст. Такім чынам, пасля ягонага вяртання мы маглі параўнаць свае ўражанні, а адным з апошніх артыкулаў Яна Серадыкі быў „Пінск Альбрыхта Станіслава Радзівіла”[17]. Даклад пад гэтай назвай, заснаваны на грунтоўных даследаваннях і поўны яркіх апісанняў, ён прачытаў пад час канферэнцыі ва Ўніверсітэце Адама Міцкевіча на пачатку студзеня 2006 г. Тады ў апошні раз наведаў Познань.

***

А цяпер — згадка маёй асабістай рэфлексіі, якую я змясціў у канцы нарыса пра шляхі польскай літуаністычнай гістарыяграфіі ў другой палове мінулага стагоддзя:

„Калі позняй восенню 1972 г. я знаходзіўся ў Вільні і амаль не пакідаў гмаху Бібліятэкі Ўрублеўскіх (цяпер Цэнтральная бібліятэка Літоўскай Акадэміі Навук) над Віліяй, які змяшчае багаты кнігазбор, аддзелы старадрукаў і рукапісаў, у кавярні-сталоўцы на цокальным паверсе ў першы раз сустрэў — на той час таксама дацэнта — Яна Серадыку. Наша знаёмства, а з часам і сяброўства пачалося там пад час доўгіх вячэрніх размоваў, якія мы вялі па меры магчымасці ў вандроўках па старажытнай сталіцы Ягелонаў. Для нядаўняга рэктара Almae Matris Opoliensis гэта быў другі, даўжэйшы выезд у бібліятэкі Ленінграда, Вільні ды іншых асяродкаў, дзе змяшчаюцца архівы XVII ст. Пасля першага выезду—заўсёды рады падзяліцца інфармацыяй, што не надта часта сустракаецца — напісаў інструктыўны даведнік па разведаных зборах, каб аблегчыць працу пазнейшым даследчыкам. А пасля другога, калі мы пазнаёміліся, — з’явілася, між іншым, даследаванне на тэму спрэчак пра касцёл у Кейданах паміж Крыштафам Радзівілам і ксяндзом Матэушам Кабыляньскім <…> Пра гэтую навуковую працу і яе аўтара я думаў праз 21 год, калі мне ўдалося ажыццявіць план наведвання цвярдыні літоўскага кальвінізму[18], калі я паглядаў на касцёл св. Юрыя і ў крыпце збора — на труну, якая хавае астанкі князя Януша…”[19]. Таго самага, увекавечанага ў „Патопе” Генрыка Сянкевіча.

Да крэсаў, але паўднёва-ўсходніх, скіравала Яна Серадыку ўжо ў 1958 г. магістарская праца („Польска-ўкраінскія стасункі ў 1648-1651 гг.”), апублікаваная часткова ў друку, а з гадамі — у першым фрагменце — адноўленая ў томе навуковых прац, заяўленых на 75-годдзе аўтара[20]. З абароненай у 1963 г. доктарскай дысертацыяй („Сойм у Торуні 1626 г.”) трывала ўвайшоў у элітарнае кола найвыбітнейшых знаўцаў парламентарызму, а пры гэтым — і ўнутранай гісторыі старажытнай Літвы, што даказвае шэраг спадарожных гэтай кнізе навуковых прац і дадатковых матэрыялаў. З таго часу аналітычныя падыходы ішлі ў яго поруч з сінтэзам. Варта адзначыць таксама працы дакументальныя і крыніцазнаўчыя. Да найвыбітнейшых дасягненняў Яна Серадыкі трэба залічыць даспелую працу аб схіле панавання Жыгімонта ІІІ Вазы[21], што трактуе тэму ў шырокім кантэксце (яна паслужыла падставай габілітацыйнага звання), якая пры неабходнасці мусіць кампенсаваць пакінутую, на жаль, у праекце манаграфію пра гэтага супярэчлівага ўладара.

Сярод ягоных пяці наступных кніг асаблівае значэнне мае манаграфія сойму 1627 г., які аўтар ужо ў загалоўку назваў соймам, што не спраўдзіў чаканні. Завяршэннем галоўнага этапу даследаванняў, якія ахапілі другую палову панавання Жыгімонта ІІІ, стала манаграфія сойму 1618 г., а таксама заяўленая амаль адначасова кніга пра парламентарыяў гэтага перыяду[22].

Сярод трох галоўных задач прафесара універсітэта Ян Серадыка заўсёды добрасумленна пачынаў з дыдактыкі, на першае месца заўжды ставіў даследаванні першакрыніц. Тым часам пражыванне ў Аполі патрабавала цяжкіх паездак па краіне і замежных, шмат высілкаў было накіравана на пошукі ў архівах і на ўзбагачэнне ўласнага кнігазбору. На месцы не знаходзіў архіваў, датычных старапольскага парламентарызму, бібліятэчныя кнігазборы таксама вымушалі накіроўвацца ў іншагароднія бібліятэкі. На шчасце, паблізу знаходзіўся Ўроцлаў, узбагачоны часткай збораў львоўскага Асалінеума. Тыя пастаянныя больш далёкія экспедыцыі, асабліва ў Варшаву, патрабавалі немалой самаахвярнасці і выездаў глыбокай ноччу, каб адразу прыбыўшы сядаць за працу над рукапісамі ў старадаўнім палацы Рачыньскіх на вуліцы Доўгай альбо ў гмаху на плошчы Красіньскіх. Затое, аддаючы належнае неабходнасці ўдзелу ў арганізацыйным жыцці, навуковец з пачуцця абавязку браў на сябе адказныя функцыі (на чале з пасадай рэктара Almae Matris Opoliensis, якую мусіў заняць пры асабліва складаных акалічнасцях), аднак з найбольшай ахвотай вызваляўся ад іх пасля вызначанага тэрміну, як толькі дазвалялі абставіны. Так было з удзелам у працы Галоўнай рады вышэйшай адукацыі, з тройчы займанай пасадай дырэктара Інстытута гісторыі. Дзякуючы гэтаму — насуперак частым клопатам аб здароўі — Ян Серадыка заявіў пра сябе такім багатым апублікаваным здабыткам[23].

У апісанні падарожжаў гісторыка можна вылучыць два шляхі. Адзін вёў даследчай лініяй, другі звязваўся з турыстычнымі захапленнямі, і на ім абазначыліся перадусім выезды шмат гадоў запар ва ўлюбёную Шчаўніцу і вандроўкі па Пенінах. У апошнія гады, хоць яшчэ не адразу пасля першага сур’ёзнага пагаршэння здароўя ў сярэдзіне 1991 г. — калі здароўе гэтага не дазваляла, яны былі заменены шпацырамі па не менш прывабным сілезскім курорце Кудове побач з чэшскай граніцай. Затое сляды першага шляху знаходзім у дакументацыі ягоных прац у выпісках з архіваў і бібліятэк Кракава, Варшавы (некалькі гадоў быў пастаянным карыстальнікам Галоўнага архіва старадаўніх актаў з найбагацейшым Архівам Радзівілаў у першую чаргу і спецыяльных збораў Нацыянальнай бібліятэкі), Уроцлава, Гданьска, Познані з блізкім Курнікам[24]. Але на гэтым шляху асаблівае месца занялі замежныя навуковыя паездкі — найперш чатырохмесячная, ад снежня 1969 да сакавіка 1970 г., у Савецкі Саюз (яна стала сапраўднай аддушынай сярод будняў бязмерна напружанага рэктарскага тэрміну) і наступная — паўтарамесячная — у апошнім квартале 1972 г., адразу ж пасля таго, як ён пакінуў гэтую пасаду, калі засталіся ўспаміны пра яе цяжар і асабліва—пра справу выбуху ў актавай зале тагачаснай Вышэйшай педагагічнай школы на вуліцы Алескай у Аполі.

Першая вялікая паездка Яна Серадыкі на ўсход ахапіла Маскву, Ленінград, Кіеў, Львоў, Мінск і Вільню. У апошнюю (а таксама ў горад над Нявой) ён вярнуўся пад час другой „пілігрымкі” (гэта тады мне надарылася магчымасць пазнаёміцца з апольскім даследчыкам і пачуць не адну „справаздачу” з навуковых вандровак, прысвечаных першай палове XVII ст., а таксама — галоўным чынам — з нялёгкага досведу ягонага толькі што завершанага рэктарства). У Маскве вывучаў зборы Цэнтральнага дзяржаўнага архіва старадаўніх актаў, а таксама аддзел рукапісаў нацыянальнай кніжнай скарбніцы (Бібліятэкі імя Леніна), у Ленінградзе — такі ж самы аддзел у Бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына (гэта там знаходзіліся разрабаваныя пасля падзелаў польскія рукапісы і старадрукі, а сярод міжвольных дабрадзеяў прысутнічалі — што мне шматразова прыгадваў з характэрным тонкім гумарам пад час спатканняў — партрэты двух братоў-біскупаў, стваральнікаў Бібліятэкі Залускіх у Варшаве ў XVIII ст.), у Кіеве — Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украінскай ССР, у Львове—ягоны тамтэйшы філіял, а таксама аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук УССР імя Стэфаніка (пад гэтай назвай у гістарычным гмаху пад купалам раней хаваўся старадаўні Асалінеум), у Мінску і Вільні — рэспубліканскія Цэнтральныя гістарычныя архівы, больш за тое — а можа, перадусім — у горадзе Гедыміна Універсітэцкую бібліятэку (здолеў дабрацца да яе пад час другога прабывання, таксама як і да збораў Інстытута гісторыі Акадэміі навук у Ленінградзе) і Бібліятэку Акадэміі навук.

Асобныя справаздачы змяшчаюць як спісы даследаваных калекцый разам з сігнатурамі, так і трапныя характарыстыкі ix зместу. Прыезджы з Польшчы канцэнтраваў увагу на крыніцах, датычных перадусім унутрыпалітычных падзей у Рэчы Паспалітай у апошнія (да 1629 г.) тры гады панавання Жыгімонта ІІІ, для сваёй рыхтаванай манаграфіі, якая мусіла ўбачыць свет пасля дзесяці гадоў працы, у 1978 г.[25], аднак, з іншага боку, не забываў пра вялікую прыгоду, якой з’яўляецца для даследчыка архіўная праца, калі ён зусім выпадкова можа натрапіць на сляды найцікавейшых справаў, што пазней схіліць яго да распрацоўкі цалкам новых тэм. Заўважыў жа і „на палях” асноўнага архіўнага даследавання не прамінуў занатоўваць справы, якія на той момант менш яго займалі, напрыклад, з разраду прыватных маёмасных справаў і судовых спрэчак. Гэта мусіла прынесці плён ужо ў недалёкай будучыні ў выглядзе справаў пра „незвичайную гісторыю” роду Максімовічаў-Ломскіх, а таксама пра магнацкія спрэчкі аб Капыскіх уладаннях.

Раней за вышэйзгаданыя крыніцазнаўчыя інструктыўныя справаздачы з навуковых падарожжаў па бібліятэках і архівах на тэрыторыі Расіі і старадаўняй Рэчы Паспалітай[26] з’явіліся першыя артыкулы Яна Серадыкі пра падзеі з гісторыі Вялікага Княства, напрыклад, пра соймавыя дэбаты паміж караняжамі і бацвіннікамі ў 1627 г. або пра спробу байкатавання імі Торуньскага сойму[27], які праходзіў годам раней.

Тыя аналітычныя артыкулы не толькі адкрывалі новыя карціны невядомых фрагментаў гісторыі, але і прыводзілі да цікавых канстатацый, такіх, як, напрыклад, гэтае фінальнае разважанне пра спрэчкі за Копысь паміж біржанскімі Радзівіламі і Львом Сапегам: „Такім чынам, у цэлым, ніколькі не адкідаючы іншых фактараў, здаецца, што тая крыніца пастаяннай палітычнай размежаванасці нашай магнатэрыі, якая выражалася ў слабасці і нетрываласці алігархічных груповак, каранілася перадусім у яе глыбокіх эканамічных антаганізмах, якія гэткім чынам рабілі немагчымым фарміраванне ў тагачаснай Рэчы Паспалітай адзінай улады магнацкай алігархіі”[28]. Аўтар таксама звяртае ўвагу на негатыўныя наступствы несупынных і зацятых маёмасных спрэчак, часта паміж пародненымі магнатамі, якія аслаблялі іх энергію і перашкаджалі пазітыўнай дзейнасці на грамадскай ніве, „але адначасова не давалі магчымасці рэальна стварыць адпаведна моцную магнацкую групоўку. Групоўку, якая здолела б маналітна і на працягу доўгага адрэзка часу выступаць перад каралём ці шляхтай з канкрэтнай палітычнай праграмай…”.

Героі публікацыі—не толькі асобы з галоўнай палітычнай арэны, але і зусім незнаёмыя постаці, як, напрыклад, нейкі Максімовіч, які з’яўляецца на першай старонцы цытаванага доследу. Ян Серадыка, карэктуючы датуль выпадковыя згадкі, змешчаныя ў літаратуры па прадмеце, і скрупулёзна ўзнаўляючы гісторыю роду Максімовічаў-Ломскіх, звыкла трактаваных як адасобленае сямейства, у асобным артыкуле падае тэму як цікавы матэрыял да пытання прасоўвання па сацыяльнай лесвіцы, пранікнення мяшчан на Літве ў шляхецкі стан ды нават у шэрагі магнатэрыі. Памянёныя тут Максімовічы-Ломскія знаходзіліся ў другой чвэрці XVII ст. на прамым шляху да апошняй перамогі, аднак пераацанілі свае магчымасці і нават страцілі пазіцыю, якую напрацавалі сабе сярод мяшчанскай эліты Магілёва, хутка развіталіся з „падманлівым бляскам шляхецкага клейнота <…> і сышлі ўсяго за дзесяць з нечым гадоў у шэрагі арандатараў і нават шляхецкай беднаты, каб неўзабаве знікнуць з гістарычнай арэны”. І далей — трапная заўвага наконт абедзвюх частак Рэчы Паспалітай: „Здаецца, што наколькі лягчэй было здабыць шляхецтва, нават не зусім легальным шляхам, на Літве, настолькі цяжэй было тут, чым у Кароне, увайсці ў магнацкую праслойку. Была яна ў Вялікім Княстве неяк больш замкнёнай і кансерватыўнай, значна пільней ахоўвала сваю каставасць, чым каронная”[29].

Надта высока нацэльваліся Максімовічы-Ломскія, прычым не хапіла ім часу і праславутай крыхі шчасця. У 1606-1641 г. сабралі велізарныя Капыскія ўладанні, пасля чаго пайшло атрыманне павятовых пасадаў (смаленскіх, аршанскіх), сваяцтва са старымі (аднак хутчэй заняпалымі) княжацкімі родамі, стварэнне ўласнай шляхецкай кліентуры і прэстыжнае выстаўленне на ваенныя выправы ўласных узброеных почтаў. Аднак умяшаліся — напэўна, страціўшы адчуванне рэальнасці, а можа, проста ідучы на рызыку — у спрэчкі паміж Крыштафам Радзівілам і Львом Сапегам, пасварыліся паміж сабой, што прывяло іх да згаданага заняпаду. Гісторык звярнуў увагу на матэрыялы, якія далі б пяру Ўладзіслава Лазіньскага імпульс для напісання маляўнічай аповесці ў стылі „Правам і левам” ці „Жыцця польскага ў мінулых стагоддзях”.

Але і Серадыка закрануў і ўвасобіў у кнігу адну з такіх тэм. Да гэтага мы вернемся праз некаторы час. Высновы свае стараўся не толькі пацвярджаць надзейнымі дакументальнымі крыніцамі, але і паказваць на шырокім гістарычным фоне, між іншым, спасылаючыся на літоўскую традыцыю рэлігійнай талерантнасці, што даводзіць напісаны ў перыяд гістарыяграфічных дыскусій на гэтую тэму (звязаных са святкаваннем 400-й гадавіны ўхвалення Варшаўскай канфедэрацыі) дослед пра шлях вяртання каталікамі страчанага ў час Рэфармацыі касцёла ў цвярдыні кальвінізму — радзівілаўскіх Кейданах. Асноўны пласт матэрыялаў быў сабраны ў час другой паездкі ў Вільню[30]. У гэтым выпадку аўтар звярнуў увагу на арыгінальную нават па тагачасных мерках постаць біскупа Якуба Варанецкага, які быў у свой час пробашчам у Коўне і Геранёнах і, нягледзячы на забарону касцельных уладаў, без дакораў сумлення вянчаў у 1593 г. каталіцкім шлюбам Эльжбету з Астрожскіх і кальвініста Крыштафа Радзівіла[31]. Са знакамітай ленінградскай калекцыі Дуброўскага (Бібліятэка імя Салтыкова-Шчадрына) выбраў і апублікаваў з каментарыямі складзены несумненна ў першыя гады панавання Жыгімонта ІІІ дакумент, датычны ўвасаблення лозунгаў рэлігійнай талерантнасці ў Рэчы Паспалітай. Гэтая публікацыя — прыклад дасведчанасці на ніве выдання крыніц[32].

А цяпер — маючы завершаныя працы аднаго з найвыбітнейшых даследчыкаў старапольскага парламентарызму — звернем увагу на адну з рысаў гэтага навукоўца, які заўсёды пазбягаў спрэчак, але пры гэтым цвёрда адстойваў свае дакументальна пацверджаныя аргументы даследчыка: палеміст. Справа датычыць дыскусіі пра спецыфіку літоўскага парламентарызму з іншым знаўцам праблемы — Генрыкам Віснерам, а канкрэтна — пра характар Віленскай канвакацыі. Варшаўскі даследчык распачаў яе ў 1968 г. заўвагамі пра гэты сход, характэрны для Вялікага Княства і скліканы пасля Люблінскай уніі і яшчэ ў XVII ст. пад час бескаралеўя, таксама як і праз уладара, незалежна ад функцыянавання павятовых соймікаў і генеральнага, або вальнага сойму. Серадыка, які трактаваў канвакацыю на сваю думку як праяву разрыву уніі, у дакладна праведзеным разважанні зноў выказаўся за выключны характар гэтага сходу, прывёўшы прыклад падзей 1627 г. Рашуча абараняў сваю пазіцыю, але, з іншага боку, здолеў прызнаць рацыю апанента ў некаторых пытаннях, што, аднак, не зменшыла важкасці агульных вынікаў ягоных разваг[33].

Гэтая палеміка была звязана з доктарскай дысертацыяй Яна Серадыкі пра Торуньскі сойм 1626 г. Чарговым вынікам ягоных шматгадовых даследаванняў стала габілітацыйная дысертацыя пра Рэч Паспалітую ў апошнія гады панавання Жыгімонта ІІІ[34], узбагачоная каштоўнымі артыкуламі, якія дапаўнялі яе асноўныя палажэнні, што, аднак, не датычыліся тыпова літоўскіх пытанняў. Opus magnum, прысвечаны ўнутранай палітыцы, спасылаецца на багатую літаратуру — польскую і замежную, якая здаўна канцэнтравала ўвагу на стасунках з замежжам, і выкарыстоўвае вынікі гэтых даследаванняў. Погляд аўтара скіраваны на здзяйсненні трох тагачасных соймаў, што ён заяўляе ва ўводзінах, паказваючы ў ходзе аналізу, якое вялікае значэнне для спазнання падзей унутры дзяржавы мела яе парламенцкае жыццё. З шасці раздзелаў палова датычыць уласна пасяджэнняў парламента („Лістападаўскія пасяджэнні і рашэнні”, „Няспраўджаныя надзеі на рэформу ў 1631 годзе”, „Апошні пры Жыгімонце ІІІ”), астатнія ж сітуацыі — ад Альтмарскай дамовы да пасяджэнняў, распачатых у сярэдзіне лістапада 1629 г., а таксама перыядаў паміж першым і другім ды другім і трэцім соймамі. Дададзім, што гэтыя няспраўджаныя надзеі былі прыпісаны не толькі пасяджэнням 1631 г., але і ранейшым, 1627-га, якім аўтар прысвяціў асобную кнігу[35], выдадзеную чатырма гадамі раней. Рэч Паспалітая з’яўляецца выразным прыкладам трактоўкі соймаў не як саміх у сабе, але як пункта выхаду да значна шырэйшай карціны, насамрэч унутрыпалітычнай гісторыі, з улікам унутраных стасункаў. Тут мы знаходзім вобраз кіроўнай эліты ў дзяржаве — актыўнай, і залежных ад яе—масавых удзельнікаў соймікаў. Погляд аўтара найперш скіроўваецца на месца пасяджэнняў – каралеўскі замак у Варшаве, аднак бярэ пад увагу спецыфіку розных частак Кароны і Вялікага Княства праз характарыстыку лакальных інтарэсаў у выглядзе соймікавых інструкцый і сенатарскіх выступленняў (галасавання); заўважым, што найчасцей у тэксце кнігі згадваюцца постаці — акрамя, зразумела, самога Жыгімонта ІІІ, каралевіча Ўладзіслава IV, кандыдата ў спадкаемцы трона, нунцыяў Барберыні і Вісконці, а таксама Густава Адольфа, канцлераў Тамаша Замойскага і Якуба Задзіка, а таксама надзвычай папулярнага сярод шляхты князя Ежы Збаражскага, — двух магнатаў-ліцвінаў, Льва Сапегі і Крыштафа Радзівіла, а побач з імі з’яўляюцца шматлікія прадстаўнікі абодвух гэтых родаў. Дакументацыя — заснаваная на матэрыялах віленскіх і з варшаўскага AGAD, у тэксце і каментарыях аўтар асабліва шмат месца аддае галасам з Вялікага Княства, ахвотна цытуе словы аднадумцаў князя на Біржах і Дубінках, асабліва Станіслава Кураша. Пад час парламенцкіх пасяджэнняў 1629 г. у дыскусіі наконт Альтмарскай дамовы даволі шмат месца заняло жаданне літоўскіх паслоў утрымаць у сваіх руках ленніка — электара Клайпеды, беручы пад увагу яе значэнне гандлёвага порта. Гэтая тэма была раней абвешчана ў соймікавых інструкцыях. Іх аналіз адносна ўсіх трох разгледжаных у кнізе соймаў паказвае карціны разыходжання інтарэсаў лакальных і іншым разам — паміж абедзвюма складовымі часткамі Рэчы Паспалітай, хоць было б спрашчэннем вышукваць іх выключна з абодвух бакоў унутранай граніцы, якая гэтыя часткі падзяляла. Супольная палітыка дазваляла дасягнуць таксама паглыблення інтэграцыйных працэсаў і даміноўных агульных мэтаў у замежнай палітыцы. Іншая справа, што дальнабачнасць эліты не была ў той час яе галоўнай вартасцю. На заканчэнне аўтар станоўча ацэньвае дзейнасць дзяржаўнай адміністрацыі ў перыяд выхаду з пасляваеннага хаосу, а таксама пазітыўныя парламенцкія дасягненні на цэнтральным і лакальным узроўнях, імкненне згладзіць супярэчнасці паміж тронам і шляхтай, разрыў з абструкцыяй нават ранейшых вялікіх апазіцыянераў — Радзівіла і Збаражскага. „Жыгімонт ІІІ ніколі датуль не цешыўся такім вялікім прызнаннем і падтрымкай шляхецкага грамадства, як уласна цяпер — пад канец свайго панавання. Гэта сведчыць аб якімсьці насамрэч абмежаваным, але значным у параўнанні з папярэднімі гадамі ўтварэннем адзінства інтарэсаў дзяржаўнай улады і прынамсі часткі шляхецкіх грамадзянаў Рэчы Паспалітай” (с. 212).

Аўтар знаходзіць прычыну такой станоўчай з’явы ў двухбаковым імкненні да кампрамісаў. Яны, звычайна дабраславёныя, у дадзеным выпадку, аднак, мелі і негатыўныя наступствы, прынамсі ў аддаленай перспектыве. Не спрыялі рэформам, неабходным для далейшага спраўнага функцыянавання дзяржаўных інстытутаў. Серадыка, поўны захаплення манархам[36], асабліва за ягонае сумленнае выкананне абавязкаў, усебаковасць інтарэсаў і клопат пра годнае прадстаўленне манаршай велічы, не хавае шкадавання аб тым, што ў той час быў прапушчаны зручны момант для неабходных рэформ, асабліва сістэмы фінансаў, што не было яшчэ немагчыма. Тут ён застаецца салідарным з тымі даследчыкамі, якія лічаць, што паходжанне initium calamitatis Regni (пачатку бедаў каралеўства. — Перакл.), які прыпадае на пачатак вялікага пераможнага казацкага паўстання ў 1648 г. пад правадырствам Багдана Хмяльніцкага, за якім надышлі вялікія войны — Маскоўская і Шведская (не кажучы пра сяміградскія або татара-турэцкія), з якіх Рэч Паспалітая не здолела ўзняцца, трэба шукаць у падзеях з сярэдзіны панавання Жыгімонта ІІІ, часу пасля заканчэння выправаў на Маскву, калі змучаныя ўдзельнікі шматгадовых баталій, у тым ліку ўнутраных (рокаш Зебжыдоўскага) пайшлі ў нейкай ступені па лініі найменшага супраціву, як сказалі б героі Міцкевічавай эпапеі, згодна з выслоўем: „Неяк жа гэта будзе!”. У навейшых сінтэтычных трактоўках гэты пералом in minus у часы першага Вазы, яшчэ мала бачны ў бляску старадаўняй раскошы, найвыразней адзначыў Ежы Тапольскі, прыняўшы 1618 г. за паўзу паміж эпохай Адраджэння і дамінавання шляхты (з 1501 г.) і часамі Барока і развіцця магнацкай алігархіі (да 1733 г.)[37]. А калі нават 1648 г. традыцыйна прымаецца за рубеж паміж часамі стабілізацыі польска-літоўскай Рэчы Паспалітай і перыядам крызісу, які прывёў яе да канчатковага заняпаду, дык пачаткі разбурэння ўгледжвае ў гадах пасля згасання Ягелонаў і ўвядзення вольнай элекцыі, а асабліва ў другой палове панавання Жыгімонта ІІІ[38]. На адмоўнае, хаця выразна відавочнае толькі ў другой палове XVII ст. значэнне паслярокашавага кампрамісу (у правадыроў апазіцыі волас з галавы не ўпаў”) звяртае ўвагу Януш Тазбір[39]. Заслугоўвае ўвагі таксама аналіз сітуацыі аўтарамі вялікага 10-тамовага („Кракаўскага”) агляду гісторыі Польшчы і звязаны з ім сінтэтычны погляд Герарда Лябуды[40].

Ян Серадыка творча выявіўся ў гэтай плыні ацэнак, выказваючы свой жаль да караля (на схіле ягонага праўлення) і яго найбліжэйшых дарадчыкаў, шкадуючы аб іх адмове ад ранейшых намераў фінансавай рэформы, што неўзабаве праявілася негатыўнымі наступствамі, паколькі, на яго думку, рэформа была яшчэ магчыма, што дало б нагоду „да ўздыму і да засцярогі перад паразамі другой паловы XVII ст. і заняпадам у XVIII ст.”. Трэба было схіліць шляхту да гэтага „шляхам умелых кампрамісаў і пераконвання” (затое аўтар сумняваецца ў магчымасці ўвядзення зменаў у сістэму вольнай элекцыі, не кажучы пра абсалютызм або спадчынную манархію). Быць можа, але ж у гісторыі мы маем справу з сітуацыямі магчымымі або адваротнымі, што часта залежыць ад індывідуальнасці правадыроў. Але ж — быць можа…

Перакананасць апольскага даследчыка падаецца захапляльнай і грунтуецца на дасканалым (мала хто сёння так пранікліва застаецца за панібрата з крыніцамі XVII ст. і ведае іх знутры, разумее іх дух!) веданні архіўных дакументаў і друкаваных выданняў эпохі Вазаў. А асаблівую абазнанасць у літоўскіх справах праявіў у выдадзенай амаль на два дзесяцігоддзі пазней кнізе, якая з-за малога накладу і недахопу належнай прэзентацыі не выйшла за межы вузкага кола даследчыкаў эпохі, а з улікам яе дзівоснага зместу павінна б заняць месца побач са шматразова ўзнаўлянымі і шырока папулярызаванымі працамі вышэйзгаданага Ўладзіслава Лазіньскага, Яна Станіслава Быстроня або Станіслава Васілеўскага. Пры гэтым абачлівы аўтар свядома затрымаў на некалькі гадоў яе выданне па меркаваннях… палітычных, бо адзін з яе галоўных герояў воляй выпадку насіў тое ж самае прозвішча, што і гратэскны і таямнічы кандыдат на пасаду Прэзідэнта Польшчы на ўсеагульных выбарах Anno Domini 1990. Станіслаў Тыміньскі — старэйшаму пакаленню вядомая тая авантурная сітуацыя, малодшаму, пэўна, гэта ўжо нічога не гаворыць. Аўтар палічыў патрэбным растлумачыць чытачам, навошта ўзяўся за тэму, настолькі далёкую ад ягоных ранейшых інтарэсаў, сярод якіх побытавая тэматыка, уласна кажучы, адсутнічала. Дадзім жа яму слова, тым болей што справа датычыцца згаданых мною раней даследчых шляхоў, калі ў ходзе рэалізацыі загадзя пастаўленых задач магчыма цалкам пазапланава напаткаць зусім новыя матэрыялы, якія пабуджаюць да да-лейшых пошукаў.

„Кніга гэтая паўстала <…. > неяк выпадкова. Яе нараджэнне пачалося ў той момант, калі пад час прагляду ў Галоўным архіве старадаўніх актаў у Варшаве карэспандэнцыі літоўскіх магнатаў мяне заінтрыгаваў загаловак так званай цыдулы пры адным з лістоў Крыштафа Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага ў 1597 – 1616 г. <…> Са зместу адназначна вынікала, што жонка маршалка, Соф’я з Радзівілаў, здраджвала яму з нейкім Станіславам Тыміньскім, адным са шляхетных слуг двара Дарагастайскага. Тая сенсацыйная інфармацыя не была, аднак, на той час для мяне дастаткова зразумелай…”[41].

Сенсацыйная… адна з многіхпадобных справаў, хіба што яны звычайна былі ўтоеныя і не знаходзілі адлюстравання ў пісьмовай дакументацыі. А з іншага боку, рэдка калі, раз ужо былі занатаваны, траплялі ў рукі такога дапытлівага даследчыка. І Серадыка пачаў „выношваць” тэму, якая не давала яму спакою. Дзейнічаў зусім не як чысты медыявіст, які з мізэрных фрагментаў узнаўляе цэласны вобраз, найчасцей, аднак, гіпатэтычны. У дадзеным выпадку было інакш — крыніц XVII ст. захавалася непараўнальна больш, чым з Сярэднявечча, тым болей што на дапамогу прыйшлі шчасце і вялізная дасведчанасць эрудыта, які збіраў матэрыялы — аб чым я ўспамінаў — да другога тома задуманай манаграфіі пра Жыгімонта ІІІ, якая мусіла ахапіць 1609-1632 г. А той ліст здраджанага мужа, датаваны студзенем 1610 г., быў напісаны ў абозе пад Смаленскам швагру Крыштафу Радзівілу, стрыечнаму брату той самай Соф’і, другой гераіні рамана.

Заняты іншымі — планавымі — тэмамі, гісторык спачатку быў закінуў далейшыя высвятленні, але праз некаторы час вярнуўся да іх, заахвочаны прачытаннем фрагмента адной з кніг, якая бліжэй падыходзіла да справы відавочна асаблівай, а менавіта — рамана княжны з бедным слугой[42]. Гэтым разам пачаў правяраць недакладнасці і прыступіў да сістэматычных пошукаў, карыстаўся парадамі больш чым дзесятка спецыялістаў (акрамя гісторыкаў, таксама знаўцаў медыцыны) з Польшчы, Літвы, Беларусі і Аўстрыі, чые прозвішчы скрупулёзна пералічыў ва ўступе да сваёй манаграфіі. Вынікі пошукаў прадстаўляў у вузкіх колах (Аполі, Торуні[43], Познані), каб пасля перапынку, выкліканага клопатамі аб здароўі, завяршыць усё і апублікаваць у выглядзе кнігі[44].

Відавочна, „Княжна і бедны слуга” адрозніваецца ад іншых выданняў Серадыкі (але нароўні з імі прафесійна пацверджана дакументамі, маючы ў гэтым аспекце перавагу над працамі вышэйзгаданых эсэістаў[45]) тэматыкай, затое выяўляе шырокія гуманістычныя інтарэсы аўтара. Кніга чытаецца нібы дасканалая, поўная загадак аповесць, складаецца яна з шасці раздзелаў з загалоўкамі сапраўды літаратурнымі: Dramatis personae(„Персанажы драмы”. — Перакл.), „Раман Соф’і і Станіслава”, „Выкрыццё каханкаў”, „Працэс Тыміньскага”, „Прымірэнне сужэнцаў”, „Так мінаюць слава і драмы людскія”. Гэта гатовы матэрыял для кінасцэнарыя або тэатральнай п’есы.

Дазволю сабе на гэтым месцы прыгадаць фрагмент выдавецкай рэцэнзіі, якую ў 1994 г. я напісаў для выдавецтва Апольскага універсітэта: „Аўтар паказаў важны фрагмент старапольскай гісторыі нораваў, трактаваны так, як належыць тонкаму даследчыку, з улікам гістарычнага кантэксту (дадам: і асабліва рэаліяў і спецыфікі Вялікага Княства Літоўскага) і шэрагу спадарожных матываў. Без перабольшвання можна сказаць, што гістарыяграфія атрымала вобраз другога вялікага рамана з радзівілаўскага кола. Той, першы, датычыўся, канешне, Барбары Радзівілаўны”.

Ужо тады я звярнуў увагу на белетрыстычныя матывы, бездакорна прыдатныя да сцэнарыя, а таксама на вартасці навуковай працы ў сферы такога папулярнага сёння жанру, як дакументальная літаратура.

Другі выдавецкі рэцэнзент, Ярэма Мацішэўскі, заўважыў, між іншым: „Ян Серадыка напісаў чарговую цудоўную, выдатна пацверджаную дакументамі манаграфію, прысвечаную айчыннай гісторыі XVII ст., а што ён выйшаў па-за межы апрацаванай датуль тэматыкі — тым лепш. Напісаў яе пры гэтым цёпла, з разуменнем спраў людскіх у індывідуальным і грамадскім вымярэннях. Гэтая кніга паглыбляе нашы веды пра польскае або польска-літоўска-рускае XVII стагоддзе, набліжае да нас людзей, якія жылі ў той час, адкрывае датуль мала спазнаныя рысы іх менталітэту, ладу жыцця, характару”.

Аўтар зрадніўся з тэмай і сваімі героямі, перадусім з Дарагастайскім, адной з найвыбітнейшых постацяў грамадскага жыцця Літвы і Рэчы Паспалітай у першай палове XVII ст. У значнай ступені прачытанне біяграфіі вялікага маршалка літоўскага пяра Казіміра Лепшага[46] ў нацыянальным даведніку заахвоціла яго некалькі гадоў даследаваць любоўна-скандальны матыў. Наколькі гэты тэкст, якому ўжо споўнілася паўстагоддзя, паслужыў для яго адным з арыенціраў (у ім знаходзілася таксама кароткая інфармацыя пра шлюбную здраду), дык, завяршаючы ўласныя даследаванні, мог бы напісаць для PSB значна шырэйшы жыццяпіс гэтага магната. Замяніла яго кніга, а таксама напісаныя пасля яе заканчэння артыкулы, асабліва пра побыт хваравітага Крыштафа на курорце ў Сілезіі і ягоную смерць ва Ўроцлаве[47], адкуль цела было перавезена сваякамі (двойчы быў жанаты, ад шлюбу з Соф’яй Радзівілаўнай пакінуў сына — Уладзіслава) у Мураваную Ашмянку, дзе адбылося пахаванне ў кальвінскім зборы. Асобна заняўся аналізам ягоных выхаваўчых прадпісанняў для другой жонкі (была ёю якраз Соф’я)[48], а таксама тэстаментам[49] і інвентаром рухомай маёмасці[50]. Згадваў гэтую постаць і ў іншых працах, датычных літоўскай магнатэрыі, а таксама стаў хадайнікам ушанавання памяці свайго „пратэжэ” на месцы яго скону: у эпілогу манаграфіі апеляваў менавіта да ўроцлаўскіх гуманітарыяў, каб падтрымалі ініцыятыву ў справе размяшчэння на фасадзе гандлёвага дома „Фенікс” дошкі з паведамленнем, што на гэтым месцы некалькі стагоддзяў таму стаяла камяніца „Пад Залатым Дрэвам”, у якой (трэба было ўспомніць) «памёр па дарозе на лячэнне да Цепліцаў <…> маршалак в. літоўскі, палітык, ваяр, літаратар і навуковец, перадусім аўтар „Гіпікі”. Быў бы сапраўды задаволены, — дадаў, — калі б менавіта такі мог быць дадатковы эфект гэтай кнігі, насамрэч пабочны ў адносінах да яе асноўнага зместу, але, можа, значна больш трывалы за яе. Пэўна ж, больш відовішчны, бо практычна штодня надпіс чыталі б не толькі жыхары Ўроцлава, але і многія турысты, якія наведваюць гэты горад. Думаю таксама, што быў бы гэта прыгожы жэст у напрамку братоў нашых ліцвінаў, які падкрэсліваў бы нашу памяць пра іх вялікага суайчынніка і у той жа час грамадзяніна агульнай для нас тады Рэчы Паспалітай»[51]. Гісторык з Аполя, шукаючы сляды, пакінутыя маршалкам, кансультаваўся, між іншым, з Адамам Мальдзісам з Мінска, а таксама з Вітаўтасам Раўдэлюнасам і Антанасам Цілам з Вільні. Апошні па ягонай просьбе выправіўся ў Мураваную Ашмянку, дзе, аднак, — як напісаў у лісце 8 красавіка 1991 г., слядоў Дарагастайскіх у касцёле, пабудаваным у XVIII ст., не знайшоў, таксама як і ў каталогу рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі Навук, спасылаючыся толькі на вядомыя матэрыялы з працы Чэслава Янкоўскага пра Ашмянскі павет і на навейшы — выдадзены ў Мінску — Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, з якога далучыў да ліста ксеракопію на цікавую тэму.

Кніга „Княжна і бедны слуга” выклікала значнае рэха па Беларусі, дзе яе аўтар стаў класікам даследаванняў XVII ст. і асабліва — постаці Дарагастайскага, якая карыстаецца вялікай пашанай. Каб адзначыць 445-я ўгодкі з дня яго нараджэння — юбілей, які прыпаў на 2007 г. — былі арганізаваны адмысловыя ўрачыстасці і выдадзены ў шыкоўным выглядзе слынны твор маршалка. У сувязі з гэтым цікавую перапіску з аўтарам манаграфіі вяла перакладчыца „Гіпікі” на беларускую мову Святлана Ішчанка. Гісторыка з Аполя, канешне, запрасілі як ганаровага госця на святкаванне, але, на жаль, стан здароўя не дазволіў яму ўдзельнічаць.

З сучаснай Беларуссю ён завязаў знаёмства, як мы ведаем, значна раней — у дзяцінстве, прычым у драматычных абставінах. Праз шмат гадоў наведваў яе некалькі разоў, між іншым, як удзельнік міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Мінску „Традыцыі і перспектывы інстытутаў парламентарызму ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе XV-XX ст.” (29-30 траўня 2001 г.), пад час якой выступіў з дакладам на тэму ўдзелу міністраў Вялікага Княства Літоўскага ў соймах Рэчы Паспалітай абодвух народаў на прыкладзе эпохі Вазаў[52].

Плёнам выступленняў Яна Серадыкі на канферэнцыях і ўдзелу ў калектыўных працах сталі — акрамя вышэйназваных — публікацыі на тэмы парламентарнай актыўнасці Радзівілаў[53], прававой культуры літоўскай магнатэрыі[54], канфліктаў паміж маршалкамі абедзвюх частак Рэчы Паспалітай[55], нарэшце, цыкл доследаў „Мемарыяла” канцлера Альбрыхта Станіслава Радзівіла[56], у тым ліку пра такі блізкі аўтару Пінск (асяродак Палесся ведаў галоўным чынам са старапольскіх крыніц і з уласнага досведу — таго, часоў акупацыі, а таксама пачатку ХХІ ст.)[57]. Літоўскія сюжэты знаходзілі адлюстраванне ў праблемных трактоўках[58], датычных усёй Рэчы Паспалітай і асабліва — старапольскага парламентарызму[59], найлепей жа гэта відаць у вышэйзгаданых соймавых манаграфіях. Калі ж Інстытут палітычнай гісторыі Вышэйшай школы кіравання і банкаўскай справы ў Познані, з якім прафеcар усталяваў сувязь пасля выхаду на універсітэцкую пенсію і стаў адным з даследчых стаўпоў гэтага калектыву, пастанавіў адзначыць ягонае 75-годдзе з дня нараджэння выданнем тома выбраных прац, Ян Серадыка парэкамендаваў уключыць у яго сярод шасці вялікіх раздзелаў перадусім гэтыя, звязаныя з Вялікім Княствам і выдадзеныя ўпершыню ў папярэднія гады, а менавіта: спрэчкі пра Копысь[60], пра касцёл у радзівілаўскай сядзібе[61], а таксама выхаваўчыя прадпісанні Дарагастайскага жонцы, якая прычыніла яму столькі турбот[62]. Больш за тое—акрамя згадкі дэбюту, звязанага з паўстаннем Хмяльніцкага[63], уключыў у том дзве новыя працы: пра ўдзел у соймавым жыцці сенатараў эпохі Жыгімонта ІІІ[64], а таксама міністраў 1587-1668 г., ці эпохі ўсіх трох польскіх Вазаў[65]. Гэтыя працы былі, вядома, дапоўнены вынікамі даследаванняў і роздумаў апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў.

На даследчыя дасягненні свайго настаўніка ў галіне літуаністыкі звярнуў увагу дваццаць гадоў таму ягоны найвыбітнейшы вучань[66], сярод жа 16 аўтараў прысвечанага яму тады юбілейнага выдання знайшліся тыя, што напісалі на тэмы, датычныя ўласна Літвы (епіскапат, войска)[67]. У значна большай колькасці з’явіліся яны ў прыгожай памятнай кнізе да 75-гадовага юбілею ў 2004 г. (Studia Historyczno-Prawne). Успамінаючы ж сёння здабытак Яна Серадыкі ў даследаваннях гісторыі старадаўняй Літвы, не магу не прыгадаць нашых сумесных вандровак у мінулыя гады па Горадзе Гедыміна і Віленшчыне, а таксама пазнейшых навуковых дыскусій, асабліва ў перыяд, калі рэктар з Аполя па маёй просьбе ўдзельнічаў у працах Навуковай рады Бібліятэкі Курніцкай ПАН, часта карыстаўся зборамі гэтага цэнтра і публікаваўся ў яе Pamiętniku(1976-1982), а пазней, у 1998 г., пажадаў прыняць запрашэнне да ўдзелу ў працах калектыву ў Познані, які я тады ўзначальваў, быў таксама ініцыятарам майго дзесяцігадовага штатнага супрацоўніцтва з Апольскай Alma Mater і яе добрым духам у 1983-1993 г. Рэгулярна сустракаліся мы ў той час у ягонай гасціннай кватэры на вуліцы Плебісцытавай і ў атачэнні кніг і нататак вялі доўгія размовы пра гісторыю даўніх вякоў і найноўшую, a таксама пра сучаснасць. А зблізіла нас трыццаць шэсць гадоў таму Вільня „маіх” Ягелонаў і Ягоных Вазаў…

Апоўдні 20 жніўня 2008 г. на могілках у Аполі са сваім выбітным папярэднікам ад імя шматлікіх прысутных сяброў, калег і супрацоўнікаў Апольскага універсітэта развітаўся ў хвалюючых словах рэктар — прафесар Станіслаў Ніцея[68].


[1] Gazeta Wyborcza. 19.VIII.2008 (мясцовая частка, с. 10).
[2] Да 60-гадовага юбілею Яна Серадыкі быў выдадзены том„Z dziejów Rzeczypospolitej szlacheckiej”(Opole, 1988), да 75-годдзяз дня нараджэння і 45-годдзя навуковай працы — „Studia Historyczno-Prawne” (Opole, 2004).
[3] Studia Historyczno-Prawne, pod red. W. Kaczorowskiego. Opole,2008. У падрыхтоўцы гэтай кнігі ўдзельнічалі каля 20 польскіх і замежных аўтараў, большасць змешчаных тэкстаў датычыцца абедзвюх частак Рэчы Паспалітай XVII ст.
[4] Гл. Ochmański J. Lituanistyka w Polsce do 1965 r. // Roczniki Historyczne 34, 1968. S. 137-168. Ён жа, Dzieje Litwy w pracach współczesnych historyków polskich //Rocznik Białostocki 2, 1962.S. 451-458.
[5] Bardach J. O Rzeczpospolitą Obojga Narodów. Dzieje unii polsko-litewskiej. Kraków, 1996. Kosman M. Unia Polski z Litwą i jej echaw XIX-XX wieku // Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. Uspořádali J. MikulecaM. Polívka. Svazek I. Praha, 2007. S. 247-251.
[6] Шырэй: Kosman M. Wileńscy badacze dziejów Wielkiego Księstwa Litewskiego na rozdrożu po 1945 roku // Ostatni obywatele Wielkiego Księstwa Litewskiego. Praca zbiorowa pod red. T. Bujnickiego iK. Stępnika. Lublin, 2005. S. 317-327. Ён жа, Dzieje Litwy w historiografii polskiej drugiej połowy XX wieku. Szkic do tematu // Studia historyczno-prawne. Prace dedykowane Profesorowi Janowi Seredyce w siedemdziesiątą piątą rocznicę urodzin i czterdziestopięciolecie pracy naukowej. Pod redakcją W. Kaczorowskiego i J. Dorobisza. Opole, 2004. S. 119-126.
[7] Jarocki R. Rozmowy z Lorentzem. Warszawa, 1981. S. 24-52. Lorentz S. Album wileńskie. Warszawa, 1986. Kosman M. Stanisław Lorentz i Vladas Drema – przyjaźń ponad podziałami // Kultura polityczna w Polsce. T. VI. Część pierwsza. Praca zbiorowa. Poznań, 2006. S. 337-345. Гл. таксама: Ferdynand Ruszczyc 1870-1936. Pamiętnik wystawy. Pod red. J. Ruszczycówny.Warszawa, 1966. Sleсdziński Ludomir. Pamiętnik wystawy. Podred. I. Kołoszyńskiej. Warszawa, 1977. Крыніцай ведаў пранавуковае — і не толькі! — польска-літоўскае супрацоўніцтвава ўмовах пазітывісцкай канспірацыі пасля Другой сусветнайвайны з’яўляецца апублікаваная ў польскім арыгінале і ўпаралельным перакладзе на літоўскую мову багатая — ахопліваебольш за тры дзесяцігоддзі, ад 1958 да 1991 г. — перапіска паміжшматгадовым дырэктарам Нацыянальнага музея ў Варшавеі віленскім гісторыкам мастацтва, перад Другой сусветнайвайной ягоным студэнтам ва Ўніверсітэце Стэфана Баторыя,Уладзіславам (Владасам) Дрэмай: Vladas Drėma. Laiskai – Stanisław Lorentz, Listy. Vilnius, 1998.
[8] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 399-430(rozdział IX: Henryk Łowmiański jako badacz dziejów Litwy historycznej).
[9] Kosman M. Juliusz Bardach – lituanista // Czasopismo Prawno-Historyczne. T. LVI. Zeszyt 1. 2004. S. 323-329.
[10] Гл.: Międzymorze. Polska i kraje Europy środkowo-wschodniej XIX-XX wiek. Studia ofiarowane Piotrowi Łossowskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. Warszawa, 1995. S. 9—29.
[11] Другі бок таксама не застаўся без віны, нярэдка кажучы пра небесстароннасць партнёра з-па-над Віслы, які шукаў у Вялікім Княстве праславутага Эльдарада і прымнажэння жыхароў Кароны за кошт мясцовага насельніцтва. Было гэта рэха даўніх сварак, якія, аднак, не да твару гісторыкам-прафесіяналам. Гл. таксама: Kosman M. Mitologia rediviva. Między litwomaniąs litwofobią // Kultura polityczna w Polsce. T. II: Mity i fakty. Praca zbiorowa. Poznań, 1999. S. 103—111. Ён жа: Litauen zwischen Vergangenheit und Gegenwart. Studien zur politischen Kultur.Teil 1. Poznań, 2003. S. 119-128.
[12] Wisner H. Janusz Radziwiłł (1612-1655) wojewoda wileński hetman wielki litewski. Warszawa, 2000. Ён жа: Jonušas Radvila (1612-1655) Kėdainių šešėlyje. Z polskiego przetłumaczyіa T. Bairašauskaitė. Leidykla Vaga, 2000.
[13] Aleksandravičius E. i Kulakauskas A. Pod władzą carów. Litwa w XIX wieku. Z litewskiego przełożyła B. Kalęba. Kraków, 2003.(Арыгінальнае выданне: Carų valdžioje. Lietuva XIX amžiuje. Baltos Lankos, 1996). Kiaupa Z., Kieupienė J., Kuncevičius A. Historia Litwy od czasów najdawniejszych do 1795 roku. Warszawa, 2007. (Сумесны пераклад з літоўскай мовы з: Lietuvos istorijaįki 1795 metų. Wyd. II. Vilnius, 2000.)
[14] Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego. Analizy i obrazy. Przekładz litewskiego P. Bukowiec, B. Kalęba, B. Piasecka. Kraków, 2006.(Пяццю гадамі раней у Вільні з’явілася ў ідэнтычным мастацкім афармленні выданне першадруку: Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyrinėjimai ir vaizdai. Гл.: Косман М. З разваг над культурай Вялікага Княства Літоўскага // Беларускі Гістарычны Агляд. T. 13. Сшытак 2 (25). 2006. С. 375-387.) Згодна з назвай, выклад павінен датычыцца Вялікага Княства,а насамрэч засяроджваецца на этнічнай Літве і яе праблемах.Затое гістарычную Літву ў сувязі з усёй Рэччу Паспалітай трактуе праца, выдадзеная беларускімі гісторыкамі: Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. T. 1—2. Мінск, 2005-2006,старанна ілюстраваная, пераклад якой на польскую мову быў бы вельмі пажаданы.
[15] Dainauskas J. Autentyczność aktu krewskiego // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica II. 1987. S. 125-144. Прапануючы польскаму чытачу гэты шакуючы тэкст, упершыню апублікаваны на літоўскай мове ў ЗША (Чыкага, 1976), рэдакцыя выказала спадзяванне, што палеміка засяродзіцца на ягоных асноўных тэзісах, а не выключна на шматлікіх фактаграфічных хібах або бібліяграфічных памылках.
[16] Гл. між іншым: Błaszczyk G. Czy była unia krewska? // Kwartalnik Historyczny CX. Zeszyt 1. 2003. S. 83-96.
[17] Kultura polityczna w Polsce. T. VI: Litwa w polskiej tradycji i kulturze politycznej. Praca zbiorowa pod redakcjąM. Kosmana. Część 1. Poznań, 2006. S. 37-49.
[18] Пад час чарговага з таго 1972 г. знаходжання ў Вільні я настойліва прасіў гаспадароў аб магчымасці наведаць старажытную цвярдыню кальвінізму, а яны — аж да вялікай палітычнай пераменыў СССР — не маглі задаволіць маю просьбу, паколькі Кейданы па ваенных разліках былі мясцовасцю пад асаблівай аховай.Але пра гэта я даведаўся не адразу.
[19] Kosman M. Dzieje Litwy w historiografii polskiej. S. 134. Гл.таксама яго: Pasje Jana Seredyki // Strony. Czasopismo Społeczno-Kulturalne, № 3-4 (21-22). Opole, 1998. S. 20 nn. Ён жа: Autor i jego dzieło // Seredyka J. Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. S. 9-19.
[20] Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. S. 21-53.
[21] Rzeczpospolita w ostatnich latach panowania Zygmunta III (1629-1632). Zarys wewnętrznych dziejów politycznych. Opole, 1978.
[22] Sejm zawiedzionych nadziei (1627). Opole, 1981. Sejm warszawski z 1618 roku. Opole, 1988. Parlamentarzyści II połowy panowania Zygmunta III Wazy. Opole, 1989.
[23] Гл. біяграмы і біяграфічныя нарысы: Współcześni uczeni polscy. Słownik biograficzny. T. IV. Warszawa, 2002. S. 66 n. Zіota Księga Nauki Polskiej. Naukowcy Zjednoczonej Europy 2006. Warszawa, 2006. S. 723. Гл. спасылку 15, а таксама: Dorobisz J. i Kaczorowski W. Profesor Jan Seredyka. W czterdziestopięciolecie pracy naukowej // Studia historyczno-prawne. S. 9-16.
[24] Два тэрміны (з 1976 да 1982 г.) Ян Серадыка быў членам Навуковай Рады Бібліятэкі Курніцкай, публікаваў свае творы на старонках яе друкаванага органа „Pamiętnik Biblioteki Kórnickiej”.
[25] Гл. спасылку 17.
[26] Źródła do panowania Zygmunta III w archiwach i bibliotekach ZSRR // Sprawozdania Opolskiego Towarzystwa Przyjaciół Nauk.Wydział I: seria A № 7 za rok 1969. Wrocław, 1971. S. 65-71. Źródła do dziejów Polski i Litwy okresu przedrozbiorowego w bibliotekach Wilna i Leningradu — тамсама, № 10 za rok 1973. Wrocław, 1974. S. 37-48.
[27] Konflikt między Koroną i Litwą na sejmie warszawskim 1627 r. //Zeszyty Naukowe Wyższej Szkoły Pedagogicznej w Opolu. Historia VI. Opole, 1967. S. 129—153. Magnackie spory o posiadłość kopyską w XVI i pierwszej połowie XVII wieku // тамсама, HistoriaXIII. Opole, 1975. S. 59—111. Niepospolite dzieje Maximowiczów-Łomskich w końcu XVI i w pierwszej połowie XVII wieku // Śląski Kwartalnik Historyczny Sobótka. T. 30. Zeszyt 2. Wrocław, 1975.S. 203—220. Шырэйшы, комплексны погляд на вышэйпамянёную праблему змяшчае артыкул Polityczne konsekwencje magnackich konfliktów majątkowych dla dziejów dawnej Rzeczypospolitej // Sprawozdania Wydziału I Opolskiego Towarzystwa Przyjaciół Nauk. Seria A, № 12 za rok 1975. Wrocław, 1977. S. 22-27.Праз гады выспеў артыкул вузка парламентарнай тэматыкі: Instrukcja powiatu wileńskiego na sejmy panowania Zygmunta III Wazy // Śląski Kwartalnik Historyczny Sobótka, № 2—3. Wrocław, 1994 (Studia Historyczno-Prawne. Prace ofiarowane Kazimierzowi Orzechowskiemu w 70 rocznicę urodzin. Pod red. K. Matwijowskiego i S. Ochmann Staniszewskiej). S. 189—197.
[28] Magnackie spory, s. 91.
[29] Niepospolite dzieje, s. 216 n.
[30] Dzieje zatargów i ugody o kościół kiejdański w XVI-XVII w. // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, XXII. 1976. S. 83-110.
[31] Jakub ze Zbaraża Woroniecki – pechowy biskup polskiego renesansu // Sprawozdania Wydziału I Opolskiego Towarzystwa Przyjaciół Nauk. Seria A, № 12 za rok 1975. Wrocław, 1977. S. 25-41.
[32] Nie znany projekt egzekucji konfederacji warszawskiej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, XX. 1975. S. 155-169. Z dziejów tolerancji religijnej na Litwie za panowania Zygmunta III // Sprawozdania OTPN. Seria A, № 10 zа rok 1973. Wrocław, 1974. S.103—110. Аўтар не паддаецца ўражанням ад жорсткіх, аднакадзінкавых прыкладаў рэлігійных ганенняў, але, паказваючы іх у агульным кантэксце, падкрэслівае атмасферу талерантнасці ўадносінах да іншых веравызнанняў і нават зусім незвычайныя яепраявы. Ягоныя погляды сыходзяцца — за малымі выняткамі—са сцвярджэннямі іншых даследчыкаў, у тым ліку ЯнушаТазбіра, Генрыка Віснера і аўтара гэтых радкоў. Скончыў жа меркаваннем: «Такім чынам, калі, нягледзячы на такую вялікую і шматгадовую контррэфармацыйную акцыю пры Жыгімонце ІІІ, пасля ўжо ягонай смерці не толькі паміжадзінкавым магнатам-кальвіністам (мае на ўвазе віленскагаваяводу і гетмана Крыштафа Радзівіла. — М. К.) і біскупам (віленскім Яўстафіем Валовічам.—М. К.) альбо тым жа магнатамі адным ці другім законнікам, але паміж шляхтай каталіцкай ікальвінскай цэлага ваяводства (Віцебскага. — М. К.) панавалаамаль цэлае стагоддзе Рэфармацыі і Контррэфармацыі нічым неазмрочаная згода, можна хіба без залішняга перабольшвання сцвярджаць, што ў справах свабоды сумлення тагачаснае ВялікаеКняства Літоўскае найбольш заслугоўвае назвы „дзяржава без вогнішчаў”» (с. 110). Сапраўды, скрупулёзныя даследаванні паказалі, што той праект не ажыццявіўся на Літве, а ягоным аўтарам быў нейкі жыхар Кароны, аднак тэкст не ў меншай меры адлюстроўвае талерантныя тэндэнцыі, моцныя перадусім у Вялікім Княстве.
[33] Radziwiłłówski plan zbojkotowania przez Litwę w 1626 roku sejmu nadzwyczajnego w Toruniu // Zeszyty Naukowe WSP w Opolu. Historia 8. Opole, 1971. S. 35—59. Konwokacja wileńska, ale jaka? // Historia XII. 1973. S. 120-139. Гл. асабліва s. 134 n. Por.Kosman M. Parlamentaryzm Wielkiego Księstwa Litewskiego wświetle najnowszych badań // Zapiski Historyczne. T. LXX. Zeszyt 4. Toruń, 2005. S. 97.
[34] Гл. спасылку 17.
[35] Sejm zawiedzionych nadziei. Opole, 1981.
[36] Мы памятаем, што гэта быў і заставаўся ў далейшым, а значыць, на працягу творчага паўстагоддзя, галоўны герой ягоных даследчых змаганняў з гісторыяй, якому (а прынамсі, другой палове яго панавання) меў намер прысвяціць манаграфію, дакументальна заснаваную на ўласных пошуках крыніц і, такім чынам, незалежную ад разрозненых гістарыяграфічных ацэнак. Сааўтарам—у дачыненні да першай паловы панавання—меўся быць Ярэма Мацішэўскі. На жаль, абодва знакамітыя аўтары не здолелі выканаць свой паважны намер. Серадыку засталася ўласцівай сімпатыя да блізкай яму постаці манарха, аднак жа ён здолеў сфармуляваць ацэнкі, далёкія ад аднабаковых, што мы бачым у названай тут працы. А гэткая пазіцыя нячаста сустракаецца сярод біёграфаў. Як згадваў праф. Серадыка ў адной з размоў са мной, пэўнае задавальненне яму прынесла тое, што абодвух патэнцыйных аўтараў у нейкай ступені замяніў у сваіх даследаваннях панавання Жыгімонта ІІІ Генрык Віснер. Аднак мы далей чакаем не менш грунтоўнай біяграфіі манарха, які панаваў амаль паўстагоддзя. Навуковец з Аполя прыгадваў тут Уладзіслава Пацеху, які са сваёй манаграфіяй пра каралеву Бону таксама размахнуўся настолькі амбіцыйна, што не здолеў яе скончыць (апублікаваў чатыры ёмістыя тамы).
[37] Dzieje Polski pod redakcją J. Topolskiego. Warszawa, 1975. S. 254 nn.
[38] Kosman M. Polska w drugim tysiącleciu. Tom I: Czasy narodu ipaństwa szlacheckiego. Toruń, 2007; асабліва раздзел Złudne uspokojenie, які ахоплівае заканчэнне панавання Жыгімонта ІІІ іпраўленне Ўладзіслава IV (падзагаловак: Cisza przed burzą),с. 221-234.
[39] Zarys historii Polski pod redakcją J. Tazbira. Warszawa, 1979. S.238.
[40] Wielka historia Polski: Grzybowski S. Dzieje Polski i Litwy (1506-1648). Kraków, 2000; Gierowski J. A. Rzeczpospolita w dobie Złotej wolności (1648-1763). Kraków, 2001. Labuda G. Zadania i celepoznawcze syntezy historii Polski od prawieku do współczesności // Forum Naukowe Wyższej Szkoły Zarządzania i Bankowości. R. IX,№ 19. Poznań, 2004 (Prace Instytutu Historii Politycznej, № 4). S.29-38.
[41] Seredyka J. Księżniczka i chudopachołek. Zofia z Radziwiłłów Dorohostajska – Stanisław Tymiński. Opole, 1995. S. 7. Кніга з’явілася праз 5 гадоў пасля той прэзідэнцкай кампаніі, калі ўжо мела месца новая элекцыя, у выніку якой Леха Валенсу змяніў пасля першага і адзінага тэрміну Аляксандр Квасьнеўскі, а Станіслаў Тыміньскі, па праўдзе кажучы, зноў з’явіўся, але ўжо як кандыдат другарадны, а не першага плана. Актуалізацыю мы сустракаем толькі ўсярэдзіне тэксту, калі аўтар задумваецца: ці мог тагачасны сапернік Леха Валенсы быць нашчадкам Станіслава Тыміньскага, які жыў на пачатку XVII ст., — і прыходзіць да адмоўнай высновы (гл. с. 85).
[42] Гэта была кніга Ярэмы Мацішэўскага „Szlachta polska i jej państwo”. Warszawa, 1969 (апісанне на с. 158—159).
[43] Гл: Zofia Radziwiłłówna. Z dziejów obyczajów na Litwie okresu wczesnego baroku // Sprawozdania Toruńskiego Towarzystwa Naukowego za rok 1990. S. 18-23.
[44] Гл: Księżniczka i chudopachołek. S. 9 nn.
[45] Бо найноўшыя выданні, напр. Уладзіслава Лазіньскага,навуковыя рэдактары забяспечылі спасылкамі на крыніцы,якія дазваляюць адкарэктаваць не адну цытату з дакумента, што звычайна падаецца „па памяці”. Будучаму выдаўцу гэтай —таксама як і іншых — прац Я. Серадыкі не давядзецца браць на сябе такія клопаты.
[46] Lepszy K. Dorohostajski Krzysztof Mikołaj z przydomkiem Moniwid, h. Leliwa (1562-1615) // Polski Słownik Biograficzny. T.V. Kraków, 1939-1946. S. 330-333.
[47] Krzysztof Dorohostajski na Dolnym Śląsku // Śląski Kwartalnik Historyczny Sobótka. 1996, № 1-3. S. 350-356.
[48] Instrukcje „wychowawcze” Krzysztofa Dorohostajskiego dla żony Zofii Radziwiłłówny // Duktem czasów. Księga pamiątkowa ku czciProfesora Mariana Kaczmarka. Opole, 1996. S. 291-303.
[49] Testament Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Aere Perennius. Księga pamiątkowa ku czci Profesora Gerarda Labudy na 85-lecie urodzin. Poznań, 2001. S. 101-114.
[50] Праца з гэтай серыі („Inwentarze majątku ruchomego Krzysztofa Dorohostajskiego, marszaіka wielkiego litewskiego”, камп’ютарны друк, с. 34), падрыхтаваная да друку ў пачатку 2008 г.,завяршае цыкл даследаванняў, звязаных з гэтай постаццю. Гэта скрупулёзна прадстаўлены і пранікліва ахарактарызаваны спіс, які грунтуецца на датычных тэстамента ад 12 траўня 1615 г. нерухомай маёмасці (пералік знайшоўся ў згаданай апошняй волі) і рухомасці (у дадзеным выпадку падрыхтоўка спісаў патрабавала велізарных намаганняў). Гл. таксама: Militaria Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątąrocznicę urodzin. Pod red. W. Kriegseisena i A. Rachuby. Warszawa, 2006. S. 355-371. Некалькі гадоў чакае публікацыі тэкст„Oporządzenia jeździeckie w zbiorach Krzysztofa Dorohostajskiego” (камп’ютарны друк, с. 13), складзены для падрыхтаванайнайноўшай памятнай кнігі для праф. Юліюша Бардаха да юбілеюлітуаністычных даследаванняў (падкрэсліванне маё. — М. К.).
[51] Księżniczka i chudopachołek, s. 129.
[52] Пашыраная версія гэтага тэксту з’явілася ў зборніку прац Я. Серадыкі, гл. спасылку ніжэй.
[53] Udział Radziwiłłów w sejmach panowania Zygmunta III Wazy //Miscellanea Historico-Archivistica (Archiwum Gіówne Akt Dawnych). T. 3: Radziwiłłowie XVI-XVIII wieku. W kręgu polityki i kultury. Praca zbiorowa pod red. E. Potkowskiego. Warszawa, 1989.S. 13-26.
[54] Kultura prawna magnatów litewskich w XVI i XVII wieku // Kultura polityczna w Polsce (I) Przeszіość i teraźniejszość. Pod red. M.Kosmana. Poznań, 1996. S. 35-46.
[55] Konflikty marszałków koronnych z litewskimi od unii lubelskiejdo połowy XVII wieku // Świat pogranicza Księga pamiątkowa na70-lecie urodzin Tadeusza Wasilewskiego, pod red. M. Nagielskiego, A. Rachuby i S. Górzyńskiego. Warszawa, 2003. S. 213-221.
[56] Habsburgowie w Pamiętniku Albrychta Stanisława Radziwiłła //Per saeculaad tempora nostra. Sbornik praci k śedesatym narozeninám prof. Jaroslava Pánka. Uspořádali J. Mikulec a M. Polívka. Svazek 1. Praha, 2007. S. 507-514. Nad Pamiętnikiem Albrychta Stanisława Radziwiłła: 1. O Wielkopolsce i Wielkopolanach; cz. 2:„Inni”Habsburgowie i Habsburżanki // Na obrzeżach polityki. Podred. M. Kosmana. Część czwarta. Poznań, 2007. S. 15-48.
[57] Pińsk Albrychta Stanisława Radziwiłła // Kultura polityczna w Polsce. Pod red. M. Kosmana. T. VI: Litwa w polskiej tradycji i kulturze politycznej, część druga. Poznań, 2006. S. 37-49.
[58] Здалёк пазіраў на Літву і зблізку — на яе ўплывовых прадстаўнікоў Джаванні Паола Мукантэ, цырыманіймайстар папскага двара, які ў 1596 г. суправаджаў у легацыі ў Польшчу кардынала Энрыка Каэтані, а пасля вяртання ў Рым у 1598 г.склаў справаздачу пра экзатычную для яго выправу. Гл.: Kaczorowski W. i Seredyka J. Polska i Polacy końca XVI wieku według Giovanniego Paola Mucante // Kultura polityczna w Polsce.Pod red. M. Kosmana. T. IV: Swoi i obcy, część I. Poznań, 2004. S.49-69.
[59] Прыкладам сапраўды падзвіжніцкай працы назавем багата,як звычайна, дакументаваную і поўную таблічных уставак кнігу Parlamentarzyści drugiej połowy panowania Zygmunta III Wazy (Opole, 1989), што ахоплівае ўсю Рэч Паспалітую. Кніга хоць і патрабуе асаблівай канцэнтрацыі пры чытанні, аднак аблягчае працу наступным пакаленням даследчыкаў. Тут варта заўважыць, што такая каштоўная праца была выдадзена малым — тым старым — накладам, аўтару ж вызначылі ліміт:10 аркушаў, у выніку чаго ён не здолеў рэалізаваць першасную задуму разгледзець сенатараў і паслоў усяго 45-гадовага панавання Ягелона па кудзелі.
[60] Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. Rozdział II: Magnackie spory o posiadłość kopyską w XVI i pierwszej połowieXVII wieku. S. 55-110.
[61] III. Dzieje zatargów i ugody o kościół kiejdański w XVI-XVII wieku, — тамсама, s. 111—140.
[62] IV. Instrukcje „wychowawcze”Krzysztofa Dorohostajskiego dla żonyZofii Radziwiłłówny, — тамсама, s. 141—154.
[63] I. Stosunki ukraińsko – rosyjskie w 1648 roku, — тамсама, s. 21—54.
[64] V. Senatorowie Rzeczypospolitej na sejmach Zygmunta III Wazy(1587-1632). S. 155-238.
[65] VI. Ministrowie Rzeczypospolitej na sejmach epoki trzech Wazów(1587-1668). S. 239-311.
[66] W. Kaczorowski. Jubileusz profesora Seredyki // Trybuna Opolskaą 50 z 28.II.1989 r. S. 6.
[67] Z dziejów Rzeczypospolitej szlacheckiej // Zeszyty Naukowe Wyższej Szkoły Pedagogicznej im. Powstańców Śląskich w Opolu. Seria Historia, № XXVI. Opole, 1988 (тэксты М. Космана і Г. Віснера, часткова таксама іншых аўтараў).
[68] Матэрыялы пра Яна Серадыку (у тым ліку прамову рэктара Ніцеі) гл. у часопісе Апольскага універсітэта „Index”, № 7—8 (91-92) 2008 г.

Наверх

Юры Туронак. Роля Мікалая Пахлябаева ў падрыхтоўцы замаху на Вільгельма Кубэ.

14 чэрвеня, 2009 |


Паводле звестак Вячаслава Селяменева і Віктара Шымоліна, органы дзяржаўнай бяспекі закінулі на тэрыторыю акупаванай Беларусі дзесяць спецгруп, якія спрабавалі арганізаваць забойства генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ[1]. Аднак, акрамя жадання, усе іх намаганні былі безвыніковыя і не мелі дачынення да замаху, які здзейснілі падпольшчыца Марыя Осіпава і служанка Кубэ Алена Мазанік пад кіраўніцтвам камандавання партызанскага атрада „Дзімы”, падпарадкаванага Разведупраўленню Генштаба Чырвонай Арміі, а не ведамству дзяржаўнай бяспекі[2].

Узнікае пытанне: па-першае, што абумовіла поспех атрада „Дзімы”, асноўнай задачай якога была ваенная разведка і дыверсійная дзейнасць, а не рэалізацыя чэкісцкіх праектаў? Па-другое, чаму Осіпава, якую быццам яшчэ з восені 1941 г. пераследавала ідэя забойства генеральнага камісара, вырашыла дзейнічаць толькі пасля атрымання ўказання камандавання атрада „Дзімы”, а не чэкісцкіх груп і атрадаў, з якімі яна супрацоўнічала? І ўрэшце, па-трэцяе, што паўплывала на Мазанік, якая паслядоўна адмаўлялася супрацоўнічаць з чэкісцкімі групамі, але хутка пагадзілася з патрабаваннем Осіпавай і камандавання атрада „Дзімы” і падклала забойную міну пад матрац Кубэ?

Доўгі час даследчыкам цяжка было высветліць гэтыя пытанні з прычыны заслоны сакрэтнасці, якая больш за паўстагоддзя ахутвала дзейнасць атрада „Дзімы” і яго камандавання. І калі многія падзеі партызанскага руху ў Беларусі вывучаліся да дробязяў, то інфармацыя пра атрад „Дзімы” замоўчвалася або публікаваліся агульныя і малаістотныя звесткі. Апошнім часам заслона таямнічасці крыху прыпаднялася. Гэта выкарыстаў Уладзімір Лота, якому пашанцавала папрацаваць у ваенным архіве. У 2005 г. вынікі сваіх доследаў пра забойства Кубэ і дзеянні камандавання атрада „Дзімы” Лота апублікаваў на старонках маскоўскай газеты „Красная Звезда”, хоць, на жаль, апублікаваны матэрыял не дакументаваўся. Магчыма, яшчэ не надышоў час спасылацца на архіваліі гэтага атрада. Невыпадкова Яўген Бараноўскі, выдатны даследчык гісторыі партызанскага руху ў Беларусі, адзначыў у прадмове да першага выдання кнігі Селяменева і Шымоліна, што беларускія гісторыкі „не валодаюць усёй сукупнасцю матэрыялаў пра згаданы вышэй атрад”[3]. Такім чынам, і нашы звесткі не могуць быць вычарпальнымі.

Пад партызанскім псеўданімам „Дзіма” ў Беларусі дзейнічаў Давід Ільіч Кеймах. Нарадзіўся ён у 1906 г. у Адэсе, у сям’і краўца, скончыў Маскоўскі электратэхнічны інстытут, працаваў старшым інжынерам навукова-даследчай лабараторыі Галоўнага артылерыйскага ўпраўлення Чырвонай Арміі. Апошнія даваенныя гады працаваў разам з Рыгорам Ліньковым, абодва былі партыйнымі дзеячамі: Лінькоў — парторгам, а Кеймах — членам партбюро лабараторыі[4].

У верасні 1941 г. Лінькова прызначылі камандзірам, а Кеймаха — камісарам разведвальна-дыверсійнага атрада, які неўзабаве дэсантавалі ў Беларусь. Аднак дэсант быў няўдалы — людзі аказаліся раскіданымі малымі групамі на дзесяткі кіламетраў адна ад адной. Толькі праз месяц Лінькоў сустрэў Кеймаха і частку дэсантаваных людзей.

Ва ўмовах суровай зімы, адсутнасці сувязі з камандаваннем за лініяй фронту, у сувязі з недахопам ўзбраення і іншымі цяжкасцямі давялося раздзяліць атрад на дзве часткі — адной камандаваў Лінькоў, а другой — Кеймах. Але і гэтая „дэцэнтралізацыя” не палепшыла становішча, і ў другой палове лютага 1942 г. Кеймах са сваёй групай вярнуліся ў савецкі тыл.

Напрыканцы сакавіка 1942 г. Кеймах быў паўторна дэсантаваны ў Халопеніцкі раён Мінскай вобласці. Спачатку знаходзіўся ў складзе атрада Лінькова, але неўзабаве быў прызначаны ў самастойны атрад пад камандаваннем Васіля Шчарбіны. Пасля трагічнай смерці Шчарбіны (24.09.1942) Кеймах узначаліў атрад як яго адзінаначальнік, a ў кастрычніку быў прызначаны камандзірам гэтага атрада. Урэшце ў снежні 1942 г. атрад Кеймаха быў перанесены з Віленскай вобласці ў Лагойскі раён Мінскай вобласці. Тут было вызначана яго кіраўніцтва: камандзірам быў Давід Ільіч Кеймах, начальнікам штаба—Дзмітры Фёдаравіч Чупрыс, начальнікам разведкі і контрразведкі — Якуб Іванавіч Свентаржыцкі[5].

7 траўня Разведупраўленне Генштаба прыслала ў атрад маёра Мікалая Пятровіча Фёдарава, які лічыўся памочнікам капітана Кеймаха. Вядома, што звычайна капітаны падпарадкоўваюцца маёрам, а не наадварот. Па гэтай прычыне прызначэнне Фёдарава выклікала ў атрадзе зразумелае напружанне — пакуль што Кеймах над ал ей камандаваў, але лічыўся з тым, што з часам будзе вымушаны падпарадкоўвацца вышэйшаму рангам Фёдараву. Пра гэта сведчыў службовы рост Фёдарава, які ў ліпені 1943 г. быў афіцыйна прызначаны намеснікам камандзіра атрада. Яго далейшае павышэнне ў значнай меры залежала ад паспяховага выконвання загадаў вышэйшага камандавання[6].

Атрад Кеймаха паспяхова выконваў дыверсійныя задачы, у прыватнасці на чыгунцы, але да другой паловы жніўня 1943 г. амаль не займаўся падрыхтоўкай замаху на генеральнага камісара Кубэ. Праўда, за час знаходжання ў Лагойскім раёне камандаванне атрада наладзіла сувязь з мінскай падпольшчыцай Марыяй Осіпавай, але пакуль што пытанне замаху імі не разглядалася. Ані Осіпава, ані людзі Кеймаха не ведалі, як прыступіцца да Кубэ, і хоць чулі пра яго служанку Алену Мазанік, аднак не былі з ёю знаёмыя і доступу да яе не мелі.

Такім чынам, яшчэ ў другой палове жніўня магчымасці Кеймаха і Осіпавай не былі большымі, чым у чэкісцкіх дыверсантаў, якія таксама спадзяваліся прыцягнуць Мазанік да замаху на Кубэ, на што яна не пагаджалася. Магчыма, тым, хто хацеў знішчэння Кубэ, давялося б адкласці свае намеры ў архіў няздзейсненых праектаў, калі б не нечаканае ўключэнне Мікалая Пахлябаева.

Мікалай Васілевіч Пахлябаеў быў дырэктарам нямецкага кінатэатра, але ў Мінску мала хто яго ведаў. Па сутнасці, нічога не ведала пра яго і сястра Алены Мазанік, Валянціна Шчуцкая, нягледзячы на яе блізкія дачыненні з Пахлябаевым. Гэтая акалічнасць дазваляла яму гаварыць пра сябе неабходнае — ніхто з мінскіх дзеячаў не мог праверыць ягоных персанальных звестак.

Пасля няўдалага замаху на Кубэ ў Мінскім гарадскім тэатры (22.06.1943) Пахлябаеў наладзіў сувязь з камандаваннем атрада „Дзімы”. Мазанік, спасылаючыся на ягоныя звесткі, пісала ў сваіх успамінах, што Пахлябаеў няраз бываў у гэтым атрадзе[7]. Ён выдаваў сябе за дзеяча камуністычнага падполля, паўтараў свае біяграфічныя звесткі, імкнуўся зацікавіць камандаванне сваім уплывам на высокіх нямецкіх службоўцаў у Мінску і магчымасцямі антыфашысцкай дзейнасці.

Верагодна, у другой палове жніўня 1943 г. Пахлябаеў паведаміў камандаванню атрада пра сваю гатоўнасць арганізаваць сустрэчу Осіпавай з Мазанік. Згодна са сведчаннем Рамана Мачульскага, сакратара Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б і камандзіра партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны, пад час чарговага візіту Осіпавай у атрад Кеймах і начальнік разведкі і контрразведкі Свентаржыцкі раілі ёй сустрэцца з Пахлябаевым, з яго дапамогай пазнаёміцца з Мазанік і выведаць, ці згодна яна ўдзельнічаць у замаху на Кубэ[8].

Даручэнне камандзіраў атрада, па сутнасці, яшчэ нічога не вырашала. Яны не ведалі Пахлябаева, таксама не ведалі, што хаваецца за яго незвычайнай прапановай. Перш за ўсё, дзіўна гучалі персанальныя звесткі, якія распаўсюджваў Пахлябаеў. Пасля вайны іх апублікавала Мазанік: „Пахлябаеў да вайны служыў у Савецкай Арміі. У першыя дні вайны ён быў цяжка паранены. У непрытомным стане яго падабралі немцы і паклалі ў бальніцу для ваеннапалонных у Мінску. Пасля выздараўлення з дапамогай медсястры Пахлябаеў уцёк. Пазней яму ўдалося ўладкавацца на працу ў кінатэатры, дзе неўзабаве стаў дырэктарам”[9].

Характарызуючы асобу Кеймаха, ягоны сябра Рыгор Лінькоў пісаў пасля вайны: „[Кеймах] вызначаўся дзіўнай здольнасцю ацэньваць людзей, іх погляды і паводзіны. Ён лёгка выяўляў падасланых немцамі правакатараў і шпіёнаў”[10]. Як жа паставіўся партызанскі камандзір да Пахлябаева, ягоных біяграфічных аповедаў і прапановы, якая мелася распачаць працэдуру замаху на Кубэ? Можам не сумнявацца ў тым, што Кеймах выкарыстаў усе даступныя яму магчымасці праверкі верагоднасці звестак Пахлябаева. Ужо на пачатку праверкі сумненні Кеймаха выклікала спасылка Пахлябаева на ягоны ўдзел у дзейнасці мінскага камуністычнага падполля, чаго не пацвердзіла ні Осіпава, ні іншыя падпольшчыкі. У такой сітуацыі Кеймах звярнуўся па інфармацыю пра Пахлябаева ў ваеннае ведамства ў Маскве, якое даслала наступную радыёграму: „Пахлябаеў Мікалай Васілевіч нарадзіўся 22 красавіка 1907 г. у вёсцы Кувыка Актарскага раёна Саратаўскай вобласці. Працаваў у Маскве на будаўніцтве электразавода. Вучыўся ў школе лётчыкаў, але быў выключаны з прычыны слабога здароўя. У 1937 г. паступіў у вышэйшую школу прафесійнага руху. У чэрвені 1940 г. накіраваны на працу ў аддзел культурна-масавай работы Ўсесаюзнага цэнтральнага савета прафсаюзаў. 25 чэрвеня 1941 г. Пахлябаева прызвалі ў Чырвоную Армію. Быў малодшым камандзірам, памочнікам палітрука. Знік без вестак пасля першых баёў з фашыстамі”[11].

Цяпер дапытлівы Кеймах ужо мог пераканацца, што персанальныя звесткі Пахлябаева не адпавядалі сапраўднасці. Па-першае, як сведчыла інфармацыя ваеннага ведамства, да вайны ён не служыў у Чырвонай Арміі. Па-другое, цяжка параненых чырвонаармейцаў нямецкія ахоўнікі, як правіла, прыстрэльвалі, а не адпраўлялі ў бальніцы. Па-трэцяе, бальніцы для савецкіх ваеннапалонных у Мінску не было, і таму Пахлябаеў не мог там лячыцца, а потым збегчы і схавацца, каб ўрэшце, пасля ўцёкаў, стаць дырэктарам кінатэатра.

Фальшывыя паказанні Пахлябаева ўспрымаліся Кеймахам як доказ яго імкнення змоўчыць перад падпольшчыкамі і камандаваннем атрада свае паводзіны ў нямецкім палоне і кантакты з паліцэйскімі ўладамі ў Мінску. А гэта выклікала абгрунтаванае падазрэнне Кеймаха, што, кажучы аб магчымасці прыцягнення Мазанік да замаху на Кубэ, Пахлябаеў выконваў даручэнне нямецкай службы бяспекі або дзейнічаў у рамках сваёй агентурнай сувязі, або ў доказ нібыта атрыманай інфармацыі аб незацікаўленні паліцэйскіх уладаў лёсам Кубэ. Такім чынам, камандаванне атрада павінна было ўпэўніцца, што паліцэйская ахова Кубэ будзе глядзець скрозь пальцы на дзеянні, якія былі б жаданым доказам ліквідацыі генеральнага камісара агентамі бальшавіцкай Масквы.

Кеймах апынуўся перад дылемай. З аднаго боку, ён мог праігнараваць прапанову Пахлябаева і адмовіцца ад рэалізацыі падазронага мерапрыемства, што, аднак, выключыла б магчымасць кантакту і супрацоўніцтва з Мазанік і ў выніку — ліквідацыі Кубэ. Але, з другога боку, ухваленне прапановы Пахлябаева не было бяспечным — раней ці пазней эсэсаўская змова супраць Кубэ магла быць выкрытая, і ў такім выпадку савецкія ўлады мелі б падставу абвінаваціць Кеймаха як сакрэтнага саўдзельніка ў рэалізацыі праектаў ворага, незалежна ад таго, ці былі яны ў інтарэсах Савецкай дзяржавы.

Разважаючы аб сваім становішчы, Кеймах вырашыў асабіста паведаміць кампетэнтным уладам у Маскве пра магчымую ініцыятыву нямецкай службы бяспекі, каб атрымаць дазвол на рэалізацыю прапанаванага праекта. 19 жніўня ён даслаў у Цэнтр радыёграму з просьбай дазволіць вылет у Маскву для асабістага даклада камандаванню[12]. Згоду Цэнтра на палёт у Маскву Кеймах атрымаў ужо 21 жніўня, аднак абяцаны самалёт чамусьці давялося чакаць амаль цэлы месяц. Нарэшце ў ноч з 13 на 14 верасня ён вылецеў з партызанскага аэрадрома, аднак у Маскву не даляцеў. Афіцыйнага паведамлення не было, а Лінькоў меркаваў, што самалёт, на якім ляцеў Кеймах, быў збіты немцамі ў раёне горада Вялікія Лукі[13].

Такое меркаванне было цалком верагодным і, наколькі вядома, ніхто не імкнуўся выявіць іншую прычыну трагедыі—сярод вялікай колькасці ахвяр нямецка-савецкай вайны гэтая смерць наўрад ці была заўважана. Дарэчы, і магчымасць архіўных і іншых доследаў доўгі час была вельмі абмежавана. Таму інтрыгуе заўвага Лоты, што акалічнасці гібелі Кеймаха былі „недастаткова яснымі”. Щ меў ён на ўвазе замах на жыццё Кеймаха? Гэтага Лота не піша, але дапускае магчымасць такога фіналу. Дарэчы, небеспадстаўна.

Пасля смерці Кеймаха яго намеснік Мікалай Фёдараў хутка ліквідаваў дзейны штаб атрада. Шэф штаба Дзмітры Чупрыс меўся быць пераведзены ў суседнюю партызанскую брыгаду „Штурмавая”, а начальнік разведкі і контрразведкі Якуб Свентаржыцкі знік без вестак. Гаспадаром становішча зрабіўся Фёдараў. Як пратэжэ Разведупраўлення Генштаба яго не хвалявалі сумненні Кеймаха, смерць якога развязала яму рукі. Фёдараў актыўна кіраваў дзеяннямі Осіпавай, якая здолела пераканаць ці прымусіць Алену Мазанік выканаць забойства Кубэ.

На гэтым скончылася роля Пахлябаева — ён пазнаёміў Осіпаву з Мазанік, пасля чаго больш не ўдзельнічаў у падрыхтоўцы замаху.

Ужо ў палове 1950-х г. на Захадзе пачалі з’яўляцца сенсацыйныя публікацыі пра нібыта сумеснае змаганне Арміі і Бяспекі за лаўры з нагоды забойства Кубэ[14]. Аднак беларускія гісторыкі доўгі час не закраналі гэтага пытання, і толькі ў апошнія гады яно стала прадметам іх увагі. Выпадае, аднак, заўважыць, што допыты ўдзельнікаў замаху — Марыі Осіпавай, Алены Мазанік і іншых адбыліся ў кастрычніку 1943 г. не толькі ў кабінетах Генштаба, але і на Лубянцы, дзе кіраўнікі органаў дзяржбяспекі маглі паспяхова ўплываць на паказанні апытваных удзельнікаў. Гэтага не адбылося, а стрыманая пазіцыя кіраўніцтва НКУС / НКДБ дазволіла ім засведчыць вырашальны ўдзел Разведупраўлення арміі і пастаўленага ім Фёдарава.

Апошнім словам Разведупраўлення па пытанні замаху была справаздача, адрасаваная яго начальніку генерал-лейтэнанту Ф.Ф. Кузняцову.

Вось яе тэкст, апублікаваны Ўладзімірам Лотам (прыводзіцца ў арыгінале):

Доклад по вопросу об организации убийства гитлеровского генерального комиссара Белоруссии Кубе

Организаторы и исполнители операции:

Убийство Кубе организовал командир диверсионно-разведывательной группы 2-го отдела РУ ГШ КА майор Федоров Николай Петрович, псевдоним Колокол.

Главным посредником и организатором убийства Кубе явилась Осипова Мария Борисовна, псевдоним Черная, резидент Колокола в Минске. Вторым посредником и связником между Черной и Галей был директор минского кинотеатра Николай Похлебаев. Исполнителем убийства Кубе является Мазаник Елена Григорьевна, псевдоним Галя.

О подготовке и выполнении операции знали перечисленные выше пять человек.

Як бачым, Разведупраўленне паведаміла свайму начальству, што пра падрыхтоўку і рэалізацыю замаху на Кубэ ведалі пяць чалавек, аднак у справаздачы былі пералічаны чатыры — Фёдараў, Осіпава, Пахлябаеў і Мазанік. Навошта ваенным разведчыкам спатрэбілася замоўчваць перад уладамі пятага ўдзельніка? Не будзем адгадваць, ці меўся ім быць Кеймах, Свентаржыцкі, Шчуцкая ці нехта іншы — для разгляданай ролі Пахлябаева вялікага значэння гэта не мае. Больш цікава тое, што ніхто з супрацоўнікаў Разведупраўлення не назваў псеўданіма Пахлябаева, які, відаць, толькі пасля вайны быў прыдуманы і з’явіўся ў аповесцях Осіпавай, Мазанік і іншых публіцыстаў.

Здаецца, начальства органаў дзяржбяспекі не палемізавала з заключэннем Разведупраўлення Генштаба і не было супраць надання Марыі Осіпавай, Алене Мазанік і Надзеі Траян ганаровага звання Героя Савецкага Саюза, тым больш што было яно вынікам рашэння Сталіна. Аднак кіраўніцтва органаў бяспекі мела свой, адрозны ад высноваў Разведупраўлення, погляд на генезіс замаху, і не лаўры былі яго прычынай. Але ў ваенных умовах абгрунтаваць яго было складана, і вывучэнне гэтага пытання адкладвалася на больш спрыяльны, пасляваенны, час.

Доследы працягваліся пад кіраўніцтвам Лаўрэнція Цанавы, які з траўня 1943 да лютага 1951 г. быў наркамам / міністрам дзяржаўнай бяспекі Беларускай ССР. Аднак у першыя пасляваенныя гады беларускія чэкісты не змаглі высветліць новых акалічнасцяў, якія пацвярджалі б іх падазрэнні ў нямецкай правакацыі. Амаль усе ўдзельнікі і сведкі забойства Кубэ, акрамя вывезеных на самалёце ў Маскву, ужо ў першыя дні пасля ягонай смерці былі выяўлены Вялікай спецыяльнай камісіяй пад кіраўніцтвам крымінальнага саветніка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі (RSHA) штандартэнфюрэра СС Паўля Бандорфа (Bohndorf) і загінулі ў падвалах СД. Без вестак знік Пахлябаеў, загінуў і Фёдараў (паводле афіцыйнай версіі—у баі з карнікамі), а Траян не бралася пад улік — яна не здолела прыцягнуць Мазанік да супрацоўніцтва і таму, нягледзячы на сваё жаданне, не мела рэальнага дачынення да забойства Кубэ.

Такім чынам, беларускім чэкістам засталіся больш ці менш абгрунтаваныя здагадкі і падазрэнні. Усё ж мелі яны нядрэнны практычны эфект. Пад уплывам магутнага Цанавы і яго ведамства Осіпава, Мазанік і Траян амаль 15 гадоў не прызнаваліся ўладамі БССР гераінямі замаху на Кубэ, аб чым сведчыла татальнае маўчанне пра іх подзвіг у выдаваных тым часам у БССР кнігах і часопісах[15]. Праўда, у красавіку 1946 г. мінскі часопіс „Работніца і сялянка” змясціў здымкі гэтых ардэнаносных жанчын з апісаннем ix ваенных заслуг перад Савецкім Саюзам, у якім, аднак, ніводным словам не згадваўся іх удзел у ліквідацыі генеральнага камісара (гл. рэпрадукцыю тэксту. ).

Работніца і сялянка. 1946. № 2

Калі б беларускія чэкісты ў той час мелі доступ да нямецкай архіўнай дакументацыі, якой могуць (калі захочуць) свабодна карыстацца сённяшнія даследчыкі, яны не губляліся б у здагадках і падазрэннях адносна змовы афіцэраў СС супраць Кубэ, ці адносна існавання ў атрадзе „Дзімы” агентуры СД. Яны належным чынам ацэньвалі б мастацкія аповесці Мазанік пра тое, як яна перахітрыла ахоўнікаў рэзідэнцыі Кубэ, бо ведалі б, што зялёнае святло для гэтага запаліў Гімлер, які адхіліў прапанову Кубэ аб арганізацыі аховы ягонай рэзідэнцыі вернай яму камандай і загадаў пакінуць эсэсаўскіх ахоўнікаў, падпарадкаваных ворагу Кубэ і галоўнаму рэжысёру замаху — начальніку СС і паліцыі Готбергу і мінскай службе бяспекі СД. Ведалі б чэкісты і пра асабістыя кантакты Мазанік з нямецкім службоўцам Стэфанам Тыльнерам і шмат чаго іншага[16].

Пасля смерці Сталіна (5.03.1953) і разгрому цягам 1953 г. кіраўніцтва органаў дзяржбяспекі ў Савецкім Саюзе ўзнікла новае становішча, якое дазваляла ігнараваць стаўленне гэтага ведамства да пытання забойства Кубэ. Аднак выпрацоўка новай яго версіі зацягнулася яшчэ на некалькі гадоў — не так проста было даказаць беспадстаўнасць падазрэнняў органаў адносна арганізацыі замаху.

Толькі пасля XX з’езда КПСС (1956) улады Беларускай ССР ухвалілі версію замаху, пададзеную ў заключнай справаздачы Разведупраўлення Генштаба. Пад гэтую версію пачалі падганяцца ўсе неабходныя і адпаведныя абставіны арганізацыі і выканання забойства Кубэ. Нарэшце Осіпава, Мазанік і нават Траян былі прызнаны бясспрэчнымі гераінямі замаху, што павінны былі даказаць даследчыкі, а ў выпадку адсутнасці доказаў — засведчыць прапаганда.

Новым гераіням улады раілі пісаць успаміны (чым найбольш карысталася Мазанік), іх подзвіг праслаўлялі пад дыктоўку уладаў пісьменнікі і публіцысты, ствараліся кінафільмы, ладзіліся сустрэчы з школьнай моладдзю.

Адначасова пачаўся перагляд гісторыі — выпраўляліся сцвярджэнні, якія не адпавядалі патрэбам новай міфалогіі.

Бадай, у першую чаргу гэта датычыла Пахлябаева з увагі на яго ролю ў замаху. Ужо ў пяцідзесятыя гады, калі супрацоўнікі Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Інстытута гісторыі АН БССР рыхтавалі фундаментальнае даследаванне пра мінскае падполле, не былі знойдзены доказы падпольнай дзейнасці Пахлябаева, і ў выніку, разглядаючы пытанне замаху на Кубэ, яго імя было замоўчанае[17]. Праз трыццаць гадоў імя Пахлябаева не з’явілася і ў энцыклапедыі „Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне”. Не ўсе прафесійныя гісторыкі былі згодныя хлусіць.

Аднак аказалася, што без Пахлябаева не злучаецца створаная ў мінскіх кабінетах канструкцыя замаху на Кубэ. У прыватнасці, немагчыма было растлумачыць прычыну нечаканага зацікаўлення Кеймаха і Свентаржыцкага магчымасцю кантакту і супрацоўніцтва з Аленай Мазанік, чаго безвынікова дабіваліся Траян, Хахлоў і іншыя групы чэкістаў.

Па гэтай прычыне ўзнікла неабходнасць ачысціць біяграфію Пахлябаева ад фактаў, якія ўспрымаліся б як надуманыя, неверагодныя. Невядома, хто ў Мінску кіраваў гэтай працэдурай. Так ці інакш, Мазанік выправіла свае ўспаміны, апублікаваныя ў 1958 г. Між іншым, мінская бальніца для ваеннапалонных была заменена лагерам, што больш адпавядала тагачасным рэаліям. Паводле Мазанік, паранены Пахлябаеў трапіў у палон ужо пад час першых баёў непадалёк ад заходняй граніцы[18]. Такім чынам, пададзены ёю час і месца паланення Пахлябаева наогул адпавядалі цытаваным звесткам ваеннага камандавання.

У 1993 г. Вячаслаў Кебіч, тагачасны старшыня Савета Міністраў ужо не савецкай Рэспублікі Беларусь, вырашыў адзначыць 50-ю гадавіну забойства Кубэ. 22 верасня ён запрасіў Марыю Осіпаву і Алену Мазанік і разам са словамі павагі і падзякі ўручыў ім кветкі і грашовыя прэміі[19]. Амаль адначасова пачалася легітымацыя ўдзелу Пахлябаева ў мінскім камуністычным падполлі, на што з 1950-х г. не рашаліся строгія партыйныя даследчыкі.

У 1995 г. імя Пахлябаева было ўключана ў спіс удзельнікаў мінскага падполля, апублікаваны ў зборніку „Мінскае антыфашысцкае падполле”. У прыватнасці, былі пададзены гады яго нараджэння (1907) і смерці (1943), тэрмін падпольнай дзейнасці (люты — кастрычнік 1943)[20].

Дакументальнай падставай гэтага рашэння мелася быць захаваная ў Нацыянальнам архіве РБ справаздача Осіпавай аб падпольнай рабоце ў Мінску ад 13 кастрычніка 1945 г., якая, між іншым, змяшчала звесткі пра імкненне Пахлябаева ўзарваць афіцэрскае казіно на фабрыцы-кухні і два нямецкія кінатэатры ў Мінску[21]. Аднак за гэтымі намерамі не ішлі рэальныя дзеянні. Неабходна дадаць, што толькі пад канец жніўня 1943 г. Осіпава пазнаёмілася з Пахлябаевым і таму аб яго дыверсійных намерах магла ведаць, хутчэй за ўсё, ад яго самога. Раней згаданыя ёю звесткі лічыліся недастатковымі для прызнання Пахлябаева ўдзельнікам падполля.

Афіцыйнае прызнанне Пахлябаева членам антыфашысцкага падполля паўплывала на зацікаўленне беларускіх даследчыкаў яго асобай і дзейнасцю, якая ўрэшце надавала сэнс усяму сцэнарыю замаху. Такім чынам, наспела неабходнасць папулярызацыі амаль невядомага героя, у тым ліку ўсталявання мемарыяльнай дошкі на фасадзе дома № 2 па вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску, дзе пры немцах знаходзіўся кінатэатр, у якім працаваў Пахлябаеў.

Пачаліся новыя адкрыцці і ўдакладненні ў яго біяграфіі. Калі ў першым выданні кнігі Селяменева і Шымоліна „Охота на гауляйтера” (2006) Пахлябаеву прысвячалася мінімальная ўвага, ужо ў другім яе выданні (2007) была змешчана яго кароткая біяграфія і здымак. Не спасылаючыся на крыніцу, аўтары пісалі, што Пахлябаеў трапіў у палон летам 1942 г., а не пасля першых баёў з фашыстамі, пра што паведамлялі маскоўскае ваеннае ведамства, Мазанік і сам Пахлябаеў[22].

Біяграфічныя неадпаведнасці працягваліся друкавацца і ў „Народнай газеце”. 3 лістапада 2006 г. газета змясціла інфармацыю Мікалая Дуброўскага, паводле якога цяжка паранены Пахлябаеў лячыўся ў шпіталі, што размяшчаўся ў сельгасакадэміі ў Горках, і быў выкуплены ў немцаў за пяць курыных яек[23].

Новыя звесткі паведаміў у ліпені 2008 г. начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі на мітынгу з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў памяць Пахлябаева. Паводле Карачэўскага, Пахлябаеў быў паранены ў баі пад Магілёвам (бой адбываўся з 3 да 26 ліпеня 1941 г. — Ю.Т.), трапіў у палон і быў адпраўлены ў лагер для ваеннапалонных у Мінску, адкуль уцёк і ўдзельнічаў у падполлі, між іншым, уваходзіў у падпольную групу „Чорнай” (Осіпавай)[24]. Аднак Осіпава ніяк не пацвердзіла прыналежнасць Пахлябаева да яе падпольнай групы.

Як бачым, час і месца паланення Пахлябаева даследчыкі называюць па-рознаму, і шукаць аптымальную версію наўрад ці трэба—наколькі вядома, пакуль што не знойдзена адпаведная архіўная дакументацыя яго паланення і паводзінаў у нямецкім палоне. Магчыма, таму за апошнія 65 гадоў вывучэнне фактаў біяграфіі гэтага чалавека не пасунулася ні на крок наперад. Прапануючы свае версіі, толькі адна Мазанік спасылалася на словы самога Пахлябаева. Астатнія аўтары — Селяменеў, Шымолін, Дуброўскі і Карачэўскі — не лічылі магчымым спаслацца на крыніцу пададзенай інфармацыі.

Аднак нават дакументальнае пацверджанне месца і часу паланення Пахлябаева яшчэ не вырашыла б асноўнага пытання: чым ён заслужыў такую незвычайную ў тагачасных умовах дапамогу з боку немцаў, як транспарт, вылучаны для дарогі ў Мінск, і медычную апеку, тым больш што згодна з загадам Вярхоўнага камандавання Вермахта аб камісарах ад 6.06.1941 г. палонныя палітрукі павінны былі неадкладна знішчацца. І наўрад ці мог сябе пацешыць тым, што быў толькі памочнікам палітрука. Немцы ж Пахлябаева выратавалі і даручылі адказныя задачы. Пакуль што адзіную магчымасць высвятлення гэтага пытання даюць акалічнасці завяршэння ягонага лёсу.

Па гэтым пытанні першай выказалася Мазанік. У 1958 г. яна пісала, што пасля смерці Кубэ на мінскім вакзале гестапаўцы арыштавалі Пахлябаева, які вярнуўся з камандзіроўкі ў Ліду. Разам з ім арыштавалі Мікалая Фурца, які 21 верасня адвозіў Осіпаву і Мазанік у партызанскі раён. Але тады Мазанік так закончыла сваё паведамленне: „Пра далейшы лёс мне нічога невядома”[25].

Аднак у сваёй „дакументальнай” аповесці „Возмездие”, першае выданне якой выйшла ў 1981 г., Мазанік заявіла: «Праз два дні пасля вераснёўскіх падзей (маецца на ўвазе замах на Кубэ. — Ю.Т.), калі мы яшчэ жылі на хутары каля Янушковічаў, зайшоў да нас Фёдараў… (і) сказаў: „Загінуў Пахлябаеў. Дакладней, яго схапілі разам з Фурцам… Тут жа (на мінскі вакзал. — Ю.Т.) падышла машына, іх, звязаных, кінулі ў кузаў. Праз некалькі хвілін Пахлябаева і Фурца ўжо вялі па турэмным панадворку. Нашы людзі бачылі, як іх катавалі. Падпольшчыкі маўчалі. Не здолеўшы нічога дазнацца, фашысты іх закатавалі”»[26].

Узнікае пытанне, чаму ў 1958 г. Мазанік не спаслалася на цытаваную інфармацыю Фёдарава аб смерці Пахлябаева. Папросту таму, што аб яго лёсе ні Фёдараў, ні іншыя падпольшчыкі і партызаны нічога пэўнага ведаць не маглі, a цытаванае „сведчанне” Мазанік, а ў нашы дні таксама Селяменева і Шымоліна пра іх пакаранне гестапаўцамі адлюстроўвала не больш як жаданне кампетэнтных дзеячаў, якія, відаць, такім чынам імкнуліся паказаць Пахлябаева як савецкага патрыёта, пакаранага фашыстамі за ўдзел у забойстве Кубэ.

Гэткую надуманасць абвяргае пратакол камісіі Бандорфа, якая не прызнала Пахлябаева і Фурца ўдзельнікамі замаху і не назвала іх у ліку арыштаваных падпольшчыкаў[27]. Магчыма, іх расстралялі, але не як удзельнікаў замаху, а толькі як супрацоўнікаў СД, якія зашмат ведалі і павінны былі змоўкнуць назаўсёды.

Так былі замецены сляды па-майстэрску арганізаванай паліцэйскай аперацыі, якая нагадвала вядомую Гляйвіцкую правакацыю СС[28]. І калі гэтая правакацыя была высветлена на Нюрнбергскім працэсе, то створаны кіраўніцтвам СС міф пра забойства Кубэ маскоўскімі агентамі жыве даволі паспяхова і ў нашы дні.

Затое, у адрозненне ад Пахлябаева, Давід Кеймах меўся быць назаўсёды выкраслены з гісторыі партызанскага руху ў Беларусі. Яго імя ніколі не згадвалася ў беларускіх савецкіх і постсавецкіх энцыклапедыях, у тым ліку і ў выдадзенай у 1990 г. спецыяльнай энцыклапедыі „Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.”, тады як усе гэтыя выданні паслядоўна змяшчалі біяграмы Фёдарава, які толькі давяршыў распачатую Кеймахам справу. Маўчалі выдаўцы і аўтары фундаментальных прац па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі, якія, як правіла, не згадвалі імя Кеймаха або замянялі яго псеўданімам „Дзіма”. Рэдкім выключэннем у гэтай кампаніі дэзінфармацыі былі звесткі Рамана Мачульскага.

Аднак найбольш інтрыгавальным было стаўленне Осіпавай, якая, згодна з тэндэнцыяй уладаў БССР, імкнулася выкрасліць са сваёй біяграфіі ўсе кантакты з Кеймахам. Ані ў сваіх успамінах „Лицом к лицу”, ані пад час допытаў на Лубянцы ў кастрычніку 1943 г. яна не спасылалася на Кеймаха і Свентаржыцкага, якія ёй даручылі звязацца з Пахлябаевым і праз яго — з Мазанік, што было зыходным пунктам усёй працэдуры замаху[29]. Паводле Осіпавай, яна не патрабавала ўказанняў і парадаў, а пазнаёміцца з Пахлябаевым ёй дапамог падпольшчык Кулікаў.

Не будзем згадваць, што было прычынай такога стаўлення да Давіда Кеймаха. Адзначым толькі—у апошнія гады знікла блакада маўчання пра гэтага партызанскага камандзіра, і гэта павінна паспрыяць выяўленню ўсёй праўды пра яго дзейнасць і лёс.


[1] 1 У артыкуле разглядаюцца наступствы канфлікту Кубэ з шэфам СС і паліцыі ў Беларусі групэнфюрэрам Готбергам,абумоўленасць якога пададзена ў кнізе аўтара „Беларусь пад нямецкай акупацыяй”, Мінск, 1993 (гл. раздзел „Метады акупацыі ў Беларусі”).
[2] 2 Селеменев В., Шимолин В. Охота на палача. Минск, 2007;Лота В. Операция „Возмездие” // Красная Звезда. Москва,2005. №№ 2-5.
[3] 3 Селеменев В., Шимолин В. Охота на гауляйтера. Минск, 2006.С. 4.
[4] 4 Тут і далей пра Д. Кеймаха: Линьков Г. Партизанская дружба.Воспоминания о боевых делах партизан-евреев. Москва, 1948.С. 36-44; Лота В. Операция „Возмездие”; Партизанское формирование Белоруссии в годы Великой Отечественной войны(июнь 1941 -июль 1944). Минск, 1983.
[5] 5 Мачульский Р. Вечный огонь: Партизанские записки. Минск,1978. С. 227.
[6] 6 Фёдараў Мікалай Пятровіч нарадзіўся 15 чэрвеня 1915 г. увёсцы Кайвакса Наўгародскай губ. Скончыў Ленінградскую артылерыйскую школу (1936), вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзе (1940-1941). З 1941 г. на фронце, удзельнік абароны Масквы. 3 траўня 1943 г. удзельнік разведвальна-дыверсійнага атрада „Дзімы”, а з ліпеня 1943 г. намеснік яго камандзіра Давіда Кеймаха, удзельнічаў у падрыхтоўцы забойства В. Кубэ. Ca студзеня 1944 г. камандзір партызанскага атрада на тэрыторыі Ўкраіны і Польшчы, загінуў 17 красавіка 1944 г. у баі каля горада Хэлм. Герой Савецкага Саюза.
[7] 7 Мазаник Е. Г. Казнь фон Кубе — гаулейтера Белоруссии // Партизанские были: Сборник записок, дневников и воспоминаний. Москва: Воениздат, 1958. С. 479.
[8] 8 Мачульский Р. Вечный огонь: Партизанские записки. С. 228.
[9] 9 Мазаник Е. Г. Казнь фон Кубе — гаулейтера Белоруссии. С.479.
[10] 10 Линьков Г. Партизанская дружба: Воспоминания о боевыхделах партизан-евреев. С. 39.
[11] 11 Лота В. Операция „Возмездие”.
[12] 12 Тамсама.
[13] 13 Линьков Г. Партизанская дружба: Воспоминания о боевыхделах партизан-евреев. С. 44.
[14] 14 Хохлов Н. Право на совесть. Посев, Франкфурт-Майн, 1957.С. 93-94.
[15] 15 Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945): Бібліяграфічны паказальнік літаратуры (1941— 1971) / Дзярж. б-ка БССР імя Леніна, Ін-т гісторыі АН БССР. Мінск, 1980.
[16] 16 Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 124—147; тамсама спасылкі на нямецкую дакументацыю.
[17] 17 Аб партыйным падполлі ў Мінску ў гады Вялікай Айчыннайвайны // Звязда. 1960. 3—24 чэрв.
[18] 18 Мазаник Е. Казнь палача // Сквозь огонь и смерть: Сборник воспоминаний об обороне Минска / Сост. В. Карпов. Минск,1970. С. 256.
[19] 19 Вечерний Минск. 1993. 27 сент.; Свабода. 1994. 1-7 лют.
[20] 20 Мінскае антыфашыскае падполле / Камітэт па Архівах і Справаводстве Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1995. С. 100.
[21] 21 НАРБ. Ф. 4, воп. 33а, спр. 659, арк. 27.
[22] 22 Селеменев В., Шимолин В. Охота на палача. С. 147.
[23] 23 Подзвіг не забыты // Народная газета. 2006. 3 ліст.
[24] 24 Минский курьер. 2008. 2 июля.
[25] 25 Мазаник Е. Г. Казнь фон Кубе — гаулейтера Белоруссии.С. 480.
[26] 26 Мазаник Е.Г. Возмездие: Документальная повесть. Минск,1981. С. 169.
[27] 27 Заключительное донесение по вопросу о покушении нагенерального комиссара Белорусии Вильгельма Кубе // 7дней. 2003. № 24.
[28] 28 Уначы з 31 жніўня на 1 верасня 1939 г. СС арганізавала правакацыйны напад на нямецкую радыёстанцыю ў пагранічным з Польшчай горадзе Гляйвіц (цяпер Глівіцэ), уякім удзельнічалі апранутыя ў польскую уніформу эсэсаўцыі вязні канцэнтрацыйнага лагера. Гітлер выкарыстаў гэты напад як прычыну агрэсіі на Польшчу. Пазней усе ўдзельнікі нападу, з эсэсаўцамі ўключна, былі расстраляныя.
[29] 29 Осипова М. Лицом к лицу // Сквозь огонь и смерть: Сборник воспоминаний об обороне Минска / Сост. В. Карпов. Минск, 2007. С. 170.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Мода на плагіят?

13 чэрвеня, 2009 |

Плагіят — гэта экспрапрыяцыя таго адзінага віду прыватнай уласнасці, які нават… Карл Маркс лічыў неадчужальным і рашуча бараніў.

Роберт К. Мертан

Калі вы знаходзіце свой тэкст там, дзе яго не друкавалі, ды яшчэ і пад іншым прозвішчам, у наяўнасці факт крадзяжу. На мове законаў гэта называецца плагіятам (ад лац. рlagiо—выкрадаю)—наўмысным прысвойваннем прадуктаў чужой творчасці ў сферы навукі, літаратуры ці мастацтва[1]. У літаратуры і мастацтве, што праўда, не заўсёды проста адрозніць плагіят ад блізкіх да яго з’яваў — запазычання, наследавання, пераймання і да т. п. Плагіятарства ж навуковых тэкстаў выяўляецца намнога прасцей. Удакладнім тут, што не вядзецца пра выкарыстанне сюжэтаў ці ідэй чужой працы, — без дакладнага паўтарэння формы іх выяўлення гэта плагіятам не лічыцца, бо супадзенне асобных ідэй можа быць абумоўлена выкарыстаннем тых жа крыніц і да т. п. Трэба таксама ясна адрозніваць ад плагіята кампіляцыю (ад лац. compilatio — збіраю) — стварэнне твора на падставе чужых даследаванняў, без самастойнай апрацоўкі крыніц, але з указаннем пазіцый, з якіх інфармацыя паходзіць, або рэферат, мэтай якога і ёсць выкарыстанне дадзеных іншых аўтараў. Плагіятар жа свядома ідзе на тое, каб чужое выдаць за сваё. Самым класічным відам такога крадзяжу ў гуманітарнай сферы можна лічыць „канспектаванне” (іншым разам даслоўнае) чужых тэкстаў, часцей — прысвойванне ix фрагментаў як плёну ўласнай працы, — без спасылкі на выкарыстаную публікацыю.

Зразумела, стаўленне да такога, фігуральна кажучы, некарэктнага выкарыстання чужых тэкстаў цягам гісторыі мянялася. У даўнія часы, калі паняцця аўтарства як такога не існавала, літаральныя запазычанні ці перапісванні твораў папярэднікаў не лічыліся справай, годнай асуджэння, і шырока практыкаваліся. Аднак тое, што яшчэ ў эпоху Рамантызму было дапушчальным, са станаўленнем гуманітарных навук стала прызнавацца плагіятам. З’яўленне паняцця аўтарскага права і законаў аб яго ахове перанесла праблему плагіяту з чыста этычнай у юрыдычную. У сучасным грамадстве аўтарскія тэксты (пагатоў навуковыя публікацыі!) як прадукты інтэлектуальнай дзейнасці ахоўваюцца аўтарскім правам, за парушэнне якога прадугледжваецца часам і крымінальная адказнасць. У Расіі, напрыклад, плагіятарства як цяжкае парушэнне ў сферы інтэлектуальнай уласнасці караецца ў рэжыме крымінальнага пераследу (гл.: Уголовный Кодекс РФ , ст. 146, ч. 1). Дзейны Закон Рэспублікі Беларусь „Аб аўтарскім праве і сумежных правах”, у якім аб’ектамі такога права, зразумела, лічацца і навуковыя творы (артыкулы, манаграфіі, справаздачы), як і Крымінальны Кодэкс Рэспублікі Беларусь (гл. арт. 138), таксама прадугледжваюць адказнасць за падобныя правапарушэнні. Праўда, нягледзячы на наяўнасць адпаведнага заканадаўства, аб прыкладах паспяховай абароны аўтарскага права ў судовым парадку мы амаль не чуем, — гэта пры тым, што практыка яго злоснага парушэння ў апошнія часы імкліва пашыраецца.

Сусветнае павуцінне спрычынілася да таго, што ў наш час плагіятарства абярнулася сапраўднай пошасцю для універсітэтаў, і гэта ні для кога не сакрэт. Кожны выкладчык ведае, наколькі заразлівай хваробай для студэнцтва стала пісанне курсавых і дыпломных метадам выкарыстання камбінацыі клавіш Ctrl + С Ctrl + V. Некаторыя універсітэты спрабуюць ратавацца ад плагіяту з Інтэрнэта, кожны па-свойму, але пакуль іх замала, як і плёну ад прынятых імі захадаў. Большасць глядзіць на студэнцкі плагіят скрозь пальцы. Прыклад адказнага стаўлення да праблемы дэманструюць нашы заходнія суседзі. У Польшчы з 2003 г. даступная ў Інтэрнэце кампутарная праграма Plagiat.pl, якая дазваляе хутка спраўджваць працы студэнтаў на наяўнасць скрадзеных тэкстаў. Адпаведную праграму праверкі сапраўднасці аўтарскіх прац усталявалі ў шэрагу універсітэтаў Украіны, дзе такія сістэмы выкарыстоўвае і ВАК. Свой Інтэрнэт-сервіс „Антиплагиат” уведзены і ў Расіі. Што да Беларусі, то ў нас, пры ўсім зацішшы, у апошнія гады стала нарэшце публічна прызнавацца, што незаконнае выкарыстанне вынікаў чужых даследаванняў зрабілася вострай праблемай гуманітарнай адукацыі і навукі[2]. ВАК Беларусі не так даўно таксама ініцыявала распрацоўку сістэмы для праверкі навуковых прац на наяўнасць плагіяту. Наколькі эфектыўнымі стануць яе захады па кантраляванні якасці навуковай прадукцыі, пакажуць найбліжэйшыя гады, пакуль жа можна крыкам крычаць, — плагіятарства ў беларускай гуманістыцы, так бы мовіць, расцвіло буйным цветам!

Трывожным сігналам для цэха беларускіх гуманітарыяў не магла не стаць разгорнутая рэцэнзія Наталлі Гардзіенкі на абагульняльны курс гісторыі беларускай дыяспары[3], у якой даследчыца дэтальна паказала, наколькі шырока і разам з тым непрыкметна ў нас можа выкарыстоўвацца плагіят у прадукаванні навучальнай літаратуры для вышэйшай школы. Шкада, што гэтая прынцыповая публікацыя не выклікала належнага рэзанансу, бо закранаўся зусім не шараговы інцыдэнт. I каб уявіць маштабнасць узнятай праблемы, дастатковым аказалася звярнуць увагу на тыя прыклады несумленнай навукатворчасці, пра якія нямала гаварылася ў кулуарах інстытутаў ды універсітэтаў, на якія наракалі калегі…

Думаю, у свой час не толькі мне ў калідорах Інстытута гісторыі НАН Беларусі даводзілася чуць, што доктар гістарычных навук Георгі Карзенка не цураўся перапісвання чужых тэкстаў без адпаведных спасылак і шырока практыкаваў выданне пад сваім імем кніг, у якіх быў складальнікам, а не аўтарам. І варта было бліжэй пазнаёміцца толькі з адной дастаткова свежай працай гэтага вучонага — анатаваным паказальнікам дысертацый па гістарычных навуках[4], каб пераканацца, што перад намі сапраўды прыклад чыстага плагіяту. Як аказалася, уступны артыкул Г. Карзенкі да гэтага выдання складзены з фрагментаў шэрагу публікацый іншых аўтараў, „заканспектаваных” часам даслоўна[5]. Каб наглядна паказаць прыклады такога плагіятарства, змяшчаю тут сканы некаторых старонак згаданага выдання (гл. ілюстрацыі № 1—4). Кавалкі тэксту, узятыя ў іншых аўтараў без адпаведнай спасылкі, затушаваны шэрым. Так, на с. 3 і 4 у аўтарскі тэкст інсталяваны фрагменты артыкула аб сістэме навуковай атэстацыі ў Беларусі[6] (толькі ў асобных месцах яны злёгку зменены, сказы падкарочаны, прапушчаны асобныя словы і да т. п.), на с. 34—35 прыкладна палова тэксту, а на с. 36—37 — амаль усё даслоўна спісана з двух часопісных артыкулаў Мікалая Сташкевіча і Ўладзіміра Казлякова[7], з паўтарэннем імі ж прыведзеных спасылак, а на с. 38—39 апрача згаданых публікацый некарэктна выкарыстаны артыкул Уладзіміра Міхнюка[8]. Наогул, у невялікім па аб’ёме ўступе да паказніка дысертацый (40 старонак) такіх месцаў, дзе тэкст па праву належыць іншым аўтарам, вельмі шмат. Падобны метад пісання не выпадае лічыць ні чым іншым, як навуковым крадзяжом…

Думаю, у свой час не толькі мне ў калідорах Інстытута гісторыі НАН Беларусі даводзілася чуць, што доктар гістарычных навук Георгі Карзенка не цураўся перапісвання чужых тэкстаў без адпаведных спасылак і шырока практыкаваў выданне пад сваім імем кніг, у якіх быў складальнікам, а не аўтарам.

Паколькі ў згаданым паказніку былі сплагіяваны пра-цы заўчасна памерлага вядомага беларускага гісторыка Ўладзіміра Міхнюка, які даўно і плёна займаўся праблемамі развіцця айчыннай гістарыяграфіі, выдаючы таксама паказнікі дысертацый па гісторыі, яго удава Аляўціна Міхнюк звярнулася да першай асобы дзяржавы з просьбай разабрацца, наколькі рацыянальна было выдаткоўваць дзяржаўныя сродкі на выкананне падобнай тэмы Г. Карзенкам, і ўказвала на факты прысвойвання ім чужога плёну. Аднак у разгорнутым адказе, атрыманым ёй ад намесніка старшыні Прэзідыума НАН Беларусі А. І. Лесніковіча, сцвярджалася, што пасля абмеркавання справы ў Нацыянальнай АН Беларусі яго ўдзельнікі прыйшлі да высновы, быццам у згаданай прадмове Г. Карзенкі „осуществлен более подробный, глубокий и разносторонний анализ проблем подготовки и повышения квалификации кадров исторической науки Беларуси”, чым гэта зрабіў У. Міхнюк (?! — Г.С.), а сам зварот да А. Лукашэнкі расцэнены як спроба „опорочить высококвалифицированных специалистов”[9]. Справа плагіяту ў цытаваным адказе нават не згадвалася! Больш за тое, у наступным лісце А. І. Лесніковіч, спасылаючыся на тое, што з боку М. Сташкевіча і М. Арцюхіна не выказвалася ніякіх прэтэнзій да Г. Карзенкі, паспяшаўся аптымістычна заявіць: “оснований квалифицировать материалы вводной статьи к упомянутому указателю как плагиат не имеется”*. Просьба А. Міхнюк даручыць дырэктару Інстытута гісторыі А. Каваленю стварыць адпаведную камісію для праверкі фактаў плагіятарства супрацоўнікам інстытута Г. Карзенкам таксама фактычна завісла ў паветры, не прычыніўшы фігуранту справы ніякага дыскамфорту. Не хочацца думаць, але пасля гэтай гісторыі цяжка пазбавіцца адчування, што нават у кіраўніцтве нашай акадэмічнай навукай нелегальнае выкарыстанне чужой інтэлектуальнай уласнасці не выклікае абурэнняў і пярэчанняў…

Варта было толькі зачапіць праблему навуковага крадзяжу, як пачалі выяўляцца ўсё новыя факты ганебнай практыкі. Прыкладам, некаторыя гісторыкі, якія ў апошнія гады пісалі па актуальнай тэме нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі, некарэктна пакарысталіся вядомай манаграфіяй Станіслава Рудовіча „Час выбару”[10]. Пры гэтым замяшанымі ў нядобрым аказаліся не толькі „зялёныя”, маладасведчаныя гісторыкі. Так, цэлыя абзацы і пераструктураваныя кавалкі з названага даследавання С. Рудовіча паўстаўляў у сваю першую кнігу малады даследчык з-пад Баранавічаў Міхаіл Кобрын[11]. Яго безадказнасць перад „цэхам” яшчэ можна вытлумачыць. Больш непрыемнай нечаканасцю было даведацца, што не цураліся падобнага метаду і вядомыя ў краіне, аўтарытэтныя гісторыкі. Уважліваму чытачу нескладана заўважыць, што падазрона шмат агульнага з названай манаграфіяй С. Рудовіча „Час выбару” мае кніга Ўладзіміра Ладысева і Пятра Брыгадзіна
„Паміж Усходам і Захадам”[12], асабліва яе абодва першыя раздзелы. Пры бліжэйшым параўнанні выяўляецца, што імі перапісаны практычна без зменаў (як і без неабходнай спасылкі!) фрагменты тэксту на с. 6, 7, 8, 9 (у Рудовіча, адпаведна, с. 17, 22-23, 25-26, 29), далей вялікія кавалкі на с. 34, 35, 36, 37, 38, 39, 40 (у Рудовіча — с. 130, 131-132, 134, 136, 140). Сустракаецца таксама поўнае супадзенне з артыкуламі з „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” — таксама без усялякіх спасылак. Так, на с. 20-21 і 25-27 „запазычаны” фрагменты артыкулаў зноў жа С. Рудовіча, а таксама яго публікацый, напісаных у сааўтарстве з М. Бічом[13].

Нават у заключэнні да кнігі Ў. Ладысева і П. Брыгадзіна знайшліся сказы, спісаныя з манаграфіі С. Рудовіча[14]! Увогуле, мы налічылі 63 цытаты з яго працы (вялікія і малыя фрагменты), з якіх толькі 10 — са спасылкамі. Відаць, сярод беларускіх гісторыкаў С. Рудовіча можна лічыць адным з самых пацярпелых ад злосных парушальнікаў аўтарскага права. Да выхаду манаграфіі „Час выбару” тэксты гэтага вучонага таксама неаднакроць некарэктна выкарыстоўваліся іншымі. Прыкладам, у папярэдняй кнізе ўжо названых аўтараў „На пераломе эпох”[15] выяўлены месцы „шчыльнага канспектавання” артыкулаў С. Рудовіча з „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”[16].

Магчымасцю без асаблівых высілкаў апублікаваць навуковы твор, выдаючы чужое за сваё, спакушаюцца, ясная справа, не толькі гісторыкі. На жаль, даводзіцца зноў канстатаваць, што паддаюцца ёй і вядомыя ў краіне вучоныя. Узор злоснага інтэлектуальнага крадзяжу падае досыць новая кніга літаратуразнаўцы Аляксея Нянадаўца пра чараўніцтва і знахарства ў даўняй Беларусі[17]. У прыватнасці, у раздзел пра варажбітоў на с. 186-193 аўтар проста ўставіў вялікія кавалкі часопіснай публікацыі Святланы Ішчанкі[18], абсалютна не змяніўшы іх, і нідзе не назваў крыніцы паходжання насычанага гістарычнай фактурай тэксту. Для нагляднай дэманстрацыі маштабу гэтага плагіятарства прапануем сканы трох разваротаў (гл. іл. № 5-7, адпаведна с. 186-187, 188—189 і 190—191), якія паказваюць, што ў падобных месцах аўтар выдаў за сваё фактычна цалкам чужы тэкст.

Магчымасцю без асаблівых высілкаў апублікаваць навуковы твор, выдаючы чужое за сваё, спакушаюцца, ясная справа, не толькі гісторыкі. На жаль, даводзіцца зноў канстатаваць, што паддаюцца ёй і вядомыя ў краіне вучоныя. Узор злоснага інтэлектуальнага крадзяжу падае досыць новая кніга літаратуразнаўцы Аляксея Нянадаўца пра чараўніцтва і знахарства ў даўняй Беларусі17. У прыватнасці, у раздзел пра варажбітоў на с. 186-193 аўтар проста ўставіў вялікія кавалкі часопіснай публікацыі Святланы Ішчанкі18, абсалютна не змяніўшы іх, і нідзе не назваў крыніцы паходжання насычанага гістарычнай фактурай тэксту. Для нагляднай дэманстрацыі маштабу гэтага плагіятарства прапануем сканы трох разваротаў (гл. іл. № 5-7, адпаведна с. 186-187, 188—189 і 190—191), якія паказваюць, што ў падобных месцах аўтар выдаў за сваё фактычна цалкам чужы тэкст.

Урэшце, як асобны прыклад заслугоўвае ўвагі і нядаўна выпушчаны падручнік па гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі аўтарства Сяргея Харэўскага[19], прызначаны для студэнтаў універсітэтаў. Асаблівасць гэтага падручніка ў тым, што тут у некаторых раздзелах практычна цэлыя старонкі спісаныя (быццам сканаваныя!) з адзінай крыніцы — кнігі аўтарытэтнага айчыннага гісторыка мастацтваў Барыса Лазукі[20], якая не прыведзена аўтарам нават у спісе выкарыстанай літаратуры. Тое, які памер і характар набыло плагіятарства ў „Гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі”, варта таксама прадэманстраваць з дапамогай сканаў адпаведных старонак. Так, калі на с. 8 і 10 падручніка скрадзенымі можна лічыць толькі асобныя абзацы[21] (гл. іл. № 8), дык на разваротах с. 12-13 (іл. № 9) і 14-15 (іл. № 10) няма амаль нічога свайго, аўтарскага, — усё належыць Б. Лазуку[22]. Нават дзеля прыліку нічога не зменена — ні парадак слоў, ні знакі прыпынку! Незаконнае прысваенне чужых тэкстаў лёгка заўважыць у многіх іншых месцах выдання, не кажучы ўжо аб прыкладах менш яўнага спісвання, калі ўзятыя з ІНШЫХ прац фрагменты злёгку перапрацаваны, касметычна зменены. Лішне казаць, наколькі непрыемным „адкрыццём” аказалася выяўленне ўсяго гэта ў кнізе, што выйшла ў якасці універсітэцкага падручніка, і больш за тое — у аўтара, які зусім нядаўна сам слушна крытыкаваў плагіят як „злачынства, што прыносіць злодзею прыбытак”[23]. Не хочацца верыць, што занятак, справядліва асуджаны тады С. Харэўскім, набыў за апошнія гады статус шырока практыкаванага промыслу, якім не пагрэбаваў і сам аўтар колішняй крытычнай нататкі. Хутчэй справа ў іншым. Бо калі гэта хоць часткова так, то трэба было б прызнаць, што мы перажываем час імклівай эрозіі маральных нормаў нашай інтэлігенцыі…

Урэшце, як асобны прыклад заслугоўвае ўвагі і нядаўна выпушчаны падручнік па гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі аўтарства Сяргея Харэўскага19, прызначаны для студэнтаў універсітэтаў. Асаблівасць гэтага падручніка ў тым, што тут у некаторых раздзелах практычна цэлыя старонкі спісаныя (быццам сканаваныя!) з адзінай крыніцы — кнігі аўтарытэтнага айчыннага гісторыка мастацтваў Барыса Лазукі20, якая не прыведзена аўтарам нават у спісе выкарыстанай літаратуры. Тое, які памер і характар набыло плагіятарства ў „Гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі", варта таксама прадэманстраваць з дапамогай сканаў адпаведных старонак.

Досыць прыкладаў. Ведаючы, што выяўляюцца, як правіла, выпадкі адно яўнага, непрыхаванага плагіяту, пра рэальны маштаб гэтай хваробы можна толькі здагадвацца. І самае няўцешнае, што ўсё ў на нас пры гэтым ціха. У Польшчы, напрыклад, яшчэ ў ХІХ ст. выкраданне чужых тэкстаў выклікала гучныя абурэнні. Калі Яўхім Шыца як сваю выдаў неапублікаваную кнігу Браніслава Трэнтоўскага „Wiara słowiańska” практычна без зменаў тэксту, толькі падкараціўшы і даўшы ёй назву „Słowiańscy bogowie”, дык плагіятар быў аддадзены грамадскаму астракізму і проста выключаны з навуковага асяроддзя[24]. Дзякуючы неабыякавасці навуковай грамадскасці ў нашых суседзяў і цяпер выпадкі прысвойвання чужога (асабліва вядомымі асобамі, палітыкамі) набываюць гучны розгалас. Так, у Польшчы справа плагіяту аднаго палітыка нядаўна разглядалася ў судзе, і пацвярджальны прысуд стаў для правапарушальніка канцом яго палітычнай кар’еры[25]. Ва Ўкраіне, праўда, грамадскае асуджэнне інтэлектуальнага крадзяжу яшчэ не дасяганула належнага эфекту. Адзін з цяперашніх кандыдатаў на прэзідэнцкае крэсла, які і раней не асабліва лічыўся з аўтарскім правам, у 2002 г. дазволіў сабе перапісаць артыкул вядомага амерыканскага вучонага, змяніўшы толькі назву працы[26]. Гучная крытыка не засмуціла палітыка, ахвочага здабыць і навуковыя лаўры, і праз колькі гадоў ён зноў скандальна вызначыўся: амаль палова першага тома выдадзенай пад яго імем трохтомнай „Історії України” была спісана з прац вядучых украінскіх гісторыкаў Наталлі Якавенкі і Аляксея Талочкі, што дэтальна паказалі ў выдатным эсэ самі пацярпелыя[27]. На жаль, у гэтым выпадку нават шматразовае выкрыванне ў плагіяце не перашкодзіла аматару чужога стаць акадэмікам, а потым і віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук Украіны. Аднак гэта ўсё ж іншая праблема, а навуковая грамадскасць Украіны ратавала сваю годнасць тым, што не маўчала.

Як будзе адстойваць сваю рэпутацыю беларуская гуманітарыстыка — пакажа час. Сітуацыя не з простых, і не рэагаваць на цяпер ужо выяўленыя практыкі плагіятарства, так бы мовіць, на шырокую нагу, на перапісванне (слова ў слова!) чужога некаторымі адэптамі гістарычнай навукі было б вялікай самакампраметацыяй. Лішне нагадваць, што плагіят пярэчыць самым падставовым прынцыпам навуковага жыцця, што ён ёсць элементарным ашуканствам, бо чужое выдаецца за плён уласнай працы. Калі крэдам навукоўца ёсць імкненне да праўды, дык плагіят — уцёкі ад яе. Плагіятар проста не адважваецца быць аўтарам, яго тэкст — не аўтарскі, не індывідуальны, псеўданавуковы.

Быць у навуковай супольнасці — значыць прытрымлівацца яе нормаў і правілаў, сярод якіх прынятая практыка цытавання і спасылак — зусім не дробязь, а сур’ёзны, важны маральны абавязак: спасылкай мы пацвярджаем права ўласнасці вучонага, працай якога пакарысталіся[28]. Калі навуковую супольнасць лучаць агульныя прынцыпы прафесійнай этыкі (а ў адваротным выпадку давядзецца прызнаць адсутнасць самога акадэмічнага асяроддзя), то лекам ад хваробы плагіятарства павінна было б стаць маральнае асуджэнне, непрыняцце падобных учынкаў, — хаця б у імя карпаратыўнай салідарнасці. Каб спыніць эрозію элементарных правілаў жыцця нашай акадэмічнай супольнасці, мы не можам заставацца адчужанымі сузіральнікамі. І элементарны, кожнаму пасільны саўдзел у гэтай справе — гэта неабыякавасць, культываванне прынцыпаў прафесійнай этыкі.


[1] Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік. Рэдкал.: С. Кузьмін і інш. Мінск, 1992. С. 404.
[2] Гуляева М., Карюхина Т. За доцента ответишь. В Беларуси займутся плагиатом // БелГазета. 2008. 18 февр. Даступна ў Інтэрнэце: http://www.belgazeta.by/20080218.7/320355001; гл.таксама: Патыко Д. Плагиату бой! http://www.aspirinby.org/index.php?go=News&in=view&id=95 (прагляд — 2.08.2009); Дорофеева А. Не списывайте, профессор, http://www.univer.by/ne-spisyvajte-professor/588 (прагляд — 23.07.2009); http://www.univer .by/rubriki/1075/plagiat;
[3] Гардзіенка Н. Плагіят і прафанацыя гісторыі беларускай дыяспары // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. XIV (2007). Сш. 1—2(26-27). С. 357—377; яна ж, Плагіят і прафанацыя „Беларускай дыяспары” // Запісы БІНІМ. Т. 31 (2008). С. 374-391.
[4] Корзенко Г. В., Зенькович Ю. В. Аннотированный указатель диссертаций по историческим наукам, защищенных в Республике Беларусь (1991—2005 гг.). Минск: Белорусская наука, 2006.
[5] Гл.: Міхнюк У. З кандыдацкай дысертацыяй у навуку ўваходзяць, а з доктарскай — выходзяць // Беларуская думка.2000. № 3. С. 101—107; Сташкевич Н. С. О качестве диссертаций по историческим дисциплинам //Атэстацыя. 2001. № 2. С. 93-94;Сташкевич Н. С., Козляков В. Е. Квалификационный ресурс историков // Атэстацыя. 2003. № 3. С. 117—122; Артюхин М.,Дмитрук П. Проблемы сохранения, развития кадрового потенциала научно-технической сферы Республики Беларусь //Наука и инновации. 2003. № 3-4. С. 26-27, 30-31; Шаршунов В. А., Морозевич А. Н., Гулько Н. В. Национальной системе аттестации ученых и педагогов Республики Беларусь — 10 лет //Атэстацыя. 2002. № 7. С. 3-5.
[6] Шаршунов В. А., Морозевич А. Н., Гулько Н. В. Национальной системе аттестации ученых и педагогов Республики Беларусь — 10 лет. С. 3-4.
[7] Сташкевич Н. С. О качестве диссертаций по историческим дисциплинам. С. 93, 94, 95; Сташкевич Н. С., Козляков В. Е. Квалификационный ресурс историков. С. 117, 119, 120.
[8] Гл.: Міхнюк У. З кандыдацкай дысертацыяй у навуку ўваходзяць, а з доктарскай — выходзяць // Беларуская думка.2000. № 3. С. 107.
[9] Ліст A. L Лесніковіча да А. М. Міхнюк, 15.08.2006. С. 4-5. Шчыра дзякую Аляўціне Мікалаеўне за магчымасць азнаёміцца з адказамі кіраўніцтва НАН Беларусі. *Адказ А. І. Лесніковіча (25.10.2006) на зварот А. М. Міхнюк (25.09.2006).
[10] Рудовіч С. Час выбару. Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе. Мінск: Тэхналогія, 2001.
[11] Кобрын М. У. Беларускі нацыянальны рух: 1917—1920. Мінск: Беларуская выдавецкае таварыства „Хата”, 2004. Вось пералік старонак гэтага выдання, на якіх заўважаны ўкрадзены тэкст, разам з указаннем сплагіяваных старонак кнігі Рудовіча (падаюцца ў дужках): 7-8 (22, 26), 9 (32, 33, 75), 10 (91), 12 (130, 131), 16 (134), 18-19 (145-146), 20-21 (150-151), 21-22 (156), 25 (180), 27 (181, 182, 183), 29 (185, 189) і інш.
[12] Ладысеў У. Ф., Брыгадзін П. І. Паміж Усходам і Захадам:станаўленне дзяржаўнай і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917-1939 гг.). Мінск: БДУ, 2003.
[13] Біч М. В., Рудовіч С. С. Беларуская сацыялістычная грамада //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 1. Мінск, 1993.С. 411—412; Рудовіч С. С. Беларускі Нацыянальны Камітэт, тамсама, с. 448—449.
[14] Пар. с. 206 кнігі „Паміж Усходам і Захадам” і с. 194 у манаграфіі Рудовіча.
[15] Ладысеў У. Ф., Брыгадзін П. І. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.). Мінск: БДУ, 1999.
[16] Пар. с. 5, 7, 8, 9, 11—13 гэтай кнігі з артыкуламі С. Рудовіча „Беларускі народны саюз”, „Беларускі нацыянальны камітэт”, „Беларуская народная партыя сацыялістаў”, а таксама „Беларуская сацыялістычная грамада” ў т. 1 ЭГБ (адпаведнас. 438-439, 448-449, 383-384 і 411-412).
[17] Ненадавец А. М. Сілаю слова. Чорная і белая магія. Мінск:Беларусь, 2002.
[18] Ішчанка С. Справы пра чарадзействы ў копных судох XVII ст. //Спадчына. 2000. №3. С. 183-196, спісана са с. 183-192.
[19] Харэўскі С. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі. Вільня: ЕГУ, 2007.
[20] Лазука Б. А. Гісторыя мастацтваў. 2-е выд. Мінск, 2003.
[21] Гл. названую кнігу Б. Лазукі, с. 172, 173, 177.
[22] Спісана адпаведна са с. 173-175, 177 і 171, 174-177 той жа кнігі Б. Лазукі.
[23] Харэўскі С. Плагіят пакараны // Наша Ніва. 2004. 23 студзеня. С.6.
[24] Падрабязней гл.: Linkner T. Słowiańskie bogi i demony: z rękopisu Bronisława Trentowskiego. Gdańsk, 1998.
[25] Konstańczak S. O plagiatorach. Рэжым доступу: http://www.racjonalista.pl/kk.php/s,4642 (прагляд —13.07.2009)
[26] Горобец А. Новая „авария” главы Администрации Президента Украины. На этот раз — интеллектуальная. Даступна ў Інтэрнэце: http://www.informika.ru/text/magaz/newpaper/messedu/cour0202/700.htm; Горобец А. Томас Коротерс о беспардонном плагиате его статьи главой Администрации президента Украины. Рэжым доступу: http://www.informika.ru/text/magaz/newpaper/messedu/cour0202/701.htm (прагляд —23.07.2009)
[27] Толочко О., Яковенко Н. Потрапили в історію // Критика. 2006.№7—8; гл. таксама: Гурин П. Литвин снова украл мысли //Газета по-киевски. 28.10.2006, даступна ў Інтэрнэце: http://mycityua.com/country/2006/10/28/120011.html (прагляд —23.07.2009).
[28] Мертон Р. К. Эффект Матфея в науке, ІІ: Накопление преимуществ и символизм интеллектуальной собственности //THESIS. 1993. T. 3. C. 271-271.

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2009 Т.16 Сш. 1'