Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2011 Т.18 Сш. 1-2

Генрых Літвін. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай у 1569–1648 г.

31 студзеня, 2012 |

У 18 томе БГА (2011)

Эліты Вялікага Княства Літоўскага доўгі час не пагаджаліся з далучэннем Валыні і Кіеўшчыны да Кароны, што цягнула за сабой адну з істотных прычын „унійных спрэчак”. Паўстае пытанне, у якой ступені гэтая з’ява вынікала з матэрыяльных інтарэсаў магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага, і ў якой была праявай націску на палітычнай канцэпцыі тэрытарыяльнай непадзельнасці. Каб высветліць дадзеныя аспекты, разгледзім абсяг інтарэсаў літоўскай эліты на „інкарпараваных абшарах” і яе прыватнай актыўнасці на ўзгаданых землях. Такім чынам, наш артыкул будзе свайго роду спробай адказу на абазначаныя пытанні адносна Кіеўскага ваяводства.

(Загрузіць PDF)

Том 18 Сшыткі 1–2 (34–35) Снежань 2011

12 студзеня, 2012 |

Прапануем чытачам чарговы нумар часопіса. Неўзабаве том з’явіцца ў продажы. У электроннай версіі выданне будзе даступна ў другой палове 2012 г.

Том 18, Сшыткі 1-2 (34-35) (Снежань 2011)

1 чэрвеня, 2011 |

Артыкулы
Генрык Літвін. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай у 1569–1648 г. C. 3-20.
Генадзь Сагановіч. Вайна на полацка-віцебскім рубяжы ў 1632–1633 г. і „паўстанне” ў Полацку. C. 21-42.
Конрад Бабятыньскі. Выдаткі Міхала Казіміра Радзівіла на абарону Нясвіжа ў 1655–1660 г. C. 43-60.
Дзмітрый Віцько. Рэспубліканска-сапежынскія перамовы на з’ездзе ў Горадні восенню 1701 г. C. 61-97.
Рышард Радзік. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у грамадствах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. C. 99-122.
Генадзь Каралёў. Ідэя чарнаморскай федэрацыі Міхайлы Грушэўскага (1918 г.). C. 123-139.
Артур Высоцкі. Вынікі саветызацыі беларускіх і ўкраінскіх земляў ІІ Рэчы Паспалітай у 1939–1941 г. з перспектывы культурнага сутыкнення. C. 141-185.
Томас М. Бон. Савецкая сістэма „закрытых гарадоў”. Прапіска і недахоп жылля як паказчыкі сацыяльнай няроўнасці. C. 187-204.
Аляксандр Фрыдман. Кiтайскiя красоўкi для працоўных мiнскага завода халадзiльнiкаў. C. 205-214.

Публікацыі
Нiл Гілевіч. Дзевяноста трэці год. Дзённік. C. 215-270.

Гісторыкі
Ганна Харашкевіч. Беларускі акцэнт саратаўскага гісторыка. C. 271-290.

Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі
Сяргей Палехаў. Пра князя Юрыя Лынгвеневіча Мсціслаўскага і не толькі. C. 291-307.
Аляксандр Гагун. «Двуногие сталинские шакалы. C. 309-321.
Wybitni historycy wielkopolscy (Марцэлі Косман). C. 322-326.
Labuda, Gerard. Próba nowej systematyki i nowej interpretacji źródeł historycznych (Марцэлі Косман). C. 326-330.
Шыбека, Захар. Гарадская цывілізацыя (Таццяна Тахіян). C. 330-335.
Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі (Сяргей Грунтоў). . C. 336-340
Bojko, Krzysztof. Stosunki dyplomatyczne Moskwy z Europą Zachodnią w czasach Iwana III (Алена Шымак). C. 340-345.
Praktyka życia publicznego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVI–XVIII w. (Уладзімір Падалінскі). C. 345-350.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy (Рафал Дэгель). C. 351-354.
Konopacki, Artur. Zycie religijne Tatarów na ziemiach Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI–XIX w(Cцяпан Захаркевіч). C. 354-360.
Borek, Piotr. W służbie Klio (Мацэлі Косман). C. 360-365.
Gil, Andrzej. W kręgu dziejów i kultury Kościołów wschodnich w Rzeczypospolitej (Міхаіл Дзмітрыеў). C. 365-368.
Friedman, Alexander. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. (Ёганэс Вігерынг). C. 368-372.
Романько, Олег В. Легион под знаком Погони (Аляксандр Гагун). C. 373-379.
Иоффе, Эммануил Г. Когда и зачем Гитлер и другие высшие чины нацистской Германии приезжали в СССР? (Міхаіл Стралец). C. 380-383.
Единорогъ: Материалы по военной истории Восточной Европы эпохи Средних веков и Раннего Нового времени. Вып. 2 (Андрэй Янушкевіч). C. 384-388.
Российские и славянские исследования. Вып. I–V (Любоў Козік). C. 389-393.

Агляд перыёдыкаў
Публікацыі па гісторыі ў беларускіх часопісах за 2010 г. (Яўген Глінскі). C. 394-438.
Аўтарэфераты дысертацый па гісторыі (Ніна Камарова). C. 439-443.

In memoriam
Віталь Скалабан (5.08.1947 — 20.08.2011) (Анатоль Вялікі). C. 444-447.
Выданні, атрыманыя рэдакцыяй. C. 448-450.

(PDF)

Генрык Літвін. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай у 1569–1648 г.

1 студзеня, 2011 |


Эліты Вялікага Княства Літоўскага доўгі час не пагаджаліся з далучэннем Валыні і Кіеўшчыны да Кароны, што цягнула за сабой адну з істотных прычын „унійных спрэчак”. Паўстае пытанне, у якой ступені гэтая з’ява вынікала з матэрыяльных інтарэсаў магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага, і ў якой была праявай націску на палітычнай канцэпцыі тэрытарыяльнай непадзельнасці. Каб высветліць дадзеныя аспекты, разгледзім абсяг інтарэсаў літоўскай эліты[1] на „інкарпараваных абшарах” і яе прыватнай актыўнасці на ўзгаданых землях. Такім чынам, наш артыкул будзе свайго роду спробай адказу на абазначаныя пытанні адносна Кіеўскага ваяводства.

У эпоху напярэдадні Люблінскай уніі і адразу пасля гэтага прадстаўнікі княскіх і магнацкіх родаў фактычна не мелі сваіх сядзібаў на Кіеўшчыне. Некалькі маёнткаў з вялікімі зямельнымі надзеламі, якія можна аднесці да маёмасці істотнага парадку, займалі магнаты, што часцей за ўсё сваю дзейнасць і справы вялі па-за межамі ваяводства. Сярод іх (улічваючы і перыяд пасля 1569 г.) былі таксама абывацелі (грамадзяне) Вялікага Княства Літоўскага.

Найбольш значным кіеўскім зямельным багаццем распараджаўся Філон Кміта, які ў 1566 г. атрымаў „на вечнасць” Чарнобыль і прылеглыя да яго тэрыторыі, у дадатак да чаго меў ва ўласнасці вялікую воласць Вяледнікі і некалькі вёсак[2]. Памер маёмасці ставіў Кміту на трэцюю пазіцыю ў спісе мясцовых землеўладальнікаў (1581)[3]. Кмітава сядзіба месцілася ў Чарнобылі, на што ўказ ваў допіс да ягонага прозвішча — Кміта-Чарнобыльскі. Пры гэтым ён выконваў функцыі аршанскага старасты (з 1566 г.), а з 1579 г. — ваяводы смаленскага, што звязвала яго з ВКЛ[4]. Сам ён выразна лічыў сябе ліцвінам[5]. Памёр Кміта ў 1587 г., пакінуўшы пасля сябе непаўнагадовых сыноў, з якіх толькі Лазар „даспеў” да самастойнага ўзросту, але ўсё роўна памёр маладым і без нашчадкаў у 1595 г.[6]. Названыя землі перайшлі ў спадчыну яго сёстрам.

Значнымі былі таксама кіеўскія ўладанні роду Гарнастаяў, што меў мясцовае паходжанне, але пры гэтым валодаў землямі і ўплывамі ў ВКЛ[7]. Са шматлікіх мужчынскіх нашчадкаў роду, што нарадзіліся ў 50-я і 60-я г., у выніку застаўся толькі адзін нашчадак — Гаўрыла Іванавіч. З 1566 г. ён быў ваяводам менскім, а пазней, з 1576 г., ваяводам берасцейскім[8]. У 70-я і 80-я г. XVI ст. ён прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці ВКЛ[9], адначасова ўзмацняючы матэрыяльныя пазіцыі на Кіеўшчыне. Яго адзіны сын Еранім (Ерафей) атрымаў у спадчыну ўсе маёнткі роду, уключна з літоўскімі. Частку апошніх ён прадаў[10]. Ужо наступны прадстаўнік роду, Самуэль, быў моцна звязаны з Кіеўшчынай, пастаянна там жыў, і няма звестак пра ягоныя хоць якія сувязі з ВКЛ[11].

Падобную карціну ў перыяд каля 1569 г. можна назіраць адносна роду Тышкевічаў-Лагойскіх. Гэты род з фамільным гняздом на Кіеўшчыне, маючы немалыя мясцовыя маёнткі, заняў на працягу XVI ст. высокія пазіцыі ў спісе землеўладальнікаў і набыў значныя тэрыторыі ў Вялікім Княстве Літоўскім[12]. Васіль Тышкевіч быў першым сенатарам у гісторыі роду, а таксама займаў пасаду спачатку падляшскага, пазней жа смаленскага ваяводы (з 1569 г.). Ягоны „набытак” складаўся з трох зямельных комплексаў у паветах Менскім, Слонімскім ды на Кіеўшчыне[13]. Маёмасць цалкам перайшла ў спадчыну ўнукам Васіля, сынам яго старэйшага нашчадка — Юрыя[14]. Шматлікія прадстаўнікі роду ў чарговых пакаленнях таксама падтрымлівалі кантакты як з Кіеўшчынай, так і з ВКЛ. Такімі былі Юры, ваявода берасцейскі[15], ягоныя сыны Фрыдрых (Тэадор Фрыдэрык), Марцін і Астап (Ян Яўстахій), якія займалі адпаведна пасады надворнага падскарбія ВКЛ (1607), мсціслаўскага ваяводы (1611) і берасцейскага ваяводы (1615). Нашчадкі двух апошніх сыноў былі адпаведна: Іосіф Марцінавіч — вялікалітоўскім чашнікам (1640) і Антон Астапавіч — надворным падскарбіем ВКЛ (1645), апошні ж у хуткім часе даслужыўся да надворнага маршалка ВКЛ (1645)[16]. Іншым нашчадкам гэтага роду, у сваю чаргу, замінала падобнае рассяроджванне сваіх высілкаў. Януш, сын Фрыдрыха, Станіслаў Іосіфавіч і яшчэ двое Астапавічаў — Крыштаф і Феліцыян — трымаліся кіеўскай маёмаснай прасторы і мясцовай палітычнай сцэны. Наадварот, Пятро Юр’евіч і ягоныя дзеці, а разам з імі Юры і Казімір Астапавічы дзейнічалі на вялікалітоўскай арэне і не мелі дачынення да паўднёва-ўсходняга памежжа[17]. Тышкевічы-Лагойскія былі сярод першых у спісе найбольш заможных магнатаў Кіеўшчыны. Юры, Фрыдрых, Астап належалі да невялікай колькасці латыфундыстаў. Іосіф і Антон — да больш шырокай, але таксама нешматлікай групы заможнай шляхты[18].

Яшчэ адным прадстаўніком эліты ВКЛ, якому належалі значныя зямельныя надзелы на Кіеўшчыне (а таксама на Валыні), быў князь Аляксандр Пронскі. На Дняпры яму перайшлі ў спадчыну воласці Гражаны і Гарашкевічы (іншая назва — Александропаль), якія калісьці ў заставу князям пакінулі Сапегі, але так і не выкупілі[19]. Пронскі вёў актыўную палітычную дзейнасць на вялікалітоўскай арэне, у сувязі з чым ён спачатку займаў пасаду стольніка (1576 — 1588), потым — трокскага кашталяна (1591–†1596). Ён памёр, калі ягоныя два сыны — Аляксандр Актавіян і Юліюш — былі яшчэ непаўнагадовымі, таму спачатку знаходзіліся пад доглядам маці, Фядоры з роду Сангушкаў, а пасля і яе другога мужа, Андрэя Ляшчынскага. Юліюш памёр у 1613 г., Аляксандр жа паехаў за мяжу, дзе памёр пасля 1630 г. без нашчадкаў[20]. Кіеўская маёмасць перайшла да Ляшчынскіх, а пазней была прададзена Нямірычам[21].

Вялікія, але неабжытыя воласці займалі на Кіеўшчыне Кухмістровічы-Дарагастайскія. Гэтыя зямельныя надзелы мелі назву Абухаў, але таксама ўзгадваліся як Кухмістроўшчына[22]. Яшчэ да 1569 г. (адпаведна і пасля 1569 г.) яны складалі долю ў спадчыне Яна, малодшага сына Мікалая, мечніка літоўскага. Па прычыне заўчаснай смерці Яна кіеўская спадчына перайшла яго непаўнагадоваму сыну Паўлу, якім апекаваўся дзядзька Пятро[23]. Па ўсім відаць, Пятра Дарагастайскага мала цікавілі прыдняпроўскія землі, таму ён прадаў іх Канстанціну Астрожскаму ў 1588 г., калі разышліся чуткі, што ягоны пляменнік, які быў выпраўлены па навуку за мяжу, там і памёр. Павел Дарагастайскі, аднак, не памёр, і калі вярнуўся на радзіму, нагадаў дзядзьку пра страчаную маёмасць. Землі вярнуліся да яго пасля другога аспрэчання ў 1598 г. Праўда, гаспадар праз пару гадоў пакінуў гэты свет (1607/1609), а Абухаў стаў уласнасцю Андрэя Фірлея, мужа дачкі Паўла — Альжбэты (Гальшкі)[24]. Сувязі Паўла з ВКЛ цалкам перарваліся, хіба што ён кантактаваў са сваякамі.

Землі ў Кіеўскім ваяводстве імкнуліся пакінуць у сваёй уласнасці не толькі Дарагастайскія, але і іншыя літоўскія „паны” — Халецкія. У 1569 г. ім належала палова Ржышчава з воласцю[25]. Маёмасць была падзелена паміж сынамі Іосіфа (Есіпа), што быў аўруцкім старастам. Свае надзелы меў там таксама Андрэй, што спачатку служыў суддзёй (1579), а пасля рэчыцкім маршалкам (1589–†1595)[26], разам з ім месціліся там Васіль (пасля 1588) і Ян, які быў спачатку гаспадарскім маршалкам (1588), пасля ж мечнікам літоўскім (1589–†1615)[27]. У 1586 г. Андрэй выкупіў другую палову Ржышчаўскай воласці ў яе ўласнікаў па прозвішчы Кордыш. Пасля яго смерці маёнтак быў прыдзелены сынам Юзафіяну, Францішку і Пятру. Сваю частку саступіў ім таксама дзядзька Ян, брат бацькі, які ў крыніцах да 1604 г. узгадваецца як суўладальнік маёнтка[28]. Пятро і Францішак памерлі маладымі і без нашчадкаў, таму адзіным уласнікам Ржышчаўскай воласці стаў Юзафіян, якому давялося весці бясконцыя спрэчкі за межы паміж Кіеўскім і Багуслаўскім староствамі. Не маючы магчымасці развязаць пытанне на сваю карысць, ён надумаў прадаць увесь свой кіеўскі маёнтак Варонічам у 1625 г., пасля чаго, імаверна, перабраўся ў ВКЛ[29].

На Кіеўшчыне свае маёнткі мелі прадстаўнікі яшчэ адной лініі Халецкіх — сыны Герасіма, Васіль і Багдан. Аднак ужо ў 1572 г. яны прадалі воласць Вільск князю Багдану Карэцкаму, які, не доўга думаючы, перапрадаў яе Астрожскім[30].

Адным з двух кіеўскіх сенатараў, якія ў 1569 г. пе-райшлі пад юрысдыкцыю Кароны, быў кашталян Павел Сапега. Асноўная частка яго маёнткаў знаходзілася ў ВКЛ, а з Кіеўшчынай яго звязвала па большасці ўтрыманне з 1560 г. Любецкага староства і служба аховы памежжа, што вынікала з гэтага абавязку. Маёмасць, якой Сапега быў на тых землях спадчынным уласнікам (мясцовасць Гражаны), была закладзена Пронскім. Пасля уніі Сапега быў звязаны з літоўскай палітычнай арэнай і падтрымліваў далучэнне Кіеўшчыны і Валыні да Вялікага Княства Літоўскага. Жыў ён пры гэтым пераважна ў Любечы і сумленна выконваў там абавязкі старасты[31]. Пасля яго смерці (1580) членам яго сям’і не перадаліся землі Любецкага староства, як і не вярнулася да іх Гражанская воласць, таму кантакты названых Сапегаў з Кіеўшчынай перапыніліся[32].

Зямельныя надзелы на Кіеўшчыне меў таксама іншы прадстаўнік роду Сапегаў — Багдан, кашталян берасцейскі (з 1579 г.), пазней — смаленскі (1585–†1593). Былі гэта, аднак, дзве сціплыя воласці — вёска Радомель і Гызін (Хішын)[33]. Палітычная і вайсковая актыўнасць кашталяна была скіравана на Літву[34]. Усё паказвае на тое, што пасля яго смерці сям’я прадала названыя надзелы Нямірычам, прынамсі яны належалі апошнім яшчэ да 1599 г.[35].

Хоць і прасторныя, але ў большасці неасвоеныя землі займалі на Кіешўчыне Францкевічы-Радзімінскія[36]. Прыкладна ў 1569 г. Гулянікі i Карашын, як незаселеныя, узяў пад свой догляд кіеўскі ваявода Канстанцін Васіль Астрожскі. Гулянікі тады запісалі ў дзяржаўную маёмасць Рэчы Паспалітай, а ў 1595 г. перадалі пад катэгорыяй „пустое гарадзішча” Яну Аксаку[37]. Радзімінскія яшчэ доўгі час судзіліся за сваё адабранае дабро, але ў 1629 г. канчаткова адмовіліся ад спрэчкі і земляў у Гуляніках[38]. Інакш складалася сітуацыя вакол Карашына — яго Канстанцін Астрожскі далучыў да сваіх спадчынных маёнткаў[39]. Міхал Францкевіч-Радзімінскі, полацкі падкаморы, распачаў насуперак гэтаму працэс рэстытуцыі названай маёмасці (1598)[40]. Ягоны сын Мікалай выйграў справу, дачакаўшыся фармальнай перадачы яму маёмасці, што перапісаў сабе „на спадчынных правах” Астрожскі (1604)[41]. Той самы Мікалай да 1624 г. гаспадарыў у Карашыне разам з братам Янам, якому таксама належала ўзгаданая мясцовасць, пазней жа, відаць, пасля продажу, маёнтак быў ва ўласнасці кіеўскага лоўчага Вацлава Жміёўскага[42]. Мікалай і Ян трымалі таксама іншыя пакінутыя бацькам уладанні, у тым ліку Масанаў (іначай — Масаны, Мазаны, Мазанаў). Гэты маёнтак над Прыпяццю неперарыўна належаў роду Францкевічаў-Разімінскіх прыкладна ад сярэдзіны XVI ст., калі не з ранейшага часу[43]. У першыя гады пасля прыняцця уніі быў уласнасцю Міхала, полацкага падкаморыя[44]. Калі ж той памёр у 1598 г., Масанаў перайшоў да сыноў — Яна (†1635) і Мікалая, надворнага харужага літоўскага (†каля 1630)[45]. Больш дакладных дадзеных пра продаж Масанава мы не маем, але адбыўся ён не раней за 1628 г. і не пазней за 1634 г., калі ўласнікам яго запісвалі ўжо Іпаліта Радкевіча, кіеўскага мечніка[46]. З гэтага вынікае, што Францкевічы-Радзімінскія таксама адступіліся ад кіеўскага землеўладарання прыкладна ў 1630 г.

Невялікія зямельныя ўладанні на Кіеўшчыне мелі і Скумін-Тышкевічы. Дзмітры займаў тут нават урад падкаморыя, але ў 1576 г. атрымаў магчымасць заняць пасаду надворнага маршалка ВКЛ і знік з грамадскага і палітычнага жыцця ваяводства[47]. Ягоны брат Тодар трымаў ва ўласнасці надзелы ў Чэрніне на паўночным Задняпроўі[48], але актыўную дзейнасць праводзіў у Літве. Ён займаў тут пасады надворнага падскарбія (1576), земскага падскарбія (1586) і ўрэшце наваградскага ваяводы (1590–†1618), быў актыўным прадстаўніком палітычнай эліты ВКЛ і без сумневу лічыў сябе ліцвінам[49]. Чэрнін перадаваўся па спадчыне наступным пакаленням Скуміноў. Сын Тодара Януш пераказаў гэтыя землі дачцэ Кацярыне, якая разам з другім сваім мужам Янушам Вішнявецкім прадала іх у 1636 г. Андрэю Драгаеўскаму[50].

На поўначы Кіеўскага ваяводства распасціраліся землі Слушкаў пад назвамі Мухаедавічы, Апачыцы і Углы (Вуглы). У часовых межах 1569 г. на іх гаспадарыў Мікалай, крычаўскі стараста[51]. З 1581 г. іх уласніцай была запісана „пані Мікалаёва Слушчына”, а была ёю Гальшка з роду Кмітаў, на той час, відаць, ужо ўдовая па Мікалаю[52]. Праз нейкі час гэтыя маёмасці перадаліся дзецям Мікалая. У 1598 г. Мікалай Мікалаевіч Слушка запісаў на сваю жонку Ганну з роду Тхужэўскіх права дажываць і быць пад апекай на кіеўскіх маёнтках[53]. З чаго вынікае, што тады ён быў адзіным іх уладальнікам і памёр без дзяцей у тым самым 1598 г., а Мухаедавічы і іншыя надзелы спадчынна перадаліся ягоным малодшым братам Крыштафу і Аляксандру[54]. На кіеўскіх землях Слушкаў Аляксандр і Крыштаф былі суўладальнікамі, пакуль Крыштаф не памёр у 1619 г., а яго частку прынялі ў спадчыну сыны Рэмігіян і Рафал[55]. У 1631 г. дайшло да падпісання сямейнага пагаднення, паводле якога сыны Крыштафа атрымалі ў выключнае ўладанне кіеўскія землі, саступіўшы дзядзьку Аляксандру частку земляў у ВКЛ[56]. У пазнейшыя гады на гэтых землях вяліся прыгранічныя спрэчкі з праваслаўным мітрапалітам Пятром Магілам[57], што, магчыма, паўплывала на рашэнне братоў прадаць усе маёнткі ў Кіеўскім ваяводстве Стэфану Аксаку[58]. Сям’я Слушкаў даволі доўга трымалася сваёй маёмасці на Кіеўшчыне, напэўна таму, што іх землі знаходзіліся ля самай мяжы з ВКЛ. Прадстаўнікі названага роду былі звязаныя з Літвой і вялі там палітычныя і вайсковыя справы. Мікалай Мікалаевіч быў вядомым і паважаным военачальнікам. Ён кіраваў войскам ВКЛ, якое дапамагала кароннай арміі ваяваць з казацкімі аддзеламі Налівайкі, і лічыўся абывацелем ВКЛ[59]. Ягоны малодшы брат Крыштаф распачаў у ВКЛ кар’еру і ўрадавую (менскі падсудак у 1600 г.), і палітычную (менскі пасол у 1600 г.)[60]. Там ён жыў і дзейнічаў, хоць ад 1607 г. меў яшчэ пасаду вендэнскага ваяводы ў Інфлянтах, што належалі да супольных каронна-літоўскіх земляў[61]. Актыўным сенатарам ВКЛ быў і малодшы з братоў, Аляксандр Слушка — кашталян менскі з 1618 г. і жамойцкі з 1628 г., ваявода менскі з 1633 г., наваградскі з 1638 г. і трокскі з 1642 г. (памёр у 1647 г.)[62]. Нават кіеўскія спрэчкі спрабаваў вырашыць у судах ВКЛ, у выніку чаго трапіў у працяглы працэс з суседзямі з-пад Мухаедавічаў — Сурынамі[63].

Адначасова з працэсам адыходу ліцвінаў з Кіеўшчыны адбываўся — што праўда, у меншай меры — іх наплыў на названыя тэрыторыі. Прыгадаем, што кіеўскія маёнткі Кмітаў прынялі ў 1595 г. прадстаўнікі двух родаў з ВКЛ — Сапегаў і Друцкіх-Горскіх. Пасля смерці свайго брата Лазара Соф’я, жонка Лукаша Сапегі, і з ёю Багдана Друцкая — абедзве дачкі Кміты — падзялілі бацькаву спадчыну такім чынам, што першай засталася Чарнобыльская воласць, другой жа Вяледніцкая з некалькімі меншымі маёнткамі (Замысловічы, Ракітнае, Антонаў, Макалевічы, Вепрын, пераназваны пазней у Лукашаў)[64]. Друцкія, аднак, не прыжыліся на Кіеўшчыне. Калі ў 1609 г. Юры Друцкі-Горскі загінуў пад Масквой, удава перапісала сваю частку бацькавай спадчыны на сястру і яе сямейства. Такім чынам, у 1613 г. Лукаш Сапега стаў уласнікам усіх кіеўскіх земляў Кмітаў[65]. Спачатку ён паменшыў іх памеры продажам Ракітнага Гойскім (1623)[66], запісаўшы таксама Замысловічы ва ўласнасць езуітам з Вінніцы[67]. Калі ж адзіны яго сын Самуэль памёр у 1625 г., ён запісаў усе іншыя маёнткі на свайго сваяка, вялікага канцлера літоўскага Льва Сапегу, якому права ўласнасці на іх служыла з 1626 г.[68]. Леў Сапега сам на іх не сядзеў, а аддаў у распараджэнне стрыечным братам Паўлу, Яну і Андрэю, сынам Яна Пятра, усвяцкага старасты[69]. Тады ж адбылося чарговае памяншэнне ўсёй гэтай зямельнай маёмасці — у 1627 г. Іосіфу Корсаку быў прададзены Антонаў[70]. Дарэчы, названы зямельны надзел знаходзіўся на поўначы Кіеўшчыны і тады ўжо адносіўся да Мазырскага павета ВКЛ[71]. Воласць Вяледнікі патрапіла пад заставу, пазней жа, з прычыны яе несвоечасовага выкупу, перайшла ў спадчынную ўласнасць Станіслава Веляма[72]. Макалевічы і Вепрын, невядома дакладна якім чынам, адышлі да Чарлянкоўскіх[73]. Сапегі пакінулі сабе на Кіеўшчыне толькі Чарнобыль з воласцю. Калі ў 1633 г. памёр Леў Сапега, гэты маёнтак атрымаў ягоны сын, Казімір Лявон[74]. З Кіеўшчынай ён не быў звязаны ніякім чынам. Вядома, што на сойме 1646 г. ён спрабаваў нават прылучыць Чарнобыль да ВКЛ[75], аднак рашучая нязгода кіеўскіх паслоў пакінула воласць у межах іх ваяводства, Сапега ж пры гэтым ад яе не адмовіўся да канца даследаванага намі перыяду.

На поўначы ад Чарнобыля, недалёка ад межаў з ВКЛ, знаходзілася воласць Вострагладавічы, якая ў 20-я г. XVII ст. таксама патрапіла ў рукі ўласнікаў, што выводзіліся з элітаў ВКЛ. Не пазней за 1624 г. гэты маёнтак стаў належаць Мікалаю Абрагамовічу[76]. Прывялі да гэтага складаныя сямейна-фінансавыя дамоўленасці. Вострагладавічы ў маёмасць Абрагамовічаў прыўнесла жонка Мікалая, князёўна з роду Курцэвічаў. Ён перайшоў ёй у спадчыне па маці, Гальшкі з роду Стужынскіх, якая трэці раз выйшла замуж за Мікалая Харленскага, у гэтым шлюбе дзяцей не мела і калі стала ўдовай, атрымала названыя землі па мужу, запісаўшы іх сваёй адзінай дачцэ[77]. Воласць знаходзілася на памежжы з ВКЛ, таму Абрагамовічам было даволі зручна займацца яе адміністраваннем. Яны таксама не адмовіліся ад яе да канца даследаванага намі перыяду.

Два наступныя і апошнія ў нашым даследаванні кіеўскія маёнткі прадстаўнікоў эліты ВКЛ аддзяліліся ад вялізнай латыфундыі Карэцкіх. Пасля смерці князя Іахіма і завяршэння „пажыццёвага ўладання” яго жонкі Ганны з роду Хадкевічаў (†1626) два надзелы перадаліся ў спадчыну яго дочкам. Ганна, Глябовіч па мужу, атрымала мясцовасць Гаголеў з воласцю[78], а Лавінія, па мужу Радзівіл, — мясцовасць Базар з прылеглай тэрыторыяй (cum attinentis)[79]. Але Глябовічы на Украіне не затрымаліся, бо ўжо ў 1642 г. іх сын Марцыбелі Юры, падстолі літоўскі, прадаў усе кіеўскія землі Стэфану Аксаку[80]. У сваю чаргу Лавінія Радзівіл стала ўдовай ужо ў 1626 г. і, відавочна, апекавалася родавымі маёнткамі Карэцкіх на Кіеўшчыне да сваёй смерці ў 1648 г.[81].

Як мы пабачылі, прадстаўнікі элітаў ВКЛ, што ў 1569 г. валодалі зямлёй на Кіеўшчыне, паволі ці хутчэй пакінулі свае ўскраінныя маёнткі. Кміты вымерлі ў 1595 г. Пронскія з’ехалі з Кіеўшчыны прыкладна ў 1613 г., Дарагастайскія — каля 1607, Халецкія — каля 1625, дзве лініі роду Сапегаў — каля 1580 i 1599 г., Скуміны — пасля 1618 г., Францкевічы-Радзімінскія — каля 1630 г., а Слушкі — у 1640 г. Нашчадкі роду Гарнастаяў засталіся на Украіне, затое практычна перасталі зносіцца з ВКЛ. Толькі Тышкевічы-Лагойскія дзейнічалі па двух напрамках, падтрымліваючы зносіны як з ВКЛ, так і з Кіеўшчынай. У спадчыну атрымалі кіеўскія маёнткі Сапегі з канцлерскай лініі і Радзівілы з лініі клецкай, але ўласнасць гэтая мела для іх другараднае значэнне, і мы не адзначаем выразных сувязяў названых сем’яў з Кіеўскім ваяводствам.

Сляды палітычнай актыўнасці прадстаўнікоў эліты ВКЛ на Кіеўшчыне выяўляюцца рэдка і звязаныя з дзейнасцю прадстаўнікоў дзвюх фамілій — Сапегаў і Тыш-кевічаў. Фігурай, з якой лічыліся ў межах ваяводства, быў, без сумневу, Лукаш Сапега (†1626). Ён утрымліваў сядзібы ў Чарнобылі і Вяледніках, прымаў удзел у рэгіянальных фракцыях і спрэчках, нажыў сярод кіеўскай шляхты і сяброў, і ворагаў. Акрамя таго, што ён меў немалыя ўладанні, падтрымкай яго дзейнасці быў уплывовы сваяк Леў Сапега[82]. Пасля смерці Лукаша кіеўскія маёнткі перайшлі менавіта да яго, а ўласнік аддаў іх пад дагляд сваякам — усвяцкім старасцічам. Тыя імкнуліся працягваць справу Лукаша і гэта нават няблага выходзіла, бо Павел Сапега меў гонар прадстаўляць ваяводства на канвакацыйным сойме ў 1632 г.[83]. Аднак у перыяд панавання Уладыслава IV Сапегі знікаюць з кіеўскай палітычнай сцэны.

Адзінай сям’ёй, якая свядома захоўвала актыўнасць і на Літве, і на Кіеўшчыне, былі Тышкевічы па лініі Юрыя, берасцейскага ваяводы (†1576). Ян Яўстафій, у крыніцах часцей узгадваны як Астап, быў актыўным удзельнікам кіеўскіх соймікаў. У 1605 г. яго абралі ў Жытоміры паслом на сойм[84]. Урадавую кар’еру яму ўдалося зрабіць у ВКЛ — быў адпаведна надворным падскарбіем літоўскім (1607), ваяводам мсціслаўскім (1611) і пасля берасцейскім (1615–†1631)[85]. Пры гэтым ён не адступіўся ад Кіеўшчыны і Кароны, імкнуўся падтрымліваць добрыя адносіны з Томашам Замойскім i ў 1629 г. быў прэтэндэнтам на пасаду кіеўскага ваяводы — пасля таго, як памёр Аляксандр Заслаўскі[86]. Іншымі словамі, ён актыўна ўдзельнічаў у папярэдніх мясцовых раскладах на шляху да канкрэтнай пасады, дбаў пра добрыя зносіны з мясцовымі лідарамі[87]. Ягоныя сыны — Крыштаф і Феліцыян — зрасліся з Кіеўшчынай мацней за бацьку, а вось Антон Ян выступаў падобным чынам адразу на дзвюх арэнах — літоўскай і кіеўскай. Ён быў паслом віленскага сойміка (хутчэй за ўсё ў 1641), а таксама жытомірскага (1632, 1633, 1640, 1643), але дзяржаўныя пасады займаў — у адрозненне ад братоў — выключна ў ВКЛ (чашнік літоўскі 1640, надворны падскарбі літоўскі 1640, надворны маршалак літоўскі 1645)[88].

Варта таксама ўзгадаць пра ўплывовасць Крыштафа і Януша Радзівілаў на кіеўскай палітычнай сцэне. Кіраваная імі дысідэнцкая партыя мела сваіх прадстаўнікоў і на жытомірскім сойміку. Да супольнікаў князёў на Біржах і Дубінках у апошняй фазе панавання Жыгімонта Ш адносіліся Гаўрыла і Раман Гойскія[89]. Добрыя кантакты былі ў іх тады і з Нямірычамі[90]. Пры Уладыславе IV сувязі паміж Радзівіламі і лідарам кіеўскіх дысідэнтаў Юрыем Нямірычам яшчэ больш узмацніліся[91]. Гетман ВКЛ „аддэлегаваў” нават на Кіеўшчыну ў падтрымку Нямірычу свайго вернага супольніка Самуэля Пшыпкоўскага, які вызначыўся там вялікай актыўнасцю, быў абраны паслом і маршалкам сойміка[92]. Прыхільнікамі Радзівілаў былі не толькі дысідэнты. Існуюць прыклады цеснага супрацоўніцтва з гетманам ВКЛ каталіка Антонія Тышкевіча[93]. Да радзівілаўскіх кліентаў адносіўся яшчэ адзін каталік, кіеўскі падваявода і жытомірскі пасол 1646 г. Аляксандр Лянкевіч-Іпагорскі[94]. Таксама вядома, што Крыштаф Радзівіл наладжваў добрыя сувязі з кіеўскімі лідарамі праваслаўя, напрыклад з Фёдарам Праскурам-Сушчанскім[95].

Кантакты эліты ВКЛ з Кіеўшчынай пасля 1569 г. былі рэдкімі, прычым выяўлялася выразная тэндэнцыя іх знікнення. Устойлівыя сувязі прадстаўнікоў роду Тышкевічаў і Сапегаў з Прыдняпроўскім ваяводствам трэба разглядаць хутчэй як выключэнне, а не як правіла. Абмежаваная актыўнасць прадстаўнікоў некалькіх важных родаў ВКЛ датычыла паўночнай часткі Оўруцкага павета, што была спрэчнай тэрыторыяй паміж Каронай і Княствам. Падобным чынам уплывы біржанскіх Радзівілаў на Кіеўшчыне не трэба разглядаць як праяву моцных сувязяў паміж Літвой і Кіевам, а як імкненне апошніх арганізаваць там агульнадзяржаўны рух, перадусім веравызнаўчага, хоць і не толькі, характару. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай былі на момант падпісання уніі рэдкія і не надта трывалыя, тым лягчэй яны паддаліся эрозіі пасля уніі. Пастулаты аб вяртанні земляў, што ставіліся лідарамі ВКЛ у 70-я і 80-я г. XVI ст., мелі, відаць, чыста палітычныя падставы.

Пераклад Інэсы Курян

[1] У прыведзеных ніжэй разважаннях бярэцца пад увагу распаўсюджанае азначэнне, дзе пад элітай разумеюцца прадстаўнікі тых літоўскіх родаў, што займалі канкрэтную пасаду ў вышэйшай палаце сойма ці мелі высокі чын у цэнтральнай адміністрацыйнай іерархіі. 
[2] Клепатский П. Н. Очерки по истории киевской земли. Т. 1. Литовский период. Одесса, 1912. С. 215, 226, 227, 256, 301, 310. 
[3] Litwin H. Napływ szlachty polskiej na Ukrainę 1569–1648. Warszawa, 2000. S. 26. 
[4] Eberle J. Kmita Czarnobylski Filon // PSB. T. 13. S. 88–89. 
[5] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569–1588. Warszawa, 2002. S. 107–108. 
[6] BC, Zbiór Muzeum Narodowego, 863, cz. 5, k. 57; Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I–III, wyd. A. Jabłonowski. [у:] Polska XVI wieku po względem geograficzno-statystycznym. T. 9, wyd.: Źrodła Dziejowe. T. 20–22. Warszawa, 1894. Dz. II. S. 13. 
[7] Пятае месца сярод землеўладальнікаў у 1581 г. Гл.: Litwin H. Napływ… Op. cit. Гл. таксама: Litwin H. Rody pańskie Kijowszczyzny. Status majątkowy // Przegląd Wschodni. T. VIII, z. 2 (30). 2002. S. 249–250. 
[8] Markiewicz A. Hornostaj Gabriel (Hawryła) // PSB. T. 9. S. 626–627. 
[9] Lulewicz H. Gniewów o unię… Op. cit. S. 201, 217, 237, 247, 276, 295, 315, 357, 363, 391. 
[10] Boniecki A. Herbarz Polski. T. 7. S. 340. 
[11] Rulikowski E. Opis powiatu kijowskiego. Kijów — Warszawa, 1913. S. 128–129. 
[12] Lulewicz H. Miszkowicze, Kalenikowicze, Tyszkowicze (Tyszkiewicze) — cztery pokolenia w dziejach rodu (XV wiek — pierwsza połowa XVI wieku). [у:] Władza i prestiż: magnateria Rzeczypospolitej w XVI–XVIII wieku, red. J. Urwanowicz. Białystok, 2003. S. 306. 
[13] Op. cit. S. 324–328. 
[14] Litwin H. Rody… Op. cit. S. 242–243. 
[15] Lulewicz H. Gniewów o unię… Op. cit. S. 86, 111, 134, 151, 182. 
[16] Litwin H. Rody… Op. cit. S. 243–244. 
[17] Op. cit. S. 242–245. 
[18] Op. cit., гл. таксама: Litwin H. Napływ… Op. cit. S. 26, 30. 
[19] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 36. Dz. II. S. 112. У 1581 г. гэта быў дзясяты з самых вялікіх зямельных уладанняў на Кіеўшчыне, гл.: Ltwin H. Napływ… Op. cit. S. 26. 
[20] Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 402–403. 
[21] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 67. 
[22] Rulikowski E. Obuchow… [у:] Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich (далей SGKP). T. 7. S. 356–358. 
[23] Op. cit. На жаль, Рулікоўскі пераблытаў тут дзве постаці. На самай справе, Паўлам апекаваўся ягоны дзядзька Пятро, што быў сынам вялікалітоўскага мечніка Мікалая, які ў хуткім часе пасля 1588 г. памёр (A. Boniecki. Herbarz… Op. cit. T. 13. S. 86). Рулікоўскі жа пераблытаў яго з Пятром, сынам полацкага ваяводы Мікалая. Названы Рулікоўскім Пятро, менскі кашталян з 1597 г., а пасля ваявода мсціслаўскі з 1600 і смаленскі з 1605 (†1611), быў па ўзросце амаль равеснікам Паўла і не мог быць ягоным апекуном. 
[24] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 42, 76, 149, 191, 250, 331, 475. 
[25] Rulikowski E. Rżyszczow… [у:] SGKP. T. 10. S. 171–174. 
[26] Halecki O. Chalecki Andrzej // PSB. T. 3. S. 247. 
[27] Halecki O. Chaleccy na Ukrainie // Miesięcznik Heraldyczny. T. 3. 1910. Гл. таксама: Rulikowski E. Opis powiatu kijowskiego… Op. cit. S. 132–137. 
[28] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 41, 75. Boniecki A. Herbarz… Op. cit. T. 2. S. 335. 
[29] Op. cit. Dz. III. S. 396. Rulikowski E. Rżyszczow… [у:] SGKP. T. 10. S. 172. 
[30] Halecki O. Chaleccy na Ukrainie… Op. cit. S. 198. 
[31] Lulewicz H. Sapieha Paweł // PSB. T. 35. S. 131–133. 
[32] Rachuba A. Sapieha Jan Piotr // PSB. T. 34. S. 621–624. 
[33] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 43. 
[34] Lulewicz H. Sapieha Bohdan // PSB. T. 34. S. 594–596. 
[35] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 88. 
[36] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. III. S. 622. 
[37] Metryka Ruska (Wołyńska). Regesty dokumentów kancelarii koronnej dla ziem ukraińskich (województw wołyńskiego, bracławskiego, kijowskiego i czernihowskiego) 1569–1673, ed. P. Kennedy Grimsted. Kijow, 2002. S. 451. 
[38] Першыя згадкі пра прававыя спрэчкі за Гулянікі з удзелам Радзімінскіх датаваныя 1606 г., гл.: Опись актовой книги Киевского Центрального Архива. T. 1, 8–14, 16–18. Kиев, 1869–1882. T. 10. С. 21. Дэкрэт ад 1629 г., гл.: Metryka Ruska… Op. cit. S. 662. 
[39] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 39. 
[40] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 34. 
[41] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 439. 
[42] Па гэтым пытанні ў нас ёсць супярэчлівыя дадзеныя. Так, Эдвард Рулікоўскі сцвярджаў, што ад Міхала мясцовасць Карашын перайшла ў спадчыну ягонаму сыну Яну, які памёр у 1631 г., а пасля сыны апошняга перадалі свае правы на маёнтак дзядзьку Мікалаю, гл.: Rulikowski E. Karaszyn. [у:] SGKP. T. 3. S. 832. Пры гэтым ёсць звесткі, што два браты — Мікалай і Ян — разам гаспадаравалі ў Карашыне, гл.: Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 190, 227, 249, 254, 362. Відаць, усё ж Мікалай памёр раней за Яна. Як пісаў Рулікоўскі, Мікалай пасля 1631 г. прадаў Карашын Юрыю Нямірычу, а той перапрадаў маёнтак Вацлаву Жміёўскаму, гл.: Rulikowski E. Karaszyn. Op. cit. На самай справе Жміёўскі меў права ўласнасці ўжо ў 1624 г., а ў рэестры пабораў ад 1628 г. ён узгадваецца як адзіны ўласнік маёнтка, гл.: Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 326. Dz. I. S. 71. 
[43] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. III. S. 667. 
[44] Гл. падаткoвы рэестр ад 1581 г.: Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 42. 
[45] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 92, 248, 267. 
[46] У 1628 г. рэестр пабораў мае запіс адносна ўласніка Масонава, якім з’яўляецца Мікалай Францкевіч-Радзімінскі, гл.: Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 85. У наступным рэестры ад 1634 г. фігуруе ўжо Радкевіч, гл.: Центральний державний історичний архів України у Києві (далей ЦДІАУК), ф. 11, спр. 9, арк. 1808. 
[47] Urzędnicy województw kijowskiego i czernihowskiego XV–XVIII wieku. Spisy, opr. E. Janas, W. Kłaczewski. Kórnik, 2002. S. 45. 
[48] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 41. Dz. II. S. 213, 278, 528. 
[49] Lulewicz H., Gniewów o unię… Op. cit. S. 254, 255, 294, 354, 357, 380, 395, 400, 401, 404. 
[50] Biblioteka im. Łopacińskich w Lublinie, nr 465, bp. 
[51] BC, Zbiór Muzeum Narodowego, 863, cz. 19, k. 2. Ukraina (Kijów — Bracław)… Op. cit. Dz. III. S. 667. Гл. таксама: Nagielski M. Słuszka Krzysztof // PSB. T. 39. S. 151. Niesiecki. T. 8. S. 413. 
[52] Ukraina (Kijów — Bracław)… Op. cit. Dz. I. S. 41, 42. 
[53] Ukraina (Kijów — Bracław)… Op. cit. Dz. II. S. 20. 
[54] Nagielski M. Słuszka Aleksander // PSB. T. 39. S. 136. 
[55] Ukraina (Kijów — Bracław)… Op. cit. Dz. I. S. 84. Dz. II. S. 66, 208. Опись актовой книги… T. 13. C. 86. 
[56] Nagielski M. Słuszka Krzysztof… Op. cit. S. 152. 
[57] Описание документов Архива Западнорусских Униатский митрополитов. Изд. С. Г. Рункевич. С.-Петербург, 1895. С. 228. 
[58] BC, Zbiór Muzeum Narodowego, 863, cz. 19, k. 72. 
[59] Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596–1599; Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej. Opole, 1990. S. 13–14. Niesiecki. T. 8. S. 414. 
[60] Wisner H. Rzeczpospolita Wazów II. Wojsko Wielkiego Księstwa Litewskiego — dyplomacja — varia. Warszawa, 2004. S. 250. 
[61] Nagielski M. Słuszka Krzysztof… Op. cit. S. 152. 
[62] Nagielski M. Słuszka Aleksander… Op. cit. S. 135–136. 
[63] Metryka Ruska… Op. cit. S. 690, 707, 712, 727, 728. 
[64] BC, Zbiór Muzeum Narodowego w Krakówie, 863/5, k. 57; Архив Юго-Западной Росии, издаваемый Временною Комиссиею для разбора древних актов. Ч. 1–8. В 34 т. Киев, 1859–1914. Ч. 6. T. 1. Отд. 1. С. 244–253; Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 13, 205. 
[65] AP Kraków, Archiwum Młynowskie Chodkiewiczow, N. 972; Опись актовой книги… T. 13. C. 87; Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 205. 
[66] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 629. 
[67] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 628. 
[68] AP Kraków, Archiwum Młynowskie Chodkiewiczow, N. 972. 
[69] Опись актовой книги… T. 9. C. 33. 
[70] Sapiehowie. Materiały historyczno-genealogiczne i majątkowe. T. 1–2. S.-Petersburg, 1891. S. 69. 
[71] Крикун М. Адміністративно-територіальний устрій Право-бережної України в 15–18 ст.: Кордони воєводств у світлі джерел. Київ, 1993. С. 140–145. 
[72] ЦДІАУК, ф. 11, спр. 9, арк. 1803. 
[73] BJ 4503, k. 50, 85, Archiv Jugozapadnoj… Op. cit. Cz. 7. T. 1. S. 411; Опись актовой книги… T. 14. C. 22. 
[74] Кароткі час суўладальнікам быў ягоны старэйшы брат Ян Станіслаў, які памёр у 1635 г., гл.: BC, Zbiór Muzeum Narodowego w Krakówie, 863/5, k. 66. 
[75] Rachubа А. Sapieha Kazimierz Leon // PSB. T. 35. S. 33. 
[76] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 83. Dz. II. S. 359; ЦДІАУК, ф. 11, спр. 9, арк. 1703, 1802. 
[77] Гл.: Wolff J., Kniaziowie… Op. cit. S. 199. A. Boniecki. Herbarz… Op. cit. T. 2. S. 345. Біяграма Мікалая Абрамовіча ў Польскім Біяграфічным Слоўніку (PSB) чамусьці не ўзгадвае яго першую жонку Эву, якая паходзіла з роду Курцэвічаў, гл.: W. Lipiński. Abramowicz vel Abrahamowicz Mikołaj // PSB. T. 1. S. 14–15. 
[78] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 72. 
[79] Jw. S. 88. 
[80] Lasocki Z. Sienkiewiczowskie „lwie pacholę” i rod jego // Miesięcznik Heraldyczny. 1936. T.15. S. 5. 
[81] CDIAK, Fond 11, nr 9, k. 1799. 
[82] Гл. перапіску паміж Лукашом і Львом Сапегамі [у]: Archiwum domu Sapiehow. T. 1. 1575–1606, wyd. A. Prochaska. Lwow,1892, passim. 
[83] AR V, 8031, k.157. 
[84] BC 320, k. 244. 
[85] Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV–XVIII wieku. Spisy, opr. H. Lulewicz, A. Rachuba. Kórnik, 1994. S. 161. 
[86] Астап Тышкевіч да Тамаша Замойскага, 9 VI 1621, 22 VI 1628, 27 IX 1629, AGAD, AZ 747, k. 111, AZ 390, nr 1, 2. 
[87] [Януш Тышкевіч] да Тамаша Замойскага, [1630. M. 27 VIII a 17 IX], AGAD, AZ 930, k. 233. 
[88] Urzędnicy centralni Wielkiego Księstwa Litewskiego… Op. cit. S. 77. 
[89] Гаўрыла Гойскі да Крыштафа Радзівіла, 16 V 1628, 24 VI 1628, AGAD, AR V, 5434, k. 4, 7. 
[90] S. Kryczyński. Lubienieccy na służbie u Radziwiłłów // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 28. 1983. S. 235. 
[91] J. Dzięgielewski. O tolerancję… Op. cit. S. 105. D. Kupisz. Zbigniew Gorajski (1596–1655). Studium z dziejów szlachty protestanckiej w Małopolsce w pierwszej połowie XVII wielu. Warszawa, 2000. S. 73. 
[92] Самуэль Пшыпкоўскі да Крыштафа Радзівіла, 8 III 1630, 21 I 1640, 30 I 1640, AGAD, AR V, 12600; BPAU 2252, k. 277; АЮЗР. Ч. 1. T. 6. С. 774–775; Chmaj L. Samuel Przypkowski… Op. cit. S. 37. 
[93] Augustyniak U. Dwor i klientela Krzysztofa Radziwiłła (1585–1640). Mechanizmy patronatu. Warszawa, 2001. S. 361. 
[94] Аляксандр Лянкевіч да Крыштафа Радзівіла, 18 VIII 1632, AGAD, ARV, Nr 8318. 
[95] Фёдар Праскура Сушчанскі да Крыштафа Радзівіла, 5 V 1632, AGAD, AR V 12401. 


Наверх

Генадзь Сагановіч. Вайна на полацка-віцебскім рубяжы ў 1632–1633 г. і „паўстанне” ў Полацку

1 студзеня, 2011 |


Гістарыяграфія т. зв. Смаленскай вайны 1632–34 г. налічвае дзясяткі спецыяльных прац[1], аднак падзеі, якія адбываліся ў тыя гады ў Беларускім Падзвінні, усё яшчэ застаюцца маладаследаванымі. Невыпадкова ў айчыннай літаратуры яны асвят ляюцца павярхоўна і з перавагай састарэлых трактовак асноўных здарэнняў. Артыкул з’яўляецца спробай аўтара запоўніць гэты прагал і прасачыць ход вайны на полацка-віцеб скім памежжы ад яе пачатку да спалення Полацка ў чэрвені 1633 г.

Падрыхтоўка ўрада Міхаіла Фёдаравіча да нападу на Рэч Паспалітую пачалася задоўга да заканчэння Дэвулінскага перамір’я, тэрмін якога завяршаўся 3 ліпеня 1633 г. Яшчэ ў сакавіку 1629 г. паслам шведскага караля ў Крамлі была дэкларавана дапамога ў антыгабсбургскай кааліцыі і — з умовай трымаць у сакрэце — сказана пра намер парушыць мір з Рэччу Паспалітай[2]. Густаў Адольф, падпісаўшы 26 кастрычніка 1629 г. у Альтмарку шасцігадовае перамір’е з Рэччу Паспалітай, хоць сам асцерагаўся правакаваць Варшаву на абвастрэнне, ужо ў 1630 г. праз свайго пасла прапанаваў Маскве навербаваць жаўнераў у падкантрольных яму нямецкіх землях для супольнай атакі на ўладанні Жыгімонта ІІІ з абодвух бакоў[3]. Пасля Сталбоўскага міру „Леў Поўначы” ўбачыў у Расіі саюзніка, якога не хапала для барацьбы супраць польскай дынастыі Вазаў. І ўжо ў пачатку 1631 г. Ёган Мёлер прывёз Густаву Адольфу пазітыўны адказ цара на яго план ды паведаміў пра ваенную падрыхтоўку Масквы і цвёрды намер атакаваць Рэч Паспалітую яшчэ да заканчэння перамір’я[4].

План Густава Адольфа быў яму вельмі выгадны з розных бакоў: усе кошты на войска, якое заставалася ў распараджэнні шведскага караля, абавязваўся пакрываць царскі ўрад, што прыносіла б вялізныя прыбыткі, а ўцягваннем Масквы ў вайну з Рэччу Паспалітай ён не толькі зводзіў бы рахункі з польскімі Вазамі, але і змог бы адвабіць Расію ад пытання спрэчнай прыналежнасці Нарвы[5]. Аргументы шведскага канцлера Аксэля Оксэншэрны, што вярбоўка жаўнераў для Масквы можа папсаваць адносіны Швецыі з Рэччу Паспалітай, з якой варта захоўваць перамір’е[6], ніколькі не засмучалі караля.

Царскі ўрад ухапіўся за план супольнай экспансіі, на якую не шкадаваў ніякіх сродкаў, і са свайго боку таксама ў пэўнай ступені інспіраваў Швецыю заманлівай перспектывай хуткага ўступлення ў вайну Масквы. У канцы студзеня 1631 г. маскоўскае пасольства накіравалася на Захад з граматай Густаву Адольфу, у якой гаварылася, што Дэвулінскае пагадненне ўжо фактычна разарвана і на вясну цар хоча пачаць вайну. Акрамя таго яно везла і дыпламатычныя пасланні ў двары Англіі, Даніі, Галандыі і Нідэрландаў, у якіх цар Міхаіл Фёдаравіч таксама абвяшчаў, што не намераны чакаць канца перамір’я, і прасіў дапамогі ў вярбоўцы жаўнераў ды закупе зброі[7]. Праз год, калі шведскі пасол Ёган Мёлер 16 студзеня 1632 г. чарговы раз з’явіўся ў Маскве, Міхаіл Фёдаравіч пацвердзіў прынцыповае прыняцце плана Густава Адольфа, удакладніўшы толькі дэталі: навербаваная ў Нямеччыне армія мусіла складаць 10 000 пешых і 2000 конных наймітаў, на плату якім прызначалася па 80 000 руб. штомесяц з маскоўскага скарбу[8]. У самой Маскоўскай дзяржаве ў рамках падрыхтоўкі да вайны з 1630 г. складваліся каштарысы войска, і па спісах на 1632 г. у царскую армію магло быць адначасова мабілізавана больш за 98 тыс. чалавек[9].

Пачатак вялікай вайны цар спачатку паабяцаў шведам на вясну 1631 г., калі яго ўдар па Рэчы Паспалі тай з поўдня мелася падтрымаць Турцыя, потым — на лета таго ж года, урэшце перанёс пачатак дзеянняў на вясну 1632 г.[10]. Але і трэці тэрмін не быў вытрыманы, бо ў рэальнасці царскія палкі вырушылі з Масквы толькі 3 жніўня. Такая затрымка была звязана галоўным чынам з недастатковай падрыхтаванасцю маскоўскай арміі да маштабных наступальных дзеянняў, а потым і з чэрвеньскім татарскім нападам. З-за негатоўнасці для пачатку наступу не была выкарыстана нават смерць Жы гі монта ІІІ (30.IV.1632). Хоць 20 чэрвеня вайну ўхваліў Земскі сабор, скліканы патрыярхам Філарэтам, прайшло яшчэ шмат часу на прызначэнне галоўнакамандуючага, і г. д.

З мэтай падпісання вялікага дагавору са Швецыяй 31 кастрычніка, ужо пасля першых ваенных поспехаў, з Масквы выехала адмысловае пасольства, што везла і праект падзелу Рэчы Паспалітай — „праведный и добрый раздел и рубежи с поляками”. Расія збіралася анексаваць землі Беларусі з Севершчынай і Чарнігаўшчынай, а Вільню саступіць Швецыі, якая разлічвала найперш на польскае Памор’е[11]. У праекце побач са Смаленскам і Кіевам фігураваў і Полацк — горад, якім царскія войскі пры дапамозе шведаў павінны былі авалодаць.

Цар пачынаў вайну з энтузіязмам, спадзеючыся на раскол Рэчы Паспалітай на два фронты. Усё было прадумана, падрыхтавана, і сапраўды, адначасовы ўдар з двух бакоў па не гатовай да такой вайны шляхецкай рэспубліцы мог прывесці да катастрафічных для яе наступстваў. Аднак праект маскоўска-шведскага ваеннага саюзу так і не ажыццявіўся — яго сарвала раптоўная смерць Густава Адольфа ў бітве пры Лютцэне (16. ХІ.1632), пра што царскае пасольства даведалася ўжо ў дарозе[12]. Без Швецыі ж вайна пайшла зусім не так паспяхова для Масквы, як чакалася[13]. Гэты фактар, а таксама хуткае з’яўленне новага манарха, абранне якога адбылося за 3 дні да гібелі шведскага караля, і ўратавалі шляхецкую рэспубліку ад горшага сцэнара.

Распачатую вайну нельга назваць нечаканай для Рэчы Паспалітай. У сенаце даўно мелі ўяўленне пра намеры Маскоўскай дзяржавы. І ў Варшаве, і ў Вільні летам 1632 г. ведалі, што рашэнне аб развязванні агрэсіі супраць Рэчы Паспалітай было ўжо прынятае царом і баярамі[14]. Недарэмна з восені 1631 г. за вайсковай падрыхтоўкай суседзяў сачыў смаленскі ваявода Аляксандр Корвін Гасеўскі. Вялікі гетман Леў Сапега ўжо ў са ка віку 1632 г. у сваіх прамовах на вальным сойме, і ў сенаце, і ў пасольскай ізбе двойчы казаў пра тое, што Масква ўзгадніла са Швецыяй далучэнне да Расіі чатырох усходніх ваяводстваў ВКЛ, і што Густаў Адольф ударыць з 5 тысячамі з захаду на польскае Памор’е[15]. Акцэнтуючы непазбежнасць хуткай вайны, вялікі гетман пастуляваў неабходнасць выстаўлення 40 000 войска, або як мінімум — 20 000, аднак сойм ухваліў збор толькі 10-тысячнай арміі[16].

Нягледзячы на тое, што ўрад Рэчы Паспалітай быў загадзя інфармаваны пра ваенныя планы Масквы, фактычна да лета 1632 г. ніякай мабілізацыі не праводзілася[17]. На пачатку вясны 1632 г. Леў Сапега выкарыстаў згоду пасла імператара Фердынанда, каб перадаць цару пасланне, у якім пераконваў у неабходнасці трымацца перамір’я і ў магчымасцях яго пратэрміноўкі, а ў канцы траўня напісаў прыватны ліст да патрыярха Філарэта са зваротам да цара і выслаў ганца, аднак той быў затрыманы на мяжы[18]. Спробы дыпламатычнага ўрэгулявання канфлікту даўно нічога не давалі. Узгадніўшы план вайны з Густавам Адольфам, Крэмль ужо з сярэдзіны красавіка — траўня 1631 г. адхіляў усялякія ініцыятывы па перагаворах.

Канкрэтныя захады па ўмацаванні межаў ВКЛ пачалі рабіцца толькі пасля смерці Жыгімонта ІІІ. Ра да сената 7 траўня даручыла вялікаму гетману ўма цаваць замкі ў Смаленску, Полацку, Віцебску, Дына бургу ды іншых памежных цвердзях і забяспечыць іх гарнізонамі[19]. А Віленская канвакацыя 15 траўня вырашыла накіра ваць пасла ў Маскву з завярэннямі ў імкненні трымацца міру і набраць 6000 жаўнераў для абароны межаў, аднак яе рашэнняў вялікі гетман не прызнаў, як і шэраг іншых высокіх ураднікаў. У канцы траўня 1632 г. з Берасця Леў Сапега выдаў прыпаведныя лісты ротмістрам на збор жаўнераў, адзначаючы, што тыя мусяць пе рашкаджаць „пастаронняму непрыяцелю як ад Масквы, так і ад Густава…”[20]. З яго паслання да віленскага біскупа вынікала, што ўсяго на замках мелася быць 1350 нанятых жаўнераў, з якіх 550 прызначалася на Смаленск, па 200 на Полацк, Віцебск і Дарагабуж і па 100 на Дынабург і Белую[21]. Аднак, як пазней высветлілася, прынамсі частка тых жаўнераў і ў кастрычніку ўсё яшчэ не дайшла да сваіх замкаў, прычынай чаго, як тлумачылі гетманы, стаў недахоп грошай[22].

Хоць, як не без падстаў сцвярджаў Крыштаф Радзівіл, маскоўскі ўрад на сярэдзіну траўня 1632 г. ужо меў пад зброяй больш за 60 тыс.[23], шляхта ВКЛ, на плячах якой мусіла трымацца абарона ўсёй усходняй мяжы, дэманстравала неапраўданую бяспечнасць. Напрыклад, ашмянскае рыцарства, як і большасць шляхты Рэчы Паспалітай, у пастулатах на канвакацыйны сойм за явіла, што на магчымую вайну павінна хапіць сродкаў, ух валеных на папярэднім сойме[24], а многія соймікі ўсё яшчэ хацелі накіраваць у Маскву пасольства. На самім жа сойме, недаацаніўшы маскоўскай небяспекі не без уплыву Льва Сапегі, які да апошняга верыў, што непрыяцель не пачне вайны да заканчэння перамір’я, пастанавілі ў выпадку нападу непрыяцеля сабраць для ВКЛ 4500 жаўнераў з падаткаў, ухваленых папярэдне[25].

Абодва гетманы, занятыя на канвакацыйным і элекцыйным соймах, не шмат маглі зрабіць для арганізацыі абароны. Да сярэдзіны восені 1632 г. Леў Сапега на няў ад 2500 да 3000, а Крыштаф Радзівіл — каля 2000 жаўнераў[26]. Парадаксальным чынам сам вялікі гетман адмоўна паўплываў на абароназдольнасць ВКЛ, бо тарпедаваў захады Крыштафа Радзівіла дадаткова павялічыць свае сілы[27]. Маючы зусім іншую канцэпцыю абароны, вялікі гетман рупіўся толькі пра забеспячэнне памежных замкаў гарнізонамі, а вербаванне палявога войска лічыў адно дачасным абцяжарваннем скарбу[28].

Пачаткам ваенных дзеянняў прынята лічыць 3 жніўня 1632 г., калі галоўныя сілы на чале з ваяводам Міхаілам Шэіным вырушылі з Масквы на Смаленск, хоць да аблогі дняпроўскай фартэцыі яны прыступілі толь кі ў снежні. Непрыяцель атакаваў межы ВКЛ на максімальна шырокім фронце — „ад Чарнігава аж да самых Інфлянтаў” вялізнымі сіламі (каля 60 тыс., з якіх траціна — „чужаземцаў і трыбам чужаземным вывучаных”) і, як пісаў Крыштаф Радзівіл, быў блізкі да перамогі, бо „межы нашыя без абароны, а замкі ў абы-якім забеспячэнню застаў”[29], але цар спакусіўся на Смаленск. І сапраўды, з кастрычніка 1632 і да вясны 1633 г. царскімі ваяводамі былі захоплены Белая, Дарагабуж, Рослаў, Сярпейск, Почап, Старадуб, Сураж, Трубчэўск і Ноўгарад-Северскі, а некаторыя аддзелы дасягалі Гомеля[30]. Устрывожаны поспехамі непрыяцеля, новаабраны манарх Уладыслаў IV у пасланні за 22 лістапада загадваў Льву Сапегу, каб той хутчэй пасылаў ротмістраў на замкі.

Трывогі не былі беспадстаўныя, непрыяцель усё бліжэй падступаў да галоўных цвердзяў на Дзвіне. Ужо 25 лістапада 1632 г., пасля нядоўгай аблогі, быў узяты Невель. Яго абаронцаў (а замак меў толькі 60 чал. пяхоты) угаворваў здацца царскім ратнікам невельскі „бурмістр” Грыгорый Сямёнаў сын Радзецкі з рускім прозвішчам Каваль, які перайшоў на расійскі бок[31]. Аднак камендант Пётр Мравінскі не прыняў капітуляцыі і сышоў у ВКЛ. Неўзабаве ён з’явіўся ў Полацку, жыхароў якога моцна ўстрывожыла страта Невеля. Полацкія мяшчане рашуча пратэставалі супраць просьбы Пятра Мравінскага пацвердзіць, што непрыяцель здабыў замак з яго рук вялікай сілай, і ўскладвалі на яго віну за капітуляцыю[32].

Полацк і Віцебск са зразумелых прычын знаходзіліся пад асаблівай увагай царскіх ваяводаў, і іх выведная служба збірала звесткі пра вайсковую сітуацыю на паўночна-ўсходніх рубяжах Вялікага Княства задоўга да развязання вайны. Перад летам 1632 г., на якое папярэдне прызначаўся пачатак дзеянняў, выведка была актывізаваная. Напрыклад, нейкі селянін Пярвушка Арыстаў, якога пскоўскі ваявода пасылаў у выведку пад Полацк, паведаміў ім 15 траўня 1632 г., што там толькі Ян Лісоўскі, які збірае ратных людзей, але, маўляў, пойдзе з імі пад Смаленск[33]. У лістападзе з допытаў Мікалая Іваноўскага непрыяцелю стала вядома, што ў Полацку з Лісоўскім усяго 80 гайдукоў, аднак там чакалі прыходу ротмістра Тарусы з 200 гайдукамі, і столькі ж гайдукоў знаходзілася ў Віцебску[34]. Па афіцыйных звестках, у Полацку і Віцебску на пачатак ваенных дзеянняў мелася сядзець па 200 пяхотнікаў[35], але ў рэальнасці іх найверагодней было менш. Малалікасць полацкага гарнізона пацвярджалася і звесткамі, атрыманымі ад палонных, захопленых 15 снежня 1632 г. у бітве з харугвай ротмістра Яна Уронскага каля Колпінскага возера (цяпер паўднёвы захад Пскоўскай вобласці) — самога ротмістра, пісара полацкага ваяводы Крыштафа Курчы і шляхціча Самуіла Спісальскага. Хоць іх паказанні істотна адрозніваліся, з усяго сказанага вынікала, што на той час у Полацку былі толькі гайдукі і сотня вершнікаў ротмістра Тарусы, а ваявода Януш Кішка па распараджэнні караля наймае па 2 харугвы гусараў і казакоў, якія, маўляў, збіраюцца сысці, і ў горадзе застануцца гайдукі ды мясцовая шляхта[36].

Нягледзячы на сваё стратэгічнае значэнне, паўночныя фартэцыі Беларусі заставаліся без належнай абароны. Яшчэ ў 1626 г. на Варшаўскім сойме паслы Полацкага ваяводства скардзіліся, што на замку да таго часу не было сталага гарнізона, але да вайны сітуацыя так і не змянілася да лепшага[37]. Як вынікае з ліста полацкай і віцебскай шляхты да гетмана, як толькі яны даведаліся пра разрыў Масквой дагавора, то адразу папрасілі „як найхутчэйшага ратунку”, і былі спакойныя, атрымаўшы гетманскае абяцанне, аднак і на пачатак снежня 1632 г. не мелі патрэбных жаўнераў для сваіх гарнізонаў; непрыяцель, папярэджвалі яны, пабраўшы многа замкаў, ужо на іх намагаецца кінуць сілы, а яны ж, не маючы ніадкуль дапамогі, не змогуць супрацьстаяць яму сваімі слабымі сіламі[38].

На зіму, калі балоты і шматлікія рачулкі замерзлі, маскоўскія ваяводы сапраўды актывізаваліся. Пад канец года Леў Сапега паведамляў каралю, што непрыяцель адно сваё войска трымае пад Смаленскам, „другое накіраваў да Полацка і Віцебска, а трэцяе павярнуў да Мсціслава і Крычава”, і папярэджваў, што яго „цяперашні спосаб ваявання моцна адрозніваецца ад першых часоў”[39]. Гетманы ж ВКЛ не мелі сілаў для дзеянняў супраць трох груповак. Жаўнеры, нанятыя Сапегам, былі разасланыя пераважна па замках, а харугвы, што збіраліся па прыпаведных лістах Крыштафа Радзівіла, канцэнтраваліся пад Оршай для паходу пад Смаленск. Войска сцягвалася марудна і на сярэдзіну снежня ў абозе было толькі дзве харугвы — гусарская Грыгорыя Мірскага і казацкая чКрыштафа Клячкоўскага. Сам палявы гетман, якому па волі манарха састарэлы Леў Сапега ўрэшце перадаў галоўнае камандаванне і над палявым войскам, і над гарнізонамі, 18 снежня прыбыў пад Оршу, куды працягвала збірацца армія ВКЛ. Пакуль канцэнтраваліся аддзелы, гетман высылаў асобныя харугвы на прыкрыццё замкаў. Аднак, як прызнаваў сам Сапега, маючы такія абмежаваныя сілы, дапамагаць Смаленску і высылаць падтрымку Полацку, Віцебску ды іншым замкам — „справа вельмі цяжкая і немагчымая”[40]. Калі ж на 31 студзеня ў абозе сабралася каля 3000 жаўнераў, з якімі можна было распачынаць контрдзеянні супраць непрыяцеля, то з-пад Оршы Крыштаф Радзівіл перавёў свае сілы бліжэй да Смаленска, пад Баёва, дзе ўжо стаялі сілы смаленскага ваяводы Аляксандра Гасеўскага[41]. Уся палявая армія ВКЛ налічвала тут каля 4500 чалавек[42] і занялася ратаваннем Смаленска, а Полацк і Віцебск мусілі неяк абараняцца самі.

Віцябляне, калі непрыяцель ужо падыходзіў пад сцены, працуючы днём і ноччу, паспелі паправіць умацаванні сваіх замкаў[43]. Віцебскі ваявода Самуэль Сангушка, хоць да пачатку 1633 г. знаходзіўся ў Белым Ковелі, адкуль выслаў у падтрымку віцяблянам некалькі дзясяткаў конніцы з пяхотай і прасіў палявога гетмана абараняць горад, неўзабаве і сам прыехаў для арганізацыі абароны[44]. Прыбыццё людзей ваяводы было своечасовым, бо зімой 1632/33 каля Віцебска, Оршы і Мсціслава „прамышлялі” кантынгенты Сямёна Празароўскага і Багдана Нагога[45]. У другой палове студзеня пад Віцебскам адбыліся сур’ёзныя баі, дзе сіламі віцебскага ваяводы і ротмістра Клячкоўскага з дапамогай харугвы, нанятай аршанцамі, а таксама з віцебскімі мяшчанамі і дабравольцамі Яна Бірулі была разгромлена маскоўская групоўка Празароўскага, які спрабаваў заняць горад[46]. Як паведамляў сам гетман, „да ста Масквы забіта, восем харугваў і адна гармата захоплены…”[47]. Але і праз месяц віцябляне заставаліся як абложаныя. Паведамляючы князю Радзівілу, што маскоўскія ратнікі ўжо высеклі Лёзна і Вялешкавічы ды набліжаюцца да Віцебска, віцебскія ўраднікі Крыштаф Храпавіцкі і Мікалай Жаба апісвалі свой бядотны стан: „…ад частых нападаў непрыяцеля ўсе нашыя воласці ўжо спустошаныя, няма адкуль жыўнасці і сілы браць, бо ўсе сяляне нашыя пасечаныя, а іншыя ў палон пабраныя…”[48].

Полацкае рыцарства, „пазбаўленае ўсялякай падтрымкі”, з’ехалася 5 лютага на грамнічны соймік да Полацка і абавязалася з кожных чатырох службаў да 11 лютага прыслаць на замак пад харугву свайго ротмістра Аляксандра Рыпінскага „гайдука выбранца з ваеннай зброяй і жыўнасцю на чатыры тыдні”, а таксама ўхваліла чатыры паборы на конных жаўнераў для абароны свайго ваяводства[49]. Сама шляхта паабяцала ў выпадку наступу непрыяцеля са сваёй павіннасці без затрымкі ставіцца да Полацка, пад каманду свайго ваяводы Януша Кішкі[50].

Януш Кішка з’явіўся ў горадзе незадоўга да згаданага сойміка, а перад яго вяртаннем Полацкае ваяводства абрабавала харугва смаленскага ваяводзіча Мікалая Абрамовіча. Неаплачаныя жаўнеры пакінулі па сабе такую чорную памяць, што полацкая шляхта склала пратэстацыю, просячы жорсткага суду гетмана над крыўдзіцелямі і адпаведных універсалаў караля[51]. Ваявода на свае кошты наняў толькі казацкую харугву — 100 коней (не 150 гусараў[52]), якая і заставалася прыкрываць мяжу. У лісце да Крыштафа Радзівіла за 17 сту дзеня 1633 г. Януш Кішка дэтальна апісаў цяжкасць яго сітуацыі: у непрыяцеля „на Невель, на Лукі і на Себеж прыйшло некалькі тысяч свежага люду”, і ўжо за 10 міль ад Полацка парабілі астрогі. Прасіў на цяжкі час прыслаць дапамогу на замак, абяцаючы, што калі непрыя целя ўдасца „адвярнуць”, то і людзей сваіх пашле, і сам пойдзе на паслугі гетману[53]. Замест харугвы Адама Паўловіча[54], якая стаяла побач, на полацкім гасцінцы, але мусіла на распараджэнне гетмана ісці да галоўных сілаў пад Оршу, ваявода папрасіў накіраваць хоць Дзевялтоўскага з татарамі, якія служылі з павіннасці, або хоць каго — каб толькі не пакідаць горад зусім адкрытым. Аднак калі да Полацка прыйшло „трохі татараў”, гетман загадаў Дзевялтоўскаму „днём і ноччу ісці да абозу” пад Баёва, што адразу ж выклікала адмоўную рэакцыю Кішкі: „…каб мець нешта на адпужванне непрыяцеля, затрымаў пана Дзевялтоўскага пры тых жа татарах”, — напісаў ён Радзівілу, бо вораг ужо „пад самы Полацк з агнём і мячом падпадаў”, а ў горадзе — „люд дамовы”, які мала на што здатны: „са ста сямідзесяці коней, што іх тут папісалася, не знойдзецца і больш за дзесяць падобных”[55].

Зразумела, ваявода не мог блытаць планы гетмана, і неўзабаве татары ўсё ж рушылі да абозу, а Януш Кішка застаўся ў Полацку, як пісаў, „толькі з чэлядкаю маёю дворнаю ды трохі пяхоты”, так што „не будзем мець кім непрыяцелю адпор чыніць, калі даведаецца, што людзі з замка сышлі”, — зноў з жалем падкрэсліў ваявода[56]. Праз нейкі час ён паведамляў і пра непаразуменне з наймам сотні пяхотнікаў, якую меўся сабраць ротмістр Павел Таруса, і выказваў спадзеў на тое, што кароль даручыць гэты набор яму[57].

Трэба прызнаць, што слабое забеспячэнне жаўнерамі памежных замкаў абумовіла не толькі стратэгія князя Радзівіла, — усё кіраўніцтва дзяржавы тады было занята ратаваннем абложанага Смаленска. У лютым кароль Уладыслаў IV, хоць ведаў пра цяжкае становішча замкаў Падзвіння, неаднаразова патрабаваў ад Льва Сапегі не даваць жаўнераў у гарнізоны, а ўсіх хутчэй пасылаць да абозу палявога гетмана[58].

Між тым, сітуацыя Полацка пагаршалася. Цягам усёй вясны 1633 г. луцкі ваявода Пётр Рэпнін пасылаў да горада спецыяльныя кантынгенты „за языкамі”[59], чакаючы лепшага моманту. Даведаўшыся пра пагрозу непрыяцельскага нападу, ротмістр і полацкі падваявода Ян Лісоўскі 11 чэрвеня заклікаў мяшчан панесці дадатковыя павіннасці: наняць за свае грошы яшчэ на адзін тыдзень казацкую роту Аляксандра Віскоўскага, служба якой сканчалася, а таксама каб „для абароны места свайго вежу на рагу ад Палаты на замку нізшым збудава лі” або хоць дрэва на яе далі і каб дазволілі жыхарам Запалоцця перасяляцца на Верхні замак[60]. Аднак адразу пасля гэтага, як вынікае з цытаванай пратэстацыі, на ратушу прыйшлі „некаторыя асобы з мяшчан паспольства полацкага”, якія склалі пісьмовую адмову выконваць усё пералічанае, узнялі шум, абражалі падваяводу і абяцалі збіраць грошы на яго „знясенне”, а ўжо праз дзень, з 12 на 13 чэрвеня на горад напала маскоўскае войска.

Даведаўшыся пра адсутнасць значных сілаў у Полацку, ваявода Пётр Рэпнін 10 чэрвеня паведаміў у Невель, што ўжо накіраваў з Лукаў на горад сваіх ратнікаў, якія мусілі аб’яднацца з невельскімі сіламі Мікіфара Пляшчэева. Луцкая „пасылка” злучылася з ратнымі людзьмі з Невеля, Тарапца, Холма і дзвюма стралецкімі сотнямі[61], так што разам атрымаліся сур’ёзныя сілы, якія на світанку 13 чэрвеня падкраліся да Полацка. Ключавую ролю ў пранікненні непрыяцеля ў горад выканаў былы невельскі „бурмістар” Грыша Каваль (Грыгоры Радзецкі). Узяўшы 50 стральцоў, ён перабраўся цераз роў і, праламаўшы дзірку ў астрозе, дапамог пралезці ў астрог стральцам, пасля чаго падманам абясшкодзіў варту: „…литовских сторожей к себе приманил дву человек — заговорил по-литовски, и примоня их, и зарубил тех сторожей”, — выхваляўся Радзецкі сваімі заслугамі перад царом Міхаілам Фёдаравічам[62]. Пасля гэтага была адкрыта брама і ў астрог уварвалася маскоўскае войска. Са слоў падваяводы, яно „все место Полоцкое и Заполоте сплендравало и попалило, за чим як лянтвойта, так бургомистра и инших много добрых колекгов в месте позабивали, а инших в полон живых побрано…”[63]. Справаздача луцкага ваяводы Пятра Рэпніна дадае дэталі: „…многих полских и литовских людей побили и ротмистра гайдуцкого убили и острог и в остроге посады и за Полотою рекою посады ж выжгли и высекли без остатков, и многие де литовские люди во дворех заперлись и погорели и в Двине многие потонули. И наряд, и знамена и барабаны и языки литовские поимали”[64]. Сярод трафеяў, захопленых у полацкім ас трозе, было і „знамя мещанское”[65], што сведчыць пра ўдзел мяшчан у абароне.

Абаронцы „заперлися в малом городе” — у Верхнім замку, які ўзяць і пры некалькіх спробах не ўдалося. Палачане нават ажыццяўлялі вылазкі. На вестку пра набліжэнне да Полацка падмогі царскія ваяводы паспяшаліся сысці. Пакідаючы Полацк, яны „довершили разорение Полоцкого уезда”[66], вывезшы вялікую здабычу і шмат палону. Сярод прыведзеных у Вялікія Лукі палонных было нямала шляхцічаў (у тым ліку Ян і Даніла Міхайлавы Корсакавы), але найбольш мяшчан[67].

Вестка пра спусташэнне Полацка разыходзілася вельмі хутка. Кароль і вялікі князь атрымаў яе па дарозе з Варшавы на Вільню, што пацвердзіў ужо 15 чэрвеня ў пасланні з Берштаў да віцебскага рыцарства. Хвалячы віцяблянаў і дзякуючы ім за тое, што, „замкнуўшыся ў замку віцебскім з ваяводаю”, адважна пераносілі ўсе цяжкасці і непрыяцеля „такую вялікую моц шчуплаю абаронаю затрымлівалі”, назваў іх шчаслівейшымі за палачанаў, якія, маўляў, хоць адчайна абараняліся ў замку, — „горад здрадаю схізматыкаў захапіла і спа ліла Масква”[68]. Пазней падобнае паўтарыў Альбрыхт Станіслаў Радзівіл: „З-за здрады схізматыкаў Масква ўзяла горад Полацк і ператварыла яго ў пух…”[69].

Даводзіцца, аднак, прызнаць, што якая-небудзь роля праваслаўных палачан у захопе горада непрыяцелем не пацвярджаецца крыніцамі. Паводле расійскіх архіваў, як паказаў у сваім даследаванні А. Малоў, ваяводы да-сягнулі поспеху дзякуючы раптоўнасці нападу і падманным дзеянням Радзецкага. Канфесійны фактар цалкам адсутнічае і ў скарзе Лісоўскага на мяшчан, якія не паслухаліся яго распараджэння — усю адказнасць за „таковое сплендроване месту Полоцкому” падваявода, зразумела, усклаў на бунтаўнікоў супраць яго ўлады: „не през кого се стало, одно през тых особ мещан полоцких”[70]. Што істотна, сярод пералічаных 16 „бунтаўнікоў” не знайшлося нікога з тых, хто ў кастрычніку таго ж года бунтаваў паспольства супраць полацкага архіепіскапа Антонія Сялявы[71]. Праўдападобна, і манарх, і вялікі канцлер віну за спусташэнне Полацка звалілі на „схізматыкаў” апрыёрна, паколькі горад успрымаўся як цэнтр праваслаўя. Цікава, што ўжо праз месяц Уладыслаў IV зацвердзіў фундушовы запіс браслаўскага земскага суддзі Севасцяна Мірскага, які перадаваў полацкай Багаяўленскай царкве зямлю для пабудовы манастыра, храма, школы і шпіталя[72].

На прыкрыццё Полацка быў спешна накіраваны рэгімент крайчага ВКЛ Жыгімонта Караля Радзівіла, а для лепшага эфекту кароль з Вільні паслаў універсал да полацкага рыцарства, заклікаючы, каб усе збіраліся да Полацка, да свайго ваяводы і, „па прыкладу Віленскага і Мсціслаўскага ваяводстваў… па магчымасці далі адпор таму непрыяцелю…”[73]. Каб спыніць сыход жыхароў са спаленага горада, Уладыслаў IV ужо па дарозе з арміяй на Смаленск звярнуўся з універсалам да полацкіх мяшчан. Спасылаючыся на весткі, што пасля маскоўскага нападу многія палачане пераходзяць на іншыя месцы, пакідаючы горад, „на які непрыяцель пільнае вока мае”, кароль распарадзіўся, каб яны „назад у горад вярталіся, зноў у ім будаваліся і разам, не разыходзячыся, за бяспекай горада сачылі”, а калі хто не вернецца, пляцы такіх будуць перадавацца іншым[74].

Пасля чэрвеня 1633 г. горад і ўсё ваяводства за-ставаліся моцна спустошаныя. На наступнае лета Януш Кішка прасіў сястру звярнуцца да гетмана, каб той загадаў сваім харугвам сысці з Полацка, які ў выніку вайны апынуўся ў страшнай бядоце і няшчасці: „…Убогая эканомія. Мужычкі пабіты непрыяцелем, рэшта пустая, у самога збожжа няма…”[75]. Абароназдольнасць замка па-ранейшаму пакідала жадаць лепшага. Як сведчыць пазнейшая скарга таго ж Яна Лісоўскага, згаданы вышэй ротмістр Павел Таруса не сабраў харугвы, на якую атрымаў са скарбу грошы: у пачатку жніўня на замку было толькі пару дзясяткаў пахолкаў, большасць з якіх — без шабляў і мушкетаў[76]. Праз год віленская канвакацыя патрабавала „у прыклад іншым” пакараць Тарусу і яго саўдзельнікаў, які, наогул не даслужыўшы ў Полацку, „пяхоту свядома распусціўшы”, а „грошы і барву гадавую ў свой пажытак абярнуўшы”, вялікімі грашовымі экзекуцыямі ўціскаў вёскі і мястэчкі ў Княстве Літоўскім і Жамойцкім, займаўся рабаўніцтвам і рукі свае забрудзіў „свядомым забойствам”[77].

Трагічны эпізод полацкай гісторыі адгукнуўся рэхам і ў Еўропе. Так, у Прускім герцагстве яшчэ ў лютым 1633 г. цікавіліся, ці сапраўды маскоўская армія, захапіўшы Дарагабуж, узяла ў аблогу са Смаленскам і Полацк, а 28 чэрвеня таго ж года нейкая пані Урсула Маерын, што з Варшавы перасылала навіны пра вайну ў Вену і Мюнхен, паведаміла імператару Фердынанду ІІ пра захоп Полацка маскавітамі[78].

Хоць у сучаснай расійскай гістарыяграфіі „взятие Полоцка” лічыцца «одной из наиболее значительных побед русских войск на „северном фронте” Смоленской войны»[79], раней яно не выклікала прыкметнай увагі гісторыкаў як у Расіі, так і ў Беларусі[80]. Асаблівую значнасць канфлікту часткі мяшчан з уладамі Полацка ў 1633 г. надала толькі марксісцкая гістарыяграфія, у якой апісанае здарэнне было ператлумачана і паўстала ў зусім іншым святле.

Першым на чэрвеньскія падзеі 1633 г. у Полацку звярнуў асаблівую ўвагу савецкі ваенны гісторык І. Ф. Лочмель, які ўпісаў іх у кантэкст нацыянальных памкненняў усходнеславянскіх народаў і іх „братніх адносін”[81]. Трактуючы гісторыю пасля вераснёўскага паходу Чырвонай Арміі 1939 г., ён убачыў у канфлікце часткі мяшчан з падваяводам Лісоўскім не толькі адмову палачан рамантаваць умацаванні горада, але і няўдзел у абароне і пераход на тэрыторыю, занятую царскім войскам, — ва ўсім гэтым праявілася „стремление белорусского народа к освобождению от панской Польши и соединению с братским русским народом”[82]. Аднак у цытаванага аўтара тыя полацкія падзеі названы „хваляваннямі”, а ў Савецкай Беларусі пад пяром Лаўрэнція Абэцэдарскага, які бясспрэчна наследаваў Лочмеля, полацкія хваляванні ператварыліся ў „паўстанне”. „Большая частка жыхароў Полацка, узняўшы ў 1633 г. (у час руска-польскай вайны) паўстанне, разам з рускімі вой ска мі змагалася супраць войск Рэчы Паспалітай, а потым са сваімі сем’ямі добраахвотна перайшла на тэрыторыю Расіі”, — вось што „прачытаў” галоўны савецкі гісторык БССР у сціслых звестках добра вядомых дакументаў[83]. Пры гэтым Л. Абэцэдарскі сцвярджаў, быццам з заявы полацкага падваяводы вынікала, што „русские войска взяли Полоцк благодаря помощи мещан”, якія потым у дадатак „перешли на сторону русских войск и вместе с ними осадили Верхний замок”[84].

Версія Л. Абэцэдарскага стала „кананічнай” і ўвай-шла ў навучальную літаратуру ды энцыклапедычныя выданні. Паводле акадэмічнай „Гісторыі Беларускай ССР”, жыхары Полацка „с нетерпением ожидали прихода русских войск”, таму і адмовіліся выконваць распараджэнне, а калі царскія ратнікі падышлі да Полацка, то „жители города восстали и присоединились к русским войскам”[85]. Пры гэтым згаданыя Лісоўскім „некаторыя асобы з мяшчан” ператварыліся ў „велізарны натоўп гараджан”, які адмовіўся выконваць распараджэнне падваяводы, і ўлады „не паспелі расправіцца” з імі толькі таму, што горад нечакана быў захоплены, — „гараджане далучыліся да рускіх войск”, а калі Верхні замак узяць не ўдалося, то ў Расію „разам з рускімі войскамі пайшла і большая частка гараджан”[86]. Версія Абэцэдарскага часам дапаўнялася новымі фантастычнымі дэталямі: так, у гістарычным нарысе пра Полацк гаварылася, што палачане заявілі пра сваё нежаданне рамантаваць умацаванні менавіта „пры з’яўленні рускіх войскаў ля сцен Полацка”, і што ўначы з 12 на 13 чэрвеня 1633 г. акурат яны, палачане, „адкрылі рускім войскам вароты горада”[87], або што менавіта „натоўп гараджан перашкодзіў падваяводу і магістрату ўмацаваць Ніжні замак”[88], чым і дапамог царскім ратнікам.

Так звычайны канфлікт часткі паспольства з уладамі Полацка ператварыўся ў „полацкае паўстанне”, якое на старонках падручнікаў па гісторыі ў савецкія часы выдавалася за прыклад „барацьбы народных мас супраць нацыя наль на-рэлігійнага прыгнёту”, імкнення беларусаў „да ўз’яднання з рускім народам”, іх „цягацення да Расіі”[89]. Але не толькі тады. У часы прэзідэнцтва А. Лукашэнкі, калі тлумачэнне мінулага пачалі зноў „падганяць” пад былыя стандарты, у многія дзяржаўныя выданні вярнулася старая легенда пра „полацкае паўстанне”[90]. Пара б з ёй канчаткова развітацца.


[1] Гл. напр.: Сташевский Е. Смоленская война 1632–1634. Организация и состояние московской армии. Киев, 1919; Godziszewski W. Polska a Moskwa za Władysława IV. Kraków, 1930; Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. Warszawa, 2001; Lipiń ski W. Początek działań rosyjskich w wojnie smoleńskiej // PHW. T. V. (1932); ён жа. Działania wojenne polsko-rosyjskie pod Smoleńskiem od października 1632 do września 1633 r. // PHW. T. V. (1932); ён жа. Organizacja odsieczy i działania wrześniowe pod Smoleńskiem w r. 1633 // PHW. T. VI (1933); Wisner H. Krol i car. Rzeczpospolita i Moskwa w XVI–XVII w. Kraków, 1995. З апошніх публікацый варта адзначыць артыкул А. Малова, заснаваны, аднак, толькі на расійскіх архівах: Малов А. В. Начальный период Смоленской войны на направле нии Великие Луки — Невель — Полоцк (до 3 июня 1633 г.) // Памяти Лукичева. Сборник статей по истории и источниковедению. Редактор-составитель Ю. М. Эскин. Москва, 2006. С. 128–129.
[2] Поршнев Б. Тридцатилетняя война и вступление в нее Швеции и Московского государства. Москва, 1976. С. 197–198. Пра жаданне пачаць вайну, не чакаючы заканчэння перамір’я, цар і патрыярх недвухсэнсоўна выказваліся і ў 1630 г., гл.: Козляков В. Н. Михаил Федорович. Москва, 2004. С. 203.
[3] Roberts M. Gustavus Adolphus. A History of Sweden 1611–1632. Vol. II: 1626–1632. London, 1958. P. 562–563.
[4] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 267.
[5] Roberts M. Gustavus Adolphus. P. 562; Junkelman M. Gustav Adolf (1594–1632). Schwedens Aufstieg zur Gro.macht. Regensburg, 1993. S. 381.
[6] Paul J. Gustav Adolf. Christ und Held. Frankfürt — Zürich, 1964. S. 76.
[7] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 251–252. Вось як тады тлумачылася падстава разрыву перамір’я: „Да и то нам ведомо, что королевич Владислав хочет доступати нашего Московского государства, и разорить наше государство и веру нашу христьянскую, а свою еретическую, папежскую проклятую веру ввести и утвердить по умышлению папы римского и по совету цесареву, и короля шпанского, и короля литовского” (Цыт. па: Вайнштейн О. Л. Россия и Тридцатилетняя война 1618–1648 г. Очерки из истории внешней политики Московского государства в первой половине XVII в. Москва, 1947. С. 89–90).
[8] Roberts M. Gustavus Adolphus… Р. 563; Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 279; Вайнштейн О. Л. Россия и Тридцатилетняя война 1618–1648 г. С. 139.
[9] Козляков В. Н. Михаил Федорович. С. 204. Падрабязней гл.: Сташевский Е. Смета военных сил Московского государства на 1632 год // Военно-исторический вестник. Киев, 1910. № 9–10.
[10] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 241, 269, 280.
[11] Seredyka J. Rzeczpospolita w ostatnich latach panowania Zygmunta III (1929–1632). Zarys wewnętrznych dziejów politycznych. Opole, 1978. S.160; Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 319.
[12] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 328–329.
[13] Падобна, што Густаў Адольф на той час сапраўды пераацэньваў вайсковыя здольнасці царскай арміі. Гл.: Roberts M. Gustavus Adolphus… Р. 564.
[14] Летам 1632 г. цар ужо праводзіў агляды ратнікаў, „и говоря с бояры указали послати… на Полских и Литовских людей, за их многие к Московскому государству неправды, бояр и воевод со многою ратью” (Книги разрядныя. Т. ІІ. С.-Петербург, 1855. С. 375, 377).
[15] Seredyka J. Rzeczpospolita w ostatnich latach panowania Zygmunta III. S. 159–160, 169–170.
[16] Тамсама. S. 172.
[17] Сцвярджэнні некаторых даследчыкаў, быццам у Рэчы Паспалітай ад пачатку 1631 г. не перапынялася ваенная пад рыхтоўка супраць Маскоўскай дзяржавы, выглядаюць непаразуменнем. Напр.: Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 288.
[18] Czwołek A. Piórem i buławą. Działalność polityczna Lwa Sapiehy, kanclerza litewskiego, wojewody wileńskiego. Torun, 2011. S. 578, 585. (у друку)
[19] Biblioteka PAN w Kórniku. Rkps. 345, k. 8–9v.
[20] НГАБ. Ф. 1705. Воп. 1. Ад. зах. 78. Арк. 1315–1316.
[21] Biblioteka PAN w Kórniku. Rkps. 345, k. 21; Lipiński W. Działania wojenne polsko-rosyjskie pod Smoleńskiem od października 1632 do września 1633 r. // Przegląd Historyczno-Wojskowy (далей PHW). R. IV. T. V. Warszawa, 1932. S. 169.
[22] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 282.
[23] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III. Od zjazdu wileńskiego do konwokacji warszawskiej // Rocznik Bіałostocki. T. XV. Warszawa, 1981. S. 49; Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 27.
[24] Сагановіч Г. Інструкцыя паслам Ашмянскага павета на канвакацыйны сойм 1632 г. // БГА. Т. 14 (2007). С. 218.
[25] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 123, 127.
[26] Radziwiłł Albrycht Stanisław. Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1 (1632–1636). Oprac. A. Przyboś i R. Żelewski. Warszawa, 1980. S. 188.
[27] Czwołek A. Piorem i buławą. S. 594.
[28] Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. Warszawa, 2001. S. 87.
[29] Relacja Krzysztofa Radziwiłła z wojny moskiewskiej 1632–1634. Wyd. W. Lipiński // PHW. T. VII. Warszawa, 1934–35. S. 117.
[30] Книги разрядныя. Т. ІІ. С.-Петербург, 1855. С. 384; Малов А. В. Начальный период… С. 131.
[31] Малов А. В. Начальный период… С. 141.
[32] Пратэстацыя полацкіх мяшчан, 22.12.1632, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1111.
[33] Акты Московского государства. Под ред. Н. А. Попова (далей АМГ) Т. 1. С.-Петербург, 1890. № 338. С. 352.
[34] АМГ. Т. 1. № 458. С. 427.
[35] Lipiński W. Początek działań rosyjskich w wojnie smoleńskiej // PHW. R. IV. T. V. Warszawa, 1932. S. 52, спас. 5; Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. S. 90.
[36] Малов А. В. Начальный период… С. 163-164.
[37] Wisner H. Wojsko litewskie 1połowy XVII wieku. Cz. 1 // SMHW. T. XIX. Cz. 1. Warszawa, 1973. S. 135. Толькі ў 1636г. на полацкім замку з’явілася 50пяхотнікаў, служба якіх аплач¬валася са скарбу ВКЛ. Той жа. Wojsko litewskie 1połowy XVII wieku. Cz. 2 // SMHW. T. XX. Warszawa, 1976. S. 22.
[38] Ліст з Полацка і Віцебска да К. Радзівіла, 6.12.1632, Полацк, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1076.
[39] Л. Сапега да караля, 26. 12. 1632, Вiльня, AGAD. Dz. II. Nr. 1078. k. 1.
Lipiński W. Początek działań rosyjskich w wojnie smoleńskiej // PHW. R. IV. T. V. Warszawa, 1932. S. 52, спас. 5; Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. S. 90.
[40] Л. Сапега да караля, 26.12.1632, Вільня, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1078, k. 2.
[41] Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. S. 106.
[42] Lipiński W. Działania wojenne polsko-rosyjskie pod Smoleń-skiem … S. 107.
[43] Ліст з Віцебска да К. Радзівіла, 21.01.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1102, k. 1.
[44] Nagielski M. Samuel Szymon Sanguszko // PSB. T. 35. 1993. S. 511.
[45] Lipiński W. Działania wojenne polsko-rosyjskie pod Smo leń-skiem… S. 186.
[46] Ліст з Віцебска да К. Радзівіла, 21.01.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1102, k. 1–2.
[47] Relacja Krzysztofa Radziwiłła z wojny moskiewskiej… S. 117.
[48] Ліст з Віцебска да К. Радзівіла, 18.02.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1105, k. 1.
[49] Лаўдум полацкага сойміка, 5.02.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1104, k. 1.
[50] Тамсама, k. 2.
[51] Я. Кішка, з Полацка, 8.02.1633, AGAD. AR. Dz. V. Nr 6760. k. 43. Ваявода адзначаў, што палачане мусяць цяпер абараняцца „на два бакі…, правай рукой ад непрыяцеля, які забраў ужо большую частку нашых памежных земляў, а леваю — ад свайго ўласнага войска, якое толькі што не паліць, але ўціскі чыніць якія толькі найбольшыя могуць быць”.
[52] Малов А. В. Начальный период… С. 163.
[53] Я. Кішка да К. Радзівіла, 17.01.1633, без месца, AGAD. AR. Dz. V. Nr 6760, k. 39.
[54] Ротмістр Адам Паўловіч камандаваў казацкай харугваў і ў красавіку быў выпраўлены гетманам на левы бераг Дняпра. Гл.: Rachuba A. Pawłowicz Adam Hilary Łukiański // PSB. T. 25. 1980. S. 474.
[55] Я. Кішка да К. Радзівіла, 8.02.1633, з Полацка, AGAD. AR. Dz. V. Nr 6760, k. 41.
[56] Я. Кішка да К. Радзівіла, 23.02.1633, з Полацка, AGAD AR. Dz. V. Nr 6760, k. 45.
[57] Я. Кішка да К. Радзівіла, 26.02.1633, з Полацка, AGAD AR. Dz. V. Nr 6760, k. 49.
[58] Lipiński W. Organizacja odsieczy i działania wrześniowe pod Smoleńskiem w r. 1633 // PHW. R. V. T. VI. Warszawa, 1933. S. 180–181.
[59] Малов А. В. Начальный период… С. 154–155, 157–159, 161.
[60] Пратэстацыя падваяводы Яна Лісоўскага 6.07.1633 // Акты Юго-Западной России. Т. 2. С.-Петербург, 1865. № 55. С. 90–91; Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (далей АСД). Т. 1. Вильно, 1867. № 94. С. 271–272; Русско-белорусские связи. Сборник документов (1570–1667). Минск, 1963. № 91. С. 115–116.
[61] Малов А. В. Начальный период… С. 165.
[62] Тамсама. С. 166.
[63] АСД. Т. 1. № 94. С. 272.
[64] Волков В. А. Войны и войска Московского государства. Москва, 2004. С. 301.
[65] Малов А. В. Начальный период… С. 167.
[66] Волков В. А. Войны и войска Московского государства. С. 301.
[67] Малов А. В. Начальный период… С. 168.
[68] Lipiński W. Organizacja odsieczy i działania wrześniowe pod Smoleńskiem… S. 182.
[69] Radziwiłł Albrycht Stanisław. Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1. S. 314.
[70] АСД. Т. 1. С. 272.
[71] Тамсама. С. 274–275.
[72] Витебская Старина. Материалы для истории Полоцкой епархии. Сост. и изд. А. Сапунов. Т. V. Ч. 1. Витебск, 1888. № 90. С. 138–141.
[73] Універсал караля і вялікага князя Уладыслава IV да палачан, Вільня, 4.07.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1119.
[74] Каралеўская грамата жыхарам горада Полацка, Барысаў, 8.08.1633 // AСД. Т. 1. № 95. С. 273: „Ażeby zatem N [ieprzy-„Ażeby zatem N [ieprzyjaciel] wiekszego serca nie ważył się, rozkazujemy wam i koniecznie to mieć chcąc, abyście się nazad do miasta powracali, w nim się znowu fundując y spólnie bezpieczenstwa miasta nie rozchodząc się przestrzegali”.
[75] Я. Кішка да сястры, жонкі К. Радзівіла, Вільня, 17.07.1634, AGAD. AR. Dz. V. Nr 6760, k. 53.
[76] Я. Лісоўскі да К. Радзівіла, Полацк, 4.08.1633, AGAD. AR. Dz. V. Nr 8563, k. 1.
[77] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. II: Okresy panowań krolów elekcyjnych, XVI-XVII wiek. Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2009. Nr. 59. S. 266–267.
[78] Leitsch W. Eine Kriegsberichterstatterin des 17. Jahrhunderts: Zum Smolensker Krieg der Jahre 1632–1634 // Osteuropa in Geschichte und Gegenwart. Festschrift für Gunter Stokl zum 60. Geburtstag. Hg. von H. Lemberg, P. Nitsche und E. Oberlander. Köln-Wien, 1977. S. 82–83.
[79] Малов A. В. Начальный период… С. 172.
[80] Напрыклад, М. Без-Карніловіч у апісанні гістарычных мясцін толькі лаканічна адзначыў, што ў 1633 г. „россияне …овладели Полоцком и большую часть города истребили огнем и мечем” (Без-Корнилович М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии. С.-Петербург, 1855. С. 87).
[81] Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. Москва, 1940. С. 42–45.
[82] Лочмель И. Ф. Очерк истории… С. 44.
[83] Абэцэдарскі Л. С. У святле неабвержных фактаў. Мінск, 1969. С. 68–69.
[84] Абецедарский Л. С. Белоруссия и Россия. Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI–XVII в. Минск, 1978. С. 86.
[85] История Белорусской ССР. Т. 1. Под ред. В. Н. Перцева, К. И. Шабуни, Л. С. Абецедарского. Минск, 1954. С. 138. Такая ж версія ў наступным выданні, гл.: История Белорусской ССР: в 2 т. Т. 1. Ред. колл.: Л. С. Абецедарский, В. Н. Перцев, К. И. Шабуня. Минск, 1961. С. 133.
[86] Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. Т. 1. Гал. рэд. К. І. Шабуня. Мінск, 1972. С. 253.
[87] Полоцк: Исторический очерк. Отв. ред. П. Т. Петриков. Минск, 1987. С. 58.
[88] Капыскі З. Ю. Полацкае паўстанне 1633 // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 8. Мінск, 1975. С. 487.
[89] История Белорусской ССР. Ред. кол.: И. Игнатенко, Н. Каменская, И. Кравченко. Минск, 1977. С. 65; История БССР. Учебное пособие для вузов. Под ред. В. Чепко, А.. Игнатенко. Ч. 1. Минск, 1981. С. 102.
[90] Полацкае паўстанне 1633 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 5. Мінск, 1999. С. 527; Полацкае паўстанне 1633 // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мінск, 2001. С. 456.

Наверх

Конрад Бабятыньскі. Выдаткі Міхала Казіміра Радзівіла на абарону Нясвіжа ў 1655–1660 г.

1 студзеня, 2011 |


Напад войскаў цара Аляксея Міхайлавіча і іх ваенныя поспехі прывялі да таго, што ў 1654–1655 г. амаль уся тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага была акупавана маскоўскай арміяй. Да гэтага дадалося тое, што ў ліпені 1655 г. Рэч Паспалітая стала аб’ектам агрэсіі з боку шведскіх войскаў, якія, між іншым, з поўначы ўвайшлі на землі Жамойці і дайшлі да польскай часткі Інфлянтаў. Як вынік згаданых падзей восенню 1655 г. на тэрыторыі Літвы засталіся некалькі анклаваў, не занятых чужымі войскамі. На захадзе такую ролю выконвала, у першую чаргу па прычыне свайго геаграфічнага становішча, Берасце, дзе знаходзіліся рэшткі арміі ВКЛ і харугвы асабістага набору літоўскага падканцлера Казіміра Лявона Сапегі[1]. Далей на ўсход паспяхова супрацьстаялі ворагу толькі некаторыя прыватныя крэпасці, якія былі акружаны сучаснымі фартыфікацыямі бастыённага тыпу, мелі моцны, забяспечаны адпаведнай артылерыяй, гарнізон і вялікія харчовыя і ваенныя запасы. Да іх ліку можна аднесці Стары Быхаў, які ляжаў на Дняпры, і тры крэпасці — Слуцк, Ляхавічы і Нясвіж, якія знаходзіліся ў глыбіні краіны, на землях перыферыйнага Наваградскага ваяводства[2].

У 1655 г. Нясвіж належаў літоўскаму крайчаму, маладому магнату Міхалу Казіміру Радзівілу (нарадзіўся ў 1635 г.), які толькі пачынаў сваю публічную дзейнасць. Ён стаў уладаром горада пасля смерці бацькі — вялікага маршалка літоўскага Аляксандра Людвіка (памёр 21 сакавіка 1654 г.)[3], а фактычна незадоўга да пачатку вайны з Масквой.

На працягу жыцця трох пакаленняў Нясвіж быў галоўнай рэзідэнцыяй адной з дзвюх асноўных галін Ра дзівілаў і адначасова выконваў функцыі адміністрацыйнага цэнтра для ўсіх уладанняў. Найбольш у справе развіцця горада зрабіў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка — аўтар нясвіжскага ўстава (1579). Дзякуючы яго сродкам у 1582 г. на месцы ранейшых драўля-ных ума цаванняў пачалося будаўніцтва мураванага замка, якое ў асноўным было скончана каля 1600 г.[4].

Замак паўставаў у выглядзе прамавугольніка памерам каля 170 на 120 метраў і меў моцную, хоць як для сярэдзіны XVII ст. крыху састарэлую, фартыфікацыю стараітальянскага тыпу. Яна складалася з высокага землянога вала з мураванымі, каменнымі падпорамі (эскарпамі), змешчанымі па вуглах чатырох магутных бастыёнаў, і глыбокага рова. Ахове крэпасці спрыялі і прыродныя ўмовы, бо яна была пабудавана на цяжкадаступным паўвостраве, які абмываўся вадой з узніклых пасля пад’ёму вады ў рацэ Ушы двух ставоў.

Дзякуючы дамбе замак меў сувязь са старэйшай часткай горада, якой у 1586 г. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка надаў магдэбургскае права. Яна ме ла ўласнае, вельмі саліднае, хоць і больш слабое ў па раўнанні з замкам, умацаванне — земляны вал у фор ме ня пра-вільнага пяцівугольніка з сямю бастыёнамі і пяццю брамамі, якія акружалі напоўнены вадой роў, а таксама ставы і рака Уша. У сваёй большасці ўмацаванні ўзніклі ў канцы XVI ст., але вядома, што праца па іх пашырэнні вялася яшчэ за два гады да пачатку вайны з Масквой. Так, у жніўні 1652 г. былі ўзведзены два дадатковыя ўчасткі ўмацаванняў. Абароназдольнасць нясвіжскага старога горада ўзмацнялі мураваныя сцены двух манастыроў (бенедыкцінак і бернардзінцаў) і царквы, якія з унутранага боку даходзілі да галоўнай лініі фартыфікацыі. Затое ўласных умацаванняў не меў новы горад, які хутка будаваўся на паўднёвым беразе Ушы[5].

Нясвіж знаходзіўся ў глыбіні краіны, а таму да 1655 г. не існавала якой-небудзь рэальнай пагрозы, што ён стане аб’ектам атакі варожых войскаў. У тым ліку і па гэтай прычыне ў мірны час у замку знаходзіўся невялікі гарнізон, які, хутчэй за ўсё, налічваў некалькі дзясяткаў салдат-пехацінцаў і драгунаў, побыт якіх з уласнай кішэні аплачвалі Радзівілы[6]. Сітуацыя кардынальна змянілася ўлетку 1655 г., калі маскоўскія войскі пры падтрымцы казацкіх атрадаў фарсіравалі Бярэзіну і ўварваліся ўглыб Вялікага Княства Літоўскага, захапіўшы 8 жніўня Вільню, а потым Коўна і Гродна. У той момант небяспека навісла і над Наваградскім ваяводствам, пазбаўленым прыкрыцця з боку рэгулярнай арміі, часткі якой, прайграўшы бітву пад Вільняй, або адышлі разам з Я. Радзівілам на тэрыторыю Жамойці, або накіроўваліся ў бок Берасця (харугвы дывізіі левага крыла)[7].

У верасні 1655 г. і гэтая частка Вялікага Княства Літоўскага падверглася нападу маскоўскіх войскаў: корпуса Аляксея Трубяцкога, які ішоў з-пад Старога Быхава, і казацкіх атрадаў пад камандаваннем Васіля Залатарэнкі, што вярталіся з-пад Гродна. Пасля няўдалай спробы захапіць Слуцк (2–6 верасня) Трубяцкі распусціў свае аддзелы на ўсёй Наваградчыне. На працягу трох тыдняў яны здзейснілі вялікую колькасць злачынстваў у дачыненні да мясцовага насельніцтва і пакінулі пасля сябе вялізныя знішчэнні[8]. Вядома, што маскоўскія войскі, а разам з імі і казакі Залатарэнкі, якія вярталіся з-пад Гродна, з’явіліся ў другой палове гэтага рэйду, дзесьці каля 25 верасня, пад Нясвіжам[9]. Хутчэй за ўсё, рашэнне пра штурм замка, дзе ў той час знаходзіўся сам Міхал Казімір Радзівіл, не было прынята, а войскі задаволіліся спусташэннем горада. Хоць дакладны ход падзей невядомы, падаецца, што ахвярай ворага ў той час стаў пазбаўлены ўмацаванняў новы горад, а яго жыхары схаваліся за сценамі старога горада, які, праўдападобна, не быў захоплены.

У гэтым месцы трэба згадаць, што ў наступныя гады значна большую небяспеку для Нясвіжа ўяўлялі не сілы ворага, а аддзелы Багуслава Радзівіла, якія стаялі ў Слуцку. Гэта было звязана са спробай рэалізацыі палітычных планаў князя, які з канца 1655 г. пачаў рэалізацыю сваёй ідэі па стварэнні ўласнага ўдзельнага княства, якое б знаходзілася ў непасрэднай залежнасці ад Швецыі. Яно павінна было ўзнікнуць у тым ліку на тэрыторыі Наваградскага ваяводства, а значыць увабраць у сябе ўладанні Міхала Казіміра Радзівіла. З гэтай прычыны 4–5 снежня 1655 г. аддзелы пад камандаваннем слуцкага каменданта Адама Волакса хітрасцю захапілі Нясвіж. Праз 8 дзён пасля гэтага капітуляваў і Мірскі замак, які таксама належаў крайчаму. Жаўнеры Багуслава, тым не менш, не змаглі асесці ў гэтых гарадах. Нясвіж быў адбіты ўжо ў першыя дні красавіка 1656 г. высланай гетманам Сапегам харугвай мазырскага земскага суддзі Самуэля Аскеркі, але пад час братазабойчых бітваў значныя страты панёс горад і яго ўмацаванні[10].

Сур’ёзная пагроза для Нясвіжа ўзнікла праз чатыры гады, вясной 1660 г., калі Наваградскае ваяводства стала аб’ектам нападу войскаў князя Івана Хаванскага. На пачатковым этапе кампаніі маскоўскія аддзелы не стваралі клопатаў гораду, бо былі занятыя аблогай суседніх Ляхавічаў. Гарнізон Нясвіжа імкнуўся па меры сваіх магчымасцяў дапамагаць абаронцам гэтай крэпасці, у першую чаргу паралізуючы лініі камунікацыі Хаванскага і з поспехам арганізоўваючы напады на тылы праціўніка. Толькі ў чэрвені маскоўскі военачальнік вырашыў актыўна дзейнічаць у раёне Нясвіжа. Рэалізацыю сваіх планаў ён даручыў корпусу колькасцю каля 2500 салдат, які з-пад Магілёва прывёў яму на дапамогу князь Сямён Змееў[11]. Верагодна, што маскоўскае войска ў чарговы раз спаліла новы горад, які знаходзіўся па-за лініяй умацаванняў, пасля чаго пачалі падрыхтоўку да аблогі замка і старога горада, але 26 чэрвеня нечакана яе знялі. Хаванскі пачаў прыспешаную канцэнтрацыю ўсіх падначаленых яму атрадаў для супрацьстаяння літоўскім і каронным войскам на чале з Паўлам Янам Сапегам і Стэфанам Чарнецкім, што ішлі з захаду. У сваю чаргу параза, якую маскоўскія войскі пацярпелі пад Палонкай праз два дні, прывяла да таго, што ўся Наваградчына ў хуткім часе была вызвалена ад атрадаў ворага, а ў наступныя тыдні фронт хутка прасоўваўся на захад, у кірунку Дняпра. Сам Нясвіж да моманту падпісання Андрусаўскага перамір’я (30 студзеня 1667 г.) быў недасягальным для атак царскіх войскаў[12].

Пагроза нападу варожых войскаў, якая вісела над Нясвіжам на працягу амаль пяці гадоў, прывяла да таго, што гаспадар быў вымушаны пастаянна трымаць моцны гарнізон, а таксама клапаціцца пра яго забеспячэнне харчаваннем і неабходнымі ваеннымі матэрыяламі. Афіцэрам і салдатам неабходна было больш-менш рэгулярна плаціць, каб яны не збеглі са службы ці не пачалі шукаць новага гаспадара ў суседніх крэпасцях — або ў Слуцку ў Багуслава Радзівіла, або ў Ляхавічах у гетмана Паўла Яна Сапегі. У сукупнасці ўсё гэта патрабавала вялікіх выдаткаў. Між тым ужо ў першыя месяцы вайны з Масквой Міхал Казімір Радзівіл сутыкнуўся з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі і пастаянным недахопам наяўных грошай. З аднаго боку, такога роду цяжкасці былі тыповымі для тагачасных магнатаў, але з іншага — яны былі звязаныя з падзелам атрыманага пасля смерці бацькі маёнтка: судовым працэсам, які ішоў у 1654–1655 г., з мачыхай Лукрэцыяй Марыяй з роду Строзавых[13]. Пра ўзровень праблем князя сведчыць той факт, што ўжо ў 1654 г. ён быў вымушаны аддаць у арэнду мясцовай шляхце і яўрэям некалькі сваіх фальваркаў, бо патрабаваў сродкі для найму незвычайна дарагой, колькасцю толькі 120 коней, гусарскай харугвы і 150-коннай казацкай харугвы. Зразумела, што арэндная плата была значна ніжэйшая, чым прыбытак ад звычайнага гаспадарання ў маёнтку[14].

Неабходна памятаць і пра тое, што ўтрыманне Нясвіжа ў 1655–1660 г. не было адзіным фінансавым цяжарам для Міхала Казіміра Радзівіла. Ён павінен быў клапаціцца і пра іншыя свае крэпасці (перш за ўсё пра Белую), а акрамя гэтага выстаўляць некалькі харугваў конніцы, драгунаў і пяхоты для нясення службы як ў літоўскай, так і кароннай арміі[15]. У тэорыі выдаткі на іх утрыманне павінны былі ісці са скарбу дзяржавы, але на практыцы, у сувязі з вялікай запазычанасцю па выплаце жаўнерам, гэтыя грошы часта плаціў сам Радзівіл.

Пра ўзровень і структуру выдаткаў на абарону Нясвіжа, а таксама пра колькасць, а часам і склад гарнізона замка і горада ў 1655–1660 г. можна даведацца з дакумента, які Міхал Казімір Радзівіл прадставіў у чэрвені 1661 г. на пасяджэнні вальнага сойма ў Варшаве[16]. Праўда, князь згадаў толькі пра зварот коштаў, якія былі выдадзены ў перыяд з лютага да канца ліпеня 1660 г., калі яго ўладанням пагражалі аддзелы Івана Хаванскага, але пры гэтым не забыўся згадаць пра свае фінансавыя траты, панесеныя ад пачатку вайны. Радзівіл падлічыў, што да канца 1659 г. абарона Нясвіжа каштавала яму больш за 280 тысяч злотых (з гэтай сумы 200 тысяч былі выдадзены на ліквідацыю наступстваў тых стратаў, што горад і яго ваколіцы пацярпелі ад ворага), і адначасова адзначыў, што „бачачы <…> exhaustum aerarium, не ўпякуся Рэчы Паспалітай гэтымі expensa”.

Згаданыя лічбы дазвалялі князю патрабаваць вяртання выдадзеных ім за паўгода ваенных дзеянняў у 1660 г. сродкаў з дзяржаўнай казны. Агульная сума склала 56 628 злотых. Прапанаваны Радзівілам каштарыс быў зацверджаны 14 чэрвеня 1661 г. спецыяльна ство-ранай групай дэпутатаў сената і пасольскай ізбы. Як чытаем у прысвечанай гэтай справе канстытуцыі, частка грошай павінна быць выплачана ўладару Нясвіжа з падаткаў, якія будуць прынятыя на наступным сойме, а частка — залічана як ануляванне яго падатковых запазычанасцяў (retent)[17]. Відавочна, што такое рашэнне было прынята з прычыны пустой казны.

Невядома, ці справа вяртання падаткаў Радзівілу адгукнулася як-небудзь сярод станаў сойма. Аўтар прысвечанай сoйму 1661 г. манаграфіі толькі ўзгадвае, што 14 чэрвеня ўвага прысутных пераключылася на аўдыенцыю ваенных паслоў, а другая дэкада чэрвеня прайшла пад знакам спробаў выгнаць з пасольскай ізбы Багуслава Радзівіла, што ледзь не прывяло да зрыву працы сoйма[18]. Можна меркаваць, што хуткае вырашэнне справы на карысць уладара Нясвіжа магло стаць, з аднаго боку, узнагародай за тое, што князь у якасці маршалка з самага пачатку працы сойма імкнуўся праводзіць пасяджэнні ў адпаведнасці з намерамі двара, а з другога — заахвочваннем яго на далейшую падтрымку каралеўскай пары ў неверагодна цяжкай барацьбе вакол паскарэння выбараў „vivente rege”[19]. Несумненна, найважнейшай узнагародай для Радзівіла за яго пазіцыю на сойме і вернасць Яну Казіміру было віленскае кашталянства, якое ён атрымаў 30 VI 1661 г. Гэты ўрад не проста гарантаваў князю месца ў сенаце, але з гэтага часу ён рабіўся другім пасля віленскага ваяводы свецкім сенатарам, і шостым — у маштабе ўсёй Рэчы Паспалітай![20].

Прыведзены ніжэй дакумент з’яўляецца вельмі цікавай крыніцай для даследавання прыдворных войскаў літоўскіх магнатаў у другой палове XVII ст. Ён змяшчае дакладны спіс вайсковых адзінак, якія ўваходзілі ў склад гарнізона Нясвіжа ў першай палове 1660 г., а таксама інфармацыю пра выдаткі на жалаванне і забеспячэнне (прыводзяцца кошты на віды прадуктаў), закупку ваенных матэрыялаў (пораха, свінцу, кноту, гранат).

Калі гаворка ідзе пра гарнізон Нясвіжа, то ўжо вядома, што ў 1654 г. Міхал Казімір Радзівіл набіраў нейкія аддзелы пяхоты і драгунаў для абароны сва ёй крэпасці21. На жаль, калі гаварыць пра 1655–1659 г., „Summariusz expens” абмяжоўваецца толькі сухімі дадзенымі, паводле якіх у Нясвіжы знаходзіліся першапачаткова 1800 (восень 1655 г.), потым 1000 (вясна 1657 г.) і нарэшце 1200 салдат (травень — жнівень 1657 г.)[22]. Нам падаецца, што гэтыя лічбы значна завышаныя: яны ў кожным разе ўлічваюць не толькі колькасць салдат, якія служылі ў атрадах Радзівіла, але і мужчынскае насельніцтва, якое шукала ў Нясвіжы выратавання ад ворага і магло такім чынам уліцца ў шэрагі абаронцаў (асабліва пад час нападу Трубяцкога).

Затое можам даведацца, што ў першай палове 1660 г. гарадскі гарнізон складаўся з 4 харугваў драгун (на лічвалі 60 рот, гэта значыць каля 600 салдат), 200 венгерскіх пехацінцаў (магчыма, у дзвюх харугвах), 300 салдат „казацкай” пяхоты (у дзвюх харугвах) і адной харугвы казацкай конніцы (яе колькасць невядомая). У суме гэта складае мінімум 1200 чалавек. Але і тут можна выказаць сумненне, ці было так на самай справе. Можна меркаваць, што і ў гэтым выпадку Радзівіл завысіў колькасць салдат, якія знаходзіліся на яго ўтрыманні, каб атрымаць большую грашовую выплату са скарбу дзяржавы.

Відавочна, што ў прыдворных атрадах Міхала Казіміра Радзівіла магло служыць няшмат прафесійных жаўнераў, бо такіх у час вайны з Масквой і Швецыяй цяжка было знайсці на вельмі абмежаваным літоўскім і каронным вярбовачным рынку. Магчыма, гэта былі толькі лічаныя асобы[23]. Ротмістры, якія згадваюцца ў дакуменце, падобна, не мелі досведу такога роду службы ў гэтым чыне ў рэгулярнай літоўскай арміі. За выключэннем маёра Яна Гроса нельга нічога сказаць пра іх ранейшую вайсковую кар’еру[24]. З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што ў пераважнай большасці гэта былі прыдворныя слугі і афіцы ялы Радзівіла, якіх збег абставін змусіў да часовай змены прафесіі[25].

Пераважную большасць гарнізона Нясвіжа складалі абавязаныя да вайсковай службы мясцовыя мяшчане[26], залежнае насельніцтва з маёнткаў М. К. Радзівіла[27], а таксама шматлікая шляхта, якая збегла з захопленай ворагам тэрыторыі і знайшла прытулак за ўмацаваннямі горада[28].

Дакумент, які публікуецца, прыводзіцца ў форме арыгінала XVII ст. Ён захоўваецца ў Галоўным архіве даўніх актаў у Варшаве ў выглядзе асобнага архіўнага рукапісу, які знаходзіцца ў II аддзеле Архіва Радзівілаў пад шыфрам 1433. Удакладненні ў дужках прыведзены выдаўцом крыніцы.

Пераклад Любові Козік

Summariusz expens w praesidium nieświeskim przez 6 miesięcy na ludzie Księcia JM pana podczaszego W. Ks. L. [29] łożonych, to jest przez oblężenie a 1 II ad ultimam [31] VII anni 1660

Forteca nieświeska propriis Księcia JM stipendiis et sumptibus strzymała impet wojska Trubeckiego[30] i Zołotarenki[31], którzy po zniesieniu wojska Wielkiego Księstwa Litewskiego, opanowaniu Wilna i innych fortec, ogniem i mieczem grassując i Wielkie Księstwo Litewskie plądrując, o tę fortecę irrito conatu w 40000 ludzi kusili się[32]. Miał natenczas Książę JM in praesidio swym własnym kosztem żołnierza 1800, na ktorych i na amunicją ukazuje się expens 45465 zł.

Po tym, gdy Chmielnicki wojsko swoje w Polesiu rozłożył i różne inkursje w województwo nowogródzkie czynił, aż do postanowionej z nim zgody, Książę JM miał tam ludzi 1000. Którzy non in otio zostawali, lecz spólnie z województwem nowogródzkim podjazdy codzienne odprawując, nieprzyjacielskie conatus dalsze nie tylko tamowali, ale też kilka pułków znieśli[33]. Na ktorych ludzi vivendę wyszło expens 23792 zł.

Podczas opanowania Brześcia od Rakoc [z] ego[34], znowu się zawarło ludzi Księcia JM 1200, ktorych proprio sumptu trzymał, a jako pan komendant[35] probuje zł. 11366 expens.

Oprocz szkod przez nieprzyjaciela w mieście poczynionych, które się mogą rachować przez spalenie kościołow, folwarkow, wsi, gumien; więcej Książę JM odniosł szkody nad 200000 zł.

Tych sumptów Książę JM podawszy do uwagi izby poselskiej, które czynią in summa 280623 zł., a widząc Książę JM exhaustum aerarium, nie przykrzy się Rzeczypospolitej o te expensa. Tylko co się przez oblężenie Żmiejowa[36] i Chowańskiego[37] spendowało, wydatki sequuntur[38]:

Na 4 chorągwie dragońskie, które były pod komandą pana majora Jana Grosa[39], wychodziło na tydzień na jednę rotę żyta korcy połtora, zboża na krupy miarek 6, grochu ćwierć, słodu 1 korzec, słoniny poł połcia, soli kwart 6.

A na 60 rot przez 6 miesięcy, uczyni zboża rozmaitego korcy 4824, miernie na osoby i na konie wydawano. Którego zboża korzec od obywatelów tamecznych ogółem brano po zł. 3. Słoniny wydawano połeć 720, także po zł. 3 połeć płacono.

Soli kwart 8640, a kwartę także po gr. 3 kupowano.

Które zboże, słoninę i sol na pieniądze porachowawszy, uczyni 14472 zł.

Oficerom gotowych pieniędzy na tygodniową vivendę 100 zł., facit zł. 2400

Węgierskiej piechoty było 200 z rotmistrzem Dawidowskim, ktorym na dardę[40] dawano, jako i dragonom na rotę. Co uczyni na 20 dard przez 6 miesięcy zboża korcy 1608, słoniny połci 240, a soli kwart 2880. Pieniędzmi uczyni zł. 5832

Rotmistrzowi, porucznikowi, chorążemu po zł. 30 na żywność przez tydzień zł. 720

Kozackiej piechoty pana rotmistrza Zaryny było 150 osob, ktorym tak wiele na każdy kureń dano, jako i na rotę dragońską. Co na 15 kureniów uczyni zboża korcy 1206, słoniny połci 180, soli kwart 2160, a na pieniądze zł. 4374.

Rotmistrzowi, porucznikowi, chorążemu po 30 zł. na tygodniową żywność, na 6 miesięcy facit zł. 720

Na chorągiew kozackiej piechoty pana rotmistrza Myszewica osob 150 wyszło tyleż 4374 zł.

Rotmistrzowi także z porucznikiem, chorążym na 6 miesięcy zł. 720

Na chorągiew kozacką jazdy pana rotmistrza Zdanowicza, dla wycieczek i podjazdow, dano ogołem według jego kwitu zł. 3000

Na prochy, ołów i lonty w Słucku kupione, według kwitu pana Polmana[41] zł. 5246

Puszkarzom 4 zaciągowym zł. 600

Osobliwie prochu i amuniciej dawnej komendantowi[42] oddanej, według rachunku zł. 4000

Granaty i inne praeparatoria do rzucania kamieni, zł. 700

Na rożne szpiegi przez wszystek czas oblężenia, zł. 150

Na dragonią i piechotę, aby się rebelia jaka nie wszczęła i przychęcając ich do ostrożności i resistenciej, po zł. 6 na osobę: zł. 5160

Na oficerów tak dragońskich, jako i pieszych, przychęcając ich, nad vivendę dano zł. 2000

Panowi komendantowi na prowizją i inne requisita, zł. 2160

Summa zboża korców 8844, słoniny połci 1320, soli kwart 15840, co na pieniądze porachowawszy uczyni in summa zł. 56628.

Roku 1661 die 14 VI, te wszystkie expensa Księcia JM pana podczaszego W. Ks. L. na fortecę nieświeską, przed nami tak z senatu, jako i z koła poselskiego deputowanemi produkowano i authentice dokumentami probowano. Na co in vim attestationis podpisujemy się w Warszawie.

[Dalej podpisy deputatow]:

Jerzy Białłozor, biskup smoleński, deputat do liquidacy

M [ikołaj] Stephan Pac, wojewoda trocki, deputat do liquidacy

Krzysztof Zawisza, marszałek wielki W. Ks. L. manu propria

Thomasz Ujejski, bisk [up] kijów [ski], deputat do liquidacy

Stanisław Kobierzycki, wojewoda pomorski

Spytek [Rogacjan] Pstrokoński, podkomorzy brzeski kujawski, deputat do liquidacy

Jerzy Słupecki, podko [morzy] lubelski, manu propria

Chryzostom Giżycki, sędzia ziemski wieluński, deputat do liquidacy naznaczony

Krzysztof z Żałego Żelski, pisarz ziemie bilski [bielskiej], deputat do liquidacy naznaczony

Marcjan Ogiński, podst [oli] W. Ks. L., deputat do liquidaciej

Jan Kiersnowski, sędzia ziemski nowogródzki, deputat do liquidaty

Marcin z Obór Oborski, podkomorzy liwski, deputat do liquidacyjej z W [ielkiej] Polski

Jan Chrapowicki, podkomorzy smoleński, deputat do liquidaciej z Wielkiego Księstwa Litewskiego

Stanisław Zaręba, sędzia województwa sandomierskiego i poseł tegoż województwa

Jan Gniński, p [podkomorzy] p [omorski]

* Пры напісанні артыкула былі выкарыстаны крыніцы, сабраныя пад час даследавання, фінансаванага ў рамках праграмы „Kwerenda” Фундацыі на карысць польскай навукі.


[1] Rachuba A. Paweł Sapieha wobec Szwecji i Jana Kazimierza (IX 1655–II 1656). Przyczynek do postawy magnaterii w okresie „potopu” // Acta Baltico-Slavica. T. XI. 1977. S. 82–94.
[2] Больш падрабязна пра іх я напісаў у артыкуле „Fortece prywatne w Wielkim Księstwie Litewskim w czasie wojny z Moskwą w latach 1654–1667”, які будзе друкавацца ў наступным нумары БГА.
[3] Апошняя версія тэстамента А. Л. Радзівіла захоўваецца ў Архіве Радзівілаў (далей AR) у Галоўным архіве даўніх актаў (AGAD) у Варшаве (далей AGAD). Dz. XI. Nr 99. S. 23–34 (на лацінскай мове) і 105–109 (копія, перакладзеная на польскую мову). Пар.: Spis czynności, wykonanych przy podziale mająt ku po śmierci A. L. Radziwiłła // Тамсама. Nr 103. S. 449–452.
[4] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł „Sierotka” (1549–1616). Wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 182–191.
[5] Асноўныя працы на гэтую тэму: Aftanazy R. Materiały do dziejów rezydencji. T. II. Warszawa, 1986. S. 328–362; Bernatowicz T. Miles Christianus et Peregrinus. Fundacje Miko łaja Radziwiłła „Sierotki” w ordynacji nieświeskiej. Warszawa, 1998. S. 30–37; Gruszecki S. Fortyfikacja zamku w Nieświeżu // Kwartalnik Architektury i Urbanistyki. T. X. 1965. Z. 2. S. 141–145; Hryckiewicz A. P. Warowne miasta magnackie na Białorusi i Litwie // Przegląd Historyczny. T. LXI. 1970. Z. 3. S. 434–437; Jakubowski J. Nieśwież // Ziemia. 1925. S. 210–214; Markowski F. Zamek Mikołaja Radziwiłła Sierotki w Nieświeżu // Kwartalnik Architektury i Urbanistyki. T. IX. 1964. Z. 2. S. 155–172; Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Мінск, 1991. C. 11–16; ён жа. Замки Беларуси. Минск, 2005. С. 148–155. Гл. план Нясвіжа: Гістарычны атлас Беларусі. Т. I: Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Варшава — Мінск, 2008. С. 99.
[6] Пра адносна невялікую колькасць літоўскіх прыдворных войскаў у першай палове XVII ст. (паступова, праўда, іх колькасць расла пад час праўлення Уладыслава IV), пішуць: Wisner H. Wojsko litewskie 1. połowy XVII wieku // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. XIX. 1973. Cz. I. S. 75–76, 115–118; Augustyniak U. W służbie hetmana i Rzeczypospolitej. Klientela wojskowa Krzysztofa Radziwiłła (1585–1640). Warszawa, 2004. S. 30–34; Rachuba A. Siły zbrojne Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVII wieku // Przegląd Wschodni. Т. III. 1994. Z. 3. S. 394–395.
[7] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654–1655. Zabrze, 2004. S. 199–218.
[8] Пра ўзровень знішчэнняў выразна сведчыць дакумент „Weryfikacja ludu w Księstwie Kleckim wyciętego i wybranego przez Moskwę a. 1656” // AGAD. AR. Dz. XVI. Materiały nieuporządkowane; гл. таксама: Diariusz oblężenia Słucka // AGAD. AR. Dz. II. Księga 69.14. S. 55–60 (тут ідзе гаворка і пра высячэнне Нясвіжа).
[9] Варта ўзгадаць, што Аляксей Трубяцкі ў справаздачы аб сваіх дзеяннях для цара бітву пад Нясвіжам увогуле не згадвае, а апавяданне заканчвае на даце 22 верасня. У гэты дзень яго аддзелы былі ў Клецку, адкуль, верагодна, накіраваліся ў бок Нясвіжа, каб 28 верасня зноў вярнуцца пад Слуцк. Гл.: Акты Московского государства, изданные Императорской Академией Наук. Т. II / сост. Н. A. Попов. С.-Петербург, 1894. № 717. С. 436–439; Мальџев А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. Москва, 1974. С. 101–102; Сагановіч Г. Невядомая вайна 1654–1667. Мінск, 1995. С. 51–52; Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV–XVII веках. Москва — Минск, 2006. С. 703–706.
[10] Kossarzecki K. Proby tworzenia udzielnego władztwa księcia Bogusława Radziwiłła w oparciu o dobra podlaskie i słuckie w okresie zalewu szwedzkiego i moskiewskiego przełomu 1655 i 1656 roku // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. XLIII. 2007. S. 30–41; Wasilewski T. Zarys dziejów Bogusława Radziwiłła // Radziwiłł B. Autobiografia / oprac. T. Wasilewski. Warszawa, 1979. S. 54–55.
[11] Гл. інфармацыю І. Хаванскага да цара ў гэтай справе: Акты Московского государства. Т. III / сост. Д. Я. Самоквасов. С.-Петербург, 1901. № 96. С. 95. Колькасць і склад корпуса Змеева можна падлічыць дзякуючы захаваным паказанням маскоўскіх ваеннапалонных з арміі Хаванскага; гл.: Российская Национальная Библиотека. С.-Петербург. Ф. 971. Оп. 2. Рук. 152. № 85. Л. 214–214об.
[12] Kossarzecki K. Kampania roku 1660 na Litwie. Zabrze, 2005. S. 189–191, 209; Сагановіч Г. Невядомая вайна 1654–1667. С. 92–94.
[13] Асноўныя дакументы па гэтым працэсе захоўваюцца ў: AGAD. AR. Dz. XI. Nr 103. Гл. таксама біяграму М. К. Радзівіла аўтарства Я. Ярашука, змешчаную ў „Польскім біяграфічным слоўніку” (Polski Słownik Biograficzny. Т. XXX. Z. 2. Wrocław, 1987. S. 292–299).
[14] Гл. лісты М. К. Радзівіла да берасцейскага памочніка суддзі М. Бухавецкага з Нясвіжа 8 і 15 жніўня 1654 г. і Жухавіц 23 жніўня 1654 г. // AGAD. AR. Dz. IV. Teka 26. Kop. 361. S. 15–24; таксама лісты М. Бухавецкага да М. К. Радзівіла з Берасця (8 жніўня 1654 г.), Белай (2 верасня 1654 г.), Чарнаўчыц (14 і 18 верасня 1654 г.) // AGAD. AR. Dz. V. Nr 1569. S. 51–64. Варта дадаць, што гусарская харугва крайчага наўрад ці дасягнула патрабаванай у прыпаведным лісце колькасці і, больш за тое, адслужыўшы менш за чвэрць тэрміну службы, была згорнута! Гл.: Rachuba A. Wysiłek mobilizacyjny Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654–1667 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. XLIII. 2007. S. 45–46.
[15] Гл. іх дакладны спіс: Rachuba A. Wysiłek mobilizacyjny. S. 45, 46, 49–51, 53.
[16] Гл. пра стан захавання дакументальнай базы пра крэпасці Радзівілаў у XVI–XVII ст.: Kossarzecki K. Fortece i zamki radziwiłłowskie w XVII–XVIII w. na podstawie zachowanych archiwaliów w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów // Miscellanea Historico-Archivistica. T. XV–XVI. 2010. S. 53–68.
[17] Volumina Legum. Т. IV / wyd. J. Ohryzko. Sankt Petersburg, 1859. S. 377. Больш за тое, на чатыры гады горад быў вызва-лены ад абавязку ўтрымліваць салдацкія пастоі, а таксама ад выплаты ўсіх падаткаў за выключэннем шпунтавога і мытнага (тамсама, s. 386).
[18] Ochmann S. Sejmy lat 1661–1662. Przegrana batalia o re for-mę ustroju Rzeczypospolitej. Wrocław, 1977. S. 97–99; гл. так сама Ochmann-Staniszewska S., Staniszewski Z. Sejm Rzeczypospolitej za panowania Jana Kazimierza Wazy. Prawo-dok tryna-praktyka. Wrocław, 2000. Т. I. S. 297, 300–301, 316; Ra chuba A. Konfederacje wojska litewskiego 1657–1663. Zabrze, 2010. S. 102–105.
[19] Ochmann-Staniszewska S., Staniszewski Z. Sejm Rzeczy pos-politej… T. I. S. 320–322.
[20] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. I: Województwo wileńskie XIV-XVIII wiek. Opr. H. Lulewicz, Rachuba, P. P. Romaniuk. Pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2004. S. 112; por. Jaroszuk J. Op. cit. S. 294.
[21] М. К. Радзівіл да М. Бузавецкага. Нясвіж, 8 жніўня 1654 г. // AGAD. AR. Dz. IV. Kop. 361. S. 15–17. Неабходна згадаць і той факт, што на сойме ў ліпені 1654 г. Радзівіл змог дабіцца вызвалення Нясвіжа ад платы падаткаў і абавязку трымаць воінскі гарнізон на працягу чатырох гадоў (Volumina Legum. Т. IV. S. 219).
[22] Цікавымі дакументамі наконт аддзелаў, якія набіраў М. К. Радзівіл у гэтыя гады, з’яўляюцца скарбовыя дакументы і спісы асобных фармаванняў. Гл.: AGAD. AR. Dz. VII. Nr 61, 63, 225, 226, 675; Rachuba A. Wysiłek mobilizacyjny… S. 50.
[23] Такім прыкладам можа быць маёр Вільгельм дэ Інгліс (памёр у 1658 г.), які знаходзіўся на службе ў нясвіжскай га лі ны Радзівілаў да канца 1655 г., а потым перайшоў на службу ў гарнізон Слуцка.
[24] Магчыма, згаданы ў дакуменце без імя ротмістр казацкай харугвы па прозвішчы Здановіч яшчэ ў 1651 г. служыў у Аляксандра Людвіка Радзівіла. Мы толькі ведаем, што ротмістр літоўскага маршалка Здановіч вызначыўся ў той год пад час кампаніі супраць казакоў у абароне Любеча, дзе „ўсе павіннасці выконваючы, быў паранены”. Памятаючы пра гэтыя заслугі, у 1652 г. войска ўпісала яго прозвішча ў спіс заслужаных салдат, пра магчымасць узнагароды якіх было сказана ў звароце да караля і саслоўяў у спецыяльнай інструкцыі на сойм для паслоў-вайскоўцаў. Гл.: Российская Национальная Библиотека. С.-Петербург. Ф. 971. Оп. 2. Рук. 152. № 74. Л. 181–183об.
[25] Пра падобную з’яву піша У. Аўгустыняк на прыкладзе прыдворных атрадаў Казіміра Радзівіла. Гл.: Augustyniak U. W służbie hetmana i Rzeczypospolitej. S. 35–65.
[26] Напэўна яны накіроўваліся ў аддзелы драгунаў і пяхоты.
[27] Можна з вялікай доляй упэўненасці лічыць, што пераважна з іх складалася „казацкая” пяхота.
[28] Пераважна набіраліся ў конныя харугвы.
[29] Гэтую пасаду М. К. Радзівіл атрымаў 16 жніўня 1656 г. Гл.: Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV–XVIII wieku / opr. H. Lulewicz i A. Rachuba. Kórnik, 1994. S. 145.
[30] Аляксей Нікіціч Трубяцкі (памёр у 1680 г.) — адзін з лепшых маскоўскіх камандзіраў пад час вайны з Рэччу Паспалітай. Перамог Я. Радзівіла пад Шапялевічамі (24 жніўня 1654 г.), але пацярпеў паразу ў бітве з І. Выгоўскім пад Канатопам (8 ліпеня 1659 г.).
[31] Васіль Нікіфаравіч Залатарэнка (памёр у 1663 г.) — брат Івана, камандзіра казацкага корпуса, які ваяваў на баку царскіх войскаў у Вялікім Княстве Літоўскім у 1654–1655 г. У парадку замяшчэння са жніўня 1654 г. фактычна камандаваў ніжынскім палком. Гл. пра кар’еру Васіля: Dąbrowski J. Pochodzenie społeczne i drogi kariery wyższej starszyzny kozackiej w latach 1648–1657 // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Nr 1049. Prace Historyczne. Z. 101. Kraków, 1993. S. 66.
[32] Гаворка ідзе пра спробы захапіць горад, якія мелі месца ў верасні 1655 г. Колькасць войскаў ворага дакладна завышаная. Казакоў было не больш за 5 тысяч. Колькасць атрадаў А. Трубяцкога ў крыніцах вагаецца і ацэньваецца занадта высока — каля 20 тысяч чалавек. Насамрэч яшчэ на пачатку кампаніі 1655 г. яны налічвалі не больш за 15 тысяч салдат, а частку сваіх сілаў (полк Я. Ронэрта) маскоўскі ваявода пакінуў пад Старым Быхавам.
[33] Гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра вясну 1657 г., калі ўкра-інскія казакі занялі Піншчыну і адтуль рабілі набегі на Наваградскае ваяводства, пагражаючы ў тым ліку і Нясвіжу.
[34] Сямігародскія войскі знаходзіліся ў Берасці ад моманту капітуляцыі горада 16 траўня 1657 г. да 10 жніўня 1657 г.
[35] У той час, верагодна, быў ім смаленскі падстолі Васіль Баканоўскі, камендант Нясвіжа ў 1655 г. (памёр у 1686 г.).
[36] Сямён Данілавіч Змееў (памёр у 1661 г.) — царскі стольнік і магілёўскі ваявода (1658–1659).
[37] Іван Андрэевіч Хаванскі (памёр у 1682 г.) — адзін з найбольш вядомых і няўдалых камандзіраў царскага войска ў вайне з Рэччу Паспалітай. З 1657 г. быў пскоўскім ваяводам.
[38] Гаворка ідзе не столькі пра аблогу Нясвіжа, якая трымалася з чэрвеня 1660 г., колькі пра ўвесь згаданы ў загалоўку дакумента перыяд з 1 лютага да 31 ліпеня 1660 г.
[39] Яхан (Ян) Грос (памёр у 1660) — у 1655 г. быў на службе ў М. К. Радзівіла, пасля захопу Слуцка Волаксам перайшоў у прыдворныя аддзелы князя Багуслава, у 1656–1658 г. камендант Слуцка, потым вярнуўся на службу да М. К. Радзівіла. Памёр пад час аблогі Нясвіжа вясной 1660 г.
[40] Дарда — тып кароткай алебарды, якую насілі як адзначэнне ўлады падафіцэраў (дзясятнікаў) у польска-венгерскай пяхоце ў XVI–XVII ст. (Mała Encyklopedia Wojskowa. Т. I. Warszawa, 1967. S. 296). У дадзеным выпадку азначала дзясятак пяхоты.
[41] Ян Польман — слуцкі фінансавы адміністратар.
[42] Лукаш Тыбароўскі — нясвіжскі эканом, у 1660 г. быў камен-дантам горада.
Наверх

Дзмітрый Віцько. Рэспубліканска-сапежынскія перамовы на з’ездзе ў Горадні восенню 1701 г.

1 студзеня, 2011 |


Падзенне гегемоніі Сапегаў і прыход да ўлады ў ВКЛ рэспубліканцаў у канцы 1700 г. суправаджаліся пераходам з боку апошніх да своеасаблівай формы калегіяльнага кіравання. Паводле Алькеніцкай пастановы ад 24 лістапада 1700 г. у дапамогу генеральнаму палкоўніку Міхалу Сервацыю Вішнявецкаму прызначаліся т. зв. камісары (прадстаўнікі паветаў, асобныя сенатары і цэнтральныя ўраднікі ВКЛ)[1]. Апрача таго, імкненне да падтрымання аднадумства выявілася ў частым скліканні з’ездаў шляхты ВКЛ. Толькі на працягу 1701 г. прайшлі ажно чатыры такія з’езды: у Ружанах (10–14.03), Вільні (2–14.05 і 23.07–12.08) і Горадні (26.09–26.10). Атрымаўшы згоду Аўгуста ІІ на правядзенне першага з іх, рэспубліканцы пазней наконт гэтага асабліва не клапаціліся, прымаючы кожны раз акт лімітацыі і збіраючыся зноў у вызначаны тэрмін[2]. Удзел у з’ездах побач з камісарамі, прызначанымі пад Алькенікамі, прымалі таксама новыя, павятовыя камісары, абраныя на грамнічных сойміках у лютым 1701 г. Між тым, Аўгуст ІІ пагадзіўся на правядзенне з’езда афіцыйна таму, што палічыў такі форум зручнай пляцоўкай для пачатку перамоваў паміж рэспубліканцамі і Сапегамі (рашэнні Алькеніцкага з’езда пра пазбаўленне Сапегаў урадаў і ўладанняў, выгнанне іх за межы княства мелі мала супольнага з тагачасным правам, і Аўгуст ІІ мусіў гэта ўлічваць)[3]. Але перамовы доўгі час не маглі пачацца. Спачатку ў Ружанах ад іх адмовіліся рэспубліканцы. Потым на з’ездзе ў Вільні яны абвясцілі, што гатовыя былі ўжо іх пачаць, але Сапегі не прыслалі прадстаўнікоў. Пасля гэтага ў Варшаве бакі, якія з’ехаліся на сойм, пачалі нарэшце першыя кансультацыі, але сойм быў адкладзены на канец года. Сапегі даслалі свайго прадстаўніка, холмскага падкаморыя Томаша Яна Раманоўскага, на паўторны Віленскі з’езд, але ён прыбыў ужо пасля лімітацыі, і „калі пра яго principaliores даведаліся, адразу ж паслалі да яго прыстанку, рэчы трэслі, рабавалі, двух слуг пабілі, шчасце, што самога не засталі, які, confusus infectis, занёсшы ў Трыбунале пратэстацыю, ад’ехаў”[4]. 12 жніўня Віленскі з’езд быў адкладзены на 26 верасня; сабрацца на гэты раз ён павінен быў у Горадні[5].

У пачатку верасня кароль прызначыў пасрэднікам на перамовах, якія павінны былі ўрэшце пачацца на Гарадзенскім з’ездзе, падканцлера ВКЛ Станіслава Антонія Шчуку[6]. Аднак у гэты час з’явіліся новыя акалічнасці, якія чарговы раз ставілі перамовы пад пагрозу. У пачатку жніўня вялікі гетман Казімір Ян Сапега распачаў перапіску са шведскім каралём Карлам ХІІ, войскі якога занялі Курляндыю. У верасні шведскія аддзелы ўвайшлі ў Жамойць, каб абараніць сапежынскія ўладанні ад рэспубліканцаў[7]. 7 верасня вялікі падскарбі Бенядзікт Павел Сапега сустрэўся ў Варшаве з Аўгустам ІІ, заявіўшы, што „шведскай пратэкцыі яны яшчэ не ўзялі і жадаюць пры пасрэдніцтве яго каралеўскай міласці яшчэ ў апошні раз паспрабаваць трактатаў згоды на гарадзенскай сесіі”[8]. Нават нібыта прадэманстраваў ліст Карла ХІІ з адказам вялікаму гетману, у якім ён адмаўляўся вывесці войскі з Курляндыі і Жамойці, пра што яго быццам бы прасіў Сапега. Наўрад ці такое прызнанне ў кантактах са шведамі было разлічана, каб выклікаць давер, — хутчэй было недвухсэнсоўным папярэджаннем каралю з боку Сапегаў. Адказнасць за ўвядзенне шведаў была перакладзена на пасэсараў жамойцкіх уладанняў, Крэтынгі і Шкудаў, — вялікі гетман выказаў гатоўнасць пісаць да іх, каб не трымалі шведскіх залогаў. За Сапегаў у каралеўскім атачэнні хадайнічаў галоўным чынам мальбаркскі ваявода Ян Ежы Пшэбяндоўскі. Адначасова ў Варшаву вярнуўся ноўгарад-северскі харужы Крыштаф Сеніцкі, каралеўскі эмісар, накіраваны папярэдне на рэспубліканскі з’езд у Вільню, які раіў пакуль устрымацца ад баявых дзеянняў і выказваўся на карысць перамоваў[9]. Усе чакалі прыбыцця падканцлера для падрыхтоўкі каралеўскай інструкцыі. 13 верасня Аўгуст ІІ заклікаў яго да сябе лістом, у якім выказаў надзею на паспяховае завяршэнне ўсёй справы, паколькі вораг толькі таго і чакае, каб выкарыстаць унутраную сумятню на яго, караля, „пагібель”[10]. 18 верасня Бенядзікт Павел Сапега наведаў Пшэбяндоўскага, якому заявіў, што Сапегі вымушаны будуць звярнуцца да крайніх сродкаў (ad desperata media), калі кароль шчыра не паспрыяе ў перамовах[11].

Пасля трэцяга каралеўскага ліста Шчука 24 верасня прыбыў у Варшаву, але, не дачакаўшыся каралеўскай інструкцыі, даў кароннаму рэгенту пісьмовыя ўказанні па яе падрыхтоўцы і паехаў 27 верасня ў Тыкоцін на канферэнцыю з Сапегамі[12]. Тым не менш, згаданая інструкцыя Аўгуста ІІ для Шчукі як для каралеўскага камісара таксама была падпісана 27 верасня (магчыма, заднім чыслом або ў той жа дзень пасля ад’езду) і ўключала наступныя пункты: 1) пасля прыезду ў Горадню паведаміць на публічным прыёме, што кароль узяў на сябе пасрэдніцтва ў перамовах і прызначыў яго сваім паўнамоцным прадстаўніком, паказаць адпаведны крэдэнс і распавесці пра ўсе небяспечныя акалічнасці, якімі пагражае нязгода; 2) спачатку імкнуцца, каб бакі даравалі адзін аднаму ўсе крыўды і прэтэнзіі, а потым з дэлегаванымі ад абодвух бакоў прадстаўнікамі падрыхтаваць праект пагаднення; 3) імкнуцца, каб у адпаведнасці з правам Сапегам былі вернуты ўладанні і староствы, а таксама чынш за гэты год, а ўсе маёмасныя прэтэнзіі былі скіраваны ў суд; 4) тое ж самае датычыла рэстытуцыі ўрадаў (асабліва падскарбія); 5) пытанне камандавання войскам адкласці да будучага сойма; 6) пытанне апекі і адміністрацыі „нойбургскіх уладанняў” да кампетэнцыі Гарадзенскага з’езда фармальна не адносіцца, але на ўсялякі выпадак дазваляецца выступіць пасрэднікам у перамовах, якія маглі б скончыцца падпісаннем адпаведнага трактата паміж Сапегамі і Каралем Станіславам Радзівілам; 7) дамагацца пакрыцця шкоды, нанесенай уладанням Ганны Крысціны з Любамірскіх, удавы Дамініка Мікалая Радзівіла (у першым шлюбе Сапежынай), і яе сына, бабруйскага старасты Яна Казіміра Сапегі; 8) імкнуцца, каб удзельнікі перамоваў заставаліся на баку караля „супраць усіх махінацый”; 9) намагацца адстойваць інтарэсы каралеўскага скарбу, што ў першую чаргу датычыла выплаты прыбыткаў з Шавельскай эканоміі, а таксама 100 тыс. злотых з мытных збораў; з Гарадзенскай эканоміі мусіў быць выдалены лагер рэспубліканскага войска і пакрыты шкоды, нанесеныя „ўбогім людзям”; 10) адстойваць прэтэнзіі Берэнта Лехмана, контрагента Аўгуста ІІ: дамагацца выплаты яму мытных паступленняў у адпаведнасці з кантрактам, пакрыцця ранейшых выдаткаў, прызнання яму запазычанасці чарэйскіх уладанняў Бенядзікта Паўла Сапегі (240 тыс. злотых) з магчымасцю іх перадачы ў заклад, прызнання запазычанасці друйскіх уладанняў Казіміра Яна і Аляксандра Паўла Сапегаў (12 тыс. талераў) з магчымасцю іх перадачы таму, хто гэтую суму выплаціць, перадачы яму ж з новага года паводле кантракта мытні ВКЛ[13]. Інструкцыя была паслана Шчуку наўздагон. 28 верасня для яго быў падпісаны згаданы ў інструкцыі крэдэнс[14]. У гэты ж дзень Аўгуст ІІ падпісаў універсал, якім заклікаў шляхту да згоды, паколькі шведы могуць паспрабаваць выкарыстаць раскол дзеля адхілення, яго, караля, ад улады, а таксама паведаміў пра прызначэнне Шчукі пасрэднікам[15]. Адначасова ім жа былі падпісаны лісты да сенатараў[16], і асобна — да ўраднікаў ВКЛ[17], якія таксама заклікалі да згоды і прызначаліся галоўным чынам для рэспубліканцаў[18].

Займаліся пошукам пасрэднікаў са свайго боку і Сапегі. 17 верасня да серадзскага ваяводы Яна Хрызастома Пянёнжка прыбыў іх пасланнік, ксёндз Азямблоўскі. У прывезеным ім лісце вялікі гетман „ледзьве не заклінаў” ваяводу пагадзіцца на пасрэдніцтва. Пасля доўгіх роздумаў Пянёнжак згадзіўся на гэтую місію, каб садзейнічаць вырашэнню канфлікту, „на які не толькі цэлая Айчына, але і еўрапейскі свет заглядаецца”[19]. Спачатку таксама ў Горадню пагадзіўся ехаць познаньскі біскуп Мікалай Свянціцкі[20]. На пачатак з’езда Казімір Ян і Бенядзікт Павел Сапегі выслалі да яго ўдзельнікаў прывітальны ліст, дэманструючы гатоўнасць да перамоваў і прапануючы пасрэднікаў, якімі названыя познаньскі біскуп Свянціцкі, серадзскі ваявода Пянёнжак, холмскі падкаморы Томаш Ян Раманоўскі, а таксама падляшскі ваявода, якім быў на той час Стэфан Мікалай Браніцкі[21]. Пра ўдзел апошняга ў перамовах нічога не вядома. Для трох першых Сапегамі ў Тыкоціне 24 верасня быў падрыхтаваны спіс з папярэднімі ўмовамі, які прадугледжваў: 1) бяспеку пошты і свабоднай перапіскі, як уступнае пажаданне; 2) вяртанне Сапегам міністэрстваў і іншых урадаў; 3) вяртанне ўсіх уладанняў; 4) пакрыццё шкоды, нанесенай у выніку спусташэння маёнткаў, спагнання кантрыбуцый і прыўлашчвання прыбыткаў; 5) скасаванне ўсіх вынесеных завочна дэкрэтаў (замест гэтага Сапегі абяцалі добраахвотна задаволіць усе прэтэнзіі ў адпаведнасці з дадзенымі распіскамі). Патрабаванні ахоплівалі таксама ўсіх іх прыхільнікаў, якія пацярпелі ад рэспубліканцаў[22]. 25 верасня Бенядзікт Павел Сапега ў лісце да Шчукі выказваў цвёрдую пазіцыю і не пагаджаўся на кампраміс ні ў справе свабоднага распараджэння ўрадамі, ні наконт прэтэнзій да ранейшай дзейнасці Сапегаў на гэтых урадах, ні на пакрыццё дзяржаўных даўгоў (перад войскам і г. д.), якія ўзніклі пад час іх знаходжання на гэтых ўрадах[23]. Па нейкіх прычынах у апошні момант ад пасрэдніцтва адмовіўся біскуп Свянціцкі[24], і Пянёнжак з Раманоўскім выехалі ў Горадню ўдвух.

Свой праект у інтарэсах Сапегаў (датаваны 26 верасня) прапанаваў і мальбаркскі ваявода Ян Ежы Пшэбяндоўскі. Ён прадугледжваў: 1) падрыхтоўку ўсеагульнай згоды, а не толькі з домам Сапегаў; 2) вяртанне Сапегам уладанняў шляхам скасавання Алькеніцкай пастановы або яе змякчэння, а таксама задавальненне прэ тэнзій крэдытораў у звычайным судовым парадку; 3) вяр танне міністэрстваў і іншых урадаў ранейшым ула дальнікам, калі сойм не прыме на гэты конт іншага рашэння; 4) выплату войску 4 чвэрцяў заробку ў адпаведнасці з Пузавіцкім трактатам 1698 г. і канстытуцыяй аб Скарбовым Трыбунале ВКЛ 1699 г.; 5) пераход скарбу ў распараджэнне Бенядзікта Паўла Сапегі; 6) роспуск войска, як магчымы кампраміс, у выніку якога гетман ператварыўся б у тытулярнага; калі б такі варыянт не праходзіў з-за пагрозы вайны са Швецыяй, то правядзенне такога абмежавання ўлады гетмана, якое б не дазваляла празмернага ўжывання сілы; 7) гарантаванне бяспекі ўладанням бабруйскага старасты Яна Казіміра Сапегі[25]. Праект („мемарыял”) быў перададзены Сапегам і (магчыма, праз іх) Шчуку. Бенядзікт Павел Сапега выказаў толькі засцярогі наконт абмежавання паўнамоцтваў найвышэйшых ураднікаў, як „рэчы далікатнай”[26].

Гарадзенскі з’езд пачаў працу 26 верасня пад дырэкцыяй генеральнага палкоўніка Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Кола ўдзельнікаў (камісараў) істотна адрознівалася ад мінулага з’езда; дзе-нідзе ранейшым камісарам напісалі дадаткі да інструкцый[27]. Адкрыццё паседжанняў праходзіла ў кляштары езуітаў. Назаўтра кіраўніцтва перанесла нарады ў палац Казіміра Яна Сапегі (уся маёмасць Сапегаў у ВКЛ рэспубліканцамі была канфіскаваная). 28 верасня Вішнявецкі вынес на раз-гляд удзельнікаў свае прапановы, змест якіх, на жаль, невядомы. На наступны дзень усе ўдзельнікі былі запрошаны генеральным палкоўнікам да яго на імяніны. Святкаванне праходзіла ў лагеры рэспубліканскага войска ВКЛ, які размяшчаўся недалёка ад Горадні. Пры гэтым быў праведзены яго агляд[28].

Тым часам Шчука па дарозе наведаўся да сябе ў Шчучын (Мазавецкі), адкуль толькі 7 кастрычніка выехаў на-рэшце ў Горадню, „дзе, ut fertur, усе справы ўжо па вінны быць укладзены in ordine да згоды, жадаючы іх мі лас цяў паноў Сапегаў зноў дапусціць да булавы, якую б [рэспубліканцы] хацелі мець in suspenso аж да будучага сойма, а гэта для таго, каб гарантаваць сабе амністыю ab universa Reipublicae і для абмежавання яе (булавы. — Д. В.) паўнамоцтваў, але plurimi dubitant, каб іх мі ласці каронныя маглі дапусціць circumscriptionem, бо та ды такое ж абмежаванне магло б з часам praetendi і ў Кароне”[29].

Вечарам 8 кастрычніка Шчука прыехаў у Горадню, з ім адразу ж сустрэўся Міхал Сервацый Вішнявецкі; услед за ім на кватэру падканцлера пачалі прыбываць павятовыя камісары. Назаўтра за паўтары мілі ад Горадні прайшоў попіс войска, на які быў запрошаны таксама і Шчука[30].

Аднак публічны прыём на з’ездзе пасрэднікі атрымалі толькі 12 кастрычніка. У сваёй прамове Шчука заклікаў да згоды з Сапегамі, паколькі нязгода можа быць патрэбная толькі шведскаму каралю, які толькі і чакае, каб выкарыстаць яе ў сваіх інтарэсах. Размова ішла ў тым ліку пра агучанае Карлам ХІІ жаданне правесці дэтранізацыю Аўгуста ІІ. Прыклаўшы ўсё сваё красамоўства, Шчука, які быў адным з найлепшых прамоўцаў Рэчы Паспалітай, падаў усю справу так, што дасягненнем згоды бакі падтрымалі б у першую чаргу караля[31]. Ян Хрызастом Пянёнжак пабудаваў сваю прамову на біблейскіх алюзіях, заклікаючы таксама да згоды, якімі б непераадольнымі не здаваліся супярэчнасці, бо для Бога няма нічога немагчымага. Напрыканцы ён адзначыў, што пасрэднікі не атрымалі ад рэспубліканцаў яшчэ ніякіх прапановаў[32]. Адказваў кожнаму з пасрэднікаў Вішнявецкі, які дзякаваў за намаганні, у тым ліку каралю, але адначасова скардзіўся на Сапегаў[33].

Да канкрэтных прапановаў пасрэднікі прыступілі толькі назаўтра. Шчука, у адпаведнасці з каралеўскай інструкцыяй, адразу ж прапанаваў пагадзіцца на вяртанне Сапегам урадаў і маёнткаў. Пасля працяглай паўзы пачаліся водгукі з боку рэспубліканцаў, якія ўзгадалі пра непарушнасць Алькеніцкай пастановы. Аднак хутка ўдзельнікі з’езда сышліся на думцы, што замірэнне неабходнае, але пагаджаліся на вяртанне толькі ўладанняў. Нараканні выклікаў і прывітальны ліст Сапегаў, зачытаны пасрэднікамі надоечы, подпісы пад якім суправаджаліся іх поўнай тытулатурай. Удзельнікі з’езда пачалі патрабаваць ад пасрэднікаў, каб Сапегі выслалі новы ліст. Шчука з Пянёнжкам ледзьве іх ад гэтага адгаварылі. Тады рэспубліканцы вярнуліся да свайго старога праекта, пададзенага яшчэ ў Варшаве і паўторна агучанага цяпер. Калі Шчука іх і ад гэтага адгаварыў, тыя запатрабавалі, каб Сапегі спачатку прызналі Алькеніцкую пастанову, а потым ужо прасілі пра дараванне і паслабленне накладзеных пакаранняў. Пасля працяглых спрэчак рэспубліканцы агучылі апошняе патрабаванне: каб Казімір Ян Сапега адмовіўся ад вялікай булавы. Шчука запярэчыў, што гэта будзе насуперак праву і польскія паслы на сойме гэтага не дазволяць. Тым не менш, рэспубліканцы дамагліся, каб пасрэднікі выслалі гэтае патрабаванне Сапегам у Тыкоцін[34]. Аднак ні на гэта, ні на прызнанне Алькеніцкай пастановы Казімір Ян Сапега ў лісце да Станіслава Антонія Шчукі ад 14 кастрычніка катэгарычна не пагаджаўся[35].

17 кастрычніка Шчука заявіў, што вялікі гетман не можа адмовіцца ад булавы, але заклікаў не спыняць на гэтым перамовы. Рэспубліканцы ў адказ заявілі, што маюць у сваім распараджэнні доказы „здрады” Сапегаў і абяцалі назаўтра іх абнародаваць. Над перамовамі навісла пагроза зрыву.

Назаўтра, пасля імшы, якую ў езуіцкім касцёле адслужыў віленскі біскуп Канстанцый Казімір Бжастоўскі, паседжанні былі адноўлены. Удзельнікі з’езда спачатку звярнуліся да Шчукі з просьбай агучыць далейшыя прапановы, над якімі ён працаваў з учарашняга дня, але той адмовіўся, пакуль не будуць вырашаны новыя цяжкасці, прапанаваўшы тым самым або пацвердзіць абвінавачанні Сапегаў у здрадзе доказамі, або зняць з парадку дня. Пасля працяглых ваганняў рэспубліканцы выбралі першы варыянт[36].

Яшчэ ад пачатку з’езда хадзілі чуткі пра таемнае пагадненне, нібыта заключанае паміж Сапегамі і Агінскімі. Паводле версіі рэспубліканцаў, яго копія была нібыта прысланая Панцэжынскім (звязаным з Сапегамі) яшчэ летам на Віленскі з’езд, але не была тады прынята да разгляду. Зараз жа на пачатку з’езда яна была абнародавана. На нарадзе рэспубліканцы пастанавілі зрабіць выгляд, быццам хочуць аднавіць гэтае пагадненне. Ім нібыта ўдалося „завабіць” Панцэжынскага заявай, што без арыгінала яны зрабіць гэтага не могуць, і той паабяцаў паказаць арыгінал пагаднення, які захоўваўся ў адным з кляштараў. Калі кіраўніцтва рэспубліканцаў з’ехалася на ўказанае месца, Панцэжынскі дастаў арыгінал і паказаў яго Грыгорыю Антонію Агінскаму. Той узяў пагадненне з яго рук і, не аддаючы, паехаў з ім проста на з’езд і абнародаваў у прысутнасці пасрэднікаў[37].

Дакумент насіў назву „Пункты пагаднення паміж домам яснавяльможных іх міласцяў паноў Сапегаў і яснавяльможным яго міласцю панам Грыгорыем Агінскім, жамойцкім старастам, і домам іх міласцяў паноў Агінскіх”. Паводле яго, жамойцкі стараста абавязваўся: 1) скіраваць усе сілы на вывад з ВКЛ саксонскага войска і больш ніколі яго не ўпускаць; 2) аб’яднаць войска ВКЛ з каронным і шведскім дзеля ратавання свабоды; 3) не дапускаць разам з кароннай шляхтай уступлення Рэ чы Паспалітай у вайну са Швецыяй, нават калі дзеля гэтага давялося б адрачыся ад вернасці каралю; 4) арганізаванае рэспубліканцамі войска прывесці і аддаць пад уладу вялікага гетмана; 5) дапамагаць Сапегам у вяртанні ўрадаў і ўладанняў; пасля Віленскага з’езда, прызначанага на 22 ліпеня, перадаць у валоданне Сапегам іх уладанні, якія да яго трапілі пасля Алькенікаў; 6) на Віленскім з’ездзе клапаціцца пра заключэнне мірнага пагаднення з Сапегамі; калі б гэта не атрымалася — перадаць ім войска; 7) пад дадзеным пагадненнем павінны падпісацца за дом Агінскіх і адказваць сваімі ўладаннямі тыя асобы, якіх назаве прадстаўнік Сапегаў; 8) бакі замацоўвалі пагадненне прысягай. Што цікава, подпісы пад пагадненнем стаялі толькі Казіміра Яна і Бенядзікта Паўла Сапегаў. Пасля яго абнародавання ўнізе была зроблена пазнака, што 18 кастрычніка 1701 г. на Гарадзенскім з’ездзе яно было прэзентавана і публічна прачытана, што пацвердзілі сваімі подпісамі прысутныя пры гэтым генеральны палкоўнік Вішнявецкі, падканцлер Шчука, віленскі біскуп Бжастоўскі, серадзскі ваявода Пянёнжак і холмскі падкаморы Раманоўскі[38].

Натуральна, сам Агінскі заявіў, што ніякіх дамоваў не падпісваў, а яго паводзіны былі нібыта закліканы гэта пацвердзіць, і рэспубліканцы, прынамсі на выгляд, у ім не ўсумніліся[39]. Працягваючы дэманстраваць сваю нявіннасць, жамойцкі стараста загадаў актыкаваць пагадненне ў гарадзенскіх гродскіх кнігах[40]. Сапегі таксама адмаўлялі сваё дачыненне: яшчэ на пачатку з’езда, пасля з’яўлення копіі, Бенядзікт Павел напісаў Шчуку, што „з панам Агінскім ніякага заключэння [пагаднення] не было — гэта вашай міласці пану па сакрэту паведамляю”[41]. Тым самым падскарбі прызнаваў факт перамоваў, але адмаўляў, што яны скончыліся пагадненнем. Зрэшты, перамовы сапраўды мелі месца і, напэўна, не былі вялікім сакрэтам. Пачаліся яны ў Варшаве ў чэрвені перад соймам і працягваліся ў ліпені ў Мсцібаве. Пасрэднікам выступаў менскі стараста Крыштаф Завіша, які адназначна засведчыў, што да пагаднення на іх не дайшло[42]. З’яўленне дакумента было нечаканасцю і для каронных саюзнікаў Сапегаў. Прымас Міхал Радзяёўскі атрымаў яго копію разам з лістом Шчукі ад 19 кастрычніка і, па ўласным прызнанні, спачатку ашукаўся. Прымас пытаўся ў падканцлера: „Ці не тыя гэта пункты, пра якія ў Варшаве шапталіся, што яго міласць пан Агінскі пагадзіўся з Сапегамі, ад’язджаючы з Варшавы?” Далей выказваў меркаванне, што праз гэта не павінны зрывацца перамовы, „хаця б яны былі і сапраўдныя”[43].

Абнародаванне паперы дало прадказальны вынік — пачаліся галасы супраць пагаднення з Сапегамі. Гэта выклікала непакой пры двары. Радзівілаўскі карэспандэнт Ян Антоній Гардына адзначаў 21 кастрычніка ў лісце з Варшавы, што кароль са сваім дваром вельмі разгублены пасля навін з Горадні пра тое, што рэспубліканцы не хочуць замірэння, бо і на яго падзе падазрэнне[44]. На наступны дзень з Варшавы прыйшла процілеглая інфармацыя. Пшэбяндоўскі, які па-ранейшаму выступаў за супрацоўніцтва з Сапегамі, пісаў Шчуку, што нязгода пагражае вялікімі праблемамі на сойме і ўскладніла б магчымыя перамовы са шведамі[45]. У той жа час Длускі, варшаўскі карэспандэнт Шчукі, паведамляў пра настроі пры двары наступнае: „Усе тут як апараныя — выглядаюць адтуль або пацехі, або засмучэння. <…> Улавілі тут, што кароль яго міласць згоды не хоча absolute, процілеглыя бакі per obliqua tacite irritando, і абавязкова жадаючы зрабіць так, каб палякі біліся са шведам”[46]. Як вынікае, Аўгусту сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці кантактаў паміж Сапегамі і Якубам Сабескім, які адным з першых падтрымаў план дэтранізацыі і да якога ў Алаву (Сілезія) у жніўні ездзіў Аляксандр Павел Сапега. Аўгуст пачаў падазраваць апазіцыю ў змове, быў „моцна разгневаны” на вялікага маршалка[47]. У такой атмасферы 23 кастрычніка Пшэбяндоўскі атрымаў ад Шчукі „Пункты да пагаднення”, якія ацаніў як „нейкую загадку”, і пераклаў каралю[48]. Іншая копія трапіла да яго праз каронную канцылярыю. Прынамсі на выгляд Аўгуст быў моцна збянтэжаны[49]. Назаўтра, 24 кастрычніка, каб уратаваць сітуацыю, Аляксандр Павел Сапега вымушаны быў прасіць у караля прабачэння за кантакты з Сабескім. Аўгуст, здавалася, стаў абыякавы да лёсу гарадзенскіх перамоваў, наконт якіх кінуў толькі: „Калі хочуць гінуць, няхай жа гінуць”[50].

Адным словам, кантэкст для падробкі быў выбраны ўдала: пра перамовы з Агінскім было вядома, як і пра кантакты са шведамі. Адсюль зразумела, чаму „Пункты…” адразу былі ўспрыняты неадназначна і выклікалі сумненні, нягледзячы на тое, што зроблены самі па сабе на дастаткова прымітыўным узроўні. Акалічнасці іх з’яўлення — неверагодныя. Яны не маглі быць падпісаны Сапегамі напярэдадні другога Віленскага з’езда, бо на той час яшчэ не існавала шведска-сапежынскага паразумення, ад якога яны адштурхоўваюцца. Шмат якія абставіны таксама выклікаюць здзіўленне (аднабаковае падпісанне, захоўванне арыгінала ў кляштары пад бокам рэспубліканцаў і г. д.). Адзіная мэта, якую маглі ставіць перад сабой іх сапраўдныя аўтары — гэта дыскрэдытацыя Сапегаў праз выяўленне іх інтрыг супраць караля і супрацоўніцтва са шведамі. Прычым з усіх магчымых нядобразычліўцаў найбольшае падазрэнне выклікае сам Агінскі — у разыграным на з’ездзе спектаклі яму належала галоўная роля.

Пасля абнародовання „Пунктаў…” Шчука паставіў пытанне перад удзельнікамі з’езда такім чынам, што замірэнне ў сітуацыі, якая склалася, патрэбнае тым больш, паколькі правал перамоваў пагражае рэалізацыяй агучанага ў іх сцэнарыя пераходу Сапегаў на бок Швецыі, наступствы чаго нават складана сабе ўявіць[51]. Змякчыўшы патрабаванні бакоў, падканцлер падрыхтаваў свой уласны праект: 1) Сапегі з прыхільнікамі атрымліваюць на працягу двух тыдняў усе свае ўладанні; 2) ім жа вяртаюцца ўрады і годнасці, за выключэннем улады над войскам (захоўваецца арганізаванае рэспубліканцамі), якая часова, на працягу двух гадоў, застаецца ў генеральнага палкоўніка Міхала Сервацыя Вішнявецкага ў адпаведнасці з Алькеніцкай пастановай; 3) прэтэнзіі па сапежынскіх даўгах перакладаюцца на Галоўны Трыбунал ВКЛ, дзе павінны разглядацца паводле асаблівага рэестра два дні на тыдзень — у сераду і чацвер; 4) для вырашэння пытання апекі „нойбургскіх уладанняў” ствараецца спецыяльная камісія на чале з віленскім біскупам Канстанцыем Казімірам Бжастоўскім, куды ўваходзяць прадстаўнікі трох зацікаўленых бакоў разам з „нойбургскім” і рашэнне якой з’яўляецца канчатковым; 5) усе маёнткі, якімі раней незаконна валодалі Сапегі, вернутыя цяпер іх сапраўдным уладальнікам, застаюцца пры апошніх, з той агаворкай, што Сапегі могуць аспрэчыць кожнае з такіх рашэнняў у Трыбунале ВКЛ (у тым жа парадку, што і прэтэнзіі да іх саміх); 6) скарбовыя кантракты, заключаныя рэспубліканцамі, застаюцца ў сіле да будучага сойма; 7) усе крыўды ўзаемна даруюцца; 8) у выпадку помсты за мінулае або парушэння каэквацыі кароль сваімі ўніверсаламі склікае супраць парушальнікаў паспалітае рушанне; 9) заключанае пагадненне на сойме зацвярджаецца асобнай канстытуцыяй[52].

Зачытаўшы праект перад удзельнікамі з’езда, падканцлер заклікаў абмяркоўваць канкрэтныя пункты, а не замыкацца на „здрадзе”. У адказ побач з пратэстацыямі (як супраць асобных пунктаў, так і супраць праекта ў цэлым) прагучала слушная заўвага: паколькі размова ідзе пра здраду манарху, то спачатку трэба дачакацца яго рэакцыі, а паўнамоцтвы Шчукі як пасрэдніка павінны быць прыпынены. Шчука парыраваў, што бярэ ўсю адказнасць на сябе і гатовы асабіста адказваць перад каралём. Пасля працяглага маўчання было вырашана выслухаць сенатараў. Жамойцкі біскуп Ян Крышпін-Кіршэнштэйн выказаўся за мірнае пагадненне, і астатнія, у прынцыпе, яму не пярэчылі. Выказваліся толькі розныя ўмовы: ад Сапегаў патрабавалі адмовіцца ад булавы, задаволіць фінансавыя прэтэнзіі, вывесці з ВКЛ шведаў. Прагуча ла таксама думка адхіліць іх ад урадаў на тры гады; большасць, аднак, схілялася да ідэі прызнаць за Сапе гам тытул вялікага гетмана, пазбавіўшы рэальных паўнамоцтваў. У цэлым сенатары схіляліся да праекта Шчукі, та му пасрэднікам было даручана пісаць Сапегам яшчэ раз[53].

У лісце да Сапегаў Шчука падрабязна ахарактарызаваў пазіцыі, якія займалі прадстаўнікі рэспубліканскай вярхушкі. Адзінства сярод іх не было. Адным з най больш цяжкіх і прынцыповых пытанняў была апека „нойбургскіх” уладанняў — Караль Станіслаў Радзівіл патрабаваў прызнання яе сабе і катэгарычна не пагаджаўся ні на стварэнне найвышэйшай камісіі, ні на прызначэнне са свайго боку для перамоваў трох давераных асобаў. Другая праблема была ў маёмасных і фінансавых прэтэнзіях да Сапегаў. Рэспубліканцы не пагаджаліся на прапанову Шчукі перадаць усе такія справы на разгляд Трыбунала, а настойвалі на стварэнні спецыяльнай камісіі і прызначэнні камісараў са свайго кола, прычым не хацелі аддаваць Сапегам маёнткаў да таго часу, пакуль усе прэтэнзіі не будуць задаволены. Праўда, шмат хто выказваў гатоўнасць да саступак у гэтым пытанні, але катэгарычна супраць выступілі браслаўскі маршалак Уладзіслаў Казімір Бяганскі і вялікі стражнік ВКЛ Людвік Канстанцый Пацей. Падканцлер зразумеў, што без вырашэння прыватных прэтэнзій не атрымаецца зрушыць з месца і палітычныя справы. Вяртанне ўрадаў Сапегам, асабліва булавы, выклікала цяжкасці ў тым плане, што рэспубліканцы сцвярджалі, быццам асцерагаюцца з іх боку помсты. Каралеўская гарантыя іх не задавальняла, бо ў се папярэднія дамовы былі сарваны нягледзячы на яе наяўнасць. Шчука, не ўяўляючы, што тут яшчэ можна прыдумаць, прапанаваў у якасці гарантыі свае ўласныя ўладанні і „сваю асобу”, але гэта было ўспрынята як жарт. Пра пакрыццё шкоды, нанесенай сапежынскім уладанням, і адказнасці за крымінальныя злачынствы (забойствы), здзейсненыя пасля Алькенікаў, рэспубліканцы не хацелі і слухаць, таму Шчука прапанаваў Сапегам дараваць узаемна крыўды і пагадзіцца на ўсеагульную амністыю. Таксама падканцлер ставіў перад імі пытанне запазычанасці чарэйскіх уладанняў, спаслаўшыся на каралеўскую інструкцыю, і пытаўся, як быць з рэспубліканскімі кантрактамі на збор скарбовых паступленняў. Акрамя таго, прасіў паўплываць на сваіх прыхільнікаў сярод удзельнікаў з’езда, каб тыя не маўчалі, а аказвалі яму падтрымку. Да ўсіх цяжкасцяў дадалася рэзкая змена пазіцыі Агінскага, які „зразу быў добры” і настроены на замірэнне, а пасля гісторыі з „пагадненнем” моцна пакрыўдзіўся і ўсяляк гэта дэманстраваў. Услед за ім падліваў масла ў агонь жамойцкі харужы Казімір Заранак. Пачаліся, між іншым, новыя абвінавачанні ў супрацоўніцтве са шведамі[54].

Сапегі, адказваючы на ліст Шчукі, па многіх пунктах выказвалі па-ранейшаму цвёрдую пазіцыю, месцамі нават ішлі на абвастрэнне. Па „нойбургскім пытанні”, напрыклад, гатовыя былі спыніць перамовы, паколькі былі ўпэўнены ў сваёй слушнасці і лічылі, што прыватныя інтарэсы Радзівіла не павінны перашкаджаць замірэнню. Адносна маёмасных спрэчак прымалі прапанову Шчукі (зрэшты, ужо адкінутую апанентамі) наконт вырашэння іх праз Трыбунал, з тым аднак удакладненнем, што там жа будуць разглядацца іх уласныя прэтэнзіі, а таксама справы ўсіх, чые ўладанні пацярпелі за гэты час ад рэспубліканцаў. Адначасова яны выказвалі здзіўленне наконт рэспубліканскай прапановы стварэння спецыяльнай камісіі, „як бы іх міласці Галоўным Трыбуналам не давяралі”, і бачылі ў гэтым спробу стварэння фактычна новага судовага органа без дазволу сойма. Свае даўгі, на вяртанні якіх настойвалі апаненты, Сапегі падзялілі на тры катэгорыі. Да першай аднеслі пазыкі, узятыя імі як міністрамі на дзяржаўныя патрэбы — вяртацца яны таксама павінны былі з дзяржаўных сродкаў. Да другой — пратэрмінаваныя прыватныя, наконт якіх можна будзе па-добраму дамовіцца. Да трэцяй — усе астатнія, якія абяцалі выплаціць, як толькі атрымаюць назад свае маёнткі. Прычым яны адмаўлялі, што нешта вінаватыя браслаўскаму маршалку Бяганскаму, які больш за ўсё настойваў на камісіі. А Пацеі, паводле іх, дарэмна вінавацяць падскарбія ў прысваенні сумы (100 тыс. злотых), якую ён павінен быў выплаціць са скарбу спадчыннікам Агінскага (канцлера Марцыяна; Сапегі былі вінаватыя Пацеям розныя сумы яшчэ пасля віцебскага ваяводы Леанарда. — Д. В.), бо яна ўжо збольшага выплачана, а калі штосьці яшчэ і засталося, і гэта пацвердзіць калькуляцыя, то выплаціць, як толькі атрымае доступ да ўрада. Скліканне паспалітага рушання ў выпадку парушэння пагаднення павінна быць забаронена, паколькі баяцца помсты ў першую чаргу трэба ім, Сапегам, а не рэспубліканцам. Магнаты лічылі верхам несправядлівасці, калі б былі дараваныя шкоды, нанесеныя іх уладанням (прыўлашчаны чынш, спаленыя вёскі і гарады, выразаныя сяляне, каля 1 млн. злотых водкупу і сотні тысяч, забраныя ў купцоў). Не пагаджаліся таксама на дараванне крымінальных злачынстваў. Адзінае, што прымалі, — гэта вяртанне Лехману скарбовага доўгу з чарэйскіх уладанняў. Супраць жа скарбовых кантрактаў, заключаных рэспубліканцамі, выступалі адназначна — паўнамоцтвы падскарбія мусілі быць вернуты ў поўным аб’ёме. Сапегі апраўдваліся перад Шчукам, што не могуць заклікаць сваіх прыхільнікаў выказваць падтрымку на з’ездзе, паколькі рэспубліканцы (Коцел) пагражаюць ім фізічнай расправай. Адносна паводзін Агінскага заявілі, што самі шакаваныя з’яўленнем фальшыўкі, у сувязі з чым просяць для жамойцкага старасты мандатаў на сойм. Абвінавачанні ў супрацоўніцтве са шведамі называлі „больш чым хлуснёй, такой жа, як і згаданы дакумент, выдуманай нікчэмнымі людзьмі”[55]. Просьба выдаць мандаты сапраўды была накіравана каралю, што толькі яшчэ больш абвастрыла адносіны і негатыўна адбілася на перамовах[56].

21 кастрычніка на з’ездзе Шчука з пасрэднікамі зноў вымушаны быў агітаваць за свой праект, пераконваючы прысутных, што ён адлюстроўвае больш інтарэсы шляхты ВКЛ, а не Сапегаў. Рэспубліканцы тым часам дамагаліся поўнага складання вялікім гетманам сваіх паўнамоцтваў. Адначасова настойвалі, што ўладанні Сапегам не могуць быць вернуты да таго часу, пакуль усе прэтэнзіі да іх не будуць разгледжаны кампрамісарскім судом. На з’ездзе быў падрыхтаваны вялізны спіс гэтых прэтэнзій, якія ў суме дасягалі 7 млн. злотых[57].

Назаўтра, 22 кастрычніка, сітуацыя толькі ўсклад-нілася. Усю першую палову дня Шчука ў прыватным парадку размаўляў з камісарамі, якія выступалі супраць прапанаваных умоваў, і спрабаваў давесці, што іх па трабаванні супярэчаць праву і самім асновам дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. З пачаткам паседжанняў сітуацыя не змянілася, а жамойцкі харужы Казімір Заранак нават выйшаў з пратэстацыяй, патрабуючы поўнага складання Казімірам Янам Сапегам паўнамоцтваў вялікага гетмана. Шчука ў сваім выступленні прапанаваў заявіць уголас, хто гатовы ўзяць на сябе адказнасць за наступствы і сарваць перамовы. Пасля працяглага маўчання прысутныя пагадзіліся падрыхтаваць свой уласны варыянт праекта[58].

Праект быў дасланы рэспубліканцамі Шчуку ў той жа дзень а 10-й гадзіне ночы, з агаворкай, што гэта іх апошнія патрабаванні. Ён уключаў наступныя пункты: 1) у выпадку вайны са Швецыяй улада над войскам па-ранейшаму павінна належаць генеральнаму палкоўніку нават пасля заканчэння тэрміну дзеяння Алькеніцкай пастановы (двух гадоў. — Д. В.); потым, у выпадку якой-небудзь іншай вайны, яна будзе перададзена гетману толькі па рашэнні сойма (пры ўмове яго паспяховага завяршэння); 2) вялікі маршалак павінен захаваць свае паўнамоцтвы (месца ў сенаце, раздаванне галасоў, нясенне перад каралём жазла і інш.), за выключэннем судовых, якія пераходзілі пажыццёва (або да павышэння Сапегі) да маршалка надворнага; 3) падскарбі таксама мог па-ранейшаму выконваць свае абавязкі, за выключэннем збору мытных паступленняў, які ў адпаведнасці з Алькеніцкай пастановай быў перададзены на два гады ў арэнду Коцелу з Агінскім і павінен быў заставацца за імі да заканчэння кантракту; 4) вяртанне Сапегам уладанняў павінна адбыцца на працягу пяці тыдняў ад моманту падпісання пагаднення, пры ўмове задавальнення на працягу гэтага тэрміну прэтэнзій усіх несправядліва імі пакрыўджаных, што атрымалі адпаведныя дэкрэты ў Трыбунале ВКЛ у парадку, вызначаным Алькеніцкай пастановай; 5) апека „нойбургскіх уладанняў” застаецца Радзівілам у адпаведнасці з Алькеніцкай пастановай; 6) падзел іўеўскіх уладанняў Сапегаў паміж параненымі і нашчадкамі забітых ў Алькеніцкай бітве застаецца ў сіле; 7) застаюцца ў сіле таксама ўсе астатнія рашэнні, якія ўключае ў сябе Алькеніцкая пастанова[59].

Шчука адказаў на ўсе гэтыя прапановы, што „пагадненне не толькі не рухаецца наперад, але ідзе назад”, паколькі раней рэспубліканцы былі не супраць вяртання Сапегам міністэрскіх урадаў, а праблема была толькі ў паўнамоцтвах вялікага гетмана. Падканцлер быў настроены ўжо на развітанне, але яго пераканалі паправіць у сваім праекце некаторыя пункты, спадзеючыся, што Сапегі іх таксама прымуць[60].

У выніку наступны варыянт праекта Шчукі ўтрымліваў далейшыя саступкі на карысць рэспубліканцаў. Першы пункт, наконт вяртання Сапегам уладанняў, захоўваўся ў ранейшым выглядзе. Другі, якім вярталіся ўрады, быў прыняты ў рэспубліканскай рэдакцыі: войска заставалася пад камандаваннем Вішнявецкага не проста да сканчэння тэрміну дзеяння Алькеніцкай пастановы, але, у выпадку вайны, і пасля гэтага, і магло быць перададзена Сапегу толькі па рашэнні сойма. У трэцім пункце замест Галоўнага Трыбунала для разгляду прэтэнзій да Сапегаў і іх даўгоў быў прапанаваны кампрамісарскі суд, які павінен быў пачаць працу ў Горадні праз два тыдні пасля рэляцыйных соймікаў. Для гэтага рэспубліканцы зараз жа на з’ездзе павінны прызначыць са свайго боку шэсць суддзяў з ліку незацікаўленых асобаў, якія не маюць да Сапегаў ніякіх прэтэнзій; столькі ж са свайго боку прызначаць Сапегі. Акрамя таго, бакі абяруць яшчэ адну (трынаццатую) асобу за маршалка. Суд павінен прымаць рашэнні большасцю галасоў і судзіць на ўзор Трыбунала. У чацвёртым пункце пакідалася прапанова стварэння камісіі на чале з біскупам Бжастоўскім для вырашэння пытання апекі „нойбургскіх” уладанняў. Пяты пункт захоўваўся ў ранейшым выглядзе (вяртанне ранейшым уладальнікам спрэчных маёнткаў, адабраных у Сапегаў, і вяртанне доўгу з чарэйскіх уладанняў) з той толькі розніцай, што Сапегі маглі аспрэчыць гэтыя рашэнні не ў Трыбунале, а на згаданым вышэй кампрамісарскім судзе. Апошнія чатыры пункты пакідаліся без зменаў: скарбовыя кантракты захоўваліся ў сіле да сойма; крыўды ўзаемна дараваліся; у выпадку парушэння пагаднення кароль сваімі ўніверсаламі склікаў паспалітае рушанне (як гарантыя ад помсты); на сойме пагадненне зацвярджалася канстытуцыяй[61]. Частка рэспубліканцаў, аднак, не хацела адступаць ад ранейшых патрабаванняў. Спрэчкі працягваліся да ночы, калі нарэшце было вырашана паслаць гэты праект Сапегам з той умовай, што гэта канчатковы варыянт і далейшых саступак не будзе[62]. Аднак пры гэтым, як вынікае, нават на яго не было ўсеагульнай згоды. Пазней у гэтым праекце была зроблена невялікая папраўка: пасля слоў пра гарантыі ад магчымай помсты была ўстаўлена фраза „пасля вяртання верхавенства і ўлады” для канкрэтызацыі, пра каго ідзе размова[63].

На гэты раз Сапегі пайшлі насустрач, прыняўшы, хаця і з агаворкамі, кампрамісарскі суд, найвышэйшую камісію па „нойбургскіх” уладаннях і інш. Больш падрабязна іх пазіцыя выкладзена ў лісце да Шчукі ад 24 кастрычніка. Напачатку было катэгарычна заяўлена, што Алькеніцкая пастанова не можа быць прынята імі ні цалкам, ні часткова. Магнаты лічылі, што ў іх больш падставаў хвалявацца за сваю бяспеку, таму прапанавалі перадаць войска да сойма палявому гетману Юзафу Багуславу Слушку (замест Вішнявецкага. — Д. В.) ці якой-небудзь іншай нейтральнай асобе. Выказвалася згода замест Трыбунала на кампрамісарскі суд, які б пад час сойма ў Варшаве разглядаў даўгі і прэтэнзіі па спрэчных маёнтках. Апеку „нойбургскіх” уладанняў Сапегі пагаджаліся вынесці на разгляд спецыяльнай камісіі на чале з прымасам Міхалам Радзяёўскім (замест Бжастоўскага. — Д. В.), у якую б увайшлі ў якасці пасрэднікаў віленскі біскуп Бжастоўскі, вармінскі біскуп Залускі і яшчэ дзве ці тры асобы з абодвух бакоў (пры ўмове згоды на такі варыянт таксама „нойбургскага” боку). Скарб павінен быў перайсці ў поўнае распараджэнне падскарбія адразу пасля падпісання дамовы. Апошні абяцаў цалкам выплаціць чарэйскі доўг на згаданым кампрамісарскім судзе ў Варшаве. Далей магнаты пагаджаліся на ўзаемнае дараванне крыўдаў, за выключэннем крымінальных злачынстваў, а таксама прысвоеных прыбыткаў і праведзеных пабораў. Як рэспу блі канцы будуць іх вяртаць — ці кожны паасобку, ці неяк цэнтралізавана — ім прапаноўвалася вырашыць самім. У выпадку парушэння пагаднення кароль і „ўся Рэч Паспалітая” павінны будуць дапамагчы пацярпеламу боку „войскамі і кароннымі ваяводствамі” (замест паспалітага рушання ВКЛ. — Д. В.). Аднак Сапегі ўсё адно выказвалі сумненне, што рэспубліканцы, нават падпісаўшы дамову, не будуць шукаць помсты. Прасілі таксама перадаць усё гэта Раманоўскаму і Пянёнжку, паведаміўшы, што гэта іх апошняе рашэнне. Напрыканцы яшчэ раз вярталіся да пытання выбранага з іх уладанняў за бягучы год чыншу, які павінен быць вернуты ў поўным аб’ёме, а тое, што было прысвоена раней, прапанавалі таксама вынесці на кампрамісарскі суд[64].

Канчаткова праект пагаднення пасля ўнесеных Сапегамі паправак выглядаў наступным чынам: 1) вяртанне сапежынскіх уладанняў на працягу двух тыдняў, для чаго прызначаецца двухбаковая камісія; 2) вяртанне урадаў і годнасцяў, за выключэннем улады над войскам, якое да сойма пераходзіць пад камандаванне палявога гетмана Слушкі, а ўжо на сойме прымаецца канчатковае рашэнне; 3) вынясенне даўгоў і ўзаемных прэтэнзій на кампрамісарскі суд, які пачне працу праз два тыдні ад пачатку сойма і ў склад якога ўвойдуць па шэсць незацікаўленых асобаў з кожнага боку і дырэктар, выбраны шляхам кампрамісу; перад гэтым касуюцца ўсе выракі, вынесеныя па дадзеных справах пасля Алькенікаў; 4) вырашэнне лёсу „нойбургскіх” уладанняў спецыяльнай камісіяй, якая збіраецца ў Варшаве на чале з прымасам Міхалам Радзяёўскім і ў складзе віленскага біскупа Бжастоўскага, вармінскага біскупа Залускага і яшчэ шасці асобаў ад зацікаўленых бакоў; 5) пераход скарбу ў распараджэнне падскарбія, які са свайго боку прызнае ўсе асігнацыі па заключаных рэспубліканцамі скарбовых кантрактах; 6) усеагульная амністыя і дараванне крыўдаў, за выключэннем крымінальных, а таксама шкоды, нанесенай сапежынскім уладанням, якая павінна быць кампенсавана, што асабліва датычыла прысвоенага нядаўна чыншу (наконт ранейшых пабораў за Сапегамі захоўваецца права дамагацца іх вяртання праз кампрамісарскі суд); 7) гарантыя ад помсты ці парушэння каэквацыі ў выглядзе ўзброенай дапамогі з боку караля, кароннага войска і польскай шляхты; 8) зацвярджэнне пагаднення канстытуцыяй і перадача яго ў друк[65].

25 кастрычніка Шчука агучыў пазіцыю Сапегаў перад удзельнікамі з’езда. Спадзявацца, што частковыя саступкі зробяць праект цалкам прымальным для рэспубліканцаў, не выпадала, але прынамсі яны дазвалялі рухацца далей[66]. Аднак нічога падобнага не адбылося. Пачаліся галасы супраць далейшых перамоваў. Шчука, якому дапамагаў і Вішнявецкі, да трэцяй гадзіны дня пераконваў удзельнікаў пагадзіцца хаця б на яго праект і паведаміць пра гэта Сапегам, каб на іх лягла віна за зрыў перамоваў. Але ўсё было дарэмна: праціўнікі пагаднення заявілі, што „ад сваіх пунктаў не адступяць і пойдуць з імі да Рэчы Паспалітай” (на сойм). Пачаліся пагрозы на адрас тых, хто спрыяў Сапегам, у тым ліку, верагодна, пасрэднікаў[67]. Урэшце падканцлер занатаваў на адвароце свайго апошняга праекта: „Рвецца згода на тым, каб [Сапега] паклаў булаву”, дадаўшы ніжэй: „Ці варта пералічыць, хто [вінаваты]: 1. Яго міласць пан харужы літоўскі (магчыма, жамойцкі. — Д. В.); 2. Яго міласць пан [Крыштаф Дамінік Пузына], упіцкі стараста; 3. Яго міласць пан [Людвік Якуб] Хамінскі, ашмянскі камісар; 4. [Грыгорый Юзаф Катовіч], гарадзенскі харужы (апошні пункт выкраслены. — Д. В.)”[68].

Пасля зрыву перамоваў заставалася толькі лімітаваць з’езд і раз’ехацца. Ужо 25 кастрычніка быў гатовы адказ на каралеўскую інструкцыю для Шчукі, дзе лёс перамоваў згадваўся ў агульных рысах, а ўся ўвага была засяроджана на апошніх пунктах, якія датычылі каралеўскіх інтарэсаў. Наконт паступленняў з Шавельскай эканоміі рэспубліканцы прасілі караля „цярпліва пачакаць” да сойма. Мытныя паступленні па скарбовых кантрактах, як было заяўлена, пайшлі на войска, і адміністратары цяпер іх выплаціць не могуць, у сувязі з чым прасілі адтэрміноўкі на год, да канца кантракту. Таксама было заяўлена, што каралеўскі кантракт на арэнду мытні Лехман не датрымаў (толькі за першы квартал 1701 г.), у чым сам вінаваты, але ўнесеная сума будзе яму вернута. Клапаціцца ж пра вяртанне Лехману сапежынскіх даўгоў (вялікага гетмана і маршалка) рэспубліканцы фармальна не павінны і могуць толькі параіць звярнуцца ў Трыбунал ВКЛ[69].

Назаўтра быў падрыхтаваны ліст ад з’езда да каронных ваяводстваў, дзе на пачатку звярталася ўвага на дэспатычныя паводзіны шведаў у Курляндыі і на поўначы ВКЛ. Уся віна за зрыў перамоваў ускладалася на Сапегаў, якія па-ранейшаму „палаюць помстай”, што толькі даказвае „аўтэнтычны дакумент, выяўлены на нашым з’ездзе, уласнымі рукамі іх міласцяў падпісаны, складзены на дэтранізацыю караля яго міласці <…> і на ўвядзенне шведаў” (копія прыкладалася). Аднак, адклаўшы гэты „доказ” да сойма, рэспубліканцы, з іх слоў, па-ранейшаму былі гатовы да перамоваў і нават пагаджаліся на скасаванне накладзеных на Сапегаў пакаранняў, адмову ад прэтэнзій па нібыта прысвоеных падатках, на вяртанне ўладанняў і ўрадаў (з затрыманнем хіба што апошніх на пэўны час дзеля ўласнай бяспекі), абы толькі былі задаволеныя прэтэнзіі да Сапегаў з боку крэдытораў, якія ацэньваліся ўжо на 8 млн. злотых. Але потым пераканаліся, што супрацоўніцтва Сапегаў са шведамі працягваецца, і што тыя ўжо нібыта нават прынялі шведскую пратэкцыю, каб аднавіць сваё панаванне ў ВКЛ, і таму наўмысна адкідалі ўсе прапановы і саступкі[70]. Звяртае на сябе ўвагу велізарная па тых часах сума прэтэнзій да Сапегаў. Нават калі мела месца пэўнае перабольшанне, усё адно можна канстатаваць, што напярэдадні Алькенікаў Сапегі былі на мяжы банкруцтва. Такімі былі кошты падтрымання палітычнай геге моніі і палітыкі, накіраванай на пашырэнне ўладанняў[71].

26 кастрычніка Гарадзенскі з’езд быў лімітаваны. У акце лімітацыі віна за зрыў перамоваў зноў жа ўскладалася на Сапегаў. Потым былі пералічаны іншыя справы, якія абмяркоўваліся на з’ездзе. Была прызначана камісія для праверкі разлікаў з войскам, выпраўлены тарыф гіберны і скасаваны папярэдні варыянт, прыня ты пад Алькенікамі. Былі звольнены ад гіберны ўла данні духавенства, гарады Магілёў, Горадня і Ліда (у адпаведнасці з соймавымі канстытуцыямі) і шэраг прыват ных асобаў. Тое самае датычыла рэпартыцыі войска ВКЛ (раскладкі на паветы): прынятая пад Алькенікамі касавалася, а замест яе зацвярджалася новая. Таксама ў акт лімітацыі былі ўнесены некаторыя рашэнні па ўладаннях былых сапежынцаў: Яну Шрэтэру (Шротэру), скарбнаму ВКЛ, былі вернуты Раклішкі ў Лідскім павеце, а Ізабэла Алена з Палубінскіх, жонка Юрыя Станіслава Сапегі, якая выплаціла на войска ВКЛ 120 тыс. злотых, была зацверджана ў сваіх спадчынных уладаннях. З’езд быў лімітаваны да 6 сакавіка 1702 г.[72]. Аднак узнавіць яго ў гэты час не атрымалася з-за пагрозы шведскага наступлення. У сувязі з паспешным заканчэннем Гарадзенскага з’езда акт яго лімітацыі падпісала адносна мала ўдзельнікаў (гл. дадатак 1)[73]. На развітанне выступіў Ян Хрызастом Пянёнжак, які выказаў шкадаванне, што Алькеніцкая пастанова стала краевугольным каменем, аб які разбіліся намаганні пасрэднікаў, а таксама надзею, што перамовы будуць працягнуты на сойме і скончацца пагадненнем[74]. Зрэшты, і самі рэспубліканцы, як вынікае з акта лімітацыі і лістоў да каронных ваяводстваў, фармальна не адмаўляліся ад іх узнаўлення.

Вішнявецкі пасля з’езда затрымаўся ў Горадні, каб скончыць рэпартыцыю (фармальна ўжо зацверджаную!)[75]. 1 лістапада войска з-пад Горадні было накіравана на кватэры[76]. Акрамя Вішнявецкага, затрымаліся таксама Ко цел і Пацей. Астатнія лідары і большасць удзельнікаў хутка раз’ ехаліся. Аказалася, што праблема знайсці ах вотных данесці пра вынікі каралю. Спачатку планавалася, што ў Варшаву паедзе надворны падскарбі Мікалай Францішак Агінскі з лідскім гродскім пісарам Янам Сцы піё нам, але апошні адмовіўся. Тады было прапанава на Юзафу Міхалу Краеўскаму, аршанскаму чашніку і камісару (менавіта на яго і Агінскага імя складзена ін струкцыя), але і той не гарэў жаданнем і так сама ад мо віўся. Урэшце пагадзіўся ехаць ашмянскі камісар, обер-лейтэнант Геранім Важынскі[77].

Інструкцыя паслам да караля змяшчала амаль даслоўны пераказ інструкцыі да каронных ваяводстваў і выкладзеных там аргументаў, потым ішлі розныя прыватныя просьбы. У першую чаргу ўзгадваліся фінансавыя інтарэсы прынца Якуба Сабескага (верагодна, звязаныя з Шавельскай эканоміяй). Перадавалася скарга шляхты Рэчыцкага павета на казакоў, якія нарабілі шмат шкоды на шляху з Украіны ў Інфлянты. Далей ішла скарга данатарыушаў Гарадзенскай, Магілёўскай, Берасцейскай і Аліцкай эканомій на саксонскіх рэвізораў-вайскоўцаў, якія прыраўнялі дробную шляхту да сялян, абкладаючы гібернай і рознымі паборамі. Паслы павінны былі прасіць караля, каб звольніў шляхту і не прызначаў больш саксонцаў у эканамічныя ўладанні. Таксама ішло заступніцтва за саноцкім чашнікам Зыгмунтам Стрыенскім, адміністратарам Гарадзенскай эканоміі, якога саксонцы адхілілі ад кіравання, нягледзячы на кантракт[78].

Паслы прыбылі ў Варшаву 22 лістапада[79]. У адказе Аўгуста ІІ на дадзеную ім інструкцыю спачатку ішлі кампліменты ўдзельнікам з’езда, у тым ліку запэўненне, што кароль не забыўся на падтрымку літоўскай шляхты падчас элекцыі. Далей выказвалася шкадаванне з нагоды правалу перамоваў. Аўгуст звяртаў увагу, што шведы ўсё далей пранікаюць у ВКЛ, і таму „ў гэты час вельмі патрэбнае грамадзянскае адзінства, страшнае ворагам”. Далей заклікаў „прыступаць да згоды і з такой лёгкасцю прыехаць на будучы сойм, каб на самым пачатку sine mora адбылося пажаданае замірэнне”. Кароль паведамляў, што задаволіць інтарэсы Якуба Сабескага, а таксама паставіць перад расійскім царом пытанне кампенсацыі за нанесеныя казакамі шкоды. Што тычылася данатарыушаў, то ў эканамічных уладаннях пасэсія ў прынцыпе забаронена, а калі хтосьці хоча яе там мець, то павінен несці павіннасны цяжар побач з сялянамі. Просьбу пакінуць Стрыенскага адміністратарам кароль абяцаў адкласці на свае скарбовыя суды[80]. У лісце да Шчукі Аўгуст ІІ мог толькі выказаць шкадаванне з нагоды правалу перамоваў і абяцаў прыкласці на сойме ўсе сілы, каб яны скончыліся паспяхова[81].

Прапагандысцкія захады прынялі і Сапегі. 28 кастрычніка яны разаслалі зварот да шляхты, якую спрабавалі пераканаць, што рэспубліканцы таму не захацелі з імі мірыцца, каб „дашчэнту нас загубіць, а з намі і Вялікае Княства Літоўскае вывярнуць, вашым міласцям панам дыктатуру навязаць задумалі”. Таксама інфармавалі, што выдалі некалькім асобам мандаты на сойм. Але разам з тым заклікалі шляхту, каб даручыла паслам дамагацца на сойме пагаднення[82].

Як вядома, пад ціскам каронных сенатараў і паслоў 16 студзеня 1702 г. на сойме такое пагадненне было заключана: рэспубліканцы пагадзіліся без агаворак на вяртанне Сапегам ўрадаў і маёнткаў, усе прэтэнзіі вырашаліся ў судовым парадку, крыўды і шкоды дараваліся (за выключэннем забойства Міхала Францішка Сапегі), а для вырашэння „нойбургскага пытання” стваралася спецыяльная камісія на чале з прымасам[83]. Як бачым, умовы, на якіх была дасягнута згода, набліжаліся да ўмоваў апошняга тыкоцінскага праекта Сапегаў, пры невялікіх саступках з боку апошніх. Тое, што яно аказалася непрацяглым, шмат у чым было прадвызначана зменамі, якія адбыліся за перыяд ад заканчэння Гарадзенскага з’езда да сойма.

Правал гарадзенскіх перамоваў меў выключна негатыўныя наступствы. Адразу са з’езда Агінскі паехаў у Жамойць, рашуча настроены на ўзброены адпор шведам[84]. У канцы лістапада 1701 г. курляндскі князь Фердынанд, як давераная асоба Аўгуста ІІ, прапанаваў расійскаму паслу ў Варшаве Грыгорыю Фёдаравічу Даўгарукаму праект выкарыстання дывізіі Агінскага супраць шведскіх войск у Курляндыі пры адначасовым расійскім наступленні на Інфлянты[85]. 25 снежня 1701 г. царскі пасланнік Павел Нікіфаравіч Гатоўцаў сустрэўся з Агінскім у Коўне і дамовіўся, што той будзе працягваць вайну супраць шведаў узамен за царскае ўзнагароджанне і абяцанне вайсковай дапамогі[86]. На мяжы 1701–1702 г. рэспубліканцы выслалі ў Расію пасольства шукаць дапамогі супраць шведаў, якое, як вядома, прывяло да заключэння пагаднення і ўступлення ВКЛ у Паўночную вайну. У такіх умовах пагадненне, падпісанае ў Варшаве 16 студзеня 1702 г., не мела ўжо практычнага значэння, было хутчэй саступкай польскім палітычным колам. Прычым Сапегі ставіліся да яго аналагічна і нават у сам Аўгуст ІІ ухваліў гэтую дамоўленасць.дзень заключэння пісалі Карлу XII пра намер у хуткім часе прыбыць да яго асабіста[87].

Разам з тым пагадненне засведчыла адсутнасць легітымных падставаў улады рэспубліканцаў, вымушаных адступіць ад „вечнай і непарушнай” Алькеніцкай пастановы і іншых сваіх аднабаковых рашэнняў. У такіх умовах пераход Сапегаў на бок Швецыі і наступнае прызнанне іх здраднікамі было ў пэўным сэнсе ім выгаданым — як адзіны шанец для затрымання ў руках улады і ўсіх здабыткаў. Невыпадкова ў хуткім часе яны стануць у Рэчы Паспалітай фактычна „партыяй вайны”, найбольш адданымі прыхільнікамі каралеўскай палітыкі. Як можна меркаваць, пачатак такому курсу быў пакладзены на Гарадзенскім з’ездзе па ініцыятыве радыкальнага крыла групоўкі на чале з Агінскім.

Дадатак 1. Удзельнікі Гарадзенскага з’езда 1701 г.[88]

Дырэктар:

генеральны палкоўнік Міхал Сервацый Вішнявецкі[89]*

Сенатары і цэнтральныя ўраднікі:

канцлер ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл, віленскі біскуп Канстанцый Казімір Бжастоўскі[90]а, жамойцкі стараста Грыгорый Антоній Агінскіа, троцкі кашталян Міхал Казімір Коцела*, віцебскі кашталян Казімір Аляксандр Пацейа, жамойцкі біскуп Ян Крышпін-Кіршэнштэйн, інфлянцкі кашталян Уладзіслаў Францішак Берг, надворны падскарбі ВКЛ Мікалай Францішак Агінскіа*, мечнік ВКЛ Марцыян Міхал Агінскіа* (але на папярэднім Віленскім з’ездзе — як віцебскі камісар), стражнік ВКЛ Людвік Канстанцый Пацейа*, рэферэндар ВКЛ Ян Уладзіслаў Бжастоўскіа.

Павятовыя камісары:

віленскі стольнік Стафан Казімір Хамінскі (віленскі камісар), лідскі падкаморы Уладзіслаў Нарбут (лідскі камісар)а*, лідскі земскі пісар Міхал Ян Александровіч (лідскі камісар)*, лідскі гродскі пісар Ян дэ Кампа Сцыпіён (лідскі камісар), ашмянскі харужы pro tunc Людвік Якуб Хамінскі (ашмянскі камісар), Геранім Важынскі (ашмянскі камісар)*, вількамірскі зем скі суддзіч Францішак Ігнацый Казімір Шырвінскі (вількамірскі камісар)а*, браслаўскі маршалак Казімір Уладзіслаў Бяганскі (браслаўскі камісар)а, ужвенцкі старас та Дамінік Война (троцкі камісар), упіцкі стольнік Базылі Корвін-Крукоўскі (троцкі камісар), гарадзенскі падстолі Аляксандр Левальт-Язерскі (гарадзенскі камісар)*, гарадзенскі земскі суддзя Крыштаф Віктарыян Юндзіл (гарадзенскі камісар), гарадзенскі харужы і судовы падстараста Грыгорый Юзаф Катовіч* (быў, верагодна, гарадзенскім камісарам, прынамсі, у такім статусе браў удзел у папярэднім Віленскім з’ездзе), ковенскі стольнік Юрый Дамінік Даўмонт (ковенскі камісар)а*, упіцкі падстолі Караль Павел Белазор (упіцкі камісар), жамойцкі харужы Казімір Заранак (жамойцкі камісар)а, новагародскі стольнік Павел Міхал Вонгль-Свідэрскі (нова гародскі камісар), ваўкавыскі войскі Геранім Калан тай (ваўкавыскі камісар), ваўкавыскі гродскі суддзя Лявон Казімір Хлусевіч (Хлусовіч) (ваўкавыскі камісар), ашмянскі земскі пісар Стафан Ян Слізень (слонімскі камісар)а*, менскі харужы Ян Юрый Завіша (менскі камісар)*, рэчыцкі маршалак Антоній Юдзіцкі (рэчыцкі камісар)*, рэчыцкі маршалковіч Пётр Юдзіцкі (рэчыцкі камісар), полацкі харужы Крыштаф Бенядзікт Неміровіч-Шчыт (полацкі камісар)а, полацкі пісар (?) Міхал Рыпінскі (полацкі камісар), віцебскі скарбнік Казімір Саковіч (віцебскі камісар)*, аршанскі чашнік Юзаф Міхал Ясенчык-Краеўскі (аршанскі камісар), краснасельскі стараста Казімір Кміціц (аршанскі камісар)а, мсціслаўскі харужы Марцыян Дамінік Валовіч (мсціслаўскі камісар)а, Андрэй Казімір Война-Аранскі* (падпісаў акт лімітацыі як мсціслаўскі камісар, але не быў ім[91]), берасцейскі падсудак Мікалай Казімір Махвіц* (берасцейскі камісар), смаленскі харужы Станіслаў Эйдзятовіч (смаленскі камісар), старадубскі харужы Андрэй Мікалай Гімбут (старадубскі камісар), інфлянцкі чашнік Ян Плятэр (інфлянцкі камісар)*, аршанскі палкоўнік Сімяон Друцкі-Любецкі (статус невядомы, магчыма, аршанскі камісар), упіцкі стараста Крыштаф Дамінік Пузына (статус невядомы, магчыма, упіцкі камісар), інстыгатар ВКЛ і ка ралеўскі сакратар Станіслаў Ян Рукевіч[92], віленскі падстолі і сурагатар Міхал Рафал Шумскіа (віленскі камісар, але, хутчэй за ўсё, не ўдзельнічаў, хаця дадатак да інструкцыі віленскім камісарам складзены ў тым ліку на яго імя).


[1] Postanowienie generalne stanów W. X. L., wieczne i nigdy nienaruszone, na zieździe walnym <…> pod Olkinikami uchwalone. Wilno, 1700. K. E1.
[2] Лімітацыя ў дадзеным выпадку была актам, хутчэй, фармальным. Акты лімітацыі, з улікам унясення ў іх вялікай колькасці рашэнняў, якія прымаліся на з’ездах, нагадвалі больш выніковыя пастановы. Пасля Гарадзенскага прайшлі яшчэ два такія з’езды: у Ружанах (снежань 1702 г.) і ў Вільні (сакавік 1703 г.). Кола іх удзельнікаў істотна адрознівалася.
[3] Рахуба А. Вялікае Княства Літоўскае ў парламенцкай сіс-тэме Рэчы Паспалітай. Мінск, 2008. С. 356–360.
[4] Archiwum Głowne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD), Archiwum Radziwiłłów (AR), dz. V, sygn. 5359/I, k. 109 (Я. А. Гардына да К. С. Радзівіла, 31 жніўня 1701 г.).
[5] Biblioteka Naukowa Polskiej Akademii Umiejętności i Polskiej Akademii Nauk w Krakówie (BPANKr.), Rkps. 6122, k. 128–134 (Акт лімітацыі Віленскага з’езда, 12 жніўня 1701 г.). Гарадзенскі з’езд 1701 г. і сапежынска-рэспубліканскія пера-мовы, што на ім вяліся, нягледзячы на іх важнае значэнне для разумення працэсаў, якія папярэднічалі ўступленню Рэчы Паспалітай у Вялікую Паўночную вайну, да сённяшняга дня не былі апрацаваныя ў поўнай меры. Даследчыкі звярталіся да іх двойчы. На перамовы паміж групоўкамі звярнуў увагу ў сваёй доктарскай дысертацыі П. Смалярэк, ён выкарыстаў частку дакументаў з архіва Станіслава Антонія Шчукі, якія трапілі потым да Патоцкіх і сёння захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (AGAD, Archiwum Publiczne Potockich). Гл.: Smolarek P. Rzeczpospolita wobec wojny północnej (1699–1702). Maszynopis pracy doktorskiej w Archiwum Uniwersytetu Jagiellońskiego, 1950 r. S. 206–211. Аднак большасць матэрыялаў з архіва Шчукі недатаваная, і без прыцягнення дадатковага кола крыніц паслядоўна ўзнавіць ход перамоваў праблематычна. А. Рахуба ў сва-ёй вядомай манаграфіі спыніўся на акце лімітацыі Гарадзенскага з’езда і мімаходзь згадаў пра перамовы: Рахуба А. Вялікае Княства Літоўскае… С. 359–360.
[6] AGAD, AR, dz. V, sygn. 5359/I, k. 140 (Я. А. Гардына да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 2 верасня 1701 г.).
[7] Adlerfeld G. Histoire militaire de Charles XII, roi de Svede: en 3 t. Paris, 1741. T. I. P. 100; Nordberg J. A. Histoire de Charles XII, roi de Suéde: en 3 t. A la Haie, 1748. T. I. P. 185; Rachuba A. Sapieha Kazimierz Jan Paweł // PSB. 1994. T. XXXV/1. Z. 144. S. 44.
[8] AGAD, AR, dz. V, sygn. 5359/I, k. 147 (Я. А. Гардына да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 8 верасня 1701 г.).
[9] Тамсама, k. 147–148, 158–159.
[10] AGAD, Archiwum Publiczne Potockich (APP), sygn. 55, t. I, k. 604 (Аўгуст ІІ да С. А. Шчукі, з Варшавы, 13 верасня 1701 г.).
[11] AGAD, AR, dz. V, sygn. 5143, k. 21–22 (Я. Германоўскі да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 18 верасня 1701 г.).
[12] Тамсама, k. 25 (Я. Германоўскі да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 29 верасня 1701 г.).
[13] AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 612–615 (Інструкцыя Аўгуста ІІ для С. А. Шчукі на Гарадзенскі з’езд, 27 верасня 1701 г.).
[14] Тамсама, k. 606–607 (Крэдэнс Аўгуста ІІ для С. А. Шчукі, як свайго камісара на Гарадзенскі з’езд, Варшава, 28 верасня 1701 г.).
[15] Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге. Рукописное отделение (РНБ. Рук. отд.). Ф. 957, Pol. F. IV. 257, c. 9–9об. (Копія ўніверсала Аўгуста ІІ, Варшава, 28 верасня 1701 г.).
[16] Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Kórniku (BPANKórn.), Rkps. 2215, k. 40–40v (Копія ліста Аўгуста ІІ да сенатараў ВКЛ, Варшава, 28 верасня 1701 г.); Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu (BOss.), Rkps. 233/II, s. 669 (Тое самае).
[17] BOss., Rkps. 233/II, s. 670 (Копія ліста Аўгуста ІІ да ўраднікаў ВКЛ, 28 верасня 1701 г.); BPANKórn., Rkps. 2215, k. 40 (Тое самае, б. д.).
[18] AGAD, AR, dz. V, sygn. 5143, k. 25 (Я. Германоўскі да К. С. Ра-дзівіла, з Варшавы, 29 верасня 1701 г.).
[19] Тамсама, sygn. 11645, k. 31–32 (Я. Х. Пянёнжак да К. С. Радзівіла, 19 верасня 1701 г.).
[20] Тамсама, sygn. 5143, k. 25 (Я. Германоўскі да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 29 верасня 1701 г.).
[21] Biblioteka Muzeum Narodowego im. Czartoryskich w Krakówie (BCzart.), Rkps. 2115, s. 82–83 (Копія ліста К. Я. і Б. П. Сапегаў на Гарадзенскі з’езд, б. д., перад 26 верасня 1701 г.).
[22] AGAD, APP, sygn. 73, t. I, k. 274–275 (пункты К. Я. і Б. П. Сапегаў для пасрэднікаў на Гарадзенскі з’езд, Тыкоцін, 24 верасня 1701 г.).
[23] Тамсама, sygn. 55, t. I, k. 672–679 (Б. П. Сапега да С. А. Шчукі, з Тыкоціна, 25 верасня 1701 г.).
[24] AGAD, AR, dz. V, sygn. 5143, k. 25 (Я. Германоўскі да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 29 верасня 1701 г.).
[25] AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 626 (пункты ex parte Сапегаў, прапанаваныя Я. Е. Пшэбяндоўскім, 26 верасня). У канцы праекта прыпіска з шэрагам пунктаў, не зусім выразна прапісаных і, напэўна, не разлічаных на рэспубліканцаў (хутчэй абяцанні для заахвочвання Сапегаў), у тым ліку: 1) дапамога вялікаму гетману на сойме пад час справаздачы і кампенсацыя пакрыўджаным праз прызнанне ім пэўнай сумы; 2) спрыянне ў „нойбургскай справе” як наконт апекі, так і наконт прызнання кантракта на набыццё гэтых уладанняў; кампенсацыя жонцы (магчыма, Юрыя Станіслава Сапегі, — за шкоды нанесеныя яе ўладанням. — Д. В.); 3) пячаткі facilitas confidentia (? — Д.В.); 4) абяцанне не пакрываць віленскага каноніка Белазора, падазраванага ў арганізацыі забойства Міхала Францішка Сапегі; 5) узнагароджанне ў памеры 100 тыс. за шкоды сапежынскім і „нойбургскім” уладанням.
[26] Тамсама, k. 681–682 (Б. П. Сапега да С. А. Шчукі, з Тыкоціна, 3 кастрычніка 1701 г.).
[27] Lietuvos Valstybės istorijos archyvas (LVIA), SA, b. 4716, l. 1216–1279v (дадатак да інструкцыі камісарам Віленскага павета, дадзены на рэляцыйным сойміку 30 жніўня 1701 г.); Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ), ф. 1729, воп. 1, спр. 5, арк. 694–694адв. (дадатак да інструкцыі камісарам Мсціслаўскага ваяводства, дадзены на фіскальных судах Андрэю Казіміру Войну-Аранскаму, як пасланніку на Гарадзенскі з’езд). Дадаткі датычылі галоўным чынам выпраўлення тарыфа гіберны.
[28] AGAD, AR, dz. VI, sygn. II-79, s. 46.
[29] AGAD, AR, dz. V, sygn. 5143, k. 28 (Я. Германоўскі да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 9 кастрычніка 1701 г.).
[30] Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu (BOss.), Rkps. 2023/ІІ, s. 100–101 (з Горадні, 10 кастрычніка 1701 г.).
[31] BCzart., Rkps. 195, nr 72, s. 271–274 (прамова С. А. Шчукі на Га ра дзенскім з’ездзе, 12 кастрычніка 1701 г.); тое самае: BOss., Rkps. 233/II, s. 367–370; Lietuvos Mokslų Akademijos centrinė biblioteka (LMAB), f. 148, b. 68, l. 38v–41v; Biblioteka Na ro dowa w Warszawie (BN), Rkps. 6650, s. 588–593; BPANKórn. 394, k. 405–407; AGAD, AR, dz. II, ks. 38, s. 554–559.
[32] BOss., Rkps. 233/II, s. 236–238 (прамова Я. Х. Пянёнжка на Гарадзенскім з’ездзе, 12 кастрычніка 1701 г.); тое самае: BN, Rkps. 6650, s. 593–598; AGAD, AR, dz. II, ks. 38, s. 559–564.
[33] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 101 (з Горадні, 13 кастрычніка 1701 г.).
[34] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 101–103 (з Горадні, 13 кастрычніка 1701 г.).
[35] AGAD, APP, sygn. 55, t, I, k. 690–693 (К. Я. Сапега да С. А. Шчукі, з Тыкоціна, 14 кастрычніка 1701 г.).
[36] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 103–104 (з Горадні, 17 кастрычніка 1701 г.).
[37] BPANKórn., Rkps. 2215, k. 45a–45а v (копія ліста М. К. Коцела да К. К. Бжастоўскага, 12 лістапада 1701 г.). Копія, верагодна, несапраўдная, бо віленскі біскуп Бжастоўскі прысутнічаў на з’ездзе пад час абнародавання „пагаднення” і яму не было патрэбы ўсё гэта распавядаць.
[38] BCzart., Rkps. 195, nr 73, s. 275–277 („Пункты пагаднення паміж домам яснавяльможных іх міласцяў паноў Сапегаў і яснавяльможным яго міласцю панам Грыгорыем Агінскім…”, б. д., выпіс з кніг гарадзенскага гродскага суда); AGAD, APP, sygn. 55, t, I, k. 646–647 (копія, якая засталася ў Шчукі; тэкст месцамі адрозніваецца); тое самае: AGAD, AR, dz. II, ks. 38, k. 578–580; тамсама, dz. II, sygn. 1928, k. 1–2; AGAD, Archiwum Zamojskich (AZ), sygn. 3055, k. 99–100; BN, Rkps. 6650, k. 609; BCzart. 2115, s. 84; LMAB, f. 148, b. 68, s. 53–54.
[39] BPANKórn., Rkps. 2215, s. 45а v.
[40] BCzart., Rkps. 195, nr 73, s. 275.
[41] AGAD, APP, sygn. 55, t, I, k. 682 (Б. П. Сапега да С. А. Шчукі, з Тыкоціна, 3 кастрычніка 1701 г.).
[42] Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody mińskiego (1666–1721) / wyd. J. Bartoszewicz. Warszawa, 1862. S. 100, 102. Я. Будровіч-Навіцкі на падставе, магчыма, недакладнай інтэрпрэтацыі Завішы вырашыў, што ў Горадні праходзіла трэцяя стадыя перамоваў паміж Сапегамі і Агінскім, хаця, відавочна, перамовы ішлі з рэспубліканцамі ў цэлым. Гэта паслужыла аргументам на карысць тэорыі, што Агінскі ўвесь гэты час трымаўся нейтралітэту і ледзьве не перайшоў на бок Сапегаў і Швецыі: Budrowicz-Nowicki J. Piotr I, August II i Rzeczpospolita 1697–1706. Kraków, 2010. S. 135–136. На нашу думку, эпізод з летнімі перамовамі тлумачыцца тым, што Агінскі спрабаваў весці сваю ўласную гульню, гэта дыктавалася яго непамернымі амбіцыямі, зайздрасцю да Вішнявецкага і намаганнем рабіць усё яму насуперак. Гэтым жа ў пэўнай ступені тлумачацца яго паводзіны на з’ездзе: як толькі Вішнявецкі пачынаў схіляцца да пагаднення, Агінскі ішоў на абвастрэнне. Невыпадкова ў канцы года, перад соймам, яны былі ўжо канчаткова пасвараныя.
[43] AGAD, APP, sygn. 163, t. III, k. 383 (М. Радзяёўскі да С. А. Шчукі, 25 кастрычніка 1701 г.).
[44] AGAD, AR, dz. V, sygn. 5359/I, k. 182 (Я. А. Гардына да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 21 кастрычніка 1701 г.).
[45] AGAD, APP, sygn. 163a, t. 30, k. 101 (Я. Е. Пшэбяндоўскі да С. А. Шчукі, з Варшавы, 22 кастрычніка 1701 г.).
[46] Тамсама, k. 112 (У. К. Длускі да С. А. Шчукі, з Варшавы, 22 кастрычніка 1701 г.); Smolarek P. Rzeczpospolita… S. 211.
[47] AGAD, APP, sygn. 163a, t. 30, k. 139 (У. К. Длускі да С. А. Шчукі, з Варшавы, 24 кастрычніка 1701 г.); Smolarek P. Rzeczpospolita… S. 205.
[48] Тамсама, k. 134 (Я. Е. Пшэбяндоўскі да С. А. Шчукі, з Варшавы, 24 кастрычніка 1701 г.).
[49] Тамсама, k. 405 (Каронны рэгент N. да С. А. Шчукі, з Варшавы, 25 кастрычніка 1701 г.).
[50] Тамсама, k. 139 (У. К. Длускі да С. А. Шчукі, з Варшавы, 24 кастрычніка 1701 г.).
[51] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 104 (з Горадні, 17 кастрычніка 1701 г.).
[52] BOss., Rkps. 233/II, s. 620–622 (праект С. А. Шчукі, прапанаваны на Гарадзенскім з’ездзе, [18 кастрычніка 1701 г.]).
[53] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 104–105 (з Горадні, 17 кастрычніка 1701 г.).
[54] AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 637–639 (ліст С. А. Шчукі да Сапегаў з просьбай хуткага і канчатковага адказу [18 кастрычніка 1701 г.]).
[55] Тамсама, k. 640–643 (ліст Сапегаў да С. А. Шчукі, б. д.).
[56] Тамсама, sygn. 163a, t. 30, k. 143 (Я. Е. Пшэбяндоўскі да С. А. Шчукі, Варшава, 27 кастрычніка 1701 г.); AGAD, AR, dz. V, sygn. 5359/I, k. 193 (Я. А. Гардына да К. С. Радзівіла, з Варшавы, 28 кастрычніка 1701 г.).
[57] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 105–106 (з Горадні, 23 кастрычніка 1701 г.).
[58] Тамсама, k. 106.
[59] AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 644–645 (пункты пагаднення паміж шляхтай ВКЛ і Сапегамі, 22 кастрычніка 1701 г.); тое самае: LMAB, f. 148, b. 68, s. 54–54v; BOss., Rkps. 233/II, s. 671; BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 106–107; BN, Rkps. 6650, s. 603; AGAD, AR, dz. II, sygn. 1928, k. 3; BCzart., Rkps. 2115, s. 88–89; Smolarek P. Rzeczpospolita… S. 209.
[60] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 107 (з Горадні, 23 кастрычніка 1701 г.).
[61] AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 648–650 (камісарскі праект С. А. Шчукі, б. д.); тое самае: AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 659–661; BCzart., Rkps. 2115, s. 85–88; Smolarek P. Rzeczpospolita… S. 210.
[62] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 107 (з Горадні, 23 кастрычніка 1701 г.).
[63] AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 651–653 (праект С. А. Шчукі, б. д.).
[64] Тамсама, sygn. 73, t. I, k. 275–278; AGAD, AR, dz. II, ks. 38, s. 571–578; BN, Rkps. 6650, k. 604–609 (копія ліста Сапегаў да С. А. Шчукі, з Тыкоціна, 24 кастрычніка 1701 г.).
[65] AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 655–658 (камісарскі праект, папраўлены Сапегамі, б. д.); тое самае: тамсама, k. 662–665; тамсама, sygn. 73, t. I, k. 278–280; AGAD, AR, dz. II, sygn. 1938, k. 1–3; BCzart., Rkps. 2115, s. 89–91; Smolarek P. Rzeczpospolita… S. 210.
[66] У акце лімітацыі з’езда ўзгадана, што рэспубліканцы на чацвёрты дзень пасля падачы ўласнага праекта дачакаліся „дэкларацыі з Тыкоціна” (верагодна, згаданага ліста Сапегаў да падканцлера) і „рэляцыі” Шчукі, што Сапегі „не толькі на гэтыя, ад нас прапанаваныя, але таксама і на пададзеныя ад яснавяльможнага яго міласці пана падканцлера пункты не даюць згоды, але свае, іншыя, складзеныя ad placitum прысылаюць”: BPANKr., Rkps. 6122, k. 142v.
[67] BOss., Rkps. 2023/ІІ, s. 108 (з Горадні, 25 кастрычніка 1701 г.).
[68] AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 654. Застаюцца пэўныя сумненні, хто меўся на ўвазе пад „літоўскім харужым”: Грыгорый Антоній Агінскі са сваім ранейшым урадам ці жамойцкі (не літоўскі) харужы Казімір Заранак (яго „правая рука”). У любым выпадку, усё паказвае на жамойцкага старасту, як галоўнага ініцыятара зрыву перамоваў.
[69] BCzart., Rkps. 2115, s. 103 (адказ на каралеўскую інструкцыю С. А. Шчуку, дадзены на Гарадзенскім з’ездзе 25 кастрычніка 1701 г.); LMAB, f. 148, b. 68, s. 47–48 (тое самае).
[70] AGAD, AR, dz. II, ks. 38, s. 580–582 (копія ліста з Гарадзенскага з’езда да каронных ваяводстваў, 26 кастрычніка 1701 г.); тое самае: тамсама, ks. 36, s. 511; BN, Rkps. 6650, s. 611–614; BCzart., Rkps. 2115, s. 105–108; LMAB, f. 9, b. 6, s. 16v–17a; Ibid., f. 148, b. 68, s. 50v–52.
[71] Пра выдаткі на падтрыманне гегемоніі гл.: Rachuba A. Hegemonia Sapiehów na Litwie jako przejaw skrajnej dominacji magnaterii w życiu kraju // Władza i prestiż. Magnateria Rzeczypospolitej w XVI–XVIII wieku / pod red. J. Urwanowicza. Białystok, 2003. S. 217–229.
[72] BPANKr., Rkps. 6122, k. 142–147v (акт лімітацыі Гарадзенскага з’езда, 26 кастрычніка 1701 г.); тое самае (копіі): AGAD, AR, dz. II, sygn. 1926, k. 1–11; LMAB, f. 17, b. 133, s. 11–15v; BCzart., Rkps. 2115, s. 92–99; Рахуба А. Вялікае Княства Літоўскае… С. 359–360. 26 кастрычніка, у апошні дзень паседжанняў, Людвіку Канстанцыю і Казіміру Аляксандру Пацеям у адпаведнасці з атрыманымі ў Трыбунале дэкрэтамі было прызнана Дубровенскае графства, адабранае ў Са пегаў: палова — як спадчыннае ўладанне і па лова — за 1 207 000 злотых. Гл.: НГАБ, ф. 1731, воп. 1, спр. 2, арк. 755 (падаўчы ліст Дубровенскага графства Пацеям, 30 кастрычніка 1701 г.); LMAB, f. 17, b. 133, l. 18 (тое самае); тамсама, l. 17 (універсал М. С. Вішнявецкага да Дуброўны і Дубровенскай воласці, Горадня, 30 кастрычніка 1701 г.).
[73] Параўн. таксама ліст С. Я. Слізня да К. С. Радзівіла ад 28 кастрычніка 1701 г. з Горадні: „… а то ледзьве ў чацвер мы выслухалі перасланы дакументlimitationis; усе раз’ехаліся, мала хто і падпісаў яго”: AGAD, AR, dz. V, sygn. 14573, k. 29.
[74] BOss., Rkps. 233/II, s. 242–243 (прамова Я. Х. Пянёнжка на закрыцці Гарадзенскага з’езда, б. д.); тое самае: LMAB, f. 168, b. 48, s. 57v.
[75] BCzart., Rkps. 2115, s. 110–118 (рэпартыцыя войскаў ВКЛ, прынятая ў Горадні, 27 кастрычніка 1701 г.). Датавана, верагодна, заднім чыслом, бо яшчэ 29 кастрычніка не была гатова: AGAD, AR, dz. V, sygn. 14226, k. 2–3 (В. Сялецкі да К. С. Радзівіла, з Горадні, 29 кастрычніка 1701 г.). Пра сістэму рэпартыцыі гл.: Віцько З. Ураўнаванне правоў // Эн-цыкл. ВКЛ. Т. 3. Мінск, 2010. С. 405.
[76] AGAD, AR, dz. V, sygn. 14226, k. 13–14 (В. Сялецкі да К. С. Радзі ві ла, з Горадні, 1 лістапада 1701 г.); AGAD, APP, sygn. 56, k. 102 (У. К. Длускі з Варшавы да С. А. Шчукі, з Варшавы, 22 лістапада 1701 г.).
[77] AGAD, AR, dz. V, sygn. 14573, k. 30 (С. Я. Слізень да К. С. Радзівіла з Горадні, 28 кастрычніка 1701 г.); тамсама, sygn. 14226, k. 10, 15–16 (В. Сялецкі да К. С. Радзівіла, з Горадні, 29 кастрычніка, 1 лістапада 1701 г.).
[78] LMAB, f. 148, b. 68, s. 48–50v (інструкцыя паслам з Гарадзенскага з’езда да Аўгуста ІІ, 8 кастрычніка (sic) 1701 г.); тое самае, б. д.: BCzart., Rkps. 2115, s. 99–103.
[79] AGAD, APP, sygn. 56, k. 101 (У. К. Длускі з Варшавы да С. А. Шчукі, з Варшавы, 22 лістапада 1701 г.).
[80] AGAD, AR, dz. II, sygn. 1933, k. 1–4 (адказ Аўгуста ІІ на ін-струкцыю паслам з Гарадзенскага з’езда, Варшава, 28 лістапада 1701 г.); тое самае: LMAB, f. 148, b. 68, s. 58–60v.
[81] AGAD, APP, Sygn. 55, t. I, k. 609–610 (Аўгуст ІІ да С. А. Шчукі, з Варшавы, 4 лістапада 1701 г.).
[82] AGAD, AZ, sygn. 3055, k. 102–103 (зварот Сапегаў да шляхты, Тыкоцін, 28 кастрычніка 1701 г.), k.104–105 (тое самае); РНБ. Рук. отд., Ф. 957, Pol. F. IV. 258, c. 1–2 (тое самае).
[83] Diariusz Sejmu Walnego Warszawskiego 1701–1702 / wyd. P. Smolarek. Warszawa, 1962. S. 301–307.
[84] AGAD, AR, dz. V, sygn. 14226, k. 9–16 (В. Сялецкі да К. С. Радзівіла, з Горадні, 29 кастрычніка 1701 г.).
[85] Budrowicz-Nowicki J. Piotr I… S. 319.
[86] Тамсама. S. 320.
[87] Jonasson G. Karl XII: s polska politik 1702–1703. Stockholm, 1968. S. 36.
[88] Спіс складзены на падставе наступных крыніц: BPANKr., Rkps. 6122, k. 147–147v (акт лімітацыі з’езда; подпісы ўдзельнікаў); НГАБ, ф. 1731, воп. 1, спр. 2, арк. 770–770 адв. (пастанова з’езда аб квітацыі Ізабэлы Алены з Палубінскіх Сапежынай, 23 кастрычніка 1701 г.; подпісы ўдзельнікаў); НГАБ, КМФ-18, спр. 148, арк. 1003–1006 (зацвярджэнне Аўгустам ІІ „дэкрэта” аб вызваленні ад гіберны г. Магілёва, вынесенага 18 кастрычніка 1701 г.; Варшава, 10 студзеня 1702 г.; подпісы ўдзельнікаў); LVIA, SA, b. 49, l. 574–575 (ліст М. С. Вішнявецкага да віленскіх баніфратраў з упісанай у яго пастановай з’езда ад 18 кастрычніка 1701 г. аб вяртанні маёнткаў Я. Шрэтэру; подпісы ўдзельнікаў); LVIA, SA, b. 4716, l. 1276, 1539 (віленскія камісары); Vilniaus Universi-Vilniaus Universiteto Biblioteka, f. 7, sign. 15, 20/5974, l. 1039–1039v (троцкія камісары); НГАБ, ф. 1736, воп. 1, спр. 1, арк. 35 (рэчыцкі камісар); LMAB, f. 17, b. 133, l. 17 (згадка пра К. А. Пацея); AGAD, APP, sygn. 55, t. I, k. 654 (пералік удзельнікаў, якія сарвалі перамовы).
[89] * Удзельнікі, якія падпісалі акт лімітацыі.
[90] а Камісары, прызначаныя Алькеніцкай пастановай.
[91] А. К. Война-Аранскі не быў камісарам, а толькі пасланнікам на з’езд, абраным у Мсціславе на фіскальных судах з даручэннем завезці ў Горадню выпраўлены тарыф гіберны Мсціслаўскага ваяводства. 16 верасня 1701 г. яму быў напісаны дадатак да інструкцыі камісарам (НГАБ, ф. 1729, воп. 1, спр. 5, арк. 694–694адв.). Пазней занёс пратэстацыю ў мсціслаўскі грод скі суд, заявіўшы, што ўдзельнікі з’езда прымусілі яго падпісацца як камісара (тамсама, арк. 1020–1020 адв.).
[92] Подпіс С. Я. Рукевіча сустракаецца толькі пад „дэкрэтам” аб вызваленні ад гіберны Магілёва і ідзе там апошнім, таму, магчыма, не як камісара, а толькі службовай асобы.

Наверх

Рышард Радзік. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у грамадствах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы

1 студзеня, 2011 |


Мадэрныя нацыі сучаснай Еўропы ўзнікалі ва ўмовах распаду даўнейшых супольнасцяў феадальнага, саслоўнага характару. Па меры росту індустрыялізацыі, пашырэння пісьменнасці і ўрбанізацыі, якімі суправаджалася станаўленне капіталізму, калі павышалася сацыяльная мабільнасць, мясцовыя сялянскія абшчыны адкрываліся шырокаму свету, а сялянства масава перасялялася ў гарады, паўстала патрэба ў стварэнні новых супольнасцяў, якія маглі б аб’яднаць безыменныя датуль масы на грунце агульнадаступнай культуры. Тым не менш, не варта лічыць, што ўзнікненне нацый было гістарычна прадвызначана, хоць такі паварот падзей, калі ўзяць пад увагу тагачасныя сацыякультурныя, а таксама эканамічныя рэаліі, быў надзвычай імаверны. Рэальнай альтэрнатывай з’яўленню нацый маглі стаць хоць бы класавыя супольнасці, і ў савецкі перыяд на ўзроўні дзяржавы рабіліся спробы сканструяваць такія.

Адказ на агульнае пытанне „Чаму ўзнікаюць нацыі?” не роўны адказу на пытанне „Чаму ўзнікла канкрэтная нацыя ў пэўных межах?”. Кажучы іншымі словамі, адна справа — магчымасць нацыятварэння наогул, а другая — магчымасць узнікнення на дадзенай тэрыторыі канкрэтных нацый, іх велічыня і арэал пражывання, якія загадзя цяжка прадбачыць. Або яшчэ раз перафразуем: адна справа — патэнцыяльная магчымасць зараджэння нацыятворчага працэсу, а другая — яго / іх патэнцыяльныя кірункі развіцця. Напрыклад, беларусы ў найноўшай гісторыі мелі невялікія шанцы на тое, каб стаць нацыяй, хоць працэс гэты, пачаўшыся, мог ісці па-рознаму. Гісторыя не толькі не гаворыць нам пра непазбежнасць узнікнення нацый (хоць і канстатуе высокую імавернасць іх узнікнення пры пэўных умовах), але і тым больш не дае адназначных адказаў наконт таго, якія нацыі „мусяць” узнікнуць і на базе якіх фактараў (этнічных, гістарычных і г. д.). Напрыклад, на базе этнічнай адметнасці некаторыя нацыі ўзнікалі, а іншыя этнасы раствараліся ў больш шырокіх кангламератах. Ні гісторыя, ні прырода не прадугледжваюць тут безумоўных законаў, гэтак жа як і маральных правоў. У канчатковым выніку ўсё вырашаюць людзі — або сваёй сілай (у тым ліку і ваеннай), або сваёй колькасцю (пры дэмакратычных спосабах вырашэння пытанняў).

Можна вылучыць тры розныя тыпы фактараў, якія ўплываюць на нацыятворчыя працэсы. Першыя прадвызначаюць магчымасць узнікнення нацыятворчага працэсу, але не акрэсліваюць яго кірунку. Да іх належаць цывілізацыйны ўзровень той ці іншай краіны, што ўключае ў сябе і камунікацыйныя магчымасці ў шырокім сэнсе гэтага паняцця; узровень пісьменнасці, ступень урбанізацыі, інтэнсіўнасць сацыяльнай мабільнасці (гарызантальнай і вертыкальнай), узровень эканамічнага развіцця (заможнасці), сацыяльная структура (наяўнасць „уласных” эліт або магчымасць іх адносна хуткага фармавання). Фактары другога тыпу акрэсліваюць магчымасці адасаблення дадзенай супольнасці (нярэдка вылучэння яе з іншай, шырэйшай), а таму ўплываюць на кірунак нацыятворчага працэсу. Гэта шэраг такіх культурных рысаў, як асобная мова, этнічная культура, традыцыя (у тым ліку наяўнасць уласнага гістарычнага бачання, уласных герояў, трагедый і трыумфаў), — іншымі словамі, культура ў шырокім разуменні, якая вылучае дадзеную супольнасць сярод іншых. Гэтыя супольныя рысы даюць ініцыятарам нацыятворчых працэсаў шанцы на тое, каб вызначыць межы будучай нацыянальнай супольнасці, стварыць нацыянальную ідэалогію, а таксама загарнуць усё гэта ў выразны эмацыянальны кантэкст. Трэці тып фактараў — гэта чын-нікі дзяржаўна-палітычнага, інстытуцыянальнага, сістэмнага характару. Дзяржаўныя ўлады (тут гаворка перш за ўсё пра Цэнтральную і Усходнюю Еўропу) часам спрыялі фармаванню некаторых нацыянальных рухаў, а развіццю іншых перашкаджалі, гулялі на тых ці іншых міжнацыянальных канфліктах або стараліся іх згасіць. Адны дзяржаўныя рэжымы спрыялі падкрэсліван ню нацыянальных адметнасцяў, а другія прапагандавалі іх уніфікацыю.

У ніжэйпададзеных развагах мы параўнаем чатыры народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — беларусаў, украінцаў (як галіцкіх, так і прыдняпроўскіх), славакаў і чэхаў. Часам я буду спасылацца і на польскі нацыятворчы працэс, бо палякі — гэта прыклад народа з традыцыяй бесперапыннага існавання і развіцця нацыянальных эліт, хоць на сваім гістарычным шляху гэтай нацыі даводзілася з палітычнай ператварацца ў культурную. Першая група пералічаных тут фактараў — спрошчана іх можна назваць цывілізацыйнымі — вызначала шанцы на больш хуткае або больш павольнае развіццё нацыятворчых працэсаў, але не абумоўлівала адназначнай перавагі для той ці іншай этнічнай і нацыянальнай груп, якія спаборнічалі паміж сабой. Адным з найважнейшых такіх фактараў была доля пісьменных асоб сярод прадстаўнікоў дадзенай супольнасці. Непісьменныя наогул не здольны мысліць ні ў якіх катэгорыях, апрача чыста лакальных, і разважаць над пытаннямі, якія выходзяць за рамкі штодзённага досведу, — асаб-ліва гэта датычыць пытанняў абстрактных і моцна ідэалагізаваных, за выключэннем хіба што тых аспектаў, якія датычаць матэрыяльнага статусу людзей (класавасць у вузкім разуменні) і іх рэлігійнай прыналежнасці. Найбольш высокі працэнт непісьменных быў уласцівы прыдняпроўскім украінцам і беларусам; крыху меншай была іх доля сярод галіцкіх украінцаў. Трохі лепшую сітуацыю мелі славакі, а кардынальна лепшую — чэхі. Згодна з царскім перапісам 1897 г., доля непісьменных сярод украінцаў у той час даходзіла да 87%, а сярод сялян перавышала 90% (удвая больш, чым у рускіх на Украіне, і ўтрая больш — чым у яўрэяў)[1]. Сярод беларусаў у тым жа го дзе непісьменных было аж 86,5%[2]. На Галіччыне яшчэ ў 1910 г. сярод украінцаў, старэйшых за 12 гадоў, аж 78% былі непісьменнымі (сярод сялян гэты працэнт быў яшчэ вышэйшы)[3]. У Славакіі ў 1880 г. непісьменнымі былі 65% жыхароў краіны, а на мяжы стагоддзяў — 50%[4]. Ад славакаў выразна адрозніваліся чэхі. У 1900 г. толькі 4,26% чэхаў, старэйшых за 6 гадоў, не ўмелі чытаць і пісаць[5]. Чэхі былі ў ліку еўрапейскіх лідараў у развіцці асветы, маючы на пачатку XX ст. нават крыху вышэйшую долю пісьменнага насельніцтва, чым аўстрыйскія немцы.

Падобная сітуацыя была і з літаратурай. Усе беларускамоўныя тэксты, выдадзеныя паміж задушэннем паўстання 1863–64 г. і рэвалюцыяй 1905 г., можна сабраць у адным томе. Аналагічнае становішча было і ў Прыдняпроўскай Украіне. Пасля паўстання 1863–64 г. у Расіі была ўведзена практычна поўная забарона кнігадрукавання на гэтых мовах, за некаторымі выключэннямі — так, у Беларусі забарона не датычыла этнаграфічных прац і рэлігійных выданняў. Пасля 1905 г. з’явілася беларуская і ўкраінская прэса, пачалі выходзіць кнігі. Іх колькасць і тыражы ў параўнанні з колькасцю носьбітаў гэтых моў былі вельмі малыя, а ва Украіне дык і зусім сімвалічныя. Дрэнная сітуацыя з гэтага пункту гледжання назіралася і ў Славакіі, затое значна лепшая — ва Усходняй Галіччыне. Што да чэхаў, то і з літаратурай, і з кнігавыданнем справы ў іх былі значна лепшыя, чым у іншых нованароджаных нацый. У 1861 г. у Чэхіі выходзіла 30 чэшскамоўных перыядычных выданняў, пад канец стагоддзя — амаль 450, а ў 1905 г. — больш за 750[6]. У сваю чаргу, першая беларуская газета з’явілася толькі ў 1906 г., і да Першай сусветнай вайны на беларускай мове паспела выйсці ў некалькі дзясяткаў разоў менш выданняў, чым на чэшскай у адным толькі 1905 г. Аналагічнае становішча назіралася і ў Прыдняпроўскай Украіне, а таксама ў Славакіі. Прычынаю гэтага не ў апошнюю чаргу была і вялікая доля непісьменных, а таксама адсутнасць асветы на мясцовых мовах (або яе абмежаванасць).

У Беларусі беларускамоўнай асветы да Першай сусветнай вайны не было зусім, а ва Украіне ўсе наяўныя нацыянальныя школы мелі прыватны характар. Што да Славакіі, то там колькасць нацыянальных выданняў і школ вагалася ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры і ў цэлым была нізкай. Зусім мізэрнай была колькасць вучняў, якія вучыліся па-славацку або называлі славацкую мову сваёй роднай. „У 1893–1894 г. з прыкладна 50 тысяч вучняў сярэдніх школ толькі 3% назвалі славацкую мову сваёй роднай. На пачатку XX ст. не больш як 1/6 славацкіх вучняў наведвалі школы са славацкай мовай навучання. Славацкая мова была выкінута з праграм амаль 1600 пачатковых школ. З вышэйшых навучальных устаноў выключалі ўсіх студэнтаў, хто хоць як заяўляў пра сваю прыналежнасць да славацкага народа. Не без падстаў галоўная заслона была пастаўлена намаганням, накіраваным на стварэнне нацыянальнай інтэлігенцыі”[7]. Затое ва Усходняй Галіччыне на пачатку XX ст. існавалі, нягледзячы на спарадычныя канфлікты з палякамі, 3000 украінскамоўных пачатковых школ, 6 дзяржаўных і 15 прыватных гімназій. На базе Львоўскага ўніверсітэта працавалі пяць украінскіх кафедраў[8]. У Чэхіі сітуацыя была кардынальна іншая, чым у Беларусі, Украіне і Славакіі. Так, Генрык Верашыцкі піша: „Ужо ў 1791 г. тут у 2600 школах навучаліся 185 тысяч дзяцей, гэта значыць больш як палова ўсіх дзяцей школьнага ўзросту. І вучылі ў тых школах чэшскіх дзяцей па-чэшску. Па-чэшску выдавалі і дапаможнікі для сялян па сучасных метадах земляробства і жывёлагадоўлі”[9].

Істотным фактарам, які ўплываў на тэмпы нацыятворчых працэсаў, была сацыяльна-класавая структура таго ці іншага грамадства (у тым ліку суадносіны паміж сельскім і гарадскім насельніцтвам), сацыяльная мабільнасць і заможнасць яго прадстаўнікоў. У 1897 г. 97,7% насельніцтва, акрэсленага ў перапісе як беларускамоўнае, пражывала ў вёсцы, а ў гарадах, нават невялікіх, яго доля не перавышала 17%[10]. У цэлым доля гарадскога насельніцтва ў Беларусі складала ў 1796 г. 3,5%, а ў 1913 г. — 11%[11]. Мінск у 1909 г. налічваў амаль 100 тысяч жыхароў, пры гэтым беларускага насельніцтва ў ім было адносна няшмат — усяго 8,2%[12]; прычым па-беларуску размаўляла галоўным чынам насельніцтва бедных ускраін (эліты гаварылі па-руску і па-польску). Вільня — з пачатку XX ст. галоўны асяродак беларускага нацыянальнага руху — была ў 1897 г. яўрэйска-польскім горадам (на трэцім месцы знаходзіліся рускія), і, паводле дадзеных тагачаснага агульнарасійскага перапісу, беларускага насельніцтва ў ёй пражывала 4,2%[13]. Сацыяльная база беларускага руху была вельмі бедная — у пераважнай большасці яе ўтваралі непісьменныя сяляне. У неіндустрыялізаваным, напаўфеадальным і бедным рэгіёне доля беларускамоўных складала менш за дваццаць працэнтаў рабочых. Беларускай буржуазіі практычна не было, а колькасць прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія лічылі беларускую мову роднай, Стывен Л. Гацье ацэньвае ў 8469 чалавек (чыноўнікі, суддзі, адвакаты, медыкі, педагогі, вучоныя, літаратары), адзначаючы, што „цяжка было б сабе ўявіць, каб такая сціплая колькасць прыхільнікаў беларушчыны сярод работнікаў асветы, судаводства, медыцыны ці кіравання магла пацягнуць на сабе пачатковы этап нацыянальнай работы ў маштабе пяцімільённага народа”[14]. Праўда, на маю думку, гэтых людзей і нельга адносіць да „прыхільнікаў беларушчыны” ў сэнсе іх мэтанакіраванага, свядомага ўдзелу ў якой бы там ні было беларускай дзейнасці. Да канца XIX ст. яны заставаліся — з пункту гледжання сваёй беларускасці — культурна і нацыянальна пасіўнымі. Шляхта і арыстакратыя ў гэтай частцы Еўропы зведала раннюю і ў цэлым добраахвотную паланізацыю (Бе ларусь, Украіна), ма дзья-рызацыю (Славакія) і анямечванне (Чэхія) — асабліва на ўзроўні нацыянальнай самасвядомасці, якая ў той час разглядалася ў палітычных, а не этнічных катэгорыях. У сваёй масе — за адзінкавымі выключэннямі — мясцовая шляхта не звярталася да беларускай, украінскай, славацкай або чэшскай культуры, паколькі атаясамлівала адпаведныя народы з сялянствам, а значыць, магчымасць выступлення на іх баку лічыла праявай сацыяльнай дэградацыі[15]. Сацыяльная мабільнасць, як гарызантальная, так і вертыкальная (магчымасць прасунуцца ўгару па сацыяльнай лесвіцы), была — за выключэннем чэхаў — адносна невялікая, асабліва ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы. Між тым, тагачасныя нацыянальныя рухі абапіраліся на мяшчанства, буржуазію, інтэлігенцыю. Вось чаму беларускі нацыянальны рух так праблемна зараджаўся і павольна развіваўся.

У сваю чаргу, у расійскай частцы Украіны сяляне ў 1897 г. складалі 93% насельніцтва рэгіёна, пры гэтым сярод саміх украінцаў гэты працэнт быў яшчэ вышэйшы. Адпаведна, сярод гарадскога насельніцтва ўкраінцы складалі толькі 31%, а ў Кіеве — і наогул усяго 22,2%[16]. Сацыяльная структура ўкраінскага грамадства нагадвала беларускую, а на ўсходнія землі Украіны, дзе ішла індустрыялізацыя, масава прыбывалі рабочыя з Расіі. Аналагічная сітуацыя існавала і ва ўкраінскай частцы Галіччыны, у якой, аднак, хутчэй, чым у Прыдняпроўскай Украіне, расла колькасць інтэлігенцыі — галоўным чынам за кошт сялян: сялянскія гаспадаркі былі раздробненыя, а азначэнне „галіцкая нэндза” стала крылатым. У Львове, ключавым асяродку ўкраінскага „нацыянальнага адраджэння”, украінцаў у 1900 г. было 9,5%, а большасць насельніцтва складалі палякі[17]. Падобнае становішча было і ў Славакіі. У гэтым рэгіёне сярод уласнікаў гаспадарак з плошчай большай за 1000 „ютраў” (каля 13,6 гектара) славакі складалі толькі 1,7% (венгры — 84,8%, немцы — 13,8%). У Браціславе ў 1880 г. пражывала супастаўная колькасць славакаў і венграў, затое ўжо ў 1890 г. венграў было ўдвая больш, а ў Кошыцах — утрая больш. Непасрэдна перад пачаткам Першай сусветнай вайны насельніцтва Браціславы складала крыху больш за 70 тыс. чалавек, сярод якіх славакаў было менш як 20% (гэтак жа як і ў Кошыцах). Некалькімі гадамі пазней (у 1920 г.) доля гарадскога насельніцтва Славакіі складала ўсяго 18,5%[18]. Лех Касцелак сцвярджае, што „нават на пачатку XX ст. славакі не мелі свайго ўрбанізацыйнага і нацыянальнага цэнтра”[19]. Ён таксама дадае, што ўдзел славакаў у палітычным жыцці Аўстра-Венгрыі быў сціплы. „На 160 з гакам тысяч дзяржаўных чыноўнікаў прыпадала толькі 3,5 тысячы славакаў, паколькі ўсяго 3,83% славацкага насельніцтва мелі хоць якую адукацыю”[20].

Затое чэхі кардынальна адрозніваліся ад славакаў, беларусаў і ўкраінцаў большай доляй гарадскога насельніцтва, меншым узроўнем непісьменнасці, лепшым развіццём прамысловасці, адкуль вынікаў і большы ўзровень матэрыяльнага дастатку. У 1870-я г. большая частка насельніцтва чэшскіх зямель (апрача Маравіі) працавала ўжо па-за сферай сельскай гаспадаркі[21]. У другой палове XIX — пачатку XX ст. (да Першай сусветнай вайны) насельніцтва Прагі (разам з прадмесцямі) вырасла са 125 да 617 тыс. чалавек. Такім чынам, пры параўнальнай колькасці насельніцтва Чэхіі і Беларусі Прага стала горадам, у шэсць разоў большым за Мінск, пры гэтым абсалютная колькасць „тытульнага” насельніцтва ў ёй была ў некалькі дзясяткаў разоў большая, чым у будучай сталіцы Беларусі. У 1861 г. доля чэхаў у дагэтуль пераважна нямецкамоўным горадзе перавысіла 50%, а ў 1910 г. немцы складалі ў Празе ўжо толькі 6% жыхароў горада[22]. З цягам часу Чэхія ператварылася ў галоўны прамысловы цэнтр дзяржавы Габсбургаў, а чэхі ў апошнія дзесяцігоддзі існавання манархіі асвойвалі галоўным чынам найноўшыя галіны вытворчасці.

Такім чынам, можна канставаць агульную заканамернасць: чым большую долю сялян меў у сваім складзе той ці іншы этнас (і, адпаведна, меншую долю мяшчанства і буржуазіі), тым меншыя былі яго шанцы на зараджэнне моцнага нацыянальнага руху і хуткую пабудову нацыянальнай супольнасці. І славацкае, і ўкраінскае, і беларускае грамадствы былі ў першую чаргу (больш як на 90%) сялянскімі, пераважна непісьменнымі (найменш непісьменных было сярод славакаў), пазбаўленымі больш-менш адукаванага і ў меру шматлікага мяшчанства ды буржуазіі (а таксама шляхты, якая захоўвала б нацыянальнае аблічча). У цэлым гэта было насельніцтва беднае або вельмі беднае. Чэхі вылучаліся на гэтым фоне як вельмі нізкім узроўнем непісьменнасці і параўнальна вышэйшым працэнтам гарадскога насельніцтва, так і адноснай заможнасцю. У другой палове XIX — на пачатку XX ст. яны масава пераязджалі ў гарады (найперш у Прагу), фармуючы ў іх усё больш заможную большасць. Поспех нацыянальнай інтэлігенцыі залежаў перш за ўсё ад таго, наколькі здольныя былі сяляне ўспрыняць абвешчаную ёю нацыянальную ідэалогію, наколькі нованароджаныя эліты былі аўтарытэтнымі ў іх вачах, наколькі яны былі ў стане вызначаць памкненні народных мас — г. зн. быць для іх пунктам пазітыўнага культурнага адліку. Асноўнай умовай для ўсяго гэтага было вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці (якое ў Расіі адбылося ў 1861 г., а ў Аўстрыі — у 1848 г.) і пашырэнне сярод іх пісьменнасці. Гэта выключала з працэсу нацыятварэння перш за ўсё беларускіх і ўкраінскіх сялян расійскага падданства, а таксама накладала значныя абмежаванні на ўкраінскае насельніцтва Галіччыны і — у крыху меншай ступені — на славакаў. Акрамя таго, надта вузкай была гарадская база ўкраінскага, беларускага і славацкага нацыянальных рухаў. З гэтых трох этнічных супольнасцяў вылучаліся параўнальна малалікія групы інтэлігенцыі, найчасцей сялянскага паходжання, якія доўга не маглі знайсці сабе падтрымкі сярод бедных і неадукаваных землякоў. Іначай было ў выпадку чэхаў, нацыянальныя дзеячы якіх змаглі досыць хутка — нават па мерках усёй Еўропы, а тым больш яе цэнтральна-ўсходняга рэгіёна — знайсці водгук сярод пісьменных сялянскіх мас, а таксама, беручы пад увагу хуткую індустрыялізацыю, сярод шматлікіх і заможных гарадскіх слаёў. Пісьменныя чэшскія сяляне, якія масава прыбывалі ў гарады, паспяхова ўступалі ў канкурэнцыю з нямецкай буржуазіяй і мяшчанствам, да пэўнай ступені пераймаючы іх сацыяльны лад, капіруючы іх культурныя, адукацыйныя, навуковыя і гаспадарчыя інстытуты. Ім удалося стварыць заможныя чэшскія эліты. Для чэшскага селяніна, які ў апошнія дзесяцігоддзі перад Першай сусветнай вайной перабіраўся ў Прагу, далучэнне да высокаадукаванага асяроддзя новага чэшскага мяшчанства і буржуазіі было не толькі лёгкім (з моўных і культурных прычын куды лягчэйшым, чым інтэграцыя ў нямецкамоўнае асяроддзе), але і прывабным — дзеля яго масавасці і заможнасці. Так, чэхі сваю „плебейскасць” (дзякуючы якой ім удалося ўзяць верх), пад якой варта разумець непасрэднасць, прастату, адсутнасць панскай фанабэрыі і мудрагельнічання, ператварылі ў сваю станоўчую рысу (беларусы часткова паспрабавалі паўтарыць гэта ў савецкія часы на дэнацыяналізаванай глебе).

Чэхі не толькі рана ўступілі ў фазу масавага нацыянальнага руху (астатнія разгляданыя тут народы так і не дайшлі да гэтай фазы аж да Першай сусветнай вайны), але і, як заведзена лічыць, у значнай частцы аформіліся як нацыя ўжо ў 1870-я г.[23]. Што да прыдняпроўскіх украінцаў, беларусаў і славакаў, то ў іх на пачатку Першай сусветнай вайны існавалі вузкія групы мясцовай нацыянальнай інтэлігенцыі, адарваныя ад шырокай народнай масы, якая захоўвала ў цэлым класавае мысленне (асабліва гэта датычыла беларусаў і ўкраінцаў), і пазбаўленыя шырокай гарадской сацыяльнай базы. Беларусам не ўдалося запусціць механізм фармавання ўласных прывабных нацыянальных эліт на чэшскі ўзор. У буйных гарадах беларусаў было мала, яны былі пераважна непісьменныя (калі ж нават умелі чытаць і пісаць, дык дакладна не па-беларуску) і ў цэлым незаможныя. Таму ў іх не было шанцаў вылучыць са свайго асяроддзя шматлікую заможную беларускамоўную эліту, якая гуртавалася б вакол беларускамоўных інстытутаў. Сацыяльны рост яны атаясамлівалі з інтэграцыяй у рускамоўнае (значна радзей польскамоўнае) асяроддзе. Адвучыўшыся ў рускамоўных школах, яны калі і браліся нешта чытаць, то выбіралі рускамоўныя газеты. Свет рускіх і польскіх паноў быў ім класава варожы, але ж таксама прывабны. Набліжэнне да іх культуры азначала сацыяльны рост, чаго не магла ў гэты час даць беларуская культура.

Важным у гэтым працэсе было і тое, што, у процілегласць чэшскім рэаліям, Беларусь у гэты перыяд была эканамічна і цывілізацыйна адсталым краем, а таму беларусы не мелі шанцаў на стварэнне ўласнай шматлікай буржуазіі і дробнага мяшчанства (г. зн. сярэдняга класа), бо і сярод рускіх ды палякаў, што насялялі беларускія землі, гэтыя слаі былі надзвычай слаба развіты. Між тым, утварэнне такіх сацыяльных слаёў пры спрыяльных умовах можа ісці адносна хутка (што і назіралася ў чэхаў), тады як фармаванне памешчыцка-арыстакратычных, шляхецка-інтэлігенцкіх эліт, якія дамінавалі на беларускіх землях, патрабуе цэлых пакаленняў і зноў-такі спрыяльных умоў, якіх беларусы не мелі. Шляхецкія эліты ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе анямечыліся, спаланізаваліся, змадзьярызаваліся або зрусіфікаваліся ў Цэнтральна-Усходняй Украіне і нідзе ў сваёй масе не станавіліся на бок „малых народаў Еўропы” (кажучы словамі М. Гроха), якія зараджаліся ў XIX ст. Стварэнне такіх эліт на нацыянальнай глебе за некалькіх дзясяткаў гадоў было немагчымым.

Узровень нацыянальнай свядомасці польскага і тым больш рускага сялянства працяглы час не адрозніваўся ад таго, якім характарызаваліся іх славянскія суседзі. Палякі мелі адметную сітуацыю дзякучы наяўнасці ў іх шляхецка-інтэлігенцкай эліты, таму іх успрымалі як развітую нацыю, нягледзячы на тое, што нацыянальнае самаўсведамленне польскіх сялян адбылося на некалькі дзясяткаў гадоў пазней, чым у чэхаў. Адрозненні ў ступені цывілізацыйнага развіцця польскага грамадства ў трох розных частках былога Каралеўства Польскага ў некаторай ступені ілюстравалі (і сімвалізавалі) наяўныя ў гэтай частцы Еўропы цывілізацыйныя падзелы. На тэрыторыі падпарадкаванага Расійскай імперыі Царства Польскага непісьменных, паводле стану на 1897 г., было 59%, у Галіччыне ў 1910 г. — 40,8% (у яе ўсходняй частцы больш, чым у заходняй), а на польскіх землях у складзе Прусіі — усяго 5% (г. зн. на ўзроўні Чэхіі)[24]. Польскія землі ў складзе Расіі, такім чынам, характарызаваліся найніжэйшым узроўнем пісьменнасці, хоць ён і быў тут вышэйшы, чым на землях Беларусі і Прыдняпроўскай Украіны. Узровень развіцця ўсіх гэтых земляў прадвызначаўся цывілізацыйнай адсталасцю Расіі. Крыху лепш было ў Галіччыне і падпарадкаванай венграм Славакіі, а значна лепш — у Чэхіі і на польскіх землях у складзе Прусіі. Іншымі словамі, чым бліжэй да Масквы, тым горшая была цывілізацыйная інфраструктура, чым блі жэй да Вены і Берліна — тым яна была лепшая. Метады раз-віцця нацыянальнай самасвядомасці ў Празе і Позна ні былі да пэўнай ступені падобныя, хоць нацыя наль ная палітыка Прусіі, асабліва пасля абвяшчэння палі тыкі „культурнай барацьбы”, не была такой ліберальнай, як у Аўстрыі. Тым не менш, абедзве дзяржавы — хоць прусы і мелі цягу да прымусовай асіміляцыі палякаў — былі дзяржавамі права, чаго нельга было сказаць пра Расію (асабліва ў перыяд паміж паўстаннем 1863–64 г. і рэвалюцыяй 1905 г.). Гэтак жа як і чэхі, палякі ў працэсе эканамічнай канкурэнцыі з немцамі паволі „вярталі” сабе раней анямечаныя тэрыторыі (хоць перадумовы гэтага працэсу былі больш складаныя).

Пераходзячы да другой групы фактараў-перадумоў нацыятварэння, варта падкрэсліць, што істотным у працэсе вылучэння новай нацыі з ранейшага кангламерату, які нярэдка насіў палітычна-дзяржаўны характар, было тое, наколькі вялікай была культурная дыстанцыя паміж нованароджанай нацыяй і той, якая палітычна

Статыстыка Царства Польскага ахоп лівае насельніцтва, старэйшае за 10 гадоў, галіцкая — старэйшае за 11 гадоў; што да польскіх земляў у складзе Прусіі, то дадзеныя па Цешынскай Сілезіі ахопліваюць старэйшых за 10 гадоў, тады як звесткі па Вялікім Княстве Пазнанскім і Гданьскім Памор’і датычаць толькі маладажонаў 1910 г. (Верхняя Сілезія — 99% пісьменных).панавала[25], асабліва калі браць культуру наяўных на той час эліт. У Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пасля заняпаду Венгрыі і паглынання яе Аўстрыяй, а таксама пасля пазнейшай ліквідацыі Рэчы Паспалітай нацыі фармаваліся на аснове моўна-этнічнай адметнасці. Такім чынам, бязмерна важным фактарам, які вызначаў шанцы на процістаянне паноўнай культуры эліт, была мова. Значная розніца паміж чэшскай і нямецкай, а таксама славацкай і венгерскай мовамі ўскладняла працэсы анямечвання і мадзьярызацыі ды спрыяла захаванню выразнай культурнай граніцы паміж дзвюма супольнасцямі, якія змагаліся паміж сабой, імкнучыся перацягнуць на свой бок народныя масы. У сваю чаргу, такога моўнага бар’еру не было паміж беларусамі ды ўкраінцамі з аднаго боку і палякамі ды рускімі з другога. Беларускія гаворкі ў XIX ст. амаль агульнапрызнана лічыліся пераходнымі формамі на памежжы рускага і польскага моўнага арэалу або нават проста складовымі часткамі гэтых арэалаў. Паколькі гэтымі гаворкамі карысталіся амаль выключна сяляне, іх адносілі да прастамоўя і лічылі не вартымі друку. Падобным было стаўленне і да ўкраінскай мовы, асабліва на Прыдняпроўскай Украіне. Вось чаму бела рускія і ўкраінскія сяляне ў працэсе прасоўвання па сацыяльнай лесвіцы, які найчасцей праяўляўся ў іх пераездзе ў горад, адмову ад сваёй мовы на карысць спачатку польскай, а потым рускай лічылі, як правіла, натуральнай з’явай, не толькі не бачачы ў ёй нацыянальнага аспекту, але нават і не ў поўнай меры ўсведамляючы сам факт таго, што яны мяняюць мову (тым болей што з цягам часу ўтварыліся разнастайныя формы мяшаных кайнэ — „трасянка” ў Беларусі і „суржык” ва Украіне).

Важным было і тое, наколькі новая нацыянальная супольнасць магла апеляваць да элітарнай культуры і дзяржаўных структур, якія некалі мела (як у выпадку чэхаў) і ці былі такія магчымасці наогул (славакі тут уяўлялі сабой адмоўны прыклад, хоць яны часам і спрабавалі апеляваць да традыцый Вялікамараўскай дзяржавы). Рэшткі даўнейшых дзяржаўных структур зберагаліся на чэшскіх землях аж да XIX ст., што аблягчала працэс нацыянальнага адраджэння — фармавання нацыянальнай гістарычнай свядомасці. У выпадку Беларусі Вялікае Княства Літоўскае атаясамлівалася, як правіла, з літоўцамі, хоць некалі ў ім дамінавала беларуская культура. Усведамленне беларускага характару супольнай з літоўцамі старажытнай дзяржавы было слабым сярод элітаў Беларусі XIX ст., дый у XX ст. не зрабілася агульнапашыраным, хоць дзеячы беларускага нацыянальнага руху апелявалі да спадчыны ВКЛ як перад Першай сусветнай вайной, так і пасля з’яўлення незалежнай Беларусі. Крыху лягчэйшую сітуацыю мелі ўкраінцы, якія маглі ў працэсе канструявання ўкраінскай гістарычнай свядомасці спасылацца на традыцыю казацтва і Гетманшчыны — структур, якія, праўда, больш мелі характар аўтаноміі, чым увасаблялі сабой поўную, стабільную на працягу больш-менш доўгага часу незалежнасць. Вось чаму і ў гэтым выпадку ў найлепшым становішчы былі чэхі.

Апрача таго, у выпадку беларусаў і прыдняпроўскіх украінцаў у гульню ўступіў фактар, якога не было ў іншых суседніх народаў. Гэты фактар негатыўна паўплываў на магчымасць фармавання тут асобных нацый. І беларусам, і далучаным да Расіі ўкраінцам у 1839 г. было навязана праваслаўе ў яго расійскай версіі, якая не толькі кансервавала механізмы сацыяльнага развіццця, адрозныя ад заходніх, але і атаясамлівала ўсходнеславянскае праваслаўе з рускасцю, якая разумелася як наднацы янальнае адзінства, уласцівае „тром галінам аднаго рускага народа — велікарусам, маларусам і беларусам”. Расійскія гісторыкі, імкнучыся давесці існаванне адзінай усходнеславянскай нацыі, пачалі апеляваць да такіх паняццяў, як „древнерусский народ” і „единый русский народ”. Гэтая канцэпцыя, якая насаджалася як дзяржаўнымі, так і царкоўнымі ўладамі, была досыць шырока ўспрынята рознымі слаямі ўсходнеславянскіх праваслаўных грамадстваў (г. зн. за выключэннем галіцкіх украінцаў). Мысленне ў катэгорыях рускай супольнасці, якое не мела аналагаў на Захадзе, аслабляла ў першую чаргу магчымасць нацыянальнага развіцця беларусаў і ўкраінцаў (але адначасова замінала і пашырэнню развітой нацыянальнай свядомасці заходняга тыпу сярод простанародных слаёў велікарускага грамадства). Больш за тое, уключэнне беларусаў (і ўкраінцаў) у расійскі культурны кантэкст (што называўся, як правіла, рускай або расійскай цывілізацыяй) пацягнула за сабой фармаванне шэрагу істотных культурных асаблівасцяў і грамадскіх механізмаў, у выніку чаго на Беларусі атрымалі сілу „саборныя” канцэпцыі заходнерусізму, пазней — савецкай супольнасці, а яшчэ пазней — „славянскага адзінства” (савецка- і постсавецка-заходнярускай супольнасці). Гэты светапогляд адрозніваўся ад нацыянальнай канцэпцыі заходняга ўзору, якая набыла асаблівае развіццё ў так званы „нашаніўскі” перыяд 1906–1915 г. (больш за тое, многае сведчыць, што „саборная” канцэпцыя ў большай ступені, чым гэта было ў лацінскай цывілізацыі, арыентавала сваіх прыхільнікаў на класавыя падыходы, а гэта ў сваю чаргу таксама тармазіла нацыятворчыя працэсы). З пачатку XX ст. гэтыя дзве канцэпцыі беларускасці пачалі канкураваць паміж сабой. Заходняя канцэпцыя — асабліва напачатку — фармавалася пераважна каталікамі і несла з сабой вартасці, да пэўнай ступені чужыя і незразумелыя праваслаўнай большасці беларускага грамадства, што і стала адной з найважнейшых прычын яе заняпаду.

На ўсходнеславянскіх землях тоеснасць, што грунтавалася на глебе праваслаўя, досыць доўга дамінавала — асабліва сярод простых людзей, у тым ліку і ў СССР, у форме так званага „бытавога хрысціянства”[26], — над свецкай разнавіднасцю калектыўнага самаўсведамлення, якою ёсць нацыя. Можна спрачацца наконт таго, наколькі гэта вынікала з расійскай традыцыі атаясамлівання свецкай і духоўнай улады. Саборная нацыя („народ”) павінна была вырастаць з праваслаўнай супольнасці і супадаць з ёю. Праяў нацыянальнага сепаратызму, якія ўзніклі ў рамках каталіцкай царквы, у праваслаўнай царкве не было. Прыведзеныя тут спецыфічныя для ўсходнеславянскай супольнасці катэгорыі мыслення характарызавалі ў рамках Расійскай імперыі беларусаў і ўкраінцаў, але, відавочна, ужо не літоўцаў, якія, нягледзячы на сваё цывілізацыйнае адставанне, супраціўляліся русіфікацыі на грунце сваёй рэлігійнай і моўнай адметнасці, а таксама набору каштоўнасцяў, які вызначаў іх прыналежнасць да заходняй культуры. Чэхі і славакі такога роду „саборных” праблем не мелі. У культурных (і моўных) адносінах яны прынцыпова адрозніваліся ад аўстрыйскіх немцаў і венграў, а іх праблема, у адрозненне ад беларусаў і ўкра інцаў, не была выклікана перспектывай нявыхаду на ўзровень нацыі і захавання ў рамках спецыфічнай „саборнасці” на ўзроўні этнаграфічна-фальклорных рэгіянальных асаблівасцяў. Перад імі стаяла дылема, ці яны ў працэсе фармавання ўласных нацый (бо непазбежнасць самога працэсу не выклікала сумнення) анямечваюцца (у выпадку славакаў змадзьярызуюцца), ці павернуцца да нацыянальнага існавання ў чэшскіх і славацкіх формах. Галіцкія ўкраінцы, нягледзячы на сваю культурна-моўную блізкасць да палякаў, дзякуючы падтрымцы венскіх улад і механізмам сацыяльнага развіцця, што абумовілі іх прыналежнасць да лацінскай часткі Еўропы, паспяхова агоралі працэс уласнага нацыянальнага развіцця ў канфрантацыі з палякамі. Гэты моцны канфрантацыйны аспект фармавання нацыі, які ў эмацыянальным сэнсе аблягчаў яе ўтварэнне, практычна не склаўся сярод беларусаў у дачыненні да палякаў, а тым больш да рускіх (ці, ва ўсякім разе, быў надта слабы).

Трэцяя група фактараў, якія вызначалі кірунак і тып нацыятворчых працэсаў, мае палітычны характар і адносіцца, у кантэксце нашых разважанняў, перш за ўсё да нацый, якія вылучаліся з больш буйных дзяржаўна-палітычных, а часам культурных супольнасцяў. Еўрапейскія дзяржавы на працягу апошніх двух стагоддзяў некаторыя нацыянальныя рухі падтрымлівалі, а некаторыя прыгняталі. У адных дзяржавах панавалі ліберальныя, дэмакратычныя парадкі, а ў другіх — аўтарытарныя, дэспатычныя, што нярэдка мела істотны ўплыў на саму магчымасць існавання такіх рухаў, нават без спецыяльнага ўмяшання дзяржаўных улад. На пачатковых этапах развіцця нацыянальных рухаў, калі яны яшчэ не носяць масавага характару, іх залежнасць ад палітыкі дзяржаўных улад вельмі вялікая. Найлепш гэта відаць на прыкладзе Расіі, якая была дзяржавай дэспатычнай, дзяржавай, што не прызнавала беларусаў і ўкраінцаў за асобныя народы. Яна прыгнятала іх нацыянальнае развіццё ўсімі даступнымі сродкамі, асабліва да 1905 г., што ў немалой ступені спрычынілася да нізкага ўзроўню развіцця гэтых народаў на момант пачатку Першай сусветнай вайны. У выніку іх лідарам не ўдалося пад канец вайны натхніць людзей на нацыянальную барацьбу ў той ступені, у якой гэта было неабходна для заваявання незалежнасці, — хоць тэарэтычна магчымасць такая была, асабліва ў выпадку з Украінай.

Уплыў дзяржаўных улад на развіццё нацыянальнага руху быў асабліва відавочны ў выпадку славакаў. Славацкі рух набываў моц у перыяды здабыцця незалежнасці ад Венгрыі (прыкладам могуць служыць паўстанцкія паходы супраць Венгрыі, распачатыя прыхільнікамі Людавіта Штура ў 1848–1849 г.), якое да ся га лася нярэдка пры падтрымцы аўстрыйскіх улад. Славацкая асвета была абмежавана ў магчымасцях свайго развіцця, славацкія газеты і нацыянальныя інстытуты гвалтоўна закрываліся, нацыянальныя дзеячы зведвалі рэпрэсіі. Праз усю гісторыю славацкага нацыянальнага адраджэння мела месца з’ява, калі, з аднаго боку, то нарастала, то слабела рэпрэсіўная палітыка Будапешта ў дачыненні да славацкіх нацыянальных памкненняў, а з другога — перыядычна ўзнікала падтрымка славакаў з боку Вены. Гэта прыводзіла да яўнай „хвалепадобнасці” славацкага нацыянальнага руху.

Ліберальная палітыка Вены стварыла ўмовы для шпаркага развіцця чэшскага нацыянальнага руху. Пачынаючы з 1848 г. аўстрыйскія ўлады падтрымлівалі — праўда, у розныя часы з рознай інтэнсіўнасцю — і ўкраінскі рух, вынікам чаго было развіццё не толькі ўкраінскай асветы (якая стаяла на другім месцы пасля чэшскай), але і ўкраінскай прэсы, культурна-асветніцкіх устаноў ды палітычных партый, хоць украінская супольнасць характарызавалася значна ніжэйшым узроўнем цывілізацыйнага развіцця ў параўнанні з чэхамі. Нацыянальная свядомасць галіцкіх украінцаў, хоць і далёкая ад той, што была ўласціва чэхам, была куды вышэйшая, чым у прыдняпроўскіх украінцаў. Гэта зрабілася відавочным у канцы другога дзесяцігоддзя XX ст., калі менавіта галіцкія ўкраінцы ўзняліся на барацьбу за ўласную незалежнасць з палякамі, тады як прыдняпроўскія ўкраінцы масава рабілі выбар на карысць класавай ідэалогіі, што прывяло іх у далейшым выніку ў склад бальшавіцкай дзяржавы са сталіцай у Маскве.

Падсумоўваючы, можна канстатаваць, што ў выпадку беларусаў (а таксама — хоць і ў крыху меншай ступені — украінцаў у складзе Расійскай імперыі) слабасць моўнага фактару і нетрывалае ўсведамленне сваёй даўнейшай нацыянальна-дзяржаўнай адметнасці ўзмацнялася адсутнасцю эліт, якія маглі б лічыцца нацыянальна беларускімі, а таксама велізарнай адсталасцю цывілізацыйнай інфраструктуры і адсутнасцю аж да Першай сусветнай вайны хоць якой палітычнай падтрымкі іх нацыянальным памкненням, не гаворачы ўжо пра палітычныя (наадварот, мела месца актыўнае супраціўленне Масквы любым спробам эмансіпацыі, якія выходзілі за рамкі літаратурных практыкаванняў — дый нават апошнія былі дазволены толькі пасля 1905 г.). Магчыма, калі б хоць адна з пералічаных трох груп фактараў склалася па-іншаму, гэта прыметна змяніла б сітуацыю на карысць беларусаў. Галіцкія ўкраінцы характарызаваліся нізкім узроўнем цывілізацыйнага развіцця, але дзякуючы ў першую чаргу рэлігійнай адметнасці ад палякаў (грэка-каталіцызм) і падтрымцы аўстрыйскіх улад (ліберальная палітыка Вены) яны значна больш прасунуліся наперад у развіцці нацыянальных формаў, чым у некалькі разоў большая паводле плошчы і колькасці насельніцтва расійская Украіна. Чэхі ва ўсіх трох аспектах развіцця былі па-за канкурэнцыяй. Гісторыя выразна спрыяла ім. Славакам жа пашанцавала пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. У момант яе пачатку яны паводле ўзроўню развіцця свайго нацыянальнага руху не адрозніваліся ад беларусаў. „Працэс асіміляцыі, — сцвярджаюць Р. Гек і М. Ажахоўскі, — вельмі далёка зайшоў ва Усходняй Славакіі, насельніцтва якой у XIX і XX ст. неаднаразова займала мадзьярафільскія пазіцыі. У канцы XIX ст. ва ўсёй Заходняй Славакіі можна было налічыць усяго каля 1000 чалавек, якія адкрыта выказваліся пра сваю прыналежнасць да славацкага народа і актыўна праяўлялі сваю нацыянальную свядомасць”[27]. Вынікам гэтага было тое, што ў 1918 г. у Славакіі можна было знайсці ўсяго 12 урачоў і 10 настаўнікаў сярэдніх школ, якія гаварылі пра сваю славацкасць[28]. Адначасова Лявон Баршчэўскі, перакладчык, літаратуразнавец і адзін з вядучых беларускіх апазіцыйных палітыкаў нацыянальнай скіраванасці, некалькі гадоў таму так ахарактарызаваў маштаб уплыву беларускага нацыянальнага руху нашаніўскага перыяду (1906–1915): „Тых, хто актыўна займаўся творчасцю і інтэлектуальнай працай, была нейкая сотня чалавек. Звычайных жа карэспандэнтаў „Нашай Нівы” за гэтыя дзесяць гадоў назбіралася хіба некалькі тысяч”[29]. Калі нават максімальна расцягнуць паняцце беларускага нацыянальнага актывіста, то атрымаем колькасць хіба ўдвая-ўтрая большую. Меркаваная лічба нацыянальна свядомых беларусаў не перавышала ў той час некалькіх соцень чалавек.

Пасля Першай сусветнай вайны дзякуючы міжнародным дамоўленасцям (бо наўрад ці дзякуючы намаганням саміх славакаў) славацкія землі былі аддзелены ад Венгрыі і ўвайшлі ў склад новай чэхаславацкай дзяржавы. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў сумеснага існавання з чэхамі славакі напоўніцу раскрыліся як мадэрная еўрапейская нацыя. Стварыўшы незалежную дзяржаву, чэхі не праяўлялі ў дачыненні да іх асіміляцыйных ці рэпрэсіўных памкненняў, якія маглі б значна ўскладніць іх нацыянальнае развіццё. Беларусы, апынуўшыся ў рамках СССР у адной лодцы з рускімі, з рускай культурай і прыняўшы ў сваіх гарадах рускую мову, такога ўзроўню нацыянальнага развіцця не дасягнулі. Такім чынам, у выпадку славакаў ключавым выявіўся палітычны фактар, які спярша радыкальна тармазіў развіццё славацкай нацыянальнай супольнасці, аж да небяспекі яе знікнення, а потым стварыў для яе нечакана спрыяльныя — на фоне папярэдніх рэалій — умовы развіцця.

Савецкі Саюз не даў шанцаў на паўнацэннае нацыянальнае развіццё беларусам, за выключэннем кароткага перыяду беларусізацыі ў 1920-я г. Ён стварыў мадэрнае адукаванае беларускае грамадства, знітаванае ідэалагічнымі повязямі, якое раней абыходзілася сувязямі чыста лакальнымі. Русіфікуючы беларусаў, савецкая ўлада, аднак, радыкальна аслабіла такі істотны фактар нацыятворчых працэсаў, як мова. Замест нацыянальных повязяў яна збудавала мадэрнае грамадства з апорай на зусім іншым грунце — савецкай ідэалогіі. Гэты грунт не заняў месца побач з нацыянальнымі каштоўнасцямі, як гэта здарылася пасля Другой сусветнай вайны ў прыбалтыйскіх рэспубліках, а выцесніў іх, што значна ўскладніла працэс фармавання беларускай нацыі, бо патрабавала адмовы ад ранейшага аб’яднальнага падмурку, які дагэтуль адпавядае патрэбам значнай часткі беларусаў. У цэлым выявілася, што лінія, якая аддзяляе грамадствы са слабаразвітым нацыянальным пачуццём ад тых, што займелі высокаразвітую нацыянальную свядомасць, — зыходзячы з заходняга паняцця нацыі — у цэлым супадае з лініяй, якая аддзяляе каталіцкія грамадствы ад праваслаўных. Валынь тут з’яўляецца выключэннем, якое патрабуе асобнага разгляду. Украінскі гісторык Яраслаў Грыцак бачыць немалаважную прычыну такога стану рэчаў у пісьмовай адсталасці праваслаўных усходніх славян, якая захоўвалася на працягу многіх соцень гадоў і праяўлялася ў познім узнікнення літаратуры, малой колькасці выданняў, малых сукупных тыражах кніг на душу насельніцтва, што можна было назіраць да самага канца існавання Расійскай імперыі. „Там, дзе на ўкраінскіх землях у найбольшай ступені мелі месца заходнія ўплывы, — сцвярджае Я. Грыцак, — адначасова наймацней праяўляліся і ўплывы нацыянальныя”[30].

Ужо ў БССР стала ясна, што ў развіцці беларусаў, як і ва ўсіх праваслаўных славянскіх грамадствах, істотнае месца займала роля эліт — больш узвышаная, чым у каталіцкай Еўропе, у якой самастойная ініцыятыва людзей, іх схільнасць да самаарганізацыі адыгрывалі куды большае значэнне. Беларусы, якія да канца Расійскай імперыі не мелі высокаадукаваных эліт, сама меней з пачатку 1930-х г. падпарадкоўваліся анацыянальным (а нярэдка і антынацыянальным) камуністычным элітам, навязаным Мінску Масквой. Ад гэтага яны так і не вызваліліся да канца існавання СССР, найчасцей прызнаючы гэтыя псеўдаэліты за свае ўласныя, сумныя вынікі чаго можна назіраць і сёння. У савецкіх рэаліях яны не сфармaвалі — дый гэта было б надта складана зрабіць — і моцных механізмаў сацыяльнай інтэграцыі. Адначасова нацыянальнае развіццё беларусаў ішло несінхронна з нацыянальнымі працэсамі ў Еўропе. Калі перад Першай сусветнай вайной Беларусь вызначалася надзвычай нізкім узроўнем нацыянальнага развіцця, а яе нацыянальны рух быў амаль пазбаўлены моцных нацыяналістычных акцэнтаў (у неангласаксонскім, каштоўнасным разуменні нацыяналізму), то пасля здабыцця незалежнасці на пачатку 1990-х г. гэты рух — што і зразумела — спрабуе капіяваць даўнейшыя еўрапейскія ўзоры ў сітуацыі, калі на Захадзе стан рэчаў у гэтым плане ўжо прынцыпова змяніўся.

Пераклад Сяргея Петрыкевіча

* Падставай артыкула стаў даклад, прачытаны на Першым міжнародным кангрэсе даследаванняў Беларусі (Коўна, 23–25 верасня 2011 г.)


[1] Waldenberg M. Narody zależne i mniejszości narodowe w Europie Środkowo-Wschodniej. Dzieje konfliktów i idei. Warszawa, 2000. S. 135–137.
[2] Терешкович П. В. Этническая история Беларуси XIX — начала XX в. в контексте Центрально-Восточной Европы. Мінск, 2004. C. 115.
[3] Waldenberg M. Narody zależne… S. 75.
[4] Špiesz A. Dzieje Słowacji na drodze do uświadomienia narodowego / Tłum. Birek M. [brak miejsca i roku wyd.] S. 102.
[5] Waldenberg M. Narody zależne… S. 60.
[6] Тамсама.
[7] Heck R., Orzechowski M. Historia Czechosłowacji. Wrocław, 1969. S. 260.
[8] Hrycak J. Historia Ukrainy 1772–1999. Narodziny nowoczes-nego narodu. Lublin, 2000. S. 98.
[9] Wereszycki H. Pod berłem Habsburgów. Zagadnienia naro-dowościowe. Kraków, 1986. S. 164.
[10] Radzik R. Między zbiórowością etniczną a wspolnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo-Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. S. 140.
[11] Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.). Мінск, 2005. С. 58 (табліца 1), 369 (табліца 12).
[12] Шибеко З. В. Минск в конце XIX — начале XX в. Очерк социально-экономического развития. Мінск, 1985. C. 117.
[13] Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Litwie. Warszawa, 1997. S. 46 (tabela 6).
[14] Guthier S. L. The Belorussians: National Identification and Assimilation. 1897–1970. P. 1: 1897–1939 // Soviet Studies. T. XXIX. January 1977. № 1. S. 43 (tabela 2).
[15] Гл. Radzik R. Między zbiórowością… (асабліва раздзел III).
[16] Waldenberg M. Narody zależne… S. 135–137.
[17] Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Ukrainie XX wieku. Warszawa, 1994. S. 39 (tabela 6).
[18] Giza A. Słowacki ruch narodowy w XIX i początkach XX wieku (do 1914 roku). Szczecin, 2000. S. 105–106.
[19] Kościelak L. Historia Słowacji. Wrocław, 2010. S. 280.
[20] Тамсама. С. 293.
[21] Heck R., Orzechowski M. Historia Czechosłowacji… S. 231.
[22] Wereszycki H. Pod berłem… S. 164.
[23] Гл.: Hroch M. Małe narody Europy. Perspektywa historyczna, Wrocław — Warszawa — Kraków, 2003. S. 15–18.
[24] Historia Polski w liczbach. Państwo. Społeczeństwo. T. I. Warszawa, 2003. S. 228–230.
[25] Юзаф Хлябоўчык (Chlebowczyk J. O prawie do bytu małych i młodych narodow. Kwestia narodowa i procesy narodotworcze we wschodniej Europie Środkowej w dobie kapitalizmu (od schyłku XVIII do początków XX w.). Warszawa, 1983. S. 33) карыстаецца паняццем „паноўнай групы”, якая вызначаецца „прыналежнасцю да дзяржаўнай супольнасці” (напр. „нямецкія анклавы да 1897 г. на тэрыторыі ўсёй Габсбургскай манархіі”), а таксама паняццем „даміноўнай групы”, да якой залічаюцца „групы, што належаць да супольнасці, якая дамінуе на дадзенай тэрыторыі з прычыны сваёй эканамічнай або сацыяльнай перавагі, больш прасунутага культурна-цывілізацыйнага ўзроўню, а таксама ступені публічнай актыўнасці, займаных (узурпаваных) пасад і публічна-прававых прывілеяў” (на прыклад, палякі ва Усход няй Галіччыне).
[26] Гл.: Pawluczuk W. Ukraina. Polityka i mistyka. Kraków, 1988. S. 125–126.
[27] Heck R., Orzechowski M. Historia Czechosłowacji… S. 237.
[28] Bardach J. Od narodu politycznego do narodu etnicznego w Europie Środkowo-Wschodniej // Kultura i Społeczeństwo. 1993. № 4. S. 11.
[29] Ograbiony naród. Rozmowy z intelektualistami białoruskimi. Przeprowadzili Nocuń M., Brzeziecki A. Wrocław, 2007. S. 43.
[30] Hrycak J. Nowa Ukraina. Nowe interpretacje. Wrocław, 2009. S. 208.
Наверх

Генадзь Каралёў. Ідэя чарнаморскай федэрацыі Міхайлы Грушэўскага (1918 г.)

1 студзеня, 2011 |


Перыяд украінскай рэвалюцыі 1917–1921 г. быў часам рэалізацыі шматлікіх дзяржаўных і нацыянальных праектаў, якія ўзнікалі як вынік развіцця „негістарычнай” нацыі ў прасторы Усходняй Еўропы. У гэтым кантэксце крах Расійскай імперыі стаў каталізатарам працэсаў вызваленчай барацьбы народаў т. зв. заходніх ускраін. Менавіта пад час рэвалюцыйных падзей 1917–1921 г. былі абгрунтаваны праекты дзяржаўнага будаўніц тва, сярод якіх вылучаецца ідэя чарнаморскай федэрацыі.

Пад паняццем „канцэпцыя чарнаморскай арыентацыі” ў сучасным гістарычным дыскурсе варта разумець сістэму поглядаў адносна мэтаў украінскай дзяржавы ў паўднёва-ўсходнім кірунку яе палітыкі. Чарнаморская арыентацыя Украіны характарызуецца асаблівым разуменнем месца гэтага кірунку ў структуры яе міжнацыянальных (геапалітычных) прыярытэтаў і змяшчае пэўны спосаб абгрунтавання яго перспектыўнасці для сцвярджэння і захавання незалежнасці[1].

Гістарычная рэтраспектыва ідэі чарнаморскай федэрацыі пададзена ў палітычнай спадчыне ўкраінскага гісторыка і палітыка пачатку ХХ ст. М. Грушэўскага, у працах якога прасочваецца менавіта сістэма поглядаў, а не асобныя ідэі наконт чарнаморскай арыентацыі ўкраінскай дзяржавы на ўсходнееўрапейскай арэне.

Разуменне канцэпцыі чарнаморскай федэрацыі ў творчасці М. Грушэўскага адзначана пэўным парадоксам. А менавіта: чарнаморская арыентацыя не можа быць, нягледзячы на чарнаморскі статус Украіны, вытлумачана літаральна, як канчатковая мэта для ўкраінскай дзяржавы і спавяданне таласакратычнага прынцыпу ў сваёй геапалітыцы. Ідэя чарнаморскай федэрацыі з’яўляецца міждзяржаўным праектам, які дазваляе Украіне стаць асновай сінтэзу сухапутных шляхоў, скіраваных з Еўропы на Усход, і міжземнаморскіх марскіх магістраляў[2].

Гістарыяграфія праблемы маладаследаваная[3]. У большасці прац, дзе прама або ўскосна разглядаецца ідэя чарнаморскай федэрацыі, сутнасць яе тлумачыцца аднабакова. Пры гэтым вылучаецца ігнараванне больш шырокага погляду на гэтую канцэпцыю як грамадска-палітычную парадыгму.

Мэта даследавання — рэканструкцыя канцэпцыі чар наморскай федэрацыі М. Грушэўскага ў кантэксце ўкра інскай рэвалюцыі 1917–1921 г., а таксама спроба яе ін тэрпрэтацыі на аснове асобасных, геапалітычных і цывілізацыйных фактараў. На гэтай падставе вылучаем такія сэнсавыя фокусы: перадумовы і прычыны з’яўлення ідэі чарнаморскай федэрацыі ў творчасці і палітычнай дзей насці М. Грушэўскага, аналіз галоўных характарыстык канцэпцыі чарнаморскай арыентацыі, асэнсаванне ідэі чарнаморскай федэрацыі як парадыгмы гістарычнай перспектывы ў вымярэнні Усходняй Еўропы.

З пачаткам наступу бальшавіцкіх войскаў на Украіну ў снежні 1917 г. М. Грушэўскі засяродзіўся на праграмнай і ідэалагічнай працы, спрабуючы знайсці аптымальныя шляхі развіцця дзяржавы. Скептычнае і негатыўнае стаўленне да бальшавізму ў кіраўніка Цэнтральнай Рады ў пачатку 1918 г. узмацнілася. Важна адзначыць, што пасля правядзення з яго ініцыятывы ў Кіеве з’езда народаў Расіі (21–28 верасня 1917 г.) палітык лічыў здзейсненым фактам ператварэнне Цэнтральнай Рады ў орган барацьбы за стварэнне федэратыўнай Расійскай рэспублікі.

Аднак дынамічны наступ бальшавікоў і іх рэпрэсіі адносна лідараў украінскага руху сталі вызначальнай прычынай кардынальнай трансфармацыі поглядаў М. Грушэўскага ад расійскафільскіх федэралісцкіх пазіцый да цвёрдых антырасійскіх заяваў. Варта канстатаваць, што ён вінаваціў бальшавікоў і „Маскоўшчыну” ва ўсіх цяжкасцях украінскага дзяржаўнага будаўніцтва. Менавіта тады з-пад пяра кіраўніка Цэнтральнай Рады выйшаў шэраг прац, зведзеных у трактат „На парозе новай Украіны”[4]. Ён стаў адлюстраваннем пераасэнсавання вучоным і палітыкам асноўных ідэйных лозунгаў Цэнтральнай Рады, фактычна зрабіўшыся праграмай новых рэвалюцыйных і палітычных прыярытэтаў украінскага руху. „Праз гэта ў іх няма адказаў, — пісаў гіс-торык, — на трывогі цяперашняй хвалі, або, калі хочаце, ёсць — толькі з пазіцыі далейшых перспектыў, на якія трэба заўсёды арыентавацца, каб не заблукаць у хаосе супярэчнасцяў і анамалій цяперашняга дня”[5].

Стрыжнёвай тэзай зборніка было абгрунтаванне ідэі ўкраінскай незалежнасці і пошук варыянтаў яе рэалізацыі. Зварот М. Грушэўскага да ідэі самастойнасці быў заканамерным, улічваючы, што найперш народніцкая ідэалогія вызначыла яго асаблівую цікавасць да праблем народнасці і нацыянальнага пытання[6]. Даючы характарыстыку сваім палітычным перакананням, вучоны пісаў: „…як дэмакрат і сацыяліст усё сваё жыццё стаяў на варце правоў нацыянальнасцяў — не толькі сваёй нацыянальнасці”[7]. Такія інтэрнацыянальныя сентэнцыі былі рэакцыяй на дынамічную змену палітычнай карты Усходняй Еўропы.

Трактат „На парозе новай Украіны” ўзнаўляў украінскую дзяржаўніцкую перспектыву па-за расійскім кантэкстам і быў перанасычаны федэралісцкімі канструкцыямі. У пачатку 1918 г. М. Грушэўскі займаўся пошукам магчымых саюзнікаў Украінскай народнай рэспублікі (далей УНР) і абгрунтаваннем новага геапалітычнага выбару. Вылучаецца некалькі характэрных фармулёвак з яго тагачаснай публіцыстыкі, — гэ та канстатацыя „канца маскоўскай арыентацыі”, прызнанне неабходнасці браць прыклад з заходняй цывілізацыі, распрацоўка чарнаморскай перспектывы дзяржаўнай будучыні Украіны. Гэтыя зыходныя пазіцыі ў М. Грушэўскага не былі самастойнымі канцэпцыямі, а выступалі як ідэалагічная цэласнасць толькі ў комплексным разглядзе. Кожная з іх была толькі магчымасцю або варыянтам хуткай выпрацоўкі палітыкі Цэнтральнай Рады, альтэрнатыўнай бальшавіцкай.

Абранне самастойнага курсу ў дзяржаўным будаўніцтве Цэнтральнай Рады пасля прыняцця IV Універсала (22 студзеня 1918 г.), які абвяшчаў незалежнасць УНР, не азначала поўнага адмаўлення ад ідэі федэралізму, адбылося толькі пераасэнсаванне вучоным яе сутнасці ў геапалітычным і цывілізацыйным кантэксце. Вядома, што да гэтага федэралізм М. Грушэўскага быў заўсёды звязаны з расійскім фактарам — Расійскай рэспублікай з федэратыўным ладам, у склад якой на правах нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі ўвайшла б Украіна.

Нясцерпная ўнутраная крыўда на бальшавіцкую ўладу вызначыла таксама неўспрыманне ім Белага руху з яго палавіністымі праектамі канстытуцыйнага манархізму. „Першае, што я лічу перажытым і аджытым, такім, „што згарэла ў маім кабінеце”, гэта наша арыентацыя на Маскоўшчыну, на Расію, якая накідвалася нам доўга і ўпарта сілай…»[8], — пісаў вучоны, асэнсоўваючы наступствы бальшавіцкай экспансіі супраць УНР у пачатку 1918 г. Незалежнасць УНР у рэцэпцыі М. Грушэўскага канструявалася ў форме дэмакратычнай і сацыялістычнай Украінскай рэспублікі[9]. Ён вызначаў, што такія характарыстыкі накіраваны на тое, „каб адвесці ўсялякія падазрэнні, спадзяванні — што самастойнасць Украіны будзе формай украінскай рэакцыі або ўкраінскай нацыянальнай выключнасці”[10].

Але не варта прымяншаць ролю асобаснага фактару, эмацыйнасці, амбіцыйнасці гісторыка ў кантэксце разумення прычын вяртання да федэралісцкай ідэі. М. Грушэўскі пры ўсёй сваёй самастойнасці нярэдка „гуляў па чужых правілах”, моцна трапляючы пад уплыў негатыўных жыццёвых абставін. Прыкладам мо жа быць разбурэнне чырвонымі войскамі М. Мураўёва яго дома ў Кіеве ў студзені 1918 г. У яго публіцыстыцы адразу адзначаюцца кардынальныя змены ранейшых ідэалагічных пазіцый. Супярэчлівыя думкі выкладзены М. Грушэўскім у артыкулах „На пераломе”, „Канец маскоўскай арыентацыі” і інш. „25 студзеня, пад час бамбавання Кіева, — пісаў вучоны, — бальшавікі падпальнымі снарадамі расстралялі дом, дзе я жыў, — наш фамільны дом, пабудаваны дзесяць гадоў таму за грошы, пакінутыя бацькам… Доўга было б апавядаць і прыкра нават узгадваць. Цяпер ужо ніякія сілы не вернуць яго…”[11]. Тлумачэнне ўнутраных матываў ідэйна-палітычных трансфармацый М. Грушэўскага — складаная ілюстрацыя тэндэнцый гістарычнага развіцця ўкра ін скага грамадства ХІХ — пачатку ХХ ст. Аднак рэзю-муючы змест названых артыкулаў, варта вылу чыць тое, што асноўным інтэлектуальным крэда кіраўнік Цэнтральнай Рады абвясціў актывізацыю працэсу ўсведамлення палітычных задач украінскага руху з новых пазіцый, не перагружаных „спадчынай старога, перажытага”[12].

У артыкуле „На пераломе” гісторык выразна вызначыў перспектывы папярэдніх ідэй нацыянальна-вызваленчага руху і рэвалюцыйнага часу, паказваючы, што „сіла старых поглядаў і адносін у грамадстве не толькі запавольвае тэмп руху, але і скрыўляе яго хаду, і гэта асабліва бывае небяспечна ў такія адказныя і крытычныя моманты, як цяперашні”[13]. Далей М. Грушэўскі пад-крэслівае важнасць абвешчанай самастойнасці УНР і спрабуе прыцягнуць усё свядомае ўкраінства да ўдзелу ў будаўніцтве „новых прынцыпаў жыцця”. Аналіз палітычнага і маральнага становішча вызваленчага руху ў перыяд ваеннага супрацьстаяння з бальшавікамі прывёў старшыню Цэнтральнай Рады да важнасці вызначэння новых дзяржаўніцкіх перспектыў. Для гэтага трэба было абгрунтаваць антырасійскую пераарыентацыю палітыкі Цэнтральнай Рады.

Міхайла Грушэўскі як прафесійны вучоны абраў для гэтага адмаўленне на гістарычным узроўні сувязі Украіны з Расіяй. Ён удала злучыў контраверсійныя думкі і эклектычна абгрунтаваў адсутнасць перспектыў адносін Украіны з апошняй. Вучонага абурала наяўнасць агульных характарыстак у дзейнасці ранейшай імперскай бюракратыі і рускага рэвалюцыйнага руху, якія апынуліся ў дачыненні да Украіны „цвёрдагаловымі цэнтралістамі і аб’яднальнікамі”[14].

Асэнсаванне імперскай палітыкі ў дачыненні да Украіны прывяло гісторыка да думкі „пра глыбокую антытэзу гэтых двух блізкіх па крыві, але розных па духу народаў”[15]. Пры гэтым вучоны адназначна пера арыентаваў Украіну з Расіі ў бок Еўропы. Менавіта ўсход няя прастора апошняй стала полем будавання М. Грушэўскім дзяржаўнай перспектывы сваёй Айчыны. Гісторык адразу стаў абгрунтоўваць базавыя харак тарыстыкі мадэлі магчымага федэратыўнага саюзу з удзелам Украіны, якія выкладзены ў яго праграмных публікацыях „Наша заходняя арыентацыя”, „Арыентацыя чарнаморская” і „Новыя перспектывы”.

У гэтых артыкулах адлюстраваны трансфармацыі федэратыўнай канцэпцыі гісторыка. У іх аснове ляжыць разуменне „новай Украіны”, гэта значыць такой, якая павінна адысці ад бязмежнай веры ў арганізацыю агульнага з Расіяй дзяржаўнага арганізму. Заканамерным здаецца абгрунтаванне вучоным падстаў і значнасці небальшавіцкай арыентацыі. Менавіта гэтая думка ляжыць у аснове канструявання варыянтаў і перспектыў будучай украінскай дзяржаўнасці. Такая пазіцыя прадвызначалася неўспрыманнем Саўнаркамам лідарскай ролі Цэнтральнай Рады пад час пераўтварэння былой імперыі ў дэмакратычную федэратыўную рэспубліку.

Удалую рэалізацыю праекта „новай Украіны” М. Грушэўскі звязваў з наяўнасцю культурных і эканамічных падстаў, а таксама са з’яўленнем чарнаморскай або сусветнай федэрацыі. Ён адзначаў перспектыўнасць палітычнай дзейнасці Цэнтральнай Рады, накіраванай на пабудову „новай Украіны”, у якой суіснавалі дэмакратычныя прынцыпы, ідэі нацыянальнай згоды і гармоніі. Роля і месца сялянства ў сацыяльна-класавай структуры ўкраінскага грамадства былі для яго асновай разумення гістарычнага руху — „падмуркам гэтай Вялікай Украіны”[16]. Такая светапоглядная і навуковая пазіцыя выходзіла з народніцкіх поглядаў вучонага. Сутнасць гэтай ідэі не ў разуменні Украіны як вялікай „тэрыторыі” або магчымасці „панавання” над іншымі, а ў саборным яднанні этнаграфічных украінскіх земляў[17].

Канцэпт „новая Украіна” ў публіцыстыцы М. Грушэўскага характарызуе наяўнасць сувязі ўкраінскага народа з духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі заходняга грамадства і канстатацыяй ідэі самастойнасці. Гэтае паняцце выходзіла з народніцкага светапогляду і сацыялістычных поглядаў. Негатыўная рэцэпцыя М. Грушэўскім расійскага цэнтралізму і бюракратыі вызначыла разуменне ім пагроз украінскаму дзяржаўнаму будаўніцтву. У артыкуле „Дзяржаўнасць” ён пісаў: „Мы адкідаем паліцэйска-бюракратычны лад і хочам заснаваць наша праўленне на шырокіх асновах самакіравання, пакідаючы міністэрскай адміністрацыі толькі функцыі агульнага кантролю, каардынавання і запаўнення тых прабелаў, якія могуць узнікаць у дзейнасці органаў самакіравання”[18]. Адным з галоўных падмуркаў украінскай дзяржаўнасці кіраўнік Цэнтральнай Рады лічыў шырокае мясцовае самакіраванне ў рэгіёнах і дэмакратызм у іх дзейнасці.

Большая адміністрацыйная і выканаўчая кампетэнцыя рэгіёнаў выцякала з ідэі ўнутранай федэралізацыі Украіны на аснове „грамад”. М. Грушэўскі такую дзяр-жаўную сістэму разглядаў як перспектыўную. Своеасаблівым вынікам публіцыстычнай і палітычнай дзейнасці Грушэўскага ў пачатку 1918 г. стала абгрунтаван не канфедэратыўнай тэндэнцыі ў канцэпцыі дзяржаўнага будаўніцтва. На практыцы, выступаючы цвёрдым праціўнікам нацыяналізму, у ідэйным плане старшыня Цэнтральнай Рады спрабаваў аб’яднаць ідэі федэралізму і самастойнасці, шукаючы падставы для гэтага ў гістарычным развіцці Украіны. Аднак варта сказаць, што гэтыя ідэі не былі раўназначнымі ў светапоглядзе М. Грушэўскага. У кантэксце пэўнай палітычнай сітуацыі ён аддаваў перавагу адной з іх, тым самым спрыяючы амбівалентнасці дзяржаўнай структуры УНР. Зразумела, што канструкцыя, пабудаваная на ўнутранай супярэчнасці ды яшчэ без міжнароднай легітымацыі, не мела дзяржаўніцкіх перспектыў.

Артыкул „Наша заходняя арыентацыя” паказвае супярэчлівы характар унутранага і міжнароднага становішча УНР, фармуе дыяметральна процілеглы папярэдняму бачанню погляд на задачы ўкраінскага вызваленчага руху. Варта вылучыць стрыжнёвую асаблівасць новых палітычных націскаў М. Грушэўскага. Ён зрабіў ужо іншы цывілізацыйны выбар для Украіны ў бок заходняга (еўрапейскага) грамадства.

Пры гэтым гісторык спрабаваў знайсці падставы для ўкраінскага месіянізму і тэрытарыяльна акрэсліць сферу палітычнага ўплыву для будучай Украіны ў межах чарнаморскага рэгіёна. Такія пабудовы з боку вучонага абумоўлены выключна рускім ментальным разуменнем прызначэння і ролі дзяржавы на сусветнай арэне, што само па сабе прыводзіць да немагчымасці спалучэння яго інтэлектуальнага тэксту і народніцкага светапогляду з рэальнай дзяржаўнай дзейнасцю. М. Грушэўскі пісаў, што ўкраінскі народ належыць да заходняй культуры, пры гэтым прызнаючы вялікі арыентальны ўплыў на яго[19]. Украіна гістарычна роднасная з Нямеччынай і Італіяй, знаходзіцца ў пастаяннай сувязі з Захадам, жывучы яго ідэямі. Ва ўкраінскім народзе злучыліся візантыйскія традыцыі і іх камбінацыя, а таксама „пераробліванні новых заходніх дасягненняў і ўплываў”[20].

У гэтым артыкуле ў негатыўным плане асвятляецца роля расійскага фактару ва ўкраінскай гісторыі. „Ра сій ская нацыянальная палітыка, — падкрэсліваў М. Гру шэў скі, — прыклала руку да таго, каб разар ваць ся мей ныя і ўся кія іншыя сувязі ўкраінскай інтэ лі ген-цыі з за межнымі заходнімі краямі і схіліць яе да Велі-каросіі…„[21]. У той жа час ён перасцерагаў, што „нам не трэба падганяць наша жыццё пад які-небудзь заходнееўрапейскі ўзор, хоць бы і нямецкі”. У цэлым праца не мае пэў ных высноў, завяршаецца патэтычным абвінавачваннем у бок Расіі. Такія парадаксальныя сцвярджэнні М. Гру шэўскага тлумачаць дынамічную змену яго грамадска-палітычных по глядаў адносна ўспрымання еўрапейскай сацыялістычнай ідэалогіі.

Як гісторык і старшыня Цэнтральнай Рады ён абараняў тэзіс дамінавання народа ў грамадскай арганізацыі, які ўсведамляўся ім толькі як сялянства або працоўны люд. Ён не ўспрымаў дамінавання пэўнай сацыяльнай групы або класа. Такі погляд М. Грушэўскага цалкам супярэчыў тэндэнцыям развіцця еўрапейскай гісторыі. Інтэлектуальны і палітычны рэверанс у бок Еўропы тлумачыўся толькі бягучым рэвалюцыйным момантам, які характарызавалі завяршальны этап Першай сусветнай вайны, усталяванне бальшавіцкай улады ў Расіі і асобасны фактар.

Цэнтральная публікацыя, у якой фармулюецца ідэя федэральнай Украіны па-за расійскім кантэкстам і абгрунтоўваецца наяўнасць гістарычнай сувязі з заходняй цывілізацыяй, — эсэ „Новыя перспектывы”. Менавіта ў ім М. Грушэўскі спрабаваў падаць сваё бачанне новых дзяржаўніцкіх перспектыў Украіны ва ўмовах абвяшчэння самастойнасці і вайны з бальшавікамі. Фактычна інтэлектуальныя намеры старшыні Цэнтральнай Рады былі накіраваны ў бок канстатацыі Украіны як геапалітычнай цэласнасці на карце Усходняй Еўропы. Такія сентэнцыі М. Грушэўскага вызначаюць яго палітычную пераарыентацыю на еўрапейскія ідэі і каштоўнасці. Варта падкрэсліць, што ў тэксце гэтага артыкула фігуруе думка, паводле якой гісторык адносіць украінскі народ да „нямецкага свету”. „Адчужаная ад гэтай культуры, ад заходняга свету наогул штучнымі, гвалтоўнымі мерапрыемствамі маскоўскімі, — пісаў ён, — Украіна зможа цяпер вярнуцца з новай, нават — па рэакцыі — у нечым пабольшанай сілай да гэтага блізкага ёй духам і норавам свету. У першую чаргу — да свету германскага, нямецкага, з якім і ў мінулым у яе было больш за ўсё сувязяў”[22].

З’яўленне пранямецкай арыентацыі вучонага тлумачыцца асаблівасцямі фармавання яго гістарычнай свядомасці, адмаўленнем дзяржаваў Антанты прызнаць незалежнасць Украіны і арганізаваць дапамогу ў барацьбе з бальшавізмам, ідэяй адраджэння „Вялікай Польшчы ў межах 1772 г.” у дыпламатычных колах Велікабрытаніі і Францыі, паспяховым наступам кайзераўскага войска на Усходнім фронце. Названыя фактары падштурхоўвалі М. Грушэўскага яшчэ ў пачатку 1918 г. да разважанняў аб заключэнні УНР сепаратнага міру з Нямеччынай з надзеяй атрымаць ваенную і міжнародную падтрымку ў барацьбе супраць бальшавіцкай Расіі. Можна сцвярджаць, што для М. Грушэўскага немцы сталі „духоўна і культурна блізкімі” толькі ў выніку адмаўлення бальшавікоў разглядаць Цэнтральную Раду як легітымную ўладу ва Украіне, тым самым ставячы пад сумнеў палітычную будучыню яе старшыні. Ідэя самастойнасці ў разуменні вучонага была другараднай у сістэме яго палітычных перакананняў, нават пасля пераарыентацыі ў бок Захаду. Прымат федэралізму і асабісты фактар вызначалі змест яго тагачасных інтэлектуальных пошукаў. „Толькі — маючы за мэту заўсёды, як канчатковую мэту, — пісаў вучоны, — федэрацыю сусветную, я буду выходзіць, як з першага канкрэтнага кроку да яе, з федэрацыі краёў…”[23].

Менавіта ў артыкуле „Новыя перспектывы” вучоны мадэлюе новы цывілізацыйны вектар развіцця ўкраінскай дзяржаўнасці. Ён беззваротна арыентуе УНР у бок Захаду, заклікаючы вучыцца ў Нямеччыны і ЗША. Пры гэтым М. Грушэўскі падкрэслівае значэнне Украіны як цэнтра Чарнаморскага мега-рэгіёна: „Калі школай для нас павінны быць гэтыя краіны заходняй культуры, полем нашай дзейнасці, нашай уласнай творчасці павінны быць краіны, якія, як і Украіна, выраслі ва ўплывах або сувязях усходняй культуры — краіны ў сферы нашай чарнаморскай арыентацыі, аб’яднаныя Чорным морам як цэнтрам камунікацый і розных культурных і палітычных адносін”[24]. На практыцы незалежнасць УНР заставалася толькі дзяржаўнай мадэллю, дэтэрмінаванай рэзкай зменай геапалітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе. Нездарма вучоны ў артыкуле „Новыя перспектывы” адзначаў: „Не лічу як раней, так і цяпер самастойнае дзяржаўнае аддзяленне за палітычны ідэал. Я быў і далей застаюся федэралістам”[25].

Праект сусветнай федэрацыі ўспрымаўся М. Грушэўскім не толькі як канчатковая мэта для ўкраінскага народа, але і як тэарэтычная фармулёўка, у межах якой змяшчаюцца сацыялістычныя ідэалы і народніцкія ідэі. Першым крокам да сусветнай федэрацыі павінна стаць арганізацыя „федэрацыі бакоў”, якія звязаны добраахвотным уваходжаннем у яе склад пры цесных эканамічных і культурных адносінах[26]. Менавіта тады вучоны сфармуляваў базавыя палажэнні канцэпцыі чарнаморскай федэрацыі, якая мела свае перадумовы ў яго гістарычнай канцэпцыі.

Як гісторык М. Грушэўскі заўсёды выяўляў цікавасць да барацьбы беларускага і літоўскага народаў за сваю незалежнасць. Такая навуковая цікавасць тлумачыцца не толькі тым, што беларусы і літоўцы аб’яднаны з украінцамі агульным гістарычным працэсам. Справа ў тым, што навуковец і палітык адводзіў Беларусі і Літве адмысловую ролю ў сваёй канцэпцыі будучыні палітычнага ўладкавання Усходняй Еўропы[27]. М. Грушэўскі адзначаў, што гэтыя народы былі саюзнікамі Украіны з пачатку іх гістарычнага шляху і „старымі сябрамі ў польскім саюзе”[28]. Гэтая сентэнцыя прывяла вучонага да думкі аб магчымасці мець пэўныя дзяржаўніцкія перспектывы ў будучыні. Агульная гісторыя ўсіх трох народаў балта-чарнаморскага рэгіёна вызначаецца тым, што паміж імі ніколі не бывае якіх-небудзь сур’ёзных канфліктаў; кожны з гэтых народаў жыве на сваёй этнічнай тэрыторыі і нацыянальна-змешаныя кардоны былі нязначнымі; гэтыя тры суседнія нацыянальныя тэрыторыі, якія мелі агульныя знешнія стасункі і інтарэсы[29], „усе трое прыёмныя дзеці гістарычнай Польшчы”[30].

Заканамерна, што прыярытэтную ролю ў будучым саюзе дзяржаў вучоны адводзіў украінскаму народу, больш шматлікаму, са шматлікія прыроднымі рэсурсамі на сваёй тэрыторыі. М. Грушэўскі бачыў дзяржаўную мадэль толькі ў выглядзе федэратыўнага саюзу трох народаў, які павінен скласціся на балта-чарнаморскіх шляхах. Ідэя чарнаморскай федэрацыі на прасторах Усходняй Еўропы была палітычнай марай вучонага. Пры гэтым трэба ўлічваць пэўную канатацыю тэрміна „федэрацыя” ва ўспрыманні М. Грушэўскага, які па ўсіх прыкметах адпавядаў канфедэратыўнаму аб’яднанню.

У шырокім плане сваёй федэратыўнай ідэі М. Грушэўскі распрацоўваў праекты дзяржаўнага сцвярджэння Украіны ў сістэме Усходняй Еўропы. Менавіта тады ён прапанаваў канцэпцыю чарнаморскай арыентацыі Украіны, якая прадугледжвала стварэнне федэрацыі ў гэтым мега-рэгіёне.

Найбольш выгаднай для Украіны ён лічыў мадэль „кааперацыі народаў Чорнага мора”. У той час М. Грушэўскі напісаў артыкул „Арыентацыя чарнаморская”, у якім выказаў сваю пазіцыю адносна гістарычных асноў новай мадэлі федэрацыі — Чарнаморскай[31]. Гэтая праца — лагічны працяг папярэдняга артыкула „Наша заходняя арыентацыя”. Іх аб’ядноўвае агульны ідэалагічны назоўнік, які характарызуецца тым, што „гістарычныя ўмовы жыцця арыентавалі Украіну на Захад”[32], аднак геаграфічныя арыентавалі і арыентуюць на поўдзень, на Чорнае мора[33]. У ёй абгрунтоўваецца гістарычнае права дамінавання ўкраінскага народа ў чарнаморскім рэгіёне, што ў сваю чаргу вызначае адмысловую ролю Украіны ва ўсходнееўрапейскай гісторыі. „Наогул, калі акалічнасці таму спрыялі, — пісаў М. Грушэўскі, — Украіна ішла да таго, каб шырока завалодаць чарнаморскім узбярэжжам і стаць тут цвёрдаю нагою”[34].

Чарнаморская федэрацыя дзяржаў не адмаўляла дзяржаўнага суверэнітэту украінскага народа, а толькі змацоўвала б міжнароднае супрацоўніцтва Украіны з іншымі ўсходнееўрапейскімі нацыямі[35]. Месіянскія інтэрпрэтацыі М. Грушэўскага раскрываюць адсутнасць выразнага праекта арганізацыі чарнаморскага саюзу, які ў гістарычных рэаліях пачатку ХХ ст. апынуўся досыць прывідным. Аднак М. Грушэўскі паспрабаваў падаць канкрэтную праграму чарнаморскай федэрацыі[36]. У эміграцыі (1919–1924) ён у адным з артыкулаў адзначыў, што ў 1917–1918 г. у асяроддзі ўкраінскіх палітыкаў абдумваліся рэальныя планы „стварэння федэрацыі… напрыклад, славянскай, у якую ўвайшлі б заходнеславянскія і балканскія землі”[37].

У шырокім кантэксце ідэя чарнаморскай федэрацыі ў рэцэпцыі М. Грушэўскага канструюецца як арганізацыя „кааперацыі чарнаморскіх народаў”, якая, па-першае, забяспечыць Украіне ўдзел ва ўзнаўленні „старых прыродных гандлёвых шляхоў”. Па-другое, — дазволіць укра-інскай дзяржаве „эмансіпавацца наогул”, выпрас тац ца з тым, каб „потым легчы ў найболей выгоднай позе”. Акрамя гэтага, М. Грушэўскі не выключаў маг чы мас ці выкарыстання чарнаморскай арыентацыі для супрацьстаяння ідэі „славянскага адзінства” шляхам рас працоўкі для Украіны ўласнага варыянта гэтай ідэі, якая б прадугледжвала стварэнне федэрацыі ўкраінскага, беларускага і літоўскага народаў на балта-чарнаморскіх шляхах.

У красавіку 1918 г. М. Грушэўскі ў выніку гетманскага перавароту быў вымушаны пакінуць кіраўніцтва ў разагнанай Цэнтральнай Радзе. У перыяд Гетманату П. Скарападскага вучоны практычна ўвесь час знаходзіўся на нелегальным становішчы, спрабуючы ў сваіх артыкулах даць ацэнку дзяржаўнаму ўтварэнню[38]. Прыход да ўлады Дырэкторыі УНР 14 снежня 1918 г. стаў надзеяй вяртання да Украінскага рэвалюцыйнага руху. М. Грушэўскі прапанаваў наноў склікаць Цэнтральную Раду, якая павінна сфармаваць урад, вызначыць тэрмін правядзення Устаноўчага сходу з мэтай перадачы ім заканадаўчых функцый[39]. Аднак лідары Дырэкторыі і Украінскага нацыянальнага саюзу адкінулі гэтыя прапановы як непрымальныя.

Такая хада падзей прымусіла былога кіраўніка Цэнтральнай Рады шукаць спосабы вяртання да палітычнага жыцця. Адным з іх магла стаць барацьба за ўтварэнне сацыялістычнай федэрацыі. Ужо ў пачатку 1919 г. у артыкуле „Угодкі ўкраінскай незалежнасці” вучоны пісаў, „што гэтае абвяшчэнне самастойнасці хоць адразае ўсялякія прэтэнзіі да Украіны прадстаўнікамі старой і новай Расіі, тым больш не пагрэбуе ідэяй федэрацыі Украінскай Рэспублікі з іншымі рэспублікамі, з якімі ёй будзе па дарозе…”[40]. Вяртанне да ідэі федэралізму і да расійскага кантэксту не было выпадковым. М. Грушэўскі апынуўся ў палоне рэвалюцыйных ідэалаў. Ён пісаў пра важнасць забеспячэння свабоднага выбару УНР мадэлі дзяржаўна-палітычнага ладу: „Ці можа Украіна застацца асобнай дзяржавай, ці аб’яднаецца яна ў федэрацыі не прымусам і нейчай старонняй воляй, а сваім вольным рашэннем”[41].

Пераход вучонага ад ідэі стварэння сусветнай, чарнаморскай да сацыялістычнай федэрацыі аказаўся неапраўданым. У канчатковым выніку толькі ідэя арганізацыі „кааперацыі народаў Чорнага мора” стала яго найбольш прагматычнай канструкцыяй. Фармаванне такой канфедэрацыі ў сістэме Усходняй Еўропы адпавядала асаблівасцям гістарычнага развіцця „іншай” Еўропы, „негістарычнасці” яе народаў, а таксама традыцыям дэмакратыі і рэспубліканізму. Транскантынентальны характар такога ўтварэння мог спрыяць эканамічнаму развіццю. Аднак падзел Усходняй Еўропы паміж імперыямі Раманавых і Габсбургаў зводзіў да мінімуму дзяржаўніцкія патэнцыі „малых” народаў. М. Грушэўскі ў перыяд рэвалюцыі, прапаноўваючы стварыць канфедэрацыю ў балта-чарнаморскім рэгіёне, быў упэўнены ў глыбокай сацыялістычнай і інтэрнацыянальнай трансфармацыі Захаду і ўсяго свету. Аднак яго надзеі і прагнозы былі ілюзіямі.

Перыяд украінскай рэвалюцыі 1917–1921 г. быў часам адначасовага сцвярджэння і глыбокай трансфармацыі федэратыўных поглядаў М. Грушэўскага. Ультыматум Саўнаркама РСФСР, хада ўкраінска-бальшавіцкай вайны, бачанне прыярытэтнай ролі Цэнтральнай Рады па канструяванні дэмакратычнай федэрацыі на тэрыторыі былой Расійскай імперыі вызначылі з’яўленне новых ідэалагічных канцэптаў, распрацаваных яе кіраўніком. Выхад серыі публіцыстычных артыкулаў, у якіх ён выступіў заўзятым прыхільнікам самастойнасці УНР у тагачасных умовах і ворагам бальшавізму, характарызуе наяўнасць новага ідэйна-палітычнага гарызонту — бачанне федэратыўнай Украіны па-за расійскім кантэкстам. На гэтай аснове вучоны абгрунтаваў канцэпцыю чарнаморскай федэрацыі, у якой галоўнае месца павінна была заняць Украіна.

Пераклад Юльяны Ветрык


[1] Домащенко Л. М. Концепції чорноморської орієнтації України у вітчизняній політичній думці першої половини ХХ століття. Автореф. дис. … канд. політ. наук. Київ, 2008. С. 1.
[2] Тамсама.
[3] Дашкевич Я. Чорноморські проблеми в минулому і сучасному // ён жа. „Учи неможними устами сказати правду”: історична есеїстика. Київ, 2011. С. 517–540; Домащенко Л. М. Концепції чорноморської орієнтації України… Корольов Г. О. Автономістсько-федералістські погляди Михайла Грушевського: формування, втілення, трансформація. Автореф. … дис. канд. іст. наук. Київ, 2009; Липа Ю. Призначення України. Львів, 1992. 272 с.; Потульницький В. А. Історія української політології (Концепції державності в українській зарубіжній історично-політичній науці). Київ, 1992. 232 с.; Рудницький С. Українська справа зі становища політичної географії. Берлін, 1923. 288 с.
[4] Грушевський М. На порозі нової України. Гадки та мрії. Київ, 1918. 120 с.
[5] Грушевський М. Хто такі українці і чого вони хочуть. Київ, 1991. С. 134.
[6] Потульницький В. А. Історія української політології… С. 46.
[7] Грушевський М. На порозі нової України. С. 114.
[8] Ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 138.
[9] Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў г. Кіеве. Ф. 1235. Воп. 1. Спр. 185. Арк. 8адв.
[10] Тамсама.
[11] Грушевський М. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 135.
[12] Тамсама. С. 138.
[13] Тамсама. С. 136.
[14] Грушевський М. Кінець московської орієнтації // ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 139.
[15] Тамсама. С. 141.
[16] Тамсама. С. 162.
[17] Кармазіна М. Ідея державності в українській політичній думці (кінець ХІХ — початок ХХ ст.). Київ, 1998. С. 333.
[18] Грушевський М. Державність // ён жа. Хто такі українці і чо -го вони хочуть. С. 172.
[19] Грушевський М. Наша західна орієнтація // ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 141–142.
[20] Тамсама. С. 142.
[21] Тамсама. С. 144.
[22] Грушевський М. Нові перспективи // ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 148.
[23] Тамсама. С. 151.
[24] Тамсама. С. 150.
[25] Тамсама. С. 151.
[26] Тамсама.
[27] Потульницький В. А. Цыт. праца. С. 86.
[28] Hruschewskyi M. Ukraine, Weissrussland, Litanen // Ukrainische Rundschau. 1909. № 2. S. 51.
[29] Потульницький В. А. Цыт. праца. С. 86.
[30] Hruschewskyi M. Ukraine, Weissrussland, Litanen // Ukra-inische Rundschau. 1909. № 2. S. 51.
[31] Грушевський М. Орієнтація чорноморська // ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 144–146.
[32] Тамсама. С. 144.
[33] Потульницький В. А. Цыт. праца. С. 87.
[34] Грушевський М. Орієнтація чорноморська. С. 146.
[35] Винар Л. Михайло Грушевський: історик і будівничий нації (Статті і матеріали). Київ, 1995. С. 55.
[36] Тамсама.
[37] Грушевський М. В першій делегації Української партії соц.-революціонерів (квітень 1919 р. — лютий 1920 р.) // Борітеся — поборете! Відень, 1920. № 3. С. 51.
[38] Ён жа. По шкоді // Літературно-науковий вістник. Т. 172 (кн. ХІІ, грудень). Київ, 1918. С. 233–243.
[39] Тамсама.
[40] ЦДГАК. Ф. 1235. Воп.1. Спр. 185. Арк. 8адв.
[41] Тамсама.

Наверх

Артур Высоцкі. Вынікі саветызацыі беларускіх і ўкраінскіх земляў ІІ Рэчы Паспалітай у 1939–1941 г. з перспектывы культурнага сутыкнення

1 студзеня, 2011 |


Уступленне Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 г. на ўсходнія землі тагачаснай Польшчы, сёння вядомыя як Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, запачаткавала тут ваеннае панаванне Саветаў і дало старт працэсу ўсебаковай саветызацыі, якая на практыцы ў той ці іншай ступені закранула кожнага тагачаснага жыхара гэтых мясцін. З сацыяльнага пункту гледжання саветызацыя азначала не толькі палітычную і прававую ўніфікацыю памянёных земляў з рэштай Савецкага Саюза, але і не ў меншай ступені (а можа, і перш за ўсё) выхаванне новага тыпу грамадзяніна, які пазней атрымаў азначэнне homo sovieticus. Як заўважае Рычард Пайпс, „адной з галоўных задач усіх дзяржаўных (г. зн. савецкіх. А. В.) інстытутаў — ад прафсаюзаў да Чырвонай Арміі — стала прышчапленне грамадзянам камуністычнага светапогляду”[1]. Для гэтага новыя ўлады тут усімі сродкамі і метадамі стараліся паламаць ранейшыя сацыяльныя сувязі — у тым ліку сямейнага, рэлігійнага, этнанацыянальнага і грамадзянскага характару.

У артыкуле зроблена спроба адказаць на пытанне, якімі былі сацыяльныя вынікі захадаў, зробленых савецкімі ўладамі на заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх зем лях у 1939–1941 г., якою была рэакцыя мясцовага на-сельніцтва на структурныя і ідэалагічныя навацыі, а калі гэты працэс натыкаўся на перашкоды — то што было іх прычынай. Асаблівае месца ў адказах на гэтыя пы танні займае праблема сутыкнення культур, якая, як нам падаецца, у значнай ступені дазваляе зразумець эфектыўнасць палітыкі, рэалізаванай савецкім кіраўніцтвам.

Змест і практыка ўжывання паняцця сутыкнення культур склаліся ў польскай сацыялогіі і антрапалогіі ў працэсе рознабаковага даследавання ўсялякага роду кантактаў паміж адрознымі культурамі[2]. Сутыкненне культур можна акрэсліць як асаблівую разнавіднасць міжкультурнага кантакту, пад час якога ўзнікае процістаянне паміж асобнымі людзьмі і групамі людзей, што характарызуюцца істотна адрознымі культурнымі рысамі, якія ў сукупнасці вызначаюць іх своеасаблівую культурную тоеснасць. Міжкультурны кантакт, які падпадае пад азначэнне сутыкнення культур, адрозніваецца ад іншых тыпаў міжкультурнага кантакту сваёй адноснай раптоўнасцю і нечаканасцю, у большай ступені канфрантацыйным, чым памяркоўным характарам (хоць абодва гэтыя аспекты прысутнічаюць), а таксама тым, што ён датычыць хутчэй вялікіх сацыяльных пластоў (вялікіх груп людзей, грамадскіх класаў, а пры пэўных умовах нават цэлых сацыякультурных сістэм), а не асобных інцыдэнтаў, што вынікаюць са знаходжання аднаго чалавека або невялікай групы (скажам, сям’і) у чужародным культурным асяроддзі (напрыклад, у выніку працоўнай міграцыі або вучобы за мяжой). Пры гэтым сутыкненне культур, як і любая форма міжкультурных адносінаў, праяўляецца як на макра-, так і на мікрасацыяльным узроўні — то бок, хоць і датычыць вялікіх сацыяльных груп, на практыцы ўвасабляецца ў сукупнасці шматлікіх сацыяльных кантактаў на мікраўзроўні.

Погляд на падзеі 1939–1941 г., што разгортваліся на тэрыторыі сённяшніх Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, з пункту гледжання сутыкнення культур дазваляе дадаткова ў дачыненні да цяперашняй гістарыяграфіі апісаць сацыяльныя адносіны, удзельнікамі якіх было як мясцовае (беларускае, украінскае, польскае, яўрэйскае, літоўскае), так і прышлае насельніцтва (прадстаўнікі іншых народаў, што жылі ў СССР).

Матэрыялам для артыкула паслужылі агульнадаступ ныя крыніцы. Першая іх група — гэта апісальныя матэрыялы, да якіх належаць манаграфічныя даследаванні гісторыкаў, прысвечаныя фактаграфічнайрэкан струкцыі ці ўсёй сукупнасці падзей 1939–1941 г. або толькі іх паасобных аспектаў. Другой групай, якая дала маг чымасць прыадкрыць успрыманне палітыкі са-ветызацыі ў тагачаснай грамадскай свядомасці, сталі першакрыніцы ў выглядзе рознага роду мемуараў, успамінаў і паведамленняў (усяго іх было выкарыстана каля 1,5 тысячы адзінак). Усе гэтыя першакрыніцы былі створаны праз пэўны час пасля падзей, што падлягаюць нашаму аналізу, але іх асноўную частку складае аўтабіяграфічны матэрыял, занатаваны ў канцы 1980-х — першай палове 1990-х г., які зберагаецца ва „Усходнім архіве” (далей УА) пры варшаўскім фондзе «Цэнтр „Хартыя”» (г. зн. успаміны, якія пісаліся ў якасці допісаў на шматлікія конкурсы мемуараў, абвяшчаныя ў 1989–1994 г.), а таксама ўспаміны, апублікаваныя ў масавых выданнях за межамі Польшчы (да 1989 г.) і ў самой Польшчы (пасля 1989 г.). Аналіз гэтых матэрыялаў быў праведзены біяграфічным метадам (метадам вывучэння асабовых дакументаў), які здаўна займае ў сацыялогіі трывалыя пазіцыі, а таксама ў адпаведнасці з канцэпцыяй гуманістычнага фактару, які ўяўляе сабой асноўную метадалагічную дырэктыву біяграфічнага метаду. Паводле гэтай дырэктывы, сацыяльныя з’явы трэба ўспрымаць праз прызму тых значэнняў, якія былі пашыраны сярод тых, хто гэтыя з’явы перажываў. У прапанаваным даследаванні мы адмовіліся ад гэтага крайне ідэалістычнага імператыву на карысць больш умеркаванай пазіцыі, якая падкрэслівае ролю гуманістычнага фактару як аднаго з аспектаў пазнаванай грамадскай рэчаіснасці, а не адзінага яе выразніка[3]. Асабовыя дакументы, выкарыстаныя ў да следаванні, служаць толькі для пазнання грамадскай свядомасці ў яе індывідуальным увасабленні, а не грамадскай рэчаіснасці ў цэлым, і тым больш не выступаюць у якасці асновы для фактаграфічнай рэканструкцыі закранутых падзей.

Ход саветызацыі і нацыянальная палітыка савецкіх уладаў

Прычыны і ход саветызацыі добра вядомы і належным чынам апісаны ў гістарычнай літаратуры[4]. Дзеля гэтага тут мы не будзем спыняцца на іх падрабязным разглядзе. Варта, аднак, падкрэсліць, што гэты працэс меў на мэце максімальна поўнае дастасаванне сацыякультурнай сістэмы, атрыманай у спадчыну ад Польшчы, да савецкага ладу. На практыцы гэта датычылася ўсіх без выключэнняў сфераў грамадскага жыцця. Аднак хоць саветызацыя і праводзілася паслядоўна, яе інтэнсіўнасць і скіраванасць не былі канстантай. Яны залежалі, у прыватнасці, ад дынамікі нацыянальнай палітыкі, што рэалізоўвалася савецкімі ўладамі на працягу 21 месяца „прысутнасці” на анексаваных тэрыторыях.

Нацыянальная палітыка, як і большасць іншых палітычных ініцыятыў, што рэалізоўваліся савецкай уладай у 1939–1941 г. на заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх землях, прынцыпова не адрознівалася ад таго, што было ў той час нормай ва ўсім Савецкім Саюзе. Тым не менш, з увагі на макраструктурную спецыфіку анексаванага рэгіёна і дынаміку змен у нацыянальным пытанні яна аператыўна карэктавалася і дастасоўвалася да актуальных палітычных патрэбаў Савецкай дзяржавы. Асноўным інструментам гэтай палітыкі было выкарыстанне міжнацыянальных канфліктаў, што засталіся ў спадчыну ад міжваеннай Польшчы[5].

У 1930-я г. у СССР усімі спосабамі намагаліся прапагандаваць так званы савецкі патрыятызм. Гэта павінна было прывесці да сцірання культурных і класавых адрозненняў як паміж паасобнымі рэспублікамі, так і ўнутры іх саміх, што ў выніку мусіла стварыць перадумовы для выхавання савецкага грамадзяніна і ўтварэння адзінай савецкай нацыі. Асновай гэтага працэсу было насаджэнне рускіх кадраў у мясцовых органах улады і войску, а таксама наданне прыярытэту рускай культуры. На думку маскоўскіх уладаў, гэта павінна было забяспечыць большую стабільнасць цэнтралізаванай дзяржавы і трываласць дыктатуры, чым у сітуацыі, пры якой будаўніцтва дзяржаўных інстытутаў абапіралася б толькі на мясцовыя кадры[6].

У спецыяльнай літаратуры найчасцей адзначаюцца тры фазы нацыянальнай палітыкі, якая рэалізоўвалася ў гэты перыяд савецкімі ўладамі на ўсходніх землях былой Польшчы[7]. Першая фаза працягвалася нядоўга, да лістапада 1939 г., характарызуючыся адносна лагодным стаўленнем да ўсіх нацыянальных груп. Чырвоная Армія ў сваім паходзе на захад, паводле афіцыйнай прапагандысцкай версіі, несла „вызваленне” не толькі беларусам і ўкраінцам, але і ўсім рабочым і сялянам, „прыгнечаным” капіталістычнай дзяржавай. Гэты перыяд характарызуецца тым, што савецкія ўлады імкнуліся падкрэсліць адзінства лёсу працоўных мас без увагі на іх нацыянальнасць[8]. Беларускія і ўкраінскія нацыяналістычныя лозунгі, а таксама эмансіпацыйныя адозвы, звернутыя да яўрэяў, якія тады сям-там з’яўляліся, мелі на мэце галоўным чынам прапагандысцкі эфект. Яны павінны былі стварыць уражанне сапраўднага вызвалення народных мас, а таксама, шляхам эксплуатацыі мясцовых міжнацыянальных канфліктаў, справакаваць да стыхійных актаў насілля супраць асобы і маёмасці, тым самым, у сваю чаргу, падкрэсліўшы рэвалюцыйны характар надыходзячых зменаў. Ужо напрыканцы верасня, аднак, пачаліся першыя планавыя, выконваныя на падставе загадзя падрыхтаваных спісаў, арышты нацыянальных дзеячаў усіх супольнасцяў[9].

У канцы лістапада — пачатку снежня 1939 г., пасля таго як завяршыліся ваенныя дзеянні і занятая тэрыторыя была больш-менш узята пад кантроль, становішча паасобных нацыянальных груп пачало мяняцца. Савецкія ўлады, якія ўзялі курс на тое, каб не зважаючы ні на што ўвесці тут новы сацыяльны парадак, пачалі знішчаць усялякія праявы былой польскай дзяржавы. З публічнай прасторы выціскалася польская мова, а чыноўнікі розных узроўняў і ведамстваў — пераважна палякі — пазбаўляліся сваіх пасадаў і замяняліся „ўсходнікамі” (дзяржслужачымі, прысыланымі з больш аддаленых раёнаў СССР) або прадстаўнікамі мясцовага беларускага, украінскага і яўрэйскага насельніцтва („вылучэнцамі”). Эканамічная эліта пазбаўлялася сваёй маёмасці. Цалкам знікла памешчыцтва, якое было амаль выключна польскім і больш чым любая іншая супольнасць на „ўсходніх крэсах” атаясамлівалася з польскасцю[10]. Палякі першымі зведалі масавыя арышты і сталі галоўнымі ахвярамі дзвюх першых хваляў дэпартацыі. З сакавіка 1940 г. пачасціліся выпадкі затрымання асоб, падазраваных у супрацоўніцтве з польскім падполлем. Не дзіва, што польскае насельніцтва ўспрымала ўсе гэтыя і шэраг іншых згаданых вышэй захадаў як антыпольскія, перажывала вострае пачуццё крыўды і лічыла сябе галоўнай ахвярай савецкай агрэсіі. Тым не менш, як піша Рафал Унук, „аналіз рэпрэсіўнай палітыкі Саветаў у дачыненні да нацыянальных меншасцяў паказвае, што тэрор у роўнай ступені датычыў і ўкраінскіх, яўрэйскіх, а таксама беларускіх эліт. <…> Усходні акупант змагаўся не з польскасцю як такой, а з польскай дзяржавай, а таксама з усімі праявамі польскага жыцця, што заставаліся па-за кантролем савецкай сістэмы. У той жа меры ён змагаўся і з несавецкай або антысавецкай дзейнасцю ўсіх іншых тамтэйшых нацыянальных груп”[11]. Падобнага меркавання прытрымліваецца і Войцех Сляшыньскі, для якога надзвычай жорсткая ў дачыненні да палякаў палітыка, рэалізаваная ў першы год акупацыі, вынікала не з непрыязнасці або нянавісці да канкрэтнага народа, а з процідзеяння „групе, якая палітычна і культурна дамінавала на крэсах усходніх”[12].

Адначасова разгарнулася палітыка беларусізацыі і ўкраінізацыі, якая, аднак, прадугледжвала ўключэнне абедзвюх нацыянальных культур у рэчышча агульнасавецкай інтэрнацыянальнай культуры, зводзячы іх да ўзроўню мясцовага фальклору. Як заўважае Мечыслаў Інглёт, „была запушчана ва ўжытак зручная ў прапагандысцкіх адносінах папулісцкая фармулёўка аб стварэнні даступнай для мас культуры — нацыянальнай паводле формы і сацыялістычнай паводле зместу. Кідаліся лозунгі аб апоры на літаратурную традыцыю ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва”[13]. Але на практыцы зварот да нацыянальных культур, на думку Гжэгажа Грыцюка, азначаў пачатак шматступеннага працэсу, накіраванага на русіфікацыю ўкраінскага і беларускага насельніцтва[14]. Ужо ў пачатку 1940-х г. улады пачалі паступова адыходзіць ад лозунгаў беларусізацыі і ўкраінізацыі занятых тэрыторый. Аб гэтым сведчыла, у прыватнасці, паступовае змяншэнне колькасці „нацыянальных” школ на карысць рускамоўных, а таксама нацыянальны склад партыйных чыноўнікаў, прысыланых на акупаваныя абшары, якія найчасцей карысталіся рускай мовай, а не беларускай ці ўкраінскай[15]. Сярод галіцкіх украінцаў, як і сярод палякаў, амаль ад самага пачатку савецкай агрэсіі пераважала адназначна негатыўнае стаўленне да яе. У сваю чаргу, беларусы, яўрэі і ўкраінцы Валыні першапачаткова былі настроены да Саветаў прыязна. З цягам часу, аднак, і яны, пад уплывам шэрагу расчараванняў, турбот або незразумелых паводзінаў уладаў (для кожнай нацыянальнай групы іх набор крыху адрозніваўся), з вясны 1940 г. пачалі мяняць сваё стаўленне на негатыўнае і нават варожае[16].

Пачатак трэцяй фазы нацыянальнай палітыкі, рэалізаванай савецкімі ўладамі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, датуецца сярэдзінай 1940 г., ён быў абумоўлены зменамі ў міжнародным становішчы. Пасля хуткага разгрому Францыі і акупацыі гітлераўскімі войскамі Румыніі ўсё больш рэальным выглядаў будучы канфлікт паміж дзвюма еўрапейскімі „звышдзяржавамі”. Тэрыторыя Польшчы магла стаць у гэтай сітуацыі полем бітвы, а яе былыя ўсходнія землі — непасрэдным тылам будучага фронту для Савецкага Саюза. У чэрвені 1940 г. Сталін пачаў вывучаць магчымасць стварэння ў СССР па-прасавецку настроеных польскіх узброеных сілаў[17]. Адначасова пачалі рабіцца захады, якія мелі на мэце выклікаць сімпатыі польскага насельніцтва на анексаваных тэрыторыях. Зноў адрадзілася ідэя, закінутая ў канцы верасня 1939 г., аб утварэнні ў будучыні Польскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (хутчэй за ўсё, на землях, якія меркавалася адваяваць у нацысцкай Нямеччыны). Пра паляпшэнне становішча палякаў у заходніх абласцях УССР і БССР сведчыла, у прыватнасці, спыненне масавых арыштаў і дэпартацый, з’яўленне польскамоўных савецкіх газет, пашырэнне доступу палякам да пасадаў у партыі, органах улады і адукацыі, павелічэнне колькасці пачатковых школ з польскай мовай навучання. Вялікай падзеяй сталі ўрачыстасці з нагоды 85-годдзя з дня смерці Адама Міцкевіча, якія прайшлі 25–26 лістапада 1940 г. пры шырокім (паводле ўказання зверху) удзеле мясцовых партыйных органаў. Савецкая прапаганда раптам памяняла вектар асвятлення польскай палітыкі, звыкла растлумачыўшы ранейшыя „пралікі” памылкамі шараговых членаў партыі[18]. Тым не менш, гэтая перамена не азначала нейкага радыкальнага павароту ў агульнай палітыцы ўладаў адносна палякаў, беларусаў і ўкраінцаў. Іх будучыня па-ранейшаму звязвалася выключна з вялікім савецкім народам і „мудрым кіраўніцтвам” з Масквы[19].

Сацыяльная дыферэнцыяцыя вынікаў саветызацыі

У дачыненні да працэсу саветызацыі цяжка было захаваць нейтральнасць. Ён датычыў усіх і ў той ці іншай ступені змушаў да канкрэтных дзеянняў. У канчатковым выніку кожны мусіў так ці інакш акрэсліць сваю пазіцыю ў дачыненні да гэтага працэсу. На змест, скіраванасць і выражанасць гэтых пазіцый уплывалі не толькі прамыя кантакты з савецкімі ўстановамі і людзьмі ва ўмовах акупацыі (гэтак польскае насельніцтва вызначала для сябе новую сітуацыю), але і фактары, якія папярэднічалі гэтым кантактам, — асабісты досвед; уяўленне пра царскую, а пазней савецкую Расію, якое перадавалася ў сем’ях з пакалення ў пакаленне або было здабыта са сродкаў масавай інфармацыі ці папулярнай у той час краязнаўчай літаратуры; афіцыйная антыбальшавіцкая прапаганда, якая вялася ўладамі міжваеннай Польшчы; нарэшце, спароджанае гэтымі і іншымі крыніцамі цэлае скопішча нацыянальна-этнічных стэрэатыпаў у дачыненні да народаў, прадстаўнікоў якіх у той час можна было сустрэць на саветызаваных тэрыторыях (як карэнных, так і прышлых). З пункту гледжання нацыянальнай дыферэнцыяцыі, хада і вынікі саветызацыі залежалі ад культурнай дыстанцыі, якая аддзяляла тую ці іншую культурную групу ад савецкасці як адмысловага тыпу сацыякультурнай сістэмы.

Грамадскае стаўленне да саветызацыі не было аднародным. З гэтага вынікала і неаднароднасць спароджаных ёю сацыяльных вынікаў. Іх дыферэнцыяцыі маглі спрыяць розныя фактары. У прапанаваных ніжэй разважаннях на гэтую тэму бяруцца пад увагу такія чыннікі, як узрост, тэрыторыя, сацыяльны статус у класавай структуры грамадства, а таксама нацыянальнасць. З прычыны ўжытага ў працы даследчага метаду адназначнае вызначэнне статыстычнай залежнасці паміж даследаванымі з’явамі і пералічанымі фактарамі не ўяўляецца магчымым. Тым не менш, назіранні, зробленыя ў час апрацоўкі сабранага эмпірычнага матэрыялу, дазваляюць зарыентавацца ў тэме і па меншай меры сфармуляваць зыходныя гіпотэзы, якія добра было б праверыць у іншых, прысвечаных гэтаму пытанню, даследаваннях з выкарыстаннем колькасных метадаў, што стварыла б глебу для статыстычных высноваў.

Хоць польскае насельніцтва ў пераважнай большасці амаль не мела цікавасці да культуры, якая ішла з усходу, і слаба паддавалася саветызацыі, гэтая канстатацыя будзе слушнай хіба ў дачыненні да дарослага насельніцтва. Аналіз узаемадачыненняў польскага насельніцтва з савецкай сістэмай сярэдняй і вышэйшай адукацыі сведчыць, што ўзрост, відаць, быў істотным фактарам пры выпрацоўцы стаўлення да савецкай культуры. Тут можна адзначыць наступную залежнасць: чым маладзейшы быў узрост вучня, тым большаю была яго ўспрымальнасць да новых савецкіх каштоўнасцяў, нормаў і мадэляў паводзінаў. Старэйшыя школьнікі, выхаваныя ў большай ступені ў даваеннай польскай культуры, лягчэй заўважалі кардынальна іншае аблічча савецкай сістэмы, слабей прасякаліся новымі каштоўнасцямі і з большым супраціўленнем прыстасоўваліся да змененых сацыяльных нормаў. У аналізаваных намі ўспамінах пра гэтую залежнасць сведчаць, у прыватнасці, больш частыя выпадкі пазітыўнай ацэнкі савецкай школы людзьмі, якія ў часе падзей былі малодшымі школьнікамі, тады як тыя, хто сустрэў саветызацыю ў старэйшым узросце, больш схільныя да выкрыцця ідэалагічных функцый савецкай сістэмы адукацыі, выказвання яўна негатыўных асабістых ацэнак, а таксама праяўлення меншай цікавасці да такіх праяваў пазашкольнай дзейнасці, як піянерскія і камсамольскія атрады. Што да польскіх студэнтаў, то сярод іх назіраліся ўсё больш масавыя выпадкі адмовы ад працягу навучання ў савецкіх інстытутах і ўніверсітэтах.

З праведзенага намі аналізу таксама вынікае, што тэрытарыяльны фактар, у сваю чаргу, прынцыпова не ўплываў ні на падатлівасць палякаў працэсу саветызацыі, ні на глыбіню ўспрымання імі культурнай адметнасці, якою характарызаваліся савецкі грамадскі лад і па водзіны паасобных яго прадстаўнікоў. Успаміны ў гэтых адносінах вельмі падобныя па сваёй прыродзе. Такая сітуацыя можа азначаць, што на ўсёй даследаванай тэрыторыі характар і ўзровень польскай самасвядомасці сярод жыхароў былі прыкладна аднолькавыя (г. зн. мелі мес ца культурная ўніфікацыя і аднастайны тып нацыянальнай тоеснасці). З іншага боку, гэта таксама сведчыць пра падабенства інстытуцыйных механізмаў і метадаў ука ранення савецкай сацыякультурнай сістэмы як у Заход няй Беларусі, так і ў Заходняй Украіне, а пазней і на Віленшчыне.

Уплыў класава-саслоўнага фактару на даследаваныя з’явы цяжка вызначыць. У цэлым можна канстатаваць, што польскае насельніцтва, і асабліва яго эліты (землеўласнікі, інтэлігенцыя), успрынялі прыход савецкіх войскаў і ўкараненне савецкай сацыякультурнай сістэмы з ярка выражанай варожасцю. Але былі і выключэнні, калі палякі ставіліся да савецкай дзяржавы з сімпатыяй. Як правіла, гэта датычыла прадстаўнікоў ніжэйшых слаёў грамадства або людзей, якія мелі трывалыя камуністычныя перакананні. Як можна меркаваць, тут большы ўплыў мелі эканамічныя і палітычныя фактары, чым нацыянальная ідэнтыфікацыя рэспандэнтаў. Палякі рабоча-сялянскага паходжання ў меншай ступені адчувалі на сабе негатыўныя вынікі савецкай палітыкі, а таму і больш прыхільна да яе ставіліся. Прадстаўнікі гэтых груп, падобна да інтэлігенцыі і памешчыкаў, таксама звярталі ўвагу на культурныя і цывілізацыйныя адрозненні. Тым не менш, сялян больш турбавалі эканамічныя вынікі сацыяльных зменаў. Вельмі часта яны адзначалі разрыў паміж прапагандай і рэальным функцыянаваннем савецкай эканомікі. Іх думкі пра акупацыю маюць у гэтым выпадку больш практычны, дзелавы, канкрэтны і адначасова менш ідэалагізаваны характар.

У асяроддзі інтэлігенцыі і памешчыкаў ацэнка саветызацыі была адназначна негатыўнай. Гэта тлумачылася як рэальнай пагрозай існаванню гэтых груп, аж да небяспекі фізічнай ліквідацыі, так і грамадска-палітычнымі (страта сацыяльнага статусу), эканамічнымі (страта матэрыяльнага базісу існавання — у першую чаргу гэта датычыла памешчыцтва), ідэалагічнымі (уціск польскасці) і культурнымі прычынамі. Інтэлігенцыя і памешчыкі больш за ўсіх астатніх адчувалі і выказвалі сваю культурную неадпаведнасць савецкай сістэме, брак разумення новых каштоўнасцяў і нормаў, а таксама пачуццё адчужанасці ў новых умовах.

Паводзіны буржуазіі і мяшчанства ўяўлялі сабой нешта сярэдняе паміж гэтымі пазіцыямі. Практычнасць, прадбачлівасць і ўменне рацыянальна ацаніць сітуацыю, уласцівыя гэтым слаям (асабліва буржуазіі), прымушалі іх абіраць стратэгію чакання, ісці на кампрамісы і лішне не пярэчыць уладам. Яны спадзяваліся, што страчаны бізнес удасца хутка аднавіць пасля рэстаўрацыі даваеннага становішча. Таму ў першую чаргу яны намагаліся зберагчы асабістую свабоду. Патрыятызм у гэтым выпадку трактаваўся больш утылітарна („халодны” патрыятызм), чым у асяроддзі інтэлігенцыі і памешчыкаў. Што ж да ўспамінаў, пакінутых прадстаўнікамі мяшчанства, то яны больш сканцэнтраваныя на штодзённым жыцці і ў іх наогул адсутнічаюць апакаліптычныя або нацыянальна-каталіцка-месіянскія матывы.

Напрыканцы варта дадаць, што неаднастайным было і стаўленне мясцовага насельніцтва да паасобных катэгорый савецкіх грамадзян. Самы вялікі страх, найбольшае пачуццё адчужанасці і неразумення абуджалі супрацоўнікі НКУС, а найменшае — чырвонаармейцы. Розная сацыякультурная дыстанцыя ў дачыненні да гэтых дзвюх катэгорый вынікала з рознасці іх функцый і звязаных з гэтым асацыяцый ды грамадскіх адносінаў. Нкусаўцы выклікалі панічны страх: яны ўвасаблялі рэпрэсіўнасць і чужароднасць савецкай сістэмы. Чырвонаармейцы, у сваю чаргу, звярталі на сябе ўвагу за кошт вонкавага непадабенства да „заходнікаў”, што найчасцей выклікала смех. Савецкія перасяленцы з усходу — „усходнікі” — знаходзіліся, як правіла, недзе паміж памянёнымі крайнімі катэгорыямі. У залежнасці ад сваіх функцый і ступені інтэграцыі ў мясцовае грамадства яны выклікалі здзіўленне, страх, смех ці абыякавасць.

Уплыў саветызацыі на беларускае, украінскае і яўрэйскае насельніцтва

Поруч з палякамі пры тых жа акалічнасцях падобным саветызацыйным уплывам падлягалі і прадстаўнікі іншых народаў — беларусы, украінцы, яўрэі (калі гаварыць пра самыя шматлікія). Нават беглы аналіз прысвечанай гэтай тэме літаратуры, пры аналагічных абмежаваннях наконт глыбіні разваг, дазваляе канстатаваць, што нацыянальны фактар накладаў выразны адбітак на стаўленне насельніцтва да тэрытарыяльнай анексіі Усходняй Польшчы, а пазней — да савецкага рэжыму і працэсу саветызацыі.

Да 17 верасня 1939 г. салдаты няпольскай нацы-янальнасці змагаліся з гітлераўскімі войскамі (пачынаючы з 1 верасня 1939 г., калі выбухнула вайна) у шэрагах Войска Польскага не горш за палякаў. Да таго часу не назіралася і ўзмацнення антыпольскіх выступленняў з боку нацыянальных меншасцяў. Гэтая сітуацыя змянілася пасля таго, як на ўсходнія землі ўступіла Чырвоная Армія. Сярод адступаючых на ўсход атрадаў Войска Польскага пачаліся ўсё больш шматлікія выпадкі дэзерцірства, а пасля таго, як ваенная параза польскай дзяржавы пачала выглядаць амаль непазбежнай, гэтая з’ява яшчэ больш узмацнілася і ахапіла ўсе нацыянальныя групы, у тым ліку і палякаў[20]. Адначасова пачаліся і ўсё часцейшыя выступленні прадстаўнікоў нацменшасцяў супраць польскага насельніцтва. Яны набывалі розныя формы — ад лагодных (напрыклад, адмова карміць салдат Войска Польскага або бежанцаў з Цэнтральнай Польшчы) да самых радыкальных (узброеныя напады, якія часам прымалі характар арганізаваных дыверсійных акцый). Пасля 11 верасня, адначасова са з’яўленнем ва Усходняй Галіччыне войскаў Вермахта, свае антыпольскія акцыі распачалі атрады Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Яны былі скіраваны галоўным чынам супраць бежанцаў, вайсковых асаднікаў і невялікіх груп салдат[21]. Пасля 17 верасня ажывіліся і баявыя ячэйкі Камуністычнай партыі Заходняй Украіны[22]. На беларускіх землях міжваеннай Польшчы антыпольскія выступленні арганізоўваліся і каардынаваліся, у прыватнасці, членамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і Камуністычнай партыі Польшчы. Тут справа дайшла да нападаў, якія былі здзейснены разнастайнымі атрадамі „самаабароны”, так званымі „павязачнікамі” (ад чырвоных павязак на рукавах) і атрадамі часовай міліцыі ў некалькіх дзясятках пасёлкаў і мястэчак[23].

Яшчэ перад прыходам атрадаў Чырвонай Арміі ствараліся рэўкомы і рознага роду баявыя атрады, якія пераймалі ўладу ад імя Савецкага Саюза. Іх задачай было пасеяць хваляванні сярод ніжэйшых сацыяльных слаёў і ў той ці іншай ступені падрыхтаваць іх да новага ладу, які неўзабаве меўся запанаваць. Гэтаму спадарожнічалі забойствы і грабяжы, скіраваныя супраць „варожых народу” груп. Яны датычылі прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі, памешчыцтва і інтэлігенцыі. Знішчэнне ранейшай сацыяльна-інстытуцыйнай інфраструктуры ўтварала пустую прастору, якую павінен быў запоўніць новы, „справядлівы” грамадскі лад[24].

Стаўленне няпольскага насельніцтва да тэрытарыяльнай анексіі Усходняй Польшчы, а потым да савецкага праўлення і працэсу саветызацыі праяўлялася ў многіх сітуацыях, прадыктаваных логікай укаранення новага сацыяльнага парадку. Вобраз украінцаў, беларусаў і яўрэяў, які найбольш урэзаўся ў памяць палякам і найчасцей прысутнічае ў аналізаваных успамінах, можна падзяліць на чатыры галоўныя элементы. У гэты вобраз уваходзіла ацэнка паводзінаў памянёных груп насельніцтва пад час: 1) прыходу Чырвонай Арміі (у тым ліку і ацэнка іх стаўлення да прыходу Саветаў у цэлым); 2) кароткага перыяду „безуладдзя” паміж прыходам савецкіх войскаў, якому спадарожнічаў распад інстытутаў польскай дзяржавы, і ўтварэннем органаў новай улады, а таксама 3) перыяду панавання Саветаў і ажыццяўлення рэформаў. Чацвёртым складнікам згаданага вобраза была паступовая эвалюцыя стаўлення няпольскага насельніцтва да савецкай улады (канстатаваная палякамі не без злараднасці), якая адбыва лася ў ходзе ўкаранення савецкіх парадкаў за кошт іх параўнання з парадкамі польскімі.

Пачатак Другой сусветнай вайны і спрычыненае гэтым заняцце пасля 17 верасня 1939 г. тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны савецкімі войскамі дало ўкраінцам, беларусам і яўрэям, што насялялі ўсходнія ваяводствы міжваеннай Польшчы, шанцы на рэалізацыю хоць бы мінімальных палітычных, сацыяльных і эканамічных правоў, якія ў пераважнай большасці ігнараваліся або аспрэчваліся ў імя інтарэсаў польскай дзяржавы. Кожная з памянёных груп выказвала свае надзеі па-свойму. У цэлым можна сказаць, што вылучэнне на першы план тых ці іншых пастулатаў залежала ад сацыяльнага складу кожнай меншасці: чым больш сярод яе прадстаўнікоў было сялян, тым больш у авангард выходзілі пытанні эканамічна-побытавога характару. У першую чаргу гэта датычыла беларусаў і валынскіх украінцаў. Што да ўкраінцаў з Галіччыны, дзе інтэлігенцыя была больш шматлікая, а нацыянальны рух — больш развіты, то сярод іх большую папулярнасць здабывалі лозунгі аб палітычна-нацыянальным „вызваленні”. У сваю чаргу, яўрэйскае насельніцтва — асабліва яго бяднейшыя слаі — з новай сітуацыяй звязвала надзеі на паляпшэнне побытавых умоваў і большы ўдзел у грамадскім жыцці (прасоўванне па сацыяльнай лесвіцы і спыненне дыскрымінацыі).

Становішча сельскага насельніцтва на ўсходніх землях міжваеннай Польшчы ў той час вызначалася такімі фактарамі, як культурная адсталасць, галеча, непісьменнасць, перанаселенасць вёсак, малазямелле, слабае развіццё прамысловасці, адносна нізкія закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю і г. д. Лічылася, што ўсё гэта было вынікам палітыкі, якая праводзілася польскімі ўладамі, і іх нежадання ісці на неабходныя рэформы, якія маглі б прывесці да павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва ўсходніх земляў. Сярод сялян і найбяднейшых гараджан было досыць шмат тых, хто цвёрда верыў або сімпатызаваў камуністам.

З прычыны сацыяльна-эканамічных умоваў, у якіх існавалі нацыянальныя меншасці, а таксама нацыянальнай палітыкі, што праводзілася на ўсходніх землях у міжваенны перыяд, цяжка было чакаць ад украінскага, беларускага і яўрэйскага насельніцтва лаяльнага стаўлення да польскай дзяржавы ў крытычны момант, калі над ёю навісла пагроза. Прыход Чырвонай Арміі да ваў надзею на паляпшэнне жыццёвых і сацыяльных умо ваў, асабліва калі ўлічыць, што сярод многіх прадстаўнікоў няпольскіх груп насельніцтва дамінавала ўяўленне пра СССР як пра краіну, дзе рэалізуюцца прынцыпы сацыяльнай справядлівасці, дзе рабочыя і сяляне бяруць рэальны ўдзел у дзяржаўным кіраванні[25]. І, напрыклад, сярод беларусаў гэтага міфа не маглі перабіць ні вопыт летніх месяцаў 1915 г. (калі паўтара мільёна жыхароў заходніх губерняў Расійскай імперыі, амаль выключна праваслаўных, былі пераселены на ўсход, а цэлыя вёскі спалены перад наступленнем немцаў[26]), ні памяць пра некалькі месяцаў панавання савецкай улады ў 1919–1920 г. (калі рэгіён быў аб’ектам інтэнсіўнай эксплуатацыі), ні палітыка, рэалізаваная ў савецкіх рэспубліках у 1930-я г. (масавае знішчэнне інтэлігенцыі, арышты і ссылкі, гвалтоўная калектывізацыя вёскі).

Ва ўспамінах польскага насельніцтва захавалася досыць аднастайная карціна прыходу Саветаў. Паводле гэтых успамінаў, беларусы, украінцы і яўрэі віталі чырвонаармейцаў кветкамі і трыумфальнымі аркамі, частавалі іх садавіной, малаком і цукеркамі, а потым дапамагалі савецкім палітрукам і камісарам чыніць рэпрэсіі супраць палякаў і разам з імі ўкаранялі новыя грамадскія парадкі. У найбольшай ступені такі вобраз захаваўся за яўрэямі, у меншай — за беларусамі і ўкраінцамі.

Для польскага насельніцтва было відавочна, што „прыход Саветаў” — гэта акт агрэсіі, акупацыя іх дзяржавы. Палякі найчасцей не ўспрымалі савецкай прапаганды, якая малявала тагачасныя падзеі як „вызваленчы паход”, учынены дзеля абароны беларусаў і ўкраінцаў, прыгнечаных і эксплуатаваных польскімі памешчыкамі ды капіталістамі. Некаторыя рэспандэнты прытрымліваюцца думкі, што аналагічны пункт гледжання панаваў у той час і сярод няпольскага насельніцтва памянёных земляў[27]. Што да публічнай прасторы, то тут савецкая прапаганда паспяхова ўкараніла тэрміналогію, якая сцвярджала вызваленне Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, і з таго часу паняцці „вызваленне”, а таксама „Заходняя Украіна” і „Заходняя Беларусь” набылі ў савецкай інтэрпрэтацыі гэтых падзей характар неаспрэчных аксіём.

На фактаграфічным узроўні цяжка адназначна ацаніць маштабы захопленага вітання Чырвонай Арміі няпольскім насельніцтвам. Сярод гісторыкаў па-ранейшаму ідуць гарачыя спрэчкі пра гэта. Больш спантанныя акты вітання атрадаў Чырвонай Арміі, як правіла, адбываліся бліжэй да польска-савецкай мяжы. Затое больш арганізаваны характар яны мелі ў населеных пунктах, размешчаных далей на захадзе, куды войскі прыходзілі пазней або нават праз некалькі дзён знаходжання ў дадзенай мясцовасці. Праходзілі яны, як правіла, паводле аднолькавага сцэнарыя і нярэдка былі аздоблены квяцістым цырыманіялам. Можна канстатаваць, што мерапрыемствы такога роду адбываліся перш за ўсё там, дзе раней існавалі структуры КПЗБ і КПЗУ. Пры гэтым варта падкрэсліць, што ў гарадах і мястэчках ядром камуністычных асяродкаў было яўрэйскае насельніцтва, а на вёсцы — беларускае і ўкраінскае. У залежнасці ад канкрэтнага месца арганізаваных урачыстасцяў пераважалі і праз гэта „кідаліся ў вочы” прадстаўнікі той ці іншай нацыянальнай меншасці. У дадатак да гэтага неабходна ўлічваць, што ў некаторых выпадках удзел у вітанні Чырвонай Арміі быў прымусовы або тлумачыўся кан’юнктурнымі прычынамі[28].

Што да пазіцыі яўрэйскага насельніцтва, то частка даследчыкаў, такіх, як Марэк Вяжбіцкі, Анджэй Сава, Войцех Сляшыньскі, Бен-Цыён Пінчук і Доў Левін, лічаць, што дэманстрацыя радасці сярод яўрэяў мела амаль паўсюдны характар. Іншай думкі прытрымліваюцца, напрыклад, Кшыштаф Ясевіч[29] і Анджэй Жбікоўскі, якія сцвярджаюць, што доля тых, хто праяўляў нейкі энтузіязм, была адносна нізкай, а ўяўленні пра паўсюднасць такіх паводзінаў сярод яўрэйскага насельніцтва сталі вынікам глыбокага ўкаранення стэрэатыпаў і належаць да польскай нацыянальнай міфалогіі, народжанай пры Саветах у 1939–1941 г.

У сваю чаргу, гаворачы пра стаўленне беларусаў да савецкай агрэсіі супраць Польшчы ў верасні 1939 г., трэба канстатаваць, што хоць і невялікі, але прыметны працэнт гэтага насельніцтва стаў на бок польскай дзяржавы. Перш за ўсё гэта датычыла тых, хто займаў чыноўніцкія пасады або служыў у якасці салдат і малодшых афіцэраў у Войску Польскім — гэта значыць асобаў, якія шчыльней былі звязаны з даваеннымі дзяржаўнымі інстытутамі. Другую катэгорыю прыхільнікаў Польшчы склала насельніцтва, якое перад вайной апынулася пад уплывам узмоцненай прапагандысцкай кампаніі ў антыбальшавіцкім духу (члены Корпуса абароны памежжа або — далей ад мяжы — польскіх патрыятычных арганізацый). Многія польскія інтэлігенты і памешчыкі знаходзілі дапамогу і сховішча сярод беларусаў. Большасць прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і дзеячаў беларускага нацыянальнага руху занялі прасавецкія пазіцыі ў дачыненні да Чырвонай Арміі і савецкай улады. Аднак некаторыя з іх з самага пачатку не верылі ў добрыя намеры ды абяцанкі савецкіх уладаў і пакінулі Вільню адразу пасля ўступлення ў горад Чырвонай Арміі[30]. Тым не менш, „пераважная большасць беларусаў, — піша Яўген Мірановіч, — сустрэлі змену палітычнай сітуацыі з насцярожанасцю або абыякавасцю. Ні камітэты, што віталі савецкіх камандзіраў хлебам і соллю, ні дыверсійныя атрады не паўставалі самі сабою, стыхійна, а наступаючае савецкае войска сваім выглядам і паводзінамі выклікала хутчэй паўсюднае здзіўленне, а не энтузіязм”[31].

Падсумоўваючы наяўныя сведчанні, Рафал Унук прыйшоў да высновы, што „ў Галіччыне сярод тых, хто вітаў Чырвоную Армію, пераважала яўрэйскае насельніцтва. У паўночнай частцы Крэсаў з кветкамі, хлебам і соллю выходзілі перш за ўсё мясцовыя беларусы і яўрэі, у паўднёвай частцы Палесся і на Валыні — яўрэі і ўкраінцы. Шмат дзе значную долю сярод вітальнікаў складалі этнічныя палякі”[32].

Падзеі, якія адбываліся на працягу некалькіх дзён (а часам і даўжэй) — з моманту прыходу савецкіх войскаў і спалучанага з гэтым больш ці менш поўнага распаду ранейшых дзяржаўных структур да моманту ўсталявання адноснага кантролю над сітуацыяй з боку но вай улады, — вызначаліся цікавымі з’явамі з пункту гледжання сацыяльных адносінаў, што склаліся ў гэтым рэгіёне. Выявілася, што ранейшая (польская) сацыяльная сістэма мела для часткі мясцовага насельніцтва выключна прыгнятальніцкі характар. Так, крушэнне ранейшых грамадскіх парадкаў і юрыдычных нормаў прывяло да паўсюднага аслаблення сацыяльнай дысцыпліны, дало выхад назапашанай у грамадстве сацыяльнай напружанасці, пачуццям несправядлівасці і безнадзейнасці. Некаторыя людзі скарысталі перыяд „безуладдзя” для звядзення асабістых рахункаў і спагнання крыўдаў. Часам тагачасныя падзеі прымалі выгляд групавога высвятлення набалелых канфліктаў. У гэты перыяд меў месца цэлы шэраг нападаў на цывільнае насельніцтва, самавольных арыштаў, грабяжоў, разбояў, збіванняў і марадзёрства.

[Брэст] „Адразу ж пачалі ўтварацца групы — адны з намерам будаваць вітальныя брамы, другія — каб спагнаць свае асабістыя рахункі”[33];

[Ваколіцы Навагрудка] „Прыходзілі людзі з вёскі. Скакалі па фатэлях, насалоджваючыся ўсёдазволенасцю, тым, што цяпер настала іх чарга”[34];

[Навагрудак] „<…> пачынаецца, я б сказаў, сапраўдная жакерыя — наступ пэўных слаёў, якія ідуць у горад. Групы сялян, нярэдка ўзброеных, прыходзяць у горад нападпітку і робяць там што хочуць — пачынаецца паляванне на паліцэйскіх, на ўраднікаў, на вайскоўцаў”[35].

Ва ўспамінах польскага насельніцтва пераважае менавіта такая карціна падзей. Пры гэтым на першы план у ёй вылучаецца нацыянальная падаплёка. І хоць на цяперашнім этапе даследаванняў цяжка ўсе бакова прааналізаваць з’яву самасудаў на ўсходніх зем лях Польшчы ў верасні 1939 г., але ж удзел у іх укра інскага і беларускага насельніцтва на вёсцы, як і яў рэйскага ў гарадах, выглядае значным, хоць, вядома, далёка не ўсе прадстаўнікі гэтых народаў бралі актыўны ўдзел у актах насілля. Часам жа ў іх удзельнічалі і палякі. Многія вызваленыя з турмаў камуністычныя актывісты і сімпатызанты, украінскія і беларускія палітычныя, грамадскія і культурныя дзеячы, а такса ма простыя людзі нярэдка па ўласнай ініцыятыве ўтваралі „сялянскія рэвалюцыйныя камітэты” і потым уступалі ў склад афіцыйна абвешчаных народнай мілі цыі і працоўнай гвардыі. Гэтыя структуры, часта без загадаў павятовых або ваяводскіх часовых упраўленняў, праводзілі ў жыццё рашэнні, скіраваныя на ўвядзенне савецкіх парадкаў (напрыклад, пра парцэляцыю зямлі, канфіскацыю і падзел памешчыцкай або царкоўнай уласнасці). Ахвярамі нападаў і рэпрэсій былі сацыяльна-прафесійныя групы, абвешчаныя савецкай уладай „ворагамі народа” або звязаныя з інстытутамі польскай дзяржавы. У іх лік уваходзілі афіцэры і салдаты Войска Польскага, паліцэйскія, ураднікі, памешчыкі, вайсковыя асаднікі, святары, заможныя сяляне і мяшчане, купцы і фабрыканты, а таксама члены іх сямей. У пераважнай большасці пералічаныя сацыяльныя групы складаліся на гэтай тэрыторыі з асобаў польскай нацыянальнасці, хоць былі сярод іх і асобныя прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Вось чаму ў перыяд „безуладдзя” (як, зрэшты, і пазней) стваралася ўражанне, што на землях, занятых пасля 17 верасня 1939 г. Чырвонай Арміяй, мелі месца перш за ўсё этнічныя, а не класавыя канфлікты — хоць на самай справе ход канфліктаў вызначаўся найперш класавымі падзеламі, а ўжо на іх, як правіла, накладаліся і падзелы этнічныя. Як тлумачыць у дачыненні да беларускіх земляў Марэк Вяжбіцкі, „беднасць і сацыяльнае бяспраўе значнай часткі беларускага сялянства з аднаго боку, а з другога — магчымасць лёгкага ўзбагачэння за кошт больш заможных суседзяў <…> пры адначасовым знікненні польскага апарату прымусу і паблажлівым стаўленні савецкіх уладаў вялі да масавага ўдзелу насельніцтва ў грабяжах. Лініяй падзелу тут найчасцей выступала ступень заможнасці…”[36]. З гэтай прычыны ахвярамі грабяжоў рабіліся і заможныя сяляне незалежна ад іх нацыянальнасці.

Уяўляецца таксама, што большасць нападаў былі не столькі стыхійныя, колькі інспіраваныя, а то і проста арганізаваныя „баявымі атрадамі”, утворанымі мясцовымі камуністычнымі актывістамі[37]. Магчымасць спагнаць асабістыя рахункі, а таксама ўзбагаціцца за кошт ахвяр нападаў у гэтым выпадку выступала як стымул і адначасова ўзнагарода за ўдзел у канкрэтных акцыях. З гэтай прычыны поруч з перакананымі камуністамі і іх прыхільнікамі (сярод якіх пераважала моладзь) досыць вялікі ўдзел у іх бралі і прадстаўнікі найбольш маргіналізаваных слаёў грамадства, а таксама беднаты, для якіх адкрывалася магчымасць (вядома, за выключэннем зусім ужо адпетых злачынцаў) рэабілітацыі ў вачах новай улады або хуткага і адносна лёгкага павышэння свайго сацыяльнага статусу.

Стаўленне вяскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў самасудах, да канкрэтных „крыўдзіцеляў” залежала не толькі ад сацыяльнага і прафесійнага становішча ахвяраў, але і ад таго, як апошнім удавалася ў папярэднія часы „наладзіць стасункі з вёскай”.

„Там, дзе той ці іншы землеўласнік, той ці іншы памешчык не ўмеў у свой час паладзіць з вёскай, дзе стаўленне да сялян было жорсткае і несправядлівае, — там здараліся нярэдка і трагічныя рэчы”[38].

Вядома, аднак, што не заўсёды добрых адносінаў з сялянствам было дастаткова для памешчыкаў, каб пазбегнуць грабяжоў, пабояў ці нават смерці, пра што сведчыць наступнае паведамленне з ваколіц Гродна:

«Непадалёк ад швагравага маёнтка быў маёнтак адной кабеты. Яна вельмі добра абыходзілася з усімі. Заснавала ў сябе школу, бальнічку. Яе работнікі, парабкі ды і ўсе навакольныя сяляне не ведалі бяды. Яна сказала сялянам: „Вы ж заступіцеся за мяне, бо я была добраю да вас”. Яны ж на гэта адказвалі: „Так, пані была добрая, але лепей уцякай, пані, бо будзем плакаць, але будзем рэзаць”»[39].

Перыяд панавання савецкай улады ў 1939–1941 г. — гэта перш за ўсё грунтоўная і энергічная рэарганізацыя амаль усіх элементаў грамадскага жыцця, мэтаю якой было ўкараненне прынцыпаў сацыялістычнай дзяржавы. Ва ўспамінах польскага насельніцтва адыход ад польскасці практычна ва ўсіх сферах грамадскага жыцця ацэньваецца ў катэгорыях нацыянальнай трагедыі, якая пакінула пасля сябе не меншую траўму, чым падзеі верасня 1939 г., якія прадэманстравалі сапраўднае стаўленне прадстаўнікоў іншых тутэйшых народаў да польскай дзяржаўнасці. Савецкая ўлада радыкальна відазмяніла сацыяльную стратыфікацыю, якая паспела была замацавацца на гэтых землях. Гэтыя пераўтварэнні заключаліся, асабліва ў першыя месяцы, перш за ўсё ў паніжэнні сацыяльнага статусу былых эліт — пераважна палякаў, — пры адначасовым узвышэнні прадстаўнікоў ніжэйшых паверхаў сацыяльнай іерархіі, г. зн. рабочых і сялян. У першую чаргу гэта датычыла беларусаў, украінцаў і яўрэяў, а ў меншай ступені закранала і частку найбяднейшых палякаў.

Для сельскага насельніцтва палітыка савецкіх уладаў мела найперш эканамічнае значэнне. У параўнанні з ідэалагічнымі пытаннямі сялян куды больш хвалявалі праблема падзелу канфіскаваных зямельных угоддзяў, аб’ёмы грамадскіх работ і збожжанарыхтовак, а пазней — калектывізацыя вёскі. Беларускасць і ў крыху меншай ступені ўкраінскасць зводзіліся да сферы рэгіянальнага фальклору — як і ва ўсходніх частках абедзвюх рэспублік. Нацыянальная мова адукацыі, якая панавала ў пачатковых і няпоўных сярэдніх школах, паступова замянялася рускай мовай (апошняя адпачатку дамінавала ў апошніх класах сярэдняй школы і педагагічных вучылішчах). Аналагічны працэс адыходу ад беларускасці і ўкраінскасці назіраўся і ў сферы кіроўных кадраў, якія ва ўсё большай колькасці прыбывалі з усходу. Асноўную масу гэтых кадраў складалі саветызаваныя партыйныя работнікі, якія нярэдка рускай мовай валодалі значна лепш, чым беларускай ці ўкраінскай[40].

На першым этапе ўстанаўлення савецкай улады адбылося адчувальнае паляпшэнне матэрыяльнага становішча сельскага насельніцтва, у асноўным дзякуючы таму, што знікла неабходнасць плаціць падаткі, зні зі лі ся цэны на прамысловыя тавары, а попыт на сельска гаспадарчую прадукцыю вырас за кошт раскватараваных чырвонаармейцаў і ўсходнікаў. Аднак ужо праз некалькі месяцаў выявілася неэфектыўнасць савецкай эканомікі. Асабліва балючай і расчаравальнай для сель скага насельніцтва ўсіх нацыянальнасцяў аказалася ў тэорыі добраахвотная, а на практыцы прымусовая калетывізацыя сельскай гаспадаркі. Яна азначала адчужэнне ўласных зямельных надзелаў на карысць калгасаў — прадпрыемстваў, як з цягам часу выявілася, абы-як арганізаваных і кіраваных, дзе сістэматычнай з’явай стала марнатраўства і крадзяжы. У выніку ўсяго гэтага заняпала сама культура сялянскай працы. Досыць хутка высветлілася, што савецкая рэальнасць надзвычай далёкая ад вобразаў, маляваных прапагандай, а таму цяжкае матэрыяльнае становішча правакавала да параўнанняў з даваеннай рэчаіснасцю. Апроч таго, мясцовае насельніцтва мела ўсё больш нагод і магчымасцяў для кантактаў з усходнікамі. З назіранняў і гутарак няцяжка было атрымаць агульнае ўяўленне пра рэальную сітуацыю ў СССР, а часам і даведацца пра падрабязнасці, якія выклікалі шок (рэпрэсіі, голад, шматгадовыя прысуды за крадзяжы прадуктаў харчавання, гвалтоўная калектывізацыя і г. д.).

Змена палітычнай улады спарадзіла сярод няпольскага насельніцтва ўсеагульныя спадзевы на рэформы ў грамадстве і паляпшэнне эканамічнага і палітычнага становішча. Аднак напрыканцы 1940 г. распачатая барацьба з кулацтвам, узмоцненая калектывізацыя, паступовая русіфікацыя школьніцтва, сістэмнае выцясненне з грамадскага жыцця рэлігіі, арышты і дэпартацыі прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп, а таксама шмат якія іншыя рэпрэсіўныя акцыі (арышты дзеячаў нацыянальнага і камуністычнага руху[41], забароны пэўных сялянскіх звычаяў[42]) урэшце спрычыніліся да заўважнага росту нездаволенасці савецкай уладай з боку ўкраінскага, беларускага і яўрэйскага насельніцтва. Нездаволенасць сялян праяўлялася ў непрыкрытай, а часам і дэманстрацыйнай лаянцы і крытыцы на адрас савецкай улады, у невыкананні даведзеных нормаў нарыхтоўкі збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, ва ўхіленні ад грамадскіх работ або, прынамсі, імітацыі іх выканання[43].

Ва ўспамінах палякаў факт змянення настрояў няпольскага насельніцтва не толькі не застаецца без увагі, а нават падкрэсліваецца. Бо гэта пацвярджала абгрунтаванасць іх моцных засцярог перад новай уладай і несправядлівасць панесеных крыўдаў, не кажучы пра тое, што было важкім аргументам супраць савецкай агрэсіі і на карысць адбудовы польскай дзяржаўнасці.

Успаміны пра перагляд беларусамі, украінцамі і яўрэямі свайго стаўлення да савецкай акупацыі, убачаны з пункту гледжання палякаў, надзіва падобныя паводле сваёй структуры і афарбоўкі. Ва ўсіх іх апісваецца, як слабеў першапачатковы энтузіязм па меры раскрыцця сапраўднага аблічча савецкага „раю” і грамадзяне самых розных нацыянальнасцяў ды сацыяльных станаў пачыналі тужыць па даваеннай Польшчы. Большасць гэтых апісанняў набывалі анекдатычны характар.

У дачыненні да беларусаў сярод польскага насельніцтва быў папулярны погляд, што „першая савецкая акупацыя адвярнула беларусаў ад камунізму”[44]. Адзін з аўтараў, які прыгадвае тагачасныя падзеі, характарызуе гэтае меркаванне як досыць трапнае, а ў якасці яго абгрунтавання прыводзіць папулярную ў тыя часы думку:

«Праз нейкія паўгода-год пасля прыходу на „крэсы” Саветаў пачалі хадзіць такія размовы: „Палякі нас апалячвалі дваццаць гадоў, апалячыць не маглі, а Саветы ў адзін год апалячылі”. І так было»[45].

Прыведзенае вышэй меркаванне знаходзіць пацвярджэнне ў яшчэ адным анекдоце, а дакладней, гумарыстычнай бытавой замалёўцы:

«У Навагрудку расказвалі пра адну бабу, трошкі, можа, ненармальную, якая аднаго разу выйшла на вуліцу ў такой вялікай падранай спадніцы і з кольцам каўбасы на шыі. То яе пытаюць: „Ці ж ты звар’яцела?” А яна адказвае: „Гэта панскае ярмо”, — то бок каўбаса, і, паказваючы на дзіравую спадніцу, дадае: „А гэта ваша свабода”»[46].

Аўтар, які расказаў пра гэты выпадак, далей робіць такія высновы наконт стаўлення беларускага насельніцтва да савецкай дзяржавы:

«То бок гэты беларускі народ, з якога, урэшце, і мае сякія-такія прашчуры паходзяць, таксама мае сваю мудрасць, як і кожны іншы народ. <…> Яны выдатна разумелі, наколькі ўсё тое, што здарылася, не адпавядала прапагадзе, якую ім падсоўвалі. І ў якую яны верылі. Вось адкуль былі тыя кветкі, якімі абсыпалі савецкія танкі сямнаццатага і васямнаццатага верасня, і тыя натоўпы, якія выходзілі па-святочнаму прыбраныя, тым болей што была нядзеля. Пазней савецкія салдаты пыталіся: „Што ж гэта, самі буржуі выйшлі нас сустракаць?” — „Якія буржуі?” — адказвалі ім на гэта. „Ну, такія прыбраныя”. Мы тлумачылі: „Але ж гэта простыя вяскоўцы”. — „Як так, гэта ў вас вяскоўцы ходзяць у такіх строях?” І гэта былі факты. Гэта зусім не нейкая антыпрапаганда, проста так было. Таму што для многіх савецкіх салдат сутыкненне з нашым узроўнем — далёка не найвышэйшым, тым больш на крэсах, далёкіх усходніх крэсах, дзе гэты цывілізацыйны ўзровень быў, праўду сказаць, прымітыўны, „трэцегатунковая Польшча”, — усё ж для іх гэта было шокам, было адкрыццём”[47].

Нягледзячы на ўсё вышэйсказанае, нельга сцвярджаць, што перамена настрояў няпольскага насельніцтва з прасавецкіх на антысавецкія і ў пэўнай ступені нават на прапольскія была масавай з’явай. Як паказвае (у да чыненні да беларускага насельніцтва) Яўген Мірановіч, «дасягненні савецкай улады ў 1939–1941 г. на Беласточчыне па-рознаму ацэньваліся беларускім насельніцтвам. Ацэнкі залежалі ад уласнага досведу канкрэтных жыхароў, сямей, вёсак. У дадатак да ўсяго гэты перыяд быў надта кароткі, што не дазволіла многім беларусам заняць адназначную пазіцыю ў дачыненні да новай рэальнасці. <…> Гэта была „руская ўлада, з якою мірыліся як з процілегласцю ўлады польскай — непрымальнай для беларускіх сялянскіх мас. Хоць сюды і нахлынулі „саветы” і „бязбожнікі”, нітрохі не падобныя на даўнейшую расійскую адміністрацыю, усё ж і яны не выглядалі абсалютнымі чужынцамі. Яны размаўлялі хоць і на незразумелай паводле лексікі, але ўсё ж на „сваёй”, „рускай” мове. Прадстаўнікі гэтай улады не мелі „панскіх” манер — наадварот, многія з іх лаяліся і паводзілі сябе акурат як мясцовыя сяляне»[48].

Пачуццё адчужанасці ад савецкай рэчаіснасці, як відаць, не такое вялікае ў беларусаў, у трохі большай ступені было ўласціва яўрэям і ўкраінцам, а асабліва іх элітам. Як і ў выпадку палякаў, сярод няпольскага насельніцтва стаўленне да саветызацыі таксама шмат у чым залежала ад месца, займанага тым ці іншым чалаве кам у сацыяльнай іерархіі, — чым вышэйшае яно было, тым мацней адчувалася чужароднасць савецкай культуры[49].

У калектыўнай памяці палякаў захаваўся досыць адназначны вобраз няпольскага насельніцтва ў час прыходу Саветаў. Палякі, якія, як правіла, вызначаліся вельмі высокім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці, найчасцей ацэньвалі інстытуты польскай дзяржавы не ў класавых (як, напрыклад, беларусы), а ў нацыянальных катэгорыях. Таму гэтыя ацэнкі мелі надзвычай эмацыянальны характар і былі звязаны з абвінавачаннямі іншых народаў у здрадзе і спрыянні знішчэнню поль скасці. Сярод розных этнічных груп, якія насялялі зем лі былой Усходняй Польшчы, найгорш ацэньваліся палякамі паводзіны яўрэяў, потым — беларусаў і ўкра інцаў. Савецкая нацыянальная палітыка, вынікам якой, асабліва на першым этапе, было прыніжэнне статусу польскасці і рост уплыву іншых нацыянальных груп, прычынялася да рознай ацэнкі савецкага праўлення з боку польскага і няпольскага насельніцтва. Калі ж высветлілася, што ўся гэтая палітыка ў любых сваіх праявах была скіравана толькі на саветызацыю занятых тэрыторый, беларусы, украінцы і яўрэі пачалі ў большай ступені праяўляць негатыўнае стаўленне да савецкіх парадкаў і тых, хто іх праводзіў у жыццё. Тым не менш, перыяд савецкага панавання ў 1939–1941 г. прывёў да значнага пагаршэння ўзаемаадносінаў паміж палякамі з аднаго боку і яўрэямі, украінцамі ды беларусамі з другога, а таксама прадэманстраваў наяўнасць істотных разыходжанняў (а то і супярэчнасцяў) паміж імі ў цэлым шэрагу эканамічных, сацыяльных і палітычных пытанняў. Пашыраны на ўсё няпольскае насельніцтва негатыўны вобраз зрабіўся адным з міфаў часоў „першых Саветаў”, які захаваўся ў гістарычнай свядомасці палякаў аж да цяперашніх часоў. Асабліва ён выявіўся пасля таго, як 22 чэрвеня 1941 г. пачалася гітлераўска-савецкая вайна і фронт неўзабаве шпарка рушыў на ўсход. У той час мелі месца даволі шматлікія акты помсты палякаў, скіраваныя супраць прадстаўнікоў тых ці іншых даваенных нацыянальных меншасцяў, асабліва ж супраць канкрэтных асоб, якія адыгралі актыўную ролю ў антыпольскіх акцыях у верасні 1939 г.

Якія структурныя фактары паслужылі прычынай розных адносінаў мясцовага насельніцтва да саветызацыі? Як можна меркаваць, стаўленне палякаў, украінцаў, беларусаў і яўрэяў да савецкага ладу залежала ад веравызнання супольнасці, яе класавай структуры, а таксама ад ступені ўсведамлення сябе як нацыі. На гэты апошні фактар уплывалі, зрэшты, два папярэднія. На абшарах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, пачынаючы з XIX ст., працэсы нацыятварэння шпарчэй ішлі сярод тых народаў, якія прытрымліваліся каталіцкага, а не праваслаўнага веравызнання, а таксама тых, якія валодалі больш „поў най” сацыяльнай структурай, у тым ліку мелі развіты слой нацыянальнай эліты (у першую чаргу інтэлігенцыі). У цэлым, калі значна спрасціць карціну, можна канста таваць, што большая прыхільнасць да саветызацыі, асаб ліва на яе першапачатковых этапах, была ўласціва тым супольнасцям, якія характарызаваліся меншай куль тур най дыстанцыяй у дачыненні да савецкай сацыякультурнай сістэмы. І наадварот, дзе культурная дыстанцыя была большая — там расла непрыязнасць, неразуменне і варожасць у дачыненні да савецкай улады. Фактарамі, якія працавалі на змяншэнне памянёнай дыстанцыі, бы лі праваслаўе (у беларусаў, валынскіх украінцаў), перавага ў сацыяльнай структуры сялянства (у беларусаў і ўкра інцаў), а таксама нізкі ўзровень нацыянальнага развіцця (у беларусаў і валынскіх украінцаў). У сваю чаргу, фактарамі, якія павялічвалі гэтую дыстанцыю, былі ка та ліцызм (у палякаў), развіты слой эліты ў структуры гра мадства (у палякаў і ў меншай ступені ў галіцкіх украінцаў), а таксама высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці (зноў жа ў палякаў і ў меншай ступені ў га ліцкіх украінцаў). Прыхільнасць да саветызацыі з боку част кі яўрэяў вызначалася адносна высокай пашыранасцю сярод іх камуністычных поглядаў і сімпатый, а таксама маг чымасцю дабіцца ў новай дзяржаве куды большых кар’ ерных пазіцый, чым гэта было ў даваеннай Польшчы.

Выглядае, што тыя самыя фактары прадвызначылі і перамену ў стаўленні да Савецкага Саюза і яго палітыкі ў больш позні перыяд. Праваслаўнае беларускае і ўкраінскае насельніцтва нярэдка лічыла польскую дзяржаву чужым для сябе ўтварэннем. Ад часоў польска-савецкай вайны 1920 г. яно чакала прыходу войскаў з усходу — пасланцоў іншай, як лічылася, праваслаўнай, дзяржавы. Між тым прыход 17 верасня 1939 г. Чырвонай Арміі і ўсталяванне савецкай улады пацягнулі за сабой уціск рэлігіі, ліквідацыю прыватнай уласнасці і нават пераслед за ідэйныя камуністычныя перакананні. Гэта былі асноўныя прычыны, па-рознаму важкія для кожнай няпольскай супольнасці, у выніку якіх нарастала расчараванне і мянялася стаўленне да савецкай дзяржавы і савецкага ладу.

Прычыны нетрываласці саветызацыі

У цэлым можна канстатаваць, што вынікі саветызацыі аказаліся зусім не такія, якіх чакалі савецкія ўлады, асабліва ў дачыненні да польскага насельніцтва[50]. Нетрываласць саветызацыі, як можна меркаваць, была прадвызначана некалькімі фактарамі. Першы з іх датычыў часу, на працягу якога ўкараняліся змены, і тэмпаў іх ажыццяўлення. Пачатак нямецка-савецкай вайны (а дакладней, гітлераўская акупацыя саветызаваных земляў) перапыніў нядаўна запачаткаваны працэс. Паводле першапачатковай задумы, саветызацыя далучаных земляў мелася быць максімальна глыбокая, але ж пры гэтым павінна была ісці адносна павольна і паступова, а не так рэзка (прынамсі спачатку), як гэта мела месца, напрыклад, пры літуанізацыі Віленшчыны, пры спробах украінізацыі Заходняй Украіны рэспублі канскімі ўладамі (што добра відаць на прыкла дзе Львоўскага ўніверсітэта) або ў выпадку палітыкі, якую праводзілі гітлераўскія ўлады. Бо савецкія ўлады, урэшце, не кіраваліся вартасцямі, тыповымі для нацыянальных рухаў, і былі далёкія ад характэрнага для апошніх радыкалізму пры ўтварэнні дзяржаўна-нацыянальных інстытутаў. Яны не мелі на мэце дасягнуць этнічна-культурнай аднастайнасці, характэрнай для нацыянальных дзяржаваў, а таму не збіраліся, напрыклад, цалкам выкасоўваць польскасць з грамадскага жыцця; замест гэтага ім неабходна было паступова дабіцца падпарадкавання, кантролю і ўніфікацыі, уласцівых таталітарнаму рэжыму камуністычнай дзяржавы. Пераўтварэнні, спрычыненыя саветызацыяй, мусілі быць больш павольныя (чым, напрыклад, літуанізацыя), таму што павінны былі азначаць змены ў грамадскай свядомасці мясцовага насельніцтва, а не толькі і выключна фармальныя перамены або трансфармацыю сацыяльнай структуры. У канчатковым выніку сацыякультурная сістэма на беларускіх і ўкраінскіх землях міжваеннай Польшчы мусіла набыць такі самы выгляд, як ва ўсіх астатніх частках Савецкага Саюза. Умовы, пры якіх адбывалася паглынанне новых тэрыторый, — недахоп кадраў і слабасць інфраструктуры, боязь выклікаць празмерныя хваляванні з боку насельніцтва (напрыклад, у выпадку калектывізацыі) — былі дадатковымі прычынамі таго, што ўкараненне новай сістэмы на месца старой рэалізоўвалася ў некаторых сферах грамадскага жыцця паступова (напрыклад, у адукацыі[51]). Улічваючы непрацягласць ажыццяўлення гэтага працэсу, перапыненага пачаткам нямецка-савецкай вайны, цяжка зрабіць канчатковыя высновы наконт паспяховасці выбраных метадаў і ўспрымальнасці да іх мясцовага насельніцтва.

Другім фактарам, які прадвызначыў нетрываласць саветызацыі, была недастаткова добрая падрыхтоўка савецкіх кадраў і адносна высокі ўзровень іх „разбэрсанасці”. Гэта ў роўнай ступені датычыла як тых, хто прыбываў сюды з аддаленых раёнаў Савецкага Саюза („усходнікаў”), так і работнікаў, набіраных з мясцовага насельніцтва („вылучэнцаў”). Як канстатуе Уладыслаў Банусяк, «нягледзячы на тое, што партыйны апарат сістэматычна разбудоўваўся, а на акупаваныя землі накіроўваліся ўсё новыя і новыя работнікі, тут нават праз паўтара года пасля анексіі назіралася куды больш, чым у „старых” раёнах, хібаў у рабоце партыйных, дзяржаўных і следчых органаў. Магчыма, менавіта тэрытарыяльная спецыфіка, прыхільнасць людзей да іншага тыпу гаспадарання і кіравання, а таксама расчараванне жыхароў акупаваных земляў у „савецкай рэчаіснасці” прыводзілі да таго, што чарговыя групы актывістаў так і не маглі дасягнуць поспеху ў „саветызацыі” насельніцтва, а ў дадатак да гэтага паддаваліся дэмаралізацыі»[52].

Нетрываласць саветызацыі, асабліва ў дачыненні да палякаў, была звязана і з сутыкненнем культур, якому прысвечаны наш артыкул. Дыстанцыя паміж вартасцямі, нормамі і ўзорамі паводзінаў кожнай з культур (польскай і савецкай) была настолькі вялікая, што польскае насельніцтва, нават перад абліччам усеагульнага і татальнага тэрору, перад пагрозай ссылак, арыштаў, расстрэлаў і г. д., аказвала працэсу саветызацыі актыўны супраціў. Яно лічыла новыя парадкі незразумелымі, ірацыянальнымі і безнадзейнымі з пункту гледжання рэалізацыі хоць бы першарадных інтарэсаў уласнай культурнай групы. Падобнае стаўленне было і да савецкіх культурных вартасцяў — яны не мелі вялікай прывабнасці ў вачах большасці палякаў, часта былі занадта недаступныя для іх разумення; іх сустракалі з крытыкай, насмешкай, у найлепшым разе з абыякавасцю. У канчатковым выніку польскае насельніцтва слаба ўспрымала гэтыя вартасці і тым больш не прасякалася імі. Навязаная палякам сацыякультурная сістэма ўспрымалася імі як чужая іх ментальнасці і не прыдатная для задавальнення іх патрэб. Іх уражвалі ўласцівыя савецкай сістэме паказуха, успрыманне адукацыі, навукі, мастацтва і культуры ўсяго толькі як інструментаў для прасоўвання камуністычнай ідэалогіі, назойлівае выхаванне ў духу інтэрнацыяналізму і савецкага патрыятызму замест патрыятызму нацыянальнага і гонару за свае нацыянальныя традыцыі, дый наогул адмаўленне нацыянальных і рэлігійных каштоўнасцяў, — з чаго вынікала і непазбежнае прыніжэнне польскіх нацыянальных вартасцяў у рамках новай сістэмы. Асноўнымі бенефіцыярамі апошняй сталі іншыя нацыянальныя і этнічныя групы (найперш беларусы, украінцы, яўрэі, літоўцы і рускія). Польскае насельніцтва атрымлівала ў ёй статус нацыянальнай меншасці. Апрача таго, цяж ка было зразумець такі парадак рэчаў, пры якім арга ні зацыйныя і чалавечыя высілкі, найчасцей адарваныя ад рэальных патрэбаў грамадства і меркаванняў яго ка рысці, былі разлічаны найперш на прапагандысцкі эфект, прычым сам змест прапаганды нярэдка карэнным чынам разыходзіўся з навакольнай рэчаіснасцю. Зусім ма ла ахвоты мелі палякі мірыцца і з такімі асаблівасцямі но вай сістэмы, як разгалінаваная бюракратыя, адмова ад ранейшых звычаяў і традыцый, жорсткая цэнтраліза цыя і па дзенне прэстыжу ранейшай сацыяльнай эліты. Агулам кажучы, рэалізацыя асноватворнай мэты савецкай сістэмы, якою была „як мага хутчэйшая — найлепей у межах аднаго пакалення — поўная перамена менталітэту грамадзян і іх адаптацыя да шаблонаў камуністычнага ладу”[53], сутыкнулася з сур’ёзнай перашкодай у выглядзе культурнай несумяшчальнасці польскага насельніцтва з насельніцтвам савецкім і з савецкай сацыякультурнай сістэмай.

У выніку кантакту з савецкай культурай адбыўся рост нацыянальнай і культурнай самасвядомасці яго ўдзельнікаў, а таксама рост усведамлення культурных адметнасцяў уласнай і чужых культурных груп. Чым большым было пачуццё культурнай адрознасці ад савецкага ладу, тым больш гэтая з’ява праяўлялася на ўзроўні грамадскай свядомасці. Гэтая выснова датычыць як мясцовага (польскага, беларускага, украінскага, яўрэйскага і г. д.), так і прышлага (савецкага) насельніцтва. У дачыненні да польскага насельніцтва атрыманыя ў выніку праведзенага аналізу аўтабіяграфічнага матэрыялу элементы культурнай адметнасці на фоне савецкай рэчаіснасці 1939–1941 г. можна супаставіць з пэўнымі рысамі савецкай сістэмы, выкарыстоўваючы для гэтага як сацыялагічную тэрміналогію, так і тэрміналогію, ужываную ў метадалагічных даследаваннях, прысвечаных пытанням савецкага і камуністычнага ладу. Такая спроба пададзена ў табліцы[54].

На заканчэнне варта заўважыць, што, хоць палітыка савецкіх уладаў улічвала і паспяхова выкарыстоўвала для ўласных мэтаў міжнацыянальныя канфлікты і макрасацыяльную спецыфіку занятых тэрыторый, няўвага да культурнай адметнасці мясцовага насельніцтва (асабліва польскага) вяла да неэфектыўнасці ў працэсе ўсталявання фармальных і нефармальных пра ві лаў па во-дзінаў, навязвання патрэбных пазіцый і каштоўнасцяў. Вось чаму выбраныя меры аказаліся непрыдатнымі для здзяйснення задуманых планаў па куль турнай перабудове падпарадкаваных супольнасцяў. У гэтым сэнсе савецкія ўлады і сам Сталін, як можна меркаваць, занадта паспяшаліся залічыць насельніцтва ўсходніх земляў міжваеннай Поль шчы (у тым ліку і палякаў) да блізкіх сабе культурных груп[60].

Пераклад Сяргея Петрыкевіча



[1] Pipes R. Rosja bolszewikow. Warszawa, 2005. S. 337.
[2] Падрабязней пра гэта гл.: Wysocki A. Problematyka zderzenia kultur w socjologii i antropologii // Annales UMCS. Sectio I. Philosophia — Sociologia. 2008, vol. XXXIII. S. 23–41.
[3] Гл. развагі на гэтую тэму: Babiński G. Metodologia a rze-czywistość społeczna. Dylematy badań etnicznych. Kraków, 2004. S. 54.
[4] Напрацоўкі польскай гістарыяграфіі на тэму падзей 1939–1941 г. на былых усходніх тэрыторыях (якія ў Польшчы зазвычай называюць „першай савецкай акупацыяй”), нягледзячы на далёка не поўнае раскрыццё архіўных першакрыніц, на сёння трэба прызнаць істотнымі.
[5] Гл.: Śleszyński W. Okupacja sowiecka na Białostocczyźnie 1939–1941. Propaganda i indoktrynacja. Białystok, 2001. S. 259.
[6] Гл. тамсама. С. 273.
[7] Hryciuk G. Polacy we Lwowie 1939–1944. Życie codzienne. Warszawa, 2000.
[8] Wnuk R. „Za pierwszego Sowieta”. Polska konspiracja na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej (wrzesień 1939 — czerwiec 1941). Warszawa, 2007. S. 32.
[9] Wierzbicki M. Polacy i Białorusini w zaborze sowieckim. Stosunki polsko-białoruskie na ziemiach północno-wschodnich II RP pod okupacją sowiecką (1939–1941). Warszawa, 2007. S. 51–52; Śleszyński W. Okupacja sowiecka… S. 262.
[10] Гл.: Jasiewicz K. Zagłada polskich Kresow. Ziemiaństwo polskie na Kresach Północno-Wschodnich Rzeczypospolitej pod okupacją sowiecką 1939–1941. Studium z dziejów zagłady dawnego narodu politycznego. Warszawa, 1998.
[11] Wnuk R. „Za pierwszego Sowieta”… S. 32.
[12] Śleszyński W. Okupacja sowiecka… S. 260.
[13] Inglot M. Polska kultura literacka Lwowa lat 1939–1941. Ze Lwowa i o Lwowie. Lata sowieckiej okupacji w poezji polskiej. Antologia utworów poetyckich w wyborze. Wrocław, 1995. S. 153.
[14] Hryciuk G. Polacy we Lwowie… S. 98–99. Гл. таксама: Wnuk R. „Za pierwszego Sowieta”… S. 27.
[15] Śleszyński W. Okupacja sowiecka… S. 263.
[16] Mironowicz E. Ludność białoruska Białostocczyzny wobec władzy radzieckiej w latach 1939–1941 // Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej w latach 1939–1941 / Red. Giżejewska M., Strzembosz T. Warszawa, 1995. S. 251–253; Wierzbicki M. Polacy i Żydzi w zaborze sowieckim. Stosunki polsko-żydowskie na ziemiach północno-wschodnich II RP pod okupacją sowiecką (1939–1941). Warszawa, 2007. S. 189; Sowa A. L. Stosunki polsko-ukraińskie 1939–1947. Kraków, 1998. S. 123; Motyka G. Białorusini a Ukraińcy wobec władzy komunistycznej na Kresach Wschodnich II RP w latach 1939–1941 // Studia z dziejów okupacji sowieckiej (1939–1941). Obywatele polscy na kresach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej pod okupacja sowiecką w latach 1939–1941 / Red. Strzembosz T. Warszawa, 1997. S. 49–60.
[17] Гл.: Dębski S. Między Berlinem a Moskwą. Stosunki niemiecko-sowieckie 1939–1941. Warszawa, 2003. S. 357; Jasiewicz K. Zagłada polskich Kresow… S. 161–162.
[18] Гл.: Boćkowski D. Władza radziecka wobec Polakow, Żydów i Białorusinów na Białostocczyźnie 1939–1941 w świetle dokumentów partyjnych // Polacy — Żydzi — Białorusini — Litwini na północno-wschodnich ziemiach Polski a władza radziecka (1939–1941). W kręgu mitów i stereotypów / Red. Gnatowski M., Boćkowski D. Białystok, 2005. S. 61–84.
[19] Śleszyński W. Okupacja sowiecka… S. 259–265.
[20] Sowa A. L. Stosunki polsko-ukraińskie… S. 74–76.
[21] Hryciuk G. Zmiany ludnościowe i narodowościowe w Galicji Wschodniej i na Wołyniu w latach 1939–1948 // Przemiany narodowościowe na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej 1931–1948 / Red. Ciesielski S. Toruń, 2003. S. 149–150; Torzecki R. Polacy i Ukraińcy. Sprawa ukraińska w czasie II wojny światowej na terenie II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1993.
[22] Падобнага роду выступленні адбыліся, у прыватнасці, у Перамышлі, Стрыі, Драгобычы, Падгорцах, Барыславе, Трускаўцы, Мікалаеве, Даліне, Калушы, наваколлях Жыдачава, Варохты, Жабыні. Гл.: Sowa A. L. Stosunki polsko-ukraińskie… S. 80–96.
[23] Такія падзеі мелі месца, у прыватнасці, у Гродне, Азёрах, Індуры, Верцялішках, Вілейцы, Волпе, Сапоцкіне, Зэльве, Ваўкавыску, Астрыне, Дзятлаве, Дзярэчыне, Іванаве, Гарад цы, Драгічыне і Пінску. Гл.: Wnuk R. „Za pierwszego Sowieta”… S. 20; Wierzbicki M. Polacy i Białorusini w zaborze sowieckim. Stosunki polsko-białoruskie na ziemiach północno-wschodnich II RP pod okupacją sowiecką (1939–1941). Warszawa, 2007. S. 129–190; Grzelak Cz. Kresy w czerwieni: agresja Związku Sowieckiego na Polskę w 1939 roku. Warszawa, 1998. S. 211–213; Motyka G. Białorusini a Ukraińcy wobec władzy komunistycznej na Kresach Wschodnich II RP w latach 1939–1941 // Studia z dziejów okupacji… S. 49–60.
[24] Jasiewicz K. Zagłada polskich Kresow… S. 85–92; Wnuk R. „Za pierwszego Sowieta”… S. 21.
[25] Wierzbicki M. Polacy i Białorusini… S. 10.
[26] Mironowicz E. Białoruś. Warszawa, 2007. S. 28–29.
[27] Krechowiecki A. Okupacja sowiecka we Lwowie w latach od wejścia Armii Czerwonej we wrześniu 1939 roku do wkroczenia wojsk niemieckich w czerwcu 1941 roku, mps // AW II/1585. K. 28.
[28] Wierzbicki M. Polacy i Żydzi w zaborze sowieckim. Stosunki polsko-żydowskie na ziemiach północno-wschodnich II RP pod okupacją sowiecką (1939–1941). Warszawa, 2007. S. 147–149.
[29] Апошняя публікацыя гэтага даследчыка, праўда, мае ўжо крыху іншы тон: Jasiewicz K. Rzeczywistość sowiecka 1939–1941 w świadectwach polskich Żydow. Warszawa, 2009.
[30] Iwanów M. Sprawa przynależności Wilna i problemy naro do-wościowe na Białorusi // Społeczeństwo białoruskie… S. 85–92.
[31] Mironowicz E. Białoruś… S. 149.
[32] Wnuk R. „Za pierwszego Sowieta”… S. 20. Тамсама бібліяграфія, што датычыць вышэйпамянёных спрэчак.
[33] Bręgosz S. Wspomnienia emigracyjne, rkps // AW II/1756/J. K. 2.
[34] Brzezak J. Relacja, mps // AW I/62. K. 1.
[35] Bułhak H. Relacja, mps // AW I/70. K. 15–16.
[36] Wierzbicki M. Polacy i Białorusini… S. 136.
[37] Такі тэзіс вылучае, у прыватнасці, Марэк Вяжбіцкі і дае яму паважнае абгрунтаванне, прыводзячы ў якасці довадаў, сярод іншага, сацыяльны склад нападнікаў, схему іх дзеянняў, стаўленне савецкіх уладаў да падобных актаў гвалту, нарэшце — ролю камуністычных арганізацый і дыверсійнай дзейнасці СССР на тэрыторыі Польшчы перад вайной. Гл. тамсама. С. 142–145, 220–243.
[38] Bułhak H. Relacja… K. 35. Іншы аўтар, пішучы пра вёску Бабры Лідскага павета (Навагрудчына), прыгадвае, што мясцовае праваслаўнае беларускае насельніцтва пад час прыходу Саветаў паводзіла сябе „вельмі прыстойна; бацька заўсёды ім дапамагаў, часта бываў сватам на вясковых вяселлях. Маці раней была санітаркай, дык таксама часта спрыяла людзям медыцынскімі парадамі, дапамагала ў розных сітуацыях”. Аўтарка падкрэслівае, што бацька дапамагаў толькі тады, калі беларусы „прасілі па-польску”, а яны „ўмелі размаўляць па-польску, бо ў вёсцы была польская школа”. Гл.: Ficner-Szostak M. Relacja, mps // AW I/159. K. 1.
[39] Skinderowa E. Wspomnienia, mps // AW II/1422/2K. K. 13.
[40] Śleszyński W. Okupacja sowiecka… S. 260–263.
[41] Вось як пра гэта піша Тадэвуш Баркоўскі, у 1939 г. настаўнік польскай мовы з Гродна: «Знамянальным для Саветаў быў лёс мясцовых камуністаў. Пасля прыходу рускіх мясцовыя камуністы, пераважна беларусы, атрымалі кіраўнічыя пасады. Але недзе праз месяц іх усіх арыштавалі і вывезлі. У 1941 г. я сустрэў аднаго з іх, вызваленага немцамі. Ён пераказаў мне тое, што яму сказалі ў вочы: „Вы сваю справу зрабілі, але вы хвалілі Савецкі Саюз за грошы. Вы не верыце ў камунізм, а таму паедзеце „да белых мядзведзяў”. Яго збіраліся вывезці, але гэтаму перашкодзілі немцы. Апынуўшыся на волі, ён кляў Саветы апошнімі словамі і, як мне здавалася, нарэшце сёе-тое зразумеў. Але пасля паўторнага прыходу Саветаў зноў прасякнуўся да іх любоўю і нават дабіўся сабе нейкай пасады». Гл.: Borkowski T. Relacja, mps // AW I/1152. K. 4–5.
[42] Казіміра Сакалоўская, памешчыца з-пад Вільні, звяртае ўвагу на рэакцыю беларускага насельніцтва на ўведзеную забарону галашэнняў: «Асабліва непрыхільна быў сустрэты загад, паводле якога жанчынам забаранялася лямантаваць. Прымірыцца з такой забаронай ім было надта складана, бо ў цяжкім бязрадасным жыцці беларуса існуе патрэба „галасіць” — у форме спеву ці плачу — пры кожнай нагодзе, як радаснай, так і сумнай. Дзікім, прарэзлівым лямантам, у якім чуваць нараканне, прарываўся зазвычай зацісканы ў сабе душэўны боль, набрынялая ўнутры бяссільная роспач ад немагчымасці нешта змяніць». Гл.: Sokołowska K. Pożegnanie Kresow, mps // AW II/1430/2K. K. 64–65.
[43] Mironowicz E. Białoruś… S. 146–171; Wierzbicki M. Polacy i Białorusini… S. 359–378.
[44] Bułhak H. Relacja… K. 26–27.
[45] Тамсама. К. 29.
[46] Тамсама.
[47] Тамсама. К. 29–31.
[48] Mironowicz E. Białorusini w Polsce 1944–1949. Warszawa, 1993. S. 85.
[49] Гл.: Klaczko L. 20 miesięcy w czerwonym Lwowie, mps // AWII/692. K. 2–3; Lanckorońska K. Wspomnienia wojenne. 22 IX 1939 — 5 IV 1945. Kraków, 2001. S. 41.
[50] Нетрываласць гэтых працэсаў была відавочная не толькі ў свядомасным плане (у плане ацэнкі новай рэчаіснасці), але і ў сферы аб’ектыўных з’яў. Асабліва гэта датычыць удзелу палякаў у рабоце савецкіх афіцыйных установаў, а таксама ў сацыяльным ахопе руху супраціўлення, калі разумець яго шырока.
[51] Варта падкрэсліць, што з гэтай прычыны ніхто з вучняў і студэнтаў любога ўзросту не паспеў прайсці поўнага цыкла савецкага навучання і выхавання.
[52] Bonusiak W. Polityka ludnościowa i ekonomiczna ZSRR na okupowanych ziemiach polskich w latach 1939–1941 („Zachodnia Ukraina” i „Zachodnia Białoruś”). Rzeszow, 2006. S. 80.
[53] Śleszyński W. Okupacja sowiecka… S. 491.
[54] Пералічаныя ніжэй рысы сацыяльна-культурных сістэм (культур), узятыя са штодзённых назіранняў за паводзінамі Саветаў і функцыянаваннем савецкага грамадскага ладу, зробленых палякамі ў 1939–1941 г., вядома, не вычэрпваюць усіх рысаў савецкасці і тым больш польскасці. Урэшце, дакладна акрэсліць спецыфіку ўсёй сацыяльна-культурнай сістэмы як цэлага, незалежна ад прасторавага і часавага кантэксту, не так і проста.
[55] Chałubiński M. Komunizm i socjalizm // Encyklopedia socjologii. T. 2. Warszawa, 1999. S. 54–55.
[56] На гэта звяртае ўвагу, напрыклад, Ян Томас Грос у прадмове да адной з першых публікацый, прысвечаных успамінам палякаў (у тым ліку і дзяцей) пра часы першай савецкай акупацыі. Гл.: „W czterdziestym nas Matko na Sybir zesłali…” Polska a Rosja 1939–1942 / Wybor i oprac. Grudzińska-Gross I., Gross J. T. Kraków, 2008. S. 75–81.
[57] Pipes R. Kultura jako propaganda // Rosja bolszewikow. Warszawa, 2005. S. 302–360.
[58] Waszkiewicz J. Diagnoza: sowieckość // Magazyn Polski na Uchodźstwie. 2006. № 9.
[60] Абгрунтаваннем такога тыпу мыслення пра Польшчу можа быць, напрыклад, папулярнае ў Расіі з XVIII ст. выслоўе: „Курица не птица, Польша не заграница”.

Наверх

Томас М. Бон. Савецкая сістэма „закрытых гарадоў”. Прапіска і недахоп жылля як паказчыкі сацыяльнай няроўнасці

1 студзеня, 2011 |


* Арыгінальная версія: Thomas M. Bohn. „Das sowjetische System der „geschlossenen Städte”. Meldewesen und Wohnungsmangel als Indikatóren sozialer Ungleichheit” // F. Lenger, K. Tenfelde (Hg.). Die europäische Stadt im 20. Jahrhundert. Wahrnehmung — Entwicklung — Erosion. Köln / Weimar / Wien, 2006 (Industrielle Welt 67). S. 373–385.

ХХ з’езд КПСС, які адбыўся ў 1956 г., прыцягнуў увагу сусветнай грамадскасці сакрэтным дакладам Хрушчова „Пра культ асобы і яго наступствы”. Хрушчоў адчыніў дзверы культурна-палітычнай „адлізе”; заслугай яго стала тое, што ён увайшоў у гісторыю як папярэднік галоснасці і перабудовы. На самой справе „дэсталінізацыя па-хрушчоўску” была скіраваная не толькі на рэстаўрацыю ленінізму, але і на стабілізацыю тагачаснага рэжыму[1]. Важнай перадумовай для гэтага было ўтаймаванне савецкага „алювіяльнага грамадства” (quicksand society), як называў яго Машэ Левін[2]. У гэтым дачыненні Хрушчоў у сваім прачытаным ад імя Цэнтральнага Камітэта КПСС справаздачным дакладзе адзначаў: „Пытанне паляпшэння жыллёвых умоў у такіх найбуйнейшых гарадах, як, напрыклад, Масква, Ленінград, Кіеў і іншыя, у высокай ступені звязана з прыростам насельніцтва за кошт тых, што прыязджаюць з іншых раёнаў краіны”. І пад апладысменты дэлегатаў партз’езда працягваў: „У сувязі з гэтым неабходна спыніць практыку прыцягвання рабочай сілы ў гарады з іншых мясцовасцяў, а патрэбу буйных гарадоў у рабочай сіле задавальняць за кошт насельніцтва саміх гарадоў”[3]. Тым самым Хрушчоў закрануў адну з галоўных праблем сацыялістычнага шляху ў сучаснасць: індустрыялізацыя і ўрбанізацыя павінны былі ажыццявіцца ў Савецкім Саюзе ўсяго за некалькі дзесяцігоддзяў. У далейшым выявіліся разнастайныя цяжкасці з забеспячэннем, пераадоленне якіх павінна было стаць паказчыкам дзеяздольнасці дзяржавы. Урэшце з прычыны „суровасці гарадоў” (Аляксандр Мічэрліх), якая мела прамое дачыненне да ўцёкаў з вёскі і недахопу жылля і назіралася ў Савецкім Саюзе асабліва пасля Другой сусветнай вайны, ставіліся пад сумненне стабільнасць сацыяльнага будаўніцтва і эфектыўнасць планавай эканомікі.

Пры такой перадумове даследаванні ў такіх сферах, як гісторыя горада і ўрбанізацыя, павінны — у дачыненні да Савецкага Саюза — канцэнтравацца на трох ключавых тэмах: узорны вобраз „сацыялістычнага горада”, сістэма „закрытых гарадоў” і катэгорыя „сацыяльнага расслаення, абумоўленага месцам жыхарства”. Ніжэй спачатку будуць удакладняцца паняцці, а потым у параўнальнай перспектыве будзе пастаўлена пытанне сацыяльных няроўнасцяў у сталіцы дзяржавы Маскве і сталіцы саюзнай рэспублікі Мінску. Масква дала мадэль, якая стала абавязковай для ўсіх савецкіх гарадоў. Адпаведнасці і адхіленні, якія назіраюцца ў беларускага аб’екта параўнання, пераканальна асвятляюць сацыяльную рэчаіснасць у Савецкім Саюзе ўвогуле. У прынцыпе ў прапанаваным матэрыяле — пра гэта хацелася б нагадаць спачатку — канцэптуальным праблемам аддаецца перавага перад эмпірыкай.

1. Узорны вобраз „сацыялістычнага горада”

Хоць у Савецкім Саюзе планаванне гарадоў і ўрбанізацыя знаходзіліся ў непасрэднай сувязі з індустрыялізацыяй, якую фарсіравана ажыццяўляла дзяржава, само слова „ўрбанізацыя” аж да Другой сусветнай вайны лічылася заганным, словам, якое можа ўжывацца толькі ў дачыненні да „капіталістычнага горада”[4]. Таму ў савецкіх даследаваннях існавалі дзве характарыстыкі „савецкага горада”. Па-першае, „антаганізм паміж горадам і вёскай”, які лічыўся паказальным для феадалізму і капіталізму, неабходна было пераадолець абмежаваннем росту гарадоў і механізацыяй вёскі. Па-другое, лозунг „Сацыяльная гігіена за кошт разрэджвання забудовы” імпліцыяваў адыход ад кардынальнага для старых еўрапейскіх гарадоў прынцыпу „Урбанная атмасфера за кошт шчыльнасці”[5].

Гістарычны характар выраз „сацыялістычны горад” набыў у дзвюх розных галінах: першы комплекс тычыцца дыскусіі паміж „урбаністамі” і „дэзурбаністамі” ў Савецкім Саюзе напрыканцы 20-х — пачатку 30-х г. Прадметам дыскусіі быў распад сям’і і ажыццяўленне калектыўных формаў жыцця праз стварэнне дамоў-камун і рабочых клубаў[6]. Другі комплекс мае непасрэднае дачыненне да выпрацаванага пасля 1945 г. ва Усходняй Еўропе адзінага вобраза горада, устойлівы выгляд якога ствараецца наяўнасцю прадстаўнічага цэнтра і манатонных мікрараёнаў[7].

Нараджэнне горада савецкага кшталту ў аспекце гісторыі архітэктуры можна паказаць у выглядзе наступных крокаў. А) Зародкавую клетку ўтварае „сацыялістычны горад”. Яго заснаваная на канструктывізме канцэпцыя абапіраецца на дзелавітасць і рацыянальнасць. Яе мэта — стварэнне „новага чалавека”. Б) Як эмбрыён паўстае „горад сталінскага часу”, горад „сацыялістычнага рэалізму”. Натхнёны класіцызмам, ён выклікае сімпатыю сваёй сіметрычнасцю і манументальнасцю. Яго сімвалічны змест сведчыць пра падпарадкаванне індывіда вешчаванням уладаў. В) Пад канец з’яўляецца своеасаблівая крэатура „камуністычнага горада”. Новы функцыяналізм дыктуе рух і рытм. Тэхнічны прагрэс служыць векселем шчаслівай будучыні. Пускаецца пыл у вочы наконт роўнасці і гамагенізацыі грамадства[8].

У выніку ў аспекце тыпалогіі горада для разгляданага феномена неабходна мець на ўвазе наступныя характарыстыкі: а) арганізацыя зямельнага фонду без уліку адносін уласнасці; б) структурызацыя прасторы за кошт просталінейных магістральных вуліц і высотных дамоў, што вылучаюцца на агульным фоне; в) стварэнне манументальных адміністрацыйных і ўрадавых кварталаў; г) закладка грамадскіх плошчаў цырыманіяльнага характару; д) адкрыццё паркаў культуры і адпачынку з сацыялістычнымі помнікамі; е) будаўніцтва жылых раёнаў з ідэнтычных аб’ектаў; ё) сегрэгацыя, якая вынікае са стасункаў „патранат — кліентура” ў сферы размеркавання жылля; ж) адсутнасць субурбанізацыі і агламерацыі[9].

З таго факта, што „сацыялістычны горад” адпаведна вызначэнню ўяўляе сабою антыпод „капіталістычнага горада”, можна зрабіць дзве высновы: 1. „Сацыялістычны горад” з’яўляецца тады, калі індустрыялізацыя праходзіць пад знакам адзяржаўлівання рэсурсаў і ўстаноў. Яе нельга лакалізаваць у фенатыпічным аспекце ў планавых гарадах НДР (Сталінштадт / Айзенхютэнштадт), Польшчы (Нова Гута) ці Венгрыі (Сталінвараш / Дунайвараш), а неабходна даследаваць у гістарычнай перспектыве як феномен мадэрнізацыі „наўздагон” ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе. 2. „Сацыялістычны горад” вызначаецца тым, што ён не дае грамадзянам пачуцця роднага дому і, як вынік, не дае магчымасці цывільнаму грамадству праявіць сябе. Яго крах ва Усходняй Еўропе тлумачыцца тым, што яму не хапала кваліфікаваных рабочых і ён не мог супрацьстаяць націску сялянскіх мас.

2. Сістэма „закрытых гарадоў”

Для рэгулявання ўнутранай міграцыі палітычнае кіраўніцтва ў Савецкім Саюзе мела два механізмы: практыкаванне сістэмы прапіскі (а) і дэцэнтралізацыя месцаў размяшчэння прамысловых аб’ектаў (б).

а) Увядзенне дзяржаўных пашпартоў у гарадах і прыгранічных мясцовасцях Савецкага Саюза ў канцы 1932 — пачатку 1933 г. мела непасрэднае дачыненне да пераследу кулакоў. Мэтай увядзення штэмпеля з прапіскай з 1933 г. была ўсёахопная рэгістрацыя насельніцтва і замацаванне яго за месцам жыхарства. На практыцы ж гэта абмяжоўвала ўцёкі з вёскі, але не спыняла іх. Як эфектыўны інструмент абмежавання росту гарадоў т. зв. пашпартны рэжым пачаў дзейнічаць толькі пасля смерці Сталіна. Дзякуючы Указу ад 31 кастрычніка 1953 г. дазвол на пражыванне ў буйных гарадах для навасёлаў ставіўся ў залежнасць ад пацверджання наяўнасці жылой плошчы, якая адпавядае санітарнай норме. Санітарная норма ў жылых дамах складала 9 м кв. на чалавека, у студэнцкіх інтэрнатах 6 м кв., а ў інтэрнатах для рабочых — 4,5 м кв. [10]. З улікам таго факта, што індывідуальная жылая плошча на чалавека, у якую не ўваходзілі кухня, ванны пакой і калідоры, складала ў 1950-я г. у сярэднім 4–5 м кв., а санітарная норма 9 м кв. на чалавека была забяспечана ў сярэднім па Саюзе толькі пад канец 1980-х г., права свабоднага перасялення ў заходнім разуменні слова рэалізавацца не магло[11].

б) Каб належным чынам адрэагаваць на прыцягальную сі лу гарадоў-агламератаў, дзяржава пасля абвяшчэння ў 1929 г. фарсіраванай індустрыялізацыі паслядоўна забараніла пабудову новых і пашырэнне тагачасных заводаў і фабрык — у Маскве і Ленінградзе (Санкт- Пецярбургу) яшчэ ў 1932 г., у Кіеве, Харкаве, Растове-на-Доне, Горкім (Ніжнім Ноўгарадзе) і Свярдлоўску (Екацярынбургу) — у 1939 г. Патрэба ў новых захадах узнікла пасля Другой сусветнай вайны, калі насельніцтву СССР пры Хрушчове вярнулі ліквідаванае ў 1940 г. права звальняцца з працы і неабходна было прымаць меры для рацыянальнага размеркавання рабочай сілы. У выніку ў 1956 г. адпаведна рашэнню XX з’езда яшчэ на 64 гарады быў распаўсюджаны абавязак стрымліваць свае вытворчыя магчымасці ў межах[12]. З гэтага вынікаў пастаянны латэнтны канфлікт паміж цэнтрам і перыферыяй, з аднаго боку, і паміж гарадскімі саветамі і кіраўніцтвам прадпрыемстваў, з другога.

Спалучэнне абодвух фактараў — увядзення паш-партнага рэжыму і падтрымання індустрыяльнага статуса кво — абумоўлівала ў хрушчоўскую эру сістэму „закрытых гарадоў”. Яна ахоплівала фактычна ўсе гарады з насельніцтвам больш як 200 000 чалавек, і яе трэба адрозніваць ад сістэмы сакрэтных, ці замкнёных, гарадоў ваенна-прамысловага комплексу і атамных даследаванняў. Гэтая сістэма прывяла за таго, што калгаснікі былі асуджаныя на „другое прыгонніцтва”. Да 1974 г. ім не выдаваліся пашпарты. Яны не маглі мяняць месца працы без дазволу старшыні калгаса і таму de jure былі прывязаныя да свайго кавалка зямлі[13].

Тым не менш, у другой палове ХХ ст. Савецкі Саюз перажываў фазу бурнай урбанізацыі, якая суправаджалася моцным ростам насельніцтва. Шлюзамі ў гарады былі, з аднаго боку, універсітэты і спецыяльныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, а з другога — спецкантынгенты рабочай сілы, запатрабаваныя прадпрыемствамі, асабліва для будаўнічага сектара. Агульная колькасць насельніцтва павялічылася з 178,5 млн. у 1950 г. да 290,1 млн. у 1991 г. У той час, калі гарад-ское насельніцтва, для якога характэрна нізкая нараджальнасць, за гэты перыяд амаль патроілася (у 1950 г. — 69 млн., у 1991 — 191,7 млн.), колькасць сельскага насельніцтва з больш высокім узроўнем нараджальнасці, па сутнасці, заставалася канстантнай (у 1950 г. — 109,1 млн., у 1991 — 98,4 млн.). На гэтым фоне ўзнікае пытанне: ахапіла ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе грамадства ў цэлым ці, наадварот, насуперак усім механізмам кантролю de facto надышло хутчэй „асяляньванне” гарадоў[14]?

3. „Сацыяльнае расслаенне, абумоўленае месцам жыхарства”

Пастулат бяскласавага грамадства не дапускаў у Савецкім Саюзе публічнага дыскурсу пра сацыяльную няроўнасць. Паводле марксісцка-ленінскай тэрміналогіі грамадства складалася з двух саюзных „класаў” — рабочых і сялян — і роднаснай ім „праслойкі” — інтэлігенцыі. На самай справе пасля Другой сусветнай вайны ў насельніцтва выявіліся градуальныя адрозненні ў межах заснаванага на падзеле працы індустрыяльнага грамадства, якое дыферэнцыюецца ў залежнасці ад функцыі і выніковасці работы[15].

З гістарычнага пункту гледжання Савецкі Саюз у 1920-я і 1930-я г. прайшоў рэвалюцыйную фазу, звязаную з пераломамі і зменай стратыфікацыі. Пасля Другой сусветнай вайны грамадскае развіццё перайшло ў стацыянарную фазу, у якой кансалідуюцца наноў сфармаваныя іерархіі. Спачатку адзяржаўліванне прамысловасці і калектывізацыя сельскай гаспадаркі прыводзілі да нівелявання грамадства. Потым на працягу фарсіраванай індустрыялізацыі і бурнай урбанізацыі сяляне, якія кінуліся ў гарады, станавіліся пралетарыямі, а спецыялісты займалі кіраўнічыя пасады, падымаючыся па іерархічнай лесвіцы. Нарэшце ў гады Вялікага тэ ро ру адбылася змена партыйнай эліты. Пасля Другой сусветнай вайны сацыяльныя змены прадоўжыліся ў сувязі з працягам міграцыі, з аднаго боку, і пачаткам ператварэння калгасаў у саўгасы, з другога, аж да 1960-х г. Праўда, большая частка насельніцтва рэагавала на ўзмацненне сацыяльнай замкнутасці партыйнага апарату ў хрушчоўскую эру „адыходам у прыватную сферу”. У параўнанні з галечай сталінскага часу людзі ўпершыню выйгралі ад „спажывецкай рэвалюцыі”. Кансэнсус, дасягнуты паміж партыяй і насельніцтвам, грунтаваўся на забеспячэнні сталых рабочых месцаў і на гарантыі стабільных цэн. У індывідуальным выпадку ўзровень жыцця вымяраўся спажываннем прадуктаў харчавання і забяспечанасці жыллём[16].

У далейшым савецкія сацыёлагі ўзбагацілі сталінскую схему „два плюс адзін” у тэрміналагічным сэнсе двума новымі падыходамі. Па-першае, яны адрознівалі сярод інтэлігенцыі „спецыялістаў” і „службоўцаў”. Па-другое, яны ўжывалі паняцце „сацыяльная структура”. Спасылаючыся на ленінскае азначэнне класаў, яны карысталіся катэгорыямі „дзяржаўная ўласнасць ці калектыўная ўласнасць”, „горад ці вёска” і „разумовая праца ці фізічная праца”. У аснове іх аналізу сацыяльнай структуры знаходзілася „якасць працы”, і яны праводзілі розніцу паміж класамі як галоўнымі элементамі і слаямі як субэлементамі. У якасці крытэрыяў прыцягваліся прафесія, адукацыйны ўзровень і даход. Але гнасеалагічны інтарэс савецкай сацыялогіі заўсёды скіроўваўся на „збліжэнне” ўсіх сацыяльных груп[17].

Тым не менш, пытанне пра кіраўнікоў і падначаленых, бедных і багатых ставілася толькі крытыкамі сістэмы. Варта нагадаць пра распачатую ў канцы 50-х г. Мілаванам Джыласам і працягнутую ў 70-я і 80-я г. Дзьердзем Конрадам і Івонам Селеньі, а таксама Міхаілам Васленскім дыскусію пра „новы клас”[18]. У заходніх даследаваннях у гэтай сувязі адзначалі, што савецкі рэжым нарадзіў не толькі сацыяльную няроўнасць, але і арыентаванае на статус грамадства. У адпаведнасці з гэтым улічвалася сацыяльная стратыфікацыя па восях „доступ да прывілеяў” і „размеркаванне рэсурсаў”. Недахоп гэтага падыходу — ён занадта факусуецца на эліце, у той час як сацыяльнаму становішчу і асяродку аддаецца занадта мала ўвагі[19].

Больш перспектыўную альтэрнатыву стварае распрацаваная эмігрантам Віктарам Заслаўскім у эсэ 1981 г., але яшчэ не выкарыстаная савецкімі даследчыкамі мадэль „тэрытарыяльнага расслаення”. Адносна даходу, асартыменту тавараў, адукацыйных устаноў, сістэмы аховы здароўя і магчымасцяў арганізацыі вольнага часу ў Савецкім Саюзе існавала адпаведнае зніжэнне па лініі „сталіцы і іншыя буйныя гарады — гарады сярэдняй велічыні” і „невялікія гарады — вёска”[20]. Сегрэгацыя ўнутры адпаведнага населенага пункта вынікала непасрэдна з недахопу жылля. У якасці вызначальных фактараў можна ўлічваць якасць і месцазнаходжанне жылля (напр., цэнтр ці ўскраіна і г. д.) і яго характар (напр., інтэрнат, камунальная ці асобная кватэра і г. д.)[21].

Дыферэнцыяцыя жыллёвых умоў адлюстроўваецца ў будаўнічых якасцях дамоў. Інфармацыю даюць неапублікаваныя вынікі Усесаюзнай інвентарызацыі жыллёвага фонду, што праводзілася ў 1960 г., а таксама часткова апублікаваныя вынікі перапісу насельніцтва 1989 г. Сапраўды, матэрыял сцен — гэта просты, але эфектыўны паказчык адрознення. Ён характарызуе не толькі прыватны драўляны дом ці дзяржаўны шматкватэрны, але і градацыю ад прымітыўнага падворка да камфартабельнай кватэры ў новабудоўлі. Да таго ж гэта і паказальнік сегрэгацыі гарадскога грамадства па прасторы. Простае правіла: „дрэва” азначае збудаваны на гарадскіх пустках сялянскі дом, „цэгла” — сталінскі жылы палац у цэнтры або прыгожы рабочы пасёлак на ўскраіне, „бетонны блок” — занядбаны пяціпавярховы будынак з пляскатым дахам („хрушчоба”) у мікрараёне хрушчоўскай эры, а „панэльная пабудова” — высотны дом у змрочным мікрараёне брэжнеўскага часу[22].

4. Развіццё Масквы і Мінска ў параўнанні

Параўнанне паміж Масквой і Мінскам можна правесці тут толькі ў выглядзе грубага эскіза і на прыкладзе некалькіх выбраных паказчыкаў. У практычных адносінах цяжкасць заключаецца ў тым, што з прычыны савецкай маніі засакрэчвання апублікаваную інфармацыю пра прыток насельніцтва ў гарады і пра сітуацыю ў жыллёвым сектары можна знайсці ў большай ці меншай ступені толькі з часу перабудовы. У прынцыпе нягледзячы на ўсе адрозненні можна, без сумнення, канстатаваць, што развіццё абодвух гарадоў адбывалася ў выглядзе зрушанага па фазе працэсу. Іншымі словамі: тыя з’явы, якія характарызавалі Маскву 30-х г., паўтарыліся ў Мінску 60-х.

Масква ўжо напрыканцы царскай імперыі была горадам з мільённым насельніцтвам. Асаблівасць заключалася ў тым, што яна мела характар цэнтра агламерацыі. Аб’екты прамыслова-рамесніцкай эканомікі і фабрыкі ствараліся не толькі ў цэнтральнай частцы горада, але і, нават найперш, у прамысловым поясе. Пры савецкай уладзе Масква адабрала першынство па эканамічным патэнцыяле і колькасці насельніцтва ў ранейшай сталіцы, Санкт-Пецярбурга. У 30-я г. горад вызначаўся не толькі як месца знаходжання савецкай эліты (наменклатуры), але і як „сялянскі мегаполіс”. З часу Другой сусветнай вайны і да распаду Савецкага Саюза насельніцтва Масквы павялічылася з 4 да 9 млн. Сталічны эфект магніта грунтаваўся пры гэтым не толькі на прамысловасці, але і на функцыі Масквы як цэнтра навукі. Калі колькасць занятых у прамысловасці з 1947 да 1987 г. паменшылася з 43,7 % да 24,6 %, то ў навуковай сферы яна павялічылася за той самы час з 4,8 % да 19,5 %[23].

Мінск знаходзіўся ў занядбаным як царскай імперыяй, так і савецкай уладай — да Другой сусветнай вайны — прыгранічным рэгіёне. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. больш за палову насельніцтва — агульным лікам 100 000 чалавек — складалі яўрэі. На tabula rasa, што засталася ад Другой сусветнай вайны, быў створаны „сацыялістычны” горад, у якім з’явіліся ключавыя прадпрыемствы савецкай прамысловасці — такія, як трактарны і аўтамабільны заводы. У далейшым колькасць насельніцтва павялічылася з 274 000 у 1950 г. да 1,6 млн у 1990-м. Дасягнуты ў 60-я гадавы тэмп росту 5,5% не здолеў дасягнуць ні адзін з іншых параўнальных савецкіх буйных гарадоў. Гэты паказчык амаль на 70% быў вынікам уцёкаў з вёскі[24].

У той час як у Маскве пасля Другой сусветнай вайны індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва не выконвала амаль ніякай ролі, у Мінску яно да 1960 г. павінна было кампенсаваць недахопы дзяржаўнага жыллёвага будаўніцтва. Калі ў Мінску ў канцы 40-х г. прыватныя дамы складалі больш за чвэрць гарадской жыллёвай гаспадаркі, то ў Маскве толькі 2,5%. Улічваючы той факт, што пабудовы гэтыя ўяўлялі сабою зусім не асабнякі ў заходнім сэнсе слова, а прымітыўныя вясковыя хаты, можна сцвярджаць, што ў беларускую сталіцу былі перасаджаны звычайныя вёскі[25].

Пры такой перадумове не здзіўляе, што камуністычны „ўзорны горад” Масква і сацыялістычны „ўзорны горад” Мінск у аспекце галоўнай задачы савецкага планавання гарадоў моцна адрозніваліся паміж сабою — адносна камфорту і інфраструктуры. Калі ў Мінску на пачатак 60-х г. вадаправод мелі толькі 38,4% кватэр, а цэнтральнае ацяпленне 23,5%, то ў Маскве адпаведныя паказчыкі складалі ўжо 96% і 71%[26].

З прычыны проста неабмежаванай патрэбы прадпрыемстваў у рабочай сіле гарадскія саветы былі вымушаны скарачаць абмежаванне росту насельніцтва і дапускаць паслабленне рэжыму прапіскі. Асабліва яскравы выпадак уяўляюць сабою так званыя лімітчыкі, работнікі па кантынгенту. Гэта рабочыя з іншых мясцовасцяў, якія запатрабаваны прадпрыемствамі ў лімітаванай колькасці; яны атрымліваюць у горадзе часовую прапіску. Лімітчыкі стваралі субпралетарыят, які цалкам залежаў ад пры хільнага стаўлення кіраўніка адпаведнага прадпрыемства і мусіў згаджацца на катастрафічныя жыллёвыя ўмовы. Гэтая з’ява мела масавы характар. У 1968 г. у Мінск прыехала 20 000 рабочых па кантынгенту. Адносна Масквы на час з 1971 да 1986 г. называецца лічба 700 000[27]. У такіх умовах у абодвух гарадах кварталы, забудаваныя драўлянымі дамамі, ператвараліся, нягледзячы на нібыта татальны кантроль з боку савецкай улады, у месцы пражывання на мяжы легальнасці. Фактычна права здаваць жыллё ў субарэнду прыводзіла да росквіту ценявой эканомікі ў сферы афіцыйна не існуючага рынку жылля.

5. Рэзюмэ

Спецыфіка сацыялістычнага шляху ў сучаснасць заключалася ў тым, што фарсіраваная індустрыялізацыя абумовіла невядомую ў царскай Расіі канцэнтрацыю эканамічнага патэнцыялу ў гарадах, а часам, калі ўзнікалі новыя прамысловыя цэнтры, ператварэнне пасёлкаў у прыдаткі прадпрыемстваў. Не выпадкова выраз „вялікая будаўнічая пляцоўка” ўжываўся ў прапагандзе як метафара пабудовы камунізму. Гэткім чынам на практыцы па-рознаму ігнаравалася ідэалагічнае патрабаванне супрацьдзейнічаць дамінаванню гарадоў і сціраць межы паміж горадам і вёскай. Нівеляванне зусім іншага кшталту забяспечвалася прынамсі савецкім „алювіяльным грамадствам”. У выніку дзвюх хваляў міграцыі — у 30-я і 60-я г. — гарады „асяляніліся”. З прычыны жыллёвага крызісу, які абвастрыўся ў многіх гарадах у 40-я і 50-я г. у выніку Другой сусветнай вайны, у якасці пераважных формаў гарадскога жыцця выпрацоўвалася культура баракаў і камуналак. І толькі масавае жыллёвае будаўніцтва, пачатае пры Хрушчове, дало шырокім слаям насельніцтва магчымасць забяспечыць прыватную сферу. Паколькі цывілізацыйны перапад паміж горадам і вёскай да 60-х г. значна ўзмацніўся, у выніку сыходу маладога пакалення сельская мясцовасць апынулася пад пагрозай дэмаграфічнага „вымывання”. А з іншага боку назіралася ўшчыльненне насельніцтва вялікіх гарадоў. Нягледзячы на сістэму прапіскі, націск на гарады, выкліканы ўцёкамі з вёскі, быў такі моцны, што лічбы межаў росту, закладзеныя ў генеральных планах, дасягаліся часта ўжо за палову прадугледжанага часу. Таму цэнтральная сацыяльная праблема Савецкага Саюза — жыллёвая — да канца заставалася нявырашанай. Насуперак абяцанням праграмы партыі 1961 г. менавіта маладыя сем’і забяспечваліся жыллём недастаткова. Паколькі перавага адназначна аддавалася індустрыяльнаму развіццю, а рост гарадоў выходзіў з-пад кантролю, савецкія гарады вылучаліся яшчэ і недастатковым развіццём сферы паслуг. Хоць доля гарадскога насельніцтва Савецкага Саюза на час яго распаду складала 60%, на статус урбанізаваных грамадстваў маглі прэтэндаваць хіба што прыбалтыйскія рэспублікі. Аднак сістэма „закрытых гарадоў” здолела не дапусціць утварэння трушчоб і тым самым быў гарантаваны пэўны ўзровень жыцця, які з хрушчоўскай эры можна было параўноўваць з узроўнем жыцця заходняга свету.

Пераклад Галіны Скакун


[1] Параўн.: S. Merl. „Entstalinisierung, Reformen und Wettlauf der Systeme 1953–1964” // S. Plaggenborg (Hg.), Handbuch der Geschichte Russlands. Bd. 5: 1945–1991. Vom Ende des Zweiten Weltkriegs bis zum Zusammenbruch der Sowjetunion. I. Hlbbd., Stuttgart, 2002. S. 175–318; А. Пыжиков. Хрущёв- ская „оттепель”. Москва, 2002; W. Taubmann. Khrushchev, The Man and the Era. New York, 2003. 
[2] Параўн.: M. Lewin. The Making of the Soviet System. Essays in the Social History of Interwar Russia. London, 1985. P. 12–21; яго ж. The Gorbachev Phenomenon. A Historical Interpretation. Expanded Edition, Berkeley / Cal., Los Angeles / Cal., 1991. P. 13–42. 
[3] Отчетный доклад Центрального Комитета КПСС ХХ съезду партии. Доклад товарища Хрущёва Н. С., Первого секретаря ЦК КПСС, прочитанный 14 февраля 1956 г. // ХХ съезд Коммунистической партии Советского Союза. 14–25 февраля 1956 г. Стенографический отчёт. Т. I. Москва, 1956. С. 9–120, тут с. 79. 
[4] Параўн.: Д. Зайцев. Урбанизация // БСЭ. Т. 56. Москва, 1936. С. 248–249. 
[5] Параўн.: Основы советского градостроительства. Т. I–IV. Москва, 1966–1969. 
[6] Параўн.: S. O. Chan-Magomedow. Pioniere der sowjetischen Architektur. Der Weg zur neuen sowjetischen Architektur in den zwanziger und zu Beginn der dreißiger Jahre. Dresden, 1983. Дапоўненае рускае выданне: С. О. Хан-Магомедов. Архитектура советского авангарда. Кн. 1. Проблемы формообразования. Мастера и течения. Кн. 2. Социальные проблемы. Москва, 1996–2001. 
[7] Параўн.: E. Goldzamt. Städtebau sozialistischer Länder. Soziale Probleme. Berlin, 1974; J. Friedrich (Hg.). Stad tent wicklungen in West- und Osteuropa. Berlin / New York, 1985; A. Ǻman. Architecture and Ideology in Eastern Europe during the Stalin Era. An Aspect of Cold War History. New York, Cambridge / Mass., London, 1992. 
[8] Параўн.: J. H. Bater. The Soviet City. Ideal and Reality. London, 1980; A. Karger, F. Werner. „Die sozialistische Stadt” // Geographische Rundschau 34 (1982). S. 519–528; A. Tarchanow, S. Kawtaradse. Stalinistische Architektur. München, 1992; H. Bodenschatz, C. Post (Hg.). Städtebau im Schatten Stalins. Die internationale Suche nach der sozialistischen Stadt in der Sowjetunion 1929–1935. Berlin, 2003. 
[9] Параўн.: R. A. French, F. E. I. Hamilton (eds.). The Socialist City. Spatial Structure and Urban Policy. Chichester et al., 1979; R. A. French. Plans, Pragmatism and People. The Legacy of Soviet Planning for Today’s Cities. London, 1995; H. Häußermann. „Von der Stadt im Sozialismus zur Stadt im Kapitalismus” // ён жа, R. Neef (Hg.). Stadtentwicklung in Ostdeutschland. Soziale und raumliche Tendenzen. Opladen, 1996. S. 5–47, асабліва S. 6–20; J. Stadelbauer. Die Nachfolgestaaten der Sowjetunion. Großraum zwischen Dauer und Wandel. Darmstadt, 1996. S. 217. 
[10] Параўн.: M. Matthews. The Passport Society. Controlling Movement in Russia and the USSR. Boulder / Col., San Francisco / Cal., Oxford, 1993; G. Kessler. „The Passport System and State Control over Population Flows in the Soviet Union, 1932–1940” // Cahiers du Monde russe 42 (2001). P. 477–504. 
[11] Параўн.: Социальное развитие СССР. Статистический сборник. Москва, 1990. С. 210. 
[12] Параўн.: B. Knabe. Bevölkerungsentwicklung und Binnen-wanderung in der UdSSR 1967–1974. Dargestellt an ausgewählten Territorien und unter Berücksichtigung interregionaler Migrationen. Berlin, 1978; P. J. Grandstaff. Interregional Migration in the U. S. S. R. Economic Aspects, 1959–1970. Durham / N. C., 1980; C. Buckley. „The Myth of Managed Migration: Migration and Market in the Soviet Period” // Slavic Review. 54 (1995). P. 896–916. 
[13] Параўн.: Б. С. Хорев. Проблемы городов. (Урбанизация и единая система расселения в СССР). Изд. 2-е, доп. и перераб. Москва, 1975. С. 78–87; V. Zaslavsky. „Closed Cities and the Organized Consensus” // яго ж. The Neo-Stalinist State. Class, Ethnicity and Consensus in Soviet Society. With a New Introduction. Armonk, N. Y., 1994. S. 130–164. 
[14] Параўн.: C. D. Harris. Cities of the Soviet Union. Studies in their Function, Size, Density and Growth. Chicago / Ill., 1970; R. A. Lewis, R. H. Rowland. Population Redistribution in the USSR. It’s Impact on Society, 1897–1977. New York, 1979; G. M. Lappo, F. W. Honsch. Urbanisierung Russlands. Berlin, Stuttgart, 2000; А. С. Сенявский. Урбанизация России в ХХ в. Роль в историческом процессе. Москва, 2003. 
[15] Параўн.: T. M. Bohn. „Bevölkerung und Sozialstruktur” // S. Plaggenborg (Hg.). Handbuch der Geschichte Russlands. Bd. 5: 1945–1991. Vom Ende des Zweiten Weltkriegs bis zum Zusammenbruch der Sowjetunion. II. Hlbbd. Stuttgart, 2003. S. 595–657, тут S. 631–634. 
[16] Параўн.: B. Meissner. Sowjetgesellschaft im Wandel. Russlands Weg zur Industriegesellschaft. Stuttgart et al., 1966; яго ж. Sowjetgesellschaft am Scheideweg. Beiträge zur Sozialstruktur der Sowjetunion. Köln, 1985; M. E. Ruban et al. Wandel der Arbeits- und Lebensbedingungen in der Sowjetunion 1955–1980. Planziele und Ergebnisse im Spiegelbild sozialer Indikatóren. Frankfürt am Main, New York, 1983; M. Teckenberg. Gegenwartsgesellschaften: UdSSR. Stuttgart, 1983; D. Lane. Soviet Economy and Society. Oxford, 1985; яго ж. Soviet Union under Perestroika. Boston / Mass. et al., 1990; K. v. Beyme. Reformpolitik und sozialer Wandel in der Sowjetunion (1970–1988). Baden-Baden, 1988; V. Shlapentokh. Public and Private Life of the Soviet People. Changing Values in Post-Stalin-Russia. New York, 1989; L. J. Cook. The Soviet Social Contact and Why It Failed. Welfare Policy and Worker Politics from Brezhnev to Yeltsin. Cambridge / Mass., London, 1993; I. A. Boutenko, K. E. Razlogov (eds.). Recent Social Trends in Russia, 1960–1995. London, Buffalo / N. Y., 1997; S. A. Resnick, R. D. Wolff. Class Theory and History. Capitalism and Communism in the USSR. New York, London, 2002. 
[17] Параўн.: R. Ahlberg (Hg.). Soziologie in der Sowjetunion. Ausgewählte sowjetische Abhandlungen zu Problemen der sozialistischen Gesellschaft. Freiburg i. Br., 1969; M. Yanowitch. The Social Structure of the USSR. Recent Soviet Studies. Armonk / N. Y., 1986; яго ж. Controversies in Soviet Social Thought. Democratization, Social Justice, and the Erosion of Official Ideology. Armonk / N. Y. etc., 1991. 
[18] Параўн.: M. Djilas. Die neue Klasse. Eine Analyse des kommunistischen Systems. München, 1958; G. Konrád, I. Szelényi. Die Intelligenz auf dem Weg zur Klassenmacht. Frankfürt am Main, 1978; I. Szelényi. „The Prospects and Limits of the East European New Class Project: An Auto-critical Reflection on ‘The Intellectuals on the Road to Class Power’” // Politics & Society. 15 (1986/87). P. 103–144; M. Voslensky. Nomenklatura. Die herrschende Klasse der Sowjetunion in Geschichte und Gegenwart, 3., aktualisierte und erweiterte Ausgabe. München, 1987. 
[19] Параўн.: M. Matthews. Privilege in the Soviet Union. A Study of Elite Life-Styles under Communism. London etc., 1978; D. Lane (ed.). Elites and Political Power in the USSR. Aldershot, 1988. 
[20] Zaslawsky. „Closed Cities”. P. 139–141. 
[21] Параўн.: G. Smith. „Privilege and Place in Soviet Society” // G. Derek, R. Walford (eds.). Horizons in Human Geography. Houndmills, London, 1989. P. 320–340. 
[22] Параўн.: A. Martiny. Bauen und Wohnen in der Sowjetunion nach dem Zweiten Weltkrieg. Bauarbeiterschaft, Architektur und Wohnverhältnisse im sozialen Wandel. Berlin, 1983; G. D. Andrusz. Housing and Urban Development in the USSR. London, Basingstoke, 1984; W. C. Brumfield, B. A. Ruble (eds.). Russian Housing in the Modern Age. Design and Social History. Cambridge / Mass., 1993; Н. Б. Левина, А. Н. Чистиков. Обыватель и реформы. Картины повседневной жизни горожан в годы нэпа и хрущевского десятилетия. С.-Петербург, 2003. 
[23] Параўн.: W. J. Chase. Workers, Society, and the Soviet State. Labor and Life in Moscow, 1918–1929. Urbana / Ill, Chicago / Ill., 1990; D. L. Hoffmann. Peasant Metropolis. Social Identities in Moscow, 1929–1941. Ithaca / N. Y., London, 1994; T. Colton. Moscow. Governing the Socialist Metropolis. Cambridge / Mass., London, 1995; M. Ruthers, C. Scheide (Hg.). Moskau. Menschen, Mythen, Orte. Köln, Weimar, Wien, 2003. 
[24] Параўн.: S. Schybeka. „Das ‚alte’ Minsk — vom zaristischen Gouvernementzentrum zur sowjetischen Hauptstadt” //, D. Beyrau, R. Lindner (Hg.). Handbuch der Geschichte Weißrusslands. Göttingen, 2001. S. 308–318; T. M. Bohn. „Das ‚neue’ Minsk — Aufbau einer sozialistischen Stadt nach dem Zweiten Weltkrieg”, тамсама, S. 319–333; яго ж. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. Stadtplanung und Urbanisierung in der Sowjetunion nach 1945. Köln / Weimar / Wien, 2008 (Industrielle Welt 74). 
[25] Colton. Governing the Socialist Metropolis. P. 308, 487; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 219, 223. 
[26] Colton. Governing the Socialist Metropolis. S. 488; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 346–347. 
[27] Colton. Governing the Socialist Metropolis. P. 464–465; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 202–205. 
Наверх

Аляксандр Фрыдман. Кiтайскiя красоўкi для працоўных мiнскага завода халадзiльнiкаў

1 студзеня, 2011 |

Кiтайскiя красоўкi для працоўных Мiнскага завода халадзiльнiкаў

Савецкая Беларусь вачыма лектара САПН у сакавiку — красавiку 1989 г.

Аляксандр Фрыдман

З 28 сакавiка да 3 красавiка 1989 г. у Мiнскай вобласцi з працоўным вiзiтам знаходзiўся лектар Сацыялiстычнай адзiнай партыi Нямеччыны (САПН) Э. К. У госця з Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi (НДР)адбылiся сустрэчы з тагачасным абласным партыйным кiраўнiцтвам (другi сакратар абкама КПБ Анатоль Бычак, сакратар абкама па iдэалогii Уладзiмiр Атрошчанка), ён наведаў Беларускi полiтэхнiчны iнстытут i iншыя навучальныя ўстановы, пазнаёмiўся з працай мiнскiх маторнага i аўтамабiльнага заводаў, завода халадзiльнiкаў, оптыка-механiчнага завода „Зенiт” у Вiлейцы i iншых буйных прадпрыемстваў. У сваiх выступленнях перад навучэнцамi i працоўнымi „нямецкi таварыш” распавёў пра становiшча ў НДР[1]. Беларуская Савецкая Сацыялiстычная Рэспублiка, у прыватнасцi Мiнск i Мiнская вобласць, пакiнулi ў К. досыць станоўчае ўражанне. Пасля вяртання на радзiму лектар 10 красавiка 1989 г. склаў падрабязную справаздачу, копiю якой атрымала таксама i адчыненае ў 1972 г. генеральнае консульства НДР у Мiнску. У сваёй справаздачы К. адзначыў, што размовы, сустрэчы i выступы прайшлi ў „добрай, дзелавой i сяброўскай атмасферы”[2].

Справаздача К. — каштоўная крынiца па гiсторыi Беларусi ў перыяд гарбачоўскай перабудовы. Вялiкую цiкавасць выклiкае знешні погляд аўтара, які з пазiцыi „замежнага сябра” падрабязна спынiўся на развiццi беларускай прамысловасцi, сцiсла акрэслiў стан сельскай гаспадаркi, а таксама паведамiў пра палiтычнае жыццё рэспублiкi, настроi мясцовай партыйнай элiты i насельнiцтва. Пры аналiзе гэтай крынiцы абавязкова неабходна ўлiчваць тагачаснае становiшча ў НДР, якое, безумоўна, паўплывала на характар справаздачы i на высновы аўтара адносна сацыялiстычнай будучынi БССР. У гэтай сувязi трэба адзначыць, што ў красавiку 1989 г. на чале Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi па-ранейшаму стаяў сумнавядомы Эрых Хонэкер (Erich Honecker), САПН выконвала цэнтральную ролю ў грамадскiм, палiтычным i эканамiчным жыццi краiны, а дзяржаўнае кiраўніцтва вельмi скептычна ставiлася да пераменаў у СССР. У пачатку 1989 г. узрасла колькасць грамадзян НДР, якія хацелі пакiнуць краiну, а ў траўнi Нямецкую Дэмакратычную Рэспублiку ахапiла хваля пратэстаў супраць камунiстычай дыктатуры, што значна ўзмацнiлася ў вераснi i кастрычнiку i скончылася адстаўкай Хонэкера. Прадбачыць такое хуткае развiццё падзей вясной 1989 г. было фактычна немагчыма.

„Паспяховае развiццё” прамысловасцi i сельскай гаспадаркi

У сваёй справаздачы К. падкрэслiў поспехi мясцовай прамысловасцi i сельскай гаспадаркi, звязаў iх з iнiцыяванымi савецкiм урадам эканамiчнымi рэформамi, а праблемы ўзгадаў толькi мiмаходзь цi ўвогуле абышоў увагай. Так, аўтар, у прыватнасцi, спынiўся на прыросце сельскагаспадарчай вытворчасцi ў БССР, якi пераўзышоў агульнасавецкi ўзровень i быў, паводле меркавання другога сакратара абкама Бычака, увогуле галоўным дасягненнем Савецкай Беларусi за апошнiя тры гады.

„Беларускiм таварышам” заставалася яшчэ, аднак, папрацаваць над пашырэннем асартыменту сельскагаспадарчай прадукцыi. Такiм чынам К. прызнаў, што ў сельскай гаспадарцы Беларусi вырашаны далёка не ўсе надзённыя пытаннi[3].

Лектар САПН прытрымлiваўся меркавання, што ў БССР i ў далейшым захаваюцца буйныя сацыялiстычныя (дзяржаўныя) прадпрыемствы, якiя ўжо падрыхтавалi дакладныя канцэпцыi развiцця прадукцыйнасцi i павелiчэння збыту сваёй прадукцыi, у тым лiку на экспарт. Асаблiва ўразiлi К. планы Мiнскага завода халадзiльнiкаў i вiлейскага завода „Зенiт”, якiя меркавалi да 1995 г. павялiчыць выпуск сваёй прадукцыi на 50 i прыкладна на 70% адпаведна. Нямецкi госць падкрэслiў, што беларускiя прадпрыемствы вельмi хочуць пастаўляць свае вырабы за мяжу i такiм чынам зарабляць валюту. Справа была яшчэ i ў тым, што дзяржава дазволiла прадпрыемствам самастойна распараджацца заробленымi сродкамi i, напрыклад, выкарыстоўваць чвэрць атрыманай валютнай выручкі на набыццё тавараў народнага спажывання за межамi СССР. Менавiта такой магчымасцю i скарыстаўся сталiчны завод халадзiльнiкаў. Выконваючы пажаданнi працоўнага калектыву, ён набыў у Кiтаi красоўкi, а ў Ганконгу побытавыя рэчы, якiя працоўныя потым змаглi купіць за савецкiя рублi. К. адзначыў, што гэты эскперымент павялiчыў зацiкаўленасць працоўных у стварэннi якаснай i канкурэнтаздольнай прадукцыi[4]. Завод халадзiльнiкаў бачыўся яму ўвогуле бадай найсучаснейшым беларускiм прадпрыемствам, якое актыўна i паспяхова ўжывала новыя формы гаспадарання[5].

Э. К. высока ацанiў сацыяльную iнфраструктуру беларускiх прадпрыемстваў, што мелi ўласныя палiклiнiкi, дзiцячыя сады, дамы адпачынку, прафесiйна-тэхнiчныя вучылiшчы i г. д., а акрамя таго, цесна супрацоўнiчалi з калгасамi i саўгасамi, дапамагаючы апошнiм у мадэрнiзацыi сельскай гаспадаркi. Вядомая савецкая практыка накiравання працоўных з горада ў вёску пад час збору ўраджаю знайшла сваё адлюстраванне i ў справаздачы лектара САПН, якi патлумачыў, што прамысловыя прадпрыемствы атрымлiваюць ад калгасаў i саўгасаў сельскагаспадарчую прадукцыю i рэалiзуюць яе сярод працоўных. З дапамогай такiх мерапрыемстваў у БССР вырашалася „харчовая праблема”[6].

У Мiнску К. пачуў пра рацыяналiзацыю працы i сучаснае тэхнiчнае абсталяванне беларускiх прадпрыемстваў. Пабачыць гэтае абсталяванне на ўласныя вочы ў „таварыша з НДР”, аднак, не атрымалася. Камунiстычныя функцыянеры цi кiраўнiцтва прадпрыемстваў палiчылi (вiдаць, зусiм невыпадкова) непатрэбным знаёмiць замежнiка, хай i з „братэрскай” Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi, з апошнiмi дасягненнямi савецкай тэхнiчнай думкi. Пад час сустрэч на прадпрыемствах „беларускiя сябры” ахвотна распавядалi госцю пра эканамiчнае супрацоўнiцтва з замежнiкамi i ў тым лiку з заходнiмi фiрмамi. Пад уплывам гэтых размоў К. прыйшоў да высновы, што ўзяты савецкай прамысловасцю курс на супрацоўнiцтва з замежжам набыў незваротны характар, а НДР, з якой у СССР па-ранейшаму хацелi цесна супрацоўнiчаць, павiнна выкарыстаць сiтуацыю i замацаваць свае пазiцыi на савецкiм рынку. У Мiнскім аўтазаводзе лектар САПН убачыў патэнцыйнага партнёра для ўсходненямецкiх прадпрыемстваў. Мiнчане хацелi пастаўляць сваю прадукцыю ў НДР i былi са свайго боку зацiкаўлены ў набыццi сучаснага тэхнiчнага абсталявання ў гэтай краiне[7].

„Беларусь вучыцца дэмакратыi”

Вiзiт Э. К. распачаўся ў панядзелак 28 сакавiка 1989 г. За два днi да таго, 26 сакавiка, адбыўся першы тур выбараў народных дэпутатаў СССР, вынiкi якога моцна расчаравалi мясцовы партыйны апарат i паўплывалi на яго настроi. Камунiстычнае кiраўнiцтва вiдавочна не чакала, што выбарцы ў шэрагу выпадкаў адмовяцца падтрымаць прапанаваных партыяй кандыдатаў, i наракала як на прэсу, якая паспрыяла паразе некаторых сакратароў абкамаў i гаркамаў, так i на выбаршчыкаў, якiя яшчэ „толькi вучацца дэмакратыi”, нiбыта не прызвычаiлiся да новых плюралiстычных умоваў i схiльны абiраць „папулiстаў” i „гарлапанаў”, не заўважаючы кандыдатаў з сур’ёзнай праграмай. Да тэмы выбараў нямецкi госць падышоў вельмi асцярожна, падкрэслiўшы, аднак, што сярод дэпутатаў стала менш сялян, рабочых, жанчын i моладзi[8]. Хутчэй за ўсё К. iзноў прыгадаў гэтае адносна свабоднае волевыяўленне грамадзян СССР ужо ў траўнi 1989 г., калi ў НДР адбылiся мясцовыя выбары, на якiх т. зв. „нацыянальны фронт” на чале з САПН атрымаў 98,85% галасоў, а абуранае нахабнай фальсiфiкацыяй вынiкаў насельнiцтва выйшла на вулiцы[9].

У красавiку 1989 г. Э. К. быў упэўнены, што КПБ зрабiла адпаведныя высновы i будзе ў будучым, напрыклад, пад час выбарчай кампанii ў Вярхоўны Савет БССР i мясцовыя саветы, яшчэ больш актыўна працаваць з насельнiцтвам, рашуча адстойваючы лiнiю партыi[10]. У сваёй справаздачы К., акрамя таго, паспачуваў мясцоваму партыйнаму апарату, што апынуўся пасля скарачэння кадраў у даволi цяжкiм становiшчы: у мiнскiм абкаме, у прыватнасцi, з 109 супрацоўнiкаў на сваiх пасадах засталiся 75, а колькасць аддзелаў скарацiлася з 16 да 7. Скарачэнне прывяло, па меркаванні лектара САПН, да таго, што некаторыя функцыянеры перагружаны працай i не ў стане выконваць свае прафесiйныя абавязкi на адпаведным палiтычна-iдэалагiчным узроўнi[11].

Распавядаючы пра палiтычнае жыццё рэспублiкi, Э. К. уз гадаў i т. зв. „народны фронт”, што вылучае „экстрэмiсцкiя патрабаваннi”[12]. На ўвазе меўся Беларускi народны фронт „Адраджэнне”, устаноўчы з’езд якога прайшоў напрыканцы чэрвеня 1989 г. у Вiльнюсе. У адрозненне ад К., якi не палiчыў патрэбным падрабязна спынiцца на станаўленнi новага грамадскага руху, што кiнуў выклiк КПБ, адыграў гiстарычную ролю ў стварэннi незалежнай беларускай дзяржавы, а ў 1990-я г. заставаўся прыкметнай з’явай на палiтычным небасхiле Рэспублiкi Беларусь, генеральнае консульства НДР у Мiнску ўважлiва сачыла за дзейнасцю БНФ[13].

Вопыт „нямецкiх таварышаў”

У красавiку 1989 г. лектар САПН Э. К. выказваў спадзяванне на ўмацаванне ўсебаковых сувязей памiж БССР i НДР, спасылаючыся пры гэтым на станоўчы вопыт супрацоўнiцтва памiж Мiнскай вобласцю i акругай Патсдам. Аўтар з задавальненнем адзначыў, што „мiнскiя таварышы” ў сваёй кадравай палiтыцы пераймаюць „карысны вопыт” САПН i актыўна працуюць з нiзавымi партыйнымi структурамi[14]. Адметным лiчыў К. таксама той факт, што мясцовыя партыйныя функцыянеры падтрымалi рашэнне ўладаў НДР спынiць распаўсюджванне выдання савецкага Агенцтва друку „Новости” „Спутник” на тэрыторыi Усходняй Нямеччыны. Штомесячны дайджэст савецкага друку „Спутник”, якi выходзiў таксама i на нямецкай мове, рашуча падтрымлiваў палiтыку галоснасцi i дэмакратызацыi i лiчыўся таму ў НДР Эрыха Хонэкера непажаданым[15]. Як i ва Усходнiм Берлiне, у Мiнску меркавалi, што „Спутник” — як, дарэчы, i вядомы штодзённiк „Московские новости” пад рэдакцыяй Ягора Якаўлева, — не даюць чытачам сапраўднага ўяўлення пра Савецкi Саюз[16].

Пытаннi без адказаў: цi iснуе алкагалiзм у НДР?

У дадатку да сваёй справаздачы Э. К. змясцiў вялiкi спiс пытанняў, якiя ўздымалiся грамадзянамi БССР пад час сустрэч з нямецкiм лектарам[17]. Свае адказы на гэтыя, часам досыць непрыемныя, пытаннi ён, аднак, не прывёў. Пытаннi паказваюць, што суразмоўцы iмкнулiся даведацца пра сапраўднае становiшча ў НДР, каб перш за ўсё параўнаць яго з сiтуацыяй у СССР. У К. пыталiся пра эканамiчную палiтыку ўрада НДР, пра дзяржаўную падтрымку сельскай гаспадаркi, пра памер заробкаў, пенсiй i стыпендый i пра выдаткi насельнiцтва НДР на аплату жылля. Лектар мусiў патлумачыць, як грамадзяне Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi праводзяць адпачынак, цi iснуе ў краiне беспрацоўе, цi сутыкнулася НДР з праблемай дэфiцыту дзяржаўнага бюджэту. У шэрагу пытанняў закраналiся развiццё адукацыi, культуры i спорту ў НДР, дэмаграфiчныя тэндэнцыi, становiшча ў галiне мацярынства i дзяцiнства, а таксама дзяржаўная падтрымка маладых сем’яў. Чакалася таксама, што К. выкажацца наконт уплыву сталiнiзму i брэжнеўскага застою на НДР i распавядзе пра стаўленне ўсходнiх немцаў да палiтыкi перабудовы ў СССР. Некаторыя грамадзяне хацелi абавязкова даведацца пра экалагiчную сiтуацыю ў НДР i пра распаўсюджанне алкагалiзму i СНIДу ў гэтай краiне. Калi пытанне пра алкагалiзм было выклiкана, верагодна, сумнавядомай антыалкагольнай кампанiяй у СССР (1985–1987), а тэма СНIДу набыла актуальнасць у сувязi з хуткiм ростам захворванняў у Савецкiм Саюзе, дык цiкавасць да экалагiчнай праблематыкi тлумачылася, хутчэй за ўсё, чарнобыльскай трагедыяй i яе страшэннымi наступствамi для БССР, якiя партыйнае кiраўнiцтва старанна замоўчвала. У гэтай сувязi не павiнен здзiўляць той факт, што i лектар САПН абышоў у сваёй справаздачы „непрыемную” чарнобыльскую тэму.

Працэс дэмакратызацыi грамадска-палiтычнага жыцця ў другой палове 1980-х г. паспрыяў актывiзацыi культурнага i нацыянальнага жыцця этнiчных меншасцяў у СССР. Вялiкая колькасць савецкiх грама дзян яўрэйскага i нямецкага паходжання скарысталася магчымасцю пакiнуць Савецкi Саюз. Пад уплывам гэ тых па дзей беларускiя суразмоўцы ўздымалi пытаннi пра нацыянальныя меншасці ў НДР i працу з iмi, пра спро бы ўсходнiх немцаў перасялiцца ў Федэратыўную Рэс пуб лiку Нямеччына (ФРН) i пра магчымую дапамогу, якую НДР магла б аказаць СССР у працы з савецкiмi немцамi.

У К., як у прадстаўнiка САПН, пыталiся пра сучасны стан гэтай партыi, яе ўзроставую структуру, арганiзацыю i фiнансаванне, а таксама ўплыў у розных частках НДР. Адказы на гэтыя пытаннi павiнны былi дапамагчы параўнаць САПН i КПСС (КПБ). Цiкавасць у новых палiтычных умовах выклікала таксама iснаванне „нефармальных груповак” i шматпартыйная сiстэма ў НДР, якую САПН выкарыстоўвала ў якасцi дэмакратычнага фасаду для сваёй дыктатуры.

Шэраг пытанняў тычыўся адносiнаў памiж ФРН i НДР. Лектара САПН, у прыватнасцi, папрасiлi параўнаць жыццёвы ўзровень у абедзвюх Нямеччынах, магчыма, дакладна ведаючы, што параўнанне будзе зусiм не на карысць сацялiстычнай дзяржавы, а акрамя таго, распавесцi пра адносiны памiж САПН i Сацыял-дэмакратычнай партыяй ФРН, спынiцца на праграме гэтай партыi i патлумачыць iдэалагiчную накiраванасць заходненямецкiх зялёных i стаўленне САПН да гэтай новай палiтычнай сiлы. Беларускiя суразмоўцы хацелi пачуць меркаванне К. наконт магчымасцi аб’яднання Нямеччыны, пра стаўленне НДР да савецкай знешняй палiтыкi, аднабаковага скарачэння савецкiх узброеных сiлаў, частковага вываду савецкiх войскаў з Усходняй Нямеччыны i пра верагоднасць павелiчэння армii НДР у гэтай сувязi. Лектару давялося таксама патлумачыць, як насельнiцтва НДР успрымае размешчаны на тэрыторыi краiны савецкi вайсковы кантынгент. Урэшце ў цэнтры ўвагi апынулася i замежная палiтыка Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi, яе далейшая дзейнасць у межах Савета эканамiчнай узаемадапамогi, адносiны з Польскай Народнай Рэспублiкай i эканамiчныя сувязi з СССР.

Вынiкi

Разгледжаная ў гэтым артыкуле красавiцкая справаздача Э. К. — цiкавая крынiца, якая, нягледзячы на адпаведную iдэалагiчную афарбоўку, дазваляе скласцi пэўнае ўяўленне пра развiццё прамысловасцi i сельскай гаспадаркi ў БССР, пра грамадска-палiтычнае жыццё рэспублiкi, пра становiшча КПБ i настроi насельнiцтва, якое, дарэчы, прадэманстравала значную цiкавасць да падзей за межамi СССР. Лектар САПН прыйшоў да высновы, што як партыйныя кадры, так i працоўныя не бачаць альтэрнатывы палiтыцы перабудовы i паскарэння сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны i абранаму Мiхаiлам Гарбачовым курсу на палiтычныя пераўтварэннi. Пры гэтым СССР, як адзначыў аўтар, трэба яшчэ вызначыцца з памерам i тэмпам пераўварэнняў[18]. Абавязковае для партыйнага функцыянера з Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi ўсхваленне СССР, вера ў паспяховае развiццё „братэрскай краiны”, сiмпатыя да мясцовых „партыйных таварышаў” i адначасовае iмкненне ўстрымацца ад прынцыповай (пазiтыўнай цi негатыўнай) асабiстай ацэнкi перабудовы i перш за ўсё адмоўна ўспрынятых кiраўнiцтвам НДР палiтычных пераўтварэнняў у Савецкiм Саюзе з’яўляюцца адметнымi рысамi справаздачы, што ўзнiкла ў апошнiя месяцы хонэкераўскай дыктатуры. Так, К. палiчыў за лепшае заплюшчыць вочы на яскравыя праявы эканамiчнага крызiсу ў СССР i выказаў спадзяванне на тое, што прамысловасць i сельская гаспадарка БССР i надалей будуць дынамiчна развiвацца на сацыялiстычных рэйках, гаспадарчае супрацоўнiцтва памiж БССР i НДР узмоцнiцца, а КПБ „паспяхова навучыць” насельнiцтва дэмакратыi i шляхам iнтэнсiўнай агiтацыi замацуе сваю кiроўную ролю ў грамадстве.

Надзеi лектара САПН Э. К. не спраўдзiлiся. Сiстэмны крызiс сацыялiстычнага лагера скончыўся знiкненнем НДР у 1990 г. i распадам СССР у 1991 г. Прадчуваннi кансерватыўных колаў КПБ, якiя яшчэ ў 1989 г. вельмi хваравiта ўспрынялi развiццё „некантраляванай дэмакратыi” i з хваляваннем назiралi за ўзмацненнем „нефармальных экстрэмiсцкiх сiлаў”, аказалiся недарэмнымi. У той жа час беларускае грамадства даведалася пра жахлiвыя наступствы Чарнобыля, якiя не знайшлi свайго адлюстравання нi ў савецкай афiцыйнай партыйнай прапагандзе, нi ў справаздачы лектара САПН.


[1] BArch [Bundesarchiv Lichterfelde Ost; Федэральны архiў ФРН, Лiхтэрфельдэ-Ост] DY 30/12403, арк. 152–162, тут: арк. 152, 159.
[2] Тамсама, арк. 152.
[3] Тамсама.
[4] Тамсама, арк. 153.
[5] Тамсама, арк. 155.
[6] Тамсама, арк. 154, 155.
[7] Тамсама, арк. 153, 154.
[8] Тамсама, арк. 156, 157.
[9] Klaus Schroeder, Der SED-Staat. Partei, Staat und Gesellschaft 1949–1990, München 1998. S. 284, 297.
[10] BArch DY 30/12403, арк. 156.
[11] Тамсама, арк. 157.
[12] Тамсама, арк. 155.
[13] Гл. напрыклад: BArch DY 30/12403, арк.144–151, тут: 147, 148; арк. 171, 172; арк. 185–191, тут: 189–191.
[14] BArch DY 30/12403, арк. 157, 158.
[15] Klaus Schroeder, Der SED-Staat. Partei, Staat und Gesellschaft 1949–1990, München 1998. S. 295f.
[16] BArch DY 30/12403, арк. 158.
[17] Тамсама, арк. 160–162.
[18] Тамсама, арк. 152.
Наверх

Нiл Гілевіч. Дзевяноста трэці год. Дзённік

1 студзеня, 2011 |

У дзённікавых запісах Ніла Сымонавіча Гілевіча, народнага паэта Беларусі, які стаў непасрэдным удзельні кам станаўлення маладой беларускай дзяржаўнасці, рэдакцыя бачыць каштоўную крыніцу па нядаўняй па літычнай гісторыі Беларусі. Занатоўкі старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны адлюстравалі не толькі стаўленне народных абраннікаў да лёсаносных пытанняў мацавання суверэнітэту Беларусі, але і тагачасныя клопаты беларускага грамадства.

Дзевяноста трэці год. Дзённік*

Ніл Гілевіч

„Занатоўкі для сябе”, зробленыя ў час пасяджэнняў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

2. І. 1993

Упершыню за апошні час сустракаў Новы год па-чалавечы — у мілым сямейным коле, і зноў адчуў гэтую непараўнаную радасць. Божа, дапамажы мне — сівому, ды неразумнаму! Я апраўдаю давер Твой!.. Першы дзень новага года прайшоў у трывожных, цяжкіх роздумах. Што будзе? Куды ідзем? Ці бачым, ці разумеем самі? Два тыдні ляжаць накіды да артыкула „Што з намі?”. Не магу ўзяцца, каб сказаць гэтае балючае слова, не хапае сілы духу. 30-га вечарам засядалі ўсім Прэзідыумам Вярхоўнага Савета ў Драздах, у былой рэзідэнцыі Першых асобаў (раней мая нага тут ні разу не ступала). На маё здзіўленне быў поўны кворум — прыйшлі ўсе да аднаго. Пілі мала. Гаварылі шмат. У тым ліку — шмат кампліментаў і клятваў вернасці Станіславу [Шушкевічу[1]], нашаму спі керу, фактычна — галаве дзяржавы. (Але ж: „Пяюн не пра пяяў тры краты”. Не паўторыцца? Далёка ж не ўсе яго аднадумцы! Сёй-той толькі і чакае каманды: „Назад!”) Ш-ў трохі перабраў, відаць, і па-дзіцячы смешна прасіўся ў Шушкевіча і ва ўсіх нас у замежную камандзіроўку. Як усё-такі цягне іх усіх у гэтыя паездкі! Як яны помняць пра сябе! Падсякай, пакуль клёў ёсць! Падсякай ды ў вядзерца! Ці на дно чоўна! Далі слова і мне. Сказаў пра прафесійны рост і старшыняў і ўсіх дэпутатаў, і ўсім пажадаў зрабіць хоць крок да практычнага карыстання беларускай мовай. Дарэчы, да гэтага заклікаў у слове на развітанне і Шушкевіч. А Б. Савіцкі зусім сур’ёзна сказаў мне: „А вы знаеце, што ў справе адраджэння беларускай мовы я зрабіў не менш за вас?” Яшчэ і паўтарыў гэтае самае „не менш”. „Можа быць, — адказаў я спакойна. — У такім разе гісторыя аддасць вам належнае”. Усякае даводзілася чуць ад тых, хто сам і двух слоў па-беларуску сказаць не можа, ну але такое — пачуў упершыню. Нават і накуляўшыся мог бы сёе-тое помніць, шаноўны прафесар. Учора прачытаў у „Правде” прагнозы замежных саветолагаў. Прарочаць: у красавіку Ельцын[2] падасць у адстаўку, да восені прэзідэнтам стане Руцкой[3] і возьме курс на аднаўленне СССР (напачатку — у форме канфедэрацыі). Мяркуючы па ўсім, будзе менавіта так. Нас далучаць без крыві — эканамічнай блакадай і гатоўнасцю народа да страты незалежнасці.

3. І. 1993

Ельцын і Буш падпісалі дагавор аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў. Ну што ж, хоць трохі больш надзеі, што ачуняем. Па тэле ішоў фільм пра Сталіна („Баляванне Валтасара”). Яшчэ адзін выразны штрых да вялікай трагедыі народа і народаў. Між іншым, нядаўна вычытаў, што ў Сталіна была калекцыя парнаграфічных малюнкаў. Сексуальна-паталагічны тып. Як і многія з яго атачэння, перш за ўсё — Берыя. У чацвер, 31-га, заходзіў міністр Вайтовіч[4] — наконт заснавання ў Беларусі Акадэміі мастацтваў і літаратуры. Ён загарэўся гэтай ідэяй і хоча давесці справу да канца. Ну што ж, хай бы была ў нас і такая Акадэмія. Але мяне гэта больш не хвалюе. Сябры музыкі і мастакі, як сведчыць іх ліст у друку, проста не ведаюць, які ў мяне настрой і якога „акадэмічнага спакою” мне хочацца. Гаварылі з Нінай [Іванаўнай, жонкай] пра Данчыка[5] (ішоў яго канцэрт). Сам Бог яго паслаў нам — цяпер, калі мы Адраджаемся. Часцей бы толькі даваць яму экран і эфір! Праз добры беларускі голас можна зрабіць для Адраджэння вельмі многа. Ды яшчэ пры ягонай артыстычнай і чалавечай прывабнасці.

4. I. 1993

Перабіраючы завалы прэсы за апошнія гады, знайшоў дзве газеты з артыкуламі Б-а і з маімі горкімі паметамі на палях. Незразумела здрадніцкі выпад. Якраз тады, калі мне было так цяжка: „Правда” за 24.XI.89 і „Литературная газета” за 27.6.90. Ах ты мой дарагі брат, мой найблізкі сябра! І што ж гэта здарылася з табой? І хто ж гэта ачмурыў цябе так страшна? Хто і за што купіў душу тваю?.. На першы артыкул я тады ж адказаў вершам „Пра нашу годнасць”[6]. Без прысвячэння. Але рэдактар ЛіМа В. адразу ж разгадаў, каму верш адрасаваны, і не хацеў пускаць яго ў друк. А на другі артыкул я ўжо нічога не адказваў. Які сэнс? Гора маё дый толькі. Гэта Б. не ведаў, хто амаль на працягу года трымаў у 306 пакоі Дома Літаратара штаб БНФ? На чыёй крыві і нервах гэты штаб там дзейнічаў? Якой цаной я амаль штодзённа адбіваўся ад званкоў з ЦК, з ГК, з РК? Ды ведаў ён гэта, ведаў!..

5. I. 1993

Да пытання аб прадчуваннях. Учора, перачытаўшы ў старых газетах прысвечаныя мне пасажы Б-а, расхваляваўся і амаль да раніцы не мог заснуць. Ад горычы і крыўды. Шмат чаго перабіраў у памяці, перадумаў. А сёння раніцай — наце вам! — інтэрв’ю з Б-м у „Звяздзе”. Апрача звыклай злосці на ўсіх і ўсё — нічога новага. Ніякай прасветліны. Ніякай надзеі. Намёкі на асоб часам досыць туманныя, адных я распазнаў, другіх — не. І мінімум уласнага пакаяння: браў узнагароды, прэміі, званні — самыя высокія ў СССР; ведаў, што гэта абавязвае… але браў. Як і ўсе грэшныя. Як Броўка, як Танк, як Шамякін… Адмовіцца пакуль не сабраўся. А можна было б — пры такой нянавісці да той сістэмы, якая іх давала. А то ж неяк непаслядоўна атрымліваецца! Гэта ж ужо ледзь не „віхлярства”, за якое атрымаў у „Правде” Ніл Гілевіч. Тады, пасля „Правды” (а артыкул быў у той жа дзень і ў ЛіМе), я сказаў яму: „Ну, дык запомні, брат: у гэтых адносінах нават ты мне не суддзя. Нават ты! Не кажучы ўжо тваё новае акружэнне…”

7. І. 1993

Каляды. Званіў М. А. Савіцкі[7]. Сказаў, што ўчора міністр Вайтовіч збіраў „рабочую групу” па арганізацыі Акадэміі мастацтваў і літаратуры (спісак яе, той групы, мне Вайтовіч чытаў раніцай 31-га). Прагаласавалі — за Акадэмію, а не за Аддзяленне літаратуры і мастацтва ў складзе АН Беларусі. Адзін Казінец, нібыта, супраць. Але механізм стварэння Акадэміі на мой погляд, сумніўны. Кандыдатаў у акадэмікі будуць вылучаць творчыя саюзы. Уяўляю, якое гэта будзе вылучэнне і хто ў тую акадэмію трапіць.

9. I. 1993

Пісаў артыкул „Не плюйце ў крыніцы, панове!”. Свайго роду водпаведзь „ворагам беларушчыны”, паклёпнікам і чорным злоснікам. Трэба ж нешта гаварыць, не маўчаць!

11. І. 1993

Вечарам перадаў у „Звязду” рэпліку на інтэрв’ю Сл-ва[8], старшыні камісіі В[ярхоўнага] С[авета] па нацыянальных пытаннях. Рэпліка — рэзкая і іранічная, таму будзе, напэўна, і адказ. А трэба было б і яшчэ вастрэй. Якія ж у нас дзяржаўныя „абаронцы” свайго народа!..

12. І. 1993

Цэлы дзень, з раніцы, у Радашкавічах, на адкрыцці новай школы, да завяршэння будаўніцтва якой я меў дачыненне (як дэпутат гэтай акругі). На мяне выпаў гонар перарэзаць стужку. У вачах — першакласнікі (чатыры класы беларускія, два рускія — для прыезджых). Аж расчуліўся, гледзячы на іх. Трэба часцей глядзець малым у вочы. Як шкада, што ў мяне з імі так мала сустрэчаў!..

13. І. 1993

У „Звяздзе” — мая рэпліка Сл-ву: „Прабачце, гэта не апіскі?”. Звышаператыўна надрукаваў Наркевіч[9]. Малайчына. Першыя водгукі (тэлефонныя) вельмі хвалебныя. Днём — лекцыя ў Наргасе (ЭУ), на адкрыцці факультатыўнага Універсітэта беларускай культуры, мовы, гісторыі. Гаварылася мне чамусьці цяжкавата, але людзі — дэканы і загадчыкі кафедраў — здаецца, засталіся задаволенымі. Былі пытанні наконт моўнай сітуацыі ў Беларусі. Яшчэ раз пераканаўся, што трэба сустракацца і гутарыць. Вечар (шчодры!) правёў у Музычнай Акадэміі, з Казінцом[10] і Шаранговічам[11], пасля далучыўся і Дрынеўскі[12]. Гадзіны чатыры „прабалантэсілі” — і амаль толькі пра будучую акадэмію мастацтваў. А сабраў нас мой ліст да іх. К. сказаў: „Ніколі за 50 гадоў не атрымліваў такога ліста, у якім столькі болю, але і столькі неразумення мяне…”. З доўгай размовы вынікала: нам трэба трымацца разам і не аддаваць справу заснавання Акадэміі ў рукі М. С. (пры ўсёй да яго павазе), бо — не туды пакіруе. Прымірэння, а тым больш любові ў гэтых з гэным — не будзе. У чым я пераканаўся канчаткова. Наша нацыянальная трагедыя. Вынікі халуйскага становішча Беларусі ў імперыі.

14. І. 1993

Маленькае свята паэзіі ў Карповічах, у маіх выбаршчыкаў, з ініцыятывы дырэктара саўгаса У. І. Худога. Былі і старэйшыя школьнікі, і дарослыя. Сустрэча прайшла вельмі хораша, — дзякуючы настаўніцы В. І. Цыбулінскай, якая выдатна ўсё арганізавала. Дзеці таксама чыталі свае вершы, і досыць слаўненькія. Асабліва 9-класнік Вадзім Равяка — пра Багдановіча.

15. І. 1993

Прачнуўся ў 4:15 і да 8:00 напісаў водпаведзь тром землякам, акадэмікам РАН, што прабілі ў рэйку: трымайцеся, беларусы, за рускую мову — і ў навуцы, і ў тэхніцы, і ў школах! А ў 10:00 ужо быў у Доме настаўніка — з лекцыяй (гутаркай) аб сучасным становішчы беларускай мовы і культуры — для загадчыкаў кафедраў абласных ІПК Міністэрства адукацыі. Сярод прысутных — яўныя і нават зацятыя ворагі беларусізацыі жыцця ў Беларусі. Але такіх менш.

16. І. 1993

З 10 да 18 быў на сумесным пасяджэнні двух Прэзідыумаў — Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў. Уражанне вельмі цяжкае — ніхто нічога не ведае, як не дапусціць канчатковага краху эканомікі і выйсці з крызісу. І ў прыватнасці, як адолець чарнобыльскую бяду. Падобна на тое, што нашыя вучоныя-ядзершчыкі ўсё ж вінаватыя перад народам.

18. I. 1993

А. М. Ганчарэнка[13] прапанаваў мне зрабіць на агульным сходзе АН даклад аб праблемах фальклору. Прапанова з прыцэлам: пакажа, чаго варты. Паглядзім і, можа, выберам членкорам — наўздагон за іншымі. Здаецца, спазніліся, дарагія мае. Быў час, была магчымасць. Не парупіліся. На сёмым дзесятку плешчыцца ў членкоры? Смешнавата. Ну, а рабіць даклад проста так — можна было б, але знайду часу на падрыхтоўку, трэба шмат перачытаць, перадумаць. Адным словам… Званіў А. А. Марачкін[14] з просьбай (ад імя ініцыятыўнай групы) — увайсці ў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню 75-й гадавіны БНР. Згадзіўся з удзячнасцю, што не забыліся пра мяне. Гэту Дату трэба адзначыць хораша! І на дзяржаўным узроўні!..

18.V.1993[15]

Першы дзень працы ХІІ сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Пасля доўгага перапынку. Запісы раблю на пасяджэнні. Пачалося вельмі сумбурна. Зноў у зале, у радах, пануе нейкі лёгкі настрой, гучыць гумарок, жарцікі. Зусім не адчуваецца настроенасці на цяжкую, сур’ёзную працу. Чорт жа знае, што робіцца ў краіне — у эканоміцы, у гаспадарцы. Ды і на свеце. Паўсюль у зале — гэтакае маладзецкае бадзёрства. Ні знаку, што ў рэспубліцы — крайне цяжкая, нават трывожная сітуацыя. У тым ліку і ў маральным стане грамадства. Пачынаецца абмеркаванне Парадку дня. Дэп[утат] У. Новік[16] прапануе ўключыць законапраект аб паліве — бо надта страшная можа быць для нас зіма. Рэпліка З. Ломаця[17]: „Садзіся на свой нейтралітэт і язджай, нашто табе бензін. Хацеў жа нейтралітэту, без саюзу з Расіяй”. Дэпутат З. Пазьняк[18] унёс дзве прапановы. Першая: адмяніць пастанову, якая рэабілітавала Камуністычную партыю Беларусі, каб заставалася ў сіле першая пастанова, паводле якой КПБ — антыдзяржаўная арганізацыя. Другая: паставіць на разгляд пытанне аб адмене пастановы аб Рэферэндуме, бо такі рэферэндум не патрэбен, ён будзе на шкоду Беларусі. У зале — адпаведнае (нядобрае) рэагаванне. Падхапіўся дэп. Качан[19]. Патрабуе: 1. Уключыць у Парадак дня пытанне аб забароне БНФ як арганізацыі антыдзяржаўнай (у піку Пазьняку). 2. Аб аднаўленні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Спаслаўся на ліст 112 дэпутатаў у Прэзідыум Вярхоўнага Савета. (А з якім пафасам гаварыў! З якой загартоўкай у голасе!) Канфрантацыя пачалася з абмеркавання складу Рэдакцыйнай Камісіі. „Беларусы” зарэзалі ўсіх „дэмакратаў” (Герменчука[20], Герасюка[21], Трусава[22], Навумчыка[23] і інш.). Узначаліў Камісію Б. І. Недарэка, што і засведчыў, выступіўшы (хай Бог даруе, што я даў Б. І. такі псеўданім). Дэп. В. Ганчар[24] пляжыць Прэзідыум ВС і рабочы прэзідыум Сесіі за няўменне арганізаваць працу, парушэнне рэгламенту, — з вялікай непавагай да кіраўніцтва ВС — як заўсёды. І як заўсёды — высакамерна, наставіцельна, павучальна, па-рэзанёрску, катэгарычна… Дэп. Мінько[25] патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу Шушкевіча аб выкананні ім п. 4-га Пастановы ХІ сесіі. Вядома ж, не толькі ад свайго імя. Даюць адразу ж зразумець Шушкевічу. Дэп. Трафіменка[26]: „Намі ставілася пытанне аб барацьбе са спекуляцыяй — які яго лёс? Ці будзе яно ставіцца нанава?” Дэп. Лукашэнка[27]: напачатку хвошча Прэзідыум ВС і Шушкевіча, затым патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу кіраўнікоў дзяржавы Шушкевіча і Кебіча[28] аб мерах па паляпшэнні эканамічнага становішча ў краіне. А яшчэ — „Я падтрымліваю дэпутата Качана наконт забароны БНФ і святкавання дня Кастрычніцкай Рэвалюцыі”. Дэп. Гаркун[29] прапануе разгледзець пытанне аб кампенсацыі калгасам і ўсім сельгаспрацаўнікам панесеных імі цяжкіх стратаў ад поўнага адпускання цэнаў на тавары прамысловасці. Вельмі справядлівае патрабаванне. Дэп. Лукашэнка: пытанне аб прыватызацыйных чэках не абмяркоўваць — зняць! Шушкевіч: без прыватызацыі — мы адстанем у рэформах ад Расіі, трэба даганяць рэформы Расіі! (Што даганяць? Гэны дзікі капіталізм?) Дэп. Міцько[30] (пасля правалу пытання аб правах дзіцяці — набрала 123 галасы, не прайшло, не ўключылі): „Не разумею! Супроць будучыні Беларусі прагаласавалі!” (З абурэннем.) Дэп. Савіцкі[31] (пасля правалу пытання аб экалагічнай інспекцыі): „Віншую! Нас з’ядуць тараканы скора, калі мы так рашаем пытанні экалогіі!” Дэп. Катушкін[32] — Шушкевічу: «Станіслаў Станіслававіч, вы, іменна вы расколваеце Сесію. Вы ўжо дзесяць разоў зрабілі выпад супроць дэпутатаў аб’яднання „Беларусь”! Я вам раблю катэгарычную заўвагу!» (Усё — з вялікай злосцю.) Пытанне аб санітарна-эпідэмiялагічнай службе — зарэзалі. Не ўключылі. Ну і ну! Гэта заняло б толькі паўхвіліны часу. І вось — маем!.. Пытанне аб Рэферэндуме (з удакладненнем пытанняў, якія выносяцца на ўсенароднае галасаванне). Дэп. Пазьняк: рашуча супроць. Булахаў[33], Станкевіч[34], Грыбанаў[35]: рашуча за. Булахаў узяў слова яшчэ раз — за! „У 1991-м у нас не было вопыту, рэферэндум быў недасканалы”. Наша Камісія прасіла ўключыць у план Сесіі пытанні „Аб архівах” і „Аб бібліятэках”. Не ўключылі: толькі 88 галасоў „за” (і па адным, і па другім). Было бачна, з якім вялікім энтузіязмам зарэзалі — аж пошчак ішоў па зале, як галасавалі супроць! Выступленне Трусава не памагло. Пытанне „Аб племянной справе” — зарэзалі пад гучны рогат. Настолькі на пошлы лад настроеныя думкі дасціпнікаў. А пытанне вельмі важнае для развіцця жывёлагадоўлі. Дэп. Унучка[36] (эканаміст!) пульнуў дос ціп: „Штучна ці натуральна асемяняць?” (з націскам на „натуральна”). А між тым дэп. Лужынскі[37] з вялікай горыччу сказаў, якая гэта важная эканамічная праблема. Дэп. Герасюк прапанаваў уключыць у Парадак дня пытанні: 1. Аб катэджах наменклатуры; 2. Аб адстаўцы В. Кебіча з пасады Старшыні Савета Міністраў. Абедзве прапановы з трэскам праваліліся. Дэп. Вярцінскі[38] (ад сябе і ад дэп. Гілевіча) унёс прапанову абмеркаваць пытанне „Аб канцэпцыі інфармацыйнай прасторы” — замест праваленага Законапраекта аб СМІ. Прапанова была з вялікім поспехам зарэзана — „за” толькі 75 галасоў. Дэп. Трусаў унёс прапанову абмеркаваць пытанне аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет. „За” — усяго 95 галасоў. Дзівак-чалавек! Людзі ашалелі ад шчасця, што сталі „членамі Парламента”, і цяпер самім адмовіцца ад такога гонару? Прагаласавалі прапанову Качана аб забароне БНФ: „за” — 45. (Я думаў, што будзе больш.) Яго ж прапанову аб аднаўленні дня 7 лістапада як Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі падтрымалі 131 голасам. Не прайшла. Прапанова Мінько абмеркаваць на Сесіі справаздачу Шушкевіча атрымала 176 галасоў. Прайшла! Рыхтуйся, спікер, да справаздачы! Ой, мала табе не будзе!

19 траўня

Пачалося, як звычайна, з „Рознага”. Дэп. Дзейка[39] звярнуўся з запытам да генеральнага пракурора, чаму быў звольнены з Арміі афіцэр Мікалай Статкевіч[40]. Дэп. Кучынскі[41] прабіў трывогу аб пашырэнні ў Беларусі рэлігійных сектаў „Белыя браты”, „Крышнаіты” і іншых — аб страшным уздзеянні іх на псіхіку нашай моладзі, аб неабходнасці ратаваць яе. Маладыя хлопцы, трапіўшы ў іх сеці, сохнуць, усыхаюць. Многія наогул знікаюць! Дэп. Баршчэўскі[42]. Запыт намесніку прэм’ера М. Дземчуку: чаму ў кнігарнях няма беларускіх кніг? Апратэставаў („у народа выклікаў смех”) выпад дэп. Качана і кампаніі супроць БНФ. (У зале прамаўчалі.) Першае пытанне Парадку дня: Аб зменах у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык[43]. Доўга затрымаліся на першай жа папраўцы. На кожную заўвагу — у зале рэплікі, як у школьнікаў ці студэнтаў — лёгкія, зубаскальскія, з прэтэнзіяй на дасціпнасць. Ах, гэтыя практыкаванні ў досціпах! Як яны выдаюць узровень культуры, выхаванасці! У зале — вялікая суматоха. Спрэчкі — якіясьці анархічныя, мітынговыя, амбіцыйныя і нават бзікаватыя. Леўчык, пасля правалу першага пытання, што называецца „плюнуў” і сеў на месца. Дэп. Арціменя[44] прысарамаціў усіх — асабліва Лукашэнку: за яго выступленне. Шушкевіч злосна абрэзаў Лукашэнку: „Хопіць дэмагогіі! Вы толькі крычыце, як на мітынгах. А ніводнай за ўвесь час канкрэтнай прапановы! Ніхто так не дэстабілізуе залу, як вы!” Праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дакладчык Шушкевіч. Гаварыў хвілін 15 — максімум, а можа і 10. Для такога даклада — малавата. Я чакаў, што зойме каля гадзіны. Пайшлі пытанні. Першае: Дык што за лад у нас будзе, у Беларусі — сацыялістычны ці капіталістычны? — Адказ: Пачытайце ўважліва тэкст, там сфармулявана. Дэп. Камай[45]: А дзе Закон аб сімвалах у Канстытуцыі? Адказ: Ёсць закон, і добры, добра прыняты грамадскасцю, і няма патрэбы яго мяняць. (Сапраўды, сімвалы ў нас выдатныя. Адно што Гімна няма.) Пытанне: Чаму — платнае навучанне? А было бясплатнае. — Адказ: Было не для ўсіх, было сацыяльнае рэгуляванне. Пытанне: Што ў эканамічнай аснове ладу — якая ўласнасць? — Адказ: Не трэба вызначаць! Будзем будаваць справядлівае грамадства, на прававых асновах. — Пытанне: Ці парламент будзе прафесійны, ці такі, як цяпер? — Адказ: Прафесійны, але… з пэўнымі агаворкамі (рэгламентацыямі). Дэп. Заблоцкі[46]: Нідзе ў свеце няма спалучэння выканаўчых і заканадаўчых улад. Усюды яны размежаваны. Дэп. Качан: Дзе гарантыя на працу, на адукацыю і г. д.? Шушкевіч: Не трэба слоў „гарантыя”. Гэта — нерэальна! Дэп. Камай: Дык якая ж эканамічная аснова РБ? Трэба вызначыць у Канстытуцыі эканамічны базіс РБ! Адказ: Няма патрэбы ў такім вызначэнні, у іншых краінах няма. Дэп. Трафіменка: На здароўе — гарантуецца права, а на ўсё іншае — не, слова „гарантуецца” няма. Дэп. Сінчылін[47]: Чаму адна беларуска мова — дзяржаўная? Шушкевіч адказаў вельмі эмацыйна, але добра, лагічна і доказна. Праўда, спасылка на шведскую мову ў Фінляндыі — няўдалая. Дэп. Лакцюшын[48]. Таксама аб мовах. Паршывую сацыялогію прыцягнулі з „Советской Белоруссии”, фальшывыя лічбы… Ах, сацыёлагі! Шушкевіч рэзка абрэзаў. Дэп. Баршчэўскі пачаў дасведчана гаварыць аб мовах у Фінляндыі. У зале заулююкалі. Асабліва — дэпутат-генерал Гетц[49]. Дэп. Лавіцкі[50] прапанаваў зняць у прэамбуле ўпамінанне аб Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Прагаласавалі прапанову. „За” ўпамінанне — толькі 106 галасоў. Знялі! З энтузіязмам! Вось адносіны да гісторыі Бацькаўшчыны. Не было яе і няма — у душах і сэрцах бальшыні.

20 траўня

Арганізацыя працы і дысцыпліна — ніякая. Калі галасавалі пункт аб грамадзянстве — спачатку было ў зале 203 дэпутаты, паўторна — ужо 250, амаль 50 набеглі з калідораў, з кафэ. Не склікаўшы людзей у залу, паставілі на галасаванне. Станкевіч нахіліўся да мяне і прашаптаў: «Шушка (Шушкевіч) перад выбарамі спікера запрасіў на кватэру Лукашэнку, Ганчара, рэзаў і чысціў селядца і прасіў: „Галасуйце за мяне! Я вас не пакрыўджу, буду падтрымліваць…”. А цяпер — такія ворагі Лукашэнка і Шушкевіч!». (Па-мойму, плётка, у якой зацікаўлены непрыяцелі Станіслава, а іх процьма.) Аб дзяржаўнай мове ў Рэспубліцы Беларусь. Зноў вылезлі: Лакцюшын (учора — Сінчылін) і член нашай Камісіі, дзядок П. З. Мінчанка[51] (пасланец ад КПБ) і іншыя. Канешне ж, узяў і я слова. Пры маім выступленні рэпліку „Не пугай!” кінуў дэпутат з Барысава Трусаў[52] (не ўпершыню і менавіта „Не пугай!” — на „ты”, як у сябе на заводзе). Кінуў — пасля маіх слоў: „Для Беларусі стане горш, калі мы адступім назад ад Закона аб мовах”. Выступіў я нялепшым чынам, трэба будзе пры абмеркаванні п. 50 паправіць. І аднак жа за дзве дзяржаўныя мовы прагаласавалі 83 дэпутаты, а за адну беларускую — 204. Ура! Хоць гэта яшчэ толькі абмеркаванне праекта Канстытуцыі.

21 траўня

Пачалі з пытанняў непрадбачаных: выступленне дэп. Сапронава[53] аб злоўжываннях у замежным гандлі агаломшыла. Калі ўсё гэта праўда, то — жахліва! Слухалі з выключнай увагай і пры поўнай цішыні ў зале. Урад распрадае краіну, багацці народа, заганяючы людзей у жабрацтва. Выступіў Міністр хлебапрадуктаў — амбіцыйна — з водпаведдзю Герасюку. А Герасюк тут жа прыпёр яго да сцяны фактамі. Затым паўгадзіны аддалі тэме: як прымусіць дэпутатаў пастаянна быць на сесіях і ўдзельнічаць у пасяджэннях. Ой, што тут пачалося! Як узяліся бэсціць адзін аднаго! Шушкевіч неасцярожна назваў імёны адсутных дэпутатаў. А Станкевіч, бэсцячы яго за нібыта „пошла-кухонны ўзровень”, сам пакарыстаўся менавіта такім стылем: „Вы можаце з маладой сваёй жонкай такое на кухні гаварыць…”. Гэта — пра спікера Вярхоўнага Савета. Крэпенька! Выйшла: усе вы, шаноўныя, адною культурай валодаеце. Шушкевіч узарваўся: „Я не ў міліцыі ў вас, дэпутат Станкевіч, не падследчы на допыце ў вас!..” Затым дэп. Ганчар з гасподніх вышак спляжыў усіх. Асабліва Шушкевіча і Прэзідыум.

25 траўня

Выбары намесніка Старшыні Прэзідыума. Прапанавалі дэпутата Міцько, разумнага, інтэлігентнага чалавека, медыка па адукацыі. Правалілі: толькі 125 „за”. Чаму? Праясніў сваім пытаннем да Міцько ваяўнічы дэпутат-генерал Сарокін[54]: „Вашы адносіны да ўваходу Беларусі ў Калектыўную Бяспеку?”. Добра адказаў Міцько, вельмі добра, але ўжо было ясна, што „зарэжуць”. Якая зацятасць ворагаў нашай дзяржаўнай незалежнасці! Абмеркаванне главы Канстытуцыі „Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”. За прэзідэнцкую форму кіравання выказаліся толькі 132 дэпутаты. Зарэзалі саму ідэю „прэзідэнцтва”. Ніякага прэзідэнта не трэба: ні „моцнага”, ні „слабага” (як у Германіі). Не трэба! Слова ўзяў Ганчар: патрэбен галава ўлады, дзяржавы без галавы не бывае, такога няма ў свеце! Прагаласавалі паўторна. Набралі 147. Рост! Не разумеюць шаноўныя, не разумеюць, якая можа нас чакаць бяда — пры нашай масавай палітычнай культуры.

26 траўня

У „Розным”: дэп. Бойка[55] зачытаў ліст свайго выбаршчыка супроць „тарашкевіцы” (палічыў вартым увагі). Ліст рэзкі. Дарэмна зачапіў Данчыка. Пытанне ж увогуле правамернае і ў прынцыпе — рэзкасць справядлівая. „А можа, гэта правакацыя?” — сказаў Бойка, як бы звяртаючыся да прысутных дэпутатаў-філолагаў. Не, вядома, не правакацыя, але падумаць так можна — настолькі самаўпэўнена і напорыста ў друку „плянуюць” і „клясуюць”. Дарэмна А. Трусаў, узяўшы слова, „рашуча заявіў пратэст” супроць выступлення Бойкі. Праблема ж ёсць! Абмеркаванне главы „Суд”. Пункт аб увядзенні суда прысяжных не прайшоў… пасля выступлення А. Трусава, які напомніў зале, што суд прысяжных быў ліквідаваны бальшавікамі пасля 1917-га. Знайшоў каму напомніць! Тым, для каго суд прысяжных вельмі непажаданы. Пытанне зусім не звязана з палітыкай, але раз выступіў у падтрымку апазіцыйнік і крытыкнуў бальшавікоў — усё, кранты! Адразу ж многія ўсумніліся і — 20 галасоў не хапіла. Трусаў забыўся, хто ў зале. Пытанне аб Кантрольнай Палаце. Сама назва не прайшла. Дэп. Грынёў[56]: Трэба сістэма кантролю, а Палата пакуль не адпавядае. „Вы протаскиваете то, в чём заинтересованы”. (Гэта — Шушкевічу. Не зусім карэктна.) Дэп. Сапронаў: Не разумею логікі паводзін дэпутатаў, што галасавалі супроць. Патрэбен жа кантроль! Дэп. Макейчанка[57] (у адказ на „шпільку” А. Трусава): І ў ЦК працавалі людзі, якія нешта ведалі ў галінах гаспадаркі. Між іншым, гэта праўда: былі такія людзі — і дасведчаныя, і кампетэнтныя, і культурныя. На жаль, часта ім не хапала мужнасці, стойкасці, упартасці, іх волю ламалі недасведчаныя і некультурныя, амбіцыйныя і фанабэрыстыя „сталаначальнікі”.

27 траўня

У „Розным” дэп. Герасюк гаварыў пра росквіт карупцыі ў Беларусі (набывае ўсё большыя маштабы). Папрасіў даваць яму слова па гэтым пытанні кожны дзень і да канца сесіі. (Брава, Герасюк! Малайчына! Нех та ж павінен пароць у вочы зладзюгам — што яны зладзюгі.) Дэп. Крыжаноўскі[58] спачатку расказаў пра састарэласць тэхнікі ў Беларусі і пра нядбайнасць Урада ў гэтай справе. Затым папракнуў дэпутатаў за нападкі на Шушкевіча — што не падпісаў Дагавор аб Калектыўнай бяспецы, асудзіў і за непрыманне імі Кантрольнай Палаты — бо яна пачала ўскрываць злачынствы мужоў дзяржаўных. Пытанне аб дадатковых паўнамоцтвах Савета Міністраў у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык. Спрэчкі разгарэліся страшныя. Кебіч (пасля выступлення дэп. Какоўкі[59] і іншых) — ох і ўскіпеў ад злосці! „Ніводнай стрэльбы не прадалі ў Таджыкістан! І не прададзім без рашэння Вярхоўнага Савета! І вы, таварыш гаспадзін Трусаў, перастаньце!.. У газетах поўна хлусні!..”. А пачаў сваю прамову так: „Спыніце балбатню! Іначай не магу сказаць!..” (Ох і разышоўся! Відаць-такі — дапяклі!) Лакцюшын, Лукашэнка, асабліва генерал Гетц — крычаць так, што аж глушаць залу, патрабуюць амаль усенароднага ганьбавання дэмакратаў-апазіцыянераў. (Лакцюшын: „Все эти Каковки, Сасновы, Барщевские…”) Дэп. Заблоцкі абрэзаў крыкуноў, а галоўнае — гакнуў па эканамічнай палітыцы Урада за адсутнасць стратэгіі, за нягоднасць такога эканамічнага курса. Дэпутаты Жукоўскі[60], Мачуленка[61] зноў паднялі крык супроць дэмакратаў, — крык наогул, без канкрэтных прапаноў. Дэп. Сасноў[62] вельмі пераканаўча даў ім водпаведзь.

28 траўня

У „Розным” дэп. Чэпік[63] патрабаваў або — або: або — Урад у адстаўку, калі праўда тое, што казаў Герасюк, або — дэпутата Герасюка пазбавіць на паўгода мандата за яго ўчарашняе выступленне пра міністра хлебапрадуктаў Якушава М. С. Вось такое або — або. Такая інтрыга ў сюжэце. Пытанне Аб дзяржаўнай службе. Дакладчык — дэп. Заблоцкі. Не ўцямлю, чаму Заблоцкі? Ён — намеснік старшыні Камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Размова ж — пра служачых дзяржаўнага апарату! Дэп. Голубеў[64] зрабіў вельмі слушную прапанову: аб абавязковым веданні беларускай мовы як мовы дзяржаўнай тымі, хто паступае на працу ў дзяржаўную ўстанову. Узнікла спрэчка. Дэп. Цярэшка[65]: „Камісія не прапаноўвала такога”. Голубеў: „Непрыемна казаць, Іван Іванавіч, але Камісія тройчы разглядала і рэкамендавала гэтую прапанову”. (Галасавалі як за прапанову аднаго Голубева. „За” — 42 галасы. Рэпліка з залы дэпутата-генерала Піскарова[66]: „Великое множество!” Здзеклівым тонам, вядома. Чаму ж з дзяржаўнай мовы і не паздзеквацца! У нас, у незалежнай Беларусі гэта можна. Нават пахвальна. Пад воплескі…)

1 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Волкаў[67]: „Нам у Камісію прыйшло звыш 100 пісем пра дзяцей з ракам шчытавіднай залозы. Колькасць расце. Ужо цэлыя сем’і хварэюць. Усіх чакае смерць! Дзяцей запісваюць інвалідамі ад нараджэння! Гэта дзікунства!” Дэп. Качан. Тэма — Другі з’езд камуністаў Беларусі, названы аб’яднаўчым. Чытае Зварот З’езда да Вярхоўнага Савета РБ. Аб недапусцімасці свабодных цэн на прадукцыю першай неабходнасці. Затым кінуў лозунг: „Адрадзіць саюзную дзяржаву! Іначай — пагібель!” Дэп. Судас[68]: пра ільготы пенсіянерам на транспарт у сельскай мясцовасці. Патрабуе вырашыць гэта пытанне ў карысць пакрыўджаных. Шушкевіч дае водпаведзь М. Грыбу[69] за яго выступленне ў „Народнай газеце” наконт падпісання Дагавора аб Калектыўнай бяспецы. Слова ўзяў намеснік прэм’ера С. Лінг. Ад закона будзе залежаць, хто будзе працаваць на дзяржаўных службах. Тыя, што будуць, як жабракі, зазіраць у вочы кожнаму наведніку? (Гэта — у адказ тым, хто лічыць, што ў чыноўнікаў вельмі высокія зарплаты.)

2 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Холад[70] крытыкуе Кебіча, што не скарачае раздзьмутыя чыноўніцкія штаты. Дэп. Лябедзька[71] робіць запыт да сп. Жыльскага (старшыня камітэта па справах Рэлігіі) — у абарону каталіцкай парафіі ў Ашмянскім раёне, у абарону прыезджага святара (здаецца, са Славакіі). Няма ксяндзоў, а патрэба ў іх вялікая і ўсё нарастае. „У Гародні вучацца на ксяндзоў толькі 74 семінарысты. Гэтага зусім мала!” — бядуе Лябедзька. Дэп. Пракаповіч[72]: Спад вытворчасці працягваецца. Заключэнне эканамічнага саюза — працэс доўгі. Патрэбен палітычны Саюз у рамках СНД. Чаму ігнаравалі прапанову VII з’езда народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі аб утварэнні Канфедэрацыі? (Вось яно — куды хіліць! Да Канфедэрацыі! Нашто нам гэтая незалежнасць!) Пытанне аб барацьбе з эканамічным злачынствам і карупцыяй. Дакладчык — дэп. Папоў[73]. Схапіліся спрачацца, што такое карупцыя. Дэп. Булахаў: Суб’ектам карупцыі з’яўляецца ўвесь беларускі народ! Бо эвентуальна кожны так ці іначай у ёй удзельнічае… Дэп. Какоўка: Зняць першы артыкул! Дэп. Аксаміт[74]: Зняць увесь законапраект, дапрацаваць і ў канцы сесіі прыняць! Як добра ў ходзе абмеркавання пытання аб карупцыі бачна, хто не мае ніякага дачынення да злачынстваў, у каго сумленне чыстае!.. Гэта адчуваецца вельмі выразна. Сумленны чалавек (напрыклад, Аксаміт) гаворыць такім асаблівым тонам — і без крыку, і пераканаўча. Або як дэп. Герасюк, які сказаў: „Пры паступленні на дзяржаўную службу кожны павінен прад’явіць дэкларацыю”. Так усюды ў свеце. Але калі вам падабаецца без дэкларацый — хай будзе так! (Прагаласавалі прапанову Герасюка: „за” — 171. Не прайшла. Дзіва што!..) Ну і схватка! Па колькі разоў бяруць слова адны і тыя ж. Большасць схіляецца, што гэта не закон, а пастанова аб узмацненні барацьбы з карупцыяй і злачынствамі ў сферы эканомікі.

3 чэрвеня

У „Розным” першы ўзяў слова дэп. Прывалаў[75]. О, які, аказваецца, гэта ваяўнічы палкоўнік! Ястрабок! Але ж і заслужыў: крыкамі сагналі з трыбуны. Не любяць нашыя людзі празмернай ваяўнічасці. Дэп. Федарчук[76]: Побач з вамі, Станіслаў Станіслававіч, група па згатаванню віцебскіх „блюд”, асабліва з Кантрольнай палаты. Знаю людзей, якія не мяняюць масак. (Нейкія цяжкія закіды, а пра што?) Дэп. Маркевіч[77] у прамове ўжыў слова „шпалеры”. У зале — бачна — не разумеюць, што гэта. Трэба рускім языком гаварыць, шаноўны! Дэп. І. Трусаў. Пытанні Шушкевічу: Ці падпісаў Станіслаў Станіслававіч Дагавор аб Калектыўнай бяспецы? Якую пазіцыю ў гэтым займае Прэзідыум? І нарэшце: калі вы былі шчырым? (Во дзе сапраўдная „вандэя”! Божа, як мы яшчэ далёка да беларускай Беларусі!) Дэп. Казлоў[78]. Выйшаў, каб пахваліць „Фемиду” — як найвыдатную ў Беларусі газету (не важна, што на мове другой краіны). Пафас выступлення: „Далоў Шушкевіча!” Абкладаюць Стася. Але ці толькі яго? Думаю пра выступленні на сесіі дэпутата І. Т. Увесь час адчуваю, што гэты беларус няйначай як вывучанік вядомага „северозападника” І. Саланевіча. Умоўна, бо гэтага прозвішча ён, напэўна, і не чуў, тым больш яго шавіністычных опусаў не чытаў. З першых момантаў знаёмства мая інтуіцыя па адносінах да яго — у напружанні, у насцярожанасці. Цяпер ясна, чаму на плошчы крычаць „Шушкевича в отставку!”. У крыкуноў ёсць натхняльнікі і абаронцы. Вось і рашылі ўзяцца. Ужо ўзяліся. Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі. Дакладчык — дэп. М. Грыб. Па дакладу разгарнуліся цікавыя спрэчкі. Дэп. Станкевіч: Камітэт не павінен быць у веданні Прэзідыума ВС! Яго трэба неадкладна перадаць у веданне Савета Міністраў. І кропка. І ніякіх размоў! (З тым жа апломбам, як і заўсёды.) Дэп. Малашка: Усім ясна, дзеля чаго хочуць пе[79]рападпарадкаваць Камітэт Саўміну. Для таго, каб запалучыць аператыўную сілу ў СМ і пазбавіць Вярхоўны Савет неабходнай інфармацыі… І ўсё ж ра шылі прагаласаваць. Раптам выходзіць Лінг. І катэгарычна патрабуе: Перападпарадкаваць Камітэт Саўміну! Абавязкова! Не драбязіце функцый КДБ. Сачыць за дзейнасцю Савета Міністраў — гэта дробязь! Генерал Піскароў. Рашуча за перападпарадкаванне Саўміну. Нарэшце пачалі галасаваць. За тое, каб пакінуць, як ёсць — г. зн. за рэдакцыю Камісіі — 98 галасоў. Не прайшло. За перападпарадкаванне Саўміну — 147. Таксама не прайшло. Але больш, і на многа, чым за рэдакцыю Камісіі Вярхоўнага Савета. Пытанне аб Грамадскіх аб’яднаннях. Дакладчык — дэп. Вярцінскі. Даклад разумны, пераканаўчы. У Беларусі на сёння 420 грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных. (Ніколі не падумаў бы, што іх аж столькі! Во — актыўнасць грамадзян на свабодзе!) Так рэалізуюцца правы грамадзян на аб’яднанні. А ў зале — ніводнага пытання дакладчыку, ніводнай рэплікі, ніводнага выступлення! Значыць, ніякіх праблем няма. Прагаласавалі моўчкі. „За” — 178. Усяго! І ніякіх пярэчанняў не было — і не блаславілі. Дзіўны народ сабраўся ў зале ВС!

4 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Слямнёў — аб дыскусіі па Калектыўнай бяспецы. Тлумачыць талкова — у апраўданне Шушкевіча. Дэп. Жураўлёў[80]: падтрымлівае рашэнне ген. Казлоўскага[81] аб звальненні з арміі афіцэра М. Статкевіча, б’е Шушкевіча за пазіцыю ў гэтым пытанні („Вас втянули!”). Дэп. Гермянчук. Аб дамове наконт стратэгічных сіл. Калі пачаў гаварыць пра неадпаведнасць тэкстаў дамовы на беларускай і рускай мовах — у зале іранічна заа-яй-калі. Не зусім тактоўна зрабіў запыт Кебічу: „Калі не маеце — я вам дам свайго карэктара”. Не зусім тактоўна па форме, а па сутнасці — зусім справядліва: павінны ж быць у Саўміне людзі, якія дасканала валодаюць беларускай мовай — каб змястоўных, сэнсавых разыходжанняў у тэкстах не было. Дэп. Лябедзька: Чым праславіў Беларусь Карл Маркс, што яго імем названа вуліца, на якой знаходзіцца наш Вярхоўны Савет? Мінгарсавет павінен тэрмінова разгледзець гэта пытанне! Пытанне аб справаздачы Нацыянальнага Банка. Дакладчык С. Багданкевіч[82]: Калі мы не спынім інфляцыю — не выйдзем з крызісу. Нашы крэдыты павінны быць дарагімі — іначай тупік, і ніякіх ілюзій. Крэдытная палітыка павінна быць больш жорсткай. У камерцыйных банках рэсурсаў — 40 млрд. рублёў. Нацынальны Банк — не Сабес (Аддзел сацыяльнага забеспячэння). Да якога часу ён будзе іменна такім Сабесам? Не пераменім закон — наперадзе тупік і поўны крах эканомікі! Рост аплаты працы на 60 працэнтаў перавышае прадукцыйнасць працы! А ільготы? На ўсё — ільготы! Гэта ненармальна! Утварылі камісію па кантролю за дзейнасцю камерцыйных структур. Старшынёй Камісіі абралі дэп. Лукашэнку.

8 чэрвеня

У „Розным” дэп. Жук[83] падняў пытанне аб будаўніцтве вакол Мінска і іншых гарадоў на захопленай зямлі катэджаў (дамоў, палацаў). Трэба перагледзець Зямельны кодэкс. Старшыні сельсаветаў робяць, што хочуць. Дэп. Заблоцкі: Рэформа не ідзе. Ёсць ілюзіі, што мы рэфармуемся. Законы не выконваюцца. Развал паглыбляецца. Спрэчкі па ўчарашнім дакладзе Багданкевіча. Дэп. Беленькі[84]: Нацыянальны Банк самастойнай крэдытна-грашовай палітыкі не праводзіць, — як і ў 1991 годзе, аб чым тады адкрыта гаварыў Багданкевіч. Дэп. Лукашэнка крайне рэзка выказаўся пра падрыў эканомікі, пра нейкую незразумелую прыватызацыю. Затым — пра вайну між кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета і Урадам. «„Ад Савета Міністраў пахне мерцвячынай”, — кажуць у Вярхоўным Савеце». (Шум у зале, крыкі: „Хто кажа? Назаві!”) Рэпліка Шушкевіча: „Чую першы раз! Першы раз! Як можна так безадказна гаварыць?” Дэп. Цялежнікаў[85]: Мы думалі, нам удасца пераседзець і выйграць. Не ўдалося. Пераступілі рысу. Віна не Нацбанка. Вінавата наша эканамічная палітыка — крайне няўдалая. Трэба кардынальна змяніць падыходы — іначай к восені дамы не будуць ацяпляцца, заводы і фабрыкі масава стануць спыняцца. Трэба стымуляваць экспарт у Расію і гандаль з Расіяй. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Сельскай гападарцы крэдыты выдаваць не бяздумна і не ўсім. Дэп. Какоўка: У Латвіі рубліс, выпаўшы з рублёвай зоны, пайшоў угору. А ў нас? Чаму мы не зрабілі гэтак? Хацелі жыць за чужы кошт? Трэба сесці за стол перамоў з Расіяй і ўсё чыста выкласці. Мы не бяром ні капейкі за чыгунку, за газапровад і многае іншае. Трэба даць больш прасторы прыватызацыі! — каб кожны паклапаціўся пра сябе, што ён будзе есці. Дэп. Новік: Наш урад напорна імкнеца да дэстабілізацыі! Разам з Нацбанкам. Яны пагоршылі эканамічную сітуацыю ў краіне. Банк не кіруе сітуацыяй. Цэны выраслі на 5000 працэнтаў! Хіба гэта — не гіперінфляцыя? А хто атрымаў ільготны крэдыты? Нямногія. І несправядліва. Расія, маючы друкарскі станок для рублёў, нас душыць. Яна экспартуе інфляцыю ў нашу краіну. Наша багацце — высокакваліфікаваныя кадры. Нас рабуюць — праз фінансавую сістэму. Колькі ўвозіцца грошай з Расіі? Як кантраляваць грашовую масу? Ніяк. І яе ніхто не кантралюе. І апошняе: патрабую ўвесці беларускую грашовую адзінку! (Ну малайчына, Новік! Во каго міністрам паставіць!)…

9 чэрвеня

Закон аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Гаркун[86] (старшыня Камісіі па аграрных пытаннях): Камісія рэкамендуе замацаваць у Законе дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Упершыню, калі мы абмяркоўвалі Праект на Камісіі, не было аднадушнага пагад нення. Пачалося галасаванне (паіменнае, бо над та важнае пытанне). За прапанову Камісіі — 194 галасы. За папраўку дэп. Лакцюшына (толькі дзяржаўная ўласнасць!) — усяго 41 голас. „Дзяды” атрымалі паразу. Дэп. Жук: Вясковыя людзі ўсе супроць прыватнай уласнасці на зямлю! Надта ж лёгка мы тут ставімся да выключна важнай праблемы! Дэпутат-ветэран Коваль[87]: Ні ў якім разе! Ні пядзі прыватнай! Толькі дзяржаўная! Дэп. Какоўка: Усе мае выбаршчыкі — і за прыватную. „Аддалі б нам нашы прысядзібныя кавалачкі!..” Дэп. А. Трусаў: А ўспомніце, як бальшавікі адбіралі ў сялян зямлю! … Дэп. Баршчэўскі: На сёння законапраект ужо састарэлы, але хоць гэткі трэба прыняць. (Састарэлы? Ужо? А які быў бы самы раз на сёння? Бальшавіцкі — з процілеглым знакам? Сацыяльны пераварот?) Дэп. Бамбіза[88]: Давайце ўдасканалім Зямельны Кодэкс, які ёсць! З якой мэтай мы ўводзім прыватнае права на зямлю? Дэп. Дубоўскі: Два гады працавалі над законапраектам у Камісіі. Праз дзесяць гадоў будзе трэба яго карэктаваць. Нічога страшнага для калгасаў у Законе няма. Тры-чатыры соткі зямлі — дайце людзям! Дайце! І ў сацыяльным плане — вялікая карысць! Дэп. Зданевіч[89]: „Вы!.. Вы! Вы!..” — з такім абурэннем і так рэзка крычаў на дэпутатаў — праціўнікаў прыватызацыі зямлі, то ў яго адабралі мікрафон. Як вадой сцюдзёнай абдалі!.. Дэп. Гаркун: Продаж зямлі ўсё адно ідзе! Але — падпольны. Незаконны. Без дазволу дзяржавы, у абыход Закона. Дэп. Лукашэнка: Хто пралічыў, што будзе з эканомікай, калі пачнецца купля і продаж зямлі? Дэп. Марыніч[90]: Увесь свет чакае, калі ён зможа ўкладаць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Дэп. Малашка: Трэба выдзяляць зоны, дзе могуць у нас купляць зямлю замежнікі, каб — не ўсюды, дзе ім захочацца, не любы ласы кавалак!..

10 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Зарэцкі[91]: Пакуль не вызначылі, якое грамадства мы хочам пабудаваць, — няма сэнсу прымаць закон аб праве ўласнасці на зямлю. І не трэба ставіць сёння пытанне аб прыватнай уласнасці на зямлю. Гэтаксама і наконт прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. (Правільна! Сур’ёзная перасцярога!) Дэп. Сечка[92] праінфармаваў аб стварэнні дэпутацкай групы „Згода”. У групу ўвайшлі: Сапронаў, Карпенка[93], Марыніч, Булахаў, Даўгалёў[94], Драбышэўская[95], Сукач[96], Сярдзюк[97], Кічкайла[98] і інш. — усяго 20 чалавек. Цікава, хто ініцыятар стварэння „Згоды”? І на якой платформе згода? Што агульнага, напрыклад, у Карпенкі з Булахавым? Дэп. Волкаў: Калі Беларусь пакінулі стратэгічныя сілы СССР, засталіся пуставаць 150 ваенных гарадкоў. Гэта — багацце беларускага народа. Размешчаны яны ў экзатычна прыгожых мясцінах: зялёных, чыстых, упарадкаваных. Іх трэба аддаць для чарнобыльскіх дзяцей — для аздараўленчых комплексаў. Іначай гэтыя гарадкі захопяць камерцыйныя структуры. (Правільна, сп. Волкаў! Абавязкова захопяць! І не агледзімся, як захопяць. Вельмі слушна сказалі!) Працяг абмеркавання закона Аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Грынёў: артыкул аб чарнобыльцах і чарнобыльскіх землях не ўзважаны, з істотнымі заганамі. Дэп. Скарабагацька[99] падтрымлівае Грынёва і патрабуе артыкул зняць і дапрацаваць. Дэп. Смоляр[100] абвяргае Грынёва, яго заўвагі трэба абмеркаваць асобна. Дэп. Лукашэнка: па Смоляру — дык там жывуць не людзі. Гэтага артыкула мала, трэба даць яшчэ адзін артыкул аб абароне чарнобыльцаў! Дэпутат-генерал Гетц: трагедыя ў тым, што ўсё гэта транслюецца па тэле. „Товарищ Лукашенко! Или оставьте этот Верховный Совет, или перестаньте заниматься словоблудством!” Дэп. Станкевіч: Хопіць спекуляваць на чарнобыльскай тэме! Не бяры, не прыватызуй, калі забруджаная — і ўсё! Дэп. Сасноў: Ідзе свядомая блакіроўка Закона — і толькі! Блакіроўка „чарнобылем” — каб не зрабіць хоць маленькі крок наперад да прыватнай уласнасці на зямлю.

11 чэрвеня

„Рознае”. Дэп. Сапронаў выказаў абурэнне, што на яго запыт міністру няма ніякага адказу. „Гэта дзяржава — ці што? Адно прадпрыемства спаганяе з другога плату ў валюце, не маючы ніякага юрыдычнага права! Ідзе нарастанне крытычнай масы! Скора выбухне!..” Дэп. Сумар[101] — аб бясчынствах у сферы рынку збыту, аб бедах вытворцаў гародніннай прадукцыі. Дэп. Зяленін[102]: што за парадак і дысцыпліна? Зарэгістравана 232 дэпутаты, а ў зале — 156. Суседзі рэгіструюць адсутных! Трэба пазбавіць такіх дэпутатаў мандата і правесці ў акругах новыя выбары! Чаму пакрываем мы іх? Пытанне „Аб статусе дзяржаўнай граніцы”. Дэп. Бачароў[103] зрабіў добры аргументаваны даклад. Прагаласавалі: за — 202. Упэўнена прайшло. Цікава, як некаторыя пытанні праходзяць. Здавалася б, у пафасе многіх прамоўцаў: „Ніякіх граніц! Ні з Украінай, ні з Расіяй!” А вось жа прагаласавалі. Значыць, за „адмежаваную” Беларусь?..

15 чэрвеня

У „Розным” — дэп. Піскароў, іранічна кагось цытуе: „Вярхоўны Савет працуе добра?”. Нельга так ацэньваць работу ВС — калі рэзка павышаюцца цэны, ідзе сацыяльнае расслаенне грамадства. „Даць сацыяльна-эканамічную інфармацыю”, — гэта — да Шушкевіча і Кебіча. Дэп. Вярцінскі А. І. даў адпор выдавецтву „Эрыдан” за яго праект Закона аб мовах. Зачытаў зварот гр. Саламонава ў абарону беларускай мовы. Дэп. Лукашэнка: патрабуе неадкладнай справаздачы кіраўнікоў дзяржавы аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне. І прафсаюзаў таксама! І нельга спешна згортваць работу Сесіі! (А гэта правільна.) Закон Аб дзяржаўнай службе (працяг абмеркавання). Дэп. Заблоцкі. Зноў: у служачых трэба прымаць прысягу! Паставілі на галасаванне. За — усяго 167. Завязалася спрэчка. За прысягу выступілі дэпутаты Вярцінскі (А. І.), Грыб. А дэп. Савіцкі супроць (іранічна-здзекліва). Дэп. Бабачонак[104]: або здымайце законапраект зусім — або абавязкова з прысягай! Яшчэ раз заклікае галасаваць за прысягу Заблоцкі, спасылаецца на Гарыбальдзі: „Создали идеалы, теперь создадим гражданина” (мудра!). Зноў на галасаванне — і зноў недабор. Не праходзіць! Цікава! Не хочуць нашыя дэпутаты цырыманіялаў!

16 чэрвеня

Рознае. Дэп. Ваўчэцкі[105] (з нашай Камісіі) зачытаў пастанову прафсаюза аб забастоўцы настаўнікаў з 1-га верасня, калі не павялічаць зарплату. (Правільна! Колькі можна цярпець жабрацкае становішча?) Дэп. Какоўка зачытаў Зварот калектыву рабочых завода і гарадскога Савета дэпутатаў (г. Наваполацак). Б’е Кебіча за… мае час наведаць фестываль у Маладзечне, лікёра-гарэлачны завод і пахваліць прадукцыю, а на наш горад часу не мае. Дэп. Баршчэўскі. Услед за Валчэцкім гаворыць пра мізэрную зарплату работнікаў адукацыі. Зарплата служачых у прамысловасці ўсё ж на 50 і нават на 70 працэнтаў большая, чым у настаўнікаў. Дэп. Бойка — аб папярэджанні рабочых прафсаюзаў: патрабуюць адмяніць падаткі на дабавачную вартасць. Ужо на гэтай сесіі трэба разгледзець пытанне аб эканамічна-сацыяльным становішчы ў Рэспубліцы. Аб прыватызацыйных чэках. Дэп. Кудравец[106]. „Прыхватызацыя” ідзе ўжо на мільярды, а не на мільёны. Трэба вярнуць усё да нуля назад — дзяржаве і тады пачаць спачатку — сумленна, па закону. (Гэта тысячу раз правільна! Толькі так!) Дэп. Баршчэўскі і ўслед дэп. Трусаў: ні ў якім разе не прыватызаваць бібліятэкі і музеі! Гэта пярэчыць Закону аб культуры! Паставілі на галасаванне. За іх прапанову — 220. Брава! Хоць гэтыя аб’екты культуры пакінулі дзяржаве.

17 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Лябедзька: 240 дэпутатаў прагаласавалі за агульныя стратэгічныя (ядзерныя) сілы (СНД-1). Гэта не клопат пра нейтральную Беларусь. А дзе гарантыя? Дэп. Пазьняк: без пэўных вызначальных палажэнняў прымаць Канстытуцыю няма сэнсу. БНФ — за парламенцкую рэспубліку! (Правільна! Толькі так! Толькі парламенцкая!) Аб праекце Канстытуцыі РБ. Дэп. Шаладонаў[107]. Пра пануем тры блокі законапраекта — тры варыянты: першы — на чале дзяржавы прэзідэнт, другі — улада прэзідэнта абмежаваная, трэці — дзяржава без прэзідэнта, парламенцкая рэспубліка. Прагаласавалі за кожны. Вынікі засведчылі адсутнасць адзінага погляду на форму вярхоўнага кіравання ў дзяржаве. І аднак жа блок першы (з моцным прэзідэнтам) набраў 213 галасоў, каб яшчэ 17 — і прайшоў бы. І мне страшнавата: на першую ролю вылезе антыбеларус — і Беларусі каюк! А нашай мове — перш за ўсё.

29 чэрвеня

Напачатку — сустрэча з Лехам Валенсам. Натуральна, яму першаму і далі слова. Выказаўся з дыпламатычнай далікатнасцю, але і з яўнымі сімпатыямі да ўсходняй суседкі. Не сказаў бы, што ў зале важную асобу слухалі ўважліва і з дастатковай павагай. Калі ж сказаў, што „Салідарнасць” будзе супрацоўнічаць з Беларускім Народным Фронтам — у радах зашумелі яшчэ больш. Пайшлі галасы, і чуць гэта было непрыемна. Калі скончыў сваю нядоўгую прамову — воплескі былі досыць рэдзенькія. Адным словам — не „герой часу”. Далей пайшло „Рознае”. Дэп. Качан: Што далі рэспублікам суверэнітэты? Патокі крыві? Куды вы, Станіслаў Станіслававіч, нас вядзеце? У 17-ы век? У грамадстве — „растление”! А што робіцца з асвятленнем нашай гісторыі? Нацыянальнымі героямі становяцца здраднікі тыпу Вацлава Іваноўскага! Народ вам не даруе гэтага! Да якога часу вы, Станіслаў Станіслававіч, будзеце разбураць тое, што стварыў народ? Дэп. Трафіменка злосна „пахваліў” Валенсу: той пацвердзіў ленінскі тэзіс, што дзяржавай можа кіраваць „кухарка”. А ў нас з ленінскага тэзіса смяюцца. Дэп. Холад. Аб крымінальных справах у Барысаве. Камісія ВС праверыла, а вынікі праверкі разгледзелі не на Прэзідыуме ВС, а ў Мінскім аблвыканкаме. Б’е Кебіча за патуранне „нягоднікам”. Дэп. Антончык[108]. Мае артыкулы аб канкрэтных злачынствах „Звязда” не друкуе („здымі прозвішча міністра”), „Народная газета” не друкуе (рэдактар Сярэдзіч[109] зрабіў высновы, бо сам хоча стаць кампаньёнам будаўнікоў). Вось такія сур’ёзныя абвінавачванні. З такой высокай трыбуны. Дэп. Грыб: мы, дэпутаты ВС, маем права на непасрэдную інфармацыю аб міжнародных падзеях, справах, а бяром яе з друку, у інтэрпрэтацыі журналістаў. Напрыклад, аб забастоўках у блізкіх суседзяў, аб заяве ўрада Расіі — што мы ведаем з дакладных крыніц? Трэба, каб у нас быў свой інфармацыйны цэнтр. Дэп. Жукоўскі[110]. Заяўляю пратэст супроць зневажання ветэранаў і гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Іваноўскага рабіць героем — ганьба! А верх — апафеоз — гэтага — намер правесці вечар 50-годдзя Саюза Беларускай Моладзі. У савецкай Беларусі, іменна ў савецкай, былі створаны ўмовы для суверэннай дзяржавы! (Усё гэта — з вялікім-вялікім пафасам, нават большым, чым заўсёды.) Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі: каму КДБ павінен належаць — Савету Міністраў ці Вярхоўнаму Савету? Дэп. Грыб за першае — за Савет Міністраў. (Вельмі кепска слухае зала. Старшыня дае званок за званком. Крыкі: „Галасуем!”.) Зноў разгарэліся спрэчкі. Дэп. Грыбанаў: ні ў якім разе нельга ў СМ! Заклікаю не галасаваць! Дэп. Майсееў: чаму Кебіч так цягне КДБ у СМ, пад сваё крыло? Задумаліся? Прашу вас устрымацца ад непрадуманага кроку! Дэп. Баршчэўскі: Хай вырашыць новы Вярхоўны Савет! У вас усё роўна не пройдзе! Гэта пытанне канстытуцыйнае. Толькі пасля прыняцця новай Канстытуцыі вырашыцца. Дэп. Навумчык: у 1991 годзе паводзіны старшыні КДБ Шыркоўскага былі годнымі. Вы ж не захацелі!.. Вы ж не захацелі!.. Вы ж!.. Вы!.. Дэп. Папоў: КДБ павінен быць падпарадкаваны Савету Міністраў! Урад адказвае за бяспеку дзяржавы! Як без КДБ ён забяспечыць? З юрыдычна-прававога пункту гледжання — толькі СМ! (У зале шум, крыкі, поўны хаос!) Кузняцоў[111] яўна не спраўляецца з залай. Трыбуну захапіў дэп. Папкоў[112]. Крычыць: „Мікрафон выключылі за трыбунай! Мікрафон дайце!” Да Кузняцова падляцеў Пазьняк, нешта крычыць яму ў твар, што — не чую. Каля мікрафона на праходзе галяпуе Гермянчук: дайце звесткі! дайце звесткі аб…! Затым махнуў рукой і пайшоў на праводзіны Леха Валенсы, недзе там жа і Шушкевіч. А тым часам прагаласавалі. Трох галасоў для перамогі Саўміна не хапіла. Засталося, як было. Пра падпісанне Шушкевічам Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Старшыня ВС Шушкевіч тлумачыць, чаму да гэтага часу Дагавор не падпісаны. (Ой, зараз будзе гвалт! Ой, будзе!) Даказвае, чаму нам ні ў якім разе нельга падпісваць гэты Дагавор. У Таджыкістане ўжо загінула сто тысяч чалавек. Дык што — і мы ўцягнемся туды? (Добра гаворыць, пераканаўча. Вельмі пераканаўча!) Ва Узбекістане насельніцтва ў два разы больш, чым у Беларусі. А армія ў пяць разоў меншая.) Дэп. Ганчар: „Сем пятніц на тыдні. Абвергніце, што гэта не датычыць вас”, „Ці маеце права кіраваць калектыўным органам?”. (О, куды хапіў! Ды як бесцырымонна!) Дэп. Гетц: Дзе карані — чаму пагаршаецца эканамічнае становішча? Шушкевіч: Нельга адной нагой ста яць у чоўне прыватызацыі, а другой — у чоўне планавай эканамічнай сістэмы! Прыклад трэба браць з Польшчы! (Г. зн. усё прыватызаваць.) Дэп. Навумчык: Ці не лічыце вы неабходным зрабіць кадравыя перамены, ка лі ва Урадзе такі развал? Шушкевіч: Не пра асобы га ворка, а пра канцэпцыі! Дэп. Казлоў. Дамагаецца, каб Шушкевіч выказаў свае асабістыя адносіны да Дагавора. Дэп. Новікаў[113] (генерал). Што перашкаджае вам выслухаць ваенных, афіцэраў? Апошняя вашая сустрэча з вайскоўцамi была 2 студзеня 1992 г. Шушкевіч. Армія павінна быць па-за палітыкай. Дэп. Мачуленка. Вы падпісалі ці не падпісалі Дагавор? У вашым лісце ў СНД няма ні слова аб тым, што Вярхоўны Савет РБ — за далучэнне Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (Усё гэта — з веданнем працэдуры, юрыдычнага боку справы. О, як зацята, як настырна і як ядавіта!) Дэп. Мінько. Ці ўхваляеце вы ўдар ЗША па Іраку? (У зале рогат.) Дэп. Сарокін (генерал). Чаму тут няма членаў Урада, калі абмяркоўваецца такое важнае пытанне? Дзе Кебіч, міністр Казлоўскі і іншыя? Усе гавораць на расійскай мове, і Шушкевіч таксама — нібыта адпаведна пытанню. Хаця — а чаму? Хай яны пытаюцца па-расійску, а ты — сячы ім на дзяржаўнай беларускай! Дэп. Камай. Можна думаць, што вы перагледзелі сваю пазіцыю, якую займалі ў Віскулях? Так ці не? Шушкевіч. Жыццё ідзе наперад, і трэба ўлічваць новыя рэаліі і рабіць адпаведныя карэктывы. Дэп. Лукашэнка. „Игра!” Ён прымае нас за студэнтаў! „Только двусторонние отношения!” — заяўляў у Віскулях. (Ох, і кусаюць! Ох, і грызуць Старшыню! Пра павагу і гаворкі няма.) Шушкевіч. Калі вы хочаце „на калені” — то я „на калені” не хачу! І каб Беларусь падала на калені — не хачу! Вядома, трэба ісці па шляху двухбаковых згодаў, хаця я не выключаю і іншых пагадненняў. Дэп. Новік (Шушкевічу): Колькі праз Беларусь на захад прайшло зладзейства? Ці лічыце вы, што калі б мы не засцерагліся і дапусцілі, наш Урад пайшоў бы на здачу беларускай Дзяржаўнасці, нашай незалежнасці? Шушкевіч. Не хачу, каб з майго дакладу рабіліся такія высновы… (Рэпліка Станкевіча — напаўголаса, для блізкага акружэння: „Столькі выпіўшы, можна яшчэ і не так гаварыць!” О-о-о, усе ў адну дудку!) Дэп. Скарынін[114]. Здзекліва іранізуе, што Шушкевіч не ведае зместу Дагавора аб калектыўнай бяспецы. О, як прыпірае Станіслава да сцяны! Дэп. Вайцянкоў[115]: Паедзьце з Кебічам у Маскву, і праз два тыдні мы тут збярэмся і абгаворым сітуацыю. Бо сёння ў зале надта многа істэрыкі. Вы досыць паспешліва і нечакана для многіх праінфармавалі, а трэба спакойна, не так, як сёння… З’ездзіце пагаварыце ў Маскве…

30 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Ніканчук[116] — аб школьных падручніках: сітуацыя на сёння катастрафічная, вучыцца няма па чым. Дэп. Звераў[117]. Мільёны даляраў пускаюць на чорт ведае што, а на лекі дзецям няма і цэнта! (Малайчына, Звераў!) Па дакладу С. С. Шушкевіча (працяг). Дэп. Грыб. Вельмі настойліва — у абарону Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (З унутраным напорам супраць Шушкевіча.) Дэп. Слямнёў. Спакойна тлумачыць, што праблемы з падпісаннем Дагавора па сутнасці няма. Апраўдвае дзеянні Шушкевіча. Дэп. Піскароў. Рэкамендуе Шушкевічу ехаць у Маскву да Ельцына, а не ў Злучаныя Штаты да Клінтана. Дэп. Грынёў. Гаворыць спакойна, разважліва, — але! Як і Піскароў, рэкамендуе паехаць у Маскву, а не ў Амерыку. Дэп. Скарынін. Патрабуе прагаласаваць за давер Шушкевічу па галоўных пытаннях: Дагавор, КДБ, Рэферэндум і інш. Дэп. Зданевіч. Спакойна, але настойліва гне сваё (прыватызацыю). Дае ў косці і Шушкевічу — за непаслядоўнасць, за непадтрымку ў многіх пытаннях дэмакратаў. Дэп. Сцепаненка (Шушкевічу): Ці ёсць у вас крэда? Лінія? Дзе паслядоўнасць? Што за „изворотливость”? Гэта ж палітычная спекуляцыя! Вы — як прафесійны акцёр! Перастаньце хітраваць! (Бросьте лукавить!) Патрабую: даклад Шушкевіча не прымаць! Паездку ў ЗША адмяніць! На чарговай сесіі паставіць пытанне аб даверы Шушкевічу! (Даўно падазраваў, што гэты былы першы сакратар з Жыткавічаў належыць да ліку крайніх ачмурэлых. Помню, як ён не захацеў сустрэцца са сваім дэпутатам ВС Васілём Быкавым — ухіліўся, схаваўся ад гасцей. Прыехалі — у яго была нарада ў райкаме, і нас папрасілі пачакаць. А потым — няма! Знік! Сакратарка: „Наверное, куда-то срочно позвали…”. Куды? У Мінск? Дык папрасі прабачэння — і госць-дэпутат зразумее…) Дэп. Майсееў: Прэм’ер-міністра — неадкладна ў адстаўку! Наш Савет здольны на разумныя рашэнні. Дэп. Трусаў А. З чаго пачалося ў нас канфліктаванне? З пытання аб уласным войску. „Увесь урад сёння ж у адстаўку!” Дэп. Дзейка (у працяг Трусава): Хто і сёння ў дзяржаўных крэслах? Усе тыя ж чыноўнікі антыбеларускай загартоўкі! (Малайчына, Дзейка!) Дэп. Гілевіч. (Колькі гаварыў — увесь час бачыў, як генерал Піскароў вульгарна паводзіць сябе, ёрнічае, „лыбіцца”, бо — за трыбунай „не той”, і не тое, што ім трэба, кажа. Ды яшчэ і не на той мове.)

1 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Даўлюд[118]. Падобна, што дэпутаты Лукашэнка, Станкевіч, Скарынін і інш. страцілі чалавечае сумленне… Дэп. Даўгалёў. (Ад групы „Згода”.) Урад не здольны вырашаць найважныя праблемы, структуры — усе — камуністычных часоў. Змянілі вывескі — і толькі! (У зале шумяць — не падабаецца. А ён — ох і пляжыць. Ох і пляжыць!) Няма канстытуцыйнага ўрада! Ёсць прапановы па новых назначэннях. Абмеркаванне даклада Шушкевіча (працяг). Дэп. Грынёў. Трэба распрацаваць доўгатэрміновую эканамічную палітыку. Для гэтага — Шушкевічу сустрэцца з Ельцыным. Шушкевіч прымае прапанову. Падтрымалі і галасаваннем. Дэп. Трусаў. Адмяніць паездку афіцыйнай дэлегацыі на чале з Шушкевічам у ЗША, а заняцца тут наспелымі праблемамі. Дэпутата Вярцінскага А. І. заглушылі. Заглушаюць і дэп. Заблоцкага крыкуны з фракцыі „Беларусь”. Дэп. Карпенка паездку падтрымаў, але… з агаворкамі. Паездкі фармальныя, гасцявыя, з жонкамі і дзеткамі — навошта? Дайце праграму паездкі! (Даўно бачу, што Карпенку наш спікер нечым не задавальняе.) Шушкевіч дакладвае, што ў праграме, але скомкана. Дэп. Цярэшка. Заклікае: Будзем памяркоўнымі! Гэта не проста візіт старшыні ВС, а візіт кіраўніцтва дзяржавы. Прадугледжана падпісанне многіх пагадненняў. (У зале шумяць, крычаць, адчуваецца агульная непрыязнасць да ЗША.) Дэп. Гетц. Чаму не ў кампетэнцыі ВС задума паездкі? Іменна Вярхоўны Савет павінен рашаць! (Крычыць.) Чаму іменна гэтыя ў дэлегацыі людзі? Дэп. Мачуленка. Не трэба сёння галасаваць прапановы! Дэп. Станкевіч. Уключыць у склад дэлегацыі міністра Краўчанку[119]! Шушкевіч упарціцца, стаіць на сваім. Паставілі пытанне на галасаванне. Супроць паездкі ў ЗША — усяго 44 галасы. Дробны крыкун за спіной у мяне крычыць і крычыць — ну проста як дурнаватая вясковая баба. Мае права! Дык чаму ж не? Дэп. Цумараў[120]. Коратка і ясна — звольніць з пасадаў увесь Прэзідыум ВС — і не менш! Дэп. Булахаў. Горача падтрымаў Цумарава. Дэп. Ганчар. Зноў у атаку на Шушкевіча і Прэзідыум. Дэп. Карпенка. Зноў пра маральны бок у справах дзяржаўных. Спрэчкі скончыліся галасаваннем. За недавер Шушкевічу — 166, за давер — 27, астатнія, больш сотні, не галасавалі ніяк. На перапынку члены прэзідыума сабраліся ў пакойчыку за сцэнай. Апрача Шушкевіча і Кузняцова былі Грыб, Слямнёў, Савіцкі, Кулічкоў, Леўчык, Сасноў, Гілевіч… угаворвалі Шушкевіча па прасіць прабачэння ў ВС за пераход у спрэчках на пярсоны, бо гэта, маўляў, на шкоду яму самому. Вядома, карэктнасць трэба захоўваць. Пасада!

2 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Кучынскі робіць „утык” Кебічу, што і ён вінаваты (а не толькі кіраўніцтва ВС) у знішчэн ні зброі, якая патрэбная нашай рэспубліцы. Дэп. Навумчык. Заўвага ў адрас рэдакцыйнай камісіі ВС — крытыка радыё і тэлебачання за тэндэнцыйны характар інфармацыі, за нападкі на тых, „што не хацелі ўдзельнічаць у камуністычным шабашы, у спробе камуністычнага перавароту”. Дэп. Герасюк. Падстаў крыўдзіцца на Шушкевіча шмат… Але — хто раскрадае дзяржаўныя, народныя багацці, хто шыкоўна будуецца? Ке біч, Кенік, Мясніковіч — не хопіць часу, каб назваць усіх. Пытанне аб імянных прыватызацыйных чэках. Дакладчык — старшыня камісіі Козік[121]. Вельмі складанае, цяжкае пытанне. З дакладу мне стала ясна адно: для зладзюганаў тут магчымасці пажывіцца і нажыцца агромністыя. Пачаліся гарачыя, вострыя спрэчкі.

6 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Ціхіня[122]. Абвінавачвае ва ўсім Шушкевіча і пагражае: сыходзь! (Нічога не дайшло да шаноўнага?) Дэп. Гілевіч. Дзяржаўныя мужы (Кебіч і іншыя) не пераадолелі псіхалогіі залежнасці, паслухмянасці, падпарадкавання Крамлю — захавалі звыклы стан душы, свядомасці: там, там разумнейшыя, мудрэйшыя, там ведаюць лепш, як павінна быць, як трэба, — там! Яны бяруць на сябе адказнасць — і нам так лепш, лягчэй і прасцей, зручней. Нашыя мужы не падняліся ў душы, у свядомасці, да самастойнасці, да незалежнасці, да самапачування гаспадарамі ў сваім доме, да ўсведамлення: „Мы вырашаем, як і што, мы самі! Мы і толькі мы! Мы бярэм на сябе ўсю адказнасць!”. Дэп. Майсееў. Выказаўся ў падтрымку Шушкевіча. Дэп. Новік. Таксама абараняе пазіцыю Шушкевіча. Дэп. Дзейка. Робіць запыт старшыні КДБ Шыркоўскаму (паўторна, ужо нядаўна рабіў): якімі фактамі валодае КДБ? „Патрабую поўнай інфармацыі!” Дэп. Крыжаноўскі. Абвінавачвае былых партакратаў у ганебнай пазіцыі. Затым пра дэп. Станкевіча, які нібыта яму прыгразіў: „Мы тебя сделаем инвалидом” (У зале шум, незадавальненне. Відаць, Станкевіч гаварыў жартам). Пытанне аб прыватызацыйных чэках. Прэамбулу да размовы зрабіў Шушкевіч. Але дакладчык Козік папрасіў на некалькі гадзінаў адкласці абмеркаванне. А ў гэтага, што ў мяне за спіною, не зачынецца рот — зусім не помніць чалавек, дзе ён знаходзіцца: крычыць па ўсякім повадзе і без поваду. Пытанне аб пакаранні смерцю — уводзіць ці не ўводзіць у Беларусі гэту вышэйшую меру пакарання за цяжкае злачынства. Старшыня Вярхоўнага Суда Каравай прапанаваў адмяніць смяротнае пакаранне за эканамічныя злачынствы (якія б цяжкія яны не былі). Нечакана разгарэлася вялікая спрэчка, здаецца, ёй не будзе канца.

7 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Качан. Зноў той жа крык — і гэта ўжо сумна. Адкладзенае пытанне аб прыватызацыйных чэках. Дакладчык — Козік. Пачалася вострая гаворка — і законапраект сёння не прынялі. Пытанне аб Рэферэндуме. Дакладчык — старшыня Камісіі Леўчык. Фактычна даклада не зрабіў, сказаў дзве-тры фразы і — „Законапраект у вас у руках. Чытайце! Рашайце! Галасуйце!”. Дэп. Баршчэўскі. Гаворыць без паперкі. Як прафесійны прамоўца. Ды і голас пастаўлены. Пра рэферэндум — вельмі пераканаўча. Дэп. Навумчык. Б’е Шушкевіча за згодніцтва з партакратамі. Дэп. Прывалаў. О, які баявіты палкоўнік! Цікава, хто яму напісаў гэты лямант? Колькі нецярпімасці, нянавісці, варожасці да… Тон — падкрэслена ваенны, загадны. Патрабуе не выносіць пытанне пра Дагавор аб Калектыўнай бяспецы на рэферэндум. Увогуле — рэзка супроць правядзення рэферэндуму. Калі ж і праводзіць, то: „Что делать с языком, на котором в Беларуси говорят 90 процентов населения?”. О, які гадзюк! Крыві, крыві хочуць, таварышы палкоўнікі!.. Дэп. Сарокін, генерал. У тую ж дудку, што і палкоўнік. Адна нянавісць да Беларусі, да нашай незалежнасці, да нашай мовы. Дэп. Казлоў. Нібыта спакойна і культурна. Спаслаўся на артыкул Н. Г. аб расійскай мове ў Беларусі, аб яе статусе па Канстытуцыі (мова міжнацыянальных зносінаў). „Гэта ўсё мы адрэгулюем! Мы павінны ставіць пытанне на рэферэндуме!” Дэп. Зданевіч. Дае ў косці і Шушкевічу за балансаванне сярод правай большасці. Дэп. Скарынін. Дубасіць Шушкевіча па ўсіх лініях. Пазіцыю спікера характарызуе як „верх цынізму”. Гэта ў Шушкевіча — цынізм? Дзе? Дэп. Пракопаў. Патрэбны неадкладныя выбары прэзідэнта! Дэп. Какоўка. Здзекуецца з партакратычнай большасці ў зале. Дэп. Пазьняк. Як і Какоўка, бязлітасна здзекуецца з пракамуністычнай бальшыні ў зале, але яшчэ больш здзекліва — з Шушкевіча. Вось гэта і ёсць мы, беларусы. Толькі так! Толькі есці адзін аднаго! Іначай мы не можам! Дэп. Жукоўскі. О, які галасок! Толькі на плошчу! Толькі на мітынг! Стары ідэалагічны кадр з тых, што не турбуюцца — слухаюць іх людзі ці не слухаюць, ведае, што перакрычыць усіх. Поўныя вушы, поўная галава крыку, бухання ў мікрафон! І навошта так галяпаваць? Дэп. Ганчар. Ад пачатку да канца — суцэльны здзек з Шушкевіча… Дэп. Даўгалёў. О, як з’еў Ганчара! Аж запляскалі ў зале. Шушкевіч. Заключнае слова. Адбіваецца, як можа. Амаль нічога не прызнае. І зноў сарваўся (у дачыненні да Ганчара). Божа, як сумна, горка і брыдка! Як горка! Нішто не аб’яднае нас, нішто! Тое, што магло нас аб’яднаць — таго ў душах няма. Свяшчэнны доўг перад Беларуссю — г. зн. перад мовай і культурай Беларусі, перад Святым Духам Беларусі, — няма! Думаюць пра іншае — пра свае чыноўніцкія амбіцыі, пра сваю ўласную пыху…

9 лістапада

Просьба нашай Камісіі ўключыць у Парадак дня пытанне аб архівах і бібліятэках адхілена. Абодва законапраекты не прайшлі: двойчы ставілі на галасаванне — і двойчы родненькія дэпутаты правалілі. Ні архівы, ні бібліятэкі іх не хвалююць. Дробязь! Хаця на абмеркаванне гэтых законапраектаў у першым чытанні хапіла б дзесяці хвілін. Так людзі выка залі свае адносіны да культуры наогул. Удалося ўста віць у Парадак дня пытанне аб зарплаце настаўнікам і педагогам. Дэп. Пазьняк: „Першым трэба ставіць пытанне аб адстаўцы Урада!” І вельмі рэзка асудзіў Урад, які давёў краіну да цяперашняга становішча. Дэп. Ізмайлава (ваяўнічая бабулька!): зусім не па тэме Парадку дня пачала крычаць аб пагрозе дзяржаве з боку апазіцыі і БНФ. Гэтую небяспеку ўбачыла яна і ў інтэрв’ю Сярэдзіча з Шушкевічам. (За два рады перада мной сядзіць дэпутат „ад інвалідаў” і ўвесь час паварочвае галаву, каб кінуць кеплівую рэпліку Гермянчуку, а ўхмылка дурненька-дурненькая. Можа, і добры чалавек, і заслужаны ветэран, але… Ён ведае адно, што трэба перш за ўсё ўчыняць абструкцыю „дэмакратам”. Крычы, стукай і грукай нагой аб падлогу, рукамі па стале. Навыбіралі такіх законатворцаў, навыбіралі!.. А для чаго? Недарэчна гэта было зроблена, недарэчна.

11 лістапада

Дэп. Гілевіч: „Дазвольце сказаць пра адно ўражанне, якое мяне вельмі засмучае. Мнагавата гаворыцца тут таго, што не дапамагае адказаць на пытанне: як, якімі шляхамі выйсці з глыбокага крызісу, як не дапусціць, каб здарылася самае горшае — каб абрабаваныя, ашуканыя няшчасныя сумленныя людзі не пачалі паміраць ад голаду і холаду”. „Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы „суверэнітэт”, „незалежнасць” сталі словамі зняважліва-абразлівымі, гучаць, як лаянка. Няшчасце на галаву звалілася — суверэнітэт! Жылі-жылі — і раптам на табе! Суверэнітэт!..” 16 лістапада. Абмеркаванне дакладаў С. С. Шушкевіча і В. Ф. Кебіча. Дэп. Заблоцкі У. М. Нам патрэбен нейтралітэт па ўзору Швецыі. У любых абставінах — нейтралітэт! Ні ў якім разе не ўтвараць агульную рублёвую зону з Расіяй. Рашуча супроць здачы суверэнітэта і незалежнасці! Прапанаваў выбраць старшынёй Урада… Марыніча. (У зале — шум і посмехі — не прынялі.) Дэп. Новік У. У. „Сёння Расія ў руках ліберальнай буржуазіі, а заўтра?” Трэба было на другі дзень пасля ўвядзення расійскага рубля нам у Беларусі ўводзіць свой, беларускі. Вярхоўны Савет і Савет Міністраў не зрабілі гэтага. Задзейнічалі хапугі. Трэба помніць пра геапалітычныя інтарэсы Расіі ў Беларусі. Паглядзіце: набіраюць сілу дзялкі-кампрадоры! Я заклікаю і ВС і СМ да разумнай згоды. Урад, дай праграму выйсця са становішча! ВС адказвае за дзейнасць Урада, і калі той не так дзейнічае — дык у адстаўку! Дэп. Садоўскі П. В[123]. Колькі будзе цягнуцца пераходны перыяд з агульным рублём, агульнай рублёвай зонай? Павінна быць камісія, якая б выпрацавала праграму выратавання эканомікі. Гэта зробіць абноўлены Урад — толькі абноўлены! Далей П. В. ро біць бліскучы аналіз, куды пайшлі грошыкі і адкуль іх узяць. (Куды ўцяклі капіталы?) Дэп. Сукач М. Д. Уз нік ла патавая сітуацыя — з-за канфрантацыі ВС і СМ. Няма агульнай стратэгіі — вось бяда! Чаму ў нас павінна быць горш, калі маюцца ўсе ўмовы, каб было лепш? Адкажыце, хто вінаваты? Вячаслаў Францавіч, ніколі не хітрыце! Я — за ўласную беларускую валюту! Але — не за ізаляцыю!.. Вячаслаў Францавіч, вы кажаце: мы не дапусцім развалу сельскай гаспадаркі. Ды яна ж ужо развалена! Калгас ужо не корміць, а фермер тым больш не можа карміць, бо не мае падтрымкі. Нам ёсць чым гандляваць з усім светам, а не залежаць ад Расіі! (Ой, як разумна гаворыць!) І яшчэ: трэба пакончыць з хаосам у мясцовых уладах! Скараціць начальнікаў усіх рангаў (скароцяцца шафёры, бензін, сакратаркі!). Дэп. Чакушоў У. М[124]. Нашто нам рабіць самазвалы і столькі трактароў, не маючы сваёй матэрыяльнай базы (вугалю, руды)? Знізілі экспарт, прадаём за бясцэнак. Перавагі клірынга відавочныя, але мы не ўмеем ім карыстацца. Дэп. Турак[125] А. М. Чаша цярпення перапоўнена. Хаваем ад людскіх вачэй бяздзейнасць. (Слухаюць, як і папярэдняга, кепска!) Яўны здзек з вытворцаў! „Беспредел” ва ўзаемаразліках з краінамі СНД. Дэп. Андрэйчанка У. П.[126] У сельскай гаспадарцы мы дайшлі да небяспечнай рысы. Усе калгасы сталі аднолькава беднымі. У жніўні працуем у полі па 6–7 гадзін — удумайцеся! „Не будзе вёскі — не будзе і рэспублікі!” (!!!) Пастаўлялі ў Расію 300 тысяч тон мяса, зараз — 40 тысяч тон. Павярнуць бюджэт на сельскую гаспадарку! Непарытэт цэн — галоўная прычына гібелі сельскай гаспадаркі! Сёння крэдытаванне сяла — ніякае. Трэба даць вёсцы ільготныя крэдыты! Разлік за здадзеную сельскую прадукцыю праводзіцца несвоечасова, а грошы абясцэньваюцца. Дэп. Цялежнікаў У. І. Ні адно рашэнне Вярхоўнага Савета не давялі да канца — за ўсе тры гады. Мы спадзяваліся на палітычны цуд, а ён не адбыўся. Але яшчэ многія ў яго вераць. І эканамічнага цуда не будзе. Адказнасць на нас. Трэба правесці структурныя змены ў Савеце Міністраў. Дэп. Цярэшка І. І. Аб рабоце Нацыянальнага банка: яго палітыка прывяла да вялікіх страт у народнай гаспадарцы, да іншых страт. (Рэпліка з залы: „Усё ў руках Савета Міністраў, а не банка!”) Прапаную падпарадкаваць Нацыянальны банк Прэзідыуму Вярхоўнага Савета. (Ну і прапанова!) Дэп. Навумчык С. І. дае ацэнкі дакладам Шушкевіча і Кебіча. „Вы, Вячаслаў Францавіч, чатыры гады ўзначальваеце Урад — і што зрабілі? Зарплата — 26 адсот каў „спажывецкага кошыка”. Пазыка — ужо каля двух мільярдаў даляраў. Хто разлічыцца? Наступныя пакаленні народа? Савет Міністраў займаецца не эканомікай, а паліты кай і палітыканствам. Прапаную ства рыць пе ра ход ны ка аліцыйны Урад. З гэтым мы, апазіцыя, і выйшлі на Сесію. Дэп. Трусаў А. А. Згодніцкая палітыка Шушкевіча карысці народу не дала. Паглядзіце на харомы сучасных буржуяў вакол Мінска і іншых гарадоў — хто жыве і будзе жыць у іх? Урад даў прастору жулікам, злодзеям. Зняў мытню з аднаго боку. Мае прапановы: першая, трэба стварыць кааліцыйны Урад, другая, скараціць колькасць міністраў (і яшчэ восем прапаноў!). Дэп. Жыдзіляеў І. І. Так і не зразумеў з дакладу Кебіча, ці бачыць Урад крызіс эканомікі. І ў Шушкевіча мала канкрэтных прапаноў. Дэп. Карпенка Г. Дз. У дакладах няма аналізу крызісу ўлады на ўсіх узроўнях. Ідзе працэс палітычнага развалу дзяржавы. Перад намі два шляхі выйсця: дрэнны і зусім дрэнны. (Абмалёўвае гэтыя шляхі.) Галоўная задача — выратаванне насельніцтва ад голаду і холаду. (Малайчына!) Дэп. Какоўка В. Ф. Спасылаецца на сваю нацыянальную валюту ў Казахстане і Узбекістане. Прыводзіць прыклад Германіі пасля вайны: стабільнасць валюты (грошай) і цэн. Гэта галоўнае права чалавека — стабільнасць. Асноўнай задачай сёння бачу змену прэм’ера. Дэп. Жук А. М. Крытыкуй — каб самому дарвацца да ўлады, — і ўсё! Многія так і робяць. Аб справах у Аграпроме скажу так: горш, чым дзе б ні было! Дэп. Лукашэнка А. Р. (Крытыкуе даклад Шушкевіча, але — не пераканаўча, абы прычапіцца. Нічога канструк тыўнага не сказаў. Агульнае ўражанне — дэмагогія і па пулізм.) „А дзе, Станіслаў Станіслававіч, былі вы? З вамі з гэтага крызісу мы не выйдзем! Прапаную вызваліць ад пасад і Шушкевіча, і Кебіча”. (Шушкевіч тут жа даў водпаведзь.) Дэп. Каўбаска М. І[127]. Вельмі ўпэўнена — за сваю беларускую валюту як за сімвал незалежнасці. (Малайчына, Каўбаска, не чакаў!) Дэп. Камай А. С. Корань усіх бед зусім не там, куды паказвае Шушкевіч. А ў Віскулях! У рыначнай стыхіі, якая можа запанаваць у рэспубліцы! У дакладах Шушкевіча і Кебіча няма эканамічных разлікаў. Шушкевіч хай выконвае волю Вярхоўнага Савета! У сельскай гаспадарцы патрэбна мэтавая дзяржаўная праграма па вытворчасці прадукцыі (мяса і малака). Дэп. Грынёў М. Ф. Рэзка крытыкуе Шушкевіча і тых, хто супроць агульнарублёвай зоны. „Давайце гандляваць! Працуем на склад, а трэба везці ў Расію! Я — за незалежнасць, але гэта трэба рабіць паступова, разумна, узважана, а не з ходу!” (??? Што гэта значыць?) Рожкі-ножкі засталіся ад абяцанняў. Помнік паставяць Кебічу і Чарнамырдзіну за падпісанне пагадненняў аб далучэнні… да Расіі. Дэп. Крыжаноўскі М. К. Хваліць даклад Шушкевіча; Кебіч прачытаў той самы даклад, што і шмат разоў раней. Урад не ажыццяўляе законы. (У зале шумяць.) Б’е наменклатуршчыкаў за катэджы: цэмент бяруць па 70 рублёў мяшок, шпалеры — па 3,5 рубля метр. „Гарызонт” праеў крэдыт на 20 млн. марак, а выраб тэлевізараў знізіўся на 140 тысяч. (Сапраўды, дзіўна! Дзе ж плён ад крэдыту?) Жудасныя страты БелАЗа!.. Дэп. Грыб М. І. У дакладах прагучала сур’ёзная крытыка і самакрытыка. Расійскія тавары складуць нашым моцную канкурэнцыю. Не забываць і аспекты палітычныя! Павінен быць рэальны падзел уладаў і паўнамоцтваў. Дэп. Жукоўскі М. Дз. У дакладах бачанне выйсця ёсць, задача ў тым, каб аб’яднаць намаганні. У свеце 170 рыначных дзяржаў, а працвітаюць з іх — 20–30. А чаму? Рыначныя адносіны павінны быць рэгуляваныя! Трэба сыходзіць з тых пазіцый, на якіх былі, калі звалілася на нас незалежнасць Беларусі. Сродкаў аднаго бюджэту не хопіць на сацыяльна незабяспечаных. Гуманітарная дапамога часта паступае абы-каму, а не ў дзяржаўны фонд. Дэп. Спіглазаў А. Ф[128]. Эканоміка не церпіць эксперыментаў. Нам абавязкова патрэбная свая валюта! Трэба мяняць склад Урада, і ёсць кім замяняць у самім Урадзе. Дэп. Баршчэўскі Л. П. З агульнай рублёвай зонай страцім і ўнутраны рынак — канчаткова! Задача Урада — прагназаваць, што будзе. Урад ставіць на палітычную карту, і нас ужо не ўспрымаюць як самастойную, незалежную краіну. Неабходна зрабіць поўныя замены ва Урадзе! Вячаслаў Францавіч, падайце ў адстаўку — і я складу свой дэпутацкі мандат і не буду выбірацца на чарговых выбарах! Дэп. Пазьняк З. С. Віна Кебіча — у разбурэнні эканомікі і многага іншага. Прычына — у палітычных пазіцыях Кебіча. Ён — за адраджэнне СССР, за ліквідацыю незалежнай Рэспублікі Беларусь, за ператварэнне Беларусі ў эканамічнае падмаскоўе. Самая вялікая шкода, нанесенная Урадам, — паліўны голад. У Балтыі — свая валюта, і таму — зусім іншае становішча. (Дае Кебічу і ў хвост і ў грыву!) „Што гэта за скамароства? Адкуль гэта глупства? Апрача дзяржаўнага самазабойства — Кебіч не бачыць выйсця. Ён не бачыць і не ра зумее, як выйсці з крызіснага становішча. Дэп. Данілевіч І. М.[129] Нагадвае пра гучную заяву Урада „легчы пад паравоз” — калі спатрэбіцца. „Буду гаварыць пра сельскую гаспадарку. Кожны дакладчык лічыць, што праўда ў яго. А я не бачу праўды ні ў аднаго, ні ў другога. Усходнія немцы не ліквідавалі сельгаскалектывы. Усякая стратэгія пачынаецца з земляробства. Я, кіраўнік аграфірмы, прадаў усю прадукцыю — і стаў у шэсць разоў бядней. Што ж гэта? Скажыце: калі пяройдзем на сусветныя цэны? Тады вёска выжыве. Ні адна сельская гаспадарка ў свеце не жыве без датацыі. Як дажыць да 1-га студзеня — не знаю. Лічу: тое, што зрабіў Нацыянальны банк, гэта — дыверсія супроць сяла. СМ павінен прадугледзець сродкі на вёску, на сельскую гаспадарку. Лён і бабовыя — наша золата, а не бульба і не мяса. Дэп. Грыбанаў У. М. Чакалі высноў ад Шушкевіча. Але — не было: ні аб рэформах, ні аб адстаўцы. Як ісці да мэты — адказу не пачулі ў дакладах. Трэба хірургічнае ўмяшанне! Са скальпелем!

17 лістапада

Працяг абмеркавання дакладаў Шушкевіча С. С. і Кебіча В. Ф. Дэп. Булахаў Дз. П. Здрада нацыянальным інтарэсам — голы суверэнітэт, што ў галовах у нацыянал-радыкалаў. Трэба наводзіць парадак у структурах улады — у рамках Канстытуцыі. 1. Давайце падпішам пагадненні! 2. Абновім склад Урада! 3. Прымем новую Канстытуцыю! 4. Нам трэба моцная ўлада! („Сильная власть!” Што мае на ўвазе? Дыктатара?) Дэп. Даўгалёў В. Б. Прапановы Шушкевіча і Кебіча, як выйсці з крызісу, — прынцыпова разыходзяцца. Далей прыводзіць жахлівыя лічбы (сапраўды: жах!). Міністэрства абароны стала камерцыйным. 500 тысяч гектараў лясоў, што ў веданні ваенных, — распрадаюцца. (Жах!) У кішэні сабе кладуць мільёны. (Жах!). Глыбокі крызіс праваахоўнай сістэмы. Горш няма куды. Прэм’ер адводзіць кожны раз убок ад галоўнага якой-небудзь прыдумкай. Урад не здольны ўзначаліць работу па выхаду з крызісу — трэба ставіць пытанне аб яго адстаўцы! Дэп. Кучынскі Е. Ф. Крытыкуе Вярхоўны Савет за знешнепалітычную дзейнасць. За неажыццяўленне пагадненняў, падпісанных у Віскулях. „Скажыце: чаму ніводнай пастановы аб паездках у краіны СНД? Вузкі круг людзей дыктуе волю нам — усяму Вярхоўнаму Савету. Прапаную: 1. Зняць Шушкевіча з пасады старшыні ВС. 2. Прагаласаваць давер старшыні Нацбанка. 3. Трэба новая каманда, якая павядзе дзяржаву. (З каго, з якіх сіл каманда?) Дэп. Сечка Л. Н. Сітуацыя з банкавай справай у нас — нікуды не вартая. Патрэбна паэтапная рэарганізацыя кіраўнічых структур. Дэп. Кулакоў У. П.[130] Што ў краіне такое становішча — вінаватыя і Урад і Вярхоўны Савет. Ніхто за нас нашы праблемы не вырашыць. Я — за эканамічны саюз з Расіяй, за рублёвую зону. Але — гэта залежыць не толькі ад РБ. Беларусь — зборачны цэх, залежны ад Расіі і іншых краін. Прапаную: 1. Правесці глыбокую структурную перабудову народнай гаспадаркі! 2. Трэба іншая падатковая сістэма. 3. Рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы! Напрыклад, лес: мы яго гонім за мяжу неапрацаваным, а трэба гнаць мэблю. Навісла небяспека над ільнаводствам. 4. Нельга траціць рынак збыту сельгаспрадукцыі. У нас ідзе няспынны рост цэн. Але ж гэта — не рынак! Рынак — канкурэнцыя тавараў! Дэп. Гаркун У. Г. Што і як рабіць далей? Якія рэальныя шляхі на заўтра? — Ратыфікаваць пагадненне з Расіяй! Розніца ў цэнах прывяла да поўнага банкруцтва многіх-многіх гаспадарак. Выйсце адно — у цэнавай палітыцы. Чым больш калгас вырабляе мяса і малака — тым больш стратна для яго! Што гэта? Бутэлька кефіру — 40 рублёў, бутэлька мінералкі — 330! Што гэта ТАКОЕ? Карэнным чынам змяніць крэдытную палітыку! Няма доўгатэрміновых крэдытаў для сельскай гаспадаркі. Што гэта? Дзе такое ёсць у свеце? (Божа прамілы! Сапраўды: што гэта? Што гэта?) Дэп. Сасноў А. В. Толькі эканамічныя рэформы змогуць выратаваць краіну! Хай і ў саюзе з Расіяй і іншымі дзяржавамі — але рэформы! І рэнтабельныя прадпрыемствы чакае крах, калі не абнаўляць фонды. Даць рэнтабельным прадпрыемствам замацавацца на рынку! Бо — адкуль будзе бюджэт? Урад абяцае… ужо тры гады! А Вярхоўны Савет верыць яму! І зацвярджае кожную новую праграму. Адносіны Урада да недзяржаўнага сектара — абыякавыя, няма падтрымкі. Можа, усё ж адправім Урад у адстаўку? (Які малайчына Сасноў, які малайчына!) Дэп. Беленькі Ю. А. Прычына развалу фінансавага становішча Беларусі — поўная некампетэнтнасць Урада ў фінансава-валютных справах. Ён прымае незаконныя пастановы. Банк іх не выконвае. Ствараецца фіктыўны капітал. (Во! Во малайчына!) Што дасць аб’яднанне грашовых сістэм? Будзе страшны ўдар па сельскай гаспадарцы. Нацыянальны банк не дапаможа ёй. Дэп. Пракаповіч П. П. Што мы сабе думаем? Маем 150 мільярдаў доўгу Расіі за газ — і чакаем, пакуль нас адключаць? Чаму Вярхоўны Савет не кантралюе выкананне Законаў і Пастаноў? Напрыклад, аб прыярытэтах сяла? Паставілі б пытанне — і вызвалілі ад пасады, калі Багданкевіч не слухае! КДБ — у вас! Кантрольная палата — у вас! Дэп. Гермянчук І. І. Лепш сёння адправіць Кебіча пакаваць чамаданы! Бо праз месяц-другі ўсё адно пойдзе! (У зале шумяць, стукаюць, ляпаюць.) Заяўляюць: „Рэспубліка папала ў крызіс!” Як быццам — сама сабой! Ніякага даверу Ураду няма і не будзе! Абяцалі, абяцалі і зноў абяцаюць! І што? У рабочы час член Прэзідыума Вярхоўнага Савета едзе на свой катэдж. Гэта не дробязь, гэта нахабства! Жонку Кебіча злавілі за руку: тры мільёны бюджэтных даляраў! І што? Журналіста — у суд! Дэп. Голубеў В. Ф. Хто будзе несці адказнасць за невыкананне Праграм? Чаму вы, Станіслаў Станіслававіч, не паставілі пытанне аб бяздзейнасці Урада? Не трэба, сп. Кебіч, уводзіць валюту сваю прымусова! Расійскі Урад будуе Расію. Кебіч не разуме гэта, ці не хоча разумець. Наконт структуры Урада скажу: у нас над міністрамі стаяць упраўленні і кіруюць міністэрствамі. Наконт знешняй палітыкі: станцыю Гадуцішкі аддалі Літве. Без рашэння Вярхоўнага Савета! Кебіч аддаў! Сам! (Ох, і зашумелі-закруціліся ў зале.) Дэп. Герасіменка А. М.[131] Заклікаю падтрымаць ідэю стварэння Вышэйшага Савета па эканоміцы. 1. Рэфармаваць банкавую сістэму. Усе банкі передаць Ураду! 2. Падатковая палітыка павінна стымуляваць прадпрыемствы, а не быць фіскальнай. Затым цытуе нейкі зварот аб падтрымцы эканамічнага саюза і рублёвай зоны. Прадпрыемствы вінаваты гораду Мінску 75 мільярдаў рублёў (Жах! Што ж адбываецца?) Рэкамендуе не захапляцца чэкамі, думаць пра сацыяльную абарону грамадзян! І пра бюджэт! Дэп. Сямдзянава Г. Г.[132] Чэргі па хлеб такія, што — у адстаўку ўвесь кабінет Урада! Яго грахі не пералічыць! Дэп. Унучка Р. І. БНФ і ПКБ (Партыя камуністаў) самкнуліся ў сваёй дзейнасці. Мала шукаем крыніцы энергіі. Ядзерную трэба развіваць! Каб не загубіць эканоміку — трэба ўзяць крэдыт на 450–500 мільёнаў даляраў. Вёску заспакойваем, ашукваем — як і раней. Вытворчасць прадукцыі сельскагаспадарчай стала нявыгаднай. Стала нявыгадна ў вёсцы жыць. Дэп. Антончык С. А. Гваздае карпаратыўныя партыйна-дзяржаўныя групы, якія рабуюць народ і краіну. (Ой гваздае!) Гваздае — як прайдзісветаў. (А як доказна!) Урад дазваляе ім займацца прыхватызацыяй! У гэтых умовах — толькі адстаўка Урада! Заклікае народ да забастовак, да бунту, на вуліцу! (Такога з трыбуны ВС яшчэ не гучала!.. Сапраўдны рабоча-пралетарскі лідэр! Брава, Антончык!) Дэп. Качан М. А. Унучка — былы першы сакратар РК КПСС, сёння ён — жоўта-карычневы. Я абвяргаю ўсе яго абвінавачванні. Далей — драпежыць БНФ, прамовы Пазьняка, Гермянчука, Голубева. А галоўнае — у адстаў ку Шушкевіча! У гэтых мэтах патрабуе арганіза ваць ліст выбаршчыкаў. І зноў і зноў — пра Віскулі. Дэп. Алампіеў В. П.[133] Мы ўхіліліся ад рашэння эканамічных праблем. Цытуе Лінга: „Калі паперадзе эканомікі ідзе палітыка — будзе крах!” Не будзе — ужо ёсць. (Робіць доказны аналіз гэтага.) Што ў такім хаосе, як у нас, можна зрабіць? Адны (Заламай, Казлоў) — за СНД, другія — супроць, за дэнансацыю дагавора. Кебіч даўно заслугоўвае адстаўкі! Дэп. Марыніч М. В. Заклікаў падтымаць і Кебіча і Шушкевіча. Даверыцца ім — і няхай працуюць!

18 лістапада

Дэп. Гілевіч Н. С. Тут была заява, што пытанне аб незалежнасці хочуць абмяркоўваць адно дэпутаты з апазіцыі — члены БНФ ды Грамады. Я не належу ні да БНФ, ні да Грамады, ні да якой-небудзь іншай партыі. Не належу і не збіраюся належаць. Але я належу да народа, які тут жыў, жыве і будзе жыць і які заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую меў у стагоддзях, калі з яго воляй ніхто не лічыўся, да народу, які мае права, Богам данае права, быць і пачувацца гаспадаром на гэтай зямлі, на сваёй роднай зямлі — іншай у яго няма. І таму зразумець маю трывогу ў гэтую хвіліну, думаю, няцяжка. Нельга недаацэньваць момант, які мы зараз перажываем — бо ён можа аказацца лёсавызначальным, ён можа стаць пачаткам канца — канца таго, да чаго мы так доўга ішлі — да суверэннасці, да незалежнасці. І што ж прымушае многіх з нас, сыны і дочкі Беларусі, так легкадумна ставіцца да лёсу сваёй Бацькаўшчыны? Рэд.: Верш, згаданы аўтарам у запісе за 4 студзеня 1993 г., друкуецца паводле выдання: Гілевіч Н. Незалежнасць: зб. вершаў. Мінск, 1991.

Пра нашу годнасць

Што праўда,

То праўда –

Даўно гэта стала:

Віхляння — багата,

А годнасці — мала.

Багата юродства,

Блюзнерства,

Крыўляння,

А мова народа –

На грані сканання.

Таму і цямнеем,

Чарнеем ад злосці.

Аж хочацца нават

Ударыць кагосьці.

Каго — зразумела,

Ды чорт яго знае,

Чым кончыцца можа

Адвага такая!

І што ж тады робім

У злосці і скрусе

Мы — існыя родам

Сыны Беларусі?

Што — робім?

А б’ём-дабіваем заўзята

Свайго

Недабітага злыднямі

Брата.

У гэтым — і мужнасць,

І мудрасць,

І годнасць,

І нашага гора-гібення

Нязводнасць.

(27.11.1989)

* Першая версія дзённіка публікавалася ў газеце „Літаратурная Беларусь” (№№ 52–54, 56; снежань 2010 — красавік 2011).


[1] Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч (нар. 1934) — беларускі фізік, дзяржаўны дзеяч, у 1991–1994 — старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. (Біяграфічныя звес ткі пра згаданых аўтарам асобаў падаюцца па стане на 1993 г. — Рэд.)
[2] Ельцын Барыс Мікалаевіч (1931–2007) — першы прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, займаў пасаду прэзідэнта з 1991 да 1999.
[3] Руцкой Аляксандр Уладзіміравіч (нар. 1947) — расійскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, з 1991 да 1993 — першы і апошні віцэ-прэзідэнт Расійскай Федэрацыі.
[4] Вайтовіч Яўген Канстанцінавіч — беларускі палітык і дыпламат. З 16 ліпеня 1990 быў міністрам культуры БССР.
[5] Данчык (Багдан Андрусішын, нар. 1958) — беларускі спявак і журналіст. Супрацоўнік, в. а. дырэктара Беларускай службы „Радыё Свабода”.
[6] Гл. верш на с. 270.
[7] Савіцкі Міхаіл Андрэевіч (1922–2010) — беларускі мастак, кіраўнік Творчай акадэмічнай майстэрні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
[8] Слямнёў Міхаіл Аляксандравіч (нар. 1939) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах.(звесткі пра дэпутатаў узяты з выдання: Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь. Дванаццатае скліканне. Мінск, 1992).
[9] Наркевіч Уладзімір Браніслававіч (нар. 1952) — галоўны рэдактар газеты „Звязда”.
[10] Казінец Міхаіл Антонавіч (нар. 1938) — беларускі дырыжор, народны артыст Беларусі (1987).
[11] Шаранговіч Васіль Пятровіч (нар. 1939) — народны мастак Беларусі, майстра кніжнай і станковай графікі.
[12] Дрынеўскі Міхаіл Паўлавіч (нар. 1941) — мастацкі кіраўнік (з 1975) і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча.
[13] Ганчарэнка Андрэй Маркавіч (нар. 1932) — беларускі фізік, акадэмік, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі (да 1997).
[14] Марачкін Аляксей Антонавіч (нар. 1940) — беларускі мастак, загадчык кафедры Беларускай акадэміі мастацтваў, адзін са стваральнікаў і старшыня мастацкага аб’яднання „Пагоня”.
[15] З гэтага дня і да канца публікаванага дзённіка ідуць запісы пра ХІІ сесію Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[16] Новік Уладзімір Уладзіміравіч (нар. 1952) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі.
[17] Ломаць Зянон Кузьміч (нар. 1944) — беларускі дзяржаўны дзеяч, у 1991–1992 — сакратар Камітэта Савета Рэспублік па аграрных пытаннях Вярхоўнага Савета СССР у Маскве. У 1992–1995 — член планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[18] Пазьняк Зянон Станіслававіч (нар. 1944) — беларускі палі тык і грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту „Адраджэнне”, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ, з 1990 — кіраўнік дэпутацкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Быў членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання.
[19] Качан Міхаіл Арцём’евіч (нар. 1927) — старшыня Гомельскага абласнога савета ветэранаў вайны і працы.
[20] Гермянчук Ігар Іванавіч (1961–2002) — беларускі журналіст і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання, былы рэдактар забароненай газеты „Свабода”, заснавальнік часопіса „Кур’ер”.
[21] Герасюк Іван Мікалаевіч (нар. 1949) — аглядальнік рэдакцыі „Народная газета”.
[22] Трусаў Алег Анатольевіч (нар. 1954) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны, адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ (з 1991), намеснік (1991), старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1992–1995).
[23] Навумчык Сяргей Іосіфавіч (нар. 1961) — каардынатар парламенцкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь, узначальваў інфармацыйнае агенцтва „Павет”.
[24] Ганчар Віктар Іосіфавіч (1958 — 16 верасня 1999 г. бясслед на знік разам з Анатолем Красоўскім) — першы намеснік старшыні Маладзечанскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Член Партыі народнай згоды (1992–1995).
[25] Мінько Франц Францавіч (нар. 1954) — дырэктар Стаўбцоўскага раённага прадпрыемства па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі.
[26] Трафіменка Васіль Сяргеевіч (нар. 1938) — намеснік старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання па вытворчасці свініны.
[27] Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч (нар. 1954) — у 1987–1994 — дырэктар саўгаса „Гарадзец” Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
[28] Кебіч Вячаслаў Францавіч (нар. 1936) — Старшыня Савета Міністраў БССР, прэм’ер-міністр Беларусі.
[29] Гаркун Уладзімір Гіляравіч (нар. 1946) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па аграрных пытаннях, харчаванні і сацыяльным развіцці сяла, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[30] Міцько Пётр Антонавіч (нар. 1944) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах жанчын, аховы сям’і, мацярынства і дзяцінства.
[31] Савіцкі Барыс Парфёнавіч (нар. 1933) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
[32] Катушкін Пётр Міхайлавіч (нар. 1940) — намеснік старшыні выканкама Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[33] Булахаў Дзмітрый Пятровіч (1960–2006) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве, пазней кіраваў ініцыятыўнай групай па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі А. Лукашэнкі.
[34] Станкевіч Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1950) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве.
[35] Грыбанаў Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1944) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай палітыцы і міжнародных адносінах.
[36] Унучка Раман Іосіфавіч (нар. 1944) — старшыня пастаяннай Планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[37] Лужынскі Станіслаў Антонавіч (нар. 1949) — старшыня калгаса „Бальшавік” Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
[38] Вярцінскі Анатоль Ільіч (нар. 1931) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. У 1986–1990 — галоўны рэдактар газеты „Літаратура і мастацтва”. Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1990–1995 — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях галоснасці, сродках масавай інфармацыі і правоў чалавека.
[39] Дзейка Лявон Іванавіч (нар. 1950) — інжынер-электронік, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), член парламенцкай апазіцыі БНФ і фракцыі БСДГ .
[40] Статкевіч Мікалай Віктаравіч (нар. 1956) — лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Адзін са стваральнікаў грамадскага аб’яднання „Беларускае аб’яднанне вайскоўцаў”.
[41] Кучынскі Віктар Францавіч (нар. 1958) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах моладзі.
[42] Баршчэўскі Лявон Пятровіч (нар. 1958) — беларускі філолаг, перакладчык, грамадскі дзеяч і палітык, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра.
[43] Леўчык Уладзімір Канстанцінавіч (нар. 1935) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях працы Саветаў народных дэпутатаў і развіцця самакіравання.
[44] Арціменя Дзмітрый Канстанцінавіч (нар. 1932) — народны дэпутат БССР, старшыня выканкама Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[45] Камай Аляксей Сцяпанавіч (нар. 1936) — член Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНГ, былы другі сакратар ЦК КПБ.
[46] Заблоцкі Уладзімір Мікалаевіч (нар. 1939) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, сябра Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Канстытуцыйнай Камісіі. Старшыня Часовай камісіі Вярхоўнага Савета па расследаванні фактаў выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах. Намеснік старшыні Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Прэм’ер-міністр Ценявога Кабінета (урада) Апазіцыі БНФ.
[47] Сінчылін Васіль Ільіч (нар. 1925) — старшыня Мінскай секцыі Савецкага камітэта ветэранаў вайны.
[48] Лакцюшын Мікалай Іванавіч (нар. 1926) — старшыня Ваўкавыскага раённага савета ветэранаў вайны і працы.
[49] Гетц Барыс Гаўрылавіч (нар. 1925) — Герой СССР, старшыня Барысаўскага гарсавета ветэранаў вайны і працы.
[50] Лавіцкі Генадзь Міхайлавіч (нар. 1942) — намеснік старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь.
[51] Мінчанка Пётр Захаравіч (нар. 1922) — старшыня Аршанскага гарадскога савета ветэранаў вайны і працы.
[52] Трусаў Іван Іванавіч (нар. 1944) — дырэктар Барысаўскага завода „Чырвоны металіст”.
[53] Сапронаў Уладзімір Аляксандравіч (нар. 1955) — намеснік начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў ВА „Беларускалій”, Салігорск.
[54] Сарокін Валянцін Інакенцьевіч (нар. 1929) — старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення саюза ветэранаў Афганістана.
[55] Бойка Уладзімір Васільевіч (нар. 1939) — з 1991 да 2001 старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь.
[56] Грынёў Мікалай Фёдаравіч (нар. 1946) — старшыня Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[57] Макейчанка Барыс Андрэевіч (нар. 1937) — намеснік старшыні Дзяржэканомплана Рэспублікі Беларусь.
[58] Крыжаноўскі Мікалай Кірылавіч (нар. 1937) — член Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Часовай камісіі Вярхоўнага Савета па прывілеях. Член Канстытуцыйнай Камісіі. Член Ценявога Кабінета (урада) Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, уваходзіў у камітэт па барацьбе з карупцыяй.
[59] Какоўка Віктар Фёдаравіч (нар. 1949) — інжынер-тэхнолаг завода „Вымяральнік” (Наваполацк), член Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Камісіі па пытаннях дэпутацкай этыкі.
[60] Жукоўскі Міхаіл Дзмітрыевіч (нар. 1926) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Бела русь па справах ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл.
[61] Мачуленка Міхаіл Арцёмавіч (нар. 1941) — да дэпутацтва працаваў другім сакратаром Гомельскага абласнога камітэта КПБ.
[62] Сасноў Аляксандр Віктаравіч (нар. 1947) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях працы, коштаў, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.
[63] Чэпік Васіль Васільевіч (нар. 1948) — старшыня Пастаўскага раённага Савета народных дэпутатаў.
[64] Голубеў Валянцін Фёдаравіч (нар. 1955) — сакратар пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных і знешнеэканамічных сувязях. Адзін з аўтараў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. З’яўляўся членам рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г.
[65] Цярэшка Іван Іванавіч (нар. 1942) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях.
[66] Піскароў Віктар Аляксеевіч (нар. 1929) — генерал-лейтэнант унутранай службы.
[67] Волкаў Анатоль Ягоравіч (нар. 1931) — кіраўнік радыелагічнага цэнтра, г. Пінск.
[68] Судас Мікалай Міхайлавіч (нар. 1942) — намеснік начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароненасці насельніцтва Гомельскага аблвыканкама.
[69] Грыб Мечыслаў Іванавіч (нар. 1936) — другі старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета, старшыня пастаяннай Камісіі па пытан нях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю. Генерал-лейтэнант міліцыі (1993).
[70] Холад Павел Ігнатавіч (нар. 1935) — дырэктар Рэспубліканскай вучэбна-спартыўнай базы Добраахвотнага таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (г. п. Плешчаніцы).
[71] Лябедзька Анатоль Уладзіміравіч (нар. 1961) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах сям’і і моладзі. У 1992 стварыў Беларускую асацыяцыю маладых палітыкаў і быў яе прэзідэнтам.
[72] Пракаповіч Пётр Пятровіч (нар. 1942) — галоўны інжынер Брэсцкага аблміжкалгасбуда, генеральны дырэктар Брэсцкага аблсельсбуда, ВА „Брэстаблсельбуд”.
[73] Папоў Юрый Мікалаевіч (нар. 1949) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю.
[74] Аксаміт Мікалай Уладзіміравіч (нар. 1954) — мастак-афармляльнік (Ваўкавыск).
[75] Прывалаў Леанід Пятровіч (нар. 1940) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю.
[76] Федарчук Мікалай Аляксеевіч (нар. 1941) — старшыня Віцебскага гарадскога Савета народных дэпутатаў.
[77] Маркевіч Мікалай Мікалаевіч (нар. 1962) — карэспандэнт абласной газеты „Гродзенская праўда”.
[78] Казлоў Генадзь Іванавіч (нар. 1946) — першы намеснік начальніка Упраўлення па пытаннях правоў грамадзян, грамадскай бяспекі і абароннай работы Кіраўніцтва справамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[79] Малашка Віталь Аляксеевіч (нар. 1958) — вядучы інжынер Навукова-даследчага інстытута сродкаў аўтаматызацыі, Мінск.
[80] Жураўлёў Мікалай Іванавіч (нар. 1922) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў.
[81] Казлоўскі Павел Паўлавіч (нар. 1942) — міністр абароны Рэспублікі Беларусь.
[82] Багданкевіч Станіслаў Антонавіч (нар. 1937) — беларускі эканаміст, грамадска-палітычны дзеяч, прафесар. Старшыня Нацыянальнага банка Беларусі ў 1991–1995 г.
[83] Жук Анатоль Міхайлавіч (нар. 1938) — першы намеснік старшыні выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[84] Беленькі Юрый Адамавіч (нар. 1960) — працаваў у складзе Апазіцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце, член планавай і бюджэтна-фінансавай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[85] Цялежнікаў Уладзімір Іванавіч (нар. 1954) — дырэктар Полацкага камбіната будаўнічых матэрыялаў.
[86] Гаркун Уладзімір Гіляравіч (нар. 1946) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па аграрных пытаннях, харчаванні і сацыяльным развіцці сяла.
[87] Коваль Мікалай Мікалаевіч (нар. 1928) — старшыня калгаса „ХХІ з’езд КПСС” Рэчыцкага раёна.
[88] Бамбіза Іван Міхайлавіч (нар. 1952) — беларускі дзяржаўны дзеяч, старшыня назіральнай рады ААТ „Белаграпрамбанк”.
[89] Зданевіч Лявонцій Ульянавіч (нар. 1955) — беларускі архітэктар і палітык, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з 1990, а таксама Апа зі цыі БНФ і яе „Ценявога кабінета”.
[90] Марыніч Міхаіл Апанасавіч (нар. 1940) — былы старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, член Планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі і Камісіі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада.
[91] Зарэцкі Сцяпан Рыгоравіч (нар. 1945) — старшыня Чачэрскага раённага Савета народных дэпутатаў.
[92] Сечка Леанід Міканоравіч (нар. 1948) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
[93] Карпенка Генадзь Дзмітрыевіч (1949–1999) — беларускі навуковец і палітык. Старшыня камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. У 1992 узначаліў Маладзечанскі гарвыканкам.
[94] Далгалёў Васіль Барысавіч (нар. 1951) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях работы Саветаў народных дэпутатаў і развіцця самакіравання.
[95] Драбышэўская Інэса Міхайлаўна (нар. 1947) — галоўны ўрач Гомельскага абласнога анкалагічнага дыспансэра.
[96] Сукач Міхаіл Данілавіч (нар. 1941) — дырэктар міжгаспадарчага прадпрыемства „Стадолічы” Лельчыцкага раёна.
[97] Сярдзюк Валерый Канстанцінавіч (нар. 1952) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.
[98] Кічкайла Аляксандр Трафімавіч (нар. 1933) — намеснік Мінсітра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
[99] Скарабагацька Пётр Андрэевіч (нар. 1949) — старшыня Лунінецкага раённага Савета народных дэпутатаў.
[100] Смоляр Іван Мікалаевіч (нар. 1938) — былы старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і забеспячэння бяспечнага пражывання насельніцтва рэспублікі.
[101] Сумар Канстанцін Андрэевіч (нар. 1949) — старшыня Брэсцкага раённага Савета народных дэпутатаў.
[102] Зяленін Валерый Іванавіч (нар. 1949) — вайсковец, начальнік лабараторыі вымяральнай тэхнікі.
[103] Бачароў Яўген Міхайлавіч (нар. 1948) — генерал-маёр, камандзір вайсковага злучэння.
[104] Бабачонак Станіслаў Ульянавіч (нар. 1937) — дырэктар прадпрыемства „Маналіт” (Магілёў).
[105] Ваўчэцкі Уладзімір Вячаслававіч (нар. 1935) — настаўнік Суткоўскай СШ Уздзенскага раёна.
[106] Кудравец Віктар Міхайлавіч (нар. 1947) — намеснік старшыні Гродзенскага Савета народных дэпутатаў.
[107] Шаладонаў Васіль Іванавіч (нар. 1948) — намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[108] Антончык Сяргей Антонавіч (нар. 1956) — апаратчык Мінскага вытворчага аб’яднання імя У. Леніна, член Апазіцыі БНФ. Быў у складзе антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі, якую ўзначаліў А. Лукашэнка.
[109] Сярэдзіч Іосіф Паўлавіч (нар. 1949) — з 1990 да 1995 галоўны рэдактар „Народнай газеты”, органа Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[110] Жукоўскі Міхаіл Дзмітрыевіч (нар. 1926) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў.
[111] Кузняцоў Вячаслаў Мікалаевіч (нар. 1947) — старшыня Савета народных дэпутатаў г. Мінска, з 24 лютага 1992 г. быў першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[112] Папкоў Сяргей Пятровіч (нар. 1940) — дырэктар навукова-вытворчага прадпрыемства „Рыф-М” (Мінск).
[113] Новікаў Анатоль Мікалаевіч (нар. 1941) — генерал-лейтэнант, намеснік камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі, г. Мінск.
[114] Скарынін Мікалай Паўлавіч (нар. 1947) — галоўны саветнік Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[115] Вайцянкоў Мікалай Рыгоравіч (нар. 1947) — старшыня Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[116] Ніканчук Аляксей Сямёнавіч (нар. 1943) — дырэктар СШ №1 г. Драгічына Брэсцкай вобласці.
[117] Звераў Леанід Аляксандравіч (нар. 1939) — загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы.
[118] Даўлюд Аляксей Уладзіміравіч (нар. 1953) — брыгадзір электрыкаў Лідскага завода „Оптык”.
[119] Краўчанка Пятро Кузьміч (нар. 1950) — міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь (да 1994).
[120] Цумараў Яўген Аляксандравіч (нар. 1957) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
[121] Козік Леанід Пятровіч (нар. 1948) — страшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі.
[122] Ціхіня Валерый Гур’евіч (нар. 1940) — загадчык кафедры права Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[123] Садоўскі Пётр Вікенцьевіч (нар. 1941) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях.
[124] Чакушоў Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1939) — першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
[125] Турак Анатоль Мікалаевіч (нар. 1950) — дырэктар Рэчыцкага доследна-прамысловага гідролізнага завода.
[126] Андрэйчанка Уладзімір Паўлавіч (нар. 1949) — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама.
[127] Калбаска Мікалай Ігнатавіч (нар. 1951) — старшыня Цэн тральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў.
[128] Спіглазаў Аляксандр Фёдаравіч (нар. 1960) — урач Жабінкаўскай раённай бальніцы (Брэсцкая вобласць).
[129] Данілевіч Іван Мікалаевіч (нар. 1951) — старшыня аграфірмы-калгаса „Малеч” Бярозаўскага раёна.
[130] Кулакоў Уладзімір Панцялеевіч (нар. 1936) — старшыня Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[131] Герасіменка Аляксандр Міхайлавіч (нар. 1946) — беларускі палітык і дыпламат. У 1990–1995 быў старшынёй Мінскага гарадскога савета народных дэпутатаў і старшынёй выканаўчага камітэта г. Мінска. Быў членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання.
[132] Сямдзянава Галіна Георгіеўна (1947–2011) — працавала інспектарам Наваградскага гарадскога камітэта народнага кантролю.
[133] Алампіеў Віктар Пятровіч (нар. 1947) — начальнік інфармацыйна-вылічальнага цэнтра Пінскага вытворчага аб’яднання верхняга трыкатажу.

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2011 Т.18 Сш. 1-2'