БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Агляды

Аляксандр Пагарэлы. Дакладны час на “зламаным гадзінніку”


*Lewis, Simon. Belarus – Alternative Visions: Nation, Memory and Cosmopolitanism. New York and London, 2019.

Ці бывае так, што пазітыўная матывацыя, добразычлівасць і спагадлівасць аўтара прыносяць сумнеўныя вынікі, заснаваныя на хібнай метадалогіі? Так, бывае.

У мінулым годзе ўбачыла свет манаграфія Саймана Льюіса “Беларусь – альтэрнатыўныя бачанні. Нацыя, памяць і касмапалітызм”, выпушчаная даволі вядомым выдавецтвам і ў цікавай кніжнай серыі, прысвечанай расійскім і ўсходне-цэнтральнаеўрапейскім даследаванням. Кніга стала вынікам шматгадовых штудый навукоўца, які цяпер працуе ў Інстытуце славяназнаўчых даследаванняў Патсдамскага ўніверсітэта. Чытаць далей →

Альбіна Семянчук. Новае слова ў вывучэнні летапісання ВКЛ


* ЛИЦКЕВИЧ, ОЛЕГ В. “Летописец великих князей литовских” и “Повесть о Подолье”: опыт комплексного критического разбора. С.-Петербург: Дмитрий Буланин, 2019. 928 с., 16 с. [цв. вкл.]

У 2019 г. у санкт-пецярбургскім выдавецтве Дзмітрыя Буланіна выйшла кніга беларускага даследчыка Алега Ліцкевіча «“Летописец великих князей литовских” и “Повесть о Подолье”: опыт комплексного критического разбора». У ёй аўтар упершыню за 35 гадоў [1] звярнуўся да комплекснага вывучэння айчыннага летапісання, а менавіта да вывучэння двух самых старажытных помнікаў гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага – “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” і “Аповесці пра Падолле”. Аўтар манаграфіі даказвае, што сёння існуе пяць рэдакцый “Летапісца” і тры рэдакцыі “Аповесці пра Падолле”. “Летапісец” выразна падзяляецца на дзве часткі: 1) ад пераліку сыноў Гедыміна да ўцёкаў Вітаўта з Крэўскага замка; 2) ад уцёкаў Вітаўта ў Прусію да сустрэчы з зяцем, вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам, у Смаленску. Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Пра гарвардскую кнігу аб стварэнні беларускай нацыі.


Кнізе Мікалая Платонавіча Вакара (1894–1970) “Belorussia. The Making of a Nation”, якая ўбачыла свет больш чым паўстагоддзя назад, выпаў лёс не толькі стаць першым акадэмічным выданнем пра мінулае Беларусі на англійскай мове, але і цягам дзесяцігоддзяў заставацца адзінай працай такога роду [1]. Не дзіўна, што зусім нядаўна (у 2013 і 2014 г.) выдавецтва Гарвардскага ўніверсітэта двойчы перавыдавала яе ў фармаце электроннай кнігі [2] – значыць, быў попыт. Але з гэтага вынікае, што на Захадзе праца Вакара пра Беларусь і ў наш час лічыцца прыдатнай для ўніверсітэцкай аўдыторыі, што быццам і сёння няма лепшых. Хоць пасля свайго выхаду названая кніга адразу выклікала супярэчлівыя водгукі: заходнія славісты віталі яе і не шкадавалі высокіх ацэнак [3], тады як з боку беларускай эміграцыі прагучала нямала сур’ёзнай крытыкі [4]. Чытаць далей →

Ірына Раманава. “Ленин, он-то умер, ему хорошо, а что он нам оставил…”


Замежныя даследчыкі [1], а з 1990-х і расійскія [2] для тлумачэння адносін народа да бальшавіцкіх лідараў выкарыстоўвалі такія паняцці, як “наіўнаманархічныя настроі”, “царысцкія ілюзіі” [3]. Такім чынам, вытокі таталітарызму і парадокс яго “народнай падтрымкі” вынікалі з сумяшчальнасці традыцыйных уяўленняў і вераванняў народа з дзеяннямі і асноватворнымі мэтамі бальшавікоў, што, у сваю чаргу, вяло да высновы аб пераемнасці аўтарытарных тэндэнцый, аб рэпрэсіўнаарыентаванай палітычнай культурнай традыцыі. Згодна з такім пунктам гледжання, культ асобы не нёс у сабе нічога асабліва сацыялістычнага ці “партыйнага”, уяўляючы сабой хутчэй новую іпастась самадзяржаўна-праваслаўнага цяжару расійскай адсталасці [4]. Аўтар кнігі “Восставшие во имя царя” Д. Л. Філд заклікаў калег, “каб яны не падыходзілі наіўна да тэмы аб наіўным манархізме сялян”, а запэўніванні сялян у сваёй любові “да цара-бацюшкі” ці Сталіна не прымалі за чыстую манету [5]. Шэраг даследчыкаў, найперш Ніна Тумаркін [6], Бена Энкер [7], Вольга Веліканава [8] свае даследаванні прысвяцілі таму, як гэтыя настроі і ўсенародная любоў да Леніна канструяваліся і індактрынаваліся. Чытаць далей →

Лена Глагоўская. Юры Туронак і яго нефармальная “школа” беларусазнаўчых даследаванняў


Пасля ІІ сусветнай вайны ў Польшчы па-за беларускай філалогіяй у Варшаўскім універсітэце (з 1956 г.) і Інстытутам славістыкі ПАН няшмат праводзілася даследаванняў у галіне беларусазнаўства, асабліва па гісторыі. Іх не было ў праграмах польскіх навуковых асяродкаў. Падзеі, звязаныя з Беларуссю, з’яўляліся ў сумежных даследаваннях. Найбольш вартасныя артыкулы і апрацоўкі былі напісаны Аляксандрай Бергман, Аляксеем Дэругам і Ежы Тамашэўскім. Толькі ў 1979 г. выйшла “Historia Białorusi” Марцэлія Космана. Беларускую тэматыку найчасцей закраналі з нагоды разважанняў пра польска-савецкія суадносіны ў міжваенны перыяд. Асаблівым парадоксам было тое, што найбольшыя дасягненні ў сферы даследаванняў над гісторыяй Беларусі ХХ ст. праявілі асобы, не звязаныя прафесійна з навуковымі інстытутамі. Адной з іх была Аляксандра Бергман (былая дзяячка КПЗБ, жыла ў 1906–2005 г.), якая занялася даследаваннем беларускіх спраў у міжваеннай Польшчы, будучы на пенсіі. Чытаць далей →

Алена Андросік. Айцец Леў Гарошка MIC (да 110-й гадавіны нараджэння)


Святар-уніят, усім сэрцам адданы Богу і Беларусі. Грамадскі дзяяч, які рабіў шмат, каб беларусы на Захадзе былі прызнаваныя незалежнай нацыяй. Асветнік і дабрачынца, які не шкадаваў ні сіл, ні здароўя, каб несці духоўную і матэрыяльную дапамогу сваім суайчыннікам як на радзіме, так і за мяжой… Асоба айца Льва Гарошкі паўстагоддзя назад была вядомая ўсёй беларускай эміграцыі. Сёння ж, калі надыходзіць 110-я гадавіна яго нараджэння, толькі пэўныя вузкія колы ведаюць гэтае прозвішча. Большасць прысвечаных яму артыкулаў не мае больш чым некалькі старонак і падае толькі асноўныя звесткі пра жыццё і дзейнасць гэтага выбітнага чалавека [1]. Адзіны тэкст, які дазваляе лепш спазнаць і зразумець Гарошку, – яго аўтабіяграфія “Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930–1944”. Іх фрагменты часам з’яўляліся ў друку, да іх таксама звяртаўся а. Чэслаў Сіповіч, калі пісаў ці казаў пра а. Льва. Урэшце ў 2016 г. у “Запісах БІНіМ” была апублікавана найбольш поўная на дадзены момант і ўпарадкаваная версія ў рэдакцыі Аляксандра Пашкевіча [2]. Гэты тэкст падрабязна апісвае жыццё Гарошкі да часу эміграцыі, з наступных падзей падаюцца толькі пабежныя звесткі. Чытаць далей →

Ірына Раманава, Аляксей Махнач. Сацыяльна-эканамічныя практыкі жыхароў беларускай вёскі ў гады нэпа.


У 1920-я гады беларуская вёска, нягледзячы на ўсё віхуры падзей папярэдняга перыяду, заставалася даволі традыцыйнай і ў штодзённым жыцці, і ў арганізацыі працы. Колькасць прадстаўнікоў савецкай улады ў вёсцы была зусім нязначнай – калгасаў і саўгасаў яшчэ амаль не было, савецкіх спецыялістаў – аграномаў, землямераў і ветэрынараў – вельмі не хапала, рупараў прапаганды – савецкіх газет – выпісвалася на хату-чытальню літаральна некалькі адзінак, сетка савецкіх школ у сельскай мясцовасці толькі разгортвалася, тэхнікі ў вёсцы ніхто яшчэ не бачыў. Асноўныя інтэрвенцыі ўлады ў гэты перыяд зводзіліся да размеркавання і пераразмеркавання зямлі (у тым ліку забарона буйнога землеўладання, высяленне памешчыкаў, абрэзка зямлі адпаведна новым нормам землекарыстання і надзяленне тых, хто не меў зямлі), а таксама пошукі алгарытму, якім чынам з вёскі ўзяць максімальную колькасць прадукцыі. Безумоўна, сялянства не магло ўплываць на палітыку бальшавікоў у цэлым, але магло прыстасоўваць сваю гаспадарку да новых умоваў. У 1930-я гады яно будзе пазбаўлена гэтай магчымасці. Чытаць далей →

Томас М. Бон. Ад яўрэйскіх мястэчак да савецкіх індустрыяльных гарадоў – парадоксы ўрбанізацыі Беларусі.


[1]
Гісторыя беларускіх гарадоў налічвае тысячагоддзе. Археалагічныя знаходкі і старажытнарускія летапісы даюць магчымасць пазнаёміцца з лёсам паселішчаў-крэпасцяў і княскіх рэзідэнцый, што месціліся на гандлёвых шляхах Кіеўскай Русі. Дагаворы і граматы часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай сведчаць пра ролю магдэбургскага права і ўплыў каталіцкай царквы. Пасля інкарпарацыі значных частак польскай шляхецкай рэспублікі ў Расійскую імперыю царскія ўказы забаранялі яўрэйскаму насельніцтву займацца сельскай гаспадаркай і жыць у вёсцы. Беларусь, краіна сялян-беларусаў і яўрэяў-гандляроў, як пераходны рэгіён паміж Цэнтральнай і Усходняй Еўропай не толькі падпадала пад розныя культурныя ўплывы, але і станавілася тэрыторыяй руху войскаў у час ваенных канфліктаў паміж суседзямі. У адрозненне ад жывой карціны, якую гістарыяграфія дае пра час з Сярэднявечча да канца XIX ст., адносна апошніх ста гадоў развіцця гарадоў у Беларусі вядома – з прычыны маргіналізацыі гістарычнай навукі ў сучасны трансфармацыйны перыяд – толькі тое, што раскрывае афіцыйная савецкая партыйная гістарыяграфія. У цэнтры ўвагі гэтых майстроў аповеду знаходзяцца рабочы рух у царскай імперыі, фарсіраваная індустрыялізацыя сталінскага часу і супраціў нямецкай акупацыйнай уладзе. Яны настойліва нагадваюць пра рэвалюцыйныя традыцыі, праслаўляюць дыктатуру пралетарыяту і прапагандуюць партызанскі міф. Апісанне адбудовы пасля Другой сусветнай вайны ў гэтым кантэксце вызначаецца фетышызацыяй пяцігадовых планаў развіцця народнай гаспадаркі. Рэальная ж гісторыя заставалася схаванай за манатоннай дэкламацыяй эўфемістычных паказчыкаў росту. Між тым развіццё Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), якая перажыла дзве сусветныя вайны, сталінскі тэрор і Халакост, прымусовую калектывізацыю сельскай гаспадаркі і наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адбывалася пад знакам дэмаграфічных катастроф. Чытаць далей →

Дзмітрый Віцько. Паслясоймавая кампанія 1699 г. у Вялікім Княстве Літоўскім.


Канфлікт паміж групоўкамі Сапегаў і рэспубліканцаў у канцы XVII – пачатку XVIII ст., што выліўся ў грамадзянскую вайну ў Вялікім Княстве Літоўскім, на дадзены момант у гістарыяграфіі ўсё яшчэ не даследаваны ўсебакова і цалкам. Падрабязнага асвятлення патрабуюць палітычныя і вайсковыя кампаніі таго часу. Адной з такіх кампаній, што абумовіла шмат у чым ход падзей наступнага, пераломнага для ВКЛ 1700 года, была паслясоймавая кампанія 1699 г., якая ўключала ў сябе падвядзенне вынікаў сойма, што адбыўся ў чэрвені – ліпені гэтага года, на павятовых рэляцыйных сойміках. Чытаць далей →