Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Археалогiя'

Артыкулы па тэме ‘Археалогiя’

КАЛЕЧЫЦ, ІННА Л. Эпіграфіка Беларусі X—XIV стст. Мінск: Беларуская навука, 2011. 271с.

15 лютага, 2011 |


Нарэшце і помнікі эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі дачакаліся свайго даследчыка. Аўтар манаграфіі „Эпіграфіка Беларусі X-XIV стст.” І. Калечыц вельмі амбіцыйна вызначае ролю сваёй працы, якая „кладзе пачатак існаванню айчыннай эпіграфікі як дапаможнай гістарычнай дысцыпліны” (5). Сапраўды, гэта першае агульнае даследаванне эпіграфічных помнікаў на Беларусі, якія дагэтуль разглядаліся выключна ў межах прац па іншай праблематыцы (напрыклад, археалагічных, палеаграфічных і інш.). Адзінкавыя знаходкі не разглядаліся ў сукупнасці, што не давала агульнага ўяўлення аб развіцці пісьменства на тэрыторыі Беларусі у Сярэднявеччы. Такім чынам манаграфія І. Калечыц дае магчымасць чытачам убачыць абагульненую карціну развіцця пісьменства на землях Беларусі ў X-XIV ст. Між тым, разгляд эпіграфічных помнікаў выходзіць далёка за заяўленыя храналагічныя межы, напрыклад, калі размова ідзе пра графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Уключэнне ў даследаванне графіці XVІІ ст. выглядае цалкам слушным і заканамерным. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы ўтвараюць адзіны комплекс, вывучэнне якога дазваляе не толькі прасачыць змены ў развіцці пісьменства, але і высветліць шэраг іншых пытанняў. Храналагічныя абмежаванні значна ўскладнілі б гэтую задачу.

Да новых распрацовак аўтара належыць стварэнне класіфікацыі эпіграфічных помнікаў (выкладаецца ў трэцяй главе), якая заснавана на матэрыяле і катэгорыі рэчаў (27). Дадаткова да яе створана класіфікацыя паводле мэты нанясення надпісу (28), якая павінна вырашыць пытанні зместу эпіграфічных помнікаў. Варта адзначыць зручнасць такога падыходу, які дазваляе фактычна ўсебакова разглядаць знаходкі. Аднак і такая класіфікацыя недасканалая. У склад гліняных эпіграфічных помнікаў аўтар залічыла толькі амфары і плінфу (81-88). У такім выпадку з класіфікацыі выпад аюць магчымыя будучыя знаходкі іншых відаў гліняных рэчаў. Тое самае датычыць і металічных эпіграфічных помнікаў, у шэраг якіх І. Калечыц не залічыла манеты з графіці (63-80). Але ж на тэрыторыі Беларусі былі выяўлены дырхамы з рунічнымі знакамі і надпісамі, малюнкамі і сімваламі, частка якіх датуецца сярэдзінай X ст. (манеты з графіці з Казьянкаўскага скарбу ля Полацка)[1].

Непасрэдна эпіграфічным помнікам прысвечана чацвёртая глава („Эпіграфічныя помнікі”). Яе першы раздзел („Каменныя эпіграфічныя помнікі”), як і іншыя раздзелы главы (акрамя тых, у якіх разглядаюцца скураныя эпіграфічныя помнікі і графіці Спаса-Праабражэнскай царквы) — пераважна кампіляцыі з прац іншых вучоных, якія даследавалі адзінкавыя помнікі. Увага, безумоўна, аддаецца „Барысавым камяням”, самым знакамітым з манументальных эпіграфічных помнікаў. У выніку аўтар прыходзіць да ўжо вядомых высноў, што „найбольш прывабнымі з’яўляюцца версіі аб камянях як межавых знаках і аб надпісах-маленнях у галодны 1128 год” (35). Варта згадаць і вядомы камень з надпісам другой паловы ХІ ст. з падмурка полацкага Сафійскага сабора. І. Калечыц упершыню цалкам апублікавала змест надпісу, што раней не рабілася з-за наяўнасці ў ім абсцэннай лексікі (38). А між тым, гэты камень ці не першае сведчанне ўжывання ў старажытнасці ненарматыўных слоў на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, пры разглядзе гэтага помніка аўтар спасылаецца на артыкул „Вікіпедыі” пра паходжанне і сэнс абсцэннай лексікі.

Другі раздзел („Драўляныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы знаёміць з невялікай колькасцю знаходак: місы з Гомеля і Мінска, грабеньчык з Брэста. У спасылцы на звесткі пра місу з Гомеля ёсць памылка: упершыню знаходка была апісана ў № 15 „Гістарычна-археалагічнага зборніка”, а не ў № 5, як піша даследчыца (60). Недакладны нумар выдання таксама пазначаны ў гістарыяграфічным аглядзе (13) і спісе літаратуры (168). У той жа час у спасылцы на артыкул В. Вароніна пра „Барысаў камень” (14), які выйшаў у тым самым № 15, нумарацыя правільная.

У трэцім раздзеле („Металічныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы падаецца апісанне сякеры XV ст. (таксама выходзіць за вызначаныя храналагічныя межы даследавання) з Пінска, на якой ёсць надпіс-папярэджанне „Глядзі злодзей — сякера Кузьмы” (63-65). Гэтая знаходка, безумоўна, адметная не толькі для Беларусі, але і для іншых краін, якія знаходзяцца на былых абшарах Старажытнай Русі. Пэўныя спрэчкі можа выклікаць інтэрпрэтацыя рэшткаў надпісу („Ж. ОД”) на бранзалеце з Магілёва. І. Калечыц лічыць, што гэта рэшткі кірылічнага варыянта напісання грэцкага слова geoid, geoides (‘земляны’, ‘землепадобны’). У якасці доказу выкарыстоўваецца рамбічны арнамент бранзалета: „ромб — гэта язычніцкі сімвал зямлі, а таксама жаночай сутнасці” (68). Такая выснова выглядае непераканальна. Рамбічны арнамент быў вельмі распаўсюджаны ў ХІІ ст., але невядомы іншыя знаходкі з такім арнаментам, якія суправаджаліся б падобным надпісам, тым больш што не было і асаблівай патрэбы каментаваць па-грэцку сэнс сімвала, які і так быў вядомы. Таксама нельга адназначна сцвярджаць, што ромб быў выключна сімвалам зямлі; ёсць і іншыя інтэрпрэтацыі гэтага знака.

У чацвёртым раздзеле („Гліняныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы, як ужо згадвалася, аўтар разглядае надпісы на амфарах і плінфе. Але ў падрабязны пералік фрагментаў амфар з асобнымі літарамі (84-85) чамусьці не патрапіў аскепак амфары з літарай „В”, які паходзіць з замчышча старажытнага Барысава[2].

Пяты раздзел чацвёртай главы прысвечаны касцяным эпіграфічным помнікам. Цэнтральнае месца займае разгляд калекцыі костак з рунамі, рунападобнымі знакамі і малюнкамі з гарадзішча ля в. Маскавічы Браслаўскага раёна (89-96). Гэтая частка даследавання заснавана на працах А. Мельнікавай і Л. Дучыц, якія ўвялі маскавіцкія знаходкі ў навуковы зварот. І. Калечыц прытрымліваецца поглядаў і высноў згаданых аўтараў, таму фактычна ў гэтым блоку няма новай інфармацыі. Непраўдападобнай выглядае версія аўтара аб магчымай місіянерскай дзейнасці на гарадзішчы ля в. Маскавічы. Гэтая думка грунтуецца на існаванні косткі з надпісам kuratio ‘пастырства’, а таксама на меркаванні, што ў „Сазе аб хрышчэнні” магла апісвацца царква Іаана недалёка ад Браслава (92-93). Але для такой высновы мала падстаў, тым больш што маскавіцкія руны датуюцца значна больш познім часам[3], чым верагодны час жыцця Торвальда Вандроўніка — героя вышэйзгаданай сагі. Таксама пэўныя пытанні выклікае інтэрпрэтацыя падобных адзін да аднаго знакаў на пасудзіне і костцы ў якасці сімвала „Жытняй бабы”, або „Маці-зямлі” (96). Падобныя тлумачэнні, відаць, заснаваны на звестках М. Кацара[4], але многія яго інтэрпрэтацыі арнаментальных знакаў цяпер небеспадстаўна пастаўлены пад сумнеў. Да таго ж, некаторыя даследчыкі сумняваюцца ў аўтэнтычнасці Жытняй бабы як персанажа беларускай міфалогіі[5].

У шостым раздзеле („Скураныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы разглядаецца адзіны вядомы сёння помнік гэтай катэгорыі — скураныя похвы з Пінска з алфавітным надпісам. Названая знаходка была ўведзена у навуковы зварот аўтарам манаграфіі.

Сёмы раздзел („Шкляныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы апісвае вядомыя знаходкі посуду з усходнімі надпісамі, а таксама абразок-літык, які І. Калечыц, услед за Ф. Гурэвіч, лічыць сведчаннем падарожжа на Афон князя Войшалка. Гэты абразок „мог належаць каму-небудзь з атачэння князя ці самому князю” (104). Але ніякіх пацверджанняў такой высновы няма. Тое, што падобныя абразкі былі распаўсюджаны на Балканах, ніяк не сведчыць пра паломніцтва Войшалка. Існуе вялікая колькасць іншых верагодных шляхоў трапляння абразка ў Наваградак.

Восьмы раздзел („Надпісы на сценах пабудоў”) чацвёртай главы — самая значная і найбольш каштоўная частка манаграфіі. Асноўная ўвага ў ім аддадзена графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Большасць надпісаў упершыню публікуюцца І. Калечыц. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы аўтар падзяляе на дзве вялікія групы: 1) графіці пачатку ХІІ ст. — да 1580 г. (прыход езуітаў) характарызуюцца „царкоўнасцю” тэкстаў: фрагменты малітваў, памінанні, сведчанні пра смерць пэўных людзей, алфавітныя запісы, побытавыя запісы; 2) графіці кірыліцай і лацінкай ад канца XVІ ст., якія пераважна адносяцца да віду „тут быў NN” (108-109). Аналіз памінальных запісаў на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы прывёў да высновы, што запісы ХІІ-XІV ст. характарызуюцца адсутнасцю пазначэння года смерці, аднак ёсць прывязка да дня святога з мэтай памінання; з XV ст. у памінальных надпісах пачынае з’яўляцца год смерці чалавека, што, на думку І. Калечыц, сведчыць пра паварот да своеасаблівага антрапацэнтрызму, калі чалавек робіцца больш значным у часе і прасторы, а светапогляд набывае больш свецкія рысы (123). Дадзеная выснова даволі важная для разумення светаўспрымання тагачаснага насельніцтва.

Увогуле графіці Спаса-Праабражэнскай царквы дэманструюць вялікі комплекс крыніц па самых разнастайных праблемах: рэлігія, палітыка, культура, штодзённасць і г. д. Між тым, некаторыя інтэрпрэтацыі і расшыфроўкі графіці патрабуюць удакладненняў. Напрыклад, пры апісанні комплексу малюнкаў і надпісаў аўтар сцвярджае: „шэраг графіці… побач з выявай чалавечка з дудой у роце; …галава якога павернута налева, з рота тырчыць дуда…” (149). Аднак прамалёўка і фотаздымак графіці не адпавядае прыведзенай інтэрпрэтацыі. На малюнку ў чалавечка няма нічога, што нават блізка б нагадвала дуду (язычковы інструмент, асаблівасць якога — рэзервуар для паветра). Магчыма, маецца на ўвазе інструмент накшталт жалейкі, аднак да інструментаў такога тыпу няслушна ўжываць назву „дуда”, якая адносіцца да іншага традыцыйнага музычнага інструмента. Калі абапірацца на версію, што прадмет у роце чалавечка — гэта музычны інструмент, то ён, хутчэй, нагадвае рог. Спрэчныя моманты інтэрпрэтацыі разгляданага комплексу малюнкаў і надпісаў на гэтым не канчаюцца. І. Калечыц тлумачыць два колы над чалавечкам як сімвалы Сонца і Месяца, якія азначаюць сонцастаянне і поўню — «такое супадзенне мела назву „моцная Купала”»(149). У адным з надпісаў ля малюнка згадваецца „купальны тыдзень і іванавы тыдзень”, аднак паняцце „моцная Купала” невядомае ў пісьмовых і этнаграфічных крыніцах. Аўтар не спасылаецца на крыніцу інфармацыі пра такую з’яву, хоць піша, што яно мела такую назву. У той жа час тэрмін „моцная купала” масава сустракаецца ў працах сучасных расійскіх неапаганцаў — і таксама без якіх-небудзь спасылак.

Часам у апісаннях графіці трапляецца дубляванне тых самых характарыстык надпісаў (памеры, размяшчэнне і г. д.), як, напрыклад, у апісанні графіці № 35 (123-124), што прыводзіць да пэўнай перагружанасці тэксту інфармацыяй.

Вялікі плюс працы — наяўнасць дадаткаў у выглядзе фотаздымкаў і прамалёвак надпісаў, без якіх падобная праца не магла б існаваць. На жаль, якасць друку часта скасоўвае станоўчыя моманты дадаткаў, аднак гэта, безумоўна, не віна аўтара.

Падводзячы высновы, варта адзначыць, што першая спроба стварэння манаграфіі па помніках эпіграфікі Беларусі, нягледзячы на некаторыя хібы, удалася. У аўтара атрымалася дасягнуць сваёй мэты. Галоўная заслуга І. Калечыц бачыцца ва ўвядзенні ў навуковы зварот графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы, якія раней былі невядомы шырокаму колу даследчыкаў. Таксама вартая пашаны праца па абагульненні вядомых на сёння помнікаў эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі, што стварае базу для наступных даследаванняў у галіне эпіграфікі.

Барысаў — Мінск

Дзмітрый Скварчэўскі


[1] Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. Москва, 2001. С. 148-149.
[2] Штыхаў Г. В. Горад у святле археалагічных даследаванняў // Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мінск, 2002. С. 20.
[3] Радыевугляродны  аналіз  паказаў  датаванне:   1070±60-1379±70 г. Гл.: Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. С. 214.
[4] Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. Мінск, 1996. С. 33.
[5] Санько С. Жытняя баба // Міфалогія беларусаў: энцыкл. слоўнік. Мінск, 2011. С. 178-179.

Наверх

Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі (Сяргей Грунтоў)

1 студзеня, 2011 |

Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі / КАРАБАНАЎ, АЛЯКСАНДР К. [і інш.] Мінск: Беларуская навука, 2011. 235 с.

Аўтарамі гэтай манаграфіі пазначаны пяць чалавек: А. К. Карабанаў, В. Ф. Вінакураў, Л. У. Дучыц, Э. М. Зайкоўскі, І. Я. Клімковіч. Гэтая кніга — нязвыклы прыклад супрацоўніцтва спецыялістаў у галіне геалогіі і гісторыі. Тэме даследавання беларускіх валуноў прысвечана нямала прац, асабліва ў галіне краязнаўства і лакальнай гісторыі, аднак прадметам манаграфічнага даследавання яны становяцца ўпершыню.

Пры тым, што праца мае ўсе фармальныя прыкметы манаграфіі, стыль яе напісання — навукова-папулярны. На гэта настройвае лірычны стыль уводзінаў: „Складваецца ўражанне, што яны [камяні] вылезлі з-пад зямлі падыхаць паветрам” (3) і назвы першых падраздзелаў, такія, як „1.1. Ледавіковыя прышэльцы” (6). Далейшае чытанне толькі пацвярджае ўражанне: у працы адсутнічаюць спасылкі на крыніцы, не названы мэты і задачы даследавання, няма агляду бібліяграфіі пытання (за выключэннем вывучэння праблемы геолагамі). Сказанае прыводзіць да высновы, што да кнігі было б недарэчна высоўваць патрабаванні, прынятыя для навуковага тэксту, і разглядаць яе толькі праз такую прызму. У той жа час сабраны і сістэматызаваны матэрыял, без сумневу, заслугоўвае ўвагі зацікаўленых вучоных, а значыць, і больш падрабязнага разгляду з нашага боку.

Першы раздзел „Вандроўныя камяні” прысвечаны гісторыі станаўлення ледавіковай тэорыі, вывучэнню валуноў геолагамі ў Беларусі, апісанню спосабаў іх фармавання, парод, якімі яны ўтвораны, і распаўсюджанню на тэрыторыі краіны. Завяршаецца раздзел гісторыяй стварэння парка камянёў у Мінску і яго апісаннем. Гэта адзіны ў кнізе „геалагічны” раздзел, астатнія структураваны паводле патрэб марфалагічна-фалькларыстычнай сістэматызацыі матэрыялу, і толькі апошні, дзясяты, — па лакалізацыі.

Такое рыгарыстычнае раздзяленне навуковых сфер пашырана і на ўвесь тэкст кнігі: у большасці раздзелаў апісваецца пэўная група камянёў толькі з аднаго пункту гледжання, часцей за ўсё фальклорнага. Там, дзе мы бачым сумесную працу геолагаў і гісторыкаў ці фалькларыстаў, яна мае дастаткова фармальны характар — на гатовы тэкст „накладаюцца” геалагічныя дадзеныя, такія, як парода каменя і яго памеры. Прыкметы непаразумення паміж аўтарамі мы знаходзім і ў канцы першага, „геалагічнага”, раздзела, дзе паведамляецца, што „пры выбары экспанатаў для ілюстрацыйнага матэрыялу гэтага раздзела перш за ўсё ўлічваліся прапановы супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі” (30). Між тым, такое супрацоўніцтва магло б прынесці свой плён. Напрыклад, у другім раздзеле, прысвечаным камяням-следавікам, падаюцца інтэрпрэтацыі з’яўлення практык шанавання такіх камянёў, пераказваюцца звязаныя з імі павер’і і легенды. Але аўтары не прыводзяць геалагічных тлумачэнняў і версій паходжання следападобных адбіткаў на камянях. Толькі праз сто старонак, у сёмым раздзеле, дзе разглядаюцца тыпалагічна блізкія „ямкавыя камяні”, пры геалагічным апісанні аднаго з іх робіцца заўвага пра тое, што „вялікае паглыбленне на камені, якое ўзнікла натуральным чынам у выніку разбурэння гнейса, мясцовыя жыхары лічаць адбіткам следу нейкай істоты” (124).

Да двух названых тэматычна блізкіх раздзелаў, другога і сёмага, прымыкае шосты: „Валуны са штучнымі паглыбленнямі”. Такая тыпалагічная блізкасць матэрыялу апісання стварае пэўныя праблемы ўзаемаперасячэння і паўтарэння, але гэта нельга паставіць у віну аўтарам, улічваючы няпросты характар аб’екта даследавання і тое, што на практыцы бездакорныя класіфікацыі прадметаў, якія існуюць у культуры ці створаны ёю, практычна ніколі не атрымліваецца скласці.

Самымі слабымі месцамі ў кнізе, на наш погляд, з’яўляюцца тыя, дзе робяцца спробы інтэрпрэтацыі дадзеных у рамках гістарычных і культуралагічных абагульненняў. У апошнія гады мы сталі сведкамі актыўнай вульгарызацыі ведаў пра паганства на Беларусі і разрастання калянавуковага дыскурсу на гэтую тэму, які паступова пачынае засланяць сабою навуковыя веды. Праблема тым больш складаная, што мяжу паміж імі не заўсёды можна дакладна правесці, асабліва ў той плоскасці, дзе ў суседстве знаходзяцца спрэчная тэорыя ці гіпотэза і спекуляцыя. Аўтараў ні ў якім разе нельга абвінаваціць у тым, што яны свядома спрычыніліся да міфалагізацыі ці прафанацыі гэтай сферы, аднак некрытычнае выкарыстанне матэрыялаў па тэме спрыяе пашырэнню сумнеўных тэзісаў і ідэй.

Некаторыя з іх можна назваць проста спрэчнымі, але тэарэтычна магчымымі. Да такіх адносіцца тэорыя пра тое, што чорт як персанаж славянскай дэманалогіі — гэта ўзніклы ў хрысціянскія часы спадкаемца бога Вялеса, хтанічнага боства і антаганіста Перуна. Адпаведна камяні з назвай „чортавы” не што іншае, як старажытныя месцы пакланення Вялесу. Найбольш паслядоўна гэтая тэорыя выкладаецца ў раздзеле 5.5. „Хтанічнае боства” (104–106). Праз усю кнігу праходзіць ідэя сувязі культавых камянёў і Вялеса. На наш погляд, відавочнае несупадзенне статусаў Вялеса як аднаго з багоў паганскага пантэона і чорта — ніжэйшай дэманалагічнай істоты, які не быў аб’ектам ні пакланення, ні шанавання, робіць гэтую тэорыю нежыццяздольнай. У іншым месцы чытач даведваецца, што ад Вялеса паходзяць не толькі чэрці, але і Сцяпан і, адпаведна, камяні, названыя яго імем: „Пасля распаўсюджвання на нашых землях хрысціянства персанаж беларускага фальклору Сцяпан пераняў імя святога Стафана, але захаваў рысы паганскага бога Вялеса” (59–60).

Акрамя такіх спрэчных месцаў, сустракаюцца і проста памылковыя. Прывядзем толькі некаторыя з іх. Так, мы даведваемся, што ў XVI–XVIII ст. адбывалася аднаўленне язычніцкіх культаў (114); што „нага, а тым больш ступня, лічыліся самымі міфалагізаванымі часткамі цела”, а „старажытныя людзі лічылі ступню часткай цела, праз якую душа сыходзіць на той свет” (32); што „ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай <…> Святы Марцін быў тады на Беларусі адным з самых улюбёных святых. Яму было прысвечана больш за 200 храмаў” (125); што на яўрэйскіх надмагіллях „яшчэ на пачатку ХХ ст. імя нябожчыка, яго заслугі перад Богам і людзьмі пісалі на іўрыце. Цяпер сустракаюцца помнікі толькі на рускай мове або на ідышы” (150).

Разам з тым у кнігі дастаткова і моцных бакоў. У першую чаргу да іх адносіцца сам сабраны матэрыял апісання культавых і гістарычных валуноў і яго сістэматызацыя. Разам апісана больш за 360 валуноў, прыведзены іх назвы, лакалізацыя; для некаторых тыпаў, такіх, як камяні-краўцы, камяні-шаўцы, валуны са штучнымі паглыбленнямі, складзены параўнальныя табліцы, якія ўключаюць інфармацыю пра памеры, паро ду, для першых двух з названых тыпаў — прычыны ака мянен ня (па водле падання), крыніцы вывучэння. Такім чынам, са браная і сістэматызаваная інфармацыя дае добрую гле бу для далейшых даследаванняў у гэтай галіне. Заў важым, напрыклад, што цікава было б параўнаць распаўсюджанне заходняй / усходняй традыцыі іменавання Маці Божай / Багародзіцы ў дачыненні да камянёў з яе слядамі ў залежнасці ад іх лакалізацыі. Выдатны матэрыял для гэтага можна знайсці ў другім раздзеле.

Другі важны момант — змешчаныя ў кнізе карты і ілюстрацыі. Карты адлюстроўваюць пашырэнне тых ці іншых тыпаў камянёў на тэрыторыі Беларусі і з’яўляюцца цікавым дадаткам для даследавання праблемы лакалізацыі гісторыка-культурных рэгіёнаў. Прыведзена больш за сто чорна-белых ілюстрацый, пераважна гэта фотаздымкі з аўтарскіх экспедыцый; акрамя таго, ёсць восем старонак каляровай укладкі.

Разгледжаная намі кніга, нягледзячы на некаторыя названыя хібы, будзе каштоўнай для спецыялістаў у галіне лакальнай гісторыі, фалькларыстыкі, археалогіі. Факталагічны матэрыял у ёй зручна сістэматызаваны і суправаджаецца геаграфічным паказальнікам. На жаль, яна выйшла малым накладам (200 асобнікаў), а гэтага яўна недастаткова, улічваючы навукова-папулярны характар тэксту і кола патэнцыйных чытачоў.

Мінск

Сяргей Грунтоў

Уладзімір Ісаенка (15.12.1928 – 30.06.2010) (Мікола Крывальцэвіч)

26 лістапада, 2010 |

Археолаг Уладзімір Фёдаравіч Ісаенка памёр 30 чэрвеня 2010 г. у Мінску, так і не трапіўшы тым летам у мястэчка Юравічы, што на Прыпяці, дзе ён зрабіў свае першыя археалагічныя адкрыцці і куды штогод з вялікім жаданнем вяртаўся. У тым жа 2010 годзе, хоць і са спазненнем, выйшаў зборнік навуковых прац, які прысвячаўся яго 80-гадоваму юбілею і 70-годдзю з дня нараджэння Міхася Чарняўскага[1]. Уладзімір Ісаенка з той плеяды, якая адрадзіла беларускую археалогію і стварыла навуковую школу. Ён адзін з тых навукоўцаў, якія запачаткоўвалі беларускую неаліталогію.

Пакручастым, часам і драматычным, было яго жыццё, складаным і няпростым быў шлях у навуку. У. Ісаенка нарадзіўся 15 снежня 1928 г. у Горках (Магілёўская вобласць). Яго тата і мама вучыліся тады ў мясцовай Сельскагаспадарчай Акадэміі. Фёдар Ісаенка, бацька будучага навукоўца, прайшоўшы камісарам грамадзянскую вайну, быў сакратаром партячэйкі ў Горацкай акадэміі. У 1932 г. сям’я пераехала ў Мінск. Фёдар Ісаенка працаваў у Наркамземе, пазней трапіў пад рэпрэсіі, але ацалеў[2]. Ісаенкі засталіся жыць у аку паваным фашыстамі Мінску. Бацька пайшоў працаваць аграномам у Мінскую гарадскую ўправу, а маці — на малочны завод. Пазней Фёдар Ісаенка прымаў удзел у Беларускай Народнай Самапомачы[3]. Уладзімір спачатку вучыўся ў адной з беларускіх народных школ, якія працавалі ў акупаваным Мінску, а атрымаўшы атэстат паступіў у Мінскую прагімназію. У ёй, паводле яго ўспамінаў, ён здолеў паспяхова засвоіць шмат якія веды. Выдадзены атэстат шанаваў і захоўваў амаль усё сваё жыццё, нягледзячы на многія небяспечныя абставіны. Хлопец быў у тым узросце, калі ў памяць уразаліся шматлікія падзеі і сцэны з акупаванага Мінска, якія праз многія гады ён мог да драбніц прыгадаць[4]. Вясной 1944 г. Уладзімір разам з маці і бабуляй быў вывезены ў паўднёвую Нямеччыну, дзе, працуючы на ваенным заводзе, трапляў пад бомбы саюзнікаў, якія перыядычна нішчылі нямецкія вытворчыя аб’екты. Потым быў Берлін зімы і вясны 1945 г. з жудасцямі татальнага знішчэння горада і людзей. Хлопцу давялося жыць і хавацца „ў самым цэнтры, за два кварталы ад Ангальтэрбангоф, за тры — ад дома Гімлера, за чатыры — ад Райхсканцылярыі”[5]. Бацька Уладзіміра Ісаенкі, апынуўшыся пасля ўцёкаў з Мінска ў Берліне, праз нейкі час з’ехаў у ЗША, дзе пазней і памёр. Маці адмовілася ехаць за мужам і разам з Уладзімірам вярнулася ў Мінск. На радзіме іх чакаў новы страх за сваё жыццё. Нечаканае выратаванне прыйшло ад стрыечнага брата маці, які да вайны служыў у НКУС. Ён накіраваў іх у Гомель, дзе Уладзімір змог закончыць школу і паступіць у 1947 г. у Гомельскі педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Пасля заканчэння, як адзін з лепшых студэнтаў, ён атрымаў рэкамендацыю на выкладанне ў ВНУ, але не скарыстаўся ёю, бо ведаў, якую праверку біяграфіі праходзяць інстытуцкія выкладчыкі. З 1951 г., атрымаўшы дыплом настаўніка матэматыкі, ён працаваў спачатку ў Шыіцкай, а пазней у Юравіцкай школах Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Менавіта тут, у Юравічах, у старадаўнім палескім мястэчку, у маладога настаўніка, а пазней дырэктара школы, абудзілася цікавасць да краязнаўства і гісторыі. Юравічы набылі шырокую вядомасць дзякуючы адкрыццю ў 1929 г. палеалітычнай стаянкі. Акрамя таго, у ваколіцах мястэчка археолагі знаходзілі вялікую колькасць іншых помнікаў эпох каменя і бронзы. На ўскраіне Юравічаў захаваліся валы гарадзішча — рэшткі невядомага сярэднявечнага горада Х–ХІІІ ст. (паводле А. Іова), а пасярод мястэчка велічна ўзвышаліся сцены ўнікальнай трохнефнай базілікі — касцёла Раства Прасвятой Багародзіцы (ХVІІІ ст.). Сабраныя Ісаенкам у 1958–1973 г. матэрыялы па гісторыі мястэчка і яго ваколіц пазней складуць вялікую рукапісную кнігу „Летопись Юрович”, частка якой была надрукавана ў 2000 г.[6], а іншая чакае сваёго выдання. Дарэчы, варта адзначыць, што, працуючы ў тых ці іншых мясцінах, Уладзімір Ісаенка з захапленнем збіраў гістарычныя паведамленні пра іх. Так ўзніклі краязнаўчыя нарысы пра Пагост-Загародскі і Камень на Піншчыне, пра Іслач каля Ракава. Раздрукаваныя на машынцы тэксты ён з вялікім задавальненнем дарыў сваім сябрам.

У канцы 1950-х г. У. Ісаенка пачаў цікавіцца мясцовымі старажытнасцямі. Спачатку гэта былі школьныя экскурсіі і паходы з мэтай агляду помнікаў археалогіі ўздоўж Прыпяці. У выніку такіх вандровак пачала фармавацца калекцыя школьнага археалагічнага музея ў Юравічах. У экспазіцыі і фондах пераважалі матэрыялы каменнага і бронзавага вякоў. Актывізацыі пошукавай дзейнасці спрыялі тыя абставіны, што ў 1958 г. археолаг У. Будзько і геолаг Л. Вазнянчук пачалі новы этап даследчых прац на Юравіцкай палеалітычнай стаянцы.

Вялікая цікавасць да мінуўшчыны перарасла ў жаданне заняцца археалогіяй прафесійна. У 1961 г., пасля на пружанага этапу самападрыхтоўкі, У. Ісаенка па-ступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі і пачаў працу над кандыдацкай дысертацыяй „Неаліт Прыпяцкага Палесся”. Перад маладым на вукоўцам паўсталі надзвычай складаныя задачы. У першую чаргу неабходна было правесці шырокамаштабныя палявыя даследаванні. У фондах інстытута захоўваліся толькі рэшткі вернутых з Нямеччыны даваенных калекцый. Нельга было, безумоўна, спадзявацца на музейныя зборы, аснову якіх складалі адзінкавыя выпадковыя знаходкі. Ю. Кухарэнка ў сваім зводзе першабытных помнікаў, падсумоўваючы вынікі вывучэння палескага неаліту і спасылаючыся на дадзеныя эпізадычных пошукаў канца ХІХ — першай паловы ХХ ст., змог згадаць толькі пра 80 месцазнаходжанняў з т. зв. „неалітычнай грабеньчатай” керамікай[7]. Разрозненыя і нешматлікія артэфакты, зразумела, не маглі быць паўнавартаснымі крыніцамі для распрацоўкі канцэпцый з’яўлення і развіцця неалітычных культур Палесся. Надзвычай супярэчлівымі былі меркаванні археолагаў адносна культурнай ідэнтыфікацыі і паходжання неаліту Палесся. Некалі знойдзеныя тут матэрыялы адносілі ўслед за А. Гардаўскім да днепра-эльбскай культуры[8] або пачалі ўключаць ў межы распаўсюджання днепра-данецкай культуры з грабеньчата-накольчатай керамікай[9]. Некаторыя вучоныя па-ранейшаму прытрымліваліся думкі пра параўнальна малую заселенасць Палесся ў глыбокай старажытнасці, спасылаючыся на забагненасць нізін у басейне Прыпяці.

Уладзімір Ісаенка правёў шырокамаштабныя палявыя даследаванні на тэрыторыі Усходняга і Заходняга Палесся. Штогадовыя археалагічныя разведкі і раскопкі дазволілі яму на працягу 1960–1980-х г. давесці колькасць палескіх неалітычных помнікаў амаль да 500. Многія з іх раскопваліся шырокімі плошчамі. Сярод іх — Камень-2 (Заходняе Палессе), паселішча неаліту і бронзавага веку, якое капалася з 1967 да 1980 г. на плошчы каля 8118 кв. м. Уражвае аб’ём сабранага за тыя дзесягоддзі археалагічнага матэрыялу — гэта сотні тысяч артэфактаў! Калекцыйны фонд Ісаенкі мае каштоўнасць яшчэ і тым, што многія абследаваныя ім помнікі, а гэта найчасцей пясчаныя палескія дзюны, не захаваліся да нашага часу. Частка месцазнаходжанняў знішчалася пад час меліярацыі Палесся, зарастала лесам, аралася, забудоўвалася, ператваралася ў кар’еры. Вялікая колькасць палескіх помнікаў стала недаступнай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры ліквідацыі наступстваў радыеактыўнага забруджвання шмат якія помнікі выкарыстоўваліся пад кар’еры і могільнікі. У сувязі з гэтым палескія калекцыі У. Ісаенкі можна называць фондам выратаваных археалагічных каштоўнасцяў, якія для некаторых рэгіёнаў Палесся застаюцца сёння бадай ці не адзінымі археалагічнымі крыніцамі.

Кандыдацкую дысертацыю У. Ісаенка паспяхова абараніў у 1973 г. З сярэдзіны 1960-х да канца 1970-х г. вучоны напісаў асноўныя свае працы. З друку выйшлі яго „археалагічныя карты” па каменным і бронзавым вяках Беларусі[10], раздзелы па эпохах каменя і бронзы ў „Очерках по археологии Беларуси”[11], у „Гісторыі Беларускай ССР”[12], у шэрагу энцыклапедычных выданняў. У 1976 г. была надрукавана яго манаграфія „Неолит Припятского Полесья”[13].

Уладзімір Ісаенка прыйшоў да высновы, што шляхі з’яўлення і развіцця неалітычных культур ва Усходнім і Заходнім Палессі істотна адрозніваліся. На захадзе Палесся і на поўначы Валыні пад уздзеяннем культурнага імпульсу з Буга-Днястроўскай вобласці і Балканскага паўвострава пачаў развівацца мясцовы варыянт нёманскай неалітычнай культуры, а на ўсходзе Палесся распаўсюджваліся традыцыі днепра-данецкай культуры. На падставе параўнання комплексаў і аналізу стратыграфіі даследчык прасачыў асноўныя этапы фармавання ўсходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры і заходнепалескіх помнікаў нёманскай культуры. Для кожнага з этапаў усходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры і заходнепалескай групы нёманскай культуры Ісаенка вылучыў найбольш характэрныя комплексы прыкмет і асаблівасцяў. Ён абгрунтаваў вылучэнне IV этапу ў развіцці днепра-данецкай культуры, які меў месца ва Усходнім Палессі і развіваўся адначасова з культурай шнуравой керамікі. У. Ісаенка звярнуў таксама ўвагу на прысутнасць у палескім лясным неаліце культуры лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар, трыпольскай культуры. Сярод ідэй, якія развіваў даследчык, асаблівай увагі заслугоўвае думка пра працяглую жывучасць неалітычных „грабеньчатых” традыцый, якія істотна паўплывалі на ўсю далейшую хаду гісторыка-культурнага развіцця, найперш на этапе фармавання культур эпохі бронзы. У. Ісаенка, як і многія іншыя спецыялісты яго пакалення, заставаўся прыхільнікам этнакультурных метадаў інтэрпрэтацыі і імкнуўся знайсці этнічную аснову ў вылучаных ім культурных таксонах. Паводле яго заключэння, мясцовыя „этнічныя супольнасці неалітычнай эпохі” складаліся са старажытных індаеўрапейцаў. На іх аснове пазней фармаваліся „балтыйскія і праславянскія плямёны”[14]. Адно з апошніх яго захапленняў — этнічная гідраніміка, вынікам чаго стала падрыхтаваная ім карта старажытных гідронімаў Беларусі ІІІ тыс. да н. э. — сярэдзіны І тыс. н. э.[15].

Адна з праблем, якая цікавіла У. Ісаенку, — пераход неалітычнага насельніцтва да вытвараючай гаспадаркі. Ужо ў неалітычны перыяд, паводле яго меркавання, старажытныя палешукі маглі асвоіць ранняе земляробства і жывёлагадоўлю. Пры гэтым У. Ісаенка дапускаў, што на Палессі знаёмства з вытвараючымі формамі гаспадарання адбылося раней ІІІ тыс. да н. э. У якасці доказаў ён прыводзіў адпаведны археалагічны і астэалагічны матэрыял, пісаў пра „дэмаграфічны выбух” — па раў-нальна рэзкае павелічэнне колькасці паселішчаў на познанеалітычных этапах, а таксама пра пераход да новых формаў светаўспрымання, пранікненне на Палессе традыцый цэнтральнаеўрапейскіх культур, якія ў той час актыўна развівалі земляробчую і жывёлагадоўчую эканоміку. Асаблівай увагі заслугоўвае той факт, што для аргументацыі сваіх палажэнняў Ісаенка спасылаўся не толькі на археалагічныя дадзеныя, але і на вынікі прыродазнаўчых даследаванняў, у прыватнасці на паліналагічныя аналізы, фіксацыю антрапагеннага ўздзеяння на прыроду Палесся ў суббарэальны перыяд[16]. Менавіта палеабатанічныя даследаванні, якія актыўна праводзяцца апошнім часам на тэрыторыі Беларусі, дазваляюць пацвердзіць думку пра неалітычны этап у развіцці ранніх формаў земляробства і жывёлагадоўлі на тэрыторыі Беларускага Палесся[17].

Паводле высноў У. Ісаенкі, у сістэме прысваяльнай эканомікі ў неалітычныя часы на Палессі найбольшае значэнне належала рыбалоўству. Рыбацтва, пісаў ён, дазваляла старажытным палешукам выпрацаваць устойлівыя і збалансаваныя спосабы выжывання ва ўмовах мясцовага навакольнага асяроддзя. Прыстасаванасць да спецыфічных прыродных умоў Палесся ў сваю чаргу спрыяла кансерватыўнасці неалітычнага ладу жыцця і працягламу існаванню традыцый „ляснога неаліту”[18].

Акрамя неаліту Палесся, У. Ісаенка актыўна працаваў над многімі іншымі праблемамі айчыннай археалогіі. У прыватнасці, ён шмат увагі аддаваў збору і інтэрпрэтацыі матэрыялаў мезалітычнага перыяду. Асаблівыя шляхі развіцця ўсходне- і заходнепалескага позняга мезаліту, паводле яго заключэння, прадвызначылі „этнакультурны” падзел Прыпяцкага Палесся па Гарыні, Стыры і паўночнай Случы ў неалітычную эпоху[19]. У. Ісаенка, услед за І. Арцёменкам, паспрабаваў абагульніць некаторыя дадзеныя па „шнуравым перыядзе” і бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі[20]. Важным дасягненнем у гэтым кірунку стала яго праца „Археологическая карта Беларуси. Ч. 3. Памятники бронзового века”[21]. У кнізе, акрамя найбольш поўнага зводу помнікаў з матэрыяламі бронзавага веку, ён надрукаваў кароткія нарысы свайго бачання культурнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства эпохі бронзы на тэрыторыі Беларусі, спрабуючы сінхранізаваць асноўныя перыяды бронзавага веку Беларусі з этапамі культурных зменаў у сумежных рэгіёнах Еўропы[22]. У сваіх публікацыях У. Ісаенка неаднаразова слушна адзначаў некаторыя асаблівасці помнікаў са шнуравой керамікай на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся. Для вызначэння іх адметнасці ён спачатку ўжываў тэрмін „палеская група”[23], а пазней „палеская культура шнуравой керамікі”[24]. Апошняя, на яго думку, адрознівалася ад сярэднедняпроўскай і збліжалася са стшыжаўскай культурай[25].

На падставе ўласнага шматгадовага досведу і вопыту працы з крамянёвымі знаходкамі Уладзімір Ісаенка прапанаваў сваю сістэму класіфікацыі крамянёвых вырабаў Паўднёвай Беларусі. Ён напісаў цікавыя і адначасова карысныя і змястоўныя артыкулы па асаблівасцях тапаграфіі і стратыграфіі палескіх помнікаў каменнага веку, па метадах рэгламентацыі палявых прац на паселішчах каменнага веку, па старажытнай мастацкай творчасці і інш.

Сваю дасведчанасць у сістэматызацыі навуковай інфармацыі вучоны паспяхова праявіў у працы над многімі энцыклапедычнымі выданнямі. Ён уваходзіў у рэдакцыйныя калегіі многіх беларускіх энцыклапе дый, быў кансультантам, рэдактарам і аўтарам вялікай коль касці энцыклапедычных артыкулаў (ім напісана больш за 400 артыкулаў для энцыклапедый!). У. Ісаенка — аўтар многіх гісторыка-дакументальных хронік га ра доў і раёнаў Беларусі „Памяць”[26]. Акрамя ўласна архе алагічных артыкулаў ён змяшчаў на старонках кніг „Памяці” напрацаваны ім матэрыял па розных перыядах мясцовай гісторыі, найперш на тэму Другой сусветнай вайны.

Захапленне вучонага ваеннай тэматыкай, бадай, нельга назваць хобі. Вайна, якая пакінула ў памяці падлет ка страшны след, не магла не прымусіць думаць усё жыццё пра яе і цікавіцца праўдзівай ваеннай гісто рыяй. Я не памылюся, калі напішу, што У. Ісаенка быў адным з самых дасведчаных у Беларусі храністаў Вялікай Айчыннай вайны. Сабраныя і сістэматызаваныя веды пра вайну дазволілі У. Ісаенку прапанаваць цікавыя і грунтоўныя артыкулы, рэцэнзіі, карты баявых дзеянняў для навуковых і навукова-папулярных выданняў Беларусі[27]. У. Ісаенка — першы ў Беларусі археолаг, які паспрабаваў спалучыць прафесійны археалагічны досвед і ваенна-гістарычныя веды з дзейнасцю, скіраванай на пошук невядомых пахаванняў часоў вайны. У другой палове 1990-х — пачатку 2000-х г. ён паспяхова і плённа працаваў на пасадзе археолага-кансультанта ў спецыялізаваным пошукавым батальёне, падрыхтаваў для камандзіраў падраздзялення дапаможнік па методыцы правядзення палявых прац, закладаючы тым самым тэарэтычную і практычную аснову беларускай ваеннай археалогіі.

Уладзімір Ісаенка належаў да той катэгорыі навукоўцаў, якія ніколі не спыняліся на дасягнутым. Ён, як ніхто іншы з нашых калег, мог крытычна ацаніць тую ці іншую ідэю, паказаць перспектыву яе развіцця і ўдасканалення. Здзіўляла яго памкненне распрацоўваць маштабныя па сваёй глыбіні навуковыя праблемы. Шкада, што многія з распачатых праектаў па розных прычынах так і не былі рэалізаваныя.

Мікола Крывальцэвіч


[1] Матэрыялы па археалогіі Беларусі: Даследаванні каменнага і бронзавага вякоў (да юбілеяў У. Ф. Ісаенкі і М. М. Чарняўскага). Мінск, 2010. Вып. 18.
[2] Ісаенка У. Жыцьцё з галавой у пятлі // Arche. 1999. № 2. С. 172.
[3] Тамсама. С. 176–177.
[4] Тамсама. С. 171–184.
[5] Тамсама. С. 176–177.
[6] Ісаенка У. Ф. Юравічы над Прыпяццю. Мінск: „Арты-Фэкс”, 2000.
[7] Кухаренко Ю. В. Первобытные памятники Полесья // Свод археологических источников. Москва, 1962. Вып. Б1-18.
[8] Gardawski A. Zagadnienie kultury „ceramiki grzebykowej” w Polsce // Wiadomości Archeologiczne. Warszawa, 1958. T. XXV.
[9] Телегін Д. Я. Дніпро-донецька культура. Київ, 1968.
[10] Исаенко В. Ф. Археологическая карта Белоруссии. Минск: Полымя, 1968. Вып. 1: Памятники каменного века. 127 с.; ён жа. Археологическая карта Белоруссии. Минск: Полымя, 1976. Вып. 3: Памятники бронзового века.
[11] Очерки по археологии Белоруссии. Минск: Наука и техника, 1972. Ч. 1.
[12] Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / АН БССР. Ін-т гісторыі; Рэдкал.: К. І. Шабуня (гал. рэд.) і інш. Мінск: Навука і тэхніка, 1972. Т. 1.
[13] Исаенко В. Ф. Неолит Припятского Полесья. Минск: Наука и техника, 1976.
[14] Тамсама. С. 118–120, 127.
[15] Гістарычны атлас Беларусі. Warszawa: Efekt, 2008. T. 1: Беларусь ад старажытных часоў да канца ХVІІІ ст. С. 38–39.
[16] Исаенко В. Ф. Неолит Припятского Полесья.
[17] Зерницкая В. П., Симакова Г. И., Павлова И. Д. Признаки хозяйственной деятельности человека в пыльцевых спектрах голоцена Беларуси // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2001. № 16. С. 5–19; Калечыц А. Г. Пераход да вытворчай гаспадаркі на тэрыторыі Беларусі (шляхі і час) // Od neolityzacji do początkow epoki brązu. Przemiany kulturowe w miedzyrzeczu Odry i Dniepru miedzu VI i II tys. przed Chr. Poznań, 2001. S. 29–42; Kryvaltsevich M., Simakova G., Razlutskaya A. The Emergence of Early Agriculture and Stock Raising on the Territory of Belarus: Several Issues and Research Aspects // Eurasian Perspectives on Environmental Archaeology: Annual Conference of the Association for Environmental Archaeology (AEA), Poznan, September 12—15, 2007. Poznan, 2007. P. 89–92.
[18] Исаенко В. Ф. Древнее рыболовство в Полесье // Рыболовство и морской промысел в эпоху мезолита — раннего металла в лесной и лесостепной зоне Восточной Европы. Ленинград: Наука, 1991. С. 96–106.
[19] Исаенко В. Ф. Неолит Припятского Полесья.
[20] Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1; Исаенко В. Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3: Памятники бронзового века.
[21] Исаенко В. Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3: Памятники бронзового века.
[22] Гл. з гэтай нагоды: Крывальцэвіч М. М. Праблемы перыя-дызацыі і храналогіі эпохі бронзы на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2006. № 22. С. 39–40.
[23] Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. С. 123; Исаенко В. Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3: Памятники бронзового века. С. 16.
[24] Белорусская археология: Достижения археологов за годы советской власти / В. Ф. Исаенко, М. М. Чернявский и др. / Ред-кол.: Г. В. Штыхов и др. Минск: Наука и техника, 1987. С. 25–26.
[25] Тамсама. С. 25–26.
[26] Гл. бібліяграфію навуковых прац: Крывальцэвіч М. М. Спіс навуковых і навукова-папулярных прац Уладзіміра Фёдаравіча Ісаенкі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі: Даследаванні каменнага і бронзавага вякоў (да юбілеяў У. Ф. Ісаенкі і М. М. Чарняўскага). Мінск, 2010. Вып. 18. С. 12–19.
[27] Гл., напрыклад: Ісаенка У. Ф. Карта „Абарона Мінска 25 чэрвеня — 3 ліпеня 1941 г.” // Энцыклапедыя гісторыі Белару сі: у 6 т. Т. 5. Мінск, 1999. С. 161–163; ён жа: Карта „Навагрудскі кацёл” // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 5. Мінск, 1999. С. 260–261; ён жа: Карта „Вялікая Айчынная вайна. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. 22 чэрвеня — жнівень 1941 г.” // Нацыянальны атлас Беларусі. Мінск, 2002. С. 282–283; ён жа: Рэц.: Першы дапаможнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны // БГА. 2005. Т. 12. Сш. 1–2 (22–23). С. 341–359.
Наверх

Ганецкая, Ірына У. Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц. Мінск, 2018 (Ніна Здановіч).

14 верасня, 2010 |

ГАНЕЦКАЯ, ІРЫНА У. Глускі замак у святле археалагічныхдаследаванняў і пісьмовых крыніц. Мінск: Беларуская навука, 2018. 415 с., іл.

Археалогію традыцыйна класіфікуюць як дапаможную гістарычную дысцыпліну. Аднак гісторыкі практычна не карыстаюцца яе дапамогай. Археолагі вельмі часта плацяць гісторыкам той жа манетай. Манаграфія ж Ірыны Ганецкай дэманструе магчымасці сінтэзу гістарычныхі археалагічных крыніц. З яе старонак у святле няпростай гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай паўстае практычна зніклы з твару зямлі Глускі замак – як родавае гняздо Палубінскіх, а пасля – уладанне Радзівілаў. Чытаць далей →

Даследчыкі археалагічных старажытнасцей Беларусі: біябібліяграфічны даведнік / С. П. ВІЦЯЗЬ, В. У. МЯДЗВЕДЗЕВА, Л. У. ДУЧЫЦ. Мінск: Беларуская навука, 2020. 504 с., [8] л. іл.

19 ліпеня, 2010 |


Сярод шэрагу даведачных выданняў гістарыяграфічнага і бібліяграфічнага характару гэтая кніга, безумоўна, з’яўляецца падзеяй, таму што прысвечана вузка спецыялізаванай тэматыцы – археалагічнай навуцы і фармаванню археалагічных ведаў на працягу даволі вялікага прамежку часу. З уводзінамі яе змест складаюць сем раздзелаў, заключэнне, схема персанальнага апісання, імянны паказальнік (920 асоб), літаратура (161 пазіцыя) і спіс скарачэнняў.

Ва ўводзінах аўтары кажуць пра зварот да археалагічнай навукі з навуказнаўчых пазіцый і прыводзяць вельмі агульнае вызначэнне навуказнаўства. Яны неаднаразова падкрэсліваюць назапашанасць вялікай колькасці звестак пра археалагічныя помнікі і матэрыялаў, значнасць біяграфічна-бібліяграфічнай праблематыкі і для беларускай археалогіі. На думку аўтараў даведніка, “фармалізацыя, сістэматызацыя і статыстычная апрацоўка навуковазнаўчых ведаў стварае аснову для работ у кірунку навукаметрыі”. Праўда, з фармулёвак, прыведзеных у тэксце, цяжка зразумець, што дакладна яны разумеюць пад навукаметрыяй. Не зусім ясна гучыць пасыл пра вывучэнне “даследчыкамі археалагічных помнікаў і іншых старажытнасцяў”. У назве даведніка заяўлена спалучэнне “археалагічныя старажытнасці”.

Коратка характарызуюцца колькасныя паказчыкі больш як 900 персаналій, вызначаюцца катэгорыі даследчыкаў (аматары даўніны, даследчыкі старажытнасцей, прафесійныя археолагі, навукоўцы сумежных дысцыплін, краязнаўцы, лабаранты, мастакі, фатографы). Асобна вылучана катэгорыя даследчыкаў – выхадцаў з Беларусі, якія займаліся археалагічным вывучэннем на тэрыторыях іншых краін.

Раздзел 1 называецца “Развіццё беларускай археалогіі ў XVI–XXI ст.”. Але казаць пра развіццё беларускай археалогіі ў XVI–XVIІІ ст. не выпадае, ды і ў дачыненні да XIX ст. наўрад ці варта выкарыстоўваць словазлучэнне “беларуская археалогія”. Для гэтага перыяду больш карэктна гаварыць пра “развіццё археалагічных даследаванняў на беларускіх землях у складзе Расійскай імперыі”. Змест раздзела выкладзены ў храналагічнай паслядоўнасці, – падыход, які замацаваны яшчэ ў гістарыяграфічных аглядах і працах папярэднікаў: Л. Аляксеева, Г. Каханоўскага. Па форме тэкст нагадвае нататкі-нарысы пра развіццё археалагічных даследаванняў. Напэўна, тут варта было б вылучыць больш акцэнтавана этапы развіцця беларускай археалогіі, вызначыцца з іх асаблівасцямі і характэрнымі рысамі (калекцыянаванне артэфактаў, стварэнне першых музейных экспазіцый, навуковы або аматарскі ўзровень даследчыцкіх намаганняў, арганізацыйны і навуковы ўдзел у археалагічных з’ездах і г. д.). Раздзел дапаўняюць фотаздымкі, якія адлюстроўваюць працэс даследаванняў і прадстаўляюць археолагаў Інстытута гісторыі ў 1960-я – 2020-я г.

У частцы пра развіццё археалагічнай навукі на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. асноўная ўвага аддаецца даследаванням курганоў у розных кутках сучаснай тэрыторыі Беларусі (згадваецца 31 выпадак, звязаны з рознымі прозвішчамі і сацыяльным статусам даследчыкаў). Пра даследаванні гарадзішчаў паведамляецца толькі двойчы – у сувязі з імёнамі З. Даленгі-Хадакоўскага і братоў Тышкевічаў. Пра вывучэнне помнікаў каменнага веку прыведзены адзіны эпізод: даследаванні Б. Рыхтхофена ў басейне Бярэзіны Нёманскай у гады Першай сусветнай вайны.

Час ад часу аўтары выкарыстоўваюць тапонімы Лагойшчына, Бабруйшчына, Гомельшчына, Барысаўшчына, Ушаччына, Лепельшчына, Ашмяншчына, Піншчына і г. д. Але ці варта ўжываць тэрмін Бабруйшчына ў выпадку з раскопкамі курганоў М. Мышанковым, які даследаваў іх у 1888 г. у Бабруйскім павеце, значная частка тэрыторыі якога не супадае з сучаснымі межамі Бабруйскага раёна; гэтая тэрыторыя ўключала Бацэвіцкі павет (сучасны Клічаўскі раён), Любоніцкі павет (Кіраўскі раён), Глускі павет і інш.

Адзначым некаторыя канкрэтныя недахопы гэтай часткі. На с. 13 распавядаецца, што “ў сакавіку 1919 г. пры Народным камісарыяце асветы ўтворана Археалагічная камісія, якая стала першай дзяржаўнай навуковай установай…”. Якой дзяржавы? Дробязь, але калі выданне адносіцца да рангу даведачнай літаратуры, інфармацыя павінна быць выверана. На той момант існавала ЛітоўскаБеларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Літвы і Беларусі (скарочана ЛітБел). Дарэчы, у 1921 г. ужо дзейнічаў Народны камісарыят асветы БССР.

На с. 14 яшчэ адна недакладнасць: у 1927 г. раскопкамі на палеалітычнай стаянцы Бердыж Чачэрскага раёна кіраваў С. Замятнін, а не Г. Мірчынк [1].

На той жа старонцы даведнік паведамляе, што “ў 1930‐я гады аб’ём археалагічных даследаванняў адчувальна зменшыўся”. Але як быць з дадзенымі А. Ляўданскага з абагульняльнага артыкула “Археалагічная праца ў БССР у 1930–1931 гг.”, дзе аўтар пералічвае “1 даследаваную і 1 абследаваную палеалітычныя стаянкі, 2 абследаваныя мезалітычныя стаянкі, 250 абследаваных стаянак эпох неаліту і бронзы, 55 ранніх і пазнейшых селішч, 74 абследаваных і часткова раскапаных ранніх і пазнейшых гарадзішч, да 10 абследаваных так званых палёў пахавальных урнаў і іншых могільнікаў, і 95 даследаваных (шляхам раскопак) курганоў і магіл без насыпаў, як ранейшых, так і пазнейшых часоў” [2].

На с. 18 можна было б удакладніць, што І. Арцёменка пачаў даследаваць помнікі неаліту і эпохі бронзы ў Па дняпроўі не ў 1960-я, а ў другой палове 1950-х г., прычым першым пачаў раскопваць унікальныя курганныя пахаванні (5 курганных груп) і грунтовыя могільнікі бронзавага веку (2).
На с. 23 аўтары пішуць, што “пераважная большасць кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па спецыяльнасці “археалогія” была абаронена ў 1980–1990-х” (20 кандыдацкіх было абаронена ў 1980-я, 18 – у 1990-я. – Падлікі І. Я.). Далей прыведзены толькі агульныя колькасныя паказчыкі: “на аснове археалагічных матэрыялаў у Беларусі на 2020 г. было абаронена 18 доктарскіх (па нашых падліках, калі па беларускіх матэрыялах і прадстаўнікамі Беларусі, то не менш за 20. – І. Я.) і 97 кандыдацкіх” (без удакладнення па перыядах і праблематыцы).

Наступны раздзел (“Аматары даўніны XVI–XVIII стст.”) – самы кароткі (26–29). Тут прадстаўлены восем персаналій: Мацей Стрыйкоўскі – XVI ст., Крыштаф Радзівіл і Крыштаф Ян Хартнюх – XVIІ ст., Роберт Бжастоўскі, Ігнат Кульчынскі, Іван Ляпёхін, Караль Хадзіеўскі, Іаіль Шулакевіч – XVIІІ ст. У трох асоб біяграфічныя звесткі пададзены вельмі фрагментарна.

Раздзел 3 прысвечаны дапрафесійнай археалогіі (“Даследчыкі старажытнасцей ХІХ – першай паловы ХХ ст.”, с. 30–143). Тут прадстаўлены 254 асобы. У больш як 60 даследчыкаў вельмі скупыя біяграфічныя дадзеныя: адсутнічаюць звесткі пра даты нараджэння, імя, імя па бацьку, вельмі агульныя кірункі цікавасці да археалогіі, як прыклад: вывучаў старажытнасці ў Беларусі (с. 44, персаналія Вайцяшук Е. – год ці дата нараджэння ХІХ ст. і адна бібліяграфічная спасылка).

Раздзел 4 (“Прафесійныя археолагі ХХ–ХХІ ст.”, с. 144– 337) уключае біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі пра 275 асоб. Не зусім зразумелыя крытэрыі вылучэння даследчыкаў з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, якія мелі дачыненне да археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі. Істотная розніца ў тым, што адны навукоўцы вывучалі матэрыялы з тэрыторыі Беларусі (А. Абломскі, А. Брусаў, К. Гадлоўскі, І. Гаўрытухін, У. Енукоў, І. Ерамееў, М. Лапацін, А. Мікляеў, А. Моця, Э. Мугурэвіч, Р. Рыманцене, З. Сулгастоўска, Д. Цялегін, П. Талочка, А. Таўтавічус, Р. Цярпілоўскі, Ю. Шчапава), а іншыя непасрэдна даследавалі археалагічныя помнікі ў розных рэгіёнах Беларусі ў часы СССР (І. Арцёменка, М. Варонін, Н. Гурына, Ф. Гурэвіч, С. Замятнін, М. Каргер, К. Каспарава, Л. Клейн, Ю. Кухарэнка, М. Малеўская, М. Палубаярынава, К. Паўлава, В. Перхаўка, П. Рапапорт, Т. Раў дзіна, І. Русанава, Б. Рыбакоў, Г. Салаўёва, Э. Сымановіч, В. Сядоў, З. Сяргеева, П. Траццякоў, І. Цюрына, С. Шырынскі).

Па такім крытэрыі, як вывучэнне матэрыялаў розных эпох з тэрыторыі Беларусі і публікацыя іх у археалагічнай літаратуры, да раздзела аб прафесійных археолагах, апрача беларускіх даследчыкаў, можна было б дадаць яшчэ не менш як паўтара дзясятка прозвішчаў: Э. Кемпісты, А. Коська, М. Шмыт, Я. Чэбрэшук, Б. Юзвяк, С. Кукаўка (Польшча), Л. Залізняк, С. Лысенка, Р. Охрыменка (Украіна), Т. Астраўскас (Літва), А. Крыйска (Эстонія), А. Сарокін, А. Смірноў, М. Жылін, А. Выбарнаў, Г. Хлопачаў, А. Мазуркевіч (Расія). І гэта толькі імёны даследчыкаў, якія закранаюць праблематыку старажытных эпох (ад палеаліту да эпохі бронзы).
У раздзеле 5 (“Спецыялісты розных галін навукі ў ХХ– ХХІ ст.”) акрамя прыведзеных дадзеных пра 188 асоб не хапае звестак пра цэлы кірунак (паліналогію) і яго прадстаўнікоў, якія актыўна публікаваліся разам з археолагамі (Я. Яловічава, В. Зярніцкая, Г. Сімакова і інш.), пра палеагеографа П. Далуханава, пра даследчыкаў, якія распрацоўвалі радыевугляродную храналогію для археалагічных помнікаў Беларусі – Г. Зайцава, М. Кулькова, М. Кавалюх, М. Міхайлаў.

Перадапошні, 6-ы, раздзел прысвечаны краязнаўцам (“Краязнаўцы і дапаможны персанал ХХ–ХХІ ст.”). Імпануе імкненне аўтараў даведніка аддаць даніну павагі краязнаўцам – людзям, якія, асабліва ў 1920-я гады, надалі вельмі моцны імпульс археалагічным росшукам. І сёння яны выступаюць першапраходцамі ў археалагічнай галіне на мясцовым рэгіянальным узроўні, добра ведаюць археалагічныя помнікі і гісторыю іх даследаванняў на сваёй малой радзіме, з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі археолагаў не толькі ў працэсе археалагічных раскопак, але і пад час арганізацыі навукова-практычных канферэнцый. І гэты спіс можна дапаўняць прадстаўнікамі краязнаўчай грамадскасці многіх раённых цэнтраў Беларусі.

Добра, што тут знайшлося месца і лабарантам, мастакам і фатографам, сярод якіх такія легендарныя асобы, як М. Федасееў, Я. Каробушкін; натхнёныя, як А. Котава; таленавітыя і добразычлівыя, як З. Краўчанка, Г. Малаткова, А. Марковіч, Т. Зінчанка. Без карпатлівай працы лабарантаў і мастакоў не было б ілюстрацыйнай часткі шматлікіх манаграфій і артыкулаў. Ды і многія археолагі 1960–1980-х пачыналі з лабаранцкай пасады.

Урэшце, апошні 7-ы раздзел прысвечаны нараджэнцам Беларусі, якія вывучалі іншыя тэрыторыі – амаль паўсотні даследчыкаў. І гэты спіс таксама можна папоўніць. У Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры РАН працуюць Г. Паплеўка, В. Алёкшын – археолагі паходжаннем з Беларусі.

Выданню не хапае геаграфічнага паказальніка; у любой абагульняльнай працы навукова-даведачнага характару гэты складнік дазволіць пашырыць даведачны апарат, ды і археалагічны помнік без геаграфічнай прывязкі не можа існаваць. У літаратуры пра даследчыкаў сустракаюцца агульныя спасылкі без указання старонак у выданнях, якія прыводзяцца.

Безумоўна, аўтарамі даведніка зроблена патрэбная і аб’ёмная праца на карысць гісторыі археалагічнай навукі Беларусі. Іх даведнік адлюстроўвае самыя яскравыя старонкі ў развіцці археалагічных даследаванняў, хоць з розных прычын, у тым ліку аб’ектыўных абставінаў, многія істотныя моманты засталіся па-за ўвагай. Пералічаныя заўвагі не змяншаюць каштоўнасці выдання, якое дазваляе ўявіць палітру памкненняў не аднаго пакалення даследчыкаў археалагічнай спадчыны, адкрыць новыя імёны, розны ўзровень унёску ў развіццё археалагічнай навукі Беларусі. І калі аўтары ўлічаць хоць некаторыя з выказаных тут заўваг, наступнае выданне даведніка будзе намнога лепшае.

Мінск
Ігар Язэпенка

[1] Калечыц А. Г. Палеалітычныя помнікі Беларусі: (культурна-храналагічная ідэнтыфікацыя крыніц) / А. Г. Калечыц, А. У. Коласаў, В. С. Абухоўскі. Мінск, 2010. С. 28.
[2] Ляўданскі А. М. Археалагічная праца ў БССР у 1930–1931 гг. // Працы сэкцыі археолёгіі. Т. ІІІ. Менск, 1932. С. 226.

Наверх

Pre­Modern Russia and its World. Essays in Honor of Thomas S. Noonan. Wiеsbaden, 2006 (Ірына Ганецкая)

10 чэрвеня, 2009 |


Pre-Modern Russia and its World. Essays in Honor of THOMAS S. NOONAN. Ed. by KATHRYN L. REYERSON, THEOFANIS G. STAVROU, and JAMES D. TRACY. Wiеsbaden: Harrasowitz Verlag, 2006. – 180 p.

Зборнік „Расія і яе свет напярэдадні Новага часу” пад рэдакцыяй К. Л. Рэерсон, Т. Г. Стаўрова, Дж. Д. Трэйсі ўключае матэрыялы канферэнцыі з такім жа назовам, арганізаванай 2 лістапада 2002 г. і прысвечанай памяці Томаса Нунана,выдатнага амерыканскага гісторыка, які трыццаць пяцьгадоў працаваў ва універсітэце Мінесоты. Абшары навуковых інтарэсаў Т. Нунана вельмі шырокія, яны тычыліся ўсходнеславянскіх, фінскіх, балцкіх плямёнаў, волжскіх булгараў, хазараў, печанегаў і полаўцаў, якія насялялівелізарныя тэрыторыі, што распасціраліся ад Арктычнагаўзбярэжжа да Чорнага мора, ад Карпатаў да Урала. Длябольш глыбокага разумення працэсаў, што адбывалісятам на працягу ІХ-ХІІІ ст., Томас Нунан закранаў таксама гісторыю вікінгаў, Блізкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі. У сваёй працы даследчык выкарыстоўваў пісьмовыя, археалагічныя інумізматычныя крыніцы. Яго даследаванні насілі сінтэтычныі шматузроўневы характар: ад разгляду эканамічнай гісторыі велізарнага рэгіёна ў шырокім сэнсе (гандлёвыя шляхі, аб’ёмы гандлю і інш.) да даволі вузкіх праблем (асобныя рамёствы, перайманне новых тэхналогій, эканоміка качэўнікаў, эвалюцыя рускіх гарадоў і г.д.). Томас Нунан стварыў новае вымярэнне ў падыходзе да вывучэння гэтага складанага рэгіёна, што можа быць узорам сучаснага гістарычнага даследавання.

У зборнік увайшлі сем артыкулаў: „Бліжэйшае знаёмства з Візантыйскім светам: Русь у Керчанскім праліве” Дж. Шэпарда; „Абагаўлёная вярхоўная ўлада хазар” П. Б. Голдэна; „Ідэнтыфікацыя суднабудаўнічых цвікоў з квадратным сячэннем эпохі вікінгаў: на прыкладзе сярэдняй Нарвегіі” Г. Сталзбэрг і Б. ле Бо;  „Гандляры сярод лясоў: паўночнаяперыферыя Русі ў сярэднявечнай сістэме гандлёвых сувязяў”Н. Макарава; „Развядзенне сокалаў у сістэме абмену сярэднявечнай Еўразіі” Т. Т. Олсэна; „Развагі пра маскоўскае грамадства другой паловы ХV ст.” Р. Гэлі; „Манеты, гандаль і канцэптуалізацыя Кіеўскай Русі” Дж. Марцін. На першы погляд, публікацыі вельмі адрозныя тэматычна і храналагічна, аднак усе яны натхнёныя навуковымі ідэямі Томаса Нунана. Выданне адкрывае грунтоўны артыкул Дж. Шэпарда „Бліжэйшае знаёмства з Візантыйскім светам: Русь у Керчанскім праліве”, які ўяўляе сабой непасрэдны працяг і далейшае развіццё даследаванняў Т.Нунана. У цэнтры ўвагі гісторыка знаходзіцца паўночнае і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е. У Х-ХІІ ст. у гэтым рэгіёне сутыкнуліся інтарэсы многіх народаў і дзяржаваў. Этнічная, культурная і палітычная карціна яго была надзвычай складанай і далёка не вывучана да канца. Тут прысутнічалі русь, хазары і іншыя плямёны качэўнікаў, Візантыя; скрыжоўваліся мясцовыя (уздоўж паўночнага і ўсходняга ўзбярэжжаў, а таксама праз мора на поўдзень у Малую Азію і Канстанцінопаль) і важнейшыя міжнародныя гандлёвыя шляхі (па сушы ў Арменію і мусульманскія краіны, на поўнач праз стэпы па Дону і Волзе ў лясную зону і да ўзбярэжжа Арктыкі, на ўсход да Каспія і ў Сярэднюю Азію). Гэта непазбежна прыводзіла да актыўнага культурнага, палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння. Дж. Шэпард у сваім артыкуле закранае наступныя аспекты тэмы: геапалітычная і культурная сітуацыя; стратэгічнае значэнне Керчанскага праліва для Візантыйскай імперыі; дачыненні паміж Візантыяй і Хазарскім каганатам, Візантыяй і рускімі князямі; рускія набегі на ўсходні Каўказ у 1030-х г.; царкоўныя і іншыя кантакты паміж Канстанцінопалем, паўночна-ўсходнім Прычарнамор’ем і Аланіяй у ХІ ст.; дзейнасць Алега Святаслававіча (у Тмутаракані, Чарнігаве, у дачыненнях з Візантыяй); пісьменнасць і летазлічэнне; рускія князі і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е; гандаль і кантакты паміж руссю і грэкамі ў праліве ў ХІ-ХІІ ст. Разгорнуты аналіз пісьмовых сведчанняў з розных краін, культурных і рэлігійных уплываў, дадзеных нумізматыкі і сфрагістыкі дазволілі аўтару зрабіць важныя высновы, якія істотным чынам праліваюць святло на некаторыя аспекты складанай гісторыі такога супярэчлівага рэгіёна, якім было паўночнае і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е ў згаданы перыяд.

У публікацыі П. Б. Голдэна прадстаўлены аналіз прыроды Хазарскага каганата і асаблівасці інстытута вярхоўнага кіраўніка дзяржавы качэўнікаў. Свой погляд на інтэрпрэтацыю цвікоў з суднаў вікінгаў, адрозны ад традыцыйнага, выказваюць у невялікім матэрыяле Г. Сталзбэрг і Б. ле Бо.

Артыкул Н. Макарава „Гандляры сярод лясоў” несумненна будзе цікавым не толькі для гісторыкаў, але найперш для археолагаў. Вынікі дваццацігадовага сістэматычнага даследавання аднаго вясковага паселішча з выкарыстаннем сучасных метадаў, выкладзеныя аўтарам, абвяргаюць шэраг стэрэатыпаў савецкай і постсавецкай археалагічнай навукі. Агульнавядома, што шматлікія пісьмовыя крыніцы ІХ-ХІІІ ст. гавораць пра футра як асноўны прадмет усходнееўрапейскага экспарту. Несумненна, сістэма арганізацыі здабычы і збору футра мела велізарны ўплыў на агульнае эканамічнае развіццё Русі. Аднак пісьмовыя крыніцы толькі канстатуюць факт, кажуць, што футра пераважна атрымлівалі ў выглядзе даніны, але даюць вельмі абмежаваныя звесткі для раскрыцця практычных аспектаў тэмы экспарту футра. Не было акрэслена і значэнне спецыялізаванай здабычы і продажу футра. Натуральна, у такой сітуацыі вучоныя не маглі не выкарыстаць патэнцыял археалогіі і палеазаалогіі.

Археалагічны комплекс Мініна непадалёк ад Волагды ўключае тры неўмацаваныя паселішчы, могільнік і цэнтр па вытворчасці жалеза. Гісторыя помніка налічвае 250-300 гадоў і заканчваецца ў пачатку ХІІІ ст. Вакол Мініна ляжалі вялікія незаселеныя лясныя абшары (на тэрыторыю плошчай 3300 кв.км прыпадае ўсяго 7 паселішчаў такога тыпу). Першапачаткова была пастаўлена задача вывучэння сельскага паселішча з асноўным акцэнтам на эканамічны і экалагічны аспекты яго развіцця. Раскопкі праведзены на двух паселішчах і могільніку. Вёскі былі даволі вялікія — прыкладна 30-35 жытлаў у кожнай. На галоўным з іх знойдзена 1130 вырабаў з каляровых металаў і каля 1330 шкляных пацерак. Атрымліваецца ў сярэднім па 3 такія артэфакты на кожны квадратны метр — прыкладна, як у Бірцы, а таксама ў культурным пласце Ноўгарада і Гнёздава. Геаграфія і асартымент імпартных рэчаў надзвычай шырокія: візантыйскі шкляны посуд, бурштын, керамічны посуд волжскіх булгараў, кіеўскі паліваны посуд, бронзавыя шалі і арнаментаваны металічны пас. Натуральна, не заўсёды можна аддзяліць імпарт ад мясцовых імітацый. Нажы, замкі, ключы, грабеньчыкі паўтараюць заходнія тыпы. Археолагамі зафіксаваны сляды мясцовай вытворчасці металічных упрыгожванняў. Сыравіна паступала з Балтыйскага рэгіёна. Разам з металічнымі ўпрыгожаннямі, характэрнымі для міжрэчча Волгі і Акі, сустракаюцца жаночыя ўпрыгожанні заходніх тыпаў, якія распаўсюджваюцца з ХІ ст. У цэлым жаночы касцюм знаходзіўся пад моцным уплывам балцкіх традыцый. Раскопкі ў Мініна далі 19 заходнееўрапейскіх манет 976-1086 г. (13 з іх паходзяць з паселішчаў). Прынамсі некалькі манет выступалі як сродак грашовага абмену, паколькі на іх адсутнічалі адтуліны для падвешвання.

Задачы, пастаўленыя перад даследаваннем, патрабавалі ўважлівага вывучэння астэалагічнага матэрыялу. 75% агульнай колькасці костак належалі дзікім жывёлам. Доля рэшткаў дзікіх жывёл змяняецца ад перыяду да перыяду: калі ў ХІ – пачатку ХІІ ст. яна складала 76-80%, то з другой паловы ХІІ ст. працэнт костак дзікіх жывёл змяншаецца. Калекцыя дэманструе разнастайныя віды дзічыны, асабліва шмат баброў, вавёрак, куніц. Пэўная дынаміка назіраецца ў аб’ёмах здабычы бабра: 27-56% у розных месцах для Х – пачатку ХІІ ст. і 13-20% — для другой паловы ХІІ-ХІІІ ст. Змяншэнне папуляцыі бабра вяло да павелічэння здабычы вавёркі. Знаходкі спецыяльных жалезных і касцяных наканечнікаў стрэл таксама даюць сведчанні вялікай ролі палявання на пушнога звера.

Здабыча футра на Мініна ішла поруч з іншымі галінамі вытворчасці. Апроч металургіі і металаапрацоўкі жыхары паселішча актыўна займаліся сельскай гаспадаркай: вырошчвалі традыцыйныя зерневыя культуры, разводзілі свойскіх жывёл. Яны самі забяспечвалі сябе прадуктамі харчавання, прыладамі працы, і іх выжыванне не залежала ад знешняга гандлю.

У выніку перад археолагамі паўстала нечаканая карціна. На пушнога звера палявалі і пастаўлялі ў вялкіх аб’ёмах каштоўнае футра на міжнародны рынак жыхары вялікіх вясковых паселішчаў. Пры гэтым не было выяўлена ніякіх паляўнічых станцый ці сезонных стаянак, якія, паводле этнаграфічных крыніц, складалі аснову здабычы футра ў паўночнай Расіі позняга Новага часу. Не выклікае сумнення, што Мініна не было спецыялізаваным паселішчам паляўнічых. Яго эканоміка засноўвалася на розных відах дзейнасці. Насельніцтва тут займалася раслінаводствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, вытворчасцю жалеза і апрацоўкай чорных і каляровых металаў. Інакш кажучы, атрыманы сведчанні шматгаліновай эканомікі, дзе здабыча футра была хутчэй сродкам дасягнення раскошы, а не сродкам існавання. Н. Макараў лічыць, што эканамічная мадэль Мініна была тыповай для велізарных абшараў лясной паласы паўночнай Расіі.

Вынікі даследавання Мініна пацвярджаюць ідэі Нунана, які лічыў таварны абмен у Балтыйскім рэгіёне вельмі важным, і паказваюць, што ўплыў балтыйскага гандлю распасціраўся нашмат далей на ўсход. Пераарыентацыя міжнародных гандлёвых шляхоў ва Ўсходнебалтыйскім рэгіёне ў канцы Х – пачатку ХІ ст., дэталёва даследаваная Нунанам, не толькі стымулявала развіццё Ноўгарада, але і моцна паўплывала на эканамічнае і культурнае становішча велізарных тэрыторый паўночнай Расіі. Асаблівую значнасць вынікі даследавання расійскіх археолагаў набываюць у кантэксце вывучэння працэсу ўзаемадзеяння міжнароднага гандлю і мясцовага эканамічнага развіцця аддаленых раёнаў. Яны пацвярджаюць ідэю, што цыркуляцыя срэбра і іншых тавараў у міжнароднай сістэме гандлю аказвала моцны ўплыў не толькі на гандлёвыя цэнтры, размешчаныя на буйных водных шляхах, але і на аддаленыя раёны, якія самі выраблялі тавары і забяспечвалі гандаль прыроднымі рэсурсамі. Гэтая ідэя, ясна сфармуляваная ў працах Нунана, часта супярэчыць шырока распаўсюджанаму погляду на міжнародны гандаль як дзейнасць, што ажыццяўлялі толькі праз спецыялізаваную інфраструктуру, незалежна ад мясцовых супольнасцяў, якія, як лічылася, на самай справе не былі ўключаны ў таварны абмен. Уважлівы аналіз археалагічных дадзеных паказвае, што ўзровень камерцыялізацыі вясковага насельніцтва і ўзровень іх жыцця былі даволі высокімі. Мясцовыя пасяленцкія структуры ў рэгіёнах, дзе здабывалі футра, былі важнымі элементамі міжнароднай сістэмы абмену і карысталіся выгодамі свайго геаграфічнага становішча гэтаксама, як і гарады.

Аб’ектам увагі артыкула „Развядзенне сокалаў у сістэме абмену сярэднявечнай Еўразіі” сталі паляўнічыя птушкі, навучаныя для сакалінага палявання. Яны разглядаюцца не толькі як з’ява культурнага жыцця асобных народаў, але найперш як тавар, які на працягу стагоддзяў карыстаўся попытам у розных кутках кантынента. Т. Олсэн высвятляе вытокі гэтай паляўнічай традыцыі, вызначае рэгіёны, адкуль пастаўляліся птушкі, краіны і сацыяльныя групы, якія ix спажывалі, прасочвае кірункі руху гэтага жывога тавару ў глабальнай сістэме міжнароднага гандлю. Як паказваюць пісьмовыя крыніцы, у эпохі Сярэднявечча і ранняга Новага часу гандаль паляўнічымі птушкамі насіў глабальны характар і, звязваючы асобныя цывілізацыі Далёкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі, Індыі, мусульманскага свету, Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, быў адным з фактараў паступовага стварэння адзінай культурнай і эканамічнай еўразійскай прасторы.

Рычард Гэлі ў артыкуле „Развагі пра маскоўскае грамадства другой паловы ХV ст.” прадстаўляе свой погляд на гісторыю Масковіі. Ён лічыць, што другая палова ХV ст. сталася часам найвялікшых сацыяльных змен, супастаўляльных з тымі, што адбываліся паміж 1906 і 1936 г. Яны канчаткова былі сфармуляваны ў Саборным Улажэнні 1649 г. і зрабіліся вырашальнымі на стагоддзі далейшай гісторыі краіны. Аўтар паказвае фактары, сутнасць, механізмы і дынаміку перамен у асобных сегментах грамадскай структуры і грамадскіх адносінаў Масковіі: фармаванне класа служылага дваранства, узмацненне правінцыйных элітаў, працэс запрыгоньвання сялянства, рабства, стварэнне ўмоваў урбанізацыі.

Працэсы, якія адбываліся ва ўсіх азначаных сегментах сацыяльнай структуры, прывялі да ўзмацнення ролі дзяржавы / цара над усімі галоўнымі аспектамі грамадскага жыцця. Дзяржава ўзяла пад поўны кантроль асноўныя эканамічныя чыннікі: зямлю, працу, капітал. У той жа час, адзначае аўтар, дзяржава не абавязкова была ініцыятарам працэсаў, што вялі да рашучых зменаў, хоць амаль усе яны былі санкцыянаваны дзяржавай. Новыя з’явы ў маскоўскім грамадстве другой паловы ХV ст. мелі рознае паходжанне, а найбольш відавочным вынікам іх супольнай чыннасці быў уздым і ўмацаванне Маскоўскай дзяржавы.

Публікацыя Джэнет Марцін „Манеты, гандаль і канцэптуалізацыя Кіеўскай Русі” ў пэўнай ступені тычыцца і сярэднявечнай гісторыі Беларусі. Засноўваючыся на вывучэнні гандлю і гандлёвых шляхоў, даследчыца ўмешваецца ў даўнюю спрэчку нарманістаў і антынарманістаў і прапануе свой погляд на праблему паходжання Кіеўскай Русі. Яе галоўныя аргументы ляжаць у гісторыі гандлю паміж поўначчу Еўропы, з аднаго боку, і Візантыяй і мусульманскімі краінамі, з другога боку. Аўтарка прыходзіць да высновы, што менавіта вікінгі — ваяры, вандроўнікі, гандляры, даследчыкі ўнутраных тэрыторый Усходняй Еўропы — былі галоўным чыннікам фармавання ўсходнеславянскай дзяржавы. Аднак скандынаваў прывёў сюды зусім не заклік насельніцтва Русі, а арабскае срэбра, якое стала даступным пасля замірэння арабаў з хазарамі ў другой палове VІІІ ст., што адкрыла і зрабіла бяспечнымі транскаўказскія гандлёвыя шляхі. Менавіта дзякуючы хазарам, якія падпарадкавалі сабе некаторыя ўсходнеславянскія плямёны, прымусіўшы іх плаціць даніну, срэбра рушыла на поўнач. Гэтая акалічнасць не магла не прыцягнуць увагі варагаў. Такім чынам, паводле Дж. Марцін, падзеі, што адбыліся далёка за межамі земляў Русі, паклалі пачатак працэсам, якія прывялі да выкарыстання скандынавамі новых гандлёвых шляхоў, спрыялі ўзнікненню і росту гарадоў, усталяванню Рурыкавічаў у Кіеве і Ноўгарадзе, і ўрэшце — да фармавання Кіеўскай Русі.

Нягледзячы на тое, што падборка артыкулаў рэцэнзаванага выдання тэматычна не мае непасрэднага дачынення да гісторыі Беларусі, усё ж метады даследчыцкай працы, прадэманстраваныя тут, несумненна, вартыя самай пільнай увагі. Хачу ў сувязі з гэтым падкрэсліць тое, што заходнія гісторыкі не толькі не грэбуюць, але і актыўна займаюцца сур’ёзным (не павярхоўным!) вывучэннем археалагічнага матэрыялу, упэўнена ўплятаючы яго ў тканіну свайго даследавання. Трэба разумець, што інтэрпрэтацыя археалагічнага матэрыялу археолагам непазбежна застаецца спецыфічнай і не заўсёды адпавядае патрэбам гісторыка. Томас Нунан і аўтары зборніка, прысвечанага яго памяці, дэманструюць свежы погляд на археалагічныя крыніцы, даволі глыбока пранікаюць у сутнасць матэрыялу, фактычна ператвараюць яго ў яшчэ адну паўнавартасную гістарычную крыніцу. Гэта дазваляе ім не толькі ўзбагаціць свой навуковы арсенал, але і выводзіць на новы ўзровень аргументацыі і абагульненні, адкрывае магчымасці шырэйшага бачання глабальных праблем, з аднаго боку, і глыбейшага разумення прыватных лакальных праблем, з другога.

Мінск                            

Ірына Ганецкая

Наверх

Кастусь Шыдлоўскі. Друйскі Барысаў камень (з гісторыі вяртання і даследавання)

25 снежня, 2007 |


Барысавы камяні, паводле сучасных энцыклапедычных i даведачных выданняў, — гэта манументальныя помнікі эпіграфікі ХІІ ст. на тэрыторыі Беларусі. Яны сустракаюцца ў басейне Дзвіны. Прычым большая частка іх была выяўлена ў рэчышчы гэтай найважнейшай гандлёвай артэрыі, якая забяспечвала сувязь значных славянскіх абшараў з Балтыйскім рэгіёнам. Арэал распаўсюджвання Барысавых камянёў супадае з межамі Полацкага княства ХІІ ст.

На паверхнях даволі значных па памерах камлыг высечаны крыжы і надпісы, у якіх згадваецца імя Барыса. Гэтае імя звычайна адносяць да полацкага князя Барыса Ўсяслававіча (? — 1128), сына зна камітага полацкага ўладара Ўсяслава Чарадзея. Агулам было выяўлена і зафіксавана 7 Барысавых камянёў. Даследчыкі выказваюць меркаванні, што іх існавала значна болей. На двух валунах у надпісах няма імя князя Барыса, і таму некаторыя вучоныя выключаюць іх з агульнага спіса[1]. Ад часу адкрыцця і ўводу ў навуковы зварот выказаны дзесяткі меркаванняў наконт прызначэння Барысавых камянёў. Паводле некаторых з іх, велізарныя камлыгі да прыняцця хрысціянства з’яўляліся язычніцкімі фетышамі. Пазней, у эпоху змагання хрысціянства з праявамі старой веры, на іх былі высечаны крыжы і хрысціянскія тэксты, што ўслаўлялі князя. Надпісы звязваюць таксама з вялікім голадам, выкліканым шэрагам неўраджайных гадоў, які прыпаў на княжанне Барыса[2].

Усе Барысавы камяні былі выяўлены і апісаны да канца XIX ст. Сярод шматлікіх прац гэтага перыяду варта вылучыць кнігу вядомага гісторыка, археографа Аляксея Сапунова (1851—1924) „Дзвінскія, ці Барысавы камяні”[3]. Манаграфія змяшчае падрабязныя апісанні помнікаў даўніны, якасны ілюстрацыйны матэрыял, асабліва каштоўны цяпер, у сувязі з тым, што значная частка Барысавых камянёў аказалася знішчанай. Пасля А. Сапунова ў працах даследчыкаў пераважалі спробы асэнсаваць прызначэнне валуноў і ix надпісы. Грунтоўны агляд найважнейшых публікацый па дадзенай тэматыцы зрабіла беларускі археолаг Людміла Дучыц[4]. На момант апублікавання агляду для даследчыкаў былі дасягальнымі толькі два Барысавых камяні. Ацалеў адзін з самых вялікіх валуноў, які знаходзіўся ў Заходняй Дзвіне ля вёскі Падкасцельцы, што непадалёк ад Полацка. Цяпер ён устаноўлены побач з Полацкім Сафійскім саборам. Самы малы з групы Барысавых камянёў з наваколля Дзісны ў 1879 г. быў вывезены ў Маскву. Камень экспанаваўся ў музеі Археалагічнага таварыства, Гістарычным музеі, пазней патрапіў у музей-запаведнік „Каломенскае”. Астатнія валуны былі знішчаны чалавекам пры розных акалічнасцях. Незразумелым заставаўся лёс Барысавага каменя, які знаходзіўся ў межах мястэчка Друя, што на Браслаўшчыне. Калі ім пасля доўгага перапынку зацікавіліся даследчыкі, валуна не аказалася на месцы, апісаным у працах.

Людміла Дучыц, якая на працягу 1970-90-х г. даследавала шэраг археалагічных помнікаў Браслаўшчыны, першай сярод даследчыкаў звярнула ўвагу на тое, што гэты камень не быў знішчаны ў выніку гаспадарчай дзейнасці і што ёсць шанец яго адшукаць. Папярэднія даследаванні дазволілі вызначыць прычыну знікнення валуна.

Кастусь Шыдлоўскі. Друйскі Барысаў камень (з гісторыі вяртання і даследавання)Камлыга даволі значных памераў знаходзілася ля берага ракі Друйкі ў самых сутоках яе з Дзвіной. Пры звычайным узроўні вады на паверхні знаходзіўся ладны кавалак каменя з крыжам і надпісам. Напрыканцы 1930-х г. на Друйцы ў межах паселішча ўтварыўся вялізны ледзяны затор, які пагражаў чыгуначнаму і дарожнаму мастам. Затор ліквідавалі з дапамогай выбухаў. У выніку месіва лёду і вады панеслася ў бок Дзвіны. Барысаў камень, які перажыў да таго сотні павадкаў і крыгаходаў, не ўстаяў — крыгі перакулілі камлыгу, зацягнулі яе ў больш глыбокае месца рэчышча, дзе валун паступова занесла пяском. Стала занікаць і памяць пра камень. Прынамсі, сярод мясцовых жыхароў ён не шанаваўся, крыжу і надпісу не надавалі асаблівага значэння. З гэтай прычыны Друйскі камень, які знаходзіўся не ў якім аддаленым урочышчы, а ў межах значнага паселішча, доўгі час не быў вядомы даследчыкам. Адкрылі яго апошнім сярод Барысавых камянёў. Зрабіў гэта ў сярэдзіне 1890-x г. Аляксей Сапуноў, — ужо пасля выхаду манаграфіі, прысвечанай Барысавым камяням. Вось чаму некаторыя пазнейшыя даследчыкі не ўлічвалі Друйскі пісанік у сваіх працах. Апісанне і якасную замалёўку помніка А. Сапуноў змясціў у выданні, падрыхтаваным сумесна з А. Друцкім-Любецкім, — „Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии” (Віцебск, 1896). Дарэчы, для гісторыка было дзіўным, проста невытлумачальным, чаму помнік не быў адкрыты раней і чаму ён малавядомы сярод мясцовых жыхароў. Друя ў канцы ХІХ ст. лічылася горадам, налічвала каля 6 тыс. чал. насельніцтва. Паселішча мела багатую гісторыю, адметную гістарычна-архітэктурную спадчыну. З пачатку ХVІІ ст. горад карыстаўся магдэбургскім правам, быў буйным рамесным і гандлёвым цэнтрам Падзвіння. У ХVІІІ ст. тут дзейнічала каля 20 храмаў, тры манастыры. Відавочна, што ў горадзе была праслойка адукаваных людзей. Тым не менш, калі ў 1864 г. Друю наведаў мастак і археолаг Дзмітры Струкаў, які выяўляў помнікі даўніны, пра камень яму не паведамілі. Струкаў пакінуў 16 замалёвак вартых увагі помнікаў і мясцін у Друі, дзённікавыя запісы, але ў іх звесткі пра валун адсутнічаюць. Вернемся, аднак, да А.Сапунова. У раздзеле кнігі, прысвечаным Друі, даследчык піша: „…В Друе на самом берегу Двины, саженях в 50 ниже впадения в неё реки Друйки насупротив Спасской церкви находится Борисов камень. Замечательно, что о кресте с надписью на этом камне до сих пор решительно никто не знает даже в самой Друе, правда и мне удалось разобрать только часть надписи, попытки сфотографировать надписи удались не вполне, так как камень сильно выветрился. Камень, красноватый валун в окружности более 11 аршин нижняя часть его отколота, весной и осенью камень совершенно покрывается водой. Шестиконечный крест расширяется к концам, длиной 1 аршин 12 вершков, надпись Кастусь Шыдлоўскі. Друйскі Барысаў камень (з гісторыі вяртання і даследавання)

далее я не мог ничего разобрать, хотя следы букв несомненны. Форма креста, характер букв надписи на друйском камне совершенно такие же, как на других так называемых Борисовых камнях…”[5].

Звернем увагу на тую акалічнасць, што валун першапачаткова знаходзіўся непадалёк ад царквы Святога Спаса. Аказалася, жыхары Друі называлі камень Спасаўскім і звязвалі крыж з надпісам з гэтым храмам, што засведчылі старыя жыхары мястэчка напрыканцы ХХ ст.

Пасля А. Сапунова Друйскім каменем ніхто спецыяльна не зацікавіўся, хаця даследчык адзначыў, што поўны тэкст яму прачытаць не ўдалося. У 1920-я г. была зроблена фотафіксацыя помніка. У гэты час помнікі друйскай даўніны даследавала група польскіх навукоўцаў, у складзе якой знаходзіўся знакаміты фатограф Ян Булгак. Здымак Булгака, выдатны па якасці, не быў, аднак, прыдатны для далейшага вывучэння надпісу.

Кастусь Шыдлоўскі. Друйскі Барысаў камень (з гісторыі вяртання і даследавання)У 1982—84 г. працамі па выяўленні і лакалізацыі валуна з надпісам кіравала Людміла Дучыц. У пошуках удзельнічалі аквалангісты-аматары з Дзяржаўнага музея Беларусі і спартыўна-тэхнічнага клуба МТЗ. Пад вадой прасочвалася вялікая камлыга, большая частка якой была занесена пяском. Даследавалі кожны квадратны сантыметр даступнай паверхні, аднак рукатворных знакаў выявіць не ўдалося, былі толькі добра заўважныя глыбокія драпіны і расколы прыроднага паходжання. Вызваліць камень ад наносаў і перамясціць на бераг экспедыцыя не магла, бо не мела адпаведнага фінансавання. Працы аднавіліся ў другой палове 1980-х г. у звязку з планамі ўзвядзення плаціны Даўгаўпілскай ГЭС. Чакалася, што ў раёне Друі ўзровень вады ў Дзвіне падымецца на некалькі метраў, а ў такім разе помнік мог быць страчаны назаўсёды. Працы праводзіліся па ініцыятыве стваранага ў Браславе музея. Высокі ўзровень вады на працягу некалькіх летніх сезонаў, а пазней крызіс у дзяржаве не дазволілі давесці справу да канца. Дарэчы, дзякуючы апошняй акалічнасці былі прыпынены і працы па ўзвядзенні плаціны каля Даўгаўпілса.

У 2002 г. выдалася надзвычай сухое і спякотнае лета. Узровень вады ў Дзвіне ўпаў настолькі, што раку каля мястэчка можна было пераходзіць уброд. Друйка наогул бруілася плыткім струменьчыкам. Фрагмент валуна чырванаватага колеру з’явіўся на паверхні. Па ініцыятыве кіраўнічкі мясцовай улады Людмілы Шумчык пачаліся працы па перамяшчэнні валуна на бераг. Для гэтага выкарыстоўвалася меліяратыўная тэхніка. Справа аказалася не такой простай. Толькі 23 кастрычніка камлыгу, вагу якой спецыялісты ацэньвалі ў 20—30 тон, удалося ўстанавіць на высокім беразе Друйкі, у той частцы паселішча, якая называецца Вусцем. У ходзе прац валун разваліўся на тры кавалкі па трэшчынах, якія былі зафіксаваны аквалангістамі экспедыцыі Л. Дучыц. Крыж i надпіс знаходзяцца на самым вялікім кавалку, пашкоджанай аказалася верхняя частка крыжа[6].

Кастусь Шыдлоўскі. Друйскі Барысаў камень (з гісторыі вяртання і даследавання)Выяўленне Друйскага Барысавага каменя даволі шырока асвятлялася ў прэсе. Аднак помнік, па сутнасці адкрыты наноў, не прыцягнуў увагі даследчыкаў. Між тым, ёсць падставы сцвярджаць, што Друйскі пісанік можа аказацца адным з найбольш цікавых Барысавых камянёў. Яшчэ А. Сапуноў адзначыў, што апрача звычайнай формулы з упамінаннем імя Барыса на паверхні валуна выяўляюцца рэшткі іншага тэксту, моцна пашкоджанага выветрываннем. На спробе прачытання гэтага надпісу і трэба было б сканцэнтравацца сучасным даследчыкам, пасля таго як помнік стаў даступным. Прычым марудзіць не варта, бо працэсы выветрывання цяпер аднавіліся і нават актывізаваліся.
Звернемся да замалёўкі каменя, выкананай А. Сапуновым. На іншых Барысавых камянях формула-заклінанне размяшчаецца больш-менш сіметрычна адносна крыжа. Тут жа кампазіцыя зусім іншая. Пад верхняй і ніжняй перакладзінамі крыжа сіметрычна размешчаны толькі літары ІС ХС, NH KА. Асноўны тэкст формулы знаходзіцца злева ад вертыкальнай стойкі крыжа. Прыблізна такі ж па аб’ёме тэкст павінен быць і з правага боку. А. Сапуноў здолеў разабраць тут усяго 4 літары, якія пазначыў на замалёўцы. Астатнія літары паспрабавалі прачытаць краязнаўцы Друйскай школы пад кіраўніцтвам настаўніка Міхаіла Ставіцкага. Даследаванні праводзіліся метадычна ў розныя поры года, з прыцягненнем дапаможных сродкаў. Напрыклад, у паглыбленні насыпаўся пясок, заціраўся снег, у летнюю спёку камень абліваўся вадой. Этапы працы фіксаваліся на лічбавую камеру, здымкі апрацоўваліся на кампутары. Але найбольшы эфект даў наступны спосаб. На паверхню валуна з літарамі быў пакладзены аркуш тэхнічнай фольгі, які стаў апрацоўвацца гумовым малатком. На фользе адбіліся ўсе дэталі рэльефа Кастусь Шыдлоўскі. Друйскі Барысаў камень (з гісторыі вяртання і даследавання)валуна. З такім злепкам можна было працаваць у памяшканні, ужываючы фарбавальнікі, змяняючы вуглы крыніц асвятлення. Усё гэта дазваляла выяўляць літары, не вельмі заўважныя на самім валуне. У тэксце левай часткі школьнікі знайшлі фрагменты літар „С” і „У” са слова „БОРИСОУ”. Таксама звярнулі ўвагу на тое, што слова „ РАБУ” пішацца з „О” — „РАБОУ”. Гэтую літару А. Сапуноў прапусціў. У правай частцы выразна акрэсліліся 7 радкоў літар (асноўная формула злева размяшчаецца ў пяці радках). Максімальная колькасць літар у радку — 4. У сувязі з тым, што валун моцна пашкоджаны выветрываннем, значная частка літар расшыфроўваецца з цяжкасцю. Прачытаннем літар паралельна са школьнікамі займаліся супрацоўнікі Браслаўскага музейнага аб’яднання. Па некаторых пазіцыях меркаванні ўдзельнікаў працы з дзвюх груп не супадаюць. Але ў цэлым розніца паміж двума варыянтамі прачытання не вельмі істотная. Стала відавочна, што правы надпіс захаваўся не па ўсёй шырыні. Ён беззваротна загінуў пры пашкоджанні валуна ў даўнія часы (хутчэй за ўсё пры пераносе валуна крыгамі ледзянога затору). Шырыня знішчанага тэксту можа складаць каля 30—50%. Ці ёсць шанец прачытаць гэты надпіс? Адказ на такое пытанне могуць даць даследчыкі высокай кваліфікацыі, добра знаёмыя з палеаграфіяй, гісторыяй хрысціянства. Ёсць надзея, што аснову надпісу ў правай частцы складае нейкая фраза, якая ўжываецца ў традыцыйных хрысціянскіх надпісах. Пры павярхоўным знаёмстве з надпісам узнікае спакуса прачытаць у верхнім радку слова „АМИН(Ь)”, наступным — „ИМЕ…”, напрыканцы — „ТЯ ГОС(ПОДИ)”.

Апошняе слова пасля знаёмства з рэшткамі надпісу павінны сказаць спецыялісты. Адназначна сцвярджаць можна толькі тое, што наяўнасць значнага тэксту ў дадатак да традыцыйнай формулы Барысавых камянёў вылучае Друйскі пісанік як адзін з самых адметных помнікаў гэтай групы. Помнік безумоўна варты ўвагі даследчыкаў. Патрабуецца не толькі яго вывучэнне, але і захады па захаванні каштоўнага валуна, які да гэтай пары нават не ўключаны ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.


[1] Рыбаков Б.А. Русские датированные надписи // Археология СССР — САИ. Вып. Е1-44. Москва, 1964. С. 26-27.
[2] Ляўкоў Э. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мінск, 1992. С. 101,109.
[3] Сапунов А. Двинские или Борисовы камни. Витебск, 1890.
[4] Дучыц Л. Барысавы камяні (гістарыяграфічны агляд) // ВесціАН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1985. №4. С.69-73.
[5] Сапунов А., Друцкий-Любецкий В. Материалы по истории и географии Дисненского и Виленского уездов Виленской губернии. Витебск, 1896. С. 122.
[6] Падрабязней гл.: Павет. Выданне краязнаўцаў Браслаўшчыны. № 7—8 (11—12). Кастрычнік — лістапад 2002; Шыдлоўскі К. Друйскі Барысаў камень. З гісторыі адкрыцця і даследавання // Браслаўскія чытанні. Матэрыялы VІ навукова-краязнаўчай канферэнцыі. Браслаў, 2003. С. 109-112.

Наверх

Kryŭja. №1—3 (1994—1998) (Валеры Пазнякоў)

16 чэрвеня, 2000 |


Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica. Менск, №1. 1994. 224; №1(2). 1996. 124; №1(3). 1998. 164.

Часопіс «Kryŭja», які выдаецца Цэнтрам этнакасмалогіі «Крыўя», не мае аналагаў у Беларусі, але добра ўпісваецца ў плынь этналагічнай літаратуры суседніх краін. Найбліжэйшым аналагам ёсць маскоўскае выданне «Балто-славянские исследования» ды іншыя серыйныя публікацыі Інстытута славяназнаўства і балканістыкі Расійскай Aкадэміі навук. Меркавалася, што «Kryŭja» будзе выходзіць з 1994 г. раз на тры месяцы, атрымалася — раз на два гады. Апошні № 1(3) з`явіўся на пачатку 2000 г.

За час свайго існавання часопіс цвёрда прытрымліваўся вызначанай праграмы — даследавання найстаражытнейшых каранёў беларускай мовы і духоўнай спадчыны ў культурах Блізкага Ўсходу, іншых індаеўрапейскіх народаў, вывучэнне балцкай спадчыны ў культуры беларусаў, беларускага язычніцтва. № 1 за 1994 г. утрымлівае даследаванні пра сувязі беларускай традыцыйнай культуры з хецкай (артыкулы Сяргея Санько, Генадзя Даўгялы), пра індаарыйскую цывілізацыю (Алег Перзашкевіч, Міхаіл Міхайлаў, Юры Драздоў). У артыкуле Алега Дзярновіча і Алы Квяткоўскай «„Свастыка” як касмалягічны ды этнавызначальны сымболь» адхіляецца погляд, што свастыка ў сярэднявеч най беларускай культуры была непасрэднай агульнаіндаеўрапейскай спадчынай. На думку аўтараў, гэта — сімвал культурных традыцый балтаў, і яе знаходкі на Беларусі — сведчанне культурнага ўплыву балтаў на беларусаў. Калі б аўтары пры збіранні славянскага матэрыялу выйшлі за межы Беларусі, магчыма, яны б прыйшлі да іншых высноваў. Непасрэдна беларускаму язычніцтву прысвечаны працы Эдварда Зайкоўскага і Ўладзіміра Лобача. Па фалькларыстыцы змешчаны артыкул Ірыны Мячыкавай, па біялагічным складальніку культуры — Андрэя Прохарава.

Другі нумар «Kryŭji» (1996, № 1) працягвае публікацыю прац Генадзя Даўгялы пра хецкую культуру (у гэтым нумары выкарыстанае больш звычнае напісанне слова «хеты» ў адрозненне ад папярэдняга нумара, у якім была зроблена спроба адрозніць «гетаў» (Hittite) ад «ґетаў» (Getti) — зусім іншага індаеўрапейскага народа) і прац Алега Перзашкевіча пра ведыйскую культуру.

Артыкул Алы Квяткоўскай «Вясковы мужчынскі строй ХI—XVII ст. паводле матэрыялаў каменных могільнікаў Беларусі» падсумоўвае вынікі археалагічных раскопак. Гэта тэма мела працяг у іншых працах аўтара[1]. Археолаг Людміла Дучыц, вядомая як карпатлівы даследчык беларускага язычніцтва, выступае з артыкулам «Некаторыя дадзеныя пра культавыя дрэвы на Беларусі». Ён прысвечаны асабліваму аб’екту культу — дрэвам, тым з іх, пра якія ёсць пэўныя гістарычныя і этнаграфічныя звесткі. Дакладнасць аўтара пры збіранні матэрыялу пра знакамітыя дрэвы (мяркуецца, што яны былі аб’ектамі культу) крыху перайшла рацыянальныя межы: побач з Перуновым дубам, Вітаўтавым дубам адзначаны Сувораўскі дуб, Напалеонаўскі дуб, дуб Адама Міцкевіча. Апошнія сведчаць хіба што пра міфалагічнасць сучаснага мыслення.

Трэці нумар «Kryŭji» (№ 1(3) за 1998 г.) пачынаецца працамі Сяргея Санько і Галіны Кутыровай-Чубалі па даследаванні беларускага фальклору. Уладзімір Лобач працягвае публікацыю вынікаў даследаван ня язычніцтва артыкулам «Чараўніцтва на Беларусі на тле сярэднявеч ных судовых працэсаў». Праўда, размова ідзе не пра Сярэднія вякі, а пра Новы час. Сапраўднага агляду тла не атрымалася, бо ў працы даследуецца ў асноўным айчынны матэрыял. Між тым прычыны палявання на вядзьмарак ў Беларусі і іншых краінах Еўропы ў многім падобныя (параўнайма, прыкладам, з высновамі, зробленымі А.Гурэвічам[2]). Матэрыял пра суды над беларускімі вядзьмаркамі збольшага ўжо сабраны, яго шырокая гістарычная і культуралагічная інтэрпрэтацыя яшчэ наперадзе. Для аўтара характэрны пошук хоць найменшых слядоў язычніцтва. Аднак вынікі пошуку не заўсёды вытрымліваюць крытыку. Славуты полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, здаецца, у бальшыні прысвечаных яму нарысаў падаецца як вядзьмак, чарадзей. У.Лобач далучаецца да думкі, што яго можна разглядаць нават як прадстаўніка язычніцкага «жрэцкага, чарадзейскага стану». Між тым, летапісны матэрыял і «Слова пра паход Ігаравы» малююць Усяслава як узорнага хрысціяніна, пакорнага мучаніка, які нявінна пацярпеў ад парушальнікаў хрысціянскай клятвы. Князь у сваёй дзейнасці карыстаўся падтрымкаю хрысціянскіх пачуццяў: «Яму ў Полацку рана да ютрані пазванілі ў званы ў святой Сафіі, а ён у Кіеве звон чуў!». Згода летапісца і аўтара «Слова» ў канфесійнай ацэнцы полацкага князя не знаходзіць значнай супрацьвагі ў пісьмовых крыніцах, адно ў мастацкіх эпітэтах «Слова», якіх, мабыць, недастаткова для «перахрышчвання» князя.

Пярэчанні выклікае інтэрпрэтацыя дакументаў XVI ст. пра язычніцтва ў Беларусі, якія выйшлі з-пад пяра пратэстанцкіх пісьменнікаў. Тыя, як вядома, любілі параўноўваць «старых» хрысціянаў з язычнікамі. Такіх прыкладаў безліч. Некаторыя з іх падае Ў.Лобач, але з інтэрпрэтацыяй, што размова ідзе пра сапраўдных язычнікаў. Аднак цытата «где ся идол и розличных болъванов вже от колька сот лет так намножило, иже за ними и бога люд посполитый забыл» — сведчанне, паводле Ў.Лобача, пашырэння язычніцтва — належыць не Фёдару Еўлашэўскаму, а Сымону Буднаму. Гэта не прадмова да «Катэхізіса», а непасрэдны тэкст кнігі, выдадзенай у Нясвіжы ў 1562 г. Галоўнае, гэта проста яшчэ адно сведчанне таго, што так папулярныя сярод каталікоў скульптуры святых і распяцці ў вачах пратэстантаў былі адно толькі непатрэбнымі балванамі — пратэстантызм адмаўляе рэлігійную скульптуру. Доказ таго — сапраўдная прадмова Буднага да нясвіжскага «Катэхізіса», дзе чытаем: «Для того именья, села, места отписовали, монастыри и будованые церкви надавали або знову будовали, колоколы, потирионы, дыскосы, ризы, иконы или балваны куповали, надеваючися для таковых справ спасениа»[3]. Зразумела, што скульптуры або распяцці, ахвяраваныя ў царкву, у разуменні Буднага былі язычніцкімі балванамі, таму ён у палемічным імпэце і пісаў, што жыве сярод язычнікаў (па-праўдзе — праваслаўных і каталікоў).

Рыторыка старадаўніх рэлігійных дзеячаў павінна выклікаць пільнасць у даследчыка. Тыя любілі жанглёраваць абразлівымі мянушкамі кшталту «язычнік», «паганец», за якімі хаваліся іншыя з’явы. Ці супраць язычнікаў была ўведзена ў Вялікім Княстве Літоўскім пад час кіравання Жыгімонта Кейстутавіча інквізіцыя? Сапраўды, ці можна лічыць язычнікамі ерэтыкоў, супраць якіх і была створана найсвяцейшая інквізіцыя? Яе ўвядзенне тлумачаць перш за ўсё тым, быццам ВКЛ дало прытулак гусітам. Увогуле дзейнасць гэтай установы трэба яшчэ даследаваць.

Яшчэ адзін кірунак, які вымалёўваецца з прац У.Лобача, — «балцкая» плынь у чарадзействе. Дзейнымі асобамі аднаго вядзьмарскага працэсу 1615 г. выступаюць нейкія Тумель і Гасюль. Імёны відавочна балцкія. Зважаючы на «балцкую» скіраванасць часопіса «Kryŭja», было б пажадана ў будучыні пабачыць даследаванні таго, як моцна ў беларускіх язычніцкіх абрадах XVI—XVIII ст. выступаюць балцкія элементы.

Варта зрабіць удакладненне наконт адной даўняй памылкі. Скрозь у расійскамоўнай, а цяпер беларускай навуковай літаратуры ўспамінаецца славуты падручнік па барацьбе з вядзьмаркамі, які называецца «Молат вядзьмарак». Гэта памылковы пераклад з лаціны, слушны будзе: «Молат супраць вядзьмарак» або «Молат на вядзьмарак».

Вялікі нарыс мовазнаўца Фёдара Клімчука «Да вытокаў фармавання ўсходнеславянскіх народаў» паказвае этнічную гісторыю галоўным чынам беларусаў, і з вельмі далёкіх часоў — ад сярэдняга бронзавага веку. Напісаны на падставе шматлікіх і новых археалагічных публікацый, нарыс дае адэкватную карціну з’яўлення і знікнення археалагічных культур ва Ўсходняй Еўропе. Некаторыя нявырашаныя археолагамі праблемы адбіліся і ў працы Ф.Клімчука. Так, адзін з ключавых пунктаў славянскай археалогіі — з’яўленне і распаўсюджванне пражскай культуры — ніяк не абгавораны аўтарам. Недагаворанасць у гэтым моманце адбілася на наступных разважаннях аўтара. Незразумела, як суадносяцца нашчадкі пражскай і банцараўскай культур. Для аўтара яны абедзве славянскія, але ён лічыць магчымым казаць пра «банцараўцаў» як субстрат пазнейшага славянскага насельніцтва на Беларусі. Ці былі тады дзве хвалі славянскага засялення Беларусі? З тэксту нарыса гэтага не вынікае. Банцараўская супольнасць для Ф.Клімчука — найстаражытнейшы Крыўскі саюз (старая думка А.П’янкова), які меў свой цэнтр недзе паміж сучаснымі Гомелем і Магілёвам. Гэта, вядома, ніякім шляхам давесці немагчыма. Наступная думка аўтара: «Відаць, ён заставаўся цэнтрам радзімічаў. Радзімічы, хутчэй за ўсё, былі найбольш „чыстымі” нашчадкамі банцараўцаў» — у пэўным сэнсе разбурае саму пабудову пра Крыўскі (а не, скажам, Радзіміцкі) саюз.

Самыя вядомыя археалагічныя славянскія супольнасці пасля пражскай і банцараўскай культур — культуры тыпу Лукі-Райкавецкай і роменска-боршаўская. Апошняя зусім не асэнсаваная беларускімі археолагамі, што прывяло да яе няслушнай інтэпрэтацыі Ф.Клімчуком. Роменска-боршаўскія помнікі — гэта не толькі Левабярэжная Ўкраіна і прылеглая Расія, але і вялікая частка Беларусі. Таму гэта не толькі сляды севяранаў, але і ладнай часткі дрыгавічоў, магчыма, крывічоў.

Як мовазнавец, які шмат гадоў даследуе палескія гаворкі, Ф.Клімчук мае асаблівую прыхільнасць да Палесся. Гэта выявілася ў нарысе пра палескія «імпульсы» ў славянскай гісторыі, пад якімі маюцца на ўвазе розныя міграцыі з гэтага рэгіёна. Трэцяя палеская «ініцыятыва», паводле Ф.Клімчука, палягае ў ідэі стварэння старажытнарус кай народнасці ў часы Кіеўскай Русі. Мяркуецца, што адным з кампанентаў (галоўным?) старажытнарускай пісьмова-літаратурнай мовы былі гаворкі Палесся, у тым ліку наваколляў Кіева. Праўда, адначасова Ф.Клімчук сумняваецца ў моцы гэтай тэндэнцыі, якая вяла да стварэння старажытнарускай народнасці. Аўтар шукае тую прычыну, тую аснову, якая дазволіла беларусам вылучыцца ва ўсходнеславянскай стыхіі ў асобны этнас. Беларусы канчаткова кансалідаваліся ў рамках Вялікага Княства Літоўскага, але кансалідуецца тое, што і дагэтуль было блізкім. «Крывічы, дрыгавічы і радзімічы былі блізкія паміж сабою, яны ўзыходзілі да аднаго банцараўскага субстрату». Гэтае палажэнне аўтара выклікае здзіўленне, бо раней даказвалася, што «банцараўцы» — славяне, Крыўскі саюз. Як у гэтым разе яны маглі стаць субстратам для славянаў? «Таму яны (нашчадкі „банцараўцаў”. — В.П.), апынуўшыся ў спрыяльных умовах, этнічна кансалідаваліся». Чаму ж перад гэтым нашчадкі Крыўскага саюза этнічна разышліся?

У аснове вялікарусаў — паўночных і паўднёвых (гэта дзве асноўныя групоўкі вялікарускай народнасці) Ф.Клімчук бачыць таксама старажытныя славянскія ўтварэнні: славен наўгародскіх і вяцічаў. Пытанне пра даславянскі субстрат і тут у аўтара адыходзіць на другі план (абмяркоўваецца думка пра фінамоўны субстрат адно толькі пры фармаванні славен і вяцічаў). Карані паўночнай і паўднёвай груповак вялікарусаў Ф.Клімчук бачыць яшчэ ў дакіеўскай эпосе і не выключае, што існавала і супольная правялікаруская этнакультурная зона, якая аб’ядноўвала шэрагам рысаў прапаўночнавялікарусаў і прапаўднёвавяліка русаў.

А ці існавала так званая вялікаруская народнасць увогуле, карані якой імкнецца намацаць Ф.Клімчук? Гісторыкі і палітыкі ў гэтым не сумняваюцца. А вось вядомы расійскі (вялікарускі!) этнограф Дз.Зяленін у гэтым сумняваўся і абгрунтоўваў адваротны пункт погляду[4]. Яго аргументы можна падмацаваць з пазіцыі неславянскіх субстратаў. Прынамсі, межы паўночнавялікарускай народнасці супадаюць з арэалам даславянскіх фінамоўных супольнасцяў. Уяўляецца, што тэорыя фінскага і балцкага субстрату яшчэ не вычарпала сваіх магчымасцяў, і неправамоцна іх уплыў адсоўваць на задні план.

Назва артыкула Вольгі Губінай «З гісторыі вывучэння беларуска -балтыцкіх сувязяў» шырэйшая за змест працы. Сам артыкул пачынаецца з удакладнення, што размова ў ім пойдзе толькі пра моўныя сувязі. Гэты карысны агляд, на жаль, вельмі кароткі, часам павярхоўны, што істотна зніжае яго вартасць. Як больш шырокі (але таксама досыць кароткі) агляд можна параіць адпаведны раздзел фундаментальнай працы Г.Бірнбаўма[5]. Некаторыя прагалы ў працы В.Губінай уяўляюцца істотнымі. Са шматлікіх прац У.Топарава (не Тапарова) не прыгаданыя істотныя (у сэнсе руху наперад) працы 1958 г.[6] (у суаўтарстве з В.Іванавым), 1961 г.[7] і іншых гадоў. Абмінутыя ўвагай працы А.Вяржбоўскага[8], В.Чэкмана (Чэкманаса), В.Мартынава і інш. Не прыгадана колішняя камісія вывучэння балта-славянскіх стасункаў і тыя шматлікія лінгвістычныя форумы, дзе абмяркоўваліся гэтыя праблемы (яны былі ў цэнтры ўвагі IV Міжнароднага з’езда славістаў), не кажучы ўжо пра менш шматлікія асобныя і серыйныя выданні (тыя самыя «Балто-сла вянские исследования»).

Аўтар слушна падкрэслівае адну тэрміналагічную асаблівасць у дыскусіі пра балта-славянскія сувязі. Папулярны тэрмін «субстрат» перш за ўсё мае лінгвістычны змест. Толькі ў 1960-х г. у працах В.Сядова ён пашырыў свае межы як этналагічны феномен, з’явілася паняцце «этналагічнага субстрату». На жаль, пра дыскусію 1960-х г. В.Губіна дае мала звестак. Не названыя ўсе ўдзельнікі дыскусіі, а дыялог у нейкім сэнсе працягваецца і цяпер, хоць яго ўдзельнікі ўжо амаль не заўважаюць адзін аднаго. Як вядома, В.Сядоў не спыніўся на артыкульным выкладзе сваёй пазіцыі і да сёння выпускае грунтоўныя манаграфіі, дзе разглядаецца балта-славянская праблематыка[9].

Істотнай у першых двух нумарах «Kryŭji» была рубрыка «Крытыка і бібліяграфія», дзе выступалі вельмі дасведчаныя аўтары. Цікавым раздзелам у другім нумары часопіса былі «Весткі з экспедыцый». На жаль, нічога гэтага няма ў апошнім нумары «Kryŭji». Вялікую нязручнасць выклікае адсутнасць у часопісе хоць кароткіх звестак пра аўтараў, а, пэўна ж, яго чытаюць не толькі самі аўтары ды іх знаёмыя. З уласнага досведу мяркую, што кола чытачоў «Kryŭji» даволі шырокае. Чаго яшчэ бракуе ў часопісе — палемікі, бо на яго старонках з’яўляюцца вельмі смелыя гіпотэзы. Прычына зразумелая: дыскусію немагчыма весці на старонках выдання, якое выходзіць з перыядам у два гады — забываюцца аргументы, сціхае імпэт. Застаецца выказаць спадзяванне, што не знікне жаданне дзейнічаць у выдаўцоў і аўтараў «Kryŭji».

Валеры Пазнякоў


[1] Квяткоўская А.В., Бохан Ю.М. Вясковы жаночы касцюм XI–XVII стст. (па матэрыялах каменных могільнікаў Беларусі. Спроба рэканструкцыі) // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск, 1994. № 4; Квятковская А.В. Ятвяжские могильники Беларуси (к. XI—XVII вв.). Вильнюс, 1998.
[2] Гуревич А.Я. Средневековый мир: культура безмолвствующего большинства. Москва, 1990. С. 308—375.
[3] Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны. Мінск, 1991. С. 27.
[4] Зеленин Д. Восточнославянская этнография. Москва, 1991.
[5] Бирнбаум Х. Праславянский язык: Достижения и проблемы в его реконструкции. Москва, 1987.
[6] Иванов В.В., Топоров В.Н. К постановке вопроса о древнейших отношениях балтийских и славянских языков. Москва, 1958.
[7] Топоров В.Н. К проблеме балто–славянских языковых отношений // Актуальные проблемы славяноведения. Москва, 1961.
[8] Вержбовский А.А. Белорусско–литовские лексические взаимосвязи. Вильнюс, 1961.
[9] Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. Москва, 1970; Яго ж. Славяне в древности. Москва, 1994; Яго ж. Славяне в раннем средневековье. Москва, 1995; Яго ж. Древнерусская народность. Москва, 1999.

Наверх

Jones, Siân. The Archaeology of Ethnicity (Мікола Крывальцэвіч)

14 чэрвеня, 2000 |


Jones, Siân. The Archaeology of Ethnicity. Constructing Identities in the Past and Present. Routledge, London and New York, 1997. 180.

У аснову манаграфіі Ш’ён Джонс пакладзена яе доктарская дысертацыя, абароненая ў 1994 г. ва універсітэце Саўсэмптана. «Мне хочацца, — піша ў прадмове аўтарка, — каб гэтая кніжка была ўнёскам у развіццё новых падыходаў па інтэрпрэтацыі ідэнтычнасцяў мінуўшчыны і новых перспектываў па выкарыстанні мінулага ў пабудове групавых ідэнтычнасцяў сёння». Ш’ён Джонс імкнецца паглыбіць крытыку існуючых тэорый этнічнасці ў гуманітарных навуках, развіваючы адначасова многія тэарэтычныя аспекты інтэрпрэтацыі этнічнасці ў археалогіі. Праблема ўзнаўлення этнічных ідэнтычнасцяў мінулага, скіраваная на археалогію, вымушае да разгляду тэорыі і практыкі ўзаемадачыненняў этнасу і культуры. Супярэчнасці ідэнтыфікацыі тых ці іншых старажытных і сённяшніх этнічных груп у многіх выпадках перакрыжоўваюцца не толькі з сучаснымі палітычнымі запатрабаваннямі, але і вынікаюць з нераспрацаванасці ці застарэласці тэорый этнічнасці[1].

Найперш аўтарка вызначае для чытача сваё разуменне асноўных дэфініцый, якія з’яўляюцца ключавымі ў манаграфіі: этнічная ідэнтычнасць, этнічная група, этнічнасць. Этнічная ідэнтычнасць , піша Ш.Джонс, — ёсць самаўсведамленне асобы, якое ў сваю чаргу вынікае з самаўсведамлення больш шырокай групы асобаў у супрацьпастаў ленні іншым на падставе ўсвядомленай культурнай адметнасці, вылучнасці і/ці агульнасці паходжання. Этнічная група, у такім разе, разглядаецца ёю як група людзей, якая абасабляе сябе і/ці аддзяляе сябе ад іншых людзей, з якімі яны знаходзяцца ва ўзаемадзеянні ці суіснуюць на аснове свайго ўспрымання культурнай адметнасці і/ці агульнага паходжання. Этнічнасцьусе тыя сацыяльныя і псіхалагічныя феномены, якія асацыююцца з культурна акрэсленаю групавою ідэнтычнас цю, як гэта вызначаецца вышэй. Канцэпцыя этнічнасці засяроджвае ўвагу на тых кірунках, дзе сацыяльныя і культурныя працэсы, цягам ідэнтыфікацыі этнічных груп і іх узаемадзеяння, перакрыжоўваюцца адно з адным.

Традыцыйна, — працягвае Ш.Джонс, — ужо ад часоў Рэнесансу, археалагічныя матэрыялы атрыбутуюцца з гістарычна вядомымі народамі. Цікавасць да атаясамлівання з тым ці іншым легендарным народам, а значыць, і цікавасць да археалогіі асабліва ўзраслі ў ХIХ ст., калі хутка распаўсюджвалася ідэалогія нацыяналізму. У ХХ ст. у выніку такой зацікаўленасці сталі фармулявацца метадалагічныя прынцыпы, паводле якіх археалагічныя культуры атаясамліваліся з мінулымі «народамі» ці этнічнымі групамі. Этна-гістарычны метад вядомага нямецкага археолага Густава Касіны засноўваўся на аксіёме: «… ва ўсе перыяды дакладна акрэсленыя арэалы археалагічных культур адпавядаюць вядомым народам ці плямёнам» (1911 г.). Працамі Касіны быў пакладзены пачатак культурна-гістарычнай (culture-history) археалогіі, ідэі якой дагэтуль застаюцца надзвычай распаўсюджанымі ў Еўропе. Ад пачатку ХХ ст. вылучэнне культурных арэалаў становіцца, бадай, асноўным кірункам у еўрапейскай археалогіі.

Культурна-гістарычная археалогія засноўваецца на адпаведнай канцэпцыі культуры, згодна з якой пэўная група людзей супольна выкарыстоўвае тую ці іншую культуру і мае схільнасць да сходных нормаў і правілаў паводзінаў. Паступовыя змены, якія адбываюцца ў культуры — кансерватыўна замкнёнай і тэрытарыяльна абмежаванай структуры, тлумачацца павольнымі зрухамі культурных нормаў унутры групы, у той час як нечаканыя і шырокамаштабныя змены тлумачацца вонкавымі ўплывамі, міграцыямі, захопамі і г.д.

У англа-амерыканскай археалогіі адначасова з сканчэннем культурна-гістарычнай археалогіі як дамінавальнага падыходу пачала развівацца працэсуальная, ці новая археалогія , якая шмат увагі аддавала вытлумачэнню сацыяльных працэсаў і культурнай эвалюцыі, найперш з пазіцый функцыяналізму. Цяпер археолагаў пачало цікавіць не столькі апісанне фактаў дагісторыі, але і прычыны таго, чаму тыя ці іншыя падзеі адбываліся. Культура стала разглядацца як інтэграваная сістэма, якая складалася з розных функцыянавальных падсістэм. «Новыя археолагі» сканцэнтравалі ўвагу на функцыянальным і працэсуальным аналізе мінулых сацыяльна-культурных сістэм, тым самым робячы неактуальнымі этнічныя інтэрпрэтацыі. Этнічнасць станавілася аспектам сацыяльных працэсаў, а ў некаторых выпадках другасным кампанентам у сацыяльнай сістэме. Для многіх «новых археолагаў» праблема этнічнасці стала асацыявацца з старамоднымі і нават рэакцыйнымі культурна-гістарыч нымі канцэпцыямі.

Пазней сталі з’яўляцца найноўшыя працы, дзе разглядаліся ўзаемадачыненні паміж матэрыяльнай культурай і этнічным усведамлен нем. Напрыклад, Ян Годэр на падставе этна-археалагічных даследаванняў пераконваў (1982), што рэдка сустракаецца адпаведнасць паміж культурным падабенствам і этнічнымі групамі. Толькі некаторыя элементы матэрыяльнай культуры могуць адпавядаць пэўным не вельмі выразным этнічным межам, у той час як іншыя матэрыяльныя формы і стылі могуць пераходзіць межы групаў. Іншымі даследчыкамі паказвалася таксама, што ў асобных выпадках этнічнасць выконвала вялікую ролю ў структураванні эканомікі і палітычных ўзаемадачыненнях.

У традыцыйнай археалогіі варыянтнасць матэрыяльнай культуры звычайна разглядаецца у плоскасці культурных і этнічных узаемаадносінаў. Многія археолагі дагэтуль у разнастайнасці матэрыяльных комплексаў бачаць толькі прысутнасць розных этнічных груп або вытлумачваюць існаваннем комплексаў у розныя перыяды, у той час як тоеснасць артэфактаў, тыпаў вельмі часта адназначна разглядаецца доказам падабенства груп людзей, якія жылі толькі ў пэўны храналагічны перыяд. Аднак такая адналінейная інтэрпрэтацыя можа мець многа іншых альтэрнатываў. Ш.Джонс паказвае гэта на прыкладзе традыцыйнага разгляду так званай «раманізацыі» — працэсу падпарадкавання рымлянамі паўночна-заходняй Еўропы і Брытаніі паміж 100 г. да н.э. і 200 г. н.э. Побач з найбольш распаўсюджанай канцэпцыяй інкарпарацыі і наступнай акультурацыі — г.зн. паказу зменаў праз атаясамліванне культуры і этнасу ў кантэксце культурна-гістарычнай археалогіі — развіваюцца іншыя даследчыцкія стратэгіі, скіраваныя на эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае вымярэнне «раманізацыі» , адзначэнне патэнцыяль най розніцы сацыяльна-культурных сістэм народаў, якія былі ахоплены раманізацыяй у розныя часы. Аўтарка развівае адно са сваіх вытлумачэнняў у кантэксце сацыяльнага падзелу грамадства (кантэкстаў можа быць бясконцае мноства, што безумоўна памножыць спектр тых ці іншых вытлумачэнняў). У познім жалезным веку грамадства характарызавала ся ерархічнай ranking-сістэмай, заснаванай на суперніцтве і жорсткасці адносінаў. Рымляне найперш паступова пашыралі свой удзел у жыцці мясцовай эліты, адаптуючы свой стыль культуры і жыцця, пазбягаючы, такім чынам, татальнага ваеннага і адміністрацыйнага ўварвання. У сістэме мясцовай ерархіі пазіцыя мясцовай эліты ўзрастала, рымская культура станавілася фокусам існуючай практыкі суперніцтва. Паводзіны эліты пераймаліся іншымі стратамі грамадства, што можа атаясамлівацца з працэсам «раманізацыі».

Разглядаючы тэорыі этнічнай ідэнтыфікацыі, аўтарка ўважліва прасочвае этапы развіцця канцэпцый класіфікацыі людскіх супольнасцяў у гуманітарных навуках. Праз ХIХ ст., падсумоўвае яна, канцэптуальна ў якасці сіноніма для нацыянальных, культурных, лінгвістычных груп выкарыстоўвалася паняцце «раса». Вытлумачэнне культурных, сацыяльных і маральных адрозненняў засноўвалася найчасцей спадчыннасцю. У пачатку ХХ ст. пры класіфікацыі народаў назіраецца зрушванне акцэнтаў ад расавай канцэпцыі да культурнай. З культурай ці цывілізацыяй пачынаюць атаясамліваць універсальны працэс развіцця (ад ніжэйшай да вышэйшай стадыі), які ўключае веды, права, мастацтва, мараль, звычаі і г.д. Культурніцкі падыход пачынае фармаваццца ў археалогіі. У археалагічнай тэорыі і практыцы развіваюцца ідэі гамагеннасці (аднароднасці) культуры. Матэрыяльна-культурніцкія асаблівасці, на думку многіх, адлюстроўвалі ментальнасць тых людзей, якія стваралі культуру. Адсюль, рабіліся высновы, гэтыя нормы павінны быць гамагеннымі ў межах сацыяльна-культурных груп.

У канцы 1960 — 1970-х г. разам са зменамі ў канцэпцыі культуры (дыферэнцыяцыя паняццяў «культура», «грамадства», «племя») пачынае разглядацца феномен этнічнасці. Этнічнасць выкарыстоўваец ца для самаідэнтыфікацыі многіх маладых народаў. Назіраецца тэндэнцыя да сацыяльнай канцэптуалізацыі этнічных груп як груп з пэўнымі эканамічнымі і палітычнымі запатрабаваннямі.

Сістэматызуючы тэарэтычныя падыходы да паняцця этнічнасці, Ш’ён Джонс вылучае некалькі асноўных канцэпцый, якія распрацоўваюцца даследчыкамі ў апошнія два-тры дзесяцігоддзі. Паводле адной з іх, этнічныя групы фармуюцца ў выніку сумеснай культурніц кай дзейнасці і/ці сацыяльна-структурных адносінаў, якія мала залежаць ад суб’ектыўна-індывідуалісцкага ўспрымання. У іншай канцэпцыі, найперш у выніку даследаванняў Ф. Баса, развіваюцца ідэі, паводле якіх этнічная атрыбуцыя ўспрымаецца праз чалавечае ўласнае ўспрыманне і самасцвярджэнне, праз ўласную катэгарызацыю сябе, вызначэнне сябе па паходжанні і вытоках на шляху ідэнтыфікацыі сябе сярод іншых. Пры гэтым культурным адрозненням не належыць дэтэрміноўная роля. Гэта азначае, што няма прамой залежнасці паміж этнічнай групай і культурным падабенствам. Такі падыход становіцца адным з папулярных, у тым ліку пры вырашэнні этна-палітычных праблем.

У апошнія два-тры дзесяцігоддзі шырока распаўсюджваецца канцэпцыя «primordial imperative» («першабытнага імператыву»), паводле якой тая ці іншая ідэнтычнасць набываецца асобаю ад нараджэння. Этнічная ідэнтычнасць, сцвярджаюць яе прыхільнікі, мае свае карані ў самой чалавечай прыродзе і засноўваецца на тым, што даецца ад нараджэння, па роднасных сувязях і «крыві». У гэтым, працягваюць яны, і заключаецца яе больш натуральная і фундаментальная форма ў адрозненні ад іншых сацыяльных формаў ідэнтычнасці. Ацэньваючы «першабытны імператыў», Ш.Джонс адзначае, што такая тэорыя ёсць вынікам рамантызацыі і містыфікацыі этнічнай ідэнтычнасці. Фізічны патэнцыял і вымярэнне такіх сувязяў вытлумачваецца невыразна ці ніяк не вытлумачваецца. Па-за вытлумачэннем, працягвае яна, застаюцца дачыненні «чалавечай прыроды» этнічнасці, а таксама сацыяльны, гістарычны, культурны ды іншыя яе кантэксты.

У сацыяльнай антрапалогіі актыўна развіваецца «instrumental» (інструменталісцкі) тэарытычны падыход, пры распрацоўцы якога асноўную ролю адыгралі працы Ф. Баса (1969) і А.Кохэна (1974). Паводле Ф. Баса, у выніку ўзаемадзеяння паміж чальцамі розных этнічных груп не заўсёды назіраецца змяншэнне культурнай дыферэнцыяцыі (як пры працэсе акультурацыі). Культурная разнастайнасць можа захоўвацца нягледзячы на цесныя міжэтнічныя кантакты. Прысутнасць межаў можа вытлумачвацца часам як адаптацыя да пэўных сацыяльных ці экалагічных нішаў. Незалежныя групы, якія займаюць розныя нішы, могуць набываць розныя формы адаптацыі: займаць тыя самыя тэрыторыі з мінімальнымі прэтэнзіямі на рэсурсы; займаць тыя самыя нішы і быць канкурэнтамі за рэсурсы; займаць розныя, але ўзаемазвязаныя нішы, захоўваючы пры гэтым поўную незалежнасць. Больш за тое, для змяншэння сваіх асабістых страт, у сваіх асабістых эканамічных і палітычных зацікаўленасцях людзі могуць змяняць сваю ідэнтычнасць. Абнэр Кохэн, падсумоўваючы свае даследаванні, сцвярджаў, што этнічная група ёсць калектыўна арганізаваная стратэгія па абароне эканамічных і палітычных інтарэсаў, для чаго выкарыстоўваюцца пэўныя культурныя дасягненні (рытуалы, цырымоніі і г.д.), інакш кажучы, сістэматызуюцца сацыяльныя паводзіны.

Ш.Джонс адзначае, што пры «інструменталісцкім» падыходзе этнічнасць вельмі часта заўважацца толькі ў пэўных сітуацыях. Сутнасць яе звужаецца да праблем мабілізацыі і палітызаванасці культуры ў часе абароны інтарэсаў групы. З другога боку, звядзенне этнічнасці да палітычных і эканамічных узаемаадносінаў прыводзіць да занядбання культурнага і фізіялагічнага яе вымярэнняў. Пры такім падыходзе цяжка адрозніць этнічныя групы ад іншых груп.

Аналізуючы згаданыя канцэпцыі, аўтарка схіляецца да ідэі «шматмернасці этнічнасці», рухаючыся ў сваіх поглядах па шляху да кантэкста вай аналітыкі. Прынамсі, Ш. Джонс звяртаецца да даследаванняў Р. Bourdieu (1977), у прыватнасці, да яго канцэпцыі habitus. Habitus — трывалая схільнасць да пэўнага жыццёвага парадку, звычаяў, якія становяцца часткаю сэнсу кожнага з ранняга ўзросту і могуць пераходзіць ад аднаго кантэксту да другога. Сумесная падсвядомая схільнасць, якая ўзнікае ў рознакультурным асяроддзі, набывае рэальную форму і змест, што пазнаецца па адпаведных пачуццях і зацікаўленасцях, па прыняцці тых ці іншых культурных адрозненняў і падабенстваў. У выніку дзеяння habitus суб’ектыўныя прынцыпы арганізацыі і аб’яднання формаў ведаў, напрыклад, такіх як сістэмы класіфікацыі ў датычнасці да полу і класа, скіроўваюцца на адпаведнасць з абставінамі існавання. Памкненне да habitus узнікае пры пэўных сацыяльных умовах. Пачуццю роднасці спрыяюць: сумесная жыццёвая практыка, агульнасць вопыту, якія фармуюць падобныя жыццёвыя норавы. Утварэнне этнічнай групы засноўваецца на развіцці этнічнага ўсведамлення, якое вылучае «мы» — той, хто валодае верай і перакананнем у сваім адметным вобразе жыцця — ад «вы». Такім чынам этнічнае самаўсведамленне патрабуе пэўнай культурнай практыкі, якая, у сваю чаргу, таксама абумоўлівае разуменне сваёй адметнасці і вымушае да іншых формаў паводзін у апазіцыі да іншых груп. Пры гэтым, як падкрэслівае Ш.Джонс, самаідэнтыфікацыя можа сфармавацца пры цесных культурных ды іншых узаемадачыненнях.

Ш.Джонс піша пра адноснасць этнічнасці, якая не толькі структуруе культурную практыку, але і сама арганізоўваецца ёю. Культурная рэчаіснасць, як і пэўны вобраз ідэнтычнасці, залежыць ад многіх абставін і мае схільнасць да разнастайнасці і пастаянных трансфармацый у прасторы і ў часе. Вельмі рэдка пэўнай этнічнай групе можа адпавядаць нейкая суцэльная культурная прастора. Наадварот, этнічнасць, паводле Ш.Джонс, ёсць «мультыпрасторавы феномен», які зараджаецца рознымі шляхамі і можа ахопліваць прадстаўнікоў розных сацыяльных сфераў і асацыявацца з рознымі культурнымі традыцыямі. Апошнія, зменлівыя ў сваім прасторавым распаўсюджванні, схільныя да пастаяннага рэпрадукавання і трансфармацыі. Сёння этнічныя групы не ёсць дакладна «ўпакаваныя», тэрытарыяльна абмежаваныя і культурна аднародныя аб`яднанні, не былі яны такімі і ў мінулым. Этнічнасць не ёсць унітарны феномен ані ў сучасным грамадстве, ані ў мінулым. Падобна больш на тое, што, як у мінулым, так і ў сучаснасці, яна ствараецца культурнымі рознасцямі зменлівых абрысаў, якія рэпрадукуюцца і пастаянна перацякаюць у варыянты сацыяльных сфераў.

Насуперак тым ідэям, паводле якіх этнічнасць з яўляецца асноўнай сутнасцю людскіх супольнасцяў і працягвае існаваць у часе (што дае магчымасць заглыбіцца ў старажытнасць, каб даведацца пра вытокі таго ці іншага этнасу), Ш.Джонс імкнецца паказаць, што этнічная ідэнтычнасць засноўваецца на пастаяннай зменлівасці, у залежнасці ад тых ці іншых абставінаў, суб’ектыўных вызначэннях сябе і іншых. Самаўсведамленне сваёй адметнасці не можа быць пастаянным, яно бясконца трансфармуецца, рэпрадукуе іншыя ідэнтычнасці. Этнічнасць пазнаецца праз «вычытванне» тых ці іншых канкрэтных кантэкстаў.

Імкнучыся да распрацоўкі тэарэтычных падставаў інтэрпрэтацыі этнічнасці ў археалогіі, Ш.Джонс скіроўвае шмат увагі на праблемы ўзаемадачыненняў этнічнасці і матэрыяльнай культуры. Найперш аўтарка адназначна не прымае ідэі атаясамлівання мінулых культур і народаў, калі абмежаваныя, маналітныя культурныя ўтварэнні («археалагічныя культуры») карэлююцца з мінулымі народамі, этнічнымі групамі, плямёнамі і/ці расамі. У культурна-гістарычнай археалогіі сумненні правільнасці такога атаясамлівання звычайна тычыліся не столькі прынцыпаў інтэрпрэтацыі, колькі дастатковасці ці недастатковасці археалагічных дадзеных і заклікаў да большага заглыблення ў эмпірычныя даследаванні (удасканаленне тыпалагічных распрацовак і г.д.). Аднак толькі ў 1960-х г., з развіццём т.зв. «новай археалогіі», культурна-гістарычная ідэя атаясамлівання археалагічнай культуры і этнасу пачала кардыналь на крытыкавацца. Напрыклад, паводле Л.Р. Бінфарда (1965), культура не заўсёды выкарыстоўваецца супольна, яна падзеленая. Культура, працягваў ён, ёсць такая сістэма, праз якую адбываецца інтэграцыя розных асобаў і сацыяльных груп з рознымі задачамі. Гэтыя асобы і сацыяльныя групы праз разнастайныя інстытуты звязваюцца ў больш шырокія аб’яднанні, якія, у сваю чаргу, маюць розныя ўзроўні карпаратыў насці. Такім чынам, паводле «новых археолагаў», аналіз структуры археалагічнага матэрыялу ў кірунку яго функцыянальнага прызначэння дазваляў вылучыць розныя сацыяльныя сістэмы. Функцыянальная варыянтнасць археалагічных комплексаў у такім разе не магла інтэрпрэтавацца толькі як этнічная адметнасць, яна найчасцей бачылася як адаптацыйны механізм. Паводле шэрагу археолагаў культура хутчэй шматварыянтны, чым адварыянтны аднародны феномен. Аўтарка нагадвае высновы С. Шэнана (1989), з якіх вынікае, што няма цэласных арганізмаў кшталту «культура», сутнасць яе заключаецца ў шматабліч насці, яна бачыцца кангламератам узаемасувязяў рознага прадстаўніц тва, рэпрэзентаванага рознымі фактарамі.

Услед за прадстаўнікамі пост-працэсуальнай археалогіі Ш.Джонс аспрэчвае не толькі традыцыйнае разуменне, згодна з якім матэрыяльная культура толькі адлюстроўвае сацыяльныя нормы, але і не пагаджаецца з функцыяналісцкай канцэптуалізацыяй культуры бальшыні «новых археолагаў», адным з вынікаў якой з’яўляецца бачанне культуры ў якасці «эпіфенаменальнага адаптацыйнага механізму». Ш.Джонс абараняе ідэю шматзначнасці матэрыяльнай культуры. Значэнне культуры можа варыяваць у залежнасці ад часу, пэўных падзей сацыяльнай гісторыі і сацыяльных фактараў і непасрэдна ад таго кантэксту, у якім тая ці іншая культурная з’ява разглядаецца. Больш за тое, матэрыяльная культура не ёсць простае змесцішча сабраных значэнняў, якія ўпісваюцца ў яе вытворцам, яна ёсць чыннік розных сацыяльных кантэкстаў, яна выконвае актыўную ролю ў структураванні культурнай практыкі ўвогуле. Гэта азначае, што матэрыяльная культура не можа быць разгледжаная ў якасці пасіўнага адлюстравальніка, яна ёсць актыўная ў працэсах сацыяльнага рэпрадукавання і трансфармацыі. Культура паказвае сябе па-рознаму ў розных кантэкстах. Аўтарка спыняецца на тым, што археолагам неабходна адаптаваць кантэкставы і гістарычны падыходы да аналізу археалагічнага матэрыялу ў сваёй спробе зразумець сацыяльную практыку і сацыяльныя адносіны, а не спыняцца толькі на структуры і змесце матэрыяльнай культуры.

Адсюль вынікае, што Ш.Джонс развівае свае тэарэтычныя разважанні такім чынам, што яны выступаюць альтэрнатывай не толькі для прыхільнікаў поўнага адмаўлення этнічнасці як прадмета археалагічнага даследавання, але і для функцыянісцкіх даследаванняў этнічнасці, у якіх культура прыніжаецца да другаснай ролі.

Толькі цяпер, піша Ш.Джонс, на працягу 1980—1990-х г. спосабы канструявання супольнасцяў у археалогіі сталі прадметам сур’ёзнага аналізу і крытыкі, найперш у кантэксце сацыяльнай палітыкі, ў якасці рэагавання на інтэнсіфікацыю этнічных і нацыянальных пачуццяў. Высвятленню прыроды археалогіі як сучаснай практыкі, паводле якой яна ўцягваецца ў канструяванне культурных ідэнтычнасцяў, сацыяльны і ідэалагічны рух і г.д., прысвячаюць шмат увагі пост-працэсуаль ныя археолагі. У сувязі з гэтым аўтарка спасылаецца на Б.Дж.Трыгера, які піша пра існаванне «нацыяналістычнай археалогіі», маючы на ўвазе тую археалогію, якая ў многіх сваіх аспектах спалучаецца з нацыяналі змам, што істотна ўплывае на фармаванне калектыўнай ідэнтычнасці. Археалогію, у аснове якой ляжаць ідэі экспансіянізму, Трыгер называе «імперыялістычнай археалогіяй». Ён вылучае таксама «каланіяльную археалогію», якая можа развівацца там, дзе ўлада належыць не мясцовым народам, а каланізатарам. Звычайна апошнія разглядаюць абарыгенную дагісторыю перыядам даўно мінулых часоў, у сувязі з гэтым, маўляў, яна не мае сувязі з сённяшнім днём, а таму губляе актуальнасць.

Многія з археолагаў, звяртаючы шмат увагі на сацыяльную ролю гуманістычных навук, падкрэсліваюць мабілізоўную ролю археалогіі ў працэсе нацыянальнага будаўніцтва, посткаланіянальнай рэгенерацыі, вызвольнага руху і г.д. На такое «чытанне» мінулага знаходзіцца многа крытыкаў, якія спрабуюць дэклараваць замест гэтага «аб’ектыўную інтэрпрэтацыю мінулага», г.зн. незалежна ад палітычных рэалій, выстаўляючы археалогію ў якасці адмысловага арбітра ў спрэчках. Іншыя ў гэтай сувязі дадаюць, што археалагічныя факты павінны быць нейтральнымі, археолаг павінен стаяць збоку, пакуль іншыя высвятляюць свае палітычныя мэты. Аспрэчвацца, маўляў, павінны толькі дакладнасць атрыманых фактаў і дакладнасць інтэрпрэтацый, якія вынікаюць з атрыманых фактаў.

З гэтай нагоды для Ш.Джонс праблема заключаецца ў тым, што археалогія ў якасці адной з гуманітарных навук павінна быць сацыяльна вартаснай навукай, у дадзеным выпадку археалагічны досвед павінен быць выкарыстаны для вытлумачэння сучасных этнічных ідэнтыфікацый. Але ў тым выглядзе, у якім традыцыйная археалогія праводзіла і працягвае праводзіць этнічную ідэнтыфікацыю, існуе мноства заганаў, у тым ліку і сацыяльных. Адзін з трывожных наступстваў існуючай практыкі — замацаванне «музейнага вобраза» за мясцовым абарыгенным насельніцтвам, якое, маўляў, павінна развівацца ў рамках традыцый і аўтэнтыкі, змены якіх бачацца нічым іншым, як апаганьваннем і згубаю ідэнтычнасці.

Манаграфія Ш’ён Джонс — адно з рэдкіх даследаванняў па тэорыі этнічнасці ў археалогіі за апошнія дзесяцігоддзі. Унікальнасць і актуальнасць гэтай працы ўжо адзначалася ў еўрапейскай навуковай перыёдыцы. Прынамсі, у сваёй рэцэнзіі на згаданую манаграфію Бёрнар Ольсэн[2] падсумоўваў, што кніжка з’яўляецца «…добрым унёскам у археалагічныя і антрапалагічныя распрацоўкі па этнічнасці і культурнай ідэнтыфікацыі. Яна шчыра мае быць прапанаваная, а таксама заслугоўвае шырокай чытацкай аўдыторыі ўласна па-за археалагічным навуковым колам»[3].

Мікола Крывальцэвіч

Менск


[1] Гл., напр.: Крывальцэвіч М. Археалогія і палітыка // Шуфляда. №1. 1999. С. 33—54. Тамсама бібліяграфія па згаданай праблеме.
[2] Bjønar Olsen. Siân Jones: The Archaeology of Ethnicity. Constructing Identities in the Past and Present. Routledge, London & New York, 1997 // Norwegian Archaeological Review. Vol. 32. №2. 1999. Р. 115—117.
[3] Ibidem. Р. 117.

Наверх

Аляксандр Гужалоўскі, Сяргей Каун. Internet для гiсторыкаў

23 снежня, 1999 |

Беларусь, як і ўсе еўрапейскія краіны, паступова ўваходзіць у стадыю «iнфармацыйнага грамадства», дзе інфармацыя ператвараецца ў тавар, патрэбны для ўсё большай часткі насельніц тва, і кожны праз агульнадаступныя банкi дадзеных можа атрымаць неабходную iнфармацыю. У апошнiя гады працэсы iнфарматызацыi закранулi і гiстарычную навуку ды адукацыю. Гэта прывяло да развiцця новых дысцыплiн, якiя з’явiлiся ў вынiку сiнтэзу гiсторыi, матэматыкi i iнфарматыкi: гiстарычнай iнфарматыкi, квантытатыўнай гiсторыi, камп’ютэрнага крынiцазнаўства. Новыя iнфармацыйныя тэхналогii пачалi актыўна выкарыстоўвацца таксама ў музейнай i архiўнай практыцы.

Што ж канкрэтна можа атрымаць гісторык ад „сусветнага павуціння”?

Па-першае, гэта пошук гiстарычнай iнфармацыi i крынiц. Пошук ажыццяўляецца з дапамогай сервiснай iнфармацыi Internet (даведачных сiстэмаў, паказальнiкаў, тэматычных шляхаводаў па сетках, iнфармацыi пра розныя праекты, гранты, фонды, арганiзацыі), бiблiяграфiчнай iнфармацыi (каталогаў бiблiятэк, тэматычных падборак, анатацый). Internet прапануе просты доступ да тысяч бiблiятэчных каталогаў (напрыклад, да скарбаў бiблiятэкi Ватыкана або Бiблiятэкi Кангрэсу ў Вашынгтоне), электронных гiстарычных часопiсаў, машыначытальных архiваў дзяржаўных установаў (напрыклад, электронных фондаў Нацыянальных архiваў ЗША), базаў дадзеных, якiя ўтрымлiваюць гiстарычную i сацыяльную iнфармацыю, высокаякасных электронных выставаў, на якiх дэманструюцца кумранскiя свiткi або дакументы савецкiх архiваў.

Па-другое, гэта атрыманне тэкставых, вiдэа- i аўдыа- файлаў для карыстання ў навуковай i адукацыйнай працы. Беларускiя даследчыкi маюць магчымасць атрымаць неабходныя iм крынiцы, якiя знаходзяцца ў замежных архiвах i бiблiятэках, не падымаючыся з-за свайго пiсьмовага стала. Гэта вельмi важна для спецыялiстаў па крынiцазнаўству, гiсторыi матэрыяльнай культуры, мастацтвазнаўству, якiя павiнны не толькi мець апiсанне самой крынiцы, але i бачыць яе. Доступ да найноўшай гiстарычнай iнфармацыi ў Internet дазваляе выкладчыкам сярэднiх i вышэйшых навучальных установаў выкарыстоўваць на лекцыйных i семiнарскiх занятках «вiзуальныя» i «гукавыя» крынiцы. Гэта павышае цiкавасць навучэнцаў да заняткаў па гiсторыi.

Па-трэцяе, хуткi абмен iнфармацыяй i камунiкаванне памiж гiсторыкамi розных краiнаў. Гэты абмен ажыццяўляец ца па электроннай поште або праз тэлеканференцыi ў сiстэме Usenet. У Internet працуюць дыскусiйныя групы па шматлiкiх гiстарычных тэмах, у тым лiку па гiсторыi Расii i саветалогii, дзе ўскосна закранаюцца праблемы гiсторыi Беларусi.

Агульныя гістарычныя сайты

1. http://execpc.com/~dboals/boals.html

Web-сайт гiсторыi i сацыяльных даследаванняў. На сайце змяшчаецца iнфармацыя пра вiкiнгаў, манастыры, Першую сусветную вайну i iнш.

2. http://library.byu.edu:80/~rdh/eurodocs/

Гiстарычныя крынiцы Заходняй Еўропы па ўсiх перыядах гiсторыi. Цiкавыя матэрыялы па гiсторыi Французкай рэвалюцыi i Парыжскай Камуны.

3. http://www.liv.ac.uk/~evansjon/humanities/history/history.html

Cтаронка гiстарычных рэсурсаў звязана з дадзенымі старажытнай i сярэднявечнай гiсторыi, гiсторыi англійскiх каралеўскiх дынастый Цюдораў i Сцюартаў, сучаснай гiсторыi, музейнымi старонкамi i iнш.

4. http://www.english.upenn.edu/~jlynch/18th/

Kалекцыя арыгiнальных крынiц XVIII ст. па гiсторыi Англii, Еўропы i Амерыкi, Французскай рэвалюцыi i паўстання 1798 г. у Iрландыi.

5. http://www.campus.bt.com/CampusWorld

Mатэрыялы па гiсторыi Старажытнага Егiпта, Грэцыi, ацтэкаў, сучаснай гiсторыi (напрыклад, тэма «Канец халоднай вайны»).

6. http://www.sky.co.uk/history/classroom/index.htm

Шмат адукацыйных матэрыялаў па тэмах: «Праўленне Цюдораў», «Вытокі Французскай рэвалюцыi», «Амерыканс кая рэвалюцыя», «Вялiкабрытанiя ў XIX ст.», «Грамадзянская вайна ў ЗША», «Нямеччына часоў Бiсмарка», «Прычыны першай сусветнай вайны», «Расiйская рэвалюцыя 1917 г.», «Iталiя Мусалiнi», «Гiтлер i нацызм», «Сталiн» i г.д.

7. http://www.glasnet.ru/~euroclio/index.htm

Гэта старонка Euroclio — Еўрапейскай пастаяннай канфэренцыi Асацыяцый выкладчыкаў гiсторыi, дзе знаходзiцца калекцыя крынiц па найбольш важных эпiзодах «халоднай вайны», матэрыялы пра падзеі ў Вугоршчыне 1956 г.

Агульныя гістарычныя сайты
1. http://execpc.com/~dboals/boals.html
Web–сайт гiсторыi i сацыяльных даследаванняў. На сайце змяшчаецца iнфармацыя пра вiкiнгаў, манастыры, Першую сусветную вайну i iнш.

2. http://library.byu.edu:80/~rdh/eurodocs/
Гiстарычныя крынiцы Заходняй Еўропы па ўсiх перыядах гiсторыi. Цiкавыя матэрыялы па гiсторыi Французкай рэвалюцыi i Парыжскай Камуны.

3. http://www.liv.ac.uk/~evansjon/humanities/history/history.html
Cтаронка гiстарычных рэсурсаў звязана з дадзенымі старажытнай i сярэднявечнай гiсторыi, гiсторыi англійскiх каралеўскiх дынастый Цюдораў i Сцюартаў, сучаснай гiсторыi, музейнымi старонкамi i iнш.

4. http://www.english.upenn.edu/~jlynch/18th/
Kалекцыя арыгiнальных крынiц XVIII ст. па гiсторыi Англii, Еўропы i Амерыкi, Французскай рэвалюцыi i паўстання 1798 г. у Iрландыi.

5. http://www.campus.bt.com/CampusWorld
Mатэрыялы па гiсторыi Старажытнага Егiпта, Грэцыi, ацтэкаў, сучаснай гiсторыi (напрыклад, тэма «Канец халоднай вайны»).

6. http://www.sky.co.uk/history/classroom/index.htm
Шмат адукацыйных матэрыялаў па тэмах: «Праўленне Цюдораў», «Вытокі Французскай рэвалюцыi», «Амерыканская рэвалюцыя», «Вялiкабрытанiя ў XIX ст.»,  «Грамадзянская вайна ў ЗША», «Нямеччына часоў Бiсмарка», «Прычыны першай сусветнай вайны»,  «Расiйская рэвалюцыя 1917 г.», «Iталiя Мусалiнi», «Гiтлер i нацызм», «Сталiн» i г.д.

7. http://www.glasnet.ru/~euroclio/index.htm
Гэта старонка Euroclio — Еўрапейскай пастаяннай канфэренцыi Асацыяцый выкладчыкаў гiсторыi, дзе знаходзiцца калекцыя крынiц па найбольш важных эпiзодах «халоднай вайны», матэрыялы пра падзеі ў Вугоршчыне 1956 г.

Сайты па гiсторыi Еўропы i Амерыкi

1. http://www.demo.co.uk/tourism/jvc/
Сайт Цэнтра вiкiнгаў у Ёрвiку прапануе блiсучыя ўводзiны ў музей, якi ўтрымлiвае археалагiчныя сведчанні, што дазваляюць даць адказ на пытанне: «Кім былi вiкiнгi — героямi або злыднямi?». Матэрыялы пра вiкiнгаў таксама змяшчаюцца на сайце http://odin.nls.no/viking/vnethome.htm

2. http://www.yahoo.com/Regional/Countries/United_Kingdom/England/History/Battle_of_Hastings/
Гэты сайт уключае поўнасцю габелен Байе (Bayeux), на якiм адлюстрована бiтва пры Ганстынгсе.

3. http://history.hannover.edu/texts/barth.htm
Biзуальныя крынiцы, якiя дазваляюць на свае вочы пабачыць разню французскiх гугенотаў у ноч святога Варфаламея 1572 г. у Парыжы.

4. Англiйская рэвалюцыя i грамадзянская вайна XVII ст.:
http://www.idbsu.edu.courses/hy101/english/01.htm
Сайт таварыства Англiйскай грамадзянскай вайны:
http://www.jpbooks.com/ecws/

Сайт бiтвы пры Нэзбi 1645 г.:
http://web.ukonline.co.uk/glenn.foard/index.html

Сайты, прысвечаныя Олiверу Кромвелю:
http://mercury.acnet.wnec.edu/~grempel/rempel/wc2/cromwell.html
http://www.camelotintl.com/heritage/cromwell.html
5. «Бостанскае пiццё гарбаты» — пачатак барацьбы за незалежнасць Паўночнаамерыканскiх калонiй:
http://www.vistel.com/tea/bosto2.htm
http://mac94.ralphbunce.rbs.edu/history/~welling/usa/teaparty.html

6. http://history.hanover.edu/modern/frenchrv.htm
Частка шляхавода па гiстарычных рэсурсах Internet Гановерскага гiстарычнага факультэта. На ёй змяшчаецца шмат iнфармацыi пра Французскую рэвалюцыю. Прычыны i гiсторыя Французскай рэвалюцыi таксама разглядаюцца на сайтах: http://www.pagesz.net/~stevek/intellect/lecture11a.html
http://history1700s.miningco.com/

7. Напалеон:
http://www.ping.be/~ping5895/
http://id.mind.net/~empire/

8. Першая сусветная вайна 1914—1918 г.
http://www.niweb.com/dnet/dnetDkjs/
http://kanga.pvhs.chico.k12.ca.us/~bsilva/projects/causes.htm
http://www.edweb.camcnty/gov.uk/hinchingbrooke/index.html
http://www.worldwarl.com/tsearch.htm
http://www.yitm.com/yitm/ww1/
http://www.geocities.com/SoHo/Galltre/8054
На ўсiх гэтых сайтах змяшчаецца матэрыял пра падзеі першай сусветнай вайны: «траншэйную вайну», газавыя атакі, калекцыi французскiх i бельгiйскiх ваенных плакатаў, фотаздымкi, прапагандысцкiя малюнкi, вершы пра вайну. Сайты ўключаюць храналагiчныя таблiцы, карты з  лiнiямi фронту.
Дэталёвая справаздача з фотаздымкамi i картамi пра падзеі, якiя прывялi да забойства эрц–герцага Франца Фердынанда ў 1914 г., пададзена на сайце:
http://raven.cc.ukans.edu/~kansite/ww_one/comment/sarajevo.html

Пра прычыны першай сусветнай вайны, Версальскую мiрную дамову i нацысцкую Нямеччыну ёсць iнфармацыя на сайце: http://www.eclipse.co.uk/~dj6523/gcserevision/1ww.html

9. Версальская мiрная дамова:
http://ac.acusd.edu/History/text/versaillestreaty/vercontents.html
10.  Царская Расiя:
http://alexsanderpalace.org/palace/mainpage.html
Сайт прысвечаны расiйскай гiсторыi перад рэвалюцыяй 1917 г. і пад час яе. На сайце ёсць cправаздача Сакалова пра забойства Раманавых, выявы Р.Распуцiна i звесткі пра яго дзейнасць.

11. Расiйская рэвалюцыя i яе вынiкi:
http://www.barnsdle.demon.co.uk/russ/rusrev.html
На сайце разглядаюцца падзеi ў Расii 1917—1936 г.

12.  Iосiф Сталiн:
http://www.grolier.com/wwii/wwii_stalin.html
На сайце  — дакументы пра жыццё i дзейнасць I.Сталiна.

Удзел I.Сталiна ў Патсдамскай канферэнцыi асветлены на сайце: http://www.peak.org/~danneng/decision/potsdam.html
13. Грамадзянская вайна ў Іспанii:
http://www.chisholm–poster.com/chisholm/sCivil/index.html
На сайце — плакаты, дзе даюцца розныя вобразы падзей Грамадзянскай вайны ў Іспанii. Гэта толькi частка вялiкай калекцыi, у якую ўваходзяць выяўленчыя матэрыялы перыяду другой сусветнай вайны, расiйскiя палiтычныя плакаты i iнш.

Анархiсцкi погляд на грамадзянскую вайну ў Іспанii адлюстроўвае сайт, якi складаецца з частак, прысвечаных ваенным падзеям, ролi жанчыны ў вайне, песням рэвалюцыi i вайны: http://www.flag.blackened.net/revolt/spaindx.html

14. Крынiцы гiсторыi Нямеччыны ў XX ст.:
http://www.dhm.de/ENGLISH/sammlungen/documente2/
На сайце змяшчаецца калекцыя арыгiнальных нямецкiх архiўных крынiц. Найбольш цiкавыя дакументы — плакат Нямецка–яўрэйскай асацыяцыi ветэранаў вайны са спiсамi яўрэяў, якія загінулі ў 1914—1918 г., i плакат, на якiм адлюстравана спальванне нацыстамi негерманскiх кнiг у 1933 г.

15. Гiтлераўская Нямеччына:
http://www.historyplace.com./worldwar2/riseofhitler/index.htm
На сайце на дакументальнай аснове паказаны прыход Гiтлера да ўлады ў 1933 г. i асноўныя падзеi ў гiсторыi Нямеччыны ў 30–я г.

16. Халакост:
http://www.annefrank.com/anne/diary/diary.html
Сайт прысвечаны яўрэйскай дзяўчынцы з Галандыi Ганне Франк i яе вядомаму дзённiку. Тут пададзены фотаздымкi, гiсторыя жыцця Г.Франк, асобныя запiсы з яе дзённiка i гiсторыя яго публiкацыi.
http://www.yahoo.com/Arts/Humanities/History/20th_Century/Holocaust_The/
Архiўныя матэрыялы пра халакост, фотаздымкi, дакументы нацысцкай палiцыi пра яўрэяў, «вiртуальнае» наведванне канцлагера ў Дахаў  дазваляюць уявiць маштабы вынiшчэння яўрэяў у «Трэцiм Рэйху».

http://www.spectacle.org/695/ausch.html
Асвенцымскi Алфавiт прапануе дэтальную iнфармацыю пра газ «Цыклон В», ролю дактароў у канцлагеры i шмат iншых уражвальных матэрыялаў.
http://yarra.vicnet.net.au/~aragorn/holocaus.htm
Калекцыi вiзуальных матэрыялаў пра канцлагеры ў Бельгii, «вiртуальны» тур па Дахаў  — гэта напамiн пра халакост для сучаснiкаў.

http://www.wiesenthal.com/
Сайт Цэнтра Шымона Вiзэнталя – гэта серыi дакументаў «Дзецi Халакоста», бiяграфii тых, хто пацярпеў ад нацыстаў за тое, што быў яўрэем, даведкi (рэгулярна абнаўляюцца) пра былых нацыстаў, дакументы пра сувязі Швейцарскiх банкаў з нацыcцкiм рэжымам i iнш.
http://jefferson.village.virginia.edu/holocaust/response.html
Розныя падыходы ў вывучэннi халакоста i багатыя калекцыi фотаздымкаў дазваляюць сiстэматычна даследаваць гэтую гiстарычную з’яву.

17. Калекцыi амерыканскiх архiваў пра другую сусветную вайну:  http://192.253.114.31/D–Day/Table_of_conents.html
http:/www.yahoo.com/Arts/Humanities/History/20th_Century/World_War_II/Battles_and_Campaigns/European_Theater/D_Day /
Калекцыя амерыканскiх прапагандысцкіх плакатаў часоў другой сусветнай вайны:
http:/www.openstore.com/posters/

Iнфармацыя пра аперацыі сакрэтных службаў, згодна адной з якiх Ф.Д.Рузвельт ведаў, што японцы збiраюцца бамбiць Перл Харбар:
http://www.cyberplus.ca/~chrism/conspiracy.htm

18. Гiсторыя мiжнародных адносiнаў 1945—1990 г.
http://www.bbc.co.uk/education/modern/index.htm

Частка вялiкай калекцыi, куды ўваходзіць iнфармацыя пра тое, як прымалася рашэнне пра атамнае бамбаванне Японii ў 1945 г., фотаздымкi i сведчанні сучаснiкаў:
http://www.yahoo.com/Arts/Humanities/History/20th_Century/World_War_II/Atomic_Bomb_The/
Iншы погляд на атамнае бамбаванне — на сайце Музея Нагасакi. Фотаздымкi, сведчанні сучаснiкаў i гiстарычны аналiз падзеяў, якiя прывялi да жнiўня 1945 г.:
http://www.us1.nagasaki–noc.or.jp/~nacity/na–bomb/m1–1e.html

19. «Карыбскi крызiс» 1962 г.: фотаздымкi, карты, перапiска М.Хрушчова i Дж.Кенэдзi, зварот Дж.Кенэдзi да нацыi, партрэты Ф.Кастра i М.Хрушчова на сайтах:
http://www.home.cdsnet.net/~howard/cmc.htm
http://pacbell.yahoo.com/Arts/Humanities/History/20th_Century/Cuban_Missile_Crisis/
http://www.wmc.car.md.us/HTMLpages/Academics/History/cuban.html
http://sunsite.unc.edu/expo/soviet.exibit/x2jfk.html
http://www.multied.com/JFKCuba.txt
http://www.seas.gwu.edu/nsarchive/nsa/cuba_mis_cri/cmcnames.html
http://www.seas.gwu.edu/nsarchive/nsa/cuba_mis_cri/cmcintro.html
http://archive.abcnews.com/sections/us/cuba/cuba_index.html

20. Савецка–амерыканскiя адносiны:
http://sunsite.unc.edu/expo/soviet.exhibit/intro2.html
Частка выставы Бiблiятэкi Кангрэсу ЗША, якая складаецца з раздзелаў «Савецкая i Амерыканская Камунiстычныя партыi», «Другая сусветная вайна», «Халодная вайна».

21. Карэйская вайна 1950—1953 г.: карты, фотаздымкi, вусныя сведчаннi пра вайсковыя акцыі: http://www.koreanwar.org/

22. Арабска–iзраiльскi канфлiкт: газеты з артыкуламi пра арабска–iзраiльскiя адносiны, тэксты пагадненняў, рэзалюцыi ААН, карты i сцягi на сайце:
http://bwscampus.com/School/Hist/NWWC/arisconflict.html
Арабскi погляд на падзеi на Блiзкiм Усходзе, гiсторыя Палестыны i дзяржавы Iзраiль, бiяграфiчныя звесткi пра Ясера Арафата:  http://www.arab.net/palestine/palestine_contents.html

Афiцыйны погляд на арабска–iзраiльскi канфлiкт прапануецца на сайце Мiнiстэрства замежных справаў Iзраiля:
http://www.israel–mfa.gov.il/

Альтэрнатыўны погляд на арабска–iзраiльскiя адносiны — на сайце Палестынскай нацыянальнай улады:
http://www.pna.net/

23. Барацьба за грамадзянскiя правы ў ЗША i дзейнасць Марцiна Лютэра Кiнга:
http://www.seattletimes.com/education/mlknotable/tab_man/MLKtimeline.html
http://pineal.math.fau.edu/~spc/democracy/Dream.html

24. Матэрыялы Камiсii Ўорэна i Камiсii Ракфэлера, ЦРУ, Дэпартамента юстыцыi ЗША па справе забойства Дж.Кенэдзi:
http://mcadams.posc.mu.edu/bestof.htm
http://www.nara.gov/nara/jfkgil_42.html

25. Сайт Мiжнароднай Асацыяцыi «History and Computing»: http://grid.let.rug.nl/ahc.welcome.html

26. Сайт Оксфардскага архiва электронных дакументаў (Oxford Text Archive): http://ota.ox.av.uk/~archive/otr.htm

Квятковская, Алла В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.) (Аляксандр Мядзведзеў)

3 снежня, 1999 |


Квятковская, Алла В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.). Вильнюс, 1998. 327, илл., табл.

Вывучэнне старажытнасцяў Беларусі ХІ—ХVII ст. мае свае традыцыі і набыткі. Нямала зроблена ў даследаванні гарадоў, сельскіх паселішчаў, пахавальных помнікаў ІХ—ХІІІ ст. Летась выйшла з друку манаграфія А.Квяткоўскай, прысвечаная каменным могільнікам на тэрыторыі Беларусі. Актуальнасць вывучэння гэтых помнікаў несумненная і мае вялікае значэнне для асэнсавання гісторыі нашай Бацькаўшчыны, на абшарах якой у старажытнасці праходзілі складаныя этнічныя працэсы. Нягледзячы на тое, што каменныя курганы і магілы Беларусі раней даследаваліся і іншымі аўтарамі, кніга А. Квяткоўскай — першая спроба манаграфічнага вывучэння гэтай катэгорыі пахавальных помнікаў, спроба прасачыць іх эвалюцыю на вялікім адрэзку часу.

Лейтматывам манаграфіі гучыць тэза, што каменныя могільнікі пакінуты яцвягамі, якія праз увесь акрэслены перыяд і нават да ХIХ ст. на тэрыторыі Беларусі захоўвалі сваю этнічную, лінгвістычную адметнасць. У шэрагу месцаў манаграфіі змяшчаюцца эмацыйныя радкі пра тое, якія гэта былі высакародныя, мужныя і свабодалюбівыя людзі, як гераічна яны супраціўляліся захопнікам. Няма нічога кепскага ў зацікаўленасці аўтара прадметам свайго даследавання, але навуковая праца мае на ўвазе дакладнасць у аналізе і выкладанні матэрыялу, надзейную сістэму аргументаў, шырокае прыцягненне дадзеных літаратуры. А якраз у гэтым праца мае шэраг сур’ёзных недахопаў.

Кніга складаецца з уступа, 6 раздзелаў, заключэння, шэрагу дадаткаў (бібліяграфія, скарачэнні, імянны і геаграфічны паказальнік, 14 табліц).

Ва ўступе акрэслены межы распаўсюджання каменных могільнікаў на Беларусі. Разгляд арэалу і храналогіі каменных курганоў на тэрыторыі, дзе розныя аўтары размяшчалі яцвягаў, дае шмат інфармацыі для роздуму. Так, існуюць розныя думкі наконт арэалу распаўсюджання яцвягаў. Частка даследчыкаў (найбольш асцярожныя) лічаць, што яцвягі займалі толькі частку паўночна-ўсходняй Польшчы, паўднёвай Літвы (Занёманне) — абшары, на якіх у ХIII ст. несумненна жылі яцвягі (сведчанні пра паходы Ордэна і Русі). Іншыя, у тым ліку аўтар дадзенай кнігі, далучаюць сюды яшчэ значную частку заходняй Беларусі. Адзначым, што каменныя курганы ў паўночна-ўсходняй Польшчы існуюць толькі да VII ст. н.э.[1], у паўднёвай Літве — да VIII ст. н.э.[2] Помнікі пазнейшага часу тут даследаваны адзінкавыя. У Беларусі ж каменныя курганы вядомы толькі з Х ст. Такім чынам, паміж несуменнымі яцвяжскімі старажытнасцямі Польшчы і Літвы, з аднаго боку, і могільнікамі з Беларусі, з другога, існуе значны храналагічны разрыў (каля двух—трох стагоддзяў). А калі ўлічыць той факт, што каменыя канструкцыі шырока выкарыстоўваліся ў пахаваннях мазаўшанаў[3], то ў кнізе неабходна было абгрунтаваць тэзу аб яцвяжскай прыналежнасці каменных могільнікаў Беларусі, а не сцвярджаць гэта a priori, ужо ў назве манаграфіі.

Далей робіцца агляд гісторыі гэтых земляў, кранаецца гісторыя стварэння Вялікага Княства Літоўскага. Але падзеі ХІІІ ст. падаюцца ў надта спрошчаным і скарочаным выглядзе са спасылкай на агульную працу «Гісторыя Беларускай ССР» (1972). Ні слова не гаворыцца пра Наваградскі перыяд жыцця гэтай дзяржавы. А тады адбываліся вельмі цікавыя падзеі, якія тычацца тэмы манаграфіі. Так, напрыклад, супраць Міндоўга ў 1252 г. склалася кааліцыя, у якую ўваходзілі Рыга, галіцка-валынскія князі, князь Таўцівіл і яцвягі[4] .

Ва ўводзінах, на жаль, не вызначаны аб’ект даследаван ня. На с. 3 сказана, што першапачаткова існавалі каменныя курганы, а потым у ХI—ХII ст. адбываецца паступовая трансфармацыя абраду пахавання — замена курганоў грунтовымі бескурганнымі могільнікамі. Гэты працэс цягнуўся да сярэдзіны ХIII ст. (160). У кнізе падаюцца помнікі з канца ХI ст. (у часы суіснавання дзвюх традыцый), але каменныя курганы не апісаны, не вылучаны асобна, не вызначана іх адрозненне ад грунтовых могільнікаў. Яшчэ ў часы раскопак Э. Вальтэра і В. Шукевіча (ХIХ ст.) могільнікі інтэрпрэтаваліся не толькі як грунтовыя, але і як «курганы» ці «палі нізкіх курганоў» (16—17, 19). Тым больш, што ў Менскай і Віцебскай абласцях каменныя магілы сустракаліся толькі побач з курганамі (38).

Першы раздзел прысвечаны агляду гісторыі даследаван няў каменных могільнікаў. Пералічаны даследчыкі, што праводзілі раскопкі іх на Беларусі (В.Шукевіч, Э. Вальтэр, Г. Савіцкі, П. Рыкаў і інш.), і даследаваныя помнікі, але не ўказана агульная колькасць вывучаных пахаванняў. А іх усяго 650. На фоне гэтай лічбы надзвычай эфектна глядзелася б колькасць магіл, раскапаных самім аўтарам — 383 на 16 могільніках, што складае большую палову ад усіх.

Асобны параграф адведзены методыцы раскопак могільнікаў. Праўда, звычайная практыка (раскопкі грунтовых могільнікаў вялікімі плошчамі)[5] падаецца як вынаходніцтва аўтара. Да таго ж адзначым, што сама А. Квяткоўская капала раскопамі памерамі 4Ч4, 4Ч8 i 6Ч10 м, якія могуць лічыцца толькі шурфамі і невялікімі раскопамі.

Дакладная фіксацыя ўсіх выяўленых асаблівасцяў таксама з’яўляецца неабходным патрабаваннем методыкі (у т.л. размяшчэнне каменных канструкцый). Для раскопаў выбіраліся асобныя часткі могільнікаў, дзе несумненна былі камяні (23, 24), астатняя ж плошча заставалася недаследаванай, што катэгарычна забаронена сучаснымі методыкамі, бо з’яўляецца рабаўніцтвам і вядзе да разбурэння помнікаў. Такім чынам, каменныя канструкцыі апынуліся па-за агульным кантэкстам могільнікаў, а значыць, немагчыма вызначыць размяшчэнне магіл (радамі, ці былі сямейныя скапленні з больш свабоднымі прамежкамі). Па гэтай прычыне прапанаваная методыка ёсць крокам назад нават у параўнанні з працамі В. Шукевіча, які праводзіў даследаванні ўсёй плошчы помніка з дапамогай траншэй. Дэкларацыя дакладнай фіксацыі асаблівасцяў пахаванняў так і засталася добрым намерам. Па матэрыялах манаграфіі бачна, што вельмі часта была нявызначанай форма каменных канструкцый на даследаваных аўтарам могільніках (гл. табл. 14 — Беліца; частка Вензаўшчыны, ур. Барок; Івашкавічы, Калпакі, Куклі, частка Клепачоў, Навасёлкі Зэльвенскага р-на і інш.).

У раздзеле II дадзена агульная характарыстыка каменных могільнікаў, апісаны размяшчэнне могільнікаў, тыпы магіл па форме каменных канструкцый. Гэтыя апошнія прыкметы і лічацца асаблівасцямі разгляданых помнікаў (42). Аднак у табліцы 1 «Размеры и форма надмогильных кладок ХI—XVII вв.» (207—212) даецца апісанне канструкцыяў толькі 183 магіл з 650 вывучаных (ці 28,2%). Пры аналізе памераў магільных ям, палажэння і арыентацыі нябожчыкаў (табл. 2, 213—237) выкарыстаны дадзеныя прыкладна з 500 магіл (у такім выпадку толькі 36,6% з іх маюць канструкцыі). Нават калі браць пад увагу толькі магілы, што даследавала аўтар (іх 383), то і тут можна сцвярджаць, што каменныя канструкцыі маюць 47,8% магіл — менш за палову.

Пры стварэнні тыпалогіі аўтарам парушаны правілы выдзялення варыянтаў, таму карыстацца ёй вельмі цяжка. У выніку ў кнізе няма аналізу распаўсюджання розных варыянтаў форм канструкцый на помніках асобных груп у розныя часы, яны не пададзены ў табл. 1 і 14 (у тэксце прыводзяцца толькі прыклады, на якіх могільніках яны сустракаюцца). Інакш кажучы, створаная тыпалогія каменных канструкцый не працуе. Дадамо і тое, што з ліку 183 (табл. 1) ці 383 даследаваных аўтарам (ці 650) магіл па тыпе кладкі (круглая, авальная, прамавугольная) вызначаны толькі 175 магіл.

На мой погляд, зашмат месца аддадзена этнаграфічнай інфармацыі (мясцовыя назвы, легенды пра могільнікі, гісторыя хрысціянізацыі гэтых мясцін), і ўведзена яна часта бессістэмна, што толькі шкодзіць успрыманню матэрыялу.

У наступным, трэцім, раздзеле робіцца спроба аналізу пахавальнага абраду. Цэлы параграф гаворка ідзе пра каменныя канструкцыі, ужо разгляданыя ў папярэднім раздзеле. Адзначыўшы вялікі ўплыў культу каменю на характар пахаванняў, аўтар выказвае арыгінальную версію тлумачэння выкарыстання камянёў у абкладцы магілы: «А делали это, возможно, и по причине того, чтобы звери не разрушали погребения» (50).

Асобны параграф прысвечаны драўляным абставам у магілах. Адна з высноваў, да якой прыйшла тут А.Квяткоўская, што змацоўваць дамавіны жалезнымі цвікамі сталі толькі з сярэдзіны XVI ст., супярэчыць археалагічным дадзеным. Апісваецца арыентацыя і палажэнне нябожчыкаў (55—56), але, нягледзячы на прысутнасць табл. 2 (каля 500 магіл), няма аналізу з вылучэннем характэрных асаблівасцяў са статыстычнымі выкладкамі. Гэтую працу, аўтар, верагодна, пакідае чытачу.

Не зусім зразумела, навошта было вылучаць асобны параграф «Погребения сдвоенные, пустые и детские», у якім ідзе толькі іх апісанне. Відавочна, што з 650 даследаваных магіл такія выпадкі павінны сустракацца.

Пасля вызначэння ўсіх гэтых другарадных момантаў справа даходзіць да апісання пахавальнага абраду. І зноў жа сказваецца недасканаласць пабудовы тыпалогіі, што асабліва відавочна ў наступным параграфе «Другие особенности погребального обряда и культа умерших».

Пры аналізе пахавальнага інвентару (глава IV) даецца апісанне знаходак. Спадзяюся, што гэтая частка манаграфіі дачакаецца грунтоўнай рэцэнзіі іншых археолагаў. Аднак звернем увагу на некаторыя хібы ў самім падыходзе да разгляду матэрыялу. Перш за ўсё, аўтар некарэктна праводзіць аналогіі. Напрыклад, адсылае чытача да публікацый знаходак з помнікаў Польшчы і Літвы, храналагічна адарваных ад вывучаных ёю на некалькі стагоддзяў або недатаваных у літаратуры. Пры апісанні ляпной керамікі робяцца спасылкі на аналогіі ў Польшчы (па яцвяжскіх помніках), на Беларусі па помніках трэцяй чвэрці—канца I тыс. н.э. (157—149). Трэба ўлічваць, што ў паўночна -ўсходняй Польшчы няма помнікаў яцвягаў гэтага часу. Такім чынам, аўтар проста ўводзіць чытачоў у зман.

Кераміку, упрыгожаную штампам, А.Квяткоўская лічыць яцвяжскай (149), сярод іншых робячы спасылку на матэрыялы Наваградка і працу М. Малеўскай. Але ў гэтым артыкуле кераміка такога кшталту звязана з валынянамі (г.зн. славянамі). Да таго ж і на наваградскіх гаршках арнаментацыя штампам сустракаецца як выключэнне[6]. Пры разглядзе ганчарнай керамікі, асабліва ХIII—XVI ст., даюцца вельмі шырокія датаванні тыпаў (як правіла, у межах выдзеленага адрэзка часу, ХIII—XVI ст.). Пераважаюць спасылкі на польскіх і літоўскіх даследчыкаў. Матэрыялы з гарадоў Беларусі, апроч Ліды, проста ігнаруюцца. Між тым лагічна было б абапірацца менавіта на даследаванні па кераміцы той самай тэрыторыі, з якой паходзяць могільнікі. Відавочна, што вызначэнне датаванняў розных тыпаў посуду аўтар не можа зрабіць таму, што проста не валодае матэрыялам. Гэтая недакладнасць у апрацоўцы керамічнага матэрыялу, які найчасцей сустракаецца ў інвентары пахаванняў, не можа не насцярожваць.

Відаць таму ў наступным раздзеле V («Хронология каменных могильников территории Беларуси…») керамічны матэрыял застаўся нявыкарыстаным для датавання комплексаў, а асноўная ўвага аддадзена ўпрыгожванням і манетам. Тлумачэнне, што кераміка ў меншай ступені падвяргаецца ўплывам моды (г.зн. змяняецца) і што для сельскага насельніцтва характэрны кансерватызм, абсалютна беспадстаўнае. Да таго ж пры аналізе ўпрыгожванняў аўтар спасылаецца і на матэрыялы гарадоў, у тым ліку Ноўгарада. Як жа тады ўспрымаць выказванне пра кансерватызм вёскі?

У выніку колькасць комплексаў, якія можна выкарыстоў ваць пры аналізе храналогіі, штучна скарацілася (толькі 240). Прычым гэта зроблена менавіта за кошт помнікаў позняга Сярэднявечча (XIV—XVI ст.), дзе колькасць інвентару змяншаецца, а часта зводзіцца толькі да посуду.

Дадаткі ў выглядзе табліцаў 11—14 павінны дапамагчы чытачу зразумець доказы па храналогіі. У табл. 12 улічана толькі 240 комплексаў (Х—ХI ст. — 2, ХII — 21, ХII—ХIII ст. — 55, ХIII ст. — 36, ХIII—ХIV ст. — 43, XIV ст. — 7, XIV—XV ст. — 51, XV ст. — 9, XV—XVI ст. — 16). Выклікае здзіўленне такая недакладнасць у датаванні — ажно да двух стагоддзяў. Адзначым, что раннія комплексы Х—ХII ст. лакалізуюцца ў асноўным на правабярэжжы Нёмана. Некаторыя храналагічныя групы паказаны адзінкавымі комплексамі (басейн Бярэзіны) ці нават не прадстаўлены наогул (Пабужжа). Такім чынам, гэтая табліца дэманструе храналогію толькі аднаго рэгіёна (правабярэжжа Нёмана). Звернем увагу на несупадзенне датавання паміж табліцамі 12 і 14 па тых самых комплексах: Волча 3, 5, 9, 12, 13, 17 у табл. 12 (261—262) датуюцца XII—XIII ст., а ў табл. 14 (293) — ХII ст. На якой падставе магіла 4/6 могільніка Вензаўшчына (ур. Барок) у табл. 14 датавана Х—ХI ст. (с. 295), калі ён не паказаны ў табл. 12 (г.зн. не мае закрытага комплексу рэчаў, толькі кераміка)?

На такім ненадзейным падмурку ў кнізе вылучаецца тры этапы эвалюцыі помнікаў (пераход да абрада трупапалажэння — канец Х—ХI ст., пераход ад курганных да грунтовых могільнікаў — канец ХI — сярэдзіна ХIII ст., пахаванне ў дамавінах, змацаваных жалезнымі цвікамі, спрашчэнне пахавальнага інвентару — з сярэдзіны XVI ст.). Важным аўтару ўяўляецца толькі апошні этап, які звязваецца з хрысціянізацыяй пад уплывам езуітаў. Але чаму ўсё ж ігнаруюцца першыя два, не вызначаюцца прычыны гэтых зменаў, хоць матэрыялаў для супастаўлення з іншымі абшарамі Беларусі і Усходняй Еўропы хапае?

Так, для дрыгавічоў пераход ад абраду трупаспалення да трупапалажэння адбываўся таксама ў канцы Х — пачатку ХІ ст., а з сярэдзіны ХII ст. распаўсюджваюцца пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў падкурганных ямах[7]. Па датуючых рэчах можна вызначыць познюю дату існавання дрыгавіцкіх курганоў — ХIII ст.[8]. У курганных могільніках каля старажытнага Заслаўя пахаванні па абрадзе трупаспалення датуюцца ў межах другой паловы Х — першай паловы ХI ст., калі ўжо дамінуюць пахаванні па абрадзе трупапалажэння, пераход да пахаванняў у ямах адбываўся ў ХI — пачатку ХI ст. У першыя дзесяцігоддзі ХII ст. знікаюць курганныя могільнікі[9]. У Беларускім Падзвінні абрад інгумацыі таксама распаўсюджваецца на мяжы Х—ХI ст.[10]. Пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў ямах з’яўляюцца з пачатку ХI ст. і шырока распаўсюджваюц ца ў ХII—ХIII ст.[11]. Пераход да грунтовых могільнікаў адбыўся ў другой палове ХII — ХIV ст.[12].

Цікавыя дадзеныя ёсць па тэрыторыі паўночнай Русі (сучасныя Ленінградская, Пскоўская, Наўгародская вобласці), дзе зафіксаваны сотні жальнікаў — грунтовых могільнікаў, пры будаўніцтве якіх шырока выкарыстоўваліся камяні. Ім папярэднічаюць курганныя могільнікі, змена пахавальнага абраду на трупапалажэнне ў якіх адбывалася ў ХI ст. У ХI—XIV ст. тут хавалі памерлых у курганах з каменнымі абкладкамі па абрадзе інгумацыі. Грунтовыя могільнікі з’яўляюцца ў ХI—ХII ст. (адзіныя пахаванні), але шырока распаўсюджваюцца з ХIII—ХIV ст. Такім чынам, відавочна поўнае супадзенне з асаблівасцямі каменных могільнікаў Беларусі. Акрамя таго, для жальнікаў таксама характэрны магілы з канструкцыямі круглай, авальнай і прамавугольнай формы, пераважае заходняя арыентацыя памерлых. Канструкцыі звычайна складаюцца з валуноў, размешчаных па перыметры магілы, ёсць з выкладкай дробнымі камянямі і з вялікімі камянямі толькі каля галавы і ў нагах. Адзначана развіццё тыпаў канструкцыяў у часе (ад суцэльных да асобных камянёў). Шмат супадзенняў можна бачыць і ў пахавальным абрадзе, і ў інвентары. Але жальнікі Г.Пронін звязвае з сельскімі помнікамі мясцовага прыбалтый ска-фінскага насельніцтва і адзначае прысутнасць славянскага элементу[13].

У той жа час археалагічныя матэрыялы з Літвы (там, дзе па гістарычных дадзеных язычнікі пераважалі да канца XIV ст.) паказваюць зусім іншую карціну развіцця. Тут пахаванні па абрадзе трупаспалення існуюць і ў ХIII—ХIV ст. (пахаванні на могільніках Абяляй, Барыне, Куршай, Павірвітэ—Гудай, Тулпякеліс). Толькі ў XV ст. ён змяняецца звычаем трупапала жэння (частка пахаванняў у Абяляй, Барыне, Куршай, Павірвітэ—Гудай, Тулпякеліс; могільнікі Ажугірай, Бячай, Дыктарай, Кармелаве, Краштай, Мажэйкяй, Шяймінінкеляй)[14].

Такім чынам, змены пахавальнага абраду (з’яўленне трупапалажэння ў канцы Х—ХI ст., грунтовых могільнікаў у канцы ХI—сярэдзіне ХIII ст.) у арэале каменных могільнікаў Беларусі адпавядаюць па часе і змесце падзеям, што адбываліся на шырокіх прасторах Усходняй Еўропы сярод насельніцтва рознай этнічнай прыналежнасці. Несумненна, што такія аднолькавыя падзеі могуць тлумачыцца не ўнутраным развіццём, а агульнымі знешнімі прычынамі, і перш за ўсё ўплывам хрысціянства. Зразумела, што гэты ўплыў на насельніцтва асобных груп каменных могільнікаў Беларусі быў розным, таму яны і адрозніваюцца толькі па ступені захаванасці перажыткаў язычніцтва .

У шостым раздзеле пададзены гістарычна -культурныя высновы. Тут пераказваюцца думкі розных аўтараў пра каменныя могільнікі, пра размяшчэнне асобных плямён яцвягаў, гісторыю паходаў на іх і зноў жа пра гістарычныя падзеі часоў Вялікага Княства Літоўскага (174—183), шмат месца займае апісанне пахавальных помнікаў валынян, дрыгавічоў, крывічоў, усходнелітоўскіх курганоў. Спрабуе аўтар інтэрпрэта ваць пахавальны інвентар. Развагі пра асаблівасці матэрыяль най культуры суседзяў (валынян, дрыгавічоў, крывічоў, літвы) (171—173) падмацаваны вялікай колькасцю спасылак, але відавочна бракуе спасылак там, дзе беспадстаўна прыводзяцца аналагі пахавальнага абраду і інвентару сярод старажытна сцяў яцвягаў, прусаў, літвы і латгалаў.

Не абыходзіць увагай аўтар і праблему пасяленчай структуры Панямоння, выказваючы сумненні наконт мірнага пранікнення славянаў на тэрыторыю гэтага краю і перакананне, што яцвягі не маглі аддаваць сваю зямлю. На самай справе, на тэрыторыі Беларускага Панямоння няма даследаваных паселішчаў другой паловы I тыс. н.э., якія можна было б звязаць з яцвягамі (адсутнічаюць яны і ў Польшчы, пачынаючы з VII ст.н.э.). Адзіны раскапаны помнік Панямоння другой паловы I тыс. н.э. — гарадзішча каля в. Радагошча Наваградскага раёна — належыць да славянскай культуры тыпу Лукі-Райкавец кай і датуецца IХ—Х ст.[15]. Навошта тады на працягу многіх старонак разважаць пра пасяленчую структуру, пра ваяўнічасць яцвягаў, пра іх упарты супраціў заваёўнікам, калі не ўказана ніводнае іх паселішча (а тым больш гарадзішча ці крэпасць) на Беларусі, якое датавалася б у рамках перыяду VII—ХIII ст.?

А рэч у тым, што для аўтара манаграфіі археалагічны матэрыял (г. зн. асаблівасці матэрыяльнай культуры) не з’яўляецца галоўным доказам этнічнай прыналежнасці насельніц тва. Так проста і напісана: «Дело не в том, что материальная культура представляет собой симбиоз различных культур в пределах одного города, а в том — на чьей земле располагал ся город. Земли же Понеманья и Побужья никогда не входили (курсіў мой — А.М.) в состав Древнерусского государства, а с начала ХIII в. находились в составе Великого княжества Литовского». Далей ідуць шматлікія спасылкі на працу 1872 г. І.Д. Бяляева (відаць, іншых не існуе), цытуюцца яго выказванні пра высокія маральныя якасці яцвягаў (178—180), прыводзяцца думкі і дадзеныя розных даследчыкаў (гісторыкаў, лінгвістаў, этнографаў) аб прысутнасці яцвягаў на тэрыторыі Панямоння і Пабужжа з XV і да ХIХ ст. (186—187).

Усё пачалося з рабаўніцкай методыкі раскопак могільнікаў, калі ў пагоні за колькасцю даследаваных магіл выбіраліся лепшыя, найбольш захаваныя часткі помніка. Прывядзём тут цытату з першага ва Усходняй Еўропе «Руководства для археологических раскопок» 1914 г. — «Раскопка почти всегда равняется полному разрушению остатков старины, а это возлагает на исследователя нравственную ответственность перед наукой, тем более, что сделанные при раскопках ошибки исправляются с большим трудом, а иногда остаются и совершенно неисправленными: поэтому лучше совсем не производить раскопок, чем производить их неправильно или неудовлетворительно» (пункт 13).

Недасканалая методыка пацягнула за сабой цэлы ланцуг памылак. Ці можна апісваць матэрыялы толькі з грунтовых могільнікаў ХI—XVII ст., калі побач, а часам і ў адных групах, знаходзяцца каменныя курганы ХI—ХIII ст.[16]? Як можна ўвесь час цвердзіць пра асаблівасці каменных могільнікаў, калі, па дадзеных самой А.Квяткоўскай, большасць магіл не мае каменных канструкцый? У кнізе ігнаруюцца высновы і матэрыялы іншых аўтараў па праблеме эвалюцыі пахавальнага абраду на суседніх тэрыторыях, што дазволіла адмаўляць несумненныя сведчанні ўплыву хрысціянства ў ХI—ХIII ст. на развіццё пахавальнага абраду каменных могільнікаў. Увогуле, пры апісанні гістарычных падзей і археалагічных матэрыялаў выбіраюцца толькі тыя працы, што блізкія да пункту гледжання аўтара, астатнія ж ігнаруюцца. Некаторыя «адкрыцці» (як уваходжанне Панямоння ў склад Літоўскай дзяржавы ў 1219 г. і тое, што Панямонне і Пабужжа ніколі не ўваходзілі ў склад Старажытнарускай дзяржавы) робяцца без спасылак (верагодна, гэта асабісты даробак А.Квяткоўскай у праблему фармавання Вялікага Княства Літоўскага). Асобныя знаходкі і цэлыя катэгорыі рэчаў (кераміка) засталіся належным чынам неапісанымі і недатаванымі, таму яны не выкарыстаны пры датаванні магіл. Занадта шырокія датаванні (у межах двух стагоддзяў) могуць істотна ўплываць на гістарычныя высновы ці на прывязку да вядомых па пісьмовых крыніцах падзеяў. Так, напрыклад, калі ў ХII ст. мелі месца толькі паходы на яцвягаў, то помнікі гэтага часу на правабярэжжы Панямоння могуць разглядацца як пакінутыя мясцовым насельніцтвам. Але можна іх датаваць і ХIII ст., калі ў выніку войнаў з Ордэнам і галіцка-валынскімі князямі адбывалася рассяленне груп бежанцаў — яцвягаў, прусаў, борцяў. У кнізе прусы — борці лакалізуюцца на правабярэжжы Нёмана (183—184), таму не выключана, што могільнікі ХIII ст. на гэтай тэрыторыі пакінуты імі. Гэтым можна патлумачыць і сведчанні значных перажыткаў язычніцтва, якія адбіліся ў матэрыяльнай культуры. Пры пасяленні бежанцы былі абавязаны службай, але і захоўвалі значную аўтаномію. На такіх самых умовах пазней, у XIV—XV ст., тут былі паселеныя і татары, якія захавалі сваю рэлігію да сённяшняга часу.

Не ўдалося аўтару пазбегнуць шэрагу нестыковак, супярэчнасцяў паміж тэкстам і дадаткамі, фактаграфічных памылак. Так, на думку аўтара, група каменных могільнікаў у басейне Бярэзіны з’яўляецца ў выніку пасялення тут палонных яцвягаў пасля паходаў Барыса Полацкага ў 1102 г. Датаванні ж комплексаў могільніка Волча (басейн Бярэзіны) у табл. 12 адпавядаюць ХII—ХIII ст., а комплексы з большай колькасцю датуючага матэрыялу — канцу ХII—ХIII ст. Праўда, у табл. 14 (295) гэтыя датаванні выпраўляюцца на патрэбныя — толькі ХІІ ст. На старонцы 5—6 са спасылкай на А.Іова гаворыцца пра суседзяў яцвягаў: «На юго—востоке — курганы дреговичей, — смешанного балто-славянского населения…». На самай справе, тут А.Квяткоўская папросту прыпісвае свае думкі іншаму даследчыку, бо А.Іоў, разглядаючы этнічную сітуацыю ў Пабужжы, піша «Яны [славяне] паступова асімілявалі тутэйшыя яцвяжскія плямёны злінцаў і да VIII—IX ст., верагодна, складалі большасць насельніцтва рэгіёна». І далей: «Рэгіён Брэсцкага Пабужжа ўключна з бассейнамі Лясная і Мухавец становіцца перыферыйнай вобласцю рассялення валынян, прыток якіх у Х ст. павялічваецца»[17]. Несумненна, адносіць заснаванне гарадоў Кобрын і Камянец (1252 г.) да ХІ—ХІІ ст. — таксама памылка, як і сцвярджэнне, што Чорная Русь апынулася пад уладай літоўскіх князёў у выніку дамовы 1219 г. Пераблытана нават дата заснавання Лаўрышаўскага манастыра. У кнізе гэтая падзея адносіцца да пачатку ХІІІ ст. (179), але ж гэта адбылося пры Войшалку, сыну Міндоўга, толькі праз паўстагоддзя.

Такім чынам, даводзіцца канстатаваць, што, па-першае, ідэя аб прыналежнасці каменных могільнікаў да яцвягаў не новая, яна была выказана і абгрунтавана раней — В. Шукевічам у 1918 г., Я.Звяругам у 1989 г. і інш. Па-другое, вялікі энтузіязм аўтара не можа замяніць дасканалага выкладання і аналізу матэрыялу, а толькі на гэтай аснове можна аргумента ваць свае палажэнні, гіпотэзы, тэорыі. На мой погляд, аўтару не ўдалося абгрунтаваць галоўныя высновы сваёй манаграфіі. Па-трэцяе, парушэнні методыкі археалагічных даследаванняў і апрацоўкі матэрыялаў робяць іх амаль непрыдатнымі для наступных даследчыкаў (нагадаем, што аўтарам манаграфіі раскапана 383 магілы).

Аляксандр Мядзведзеў
Менск


[1] Jaskanis J. Obrządek pogrzebowy zachodnich bałtoó w schyłku starożytności (I—VІI w. n.e.). Wroclaw etc., 1974.
[2] Lietuvos TSR archeologijos atlasas. Vilnius, 1978. T. III.
[3] Rauhyt A. Wczesnośredniowieczne cmentarzyska w obudowie kamiennej na Mazowszu i Podlasiu // Materiały starożytne i wczesnośredniowieczne. Wroclaw etc., 1971. T. 1.
[4] Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 341, 378—380.
[5] Авдусин Д.А. Археологические разведки и раскопки. Москва, 1959. С. 102—103.
[6] Малевская М.В. Некоторые исторические связи Новогрудка в Х в. (по материалам керамики) // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Москва, 1972. Вып. 129. С. 14—18.
[7] Лысенко П.Ф. Дреговичи. Минск, 1991. С. 46.
[8] Тамсама, с. 91.
[9] Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализама. Минск, 1995. С. 43—48.
[10] Штыхаў Г.В. Крывічы. Мінск, 1992. С. 63.
[11] Тамсама, с. 90.
[12] Тамсама, с. 92, 93.
[13] Пронин Г.Н. Об этнической принадлежности жальников (опыт ретроспективного анализа) //Археологические памятники Европейской части РСФСР. Погребальные памятники. Москва, 1988. С. 13, 19—20, 25—26, 29, 42.
[14] Гл. артыкулы ў Lietuvos archeologija. Vilnius, 1988. Kn. 6; Lietuvos archeologija. Vilnius, 1995. Kn. 11.
[15] Зайкоўскі Э.М. Раскопкі каля Радагошчы // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск, 1995. № 7. С. 137.
[16] Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ІХ—ХІІІ вв. Минск, 1989. С. 30—37.
[17] Іоў А.В. Этнічны склад насельніцтва Заходняга Палесся ў Х—ХІІІ стст. (па матэрыялах сельскіх паселішчаў) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 25—36.



Наверх

Весткі з экспедыцый беларускіх археолагаў (сезон 1999 г.)

18 лістапада, 1999 |

Каменны і бронзавы век

У 1999 г. праводзіліся археалагічныя разведкі ўжо вядомых і новых помнікаў эпохі каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Уздзенскага, Капыльскага і Стаўбцоўскага раёнаў Мінскай вобласці, Баранавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці, Карэліцкага, Наваградскага, Дзятлаўскага, Гарадзенскага, Слонімскага, Лідскага, Воранаўскага раёнаў Гарадзенскай вобласці.
Працягваліся археалагічныя раскопкі на помніку Дакудава–5. Ён размяшчаецца на правабярэжжы Нёмана ў Лідскім раёне. За сезоны 1998 і 1999 г. атрымана значная калекцыя артэфактаў, якая дазваляе казаць пра доўгачасовае і шматкультурнае па характары паселішча. Упершыню тут селяцца плямёны паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў — носьбіты нёманскай неалітычнай культуры (на дубічайскім этапе). Потым на зручнай для жыцця дзюне спыняюцца плямёны той жа культуры на яе лысагорскім і дабраборскім этапах, што пакінулі характэрны арнаментаваны вострадонны посуд з расліннымі, а потым і мінеральнымі дамешкамі ў керамічнай масе.
Яскравы матэрыял сведчыць аб пранікненні на правабярэжжа Нёмана насельніцтва культуры шарападобных амфар. Магчыма, з адной з даследаваных ямаў звязана пахаванне гэтай культуры, якое прадстаўлена развалам пасудзіны і крамянёвай шліфаванай сякерай.
У бронзавым веку на паселішчы нейкі час пражывала насельніцтва, што было носьбітам аднаго з варыянтаў культуры шнуравой керамікі, а пазней і тшцінецкай культуры. У раскопе 1999 г. была знойдзена каменная свідраваная сякера, і, што вельмі важна, сведчанні мясцовай вытворчасці каменных сякер, іх шліфоўкі. На жаль, як і на большасці помнікаў Панямоння, характэрная для бронзавага веку кераміка і крамянёвыя вырабы складаюць нязначны працэнт ад агульнай колькасці ўсіх артэфактаў.
Папоўніліся таксама леташнія матэрыялы па перыядах жалезнага веку і Сярэднявечча.

Вадзім Лакіза

У 1999 г. пачаліся міжнародныя (Інстытут гісторыі НАН Беларусі супольна з Інстытутам археалогіі Варшаўскага універсітэта і Дзяржаўным археалагічным музеем у Варшаве) археалагічныя даследаванні помнікаў каменнага і бронзавага вякоў у верхнім цячэнні Нёмана. Пад час археалагічных разведак былі абследаваны лева– і правабярэжжа Нёмана паміж Горадняй і вёскамі Жукевічы (пасёлак „Турыст“) і Сіўкава. Выяўлены некалькі стаянак каменнага веку каля вёсак Солы, Кашэўнікі, Пагараны, Жылічы, Славічы, Кавальцы, Сіўкава, Берагавая. Атрымана багатая калекцыя крамянёвага інвентара, папярэдні аналіз якой дазваляе адносіць большасць помнікаў да фінальнапалеалітычнага і мезалітычнага часу.
Найбольш перспектыўным для стацыянарных раскопак і комплексных даследаванняў (з удзелам супрацоўнікаў Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі) стала месца ўпадзення ў Нёман ракі Горніцы. Тут, паміж Кавальцамі і садовым участкам „Турыст“, на розных узроўнях тэрас і мысах размяшчаецца каля дзесяці помнікаў каменнага і бронзавага вякоў. Асноўныя работы праводзіліся на стаянцы Кавальцы–1. Сабрана найбагацейшая калекцыя крамянёвых знаходак, сярод якіх маюцца і унікальныя прылады працы, цікавая для навукі крэмнеапрацоўчая майстэрня, а таксама геалагічны пласт пахаванай глебы. Помнік датуецца фінальным палеалітам.
Невялікімі шурфамі даследаваліся помнікі Кавальцы–2, –3, –4, –5. Па сваім размяшчэнні, захаванасці культурнага пласта і колькасці атрыманых крамянёвых прыладаў працы самы значны з іх — Кавальцы–4. Даследаванні 1999 г. паказалі перспектыўнасць выбранага для археалагічных работ рэгіёна і неабходнасць далейшых комплексных экспедыцый.

Віктар Абухоўскі, Вадзім Лакіза

Эпоха ранняга жалеза
Цягам чатырох гадоў (1996—1999) вывучалася паселішча Дзеднава другой чвэрці I тыс. н.э., размешчанае ў Бабруйску на першай надпоплаўнай тэрасе левага берага ракі Бабруйкі, правага прытока Бярэзіны.
У выніку раскопак выяўлены круглыя/авальныя ў плане ямы з вертыкальнымі сценкамі і амаль плоскім дном, запоўненыя камянямі, сярод якіх знаходзіліся вугольчыкі, фрагменты керамікі, кальцынаваныя костачкі і неабпаленыя косткі свойскіх і дзікіх жывёлаў. Жалезная фібула і вялікія кавалкі посуду датуюць ямы другой паловай III тыс. н.э. Пакуль не вызначана, ці належалі спаленыя косці чалавеку, немагчыма дакладна інтэрпрэтаваць дадзеныя аб’екты — як рэшткі агменяў, месцы адпраўлення культу ці пахаванні.
Знойдзены таксама рэшткі аднаго жытла: аднакамерная зрубная канструкцыя квадратнай формы з цэнтральным апорным слупом і адкрытым агменем, заглыбленая ў мацярык на 0,4 м. Па фрагментах гаршкоў паўзямлянку можна датаваць канцом II — сярэдзінай III ст.
Пад час археалагічнага даследавання помніка сабрана вялікая калекцыя рэчаў: фрагменты посуду з гладкай, штрыхаванай паверхняй і з расчосамі, керамічныя праселкі, жалезныя фібулы, нажы, галякі, наканечнікі стрэлаў і дзіды, а таксама вырабы з каляровых металаў (манета Марка Аўрэлія 161—180 г., пярсцёнкі, пранізкі, рыбалоўны кручок).
Знаходкі сведчаць, што даследаваны помнік датуецца канцом II—III ст. н.э. і пакінуты плямёнамі верхнедняпроўскага варыянту кіеўскай культуры. У X—XIII ст. тут з’яўляюцца славяне.

Ала Ілюцік

Сярэднявечча
Працягваліся археалагічныя даследаванні курганоў у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Каля вёскі Дубніца адкрыты новы могільнік з адзінаццаці земляных насыпаў. Вывучаны адзін курган, на падэшве якога выяўлена безінвентарнае пахаванне па абрадзе трупапалажэння.
Даследавана яшчэ чатыры каменныя курганы каля вёскі Прудзішча. У двух насыпах знойдзены пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў яме, у адным — на падэшве галавой на захад, яшчэ ў адным слядоў пахавання не зафіксавана. Знойдзены бронзавыя ўпрыгожванні (пярсцёнак, два ромбашчытковыя скроневыя колцы), жалезны нож, фрагменты глінянага посуду.
Пачалося вывучэнне курганнага могільніка каля вёскі Селішча, дзе раскапаны тры каменныя курганы. Выяўлены пахаванні ў падкурганных ямах (два галавой на захад, адно — на поўнач). Знаходкі прадстаўлены золаташклянымі пацеркамі, рэшткамі алавяннага нашыйнага ўпрыгожвання, двума жалезнымі нажамі (адзін з касцяным тронкам).
Характар пахавальнага абраду і знаходкі дазваляюць датаваць раскапаныя курганы XI ст.

Людміла Дучыц, Ірэна Ганецкая, Міхаіл Лашанкоў

Група па даследаванні паганскіх культавых помнікаў летам 1999 г. праводзіла раскопкі ў двух месцах. Каля вёскі Радагошча Наваградскага раёна ўжо пяты сезон даследавалася мяркуемае гарадзішча–свяцілішча культуры тыпу Лукі–Райкавецкай. Прасочваюцца рэшткі згарэлых драўляных збудаванняў. Знойдзена ляпная гладкасценная кераміка, двухшыпныя ўтулкавыя наканечнікі стрэлаў, гліняныя праселкі, металічныя ўпрыгожванні і дэталі адзення.
Каля вёскі Ашмянец Смаргонскага раёна праводзілася комплекснае вывучэнне культавага каменя і аднаго з размешчаных побач курганоў. Курган быў пашкоджаны самавольнымі раскопкамі школьнікаў, якія шукалі там зброю загінуўшых «у час вайны са шведамі» (паводле мясцовага падання). Дзеці знайшлі некаторыя старажытныя рэчы. Па атрыманні гэтай інфармацыі паўстала неабходнасць завяршыць даследаванне кургана паводле навуковай методыкі. Устаноўлена, што ў кургане змяшчаліся рэшткі прыблізна дзевяці пахаванняў па абрадзе крэмацыі. Апроч кавалачкаў перапаленых касцей, вуголля і попелу шмат дзе знойдзены фрагменты разбітых ці раздушаных гліняных пасудзін, частка з якіх упрыгожана арнаментам, не характэрным для славянаў.
Звычайна пры раскопках славянскіх курганоў у іх знаходзяць у лепшым выпадку кучку попелу або шкілет, гліняную пасудзіну і адзінкавыя сціплыя ўпрыгожванні. Зусім інакш было ў згаданым кургане на Смаргоншчыне. Ён літаральна перапоўнены зброяй: меч, булава, 7 баявых сякераў, 6 наканечнікаў дзідаў, шмат нажоў (у некаторых пахаваннях іх было па два), а таксама 2 галякі, 3 шпоры, колькі крэсіваў (адно разам з крэменем), каменны брусок, ключы ад замкоў, чатырохвугольныя з кропкавым арнаментам і круглыя з заклёпкамі бляшкі, спражкі. Шмат было металічных упрыгожванняў: разнастайных пярсцёнкаў (у тым ліку адзін з выявай свастыкі), бранзалетаў, абломкі вітай шыйнай грыўні, паўсферычныя бляшкі з маленькімі цвічкамі. Амулетам служыў невялікі ключык з каляровага металу. Сярод пахаванняў два былі напэўна жаночыя: у адным замест дзіды ці сякеры ляжаў серп, а ў другім адсутнасць зброі кампенсавалася большай колькасцю ўпрыгожванняў. Адно з пахаванняў належала дзіцяці ці падлетку, таму што пярсцёнак дужа малы, не было і наканечніка дзіды, хоць ляжалі сякера і два нажы.
Самай каштоўнай знаходкай з’яўляецца меч (даўжыня 95 см) — знаходка, надзвычай рэдкая для Беларусі. Захаваўся і наканечнік похваў ад яго. Мячы такога тыпу трапляюцца на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Калінінградскай вобласці Расіі, у краінах Паўночнай Еўропы. Датуецца XI—XIII ст. Як мяркуюць, цэнтры вытворчасці такіх мячоў знаходзіліся ў краінах усходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора.
Больш вузкае датаванне кургана даюць шпоры з зорачкамі: XIII—XIV ст. Такім чынам, пахаванні пакінуты ў XIII ст. балцкамоўным насельніцтвам культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, што ахоплівала абшары паўночна–заходняй Беларусі і паўднёва–ўсходняй Літвы. Вакол кургана захавалася яшчэ блізу 40 насыпаў, у асноўным меншых за раскапаны. Па знаходках можна меркаваць, што адзін з пахаваных там быў знатным воінам ці нават князем. Дагэтуль лічылася, што сярод усходнелітоўскага насельніцтва курганны абрад пахавання ў XIII ст. ужо не існаваў.
Цікава, што ўсяго за 12 метраў ад крайняга з курганоў, бліжэй да берага Вяллі, знаходзіцца буйны валун, званы «Вялікім каменем», пра які распавядаюць розныя легенды. Адна з іх кажа, што валун пакінуты чортам, які нёс яго, каб перашкодзіць будаўніцтву бліжэйшага касцёла. Як вядома, чорт у фальклоры нярэдка ёсць хрысціянізаваным вобразам паганскага бога багацця, жывёлагадоўлі, зямных водаў і замагільнага свету (адпавядае славянскаму Вялесу). З гэтай легендай добра стасуюцца як аповеды пра схаваныя пад валуном скарбы, так і суседства могільніка. Фактычна «Вялікі камень» і курганы ўтваралі адзіны сакральны комплекс. Граф Канстанцін Тышкевіч, абследаваўшы камень у сярэдзіне мінулага стагоддзя, згадваў пра знаходку ў тайніку каля валуна скарбу з 2 каменных сякераў, а таксама выявіў два колцы авальнай каменнай абкладкі з меншых валуноў. Пры нашых даследаваннях вакол каменя культурны пласт выявіць не ўдалося, але на глыбіні каля 0,5 м адкапана частка каменнай абкладкі.

Эдвард Зайкоўскі

Напярэдадні 1000–годдзя старажытнага Друцка працягваліся археалагічныя даследаванні вядомага помніка. Вывучаліся ўсе часткі горада: гарадзішча (дзядзінец), вакольны горад, пасад.
На дзядзінцы раскопкі праводзіліся побач з верагодным месцазнаходжаннем (па меркаванні Л.Аляксеева) княскага хораму. Раскрыты гаспадарчы комплекс з жорнамі, зернем і іншымі рэчымі, які, магчыма прымыкаў да княскіх пакояў. Пра гэта сведчаць знаходкі бляшак–нашыванак на адзенне і фрагмент пярсцёнка ці часткі бармы з устаўкай (сапфір?), вырабленыя, верагодна, з золата і срэбра, якія маглі належаць да княскага ўбору.
Вызначана, што на пляцоўцы вакольнага горада ў трэцяй чвэрці I тыс. н.э. — IX ст. размяшчалася паселішча, якое дазваляе разглядаць Друцк як племянны цэнтр Аршанскага Падняпроўя. XII—XIII стагоддзямі датуецца знойдзеная тут драўляная пабудова свецкага ці культавага прызначэння з керамічнай падлогай. Пазнейшыя адклады культурнага слою прадстаўлены рэшткамі пабудоваў XIV—XVI ст. з сутарэннямі. Падлога аднаго з іх выбрукавана невялікімі камянямі.
Пра развіццё рамёстваў у Друцку можна меркаваць па слядах кузні XII—XIII ст., а таксама па выяўленых на гарадскім пасадзе знаходках, шкляных нарыхтоўках для вырабу бранзалетаў і пацеркаў. Сабрана багатая калекцыя рэчаў, якія характарызуюць матэрыяльную культуру X—XVI ст., у тым ліку імпарт з Візантыі, Сірыі, Пярэдняй Азіі.

Вольга Ляўко

Весткі з экспедыцый беларускіх археолагаў (сезон 1998)

3 снежня, 1998 |

Каменны і бронзавы век

У сярэдзіне 1980–х краязнаўцы з Баранaвічаў выявілі шматлікія крамянёвыя вырабы і фрагменты арнаментаванай керамікі ля канала, якім было выпрастана і паглыблена рэчышча Шчары пры яе вытоку з Калдычэўскага возера. Абследаванне і раскопкі аўтара паказалі, што тут знаходзяцца рэшткі паселішча з напластаваннямі розных археалагічных культур. Стаянка, названая Войкавічы–1, размешчана праз 0,8 км на захад ад вёскі Старыя Войкавічы Баранавіцкага раёну, 2,5 км на паўднёвы захад ад маёнтка Завоссе, што належаў Міцкевічам. Рэшткі паселішча займаюць выступ карэннага берага тарфяніка, абмежаваны з захаду рэчышчам Шчары. Побач знаходзяцца менш значныя помнікі Войкавічы–2,–3,–4.

Узнікненне паселішча датуецца фінальным палеалітам, пра што, у прыватнасці, сведчыць наканечнік стралы з арэнсбургскімі рысамі. Яно існавала і ў эпоху мезаліту (знаходкі мікралітычнага характару), нэаліту (крамянёвыя вырабы і кераміка ўсіх трох этапаў Нёманскай культуры), а таксама ў бронзавым веку. Сярод пазнейшых матэрыялаў частка належыць да культуры шнуравой керамікі, ёсць абломкі шліфаваных сякер з свідравінамі, пачатая каменная булава. У Сярэднявеччы на гэтым месцы таксама была вёска.

Міхась Чарняўскі

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі праводзіла археалагічнае абследаванне правабярэжжа Нёмана каля вёскі Дакудава Лідскага раёну (міжрэчча Гаўі і Нарвы). Выяўлена шэсць новых помнікаў каменнага і бронзавага веку, якія названы адпаведна Дакудава–2,–3,–4,–5,–6,–7. Культурны пласт стаянак Дакудава–2,–4,–6 моцна развеяны. Культурная прыналежнасць помнікаў пакуль не вызначана.

Дакудава–7 мае культурныя напластаванні магутнасцю да 0,25 м, у якіх выяўлены расшчапаныя крамяні і фрагменты ляпной керамікі ранняга этапу нёманскай нэалітычнай культуры. Культурны пласт стаянкі Дакудава–3 пашкоджаны. Тут знойдзены фрагменты другаснай апрацоўкі крэменю, нуклеусы, разцы, скрабкі, вастрыі яніславіцкага тыпу. Помнік датуецца эпохай мезаліту. Дакудава–5 размешчана за 2,5–3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на дзюне, над правябярэжным поплавам Нёмана. Магутнасць культурнага пласта да 0,5 м, у ім выяўлены крамянёвыя прылады працы, фрагменты ляпнога посуду з расліннымі, пясчанымі і жарсцвянымі дамешкамі, цэлы ляпны пласкадонны кубак са штрыхаванымі паверхнямі і адбіткам зерня. Матэрыялы дазваляюць датаваць помнік перыядам ад ранняга нэаліту да сярэдняга бронзавага веку. За гэты час на паселішчы пражывала насельніцтва нёманскай нэалітычнай культуры, культуры шнуравой керамікі і тшцінецкай. Апрача таго, у верхніх слаях знойдзены гліняныя рыбалоўныя грузікі жалезнага веку, жалезныя восці X—XII ст., сустракаецца ганчарная кераміка.

Вадзім Лакіза, Віталь Сідаровіч

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі разам з Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы праводзіла археалагічныя даследаванні ў ваколіцах Начы Воранаўскага раёна з мэтай дакладнай лакалізацыі вядомых помнікаў бронзавага і жалезнага веку ва ўрочышчах Ланкішкі і Плітніца, капаных яшчэ Вандалінам Шукевічам на пачатку ХХ ст. Асноўныя працы праводзіліся на хутары Ланкішкі, дзе былі знойдзены тры каменныя свідраваныя сякеры. У раскопе на невялікім узвышшы выяўлены тры пахаванні па абрадзе трупаспалення, але ў іх не было керамікі, якая дала б магчымасць вызначыць культурную прыналежнасць могільніка. Лакалізаваны помнік і ва ўрочышчы Плітніца, матэрыял якога датуецца бронзавым векам.

Вадзім Лакіза, Генадзь Семянчук

Ранні жалезны век

З ініцыятывы Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладэчне праведзены раскопкі замчышча ў вёсцы Гарадок Маладэчанскага раёна. Пляцоўка даследаванага помніка была заселена ў апошнія стагоддзі да н. э. — першыя стагоддзі н.э. Культурныя адкладанні таго часу добра захаваліся па ўсёй плошчы гарадзішча. Па мацерыковых ямах прасочаны фрагменты трох комплексаў таго перыяду. Выяўлена вытворчая пляцоўка, выбрукаваная невялікімі камянямі з вялікай колькасцю кавалкаў спечанай гліны, шлакаў, вугольчыкаў, з фрагментамі ляпных гаршкоў (шурпатых, гладкасценных і штрыхаваных), жалезныя праколкі, серп і сякера. Вакол пляцоўкі па крузе размешчаны слупавыя ямы — сляды навеса ці пабудовы. Два астатнія комплексы вызначаны па мацерыковых ямах і канцэнтрацыі знаходак керамікі. Даследаваны іх фрагменты.

Па выніках раскопак 1989 і 1998 г. можна канстатаваць, што ў эпоху ранняга жалеза пляцоўка гарадзішча прымыкала непасрэдна да валоў. Уваход найверагодней размяшчаўся з паўднёва–заходняга боку (сцежка праз вал існуе тут і сёння). Такім чынам, усе выяўленыя комплексы знаходзіліся ў цэнтральнай частцы пляцоўкі, абнесенай высокімі валамі. Пад час узвядзення тут замка ў XVI ст. з унутранага боку валоў быў выкапаны вадзяны роў, і помнік набыў цяпераші выгляд. Мацерыковы грунт, які вымалі пры капанні рова, ссыпаўся на пляцоўку, плошча якой, у выніку, значна скарацілася, а ўзровень павысіўся на 1,5–2 м. З поўдня пры валах засталася тэраса. З боку мястэчка (паўднёвы захад) праз вал быў зроблены галоўны ўезд. Завяршае стратыграфічную карціну помніка слой XVI–XVII ст.

Ірэна Ганецкая

У 1998 г. працягваліся раскопкі на раннеславянскім селішчы ва ўрочышчы Цямшава Поле ў в.Сіманавічы Глускага раёна. Раскоп быў разбіты на краі тэрасы правага берага Пцічы. Магутнасць культурнага пласту 0,6–0,8 м. Знойдзены фрагменты ляпнога і кругавога керамічнага посуду, гліняныя праселкі, шлакі, косткі жывёлы, фрагмент шкляной пацеркі, жалезная посахападобная булаўка I–II ст., бронзавая пранізка, жалезыя нажы і інш. Самая позняя знаходка — манета часоў ВКЛ. Атрыманы археалагічны матэрыял пацвярджае дадзеныя раскопак папярэдніх гадоў і сведчыць пра бесперапыннае функцыянаванне паселішча. Заснаванае насельніцтвам верхнедняпроўскага варыянту кіеўскай археалагічнай культуры ў II ст.н.э., паселішча працягвала функцыяваць і ў другой палове I тысячагоддзя. У XI ст. яно было перанесена на поўнач (цяпер урочышча Селішча), дзе існавала да XVII ст.

Наталля Дубіцкая

Сярэднявечча

У 1998 г. даследаваліся курганы ў Бабруйскім, Клічаўскім і Лагойскім раёнах. У Бабруйскім раскапана 5 курганоў каля вёскі Обча і 3 курганы ля вёскі Маяк. У Обчы выяўлены пахаванні па абрадзе трупапакладання на мацерыку галавой на захад ці на паўночны захад. Побач са шкілетамі знойдзены гліняны посуд. Каля вёскі Маяк у двух курганах раскапаны пахаванні па абрадзе трупапакладання ў яме галавой на захад (у адным ля шкілета былі фрагменты глінянага гаршка) і ў адным — па абрадзе трупапакладання на гарызонце галавой на паўднёвы захад. У апошнім на вяршыні насыпу зафіксаваныя сляды вогнішча з раструшчаным познесярэднявечным гаршчком. З правага боку каля чэрапа ляжалі ахвярапрынашэнні — спаленыя косткі жывёлін, з якіх вызначаны сабака. Разам з косткамі былі фрагменты жалезнай дужкі ад драўлянага вядзерца.

У Клічаўскім раёне каля вёскі Патока раскапана 4 курганы па абрадзе трупапакладання на падэшве (1) і ў яме (3). У трох курганах былі жаночыя пахаванні з упрыгожаннямі, сярод якіх шкляныя пацеркі, бронзавыя крыжык, манетападобная падвеска, зярнёная пацерка, гузік, пярсцёнкі і алавяныя скроневыя колцы. У адным з насыпаў знойдзена пахаванне хлопчыка. Каля яго чэрапа ляжала палова сківіцы каня. Курганы на тэрыторыі Бабруйскага і Клічаўскага раёнаў пакінулі летапісныя дрыгавічы.

У Лагойскім раёне працягвалася вывучэнне каменных курганоў каля вёскі Сухая Гара. Раскапана 5 насыпаў, выяўлены сляды пахаванняў у ямах. Знойдзены два бронзавыя бранзалеты (віты і гладкі) і два пярсцёнкі (віты і гладкі). Этнічная прыналежнасць пахаваных у каменных курганах яшчэ канчаткова не вызначана.

Людміла Дучыц

Летам 1998 г. праведзены раскопкі ля вёскі Лучна Полацкага раёна на месцы магчымага знаходжання манастыра св.Міколы на Лучне. Зафіксавана некалькі пабудоў, знішчаных пажарам. Выяўлены знаходкі XI–XII ст., звязаныя з паселішчам, што існавала тут да манастыра, а таксама рэчы манастырскага побыту, якія датуюцца XIII–XVI ст. Гэта будаўнічыя матэрыялы, ключы, замкі і інш. У выніку даследавання сельскага паселішча XI–XII ст. ля вёскі Астроўшчына Полацкага раёна выяўлены рэшткі двух пабудоў — жытла і вытворчага комплексу па апрацоўцы жалеза.

Марат Клімаў

У 1998 г. працягвалася вывучэнне Глускага замка — помніка абарончага дойлідства Беларусі XVI–XVIII ст. Асаблівая ўвага надавалася даследаванню вежы–брамы, якая захавалася да ўзроўню 1,5 м першага паверха. Скончана расчыстка сутарэнняў, зроблены архітэктурныя абмеры ацалелых канструкцый, на 10 м прасочаны падземны ход, што выводзіў за замкавы вал і прымыкаў да паўднёвай сцяны вежы. За тры сезоны працы на помніку высветлены характар стратыграфіі культурнага пласту, дакладна прадатаваны асноўныя этапы жыцця замка, выяўлены масавыя пахаванні сярэдзіны XVII ст., якія ўдалося звязаць з канкрэтнай гістарычнай падзеяй, атрыманы матэрыялы для вывучэння матэрыяльнай культуры замка, адкрыта і даследавана вежа–брама і падземны ход.

Ірэна Ганецкая

Галоўная » Запісы па тэме 'Археалогiя'