БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Археалогiя'

Артыкулы па тэме ‘Археалогiя’

Памяць раённага маштабу (Мiкола Нiкалаеў, Валеры Антонаў)


*Памяць. Наваградскi раён. Мiнск: Беларусь, 1996.
Далей спасылкi на старонкi кнiгi дадзены непасрэдна ў тэксце.

Гэтая кнiга* — чарговы, здаецца, ужо больш чым дваццаты том хронiкi «Памяць» — не можа быць ардынарнай, адной з многiх падобных, хаця i рыхтавалася ў рамках добра вядомай серыi. Па-першае, не ў крыўду iншым гарадам i раёнам, Наваградак ёсць справа асаблiвая. Лёс даўняй сталiцы Вялiкага Княства Лiтоўскага (ВКЛ), роля Наваградчыны ў гiсторыi i, у прыватнасцi, этнiчнай гiсторыi Беларусi настолькi ж значныя i выразныя, наколькi i цьмяныя, загадкавыя, ахутаныя густой смугой легенд, апокрыфаў цi простага маўчання крынiц. З другога боку, сама «Памяць» на працягу дванаццацi год свайго iснавання не заставалася нязменнай. Раслi патрабаваннi да серыi, пашыралiся яе задачы, набываўся вопыт. Досыць параў-наць, напр., адзiн з першых выпускаў — пра Шумiлiнскi раён — шэрую (у любым сэнсе) кнiжыцу, скрозь прысвечаную поспехам у камунiстычным будаўнiцтве, з iлюстрацыйным матэрыялам, што больш нагадваў стэнд нагляднай агiтацыi на плошчы якога-небудзь раённага гарадка (таго ж Шумiлiна), а ўся дакастрычнiцкая гiсторыя змясцiлася на дзевяцi (мы не жартуем) старонках, з цяперашнiм, важкiм наваградскiм томам, да работы над каторым прыцягвалiся буйнейшыя спецыялiсты (iмёны Л. Побаля, В. Чамярыцкага, М. Ермаловiча самi за сябе гавораць), са значным даведачным i картаграфiчным апаратам, нават бiблiяграфiяй, — каб бачна ўразумець пройдзены «Памяццю» шлях i яе дасягненнi.
Чытаць далей →

Шаблюк, Валеры У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV-XVIII ст. (Iрэна Ганецкая)

ШАБЛЮК, ВАЛЕРЫ У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV-XVIII ст. Мiнск: Беларуская навука, 1996. 119.

Кнiга В.Шаблюка стала значнай падзеяй мiнулага года. Не адзiн год карпатлiвай працы ўкладзены ў манаграфiю. Шматлiкiя археалагiчныя раскопкi, росшукi ў беларускiх i замежных архiвах прынеслi добры плён.

Кнiга звяртае ўвагу ўжо сваёй тэмай — гэта адзiная манаграфiя, прысвечаная беларускай вёсцы перыяду Сярэднявечча. Мiж iншага, як слушна заўважае аўтар, галоўнай формай феадальнай эканомiкi была сельская гаспадарка, а самым шматлiкiм класам грамадства — сяляне.

Даследаванне ахоплiвае амаль усе сферы тагачаснага сельскага жыцця. Даўшы кароткую характарыстыку геаграфiчных умоваў, этнiчнага складу насельнiцтва, аўтар перахо-дзiць да выкладання асноўнага матэрыялу: тыпы, памеры i планiроўка сельскiх паселiшчаў XIV-XVIII ст., жылыя i гаспадарчыя пабудовы, рэчы хатняга ўжытку, касцюм, гаспадарчая дзейнасць. Насельнiцтва сярэднявечнай вёскi не было аднародным, што выдатна паказана ў манаграфii. Аўтар асобна аналiзуе матэрыяльную культуру феадальнай сядзiбы i сялянскага двара, з аднолькавай увагай ставiцца да вывучэння i невялiкiх гаспадарчых, i значных культавых пабудоў.
Чытаць далей →

Людміла Дучыц. Балты i славяне на тэрыторыі Беларусі ў пачатку II тысячагодзьдзя / Артыкул


У гісторыі не было этнасаў, якія б ня зьмешваліся. Менавіта зьмешваньне заўжды выклікала зьяўленьне народаў. Напрыклад, фармаваньне балгарскай народнасьці ішло ва ўмовах кантактаў паміж славянамі й протабалгарамі, французы зьявіліся ў выніку кантактаў кельтаў, рымлян i германцаў, англічане — кельтаў, рымлян, англаў i саксаў, расейцы — фінаў i славян. Беларускі народ паўстаў у выніку расьсяленьня славян на тэрыторыі пражываньня балтаў i ix зьмешваньня. Гэта прызнана большасьцю археолягаў i вучоных сумежных навук (антрапалёгіі, тапанімікі, гідранімікі, мовазнаўства, анамастыкі, этнаграфіі).

Славяне зьявіліся на нашых землях у сярэдзіне I тысячагодзьдзя, а на Падзьвіньні i ў Панямоньні значна пазьней[1]. Калі на першым этапе міграцыя славян насіла характар ваеннага захопу, то зь цягам часу ix інфільтрацыя ў балцкае асяродзьдзе пайшла i мірным шляхам. Гэты працэс быў вельмі шматгранны. У многіх мясьцінах ён працягваўся амаль да нашых дзён (Абольцы Талачынскага, Гайна Лагойскага раёнаў, ваколіцы Мядзела, Воршы, Дзятлава, Іўя i інш.). Асабліва інтэнсіўнае зьмешваньне балтаў i славян на тэрыторыі Беларусі ішло менавіта ў пачатку II тысячагодзьдзя. Тады ня толькі фармаваўся новы антрапалягічны тып, але й ствараўся сынтэз двух архетыпаў сьвядомасьці. На такой базе i зьявіўся беларускі этнас. Гэта быў час, калі вакол таксама пачыналася складваньне народнасьцяў — палякаў, чэхаў, балгараў, харватаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў i інш.[2]
Чытаць далей →

Sherratt, Andrew. What would a Bronze Age world system look like? (Мікола Крывальцэвіч)


SHERRATT, ANDREW. What would a Bronze Age world system look like? // Journal of European Archaeology. 1993, Autumn, Vol. 1.2, S. 1-57.

У 1993 г. была створана Эўрапейская Асацыяцыя Археолягаў (ЕАА), i тады ж пачаў выходзіць часопіс ЕАА «Journal of European Archaeology». Гэтае выданьне, як сказана ў прадмове, «спрабуе спрыяць адкрытым дыскусіям археолягаў, далучаных да агульнаэўрапейскай ідэі, у якой усё больш месца адводзіцца камунікаваньню цераз дзяржаўныя межы, а таксама выяўляецца вялікая цікавасьць да інтэрпрэтацыйнасьці». На старонках часопіса, акрамя таго, маюць абмяркоўвацца самыя розныя археалягічныя канцэпцыі, тэорыі i нават этычныя праблемы, што паўстаюць у практыцы археалягічных дасьледаваньняў.

Без перабольшаньня, асноўная i найцікавейшая публікацыя згаданага нумара часопіса — гэта вялікі артыкул ангельскага археоляга Эндру Шэрата, у якім дасьледчык імкнецца прасачыць галоўныя асаблівасьці працэсу ўтварэньня эўрапейскай цывілізацыі.
Чытаць далей →

Kamiński, Czesław; Kurpiewski, Janusz. Katalog monet polskich (1587-1632) (Іван Сінчук) / агляды і рэцензіі

KAMIŃSKI, CZESŁAW; KURPIEWSKI, JANUSZ. Katalog monet polskich 1587-1632 (Zygmunt III Waza). — Warszawa: Krajowa Agencja Wydawnicza, 1990. — 515 S.

У каталёг уключаны 2954 манэты, што былі ў абарачэньні ў Рэчы Паспалітай у канцы XVI — пачатку XVII ст. Гэтая праца пабудаваная так, як i яе папярэднікі (каталёгі манэт 1764-1864, 1697-1763 г., Яна Казімера, Уладыслава IV): зьлева месьціцца графічная выява абодвух бакоў манэты, паверх якой ідуць чарговы нумар, дата, дыямэтар у мілімэтрах, ардынацыйная вага з дакладнасьцю да сотых, мэтал, а справа — апісаньне авэрса й рэвэрса з разгорткаю легенды, ступень рэдкасьці i кошт у злотых.

Калі гаварыць пра новы каталёг, то не выпадае абмінуць сэрыю каталёгаў Эдмунда Капіцкага. Апошняя па-сутнасьці зьяўляецца альтэрнатыўнаю сэрыялу «KAW» i канкуруе зь ім. Яна набыла шырокую папулярнасьць сярод беларускіх зьбіральнікаў манэт. Тут, у адрозненьне ад каталёга Э.Капіцкага, манэты не згрупаваныя па манэтных дварах, а падаюцца згодна з пералікам суб’ектаў манэтнага права, пры тым асобна дадзена кароткае апісаньне манэтных двароў ды прыведзены ў табліцы дыфэрэнты, па якіх можна вызначыць манэтны двор (гербы i ініцыялы падскарбіяў i арандатараў). Сам гэты пералік патрабуе рэвізіі з прыцягненьнем пісьмовых крыніц, бо розныя аўтары адзін i той жа знак могуць адносіць да розных асоб i наадварот. За паўтара стагодзьдзя з часу, калі зьявіліся першыя каталёгі манэт Рэчы Паспалітай (С.Бандке, 1839-1840; І.Загурскі, 1845), колькасьць памылак, здаецца, не паменшылася, а наадварот, адбылася ix акумуляцыя. Аднак прынцып клясыфікацыі, абраны аўтарамі, падаецца вельмі слушным, бо магчымасьць зьмяненьня інтэрпрэтацыі асобных дыфэрэнтаў значна зьніжае каштоўнасьць разьмеркаваньня па манэтных дварах. Чытаць далей →