Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'

Артыкулы па тэме ‘Беларусь у сусветных войнах’

BURMISTR, SVETLANA. Die “Minsker Zeitung”. Selbst- und Fremdbilder in der Nationalsozialistischen Besatzungspresse. Berlin: Metropol, 2016. – 364 s.

14 жніўня, 2017 |

У 24 томе БГА (2017)
Манаграфія Святланы Бурмістр прысвечана гісторыі “Мінскай газеты”, якая з 15 красавіка 1942 да 28 чэрвеня 1944 г. выдавалася ў сталіцы Генеральнага камісарыята Беларусі – Мінску. Аўтар паспяхова скончыла дактарантуру Цэнтра па даследаванні антысемітызму Тэхнічнага ўніверсітэта Берліна, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Марлена Познер-Ландша і прафесара Вольфанга Бенца выконвала дысертацыйную працу па гісторыі гэтага нямецкамоўнага друкаванага выдання. Асноўнае праблемнае поле даследавання палягае ў выяўленні ступені адлюстравання ў “штодзённай газеце для Беларусі”, якая была трыбунай нацысцкай палітыкі, ідэалогіі і прапаганды на гэтай частцы беларускай тэрыторыі, планаў германскай акупацыйнай улады і гістарычнай рэчаіснасці на месцах. Вывучэнне ваенных, гаспадарчых, сацыяльных і іншых падзей, якія знаходзілі поўнае ці частковае адлюстраванне ў выданні, даследчыца правяла не толькі на аснове скрупулёзнага аналізу зместу 680 нумароў 8-старонкавага газетнага матэрыялу, але і на шырокай базе дакументальных крыніц з фондаў 12 архіваў Беларусі і Германіі. Спроба адэкватна ацаніць і пераканальна паказаць рэальную карціну тых падзей вачыма нямецкага даследчыка сёння важная не толькі для прафесійных ваенных гісторыкаў, але і для шырокай чытацкай аўдыторыі, а таксама ўсіх зацікаўленых, хто хацеў бы знайсці адказы на пакуль што малавывучаныя, дыскусійныя і праблемныя пытанні “вайны Гітлера на ўсходзе”[1]. Такая праца, праведзеная, на жаль, чарговы раз не айчыннымі гісторыкамі, мае для сучаснай беларускай гістарыяграфіі асаблівую навуковую каштоўнасць, бо працягвае справу, распачатую некалькімі гадамі раней таксама нямецкім гісторыкам Бабетай Квінкерт у грунтоўным даследаванні пра вядзенне германскім бокам “духоўнай” вайны супраць грамадзянскага насельніцтва і партызан у Беларусі 1941–1944 г.[2]. Чытаць далей →

Аляксандр Гужалоўскі. Рэвалюцыйная армія свабоднай Расіі ў люстэрку беларускага перыядычнага друку

21 траўня, 2017 |

У 24 томе БГА (2017)

Страшна робіцца за вольнасьць дзяржавы Расійскай,

як прыглядзішся што за хуліганьё хаваецца цяпер

пад штандарам волі, рэспублікі і дэмакратызму.

Гэтыя цёмныя сілы цёмнай Расіі дэмаралізуюць ціпер

армію, робюць пагромы, гвалтуюць, рабуюць, наводзюць жах навокала.

Язэп Лёсік, рэдактар газеты

“Вольная Беларусь”, 3.08.1917.

Рэканструкцыя паўсядзённага вопыту выжывання людзей у экстрэмальных умовах вайны і рэвалюцыі ў пераломным 1917 годзе застаецца адным з перспектыўных кірункаў даследавання ў беларускай гістарычнай навуцы. Шэраг важных крокаў ужо зроблены[1]. Самая вялікая перашкода для далейшага развіцця даследаванняў – невялікі масіў першакрыніц, што дазваляюць зазірнуць за бачную паверхню ваенных і палітычных падзей. Частка першакрыніц (успамінаў, дзённікаў, лістоў), якія дазволілі б рэканструяваць вопыт “простага” чалавека ў віхуры 1917 года, загінула пад час войнаў і акупацый, частка – свядома знішчана пад час макулатурных кампаній у савецкіх архівах. Адсутнасць тэкстаў, што адлюстроўваюць персанальную рэфлексію звычайных людзей, абумоўлена таксама нізкім узроўнем пісьменнасці тагачаснага насельніцтва, асабліва на вёсцы. Бракуе сёння таксама метадалагічнага інструментарыю, які дазволіў бы даследаваць “ніжнія паверхі” гістарычнага працэсу з выкарыстаннем наяўных крыніц. Чытаць далей →

Аляксандр Гагун. «Двуногие сталинские шакалы»?

1 студзеня, 2011 |

Всех предателей, находившихся на службе у немцев, можно разделить на две категории. Первая, самая незначительная, но исключительно вредная категория — это предатели, которые пошли на службу к немцам вполне добровольно из-за ненависти к советскому строю. Вторая категория, представляющая особо огромное большинство — это люди, служившие у немцев из-за трусости, потери веры в победу Красной армии, из-за желания спастись от посылки в Германию.

З інструкцыі Украінскага штаба партызанскага руху аб аператыўным выкарыстанні былых калабарацыяністаў.

13 красавіка 1943 г.

* Musial, Bogdan. Sowjetische Partisanen. Mythos und Wirklichkeit. Paderborn: Ferdinand Schöning, 2009. 590 S.

Нягледзячы на тое, што ва ўмовах глабальнага распаўсюджвання канфліктаў слабой інтэнсіўнасці вопыт савецкай партызанскай вайны 1941–1944 г. робіцца ўсё больш актуальным і запатрабаваным, вартых абагульняльных прац па дадзенай тэме не так ужо і шмат. Да 1991 г. архівы СССР былі закрытыя, а адпаведныя даследаванні[1] грашылі вялікай колькасцю адвольных экстрапаляцый і занадта смелых гіпотэз.

Часовая дэмакратызацыя таксама не прывяла да асвятлення гэтай старонкі Другой сусветнай вайны расійскімі вучонымі. Частка гісторыкаў[2] публікуюць свае кнігі без спасылак на дакументы, у манаграфіях іншых спецыялістаў[3] навуковасць абмяжоўваецца формай. У апошнім выпадку гэта выклікана, па-першае, надзвычай най неахайнасцю пры выкарыстанні зусім недастатковага па аб’ёме комплексу крыніц, па-другое тым, што аўтары добраахвотна прытрымліваюцца ідэалагічных установак най сучаснейшага афіцыёзнага расійскага цемрашальства.

На жаль, беларуская гістарыяграфія праблемы адсутнічае. Магчыма, гэта звязана не толькі з дыктатам знакамітага прэзідэнта, але і з павальнай апатыяй, сапраўдным летаргічным сном беларускага грамадства, што ў сукупнасці прыводзіць да надзвычайнай пасіўнасці інтэлектуальных колаў беднай і няшчаснай паўаграрнай краіны.

Як часта бывае ў падобнай сітуацыі, чытэльную абагульняльную працу напісаў амерыканскі даследчык — Кеннэт Слеп’ян[4]. Яго манаграфія з рамантычным загалоўкам „Сталінскія герыльера” прысвечана сацыяльнай гісторыі савецкіх партызанскіх фармаванняў. Аднак у той перыяд, калі паважаны гісторык праводзіў архіўны пошук (пачатак „ліхіх” 1990-х), многія фонды былі яшчэ закрытыя.

Таму з’яўленне кнігі „Савецкія партызаны” вядомага польска-нямецкага гісторыка Багдана Мусяля можна толькі вітаць. Праца мае сціплы і вытанчаны падзагаловак „Міфы і рэальнасць”. У манаграфіі выкарыстаны матэрыялы на пяці мовах з дваццаці архівасховішчаў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, Ізраіля і Нямеччыны, а таксама інтэрв’ю з удзельнікамі і сведкамі падзей.

Задачай працы было стварэнне шматмернай і комплекснай карціны савецкай зафрантавой барацьбы на прыкладзе параўнальна невялікай Беларусі. Партызаны, якія ваявалі на акупаваных прасторах Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Карэліі і Малдавіі, не разглядаюцца, значыць, назва кнігі некарэктная.

Манаграфія, акрамя ўводзінаў і заключэння, уключае ў сябе дзевяць раздзелаў. Першыя два пабудаваны па храналагічнай прыкмеце (1941 г., пачатак 1942 г.). Трэці раздзел названы ўжо па тэматычным прынцыпе (Цэнтральны штаб партызанскага руху; далей ЦШПР). Чацвёрты раздзел прысвечаны партызанскай барацьбе ў 1943 г. Пяты зноў вяртае чытача да праблемнага расповеду („Рэйкавая вайна”). Шосты раздзел апісвае партызанскую барацьбу ў цэлым, яе задачы, метады і асноўныя накірункі. Сёмы раздзел расказвае пра партызанаў у 1944 г., г. зн. зноў ужыты храналагічны прынцып. Сацыяльнай гісторыі беларускіх партызанаў прысвечаны восьмы раздзел. Не зусім зразумела наяўнасць у ім пад раздзела пра спаленне партызанамі асобных будынкаў і цэлых вёсак, таму што гэта, хутчэй, адносіцца да раздзела пра партызанскую барацьбу (VI). Дзявяты раздзел апавядае пра карэннае насельніцтва рэгіёна (а дакладней, пра розныя этнічныя групы Беларусі) у партызанскіх фармаваннях. У апошнім падраздзеле апошняга раздзела („Палякі і савецкія партызаны”) прысутнічаюць 5 недарэчных параграфаў (IX, 3. d — 3. h, с. 416–437). У іх апісваюцца не ўзаемаадносіны палякаў (нацыянальнай меншасці) і савецкіх „народных мсціўцаў”, а фармаванні Арміі Краёвай і іх барацьба з чырвонымі партызанамі. Куды лагічней было б змясціць вельмі цікавы сюжэт пра міжпартызанскую вайну ў шосты раздзел, або падзяліць яго паміж пятым і сёмым раздзеламі.

Нягледзячы на некаторую сумбурнасць апавядання, пастаўленая ва ўводзінах мэта дасягнута. Такім чынам, гэты водгук варта лічыць станоўчым. З-за масіву задзейнічаных крыніц кніга заслугоўвае перакладу на англійскую і рускую мовы і публікацыі ў Нью-Ёрку ў навуковым, а ў Маскве ў буйным камерцыйным выдавецтве. Верагодна, манаграфія зверне на сябе ўвагу не толькі спецыялістаў, але і шырокага кола аматараў гісторыі. Кніга ўжо атрымала станоўчы водгук вядучага нямецкага даследчыка сталінізму, апублікаваны ў самай саліднай кансерватыўнай газеце ФРН[5].

Таму ў дадзенай рэцэнзіі ёсць сэнс звярнуць увагу як на канкрэтныя недапрацоўкі даследавання, так і на спрэчныя тэзісы і дыскусійныя абагульненні. Умоўна падзелім заўвагі на дзве групы — па-першае, апісанне аб’ектыўных недахопаў, па-другое, тых фрагментаў, якія не з’яў ляюцца памылкай, але маглі б быць напісаны па-іншаму. З такой трактоўкі будзе зразумелы і змест працы.

Кідаецца ў вочы невысокі псіхалагізм апавядання: у працы сотні імёнаў, але няма людзей — „лясныя салдаты” паказаны чымсьці накшталт безаблічнай і аморфнай, але затое крыважэрнай біямасы. Нават контурамі не прапісаны характары тых, ад каго ў значнай меры залежаў поспех партызанскай барацьбы — кіраўнікоў буйных злучэнняў[6], начальнікаў ЦШПР і Беларускага штаба партызанскага руху (далей БШПР). Хоць сам Мусяль у свой час атрымаў доктарскую ступень за дысертацыю, пабудаваную якраз на аналізе і супастаўленні дзясяткаў біяграфій, прамалёўцы індывідуальных асаблівасцяў акцёраў гістарычнай сцэны, дакладней — нямецкіх арганізатараў генацыду[7].

У рэцэнзаванай манаграфіі назіраецца відавочны лішак паўтораў. Вось толькі тры прыклады. Ледзь не праз старонку згадваюцца партызанскія прыпіскі (жарг. туфта) у аператыўных справаздачах, прыводзяцца звесткі партызан з манатонным каментаром: „дадзеныя перабольшаны”. Можна было б і не публікаваць гэтую наскрозь хлуслівую інфармацыю, а пра страты нямецкага боку меркаваць па менш сфальсіфікаванай у дадзеным выпадку нямецкай дакументацыі. Партызанскі разбой, расстрэлы мірнага насельніцтва, здзек з калгаснікаў і калгасніц, агнястрэльныя ўнутраныя канфлікты, п’яныя дэбошы, бойкі і оргіі праходзяць ненавязлівым рэфрэнам праз увесь расповед. Да таго ж названым праблемам прысвечаны асобныя падраздзелы. Гэтак жа часта тэматызуецца і знішчэнне нацыстамі мірных сялян, якія праходзілі ў статыстыцы Вермахта і СС пад назвай „бандпасобнікі”. Але гэта шырока вядомая практыка, апісаная многімі нямецкімі[8] і ўсходнееўрапейскімі даследчыкамі, знайшла яна сваё месца і ў мастацкай літаратуры.

Пры гэтым пры рабоце з крыніцамі не заўсёды праяўляецца дастатковая крытычнасць.

Напрыклад, згаданыя знішчаныя „бандыты і бандпасобнікі” ў кнізе звычайна механічна трансфармуюцца ў забітых грамадзянскіх асобаў. Не ставіцца пытанне: ці не з’яўляюцца гэтыя лічбы хоць бы часткова банальным ашуканствам, якім была глыбока прасякнута нацысцкая сістэма адміністравання?

Вельмі сумнеўным выглядае і сюжэт пра свядомую вярбоўку нацысцкімі спецслужбамі яўрэяў для правядзення тэрактаў і шпіянажу: звесткі бяруцца выключна з дакументаў савецкага боку. Праўда, пры публікацыі большасці партызанскіх паведамленняў пра такі „феномен” у кнізе агаворваецца, аднак, што няясна, наколькі тыя звесткі дакладныя. Але адзін выпадак (с. 243–244) усё ж выклікае аўтарскі давер, прычым на падставе сведчанняў самога былога агента, дадзеных савецкім органам. Але ж, ад падследнага на дазнанні якраз і варта чакаць усялякіх апраўданняў. Таму выдумка пра тое, што немцы схілілі яго да супрацоўніцтва, выкарыстоўваючы звесткі пра яўрэйскае паходжанне, была б з яго боку цалкам адэкватным крокам. Ды і які аператыўнік будзе вербаваць для спецзаданняў чалавека, упэўненага ў тым, што яго і яго сваякоў у найбліжэйшы час знішчыць бок, які яго завербаваў?

Значыць, стройнасць расповеду ў шэрагу выпадкаў не вытрымана, прычым гэта тычыцца як працы з лічбамі, так і сацыяльнага аналізу.

Напрыклад, робіцца выснова пра тое, што афіцыйныя савецкія лічбы, якія грунтуюцца на партызанскіх данясеннях, перабольшваюць колькасць забітых „народнымі мсціўцамі” немцаў у 67–78 разоў (с. 292). Па-першае, выкарыстаныя ў кнізе дадзеныя партызанскіх пераможных зводак уключаюць у сябе не толькі немцаў, але і наогул „акупантаў” — шматлікіх нямецкіх саюзнікаў і калабарацыяністаў. Па-другое, у гэтых аператыўных справаздачах гаворка ідзе не пра беззваротныя страты праціўніка, а пра забітых і параненых. Такім чынам, надзвычайнае выхвалянне савецкіх партызанаў з-за метадалагічных памылак пры падліку ў кнізе яшчэ і перабольшана. Але яшчэ горш тое, што сваёй асабістай, няхай нават ацэначнай лічбы вынікаў партызанскіх дзеянняў Мусяль не дае ўвогуле.

У кнізе крытыкуецца тэзіс пра тое, што адносна вялікая колькасць яўрэйскіх бежанцаў, якія перажылі вайну ў беларускіх гушчарах і балотах, была выклікана даволі лаяльным (у параўнанні з іншымі народамі) стаўленнем беларусаў да яўрэяў. Пра гэта ўзгадваюць многія, хто перажыў Халакост. Па меркаванні Мусяля, вырашальнае значэнне меў ландшафт, а не паводзіны сялян, у якіх яўрэйскія групы выжывання пад пагрозай гвалту адбіралі ежу і вопратку (с. 388). Тут можна запярэчыць, што спагада або варожасць — гэта шматгранныя пачуцці, якія выяўляюцца не толькі ў добраахвотных пастаўках правіянту або іх адсутнасці. Грамадзянскае насельніцтва можа дапамагаць актамі або, наадварот, непраціўленнем, па-рознаму ставячыся як да саміх фактаў рэквізіцый, так і да тых, хто збірае „пра дуктовы падатак”. Барацьбу з любымі ўзброенымі жы харамі лесу насельніцтва, калі яно таго хоча, вядзе не прамымі боесутыкненнямі, а ўтойваннем ад партызанаў або бежанцаў каштоўнай інфармацыі, паведамленнямі ў мясцовыя органы ўлады, суправаджэннем паліцэйскіх частак пры аблавах і г. д. і да т. п. І нават нейтралітэт, або хоць бы славутая пасіўнасць[9] мірных жыхароў могуць зрабіць быццё людзей, пастаўленых па-за законам, цярпімым. Зразумела, што антысемітызм у тых або іншых прапорцыях і праявах існаваў у любой краіне Еўропы. І, магчыма, што наступнае аўтарскае палажэнне заслугоўвае абмеркавання: «Беларусь сярод іншых еўрапейскіх краін ні ў якім разе не была „яскравым прыкладам” салідарнасці з яўрэямі» (с. 393). Але якую акупаваную нацыстамі тэрыторыю можна назваць тады ўзорна-паказальнай у гэтым сэнсе, з даследавання незразумела.

У адборы матэрыялу для публікацыі часам відаць пэўныя перакосы. У прыватнасці, першы падраздзел чацвёртага раздзела названы „Ваенная разведка для ырвонай арміі”, а ў гэтым параграфе няма звестак пра структуру партызанскай разведкі, вайсковую разведку злучэнняў „народных мсціўцаў”, прынцыпы вярбоўкі агентуры, колькасць інфармацыі, перададзенай у Цэнтр. Гаворка тут ідзе выключна пра недахопы паведамленняў ЦШПР для Рабоча-сялянскай чырвонай арміі (далей РСЧА). Да таго ж у раздзеле VI няма звестак пра разведку, якую партызаны вялі не для Чырвонай арміі, а ў інтарэсах уласных атрадаў і злучэнняў.

У кнізе існуюць і іншыя прабелы.

Напрыклад, не разгледжана прасякнутая нянавісцю, злосцю і хлуснёй партызанская агітацыя, хоць у ЦШПР існаваў аддзел прапаганды пад назвай „палітычны аддзел”.

Але нашмат важней тое, што прапушчаны цэлы пласт — зафрантавая дзейнасць органаў дзяржбяспекі. Нават мімаходзь не ўзгадваюцца спецгрупы НКУС (з красавіка 1943 г. — НКДБ) БССР[10]. Ды і фармаванням „легендарнага” 4-га ўпраўлення НКУС-НКДБ СССР прысвечана ўсяго дзве старонкі (с. 349–351), на якіх апісваюцца толькі п’янкі і сваркі. Пра мэты і метады названых падраздзяленняў нічога не расказваецца, а групы НКУС называюцца дыверсійнымі. Такая грубая памылка выклікана хібамі ў гістарыяграфічнай базе даследавання[11]. І ў дакументах партызан, падсправаздачных ЦШПР, і ва ўнутранай дакументацыі лубянскага ведамства выразна падзяляліся «задачы па „Д”» (дыверсіі) і «задачы па „Т”» (тэрарызм). Ды і выснова пра прыярытэты „чацвёркі” ляжыць на паверхні, варта толькі ўспомніць імя яе начальніка — Паўла Судаплатава, прызнанага майстра заказных забойстваў.

Значнае месца ў кнізе займае паўсядзённы тэрор „на родных мсціўцаў”, а падраздзел VII-5 названы „Партызаны пасля прыходу Чырвонай арміі”. Але ў манаграфіі не адзначаны такі амаль невядомы сюжэт, як масавыя расправы былых партызанаў над былымі калабарацыяністамі і членамі іх сем’яў. У Беларусі калектыўныя самасуды прымалі часам форму ка лектыўных бойняў. Тэма вартая разгляду, прычым не з пункту гледжання крыміналістыкі. Па-першае, у дадзеным вы падку ў 1943–1944 г. назіраўся канфлікт дзвюх час так савецкай сістэмы: партызанаў з органамі НКУС і НКДБ. Па-другое, нешта крыху падобнае адбывалася ў 1944–1945 г. і ў Заходняй Еўропе, у прыватнасці ў Фран цыі і Італіі. Гэтыя з’явы дзякуючы публіцыс ты цы і кінематографу шырока вядомыя ва ўсім свеце. І праз параўнанне аналагічных фактаў можна было б выразна паказаць розніцу стылістыкі і наступстваў вайны на ўсходнееўрапейскім і заходнееўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў.

Увогуле ў кнізе не хапае кампаратывістыкі. Да чаго гэта можа давесці, паказвае раздзел VIII („Да сацыяльнай гісторыі партызанскага руху ў Беларусі”). Большая частка раздзела прысвечана той бурлівай партызанскай жыццядзейнасці, пра якую савецкая гістарыяграфія ахвотна маўчала: дзёрзкія выхадкі, „зухаватыя” штукі, разгульныя кругласутачныя вечарынкі. Пры гэтым у раздзеле змяшчаецца падраздзел „Суровасць партызанскага жыцця”. Такім чынам, недасведчаны чытач можа зрабіць выснову: знаходжанне пад небам блакітным каго заўгодна ператворыць у бескампрамісных геданістаў, а ціск цяжкіх абставінаў проста вымушаў „народных мсціўцаў” да страшэннай распушчанасці. Горш за тое, адзін з падраздзелаў, дзе апісваецца чарговая фантасмагарычная вакханалія, заканчваецца рэмаркай, якая робіць бессэнсоўным увесь раздзел: „Гэта была вайна” (с. 358). Армія Краёва ў 1943–1944 г. у Беларусі ваявала ў тых самых умовах, што і чырвоныя. А паводзілі сябе яе байцы і камандзіры больш стрымана. Мяркуючы па спасылках, аўтар працаваў з вялікай колькасцю літаратуры пра АК, а таксама з мноствам унутранай дакументацыі яе фармаванняў, г. зн. адрозненняў не заўважыць не мог, але чамусьці не расказаў пра іх чытачу.

А па аб’ёме праца вялікая: толькі расповед, без спасылак і дадаткаў, займае 440 старонак вельмі дробнага шрыфту. На жаль, тэкст даволі складаны для ўспрымання. З аднаго боку, ён відавочна перагружаны датамі, дэталямі, дробязямі, лічбамі: нярэдка на адной старонцы нагрувашчаны дзясяткі лічбаў, толькі ў некалькіх выпадках зведзеных у табліцы. У выданні няма графікаў, дыяграм, схемаў.

Але галоўнае, што ў манаграфіі не так шмат канцэптуальных канструкцый, якія аблягчаюць разуменне складанага гістарычнага працэсу, г. зн. малавата абагульненняў і тлумачэнняў як такіх. У прыватнасці, невялікае заключэнне ўяўляе сабой у асноўным не новыя вывады, а кароткі змест (дайджэст) кнігі, больш за тое, часткова паўтарае ўводзіны.

Не ўсе выказаныя ў „Эпілогу” ацэнкі падаюцца цалкам абгрунтаванымі. Канкрэтней, сцвярджэнне пра дрэнную разведку партызанаў, якая праводзілася імі для Чырвонай арміі (с. 440), выглядае занадта простым у святле таго факта, што ў манаграфіі колькі-небудзь падрабязна разглядаюцца толькі партызаны ЦШПР-БШПР. Але акрамя таго, разведдзейнасцю ў тыле Вермахта ў Беларусі займаліся атрады, групы і агентура 4-га ўпраўлення НКУС-НКДБ СССР, 4-га ўпраў лення НКУС-НКДБ БССР, а таксама Галоўнага разведупраўлення Генеральнага штаба Чырвонай арміі. Названыя ведамствы спецыялізаваліся на агентурнай рабоце[12]. І якасць разведінфармацыі, якая падавалася ў Цэнтр ад сетак інфарматараў гэтых арганізацый, істотна перавышала паказчыкі ЦШПР.

Як ваенна-гістарычнае даследаванне кніга адпавядае сярэдняму ўзроўню. Баявым дзеянням і дыверсіям аддадзена дастаткова месца, але рэльефным іх апісанне назваць нельга. У кнізе толькі адзін раз сустракаецца ўказанне на пралік (с. 305) і зусім няма згадвання пра пісьменныя арыгінальныя тактычныя рашэнні пры правядзенні нават буйных баявых аперацый[13], няма прык

ладаў прыгожых агентурных камбінацый таго ці іншага боку, ТТХ выкарыстоўванай зброі. Значыць, праца хутчэй адносіцца да разраду саветалогіі.

Ды і ў вывучэнні адпаведнага сегмента савецкага грамадства ёсць дасягненні, але прарываў публікацыя не зрабіла. У прыватнасці, хранічна пераацэньваецца ідэйнасць забітых сталінскіх падданых, да 1941 г. у цэлым ужо дэідэалагізаваных.

Напрыклад, пры апісанні падзей другой паловы 1941 г. настроі насельніцтва БССР характарызуюцца як антысавецкія. Пры гэтым расповед трапляе ў стандартную „пастку сакрэтнай крыніцы”, выкліканую багатым цытаваннем палітычных данясенняў супрацоўнікаў НКУС: на с. 42 — чатыры дакументы запар! Але гэтыя паведамленні складаліся іх аўтарамі з намерам паказаць начальству ўласную значнасць (выкрылі крамолу!), паскардзіцца на цяжкасць умоў працы (вакол адны ворагі!), а таксама выпрасіць як мага больш сродкаў ва ўласнае распараджэнне. У гэтым падраздзеле хоць бы для палемічнасці выкладання можна было б узгадаць і пра існаванне супрацьлеглых па змесце ацэнак удзельнікаў падзей таго часу, напрыклад, савецкіх партыйных функцыянераў.

Падобныя неправамерныя акцэнты можна ўбачыць і ў апісанні асноўных супернікаў партызанаў — паліцаяў і іншых „здраднікаў”. Па сцвярджэнні Мусяля, „матываў гэтай падтрымкі [акупантаў] не трэба доўга шукаць. Яны, у першую чаргу, заключаліся ў тым, каб разлічыцца з ненавісным савецкім рэжымам…” (с. 80, падобны тэзіс на с. 243, 372). Як ні дзіўна (а можа быць, цалкам заканамерна), савецкая гістарыяграфія давала больш правільнае абагульненне ў гэтым выпадку. Родныя калабарацыяністы трапна называліся шкурнікамі. Менавіта былы „партсовактив”, кандыдаты ў члены партыі і камуністы, камсамольцы, дзяржслужачыя, апаратчыкі, сілавікі розных ведамстваў і ўстаноў былі касцяком, г. зн. структураўтваральнай сацыяльнай праслойкай у агульнай масе людзей, якія ваявалі на баку немцаў або цягнулі лямку на гаспадарчым фронце. Можна было б прывесці аўтэнтычныя доказы 1941–1944 г., але абмяжуемся познім, затое яркім сведчаннем. Ленінградскі дэсідэнт Міхаіл Хейфец вымушана правёў некалькі гадоў пад адным дахам з ветэранамі Другой сусветнай вайны. І пра бандэраўцаў, заўзятых нацыяналістаў, у сваіх мемуарах ён адгукаецца з павагай. А вось паліцаі паказаны ў яго ўспамінах нейкімі големамі, андроідамі, нечым накшталт членаў фракцыі „Единая Россия” ў Дзяржаўнай думе Расійскай Федэрацыі: „Экс-каратели и экс-старосты иногда были вовсе не плохими от природы людьми, и добрыми иногда — но они все, почти без исключения, казались мне морально сломленными, причем не зоной или войной, а еще раньше, почти изначально. Они казались нормальными советскими людьми, то есть слугами власти, любой власти — что гитлеровской, что советской, что польской, что, если появится, своей украинской. Часто это были просто человекообразные автоматы, роботы, запрограммированные на исполнение любого приказания — недаром среди самых кровавых гитлеровских убийц можно было обнаружить людей, которые после войны —до ареста —числились советскими активистами и орденоносцами. Не буду притворяться, я иногда жалел их — хотя отлично понимал, сколько людей от них пострадало, скольких они убили (и среди них —моих земляков) — убили людей, мизинца которых не стоили. Честное слово, иногда казалось, что вины у них не больше, чем у овчарок, которые лаяли на заключенных концлагерей, — не больше они понимали, чем эти овчарки, и что, если посадить овчарку на 25 лет в тюрьму, какой в этом смысл?”[14].

Берлін — Бостан

Артыкул напісаны пры фінансавай падтрымцы Гарвардскага інстытута ўкраінскіх студый (HURI).


[1] Soviet Partisans in World War II. Armstrong J. (ed). Madison, 1964; Hesse E. Der sowjetrussische Partisanenkrieg 1941 bis 1944 im Spiegel deutscher Kampfanweisungen und Befehle. Göttingen — Zürich — Frankfurt, 1969.
[2] Соколов Б. В. Оккупация. Правда и мифы. Москва, 2002; Боярский В. И. Партизаны и армия: История утерянных возможностей / Под общ. ред. А. Е. Тараса. Минск — Москва, 2003.
[3] Партизанское движение (По опыту Великой Отечественной войны 1941–1945 г.). Москва, 2001; Попов А. Ю. Диверсанты Сталина. Деятельность органов Госбезопасности СССР на оккупированной советской территории в годы Великой Отечественной войны. Москва, 2008.
[4] Slepyan K. Stalin’s Guerrillas. Soviet Partisans in World War II. University Press of Kansas, 2006.
[5] Baberowski J. Orgie hemmungsloser Gewalt // Frankfürter Allgemeine Zeitung. 08.10.2009.
[6] На першы погляд, адзіным выключэннем можа падацца наяўнасць у кнізе раздзела пра малавядомага партызанскага камандзіра Уладзіміра Нічыпуровіча. Але нават у гэтым выпадку чытач даведаецца толькі пра дзейнасць палкоўніка, а не пра яго асобу, г. зн. у аповедзе прысутнічае не чалавек, а функцыя.
[7] Musial B. Deutsche Zivilverwaltung und Judenverfolgung im Generalgouvernement. Eine Fallstudie zum Distrikt Lublin 1939–1944. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 1999.
[8] З апошніх прац можна адзначыць манаграфіі Клаўса Ёхена Арнольда і Дытэра Поля, прысвечаныя функцыянаванню вайсковай акупацыйнай адміністрацыі. Калі першы аўтар схіляецца да думкі пра тое, што салдаты Вермахта не былі моцна задзейнічаны ў тэроры супраць мірнага насельніцтва, то другі даследчык мяркуе: удзел шарагоўцаў Вермахта ў рэпрэсіях супраць цывільных асобаў быў усё ж даволі значным: Arnold K. J. Die Wehrmacht und die Besatzungspolitik in den besetzen Gebieten der Sowjetunion. Kriegfuhrung und Radikalisierung im „Unternehmen Barbarossa”. Berlin, 2005; Pohl D. Die Herrschaft der Wehrmacht. Deutsche Militärbesatzung und einheimische Bevölkerung in der Sowjetunion 1941–1944. München, 2008.
[9] Пар. з вытрымкай з данясення айнзацгрупы „Б”, якая дзейнічала ў Беларусі ў пачатку жніўня 1941 г.: „Население, несомненно, питает к евреям чувство ненависти и гнева и одобряет немецкие мероприятия… но взять на себя инициативу неспособно» (Дин М. Пособники Холокоста. Преступления местной полиции Белоруссии и Украины, 1941–1944 гг. С.-Петербург, 2008, с. 60).
[10] Да канца 1942 г. як на базе фармаванняў ЦШПР, так і самастойна ў Беларусі дзейнічалі 30 спецгруп НКУС БССР. Дадзеныя па першай палове 1943 г. сёння не даступныя. З чэрвеня 1943 г. да чэрвеня 1944 г. рэспубліканскі апарат органаў дзяржбяспекі накіраваў у тыл Вермахта або вылучыў са складу ўжо дзейных падраздзяленняў яшчэ 60 аператыўна-чэкісцкіх груп, у тым ліку „Мстители”, Кровные”, „Охотники”, „Истребитель” (Соловьёв А. К. Они действовали под разными псевдонимами. Минск, 1994. Passim). Частка дакументаў пра спецгрупы НКДБ БССР знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларуь у адктытым доступе, у прыватнасці ў фондзе 4386 (Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б).
[11] Аперацыі 4-га ўпраўлення НКУС СССР апісаны ў працы, адзін з суаўтараў якой — ветэран адпаведнага спецпадраздзялення. У кнізе з красамоўнай назвай неаднаразова ўжываецца тэрмін „тэрарыстычны акт”, які толькі ў рэдкіх выпадках замяняецца эўфемізмам: „На основании приговоров, вынесенных партизанами, ОМСБОНовцы осуществили 87 актов возмездия” (Зевелев А. И., Рурлат Ф. Л., Козицкий А. С. Ненависть, спрессованная в тол. Москва, 1991. С. 278).
[12] Пра колькасць інфармацыі, што перасылалася ў Цэнтр з акупаванай тэрыторыі рознымі сілавымі структурамі, пэўнае ўяўленне даюць наступныя дадзеныя. Ва Украіне за 1941–1943 г. толькі НКУС-НКДБ УССР пакінуў пры адступленні Чырвонай арміі ці закінуў у тыл Вермахта 16 737 агентаў (і гэта без уліку агентуры, атрыманай спецгрупамі ў 1943–1944 г.). За 1941–1944 г. абмен радыёграмамі з агентурай, групамі і атрадамі гэтага ведамства склаў 5523 радыёграмы (Итоговый доклад о боевой и агентурно-оперативной деятельности 4-го управления НКГБ УССР в 1941–1945 гг., 26 июля 1945 г. // З архівів ВУЧК-ГПУ-НКВД-КГБ. № 1/2(2/3). 1995, с. 28). А разведвальнымі аддзеламі груп, атрадаў і злучэнняў Украінскага штаба партызанскага руху ў гады вайны было атрымана толькі 3160 агентаў, да таго ж з іх 60% складалі агенты ў саміх атрадах (г. зн. даносчыкі), сярод насельніцтва — толькі 1182 (Отчёт о работе разведывательного отдела УШПД, 1942–1944 гг. // ЦДАГОУ, ф. 62, воп. 1, спр. 275, арк. 118, 125). На пэўныя высновы наводзяць і такія дадзеныя з рэцэнзавааванай працы (с. 167): на 7 сакавіка 1943 г. у партызанскіх атрадах і групах Беларусі знаходзілася 86 радыёпередатчыкаў. З іх партызанам ЦШПР належала толькі 37 (або 43%), астатнія выкарыстоўваліся фармаваннямі Галоўразведупраўлення і НКУС. Праўда, пазней гэтыя суадносіны змяніліся на карысць падначаленых ЦШПР.
[13] Цікавае даследаванне аператыўнага боку пытання ўяўляе сабой сумесная праца амерыканскага і крымскага спецыялістаў: Munoz A. J., Romanko O. V. Hitler‘s White Russians: Collaboration, Extermination and Anti-Partisan Warfare in Byelorussia, 1941–1944. New York: Europa Books, 2003.
[14] Хейфец М. Избранное: в 3 т. Т. 3: Украинские силуэты; Военнопленный секретарь. Харьков, 2000. С. 136–137.
Наверх

Friedman, Alexander. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. (Ёганэс Вігерынг)

1 студзеня, 2011 |

FRIEDMAN, ALEXANDER. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. Propaganda und Erfahrungen. Stuttgart: Franz Steiner, 2011. 428 S.

У прадмове да кнігі „Вобразы Нямеччыны ў беларускім савецкім грамадстве 1919–1941 г.” Аляксандр Фрыдман тлумачыць прычыну захаплення тэмай сваёй працы: гэта сямейная гісторыя яго прадзеда Абрама Качаноўскага, яўрэя, ветэрана Першай сусветнай вайны, які дзякуючы атрыманаму на ёй досведу доўгi час меў вельмi пазітыўны вобраз Нямеччыны і да сваёй смерці не мог зразумець, як такія „сяброўскія і сімпатычныя людзі”, якімі ён пазнаў немцаў, праз нейкія два з паловай дзесяцігоддзі маглі праводзіць мэтанакіраванае брутальнае вынішчэнне яўрэяў на яго беларускай радзіме (13). Ключом да такога захаплення быў факт, што як перакананы антыбальшавік Абрам Качаноўскі з прынцыповым недаверам ставіўся да таго вобраза Нямеччыны, які пашыраўся савецкай прапагандай.

Аляксандр Фрыдман даследуе, якім чынам у беларускім грамадстве ў міжваенныя часы, паміж 1919 і 1941 г., праз самыя розныя сродкі масавай інфармацыі, але заўжды ў строгай адпаведнасці з савецкім Агітпропам, пашыраліся вобразы „чужога”. Вобразы Нямеччыны знаходзяцца ў цэнтры яго ўвагі, што і адпавядае назве кнігі, але не выключна — разглядаюцца таксама вобразы Польшчы, заходнееўрапейскіх дзяржаў, а таксама ЗША і нават Японiі. Апошнiя параўноўваюцца з вобразамi Нямеччыны — цэнтральным аб’ектам даследавання. Тое, што праца Фрыдмана сканцэнтравана на ўсходняй палове Беларусі, г. зн. на той частцы, што да 1939 г. была Савецкай Беларуссю, зусім не дае падставы дапускаць, быццам аўтар шукаў тут лёгка акрэсленага поля для сваёй працы. Фактычна ён прыцягвае для свайго выкладу неверагодна шырокі корпус крыніц і матэрыялаў: побач з прэсай, друкаванай па-беларуску, па-польску, на ідыш і па-руску, сярод якой штодзённыя газеты і малатыражкі прадпрыемстваў, дзіцячыя і жаночыя часопісы мясцо вага, рэгіянальнага і агульнасаюзнага рангу, сюды ўвайшлі школьныя падручнікі і праграмы, навуковыя і лі таратурныя выданні, прапагандысцкія брашуры, праграмкі тэатраў і аркестраў разам з праграмамі бе ларускага радыё, а таксама апублікаваныя ўспаміны сведак і тамы актаў розных савецкіх партыйных і дзяржаў ных установаў. Толькі выразна структураваны падзел, які задаў Фрыдман, дазваляе зарыентавацца ў гэтым калейдаскопе вобразаў „чужога”.

У храналагічных межах свайго даследавання аўтар арыентуецца на тры розныя фазы савецка-нямецкіх адносін: 1) збліжэнне і супрацоўніцтва ад І сусветнай вайны да прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў у 1933 г.; 2) перыяд выкліканага апошнім антаганізму; 3) эпізод удаванага сяброўства, якое ў жніўні 1939 г., пасля падпісання пакта Рыбентропа — Молатава, змяніла антаганізм. Заключнай рамкай храналогіі даследавання з’яўляецца нямецкі напад на Савецкі Саюз. Далей А. Фрыдман вылучае 4 фактары, вызначальныя для ўтварэння вобразаў Нямеччыны сярод беларускага насельніцтва, кожнаму з якіх прысвячаецца адпаведная частка працы. Першы — вопыт І сусветнай вайны ўключна з нямецкай акупацыяй. Другі — той вобраз Нямеччыны, які распаўсюджваўся савецкай прапагандай, і ён займае ў даследаванні несумненна цэнтральнае месца. Абыходжанне з нямецкай мовай, гісторыяй і культурай у Савецкай Беларусі вызначана як трэці фактар, а ў якасці чацвёртага разглядаюцца аўтавобразы (Selbstbilder) беларускага савецкага грамадства, што адначасова выступала і рэцыпіентам апісаных вышэй прапагандысцкiх вобразаў „чужога”. Змены, часам радыкальныя, якія зазналі гэтыя фактары ў розныя фазы перыяду даследавання, з’яўляюцца сутнасным пунктам усяго разгляду і даюць уяўленне аб запраграмаваных і фактычных механізмах функцыявання савецкай прапаганды.

Па сваёй сутнасці праца „Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941” — гэта незвычайна шырокае і грунтоўнае даследаванне вобразаў „чужога”, стваранага медыйна-прапагандысцкімі сродкамі. На 375 старонках — больш за 1800 спасылак! У плане скрупулёзнасці і аб’ёму апрацаваных крыніц кнігу Фрыдмана было б зусім не сорамна параўноўваць з іншымі падобнымі выданнямі апошніх гадоў. Хутчэй наадварот. А. Фрыдман, які сваю навуковую адукацыю распачаў у постсавецкай Беларусі, цяперашняй Рэспубліцы Беларусь, спалучыў традыцыйную для той гістарычнай навукі схільнасць да грунтоўнай апісальнасці з заходнееўрапейскай / нямецкай школай гістарычнага аналізу і дыскурс-аналізу. Апрача ўсебаковай апрацоўкі крыніц i пачатковага жадання зразумець асаблівы вобраз Нямеччыны, што быў у яго прадзеда, выразна заўважаецца і глыбокае захапленне аўтара сутнасцю і механізмам дзеяння савецкай прапаганды.

Аўтар праводзіць чытача ў медыйны космас Савецкай Беларусі, і ўжо ў першай частцы працы, у якой разглядаецца абыходжанне Агітпропа з І сусветнай вайной i ўспамiны пра яе, становіцца ясна, што ў гэтым прапагандысцкім паралельным свеце панавалі свае ўласныя законы прычыннасці. Такі ўступ важны не толькі храналагічна, але і для таго, каб паказаць чытачу, як савецкія прапагандысты разглядалі гістарычныя падзеі быццам пластычны матэрыял, які яны пераінтэрпрэтоўвалі ў новую медыйную рэчаіснасць, нязменна кіруючыся ўстаноўкамi савецкага цэнтра, дапасоўваючы іх толькі раз-пораз да беларускіх асаблівасцяў. Калі адносна І сусветнай вайны і нямецкай акупацыі гаворка iшла пра падзеі, што ў многіх беларусаў былі яшчэ жывымі ў асабістых успамінах, то ўлады, нягледзячы на відавочныя несупадзенні, спрабавалі пры весці свядомасць ды ўспаміны рэцыпіентаў прапаганды ў адпаведнасць з па-новаму фармуляванай імі рэчаіснасцю. І ў гэтым, і ў іншых месцах кнігі выкладкі А. Фрыдмана найбольш пераканальныя, калі ён паказвае падобныя супярэчнасці на асабістых лёсах людзей.

Гэта характэрна і для другой, самай аб’ёмнай часткі, у якой даследуюцца вобразы Нямеччыны ў прапагандысцкім дыскурсе Савецкай Беларусі. З адчуваль ным задавальненнем аўтар праводзіць чытача лабірын тамі маніпуляцый з усёй іх супярэчлівасцю ў малым і вялікім, з памылкамі, непаразуменнямі і проста абразлівымі для чалавека падступніцтвам і вычварэннямi. Часта з дарэчным гумарам і дэманстрацыяй абсурднасці Фрыдман паказвае ўсю несумленнасць тых медыяў, аднак атрутная канцэнтрацыя прапагандысцкага нахабства проста ашаламляльная — асабліва ў выпадку цынічнага асвятлення сталінскіх рэпрэсій i горкай iронii хлуснi пра нацыянал-сацыялiстычную Нямеччыну, сапраўдныя злачынствы якой, аднак, потым на самай справе пераўзыдуць прапагандысцкi вобраз. Парадоксы прапагандысцкіх установак прасочваюцца і кантэкстуалізуюцца ў гэтай частцы са скрупулёзнай дэталізацыяй, а ў трэцяй часты працы гэ тая кантэкстуалізацыя ўзбагачаецца культурнымі і школьна-дыдактычнымі аспектамі прапагандысцкага паказу Нямеччыны з „вялікім рэвалюцыйным мінулым” і „вялікай рэвалюцыйнай будучыняй” (336).

У чацвёртай частцы А. Фрыдман разглядае аўта-вобраз Савецкай Беларусі, што дазваляе ўрэшце ацаніць дзейснасць ніжэй паказанага Агітпропа. Калі ў папярэдніх раздзелах кнігі чытачу час ад часу не хапае такіх сюжэтаў, дык тут яны ўтвараюць метадалагічны вузел, і толькі дзякуючы выразна вызначаным узаемазалежнасцям паміж успрыняццем „свайго” i „чужога” вобразы Нямеччыны становяцца больш чым проста прапагандысцкім канструктам. Пасля значнага ўражання ад паказу механізмаў агітпропаўскіх інтэрпрэтацый чытач можа з палёгкай успрыняць месца, дзе аўтар дае слова вядомаму гісторыку і былому рэктару БДУ Уладзіміру Пічэту, які асабіста добра ведаў Нямеччыну і дакладна ацэньваў фатальнае развіццё нацыянал-сацыялісцкай улады. Але гучна пра пакт Рыбентропа — Молатава акадэмік абачліва не хацеў выказваць крытыкі: «У СССР, гэтай „фашысцкай катоўні”, у якой для прэсы былі ўласцівыя „выхваленне” і „дурасць”, яму хацелася толькі выжыць» (388).

Да вызначанай на пачатку мэты спасцігнуць вобраз Нямеччыны свайго прадзеда ў гэтай аб’ёмнай і вартай працы Фрыдман наблізіўся настолькі, наколькі гэта наогул было магчыма. Пры гэтым ён дае такую магчы масць і чытачам. Яны цяпер таксама могуць уявіць у поўнай ступенi прапагандысцка-медыйную камунікацыйую прастору, у якой жылі грамадзяне Савецкай Беларусі ў між ваенныя часы (і з якой яны не маглі нікуды падзецца). Хоць кніга сканцэнтравана галоўным чынам на вобразах Нямеччыны, абыходжанне Агітпропа з іншымі тэмамі ў ёй таксама паказана. Чытач можа даверыцца пры гэтым ацэнкам і спецыяльным ведам Аляксандра Фрыдмана як правадніка праз гэтую насычаную зместам камунікацыйную прастору, якая пераважна сягала далёка за межы праўдзівасці і добрапрыстойнасці.

Ляйпцыг

Ёганэс Вігерынг

Романько, Олег В. Легион под знаком Погони (Аляксандр Гагун)

1 студзеня, 2011 |


РОМАНЬКО, ОЛЕГ В. Легион под знаком Погони. Белорусские коллаборационистские формирования в силовых структурах нацистской Германии (1941–1945). Симферополь: Антик-ва, 2008. 304 с.

Тэма калабарацыянізму ў Другой сусветнай вайне робіцца ўсё больш актуальнай для даследчыкаў розных краін[1]. Па-першае, у сувязі з адкрыццём многіх цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх архіваў сталі даступнымі раней засакрэчаныя крыніцы. Па-другое, ва ўмовах узнікнення новых дзяржаў і хуткіх зменаў сістэмы міжнародных адносін пытанні „здрады” і „барацьбы за нацыянальны суверэнітэт” выклікаюць заканамерную цікавасць як у аматараў, так і ў спецыялістаў.

На жаль, беларуская гістарыяграфія гэтага пытання, можна сказаць, адсутнічае. Ніводнай колькі-небудзь значнай абагульняльнай манаграфіі нараджэнцы „партызанскай рэспублікі” (БССР) за дваццаць гадоў незалежнасці не апублікавалі. Таму з’яўленне выдатна дакументаванай працы вядомага крымскага гісторыка Алега Раманько, прысвечанай беларускім узброеным калабарацыянісцкім фармаванням у сілавых структурах Трэцяга райха, можна толькі вітаць.

У манаграфіі выкарыстаны матэрыялы дзесяці архіваў Беларусі, Нямеччыны, Украіны, Расіі і ЗША, не кажучы ўжо пра сотні публікацый на рускай, англійскай, нямецкай, украінскай, беларускай і польскай мовах. Работа складаецца з уводзінаў, заключэння і чатырох разделаў: „Причины создания белорусских коллаборационистских формирований”, „Белорусский национализм и проблема создания коллаборационистских формирований”, „Белорусские коллаборационистские формирования в полицейских и антипартизанских структурах”, „Белорусские коллаборационистские формирования в Вермахте и СС”.

Аўтар выразна абазначыў сваю пазіцыю па пытанні, якое даследаваў: „…Советский коллаборационизм был, по сути, продолжением событий гражданской войны 1918–1920 гг., а его предпосылками послужили особенности общественно-политического развития предвоенного СССР. Среди них, прежде всего, следует назвать репрессии, коллективизацию, фактическую нерешенность национального вопроса, религиозные притеснения и т. п.” (37).

Пры гэтым, па меркаванні Алега Раманько, уласна беларускі нацыянальны рух ў 1920–30-я г. быў вельмі слабым і разрозненым, а большасць беларускіх партый у Другой Рэчы Паспалітай вялі вартае жалю бесперспектыўнае існаванне. „Новае жыццё” ў іх удыхнулі Другая сусветная і асабліва савецка-нямецкая вайна, у тым ліку таму, што самае позняе з 1943 г. нацысты раздзьмувалі ў беларусаў нацыянальныя пачуцці, імкнучыся выкарыстаць іх у сваіх мэтах.

Пра слабасць беларускага нацыяналізму сведчыць той факт, што ў адрозненне ад Украіны ў гады нацысцкай акупацыі тут не было арганізавана колькі-небудзь масавай беларускай антыкамуністычнай паўстанцкай барацьбы (143). Кіраўніцтва невялікіх атрадаў падобнага накірунку было забіта савецкімі партызанамі ў ходзе перамоваў, а самі фармаванні разагнаныя камуністамі без якіх-небудзь высілкаў. Значыць, у адрозненне ад украінскіх беларускія нацыяналісты дзейнічалі ў асноўным у рамках калабарацыянізму.

У працы апісаны погляды розных палітыкаў нацысцкай Нямеччыны на беларускае пытанне, дэталёва паказаны акупацыйны апарат Райха на тэрыторыі БССР, прыведзена класіфікацыя розных беларускіх калабарацыянісцкіх фармаванняў па прынцыпе іх падначалення і аператыўнага выкарыстання. Хоць асноўная цяжкасць па ахове тылу і барацьбе з партызанамі ляжала на плячах беларусаў, але справіліся калабарацыяністы з гэтай задачай зусім не на „выдатна”, што было выклікана як ваганнямі лініі нямецкай палітыкі, так і супрацьдзеяннем савецкага боку, Арміі Краёвай, а таксама недабразычлівымі настроямі насельніцтва.

Па словах аўтара, «закономерным был конец этих формирований, который, помимо всего прочего, показал, что поражение ждёт всех, кто попадёт в центр схватки между двумя гигантами. К тому же, если еще и погонится за заведомо утопической идеей, какой на тот момент являлся белорусский национализм с его стремлением создать „Независимую Белоруссию” (незразумелае ўжыванне двукосся. — А. Г.). Ни политических, ни военных, ни национальных, ни каких-либо других предпосылок для подобного начинания в условиях того времени попросту не было» (260).

Праца ў цэлым выканана на належным навуковым узроўні. Але сустракаюцца ў ёй і спрэчныя моманты.

У шэрагу выпадкаў адзначаецца некрытычнае выкарыстанне крыніц, у прыватнасці давер да мемуараў. Напрыклад, на с. 145–146 звесткі пра шырокамаштабную антыпартызанскую аперацыю Палескую Сечу Т. Бульбы-Бараўца ўзяты з мемуараў самога Бараўца, які вядомы сваім „красамоўствам”. На с. 155–158, 208–209 механічна прыводзіцца інфармацыя з успамінаў бы лога ка лабарацыяніста Ф. Кушаля, які на розныя ла ды расхвальвае сваіх былых братоў па зброі. На с. 213–214 апісваецца шырокамаштабная дзейнасць антыса вец кіх пар ты за наў Беларускай вызваленчай ар міі (БВА) у 1944–1948 г., прычым крыніца таксама вель-мі сумнеўная. Уліч ва ючы вельмі слабы характар Супраціву ў Беларусі ў 1944–1946 г., можна дапусціць, што гісторыя БВА — фан том, народжаны беларускімі нацыяналістычнымі эмігрантамі.

Агульная ацэнка нямецкага апарату ўпраўлення выглядае слушнай, але не дакладнай: пры вывучэнні нямецкага акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі „может сложиться впечатление, что он был чересчур громоздким и излишне усложненным таким обилием пересекающихся структур власти. Однако следует подчеркнуть, что между тремя его основными ветвями — гражданской, военной и полицейской — не было никакой принципиальной разницы, а имелись лишь некоторые, чисто функциональные различия. В действительности же эти ветви представляли собой неразрывно связанные части одного оккупационного аппарата” (89). Сцвярджэнне адводзіць убок ад спецыфікі нацысцкага ўпраўлення ва Усходняй Еўропе, пра што ў падобнай працы варта было б узгадаць. Афіцэры і генералы СС з недаверам ставіліся да Вермахта, лічачы яго эліту зборышчам адсталых служак, косных і рэакцыйных прадстаўнікоў „былой Нямеччыны”. У сваю чаргу, камандны склад Вермахта глядзеў на сваіх калег з СС як на крыважэрны нацысцкі зброд, які пляміў зверствамі нямецкі мундзір і да таго ж не меў уяўлення пра традыцыі і гонар. І тыя і другія аднолькава пагардліва глядзелі на „тылавых пацукоў”, фанабэрыстых і няўмелых „залатых фазанаў” з грамадзянскай акупацыйнай адміністрацыі, узлаваных на жыццё крыварукіх няўдачнікаў. Апошнія лічылі сіла вікоў тупымі салдафонамі. Дапаўнялася гэ-тая псі ха лагічная гармонія перманентнай барацьбой паўнамоцтваў і кампетэнцый, што аказвала моцны ўплыў на ўсю акупацыйную палітыку Трэцяга райха ў Беларусі.

Баяздольнасць беларускіх калабарацыянісцкіх фармаванняў аўтар у цэлым ацэньвае як невысокую. Гэтая выснова стала ледзь не агульным месцам і ў многіх працах іншых калег Алега Раманько. Але, як правіла, ніхто не гаворыць, у параўнанні з якімі фармаваннямі ўсходнеславянскія калабарацыяністы ваявалі дрэнна. Калі казаць пра нямецкія часткі Вермахта, нямецкія або латышскія часткі Waffen-SS, то, вядома ж, параўнанне па вывучцы, майстэрстве і матываванасці асабовага складу зусім не на карысць беларусаў або, напрыклад, рускіх. Калі ж мы супаставім паліцэйскія батальёны з савецкімі партызанскімі атрадамі або нават страявымі часткамі Чырвонай арміі, то выснова не настолькі адназначная. Бо шуцманы і паліцаі абавязкова праходзілі на нямецкай службе навучанне ваеннай справе, а ва ўзброеных фармаваннях СССР шарагоўцы нярэдка наогул упершыню бралі вінтоўку ў рукі проста перад боем.

Прачытаўшы ў кнізе апісанне некалькіх беларускіх партый, якія мелі ў 1941–1944 г. пэўны, хоць бы пра-пагандысцкі, уплыў на насельніцтва БССР, можна прый сці да высновы, што аўтар зрабіў некаторае перабольшанне: „…белорусский национализм являлся на тот мо мент фикцией” (121). Такую самую заў ва-гу можна зра біць і ў дачыненні да сцвярджэння, што з сярэдзіны 1942 г. савецкае „…партизанское движе-ние, в силу разных причин, становится по настоящему массовым и всенародным” (123). Наяўнасць ка ла барацыянісцкіх фармаван няў ужо выключае ўсе-на род насць камуністычнай партызан скай барацьбы. Асабліва калі ўлічваць, што большасць у партызанскіх атра дах Беларусі складалі сяляне, ма бі лізаваныя туды пад пагрозай расстрэлу. Акрамя таго, на с. 126 аўтар апісвае маштабы савецкай партызанскай барацьбы, выкарыствоўваючы раздзьмутыя лічбы савец кай гіста-рыяграфіі, заснаваныя на надзвычайных партызанскіх прыпісках у аператыўных справаздачах. З іншага боку, відавочна прымяншаецца значэнне партызанскай барацьбы польскай партызанскай Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі. У прыватнасці сцвярджаецца, што гэты партызанскі рух не быў масавым (129). Між тым, з канца 1943 г. і да лета 1944 г. паміж АК і чырвонымі на тэрыторыі Беларусі ішла сапраўдная міжпартызанская вайна, прычым, як скардзіліся ў Цэнтр савецкія камандзіры, у шэрагу выпадкаў польскія нацыяналісты прыносілі ім большую шкоду, чым немцы.

Прынамсі спрэчным выглядае сцвярджэнне пра тое, што „…большинство коллаборационистских прояв ле ний имели в своей основе национализм и антикоммунизм” (3). Савецкая гістарыяграфія большасць паліцаяў называла „шкурнікамі”. Гэта значыць прыстасавальніц тва, канфармізм, кар’ерызм і дзеянні „па аб ста ві нах” і былі асноўнымі прычынамі, якія пабуджалі людзей да ўступлення ў добраахвотніцкія часткі і падраздзяленні. Ідэалагічна матываваныя байцы ў любых масавых узброеных фармаваннях, як правіла, складаюць меншасць.

Выклікае вялікія сумненні выніковая лічба 50 тысяч беларусаў (255–256), якія прайшлі службу ў шэрагах нямецкіх узброеных сілаў у 1941–1945 г. Хоць у тэксце і агаворваецца, што дадзеныя прыблізныя, але, верагодней за ўсё, няслушны нават іх парадак. Па-першае, у гэты лік не ўвайшлі шматлікія „добраахвотныя памочнікі” Вермахта беларускай нацыянальнасці. Па-другое, не ўлічваюцца шматлікія паліцэйскія і ахоўныя фармаванні, створаныя на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі (Райхскамісарыята Украіна) і Усходняй Беларусі (зона акупацыі Вермахта). Гэтыя часткі і падраздзяленні хоць і не насілі статусу беларускіх, але служылі там пераважна беларусы. Па-трэцяе, практычна праігнаравана ў ста тыс тыцы „самаахова” сёлаў, створаная нямецкімі сілавымі структурамі. Пэўная няўважлівасць назіраецца і ў да чыненні да іншых мясцовых фармаванняў, у пры-ватнасці, да „ахоўных камандаў індывідуальнай службы” (Schutzmannschaft Einzeldienst) — нечага накшталт участковых міліцыянераў у СССР. Гэта значыць, агульная лічба павінна быць значна павялічана.

Неапраўданым спрашчэннем выглядае сцвярджэнне пра тое, што „приписывать белорусским добровольцам какие-либо эксцессы на национальной или религиозной почве нельзя. В отличие от, например, Прибалтики, Украины или Крыма белорусские добровольцы никогда не убивали людей за то, что они говорили на другом языке или исповедовали другую религию” (260). Тым больш што ў гэтай жа працы на с. 163 можна знайсці такія звесткі: «Известно много случаев, когда белорус-«Известно много случаев, когда белорусские или польские полицейские убивали евреев-беглецов из гетто, „принимая” их за „советских партизан”». У гэтым кантэксце пакажам такі недахоп манаграфіі, як адсутнасць звестак пра ўдзел калабарацыяністаў у правядзенні Халакосту, апісання іх значэння ў гэтым злачынстве. Ці была іх роля важнай, малазначнай, нікчэмнай? Улічваючы маладаследаванасць тэмы, у названай кнізе можна было б прысвяціць гэтаму пытанню некалькі старонак.

Уяўляецца, што занадта вялікая ўвага аддадзена палітычнай гісторыі, сваркам і бясплодным унутраным спрэчкам беларускіх нацыяналістаў і назіраецца пэўная няўвага да гісторыі ваеннай. Бо сутычкі калабарацыяністаў з чырвонымі партызанамі ўвайшлі ў шэдэўры савецкай літаратуры, кінематографа і нават у фальклор. Гэтае супрацьстаянне вартае падрабязнага і яркага апісання спецыяліста. А ў рэцэнзаванай працы не перададзена напружанне, драматызм барацьбы паміж байцамі дзвюх таталітарных сістэм на нізавым узроўні. Хоць менавіта даследаваны рэгіён дае мноства яскравых прыкладаў. Узгадаем тут толькі знішчэнне беларускімі паліцаямі і шуцманамі „партызанскіх” вёсак і знішчэнне беларускімі савецкімі партызанамі „паліцэйскіх” сёлаў — у абодвух выпадках разам з усімі іх жыхарамі. Можна было б шырэй асвятліць прапаганду калабарацыяністаў і прапаганду на калабарацыяністаў, агентурныя мерапрыемствы нямецкага боку з выкарыстаннем беларусаў як на акупаванай нацыстамі тэрыторыі СССР, так і ў савецкім тыле, спробы тэрактаў беларускіх калабарацыяністаў супраць функцыянераў сталінскай сістэмы і тэракты спецгруп НКУС-НКДБ БССР, НКУС-НКДБ СССР і Галоўразведупраўлення супраць беларускіх калабарацыяністаў. Зрэшты, многія падобныя сюжэты дагэтуль застаюцца недаступнымі для даследчыкаў, бо шмат дакументаў пра падзеі мінулага стагоддзя ўсё яшчэ застаюцца „засакрэчанымі на перыяд рассакрэчвання”.

Берлін — Бостан

Аляксандр Гагун


1 Пры гэтым адзінай кнігай пра ўласна беларускі калабарацыянізм, якая заслугоўвае ўвагі, застаецца манаграфія амерыканскага даследчыка Антоніа Муньёса ў суаўтарстве з Алегам Раманько: Munoz A. J., Romanko O. V. Hitler‘s White Russians: Collaboration, Extermination and Anti-Partisan Warfare in Byelorussia, 1941–1944. New York, 2003. 512 p.

Рэцэнзія напісана пры фінансавай падтрымцы Гарвардскага інстытута ўкраінскіх студый (HURI).

Наверх

Иоффе, Эммануил Г. Когда и зачем Гитлер и другие высшие чины нацистской Германии приезжали в СССР? (Міхаіл Стралец)

1 студзеня, 2011 |

ИОФФЕ, ЭММАНУИЛ Г. Когда и зачем Гитлер и другие высшие чины нацистской Германии приезжали в СССР? Москва: Харвест, 2010. 512 с.

Каб адказаць на пытанне, пастаўленае ў назве кнігі, яе аўтар, прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, апрацаваў гіганцкі масіў крыніц — ад дзяржаўных архіваў Расіі і Беларусі да мемуараў паплечнікаў Гітлера і яго военачальнікаў ды спецыяльнай літаратуры. Ужо ў першым раздзеле, цэнтральным персанажам якога стаў сам Адольф Гітлер, Э. Іофе прасачыў яго прылёты і прыезды ў розныя населеныя пункты Расіі, Беларусі і Украіны — галоўным чынам у тыя, дзе знаходзіліся штаб-кватэры груп армій „Поўнач”, „Цэнтр”, „Поўдзень”, а таксама сустрэчы фюрэра з іх камандным складам. Усе візіты нацысцкага фюрэра ва ўказаны рэгіён сістэматызаваны, па многіх з іх зроблены важныя ўдакладненні. Так, аўтар даказаў, што Гітлер знаходзіўся ў Барысаве 4 жніўня, а ў Брэсце — 26 жніўня 1941 г. (13), але не выявіў пераканальных пацверджанняў версіі пра наведванне фюрэрам Мінска (33–36).

Візіты вярхоўнага галоўнакамандуючага ўсімі ўзбро  е нымі сіламі Трэцяга райха былі звязаны з яго імкненнем даведацца з першых рук пра сітуацыю на Усходнім фронце і ў выпадку неабходнасці аператыўна ўнесці карэктывы ў дзеянні Вермахта. Эмануіл Іофе паказаў, што карэктывы Гітлера далёка не заўсёды ўзгадняліся з ходам думак нямецкіх военачальнікаў. У якасці прыкладу можна ўзяць нараду ў Барысаве 4 жніўня 1941 г. Напярэдадні нямецкая вайсковая эліта не сумнявалася ў тым, што для фюрэра захоп Масквы — задача нумар адзін. Камандаванне групы армій падрыхтавала план наступлення на адпаведным напрамку і, натуральна, чакала станоўчай рэакцыі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Аднак Гітлер сфармуляваў сваё бачанне прыярытэтаў наступным чынам: „Першая дасягальная мэта — Ленінград і рускае ўзбярэжжа Балтыйскага мора… На другім месцы па важнасці для праціўніка стаіць поўдзень Расіі, у прыватнасці Данецкі басейн, пачынаючы ад раёна Харкава… Раён Масквы па сваёй важнасці для праціўніка стаіць толькі на трэцім месцы” (23). На падставе заявы Гітлера ў Барысаве аўтар заключае, што фюрэр збіраўся не браць Маскву, а шчыльна акружыць і потым затапіць.

Змястоўны бок другога раздзела складаюць нарысы пра знаходжанне ў заходніх абласцях СССР такіх паплечнікаў Гітлера, як Іон Антанеску, Ганс Баўр, Марцін Борман, Ёзэф Гебельс, Рэйнгард (Рэйхард) Гейдрых, Герман Герынг, Генрых Гімлер, Карл Дзёніц, Отта Дзітрых, Фрыдрых Заўкель, Эрых Кох, Беніта Мусаліні, Ганс Ратэнхубер, Іаахім фон Рыбентроп, Альфрэд Розенберг, Рудольф Шмунт і Альберт Шпеер. Напрыклад, намеснік фюрэра па нацысцкай партыі Марцін Борман наведаў Мінск у верасні 1943 г., адзін з кіраўнікоў СС і генерал паліцыі Рэйнгард Гейдрых двойчы бываў на беларускай зямлі, у 1941 і 1942 г. (140, 142). Другі візіт згаданага фашысцкага дзеяча на Беларусь звязаны з ходам знішчэння тут нямецкіх яўрэяў і асаблівай пазіцыяй генеральнага камісара генеральнай акругі „Беларусь” Вільгельма Кубэ. Вядома, што апошні, хоць меў непасрэднае дачыненне да Халакосту, не ставіў знак роўнасці паміж нямецкімі і ненямецкімі яўрэямі. Калі поўнае і безагаворачнае ўключэнне апошніх у лік аб’ектаў Халакосту ўяўлялася генеральнаму камісару слушным, то намер вышэйшых чыноў СС знішчыць усіх без выключэння нямецкіх яўрэяў, дастаўленых у Мінск, Кубэ аспрэчваў. Яго першы аргумент — што з гледзішча асабістай гігіены „няма ніякага параўнання паміж высланымі і мясцовымі яўрэямі”, другі — што сярод прывезеных яўрэяў былі ветэраны Першай сусветнай вайны, якія рызыкавалі жыццём дзеля перамогі Нямеччыны, мелі ўзнагароды (143). Усё гэта Кубэ выклаў у спецыяльным лісце ў РСХА. І рэакцыя эсэсаўскіх вярхоў была неадкладнай. Адзін з архітэктараў Халакосту Гейдрых прыляцеў з Берліна ў Мінск толькі для таго, каб аб’явіць вымову генеральнаму камісару акругі „Беларусь” (144).

Аўтар кнігі вызначыў, напрыклад, што імперскі міністр авіяцыі Герман Герынг наведваў Брэст, райхсфюрэр СС Генрых Гімлер — Мінск, як і стаўку Гітлера пад Вінніцай — месца, якое паплечнікі фюрэра наведвалі найчасцей. Там бываў грос-адмірал Карл Дзёніц, райхслейтэр, обергрупенфюрэр СС Отта Дзітрых, кіраўнік ведамства па выкарыстанні працоўнай сілы обергрупенфюрэр СС Фрыдрых Заўкель, які быў арганізатарам масавага вывазу насельніцтва з Савецкага Саюза і іншых акупаваных дзяржаў, з чым былі звязаны ажно тры яго паездкі ў Мінск. Дакладна выяўлена, што 26 жніўня 1941 г. у Брэсцкай крэпасці знаходзіўся Рыбентроп. Добра вядома і тое, што імперскі міністр замежных спраў неаднойчы бываў у 1942–1943 г. у стаўцы Гітлера пад Вінніцай (212).

Бываў у Беларусі і імперскі міністр па справах акупаваных усходніх тэрыторый Альфрэд Розенберг, адзін з архітэктараў нямецкай акупацыйнай палітыкі адносна Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны. Аўтар лічыць, што пры ўсім сваім расісцкім антысемітызме і заала гічнай русафобіі „ён быў адзіным сярод нацысцкага кіраўніцтва, хто рабіў адрозненне паміж рускімі і іншымі нацыянальнасцямі Савецкага Саюза”, а ў Мас ковіі ачаг „руска-мангольскай адсталасці”, які і пры цар скім, і пры савецкім рэжымах падаўляў нацыянальную своеасаблівасць многіх нярускіх народаў і праводзіў іх гвалтоўную русіфікацыю. „Немцы выступалі тут як вызваліцелі ад бальшавіцкага прыгнёту і давалі магчымасць стварыць уласныя аўтаномныя дзяржавы пад нямецкай абаронай” (215). Так, прыляцеўшы ў Мінск у траўні 1942 г., А. Розенберг, хоць і выдатна ведаў пра існаванне плана „Ост”, „у гутарцы з кіраўніцтвам БНС (Беларускай Народнай Самапомачы) заявіў, што Нямеччына зацікаўлена ў існаванні незалежнай і моцнай Беларусі як нямецкага фарпоста на ўсходзе” (218).

Не мог не наведваць заходнія вобласці СССР галоўны ад’ютант Гітлера Рудольф Шмунт. У кнізе паказаны яго ўплыў на прыняцце Гітлерам рашэнняў у час зна хо джання ў дадзеным рэгіёне. А імперскі міністр узбраенняў і боепрыпасаў Альберт Шпеер неаднаразова бываў на Украіне. Па зразумелых прычынах прыярытэт належаў стаўцы Гітлера пад Вінніцай, куды імперскі міністр узбраенняў і боепрыпасаў выязджаў на абмеркаванне з фюрэрам розных тэхнічных нюансаў. Аўтар адзначае, што як галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі Шпеер „вельмі цікавіўся імі і імкнуўся сам вырашаць многія пытанні” (231).

Трэці, самы вялікі, раздзел кнігі прысвечаны гітлераўскім военачальнікам у заходніх абласцях СССР (1941–1944). Агулам разгледжаны 41 военачальнік. На прыкладзе некаторых з іх аўтар паказаў, як канкрэтна яны вырашалі свае задачы ў сітуацыі, калі стратэгічная ініцыятыва знаходзілася на нямецкім баку, і наадварот, калі яна перайшла да Чырвонай Арміі.

Мяркуючы па „Дадатку”, у заходніх абласцях СССР бывалі галоўны дыверсант нацысцкай Нямеччыны Отта Скарцэні і оберштурмбанфюрэр Адольф Эйхман. Першы ўваходзіў у склад войскаў Вермахта, якія ваявалі з абаронцамі Брэсцкай крэпасці (485), а другі прыязджаў з мэтай актывізацыі знішчэння яўрэяў.

Кніга прафесара Э. Іофе, якая стала плёнам двац-цацігадовых пошукаў аўтара, абавязкова будзе запатрабавана і навукоўцамі, і выкладчыкамі гісторыі. Яе з вялікай цікавасцю змогуць чытаць усе, хто неабыякавы да гісторыі Другой сусветнай вайны.

Брэст

Міхаіл Стралец

Алесь Смалянчук. “Всюду господствует солдатчина…”. Бежанцы ў СССР прa пачатак нямецкай акупацыі Польшчы (снежань 1939 г.)

15 верасня, 2010 |


Агрэсія нацысцкай Германіі і сталінскага СССР супраць Польшчы ў верасні 1939 г. стала першым актам крывавай драмы Другой сусветнай вайны. Ваенныя дзеянні і раздзел Польшчы паміж Сталіным і Гітлерам выклікалі масавае перамяшчэнне насельніцтва. З тэрыторыі, што акупавала Германія, у СССР накіраваліся дзясяткі тысяч бежанцаў, большасць якіх складала яўрэйскае насельніцтва, а таксама прыхільнікі камуністычнай ідэалогіі і ахвяры сталінскай прапаганды. З абшараў СССР у Германію імкнуліся перабрацца этнічныя немцы, а таксама землеўласнікі, прадпрымальнікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі Заходняй Беларусі, усе тыя, хто ў Савецкім Саюзе ўжо толькі ў выніку свайго паходжання трапляў у катэгорыю “ворагаў народа”. Чытаць далей →

Андрэй Чарнякевіч. Месца, дзе нас няма

14 верасня, 2010 |

* БАРОЎСКАЯ, ВОЛЬГА М. Беларускае пытанне на савецка-польскіх перагаворах 1918–1921 гг. Мінск: Беларус. навука, 2017. 269 с.

КОРОТКОВА, ДАРЬЯ А. Белорусские земли в советско-польских отношениях. Разменная карта в противостоянии двух держав. 1918–1921 гг. Москва: Центрполиграф, 2019. 222 с.

“…Народы ў сваёй палітыцы кіруюцца не сымпатыямі, ня блізкасьцю па крыві, не гістарычнымі традыцыямі, а выключна сваёй карысьцю. І толькі правільным зразуменьнем свае нацыянальнае карысьці і павінны кіравацца беларусы ў той незвычайна важны гістарычны мамэнт, калі перад імі адкрываецца магчымасьць самым наладзіць сваё жыцьцё. Толькі тады, як мы ўжо створым сваю незалежную дзяржаву, мы можам у меру патрэбы пашукаць сабе саюзьнікаў…” – пісаў у сярэдзіне 1918 г. на старонках віленскай газеты “Homan” адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, будучы прэм’ер БНР Антон Луцкевіч [1]. Выказаная ім пазіцыя была рэфлексіяй на падпісаную савецкім урадам у Брэсце мірную дамову і адначасова спробай сфармуляваць уласна беларускую міжнародную суб’ектнасць ва ўмовах нараджэння новай Еўропы. Перш за ўсё, новай Усходняй Еўропы. Чытаць далей →

Аляксей Братачкін. Марш жыцця даўгінаўскіх яўрэяў.

14 верасня, 2010 |

* ГЕРАСИМОВА, ИННА. Марш жизни. Как спасали долгиновских евреев. Москва: ACT: CORPUS, 2016. 352 c.

Кніга Іны Герасімавай праз год пасля выхаду ў Маскве была асабіста прэзентавана аўтаркай у Беларусі, але, на жаль, інфармацыі пра яе не так і шмат, а выданне заслугоўвае ўвагі шырокага кола чытачоў.

Спачатку варта сцісла сказаць пра аўтарку, дзякуючы грамадзянскай актыўнасці якой мы не толькі можам чытаць гэтую кнігу, але і маем інфармацыю пра гісторыю яўрэяў Беларусі з іншых яе кніг і артыкулаў. У Мінску ў 2002 г. з’явіўся Музей гісторыі і культуры яўрэяў, дырэктаркай якога доўгі час была Іна Герасімава. Чытаць далей →

Сяргей Новікаў. Новы погляд на гісторыю баёў у Брэсцкай крэпасці летам 1941 г.*

18 ліпеня, 2010 |

* GANZER, CHRISTIAN. Kampf um die Brester Festung 1941. Ereignis – Narrativ – Erinnerungsort. Paderborn: Verlag Ferdinand Schöningh, 2021. 490 S. Рэцэнзія падрыхтавана ў рамках навуковага праекта Г20Р-011 “Сучаснае замежнае гістарычнае бела русазнаўства: эвалюцыя метадалагічных падыходаў і ацэнак”.

Манаграфія Хрысціяна Ганцара падрыхтавана да друку на аснове доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай амаль двума гадамі раней у Ляйпцыгскім універсітэце. Даследаванне прысвечана малавядомым аспектам гісторыі нямецкага штурму і савецкай абароны крэпасці ў Брэсце летам 1941 г. Скрупулёзны аналіз гістарычных падзей на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ўпершыню трапіў у фокус спецыяльнай замежнай навуковай працы і амаль праз 80 гадоў пасля іх стаў прыкметным гістарычным фактам у сучаснай германскай гістарыяграфіі дзякуючы шматгадовым пошукам гісторыка, добра вядомага беларускаму чытачу [1]. Замежны даследчык на старонках новай грунтоўнай працы знаёміць нямецкага чытача з аўтарскім падыходам да крытычнага вывучэння падзей на тэрыторыі крэпасці летам 1941 г. У выніку яму ўдалося стварыць фундаментальную працу, праз якую ён спрабуе ўзняць навуковае асэнсаванне тэмы на якасна новы ўзровень і тым самым упісаць падзеі мінулага ў іх рэальны гістарычны кантэкст. У сваю чаргу аўтару гэтых радкоў хацелася б звярнуць увагу чытача на тое, чым гэтая кніга, арыентаваная пакуль што на нямецкамоўную чытацкую аўдыторыю, можа быць надзвычай карыснай для беларускіх навукоўцаў і музейных работнікаў, асабліва спецыялістаў у сферы ваеннай гісторыі Беларусі.
Чытаць далей →

Аляксандр Фрыдман. „Цi не трэба спынiць агрэсiю ў Фiнляндыi…”

16 снежня, 2009 |


Крывавы ўзброены канфлiкт памiж Савецкiм Саюзам i Фiнляндыяй, вядомы пад назвай „зiмовая вайна” (фiн. Talvisota), пачаўся напрыканцы лiстапада 1939 г. i працягваўся амаль тры з паловай месяцы. За напад на Фiнляндыю СССР быў выключаны з Лiгi Нацый. Сiмпатыi мiжнароднай супольнасцi былi на баку маленькай паўночнай краiны, якая ўпарта змагалася з камунiстычнай супердзяржавай. Толькi коштам значнага напружання i велiзарных чалавечых стратаў[1] Савецкi Саюз выканаў уласную праграму-мiнiмум: мяжа памiж СССР i Фiнляндыяй была адсунута ад Ленiнграда з 32 да 150 кiламетраў. Паводле мiрнага пагаднення,у склад савецкай дзяржавы былiўключаны Карэльскi перашыек разам з горадам Выбарг (Viipuri) i шэраг iншых раёнаў Фiнляндыi. Акрамя таго, фiнскi ўрад вымушаны быў пагадзiцца даць СССР у арэнду на 30 гадоў паўвостраў Ханка (Hanko) з прылеглымі астравамi, дзе меркавалася стварыць савецкую ваенна-марскую базу[2]. Сотнi тысяч фiнскiх грамадзян пакiнулi анексаваныя Савецкiм Саюзам тэрыторыi[3]. Тым не менш, Крэмль не здолеў рэалiзаваць сталiнскую праграму-максiмум, якая прадугледжвала пераўтварэнне Фiнляндыi з незалежнай краiны ў цалкам падуладную Маскве „дэмакратычную рэспублiку” на чале з марыянеткавым „народным урадам” Ота Куусiнена (Otto Kuusinen)[4].

Для бальшавiцкага агiтпропа „зiмовая вайна” стала чарговым звяном у ланцугу сур’ёзных выпрабаванняў. Пасля заключэння савецка-германскага пакта аб ненападзе (23 жнiўня 1939 г.) ён мусiў растлумачыць савецкаму насельнiцтву карэнную змену ў адносiнах з былым „заклятым ворагам”, якi раптам зрабiўся „надзейным сябрам”. Праз некалькi тыдняў у цэнтры ўвагi апынулася вайсковая аперацыя Чырвонай Армii ў „вызваленых з-пад прыгнёту польскiх паноў” заходнiх раёнах Украiны i Беларусi. Пазней чарга дайшла ўрэшце i да „белафiнаў”.

Калi падзеi ў Заходняй Беларусi i Заходняй Украiне разгортвалiся галоўным чынам паводле распрацаванага ў Маскве сцэнарыя, дык у „зiмовай вайне” Чырвоная Армiя нечакана сутыкнулiся з самаахвярным супрацiвам фiнаў, якiя перакрэслiлi савецкi план пераможнай прыкладна двухтыднёвай вайны[5]. У такiх абставiнах ад агiтпропа патрабавалiся асаблiвыя намаганнi, каб паказаць савецка-фiнскую вайну ў якасцi чарговай„ гiстарычнай перамогi” бальшавiкоў.

У гэтым артыкуле на прыкладзе асобных публiкацый беларускай прэсы спачатку будзе прадэманстравана, якiм чынам савецкая прапаганда iмкнулася сфармаваць у жыхароў БССР „адзiна правiльны” погляд на „зiмовую вайну”. Аналiз сакрэтных паведамленняў Упраўлення НКУС па Мiнскай вобласцi дазволiць у далейшым прасачыць рэакцыю мясцовага насельнiцтва на канфлiкт памiж СССР i Фiнляндыяй i на яго адлюстраванне ў савецкiх сродках масавай iнфармацыi.

1. „Падпальшчыкi вайны”: „белафiны” і „англiйска-французскiя iмперыялiсты”

27 снежня 1939 г. у Мiнску выйшаў чарговы нумар шматтыражкi „На рубеже”. Друкаваны орган палiтаддзела Мiнскага аддзялення Заходняй чыгункi галоўную ўвагу аддаў „выбарам” у мясцовыя Саветы, што адбылiся 24 снежня. З апублiкаванага на першай старонцы паведамлення БелТА чытачы даведалiся пра савецкага грамадзянiна фiнскага паходжання Акселя Iванавiча Хiрвi, якi „з асаблiвай радасцю” аддаў свой голас у цягнiку „Мiнск — Днепрапятроўск”. Хiрвi сцвярджаў, што ён, як i ўсе iншыя грамадзяне СССР, карыстаецца тымi „вялiкiмi правамi”, якiя дае „сталiнская канстытуцыя”, а таксама падкрэслiваў, што народы Савецкага Саюза i Фiнляндыi заўсёды жылi ў мiры i што савецкi народ прынясе фiнам „шчасце” i „свабоду”[6]. Атрымаць „шчасце” i „свабоду” фiнскiя працоўныя маглi, зразумела, толькi ў Савецкай Фiнляндыi. Паведамленне БелТА сведчыць пра тое, што савецкае кiраўнiцтва нават i пасля першага, вельмi няўдалага для СССР месяца вайны не пазбавiлася надзеi на саветызацыю паўночнага суседа.

3 цягам часу гэтая перспектыва рабiлася, аднак, усё больш i больш iлюзорнай. Пад уплывам складанага становiшча на фронце агiтпроп падрабязна паведамляў пра грунтоўныя ўмацаваннi на тэрыторыi Фiнляндыi i асаблiва пра „злачынствы белафiнаў”. Яскравым прыкладам гэтай савецкай прапаганды можна лiчыць „лiст з фронту”, якi надрукавала 28 студзеня 1940 г. шматтыражка „Кировец”. Аўтар расказваў сваiм былым калегам — рабочым мiнскага станкабудаўнiчага завода iмя Кiрава — пра „вераломных белафiнаў”, што дзейнiчаюць супраць чырвонаармейцаў „з-за вугла” i карыстаюцца тактыкай „выпаленай зямлi”[7].

Бальшавiцкая прэса iмкнулася таксама пераканаць насельнiцтва ў тым, што змаганне на поўначы iдзе не толькi з „белафiнамi”, але i з „англiйска-французскiмi iмперыялiстамi”. Пры гэтым дапамога, якую Англiя, Францыя цi Швецыя аказвалi Фiнляндыi i якая на самай справе абмяжоўвалася дыпламатычнай падтрымкай, пастаўкамi зброi і гуманiтарных рэчаў, а таксама дасылкай добраахвотнiкаў (пераважна шведаў), агiтпропам наўмысна значна перабольшвалася. Асаблiва непакоiлi Маскву, зразумела, неаднаразова паўтораныя, але так i не спраўджаныя абяцаннi Англii i Францыi ўмяшацца ў канфлiкт на баку Фiнляндыi[8]. На ролi „англiйска-французскiх iмперыялiстаў” у „зiмовай вайне” спынiўся, напрыклад, у падрабязным абагульняльным артыкуле „Блiскучая перамога сталiнскай палiтыкi мiру” батальённы камiсар А. А. Любiмаў. Жаночы часопiс „Работнiца і калгаснiца Беларусi” перадрукаваў гэты артыкул у другой палове сакавiка 1940 г. Гiсторыю канфлiкту памiж СССР i Фiнляндыяй аўтар характарызаваў наступным чынам:

„Верны задачам сваёй мiрнай палiтыкi совецкi ўрад яшчэ ўвосень мiнулага года прапанаваў Фiнляндыi адсунуць Совецка-фiнскую гранiцу на Карэльскiм перашэйку на некалькi дзесяткаў кiлометраў на поўнач ад Ленiнграда, узамен чаго Фiнляндыi была прапанавана перадача часткi тэрыторыi Совецкай Карэлii. Аднак, былы ўрад Каяндэра — Эрко[9], пад нацiскам англа-французскiх iмперыялiстаў, адхiлiў совецкiя прапановы, якiя адказвалi iнтарэсам безапаснасцi абодвух дзяржаваў. Разлiчваючы на „дапамогу” з боку англа-французскiх iмперыялiстаў плутакратычны ўрад Каяндэра — Эрко пачаў вайну замест мiрнага i разумнага ўмацавання адносiн са сваiм вялiкiм суседам.

Не прайшло i трох месяцаў як фiнляндскi ўрад, у рэзультаце сакрушальнага ўдара гераiчнай Чырвонай Армii i Флота, вымушан быў адмовiцца ад сваёй авантуры”[10].

Любiмаў паўтарыў, такiм чынам, савецкае прапагандысцкае сцверджанне аб тым, што „агрэсiўная” Фiнляндыя напала на „мiралюбiвы” Савецкi Саюз, чый народ „нiколi не быў варожым да фiнляндскага народа”[11]. Францыя i Англiя — галоўныя ворагi СССР пасля пакта Молатава — Рыбентропа — падбухторылi фiнаў да ўзброенай барацьбы з магутным суседам гэтак жа, як яны ў свой час падштурхнулi Польшчу да вайны з Нямеччынай. I Польшчы, i Фiнляндыi „iмперыялiсты, якiя прызвычаены заграбаць жар чужымi рукамi”, здрадзiлi i пакiнулi гэтыя краiны на волю лёсу[12].

Аўтар выказваў упэўненасць, што савецкая палiтыка ў дачыненні да Фiнляндыi крыстаецца ўсеагульнай падтрымкай насельнiцтва СССР. Супрацоўнiкi Упраўлення НКУС па Мiнскай вобласцi, наадварот, дакладна ведалi, што батальённы камiсар памыляецца. Яны ўважлiва сачылi за настроямi насельнiцтва i бачылi, што падзеi ў Фiнляндыi ўспрымаюцца мясцовымi жыхарамi досыць супярэчлiва.

Сакрэтныя паведамленнi НКУС, пра якiя гаворка пойдзе нiжэй i якiя, памiж iншым, утрымлiваюць каштоўную iнфармацыю пра метады працы гэтай установы на пачатку 1940-х г., трэба ўспрымаць у першую чаргу як адлюстраванне распаўсюджаных у грамадстве настрояў, а не як апiсанне канкрэтных учынкаў цi выказванняў, якiя на самай справе мелi месца.

2. „Нiводзiн дурань не верыць, што яны напал i на нас…”: „Абчуга” i вайна ў Фiнляндыi

Хоць БССР i знаходзiлася далёка ад тэатра ваенных дзеянняў, вайна непасрэдна закранула насельнiцтва рэспублiкi: чырвонаармейцы — выхадцы з Беларусi змагалiся і гiнулi на фронце, а эканамiчнае становiшча, напрыклад забеспячэнне прадуктамi харчавання, рэзка пагоршылася. Упраўленне НКУС па Мiнскай вобласцi канстатавала ў сваiх сакрэтных паведамленнях на адрас першага сакратара Мiнскага абкама i гаркама КП(б)Б Аляксандра Мацвеева актывiзацыю „антысавецкiх i контррэвалюцыйных элементаў” у сувязi з „зiмовай вайной” i расказвала пра барацьбу з iмi. Так Мацвееў даведаўся пра справу маладога настаўнiка Аляксея М. (нар. 1914) з пасёлка Абчуга Крупскага раёна[13].

Аляксей М. мог яшчэ ў 1939 г. трапiць на фронт у Фiнляндыю. У гэтым годзе яго павiнны былi прызваць у войска. Настаўнiк, выхаванец Аршанскага педагагiчнага тэхнiкума, меў, аднак, iншыя планы i таму звярнуўся 21 лiстапада 1939 г. ужо трэцi раз да раённага ваеннага камiсара ў Крупках з лiстом, у якiм прасiў аб адтэрмiноўцы, падкрэслiваючы ўласны абавязак клапацiцца пра старых i хворых бацькоў. Змест лiста дазваляе зрабiць выснову, што хлопец знаходзiўся ў вельмi дрэнным псiхалагiчным стане i нават не выключаў самагубства. Органы НКУС, магчыма, і ўвогуле не зацiкавiліся б М., калі б не адна акалiчнасць. Настаўнiк узяў прыметнiк шчаслiвы ў словазлучэннi наша шчаслiвая краiна ў двукоссе i тым самым адразу ператварыў свой лiст у „контррэвалюцыйны дакумент”, а сам зрабiўся „па-антысавецку настроеным элементам”. Нягледзячы на гэты выпадак, М. i далей змог працаваць у школе разам з бацькам-настаўнiкам і не папоўнiў пакуль што рады чырвонаармейцаў.

У другой палове студзеня 1940 г. ягонае становiшча рэзка пагоршылася. Прычынай таму стала напiсаная друкаванымi лiтарамi ўлётка, якую атрымаў 18 студзеня па пошце Крупскi райкам КП(б)Б. Канверт з улёткай быў адпраўлены з пасёлка Абчуга.

„Абчуга” — менавiта так назваў сябе невядомы аўтар — характарызаваўся Упраўленнем НКУС па Мiнскай вобласцi як „упалне пiсьменны чалавек”, якi рытарычна пытаўся, цi не надышоў ужо час спынiць савецкую агрэсiю супраць Фiнляндыi. Абурэнне „Абчугi” выклiкала вельмi ненатуральнае сцверджанне бальшавiцкай прапаганды аб адказнасцi Фiнляндыi за пачатак вайны з СССР. Не падабалiся яму i савецкiя пастаўкi збожжа ў Нямеччыну. Рашуча асуджалiся таксама „галоднае галотнае жыццё”, „крывавая вайна” i сталiнская рэпрэсiўная палiтыка. Пад канец аўтар празрыста намякаў на тое, што Чырвоная Армiя хутка паверне зброю супраць бальшавiцкага рэжыму.

Нкусаўцам трэба было як мага хутчэй выявiць i пакараць „Абчугу”. Аляксей М. адразу трапiў пад падазрэнне. Не на яго карысць сведчылi таксама i дадзеныя параўнальнай экспертызы ўлёткi „Абчугi” i лiстападаўскага лiста настаўнiка ваеннаму камiсару. Каб сабраць дадатковыя ўлiкi, было вырашана пачаць актыўную аператыўную распрацоўку М., у якой былi задзейнiчаны „агент Вырвав” i „архiўны паведамляльнiк Маргарынаў”. „Вырвав” атрымаў загад высветлiць сувязi настаўнiка i, акрамя таго, завербаваць агента, які павінен быў справакаваць падазраванага на выказванне аб становiшчы ў Фiнляндыi. Ад „Маргарынава”, якi працаваў на пошце ў пасёлку Абчуга, НКУС чакаў iнфармацыі пра тое, цi набываў Аляксей М. 15 цi 16 студзеня канверт, у якiм улётка прыйшла ў Крупкi. Нарэшце, планавалася, што мясцовыя партыйная i камсамольская арганiзацыi пасадзейнiчаюць выкрыццю „ворага” тым, што даручаць М. напiсаць друкаванымi лiтарамi насценгазету, каб потым лёгка было параўнаць яго почырк з почыркам „Абчугi”.

Пытанне, цi на самай справе Аляксей М. быў менавiта той асобай, якая ва ўлётцы пратэставала супраць вайны, абвiнавачвала бальшавiцкi агiтпроп у хлусні, знiшчальна крытыкавала ўнутраную i знешнюю палiтыку ўрада i тым самым кiдала выклiк савецкай уладзе, застаецца без адказу. Далейшы лёс настаўнiка невядомы. Хутчэй за ўсё, ён быў неўзабаве арыштаваны i жорстка пакараны.

3. У надзеi на савецкае паражэнне: „контррэвалюцыйныя настроi” ў Крупскiм i Заслаўскiм раёнах

8 лютага 1940 г.Упраўленне НКУС па Мiнскай вобласцi прапанавала першаму сакратару Мацвееву абавязаць райкамы ў Крупках i Заслаўi тэрмiнова „ўзмацнiць масава-палiтычную і раз’ясняльную працу сярод насельнiцтва аб падзеях у Фiнляндыi” i пры гэтым звярнуць асаблiвую ўвагу на прапаганду ў мясцовых школах[14]. Неабходнасць гэтых iдэалагiчных мерапрыемстваў тлумачылася не толькi „дыверсiяй Абчугi”, але i пашырэннем рознага роду „антысавецкiх” чутак, што ўзнiкалi, вiдавочна, не ў апошюю чаргу пад уплывам маруднага прасоўвання Чырвонай Армii ўглыб фiнскай тэрыторыi, а таксама савецкiх афiцыйных паведамленняў пра наздвычаныя ўмацаваннi ў Фiнляндыi („лiнiя Манергейма”)[15] i ўмяшанне замежных „iмперыялiстаў.

Паводле iнфармацыi НКУС, некаторыя сяляне з Крупскага i Заслаўскага раёнаў меркавалi, што фiны не толькi здолелi нанесцi вялiкiя страты Чырвонай Армii, але і нават занялi Ленiнград, дзеля забеспячэння бяспекi якога ўвогуле распачалася „зiмовая вайна”. Працiўнiкаў савецкай улады асаблiва цешыў той факт, што Фiнляндыя, як сцвярджаў бальшавiцкi агiтпроп, карыстаецца значнай падтрымкай iншых „буржуазных” краiн. Чакалася, што яны ўжо вясной аб’яднаюць свае намаганнi i знiшчаць антысялянскі сталiнскi рэжым, няздатны перамагчы нават маленькую Фiнляндыю. Вынiкам вайны для СССР стане, з аднаго боку, страшэнная дэмаграфiчная катастрофа (краiна страцiць дзве трэці свайго насельнiцтва), а з другога — лiквiдацыя калгасаў i вяртанне да дабальшавiцкiх парадкаў[16].

Характэрна, што савецка-фiнская вайна ўзмацнiла i без таго наяўныя ў беларускiм грамадстве антысемiцкiя настроi i перш заўсё ўяўленнi пра мiфалагiчны „жыдоўскi бальшавiзм”, якi нiбыта пануе ў Савецкiм Саюзе[17]. Так, селянiн М. Ш. з Крупскага раёна пагражаў, што калi трапiць на фронт, дык адразу пачне забiваць яўрэяў[18]. Жыхары вёскi Кiсялi Рагаўскога сельсавета (Заслаўскi раён) Д., К. i В. адзначалi, у сваю чаргу, поспехi фiнаў, жорстка крытыкавалi шапказакiдальнiцкiя настроi савецкай прапаганды i разглядалi „зiмовую вайну” ўвогуле як чарговае „жыдоўскае злачынства”. Тым не менш, у канчатковую перамогу Фiнляндыi сяляне, вiдаць, не верылi i таму хацелi, каб Турцыя напала на СССР, знiшчыла савецкую ўладу i спынiла тым самым „пакуты” мясцовага насельнiцтва[19].

У сакавiку 1940 г. жыхароў Беларусi, якiя спадзявалiся на тое, што Фiнляндыя разам са сваiмi магутнымi саюзнiкамi здолее разграмiць Савецкi Саюз, чакала горкае расчараванне. Вайна скончылася хоць i пiравай, але перамогай СССР.

4. Мiрная дамова перамога Фiнляндыi?

Мiрнае пагадненне памiж СССР i Фiнляндыяй было заключана ў Маскве 12 сакавiка 1940 г. Падсумоўваючы вынiкi вайны, батальённы камiсар Любiмаў пiсаў у сваiм вышэйзгаданым артыкуле:

«Палiтыка англа-французскiх падпальшчыкаў вайны на паўночным усходзе Еўропы пацярпела крах. Наперакор падпальшчыкам вайны Совецкi Саюз забяспечыў сiлай тую безапаснасць сваiх гранiц, якой ён не па сваёй вiне не мог дабiцца на мiрных перагаворах. Цяпер поўнасцю забяспечана безапаснасць нашых паўночных гранiц, безапаснасць велiзарнейшага ў свеце рабочага цэнтра Ленiнграда, горада Мурманска i Мурманскай чыгункi. Доблесная Чырвоная Армiя, выконваючы волю совецкага народа, прарвала i знiшчыла „лiнiю Манергейма” з яе жалезабятоннымi ўмацаваннямi, пабудаванымi на сродкi i пры дапамозе замежных iмперыялiстаў i iх генеральных штабоў. Чырвоная Армiя i Чырвоны Флот яшчэ раз паказалi ўсяму свету, што няма такiх крэпасцей, якiя не маглi б узяць большэвiкi.

Разбiўшы белафiнскiя цвярдынi, адданыя сыны Радзiмы, адважныя воіны краiны соцыялiзма сталi цвёрдай нагой на Карэльскiм перашэйку, ператварыўшы яго з ударнага кулака супроць Ленiнграда ў мiрную совецкую тэрыторыю. Лiквiдаваны адзiн з небяспечнейшых ачагоў вайны, якi замежныя iмерыялiсты годамi стваралi на фiнляндскай тэрыторыi, падрыхтоўваючы вайну супроць Совецкага Саюза i разлiчваючы запалiць ваенны пажар на ўсiм Скандынаўскiм поўвостраве»[20].

Перамога над Фiнляндыяй бачылася Любiмаву, такiм чынам, адначасова i перамогай над „iмперыялiстамi” Англii ды Францыi, якiя пацярпелi „жорсткае палiтычнае паражэнне”. Гэтым „ворагам савецкага пралетарыяту” аўтар супрацьпастаўляў нацысцкую Нямеччыну i падкрэслiваў, што апошнiя падзеi „садзейнiчаюць умацаванню мiра ва ўсходняй Еўропе”[21].

У прэсе адзначалiся „пачуццё глыбокай радасцi” i „новая хваля палiтычнага ўздыма”, якую мiрная дамова выклiкала ў СССР, а таксама захапленне „працоўных усiх краiн, усяго перадавога чалавецтва, якое бачыць у Совецкiм Союзе несакрушальны аплот мiра”[22]. Пра энтузiязм насельнiцтва паведамляла ў другой палове сакавiка 1940 г. i Упраўленне НКУС па Мiнскай вобласцi: грамадзяне радавалiся мiру i спадзявалiся на тое, што цяпер дакладна палепшыцца забеспячэнне таварамi[23]. Дзякуючы разгалiнаванай сетцы iнфарматараў органы НКУС ведалi нават пра iнтымныя дэталi: пра тое, напрыклад, што жонка старшынi Астрашыцкага сельсавета П. П. 13 сакавiка адмыслова падрыхтавала ў гонар мiру „добрую закуску” да вячэры, а цырульнiк В. з мястэчка Астрашыцкi Гарадок з той жа прычыны выказваў надзвычайнае задавальненне, загадаў сваёй жонцы зварыць „добры абед” i падрыхтаваць гарэлку. Жонка пагадзiлася i пайшла насустрач мужу, чаго яна ў звычайны дзень, як стала вядома нкусаўцам, не зрабiла б[24].

З пункту гледжання НКУС становiшча, аднак, працягвала заставацца нездавальняльным, бо „антысавецкiя i контррэвалюцыйныя элементы” не спынiлi свае „варожыя выпады” i пасля заканчэння ваенных дзеянняў. Яны крытыкавалi эканамiчную сiтуацыю ў рэспублiцы i асаблiва тое дрэннае становiшча, якое склалася ў галiне забеспячэння насельнiцтва прадуктамi харчавання. Асобныя грамадзяне лічылі, што СССР перамог Фiнляндыю з дапамогай Нямеччыны i, як меркаваў, у прыватнасцi, бухгалтар школы медсясцёр з Барысава С. Ш., разлiчваецца за гэта з немцамi пастаўкамi збожжа. Выкладчыца той жа школы В. Л. скардзiлася, што працоўныя церпяць ад знешней палiтыкi бальшавiцкага ўрада: у той час як збожжа i iншыя тавары вывозяцца за мяжу, у самiм СССР справы пагаршаюцца i людзi вымушаны ўначы займаць месца ў чэргах па хлеб[25].

Адносна мiрнага дагавора сярод „контррэвалюцыйных элементаў”, паводле дадзеных НКУС, не было згоды. Калi адны грамадзяне абвiнавачвалi Крэмль у тым, што ён не давёў вайну да поўнага разгрому праціўніка, дык iншыя лiчылi патрэбным аддаць належнае фiнам, якiя мужна змагалiся супраць Чырвонай Армii, i звярталi ўвагу, у прыватнасці, на лёс „народнага ўрада” Кусiнена, якi так i не прыйшоў да ўлады ў Фiнляндыi[26]. Брыгадзiру калгаса „Чырвоны будаўнiк” Мiнскага раёна С. К. асаблiва не падабалася тое, якiм чынам у СССР асвятлялiся ваенныя дзеяннi. За падзеямi за мяжой С. К. сачыў ужо даўно i меў меркаванне, што агiтпроп наўмысна ашуквае насельнiцтва. Брыгадзiр прыгадваў, што яшчэ ў 1935 г. савецкая прэса ўсхваляла поспехi Эфiопii ў вайне з Iталiяй. Тая вайна скончылася, як вядома, перамогай Iталii. Гэты выпадак, вiдавочна, не дазваляў С. К. зрабiць адназначныя высновы наконт сапраўднай сiтуацыi ў Фiнляндыi[27].

Калi С. К. скептычна ставiўся да бальшавiцкай прапаганды, дык яго калега У. Л. з калгаса „КIМ” Смалявiцкага раёна i некаторыя iншыя грамадзяне былi ўпэўнены, што СССР вымушаны быў пагадзiцца на мiрную дамову, бо сутыкнуўся з магутнымі ўмацаваннямi i страцiў у вайне зашмат чырвонаармейцаў[28]. Л. глядзеў на „зiмовую вайну” ўвогуле як на вялiкую авантуру, ад якой Савецкаму Саюзу, дзе толькi прызвычаiлiся багата выхваляцца, лепш было б устрымацца, улiчваючы магутнае ўзбраенне і добрую падрыхтоўку фінскага войска[29].

Цiкава, што ў другой палове сакавiка 1940 г. знаходзiлiся асобы, якiя адкідалі красамоўныя савецкiя афiцыйныя паведамленнi пра канчатковую перамогу над „белафiнамi” як чарговую хлусню агiтпропа i верылі, што сапраўдным пераможцам з „зiмовай вайны” выйшла Фiнляндыя, перад якой бальшавiкi капiтулявалi[30]. Калгаснiк Б. В. з Чырвонаслабадскога раёна нават меркаваў, што фiны гарантавалi сабе ў вынiку вайны бесклапотнае iснаванне за савецкi кошт: яны будуць толькi ляжаць i есцi, а савецкiя працоўныя будуць забяспечваць iм гэты дабрабыт[31].

Высновы

Запланаваная крамлёўскiмi стратэгамi маленькая хуткая перамаганосная вайна ператварылася ўзацяжную крывавую бойню i падарвала прапагандысцкi мiф аб „непераможнасцi” Чырвонай Армii.

Бальшавiцкi агiтпроп iмкнуўся давесцi савецкаму насельнiцтву, што СССР не вядзе барацьбы з фiнскiмi працоўнымi, а наадварот, „вызваляе” апошнiх ад прыгнёту „антынароднага буржуазнага ўрада”, якi з падачы i пры дапамозе Францыi ды Англii „вераломна” распачаў вайну супраць Савецкага Саюза. Перамога над „крыважэрнымi белафiнамi” ўсхвалялася адначасова як трыумф у змаганнi з „англiйска-французскiм iмперыялiзмам”.

У БССР „зiмовая вайна” выклiкала шырокi рэзананс як у гарадах, так i на вёсцы. Упраўленне НКУС па Мiнскай вобласцi, у прыватнасцi, паведамляла аб „контррэвалюцыйных элементах”, што абуралiся пагаршэннем эканамiчнага становiшча ў час вайны, насцярожана ставiлiся да савецкiх паведамленняў аб сiтуацыi на фронце або давалi волю сваiм антысемiцкiм пачуццям, ускладаючы адказнасць за вайну на „жыдоў”. Зусiм не жадаючы таго, агiтпроп абудзiў у пэўных па-антысавецку настроеных жыхароў Беларусi надзею на тое, што „белафiны” разам з Англiяй, Францыяй ды iншымi ворагамi СССР сапраўды перамогуць бальшавiкоў. Iх спадзяваннi на „вызваленне” звонку не знiклi i пасля заключэння мiрнага дагавора памiж Савецкiм Саюзам i Фiнляндыяй. Яны паважлiва ставiлiся да Фiнляндыi, якая аказала супрацiўленне савецкай агрэсii, а некаторыя яшчэ нават у другой палове сакавiка 1940 г. верылі, што фiны перамаглi ў гэтай вайне. Надалей апантаныя працiўнiкi бальшавiзму разлiчвалi галоўным чынам на гiтлераўскую Нямеччыну, якая, на іх думку, у савецка-фiнскай вайне дапамагла СССР перамагчы Фiнляндыю, а ў будучай вялiкай вайне, улiчваючы прадэманстраваную ў канфлiкце на поўначы слабасць i непадрыхтаванасць „непераможнай” Чырвонай Армii, зробiць з савецкай уладай тое, чаго не наканавана было зрабiць „белафiнам”[32].


[1] Толькi паводле афiцыйных, значна занiжаных, савецкiх дадзеных у час вайны загiнулі каля 49 000 чырвонаармейцаў. Фiнляндыя страцiла ў той жа час прыкладна 25 000 чалавек(сярод iх прыкладна 1000 цывільных асоб). Osmo Jussila, Seppo Hentilä, Jukka Nevakivi. Politische Geschichte Finnlands seit 1809: Vom Großfürstentum zur Europäischen Union. Berlin, 1999.S. 214.
[2] Цыт. паводле: Andreas Doepfner. Finnlands Winterkrieg 1939/40. Dokumentation aus neutraler Sicht. Zürich, 1990. S. 144-147, тут: s. 144f.
[3] Фiнскiя даследчыкi зыходзяць з таго, што колькасць прымусовых перасяленцаў перавысіла 400 000 чалавек. Jussila О., Hentilä S., Nevakivi J. Politische Geschichte Finnlands seit 1809. S. 214.
[4] Пра гісторыю савецка-фінскай вайны гл., наприклад: Jussila O., Hentilä S., Nevakivi J. Politische Geschichte Finnlands seit 1809. S. 204-214.
[5] Jussila O., Hentilä S., Nevakivi J. Politische Geschichte Finnlands seit 1809. S. 207.
[6] БЕЛТА. В поезде // На рубеже. 27 снежня 1939. № 135 (321). С 1.
[7] Лапидус Я. Г. Письмо с фронта // Кировец. 28 студзеня 1940. № 2 (416).С. 2.
[8] Jussila O., Hentilä S., Nevakivi J. Politische Geschichte Finnlands seit 1809. S. 206f., 209f.
[9] Айма Каяндэр  (Aimo Cajander, 1879-1943) — прэм’ер-мiнiстр Фiнляндыi (1937-1939); Юха Эрко (Juho Erkko, 1895-1965) — мiнiстр замежных справаў ва ўрадзе Каяндэра.
[10] Любiмаў А. А. Блiскучая перамога сталiнскай палiтыкi мiра // Работнiца i калгаснiца Беларусi. 1940. № 6. С. 1-2, тут: с. 1.
[11] Тамсама, с. 2.
[12] Тамсама.
[13] ДАМВ [Дзяржаўны архiў Мiнскай вобласцi]. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 246-249.
[14] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 84-86, тут: арк. 86.
[15] Маюцца на ўвазе фінскія абарончыя збудаванні на Карэльскім перашыйку. Маршал Карл Густаў Манергейм (Carl Gustaf Mannerheim, 1867-1951) у час вайны быў галоўнакамандуючым Узброеных Сiл Фiнляндыi.
[16] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 84-86.
[17] Падрабязней гл.: Alexander Friedman. Die Vorstellung „jüdische Sowjetmacht”. Antisemitismus  und Antibolschewismus in Sowjet Weißrussland Ende der 1920er — Anfang der 1940er Jahre // Thomas M.Bohn (Hg.), Belarus’ zwischen Ost und West. Von der polnisch-litauischen Union zum russisch-sowjetischen Imperium [публiкацыя запланавана на 2010].
[18] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 86.
[19] Тамсама, арк. 84.
[20] Любiмаў А. А. Блiскучая перамога сталiнскай палiтыкi мiра. С. 1.
[21] Тамсама, с. 2.
[22] Тамсама. Гл. таксама: Нахмановiч Р. Падпальшчыкi вайны пралiчылiся. Адабраем палiтыку совецкага ўрада // Работнiца i калгаснiца Беларусi.1940. № 6. С. 3.
[23] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 242-245, 257-259, тут: арк. 242, 243, 257.
[24] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 242.
[25] Тамсама, арк. 244.
[26] Тамсама, арк. 244, 258.
[27] Тамсама, арк. 244, 245.
[28] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 244, 245, 258.
[29] Тамсама, арк. 245.
[30] Тамсама, арк. 244, 258.
[31] Тамсама, арк. 258, 259.
[32] Гл. падрабязней: Alexander Friedman, Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919 bis 1941, Saarbrücken 2009 (доктарская дысертацыя, публiкацыя запланавана на першую палову 2011г.).

Наверх

Brakel, Alexander. Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939 bis 1944. (Сяргей Новікаў)

5 снежня, 2009 |

BRAKEL, ALEXANDER. Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939 bis 1944. Das westliche Weißrussland unter sowjetischer und deutscher Besatzung. Ferdinand Schöningh: Paderborn — München — Wien — Zürich, 2009. — 426 S.

Манаграфія маладога нямецкага даследчыка Аляксандра Бракеля па рэгіянальнай гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны выдадзена на падставе доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай трыма гадамі раней ва ўніверсітэце імя Ёгана Гутэнберга ў г. Майнцы (Нямеччына).

Даследаванне прысвечана малавядомым аспектам гісторыі Заходняй Беларусі — усходніх ускраін (крэсаў) былой II Рэчы Паспалітай і новаўтворанай Баранавіцкай вобласці, дзе з 1939 да 1944 г. вызначальнымі былі падзеі савецкай анексіі, нямецкай акупацыі і пасляваеннай саветызацыі.

Аўтар манаграфіі слушна зазначае, што на працягу двух перадваенных гадоў і трох гадоў нямецкай акупацыі мясцовае насельніцтва адной з беларускіх тэрытарыяльных адзінак (Баранавіцкая вобласць і акруга Баранавічы) знаходзілася ў фокусе антаганістычных светапоглядаў дзвюх сістэм і перажыло цяжкія наступствы панавання дзвюх улад. Даследчык вылучае мясцовае насельніцтва ў якасці галоўнага прадмета вывучэння цягам пяці гадоў, не пакідаючы па-за рамкамі сваёй грунтоўнай працы шэраг пытанняў, якія да гэтага часу спецыяльна не разглядаліся не толькі ў нямецкай, але і ў беларускай гістарыяграфіі.

Манаграфія з’явілася вынікам шматгадовага плённага навуковага пошуку, прамежкавыя звесткі пра які айчыннаму чытачу былі вядомы з публікацый нямецкага аўтара ў беларускім друку. Зазначым, што дакументальная база для даследавання выяўлена ў 84 фондах архіваў у Баранавічах, Берліне, Брэсце, Варшаве, Людвігсбургу, Мінску і Фрайбургу.

Работа складаецца з уводзінаў, 5 частак (некаторыя з іх падзелены на раздзелы і больш дробныя падраздзелы), заключэння ў форме прадстаўлення вынікаў даследавання. Завяршаюць працу скарачэнні, спіс крыніц і літаратуры, імянны спіс.

Ва „Уводнай частцы” (1-14) аўтар праводзіць агляд даследаванняў, якія прама ці ўскосна закраналі асобныя аспекты гісторыі Заходняй Беларусі ў савецкія часы і ў часы нямецкай акупацыі, і характарызуе дакументальныя крыніцы. У значнай ступені абгрунтаваным можна лічыць зварот аўтара да прац польскіх гісторыкў Ю. Туронка і Б. Мусяла, нямецкіх даследчыкаў Х. Герлаха, Б. К’яры, П. Коля, амерыканскага гісторыка М. Дзіна, а таксама беларускіх навукоўцаў — С. Барадзіна, І. Яленскай, А. Кавалені, М. Літвіна, Я. Разенблата, І. Сервачынскага. З іх разгляду вынікае, што ў сучаснай гістарыяграфіі нямецкі даследчык упершыню праводзіць параўнальны аналіз гістарычных падзей у перадваенны і ваенны час на тэрыторыі адной Баранавіцкай вобласці.

У другой частцы „Крэсы ўсходнія ў ІІ Рэчы Паспалітай” (15-27) аўтар выяўляе прыкметы нацыянальнага характару мясцовага насельніцтва, паказвае яго моўныя і канфесійныя адметнасці. Аўтар абгрунтоўвае тэзу аб тым, што ў пачатку 1930-х г. у Наваградскім ваяводстве гэтыя дзве катэгорыі прыкмет не былі пастаяннымі і вагаліся: 550 тыс. чалавек лічылі сваёй мовай польскую, але толькі 420 тыс. спавядалі рымска-каталіцую рэлігію; 413 тыс. размаўлялі па-беларуску, але 542 тыс. мясцовага насельніцтва былі праваслаўнымі вернікамі. У мясцовых яўрэяў такіх адрозненняў не назіралася. У польскія часы ў крэсах у выніку правядзення пэўнай дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай меншасці польскія ўлады садзейнічалі „абвастрэнню грамадскага клімату” (24).

Трэцяя частка даследавання „Баранавічы ў гады Другой сусветнай вайны” (29-33) змяшчае кароткі агляд галоўных падзей на тэрыторыі Баранавіч і вобласці ў пачатку вайны. 3 верасня 1939 г. тут пачалі адбывацца падзеі, якія пакінулі істотны след у гісторыі насельніцтва Баранавіцкай вобласці, у склад якой у студзені 1940 г. былі канчаткова ўключаны 27 беларускіхраёнаў. З момантуяеўваходжанняўсклад БССР пачалася „маштабная саветызацыя” былых „усходніх крэсаў”. У чэрвені 1941 г. Баранавіцкая вобласць трапіла ў цэнтр вайны светапоглядаў. Тэрыторыя Баранавіцкай вобласці, на якой у верасні 1941 г. быў створаны акруговы камісарыят Баранавічы, уключала Наваградак, Клецк, Ляхавічы, Мір, Нясвіж, Новую Мыш, Стоўбцы і г. Баранавічы.

Разам з усталяваннем улады вобласць апынулася ў сферы значнай трансфармацыі, звязанай, па-першае, з вынішчэннем яўрэяў на тэрыторыі захопленых „усходніх крэсаў”; па-другое, з пачаткам разгортвання партызанскага руху; па-трэцяе, у сувязі з ростам уплыву барацьбы польскага супраціўлення Арміі Краёвай. У тых умовах немцы праводзілі сваю палітыку ўсімі наяўнымі сродкамі і з усёй жорсткасцю (32). Але гвалт і жорсткасць былі толькі адной часткай нямецкай акупацыйнай палітыкі. Акупанты спрабавалі таксама рознымі спосабамі ўключыць мясцовае насельніцтва ў сістэму новых адносін. Такое становішча цягнулася да 8 ліпеня 1944 г., калі Баранавічы былі вызвалены ад нямецкіх захопнікаў і пачаўся этап рэсаветызацыі вобласці.

Чацвёртая частка „Нацыянальная палітыка і нацыянальныя канфлікты” (35-145) уключае два раздзелы, тут заслугай А. Бракеля з’яўляецца спроба высвятлення адносін паміж палякамі, яўрэямі і беларусамі ў час савецкага і нямецкага панавання і выяўлення галоўных прычын тых канфліктаў. У першым раздзеле размова ідзе пра нацыянальную палітыку савецкай улады з 1939 да 1941 г. З усталяваннем савецкай улады былі распачаты акты гвалту ў дачыненні да асобнай часткі грамадства, у першую чаргу „старой польскай эліты” (43), якая разглядалася ў якасці „класавых ворагаў” (45). Агульная колькасць высланых з тэрыторыі Баранавіцкай вобласці восенню 1939 г. складала 16 693 чал. У пачатку 1940 г. адбыліся новыя хвалі дэпартацыі. У працэнтных адносінах 63,5% ад усіх дэпартаваных на ўсход складалі палякі, 22,2 — яўрэі, 7,9 — украінцы і толькі 6,3% — этнічныя беларусы. Аўтар прыходзіць да высновы, што ў ходзе дэпартацый адбывалася шчыльнае перапляценне розных катэгорый дэпартаваных па палітычных, сацыяльных і этнічных прыкметах, але датычылася гэта галоўным чынам палякаў, а не яўрэяў і беларусаў.

Для абгрунтавання сваіх дзеянняў савецкая ўлада актыўна праводзіла прапагандысцкую і кадравую палітыку, ухваляючы вызваленне рабочых і сялян ад „панскай” капіталістычнай эксплуатацыі (58). У кадравай палітыцы савецкая ўлада прытрымлівалася прынцыпу прыцягнення на новыя пасады выхадцаў з усходняй Беларусі — усходнікаў (69). Асаблівая ўвага аддавалася школьнай і адукацыйнай палітыцы. Бальшавікі пры гэтым, з аднаго боку, зыходзілі з агульнага доступу ўсіх сацыяльных слаёў да адукацыі, а з другога — хацелі праз школьную палітыку ўплываць на культуру карэннага насельніцтва, якое асабліва цярпела ў польскія часы.

Цікавым падаецца нам матэрыял, у якім А. Бракель даследуе пытанне аб супрацоўніцтве яўрэяў з органамі савецкай улады. Да канца 1940 г. у Баранавіцкую вобласць было накіравана 8606 „усходнікаў”, з якіх чатыры тысячы былі беларусамі, наступныя тры тысячы — рускімі, і толькі 875 яўрэямі (89). У гэтым аспекце гісторык прыходзіць да абгрунтаванай высновы, што разгляд яўрэяў як „савецкіх калабарантаў” — не больш чым стэрэатып (90).

Адказваючы на пытанне пра адносіны паміж нацыянальнымі групамі ў гады панавання савецкай улады, даследчык зыходзіць з тэзы аб магчымасці існавання пэўнага канфлікту ў сувязі з падзелам грамадства на пераможцаў і пераможаных, прыхільнікаў і праціўнікаў новага парадку. Лінія падзелу пры гэтым праходзіла ў значнай ступені з улікам сацыяльных крытэрыяў. Пагаршэнне жыццёвых умоў для розных катэгорый насельніцтва даволі хутка прывяло да сітуацыі, калі першапачатковае захапленне савецкай уладай пачало зніжацца як сярод часткі беларускага, так і яўрэйскага насельніцтва (94).

У другім раздзеле паказана нацыянальная палітыка нямецкіх акупантаў з 1941 да 1944 г. Пры гэтым аўтар зыходзіць з тэзы, што нацыянальнае пытанне нямецкія нацыянал-сацыялісты разглядалі не так, як бальшавікі. Калі для апошніх гэтае пытанне разумелася скрозь прызму імкнення да роўнасці ўсіх народаў, дык ідэолагі нацыянал-сацыялізму вызначалі ролю кожнага народа ў адпаведнасці з расавай тэорыяй. Аўтар паказвае трагічную гісторыю яўрэяў акругі Баранавічы, дзе агульная колькасць знішчаных яўрэяў складала 32-43 тыс., у тым ліку ад 8500 да 14 000 чалавек у саміх Баранавічах (106). Шукаючы адказ на пытанне аб стаўленні мясцовага насельніцтва да праяваў Халакосту, аўтар прыходзіць да высновы, што даволі складана даць адзіную абагульняльную ацэнку пазіцыі і адносінам неяўрэйскага насельніцтва да лёсу яўрэяў. У час нямецкай акупацыі антысемітызм не стаў для мясцовага насельніцтва тым фактарам, які паскорыў бы „працэс вынішчэння яўрэяў” (119).

Як паказвае прыклад акругі Баранавічы, у немцаў фактычна не існавала адзінай пазіцыі адносна палякаў і беларусаў, хаця ў пачатку 1942 г. практычна ўсе вядучыя функцыі на ўзроўні мясцовага кіравання замест палякаў выконвалі беларусы. У гэтым аспекце даволі важны вывад аўтара, які сведчыць пра фактычную адсутнасць „вялікіх нацыянальных канфліктаў”. Тыя канфлікты, якія ўсе ж такі адбываліся паміж палякамі і беларусамі, мелі сацыяльнае ці рэлігійнае паходжанне. Адным з адказаў на такі стан была нямецкая палітыка, „у тысячу разоў горшая” за савецкую ўладу (145).

Надзвычай цікавая пятая частка працы „Формы супрацоўніцтва з уладамі” (161-244). Сутнасць такога супрацоўніцтва раскрываецца на розных фактах добраахвотнай кааперацыі з савецкай уладай у 1939-1941 г. і кааперацыі з нямецкай уладай у гады акупацыі ў 1941-1944 г. Гісторык лічыць, што і савецкая, і нямецкая ўлады кіраваліся адзіным правілам — пошукам падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва. Пры гэтым аўтар свядома не выкарыстоўвае тэрмін калабарацыя, уводзячы замест гэтага такія дэфініцыі, як супрацоўніцтва і кааперацыя.

Разглядаючы формы супрацоўніцтва з савецкай уладай, аўтар падзяляе гэтую сферу на некалькі палёў, дзе магла адбывацца сумесная работа мясцовага насельніцтва з новай уладай. У выніку атрымлівалася шырокая панарама розных відаў кааперацыі ў палітычнай, адміністрацыйнай і гаспадарчай сферах жыцця былых крэсаў усходніх. На думку аўтара, усталяванне нямецкай акупацыйнай улады з’явілася для значнай часткі насельніцтва той вяхой, якая сведчыла пра спыненне прымусовага прыцягнення сялян у калгасы, ганенняў вернікаў, забароны рэлігіі і дзейнасці цэрквы. Але ў хуткім часе мясцовае насельніцтва было вымушана пайсці на прымусовую кааперацыю і з нямецкай уладай. Аўтару не ўдалося вызначыць тых фактараў, якія прывялі да добраахвотнага супрацоўніцтва і кааперацыі, з прычыны недахопу дакументальных крыніц (193). Аўтар не абыходзіць увагай і даволі складанае пытанне ў сферы супрацоўніцтва — удзел у злачынствах тых мясцовых жыхароў, хто пайшоў служыць у дапаможную паліцыю. Агульная колькасць мясцовых паліцаяў у акрузе Баранавічы за гады нямецкай акупацыі складала 2263 чал. (195), якія мелі непасрэднае дачыненне да многіх злачынстваў нямецкіх акупантаў на тэрыторыі акругі Баранавічы.

Важным у гэтай частцы падаецца нам тое, што аўтар спрабуе высветліць галоўныя прычыны ўзброенага супрацоўніцтва мясцовага насельніцтва з немцамі. Сярод тых, хто ішоў на службу да немцаў, былі такія, хто кіраваўся палітычнымі матывамі ўступлення ў дапаможную паліцыю. На думку аўтара, існавалі дзве процілеглыя групы. Першая ўключала ў сябе беларускіх нацыяналістаў, якія праз службу на немцаў бачылі магчымасць весці таксама барацьбу ca сваімі ідэйнымі праціўнікамі. Менавіта ва ўзброеных паліцэйскіх фармаваннях ім бачыўся першы крок да стварэння ўласнага беларускага войска (203). Другую групу складалі палякі, якія супрацоўнічалі з акупантамі па нацыянальных перакананнях, у першую чаргу з мэтай вяртання „ўсходніх крэсаў”, страчаных у 1939 г. Таму дзеля атрымання зброі палякі ўступалі адначасова і ў нямецкую паліцыю, і ў польскую Армію Краёвую.

З узмацненнем актыўнасці партызан з сярэдзіны 1942 г. значна ўзраслі шэрагі паліцэйскіх фармаванняў. Аўтар выяўляе важную тэндэнцыю: у параўнанні з першым годам нямецкай акупацыі практычна зніклі добраахвотнікі, таму немцам даводзілася звяртацца да мераў прымусовага рэкрутавання (205).

Адносіны беларускіх нацыяналістаў з акупантамі аўтар раскрывае на прыкладах супрацоўніцтва нямецкай акупацыйнай улады і такіх утварэнняў, як Беларуская нацыянальная самапомач (206-210), Беларуская самаахова (210-212), Саюз беларускай моладзі (214-219), Беларуская цэнтральная рада (219-220), Беларуская краёвая абарона (220-224). Пры гэтым аўтар прыводзіць дакладныя звесткі пра ўдзел у гэтых утварэннях жыхароў Баранавіцкай акругі. Цікавым нам падаецца і факт дыскусіі ў дачыненні да агульнай колькасці беларускай моладзі, якая ўваходзіла ў склад СБМ. На думку А. Бракеля, на тэрыторыі акругі Баранавічы агульная колькасць удзельнікаў гэтага саюзу не перавышала трох тысяч чалавек (215).

Разглядаючы факты добраахвотнай кааперацыі і супрацоўніцтва ў сферы гаспадаркі, аўтар перакананы, што пад нямецкай акупацыяй колькасць тых, хто вымушаны быў пайсці на „прымусовае супрацоўніцтва”, значна перавышае лічбу мясцовых грамадзян, хто нёс службу ў паліцыі аховы ці быў уключаны ў сферу мясцовага кіравання. Асновай для рэкрутавання на акупаванай тэрыторыі служыла распараджэнне А. Розенберга аб увядзенні абавязковай працоўнай павіннасці для жыхароў Рэйхскамісарыята Остланд ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў, тады як для яўрэяў гэтыя рамкі былі пашыраны з 15 да 60 гадоў. Тут неабходна звярнуць увагу чытача на недакладнасць, дапушчаную аўтарам у дачыненні да даты выдачы распараджэння: гэта было не 5 верасня 1941 г. (225), а на месяц раней[1].

Аўтар паказвае агульную карціну прыцягнення мясцовага насельніцтва да прымусовай працы. Калі немцам удалося дэпартаваць у райх з акругі ўвогуле каля 17 тыс. чалавек, што складала 14% ад вывезеных на прымусовыя работы з тэрыторыі генеральнай акругі Беларусь, дык да канца 1943 г. на тэрыторыі акругі Баранавічы было зарэгістравана 134 тыс. чал. мясцовай рабочай сілы, з якой 95 тыс. былі заняты ў сельскай гаспадарцы (237). На заканчэнне А. Бракель прыходзіць да высновы, што нават пры ўмове наяўнасці фактаў добраахвотнага супрацоўніцтва часткі насельніцтва з савецкай і нямецкай уладамі імкненні немцаў да прымусовага і гвалтоўнага выкарыстання мясцовага насельніцтва былі непараўнальна большымі, чым у Саветаў (244).

Шостую частку даследавання аўтар прысвячае розным праявам незадаволенасці і супраціву мясцовага насельніцтва, якія мелі месца ў Баранавіцкай вобласці ў гады савецкай улады і ў час нямецкай акупацыі (245-380). Аналізуючы асобныя факты непрыняцця савецкай улады і арганізаванага супраціўлення ёй пасля ўключэння „ўсходніх крэсаў” у склад Савецкай Беларусі, а таксама параўноўваючы ix з маштабамі ўзброенага супраціву на беларускай зямлі нямецкім акупантам, гісторык прыходзіць да высновы, што толькі ў гады нямецкай акупацыі ўзброенае супраціўленне набыло адметныя маштабы (246).

Паказваючы прычыны незадавальнення савецкай палітыкай у галіне сельскай гаспадаркі, А. Бракель аналізуе ход савецкіх пераўтварэнняў на вёсцы, дзе пасля верасня 1939 г. пачала шырока праводзіцца сацыялістычная калектывізацыя шляхам стварэння калгасаў і саўгасаў. Аўтар пры гэтым зазначае, што некаторыя беларускія даследчыкі, не прыводзячы дакладных фактаў, сцвярджаюць, што большасць батракоў і беднае сялянства выступалі выключна за стварэнне калгасаў. Аднак аўтар перакананы ў тым, што гэты працэс у Баранавіцкай вобласці ішоў вельмі марудна. Вобласць хоць і была лідарам па правядзенні калектывізацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, аднак на 1 чэрвеня 1941 г. у калгасы і саўгасы ўвайшлі толькі 6,5% ад усіх сялянскіх двароў (261). Асаблівае непрыняцце выклікала ў насельніцтва стварэнне калгасаў.

Рашучае непрыняцце мясцовым насельніцтвам нямецкай палітыкі пасля захопу тэрыторыі Баранавіцкай вобласці выявілася ў арганізацыі савецкага партызанскага руху, які быў вызначальнай прыкметай не толькі барацьбы, але і захавання савецкага ўплыву на заходняй тэрыторыі. На думку аўтара, сімвалічным знакам перыяду нямецкай акупацыі Баранавіцкай вобласці стала партызанская вайна. Паводле нямецкіх дакументаў, актыўная дзейнасць партызан на гэтай тэрыторыі стала фактам толькі з вясны 1942 г. (286). А. Бракель лічыць, што да ліку важных адметнасцяў партызанскай барацьбы на тэрыторыі акругі адносіцца стварэнне першага яўрэйскага атрада пад кіраўніцтвам братоў Бельскіх. Апрача таго, нямецкі аўтар не пагаджаецца з думкай, якая пануе ў беларускай гістарыяграфіі, быццам летам 1942 г. існаваў„маналітны, скаардынаваны і баяздольны рух супраціўлення” (288).

Разглядаючы развіццё партызанскага руху з восені 1942 да пачатку 1943 г., нямецкі аўтар прыходзіць ад важнай высновы: за той час не толькі павялічылася колькасць партызан, узмацнілася іх баяздольнасць, але і пазначыўся важны элемент у савецкім партызанскім руху — падпарадкаванне суцэльнай веры ідэям камуністычнай партыі. Той час быў адметны таксама тым, што на тэрыторыі Баранавіцкай акругі ўзнікла альтэрнатыўная група барацьбітоў — польскае ўзброенае падполле Арміі Краёвай (312). Хаця і савецкі партызанскі рух, і польскае ўзброенае падполле бачылі сваім галоўным ворагам нямецкіх акупантаў, аднак мэты ў іх былі рознымі ў дачыненні да палітычнага і тэрытарыяльнага лёсу Заходняй Беларусі ў пасляваенны час: для ўдзельнікаў польскага супраціву „крэсы” павінны былі заставацца польскімі, савецкі бок бачыў тут толькі камуністычную перспектыву (315). Да канца 1943 г. разам з узрастаннем уплыву савецкага партызанскага руху відавочным фактам станавілася і ўзмацненне напружанасці з фармаваннямі Арміі Краёвай.

У далейшым гэта вылілася ў зацятую ўзброеную барацьбу паміж падраздзяленнямі Арміі Краёвай і фармаваннямі савецкіх партызан. Узброеная напружанасць паміж імі захоўвалася практычна да канца нямецкай акупацыі Баранавіцкай вобласці. На думку аўтара, на тэрыторыі акругі Наваградак падпольныя часці Арміі Краёвай заставаліся моцным і баяздольным узброеным кулаком польскага падполля (331).

Значэнне партызанскай вайны А. Бракель спрабуе высветліць на аснове дакументальных фактаў, выяўленых ім у розных архівах і правераных у гістарыяграфічных крыніцах. Паводле дакументаў і найноўшых нямецкіх даследаванняў, не вытрымлівае крытыкі сцвярджэнне савецкай гістарыяграфіі аб тым, што менавіта партызанскі рух вымагаў размяшчэння ў тыле значных вайсковых сілаў немцаў. Па сучасных падліках гэтая лічба не пераўзыходзіла 3,8% ад нямецкіх салдат. Аспрэчвае аўтар і лічбу ад колькасці немцаў, забітых партызанамі ў нямецкай тылавой зоне. На думку А. Бракеля, на працягу вайны савецкія партызаны і падпольшчыкі забілі менш нямецкіх салдат, чым іх гінула цягам аднаго месяца на ўсходнім фронце (каля 60 тыс. чал.). Хаця на прыкладзе Баранавіцкай вобласці, як падкрэслівае аўтар, неабходна весці размову пра адзін з мацнейшых цэнтраў савецкіх партызан на тэрыторыі Беларусі (341).

Пэўная ўвага ў манаграфіі аддадзена малавывучаным пытанням, звязаным у тым ліку з наступствамі партызанскага руху для мясцовага мірнага насельніцтва. Даследчык імкнецца выявіць тыя стратэгіі паводзінаў, якія ва ўмовах фактычнага знаходжання мірнага насельніцтва паміж сіламі савецкага ўзброенага супраціўлення, байцамі падраздзяленняў Арміі Краёвай і службамі нямецкага акупацыйнага рэжыму садзейнічалі выжыванню мірнага насельніцтва ва ўмовах ваеннай паўсядзённасці на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.

Заключная частка „Жыццё ва ўмовах панавання двух рэжымаў” (381-387) знаёміць чытача з высновамі, да якіх прыйшоў у даследаванні А. Бракель. Насельніцтва Заходняй Беларусі перажыло Другую сусветную вайну як наступствы панавання двух рэжымаў — спачатку савецкага, потым нямецкага. Большасць жыхароў не адчула сябе звязанымі ні з савецкай, ні з польскай дзяржавамі. Савецкая палітыка насіла рысы „маналітнасці”, паколькі мясцовыя ўлады выконвалі ўказанні Мінска і Масквы, тады як нацысцкая палітыка выконвалася рознымі арганізацыямі (Вермахтам, цывільнай уладай, службамі СС). Аднак галоўныя адрозненні аўтар бачыць ва ўмовах, у якіх дзейнічалі савецкія і нямецкія органы ўлады: немцы праводзілі сваю палітыку ва ўмовах працяглай, жорсткай і стратнай вайны, а савецкая ўлада дзейнічала пры мірных абставінах. У час нямецкай акупацыі мясцовае насельніцтва знаходзілася ва ўмовах напружанага трохкутніка: нямецкай акупацыйнай улады і дзвюх антаганістычных падпольных груп — савецкага партызанскага руху і польскага ўзброенага супраціўлення. Увогуле такая ваенная штодзённасць садзейнічала расколу грамадства. Пры гэтым аўтар аспрэчвае думку вядомага нямецкага гісторыка Б. К’яры аб „суцэльнай атамізацыі ваеннага грамадства” (387). Пасля трохгадовай нямецкай акупацыі для большасці стала відавочным, што практычна кожны быў гатовы заплаціць любую цану, каб да людзей зноў вярнулася мірнае жыццё.

Такім чынам, даследчыку ўдалося ў абсалютнай большасці паспяхова рэалізаваць пастаўленыя задачы і прапанаваць нямецкамоўнаму чытачу даволі поўную карціну штодзённага жыцця беларускага насельніцтва Баранавіцкай вобласці ў 1939-1944 г. Несумненная заслуга А. Бракеля палягае ў працягу навуковага пачыну, закладзенага ў другой палове 1990-х г. Б. К’яры па даследаванні гісторыі „ваеннай штодзённасці” Беларусі. Важнай адметнасцю працы з’яўляецца выяўленне сутнасці бальшавіцкай і нацысцкай палітыкі, паказанай аўтарам на прыкладзе рэгіянальнай гісторыі Беларусі і падмацаванай вялікім колам новых дакументальных крыніц. Унікальнай адметнасцю навуковага даследавання можна лічыць удалую спробу правядзення параўнальнага аналізу наступстваў той палітыкі, якую праводзілі розныя дзяржавы для жыцця беларускіх грамадзян ва ўмовах мірнай і ваеннай штодзённасці. У працы абгрунтаваны тэзіс аб важнасці выяўлення спецыфікі існавання беларускага грамадства ва ўмовах панавання розных палітычных рэжымаў. Грунтоўная манаграфія А. Бракеля, несумненна, павінна паслужыць імпульсам для далейшага вывучэння рэгіянальнай гісторыі Беларусі ў гады нямецкай акупацыі. Адной з актуальных задач для сучаснай беларускай навукі з’яўляецца яе пераклад на беларускую мову.

Мінск

Сяргей Новікаў


[2] Дзяржаўны гістарычны архіў Латвіі (далей LVVA). P-70. Apr. 5. Lieta 7. L. 20 op.: Verordnung über die Einführung der Arbeitspflicht in den besetzten Ostgebieten, vom 5. August 1941.

Анатоль Трафімчык. Аб’яднанне Беларусі ў 1939 г. і „гістарычная справядлівасць“

23 чэрвеня, 2009 |


Вераснёўскія наступствы пакта Молатава—Рыбентропа, прызнанага сусветнай супольнасцю злачынным, у дачыненні да Беларусі многімі лічацца справядлівымі[1]. Пры гэтым амаль не звяртаецца ўвага на тое, што вераснёўская акцыя Савецкага Саюза супярэчыла падпісаным ім жа міжнародным дакументам, у тым ліку дэкларацыі аб ненападзе з Польшчай[2]. Дый заключэнне самога пакта Молатава—Рыбентропа ішло ўразрэз з папярэднімі савецка-польскімі дамоўленасцямі „не принимать участия ни в каких соглашениях, с агрессивной точки зрения явно враждебных другой стороне”. Аргументацыя ж Масквы, звязаная з тым, што Польшчы ўжо не існавала, а яе ўрад не падаваў прыкмет жыцця, была недастаткова правамоцнай для спынення савецка-польскіх дагавораў. Паводле міжнароднага права, як тлумачыць расійскі даследчык С. Случ, „государство продолжает существовать в смысле международного права даже тогда,  когда оно временно не обладает центральной властью, поскольку оно представляемо не только своим центральным правительством, но и всеми его органами. …Даже захват противником всей его территории… сам по себе не прекращает существования побежденного государства…”[3]. Да таго ж СССР трапляў пад дэфініцыю агрэсара паводле Лонданскай канвенцыі 1933 г., якую сам жа падпісваў (больш за тое: менавіта праект Савецкага Саюза быў пакладзены ў аснову вызначэння агрэсіі[4]). Масква парушала як мінімум пяць дакументаў[5].

Узнікаюць лагічныя пытанні, ці захавалася б справядлівасць, каб уз’яднанне Беларусі адбылося праз захоп ІІ Рэччу Паспалітай БССР? Ці, можа, захавалася б справядлівасць тады, калі б Сталін, просячы перадышкі ў Гітлера (снежань 1941 г.), аддаў ІІІ Райху заходнюю частку сваёй імперыі, у тым ліку Беларусь? У апошнім выпадку наша краіна таксама была б „аб’яднанай” — у Lebensraum’е. Але Гітлер не пайшоў на такі крок[6]. Нельга скідваць з рахунку, што ў ІІІ Райха адносна Беларусі напярэдадні яе акупацыі былі планы не толькі элімінацыі, але і стварэння „вольных ад Сталіна рэспублік”, што, як справядліва заўважае Юры Туронак, мала чым адрознівалася ад саюзнага status quo з гледзішча нацыянальных інтарэсаў, папросту адбылася б „замена распараджальнага цэнтра — з Масквы на Берлін”[7]. Ці рэалізацыю тых планаў можна было б назваць аб’яднаннем? Справядлівасць гэтакіх аб’яднанняў не ўкладваецца ў галаве. Менавіта на фоне гэтых пытанняў бачыцца абсурднасць той справядлівасці, адэптамі якой з’яўляюцца і сёння многія беларускія гісторыкі.

Савецкая гістарычная навука адназначна ацэньвала паход Чырвонай Арміі як вызваленчы (пералік публікацый ператварыўся б у аб’ёмны, нікому сёння не патрэбны гістарыяграфічны даведнік). Сучасная беларуская гістарыяграфія, за выключэннямі, якія не ўплываюць на агульны дыскурс, не адмовілася ад савецкай дэфініцыі з меркаванняў гістарычнай справядлівасці аб’яднання[8]. Тыповай для старэйшага пакалення беларускіх гісторыкаў з’яўляецца пазіцыя, прэзентаваная ў сучаснай айчыннай энцыклапедыі: „Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР — акт гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі гвалтоўнага і грабежніцкага падзелу Беларусі паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 г.”[9]; „Важнейшым вынікам” савецка-нямецкага дагавора ад 23 жніўня 1939 г. для Беларусі ёсць „гістарычна справядлівая ў жыцці беларускага народа падзея — уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР”[10]. Не пазбеглі гэтага штампа і аўтары (у прыватнасці С. Хоміч, М. Касцюк, А. Літвін) адносна ліберальнай, дэмакратычнай і дэпалітызаванай сінтэзы па гісторыі Беларусі[11]. Тут можна прыводзіць бясконцы шэраг прыкладаў.

Варта зазначыць, што гэты тэзіс узыходзіць да палітычнага дыскурсу перыяду Другой сусветнай вайны і належыць ён менавіта савецкаму боку. Так, нават Саюз Польскіх Патрыётаў, створаны з падачы непасрэдна І. Сталіна, заявіў пра законнасць „жаданняў беларусаў і ўкраінцаў да нацыянальнага ўз’яднання”[12]. Вядома, у рэчышчы крамлёўскай палітыкі выступала і кіраўніцтва Савецкай Беларусі адносна павелічэння БССР за кошт тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, штораз паўтараючы словы пра „гістарычныя правы”, „справядлівасць як у гістарычных, так і этнаграфічных адносінах”, „законнае і справядлівае жаданне беларускага народа” etc.[13]. Як бачым, такая таўталагізацыя дала плён: савецкая гістарычная навука з лёгкасцю падхапіла палітычнае абгрунтаванне, зрабіла яго настолькі моцным стэрэатыпам, ад якога і сёння не можа пазбавіцца гістарыяграфічны афіцыёз Рэспублікі Беларусь. Многія навукоўцы-гісторыкі ці то забываюць, ці то не разумеюць (а мо і не хочуць памятаць ці разумець), што гістарычная навука не павінна залежаць ад палітычнай кан’юнктуры, што гістарычная навука і паклікана для таго, каб прааналізаваць працэсы непрадузята. І ў той жа час нонканфармісцкія даследаванні такімі гісторыкамі расцэньваюцца чамусьці як палітызаваны погляд на падзеі верасня 1939 г. Толькі хто ж той погляд палітызаваў? Банальны адказ: аналіз дэтэрмінацыі падзей і фактаў, што мелі месца ў гісторыі — вось галоўны чыннік таго ўплыву. Іншая справа, што ўражанне палітызаванасці ў даследаванні ствараецца сапраўды, але — з прычын спецыфікі самога гістарычнага перыяду, калі ў Савецкім Саюзе больш, чым у любой іншай дзяржаве, кожны момант жыцця не толькі грамадства, але і індывідуума, павінен быў падпарадкоўвацца ідэалагічным устаноўкам Крамля. Навуковы аналіз такіх працэсаў немагчыма дэпалітызаваць — выключыць з іх палітыку. Галоўнае для навукі — не дамешваць да даследавання падаплёку дня сённяшняга, што ператварыла б яе ў публіцыстыку, а гісторыкаў — у канфармістаў або дысідэнтаў (у залежнасці ад іх грамадскіх поглядаў).

У сувязі з паняццем „гістарычная справядлівасць” хацелася б таксама адзначыць парадаксальны момант. Здавалася б, яго проста зразумець, аднак, відавочна, разуменне таго паняцця суб’ектыўнае. Яно будзе цалкам залежаць 1) ад асабістай пазіцыі таго ці іншага аўтара (палітычнай, метадалагічнай, напрыклад, яго сацыяльнага ці этнічнага або геаграфічнага паходжання ўрэшце), 2) ад кан’юнктуры (сацыяльнай, навуковай), прычым яна, безумоўна, будзе пэўным чынам уплываць і на тую асабістую пазіцыю. Менавіта ад асабістай пазіцыі пэўнага суб’екта і актуальнай кан’юнктуры будзе залежаць вызначэнне таго гістарычнага моманту, які як быццам справядліва было б аднавіць, вярнуць у рэчаіснасці колішні status quo. Але ж як вызначыць той момант і каму яго вызначаць? У свой час, яшчэ ў 1906 г., прафесар І. А. Бадуэн дэ Куртэнэ з нагоды „гістарычных правоў” (у дадзеным выпадку польскіх памешчыкаў на Беларусь, але нам важны сам прынцып) пісаў: „…. историческим правам отдельных национальностей место в архиве истории. Ссылками на исторические права можно, если угодно, обосновать восстановление людоедства, рабства, крепостничества, самодержавия и т. д. Нельзя, конечно, отрицать историю, но источником для практического решения политических вопросов может быть один только современный исторический момент”[14].

Калі задумацца над паняццем „гістарычная справядлівасць”, глянуўшы з іншага боку, дык тым, хто яго ўжывае (і да падзей 1939 г. у тым ліку) можна запярэчыць: гэтым самым яны фактычна пастулююць адсутнасць у дадзеным выпадку іншых аспектаў, „відаў” справядлівасці, акрамя гістарычнай, а іх жа можа быць процьма.

Было б несправядліва не заўважыць, што ў гісторыі палітычнай думкі існуе такое паняцце, як справядлівасць. „Осмысление справедливости в истории политической мысли дает нам два принципиально разных подхода к решению этой проблемы. Первый подход сформировался в рамках классической (античной) парадигмы политической философии, и связан прежде всего с именами Платона и Аристотеля. Классическая мысль понимает под справедливостью такой социальный и политический порядок, который ориентирован телеологически — на обретение блага в рамках совместного существования людей. Прямо противоположную трактовку справедливости дает политическая философия классического либерализма, представленная в первую очередь именами Гоббса, Локка, Руссо и Канта. В трудах этих мыслителей справедливость начинает трактоваться как функция индивидуальной свободы, причем свободы, понимаемой формально — как защита неотчуждаемых прав.

Иначе говоря, классическая мысль дает нам этическую трактовку справедливости (в основе которой — идея блага), а современная мысль — правовую трактовку (основанную на свободе)”[15].

Відавочна, што ў нашым выпадку маем справу з этычнай трактоўкай, якая стала ўжо анахранічнай. Наяўнасць міжнародных правапарушэнняў з боку Масквы і Берліна сёння ўжо нікім не аспрэчваецца. Што да СССР, то нават калі зыходзіць з разумення справядлівасці, прапанаванай савецкім бокам, яго паводзіны выклікаюць шмат пытанняў. Прычыны часткова бачацца ў непасрэдных адносінах савецкага кіраўніцтва да справядлівасці ў гістарычным развіцці: „Вопрос о борьбе… нужно рассматривать не под углом зрения справедливости, а под углом зрения политического момента, под углом зрения политической потребности партии в каждый данный момент” (з выступлення І. Сталіна на паседжанні выканкама Камінтэрна 22 студзеня 1926 г.)[16]. СССР выдаў свае ваенныя дзеянні як дапамогу і вызваленне кроўных братоў у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, што з пункту гледжання ленінскай тэорыі фармальна апраўдвала гэтыя дзеянні, бо яны нібыта не траплялі пад паняцце анексіі[17], і што дапамагло захапіць 51,4 % тэрыторыі II Рэчы Паспалітай. Фактычна галоўныя бальшавіцкія тэарэтыкі прыйшлі да наступнага кантрапункта сваёй ідэалогіі: справядліва тое, што ім выгадна. Насамрэч вызваленне і аб’яднанне падзеленай Беларусі (і Ўкраіны) не было для Крамля першачарговай задачай. Як справядліва і трапна заўважае А. П. Салькоў, „воссоединение белорусского и украинского этносов в рамках национальных государств” з’явілася „побочным, хотя и необыкновенно важным результатом реализации советских геополитических целей”[18].

Пра рэальнае стаўленне савецкага кіраўніцтва да справы ўз’яднання беларускага народа сведчыць тое, што Заходняя Беларусь далучалася ім у вельмі адрозным ад першапачатковага тэрытарыяльным разуменні:

1) Савецкі Саюз захапіў землі, якія ніколі не лічыліся Заходняй Беларуссю (Ломжыншчына) і дзе не ажыццяўляла сваю дзейнасць КПЗБ (першапачаткова планавалася ўвогуле заняць землі амаль да Варшавы!). Самі бальшавікі пасля Рыжскага дагавора вызначалі этнаграфічную тэрыторыю Беларусі, якая апынулася пад Польшчай, у 98 815 кв. км з 3,2 млн. насельніцтва[19]. Беларусы Заходняй Беларусі ацэньвалі яе абшар у 107 000 кв. км[20]. Цікава, што савецкая акадэмічная навука кіравалася ўжо пасляваенным станам і дэкларавала тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 82 тыс. кв. км, аднак жа ўключала ў яе склад усе чатыры ваяводствы „крэсаў паўночна-ўсходніх”, якія займалі нашмат большую плошчу[21]. Сённяшняя акадэмічная навука Беларусі ў склад Заходняй Беларусі не ўключае тэрыторыю на захад ад Беластока (так званы Ломжынскі рэгіён) і раён Каменя-Кашырскага[22]. Нейкай канстанты ў дачыненні да геаграфіі гэтай геапалітычнай назвы не было і пакуль няма. Зрэшты, у любым выпадку Ломжыншчына не трапляе пад паняцце Заходняй Беларусі;

2)не забывайма, што да чарговага падпісання савецка-нямецкага дагавора, на гэты раз аб дружбе, не было нават канкрэтных планаў адносна лёсу Заходняй Беларусіі іншых зямель ІІ Рэчы Паспалітай, занятых вермахтам іЧырвонай Арміяй;

3)пры правядзенні і ўдакладненні дэмаркацыйнайсавецка-нямецкай мяжы тэрыторыя, уключаная ў БССР,разглядалася па-ранейшаму як разменная ў кантэксцепалітыкі еўрапейскага маштабу: пасол Нямеччыны ў Маскве Шуленбург прызнаваўся: „Господин Сталин лично говорил мне в то время, что он готов сделать уступки на севере пограничной линии, там, где она проходит через Белоруссию”[23];

4)Віленшчына, прыналежнасць якой да ЗаходняйБеларусі з 1923 да 1939 г. не ставілася пад сумнеў у Маскве, была ў якасці траянскага каня прэзентавана Літве.Праўда, у адносінах з Літвою Крэмль гэтым разам прызнаваўсавецка-літоўскую мяжу, устаноўленую мірным дагаворам паміж Расіяй і Літвой у 1920 г., паводле якой паўночна-заходняя частка Беларусі разам з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы і іншымі адносіліся да Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі[24]. Калі б бальшавікі былі цалкам паслядоўнымі, яны павінны былі б аддаць нашмат большую частку Беларусі, адабраную ў ІІ Рэчы Паспалітай (да таго ж, паводле Рыжскага дагавора, пытанне пра прыналежнасць спрэчных паміж Польшчай і Літвой тэрыторый падлягала вырашэнню выключна паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі[25], г. зн. Масква не мела да таго пытання ніякага дачынення);

5) як прызнавала само кіраўніцтва СССР, Л. Кагановіч, не цырымонячыся з выразамі, казаў, што адной з першачарговых задач Крамля было „прибрать к рукам” дзяржавы, аднесеныя паводле пакта з Нямеччынай да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза[26] (варта прыгадаць і словы Сталіна пра распаўсюджванне сацыялістычнай сістэмы на новыя тэрыторыі і насельніцтва — гл. ніжэй).

Калі б савецкі бок сапраўды кіраваўся тым, што Рыжскі мірны дагавор быў несправядлівы, дык аўтаматычна рэанімаваў бы лінію Керзана — этнаграфічную польска-беларускую мяжу, устаноўленую незадоўга да Рыгі міжнароднай палітычнай супольнасцю, што ў такім выпадку з’яўлялася б вельмі карэктным (тое, што да лініі Керзана ўсё ж вярнуліся пры вырашэнні пасляваенных межаў ва Ўсходняй Еўропе, у пэўнай меры пацвярджае нашу думку[27]). Аднак на першым месцы тут знаходзілася ленінска-сталінская дактрына распаўсюджвання рэвалюцыі. Бальшавіцкая Расія разам з фашысцкай Нямеччынай у 1939 г. зрабіла тое самае, што здзейсніла ў 1921 г. у хаўрусе з адроджанай польскай дзяржавай, а менавіта — падзяліла землі суседа[28] (тым больш, што незадоўга да „чацвёртага”[29] падзелу Рэчы Паспалітай яе кіроўныя колы самі стварылі падобны прэцэдэнт, пайшоўшы на хаўрус з той жа нацысцкай Нямеччынай у дачыненні да лёсу Чэхаславакіі[30]). Аднак калі ў 1921 г. заключаўся мірны дагавор, дык у 1939 г. распачыналася Другая сусветная вайна. Што лепш для людзей, мір ці вайна? На Беларусі дагэтуль існуе падставовы крытэрый жыцця — „абы вайны не было”[31];

6) больш за тое, у святле сёння даказанага факта падрыхтоўкі Савецкага Саюза да наступальнай вайны гаворыцца пра змену ў яго палітыцы адносна польскага пытання: ужо Польшча станавілася прэтэкстам для вызвалення, таму на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны меркавалася стварыць польскую адміністрацыйную адзінку, да якой эвентуальна маглі б быць далучаны захопленыя Нямеччынай землі ІІ Рэчы Паспалітай (з гэтай мэтай нават пачалася падрыхтоўка да стварэння польскіх „чырвоных легіёнаў”[32]), — такім чынам, ізноў Беларусь разглядалася як прадмет палітычных маніпуляцый, як сродак чарговай савецкай стратэгічнай кампаніі.

Аб’яднанне Беларусі, хоць і з’яўляецца, можна сказаць, ускосным ці другасным вынікам у кантэксце міжнародных падзей, усё ж было імі дэтэрмінавана. Падзел зусім не азначаў спынення ў развіцці беларускай нацыянальнай ідэі[33]. Наадварот, ён стымуляваў яе далейшую эвалюцыю. А развіццё нацыянальнай ідэі вяло менавіта да ўз’яднання беларускай нацыі. Аднак гэтая кансалідацыя была праведзена не самімі беларусамі, а знешнепалітычнай імперскай сілай. Таму зліццё дзвюх частак аднаго народа не столькі ёсць вынікам іманентнай нацыянальнай эвалюцыі (хоць і гэты фактар тут адыграў сваю ролю, падрыхтаваўшы адпаведную глебу), колькі з’яўляецца абумоўленым самой логікай гістарычнага працэсу. Логіка заключаецца ў тым, што вынікі Першай сусветнай вайны, версальска-вашынгтонская сістэма былі відавочна няўстойлівымі, і многія дзяржавы (у першую чаргу Нямеччына ды СССР) імкнуліся да перабудовы свету паводле сваіх геапалітычных меркаванняў. Аднак імі не былі адэкватна засвоены ўрокі 1914—1918 г., галоўны з якіх палягаў у тым, што сусветная вайна нясе разбурэнне імперыям, а не ix стварэнне ці замацаванне[34]. Таму дзяржаватворчы працэс у Беларусі, перарваны ў міжваенны перыяд, заканамерна меў працяг пад час чарговай глабальнай вайны (у выніку якой, акрамя кансалідацыі, Беларуская Савецкая Рэспубліка стала адной з заснавальніц ААН), а наступствам „халоднага” капіталістычна-сацыялістычнага супрацьстаяння, часам называнага трэцяй сусветнай вайной, з’явілася ўтварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Ergo: для Беларусі аб’яднанне 1939 г. адэкватнае дыялектычным законам гісторыі. Таму можна адказаць на запытальныя словы Ю. Туронка — „ці ў выніку ўсіх міжваенных і пасьляваенных выпрабаваньняў існавала б сёньня беларуская нацыя, калі б не адбылося яе ўзьяднаньне, калі б Заходняя Беларусь працягвала заставацца ў межах Польшчы?”[35] — наступнае: Беларусь павінна была аб’яднацца, а вось метады, акалічнасці гэтага аб’яднання склаліся такія, што ў выніку Другой сусветнай вайны самі беларусы пацярпелі больш, чым які іншы народ Еўропы. Аб’яднанне адбылося, бо адбылося раз’яднанне ў 1921 г., прычым апошняе ішло ўразрэз з паступальнай эвалюцыяй нацыятварэння беларусаў, што шматкроць павялічыла трагізм гісторыі беларускага народа ў першай палове ХХ ст. і пад час Другой сусветнай вайны ў прыватнасці. У абодвух выпадках (і ў 1921, і ў 1939 г.) да падзей наўпрост спрычыніўся савецка-расійскі імперыялізм, спачатку ў хаўрусе з П Рэччу Паспалітай, затым—з ІІІ Райхам. Дарэчна будзе таксама падкрэсліць, што 17 верасня 1939 г. — толькі дата (паводле савецкай тэрміналогіі) вызвалення, але ні ў якім разе не аб’яднання, бо кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць „крэсы паўночна-ўсходнія” ў адной рэспубліцы. Перад інкарпарацыяй земляў Польскай дзяржавы існавала задума стварэння трох „дзяржаўных” фармаванняў у выглядзе савецкіх рэспублік: Польшчы, Заходняй Украіны ды Заходняй Беларусі. De jure паварот да варыянта, які ўрэшце ажыццявіўся — і Беларусь аб’ядналася, пачаўся 28 верасня 1939 г., калі паміж СССР і Нямеччынай быў падпісаны чарговы дагавор — аб дружбе і мяжы, які прадугледжваў новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна літоўскай, пакуль тады яшчэ суверэннай, дзяржавы[36]. 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра ўваходжанне яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939 г. гэтую „просьбу” афіцыйна задаволіў Крэмль, што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубляваў Вярхоўны Савет БССР. Нелегітымнасць, недэмакратычнасць выбараў на той сход (пра што сведчаць многія даступныя цяпер матэрыялы[37]), як і потым у саветы розных узроўняў, не з’яўляюцца сёння відавочнымі хіба толькі для немалой часткі беларускіх гісторыкаў, якія засталіся ў палоне савецкіх ідэалагічных установак. Дзіўна выглядаюць пазіцыі такіх навукоўцаў, якія, з аднаго боку, сцвярджаюць пра амаль стапрацэнтную актыўнасць электарату, а з другога (хочучы паказаць катастрафічна нізкі ўзровень адукацыі „заходнікаў”) — кажуць (у дадзеным выпадку слушна) пра тое, што непісьменнасць пры панскай Польшчы даходзіла да 70% (прынамсі на Палессі). Якім жа чынам, хочацца запытаць у тых даследчыкаў, змаглі прайсці працэдуру выбараў людзі, што й чытаць не ўмелі? Адказ у дадзеным выпадку адзін: іх рукою настойліва вадзіла ўлада.

У свой час У. Ленін таму і задумваў палітыку поўнай ліквідацыі непісьменнасці, абгрунтоўваючы гэта неабходнасцю палітычнай асветы масаў[38], бо разумеў, што іначай іх не ахапіць бальшавіцкім уплывам і тым больш не дабіцца суцэльнай падтрымкі. Але ён жа і папярэджваў, што „скачками здесь завоевать можно меньше всего, особенно среди масс, стоящих на низком культурном уровне”[39], што „мы ни в коем случае не должны спешно нести коммунистические идеи напрямую в деревню”, „поспешность и размашистость наиболее вредны”[40]. Такім чынам, нават логіка савецкага правадыра абвяргае магчымасць створаных на паперы паказчыкаў падтрымкі савецкай улады на выбарах у Заходняй Беларусі. Відавочнасць гэтага пачынаюць ужо прызнаваць і некаторыя афіцыёзныя гісторыкі Беларусі. Адзначаецца, напрыклад, што каля 400 тыс. чалавек выказаліся супраць дэпутатаў або не прынялі ўдзелу ў галасаванні ў Народны сход[41]. Галасаванне супраць або няўдзел у выбарах не сведчаць наўпрост пра адсутнасць дэмакратыі, але могуць лічыцца пацвярджэннем пэўнай нелаяльнасці да ўладаў. Відаць, варта, сказаўшы „А”, казаць і „Б” — прызнаць недэмакратычнасць тых савецкіх выбараў.

Вышэйсказанае значыць, што фармальна аб’яднанне Беларусі адбылося толькі амаль праз два месяцы пасля „вызвалення”, post factum. А насамрэч яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо спачатку праз старую мяжу не дазволілі вольнага перамяшчэння. „На старой границе имелись свои погранотряды. Это была большая сила”[42]. Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу толькі пры нямецкай акупацыі, да якой захоўваўся даваенны стан з жорсткім кантролем мяжы. Летам 1941 г., ужо пасля нападу Нямеччыны на СССР, мясцовыя жыхары, якія наважыліся на ўцёкі, не прапускаліся на савецкі  бок савецкімі ж памежнікамі! Дарэчы будзе працытаваць у гэтай сувязі дзённік аднаго яўрэя, які, відаць, разумеючы эвентуальнасць развіцця падзей адносна сваёй долі, пісаў: „Как велико было горе тех, кто все же достиг советской границы! Тут по всей линии границы стояли пограничные войска НКВД и угрожали застрелить каждого, кто намеревался пересечь границу. Пропускали только тех, кто имел специальный пропуск или билет коммунистической партии. А так как пропусков нигде нельзя было получить — в воскресенье все учрежденья были закрыты, а в понедельник всюду уже была суматоха, — то число тех, кому удалось пройти дальше на восток, было крайне незначительным. Огромная масса людей должна была вернуться обратно. Их положение было ужасно. Идти обратно означало наверняка попасть в руки немцев, захвативших уже оставшееся пространство, а идти дальше почему-то не позволяли советские пограничные войска…” І яшчэ адно сведчанне: „Пока была Советская власть, Западная Беларусь (у 1939-1941 г. —А. Т.) была изолирована от всего мира. Даже граница между Восточной и Западной Белоруссией была закрыта и местным жителям запрещалось пересекать ее. <…. > Только после захвата Белоруссии немцы открыли границы, и мы могли навестить родственников — как на востоке, так и на западе”[43]. Ад такой інфармацыі нават ствараецца ўражанне, што былая савецка-польская мяжа ахоўвалася нашмат пільней пры „першых Саветах”, чым да іх прыходу, калі яна перасякалася адносна немалой (як для мяжы паміж дзяржавамі-антаганістамі) колькасцю цікаўных паглядзець на „светлую будучыню”, якая абарочвалася для іх нярэдка сібірскім лагерам ці горш. (NB — ахоўвалі былую мяжу, калі верыць крыніцам, менавіта памежныя войскі. Дык хто ж нас, беларусаў, насамрэч аб’яднаў пасля Рыгі?!) Звяртае на сябе ўвагу факт, што ў самым пачатку многія заходнебеларускія нацыянальныя дзеячы (у прыватнасці, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і яе друкаваны орган „Krynica”) расцанілі падзеі такога аб’яднання таксама як гістарычную справядлівасць[44]. Аднак неабходна пры гэтым заўважыць пару прынцыповых і канцэптуальных акалічнасцяў:

1) ацэньваўся не юрыдычны, а перадусім палітычны (што, як паказана вышэй, адэкватна гісторыі палітычнай думкі) і этнічны аспекты (да таго ж, нагадаем, былі і контрвізіі — тых беларускіх палітыкаў, якія ў справе дасягнення незалежнасці разлічвалі на дапамогу Нямеччыны і да нападу апошняй на СССР вымушаны былі не выяўляць публічна сваю пазіцыю[45]; тут варта мець на ўвазе, што на першым этапе Другой сусветнай вайны палітыка ІІІ Райха на акупаваных тэрыторыях Еўропы значна адрознівалася ад дзеянняў у перыяд нямецка-савецкай вайны, да таго ж і задумкі Берліна ў дачыненні да Беларусі спачатку выглядалі для яе параўнальна авантажнымі і перспектыўнымі ў плане развіцця дзяржаўнасці);

2) генезіс паняцця „гістарычная справядлівасць” у савецкіх і многіх сучасных гісторыкаў узыходзіць да ленінска-сталінскага палітычнага дыскурсу і да меркаванняў нацыянальных сілаў Беларусі дачынення не мае.

Значыць, наша асэнсаванне падзей якасна не мяняецца.

I нарэшце апошняе. Кіраўніцтва ІІ Рэчы Паспалітай лічыла этнічныя беларускія землі за Бугам арганічнай часткай Польшчы і тлумачыла неабходнасць іх далучэння „гістарычным правам”[46]. Як бачым, гэтая пазіцыя метадалагічна тоесная савецкай, — разыходжанне заключаецца не ў імперыялістычнай форме, а ў змесце таго, што  кожнаму з бакоў хацелася б гістарычна „ўсправядлівіць”. А пастуляванне савецкай інтэрпрэтацыі адбылося толькі дзякуючы далучэнню Заходняй Беларусі да БССР. У адваротным выпадку існавала верагоднасць фігуравання тоеснага погляду на беларускую праблему ў польскай і савецкай гістарычнай навуцы.

Такім чынам, калі і спрабаваць следам за (пра)савецкімі гісторыкамі асэнсаваць феномен гістарычнай справядлівасці, то ні з прававога, ні з нейкага маральнага, а таксама гістарычнага гледзішча падзеі вакол 17 верасня 1939 г. нельга назваць справядлівымі. Акт 17 верасня – 2 лістапада 1939 г. неабходна прызнаць фармальна аб’яднальным для Беларусі (калі не браць пад увагу беларускія этнаграфічныя ўскраіны на поўначы і на ўсходзе).

Патрэбна скарэктаваць таксама канатацыю тэрміна „аб’яднанне”, што ў савецкай інтэпрэтацыі атрымаў цалкам станоўчую афарбоўку для таго гістарычнага моманту. Па-першае, аб’яднанне было далёкім ад дэмакратычнага, яно планавалася ў звышсакрэтных варунках і вузкім колам прадстаўнікоў ІІІ Рыма і ІІІ Райха. Па-другое, яго праводзілі зусім не тыя бакі, якія аб’ядноўваліся: іх аб’ядналі, не пытаючыся іх згоды, і толькі потым post factum правялі інсцэніроўку „Народнага” сходу. Як і ў 1921 г. пры падзеле Беларусі, яе прадстаўнікі былі не проста праігнараваны пры ажыццяўленні нібыта аб’яднальнага працэсу (а насамрэч каланіяльнага захопу), — яны нават не ведалі пра яго падрыхтоўку і пасля 17 верасня 1939 г. маглі толькі меркаваць пра далейшы лёс Заходняй Беларусі. (А неўзабаве многія інтэлектуалы-„заходнікі”, хто б мог стацца тымі прадстаўнікамі, апынуліся за кратамі, тым часам як наша нацыянальная эліта ўсходняй часткі Беларусі практычна ўжо была элімінавана бальшавікамі.) Такім чынам, акт, здзейснены кіраўніцтвам Савецкага Саюза ў 1939 г., па яго форме можна маркіраваць тэрмінам „аб’яднанне”, аднак нельга забывацца пра яго зместавую напоўненасць: інтэграцыя адбылася шляхам далучэння заходняй часткі беларускіх зямель, аншлюсам цалкам на ўзор „перад- і ваколмюнхенскіх” дзеянняў фашысцкай Нямеччыны 1937-1938 г. Думаецца, што менавіта выкарыстанне ў дадзеным выпадку тэрміна „далучэнне” дазваляе канрэтызаваць гістарычную сутнасць шматграннай і неадназначнай падзеі як для беларускага народа, так і для яго суседзяў. 17 верасня не адбываўся акт аб’яднання. Аб’яднанне адбылося ў выніку таго акта.

Дарэчна будзе адзначыць, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі, кажучы пра „насильницькі методи” „приєднання західної частини українських земель до Великої України в рамках Радянського Союзу”, слушна заўважаюць, што аб’яднанне „було найважливішим кроком у формуванні української соборності”[47]. „Однак ця подія, — цытуем іншага ўкраінскага гісторыка, — принесла украïнцям не менші страждання, ніж полякам”[48]. У аспекце абодвух момантаў карэктна бачыць такое ж (а ў справе кансалідацыі нават большае) значэнне тых падзей і для распалавіненай перад 1939 г. Беларусі. Тагачасная драма беларусаў і ўкраінцаў заключалася яшчэ і ў тым, што на гвалтоўна далучанай тэрыторыі адразу пачалася рэалізацыя брутальнага сцэнара, пракручанага амаль за два дзесяткі гадоў у БССР. Вядома, са сваёй спецыфікай, самай галоўнай рысай якой была аператыўнасць, а вынік тоесны — саветызацыя і русіфікацыя.

Трэба заўважыць, што „афіцыйная” цяперашняя гістарычная навука Беларусі часам адыходзіць ад тэзы пра гістарычную справядлівасць, кажучы ўжо наступнае: „Дзеянні савецкага кіраўніцтва калі нельга апраўдаць, то можна правільна зразумець, зыходзячы са склаўшайся рэальнай палітычнай сітуацыі”[49] (курсіў наш. — А. Т.). Як бачым, аўтар ужо дапускае магчымасць неапраўдання дзеянняў савецкага кіраўніцтва. (Неапраўдання „гістарычнай справядлівасці?!) Аднак, спрабуючы „выкруціцца”, кажа пра разуменне палітычна-гістарычнай логікі тых дзеянняў („можна правільна разумець”!). А хіба ўсе іншыя моманты гістарычнага працэсу можна разумець і няправільна? Ці можна правільна не разумець? Ці нельга правільна разумець? Думаецца, аўтар цытаты сафістычна заганяе сябе ў тупіковы кут квазінавуковых разважанняў, яўна завужваючы магчымасці выбару кіраўніцтвам Савецкага Саюза палітычнага курсу і не ўлічваючы меркаванні ў дачыненні да развіцця тых падзей галоўнага аўтара гэтага курсу — Сталіна. Паводле ж Іосіфа Вісарыёнавіча, вайна адкрывала перад СССР „широкое поле деятельности для развития мировой революции. <…> В интересах СССР — Родины трудящихся, чтобы война разразилась между Рейхом и капиталистическим блоком. Нужно сделать все, чтобы эта война длилась как можно дольше в целях изнурения двух сторон. Именно по этой причине мы должны согласиться на заключение пакта, предложенного Германией, и работать над тем, чтобы эта война, объявленная однажды, продлилась максимальное количество времени. <…> Что плохого было бы, если в результате разгрома Польши мы распространим социалистическую систему на новые территории и население”[50]. Сам Сталін добра разумеў значэнне падпісання падобных „мірных” дагавораў, бо яшчэ ў 1925 г. успамінаў прэцэдэнты заключэння такіх актаў у Новай гісторыі, напрыклад, паміж Нямеччынай ды Аўстрыяй, паміж Францыяй ды Расіяй, што прывяло да развязання Першай сусветнай вайны; апошні да таго ж меў і сакрэтны пратакол (!), паводле якога прадугледжвалася ваенная ўзаемадапамога супраць Нямеччыны[51].

Прызнаючы аб’яднальны для Беларусі момант у падзеях 1939 г., некарэктна казаць пра „вызваленне Чырвонай Арміяй” Заходняй Беларусі і тым больш пра справядлівасць таго акта, тым самым прызнаючы справядлівасць агрэсіі. Падзеі 1939 г. былі справядлівымі гэтак жа, як і дзяльба Беларусі ў 1918-1921 г. І падзеі 1939 г. не прыбавілі ў гісторыі справядлівасці, бо зло нельга выкараніць злом. Ад гэтага яго толькі пабольшае. А наданне тым ці іншым сацыяльна-палітычным з’явам ацэнак у гісторыі як гуманітарнай навуцы павінна быць адэкватным сістэме каштоўнасцяў сучаснай цывілізацыі і імкнуцца не трапляць у цянёты кан’юнктуры і залежнасці ад палітычных сілаў ці асабістых перакананняў даследчыка.

Паводле Ж.-М. Дамэнака, „гісторыя… гэта перадусім спосаб, згодна зь якім культура трактуе мінулыя падзеі, каб на гэтай падставе аналізаваць сваю цяпершчыну і планаваць будучыню”[52]. Таму і асэнсаванне палітычных працэсаў на і вакол Беларусі наўпрост выяўляе культуру аўтараў, іх адносіны да нормаў міжнароднага права, да права народа на нацыянальнае самавызначэнне, да гісторыі беларускай дзяржаўнасці, да таго, на якія ж гістарычныя ідэалы варта арыентавацца нацыі ў сваім развіцці, etc.

Ne quid falsi audeat, ne guid veri non audeat historia!


[1] Паспрыяла гэтаму, як ні парадаксальна, і пазіцыя Англіі і Францыі — тагачасных саюзнікаў Польшчы — адносна ўключэння нядаўніх усходніх правінцый ІІ Рэчы Паспалітай у склад СССР, якое разглядалася Лонданам дастаткова спакойна і нават зычліва, без якіх-небудзь прэтэнзій да Масквы (гл. падрабязней: Сальков А. П. Проблема принадлежности Западной Белоруссии и Западной Украины в советско-англо-франко-американских отношениях (сентябрь 1939 — июнь 1941 г.) // Другая сусветная вайна: новыя аспекты даследаванняў. Матэрыялы міжнароднага навуковага семінара 1 верасня 2003 г. Мінск; адк. рэд. В. Ф. Балакіраў, К. І. Козак. Мінск, 2004. С. 16-26; Sobczak К Polska wojna wrześniowa na dwoch frontach 1.09-17.09-6.10.1939. Warszawa: Wydawnictwo Comandor, 2005. S. 156-158). Дый сучасныя польскія даследчыкі сярод прычын падзелу ІІ Рэчы Паспалітай схільны бачыць у тым ліку і англійска-французскі фактар: „Trzeba niezmiennie pamiętać, że operacja Armii Czerwonej w Polsce 17 września 1939 r. stała się możliwa tylko w warunkach bezczynności aliantów Rzeczypospolitej na froncie zachodnim” (Kornat M. Agresja 17 września 1939 i jej konsekwencje w polityce europejskiej // Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkańców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej. Białystok, 2000. S. 50). Гэта сёння выкарыстоўваюць у сваіх вялікарасійскіх інтарэсах некаторыя расійскія гісторыкі, кажучы: «Сами британские политики того времени полагали действия СССР по восстановлению дореволюционной территории абсолютно правомерными: лорд Галифакс, министр иностранных дел, выступая в палате лордов, так представил советско-германский договор и действия СССР: „Будет справедливым напомнить две вещи: во-первых, советское правительство никогда не предприняло бы такие действия, если бы германское правительство не начало и не показало пример, вторгнувшись в Польшу без объявления войны (але ж перад тым быў пакт Молатава — Рыбентропа з яго сакрэтным пратаколам! — А. Т.); во-вторых, следует напомнить, что действия советского правительства заключались в перенесении границы по существу до той линии, которая была рекомендована во время Версальской конференции лордом Керзоном…” 10 октября 1939 г. такую же оценку дал У. Черчилль» (а хто ж дапамагаў Польшчы ў 1919—1920 г. у барацьбе супраць Савецкай Расіі, як не Англія? — А. Т.) (гл.: Нарочицкая Н. То, что нельзя забывать // Неман. 2005. № 5. С. 138). Аднак калі мець на ўвазе, што кіраўніцтва Англіі і Францыі чакала далейшага прасоўвання Гітлера на ўсход, дык такая іхняя зычлівасць лагічна вытлумачваецца, але ўжо пад час нямецка-савецкай вайны яны пры падтрымцы ЗША вялі ўпартую дыпламатычную барацьбу з прадстаўнікамі Крамля за адстойванне ўсходніх межаў Польшчы. У абодвух выпадках захады дыпламатаў, што і не дзіўна, дэтэрмінаваліся (геа)палітычнай кан’юнктурай, а не міжнародна-прававой базай.
[2] Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939—1954): Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабаш, Н. А. Рыбак. Гродно: ГГАУ, 2004. С. 106.
[3] Случ С. З. Советско-германские отношения в сентябре — декабре 1939 года и вопрос о вступлении СССР во Вторую мировую войну // Отечественная история. 2000. № 5. С. 46—58; № 6.С. 10-27.
[4] Сталін І. В. Творы. Т. 13. Мінск, 1951. С. 394.
[5] Лебедева Н. С. Польша между Германией и СССР в 1939 году //Война и политика, 1939-1941. Москва, 1999. С. 74; 162-163.
[6] Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына. 1994.№ 4. С. 59-60.
[7] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Пер. з польскай В. Ждановіч. Каментарыі А. М. Літвіна. Мінск, 1993.С. 38.
[8] Гл., напрыклад: Костюк М. П. Большевистская система власти в Беларуси. Москва, 2002. С. 208.
[9] Гл.: Горбач А., Міхнюк У. Уз’яднанне Заходняй Беларусі зБССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1.Мінск, 2001. С. 571.
[10] Снапкоўскі У. Савецка-германскія дагаворы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 194.
[11] Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 г. /А. Вабішчэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэд.) і інш.Мінск, 2006. С. 455, 468.
[12] Цыт. па: Вялікі А. Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944—1946): Манагр. / Навук. рэд. В. Дз. Селяменеў.Мінск, 2005. С. 20.
[13] Цыт. па той жа працы. С. 26, 30, 31.
[14] Цыт па: Турук Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. Москва, 1921. С. 51.
[15] Канарш Г. Ю. Понятие справедливости в истории политической мысли (античная традиция и классический либерализм) //Философские науки. 2006. № 2. С. 142. Да таго ж некаторыя сучасныя расійскія мысляры даводзяць, што не існуе агульнагауніверсальнага паняцця „справядлівасці” (гл.: Печерская Н.В.Метаморфозы справедливости: историко-этимологическийанализ понятия справедливости в русской культуре // Полис.2001. №2. С. 132-146).
[16] Цыт. па: Суворов В. Ледокол. Кто начал Вторую мировую войну?: Нефантастическая повесть-документ. Москва, 1992. С. 43.
[17] У гэтай сувязі дазволім сабе шырокае цытаванне У. Леніна: «Аннексией нельзя назвать всякое присоединение „чужой” территории, ибо социалисты, вообще говоря, сочувствуют устранению границ между нациями, сближению и слиянию наций, образованию более крупных государств. Ясно, что аннексией нельзя считать всякое нарушение status quo: это было бы величайшей реакционностью и насмешкой над основными понятиями исторической науки. Ясно, что аннексией нельзя считать всякое насильственное, военное, присоединение, ибо против насилия, если оно применяется в интересах массы населения и в интересах прогресса человечества, социалисты возражать не могут. Ясно, что аннексией можно и должно считать лишь присоединение территории вопреки воле ее населения. Другими словами, понятие аннексии неразрывно связано с понятием самоопределения наций» (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 27. Москва, 1973. С. 462—463). Але ж трэба мець на ўвазе (і тут варта пагадзіцца), што „Лeнин oбъявляeт нpaвcтвeнным вce, чтo cпocoбcтвyeт пpoлeтapcкoй peвoлюции, дpyгoгo oпpeдeлeния добpa oн нe знaeт” (Бердяев Н. А. Истоки и смысл русского коммунизма. Глава VII. § 3 — узята з Internet’а: http://www.philosophy.ru/library/berd/ comm.html). Бо неўзабаве пасля тых слоў, пры неабходнасці апаніравання, Ленін сам падкрэслівае, што “в понятие аннексии входят обычно 1) понятие насилия (насильственное присоединение), 2) понятие чуженационального гнета (присоединение „чужой” области и т. п. и — иногда — 3) понятие нарушения status quo („интересы человечества” ў дадзенай фармулёўцы адсутнічаюць), і, амаль паўтараючыся, робіць выснову: „аннексия есть нарушение самоопределения нации, есть установление границ государства вопреки воле населения” (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 30. Москва, 1980. С. 25—26). Логіка і мараль правадыра пралетарыяту характарызуюцца яго наступнымі словамі: „Плох тот революционер, который в момент острой борьбы останавливается перед незыблимостью закона. Законы в переходное время имеют временное значение. И если закон препятствует развитию революции, он отменяется или исправляется” (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 36. Москва, 1974. С. 504).
[18] Сальков А. П. Проблема принадлежности Западной Белоруссии и Западной Украины в советско-англо-франко-американских отношениях (сентября 1939 — июнь 1941 г.).С. 19.
[19] Ладысеў У. Ф. Рыжскі дагавор 1921 года і палітыка кіраўніцтва Савецкай Расіі экспарту рэвалюцыі // Biuletyn Historii Pogranicza. 2001. № 2. С. 38; першакрыніца: НАРБ, ф. 242,воп. 1, спр. 7, арк. 6, 75.
[20] Хваля М. Заходняя Беларусь. Яе абшар, люднасць і натуральныя багацці // Наш палетак. 1932. № 1. С. 12.
[21] Хаўратовіч І. П. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 4. Мінск, 1971. С. 533—535; Хаўратовіч І. П. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 10. Мінск, 1974. С. 438—439; ХаўратовічІ. П. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 12. Мінск, 1975. С. 151-157.
[22] Хаўратовіч І. Заходняя Беларусь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Мінск, 1996. С. 421.
[23] СССР — Германия. 1939—1941. Документы и материалы о советско-германских отношениях с апреля 1939 г. по июль1941 г. // http://around.spb.ru/variety/docs/diplomat/union.php
[24] Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына. 1994.№ 4. С. 56; Мирный договор между Россией и Литвой. 12 июля 1920 г. // Спадчына. 1993. № 5. С. 48-55.
[25] Мирный договор между Россией и Украиной, с одной стороны, и Польшей — с другой // Спадчына. 1993. № 4. С. 15.
[26] Случ С. З. Советско-германские отношения в сентябре — декабре 1939 года и вопрос о вступлении СССР во Вторую мировую войну // Отечественная история. 2000. № 5. С. 46—58; № 6. С. 10-27.
[27] Чаму ў пэўнай меры? Ды справа ў тым, што і ў канцы і паслявайны крамлёўскія палітыкі адстойвалі не столькі „гістарычнуюсправядлівасць”, колькі прыналежнасць да СССР эканамічна каштоўнай Галіччыны: „документи свідчать, що коли йшлося про конкретні території, то суперечки ніколи не торкалися Волині чи Західної Білорусії” (Коваль В. С. Довкола радянсько-польскої війни 1939 року // Історичні зошити. 1991. № 1. С. 58).
[28] Цікава, што такое параўнанне намі знойдзена і ў падставовым падручніку па гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў беларускіх ВНУ (Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. ХІХ-XX ст.: Курс лекцый / П. І. Брыгадзін, У. Ф. Ладысеў, П. І. Зялінскіі інш. Мінск, 2002. С. 439). А вось убачыць сярод аўтараў адпаведнага раздзела У. Ладысева, „барацьбіта за гістарычнуюсправядлівасць”, было даволі нечакана.
[29] Дарэчы, генезіс тэрміна „чацвёрты падзел” адносна вераснёўскіх падзей 1939 г. нельга прыпісваць цалкам польскаму палітычнаму ды гістарычнаму дыскурсу. Яшчэ да таго, як надаляглядзе тыя падзеі з’явіліся, кіраўніцтва СССР загаварыла пра эвентуальнасць „практики ХVІІІ ст.: произвести вместе(з Нямеччынай. —А. Т.) четвертый раздел” (Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939—1954):Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабаш, Н. А. Рыбак. Гродно, 2004. С. 105-106).
[30] У сувязі з гэтым нельга не пагадзіцца з абурэннямі атамана Палескай Сечы (Украінская Паўстанцкая Армія) генерала-харужага Тараса Бульбы-Бараўца: маўляў, палякі, пачынаючы з Рыгі 1920 г., так доўга гандлявалі чужымі землямі тоз Масквою, то з Берлінам, пакуль сама Польшча не зрабілася нямецкай і маскоўскай калоніяй (Бульба-Боровець Т. Армія без держави. Слава і трагедія українського повстанського руху.Спогади. Вінніпег — Канада, 1981. С. 66). З часамі сацыяльна-палітычнай лібералізацыі польская гістарычная навука праявіла тэндэнцыю не толькі да вытлумачэння логікі падзелу Чэхаславакіі паміж Нямеччынай, Польшчай і Венгрыяй, але і да канструявання вобраза ІІ Рэчы Паспалітай як ахвяры таго акта на той падставе, што яго кантэк ст прывёў неўзабаве да агрэсіі супраць самой Польшчы (гл., напрыклад: Sobczak K. Polska wobec Monachium // W 50 rocznicę konferencji monachijskiej – niedocenionego ostrzeżenia dla narodów świata. Mareriały z sesji naukowej. Bęsia 21-22 września 1988. Studia i Materiały Nr 19. Historia. Olsztyn, 1990. S. 11-20).
[31] У пачатку германа-савецкай вайны на запытанне немцаў, якойўлады хацелі б беларускія сяляне, адзін дзед шчыра адказаў,што такой, якая дала б „спакой нашаму сялу” (паведамленнеП. Панамарэнкі Сталіну): Чайковский А. С. Невідома війна:(Партиз. рух в Україні 1941—1944 рр. мовою документів, очима історика). Киïв, 1994. С. 58. Звярніце ўвагу на адсутнасць(прычым тыповую для беларускай вёскі) нейкай дзяржаўніцкайарыентацыі ў селяніна пры патрыятычнасці адносна сваёй малой радзімы. (Гл. на гэты конт таксама, напрыклад: Радзік Р.Прычыны слабасці нацыятворчага працэсу беларусаў у ХІХ—XX ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 2. Сш. 2. Менск, 1995.С. 197).
[32] Dębski S. Między Berlinem a Moskwą. Stosunki niemiecko-sowieckie 1939—1941. Warszawa: Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 2007. S. 600.
[33] Ліс А. Заходняя Беларусь: культурная спадчына забытага дваццацігоддзя // Спадчына. 1994. № 6. С. 38—39.
[34] Наджафов Д. Г. Советско-германский пакт 1939 года: переосмысление подходов к его оценке // http://www.rus-lib.ru/book/35/36/36-4/154-165.html#_ftn1.
[35] Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 816.
[36] Документы внешней политики. 1939. Т. ХХІІ: В 2 кн. Кн. 2:Сентябрь — декабрь. Москва, 1992. С. 135-136.
[37] Гл. хаця б: Хоміч С. Беларускія скарбы Гувера // Спадчына.2003. № 4—5. С. 69. Больш за тое, месцамі было заўважана, што тэхналогія выбараў дазваляла вылічыць тых, хто не галасаваў за адзінага ў бюлетэні кандыдата: Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954): Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабаш, Н. А. Рыбак. Гродно, 2004. С. 137—138. Гэта значыць, новая ўлада, акрамя пастаноўкі спектакля па юрыдычным афармленні далучэння зямель, паралельна выяўляла іх антысавецкі патэнцыял. Да таго ж савецкія „выбары” на Заходняй Беларусі, як сведчаць адрасаваныя ўладам пытанні бескампраміснай моладзі, адбываліся пад пагрозай савецкай зброі (Gnatowski M. Niepokorna Białostocczyzna. Opór społeczny i polskie podziemie niepodległościowe w regionie białostockim w latach 1939—1941 w radzieckich żrodłach. Białystok. 2001. S. 80). У снежні 1940 г. на выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы не толькі навязвалі сваіх, але пры гэтым і адхілялі вылучаных ад народа. У Столінскім раёне такіх аказалася ажно 76 (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага р-на. Мінск, 2003. С. 181). З тых часоў на некаторых выбарчых участках пэўны час захоўваўся надпіс: „Пакіньце адно прозвішча, а астатнія выкрасліце”. „Гэта здзіўляла, бянтэжыла, абурала выбаршчыкаў” (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іванаўскага р-на. Мінск, 2000. С. 152).
[38] Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 44. Москва, 1974. С. 170-174.
[39] Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 37. Москва, 1974.С. 464.
[40] Цыт. па: Жыжак С. Лавіце момант: ленінская спадчына //„ARCHE Пачатак”. 2004. № 4. С. 94.
[41] Каваленя А. А. Моладзь заходніх абласцей Беларусі напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў: зборнік навук. артыкулаў /Гродз. дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, У. І. Навіцкі,В. А. Белазаровіч (адк. рэд.) [і інш.]. Гродна, 2006. С. 15.
[42] Литвин А. Как это было // Нёман. 1991. № 6. С. 160.
[43] Цыт. па: Татаренко А. Недозволенная память: Западная Беларусь в документах и фактах: 1921—1954. С.-Петербург, 2006. С. 245-246, 332.
[44] Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 504.
[45] Гл., напрыклад: Шкялёнак М. Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы. Беласток, 2003. С. 236-248.
[46] Цыт. па: Ладысеў У. Ф. Да пытання нацыянальна-тэрытарыяльнага адзінства беларускіх зямель у 20-я гады //Этнасацыяльныя і культурныя працэсы ў заходнім рэгіёне Беларусі: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі / Пад рэд. І. П. Крэня. Гродна, 1998.С. 104.
[47] Історія України: нове бачання / В. Ф. Верстюк, О. В. Гарань,О. І. Гуржій та ін.; під ред. В. А. Смолія. Киïв, 2000. С. 338.
[48] Гетьманчук М. Ризький договір і трагедія Польщі в 1939 році //1939 рік в історичній долі України і українців. Матеріали Міжнародної наукової конференції 23—24 вересня 1999 р.Львів, 2001. С. 119.
[49] Ладысеў У. Ф. Ваенна-палітычны фактар у вырашэнні праблемы адзінства беларускай нацыі ў пачатковы перыяд II сусветнай вайны (метадалагічны аспект) // Другая сусветная вайна: новыя аспекты даследаванняў. Матэрыялы міжнароднага навуковага семінара 1 верасня 2003 г. Мінск; адк. рэд. В. Ф. Балакіраў, К. І. Козак. Мінск, 2004. С. 11.
[50] Цыт. па: Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954): Монография. С. 104-105.
[51] Гл. падрабязней: Сталин И. В. Сочинения. Т. 7. Москва, 1952.С. 274-276.
[52] Цыт. па: Ф’ют А. Быць (або ня быць) сярэднееўрапейцам // Спадчына. 1998. № 5. С. 195.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'