Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусы ў эміграцыі'

Артыкулы па тэме ‘Беларусы ў эміграцыі’

МОСЕЙКИНА, МАРИНА Н. «Рассеяны, но не расторгнуты»: русская эмиграция в странах Латинской Америки в 1920—1960 гг. Москва: РУДН, 2011. 384 с.

11 лютага, 2011 |

Манаграфія Марыны Масейкінай прысвечана пытанням фармавання і развіцця рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце з 1920 да 1960 г. У даследаванні падрабязна і рознабакова разглядаецца феномен рускага замежжа, вывучаецца менталітэт дыяспары і асаблівасці сацыяльна-прававой, эканамічнай і культурнай адаптацыі эмігрантаў, аналізуюцца асноўныя палітычныя цэнтры рускага замежжа. Аўтар падае ўласныя, абсалютна новыя для сучаснага эмігрантазнаўства, ацэнкі ролі „Рускага свету” ў мінулым краін Лацінскай Амерыкі.

Даследаванне М. Масейкінай абапіраецца на шырокае кола неапублікаваных гістарычных крыніц. Асабліва актыўна аўтар спасылаецца на дакументы з фондаў Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, Архіва знешняй палітыкі Расійскай імперыі, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага ваеннага архіва, архіва-фонда Бібліятэкі „Рускае замежжа” імя А. Салжаніцына, Рускага архіва Універсітэта г. Лідс у Вялікабрытаніі.

Пазітыўнай асаблівасцю даследавання дыяспаральнасці стала выкарыстанне аўтарам сучасных навуковых публікацый на іспанскай, англійскай, беларускай і ўкраінскай мовах. Замежныя апублікаваныя работы па адзначанай тэме і архіўныя матэрыялы дазволілі больш поўна і аб’ектыўна паказаць асаблівасці мінулага рускай эміграцыі ў Лацінскай Амерыцы, яе колькасны склад і прававое становішча, вынікі сацыяльнай адаптацыі.

Нягледзячы на тое, што манаграфія М. Масейкінай прысвечана гісторыі рускай дыяспары, кніга будзе акту-альнай і запатрабаванай публікацыяй для спецыялістаў у пытаннях фармавання і развіцця беларускага замежжа з 1920 да 1960 г. Аўтар кампетэнтна аналізуе асаблівасці міжкультурнага дыялогу эмігрантаў славянскага паходжання ў Лацінскай Амерыцы, узважана акрэслівае прычыны ўзаемасувязяў рускіх і беларускіх эмігрантаў у адзначаны перыяд.

Рэцэнзаваная манаграфія складаецца з уводзінаў, двух раздзелаў і заключэння. Прааналізавана роля рускай эміграцыі ў Аргенціне, Бразіліі, Парагваі, Уругваі, Мексіцы, Чылі, Балівіі, Калумбіі, Эквадоры, Перу, Панаме, Нікарагуа. Асабліва падрабязна разглядаецца прававы статус, адаптацыя, культурнае і палітычнае жыццё дыяспары ў Аргенціне, Бразіліі і Парагваі.

Першы раздзел прысвечаны аналізу фармавання рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце з 1920 да 1945 г. У ім дастаткова падрабязна пададзена міжнародна-прававая праблема паслярэвалюцыйнай міграцыі рускіх бежанцаў у краіны Лацінскай Амерыкі, значэнне прыняцця нансэнаўскага пашпарта ў якасці адзінага ідэнтыфікацыйнага дакумента, фармаванне заканадаўчай базы іміграцыйнай палітыкі ў краінах Лацінскай Амерыкі, якая ў рознай ступені эфектыўнасці павінна была забяспечыць працэс прававой адаптацыі эмігрантаў. Аўтар дакладна акрэслівае колькасць і склад перасяленцаў у міжваенны перыяд, разглядае няпростае пытанне фінансавання рускай эміграцыі, праблему сацыяльна-эканамічнай адаптацыі, аналізуе ролю і значэнне прыходаў Рускай праваслаўнай царквы за мяжой, сістэму кантролю выдачы матэрыяльнай дапамогі эмігрантам. Асабліва дакладна і дэталёва паказаны ход працэсу палітычнай інстытуалізацыі рускай эміграцыі ў міжваенны час, значэнне палітычных і культурных мерапрыемстваў па захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці дыяспары.

Падкрэсліваецца, што руская дыяспара ў краінах Лацінскай Амерыкі мела больш шырокую сацыяльную стратыфікацыю, чым беларуская эміграцыя, бо беларуская супольнасць замежжа складалася ў асноўным з ма-лазабяспечаных сялян, якія пакінулі радзіму выключна па эканамічных прычынах. У адрозненне ад беларускай дыяспары ў рускім лацінаамерыканскім асяродку было нямала інтэлігенцыі, адаптацыя якой праходзіла больш складана і непаслядоўна. Сярод прадстаўнікоў рускай дыяспары былі дзеячы навукі і адукацыі, літаратары, скульптары, мастакі, музыканты, артысты рускага балета, якія пакінулі багатую культурную спадчыну для тых краін, якія іх прынялі.

Асабліва карысныя для сучаснай беларускай гістарычнай навукі ацэнкі аўтара пры апісанні пазіцый рускай эміграцыі ў краінах Лацінскай Амерыкі напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны. М. Масейкіна пазбягае ідэалагічных штампаў і пустых абвінавачванняў, яна аб’ектыўна і ўзважана тлумачыць уплыў і значэнне прафашысцкіх арганізацый рускага замежжа, прыводзіць факты фармавання прасавецкай плыні рускай дыяспары, апісвае шматлікія мерапрыемствы эмігрантаў па арганізацыі дапамогі Савецкаму Саюзу ў гады вайны.

Другі раздзел прысвечаны пытанням палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і прававой адаптацыі рускіх перамешчаных асоб у Лацінскай Амерыцы з 1945 да 1960 г. Аналізуецца дзейнасць міжнародных арганізацый у фармаванні пасляваеннай эміграцыйнай хвалі на лацінаамерыканскі кантынент: роля ЮНРРА (Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый) і ІРО (Міжнароднай арганізацыі па справах бежанцаў і перамешчаных асоб), дакладна апісваецца палітыка прымаючых краін у адносінах бежанцаў з Еўропы.

Прынцыпова новае для беларускай гістарычнай навукі пытанне прававога статусу эмігрантаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі, якое разглядаецца ў кнізе. Дасле-даванне М. Масейкінай значна пашырае і дапаўняе гістарычную карціну пасляваеннай хвалі беларускай эміграцыі. Аўтар адзначае, што згодна з Ялцінскім пагадненнем, савецкія грамадзяне падлягалі рэпатрыяцыі, акрамя жыхароў Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і краін Прыбалтыкі. Заходнія саюзнікі юрыдычна лічылі савецкімі грамадзянамі толькі тых асоб, якія жылі ў СССР да 1 верасня 1939 г., а астатнія эмігранты мелі права выбару ў пытанні вяртання на Бацькаўшчыну.

Памкненне выратавацца ад прымусовай рэпатрыяцыі прымушала шэраг эмігрантаў падрабляць дакументы, мяняць нацыянальнасць і месца нараджэння. Дадзены гістарычны факт тлумачыць блытаніну ў статыстычных звестках рускай, украінскай і беларускай пасляваеннай эміграцыйнай хвалі, хаця згаданыя лічбы ўвогуле не могуць мець дакладнага характару. Згодна з дасле-даваннем М. Масейкінай, некаторыя рускія эмігранты намагаліся выдаваць сябе ў дакументах за беларусаў і ўкраінцаў, каб пазбегнуць рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз.

Варта падкрэсліць, што ў манаграфіі дастаткова дакладна акрэсліваецца сацыяльны склад другой хвалі рускай эміграцыі ў Лацінскую Амерыку. У пасляваенны час на кантынент пераехалі прадстаўнікі белай эміграцыі з еўрапейскіх краін; калабарацыяністы; былыя савецкія грамадзяне, якія ўцяклі за мяжу з нямецкімі войскамі; савецкія ваенныя, што трапілі ў палон да фашыстаў; былыя гастарбайтары. Акрэсліўшы асноўныя групы пасляваенных эмігрантаў, аўтар дакладна апісвае іх палітычныя перакананні, стаўленне да савецкай краіны і ўзаемаадносіны з уладамі лацінаамерыканскіх дзяржаў.

Акрэслена геаграфія рассялення пасляваеннай эміграцыйнай хвалі на лацінаамерыканскім кантыненце, даследавана яе прававое становішча, на аснове чаго тлумачацца асаблівасці сацыяльна-эканамічнай адаптацыі асоб. Аўтар прааналізавала палітычнае жыццё эміграцыі ва ўмовах „халоднай вайны”, значэнне культурнай і выдавецкай дзейнасці супольнасці замежжа, стаўленне эмігрантаў да Савецкага Саюза. Новыя думкі і высновы па тэорыі дыяспаральнасці аўтар падае пры разглядзе праблем узаемасувязяў і супрацьстаяння радзімы і дыяспары напрыканцы раздзела.

Асобнае месца аддадзена міжнацыянальным узаемасувязям у асяродку пасляваеннай эміграцыі, разглядаецца роля ўкраінскай, беларускай, армянскай, літоўскай, латышскай дыяспар у гісторыі Лацінскай Амерыкі. Варта адзначыць, што аўтар засяроджвае ўвагу на дзейнасці Саюза ўкраінска-беларускіх рабочых арганізацый у Аргенціне, ролі таварыства ўзаемадапамогі „Белорусский очаг”, прыводзяцца яскравыя прыклады біяграфій беларускіх эмігрантаў.

Неабходна падкрэсліць, што пры разглядзе інстытуцыянальных формаў рускай эміграцыі ў пасляваенны час закранаецца пытанне супрацьстаяння заходніх спецслужбаў у Лацінскай Амерыцы з савецкай разведкай. М. Масейкіна аб’ектыўна апісвае значэнне фінансавання некаторых палітычных партый і грамадскіх арганізацый рускага замежжа амерыканскім урадам і яго структурамі, адзначае ролю КДБ у прапагандзе савецкіх ідэй сярод эмігрантаў. Асабліва няпростымі ў палітычным жыцці дыяспары, на думку аўтара, былі ўзаемаадносіны паміж міжваеннай і пасляваеннай эміграцыйнымі хвалямі, хаця эміграцыя пасля завяр-шэння Другой сусветнай вайны значна паспрыяла палітызацыі рускай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы. Варожасць і непаразуменне паміж прадстаўнікамі розных эміграцыйных хваляў пачалі знікаць толькі ў канцы 1950-х г., што наклала адбітак на ўсю дзейнасць рускага замежжа ў адзначаны перыяд.

Дыскусійнае і слаба даследаванае пытанне для беларускай гістарычнай навукі — рэпатрыяцыйная дзейнасць СССР. Характарыстыкі і высновы аўтара зроблены на аснове шырокага кола архіўных дакументаў са сховішчаў Расійскай Федэрацыі, што значна дапаўняе і ўдакладняе сучасныя навуковыя публікацыі па рэпатрыяцыі і рээміграцыі. У даследаванні адзначаецца, што нягледзячы на антырэпатрыяцыйныя настроі часткі рускай дыяспары, некаторыя эмігранты добраахвотна паехалі ў Савецкі Саюз, выкарыстаўшы магчымасці вярнуцца на радзіму пасля вайны. Асабліва шчыра да рэпатрыяцыі імкнуліся асобы, якія так і не змаглі сацыяльна адаптавацца ў новым грамадстве, а таксама тыя эмігранты, якія паверылі савецкім прапагандыстам у Лацінскай Амерыцы. У даследаванні нават прыводзіцца прыклад біяграфіі рэпатрыянтаў з Аргенціны ў БССР. У кнізе разглядаецца лёс старшыні „Славянскага Саюза” у Аргенціне П. Шастакоўскага, што пасяліўся ў Мінску пасля вяртання з Аргенціны. Цудоўная ілюстрацыя высноў раздзела — успаміны яго ўнука С. Картэса, які з цягам часу стаў вядомым беларускім кампазітарам і народным артыстам Беларусі.

Пры аналізе культурнага жыцця пасляваеннай рускай дыяспары акцэнт робіцца на тых фактах, якія да-зволілі эмігрантам скласці аснову нацыянальнай ідэнтычнасці на прасторы іншакультурнай супольнасці. Менавіта першапачатковай немагчымасцю свабоднага выкарыстання мовы даміноўнага этнасу тлумачыцца неабходнасць актыўнага стварэння разнастайных ін-стытуцыянальных цэнтраў (рускамоўных школ, грамадскіх і культурных аб’яднанняў, карпаратыўных арганізацый і палітычных партый). Слушна характарызуецца працэс частковай асіміляцыі рускай дыяспары ў пасляваенны час з непазбежнай частковай стратай роднай мовы ў эмігранцкім асяродку, пры гэтым у манаграфіі дакладна апісаны механізм захавання элементаў рускай культуры і нацыянальнай самасвядомасці.

Асобнае месца ў культурным жыцці рускага замежжа адведзена ролі перыядычных выданняў у агітацыйнай і прапагандысцкай рабоце сярод эмігрантаў. Варта адзначыць, што пры вывучэнні выдавецкай дзейнасці прэсы рускага замежжа М. Масейкіна падкрэслівае падабенства характарыстык рускай і беларускай перыёдыкі, што асабліва праявілася ў актуалізацыі аднолькавых даміноўных тэм нумароў газет і часопісаў. Асобна разглядаецца развіццё эмігранцкіх выдавецтваў у Лацінскай Амерыцы, якія рыхтавалі да друку ў асноўным палітычную публіцыстыку, ідэалагічныя работы, гістарычныя даследаванні і мастацкую літаратуру для эмігрантаў.

Такім чынам, манаграфія М. Масейкінай стала першым навуковым выданнем, дзе абагульняецца і аналізуецца гісторыя рускай дыяспары ў краінах Лацінскай Амерыкі з 1920 да 1960 г. У даследаванні дастаткова падрабязна прааналізаваны дзве эміграцыйныя хвалі рускай эміграцыі, асаблівасці іх адаптацыі і характарыстыю узаемасувязяў з іншымі дыяспарамі. Аўтар падкрэслівае, што ў адзначаны перыяд Лацінская Амерыка вабіла перасяленцаў дастаткова ліберальным іміграцыйным заканадаўствам, наяўнасцю зямлі для сельскай гаспадаркі, запатрабаванасцю ў працоўнай сіле і нават магчымасцю пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі ў пасляваенны час. Манаграфія М. Масейкінай яскрава і поўна ўзнаўляе гістарычную карціну фармавання і палітызацыі рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце. Грунтоўнае даследаванне па рассяленні, адаптацыі, эканамічным, палітычным і культурным жыцці рускай эміграцыі дапоўніць беларускую гістарыяграфію новымі звесткамі пра асноўныя аспекты дзейнасці беларускай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы.

Мінск

Вольга Коваль

„Запісы БІНіМ” Т. 30-34 (2006-2011)

9 лютага, 2011 |


Не таямніца, што даследаванні эміграцыі ў беларускай гістарычнай навуцы знаходзяцца не на належным узроўні. Праўда, з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці выйшла пэўная колькасць публікацый, прысвечаных эміграцыйнай праблематыцы, аднак складана гаварыць пра нейкі значны крок у гэтым напрамку. Так, мала комплексных даследаванняў па гісторыі беларускай эміграцыі. Шэрагі даследчыкаў эміграцыі павялічваюцца вельмі павольна. Галоўная прычына — адсутнасць буйных навуковых асяродкаў, якія б на сур’ёзным узроўні займаліся вывучэннем эміграцыйнай праблематыкі. Гэты „недахоп” прынамсі часткова кампенсуе выданне гадавіка „Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва”.

Разгляданае выданне мае даўнія і трывалыя традыцыі. „Запісы” пачалі выдавацца ў 1952 г. у Нью-Ёрку намаганнямі заснавальнікаў і супрацоўнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва. У 1952-1954 г. у ЗША ўбачылі свет шэсць тамоў. Наступныя кнігі выдаваліся у Мюнхене. Агулам у 1962-1970 г. у Заходняй Нямеччыне выйшла пяць тамоў. У перыяд з 1974 да 1999 г. „Запісы” зноў выдаваліся ў Нью-Ёрку. Тут падрыхтавана дванаццаць нумароў. Пасля чарговага перапынку выданне „Запісаў” аднавілася ў 2002 г. як супольны нью-ёркска-мінскі праект. Аналізуючы склад выдавецкага калектыву, можна зрабіць пэўныя высновы. Натуральна, для амерыканскага выдання кіраўніком Рэдкалегіі “Запісаў” з’яўляецца Томас Бэрд, адзін з найбольш вядомых беларусістаў ЗША. Аднак калі да распаду СССР гісторыяй эміграцыі маглі займацца пераважна самі эмігранты (яны ж былі і аўтарамі публікацый у перыё-дыку), то цяпер шэрагі знаўцаў беларускай эміграцыі пашырыліся за кошт гісторыкаў з метраполіі. Сярод членаў рэдкалегіі побач з вядомымі беларусістамі з-за акіяну Вітаўтам Кіпелем, Янкам Запруднікам і Лявонам Юрэвічам, — Алег і Наталля Гардзіенкі, даследчыкі эміграцыі ХХ ст., што жывуць у Беларусі.

Як нам здаецца, з кожным годам „Запісы” робяцца больш цікавым выданнем. Прыгледзімся бліжэй да зме-сту апошніх некалькіх тамоў за 2006-2011 г. Практычна ўсе выпускі былі тэматычныя.

Том 30 (2006) распачынаюць два блокі артыкулаў і матэрыялаў, прысвечаных 80-годдзю Янкі Запрудніка і Аляксандра Надсана. Першы блок адкрываецца артыкулам Андрэя Унучка „Захавальнік нашае памяці”, у якім адзначаецца, што заслугі Я. Запрудніка ў пашырэнні навуковых ведаў пра гісторыю Беларусі ў вольным свеце цяжка пераацаніць. Аўтар падкрэслівае, што Янка Запруднік слушна займае ганаровае месца сярод беларускіх гісторыкаў. „Бібліяграфія Янкі Запрудніка” ўтрымлівае пералік кніг, брашур, артыкулаў, літаратурных твораў, інтэрв’ю юбіляра за 1954-2005 г., а таксама спіс публікацый пра яго. Наступныя тры публікацыі выйшлі з-пад пяра самога юбіляра. Першая („Спробы адраджэньня ды аўтарытарная рэакцыя (1993-1995)”) — гэта неапублікаваны апошні раздзел кнігі Я. Запрудніка „Беларусь на гістарычных скрыжаваннях”, якая выйшла у 1996 г. у Мінску. Аўтар сцісла характарызуе сітуацыю у краіне перад абраннем прэзідэнтам А. Лукашэнкі, а потым прасочвае асноўныя вехі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў першыя гады існавання прэзідэнцкай рэспублікі, аналізуе пачынанні новай улады. Наступны матэрыял — прамова „Гістарычнасьць будзённага”, што была агучана Я. Запруднікам пад час святкаванняў 61-й гадавіны абвяшчэння БНР у сакавіку 1979 г. у Нью-Ёрку. У артыкуле „Беларуская аўтакефалія” аўтар прасочвае гістарычныя  перадумовы  самастойнасці  Беларускай Праваслаўнай Царквы. „Эпітафіі” Я. Запрудніка — крылатыя выразы аўтара ў дачыненні да вядомых беларускіх эміграцыйных дзеячаў.

Другі блок матэрыялаў прысвечаны постаці айца Аляксандра Надсана. Распачынае яго артыкул Алега Гардзіенкі „Той, хто трымае сьвет”, у якім аўтар зася-роджваецца на асноўных жыццёвых этапах рэлігійнага і грамадскага дзеяча. „Бібліяграфія Аляксандра Надсана” ахоплівае навуковы, перакладчыцкі і публіцыстычны даробак за 1947-2005 г. Таксама падаецца пералік матэрыялаў, прысвечаных а. Аляксандру. Наступную частку тэкстаў складаюць публікацыі а. Надсана. Варта зазначыць, што гэта перадрукі з розных эміграцыйных выданняў. Серыю артыкулаў адкрывае матэрыял „Сьвяты Кірыла Тураўскі”, у якім асвятляецца культурна-рэлігійная спадчына беларускага святога. У артыкуле „Малітвы Скарыны” разглядаецца змест першага друкаванага ўсходнеславянскага малітоўніка для свецкіх асобаў „Малая падарожная кніжка”, выдадзенага Ф. Скарынам у 1522 г. у Вільні. Гэтаму ж твору прысвечаны і артыкул „Кніга Скарыны ў Капэнгагене”. У артыкуле „Еўеўскі буквар” аналізуецца змест „Буквара”, выдадзенага ў 1618 г. Віленскім Святадухаўскім праваслаўным брацтвам, аўтарам якога, магчыма, быў Мялеці Сматрыцкі. Артыкул „Беларусы ў Грэцкай Калегіі” распавядае пра выхадцаў з беларускіх земляў, якія ў XVII-XVIII ст. вучыліся ў Грэцкай калегіі ў Рыме, дзе рыхтавалі святароў усходняга абраду. Да тэксту прыкладзены спіс навучэнцаў калегіі, што паходзілі з беларускіх тэрыторый.

У рубрыцы „Публікацыі” змешчаны артыкул Наталлі Гардзіенкі „Беларускія дыяспары: спроба сыстэмнага аналізу”, дзе даецца азначэнне тэрміна „дыяспара”, разглядаецца колькасны і якасны аспекты існавання „беларускага замежжа”, аналізуюцца чыннікі, якія ўплываюць на функцыянаванне эміграцыі, адзнача-юцца асаблівасці рассялення беларусаў у свеце, а таксама асвятляецца пытанне іх сувязі з метраполіяй. У публікацыі акрэсліваюцца асноўныя характарыстыкі эмігрантаў як этнасацыяльнай групы, прасочваюцца галоўныя этапы існавання эмігрантаў на чужыне. Артыкул Норберта Рандаў „Скарына ў Гёрліцы” ас-вятляе малавядомы канвалют кніг Бібліі, выдадзеных Скарынам у 1518-1519 г., які захоўваецца ў бібліятэцы у Гёрліцы (Федэральная зямля Саксонія, Нямеччына). Па сутнасці, гэта даклад, прачытаны аўтарам 1 верасня 2005 г. на калоквіюме МЗС Нямеччыны. Артыкул Лявона Юрэвіча „Танальнасць біяграфіі як энцыкля-пэдычнага жанру” распавядае пра канцэпцыю стварэння энцыклапедыі беларускага замежжа. На прыкладзе біяграфіі Людвіка Зарэчнага даследчык паказвае пэўныя складанасці пры ўкладанні біяграфічных артыкулаў. Рубрыка „Архіваліі” рэпрэзентавана двума матэрыяламі. Першы — апрацаваная і падрыхтаваная да друку Алесем Пашкевічам стэнаграма з Х (вячэрняга) паседжання І з’езда КПЗБ, якое адбылося 4 ліпеня 1928 г. Гэты дакумент утрымлівае справаздачу камуністычнага дзеяча Гершана Дуа-Богена, які ў 1928 г. ездзіў у ЗША з мэтай ажыццяўлення акцыі салідарнасці з арыштаванымі дзеячамі БСРГ. Другі матэрыял рубрыкі — выяўленая Аляксандрам Адзінцом у архіве Дзмітрыя Касмовіча даведка пра беларускіх праваслаўных святароў у Нямеччыне ў 1944-1945 г., складзеная напрыканцы Другой сусветнай вайны, праўдападобна, епіскапам Філафеем (Нарко). Дакумент утрымлівае пералік прозвішчаў з паданнем месца жыхарства душпастыраў праваслаўнага веравызнання з Беларусі ў Нямеччыне. Гэты спіс можа быць істотнай крыніцай па гісторыі царквы пад час вайны. У рубрыцы „Эпісталярыі” апублікаваны лісты былой кіраўнічкі СБМ Надзеі Абрамавай-Тэадаровіч да Надзеі Міцкевіч-Касмовіч, былой сяброўкі гэтае арганізацыі. Карэспандэнцыя паходзіць з 1960-1970-х г., калі абедзве гераіні знаходзіліся на эміграцыі, і датычыць пераважна асабістых спраў. У гэтай жа рубрыцы лісты Міхася Забэйды-Суміцкага, якія ён пісаў у 1970-я г. да Надзеі Батурыцкай, сяброўкі Таварыства беларуска-чэшскіх сувязяў. Пад рубрыкай „Дыялёгі” чытач знойдзе інтэрв’ю Янкі Запрудніка з Наталляй Арсеньевай з удзелам Яніны Каханоўскай, зробленае 19 лістапада 1993 г. Раз-мова тычылася некаторых асабістых і сямейных бакоў жыцця паэткі, якія раскрываюцца ў шчыльнай повязі з супярэчлівымі падзеямі першай паловы XX ст.

Асноўная тэма тома 31 (2008) — крыніцазнаўчая база па гісторыі беларускай эміграцыі. Праўда, нумар распачынае серыя публікацый (Лоры Доўнар „Моваю бібліяграфіі пра Алену Юрэвіч”, Вітаўта Кіпеля „Алена Юрэвіч — адданая працаўніца беларушчыны”, Валянціны Мароз „І за гарою пакланюся”), прысвечаных памяці Алены Юрэвіч, выбітнага навукоўца і бібліёграфа. Апрача таго, у томе змешчаны пералік публікацый нябожчыцы і матэрыялаў пра яе. Рубрыка „Архівы” ўтрымлівае шэраг змястоўных артыкулаў, аб’яднаных агульнай праблематыкай беларусікі ў замежных архівах і бібліятэках. Вольга Гарбачова („Беларусіка ў зборах Польскай бібліятэкі й Музэю Адама Міцкевіча ў Парыжы”) падае спіс непасрэдна або ўскосна звязаных з гісторыяй Беларусі матэрыялаў з гэтых збораў. Трэба заўважыць, што ў згаданых сховішчах знаходзяцца крыніцы з перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, але ў першую чаргу дакументы, якія могуць зацікавіць беларускіх навукоўцаў, тычацца дзейнасці эмігрантаў — выхадцаў з земляў Беларусі ў ХІХ ст. Алег Гардзіенка ў артыкуле „Архівы царквы сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры” раскрывае, як на сённяшні дзень, практычна невядомы беларускім гісторыкам, але вельмі каштоўны архіў па гісторыі беларускай паваеннай эміграцыі ў ЗША, якім ёсць зборы, што захоўваюцца у праваслаўнай парафіі св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Там пасля вайны стварылася досыць шматлікая беларуская дыяспара, звязаная з Беларускай Цэнтральнай Радай. У архіве знаходзяцца, сярод іншага, прыватныя калекцыі шэрагу вядомых дзеячоў БЦР, а перадусім Радаслава Астроўскага і Юрыя Сабалеўскага. Наталля Гардзіенка вельмі падрабязна апісвае архіўныя зборы Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане, скарбніцы ведаў па гісторыі беларускай эміграцыі паваеннага перыяду. Сярод яе набыткаў, якія могуць выклікаць зацікаўленне даследчыкаў, можна пералічыць дакументы і матэрыялы, што датычаць Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, беларускіх скаўтаў на Захадзе, Рады БНР, беларускіх арганізацый у розных краінах, калекцыі паасобных грамадска-палітычных і рэлігійных дзеячаў. У артыкуле Юрыя Грыбоўскага ідзе гаворка пра дакументы, што датычацца польска-беларускіх узаемадачыненняў пад час Другой сусветнай вайны i ў паваенны перыяд, якія цяпер захоўваюцца ў архівах і бібліятэках на тэрыторыі Польшчы і Вялікабрытаніі. Гэта перадусім такія сховішчы, як Цэнтральны вайсковы apxiý у Варшаве, Архіў новых актаў у Варшаве, Польскі інстытут імя генерала Сікорскага ў Лондане, Цэнтр даследавання польскага падполля ў Лондане і інш. У публікацыі Лявона Юрэвіча даецца агляд архіва Рады БНР, які пачаў фармавацца ў 1997 г. згодна з адпаведнай пастановай арганізацыі. Аўтар акрэслівае структуру архіва і падае апісанне некаторых дакументаў, якія былі расцярушаны па розных установах і калекцыях, а цяпер знаходзяцца ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва. У гэтай жа рубрыцы падаецца бібліяграфія матэрыялаў да гісторыі БНР на старонках газет „Бацькаўшчына” і „Беларус”, якую падрыхтаваў той жа аўтар. Ён старанна выбраў палемічныя артыкулы, зацемкі, паведамленні, камунікаты і абвесткі, звязаныя з чыннасцю рэактываванай у 1947 г. Рады БНР, яе замежнай і ўнутранай палітыкай.

У рубрыцы „Успаміны” змешчаны мемуары Юрыя Сабалеўскага і Цімоха Вострыкава. У першым выпадку чытач пазнаёміцца з машынапісам, які захоўваўся у зборах царквы Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы. Мемуары былі напісаны Ю. Сабалеўскім у 1948 г., калі гэты беларускі дзеяч знаходзіўся ў лагеры ДП у Заходняй Нямеччыне. Як кожная мемуарная літаратура, тэкст Ю. Сабалеўскага насычаны суб’ектыўным бачаннем працэсаў і падзей, сведкам якіх аўтару давялося быць. У значнай ступені напісанне гэтых успамінаў было выклікана жаданнем Ю. Сабалеўскага даць адказ сваім палітычным апанентам і нядобразычліўцам. У сувязі з гэтым вельмі добра, што мемуары, названыя аўтарам „На этапах”, суправаджае навуковы артыкул Алеся Пашкевіча (Адзін „этап” Юрыя Сабалеўскага), у якім гісторык спрабуе даць ацэнку постаці Сабалеўскага. Даследчык сцвярджае, што нягледзячы на суб’ектыўны характар успамінаў, яны значна пашыраюць нашы веды пра такія эпізоды мінуўшчыны, як бальшавіцкая акупацыя Мінска ў 1918-1919 г. або жыццё Заходняй Беларусі пад польскай улад ай у 1919 г. Тэкст Ц. Вострыкава („Мая споведзь”) — успаміны дэсантніка, які пасля праходжання спецпадрыхтоўкі ў амерыканскім вайсковым асяродку ў ФРН у 1952 г. быў закінуты ў складзе групы з чатыpox асобаў у БССР з мэтай ажыццяўлення выведніцкай і шпіёнскай дзейнасці. Аўтар выказвае ўласнае меркаванне наконт гэтага дэсанту, імкнецца адказаць на пытанне, чаму дэсантнікі амаль адразу ж пасля прызямлення былі захоплены савецкай выведкай. Пад рубрыкай „Эпісталярыі” — два тэксты: „Вэнэсуэльскі карэспандэнт Юркі Віцьбіча” і „Швэдзкае жыцьцё беларуса”. Абодва матэрыялы падрыхтаваны да друку Лявонам Юрэвічам. У першым выпадку чытацкай увазе прапануецца карэспандэнцыя Пятра Каралевіча, які належаў да заснаванага ў 1949 г. Аб’яднання беларусаў у Венесуэле. Гэта, відаць, была адзіная арганізацыя беларускіх эмігрантаў у той паўднёваамерыканскай краіне. Азнаямленне з трыма лістамі дае пэўнае ўяўленне пра стан беларускага жыцця ў Венесуэле, у прыватнасці пра гаротнае становішча, у якім апынуліся эмігранты ў гэтай краіне. У другім выпадку гаворка ідзе пра ліст, напісаны невядомай беларускай сям’ёй з правінцыйнага мястэчка у Швецыі, якая трапіла ў гэтую краіну пасля Другой сусветнай вайны. Безумоўна, матэрыялы ўзбагачаюць нашы веды пра ўмовы знаходжання беларускіх эмігрантаў у гэтых краінах, маладаследаваных з гледзішча побыту ў іх нашых суайчыннікаў. Артыкул Лявона Юрэвіча „Выдрукавана ў Бразыліі: невядомая публікатка” (рубрыка „Друкі”) прысвечаны малавядомай расійскамоўнай брашуры Георгія Садоўскага „Віцебскі батанічны сад. 1919-1921. Фотааповед”. Аўтар, эмігрант з Беларусі, які пасля вайны апынуўся ў Бразіліі, дзе ў 1965 г. і напісаў успаміны пра тое, як ён заснаваў батанічны сад у Віцебску. У рубрыцы „Персаналіі” Лявон Юрэвіч („Мікрагісторыя і макрагісторыя біяграфіі”) распавядае пра эміграцыйную дзейнасць Віктара Войтанкі, дзеяча Беларускай народнай самапомачы і бурмістра Баранавічаў пад час нямецкай акупацыі, які ў замежжы быў вядомы дзякуючы сваёй грамадска-палітычнай і рэлігійнай дзейнасці. Аўтар паказвае ўсе супярэчнасці і складанасці асабістага характару свайго героя. У іншым артыкуле таго ж аўтара („Дзьве душы маргінальнага беларуса”) разглядаецца эміграцыйная дзейнасць Кастуся Якуба, чалавека досыць контраверсійнага: беларуса з Віцебшчыны, выдаўца шэрагу рэлігійных перыёдыкаў на эміграцыі (між іншым, часопіса „Праваслаўны беларус”), які ў сваёй дзейнасці быў „раздвоены” паміж беларускасцю і расійскасцю, што знайшло адлюстраванне ў заангажаванасці ў жыццё як беларускай, так і расійскай дыяспары. Аўтар робіць выснову, што ўрэшце беларускія пачаткі героя перамаглі. Генадзь Сагановіч («Гістарычнасьць супраць „неабвержнасьці”, або перачытваючы Абэцэдарскага й Урбана») на прыкладзе прац Лаўрэнція Абэцэдарскага „У святле неабвержных фактаў” і Паўла Урбана „У сьвятле гістарычных фактаў” апісвае супрацьстаянне беларускай савецкай і несавецкай гістарыяграфіі ў поглядзе на асноўныя моманты айчыннай гісторыі. Паводле аўтара артыкула, працу П. Урбана трэба лічыць першым сістэматычным выкладаннем пазіцый беларускай несавецкай гістарыяграфіі на асноўныя пытанні айчыннай гісторыі. Напрыканцы асноўнай часткі тома знаходзіцца „Слоўнік псэўданімаў і крыптанімаў эміграцыйных дзеячоў”. Па сутнасці, гэта пашыраная версія адпаведнага слоўніка, які ўпершыню ўбачыў свет у 2003 г. на старонках газеты „Беларус”. Слоўнік склалі Наталля і Алег Гардзіенкі і Лявон Юрэвіч. Укладальнікі адзначаюць, што слоўнік няпоўны, але, на нашу думку, гэтая акалічнасць не змяншае яго карыснасці.

Том 32 (2009) прысвечаны травэлогам, ролі падарожжаў і іх апісанняў у свядомасці беларускай дыя-спары. Гэты нумар пачынаецца аналітычным артыкулам Лявона Юрэвіча „Моваю травэлёгу”, у якім аўтар спыняецца на беларускіх травэлогах і падарожжах як з’яве. Выклад дапаўняецца разнастайнымі ўрыўкамі і фрагментамі з падарожных дзённікаў і зацемак. „Жыццёвы” травэлог эміграцыйнага паэта Уладзіміра Дудзіцкага знайшоў адлюстраванне ў артыкуле Навума Галяшэвіча „Травэлёг Уладзімера Дудзіцкага”. Аўтар прасочвае ўплыў вандровак і пераездаў Дудзіцкага на ягоную творчасць. Тэкст эмігранта Эміля Цяўлоўскага „Беларусы ў Аргентыне” — гэта падрыхтаваны ў 1976 г. машынапіс, які захоўваецца ў зборах Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Аўтар досыць грунтоўна і падрабязна даследуе гісторыю беларускай дыяспары ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне. У артыкуле звяртаецца ўвага на дзейнасць савецкіх агентаў сярод эмігрантаў і змаганне з імі беларускага нацыянальнага актыву. Машынапіс падрыхтаваў да друку Сяргей Шабельцаў, даследчык беларускай эміграцыі у Лацінскай Амерыцы. Генадзь Сагановіч у артыкуле „Падарожныя запісы Самуэля Кіхеля пра Горадню й Вільню 1586 г.” знаёміць чытача з малавядомай у Беларусі крыніцай — падарожнымі нататкамі нямецкага вандроўніка XVI ст., якія датычаць яго падарожжа па Вялікім Княстве Літоўскім. Тэкст Зоры Кіпель „Знаёмства з Аляскай”, па сутнасці, — дапоўнены і апрацаваны Вітаўтам Кіпелем дзённік аўтаркі, які паўстаў у выніку падарожжа на Аляску ў жніўні 1975 г. Наступны тэкст — „Манастырскі дзёньнік” Лявона Юрэвіча, штодзённыя занатоўкі яго знаходжання ў расійскім праваслаўным кляштары ў Джорданвілі, дзе месціцца духоўная семінарыя і сядзіба ўладыкі Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Аўтар закранае і беларускія матывы, якія маюць сувязь з гэтым месцам, за якія можна лічыць магілы некаторых беларусаў і асобаў, звязаных з Беларуссю, пахаваных на тамтэйшых могілках.

У рубрыцы „Архіваліі” змешчаны падарожныя допісы беларусаў, што напрыканцы 1940-х г. апынуліся ў далёкіх заморскіх краінах. Заслугоўваюць увагі лісты Мар’яна Каранеўскага і Сцяпана Шнэка, у якіх аўтары дзеляцца сваімі ўражаннямі пасля прыбыцця ў Новую Зеландыю і Аўстралію. Тут жа друкуюцца лісты беларускіх эмігрантаў з Італіі, Венесуэлы і Мадагаскара. У апошнім выпадку ліст напісаны беларусам, які служыў у Французскім іншаземным легіёне і прыехаў на выспу са сваім вайсковым аддзелам, каб змагацца з мясцовымі партызанамі. Матэрыял Аляксандра Адзінца „Падарожжа самотнае душы” распавядае пра поўныя асабістых пачуццяў і драматызму ўзаемаадносіны паміж беларускімі літаратарамі Хведарам Ільяшэвічам і Вольгай Таполяй. Аповед вядзецца на падставе ліставання паміж гэтымі творцамі за 1947-1948 г., калі яны ўжо знаходзіліся на эміграцыі ў Нямеччыне. У рубрыцы „Успаміны” надрукавана першая частка нідзе не публікаваных раней успамінаў Аляксандра Стагановіча „Успаміны пасла” пра дзейнасць у міжваеннай Польшчы, а таксама ў перыяд Другой сусветнай вайны і паваенны час на эміграцыі. Нагадаем, што А. Стагановіч у 1928 г. быў абраны паслом у Сойм Другой Рэчы Паспалітай. Успаміны палітыка папярэджвае артыкул Алеся Пашкевіча „Адзін год жыцьця Аляксандра Стагановіча”, дзе даследчык падаў гістарычную сітуацыю ў Заходняй Беларусі ў перыяд, калі Стагановіч дзейнічаў у польскім парламенце. Макс Шчур у артыкуле „Вялікі няўдачнік” аналізуе аўтабіяграфічныя творы арганізатара літоўска-беларускай партызанкі на літоўска-беларуска-польскім памежжы на пачатку 1920-х г. Вячаслава Разумовіча-Хмары. Аналізуюцца ягоныя кнігі, выдадзеныя ў міжваенны час у Чэхаславакіі на чэшскай мове. Паказваюцца жыццёвыя дылемы і палітычныя „прыгоды” дзеяча, вакол якога і сёння ўсё яшчэ існуе шмат таямніц. Юры Грыбоўскі ў публікацыі „Беларускі камбатанцкі рух на Захадзе пасьля Другой сусьветнай вайны” разглядае арганізацыю і дзейнасць ветэранскага актыву ў Нямеччыне, Англіі, Бельгіі, ЗША, Канадзе і Аўстраліі. У артыкуле закранаецца таксама пытанне праектаў ветэранскіх адзнак, якія ў выніку так і засталіся на паперы.

У артыкуле Лявона Юрэвіча „БІНіМаўская Ку-паліяна” сабраны звесткі пра рарытэтныя рукапісы Янкі Купалы, якія захоўваюцца ў зборах Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Да тэксту далучаны фотаздымкі аўтографа (са збораў БІНіМ) цыкла вершаў Янкі Купалы „Безназоўнае”. Наступны матэрыял — артыкул Янкі Запрудніка („Да загадкі дзяржаўнага архіву БНР у Міколы Абрам-чыка”). Аўтар, які заўсёды адрозніваўся руплівасцю у захаванні архіўнай спадчыны БНР, апавядае пра няўдалыя спробы дзеячоў Рады БНР атрымаць ад сям’і Абрамчыка ягоны архіў пасля смерці прэзідэнта БНР. У якасці дадатку да артыкула апублікаваны некато-рыя дакументы з архіва БНР, якія яшчэ пры жыцці Абрамчыка Запрудніку ўдалося ад яго атрымаць. Тэму гэтага архіва працягвае Наталля Гардзіенка, якая падрыхтавала падборку карэспандэнцыі дзеячоў Рады БНР (цяпер захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны) у справе лёсу архіва Міколы Абрамчыка. Як выглядае, розныя асобы на пачатку 1970-х г. рабілі спробы атрымаць архіў. У публікацыі падаюцца цікавыя, хоць і нешматлікія дакументы, што захаваліся да нашага часу, з якіх вынікае, што беларускі актыў не выключаў магчымасці нават судовага разбіральніцтва з удавой Абрамчыка. У наступнай публікацыі („Архіў Дзьмітрыя Касмовіча”) тая ж аўтарка асвятляе гісторыю асабістага архіва Дзмітрыя Касмовіча, які быў перададзены на радзіму ўдавой гэтага дзеяча. Што істотна, у публікацыі падаецца пералік тэчак з кароткім апісаннем іх зместу. Моўная прабле-ма ў беларускай эміграцыйнай літаратуры — прадмет даследчыцкай увагі Змітра Саўкі („Чыстая як веяная”). Аўтар артыкула засяроджваецца на дыскусіі вакол чысціні мовы паміж Вітаўтам Тумашам і Міхасём Міцкевічам, эміграцыйнымі дзеячамі, вядомымі знаўцамі і даследчыкамі роднай мовы. Асноўную частку тома завяршае рубрыка „Музэй”, у якой знаходзім матэрыял пра віртуальны музей БІНіМ, дзе змешчаны выявы праектаў грошай БНР, рэдкія фотаздымкі з рэлігійнага жыцця і памінальныя карткі эмігрантаў. Варта звярнуць увагу на «Бібліяграфію публікацыяў газэтаў „Бацькаўшчына” й „Беларус”, прысьвечаных архівам, бібліятэкам, выставам, музэям».

Тэма тома 33 (2010) — эміграцыйныя эпісталярыі. Нумар пачынае артыкул Лявона Юрэвіча „Эпісталярыюм як форма аўтабіяграфіі карэспандэнта й біяграфіі ягонага часу (Выпадак Юркі Віцьбіча)”, пабудаваны на паваенным ліставанні Юркі Віцьбіча з іншымі беларускімі эміграцыйнамі дзеячамі. Карэспандэнцыя адлюстроўвае штодзённыя праблемы і клопаты эмігрантаў у іх грамадскай дзейнасці. Ліставанне паміж Антонам Адамовічам і Наталляй Арсен’евай з 1944-1945 г. кідае святло на цікавыя і дагэтуль малавядомыя акалічнасці культурніцкага і літаратурнага жыцця ва ўмовах нямецкай акупацыі. Значную цікавасць у даследчыкаў павінны выклікаць і лісты Янкі Запрудніка да прэзідэнта БНР Міколы Абрамчыка за 1953-1969 г., дзе закранаюцца пытанні, звязаныя з дзейнасцю Рады БНР на эміграцыі, супрацоўніцтвам беларускіх эмігрантаў з прадстаўнікамі іншых народаў, працай беларускай секцыі радыё „Вызваленне”, выдавецкімі праектамі. Шмат дэталяў адносна беларускага рэлігійнага жыцця на эміграцыі, у тым ліку перакладаў літургіі ў праваслаўных парафіях, можна знайсці ў ліставанні рэлігійных і грамадскіх дзеячоў у ЗША Міхася Міцкевіча з Міхасём Тулейкам. Ліст пратэстанцкага місія-нера Масея Гітліна да Вітаўта Тумаша (1958) даты-ЧТ.ТТТТ. працы над перакладам на беларускую мову Бібліі. Ліст Яўхіма Скурата у Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1955) дадае новыя дэталі да біяграфіі гэтага эміграцыйнага дзеяча. Ліст Міколы Панькова да Лявона Савёнка (1956) утрымлівае, між іншым, звесткі пра пэўныя кантакты беларускіх эмігрантаў на Захадзе з іх суайчыннікамі ў БССР. Ліст папярэджаны разгорнутым каментаром Андрэя Вашкевіча.

У рубрыцы „Тэксты” апублікаваны артыкул Вітаўта Тумаша (пад псеўданімам Сымон Брага) „На Захад і Усход (пра беларускую культурную экспансію)”. Тэкст быў напісаны ў 1948 г. і часткова друкаваўся ў эміграцыйных выданнях. Аўтар выказвае думку наконт моцных беларускіх моўных і культурніцкіх уплываў на суседнія народы, перадусім польскі і расійскі. Успаміны Барыса Данілюка прысвечаны ягонай дзейнасці пад час нямецкай акупацыі Беларусі, а таксама удзелу ў жыцці беларускай эміграцыі на Захадзе ў паваенны час. Аўтар успамінаў быў досыць актыўным чалавекам і браў удзел у розных палітычных, грамадскіх і рэлігійных мерапрыемствах як на бацькаўшчыне, так і на чужыне. Ва ўспамінах шмат прозвішчаў, а таксама фактаў і падзей, відавочцам або ўдзельнікам якіх быў сам Данілюк. У рубрыцы „Архіваліі” змешчаны перакладзены з англійскай мовы тэкст манаха-бенедыкцінца Міхала Камечка пра беларускага каталіцкага святара Апанаса Рэшаця, зацятага прыхільніка распаўсюджання уніі сярод беларускага насельніцтва. У гэтай жа рубрыцы апублікаваны артыкул Вячаслава Завалішына, расійскага журналіста, перакладчыка, паэта, крытыка і мастацтвазнаўца, якога пад час Другой сусветнай вайны лёс закінуў на Захад. Гэты чалавек падтрымліваў сталыя кантакты з газетай „Беларус”, а сваімі поглядамі на беларускае пытанне значна адрозніваўся ад большасці сваіх суродзічаў — расійскіх эмігрантаў. У „Запісах” надрукаваны яго артыкул „Уладыслаў Старэвіч і ягонае мастацтва” з архіва газеты „Беларус”, у якім распавядаецца пра творчасць кінадзеяча Уладыслава Старэвіча, беларуса па пахо-джанні. Матэрыял „Кароткая біяграфія” ўяўляе сабой не-датаваны тэкст настаўніка і педагога Івана Мухі, аднаго з нешматлікіх ураджэнцаў Усходняй Беларусі, якія былі звязаныя з беларускім нацыянальным актывам пад час нямецкай акупацыі і ў замежжы.

Заслугоўвае увагі матэрыял „Як пасварыліся празаік Савёнак з паэтам Салаўём і што ад гэтага здабыла літаратура”, падрыхтаваны Л. Юрэвічам. Ён знаёміць з практычна невядомым, але вельмі цікавым, эпізодам з жыцця беларускіх літаратараў пад час нямецкай акупацыі. Лявон Юрэвіч у артыкуле „Кароткае пасьлямоўе да публікацыі ўспамінаў пасла” дзеліцца думкамі наконт эміграцыйнага перыяду дзейнасці Аляксандра Стагановіча, што застаўся па-за ўспамінамі беларускага дзеяча, надрукаванымі ў папярэднім томе „Запісаў”. Наступныя два артыкулы Лявона Юрэвіча прысвечаны беларускім літаратарам-эмігрантам Ізыдару Плашчынскаму (Язэпу Гуткоўскаму) і Янку Ліманоўскаму. Яшчэ адзін тэкст таго ж аўтара „Made in BNR: да гісторыі марак і кружэлак на эміграцыі” закранае практычна не-вядомую дагэтуль старонку паваеннага беларускага эміграцыйнага жыцця, а менавіта выданне марак і памятных значкоў. Матэрыял значна ўзбагачае каляровая ўкладка з выявамі некаторых марак і значкоў, пра якія ідзе гаворка ў артыкуле. У рубрыцы „Публікацыі” змешчаны артыкул Алега Гардзіенкі „Беларуская Цэнтральная Рада (1977-1995)”, дзе гісторык на падставе эміграцыйных матэрыялаў грунтоўна даследуе апошні этап (пасля смерці Радаслава Астроўскага) існавання БЦР. У разгляданым томе змешчана таксама размова з Алесяй Кіпель, дачкой Вітаўта і Зоры Кіпеляў, якая рас-павядае пра свой удзел у жыцці беларускай дыяспары ў ЗША. У рубрыцы „Выданні” — інфармацыя пра беларускі грамадска-рэлігійны часопіс „Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі”, які выдаваўся Юркам Віцьбічам у 1946-1947 г. у Заходняй Нямеччыне. Выданне можна лічыць адной з істотных крыніц па гісторыі беларускага праваслаўнага жыцця ў згаданы перыяд, калі беларускае праваслаўе на чужыне перажывала вельмі напружаны час.

У томе 34 (2011) галоўная тэма — беларусы ў Нямеччыне. Вядома, што гэтая праблематыка дагэтуль чакае грунтоўнага і ўсебаковага даследавання. Надзвычай змястоўную і цікавую падборку дакументаў і матэрыялаў пра паўсядзённае жыццё беларускіх выгнанцаў у Заходняй Нямеччыне падрыхтаваў Лявон Юрэвіч („Краіна Ды-Пі: замалёўкі побыту й нораваў зь лягерных часоў”). Значную частку складаюць сведчанні (улёткі, камунікаты, заявы) тых унутраных сварак, непаразуменняў і закалотаў, якіх не ўдалося пазбегнуць насельнікам беларускіх лагераў. Безумоўную каштоўнасць уяўляюць лісты былога дыпісаўца Барыса Данілюка („Лісты пра ОСТаўцаў і ДыПісаў у францускай зоне”) да Лявона Юрэвіча, у якіх асвятляецца жыццё беларускіх эмігрантаў у французскай зоне акупацыі Нямеччыны. Успаміны Надзеі Запруднік распавядаюць пра блуканне па розных нацыянальных лагерах ДП у перыяд 1945-1950 г. Вітаўт Кіпе ль падрыхтаваў успаміны „Моладзь у лягерах Ды-Пі”, дзе, між іншым, дзеліцца сваімі ўражаннямі пра арганізацыю скаўцкага жыцця, удзельнікам якога быў ён сам. У гэтым жа ну-мары знаходзім успаміны Алеся Марговіча „Шлях беларускіх дзяцей у вапошнюю вайну”. Па сутнасці, гэты матэрыял — дапоўнены каментарамі перадрук з газеты „Бацькаўшчына” за 1955 г. Івонка Сурвіла ў матэрыяле „Ды-Пі-лягеры ў Даніі” засяроджваецца на аповедзе пра жыццё беларускіх дыпісаў у гэтай краіне. У нумары змешчана таксама апрацаваная Аленай і Лявонам Юрэвічамі «Выбраная бібліяграфія матэрыялаў пра лягеры Ды-Пі з газэтаў „Бацькаўшчына” й „Беларус”».

У рубрыцы „Архіваліі” знаходзім публікацыю „З архіву Антона Адамовіча”, у які ўваходзяць і матэрыя-лы пра Каруся Каганца, і аўтабіяграфія Адамовіча, і ягоная карэспандэнцыя з а. Пётрам Татарыновічам у справе ўнутраных праблем эмігрантаў ваеннай хвалі. Заслугоўвае ўвагі і „Праўдзівая даведка” беларускага рэлігійнага дзеяча на эміграцыі Аляксандра Асіпчыка, перадрук улёткі, выдадзенай аўтарам у 1957 г. у Чыкага пад час палемікі з іншым эмігрантам Іванам Касяком. Не менш цікавай выглядае карэспандэнцыя паміж Людвікам Галубовічам і Дзмітрыем Касмовічам у 1951-1953 г., якая ў асноўным прысвечана палітычным справам беларускіх эмігрантаў. Матэрыял можа аказацца важнай крыніцай па гісторыі вайскова-палітычных арганізацый на эміграцыі, а таксама супрацоўніцтва беларускіх антыкамуністаў з заходнімі спецслужбамі. У нумары змешчана другая частка ўспамінаў Юрыя Сабалеўскага „Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада” з уступным артыкулам Алеся Пашкевіча. Наталля Гардзіенка („Да гісторыі беларусаў у Мюнхэнскім Інстытуце вывучэньня СССР”) спыняецца на пытанні супрацоўніцтва Беларускага інстытута навукі і мастацтва у Нью-Ёрку з Мюнхенскім інстытутам вывучэння СССР. Апошні быў заснаваны ў 1950 г. з дазволу ўлад аў ЗША як інфармацыйна-даследчыцкая структура, патрэбу стварэння якой падыктавалі рэаліі халоднай вайны. Да супрацоўніцтва з Інстытутам прыцягваліся эмігранты-антыкамуністы. Мэтай аўтаркі было прасачыць беларускі след у дзйнасці гэтай установы. На падставе найноўшых даследаванняў, а таксама мемуарыстыю у артыкуле прасочваецца ўдзел беларускіх эмігрантаў у мерапрыемствах Інстытута. Аўтарка станоўча ацэньвае супрацоўніцтва беларусаў з Інстытутам і лічыць яго даволі плённым, у прыватнасці ў выдавецкай дзейнасці. У працяг тэмы падаецца „Бібліяграфія беларускіх пэрыёдыкаў Інстытуту вывучэньня СССР у Мюнхэне”, якая складаецца з артыкулаў, апублікаваных у 1955-1960 г. у „Беларускім зборніку” і „Belorussian Review”. Матэрыял быў створаны на падставе апрацоўкі выдання „Літоўская Бібліяграфічная Служба. Выданьне № 66″, якое ў 1963 г. у ЗША падрыхтаваў і выдаў Аляксандр Ружанцоў. Вядомы беларускі грамадскі дзеяч на эміграцыі Павел Урбан апавядае пра жыццё ў міжваеннай Савецкай Беларусі і ў перыяд нямецкай акупацыі, а таксама пра дзейнасць на эміграцыі. Пры гэтым Наталля Гардзіенка падрыхтавала пашыраную бібліяграфію П. Урбана.

Артыкул „Царква ў Мюнхене” асвятляе малавядомы факт існавання царквы міру Усходу і Захаду, якую ў 1952 г. пабудаваў святар Цімафей Прохараў. Цікавасць выклікае і серыя фотаздымкаў, што адлюстроўваюць сувязь беларусаў з гэтай царквой (Надзея Абрамава, а. Часлаў Сіповіч і інш.). Наступны матэрыял прысвечаны малавядомай літаратурнай спадчыне Пётры Сыча, беларускага літаратара і журналіста на эміграцыі; яго нататнік за 1953-1954 г. змяшчае фельетоны і малюнкі аўтара. У рубрыцы „Друкі” апублікаваны артыкул Міхася Швэдзюка „Кароткія ўспаміны айца Міхаіла Бажар’янава”, дзе пададзены паасобныя фрагменты машынапісу „Мой адказ малым людзям”, падрыхтаваны ý 1945 г. праваслаўным святаром а. Бажар’янавым пад час яго знаходжання ва Усходняй Афрыцы. Гэтая брашура пераконвае ў наяўнасці напружаных і не пазбаўленых антаганізмаў нацыянальных і канфесійных стасункаў у лагерах для цывільных польскіх грамадзян. Артыкул Лявона Юрэвіча „Наш першы: Язэп Варонка” пабудаваны на цікавай падборцы дукументаў, карэспандэнцыі і каментароў пра складаныя ўзаемадачыненні паміж прадстаўніком „старой” незалежніцкай эміграцыі Я. Варонкам і прадстаўнікамі паваеннай Рады БНР. У асобнай публікацыі Макс Шчур выкладае сваё разуменне зместу рамана Віктара Вальтара „Роджаныя пад Сатурнам”. Андрэй Блінец у артыкуле „Яшчэ раз пра Наваградзкі эскадрон” намагаецца крытычна зірнуць на гісторыю стварэння і дзейнасць 68-га коннага шума-батальёна пад камандаваннем Барыса Рагулі, які дзейнічаў на Наваградчыне ў 1944 г. Аўтар робіць гэта, аднак, на падставе наяўнага даробку і ўспамінаў былых вайскоўцаў батальёна, не абапіраючыся на архіўныя крыніцы.

Варта дадаць, што неад’емная частка усіх разгледжаных тамоў „Запісаў” — кніжны агляд і рэцэнзіі прац, што выйшлі ў Беларусі і за яе межамі, якія тычацца эміграцыйнай праблематыкі.

Пасля ўважлівага агляду зместу тамоў здаецца цалкам абгрунтаванай выснова, што асаблівая вартасць выдання — у публікаванні вялікай колькасці архіўных крыніц, асабліва эпісталярнага і мемуарнага характару. Менавіта гэтая рыса перыёдыка робіць яго выключна цікавым і карысным для даследчыкаў беларускай эміграцыі. Акрамя таго, неабходна адзначыць, што „Запісы” даўно ўжо сталі нечым большым, чым часопіс, прысвечаны эміграцыі. Беручы пад увагу сучасны стан вывучэння эміграцыі, выданне можна з упэўненасцю акрэсліць як своеасаблівую выспу эміграцыйнай праблематыкі, вольную ад савецкіх догмаў, абмежаванняў, падыходаў і схем.

Варшава

Юры Грыбоўскі

Наверх

Антон Лявіцкі. Да пытання пра ўнутраную эміграцыю беларускіх інтэлектуалаў у БССР (1964–1985).

3 лютага, 2011 |


З 1990-х г. перад гісторыкамі паўсталі многія новыя даследчыя праблемы, сярод якіх не апошняе месца заняла неабходнасць вывучэння ўнутранай (г. зн. невідавочнай) структуры самога савецкага грамадства. Паколькі гістарычная навука – гэта перш за ўсё набор пытанняў, якія мы ставім перад мінулым (вядомы тэзіс М. Блока), нядзіўна, што працэс пабудовы грамадзянскай супольнасці ў коліш-ніх савецкіх рэспубліках звёўся да пошуку прыкмет самаарганізацыі ў савецкім грамадстве[1] – дысідэнцтва і пад.

Аднак акадэмічны інтарэс да з’явы дысідэнцтва (які ўвогуле мінулага інтэлігенцыі) у БССР застаецца недастатковым. Савецкая спадчына, асабліва другой паловы ХХ ст., знаходзіцца на перыферыі ўвагі навуковай супольнасці. Зразумела, існуюць асобныя цікавыя працы, выкананыя на высокім узроўні. Але да асэнсавання праблемы яшчэ далёка, пра што выразна сведчыць і выдадзены нядаўна заключны том 6-тамовай “Гісторыі Беларусі”[2].

Мэта дадзенай работы – высветліць, як сістэмныя інтэлектуалы-іншадумцы ў БССР успрымалі сваё месца ў культуры і грамадстве. Бо зразумела, што, з аднаго боку, іх роля вызначалася партыйнымі інстанцыямі як ідэалагічны інструмент культуры[3], дзе разважанні на тэмы кшталту “Задачы беларускай літаратуры ў святле рашэнняў ХХVІ з’езда КПСС і ХХІХ з’езда КПБ”[4] былі не толькі натуральныя, але і ўнутрана неабходныя. Індыферэнтнасць беларускай інтэлігенцыі ў савецкі час даўно ўжо пераўтварылася ў даследчыцкае клішэ. Так, І. Котляр параўноўвае інтэлектуальную супольнасць з флюгерам[5], І. Шамякін бэсціць “рэнегатаў”, якія аддана служылі партыі, а з пачаткам перабудовы сталі на бок яе ворагаў[6]. Інакш на гэты конт выказаўся Я. Запруднік, які адпрэчыў падобныя стэрэатыпізаваныя трактоўкі[7]. Нанеабходнасць узважана ставіцца да змены ідэалагічных арыенціраў ва ўмовах несвабоднага грамадства звяртае ўвагу і парыжскі даследчык А. Бераловіч[8]. Ніжэй мы паслядоўна спынімся на трох спосабах існавання інтэлектуалаў-іншадумцаў у БССР, што, як уяўляецца, дазволіць наблізіцца да асвятлення згаданай праблематыкі.

Але напачатку трэба вызначыцца з ключавымі паняццямі. Тэрміны “інтэлігент” і “інтэлектуал” часта ўспрымаюцца як ацэначныя. Апроч таго, існуюць складанасці і з дакладным вызначэннем іх сэнсу. Тут мы наўмысна ўхіляемся гэтай, па вялікім рахунку, бясплённай палемікі[9], дзеля зручнасці прымаючы сэнсавы змест катэгорый “інтэлектуал” і “інтэлігент” і іх вытворных за раўназначны (паводле Ж. Ле Гофа, гэта тыя, “чыё рамяство – выкладанне думак”[10]) пры перавазе першай.

Найбольшай увагі заслугоўваюць метадалагічныя пытанні. Многія высновы могуць быць аспрэчаныя, па-першае, зыходзячы з агульнага сцверджання пра суб’ектыўнасць выкарыстаных крыніц[11], а па-другое, з факта іх нешматлікасці, што дазваляе сумнявацца ў правамернасці зробленых высноваў. Аўтар зыходзіў не толькі з агульнай гістарыяграфічнай тэндэнцыі пры вывучэнні індывідуальнага ў гісторыі (у беларускай гістарыяграфіі пра гэта ўжо вядзецца гаворка, у тым ліку ў адносінах да разгляданай праблематыкі[12]), але таксама з факта нераспрацаванасці праблемы (гэты артыкул у пэўнай ступені мае характар уводзінаў у праблему). З іншага боку, нельга не згадаць, што ўнутрыдысцыплінарная традыцыя інтэлектуальнай гісторыі ведае прыклады менавіта такога спосабу гісторыяпісання – праз аналіз тэкстаў, якія “най-больш паслядоўна адлюстроўваюць свядомасць сацыяльных груп” (працы Л. Гольдмана)[13].

* * *

Такім чынам, гаворка будзе тычыцца феномена ўнутранай эміграцыі, пад якой мы будзем разумець стратэгію адаптацыі да (пост)таталітарнай рэчаіснасці, калі інтэлектуал, знаходзячыся ва ўмовах жорсткай ідэалагічнай зададзенасці культуры, прымае навязаныя яму дырэктывы, але пакідае за сабой права на “раскошу прыватнасці”[14] – магчымасць быць іншадумцам “у сабе”. Умоўна вызначым тры тыпы ўнутранай эміграцыі: (1) “выпадак Дубянецкага” – імкненне выкарыстаць займанае становішча ў інтарэсах несавецкай культурнай традыцыі; (2) памяркоўны – засяроджанасць на сваёй прафесійнай дзейнасці і імкненне быць як мага далей ад ідэалогіі; (3) радыкальны (максімальна магчымая адстароненасць ад афіцыйнай культуры), які судакранаецца з дысідэнцкімі практыкамі. Безумоўна, гэтыя ідэальныя тыпы прадугледжваюць і рознае разуменне дачыненняў паміж культурай (перш за ўсё літаратурай і мастацтвам) і грамадствам.

Адзін з найбольш яскравых прыкладаў атаясамлівання з несавецкай культурнай традыцыяй і яснага мэтавызначэння сваёй працы на карысць гэтай традыцыі падаў у дзённіках М. Дубянецкі. На вялікі жаль, яны дагэтуль не выйшлі асобнай кнігай (публікаваліся ў 1999–2002 і 2008–2010 г. у часопісах “Полымя” і “Дзеяслоў”). Гэта адзіны ў сваім родзе помнік самаапісання беларускага савецкага інтэлектуала.

Працуючы дырэктарам аднаго з найбуйнейшых беларускіх выдавецтваў, М. Дубянецкі “эксперыментаваў”, спрабуючы дзейнічаць паводле ўласных уяўленняў пра культуру і яе місіі, а не тых, якія спускаліся яму як даволі важнаму функцыянеру з ЦК КПБ і іншых кіраўнічых установаў. Гэтая дзейнасць ажыццяўлялася ў межах некалькіх “нядобранадзейных” напрамкаў (зразумела, што павелічэннеў некалькі разоў аб’ёму выдавецкай дзейнасці не было сярод іх самым небяспечным); важна тое, што ў ёй М. Дубянецкі здолеў дасягнуць пэўных практычных вынікаў.

Сваю мэту ён бачыў узмаганні зпартыйнымі абмежаваннямі, навязанымі сферы культуры: “Усё, што ярабіў, уасноўным было накіравана на вызваленьне беларускай літаратуры ад цэнзуры”[15]. Уласную дзейнасць М. Дубянецкі разумеў не як гульню (так прапануе апісваць поле культурнага жыцця ў СССР Н. Казлова[16]), а як змаганне (з выразным мілітарысцкім адценнем: “жудасныя баі”, “да зброі!” і г. д., або як эксперымент на выжыванне ў “беспаветранай прасторы”[17]).У зместавым напаўненні гэтай дзейнасці выразна вылучаюцца тры асноўныя кірункі намаганняў выдаўца.

Па-першае, ён імкнуўся спрыяць з’яўленню твораў, якія б не мелі адбітку “бязмозглага тупога сацрэалізму”. Да аўтараў такіх твораў належаў, напрыклад, Л. Дранько-Майсюк, якім фактычна апекаваўся М. Дубянецкі. Яго паэзію артадаксальныя крытыкі вінавацілі ў містыцызме, рэлігійнасці, невыразнасці грамадзянскай пазіцыі[18]. Дырэктар “Мастацкай літаратуры” адыграў вырашальную ролю і ў друкаванні гістарычна-папулярнай кнігі К. Тарасава “Памяць пра легенды”[19] (1984), якая выклікала негатыўную ацэнку акадэмічнай гістарыяграфіі[20]. Апроч таго, ён спрычыніўся да выхаду кнігі А. Глобуса “Парк”, наклад якой быў арыштаваны цэнзурай у верасні 1984 г.[21].

Па-другое, кнігавыдавец імкнуўся да рэтрансляцыі занядбанай нацыянальнай традыцыі, значны пласт якой быў пад строгай забаронай або проста забыты. «Наогул была звернута мною ўвага адпаведных рэдакцый на літаратурную спадчыну беларускага народа, на тую спадчыну, што недаспадобы шматлікім “куратарам”»[22]. Так, ён “горача” падтрымаў ідэю І. Чыгрынава надрукаваць зборнік маладнякоўскага апавядання[23], выдаць творы Я. Дылы (якія апошні раз выходзілі ў 1926 г.)[][24], В. Каратынскага[25], апублікаваць нізку вершаў А. Гаруна[26] (апошні раз у БССР яны выйшлі ў 1946 г.[27]). Пачалася падрыхтоўка перавыдання твораў У. Галубка і М. Гарэцкага[28]. Да гэтага шэрагу трэба аднесці аповесць В. Быкава “Мёртвым не баліць”, якую ўдалося ўключыць у збор твораў пісьменніка пасля доўгага і напружанага процістаяння з цэнзурай[29]. У амбітных планах выдаўца было перавыданне “Бібліі Рускай” Ф. Скарыны і “Матчынага дара” А. Гаруна[30].

Нарэшце, немалаважным кірункам яго дзейнасці стала імкненне забяспечыць паўнацэнную (наколькі магчыма) сувязь беларускай культуры з сусветнай (у першую чаргу – заходнееўрапейскай). Добра вядомы факт, што адной з найважнейшых адзнак культуры БССР была яе амаль поўная ізаляванасць нават ад літаратур краін сацыялістычнага блоку, не кажучы ўжо пра “буржуазны Захад”, чые набыткі прыходзілі ў тагачасную Беларусь амаль выключна праз пасярэдніцтва рускай культуры[31]. Ужо ў студзені 1982 г., падводзячы вынікі папярэдняга года, М. Дубянецкі запісаў: “…палепшаны ўмовы выдання перакладной літаратуры” (створана дадатковая рэдакцыя перакладной літаратуры і новы альманах “Братэрства”)[32]. У 1982 г. у беларускім друку з’явіліся творы У. Шэкспіра[33], Р. М. Рыльке[34] і некаторых іншых замежных аўтараў. Не зусім добранадзейна выглядала імкненне М. Дубянецкага да наладжвання кантактаў з замежнымі выдавецтвамі (напрыклад, з англійскім “Macdonald Education Ltd.”). Першая спроба выдаць па-беларуску шэраг кніг гэтага выдавецтва была зроблена яшчэ папярэднім дырэктарам “Мастацкай літаратуры” М. Ткачовым і фактычна заблакавана ў кантрольных інстанцыях. Тым не менш, у 1981 г. М. Дубянецкі ўзнаўляе ранейшую дамову[35]. У цэлым жа больш за палову ўсіх кнігавыдавецкіх пагадненняў у БССР, дзякуючы яго актыўнасці, прыпадала на долю “Мастацкай літаратуры”.

Супярэчыла партыйным устаноўкам і кадравая палітыка М. Дубянецкага. Справа не толькі ў тым, што ён прыняў на пасаду загадчыка рэдакцыі В. Рабкевіча, аднаго з фігурантаў справы г. зв. “Акадэмічнага асяродку”[36]. Ён не звяртаў увагі на неабходнасць прытрымлівацца належнай колькасці членаў КПБ сярод усіх супрацоўнікаў выдавецтва, а некаторых новых работнікаў характарызаваў як “зацятых беспартыйцаў” (С. Букчын, Г. Кісялёў, Я. Лецка, А. Ліс, Р. Семашкевіч, М. Тычына, Я. Шабан)[37].

Абысці цэнзуру ўдавалася далёка не заўсёды. І калі аповесць В. Быкава пасля доўгіх намаганняў усё ж з’явілася ў яго зборы твораў, то п’еса Я. Купалы “Тутэйшыя”, запланаваная да друку ў 1982 г. у складзе новага альманаха “Спадчына”, была своечасова заўважана ў Галоўліце і ўвесь альманах забаронены[38]. Нягледзячы на намер усё ж “дамагацца выдання п’есы”[39], яе так і не ўдалося надрукаваць да канца 1980-х г. Не дайшлі да чытача ў запланаваны год таксама выбраныя творы У. Галубка, быў выдалены з выдавецкіх планаў Ф. Скарына[40].

У тапаграфіі беларускай савецкай культуры, як яна падаецца ў М. Дубянецкага, выразна прысутнічае падзел па лініі “свой – чужы”. Ён неаднаразова выказвае пачуццё салідарнасці з А. Разанавым, В. Быкавым, А. Адамовічам, У. Караткевічам, М. Улашчыкам і некаторымі іншымі. У гэтым сэнсе сімптаматычныя яго развагі пра магчымасць стварэння беларускімі пісьменнікамі аналагу “Салідарнасці”[41], або дыферэнцыяцыя членаў рэдакцыйна-выдавецкага савета, дзе ён вылучыў групу “дваран” (І. Шамякін, Г. Бураўкін, А. Макаёнак, І. Навуменка, П. Панчанка і інш.) і проціпастаўленую ім “пяцёрку” (В. Быкаў, А. Адамовіч, Я. Брыль, Р. Барадулін, Р. Сабалеўскі) – творцаў, яшчэ не ўганараваных афіцыйнымі званнямі і пасадамі ці ўганараваных, але “няшчыра”, з мэтай іх “прыручэння”[42]. Крытэрыі маглі быць і іншыя (напрыклад, калі І. Чыгрынаў расказаў М. Дубянецкаму пра тое, што ў сваіх раманах паказаў эмігранцкага паэта М. Сяднёва як станоўчага героя, то “ён адразу вырас у маіх вачах”[43]).

Што тычыцца лагера апанентаў, у дзённіках М. Дубянецкага апісаны вельмі паказальны ў гэтым дачыненні выпадак – перадача выдавецкіх спраў у красавіку 1986 г. новаму дырэктару А. Бутэвічу. Наступнік М. Дубянецкага не зразумеў яго планаў публікацыі твораў А. Гаруна, спасылаючыся на яго антысавецкасць і цэнзурную забарону. “Я вучу яго, як абысьці цэнзуру, а ён толькі ведае, што ёй мусова падпарадкоўвацца”, – расчаравана адзначае М. Дубянецкі[44].

Яшчэ адзін момант, на які варта звярнуць увагу (ёнтычыцца не толькі М. Дубянецкага, але і постацяў, разгледжаных ніжэй), – асаблівасці ўспрымання маштабу ідэалагічных парушэнняў, дапушчаных М. Дубянецкім. Сёння мы міжволі параўноўваем іх з узорамі маскоўскага ці кіеўскага дысідэнцтва і не лічым здабытак мінскіх культурнікаў-іншадумцаў вартым увагі. Але ў самім Мінску 1980-х г. дзейнічала іншая оптыка, абумоўленая агульным кантэкстам “паслухмянай рэспублікі”. Праз яе С. Паўлаў, напрыклад, мог цалкам сур’ёзна параўноўваць “Спадчыну” М. Дубянецкага і знакаміты “Метрополь” групы маскоўскіх аўтараў[45] (трэба думаць, менавіта па такой логіцы высілкі Н. Гілевіча адносна абароны беларускай мовы дазвалялі трактаваць яго як “нацыяналіста нумар адзін” у БССР і пад.).

Аналіз дзейнасці М. Дубянецкага выклікае пытанне пра ўнутраную логіку функцыянавання савецкай культуры, якая часта няслушна ўспрымаецца як эманацыя ўлады[46]. Гэтае ўяўленне цалкам ігнаруе ролю асобы ў ажыццяўленні культурнай вытворчасці. Між тым, прыклады культурніцкай інжынерыі (гаворка ідзе перш за ўсё пра беларускі кантэкст), накіраванай супраць падставовых ідэйных і эстэтычных складнікаў савецкай культуры, не абмяжоўваюцца толькі асобай М. Дубянецкага. Іншы прыклад, які нельга не прывесці, – М. Ермаловіч і роля, якую ён адыграў у савецкай культуры. Звычайна ён успрымаецца як адзін з найбуйнейшых беларускіх дысідэнтаў. А між тым ён часта друкаваўся ў афіцыйным друку. Асаблівае значэнне мае яго артыкул у часопісе “Нёман”[47], які раз-глядаўся аўтарам і блізкімі да яго коламі як юбілейны матэрыял – да святкаванага тады часткай інтэлігенцыі “Тысячагоддзя Беларусі”[48]. Звярнуўшыся да гэтага вельмі важнага тэксту, можна пераканацца, напрыклад, што тэзіс Ю. Вашкевіча – “не толькі словы кантраляваліся, але і вобразы, інтэрпрэтацыі, самі інтанацыі ці іншыя параметры выказвання”[49] – патрабуе пэўных удакладненняў. Відавочна, многае залежала ад кожнага асобнага функцыянера, як у выпадку з артыкулам М. Ермаловіча: яго адмовіліся друкаваць у “Полымі”, але дзякуючы А. Кудраўцу апублікавалі ў перакладзе ў “Нёмане”[50].

У кантэксце, звязаным з намаганнямі М. Дубянецкага надаць беларускай культуры большую разнастайнасць, выкарыстоўваючы дапушчальныя сродкі, неабходна разглядаць і постаць У. Караткевіча. Яго адметнае становішча сярод беларускіх пісьменнікаў шырока вядомае. Першы этап творчага шляху творцы (прыблізна 1958–1974 г.) адзначаны непрыняццем з боку афіцыйных ідэолагаў, асуджэннем у друку яго твораў[51], якія займалі маргінальнае становішча ў беларускай савецкай літаратуры. Так, восенню 1963 г. быў рассыпаны набор яго аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”[52]; дваццаць гадоў чакаў выхаду асобнай кнігай раман “Леаніды не вернуцца да Зямлі”[53]. Між тым, У. Караткевіч меў вялікі поспех як літаратар. Яго дзейнасць, як і дзейнасць М. Дубянецкага, падпарадкоўвалася ўяўленню пра сацыяльнае значэнне літаратуры ў прыватнасці і культуры наогул. “Раман… прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны”[54], – абгрунтоўваў У. Караткевіч сваю ангажаванасць у кінематограф. Як і іншым пісьменнікам, У. Караткевічу даводзілася згаджацца з цэнзарамі, рэдагаваць свае творы, каб яны трапілі ў друк[55]. Заўважым таксама, што прыклад У. Караткевіча выяўляе ўласцівую вылучанаму вышэй другому тыпу ўнутранай эміграцыі асаблівасць: ён фактычна адмовіўся ад спробаў заняць якую-небудзь уплывовую пасаду ў іерархіі савецкай культуры.

Магчымасць супастаўлення У. Караткевіча і М. Дубянецкага палягае ў выключнай папулярнасці яго раманаў, якія былі выразна адчужаныя калі не ад эстэтыкі, то ад праблематыкі астатняй часткі беларускай сацрэалістычнай літаратуры. Творчасць У. Караткевіча даволі дакладна суадносіцца з несавецкай нацыянальнай культурнай традыцыяй (творчы даробак пісьменніка справядліва характарызуецца як “нестандартны”[56] на агульным фоне). Сам ён успрымаўся грамадствам (побач з В. Быкавым) як галоўны парушальнік спакою ў рэспубліцы[57], але, тым не менш, заставаўся цалкам лаяльным савецкім грамадзянінам, пра што спецыяльна гаворыць А. Мальдзіс[58]. Гэта ж пацвярджае і С. Дубавец, які ўспамінаў, што ўдзельнікі студэнцкіх суполак пачатку 1980-х г. так і не знайшлі агульнай мовы з У. Караткевічам[59]. Далейшы лёс творчай спадчыны гэтага творцы (напрыклад, прызнанне яго як “прарока” з боку таварыства “Тутэйшыя”) яшчэ раз сведчыць, што культурныя артэфакты не маглі мець адназначнага прачытання і лёгка пераасэнсоўваліся, набываючы новае гучанне і змяняючы культурную лакалізацыю. Так У. Караткевіч, адэкватны (з пэўнымі агаворкамі) савецкі класік, быў ператвораны ў прарока новай, прынцыпова нонканфармісцкай (ці нават варожай у дачыненні да класічнай савецкай спадчыны) літаратуры[60].

Крыху іншую, хоць і тыпалагічна блізкую мадэль паводзінаў, наколькі можна папярэдне сцвердзіць, спрабаваў ажыццяўляць Н. Гілевіч. Ён быў прадстаўніком акадэмічных колаў (у 1960–1980 г. працаваў выкладчыкам БДУ) і не толькі выяўляў цікавасць да “сумніўнай” літаратуры (як, напрыклад, Ю. Віцьбіча[61], І. Дзюбы[62], Л. Геніюш[63]), але і імкнуўся да публічнага выказвання сваіх крытычных поглядаў на моўнае становішча ў БССР. Так, у 1965 г. ён выступіў з крытыкай моўнага становішча ў Беларусі на нарадзе перакладчыкаў у Мінску[64]. Гэтай жа праблеме былі прысвечаны яго прамовы на V з’ездзе Саюза пісьменнікаў (1966)[65] і ў час абмеркавання справы студэнтаў А. Разанава і В. Ярца ў 1968 г.[66]. Нягледзячы на гэта, у 1980 г. Н. Гілевіч па прапанове П. Машэрава становіцца сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў[67]. Сваю згоду быць чыноўнікам у сферы культуры ён абгрунтоўвае ў тым ліку і спадзяваннем на новыя магчымасці ўплыву.

Нельга не адзначыць, што Н. Гілевіч быў не ізаляваным у рэчышчы асцярожнага іншадумства, а належаў да досыць шырокага кола незадаволеных. “Балела многім”[68], – заўважае аўтар, маючы на ўвазе не толькі “лёс роднай мовы”, але і ўвогуле “долю-нядолю беларускую”.

Трэба падкрэсліць, што іншадумства Н. Гілевіча мела гранічна “рафінаваны” характар. Ставячы “небяспечныя” пытанні, ён ухіляўся ад адказаў на іх[69]. Стрыманая крытыка культурнай сітуацыі магла ажыццяўляцца і ў апоры на рашэнні партыйных з’ездаў[70](падобным чынам на марксізм абапіраліся многія дысідэнты, як, напрыклад, І. Дзюба). У той жа час у друку ён выступаў і з належным чынам вытрыманымі тэкстамі[71]. Аднак нават такое стрымана-крытычнае стаўленне да асобных праяваў савецкай рэчаіснасці не магло перасягаць дакладна вызначаных межаў. Менавіта таму згаданыя вышэй прамовы 1960-х г. былі апублікаваныя ў канцы 1970-х г. з купюрамі, а цалкам – толькі ў 1996 г.[72], застаючыся набыткам вузкага кола інтэлігенцыі.

“Сказ пра Лысую гару” (які, па ўсім відаць, належыць Н. Гілевічу[73]) тут не абмяркоўваецца, паколькі пра яго пераканальна і вычарпальна выказаўся С. Дубавец: “Паэма, у якой няма ні кроплі антысаветчыны ці хоць бы нонканфармізму”[74]. Зрэшты, такі прысуд не павінен уводзіць у зман. Сама па сабе паэма надзвычай добра ілюструе магчымыя шляхі камунікацыі паміж розным тыпамі творчасці і існавання ў культуры. Бо, нягледзячы на адсутнасць у паэме рысаў дысідэнцтва, яна выразна адрозніваецца ад твораў, паўсталых у рамках “нармальных” культурных практык. У гэтым сэнсе яе памежны статус цалкам адпавядае выказванню М. Жбанкова: «Аднолькава абжытыя і камфортныя былі і афіцыйны, і альтэрнатыўны пласты (“Капітал” на заліку, “Архіпэляг Гулаг” пад падушкай)»[75]. Тыпалагічна тоесная паэме Н. Гілевіча, напрыклад, логіка публічнага прадстаўлення М. Дубянецкім згаданага вышэй рамана “Нельга забыць”: на агульным сходзе выдавецтва ён азначыў яго ў першую чаргу як “прасякнуты духам інтэрнацыяналізму”[76]. Гаворка не ідзе пра нейкую хлусню выдаўца: успрыманне рамана залежала, натуральна, ад чытача, а не ад першапачатковай аўтарскай інтэнцыі, і ўсім вядома, што прадукаванне сэнсаў абумоўлена чытацкім светапоглядам. Для М. Дубянецкага раман быў каштоўны зусім не інтэрнацыяналізмам, на што адназначна паказвае яго дзённік. Але, прамаўляючы перад высокапастаўленым кіраўніком з ЦК, ён мусіў адпаведным чынам падаць ключавую думку мастацкага тэксту, вылучыўшы на першы план менавіта інтэрнацыяналізм.

Наступны спосаб суіснавання з савецкай ідэалогіяй грунтуецца не на процістаянні з сістэмай праз стварэнне неарганічнага ў яе кантэксце культурнага прадукту (гэта быў, натуральна, пратэст – абмежаваны, пасіўны, але пратэст супраць знешняй рэчаіснасці культуры), а пошук магчымасці існавання ў рамках гэтай культуры пры адмаўленні яе ідэалагічных складнікаў. Такая ідэалагічная незаангажаванасць сама па сабе ўжо выклікала падазрэнні: вядома, што савецкая культура будавалася такім чынам, што не магла існаваць сама для сябе, па-за сацыяльным і палітычным кантэкстамі (ні ў якім разе не магла “мець нейкай сваёй этыкі ці тэлеалогіі развіцця”)[77]. Вышэй ужо прыводзіўся прыклад Л. Дранько-Майсюка, на адрас якога гучала ў тым ліку абвінавачванне ў адсутнасці выразнай грамадзянскай пазіцыі. Таму творцы, якія адмаўляліся забяспечваць патрэбную функцыянальнасць культуры, a priori не мелі вялікіх кар’ерных шанцаў у сістэме і мусілі задавольвацца маргінальным становішчам (хоць іх набытак, зразумела, мог мець вялізнае значэнне).

Такім чынам, першасная прыкмета гэтага тыпу ўнутранай эміграцыі – тое, пра што Р. Барадулін сказаў: “Не прымяраў мундзіраў”. За ім, на думку А. Сямёнавай, гэта маглі з поўным правам паўтарыць У. Караткевіч, В. Сёмуха, А. Ліс, М. Стральцоў[78]. Выпадак У. Караткевіча ўжо разглядаўся вышэй – сапраўды, ён не меў ніякіх афіцыйных пасад. З іншага боку, да яго думкі прыслухоўваўся П. Машэраў, а многія яго творы маюць ідэалагічнае гучанне. У. Караткевіча цяжка параўноўваць з тым жа М. Стральцовым – пісьменнікам, засяроджаным амаль што на “чыстым мастацтве”: лірычнай паэзіі, кароткай прозе, літаратурнай крытыцы (“тут было выратаванне”[79]). Такім чынам, гэтыя асобы цалкам свядома далучаліся да савецкай культуры і фактычна працавалі на яе карысць, але спрабавалі пры гэтым вынесці за дужкі навязлівыя прынцыпы партыйнасці і сацрэалізму.

Вельмі паказальны ў гэтым сэнсе творчы лёс вядомага графіка Б. Заборава. Жадаючы ўнікнуць абавязковай марксісцка-ленінскай індактрынацыі сваіх твораў, ён свядома замкнуўся ў межах кніжнай ілюстрацыі, якая ўяўлялася найбольш далёкай ад камуністычнай ідэалогіі сферай выяўленчага мастацтва. «Я жыў у краіне ўзорнага таталітарнага рэжыму, для якога ягоная заганная ідэалогія была ўмоваю існавання. Яна пранізвала ўсё жыццё, і мастацтва – у першую чаргу. Кніжная графіка была адносна “бяспечнаю зонай”, якая хавалася ў цені літаратурнага тэксту»[80]. Як вядома, у 1980 г. Б. Забораў выехаў з БССР (спачатку ў Вену, пасля – у Парыж). Прычыны ад’езду зразумелыя, але нялішне ўсё ж іх назваць – спашлемся на В. Тараса (падабенства метафар у яго і ў М. Дубянецкага наўрад ці выпадае тлумачыць толькі іх адноснай простасцю): «…не хапала яму – паветра! І абрыдла жыць ізгоем, абрыдла жыць ва “ўнутраным гета”, куды яго старанна заганялі некаторыя калегі… жаданне стаць свабодным мастаком»[81]. Здзейсненая Б. Заборавым “фізічная” эміграцыя не магла мець шырокіх перспектываў: так ці інакш, савецкая культура (чытай – ідэалогія) залучала іншадумцаў у абсягі сваіх уплываў.

З іншых дзеячоў, блізкіх да падобнага спосабу адказваць на выклікі рэчаіснасці савецкай культуры, варта назваць паэта А. Разанава. Пасля выключэння з БДУ ў 1968 г. ён не ўваходзіў у адкрытыя канфлікты з ідэалогіяй і ўладай, але захоўваў сувязі з (напаў)дысідэнцкімі коламі (напрыклад, студэнцкімі)[82]. У той жа час яго існаванне ў рамках савецкай культуры было складанае. Зборнікі паэта выходзілі з цяжкасцю[83]. І нягледзячы на тое, што ў некаторых з іх можна адшукаць і ідэалагічна вытрыманыя вершы[84], у цэлым яны так і засталіся непрынятыя ў “беларускую савецкую паэзію”, перш за ўсё з-за рэфлексіўнага супраціву крытыкі, якая так і не здолела дапасаваць эстэтыку А. Разанава да сацыялістычнага рэалізму[85]. Прыкладам яго культурнай арыентаванасці можа быць укладзены ім невялікі збор твораў Я. Купалы, куды ўвайшла забароненая паэма “На Куццю”[86]. Нельга знайсці праяваў марксісцка-ленінскай метадалогіі (ці светапогляду) у крытычных выступленнях А. Разанава ў друку[87]. Таму ён быў культавай постаццю ў моладзевым асяроддзі, адыграўшы выключную ролю ў абуджэнні нацыянальных пачуццяў студэнтаў-гараджан і далучэнні іх да нацыянальна-дэмакратычнага руху[88].

Найбольш яскрава разанаўскае іншадумства выявілася ў тэатральнай пастаноўцы “Клеменса”, якая была перакладам з літоўскага драматурга К. Саі. Аднак у беларускі варыянт былі ўведзены арыгінальныя тэксты песень з выразным падтэкстам:

І гэты час, і гэта лад Не назаўсёды…

Я клічу гром, я клічу град… Жыві, нязгода![89]

У дадзеным выпадку ізноў жа трэба мець на ўвазе, што пасыл гэтых паэтычных тэкстаў вызначаўся перш за ўсё іх чытацкім успрыманнем. Выкарыстаная тут эзопава мова дазваляла А. Разанаву, а таксама рэжысёру і ўсім, хто быў задзейнічаны ў спектаклі, захоўваць лаяльнае аблічча. У той жа час уздзеянне гэтай п’есы, наколькі можна меркаваць па ўспамінах непасрэдных удзельнікаў, было велізарным. Аднак гэта даволі рэдкі выпадак, калі ў творчасці паэта адлюстраваліся (каля)палітычная лозунгі; галоўная рыса яго культурнай дзейнасці – выразная апалітычнасць, паэтычны “герметызм”, імкненне знайсці “выратаванне” ў сваёй паэзіі.

Апошні вызначаны намі тып унутранай эміграцыі най-больш набліжаецца да дысідэнцкіх практык. Тут мы ізноў сутыкаемся з прынцыповай немагчымасцю звесці культуру да спрошчаных схем і мадэляў. Правесці дакладную і пэўную мяжу наўрад ці магчыма. І гэтая справа робіцца тым больш няпростай, калі ўлічыць складанасць самога вызначэння паняцця “дысідэнт”[90](параўнаем са сцверджаннем, што ў БССР быў толькі адзін сапраўдны дысідэнт – М. Кукабака). Да гэтага тыпу ўнутранай эміграцыі можна аднесці К. Хадзеева[91], які надрукаваў усяго некалькі артыкулаў[92], В. Стрыжака, першая паэтычная кніга якога з’явілася ўжо ў 1990-я г.[][93], Л. Геніюш, якая працягвала заставацца “грамадзянкай БНР” і прынцыпова не прымала савецкай рэчаіснасці (хоць дзякуючы намаганням М. Танка ў БССР усё ж былі выдадзены некалькі яе паэтычных кніг, некалькі разоў яе вершы з’яўляліся ў афіцыйным друку)[94], як і савецкая рэчаіснасць не прымала паэтку (яна, напрыклад, так і не ўвайшла ў СП БССР). У кантэксце разгляданай праблематыкі вялікай цікавасці дадзены тып з-за яго невялікай ролі ў прасторы культуры не ўяўляе. Можна адсочваць, якім чынам у гэтых колах канструявалася ўласная ідэнтычнасць, якое месца ў ёй вызначалася для знешняй савецкай культуры. Так, у “Хадзееўскай акадэміі”, як успамінае А. Кулон, друкавацца ў афіцыйных выданнях лічылася ганебным, непрыстойным заняткам[95]. Для Л. Геніюш выданне ў савецкіх умовах было натуральным чынам знітаванае з небяспекай (“…было б добра, калі б У. Калеснік у сваёй прадмове не зрабіў з мяне таго, чым я не ёсць…”), таму паэтка не згаджалася на публікацыі сваіх вершаў нават пад ціскам сяброў[96]. Відаць, гэтым жа – імкненнем адмежавацца ад савецкай культуры – варта тлумачыць і актыўнае ліставанне Л. Геніюш з беларускай дыяспарай, перш-наперш з культурнымі дзеячамі, якім яна дасылала, у тым ліку, свае вершы, рэалізуючы такім чынам жаданне быць пачутай[97].

Неабходна яшчэ раз падкрэсліць умоўнасць прапанаванай класіфікацыі, якая мае характар хутчэй працоўнай гіпотэзы і, як і кожную мадэль, яе цяжка суадносіць з жыццём (Ю. Лотман). Працэс ідэнтыфікацыі інтэлектуала з той ці іншай традыцыяй (шырэйшае дастасаванне паняцця “традыцыя” да вывучэння савецкай культуры таксама выглядае вельмі перспектыўным) быў складаным і наўрад ці жорстка абумоўленым працэсам. Адна з добрых ілюстрацый – радкі з мемуараў В. Тараса, дзе апісваецца шлях адмаўлення аўтара ад “ілюзій наконт сталінскага казарменнага сацыялізму”[98]. Гэты працэс, які пачаўся, паводле В. Тараса, яшчэ ў партызанскім атрадзе, быў вельмі доўгі і складаны і працягваўся каля сямі гадоў, калі аўтар працаваў у рэдакцыі галоўнага партыйнага выдання – газеты “Звязда” (1955–1962). «У “звяздоўскай” школе жыцця я зразумеў механізм таго ладу, які завецца таталітарнай сістэмай, зразумеў, убачыў увачавідкі механізм яе прапаганды, злавесны механізм цэнзуры»[99].

Паказальна, што нават у самым асяродку партыйнай прапаганды маглі працаваць беспартыйныя асобы, а тэмай гутарак сярод іншага была граматыка Б. Тарашкевіча[100]. Больш за тое, у 1959–1961 г. В. Тарас узначальваў аддзел літаратуры і мастацтва ў рэдакцыі “Звязды”, але мусіў сысці з-за нежадання ўступаць у партыю. Вельмі цікавы эпізод, у якім ідзе гаворка пра ваганні В. Тараса наконт уступлення ў партыю. Яго разважанні прыблізна адпавядалі тэзісам, якімі Н. Гілевіч абгрунтоўваў сваё рашэнне стаць сакратаром СП СССР – магчымасці, якія адкрываў гэты кампраміс. Такую магчымасць вельмі жорстка асудзіў А. Адамовіч. У выніку В. Тарас у 1962 г. сышоў са “Звязды”, бо “ідэйна гэта ўжо была не мая газэта”[101].

Сутыкненне з уладамі адбылося пазней, у 1968 г., калі В. Тарас быў прыцягнуты да допытаў у КДБ па справе Л. Вакулоўскай. Яшчэ да гэтага ён мусіў звольніцца з рэдакцыі “Нёмана”, каля васьмі гадоў яго не друкавалі ў БССР[102].

Валянцін Тарас уваходзіў у кола даволі “ненадзейных” асобаў, да якога належалі А. Адамовіч, М. Крукоўскі, а таксама “група Л. Вакулоўскай”. Ён быў блізка знаёмы з В. Быкавым. Разам з тым у яго творчасці наўрад ці можна адшукаць дысідэнцкія рысы. Асаблівасці светаўспрымання В. Тараса былі абумоўлены відавочна незадавальняльнай сітуацыяй у савецкім грамадстве наогул і ў савецкай культуры ў прыватнасці. Цэнзура ўзмацнялася і ўсё часцей пераўтваралася ў недарэчнасць; нарастала партыйнае ўмяшанне ў жыццё інтэлігенцыі (напрыклад, ЦК КПБ мог прызначаць функцыянераў у часопісныя рэдакцыі, абмінаючы СП БССР). Нарэшце, не мог не ўплываць на інтэлігенцыю застой у культурным жыцці (адзначаны і ў дзённіках таго ж М. Танка).

Са сказанага вынікае, што да даследчыцкага падзелу культурнага жыцця трэба ставіцца з належнай асцярожнасцю.

* * *

Вывучаючы гісторыю інтэлектуалаў як у БССР, так і ў СССР, даследчыкі звычайна імкнуцца пазбягаць ацэначных меркаванняў. Хоць сама неабходнасць шырокага вывучэння сацыяльна-культурных перадумоваў становішча інтэлектуалаў наўрад ці можа быць аспрэчаная. Зразумела, асаблівую каштоўнасць уяўляюць сабой наватарскія пошукі, напрыклад, такіх навукоўцаў, як Н. Казлова, якая, абапіраючыся на ідэі П. Бурдзье, вылучае ў якасці перспектыўнага гнасеалагічнага інструмента метафару гульні[103]. Разам з тым трэба разумець, што тэзіс пра жорсткі падзел савецкай культуры як з’явы і, такім чынам, пра “жорсткую дыверсіфікацыю” інтэлектуальнай супольнасці паводле яе культурніцкай тоеснасці не вытрымлівае крытыкі. І ў навуковай літаратуры ўсё часцей з’яўляюцца публікацыі, заснаваныя на ўзважанасці і далікатнасці ў адносінах да класіфікацыі з’яў культуры[104]. Так, Р. Шарцье вылучае тэзіс “класіфікацыі пад пытаннем”[105], а С. Харужы засяроджваецца на іншым, але блізкім аспекце існавання ўнутранай эміграцыі: “Паступова выспа разбуралася. Працэс быў дваісты: меншалі і выразнасць адрозненняў, і энергія абароны гэтых адрозненняў”[106]. Галоўнае практычнае наступства такога падыходу – адсутнасць цэласнага вобразу культуры і рэдукцыя культурных з’яваў да той формы, якая дазваляе зручна дапасоўваць іх да зададзенай схемы. Як заўважыла Н. Казлова, «калі М. Зошчанка лічыцца па ведамстве “гнаных”, то перастаюць згадваць пра тое, што ён пісаў “Аповеды пра Леніна”»[107]. У адносінах да Беларусі ў асноўным засяроджваюцца на раскрыцці іншай дыхатаміі – нацыянальнае vs савецкае, а такі спосаб пісаць гісторыю савецкай культуры, здаецца, яшчэ ў большай ступені выяўляе сваю ўнутраную нязграбнасць.

Гаворка павінна весціся пра арганічнае адзінства розных сфер, іх унутраную ўзаемасувязь, існаванне складаных каналаў камунікацыі і запазычанняў, пераймання культурнага прадукту (савецкі класік У. Караткевіч як прарок нонканфармістаў, нацыяналістка Л. Геніюш і яе кнігі ў дзяржаўным, г. зн. падцэнзурным, выдавецтве). Лад беларускай культуры савецкага перыяду з яе іманентнай адсутнасцю разгалінаванай інфраструктуры іншадумства можа разглядацца як найбольш удалая ілюстрацыя гэтага тэзіса: іншадумства не знаходзілася недзе ў ізаляцыі, яно існавала ў якасці арганічнага складніка сістэмы афіцыйнай культуры.

Разгледжаныя намі спосабы ўнутранай эміграцыі дазваляюць крыху па-іншаму зірнуць на структуру культуры і культурных эліт у БССР, чым гэта звычайна робіцца ў беларускай гуманітарнай навуцы[108]. Бо нам дагэтуль вядомы пераважна яе вонкавы бок, ледзь не справаздачная статыстыка за кожную пяцігодку[109]. Між тым відавочна, што па-за межамі нашай увагі застаецца вялізная колькасць мікрапрактык культурнай вытворчасці. Нездарма першасны эмпірычны матэрыял назапашаны менавіта ў дзённіках і ўспамінах – творах, напісаных жывымі сведкамі і ўдзельнікамі падзей. Таксама зразумела, што і простай фіксацыі ўжо недастаткова. Усё яшчэ цяжка ўявіць сабе велізарную сістэму беларускай савецкай культуры, абагулены вобраз, які быў бы індукцыйна складзены менавіта з гэтых ачалавечаных фактаў культурнай гісторыі, з гэтага побыту, са штодзённасці культуры, а не з “літаратурна-мастацкіх хронік”.

З іншага боку, мусім падкрэсліць, што праведзены аналіз – толькі чарговы фрагмент уступу да далейшых даследаванняў праблемы. Наколькі, напрыклад, былі пашыраны “ўнутрысістэмныя” практыкі іншадумства? Ці можна знайсці іншыя прыклады сістэматычнай рэфлексіі пра сваё становішча, акрамя дзённікаў М. Дубянецкага? Зразумела, па-за нашай увагай засталіся многія цікавыя праблемы, сярод якіх найбольш абяцальная – пытанне пра сферу ўплываў стоеных іншадумцаў на культурную палітыку, стварэнне і развіццё савецкай культуры памяці ў Беларусі, і г. д.

Сацыяльнае становішча інтэлектуалаў у савецкім грамадстве не дапускала вялікіх магчымасцяў уплыву на канстытуцыю культуры – яна дыктавалася агульнымі палажэннямі дактрыны марксізму-ленінізму. Як мы вышэй паспрабавалі паказаць, у гісторыі БССР былі прыклады спробаў “латэнтнай інжынерыі”, як гэта было ў выпадках М. Дубянецкага і У. Караткевіча. Аднак апошнія належаць да розных тыпаў унутранай эміграцыі: першы арыентаваўся на кар’ерны рост у прапанаваных умовах, другі прынцыпова ўхіляўся ад іерархіі афіцыйнай культуры. З іншага боку, культурніцкае бяспраўе тых асоб, якія, паводле агульнапрынятай логікі, і мусілі вызначаць ключавыя прынцыпы і кірункі развіцця культуры, спараджала імкненне да іх замыкання на прыватных момантах прафесійнай дзейнасці, што дазваляла ўхіліцца ад уздзеяння паноўнай ідэалогіі. Нарэшце, зусім блізка ад дысідэнцтва размяшчалася стратэгія радыкальнай самаізаляцыі ад культуры савецкага тыпу, яе “спакус і прывілеяў”.


[1] Самаарганізацыя – адзін з найважнейшых параметраў грамадзянскай супольнасці (Левин И. Б. Гражданское общество на Западе и в России // Полис. 1996. № 5. С. 115).
[2] Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946–2009 гг. Мінск, 2011. (Хоць гэтае выданне, безумоўна, з’яўляецца ўнушальным і карысным тэзаўрусам фактычнага матэрыялу.)
[3] Гл. у якасці прыкладу самаапісання: Антановіч І. Развіты сацыялізм і прагрэс духоўнай культуры // Мастацтва Беларусі. 1983. № 1. С.5, атаксама даследаванні: Соколов К.Б.Художественная культура ивласть впостсталинской России: союз и борьба(1953–1985). С.-Петербург, 2007; Vaškevič J. Sowjetische Kultur in Belarus // Annus Albaruthenicus. 2009. Bd. X. S. 7–24 і інш.
[4] Танк М. Збор твораў: у 13 т. Т. 13. Публіцыстыка. Мінск, 2012. С. 507–517.
[5] Котляр И. И. Взгляд изнутри: Общественно-политический процесс на Беларуси. Лунинец, 1993. С. 45.
[6] Шамякін І. Летапісец эпохі: успаміны, інтэрв’ю, эсэ. Мінск, 2010. С. 340.
[7] Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск, 1996. С. 123
[8] Берелович А. Интеллектуалы и перестройка // Bulletin des Deutschen Historischen Instituts Moskau. 2011. Nr 5. S. 43. Але не выпадае цалкам спісваць з рахункаў магчымасць і іншых матывацый. Пар., напрыклад: «“Крыху іншадумцам” лічаць сябе вельмі і вельмі многія. Такая гульня з самім жа сабой, блізка знаёмымі…» (Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. Мінск, 1991. С. 155).
[9] Падрабязней пра гэта гл.: Грыцак Я. Гульні з качаргою: усур’ёз і па-ўкраінску // ARCHE-Пачатак. 2004. №1. С. 62. Варты ўвагі аналіз таго, якім чынам змянялася семантыка слова інтэлектуал, пададзены тут: Bering D. “Intellektuel-ler”: Schimpfwort – Diskursbegriff – Grabmal? // Aus Politik und Zeitgeschichte. 4.10.2010. Nr 40. S. 5–12.
[10] Ле Гофф Ж. Интеллектуалы в средние века. С.-Петербург, 2003. С. 4.
[11] Неабходна мець на ўвазе, што гаворка будзе ісці перадусім пра рэпрэзентацыі інтэлектуалаў. Гэта, як уяўляецца, у пэўнай ступені выбачае суб’ектыўнасць многіх выкарыстаных крыніц.
[12] Вирская В. П. Интеллигенция Беларуси как исследовательская проблема: историографический аспект // Образы прошлого в историографии: белорусско-французский диалог. Минск, 2008. С. 38.
[13] Шартье Р. Интеллектуальная история и история ментальностей: двойная переоценка? // Новое литературное обозрение. 2004. № 66. С. 30–31.
[14] Мілаш Ч. Скуты розум. Менск – Вільня, 2000. С. 69–70. Практычная арыентаванасць работы засцерагае і ў гэтым выпадку ад разгляду занадта адцягненых разважанняў пра фундаментальны падмурак гэтага культурнага феномена, як, напрыклад, у вядомага рускага мысляра, перакладчыка і г. д. С. Харужага (Хоружий С. Блеск и нищета внутренней эмиграции // Знамя. 2002. № 8. С. 211–215).
[15] Дубянецкі М. “Трэба рызыкаваць…”: Дзёньнікавыя запісы 1985–1988 гадоў // Дзеяслоў. 2009. № 42. С. 243. Гэта была практычная мэта. Увогуле ж М.Дубянецкі праз сваё служэнне культуры бачыў магчымасць прынесці карысць “народу” (Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 164).
[16] Козлова Н. Н. Согласие, или Общая игра // Новое литературное обозрение. 1999. № 40. С. 200.
[17] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2002. № 2. С. 231.
[18] Дубянецкі М. “Трэба рызыкаваць…”: Дзёньнікавыя запісы 1985–1988 гадоў // Дзеяслоў. 2008. № 37. С. 231.
[19] Тарасов К. Память о легендах. Минск, 1984.
[20] Залесский А. И. Не в ладах с фактами истории // Коммунист Белоруссии. 1986. № 5. С. 91–94.
[21] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2002. № 2. С. 198.
[22] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 165.
[23] Тамсама. С. 163.
[24] Дыла Я. Творы. Мінск, 1981.
[25] Каратынскі В. Творы. Мінск, 1981.
[26] Гарун А. Вершы // Дзень паэзіі–81. Мінск, 1981. С. 243–251.
[27] Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн.: у 6 т. Т. 2. Мінск, 1993. С. 144. У 1962 г. кніга А. Гаруна фігуравала ў спісе “варожай антысавецкай літаратуры”, надрукаванай у ФРГ (Vaškevič J. Sowjetische Kultur in Belarus… S. 13–14).
[28] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 166. Творы У. Галубка выдадзены ў 1983 г., гл.: Галубок У. Творы. Мінск, 1983; збор твораў М. Гарэцкага – у 1984–1986 г., гл.: Гарэцкі М. Збор твораў: у 4 т. Мінск, 1984–1986.
[29] Дубянецкі М. Злое вогнішча. Да гісторыі выдання аповесці В. Быкава “Мёртвым не баліць” // Полымя. 1999. № 2. С. 160–191.
[30] Дубянецкі М. “Трэба рызыкаваць…”: Дзёньнікавыя запісы 1985–1988 гадоў // Дзеяслоў. 2009. № 42. С. 247.
[31] Гл. падрабязней: Шадурский В. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945–1990-е гг.). Минск, 2000.
[32] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 164.
[33] Шэкспір У. Антоній і Клеапатра. Мінск, 1982.
[34] Рыльке Р. М. Санеты Арфею. Мінск, 1982.
[35] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 176–179.
[36] Тамсама. С. 179–180.
[37] Тамсама. С. 181.
[38] Дубянецкі М. “Трэба рызыкаваць…”: Дзёньнікавыя запісы 1985–1988 гадоў // Дзеяслоў. 2009. № 42. С. 244; Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 165. Пра гэты факт стала вядома і на Захадзе (Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 11. С. 126).
[39] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 11. С. 120.
[40] Тамсама. С. 131.
[41] Дубянецкі М. “Трэба рызыкаваць…”: Дзёньнікавыя запісы 1985–1988 гадоў // Дзеяслоў. 2009. № 38. С. 248.
[42] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 182.
[43] Дубянецкі М. “Трэба рызыкаваць…”: Дзёньнікавыя запісы 1985–1988 гадоў // Дзеяслоў. 2008. № 37. С. 227.
[44] Дубянецкі М. “Трэба рызыкаваць…”: Дзёньнікавыя запісы 1985–1988 гадоў // Дзеяслоў. 2009. № 42. С. 247.
[45] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 11. С. 124.
[46] Козлова Н. Н. Согласие, или Общая игра. С. 192.
[47] Ермалович М. “…Нареклися кривичи и дреговичи…” // Неман. 1980. № 9. С. 183–188.
[48] Крукоўскі У. Тысяча плюс дваццаць (з нагоды малога юбілею) // Наша Ніва. 21.02.2000. № 8. С. 7.
[49] Vaškevič, J. Sowjetische Kultur in Belarus… S. 9.
[50] Крукоўскі У. Па сьлядах Ермаловіча // Наша Ніва. 28.02.2000. № 9. С. 7. Пазней А. Кудравец успамінаў пра свае планы стварэння ў “Нёмане” адмысловай пляцоўкі – рэтранслятара беларускай нацыянальнай культуры для рускамоўных жыхароў БССР: Кудравец А. Я не баяўся слова “сьмерць” (гутарка) // ARCHE-Пачатак. 2002. № 1. С. 6–11.
[51] Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека. Мінск, 2010. С. 20–21, 25–26, 117–118.
[52] Брыль Я. – Адамовіч А. “У большым мы не саступім…”: Перапіска 1960–1980-х гадоў // Дзеяслоў. 2010. № 3. С. 262.
[53] М. Дубянецкі, які высока цаніў гэты твор і быў галоўным ініцыятарам яго выдання, кажа пра дваццацігадовую “забарону”, гл.: Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 167–168.
[54] Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча… С. 82.
[55] Тамсама. С. 69–70. Напрыклад, з цэнзурных меркаванняў была зменена назва рамана “Леаніды не вернуцца да Зямлі”  (Vaškevič J. Sowjetische Kultur in Belarus… S. 13).
[56] Макмілін А. “Быў. Ёсць. Буду…”: Гісторыя і культура як тэмы паэзіі Уладзіміра Караткевіч // Тэрмапілы. 1999. № 2. С. 112.
[57] Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча… С. 86.
[58] Тамсама. С. 118
[59] Залоска Ю. Версіі. Шлях да храма “idea sui”: дзённік, дыялогі, эсэ. Мінск, 1995. С. 395.
[60] Пра адносіны “Тутэйшых” да творчай спадчыны У. Караткевіча гл.: Бязлепкіна А. Літаратурныя дыскусіі на мяжы ХХ– ХХІ стст. у СМІ і інтэрнэце: нацыянальная спецыфіка // Веснік БДУ. Сер. 4. 2010. № 3. С. 61.
[61] Гілевіч Н. Збор твораў: у 23 т. Т. 23. Між роспаччу і надзеяй. Абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары. Вільня, 2008. С. 168.
[62] Тамсама. С. 194 і далей.
[63] Тамсама. С. 205.
[64] Тамсама. С. 169.
[65] Тамсама. С. 173–175.
[66] Тамсама. С. 189–191.
[67] Тамсама. С. 238–246.
[68] Тамсама. С. 200.
[69] Гл., напрыклад, яго выступ на перакладчыцкай нарадзе ў 1964 г.: Гілевіч Н. Любоў прасветлая: Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове. Мінск, 1996. С. 23–27.
[70] Тамсама. С. 36.
[71] Гилевич Н. “А писать есть много о чем…” // Нёман. 1986. № 4. С. 144–146.
[72] Гілевіч Н. Між роспаччу і надзеяй… С. 224–225.
[73] Гл. асобную публікацыю з пазначаным аўтарам: Гілевіч Н. Сказ пра Лысую гару. Мінск, 2003.
[74] Дубавец С. Вострая брама. Б.м., 2005. С. 81.
[75] Жбанкоў М. “Культура сьмецьця” і “сьмецьце культуры” //  Фрагмэнты. 1999. № 3–4. С. 133.
[76] Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 11. С. 105.
[77] Казакевіч А. Пра калёнію // Палітычная сфера. 2001. № 1. С. 45.
[78] Сямёнава А. Бэзавы попел // Крыніца. 1994. № 9. С. 43.
[79] Тамсама. Пар.: Макмілін А. Міхась Стральцоў – паэт у прозе і паэзіі // Тэрмапілы. 2002. № 6. С. 121–133.
[80] Цыт. паводе: Барадулін Р. Аратай, які пасвіць аблокі: Сяброў скае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны. Мінск, 1995. С. 230.
[81] Тарас В. На высьпе ўспамінаў. Вільня, 2007. С. 53–54.
[82] Залоска Ю. Версіі… Мінск, 1995. С. 395.
[83] У М. Танка: “А. Разанаў зноў ублытаўся ў нейкую гісторыю. Ну і дзівак! Выдавецтва забракавала яго зборнік. Трэба ісці за дапамогай да А. Т. Кузьміна” (Танк М. Збор твораў: у 13 т. Т. 10. Дзённікі (1960–1994). Мінск, 2012. С. 419). М. Дубянецкі вяртаў у выдавецкі план выкінуты адтуль яшчэ ў 1978 г. зборнік А. Разанава “Шлях-360” (Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 10. С. 169, 185).
[84] Разанаў А. Адраджэнне. Мінск, 1970. У прыватнасці, вершы “Радзіме” і “Ленін – гэта мы”.
[85] Бабкоў І. Каралеўства Беларусь: вытлумачэньне ру(і)наў. Мінск, 2005. С. 55, 60. Гл. таксама прадмову П. Панчанкі і пасляслоўе В. Бечыка ў: Разанаў А. Шлях-360. Мінск, 1981.
[86] Купала Я. Выйдзі з сэрцам, як з паходняй!..: Выбранае. Мінск, 1982. С. 101–108.
[87] Гл., напрыклад: Вобраз-83: Літ.-крыт. артыкулы. Мінск, 1983. С. 151–163. У далейшым, як сведчыць М. Дубянецкі, гэты зборнік браўся на разгляд у Галоўліт у тым ліку з увагі на эсэ А. Разанава (Дубянецкі М. Трэба рызыкаваць… // Полымя. 2001. № 11. С. 124).
[88] Дубавец С. Вершы. Мінск, 2007. С. 56–65.
[89] Сая К. Клеменс. Народная камедыя-прыпавесць у дзвюх дзеях / пер. А. Разанава // Крыніца. 1996. № 4. С. 73.
[90] Даніэль А. Дысыдэнцтва: культура, якая ўхіляецца ад азначэньняў // Шуфляда. 2001. Т. 2. С. 98–114.
[91] Кулон А. Сіняя кніга беларускага алкаголіка. Менск, 2012. С. 133–161. Гэты ўрывак даступны таксама ў інтэрнэце.
[92] Кім Хадзееў [In memoriam] // Наша Ніва. 10.09.2001. № 37. С. 11. Гл. адзін з яго артыкулаў: Хадеев К. Уроки самопознания // Дружба народов. 1975. № 3. С. 277–280.
[93] Кулон А. Сіняя кніга беларускага алкаголіка. С. 112–122.
[94] Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн.: у 6 т. Т. 2. Мінск, 1993. С. 174.
[95] Кулон А. Сіняя кніга беларускага алкаголіка. С. 148. І, разам з тым, “…усякі верш, надрукаваны хоць у раёнцы, хоць у сам выдаце, выклікаў вялікую ўвагу і зайздрасць” (тамсама).
[96] Геніюш Л. Збор твораў: у 2 т. Т. 2. Проза. Лісты. Мінск, 2010. С. 259, 261.
[97] На гэты конт гл.: Юрэвіч Л. Камэнтары: літаратуразнаўчыя артыкулы. Мінск, 1999. С. 281–288.
[98] Тарас В. На высьпе ўспамінаў. Вільня, 2007. С. 367.
[99] Тамсама. С. 126.
[100] Тамсама. С. 154.
[101] Тамсама. С. 125.
[102] Тамсама. С. 415–437.
[103] Козлова Н. Н. Согласие, или Общая игра. С. 198–199. Гл. таксама: Козлова Н. Советские люди. Сцены из истории. Москва, 2005. С. 373–404.
[104] Современная российская историография: в 2 ч. Ч. 2. Минск, 2009. С. 178–179.
[105] Шартье Р. Интеллектуальная история и история ментальностей. С. 36–44.
[106] Хоружий С. Блеск и нищета внутренней эмиграции. С. 213.
[107] Козлова Н. Н. Согласие, или Общая игра. С. 198.
[108] Гл. у якасці прыкладу адпаведныя раздзелы: Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946–2009…; Навіцкі У., Лыч Л. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1997; Голубев В. Культура Беларуси в годы советской власти // Электронны рэсурс – рэжым доступу: http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/filamaty/07/06.htm, дата доступу: 3.06.2012. Спецыяльна адзначым апошні артыкул, аўтар якога спрабуе паказаць “дзве тэндэнцыі” ў культуры Беларусі савецкага перыяду, але наўрад ці гэтую спробу можна назваць паспяховай, асабліва ў адносінах да другой паловы ХХ ст.
[109] “Для музеяў, тэатраў і іншых культурніцкіх устаноў у БССР дзейнічалі планы, якія яны павінны былі выконваць. У якасці параметараў вызначаліся колькасць прадстаўленняў, “абслужаных” гледачоў ці наведвальнікаў (Vaškevič J. Sowjetische Kultur in Belarus… S. 20).
Наверх

Адамковіч, Аляксандр. Беларусы ў Літве ўчора і сёння. Кн. І. Вільня, 2010 (Андрэй Антонаў).

29 лістапада, 2010 |

АДАМКОВІЧ, АЛЯКСАНДР. Беларусы ў Літве ўчора і сёння. Кн. І. Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Літве, 2010. 200 с.

На першы погляд выданне выглядае вельмі грунтоўна, калі не сказаць — манументальна. Пазнака „Кніга І” дае падставы думаць, што аўтары маюць матэрыял не на адзін выпуск. Прадмову да кнігі напісала доктар навук загадчыца кафедры беларусістыкі Віленскага педагагічнага універсітэта Лілея Плыгаўка.

Сама кніга складаецца з дзвюх слаба звязаных паміж сабою частак. Першая — зборнік дакументаў па гіс торыі беларускага нацыянальнага руху ў Вільні і на Віленшчыне, выяўленых аўтарам-укладальнікам у Цэнтральным дзяржаўным архіве Літоўскай Рэспублікі. Другую частку склалі інтэрв’ю, якія ўзяў Аляксандр Адамковіч у беларусаў сённяшняй Вільні.

Тое, што Адамковіч вырашыў апублікаваць і зрабіць даступнымі дакументы з гэтай архіўнай установы, трэба вітаць. Дакументы ў кнізе разбіты на тэматычныя раздзелы: адукацыя, друк, палітычныя арганізацыі і да т. п. Яны павінны данесці да чытача дух часу міжваеннай Вільні, дапамагчы разабрацца ў хітраспляценнях штодзённасці гэтага важнага для фармавання беларускай нацыі перыяду.

Калекцыі Дзяржаўнага архіва Літоўскай Рэспублікі па шэ рагу прычын і сёння малавядомыя беларускім гіс то-рыкам, менавіта таму аўтар мог бы падаць кароткі аг ляд калекцый гэтай установы, так ці іначай звязаных з беларусістыкай. Такі аналітычны матэрыял толькі б упрыгожыў кнігу і на многія гады зрабіў яе каштоўным даведнікам для беларускіх гісторыкаў не аднаго пакалення.

Таксама ўкладальнік не знайшоў патрэбы і часу на тое, каб патлумачыць чытачам, чаму ён выбраў для публікацыі тыя ці іншыя дакументы і хоць бы ў агульных рысах праясніць іх паходжанне.

Кідаецца ў вочы даволі нечаканы метадычны падыход у справе публікацыі гістарычных дакументаў, які ўзяў на ўзбраенне публікатар. Рашэнне (даволі спрэчнае) іншамоўныя дакументы падаваць у перакладзе на беларускую мову можна яшчэ патлумачыць тым, што выдаўцам хацелася зрабіць кнігу больш масавай і даступнай для шырэйшага кола чытачоў. Але незразумела, чаму беларускія дакументы, напісаныя лацінскім алфавітам, трэба было абавязкова падаваць кірылічным пісьмом з дзіўнаватай пазнакай „тэкст напісаны лацінкай па-беларуску”. Мала таго, што „лацінка” не з’яўляецца ясна акрэсленым тэрмінам, дык за мінулае стагоддзе з беларускім алфавітам на базе лацінскага пісьма адбыліся некаторыя змены. Але чаму калі ў адным дакуменце ўжываюцца два алфавіты, то пазнакі пра гэта няма? (с. 59–60).

Трэба думаць, Адамковіч ганарыцца аб’ёмам сваёй перакладчыцкай працы. Ён сапраўды ўражвае. Але ад кніжкі ў мяне было б куды лепшае ўражанне, каб укладальнік улічыў, што пераклад — гэта не толькі падбор адпаведнікаў з адной мовы на другую, але таксама і некаторая праца па адэкватнай перадачы іншамоўных імёнаў уласных. Іначай на с. 102 у спісе падпісчыкаў „Нашай Волі” я ніколі не сустрэў бы экзатычнае прозвішча „Сусемігл”.

У тым, што ніхто з творчага калектыву не чуў пра Эдмунда Зузэміля (Susemihl) — аўтара „Нашай Нівы” і „Крывіча”, нямецкага шпіёна, цэнзара газеты „Homan”, сябра Ластоўскага — няма нічога страшнага. Хаця асабіста мяне гэтая акалічнасць насцярожвае. Але дзіўна, што ні ў кога ў калектыве, які рыхтаваў гэтую кнігу, не ўзнікла пытанняў пра транслітарацыю прозвішча жыхара нямецкага Кёнігсберга.

Выданне багата праілюстравана фотакопіямі з архіўных дакументаў, але думаю, што выдаўцам лепш было б устрымацца ад такога кроку. Простае параўнан не фо-такопіі і публікацыі выяўляе стаўленне да працы з боку Адамковіча. І назваць той падыход старанным ці карпатлівым ніяк не выпадае. Каб не быць галаслоўным, зраблю параўнальны аналіз копіі дакумен та і таго, што ў ім здолеў прачытаць архівіст. На с. 41 прыведзена фотакопія пасведчання, выдадзенага Раку-Міхайлоўскаму, а на с. 63 — расчытаны тэкст гэтага дакумента.

Адразу кідаецца ў вочы тое, што публікатар ва ўсім тэксце скараціў „год” на „г.”, што не зусім уласціва мове 20-х гадоў мінулага стагоддзя, і абышоўся без шапкі і подпісу дакумента, ніякім чынам не пазначыўшы скарачэння. У табліцы падаюцца іншыя разыходжанні паміж арыгіналам і копіяй.

Фотакопія Публікацыя
Паказчык Ўладальнік
Аляксандра, Аляксандра
Менскае Беларускае Гімназіі Менскай беларускай гімназіі
да траўня па траўня
Вучыцельскае Сэмінарыі ў Борунах вучыцельскае семінарыі ў Барунах
Вучыцельскіх Дадатковых вучыцельскіх дадатковых
да 10 верасьня па 10 верасьня
Аркадзь Смоліч
Старшыня Цэнтральнае Беларускае Школьнае Рады
Старшыня Цэнтральнай Беларускай Школьнай Рады Аркадзь Смоліч

Прыведзеныя недакладнасці выяўлены ў тэксце, які займае ў кнізе . старонкі. Я думаю, гэта цяжка назваць публікацыяй. Магчыма, „адаптаваны пераказ” будзе больш да кладнай дэфініцыяй. Застаецца толькі здагадвацца, да якой ступені супадаюць астатнія дакументы са сваімі копіямі.

Узнікае пытанне — ці шмат у такой „публікацыі” архіўнага дакумента карысці, напрыклад, даследчыкам? Ім жа ўсё роўна давядзецца ісці ў архіў, каб пераправерыць калегу. Наўрад ці гэта нармальна, бо калегі яльнасць у пер шую чаргу грунтуецца на даверы. А ў вы падку з Адам ковічам ніякіх падставаў для даверу не прасочваецца.

На вялікі жаль, сітуацыі не выправіў і другі раздзел выдання, у які ўвайшлі гутаркі Аляксандра Адамковіча з беларусамі-віленчукамі, цяперашнімі жыхарамі гістарычнай сталіцы. Калі да выбару герояў не можа быць заўваг, то змест гутарак, тое, якім чынам яны праведзены і якім чынам пададзены чытачу, выклікае сама менш здзіўленне.

Ва ўкладальніка не хапіла імпэту, каб кожнае інтэрв’ю праанансаваць кароткай біяграфіяй свайго суразмоўцы. Навошта? Ну хоць бы для таго, каб увесці чытача ў курс справы. Так ужо атрымалася, што імёны беларусаў-віленчукоў за межамі вузкага кола тутэйшых беларусаў практычна невядомыя.

У тым, што некаторыя інтэрв’юеры скарысталі гэтыя гутаркі як пляцоўку для самарэкламы, як месца, дзе можна паспрабаваць звесці старыя рахункі, я не бачу вялікай бяды. Урэшце, у кожнага сваё разуменне прыстойнасці. Але мне цяжка зразумець прычыны, па якіх гэтыя бясплённыя дыскусіі трапілі на старонкі кнігі. За межамі Вільні ўсе гэтыя даўнія і прынцыповыя спрэчкі паміж беларусамі — пусты гук. І публікацыя ў падтрымку таго ці іншага боку нічога прынцыпова не зменіць. Дык навошта пераводзіць паперу?

З другой часткі не вынікае, што Адамковіч адчувае сябе ўпэўнена ў жанры інтэрв’ю. Вялікай бяды ў гэтым няма. Навыкі прыходзяць з практыкай, досведам і крытычным асэнсаваннем вынікаў сваёй працы. Але калі ўжо так склалася, што апошнім пытаннем, зададзеным  у размове, было „Дзе вы нарадзіліся?”, то, можа, усё ж не варта смяшыць чытача і ў публікацыі пакідаць яго апошнім. А трэба на паперы перанесці пытанне куды належыць, а менавіта на пачатак. Каб размова была зразумелай для чалавека, які ніколі не чуў ні пра Адамковіча, ні пра яго суразмоўцаў.

Застаецца яшчэ дадаць, што ў кнізе, арыентаванай на „навукоўцаў і краязнаўцаў”, адсутнічаюць персанальны і геаграфічны паказальнікі. Напэўна, апублікаваныя копіі і пераказы гістарычных дакументаў вельмі каштоўныя, патрэбныя для таго, каб уявіць, чым быў беларускі нацыянальны рух на Віленшчыне ў першай палове XX ст. Але пакарыстацца ўсім гэтым багаццем без навуковага апарату будзе цяжка.

Вільня

Андрэй Антонаў

Др. Марыя Паўліна Сурвіла (1964–2020). Даследчыца і адвакат беларускай культуры = Dr. Maria Paula Survilla (1964–2020). A Scholar and Advocate of Belarusian Culture: зборнік артыкулаў, прысвечаных памяці калегі і сяброўкі / [укладанне, прадмова ЗІНЫ ГІМПЕЛЕВІЧ; рэдактары: НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА і інш.] Мінск: Лімарыус, 2021. 406 с., [1], [6] іл.

20 ліпеня, 2010 |

У спісе страт, якія панесла беларуская навука ў 2020 г., на жаль, ёсць і імя вядомай прадстаўніцы нашага замежжа, этнамузыколага і выкладчыцы, доктаркі Марыі Паўліны Сурвілы, што пайшла з жыцця ва ўзросце ўсяго 56 гадоў. У памяць пра яе ў Мінску ўбачыла свет спецыяльнае выданне, у стварэнні якога прынялі ўдзел даследчыкі з некалькіх краін свету. Тэксты зборніка напісаны па-беларуску, паанглійску, па-французску, па-іспанску, па-руску. Ужо гэты пералік моў выразна адлюстроўвае як шырокую геаграфію жыцця, так і далягляд творчасці Паўліны Сурвілы.

Выразнай спецыфікай кнігі можна назваць тое, што яна не з’яўляецца выключна навуковым выданнем. Гэта таксама можна патлумачыць шматграннасцю асобы доктаркі Сурвілы. На старонках зборніка можна знайсці вершы, успаміны пра Паўліну Сурвілу, сярод уласна навуковых тэкстаў – многія тэмы, выразна інспіраваныя асабіста важнымі для аўтара рэчамі і асобамі, напрыклад артыкул Сяргея Навумчыка пра Пятра Машэрава. Тут сам аўтар адзначае, што гэта “не навуковая праца, а, хутчэй, эсэ палітыка пра палітыка”. Аднак калі ўлічыць фармат кнігі, арыентаванай, як падаецца, не столькі на прафесійных навукоўцаў, колькі на шырокую грамадскасць, абраны падыход да зместу і характару артыкулаў цалкам апраўданы.

Усе тэксты структураваныя паводле тэматыкі на некалькі раздзелаў. Акрамя прыгаданых вершаў і першай часткі, што змяшчае ўспаміны, ёсць “гістарычны блок”, некалькі артыкулаў, што дэманструюць сувязь беларускай гісторыі і культуры з сусветнымі працэсамі і з’явамі, вялікі раздзел па гісторыі літаратуры і фінальны, дзе змешчаны тры тэксты, звязаныя з беларускай дыяспарай.

Апошні раздзел, на нашу думку, найбольш разнастайны па фарматах. Ён адкрываецца англамоўным біяграфічным артыкулам пра Янку Станкевіча, потым ідзе падрыхтаваная да публікацыі Наталляй Гардзіенкай перапіска Янкі Сурвілы з айцом Львом Гарошкам. Фінальны тэкст раздзела – “дыялог-успамін”, дзе пра гісторыю эмігранцкага танцавальнага ансамбля “Васілёк” размаўляюць удзельніца калектыву Ала Орса-Рамана і даследчыца Валянціна Трыгубовіч.

Пададзеныя ў кнізе тэксты надзвычай разнапланавыя, што вельмі добра. Кожны чытач зможа знайсці для сябе штосьці важнае, а таксама пазнаёміцца з матэрыяламі сумежных дысцыплін.

З метадалагічнага пункту гледжання таксама варта адзначыць, што прапанаваныя артыкулы ў сваёй бальшыні добра адлюстроўваюць сучасны стан навукі. Так, тэматыка сталінскіх рэпрэсій паказана праз прызму мікрагісторыі, гісторыі персаналій (артыкул Алеся Смаленчука), а таксама ў аспекце аналізу асэнсавання трагічнага мінулага ды складанасцяў такога асэнсавання (англамоўны тэкст Дэвіда Марплза і Веранікі Лапуцькі). Генадзь Сагановіч прапанаваў даўно патрэбны ў нашай гістарыяграфіі ўзважаны, але крытычны разбор вядомай у беларускім грамадстве кнігі Міколы Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа”.

Такая ж шырокая разнастайнасць тэм сустракаецца і ў іншых раздзелах. Найбольш паказальным можа служыць перадапошні, прысвечаны гісторыі літаратуры. Ён адкрываецца англамоўным артыкулам Ірыны Дубянецкай, дзе яна, абапіраючыся на арыгінальны яўрэйскі тэкст, аналізуе біблейскі міф пра стварэнне свету. Завяршаецца раздзел артыкулам амерыканскага даследчыка Патрыка Малоя, які прысвечаны перакладам на мову суахілі тэкстаў пра СНІД. Аўтар разглядае гэты працэс ад 1980-х гадоў і завяршае сітуацыяй 2020 г., калі свет накрыла чарговай эпідэміяй.

Разгледжаны зборнік убачыў свет з сумнай нагоды. Але сваім зместам ён, безумоўна, зробіць годны ўнёсак у айчынную навуку і паслужыць напамінам пра таленавітую даследчыцу ды выкладчыцу Паўліну Сурвілу.

Мінск

Сяргей Емяльянаў

АКІНШЭВІЧ, ЛЕЎ. Выбранае / укладальнікі, [пад рыхтоўка тэкстаў, агульнае рэдагаванне, ка ментары, паказнік]: НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА і ЛЯВОН ЮРЭВІЧ. Мінск: Кнігазбор, 2021. 405 с., VIII іл. (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 42. Спадчына: агледзіны)

19 ліпеня, 2010 |


Матэрыялы зборніка размешчаны ў некалькіх раздзелах згодна з характарам тэкстаў і з тэматыкай. Тэматычны падзел абраны для першых тэкстаў кнігі, дзе надрукаваны навуковыя артыкулы Акіншэвіча, напісаныя ў розныя часы. Яны скампанаваны ў тры блокі: “Агульная гісторыя”, “Да гісторыі беларускага права” і “Да гісторыі беларускага казацтва”. За імі ідзе частка аўтарскіх рэцэнзій, напісаных гісторыкам у розныя гады і на розныя тэксты. У цэлым гэтыя раздзелы можна было аб’яднаць у адзін вялікі блок уласных навуковых (месцамі – навукова-папулярных) прац Льва Акіншэвіча.

Другая частка кнігі, як можа падацца на першы погляд, уяўляе сабой амаль абавязковы для такіх выданняў дадатак: яна ўтрымлівае адзін мастацкі тэкст Акіншэвіча, яго ўспаміны, фрагменты перапіскі з рознымі асобамі, а таксама водгукі іншых аўтараў на выступы і артыкулы самога Льва Акіншэвіча. Аднак у кантэксце навуковых тэкстаў, абраных укладальнікамі для публікацыі, менавіта фінальныя раздзелы выглядаюць неабходнымі – без іх карціна творчасці ўкраінска-беларускага гісторыка была б надзвычай няпоўнай, што вельмі важна ў гэтым выпадку. Чытаць далей →

Юры Грыбоўскі. Удзел беларусaў у парламенцкіх выбарах у Латвіі (1922–1931)

10 чэрвеня, 2010 |

Адным з найбуйнейшых асяродкаў беларускага нацыянальнага жыцця ў міжваенны час была Латвійская рэспубліка. Латвійскія беларусы кампактна жылі ў паўднёва-ўсходняй Латгаліі і часткова Земгаліі. Яны былі пятай па колькасці групай сярод нацменаў (пасля рускіх, яўрэяў, немцаў і палякаў). Колькасць жыхароў Латвіі, якія дэкларавалі сябе беларусамі, змянілася ад 79 529 чал. (у 1920 г.) да 26 867 (у 1935 г.). Такая значная розніца ў лічбах не была вынікам міграцыйных ці натуральных працэсаў. Галоўная прычына хавалася ў саміх беларускамоўных жыхарах Латгаліі, нацыянальная самасвядомасць якіх тады яшчэ знаходзілася ў стадыі фармавання. Маючы праблемы з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй, адны і тыя ж людзі ў розны час і пад уплывам разнастайных сацыяльных і палітычных чыннікаў дэкларавалі розную нацыянальнасць. Несвядомая і маласвядомая ў нацыянальным сэнсе беларускамоўная латгальская вёска на пачатку ХХ ст. стала прадметам нацыянальнакультурнай экспансіі з боку мясцовых нацыянальных рухаў. За душы і сэрцы “тутэйшых” змагаліся рускія, польскія, латгальскія і беларускія дзеячы. Ліберальнае заканадаўства Латвійскай рэспублікі (да 1934 г.) спрыяла нацыянальнакультурнаму развіццю прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Дэмакратычная канстытуцыя давала нелатышам шырокія магчымасці нацыянальна-культурнай аўтаноміі, аналогію якой цяжка знайсці на карце тагачаснай Еўропы. Гэта выкарысталі таксама беларусы. Пачаткам арганізацыі беларускага нацыянальнага руху ў Латгаліі было стварэнне Культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына”, якое распачало працу ў Дзвінску ў красавіку 1921 г. Пазней узніклі іншыя беларускія арганізацыі (таварыствы “Беларуская Хата”, “Рунь”, “Прасвета”, Таварыства беларускай моладзі Латвіі, Беларускае пазычкова-ашчаднае таварыства; кааператыў “Культура і праца” і інш.). Мэтай названых структур было гуртаванне вакол сябе беларускамоўнага жыхарства Латвіі, нацыянальна-культурная праца, накіраваная на фармаванне і ўмацаванне ў яго беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. У Латвіі існавала беларускае школьніцтва, якое ў перыяд свайго найвышэйшага ўздыму налічвала 2 гімназіі, 1 сельскагаспадарчую сярэднюю і 51 пачатковую школу. Менавіта школьніцтва стала асноўнай кузняй беларускасці, а настаўнікі – галоўным рухавіком мясцовай беларускай інтэлігенцыі. У 1920 і 1930-я г. Латвія была таксама месцам, дзе выдаваліся беларускія газеты і друкаваліся кнігі на беларускай мове. Сярод арганізатараў і актыўных дзеячоў беларускага жыцця ў Латвіі варта назваць Кастуся Езавітава, Сяргея Сахарава, Мікалая Дзямідава, Андрэя Якубецкага, Уладзіміра Пігулеўскага. Беларуская культурна-асветная і выдавецкая справа ў Латвіі ўжо была прадметам даследчыцкай увагі [1]. Чытаць далей →

KOLENOVSKÁ, DANIELA; PLAVEC, MICHAL. Běloruská emigrace v meziválečném Československu: Studie a dokumenty. Sociopolitický aspekt. Praha, 2017. 287 s.

9 чэрвеня, 2010 |

Напрыканцы 2017 г. у выдавецтве Карлавага ўніверсітэта ў Празе выйшла калектыўная манаграфія Даніэлы Каленоўскай і Міхала Плавеца пад назвай “Беларуская эміграцыя ў міжваеннай Чэхаславакіі: Даследаванні і дакументы. Сацыяпалітычны аспект”.

Чэшскія навукоўцы і раней выяўлялі цікавасць да розных аспектаў беларускай прысутнасці ў міжваеннай Чэхаславакіі [1]. Асобнай увагі заслугоўваюць грунтоўныя артыкулы Д. Каленоўскай [2] і М. Плавеца [3], напісаныя перадусім на чэшскім архіўным матэрыяле. Акрамя таго, агульны агляд дзейнасці беларускай палітычнай эміграцыі ў Чэхаславакіі ў 1920–1940-я гады быў зроблены ў кнігах па гісторыі Беларусі, якія выйшлі па-чэшску [4]. Чытаць далей →

Алег Гардзіенка. Палітычны раскол на беларускай эміграцыі ў 1940-я г.

14 снежня, 2009 |


Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе і захадаў па рэпатрыяцыі на радзіму соцень тысяч вывезеных на прымусовыя працы на тэрыторыі Нямеччыны засталіся некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў, якія не пажадалі вяртацца ў БССР. Пераважна гэта былі эмігранты 1944 г. — паліцэйскія, жаўнеры Беларускай краёвай абароны ды іншых ваенізаваных фармаванняў, работнікі адміністрацыі, нешматлікія прадстаўнікі інтэлігенцыі, а таксама сяляне, якія ўцякалі ад перспектывы трапіць пад савецкую ўладу. Да ix таксама дадаваліся працоўныя эмігранты, што выехалі ў Нямеччыну перад пачаткам або ў часе Другой сусветнай вайны, а таксама былыя ваеннапалонныя польскага войска, вызваленыя ў 1940-1941 г.

Дакладна падлічыць колькасць тых, хто не хацеў вяртацца на радзіму летам 1945 г., не ўяўляецца магчымым, паколькі большасць уцекачоў імкнуліся схаваць сваё беларуска-савецкае паходжанне. Яны перадусім стараліся запісацца грамадзянамі Польшчы, наяўнасць грамадзянства якой на 1 верасня 1939 г. ратавала ад прымусовага вывазу ў СССР. Тым не менш можна прыблізна ацаніць колькасць тых, хто не пажадаў вяртацца ў БССР. Міжнародная арганізацыя па ўцекачах (IRO) ацаніла колькасць расселеных з Нямеччыны ў іншыя краіны беларусаў у 25 тыс., прычым толькі 5145 запісаліся такімі[1]. Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, які ў 1945 г. апекаваўся рэгістрацыяй і ўладкаваннем суайчыннікаў у амерыканскай зоне акупацыі, ацаніў колькасць невяртанцаў у 75-100 тыс.[2].

Усе тыя людзі, якія не захацелі вярнуцца на радзіму і змаглі даказаць сваё права застацца на Захадзе, атрымлівалі статус перамешчаных асобаў, або Displaced Persons (DP). Яны сяліліся ў спецыяльных лагерах, якімі апекавалася ЮНРРА (Адміністрацыя Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні), якую з 1 ліпеня 1947 г. замяніла IRO. Лагеры DP арганізоўваліся паводле нацыянальнай прыкметы і мелі ўнутраную адміністрацыю. Жыхары лагераў забяспечваліся з боку ЮНРРА харчаваннем (з разліку ў сярэднім 2000-2300 калорый на дзень), вопраткай, абуткам і харчаваннем, якое часцей атрымлівалі сухім пайком[3]. У лагерах дзейнічалі школы, садкі, шпіталі, прафесійныя курсы, дазвалялася грамадская дзейнасць.

Беларускія лагеры былі створаны ў брытанскай і амерыканскай акупацыйных зонах. У французскай, з прычыны малой колькасці беларусаў, такіх лагераў не было.

У брытанскай зоне найбольшы лагер узнік летам 1945 г. у Ватэнштэце (Ніжняя Саксонія). Ініцыятарам яго стварэння быў на той час грамадскі дзеяч Святаслаў Коўш. Ён жа стаў доўгачасовым камендантам гэтага лагера. На 1 студзеня 1947 г. колькасць насельнікаў лагера складала 568 чалавек, на 1 студзеня 1948 г. — 716 чалавек. У лагеры АВС-Ватэнштэт былі садок, пачатковая школа, Беларуская гімназія імя Багдановіча, як і ў іншых месцах, створаны праваслаўны прыход, а таксама дзейнічала беларуская каталіцкая парафія (а. Міхась Маскалік). У брытанскай зоне беларусы таксама жылі ў лагерах у Гановеры, Гослары, Гайдэнаў.

Аднак найбольшая колькасць нацыянальна свядомых беларусаў апынулася ў амерыканскай акупацыйнай зоне, а менавіта ў Баварыі. Першы беларускі лагер тут арганізаваны 6 чэрвеня 1945 г. у Рэгенсбургу грамадскім дзеячам Аляксандрам Русаком, які дзеля гэтага аб’ездзіў шмат баварскіх мястэчак і гарадоў — для адкрыцця лагера патрабавалася пэўная колькасць суайчыннікаў. З цягам часу ў Рэгенсбург з усёй цэнтральнай і паўднёвай Нямеччыны пачалі сцякацца зацікаўленыя ў такім гуртаванні беларусы[4]. Цягам лета — восені 1945 г. у лагеры былі арганізаваны прафесійныя курсы, дзіцячы садок, курсы беларусаведы, пачатковая школа, у снежні 1945 г. адкрыта Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, выпуснікі якой потым значна паўплывалі на жыццё эміграцыі наогул і арганізацыю беларускага жыцця ў пасляваеннай Нямеччыне.

Ад лета 1945 г. Рэгенсбург стаўі цэнтрам беларускай палітычнай прысутнасці. З капітуляцыяй Нямеччыны дзейнасць усіх палітычных і грамадскіх арганізацый, у тым ліку і тых, што эвакуяваліся з Беларусі, спынілася з увагі на рэпрэсіі саюзніцкай адміністрацыі. Каб не быць абвінавачанымі ў супрацоўніцтве з нацыстамі, спынілі дзейнасць Беларуская самапомач, Беларускі камітэт самапомачы ў Берліне, Беларускае прадстаўніцтва, Саюз беларускай моладзі, Саюз вызвалення Беларусі. Спыніла выданне газета „Раніца”, якая шмат зрабіла ў 1940-1944 г. для гуртавання нашых суайчыннікаў на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Ад красавіка 1945 г. фактычна бяздзейнічала і Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР), якой дэлегаты Другога Усебеларускага Кангрэса (Мінск, 27.06.1944) даверылі права прадстаўляць беларускі народ на эміграцыі, г. зн. фактычна быць беларускім урадам на чужыне. У такой сітуацыі (спынення дзейнасці арганізацый) неабходна было шукаць новыя формы прадстаўніцтва суайчыннікаў на эміграцыі.

15 жніўня 1945 г. у офісе Беларускага нацыянальнага камітэта ў Рэгенсбургу прайшоў сход палітычнага актыву, у якім удзельнічалі 12 чалавек. На сход прыехаў прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі з раднымі Барысам Рагулем і Сцяпанам Стаськевічам. Сход вёўАўген Калубовіч (Каханоўскі), які ахарактарызаваў перад прысутнымі палітычную сітуацыю. Калубовіч у сваім выступе зазначыў, што БЦР не можа ў наяўных варунках выконваць свае функцыі і прапанаваў, каб яна перадала новай арганізацыі — Беларускаму нацыянальнаму цэнтру — мандат на кіраванне справамі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне[5].

Астроўскі пагадзіўся з ідэяй стварэння БНЦ і нават прапанаваў на пасаду старшыні Міколу Абрамчыка — арганізатара беларускага жыцця ў Францыі ў 1930-я, а пад час вайны — кіраўніка Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне. Таксама было пастаноўлена перавесці з рахунка БЦР грошы для дзейнасці БНК.

Дзейнасць самой БЦР была прыпынена на ХІ Пленуме 23-24 верасня 1945 г. у Эшэрсбекене пад Вюрцбургам (пн.-зах. Баварыя). У паседжанні ўдзельнічалі Радаслаў Астроўскі, радныя Франц Кушаль, Аўген Калубовіч, Сымон Кандыбовіч, Пётр Орса, Станіслаў Станкевіч, а таксама грамадскія дзеячы Мікола Шчорс і Аляксей Сянькевіч.

Астроўскі ў дакладзе заявіў, што цяперашнія ўмовы не дазваляюць працягваць дзейнасць БЦР, але арганізацыю неабходна захаваць для нашчадкаў, на пэўны час прыпыніўшы дзейнасць, „каб <…> не даць бальшавікам магчымасці выкарыстаць перад заходнімі саюзнікамі фармальна тактычнае супрацоўніцтва з немцамі ў мэтах канчальнага знішчэння супрацьбальшавіцкага актыву”[6]. Ідэю Астроўскага падтрымалі ўсе ўдзельнікі сходу.

XI пленум БЦР фактычна прыпыняў на пэўны час дзейнасць арганізацыі, але пытанне пра гэта нават не ставілася на галасаванне. Юрыдычна БЦР працягвала існаваць і тэарэтычна магла быць адноўлена ў любы момант дэкрэтам Астроўскага. Тым не менш прэзідэнт БЦР добраахвотна сышоў у цень, уласнаручна вывеўшы на палітычную сцэну Міколу Абрамчыка.

Для большасці эмігрантаў, найперш уцекачоў 1944 г., Абрамчык быў новай і незнаёмай фігурай. Але ён здолеў прапанаваць ясную праграмуажыўлення палітычнага жыцця на эміграцыі: аднаўленне дзейнасці Рады БНР. Рада БНР была закансерваваная ад 1925 г. (ад Берлінскай канферэнцыі, што прызнала Мінск цэнтрам беларускай прысутнасці), а канчаткова прыпыніла дзейнасць са смерцю ў сакавіку 1943 г. у Празе Васіля Захаркі. Але перад смерцю Захарка перадаў Абрамчыку паўнамоцтвы старшыні Рады БНР: „Будучы доўга і моцна хворым, што можа прынесці хутчэй кепскі, чым добры канец майму жыццю, я гэтым перадаю Вам, пане Інжынер, становішча Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтым жа самым назначаю на становішча Сакратара Прэзідыуму Рады БНР Ларысу Антонаўну Геніюш. Усе абавязкі ляжаўшыя раней на мне згодна з пастановай Пленума Рады БНР накладаюцца цяпер на Вас пане Інжынер і на грамадзянку Геніюш”[7].

3 цягам часу вакол Абрамчыка аб’ядналася інтэлектуальная і грамадская эліта эміграцыі, у тым ліку і з былых паплечнікаў Астроўскага. Ідэя аднаўлення Рады БНР здавалася прывабнай, бо Рада не запляміла сябе супрацоўніцтвам з нацыстамі. У красавіку 1939 г. Васіль Захарка разам з Іванам Ермачэнкам падпісаў мемарандум на імя Гітлера з просьбай улічыць беларускае пытанне, але пазней старшыня Рады БНР згарнуў усе кантакты з берлінскімі чыноўнікамі. Асноўныя крокі па аднаўленні Рады БНР былі зроблены ў 1947 г.

У 1945-1946 г. беларуская эміграцыя ў Нямеччыне імкнулася скансалідавацца або, наадварот, ажыццявіла крокі, якія зрабілі гэтую кансалідацыю немагчымай. У пачатку 1946 г. было прынята рашэнне заснаваць структуру, якая аб’яднала б усіх эмігрантаў у Нямеччыне. 25 лютага 1946 г. у Рэгенсбургу прайшоў з’езд 52 прадстаўнікоў трох акупацыйных зон, на якім быў створаны Беларускі цэнтральны дапамогавы камітэт (БЦДК) на чале са святаром Мікалаем Лапіцкім. БЦДК стварылі, але паступова ўсе ключавыя пасады ў ім апынуліся ў руках прыхільнікаў Абрамчыка, а яго ідэйныя апаненты — Мікалай Шчорс, Аляксандр Багдановіч, Юры Стукаліч — паступова былі адхіленыя ад кіраўніцтва[8].

Адно з першых паседжанняў БЦДК скончылася скандалам. Янка Станкевіч звінаваціў грамадскага дзеяча Івана Касяка ў тым, што той пад час вайны напісаў данос у СД на бурмістра Мінска Іваноўскага[9]. Касяк патлумачыў, што данос быў напісаны як рэакцыя на данос, напісаны самім Іваноўскім на шэраг дзеячоў праваслаўнага веравызнання. У выніку Касяк выйшаў з камітэта, а разам з ім і шэраг яго паплечнікаў.

Паралельна са сваркамі ў БЦДК выбухнулі падзеі вакол стаўлення да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а таксама разгарэўся лінгвістычны канфлікт, што істотным чынам паўплывала на палітычны падзел беларускай эміграцыі.

Лінгвістычны канфлікт

Нягледзячы на тое, што юрыдычна беларускія ўцекачы з Заходняй Беларусі былі абароненыя ад рэпатрыяцыі, над імі працягвала вісець небяспека быць высланымі ў СССР, у тым ліку і з той прычыны, што ў многіх заходніх чыноўнікаў слова Belarussia трывала асацыявалася са словам Russia ці з абрэвіятурай БССР, што ўспрымалася як прыналежнасць да СССР. У коле паплечнікаў Міколы Абрамчыка ўзнікла ідэя адысці ад этнонімаў Беларус і беларускі, вярнуўшы больш старажытныя і, на іх думку, больш адпаведныя тэрміны крывічы, крывіцкі. Выказвалася таксама думка, што назвы беларус і беларускі — гэта накінутыя Расіяй у сярэдзіне ХІХ ст. каланіяльнія тэрміны замест спрадвечных гістарычных. Усё гэта разам, на думку аўтараў праекта, павінна было дыстанцыяваць беларусаў ад Расіі і СССР. Найбольшым прапагандыстам такой ідэі быў Янка Станкевіч — у 1945 г. першы камендант беларускага лагера ў Рэгенсбургу. Станкевіч нават назваў гэты лагер Крывіцкім селішчам. Ідэяй замены прыметніка беларускі на крывіцкі прасякнуліся затым выкладчыкі Беларускай гімназіі Антон Адамовіч, Аляксандр Орса, Аўген Калубовіч, Парфіры Трысмакоў. Праз некаторы час гімназія нават змяніла назву на Крывіцкая (Беларуская), дайшло таксама да перайменавання прадметаў („Крывіцкая мова”, „Гісторыя Крывіі”), а часам да выпраўлення вершаў пісьменнікаў (слова беларускі аўтаматычна замянялася на крывіцкі)[10].

Ідэя „Крывіі” паступова выйшла за межы гімназіі, частка эмігрантаў, найперш скаўцкая моладзь, таксама ўхваліла прапанову — пачалі стварацца моладзевыя арганізацыі, якія мелі ў назве слова крывіцкі (Крывіцкае студэнцкае згуртаванне, Згуртаванне крывіцкіх скаўтаў на чужыне і г. д.). 5 траўня 1946 г. на сходзе ў Рэгенсбургу Антон Адамовіч і Янка Станкевіч прачыталі даклад „Крывічы ці беларусы”, дзе прапанавалі ў афіцыйных дакументах у дужках пасля этноніма беларусы пазначаць крывічы. Гэтая ініцыятыва таксама была прыхільна сустрэта ўдзельнікамі сходу[11].

Але паступова аформіўся супраціў прыхільнікам замены этнонімаў. І першымі тут выступілі бацькі вучняў гімназіі. 27 чэрвеня 1946 г., пасля сканчэння першага навучальнага года, яны склалі ліст-пратэст, у якім выказвалі катэгарычную нязгоду з адмовай ад слоў беларус, беларускі. Пазней на ix бок сталі пераходзіць іншыя катэгорыі эмігрантаў, частка якіх толькі ў пасляваенных лагерах адчула сябе беларусамі. Гэта выкарысталі прыхільнікі Астроўскага і Івана Касяка, якія ўмела сыгралі на „беларускіх” настроях эмігрантаў, пачаўшы пазіцыянаваць сябе як „беларусы”. Пабачыўшы небяспеку страціць прыхільнікаў, паплечнікі Абрамчыка далі задні ход. Рэдакцыя газеты „Беларускія навіны”, якая была неафіцыйным органам Абрамчыка ў 1945 — першай палове 1947 г., нават надрукавала спецыяльны артыкул, дзе расстаўляліся ўсе кропкі над „і”. У артыкуле звярталася ўвага на шкоднасць замены этнонімаў Беларусь і беларускі на Крывія і крывіцкі, што, на думку падпісантаў ліста, „можа прывесці да непаразуменняў на эміграцыі, а гэта вельмі небяспечна для беларускай грамады”[12].

Аднак словы Крывія, крывіцкі яшчэ доўга выкарыстоўвалі палітычныя апаненты. Ад 1947 г. слова крывічы пачало трывала атаясамлівацца з прыхільнікамі Рады БНР. Часам даходзіла да вострых канфліктаў. Так, на царкоўна-грамадскім свяце ў Міхельсдорфе (куды быў пераведзены лагер з Рэгенсбурга) у траўні 1948 г. беларускія скаўты, што трымалі сцяг з надпісам „Крывія”, былі жорстка збітыя прадстаўнікамі царкоўнага камітэта — „беларусамі”).

Царкоўны канфлікт

Да лінгвістычнага канфлікту дадаўся і царкоўны, які яшчэ больш паўплываў на падзел беларускай грамады на Захадзе. Гэты канфлікт заключаўся ў стаўленні да юрыдычнай прыналежнасці Беларускай праваслаўнай царквы на Захадзе, і ў прыватнасці да епіскапату БАПЦ.

БАПЦ, якая дэкларавала аўтакефалію пад час Царкоўнага сабору ў Мінску ў жніўні 1942 г., амаль адразу пасля капітуляцыі Нямеччыны распачала перамовы з Расійскай зарубежнай праваслаўнай царквой аб часовым пераходзе пад яе юрысдыкцыю. Галоўныя прычыны тлумачыліся незавершанасцю акта аўтакефаліі, эміграцыйным станам (Беларускі епіскапат лічыў, што аўтакефалія павінна быць абвешчана ў вольнай беларускай дзяржаве), становішчам беларускіх эмігрантаў у пасляваенных лагерах (зазначалася, што супольнымі высілкамі РЗПЦ, БПЦ і УАПЦ будзе прасцей апекавацца ўцекачамі). Але галоўнай прычынай было слабое фінансавае становішча беларускага асяродка. РЗПЦ была куды багацейшая і магла забяспечыць святароў як фінансава, так і людскімі рэсурсамі. Прыкладам, у Нямеччыне — а потым і ў ЗША — можна было адкрыць некалькі дзясяткаў, калі не соцень праваслаўных прыходаў, у якіх не хапала толькі настаяцеляў, а пэўную колькасць якраз і магла даць БАПЦ (летам 1944 г. з Беларусі эвакуяваліся больш за 70 святароў).

У лютым 1946 г. епіскапат РЗПЦ прыняў ерархаў БАПЦ у сваю юрысдыкцыю, і на саборы ў Мюнхене 7 траўня 1946 г. гэтае далучэнне было зацверджана юрыдычна. Скліканне ў Рэгенсбургу З’езда беларускіх праваслаўных вернікаў 5 траўня 1946 г., у якім удзельнічала 136 дэлегатаў з трох акупацыйных зонаў, нічога не дало, хоць удзельнікі з’езда стварылі для супраціву пераходу Беларускае праваслаўнае аб’яднанне (кіраўнік — Мікалай Лапіцкі) і прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі ерархаў застацца незалежнымі, са сваім народам. У траўні 1946 г. Сінод БАПЦ быўліквідаваны, а замест яго ўтваралася Беларуская мітраполія пры РЗПЦ. Беларускія епіскапы атрымалі высокія пасады ў РЗПЦ: архіепіскап Філафей быў прызначаны вікарыем у Вісбадэне (амерыканская зона), Апанас — у Гамбургу (брытанская зона), епіскап Грыгорый (Барышкевіч) — у Бамбергу, епіскап Сцяпан (Сеўба) — у аўстрыйскім Зальцбургу, архіепіскап Венядзікт быўуведзены ў склад Сінода РЗПЦ[13]. Апроч таго, епіскапы вырашылі паказальна пакараць арганізатараў З’езда праваслаўных беларусаў. Мікалаю Лапіцкаму было забаронена адпраўляць службу, а Івана Касяка (аўтара рэзалюцыі) на тры гады пазбавілі святога прычасця.

Пераход епіскапаў БАПЦ у лона РЗПЦ выклікаў шок сярод беларускай грамады на Захадзе. Грамадскія актывісты працягвалі апеляваць да ерархаў, але епіскапы на заклікі не паддаваліся. Тым больш, што вонкава з пераходам ерархаў у склад РЗПЦ нічога не змянілася. Беларускі епіскапат лічыўся, ці прынамсі пазіцыянаваў сябе як незалежны ў РЗПЦ, якая займала бескампрамісную пазіцыю ў дачыненні да СССР і Маскоўскага патрыярхату.

Так, у адным з сваіх пасланняў епіскапат адкідаў абвінавачванні ў здрадзе беларускаму народу і звяртаў увагу на тое, што на Царкоўным саборы 1942 г. у Мінску было толькі выказана жаданне наконт аўтакефаліі, якая так і не была абвешчана, бо, на думку ерархаў, аўтакефалія абвяшчаецца пасля прызнання іншымі цэрквамі, а таксамаў вольнай беларускай дзяржаве. Сваё злучэнне з РЗПЦ (далучылася таксама Украінская аўтаномная праваслаўная царква без вернікаў) яны зноў тлумачылі як малітоўным злучэннем, так і неабходнасцю супольна лепш апекавацца справай рускіх, украінскіх і беларускіх уцекачоў з-пад савецкай улады. Сваё далучэнне да РЗПЦ яны тлумачылі геаграфічнай акалічнасцю: „Калі б апынуліся не на тэрыторыі Нямецкай Епархіі, падпарадкаванай Расейскаму Праваслаўнаму Зарубежнаму Сіноду, а на тэрыторыі напр. Грэцкай ці іншай Праваслаўнай Царквы, то мы былібзмушаныяўвайсціўтакія самыя суадносіны з Грэцкай ці іншай Праваслаўнай Царквой, як цяпер з Расейскай Зарубежнай Царквой”[14].

Прыкладна ад восені 1946 г. сярод беларускай грамады ў Нямеччыне акрэсліліся некалькі тэндэнцый у адносінах да пазіцыі епіскапаў. Частка эмігрантаў працягвала шукаць кампраміс з ерархамі, спадзеючыся на перамовы. БЦДК накіраваў некалькі дэлегацый на перамовы з епіскапатам. Так, Юры Стукаліч (Віцьбіч), Аляксандр Орса і Хведар Шыбут як прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага камітэта ў Рэгенсбургу склалі мемарандум, у якім прасілі адмяніць забарону служыць Мікалаю Лапіцкаму, кіраўніку праваслаўнага прыхода ў Рэгенсбургу, ды акрэсліць сітуацыю з епіскапскай юрысдыкцыяй. Аднак мітрапаліт Панцеляймон адмовіўся прыняць беларускую дэлегацыю, а архіепіскап Венядзікт заявіў, што дзейнасць беларускіх ерархаў адзіна правільная і абмеркаванню не падлягае[15].

Пазней забарона служыць з а. Лапіцкага ўсё ж была знятая, і ён, каб захаваць маналітны царкоўны прыход у Міхельсдорфе, спачатку адмовіўся ад супрацьстаяння, а праз некаторы час перайшоў на бок ерархаў. Наогул да канца 1946 г. на баку былых ерархаў БАПЦ апынуліся ўсе беларускія святары, за выняткам Сцяпана Войтанкі, Хведара Данілюка і Анатоля Кунцэвіча[16].

Неўзабаве да ўнутрыцаркоўных чыннікаў дадаліся знешнія фактары, якія канчаткова пахавалі ідэю захавання маналітнай беларускай праваслаўнай царквы на Захадзе і прывялі да разгарання канфлікту. Па-першае, адыгралі ролю наладжванне сувязяў паміж прыхільнікамі Міколы Абрамчыка (і ім самім) з Ватыканам, а таксама недальнабачная папулярызацыя ідэі уніі на старонках прэсы. У „Беларускіх навінах” з’явілася некалькі артыкулаў, прысвечаных найбольш значным дзеячам уніі ў мінулым (Я. Руцкаму, Я. Кунцэвічу), а таксама вялікі артыкул пра важнасць адзначэння 350-х угодкаў Берасцейскай царкоўнай уніі. Для эмігрантаў, абсалютную большасць якіх складалі праваслаўныя выхадцы з Заходняй Беларусі, папулярызацыя уніі была калі не непрымальнай, то, як мінімум, непажаданай. Яны ў 1930-я г. падвяргаліся рэлігійнаму ўціску з боку польскіх царкоўных уладаў, у тым ліку праз папулярызацыю неауніі ў 1930-я, якая і ў той час разглядалася як масток пераходу з праваслаўя ў каталіцызм[17].

Паспрыялі разгаранню канфлікту і ўрачыстая сустрэча ў Рэгенсбургу дзеячамі з атачэння Абрамчыка расійскага епіскапа Мікалая Аўтаномава, што добраахвотна перайшоў ва ўніяцтва, а таксама „Пасланне апостальскага візітатара і адміністратара грэка-каталіцкай царквы ў Нямеччыне” Мікалая Ваякоўскага да беларусаў, апублікаванае 29 чэрвеня 1946 г. У гэтым пасланні, скіраваным „да ўсяго беларускага народу”, Ваякоўскі заклікаў беларусаў гарнуцца да грэка-каталіцкай царквы ды ісці спавядацца менавіта да грэка-каталіцкіх душпастыраў, бо „яны з’яўляюцца адначасна і вашымі святарамі”. Апеляваў М. Ваякоўскі і да папы, адзначаючы, што адзіны паратунак для беларусаў — адзінства з каталіцкай царквой[18].

Адкрыты заклік пераходзіць у унію дзеля далейшага збліжэння з каталіцкай царквой быў успрыняты часткай эміграцыі рэзка адмоўна, як адкрытая пагроза праваслаўю і ўмела выкарыстаны ў прапагандысцкіх мэтах праціўнікамі Абрамчыка. Падліло алею ў агонь сінхроннае стварэнне беларускіх грэка-каталіцкіх місій у Францыі, Італіі, Нямеччыне, Брытаніі, дзе колькасць беларускіх грэка-каталікоў (уніятаў) вымяралася адзінкамі. Палітычнымі праціўнікамі ўмела распускаліся чуткі пра наведванне Абрамчыкам і Б. Рагулем Ватыкана і пераход у ўнію, пра шчодрыя данацыі Ватыкана на беларускія справы „ўзамен на вырачэнне ад праваслаўя”[19].

Усе гэтыя фактары ўмела выкарысталі для сябе прыхільнікі Радаслава Астроўскага, які вярнуўся на палітычную арэну ўвосень 1946 г. Каб аднавіць страчаныя пазіцыі, Астроўскаму давялося тэрмінова шукаць нейкую апору, і ён вырашыў згуляць на антыўнійных папулярных настроях, абапершыся ў сваёй контрпрапагандзе на былых ерархаў БАПЦ. У кастрычніку 1946 г. ён наведаў лагер у Міхельсдорфе, дзе заклікаў падтрымаць епіскапаў РЗПЦ, назваўшы праціўнікаў іх пераходу „гоп-кампаніяй”. Таксама Астроўскі апеляваў да таго, што „крывічы” прапагандуюць ідэі уніі, тым самым працуючы на шкоду праваслаўю. Прыгадаў ён і лінгвістычны канфлікт, заявіўшы пра небяспеку страты беларускай ідэнтычнасці ва ўгоду сумнеўнай ідэі „крывіцызму”. Аналагічная агітацыя была разгорнута ў іншых беларускіх лагерах і групах[20].

Астроўскі як палітычны дзеяч працягваў карыстацца падтрымкай часткі эміграцыі і меў нямала паплечнікаў, якія не падтрымлівалі кола Міколы Абрамчыка. І гэтыя дзеячы (напрыклад, Мікола Шчорс і Іван Касяк, якія найбольш пратэставалі супраць „епіскапскай здрады”) апынуліся перад няпростым выбарам: ці падтрымліваць Астроўскага, а гэта азначала тады часовую падтрымку епіскапату, ці працягваць супраціўляцца пераходу епіскапаў у склад РЗПЦ, на фоне пастаяннага звужэння кола супраціўленцаў. І яны выбралі першы варыянт, за што і атрымалі ў многім здзеклівую і несправядлівую мянушку „зарубежнікі”.

Прыхільнікі Міколы Абрамчыка, у сваю чаргу, шукалі шляхі аднаўлення БАПЦ. Адзіна правільным рашэннем яны палічылі фарсіраванне падзей і аднаўленне БАПЦ у максімальна кароткія тэрміны, што і было зроблена ўжо пасля аднаўлення Рады БНР.

Тут на дапамогу ім павінна была прыйсці Украінская аўтакефальная праваслаўная царква. Упаўнаважаны ад БЦДК Аляксей Вініцкі наведаў 8 красавіка 1947 г. украінскага епіскапа Паладзія, які жыў у Рэгенсбургу на правах DP, ды пазнаёміў з наяўнай сітуацыяй. Аднак канкрэтных прапановаў зроблена не было — паралельна вяліся перамовы з мітрапалітам пінскім Аляксандрам (Іназемцавым), адзіным з ерархаў БАПЦ, які не прызнаў далучэння да РЗПЦ. Мітрапаліт Польскай праваслаўнай царквы Дзяніс (Валядзінскі) у свой час падараваў мітрапаліту Аляксандру грамату на апеку над Віленскай, Пінскай і Гарадзенскай епархіямі БАПЦ — тэрыторыямі, што ў 1920-1930-я г. уваходзілі ў склад Заходняй Беларусі і дзе існавалі прыходы ПАПЦ. Гэтым самым юрыдычна ПАПЦ дала дазвол на беларускую аўтакефалію. Аднак нечаканая смерць мітрапаліта Іназемцава 9 лютага 1948 г. у Мюнхене пахавала праект, які выглядаў юрыдычна беззаганным і мог стаць прымальным для ўсіх бакоў эміграцыі.

Тады беларускія дзеячы звярнуліся напрамую да мітрапаліта аднаго з крылаўУАПЦ Палікарпа (Сікорскага)[21]. УАПЦ пагадзілася паспрыяць беларускай аўтакефаліі і нават дэлегавала для гэтых мэтаў для беларусаў епіскапа Сяргея (Ахатэнку), які апекаваўся праваслаўнымі ў французскай зоне акупацыі.

5 чэрвеня 1948 г., у дзень св. Еўфрасінні Полацкай, у Канстанцы ў французскай зоне акупацыі пад старшынствам епіскапа УАПЦ Сяргея прайшоў саборык праваслаўных беларусаў (вернікаў БАПЦ), скліканы з ініцыятывы новастворанага Беларускага часовага праваслаўнага рэлігійнага камітэта ў Нямеччыне (старшыня — протаерэй Сцяпан Войтанка). У саборыку ўдзельнічалі протаерэі Ананій Сагайдакіўскі, Барыс Маслоўскі, Якаў Мефодзіўскі, дыякан Уладзімер Піндзюра — усе ўкраінцы, а таксама беларускія праваслаўныя вернікі. Удзельнікі саборыка заявілі пра пераемнасць традыцыі БАПЦ ад абвяшчэння аўтакефаліі мітрапалітам Мелхіседэкам у 1922 г., а таксама прызналі пастанову пра абвяшчэнне БАПЦ, прынятую на Царкоўным саборы ў Мінску ў 1942 г. Таксама саборык сцвердзіў кананічнасць БАПЦ праз наданне незалежнасці тром епархіям — Віленскай, Гарадзенскай і Пінскай, атрыманай ад мітрапаліта варшаўскага Дзяніса. Саборык пастанавіў „працягваць дзейнасць БАПЦ на эміграцыі пад часовым кіраўніцтвам епіскапа УАПЦ Сяргея (Ахатэнкі) да моманту з’яўлення двух епіскапаў-беларусаў”[22].

Такім чынам БАПЦ, вонкава захоўваючы незалежнасць, часова перайшла ў персанальную унію, праз епіскапа Сяргея, з УАПЦ. У юрысдыкцыю епіскапа Сяргея перайшлі беларускія святары Анатоль Кунцэвіч, Хведар Данілюк, Сцяпан Войтанка (ён узначаліў кіраўніцтва справамі БАПЦ), дыякан Уладзімір Зялінскі, высвечаны пад час саборыка ў святары Міхась Шчурко, а таксама ўкраінскі святар Аляксандр Казлоўскі-Майсеенка.

5 чэрвеня 1948 г. таксама было падпісана пагадненне паміж Радай БНР і БАПЦ у асобе Сяргея (Ахатэнкі), згодна з якім справа высвячэння епіскапаў павінна была ўзгадняцца з кіраўніцтвам Рады[23].12 красавіка 1949 г. Урад БНР разаслаў ліст па ўсіх сваіх прадстаўніцтвах на Захадзе (ЗША, Брытанія, Францыя, Канада, Аргенціна, Швецыя, Бельгія і Аўстралія) з патрабаваннем прызнаць „БАПЦ пад кіраўніцтвам Сяргея (Ахатэнкі) за адзінапраўную Беларускую праваслаўную царкву”[24].

Апроч таго, Рада БНР прыняла рашэнне аб высвячэнні будучага беларускага епіскапа. Паколькі духоўных асобаў не было, было вырашана выбраць кандыдата са свецкіх дзеячаў, і такім дзеячам стаў намеснік старшыні Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі, сябра прэзідыума Рады БНР Уладзімір Тамашчык[25]. Рашэнне пра гэта было прынята на паседжанні прэзідыума Рады БНР 14 сакавіка 1949 г. 23 красавіка 1949 г. Тамашчык прыняў манаскі пострыг пад імем Васіля, праз дзень епіскапам Сяргеем быў высвечаны ў ерадыякана, а 5 чэрвеня ў Цюбінгене рукапакладзены ў сан ераманаха[26].19 снежня 1949 г. у Розенгайме, дзе ён жыў, ераманах Васіль быў высвечаны ў епіскапы БАПЦ пад тытулам епіскапа віленскага.

Аднаўленне БАПЦ Радай БНР раззлавала як прыхільнікаў Астроўскага, так і праціўнікаў паскоранага шляху аднаўлення аўтакефаліі. Яшчэ да высвячэння Васіля ў епіскапы яны імкнуліся не дапусціць гэтага. Астроўскі спецыяльна адведаў мітрапаліта Палікарпа (Сікорскага), заклікаўшы яго не дапусціць хіратаніі. Тое ж самае спрабаваў рабіць і архіепіскап Апанас (Мартас). 15 снежня 1949 г. выйшла Пастанова беларускага епіскапату ў „справе ўмяшаньня украінскага епіскапату ва ўнутраныя справы Беларускай Праваслаўнай царквы на эміграцыі”. Ерархі зазначалі, што яны цалкам суверэнная структура на Захадзе, цалкам самастойная ў сваіх рашэннях, і заклікалі УАПЦ перастаць умешвацца ў беларускія царкоўныя справы[27]. Зварот падпісалі архіепіскап Венядзікт, архіепіскап Філафей, епіскап Апанас, а таксама святар Мікалай Лапіцкі[28].

Стаўленне БЦР да праблемы беларускіх ерархаў кардынальным чынам змянілася менш чым праз год, калі беларускі актыў перабраўся ў ЗША (Мікалай Лапіцкі, Іван Касяк ды інш.) і патрэба ў падтрымцы Беларускай мітраполіі РЗПЦ, якая засталася ў Нямеччыне, знікла. 15 верасня 1950 г. яны выдалі адозву, у якім беларускія епіскапы абвінавачваліся ў здрадзе нацыянанальным і рэлігійным інтарэсам. БЦР прыйшла да высновы, што „беларускі народ у сучасны момант не мае сваёй вышэйшай ерархіі, бо за такую нельга лічыць ні беларускіх ерархаў у РЗПЦ, ні БАПЦ, ні маскоўскі патрыярхат, ні прадстаўнікоў былой ПАПЦ”[29]. У лістападзе 1950 г. прыход св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы (яго ўзначаліў Мікалай Лапіцкі) перайшоў у юрысдыкцыю канстанцінопальскага патрыярхату. Цяпер канфлікт БАПЦ — прыхільнікі РЗПЦ перарос у канфлікт БАПЦ — прыхільнікі юрысдыкцыі сусветнага патрыярхату.

Аднаўленне Рады БНР

У 1947 г. прыхільнікі Радаслава Астроўскага зрабілі спробу аднавіць свае пазіцыі ў беларускіх лагерах. Не маючы магчымасці вярнуцца ў структуры БЦДК і яго прадстаўніцтвы, яны стварылі паралельныя грамадскія структуры. На З’ездзе прадстаўнікоў беларускіх арганізацый у Міхельсдорфе 27 чэрвеня 1947 г. была створана Беларуская міжлагерная рада (БМР), старшынёй якой быў абраны Міхась Ігнатовіч[30].

Удзельнікі з’езда заклікалі прызнаць БМР „за адзіны орган, што мае права рэпрэзентаваць беларускія асяродкі, аб’яднаныя ў БМР, перад амерыканскімі ўладамі, ЮНРРА, IPO і г. д., а таксама перад арганізацыямі іншых нацыянальнасцяў”. БМР было дадзена даручэнне „ўрэгуляваць паасобныя галіны жыцця ў беларускіх лагерах і асяродках”. Сядзібай Урада БМР стаў Міхельсдорф.

Прыхільнікі Абрамчыка таксама працягвалі сваю дзейнасць і ад пачатку 1947 г. скіравалі асноўную ўвагу на аднаўленне Рады БНР, якая б замяніла б сабой Беларускі нацыянальны цэнтр. Яшчэ ўвосень 1946 г. быў праведзены шэраг гутарак з найстарэйшымі грамадскімі дзеячамі, „каб пры аднаўленні БНР ахапіць як мага шырэй актыў палітычных і грамадскіх дзеячоў”. Аднак правесці выбары было немагчыма з прычыны падзелу беларускай грамады і знаходжання ў лагерах DP, таму вырашылі ўвесці „у склад Рады БНР кожнага грамадска-палітычнага дзеяча, які сваёй ранейшай дзейнасцю заваяваў аўтарытэт сярод беларускай грамады”. Усяго спіс уключаў 72 чалавекі[31].

6 ліпеня 1947 г. у лагеры Остэргофен[32] быў праведзены сход грамадскага актыву, на якім прайшлі перавыбары ў Беларускі нацыянальны камітэт. У склад БНЦ увайшлі Васіль Кендыш, Антон Адамовіч, Алесь Вініцкі, Франц Кушаль, Аўген Каханоўскі (Калубовіч), Леў Гарошка, Барыс Рагуля, Станіслаў Грынкевіч, Станіслаў Станкевіч, Аляксандр Стагановіч ды інш.

Адзін з своеасаблівых аглядаў моцы прыхільнікаў БНР прайшоў увосень 1947 г. у Марбургу пад час агульнага сходу беларускіх студэнтаў, на якім было створана Цэнтральнае беларускае студэнцкае аб’яднанне на чужыне. На з’ездзе, на якім прысутнічаў і шэраг грамадскіх дзеячаў, была выказана поўная падтрымка Міколу Абрамчыку, які афіцыйна ў пасяджэнні не ўдзельнічаў, але вёў актыўныя перамовы ў кулуарах.

Леанід Галяк ва ўспамінах пісаў: «М. Абрамчык выступіў з думкай аб аднаўленні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Для мяне стала ясна, што гэта было ўжо пастаноўлена раней, а цяпер гэтая прапанова праводзіласяўжыццё. М. Абрамчык запрапанаваў мне належанне да Рады БНР і я згадзіўся таму, што лічыў, што адзін з прэтэндэнтаў на ачаленне эміграцыі скампрамітаваўся падтрымліваннем епіскапскай здрады (Р. Астроўскі) і дзеля гэтага другі (М. Абрамчык) згодна спартоваму правілу перамог „уоковэрам” праз тое, што ягоны канкурэнт сам сябе дыскваліфікаваў»[33].

На іншым паседжанні ў беларускім лагеры ў Марбургу 1 лістапада 1947 г., уякім удзельнічалі45 чалавек, з’явіўся шанец схіліць палітычных апанентаў да згоды. На гэтым сходзе прысутнічалі Франц Кушаль, Пётра Манькоўскі, Аляксандр Орса, Барыс Рагуля, з іншага боку — Іван Касяк, Святаслаў Коўш, Міхаіл Ігнатовіч. Мікалай Шчорс, які трымаўся нейтралітэту, выступіў з заклікам кампрамісу паміж БЦДК і БМР. Шчорс раскрытыкаваў выступ І. Касяка, у якім той справабаў апраўдаць беларускіх епіскапаў. Але надзеі на кампраміс канчаткова былі пахаваныя пасля рэзкіх выступаў Барыса Рагулі і Пётры Манькоўскага. Рагуля выказаўся зняважліва пра прысутнага на нарадзе архіепіскапа Філафея, а Манькоўскі заявіў, што ніякага пагаднення быць не можа ды звінаваціў Юрку Віцьбіча (аднаго з ідэолагаў палітычных апанентаў) у напісанні даносаў і пасквіляў. 1 лістапада 1947 г. стала канчаткова ясна, што пагаднення сярод двух розных флангаў на эміграцыі не будзе.

Рада БНР была адноўлена 28 снежня 1947 г. на паседжанні грамадскага актыву ў Остэргофене, што быў прысвечаны 30-м угодкам Першага Усебеларускага Кангрэсу. 72 грамадскія дзеячы склалі прысягу вернасці БНР на рукі яе прэзідэнта[34].

У Дэкларацыі Рады БНР пералічваліся асноўныя прынцыпы адноўленай Рады БНР: змаганне за незалежнасць, абвешчанае на І Усебеларускім Кангрэсе і Актам 25 сакавіка 1918 г.; непрызнанне БССР за форму беларускай дзяржаўнасці, непрызнанне міжнародных дамоў наконт Беларусі, падпісаных урадамі Польшчы, СССР і БССР. Таксама звярталася ўвага на тое, што адзінапраўным і найвышэйшым прадстаўніком дзяржаўніцкай волі беларускага народа павінен выступаць Урад БНР на падставе мандата ад І Усебеларускага Кангрэсу, a прэзідэнт БНР з’яўляецца найвышэйшым прадстаўніком суверэнных правоў беларускага народа[35].

Прэзідэнт БНР таксама абвяшчаўся праўным і адзіным найвышэйшым прадстаўніком беларускага народа. Адначасна ён з’яўляўся і старшынёй Рады БНР. Да ягонай кампетэнцыі належала: рэпрэзентацыя БНР перад урадамі і нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых народаў; пакліканне сяброў Рады БНР, прызначэнне прадстаўнікоў БНР пры ўрадах і нацыянальных прадстаўніцтвах іншых народаў; прызначэнне і адкліканне прэм’ер-міністра БНР; зацверджанне складу Рады міністраў БНР.

Да кампетэнцыі Рады БНР належала: прыняцце і змена Статута Рады, ратыфікацыя заключаных дагавораў, выпрацоўка палітычнай лініі і тактыкі дзеяння, прыняцце законаў, выбары органаў Рады, прадстаўленне прэзідэнту Рады кандыдатаў у сябры Рады і прапановы аб іх адкліканні. Паседжанні Рады павінны былі склікацца „па меры патрэбы”, аднак мінімум раз на шэсць месяцаў прэзідэнтам, у яго адсутнасць яго намеснікам, або прэзідыумам Рады ці на жаданне Урада БНР ці 1/5 сяброў Рады. Пастановы прымаюцца звычайнай большынёй галасоў, у выпадку роўнасці вырашаў голас старшыні. Пастановы Рады зацвярджаліся прэзідэнтам БНР, у выпадку незацверджання іх яны могуць быць прынятыя паўторна 3/4 галасоў.

Прэзідыум Рады БНР, згодна са статутам, абвяшчаўся выканаўчым органам Рады БНР, прэзідыум павінен быў весці справы Рады ў перыяд паміж сесіямі, выконваць яе пастановы і склікаць Раду на сесіі.

Урад БНР ствараўся для вядзення выканаўчай працы. Прадугледжавалася, што на яго чале стаіць прэм’ер-міністр, вызначаны і адкліканы прэзідэнтам БНР. Патрэбную колькасць міністраў набіраў кіраўнік Урада і прадстаўляў іх на зацверджанне прэзідэнта БНР. Была таксама выпрацаваная прысяга радных БНР, а таксама засноўваўся Суд Рады БНР, які рэгуляваў спрэчкі паміж сябрамі Рады БНР, што ўзнікалі з прычыны іх удзелу ў Радзе (§21 Статута), а таксама ў яго кампетэнцыю ўваходзіла выключэнне з Рады.

Урад БНР быў сфармаваны толькі ў чэрвені 1948 г. пад час ІІ сесіі БНР. Першы ўрад узначаліў Вітаўт Тумаш, ён жа быў і міністрам аховы здароўя. Аўген Каханоўскі — першы віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў. Праз некалькі тыдняў Тумаш падаў у адстаўку, і ўрад узначаліў Аўген Каханоўскі-Калубовіч.

Мікола Гарошка быў вызначаны другім віцэ-прэм’ерам і міністрам народнай гаспадаркі, др Станіслаў Грынкевіч — міністрам унутраных спраў, Францішак Кушаль — міністрам вайсковых спраў, Аляксандр Орса — міністрам культуры і веравызнанняў, Антон Адамовіч — міністрам прэсы і інфармацыі, Леанід Галяк — міністрам юстыцыі, Лявон Рыдлеўскі — міністрам працы і сацыяльнага забеспячэння, Гіпаліт Паланевіч — дзяржаўным сакратаром[36].

На гэтай жа сесіі Рады БНР быў прыняты дакумент, які рэгламентаваў замежную палітыку Рады. Згодна з дакументам, Рада БНР, імкнучыся „да аднаўлення беларускай дэмакратычнай дзяржавы, абвешчанай Радай БНР гістарычным Актам 25 сакавіка 1918 г.”, заяўляла свае правы на Кёнігсберг і Усходнюю Прусію, бо гэта „павінна быць справядлівай рэкампенсатай за ўсе каласальныя знішчэнні Беларусі і беларускага народу, спрычыненыя нямецкім гітлерызмам у часе другой сусветнай вайны, і што б дало магчымасць доступу Беларусі да мора, канечнага для ейнага эканамічнага развіцця. Гэтае дамаганне абгрунтоўваецца яшчэ і тым, што на тэрыторыю Усходніх Прусаў, прылучанай сёння да РСФСР, прымусова пераселеная апошнімі гадамі савецкімі ўладамі вялікая колькасць беларускага жыхарства з этнаграфічнай Беларусі”[37].

Таксама Рада БНР заяўляла пра падтрымку барацьбы ўсіх паняволеных народаў Расіі і пра гіпатэтычны саюз з іншымі дзяржавамі, напрыклад, стварэнне беларуска-балтыйска-скандынаўскага блока[38]. Пра існаванне БЦР не казалася ні слова.

Аднаўленне БЦР

Радаслаў Астроўскі ў снежні 1947 г. выдаў спецыяльны зварот „Беларусы і беларускі” з заклікам спыніць усе спрэчкі ды правесці выбары ў Беларускае цэнтральнае прадстаўніцтва — арганізацыю, якая павінна была, паводле Астроўскага, аб’яднаць усе беларускія сілы на эміграцыі[39].

У студзені 1948 г. з’явіўся зварот да беларускай эміграцыі, падпісаны былым сенатарам польскага сойму Васілём Рагулем, паслом Юрыем Сабалеўскім, доктарам Міколам Сцяпанавым, сябрам Рады БНР у 1918-1920 г. Міколам Шылам ды камендантам беларускага лагера ў Ватэнштэце Святаславам Каўшом. Падпісанты звароту заклікалі падтрымаць стварэнне Цэнтральнага прадстаўніцтва беларускай эміграцыі і правесці ўяго выбары.

выбары ў Цэнтральнае прадстаўніцтва беларускай эміграцыі адбыліся ў красавіку, але 25 сакавіка 1948 г. Радаслаў Астроўскі проста аднавіў дзейнасць БЦР у адказ на аднаўленне Рады БНР.

БЦР таксама прызнавала акт 25 сакавіка 1918 г., дзейнасць Рады у 1918-1925 г., але лічыла, што дзейнасць Урада БНР была прыпынена ў 1925 г. Сваю легітымнасць БЦР выводзіла ад пастаноў Першага і Другога Усебеларускіх Кангрэсаў, прызнаючы правільным прыпыненне дзейнасці БЦР на ХІ пленуме 24 верасня 1945 г. Аднаўленне Рады БНР групай палітычнага актыву на з’ездзе ў Остэргофене БЦР не прызнавала, лічачы гэтую палітычную групу самазванцамі.

9 траўня 1948 г. у Эльвангене прайшоў ХІІ пленум БЦР, на якім рашэнне аб аднаўленні дзейнасці было аформлена юрыдычна. БЦР называлася спадкаемцай пастановаў Першага і Другога Усебеларускіх Кангрэсаў і адзіным годным прадстаўніком беларускага народа ў сучаснасці; таксама адзначалася, што БНЦ не выканаў ускладзеных на яго абавязкаў і стаў прыдаткам „крывіцкага руху”. Аднаўленне Рады і Урада БНР называлася фікцыйнымі рэпрэзентацыямі.

У ХІІ пленуме БЦР удзельнічалі 48 чалавек. Згодна са статутам Астроўскі быў абраны прэзідэнтам БЦР на чатырохгадовы тэрмін. Першым віцэ-прэзідэнтам стаў Васіль Рагуля, другім віцэ-прэзідэнтам — Мікалай Шчорс. Старшынёй Рады міністраў быў абраны Юры Сабалеўскі, сакратаром БЦР — Іван Касяк. Былі таксама размеркаваныя і „міністэрскія партфелі”: Эмануіл Ясюк стаў міністрам замежных спраў, Юры Стукаліч (Віцьбіч) — міністрам прэсы і прапаганды, Мікалай Сцяпанаў — міністрам культуры і асветы. Аляксандр Русак — міністрам фінансаў, Сцяпан Шнэк — міністрам Краёвай абароны, Іван Касяк — міністрам унутраных спраў, Мікалай Мінкевіч — міністрам аховы здароўя і грамадскай апекі[40]. Усяго раднымі БЦР на 9 траўня 1948 г. былі 32 чалавекі, у тым ліку В. Рагуля, Ю. Сабалеўскі, Я. Кіпель, І. Касяк, епіскап Апанас (Мартас), Пётр Орса, а. Мікалай Лапіцкі, Часлаў Найдзюк, М. Шчорс.

Асновай праграмы БЦР была ўзятая Другая рэдакцыя Статута БЦР, прынятая 14-17 студзеня 1945 г. у Берліне. Паводле гэтай рэдакцыі, БЦР абвяшчалася „адзіным праўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народу, пакліканым Другім Усебеларускім Кангрэсам у Менску”. Галоўным палітычным заданнем вызначалася „арганізацыя ўсіх сілаў беларускага народу для змагання за вызваленне Беларусі і здабыццё сваёй незалежнасці”. Сцвярджалася, што БЦР ажыццяўляе праўную, сацыяльную і культурную апеку над усімі беларусамі, якія апынуліся па-за межамі Беларусі[41]. Паводле арт. 3 Статута, паўнамоцтвы БЦР павінны былі працягвацца да Трэцяга Усебеларускага Кангрэсу, які Рада абавязана склікаць неадкладна пасля вызвалення Беларусі.

На чале БЦР знаходзіўся прэзідэнт, які павінен быў прадстаўляць Раду перад урадамі і нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых дзяржаваў.

Заканадаўчым органам БЦР абвяшчаўся Пленум Рады на чале з прэзідыумам (старшыня, намеснік і сакратар, што выбіраліся тэрмінам на адзін год), у склад якога ўваходзілі ўсе сябры БЦР (агульны лік сяброў не павінен быў перавышаць 25 чалавек). Да кампэтэнцыі Пленума Рады належалі: перагляд Статута БЦР; выбар кандыдатаў на наступнікаў прэзідэнта БЦР; разгляд і прыняцце праграмы і палітычнай лініі БЦР; ратыфікацыя ўмоў з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі; прадстаўленне прэзідэнту БЦР кандыдатаў у радныя і прапановы аб адкліканні радных і г. д.

Выканаўчым органам БЦР абвяшчалася Калегія, у склад якой уваходзілі кіраўнікі ўсіх аддзелаў БЦР і шэф Калегіі. Калегія павінна была выконваць усю працу БЦР у розных галінах, вызначаных Пленумам і прэзідэнтам.

Зыходзячы з палажэнняў гэтага Статута, Беларуская Цэнтральная Рада мелася заняць нішу Рады і Урада БНР, дзейнасць якіх спынілася, на іх думку, у 1925 г., і павінна была стаць галоўным прадстаўніком і прадстаўніцтвам беларускага народа на эміграцыі.

Аднак аднаўленне Рады і Урада БНР у 1947-1948 г. скарэктавала яе дзейнасць. Кожная з арганізацый імкнулася даказаць свае правы на рэпрэзентацыю беларускага народа на эміграцыі, а таксама права супрацоўніцтва з замежнымі чыноўнікамі і спонсарскімі арганізацыямі.

Такім чынам ў траўні 1948 г. канчаткова аформіліся два цэнтры гуртавання беларускай эміграцыі: Рада БНР і Беларуская Цэнтральная Рада. Прычым гэта не быў палітычны раскол двух светапоглядаў. І прыхільнікі Радаслава Астроўскага, і прыхільнікі Міколы Абрамчыка былі патрыётамі-незалежнікамі, вызнавалі ідэалы 25 Сакавіка і лічылі галоўнай мэтай змагання стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы з усімі яе дэмакратычнымі атрыбутамі, негатыўна ставіліся да бальшавізму і не прызнавалі БССР, лічачы яе калоніяй Масквы, а прадстаўніцтва БССР у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый фікцыяй.

Аднак карані расколу палягалі ў рэчышчы міжасабовых дачыненняў і персанальных амбіцый лідараў, а не ў ідэалагічных супярэчнасцях іх праграм, што паказала далейшая амаль пяцідзесяцігадовая гісторыя расколу, якая скончалася ў 1995 г. са смерцю апошняга прэзідэнта БЦР Міхася Зуя.


1 IRO Press Release № 231/1 of the 22nd of October, 1951.
2 Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мінск, 1993. С. 159.
3 Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945-1950 г. Нью-Ёрк — Беласток, 1994. С. 23.
4 Пазней пачалі арганізоўвацца беларускія лагеры ў іншых месцах. Паводле звестак Беларускага цэнтральна-дапамогавага камітэта, на канец 1946 г. беларусы пражывалі ў больш чым 20 беларускіх і інтэрнацыянальных лагерах. У амерыканскай зоне акупацыі на канец 1946 г. беларусы жылі ў Остэргофене, Хохенфэлсе, Кобургу, Ашафенбургу, Этлінгене, Фогенштраўсе ды інш. У канцы ліпеня 1946 г. лагер з Рэгенсбурга быў пераведзены ў Міхельсдорф пад Камам (ля чэшскай мяжы).
5 Максімюк Я. Беларуская гімназія… С. 45.
6 Пратакол паседжаньня Беларускай Цэнтральнай Рады ў Эшэрсбэкене (Нямеччына) з дня 23-24 верасьня 1945 г. З архіву БЦР. Царква св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі, ЗША).
7 Тэстамент Васіля Захаркі. Копія захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы-музеі імя Скарыны ў Лондане.
8 Адкрыты ліст да беларускай грамадзкасці ад 14 лістапада 1947 г.Юрыя Стукаліча // Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. 1988. Сьнежань. № 62. С. 128-130.
9 Галяк Л. Успаміны. Кн. 2. ЗША, 1983. С. 62.
10 Белямук М. Лёсу свайго не мінеш. Вільня, 2006. С. 62
11 Белямук М. Лёсу свайго не мінеш. С. 63.
12 Беларускія навіны (Парыж). 1947. 25 сакавіка. № 2.
13 Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Ёрк, 1956. С. 145.
14 Адозва беларускіх праваслаўных епіскапаў да Беларускай праваслаўнай эміграцыі // Летапіс беларускай эміграцыі. 1986. Красавік —травень. № 36.
15 Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы… С 144.
16 Падзел беларускай эміграцыі // Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ч. ІІ. Рэлігійныя справы. Лос-Анджэлес, 1968. С. 45.
17 Больш падрабязна гл. у працах а. Аляксандра Надсана: Надсан А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі. Менск, 2006.112 с.; Надсан А. Pro patria aliena: Кляштар беларускіх марыянаў уДруі (1924-1938). Менск, 2006.160 с.
18 Пасланне да беларусаў. Цыт. паводле: Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ч. ІІ. С. 105-107.
19 Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы… С. 144-146.
20 [Вініцкі А.?] Падзел беларускай эміграцыі // Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ч. ІІ. Рэлігійныя справы. Лос-Анджэлес, 1968. С. 46.
21 У кастрычніку 1947 г. на з’ездзе ў Ашафэнбургу адбыўся раскол, ад УАПЦ была адлучаная частка епіскапаў на чале з Грыгорыем (Агійчуком), якая ўтварыла сваю праваслаўную царкву.
22 Збор дакумантаў сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (на выгнаньні). Authorized by Metropolitan Andrew. Compiled by the Consistory of BAO Church. [Б. м.], 1983. С. 11.
23 Ліст Рады БНР да архіепіскапа Сяргея Ахатэнкі ад 5 кастрычніка1967 г. Паводле: Збор дакумантаў сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы… C. 77.
24 Ліст прэм’ер-міністра Ураду БНР А. Каханоўскага да епіскапа Сяргея (Ахатэнкі) ад 12 красавіка 1949 г. Збор дакумантаў сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы… C. 23. У тым жа лісцеАўген Каханоўскі раіў епіскапу Сяргею беспасярэдне „карэспандэваць у беларускіх царкоўных справах з усімі прадстаўніцтваміЎраду БНР”.
25 Разглядаліся таксама кандыдатуры журналіста Уладзіміра Бортніка і вайсковага дзеяча Міколы Дзямідава.
26 Жыццяпіс іераманаха Васілія Тамашчыка // Збор дакумантаў сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы… С. 95.
27 Пастанова беларускага епіскапату // Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ч. ІІ. С. 93.
28 Пастанова беларускага епіскапату…
29 Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы… С. 156-157.
30 Беларуская міжлягерная рада // Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі…Ч. ІІІ. Арганізацыі. Лос-Анджэлес, 1968. С. 25.
31 Праект рэарганізацыі Рады БНР. 14 лютага 1968 г. 7 с. Архіў БНР.
32 Беларускі лагер у Остэргофене быў створаны ўвосень 1946 г. Пазней сюды пачалі пераязджаць беларусы (у асноўным прыхільнікі „крывічоў”) з іншых лагераў, у тым ліку і з Міхельсдорфа, не задаволеныя палітычнымі прыхільнасцямі яго кіраўніцтва. Тут была заснавана газета „Бацькаўшчына”, часопіс „Сакавік”, дзейнічала Беларуская гімназія (дырэктар — Лявон Савёнак). Лагер праіснаваў да лета 1949 г., калі быў пераведзены ў Розенгайм.
33 Галяк Л. Успаміны. Кн. 2. С. 82.
34 Юрэвіч Л. Архіў Рады БНР // Запісы БІНІМ. 2008. № 31. С. 118.
35 Дэклярацыя Рады БНР // Бацькаўшчына. 1948. 22 лютага.
36 Інструкцыя № 1 „Прадстаўніком Ураду БНР у розных дзяржавах сьвету” з Канцылярыі БНР.
37 Сэсія Рады БНР: Паведамленне беларускага прэсбюро // Бацькаўшчына. 1948. 4 ліпеня.
38 Сэсія Рады БНР.
39 Тэкст быў выдадзены і распаўсюджваўся ў выглядзе ўлёткі.
40 Паводле загадаў Радаслава Астроўскага. З архіва БЦР.
41 Статут Беларускае Цэнтральнае Рады (другая рэдакцыя). З архіва БЦР.

Наверх

Андрэй Антонаў. Аляксандр Ружанцоў: Накіды да біяграфіі

13 снежня, 2009 |


Даследуючы літоўска-беларускія культурныя сувязі XX ст., нельга абысці ўвагаю аднаго з ключавых удзельнікаў гэтых кантактаў — беларускага паэта, літоўскага афіцэра і бібліёграфа Аляксандра Ружанцова (1893-1966), вядомага таксама пад літаратурным псеўданімам Алесь Смаленец.

Як аб’ект даследавання Аляксандр Ружанцоў прыцягвае ўвагу не толькі біяграфіяй са складаным сюжэтам (афіцэр армій трох краін, на працягу жыцця змяніў тры грамадзянствы, у выніку сусветных войнаў двойчы свядома прымаў статус эмігранта). Маштабы войнаўу XX ст. напладзілі не так і мала складана закручаных сюжэтаў з біяграфій маленькіх людзей. Але паэт Смаленец заслугоўвае дакументальна абгрунтаванага жыццяпісу не толькі па гэтай прычыне.

Якой бы малой па сваім аб’ёме не была паэтычная спадчына Аляксандра Ружанцова, яго вершы вылучаюцца з усяго корпуса тэкстаў беларускай літаратуры хіба тым, што ні да таго, ні пасля ніхто не здолеў так злавіць інтанацыю і пераканаўча перадаць жах акопнай вайны. Той жах перманентнай латарэі, галоўны прыз у якой — гэта магчымасць згуляць яшчэ раз. Той жах, укладзены ў просты, як у калыханкі, рытм і акантаваны немудрагелістымі рыфмамі, узрушваечытачаі сёння. На жаль, сэнс слова экзістэнцыялізм беларускія літаратуразнаўцы даведаліся толькі тады, калі вершы паэта былі надзейна пахаваныя ў падшыўках міжваенных віленскіх перыёдыкаў.

На маю думку, асоба і лёс Аляксандра Ружанцова цікавыя яшчэ і чаму, што ён адзін з самых актыўных удзельнікаў беларуска-літоўскага міжкультурнага дыялогу ў першай палове XX ст. Да таго ж, ён ці не адзіны беларус, які ў міжваеннай Літве здолеў заняць прыкметнае месца ў гуманітарнай сферы[1] і пры гэтым не спрабаваў займацца мімікрыяй і схаваць сваё нелітоўскае паходжанне.

Апрача ўсяго, для беларускага чытача біяграфія Аляксандра Ружанцова — гэта яшчэ добрая (і рэдкая) нагода дакрануцца да гісторыі паўсядзённага жыцця міжваеннай Літвы, пра рэаліі якога ён звычайна мае даволі прыблізныя ўяўленні.

Аляксандр Ружанцоў быў персонай нон-грата на старонках выдадзеных у Савецкай Беларусі кніг практычна на працягу ўсяго перыяду існавання БССР. Да пачатку Другой сусветнай вайны яго асоба — афіцэр Асобнага Беларускага Батальёна літоўскага войска — была непрымальнай для цэнзараў. А тая акалічнасць, што ў энд шпілі Другой сусветнай вайны ён разам з сям’ёй выехаў у Нямеччыну, была дастатковай прычынай для таго, каб яго імя цалкам выкрасліць з навуковага звароту і пасля вайны.

Стаўленне да прадстаўнікоў беларускай эміграцыі ў БССР было рэзка адмоўным і ў разуменні чыноўнікаў непарыўна звязвалася са здрадай радзіме, учынкам з вельмі моцнай адмоўнай афарбоўкай. Сёння, у часы панавання татальных і ўсёабдымных базаў звестак, гучыць неверагодна, але за 150 км ад Мінска, у Савецкай Літве, асоба Аляксандра Ружанцова ў цэнзараў ад пачатку 60-х г. асаблівых эмоцый не выклікала.Аў1971г.уМалойЛітоўскайЭнцыклапедыінават з’явіўся артыкул (сціслая біяграфія з бібліяграфічнай даведкай), прысвечаны яму[2]. Крыху пазней, у 1980 г., у перыёдыку Віленскага ўніверсітэта „Knygotyra”, які спецыялізуецца на праблемах бібліяграфіі і кнігазнаўства, быў апублікаваны артыкул патрыярха літоўскай гісторыі кнігі і бібліяграфіі Ляваса Уладзіміроваса (1912-1999) „Шляхамі і ілжэшляхамі жыцця і бібліяграфіі”[3], у якім, нягледзячы на вялікую частотнасць такіх характэрных для таго часу рытарычных фігур, як „класавыя забабоны”, „варожая для Радзімы дзейнасць”, „лёсавызначальная памылка” і г. д., літоўскія чытачы змаглі пазнаёміцца з біяграфіяй і асноўнымі працамі (у першую чаргу па гісторыі кнігі і бібліяграфіі) Аляксандра Ружанцова.

Аднак тая частковая „рэабілітаванасць” Аляксандра Ружанцова ў Літоўскай ССР не прапусціла яго імя на старонкі апублікаванай у 1988 г. Альмай Лапінскене і Адамам Мальдзісам манаграфіі, прысвечанай беларуска-літоўскім літаратурным сувязям — „Перазовы сяброўскіх галасоў”[4], якая ў наступным годзе выйшла ў перакладзе на літоўскую мову пад менш рамантычнай назвай „Літоўска-беларускія літаратурныя сувязі”[5].

Аўтары грунтоўнага, актуальнага і сёння даследавання не палічылі патрэбным раскрываць яго псеўданім Алесь Смаленец, а цікавасць да яго ўладальніка, на іх думку, можа быць выклікана хіба толькі тым, што, „паводле М. Гарэцкага, ён перакладаў з беларускай мовы на літоўскую і наадварот”[6]. I гэта пры тым, што Аляксандр Ружанцоў быў вельмі актыўным аўтарам часопіса „Крывіч”, якому аўтары кнігі прысвяцілі шмат увагі і далі самую высокую ацэнку[7].

Наогул, ствараецца ўражанне, што ў аўтараў манаграфіі „не склаліся” адносіны з Ружанцовым. Яны пазбягаюць называць яго імя, нават у тых выпадках, калі на старонках кнігі вымушаны ўзгадваць яго публікацыі[8]. Калі прыняць пад увагу, што гэты чалавек адным з першых стаў пісаць на тэму беларуска-літоўскіх літаратурных і культурных сувязяў[9], то такая пагарда з боку наступнікаў не выглядае апраўданай.

Відавочны „дысбаланс” у ступені рэабілітаванасці імя Аляксандра Ружанцова ўдзвюх суседніх савецкіх рэспубліках тлумачыцца не столькі слабейшым цэнзурным прыгнётам у Літоўскай ССР, колькі збегам цэлага шэрагу гістарычных абставінаў[10].

Справа нават не ў тым, што саветызацыя Літвы пачалася пазней і ўлады былі вымушаныя ўжываць мякчэйшыя методыкі ідэалагічнага ціску. Ужо пасля смерці Сталіна імёны многіх дзеячаў літоўскай эміграцыі перасталі быць табу для савецкага друку. У першую чаргу гэта звязана з тым, што пасля Другой сусветнай вайны Літву пакінулі не толькі прыхільнікі рэжыму прэзідэнта Антанаса Смятоны, дзеячы правага палітычнага крыла ці сімпатыкі Трэцяга Райху, але і многія прадстаўнікі левай інтэлігенцыі.

Прычым шлях эміграцыі абралі не толькі дзеячы, якія стаялі ля вытокаў літоўскай сацыял-дэмакратыі (напрыклад, браты Міколас і Вацловас Біржышкі, Сцяпонас Кайрыс), не толькі некаторыя сябры „Таварыства па вывучэнні культуры народаў СССР”, што дзейнічала ў Коўне пад шчыльным патранажам і пры дапамозе савецкага пасольства (гучыць анекдатычна), але і прадстаўнікі літоўскага савецкага істэблішменту: літаратар, навуковец і палітычны дзеяч Міколас Крэве-Міцкявічус, які ў 1939 г. быў міністрам замежных спраў у марыянеткавым прасавецкім урадзе (г. зв. народны ўрад), а пазней узначальваў Акадэмію навук ЛССР. Гэтак сама шлях эміграцыі на Захад абраў колішні намеснік старшыні Вярхоўнага Савета, празаік Людас Давіденас[11] і іншыя, менш прыкметныя, з пазіцыі нашага часу, асобы.

Таму ніводнае гістарычнае даследаванне на ідэалагічна слушную тэматыку, якой была ў савецкія часы тэма „культурных літоўска-савецкіх кантактаў” ці „ўстанаўленне савецкай улад ы ў Літве”, не магл о абысціся без узгад кі імёнаў такіх дзеячаў літоўскай культуры, як Вінцас Крэве-Міцкявічус[12] ці браты Міколас[13] і Вацловас[14] Біржышкі[15].

Для літоўскага цэнзара Aleksandras Ružancovas — усяго толькі гісторык кнігі і бібліёграф, які мала цікавіўся палітыкай і не заўважаны ў якой-небудзь выразна антысавецкай дзейнасці. Тое, што ён быў афіцэрам літоўскай арміі, прыцягвала мала ўвагі, бо ў перыяд 1919-1940 г. на афіцэрскіх пасадах зараблялі сабе нажыццё тысячы людзей. У якім канкрэтна батальёне ён служыў, цікавіла мала каго.

Але ў БССР на яго персону глядзелі з іншага ракурсу. У першую чаргу ён быў афіцэрам Асобнага Беларускага Батальёна і нястомным хранікёрам гэтай баявой адзінкі. І гэты аспект біяграфіі рупіў больш, чым невялікі паводле свайго аб’ёму наробак у галіне беларускай бібліяграфіі ці невялікі па аб’ёме корпус паэтычных тэкстаў.

Вяртанне Аляксандра Ружанцова-паэта ў беларускі кантэкст адбылося толькі ў 1989 г. дзякуючы публікацыі Алеся Бяляцкага ў зборніку „Тутэйшыя”[16], дзе беларускі чытач упершыню пасля доўгіх гадоў ігнаравання і забыцця змог пазнаёміцца з творамі аднаго з найцікавейшых беларускіх паэтаў 20-х г. мінулага стагоддзя, а таксама з яго жыццяпісам. Пазней гэтым даследчыкам былі падрыхтаваныя для публікацыі нізка вершаў[17], а таксама праца А. Ружанцова „Беларускія войскі ў Літве 1918-1920″[18]. Пры ўсёй значнасці гэтых публікацый трэба заўважыць, што зроблены яны звычайна без пазначэння крыніц паходжання тэкстаў, а біяграфія іх аўтара поўная недакладнасцяў і фантазій, якія застаюцца на сумленні публікатара. Нават у такім грунтоўным выданні, як біябібліяграфічны слоўнік „Беларускія пісьменнікі”[19], жыццяпіс і бібліяграфія нашага героя падаюцца з нехарактэрнай для гэтага даведніка схематычнасцю і шэрагам недакладнасцяў. Больш за тое, укладальнік бібліяграфіі проста праігнараваў звесткі, пададзеныя ў „Слоўніку беларускіх псеўданімаўі крыптанімаў Янкі Саламевіча[20].

Асобна варта ўзгадаць біяграфічны нарыс, напісаны Вітаўтам Тумашам, прысвечаны 60-годдзю Аляксандра Ружанцова, апублікаваны ў „Запісах” Беларускага інстытута навукі і мастацтва[21]. Сярод згаданых публікацый ён вылучаецца прадказальным „беларусацэнтрызмам”. Балазе, што ўсе вядомыя нам літоўскія крыніцы хаця і падкрэслівалі факт нелітоўскага паходжання Аляксандра Ружанцова, а таксама ўзгадвалі пра яго супрацоўніцтва з беларускімі палітычнымі і грамадска-культурнымі арганізацыямі, што дзейнічалі ў міжваеннай Літве, па зразумелых прычынах не звярталі асаблівай увагі на гэтыя аспекты яго біяграфіі і творчай спадчыны.

Выглядае, што наспела неабходнасць падсумаваць і абагульніць біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі, назапашаныя за мінулыя гады, а таксама апублікаваць шэраг невядомых дагэтуль тэкстаў Аляксандра Ружанцова.

У гэтай працы я зраблю спробу па магчымасці паслядоўна выкласці жыццяпіс Аляксандра Ружанцова, падрыхтаваны на базе звестах, якія ўдалося сабраць па публікацыях у літоўскім, заходнебеларускім перыядычным друку і ў эмігранцкіх выданнях, што выходзілі ў ЗША пасля Другой сусветнай вайны. Таксама былі праведзены росшукі ў архівах Літвы — як у добра вывучаных беларускімі даследчыкамі (аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы і аддзел рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса), так і ў зборах, якія не ўвайшлі ў навуковы зварот беларускіх гісторыкаў. У першую чаргу гэта тычыцца архіва Цэнтра вывучэння эміграцыі (Išeivijos studijų centras) пры Ковенскім універсітэце імя Вітаўта Вялікага, які спецыялізуецца на зборы і парадкаванні як прыватных архіваў дзеячаў літоўскай эміграцыі, так і архіваў літоўскіх арганізацый на чужыне.

Карыстаючыся нагодай, хачу выказаць падзяку за дапамогу Арсеню Сяргеевічу Лісу, без чыёй ініцыятывы гэтая праца не магла быць пачатая, а таксама Томашу Блашчаку, без чыёй дапамогі гэты тэкст не мог быць закончаны.

***

Аляксандр Ружанцоў нарадзіўся 12 жніўня 1893 г. у горадзе Вязьма (Смаленская губерня) у шляхецкай сям’і, радавод якой Ружанцову падабалася выводзіць ад смаленскай шляхты часоў ВКЛ, ад літоўскага шляхціча Ружанца, які ў неакрэсленым мінулым нібыта трапіў на захад Расіі разам з войскамі ВКЛ. У 1911 г. ён скончыў гарадскую гімназію Вязьмы. Пра першыя гады свайго жыцця сам Ружанцоў пакінуў вельмі фрагментарныя ўзгадкі. Нягледзячы на тое, што ў розных архівах Літоўскай Рэспублікі захавалася не так і мала яго эпісталярыю, а аб’ём яго творчай спадчыны куды большы, чым падаецца ў энцыклапедычным даведніку „Беларускія пісьменнікі”, усё ж складваецца ўражанне, што Аляксандр Ружанцоў пра гады сваёй маладосці не быў схільны (а мо і не лічыў патрэбным) распавядаць ані шырокай публіцы, ані сваім карэспандэнтам. Пра школьныя гады і пра атмасферу, што панавала ў Вяземскай гарадской гімназіі, можам даведацца хіба толькі з артыкула Ружанцова „Паленне кніг”, які быў апублікаваны ў часопісе „Крывіч”, дзе ён распавядаў пра страчаныя беларускія рэаліі на ўсходняй Смаленшчыне: «У паветавым горадзе на Смаленшчыне маёй роднай, на плацу, сярод дробных крам стаяла каплічка. На ганку яе сядзела старая недарэка Паланея; у яе куплялі свечкі, абразкі і прасвіркі. У белай каплічцы ў старасветнай труне, узнесенай на катафалку пад вялізарным крыжам, ляжаў Хрыстос, бытцам нябошчык. Быў ён кудзебна выразаны з дрэва і памаляваны алейнай фарбай, але дужа натуральна і зручна. Гэта ляжаў дзіцё-Хрыстос. Памятаю, хлопчыкам маленькім быў я і да гімназіі шэсць дзён на тыдзень мусіў бегаць. Цудоўна памагаў нам Хрыстосік, ратаваў ва ўсіх прыгодах і збаўцай быў ад „двоек” і „адзінак”, на што не сварыліся нашыя настаўнікі, палова якіх мела за сабой 25-30 гадоў педагагічнай службы. Асабліва памагаў той, салодкай памяці, Хрыстос хлопцам, прыехаўшым з двароў ды вёсак, на захад ад гораду ляжачых. З малых лет цяжка давалася ім навука. Цяжка было пачынаць „какаць” пасля „якання” дома. Ось гэтае „як” і было страшным, бо настаўнік з маскоўскай мовы крычэў на ўсю клясу і лаяў хлопца „хахлом”, „мазніцаю”, „квачом” і іншымі словамі з невялічкага запасу „беларускіх” выразаў, якія змяшчала яго вялікая, прачаджаная гарэлкай галава…»[22]. Наколькі праўдзівая гэтая замалёўка? Нашы ўспаміны і наша мінулае належаць толькі нам, і мы вольныя маляваць іх менавіта такімі, якімі малюем.

Пасля заканчэння гімназіі Аляксандр Ружанцоў паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, дзе вучыўся на працягу 6 семестраў 1911-1914 г[23]. Яго біёграф Лявас Уладзіміровас пісаў, што зацікаўленне гісторыяй ВКЛ пачалося ў юнака ў глыбокай расійскай правінцыі з лекцый прафесара М. Любаўскага. У студэнцкія гады Аляксандр Ружанцоў пачаў цікавіцца і бібліяграфіяй, якая пазней стала для яго і прафесіяй, і захапленнем.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны быў прызваны ў войска і да вучобы ва ўніверсітэце, хутчэй за ўсё, больш не вяртаўся. У анкеце, запоўненай Аляксандрам Ружанцовым у 1940 г., пры ўступленні ў Беларускі настаўніцкі саюз ён указаў на ўсё тыя ж шэсць семестраў маскоўскага ўніверсітэта.

У 1914 г. скончыў Аляксееўскую вайсковую школу, як афіцэр удзельнічаў у імперыялістычнай вайне, дзе на расійска-нямецкім фронце быў паранены. У 1918 г. быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, „дзе яму быў даручаны ажно полк, які змагаўся на беларускіх і літоўскіх землях”[24], аднак у 1919 г. перайшоў на літоўскі бок і ўзначаліў беларускі батальён. Даволі круты зігзаг кар’еры, нават для такога феерычнага перыяду гісторыі Еўропы, як першыя гады пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, калі лёсы людзей больш нагадвалі старонкі авантурнага рамана, чым жыццяпісы.

Аднак пра ўсё па-парадку. Аляксандр Ружанцоў трапляе ў Вільню напрыканцы 1918 г. разам з бальшавіцкімі войскамі ў рангу намесніка камандзіра 7-га пяхотнага палка Літоўскай дывізіі. 4 лютага 1919 г., пасля ўрачыстага мітынгу на Лукішскім пляцы, пад гукі „Інтэрнацыянала”, 7-ы пяхотны полк выступіў з горада і па маршруце Вільня — Лендварова — Новыя Трокі — Высокі Двор — Стаклішкі — Езна мусіў дайсці да Коўна, дзе спадзяваўся атрымаць падмацаванне з боку спартакаўцаў Ковенскага гарнізона і малазямельных сялян Сувалкіі, ну а потым… Потым меўся быць актыўны ўдзел палка ў сусветнай рэвалюцыі. Паводле планаў камандавання Чырвонай Арміі Коўна мусіла быць узятае 15 лютага 1919 г.

Аднак чым далей полк, складзены з беларускіх сялян, расійскіх казакоў і літоўскіх камуністаў, прасоўваўся на захад, тым менш радасна яго сустракала мясцовае насельніцтва. Непадалёк ад мястэчка Езна[25] завязаліся жорсткія баі з рэгулярнымі часткамі літоўскага войска, у выніку якіх бальшавікі неслі вялікія страты. Байцы Чырвонай Арміі былі больш схільныя мітынгаваць, чым весці асэнсаваныя баі з нечакана моцным і добра арганізаваным праціўнікам.

Пры ўсіх магчымых непаразуменнях паміж бальшавікамі і Аляксандрам Ружанцовым цяжка даць веры тлумачэнню, што расійскі афіцэр нібыта ў адзін прыгожы дзень разумее, што можа стаць беларускім афіцэрам літоўскага войска і пераходзіць на бок ворага. „Раптоўную” беларускасць адзін з першых савецкіх біёграфаў Аляксандра Ружанцова Лявас Уладзіміровас спрабаваўрастлумачыць так: перайшоўшы на бок літоўскага войска, Ружанцоў, «разумеючы, што будучы расійцам па нацыянальнасці і маючы расійскае прозвішча, наўрад ці здолее застацца ў літоўскім войску, стварыў легенду, маўляў, ён паходзіць з „беларусаў”, а магчыма, ад нейкага казачнага літоўскага шляхціча, які прыйшоў на Смаленскую зямлю разам з суправаджэннем вялікага князя, якое заваявала яе»[26]. На вялікі жаль, аўтар не пазначыў, ці гэта яго ўласная інтэрпрэтацыя падзей, ці пераказ размоў з Аляксандрам Ружанцовым, і да якой ступені гэты пераказ вольны.

Нават калі не ўздымаць пытання наконт праўдзівасці аповеду Ляваса Уладзіміроваса, то трэба адзначыць, што агучаная ім версія мае больш хібаў, чым здаецца на першы погляд.

Найперш трэба адзначыць той факт, што Літоўская Рэспубліка ў 1918-1939 г. актыўна прэтэндавала на землі колішніх Віленскай і Гарадзенскай губерняў, якія паводле свайго этнічнага складу блізка не былі маналітным літоўскім рэгіёнам. І будаўнікі новай краіны вельмі добра гэта разумелі. Улады толькі што створанай Літоўскай Рэспублікі ўсімі магчымымі сродкамі імкнуліся далучыць да ідэі дзяржаўнага будаўніцтва Літвы прадстаўнікоўусіх народаў краю. I расійцы не былі выключэннем. Адзін з ідэолагаў літоўскага адраджэння Міколас Біржышка ў рэдакцыйным артыкуле выдаванай ім у Вільні па-расійску газеты „Литва” так тлумачыў чытачам мэты свайго выдання: „…мы — літоўцы, якія імкнуцца растлумачыць шматмоўнаму насельніцтву сваёй шматграннай радзімы свае памкненні і асновы грамадска-дзяржаўнага будаўніцтва Літвы, як з мэтай палегчыць гэтае будаўніцтва шляхам прыбірання магчымых сумневаў і недасведчанасці ў тых ці іншых колах наконт літоўскай працы, — так і з мэтай далучэння больш шырокіх колаў літоўскага грамадства да агульналітоўскай працы”[27].

Не трэба таксама забывацца і на тое, што ў 1919 г. у літоўскім войску справаводства вялося па-расійску, літоўская дзяржава паслугоўвалася даваенным расійскім крымінальным кодэксам, а абсалютная большасць афіцэраў літоўскага войска скончыла расійскія вайсковыя навучальныя ўстановы і літоўскую мову ведала ўлепшым выпадку на побытавым узроўні.

Апрача таго, літоўскае войска на той момант фармавалася па добраахвотным прынцыпе, і вярбоўшчыкі (прынамсі ў 1919 г.) не звярталі ўвагі на этнічнае паходжанне таго ці іншага жаўнера, ну а тым больш афіцэра. Рыторыка прэсы і афіцыёзу Літоўскай Рэспублікі на працягу амаль усяго міжваеннага перыяду была больш антыпольскай / антышляхецкай, чым антырасійскай / антысавецкай. Гэта было звязана i з нявырашаным польска-літоўскім канфліктам за Віленшчыну, рэалізацыяй зямельнай рэформыі, у выніку якой пацярпелі пераважна буйныя землеўладальнікі польскага паходжання, а таксама тым, што толькі Савецкая Расія (а пазней СССР) была адзінай дзяржавай у рэгіёне, якая безумоўна падтрымлівала прэтэнзіі Літвы на Вільню.

Важны таксама і той аспект, што Коўна (зрэшты і астатняя Літва) практычна монаэтнічным і моналінгвістычным, такім, якім ведаюць яго сённяшнія беларускія турысты, стала толькі пасля Другой сусветнай вайны — пасля рэпатрыяцыі літоўскіх немцаў і палякаў, а таксама татальнага знішчэння мясцовай яўрэйскай грамады.

Toe самае можна давесці і шляхам доказаў „ад адваротнага”. Зусім не цяжка паверыць у тое, што Аляксандр Ружанцоў па нейкіх прычынах у шалёным 1919 г. вырашыў стаць беларусам. Тады ўзнікае пытанне, чаму ён заставаўся верны свайму выбару да канца жыцця? Калі ўжо трымацца беларускасці (у тым выпадку, калі яна была менавіта свядомым аблічаным выбарам) не было ніякага практычнага сэнсу? Пасля таго як было ліквідавана міністэрства беларускіх спраў, а Коўна пакінулі Варонка, Ластоўскі, урад БНР афіцыйна склаў з сябе паўнамоцтвы і перспектывы беларусаў у Літве перасталі здавацца прывабнымі самым адчайным аптымістам, Ружанцову лёгка было „спусціць на тармазах” тую „прыдуманую” беларускасць. Але ён гэтага не зрабіў.

Калі ўжо казаць пра дывідэнды, атрыманыя ў сувязі са зменай нацыянальнасці, то зусім незразумела, што магло перашкодзіць Аляксандру Ружанцову паводле кан’юнктурных меркаванняў адразу запісацца ў літоўцы? У 1919 г. для таго, каб зрабіць гэта, зусім не абавязкова было валодаць літоўскай мовай, нарадзіцца ў Літве ці мець хоць бы каліва балцкай крыві. Дастаткова было адной дэкларацыі і жадання працаваць на карысць Літоўскай Рэспублікі[28].

Насуперак агульнапрынятай сярод літоўскіх і беларускіх даследчыкаў біяграфіі Аляксандра Ружанцова думцы, знаёмства з Літвою для Ружанцова пачалося куды раней, чым у 1919 г. У адным з лістоў да свайго сябра, літоўскага энцыклапедыста і выдаўца Бронюса Квікліса (Bronius Kviklys, 1913-1990), Ружанцоў, дзякуючы за дасланую карту Літвы, крыху распавёў пра свае першыя візіты ў Літву і Беларусь: «Зноў пабываў у Літве. Пачаў ад чыгункі, якой у 1906-08 г. ездзіў у сучасную Латвію да дзядзькі і цётак. Пазней, напрыканцы 1914 г., зноў перакінуўся ў А-1, едучы ў свой полк, які быў у Ліепае. І адтуль у пачатку 1915 г. у мілым Коўна апынуліся, у лютым месяцы. У Дзукіі маршыравалі і ваявалі. Знайшоў і фальварак Голну Вольмеру каля Біржынінкай[29], дзе мяне падстрэлілі тыя „дзярманцы”. У Горадні давялося паляжаць у шпіталі, а пазней у штабе арміі паслужыць. Адтуль зноў у полк ужо летам 1915-га і разам з іншымі з Літвы на Усход [рушыць]. У Обеляй[30] пагрузілі полк у вагоны, павезлі ў Рыгу, на адпачынак. Але ў Крастпілісе рэзка павярнулі ў бок Мінтаўі. На станцыі Даудзевас[31] высадзілі, побач чуліся стрэлы. Адсюль немцаў пагналі назад за Нёман, знайшоў свае вёскі Шыланы[32], Дварголе, Юоставічы[33]. І зноў адціснулі нас у Латвію… А пазней, каля Дзвінску паміж азёраў давялося ў пазыцыйнай вайне да канца 1916 г. прабыць… У часы Незалежнасці вярнуўся ў Вільню як вораг, але пасля бітвы каля Езна хутка ўцёк у Коўна»[34].

Выглядае на тое, што Аляксандр Ружанцоў, былы афіцэр расійскага войска ў 1919 г., усё ж меў больш-менш рэальнае ўяўленне як пра Літву, так і пра Беларусь. Веды яго паходзілі не толькі з падручнікаў геаграфіі ці гісторыі, але і з уласнага досведу. Таму добраахвотна пераходзячы на бок Літоўскай Рэспублікі, ён кіраваўся не столькі эмацыйным парывам, колькі гэта быў прадуманы крок з мінімальным (наколькі гэта было магчыма ў тыя шалёныя часы) аблікам магчымых наступстваў.

У 1919 г. пасля бітвы пад Езна (мястэчка за 50 км на поўдзень ад Коўна), якая адбылася 9-13 лютага, Аляксандр Ружанцоў перайшоў на бок Літоўскай Рэспублікі. У сваіх успамінах „З паходных нататак чырвонага камадзіра”[35], якія былі апублікаваныя ў вайсковым тыднёвіку „Karys”, ён зусім не закранае тых прычын і матываў, што падштурхнулі яго на гэты даволі адказны і рызыкоўны крок. Мемуарыст закранае тэму настрояў сярод байцоў Чырвонай Арміі хіба толькі ў адным эпізодзе, апісваючы візіт афіцэраў-бальшавікоў да аграніста мясцовага касцёла: „Нарэшце чырвоныя камандзіры папрасілі арганіста сыграць што-небудзь для іх. І пачалі лунаць моцныя гукі марсельезы, а потым, раптам абарваўшы матыў, арганіст сыграў пахавальны марш Шапэна. Як пабітыя пайшлі камандзіры ад арганіста. Сумнае прадчуванне нейкага блізкага няшчасця — непазбежнага, якое нельга спыніць — абняло іх душы”[36].

Увага з боку публікатараў да падзей лютага 1919 г. тлумачыцца тым, што менавіта бітва пад Езнасам стала першай значнай перамогай літоўскага войска, а мемуарныя нататкі Ружанцова да пэўнай ступені адлюстроўвалі настроі ў стане суперніка.

Нягледзячы на тое, што Аляксандр Ружанцоў ад вясны 1919 г. фактычна выконваў абавязкі афіцэра і нават разам з беларускай асобнай ротай удзельнічаў у баях супраць палякаў, тым не менш, у лік афіцэраў літоўскага войска ён быў залічаны толькі праз паўгода пасля пераходу на літоўскі бок, загадам па войску ад 30 верасня 1919 г.[37]. Аднак запозненае прызнанне de jure Міністэрствам абароны Літоўскай Рэспублікі фактычнага стану рэчаў не было ў тыя гады нейкай незвычайнай практыкай. Напрыклад, загадам № 47 ад 11 сакавіка 1919 г. было дазволена ад 27 лютага пачаць фармаваць пры беларускім стале рэгістрацыі ў Коўне роты ахвотнікаў[38].

Характэрныя для пасляваенных літоўскіх біяграфій сцвярджэнні, што наш герой «змяніў сваё прозвішча, каб яно набыло больш „беларускае” гучанне — Ружанец»[39], не адпавядаюць рэальнасці. Ва ўсіх літоўскіх афіцыйных дакументах 1920-30-х г. ён фігуруе як Ružancovas, што адпавядала тагачаснай практыцы літоўскіх уладаў дадаваць да нелітоўскіх імёнаў і прозвішчаў канчаткі -ас / -іс / -ус, каб носьбітам літоўскай мовы было лягчэй змяняць іх па склонах. Гэта не сведчыць пра нейкае татальнае жаданне ціхім прымусам літуанізаваць насельніцтва, бо ў 20-я г. XX ст. у Літве існавала і адваротная практыка пры перакладзе на славянскія адкідаць канчаткі назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду ў літоўскіх імёнах уласных. Напрыклад, патрыярх літоўскага адраджэння Basanavičius станавіўся Басановічам, і гэтая метамарфоза праходзіла без асаблівых эмоцый з боку шырокай публікі.

Пра ўяўную змену прозвішча Ружанцовым (праўда, гаворка вядзецца ўжо пра 1940-я г.) мы можам прачытаць у мемуарах Стасіса Раштыкіса[40] „Падзеі і людзі”: „Былы загадчык вайсковай бібліятэкі маёр Аляксандр Ружанцоў ужо ў эміграцыі змяніў сваё прозвішча на Ружанец”[41]. Аднак усе гэтыя размовы выкліканы хіба непаразуменнем. У сваім прыватным ліставанні маёр літоўскага войска ў подпісе даволі часта выкарыстоўваў апрача свайго прозвішча прыдомак Ружанец, што магло збіць з толку яго біёграфаў.

Тэму гіпатэтычнай замены прозвішча цалкам закрывае дакумент з трохі няскладнай назвай „Звесткі пра грамадзян, прынятых у грамадзянства Літвы ад 25 траўня 1928 г. да 23 верасня 1931 г.”, які захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы[42]. У гэтым дакуменце зафіксавана, штомаёрлітоўскага войска, бібліятэкар Аляксандр Ружанцоў (Aleksandras Ružancovas) 1893 года нараджэння, беларус па нацыянальнасці, прыняў разам з жонкай Наталляй і дачкой Верай 28 траўня 1929 г. літоўскае грамадзянства.

Не ўдаючыся ў развагі, чаму Аляксандр Ружанцоў амаль дзесяць гадоў цягнуў з прыняццем грамадзянства Літоўскай Рэспублікі, проста адзначым, што да 1929 г. Ружанцоў не змяняў ні ўякі бок сваё прозвішча, больш за тое, зрабіць гэта чалавеку без грамадзянства (а менавіта ў такім статусе ён правёў свае першыя дзесяць гадоў у Літве) нават тэарэтычна было няпроста.

У 1919-1921 г. Аляксандр Ружанцоў служыў у рэгулярнай арміі, камандзірам Асобнага Беларускага Батальёна. У1919 г. быў узнагароджаны ордэнам Пагоні. На гэтыя гады прыпадае пачатак і яго выдавецкай дзейнасці. Ён быў рэдактарам выданняў беларускага батальёна. Спачатку — „Браславской стенной газеты”, якая была сапраўды рэгулярнай насценгазетай мястэчка Браслаў, дзе ў пачатку 1919-1920 г. несла службу беларуская частка. Некалькі нумароў гэтага выдання захоўваюцца ў рукапісным аддзеле Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы[43].

Той факт, што літоўскае войска на працягу прыкметнага адрэзку часу кантралявала Браслаў, не знайшоў сабе месца ў гістарычнай памяці беларускага народа. Праўда, у „Літоўскай энцыклапедыі” мы знойдзем некалькі радкоў, прысвечаных гісторыі раённага цэнтра Рэспублікі Беларусь: „Пасля таго як 19.03.1920 г. прайшла конніца Гая, якая пераследавала польскія часткі, Браслаў занялі беларускія часткі. Была заснавана беларуская вайсковая камендатура, высілкамі афіцэраў абуджана ў народзе беларуская нацыянальная свядомасць, арганізавана некалькі беларускіх спектакляў і вечарын. Дзейнасць скончылася пасля 07.10″[44]. На пачатку 1920 г. у Аляксандра Ружанцова з’явілася магчымасць тыражаваць на шапірографе. Першым беларускім перыёдыкам у літоўскім войску быў двухтыднёвік „Варта Бацькаўшчыны”, першыя 15 нумароў якога з’явіліся на працягу студзеня — чэрвеня 1920 г. У тым самым 1920 г. пры ўдзеле Ружанцова было выдадзена яшчэ 7 брашур, у асноўным вайсковых дапаможнікаў. Выдавецкая дзейнасць беларускага батальёна была падсумавана самім А. Ружанцовым у артыкуле „Беларускія кнігі і газеты ў незалежнай частцы Літвы за 1919-1921 г.”, апублікаваным у бібліяграфічным часопісе „Knygos”[45].

Выданні Асобнага Беларускага Батальёна заўважыла і афіцыйная літоўская вайсковая прэса. І рэакцыя на іх не заўсёды была прыязнай. У аглядзе вайсковага друку ў тыднёвіку „Karys” ад 22.07.1920 г. аглядальнік закідваў наступныя прэтэнзіі да памножанай на капіявальным апараце газеты: «Гэтая газетка раіць беларусам быць з літоўцамі ў сяброўскіх дачыненнях; аднак яе пазіцыі па пытанні межаў Літоўскай дзяржавы няясныя і па гэтым пытанні ў „Варце” можна напаткаць дзівосы: напр. у № 10 Вільня лічыцца такім жа беларускім местам, як Менск, Смаленск, Магілёў і г. д., а пра тое, што Вільня была і ёсць сталіцай Літвы, не гаворыцца ні паўслова. У адным з вершаў жаляцца, што беларусаў не толькі ў Польшчы, але і ў Літве крыўдзяць („…І ў Літве яму месца няма”, № 10). Наогул, найбольшы клопат „Варты Бацькаўшчыны” — Незалежная Беларусь, а справы Літоўскай дзяржавы мала кранаюцца, і на яе глядзяць скрозь пальцы».

Актыўная беларуская дзейнасць камандзіра беларускага батальёна была заўважана не толькі з боку калег па журналісцкім цэху. Дачакаўся ён увагі і ад літоўскіх вайсковых уладаў. У лістападзе 1920 г. ён быў арыштаваны паводле пастановы армейскага суда. З загаду па Асобным Беларускім Батальёне ад 20.11.1920 г. можна даведацца, у чым менавіта абвінавачваўся Александр Ружанцоў: «З’яўляючыся камандзірам беларускай роты, „выпускал лично газету „Варта Баукова” и „Стенная Белорусская газета”, вёў агітацыю супраць Камандуючага Літоўскім войскам, і наогул супраць Літоўскай Рэспублікі <…> Не прымаў мераў супраць жаўнераў у даверанай яму частцы, ведаючы, што жаўнеры перапраўляюць за мяжу літаратуру і прадукты <…> Дазваляў прыязджаць у Браслаў бальшавіцкім камісарам і прывозіць бальшавіцкую літаратуру»[46].

Сам Ружанцоўулісцедасвайго біёграфа Бронюса Квікліса ўспамінаў: «Трэба ўжо і папоўніць вельмі сухую біяграфію з Л[ітоўскай] Э[нцыклапедыі]. Жыццё было больш трагічным, і ўжо ў 1920 г., калі выйшаў пасля 49 сутак у „санаторыі” пры гал.[оўным] штабе, дзе стаяла будка і каля яе ахоўнік, стаўся больш асцярожным у дзейнасці на карысць беларусаў»[47]. Узгадка пра арышт ёсць у адным з лістоў Аляксандра Ружанцова да М. Чыжунаса: «У 1920 г. прасядзеў пад арыштам 7 тыдняў, чакаючы вялікай палітычнай справы за здраду радзіме (Літве), жаданне адарваць яе землі і далучыць да Беларусі (якой тады яшчэ не было), але ўсё скончылася шчасліва, „доносчики” прайгралі»[48].

Нягледзячы на ўласнае прызнанне пра асцярожнасць, і пасля 7-тыднёвага зняволення Ружанцоў усё ж працягваў працаваць над выданнямі Асобнага Беларускага Батальёна, хаця ў 1921 г., апрача перыёдыкаў „Беларус-вайсковы” (01.07.1921-25.11.1921) і „Светазар” (1921-1922) не было выдадзена ніводнай брашуры для беларусаў — жаўнераў літоўскага войска[49].

На старонках гэтых перыёдыкаў, памножаных на шапірографе, мы ўпершыню напаткаем самы вядомы псеўданім А. Ружанцова — Алесь Смаленец. Некаторыя падрабязнасці працы рэдакцыйнага калектыву можам знайсці ў юбілейным нумары часопіса „Karys” ад 22 траўня 1922 г. у артыкуле «„Karys” для беларусаў»: „Газету ўвесь час рэдагаваў маёр Ружанцоў (Алесь Смаленец), рэдакцыя знаходзілася ў бібліятэцы аддзела вайсковай навукі <…> Прыкамандзіраваны да бібліятэкі жаўнер Лявіцкі разам з рэдактарам друкаваў газету. Працы было шмат, некаторыя нумары маюць па 20-28 с., а трэба было друкаваць 5075 асобнікаў”[50].

Няўважлівае прачытанне і, магчыма, моцнае жаданне выдаць жаданае за сапраўднае прывялі да таго, што ў публікацыях 1990-х г. Ружанцова часта называюць консулам БНР у Коўне (часам з эпітэтам „неафіцыйны”). Гэты тэзіс — вынік няўважлівага прачытання сказа з артыкула Вітаўта Тумаша: „Пазней доўгія гады бяз ніякога дарэння з боку Ураду БНР, і бяз афіцыяльнага прызнання ўладамі Летувы, ён практычна спаўняў функцыю беларускага консуля ў Коўні, заступаючы перад уладамі справы й патрэбы здэмабілізаваных жаўнераў беларускіх аддзелаў”[51]. У гэтай цытаце, як бачым, няма ніводнага слова пра спецыфічную консульскую дзейнасць (афармленне, выдача і абмен дакументаў, візаў і да т. п.). „Беларускі консуль” у дадзеным выпадку — метафара, якая падкрэслівае станоўчыя асабістыя якасці гэтага чалавека, а не ягоныя амбіцыі і жаданне заняць тую ці іншую пасаду.

У літоўскіх архівах захаваліся сведчанні таго, што Аляксандр Ружанцоў рупіўся лёсам аднапалчан. У большасці выпадкаў гэта рэкамендацыі і лісты да калег з просьбаю дапамагчы з працаўладакаваннем таго ці іншага дэмабілізаванага жаўнера-беларуса. Але падобная дапамога з ягонага боку распаўсюджвалася не толькі на землякоў. Напрыклад, Арэяс Віткаўскас у караценькім успаміне пра нашага героя апавядае пра намаганні, якія прыклаў Ружанцоў для таго, каб гэты афіцэр атрымаў заслужаную ўзнагароду[52].

Памылковасць азначэння „консул БНР” у дачыненні да Ружанцова становіцца яшчэ больш відавочнай, калі прымем пад увагу, што яго стаўленне да дзейнасці ўрада БНР у выгнанні не было адназначна станоўчым, як вынікае з узгаданага вышэй артыкула В. Тумаша. Нельга адкідаць верагоднасць таго, што фармулёўка „Асабліва блізкі яму быў В. Ластоўскі” падказана самім юбілярам, але яна наўрад ці адпавядае рэальнаму стану рэчаў.

Так, сапраўды, пераглядаючы гадавікі выдаванага спачатку Вацлавам Ластоўскім, а пазней Дуж-Душэўскім часопіса „Крывіч”, знойдзем на яго старонках не адзін дзясятак рэцэнзій, кароткіх паведамленняў, падпісаных псеўданімам ці крыптанімам А. Ружанцова.

Але падобна, што сам Ружанцоў больш чым скептычна ставіўся да мэтадаў дзейнасці ўрада БНР і мала верыў у паспяховасць тактыкі, абранай Вацлавам Ластоўскім і яго ковенскімі паплечнікамі. У адным са сваіх лістоў да Юркі Віцьбіча, які захоўваецца ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Ружанцоў для ілюстрацыі тагачаснага становішча ў беларускай грамадзе ў Коўна прыводзіць дзве быццам бы ананімныя байкі, якія яму нібыта „давялося чытаць ў Каўнасе ў 1921-1926 г., калі тамака рэзыдаваў экзыльны ўрад БНР”.

Відавочна, Ружанцоў схітраваў, калі напісаў свайму карэспандэнту, не назваўшы аўтара гэтых радкоў. У лісце да Бронюса Квікліса ад 12.01.1960 г. ён ясна ўказвае, што аўтарства байкі „Дыплёматы” належыць менавіта яму: „…памятаю, што ці не ў 1922 годзе напісаўу Коўна пра беларускіх дыпляматаў”[53] і працытаваў вершаваную сатыру „Дыплёматы”, якую ў сваім лісце да Ю. Віцьбіча падпісаў псеўданімам Жук і Жаба.

Аўтарства сваё ён таксама ўскосна пацвердзіў, запаўняючы анкету пры ўступленні ў Беларускі інстытут навукі і мастацтва: „Я маю свае сатырычныя вершы на ўрад і некаторых урадоўцаў БНР з 1921-26 гадоў. Магчыма, што гэтая сатыра станецца перашкодай для прыйма мяне ў лік сяброў Інстытуту. Але лічу сваім абавязкам чэсна прызнацца да аўтарства сатыраў”.

Яшчэ адным аргументам на карысць аўтарства Ружанцова служыць тое, што вершы ён цытуе па памяці праз сорак гадоў пасля іх з’яўлення. Таксама звяртае на сябе ўвагу дакладнае датаванне абодвух тэкстаў. Калі ўлічыць, што ў 1960 г. у яго не было магчымасці пераправерыць ці ўдакладніць гэтую інфармацыю (на той момант ён быў хіба адзіным сведкам беларускага жыцця ў Коўне пачатку 20-х г.), то ўпэўненае датаванне сведчыць толькі пра тое, што інфармант сама менш добра ведаў пра акалічнасці стварэння гэтых твораў.

Гэтыя вершаваныя рэфлексіі даволі красамоўна апісваюць настроі нашага героя тых гадоў. Праз іх няцяжка прасачыць вельмі скептычнае стаўленне Аляксандра Ружанцова да беларускай палітычнай актыўнасці ў Коўне, якая ў 1922-1923 г. страціла хоць нейкі практычны змест і ператварылася ў выкананне пустых і бессэнсоўных рытуалаў. Да ўдзельнікаў тых нікому не патрэбных спектакляў аўтар выказвае бязмежную пагарду. Тое, што ён іх цытуе па памяці праз сорак гадоў, сведчыць, што яны не вынік імпульсіўнага раздражнення, а плён грунтоўнай пазіцыі. Таму гэтыя вершаваныя фельетоны (не зважаючы на іх нязначную мастацкую вартасць) варта прывесці цалкам.

Дыплёматы

Байка

Знаў Бог, што не даў свінні рог!

Бо свет тады-б загінуць мог…

Ось нейкім дыплёматам,

Сваім умом слабым а пыхаю багатым,

Чацьвёрты год Бог не дае зямлі[54]

Сумуючы аб кінутай краіне,

Сядзяць яны і пыжацца ў чужыне

Адзін перад другім.

I кожны зь іх мяркуе,

Што цёмны іх народ, парваўшы путы сам,

Па шыям накладзе панам,

А дыплёматам сукіным сынам

Цяплюсенькія мейсцы прыгатуе…

Коўня / Каунас, 1922                             Жук і Жаба

Угодкі

У БНР-скім Ватыкану на пятыя угодкі

Зыйшлісяўсе БНРскія давоткі.

Паседжанне адчыніў сам Папеж Вацлаў,

Спачатку трохі сам брахаў,

Пасля кардыналы прамаўлялі

І друг дружку выслаўлялі:

„Ось каб мыўладузахапілі

Адразу іначэй бы зрабілі:

Мужыкі б зямлю дасталі

Работнікі б заводы атрымалі,

Зажылі-бусе мірна і ціха,

Яку раю” (каб васліха…).

Радаваліся, біліў далоні,

Весяліліся, як стаялыя коні.

Замест Інтэрнацыяналу прапеялі

Да яго падобныя „Ад веку мы спалі”…

Доўга цягнуліся прамовы,

Знаёмыя чуліся дурныя словы,

Вярэшчэлі прамоўцы „далоў! далоў!”…

Слухаўя, слухаў і пайшоў дамоў.

Коўня / Каўнас 25 марца 1923 г.                         Жук і Жаба

Сістэма вобразаў, якую ў байцы „Дыплёматы” выбудаваў аўтар, вызначаецца строгай замкнутасцю і стабільнасцю. Беларуская грамада Коўна паказана ў выглядзе закаснелай ерархічнай структуры, якая адпавядае касцельнай. Папеж Вацлаў (у якім лёгка пазнаецца Вацлаў Ластоўскі), ягоныя бліжэйшыя паплечнікі кардыналы, што маюць прынамсі тэарэтычныя шанцы заняць месца Папы Рымскага. У трэцюю катэгорыю ўвайшлі пабожныя жанчыны — дэвоткі, якія паводле базавых прынцыпаў арганізацыі гэтай структуры не маюць шанцаў трапіць на вышэйшую ерархічную прыступку і ад якіх мала што залежыць.

Аўтар, каб паказаць сваё стаўленне да падзеі, ужывае стылістычна зніжаную лексіку (брахаў, дурныя) і ясна дае зразумець, што ўдзельнічае ў гэтым мерапрыемстве выключна як скептычны назіральнік.

У тым самым 1923-м Аляксандр Ружанцоў у менш рэзкай форме паўтарыў тую ж думку і ў рэцэнзіі на кніжку перакладаў твораў Ганса Хрысціяна Андэрсэна, якая выйшла ў перакладах Вацлава Ластоўскага накладам Міністэрства беларускіх спраў: „Даўно трэба было гэта зрабіць, бо адна такая кніга можа быць даражэйшай за ўсе груды палітычных адозваў і брашур, якія ў большасці сваёй складзены непісьменна і нікому непатрэбныя”[55].

Найбольш яснасці ў пытанні ўзаемадачынняў Аляксандра Ружанцова і беларускай палітычнай эліты ў Коўне маглі б унесці ўспаміны самога Ружанцова пра ковенскі перыяд жыцця Вацлава Ластоўскага. Успаміны гэтыя, бязумоўна, былі напісаныя, нават калі ставіцца да іх анонсу на старон ках часопіса „Запісы”[56] як да прадстаўлення задуманага, але яшчэ не напісанага тэксту. У архіве Бронюса Квікліса ёсць канкрэтныя спасылкі на тое, што гэтыя мемуары разам з шэрагам іншых матэрыялаў былі адасланыя А. Ружанцовым карэспандэнту.

Але мы так і не знайшлі гэтых мемуараў. Няма ўзгадак пра іх і ў грунтоўным даследаванні Лявона Юрэвіча „Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі” (Нью-Ёрк, 1999).

Ад 1920 г. Аляксандр Ружанцоў пачаў актыўна публікавацца на старонках ковенскага перыядычнага друку, як у расійскім („Вольная Литва”), так і ў літоўскім, у першую чаргу ў афіцыйным выданні літоўскай арміі тыднёвіку „Karys” („Вайсковы”). На старонках гэтага выдання на працягу 1921-1923 г. ён актыўна выступаў з артыкуламі па беларускай праблематыцы, рэцэнзіямі на выданні Міністэрства беларускіх спраў. Публіцыстычная дзейнасць нашага героя на старонках тыднёвіка „Karys” гэтага перыяду, нягледзячы на тое, што тыя караценькія замалёўкі з натуры мала адпавядаюць сучаснаму разуменню пра высокую журналістыку, заслугоўвае ўвагі, у першую чаргу таму, што тыя нешматслоўныя допісы значна дапаўняюць карціну паўсядзённага жыцця беларусаў у Коўне, пра якое беларускаму чытачу вядома не так і шмат, а таму з’яўляюцца неацэннай крыніцай па гісторыі беларускага рухуў Літве.

У 1920-я г. цэнтрам культур нага жыцця Заходняй Беларусі была Вільня. Хаця Літоўская Рэспубліка знаходзілася ў стане вайны з Польшчай і не падтрымлівала афіцыйных кантактаў з марыянеткавай Сярэдняй Літвой, Ружанцоў спрабаваў супрацоўнічаць з віленскімі выдаўцамі, у першую чаргу з Максімам Гарэцкім. На старонках выдаваных ім „Беларускіх ведамасцяў” (1921-1922) упершыню даволі шырокае кола чытачоў змагло пазнаёміцца з паэтычнай творчасцю Ружанцова. Відавочна, што шэраг перакладных матэрыялаў з літоўскага друку (найперш з тыднёвіка „Karys”) таксама быў зроблены Аляксандрам Ружанцовым. Аднак пасля таго як Максім Гарэцкі ў 1923 г. выехаўу БССР, кантакты Ружанцова з Вільняй, хутчэй за ўсё, абарваліся.

Аляксандр Ружанцоў таксама, відаць, падтрымліваў кантакты з латгальскімі беларусамі. Так, у сваёй рэцэнзіі на зборнік вершаў гуртка маладых беларускіх паэтаў у Латвіі „Першы крок” ён згадвае пра сустрэчу з Канстанцінам Езавітавым: „Бачыў яго [Езавітава] ў 1925 г. барадатага, змарнелага ў Рыжскай турме”[57]. Але апрача гэтага нярадаснага эпізоду намі не выяўлена ніякіх іншых сведчанняў тых кантактаў. Хаця звяртае на сябе ўвагу і той факт, што Езавітаў не толькі актыўна супрацоўнічаў з шэрагам літоўскіх выданняў, але і публікаваўся толькі на старонках тых перыёдыкаў, аўтарам ці супрацоўнікам якіх быў Ружанцоў.

3 артыкуламі на гістарычную тэматыку А. Ружанцоў выступаў у выдаванай Язэпам Варонкам на расійскай мове газеце „Вольная Литва” (1921-1922). Як ваенны гісторык Ружанцоў актыўна ўдзельнічаў у выданні спецыялізаванага перыёдыка „Musų Žininas” (1921-1939). Тут ён апублікаваў цэлы шэраг прац па ваеннай гісторыі Літвы і Беларусі, а таксама рэгулярна рэцэнзаваў новыя кнігі, што выходзілі як у Коўне, так і ў Менску.

У Літве імя Аляксандра Ружанцова ў першую чаргу звязваецца з бібліятэчнай і бібліяграфічнай дзейнасцю. І яго напрацоўкі ў гэтай галіне не зазналі пераацэнкі.

Першай яго працай на кнігазнаўчую тэматыку была бібліяграфія беларускіх кніг, выдадзеных у Літве ў 1919-1922 г. Але ў сувязі з тым, што ў першыя гады жыцця Літоўскай Рэспублікі бібліяграфія беларускіх выданняў была далёка не самай надзённай справай, апублікавалі яе ў часопісе „Knygos”[58] толькі ў 1924 г. Ужо пасля таго, як Аляксандр Ружанцоў назаўсёды замацаваў за сабою месца „бацькі літоўскай бібліяграфіі”, падрыхтаваўшы і выдаўшы першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на літоўскай мове „Lietuvos Karo bibliografija” („Літоўская вайсковая бібліяграфія”)[59], які атрымаў станоўчыя водгукі ў друку.

У гісторыю бібліятэкарскай справы А. Ружанцоў увайшоў як арганізатар і кіраўнік першай спецыялізаванай бібліятэкі ў Літве. У 1921 г. ён узначаліў Цэнтральную вайсковую бібліятэку ў Коўне, дзе выявіў значны талент бібліятэкара. Быў наладжаны абмен кнігамі і часопісамі з многімі вайсковымі бібліятэкамі Еўропы. Яго высілкамі фонд бібліятэкі вырас да 40 000 тамоў спецыяльнай вайсковай літаратуры. Асноўная праца — падрыхтоўка даведачнага апарату. Словазлучэнне „Цэнтральная вайсковая бібліятэка” сёння гучыць вельмі салідна. Уяўленне ўжо малюе вялікія кнігазборы, схаваныя ў прахалодных сховішчах, цэлыя пакоі, застаўленыя шафамі з каталожнымі карткамі.

Хоць Цэнтральная вайсковая бібліятэка лічылася найлепшай у сталічным горадзе Коўна, мела адзін з найбагацейшых кнігазбораў і па колькасці чытачоў саступала толькі бібліятэцы Ковенскага ўніверсітэта, але статыстычныя звесткі, якія падаваліся ў штогадовых справаздачах гэтай установы, мала ўразяць загадчыка першай-лепшай сучаснай раённай бібліятэкі. Напрыклад, у 1928 г. фондамі гэтай установы карысталася ўсяго 314 чытачоў, а ў загадчыка бібліятэкі быў толькі адзін падначалены[60].

На пасадзе загадчыка А. Ружанцоў працаваў да 1940 г., спалучаючы сваю працу з пасадай брандмайстра. Ад 1923 г. мы можам пабачыць яго сярод супрацоўнікаў часопіса „Gaisrininkas” („Пажарнік”), які рэдагаваў вядомы беларускі дзеяч Дамінік Сямашка. Ён выкладаў таксама курс прыкладной бібліяграфіі на бібліяграфічных курсах пры Ковенскім універсітэце[61]. У Літоўскім нацыянальным вайсковым музеі (Karo Muziejus) ён дапамог арганізаваць аддзел беларускіх вайсковых частак і працаваў у гэтым аддзеле.

У Коўне Аляксандр Ружанцоў таксама актыўна далучыўся да адраджэння кніжных знакаў (экслібрысаў). Сам азартны калекцыянер, уладальнік вялікага збору экслібрысаў вайсковых бібліятэк Еўропы[62], ён не толькі стаў ініцыятарам стварэння экслібрысаў для бібліятэкі Галоўнага штаба Літоўскай арміі, якія пазней увайшлі ў залаты фонд кніжнага знака Літвы[63], але і апублікаваў у перыядычным друку шэраг нарысаў па гісторыі кніжнага знака ў Літве, якія не страцілі сваёй навуковай вартасці і сёння[64].

Таксама ўдзельнічаў у працы грамадкай арганізацыі — таварыства „XXVII аматараў кнігі”, якая сваёй мэтай ставіла „культываваць мастацкую кнігу і выхоўваць любоў да яе ў Літве”[65]. Назва гэтай арганізацыі звязана з колькасцю яе сяброў-заснавальнікаў — 27. І хаця Ружанцоў не ўваходзіў у элітнае кола 27 кнігалюбаў, ён актыўна публікаваўся на старонках неперыядычнага альманаха гэтага таварыства[66].

Ад 1928 г. пачаў рэдагаваць выдаваны Вацлавасам Біржышкам часопіс „Bibliografijos žinios” („Бібліяграфічныя весткі”) і гэтую працу працягваў да 1943 г. За 15 гадоў ён склаў і апрацаваў бібліяграфію 13 300 назваў кніг і іншых выданняў. Ён справядліва лічыўся адным з вядучых экспертаў у галіне бібліяграфічных апісанняў і класіфікацыі ў Літве.

Сцверджанне Святланы Сачанкі, што Аляксандр Ружанцоў „займаўся ўкладаннем бібліяграфіі ВКЛ”[67], не адпавядае рэчаіснасці. На бібліяграфічным фронце кола інтарэсаў Ружанцова было куды шырэйшым. Ён падрыхтаваў бібліяграфічныя даведнікі, якія і сёння не страцілі актуальнасці. Таксама ён быў укладальнікам бібліяграфічных паказальнікаў зместу для многіх перыядычных выданняў, якія выходзілі ў Коўне.

Адначасова А. Ружанцоў як аўтар супрацоўнічаў з такімі перыядычнымі выданнямі, што выходзілі ў незалежнай Літве, як „Karo Archivas”, „Kardas”, „Policija”, „Savivaldybė”, „Skautų Aidas”, „Trimitas”, „Lietuva”, „Lietuvos Žinios”.

У творчай спадчыне Аляксандра Ружанцова міжваеннага перыяду заўважае месца займаюць працы па гісторыі Коўна XIX ст. Вывучэнне гэтай тэмы пачалося ў 1927 г., пасля таго як ковенскі бурмістр Ё. Вілейшыс дазволіў даследчыкам карыстацца фондамі гарадскога архіва і змяшчаць у друку гістарычныя матэрыялы. Усяго Ружанцоў апублікаваў больш за 30 артыкулаў у перыядычным друку і 2 кнігі („Коўна у паўстаннях 1831 і 1863-1864 гадоў” і „Пажары ў Коўна 1812 г.”), прысвечаныя гісторыі Коўна. Падрабязней бібліяграфію Ружанцова на тэму гісторыі Коўна XIX ст. раскрывае Рута Павілёнітэ ў працы „Коўна XIX ст. у працах Аляксандра Ружанцова”[68].

Даследуючы архівы Ковенскай мэрыі, Ружанцоў не выкарыстоўваў нейкіх адмысловых метадаў. Частка яго артыкулаў — гэта простая публікацыя гістарычных крыніц на мове арыгіналу, а каментаванне пакідалася чытачу. Сённяшні чытач не знойдзе там шырокіх абагульненняў ці глыбокай рэфлексіі, і ў прынцыпе яны створаны для папулярызацыі гістарычных ведаў. Напісаны яны аскетычным стылем, але багата праілюстраваныя статыстычнымі табліцамі. Ружанцоў не ставіў сабе за мэту выканаць грунтоўную манаграфію пра жыццё Коўна XIX ст. Аб’ектамі яго архіўных пошукаўбылі наступныя тэмы: „Коўнаўчасы вайны 1812 г.”, „Антырасійскія паўстанні 1831 і 1863-1864 г.”, „Гісторыя пажарнай справы” і жыццё ковенскай яўрэйскай грамады.

Гэтыя працы, не вельмі высока ацэненыя сучаснікамі, не страцілі сваёй актуальнасці і сёння, пра што сведчыць факт перавыдання некаторых з іх у нашы дні[69]. Актуальнасць гэтых даследаванняў у першую чаргу звязана з тым, што, нягледзячы на ўяўную простасць, у іх падаецца канкрэтны матэрыял пра рэаліі штодзённага жыцця жыхароў Коўна ў ХІХ ст., якога не было ў пазнейшых, больш грунтоўных гістарыяграфічных працах. Менавіта гэтая фактура з цікавостак і назіранняў, безліч гістарычных дэталяў дазваляюць чытачу стварыць праўдзівую карціну жыцця места ў ХІХ ст.

Пасля таго як Літоўская Рэспубліка атрымала ў падарунак ад Савецкага Саюза Вільню, Аляксандр Ружанцоў разам з сям’ёю ўслед за Галоўным штабам Літоўскага войска, пры бібліятэцы якога ён працаваў, пераехаў у Вільню і пасяліўся па адрасе: вул. Св. Піліпа, 1 (цяпер Šermukšnių).

Але выраз force majer у 1938-1941 г. занадта часта знаходзіў сабе красамоўныя ілюстрацыі на землях Усходняй Еўропы. Пасля таго як у 1940 г. Літва была акупаваная Савецкім Саюзам, літоўскае войска было перафармавана ў 29-ы тэрытарыяльны корпус. Адбыліся і адпаведныя арганізацыйныя змены ў штабе войска, у выніку якіх Аляксандр Ружанцоў быў звольнены ў запас. Сітуацыя для заслужанага і немаладога чалавека была вельмі крытычнай. 20 гадоў службы на карысць літоўскай дзяржавы не прынеслі яму вялікіх фінансавых дывідэндаў. Выпраўляючыся ва ўзросце не такім і паважным на пенсію, ён не меў ані нерухомасці, ані значных ашчаджэнняў. А яшчэ была сям’я…

Хоць для савецкіх жаўнераў і афіцэраў Вільня выглядала горадам заможным і сытым, але гэта толькі ў параўнанні з паўгалоднымі савецкімі гарадамі. У новай сталіцы Літвы панавала беспрацоўе, якое асабліва балюча біла па інтэлігенцыі. У сваім лісце да сябра і калегі Юозаса Рымантаса Алесь Смаленец не лічыў патрэбным хаваць рэальны стан рэчаў: „Становічша маё сумнавасценькае. Ад 1.XI выхожу ў запас <…> Відаць, задоўга працаваў у сваёй установе, праца занадта спецыфічная, дык цяпер і не падыходжу, няма мне падыходзячага месца, дзе мог бы скарыстаць свае веды.

Сёння быў у праф. Вцл. Брж., даведаўся, што тыдзень таму яшчэ былі вольныя два месцы: намесніка загадчыка катэдры ў Вільні і Коўні. Зараз яны занятыя. Чакаць смерці калегаў не годны, і наогул несур’ёзны занятак. Дзе-небудзь у іншым месцы трэба знайсці службу”[70].

Што праўда, гэтым разам нашаму герою пашанцавала. У тыя самыя дні, калі ён у роспачы пісаў пра сваё незайздроснае становішча, у новай літоўскай сталіцы пачала арганізоўвацца Цэнтральная бібліятэка Акадэміі навук Літоўскай ССР, куды яго прынялі на працу і прызначылі загадчыкам бібліяграфічнага аддзела. Але перыяд спакойнай і плённай працы цягнуўся для Ружанцова нядоўга. Не прайшло і году, як улада ў горадзе ў чарговы раз змянілася.

У часы Другой сусветнай вайны, з прыходам нямецкай улады ў Вільню, разам з іншымі „іншародцамі”, што працавалі ў бібліятэцы Акадэміі навук, Ружанцоў быў звольнены са сваёй пасады. Тут мы мусім зноўзрабіць адступленне пра памяць і яе хібы. Калі Ружанцоў у 1944 г. у лісце да Юозаса Рымантаса тлумачыць сваё звальненне канфліктам паміж ім і тагачасным прэзідэнтам Акадэміі навук Літвы[71], то праз два дзясяткі гадоў, вяртаючыся да падзей часоў вайны, у лісце да Бронюса Квінкліса — фактам свайго нелітоўскага паходжання. Якая з названых ім прычын найбліжэйшая да праўды? Але як бы там ні было — наш герой вымушаны быў шукаць сабе іншых крыніц для існавання.

Пад час Другой сусветнай вайны Аляксандр Ружанцоў зарабляў хлеб свой надзённы пажарным інспектарам. У вольны час збіраў і сістэматызаваў бібліяграфічны матэрыял для часопіса „Bibliografijos Žinios”, друкаваў на старонках літоўскіх выданняў зацемкі з жыцця віленскіх беларусаў, а таксама займаўся сваімі прыватнымі праектамі, напрыклад на правах рукапісу выдаваў бібліятэчку „Успамінаў беларускіх афіцэраў Літоўскага войска”. У аддзеле рукапісаў Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца першы сшытак гэтай серыі, датаваны 1944 г.: „Успаміны з жыцця 1 Беларускага поўка ў Горадні (Gardinas) палкоўніка Літоўскага войска Лаўрэнцьева”. Гэтыя мемуары былі апублікаваны ў 1923 г. у часопісе „Musų Žinynas”[72]. Ці працягваў ён гэтую серыю публікацый і якія аўтары мусілі быць апублікаваны ў ёй — невядома.

30 траўня 1943 г. маёр Ружанцоў прачытаў на паседжанні гэтага таварыства рэферат „Беларускія вайсковыя аддзелы ў XVIII-XIX ст.”. Старонкі тагачаснага перыядычнага друку данеслі да нас не толькі вестку пра падзею, але і рэакцыю слухачоў. У віленскай газеце „Беларускі Голас” адзін са слухачоў таго рэферата, схаваны пад псеўданімам Vajenny, пісаў: „Няма ведама, ці які колечы рэфэрат выклікаў такое вялікае захапленне ў слухачоў, як гэты <…> Азіраючыся па будучым гісторыку беларускага войска мусім прызнаць, што можа ім быць толькі спадар май. Ружанцоў. Ня трэба аб гэтым доўга думаць, гэта прыходзе адразу ўдум кажнаму, хто знае спадара Ал. Ружанцова. Ніхто як ён ня любіць гэтае галіны веды і ён да гэтага задання найлепей прыгатаваўся. Дык нацыянальная павіннасць вымагае, каб спад. Ружанцоў гэтую важную справу ўзяўся і будзе вялікім нацыянальным грэхам, калі ён гэтага ня зробіць”[73].

Калі „вялікі нацыяльны грэх” і здарыўся, то прынамсі ён меў шэраг змякчальных абставінаў. Згодна з зацемкай, апублікаванай у тым жа „Беларускім Голасе” ад 30 верасня 1943 г., Аляксандр Ружанцоў на паседжаннях Беларускага навуковага таварыства мусіў прачытаць наступныя паведамленні: „Беларускія вайсковыя аддзелы Літоўскага войска”, „Вайсковыя часопісы ў беларускіх вайсковых аддзелах”, „Беларуская справа ва ўспамінах беларусаў і чужынцаў”. На жаль, „Беларускі Голас” не паведаміў, ці адбыліся запланаваныя чытанні. Але як вынікае з ліста Аляксандра Ружанцова да свайго сябра Юозаса Рымантаса ад 19 лютага 1944 г., чытанні дакладаў праходзілі прынамсі да сярэдзіны лютага таго года: „Беларускае Навуковае Таварыства працуе добра, кожную нядзелю чытаюцца даклады, цікава чытаў праф. Ад. Станкевіч пра літуанізмы ў беларускай мове”[74].

Пра настроі і заняткі А. Ружанцова ў час Другой сусветнай вайны можна даведацца з яго лістоў, што захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі, якія вызначаюцца больш інтымным характарам, чым уся астатняя знойдзеная намі карэспандэнцыя. «Працую пажарным і ў супрацьпаветранай ахове, калі быў бы зноў патрэбны ў бібліятэцы (той самай), пайшоў бы з ахвотай, няма чаго тут хаваць. З маіх лістоў 1941-1944 гадоў напэўна і заўважылі, што жадання парваць са сваёй асноўнай прафесіяй і не парваў бы, калі б не падзеі force major лета 1941 г. <…>

Наогул жыццё бяжыць хутка. Пасля працоўнага дня прыемна дома пачытаць (атрымліваю 17 часопісаў і газет мясцовых і іншых — берлінскія, рыжскія, талінскія, менскія), часам і напісаць у якую газету, часцей за ўсё ў N.[aujoji] Lietuva” альбо берлінскую „Раніцу”. Удалося намовіць „Bieł.[aruski] Hołas” змяшчаць зацемкі з літоўскага культурнага жыцця, а „N.[aujoji] Lietuva” пра беларускае жыццё ўжо піша і яшчэ будзе пісаць, бо Рэдакцыя падзяляе гэтую думку. Дык даводзіцца зноў быць маленькім мастком паміж 2 народамі…»[75].

Аляксандр Ружанцоў, відавочна, разумеў: тое, што ён пазбегнуў арышту ў 1940-1941 г. — гэта толькі шчаслівая выпадковасць. У невялічкай рэцэнзіі на мемуары былога камандзіра Асобнага Беларускага Батальёна палкоўніка А. Успенскага, што друкавала летам 1943 г. літоўскага газета „Ateitis”, ён пералічыў усіх арыштаваных колішніх саслужыўцаў: «Аўтар даўжэйшы час прасядзеў у турме. Яго служба ў бел. нацыянальных аддзелах Літоўскага войска бальшавікамі лічылася „белогвардейской”, успаміналі бальшавікі і прамовы св. п. протоерэя І. Норчынскага і адв. У. Боева, апошні, а таксама інж. К. Дуж-Душэўскі сядзелі ў тэй самай турме. З арыштаваных бальшавікамі ахвіцэраў б. бел. аддзелаў Дубле быў разстраляны НКВД-амі каля Чэрвеня. Арматаў уцёк у Нямеччыну, але яго жонка згінула ў турме»[76]. Спадзявацца на тое, што былога маёра Літоўскага войска другім разам мінуе ліхая доля, было б проста недаравальна наіўна.

Таму наступны лёсавызначальны крок Аляксандра Ружанцова быў цалкам прадказальным. Аднак сям’я Ружанцовых пакінула Вільню і перабралася ў Берлін не раней за сакавік 1944 г. У аб’ёмных і вельмі падрабязных успамінах Стасіса Раштыкіса так падаецца кар’ера Ружанцова ў часы Другой сусветнай вайны: „У часы нямецкай акупацыі ён служыў у нямецкай пажарнай ахвове (Major der Fruerschutzpolicei, Ostland, Litauen). У 1945 г. ён быў пераведзены ў Берлін, у штаб Беларускай краёвай абароны, і 10 студзеня быў павышаны да звання Oberstleutnant. <…> Пра гэта ён мне сам пісаў”[77].

Пасля заканчэння вайны сям’я Ружанцовых знайшла сабе прытулак у лагеры для перамешчаных асобаў (displaced persons, DP) у баварскім мястэчку Мэммінгэн, які знаходзіўся ў амерыканскай зоне акупацыі. У гэтым лагеры Аляксандр Ружанцоўзаняў пасаду начальніка супрацьпажарнай бяспекі, якая дала сродкі (вельмі сціплыя) на працяг бібліяграфічнай працы. Не адкладаючы ў далёкую шуфляду ён здолеў пачаць ажыццяўляць свой даўні праект, рэалізацыя якога ў часы існавання Літоўскай Рэспублікі з-за браку фінансавання не магла адбыцца[78]. Ён арганізаваў„Літоўскую бібліяграфічную службу”, арганізацыю, у задачы якой уваходзілі збор, апрацоўка і распаўсюджванне інфармацыі пра літоўскую выдавецкую дзейнасць у замежжы. Тут ён пачаў выдаваць бібліяграфічны часопіс „Knygų Lentyna” („Кніжная Паліца”), якім рупіўся да самай смерці. За гучнай шыльдай, праўда, не стаяла якой-небудзь сур’ёзнай арганізацыі з вялікім штатам супрацоўнікаў, ды і бюджэт яе быў хутчэй сімвалічны. Як успамінаўяго сябраі паплечнік Бронюс Квінкліс, «праца была непараўнальна цяжэйшая, чым у Літве: часта даводзілася змяняць „працоўнае месца”, з аднаго кута пакоя UNRA ці IRO перабірацца ў іншы, а адтуль „бегчы” на склад у сутарэннях, які быў выдзелены пажарным (Ружанцоў кіраваў камандай пажарных лагера, якая складалася з мужчын розных нацый). Аднак працаваў, не спыняючыся. Было сабрана мноства самых першых выданняў лагераў DP»[79].

У Злучаныя Штаты Амерыкі А. Ружанцоў пераехаў у 1949 г. Праз 10 гадоў ён не без самаіроніі ўзгадваў той дзень: «Раннім ранкам наш параход увайшоў у Нью-йоркскі порт. Першае слова, якое было пачута з берага, было, вядома, „goddamn”, першыя людзі, якіх пабачылі — грузчыкі з цялежкамі. Адразу пажадаў сабе, каб Усявышні дазволіў і мне штурхаць такую цялежку… І давялося яе 8 гадоў запар штурхаць у краме»[80].

Аляксандр Ружанцоў амаль бязвыездна апошнія гады свайго жыцця правёў у мястэчку Дэнвіл, што ў штаце Ілінойс. Атрымаўшы пенсію, тым не менш працягваў працаваць, і натуральна, як і бальшыня эмігрантаў з пасляваеннай Еўропы, працаваў зусім не па спецыяльнасці. Бацька літоўскай бібліяграфіі знайшоў сябе ў Новым Cвеце ў якасці падсобнага рабочага ў супермаркеце. Працягваў выдаваць часопіс „Knygų Lentyna” і рупіцца справамі Літоўскай бібліяграфічнай службы, якую ён сам і ўзначальваў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання гэтак званай бостанскай Літоўскай Энцыклапедыі, якая рыхтавалася сіламі літоўскай эміграцыі. Аднак стасункі паміж калектывам гэтага выдання і Ружанцовым былі даволі напружаныя. Так, у архіве Бронюса Квінкліса захаваўся ліст А. Ружанцова ад 7.10.1954 г. з пазнакай „Службовы, не публікаваць”, адрасаваны адначасова Вітаўту Тумашу, рэдактару „Літоўскай Энцыклапедыі” Чапенасу і Бронюсу Квінклісу, дзе ён фактычна адмаўляецца ад удзелу ў гэтым выданні: «Сп. Квінкліс перадаў мне лістом вашую прапанову пра супрацоўніцтва ў працы над V томам ЛЭ, у якім будуць словы Беларусь, беларусы, беларуская літаратура і г. д.

Ня буду паўтараць шматлікія прычыны, з-за якіх я прыпыніў сваё супрацоўніцтва з ЛЭ, гэта адбылося па прычыне нязгоды з гал. рэдактарам <…> В[а]цл[авам]. Біржыжкам. Для мяне інж. М. Абрамчык з’яўляецца Прэзідэнтам Беларускай Рэспублікі, г. зн. асобай гэтак жа паважанай як і Я.[го] Э.[кселенцыя] Стасіс Лазарайціс[81], прадстаўнік Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі, і шэф дыпламатыі. Таму супрацоўніцтва ў беларускіх справах лічу немагчымым, тым больш, што не маю пад рукою патрэбных кніг, ні адпаведных бібліятэк і не магу вырваццца з гэтага далёкага ад вялікіх бібліятэк закутка, хоць і на кароткі час.

Таму вяртаюся да сваёй старой прапановы: звяртацца да беларусаў напрасткі. Праўда, нашы стасункі ў гэты час можна ахарактарызаваць прымаўкамі абодвух народаў: „Mušk gudą, kaip šunį rudą” [бі беларуса, як рудога сабаку] і „Малая куча, але ж ванюча”. Як бачыце, могуць адказаць і беларусы. З фальклору выкідаць словы не выпадае, таму за народную кемлівасць выбачаюся. Але для навукі і навукоўцаў мае ў першую чаргу рупіць навука, а не палітыка».

Праўда, у працы рэдакцыі ён удзельнічаў адно як кансультант, таму звесткі, якія вандруюць з аднаго беларускага тэксту ў другі, нібыта А. Ружанцоў быў аўтарам шэрагу артыкулаў той энцыклапедыі,—не адпавядаюць рэчаіснасці.

Стасункі паміж беларускімі і літоўскімі эміграцыйнымі коламі ў першыя пасляваенныя гады нельга і блізка назваць сяброўскімі, тым не менш Аляксандр Ружанцоў не выракся сваёй ролі пасярэдніка паміж нашымі народамі. Але ў палітычнай дзейнасці (як літоўскай, так і беларускай) не прымаў удзелу.

Нягледзячы натое, што найбольш прадуктыўныя гадзіны рабочага дня А. Ружанцоў быў вымушаны выдаткоўваць на здабыццё сродкаў на існаванне, наробак на бібліяграфічным фронце ўражвае: апрача ўзгаданай вышэй „кніжнай паліцы”, якая цалкам рабілася яго сіламі, ён склаў аналітычныя пазакальнікі да шэрагу літоўскіх эміграцыйных перыёдыкаў, апрацаваў шэраг зборніка ў тэматычнай бібліяграфіі („Maironiana”, „Lituanica Canadiana”, 1949-1959; „Lituanica Australiana”, 1950-1959). Як бібліёграф ён супрацоўнічаў і з беларускімі выдавецтвамі. Ім быў падрыхтаваны аналітычны паказнік беларускіх выданняў мюнхенскага Інстытута вывучэння СССР. Ён жа апублікаваў паказнікі да часопіса „Веда”, рэдагаванага Янкам Станкевічам, а таксама да выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва („Запісы”, „Конадні”).

У 1958 г. пасля 10 гадоў працы „хлопчыкам” у адным з супермаркетаў Аляксандр Ружанцоў у чарговы раз выйшаў на пенсію і нарэшце змог цалкам аддацца любімай працы.

Нягледзячы на тое, што бібліяграфія літоўскай эміграцыі зрабілася для Аляксандра Ружанцова ці не асноўным клопатам, нельга сказаць, што ў апошнія гады свайго жыцця ён перастаў цікавіцца беларускімі справамі і ўдзельнічаць у іх. У першую чаргу гэта рэдагаванне беларускіх артыкулаў першых тамоў найгрунтоўнейшага выдання „Lietuvių enciklopedija”[82]. Сваімі сіламі і на свае сродкі рыхтаваў і рассылаў інфармацыйны бюлетэнь „Iš gudų (baltarusių) kultūrinio gyvenymo. Trumpos žinutės laisvojo pasaulio lietuvių spaudai” („З культурнага жыцця беларусаў. Кароткія паведамленні для літоўскага друку ў Вольным Свеце”).

Ужо пасля вайны Ружанцоў пачаў перакладаць на літоўскую мову творы беларускіх пісьменнікаў. Аднак гэтая праца, відавочна, не насіла рэгулярнага характару. Як з прычыны недахопу часу, так і таму, што ступень зацікаўленасці літоўскага чытача здабыткамі беларускай літаратуры ніколі не была асабліва высокай. Ім была перакладзена адна з легендаў Вацлава Ластоўскага „Бяздоннае багацце” і „Францішак Скарына” Юркі Віцьбіча. У неперыядычным выданні „Iš gudų kultūrinio gyvenimo” (1963, № 3), адзіным аўтарам (а таксама і выдаўцом) якога быў Ружанцоў, апублікаваны пераклад верша Янкі Купалы „А хто там ідзе…. На вялікі жаль, нам пакуль вядомы толькі гэты нумар бюлетэня, прысвечаны 45-годдзю абвяшчэння БНР. Цалкам магчыма, што ў папярэдніх нумарах гэтага выдання А. Ружанцоў таксама змяшчаў свае пераклады з беларускай літаратуры. Але гэта толькі адна з нашых версій.

Памёр Аляксандр Ружанцоў 23 ліпеня 1966 г. у адной з бальніц Дэнвіла.

Такія вось атрымаліся накіды да біяграфіі беларускага афіцэра, паэта і бібліёграфа Аляксандра Ружанцова. Яе рысы даволі тыповыя для жыццяпісу гуманітарыяў, што асноўным вектарам сваёй дзейнасці абіралі ўзвядзенне мастоў паміж народамі. Праца, якую суправаджае недавер, неразуменне з лёгкім адценнем рэўнасці з абодвух бакоў, памножанае на нежаданне паглядзець на сябе і свой плён збоку, чужымі вачыма.

Падводзячы вынікі сваіх росшукаў, мушу адзначыць тыя пункты, якія па шэрагу прычын пакінуў без увагі або проста не змог асвятліць.

а) У першую чаргу мушу адзначыць, што мне так і не ўдалося выявіць месцазнаходжанне асабістага архіва Аляксандра Ружанцова, дзе маглі б захавацца як невядомыя сёння дакументы па гісторыі беларуска-літоўскіх культурніцкіх кантактаў, так і, магчыма, невядомыя паэтычныя творы. Адным з верагодных яго месцаў трэба разглядаць чыкагскі Музей літоўскай культуры Стасіса Бальзякаса (Balzekas Museum of Lithuanian Culture), бо менавіта ў гэтую арганізацыю былі перададзены на захоўванне бібліяграфічныя зборы Ружанцова. Шэраг дакументаў, якія датычаць нашага героя, захоўваюцца ў Lithuanian World Archivies, але пазнаёміцца з гэтымі зборамі ў мяне няма ніякай магчымасці, прынамсі на сённяшні дзень.

б) На вялікі жаль, я не здолеў пазнаёміцца са зборамі Вайсковага музея ў Коўне (Karo muziejus). У гэтай арганізацыіпавінна захоўвацца нямала матэрыялаў, звязаных з гісторыяй беларускіх вайсковых адзінак у Літоўскай Рэспубліцы.

в) Верагодна, нямала інфармацыі можна знайсці ў архівах устаноў і арганізацый, з якімі супрацоўнічаў А. Ружанцоў уміжваенны перыяд.

Гэта ўсё падказкі будучым даследчыкам беларуска-літоўскіх і літоўска-беларускіх культурных кантактаў першай паловы XX ст. Вядома, калі такія людзі з’явяцца і ў іх будуць матывы працягваць росшукі па любой з закранутых праблем.


[1] Відаць, усё ж самым паспяховым беларусам у міжваеннай Літве быў Клаўдзій Дуж-Душэўскі (1891-1959). Паводле яго праектаў у 30-я г.мінулага стагоддзя былі ўзведзены паштовыя будынкі ў Шаўлях, Зарасай, Нідзе, Расейнах, радыёстанцыі ў Клайпедзе і Коўне, шэраг прамысловых аб’ектаў, а таксама мноства індывідуальных дамоў у Коўне і іншых гарадах Літвы. Дарэчы, выглядае сімптаматычным тое, што багатая творчая спадчына архітэктара Дуж-Душэўскага сёння практычна невядомая ў Беларусі.
[2] Mažoji Lietuviškoji Tarybinė Enciklopedija. T. III. Vilnius, 1971, p. 141.
[3] Vladimirovas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra 8.1980. Р. 27-35.
[4] Лапінскене А., Мальдзіс А. Перазовы сяброўскіх галасоў. Мінск, 1988.245 с.
[5] Lapinskienė A., Maldzis A. Lietuvių-baltarusių literatūriniai ryšiai. Vilnius,1989. Р. 285.
[6] Тамсама. Р. 96.
[7] Тамсама. Р. 88-89.
[8] Тамсама. Р. 95.
[9] Гл. напрыклад: А. См-ц. «„Хрэст на Свабоду” Цёткі па-літоўску» // Крывіч. 1923. № 5. С. 55, ці надрукаванае ў тым жа нумары паведамленне „Беларуская адозва па-літоўску”.
[10] Калі і існаваў усесаюзны спіс табуяваных імёнаў, то ў залежнасці ад шматлікіх абставінаў ён мог у розных савецкіх рэспубліках адрознівацца. Напрыклад, у ЛССР стараліся не ўзгадваць у станоўчым кантэксце імя патрыярха літоўскай сацыял-дэмакратыі Сцяпонаса Кайрыса (1879-1964) з-за ягонай выразнай антысавецкай пазіцыі. Але ў БССР ён не трапляў пад табу па той прычыне, што ягонай першай жонкай была класік беларускай літаратуры Алаіза Пашкевіч.
[11] Liudas Dovydėnas (1906-2000) — літаратар, палітычны дзеяч. Актыўна супрацоўнічаў з савецкай уладай. Намеснік старшыні Народнага Сойму, намеснік старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета ЛССР(1940-1941). У1944 г. выехаў на Захад.
[12] Vincas Krėvė-Mickevičius (1882-1954) — класік літоўскай літаратуры, палітычны дзеяч. Займаў пасаду міністра замежных спраў у марыянеткавым прасавецкім урадзе, потым некаторы час прэм’ер-міністр. Старшыня Акадэміі навук Літоўскай ССР. У1944 г. выехаў на Захад.
[13] Mykolas Biržiška (1882-1962) — літаратуразнаўца, грамадскі і палітычны дзеяч. Сігнатар акта аб незалежнасці Літвы. Удзельнікбеларускай акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. У 1939-44 г. — рэктар Віленскага ўніверсітэта. Ад 1944 г. — у эміграцыі.
[14] Vaclovas Biržiška (1884-1956) — культуролаг, бібліёграф, палітычны дзеяч.
[15] Noreikienė S. Lietuvių draugija TSRS tautų kultūrai pažinti. Vilnius, 1978.Р. 19.
[16] „І сталі попелам душы пажары…” Тутэйшыя. Мінск, 1989. С. 202-206.
[17] Бяляцкі А. Аляксандр Ружанцоў — Алесь Смаленец // Шляхам гадоў.1993. С. 43-47.
[18] Спадчына. 1993. № 4. С. 3-32.
[19] Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. Т. 5. Мінск, 1995. С. 168-169.
[20] Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. Мінск,1983. С. 112.
[21] Тумаш В. Аляксандра Ружанец-Ружанцоў. Да 60-годдзя жыцця // Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. 1954. № 1 (5). Vol. III.С. 41-43.
[22] Смаленец А. Да стацці В-ста „Аб паленні кніг на Беларусі” // Крывіч.1924. № 2 (8). С. 32.
[23] Цэнтральны дзяржаўны архіў Літоўскай Рэспублікі. Ф.1091 в. 1, спр. 3,арк. 16
[24] Vladimirovas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra 8.1980. С. 27.
[25] Цяпер мястэчка Jieznas (Езнас) Прэнскага раёна.
[26] Vladimirovas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra 8.1980. С. 27.
[27] М. Б-ка. 1 марта 1921 г. //Литва. 1.03.1921.
[28] Калі прыклад з братамі Іваноўскімі здаецца надта знаёмым, гл., напрыклад, біяграфію ўраджэнца беларускага мястэчка Чарэя Оскара Мілаша (1877-1939) — французкага паэта і драматурга, літоўскага дыпламата etc.
[29] Верагодна, маецца на ўвазе вёска Biržininkai, якая цяпер уваходзіць усклад Клайпедскага раёна.
[30] Мястэчка Obeliai. Знаходзіцца на паўночным усходзе Літвы непадалёк ад мяжы з Латвіяй.
[31] Чыгуначная станцыя на тэрыторыі сучаснай Латвіі.
[32] Šilėnai — вёска і чыгуначная станцыя ў Шаўляйскім раёне.
[33] Juostaviečiai — вёска ў Біржайскім раёне Літвы на памежжы з Латвіяй.
[34] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 4, спр. 6707-628, с. 23.
[35] Jeznas S. 1919 m. Vasario 9-11 d. Iš raudonojo kamanderiaus žygių užrašų// Karys. 19.02.1922-30.03.1922.
[36] Jeznas S. // Karys. 23.03.1922.
[37] Lietuvos Kariuomenės Karininkai. T. 1. Vilnius, 2001. Р. 149.
[38] Ружанцоў А. Беларускія войскі ў Літве 1918-1920 // Спадчына. 1993.№ 4. С. 24.
[39] Денене Л. Александр Ружанцов в литовской культуре // Вильнюс.1996. № 2. С. 122.
[40] Стасіс Раштыкіс (Stasys Raštikis) — 1896-1985 літоўскі грамадскі і ваенны дзеяч, міністр абароны Літоўскай Рэспублікі.
[41] Raštikis S. Įvykiai ir žmonės. T. 3. Čikaga, 1972. Р. 169.
[42] Lietuvos Valstybės Centrinis Archyvas. Ф. 1367, воп. 9, спр. 19, с. 467.
[43] Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. Ф. 21, спр. 828.
[44] Lietuviška enciklopedija. T. IV. Kaunas, 1936. Р. 63.
[45] Smaleniec А. Gudų knygos ir laikraščiai Lietuvos nepriklausomoj dalyjeišėję 1919-1921 // Knygos. 1922. № 1. С. 93-96.
[46] Шупа С. Водар аўтэнтыкі // Спадчына. 1993. № 4. С. 35.
[47] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-4, спр. 6707-628, арк. 67.
[48] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-7, спр. 6750-1932, арк. 2.
[49] Smaleniec А. Gudų knygos ir laikraščiai Lietuvos nepriklausomoj dalyjeišėję 1919-1921 // Knygos. 1922. № 1. С. 93-96.
[50] A. K-tis. „Karys” gudams // Karys. 22.05.1929.
[51] Тумаш В. Аляксандра Ружанец-Ружанцоў. Да 60-годдзя жыцця // Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. 1954. № 1 (5). Vol.III. С. 42.
[52] Vitkauskas А. Bibliografas Aleksandras Ružancovas // Karys. 1979. Р. 288.
[53] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-7, спр. 6750-1932, арк. 6.
[54] У варыянце, дасланым Чыжунасу: „Jaki ūžo hod Boh nia daje ziamli…” / Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-7, спр. 6750-1932, арк. 6.
[55] Ružan. Ганс-Хрыстыян Андэрсен // Karys. 1923.1-7 жніўня.
[56] Тумаш В. Аляксандра Ружанец-Ружанцоў. Да 60-годдзя жыцця // Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. 1954. № 1 (5). Vol. III. С. 41-43.
[57] Смаленец А. Першы крок // Покліч. 1.10.1926. С. 31.
[58] Smaleniec А. Gudų knygos ir laikraščiai Lietuvos nepriklausomoj dalyje 1919-1921 // Knygos. 1924. № 1. С. 94-95.
[59] Ružancovas А. Lietuvos karo bibliografija, 1917-1922. Kaunas. 1923.89 p.
[60] Ružancovas А. Centrinė kariuomenės biblioteka 1928 metais // Musų Žinynas. 1929. № 49. Р. 51-256.
[61] Raguotienė G. Knygotyros dėstymas Lietuvos Valstybės universitetuose ir Vaclovo Biržiškos vaidmuo // Knygotyra. 2000. № 36. Р. 31.
[62] Аддзел рукапісаў Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі. Ф. 15, спр. 317, арк. 1.
[63] Lietuvos Kariuomenės bibliotekos ir ekslibrisai. Vilnius-Pakruojus, 1991.Р. 4-5.
[64] Kisarauskas V. Lietuvių ekslibrisas. Vilnius, 1991. Р. 241.
[65] XXVII Knygos Mėgėjų Leidiniai. Kaunas, 1938.
[66] XXVII Knygos Mėgėjų Metraštis. Т. 1-2. Kaunas, 1933-1937.
[67] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мінск, 2001. С. 129.
[68] Kaunas XIX-ame amžiuje A. Ružancovo darbuose / Kauno Istorijos Metraštis. Т. 1. Kaunas, 1998. Р. 256-257.
[69] Ružancovas А. Kaunas 1831 ir 1863-1864 metų sukilimuose / Kauno Istorijos Metraštis. Т. 3. Kaunas, 2002. Р. 301-330.
[70] ЛНБ. Ф. 47, спр. 2112, арк. 3.
[71] ЛНБ. Ф. 47, спр. 2112, арк. 5.
[72] Musų Žinynas. Т. V. (1923) № 15. Р. 485-486.
[73] Bielaruski Hołas. 02.07.1943.
[74] ЛНБ. Ф. 47, спр. 2112, арк. 11.
[75] Тамсама.
[76] Bieіaruski Нołas. 06.08.1943.
[77] Raštikis S. Įvykai ir žmonės. T. III. Čikaga, 1972. С. 169.
[78] Vladimirovas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra 8.1980. С. 32.
[79] Kviklys B. Bibliografui A. Ružaniec-Ružancovui 70 metų // Knygų Lentyna.1963. № 2 (131). С. 35-36.
[80] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-4, спр. 6704-525, с. 17.
[81] Стасіс Лазарайціс (Stasys Lozoraitis) (1898-1983) — літоўскі грамадскі і палітычны дзеяч, дыпламат. У 1934-1938 г. — міністр замежных спраў Літоўскай Рэспублікі. Ад 1940 г. — шэф літоўскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, якія засталіся ў замежжы.
[82] Lietuvių enciklopedija. T. 1-37. Boston, 1953-1963.

Наверх

Around California in 1891 / [by Nicholas Russel; trans. by Sara Fenander; ed. by] Terence Emmons. Stanford, 1991 (Алесь Сімакоў)

19 жніўня, 2009 |


Around California in 1891 / [by NICHOLAS RUSSEL; trans. by SARA FENANDER; ed. and with an introd. and a biographical sketch by] TERENCE EMMONS. Stanford: Stanford Alumni Association, 1991. xix, [3], 179, [7], ill. (The Portable Stanford Book Series)
У 2021 г. спаўняецца 130 гадоў падарожжу легендарнага доктара Руселя на вакацыі ў горы Сьера-Невада і 30 гадоў – публікацыі перакладу “справаздачы” з таго падарожжа, якая ўбачыла свет з ініцыятывы стэнфардскага гісторыка-русіста Тэранса Эманса. У адрозненне ад другой кнігі Эманса з “Руселеўскага блока” [1], “Па Каліфорніі” за гэтыя дзесяцігоддзі не звярнула на сябе ўвагу ў Беларусі і вядомая шырокаму чытачу толькі па рэдкіх згадках у публікацыях пра Руселя. Дзякуючы перапісцы з Эмансам мы маем магчымасць параўнаць пераклад, зроблены Сарай Фенандэр, з арыгіналам. Цытаваць гэты твор, які можа прэтэндаваць на статус літаратурнага помніка, мы будзем па ўласным перакладзе на беларускую мову з рускамоўнага рукапісу, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі [2].
Перад публікацыяй тэксту “Па Каліфорніі” [3] (гэта частка I, с. 1–120) чытач знойдзе прадмову шэфа гісторыкаў у Стэнфардзе Дэвіда М. Кенэдзі (XI–XII) і ўводзіны Эманса (XV–XIX). У частцы II (123–165) змешчаны нарыс Эманса пра Руселя (Cудзілоўскага) з асаблівым акцэнтам на яго канфлікт з епіскапам Уладзімірам. У публікацыі да нумароў раздзелаў дададзены загалоўкі, якія могуць служыць ключавымі словамі да руселевага тэксту: 1. Roughing It; 2. San Francisco and Environs; 3. On Railroads and the Road to Sacramento; 4. Sacramento, the Chinese, and Opium; 5. Placerville, “Express”, and Coal Kings; 6. A Wrong Turn Leads to Mosquitos, California; 7. In Hill Farm Country; 8. A Country Dance; 9. In the Scarred Forest Primeval; 10. Cranks, Princes, and Land-grabbers. Няскончаны 11-ы раздзел, які мы назвалі “Паляванне на вавёрак па дарозе да возера Таха”, не ўвайшоў у кнігу: Эманс не знайшоў там дастаткова важных назіранняў, якія б апраўдалі яго публікацыю. 10-ы раздзел – найбольш душэўны, напісаны з клопатам пра людзей, будучыню краіны – ставіў выразную “кропку” апошняй пафаснай высновай доктара: “А потым высахнуць ручаі і краіна ператварыцца ў мёртвую, пазбаўленую жыцця пустыню, падобную да той, якая распасціраецца цяпер паміж Сьера-Невадай і Скалістымі гарамі. Амерыканскія індывідуалістычныя парадкі менш чым якія-небудзь іншыя здольныя паставіць сур’ёзную перашкоду такому ходу справы. Апамятаюцца амерыканцы толькі тады, калі ўжо будзе позна” (арк. 72адв.).
У канцы траўня 1891 г., калі Русель выехаў з Сан-Францыска, разам са сваім сябрам, ураджэнцам Валагодскай губерні Карлам Сіверсам, доктар ужо меў вопыт падарожжаў, у прыватнасці, па паўднёвай Каліфорніі цягніком і па заходнім беразе заліва ў экіпажы. Ён апісвае прычыны, характар і формы распаўсюджання вакацыйнага турызму, знаёміць патэнцыйнага расійскага чытача з ландшафтамі, флорай і фаўнай, з транспартам, архітэктурай, заняткамі, звычкамі жыхароў гарадоў, мястэчак і ферм – гэта сапраўдная энцыклапедыя Каліфорніі. Падарожнікі праехалі праз Сакрамента, потым наведалі Плэйсервіль у графстве Эль- Дарада. Русель падрабязна апісаў месцы, якія ахапіла залатая ліхаманка. Ён паглыбіўся ў тэхніку і наступствы для прыроды здабычы золата. Расказаў і пра метыса Джэка, сына “амерыканца і індыянкі”, зямля якога перайшла да тых, хто дапамагаў яму купляць алкаголь. Русель і Сіверс спыняліся ў гатэлі, у фермераў і жылі проста ў лесе – усяго “ў лесе”, паводле доктара, каля шасці тыдняў, – пасля чаго вырашылі наведаць славутае возера Таха, але ў пачатку іх дарогі туды апісанне абрываецца. Сан-францыскія акалічнасці не дазволілі доктару сканцэнтравацца на заканчэнні травелогу.
“Каліфорнскія” рэаліі і тыпы “каліфорнцаў” Русель апісвае дасціпна і нярэдка з параўнаннем, у якім прысутнічаюць словы “наша”, “у нас”. Можна падумаць, што Русель пры гэтым часцей мае на ўвазе Беларусь, а не землі на поўнач і поўдзень ад яе, а таксама Паволжа, якія ён ведаў. Прама на Беларусь спасылаецца толькі адзін раз – калі параўноўвае ўяўную плэйсервільскую “акадэмію” са “Шмаргонскай” акадэміяй у “нашым Заходнім краі” (арк. 40адв.). Бачачы канцэнтрацыю “прамысловых і гандлёвых аперацый” у Сан-Францыска і Сакрамента ў руках яўрэяў, ён успамінае пра “польскія” губерні або “заходнія” гарады: “Сан-Францыска ў вялікія яўрэйскія святочныя дні зусім нагадвае нашы заходнія населеныя яўрэямі гарады” (арк. 29адв.).
Вось узоры стылю Руселя, калі ён апісвае, напрыклад, вясковую вечарынку: “Музыка была жорсткая, немагчымая. Паміж дзвюма скрыпкамі і флейтай згоды было мала, яны пішчалі і вішчалі неміласэрна, прычым першы скрыпач грамавым голасам з вышыні сваёй імправізаванай кафедры камандаваў танцамі, быццам бы перад ім разгортвалася цэлая дывізія. Мне міжволі ўспомніліся нашы вясковыя музыканты. Пры ўсёй іх недасканаласці гэта ж артысты ў параўнанні з гэтымі. Увогуле, уражанне даволі дзікае. Ваенныя танцы індыйцаў пэўна выклікаюць падобнае ўражанне. Ні гукі, ні твары неяк не ладзяць з кадрыльнымі фігурамі і культурнымі строямі. Вогнішча і індыйская ваенная песня бадай была б хутчэй да месца. У нас у такіх выпадках лапочуць, гамоняць, жэстыкулююць, рагочуць. Тут усё зусім неяк маўчком з панурай сур’ёзнасцю, быццам робіцца сур’ёзная справа” (арк. 57адв.–58).
Характарызуе тыпы мясцовых жыхароў: “Большасць крэнкаў, вядома, змагаецца ў шэрагах шматлікіх прагрэсіўных партый, падобных да нацыяналістаў – паслядоўнікаў Беламі, прыхільнікаў Single taxe movement, заснаванага Генры-Жоржам, хрысціянскіх сацыялістаў і іншых сацыялістычных фракцый, партыі ўстрымання ад спіртных напояў і інш. Але многім падобная барацьба або не пад сілу, або не да густу. Не знаходзячы задавальнення сярод людзей, яны збягаюць у горы і лясы і вядуць там жыццё анархістаў. У большасці выпадкаў яны халасцякі або ўдаўцы. Да іх далучаюцца іншыя халасцякі, якім чамусьці проста не пашчасціла ў жыцці, не ўдалося звіць свайго гнязда па-людску і якія махнулі на ўсё рукой.
Як я ўжо сказаў, большасць фермерскага насельніцтва горных акруг Захаду складаецца з такіх халасцякоў- анархістаў. Прыкладаў шукаць недалёка. У паўмілі ад нас ёсць дзве асобныя фермы, з якіх адна належыць містару Куку, іншая містару Маркелу.
Mr. Cook маленькі, худзенькі чалавек, пра якіх у нас гавораць: у чым толькі яго душа трымаецца. Яму 60 гадоў ад роду, і сівізна серабрыць не толькі яго галаву, але моцна прабіваецца і ў маленькай, рэдзенькай бародцы пясчанага колеру. Шмат разоў мы яго наведвалі і заўсёды знаходзілі за працай, апранутым у моцна пацёртую рабочую вопратку, г. зн. шарсцяную фланелевую кашулю, палатняныя штаны і куртку, якія яшчэ мелі сляды ранейшага сіняга колеру. Варта ўвагі, што рабочыя ўсяго свету любяць гэты сіні колер”. Русель сцвярджае, што гэта тычыцца і “нашых велікарускіх сялян” (арк. 68адв.–69).
Погляды, выказаныя Руселем, – гэта, відавочна, сумесь народніцтва з анарха-камунізмам, якая пазней наблізіла яго да партыі эсэраў, але найперш “інтэрнацыяналізм-гуманізм без межаў” і прагматызм, з павагай да людзей працы. Не супадаючы па духу з паліткарэктнасцю таго і нашага часу, доктар часта ўжывае саркастычна-іранічны метад у спробе “лячэння” чалавецтва [4]. Ад пачатку да канца сваіх падарожных нататак Русель дэманструе ўстойлівую крытычнасць, але і любоў у адносінах да “сваёй” Каліфорніі. Нават калі Русель перабольшваў самаразбуральніцкі імпэт амерыканцаў, рабіў занадта песімістычныя прагнозы і выглядае празмерным “сацыялістам”, сёння яго погляды, імператыў сумлення і энцыклапедызм ведаў не могуць не выклікаць цікаўнасці і сімпатыі.
Мы рыхтуем да друку пераклад “Па Каліфорніі” на беларускую мову, але спачатку плануецца выдаць асобныя раздзелы твора [5]. У адным томе з гэтым апісаннем падарожжа варта надрукаваць і другі, больш вядомы (праўда, толькі з назвы) твор яго каліфарнійскага перыяду – “Жыціе праасвяшчэннага Уладзіміра, былога епіскапа Алеуцкага і Аляскінскага, цяпер вікарнага епіскапа Варонежскага”. Медыцынскія артыкулы Руселя, публіцыстыка ў газеце “Прогресс” і яго неапублікаваныя рукапісы [6] чакаюць большай увагі даследчыкаў. Гісторыя беларусаў у Заходнім паўшар’і XIX ст. – гэта сапраўднае эльдарада для гісторыкаў.
Некаторыя важныя аспекты жыцця, прафесійнай і грамадскай дзейнасці Руселя ўжо закраналіся ў шэрагу нашых публікацый. Пачаўшы даследаванне тэмы беларусаў на Алясцы і ў Каліфорніі, мы пералічылі некаторых асоб, якія першымі з выхадцаў з Беларусі з’яўляліся на гэтых тэрыторыях [7]. Мы прысвяцілі Руселю толькі адзін асобны артыкул [8], але часта згадвалі яго як адну з ключавых фігур ва ўзаемаадносінах, калі дадалі да сваіх прыярытэтаў ураджэнца Гомельшчыны клірыка Мікалая Грынкевіча [9], а потым сем’і Мартышаў [10] і аляскінскіх Саўчанкаў [11], у адпаведных артыкулах. Русель, вядомы як абаронца вучняў царкоўнай школы ў Сан-Францыска (сярод якіх Васіль, Мікалай і Раман Мартышы, тлінкіт або крэол тлінкіцкага і, не выключана, беларускага паходжання Мікалай Саўчанка) і іншых пацярпелых ад злоўжыванняў і дэспатычнага кіравання, безумоўна прысутнічае і ў артыкулах пра членаў праваслаўнай абшчыны горада [12]. Нашы неапублікаваныя матэрыялы займаюць значную частку ў “Руселеўскім блоку” вялікай калекцыі па амерыканістыцы і іншым краіназнаўстве (Бібліятэка і архіў Беларуска-індзейскага таварыства), якую мы спадзяемся перадаць у дзяржаўныя і іншыя арганізацыі – для падтрымкі больш інтэнсіўнага вывучэння гісторыі сувязяў Беларусі з Заходнім паўшар’ем.

Гомель

Алесь Сімакоў


[1] Emmons T. Alleged sex and threatened violence: Doctor Russel, Bishop Vladimir, and the Russians in San Francisco, 1887–1892. Stanford, CA, 1997.
[2] Государственный архив Российской Федерации (ГАРФ). Ф. 5825. Оп. 1. Д. 16. Крыніцы, выкарыстаныя пры нашым перакладзе, – ксеракопія рукапісу, машынапіс і лічбавая ко-пія на CD-R расшыфроўкі яго Джэхан Гэйт, аспіранткай прафесара Эманса. Яны былі дасланыя нам Эмансам, як і кнігі, якія складаюць яго “дылогію” пра “рускіх” Сан-Францыска і “рускі” погляд на Каліфорнію.
[3] Загаловак “Па Каліфорніі” з’явіўся ў пачатку рукапісу замест закрэсленага – “Два месяцы ў Сьера-Невадзе”. У адзінцы захоўвання (справе) 71 з 75 аркушаў – на бланкавай паперы: “N. Russel, M. D. / Physician and Surgeon, / Eye, Ear and Throat Diseases, / 1529 CALIFORNIA ST. (Telephone 2416) / SAN FRANCISCO” – да арк. 13, з арк. 18 – каардынаты ўжо іншыя: “Office: Phelan Building, Rooms 114–116” і 5161). На арк. 75 Русель пазначыў некаторыя сюжэты для распрацоўкі: “Дождь ночью в землянке. Soapweed Creek? Mining”.
[4] Русель іранізаваў, што амерыканцам – абаронцам жывёл варта было б больш рабіць для зручнасці людзей, а не жывёл: “экіпажы іх надзвычай добра прыстасаваны для зручнасці коней. Гэта, вядома, вельмі пахвальна, і ўсё, чаго застаецца жадаць, каб і людзі не былі забыты” (раздзел 11 “Па Каліфорніі”, арк. 73).
[5] Няскончаны 11-ы раздзел, вядомы толькі ў рукапісе, рыхтуецца да друку першым – у альманаху, які выйдзе ў 2021 г. З 2005 г. Эманс чакаў ад нас, што мы зможам апублікаваць тэкст “Па Каліфорніі” ў арыгінале, але мы прапануем патэнцыяльным публікатарам спачатку беларускі пераклад.
[6] Спрабуючы ідэалагічна абгрунтаваць сваю крытыку архірэя, Русель стварыў вялізны, каля 900, паводле гісторыка М. Іоські (Иосько М. И. Николай Судзиловский-Руссель: жизнь, революционная деятельность и мировоззрение. Минск, 1976. С. 152), старонак, рукапіс на англійскай і рускай мове па гісторыі РПЦ і яе прысутнасці за акіянам (“The Levitical Caste in Russia”): ГАРФ. Ф. 5825. Оп. 1. Д. 14. Гэтую працу варта вывучыць на прадмет магчымай публікацыі ў выглядзе кнігі (вядома, што 47-старонкавая публікацыя “Жыція…” стала вынікам скарачэння значна больш аб’ёмнага рукапісу, які Русель у 1890–1891 г. хацеў убачыць надрукаваным па-англійску спачатку на Усходзе ЗША, а потым у Лондане: Emmons T. Op. cit. P. 209–210).
[7] Сімакоў А. Беларусы ў Рускай Амерыцы // Краязнаўчая газета. 2005. № 3 (студз.). С. 7; Сімакоў А. “Бадзяўся сярод індэйцаў…”, або “Лятарнік”, прачытаны па-беларуску // Беларус. 2005. № 507 (крас.). С. 6, 8.
[8] Сімакоў А. Доктар Русель і індзеец Джэк: нарыс “Па Каліфорніі” Мікалая Судзілоўскага-Руселя актуальны і сёння // Краязнаўчая газета. 2005. № 22 (чэрв.). С. 4.
[9] Сімакоў А. У імкненні служыць Алясцы: незвычайны лёс “настаўніка індзейцаў” Мікалая Грынкевіча // Дзеяслоў. 2010. № 5. С. 288–294; Сімакоў А. Матэрыялы да “Грынкевічаўскай энцыклапедыі” // Потапов А. Ф. Истоки. Становление православия и других религиозных общин на Рогачевщине – 4. Минск, 2014. С. 157–168; і інш.
[10] Симаков А. Антиподы: два выезда за океан Василия Мартыша // Cerkiewny Wiestnik. 2016. № 2. S. 47–55. Гл. пра св. Васіля Мартыша ў кнізе яго цесна звязанай з Беларуссю праўнучкі: Mazurek K. Życie i działalność księdza Bazylego Martysza: droga do świętości. Warszawa, 2018.
[11] Сімакоў А. В. Лісты Дзям’яна Саўчанкі як крыніца па гісторыі царкоўнай школы ў Сан-Францыска // II Чтения памяти протоиерея Иоанна Григоровича (1792–1852): историка, археографа, археолога. Минск, 2019. С. 154–163; Симаков А. В. Савченко на Аляске и в Сан-Франциско: белорус, креолы, тлинкиты // Славянский альманах. 2019. № 3-4. С. 107–133; Simakoŭ A. Savchenko in Alaska and San Francisco: A Belarusian, Creoles, Tlingit // Journal of the West. 2020. V. 59. № 4 (Fall). P. 53–69; і інш.
[12] Сімакоў А. Холмская група: крыніца аптымізму // Cerkiewny Wiestnik. 2017. № 2. S. 45–62; Сімакоў А. Царкоўная школа ў Сан-Францыска (1888–1892) у асобах // Cerkiewny Wiestnik. 2018. № 4. S. 46–63; Симаков А. Американская трагедия монаха с Афона: игумен Георгий (Чудновский) в Сан-Франциско и на Аляске // Cerkiewny Wiestnik. 2020. № 3. S. 29–42.

Наверх

Алена Андросік. Айцец Леў Гарошка MIC (да 110-й гадавіны нараджэння)

18 жніўня, 2009 |

Святар-уніят, усім сэрцам адданы Богу і Беларусі. Грамадскі дзяяч, які рабіў шмат, каб беларусы на Захадзе былі прызнаваныя незалежнай нацыяй. Асветнік і дабрачынца, які не шкадаваў ні сіл, ні здароўя, каб несці духоўную і матэрыяльную дапамогу сваім суайчыннікам як на радзіме, так і за мяжой… Асоба айца Льва Гарошкі паўстагоддзя назад была вядомая ўсёй беларускай эміграцыі. Сёння ж, калі надыходзіць 110-я гадавіна яго нараджэння, толькі пэўныя вузкія колы ведаюць гэтае прозвішча. Большасць прысвечаных яму артыкулаў не мае больш чым некалькі старонак і падае толькі асноўныя звесткі пра жыццё і дзейнасць гэтага выбітнага чалавека [1]. Адзіны тэкст, які дазваляе лепш спазнаць і зразумець Гарошку, – яго аўтабіяграфія “Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930–1944”. Іх фрагменты часам з’яўляліся ў друку, да іх таксама звяртаўся а. Чэслаў Сіповіч, калі пісаў ці казаў пра а. Льва. Урэшце ў 2016 г. у “Запісах БІНіМ” была апублікавана найбольш поўная на дадзены момант і ўпарадкаваная версія ў рэдакцыі Аляксандра Пашкевіча [2]. Гэты тэкст падрабязна апісвае жыццё Гарошкі да часу эміграцыі, з наступных падзей падаюцца толькі пабежныя звесткі. Чытаць далей →

Наталля Гардзіенка. Плагіят і прафанацыя гісторыі беларускай дыяспары

17 снежня, 2007 |


Беларуская дыяспара: нарысы гісторыі і сучаснага стану / М.М. Бацян [і інш.]. Мінск, 2006. — 160 с.

Беларускае эміграцыязнаўства апошніх гадоў зведала істотныя змены: усё больш даследчая актыўнасць пераносіцца з эмігранцкіх асяродкаў у метраполію, у працах усё часцей з’яўляюцца праблемы, не звязаныя выключна з эміграцыйнай літаратурай, усё больш уводзіцца ў навуковы зварот раней невядомых дакументаў і матэрыялаў. Разам з тым, у беларускім эміграцыязнаўстве пераважаюць галіновыя працы, прысвечаныя пэўнай краіне, сферы дзейнасці, асобе. У выніку разуменне агульнай гісторыі беларускай эміграцыі i яе сучаснага стану губляецца, адыходзіць на другі план. Менавіта таму з’яўленне абагульняльнага выдання, прысвечанага беларускай дыяспары, выглядае як падзея унікальная, вартая асаблівай увагі і адзнакі. Некалі манаграфія „Беларуская эміграцыя” Барыса Сачанкі стала своеасаблівым адпраўным пунктам эміграцыязнаўства ў метраполіі, i пасля яе не выдавалася больш сістэматызацыйных даследаванняў, дзе б былі прадстаўлены разам найбуйнейшыя беларускія асяродкі ў свеце.

3 гэтага гледзішча з’яўленне кнігі „Беларуская дыяспара: Нарысы гісторыі і сучасны стан” асабліва важнае, тым больш што яе стваральнікі М.М. Бацян, А.П. Вярцінскі, І.М. Кузняцоў, Л.В. Лойка, А.М. Сіроцкі выкладаюць адмысловы курс „Беларуская дыяспара”, уведзены на факультэце міжнародных адносінаў БДУ ў 1997 г. (гэта адзіны падобны курс, які чытаецца ў вышэйных навучальных установах Беларусі).

Складанасці стварэння абагульняльнай працы, прысвечанай замежжу, палягаюць у тым, што аўтары мусяць быць добра абазнаныя ў абставінах жыцця беларускай грамады ў розных краінах, каб мець магчымасць рабіць абгрунтаваныя высновы, каб стварыць у чытача адэкватнае ўяўленне пра развіццё эміграцыйных працэсаў у свеце з удзелам беларусаў.

На жаль, новае выданне засведчыла якраз адсутнасць у яго складальнікаў адпаведных уяўленняў пра гісторыю і сучаснасць беларускай дыяспары, асабліва ў дачыненні да краінаў г. зв. далёкага замежжа.

Першае, што кідаецца ў вочы чытачу „Беларускай дыяспары”, пазначанай як „навукова-папулярнае выданне”, — гэта поўная адсутнасць спасылак. У кнізе пададзена вялікая колькасць статыстычных і фактычных звестак, крыніцы атрымання якіх застаюцца для чытача невядомымі. Побач з гэтай акалічнасцю дзіўна гучыць адна з фразаў пры самым канцы кнігі: „…асобныя тэмы Нарысаў, як высвятляецца, добра распрацаваны іншымі даследчыкамі, таму творчы калектыў палічыў рацыянальным шырока выкарыстаць іх вынікі ў дадзенай публікацыі. Гэта тычыцца публікацый Аляксандра [чамусьці замест Алега. — Н.Г.] і Наталлі Гардзіенкаў, Р. Гарэцкага, А. Мальдзіса, Г. Сяргеевай, А. Ціхамірава”(152). Такім чынам, пры адсутнасці спасылак чытачу немагчыма аддзяліць у кнізе аўтарскі тэкст выкладчыкаў з факультэта міжнародных адносінаў ад „шырокага выкарыстання вынікаў” працы іншых даследчыкаў.

Кніга складаецца з уводзінаў, трынаццаці сэнсавых раздзелаў і бібліяграфіі. У тэксце„Уводзіны: дыяспара, эміграцыя, радзіма” (4-10) робіцца спроба вырашыць некаторыя тэрміналагічныя складанасці ў выкарыстанні паняццяў „дыяспара” і „эміграцыя”, акрэсліць асаблівасці стаўлення дзяржавы да беларусаў за мяжой ды спецыфіку гісторыі беларускай эміграцыі. Пры гэтым нельга не заўважыць, што з сямі старонак, якія займаюць „Уводзіны” ў кнізе, тры ўяўляюць сабою кавалак тэксту даклада Алега Гардзіенкі „Беларуская дыяспара. Сучасныя праблемы і перспектывы”[1], зробленага на ІV з’ездзе беларусаў свету. І на сапраўднае аўтарства няма аніякіх спасылак. Адзіная фраза, дададзеная да арыгінальнага зместу даклада, праўда, прыводзіць да ўзнікнення блытаніны ў размежаванні паняццяў „замежжа” — „эміграцыя” — „дыяспара”, бо побач з „беларускім замежжам” уводзіцца аналагічны тэрмін „сусветная беларуская дыяспара”, і розніцу паміж імі вызначыць з кантэксту надзвычай складана.

Першы раздзел кнігі „Гістарычныя карані беларускай дыяспары” (11-22) уяўляе сабою выкладанне гісторыі падзелаў беларускіх земляў і эміграцый, у выніку якіх нашы суайчыннікі ў розныя часы апыналіся па-за межамі беларускай дзяржавы. Даволі кароткі і крыху сумбурны гістарычны нарыс кампіляцыйнага характару (на падставе звестак з тэкстаў Галіны Сяргеевай, Вітаўта Кіпеля, Аляксандра Ціхамірава), тым не менш, акрэслівае асноўныя этапы беларускай эміграцыйнай гісторыі. Для ілюстрацыі працоўнай эміграцыі з беларускіх земляў на ўсход у ХІХ ст. прыводзіцца нават урывак верша рускага паэта Мікалая Някрасава „Чыгунка” з апісаннем беларуса. Праўда, нявырашанай застаецца праблема эміграцыі часоў Другой сусветнай вайны, а дакладней характарыстыка гэтай хвалі. Называючы яе „палітычнай эміграцыяй”, аўтар тэксту гэтага раздзела (не пазначаны, зрэшты, як і аўтары іншых) адносіць сюды „калабарантаў, тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў на тэрыторыі Беларусі з акупацыйнымі ўладамі” (20). Іх складаюць: „члены Беларускай Цэнтральнай Рады, галоўнага штаба Саюза Беларускай моладзі (які насамрэч называўся „кіраўнічы штаб”. — Н.Г.), Беларускай Аўтакефальнай царквы (незразумела, ці маецца на ўвазе выключна кіраўніцтва, ці ўсе вернікі. — Н.Г.), атрадаў Беларускай краёвай абароны” (20). Акрамя таго, да палітычнай эміграцыі залічваюцца (са спасылкай на стаўленне Савецкай улады) остарбайтэры і савецкія ваеннапалонныя. Аднак незразумела, чаму не згаданыя ў якасці часткі эміграцыі з Беларусі часоў вайны звычайныя жыхары пераважна Заходняй Беларусі, што ўцякалі ад „выгодаў” Савецкай улады; яны, уласна, і склалі аснову тае эміграцыйнае хвалі.

У тэксце раздзела — блытаніна з адной з нешматлікіх аформленых цытатаў (няаўтарскі тэкст вылучаны курсівам, аднак спасылкі на крыніцу няма). Аўгену Калубовічу прыпісваецца выказванне пра людзей, „якія з болем пакідалі Радзіму і разбягаліся па белым свеце толькі таму, што бесперспектыўнасць беларускай нацыянальнай працы пры Саветах была ім вядома даўно” (21), якое насамрэч належыць Ларысе Геніюш. Прычына недакладнасці палягае ў тым, што з арыгінальнага тэксту Галіны Сяргеевай[2], выкарыстанага ў гэтым кавалку раздзела, выпаў адзін сказ са згадкай аўтарства Ларысы Геніюш ды спасылкай на публікацыю ў часопісе „Маладосць” (1990, N 3)[3].

Раздзел „Беларуская дыяспара ў Расіі” (23-30), у адрозненне ад тэкстаў, прысвечаных іншым краінам, не мае гістарычнай часткі і распавядае выключна пра сучасны стан мясцовай беларускай дыяспары. Гэта тым больш дзіўна, што менавіта гісторыя беларускіх перасяленняў у Расію больш-менш прадстаўлена ў беларускай эміграцыязнаўчай літаратуры, у тым ліку ў некаторых публікацыях, прыведзеных у „Бібліяграфіі” пры канцы кнігі. На самым пачатку тэксту пра беларусаў у Расіі заўважаецца некаторая супярэчнасць. Прыведзеная колькасць беларусаў у гэтай краіне, паводле звестак апошняга перапісу (810 тыс. асобаў), каментуецца такім чынам: „…згодна з падлікамі старшыні Маскоўскага клуба беларусаў А. Кандыбы, у Расіі пражывае больш двухмільёнаў чалавек, якіхможна аднесці да беларускай дыяспары” (23). Аднак без дакладнай спасылкі немагчыма высветліць, дзе і пры якіх абставінах А. Кандыба выказаў сваё меркаванне адносна колькасці беларусаў, i ацаніць магчымасці і верагоднасць яго падлікаў. Незразумелым застаецца і тое, што ў дадзеным выпадку ўкладваецца ў сэнс паняцця „дыяспара”. Тут існуе супярэчнасць з тэкстам „Уводзінаў”, адкуль вынікала, што паняцце „дыяспара” вузейшае за паняцце „эміграцыя”, бо сюды, па-першае, немагчыма ўключаць тых, хто сам сябе не лічыць беларусамі (а таму не адзначаны ў перапісе), а таксама тых, хто не ўваходзіць у больш-менш арганізаваную нацыянальную грамаду (што вельмі часта датычыць кароткатэрміновай працоўнай эміграцыі). Такім чынам, згаданая заўвага адносна колькаснай характарыстыкі беларускай дыяспары ў Расіі толькі дэзарыентуе чытача.

Раздзел „Адметнасці беларускай дыяспары ва Украіне” (31-35), невялікі памерам, падае асноўныя этапы стварэння і характарыстыкі галоўных беларускіх арганізацый у згаданай краіне. Варта адзначыць, што раздзел даволі схематычны і павярхоўны. Хоць існуе няшмат адмысловых даследаванняў, прысвечаных Украіне, прыведзеных тут звестак недастаткова нават на фоне нераспрацаванасці тэмы. У той жа час у даведніку „Хто ёсць хто сярод беларусаў свету” прысвечаны Ўкраіне матэрыял выглядае значна паўнейшым і больш сістэматызаваным.

Аналагічную заўвагу можна зрабіць і ў дачыненні да тэксту наступнага раздзела „Беларусы ў Малдове” (36-39), дзе гісторыя стварэння грамады пераважна сфакусавана на савецкіх часах. Сам жа раздзел заснаваны на звестках некалькіх артыкулаў зборніка канферэнцыі „Белорусы в Молдове”[4].

Тэксты наступнага раздзела „Беларуская дыяспараў краінах Балтыі” (40-52) схематычна акрэсліваюць часы першых пасяленняў беларусаў у гэтых краінах, асноўныя этапы існавання тут беларускай грамады, сучасныя нацыянальныя суполкі ды іх дзейнасць. Самыя асноўныя звесткі пра сучасныя беларускія арганізацыі ў Казахстане, Кыргызстане ды Узбекістане складаюць асобны раздзел „Беларускія абшчыныў Цэнтральнай Азіі”(53-59). Усе згаданыя тэксты носяць пераважна апавядальны характар, без абагульнення і аналізу агульных тэндэнцый жыцця беларускіх дыяспар у тым ці іншым рэгіёне.

На гэтым фоне адметны раздзел „Беларусы ў Польшчы” (60-79), дзе ў якасці асобных частак вылучаюцца: гістарычны экскурс, прававы статус беларускай меншасці, сацыяльна-экнамічнае становішча, палітычныя прыхільнасці, сацыяльнае светаадчуванне, беларускія школы, культурна-мастацкая дзейнасць і сувязі з этнічнай Радзімай. Сваёй стылістыкай і структурай тэкст выбіваецца з папярэдніх і ставіць лагічнае пытанне, чаму паводле аналагічнай схемы не разгледжаны іншыя асяродкі беларускай дыяспары.

Неабходна заўважыць, што ўсе згаданыя тэксты, прысвечаныя краінам „блізкага замежжа”, раней увайшлі ў адмысловы даклад, зроблены на замову МЗС. Вялікую дапамогу ў канкрэтызацыі пададзеных у тэкстах звестак пра беларускія арганізацыі аўтарскаму калектыву аказала ЗБС „Бацькаўшчына”, што таксама ніякім чынам не адзначана ў кнізе.

Раздзелам „Беларусы ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе” (80-101) пачынаецца самая неахайная і найменш лагічная частка кнігі. Ужо на самым пачатку, дзе згадваецца наяўнасць „калоній беларусаў” у Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Францыі, Нямеччыне, у недасведчанага чытача можа скласціся памылковае ўяўленне пра наяўнасць у згаданых краінах кампактных пасяленняў нашых суайчыннікаў (што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці).

Першы тэкст у раздзеле, прысвечаны Францыі (81-85), пачынаецца са згадкі пра тое, што многія патрыёты з Беларусі — філаматы і філарэты, удзельнікі паўстанняў 1794, 1830-1831, 1863-1864 г. — знайшлі сабе паратунак у гэтай краіне. У якасці прыкладу згадваецца навучанне ў Парыжы Ігната Дамейкі ды Зыгмунта Мінейкі, аднак не пададзена ніякіх звестак пра тыя арганізацыі, што былі створаны ў Францыі выхадцамі з беларускіх земляў ад 1830-х г. Дзіўная акалічнасць, з улікам таго, што паўстанцам 1830-1831 г. і іх лёсу прысвечаны даследаванні беларускага гісторыка Вольгі Гарбачовай, якія пабачылі свет ужо ў ХХІ ст. (гэта апроч багатай польскамоўнай гістарыяграфіі па дадзенай праблеме). У тэксце згадваюцца беларусы, што трапілі ў Францыю ў выніку вайны 1812 г., а таксама беларусы-каталікі — эмігранты пазнейшых часоў. Праўда, з прыведзеных звестак абсалютна незразумела, чаму ў каталіцкую Францыю ў часе паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі „каля 35 тысяч беларусаў каталікоў” (82) перабраліся з таксама каталіцкай Польшчы.

Згадкі пра арганізаванае жыццё беларусаў у Францыі датычаць чамусьці толькі таго ж міжваеннага перыяду, інфармацыя пра які ўяўляе сабою кавалак тэксту артыкула Таццяны Папоўскай „Беларуская эміграцыя міжваеннага перыяду ў Францыі і Аргенціне”, апублікаванага яшчэ ў зборніку „Беларусіка” ў 1992 г.[5]. Пры гэтым ні ў тэксце пра Францыю „Беларускай дыяспары”, ні ў яе „Бібліяграфіі” гэтая публікацыя наогул не згадваецца.

Найбольш актыўнае беларускае жыццё ў Францыі паваенных часоў згадана ў кнізе толькі адным абзацам, дзе сцвярджаецца, што„у паваенныя гады была адроджана дзейнасць „Хаўруса”. Праўда зараз ён мае назву „Беларускі хаўрус”. Вакол яго гуртуецца галоўным чынам паваенная эміграцыя” (83). Трэба заўважыць, што дакладная назва згаданай арганізацыі, што была найбольш уплывовай у краіне ў паваенны час, гучала як Аб’еднанне беларускіх работнікаў у Францыі „Хаўрус”, аднак яна не згадваецца ў раздзеле. Да таго ж, сёння гэтая арганізацыя ўжо не аб’ядноўвае паваенную эміграцыю і наогул пасля смерці яе шматгадовага старшыні Міхася Наўмовіча ў 2004 г. фактычна не дзейнічае. Таму пададзеныя пра яе звесткі ўжо не адпавядаюць рэчаіснасці.

Акрамя згаданай арганізацыі ў паваеннай Францыі важную ролю адыгрывала першая ў Еўропе Беларуская каталіцкая місія, створаная а. Львом Гарошкам. Адметнай з’явай было таксама выданне часопіса „Моладзь”, якому, між іншым, быў прысвечаны выдадзены ў 2004 г. заснаваны на яго матэрыялах зборнік „Месца выданьня — Парыж”, міма якога не можа прайсці знаўца беларускай эміграцыі (таксама як і міма публікацый на тэму беларускай прысутнасці ў Францыі Ігара Лялькова, імя якога наогул не згадваецца ў кнізе).

Раздзел пра беларусаў у Англіі (85-90) можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Першая з іх прысвечана паваеннай беларускай эміграцыі ў Лондане. Сам стыль апавядання і шмат фактычных памылак прыводзіць да думкі, што аўтар тэксту слаба абазнаны ў праблеме. На пачатку сцвярджаецца, што„Сусветным цэнтрам інтэлігенцыі беларускай дыяспары з’яўляецца Лондан, дзе функцыянуе Асацыяцыя беларусаў Англіі. Яна стварыла тут „Беларускі цэнтр” з буйной бібліятэкай” (85). Верагодна, аўтар тэксту мала ведае пра дзейнасць Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (менавіта гэтая арганізацыя мелася на ўвазе ў цытаваным урыўку) і Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду, першы кіраўнік якой а. Чэслаў Сіповіч і быў стваральнікам не толькі Бібліятэкі імя Францішка Скарыны, але і ўсяго „беларускага цэнтра” ў паўночным раёне Лондана Фінчлі (у кнізе ён называецца „Фінглі”).

У якасці характарыстыкі паваенных эмігрантаў у Вялікай Брытаніі аўтар раздзела сцвярджае: „Нямала было сярод эмігрантаў і калабарацыяністаў, хто баяўся пераследу з боку савецкіх улад. Засталася ў Вялікабрытаніі і частка беларусаў з ліку жаўнераў польскай арміі, якія ў 1939-1942 годах знаходзіліся ў савецкіх турмах” (85). Верагодна, аўтару тэксту невядома, што менавіта былыя жаўнеры польскага войска сталі стваральнікамі паваеннай беларускай дыяспары ў Брытаніі, і гэта адрознівае яе ад усіх іншых беларускіх асяродкаў у свеце. Пры тым найбольш актыўнай часткай гэтых жаўнераў былі не тыя, што прайшлі праз савецкія лагеры, а тыя, што прыйшлі ў польскае войска пасля 1944 г. ужо на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Іншых беларускіх эмігрантаў у Вялікай Брытаніі было няшмат.

У працяг аповеду пра былых польскіх жаўнераў аўтар падае кароткія звесткі пра іх лёс у часы Другой сусветнай вайны, удзел у бітве пры Арнгайме (больш правільная назва гэтага галандскага мястэчка Арнэм) і пры Монтэ-Касіна. Праўда, генерал Уладыслаў Андэрс у тэксце названы Усеваладам, а адносна колькасных характарыстык беларускай прысутнасці ў польскім войску згадваецца „супрацоўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Йорк, ЗША) Віктар Сянкевіч”, які „на падставе польскага эмігранцкагаархіваўЛондане… падлічыў, штоў брытанскім войску служыла неменш 30 тыс. беларусаў” (85). Аўтар, мусіць, не ведае, што сам Віктар Сянкевіч быў адным з тых жаўнераў і заснавальнікаў беларускага жыцця ў Брытаніі. Называць яго супрацоўнікам БІНіМа не выпадае, бо ён хоць і быў сябрам гэтай арганізацыі, але наўрад ці мог выступаць ад яе імя як супрацоўнік. А ў падліках беларусаў у шэрагах польскага войска сёння найбольш аўтарытэтныя даследаванні належаць гісторыку Юрыю Грыбоўскаму, аўтару шэрагу публікацыяў апошніх гадоў і дысертацыі на гэтую тэму.

Не адпавядае рэчаіснасці і заява, што кіраўніцтва Бібліятэкі імя Ф. Скарыны выдае „Часопіс беларускіх даследаванняў” (86-87). Гэты англамоўны часопіс — The Journal of Byelorussian Studies — афіцыйна выдаваўся ў 1965-1988 г. Англа-беларускім таварыствам, а не Бібліятэкай.

Нельга назваць дакладнай інфармацыю пра тое, што „паводле афіцыйных звестак у Вялікабрытаніі налічваецца 20 тыс. беларусаў” (87), бо гэтыя звесткі пададзены ў „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, а не з’яўляюцца дадзенымі афіцыйнай брытанскай статыстыкі.

Таксама непраўдзівая інфармацыя ўтрымліваецца ў згадцы пра „Беларускую царкву святых Пятра і Паўла грэка-каталіцкай канфесіі”, якая нібыта „заснавана айцомА. Надсанам”(88). Беларускую капліцу святых апосталаў Пятра і Паўла ў Марыян-Хаўзе арганізаваў у 1948 г. а. Чэслаў Сіповіч, а не а. Аляксандр Надсан, які тады быў студэнтам Лонданскага універсітэта і святаром стаў толькі праз больш як 10 гадоў.

Не адпавядае рэчаіснасці згадка, што Англа-беларускае таварыства выдае ў Лондане з 1965 г. „Беларускую хроніку” (89). Англамоўны часопіс Belarusian Chronicle ад 1997 г. выдаваў ад імя Таварыства Гай Пікарда, і гэты часопіс не меў дачынення да ўжо згаданага „Часопіса беларусаведы” (The Journal of Byelorussian Studies), выдаванага Англа-беларускім таварыствам у 1965-1988 г.

Другая палова раздзела пра беларусаў у Англіі распавядае пра дзейнасць Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі. Гэты цікавы тэкст з’яўляецца перадрукам (зноў без зменаў i спасылак) артыкула Марыны Язневіч са зборніка праведзенай у Лондане ў 2001 г. канферэнцыі „Роля беларускай дыяспары ў развіцці і захаванні беларускай культуры”[6]. Спецыяльных публікацый пра беларускае жыццё ў Вялікай Брытаніі няшмат. Найбольш грунтоўнай можна лічыць выдадзеную ў 2004 г. манаграфію а. Аляксандра Надсана „Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус”, прысвечаную асобе аднаго з найбольш вядомых беларускіх дзеячаў у гэтай краіне, чыё жыццё падаецца на шырокім фоне гісторыі Белаpyci і беларускай дыяспары. Зварот да гэтай кнігі дазволіў бы аўтару згаданага раздзела пазбегнуць шмат якіх недакладнасцяў і больш адпаведна асвятліць гісторыю і сучаснасць беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Неадпаведнасць рэчаіснасці можна закінуць і тэксту, прысвечанаму беларусам Нямеччыны (90-94), які пачынаецца са згадкі пра беларускі цэнтр Абіхта ў г. Брэслаў. Прычым аўтар не пазначае, што гэта сённяшні польскі горад Уроцлаў.

Аповед пра арганізаванае беларускае жыццё ў Нямеччыне звязаны з падзеямі паваеннай гісторыі, калі на тэрыторыі гэтай краіны, а таксама Аўстрыі апынулася значная колькасць беларускіх уцекачоў. Тут былі створаны беларускія DP-лагеры пад апекай адміністрацыі ААН па дапамозе і рэабілітацыі — ЮНРРА (а не ІНРРА, як пададзена ў кнізе). У тэксце пра беларусаў у Нямеччыне, праўда, падаюцца часам звесткі, якія наогул не маюць ніякага дычынення да згаданай краіны. „Захоўваючы надзею на нацыянальнае адраджэнне, беларускія эмігранты ў Германіі наладжвалі культурнае ірэлігійнае жыццё. У1947 г. пачаў дзейнічаць Ватыканскі беларускі эміграцыйны камітэт. Некаторыя святары ў эміграцыі займаліся літаратурнай, мастацкай творчасцю. Напрыклад, Язэп Германовіч і Леў Гарошка многа зрабілі для папулярызацыі беларускай літаратуры ў эміграцыі, для абуджэння і захавання сярод беларусаў нацыянальнай самасвядомасці…”(92). Незразумела, якое дачыненне да Нямеччыны мела згаданая арганізацыя, бо такая ніколі не існавала ні ў Ватыкане, ні ў Нямеччыне. Пасля вайны ў Рыме сапраўды некалькі гадоў жылі беларускія святары а. Чэслаў Сіповіч, а. Леў Гарошка і а. Пётра Татарыновіч, але яны не стваралі ніякага беларускага эміграцыйнага камітэта. Тым больш дзіўная згадка ў тэксце, прысвечаным паваеннай Нямеччыне, імёнаў аа. Льва Гарошкі і Язэпа Германовіча. Першы з іх сапраўды ад лета 1944 г. да восені 1945 г. знаходзіўся ў гэтай краіне і быў адным з заснавальнікаў Беларускай Службы ў Мюнхене, аднак асноўная эміграцыйная дзейнасць а. Льва Гарошкі звязаная ўсё ж з Парыжам, Лонданам і Рымам. Айцец Язэп Германовіч яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны быў накіраваны на місійную працу ў Харбін (Кітай), дзе ў 1948 г. быў арыштаваны і да 1955 г. знаходзіўся ў сталінскіх лагерах. Толькі пасля гэтага ён змог выехаць на Захад і стала пасяліцца ў Лондане. Такім чынам, гэты дзеяч не мог мець ніякага дачынення да паваеннай Нямеччыны.

Недакладны таксама наступны абзац тэксту пра беларусаў у Нямеччыне, дзе дзіўным чынам у лік асобаў, аб’яднаных вакол газеты „Бацькаўшчына”, трапіў Юрка Віцьбіч, які не толькі не ўваходзіў у склад прыхільнікаў гэтага выдання, але і быў яго актыўным крытыкам і стваральнікам антаганістычнага перыёдыка „БІС”.

Навуковым адкрыццём выглядае згадка пра ўсталяванне „беларускай калоніі ў Мюнхене”. «Цэнтр беларускай калоніі ў Германіі ўсталяваўся ў Мюнхене, дзе сканцэнтравалася тая частка беларускай эміграцыі, якая ў гады вайны супрацоўнічала з немцамі. Тут асела таксама частка былых ваеннапалонных. У гэтым асяроддзі доўгія гады культывіраваліся антысавецкія настроі. Актывісты Мюнхенскага цэнтра супрацоўнічалі з радыёстанцыяй „Свабодная Еўропа”, удзельнічалі ў 50-70-я гады ў ідэалагічнай барацьбе паміж Захадам і Усходам. Натуральна, што і з савецкага боку да іх былі варожыя адносіны. Зараз эмацыйная афарбоўка тых падзей істотна паблекла. Непасрэдных удзельнікаў вайны там засталося нямнога, гэталюдзі ўжо досыць сталага ўзросту. Асноўную ж частку беларускай калоніі ў Германіі складаюць сёння дзеці і ўнукі ўдзельнікаў вайны. Натуральна, адрасаваць ім якія-небудзь палітычныя прэтэнзіі замінулае іх бацькоў і дзядоў было б несправядліва. Таму зараз з гэтай калоніяй спрабуюць наладзіць адносіны беларускія творчыя саюзы, ЗБС „Бацькаўшчына”, тым больш, што там, у Мюнхене, назапашана нямала важных і цікавых дакументаў па гісторыі Беларусі і беларускай эміграцыі. Мясцовыя інтэлектуалы выдаюць іх у штогадовым часопісе, які называецца „Мюнхенскі беларускі зборнік”». (93). Казаць пра нейкія „калоніі” беларусаў, што былі расцярушаныя па розных рэгіёнах Нямеччыны, складана. Пераважнай большасцю гэтыя людзі нават не падтрымоўвалі сувязяў паміж сабою і не мелі грамадскіх арганізацый. У Мюнхене ж сапраўды ад 1954 г. да 1995 г. працавала беларуская служба радыё „Вызваленне” (потым „Свабода” ці „Свабодная Еўропа”). У Мюнхене ж да 1966 г. выдавалася згаданая газета „Бацькаўшчына”. Акрамя таго, тут у 1950 г. быў створаны Інстытут вывучэння СССР, дзе пасля рэарганізацыі ў 1954 г. сталі працаваць некалькі беларускіх навукоўцаў. Яны выдавалі „Беларускі зборнік”, цягам 1955-1960 г. выйшла 12 нумароў, частка матэрыялаў перакладалася на англійскую мову і публікавалася ў часопісе Belorussian Review (выйшла 8 нумароў у 1955-1960 г.). Пазней і дзейнасць Інстытута і, галоўнае, яго выданні спыніліся, а большасць супрацоўнікаў перабраліся ў іншыя краіны. А таму згадка пра сучасны штогадовы „Мюнхенскі беларускі зборнік” ні на чым не заснаваная, таксама як і звесткі пра міфічныя мюнхенскія архівы.

Яшчэ больш недарэчна выглядае цверджанне пра сучасную дзейнасць радыё „Свабода” ў Мюнхене. Верагодна, аўтар браў звесткі з тэкстаў пачатку 1990-х, калі паведамляе пра жыццё і дзейнасць у Нямеччыне шматгадовага кіраўніка беларускай рэдакцыі гэтага радыё Юркі Сянькоўскага (памёр пры канцы 1990-х) ды нібыта сённяшняга яе кіраўніка Вячкі Станкевіча. Разам з тым яшчэ ў 1995 г. радыё „Свабода” цалкам, разам з беларускай рэдакцыяй, перабралася ў Прагу, дзе яе кіраўніком доўгі час быў Аляксандр Лукашук.

Неадпаведная рэчаіснасці і згадка пра выданне на пачатку 1990-х „Ляймэнскага сшытка”. Выдання з такой назвай не існавала. А згаданы як яго выдавец Мікола Іваноў сам зазначаў, што ў 1993 г. пад яго рэдакцыяй выйшаў апошні нумар гадавіка Інстытута беларусаведы[7] (а ніякі не „Ляймэнскі сшытак”).

Такім чынам, у раздзеле, прысвечаным беларусам у Нямеччыне, утрымліваецца шмат недакладнасцяў, а ў якасці сучасных падаюцца звесткі больш як дзесяцігадовай даўніны, што ў значнай ступені дэзарыентуе чытача.

Яшчэ адна еўрапейская краіна, прысутнасць беларусаў у якой згадваецца ў кнізе, — Чэхія (94-101). Прысвечаны ёй тэкст з’яўляецца вельмі шырокай кампіляцыяй (часам без рэдагавання цэлых абзацаў) артыкула Рыты Гаціх, апублікаванага ў зборніку конкурсных работ маладых даследчыкаў эміграцыі. З улікам выкарыстання адной з найбольш новых публікацый па тэме ў якасці абагульняльнага раздзел выглядае больш-менш арганічна і пазбаўлены хібаў папярэдніх частак. Між іншым, тут якраз падаецца інфармацыя пра пераезд радыё „Свабода” ў 1995 г. у Прагу (прычым у папярэднім раздзеле пра Нямеччыну згадвалася, што гэтая ўстанова працуе ў Мюнхене).

Тэкстам пра Чэхію завяршаецца частка, прысвечаная беларусам у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе. Па-за ўвагай стваральнікаў кнігі засталіся даволі цікавы і дзейны сёння беларускі асяродак у Бельгіі ды вельмі своеасаблівая прысутнасць беларусаў у Швецыі. З прыведзенага вышэй відавочна, што тэкст не толькі не з’яўляецца ўдалым абагульненнем хаця б беларускіх сучасных даследаванняў, прысвечаных жыццю суайчыннікаў у Еўропе, але і ўтрымлівае шмат недарэчнасцяў і недакладнасцяў, што дэзарыентуюць чытача. Акрамя таго вялікія кавалкі тэкстаў тут наогул не належаць складальнікам кнігі.

Апошняя заўвага яшчэ ў большай ступені датычыць наступных раздзелаў. Беларускія дыяспары за акіянам прадстаўлены ў асобнай частцы (102-114), дзе сабраны тэксты, прысвечаныя асяродкам у ЗША, Канадзе і Аргенціне.

Раздзел пра беларусаў у ЗША (102-109) утрымлівае невялікую гістарычную частку са статыстычнымі звесткамі, кампіляванымі з кнігі Вітаўта Кіпеля „Беларусы ў ЗША” (зноў без аніякіх спасылак). Частка пра дзейнасць паваеннай эміграцыі, праўда, напісаная хутчэй або „па матывах” згаданай кнігі, або з „шырокім цытаваннем” (без спасылак i рэдагавання) артыкула Анфісы Ляднёвай „Роля нацыянальных згуртаванняў у жыццядзейнасці беларускай эміграцыі ў ЗША”[8]. Праўда, часам у вырваных з кантэксту цытатах і пераказах можна заўважыць недарэчнасці кшталту цверджання, што мястэчка Саўт-Рывер знаходзіцца ў штаце Нью-Ёрк, а не Нью-Джэрсі, і што выключна яго жыхары-беларусы купілі 65 акраў зямлі і „пабудавалі свой культурны цэнтр і назвалі яго Белер-Менск” (106). Прычым з далейшага тэксту вынікае, што гэты цэнтр рэальна дзейнічае сёння, у той час як адпачынкавы рэсорт Белэр-Менск, набыты супольнымі намаганнямі некалькіх асяродкаў беларусаў Нью-Ёрка, Нью-Джэрсі, Канектыкута, ужо колькі гадоў як спыніў сваё існаванне. Аналагічна як не дзейнічае і згаданы далей „Полацак”, дзе не выходіць ужо больш за дзесяць гадоў згаданы пры канцы раздзела аднайменны часопіс. Улічваючы тое, што частка, прысвечаная дзейнасці БАЗА і іншых арганізацый, узятая з названага артыкула Анфісы Ляднёвай, апублікаванага 15 гадоў таму, пададзеныя тут звесткі (адпаведныя рэчаіснасці свайго часу), выглядаюць дзіўна для 2006 г. Тым больш што некаторыя з іх у часе „цытавання” зведалі радыкальныя змены. Так, калі ў сваім артыкуле Анфіса Ляднёва распавядала пра гісторыю стварэння ў 1951 г. Беларускага Інстытута навукі і мастацтва, то спасылалася на адпаведны артыкул у часопісе „Запісы БІНІМ” за 1953 г. У кнізе ж „Беларуская дыяспара” ўсе звесткі адносна дзейнасці Інстытута пададзены ў цяперашнім часе, а згаданыя А. Ляднёвай больш як 50 прадстаўнікоў Інстытута ў розных краінах свету трансфармаваліся ў звыш 50 яго супрацоўнікаў. Гэтыя апошнія, паводле кнігі, як і паўстагоддзя таму, актыўна „займаюцца навуковымі даследаваннямі гісторыі і культуры Беларусі, выдаюць літаратурныя творы, арганізуюць літаратурныя вечарыны, выставы мастакоў беларускага замежжа” (107-108). Такія звесткі, што датычылі 1950-1960-х г., на 2006 г. выглядаюць занадта перабольшанымі.

Далей гаворыцца, што «з 1952 г. БІНІМ штогод выдае свае навуковыя „Запісы”, якія паступаюць у многія бібліятэкі свету. Найбольш вядомымі аўтарамі з’яўляюцца В. Кіпель, Я. Запруднік, В. Сядура, А. Абрамовіч, С. Станкевіч і іншыя. Знамянальна, што менавіта тут створана найбольш поўная бібліяграфія Скарыніяны. У1990 г. выдадзены „Кароткі агляд гісторыі Беларусі”, дзе нашы суайчыннікі выкладаюць свой погляд на праблемы айчыннай мінуўшчыны» (108). Аднак „Запісы БІНІМ” не з’яўляюцца гадавіком, таму на сёння выйшлі толькі 30 нумароў гэтага перыёдыка. Акрамя таго згадка ў якасці сучасных аўтараў часопіса Ўладзіміра Сядуры (1910-1997), Станіслава Станкевіча (1907-1980) і, верагодна, Антона Адамовіча (1909-1998) (які пазначаны тут як А. Абрамовіч) сведчыць пра неабазнанасць складальнікаў кнігі ў біяграфічных звестках гэтых вядомых беларускіх дзеячаў. Таксама дзіўна, што ў тэксце не названы доўгачасовы кіраўнік БІНІМа, рэдактар „Запісаў” і найбуйнейшы даследчык Скарыніяны Вітаўт Тумаш. Да таго ж, згаданае ў цытаце выданне „Кароткі агляд гісторыі Беларусі”, якое насамрэч ёсць перавыданнем кнігі Пётры Рогача (псеўданім Юркі Станкевіча) 1968 г., не мае ніякага дачынення да БІНІМа. У той жа час сам Інстытут цягам дзесяцігоддзяў займаецца ўласнай выдавецкай дзейнасцю і заснаваў некалькі кніжных серый.

Цалкам жа тэкст пра беларусаў у ЗША акрамя „шырока кампілятыўнага” характару вызначаецца састарэласцю значнай часткі прыведзеных звестак ды шэрагам недакладнасцяў, якія мінімізуюць яго каштоўнасць для чытача.

Яшчэ менш каштоўны раздзел, прысвечаны беларускай Канадзе (109-110). Болей як паўстагоддзю арганізаванага беларускага жыцця ў гэтай краіне прысвечана толькі дзве старонкі „Беларускай дыяспары”, прычым тэкст сам па сабе з’яўляецца недарэчнасцю. Так, у самым першым і апошнім абзацах настойліва даводзіцца думка, што беларусаў у Канадзе „паводле афіцыйных дадзеных на пачатак ХХІ ст.” жыве 10 тысяч (109-110). Цікава, што ва „Уводзінах” да кнігі фігуруюць іншыя лічбы: ад каля 110 тысяч беларусаў у паваенны час да 5115 чалавек на 2001 г., паводле звестак беларускай амбасады ў гэтай краіне.

Далей у тэксце ідзе аповед пра адну з найбольш уплывовых арганізацый — Згуртаванне беларусаў Канады. „Цэнтрам беларускага жыцця ў Канадзе з’яўляецца горад Таронта, дзе месціцца галоўны штаб Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК), які ў сучасны момант узначальвае доктар Пётр Мурдзёнак” (109). Аднак, па-першае, кіруючым органам ЗБК з’яўляецца Галоўная управа (а не штаб), па-другое, дакладнае прозвішча згаданага дзеяча Мурзёнак, а па-трэцяе, ад 2005 г. старшынём ЗБК есць Зміцер Элляшэвіч.

3 жыцця беларусаў Канады ў раздзеле коратка згадваюцца Атаўскі аддзел ЗБК, сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, канадскі БІНІМ. Надалей падаецца непраўдзівая інфармацыя, што «аб жыцці беларускай дыяспары ў Канадзе інфармуе газета „Беларускі голас” (ад сярэдзіны 2003 г. выйшла толькі пяць нумароў)» (110). Насамрэч, аўтар блытае два выданні: газету „Беларускі голас”, што выходзіла ў Канадзе ў 1952-1992 г., і газету „Беларускае слова”, што выдаецца ад 2002 г. і галоўным рэдактарам якой з’яўляецца прадстаўніца новай эміграцыі Віялета Кавалёва. Акрамя згадкі пра калектыў „Яваровыя людзі” ніякай іншай інфармацыі пра беларускае жыццё ў Канадзе ў кнізе больш няма. Па-за ўвагай складальнікаў засталіся асаблівасці рэлігійнага і культурнага жыцця паваеннай і сучаснай дыяспары ў гэтай краіне. Не згадана таксама і тое, што нашы суайчыннікі з’явіліся ў Канадзе яшчэ да Другой сусветнай вайны. Наогул, складальнікі кнігі не выкарысталі звестак ні з англамоўнага даследавання Янкі Садоўскага „Беларусы ў Канадзе” (Byelorussians in Canada, 1981), ні з кнігі Раісы Жук-Грышкевіч „Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”, дзе багата інфармацыі пра падзеі беларускага жыцця ў Канадзе, ні з артыкула тае ж аўтаркі ў зборніку „Культура беларускага замежжа”[9]. А таму адпаведны раздзел „Беларускай дыяспары” атрымаўся слабы і недарэчны.

Тэкст, прысвечаны беларусам у Аргенціне (110-114), значна больш грунтоўны, распавядае пра суайчыннікаў у гэтай краіне ад пачатку ХХ ст., згадвае беларускія арганізацыі міжваеннага і паваеннага часу. Сам раздзел складаецца з паслядоўна скампанаваных урыўкаў вялікай публікацыі Кастуся Шалястовіча ў „Голасе Радзімы” (1993)[10]. Адтуль ўзятыя і даволі аптымістычныя высновы пра перспектывы мясцовай беларускай дыяспары з увагі на тое, што ў нацыянальных арганізацыях адбылася змена пакаленняў. Праўда, не згадваецца, што дзеці былых эмігрантаў з Беларусі зусім не валодаюць беларускай мовай і не разумеюць яе, а змест дзейнасці таварыстваў імя М. Горкага, У. Маякоўскага і г. д. арыентаваны менавіта на зрусіфікаваную савецкую культуру, дзе было занадта мала ўласна беларускага. Акрамя таго, тэза пра тое, што сучасная беларуская эміграцыя ў Аргенціне складае 130 тысяч асобаў (чамусьці ў лік эмігрантаў уключаюць і іх дзяцей і ўнукаў), падаецца завышанай, тым больш, што паводле прыведзеных ва „Уводзінах” звестак, па стане на 2005 г. у гэтай краіне пражывала каля 7 тысяч беларусаў, і называць іх бадай што самай шматлікай беларускай дыяспарай у свеце цалкам неабгрунтавана. Між іншым, больш дакладныя і цікавыя звесткі пра беларускае жыццё ў Аргенціне можна знайсці ў публікацыях беларускага даследчыка Сяргея Шабельцава, які абараніў па гэтай тэме дысертацыю ў 2005 г. і ў ліку афіцыйных апанентаў якога быў адзін са складальнікаў „Беларускай дыяспары” Леанід Лойка.

Асобны раздзел кнігі „Беларуская дыяспара” аддадзены пад інфармацыю пра жыццё суайчыннікаў у Аўстраліі (115-125). Прычым паводле памераў гэтая частка (10 старонак) саступае толькі апісанню беларускай дыяспары ў Польшчы (20 старонак), пра ўсе іншыя краіны інфармацыі пададзена значна менш. Вылучаецца тэкст і паводле стылістыкі, бо ўтрымлівае найбольш абагульненыя высновы адносна этапаў гісторыі, сацыяльных характарыстык і асаблівасцяў беларускіх асяродкаў у Аўстраліі. Паслядоўнасць і абагульнены характар тэксту абумоўлены тым, што ён узяты без перапрацовак з адмысловага раздзела „Беларуская дыяспара ў Аўстраліі: адметныя рысы й этапы гісторыі” кнігі „Беларусы ў Аўстраліі” (аўтара гэтай рэцэнзіі), з дадаткам некалькіх кавалкаў іншых частак гэтага ж выдання[11]. Такім чынам, і гэты тэкст не мае ніякага дачынення да стваральнікаў кнігі.

Наступны раздзел „Дзяржава і грамадскія арганізацыі ў дачыненнях з беларускай дыяспарай”(126-133) утрымлівае характарыстыку сучасных дачыненняў дзяржавы з беларусамі замежжа, што праўда, у пэўнай ступені прыгладжаную, з мэтай нівеляваць супярэчнасці ў дачыненнях афіцыйнага Мінска з беларускімі арганізацыямі ў заходніх краінах (пра неўспрыманне заходнімі беларускімі суполкамі беларускіх уладаў наогул не згадваецца, што і зразумела з улікам афіцыйнага характару выдання). Хоць аўтары і сцвярджаюць, што „пытанні развіцця ўзаемаадносін дзяржавы з беларускай дыяспарай, аказання ёй дзейснай дапамогі ў задавальненні нацыянальна-культурных запатрабаванняў не занялі паўнапраўнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі” (129). У раздзеле адзначаюцца таксама асноўныя грамадскія арганізацыі, што працуюць з дыяспарай: таварыства „Радзіма” і Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”. Сярод кірункаў дзейнасці апошняй чамусьці не згадваецца адзін з вельмі істотных — выданне адмысловай кніжнай серыі, прысвечанай беларускай эміграцыі — „Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Серыя заснаваная ў 2004 г., і на сярэдзіну 2006 г. у ёй былі ўжо выдадзеныя 10 кніг з даследаваннямі, успамінамі, літаратурнымі творамі і інш., звязанымі з беларускімі дыяспарамі ў розных краінах.

Раздзел,„Арганізацыя працы з нацыянальнай дыяспарай у замежных краінах” (134-142) таксама з ліку тых, што былі ў згаданым дакладзе для МЗС. Тут разглядаецца практыка дачыненняў метраполіі з дыяспарай у Расіі, Украіне, Армеmi і Польшчы. Кароткія агляды асаблівасцяў гэтых дыяспаральных супольнасцяў і іх сувязяў з адпаведнымі краінамі ды забеспячэння іх правоў на радзімах — ці не найбольш цікавы матэрыял з усяе кнігі.

Апошні раздзел „Беларускай дыяспары” складае „Гістарыяграфія праблемы” (143-152). У тэксце асветлены асноўныя тэндэнцыі і працы беларускага эміграцыязнаўства ад пачатку 1990-х г. Праўда, аповед фактычна спыняецца на 2000 г. і больш новыя публікацыі тут не згадваюцца. Прычыну гэтай акалічнасці патлумачыць нескладана, бо ўвесь раздзел цалкам уяўляе сабою перадрук часткі вялікага артыкула Галіны Сяргеевай „Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі ХХ ст.”, апублікаванага ў часопісе „Запісы БІНІМ” у 2001 г. (зноў жа ўзяты без аніякіх зменаў i спасылак на сапраўднае аўтарства). У выніку найноўшыя публікацыі ў галіне эміграцыязнаўства засталіся па-за ўвагай складальнікаў кнігі.

Цікава адзначыць, што пададзеная пры канцы кнігі „Бібліяграфія” (153-159) толькі часткова перакрыжоўваецца з папярэдняй гістарыяграфіяй. Шмат якія знакавыя эміграцыязнаўчыя публікацыі не згаданыя ў прыведзеным спісе, у тым ліку „Беларуская эміграцыя” Барыса Сачанкі, зборнікі „Культура беларускага замежжа” пад рэдакцыяй Анатоля Сабалеўскага, зборнік «З гісторыяй на „Вы”» (вып. 3), што складаўся з эміграцыйных матэрыялаў, кнігі Аляксандра Надсана „Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус”, Янкі Запрудніка „Дванаццатка” і іншыя выданні, у тым ліку няма ніводнай манаграфіі з галіны эміграцыйнага літаратуразнаўства (найбольш развітага кірунку даследаванняў беларускай эміграцыі).

Большасць пазіцый у „Бібліяграфіі” ўяўляюць сабой артыкулы з часопісаў ды зборнікаў дакладаў на разнастайных канферэнцыях. Нельга не заўважыць і пэўную, характэрную і для іншых тэкстаў кнігі, недакладнасць і неахайнасць у прыведзеных бібліяграфічных апісаннях. Так, з прапанаванага спіса вынікае наяўнасць дзвюх розных кніг: Макмілін А. „Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і развіцьці беларускай культуры” (Лондан, 2003) і проста „Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры” (Мінск, 2004). Адпавядае рэчаіснасці менавіта другі варыянт. Прыведзеная ў спісе кніга Лявона Юрэвіча „Мемуары па эміграцыі: Крыніцазнаўства і даследаванне” насамрэч мела назву „Мэмуары на эміграцыі: Крыніцазнаўчае дасьледаваньне”. Аўтарам успамінаў „Няясна мроіліся новыя дарогі” быў не аўстралійскі беларус Сымон Шаўцоў, як пададзена ў „Бібліяграфіі”, а беларускі дзеяч з Лондана Юры Весялкоўскі. Са спісу таксама зусім незразумела, што выданні „Беларускі і беларусаведчы друк на Захадзе. Нью-Йорк. Мінск, 2003″ і „Бібліяграфія беларускага друку на Захадзе. Нью-Йорк, 2003″ (назвы ў абодвух выпадках недакладныя) з’яўляюцца дзвюма часткамі агульнай бібліяграфіі беларускага і беларусаведнага друку, першая з якіх прысвечана паасобным выданням, а другая перыёдыкам. І такіх недакладнасцяў у „Бібліяграфіі” багата.

Такім чынам, кнігу „Беларуская дыяспара: Нарысы гісторыі і сучаснага стану” нельга назваць удалым прыкладам абагульняльнай эміграцыязнаўчай працы. На яе старонках не толькі не зроблена сістэматызацыя звестак пра асноўныя дыяспаральныя супольнасці беларусаў, але і замацоўваюцца стэрэатыпныя ўяўленні пра колькасны і якасны стан беларускай грамады ў заходніх краінах. Па-за ўвагай аўтараў засталіся эміграцыязнаўчыя працы апошніх гадоў, што зрабіла шмат якія тэксты кнігі маральна састарэлымі яшчэ да яе выхаду.

Значная колькасць недакладнасцяў у тэкстах „Беларускай дыяспары”, часам прымітыўны стыль аповедаў, выкарыстанне звестак больш як дзесяцігадовай даўніны дэзарыентуе чытача гэтай кнігі, стварае памылковае ўяўленне пра гісторыю і сучаснасць беларускай дыяспары. А ўлічваючы да таго ж прыклады адкрытага плагіяту на старонках выдання, можна сцвярджаць, што кніга дыскрэдытуе і саміх заяўленых яе складальнікаў, і беларускае эміграцыязнаўства, і навуку цалкам.


1 Цалкам тэкст змешчаны на сайце ЗБС „Бацькаўшчына” — http://zbsb.org/art/11.shtml
2 Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мінск,1993. С. 223.
3 Параўн. таксама: Геніюш Л. Споведзь // Геніюш Л. Выбраныятворы / Уклад., прадм. і камент. М. Скоблы. Мінск: Беларускікнігазбор, 2000. С. 311.
4 Сташкевич Н., Тихомиров А. Белорусско-молдавские отношения: прошлое, настоящее и будущее // Белорусы в Молдове. Материалы Международной научно-практической конференции, Кишинев, 6-8 октября 2001 г. Минск, 2001. С. 15-30; Поповская Т. Белорусы в Молдове: из истории формирования белорусской диаспоры // Белорусы в Молдове. Материалы Международной научно-практической конференции, Кишинев, 6-8 октября 2001 г. Минск, 2001. С. 35-42.
5 Папоўская Т. Беларуская эміграцыя міжваеннага перыяду ў Францыі і Аргенціне // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 2. Мінск, 1992. С. 173-181.
6 Язьневіч М. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі і Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лёндане — ля вытокаў дабрачыннай дзейнасьці // Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і разьвіцьці беларускай культуры. Мінск, 2004. С. 102-105.
7 Іваноў М. Гісторыя заснавання і дзейнасці беларускага музея ў Ляймэне (1982-1992) // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 5. Мінск, 1995. С. 109.
8 Ляднёва А. Роля нацыянальных згуртаваньняў у жыцьцядзейнасьці беларускай эміграцыі ў ЗША // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 2. Мінск, 1992. С. 167-172.
9 Жук-Грышкевіч Р. Дзейнасць канадскай дыяспары // Культура беларускага замежжа. Кн. 3. Мінск, 1994. С. 163-180.
10 Шалястовіч К. Беларусы Аргенціны // Голас Радзімы. 1993.№15—20. (30 красавіка — 6 чэрвеня).
11 Параўн.: Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. С. 158-164.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусы ў эміграцыі'