БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Гiстарыяграфiя'

Артыкулы па тэме ‘Гiстарыяграфiя’

Публікацыі па гісторыі ў часопісах Беларусі за 2009 г. (Яўген Глінскі)

БГА адкрывае рубрыкуАгляд перыёдыкаў”, у якой будуць рэгулярна анатавацца часопісныя артыкулы і паведамленні па гісторыі Беларусі. У першым выпуску агляд абмежаваны айчыннымі выданнямі, у наступных плануецца змяшчаць анатацыі і на публікацыі ў замежных часопісах.

Беларускі гістарычны часопіс

„Беларускі гістарычны часопіс” выдаецца з 1993 г. і выходзіць штомесячна. Што часопіс уяўляе сабою аўтарытэтнае выданне, вынікае хаця б з пераліку яго заснавальнікаў, сярод якіх Міністэрства адукацыі, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускае таварыства „Веды”. Пазіцыянуецца як „навуковы, навукова-метадычны ілюстраваны часопіс”, г. зн., акрамя ўласна гістарычных тэкстаў, у гэтым перыёдыку друкуюцца таксама артыкулы па методыцы выкладання гісторыі, матэрыялы да ўрокаў і г. д. Наколькі гэта мэтазгодна, улічваючы наяўнасць спецыялізаванага выдання „Гісторыя: праблемы выкладання”, сказаць складана. Што датычыцца „гістарычнай часткі”, то ў ёй немалое месца аддаецца пад матэрыялы, прысвечаныя юбілейным і іншым памятным датам, жыццю і дзейнасці асобных вядомых беларускіх гісторыкаў (матэрыялы пра апошніх, таксама як і рэцэнзіі, за рэдкім выняткам, аглядацца не будуць). Змест асобных нумароў дастаткова разнастайны. Хоць часопіс не выстаўляе нейкіх абмежаванняў наконт геаграфічнага і храналагічнага ахопу тэматыкі матэрыялаў, відавочна, што абсалютная большасць артыкулаў прысвечана гісторыі Беларусі, а ўсеагульная гісторыя рэпрэзентавана невялікай колькасцю прац, што ў цэлым адпавядае структуры беларускай гістарычнай навукі. Куды больш дзіўна выглядае таксама нідзе не дэклараваная, але відавочная перавага артыкулаў пра XIX–XX ст. над артыкуламі ранейшай па часе тэматыкі. Зрэшты, не выключана, што гэта проста супадзенне. Апошняе па парадку, але не апошняе па значнасці, што трэба сказаць агулам пра БГЧ: што часопіс уключаны ВАКам у пералік выданняў для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў. Чытаць далей →

Юліуш Бардах як даследчык ВКЛ і яго спадкаемцаў (Марцэлі Косман)

I

26 студзеня 2010 г. еўрапейская навука панесла непапраўную страту: у Варшаве памёр старэйшына польскай гуманістыкі, знакаміты даследчык і арганізатар навуковага жыцця ў другой палове XX ст. — Юліуш Бардах, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, правадзейны член Польскай акадэміі навук і актыўны член Польскай акадэміі ведаў, удзельнік шматлікіх польскіх і замежных (як усходніх, так і заходніх) навуковых арганізацый, у тым ліку Нацыянальнай акадэміі дэі Лінчэі (Рым)[1], Міжземнаморскай акадэміі навук (Катанія), Таварыства параўнальнай гісторыі грамадскіх інстытутаў імя Жана Бадэна (Бельгія), Таварыства гісторыі права (Парыж), Міжнароднай камісіі па славянскіх даследаваннях Міжнароднага камітэта гістарычных навук, Міжнароднай камісіі па гісторыі дзяржаўных саюзаў і парламентарызму МКГН, Таварыства па старажытных дзяржавах і дзяржаўных саюзах (Бельгія), Гістарычнай камісіі ПАН і АН СССР (сустаршыня). Чалавек-інстытут, які выдатна праявіў сябе ў цяжкія для навукі гады, выдатны аналітык і сінтэтык, надзвычай паспяховы ў дзеяннях; чалавек, які цвяроза глядзіць на рэчаіснасць і кіруецца думкай у будучыню. Ён меў за сабой багаты жыццёвы досвед[2].
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Пра так званую “школу праваслаўных гісторыкаў”, або Навошта нам заходнерусізм


Для тых, хто сочыць за новымі кнігамі па гісторыі Беларусі, наўрад ці прайшла незаўважанай серыя нядаўна перавыдадзеных Беларускім Экзархатам твораў гістарычнай літаратуры ХІХ ст. Пачатак ёй паклаў нарыс Грыгорыя Кіпрыяновіча (1846–1915) пра гісторыю галоўных хрысціянскіх канфесій у Беларусі і Літве [1], наступным быў зборнік публікацый Міхаіла Каяловіча (1828–1891) [2], а трэцім творам з той жа серыі стаў нарыс Іларыёна Чыстовіча (1828–1893) пра т. зв. “заходнярускую” царкву [3]. Усе названыя кнігі выйшлі велізарным па цяперашнім часе накладам – па 3–4 тыс. асобнікаў! Чытаць далей →

Аляксандр Казакоў. Гістарыяграфія Аршанскай бітвы 1514 г.: дасягненні і праблемы1


Аршанская бітва 1514 г., стаўшы рэзанансавай падзеяй сваёй эпохі, была вядомая ў Вялікім Княстве Літоўскім як “Вялікай бітва” [1]. Заняла яна і прыкметнае месца ў нацыянальным гістарычным дыскурсе суверэннай Беларусі пачатку 90-х г. XX ст. Бітва пад Оршай выкарыстоўвалася як прыклад паспяховага змагання беларусаў супраць замежнай агрэсіі нароўні з бітвай Грунвальдскай. На сённяшні дзень, аднак, афіцыйная гістарычная палітыка па зразумелых прычынах не знаходзіць месца Аршанскай бітве ў калектыўнай памяці беларусаў. Тым не менш яна працягвае выклікаць пэўны грамадскі інтарэс, які чакана ўзрос у сувязі з яе 500-годдзем. “Жыццё” гэтай падзеі ўгістарыяграфіі розных эпох і гістарычнай памяці народаў само па сабе становіцца прадметам даследавання [2]. Чытаць далей →

АКІНШЭВІЧ, ЛЕЎ. Выбранае / укладальнікі, [пад рыхтоўка тэкстаў, агульнае рэдагаванне, ка ментары, паказнік]: НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА і ЛЯВОН ЮРЭВІЧ. Мінск: Кнігазбор, 2021. 405 с., VIII іл. (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 42. Спадчына: агледзіны)


Матэрыялы зборніка размешчаны ў некалькіх раздзелах згодна з характарам тэкстаў і з тэматыкай. Тэматычны падзел абраны для першых тэкстаў кнігі, дзе надрукаваны навуковыя артыкулы Акіншэвіча, напісаныя ў розныя часы. Яны скампанаваны ў тры блокі: “Агульная гісторыя”, “Да гісторыі беларускага права” і “Да гісторыі беларускага казацтва”. За імі ідзе частка аўтарскіх рэцэнзій, напісаных гісторыкам у розныя гады і на розныя тэксты. У цэлым гэтыя раздзелы можна было аб’яднаць у адзін вялікі блок уласных навуковых (месцамі – навукова-папулярных) прац Льва Акіншэвіча.

Другая частка кнігі, як можа падацца на першы погляд, уяўляе сабой амаль абавязковы для такіх выданняў дадатак: яна ўтрымлівае адзін мастацкі тэкст Акіншэвіча, яго ўспаміны, фрагменты перапіскі з рознымі асобамі, а таксама водгукі іншых аўтараў на выступы і артыкулы самога Льва Акіншэвіча. Аднак у кантэксце навуковых тэкстаў, абраных укладальнікамі для публікацыі, менавіта фінальныя раздзелы выглядаюць неабходнымі – без іх карціна творчасці ўкраінска-беларускага гісторыка была б надзвычай няпоўнай, што вельмі важна ў гэтым выпадку. Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Іншадумства акадэмічнай інтэлігенцыі ў БССР эпохі адлігі.


Мала які перыяд гісторыі пасляваеннай БССР характарызаваўся такім уздымам інтэлектуальнага жыцця, як дзесяцігоддзе пасля ХХ з’езда КПСС. Палітыка дэсталінізацыі вярнула ў савецкае грамадства адносную свабоду слова, творчасці і навуковых пошукаў. Як згадвалі сведкі тых падзей, людзі пазбыліся страху і пачалі гаварыць [1]. Аднак, у адрозненне ад Украіны ці іншых былых рэспублік СССР, аб праявах вальнадумства ў БССР той эпохі нават гісторыкам вядома зусім мала. За чатыры дзесяцігоддзі пасля таго, як Янка Запруднік адзначыў, што іншадумства як з’ява ў нас “не даследавана і нават належна не ўдакументавана” [2], сітуацыя мала змянілася. Хоць публікацыя матэрыялаў была распачата даўно, у даведачных выданнях, прысвечаных апазіцыйнаму руху [3], знойдзем досыць сціплыя звесткі пра некаторых беларускіх “шасцідзясятнікаў”, да таго ж мала звязаныя з архіўнымі крыніцамі. Сярод даследаванняў ёсць пакуль толькі шэраг артыкулаў і зборнік, прысвечаныя асобным сюжэтам і постацям той эпохі [4]. Зусім нядаўна гістарыяграфія ўзбагацілася першай спецыяльнай манаграфіяй па тэме культурнага іншадумства ў Беларусі [5], але яна пра перыяд пасля адлігі.

Ніжэй прапануем некаторыя вынікі даследавання, прысвечанага вальнадумству сярод гуманітарнай інтэлігенцыі ў БССР 60-х гадоў або праявам яе дысідэнцтва. Думаю, калі пад дысідэнцтвам разумець выказванне нязгоды з агульнапрынятымі ў СССР ідэалагічнымі нормамі, каштоўнасцямі і ўстаноўкамі, пацверджанае пэўнымі дзеяннямі [6], то ў такім шырокім сэнсе многіх нашых герояў можна было б называць дысідэнтамі. Аднак, каб пазбягаць атаесамлення з палітычным і праваабарончым рухам, больш адпаведным падаецца выкарыстанне тэрміна “іншадумцы” [7]. Галоўную базу крыніц даследавання склалі архівы партыйных арганізацый інстытутаў грамадскага аддзялення АН БССР, якія зберагаюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, а таксама эпіс талярная спадчына некаторых удзельнікаў тых падзей.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. “Новае” старое пра бітву пад Грунвальдам


Калі я паглядзеў далей, дык толькі таму, што стаю на плячах гігантаў.

Ісак Ньютан

* Гагуа, Руслан Б. Грюнвальд в источниках: „Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410″. Пинск: ПолесГУ, 2009. — 208 с.

Займацца бітвай пад Грунвальдам (Дуброўнай) гісторыку цяпер няпроста — яе бібліяграфія налічвае тысячы пазіцый[1], і каб пісаць нешта сваё, трэба, ясная рэч, вызначаць стаўленне да напісанага папярэднікамі. У гэтай сувязі выхад кнігі Руслана Гагуа, прысвечанай адной з асноўных крыніц даследавання славутай бітвы, можна было б лічыць падзеяй, асабліва ўлічваючы тое, што яна аказалася першай манаграфіяй у сціплым спісе беларускага грунвальдазнаўства. Шырокай аўдыторыі аматараў гісторыі яна пэўна і ўяўляецца гэтакім піянерскім дасягненнем айчыннага гісторыяпісання, пагатоў у анатацыі шматабяцальна абвяшчаецца: „Комплекснае даследаванне хронікі дазволіла аўтару па-новаму інтэрпрэтаваць розныя аспекты славутай бітвы». А вось гісторыкаў такое дэклараванне комплекснасці і асабліва навізны інтэрпрэтацый павінна хутчэй насцярожыць, чым абнадзеіць. Хоць бы таму, што „Хроніка канфлікту» (далей — ХК) у большай ці меншай ступені трапляла ў фокус увагі большасці даследчыкаў, якія спецыяльна займаліся „Вялікай вайной» 1409-1411 г. і яе галоўнай бітвай, а таксама таму, што актуальнай застаецца праца Свэна Экдаля[2] — этапная ў крыніцазнаўстве бітвы пад Грунвальдам, у якой грунтоўна разгледжана і ХК. Дык ці не занадта смела заяўлена? Каб разабрацца, трэба чытаць, чым мне і давялося заняцца. Чытаць далей →

Тумаш, Вітаўт. Выбранае: уклад., камент. Н. Гардзіенкі, Л. Юрэвіча. Мінск, 2020 (Сяргей Емяльянаў).


ТУМАШ, ВІТАЎТ. Выбранае: уклад., падрыхт. тэкстаў, рэдаг., камент. НАТАЛЛІ ГАРДЗІЕНКІ, ЛЯВОНА ЮРЭВІЧА. Мінск: Кнігазбор, 2020. 541 с. (Бібліятэка Бацькаўшчыны; Спадчына: агледзіны)

Да нашых дзён у айчыннай гістарычнай літаратуры застаецца незаўважаным той факт, што беларуская гістарыяграфія другой паловы ХХ ст. абавязкова мае разглядацца ў фармаце яе дзвюх адрозных частак – савецкай і эміграцыйнай. Па традыцыі, якая, дарэчы, выразна сягае каранямі менавіта ў часы БССР, пад “беларускай гістарыяграфіяй” 1940–1980-х гадоў разумеюцца працы, створаныя ў савецкай Беларусі. Натуральна, гэта можна патлумачыць пераемнасцю сучаснай афіцыйнай, ды й, умоўна кажучы, “незалежнай” навукі, калі зважаць на “паходжанне” нашых аўтараў – іх адукацыю, навучанне ў папярэднікаў, працу ў рамках інстытуцый ды нават рамкі, што накладаюцца традыцыяй напісання і рэдагавання тэкстаў. Падаецца, што зварот да эміграцыйных гісторыкаў калі і адбываецца, то толькі эпізадычна – або ў адмысловых тэкстах, прысвечаных дзейнасці беларусаў замежжа, або ў тых выпадках, калі вядзецца пра нейкія дыскусіі паміж эміграцыйнымі і савецкімі гісторыкамі.
Чытаць далей →

Kouida, Artem. Melioration im Belarussischen Polesien. Die Modernisierung der sowjetischen Peripherie (1965–1991). Wiesbaden, 2019 (Таццяна Астроўская)


KOUIDA, ARTEM. Melioration im Belarussischen Polesien. Die Modernisierung der sowjetischen Peripherie (1965–1991). Wiesbaden, 2019. 280 S., 19 Abb., 1 Karte. (Historische Belarus- Studien 7)

Калі ў дачыненні да Беларусі час ад часу ўзнікае азначэнне “перыферыя”, то Беларускае Палессе можна было б ахарактарызаваць як “перыферыю перыферый”. З прычыны прыродных асаблівасцяў і дастатковай аддаленасці ад цэнтра і вялікіх гарадоў спачатку Расійскай імперыі, а пасля Польскай рэспублікі і Савецкай дзяржавы, Палессе атрымала “славу” глушы і глыбокай правінцыі, якая яшчэ доўга яе пераследавала. А галоўная прыродная асаблівасць (ці славутасць) Палесся – балота – ператварылася яшчэ і ў метафару – адсталасці і інертнасці, якая нярэдка выкарыстоўвалася і пры азначэнні сучаснага (да 2020 г.) грамадства Беларусі. Як нагадвае аўтар рэцэнзаванага выдання Арцём Куйда, забалочаныя мясціны яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. займалі да адной трэці ўсёй тэрыторыі Беларусі. І сёння, пасля дзесяцігоддзяў меліярацыйных высілкаў, плошча балот, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, перасягае такую ва ўсіх заходнееўрапейскіх дзяржавах разам ўзятых (241). Гісторыя, тапаграфія і экалогія Палесся павінны займаць істотнае месца ў гісторыі і ідэнтычнасці Беларусі. І тым не менш, даследаванню гэтага рэгіёна пакуль не аддавалася належная ўвага.
Чытаць далей →

ŚLESZYŃSKI, WOJCIECH. Historia w służbie polityki. Zmiany polityczne a konstruowanie przekazu historycznego na ziemiach białoruskich w XX i XXI wieku. Białystok, 2018. 468 S.


Пытанні, звязаныя з выкарыcтаннем і інтэрпрэтацыяй мінулага ў палітычных кантэкстах, у апошнія гады сталі прадметам асаблівай увагі. Звычайна гэтыя даследаванні знаходзяцца ў межах memory studies і маюць інтэрдысцыплінарны характар. У іх удзельнічаюць прадстаўнікі розных сацыяльных навук – гісторыкі, сацыёлагі, культуролагі, даследчыкі міжнародных адносін, псіхолагі ды інш. Сярод такіх даследаванняў толькі зрэдку сустракаюцца працы, прысвечаныя Беларусі [1], так што кніга польскага гісторыка Войцаха Сляшыньскага стала важным папаўненнем іх нешматлікага шэрагу.
Чытаць далей →

Альбіна Семянчук. Новае слова ў вывучэнні летапісання ВКЛ


* ЛИЦКЕВИЧ, ОЛЕГ В. “Летописец великих князей литовских” и “Повесть о Подолье”: опыт комплексного критического разбора. С.-Петербург: Дмитрий Буланин, 2019. 928 с., 16 с. [цв. вкл.]

У 2019 г. у санкт-пецярбургскім выдавецтве Дзмітрыя Буланіна выйшла кніга беларускага даследчыка Алега Ліцкевіча «“Летописец великих князей литовских” и “Повесть о Подолье”: опыт комплексного критического разбора». У ёй аўтар упершыню за 35 гадоў [1] звярнуўся да комплекснага вывучэння айчыннага летапісання, а менавіта да вывучэння двух самых старажытных помнікаў гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага – “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” і “Аповесці пра Падолле”. Аўтар манаграфіі даказвае, што сёння існуе пяць рэдакцый “Летапісца” і тры рэдакцыі “Аповесці пра Падолле”. “Летапісец” выразна падзяляецца на дзве часткі: 1) ад пераліку сыноў Гедыміна да ўцёкаў Вітаўта з Крэўскага замка; 2) ад уцёкаў Вітаўта ў Прусію да сустрэчы з зяцем, вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам, у Смаленску. Чытаць далей →

Лена Глагоўская. Юры Туронак і яго нефармальная “школа” беларусазнаўчых даследаванняў


Пасля ІІ сусветнай вайны ў Польшчы па-за беларускай філалогіяй у Варшаўскім універсітэце (з 1956 г.) і Інстытутам славістыкі ПАН няшмат праводзілася даследаванняў у галіне беларусазнаўства, асабліва па гісторыі. Іх не было ў праграмах польскіх навуковых асяродкаў. Падзеі, звязаныя з Беларуссю, з’яўляліся ў сумежных даследаваннях. Найбольш вартасныя артыкулы і апрацоўкі былі напісаны Аляксандрай Бергман, Аляксеем Дэругам і Ежы Тамашэўскім. Толькі ў 1979 г. выйшла “Historia Białorusi” Марцэлія Космана. Беларускую тэматыку найчасцей закраналі з нагоды разважанняў пра польска-савецкія суадносіны ў міжваенны перыяд. Асаблівым парадоксам было тое, што найбольшыя дасягненні ў сферы даследаванняў над гісторыяй Беларусі ХХ ст. праявілі асобы, не звязаныя прафесійна з навуковымі інстытутамі. Адной з іх была Аляксандра Бергман (былая дзяячка КПЗБ, жыла ў 1906–2005 г.), якая занялася даследаваннем беларускіх спраў у міжваеннай Польшчы, будучы на пенсіі. Чытаць далей →

Леанід Зашкільняк. „Паверхі“ і „лесвіцы“ сучаснай украінскай гістарыяграфіі


Метафарычная назва гэтага эсэ тлумачыцца спробай даць агульную характарыстыку сучаснага стану ўкраінскай гістарыяграфіі. У цэлым гэта справа няўдзячная, паколькі за гады ўкраінскай незалежнасці гісторыяпісанне зрабілася такім разнастайным і шматколерным, што звесці яго да якіх-небудзь тыповых груп вельмі складана. Тым не менш, суб’ектыўны погляд на тое, што мы называем сучаснай украінскай гістарыяграфіяй, можа быць у нечым карысны. Трэба дадаць, што ў навуковай перыёдыцы да пытанняў сучаснай гістарыяграфічнай творчасці звярталася нямала прафесійных гісторыкаў, гэтая праблематыка неаднаразова абмяркоўвалася на канферэнцыях, кангрэсах і семінарах[1]. A адзін польскі гісторык — Томаш Стрыек — прысвяціў ёй фундаментальную навуковую манаграфію[2].
Чытаць далей →