БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Палеміка'

Артыкулы па тэме ‘Палеміка’

Аляксандр Груша. Крытычныя нататкі з нагоды новай працы Э. Гудавічуса.


Гудавичюс, Эдвардас. История Литвы. Т. 1. С древнейших времён до 1569 года. Москва: Фонд им. И.Д.Сытина, Baltrus, 2005. — 679 с.

З’яўленне ў Мінску рускамоўнай версіі „Гісторыі Літвы» Эдвардаса Гудавічуса выклікала пэўны ажыятаж. Кнігарні рассылалі рэкламныя праспекты кнігі, калегі-гісторыкі жыва цікавіліся адзін у аднаго, хто ўжо набыў кнігу. І не выпадкова: не так часта выходзяць сінтэзы па гісторыі Літвы, цесна звязанай з гісторыяй Беларусі, ды яшчэ такога масцітага аўтара, як Гудавічус. Асабіста я меў да кнігі „спажывецкі» інтарэс — мяне цікавілі не канцэптуальныя падыходы аўтара, а толькі некаторыя праблемы: як узнікла буйное землеўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім (далей — ВКЛ); як сяляне трапілі ў асабістую залежнасць ад шляхты; як сфармаваўся погляд на ВКЛ як патрыманіяльнае ўладанне вялікага князя; як аўтар адносіцца да праблемы феадалізму на землях Літвы ў прыватнасці і ВКЛ наогул у святле апошніх даследаванняў „феадальных адносінаў» у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама праблемы, якія так ці інакш звязаны з папярэднімі. Усё гэта тыя з’явы, якія найбольш рэльефна адрозніваюць мінулае грамадства ад сучаснага: Сярэднявечча ад Найноўшага часу. Чытаць далей →

Сяргей Токць. Абуджэнне заходнерусізму ў інтэграцыйным канструктывізме А. Бендзіна


Исторический поиск Беларуси: альманах / Сост. А. Ю. Бендин. Минск: Экономпресс, 2006. — 416 с.

У 2006 г. у Мінску ўбачыў свет альманах „Гістарычны пошук Беларусі», асновай для якога паслужылі матэрыялы навуковага семінара, прысвечанага памяці вядомага гісторыка Ігара Аржахоўскага. Задачей гэтага семінара, паводде сцверджання ўкладальніка альманаха Аляксандра Бендзіна, з’яўляецца „кансалідацыя навукова-даследніцкіх сілаў, здольных спалучаць распрацоўку сучасных інтэрпрэтацый гістарычных праблем з актыўным пошукам новых дакументальных матэрыялаў». Дынаміку працы ў акрэсленым кірунку надало „захапленне пошукам новых парадыгмаў у даследаванні гістарычнай рэальнасці i адмаўленне ідэалагічных стэрэатыпаў, якія замацаваліся ў найноўшых гістарычных даследаваннях». Чытаць далей →

Андрэй Ціхаміраў. Гісторыя нацыяналізму без нацыяналізму.


Булгаков, Валер. История белорусского национализма. Вильнюс: Ин­ститут белорусистики, 2006. — 331 с.

Праблема беларускага нацыяналізму i нацыятворчага працэсу — адна з асноўных для беларускай гуманістыкі. У большасці выпадкаў гэтае пытанне разглядаецца ў межах гістарычнай ці сацыялагічнай навукі і да нядаўняга часу не было предметам дастатковай рэфлексіі іншых дысцыплін. У філасофскім вымярэнні працэсам утварэння беларускай нацыі цікавіліся Ігнат Абдзіраловіч, Уладзімір Самойла, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Конан i іншыя. Спробы разгляду гэтай праблематыкі ў інтэрдысцыплінарным вымярэнні, як здаецца, патрабуюць прынамсі калектыўнай працы некалькіх аўтараў, спецыялістаў у сваіх галінах, але з агульнымі метадалагічнымі прынцыпамі i згодай наконт тэрміналогіі. Аднак, магчыма, праца аднаго аўтара значна спрашчае та­кое даследаванне, бо не патрабуе пастаянных кампрамісаў i дыскусій i дазваляе зразумела выказацца адной асобе.
Чытаць далей →

Геранім Граля. Ці была Рэч Паспалітая каланіяльным утварэннем?

“Д’ябал хаваецца ў дэталях…”

Фрыдрых Ніцшэ

Гэтыя развагі я пачну з апеляцыі не да моднай апошнім часам сярод навукоўцаў практыкі апісваць першую Рэч Паспалітую праз прызму посткаланіяльнай тэорыі, а да падзеі, якая мела шырокі розгалас у польскіх СМІ. Так, 7 кастрычніка 2015 г. папулярная пісьменніца Вольга Такарчук, даючы інтэрв’ю тэлеканалу “TVP Info” (праграма “Пасля восьмай вечара”) з нагоды ўручэння ёй літаратурнай прэміі “Ніке”, зрабіла наступную заяву: “Мы прыдумалі сабе гісторыю Польшчы як талерантнай, адкрытай краіны, краіны, якая ва ўзаемаадносінах са сваімі меншасцямі нічым сябе не запляміла. Тым часам мы рабілі жудасныя рэчы, выступаючы як каланізатары, як нацыянальная большасць, што прыгнятала меншасці, як рабаўладальнікі”. Гэтае інтэрв’ю інспіравала шалёную атаку на пісьменніцу з боку многіх палітычных асяродкаў –асабліва нацыянальна-кансерватыўнага крыла, выклікала хвалю несканчонага флэйму, а таксама прымусіла сяго-таго выступіць з канкрэтнымі захадамі, накіраванымі на пакаранне пісьменніцы, напрыклад заявай аб пазбаўленні яе статусу ганаровага грамадзяніна яе роднага горада Нова Руда [1]. Чытаць далей →

Марэк Фігура, Лукаш Стаськевіч. Помнік князю Альгерду ў Віцебску як элемент гістарычнай палітыкі Беларусі.


На працягу апошніх гадоў у гістарычнай палітыцы Беларусі можна заўважыць паступовыя змены. Усё часцей у ёй з’яўляюцца элементы, якія маюць дачыненне да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку да найбуйнейшых дзеячоў той эпохі. Вельмі важны кампанент такой палітыкі – стварэнне помнікаў у гонар нацыянальных герояў. І калі гаварыць пра будаўніцтва на Беларусі новых помнікаў, дык можна заўважыць пэўныя змены ў стаўленні да гэтага пытання з боку органаў улады. Яшчэ да нядаўняга часу ўшанаванне колішніх уладароў Вялікага Княства Літоўскага выглядала немагчымым ці малаімаверным. Ды нават і цяпер, нягледзячы на пэўныя змены ў гэтай сферы, такія спробы выклікаюць эмоцыі і дыскусіі. Адным з прадметаў такіх спрэчак стала асоба князя Альгерда. Чытаць далей →

Рышард Радзік. Дапаможнік па дзяржаўнай ідэалогіі


Увесну 2004 г. у Мінску ўбачыў свет падручнік для вышэйшых школ пад назваю „Основы идеологии белоруского государства“[1]. У „Прадмове“ да яго напісана: „В идеологии должен быть, во–первых, мировоззренческий стержень. По мнению авторов книги, этим стержнем является белорусская гражданственность, национальное государственное сознание и патриотизм“ (4). Яшчэ не разгарнуўшы працу, можна задацца пытаннем: ці дапушчальна ў дэмакратычным, плюралістычным грамадстве абавязваць студэнцкую моладзь — будучую эліту краіны — засвойваць адзіны ідэалагізаваны малюнак (прыняўшы, што ён падаецца як звязнае цэлае, а не як дыскусія паміж прыхільнікамі розных ідэалагічных выбараў), які ахоплівае усе бакі грамадскага жыцця ў краіне? Калі такі падручнік выступае элементам палітычнай і ідэалагічнай індактрынацыі грамадства, то адказ павінен быць адмоўны.
Чытаць далей →

Алесь Груша. «Малапрыстасаваныя» рэкамендацыі ці мала-падрыхтаваныя рэцэнзенты?


Пад час знаёмства з рэцэнзіяй супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (далей — НГАБ) А. М. Латушкіна і З. Л. Яцкевіча[1] на «Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі рукапісных актавых кірылічных крыніц у Беларусі (XIII—XVIII стст., перыяд Вялікага княства Літоўскага»[2] (далей — «МР») міжволі ўзнікае некалькі пытанняў: няўжо ў тэксце амаль на 170 старонак, які размеркаваны на больш чым 1000 артыкулаў, няма ніводнай карыснай і кампетэнтнай рэкамендацыі; як атрымалася, што такому «малападрыхтаванаму» аўтару, якім з’яўляецца А. І. Груша, даручылі такую складаную (як адзначаюць рэцэнзенты, «вартую намаганняў цэлага аддзела ці нават інстытута») і адказную працу; нарэшце, куды глядзела рэдкалегія на чале з навуковым рэдактарам, вядомым расійскім археографам Г.Харашкевіч? Але, быць мо­жа, «МР» з’яўляюцца «малапрыстасаванымі» не для ўсіх пуб­лікатараў; быць можа, прычына не ў кваліфікацыі аўтара «МР», а рэдкалегія даволі паспяхова справілася са сваімі задачамі? Давайце разбярэмся.
Чытаць далей →

Алесь Смaлянчук. У пошуках ворага польскай нацыі


* Winnicki, Zdzisław Julian. Współczesna doktryna i historiografia biało­ruska (po roku 1989) wobec Polski i polskości. Wrocław, 2003. 621 s.

Польска–беларускія адносіны ніколі не набывалі такой вастрыні і напружанасці як, напрыклад, польска–літоўскія ў 20—30–я г. ХХ ст. ці польска–ўкраінскія пад час Другой сусветнай вайны. Аднак і яны перыядычна азмрочваліся канфліктамі, прычынай якіх найчасцей было нежаданне або няздольнасць зразумець іншы бок. Пра ўсё гэта красамоўна сведчыць складаны лёс польскай супольнасці ў Беларусі і беларускай — у Польшчы. Праўда, ацэньваючы пазіцыю беларускага боку, трэба ўлічваць, што на працягу большай часткі мінулага стагоддзя нацыянальную палітыку на беларускіх землях вызначала не эліта беларускай нацыі, а засланыя з Масквы чыноўнікі, якія рупліва ажыццяўлялі праграму стварэння „савецкага народа“. Зрэшты, цалкам самастойным не было таксама кіраўніцтва ПНР. Чытаць далей →

Ігар Лялькоў. Да пытання аб пранямецкіх і антысавецкіх настроях у БССР перад II сусветнай вайной


Адной з найбольш пашыраных тэзаў, створаных беларускай гістарыяграфіяй савецкіх часоў, можна лічыць сцвярджэнне пра „ўсенародную барацьбу ў Беларусі супраць нямецка–фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны“. Аднак у яе праўдзівасці лёгка засумнявацца — дастаткова звярнуцца да агульнадаступных лічбаў.

Па звестках перапісу насельніцтва 1939 г. у Беларусі на пачатак Другой сусветнай вайны жыло 8912,2 тыс. чалавек[1]. Паколькі мне засталіся недаступнымі звесткі пра ўзроставую структуру насельніцтва ў той перыяд, думаю, што будзе дастаткова карэктна зыходзіць з дадзеных перапісу 1959 г., калі дзеці ў веку да 16 гадоў складалі 31,3%. Такім чынам, умоўна можна лічыць, што на пачатак нямецка–савецкай вайны 1941—45 г. колькасць дарослага насельніцтва ў БССР складала каля 6 млн. 122,7 тыс. чалавек (пры гэтых падліках ігнаруецца як натуральны прырост насельніцтва ў 1940—1941 г., які мусіў гэтую лічбу павялічыць, так і верагодна большая рэальная доля дзяцей у 1941 г. у параўнанні з 1959 г.[2], якая яе мусіла зменшыць). Чытаць далей →

Чарота, Іван. Беларуская мова і царква (Ігар Клімаў)


Чарота, Іван А. Беларуская мова і царква. Мінск: БДУ, 2000. 119.

Аўтарам кнігі пад такой шматабяцальнай назвай з’яўляецца філолаг–літаратуразнавец, які загадвае кафедрай славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага універсітэта; рэцэнзентам кнігі выступіў Павел Шуба, вядомы мовазнавец з той жа ўстановы, якога ўжо няма сярод жывых. Хоць жанр выдання ў выхадных звестках не пазначаны, у анатацыі гаворыцца, што кніга разглядаецца выдаўцамі як навуковая праца: „манаграфія доктара філалагічных навук прафесара Чароты Івана Аляксеевіча — першая ў айчыннай і замежнай філалогіі спроба комплексна прааналізаваць праблему «Беларуская мова і Царква»“ (3). На карысць прафесійнай падрыхтоўкі аўтара мусіць сведчыць і той факт, што ён узначальвае секцыю мастацкага пера­кладу Саюза беларускіх пісьменнікаў і з’яўляецца сакратаром беларускай біблійнай камісіі беларускага экзархата Рускай Права­слаўнай Царквы (далей РПЦ), якая існуе пры мітрапаліце Філарэце з 1989 г. ды займаецца перакладам Св. Пісьма на сучасную беларускую мову (на жаль, плён яе працы пакуль сціплы, за 10 гадоў дзейнасці перакладзена толькі тры Евангеллі). Аўтар пад­крэслівае, што ў напісанні сваёй кнігі абапіраўся на вопыт перакладчыцкай і да­следчыцкай працы гэтай камісіі (5). Нарэшце, дадатным бокам кнігі з’яўляецца даволі прадстаўнічая бібліяграфія (152—174), якая налічвае больш за 300 пазіцый.
Чытаць далей →

Пра месца палякаў у навачаснай гісторыі Беларусі (Станіслаў Рудовіч)


* Смалянчук, Аляксандр Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. / Пад рэд. С.Куль-Сяльверставай. Гродна: ГрДУ, 2001. 322 с.

Перапісам 1897 г. на тэрыторыі пяці заходніх губерняў Расійскай імперыі (Віленскай, Гарадзенскай, Менскай, Віцебскай і Магілёўскай) было зафіксавана 424,2 тыс. чалавек (5% насельніцтва рэгіёна), якія лічылі сваёй роднай мовай польскую. На тэрыторыі, прыкладна адпаведнай сучаснай Рэспубліцы Беларусь, жылі 156,5 тыс. (2,4%) польскамоўных насельнікаў. Але гэта — мінімальныя лічбы, якія акрэсліваюць самае ўстойлівае „нацыянальнае ядро» мясцовай польскай супольнасці. Рэальна польская прысутнасць на беларускіх землях была прыкметна большай, бо пад польскім асіміляцыйным уплывам у той або іншай ступені знаходзілася вялікая частка беларускамоўных каталікоў, з-за чаго ў максімальным выражэнні колькасць „польскага элемента» на Беларусі магла дасягаць 838,9 тыс. чалавек (13% насельніцтва). Чытаць далей →

Пытанні на заўтра (Алесь Смалянчук)


Хачу павіншаваць калегу з выдатнай рэцэнзіяй. Больш грунтоўнага разбору маіх тэкстаў яшчэ не было. Калі я правільна зразумеў рэцэнзента, ён не адвяргае самую канцэпцыю працы, хоць выказвае некалькі вельмі істотных заўвагаў і ставіць шэраг прынцыповых пытанняў.

Першая заўвага датычыць «рабочага » вызначэння нацыі. Вось яно: нацыя — гэта сацыяльная група, прасякнутая нацыянальнай свядомасцю, складовымі якой з’яўляюцца ўсведамленне супольнасці інтарэсаў, адметнасці ўласнай культуры, мовы, рэлігіі і палітычнай гісторыі, уяўленне пра ўласную этнічную тэрыторыю. Пры гэтым, каб быць нацыяй, дастаткова мець адну альбо болей з пералічаных характэрных якасцяў. Як лічыць рэцэнзент, гэтае паняцце не працуе ў дачыненні да названага перыяду, а выраз „каб быць нацыяй, дастаткова мець адну альбо болей з пералічаных характэрных якасцяў» дазваляе, напрыклад, аднесці да нацыі ўсіх каталікоў Еўропы.
Чытаць далей →

Belarus: Between the East and the West (Cяргей Запрудскі)

Belarus: Between the East and the West // International Journal of Sociology. Fall 2001. Vol. 31. No. 3. 93 p.; Winter 2001—2002. Vol. 31. No. 4. 91 p.

У двух нумарах „Міжнароднага часопіса сацыялогіі“, укладзеных супрацоўніцай кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта Ганнай Энгелькінг і аб’яднаных агульным загалоўкам „Беларусь: паміж Усходам і Захадам“, змешчаны працы васьмі польскіх і беларускіх аўтараў, прысвечаныя розным праблемам гістарычнага і сучаснага быцця Беларусі. Абодва нумары адкрываюцца ўступнымі словамі рэдактаркі, у якіх яна знаёміць чытача (меркавальна перадусім заходняга) са спецыфікай беларускай сітуацыі і зместам нумароў. Рэдактарка зазначае, што Беларусь вельмі мала ведаюць — прычым не толькі на Захадзе, але і ў суседніх краінах. Што да Захаду, то там нярэдка бытуюць спрошчаныя ўяўленні, згодна з якімі Беларусь ёсць усяго толькі нешта накшталт „малой Расіі“. Між тым геапалітычнае становішча Беларусі вельмі важнае і яно можа служыць падставай як для паспяховага развіцця ў будучыні, так і для стварэння вялікай пагрозы — „не толькі для Беларусі, але таксама для Еўропы і ўсяго свету“.
Чытаць далей →