Новы нумар


Беларуская думка XX стагоддзя. Варшава, 1998 (Арсень Ліс)

Беларуская думка XX стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура. Анталогія. Укладанне, прадмова і апрацаванне Ю. ГарбінскАГА. Варшава, 1998. 741.

Выданне, пра якое пойдзе гаворка, даўно мела грамадскае запатрабаванне. Яго актуальнасць у кантэксце духоўнага жыцця сучаснай Беларусі відавочная.

Рупліва, з пачуццём навуковай і грамадзянскай адказнасці падабраныя ўкладальнікам і каментатарам Анталогіі Юрыем Гарбінскім тэксты разгортваюць шырокую, без мала на стагоддзе, панараму развіцця беларускай грамадскай, філасофскай і культуралагічнай думкі.

Пакладзены ў аснову структуры кнігі храналагічны прынцып кампаноўкі матэрыялу дазваляе выразна бачыць этапы развіцця грамадскай думкі і дэтэрмінацыю іх пэўнымі вехамі гістарычнага шляху беларусаў у XX ст. А шлях гэты быў адметны як сваімі здабыткамі, так і стратамі. Адна з найважнейшых асаблівасцяў экзістэнцыі беларускага этнасу ў XX ст. палягала на тым, што яму амаль увесь час даводзілася жыць пад уладай таталітарных і аўтарытарных рэжымаў, для якіх, па сутнасці, не існавала каштоўнасці жыцця асобнага чалавека, разумення агульналюдскай вартасці кожнай этнічнай супольнасці паасобку. Акрамя таго, беларусам цягам доўгага часу даводзілася вытрымліваць уціск дэнацыяналізацыі, якая з 30–х г. набыла татальны характар. Да таго штучна, адміністрацыйным парадкам, за апошняе стагоддзе скарачаўся этнічны абшар пражывання беларусаў, асабліва ў памежных рэгіёнах.

Ёмісты том выдання ўключае артыкулы, трактаты, эсэ, фрагменты з манаграфій — плён працы каля шасцідзесяці аўтараў, філосафаў, палітыкаў, літаратараў, царкоўных дзеячаў, вучоных.

Тэксту кожнага аўтара ў корпусе кнігі папярэднічаюць сціслыя біяграфічныя даведкі. Накіданыя ўкладальнікам сілуэты мысляроў, грамадска–палітычных дзеячаў, творцаў мастацкага слова, вучоных для чытача, схільнага да рэфлексіі, — спажытак для душы, нагода для роздуму не толькі над лёсам асобных прадстаўнікоў нацыі, але ў цэлым пра шляхі беларусаў у завяршальным стагоддзі найноўшага часу.

Анталогія складаецца з сямі раздзелаў. У першым, названым „Прарокі нацыянальнай ідэі“, аб’яднаны творы адзінаццаці аўтараў. Імёны іх — Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Антон Луцкевіч, Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі, Мітрафан Доўнар–Запольскі, Язэп Лёсік, Аляксандр Цвікевіч, Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Самойла — гавораць за сябе. Уражанне, што ў гэтым шэрагу не хапае дванаццатага, а менавіта — Алеся Гаруна–публіцыста.

Вызваленчы рух часоў рэвалюцыі і пачарговых зменаў акупацыі даў творчы імпульс „беларускаму актывізму“ (У.Самойла) 20–х г., якія, нягледзячы на драматычны падзел беларускага этнасу дзяржаўнымі межамі суседзяў, сталі гадамі кансалідацыі маладой нацыі, пазначаны высокім плёнам беларускай духоўнасці. Менавіта з 20–і г., і пра гэта добра сведчыць Анталогія, звязаны ці не найбольшыя здабыткі беларускай філасофскай, грамадска–палітычнай і царкоўнай думкі. Яе выдатна рэпрэзентуюць змешчаныя ў Анталогіі працы Ігната Канчэўскага, Аляксандра Цвікевіча, Антона Луцкевіча.

Публіцыстычную спадчыну У.Талочкі, як і творы іншых беларускіх аўтараў, палітыкаў, культурна–грамадскіх дзеячаў, чые творы змешчаны ў наступным разделе, Ю.Гарбінскі здабыў з польскамоўнага штодынёвіка „Przegląd Wileński“, рэдагаванага ад 1911 г. Людвікам Абрамовічам, лідэрам краёвай ідэалогіі і адным з яе творцаў. Асноўны пастулат краёвасці як ідэалагічнай канцэпцыі, паводле Л.Абрамовіча, Т. Урублеўскага, М.Ромера, К.Скірмунта і іншых прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі, палягаў на неабходнасці ўсведамлення жыхарамі літоўска–беларускага краю супольнасці гістарычнай, палітычнай, культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага дзеля гарманічнага сужыцця ўсіх спрадвеку жыўшых тут народаў.

Перыядычны орган краёўцаў паслядоўна трымаўся дэмакратычных прынцыпаў, што было асабліва важна ў абставінах аўтарытарызацыі палітычнага рэжыму міжваеннай Польшчы. На старонках яго пастаянна друкаваліся аўтары, якія з прычын абсалютна аб’ектыўных не маглі не быць у апазіцыі да паноўнага ў краіне сацыяльна–палітычнага курсу. На старонках „Przeglądu Wileński“ з беларускімі праблемамі ў іх аб’ектыўным, а не афіцыйным асвятленні мог пазнаёміцца польскі чытач. Газета была ўдзячнай трыбунай і для выказу беларускай грамадскай думкі ў асобе такіх яе прадстаўнікоў, як А.Луцкевіч, У.Самойла, У.Талочка, А.Стаповіч і іншыя.

Вельмі самавіты чацвёрты раздзел Анталогіі, у якім пададзена публіцыстычная творчасць Казіміра Сваяка, Вячаслава Багдановіча, Уладыслава Талочкі, Янкі Станкевіча, Альбіна Стаповіча, Тамаша Грыба, Адама Станкевіча, Вінцука Гадлеўскага, Мікалая Шкялёнка. Як творчасць іх папярэднікаў, публіцыстычнае слова названых культурна–грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, вучоных прасякнута высокім клопатам пра лёс беларускага этнасу, скіравана на ягоную абарону і сцвярджэнне натуральнага права яго на нармальнае развіццё. Зразумела, што ў іх публіцыстыцы асэнсаваны новыя тэмы, сюжэты ў рамках універсальнай па сваёй сутнасці нацыянальнай ідэі.

Калі філасофскія эсэ У.Самойлы, І.Канчэўскага, царкоўна–гістарычныя нарысы В.Багдановіча, літаратурна–філасофскія эцюды А.Цвікевіча пасля шматгадовага ўвязення ў спецхранах за кароткія гады свабоды сталі даступнымі шырокай грамадскасці, то творчасці такога самавітага публіцыста, як Уладыслаў Талочка, літаральна адкрыта ўкладальнікам Анталогіі. Імя гэтае, на жаль, не знайшло належнага месца ў немалалікіх ужо беларускіх энцыклапедыях, апынулася не ўлічаным у сучасных рэестрах здабыткаў нацыянальнай культуры.

На жаль, у гэты раздзел і наогул у „Анталогію беларускай думкі XX ст.“ не трапілі творы такога самавітага аналітыка і рупліўца на ніве грамадскай беларушчыны, як Станіслаў Грынкевіч. Без уліку творчай спадчыны Станіслава Грынкевіча наўрад ці мажліва канчаткова ідэнтыфікаваць публіцыстыку, створаную літаратарам пад псеўданімам „Дрыгвіч“, хоць гіпотэза Ю.Гарбінскага і выглядае праўдападобнай.

Страцяць чытачы паважанага выдання і ад таго, што ў яго не трапілі хоць бы фрагменты з брашуры Альбіна Стаповіча „Беларусы і дзяржаўная незалежнасць“ (1929).

З аўтараў эміграцыі, чые творы аб’яднаны ў шостым раздзеле Анталогіі, асаблівую цікавасць выклікае глыбокааналітычны тэкст гісторыка Льва Акіншэвіча і плённыя росшукі і абагульненні па гісторыі культуры Беларусі Вітаўта Тумаша.

Храналагічна завяршаюць „Анталогію беларускай думкі XX ст.“ філасофскія і публіцыстычныя развагі пра сённяшні стан беларускай дзяржаўнасці, яе праблемы, духоўны патэнцыял нацыі. Публікацыі Аляксея Каўкі, Уладзіміра Конана, Юрыя Хадыкі, Анатоля Майсені, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Алеся Адамовіча, Міколы Крукоўскага, Аляксея Рагулі, Сяргея Дубаўца, Леаніда Лыча, Альфрэда Майхровіча, Юрыя Туронка і іншых філосафаў, палітолагаў, гісторыкаў, пісьменнікаў, культуролагаў і дзейных палітыкаў усе разам пераканаўча сведчаць пра новы этап узыходжання беларускай грамадскай думкі, дэтэрмінаваны заваёвай суверэнітэту Беларусі і засцярогай страты яго.

Трэба сказаць, што ўкладальнік Анталогіі вельмі ўважлівы да ўсіх праяваў і формаў беларускай грамадскай думкі, у якіх бы крыніцах яны ні паказваліся свету. Каб прасачыць эвалюцыю нацыянальнай ідэі, няпростыя шляхі беларускага самаўсведамлення, ён патрапляе выбраць адпаведныя тэксты нават з пратаколаў пасяджэння прадстаўнікоў І канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б) або з апошняга слова падсуднага старшыні Беларускай сялянска–работніцкай грамады Браніслава Тарашкевіча, з рарытэтаў даўняй перыёдыкі. Менавіта багацце крыніц дазволіла ўкладальніку Анталогіі так шырока і рэпрэзентатыўна паказаць беларускую грамадскую думку ў яе філасофскай і культуралагічнай мадыфікацыях.

Адна думка–канстанта пранізвае, аб’ядноўвае ўсе публікацыі, змешчаныя на сямістах з лішкам старонках Анталогіі: толькі дзяржаўная незалежнасць можа рэальна забяспечыць нацыі этнаахоўны статус і дазволіць ёй рэалізаваць у поўным аб’ёме свае творчыя патэнцыі. Пад канец другога тысячагоддзя беларускі народ апынуўся на крутым павароце свайго гістарычнага шляху, а яго грамадская думка — на новым, інтэнсіўным вітку развіцця.

Арсень Ліс
Менск

Tags: , , , ,