Новы нумар


Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1—2 (Віталь Галубовіч)


Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1/ Рэд. кал.: Р.П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2000. 266 с.; Вып. 2. 2001. 360 с.

У 2000 г. беларуская гістарычная навука нарэшце атры­мала доўгачаканае выданне, прысвечанае археаграфіі, архівазнаўству і архіўнай справе, крыніцазнаўству, тэксталогіі, гісторыі дзяржаўных устаноў, якое было названа „Беларускі археаграфічны штогоднік“ (БАШ). Два тамы БАШа за 2000—2001 г. ужо сталі заўважнай з’явай айчыннай гістарыяграфіі, але з–за мізэрнага накладу (па­значана толькі 100 асобнікаў) зборнікі недасягальныя нават для спецыялістаў і бібліятэк правінцыйных ВНУ.

Выданне рыхтуецца сумесна супрацоўнікамі створанай у 1999 г. Археаграфічнай камісіі Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Беларускім навукова–даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы. Неабходна адзначыць, што БАШ з’яўляецца першай рэалізаванай спробай беларускіх архівістаў заснаваць уласны часопіс. Намаганні айчынных навукоўцаў пачатку 30–х г. ХХ ст., як вядома, скончыліся беспаспяхова (Вып. 1, с. 3), а ў 50—80–я г. ХХ ст., калі не існавала нават асобнага гістарычнага часопіса для БССР, такі тэматычны перыёдык не меў перспектываў.

Адметнасцю БАШа як спецыялізаванага выдання з’яўляецца больш шырокая праблематыка публікацый у адрозненне ад аналагічных замежных выданняў, што выклікана адсутнасцю на Беларусі традыцыі падрыхтоўкі такіх перыё­дыкаў, недахопам спецыялістаў і сродкаў (Вып. 1, с. 3—4). У адпаведнасці з пастановай Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2000 г. БАШ мае наступную тэматычную структуру: артыкулы, пры­свечаныя тэорыі, гісторыі і методыцы археаграфіі, архіва­знаўства, дакумента­знаўства і крыніцазнаўства; агляды і апісанні архіўных фондаў і калекцый гістарычных дакументаў; публікацыі дакументаў; матэрыялы па гісторыі дзяржаўных устаноў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў; матэрыялы па краязнаўстве; матэрыялы пра аўтаматызаваныя архіўныя тэхналогіі і электронную дакументацыю; інфармацыя пра архівазнаўства за мяжой; бібліяграфія, рэцэнзіі, хроніка, юбілеі (Вып. 1, с. 4). Але, як відаць з першых выпускаў, пошук структуры выдання працягваецца.

Цэнтральная тэматычная частка штогодніка — раздзел „Археаграфія“. У двух першых нумарах выдання друкуюцца матэрыялы М. Шумейкі, прысвечаныя станаўленню беларускай археаграфіі ў ХIХ— пач. ХХ ст. Аўтар аналізуе пераважна ўжо добравядомыя археаграфічныя выданні таго часу. Думаецца, што гэтая публікацыя стане пачаткам серыі матэрыялаў па гісторыі археаграфіі. На сённяшні дзень было б мэтазгодна ў большай меры засяродзіць увагу на археаграфічным вывучэнні тых публікацый дакументаў, у тым ліку перыядычных, якія не трапілі ў вядомую манаграфію М. Улашчыка і толькі згадваюцца ў працы М. Шумейкі. Даўно наспеў час зрабіць грунтоўны абагульняльны аналіз публікацый дакументаў па беларускай гісторыі, якія падрыхтавалі польскія навукоўцы ў ХIХ—ХХ ст.

У раздзеле „Археаграфія“ звяртае на сябе ўвагу артыкул У. Казлова і А. Міхальчанкі „Некаторыя пытанні археаграфіі як гістарычнай дысцыпліны“, змешчаны ў другім выпуску штогодніка. Гэты матэрыял, па словах галоўнага рэдактара першых выпускаў БАШа Р. Платонава, з’яўляецца першай у краіне за апошнія гады публікацыяй, прысвечанай тэарэтычна–метадалагічным і метадычным праблемам археаграфіі (3). Як пазначаюць самі аўтары, у артыкуле была зроблена спроба адшукаць „законы альбо заканамернасці ў той сферы чалавечай жыццядзейнасці, якую вывучае археаграфія“ (6). З трох частак артыкула першая прысвечана характарыстыцы археаграфіі як навуковай дысцыпліны, дзе У. Казлоў і А. Міхальчанка спыніліся на асноўных археаграфічных паняццях і ахарактарызавалі гістарычныя этапы станаўлення археаграфіі. У другой частцы артыкула „Асновы археаграфічнай тэорыі“ вызначаюцца прадмет і аб’ект археаграфіі, прынцыпы выяўлення і сістэматызацыі, крытэры фільтрацыі і выбару асноўнага тэксту дакумента для дакументальнай публікацыі, а таксама прынцыпы перадруку тэксту ды інфармацыйнага суправа­джэння дакументаў для дакументальнай публікацыі. Асобна даецца тыпалогія археаграфічных выданняў. Аўтары адзначаюць, што „найбольш важнай заканамернасцю дакументальнай публікацыі з’яўляецца яе біпалярнасць. З аднаго боку, яна заклікана забяспечыць найлепшае набліжэнне да самога дакумента, а з другога — найбольшае набліжэнне дакумента да карыстальніка. Аднак гэтая біпалярнасць не антаганістычная, а арганічная. Нават парушэнне раўнавагі біпалярнасці, напрыклад, свядомыя і несвядомыя скажэнні тэксту дакумента, недакладныя каментары і інш., з’яўляецца ўсяго толькі зменай тыпу дакументальнай публікацыі“ (14—15). Апошняя частка артыкула прысвечана такой спецыфічнай заканамернасці існавання дакументальных публікацый, як узаемадзеянне апошніх з грамадскай свядомасцю.

Сярод іншых публікацый раздзела „Археаграфія“ неабходна адзначыць таксама матэрыялы Г. Запартыкі, прысвечаныя гісторыі калекцыі аўтографаў з Бібліятэкі і музея старажытнасцяў А. Ельскага ў Замосці (Вып. 1), а таксама агляд археаграфічных і архівазнаўчых публікацый у часопісе „Архівы і справаводства“, які зрабіў С. Асіноўскі (Вып. 2).

Другі асноўны раздзел БАШа ўтрымлівае матэрыялы, датычныя архівазнаўства і архіўнай справы. У першым выпуску выдання свае развагі адносна кірункаў развіцця архіваў на Беларусі прапанаваў А. Міхальчанка. Аўтар адзначае, што «само слова „архіў“ больш не мае адназначных адносін толькі да паперы» (57), а ў працы архівіста паўстае адной з асноўных задач выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій (60). Абсалютна слушнай падаецца думка пра неабходнасць стварэння фонду копій дакументаў айчынных і замежных архіваў шляхам сканавання (61), але ў сённяшняй сітуацыі з айчыннай навукай хіба актуальнейшым будзе стварэнне фонду падтрымкі беларускай археаграфіі. Значную цікавасць выклікае артыкул С. Жумара „Публікацыі архіўных даведнікаў на Беларусі ў 1990–х г.“. У да­следаванні крытычна аналізуюцца дасягненні айчынных архівістаў у справе падрыхтоўкі архіўных даведнікаў за апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст. Ацэньваючы станоўча сам факт з’яўлення новых даведнікаў, С. Жумар канстатуе наяўнасць шматлікіх недахопаў. Падсумоўваючы агляд публікацый, аўтар адзначае, што пачатак ХХI ст. будзе характарызавацца пэўным запавольваннем актыўнасці ў разгляданай сферы, але якасць выданняў палепшае (90). У гэты ж раздзел першага выпуску БАШа ўвайшоў агляд дакументальных матэрыялаў фонда „Радзівілы, князі“ А. Галубовіч, артыкул С. Рыбчонка, прысвечаны праблеме перапісу яўрэйскага насельніцтва на Беларусі ў другой палове ХIХ ст. і інш.

Раздзел „Архівазнаўства і архіўная справа“ ў другім выпуску штогодніка пачынаецца з артыкула С. Жумара „Архіў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі“. С. Жумар адзначае: „Відавы склад дакументаў архіва дастаткова аднародны, так як АІГ — гэта, па сутнасці, калекцыя ўспамінаў былых партызанаў, вайскоўцаў, падпольшчыкаў“ (73). Толькі нязначную частку архіва складаюць аўтэнтычныя дакументы часоў Другой сусветнай вайны (75). Сам архіў, які пачаў фармавацца з 50–х г. ХХ ст. дзякуючы намаганням члена–карэспандэнта, а потым акадэміка АН БССР І. Краўчанкі (75), увесь час свайго існавання пакутваў ад адсутнасці ўліку і забеспячэння захаванасці дакументаў, з–за чаго значная колькасць дакументаў была страчана (79). С. Жумар мяркуе, што на сённяшні дзень у архіўнай калекцыі захоўваецца больш за 1000 успа­мінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны (80). Сярод іншых цікавасць выклікае таксама публікацыя „Дакументальныя матэрыялы XVI—XVIII ст. у фондах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі“, падрыхтаваная Г. Брэгерам і Л. Лінскай. Гэтым матэрыялам, дарэчы, распачынаецца праца па публікацыі археаграфічнага апісання дакументаў XVI—XVIII ст. з фондаў НМГКБ. Тут дадзена характарыстыка 46 дакументаў, большасць якіх паходзіць з родавых архіваў Слізняў і Быхаўцаў (102). У артыкуле В. Пазднякова «„Беларуская энцыклапедыя“ і архівы: здабыткі і праблемы супрацоўніцтва» звернута ўвага на факты і матэрыялы з айчынных і замежных архіваў, якія ўпершыню былі апублікаваны на старонках „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“. Аўтар акрэслівае кола асоб (архівістаў, гісторыкаў), чый персанальны ўнёсак у стварэнне энцыклапедыі асабліва заўважальны.

Асобная частка зборніка прысвечана праблемам крыніцазнаўства. Магчыма, менавіта дадзены раздзел стане падмуркам для з’яўлення асобнага крыніцазнаўчага выдання, паколькі іншага шляху для хутчэйшага развіцця гэтага перспектыўнага кірунку айчыннай гістарычнай навукі няма. Сумарна ў раздзеле „Крыніцазнаўства“ ў двух выпусках БАШа змешчана восем артыкулаў. Распачынаецца раздзел матэрыялам Г. Кісялёва „Над старымі радкамі“, дзе аўтар знаёміць чытача з досведам уласнай працы ў НГАБ у Мінску і непасрэднымі вынікамі пошукаў, на якіх заснаваны шматлікія публікацыі даследчыка. Наступны артыкул раздзела належыць галоўнаму рэдактару БАШа Р. Платонаву. На падставе аналіза крыніц аўтар прапануе ўласнае бачанне cутнасці, прызначэння і этапаў правядзення працэсу беларусізацыі ў 20–х г. мінулага стагоддзя. Актуальнасць працы Р. Платонаў абгрунтоўвае адсутнасцю манаграфічных даследаванняў дадзенай праблемы (127). Р. Платонаў сцвярджае, што беларусізацыя была ў значнай ступені спробай кіраўніцтва КП(б)Б адхіліць беларускую інтэлігенцыю ад уплыву на сялянства (129). Адзначаецца, што беларусізацыя „стала дзецішчам нацыянальна–арыентаванай часткі КП(б)Б, якая ў 1920–я г. выступала своеасаблівым рухавіком вырашэння ў рэспубліцы нацыянальнага пытання“ (138), а згортванне яе было „вынікам сілавых дзеянняў, прамых і тайных, звышінтэрнацыяналісцкага крыла, якое на рубяжы 1920—1930 г. ператварылася ў непадзельна пануючае“ (150). У першым выпуску БАШа змешчаны агляд гістарыяграфіі і крыніц па праблеме палітычных рэ­прэсій на Беларусі ў 1920—1950–х г. У. Адамушкі. Аналізуючы дакументальныя багацці асобных архіваў, У. Адамушка адзначае, што толькі ў архівах Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь захоўваецца звыш 175 тыс. спраў у адносінах 250 тыс. чалавек, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій (162). Аўтар звяртае ўвагу на наяўнасць імянной картатэкі на болей чым 150 тыс. рэпрэсаваных асоб, якая была створана ў Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводстве РБ, на падставе якой былі складзены ў 1991—1997 г. спісы ахвяр палітычных рэпрэсій па асобных гарадах і раёнах краіны (162—163).

З матэрыялаў раздзела „Крыніцазнаўства“, якія ўвайшлі ў другі выпуск БАШа, вылучаецца, на нашу думку, артыкул В. Насевіча „Комплекс дакументаў да гісторыі адной беларускай мікрапапуляцыі“. Праведзенае даследаванне мае значную каштоўнасць у якасці ілюстрацыі крынічных рэсурсаў і кірункаў пошуку звестак па гісторыі невялікіх паселішчаў. Ёсць падставы для выкарыстання артыкула В. Насевіча ў якасці дадаткаў да курса „Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі“. Тры наступныя артыкулы другога выпуску закранаюць розныя аспекты Другой су­светнай вайны на Беларусі: Я. Бараноўскі аналізуе дакументы па гісторыі мінскага падполля, Э. Іофэ — зборнікі дакументаў па праблеме Халакоста, апублікаваныя на Беларусі, а І.Варанкова разглядае частку эпісталярнай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, раней не ўведзеную ў навуковы зварот, якая складаецца з нямецкіх лістоў.

Раздзел „Тэксталогія“ прадстаўлены ў БАШы двума артыкуламі. У першы выпуск увайшоў артыкул М. Мушынскага „Першы поўны збор твораў Янкі Купалы: канцэпцыя выдання і яе практычнае ўвасабленне“, а ў другім выпуску змешчаны артыкул Т. Біндзіч „Рукапісная беларуская лацінка“, у якім аўтарка актуалізуе праблему вывучэння беларускай (старабеларускай) лацінкі.

Істотна адрозніваецца першы і другі выпуск БАША памерамі раздзела „З гісторыі дзяржаўных устаноў“. Першы зборнік змяшчае толькі артыкул У. Ракашэвіча, прысвечаны такой спецыфічнай установе, як Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецтва БССР у 1923—1991 г., сярод функцый якой былі і цэнзурныя. У другім выпуску зборніка раздзел „З гісторыі дзяржаўных устаноў“ складаецца ажно з сямі розных матэрыялаў: А. Груша аналізуе інфармацыйныя элементы фармуляра дакументаў канцылярыі ВКЛ 40–г. XV — першай паловы XVI ст. (адзнака пра асоб, якія былі сведкамі прыняцця рашэння аб выдачы дакумента ці аддавалі загад аб яго падрыхтоўцы, подпісы вялікага князя, канцлера і інш.), С. Рассадзін прэзентуе адшуканы ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве прывілей 1643 г. на магдэбургію м. Казімежу ў Бабруйскім старастве, З. Яцкевіч закранае пра­блему набілітацыі мяшчан у ВКЛ, І. Шпілеўская звяртаецца да гісторыі мытнай службы Мінска XV—XVI cт., У. Ракашэвіч дае агляд дзейнасці Дзяржаўнага арбітража БССР за 1921—1991 г., Р. Платонаў характарызуе стан валодання беларускай мовай кіраўнічай элітай БССР ў 20–я г. ХХ ст., М. Бандарэнка асвятляе праблему беларусі­зацыі ў вайсковых частках Чырвонай арміі ў 1920—1930–я г.

Другі выпуск БАШа ўтрымлівае шэраг новых раздзелаў. У раздзеле „Постаці“ Г. і А. Запартыкі друкуюць унікальны матэрыял — частку „Формулярного списка о Священноцерковнослужителях, с их семействами, церкви Собственнаго Его Императорского Величества Дворца за 1850 год“, прысвечаную знакамітаму беларускаму гісторыку і археографу І. Грыгаровічу. Збярогся гэты дакумент у асабістым архіве сям’і Грыгаровічаў, а цяпер захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (260). Вялікія перспектывы для БАШа мае раздзел „У замежных архівах“. С. Новікаў, аўтар адзінай публікацыі, якая ўвайшла ў дадзены раздзел, зрабіў агляд архіўных фондаў Федэральнага ваеннага архіва Германіі (Bundesarchiv–Militärarchiv) у Фрайбургу, якія адлюстроўваюць нямецкую акупацыйную палітыку на Беларусі ў 1941—1944 г. Аналізуючы найбагацейшыя зборы фрайбургскага архіва, С. Новікаў адначасова адзначыў, што ў фондзе міністэрства Розенберга ўтрымліваецца ўдвая менш дакументаў, чым у Расійскім дзяржаўным ваенным архіве ў Маскве, а аналагічны нямецкаму фонд Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзе захоўваюцца дакументы аб дзейнасці генеральнага камісара Кубэ, складаецца з 3421 справы, у той час як у Фрайбургу на ўліку знаходзяцца толькі 18 спраў (270). С. Новікаў таксама заўважае, што выкарыстанне даследчыкамі фондаў Федэральнага ваеннага архіва для вывучэння шматлікіх праблем гісторыі Беларусі 1941—1944 г. „можна лічыць бясспрэчным фактам сучаснай нямецкай гістарыя­графіі“ (275—276).

Найбольш разнастайны і стракаты па змесце раздзел БАШа атрымаў назву „Дакументы“. Раздзел укамплектаваны пераважна адносна невялікімі тэматычнымі публікацыямі дакументаў з адпаведнымі каментарамі. Так, у першы выпуск штогодніка ўвайшлі: публікацыя акта аб раздзеле маёмасці Брагіна ў 1574 г. (М. Спірыдонаў), дакумент з Метрыкі па гісторыі справаводства канцылярыі ВКЛ першай паловы XVI ст. (А. Груша), шэраг матэрыялаў аб паўстанні 1794 г. (Я. Анішчанка), дакументы, якія засведчваюць факты катаванняў у турмах і лагерах пад час польскай акупацыі Беларусі ў 1919—1920 г. (Р. Платонаў), два новыя дакументы, датычныя М. Доўнара–Запольскага, адшуканыя ў НАРБ у Мінску (В. Селяменеў). У другім выпуску БАШа апублікаваны: чатыры канфірмацыйныя прывілеі з Метрыкі ВКЛ часоў Жыгімонта I Старога і Жыгімонта II Аўгуста (В. Мянжынскі, Ю. Несцяровіч), аўтабія­графічная нататка М. Доўнара–Запольскага пра яго службовую і навуковую дзейнасць (В. Лебедзева), урывак з успамінаў загадчыка партархіва ЦК КП(б)Б Ф. Папова аб эвакуацыі партархіва ў г. Уфу на пачатку Вялікай Айчыннай вайны (В. Свярчкоў), а таксама паведамленне С. Жумара пра знаходку ў НАРБ у Мінску страчанага яшчэ ў гады акупацыі (1941—1944 г.) дакумента аб масонах на Беларусі з фондаў Дзяржаўнага музея БССР.

Значны аб’ём БАШа займаюць інфармацыйныя раздзелы — „Бібліяграфія. Рэцэнзіі. Інфармацыя“, „Хроніка“, некралогі: у 1 вып. aгулам 29 с., у 2 вып. — 49 с. Выданне забяспечана паказальнікам спіса аўтараў.

На вялікі жаль, прафесар Р. Платонаў,  плёнам працы якога і быў „Беларускі археаграфічны штогоднік“, у 2001 г. пакінуў гэты свет.

Віталь Галубовіч

Наваполацк

Наверх

Tags: , ,