Новы нумар


Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование (Юры Грыбоўскі)

Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование / Г.Д.Кнатько, В.И. Адамушко, Н.А. Бондаренко, В.Д. Селеменев; Под ред. Г.Д.Кнатько. Минск, 2001. 336 с.

Кніга з’яўляецца падсумаваннем ранейшых напрацовак па праблеме прымусовага выгану беларускага насельніцтва на працу ў Райх, апублікаваных айчыннымі і замежнымі даследчыкамі ў 1990–я г. У савецкі час гэтая тэма згадвалася ў асноўным у кантэксце разгляду пытанняў гітлераўскага генацыду і антыфашысцкага руху ў Беларусі ў гады вайны.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У прадмове (с.5—14) аўтары робяць поўны агляд савецкай, сучаснай беларускай і замежнай гістарыяграфіі. У першым раздзеле („Крах «бліцкрыга»  як імпульс да з’яўлення остарбайтэраў“, 15—29) з’ява „беларускіх остарбайтэраў“ разглядаецца ў кантэксце агульнага асвятлення пытання замежных працоўных у Райху. Так, зазначаецца, што яшчэ ў 1940 г. у Нямеччыне знаходзілася каля аднаго мільёна працоўных з акупаваных Нямеччынай краін. Даючы характарыстыку дзяржаўным органам у Трэцім Райху, якія займаліся забеспячэннем кіравання працоўнай сілай, аўтары падкрэсліваюць, што гэтыя функцыі  выконвалі райхсміністэрствы для акупаваных усходніх тэрыторый і эканамічны штаб „Усход“ (24). Таксама зазначаецца, што да практыкі выкарыстання іншаземнай прымусовай працоўнай сілы нямецкі ўрад звяртаўся яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, пасля таго як у 1914 г. выйшла распараджэнне вайсковага ведамства аб затрыманні на сваёй тэрыторыі цывільных грамадзян краін, з якімі Нямеччына  знаходзілася ў стане вайны, і накіраванні іх на т.зв. тэрміновыя работы (18).

Другі раздзел „Выган насельніцтва ў Нямеччыну“ (30—109) прысвечаны распрацоўцы планаў гвалтоўнага вывазу беларускага насельніцтва і непасрэднаму ажыццяўленню гэтых злачынстваў. Аўтары асвятляюць становішча Беларусі напярэдадні нямецка–савецкай вайны, а перш–наперш — дэмаграфічнае. Праўда, аўтары, прыводзячы афі­цыйныя дадзеныя аб колькасці насельніцтва рэспублікі ў 1939 г., не зважаюць на шэраг фактараў, якія паўплывалі на змену колькасці грамадзян на працягу 1939—1941 г. (32—33). Вынікі вышэйзгаданага перапісу былі сфабрыкаваны савецкім кіраўніцтвам, і апеляваць да іх не варта. Тут таксама падрабязна характарызуюцца планы гітлераўцаў у дачыненні да Беларусі яшчэ да нападу на СССР. Так, напрыклад, усходнімі ведамствамі Нямеччыны планавалася ўключыць у склад генеральнай акругі Беларусь абшар з гарадамі Мінск, Баранавічы, Магілёў, Смаленск, Віцебск (33). Аўтары кранаюць праблему дачынення беларускіх нацыянальных арганізацый, у прыватнасці — Саюза Беларускай Моладзі (СБМ) і Беларускай Нацыянальнай Самапомачы (БНС) да вывазу цывільнага насельніцтва на захад (50—53, 75—81). Яшчэ адзін момант кнігі — насычанасць лічбамі: колькасць прымусова вывезеных, лік запланаваных, людскія страты, групаванне грамадзян па пэўных катэгорыях і г.д. Так, напрыклад, згодна з улікам насельніцтва на 25 сакаві­ка 1943 г., праведзеным акупацыйнымі органамі, на тэрыторыі генеральнай акругі Беларусь было зарэгістравана 2 903 468 чал., тады як у Нямеччыну ў гэты час было вывезена 40 тыс. чал. У наступныя месяцы нацысты прапаноўвалі павялічыць гэтую лічбу больш чым утрая (68—71).

У наступным раздзеле „Становішча беларускіх остарбайтэраў у Райху“ (110—167) асвятляюцца іх жыллёвыя ўмовы, медычнае абслугоўванне, харчаванне, узаемаадносіны ўсходніх працаўнікоў з мясцовым нямецкім насельніц­твам. Тут можна знайсці звесткі пра распрацоўку гітлераўцамі адзнак для остарбайтэраў — нарукаўных апасак (115—117). Аўтары адзначаюць стаўленне беларускай палітычнай эміграцыі ў Нямеччыне да беларускіх остарбайтэраў. Цікава, што дзеячы Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) намагаліся весці свой улік падняволеных (165—167).

Апошні раздзел кнігі „Рэпатрыяцыя“ (168—297) распавядае пра складаны працэс вяртання остарбайтэраў на радзіму. Варта падкрэсліць, што ў працы падаюцца звесткі не толькі пра прымусова вывезеных працаўнікоў у Нямеччыну, але і пра іншыя катэгорыі беларускага насельніцтва, якія за гады вайны апынуліся па–за межамі Беларусі. Так, прыводзяцца ўрыўкі з дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія ўскосна сведчаць пра вяртанне ў БССР беларусаў–вайскоўцаў польскіх вайсковых адзінках у складзе брытанскага войска, а таксама нараджэнцаў Заходняй Беларусі, якія ў міжваенны час выехалі ў Францыю, і інш. (288—289). Разам з тым адзначаецца, што, ня­гледзячы на руплівую арганізацыю з савецкага боку вяртання жыхароў свайго абшару на радзіму, шмат нашых суайчыннікаў засталіся на чужыне. На думку аўтараў працы, „невяртанцамі“ стала не менш за 100 тысяч беларусаў, пераважна з заходняй часткі краіны.

У пасляслоўі (298—303) аўтары асвятляюць сучасны стан былых остарбайтэраў і стаўленне цяперашняй нямецкай дзяржавы да праблемы былых нявольнікаў.

Уражвае спіс выкарыстанай па тэме літаратуры і крыніцаў. Акрамя фондаў айчынных і расійскіх архіваў выкарыстаны дакументы з Бундэсархіва ў Кобленцы, а таксама Вайсковага федэральнага архіва, які знаходзіцца ў Фрайбургу (306). Да ліку апошніх адносяцца: дакументацыя Галоўнага камандавання Вермахта, Службы кантролю над вайсковай прамысловасцю, Эканамічнага штаба „Усход“ і інш.

Юры Грыбоўскі

Мінск

Tags: ,