Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 1995 Т.2 Сш. 1

Том 2 Сшытак 1 (Жнівень 1995)

Студзеня 2, 2011 |

БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД

Том 2 Сшытак 1 (Жнівень 1995)

Зьмест

Артыкулы
Марына Сакалова. Да мэтадалёгіі аналізу грамадзка-палітычных рухаў. C. 3-14
Людміла Дучыц. Балты i славяне на тэрыторыі Беларусі ў пачатку II тыс. н.э. C. 15-30
Аляксандар Смалянчук. Гістарычная сьвядомасьць i ідзалёгія палякаў Беларусі i Літвы пачатку XX ст. C. 31-40

Інтэрвію
Зачараваны Вялікім Княствам. Размова з прафэсарам Ю. Бардахам. C. 41-48

Пераклады

Ёган Гейзынга. Нацыяналізм у сярэднявеччы. C. 49-64

Аўгуст Нічкэ. Праблематыка гістарычнай антрапалёгіі С. 65-74

Архіваліі
Франц Кушаль. Спробы арганізацыі Беларускага Войска пры нямецкай акупацыі Беларусі. Камэнтар Аляксея Ліцьвіна. С. 75-94

Новая гістарычная літаратура: агляды i рэцэнэіі
Sherratt, Andrew. What would a Bronze Age world system look like? (Мікола Крывальцэвіч).  С. 95-100
Magocsi, Paul Robert. Historical Atlas of Central Europe (Антон Мірановіч). С. 100-104
Serczyk, Jerzy. 25 wieków historii: Historycy i ich dzieła (Альбіна Семянчук). С. 104-107
Рогалев, Александр Ф. Этнотопонимия Беларуси (на фоне этнической истории) (Руф Агеева). С. 107-112
Александров Д., Володихин Д. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII-XVІ в. (Генадзь Сагановіч). С. 112-121
Boockmann, Hartmut. Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Geschichte (Генадзь Сагановіч). С. 121-124
Ekdahl, Sven. Die Schlacht bei Tannenberg 1410 (Генадзь Сагановіч). С. 124-129
Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVIII w. (Генадзь Семянчук). С. 129-132
Сьлюнькова, Інэса. Малавядомая карта верхняга цячэньня Заходняй Дзьвіны XVI ст. (Расьціслаў Боровы). С. 132-134
Kamiński, Czesław; Kurpiewski, Janusz. Katalog monet polskich (1587-1632) (Іван Сінчук). С. 135-138
Waidenberg, Marek. Kwestie narodowe w Europie ŚrodkowoWschodniej (Юры Вашкевіч). 138-142
Eberhart, Piotr. Przemiany narodowościowe na Białorusi (Аляксандар Смалянчук). С. 142-152

Хроніка
Першая беларуска-нямецкая канфэрэнцыя гісторыкаў (Захар Шыбека). С. 153-155
Новыя кнігі, атрыманыя рэлакцыяй. С. 156

Contents

Марына Сакалова. Да мэтадалёгіі аналізу грамадзка-палітычных рухаў / Артыкул

Жніўня 24, 1995 |


Актуальнасьць гістарычна-мэтадалягічнага аналізу сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў абумоўленая шэрагам прычынаў. Сярод ix адной з фундамэнтальных ёсьць крызысны стан сучаснай гістарычнай навукі. Яго часам спрабуюць тлумачыць тым, што гістарыяграфія доўгі час мусіла разьвівацца ў рамках марксысцкай парадыгмы, калi шматлікія галіны мінулага выключаліся з поля зроку дасьледчыкаў, а тое, што вывучалася, цярпела ад скажэньняў. Пэўная рацыя ў такіх развагах ёсьць. Але прычына ня толькі ў гэтым. Пасьля адмаўленьня ад мэтадалёгіі марксызму гісторыкі пачалі падазрона ставіцца да ўсіх формаў тэорыі i апынуліся ў палоне фэтышызацыі першакрыніц. Яны быццам забыліся, што гістарычнае дасьледаваньне ня можа мець каштоўных вынікаў без рэфлексіяў на прадмет структураваньня эмпірычных дадзеных, магчымага толькі ў рамках пэўнай тэорыі. Як ведама, пабудова тэорыі — гэта распрацоўка канцэптуальнага апарату i ўсталяваньне адносінаў паміж паняцьцямі, г. зн. пабудова сыстэмы паняцьцяў. Калі ж дасьледчык ня ўлічвае неабходнасьці такой рэфлексіі, не ўдакладняе сэнсу паняцьцяў, якімі карыстаецца, даходзіць да тэрміналягічнай блытаніны, што можа абумовіць размываньне, нявызначанасьць i нават страту прадмета дасьледаваньня. Менавіта такая сытуацыя, на наш погляд, склалася ў галіне вывучэньня гісторыі грамадзка-палітычны рухаў: адсутнасьць адпаведнага канцэптуальнага апарату шкодзіць карэктнаму навуковаму аналізу i адэкватнай рэканструкцыі гэтых рухаў.

Характэрнае для нашай сытуацыі i тое, што працы па гісторыі грамадзка-палітычных рухаў уяўляюць зь сябе ў асноўным публікацыю й абагульненьне новых эмпірычных дадзеных. Клясычныя эмпірычныя падыходы быццам атрымалі другое дыханьне дзякуючы новым галінам дасьледаваньня (прыкладам, гісторыя лібэральных ці нацыянальных партый i г. д.). Але i ў ix магчымасьці экстэнсіўнага разьвіцьця хутка вычарпальныя (калі не лічыць гістарычным дасьледаваньнем выяўленьне ўсё новых дробных i найдрабнейшых фактаў, што маюць значэньне толькі для гістарычнага краязнаўства), — паўстае ілюзія поўнай вывучанасьці прадмета. Менавіта такая ілюзія прывяла да таго, што гісторыі грамадзка-палітычных рухаў надаецца так мала ўвагі: здаецца, праблематыка тут практычна вычарпана. Але на самой справе вычарпаныя толькі магчымасьці вузка-эмпірычнага i дагматычнага марксысцкага падыходу да фэномэну.

Так што пабудова цэласнай тэорыі грамадзка-палітычных рухаў у гістарычнай навуцы дастаткова актуальная. Яна можа мець эўрыстычнае значэньне. Пэўным набліжэньнем да такой тэорыі можа лічыцца варыянт злучэньня абстрактна-лягічнага аналізу i канкрэтна-гістарычнай рэканструкцыі сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў, які й прапануецца да ўвагі. У рамках існуючай тэрміналёгіі такі падыход прынята называць гістарычна-мэтадалягічным аналізам.

Пры дасьледаваньні пэўнага аб’екта (зьявы, падзеі, працэсу) гісторык ня можа аднолькава ахапіць усе яго бакі. Бяруцца некалькі бакоў (элемэнтаў) аб’екта, якія замяняюць, прадстаўляюць увесь шматбаковы фэномэн i фармуюць прадмет дасьледаваньня. Аднаму аб’екту можа адпавядаць некалькі розных прадметаў дасьледаваньня, таму колькі б мы ні рухаліся ў эмпірычнай сфэры, колькі б ні заходзілі з розных бакоў, рэальная структура аб’екта застаецца нявытлумачанай. Каб выявіць яе, патрабуюцца іншыя, не эмпірычныя прыёмы i спосабы аналізу[1].

Сучасная мэтадалёгія прапануе дзеля такога выпадку дастаткова распрацаваныя мэтады сыстэмнага аналізу. Згодна зь яго патрабаваньнямі, для перадачы складаных зьяў выкарыстоўваецца некалькі тэорый-моў апісаньня сыстэмы. Колькасьць гэтых моў павінна быць мінімальнай, але дастатковай для дасягненьня мэты. Шматбаковасьць i шматслойнасьць сацыяльнай рэальнасьці вымагае выбару некалькіх тэорый-моў — у адпаведнасьці з предметам i мэтамі досьледу[2]. Разам з тым, гэтыя тэорыі вызначаюць аб’ект дасьледаваньня, выяўляюць яго межы i канфігурацыю (адсюль i назва сукупнасьці моў апісаньня сыстэмы — канфігуратар).

Калі мець на ўвазе аднаўленьне структуры i эвалюцыі грамадзка-палітычных рухаў у пэўны час, канфігуратар павінен складацца з моў сацыялёгіі, паліталёгіі i сацыялінгвістыкі. У гэтым выпадку тэорыя эканамічных адносін, на наш погляд, не зьяўляецца неабходнай. Эканоміка — канчатковая, але не непасрэдная дэтэрмінанта грамадзкага быцьця; у рэальнай гісторыі грамадзтва цэнтральнае становішча займаюць сацыяльныя супольнасьці i ix узаемадачыненьні.

Мовы сацыялёгіі i паліталёгіі дазваляюць ажыцьцявіць вельмі важныя мэтадалягічныя працэдуры: 1) распрадмечваньне паняцьця «грамадзка-палітычны рух», яго абстрактна-лягічны аналіз, які дае магчымасьць распазнаць пэўнае мноства элемэнтаў, частак прадмета дасьледаваньня; 2) вызначэньне адносін на выяўленым мностве элемэнтаў, якое прыводзіць да аб’яднаньня частак такім чынам, што паўстае нешта новае, тое, чаго не было й не магло быць без аб’яднаньня, — зьяўляюцца новыя прадметныя паняцьці, якія дазваляюць больш поўна i карэктна апісаць сыстэму грамадзка-палітычных рухаў[3]. Пры гэтым неабходна памятаць, што размова йдзе не пра рэальны аб’ект (у якім, вядома, ня могуць зьявіцца новыя якасьці), а пра навуковы прадмет, інтэлектуальны артэфакт.

Гісторыкі цэлага сьвету да гэтага часу спрачаюцца наконт выкарыстаньня мэтадаў паліталёгіі, сацыялёгіі i іншых сацыяльных навук у мэтах рэканструкцыі i дасьледаваньня мінулага. Многія аспрэчваюць канструктыўнасьць такога падыходу. Мы ж лічым дастаткова абгрунтаваным пункт гледжаньня ангельскага гісторыка Э.Хобсбаўма, які пісаў, што «аналітычныя мадэлі гэтых навук атрыманы ў ix найбольш грунтоўнай i найбольш сыстэматызаванай форме менавіта з дапамогаю абстрагаваньня ад гістарычнай зьменлівасьці… i забясьпечваюць нас добрымі мэтафарамі, паняцьцямі i тэрмінамі, даюць адпаведныя сродкі для ўпарадкаваньня сабранага матэрыялу»[4]. Сапраўды, сучасныя паняцьці сацыялёгіі дапамагаюць гісторыку пабудаваць схему зараджэньня i рэканструяваць мэханізм функцыяваньня сацыяльнага руху як такога, а мова паліталёгіі забясьпечвае нас неабходнымі тэрмінамі для аналізу палітычных рухаў.

Нельга, вядома, ператвараць гістарычнае дасьледаваньне ў спраектаваныя ў мінулае паліталёгію ці сацыялёгію. Пазьбягаць гэтага на ўзроўні мэтадалягічнай рэфлексіі дазваляюць, па-першае, пэўныя працэдуры сацыялінгвістыкі, па-другое, гермэнэўтычны прынцып дасьледаваньня гісторыі сацыяльных зьяў. Лінгвістычны аналіз патрэбны гісторыку пры распрадмечваньні паняцьцяў, ідэальных канструктаў, якія ён выкарыстоўвае пры вывучэньні мінулага. За гэтымі паняцьцямі ўжо, як правіла, цягнецца шлейф асацыяцыяў з пабытовага ўжытку. Гісторыкі мусяць карыстацца тымі словамі, якімі карысталіся суб’екты гісторыі. Сацыялінгвістычныя працэдуры дазваляюць узнавіць гісторыю фармаваньня такіх ідэалягем, як рэвалюцыя, лібэралізм, сацыялізм i інш., дзякуючы чаму адкрываецца магчымасьць вытрымаць гермэнэўтычны прынцып дасьледаваньня: паняцьці, якімі карыстаецца гісторык, мусяць мець рэальную сувязь з тэорыямі дзейных суб’ектаў, ix сыстэмай каштоўнасьцяў, а тлумачэньне павінна ажыцьцяўляцца праз асэнсаваньне культурнага багацьця, засвоенага суб’ектамі, дзейнасьць якіх дасьледуецца.

Такім чынам, да таго, як пачаць апісаньне сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў пэўнага пэрыяду, гісторыку належыць вырашыць траякую задачу: аднавіць значэньне паняцьцяў у акрэсьлены час, выявіць ix сучасны зьмест у тэорыях, якія складаюць канфігуратар сыстэмы, i зьвесьці дадзеныя аналізу. Гэта робіць магчымым канструяваньне тэрмінаў, якія, нягледзячы на тэндэнцыю да «расплываньня»[5], будуць усё ж захоўваць межы прадмета i таму мець эўрыстычную каштоўнасьць. Зьмест ідэалягем, якімі карыстаецца гісторык грамадзкіх i палітычных рухаў, зьмяняўся i па-рознаму інтэрпрэтаваўся суб’ектамі гістарычнага працэсу. Таму дасьледаваньне будзе карэктнае толькі ў тым выпадку, калі разам з сучаснымі дэфініцыямі гісторык улічыць i іхныя ўяўленьні, а ня будзе абмяжоўвацца самаінтэрпрэтацыяй.

Мы засяродзімся тут пакуль у асноўным на першым кроку мэтадалягічнага аналізу — на распрадмечваньні паняцьця «грамадзка-палітычны рух».

Пад грамадзкім рухам у сучаснай навуцы разумеюць супольнае імкненьне людзей да рэалізацыі агульнай мэты; гэтае агульнае імкненьне выяўляецца ў дзейнасьці прадстаўнікоў якой-небудзь адной ці некалькіх сацыяльных групаў, скіраванай на забесьпячэньне групавых грамадзкіх інтарэсаў i зьмяненьне сацыяльнага становішча ўдзельнікаў руху[6]. Паколькі сацыяльны рух так ці йнакш выстаўляе свае патрабаваньні дзяржаве, ён заўсёды ў большай ці меншай ступені палітызаваны. Апрача палітычнай арыентацыі ў такіх рухах заўсёды неабходна вылучаць уласны зьмест. У прыватнасьці, здараецца, што сацыяльны зьмест руху мае прагрэсіўны характар (напрыклад, сацыяльная справядлівасьць ці паляпшэньне ўмоў жыцьця), a палітычная арыентацыя набывае рэакцыйны характар. Як прыклад можна разглядаць рамантычны нацыяналізм. Для большасьці людзей удзел у грамадзкім руху абмяжоўваецца выяўленьнем сымпатый ці падтрымкай руху без непасрэднага ўдзелу ў дзейнасьці фармальных арганізацый, што яго рэпрэзэнтуюць.

Ад грамадзкага руху трэба адрозьніваць масавыя зьявы, калі члены якой-небудзь супольнасьці (клясы ці сацыяльнай праслойкі) уласнымі сіламі шукаюць сродкі для задавальненьня сваіх патрэбаў i вырашэньня сытуацыі, якая выклікала ix непакой. Іншымі словамі, у адрозненьне ад грамадзкага руху масавая зьява — гэта проста сума падобных учынкаў, а ня дзейнасьць, накіраваная на рэалізацыю супольнай мэты. Такое вызначэньне грамадзкага руху зьмяняе звычайныя ўяўленьні пра сацыяльную прастору. Напрыклад, масавыя сялянскія ці рабочыя выступленьні перастаюць быць галоўным прадметам дасьледаваньня (хоць яны, вядома ж, уплывалі на сацыяльныя адносіны, арганізацыі й структуры, г.зн. зьяўляліся адным з фактараў грамадзкага разьвіцьця), а дзейнасьць розных грамадзкіх арганізацый, літаратурных гурткоў, таварыстваў пісьменнасьці i г.д. патрабуе падрабязнага вывучэньня i аналізу.

Грамадзкія рухі — галоўная лінія дэтэрмінацыі палітычнага быцьця. Таму можна пагадзіцца з вызначэньнем палітычных рухаў у шырокім сэнсе як палітычных працэсаў, зьвязаных з сацыяльнай дзейнасьцю масавых групаў насельніцтва, актывізаваных па той ці іншай прычыне. Мэтаю гэтай дзейнасьці есьць зьмена існуючых умоў або ix замацаваньне праз уплывы на ўрад (дзяржаўныя інстытуты). Палітычныя рухі, як i грамадзкія, характарызуюцца масавасьцю i спантаннасьцю. Гэтым яны адрозьніваюцца ад інтэлектуальна-ідэалягічных, якія ахапляюць параўнальна невялікія, хоць часта i вельмі ўплывовыя элітарныя групы. Інтэлектуальна-ідэалягічныя рухі могуць прадвызначаць, прадказваць палітычныя, але першыя ніколі не бываюць тоесныя з апошнімі. Таму, напрыклад, пры аналізе лібэральнага ці сацыялістычнага руху неабходна адрозьніваць лібэральны i сацыялістычны ідэалы як такія, тэорыі й ідэалёгіі, у аснове якіх ляжаць гэтыя ідэалы, а таксама сацыяльныя псыхалягічныя настроі i лад думак, адлюстраваныя ў саманазве тых ці іншых удзельнікаў руху. Самаінтэрпрэтацыя пэўнай супольнасьці як лібэральнай, кансэрватыўнай ці сацыялістычнай можа мець дачыненьне да розных стадыяў разьвіцьця ды формаў грамадзкага i палітычнага руху. Кожная палітычная традыцыя ў стане існаваць у форме як масавага настрою, так i ідэйнага руху, як палітыкі кіраўнічай эліты, так i палітычнага руху. Гэта скрайне важна ўлічваць, каб пры карэктным аналізе грамадзка-палітычнага руху ўнікнуць тэрміналягічнай блытаніны. Дасягненьне ж гэтага магчыма толькі на аснове ўзнаўленьня мэханізмаў нараджэньня грамадзкага i фармаваньня палітычнага руху.

У самай агульнай форме мэханізм паўставаньня грамадзкага руху можна рэпрэзэнтаваць наступным чынам. Пэўная частка людзей у грамадзтве ня мае магчымасьці задаволіць свае патрэбы (эканамічныя, культурныя, палітычныя), што выклікае незадавальненьне, фрустрацыі. Энэргія пераключаецца на барацьбу супраць існуючых (ці ўяўных) перашкодаў; зьяўляецца стан эмацыйна-псыхічнага дыскамфорту. Дзякуючы кантактам, асэнсаваньню агульнасьці свайго стану большасьцю людзей, эмацыйна-псыхічнае хваляваньне перарастае ў сацыяльнае. Апошняе выяўляецца ў дыскусіях у розных нефармальных колах (такімі нефармальнымі коламі могуць лічыцца i сьвецкія салёны, i нелегальныя гурткі навучэнцаў). Стан эмацыйнага хваляваньня — зыходны момант грамадзкага руху. Затым спантанна зьяўляюцца розныя формы агітацыі, дыскусіі i прапаганды, празь якія вынаходзяцца спосабы вырашэньня праблемаў, што выклікалі сацыяльнае хваляваньне. Усе гэтыя формы дзейнасьці ажыцьцяўляюць людзі, якія найвастрэй адчуваюць незадавальненьне ці валодаюць пэўнымі канцэпцыямі i ўяўленьнямі пра тое, што трэба зьмяніць, каб палепшыць сытуацыю. У выніку стыхійнай дзейнасьці паўстае асэнсаваньне агульнасьці мэтаў, фармуюцца гурткі i нефармальныя групы людзей, аб’яднаных гэтым асэнсаваньнем, адбываецца своеасаблівая самаарганізацыя грамадзкіх сілаў. Менавіта ў такіх трупах выдзяляюцца лідэры-ідэолягі. Аднак сацыяльнае кола застаецца яшчэ свабодным саюзам, заснаваным на кантактах вельмі слабой інстытуцыйнай сувязі, пазбаўленых устойлівых адносінаў паміж яго членамі. Гэтыя колы маюць свой цэнтар аб’яднаньня i пэўную дамінуючую індывідуальнасьць, пад уплывам якой фармуюцца погляды i ўстаноўкі. Функцыя такіх колаў — абмен меркаваньнямі; яны ня дзейнічаюць, не прымаюць рашэньняў, ня маюць выканаўчага апарату. Ix грамадзкае значэньне ў фармуляваньні i прадстаўленьні на абмеркаваньне індывідам пытаньняў для выпрацоўкі поглядаў.

Сацыяльныя колы i нефармальныя гурты, што паўсталі спантанна, ствараюць мэтавыя групы для рэалізацыі агульных мэтаў i здабываюць сродкі для арганізацыі пэўнай дзейнасьці. Так даходзіць да аб’яднаньняў, якія маюць сваё кіраўніцтва, свае статуты i правілы, што рэгулююць ix дзейнасьць. На гэтым этапе канчаткова зацьвярджаецца прызнаны большасьцю лідэр руху, зьяўляюцца i разрастаюцца інстытуцыялізаваныя формы руху. Такім чынам, гісторыя разьвіцьця грамадзкага руху (якім бы ні быў яго зьмест) — гэта перш за ўсё працэс зьмены розных формаў аб’яднаньня індывідаў: сацыяльнае кола, нефармальная група, мэтавая трупа, арганізацыя[7].

Як ужо адзначалася вышэй, зьмест сацыяльнага руху часта зьвязаны з пэўнымі палітычнымі традыцыямі, канкрэтным увасабленьнем якіх зьяўляюцца палітычныя плыні. Палітычныя плыні фармуюцца ў працэсе ідэалягізацыі пэўных сацыяльных i палітычных праблемаў (якія імкнуцца вырашыць i грамадзкія рухі), ix суаднясеньня з канчатковымі каштоўнасьцямі, адлюстраванымі ў мове дадзенай палітычнай культуры.

Палітычныя плыні больш устойлівыя, чым сацыяльная база, на якой яны паўстаюць; яны здольныя перажыць яе распад i аднаўленьне. Прыкладам, у другой палове XIX ст. у аснове грамадзка-палітычных рухаў ляжалі лібэральны, сацыялістычны й кансэрватыўны ідэалы. Прынцыпы лібэральнага ідэалу — сэкулярызм, свабода i захаваньне асноўных непарушных правоў чалавека, зьвядзеньне да мінімуму ролі дзяржавы ва ўсіх сфэрах грамадзкага, палітычнага й эканамічнага жыцьця. Сутнасьць сацыялістычнага ідэалу — бясклясавае грамадзтва, заснаванае на грамадзкай уласнасьці на асноўныя сродкі вытворчасьці. Кансэрватыўны ідэал грунтуецца на прынцыпах натуральнага права, непарыўнасьці традыдый, што сягаюць да продкаў, імкненьні да захаваньня «арганічных» асноў грамадзкага жыцьця.

Лібэральная палітычная традыцыя склалася як масавая (хоць i ня выявілася ў адзіным руху) рэакцыя на спробы адрадзіць духовыя (хрысьціянскі клерыкалізм) i сацыяльныя (прынцып станавай іерархіі) асновы «старога парадку» пасьля буржуазных рэвалюцый. Кансэрватыўная i сацыялістычная палітычныя традыцыі фармаваліся як рэакцыя на грамадзкія зрухі, выкліканыя ўсталяваньнем буржуазнай лібэральнай эканомікі i вынікамі прамысловых рэвалюцый. Тэрміны «кансэрватызм» i «сацыялізм» зьявіліся ў дваццатых гадох XIX ст. Слова «сацыялізм» пачало ўжывацца ў блізкім да сучаснага сэнсе пасьля 1825 г. (раней яно ўжывалася як антытэза да слова «індывідуалізм»). У 1826 г. у Англіі ўпершыню быў выкарыстаны тэрмін «сацыялісты» для азначэньня прыхільнікаў Оўэна, у 1832 г. у Францыі сацыялістамі сталі называць прыхільнікаў Сэн-Сімона, Фур’е i тых, хто крытыкаваў існуючую сыстэму камэрцыйнага спаборніцтва ды выступаў зь ідэямі новага жыцьця, заснаванага на калектыўным кантролі. Тэрмін «камунізм» як ідэнтычны тэрміну «сацыялізм» упершыню выкарысталі К.Маркс i Ф.Энгельс (раней камунізмам называлі pyx дзеля заснаваньня камунаў з агульнай уласнасьцю i роўным разьмеркаваньнем). Тэрмін «кансэрватызм» быў першы раз ужыты дзеля апісаньня палітычных поглядаў i практычных мераў, прынятых у Францыі пасьля зьвяржэньня Напалеона. Адтуль ён у 20-х — 30-х гадох XIX ст. распаўсюдзіўся па Эўропе, a ў 40-х — i ў ЗША[8].

Такім чынам, працэдура распрадмечваньня дазволіла вызначыць наступныя элемэнты сыстэмы: грамадзкія рухі, масавыя зьявы, сацыяльнае кола, нефармальная група, мэтавая група, арганізацыя, інтэлектуальна-ідэалягічны pyx, палітычны pyx, палітычная плынь, палітычная традыцыя, а таксама гэтак званыя ідэалягемы: сацыялізм, камунізм, лібэралізм. Гэта калі гаворка йдзе пра грамадзка-палітычныя рухі XVII-XIX ст. У XX ст. гістарычна, сацыяльна й палітычна фармуецца радыкальная «чацьвертая ідэалёгія» ў розных варыянтах: фашызм, шавінізм, «новыя правыя», папулісцка-нацыяналістычныя тыраніі, на Ўсходзе — ідэалёгія «тэрарыстычнай альтэрнатывы» лібэральным каштоўнасьцям[9].

Аднак задачай гісторыка ёсьць дасьледаваньне гісторыі аб’екта. У тэрмінах сыстэмнага аналізу гісторыя аб’екта — гэта працэс пераходу ад аднаго стану да другога, зьмест якога ўвасабляе ўсталяваньне новай (у параўнаньні з папярэдняй) узаемасувязі кампанэнтаў. Тады наступным этапам зьяўляецца пабудова генэтычнай пары. Гэты крок па-сутнасьці ёсьць пераходам ад абстрактна-лягічнай схемы да пачатку канкрэтна-гістарычнага дасьледаваньня. Кал i пры гэтым дасьледчыку патрэбна ўзнавіць працэс нараджэньня аб’екта (зададзены вынік працэсу), то ён, натуральна, павінен знайсьці той стан, які можа быць зыходным пунктам працэсу. Наадварот, калі задача ў тым, каб узнавіць працэс разьвіцьця аб’екта (зададзены зыходны пункт працэсу), дасьледчык мусіць у першую чаргу адшукаць той стан, які можна разглядаць у якасьці выніку працэсу. Наколькі правільна да аднаго (зададзенага) стану сыстэмы падбіраецца другі, неабходны для атрыманьня «генэтычнай пары» разьвіцьця, паказвае далейшае дасьледаваньне: як ведама, працэс разьвіцьця можна ўзнавіць толькі ў выпадку праўдзівасьці такога выбару[10].

На сучасным этапе разьвіцьця нашай гістарычнай навукі аналіз грамадзка-палітычных рухаў у Беларусі XIX ст. варта пачаць са спробы ўзнавіць працэс нараджэньня аб’екта, г. зн. зыходзіць з пэўнага выніку разьвіцьця сыстэмы. Тады асновай пабудовы «генэтычнай пары» можа стаць рэвалюцыя 1905-1907 г., бо сапраўднае палітычнае самавызначэньне розных клясаў пачалося толькі з канца 1904 г., a асноўныя палітычныя партыі Расейскай імпэрыі аформіліся ў гэты пэрыяд. I менавіта пасьля рэвалюцыі месца латэнтных інэртных групаў занялі высокасьведамыя i моцна палітызаваныя супольнасьці. Сыстэма грамадзкіх рухаў Беларусі ў гэты час была ўпісана ў сыстэму рухаў імпэрыі.

Аднак, кал i паўстае пытаньне вызначэньня зыходнага моманту разьвіцьця грамадзка-палітычных рухаў Беларусі, мэтазгодна было б унесьці карэктывы ў звыклую пэрыядызацыю. Для Расеі зыходным момантам можа лічыцца стан грамадзтва пасьля паразы ў Крымскай вайне. Найважнейшай асаблівасьцю сацыяльнай эвалюцыі гэтага пэрыяду зьяўлялася палітызацыя грамадзкага руху i ізаляцыя ўраду ад яго. У Беларусі ў гэты час сытуацыя была зусім іншая: паўстаньне 1830-1831 г., затым паўстаньне 1863-1864 г. i палітыка расейскага ўраду прывялі да таго, што грамадзкае i палітычнае жыцьцё тут доўгі час заставалася ў рамках супрацьстаяньня «польскага» i «расейскага» элемэнтаў, што безумоўна перашкаджала вызначэньню інтарэсаў розных сацыяльных групаў. Самаарганізацыя грамадзкіх суполак у «Северо-Западном крае» пачалася значна пазьней з прычыны ўведзенага ваеннага становішча (да 1880-х г.). Разам з тым, вытокі ідэалягічных i палітычных плыняў у беларускім грамадзтве трэба шукаць яшчэ ў канцы XVIII — пачатку XIX ст., у суплёце расейскіх i польскіх ідэйных уплываў.

Пералічаныя фактары надаюць працэсу эвалюцыі грамадзка-палітычных рухаў Беларусі такую спэцыфіку, што яго дасьледаваньне ў рамках i ў адпаведнасьці з пэрыядамі разьвіцьця аналягічных працэсаў у Расеі прыводзіць да істотных скажэньняў. Таму ўяўляецца патрэбным спачатку вызначыць агульныя рамкі: пачатак XIX ст. (канец напалеонаўскіх войнаў) — пачатак XX ст. (рэвалюцыя 1905-1907 г.). Калі пабудаваць такую «генэтычную пару» i прасачыць асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця грамадзка-палітычных рухаў у Беларусі, зьявяцца магчымасьці выявіць пэрыяды, спэцыфічныя для гісторыі Беларусь i ўжо ў рамках гэтых пэрыядаў будзе працягвацца вывучэньне прадмета.

Вядома, канчатковыя веды па гісторыі сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў могуць дасягацца толькі ў выніку канкрэтна-гістрычнага дасьледаваньня. Але фармуляваньне першапачатковай гіпотэзы — гэта важны этап рэканструкцыі ўсяго працэсу разьвіцьця аб’екта: яно надае дасьледаваньню неабходную мэтанакіраванасьць i структурнасьць.

TO METHODOLOGY OF ANALYSIS OF SOCIAL AND POLITICAL MOVEMENTS

The article deals with the problem of methodological analysis of the history of social movements in general and in Belarus in the XIXth century in particular. Before the investigation and reconstruction of the past one should distinguish the subject of investigation and the means of its description. The languages of sociology, politology and sociolinguistics give adequate concepts and metaphors to study such phenomena as social movement, political movement, mechanism of emergence of social movement, liberalism, socialism, democratism and etc. This background gives the possibility to distinguish chronological framework necessary to reconstruct the process of development of the Belarusan society from latent groups* to a civil society with numerous political and social strata.


[1] Щедровицкий Г. Проблемы методологии системного исследования. — Москва, 1964. С. 14, 28.

[2] Перегудов Ф., Тарасенко Ф. Введение в системный анализ. — Москва, 1989. С.291-294.

[3] Розин В. Методология и философия в современной интеллектуальной культуре // Вопросы методологии. — 1991. 2. С.16.

[4] Хобсбаум Э. От социальной истории к истории общества // Философия и методология истории. — Москва, 1977. С.285.

[5] Бибихин В. Язык философии. — Москва, 1993. С.46.

[6] Щепаньский С. Основные понятия социологии. — Москва, 1968. С.21; Социология. — Москва, 1992. Т.2. С. 166.

[7] Щепаньский С. Цыт. пр. С.211, 214; Вятр Е. Социология политических отношений. — Москва, 1979.

[8] Rugeerio G. The history of European Liberalism. — London, 1927; Shapiro S. Liberalism. — London, 1958; Conservatism // Encyclopedia Britanica. V.6. — London, 1969. P. 372-376; Cole G. History of Socialist Thought. — London, 1954.

[9] Чаликовэ В. Либерализм // Опыт словаря нового мышления. — Москва, 1991. С.274.

[10] Грушин Б. Очерки логики исторического исследования. — Москва, 1968. С.98-99.

Наверх

Людміла Дучыц. Балты i славяне на тэрыторыі Беларусі ў пачатку II тысячагодзьдзя / Артыкул

Жніўня 20, 1995 |


У гісторыі не было этнасаў, якія б ня зьмешваліся. Менавіта зьмешваньне заўжды выклікала зьяўленьне народаў. Напрыклад, фармаваньне балгарскай народнасьці ішло ва ўмовах кантактаў паміж славянамі й протабалгарамі, французы зьявіліся ў выніку кантактаў кельтаў, рымлян i германцаў, англічане — кельтаў, рымлян, англаў i саксаў, расейцы — фінаў i славян. Беларускі народ паўстаў у выніку расьсяленьня славян на тэрыторыі пражываньня балтаў i ix зьмешваньня. Гэта прызнана большасьцю археолягаў i вучоных сумежных навук (антрапалёгіі, тапанімікі, гідранімікі, мовазнаўства, анамастыкі, этнаграфіі).

Славяне зьявіліся на нашых землях у сярэдзіне I тысячагодзьдзя, а на Падзьвіньні i ў Панямоньні значна пазьней[1]. Калі на першым этапе міграцыя славян насіла характар ваеннага захопу, то зь цягам часу ix інфільтрацыя ў балцкае асяродзьдзе пайшла i мірным шляхам. Гэты працэс быў вельмі шматгранны. У многіх мясьцінах ён працягваўся амаль да нашых дзён (Абольцы Талачынскага, Гайна Лагойскага раёнаў, ваколіцы Мядзела, Воршы, Дзятлава, Іўя i інш.). Асабліва інтэнсіўнае зьмешваньне балтаў i славян на тэрыторыі Беларусі ішло менавіта ў пачатку II тысячагодзьдзя. Тады ня толькі фармаваўся новы антрапалягічны тып, але й ствараўся сынтэз двух архетыпаў сьвядомасьці. На такой базе i зьявіўся беларускі этнас. Гэта быў час, калі вакол таксама пачыналася складваньне народнасьцяў — палякаў, чэхаў, балгараў, харватаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў i інш.[2]

Аб балцкім субстраце ў этнагенэзе беларусаў пісалі яшчэ ў XIX ст. У 1920-30-ыя гады гэта было пацьверджана беларускімі археолягамі[3]. Пасьля разгрому адраджэньня ў 30-ыя гады пытаньне паходжаньня беларускага народу ў савецкай навуцы амаль не разглядалася, аднак яно неаднаразова абмяркоўвалася на старонках беларускага эміграцыйнага друку[4]. У 60-ыя гады пытаньне ўзьнікла ў сувязі з выхадам артыкулаў вядомага маскоўскага дасьледчыка В.Сядова, прысьвечаных балцкаму субстрату ў этнагенэзе беларусаў[5]. На старонках часопіса «Советская этнография» разгарнулася дыскусія па гэтым пытаньні. У ёй прынялі ўдзел вядомыя дасьледчыкі П.Трацьцякоў, М.Грынблат, В.Жучкевіч i інш.[6] Пасьля дыскусіі й выхаду ў сьвет манаграфіі В.Сядова «Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья» (1970) балцкі субстрат у этнагенэзе беларусаў быў канчаткова прызнаны. Цяпер у навуковых колах ужо амаль ніхто не сумняваецца, што ў старажытнасьці тэрыторыя Беларусі зьяўлялася ўсходняй ускраінай балцкага сьвету. З кожным годам крыніцы на карысьць гэтага павялічваюцца.

Уяўленьне аб этнасе пачатку II тысячагодзьдзя даюць у першую чаргу вынікі раскопах курганоў. Пахавальны абрад, як вядома, характарызуецца найбольшым кансэрватызмам. Такія элемэнты пахавальнага абраду, як кострышчы на падэшве, мужчынскія пахаваньні галавой на ўсход, мноства бітага посуду, раньні пераход да пахаваньняў у падкурганных ямах, наяўнасьць валуноў, а таксама шэраг упрыгожваньняў (зьвярынагаловыя бранзалеты, шыйныя грыўны, сьпіральныя пранізкі, шматзьвенныя ланцужкі, вайнагі), прызнаныя балцкімі. Пытаньне адносна балцкай прыналежнасьці пералічаных упрыгожваньняў на тэрыторыі Беларусі ў шматлікіх працах грунтоўна распрацавана маскоўскай дасьледчыцай З.Сяргеевай. Яна картаграфавала знаходкі й паказала ix генэтычную сувязь з больш раньнімі балцкімі рэчамі. Напрыклад, аналізуючы зьвярынагаловыя бранзалеты, дасьледчыца прыйшла да высновы, што такія ўпрыгожваньні сустракаюцца па ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў. Асабліва шмат ix у міжрэччы Дзьвіны й Бярэзіны, у вярхоўях Пцічы i вярхоўях ракі Вялікай. Менш гэтых упрыгожваньняў знойдзена па Дняпру i яго левых прытоках. Звычайна ў кургане з такімі бранзалетамі знаходзяцца й іншыя рэчы прыбалтыйскіх тыпаў: вайнагі, шыйныя грыўны, сьпіральныя пярсьцёнкі, падковападобныя фібулы. На падставе аналізу формы сячэньня й арнамэнтацыі З.Сяргеева прыйшла да высновы, што большасьць зьвярынападобных бранзалетаў зроблена на месцы, i толькі ix нязначная частка магла трапіць з Прыбалтыкі, дый тое асядала ў мясьцінах, якія па культуры былi блізкія да балтаў. Аналягічная сытуацыя назіраецца i з шыйнымі грыўнамі. Прычым варта падкрэсьліць, што такія ўпрыгожваньні, як зьвярынападобныя бранзалеты, вітыя шыйныя грыўны й вайнагі знаходзяць звычайна не ў гарадох i не каля гандлёвых шляхоў, a менавіта ў глухіх мясьцінах[7].

Наогул, паводле ўсіх апісаных прыкметаў, курганы Беларусі адрозьніваюцца ад курганоў на іншых усходнеславянскіх землях. Блізкімі зьяўляюцца толькі курганы прылеглых раёнаў Смаленшчыны, Пскоўшчыны i Ўсходняй Латвіі.

Мяркуючы па выніках раскопак пахавальных помнікаў, роля балтаў у пачатку II тысячагодзьдзя была неаднолькавая ў розных рэгіёнах Беларусі. Асабліва багатыя на балцкія рэчы пахаваньні Полацкай зямлі. Напрыклад, блізкія да балцкай культуры помнікі, што знаходзяцца каля сёньняшніх вёсак Латыголь i Навінка Талачынскага, Наўры Мядзельскага, Рудня i Дзьмітраўшчына Полацкага, Укля Браслаўскага раёнаў i інш. Так, у курганным могільніку каля в. Латыголь i Навінка выяўленыя пахаваньні, блізкія па ўсіх прыкметах да латгалаў i селаў[8]. Непадалёку знаходзяцца знакамітыя Абольцы, дзе, згодна зь пісьмовымі крыніцамі, балцкі асяродак існаваў яшчэ ў XIV-XVI ст.[9] На падставе вынікаў раскопак курганоў, назвы вёскі «Латыголь» i дадзеных пісьмовых крыніц можна гаварыць аб існаваньні тут аўтахтоннага балцкага насельніцтва да часоў позьняга сярэднявечча. Цікава, што ўжо непадалёку курганы адрозьніваюцца паводле этнічнай прыналежнасьці. Напрыклад, каля в. Драздова таго ж раёну сынхронны курганны могільнік балцкіх рысаў амаль ня мае, але затое там знойдзеныя дэталі драўлянага вядра, наяўнасьць якога ў пахаваньні лічыцца найхарактэрнейшым славянскім прызнакам[10].

Шмат курганоў зь яскравымі балцкімі рысамі раскапана ў навакольлях Полацку, Менску, Заслаўя. Так, сярод рэчаў, знойдзеных каля Полацку, плоска-выпуклыя шырокія арнамэнтаваныя бранзалеты, зьвярынагаловыя бранзалеты, разнастайныя шыйныя грыўны[11]. Асаблівую цікавасьць уяўляе нядаўна адкрыты курганны могільнік каля в. Дзьмітрыўшчына, што прыкладна ў 10 км на поўнач ад Полацку. Тут у некалькіх пахаваньнях знойдзены тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожваньні з ланцужкоў, ланцугатрымальнікаў i трапэцыяпадобных падвесак. Ёсьць таксама зьвярынагаловыя бранзалеты, вайнагі, пахаваньні каня[12].

У курганох навакольля Менску фіксуюцца каменныя аградкі, шматлікія зьвярынагаловыя бранзалеты, сьпіральныя пярсьцёнкі, вайнагі, шыйныя грыўны[13]. Пахавальныя помнікі наваколіц Заслаўя (Коўшава, Абрыцкая Слабада, Забор’е, Анусіна), на думку Ю.Заяца, пакінулі славянізаваныя літоўцы або яцьвягі, або славяне, якія мелі на нейкім этапе моцны ўплыў балтаў[14]. На поўнач ад Заслаўя, паблізу Радашкавічаў, на Дзявочай Гары каля в. Дуброва Э.Зайкоўскім раскапаны курганны могільнік з каменнымі канструкцыямі. Дасьледчык зьвязвае помнік зь яцьвягамі[15]. Паводле Е.Ахманьскага, у гэтых мясьцінах яшчэ ў часы сярэднявечча фіксуецца значны літоўскі элемэнт[16].

Акрамя згаданых балцкіх асяродкаў вялікі працэнт балцкіх элемэнтаў на тэрыторыі Полацкай зямлі ёсьць у Вышадках i Бяскатаве Гарадоцкага (касьцяныя падвескі-качачкі, шыйныя грыўны, ланцужкі), Пуцілкавічах Ушацкага (каменныя абкладкі магіл, зьвярынагаловыя бранзалеты, галаўныя ўборы з бляшкамі, шыйныя грыўны, вялікія бурштынавыя пацеркі), Дымаве Шклоўскага (вайнага разам з бранзалетападобнымі скроневымі кольцамі), Ізьбішча Лагойскага, Лясная Мёрскага раёнаў i інш. У двух пахаваньнях каля в. Перавоз Глыбоцкага i ў адным каля в. Укля Браслаўскага раёну зафіксаваны звычай пакладаньня зьвярынагаловых бранзалетаў каля ног нябожчыка. Такі звычай лічыцца балцкім[17].

На тэрыторыі Полацкай зямлі вылучаецца асобная катэгорыя пахавальных помнікаў, дзе земляныя курганы пераходзяць у курганы, абкладзеныя камянямі па ўсёй паверхні, а затым у прастакутныя каменныя магілы. У археалягічнай літаратуры такія помнікі атрымалі назву курганна-жальнічных могільнікаў. На сёньняшні дзень ix улічана больш за дваццаць, але яны пакуль што мала вывучаныя. Курганна-жальнічныя могільнікі ў асноўным сканцэнтраваныя ў вярхоўях Вяльлі й Бярэзіны. Ёсьць яны каля вёсак Перавоз Глыбоцкага, Ваўча Докшыцкага, Гаравец, Мсьціж i Хаўхоліца Барысаўскага, Жукавец Бярэзінскага, Домжарыцы Лепельскага раёнаў i інш. Увагу на такія помнікі зьвярнуў яшчэ А.Сьпіцын[18]. Найбольш вывучаныя помнікі каля в. Перавоз, Ваўча[19] i Гаравец[20]. Земляныя курганы, што знаходзяцца побач з каменнымі курганамі й каменнымі магіламі, датуюцца пачаткам II тысячагодзьдзя i не адрозьніваюцца ад земляных синхронных курганоў, разьмешчаных асобна. Знаходкі ж у каменных курганох i каменных магілах тут ідэнтычныя знаходкам у каменных магілах Панямоньня. Такі факт сьведчыць аб міграцыі ў вярхоўі Бярэзіны яцьвягаў. Гэта маглі быць палонныя, прыведзеныя сюды ў час паходаў полацкіх князёў на землі Панямоньня, або яцьвягі, якія перасяліліся, ратуючыся ад крыжацкай навалы[21].

Пры разглядзе этнічнага стану насельніцтва Полацкай зямлі асаблівай увагі заслугоўвае грунтовы помнік Х-ХІ ст. каля в. Казлоўцы Мёрскага раёну, на правым беразе ракі Дзісенкі, што ўпадае ў Дзісну. Паводле рэчаў (вітая пыйная грыўна з гранёнымі канцамі, зьвярынагаловыя бранзалеты, сьпіральныя пранізкі, сьпіральны пярсьцёнак са стылізаванымі зьмяінымі галоўкамі) i паводле абраду пахаваньня (трупаспаленьні й трупапалажэньні на вялікай адлегласьці адзін ад аднаго, ахвярныя ямы з вугольлямі й пахаваньні каня) дадзены помнік блізкі да тыпова латгальскіх грунтовых могільнікаў тыпу Люцынскага, Нукшынскага, Кіўтскага i інш. Але тут ёсьць i шмат упрыгожаньняў, характэрных менавіта для крывічоў — бранзалетападобныя скроневыя кольцы, каралі са шкляных пацерак у спалучэньні з бразготкамі[22]. У сувязі з могільнікам каля Казлоўцаў вартае ўвагі пытаньне аб летапіснай Нарове (Нароме, Нероме), якая згадваецца ў «Аповесьці мінулых часоў». Згодна з Н.Хвашчынскай[23], першы спэцыяльна разглядзеў гэтае пытаньне яшчэ М.Барсаў. Прааналізаваўшы пісьмовыя крыніцы, ён аднес Нарову да балтаў. У далейшым яго аргумэнтацыя была прызнаная ўсімі дасьледчыкамі, што займаліся гэтай праблемай (М.Гэльман, Э.Мугурэвіч, В.Пашута, А.Куза). Н.Хвашчынская адзначае, што Нарова невядомая паўночна-рускім летапісцам, аўтары якіх добра ведалi назовы прыбалтыйска-фінскіх плямёнаў. Дасьледчыца сьцьвярджае, што няма ніякіх падстаў зьмяшчаць Нарову ў басэйне ракі Наровы.

Д.Мачынскі, грунтуючыся на дадзеных тапанімікі, прыйшоў да высновы, што летапісная Нарова жыла на ўсход ад ліваў i рана страціла самастойнасьць. Ён зьмясьціў Нарову ў басэйне ракі Вялікай i Ўсходняга Прычудзьдзя, а Сярэдняе Падзьвіньне аднес да зоны курганоў не ўстаноўленай культурнай прыналежнасьці[24]. Цікава, што менавіта ў сярэднім цячэньні Дзьвіны фіксуюцца тапонімы Нарова, Наруці, Нарушова, Нурава i падобныя[25]. Таксама вядома, што рачныя парогі каля г. Дзісны яшчэ ў пачатку XIX ст. зваліся «Нароўскія парогі»[26]. Такія дадзеныя дазваляюць выказаць меркаваньне аб пражываньні летапіснай Наровы ў сярэднім Падзьвіньні i атаясамліваць зь ёй грунтовы могільнік каля Казлоўцаў.

У вярхоўях Вяльлі i на правабярэжжы Немана ўздоўж сучаснай мяжы зь Літвой знаходзяцца так званыя ўсходнелітоўскія курганы. На тэрыторыі сучаснага Пастаўскага раёну (Лынтупы, Вайшкуны) знойдзеныя шыйныя грыўны зь седлападобнымі i плоскімі заходзячымі канцамі, арбалетныя й падковападбныя фібулы, сьпіральныя пранізкі, ракавіны каўры, зброя, шпоры, пахаваньні каня[27]. Паўночней, на тэрыторыі Браслаўскага раёну, усходнелітоўскіх курганоў ужо няма[28]. Суседнія курганы на тэрыторыі сучаснай Літвы (Дукштас, Лапушышкі, Пабарай i інш.) маюць ужо ўсе тыповыя для ўсходнелітоўскіх курганоў рысы[29]. Такім чынам, ёсьць падставы сьцьвярджаць, што этнічная мяжа ў гэтым раёне склалася амаль тысячу гадоў назад. Прасоўваньне славян на тэрыторыю сучаснай Літвы было спынена з пачаткам працэсу фармаваньня літоўскай народнасьці, якая стала кансалідавацца менавіта ва ўсходняй Літве як вынік супрацьстаяньня славянскай каланізацыі[30].

Іншая сытуацыя склалася на беларуска-латыскім памежжы. Тут славяне праніклі значна далей, што тлумачыцца экспансіяй уздоўж Дзьвіны да берагоў Балтыйскага мора. Таму на тэрыторыі Ўсходняй Латвіі невыпадковыя пахаваньні са зьмешанымі латгала-крывіцкімі рысамі[31].

Аналіз 200 найбольш інвэнтарных комплексаў (з агульнай колькасьці каля 500 курганоў) з тэрыторыі Полацкай зямлі паказаў, што 25% зь ix былі з бранзалетападобнымі скроневымі кольцамі, a астатнія наогул без скроневых калец. Першыя паводле набору ўпрыгожваньняў бліжэй да славянскага строю. У строі зь пярсьцёнкападобнымі скроневымі кольцамі ўжо больш мэталічных упрыгожваньняў, a ў камплектах без скроневых калец наогул вялікая колькасьць мэталічных упрыгожваньняў, прычым усе яны паводле паходжаньня зьяўляюцца балцкімі. На тэрыторыі Полацкай зямлі вядомы i шэраг выпадковых знаходак балцкіх упрыгожваньняў. Напрыклад, у Старым Пагосьце Мёрскага раёну знойдзена грыўна з прымацаванымі да яе бразготкамі. Шыйная грыўна з шырокапласьцінчатымі заходзячымі седлападобнымі канцамі i падвешанымі да яе 12 бразготкамі знойдзена каля в. Абрыцкая Слабада паблізу Менску.

У гэтыя часы можна вылучыць i шэраг балта-славянскіх (гібрыдных) упрыгожваньняў. Сярод ix вайнагі са скроневымі кольцамі, каралі са шкляных пацерак у спалучэньні з бразготкамі, або сьпіральнымі пранізкамі. Мясцовымі вырабамі лічацца зааморфныя бранзалеты з сэгмэнтападобным сячэньнем (у адрозьненьне ад непасрэдна прыбалтыйскіх з трохкутным сячэньнем). У мужчынскім касьцюме акрамя, агульных для ўсёй Усходняй Эўропы, элемэнтаў прасочваюцца i балцкія рысы — бранзалеты, фібулы, сьпіральныя мэталічныя пранізкі. Для жаночага i мужчынскага строяў характэрная наяўнасьць ножыкаў у якасьці амулетаў. Гэта зьяўляецца тыпова балцкай рысай.

На тэрыторыі Панямоньня i часткова Пабужжа асноўнымі пахавальнымі помнікамі ў разгляданы час зьяўляліся каменныя магілы. Земляных курганоў было вельмі мала[32]. Арэал распаўсюджваньня каменных магіл, паводле дасьледаваньняў А.Квяткоўскай, акрэсьліваецца наступным чынам: на поўначы мяжа праходзіць па рацэ Вяльлі i яе прытоках, на ўсходзе такія помнікі вядомыя па рацэ Бярэзіне (Дняпроўскай) i яе прытоках, паўднёваўсходняя мяжа знаходзіцца ў вярхоўях прытокаў Немана, на паўднёвым захадзе каменныя магілы вядомыя па прытоках Буга, на захадзе — ў вярхоўях Сьвіслачы i далей у межах Польшчы, а на паўночным захадзе каменныя магілы выходзяць на тэрыторыю Літвы. На падставе вывучэньня гэтай катэгорыі помнікаў дасьледчыца выявіла ix лякальныя асаблівасьці i прыйшла да высновы аб прыналежнасьці каменных магіл яцьвягам[33]. А паводле антрапалягічных дадзеных, насельніцтва, якое пакінула каменныя магілы, генэтычна блізкае славянскім трупам[34].

Земляныя курганы ў асноўным сканцэнтраваныя каля гарадоў. Найбольш ix каля Наваградка (больш за 10). Як сьведчаць вынікі раскопак, праведзеных К.Паўлавай, у пахаваньнях зафікасаваныя як славянскія, так i балцкія рысы[35]. Курганны могільнік каля Ваўкавыска (Падрось) належаў зьмешанаму дрыгавіцка-мазавецкаму насельніцтву[36].

Згодна з публікацыяй П.Лысенкі, прысьвечанай дрыгавічам, балцкія рэчы ў значнай меры сканцэнтраваныя на ўзьмежжы з крывічамі (па лініі Койданава, Менск, Барысаў) i на ўзмежжы з радзімічамі (Жлобінскі раён)[37]. На жаль, у наш час вельмі мала раскапана дрыгавіцкіх пахаваньняў, a вялікая колькасьць дарэвалюцыйных матэрыялаў дэпашпартызавана. Таму пакуль недастаткова курганных паўнацэнных комплексаў для таго, каб пракарэляваць спалучэньні ўпрыгожваньняў i элемэнты пахавальнага абраду. Але, мяркуючы нават па фрагмэнтарных паведамленьнях, што трапляюцца ў дарэвалюцыйнай літаратуры, тыпова балцкіх рэчаў даволі шмат i тут. Акрамя зьвярынагаловых бранзалетаў, падковападобных фібул ca сьпіральнымі канцамі i шыйных грывен, сустракаюцца падвескі-ключыкі, ножыкі ў скураных, вышываных мэталічнай ніцьцю футаралах, двухзьвенныя ланцужкі, фрагмэнты тканін, упрыгожаныя бронзавымі пласьцінамі, шпількі з птушынымі галоўкамі. Балцкія рэчы сустракаюцца на Салігоршчыне, Случчыне, у раёне Князь-Возера i іншых мясьцінах[38]. У парэччы Прыпяці балцкіх знаходак амаль няма, але тут варта згадаць грунтовы могільнік ХІ-ХІІ ст. каля в. Вялемічы Столінскага раёну. Такія знаходкі, як чэрап каня i вялікія бурштынавыя пацеркі, дамавіны зь цьвікамі, зьяўляюцца на гэты час тыпова балцкімі элемэнтамі. З найбольш характэрных славянскіх рэчаў у гэтым могільніку можна згадаць драўлянае вядро[39].

Добра вядома, што дрыгавічы прымалі ўдзел у міграцыях на Панямоньне й Пабужжа, аб чым сьведчаць знаходкі зярненых дрыгавіцкіх пацерак[40]. Асноўным насельніцтвам Заходняга Палесься, як даказаў А.Іоў, былі валыняне. Акрамя таго, тут прасочваюцца дрыгавіцкія, мазаўшанскія i яцьвяскія рысы[41]. Мяркуючы па працы Т.Каробушкінай, яцьвяскія элемэнты асабліва шматлікія на тэрыторыі Камянецкага раёну (усходняя арыентацыя мужчынскіх пахаваньняў, каменныя вымасткі, ракавіны каўры, каменныя курганы трансфармуюцца ў каменныя магілы)[42]. Варта таксама падкрэсьліць, што на падставе вывучэньня антрапалягічнага матэрыялу з курганоў Пабужжа І.Салівон прыйшла да высновы аб напрамку генэтычных сувязяў з тэрыторыяй Заходняй Эўропы[43].

Шмат балцкіх рэчаў знойдзена i ў курганох радзімічаў, што падкрэсьліў яшчэ Б.Рыбакоў[44]. Аналёгіі толькі ў балцкім матэрыяле маюць касьцяныя падвескі-качачкі, пятлістыя i біэліпсоідныя падвескі, вітыя шыйныя грыўны з заходзячымі разеткападобнымі канцамі, ножыкі ў скураных, нышываных мэталічнай ніцьцю, футаралах, што насіліся каля пояса, або каля пляча ў якасьці амулетаў. У радзімічаў ёсьць прамяністыя фібулы, але, у адрозьненьне ад лета-літоўскіх фібулаў з плоскімі закругленымі канцамі, у ix галоўкі шарападобныя, такія ж, як i на скроневых кольцах. Гэты факт сьведчыць на карысьць мясцовай вытворчасьці ўпрыгожваньняў балцкага тыпу. Наибольшая колькасьць балцкіх упрыгожваньняў сканцэнтравана ў курганох Рагачоўшчыны[45].

Як сьведчаць археалягічныя дадзеныя, у пачатку II тысячагодзьдзя этнічныя кантакты балтаў i славянаў былі разнастайныя й расьсеяныя, а не пагранічныя. Гэта пацьвярджаюць i дадзеныя сумежных навук — антрапалёгіі, тапанімікі, гідранімікі, мовазнаўства, этнаграфіі i інш. Значную ўвагу праблеме паходжаньня беларусаў надаюць антраполягі[46]. Асноўны погляд антраполягаў на паходжаньне беларусаў можна працытаваць паводле працы І.Салівон, Л.Цягакі i А.Мікуліча «Новыя антрапалягічныя матэрыялы да праблемы этнагенэзу беларускага народу» (Москва, 1973. С.4-5): «…Спэцыфічны комплекс краніялягічных прыкметаў некалькі паслабленай эўрапеоіднасьці з эпохі сярэднявечча ў амаль нязьменным выглядзе захаваўся сярод усходнеславянскага насельніцтва толькі на тэрыторыі Беларусі. Гэты факт сьведчыць на карысьць значнай ролі старажытнага мясцовага (неславянскага) насельніцтва ў фармаваньні антрапалягічнага тыпу беларусаў. На карысьць гэтай высновы сьведчыць амаль поўная нязьменнасьць скулавай шырыні i вышыні твару на працягу апошняга тысячагодзьдзя, што дазваляе аддаць перавагу ў фармаваньні антрапалягічнага тыпу беларусаў шырока- i нізкатварым элемэнтам, паходжаньне якіх зьвязана з Прыбалтыкай…. Вылучаецца насельніцтва Заходняга Палесься, якое адхіляецца ў бок выражанай эўрапеоіднасьці…»

Роля балтызмаў у тапаніміцы i гідраніміцы паказаная ў працах В.Тапарова i А.Трубачова[47], М.Бірылы i А.Ванагаса[48], Е.Катонавай[49], Л.Грыгор’евай[50]. Так, напрыклад, у працы Л.Грыгор’евай гаворыцца, што ў айканіміі Беларускага Падзьвіньня даволі выразна супрацьпастаўлены два арэалы — заходні i ўсходні. Для заходняга арэалу (Браслаўскі, Пастаўскі, Мёрскі, Верхнядзьвінскі, Шаркаўшчынскі i Глыбоцкі раёны) Віцебскай вобласьці характэрная наяўнасьць назваў з суфіксамі літоўскага паходжаньня (Жвірблішкі, Алынаны, Нурвяны, Дарнейкі, Мажэйкі). Усходні арэал характарызуецца ix адсутнасьцю i больш высокай прадуктыўнасьцю айконімаў, аформленых славянскімі суфіксамі. На мяжы з Рассяй ix прадуктыўнасьць дасягае 25%, a ў раёне беларуска-літоўскага памежжа зьніжаецца да 5%. Дасьледчыца прыйшла да высновы, што балцкія (пераважна літоўскія) элемэнты — гэта вынік паступовага асваеньня літоўскіх тапонімаў або ўтварэньня беларускіх айконімаў ад літоўскіх антрапонімаў пры дапамозе славянскіх суфіксаў.

Роля балтызмаў у беларускай мове разглядалася многімі вучонымі[51]. З апошніх дасьледаваньняў цікавасьць уяўляе праца С.Прохаравай[52]. Разам з балта-славянскімі інавацыямі шырокага распаўсюджваньня дасьледчыца вызначыла інавацыі больш вузкія, а таксама канструкцыі, якія тыпалягічна супадаюць або толькі зь літоўскімі, або толькі з латыскімі. У басэйне Дзьвіны моўныя асаблівасьці супадаюць з латыскімі, часьцей за ўсё з латгальскімі, а ў басэйне Дняпра адзначана канцэнтрацыя сынтаксычных балтызмаў, якія ўжываюцца паралельна з славянскімі канструкцыямі. У басэйне Сажа (тэрыторыя радзімічаў) вылучаюцца арэалы, дзе адсутнічаюць славянскія сынтаксычныя канструкцыі, a ўжываюцца толькі тыя, якія тыпалягічна супадаюць або ў цэлым з балтыйскімі, або канкрэтна зь літоўскімі.

Ад вёсак адрозьніваліся гарады i фэадальныя сядзібы. З самага пачатку свайго існаваньня яны ў асноўным былі апорнымі пунктамі калянізацыі славян i цэнтрамі хрысьціянізацыі. У гарадзкіх паселішчах нават склалася свая гарадзкая мода, якая мела шмат агульнага па ўсёй Усходняй Эўропе. Спэцыфічна гарадзкімі ўпрыгожваньнямі гэтага часу былі шкляныя бранзалеты, пярсьцёнкі i скроневыя кольцы, колты, бранзалеты-складні, але i тут знаходзяць шмат тыпова балцкіх упрыгожваньняў.

З этнаграфічных дадзеных увагі заслугоўваюць культавыя камяні. Яшчэ ў 1967 годзе В.Сядоў падкрэсьліваў, што культ каменя ў асноўным характэрны менавіта для старажытнага балцкага арэалу[53]. Вынікі спэцыяльнага вывучэньня культавых камянёў Беларусі i супастаўленьне ix з аналягічнымі помнікамі на суседзкіх тэрыторыях паказваюць, што гэта сапраўды так. Па большасьці прызнакаў прасочаныя беларускія, літоўскія i латыскія агульнасьці. Асаблівую цікавасьць уяўляюць так званыя «Чортавы Камяні», час узьнікненьня паданьняў пра якія можна адносіць менавіта да пачатку II тысячагодзьдзя. Вылучаецца сем сюжэтаў паданьняў, i яны вядомыя толькі ў беларусаў, літоўцаў i латышоў. Чорт ва ўсіх паданьнях мае дахрысьціянскія рысы, што дае падставы бачыць у ім адно з найстаражытнейшых балцкіх бостваў.

Такім чынам, прыведзеныя факты дазваляюць гаварыць аб наяўнасьці ўжо ў пачатку II тысячагодзьдзя новай этнічнай балта-славянскай супольнасьці, якая пазьней атрымала назву беларусаў.

THE BALTS AND THE SLAVS ON THE TERRITORY OF BELARUS IN THE BEGINNING OF THE SECOND MILLENNIUM A.D.

In ancient time the territory of Belarus represented the eastern outskirt of the Baits’ world. The Slavs began to settle here from the middle of the first millennium. This process was very lasting and versatile. In the beginning of the second millennium it developed most intensively. It was in this time that nationalities and states were forming.

Balto-Slavic symbiosis in the most distinctive way can be traced on the results of excavations of burials which differ from those in other East-Slavic lands. As excavations of barrows and underground burials testify to the role of the Baits wasn’t equal in different regions: Baltic, Slavic and mixed Balto-Slavic areas can be distinguished. Many barrows with Baltic features are fixed in the outskirts of Polack, Mensk, Zaslaue. In the upper Vilia and on the right banks of the Nioman-river there are East-Lithuanian barrows. Stone burials left by the Jacviahy are characteristic to the territory of the Nioman and partly Buh river-basins. The results of excavations of the regretable-barrow cemeteries testify to migration of the Jacviahy from the Nioman basin to the upper Biarezina. The central part and south of Belarus (Prypiać Palesse region) dryhavičy occupied. In their burial sites a number of typical Baltic adornments can be met. Dryhavičy took part in migration to the Nioman and Buh area. Valynians were the main population of Western Palesse (the Buh river-basin) but features of the Mazaushans and the Jacviahy can be also traced. Many Baltic elements are characteristic to Radzimičy barrows.

According to archaeological data ethnic contacts between the Baits and the Slavs in the beginning of the second millennium were not frontier but scattered. This is confirmed by the data of other sciences — anthropology, toponymy, hydronymy, linguistics, etnography. It was on the Balto-Slavic basis that Belarusian nationality had been established and its ethnical self-realization had been formed.


[1] Мядзьведзеў А. Насельніцтва Беларусі ў жалезным веку (VIII ст. да н.э. — VIII ст. н.э.) // БГА, Т.1, Сш.1. 1994. С.15-37.

[2] Развитие этнического самосознания славянских народов в эпоху раннего средневековья. — Москва, 1°82. С.49-96, 120-212; Пономарев А. Формирование этнического самосознания славян ских народов Украины // Славяне, адзінства i мнагастайнасьць. Тэзысы дакладаў i паведамленьняў. — Менск, 1990. С.64; Куликаускене Р. Образование литовской народности (по данным археологии) // СЭ, 1979. 3. С.31-46; Зейд Т. Образование латышской народности в отображении письменных источников // Проблемы этнической истории балтов. Тезисы докладов — Рига, 1977. С.113-115.

[3] Ляўданскі А. Кароткае паведамленьне аб досьледах культур эпохі жалеза ў БССР у 1930-1931 // Працы сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Т.Ш. — Менск 1932. С.230-232, 238.

[4] Брага С. Балцкі элемэнт пры паўстаньні сучаснага беларускага народу. Выданьне «Ускалось». 1950; Мікалаеня В. Балцкая тэорыя згары // Беларуская думка. 1961 2. С.11-13; Багровіч А. Рэцэнзія на кн: М.Гринблат. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. — Минск, 1968. // Запіскі Беларускага інстытуту навукі i мастацтва. — Нью-Ерк, 1975. 13. С.130-134.

[5] Седов В. Следы восточнобалтийского погребального обряда в курганах Древней Руси // CA. 1961. 2. С.103-121; ён жа: К вопросу о происхождении белорусов // СЭ. 1967.

[6] Седов В. Еще раз о происхождении белорусов // СЭ. 1969. 1. С.102-121.

[7] Сергеева З. К изучению культурно-экономических связей западно-русских земель с Прибалтикой (по находкам звериноголовых браслетов) // КСИА. Вып.164. — Москва, 1982. С.30-35; яна ж: Балтские находки в курганах Западной Руси // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. — Вильнюс, 1985. С.123-131.

[8] Сергеева З. Курганы у дер. Новинка (Витебской обл.) // КСИА. Вып. 144. — Москва, 1975. С.85-90.

[9] Ochmański J. Ludność litewska we włości Orxrtce na Białorusi wschodniej w XIV-XVI wieku // ABS. T.V. — Białystok, 1967. S.147-158; Охманьский E. Литовско-кривичское пограничье в племенную эпоху // Становление раннефеодальных славянских государств. — Киев, 1972. С.245-257.

[10] Дучыц Л. Аб адной катэгорыі курганных знаходак // Гістарычна-археалягічны зборнік. Вып.4. — Менск, 1994. С.49-57.

[11] Ляўданскі A. Археалягічныя досьледы ў Полацкай акрузе // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кніга II. Працы сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі Беларускай Акадэміі навук Т.II. — Менск, 1930. С. 194-195; Штыхаў Г. Крывічы. — Менск, 1992. С. 103, 121-126.

[12] Тарасаў С. Справаздача аб палявых дасьледаваньнях у 1992 годзе. // Архіў Інстытуту гісторыі АН Беларусі. Справа 1422.

[13] Тышкевич К. О курганах в Литве и Западной Руси. — Вильна, 1865. С.47-56.

[14] Заяц Ю. К вопросу о сельском населении Изяславского удела Полоцкой земли в Х-ХІІ в. // Час, помнікі, людзі. Памяці рэпрэсаваных археолягаў / Тэзісы дакладаў міжнароднай канфэрэнцыі. — Менск, 1993. С.52.

[15] Зайкоўскі Э. Раскопкі на Дзявочай Гары // Гістарычна-археалягічны зборнік. Вып.4. — Менск, 1994. С.71-87.

[16] Охманьски Е. Литовско-кривичское пограничье… С. 245-257.

[17] Белоцерковская И. Этнический состав населения Смоленской земли в ХІ-ХІІ в. (по данным погребального обряда) // Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Москва, 1976. С. 10-11.

[18] Спицын А. Обозрение некоторых губерний и областей России в археологическом отношении // Записки императорского русского археологического общества. Т.ХІ. 1899. Вып. 1,2. С.292.

[19] Квятковская А., Дучиц Л. Новые раскопки могильников на Витебщине // Археология и история Пскова и Псковской земли. — Псков, 1992. С.29-32.

[20] Плавінскі А. Гаравец // Археалёгія i нумізматыка Беларусі. Энцыкляпэдыя. — Менск, 1993. С. 155.

[21] Квятковская А. Каменные могильники Беларуси XI-XVII в. // Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Менск, 1994. С.18-19.

[22] Семянчук Г. Новая катэгорыя археалягічных помнікаў на тэрыторыі Полацкай зямлі (грунтовыя могільнікі Х-ХІІІ ст.) // Гістарычна-археалягічны зборнік (Памяці Міхася Ткачова). Ч.П. — Менск, 1993. С. 124-133.

[23] Хвощинская Н. О фино-угорском населении Северо-Восточного Причудья // Археология и история Пскова и Псковской земли. — Псков, 1985. С.33-34.

[24] Мачинский Д. Этносоциальные и этнокультурные процессы в Северной Руси (период зарождения древнерусской народности) // Русский Север. — Ленинград, 1986. С.8.

[25] Рапановіч Я. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласьці. — Менск, 1977. С.275-283.

[26] Погодин М. Древняя русская история до монгольского ига. T.III. — Москва, 1871. С.52-53.

[27] Зверуго Я. Верхнее Понеманье в IX-XIII в. — Менск, 1989. С.21-29.

[28] Дучыц Л. Браслаўскае Паазер’е ў IX-XIV ст. (Гісторыка-археалягічны нарыс). — Менск, 1991. С. 10-24.

[29] Таутавичюс А. Восточнолитовские курганы // Вопросы этнической истории народов Прибалтики. — Москва, 1959. С.120-153.

[30] Куликаускене Р. Образование литовской народности (по данным археологии) // СЭ, 1979. 3. С.31-46.

[31] Шноре Э. Латгало-славянские контакты на территории Восточной Латвии во второй половине I — начале II тысячелетия н.э. // ABS, Т.6. — Białystok. 1969. С.145-157; Радиньш А. Новые данные о курганном обряде на территории латгалов в первой половине II тысячелетия н.э. (по материалам Резекненского района) // КСИА. Вып.190. — Москва, 1987. С.80-82.

[32] Збор помнікаў гісторыі i культуры Беларусі. Гарадзенская вобласьць. — Менск, 1986. С.306, 313, 318, 338, 348, 354 i г.д.

[33] Квятковская А. Каменные могильники Беларуси XI-XVII в. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Минск, 1994. С.8-10.

[34] Салівон I., Квяткоўская A., Кушнір A. Краніялёгія насельніцтва Беларускага Панямоньня па матэрыялах каменных могільнікаў // Весьці АН БССР. Сэрыя грамадзкіх навук. 1989, 3, С.73-81.

[35] Павлова К. Население Верхнего Понемонья по материалам курганных могильников окрестностей Новогрудка // Древнерусское государство и славяне. — Менск, 1983. С.45-47; яна ж: Балтские элементы в погребальном обряде курганов окрестностей древнего Новогрудка // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. Тезисы докладов. — Вильнюс, 1981. С.38-40.

[36] Jaskanis D. Materiały z badań wczesnosreniowecznego cmentarzyska w miejscowości Podroś koło Wołkowyska w BSSR // RB, 1962. S.340-341.

[37] Лысенко П. Дреговичи. — Минск, 1991. С.50-91, 165-167, 180-182, 194-196, 198-200, 206-211.

[38] Императорский Российский Исторический музей. Указатель памятников. — Москва, 1893. С.136-143; Мышенков Н. Курганы Бобруйского уезда Минской губернии (исследования 1888 года) // Вестник археологии и истории. Вып IX. — СПб., 1892. С.9-97.

[39] Кухаренко Ю. Погребения ХІ-ХІІ в. на могильниках у деревни Велемичи // КСИА, Вып. 125. — Москва, 1971. С.69-72.

[40] Зверуго Я. Верхнее Понеманье в ІХ-ХІІІ в. — Минск, 1989. C.104, 127; Коробушкина Т. Курганы Белорусского Побужья Х-ХІІІ в. — Минск, 1993. С.45-93.

[41] Иов О. Сельские поселения ІХ-ХІІІ в. в Западной части Белорусского Полесья // Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Минск, 1991. С. 19-22; Аб уплывах мазаушанскай культуры на нашыя землі гл. таксама: Перхавко В. Западнославянское влияние на раннесредневековую культуру Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. — Минск, 1983. С.26-28.

[42] Коробушкина Т. Курганы… Cl 15-127.

[43] Коробушкина Т., Саливон И. Сельское население Среднего Побужья ІХ-ХІІІ в. (по материалам курганных могильников) // CA, 1990. 3. С.149.

[44] Рыбакоў Б. Радзімічы // Працы сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Т.ІІІ. Менск, 1932. С.81-153.

[45] Багамольнікаў У. Асноўныя вынікі вывучэньня радзіміцкіх куграноў // Весьці АН БССР. Сэрыя грамадзкіх навук. 1979 3. С.66-72; Соловьева Г. Славянские курганы близ Рогачева Гомельской области // КСИА, 1972. Вып. 129, С.50-53; яна ж: Славянские курганы у с. Ботвиновка Гомельской области // КСИА, Вып.171. 1982. С.75-80.

[46] Алексеева Т. О некоторых особенностях сложения антропологического типа славян // Этногенез белорусов. Тезисы докладов — Минск, 1973. С.79-82.

[47] Топоров В., Трубачев О. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962; Топоров В. Значение белорусского ареала в этногенетических исследованиях // Славяне: адзінства i мнагастайнасьць. Тэзісы паведамленьняў. — Менск, 1990. С.87-90.

[48] Бірыла М. Ванагас А. Літоўскія элемэнты ў беларускай анамастыцы. — Менск, 1968. С.4-12.

[49] Катонова Е. Некоторые балтийские гидронимы бассейна Западной Двины на территории Белоруссии // Известия АН Латв. ССР. 1973. 4. С.81-87.

[50] Грыгор’ева Л. Славянска-балтыйскія сувязі ў айканіміі Беларускага Падзьвіньня // Bałto-słowiańskie związki językowe. — Wrocław Warszawa-Kraków, 1990. S.141-148.

[51] Карский Е. К вопросу о влиянии литовского и латышского языка на белорусское наречие // Труды по белорусскому и другим славянским языкам. — Москва, 1962; Мартынов В. Типы лексических балтизмов в белорусских диалектах // ABS, Г.ІХ. 1976. S.89-94; Арашонкава Г., Грынавецкене А., Мацкевіч Ю., Рамановіч Я., Чабярук А., Шаталава Л. Лексыка балтыйскага паходжаньня ў беларускіх гаворках // Беларуская лінгвістыка, 1973. 3. С.27-37; Хабургаев Г. Этнонимы «Повести временных лет» в связи с задачами реконструкции восточнославянского глоттогенеза. — Москва, 1979. С. 142-143; Климчук Ф. О проблеме балтизмов в говорах Брестско-Пинского Полесья // Проблемы этнической истории балтов. — Рига, 1985. С.178-179.

[52] Прохарава С. Славяна-балтыйскія сынтаксычныя ізаглосы. — Менск, 1993. С.9-18.

[53] Седов. В. К вопросу о происхождении белорусов // СЭ, 1967. 2. С. 112-129.

Наверх

Аляксандар Смалянчук. Гістарычная сьвядомасьць i ідэалёгія палякаў Беларусі i Літвы на пачатку XX стагодзьдзя

Жніўня 19, 1995 |


У час рэвалюцыі 1905-1907 г. палякі Беларусі й Літвы нечакана для сябе адчулі, што знаходзяцца ў шматэтнічным грамадзтве, значная частка якога ставіцца да ix варожа. Гэта адчуваньне было зьвязана ў першую чаргу з сацыяльнымі i нацыянальна-культурнымі дамаганьнямі беларускага i літоўскага нацыянальных рухаў. У сацыяльным пляне галоўным зьяўлялася патрабаваньне зямлі. Яно было скіравана супраць польскіх памешчыкаў, якія валодалі больш чым паловай усіх прыватных земляў краю. Нацыянальна-культурныя патрабаваньні, якія закраналі польскія пазыцыі, датычылі ўвядзеньня беларускай i пашырэньня літоўскай мовы ў каталіцкім набажэнстве. Прыняць гэтыя патрабаваньні палякі не маглі. Менавіта польскае землеўладаньне i польскасьць каталіцкага касьцёла зьяўляліся краевугольнымі камянямі польскіх пазыцый у Беларусі й Літве.

Акрамя гэтага, пасьля Маніфэсту 17 кастрычніка 1905 г. у Беларусі й Літве хутка пачалі зьяўляцца філіялы расейскіх шавіністычных партый i арганізацый, якія ў 1906 г. аб’ядналіся ў «Рускі акраінны саюз». Разам з чарнасоценным друкам апошні вёў актыўную антыпольскую i антыжыдоўскую агітацыю.

Палякі апынуліся ў становішчы ізгояў. Хоць для большасьці зь ix Беларусь i Літва была зямлёй продкаў, а радаводы мелі мясцовыя карані, у вачох беларускага й літоўскага насельніцтва яны станавіліся чужынцамі.

Сытуацыя вымагала ад палякаў новага асэнсаваньня таго, чым для ix зьяўляецца Беларусь i Літва, якое месца яны займаюць у жыцьці краю, i як павінны ставіцца да беларусаў i літоўцаў? Адказ на гэтыя пытаньні мусіў дапамагчы выпрацаваць новую ідэалёгію польскага нацыянальнага руху i падказаць выхад з сытуацыі. Палякі разумелі, што нельга ісьці на адкрыты канфлікт ні з царскімі ўладамі, ні зь беларускім i літоўскім нацыянальнымі рухамі. Яны шукалі выхад на шляху кампрамісу i з першымі, i з другімі.

У гэты час у публіцыстыцы, праграмных заявах, выступленьнях прадстаўнікоў польскай грамадзкасьці ўсё часьцей сустракаецца праява абвостранага ўсьведамленьня Беларусі й Літвы як сваёй радзімы, свайго роднага краю. Безумоўна, нешта падобнае было й раней. Дастаткова ўспомніць славутыя радкі А.Міцкевіча:

Літва! Айчына мая!

Ты як здароўе…

Але тады, за рэдкім выключэньнем, гэтае пачуцьцё не афішавалася. Цяпер жа ўсё зьмянілася. У 1905 г. у кнізе «Голас мінуўшчыны i патрэба часу» землеўладальнік Менскай губэрні Р.Скірмунт пісаў, маючы на ўвазе сябе й сваіх аднадумцаў: «Акрамя тых, хто ўсімі сіламі імкнецца як да роднай матулі да Польскага каралеўства, i адзінак, якія робяць стаўку на Расею, сярод шляхты ёсьць група людзей, сэрцам i душой адданых сваёй Радзіме — Літве й Русі»[1].

У рэдакцыйным артыкуле першага нумару «Gazety Wileńskiej» (1906. Рэдактар З.Пяткевіч) адзначалася: «Мы грамадзяне Літвы й Беларусі. Наш грамадзянскі абавязак — служыць роднаму краю. Мы ня можам быць польскімі каляністамі. З палітычнага, грамадзкага й эканамічнага пункту гледжаньня нашай Радзімай зьяўляецца Беларусь i Літва. Толькі з культурна-нацыянальнага погляду мы дзеці польскага народу й не адмаўляемся ад яго».

Красамоўны быў адказ старшыні Менскага сельскагаспадарчага таварыства Э.Вайніловіча на папрок, што польскія землеўладальнікі кіруюцца толькі ўласнымі інтарэсамі. На паседжаньні згаданай арганізацыі (сакавік, 1906) ён заявіў: «Сваёй шматгадовай працай на роднай глебе мясцовыя землеўладальнікі ўжо даказалі, наколькі блізкія ім інтарэсы роднага краю й аднаплямённага зь ім карэннага насельніцтва. Сёньня ніхто ня мае права папракаць ix у няшчырасьці й жаданьні абараніць толькі ўласныя інтарэсы»[2]. Зьвяртае на сябе ўвагу тэрміналёгія Э.Вайніловіча. У сялянах ён бачыў «аднаплямённы народ», а замест тэрмінаў, якія б характарызавалі нацыянальную прыналежнасьць, ужыў словы «карэнныя» i «мясцовыя».

Вялікую ролю ў гэтым усьведамленьні адыграла й тое, што дзіцячыя гады многіх палякаў краю прайшлі сярод беларускага й літоўскага сялянства. Яны чулі сялянскую мову, слухалі народныя песьні й казкі. Нянькамі многіх былі вясковыя жанчыны. Для многіх уласныя ўспаміны зьявіліся тым мастом, які злучаў далёкае мінулае й сёньняшні дзень. Э.Вайніловіч у лісьце да памешчыка А.Ельскага, дзякуючы за прысылку беларускіх кніг, заўважыў: «Кожнаму з нас гэтая мова (беларуская. — A.C.) мілая, кожны засынаў у калысцы пад народныя песьні нашых нянек, кожны на гэтай мове знаходзіць узаемаразуменьне зь мясцовым насельніцтвам»[3].

Усьведамленьне краю як Радзімы становіцца настолькі моцным, што частка палякаў Беларусі й Літвы перастае атаясамліваць сябе з палякамі Польскага каралеўства. Прычым гэта датычылася ня толькі паходжаньня, а нават рысаў характару. Вось што пісала, напрыклад, Э.Ажэшка: «Пад уплывам гістарычнага перакрыжаваньня народаў (польскага зь беларускім i карэнным літоўскім) палякі краю здабылі тыя якасьці, якіх ня маюць палякі Каралеўства…. Тут больш разважаньня, спакою, вытрымкі, больш разумовых здольнасьцяў»[4].

Асэнсаваньне таго складанага становішча, у якім апынуліся палякі Беларусі й Літвы з пачаткам рэвалюцыі 1905-1907 г., спрыяла больш глыбокаму ўсьведамленьню імі беларуска-літоўскага краю як сваёй Радзімы. На гэтым паўстала ідэалёгія, якая аб’яднала пад сваім сьцягам большасьць палякаў краю. Ейныя прыхільнікі абвясьцілі інтарэсы рэгіёну вышэйшымі за інтарэсы асобных этнасаў, у тым ліку й польскага. Яны заяўлялі, што ў сваёй палітычнай i грамадзкай дзейнасьці будуць кіравацца нацыянальна-культурньімі, эканамічнымі, рэлігійнымі й гістарычнымі асаблівасьцямі краю й яго інтарэсамі. Адсюль i назва гэтага руху — «краёвы».

Галоўным пастулятам краёўцаў была дэклярацыя адзінства ўсіх жыхароў Беларусі й Літвы. Краёўцы заклікалі насельніцтва ўсьвядоміць, што большая частка краёвых i грамадзянскіх патрэбаў мае агульнае значэньне для ўсіх жыхароў Беларусі й Літвы, што клясавая i нацыянальная барацьба бессэнсоўная й нават злачынная, пакуль не здабытая свабода для ўсяго краю. Б.Ялавецкі адзначаў: «Перш за ўсё мы, грамадзяне краю, нягледзячы на розьніцу сацыяльнага становішча, нацыянальнасьці й веравызнаньня, павінны паціснуць рукі i з узаемнай павагай узяцца за працу»[5].

Вялікае значэньне краёўцы надавалі i нацыянальным адносінам. Праграма краёвай партыі Літвы й Беларусі (1907), напрыклад, гарантавала правы літоўскага народу на культурнае разьвіцьцё. A ў дачыненьні да беларусаў партыя абяцала з павагай ставіцца да паўсталай сярод ix тэндэнцыі да самастойнага нацыянальнага й культурнага разьвіцьця[6].

Імкнучыся фармаваць адпаведную ix сьветапоглядным устаноўкам гістарычную сьвядомасьць, краёўцы заняліся прапагандай i пашырэньнем сярод адукаванай часткі насельніцтва Беларусі й Літвы «краёвай гістарыяграфіі», (калі будзе карэктна ўжываць такі тэрмін).

Падмуркам «краёвай гістарыяграфіі» сталі працы прадстаўнікоў віленскай гістарычнай школы першай паловы XIX ст. Такія гісторыкі як І.Даніловіч, І.Ярашэвіч, І.Анацэвіч, І.Лабойка, М.Баброўскі, а потым Т.Нарбут, А.Кіркор i некаторыя іншыя амаль упершыню зрабілі гісторыю беларуска-літоўскага краю самастойным аб’ектам дасьледаваньняў. Яны адмовіліся глядзець на гісторыю краю вачыма Пецярбурга ці Варшавы. Ix погляд — гэта погляд людзей, дзеля якіх зыходным i канчатковым пунктам былі інтарэсы Радзімы, свайго беларуска-літоўскага краю. Беларуска-літоўскі патрыятызм стаў характэрнай рысай навуковых дасьледаваньняў віленскіх гісторыкаў. Вось што пісаў у адным зь лістоў 1861 г. А.Кіркор: «Ніколі ня зьнікне ўва мне гэтае пачуцьцё. Я люблю маю Радзіму з натхненьнем юнака i самаахвярнасьцю мужчыны. Я маю сэрца i адчуваю сымпатыю да Польшчы настолькі, наколькі яе лёс зьвязаны з нашым»[7].

Навуковыя дасьледаваньні віленскіх гісторыкаў не маглі не спрыяць усьведамленьню шляхтай краю сваіх мясцовых каранёў. Прыкладам, Т.Нарбут у беларускай i літоўскай шляхце XIV ст. бачыў продкаў шляхты XIX ст. Віленскія гісторыкі падкрэсьлівалі самастойнасьць дзяржаўнага разьвіцьця Вялікага Княства Літоўскага пасьля Крэўскай (1385) i Гарадзельскай (1413) уній[8].

Ацэньваючы польскія ўплывы, яны адзначалі вялікую пазытыўную ролю польскай культуры й каталіцкай царквы ў гісторыі краю. А вось уплывы польскага палітычнага жыцьця атрымалі нэгатыўную ацэнку. Т.Нарбут, напрыклад, менавіта на польскіх магнатаў ускладаў галоўную віну за безуладзьдзе, якое аблегчыла кіраўнічым колам Расеі, Прусіі, Аўстрыі зьнішчэньне Рэчы Паспалітай[9].

Ідэі віленскай школы жылі, нягледзячы на тое, што сфэра ix распаўсюджаньня была моцна абмежаваная пасьля ўдушэньня паўстаньня 1863 г. З афіцыйных навучальных устаноў Беларусі й Літвы яе выцясьніў «заходнерусізм», a ў розных нелегальных асьветніцкіх гуртках пашырыліся погляды польскай гістарыяграфіі, якая глядзела на беларуска-літоўскі край як на польскую правінцыю. Напрыклад, такую пазыцыю падзяляў на пачатку XX ст. польскі гісторык З.Глогер. На тле распаўсюджванай гістарычнай літаратуры як выключэньне выглядаў трэці том «Живописной России» (1882), які быў прысьвечаны Беларусі й Літве i напісаны амаль адным А.Кіркорам.

У сваіх публічных выступленьнях краёўцы адраджалі канцэпцыю віленскіх гісторыкаў. Вось што, напрыклад, пісаў Э.Вайніловіч: «Значную частку польскіх землеўладальнікаў у Беларусі… складала шляхта мясцовага паходжаньня, якая некалі спавядала ўсходні абрад, але ўжо ў XVII ст. была паланізаваная й акаталічаная. Яна адчувала адзінства крыві зь мясцовым людам»[10]. Ён жа ў адным зь лістоў нагадваў, што старажытныя фамільныя паперы i ягонага роду, i многіх іншых шляхецкіх радоў напісаныя на беларускай мове[11].

Краёўцы актыўна выкарыстоўвалі галоўны прынцып віленскай гістарычнай школы — разгляд гісторыі Беларусі й Літвы як гісторыі самастойнай i самабытнай. Асэнсоўваючы мінулае, яны зрабілі спробу далейшага разьвіцьця гістарыяграфіі. Аднак шмат у чым ix гістарычныя погляды адыйшлі ад поглядаў віленскіх гісторыкаў. Прычынай гэтага было пачуцьцё прыналежнасьці да польскай нацыі, якое ўзмацнялася пад уражаньнем развіцьця беларускага й літоўскага нацыянальных рухаў.

Ідэю беларуска-літоўскага паходжаньня шляхты паступова выцясьніла ідэя агульных польска-беларуска-літоўскіх каранеў. Б.Ялавецкі сьцьвярджаў, што яшчэ да ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага, шматлікія набегі літоўцаў на польскія землі ў XII ст. прывялі да зьяўленьня на абшарах Літвы польскіх асаднікаў-каталікоў. Выкарыстоўваючы аслабленьне Польшчы пасьля сьмерці Баляслава III, літоўскія князі перасялілі на свае землі дзясяткі тысяч палякаў, так што, як пераконваў краёвы публіцыст, у Літве не засталося ніводнага кута, дзе б не было палякаў[12]. А пасьля далучэньня беларускіх земляў да дзяржавы Міндоўга, польская i літоўская кроў зьмяшалася зь беларускай. Б.Ялавецкі заяўляў, што ўжо ў часы Ягайлы на Літве не засталося чалавека, які б не меў у сабе хоць крыху крыві ўсіх трох нацый — літоўскай, польскай i беларускай[13]. Пасьля Крэўскай уніі, далей разважалі краёўцы, i дзяржаўныя лёсы Літвы i Польшчы сталі непадзельныя. Краёўцы былі катэгарычныя ў сьцьверджаньні, што хрысьціянства, асьвета, заходнеэўрапейская культура ішлі на беларускія землі толькі з Польшчы i ператварыліся ў адзіную польска-літоўска-беларускую культуру: «На ўсёй тэрыторыі Літвы панавалі адны й тыя ж звычаі, адна й тая ж нацыянальная этыка… таму што ў жылах цякла адна й тая ж кроў»[14]. Па сутнасьці сьцьвярджалася існаваньне ў часы сярэднявечча на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага агульнага польска-літоўска-беларускага этнасу.

Часы Рэчы Паспалітай разглядаліся новай краёвай гістарыяграфіяй як «залаты век» для ўсіх жыхароў Реларусі й Літвы.

Краёўцы прызнавалі фактар палянізацыі сацыяльных вярхоў літоўскага й беларускага этнасаў. Аднак бачылі ў гэтым заканамерны i пазытыўны працэс, які ніколі, на ix погляд, не адбываўся шляхам гвалту. «У культурнай перамозе нашай мовы над літоўскай, — заяўлялі яны, — ёсьць толькі перавага ведаў, працы й гуманізму ў звычаях»[15]. «Польская культура на Літве не насаджалася полымем i мячом, a распаўсюджвалася праз братэрства народаў»[16] i г.д.

На погляд краёўцаў i сацыяльна-эканамічныя адносіны ў Рэчы Паспалітай перажывалі «залаты век». Яны параўноўвалі становішча сялян у Рэчы Паспалітай i ў Расеі не на карысьць апошняй. Г.Сьвянціцкі ў дакладзе на паседжаньні Менскага сельскагаспадарчага таварыства ў сакавіку 1906 г. намаляваў наступную карціну ўзаемаадносін сялян i памешчыкаў ў Рэчы Паспалітай: памешчык быў дарадцам i апекуном сялян, зацікаўленым у росьце ix дабрабыту, яго жонка лячыла хворых, а дачка вучыла сялянскіх дзяцей. Адначасова падкрэсьлівалася, што ў Расеі селянін поўнасьцю належаў памешчыку i ня мог нават паскардзіцца на яго[17].

Краёўцы ў розных публікацыях праводзілі думку, што магнацтва Беларусі й Літвы на працягу амаль усяго сярэднявечча выступала супраць прыгоннага ладу. Праўда, факты, якія яны прыводзілі, датычыліся ў асноўным апошніх дзесяцігодзьдзяў гісторыі Рэчы Паспалітай. Так, адзначалася, што ў XVIII ст. А.Замойскі, А.Тызенгаўз, I. Храптовіч перавялі сялян на аброк i далі ім самакіраваньне[18], С.Панятоўскі перавёў на чынш 40 тысяч прыгонных[19] i г.д. Указвалася на значэньне ў гэтым сэнсе Канстытуцыі 3 траўня 1791 г.

Гэтая лінія так званай «барацьбы за сялянскі дабрабыт» прасочвалася публіцыстамі-краёўцамі i ў XIX ст. Г.Сьвянціцкі адзначаў, што яшчэ ў 1817 г. шляхецкі сход у Вільні зьвярнуўся да імпэратара з прашэньнем аб сялянскай рэформе, праз 13 гадоў у Вільні ўзьнікла «Таварыства сяброў сялян», a ў 1843 г. віленская шляхта ізноў прыняла зварот да цара аб адмене прыгоннага ладу. Нават сялянская рэформа 1861 г. зьвязвалася з зваротам да Аляксандра II шляхты Ковенскай губэрні[20].

Падзелы Рэчы Паспалітай не знайшлі адлюстраваньня ў публіцыстыцы краёўцаў. Магчыма, яны абходзілі гэтае пытаньне з цэнзурных меркаваньняў. Ацэнка гэтых падзелаў, як i ацэнка расейскага панаваньня ў краі адчувалася ў характарыстыцы сучаснага стану Беларусі й Літвы: «Край дайшоў да страшнага заняпаду, а цемра i беднасьць ахапілі ўсе колы насельніцтва»[21].

Разьвіцьцё краёўцамі гістарычнай канцэпцыі «віленскай школы» зьвялося да падкрэсьліваньня, на ix погляд, выключна пазытыўнай ролі палякаў у гісторыі Беларусі й Літвы. Гістарычна абгрунтоўвалася думка пра тое, што палякі — не нацыянальная меншасьць, a адзін з трох асноўных гістарычна-дзяржаўных i культуратворчых элемэнтаў краю, безь якога немагчыма ўявіць ні яго мінуўшчыну, ні сучаснасьць, ні будучыню.

Падводзячы папярэднія высновы, трэба адзначыць, што суадносіны паміж гістарычнай сьвядомасьцю й ідэалёгіяй краёўцаў не насілі аднанакіраванага характару. Палякі краёвага паходжаньня ніколі не забывалі, што ix Радзімай зьяўляецца беларуска-літоўскі край. Аднак доўгі час гэта амаль не ўплывала на ix грамадзка-палітычную дзейнасьць. Толькі на пачатку XX ст., калі рэвалюцыя 1905-1907 г. i нацыянальна-культурныя рухі беларусаў i літоўцаў паставілі палякаў у становішча ізгояў, усьведамленьне сваёй Радзімы стала адчувальным фактарам ix актыўнасьці. Безумоўна, гэтае усьведамленьне адыграла вялікую ролю ў фармаваньні краёвай ідэалёгіі. Аднак яна не магла быць заснаваная толькі на пачуцьці Радзімы ды яшчэ на ўспамінах дзяцінства. Патрабавалася больш грунтоўная навукова-гістарычная аснова. I тут краёўцы пайшлі па шляху фармаваньня й распаўсюджваньня адпаведнай ix асноўным сьветапоглядным устаноўкам гістарычнай сьвядомасьці. Гэты працэс набыў форму адраджэньня й дапрацоўкі гістарычнай канцэпцыі віленскіх гісторыкаў першай паловы XIX ст. І.Даніловіч, І.Анацэвіч, Ю.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.Кіркор i іншыя жылі й працавалі з усьведамленьнем сваёй гістарычнай прыналежнасьці да былога Вялікага Княства Літоўскага. Ix беларуска-літоўскі патрыятызм быў дапоўнены на пачатку XX ст. высокай ацэнкай палякаў у гісторыі Беларусі й Літвы. Гэта невыпадкова. У сьвядомасьці краёўцаў спалучалася пачуцьцё прыналежнасьці да шляхты былога Вялікага Княства з адчуваньнем, што яны зьяўляюцца часткай польскай нацыі. Прычым апошняе (прыналежнасьць да польскай нацыі) паступова ўзмацнялася.

Партыя польскіх нацыянальных дэмакратаў (эндэкаў) разглядала Беларусь i Літву як «усходнія крэсы» Польскай дзяржавы i лічыла палякаў гаспадарамі гэтай зямлі. Пераважная большасьць палякаў краю не прыняла гэтых поглядаў. Хоць відавочна, што разьвіцьцё краёўцамі канцэпцыі віленскай гістарычнай школы ішло менавіта ў гэтым накірунку.

Вернасьць краёвай ідэалёгіі захоўвалася да першай сусьветнай вайны. Яшчэ ў канцы 1915 — пачатку 1916 г. група ўплывовых краёўцаў на чале з Э.Вайніловічам разам з прадстаўнікамі літоўскага, беларускага й жыдоўскага рухаў прынялі Ўнівэрсал Часовай Рады Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, у якім абвяшчалі, што будуць дабівацца «usamodzielniania Litwy i Białorusi w postaci jednostki państwowej z zagwarantowaniem pełni praw wszystkim narodowościom pomienione terytoryum zamieszkującym»[22].

Аднак з канца 1916 г. i асабліва пасьля адраджэньня Польскай дзяржавы погляды пачалі зьмяняцца. Сярод палякаў Беларусі й Літвы хутка пашыралася ідэалёгія, заснаваная на канцэпцыі «ўсходніх крэсаў». У 1921 г. Э.Вайніловіч ужо абураўся вынікам Рыскага міру. Адмову польскай дэлегацыі далучыць да Польшчы ўсю Беларусь ён лічыў здрадай палякаў i здрадай краю, у якім, паводле ягоных словаў, дамінавала польская культура[23]. Гэта было лягічным завяршэньнем эвалюцыі гістарычнай сьведамасьці краёўцаў пад уплывам палітычных перамен.

HISTORICAL CONSCIOUSNESS AND IDEOLOGY OF POLES OF BELARUS AND LITHUANIA IN THE BEGINNING OF THE 20-TH CENTURY

The article examines relations between historical consciousness of the Poles of Belarusan and Lithuanian origin and ideology of so called «krajovaja plyn» (“the land flow”) of Polish national movement in Belarus and Lithuania in the early 20th century. At that time the «landers» dominated in Polish movement.

Most Poles have never forgotten that their native land is Belarusan-Lithuanian land. In the circumstances of 1905-1907 revolution when the Poles in Belarus and Lithuania had found themselves to be actually out of law this awareness of their Motherland has become a factor of a great influence on that ideology formation. However, system of philosophic and valuable orientations and directions being in process of formation was the heart of ideology and, in its turn, influenced historical consciousness. It occured by means of further development of the conception of historical school of Vilnia in the first half of 20th century.


[1] Romunt (Skirmunt R.). Głos przeszłości i potrzeba chwili. — Lwów, 1905. S.49.

[2] ДГА Літвы. Ф.378, 1907 а/а. Адз. з. 157. А.207.

[3] Цыт. паводле: Туронак Ю. Ваша национальность // Нёман. 1992. 12. С.158.

[4] Orzeszkowa E. Listy. T.2. Cz.2. — Warszawa, 1938. S.144.

[5] J…i В. (Jałowiecki В.). Litwa i jej potrzeby. — Wilno, 1905. S.10.

[6] Kurier Litewski. 1907. 135.

[7] Наш радавод. Кн.5. 4.2. — Горадня, 1993. С.308.

[8] Narbutt Т. Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane. — Wilno, 1847. S.213.

[9] Тамсама. S.235.

[10] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. — Poznań, 1988. S.214.

[11] Цыт. паводле: Туронак Ю. Ваша национальность… С.158.

[12] J…i В. Цыт. пр. S.4-5.

[13] Тамсама. S.5.

[14] Тамсама. S.6.

[15] Kurier Litewski. 1905. 10.

[16] Тамсама. 1906. 38.

[17] Аграрный вопрос. Доклад Г.Свенцицкого Минскому сельскохозяйственному обществу 5 марта 1906 г. — СПб, 1906. С.6.

[18] Kurier Litewski. 1905. 16.

[19] Аграрный вопрос… С.7.

[20] Тамсама. С.8.

[21] J…i В. Цыт. пр. S.W.

[22] Abramowicz L. Litwa podczas wojny: Zbiór dokumentów, uchwał, odezw. — Warszawa, 1918. S.23.

[23] Wojnittowicz E. Wspomnienia. 1847-1928. — Wilno, 1931.

Наверх

Зачараваны Вялікім Княствам. Размова з прафэсарам Ю. Бардахам

Жніўня 18, 1995 |

У лістападзе 1994 г. споўнілася 80 гадоў вядомаму польскаму гісторыку Юліюшу Бардаху, прафэсару Варшаўскага ўнівэрсытэту, доктару габілітаванаму, сапраўднаму члену Польскай Акадэміі Навук, італьянскай Accademia Nationale dei Lincei, Камісіі Славістычных Студыяў пры Сусьветным Камітэце Гісторыкаў i многіх міжнародных навуковых таварыстваў. Сёлета адзначаецца 60 гадоў яго навуковай дзейнасьці.

Можна безь перабольшаньня сказаць, што прафэсара Ю.Бардаха ведаюць у навуковым сьвеце цэлай Эўропы. Гэта сапраўды выдатны вучоны, цікавы сваёй шматграннасьцю, унівэрсальнасьцю. Найперш ён мэдыевіст i гісторык права. Але пры гэтым у дыяпазоне дасьледчыцкіх інтарэсаў прафэсара i новачасная праблематыка, i нават XX ст. Ю.Бардах належыць да кола.тых, хто ўнікліва дасьледуе крыніцы, i ў той жа час гэта аўтар шматлікіх падручнікаў, шырокіх сынтэзаў па гісторыі дзяржавы й права. Вучоны аднолькава сур’ёзна займаецца i мэтадалёгіяй дысцыпліны, i гісторыяй гістарыяграфіі. Ён — патрабавальны крытык i сьмелы палеміст, актыўны папулярызатар гісторыі й выдатны дыдактык, арганізатар унівэрсытэцкай навукі.

Апрача польскай i агульнай гісторыі, Ю. Бардах стала распрацоўвае праблемы літуаністыкі. Сярод тэмаў, дасьледаваных ім, — адопцыя ў літоўскім праве XV-XVI ст., Крэўская й Люблінская уніі, для разуменьня якіх вучоны прапанаваў новыя трактоўкі, статуты ВКЛ, магдэбургія ВКЛ, ворганы шляхецкай дэмакратыі, дзейнасьць канцылярыі ВКЛ часоў Жыгімонта Старога, характар сьвецкіх шлюбаў беларусаў у ВКЛ, канстытуцыя 1791 г., таксама інтэрпрэтаваная па-новаму, i шмат чаго іншага[1].

Адметнай асаблівасьцю Ю.Бардаха як вучонага ёсьць імкненьне да праўдзівасьці, дакладнасьці, — каб усё адпавядала гістарычнай праўдзе. Нездарма ў Беларусі ён займеў папулярнасьць аднаго з самых аб’ектыўных польскіх гісторыкаў. Прапануем інтэрвію, узятае ў Ю.Бардаха 10 сьнежня 1994 г. з нагоды васьмідзесяцігодзьдзя прафэсара рэдактарам БГА.

БГА: Шаноўны прафэсар, у Беларусі Вас ведаюць па шматлікіх працах з розных аспэктаў гісторыі ад Сярэднявечча да нашых дзён. Ведаем, што Вы да таго ж i гісторык гістарыяграфіі, i мэтадоляг. Вучоныя такога шырокага дасьледчыцкага дыяпазону — рэдкасьць. Ёсьць гісторыкі, якія ўсё жыцьцё займаюцца адной вузкай тэмай. Як Вы прыйшлі да ўнівэрсалізму? У чым яго плюсы (i мінусы)?

Ю.Б.: Шырокі дыяпазон зацікаўленьняў, а затым i дасьледаваньняў, мае, як спадар слушна заўважыў, свае плюсы й мінусы. Плюс тое, што ўвесь час пазнаюцца новыя галіны, пашыраюцца межы ўласных ведаў, што змушаны да няспынных інтэлектуальных высілкаў, калі хочаш нават не разьвязаць, але прынамсі сфармуляваць пытаньні, якія ставяцца дасьледаванай праблематыкай.

Узбуджэньне інтэлектуальнай зацікаўленасьці i яе задавальненьне — крыніца асабістай сатысфакцыі дасьледчыка. Выяўляецца, што ён ня homo faber (чалавек працы), a homo ludens (чалавек гульні), паколькі займаецца рэчамі, якія яго самога найжывей цікавяць, захапляюць, можна сказаць, бавяць. Апрача таго зьмена тэматыкі, своеасаблівая вандроўка па гісторыі — гэта элемэнт псыхічнай гігіены, а таксама спрыяе навуковай самарэалізацыі. Калі падарожжа, турыстыка ў цяперашнім сьвеце грае вялікую ролю, задавальняючы патрэбы ў новых пазнаньнях, уражаньнях, знаёмстве зь яшчэ непазнанымі рэчамі, дык для працаўніка навукі такую ролю выконвае перамена зацікаўленьняў, пераход на яшчэ не дасьледаваную тэрыторыю.

Гэта таксама, гледзячы аб’ектыўна, карысна для навукі. Вядома, якім вялікім поступам у сельскай гаспадарцы быў севазварот. Лічу, што падобна i ў навуцы. Спэцыяліст аднаго году ці пары гадоў можа знаходзіць i публікаваць новыя прыватнасьці, адчуваючы ад гэтага задавальненьне адкрывальніка, але гэта ў мізэрнай ступені рухае наперад навуку ў шырэйшым вымярэньні. Да таго ж вузкая спэцыялізацыя, магчымая для супрацоўніка інстытуту, лічу, супрацьпаказаная для выкладчыка ўнівэрсытэту ці іншай вышэйшай школы. Яго лекцыі й сэмінары павінны ахапляць шырэйшыя дыяпазоны i розныя матэрыі, што вымагае адпаведнай кампэтэнцыі, шырэйшай эрудыцыі, а гэта дасягаецца дзякуючы асабістым, хай сабе частковым, дасьледаваньням у розных сфэрах.

Найбольшы мінус для самога зацікаўленага — зьменшаная прадукцыйнасьць i непамерна павялічаныя высілкі, якія прыкладаюцца пры заглыбленьні ў шторазу новыя комплексы крыніц i літаратуры. Пагражае таксама павярхоўнасьць, дылетантызм. Забясьпечыць ад гэтага можа толькі сталая аўтакрытычная пастава. Калі яе бракуе, дасьледчык апынаецца пад вострай крытыкай звонку.

БГА: Гісторыя сьцісла навуковая i гісторыя для люду паспалітага — дзьве розныя рэчы. У гэтым сэнсе ў дачыненьнях паміж гісторыкам i публікай існуе пэўны антаганізм. Ёсьць гісторыкі, якія прынцыпова ня пішуць папулярных артыкулаў. Вам жа ўдаецца, пры Вашай аб’ектыўнасьці й патрабавальнасьці, актыўна выступаць i з папулярнымі публікацыямі («Kultura», «Polityka»). Ці не перашкаджае адно другому ў Вашай практыцы?

Ю.Б.: Натуральна ж існуе розьніца паміж спэцыяльнай манаграфіяй або навуковым трактатам з цэлым апаратам спасылак, які часам зацікавіць вузкае кола дасьледчыкаў, i публікацыямі навукова-папулярнымі. Адсюль вядомы падзел на гэтак званых вучоных кабінэтных, якія пішуць для «абраных», i аўтараў кніжак ці артыкулаў, якія папулярызуюць веды пра мінулае, пішуць даступна, займальна, не абцяжарваючы тэксту дэталямі, выстаўляюць наперад найважнейшых людзей ці справы. Гэта яны фармуюць гістарычную сьведамасьць грамадзтва. Адсюль значэньне навукова-папулярнай літаратуры. Трэба адрозьніваць яе ад літаратуры ня столькі папулярнай, колькі папулістычнай, у якой гістарычная рэчаіснасьць, што выяўляецца ў выніку дасьледаваньняў, бывае дэфармаванай дзеля пэўных палітычных ці нацыянальных мэтаў, спрошчанай такім чынам, які зьмяняе яе сутнасьць. Неаднойчы браўся за пяро (літаральна, бо пішу асадкай), каб спрабаваць спалучыць даступнасьць з прадстаўленьнем вынікаў, дасягнутых сучаснай гістарычнай навукай. Калі мне гэта ў нейкай ступені ўдавалася, дык меў тую сатысфакцыю, што прамаўляў (у друку) да шырэйшай аўдыторыі i карыстаўся шанцам выказаць тое, што лічыў істотным i адпаведным вынікам актуальнага стану гістарычных ведаў па дадзенай праблеме.

БГА: У коле Вашых навуковых інтарэсаў заўсёды знаходзіцца мінуўшчына Літвы ў шырокім, гістарычным сэнсе гэтага слова (як ВКЛ). Чым тлумачыцца такая цікаўнасьць польскага гісторыка да літуаністыкі i калі яна зьявілася?

Ю.Б.: Мая цікавасьць да ладу й права Вялікага Княства Літоўскага датуецца студэнцкімі часамі, калі як слухач Аддзяленьня Права й Грамадзкіх Навук Унівэрсытэту Стэфана Батуры я пачаў у 1934 г. наведваць сэмінар літоўскага права, які вёў прафэсар Стэфан Эрэнкройц. Літоўскае права прыцягнула мяне тады й прыцягвае надалей сваёй складанасьцю й арыгінальнасьцю адначасова. Як само Вялікае Княства Літоўскае было палітычным арганізмам, што злучаў каталікоў літоўцаў i праваслаўных русінаў — продкаў пазьнейшых беларусаў i ўкраінцаў, а пасьля апынулася ў вуніі з Польскім Каралеўствам, так i яго права было сынтэзам арыгінальных літоўскіх i рускіх пачаткаў з уплывамі польскімі i шырэй — заходнеэўрапейскімі. Апошнія ўзьдзейнічалі рознымі шляхамі. Гэта найлягчэй вызначыць празь пералікі студэнтаў унівэрсытэтаў Кракава, Прагі, Вены, затым Караляўца, іншых унівэрсытэтаў Нямеччыны, Францыі, Італіі, куды па навуку падавалася шмат моладзі з гістарычнай Літвы, асабліва ў эпоху Адраджэньня. Гэта можна вызначыць таксама па кнігах, якія захаваліся, — спачатку прывезеных, а потым i друкаваных у Вялікім Княстве. Твор найбольш вядомага польскага палітычнага пісьменьніка XVI ст. Анджэя Фрыча Маджэўскага De Republica emendanda, выдадзены спачатку па-лацінску, на польскай мове быў надрукаваны ў Лоску, у друкарні, якая належала Яну Кішку, коштам віцебскага ваяводы Мікалая Манівіда Дарагастайскага. Кніга мела тры прадмовы: каноніка жамойцкай капітулы Мацея Стрыйкоўскага, змагара за кальвінізм, блізкага Радзівілам публіцыста Андрэя Волана i нарэшце антытрынітарыя Сымона Буднага. Гэты факт стаў для мяне ключом самабытнага, непаўторнага цэнтральна-усходнеэўрапейскага сымбіёзу, які ўзбагачаў усіх, хто браў у ім удзел.

Сьведчаньне палітычнай i прававой культуры Вялікага Княства — Статуты — вялікі твор эпохі Адраджэньня. Напісаныя, a апошні й надрукаваны на мове заходне-рускай (старабеларускай), Статуты затым перакладаліся на мовы лацінскую, польскую, але таксама й на расейскую (маскоўскую), паколькі руская мова была для маскоўскіх дзякоў мала зразумелая, нарэшце на нямецкую — для патрэбаў Інфлянтаў. Яны зьяўляюцца красамоўным сьведчаньнем таго, якія магчымасьці тояцца ў дасьледаваньні сутыку сфэры культуры лацінскай i сфэры культуры руска-візантыйскай, узбагачаных элемэнтамі літоўскімі, якія багацьці могуць яны выявіць для сьвету. Цяжка было не захапіцца прывабнасьцю гэтай зьявы, якая найпаўней выявілася ў месцы, дзе ўласна я й распачаў студыі. I надалей застаюся пад яе чарамі.

БГА: Вашая навуковая дзейнасьць пачыналася ў 1930-х гадах у Вільні, якая тады была цэнтрам i беларускага грамадзка-культурнага жыцьця. Ці былі ў Вас якія кантакты зь беларускімі гісторыкамі, культурнымі дзеячамі або палітыкамі?

Ю.Б.: Мае першыя кантакты як студэнта датычылі перад усім калегаў беларусаў. Сярод ix найлепей запомніў Ганну Карпенку зь Беластоку. Яна належала да Саюзу Студэнтаў Беларусаў Унівэрсытэту Стэфана Батуры. У 30-я гады гэта быў жывы асяродак грамадзка-палітычнай i нацыянальнай думкі. Ён варты дэталёвага вывучэньня (калі гэта яшчэ ня зроблена). Ганна была радыкальная, як большасьць студэнтаў беларусаў, але абапіралася галоўным чынам на ўласныя развагі й аналіз навакольнай рэчаіснасьці. Ня ведаю, як склаўся ейны далейшы лёс.

На VI Усеагульным Зьезьдзе Польскіх Гісторыкаў у Вільні ў верасьні 1935 г., дзе я быў адным з наймалодшых удзельнікаў (малодшы за мяне быў, як мы нядаўна высьветлілі, студэнт Варшаўскага Ўнівэрсытэту 19-гадовы Аляксандар Гейштар), я пазнаёміўся з двума рэфэрэнтамі беларусамі. Адным зь ix быў Вінцэнт Грышкевіч, які на Сэкцыі Гісторыі Права, дзе я пільна вёў пратакол паседжаньняў, выступіў з рэфэратам: Роля беларускіх земляў у польска-літоўскіх вуніях. На Сэкцыі Палітычнай Гісторыі Антон Луцкевіч чытаў рэфэрат на тэму: Нарадавольцы-беларусы ды ix ворган «Гоман». Гісторыкі беларусы працавалі ў Вільні ў цяжкіх умовах. Нягледзячы на тое, што статут Унівэрсытэту Стэфана Батуры ад 1921 г. прадугледжваў катэдры беларускай мовы й літаратуры, i гэтаксама — літоўскай мовы й літаратуры, яны ніколі не былi занятыя, фармальна «з-за недахопу адпаведных кандыдатаў», а фактычна — у выніку супраціву, галоўным чынам Міністэрства Рэлігійных Вызнаньняў i Публічнай Асьветы. У віленскім унівэрсытэце шэраг асобаў дарэмна стараўся перамагчы нагрувашчаныя перашкоды.

У найбліжэйшым мне навуковым асяродку — Студыях Гісторыі Літоўскага Права, створаных пасьля шматгадовых намаганьняў у 1934 г. пад кіраўніцтвам прафэсара Стэфана Эрэнкройца, ад’юнктам быў дацэнт Севярын Віславух, жыва й эмацыйна зацікаўлены беларускай праблематыкай. Ён зьяўляўся аўтарам разьдзелу «Беларусы на Віленшчыне» ў калектыўнай працы «Wilno i Ziemia Wileńska» (T.l, 1930), i другога — у манаграфіі пра Ашмянскі павет «Ашмянская зямля на рубяжы дзьвюх культур». Пстарычныя дасьледаваньні С.Віславуха датычылі, між іншым, фармаваньня Кобрыньскага павету, шляхоў Палесься ў XV-XVII ст., разьвіцьця Магілёва ў XVI-XVII ст. (як дапаўненьне дасьледаваньняў Генрыха Лаўмянскага на тую ж тэму), камунікацыйных паслугаў у магдэбурскіх гарадох Вялікага Княства Літоўскага. Пераходзячы да сучаснасьці, ён апублікаваў працу «Роля Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі ў нацыянальным руху беларусаў у Польшчы» (1933), у якой сфармуляваў погляд, што КПЗБ была найперш правадніком імпэрскіх ідэй у палітычным жыцьці Заходняй Беларусь У паўсталым у 1931 г. Навукова-Дасьледчым Інстытуце Ўсходняй Эўропы ён меў аддзел нацыянальных спраў. Мяркую, што калі захаваўся архіў гэтага Інстытуту, то яго матэрыялы для беларускіх гісторыкаў маглі б мець немалую каштоўнасьць.

БГА: Вялікае Княства Літоўскае — чыя дзяржава? Спрэчкі паміж літоўскімі й беларускімі гісторыкамі ў апошнія гады абвастрыліся. Яны ўсё менш навуковыя, ўсё больш палітычныя. Які Вам бачыцца аптымальны выхад з гэтай сытуацыі?

Ю.Б.: Вялікае Княства Літоўскае было дзяржавай літоўска-рускай, а пасьля Люблінскай вуніі 1569 г., калі Валынь, Кіеўшчына i ўсходняе Падольле (Брацлаўскае) былі інкарпараваныя ў склад Польскага Каралеўства, — дзяржавай літоўска-беларускай. Літоўскія князі на чале ўзброеных дружын здолелі згуртаваць у XIII-XIV ст.,пад сваёй уладай вялізныя тэрыторыі ў басэйне Дняпра ад яго вытокаў аж да парогаў, a намінальна — да паўночных берагоў Чорнага мора. Значную большасьць насельніцтва Вялікага Княства — як ацэньваецца, звыш 80% — складала жыхарства рускае, якое з канца X ст. вызнавала хрысьціянства ўсходняга грэка-візантыйскага абраду. Рускія землі захоўвалі самакіраваньне, уласныя правы й традыцыі. Застаючыся доўгі час паганскай, этнічная Літва ў канцы XIV ст. прыняла хрост паводле заходняга, лацінскага абраду. Этнічная літоўская эліта прыняла каталіцызм, між іншым, з той мэтай, каб запыніць працэсы рутэнізацыі й забясьпечыць утрыманьне ў сваіх руках палітычнай улады ў Вялікім Княстве. Князі й баяры рускія былі аднак той сілай, якая змусіла літоўцаў падзяліцца ўладай зь імі. Працэс, які адбываўся ўсё XV ст., прывёў да таго, што ў пачатку наступнага стагодзьдзя ў палітычных колах Вялікага Княства праваслаўныя русіны складалі больш за 40%. Уладальнікі найвышэйшых пасадаў — Хадкевічы, Сапегі й шмат іншых магнацкіх родаў, мелі беларускае паходжаньне.

Культурная й колькасная перавага русінаў прывяла да таго, што ix мова, якая мела сваю пісьмовасьць, стала мовай канцылярыі й судоў Вялікага Княства, мовай урадавай. Гэтую мову, адрозную ад мовы Маскоўскай Русі, у XVI-XVII ст. вызначалі як «літоўскую», відавочна ў дзяржаўным сэнсе. Побач зь ёй існавала мова літоўская ў вузкім значэньні гэтага слова (аўкштоцкія й жамойцкія дыялекты), якая ў XVI ст. займела ўласную пісьмовасьць, але яна не перакрочыла межаў этнічнай Літвы й не здабыла пазыцый урадавае мовы. Такой мовай старабеларуская заставалася да XVII ст., калі ў 1696 г., у выніку наступу моўна-культурнай палянізацыі эліты ў некалькіх пакаленьнях — як літоўскай, так i беларускай, — саступіла сваё месца польскай мове як урадавай.

У гарадох Вялікага Княства зь Вільняю на чале гарадзкія ўлады складаліся напалову з каталікоў i праваслаўных. Падобны склад мела кадыфікацыйная камісія, створаная Жыгімонтам Аўгустам для рэдагаваньня II Літоўскага Статуту 1566 г.

Можна сьмела сказаць, што Вялікае Княства Літоўскае было дзяржавай літоўска-рускай, а пасьля Люблінскай вуніі літоўска-беларускай. Я ня бачу перашкодаў, каб у беларускіх школах казаць пра Вялікае Княства як дзяржаву беларуска-літоўскую, бо гэтак прынята ў міждзяржаўных адносінах, калі ў білятэральных арганізацыях на першае месца ставіцца назва ўласнай дзяржавы. Важны сам зьмест выкладу, які ўзгадняе абодва складовыя элемэнты дзяржавы.

Назва «літовец» у XV-XVIII i яшчэ ў XIX ст. мела найперш тэрытарыяльна-палітычны характар. Ёй акрэсьлівалася супольнасьць жыхароў Вялікага Княства, незалежна ад ix этнічнай прыналежнасьці й веравызнаньня. Яго мінулае, традыцыі складаюць спадчыну ў роўнай меры i беларусаў, i літоўцаў. Гэта супольная спадчына абодвух народаў i — дадамо — таксама палякаў (уроджаных i паводле выбару) з гэтых земляў. Адсюль спрэчкі пра прыярытэт або поўнае адмаўленьне ролі другой этнічнай супольнасьці беспадстаўныя й супярэчныя з гістарычнай рэальнасьцю. Таму трэба было б жадаць як найхутчэйшага ўзгадненьня пазыцый — што асабліва істотна для гістарычнай адукацыі моладзі — суседніх, «асуджаных» на супрацоўніцтва народаў.

БГА: Гістарычная навука Беларусі: як Вы ацэньваеце яе цяперашні стан i што б пажадалі беларускім гісторыкам?

Ю.Б.: З сапраўднай прыемнасьцю бяру ў рукі й чытаю (часам толькі праглядаю) кожную новую гістарычную публікацыю пра мінулае Беларусі. Цешуся, што ўсё больш гістарычных кніжак выходзіць на беларускай мове. Цяпер яны складаюць большасьць, i такі кірунак асабліва пажаданы для народа, мова якога, выбіваючыся з шматгадовага заняпаду, толькі пачынае ўбірацца ў свае правы. У гэтым навука айчыннай гісторыі йдзе наперадзе, i гэта добрае сьведчаньне аб ёй. Узрастае навуковая актыўнасьць i колькасьць публікацый гісторыкаў. Многія зь ix маюць характар навукова-папулярны. Гэта трэба прызнаць за зьяву станоўчую, бо апрача поступу навукі гісторыі важнае — a ў цяперашнім часе можа найважнейшае — укшталтаваньне гістарычнай сьвядомасьці, інтэгральнай часткі нацыянальнай тоеснасьці беларусаў. Я з прызнаньнем павітаў зьяўленьне першага сшытку часопіса беларускіх гісторыкаў «Беларускі Гістарычны Агляд». Гэта азначае пераадоленьне пэўнага парогу ў разьвіцьці нацыянальнай гістарыяграфіі Беларусі. Прыемна было, што сярод перакладаў зьмешчаны ў ім i мой тэкст. Ад сэрца жадаю посьпехаў у далейшай працы для дабра навукі й народу незалежнай Рэспублікі Беларусі.


[1] Сьпіс навуковых публікацый Ю.Бардаха гл. у: Czasopismo Prawno-Historyczne. T.27 (1975), Z.2. S.1-23 (да 1974 г.) i T.37 (1985), Z.2. S.43-56 (з 1975 па 1985 г.).

Наверх

Ёган Гейзынга. Нацыяналізм у сярэднявеччы

Жніўня 17, 1995 |


Нацыяналізм у сярэднявеччы[1]

Выдатны галяндзкі гісторык культуры Ёган Гейзынга (1872-1945) аспрэчвае погляд Ганса Кона, быццам у сярэднія вякі нацыяналізму не было. На самай справе, сцьвярджае Гейзынга, сучасны нацыяналізм адрозьніваецца ад сярэднявечнага толькі тым, што першы «больш відавочны». На думку дасьледчыка, падмурак нацыяналізму быў закладзены яшчэ ў 1100 г., i да сыходу сярэднявечча пачуцьці, зьвязаныя зь ім, атрымалі трывалую глебу ва ўсіх рэгіёнах эўрапейскай супольнасьці.

Сярод гісторыкаў i палітолягаў распаўсюджаная думка, што патрыятычная i нацыянальная сьвядомасьць, не беручы пад увагу сучасны нацыяналізм, — гэта культурны фэномэн нядаўніх часоў. Галоўным довадам служыць той факт, што самі гэтыя словы й паняцьці дастаткова маладыя. Слова «патрыятызм» пачало ўжывацца з XVIII ст., a «нацыяналізм» — толькі з XIX ст. У францускай мове слова nationalisme можна сустрэць ужо ў 1812 г.; пачатак яго ўжываньня ў ангельскай мове датуецца 1836 г., пры чым, што цікава, тады яно выкарыстоўвалася ў тэалёгіі ў рамках вучэньня пра богаабраныя нацыі. Паколькі пазьней паняцьце «нацыяналізм» у ангельскай мове атрымала больш шырокае значэньне, чым у галяндзкай (дый францускай i нямецкай), гэтае ангельскае слова за адно стагодзьдзе распаўсюдзілася па ўсім сьвеце.

Няможна лічыць апраўданай выснову пра невялікі ўзрост патрыятызму й нацыяналізму, зробленую на падставе таго, што самі гэтыя словы й паняцьці зьявіліся нядаўна. Такія развагі памылковыя, i толькі заблытваюць. Яны засноўваюцца на старой звычцы чалавека заўважаць існаваньне рэчаў толькі тады, калі тыя маюць назву. Трымаючыся такой лёгікі, можна прыйсьці да высновы, што ў сярэднявеччы не было касьмічнага выпраменьваньня. Ці, бліжэйшая паралель, разважаючы такім чынам, мы мусім адмаўляць існаваньне дзяржавы ў сярэднявеччы. Сапраўды, слова й паняцьце «дзяржава» паўстала ў часы Адраджэньня, ды й тады займала больш сьціплае месца, чым царква ў сярэднія вякі. Для вызначэньня палітычных рэаліяў сярэднявечнае грамадзтва шырока карысталася паняцьцямі regnum i civitas («каралеўства» i «грамадзянская супольнасць»).

Пры ўважлівым разглядзе эквіваленты патрыятызму й нацыяналізму можна адшукаць у больш раньніх пэрыядах. I асабліва істотна падкрэсліць, што адзіная зьмена, якая адбылася з гэтымі дзьвюма пачуцьцямі з часам, — тое, што яны сталі ў пэўным сэнсе больш відавочныя. Што да апошняга, дык яны засталіся такія, якія заўсёды былі: першародныя інстынкты ў чалавечым грамадзтве….

Ужо ў часы сьв. Паўла хрысьціянства паднялося над супярэчнасьцямі рознасьці нацыяў i каралеўстваў. Яно ня тычылася праблемаў палітычнай залежнасьці ці нацыянальнай арганізацыі i пакідала дзяржаву самой сабе, па прынцыпу «Цэзару — Цэзарава». Тым ня менш, інстытут веры, царква, меў патрэбу ў палітычнай арганізацыі як аснове выкананьня мірскіх спраў, i для яго абаронцаў прынцыпы «прыпадабняйся да Цэзара» i «няма іншай улады, апрача ўлады Бога» былі недастатковыя. Патрабавалася хрысьціянская тэорыя дзяржавы. Так Аўгусьцін стварыў унівэрсальную дактрыну ў сваёй De civitate Dei, дзе ён мусіў прызнаць за сьвецкай дзяржавай — па сутнасьці сваёй вартай асуджэньня — двайную функцыю: першая тая, што яна — скрайне неабходны інстытут, безь якога немагчыма існаваньне чалавечага грамадзтва й дасягненьне міру; другая — абслугоўваньне й абарона царквы дакуль будзе існаваць гэты сьвет. Рымская імпэрыя, апошняя з чатырох сусьветных імпэрый, з пункту гледжаньня Даніэля, выказанага ў Imperator christianus («Хрысьціянскі імпэратар»), будзе існаваць яшчэ пэўны час, ачышчаная ад заганаў. Як пісаў Аўгусьцін у De civitate, улада гэтага імпэратара паслаблялася, прынамсі на Захадзе, дзе той жыў. Тады ня дзіўна, што ён у прынцыпе аддаваў перавагу такому міжнароднаму ўладкаваньню, у якім «зямныя каралеўствы наўрад ці памножацца i жыць будуць у міры i добрасуседзтве. I тады шматлікія каралеўствы змаглі б існаваць у сьвеце, як многія сем’і жывуць цяпер у горадзе». Тут упершыню ясна сфармуляваны прынцып супольнага існаваньня незалежных дзяржаў у згодзе. Да таго, як скончылася стагодзьдзе Аўгусьціна, на Захадзе сапраўды было мноства дзяржаў, што раней ці пазьней мусілі стаць хрысьціянскімі, хоць i не зусім мірным шляхам, як таго жадаў Аўгусьцін. Усе яны хутка перанялі, наколькі было магчыма, традыцыю рымскай імпэрскай улады, — ці то остготы ў Італіі, вэстготы па абодва бакі Пірэнэяў, вандалы ў Афрыцы, ці то франкі ў Галіі. Пасьля з каралеўства франкаў раптоўна прагучаў кліч новай нацыянальнай сьвядомасьці, у якім, аднак, можна заўважыць супярэчнасьць: услаўленьнс хрысьціянскага выратаваньня перапляталася тут з прымітыўным гонарам варварскай племянной прыналежнасьці. Я спасылаюся на добра вядомую прадмову да Салічнага закону[2], якая, нават калі крыху пазьнейшая за сам закон, безумоўна адлюстроўвае сытуацыю эпохі Мэравінгаў. Яна апавядае пра «слаўную нацыю франкаў», якая вядзе свой пачатак ад Бога, «сьмелая ў баях, шчырая ў міры, мудрая ў парадзе», а сканчаецца трыумфальна:

Хайль Хрыстос, які любіць франкаў. Няхай Ён абароніць ix каралеўства, няхай Ён напоўніць ix правадыроў сьвятлом сваёй велічы, няхай Ён апякуецца ix войскам, няхай Ён мацуе ix веру, няхай Ён падорыць ім радасьць i шчасьце! Вось гэта тая нацыя, якая зь сілай i адвагаю стрэсла зь сябе цяжкае рымскае ярмо, якая пасьля прыняцьця хрысьціянства захавала ў пабудовах упрыгожаныя золатам i каштоўнымі камянямі статуі сьвятых пакутнікаў, спаленыя, абезгалоўленыя i кінутыя дзікім зьвярам рымлянамі.

З гэтае сьцежкі пачыналася гісторыя эўрапейскага нацыяналізму. Хрысьціянскі Захад пачынаў сваю палітычную эвалюцыю на двайным падмурку: на ідэале сусьветнага ўнівэрсальнага хрысьціянскага дамініёну i рэаліях тады яшчэ няўстойлівай сыстэмы ўлады, варварскай па прыродзе i рымскай паводле традыцыі. Паступова, на працягу добрых шасьці стагодзьдзяў, лацінскае хрысьціянства распаўсюдзілася ў шэрагу дзяржаў, суадносячыся, хоць пакуль вельмі прымітыўна, з нацыянальнымі межамі. Добрасуседзкіх дачыненьняў, якія Аўгусьцін ставіў у якасьці ўмовы, не было, але яшчэ не насьпеў час для вялікіх нацыянальных войнаў. За выняткам паасобных захопніцкіх экспэдыцый, што завяршаліся даволі хутка, націск быў пастаянны й інтэнсіўны, хоць i ня моцны. А што ў гэтым раньнім сярэднявеччы было вынікам ідэалу ўнівэрсальнай улады над мноствам незалежных дзяржаў? Ён увасобіўся ў існаваньні як адноўленай імпэрыі Карла Вялікага, так i вярхоўнай сьвецкай улады папы.

Традыцыйнае для сярэднявечча супрацьстаяньне папы й імпэратара ад самага пачатку разглядаецца ў сьвятле тэорыі дзьвюх уладаў як дзьвюх усяленскіх інстытутаў, дадзеных Богам у час Стварэньня. Гэтая сымболіка, аднак, не прымянялася ў дачыненьні да эпохі Фрыдрыха Барбаросы[3]. Імпэратары ад Карла Вялікага i далей прэтэндавалі на працяг Рымскай імпэрыі, але не на валоданьне ўнівэрсальным дамініёнам. Гэты ідэал упершыню прагучаў у пасланьні правіцеля Гогенштаўфэна біскупу: «Аднаго Бога, аднаго папы, аднаго імпэратара дастаткова для сьвету». Рэальная ўлада імпэратараў ніколі не залежала ад гэтага пастуляту, як i ад тытулу.

Патрабаваньне поўнай улады з боку папы было намнога больш значным, чым з боку імпэратара, i ў пэўным сэнсе больш эфэктыўным. На першы погляд дамаганьне пераемнікам Пятра вышэйшага права ўлады над усімі нацыямі i над усімі каралямі на зямлі — апрача апошняга слова ў справах дагмату i царкоўнай адміністрацыі — здаецца чыста іерархічным гонарам. Аднак яно паходзіць з самага сэрца хрысьціянскай дактрыны. Папскі стол не адмаўляў каралям i князям зусім у ix уладзе. Тым ня менш, ён рашуча патрабаваў права судзіць кожны юрыдычны й адміністратыўны акт валадароў па ажыцьцяўленьні гэтай улады. Справы каралёў працягвалі заставацца суб’ектам улады ключоў, адпаведна крытэрыю дабра i зла, ratione peccati («дзеля апраўданьня граху»). Але гэткі суд над каралеўскімі справамі па рэлігійных матывах непазьбежна прыводзіў да крытэрыя справядлівасьці. I, такім чынам, ад часоў Мікалая I у IX ст.[4] бачым, што дактрына папскага вяршэнства над сьветам была сфармуляваная нават больш пазытыўна, i зноў выкарыстоўвалася для зьвяржэньня валадароў, раздорваньня земляў i парушэньня існаваўшых законаў.

У гэтым вялікім канфлікце паміж канцэпцыямі папскага й імпэрскага вяршэнства для далейшага разьвіцьця нацыянальнай сьвядомасьці i пачуцьця айчыны не было глебы. Зь іншага боку, такія канцэпцыі не зьяўляліся перашкодай для нацыянальнага афармленьня Эўропы. Пасьля заняпаду ўлады Каралінгаў кансалідацыя дзяржаў i нацый Захаду паволі працягвалася. Францыя, Англія, Шатляндыя, тры скандынаўскія каралеўствы, Арагон, Кастылія, Партугалія, Сіцылія, Вугоршчына й Польшча — усе яны да 1150 г. занялі свае месцы ў лацінскай хрысьціянскай супольнасьці. Прынцыпы названай у гонар Рыму імпэрыі, якая належала немцам, нягледзячы на імпэрскую ўладу, не заміналі ўсім гэтым валадарам змагацца за поўны сувэрэнітэт, або; у сярэднявечнай тэрміналёгіі, імпэрскі тытул — для сябе. Акурат у той пэрыяд, калі барацьба за вярхоўную ўладу паміж папам ды імпэратарам дасягнула найбольшай вастрыні, прыкладна пад 1200 г., нацыянальная арганізацыя Эўропы крок за крокам рабілася фактам. Незвычайную праніклівасьць у сваім поглядзе на гэтую праблему выявіла сьвятая Гільдэгард Бінгена[5]. У той час, як два вялікія ўнівэрсалы (манапалісты ўлады) сярэднявечча, імпэратар Генрых VI i папа Інакенці III, яшчэ толькі меліся прыйсьці, яна заўважыла імпэрскія памкненьні да сусьветнай улады, якая адступае перад нацыянальным прынцыпам:

У тыя дні валадары Рымскай імпэрыі згубяць сілу, зь якой яны раней кіравалі гэтай імпэрыяй, яшчэ маючы славу. Каралі й князі многіх нацый, да цяперашняга часу падуладных Рымскай імпэрыі, пачынаюць аддзяляць сябе ад яе, i да таго ж больш ня лічаць сябе яе суб’ектамі. І гэткім чынам Рымская імпэрыя разваліцца празь невыкананьне абавязкаў. У выніку кожны рэгіён i кожная нацыя абярэ сабе валадара, якому й будзе падпарадкоўвацца.

Аснова, на якой мусілі разьвівацца нацыянальная сьвядомасьць i пачуцьцё айчыны ў Эўропе, зьявілася блізу 1100 г. Як эвалюцыянавала тым часам ужываньне i значэньне словаў patria i natio («айчына» i «племя», «раса» або «народ»)? Лацінскія тэрміны неабходна прыняць за пачатковыя, бо гэтыя два паняцьці фармаваліся менавіта ў лацінскім напісаньні. Слова patria ня зьнікла з зыходам старажытнага пэрыяду. Аднаго выразу caelestis patria, боская айчына, было дастаткова, каб захаваць паняцьце, а само слова ў зямным сэнсе можна было знайсьці ў некалькіх месцах Старога Запавету. У тым, зямным сэнсе, аднак, patria яшчэ не атрымала поўнага аб’ёму старажытнарымскага значэньня гэтага слова. Яно стала адміністратыўным тэрмінам, без асаблівай эмацыйнай афарбоўкі. Такога кшталту эмоцыі існавалі, напрыклад, douce France («салодкая Францыя») у выказваньнях Chanson de Roland[6], але яны не зьвязваліся ca словам patria. Patria выкарыстоўвалася для абазначэньня спэцыфічнай юрысдыкцыі, графства ці групы зь некалькіх графстваў. Гэта быў дакладны эквівалент слова terra, ці па-французску pays, слова, якім азначаліся многія рэгіёны, што надало перадрэвалюцыйнай Францыі нашмат больш шарму, чымся сучасная геамэтрыя акругаў. Такім чынам, у XII i XIII ст. мы ўвесь час сустракаемся з словазлучэньнямі тыпу tota patria congregatur — цэлы рэгіён, уся зямля, тое, што акрэсьлена як сукупнасьць. Асоба была выгнанай зь яе patria. Натуральна, існавала адпаведнасьць паміж межамі юрысдыкцыі й межамі прыналежнай да яе малой радзімы, ca зьвязанай зь ёю пяшчотай i любоўю, на якую можа натхніць Heimat (радзіма). Тут мы сустракаемся i з старэйшым ды вузейшым разуменьнем айчыны, або, скажам, пачуцьцём да роднай зямлі. Можна знайсьці адно некалькі выпадкаў, каб слова patria ўжывалася інакш, ды й то пад уплывам клясычнай літаратуры. Гербэрт, ужо згаданы аўтар канца X ст., які мусіў стаць папам Сільвэстрам II, часам ужываў patria ў вузкім сэнсе, а часам i ў шырэйшым, але, што характэрна, ніколі ў дачыненьні ні да Аквітаніі, яго радзімы, ні да Овэрна, яго pays у вузкім сэнсе, ні, нарэшце, да каралеўства Францыя ў цэлым. Гербэрт у значнай ступені садзейнічаў перадачы францускай кароны ад дынастыі Каралінгаў да дому Гуго Капэта[7]. Тым больш дзівіць яго выкарыстаньне паняцьця patria ў дачыненьні да нямецкіх імпэратараў Атона II i Атона III[8], якім аддана служыў. A менавіта тут patria набывае амаль клясычнае, сучаснае, гучаньне. Ён адзначае, што Атон III знайшоў сваю славу, «харобра баронячы ад найвялікшай небясьпекі сваю айчыну, веру, дабрабыт свайго народу». Адсюль няцяжка зрабіць выснову, ці ўсведамлялі французы й немцы сваю фактычную палітычную адасобленасьць да 1000 г.

Слова natio заўсёды выкарыстоўвалася намнога шырэй, чым patria. Па сутнасьці яго канатацыя амаль не зьмянілася з часоў клясычнай лаціны. Цесна зьвязанае з natus i natura («з нараджэньня» i «з прыроды», або прыродны стан), яно пэўна ахапляла большы кантэкст, чым gens ці populus («племя» ці «народ»), але ня мелася нейкай фіксаванай розьніцы паміж гэтымі трыма тэрмінамі. Для азначэньня нацый Старога Запавету Вульгата ўжывала ўзаемазамяшчальныя gentes, populus i nationes. Само згадваньне ў Бібліі сьведчыць пра значнасьць natio ў той час. Яно адлюстроўвала першапачаткова недыфэрэнцаваныя ўзаемадачыненьні племя, мовы, рэгіёна, — калі ў вузкім, калі ў больш шырокім сэнсе. Бургундцаў, брэтонцаў, бавараў i швабаў называлі нацыямі гэтаксама, як i французаў, ангельцаў i немцаў. У адрозьненьне ад patria, natio ня мела ніякага адміністратыўнага значэньня, а першапачаткова — i палітычнага. Але паступова разнастайныя адносіны залежнасьці й супольнасьці абумовілі звужваньне й разьмежаваньне паняцьця natio. Услаўленьне ўлады караля, адданасьць васала, абарона біскупа, мяккасьць гаспадара моцна павялічвалі колькасьць адносін унутры вузкай супольнасьці. Такія самыя дачыненьні, толькі на больш высокім узроўні, можна назваць тэрмінам natio. Але, незалежна ад узроўню гэтых дачыненьняў, аснова для пачуцьцяў, увасобленых у natio, усюды была аднолькавая: першародная замкнутая група пачувалася надзвычай паяднанай у адрозненьне ад іншых, зьнешніх у тым або іншым пляне, якія, здавалася, супернічалі ці пагражалі ёй. Гэтае пачуцьцё звычайна выяўлялася як варожасьць, i радзей — як згода. Чым шчыльней кантакты, тым мацней нянавісьць. Менавіта з гэтай прычыны не было большай варожасьці, чым паміж суседнімі гарадамі. Прыклад — суперніцтва паміж Генуяй i Пізай, разьдзеленымі, як адзначае Салімбэн[9] у сваёй хроніцы, прыроджанаю антыпатыяй, падобнай да той, што йснуе паміж чалавекам i зьмеямі, ваўкамі й сабакамі. Два самавітыя гарады, піша ён у рэляцыі пра марскую бітву Melona ў 1284 г., зьнішчылі адзін аднаго выключна з амбіцыяў, ганарлівасьці й славалюбства, — «не хапала мора для гандлю». Ангельцы ненавідзелі шатляндцаў, датчане — швэдаў гэткім самым чынам, хоць ня так моцна, як i французы па мове di’oil[10] аквітанцаў. Форма, у якой выяўляліся такія эмоцыі, сьведчыць пра ix інстынктыўны характар. Францускі храніст XI ст. Радульф Габэр дакараў жонку караля Робэрта I за адкрыцьцё Францыі й Бургундыі аквітанцам, неразумнаму й распуснаму народу, які паводзіць сябе так, як i апранаецца: яны з пастрыжанымі напалову валасамі, бароды, як у блазнаў, у брыдкіх панчохах i абутку, але горш за ўсё тое, што не трымаюцца веры. Зразумела, ix вопратка раздражняе ня менш, чымся ix норавы. Такія рэчы наўрад ці можна назваць пачуцьцямі палітычнымі. Як i даўні, глыбокі антаганізм паміж раманскімі й германскімі народамі, што дамінаваў над усімі лякальнымі, рэгіянальнымі й нацыянальнымі супярэчнасьцямі, які таксама ня можа мець гэткай этыкеткі, бо згаданая антыпатыя выяўляецца яшчэ да палітычнага падзелу паміж раманскай i германскай часткай Каралінгскай імпэрыі. Жыціе сьвятога Жоар, напісанае блізу 840 г. манахам Вандальбэртам у манастыры Прум у Эйфэле, распавядае пра германца, які жыў на Рэйне i з пэўным нацыянальным нецярпеньнем да такой ступені ненавідзеў усіх прадстаўнікоў раманскай нацыі i мовы (Romanae nationis ас linguae), што ня мог нават спакойна бачыць твару ніводнага зь ix. I гэткая апантанасьць, народжаная варварскім дзікунствам, ахапіла яго розум, што ён ня мог без агіды глядзець на людзей раманскай мовы ці нацыі, якія праходзілі побач, — нават прадстаўнікоў набілітэту.

Трывалы палітычны падмурак для такога глыбокага этнічнага антаганізму быў закладзены фактычна ў 887 г. Вэрдэнская дамова аб падзеле 843 г., на вякі замацоўваючы адзінства імпэрыі ў назве, адно фармальна пацьвярджала падзелы, якія ў Францкай імпэрыі даўно зрабіліся традыцыйнымі. Пасьля таго, як Карлу Тоўстаму[11] не ўдалася спроба аднавіць рэальнае адзінства, канчатковы падзел паміж Усходнім i Заходнім францкімі каралеўствамі стаўся рэчаіснасьцю. Hie divisio facta est inter Teutonicos et Latinos Francos, кажа афіцыйная хроніка пра дамову 887 г.: «Адбыўся разьдзел паміж нямецкімі й раманскімі франкамі». З таго часу й існуе Нямеччына i Францыя. Калі ў пачатку X ст. Карл Просты[12] сустрэўся з Генрыхам[13], які неўзабаве пасьля таго стаў каралём германцаў, у Вормсе маладыя прадстаўнікі абедзьвюх сьвітаў, linguarum idiomate offensi (узаемна пакрыўджаныя гучаньнем сваіх моваў), паводле звычаю (кажа Richer хроніка), пачалі закідаць адзін аднаго злоснымі абразамі, а затым выцягнулі мячы й біліся насьмерць: той, хто хацеў памірыць, стаўся адной з ахвяраў.

У крыжовых паходах, зусім не адзіных паводле веры, розных па мове, паходжаньні й васальнай залежнасьці, пераадольвалася нацыянальная варожасьць людзей лацінскага веравызнаньня; яны зноў i зноў ядналіся баявой зброяй, вайсковымі шыхтамі, але ў большай ці меншай ступені дапускалася i суперніцтва. Экхарт з Аўры[14] распавядае пра варожасьць паміж нямецкімі й францускімі рыцарамі пад час першага крыжовага паходу як пра invidia quae inter utrosque naturaliter quodammodo versatur (амаль натуральная варожасьць паміж абодвух). Гаворачы аб тым самым, Жыльбэр дэ Ножан[15] паказвае немцаў, лямбардаў i сіцылійцаў аб’яднанымі супраць французаў, чый гонар для ix невыносны. Цікава, што, сам француз, ён заўважае тэндэнцыю французаў трымацца з выклікам сярод іншаземцаў…

Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што на сярэднявечным Захадзе палітычны нацыяналізм першапачаткова зьявіўся як рэакцыя на нямецкую імпэрскую палітыку Гогенштаўфэнаў[16]. Стагодзьдзем пазьней канчатковым вышкам доўгай i зацятай барацьбы імпэратараў супраць улады папы, гарадоў i князёў Германіі ды Італіі й растучай улады францускага караля сталася тое, што імпэрская палітыка зьнікла разам з гонарам дому Гогенштаўфэнаў. У працяглым працэсе нацыянальнай арганізацыі Эўропы з гэтага часу праз многія стагодзьдзі лідэрства трымалі Францыя й Англія, а пазьней i Гішпанія. Нацыянальныя супярэчнасьці паміж раманскай i германскай нацыямі заставаліся такія, якія былі заўсёды: супрацьлегласьць у культуры, заснаваная на прымітыўнай аснове лінгвістычных i этнічных адрозьненьняў. Гэтая супрацьлегласьць вяла да палітычнай варожасьці толькі ў тых выпадках, калі суседзі канфліктавалі, як напрыклад флямандцы й французы, калі Leliftrts даводзілася вымаўляць цяжкія галяндзкія словы schild en vriend (абаронца й сябра) ў Бругу ў 1302 г., i калі галяндзкі паэт Якаб ван Мэрлянд[17] пісаў: wat wals is, vals is (усё раманскае — фальшывае). Аднакарэнныя словы старатэўтонскага walk (Waloon, Va laisian, Welsh, Vlah) мелі, вядома ж, некалькі розных значэньняў у залежнасьці ад таго, кім яны ўжываліся, — французамі, італійцамі ці яшчэ кім, гэтаксама, як i аднакарэнныя слова diota (старатэўтонскія Dutch, diets, deutsch), распаўсюджаныя на ўсіх землях Верхняй i Ніжняй Нямеччыны. Антытэза diota i walh была настолькі моцная, што Jan Ян ван Бёдаль[18] мог проста ігнараваць іншыя эўрапейскія нацыі, калі пісаў:

Kerstenheit es gedeelt in tween:

die Walsche tongc die es een,

d’andre die Dietsche al geheel[19]

Адзіным месцам, адкуль пільна сачылі за нацыянальнай структурай Эўропы, што паступова разьвівалася, была курыя, сьвяты пасад. Рым меў пастаянныя кантакты з усімі гэтымі землямі й народамі, не зважаючы на ix рознасьць. Толькі ў Рыме фактычна магла рэальна існаваць праблема інтэрнацыянальнай палітыкі, і, дзякуючы добрай дасьведчанасьці папства ў гэтых справах ды наяўнасьці шырокай сеткі крыніц інфармацыі, яго дыпляматыя была намнога лепшая за дыпляматыю сьвецкіх дзяржаў. Між тым, блізу 1300 г. удасканалілася арганізацыя адміністратыўных сыстэм у іншых краінах. Адзінства дзяржавы стала сьведамым патрабаваньнем, a ў Англіі й Францыі для забесьпячэньня энэргічнай нацыянальнай палітыкі адміністратыўная, юрыдычная i фінансавая сыстэмы атры малі дастатковую сілу. Зноў загучаў нацыяналізм, які па сваім накале й энэргіі мала саступаў сучасным формам, i які, адначасова, грунтаваўся на зусім пэўных палітычных сытуацыях i памкненьнях, перамяшаных з хрысьціянскімі палітычнымі ідэаламі агульнага характару ці проста замаскаваных пад ix. Эпоха крыжовых паходаў, а значыць i ўладарства лацінян у Сьвятой зямлі, скончылася, але рэванш (паўторная заваёва) — крыжовы паход у палітычным сэнсе — заставаўся прызнанай, акцэптаванай мэтай кожнага хрысьціянскага валадара. Неўзабаве пасьля 1300 г. П’ер Дзюбуа, юрыст з Нармандыі, напісаў два палітычныя трактаты, першы пад назвай «Аб скарачэньні войнаў i спрэчках Францыі», у якім абараняў агульную сыстэму міру з санкцыямі, байкотамі, умяшальніцтвам трэціх асобаў i т.д.; i пазней — трактат «Аб паўторным заваяваньні Сьвятой зямлі», дзе прадказваў гегемонію Францыі ў інтарэсах хрысьціянства. Ён быў заўзяты француз. Італія зьяўлялася аб’ектам яго асаблівай нянавісьці. Французы, меркаваў ён, ніколі не займалі належнага ім месца: Францыя была натуральным лідэрам для новых паходаў, папа адмовіўся перадаць сваю сьвецкую ўладу францускаму каралю, а было б карысьцю для ўсяго сьвету падпарадкавацца Францыі, бо гэтая нацыя больш за іншыя валодае пачуцьцём здаровага сэнсу.

Гэта — палітычны нацыяналізм у поўным сваім росквіце. Падобны ганарлівы й радыкальны нацыяналізм з боку Англіі інсьпіраваў першы працяглы канфлікт паміж дзьвюма вялікімі нацыянальнымі дзяржавамі Эўропы — Стогадовую вайну паміж Англіяй i Францыяй.

У абедзьвюх краінах працэс кансалідацыі нацыянальнай сьвядомасьці праходзіў паралельна з умацаваньнем самой дзяржаўнасьці й рабіўся вырашальным фактарам палітычнага жыцьця. Гэта было немагчыма ў краінах, у якіх цэнтралізаваная ўлада й дзяржаўная кансалідацыя не атрымалі належнага разьвіцьця: у Нямеччыне й Італіі. У Нямеччыне ні манархія, ні імпэрыя не былі ў стане выступаць дзейсным фактарам разьвіцьця палітычна моцнага ўсьведамленьня агульнагерманскай нацыі й дзяржавы. Апошні вялікі Гогенштаўфэн Фрыдрых II ужо страціў уладу над нямецкімі князямі, землеўладальнікамі й гарадамі. Супольнае пачуцьцё нямецкасьці, безумоўна, існавала й надалей, але ў раздробленым выглядзе, або як адданасьць клану, рэгіёну ці гораду, або як чыста дынастычнае пачуцьцё. Такім чынам, яно страціла свой палітычны характар, застаўшыся на інтуітыўным узроўні чыстай прыязнасьці да Heimat.

Падобным чынам i ў Італіі кожная спроба нацыянальнага палітычнага аб’яднаньня цярпела няўдачу. Hi старая лямбардзкая дынастыя Жалезнай кароны, Сіцылійскае каралеўства нарманаў i Гогенштаўфэнаў, ні француская палітычная авантура, якая прывяла Анжуяў у Нэапаль, ня сталі пачаткам фармаваньня моцнай улады над усёй Італіяй, i як вынік — пачуцьця нацыянальнага адзінства. Папская палітыка хутчэй наўмысна тармазіла такое развіцьцё, чым спрыяла яму. Вэнэцыя, Генуя, Флярэнцыя, Мілян i ўсе іншыя большыя й меншыя гарады звычайна варагавалі паміж сабою. Але, нягледзячы на ўвесь разлад, агульнаіталійская нацыянальная сьвядомасьць умацоўвалася. Азначэньні Рым i Італія ніколі ня трацілі рэзанансу слаўнай мінуўшчыны. Ва ўсе часы клясычная традыцыя тут была мацнейшая, чым дзе-небудзь, i яна сьведчыла пра адзінства. Адначасова з радыкальным францускім нацыяналізмам дзёрзкай палітыкі Філіпа IV[20] прагучала й нота італійскага нацыяналізму, каб ня змоўкнуць ужо ніколі, бо яна гучала ў голасе Дантэ, хоць i стрымана: Ahi serva Italia, di dolore ostello («Ты прытулак смутку, о, растаптаная Італія»). Ідэя вызваленай i аб’яднанай Італіі стала асацыявацца з даўняй марай аб паўсюдным рымскім панаваньні. Імпэратар сьвету прынясе Італіі адзінства й спакой, якія Дантэ шанаваў больш за ўсё. Сусьветнае панаваньне, monarchia, — парадак, жаданы Богам на зямлі.

Праз 30 гадоў пасьля сьмерці Дантэ палымяны, паэтычны, містычны італійскі патрыятызм i ўнівэрсалізм, аб якім марыў Дантэ ў De monarch, увасобіўся як у дзівосным, фантастычным антракце гісторыі. З народнай трыбуны да адзінства Італіі, да заснаваньня ўнівэрсальнай імпэрыі заклікаў Кола ды Рыейцы[21], які на паўгады вызваліў Рым, затым сем гадоў быў у выгнаньні, сядзеў у вязьніцы, нарэшце, узьнесены наверх, на гэты раз папскай палітыкай, быў забіты ў вулічнай бойцы. Ідэал папулярнага ўраду, клясычнай свабоды сэнату й народу, слава Рыму, гонар Італіі й сьвятое імкненьне да ўсеахопнага міру ні ў кім так дзіўна не спалучаліся, я к у гэтым маленькім, амбітным, бязьверным чалавеку Кола ды Рыенцы, адзінай веліччу якога была ягоная мара.

Па-за межамі непасрэдных палітычных ды іерархічных адносін існавалі толькі дзьве сфэры, у якіх народы Эўропы ўвесь час кантактавалі адзін з адным i былі вымушаныя ўсталёўваць сувязі ды шукаць паразуменьня на аснове ўзаемнага даверу. Першае — гандаль, другое — адукацыя, ці па-просту ўнівэрсытэты. Для далейшага разьвіцьця нацыі абедзьве былі плённыя, асабліва апошняя. У значных гандлёвых цэнтрах, дзе зьбіраліся гандляры адусюль (Бругэ — найбольш вядомы для галяндцаў), яны (замежныя купцы) аб’ядноўваліся ў «нацыі». Такія «нацыі» несумненна спрыялі ўмацаваньню пачуцьця нацыянальнай еднасьці, але сфэра ix дзейнасьці звычайна абмяжоўвалася горадам, у якім тыя спыняліся. Дзеяньне нацыянальнага фактару нашмат больш інтэнсіўным i шырокім было ва ўнівэрсытэтах, якія з XII ст. распаўсюдзіліся па ўсёй Італіі, Гішпаніі, Францыі, Англіі, i ў хуткім часе знайшлі ў Парыжы свайго бясспрэчнага primus inter pares. Studium (навучаньне) ў сярэднявеччы надзвычай шанавалася; часам яго зьмяшчалі ў адной трыядзе нароўні з sacerdotium, інстытутам царквы, i imperium, дзяржавай. Ba ўнівэрсытэтах панавала перадусім духоўная ўлада. Выкладчыкі й шкал яры былі клірыкамі. Адукацыя як такая мела выключна інтэрнацыянальны характар, i навучаньне ў галіне вольных мастацтваў, тэалёгіі, духоўнай i сьвецкай юрыспрудэнцыі ды мэдыцыны ўвогуле не падпарадкоўвалася ніякім ні палітычным, ні нацыянальным інтарэсам. Унівэрсытэцкае жыцьцё, аднак, ад самага пачатку вяло да фармаваньня нацыянальных групаў. Шкаляры, неспакойная маса пераважна замежных i бедных юнакоў, былi элемэнтам пастаянных рознагалосьсяў зь людзьмі, сярод якіх яны жылі. Воляю ці няволяю, але ў абароне сваіх правоў яны залежалі адзін ад аднаго. Што было больш натуральным, дык гэта тое, што ім даводзілася ўтвараць групы адпаведна ix natio, — ці ў больш старажытным i вузкім сэнсе, маючы на ўвазе рэгіён, дзе яны нарадзіліся, ці ў шырэйшым сэнсе дзяржавы або каралеўства, да якога яны прывязаныя законамі, мовай i звычаямі. Унівэрсытэт стаў адпраўным i вузлавым пунктам нацыянальнай арганізацыі. У Балёніі сам унівэрсытэт у пэўным сэнсе вырас з сукупнасьці нацыянальных студэнцкіх corporations, кожная зь якіх перад тым называла сябе universitas. Як вядома, да таго часу тэрмін universitas азначаў ня больш, чым супольнасьць, «карпарацыю» любога кшталту. Шкаляры Балёніі падзяляліся на дзьве вялікія групы: цызмантанцы, што ўключалі «нацыі» лямбардаў, тасканцаў i рымлянаў, i трамантанцы, або ўльтрамантанцы, што напачатку складаліся ня менш чым з 14 розных «нацыяў».

У Парыжы таксама зь першапачатковых групаў шматлікіх «нацыяў» засталося чатыры большыя: французы, пiкарды, нарманы й ангельцы. Тры зь ix прадстаўлялі рэгіёны паўночнай францыі, а чацьвертая, natio Anglica, уключала ня толькі выхадцаў з Брытанскіх выспаў незалежна ад таго, ці тыя размаўлялі па-ангельску, ці на англа-францускай або на адной з кельцкіх моваў, але i немцаў, скандынаваў, палякаў i каго толькі не. Тут бачым, такім чынам, няпэўнасьць паняцьця natio, што зь цягам часу прыводзіла да супярэчнасьцяў. Толькі ў сярэдзіне XIV ст. natio Alemanniae (нямецкая нацыя) вылучылася з нацыі Angliae; у сваю чаргу яна хутка падзялілася на нацыі ніжненямецкую й верхненямецкую.

Палкае імкненьне захаваць свае правы i частыя крывавыя канфлікты — характэрная рыса «нацый» — у ангельскіх унівэрсытэтах Оксфарда й Кембрыджа былі ня менш традыцыйныя, чым дзе-небудзь яшчэ. У Оксфардзе самі статуты ўзаконьвалі падзел на дзьве «нацыі», але, што дзіўна, на аснове адрозьненьняў не паміж Англіяй, Уэльсам ды Ірляндыяй (Шатляндыя ня ўлічвалася), а паміж паўночнай i паўднёвай Англіяй. Дзе б ні паўставалі ўнівэрсытэты ў наступны пэрыяд, напрыклад, у нямецкіх землях, сыстэма «нацый» была ад ix неаддымнаю. Пад кіраўніцтвам пракуратараў, якіх выбіралі на кароткі тэрмін зь ліку маладых masters of arts, «нацыі» ўяўлялі зь сябе самы неўраўнаважаны (неспакойны, unsettled) элемэнт унівэрсытэту. Гэтая сыстэма спрыяла распаўсюджаньню нацыянальнай сьвядомасьці на вельмі шырокія колы кожнай краіны i ў той самы час захоўвала інтэрнацыянальны характар цэлага.

Духоўная арганізацыя доўга служыла перашкодай на шляху працэсу нацыяналізацыі. Англія, у прыватнасьці, дасягнула значнай незалежнасьці ў царкоўных справах яшчэ ў XIII ст. Але менавіта папы першымі выкарысталі нацыянальны фактар у сваіх інтарэсах як супрацьвагу кардыналам, калі на Ліёнскім саборы 1274 г. нацыі сустрэлі арцыбіскупаў i біскупаў разам (ці ў апазыцыі) з кардыналамі. Апошняе галасаваньне на Вэнскім саборы 1311-1312 г. праводзілася паводле нацыянальнага прынцыпу. Здавалася, што Вялікая Схізма 1378 г. паскорыць поўны распад царквы. Кожная зямля (краіна) прымала бок папы ў Рыме або папы ў Авіньёне. I калі на Пізанскім саборы 1409 г. ўдалося нарэшце дасягнуць згоды адносна аднаўленьня адзінства царквы, фактар нацый безумоўна выканаў галоўную ролю. Чатыры нацыі: Італія, Францыя, Нямеччына й Англія, паклалі пачатак афармленьню саборнага руху. Распусьціўшыся, так i не прыняўшы рашэньня, сабор наноў сабраўся празь пяць гадоў у Канстанцыі. Тут фактар нацый прывёў да сур’ёзных супярэчнасьцяў. Ангельцы й немцы хацелі захаваць яго, а кардынал Дэй[22] быў супраць. Англія адмовілася ад пятага месца (пасьля Арагону) i настойвала на сваім дзякуючы падтрымцы караля Жыгімонта[23]. У гэтай сувязі зьвернем асаблівую ўвагу на пэўныя аспэкты. Па-першае, nationes лічыліся прадстаўнікамі ўсяго насельніцтва ix краін. Па-другое, яны ня цалкам адпавядалі тагачасным дзяржавам. Прадстаўнікі Савоі, Правансу й большай часткі Лярану (Lorraine) галасавалі з французамі, хоць усе гэтыя землі лічыліся часткамі Сьвятой Рымскай імпэрыі. Што, у такім разе, характарызавала нацыю як такую? Мова, дынастычныя ці духоўныя сувязі? Гэтая праблема абмяркоўвалася, але да згоды не дайшло. Існавала, аднак, пачатковае ўсьведамленьне рознасьці паміж вялікімі й малымі нацыямі, якое, у сваю чаргу, спараджала новыя супярэчнасьці. Асобы, падобныя да кардынала Дэя, цалкам разумелі ўсю небясьпеку, якім было для аднаўленьня адзінства царквы прызнаньне нацый у якасьці магчымых элемэнтаў хрысьціянства.

Базэльскі сабор 1431 г. стаў апошнім, на якім у царкоўных справах панаваў нацыянальны прынцып, хай сабе утоплены ў безвыніковых дыскусіях. У той самы час узьяднанае папства занялося пошукам кампрамісаў зь вялікімі краінамі, што ўжо дасягнулі значных посьпехаў у фактычнай нацыяналізацыі царквы. Галіканізм i англіканізм ужо стаялі ля napory. Да заканчэньня сярэдніх вякоў, такім чынам, сілы патрыятызму й нацыяналізму адваёўвалі ўсё большы й большы пляцдарм як у царквы, так i ў дзяржавы, ды ня меншы i ў штодзённага жыцьця ды культуры.

З ангельской пераклала Ірэна Ганецкая


[1] Johan Huizinga. Nationalism in the Middle Ages. Edited by C. Leon Tipton. — New York, Lehigh University, 1972. P. 14-24.

[2] Збор законаў V ст.

[3] Імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі (1152-1190).

[4] Папа Мікалай I, Вялікі (858-867).

[5] Германская бэнэдыктынская манахіня з Рупэртбэргу, (1098-1179), містык, пісала на тэмы жыцій сьвятых, мэдыцыны, натуральнай гісторыі, ліставалася зь вядомымі палітычнымі дзеячамі свайго часу.

[6] «Песьня Ралянда», лірычная паэма, напісаная верагодна ў канцы XI ст., услаўляе рыцараў часоў крыжовых паходаў.

[7] Кароль Францыі (987-996), заснавальнік капэтынскай дынастыі што кіравала Францыяй у 987-1328 г.

[8] Атон III, імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі (973-983).

[9] Італьянскі храніст XIII ст., францішканец.

[10] langue d’oil — раманскі дыялект паўночнафранцускай мовы. Спасылка прыведзена, каб праілюстраваць варожасьць паміж паўночнай Францыяй (langue d’oil) i тымі, хто жыў у паўднёвых правінцыях (langue d’oc).

[11] Кароль франкаў i імпэратар, 884-887 г.

[12] Кароль заходніх франкаў, 893-923 г.

[13] Пазьней Генрых I Птушкалоў, кароль немцаў.

[14] Нямецкі храніст першага крыжовага паходу, сучасьнік тых падзей.

[15] Францускі эклезіяст i гісторык першага крыжовага паходу, які напісаў Gesta Dei per Francos. Жыў каля 1064-1125 г.

[16] Сям’я, зь якой выйшла большасьць імпэратараў Сьвятой Рымскай імпэрыі з 1137 па 1254 г. З прычыны частых канфліктаў з курыяй большасьць пап таго пэрыяду глядзелі на Гогенш тауфэнаў як на «зьмяінае племя».

[17] Блізу 1235-1291 г. Якаба часта называюць бацькам галяндзкай паэзіі.

[18] Галяндзскі паэт i мараліст (1285-1365).

[19] Хрысьціянства падзелена напалам: Раманская мова — адно, другое — усе нямецкія мовы.

[20] Кароль Францыі (1285-1314).

[21] Блізу 1313-1354 г., рымскі рэвалюцыянэр простага паходжаньня, Кола ды Рыенцы ўстанавіу дыктатуру ў Рыме ў 1347-1348 г. i затым у 1354 г.

[22] Pierre d’Ailly (1350-1420), францускі тэоляг-схаласт i кардынал, які граў важную ролю у саборным руху пачатку XV ст.

[23] Імпэратар Сьвятои Рымскай імпэрыі (1410-1437).

Наверх

Аўгуст Нічкэ. Праблематыка гістарычнай антрапалёгіі

Жніўня 16, 1995 |


Тлумачэньні да дасьледаваньня гісторыі дзяцінства i юнацтва[1]

Тыя, што сёньня гавораць пра гістарычную антрапалёгію, не заўсёды маюць на ўвазе адно й тое ж.

Некаторыя гісторыкі выкарыстоўваюць слова антрапалёгія ў англа-саксонскім сэнсе. Яны мысьляць пры гэтым навуку, якая раней у Нямеччыне называлася этналёгіяй. Гэтыя гісторыкі зьвяртаюцца да гістарычных крыніцаў з тымі пытаньнямі, якія звычайна ставяць этнолягі. Так яны дасьледуюць штодзённае жыцьцё, структуру сям’і, выхаваньне дзяцей, формы шлюбу, працоўныя навыкі. Паколькі яны вывучаюць грамадзтвы мінулага, іхняя праца мае гістарычны характар; вынікі гэтай працы мусяць дапаўняць апісаньне й аналіз палітычных падзей i эканамічных працэсаў[2].

Іншыя гісторыкі зыходзяць з раней пашыранага ў Нямеччыне сэнсу слова антрапалёгія. Яны разумеюць пад антрапалёгіяй вучэньне пра чалавека. Яны карыстаюцца гістарычнымі крыніцамі з мэтаю выведаць нешта пра своеасаблівасьць чалавека. Так яны зьвяртаюць увагу на фізыялягічныя дадзеныя, што цікавяць мэдыкаў, на мэнталітэт, якім заўсёды займаліся гісторыкі, i на спосаб узаемаўплыву ды ўзаемаўспрыманьня людзей, з чым дагэтуль мелі справу пераважна сацыёлягі. Гісторыкі, якія хочуць нешта выведаць пра асаблівасьці чалавека, зыходзяць з таго, што палітычныя дзеяньні i эканамічныя працэсы могуць толькі тады адпаведна інтэрпрэтавацца, калі перад гэтым высьветлена, якія магчымасьці чалавечай актыўнасьці i які характар рэакцыі трэба наогул браць у разьлік. Вынікі ix працы павінны ня толькі дапаўняць гістарычныя дасьледаваньні палітычных i эканамічных адносінаў, але й ствараць перадумовы, каб такія дасьледаваньні асэнсавана, рацыянальна ўвогуле былі магчымыя[3].

Большасьць гістарычных работ апошняга дзесяцігодзьдзя, прысьвечаных дзяцінству й юнацтву, — калі яны мелі справу з антрапалягічнай праблематыкай, былі інсьпіраваныя этналёгіяй[4]. У ix гісторыкі хацелі ведаць: як зь дзецьмі абыходзіліся? як дзяцей выхоўвалі? Але гэтыя працы апавядаюць нам больш пра дарослых, якія занятыя дзецьмі, чым пра саміх дзяцей. Дарослымі ж гістарычная навука й без таго павінна займацца; атрымліваецца, што вынікі гэтай працы не даюць аніякіх новых аспэктаў для гістарычнай дыдактыкі.

Зусім іншая сытуацыя, калі гісторык дасьледуе дзяцінства й юнацтва, каб лепш пазнаць характэрныя асаблівасьці чалавека. Гэтая праблематыка дае важны стымул для заняткаў, паколькі яна адкрывае дыдактычна новыя магчымасьці: яна сутыкае школьнікаў i студэнтаў зь ix уласным досьведам, зь ix асобай, з сытуацыяй, у якой яны жывуць са сваім грамадзтвам.

Я б хацеў патлумачыць значэньне ў гэтым сэнсе антрапалягічна зразуметай гісторыі дзяцінства на двух прыкладах. Спачатку я сыходжу з псыхалягічна арыентаваных назіраньняў, затым — з арыентаваных на спосаб узьдзеяньня (уплыву).

1. Псыхалягічна арыентаванае дзеяньне

Згодна зь меркаваньнямі псыхолягаў, разьвіцьцём чалавека кіруюць гармоны. Асаблівасьці гэтага разьвіцьця апісваюцца спэцыялістамі наступным чынам. Бэргіюс, які ў сваю чаргу абапіраецца на працы Кро, лічыць пэрыяд з 4 да 7 гадоў жыцьця «фантастычна аналягізуючым рэалізмам». «Развагі — так гэта завецца — іграюць… пэўную ролю тады, калі выкарыстоўваецца магічная практыка, каб прагнаць чужое (небясьпечнае) i прызваць сваё (прыхільнае)». «Сувязяў… па прынцыпу падабенства больш ствараецца, чым разумеецца»[5]. Гэтакую ўласьцівасьць мы, гісторыкі, назіраем толькі ў шматлікіх грамадзтвах, якія называем архаічнымі. Нават сярэднявечча не зусім вольнае ад «рэалізму», што дзеліць сьвет па законах аналёгіі i пры гэтым часта робіцца ахвярай уласнай фантазіі. Так былі скарыстаныя аналёгіі Альбэртуса i Томаса дзеля стварэньня іерархічнай будовы (Stufenordnung) прыроды; Яўхім фон Фіорэ выкарыстоўвае аналёгіі, каб упарадкаваць гістарычны працэс. Затым з гэтых падпарадкаваных адзін аднаму гістарычных дзеяў Аляксандар фон Розе робіць вельмі дакладныя (на ягоную думку) высновы адносна зусім блізкае будучыні[6].

Пасьля гэтай фазы ва ўзросьце ад 7 да 10 гадоў мусіць наступаць другая, што азначаецца як «наіўны рэалізм». Месца «фантастычнага сынтэзу» займае «аналіз». Разьвіваецца «імкненьне да фактаграфічных ведаў, да датаў i лічбавых дадзеных». Пераважаюць «калі-тады-сувязі»; усё яшчэ маюць месца «магічна адчувальныя (anmutende) сэнсавыя сувязі паміж рэчамі». «Набыцьцё вопыту засяроджанае… на вонкавай нагляднасьці»[7]. Гэта падобна на тое, як прыродазнаўства апісваецца Ёганам Кэплерам, а ён жа ня быў зусім нетыповы для свайго часу[8].

Фазу «крытычнага рэалізму» мы можам прапусьціць; яна мае шмат падабенства з часамі Ньютана i эпохай Асьветніцтва. Тое, што будзе сказана пра першую фазу сталасьці, якая пачынаецца прыкладна з 13 гадоў, можна таксама параўноўваць зь вядомым для гісторыкаў грамадзтвам. Для гэтага пэрыяду жыцьця характэрны «стан нез’арыентаванасьці». Назіраецца «зварот да ўсяго асабістага», які вядзе да «самарэфлексіі». Выяўляюцца «раздвоенасьць, рэзкія перапады ў настроі i пераход ад халодных пачуцьцяў да палымянасьці (Entflammstein)»[9]. Такія настроі можна лічыць характэрнымі для часоў «Буры i націску», як гэта паказана ў Вэртэра. У тую ж эпоху ў палітыцы гісторык сустракаецца з новымі формамі эмацыйных рухаў у амэрыканскай i францускай рэвалюцыях, пры зараджэньні нацыянальных дзяржаў, у вызвольных войнах. Вядомы таксама ў тым часе надзвычай разважлівы спосаб дзеяньня ў палітыцы: «халоднасьць пачуцьцяў» (Gefühlskälte).

На падставе гэтых параўнаньняў гісторык можа паставіць два пытаньні. Першае гучыць так: Ці гэтаксама праходзіць індывідуальнае разьвіцьцё ў нашым грамадзтве, як i разьвіцьцё заходнеэўрапейскага грамадзтва? Ці перажываюць юнакі да пэўнай меры тое ж, што эўрапейцы маглі набыць на працягу апошняй тысячы гадоў? Гэтае пытаньне мусіць цікавіць найперш псыхолягаў ды фізыёлягаў. Яны павінны высьвятляць, ці абумоўленыя зьмены, магчымыя ў першыя два дзесяцігодзьдзі жыцьця чалавека, якія мы прыпісваем узьдзеяньню гармонаў, нечым іншым, або ці ўзьдзейнічалі гармоны раней па-іншаму, або ці дзейнічалі раней іншыя гармоны? Вывучэньне гэтых залежнасьцяў дало б нам новыя веды пра асаблівасьць (Eigenart) чалавека. Праўда, яно выходзіць за сфэру гістарычнага досьледу.

Затое другое пытаньне цікавае для гісторыка. Вось як яно гучыць: ці толькі пэўнай ступені разьвіцьця дасягалі дзеці й юнакі ў ранейшых грамадзтвах? Калі б гэта было так, гісторык мусіў бы — i да таго ж вельмі інтэнсіўна — вывучаць узроставую псыхалёгію (Entwicklungspsychologie); гэта азначала б, што мы маглі б выкарыстоўваць дадзеныя ўзроставай псыхалёгіі, пазнаючы разнастайныя i адначасова відавочна абмежаваныя спосабы паводзінаў людзей XII ці XVI ст. Тады псыхолягі разьвіцьця маглі б падказаць нам, якія формы гаспадараньня пашыраліся, які від канстытуцыі структураваўся, якія палітычныя мэты для людзей былі абавязковыя, што адпавядалі толькі ўзроставай ступені нашых васьмігадовых, дванаццацігадовых, або шаснаццацігадовых. Адсюль мы маглі б зрабіць, наколькі гэта магчыма, лепш зразумелымі палітычныя мэты Карла IV, Фрыдрыха Вялікага.

Наўрад ці можна адмаўляць тое, што гэтая праблематыка магла б мець вялікае значэньне для перадачы ведаў. Яна пабуджае школьнікаў i студэнтаў уяўляць ix ранейшыя манэры весьці сябе, каб самім спасьцігаць палітычныя i гаспадарчыя формы паводзінаў у былых грамадзтвах. Відаць — ужо з узроставых прычынаў — гэта было б магчымым ca старэйшых клясаў.

Хоць такі вобраз дзеяньняў мне здаецца даволі цікавы, у мяне ёсьць адносна яго й істотныя сумненьні. Я сумняваюся ў высновах псыхолягаў разьвіцьця, i не лічу, што хаду гісторыі найбольш дакладна можна апісваць вось такім чынам; аднак, ня гледзячы на гэта, мне ўяўляецца неабходным зьвяртаць увагу й на такі прынцып дзеяньняў. /…/ A паколькі тут ня месца разьбірацца з прычынамі майго скепсысу[10], я б хацеў лепш зьвярнуцца да другой мадэлі.

Тым, хто сумняваецца ў «пазнаньнях» узроставай псыхалёгіі i напэўна асьцерагаецца інтэрпрэтаваць працэсы эўрапейскай гісторыі так генэтычна, прапанаваны тут прыклад гістарычна-антрапалягічнага вобразу дзеяньняў дае зусім іншую магчымасьць уводзіць у працэс навучаньня гісторыю дзяцінства й юнацтва.

2. Дзеяньне, арыентаванае на зьмену спосабу ўплыву.

Для большасьці гісторыкаў гісторыя — гэта гісторыя чалавечых дзеяньняў. Гісторыкі могуць тлумачыць гэтыя дзеяньні, зыходзячы зь людзкіх інтарэсаў, з мэнталітэту людзей, а часам i з чалавечых ідэяў[11]. У апошнія дзесяцігодзьдзі ў рамках гістарычнай антрапалёгіі гісторыкі паводзінаў цікавяцца зусім іншай гісторыяй: гісторыяй прынцыпаў узьдзеяньня (уплыву). Такія гісторыкі пытаюцца: якія віды ўзьдзеяньня асабліва зфэктыўныя або асабліва значныя для дадзенага грамадзтва?

Гэтыя гісторыкі зыходзяць ня толькі з чалавека, яго інтарэсаў, мэнталітэту й ідэяў, бо яны бачаць, што эфэктыўнасьць або неэфэктыўнасьць учынкаў вызначаецца часам людзьмі, а часам ix навакольным асяродзьдзем. На аснове гэтых назіраньняў быў распрацаваны асобны мэтад дыфэрэнцыяцыі розных відаў чалавечай актыўнасьці, каб далей вызначаць, які зь ix дамінуе ў канкрэтным грамадзтве, які тып дзейнасьці можна лічыць асабліва эфэктыўным для яго прадстаўнікоў[12]. Пры гэтым улічвалася тое, што ў цяжкую часіну аддаецца перавага тым дзеяньням, якія дазваляюць эфэктыўна прадухіляць небясьпеку.

Так перамясьціліся інтарэсы гісторыкаў. Цяпер ix цікавіў не чалавек, a ўзаемадзеяньні (Interaktionen) людзей, пры чым у асаблівым аспэкце: якія з гэтых узаемадзеяньняў былі найбольш эфэктыўныя ці значныя для прадстаўнікоў канкрэтнага грамадзтва?

У гэтым пляне асабліва цікавыя тыя дзеяньні, у якіх выяўляецца, як дзеці й юнакі паўстаюць супраць сваіх бацькоў i йдуць ім насуперак.

Мы ведаем шмат грамадзтваў, у якіх дзеці й моладзь пераймаюць тыпы адносін дарослых. Яны нас цяпер не цікавяць. У іншых грамадзтвах моладзь трапляе ў напружаныя адносіны з бацькамі тады, калі тыя не спаўняюць ix жаданьняў. Маладыя паводзяць сябе тут так, як гэта рабілі дарослыя ў юнацтве. I на гэтых адносінах мы спыняцца ня будзем.

Мы уважаем збунтаванай моладзьдзю толькі тых дзяцей i юнакоў, што насуперак дарослым абіраюць сабе такі лад жыцьця, які грунтоўна адрозьніваецца ад ладу жыцьця старэйшага пакаленьня. Калі дзеці й юнакі схіляюцца да гэтага, ня шмат зь ix уваходзіць у генэрацыю. Далей бярэм пад увагу толькі такіх — бунтарных — i пытаемся: які тып узьдзеяньня тут можна назіраць? Аднак перш трэба сказаць трохі пра формы бунту моладзі.

Калі не зьвяртаць увагу на пэўныя папярэднія здарэньні пэрыяду грэцкай антычнасьці — прыкладна часоў сафістыкі, дык упершыню вялікія рухі пратэсту можна назіраць у VI-VII ст. Дзеці й падлеткі — многія мелі толькі па 7 ці 8 гадоў — пакідалі бацькоўскі дом, адлучалі сябе ад сваякоў i йшлі да чужых. Яны спасылаліся пры гэтым на выказваньні Ісуса, сярод якіх ёсьць словы супраць сям’і й бацькоў, ды казалі, што хочуць быць пасьлядоўнікамі Абрама. Таму ж было загадана Богам, як напісана ў кнізе Быцьця, пакінуць свой дом, радзіму й родных. Такім чынам зьявіўся адзін з тыпаў паводзінаў, які ў многіх варыянтах дасюль сустракаецца ў эўрапейскай гісторыі[13].

Зусім добра вызначаецца тып паводзінаў юнакоў у XI i XII ст. Яны пратэстуюць супраць аўтарытэту дарослых. Яны крытыкуюць бацькоў, яны адмаўляюцца на школьных занятках прыслухоўвацца да аўтарытэту старых. Яны кідаюць сваім настаўнікам у твар, што ix лепшы вучыцель — гэта маладосьць. Яны імкнуцца пры гэтым да станавай самастойнасьці. У такіх выпадках гутарка йдзе пра рух за эмансыпацыю[14].

У XIII i пачатку XIV ст. тэндэнцыя супрацьлеглая. Моладзь усіх станаў, дзеці каралёў, як, прыкладам, дачка Людовіка VIII у Францыі, дачка Бэла ў Вугоршчыне, дзеці бюргераў, дзеці ніжэйшых слаёў больш не жадаюць самастойнасьці, a зусім наадварот. Яны шкодзяць самастойнасьці сваіх бацькоў. Яны адмаўляюцца ад ix маёмасьці, уладаньняў i багацьця. Гэтае адмаўленьне зусім радыкальнае. Такія дзеці носяць жабрачае адзеньне, яны больш ня мыюцца, яны самі прычыняюць сабе боль. Тыя, што належаць да вышэйшых слаёў, спрабуюць займацца дзейнасьцю ніжэйшых сацыяльных групаў, — часьцей зусім няўдала, бо яны ніякім чынам да гэтага не падрыхтаваныя; наогул моладзь імкнецца прыраўняць сябе да стану бедных людзей, выклікаць на сябе ix узьдзеяньне, трапіць пад ix уплыў. Ідэалам гэтага можа быць Ісус у пакутах, або «смуткуючая маці».

Пачынаючы з гэтага часу ў эўрапейскай гісторыі чаргуюцца эпохі, калі бунтарныя дзеці й моладзь, пакладаючыся на ўласныя сілы, дамагаюцца эмансыпацыі, — так было ў XV, у XVIII ст., з эпохамі, калі дзеці імкнуцца аддзяліцца ад сваіх бацькоў тым, што адмаўляюцца ад ix, грэбуюць ix маёмасьцю, дазваляюць уплываць на сябе асобам, якія пераўзыходзяць бацькоў.

Гэтакія пратэсты маладых могуць зыходзіць ад адзінак, але яны могуць ахопліваць i сотні, i нават тысячы чалавек, — так было пад час дзіцячага крыжовага паходу, пад час руху «алілуя» ў 1233 г., на хвалі паломніцтваў XIV ст., у руху моладзі на пачатку нашага стагодзьдзя, у школьных i студэнцкіх хваляваньнях шасьцідзесятых гадоў. Большасьць такіх пратэстаў мае працяглае дзеяньне; часам яны зьмяняюць нават формы грамадзтва i гаспадаркі. Гэтым яны асабліва важныя для гісторыкаў, якія цікавяцца працэсамі палітычнай гісторыі.

Я думаю, што такія рухі пратэсту павінны асьвятляцца на занятках у нашых школах. Моладзі будзе цікава даведацца, як дзейнічалі ix раўналеткі ў мінулыя часы, якімі эфэктыўнымі маглі быць учынкі дзяцей.

Дасюль мы разглядалі толькі фармальны бок дзеяньняў маладых — ці то яны, абапіраючыся на ўласныя сілы, патрабуюць большай незалежнасьці, ці то чакаюць ад дарослых, што тыя, як i яны, адмовяцца ад усяго дзеля іншых. Ня менш цікава пазнаёміцца зь пераменаю зьместу гэтага. Я б хацеў толькі прывесьці прыклады пераломных момантаў у паводзінах, калі маладыя імкнуліся дамагчыся большай незалежнасьці.

У XII ст. маладыя асобы здабываюць незалежнасьць тады, калі набываюць адпаведныя свайму сацыяльнаму становішчу паводзіны. Каб уплываць, яны мусяць выпрацоўваць свае манэры й жэстыкуляцыю (Gestik). Яшчэ Фрыдрых II у дзяцінстве меў схільнасьць да гэтага; пазьней ён шмат рабіў у гэтым напрамку як пэдагог. У XV ст. дзеці ўжо разумелі, як актывізаваць i схіліць да дзеяньня іншых. Яны ўплывалі на матывы рухаў i ўчынкаў ня толькі сваіх блізкіх, але й на іншых. Максымільян у юнацтве гэтакім чынам узьдзейнічаў на сваё асяродзьдзе. У XVIII ст. дзеці, што пайшлі супраць дарослых, імкнуцца выклікаць павышаную актыўнасьць у іншых, дзякуючы чаму яны так зьмяняюць асяродзьдзе, што ствараецца атмасфэра асаблівай напругі й узбуджанасьці. Жан-Жак Русо паказвае нам, як ён у 8 гадоў так узьдзейнічаў на свайго стрыечнага брата.

Такім чынам, тое, які ўчынак мае асаблівае узьдзеяньне, залежыць ад дадзенай гістарычнай сытуацыі, якая ў сваю чаргу можа быць абумоўленая асяродзьдзем. У пэўных эпохах маладым асобам даводзілася зьмяняць саміх сябе, свае манэры й жэстыкуляцыю. У іншых — браць пад увагу матывы руху й дзеяньняў; яшчэ ў іншых, калі яны хацелі ўплываць, трэба было або ствараць напругу ў сваім асяродзьдзі, або аслабляць яе.

Вось на такіх прыкладах, вельмі груба, праглядаюцца пэўныя адрозьненьні. Больш грунтоўнае дасьледаваньне розных спосабаў уплыву дазволіла б распрацаваць глыбейшую дыфэрэнцыяцыю. Магчыма таксама выдзяліць ix асобныя віды, у якіх дзейнічалі б розныя сацыяльныя групы аднаго грамадзтва. Хацелася толькі зьвярнуць увагу на такі спосаб назіраньня за мінулым, які ўлічвае ня толькі людзей, ix інтарэсы, мэнталітэт i ідэі, але й гісторыю ўзаемадзеяньняў ды зьвязаных з гэтым спосабаў уплыву. З пункту гледжаньня такой праблематыкі гісторыя дзяцінства й юнацтва будзе новай i цікавай. /…/

Зь нямецкай пераклаў Генадзь Сагановіч


[1] Nitschke, August. Fragestellung der historischen Anthropologie // Historische Anthropologie. Der Mensch in der Geschichte. Hg. H.Süssmuth. — Göttingen, 1984. S.32-42.

[2] Muhlmann W.E. Geschichte der Anthropologie. 2 Aufl. — Frankfurt/M., Bonn. 1968. S.201 ff; тойсама, Kulturanthropologie und Verhaltensforschung, in: Keiter F. (Hg.). Verhaltensforschung im Rahmen der Wissenschaften vom Menschen. — Göttingen, 1969. S.166; Medick H., Sabean D. Neue Themen in der historisch-ethnologischen Familienforschung // Sozialwissenschaftliche Informationen für Unterricht und Studium, 11 (1982). S.94.

[3] Па псыхалягічных дадзеных: Muhlmann W.E. Anthropologie…, S.162; Nitschke A. Verhaltensforschung. Analysen gesellschaftlicher Verhaltensweisen. Ein Arbeitsbuch. — Stuttgart, 1981. S.9,74; Schwidetzky I. Hauptprobleme der Anthropologie. — Freiburg, 1971. S.38; Teuteberg H. Die Ernährung als psychosoziales Phänomen // Hamburger Jahrbuch für Wirtschafts- und Gesell schaftspolitik. 24 (1979), S.264. Па мэнталітэту: Nitschke А. Verhaltensvorschung…, S.10,15. Па ўзаемадзеяньнях, відах уплыву i ўспрыманьня: Blumer H. Der methodische Standort des symbolischen Interaktionismus // Arbeitsgruppe Bielefelder Soziologen (Hg) Alltagswissen, Interaktion und gesellschaftliche Wirklichkeit, 1. — Hamburg, 1973. S.89; Nitschke A. Verhaltensforschung…, S 11 75.

[4] Aries P. Geschichte der Kindheit. — München, 1975; Shorter E. Die Geburt der modernen Familie. — Reinbek, 1977; Badinter E. Die Mutterliebe. Geschichte eines Gefühls vom XVII Jahrhundert bis heute. — München, 1980.

[5] Bergius R. Entwicklung als Stufenfolge // Thomae H. (Hg) Entwicklungspsychologie. Handbuch der Psychologie Bd 3 — Göttingen, 1959. S.143.

[6] Sturner W. Natur und Gesellschaft im Denken des Hoch- und Spätmittelalters. Naturwissenschaftliche Kraftvorstellungen und die Motivierung des politischen Handelns in Texen des XII-XIV Jahrhunderts. — Stuttgart, 1975. S.77, 89; Grundmann G. Ausgewählte Aufsätze. Bd.2. — Stuttgart, 1977. S.216; Bd.3, S.204.

[7] Bergius R. Entwicklung…, S.145.

[8] Nitschke A. Keplers Staats- und Rechtslehre // Internationales Kepler Symposium. Weil der Stadt, 1971. — Hildesheim, 1972. S.409.

[9] Bergius R. Entwicklung…, S.151.

[10] Крытыку пункту гледжаньня гуманітарных навукаў, які стаіць за ўяўленьнямі пра псыхалягічнае «разьвіцьцё», гл. у: Nitschke A. Naturerkenntnis und politisches Handeln im Mittelalter, Korper – Bewegung – Raum. — Stuttgart, 1967. S. 12,254. Тлумачэньне гістарычных пераменаў, арыентаваных не на гэтую генэтычную мадэль, гл. у яго ж: Revolutionen in Naturwissenschaft und Gesellschaft. — Stuttgart-Bad Cannstatt, 1979. S.67,116, 160; Яго ж: Verhaltensforschung…, S.205.

[11] Nitschke A. Sozialgeschichte im Unterricht // Geschichte in Wissenschaft und Unterricht, 1983, S.434.

[12] Nitschke A. Verhaltengsforschung…, S.11, 75.

[13] Найважнейшыя тэксты: Angenedt A. Monachi peregrini. Studien zu Pirmin und den monastischen Vorstellungen des frühen Mittelalters. — München, 1972.

[14] Сьведчаньні з тых часоў у: Misch G. Geschichte der Autobiographie. Bd.3,2. — Frankfurt/M., 1960. S.1180,1200.

Наверх

Франц Кушаль. Спробы арганізацыі Беларускага Войска пры нямецкай акупацыі Беларусі. Камэнтар Аляксея Ліцьвіна

Жніўня 15, 1995 |


Працяг. Пачатак у Т.1 Сш.1.

Немцы ахвотна згадзіліся на адчыненьне афіцэрскага курсу: ім было цікава бачыць, ці патрапляць беларусы арганізавацца самі i ці знойдзецца ў ix належная колькасьць афіцэраў. На першы курс было вырашана паклікаць 100 афіцэраў. Яшчэ перад першым жніўнем афіцэры пачалі прыбываць на курс, i ў дзень адчыненьня курсу ix было ўжо больш як сто.

Курс адчынілі вельмі ўрачыста. Заля была ўпрыгожаная дзяржаўнымі сьцягамі i эмблемамі беларускімі i нямецкімі. Быў апрацаваны цэлы цырыманіял адчыненьня. Афіцэраў выстраілі роўнымі шэрагамі. На ўрачыстасьць прыбылі: Генэральны Камісар Беларусі Вільгельм Кубэ з сьвітаю, Камандуючы войскамі Менскае акругі з штабам, найвышэйшыя прадстаўнікі нямецкае паліцыі i CC, i выдатнейшыя прадстаўнікі беларускага грамадзства. Я здаў рапарт д-ру Ермачэнку як Галоўнаму Каманданту БСА. Генэральнаму Камісару Беларусі здаў рапарт нямецкі капітан Кумэр, апякун афіцэрскага курсу зь нямецкага боку. Першы сказаў доўгую прамову д-р Ермачэнка, пасьля яго яшчэ даўжэйшую сказаў Галоўны Камісар Беларусі Кубэ. У сваёй прамове Кубэ называў нашых афіцэраў сваімі сябрамі i абяцаў ім будучыню ў беларускім войску, якое, безумоўна, пры нямецкай дапамозе зарганізуецца. Пасьля прамовы Кубэ, д-р Ермачэнка ўзьнёс Беларускі Нацыянальны Сьцяг перад Пагоняй i партрэтам Гітлера i гэтым курс уважаўся адчыненым. Кубэ прайшоў уздоўж фронту афіцэраў, пры чым азнаёміўся з афіцэрамі. Склад афіцэраў пад поглядам веку быў вельмі розны, найстарэйшы афіцэр меў 68 год, а наймалодшы 20. Гэтаму Кубэ асабліва дзівіўся, ацэньваючы патрыятызм беларусаў, дзе дзед i ўнук разам пайшлі ў шэрагі войска. Настрой сярод афіцэраў i гасьцей быў незвычайна ўрачысты. Урачыстасьць закончылася супольным абедам. Пры абедзе афіцэры прамаўлялі, пры гэтым асабліва падкрэсьлівалі сваю адданасьць справе. «Няхай жыве Незалежная Беларусь» — бесьперапынку гучэла на залі.

Немцы прыглядаліся ўсяму гэтаму шырока адчыненымі вачыма, яны першы раз пабачылі беларусаў, якія выйшлі з масы. Для ix было неспадзеўкай, што так дружна становяцца да службы i так патрыятычна настроеныя людзі, якія па выгляду нагадвалі сялян, i якіх мы называлі афіцэрамі.

Калі курс пачаў навуку, то немцы таксама не пакідалі яго без увагі. То той, то другі прадстаўнік нямецкае ўлады зьяўляліся на выклады, цікава прыслухоўваючыся i прыглядаючыся да курсантаў. Курсанты з адданасьцю займаліся навукай. Асабліва цікава выглядалі практычныя заняткі. Адбываліся далёкія маршы за горад, i сівавалосыя бацькі, а не адзін ужо i дзед, стараліся ўдала крочыць побач з маладымі выспартаванымі былымі падхаронжымі польскае арміі i савецкімі лейтэнантамі. Беларускія жаўнерскія песьні разьлягаліся на вуліцах Менска. Кожную раніцу i кожны вечар курсанты з патрыятычным уздымам пяялі на супольнай зборцы песню «Беларусь — наша Маці Краіна!»

Здавалася, што ўсё будзе як найлепей, усе верылі ў абяцанкі немцаў.

Зараз пасьля выхаду загаду аб арганізацыі БСА Ермачэнка пачаў арганізоўваць Штаб. На шэфа Штабу быў пакліканы падпалкоўнік генэральнага штабу царскае арміі Язэп Гуцько. Падпалкоўнік Гуцько прыбыў у Менск i ўступіў у выкананьне абавязкаў шэфа Штабу.

Незадоўга пасьля адчыненьня першага афіцэрскага курсу пачалі тварыцца дзіўныя i да сяньняшняга дня для мяне незразумелыя рэчы. Ня ведаю, можа хуткае набраньне поўнага афіцэрскага курсу i непахісная пастава, энтузіязм ягоных слухачоў у часе ўрачыстасьці — гаварыліся вельмі сьмелыя i гарачыя прамовы — так напалохалі прадстаўнікоў нямецкай улады, ці можа зусім іншыя прычыны ўваходзілі тут у ігру, але факт: некалькі дзён пасьля гэтага, так важнага для нас здарэньня, групэнфюрэр Цэнэр, які выдаў загад аб арганізацыі Самааховы, быў адкліканы зь Менску на іншае становішча. Гэты факт на ўсё беларускае грамадзянства, a асабліва афіцэрскі курс зрабіў як найгоршае ўражаньне. Усьлед за Цэнэрам выехаў i галоўны камандант БСА доктар Ермачэнка — на месячны водпуск дахаты, у Прагу. Як свайго заступніка ў справах БСА д-р Ермачэнка пакінуў Юльяна Саковіча, чалавека вельмі энэргічнага, але не папулярнага ані ў беларусоў, ані ў немцаў. На колькі Саковіч быў непапулярны ў немцаў сьведчыць той факт, што кіраўнік палітычнага аддзелу Генэральнага Камісарыяту Беларусі доктар Юрда забараніў Саковічу выступаць перад нямецкімі ўладамі ў справах БСА10.

Такім чынам, у часе, калі трэба было праявіць найбольшую дзейнасьць у справе БСА, яно засталося без галавы. На афіцэрскім курсе дух вельмі ўпаў. Праз тры тыдні школеньня курс быў закончаны, але зачыненьне яго адбылося ў вельмі благім настроі. У працягу ўсяго гэтага часу зброі яшчэ не было, i нічога не было зробленае ў справе арганізацыі БСА.

Ня гледзячы на гэта, 1-га верасьня быў адчынены другі месячны афіцэрскі курс пры ўдзеле 120 кандыдатаў. Курсанты, якія прыбылі на курс з розных куткоў Беларуci, расказвалі аб энтузіязьме, які запанаваў быў пры першай вестцы аб арганізацыі БСА, i як гэты энтузіязм пачынае цяпер паволі стынуць.

Групэнфюрэра Цэнэра замяніў штандартэнфюрэр Шымана. З штабу Шыманы пачалі выходзіць новыя загады, i кожны загад што разу больш абніжаў вартасьць першага. Назоў Галоўнага Каманданта БСА ў д-ра Ермачэнкі быў адабраны, гэтак сама яму было забаронена мець Штаб БСА. Даведаўшыся аб гэтым, палкоўнік Ген. Штабу Гуцько, як толькі вярнуўся з водпуску Ермачэнка, падзякаваў яму за гонар i паехаў дахаты ў Наваградак.

Загадам Шыманы было забаронена ў БСА ужываць афіцэрскіх рангаў. Камандзіры адзінак БСА маглі ўжываць толькі назовы сваіх функцый, прыкладам: камандзір зьвязу, камандзір роты i г.д. На афіцэрскім курсе пачаліся ўсялякія гутаркі аб безнадзейнасьці палажэньня. Да упадку настрою на курсе прычынялася яшчэ i тое, што курсанты былі ў сваіх вопратках, некаторыя вельмі лёгка адзетыя, а тым часам быў верасень, падалі халодныя дажджы, а заняткі вяліся нармальна.

Шмат каштавала энэргіі i спрыту, каб утрымаць курс. Адзін раз прыехаў на курс з Остміністэрства нейкі высокі ўрадавец, які, паглядзеўшы на афіцэраў, быў захоплены іхняй паставай, дзівіўся кепскім варункам жыцьця i навукі, абяцаў дапамагчы, але як паехаў, так i паехаў.

Пасьля заканчэньня другога афіцэрскага курсу быў пакліканы трэці курс. Настрой у масах ужо так упаў, што на трэці курс ледзьве ўдалося сабраць 40 чалавек, ды i тыя прыехалі з перакананьнем, што зброі няма, баёвы настрой народу не скарыстаны i нічога з БСА ня будзе. Роля мая, як камандзіра афіцэрскіх курсаў, была вельмі непрыемная. На ўсіх трох курсах увесь час трэба было ствараць настрой. Трэба было пераконваць курсантаў у неабходнасьці вучыцца, у тым, што БСА будзе, што немцы урэшце зброю дадуць i т.п. Прыблізна ў палавіне лістапада трэці курс быў закончаны.

Пасьля заканчэньня першага афіцэрскага курсу, калі выйшлі першыя перашколеныя афіцэры, яны былі выкарыстаныя ў акругах для перашколеньня падафіцэраў. У Баранавічах i Наваградку першай былі адчыненыя падафіцэрскія курсы, а пазьней у акругах Вялейскай i Глыбоцкай. У гэтых акругох адбылося па некалькі курсаў, такім чынам, было перашколена некалькі тысяч падафіцэраў.

Тут я хачу даць агульную характарыстыку афіцэраў, якія прайшлі праз афіцэрскія курсы. Агулам было перашколена каля 260 чалавек, i гэтыя афіцэры сталіся кадрай для ўсіх беларускіх вайсковых арганізацыяў у пазьнейшым часе. Як я ўжо вышэй успомніў, на першым афіцэрскім курсе найстарэйшы афіцэр меў 68 гадоў, а наймалодшы 20. З прапагандовага гледзішча гэта мела свае значэньне, але з пункту гледжаньня вайсковага, для вайсковага спэцыялістага, гэты факт ня быў аргумэнтам, пераконваючым у высокай спэцыяльнай якасьці афіцэраў. Увесь наш афіцэрскі корпус складаўся або з старых афіцэраў, пераважна прапаршчыкаў запасу царскай арміі, якія, як ведама, у часе свае маладосьці ня мелі належнай афіцэрскай падрыхтоўкі, а да таго 25 год былі адарваныя ад арміі i працавалі пераважна на зямлі, так што ня толькі не засталося ў ix ніякай вайсковай веды, але i вонкавы выгляд ix хутчэй нагадваў сялян, чымся афіцэраў, або лейтэнантаў савецкае арміі ці маладых падхаронжых польскае арміі. Апошнія мелі шмат запалу i ахвоты, але ня мелі ані адпаведнай тэарэтычнай падрыхтоўкі, ані практычнага дазнаньня. Так што афіцэрскі наш корпус фахова прадстаўляўся вельмі слаба. Ясна, што трохтыднёвы або месячны курс перашкаленьня мог ім даць вельмі мала, тым больш, што не было ніякай кадры для перашкаленьня курсантаў. На першым курсе кадраю быў толькі я адзін i яшчэ адзін нямецкі капітан, які выкладаў тактыку i перакручваў афіцэраў на нямецкі строй. Так што я быў i камандзірам курсаў, i выкладчыкам, i інструктарам, i ўсім іншым. Ужо на другі i на трэці курс была падабраная мною кадра з курсантаў першага курсу, хаця i досыць слабая.

Ня гледзячы на гэта, на курсах прароблена была велізарная работа.

1) Афіцэры пазнаёміліся з апошняй сучаснай вайсковай тэхнікай i арганізацыяй.

2) Былі ўстаноўленыя беларускія каманды i формы ўнутранага жыцьця ў беларускім войску.

3) Быў выпрацаваны вайсковы статут, які стаўся падставай для вышкаленьня ўсіх беларускіх арганізацыяў, якія мелі хоць трохі вайсковы характар.

4) Была праведзеная велізарная нацыянальна выхаваўчая праца, шмат афіцэраў упершыню пазнаёміліся тут з беларускай літаратурай i гісторыяй, у афіцэраў была ўлітая вера ў магчымасьць тварэньня свае собскае збройнае сілы.

5) Запачаткавалася беларуская вайсковая традыцыя. З гэтых курсаў выйшлі афіцэрскія кадры для ўсіх вайсковых беларускіх фармацыяў.

У гэтым самым часе ў акругох было перашколена па два, a ў некаторых i больш падафіцэрскіх курсаў. Такім чынам, кадра была прыгатаваная: былі прыгатаваныя гэтаксама i матэрыяльныя сродкі, каб можна было набіраць добраахвотнікаў у БСА (такіх было вельмі шмат), a зброі не было. На зьезьдзе прадстаўнікоў беларускага грамадзянства ў пачатку лістапада 1942 года11, калі абмяркоўвалася справа БСА, выступіў з прамовай прадстаўнік Генэральнага Камісарыяту Беларусі доктар Вэбэр. Доктар Вэбэр запэўніў з поўным аўтарытарызмам, што зброя для БСА будзе, што паводле зьвестак, якія ён мае, транспарт зброі для БСА ужо выйшаў з Бэрліну i знаходзіцца ў дарозе. Разумеецца, што зьезд гэтаму паверыў.

Яшчэ ў верасьні, калі ад д-ра Ермачэнкі адабралі тытул Галоўнага Каманданта БСА, яму было дазволена мець пры сабе вайсковага рэфэрэнта, які б вёў справы БСА, а таксама рэфэрэнтаў пры кіраўніках Самапомачы ў акругох i пры павятовых кіраўніках Самапомачы. Такім чынам, камандная сетка для БСА як бы існавала, але зь вельмі абмежаванымі кампэтэнцыямі. Роля рэфэрэнтаў зводзілася адно да ролi вербавальнікаў, пры чым падпарадкаваныя яны былі, апрача старшыні Самапомачы, яшчэ i акруговым начальнікам паліцыі — немцам. Калі скончылася перашколеньне афіцэраў, д-р Ермачэнка паклікаў мяне на становішча вайсковага рэфэрэнта пры сабе i для адрозьненьня майго становішча ад іншых вайсковых рэфэрэнтаў назваў мяне Галоўным Вайсковым Рэфэрэнтам БСА.

Паміма запэўненьня д-ра Вэбэра, зброя не прыбывала. Але, відаць, нямецкія вышэйшыя паліцыйныя ўлады аддалі загад па сваёй лініі, бо акруговыя начальнікі нямецкае паліцыі пачалі на месцах, карыстаючыся вайсковымі рэфэрэнтамі, арганізоўваць аддзелы БСА. У некаторых акругох былі арганізаваныя цэлыя батальёны, якія вельмі добра змагаліся з партызанамі i, як жаўнеры, так i камандзіры, выказалі сябе з найлепшага боку. Прыкладам: Заслаўскі батальён Менскай акругі, Быценьскі батальён Слонімскай акругі, Шаркаўскі батальён Глыбоцкай акругі i шмат іншых. Усяго было арганізавана каля 20 батальёнаў i некалькі меншых адзінак. Як я ўжо ўспомніў, вайсковыя рэфэрэнты гралі тут ролю прапагандыстых i вэрбавальнікаў i ніякага ўплыву ані на арганізацыйны, ані на апэрацыйны бок ня мелі, хоць фактычна БСА трымалася толькі на ix. Афіцэры i падафіцэры былі выключна беларусамі. Усе камандзіры i стральцы хадзілі ў сваёй вопратцы, часта ў лапцёх, былі вельмі дрэнна ўзброеныя, аднак змагаліся з партызанамі вельмі добра.

Усе вайсковыя рэфэрэнты трымалі ca мною як з Галоўным Рэфэрэнтам цесную сувязь, з усімі недахопамі зьвярталіся да мяне. Асабліва балючай справай усьцяж была справа зброі. Наколькі моцным было жаданьне ў БСА ўзброіцца хоць бы собскім коштам сьведчыць той факт, што Рудзенскі батальён Менскай акругі ўзброіўся ўвесь дзякуючы таму, што жаўнеры гэтага батальёну купілі ў сялян некалькі бараноў i выменялі ix у немцаў на зброю. Шмат зброі было адбіта ў партызанаў, але ўсяго гэтага не хапала, каб узброіць Самаахову, якая што разу расла. Наагул, зброі i яшчэ раз зброі патрабавала БСА.

Як Галоўны Вайсковы Рэфэрэнт я аддаваў рознага роду распараджэньні i загады акруговым рэфэрэнтам. У маім рэфэраце, як начальніка канцылярыі, працаваў палкоўнік царскае арміі Вітаўт Мірскі. Чалавек гэта быў вельмі спраўны, працавіты i адданы беларускай справе. Ягоная функцыя была фактычна функцыяй начальніка штабу. Апошні загад Галоўнага рэфэрату БСА быў аб утварэньні пры павятовых аддзелах Самапомачы аддзелаў вайсковага папаўненьня. Пры гэтым былі разасланыя інструкцыі. Ідэяй маёй было запачаткаваць павятовыя аддзелы вайсковага папаўненьня.

Усе загады, якія выходзілі з галоўнага вайсковага рэфэрату, праходзілі праз рукі немцаў. Незадоўга пасьля гэтага загаду, прыблізна ў пачатку мая 1943 году, выйшаў загад начальніка ўсяе паліцыі на Беларусі палкоўніка Клепша аб ліквідацыі вайсковых рэфэратаў БСА i аб пераходзе адзінак БСА у склад беларускае паліцыі12.

Пасьля выхаду гэтага загаду ўсё БСА пачало ліквідавацца. У некаторых акругах яно было зьліквідавана вельмі груба. Так, напрыклад, у Менскай акрузе з БСА былі выбраныя найлепшыя людзі i сілком улітыя ў рады паліцыі, рэшта была прымусова вывезеная на працу ў Нямеччыну. У Слонімскай акрузе БСА катэгарычна адмовілася ўступаць у рады паліцыі. Начальнік нямецкае паліцыі прыракаў матэрыяльныя выгады, як абмундзіраваньне, нямецкі паёк i розныя т.п. рэчы. Ня гледзячы на гэта, Самаахоўцы ўпарта адмаўляліся. Адзетыя ў самадзелкі i абутыя ў лапці, яны хацелі, аднак, толькі служыць у БСА. Тады немцы ўжылі хітрасьці. Згадзіліся, каб Самаахова засталася нібы далей Самааховай, але каб прыняла нямецкае абмундзіраваньне i паёк. З гэтым Самаахоўцы пагадзіліся, але з таго моманту яны фактычна перасталі быць Самааховай. У Глыбоцкай акрузе Самаахова захавалася аж да часу бальшавіцкага наступу ў чэрвені 1944 г.

Юрыдычна БСА перастала існаваць ад мая 1943 году, ад часу выхаду загаду палкоўніка Клепша аб яе ліквідацыі, але фактычна існавала далей. Не разгарнулася яна ў магутны беларускі вайсковы рух, як гэта спадзяваліся беларусы на пачатку ейнае арганізацыі, не з нашае беларускае віны. Усё ж была зробленая велізарная вайсковая работа, якая замыкаецца на наступным:

1) Праведзеная была велізарная прапагандовая праца, шырокія масы пачалі жадаць мець свае войска.

2) Запачаткаваліся беларускія вайсковыя традыцыі.

3) Беларусы пачалі верыць у сваю собскую збройную сілу, якую могуць тварыць сваімі собскімі сіламі i пры помачы якой яны могуць вызваліцца ад ўсякіх насільнікаў. Беларуская Самаахова прыгатавала грунт для Беларускай Краёвай Абароны.

На заканчэньне хачу дадаць яшчэ сьпісак акруговых старшынь Самапомачы i акруговых рэфэрэнтаў БСА, якія палажылі шмат працы ў справе яе арганізацыі.

Акруга Менск — старшыня Самапомачы сьпярша Саковіч Юльян, пазьней Маракоў, акруговы рэфэрэнт БСА палкоўнік Мірскі Вітаўт i ён жа кіраўнік канцэлярыі Галоўнага рэфэрату.

Акруга Слуцак — старшыня Самапомачы сьпярша Ліхадзіеўскі, пазьней Хіхлуша, акруговы рэфэрэнт БСА — Казлоўскі Уладыслаў.

Акруга Баранавічы — старшыня Самапомачы сьпярша др. Вайтэнка, пазьней судзьдзя Тулейка, акруговы рэфэрэнт БСА — Русак Уладзімер.

Акруга Слонім — старшыня Самапомачы сьпярша Зыбайла Рыгор, пазьней др. Гэньюш Ян, яшчэ пазьней Васіленя Аляксей, рэфэрэнт БСА Дакіневіч Язэп.

Акруга Ліда — старшыня Самапомачы Клімовіч Кастусь, рэфэрэнт БСА — Касацкі Петра.

Акруга Вялейка — старшыня Самапомачы Касяк Кастусь, рэфэрэнт БСА — Калодка Аляксандар.

Акруга Глыбокае — старшыня Самапомачы сьпярша Пнко, пазьней Мядзейка, рэфэрэнт БСА — Лазараў Сымон.

Акруга Наваградак — старшыня Самапомачы Якуцэвіч Павал, рэфэрэнт БСА г— Рагуля Барыс.

Акруга Ганцавічы — старшыня Самапомачы — Сокал-Кутылоўскі Антон, вайсковых рэфэрэнтаў было некалькі, якія часта зьмяняліся адзін за другім.

Апрача вышэй пералічаных прозьвішчаў вялікую заслугу ў арганізацыі БСА мелі гэтаксама і павятовыя старшыні Самапомачы, а таксама i камандзіры паасобных батальёнаў.

Усе самаахоўцы, як афіцэры, так i падафіцэры i стральцы, добраахвотна прыйшлі служыць у БСА i гэтым яны пераканалі ўсіх у сваім патрыятызме i ахвярнасьці ў службе Бацькаўшчыне. Шмат зь ix аддалі жыцьцё ў змаганьні з бандытызмам i сталіся героямі беларускага народу.

Слава ix сьветлай памяці!

Арганізацыя Беларускіх Паліцэйскіх Батальёнаў

49 батальён

У жніўні месяцы 1942 году нямецкія паліцыйныя ўлады ў Менску распачалі арганізацыю беларускага паліцыйнага батальёну, якому далі чарговы нумар чыгуначных батальёнаў 49. У гэтым часе ўжо была зарганізаваная сетка ўладаў Б.С.А., на чале якой, як галоўны камандант, стаяў доктар Ермачэнка. Але немцы не хацелі карыстацца якой-колечы дапамогай беларусаў i ўзяліся за арганізацыю батальёна толькі самі. Заданьне гэтае яны разьвязалі проста. Нямецкі начальнік на Беларусі даў загад нямецкім акруговым начальнікам паліцыі, каб тыя набралі з гары ўстаноўленую колькасьць маладых беларусаў i пераслалі ix у Астрашыцкі Гарадок, які быў вызначаны мейсцам фармаваньня батальёну. Акруговыя начальнікі паліцыі выканалі загад як найсумленьней. Прымусова нахапалі маладых хлапцоў i пад канвоем выслалі ў вызначанае мейсца.

Такім чынам, у кашары ў Астрашыцкім Гарадку нагналі 2.000 чалавек. Але там не было ні аднаго беларускага камандзіра. Уся камандная абсада ад камандзіра батальёну да камандзіра дружыны складалася зь немцаў. Немцы не разумелі ані слова па-беларуску, а беларусы ані слова па-нямецку. Кашары не былі адпаведна падрыхтаваныя да закватэраваньня людзей, кухні ня ўсе былі здатныя да ўжытку.

Мінула крыху часу i пабачылі немцы, што яны не дадуць сабе рады з неарганізаваным натоўпам людзей дзеля галоўным чынам незнаёмасьці іхняе мовы. Бо хоць крычалі на людзей колькі маглі, a людзі не разумелi, чаго яны хочуць. У канцы канцоў немцы пачалі людзей біць. Як рэакцыя на гэта — пачалася дэзэрцыя.

Астрашыцкі Гарадок — гэта невялічкае мястэчка Менскай акругі, пабудаванае сярод лясоў, у якіх было шмат партызанаў. У батальёне было толькі 50 вінтовак, зь якімі людзі не маглі абыходзіцца. Аб гэтым даведаліся партызаны, i адной начы напалі на батальён. Як жаўнеры-беларусы, так i камандзіры-немцы разьбегліся, хто куды мог. На наступны дзень аднак батальён пачаў зьбірацца назад ізноў. Але зь беларусаў у кашары з 2.000 чалавек вярнулася ня больш 800. Каб не паўтарыўся напад, немцы перавялі батальён у Менск. У Менску немцы ўжылі ўсе магчымыя сродкі, каб ня было дэзэрцыі, але толькі чыста паліцыйнага характару. Дарма, што ўсё гэта, дэзэрцыя паўтаралася. Немцы прыйшлі да перакананьня, што трэба зьвярнуцца па дапамогу да прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

У гэтым часе, калі адбываліся вышэй апісаныя сумныя падзеі, у Менску праходзіў 2-гі афіцэрскі курс БСА. Як я ўжо ўспомніў у 2-й частцы гэтых успамінаў, да курсу быў прыстаўлены нямецкі капітан Кумэр. Нямецкі начальнік паліцыі на Беларусі i ўпаўнаважыў капітана Кумэра, каб той зьвярнуўся да мяне з просьбай параіць, якім спосабам можна спыніць дэзэрцыю ў батальёне. Я параіў капітану Кумэру, што адзіны спосаб спыніць дэзэрцыю, гэта прызначэньне ў батальёне камандзіраў-беларусаў, пачынаючы ад камандзіра батальёну да камандзіра дружыны.

На наступны дзень капітан Кумэр сказаў мне, што камандзір паліцыі згадзіўся, каб камандзіры ротаў i зьвязаў былі ў батальёне беларусы i папрасіў мяне, каб я даў на гэтае становішча кандыдатаў. Дзеля таго, што ў мяне не было пад рукою вольных афіцэраў, я i зьвярнуўся да курсантаў з прапановай пайсьці на камандныя становішчы ў 49 батальён. Выпадкі, якія адбываліся ў 49-ым батальёне даходзілі да ведама курсантаў, так што згадзіліся ісьці ў батальён толькі 4 афіцэры.

Капітан Кумэр зараз жа павёў гэтых афіцэраў у штаб батальёну i прадставіў камандзіру. Той вельмі ўсьцешыўся імі i вызначыў ix камандзірамі ротаў. Пасьля прыблізна тыдня часу гэтыя чатыры афіцэры зьявіліся ў мяне i паведамілі, што камандзір батальёну загадаў ім замэльдавацца ў мяне дзеля таго, што яны яму непатрэбныя. Я быў вельмі зьдзіўлены гэтым фактам i запытаўся капітана Кумэра, чаму камандзір батальёну адаслаў гэтых афіцэраў назад. Капітан Кумэр адказаў, што дзяржаўны Камісарыят у Рызе прыслаў на пасаду каманднага складу чужа-нацыянальных паліцыйных батальёнаў эстонскіх афіцэраў, i што 49-ты беларускі паліцыйны батальён гэтым сама абсаджаны эстонскімі афіцэрамі, якія знаюць расейскую мову.

Немцам здавалася, што калі камандзіры патрапяць разгаварыцца з падуладнымі — то справа заладжаная. Аднак, выйшла іначай. Эстонцы, якія гаварылі да стральцоў беларусаў па-расейску, гэтак сама былi для ix чужымі, як i немцы. Дэзэрцыя працягвалася.

У міжчасьсе распачаўся трэці беларускі афіцэрскі курс. Да гэтага курсу былі прыдзеленыя з мэтай перашколеньня i эстонскія афіцэры з 49-га батальёну. Яны прыходзілі толькі на практычныя заняткі ў полi. З гэтымі афіцэрамі я блізка пазнаўся. Яны мне гаварылі, што ніяк ня могуць знайсьці зь беларускімі жаўнерамі «общаго языка». Камандзірам батальёну быў падпалкоўнік, апрача яго ў батальёне было некалькі капітанаў i некалькі лейтэнантаў, разам дзесяць чалавек.

Мінула яшчэ тыдні тры, i склад стральцоў у батальёне зьменшыўся да 200 чалавек. Немцы пераканаліся, што эстонцы нічога не памаглі. Тады начальнік нямецкае паліцыі на Беларусі палкоўнік Клепш зьвярнуўся да доктара Ермачэнкі з прапановай, каб у батальён прызначыць зь беларускага боку афіцэра, які б апекаваўся батальёнам, вёў узгадавальную працу ў батальёне i быў лучнікам паміж батальёнам i беларускім грамадзтвам. Апрача таго, палкоўнік Клепш прасіў, каб галоўны рэфэрат БСА папоўніў батальён стральцамі. Доктар Ермачэнка даручыў залагодзіць гэтую справу мне як галоўнаму рэфэрэнту БСА.

На новае становішча згадзіўся пайсьці i паручнік Дзядовіч, курсант другога афіцэрскага курсу. Апрача таго, на ахвотніка пайшлі туды яшчэ два афіцэры. Я распачаў набор новых кандыдатаў у батальён пры помачы акруговых рэфэрэнтаў БСА. Працэдура адбывалася такім парадкам. Акруговыя начальнікі прысылалі партыямі ахвотнікаў у галоўны рэфэрат БСА ў Менск. Я ix прыймаў, пры гэтым праводзіў зь імі высьвятляльныя гутаркі на тэму, чаму яны павінны сумленна выконваць свае абавязкі ў батальёне, а пасьля перадаваў Дзядовічу. Дзядовіч прывозіў ix у батальён i далей ужо імі там апекаваўся. Такім чынам дэзэрцыя зусім спынілася. Эстонскія афіцэры пачалі адзін за адным з батальёну зьнікаць: застаўся толькі адзін эстонец — капітан Цэмэль, i то толькі таму, што нарадзіўся недалёка Менску i ўважаў сябе напалову беларусам. Стан батальёну быў даведзены да 500 чалавек, якія выконвалі вартаўнічую службу ў Менску i ваколіцы. Часамі батальён выяжджаў i на партызанаў, дзе паказаў сябе як баявы батальён з найлепшага боку.

Ня можна тут ня ўспомніць аб адным цікавым факце, які сьведчыць, як немцы адносіліся да прадстаўнікоў іншых нацыяў. Калі Дзядовіч прыступіў да выкананьня сваёй вышэй апісанай функцыі, ён быў перакананы, што атрымае адпаведна высокае i слушна яму належнае штатнае мейсца. Гэтаксама думалі др. Ермачэнка i я. Але мінуў месяц, а Дзядовіч з батальёну ніякае ўзнагароды не атрымаў. Toe самае i на другі месяц. На трэці доктар Ермачэнка паехаў да палкоўніка Клепша, каб высьветліць гэтую справу. Палкоўнік Клепш выдаў загад аб залічэньні Дзядовіча на штат фэльдфэбэля ў 49-ты батальён.

Калі Дзядовіч атрымаў гэты загад, ён вельмі абурыўся дэградацыі сваёй да ступені фэльдфэбэля i падаў мне рапарт, што ён на гэта не згаджаецца i просіць, каб яго звольнілі. Дзеля таго, што ані я, ані доктар Ермачэнка не маглі нічога зрабіць, каб загад Клепша адмяніць, давялося Дзадовіча звольніць ад выкананьня ягоных абавязкаў. Алека над батальёнам перайшла тады на каштана Цэмэля, напалову беларуса, напалову эстонца, які, трэба сказаць, вельмі сумленна выконваў яе аж да часу эвакуацыі зь Менску.

48 батальён

У другой палове 1943 году нямецкія паліцэйскія ўлады пастанавілі зарганізаваць яшчэ тры беларускія паліцэйскія адзінкі: 48 батальён у Слоніме, 60 батальён у Баранавічах i 36 полк ва Ўрэччы, Слуцкае акругі.

Да рэалізацыі яны прыступілі, узяўшы пад увагу свае дазнаньні з арганізацыяй 49-га батальёну, вельмі хітра. Клясычным прыкладам нямецкіх дачыненьняў да беларускае вайсковае справы былі падзеі ў Слоніме.

У Слоніме ў гэтым часе вайсковым акруговым рэфэрэнтам быў Язэп Дакіневіч, чалавек вельмі энэргічны, які меў уплыў на мясцовае жыхарства. Вось гэтага Дакіневіча i пастанавілі немцы спрытна выкарыстаць для набраньня ў батальён людзей. Акруговы камісар Слонімскай акругі супольна з нямецкім акруговым начальнікам паліцыі папрасілі аднаго дня ў жніўні 1943 году да сябе спадара Дакіневіча i слонімскага павятовага старшыню спадара Цітовіча, i абвясьцілі ім, што нямецкія ўлады дазваляюць на арганізацыю беларускага войска, i што ў Слоніме мае быць створаны першы батальён, камандзірам якога будзе якраз Дакіневіч. Немцы гаварылі вельмі аўтарытэтна, зьвярталіся да пачуцьця беларускага патрыятызму i ўспаміналі аб новай Эўропе i г.д. Канчаючы гутарку, яны выразілі надзею, што як Дакіневіч, так i ён, Цітовіч, прыкладуць усе стараньні, каб арганізацыя новага батальёну выйшла як найлепей.

Дакіневіч i Цітовіч прынялі ўсё гэта вельмі паважна, цалкам паверыўшы таму, што гаварылі ім высокія прадстаўнікі нямецкай улады. Зараз жа, з ўсім запалам, яны прыступілі да працы. Былі надрукаваныя лістоўкі для ахвотнікаў. У гэтых лістоўках-пакліканьнях прыводзіліся словы, якія хваталі за сэрца кожнага беларуса, як: «Вы паклікаецеся для абароны сваёй Бацькаўшчыны!». Калі гэтыя пакліканьні былі разасланыя па вёсках i ўручаныя прызыўнікам, народ масава рынуў у Слонім.

Дакіневіч прыймаў ахвотнікаў, гаварыў да ix гарачыя прамовы i нястомна заладжваў усе справы па арганізацыі батальёну. Праз некалькі дзён у батальён прыбыло каля 5.000 чалавек, у разоў пяць больш, чымся было наогул патрэбна. Немцы вельмі дзівіліся такому зьявішчу, хвалілі Дакіневіча, i пакрысе пачалі самі брацца за людзей. Лекарская камісія правяла ix вострую кваліфікацыю, шмат звольніла, нарэшце ў батальён было адабрана каля тысячы чалавек, а рэшту адаслалі ў 36 беларускі паліцэйскі полк, які арганізаваўся ва Ўрэччы, Слуцкае акругі.

Калі Дакіневіч зарганізаваў батальён, прыбыў камандзір батальёну маёр-немец, а зь ім разам i ўся абсада батальёну — таксама немцы. Дакіневіч застаўся пры батальёне, у ролі як бы прапагандыстага. Немцы праўда, вельмі лічыліся з Дакіневічам, нават называлі яго камандзірам батальёну, бо ведалі, — калі адыйдзець з батальёну Дакіневіч, то i ўвесь батальён разьляціцца, але гэта справы не зьмяняла.

У кастрычніку 1943 году я прыяжджаў на інспэкцыю гэтага батальёну. Батальён прадстаўляўся вельмі добра, быў баёва настроены, выпадкі дэзэрцыі былі вельмі рэдкія. Адно жаданьне, якое мелі жаўнеры — гэта каб камандзіры ў ix былі беларусы. На жаль, гэта залежала не ад нас.

Неўзабаве батальён пачаў хадзіць на акцыю супроць партызанаў. Пад поглядам баёвым ён таксама паказаў сябе з найлепшага боку. I вось у меру таго, як батальён станавіўся што раз мацнейшым, значэньне Дакіневіча ў батальёне немцамі памяншалася. Нарэшце ў сакавіку 1944 году Дакіневіч быў пакліканы на становішча акруговага начальніка БКА. Заняты цалкам новаю працаю, ён амаль зусім адыйшоў ад батальёну. Немцы пачуліся поўнымі панамі становішча. Але заставаліся яны не доўга. З адыходам Дакіневіча спыніўся беларускі ўплыў на жаўнераў. Дух іхны ўпаў, i батальён пачаў распадацца. Прычынай гэтага было i тое, што нямецкае камандваньне батальёнам было вельмі недалужнае.

Мінула крыху часу, i батальён разьбілі партызаны, а недабіткі ягоныя разьдзялілі па іншых паліцыйных частках.

60 батальён

Прыблізна гэткім самым спосабам быў арганізаваны i 60 беларускі паліцыйны батальён у Баранавічах. Прапагандыстым зь беларускага боку быў у гэтым батальёне спадар Васілевіч, настаўнік па прафэсіі, былы падхаронжы польскай арміі. Дзякуючы выхаваўчай працы Васілевіча, 60 батальён існаваў аж да эвакуацыі зь Беларусі. Наколькі была ў гэтым батальёне высокая нацыянальная сьведамасьць, сьведчыць той факт, што калі я прыехаў на інспэкцыю гэтага батальёну, то стральцы, якія атрымалі вельмі прыгожае нямецкае абмундзіраваньне, катэгарычна прасілі мяне, каб я ўжыў свайго уплыву на немцаў, каб немцы дазволілі нашыць на левым рукаве бела-чырвона-белы сьцяжок. «Мы хочам вонкава выглядаць на беларускіх жаўнераў», — гаварылі мне стральцы.

Немцы доўга ўпіраліся, але нарэшце ўступілі, i жаўнеры з трыумфам насілі сваю нацыянальную беларускую адзнаку. У часе адыходу з Бацькаўшчыны батальён перанёс усе цяжкасьці, зьвязаныя з адступленьнем войска. На тэрыторыі Нямеччыны батальён быў уліты ў брыгаду Зіглінга.

36 Беларускі Паліцыйны Полк

Адначасова з арганізацыяй 48 i 60 батальёну, немцы пачалі арганізоўваць i 36 Беларускі Паліцыйны Полк. Мейсцам арганізацыі была сьпярша мясцовасьць Урэчча Слуцкае акругі.

Полк гэты быў зарганізаваны з надвышкаў 48 i 60 батальёнаў. Людзі, якія туды перасылаліся, былі шчыра ўпэўнены ў тым, што ідуць служыць Бацькаўшчыне. Як пры наборы ў 48 i 60 батальёны, яны трымаліся вельмі добра. Шмат у гэтым палку было людзей з Слуцкае акругі.

Пазьней 36 полк быў пераведзены ў Валожын Вялейскай акругі. Валожын знаходзіўся пры самай Налібоцкай пушчы, так што полк бесьперапынку вёў змаганьне з партызанамі. Прапагандыстым зь беларускага боку быў у палку капітан Барашкевіч. Капітан Барашкевіч праводзіў таксама набор для папаўненьня палку i быў ягоным маральным правадыром.

У часе эвакуацыі зь Беларусі полк браў удзел у баёх з бальшавікамі, пры гэтым загінуў сьмерцю героя сам капітан Барашкевіч. Недабіткі палку былі ўжо на тэрыторыі Нямеччыны ўключаныя ў склад брыгады Зіглінга.

Арганізацыя 13-га Беларускага Батальёну

Аднойчы ў сьнежні 1942 году зьявіўся ў мяне ў вайсковым рэфэраце кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску гаўптштурмфюрэр Шлегель ды сказаў наступнае: «Я хацеў бы, каб пры СД у Менску быў зарганізаваны беларускі вайсковы аддзел у сіле батальёну, які б пасьля вышкаленьня нёс ахоўную службу ў Менску i апрача таго мог быць ужыты для змаганьня з партызаншчынай. Ці Вы не маглі б узяць на сябе арганізацыю гэтага батальёну?» Я адказаў на гэта Шлегелю, што падумаю й заўтра дам яму адказ.

Магчымасьці арганізацыі батальёну ў мяне былі дзеля таго, што ў маім распараджэньні мелася сетка вайсковых рэфэрэнтаў па ўсёй Беларусі, якія маглі выканаць мой загад. Але, каб зрабіць гэта не самому, a ў паразуменьні з прадстаўнікамі беларускага грамадзтва, я параіўся ў заступніка старшыні Самапомачы д-а Валькевіча, старшыні Менскага акруговага кіраўніцтва Самапомачы Юльяна Саковіча й іншых. Было пастаноўлена пісьмова прадставіць Шлегелю варункі, на якіх мае арганізоўвацца беларускі батальён. Гэтыя варункі былі апрацаваныя мною й прадстаўленыя супольна з Саковічам Шлегелю.

Працяг у наступным нумары.

КАМЭНТАРЫ

[1] Дапаможная паліцыя — маецца на ўвазе паліцыя парадку, якая фармавалася зь мясцовага насельніцтва, савецкіх ваеннапалонных i перамешчаных асобаў зь іншых краін. Падпарадкоўвалася начальніку паліцыі парадку Беларусі, які ў сваю чаргу быў падначалены вышэйшаму начальніку CC i паліцыі Расеі — «Цэнтр». Складалася з паліцэйскіх участкаў (200-300 чалавек на раён) i паліцэйскіх ахоўных (Schutzmannschaft) батальёнаў. У адносінах да мясцовага насельніцтва карысталася ўсімі правамі нямецкай паліцыі. Адносіны зь немцамі рэгуляваліся асобнымі абмежаваньнямі: супрацоўнікі ахоўнай паліцыі ня мелі права арыштоўваць немцаў, ці праводзіць у ix ператрус. Такія дзеяньні былі магчымыя толькі ў прысутнасьці нямецкіх чыноўнікаў.

[2] Тумаш Вітаўт, нарадзіўся 20 сьнежня 1910 г., доктар мэдыцыны. У ліпені-кастрычніку 1941 г. выконваў абавязкі бурміста (старшыні) горада Менска. Пасьля вайны на эміграцыі, у ЗША. Гісторык (псэўданім Сымон Брага), вядомы скарыназнаўца, аўтар грунтоўнага бібліяграфічнага даведніка «Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны» i многіх дасьледаваньняў.

[3] Касмовіч Дзьмітры, нарадзіўся 21.09.1909 г. у Нясьвіжы, памёр 23.04.1991 г. у Штутгардзе.

[4] Пугачоў Міхась (1904—?), старшы лейтэнант Чырвонай Арміі. Служыў у паліцыі ў г. Менску. Быў начальнікам страявой часткі паліцэйскай школы. У сакавіку-чэрвені 1944 г. — начальнік Менскай акругі БКА. Пастановай прэзыдэнта БЦР Р.Астроўскага ад 5 красавіка 1944 г. атрымаў ранг капітана. Пасьля вайны жыў на эміграцыі.

[5] Паліцыя парадку (Ordnungdientst) складалася зь мясцовай дапаможнай паліцыі i нямецкай жандармэрыі. У ліпені 1941 г. у Менску з савецкіх ваеннапалонных украінцаў быў створаны паліцэйскі батальён службы парадку колькасцю 910 чалавек, які выконваў у асноўным ахоўныя функцыі. На 1 кастрычніка 1941 г. менская гарадзкая паліцыя пад нямецкім камандваньнем налічвала 382 чалавекі, якія былі размеркаваныя па пяці паліцэйскіх участках. У акругах ствараліся гарадзкія i валасныя паліцэйскія ўчасткі. У кожным раёне — жандарскія пасты, узмоцненыя паліцэйскімі аховы, i ад 3 да 5 паліцэйскіх пастоў, якімі камандаваў начальнік раённай паліцыі. На тэрыторыі Генэральнай Акругі Беларусь было створана 10 жандарскіх акругаў, падзеленых на тры галоўныя каманды жандармэрый: Менск, Баранавічы, Вілейка.

На 10 красавіка 1943 г. у Беларусі налічвалася 55 жандарскіх пастоў, узмоцненых мясцовымі паліцэйскімі, i 72 паліцэйскія пасты пад нямецкім кіраўніцтвам. Агульная колькасьць мясцовых паліцэйскіх складала на гэты час 6580 чалавек. Кіраваў службай парадку Беларусі палкоўнік паліцыі Клепш. Гарадзкія i сельскія паліцэйскія насілі былую форму CC i белыя нарукаўныя павязкі (адменены ў 1942 г.). Украінскія i беларускія батальёны мелі зьмененую латыскую, а з 1943 г. — старую нямецкую паліцэйскую форму зялёнага колеру.

[6] Саковіч Юльян (?—1943), начальнік Менскай паліцыі, працаваў у БСА. Забіты партызанамі ў Лідзкай акрузе.

[7] Патрабаваньні аб стварэньні нейкай бачнасьці беларускай дзяржаўнасьці, беларускай паліцыі, беларускага войска, абяцаньняў нямецкіх уладаў наконт будучыні Беларусі паступалі ад калябарантаў ужо з восені 1941 г. Асаблівыя надзеі яны ўскладалі на візыт у Беларусь рэйхсміністра Усходніх земляў А.Розэнбэрга (Гл. Нёман, 1994, 4. С.176-178).

[8] Ермачэнка Іван (1.5.1994 — 25.2.1970). Нарадзіўся ў в. Капчаўцы Барысаўскага павету, скончыў гімназію ў Маскве, затым афіцэрскую школу, служыў у расейскім войску, атрымаў чын палкоўніка. Быў ад’ютантам генэрала Урангеля. З 1920 г. консул ураду БНР у Канстантынопалі. З 1922 г. у Празе. У 1929 г. атрымаў мэдычную адукацыю, працаваў лекарам, займаўся палітычнай дзейнасьцю. З 1938 г. прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Пасьля вайны на эміграцыі, у ЗША.

[9] Зьезд акруговых кіраўнікоў БНС адбыўся 7 ліпеня 1942 г. у Баранавічах. Прысутнічала больш за 200 прадстаўнікоў Баранавіцкай, Лідзкай, Слонімскай, Ганцавіцкай i Наваградзкай акругаў. Выступаючы на зьезьдзе, гаўляйтар Вільгэльм Кубэ адзначыў, што «настаў час, калі на беларускіх землях беларускі народ сам павінен наладжваць сваё жыцьцё…». Пасьля гэтага, 12 ліпеня 1941 г. нямецкія ўлады далі дазвол на стварэньне БСА. А 14-16 ліпеня ў г. Менску ўжо адбыўся зьезд акруговых кіраўнікоў БНС, на якім абмяркоўваліся пытаньні арганізацыі БСА.

[10] 24 жніўня 1942 г. Юльян Саковіч зьвярнуўся ў Генэральны Камісарыят па дазвол на падрыхтоўку пячаткі для БСА i ўжо праз чатыры дні атрымаў ляканічны адказ за подпісам начальніка палітычнага аддзелу доктара Юрды: «Прыгатаваньне пячаткі для каманданта Беларускай Самааховы забараняецца. Я маю повад ясна паказаць Вам на тое, што пасады «Галоўны камандант Беларускай Самааховы» німа. У адносінах набору добраахвотнікаў у БСА Галоўнаму Кіраўніцтву ў БНС даручана, каб галоўнае камандваньне ў фармаваньні адзінак БСА кіравалася ўказаньнямі палітычных устаноў. Асобнае камандваньне пры гэтым не прадугледжана. Па даручэньню — Юрда».

[11] Зьезд БНС адбыўся 1 лістапада 1942 г. Ён быў прысьвечаны першай гадавіне БНС. На зьездзе канстатавалася, што БНС перарасла рамкі дзейнасьці, прадугледжанай статутам, гучалі прапановы аб пераглядзе статута БНС, аб дазволе займацца палітычнай дзейнасьцю (гл. Нёман, 1994. 4. С.182).

[12] На нарадзе ў Генэральным Камісарыяце ў красавіку 1943 г. палкоўнік Клепш наступным чынам тлумачыў неабходнасьць роспуску БСА: «Спроба стварыць самаахову зь беларусаў-добраахвотнікаў, каб яны незалежна ад сваёй працы ў выпадку неабходнасьці несьлі ўзброеную службу, правалілася па некалькіх прычынах. Па-першае, ня гледзячы на мноства спроб, немагчыма было атрымаць ад Вэрмахта неабходнай колькасьці трафэйнай зброі. Па-другое, бяззбройныя абаронцы i ix сем’i пастаянна падвяргаліся нападам i тэрору з боку банд, як толькі апошнія даведваліся аб стварэньні самааховы. Па-трэцяе, гэтыя людзі, за рэдкім выключэньнем, аказаліся ненадзейнымі, паколькі лёгка паддаваліся варожай прапагандзе i сымпатызавалі праціўніку. Мелі месца выпадкі, калі колькасна буйныя патрулі самааховы, узброеныя вінтоўкамі i аўтаматычнай зброяй, пераходзілі на бок бандытаў. Да таго ж праведзеная Беларускай самапомаччу мабілізацыя людзей у Беларускую самаахову была зьдзейсненая ня згодна з адпаведнымі ўмовамі i, у рэшце рэшт, была даручана жандармэрыі».

Аляксей Ліцьвін

Наверх

Sherratt, Andrew. What would a Bronze Age world system look like? (Мікола Крывальцэвіч)

Жніўня 14, 1995 |


SHERRATT, ANDREW. What would a Bronze Age world system look like? // Journal of European Archaeology. 1993, Autumn, Vol. 1.2, S. 1-57.

У 1993 г. была створана Эўрапейская Асацыяцыя Археолягаў (ЕАА), i тады ж пачаў выходзіць часопіс ЕАА «Journal of European Archaeology». Гэтае выданьне, як сказана ў прадмове, «спрабуе спрыяць адкрытым дыскусіям археолягаў, далучаных да агульнаэўрапейскай ідэі, у якой усё больш месца адводзіцца камунікаваньню цераз дзяржаўныя межы, а таксама выяўляецца вялікая цікавасьць да інтэрпрэтацыйнасьці». На старонках часопіса, акрамя таго, маюць абмяркоўвацца самыя розныя археалягічныя канцэпцыі, тэорыі i нават этычныя праблемы, што паўстаюць у практыцы археалягічных дасьледаваньняў.

Без перабольшаньня, асноўная i найцікавейшая публікацыя згаданага нумара часопіса — гэта вялікі артыкул ангельскага археоляга Эндру Шэрата, у якім дасьледчык імкнецца прасачыць галоўныя асаблівасьці працэсу ўтварэньня эўрапейскай цывілізацыі.

Больш-менш акрэсьлена пэўныя вызначальныя для Эўропы рысы аформіліся ўжо ў эпоху бронзы (2500 700 г. да н.э.). Э.Шэрат акцэнтуе ўвагу на характары сувязяў i мэханізме кантактаў, што існавалі ў бронзавым веку паміж рознымі рэгіёнамі эўрацейскага кантынэнту, узаемадачыненьнях Цэнтральнай i Заходняй Эўропы ды Скандынавіі з тагачаснымі цывілізацыйнымі айкумэнамі — урбанізаваным Блізкім Усходам i Міжземнамор’ем. У якіх накірунках i як праходзілі вызначальныя восі культурных i міжрэгіянальных сувязяў? Ці адрозніваецца ix характар у часе, у прасторы? Чаму нечакана зьмяняюцца традыцыйныя шляхі культурнага абмену? Што ёсьць агульнага паміж сучасным працэсам узаемаадносін разьвітых індустрыяльных дзяржаў з краінамі, грамадзтвамі «трэцяга сьвету» i структураю міжкультурных узаемадачыненьняў такога кшталту ў часы позьняй дагісторыі?

Такою пастаноўкаю праблемы Э.Шэрат закранае адну з асноўных мэтадалягічных дылемаў археалягічнай навукі: «аўтанамісцкі» («эвалюцыянісцкі») i «дыфузіянісцкі» («інтэрвэнцыянісцкі») падыходы да тлумачэньня разьвіцьця дагістарычных культураў. «Аўтанамісты» настойваюць на тым, што ў якасьці формаўтваральнай асновы i зьместу старажытных культураў найбольшае значэньне мелі ix унутраныя патэнцыі. «Дыфузіяністы» схіляюцца да акцэптаваньня зьменлівасьці дагістарычных грамадзтваў галоўным чынам праз узьдзеяньне іншых супольнасьцяў (актыўны гандаль, абмен, распаўсюджваньне ідэй, тэхналёгій i г.д.). Падаецца, што Э.Шэрат спрабуе разьвіваць дыфузіянісцкія ідэі на якасна новай аснове. Ён спалучае вынікі дэтальных рэгіянальных дасьледаваньняў з генэральнымі агульнакантынэнтальнымі аглядамі, улічваючы той факт, што лякальныя археалягічныя культуры не пасыўныя паглынальнікі дасягненьняў перадавых цэнтраў, а адначасова i актыўныя чыньнікі адваротнага ўзьдзеяньня. Такім чынам, Э.Шэрат у пэўнай ступені мае намер асэнсаваць дыфузіянісцкія канцэпцыі праз дыялектычнае спалучэньне ix з найлепшымі дасягненьнямі археолягаў аўтанамісцкай школы.

Тыя ці іншыя перадавыя зьявы толькі ўмоўна можна лічыць паўсталымі незалежна. У якасьці прыкладу Э.Шэрат прыводзіць факт зьяўленьня меднамэталургічнай вытворчасьці ў V тыс. да н.э. на Балканах. Там яна магла ўзьнікнуць адносна незалежна ад адначаснай ёй мэталургічнай вытворчасьці на Блізкім Усходзе, але i першы i другі ачагі вырасьлі, мабыць, піша аўтар, у выніку піратэхнічных экспэрымэнтаў пры вытворчасьці нэалітычнага афарбаванага посуду.

Ядро, пэрыфэрыя, ускраіна — вось асноўныя тэрміналягічныя дэфініцыі артыкула. Гэтыя тры кампанэнты i складаюць прастору міжкультурных узаемаадносінаў, якія ўсталёўваліся ў позьняй дагісторыі. Што разумець пад дагістарычнай культурнай пэрыфэрыяй i ўскраінай, i што было ў адносінах да гэтай пэрыфэрыі ядром (цэнтрам)? Э.Шэрат сцьвярджае, што ў позьняй дагісторыі ўсталёўваліся розныя тыпы структурных узасмаадносінаў, якія зьвязвалі асноўныя часткі кантынэнту, пры гэтым ix структура мянялася нават на працягу параўнальна кароткіх пэрыядаў эпохі бронзы. Аўтар настойліва падкрэсьлівае, што ў часы нэаліту, з пашырэньнем у Эўропе земляробства i жывёлагадоўлі, усталёўвалася даволі простая структура сувязяў, якая можа апісвацца як «цэнтар» i «вонкавасьць». Пры гэтым пад «цэнтрам» разумееца найперш нейкая аграрная айкумэна. Хвалямі з тысячагодзьдзя ў тысячагодзьдзе, напрыклад, у VI — канцы IV тыс. да н.э. ад Міжземнамор’я ў накірунку Брытаніі i Скандынавіі распаўсюджваецца традыцыя замены кругладоннага посуду на пляскатадонны, пашыраецца практыка выкарыстаньня крамянёвых шліфаваных сякер i г.д. Зьліваючыся ў адзіны працэс паступовага асваеньня эўрапейцамі вытворчага гаспадараньня, распаўсюджваньне пляскатадоннага посуду (а значыць i зьяўленьне звычаю есьці за сталом), выкарыстаньне шліфаваных крамянёвых сякер, (г.зн. інтэнсіўнае асваеньне лясных масываў), — гэтыя i іншыя навацыі ў Цэнтральнай i Заходняй Эўропе мелі адмыслова раньні характар сувязяў з «цэнтрам».

Як падае Э.Шэрат, форма i адметныя рысы артэфактаў, прынамсі крамянёвых i каменных, выпрацаваныя ў месцы ix вытворчасьці, амаль бязь зьменаў даходзілі з цэнтру да вонкавых культур. Шляхі ix распаўсюджваньня былі параўнальна вельмі кароткія, бо зыходныя нэалітычныя матэрыялы (камень, крэмень) меліся практычна паўсюль. Інакш кажучы, у той час амаль адсутнічалі магчымасьці зьяўленьня далёкіх міжкультурных гандлёвых сувязяў. Працэс засваеньня раньняй меднай вытворчасьці спадарожнічаў этапам асэнсаваньня i практычнага выкарыстаньня спосабаў апрацоўкі глебы i разьвядзеньня хатняй жывёлы.

Падкрэсьліваючы асаблівасьці й адрозненьні міжрэгіянальных сувязяў, якія панавалі на эўрапейскім кантынэнце да III-II тыс. да н.э., Э.Шэрат робіць выснову: Эўропа як «вонкавасьць» (пэрыфэрыя) пакуль толькі абсарбавала элемэнты «цэнтра». Апошні, відаць, як ядро сыстэмы, лякалізаваўся на рана ўрбанізаваным Блізкім Усходзе.

Сваім зьместам вылучаецца фінальнае нэалітычнае тысячагодзьдзе (прыблізна ад 3500 да 2500 г. да н.э.), калі паглынаньне эўрапейскімі культурамі навацый, што сыходзілі з Блізкага Ўсходу, пачынае ўжо разнастайваць мясцовую прадукцыю. Фаза суправаджаецца ўтварэньнем вялікіх культурных комплексаў, накшталт Бадэна, шнуравой керамікі, звонападобных кубкаў, ямных пахаваньняў. Вялікія культурныя блёкі ўсталёўвалі свае кантакты па тых шляхох, уздоўж якіх найперш i пачынаецца абмен мэталам. Новая тэндэнцыя, скіраваная на разнастайваньне мясцовай прадукцыі, пачне праяўляцца на ўсю моц пазьней, пасьля 2500 г.да н.э., у эпоху бронзы.

Вярнуцца да больш яснага разуменьня шэратавай «пэрыфэрыі» i «ўскраіны» дазваляюць яго разважаньні пра складваньне структуры сувязяў у Эўропе бронзавага веку. У эпоху бронзы (2500-700 г. да н.э.) абменная сыстэма набывае іншы зьмест. Гэта абумоўлена адкрыцьцём спосабаў атрыманьня бронзы. Бронза становіцца адным з самых унівэрсальных каштоўных сродкаў абмену. Эўрапейскія культуры ня толькі адаптавалі яе для сваіх патрэбаў, але й пачалі выяўляць рэгіянальную спэцыфіку на фоне ўсеагульнай абменнай сыстэмы. На адной ускраіне гэтай сыстэмы па-ранейшаму знаходзіліся урбанізаваная блізкаўсходняя айкумэна й паўсталыя прылеглыя дзяржавы Міжземнамор’я. Блізкі Ўсход пакуль заставаўся ядром складанай эўрапейскай пэрыфэрыйна-ўскраіннай структуры. Эгея зь яе зачаткамі антычнай цывілізацыі была доўгі час пэрыфэрыяй анаталійска-блізкаўсходняга ядра.

Мэханізм руху тавараў мог адбывацца праз абмен, дараваньне i абменнае пасярэдніцтва. З цэнтральных раёнаў Эўропы на поўдзень трапляла сыравіна ў выглядзе мэтала, солі, скур, магчыма, рабоў. Ім насустрач рухаліся мануфактурныя вырабы: віно, наборы для піцьця, магчыма тэкстыль, апрацаваная скура (гарбарныя вырабы) i інш. Такім чынам, падсумоўвае Э.Шэрат, адбываўся абмен тавараў першаснай вартасьці на тавары з дадатковай вартасьцю. Праз канцэпцыю дадатковай вартасьці ён i тлумачыць істотнае адрозьненьне «ядра» ад «пэрыфэрыі». Пэрыфэрыя можа пастаўляць тавары першаснай вартасьці, г.зн. сыравіннага характару. Інакш кажучы, паводле Э.Шэрата, ядро ці цэнтар (core) — гэта ўрбанізаваны вытворчы рэгіён з грузавым транспартам i дзяржаўнай структурам. Пэрыфэрыя (periphery) — зона, куды імпартуюцца мануфактурныя тавары i зь якой вывозіцца пераважна сыравіна. У дачыненьні да ядра/пэрыфэрыі на працягу ІІІ-ІІ тыс. да н.э. складваецца вонкавая прастора культур, ці інакш — ускраіна (margin). Ускраінная, або маргінальная зона — гэта прастора, на якой пашыраюцца тэхналёгіі i зьдзяйсьняюцца далёкія сувязі, заснаваныя на абмене. Ускраіна — трэці элемэнт сыстэмы, якая, такім чынам, у эпоху бронзы структуруецца як ядро/пэрыфэрыя/ускраіна.

Э.Шэрат канкрэтызуе свае высновы на матэрыяле пэрыядаў эўрапейскага бронзавага веку. У раньні пэрыяд бронзы (2500-1600 г. да н.э.) алавяністая бронза як асноўны абменны прадукт заваёўвае тагачасную Эўропу. Ад старажытнай Мэсапатаміі, Эгіпту, фінікійскіх гарадоў Міжземнамор’я да 1500 г. да н.э. айкумэна пашыраецца на Эгейскі сьвет, Анатолію. Пэрыфэрыя ахапляе большую частку Прычарнамор’я, Балканы, поўдзень Апэнінаў. Ускраіна дасягае Брытаніі i Паўднёвай Скандынавіі. Зь медных i залатых радовішчаў Трансыльваніі сыравіна трапляе ў Анатолію. Эўрапейскія стэпавыя народы, жыхары Падунаўя, Карпатаў, пастаўлялі коняў на Блізкі Ўсход, у Анатолію, гарады Эгеі. Менавіта тут, ва ўрбанізаваных цэнтрах упершыню зьяўляюцца калясьніцы — першыя «ваенныя машыны» старажытнасьці. Узбраеньне (кінжалы зь медзі i бронзы, наканечнікі дзідаў i інш.), мануфактурныя вырабы элітарнага прызначэньня трапляюць у Эўропу найчасьцей па дунайскіх гандлёвых шляхох.

Ускраіна праз сувязі зь ядром-пэрыфэрыяй стымулюецца да трансфармацыі свайго гаспадарчага й абменнага укладу. У Карпатах у гэты час фармуецца новы цэнтар па вытворчасьці бронзы. Трансыльванія, пашыраючы свае кантакты праз усю Эўропу з поўдня на поўнач, становіцца багацейшай мэталургічнай зонай кантынэнту. На стратэгічных шляхох, якія цягнуліся праз раўніны i горы Цэнтральнай Эўропы, упершыню зьяўляюцца ўмацаваныя паселішчы — сьведчаньне ўзброенага кантролю над гандлёвымі шляхамі.

У сыстэму ўцягваюцца новыя тэрытарыяльныя абшары. Ядро ўсталёўвае кантакты з больш шырокімі эўрапейскімі прасторамі. Мэталічныя вырабы даходзяць па Одэру да Балтыкі, адкуль, асабліва пасьля 1600 г. да н.э., ужо ў сярэдні пэрыяд бронзавага веку (1600-1300 г. да н.э.), у Міжземнамор’е трапляе бурштын, дзе яго знаходзяць у мікенскіх грабніцах. У гэты ж час афармляюцца даволі цесныя сувязі паміж альпійскімі культурамі (дзе пачынаюць актыўна распрацоўвацца медныя радовішчы) i Скандынавіяй. Ужо не карпацкая, a альпійская медзь i багемскае волава карыстаюцца попытам у Паўночнай Эўропе. Такім чынам, адбываецца пэўная пераарыентацыя кантактаў, што безумоўна уплывала на цэнтральна-пэрыфэрыйныя рэгіёны.

У XIII ст. да н.э. міжземнаморскае ядро пачынае калапсаваць, выклікаючы глябальную крызысную сытуацыю. Абставіны вымагалі афармленьня шматлікіх рэгіянальных цэнтраў па вытворчасьці бронзавых вырабаў на неабсяжных маргінальных прасторах Эўропы.

Прыблізна з 700 г. да н.э., працягвае далей Э.Шэрат, у Эўропе пачынаецца жалезны век. Бронза як тавар губляе сваю актуальнасьць. У цэнтры сусьветнай сыстэмы, пашыраючы накірункі сувязяў i запаўняючы гандлёвыя шляхі новымі таварамі, апынаецца Італія з Цыркумальпійскай пэрыфэрыяй.

Нельга не пагадзіцца з Э.Шэратам у тым, што вынікі дасьледаваньня эўрапейскай сыстэмы міжрэгіянальных сувязяў застаюцца актуальнымі й сёньня. Працэс фармаваньня сусьветных сыстэм безупынна працягваецца, як не спыняецца i працэс ix распаду. Большая частка Эўропы разьвівалася менавіта ў стане маргінальнасьці. Ускраіна, паглынаючы дасягненьні айкумэны, сама пачала трансфармавацца ў рэгіянальныя сыстэмы. Шчыльныя кантакты па асноўных восях з поўдня на поўнач — ад Міжземнамор’я да Скандынавіі й Брытаніі — ужо ў эпоху бронзы заклалі аснову ўстойлівай эўрапейскай сыстэмы. Такія накірункі ў той ці іншай ступені існавалі й пазьней, у эпоху жалеза, часы варварскай Эўропы.

Вопыт Шэратавай структуралізацыі міжрэгіянальных кантактаў, безумоўна, карысны для распрацоўкі падобнай усходнеэўрапейскай тэматыкі. Якая роля належала Дняпроўска-Нёманскаму, Дняпроўска-Дзьвінскаму, Прыпяцкаму шляхом у самыя старажытныя часы? Ці мелі яны вырашальнае значэньне ў стварэньні пэўных усходнеэўрапейскіх рэгіянальных культураў? Якое месца належала тэрыторыі Беларусі ў міжрэгіянальнай структуры дагістарычнай Усходняй Эўропы? Вось якія праблемы чакаюць свайго дасьледаваньня.

Мікола Крывальцэвіч (Менск)

Наверх

Magocsi, Paul Robert. Historical Atlas of Central Europe (Антон Мірановіч)

Жніўня 13, 1995 |


MAGOCSI, PAUL ROBERT. Historical Atlas of Central Europe (Гістарычны атляс Цэнтральнай i Усходняй Эўропы). — Toronto, 1993. — 218 P.

У канцы 1993 г. у Таронцкім унівэрсытэце выйшаў «Гістарычны атляс Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы». Яго аўтар — прафэсар гэтага ж унівэрсітэту, дырэктар «Multicultural History Society of Ontario» Пол Робэрт Магоці, — гісторык, выдатны спэцыяліст па гісторыі Ўсходняй Эўропы, які ў сваіх працах ужо абараняў правы малых эўрапейскіх народаў, у тым ліку анэксаваных украінцамі русінаў[1].

«Атляс» прадстаўляе гісторыю гэтай часткі кантынэнту ад V ст. да 1992 г. Геаграфічна праца П.Магоці ахапляе тэрыторыю ад Уралу да паўночна-ўсходняй Італіі, Аўстрыі i ўсходняй часткі Нямеччыны. Дасьледаваньне прадстаўляе ня толькі палітычныя i адміністрацыйныя зьмены, але таксама паказвае шмат асобных праблем: эканамічную розьніцу рэгіёнаў, арганізацыйную структуру цэркваў, школьную сыстэму i ўплывы паасобных культур, дэмаграфічныя зьмены i міграцыі насельніцтва.

Каб бліжэй паказаць характар i вартасьці «Атлясу», разглядзім некалькі мапаў, на якіх адлюстраваная гісторыя беларускіх земляў i праваслаўнай царквы.

Мапа разьмяшчэньня плямёнаў Усходняй Эўропы ўтрымлівае дадзеныя аб тэрыторыях, заселеных дрыгавічамі, крывічамі i радзімічамі, гэта значыць тымі плямёнамі, якія сталі грунтам кшталтаваньня беларускага народу. У іншым аспэкце з IX ст. прадстаўлены тэрытарыяльны ўплыў Вялікамараўскай дзяржавы з Кракавам i Пярэмышлем. Наступствам гэтага было зьяўленьне ўсходняга абраду на польскіх землях.

Чарговая мапа прадстаўляе межы дзяржаў у сярэдзіне XI ст. Упершыню ў гэткім прэстыжным выданьні паказана тэрытарыяльнае разьвіцьцё Полацкага, Тураўскага i Смаленскага княстваў. Пол Магоці акрэсьліў прыналежнасьць Падляшша ў XIII ст. да Турава-Пінскай зямлі. Дзівіць толькі разьмяшчэньне на палітычнай мапе гэтага пэрыяду побач з назвамі на мове арыгіналу назваў на літоўскай мове, напрыклад: Пінск — Пінскас, Кіеў — Кіевас. У XIII-XIV ст. літоўскія назвы гэтых мясцовасьцяў не ўжываліся, a Вялікае Княства Літоўскае не было выключна літоўскім у сёньняшнім разуменьні гэтага слова.

Вялікія пазнавальныя вартасьці мае мапа гандлёвых шляхоў у сярэдзіне XV ст. Зь яе вынікае, што праз тэрыторыю сучаснай Беларусі праходзілі важныя шляхі з усходу на захад: з Масквы праз Смаленск, Віцебск, Полацак да Балтыйскага мора, а таксама з Масквы праз Смаленск, Барысаў, Менск (або Вільню) да Горадні. Сумненьні выклікае паказ шляхоў з поўдня на поўнач. Аўтар — адзіны зь вядомых мне гісторыкаў — паказвае шлях з Кіева да Смаленска ўздоўж Дняпра, абмінаючы лякальныя беларускія адгалінаваньні галоўнай дарогі, якая злучала Чорнае мора з Балтыйскім. Зь беларускіх земляў экспартаваліся ня толькі мёд i воск, як гэта адзначана на мапе. У XV-XVI ст. з гэтай часткі Вялікага Княства Літоўскага экспартаваліся збожжа, скуры i хатняя жывёла.

Для дасьледчыкаў гісторыі хрысьціянства ў Цэнтральна-Усходняй Эўропе асабліва цікавыя дзьве мапы, якія прадстаўляюць арганізацыйную структуру каталіцкай i праваслаўнай цэркваў у сярэдзіне XV i на пачатку XVI ст. Пры сядзібах большасьці дыяцэзій пазначаны год паўстаньня. Што датычыць беларускіх земляў, дык мапа, якая паказвае сытуацыю на ix у XV ст., мае некалькі істотных памылак. У гэты пэрыяд не было праваслаўных дыяцэзій зь сядзібай у Менску, Горадні, Вільні. Беларускія землі ўваходзілі тады ў склад Кіеўскай мітраполіі, архіяпіскапства Полацкага i япіскапстваў Смаленскага, Турава-Пінскага і Ўладзімірска-Берасьцейскага. Падобныя недакладнасьці ёсьць i на мапах іншых тэрыторый.

Мапы разьмяшчэньня рэфармацыйных веравызнаньняў у Цэнтральнай Эўропе ў XIX ст. i мапы дыяцэзіяльнага падзелу каталіцкай, уніяцкай i праваслаўнай цэркваў у 1900 г. выглядаюць значна лепей. Розная ступень дакладнасьці тут ёсьць эфэктам агульнага стану вывучэньня царкоўнай гісторыі Ўсходняй Эўропы. Вырашаючы пытаньні, зьвязаныя з названай тэматыкай, Пол Магоці быў вымушаны абаперціся на існуючыя працы, якіх занадта мала для высьвятленьня праблемы.

Пра стан школьніцтва i культуры ў Цэнтральна-Усходняй Эўропе інфармуе мапа геаграфічнага размяшчэньня ўніверсытэтаў i друкарняў, выкананая прасторава-храналягічным спосабам. Нават яе павярхоўны аналіз паказвае вялікую дыспрапорцыю ў развіцьці гэтых галін на тэрыторыі Чэхіі i Польшчы ў параўнаньні з балканскімі краінамі ці Ўкраінай.

Цікава прадстаўлены зьмены дзяржаўных межаў у XIX i XX ст. У гэтай частцы «Атлясу» аўтар паспрабаваў паказаць шмат складаных праблем, напрыклад, разьмяшчэньне нямецкага, а таксама жыдоўскага i армянскага насельніцтва ў міжваенны пэрыяд. З дасьледаваньняў П.Магоці вынікае, што найвялікшы працэнт жыдоўскага насельніцтва быў у беларускіх мястэчках (напрыклад, у Слоніме — 78%, Берасьці — 65,8%, Бабруйску — 60%, Гомлі — 56,4%). Дыскусійнай уяўляецца мапа міграцыі пасьля II сусьветнай вайны. Пададзеныя там лічбы выклікаюць розныя ацэнкі гісторыкаў. Аднак добра, што гэтая праблема знайшла месца ў «Атлясе».

Шмат пытаньняў прадстаўлена ў традыцыйнай картаграфічнай форме, напрыклад: палітычныя зьмены пасьля I i II сусьветных войнаў. Вялізная колькасць кранутых праблемаў, як асобнага, так i агульнага характару, нягледзячы на згаданыя памылкі, дазваляе высока ацаніць працу амэрыканскага гісторыка. Трэба таксама дадаць, што ўсе мапы маюць апісаньні, якія дэталёва асьвятляюць адпаведную праблему. Такая форма перадачы інфармацыі асабліва каштоўная таму, што «Атляс» адрасаваны галоўным чынам амэрыканскаму чытачу, мала знаёмаму з гісторыяй Усходняй Эўропы. Карыстаньне «Атлясам» аблягчаюць паказальнікі: геаграфічны i асабовы, а таксама бібліяграфія крыніц.

«Атляс» можна прызнаць удалай спробай цэльнага паказу ў форме мапаў гісторыі Цэнтральнай i Усходняй Эўропы. Добра, што яго аўтарам зьяўляецца асоба не з Старога Сьвету, незаангажаваная ў спрэчкі тутэйшых гісторыкаў.

Погляд на нашу гісторыю з адлегласьці выклікае давер да працы Пола Магоці. Ягоны «Гістарычны атляс Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы» мае асаблівае значэньне для беларусаў, бо ўпершыню на ангельскай мове чытачы могуць пазнаёміцца з гісторыяй нашага народу i дзяржаўнасьці. Беларусь, нават калі знаходзілася ў межах чужых дзяржаў, не была выключна геаграфічнай зьявай. Своеасаблівым вынікам яе гісторыі, апісанай амэрыканскім дасьледчыкам, было зьяўленьне на мапе Цэнтральна-Усходняй Эўропы з 1992 г. незалежнай i сувэрэннай дзяржавы — Рэспублікі Беларусі.

Антон Мірановіч (Белосток)


[1] Magocsi P.R. The Birth of a New Nation or the Return of an Old Problem? The Rusyns of East Central Europe // Canadian Slavonic Papers, Vol.XXXIV, No 3, September 1992. P.199-223; ён жа, The Sharping of a National Identity // Subcarpatian Rus. Cambridge, 1978.

Наверх

Serczyk, Jerzy. 25 wieków historii: Historycy i ich dzieła (Альбіна Семянчук)

Жніўня 12, 1995 |


SERCZYK, JERZY. 25 wieków historii: Historycy i ich dzieła (25 стагодзяў гісторыі. Гісторыкі i ix творы). — Toruń, 1994. — 448 S.

Папярэдняя манаграфія Е.Сэрчыка «Nowozytna historiografija europejska» (Эўрапейская гістарыяграфія новага часу ад сярэдзіны XV да другой паловы XIX ст.) упершыню выйшла ў 70-х гадах i некалькі разоў перавыдавалася. Прызначанае задаволіць дыдактычныя патрэбы студэнтаў i паўсталае зь лекцыйных тэкстаў аўтара, які 30 год выкладае ў Торуньскім унівэрсытэце, новае выданьне, аднак, выходзіць далёка за межы чыста дыдактычныя i па ахопу матэрыялу, i па тэндэнцыі ў сучаснай польскай i сусьветнай гістарычнай навуцы, якую яно, на наш погляд, адлюстроўвае. A pro po гэтай тэндэнцыі трэба сказаць некалькі слоў.

Кніга Е.Сэрчыка ўпісваецца ў шэраг іншых вялізных i грунтоўных дасьледаваньняў, што выйшлі ў Польшчы апошнім часам (сярод ix манаграфіі Е.Клачоўскага, Л.Лецеевіча, Т.Хшаноўскага ды шматлікіх іншых аўтараў). Агульнай рысай гэтых прац зьяўляецца не тэматыка, не храналёгія i нават не мэтадалягічныя падыходы аўтараў, a менавіта тэндэнцыя ахапіць у адной сынтэтычнай працы такое шырокае кола пытаньняў, якога хапіла б на некалькі самастойных прац. Ня цяжка тут заўважыць выразнае імкненьне пераадолець празьмерную вузкасьць гістарычнай тэматыкі апошніх дзесяцігодзьдзяў. Амбітныя гісторыкі ўсё часьцей бяруцца за глябальныя тэмы, пакідаючы так званую «мікраграфію» (выраз іншага польскага гісторыка Генрыха Барыча) на долю «рамесьнікаў» ад гісторыі. Пашырэньне так званых «сынтэзаў», якія, дарэчы, бяруць свой пачатак ад францускай школы «Аналаў», на нашу думку, сымбалізуе вельмі высокі ўзровень гістарычнага мысьленьня ўсёй нацыянальнай гістарыяграфіі, зьяўляецца як бы фармальным паказчыкам гэтага ўзроўню. У Польшчы падобныя сынтэзы ўжо выйшлі за рамкі вузка нацыянальнай i нават славянскай праблематыкі, i кніжка Е.Сэрчыка «25 стагодзьдзяў гісторыі» — яскравае пацьверджаньне гэтаму.

Структурна праца складаецца з уступных заўваг, якія ідуць пасьля кароткай прадмовы, i XVIII разьдзелаў. Ва ўступе аўтар падкрэсьлівае, што гісторыя гістарыяграфіі — навука маладая, якая налічвае ледзьве 50 гадоў. Гэта значыць, што толькі нядаўна яна набыла ўласны прадмет i мэтады дасьледаваньня i пераўтварылася з дысцыпліны, якая займалася гістарыяграфіяй толькі з пункту гледжаньня крыніцазнаўства, у навуку, якая трактуе гістарыяграфію як складовую частку духоўнай культуры i адначасова як крыніцу да яе навуковага пазнаньня. Дзеля выдзяленьня гісторыі гістарыяграфіі ў асобную дысцыпліну вырашальную ролю адыграла выданьне ў 1911 г. працы швэйцарскага гісторыка Эдуарда Фоэртэра «Geschichte der heuen Historiographie» («Гісторыя новай гістарыяграфіі»), а таксама праца італійскага гісторыка i філёзафа Бэнэдэта Крочэ «Теоrіа е storia delia storiografia» («Тэорыя i гісторыя гістарыяграфіі», 1917). З гэтага часу гісторыка гістарыяграфіі ў гістарычным творы цікавіць сам твор i яго аўтар як рэпрэзэнтант гістарычнага мысьленьня i, у шырэйшым разуменьні, гістарычнай культуры асяродзьдзя, у якім твор зьявіўся.

Ва уступе Е.Сэрчык згадвае падставовыя гістарыяграфічныя працы па агульнай гісторыі, а таксама па гісторыі асобных краін, прычым асаблівы націск робіць на польскую гістарычную навуку.

Сыстэма выкладаньня матэрыялу, якую абраў аўтар, самая простая i адначасова зразумелая: у пэўных храналягічных межах апісваецца творчасьць паасобных гісторыкаў, якія рэпрэзэнтуюць накірункі i гістарычныя школы той ці іншай краіны (дзяржаўна-палітычны падзел сучасны). Падбор гэтых гісторыкаў — суб’ектыўная справа праф. Сэрчыка, i тут з аўтарам можна было б паспрачацца, але, як піша ён сам, «хтосьці мусіць быць абыйдзены». Галоўнае, што самыя выдатныя i вызначальныя імёны ў той ці іншай нацыянальнай гістарыяграфіі не засталіся па-за ўвагай. Чытач, які трымае ў руках «25 стагодзьдзяў гісторыі», мае дачыненьне з кароткай сусьветнай энцыкляпэдыяй гістарыяграфіі, якая бывае карысная ня толькі для студэнтаў, але й для ўсіх гісторыкаў, прафэсіяналаў i аматараў.

Манаграфія ахоплівае вялізны гістарыяграфічны матэрыял ад старажытнай Грэцыі i Рыму да часоў I сусьветнай вайны. У гэтых межах разглядаюцца наступныя праблемы:

— антычная гістарыяграфія;

— пачаткі хрысьціянскай гістарыяграфіі. Пераход ад старажытнасьці да сярэднявечча;

— гістарыяграфія сярэднявечнай Эўропы да XII ст.;

— гістарыяграфія краін Ісламу ў сярэднявеччы;

— эўрапейская гістарыяграфія ў разьвітым (“высокім”) сярэднявеччы (XIII-XIV ст.);

— візантыйскія гісторыкі ад XII да XV ст.;

— гістарыяграфія схілу сярэднявечча i пачатку Адраджэньня (XV — пачатак XVI ст.);

— гістарыяграфія пэрыяду Адраджэньня i Рэфармацыі;

— гістарыяграфія славянскіх краін у XVI-XIX ст. (Польшча, Чэхія, Расея, Украіна);

— эўрапейская гістарыяграфія аб Рэфармацыі i рэлігійных канфліктах. Стварэньне навуковых падстаў гістарычнай навукі;

— гістарыяграфія пэрыяду Асьветы;

— заходнеэўрапейская гістарыяграфія ў XIX ст. (да I сусьветнай вайны);

— гістарыяграфія некаторых іншых краін у XIX ст. (да I сусьветнай вайны) (Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Італія, Гішпанія, Партугалія, Нідэрлянды, паўднёва-усходняя Эўропа, ЗША).

Беларускага чытача, вядома, зацікавіў бы разьдзел аб разьвіцьці гістарыяграфіі ў Вялікім Княстве Літоўскім — магутным дзяржаўным утварэньні Ўсходняй Эўропы. Аднак, на жаль, гэтаму пытаньню аўтар прысьвяціў літаральна 11 радкоў, заціснутых між блёкамі інфармацыі аб польскай i расейскай гістарыяграфіях у XV ст. Хаця новыя эўрапейскія павевы ў гістарыяграфіі, прынамсі ў XVI-XVIII ст., даходзілі ў Масковію праз ВКЛ. Надзвычай папулярнай у Расеі была першая друкаваная гісторыя Вялікага Княства, напісаная Мацеем Стрыйкоўскім — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая i ўсёй Русі». Дарэчы, у інфармацыю аб гэтым гісторыку трапілі недарэчныя памылкі. Па-першае, Мацей Стрыйкоўскі паходзіць ня зь серадзкай, а з лэнчыцкай зямлі; па-другое, ён ня быў абсальвэнтам Кракаўскай Акадэміі; па-трэцяе, рыфмаваная хроніка Стрыйкоўскага «Аб пачатках…» была напісаная не раней за 1575-1578 г.

Стаўленьне праф. Сэрчыка да Вялікага Княстн;і Літоўскага зьдзіўляе яшчэ й таму, што ў разьдзелах аб гістарыяграфіі славянскіх краін пачынаючы з XVI ст. зьяўляецца Украіна, але няма ніводнага слова пра Беларусь, таксама й пра Літву.

У цэлым, трэба падкрэсьліць грунтоўнасьць i высокі прафэсійны ўзровень працы праф. Сэрчыка. Дзякуючы сваёй энцыкляпэдычнай эрудыцыі, глыбокай адукаванасьці, дасканаламу веданьню некалькіх замежных моў, ён даў шырокую i ў той жа час максымальна кампактную панараму разьвіцьця гістарычнай думкі на працягу дваццаці пяці стагодзьдзяў, выбраўшы для гэтага аптымальную форму выкладаньня матэрыялу. Безумоўна, хацелася б каб падобныя працы выходзілі ў Беларусі i насілі ня толькі кампіляцыйны характар, але й выразны сьлед творчай i навуковай індывідуальнасьці аўтара.

Альбіна Семянчук (Горадня)

Наверх

Рогалев, Александр Ф. Этнотопонимия Беларуси (на фоне этнической истории) (Руф Агеева)

Жніўня 11, 1995 |


РОГАЛЕВ, АЛЕКСАНДР Ф. Этнотопонимия Беларуси (на фоне этнической истории). — Гомель, 1993. — 168 С.

Новая праца беларускага тапаніміста А.Рогалева, аўтара кніг «Сьцежкі ў даўніну» (Менск, 1992), «Географические названия Гомельщины» (Гомель, 1992) i шэрагу іншых публікацый, утрымлівае матэрыял па маладасьледаванай тэме — этнатапаніміі Беларусі. Важная роля этнатапонімаў у дасьледаваньні як уласна моўных зьяў, гэтак i фактаў этнічнай гісторыі, добра вядомая ўсім, хто займаецца анамастыкай. Натуральна, што для гісторыкаў i этнографаў, якія вывучаюць пэўны этнас, этнатапонімы ўяўляюць непасрэдную цікавасьць.

Найбольш важкі вынік працы А.Рогалева, на мой погляд, — гэта зробленыя аўтарам высновы аб канкрэтных гістарычных рэгіёнах, у якіх «праходзілі асноўныя этнічныя, моўныя, палітычна-эканамічныя i сацыяльна-культурныя працэсы, што прадвызначалі разьвіцьцё беларускага этнасу» (С.157). Можна цалкам пагадзіцца з аўтарам у тым, што этнатапанімія Беларусі «мае трывалую гістарычную матывацыю, i гэта робіць групу ўласных імёнаў каштоўнай дапаможнай крыніцай для этналінгвістычных, гістарычных i этнаграфічных дасьледаваньняў» (С.158-159). Вартасьць працы павялічваюць складзеныя А.Рогалевым зводная схема разьмяшчэньня этнатапонімаў на тэрыторыі Беларусі i сем мапаў, якія адлюстроўваюць тапанімічныя сьляды шэрагу этнасаў на абшарах краіны.

Кніга складаецца з уводзінаў, дзе аўтар характарызуе сутнасьць этнатапонімаў i сваю мэтодыку аналізу, сьпісы скарачэньняў i выкарыстаных крыніц, трох разьдзелаў: «Агульная характарыстыка этнатапонімаў», «Этнатапанімічныя «сьляды» этнамоўнай сытуацыі да пачатку VII ст.», «Этнатапонімы старажытнарускага часу (VII-XIII ст.) i пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага (XIV-XVIII ст.)», а таксама заключэньня i дадатку.

А.Рогалеў разумее этнатапонім выключна як назву, дадзеную нейкай групе насельніцтва звонку; гэтая група ўспрымаецца суседзямі як іншаэтнічная. Пры выяўленьні сапраўдных этнатапонімаў i адмежаваньні ix ад псэўдаэтнанімічных геаграфічных назваў аўтар аддае перавагу масаваму матэрыялу. Маючы досьвед палявой тапанімічнай працы, ён этымалягізуе шэраг назваў, якія на першы погляд належаць да этнатапонімаў. Добры прыклад прыводзіцца на С.6-7: назва пасёлка Печанеж (Касцюковіцкі раён Магілеўскай вобл.), якая ў працах некаторых дасьледчыкаў зьвязвалася зь печанегамі, на самай справе паходзіць ад назвы балота. Па дадзеных дыялектолягаў, у Прапойскім (Слаўгарадскім) раёне гэтае слова выкарыстоўваецца для азначэньня «вялікай сьпёкі ці гарачыні»: «такей пічанеж — усё гаріць, плавіцца», «жыра, сьпёка, сьпікыта». Сыходзячы з гэтага, А.Рогалеў дапускае, што сэнс назвы Печанеж — «Гарэлае балота».

Цэнтральную частку кнігі займае аналіз этнатапонімаў старажытнарускага часу i пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага. Тут утрымліваецца значны i ў большасьці выпадкаў добра аргумэнтаваны матэрыял, падмацаваны гістарычнымі дадзенымі. Аўтар разглядае адлюстраваньне ў тапонімах назваў народаў, якія мелі непасрэдныя дачыненьні да этнічнай гісторыі беларусаў: крывічы, славене, русь, ляхі, яцьвягі, літва, жмудзь, латыгола, прусы, готы, немцы, татары, рускія i многа іншых. У гэтым разьдзеле ёсьць шэраг каштоўных назіраньняў i меркаваньняў аўтара, напрыклад, яго выснова пра тое, што арэалы этнатапонімаў з асновамі яцьвезь i дайнава/дайнова «не перасякаючыся, узаемна дапаўняюць адзін другога i ахопліваюць амаль усю тэрыторыю Гарадзенскай вобласьці. Мяжой паміж дзьвюма групамі назваў… зьяўляецца Нёман, што й пацьвярджае меркаваньне пра функцыянаваньне этноніма дайнава (дайнова, дзенова) у літоўскім этнічным асяродзьдзі, a этноніма яцьвезь (яцьвягі) — у славянскім (усходнеславянскім)» (С.76). Добра паказаны розныя магчымасьці ў інтэрпрэтацыі этнатапонімаў (пар. С.80-81 — пра назвы з этнонімам обры). Па этнатапонімах прасочваюцца шляхі міграцыі розных групаў славянскага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі. Цікавыя, у прыватнасьці, меркаваньні аўтара пра пранікненьне ў Беларусь паморскіх славянаў, аб паходжаньні ў сувязі з гэтым тэрмінаў русь i варагі (А.Рогалеў — прыхільнік канцэпцыі гісторыка А.Кузьміна i іншых дасьледчыкаў таго ж накірунку). Тут трэба, аднак, адзначыць, што, лягічна абгрунтаваўшы саму магчымасьць дастасаваньня тэрміну варагі да прыбалтыйскіх славянаў, аўтар прыводзіць вельмі сумнеўнае тлумачэньне сэнсу слова варагі (С.98). Яно дзеліцца, паводле А.Рогалева, як вар-агі (накшталт слова яцьв-ягі), пры гэтым першая частка слова вар-агі супастаўляецца з фіна-вугорскім вар (вор, вэр) «узвышанасьць, узгорак, высокі бераг; гара, пакрытая лесам, скалісты мыс». Другой жа частцы слова вар-агі не даецца ніякага тлумачэньня, хоць прыведзеная паралель яцьв-ягі можа падказваць пра магчымасьць сувязі назвы варагаў з балтыйскай этнаніміяй. Між тым, у балтыйскім этноніме яцьвягі (літ. jotvingiai, «яцьвягі») прысутнічае добра вядомы балтыйскі суфікс -ing-, які ня можа аўтаматычна праецыявацца на слова варагі, тым больш, што першая частка гэтай назвы выводзіцца аўтарам не з балтыйскіх, а з фіна-вугорскіх моў. Дзіўна, што аўтар нават не згадвае пра ўжо вядомыя тлумачэньні слова вараг са скандынаўскіх моў[1].

Гэты прыклад дазваляе перайсьці да хібаў працы, якія найбольш ярка выявіліся ў разьдзеле, прысьвечаным этнатапанімічным «сьлядам» этнамоўнай сытуацыі Беларусі да VII ст. Тут у шэрагу выпадкаў аўтар дае таксама няпоўную інфармацыю, згадваючы толькі адно зь некалькіх магчымых тлумачэньняў. Прыкладам, ідучы за гіпотэзай А.Трубачова, які лічыў, што сінды i меоты гаварылі на індаарыйскіх дыялектах, ён не згадвае меркаваньняў многіх каўказаведаў пра тое, што гэтыя плямёны (асабліва меоты) былі продкамі абхаза-адыгаў. Наогул, разьдзел кнігі, прысьвечаны старажытным этнонімам, атрымаўся значна горш, чым іншыя, што часткова тлумачыцца складанасьцю гэтай тэмы. На мой погляд, аўтар вельмі захапіўся выкладаньнем этнічнай гісторыі i этымалёгіі назваў кожнага згаданага ім старажытнага народа (у тым ліку кімерыйцаў, скіфаў i інш.; дарэчы, А.Рогалеў тут даволі старанна пераказаў кнігу А.Стрыжака[2], у чым не было ніякай неабходнасьці, бо тэрыторыя дасьледаваньняў аўтара знаходзіцца вельмі далёка ад Паўночнага Прычарнамор’я (ён i сам прызнаецца, што «сьляды» гэтых народаў у тапаніміі Беларусі «апасродкаваныя»; дадам ад сябе: калі яны ўвогуле ёсьць!). У выніку — шмат тэзаў, спрэчных з пункту гледжаньня гісторыі згаданых этнасаў i ix моў. Адзначу толькі некаторыя: прыход балтаў у Прыбалтыку з балканскага рэгіёна (С.28-29); этымалягічная сувязь этнонімаў эсціі, асьцякі, асеціны i ацтэкі (С.29); прысутнасьць вуграў у Беларусі ў канцы III тыс. да н.э. (С.30); залічэньне беларускіх геаграфічных назваў з асновай турда сьлядоў «этнакультурных імпульсаў з Эгейскага арэала» (С.42); пастуляваньне этымалягічнай сувязі балтыйскіх этнонімаў літва — лотва — яцьвягі i тлумачэньне фанэтычнага чаргаваньня л – j у пачатку гэтых слоў пры дапамозе фактаў албанскай i этрускай моў (С.57); супастаўленьне этноніма будзіны з этнонімамі водзь i вацякі (С.63); штучныя тлумачэньні значэньня тапонімаў, кшталту: Беразатоўе — з бераз, бяроза, плюс хантыйскі мясцовы геаграфічны тэрмін туў, тоў, возера (С.31), ці Дабо-сна, — першая частка зноў з хантыйскага слова, другая — з інда-арыйскіх моў (С.32), i г.д. Кожную зь пералічаных вышэй тэзаў можна лёгка абвергнуць на падставе гістарычных i моўных фактаў, але рамкі рэцэнзіі не дазваляюць зрабіць гэтага ў поўным аб’ёме. Рэцэнзент толькі зьвяртае ўвагу лінгвістаў на супярэчнасьці ў інтэрпрэтацыі А.Рогалевым гісторыі, i ўвагу гісторыкаў — на пэўныя недарэчнасьці ў інтэрпрэтацыі моўных фактаў.

Да недахопаў кнігі трэба аднесьці таксама сьляпыя спасылкі на скарыстаныя працы, што ўскладняе знаёмства з навуковым апаратам манаграфіі А.Рогалева. Сьпіс літаратуры лепш было б даць у канцы кнігі ці ў скрайнім выпадку ў падрадковых заўвагах. Апрача гэтага, мноства згаданых у тэксьце этнонімаў застаўляе пашкадаваць, што ў манаграфіі няма паказальніка этнічных назваў.

У цэлым кніга А.Рогалева можа разглядацца як уводзіны ў вывучэньне этнатапонімаў Беларусі, як карысны матэрыял, што стымулюе i аўтара, i іншых дасьледчыкаў да далейшых навуковых пошукаў. Хто ведае, магчыма сьмелая ідэя А.Рогалева пра наяўнасьць на паўночным захадзе беларускага рэгіёну «рэліктавага» фрака-ілірыйскага ці зьмешанага балта-фрака-ілірыйскага дыялекта (С.58), або прынятая ім гіпотэза М.Фёдаравай, паводле якой паўднёва-рускае аканьне — вынік уплываў адыгскіх, але ні ў якім разе не фіна-вугорскіх моў (С.91), — магчыма, выказаныя ім гіпотэзы атрымаюць некалі фактаграфічнае падмацаваньне.

Руф Агеева (Масква)


[1] Гл.: Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. Т.1.

[2] Гл.: Стрижак О. Етнонімія Геродотовой Скіфіі. — Киів, 1988.

Наверх

Александров Д., Володихин Д. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII-XVІ в. (Генадзь Сагановіч)

Жніўня 10, 1995 |


АЛЕКСАНДРОВ, Д., ВОЛОДИХИН, Д. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII-XVI веках. Отв. ред. В. Янин. — Москва, 1994. — 134 С.

Кнігу расейскіх гісторыкаў складаюць уводзіны, пяць разьдзелаў i дадатак у выглядзе імяннога паказальніка. На самым яе пачатку аўтары адзначылі, што выданьне «заклікана зьліквідаваць лакуну ў палітычнай гісторыі Полаччыны». I сапраўды, у нас не было яшчэ асобных манаграфічных дасьледаваньняў палітычных аспэктаў мінулага ня толькі Полаччыны, але й іншых земляў сярэднявечнай Беларусі. Шкада толькі, што ў працы гэтая гісторыя зьведзена адно да «найболып вострых момантаў полацка-літоўскіх адносін», або нават да агульных сюжэтаў «адносін літоўска-рускіх». Затое дасьледчыкі паабяцалі рэканструяваць ix «з максымальна магчымай (!) дакладнасьцю» (С.7).

Уражаньне ад кнігі супярэчлівае. Бачна, што аўтары апрацавалі салідны корпус крыніцаў i літаратуры, нават беларускія выданьні, на якія ў Маскве ўвага зьвяртаецца наогул ня часта. Здаецца, зьяўленьне такой працы па гісторыі Полаччыны трэба было б толькі вітаць. Аднак тое, як патрактаваны ў ёй шэраг фактаў i эпізодаў, як расейскія дасьледчыкі падыходзяць да праблематыкі беларускай гісторыі ўвогуле, штурхае да палемікі. Паказваючы гэта, выпадае прайсьціся ўсьлед за аўтарамі па цэлай кнізе, хоць, адзначу, рамкі рэцэнзіі абмяжоўваюць, таму ўвага тут будзе зьвернута далёка не на ўсё тое, што належала б аспрэчыць.

Першы разьдзел «Полацак i Літоўска-Руская дзяржава ў XII — пачатку XV ст.» (у назве некарэктнасьць нават дзеля таго, што ў XII ст. такой дзяржавы не існавала) пачаты аглядам княжаньня Ўладзіміра Полацкага i адносінаў Полацка з Ордэнам. Адразу паўстае пытаньне пра адпаведнасьць гэтай часткі разьдзелу, сфармуляванай на тытуле тэме кнігі. Як i пра назву наогул. Праблема, закранутая фармулёўкай тытулу, вымагае асобнай размовы. На жаль, аўтары нідзе не акрэсьлілі, што яны разумеюць пад Русьсю i што пад Літвой, таму няма як нешта казаць, наколькі правамерная можа быць падобная фармулёўка наогул. А што да «барацьбы за Полацак паміж Літвой i Русьсю», дык для XII — пачатку XIII ст. гаварыць пра яе абсурдна. Гэты пэрыяд аўтары захапілі, здаецца, проста так, «для паўнаты». Асьветлены ён даволі павярхоўна. Сымптаматычнай выглядае спасылка на полацкага краязнаўцу Л.Данько[1], абсалютна недарэчная, якая можа сьведчыць толькі пра дылетантызм аўтараў у пытаньнях адносінаў Полацка зь біскупам Альбэртам i Ордэнам. Ніяк не выпадае лічыць «максымальна магчыма дакладнымі» агульныя словы пра барацьбу, пра тое, што паміж Полацкам i рыцарамі «пастаянна адбываліся сутычкі з-за дані» (С.19). Бо, па-першае, адкрыта канфрантавалі яны зусім не пастаянна. А па-другое, для Полацка важнай была ня толькі даніна, але й Дзьвіна як магістраль. Яна, я б сказаў, i зьяўлялася вышэйшым інтарэсам Полацка. Пра гэта ў кнізе ні слова. Як ні слова й пра дамову 1212 г., хоць яна адлюстравала новую расстаноўку сілаў i была ня менш важная, чым папярэдняя. Сама праблематыка полацка-інфлянцкіх стасункаў разглядаецца ca спасылкай адно на Генрыха Латыша, гэта значыць, што ўвесь актавы матэрыял застаўся па-за ўвагай аўтараў.

Трактоўка дачыненьняў Полацка зь Літвой шмат дзе контравэрсійная, бяздоказная. Прыкладам, аўтары бяруць напавер вэрсію пра сілавое ўкняжаньне Мінгайлы ў Полацку ў першай палове XIII ст., спасылаючыся адзіна на паведамленьне летапісу Рачынскага, якое, на ix думку, «пацьвярджаюць больш позьнія крыніцы: М.Стрыйкоўскі i Хроніка Быхаўца» (C.21). Але ці пацьвярджаюць? З пункту гледжаньня крыніцазнаўчага такія позьнія творы зусім не абавязкова могуць утрымліваць верагодныя паведамленьні пра падзеі XIII ст. Хутчэй наадварот.

Тэза пра тое, што аб’яднаньне «любых рускіх земляў, якія не плацілі даніну Ардзе», вакол галіцка-валынскага цэнтру было немагчымае (С.33), нічым не падмацаваная і, мякка кажучы, спрэчная. Паход жа 1262 г. на Юр’еў быў не «манэўрам Таўцівіла», a вынікам дамовы Міндоўга л Аляксандрам Неўскім.

Калі на пачатку кнігі без патрэбы разглядаліся адносіны Полацка з Ордэнам, дык пры асьвятленьні падзей часоў Міндоўга i Трайдзеня гэты моцны сусед Літвы i Русі, які бясспрэчна ўплываў на сытуацыю ў беларуска-літоўскім рэгіене, застаўся зусім па-за ўвагай.

Далей, кранаючы падзеі часоў Крэўскай вуніі, аўтары пішуць, што Ягайла не пайшоў на саюз з Масквою «хаця б таму, што тут давялося б саступіць месца іншаму» (маецца на ўвазе Андрэй Полацкі). Як можна тут абмінаць цэлы комплекс нашмат больш важных, аб’ектыўных фактараў, што абумовілі выбар Ягайлы?

Ня ведаю, адкуль бярэцца, што Андрэй Альгердавіч у 1386 г. плянаваў «захапіць Вільню»? Ён туды нават не накіроўваўся. I чаму землі Беларусі ды Літвы ў гэты час ваявалі «прускія рыцары», калі на самай справе — інфлянцкія?

Зьвяртаючыся да наступстваў паразы Андрэя Полацкага ў вайне супраць Ягайлы, аўтары пішуць, што гэта «азначала канец незалежнаму разьвіцьцю рускіх земляў у складзе Літоўска-Рускай дзяржавы i Літоўска-Рускай дзяржавы як такой у цэлым. Пасьля 1386 г. Літоўска-Руская дзяржава ператварылася ў Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Вільні». I дадаюць: «Дамінаваньню Полацкай зямлі ў гэтай дзяржаве ў дачыненьні да іншых рускіх земляў прыйшоў канец» (С.43).

Падобныя развагі сьведчаць пра тое, што Д.Валадзіхін i Д.Аляксандраў недастаткова арыентуюцца ў дзяржаўна-палітычнай гісторыі ВКЛ. Крэўская вунія і палон Андрэя Полацкага не выклікалі падобных унутраных пераўтварэньняў. A Вільня, як вядома, задоўга да таго стала цэнтрам, сталіцай ВКЛ. Калі ж маецца на ўвазе трансфармацыя дзяржаўнага тытулу пры Ягайлу (dux magnus Litvanorum Rusiaque dominus et heres naturalis), дык, па-першае, ён разьвіваўся да сярэдзіны XV ст. i ня меў дыскрымінацыйнай для Русі фармулёўкі, па-другое, зьмены ў тытуле ня можна лічыць адлюстраваньнем рэальных пераменаў у грамадзка-палітычным жыцьці. У гэтым пляне нашмат важнейшы быў, прыкладам, акт, прыняты ў 1413 г. у Горадні.

Аўтары перабольшваюць палітычную ролю Полацка ў манархіі Гедымінавічаў. «Незалежнае разьвіцьцё рускіх земляў» — якіх i што значыць незалежнае? Нават Полацкая зямля, якая ў XIV ст. захоўвала статус удзельнага княства, не магла разьвівацца незалежна (што ўжо казаць пра Русь Падняпроўскую). Толькі пры павярхоўным поглядзе (ды й то ўмоўна) можна часы з 1307 па 1399 г. называць «пэрыядам незалежнасьці» Полацка на той падставе, што яны, маўляў, зьвязаныя зь дзейнасьцю Андрэя Полацкага, які быў «за поўны сувэрэнітэт (?) сваёй зямлі» (С.119). Статус Полацка ў XIV ст. неаднаразова мяняўся. Прыкладам, у 1387 г. ён, як i Трокі, стаў асабістым удзелам Скіргайлы, а пасьля Востраўскага пагадненьня Полаччына, як i іншая Русь, перайшла пад уладу Аляксандра Вітаўта i канчаткова страціла правы удзельнага княства. Захаваўшы значную аўтаномію, яна, тым ня менш, зрабілася правінцыяй дзяржавы Гедымінавічаў. Зрэшты, тады ня раз зьмяняўся й прававы статус цэлай дзяржавы ВКЛ (у дачыненьні да Кароны).

Другі разьдзел «Полацак i грамадзянская вайна 30-х гадоў XV ст. у ВКЛ» пакідае лепшае ўражаньне. Аднак i тут шэраг канстатацыяў выклікаюць пярэчаньні. Дзіўна, прыкладам, чытаць, што ў 1432 г. пачалася «адна з самых працяглых i крывавых унутраных войнаў за ўсю гісторыю гэтай дзяржавы» (С.49). Быццам Вялікае Княства Літоўскае проста распадалася ад грамадзянскіх войнаў. Апраўдваючы сябе за тое, што ў кнізе ясна ня вызначана расстаноўка сілаў пад час згаданай вайны, аўтары кажуць, што гэта ім не дазволіла зрабіць «разнастайнасьць меркаваньняў» гісторыкаў (С.51). Але ж падобныя вызначэньні робяцца на фактаграфіі крыніцаў, а не на меркаваньнях гісторыкаў, няхай сабе самых аўтарытэтных.

Расейскія дасьледчыкі палічылі вартым адзначыць, што ў беларускіх гісторыкаў ёсьць «асобная канцэпцыя этнагенэзу беларусаў», згодна зь якой дапускаецца існаваньне беларусаў «у якасьці асобнага этнасу ўжо ў эпоху раньняга сярэднявечча», i што гэты этнас «меў этнонім “літоўцы”, “ліцьвіны”» (С.53). У якасьці прыкладу аўтары спасылаюцца на Я.Юху, але ў кнізе апошняга я не знайшоў такога, каб назва «літоўцы» выдавалася за этнонім беларусаў. Далей, палемізуючы з «асобнай канцэпцыяй», аўтары дадаюць: «Г.Сагановіч i М.Піліпенка адносяць утварэньне беларускага этнасу да канца XVI-XVII ст.» (С.71). Але ніжэйпадпісаны ніколі нічога падобнага не сьцьвярджаў! У згаданым маім артыкуле размова йдзе толькі пра назву «Белая Русь», «беларусцы»[2]. А назва этнасу й яго рэальны зьмест — зьявы далёка ня тоесныя. Этнонім можа выконваць ролю маркера этнатворчага працэсу, аднак яго адсутнасьць яшчэ ня ёсьць сьведчаньнем неіснаваньня этнасу.

Калі ў цэлым з трактаваньнем грамадзянскай вайны ды яе прычынаў можна пагадзіцца, дык у шэрагу канкрэтных пытаньняў цяжка акцэптаваць пазыцыю аўтараў. Прыкладам, наўрад ці можна праваслаўных адназначна атаясамляць толькі з русінамі (С.60). У XV ст. «Русь» мела яшчэ ня столькі нацыянальныя, колькі канфэсійна-тэрытарыяльныя канатацыі. Стаўленьне Сьвідрыгайлы да плянаў уніі для аўтараў чамусьці «не зусім яснае». Больш таго, дапускаецца, што ідэя аб’яднаньня цэркваў была «непапулярнай сярод прыхільнікаў Сьвідрыгайлы» (С.61). Між тым, як сьведчаць дакумэнты, у 1433 г. грамадзкая эліта падуладных Сьвідрыгайлу беларускіх земляў зь Віцебска накіравала на Базэльскі сабор ліст, у якім выказвалася за унію з рымскім касьцёлам, а Сьвідрыгайла зрабіў ордэнскага дыплямата Пфафэндорфа сваім уласным прадстаўніком на саборы[3]. Аб’яднаньне каталікоў i праваслаўных істотна ўмацавала б ягоныя пазыцыі, але Жыгімонт Кейстутавіч пасьпеў выбіць у суперніка гэты козыр, даўшы апошнім палітычныя правы сваім прывілеем у 1434 г.

Дарэчы, прывілеі 1432 i 1434 г. не выпадае разглядаць як адзін, ці як раўназначныя. З кнігі да таго ж вынікае, што абодва яны Полацка ня тычыліся, i Полацак ад ix «нічога не атрымліваў» (С.63). Але такое тлумачэньне гэтых важных актаў было б занадта спрошчаным, не гістарычным.

У канцы разьдзела замест ясных высноваў прапануюцца развагі на ўзроўні агульных слоў. Аўтары папракаюць згаданага ўжо прафэсара Я.Юху за расплывістасьць такіх паняцьцяў, як «адасобленасьць», «аўтаномнасьць» у ягонай кнізе, але ix уласныя фармулёўкі нічым ня лепшыя. Напісана, напрыклад, што пасьля Сьвідрыгайлы свабода Полацка «усё больш скарачалася», што яго аўтаномія выйшла з вайны «у патрапаным выглядзе» i апынулася «на мяжы поўнага зьнікненьня» (С.69). Ніжэй гаворыцца нават пра спробы «узнавіць сувэрэнітэт Полацкага краю» (С.118). Аб чым рэч? Сувэрэнітэт краю ў манархіі XV ст. — нонсэнс. У дасьледаваньні трэба ўсё ж трымацца навуковага стылю i дакладных азначэньняў, а не зьбівацца на публіцыстыку.

З трэцяга разьдзелу («Лёс Полацка зь сярэдзіны XV ст. да часоў Івана Жахлівага ў кантэксьце маскоўскалітоўскіх войнаў») мацней адчуваецца палітычная заангажаванасьць аўтараў. Пачатак сэрыі войнаў (паход маскоўскага войска на Любуцк у 1492 г.) разглядаецца імі як крок зусім натуральны, справядлівы. У іхняй трактоўцы, ня гледзячы на тое, што на справе праз «вечны мір» пераступіў вялікі князь Іван III, адказнасьць за парушэньне міру ўскладзена на процілеглы бок: гэта вялікі князь Аляксандар Казіміравіч вінаваты, бо «прыняў захады. якія ў выніку прывялі да самых сумных наступстваў» (С.78). У чым жа віна Аляксандра?

Паводле Аляксандрава i Валадзіхіна, вялікі князь спрабаваў «прымусова ўвесьці унію сярод усяго праваслаўнага насельніцтва, а таксама націскаў на сваю жонку Алену, каб яна пакінула праваслаўе», што i справакавала вайну. У падмацаваньне гэтай тэзы — спасылкі на Васкрасенскі летапіс i манаграфію К.Базілевіча, што можа пераканаць хіба толькі неабазнанага чытача. Бо, як вядома, вялікі князь Аляксандар у канцы XV ст. падтрымаў i праваслаўную царкву (у Полацку ды Смаленску), a княгіня Алена ў лістох да Івана III ніколі ня скардзілася на ўціск; наадварот, яна прасіла бацьку спыніць распачатую вайну, апэлявала да хрысьціянскае маралі. А вось аўтары кнігі цалкам апраўдваюць інтэрвэнцыю Івана III тым, што трэба было бараніць праваслаўе. Маўляў, калі б маскоўскі князь не прыняў падобных захадаў, моцна пацярпеў бы ягоны аўтарытэт, — сцьвярджаюць яны (С.79).

Далей. Спроба зьвязаць прывілеі на магдэбурскае права зь імкненьнем дзяржаўных уладаў ВКЛ паўплываць на пазыцыю беларускіх гарадоў у войнах выглядае фантазіяй. Бо ні «масавай раздачы» прывілеяў на самакіраваньне, ні шматлікіх капітуляцыяў беларускіх гарадоў, пра што пішуць аўтары, не было. Да таго ж, у разгляданы час магдэбурскае права атрымлівалі галоўным чынам гарады Цэнтральнай ды Заходняй Беларусі.

Нямала ў разьдзеле i фактаграфічных недакладнасьцяў. Пасьля публікацыяў Е.Ахманскага неапраўдана атаясамляць Міхалона Ліцьвіна з Міхайлам Тышкевічам. А ці можна ў навуковай працы прыводзіць фантастычныя лічбы (100 000 жыхароў, захопленых татарамі ў 1506 г.), хоць сабе й спасылаючыся на Кромэра (С.78)? Полацкую магдэбургію ніяк не выпадае называць «адной зь першых» (С.76), бо яна была шостай. Гэтаксама памылкова прывілей на магдэбурскае права лічыць «актам уніфікацыі беларускіх i польскіх гарадоў», бо ён вызначаў толькі агульныя рысы самакіраваньня. У Беларусі жыхары кожнага прывілеяванага гораду на практыцы імкнуліся па-свойму рэалізаваць атрыманыя правы, прыстасоўваючы ix да ўласных інтарэсаў. Таму працэс выпрацоўкі самакіраваньня тут быў вельмі працяглы. Гэта пераканаўча паказаў яшчэ В.Дружчыц.

Самым грунтоўным выглядае чацьверты разьдзел кнігі «Узяцьце Полацка войскам Івана IV у 1563 г.». Адчуваецца, што для аўтараў ён галоўны, стрыжнёвы. Аднак i тут не бяз хібаў. Напісана, напрыклад, што кампаніі 1561 i 1562 г. не прынесьлі вырашальнага посьпеху «ні Польшчы, ні Маскоўскай дзяржаве» (С.86). Прабачце, польскае войска з Масквой тады яшчэ наогул не ваявала. Выглядае, што ў Д.Аляксандрава й Д.Валадзіхіна даволі цьмянае ўяўленьне пра ўдзельнікаў той вайны, бо ў апісаньні штурму Полацка (1563 г.) яны зноў падаюць, быццам царскім ратнікам супрацьстаялі «палякі» (С. 102).

Аблога i захоп Полацка даволі падрабязна апісаны ў многіх крыніцах, добра апрацаваных аўтарамі. Навуковы мэтад гістарычнай рэканструкцыі патрабуе ўліку ўсёй даступнай фактаграфіі. Калі ж выкарыстоўваць крыніцы выбарачна i выдзяляць толькі патрэбныя дэталі, можна стварыць самыя розныя карціны аднаго эпізоду. Акурат гэта часам добра ілюструюць аўтарскія трактоўкі пэўных падзей полацкай мінуўшчыны. Вось адзін з прыкладаў. З крыніцаў вядома, што 5 лютага 1563 г. маскоўскія стральцы захапілі адну зь вежаў Полацка i нават уварваліся ў астрог, але былі выбітыя. А вось маскоўскія гісторыкі схільныя больш верыць Лебедзеўскаму летапісу, паводле якога стральцоў не выбілі, а яны проста былі адкліканыя назад. Тая ж крыніца падае, што тысячы простага люду з пасаду выйшлі да царскага войска дабраахвотна ды паказалі ямы з запасамі правіянту, — i гэта таксама адразу акцэптуецца аўтарамі (С.102).

Лебедзеўскі звод рэпрэзэнтуе афіцыйнае маскоўскае летапісаньне, што добра вядома Аляксандраву й Валадзіхіну. Таму дзівіць зусім некрытычнае стаўленьне дасьледчыкаў да гэтай крыніцы. Яно абумоўлена, думаю, ix небесстароннасьцю. Пра тое ж сведчыць нічым не падмацаваная тэза аб «партыі добразычліўцаў» Івана Жахлівага ў Полацку (C.100), — нельга ж лічыць аргумэнтам спасылку на ўскосныя, неадназначныя згадкі Одэрборна.

Аўтарскую ўстаноўку на апалягізацыю маскоўскага боку добра выяўляе апісаньне дзеяньняў цара ў занятым Полацку. Вось толькі адзін з прыкладаў.

Як вядома, у Полацку пасьля абяцаньня «казней не учинить» Іван Жахлівы загадаў пасекчы бэрнардынаў, а жыдоў — патапіць у Дзьвіне. Увесь горад быў абрабаваны, а тысячы яго жыхароў апынуліся ў маскоўскім палоне. Пра гэта ёсьць сьведчаньні ў Мацея Стрыйкоўскага, Марціна Бельскага, Аляксандра Гвагніні, Одэрборна, у Хроніцы Літоўскай i Жамойцкай, у Пскоўскім летапісе 1567 г. i інш. Апавядаючы пра лютасьці непрыяцеля, Рэйнгальд Гейдэнштэйн прыгадваў i зьнявечаныя трупы палачанаў, спусканыя маскоўскімі ратнікамі па Дзьвіне ў 1579 г. Толькі афіцыйны маскоўскі летапісец, ясная рэч, паказваў Івана IV ў найлепшым сьвятле. Аўтары разгляданай кнігі на момант быццам завагаліся: «…ці верыць Стрыйкоўскаму, які меў у якасьці крыніц апавяданьні відавочцаў, ці ня верыць, спасылаючыся на яго тэндэнцыйнасьць?» (С.103), але затым аддалі перавагу аўтарытэту Джавані Тэдальдзі, дакладней, зьвесткам, атрыманым ад таго i занатаваным пад час размовы ў 1581 г. у Дзісьне Антоніем Пасэвінам. Спасылка на гэтага флярэнтыйскага купца ўважаецца імі за дастатковы аргумэнт дзеля таго, каб наогул закрыць пытаньне: «Відаць, ніякіх масавых, арганізаваных самым царом перасьледаў бэрнардынаў не было», проста «пасьля захопу горада войска зусім не абавязкова павінна вытрымліваць парадак… Па ходзе справы маглі й зарэзаць каго-небудзь з каталіцкага духавенства» (С.106). Вось такі публіцыстычны пасаж.

Тэдальдзі, паводле Пасэвіна, адмаўляў тое, што Іван IV «пасьля захопу Полацка ўтапіў, як кажуць, манахаў Сьвятога Францішка», i адносна жыдоў дапускаў забойства «усяго толькі двух ці трох»[4]. Нават публікатар гэтай крыніцы Е.Шмурло адзначаў, што аповяд Тэдальдзі «вельмі спачувальны Расеі i асабліва цару Жахліваму», мае «апалягетычны тон». Пазьней расейскі гісторык В.Навадворскі яшчэ больш выразна падкрэсьліў, што «ў апавяданьні Тэдальдзі заўважаецца жаданьне паказаць Івана лепшым, чым ён быў на самай справе»[5]. Імкненьне Тэдальдзі абяліць маскоўскага цара можна праілюстраваць канкрэтным прыкладам. Так, у яго аповедзе цалкам адмаўляюцца чуткі пра жорсткае абыходжаньне з пасламі Вялікага Княства ў Маскве ў 1570 г., але зьдзекі з гэтых дыпляматаў пацьвярджаюцца дакумэнтальна[6]. Пра тое ж казаў Альбэрт Шліхцінг, які акурат тады знаходзіўся ў маскоўскім палоне i бачыў усё на свае вочы.

Фларэнтыец Тэдальдзі як «свой чалавек» у Маскве (бо больш за дзесяць разоў там бываў) адкрыта палемізаваў з вэронцам Гваніні, які пісаў пра Маскву зусім без сымпатыяў. Падобна, што Тэдальдзі нават кепска ведаў падзеі, якія ўзяўся аспрэчваць, бо адмаўляў утапленьне францішканаў, тады як паводле іншых крыніцаў тапілі адно жыдоў, a манахаў секлі. Што да расправы над жыдамі, дык на Полаччыне захавалася народнае паданьне, у якім дэтальна пераказана трагедыя 1563 г., i ўсталяваўся мясцовы звычай ушанаваньня памяці патопленых з багаслужбай на месцы ix пахаваньня[7]. Ня ведаю, чым можна апраўдаць ігнараваньне ўсяго гэтага. Аўтары кнігі проста адкрыта фаварызуюць цара Івана IV.

Пасьлядоўныя ў апалягізацыі Масквы, Д.Аляксандраў i Д. Валадзіхін лічаць няпраўдай i паведамленьне Штадэна пра тое, што палонных палачанаў пазьней панішчылі Іванавы апрычнікі. Маўляў, вярнуліся ж Давойна i частка шляхты (С.108). Так, але менавіта Давойна i частка шляхты. A вывелі з Полацка паводле розных крыніц ад 11 да 50 тысяч!

У падсумаваньні дасьледаваньня чытаю: «галоўная трагедыя палачан» ня ў карах, ня ў стратах ад маскоўскага войска. Яна ў тым, што з XV ст. «не магло быць ніякай мовы пра самастойнае дзяржаўнае існаваньне беларускай зямлі», i лепшым выйсьцем з той сытуацыі зьяўлялася «трывалае замацаваньне гэтага рэгіёна за Літвой ці за Маскоўскай дзяржавай» (С.120). Калі йдзе пра Полацкую зямлю, то яна яшчэ ў XIV ст. трывала ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Але справа нават ня ў гэтым. Уражвае не недакладнасьць i шматзначнасьць, а навуковая некарэктнасьць падобнага заключэньня.

Шкада, што ўнікнуць згаданых недахопаў не дапамог маладым расейскім дасьледчыкам i адказны рэдактар кнігі вядомы акадэмік В.Янін. Выглядае нават, што шаноўны вучоны й сам на падобных пазыцыях. Мінулае Полацка — «супярэчлівы сюжэт» гісторыі Русі, піша ён у прадмове да разгляданай працы. У чым жа сутнасьць гэтай «супярэчнасьці»? «Зьвязаны з астатняй Русьсю супольнасьцю пачатковых лёсаў, спавяданьнем праваслаўя, мовай i пісьменнасьцю, Полацак у пераломны момант свайго разьвіцьця стаў на доўгія вякі часткай ня Рускай, а Літоўскай дзяржавы», — цьвердзіць В.Янін (С.5). А я б наконт гэтага сказаў, што мінулае Полацка супярэчлівае толькі ў падобнай тэндэнцыйнай падачы гісторыі Русі. «Ідэя ўзьяднаньня Русі, — кажа далей акадэмік В.Янін, маючы на ўвазе войны Масквы, яўна дамінавала «над праявамі агрэсыўнасьці». I дадае, што ў гэтым пераконвае гісторыя падзелаў Польшчы пры Кацярыне II. Маўляў, Расея не дамагалася ні каліва польскай зямлі (С.6). Тут акадэмік, мякка кажучы, зноў ня мае рацыі. Бо гістарычныя факты пераконваюць акурат у адваротным. Дастаткова згадаць паходы i пляны Аляксея Міхайлавіча, заклікі патрыярха Нікана, праграму Пятра I або «балканскі праект» імпэратрыцы Кацярыны II.

Генадзь Сагановіч (Менск)


[1] Гл. на С.18: «В связи с этим… Л.Ф.Данько отметил: “Борьба с ливами, литовцами и полоцкими князьями требовала у немцев большого количества сил”».

[2] Гл.: Старонкі гісторыі Беларусі. — Менск, 1992. С.69-71.

[3] Forstreuter К. Preussen und Russland von den Anfangen des Deutschen Ordens bis zu Peter dem Grossen. — Göttingen, 1956. S.52.

[4] Шмурло Е. Известия Джиованни Тедальди о России времен Иоанна Грозного // ЖМНП, 1891. 5-6, С.129.

[5] Новодворский В. Борьба за Ливонию между Москвою и Речью Посполитою (1570-1582). — Санкт-Петербург, 1904. С.4.

[6] Гл. напр. Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т.З. С.723.

[7] Берлин И. Сказание о Иоанне Грозном и о разгроме еврейской общины в Полоцке // Еврейская старина. Вып.2. 1915. С.174-175.

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '1995 Т.2 Сш. 1'