Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 1997 Т.4 Сш. 1-2

Писаренко, Юрiй Г. Велес-Волос в язичницькому свiтоглядi давньоi Русi (Эдвард Зайкоўскi)

Снежня 18, 1997 |


ПИСАРЕНКО, ЮРIЙ Г. Велес-Волос в язичницькому свiтоглядi давньоi Русi. Киiв, 1997. 238.

Бiблiятэка даследаванняў па ўсходнеславянскай мiфалогii летась папоўнiлася манаграфiяй кiеўскага навукоўца Юрыя Пiсарэнкi, прысвечанай вызначэнню месца Вялеса-Воласа ў светапоглядзе славянаў. Паколькi Вялес быў надзвычай шматфункцыянальным богам, аўтар кнiгi засяродзiў асноўную ўвагу на некалькiх найважнейшых аспектах: адлюстраванне ўяўленняў пра гэты мiфалагiчны персанаж у такiх крынiцах, як “Сказанне пра смерць князя Алега”, былiна “Волх Усяславiч”, сюжэты пра фальклорных волатаў, семантыка выяваў на знакамiтым Збруцкiм стодзе. Разглядаюцца таксама дамовы кiеўскiх князёў Х ст. з Вiзантыяй i iншыя звесткi, што характарызуюць iдэю “дагавору” як адну з асноўных у функцыях Вялеса.

Як i ў большасцi сур’ёзных навуковых прац, спачатку разглядаюцца крынiцазнаўчая база даследаванняў i гiстарыяграфiя тэмы. Апроч пiсьмовых крынiцаў (летапiсаў, жыцiй, апакрыфiчных сказанняў i г.д.) звернута ўвага на фальклорна-этнаграфiчныя дадзеныя i матэрыяльныя рэшткi: выявы ў летапiсах, творы манументальнага мастацтва, некаторыя археалагiчныя знаходкi i культавыя камянi. У гiстарыяграфiчным нарысе досыць падрабязна характарызуюцца высновы папярэднiкаў па вывучэнню дахрысцiянскага пантэону ўсходнiх славянаў, а таксама напрацоўкi сучасных даследчыкаў, у тым лiку такiх вядомых, як Раман Якабсон, Валянцiн Iваноў i Ула-дзiмiр Тапароў, Барыс Рыбакоў. На жаль, па-за ўвагай засталася абагульняючая манаграфiя пра хтанiчныя божышчы лiтоў-скага даследчыка Норбертаса Велюса[1], якая, дарэчы, мае досыць вялiкае расiйскамоўнае рэзюмэ. Шмат цiкавага для сябе матэрыялу Ю.Пiсарэнка мог бы знайсцi ў беларускiх паданнях i легендах[2].

У раздзеле “Сказанне пра смерць князя Алега” падрабязна аналiзуецца вядомы сюжэт аб прадказанай валхвамi смерцi князя Алега ад уласнага каня (дакладней, ад змяi, што выпаў-зла з конскага чэрапа). Абвяргаецца папулярная раней палiтызаваная версiя пра антываражскую скiраванасць “Сказання”. Нават калi дапусцiць, што прычынай гiбелi Алега была нейкая палiтычная змова, то ўсё роўна апраўдаць яго пагiбель у вачах народа можна было, выкарыстоўваючы традыцыйны мiфалагiчны матыў рытуальнага забойства правiцеля, здзейсненага дзеля дабрабыту ўсiх. Такая смерць “архаiчнага цара” ў розных народаў на пэўнай стадыi развiцця разглядалася як фактар, што спрыяў урадлiвасцi. Князя цi цара па дасягненнi пэўнага ўзросту рытуальна забiвалi, бо яго старэнне ўспрымалася пагрозай для нармальнага працякання прыродных з’яваў. Такое абрадавае забойства састарэлага сакральнага валадара або старых людзей было функцыяй валхвоў як служыцеляў Вялеса, што сумяшчаў функцыi бога смерцi i бога ўрадлiвасцi.

Зыходзячы з таго, што назвы “Вялес-Волас” i “волат” маюць агульную этымалогiю, робiцца спроба звязаць фальклорных волатаў з богам Вялесам. Як гэты бог, так i волаты мелi сувязь з замагiльным светам. З iншага боку, iх яднала таксама функцыя забеспячэння ўрадлiвасцi. У прыватнасцi, як лiчыць даследчык, сувязь ураджайных тэрмiнаў кораня “волат” з Вялесам засведчыў земляробскi абрад пакiдаць “Валотку на бародку”, г.зн. пакiдаць некалькi каласкоў (“волацяў”) на полi нязжатымi. Гэтыя каласы лiчылiся “Воласавай барадой”. Напрошваецца аналогiя, што агульнае паходжанне ў такiм разе павiнен мець i звычай беларускай шкоданоснай магii рабiць “залом” на нiве цi на лузе.

Выклiкае нязгоду атаясамлiванне фальклорных волатаў i асiлкаў. Уважлiвае параўнанне беларускiх легендаў дазваляе прасачыць рознiцу памiж гэтымi дзвюма разнавiднасцямi мiфалагiчных персанажаў.

У легендзе пра паходжанне д’ябла i балотаў будучы д’ябал прадстае ў выглядзе волата, якi з’яўляецца з вады, “паварочваецца, але не можа ўстаць” у вадзяным “стаўбе”[3]. Волаты былi iстотамi такога росту, што цяперашнiя людзi “нават iм да кален не дасталi б”, галовы ў iх былi вялiзныя. У легендзе “Вужава карона” волат у лесе заступае дарогу герою i, вырваўшы вялiзнае дрэва, страшыць, гучна стукаючы iм[4]. Варта звярнуць увагу, што ў згаданай легендзе пра паходжанне д’ябла волат з’яўляецца з вады (Вялес таксама звязаны з вадой, балотам, нiзiнай) i становiцца антаганiстам Бога (нярэдка пазнейшага абазначэння Перуна).

Асiлкi, згодна з легендамi, падобныя да волатаў сваiм ростам – “былi такiя велiзарныя, бы дуб”. Асiлкi не займалiся яшчэ земляробствам, а лавiлi па лясах звяроў i ў вадзе рыбу, адзенне рабiлi са звярыных шкур. У адрозненне ад волатаў, з якiмi звязваюць узнiкненне курганоў-валатовак, легенды згадваюць асiлкаў як жыхароў гарадзiшчаў. Нярэдка фiгуруе такая дэталь – асiлкi, якiя жылi на розных гарадзiшчах або на розных берагах ракi, “маглi перакiдваць адзiн да другога стопудовыя камянi i схоплiваць iх на ляту, як мяч”. У некаторых выпадках замест камянёў называюцца сякеры або млынавыя жорны. “Ад сваёй вялiкай сiлы асiлкi давай барукацца, давай рызыкаваць ды зразiцца на самога Бога. От за тое Бог i адняў ад iх глузд, так што яны пачалi iлбамi разбiваць каменныя горы”. Са Случчыны вядомая казка пра тое, як асiлак разбiвае булавой каменную сцяну, за якой пакутавалi выкрадзеныя цмокам людзi[5]. У iншых казках цар Гром, як i асiлкi, разбiвае камянi i дрэвы.

Зброяй Перуна лiчылiся камянi, а каменныя сякеры ў народзе называюць перуновымi стрэламi. Па павер’ях, Пярун трымае ў руках вельмi вялiкiя жорны, трэ iмi i ўдарае адзiн аб другi, ад чаго ўзнiкаюць гром i маланкi[6]. У адной з легендаў магутны асiлак разбiў вялiкiм молатам вялiзны камень, а ў казках кiнутая ўверх булава асiлка “гудзе ў небе, бы гром грымiць”. Такiм чынам, асiлкi ў фальклоры асацыююцца з каменем, каменнымi жорнамi, сякерамi, громам, г.зн. з атрыбутамi бога навальнiцы. Ад назвы каменнай прылады, якой у старажытнасцi выкрасалi агонь, паходзiць слова асялок – “тачыльны камень”, а таксама стараславянскае “осла” i падобныя да iх назвы каменя ў iншых iндаеўрапейскiх мовах. Са словамi осла, аселак мовазнаўцы звязваюць этымалогiю слова асiлак[7]. Назва ж волатаў паходзiць ад кораня vel-, звязанага з абазначэннем замагiльнага свету або ўлады.

Велiканы фiгуруюць i ў мiфалогiях iншых народаў (напрыклад, ётуны ў германцаў). У старажытнагрэцкай мiфалогii алiмпiйскiм багам папярэднiчалi гiганты i тытаны, з якiмi ў пэўнай ступенi можна параўнаць волатаў i асiлкаў.

Як прызнае большасць даследчыкаў, выявы Вялеса ёсць у нiжнiм ярусе на трох гранях Збруцкага стода. Божышча стаiць на каленях i падтрымлiвае галавой ды рукамi плоскую зямлю з людзьмi на ёй. Аднолькавыя выявы прысутнiчаюць на трох гранях таму, што з Вялесам асацыявалiся няцотныя лiчбы, асаблiва “3″. Гэты паказ Вялеса з зямлёй на галаве шмат у чым нагадвае вядомы па сярэднявечных дакументах i этнаграфiчных апiсаннях звычай клятвы з дзёрнам на галаве. Тым самым селянiн, якi прыносiў клятву, прыпадабняўся хтанiчнаму божышчу. Паколькi ў клятве згадвалася Мацi-сырая зямля, то аўтар робiць выснову, што ў паганскай мiфалогii яна магла лiчыцца “мацi” не толькi селянiна, але i самога Вялеса. Абрад гэтай клятвы зберагаў трываласць абшчыны, а значыць Вялес лiчыўся абаронцам абшчыннага ладу. Сляды мiфа пра Вялеса i Зямлю Ю.Пiсарэнка адшуквае ў былiнах пра Святагора. Правобразам Святагора, на думку вучонага, быў Вялес.

У сучасных даследчыкаў мiфалогii няма адзiнства поглядаў наконт бога Рода i яго функцыяў. Думкi вагаюцца ад прызнання гэтага персанажу самым галоўным богам славянаў i амаль да поўнага яго iгнаравання. Ю.Пiсарэнка таксама спрабуе вырашыць гэтае пытанне, але на занадта абмежаваным матэрыяле. Паводле яго высновы, у мiфах Род лiчыўся бацькам Вялеса, i абое яны ўшаноўвалiся як продкi людзей, але продкi розных узроўняў. Усё ж больш узважанай, пэўна, была пазiцыя Б.Успенскага, якi схiльны атаясамлiваць Рода з Вялесам.

У кiеўска-вiзантыйскiх дамовах Х ст. Вялес згадваецца звычайна разам з Перуном. Як мяркуе аўтар кнiгi, у дадзеным выпадку Вялес выступаў як бог мiру ў яго трох галоўных праявах: “мiрнае жыццё”, “космас”, “абшчына”. Гэты бог быў звязаны з абшчынна-родавай арганiзацыяй i часткова яе персанiфiкаваў.

Асаблiвую цiкавасць для беларускiх чытачоў павiнны ўяўляць раздзел “Адлюстраванне мiфа пра Воласа ў былiне “Волх Усяслававiч”", таму што ў апошнiм прасочваюцца некаторыя рысы князя Усяслава Полацкага. Як вядома, гiстарычнаму Усяславу Чарадзею сучаснiкi прыпiсвалi некаторыя рысы, агульныя з Вялесам: звышнатуральнае нараджэнне, ваў-калацтва, улада над прыродай. Вядома, згаданыя аспекты не з’яўляюцца вычарпальнымi для ўсеахопнай характарыстыкi вобразу Вялеса. Але ў адной манаграфii, пабудаванай на аснове кандыдацкай дысертацыi, ахапiць усе “вялесазнаўчыя” пытаннi было i немагчыма. На дадзеным жа этапе кнiга Ю.Пiсарэнкi з’яўляецца значным даробкам у вывучэнне ўсходнеславянскай мiфалогii i дахрысцiянскага светапогляду.

Менск

Эдвард Зайкоўскi


[1] Velius N. Chtoniškasis lietuvių mitologijos pasaulis. Folklorinio velnio analise. Vilnius, 1987.
[2] Легенды i паданнi / Беларуская народная творчасць. Мiнск, 1983.
[3] Тамсама.С.9.
[4] Тамсама.С.230.
[5] Сержпутоўскi А. Казкi i апавяданнi беларусаў з Слуцкага павета. Мiнск, 1926. №23.
[6] Богданович А.Е. Пережитки древнего мировоззрения у белорусов. Гродна, 1895. С.76.
[7] Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. Москва. 1974. С.95.

Наверх

Шаблюк, Валеры У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV-XVIII ст. (Iрэна Ганецкая)

Снежня 17, 1997 |

ШАБЛЮК, ВАЛЕРЫ У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV-XVIII ст. Мiнск: Беларуская навука, 1996. 119.

Кнiга В.Шаблюка стала значнай падзеяй мiнулага года. Не адзiн год карпатлiвай працы ўкладзены ў манаграфiю. Шматлiкiя археалагiчныя раскопкi, росшукi ў беларускiх i замежных архiвах прынеслi добры плён.

Кнiга звяртае ўвагу ўжо сваёй тэмай – гэта адзiная манаграфiя, прысвечаная беларускай вёсцы перыяду Сярэднявечча. Мiж iншага, як слушна заўважае аўтар, галоўнай формай феадальнай эканомiкi была сельская гаспадарка, а самым шматлiкiм класам грамадства – сяляне.

Даследаванне ахоплiвае амаль усе сферы тагачаснага сельскага жыцця. Даўшы кароткую характарыстыку геаграфiчных умоваў, этнiчнага складу насельнiцтва, аўтар перахо-дзiць да выкладання асноўнага матэрыялу: тыпы, памеры i планiроўка сельскiх паселiшчаў XIV-XVIII ст., жылыя i гаспадарчыя пабудовы, рэчы хатняга ўжытку, касцюм, гаспадарчая дзейнасць. Насельнiцтва сярэднявечнай вёскi не было аднародным, што выдатна паказана ў манаграфii. Аўтар асобна аналiзуе матэрыяльную культуру феадальнай сядзiбы i сялянскага двара, з аднолькавай увагай ставiцца да вывучэння i невялiкiх гаспадарчых, i значных культавых пабудоў.

Вялiкай вартасцю працы з’яўляецца шырокая крынiцазнаўчая база. Сам археолаг, аўтар шырока карыстаецца пiсьмовымi крынiцамi даследаванага перыяду, як надрукаванымi, так i здабытымi iм самым у архiвах Беларусi, Лiтвы, Расii. Корпус апрацаванага матэрыялу сапраўды ўражвае, асаблiва калi чытаеш першы раздзел. Нароўнi з тэкставымi не меншае значэнне маюць археалагiчныя крынiцы. Часам яны канкрэтызуюць, удакладняюць, iлюструюць архiўныя звесткi, часам выходзяць на першае месца. Увагi заслугоўвае тое, што характарызуючы сельскую матэрыяльную культуру, В.Шаблюк разам з археалагiчнымi знаходкамi смела карыстаецца iнфармацыяй з пiсьмовых дакументаў. Гэта дае магчымасць ажывiць рэчы, змяшчае iх у новы, больш поўны, кантэкст. Дапаможнае значэнне маюць этнаграфiчныя i iканаграфiчныя крынiцы. Што да апошнiх, то унiкальнай, на мой погляд, з’яўляецца знаходка выявы сядзiбнага дома першай чвэрцi XVIII ст., але пабудаванага яшчэ ў XVII ст.

У такой маштабнай працы аўтару, на жаль, не ўдалося пазбегнуць i недахопаў. На нязначных памылках i недакладнасцях не будзем спыняцца, каб за дрэвамi не згубiць лесу. Але ёсць некалькi прынцыповых момантаў, на якiя нельга не звярнуць увагi.

На с.10 слабую насычанасць слою знаходкамi XIV-XV ст. у параўнаннi з папярэднiм i наступным перыядамi аўтар спрабуе звязаць з Вялiкай чумой, якая ахапiла Еўропу ў другой палове XIV – першай палове XV ст., у вынiку якой “у большасцi еўрапейскiх краiн назiраўся глыбокi дэмаграфiчны крызiс”. Дапушчэнне вельмi ўжо спрэчнае. Па-першае, дэмаграфiчны крызiс XIV-XV ст. у Еўропе выклiканы не толькi адной чумой. Ды i адбываўся ён на фоне скарачэння пасяўных плошчаў, рэдкага для тых земляў голаду, крывавых, а часам i працяглых, войнаў. Па-другое, у Заходняй Еўропе справа далёка не абмяжоўвалася рэзкiм скарачэннем насельнiцтва. Крызiс насiў сiстэмны характар i закрануў практычна ўсе сферы жыцця грамадства: сельскую гаспадарку, вытворчаць, фiнансы, iдэалогiю, культуру. У нетрах гэтага крызiсу нараджалiся элементы новага ладу, якi атрымаў сваё поўнае развiццё ў наступную гiстарычную эпоху. Праўда, пра ўсё гэта не сказана ў “Истории крестьянства”, на якую чамусьцi зроблена спасылка. Больш таго, у пачатку таго ж самага абзацу на с.9 аўтар нам паведамляе, што ў XIV-XV ст. у Панямоннi “павялiчваюцца плошчы ворыўнай зямлi”, “адбываецца паступовае асваенне i засяленне новых тэрыторый”, у плане знешнепалiтычных абставiнаў наступае “перыяд стабiлiзацыi, што садзейнiчала больш хуткаму асваенню тэрыторыi”. Дык, у такiм разе, расло насельнiцтва ў XIV-XV ст. цi змяншалася? Беднасць археалагiчных слаёў XIV-XV ст. звязана са змяншэннем насельнiцтва цi з чым-небудзь iншым? Адказаў на гэтыя пытаннi няма. Цалкам магчыма, што крызiсныя з’явы, якiя мелi месца ў Еўропе XIV-XV ст., закранулi i беларускiя землi, але дапушчэннi такога кшталту павiнны быць падмацаваныя адпаведнымi аргументамi. Неабгрунтаванага, механiчнага пераносу нейкай з’явы на iншую глебу варта пазбягаць. Такая ўвага да адзiнага абзацу цэлай кнiгi невыпадковая. Па-мойму, сiмптомы гэтай “хваробы” сталi даволi часта выяўляцца ў нашай гiстарыяграфii апошнiх гадоў.

Падача археалагiчнага матэрыялу – другое, на чым хацелася б спынiцца. Аўтар паспрабаваў зрабiць гэта нетрадыцыйна, але яму тое не вельмi ўдалося. Атрымалася, што шмат месца займае шырокавядомая iнфармацыя агульнага плану i вельмi мала ўвагi аддадзена аналiзу канкрэтнага матэрыялу, якi паходзiць з даследаванага рэгiёну. I не скажаш, што ён не прысутнiчае, але паказаны неяк бессiстэмна, у выглядзе адасобленых апiсанняў. Возьмем, напрыклад, кафлю. Нам паведамляеца пра тое, калi з’яўляецца кафля на Беларусi, як iшла эвалюцыя кафлi ў XIV-XVI cт., як яе выраблялi, знаходзiм падрабязную iнфармацыю пра сценныя, кутнiя, гзымсавыя i iнш. кафлi ўвогуле. У той жа час, няма адказу на пытаннi, калi на сельскiх паселiшчах Панямоння з’яўляюцца кафляныя печы? З якога i да якога часу ўжывалiся гаршковыя кафлi? Як мяняў-ся тут выгляд кафляў (ды i печаў) на працягу разгляданага перыяду? Iнакш кажучы, мясцовы матэрыял не прадстаўлены паслядоўна ў яго храналагiчным i тыпалагiчным развiццi. Най-лепш атрымалася частка, прысвечаная ганчарнаму посуду, але i тут не ўсё гладка. Ратуюць iлюстрацыi, балазе iх дастаткова. Але ж тыпалагiчна i храналагiчна матэрыял патрабуе больш глыбокай апрацоўкi, i для гэтага ўжо створаныя магчымасцi: за апошнiя гады па археалогii XIV-XV ст. выйшлi дзесяткi публiкацый. Аднак, зазiрнуўшы ў спiс выкарыстанай лiтаратуры, бачым, што самая “новая” пазiцыя датуецца 1989 годам, за выключэннем адзiнай публiкацыi самога аўтара за 1993 г. Такiм чынам, па-за ўвагай даследчыка застаўся багаты навуковы набытак апошнiх пяцi гадоў. Скарыстаўшы ж зробленае iншымi археолагамi, можна было б пазбегнуць шмат якiх недакладнасцяў i памылак, зрабiць карцiну сельскай матэрыяльнай культуры больш рэльефнай, параўнаць яе з матэрыяльнай культурай гарадоў i замкаў.

I ўсё ж, нягледзячы на выказаныя заўвагi, кнiга В.Шаблюка зойме пачэснае месца ў нашай археалагiчнай i гiстарычнай навуцы. Яна дэманструе сучасны падыход да вырашэння праблемаў гiсторыi Сярэднявечча на аснове комплекснага аналiзу шырокага кола разнастайных крынiц. Са старонак манаграфii паўстае шырокая панарама сельскага жыцця беларускага Панямоння XIV-XV ст.

На вялiкi жаль, цяпер няма каму пашыраць i паглыбляць такую важную для беларускай гiсторыi тэму. 2 траўня 1997 г. трагiчна абарвалася жыццё археолага, руплiвага даследчыка нашай мiнуўшчыны, шчырага патрыёта Валерыя Шаблюка. I гэтая кнiга – найлепшы помнiк вучонаму.

Менск

Iрэна Ганецкая

Zamojski, Adam. Ostatni król Polski (Яўген Анiшчанка)

Снежня 16, 1997 |

ZAMOJSKI, ADAM. Ostatni król Polski. Warszawa, 1994. 548.

Першым разам гэтая выдатна аздобленая праца Адама Замойскага з’явiлася ў Вялiкабрытанii – краiне ўстойлiвых лiберальных свабодаў i манархii. Можа таму, што там гэтыя, здавалася б непрымiрымыя прынцыпы не выдаюцца за нацыянальны сорам. Магчыма i таму, што там даўно цiкавяцца лiдэрамi, у бiяграфiях якiх злiты i велiч, i роспач нацыi.

Адам Замойскi не браўся пiсаць самастойнага доследу пра жыццё апошняга караля Рэчы Паспалiтай Станiслава Аўгуста Панятоўскага. Кнiга ўяўляе з сябе сумленную кампiляцыю з даволi багатай лiтаратуры, так што аўтару заставалася толькi трапна афарбоўваць храналагiчную канву вытрымкамi з уласных архiўных росшукаў. Яму бракавала хiба толькi архiваў Масквы i Пецярбурга, з якiмi “Цёлка” (так велiчалi караля сучаснiкi) быў звязаны васальнымi путамi. Мiж тым, Замойскi не ганьбуе марыянетачную ролю караля, а лiчыць яго “узорам манарха” (С.472), адукаванага, iнтэлiгентнага, якi трагiзму па-дзей процiстаяў сваёй фiласофiяй шчырага пакутнiка i самаахвярнiка.

Практычна ўся кнiга – гэта панегiрык каралю Станiславу Панятоўскаму, узведзенаму на трон расiйскiмi штыкамi, якi i пры ўладзе трымаўся дзякуючы пецярбургскай пратэкцыi. Аўтар абяляе караля за ўсе падзелы Рэчы Паспалiтай, пiша пра вiну народа (С.469), няздольнага на энергiчныя i валявыя дзеяннi. У гэтым Замойскi не адыходзiць ад старадаўняй гiстарыяграфii i ўсяго таго, што М.Кастамараў калiсцi назваў маральнай разбэшчанасцю пануючых станаў дзяржавы. Аўтар часта прыводзiць словы Панятоўскага, якi свае хiстаннi i кожную нерашучасць апраўдваў пагрозамi грамадзянскай вайны. Усё яго караляванне Замойскi лiчыць фатальным i магчымым толькi пры пастаяннай лаяльнасцi да Расii, абапiраючыся на якую i можна было праводзiць пэўныя рэформы. Аднак у кнiзе кранута шмат падзей, якiя сведчаць: памяркоўны лiбералiзм у напрамку да лагоднай рэвалюцыi, да эвалюцыi ангельскага тыпу, да прадухiлення французскiх жахаў – гэта палохала пецярбургскiх апекуноў, схiляла iх да супольнай з суседзямi агрэсii. Трагiкамiчную дылему панавання Панятоўскага станавiла ягонае станoвiшча сумленнага каханка Кацярыны II, да якой ён на ўсё жыццё захаваў светлыя пачуццi, якiмi i стараўся баранiць краiну ад няшчасцяў лёсу.

Сярод закулiснай актыўнасцi караля i яго двара выразна праступае не згубная самаўпэўненасць, а вобраз “добрага” i даверлiвага чалавека, якi праз асабовыя якасцi зрабiўся палонным зусiм не кахання, а вялiкадзяржаўнай палiтыкi, марыянеткай прагнучых улады колаў, якiя да ўсяго не саромелiся гандляваць каронай пры жыццi свайго велiкадушнага венцаносца. Замойскаму ўдаўся вобраз менавiта такога мяккасардэчнага чалавека, якi ў лепшым выпадку быў здатны на ролю бацькi асветнай сям’i, але зусiм не нацыi. Варта дадаць, што аўтар не стаў вязнем апалогii мiралюбнага манарха, якi пры кожным нечаканым выпадку схiляў галаву перад гiльятынай часу. З гэтага пункту гледжання кнiга напiсана ў даволi аб’ектыўнай манеры, дзе горыч за беззаганнасць каралеўскiх учынкаў спалучана з папрокамi i абвiнавачваннямi ў адрас ягонага атачэння. Менш за ўсё тут можна шукаць псiхалагiчнага партрэту на так званым фоне абставiн, хоць герой Замойскага дзейнiчае акурат у межах сваiх прэрагатываў. Кароль у кнiзе атрымаўся не жывым пакутнiкам, а рабом статычнага бегу падзей. Трэба адважыцца прызнаць, што трымаўся ён на троне не дзякуючы ўласным дабрадзействам, а таму, што патрабаваўся менавiта такi манарх.

Праца Адама Замойскага, напiсаная ў папулiзатарскiх мэтах, будзе лёгка давацца кожнаму, хто хоча засвоiць гiсторыю скону Рэчы Паспалiтай разам з яе апошнiм каралём.

Менск

Яўген Анiшчанка

Beavoius, Daniel. Walka o ziemie. Szlachta polska na Ukrainie (Алесь Смалянчук)

Снежня 15, 1997 |


BEAVOIUS, D. WALKA O ZIEMIE. Szlachta polska na Ukrainie prawobrzeznej pomiędzy caratem a ludem ukraińskim. 1863-1914. Sejny, 1996. 290.

“Walka o ziemie” – трэцяя кнiга загадчыка кафедры гiсторыi славян Парыжскага унiверсiтэту, якая датычыць гiсторыi палякаў на землях былога Вялiкага Княства Лiтоўскага ў ХIХ – пачатку ХХ ст. Дзве першыя – “Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich. 1830-1832.” T.1-2 (Rzym-Lublin); “Polacy na Ukrainie.1831-1863″ (Paryż), якiя ў польскiм перакла-дзе выйшлi адпаведна ў 1991 i 1986 г. – выклiкалi вялiкую зацiкаўленасць асаблiва сярод польскiх гiсторыкаў. Новая праца стала прадметам вострых дыскусiй i яшчэ раз пацвердзiла высокi навуковы ўзровень даследаванняў Данiэля Бавуа. Вядомы польскi гiсторык Стэфан Кеневiч ахарактарызаваў яе як навуковую сенсацыю.

Спробу зразумець гiстарычную ролю польскай грамадскасцi правабярэжнай Украiны (Кiеўская, Валынская i Падольская губ.) французскi даследчык звязаў з аналiзам “аграрнага пытання”. Ён упэўнены, што ўсе эканамiчныя, грамадскiя i этнiчныя праблемы гiсторыi Украiны ХIХ – пачатку ХХ ст. былi звязаны якраз з гэтым пытаннем. Больш таго, французскi навуковец лiчыць, што аграрная праблема знаходзiцца ў цэнтры асэнсавання гiстарычнага лёсу ўсёй Усходняй Еўропы (с.74).

Даследаванне Бавуа заснавана на грунтоўнай базе крынiц. Гэта дакументы расiйскiх дзяржаўных устаноў з архiваў Пецярбурга, Масквы, Кiева i Варшавы, матэрыялы архiваў i бiблiятэк Кракава, Вроцлава i Парыжа. Многiя з iх упершыню ўводзяцца ў навуковы зварот. Французскi гiсторык выкарыстаў матэрыялы расiйскага i польскага перыядычнага друку, успамiны, частка якiх не друкавалася. Спалучэнне такiх розных крынiц, памножанае на даследчыцкi талент i ўменне ясна выказваць свае думкi, дало выдатны вынiк.

Гiсторык ахарактарызаваў i ўласную iдэалагiчную пазiцыю. Не прэтэндуючы на аб’ектыўнасць, Д.Бавуа заявiў, што даваў ацэнку гiстарычных падзей з пункту погляду правоў чалавека (С.128). Не кожны даследчык можа прыняць падобную заяву свайго калегi. І справа нават не ў свядомай адмове ад прэтэнзiй на аб’ектыўнасць. Сёння ўсё больш гiсторыкаў разумеюць, што прэтэнзiя на аб’ектыўнасць – гэта свядомы цi несвядомы падман чытачоў i самога сябе. Кожная гiсторыя – ёсць гiсторыя, напiсаная з пэўных пазiцый. Навуковасць заключаецца не толькi ў жорсткiм выкананнi патрабаванняў метадалогii гiсторыi, але i ў тым, каб растлумачыць чытачу (i самому сабе) сутнасць аўтарскай пазiцыi. У заяве Бавуа выклiкае сумненне iншае. Пазiцыя аўтара непазбежна прымушае яго браць на сябе функцыi суддзi. Навуковец i сапраўды выносiць свой прысуд, але цi не з’яўляецца ён самым слабым месцам працы?

Напачатку першага раздзела (“Расiйска-польскi зямельны антаганiзм”), прысвечанага спробам расiйскай адмiнiстрацыi зменшыць памеры польскага землеўладання, аўтар вызначыў колькасць польскiх памешчыкаў. У 1863 г. колькасць польскiх землеўладальнiкаў, якiя мелi 100 прыгонных i болей, вагалася памiж 5,0 – 5,5 тыс. чалавек.* Сярэднi памер iх маёнткаў складаў 895,6 дз. (С.20). Апроч iх у трох украiнскiх губернях на пачатку 60-х г. пражывала каля 70 тыс. шляхцiчаў. З iх 9/10 не мелi нi зямлi, нi прыгонных. У адрозненне ад сваiх ранейшых прац[1] Д.Бавуа аднёс дробную шляхту, у т.л. i здэкласаваную (г.з. пазбаўленую шляхецкага статусу) да польскай грамадскасцi. Праблему агульнай колькасцi палякаў на правабярэжнай Украiне ў канцы ХIХ – пачатку ХХ ст. французскi гiсторык не разглядаў. Характарызуючы сiтуацыю, якая склалася ў польскай i ўкраiнскай гiстарыяграфii па гэтым пытанні, ён адзначыў: “Толькi ў вынiку экстрапаляцыi, характэрнай для ментальнасцi эндэкаў,** можна было залiчыць 667 581 католiка да палякаў, быццам украiнцы-католiкi проста не iснавалi. Лiнгвiстычны крытэрый таксама выклiкае сумненнi. Безумоўна, на Украiне было больш палякаў, чым тыя 322 954 асобы, якiя прызналi сваёй роднай мовай польскую. Аднак з сацыялагiчнага пункту погляду сапраўдная колькасць палякаў на Украiне здаецца блiжэй да апошняй велiчыні” (с.247).

Антыпольская палiтыка расiйскай адмiнiстрацыi разглядаецца на некалькiх узроўнях. У кнiзе прааналiзаваны заканадаўчыя акты вярхоўнай улады (нават праекты актаў!), раскрыта дзейнасць Заходняга камiтэту, ахарактарызаваны мерапрыемствы кiеўскага генерал-губернатара i зроблена спроба паказаць, як мясцовая адмiнiстрацыя выконвала распара-джэннi вышэйшых уладаў. Атрымалася глабальная карцiна змагання расiйскай адмiнiстрацыi i польскiх землеўладальнiкаў за зямлю.

Даследчык звярнуў увагу на тое, што нават iмператар-скiя указы, у т.л. указ ад 10 снежня 1865 г., якi забараняў палякам i католiкам дзевяцi заходнiх губерняў (тэрыторыя Беларусi, Лiтвы i Украiны) набываць зямлю, не далi чакаемага вынiку. Сярод шматлiкiх спосабаў невыканання расiйскiх законаў французскi гiсторык адзначыў i такую, як хабар. Афiцыйныя дакументы амаль не адлюстроўваюць ступень карупцыi сярод расiйскага чыноўнiцтва. Высновы аўтара заснаваны пераважна на ўспамiнах. З гэтай групай крынiц звязана характэрная рыса даследавання.

Французская гiстарыяграфiя здаўна адрознiваецца падкрэсленай увагай да чалавека. Можна нагадаць вядомае выказванне Марка Блока: “Гiсторык нагадвае казачнага людажэрцу. Дзе пахне чалавекам, там, ён ведае, яго чакае здабыча”. У “пошуках чалавека” ўспамiны аказваюцца звышкаштоўнай крынiцай. Яны даюць магчымасць зразумець светапо-гляд асобных людзей, а праз яго ўжо весцi гаворку пра менталiтэт цэлых грамадскiх груп.

Данiэль Бавуа з дапамогай успамiнаў максiмальна ўзмацнiў “чалавечую прысутнасць” у сваiм даследаваннi. Якiя б праблемы не закранаў аўтар (ад палiтыкi расiйскай адмiнiстрацыi да вытворчасцi цукру i памераў бураковых плантацый), гаворка заўсёды iдзе пра чалавека. Французскi даследчык здолеў злавiць няўлоўнае, адчуць i перадаць пульсуючае жыццё той Украiны, якая даўно знiкла. Трэба адзначыць i адчувальную прысутнасць у тэксце самога аўтара. Д.Бавуа дзелiцца ўласнымi сумненнямi, распавядае пра памылкi, пра крытычныя заўвагi да ягоных прац з боку калег, карацей кажучы, раскрывае эвалюцыю ўласных поглядаў. “Прысутнасць чалавека” ўзба-гачае даследаванне i робiць вельмi цiкавым аўтарскi тэкст.

Характарызуючы ментальнасць польскiх землеўладальнiкаў, гiсторык адзначыў, што “ў палякаў сфармавалася пачуццё абаронцаў з усiх бакоў абложанай крэпасцi. Сярод тых, хто захаваў маёнткi, права валодання зямлёй ператварылася ў своеасаблiвую рэлiгiю”. (С.41). Аналагiчнае пачуццё мелi i польскiя землеўладальнiкi Беларусi i Лiтвы, на што звярнуў увагу яшчэ Аляксандр Цвiкевiч.

Французскi даследчык паказаў крах расiйскiх намаганняў па змяншэнню польскiх ўплываў на правабярэжнай Украiне. Скарачэнне польскай зямельнай маёмасцi (на 30%) адбылося на фоне крызiсу памешчыцкага землеўладання ва ўсёй iмперыi. Па падлiках аўтара, яно скарацiлася з 87,2 млн.дз. у 1862 г. да 41,1 млн. у 1914 г., г.з. на 47% (С.71). Д.Бавуа паказаў, што на пачатку ХХ ст., нягледзячы на маёмасныя страты, назiралася нават умацаванне гаспадарчых пазiцый польскiх землеўладальнiкаў: “Гаспадарчая моц тых “апошнiх магiканаў” нiколi яшчэ не была такой значнай” (С.66). Галоўным аргументам у пацвярджэнне гэтага тэзiсу стаў рост кошту зямлi: у 1858 г. адна дзесяцiна каштавала 13 руб., а ў 1914 г. -163 руб. (с.66). Гэты рост аўтар звязаў з дэмаграфiчным выбухам сярод сялянства, якi распачаўся пасля адмены прыгоннага ладу. З 1860 да 1897 г. прырост сялянскага саслоўя склаў 58% (С.151). Аднак з тэксту незразумела, цi ўлiчыў французскi гiсторык iнфляцыйныя працэсы. Перыяд памiж 1858 i 1914 г. увабраў у сябе вайну памiж Расiяй i Турцыяй (1876-1877), голад 1891 г., расiйска-японскую вайну (1904-1905), рэвалюцыю 1905-1907 г. i шмат iншых падзей, якiя спрыялi росту iнфляцыi.

Заключная аўтарская выснова першага раздзела – “Рускiя i польскiя землеўладальнiкi змагалiся памiж сабой сярод акеану чалавечай галечы” (С.72) – выцякае не столькi з логiкi тэксту, колькi з пазiцыi аўтара. Сваё абгрунтаванне яна атрымала значна пазней.

Наступны раздзел (“Польска-украiнскi зямельны антаганiзм”) Данiэль Бавуа пачаў з аналiзу таго, як расiйская адмiнiстрацыя i польскiя землеўладальнiкi спрабавалi разыграць “украiнскую карту”. Мэтай было выкарыстанне ўкраiнцаў на сваiм баку ў польска-расiйскiм канфлiкце. Адмiнiстрацыя рабiла стаўку на сацыяльна-эканамiчны аспект. Так, ужо iнвентары 1847 г. абмежавалi ўладу землеўладальнiкаў над украiнскiм сялянствам. Але найбольш актыўна “ўкраiнская карта” разыгрывалася ў час паўстання 1863 г. Чыноўнiкi i праваслаўнае духавенства распаўсюджвалi сярод сялян улёткi, якiя абяцалi зямельны надзел за кожнага схопленнага паўстанца. 30 лiпеня 1863 г. на Украiне было лiквiдавана часоваабавязанае становiшча, i сяляне пачалi атрымлiваць зямлю. Гэта дало свае вынiкi. Украiнскiя сяляне нярэдка больш жорстка, чым карныя войскi, распраўлялiся з паўстанцамi. Улёткi трактавалiся як дазвол на забойства (С.76).

Польскi розыгрыш “украiнскай карты” адбываўся пераважна ў культурнай галiне. У час паўстання польскiя дзеячы выказвалiся ў падтрымку развiцця ўкраiнскай культуры, распаўсюджвалi на ўкраiнскай мове творы пра барацьбу казакоў з “маскалямi”. А некаторыя з iх (Т.Рыльскi, У.Антановiч) сталi дзеячамi ўкраiнскага руху. Аднак аўтар лiчыць, што адносiны большасцi польскай грамадскасцi да ўкраiнскай культуры нiчым не рознiлiся ад адносiн расiйскай адмiнiстрацыi. і першыя, i другiя не прызнавалi самабытнасцi ўкраiнскай мовы i культуры. Адныя лiчылi ўкраiнцаў сапсаванымi рускiмi, а другiя – сапсаванымi палякамi (С.77).

Ураўняўшы расiйскую адмiнiстрацыю i польскую грамадскасць у адносiнах да ўкраiнскага сялянства, французскi да-следчык не заўважыў, што ў свядомасцi многiх мясцовых палякаў пачуццё прыналежнасцi да польскай культуры спалучалася з усведамленнем свайго ўкраiнскага паходжання. Яны не разыгрывалi “украiнскую карту”, а сапраўды цiкавiлiся фальклорам i мовай украiнцаў. Сярод расiйскiх чыноўнiкаў такiх дзеячаў не было i не магло быць, бо ўсе яны прадстаўлялi каланiяльную адмiнiстрацыю, i гэта вызначала iх менталiтэт.

Розыгрыш “украiнскай карты” пацярпеў канчатковы крах на пачатку ХХ ст. Рэвалюцыю 1905 г. на Украiне гiсторык назваў “генеральнай рэпетыцыяй канца свету” (С.118). Да-следчык адзначыў, што ў вёсцы нянавiсць да землеўладальнiкаў выразна дамiнавала над этнiчнымi сiмпатыямi або антыпатыямi. У гэтай сiтуацыi польскiя землеўладальнiкi пачалi звяртацца да ўладаў з просьбай аб прысылцы войскаў. Цiкава, што зусiм па-iншаму паводзiлi сябе польскiя землеўладальнiкi Беларусi i Лiтвы. Большасць з iх нават у крытычных сiтуацыях iмкнулася пазбегнуць паслуг расiйскага войска. Сярод польскай грамадскасцi беларуска-лiтоўскага краю ў 1905-1907 г. пашырылася т.з. “краёвая iдэя”. Сацыяльным i этнiчным па-трабаванням супрацьстаяла iдэя палiтычнай нацыi як супольнасцi ўсiх карэнных жыхароў краю. Краёўцы iмкнулiся аб’яднаць грамадства Беларусi i Лiтвы, выстаўляючы на пярэднi план агульнакраёвыя патрабаваннi. У сувязi з гэтым варта адзначыць, што, па меншай меры, ў Беларусi i Лiтве аграрная праблема не вызначала пазiцый усiх колаў грамадства. На Украiне краёвая iдэя не магла распаўсюдзiцца, бо гэтая зямля ўжо зведала ў пэўным сэнсе “польска-украiнскую вайну” часоў гетмана Багдана Хмяльнiцкага i караля Яна Казiмiра. Але асобныя праявы краёвасцi назiралiся i тут. Пра гэта сведчыць прыведзены аўтарам фрагмент успамiнаў С.Стэмпоўскага, якi да 1914 г. лiчыў, што нiхто не можа пазбавiць яго адчування свайго ўкраiнскага грамадзянства i зямлi, на якой жылi, працавалi i памiралi ягоныя продкi (С.120). Д.Бавуа мог бы ўзмацнiць гэты сюжэт, калi б звярнуўся да дзейнасцi польскiх дэпутатаў ад правабярэжнай Украiны ў I i II Дзяржаўных думах. Яны далучылiся да краёўцаў з Беларусi i Лiтвы i ўтварылi адзiную парламенцкую фракцыю. Праўда, разбежнасцi памiж дэпутатамi былi досыць моцныя. Адзiн з “беларускiх” краёўцаў-дэмакратаў Аляксандр Ляднiцкi характарызаваў прадстаўнiкоў правабярэжнай Украiны як сапраўдных феадалаў i абсалютна апалiтычных людзей (Lednicki W. Pamietniki. T.2. Londyn, 1967. S.570).

Распаўсюджванню краёвай iдэi на Украiне перашкаджала i вастрыня сацыяльна-эканамiчных праблем. Тут моцна адчуваўся “зямельны голад”. У 1897 г. у трох губернях пражывала 9 560 тыс. чалавек, з якiх сяляне складалi 90%. 6 млн. чалавек былi нашчадкамi прыгонных сялян. Яны мелi 4 010 тыс. дз. зямлi. А 7 тыс. буйных*** польскiх i рускiх землеўладальнiкаў валодалi амаль 6 500 тыс. дз. (с.281).

На фоне гэтых разлiкаў аўтар вельмi крытычна ацанiў праекты аграрнай рэформы, якiя прапанавалi польскiя землеўладальнiкi. Гэта адносiцца i да праекту Леона Лiпкоўскага (1904), якi ўтрымлiваў асноўныя палажэннi будучай, т.з. “сталыпiнскай” аграрнай рэформы. Крытычнае стаўленне даследчыка да рэалiзацыi “хутарской iдэi” звязана з працэсам разарэння бяднейшага сялянства. Але цi магчыма правядзенне сацыяльна-эканамiчных рэформаў, якiя б спалучалi сацыяльную справядлiвасць i эканамiчную эфектыўнасць? А вось з ацэнкай менталiтэту землеўладальнiкаў можна пагадзiцца. Д.Бавуа адзначыў, што ў прапанаваных праектах рэформаў адлюстравалася неразуменне сацыяльнай псiхалогii сялян i знявага да мясцовых традыцый. Большасць землеўладальнiкаў была пераканана, што дадатковы зямельны надзел сялянам не патрэбны, што галеча з’яўляецца вынiкам нiзкага культурнага ўзроўню, выкарыстання архаiчных метадаў апрацоўкi зямлi i г.д. Дарэчы, аналагiчна ацэньвалi прычыны аграрнага крызiсу землеўладальнiкi Беларусi i Лiтвы. Яны не разумелi, што iх разважаннi (у пэўнай ступенi справядлiвыя) нiколi не будуць прыняты сялянствам, якое моцна адчувала недахоп зямлi i амаль усе надзеi звязвала з атрыманнем дадатковага надзелу.

Асаблiвую цiкавасць выклiкае трэцi раздзел працы – “Змаганне памiж землеўладальнiкамi i здэкласаванай шляхтай”. Д.Бавуа ўпершыню ў гiстарыяграфii паспрабаваў апiсаць лёс дробнай шляхты на Украiне ў другой палове ХIХ – пачатку ХХ ст. Па ягоных разлiках, на пачатку 60-х г. яна налiчвала (разам з сем’ямi) каля 300 тыс. чалавек (С.281).

Гiсторыкi не звярталi асаблiвай увагi на дробную шляхту, зыходзячы з тэзiсу, што ў вынiку палiтыкi дэкласацыi яна растварылася ў масе ўкраiнскага (або беларускага i лiтоўскага) сялянства.****

Даследаванне французскага гiсторыка паказала, што аднадворцы (такi статус атрымала ў вынiку дэкласацыi большасць дробнай шляхты) засталiся чыншавiкамi. А гэта спрыяла захаванню пачуцця шляхецкасцi. Д.Бавуа даказаў, што чыншавiкi былi найбольш пераследванай групай сярод насельнiцтва Украiны. Яны апынулiся памiж “двух агнёў”. З аднаго боку – палiтыка дэкласацыi, з другога – iмкненне буйных землеўладальнiкаў да перагляду арэндных дагавораў дзеля павялiчэння арэнднай платы i скарачэння тэрмiну арэнды. Прычынай апошняга быў рост кошту зямлi. Значная частка дробнай шляхты карысталася зямлёй буйных землеўладальнiкаў здаўна i за невялiкi чынш. Яны прызвычаiлiся глядзець на гэтую зямлю як на сваю ўласнасць, тым больш, што на ёй жылi iх продкi. Намеры землеўладальнiкаў яны ўспрынялi як парушэнне гiстарычных традыцый i ўласных правоў i аказалi супрацiў. “Старэйшыя браты” па стану звярнулiся да ўладаў. Пачалося прымусовае высяленне чыншавiкоў. Пры гэтым выкарыстоўвалася палiцыя, казакi i… украiнскiя сяляне. На пачатку ХХ ст. дробную шляхту i землеўладальнiкаў ужо падзяляла бездань. Не дзiўна, што ўсе спробы Партыi нацыянальных дэмакратаў у 1905-1907 г. прапагандаваць iдэю польскай шляхецкай салiдарнасцi на Украiне пацярпелi крах.

Характырызуючы лёс украiнскай шляхты, Д.Бавуа досыць часта звяртаецца да становiшча дробнай шляхты на Беларусi i Лiтве. Ён iмкнецца паказаць заканамернасцi i своеасаблiвасцi яе гiстарычнага лёсу.

У апошнiм раздзеле (“Палякi i сацыяльна-эканамiчныя перамены”) прааналiзаваны тыя сродкi, пры дапамозе якiх польскiя землеўладальнiкi ўмацавалi сваё гаспадарчае становiшча. Аўтар паказаў асноўныя накiрункi таго эканамiчнага бума, якi перажывала правабярэжная Украiна ў другой палове ХIХ ст. На ягоную думку, “развiццё польскай гаспадаркi можна зразумець толькi ў святле вялiкiх эканамiчных перамен”. Д.Бавуа звярнуў увагу на з’яўленне новых вiдаў транспарту i сувязi, значны рост экспарту збожжа i лесу, рост вытворчасцi водкi i,асаблiва, цукру. У канцы ХIХ ст. 69% цукру ўсёй iмперыi паходзiла з правабярэжнай Украiны(С.229). Да-следчык даказаў, што “ва ўсiх галiнах прамысловасцi правабярэжнай Украiны палякi адыгрывалi галоўную або вельмi важную ролю. Эксплуатацыя вялiкiх зямельных маёнткаў была цесна звязана з прамысловасцю, што стварала ўмовы для па-стаяннага росту сельскагаспадарчай вытворчасцi”(С.234). На фоне пэўнага заняпаду расiйскага дваранства, якое не магло прыстасавацца да новых (пасля 1861 г.) сацыяльна-эканамiчных умоў, польскiя землеўладальнiкi на Украiне перажывалi нябачны раней росквiт.

Ва ўмовах эканамiчнага росту маёнткi патрабавалi значнай колькасцi рабочых рук i здольных арганiзатараў i кiраўнiкоў вытворчасцi. Мiж тым, барацьба землеўладальнiкаў з дробнай шляхтай, варожасць украiнскага сялянства ў значнай меры iзалявала iх ад мясцовага грамадства. У гэтых умовах сацыяльнай апорай буйнога землеўладання сталi “тэхнiкi i кiраўнiкi вытворчасцi, што паходзiлi з беднай шляхты, якая адстаяла сваю шляхецкасць i дзякуючы ведам i прафесiйным навыкам займала досыць высокую сацыяльную пазiцыю”, “гарадская iнтэлiгенцыя шляхецкага паходжання, сельскагаспадарчыя рабочыя (часта завербаваныя ў цэнтральнай Расii – А.С.), якiя працавалi на цукроўнях i ў iншых галiнах вытворчасцi, замежныя каланiсты (чэхi i немцы – А.С.), што служылi ў польскiх маёнтках, група яўрэяў, неабходных пры вялiкай колькасцi гандлёвых аперацый” (С.235).

У аўтарскай характарыстыцы жыцця польскiх землеўладальнiкаў на Украiне раз-пораз з’яўляюцца аналогii памiж маёнткамi Патоцкiх, Любамiрскiх, Чацвертынскiх i iншых i ся-дзiбамi плантатараў Вiргiнii i Марцiнiкi. Тут зноў адчуваецца аўтарская пазiцыя, заснаваная на лiберальна-дэмакратычнай iдэалогii сучаснай Еўропы. Калi справа даходзiць да высноў, гэтая пазiцыя пачынае дамiнаваць над тэкстам. Выснова Д.Бавуа пра каланiяльны характар польскага землеўладання на Украiне не з’яўляецца бясспрэчнай. Яна не выцякае з логiкi тэксту. Размова хутчэй можа iсцi пра асаблiвасцi сiстэмы эксплуатацыi на правабярэжнай Украiне. Магчыма, толькi больш высокая ступень сацыяльнага i этнiчнага эгаiзму адрознiвае Украiну ад iншых рэгiёнаў той прасторы, якая ляжала на ўсход ад Эльбы.

Аналiз месца розных сацыяльных i этнiчных груп украiнскага грамадства аўтар заканчвае высновай, якая служыць падставай для разумення будучых крывавых падзей украiнскай гiсторыi 1917-1920 г.: “Усе групы насельнiцтва глядзелi адна на адну “ваўкамi” i трактавалi iншых як ворагаў. Ізаляцыя аказалася досыць шчыльнай, цiск узрастаў. Гэты свет павiнен быў узарвацца” (С.274). Стэфан Кеневiч галоўнай заслугай Данiэля Бавуа лiчыў тое, што французскi гiсторык канчаткова развянчаў мiф аб цiхай райскай Украiне.

Кнiга прафесара Сарбоны пра палякаў на Украiне значна паглыбiла разуменне гiсторыi нашага паўднёвага суседа. Гэта можа быць прыдатным i для даследаванняў беларускай гiсторыi, бо становiшча Украiны ХIХ – пачатку ХХ ст. нагадвала становiшча Беларусi.

Даследаванне Д.Бавуа ўказала на магчымасць пашырэння дыяпазона беларускай гiстарыяграфii. Гэта датычыць, у прыватнасцi, праблемы дэкласаванай дробнай шляхты. Французскi гiсторык даказаў, што яе нельга атаясамлiваць нi з сялянствам, нi з буйным дваранствам. Гэта была асобная сацыяльная група з характэрнай толькi для яе ментальнасцю. Яна заслугоўвае большай увагi беларускiх гiсторыкаў.

Зварот да свядомасцi розных сацыяльных i этнiчных груп, аналiз iх ментальнасцi надаў новае гучанне нават такой даўно аблюбаванай беларускiмi гiсторыкамi тэме, як аграрнае пытанне. Кнiга Д.Бавуа яшчэ раз звярнула ўвагу на значэнне гэтай праблемы для разумення гiстарычнага лёсу народаў Усходняй Еўропы.

“Walka o ziemie” – кнiга, якая паказала, што нават спецыяльнае гiстарычнае даследаванне можа быць напiсана цiкава i чытацца з захапленнем.

Горадня

Алесь Смалянчук


* без улiку сем’яў. Гэта датычыць i колькасцi дробнай шляхты.
** маюцца на ўвазе сябры Партыi нацыянальных дэмакратаў Р.Дмоўскага.
*** маюцца на ўвазе тыя, хто меў больш за 100 дз. зямлi.
**** У беларускай гiстарыяграфii пэўную ўвагу на дробную шляхту звярталi Мiкалай Улашчык i Сусана Самбук.
[1] Гл.: Бовуа Д. Пoлiтичне вiдродження полякiв на правобережнiй Українi в 1905-1907 р.// Польско-україньскi студiї. 1. Київ, 1993

Наверх

Sikorska-Kulesza, Iolanta. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi (Алесь Смалянчук)

Снежня 14, 1997 |


SIKORSKA-KULESZA, IOLANTA. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX w. Warszawa, 1995. 114.

Гэта першае ў гiстарыяграфii даследаванне, цалкам пры-свечанае т.з. “разбору”, або працэсу выключэння дробнай шляхты з пануючага стану. Сярод беларускiх гiсторыкаў праблему дэкласацыi закраналi Мiкалай Улашчык i Сусана Самбук.

Праца польскай даследчыцы заснавана пераважна на матэрыялах заканадаўства i афiцыйнай статыстыкi. Архiўныя матэрыялы амаль не выкарыстоўвалiся. I.Сiкорска-Кулеша ахарактарызавала сваю працу як нарыс дэкласацыi дробнай шляхты, якi патрабуе верыфiкацii i дапрацоўкi на падставе архiўных даследаванняў (с.102).

Прычыны афiцыйнага курсу “разбору” шляхты аўтар звязаў выключна з палiтычнай пазiцыяй апошняй. Гiсторык адзначыла, што пасля паўстання 1830-31 г. расiйскiя ўлады бычылi ў дробнай шляхце “небяспечнага ворага Расii, асяродак бясконцага бунту, войска, гатовае пайсцi ў бой на першы заклiк землеўладальнiкаў. Выключэнне яе са шляхецкага са-слоўя, растварэнне ў масе плябейскага i няпольскага насельнiцтва павiнна было ўсмiрыць “бунт” i аслабiць польскiя ўплывы на крэсах” (С.5) Гэта справядлiвая заўвага, але шкада, што аўтар праiгнараваў эканамiчныя аспекты палiтыкi дэкласацыi.

Вылучыўшы асобна чыноўнiкаў, памешчыкаў i ўладальнiкаў фальваркаў, польская даследчыца аднесла да дробнай шляхты ўсiх застаўшыхся прадстаўнiкоў саслоўя. Атрымалася, што ў канцы ХVIII ст. на беларуска-лiтоўскiх землях пражывала 115 640 шляхцiчаў (без улiку сем’яў) (С.10).

Аўтар адназначна лiчыць дробную шляхту “польскай”. Нават прызнанне мясцовага паходжання часткi дробнай шляхты не прымусiла польскую даследчыцу быць больш асцярожнай пры выкарыстаннi тэрмiна, якi характарызуе этнiчную свядомасць гэтай сацыяльнай групы. Для аўтара таксама характэрна ўжыванне ў дачыненнi да беларуска-лiтоўскiх зямель такой тэрмiналогii, як “усходнiя крэсы”, “польская правiнцыя” i “польскiя губернi”. Пасля знаёмства з паняцiйным апаратам манаграфii прысутнасць тэрмiнаў “Лiтва” i “Беларусь” у назве здзiўляе. Праўда, тэрмiн “Лiтва” сустракаецца i ў тэксце, але ён успрымаецца як назва аднаго з рэгiёнаў Польшчы. Да-следчыца быццам адраджае не лепшыя традыцыi польскай гiстарыяграфii ХIХ i першай трэцi ХХ ст.

Пачатак дэкласацыi дробнай шляхты I.Сiкорска-Кулеша адносiць да 1816 г. У гэтым годзе Сенат адхiлiў 33 958 прашэнняў аб пацвярджэннi шляхоцтва. Усяго было пададзена 95 011 прашэнняў (С.17) Падставай для адхiлення была адсутнасць усiх неабходных дакументаў. У 20-я г. справа праверкi дакументаў, якiя пацвярджалi шляхоцтва, апынулася ў руках мясцовага шляхоцкага самакiравання, што фактычна прыпынiла “разбор”. На думку польскай даследчыцы, становiшча дробнай шляхты ў першай трэцi ХIХ ст. прынцыпова не змянiлася: “Свабода ад падушнага падатку i абавязковай ваеннай службы па-ранейшаму заставалася прывiлеем усёй шляхты, незалежна ад стану маёмасцi i дакументаў, якiя пацвярджалi шляхоцтва” (С.25)

Рашучы паварот да палiтыкi дэкласацыi адбыўся толькi ў час паўстання 1830-31г. Па падлiках I.Сiкорскай-Кулешы, у паўстаннi ўдзельнiчала да паловы дробнай шляхты беларуска-лiтоўскiх зямель. 19 кастрычнiка 1831 г. з’явiўся указ Мiкалая I, якi вызначаў тэмпы i сродкi “разбору” дробнай шляхты.

Польская даследчыца падрабязна ахарактарызавала прававое становiшча ўсiх катэгорый аднадворцаў i грамадзян (“граждан”). Яна i тут здолела знайсцi статыстычныя звесткi. Праўда, у дачыненнi да грамадзян яны носяць фрагментарны характaр. У 1869 г. грамадзяне складалi 3,4% насельнiцтва г.Вiльнi, а ганаровых грамадзян на ўсю Вiленскую губерню налiчвалася толькi 76 чалавек, а на Гродзенскую – 42 (С.47) Статыстыка па аднадворцах больш поўная. У 1842 г. у шасцi беларуска-лiтоўскiх губернях пражывала 32 785 аднадворцаў (без улiку сямей). З iх 20 869 арэндавалi дзяржаўныя або прыватныя землi (былыя “чыншавiкi”) (С.59) У 1857 г. аднадворцы складалi 5,1% ад усiх сялян Менскай губ. (С.46)

Нягледзячы на “разбор” у 50-ыя г. ХIХ ст., беларуска-лiтоўскiя губ. па колькасцi шляхты выразна дамiнавалi сярод iншых расiйскiх губерняў. Першае месца займала Ковенская губ. (9,16 – на 100 жыхароў), потым iшлi Вiленская (6,04) i Менская (6,03), пятае месца займала Гродзенская губ. (4,65), сёмае i восьмае – Магiлёўская (4,19) i Вiцебская (3,80). (с.84)

Значнае месца I.Сiкорска-Кулеша адвяла крытыцы тэзiса французскага гiсторыка Данiэля Бавуа, якi ў кнiзе “Walka o ziemie” досыць аргументавана паказаў, што польскiя земле-ўладальнiкi на Украiне фактычна падтрымалi ўрадавую палiтыку дэкласацыi. Яны iмкнулiся павялiчыць уласныя прыбыткi за кошт зруйнавання гаспадарак чыншавiкоў. Д.Бавуа лiчыць, што ў ХIХ ст. i на Украiне, i на Беларусi i Лiтве ўжо не iснавала нiякай саслоўнай салiдарнасцi памiж дробнай i заможнай шляхтай. Польская даследчыца не пагаджаецца з гэтым тэзiсам. На яе думку, памiж дробнай шляхтай i буйнымi землеўладальнiкамi ўсё ж iснавалi моцныя саслоўныя сувязi: “Адныя з iх насiлi iндывiдуальны характар, iншыя былi звязаны з прысутнасцю дробнай шляхты ў мясцовай адмiнiстрацыi i органах самакiравання i нават з пачуццём прыналежнасцi да адной нацыi i адной традыцыi” (С.89). Аднак гэтая заява не выглядае аргументаванай. Польская даследчыца яўна перабольшвае ролю саслоўных i тым больш этнiчных сувязяў памiж дробнай шляхтай i землеўладальнiкамi. Яна зусiм не ўлiчвае той дух прадпрымальнiцтва, якi захапiў польскiх землеўладальнiкаў Украiны (а таксама Беларусi i Лiтвы) з канца 60-х – па 90-ыя г. Дабрачыннасць землеўладальнiкаў на карысць польскамоўнай дробнай шляхты была з’явай вельмi рэдкай. Вядома, што пад час выбараў у II Дзяржаўную думу прадстаўнiкi дробнай шляхты Беларусi i Лiтвы даволi часта папракалi землеўладальнiкаў у сацыяльным эгаiзме.

Апошнi этап дэкласацыi дробнай шляхты распачаўся пасля разгрому паўстання 1863 г. У гэты час барацьба супраць польскасцi набыла форму татальнай русiфiкацыi. У 1864 г. выйшаў iмператарскi указ, у адпаведнасцi з якiм усе шляхцiчы, якiя не здолелi даказаць сваю прыналежнасць да прывiлеяванага саслоўя, з 1 студзеня 1865 г. станавiлiся сялянамi. Аднак пэўныя магчымасцi даказаць сваю шляхецкасць захавалiся.

Якiмi ж былi вынiкi палiтыкi дэкласацыi? I.Сiкорска-Кулеша прасачыла дынамiку змяненняў колькасцi дробнай шляхты: 1857 – 145 972 шляхцiча, 1863 – 163 875, 1867 – 90 447, 1870 – 89 024, 1897 – 145 547 (С.99). Рост колькасцi дробнай шляхты ў канцы ХIХ ст. даследчыца тлумачыць пераважна ўдакладненнем рэестравых спiсаў i прыростам насельнiцтва. На жаль, лiчбы не адлюстроўваюць змяненняў працентнай вагi шляхты сярод усяго насельнiцтва Беларусi i Лiтвы. Па падлiках I.Сiкорскай-Кулешы, за ўсё ХIХ ст. было пазбаўлена шляхецтва да 200 тыс. чалавек. Аднак, робiць выснову аўтар, расiйскiя ўлады не дасягнулi поўнага поспеху. На пачатку ХIХ ст. яны былi вымушаны выкарыстоўваць дробную шляхту ў сiстэме мясцовага кiравання, а ў другой палове стагоддзя сказалася няздольнасць расiйскай бюракратычнай машыны i карупцыя сярод чыноўнiкаў. Але галоўнай прычынай “перамогi Давiда над Галiафам” аўтар лiчыць польскi патрыятызм дробнай шляхты: “Варты асобнага даследавання феномен захавання дробнай шляхтай, нягледзячы на ўсе трагiчныя падзеi, нацыянальнай свядомасцi, вернасцi польскай традыцыi, мове i культуры” (С.104).

Кнiга I.Сiкорскай-Кулешы кладзе пачатак спецыяльным даследаванням, прысвечаным дробнай шляхце Беларусi i Лiтвы часоў расiйскага панавання. Асаблiвую цiкавасць выклiкаюць статыстычныя звесткi, аналiз расiйскага заканадаўства i характарыстыка прававога становiшча аднадворцаў, грама-дзян i iнш. Добры навуковы ўзровень даследавання не сапсавала нават пэўная iдэалагiчная абмежаванасць аўтара. Гэтая абмежаванасць адлюстравалася ў неразуменнi ўсёй складанасцi вызначэння этнiчнай свядомасцi дробнай шляхты Беларусi i Лiтвы, а таксама ў аўтарскiм перакананнi, што беларуска-лiтоўскiя землi – гэта “польская правiнцыя”.

Праца польскай даследчыцы запрашае да дыскусii беларускiх i лiтоўскiх гiсторыкаў.

Горадня

Алесь Смалянчук

Наверх

Буховец, Олег Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Российской империи (Вячаслаў Насевiч)

Снежня 13, 1997 |


БУХОВЕЦ, ОЛЕГ Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Российской империи начала ХХ века. Новые материалы, методы, результаты. Москва: Мосгорархив. 1996. 400.

Спрэчкi аб тым, як трэба пiсаць гiсторыю, цягнуцца не першае дзесяцiгоддзе. У апошнi час яны набылi такую вастрыню, што паўстае пытанне пра “крызiс гiстарычнага пазнання”. Менавiта з гэтай тэмы пачынае сваю кнiгу супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай Акадэмii навук Беларусi Алег Бухавец, хоць у асноўным яго праца прысвечана канкрэтнаму i параўнальна лакальнаму пытанню: даследаванню сялянскiх выступленняў у асобных рэгiёнах Расii з 1905 па 1914 г. i тых калектыўных уяўленняў, што стаялi за iмi. Пачынаючы першую з трох частак сваёй працы аналiзам сучасных тэорый, падыходаў i метадаў гiстарычнага даследавання ў кантэксце пераадолення крызiсу, аўтар тым самым бярэ на сябе абавязак у дзвюх астатнiх частках даць канкрэтны прыклад найбольш адпаведнага, з яго пункту гледжання, падыходу. Гэта, безумоў-на, выводзiць значэнне кнiгi далёка за рамкi тэмы, вынесенай у яе загаловак, i заслугоўвае ўвагi ўсiх, каго цiкавяць агульныя праблемы гiстарычнай навукi.

Цiкaвасць да гэтай працы тым больш павышаецца, што яна прайшла вельмi сур’ёзную апрабацыю: за яе ў лiстападзе 1997 г. рада па абароне дысертацый Маскоўскага дзяржаўнага унiверсiтэта прысудзiла аўтару навуковую ступень доктара гiстарычных навук, з чым мы яго, карыстаючыся выпадкам, шчыра вiншуем. Такiм чынам, прапанаваныя А.Бухаўцом iдэi i падыходы ўжо атрымалi прызнанне з боку яго калег.

Адразу трэба адзначыць, што Алег Бухавец належыць да кагорты прыхiльнiкаў колькасных (квантытатыўных) вымярэнняў гiстарычных працэсаў – тых, каго часам напаўжартам называюць “квантыфiкатарамi” або “клiаметрыстамi”. Больш за тое, сярод беларускiх гiсторыкаў ён з’яўляецца пiянерам такога падыходу, а яго навуковым кiраўнiком доўгi час быў акадэмiк I.Дз.Кавальчанка – адзiн з тых першых савецкiх гiсторыкаў, хто пачынаў распрацоўваць колькасныя метады i выкарыстоўваць кампутар у гiстарычных даследаваннях. Менавiта яго памяцi прысвяцiў сваю кнiгу А.Бухавец.

У чым жа бачыць аўтар сiмптомы крызiсу гiстарычнага даследавання? На яго думку, гэты крызiс для заходнiх i по-ст-савецкiх гiсторыкаў мае розны характар. На Захадзе ён праяў-ляецца ў з’яўленнi вялiкай колькасцi новых падыходаў i накiрункаў, кожны з якiх прэтэндуе на стварэнне “сапраўднай” гiсторыi i вельмi ваяўнiча ставiцца да традыцыйных школаў i iх здабыткаў. Бухавец вызначае, у прыватнасцi, фемiнiсцкi падыход, якi мае на мэце разбурэнне традыцыйных канцэпцый, створаных з пазiцый “мужчынскага шавiнiзму”, i замены iх новымi, у якiх “справядлiвае” (а на справе – выключнае) месца павiнна заняць роля жанчын як сапраўдных стваральнiц гiсторыi. Другiм небяспечным накiрункам ён лiчыць мiкрагiсторыю, якая звяртае ўвагу на адзiнкавыя, выключныя факты, адмаўляючы вартасць шырокiх абагульненняў i пошукаў гiстарычных заканамернасцяў. Увогуле ж для накiрункаў “новай хвалi”, якiя А.Бухавец называе “маргiналiсцкiмi плынямi” i “паранавукамi”, характэрны, на яго думку, адвольны суб’ектывiзм ды iнуiтывiзм, прынцыповае адмаўленне ад строга рацыянальнай, статыстычна абгрунтаванай аргументацыi.

Што тычыцца “постсавецкай версii крызiсу”, то яна характарызуецца не столькi адмовай ад назапашанага багажу эмпiрычных фактаў i зробленых на iх падставе рацыянальных абагульненняў, колькi адсутнасцю самога гэтага багажу. За выняткам асобных накiрункаў (да якiх аўтар адносiць гiстарычную iнфарматыку, аграрную i эканамiчную гiсторыю), савецкiя гiсторыкi ў свой час так i не ўспрынялi заходнiя крытэрыi навуковай доказнасцi i абгрунтаванасцi высноў. Для iх была характэрна iлюстрацыйнасць, пры якой улiчвалася не ўся сукупнасць фактаў, а толькi тыя з iх, якiя найлепш адпавядалi аўтарскай думцы або пануючай iдэалагiчнай догме. Пасля знiкнення таталiтарнага iдэйнага дыктату многiя гiсторыкi, на думку А.Бухаўца, проста замянiлi старыя марксiсцкiя догмы новымi, падмацоўваючы iх iншымi, гэтак жа адвольна выхапленымi з агульнай сукупнасцi фактамi.

Шляхi пераадолення крызiсу, такiм чынам, на Захадзе i ў нас мусяць быць розныя. У першым выпадку аўтар бачыць iх у рашучым супрацiўленнi наступу “паранавук”, захаваннi чысцiнi рацыянальнага, матэматычна доказнага падыходу, у другiм – у як мага хутчэйшым распаўсюджваннi азначанага падыходу на постсавецкай навуковай прасторы. А паколькi на Захадзе для той гiстарычнай плынi, якую Бухавец лiчыць най-больш перспектыўнай, характэрна паглыбленае вывучэнне сацыяльнай i эканамiчнай гiсторыi (на с. 35 ён iлюструе гэта адпаведнай дыяграмай), то i ў нас, атрымлiваецца, дасягненне сусветнага ўзроўню мусiць iсцi праз грунтоўную распрацоўку аналагiчнай тэматыкi.

Асноўная частка кнiгi, заснаваная менавiта на такiм падыходзе, набывае ў такiм кантэксце характар узору, на прыкладзе якога дэманструюцца яго магчымасцi i ўзровень высноў, да якiх можна прыйсцi. Планка, як бачым, узнята вельмi высока. Гэта адразу выклiкае два пытаннi. Па-першае, цi сапраўды падыход, выкарыстаны аўтарам кнiгi, адпавядае мiжнародным крытэрыям строгага, матэматычна доказнага аналiзу гiстарычных працэсаў? А калi гэта так, то цi дазваляюць высновы, дасягнутыя з дапамогай такога аналiзу, аддаваць яму абсалютную перавагу ў параўнаннi з iншымi падыходамi?

На першае пытанне можна смела даць станоўчы адказ. У цэлым кнiга, якую мы разглядаем, з’яўляецца прыкладам дакладнага выкарыстання статыстычных метадаў у гiсторыi. Больш за тое, гэта зроблена ў даследаваннi такога складанага аб’екта, як калектыўная свядомасць, i – небеспаспяхова.

У другой частцы кнiгi аўтар спрабуе высветлiць калектыў-ныя ўяўленнi, якiя панавалi ў свядомасцi расiйскага сялянства пад час рэвалюцыi 1905-07 г. Крынiцамi для аналiзу абраны прыгаворы i наказы, якiя прымалi на сходах сяляне Варонежскай i Самарскай губерняў. Вывучэнне прыгаворнага руху i тых патрабаванняў, якiя былi сфармуляваны яго ўдзельнiкамi, пачалося яшчэ ў 1906 г. i мае, такiм чынам, шматгадовую традыцыю. Выбар дзвюх азначаных губерняў абумоўлены тым, што iх асноўная сукупнасць крынiцаў у свой час была сiстэматызавана i апублiкавана, прычым гэтыя публiкацыi з’яўляюцца, на думку аўтара, “найбольш фундаментальнымi i поўнымi ў дачыненнi да Еўрапейскай Расii” (С.54).

У параўнаннi са сваiмi шматлiкiмi папярэднiкамi, А.Бухавец правёў сапраўды ўсебаковую статыстычную апрацоўку сялянскiх прыгавораў. Увогуле iм выкарыстаны 200 дакументаў. У iх на падставе кантэнт-аналiзу вызначаны 177 вiдаў патрабаванняў i пажаданняў, прычым кожнае з iх паўтаралася ў розных петыцыях ад 1 да 105 разоў. Аўтар рознымi спосабамi спрабуе прасачыць частату, з якой яны сустракаюцца ў розных рэгiёнах абедзвюх губерняў, i высветлiць залежнасць ад эканамiчнай структуры сялянскiх гаспадарак гэтых рэгiёнаў, а таксама карэляцыю з частатой iншых вiдаў сялянскiх выступленняў.

Да значэння тых высноваў, да якiх прывялi гэтыя спробы статыстычна-параўнальнага аналiзу, мы вернемся крыху пазней, а пакуль што разгледзiм iншыя, больш вытанчаныя падыходы, выкарыстаныя ў кнiзе. Каб уявiць сабе агульную структуру сялянскай свядомасцi, аўтар згрупаваў азначаныя 177 прыкметаў у 79 больш абагульненых катэгорый, а затым вылiчыў каэфiцыенты ўзаемнага спалучэння памiж 60 больш-менш часта спатыканымi. Такая методыка дазволiла выявiць шэраг групаў, унутры якiх асобныя патрабаваннi былi даволi шчыльна звязаны памiж сабой (часам даволi нечаканым чынам). Усе гэтыя групы утварылi дзве падсiстэмы, узаемасувязь памiж якiмi амаль адсутнiчала. Першая падсiстэма характарызавалася традыцыйнымi, кансерватыўнымi ўяўленнямi, другая – пераважна новымi, палiтычнымi па сваiм характары.

Але самымi цiкавымi з’яўляюцца тыя старонкi (219-224), дзе аўтар раскласiфiкаваў 177 прызнакаў у залежнасцi ад аб’ектыўнай накiраванасцi (частка патрабаванняў насiла праграмна-рэвалюцыйны характар, iншыя адлюстроўвалi думскiя, манархiчныя або рэфармiсцкiя сiмпатыi сялян) i прасачыў, наколькi часта разнатыпныя памкненнi суiснавалi ў адных i тых жа петыцыях. Высветлiлася, што з 89 дакументаў, якiя змяшчалi найбольш радыкальныя патрабаваннi аграрнага i палiтычнага характару, 23 (адна чвэрць!) утрымлiвалi адначасова рэфармiсцкiя або манархiчныя фармулёўкi. Увогуле ж “чыста” рэвалюцыйных, “чыста” думскiх цi “чыста” манархiчных петыцый аўтар налiчыў 54, або 27 % ад агульных 200. Астатнiя насiлi змешаны характар. Гэтыя падлiкi дазволiлi аўтару сцвярджаць, што традыцыяналiсцкая i рэвалюцыйная накiраванасць суiснавалi ў свядомасцi адных i тых жа сялян.

Трэцюю частку кнiгi А.Бухавец прысвяцiў аналiзу дынамiкi сялянскiх выступленняў пад час “мiрнага” перыяду з 1907 па 1914 г. На гэты раз матэрыялам для даследавання сталi звест-кi аб выступленнях у беларускiх губернях, выяўленыя ў асноў-ным самым аўтарам у вынiку карпатлiвых архiўных пошукаў, а асноўнымi метадычнымi прыёмамi – аналiз храналагiчных радоў i параўнальны аналiз па рэгiёнах. Выступленнi раскласiфiкаваны па вiдах (разгромы маёнткаў, захопы зямлi, патравы i iнш.), па накiраванасцi (антыдзяржаўныя, антыпамешчыцкiя, антыкулацкiя), па ступенi жорсткасцi (колькасць пацярпелых з абодвух бакоў).

У прыватнасцi, аўтар высветлiў, што са 133 сутыкненняў з уладамi 25 былi накiраваны супраць сельскай адмiнiстрацыi, у той час як у 17 выпадках сельскiя службовыя асобы самi ўзна-чальвалi такiя выступленнi (С.301-302). Гэта сведчыць, што адрыў сельскай элiты ад асноўнай масы сялянства быў далёка не такi значны, як уяўлялася некаторым даследчыкам.

Iншым цiкавым момантам з’яўляецца параўнанне колькасцi выступленняў з колькасцю зафiксаваных выпадкаў рэвалюцыйнай агiтацыi з боку палiтычных партый. Высветлiлася, што з 940 паселiшчаў, у якiх адбылiся выступленнi, толькi ў 14 мела месца папярэдняя агiтацыя, у той час як у 117 выпадках такая агiтацыя не прывяла да выступленняў (С.315). На падставе гэтага А.Бухавец робiць выснову, што ступень эфектыўнасцi агiтацыi ў папярэдняй гiстарыяграфii была значна перабольшана. Аднак тут мы маем адзiн з нешматлiкiх выпадкаў, калi выкарыстаная аўтарам методыка выклiкае пэўныя пярэчаннi. Справа ў тым, што такiя параўнаннi характарызуюць толькi масштаб агiтацыi (якi ў гады рэакцыi сапраўды быў зусiм нязначны), але нiяк не яе эфектыўнасць. Калi ж улiчыць, што 940 ахопленых выступленнямi паселiшчаў утвараюць крыху больш за 2% ад прыблiзна 40 тысяч iснаваўшых на той час у Беларусi, а 14 “распрапагандаваных” – звыш 10% ад тых 131, у якiх праводзiлася прапаганда, выснова можа быць зусiм процiлеглай.

Але наспеў час звярнуцца да другога пытання: цi даказаў аўтар сваёй працай, што колькасны падыход – самая моцная зброя ў арсенале гiстарычнай навукi? Тут адказ далёка не вiдавочны. У кнiзе зроблены шэраг арыгiнальных, па-сапраўднаму каштоўных высноў, якiя разбураюць старыя стэрэатыпы i ўзбагачаюць нашы веды. Аднак якраз найбольш цiкавыя высновы атрыманы зусiм не на падставе складаных статыстычных методык. I наадварот, вынiкi выкарыстання такiх методык найбольш безабаронныя перад сакраментальным пытаннем: Ну i што?

Сапраўды, аўтар высветлiў, напрыклад, што ў Варонежскай губернi вёскi з сярэдняй велiчынёй надзелу да 15 дзесяцiн на двор бралi ўдзел у прыгаворным руху амаль прапарцыянальна iх колькасцi, а доля вёсак з сярэднiмi надзеламi больш за 15 дзесяцiн значна панiжалася (С.379). Факт, канешне, цiкавы, але цi ён вельмi ўзбагачае нашы ўяўленнi пра мiнулае? (Дарэчы, не выключана, што лiчбы былi б крыху iншымi, калi б улiчвалася колькасць зямлi не на двор, а на душу насельнiцтва, чаго аўтар чамусцi не зрабiў.) У iншым месцы А.Бухавец, як ужо адзначалася, праз каэфiцыенты спалучэння даказаў наяўнасць традыцыйнай i рэвалюцыйнай падсiстэм у калектыўнай свядомасцi. Аднак i гэтую выснову наўрад цi можна лiчыць нечаканай. Для доказу ж таго сапраўды наватарскага тэзiсу, што гэтыя падсiстэмы суiснавалi ў свядомасцi адных i тых жа лю-дзей, хапiла падлiкаў на ўзроўнi школьнай арыфметыкi.

Карацей кажучы, вартасць высноў залежыць не столькi ад выкарыстаных методык, колькi ад здольнасцi даследчыка ўбачыць, iнтуiтыўна выхапiць з мора фактаў цiкавую заканамернасць, iстотную сувязь. Гэтым вызначаецца, якое пытанне потым будзе зададзена крынiцам, бо ў пытаннi, як вядома, ужо знаходзiцца палова адказу. i тут варта вярнуцца да тых ацэнак, якiя шаноўны А.Бухавец раздае “маргiналiсцкiм паранавукам” i iх ролi ў крызiсе гiстарычнага пазнання. Яго шчыра здзiўляе, што сур’ёзныя гiсторыкi цярпiма сустракаюць нетрадыцыйныя накiрункi i не адмаўляюць у iх нейкае рацыянальнае зерне. Пры поўнай згодзе з яго характарыстыкай “постсавецкай версii крызiсу”, даводзiцца прызнаць, што характар “заходняй версii” Бухавец вызначае занадта спрошчана.

Заходнiя гiсторыкi кiнулiся ў новыя накiрункi невыпадкова. Даказаўшы з дапамогай лiчбаў i графiкаў значную долю таго, што i можна было з iх дапамогай давесцi (нам да гэтага сапраўды яшчэ далёка), яны сталi адчуваць, што для прарыву на новы ўзровень разумення гэтага недастаткова. Яна ўбачылi, што самыя iстотныя рэчы часам не тое што лiчбамi вымераць, але нават i словамi выказаць немагчыма. Iдзе актыўны пошук новых сродкаў выяўлення, новай мовы i новых пытанняў, якiя можна гэтай мовай задаць крынiцам. Канешне, некаторыя словы новай мовы “няўцямна мовячых гуру” (паводле прыведзенага аўтарам на с.19 выказвання Л.Стоўна) гучаць пакуль што дзiўна, а тэрмiны накшталт фемiнiсцкай “фалакратыi” i ўвогуле рэжуць вуха, але ж хiба не стаiць за тым самым “мужчынскiм шавiнiзмам” рэальная аднабаковасць традыцыйнай гiсторыi, якую фемiнiсткi дапамаглi ўбачыць тым, хто жадае бачыць?

А.Бухавец крытыкуе мiкрагiстарычны падыход за iмкненне раздрабнiць гiстарычны працэс на мноства iндывiдуальных гiсторый, з якiх “прынцыпова немагчыма скласцi цалкам “калектыўную” гiсторыю” (С.48). Уяўленне пра тое, што ў кроплi расы адлюстроўваецца сусвет, яму яўна незразумелае. Але справа нават не ў гэтым. Памiж сукупнасцю мiкрагiсторый i агульнай гiсторыяй рознiца такая ж, як памiж сукупнасцю цаглiн i храмам, пабудаваным з iх. Адных цаглiн сапраўды мала, трэба iх яшчэ пэўным чынам скласцi ў адпаведнасцi з агульнай iдэяй. Аднак каб мець храм, а не пячору, трэба для пачатку нарабiць тых самых цаглiн. Каб стварыць сапраўдную гiсторыю чалавецтва, трэба разумець не толькi сярэднестатыстычныя заканамернасцi (хаця i iх трэба разумець), але i ўсе iндывiдуальныя выключэннi, з якiх, па сутнасцi, i складаецца гiстарычны працэс.

Пры такiм разуменнi крызiсу глухая абарона зарэкамендаваўшых сябе ў мiнулым “класiчных” падыходаў азначае застой i, ў канечным выпадку, смерць гiстарычнай навукi. Але А.Бухавец безумоўна мае рацыю ў тым, што постсавецкай навуцы да “заходняй версii” крызiсу трэба яшчэ дарасцi. Шлях да гэтага ляжыць праз усведамленне неабходнасцi разглядаць у кожным выпадку не iлюстрацыйную выбарку, а ўсю сукупнасць фактаў, якая мае дачыненне да тэмы даследавання. Статыстычная апрацоўка пры гэтым – не панацэя i не самамэта, а жорсткая неабходнасць, бо яна дае адзiную магчымасць адпавядаць такому патрабаванню. Дарэчы, i ўсе каштоўныя высновы, якiх дасягнуў А.Бухавец на фоне сваiх папярэднiкаў, тлумачацца не столькi эфектыўнасцю выкарыстаных iм метадаў матэматычнай статыстыкi, колькi яго рашучым iмкненнем разглядаць усю сукупнасць фактаў i ўсю сiстэму iх характарыстык. У гэтым сэнсе разгляданая кнiга сапраўды можа служыць узорам, вартым пераймання.

Менск

Вячаслаў Насевiч

Наверх

Weeks, Theodore R. Nation and State in Late Imperial Russia (Андрэй Кiштымаў)

Снежня 12, 1997 |


WEEKS, THEODORE R. Nation and State in Late Imperial Russia: Nationalism and Russification on the Western Frontier, 1863-1914, Northern Illinois University Press 1996. 297.

Няма сумненняў, што гэтая манаграфiя, падрыхтаваная прафесарам гiсторыi унiверсiтэту Паўночнага Iлiнойса Тэадорам Ўiксам, яшчэ неаднаразова будзе аналiзавацца гiсторыкамi. Таму, адзначу адразу, дадзеная рэцэнзiя не прэтэндуе на канчатковы дыягназ. Сёння грунтоўная праца Т.Ўiкса гучыць вельмi актуальна. Распад СССР i нацыянальны рух, якi, вызвалiўшыся з-пад прэсу савецкага таталiтарызму, зноў зрабiўся гiстарычным фактарам не менш уплывовым, чым, напрыклад, эканамiчныя праблемы, вiдавочна стымулююць цiкавасць да пытання дзяржаўна-нацыянальных адносiнаў на мяжы сённяшняга i мiнулага стагоддзяў. Тым больш гэта датычыць па-дзей на той геапалiтычнай мяжы, якая ўжо шмат стагоддзяў аддзяляе Расiю ад заходнееўрапейскай цывiлiзацыi.

Гiсторыя шматнацыянальных дзяржаваў – надзвычай складаны аб’ект даследавання. Звычайна гiсторыкi спрашчаюць сабе задачу, iдучы альбо ад асобнага народа да дзяржавы (класiчны прыклад – шматлiкiя працы на тэму “Яўрэi ў Расii”), альбо гледзячы на праблему зверху, па формуле “Палiтыка самадзяржаўя па нацыянальным пытаннi”. Т.Ўiкс у сваёй манаграфii спалучае абодва гэтыя падыходы. Пры гэтым даследчык, не пазбегнуўшы складанасцяў абодвух падыходаў разам, сустракаецца з новымi – комплекс адносiнаў памiж тымi, хто не з’яўляўся “тытульнай нацыяй”. Усе гэтыя праблемы, якiя ўтвараюць шматпланавую дынамiчную сiстэму са сваёй скаданай ерархiяй у кантэксце адпаведных палiтычных, эканамiчных i культурных межаў, i сталi галоўнай тэмай даследавання Т.Ўiкса.

Аўтар паслядоўна разглядае змест паняццяў народ, дзяржава i нацыяналiзм у iмперыi Раманавых, погляды расiйскага грамадства ў яго асноўных палiтычных плынях на нацыянальнае пытанне (сацыялiсты, лiбералы, нацыянал-лiбералы, правыя нацыяналiсты), становiшча i палiтычныя рухi народаў на захадзе Расiйскай iмперыi (палякаў, яўрэяў, лiтоўцаў, украiнцаў, беларусаў, рускiх, i, больш сцiпла – немцаў, чэхаў i татараў), дзяржаўную палiтыку (пытанне аб увядзеннi земстваў у Заходнiх губернях, грамадскiя рэформы ў Царстве Польскiм, пытанне аб Холмскай губернi).

Даследчык даволi грунтоўна працаваў у архiвах Расii – Дзяржаўным архiве Расiйскай Федэрацыi (былым Цэнтральным дзяржаўным архiве Кастрычнiцкай рэвалюцыi) i Расiйскiм дзяржаўным гiстарычным архiве (былым Цэнтральным дзяржаўным гiстарычным архiве СССР). Наконт апошняга трэба адзначыць, што па-за ўвагай Т.Ўiкса чамусьцi засталiся такiя фонды вышэйшых камiтэтаў, як фонд “Заходняга камiтэта” (ф.1267) i фонд “Яўрэйскага камiтэта” (ф.1269). Няма ў спiсе выкарыстаных фондаў i фонда 1334 з матэрыяламi аб рэвiзii 1910 г. сенатара Б.Н.Нэйдгарта ў Прывiслянскiм краi i Варшаўскай вайсковай акрузе, але гэты недахоп кампенсуецца знаёмствам з дзвюма друкаванымi справаздачамi па вынiках гэтай рэвiзii.

Архiвы Беларусi, Лiтвы, Украiны сярод тых, якiмi карыстаўся аўтар, не пазначаны.

Як недарэчнасць, адзначым наяўнасць ажно двух Бела-стокаў на карце, змешчанай на с.155.

У рэцэнзаванай манаграфii аўтар дае не толькi шырокае гiстарычнае палатно, але i асобныя гiстарычныя партрэты. Такi прыём вельмi дарэчны там, дзе размова iдзе пра вялiкiя гiстарычныя структуры -дзяржаву i народы. Гiстарычны парадокс: нацыянальная палiтыка з’яўляецца самай “масавай” палiтыкай. Яна закранае тысячы i мiльёны людзей незалежна ад iх эканамiчнага, сацыяльнага, культурнага i рэлiгiйнага статуса. У той жа час, гэтая палiтыка i выпрацоўваецца, i мае свае наступствы менавiта на асабовым, iндывiдуальным узроўнi. На наш погляд, несумненны iнтарэс уяўляюць прыведзенныя ў кнiзе палiтычныя характарыстыкi В.I.Гурко i П.Д.Святаполк-Мiрскага.

Вядома, што рэцэнзента ў першую чаргу цiкавiла асвятленне Т.Ўiксам “беларускага пытання”. Трэба адзначыць, што Беларусь i беларусы сустракаюцца на старонках манаграфii не вельмi часта, значна саступаючы падрабязнаму i дэталёваму аналiзу польскага i яўрэйскага пытанняў. Так, тут няма iмёнаў братоў Луцкевiчаў i Iваноўскiх, В.Ластоўскага, наогул не згадваецца нiводнага прозвiшча дзеячоў беларускага руху, як няма i згадкi пра iншых, без каго сёння не прамiне нiводны беларускi гiсторык, рызыкнуўшы ўзяцца за тэму палiтычнай гiсторыi Беларусi на мяжы апошняга i сённяшняга стагоддзяў. Няма “Нашай Нiвы”, як i iншых беларускiх выданняў. Не знойдзем i iмя Калiноўскага – iмя амаль што знакавага для беларускага гiстарычнага мiфа. У прынцыпе, гэта лагiчна, паказальна i зразумела, улiчваючы як геаграфiчныя рамкi, зададзеныя аўтарам, так i той гiстарычны рэзананс, у тым лiку i рэакцыю царызму, якi выклiкала кожнае нацыянальнае пытанне паасобку. Таму беларускае пытанне неяк i згубiлася сярод iншых.

Дададзiм i наступнае. Кожны даследчык, а замежны – асаблiва, якi падступае да тэмы, пачынае з вывучэння ўжо на-друкаванага, з гiстарыяграфii. I калi яна бедная, то наўрад цi можна чакаць ад яго паглыбленага разгляду тэмы лакальнай у дачыненнi да планаванай сiнтэтычнай працы. Вось ён, вынiк аднабаковасцi айчыннай гiстарыяграфii – дарэмна спадзявацца, што нехта iншы будзе лепш ведаць тое, у даследаваннi чаго мы самi робiм першыя крокi. На жаль, у беларускай свядомасцi пакуль што не вельмi добра замацавалася простая выснова – у чужых вачах наша гiсторыя выглядае па-iншаму.

У назве i змесце манаграфii Т.Ўiкса ў якасцi вызначальных прысутнiчаюць словы русiфiкацыя i нацыяналiзм. Менавiта вакол гэтых паняццяў сканцэнтраваны гiстарычныя разважаннi аўтара. Але, калi ў адносiнах да беларусаў i, магчыма, украiнцаў выкарыстанне тэрмiна “русiфiкацыя” i будзе гiстарычна карэктным, то ў дачыненнi да палякаў сiтуацыя была прынцыпова iншай. На наш погляд, тут адбывалася не русiфiкацыя, а сутыкненне двух нацыяналiзмаў – вялiкадзяржаўнага рускага i польскага. Апошнi, у сваю чаргу, не менш напружана ставiўся да яўрэйства. Старонкi, прысвечаныя гэтай праблеме, – адно з найбольш цiкавых месцаў манаграфii Т.Ўiкса.

Менавiта ў аблiччы нацыяналiзму палiтычная сiстэма самаўладдзя атрымала першы гiстарычны выклiк, якi iшоў знутры. Толькi пазней, ды i то не заўсёды, гэты выклiк нацыяналiзму быў дапоўнены выклiкам чыста палiтычным, выклiкам новай сiстэмы еўрапейскай дэмакратыi. Тады крызiс вырашыла першая сусветная вайна, пасля якой на палiтычнай карце Еўропы з’явiлiся новыя нацыянальныя дзяржавы. Т.Ўiкс падкрэслiвае ў “Заключэннi”, што i цяпер “нацыянальнае пытанне” на тэрыторыi былой Расiйскай iмперыi застаецца “адкрытым”. Таму “магчыма, прыклад познеiмперскай Расii засцерагальны” для сучасных палiтыкаў.

Менск

Андрэй Кiштымаў

Наверх

Кавко, Алексей. Белорусское Возрождение в историко-литературном контексте (XIX в.) (Мiхась Тычына) / агляды і рэцензіі

Снежня 11, 1997 |


КАВКО, АЛЕКСЕЙ. Белорусское Возрождение в историко-литературном контексте (XIX в.) // История национальных литератур. Перечитывая и переосмысливая. Выпуск II. Москва, 1996. C.42-72.

Здавён беларуская навука акцэнтавала сваю ўвагу на праблемах вывучэння нацыянальнай гiсторыi, мастацкай лiтаратуры, культуры, свядома абмяжоўваючы сваю задачу ўласна беларускiмi маштабамi i меркамi. Амаль два стагоддзi, пачынаючы з “фiламатаў” i “фiларэтаў”, актуальнымi былi пошукi адказу на пытанне: хто мы такiя, беларусы? Класiчную фармулёўку гэтага вектару даў Янка Купала: i пiсьменнiкi, i навукоўцы, i палiтыкi iмкнулiся да аднаго – “з цэлым народам гутарку весцi”. Спарадычныя спробы паставiць беларускае пытанне ў больш шырокi еўрапейскi кантэкст назiралiся ўвесь час, зрэдку вылiвалiся ў цэлыя дыскусii: адну з такiх дыскусiй, тады здавалася, далёкiх ад рэальных патрэбаў беларускага руху, быў распачаў Вацлаў Ластоўскi, апублiкаваўшы на старонках “Нашай Нiвы” у 1913 г. пад псеўданiмам Юрка Верашчака артыкул “Сплачвайце доўг”. У апошнiя гады перад сконам камунiстычнай iдэалогii, калi яе бiлi сутаргi нянавiсцi да iншадумства, падобную дыскусiю спрабавалi разгарнуць у беларускiм друку А.Адамовiч, В.Каваленка i iх апаненты Г.Далiдовiч, В.Гiгевiч, Я.Лецка: умоў для адкрытага выказвання думак не было, i дыскусiя сышла на спрэчку “самабытнiкаў” i “усясветнiкаў”, як быццам пазiцыю А.Адамовiча, В.Каваленкi, а таксама У.Калеснiка, У.Конана, якiя далучылiся да размовы пазней i спрабавалi выступiць у ролi мiратворцаў, можна звесцi да чагосьцi аднаго. Толькi ў наш час з’явiлася рэальная магчымасць паставiць беларускае пытанне ў шырокi гiстарычна-лiтаратурны кантэкст.

Пра тое, што Беларускае Адраджэнне мела ў сабе ад самага пачатку велiзарныя патэнцыi i зусiм не вымагала занiжаных да сябе крытэрыяў, сведчаць напаўзабытыя i рэдка цытаваныя словы зноў жа Янкi Купалы, якi генiяльна адчуў i выказаў амаль афарыстычна сваё разуменне беларускага руху як двухбаковага працэсу: яго марай было “гутарку весцi” не толькi з уласным народам, але i – “грамадой мiльённай з светам гаманiцi”. Гэта азначала далёкае ад чыста фармальнага падыходу iмкненне бачыць сябе, вывучаць, ацэньваць у еўрапейскiм кантэксце. На жаль, iмкненне гэтае найчасцей згасала на ўзроў-нi звыклых заклiкаў ды рэдкiх першых кволых крокаў. Мiж тым, патрэба ў iнфармацыi пра Беларускае Адраджэнне як з’яву ўсеабдымную, з’яву, якая ахоплiвае ўсе бакi беларускага жыцця-быцця XX ст., вельмi вострая: адсюль чуюцца стогны, што нас не ведаюць у вялiкiм свеце (як быццам у свеце больш ведаюць пра славакаў цi славенаў), што мы зусiм не дбаем пра мiжнародную рэпутацыю беларусаў як нацыi з вялiкай гiсторыяй, са значнымi набыткамi ў культуры, лiтаратуры…

А.Каўка, выдатны знаўца беларускай гiсторыi i культуры, адчуваючы вастрыню гэтай патрэбы, ведаючы пра выпадкi, калi цемрашалы ад расiйскае навукi i палiтыкi свядома паўтараюць даўнiя чарнасоценскiя выказваннi пра беларусаў як неiснуючую, штучна прыдуманую нацыю, паставiў перад сабой свядомую мэту расказаць пра самае галоўнае ў беларускiм руху да свабоды i незалежнасцi, даць своеасаблiвы дайджэст беларушчыны, як яна выявiла сябе ў творчасцi “пачынальнiкаў”, “будзiцеляў”, бо менавiта тады прарасталi зярняты, кiнутыя шчодрай рукой нашых першых сейбiтаў на ўрадлiвую нацыянальную глебу, падрыхтаваную пад будучы багаты ўраджай.

Даследчык адрасуецца да расiйскамоўнага чытача, най-перш спецыялiста-фiлолага, каб наглядна прадэманстраваць набыткi беларусiстаў у вывучэннi не так маладаследаваных, як невядомых праблем беларускай гiсторыi мiнулага стагоддзя. Многае з таго, пра што паведамляе ў сваiм артыкуле-дайджэсце А.Каўка, беларускаму чытачу, якi цiкавiцца лёсам нацыянальнай культуры, добра вядома. У асобных выпадках ён, уважлiва сочачы за тым, як разгортвае гiстарычную панараму аўтар (цi так, цi адпаведна з рэальнасцю i цi супадае з нашымi асабiстымi ўяўленнямi), адразу адзначае спробу папоўнiць iснуючую картатэку ведаў за кошт новага матэрыялу, невядомых першакрынiц. Так, у прэамбуле, спынiўшыся на кардынальнай праблеме духоўнай жыццятрываласцi беларусаў як нацыi i адвечнай неабходнасцi самасцвярджэння на геацывiлiзацыйнай (менавiта так) прасторы памiж Усходам i Захадам, праваслаўнай Расiяй i каталiцкай Польшчай, даследчык сцiсла пераказвае гiсторыю ўзбагачэння айчыннай гуманiстыкi за кошт больш шырокага разумення паняцця “Адраджэнне”. Заўважым, што ён заўсёды гранiчна карэктны, калi пазначае навуковы прыярытэт у даследаваннi таго цi iншага пытання, i ў гэтым спавядае традыцыi высокай навукi, якая дакладна памятае, хто першы, а хто другi адкрыў той або iншы навуковы напрамак, хто адкрывальнiк новай iсцiны, а хто толькi пераймальнiк i паслядоўнiк, – сёння, калi “усё змяшалася ў доме” навукi, мастацтва, культуры, гэта этычнасць вартая ўхвалы.

Сярод нямногiх аўтараў, якiя пашырылi гiстарычна-культурны кантэкст ужывання паняцця “Адраджэнне” з улiкам спецыфiчных умоў, у якiх разгортвалася нацыянальна-культурная творчасць паўднёвых i заходнiх беларусаў, А.Каўка называе iмя рускага багемiста С.Нiкольскага. Думка пра тое, што пасля стагоддзяў культурнага заняпаду ў названых рэгiёнах зноў ажывiлася, актывiзавалася духоўнае жыццё, дакладна перадае i стан беларускай iдэi ў канцы XVIII-XIX ст. Мае рацыю i другi згаданы А.Каўкам славiст I.Свiрыд, якi паставiў пытанне пра нацыянальнае Адраджэнне як пра асобны тып культуры, з сваiмi ўласнымi сацыяльнымi, iдэйнымi i эстэтычнымi прыкметамi.

Адраджэнскiя працэсы на Беларусi адрознiвалiся ад заходнееўрапейскiх рэнесансных з’яў тым, што ў iх стрыжнявое значэнне мела нацыянальна-патрыятычная функцыя, якая адначасова выяўляла спецыфiчна-адрознае ў духоўным жыццi этнасу i агульнае, тое, што яднала, кансалiдавала гэты этнас у адно цэлае. У беларускiх умовах гэта супрацьстаянне ўсяму iншанацыянальнаму i ў той жа час арыентацыя на вышэйшыя дасягненнi суседзяў у сферы культуры набылi асаблiва драматычныя формы. Гiсторыя Беларускага Адраджэння XIX ст. поўнiцца заблытанымi “сюжэтамi”, складанымi ўзаемадачыненнямi, пытаннямi без адказаў, чаго не ведалi нi Рэнесанс, нi Асветнiцтва ў Заходняй Еўропе. Калi згадаць, што ў 20-я г. нашага стагоддзя праблема нацыянальнага Адраджэння набыла палiтычнае адценне, то стане зразумелым, чаму яна была забыта: ужо “маладнякоўцы” высакамерна, а то i грэблiва пiсалi пра “адраджанiзм” як перажытак “нашанiўскай” старасветчыны, а ў 30-я г. крытыкi-вульгарызатары вышуквалi ў творах “адраджэнцаў” сляды “замшэлай нацдэмаўскай спадчыны”, робячы адпаведныя таму часу высновы.

Чыста тэарэтычная праблема асэнсоўваецца А.Каўкам як праблема стрыжнявая, лёсаносная ў гiсторыi станаўлення беларускай iдэi. Вось чаму ён цалкам прыводзiць вызначэнне, дадзенае ў гiстарычнай энцыклапедыi У.Конанам: “Адраджэнне – гэта заканамернасць у гiстарычным развiццi народаў i рэгiёнаў, якая выяўляецца ў паскораным руху эканамiчных, сацыяльна-палiтычных i культурных працэсаў да больш высокiх формаў пасля працяглых перыядаў застою або заняпаду”. I У.Конан, i А.Каўка пiшуць пра цыклiчнасць, перыядычнасць уздымаў i спадаў беларускага руху, калi кожны новы ўздым мае ўсе прыкметы эпохi Адраджэння, а таму зноў i зноў атрымлiвае гэтую назву. У.Конан налiчвае, услед за С.Дубаўцом i сённяшнiмi “нашанiўцамi”, ажно пяць вузлавых гiстарычных вехаў, якiя маюць усе падставы насiць назву “Адраджэнне”. Аднак, калi колькасць дасягае крытычнай лiчбы, узнiкае сумненне ў дакладнасцi вызначэння. У беларускiм варыянце гэтай з’явы, якая так выразна нагадвае “Адраджэнне”, магчыма, размова павiнна iсцi аб нечым iншым, чаго няма ў гiсторыi еўрапейскiх народаў i культур. Рух, рытм, энергiя пяцi (а можа, i большай колькасцi) “беларускiх адраджэнняў” нагадваюць рух рачной плынi, якая сустракае на сваiм шляху мелi, перакаты, вiры, вузкiя месцы i ўсё гэта, дзе шпарка, а дзе павольна, адольвае, каб кацiцца далей i далей. Больш дакладна было б разважаць пра першае i апошняе – вялiкае Адраджэнне ў гiсторыi беларусаў, у рэнесансна-гуманiстычнай па сваiм характары культуры, прадстаўленай творчасцю Францiшка Скарыны i ўсiх яго вядомых паслядоўнiкаў. Другое “Беларускае Адраджэнне”, названае гэтак з лёгкае рукi Максiма Багдановiча, больш правiльна было б назваць “нашанiўствам” або “адраджанiзмам”, як тое i рабiлася ў артыкулах Адама Бабарэкi. Так мы ўнiклi б той тэрмiналагiчнай блытанiны, якая сёння назiраецца, калi “Адраджэннем” бачыцца i “беларусiзацыя” першай палавiны 20-х г., i “адлiга” 50-60-х г., i “галоснасць” 80-90-х. На жаль, усе гэтыя “адраджэнскiя” хвалi нi па маштабах, нi па характары i блiзка не нагадваюць размах i iмпэт Беларускага Адраджэння, росквiт якога адбыўся падчас “залатога” XVI ст., а вынiкi адчуваюцца па сённяшнi дзень. Ёсць, ёсць загадка амаль пяцiсотгадовага магутнага ўздзеяння iдэй i спраў Скарыны на беларускую гiсторыю, нацыянальны рух, яго кiрунак.

А.Каўка i сам, пералiчваючы кожны з новых “рыўкоў” беларусаў да сваёй свабоды i незалежнасцi, сумняваецца ў дакладнасцi дэфiнiцыi “Адраджэнне”, як яго разумеюць беларускiя даследчыкi. “I найперш таму, – заўважае аўтар артыкула, – што змест кожнага чарговага перыяду вызначаўся не столькi з’яўленнем новай творчай якасцi, колькi грузам ранейшых нявырашаных праблемаў, якiя з пункту погляду нацыянальна-духоўнага самавыяўлення i самасцвярджэння беларускай культуры, беларускага менталiтэту заставалiся i працягваюць заставацца адкрытымi”. Нацыянальная iнтэлiгенцыя, – А.Каўка заўважае гэта, можа кiдацца то ў роспач, то ў цынiзм, то радасна вяшчаць прыход новага Адраджэння, то змрочна прадракаць яму хуткi скон, i цяпер ужо назаўсёды (“i канцы ў ваду”), але нявырашаныя праблемы будуць адкрытымi датуль, пакуль Беларусь не стане еўрапейскай дзяржавай, з уласцiвай ёй атрыбутыкай i сiмволiкай, а не дакаратыўным утварэннем “Рэспублiка Беларусь”, якiм яна з’яўляецца сёння. Тады векавечныя беларускiя праблемы – заняпад роднай мовы, адсутнасць нацыянальнай iдэнтычнасцi, нiзкi ўзровень культуры i г.д. – набудуць зусiм iншую якасць.

Вiдавочна, што з гэтымi праблемамi мы застаемся, з iмi мы непрыкметна пераступiм парог новага стагоддзя i тысячагоддзя, а там, на прасторах новай касмiчнай эры, магчыма, усё зменiцца такiм чынам, што нашы праблемы вырашацца хутка i па-еўрапейску грунтоўна, дыхтоўна, прыгожа. Тады ўсе напрацоўкi ў галiне беларусiстыкi, у тым лiку i старанна пералiчаныя А.Каўкам, пiльна спатрэбяцца ў пабудове Беларускага Дому. Заменiм у фiнальнай фразе аўтара артыкула лiчбу “XX” на “XXI” i атрымаецца наступнае: “XXI стагоддзе, якое iдзе на змену, выклiча да жыцця новыя сiлы, новыя класiчныя iмёны. Iдэю нацыянальнага адраджэння, здабытую з-пад попелу забыцця, сiлы гэтыя падхопяць i распаляць у вызвольным руху пад уласнымi беларускiмi скрыжалямi: “Не пакiдайце!.. (Багушэвiч) i “Людзьмi звацца” (Купала). Трэба меркаваць, што зварот А.Каўкi да расiйскамоўнага чытача з заклiкам рэальна ацанiць стан i ступень вырашанасцi беларускага пытання таксама не застанецца без водгуку. У новым свеце, дзе ўсё так шчыльна сышлося ў адным часе i адным месцы, усякi маральна-этычны парыў будзе ўзнагароджаны стакроць: шчодрасць – лепшы капiтал, якi дае вялiкiя працэнты таму, хто нiчога не шкадуе дзеля блiжняга.

Менск

Мiхась Тычына

Наверх

Latyszonek, Oleg. Białoruśkie formacje wojskowe 1917-1924 (Аляксей Лiцвiн)

Снежня 10, 1997 |


LATYSZONEK, OLEG. Białoruśkie formacje wojskowe 1917-1924. Białystok, 1995. 273.

Сярод праблемаў, да сённяшняга дня зусiм слаба распрацаваных у беларускай гiстарыяграфii, – удзел беларусаў у барацьбе за свабоду i незалежнасць свайго краю пасля абвяшчэння незалежнай беларускай дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублiкi. Прычынаў тут некалькi. Галоўная – штучнае замоўчванне савецкай гiстарыяграфiяй iснавання такога руху наогул, а там, дзе цалкам змаўчаць было немагчыма, яго паказвалi слабым, кволым, не маючым анiякай падтрымкi ў масах, iснуючым толькi дзякуючы падтрымцы “замежных iмперыялiстаў”, немцаў, палякаў, Антанты i г.д. Мэтай такога падыходу было прымусовае навязванне iлжывага мiфу пра тое, што толькi дзякуючы бальшавiкам беларусы ўпершыню ў гiсторыi атрымалi незалежнасць. Зразумела, пры такiм падыходзе не магло быць i мовы пра нейкае аб’ектыўнае асвятленне працэсаў, ахапiўшых Беларусь у тыя часы. Трэба адзначыць, што ў змяншэннi значэння беларускага нацыянальнага руху тады былi зацiкаўлены не толькi бальшавiкi, але i кiраўнiцтва Польшчы, а таксама Лiтвы i Латвii, якiя не супраць былi адхапiць кавалак тэрыторыi Беларусi, што i рабiлi, заключаючы мiрныя дагаворы з Савецкай Расiяй. Не дзiўна, што праз усё гэта засталося зусiм мала звестак аб збройнай барацьбе беларусаў за сваю незалежнасць, аб тых беларускiх вайсковых фармаваннях, якiя iснавалi не толькi на тэрыторыi Беларусi, але i на тэрыторыi Польшчы, Украiны, Лiтвы, Латвii, Эстонii i Малдавii.

Абвяшчэнне Рэспублiкi Беларусь, стварэнне ўласнага беларускага войска -Узброенных Сiлаў Беларусi, далейшы працэс дэмакратызацыi нашага грамадства выклiкаў цiкавасць шырокай грамадскасцi да малавядомых старонак нашай гiсторыi увогуле, i ваеннай у прыватнасцi. У друку ўжо з’яўлялiся артыкулы пра стварэнне i дзейнасць беларускiх вайсковых фармаванняў пасля лютаўскай рэвалюцыi 1917 г. I вось самай значнай працай на гэтую тэму стала манаграфiя польскага да-следчыка беларускага паходжання Алега Латышонка “Białoruśkie formacje wojskowe 1917-1923″, выдадзеная “Беларускiм гiстарычным таварыствам” у Беластоку у 1995 г. Манаграфiя складаецца з 10 раздзелаў, якiя дзеляцца на асобныя параграфы. Для чытача, думаю, будзе цiкава даведацца пра ўвесь змест кнiгi. Ва ўступе, як i належыць, аўтар сцiсла аглядае лiтаратуру па праблеме, знаемiць з асноўнымi крынiцамi. Адзначым, што А.Латышонак выкарыстаў шэраг крынiцаў, якiя захоўваюцца у Цэнтральным Вайсковым Архiве ў Рэмбертове (CAW – Centralne Archiwum Wojskowe), матэрыялы Iнстытута Юзафа Пiлсудскага ў Нью-Ёрку, Нацыянальнага архiву Рэспублiкi Беларусь i iнш. У першым раздзеле “Ruch białoruśki od początku XX w. do rewolucji lutowej 1917 r. W Rosji” у двух параграфах разглядаецца развiццё беларускага нацыянальнага руху ад пачатку ХХ ст. да I сусветнай вайны, працэсы, што адбывалiся ў Беларусi ў 1914-17 г. Аўтар падыходзiць да высновы, што, хоць паняццi “Беларусь”, “беларусы” маюць даўнюю гiстарычную традыцыю, сучасны беларускi нацыянальны рух пачаў кшталтавацца толькi на пачатку ХХ ст. Праў-да, нягледзячы на хуткi рост, да I сусветнай вайны ён не змог стаць значнай палiтычнай сiлай. Беларускiя нацыянальныя дзеячы выступалi толькi за культурна-нацыянальную аўтаномiю. Незалежная Беларусь не iснавала нават на ўзроўнi праектаў.

Другi раздзел “Białoruśki ruch wojskowy w latach 1917-1918″ складаюць 6 параграфаў, у якiх разглядаецца грамадска-палiтычная сiтуацыя на Беларусi пасля лютаўскай рэвалюцыi, беларускi вайсковы рух памiж дзвюма рэвалюцыямi, утварэнне Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады (ЦБВР), беларуска-бальшавiцкi канфлiкт напрыканцы 1917 – пачатку 1918 г., вызваленне Менску беларускiмi i польскiмi аддзеламi 19-20 лютага 1918 г., беларускi рух пад час нямецкай акупацыi i падзелу краiны на Беларусь Цэнтральную i Усходнюю у 1918 г. Трэба адзначыць, што аўтару ўдалося, абапiраючыся на ўжо апублiкаваныя звесткi, у сцiслай, канспектыўнай форме раскрыць асноўныя моманты абраных праблемаў i сфармуляваць адпаведныя высновы (С.81-84).

Трэцi раздзел “Jednostki białoruśkie w armii litewskiej” складаецца з чатырох параграфаў, у якiх разглядаюцца беларуска-лiтоўскiя дачыненнi ў 1915-18 г., дейнасць беларускiх вайсковых адзiнак у Гораднi (снежань 1918 – чэрвень 1919), стварэнне i дзейнасць беларускiх вайсковых фармаванняў у складзе лiтоўскай армii, аналiзуецца iх нацыянальны i веравызнаўчы склад, а ў пятым прапануюцца кароткiя абагульненнi i высновы. У чацвёртым раздзеле “Polityka Rosji Sowieckiej wobec Białoruśi w latach 1918-1920 ze szczególnym uwzglednieniem kwestii militarnych” грунтоўна разглядаецца палiтыка бальшавiцкiх уладаў у дачыненнi да Беларусi i беларускага войска у 1918-20 г. Аўтар сцвярджае, што кiраўнiцтва Савецкай Расii, бальшавiкi Заходняга фронту, большасць якiх не з’яўлялася беларусамi, разглядала беларускi нацыянальны рух выключна як варожы справе рэвалюцыi i таму вяла з iм барацьбу. З гэтай нагоды яны былi супраць стварэння беларускага нацыянальнага войска. Алег Латышонак звяртае ўвагу на той факт, што створаны ў канцы 1918 г. у Петраградзе аддзел беларускiх камунiстаў у складзе 200 чалавек расфармаваны ў Менску – ён так i не браў удзелу ў баявых дзеяннях, што сведчыла як пра слабасць беларускiх “нацыянал-камунiстаў”, так i пра стаўленне да iх бальшавiцкай улады (С.118-119). Аўтар выказвае думку, што калi б улады Савецкай Расii ў свой час дазволiлi стварыць беларускiя фармаваннi ў складзе Чырвонай Армii, то гэтыя аддзелы былi б на першым плане барацьбы з немцамi. У 1918-19 г. бальшавiкi мабiлiзавалi ў Беларусi каля 300 000 чалавек з лiку ваеннаабавязаных i добраахвотнiкаў, але толькi пятая частка з iх трапiла на Заходнi фронт. У лiпенi 1920 г. тэрыторыя Беларусi была вызвалена ад палякаў. Авантурыстычная палiтыка экспарту рэвалюцыi прывяла да катастрофы Чырвонай Армii пад Варшавай i чарговай акупацыi значнай часткi Беларусi палякамi. Савецкая Расiя, пiша аўтар, не абаранiла Беларусь, а толькi выкарыстала яе людскiя рэсурсы для абароны сваiх уласных iнтарэсаў. Больш за тое, Савецкая Расiя анексавала значную частку яе тэрыторый, якiя раней сама прызнавала беларускiмi. З гэтай высновай цяжка не пагадзiцца. Але цяжка прыняць тое, як ён на старонцы 117, спасылаючыся на працу I.Iгнаценкi, апавядае пра новае абвяшчэнне Беларускай Савецкай рэспублiкi 31 лiпеня 1920 г. Аўтар пiша, што 30 лiпеня 1920 г. у Менску адбылося пасяджэнне партыйнаарганiзацыйнай тройкi Менскай губернi, на якiм быў утвораны Часовы Ваенна-рэвалюцыйны камiтэт у складзе Аляксандра Чарвякова (старшыня), Вiльгельма Кнорына (намеснiк старшынi) i Iосiфа Адамовiча (адказны за вайсковыя справы). Прызначаная ЦК КП(б) Лiтвы i Беларусi камiсiя падрыхтавала тэзы для абвяшчэння рэспублiкi. Аднак гэта не зусiм так. Па-першае, ва ўтвораны Ваенна-рэвалюцыйны камiтэт Беларускай рэспублiкi акрамя ўжо названых увайшлi таксама А.Вайнштэйн (ад Бунда), У.Iгнатоускi (ад Беларускай Камунiстычнай арганiзацыi – БКА) i I.Клiшэўскi (сакратар ВРК БР). Стварэнню гэтага органа папярэднiчалi важныя падзеi i барацьба беларускiх камунiстаў за аднаўленне Савецкай улады ды за самавызначэнне Беларусi, якая вялася на працягу траўня-лiпеня 1920 г. 23 траўня 1920 г. на адной з нарад у Смаленску А.Чарвякоў паведамiў, што ў сувязi з хуткiм вызваленнем Беларусi ЦК КП(б) Лiтвы i Беларусi прызначыў яго на пасаду члена Менскага губрэўкома, якi планавалася стварыць. Палiчыўшы такi акт палiтычна шкодным, Чарвякоў заявiў у ЦК ЛiтБела аб сваёй нязгодзе i сказаў, што неабходна ствараць не Менскi, а Беларускi рэўком. На аснове ягонага дакладу ўдзельнiкi нарады прынялi рэзалюцыю “Аб самавызначэннi Беларусi”, у якой гаварылася: “Улiчваючы этнаграфiчныя, культурныя, палiтычныя, моўныя i iншыя бытавыя асаблiвасцi Беларусi, а таксама значэнне беларускага пытання ў мiжнародных адносiнах, прызнаць неабходным, у сувязi з неяснай пазiцыяй па гэтым пытаннi ЦК Лiтбела, напiсаць дакладную запiску ў ЦК РКП(б) з выкладаннем асобнага погляду беларусаў-камунiстаў…”. I ўсе ж 7 лiпеня быў створаны Менскi губрэўком на чале з Чарвяковым. Ды нават супраць такой, урэзанай дзяржаўнасцi iснавала “апазiцыя”. На другi дзень пасля вызвалення Менску ад палякаў Р.Рэйнгольд i I.Пiкель прадставiлi у ЦК КП(б) ЛiтБела тэзы “Да пытання аб стварэннi Беларускай Савецкай рэспублiкi”, якiя i мае на ўвазе А.Латышонак. Аднак тэзы не былi прыняты ЦК РКП(б) . 16 лiпеня пленум ЦК па iнiцыятыве У.Ленiна прыняў рашэнне “Аказаць беларускаму народу садзейнiчанне ў стварэннi Беларускага рэўкома, падпарадкаваўшы на блiжэйшы перыяд часу пытанне арганiзацыi ўрадавай улады ў межах Беларусi ваенным патрабаванням фронту”. 31 лiпеня 1920 г. на ўрачыстым сходзе ў Менску была абнародавана “Дэкларацыя аб абвяшчэннi незалежнасцi Савецкай сацыялiстычнай рэспублiкi Беларусi”<a href=”#ftn1″>[1]</a>.

Змястоўным атрымаўся раздзел пяты “Dzialałność Białoruśkiej Komisji Wojskowej w latach 1919-1921″. Пытанне стварэння i дзейнасцi Беларускай Вайсковай Камiсii (БВК), спробы фармавання Беларускага войска пад апекай Польшчы – усё гэта амаль не краналася сучаснай беларускай гiстарыя-графiяй. I не выпадкова. Нi польская, нi тым больш савецкая гiстарыяграфiя не былi зацiкаўленыя ў аб’ектыўным асвятленнi беларускага пытання, гiсторыi беларускiх вайсковых фармаванняў. Грунтуючыся на навуковых распрацоўках апошнiх гадоў, новых архiўных матэрыялах, аўтар дэталёва асвятляе працэс стварэння БВК, распачатага пасля рашэннем Беларускага з’езду Вiленшчыны i Гарадзеншчыны 7-8 чэрвеня 1919 г. Ня-гледзячы на незразумелае стаўленне ўраду Ю.Пiлсудскага да Беларусi i расфармаванне беларускага Гарадзенскага палка, выбраная на з’ездзе Беларуская Цэнтральная Рада Вiленшчыны i Гарадзеншчыны (БЦРВiГ) пад кiраўнiцтвам К.Душ-Душэўскага пры-знала, што Войска Польскае вызваляе ад бальшавiкоў, i пастанавiла звярнуцца да Ю.Пiлсудскага з просьбай дапамагчы ў стварэннi Беларускага войска. 20 чэрвеня 1920 г. дэлегацыю БЦРВiГ у складзе I. Луцкевiча, К.Душ-Душэўскага i П.Алексюка прыняў Ю.Пiлсудскi. Размова вялася пра iнтэгральнае захаванне беларускiх земляў у сувязi з Польшай. Прыкладна тады ж адбывалiся перамовы А.Луцкевiча з прэм’ерам I.Падэрэўскiм у Парыжы. Ужо быў падрыхтаваны праект утварэння незалежнай Беларускай дзяржавы ў саюзе з Польшчай. Планавалася, што будзе агульная знешняя палiтыка i сумеснае кiраўнiцтва вайсковымi справамi. Паводле праекту, палякi мусiлi дапамагчы вызвалiць Беларусь ад бальшавiкоў, а таксама стварыць Беларускае войска пад польскiм кiраўнiцтвам (Арт.121-122). Аднак такi праект не падтрымала нi польскае, нi французскае кiраўнiцтва. 12 лiпеня Беларуская вайсковая арганiзацыя (БВА) звярнулася да БЦРВiГ з дэкларацыяй у справе Беларускага войска. Мiж тым, унутры БЦРВiГ абвастрылася барацьба памiж прыхiльнiкамi прапольскай i пралiтоўскай арыентацыi, у вынiку якой замест К.Душ-Душэўскага кiраўнiком Рады стаў Б.Тарашкевiч – прыхiльнiк саюзу з больш моцным суседам. 28 лiпеня Ю.Пiлсудскi прыняў дэлегацыю на чале з Б.Тарашкевiчам, якая ўнесла прапановы аб стварэннi Беларускага войска, фармаванне якога мусiла пачаць БВК. Абавязкам камiсii мела стаць “нацыянальнае ўзгадаванне вой-ска”, устанаўленне вайсковай формы i распрацоўка статутаў. Беларускае войска магло ваяваць у складзе польскай армii толькi на беларускiм фронце i не магло выводзiцца па-за тэрыторыю Беларусi. Як сведчаць газеты, Ю.Пiлсудскi станоўча ўспрыняў беларускiя прапановы, заверыў, што будзе цвёрда трымацца праграмы, выкладзенай у адозве да народаў былога Вялiкага Княства Лiтоўскага, i паабяцаў неадкладна загадаць вайсковым уладам распачаць супольна з БЦРВiГ арганiзацыю Беларускай збройнай сiлы. Аднак чаканы загад з’явiўся толькi праз тры месяцы, 22 кастрычнiка 1919 г. Iм прадугледжвалася пачаць фармаванне на добраахвотнай аснове беларускiх аддзелаў (спачатку двух батальёнаў пяхоты), а таксама зацвярджалася БВК i прапанаваны камiсiяй камандуючы Беларускiм войскам, якi ўваходзiў у склад камiссii, але падпарадкоўваўся непасрэдна польскiм ваенным уладам. А.Латышонак падрабязна распавядае пра змены ў складзе камiсii, пра яе дзейнасць, аналiзуе прычыны яе нiзкай эфектыўнасцi i, па сутнасцi, правалу iдэi стварэння Беларускага войска з дапамогай Польшчы.

У шостым раздзеле “Oddziałly generala Stanisława Bułak-Bałachowicza”, разглядаецца яго вяртанне з Эстонii ў Беларусь, удзел у польска-савецкай вайне 1920 г., аналiзуюцца палiтычныя прычыны выступлення Булак-Балаховiча ўвосень 1920 г., фармаванне i склад армii легендарнага генерала, яго баявыя дзеяннi на Палессi, а таксама прычыны iнтэрнавання аддзелаў С.Булак-Балаховiча ў Польшчы.

У сёмым раздзеле “Utworzenie i dzialałność bojowa 1 Sluzkiej Brygady Stzelców. Listopad-grudzień 1920 r.” у двух параграфах разглядаецца беларускi нацыянальны i вайсковы рух на Случчыне у 1917-20 г. У восьмым – дзесятым раздзелах аўтар знаёмiць чытачоў з працэсам расфармавання беларускiх вайсковых сiлаў у Польшчы ў 1921 г., дзейнасцю беларускiх вайскоўцаў на польскай тэрыторыi да заключэння Рыжскага мiру, спробамi стварэння (з дапамогай польскiх уладаў) беларускiх партызанскiх аддзелаў, паказвае, чаму былi расфармаваны беларускiя вайсковыя аддзелы пасля сакавiка 1921 г., а таксама падае кароткую iнфармацыю пра фармаваннi, якiя дзейнiчалi па-за межамi Беларусi. Напрыканцы прыводзяцца звесткi аб мундзiрах i вайсковых адзнаках беларускiх фармаванняў.

У заканчэнне, робячы высновы, А.Латышонак зазначае, што за незалежнасць Беларусi са зброяй у руках змагалася блiзу 11 000 жаўнераў i афiцэраў, i многа партызан, дакладную колькасць якiх цяжка вызначыць. Аўтар слушна пiша, чаму беларускiя вайскоўцы не змаглi здабыць незалежнасцi для Беларусi. Прычынаў тут шмат: перш за ўсё эканамiчнае становiшча Беларусi пад час I сусветнай вайны; лiнiя фронту, па абодва бакi якой знаходзiлiся iншаземныя войскi, якiх было больш, чым усiх мясцовых жыхароў, здольных насiць зброю; надзвычай разбуральна на беларускi нацыянальны рух уздзейнiчалi бальшавiцкая i эсэраўская прапаганда, практыка савецкай улады; месца Беларусi ў геапалiтычных планах Нямеччыны i Антанты, Польшчы i Савецкай Расii ды г.д. Можна доўга разважаць пра тое, што было б, калi б падзеi пайшлi па-iншаму. У дадзеным выпадку А.Латышонак паглядзеў на iх так, як яны адбывалiся на самай справе. Мне асабiста iмпануе ацэнка, якую дае аўтар дзейнасцi Паўла Алексюка, Беларускага палiтычнага камiтэта i так званага Мазырскага ўраду БНР В.Адамовiча. А.Латышонак пiша, што апошнi па сутнасцi “з’яўляўся адзiным беларускiм урадам, вартым такой назвы”, што “балахоўшчына” была “беларускай версiяй пiлсудчыны”, што “Слуцкi збройны чын быў вянцом беларускага незалежнiцкага руху, як адзiнае самастойнае выступленне беларусаў у абарону незалежнасцi свайго краю”.

Кнiга добра аформлена. У дадатку змешчаны 38 фота-здымкаў, сярод якiх ёсць зусiм малавядомыя. У тым лiку фотаздымкi А.Змагара, Ю.Балаховiча, Х.Канапацкага, М.Дзямiдава, А.Ружанцова, К.Кандратовiча, здымкi Гарадзенскай камендатуры з выявамi Пагонi i бел-чырвона-белага сцяга. Хацеў бы падзякаваць аўтару за такую працу, за тое, што па драбнiчках сабраў раскiданыя па розных архiвах i выданнях звесткi, сiстэматызаваў i абагульнiў iх, рэканструяваўшы цэлы забыты пласт нашай беларускай гiсторыi, гiсторыi, так невыгоднай як Маскве, так i Варшаве. Зразумела, у кнiзе ёсць i недахопы, што зусiм натуральна, калi ўлiчыць брак гiстарычных звестак па гэтай тэме. Многiя падзеi аўтар быў вымушаны асвятляць сцiсла, проста эскiзна. Але такiя хiбы можна паправiць у будучынi. А будучыня ў гэтай тэмы ёсць.

Кнiгу А.Латышонка трэба выдаць па-беларуску ў Беларусi, каб не толькi вузкiя даследчыкi-спецыялiсты, але i шырокi чытач ведаў, што беларускае войска мае даўнюю i багатую гiсторыю.

Менск

Аляксей Лiцвiн


[1] Сташкевич Н. На грани возможного // Неман, 1989, № 10. С.145

Наверх

Głogowska, Helena. Białoruś. 1914-1929: Kultura pod presją polityki (Валянцiна Грыгор’ева)

Снежня 9, 1997 |

GŁOGOWSKA HELENA. Białoruś. 1914-1929: Kultura pod presją polityki. Białystok. 1996. 238.

Беларуская гiстарыяграфiя да гэтага часу так i не звярнула належнай увагi на праблему развiцця нацыянальнай культуры пад час I сусветнай вайны i ў першае дзесяцiгоддзе пасля яе. Нейкiм чынам гэта знаходзiць сваё апраўданне: складаны перыяд, складанасцi з крынiцамi. А калi i звярталiся да мiнулага Беларусi гэтага гiстарычнага перыяду, то гiсторыкi вылучалi на першы план больш важкiя, на iх погляд, праблемы: вайна, акупацыя, бежанства, палiтычныя працэсы. Культура, як гэта было i ў жыццi, i не толькi ў гэты трагiчны для Беларусi час, адсоўвалася на апошнi план. А часцей, як гэта назiралася ва ўсiх абагульняючых працах, ёй зусiм не хапала месца i ўвагi. Вось чаму з’яўленне кнiгi, прысвечанай гiсторыi беларускай культуры ў 1914 – 1929 г., заслугоўвае самай высокай па-хвалы i пiльнай увагi гiсторыкаў.

Няма нiчога дзiўнага ў тым, што да гiсторыi Беларусi зноў звяртаюцца польскiя даследчыкi. Бо, як слушна пiша аўтар кнiгi, гiстарычныя лёсы Беларусi i Польшчы цесна сплялiся, i не толькi праз змены межаў, але i праз фармаванне двух народаў i iх культур. Аўтар ставiць перад сабой даволi складаную задачу: разгледзець культурнае развiццё Беларусi, абуджэнне самасвядомасцi беларусаў у кантэксце агульных тэндэнцый еўрапейскай цывiлiзацыi. I гэты падыход дазваляе разглядаць гiстарычны працэс у Беларусi не iзалявана, а як складовую частку агульнаеўрапейскага гiстарычнага працэса. Падыход, можа, i не зусiм нечаканы для беларускай гiстарыяграфii, але, пагодзiмся, даволi новы i неабходны.

Даследаванне Алены Глагоўскай увабрала ў сябе многiя добрыя традыцыi, характэрныя для польскай гiстарыяграфii наогул: грунтоўная навуковая база, кампазiцыйная стройнасць працы, лагiчнасць i даходлiвасць выкладання матэрыялу. Аўтар не пакiдае па-за сваёй увагай нi лiтаратуру, выдадзеную ў Савецкай Беларусi ў 20-я г., нi даследаваннi беларускiх аўтараў больш позняга перыяду, у тым лiку i сучасныя. Не ўпершыню звяртаецца да праблем беларускай гiсторыi першай паловы XX ст. i польская гiстарыяграфiя. Хаця лiтаратуры, прысвечанай гэтаму перыяду, не вельмi шмат, але ёсць сярод яе i манаграфiчныя творы (J.Turonek. Białoruś pod okupacią niemiecką. Warczawa – Wrocław, 1989; M. Rudzińska-Froelichova. Uwagi nad literatura białoruska. W-wa, 1936 i iнш.) i навуковыя артыкулы (A.Derugo, J. Golabek, E. Maliszewski i iнш.). Пэўная ўвага надаецца творам, што выдавалiся ў розныя гады ў беларускiх эмiграцыйных колах Заходняй Еўропы i Амерыкi: V.Seduro. The Byelorussian Theater and Drama. New York, 1955; A.Adamowich. Oposition to Sovietization in Belorussian Literature (1917 – 1975). New York. 1958; U. Hłybinny. Dola bielaruskaje kultury pad Sowietami. München, 1958 i iнш.

Абапiраючыся на дакументальныя крынiцы (зборнiкi дакументаў, матэрыялы архiваў г. Мiнска i Вiльнi), успамiны сучаснiкаў падзей, аўтар змог аб’ектыўна ацанiць усё тое, што было апублiкавана яе папярэднiкамi, незалежна ад iх партыйнай прыналежнасцi, месца знаходжання, адносiн да аналiзуемых праблем. Яна знаходзiць памiж гэтымi, часта палярнымi, пунктамi погляду сваё бачанне праблемы, iмкнучыся, i не беспаспяхова, каб яно адпавядала гiстарычным рэалiям. Свае думкi i высновы аўтар не навязвае чытачу, а проста распавядае, як iшоў той цi iншы працэс, дае магчымасць дасведчанаму чытачу самому знаходзiць гiстарычную праўду.

Праца насычана лiчбамi, прозвiшчамi, падзеямi. Але гэта не абцяжарвае ўспрымання матэрыялу. Статыстычныя дадзеныя згрупаваны ў 27 таблiцах, што дазваляе аўтару больш наглядна i абгрунтавана выкладаць свае пазiцыi. Праца мае паказальнiк iмёнаў, поўны спiс выкарыстанай лiтаратуры i архiў-ных крынiц па праблеме, дапаўняецца фотаiлюстрацыямi. Несумненна, што праца А.Глагоўскай “Białoruś. 1914-1929: Kultura pod presją polityki” павiнен заняць адпаведнае месца ў гiстарыяграфii Беларусi першай паловы XX стагоддзя i па-трабуе перакладу на беларускую мову.
Менск

Валянцiна Грыгор’ева

Платонаў, Расцiслаў П. Палiтыкi. Iдэi. Лёсы.

Снежня 8, 1997 |


ПЛАТОНАЎ, РАСЦIСЛАЎ П. Палiтыкi. Iдэi. Лёсы. Мiнск, 1996. 382.

МIХНЮК, УЛАДЗIМIР М. Арыштаваць у высылцы. Мiнск, 1996. 149.

МИХНЮК, ВЛАДИМИР Н. Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР. Минск, 1997. 203: дадат.

Адным з найважнейшых здабыткаў беларускiх гiсторыкаў у апошнiя гады стала публiкацыя дакументальных матэрыялаў, якiя пралiваюць святло на ролю iнтэлiгенцыi не толькi ў стварэннi iнтэлектуальнага фонду нацыi, але i ў гiстарычным працэсе, у барацьбе за дзяржаўнасць, сацыяльную i палiтычную свабоду народа.

Кнiга Р.Платонава “Палiтыкi. Iдэi. Лёсы” уключае васемнаццаць сюжэтаў. Частка з iх прысвечана палiтыцы КП(б)Б у дачыненнi да iнтэлiгенцыi, iдэалагiчным акцыям партыi, яе метадам i рэальным рычагам (у асноўным органам АДПУ) уздзеяння на пазiцыi iнтэлiгенцыi, а ў канчатковым вынiку – на яе лёс. Асноўная ж маса сюжэтаў кнiгi Платонава – аналiтычны аповед пра трагiчны лёс палiтычнай элiты Савецкай Беларусi.

Аналiз выступаў на бюро ЦК, пленумах, з’ездах Кампартыi Беларусi, так званых чыстак, дакладных, аналiтычных запiсак АДПУ-НКУС (усе гэтыя матэрыялы шырока выкарыстаны, прадстаўлены на старонках кнiгi гiсторыка) красамоўна сведчыць аб прывiднасцi суверэнiтэту рэспублiкi. Усiмi iдэйна-прававымi, сацыяльна-палiтычнымi працэсамi ў Беларусi кiравалi з Масквы персанальна генсек i яго найблiжэйшае атачэнне.

Праз спецыяльна падабраных людзей, прысланых пераважна з цэнтра, ажыццяўляўся кантроль над усiм i ўся, здзяйснялiся такiя падступныя акцыi, як знiшчэнне нацыянальных партыйных i ваенных кадраў, татальная загуба творчай iнтэлiгенцыi. Паводле сцэнараў i загадаў з Масквы iшоў сiстэматычны тэрор, якi к канцу 30-х г. набыў акрэсленыя рысы генацыду, этнацыду ва ўмовах нярускiх зямель iмперыi.

Зародак таталiтарных метадаў улады ў Беларусi Р.Платонаў адносiць да сярэдзiны 20-х г., “калi, паводле слоў гiсторыка, пачалося зрошчванне органаў дзяржаўнай бяспекi з вышэйшымi партыйнымi структурамi” (С. 64). Ёсць падставы генезiс таталiтарызму ў Беларусi аднесцi да крыху ранейшага часу, прынамсi да пачатку 20-х. Ужо ў 1921 г., выконваючы ленiнскую ўстаноўку на поўную нейтралiзацыю iншых палiтычных партый, надзвычайная камiсiя (ЧК) аршытавала 860 членаў Беларускай партыi сацыялiстаў-рэвалюцыянераў. Старшыня ЧК А.Ротэнбэрг прасiў у Цэнтральнага бюро КП(б)Б прабачэння за затрымку з правядзеннем акцыi i выказваў надзею на ўхваленне сваiх дзеянняў (С. 55).

Несудовая ж расправа з iнтэлiгенцыяй па сфабрыкаваных сцэнарах “Саюз вызвалення Беларусi”, “Беларускi нацыянальны цэнтр” i iншых генетычна ўзыходзiць да так званай справы прафесара Таганцава, арганiзаванай АДПУ ў 1921 г. у Петраградзе. Аўтарам сцэнара “Справа праф. Таганцава” быў асабiсты сакратар старшынi Савета народных камiсараў Якаў Самуiлавiч Агранаў, якога Iльiч, згодна са сваёй любiмай прымаўкай “хороший коммунист – хороший чекист”, паслаў у Надзвычайную камiсiю з наказам “прижать и припугнуть интеллигенцию”. Цяжка сказаць, хто быў хросным бацькам праекта Якава Агранава, заклiканага “прыцiснуць i напалохаць iнтэлiгенцыю”: аўтар яго яшчэ даволi працяглы час сумяшчаў работу ў сакратарыяце СНК з членствам у калегii АДПУ. Агранаў зрабiў блiскучую кар’еру – з сярэдзiны 30-х г. стаў намеснiкам наркома ўнутраных спраў Г.Ягоды. А ў 1921 г. у Петраградзе з яго санкцыi было арыштавана 800 рускiх iнтэлектуалаў, аб’яднаных ДПУ ў групу прафесара Таганцава. Яны абвiнавачвалiся ў нелаяльных адносiнах да дыктатуры пралетарыяту. Рэчавых доказаў контррэвалюцыйнай дзейнасцi арыштаваных iнтэлiгентаў не было, але мабiлiзаваныя на скорую руку ахоўнiкi “рэвалюцыйнай законнасцi” мусiлi даказаць вiну невiнаватых на падставе ўказанняў чэкiсцкага начальства. Пэўна ж, у вучоных мелiся свае погляды, у тым лiку i на дыктатуру пралетарыяту i мажлiвасць ёю ашчаслiвiць Расiю, свет. Але ж погляды без дзеянняў – яшчэ не крымiнал нават у часы рэвалюцый.

Кнiга Расцiслава Платонава, нягледзячы на няпросты, спецыфiчны, каб не сказаць трагiчны, змест, чытаецца адным духам. Вучоны пераканаўчы ў сваiм аналiзе i вывадах. Раздзелы i падразделы матэрыялу ў яго кнiзе носяць, як правiла, трапныя, вобразныя загалоўкi. Ёсць толькi адзiн-адзiны недахоп: кнiга выдадзена ў колькасцi 150 экзэмпляраў. Шкада: такiя выданнi садзейнiчаюць разбурэнню таталiтарнай свядомасцi, на жаль, яшчэ такой жывучай у нас.

Лёсы прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi, дзеячаў беларускага адраджэнскага руху сталi аб’ектам даследчыцкай увагi прафесара Уладзiмiра Мiхнюка. Асаблiвую навуковую i грамадскую цiкавасць выклiкаюць выдадзеныя за мiнулыя два гады кнiгi: гiстарычна-дакументальны нарыс пра Алеся Дудара “Арыштаваць у высылцы” i зборнiк “Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР”.

Трэба сказаць, што кнiга пра таленавiтага паэта, напiсаная па-майстэрску i сцiпла названая нарысам, – цэлае адкрыццё. Сваiмi публiкацыямi, што часта стаяць на мяжы ўласна гiстарычнага даследавання i лiтаратуразнаўства, Уладзiмiр Мiхнюк iстотна карэгуе наша ўяўленне аб розных працэсах у грамадстве i лiтаратуры 20-30-х г.

Пра асобныя iдэйныя “памылкi”, заганы ў творчасцi Янкi Купалы, Якуба Коласа, Змiтрака Бядулi канца 10-х – пачатку 20-х г. наша лiтаратуразнаўства часам глуха гаварыла. Праўда, пры гэтым тыя “няправiльныя” творы не цытавалiся, а часам i не называлiся. Тым часам афарыстычнае азначэнне адносiн да ўлады дыктатуры пралетарыяту “кавалi другiя, а ланцугi ўсё тыя”, якое знайшло выраз у творчасцi Я.Коласа, было характэрна i для паэзii некаторых маладых прадстаўнiкоў беларускай лiтаратуры. Толькi пра адкрыта апазiцыйныя матывы да новай улады з боку пiсьменнiкаў маладога пакалення ў курсах па гiсторыi лiтаратуры ўжо вальнейшага часу 60-80-х г. не гаварылася нi слова. Тут савецкае лiтаратуразнаўства трымалася тэзiсу пра безагаворачнае успрыманне беларускiмi пiсьменнiкамi ўсяго, што прынесла з сабой новая ўлада, пра адзiнагалосны хваласпеў iх у гонар Кастрычнiка i яго правадыроў.

Уладзiмiр Мiхнюк апублiкаваў адшуканыя iм у архiвах ахоўнага ведамства тры вершы Алеся Дудара, у тым лiку верш “Пасеклi наш край папалам”, за якi паэт быў першы раз арыштаваны i высланы з Беларусi. У вершах Дудара, якiя ў 20-я г. не маглi трапiць на старонкi друку i кружылi ў вузкiм коле знаёмых, знайшло выказ вострае непрыняцце беларускiм паэтам двулiкай нацыянальнай палiтыкi бальшавiкоў. Акрамя таго, у iх з моцнай выяўленчай сiлай перададзена тая атмасфера “сыску”, татальнага нагляду за чалавекам, якая панавала ў краiне, была адной з характэрных, тыпалагiчных рысаў паноўнага рэжыму.

Аналагiчныя “крамольныя” перажываннi-думкi, толькi мо’ з шырэйшым мастацкiм абагульненнем, былi выказаны ў ананiмна надрукаваным у заходнебеларускiм часопiсе вершы Уладзiмiра Дубоўкi, аўтарства якога, дзякуючы архiўным знаходкам, было ўстаноўлена прафесарам Мiхнюком.

Надзвычай каштоўным дакументам у плане разумення духоўнага жыцця Савецкай Беларусi 20-х г. з’яўляюцца апублiкаваныя ў кнiзе “Арыштаваць у высылцы” паказаннi Алеся Дудара, калi арыштаваны другi раз паддопытны паэт рабiў рэвiзiю сваiх iдэалагiчных поглядаў i творчасцi.

Асобнай увагi патрабуе iлюстрацыйны матэрыял кнiгi пра А.Дудара – турэмныя фотаздымкi вучоных i пiсьменнiкаў, арыштаваных па сфабрыкаванай АДПУ справе так званага СВБ, а таксама грунтоўныя каментары. Большасць апошнiх заканчваецца фразай “Расстраляны тады i тады, у Мiнску”. Iнфармацыяй “Расстраляны 29 кастрычнiка 1937 г.” завяршаюцца каментары пра Мiхася Чарота, Платона Галавача, Мiхася Зарэцкага, Анатоля Вольнага, Васiля Каваля, Васiля Сташэўскага, Валера Маракова, – восем паэтаў i празаiкаў за адзiн толькi дзень. Дзе, калi, у якой яшчэ краiне такое было, магло адбыцца?

Як i кнiга пра Алеся Дудара, зборнiк “Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР” выйшаў пад грыфам Беларускага навукова-даследчага iнстытута дакумента-знаўства i архiўнай справы, структуры новай i, трэба думаць, перспектыўнай. Аўтарства прадмовы да зборнiка матэрыялаў пра А.Луцкевiча належыць У.Мiхнюку. Сама кнiжка падрыхтавана iм у суаўтарстве з архiвiстамi М.Клiмковiчам i А.Гесь. Навукова-пазнавальная каштоўнасць выдання заключаецца найперш у паказаннях А.Луцкевiча, арыштаванага органамi НКУС у 1939 г. у Вiльнi разам з iншымi беларускiмi iнтэлiгентамi.

Нам ужо вядомы з iншых публiкацый паказаннi, дадзеныя ў савецкiх турмах С.Ракам-Мiхайлоўскiм, I.Дварчанiнам, Яз.Гаўрылiкам i многiмi iншымi прадстаўнiкамi беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Яны ўражваюць фантасмагорыяй. Пад уздзеяннем катаванняў, езуiцкiх прыёмаў следства паддопытныя iшлi часам на дзiкi самаабгавор: толькi б скончылiся фiзiчныя i маральныя пакуты. Верыць такiм, з дазволу сказаць, паказанням – гэта значыць перанесцiся думкай у ней-кi перавернуты свет, дзе знiкае чалавечая асоба, а месца лю-дзей займаюць ценi прывiдаў, дантава пекла.

Паказаннi Антона Луцкевiча, нягледзячы на нейкiя нюансы ў семантыцы асобных словаў (напрыклад, “нацыянальны” ў матэрыялах заменены на “нацыяналiстычны”) носяць нармальны характар. Гэта фактычна падрабязны выклад гiсторыi беларускага руху, расказаны чаловай асобай яго. Сведчаннi Луцкевiча тым больш цiкавыя, што ўключаюць нямала фактаў з гiсторыi адраджэнскага руху, якiя па розных прычынах не былi або проста не маглi быць зафiксаваны дакументальна. Дасведчаны палiтык, тэарэтык i практык Адраджэння, Антон Луцкевiч i ў экстрэмальных умовах патрапiў пакiнуць iдэйную спадчыну, перадаць грамадска-палiтычны досвед беларускага вызваленчага руху першых дзесяцiгоддзяў ХХ ст.

Змешчаныя ў зборнiку матэрыялы допытаў А.Луцкевiча ў Менскай турме ў канцы 1939 – пачатку 1940 г., успамiны сучаснiкаў пра яго даюць рэальны вобраз буйнога палiтычна-грамадскага дзеяча, пiсьменнiка, публiцыста – вобраз, якi доў-гi час свядома скажаўся ў савецкiм друку.

На заканчэнне нельга не назваць, пасутнасцi, сенсацыйнага выдання, што пабачыла свет на зыходзе 1997 г. Прынамсi, яно за апошнiя 80 гадоў у Беларусi не мае аналагаў. Кажу пра зборнiк “Знешняя палiтыка Беларусi”, т. I, падрыхтаваны навуковым калектывам у складзе У.М.Мiхнюка, У.К.Ракашэвiча, Я.С.Фалея, А.В.Шарапы i С.А.Шупы.

235 дакументаў i матэрыялаў зборнiка даюць аб’ектыўную карцiну барацьбы за дзяржаўную незалежнасць Беларусi, цяжкага станаўлення дзяржаўнага быту нашай краiны. Выданне вельмi актуальнае. Трэба думаць, што размова пра яго на старонках друку, аналiз спецыялiстамi права, дзяржаўнага будаўнiцтва, гiсторыi мiжнародных адносiнаў не прымусяць сябе доўга чакаць.

Менск

Алесь Слабодскi

Наверх

Розенблат, Евгений С., Еленская, Ирина Э. Пинские евреи: 1939-1944 (Уладзiмiр Здановiч)

Снежня 7, 1997 |


РОЗЕНБЛАТ, ЕВГЕНИЙ С., ЕЛЕНСКАЯ, ИРИНА Э. Пинские евреи. 1939-1944. Брест, 1997. 312.

Трагедыя яўрэйскага насельнiцтва ў час мiнулай сусветнай вайны агульнавядомая. Тым не менш, гiсторыя яўрэяў Беларусi гэтага перыяду, нягледзячы на шэраг публiкацый, яшчэ не знайшла свайго належнага аcвятлення. Таму трэба толькi вiтаць спробы асобных навукоўцаў падыходзiць да вывучэння праблемы больш грунтоўна i глыбока. Сярод новых прац такога кшталту асаблiва вылучаецца кнiга берасцейскiх даследчыкаў Яўгена Разенблата i Iрыны Яленскай, прысвечаная малавядомым старонках жыцця яўрэйскага насельнiцтва Пiншчыны.

Манаграфiя “Пiнскiя яўрэi. 1939-1944 г.” напiсана на аснове шырокага корпусу крынiц: апублiкаваных матэрыялаў, у тым лiку гiстарычнай лiтаратуры на польскай i ангельскай мовах, матэрыялаў акупацыйнай прэсы, музейных матэрыялаў, сведчанняў удзельнiкаў i вiдавочцаў тых падзей. Асаблiвую важкасць даследаванню надаюць архiўныя дакументы, пераважная большасць якiх уводзiцца аўтарамi ў навуковы зварот упершыню.

Кнiга складаецца з уступа, 4 разделаў, заключэння i двух дадаткаў. Аўтары паставiлi на мэце “дакументаваную рэканструкцыю гiсторыi пiнскiх яўрэяў ў кантэксце агульнагiстарычных падзей 1939-1944 г.” (С.9).

У першым раздзеле “У гады савецкай улады. 1939-1941 г.” аўтары, выкарыстоўваючы малавядомыя дакументы, прадэманстравалi досыць арыгiнальны погляд на становiшча яўрэйскага насельнiцтва. Гледзячы на ўвесь комплекс мерапрыемстваў, ажыццяўляных савецкай уладай на тэрыторыi Заходняй Беларусi – нацыяналiзацыю, пашпартызацыю, арышты, дэпартацыю, пытаннi працоўнага заканадаўства, антырэлiгiйнай палiтыкi, праблемы бежанцаў i iнш. – праз прызму дакументаў НКВД i сакрэтных матэрыялаў партыйных органаў, яны здолелi паказаць патаемны бок гэтай палiтыкi, засведчылi, што дзейнасць савецкiх уладаў у дачыненнi да жыхароў Заходняй Беларусi вызначалася не толькi сацыяльна-класавым характарам, але i нацыянальным: першыя мерапрыемствы, накiраванныя на скасаванне прыватнага сектару, закранулi ў першую чаргу прадстаўнiкоў польскай i яўрэйскай нацыянальнасцяў. Рэпрэсii супраць былых сяброў яўрэйскiх палiтычных, грамадскiх i культурных партый i арганiзацый пазбавiлi яўрэйскае насельнiцтва лiдэраў. Зразумела, падобная палiтычная практыка i ўмяшанне ў культурнае жыццё яўрэяў выклiкалi незадаволенасць часткi яўрэйскага грамадства.

Аналiз афiцыйных дакументаў i ўспамiны непасрэдных удзельнiкаў тых падзей прывёў даследчыкаў да высновы, што ў перадваенныя гады звыклы лад жыцця яўрэяў г. Пiнска ўжо разбурыўся. Менавiта ў працэсе ўсталявання савецкай улады “былi парушаны традыцыйныя яўрэйскiя структуры i ўзмацнiўся раскол унутры яўрэйскага грамадства” (С.196). Падзеi 1939-1941 г., на думку аўтараў, у пэўнай ступенi ўзбудзiлi антысемiцкiя настроi ў асяроддзi карэннага насельнiцтва Палесся. Гэтаму спрыяла i кадравая палiтыка савецкай улады, якая прызначыла на адказныя пасады значную колькасць яўрэяў. Распаўсюджанасць антысемiтызму, а таксама антысавецкiх настрояў, пацвярджаецца сакрэтнымi дакументамi НКВД, якiя, безумоўна, як крынiца заслугоўваюць даверу. Станоўчым тут можна лiчыць тое, што аўтары разглядаюць змены ў сацыяльна-дэмаграфiчнай структуры i нацыянальным складзе насельнiцтва заходнебеларускiх гарадоў, а таксама паказваюць узаемаадносiны савецкай улады з нацыянальнымi меншасцямi.

Далей у кнiзе асвятляецца жыццё яўрэйскага насельнiцтва ў гады акупацыi Пiнска нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi. У пачатку другога раздзела “Першы год акупацыi” цэлым шэрагам фактаў аўтары абвяргаюць тэзiс пра нечаканасць нападу Нямеччыны на СССР, што быў даволi трывала замацаваны ў савецкай гiстарыяграфii. Насельнiцтва Заходняй Беларусi па-iншаму (не так, як ва Ўсходняй) успрымала падзеi, якiя адбывалiся ў Еўропе. Гэтаму спрыялi i былыя сувязi з Польшчай, i цыркуляцыя чутак дзякуючы вiру людзей на савецка-польскай мяжы. Як сцвярджаюць Я.Разенблат i i.Яленская, частка насельнiцтва чакала прыходу Гiтлера з надзеяй на паляпшэнне ўмоў жыцця. Аднак ужо першыя мерапрыемствы акупантаў развеялi гэтыя iлюзii. Рэгiстрацыя яўрэяў, выдзяленне iх асобным вонкавым знакам адразу вызначыла iх у “групу рызыкi”. У працы разглядаюцца розныя формы дзейнасцi акупацыйных уладаў па дыскрымiнацыi яўрэйскага насельнiцтва. Праз супастаўленне крынiц аўтары падаюць i абгрунтоўваюць найбольш верагодную колькасць загiнулых пад час нацысцкiх акцыяў па вынiшчэнню мужчынскага яўрэйскага насельнiцтва Пiнска ў жнiўнi 1941 г. (С.73-74).

Асобны раздзел манаграфii прысвечаны стварэнню i дзейнасцi органа яўрэйскага самакiравання горада – юдэнрата (яўрэйскай рады), якi забяспечваў выкананне нямецкiх загадаў, датычных яўрэяў. Упершыню ў беларускай гiстарыяграфii дэталёва, на падставе шматлiкiх i разнастайных дакументаў разглядаюцца асноўныя напрамкi дзейнасцi гэтага органа: улiк i рэгiстрацыя яўрэйскага насельнiцтва, збор грашовых кантрыбуцый i розных каштоўных рэчаў, арганiзацыя рабочых каманд, забеспячэнне яўрэйскай супольнасцi харчаваннем, сацыяльная апека, медыцынская дапамога, падтрыманне грамадскага парадку. Адначасова з гэтым аўтары прасочваюць змены, якiя адбылiся ў эканамiчным, сацыяльным i прававым становiшчы яўрэяў города з пачаткам акупацыi. Фактаграфiчны матэрыял, выкарыстаны Я.Разенблатам i i.Яленскай, да-зволiў iм па-свойму выказацца па праблеме ацэнкi юдэнратаў у айчыннай гiстарычнай навуцы i ўступiць у палемiку па гэтым пытаннi з сучаснымi навукоўцамi. Звяртаючы ўвагу на тое, што дзейнасць юдэнрата была супярэчлiвай, аўтары тым не менш лiчаць, што намаганнi яўрэйскай рады кiравалiся на захаванне супольнасцi, i “Пiнскi юдэнрат” здолеў у рамках магчымага вырашаць асноўныя задачы жыццезабеспячэння яўрэйскага насельнiцтва горада” (С.201).

Крынiцы дазволiлi аўтарам паказаць, што з лiпеня 1941 г. па травень 1942 г. у Пiнску iснавала гета адкрытага тыпу, асноўнымi прыкметамi якога былi канцэнтрацыя яўрэйскага насельнiцтва (вяртанне яўрэяў на ранейшае месца жыхарства i дэпартацыя iх сямей з сельскай мясцовасцi), абмежаванне свабоднага перамяшчэння яўрэйскага жыхарства (уезд i выезд з Пiнска), дакладнае дзяленне горада на арыйскую i яўрэйскую часткi, а таксама выдзяленне яўрэяў спецыяльнымi апазнавальнымi знакамi i iншыя формы расавай i прававой дыскрымiнацыi.

Трэцi раздзел манаграфii “Гета” разглядае перыяд, калi ў Пiнску iснавала гета закрытага тыпу. Ён лагiчна падзелены на дзве часткi: “Жыццё i быт у гета” i “Лiквiдацыя гета”. Такi падзел, не парушаючы агульнай канструкцыi работы, даў магчымасць аўтарам больш яскрава паказаць умовы жыцця i побыт вязняў, а таксама мерапрыемствы акупацыйных уладаў, накiраваныя на лiквiдацыю пiнскага гета. Першая частка раздзела знаёмiць з нарматыўнымi дакументамi органаў фашысцкага кiравання, якiя рэгламентавалi ўмовы арганiзацыi гета i рэжым яго iснавання, а таксама дазваляе ўявiць сацыяльна-псiхалагiчнае становiшча ў горадзе напярэдаднi масавага знiшчэння яўрэйскага насельнiцтва. Адной з галоўных праблемаў пасля стварэння гета стала забеспячэнне жыхароў прадуктамi харчавання. Аўтары вызначаюць асноўныя крынiцы забеспячэння харчаваннем: атрыманне прадуктаў па картачках, продаж i абмен рэчаў, прыватныя заробкi, самадапамога, якая ажыццяўлялася праз юдэнрат, а таксама крадзёж унутры гета i за яго межамi i падачкi мясцовага люду.

Недахоп харчавання, пагаршэнне медычна-санiтарнага стану прывялi да рэзкага павелiчэння смяротнасцi, якая тут, як пераканаўча паказваюць аўтары, цягам 1941-1942 г. была ў некалькi разоў вышэйшая, чым сярод жыхароў iншых нацыянальнасцяў Пiнска (С.140).

Аўтары даказваюць, што стварэнне гета было адной са стадый на шляху фiзiчнага вынiшчэння яўрэйскага насельнiцтва. Адметнай рысай Пiнскага гета з’яўляецца час яго iснавання: з 30 красавiка па 28 кастрычнiка 1942 г., гэта значна пазней, чым большасць iншых гета на тэрыторыi Беларусi i Украiны.

У раздзеле “Лiквiдацыя гета” Я.Разенблат i i.Яленская на аснове ўспамiнаў выжыўшых вязняў, справаздачы аднаго з выканаўцаў акцыi iх знiшчэння, а таксама паказанняў сведкаў тых падзей паспрабавалi аднавiць адну з самых жудасных старонак у гiсторыi Пiнска. Сыходячы з дадзеных аб колькасцi яўрэйскага насельнiцтва горада, аўтары лiчаць, што яго страты за 1941-1942 г. склалi 24-25 тысячаў чалавек, дапускаючы пры гэтым i магчымасць выяўлення новых звестак аб ахвярах нацысцкага генацыду (С.205). Вывучэнне дакументальных крынiц i iншых матэрыялаў дазволiць удакладнiць колькасць загiнуўшых у гета, а таксама выявiць усе месцы знiшчэння яўрэйскага насельнiцтва (так, аўтары звярнулi ўвагу спецыялiстаў на тое, што ў сённяшнiх спiсах месц канцэнтрацыi i знiшчэння яўрэяў на тэрыторыi Беларусi ўвогуле адсутнiчаюць звесткi аб Кобрыньскiм, Пагост-Загародскiм i Лагiшынскiм гета Брэсцкай вобласцi (С.204)).

Цiкавым i па некаторых аспектах, магчыма, спрэчным атры-маўся чацвёрты раздзел кнiгi “Антысемiтызм i Катастрофа”. Яно i зразумела, аўтары спрабуюць разгледзець вельмi далiкатнае пытанне, якое амаль не закраналася ранейшымi даследчыкамi: стаўленне насельнiцтва Беларусi да мерапрыемстваў акупацыйных уладаў, накiраваных супраць яўрэяў, а таксама ўзаемаадносiны яўрэйскага i неяўрэйскага насельнiцтва. Гэтая частка кнiгi носiць больш тэарэтычны характар. Згодна з меркаваннем аўтараў, масаваная антысемiцкая прапаганда з’яўлялася своеасаблiвай формай iдэалагiчнага генацыду i скарыстоўвалася акупацыйнымi ўладамi як адзiн са стрыжнявых метадаў барацьбы з савецкай уладай. На прыкладзе публiкацый перыядычнага друку, змешчаных на старонках “Пiнськай газеты”, Я.Разенблат i i.Яленская паказваюць механiзмы фармавання антысемiцкiх мiфалагемаў i стэрэатыпаў. У вынiку такой прапаганды нацыстаў пры адсутнасцi савецкай контр-прапаганды па “яўрэйскiм пытаннi”, а таксама з-за агульнага страху за ўласнае жыццё ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму адбылася пэўная дэфармацыя грамадскай свядомасцi, ступень i праявы якой, лiчаць аўтары, павiнны стаць тэмай самастойнага даследавання (С.206).

iстотным дапаўненнем даследавання “Пiнскiя яўрэi. 1939-1944 г.” з’яўляюцца дадаткi да кнiгi. Першы з iх, у якiм сабраны ўспамiны i сведчаннi вiдавочцаў i ўдзельнiкаў падзей 1941-1944 г., змяшчае аўтарскi каментар да прадстаўленых наратыў-ных крынiцаў, а таксама крытычны аналiз мiфаў i стэрэатыпаў, распаўсюджаных сярод iнфармантаў-яўрэяў i неяўрэяў. Заслугай стваральнiкаў кнiгi трэба лiчыць пераклад i публiкацыя цiкавых матэрыялаў па гiсторыi пiнскiх яўрэяў, арыгiналы якiх захоўваюцца за мяжой: лiста вязьня пiнскага гета (датуецца восенню 1942 г.), дзённiка яўрэйскага падлетка, якi хаваўся разам з сям’ёй у горадзе пасля лiквiдацыi гета, успамiны пiнчанкi, якая хавала яўрэйскую сям’ю i г.д. Значная частка выкарыстаных у кнiзе ўспамiнаў атрымана аўтарамi дзякуючы iнтэрвiю i знаходзiцца ў iх асабiстым архiве.

Другi дадатак кнiгi ўключае спiсы супрацоўнiкаў пiнскага юдэнрата, яўрэйскай бальнiцы, палiклiнiкi i дзiцячага дома, а таксама рамеснiкаў, якiя працягвалi працаваць па спецыяльнасцi ў гарадскiх арганiзацыях i ва ўласных майстэрнях: кавалёў, краўцоў, шаўцоў, цырульнiкаў i iнш. Акрамя таго, тут многа зводных таблiц, якiя тычацца кадравай палiтыкi савецкай улады ў 1939-1941 г., сацыяльна-дэмаграфiчнай структуры яўрэйскага насельнiцтва i г.д. Большасць гэтых таблiц скла-дзена самымi аўтарамi.

Гаворачы пра выданне ў цэлым, варта падкрэслiць, што гэта першая кнiга, спецыяльна прысвечаная гiсторыi пiнскiх яўрэяў у 1939-1944 г. Аўтары не абмяжоўваюцца разглядам толькi мясцовай гiсторыi, а выходзяць i на агульнагiстарычныя праблемы: нацыянальная палiтыка савецкай улады, трагiчны лёс еўрапейскага яўрэйства ў гады другой сусветнай вайны, нямецка-фашысцкi акупацыйны рэжым, беларускi горад у гады згаданай вайны, антысемiтызм i iнш. Незвычайная форма, абраная аўтарамi для падачы матэрыялаў – урэзка ў асноў-ны тэкст дакументаў, успамiнаў, фотаздымкаў i г.д. – прадуманая i лагiчная. Яна спрыяе лепшаму, нават эмацыйнаму ўспрыманню новай iнфармацыi. У выкладаннi тэкста дамiнуе навуковы сiнтэзны падыход, якi дазваляе спалучыць маштабны сiнтэз гiганцкай колькасцi фактаў, статыстычных дадзеных i г.д. з канкрэтна-гiстарычным аналiзам. Я.Разенблат i i.Яленская iмкнуцца не навязваць чытачу свае меркаваннi, а прапануюць яму паразважаць над дакументамi, якiя цытуюцца або друкуюцца цалкам.

Як слушна зазначаюць ва ўводзiнах аўтары, “не ўсе дакументы, што маюць дачыненне да тэмы даследавання, на сённяшнi момант выяўлены i вывучаны, таму праца не прэтэндуе на канчатковыя вывады” (С.12). Сапраўды, манаграфiя “Пiнскiя яўрэi. 1939-1944 г.” – гэта яшчэ не вынiк, а толькi падыход да даследавання гэтай тэмы.
Берасце

Уладзiмiр Здановiч

Наверх

Рагуля, Барыс. Беларускае студэнцтва на чужыне (Вiктар Астрога)

Снежня 6, 1997 |

РАГУЛЯ БАРЫС. Беларускае студэнцтва на чужыне. Лёндан, 1996. 205

У 1994 г. у выдавецтве Беларускага Iнстытуту навукi i мастацтва (БIНIМ//Нью Ёрк) выйшла цiкавая i каштоўная манаграфiя Яна Максiмюка “Беларуская гiмназiя iмя Янкi Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1945-1950 г.)”. Гэта была першая i пакуль што адзiная кнiга, прысвечаная беларускай школе, што iснавала па-за межамi Бацькаўшчыны. Пасля знаёмства з гэтай грунтоўнай працай я мог толькi з сумам канстатаваць, што, на жаль, больш даведацца пра асветную дзейнасць нашых землякоў, якiя апынулiся на эмiграцыi i пра iх далейшы лёс – няма адкуль. I вось мне ў рукi трапiлi добра iлюстраваныя мемуары вядомага беларускага грамадскага, вайсковага i навуковага дзеяча эмiграцыi Барыса Рагулi – былога студэнта Марбург-скага i Лювенскага ўнiверсiтэтаў “Беларускае студэнцтва на чужыне”, выдадзеная стараннямi Лявона Юрэвiча. Кнiга, якая напiсана незалежна ад доследаў Я.Максiмюка, з’явiлася як бы яе лагiчным працягам – гiсторыяй беларускага студэнцтва ў канцы 40-х – пачатку 50-х г. Гэта фактычна першыя i на дадзены момант адзiныя мемуары ў свеце, прысвечаныя беларускай вышэйшай адукацыi. Адразу трэба адзначыць, што, нягледзячы на мемуарны характар працы, г.зн. успамiны аднаго чалавека, шырокае выкарыстанне ў ёй успамiнаў большасцi колiшнiх студэнтаў гэтых iнстытуцыяў (21 асобы) на-дало кнiзе полiмемуарны характар, нават нейкае адценне навуковасцi, што безумоўна павялiчыла яе каштоўнасць i дазволiла значна зменшыць непазбежны ў падобных творах суб’ектывiзм. Калi паспрабаваць акрэслiць асноўныя тэмы, якiя асвятляюць мемуары, то прыйдзеш да высновы, наколькi яны разнастайныя. Тут i апiсанне матэрыяльных умоў паваеннага жыцця беларускай эмiграцыi, дзейнасцi беларускiх палiтычных груповак, палiтыкi алiянтаў да рэпатрыяцыi ў СССР, рэлiгiйнага жыцця эмiгрантаў, у прыватнасцi стан Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Аднак, натуральна, большая частка кнiгi прысвечана студэнцкаму жыццю беларусаў на чужыне i апавядае аб розных баках дзейнасцi беларускiх студэнцкiх арганiзацыяў, прасочваецца лёс асобных студэнтаў ва ўнiверсiтэтах Марбургу (Нямеччына) i Лювэна (Бельгiя), а прыведзеныя ўспамiны iншых былых студэнтаў дазваляюць азнаёмiцца i з жыццём беларускiх студэнтаў у Парыжскiм i Мадрыдскiм унiверсiтэтах.

Актыўная грамадская дзейнасць маладога Барыса Рагулi (у 1945 г. яму было толькi 25 гадоў) спрыяла таму, што ён быў у курсе ўсiх дзеянняў беларускай эмiграцыi, а ягоная ўласная iнiцыятыўнасць дазволiла пазнаёмiцца са шматлiкiмi вядомымi ды i проста шчырымi людзьмi ў Еўропе. Таму чытач кнiгi даведаецца, у прыватнасцi, аб прычынах расколаў сярод тагачасных беларускiх эмiгранцкiх палiтыкаў, адну з якiх аўтар адзначыў гэтак: “А у нас было так: мяне не выбралi старшынёй – я выходжу з арганiзацыi i засноўваю новую партыю…” (47); пра сустрэчы Б.Рагулi з Папам Пiям XII, пад час размовы з якiм ён дамовiўся пра выдзяленне беларускiм студэнтам, у большасцi праваслаўным, адмысловае стыпендыi ад Ватыкану (як ахвярам камунiзму) за кошт падаткаў, якiя плацiла Беларусь у XVII-XVIII ст., ды iншых, раней невядомых старонках з гiсторыi беларускай эмiграцыi. Чытаючы гэтую кнiгу, знаёмячыся з навучальнай i шырокай культурна-асветнiцкай дзейнасцю беларускiх студэнтаў, сапраўды пагодзiшся са словамi аўтара: “мы хочам падрыхтаваць будучыню нашае Бацькаўшчыны i прыняць актыўны ўдзел у яе нацыянальным, сацыяльным ды рэлiгiйным адраджэннi” (126).

На мой погляд, найбольш хвалюючым, кульмiнацыйным месцам у мемуарах, з’яўляецца апiсанне 34-х угодкаў БНР i адкрыцця Беларускага Студэнцкага Дому Лювэнскага каталiцкага ўнiверсiтэту (25 сакавiка 1952 г.). Гэтыя ўрачыстасцi сталi як бы падсумаваннем тых вынiкаў i таго плёну, што набылi беларускiя студэнты ў сваёй папярэдняй навучальнай i культурнiцкай дзейнасцi i паказалi iхны высокi аўтарытэт, безумоўна дзякуючы якому на святкаваннi прыйшло ля 100 гасцей, сярод якiх кардынал Тыссэрант, рэктар унiверсiтэту, прафесары, бiскупы, дырэктары ўстаноў, мiнiстры, шматлiкiя рэпарцёры, якiя пасля падзеi яшчэ 2 днi пiсалi пра яе (125).

Чытаючы аб цяжкай, але вольнай i плённай дзейнасцi нешматлiкай беларускай моладзi ў справе падтрымкi i развiцця беларускага нацыянальнага духу на чужыне ў першыя паваенныя гады, што безумоўна было працягам пражскiх традыцыяў 20-х г., мiжволi згадваеш сiтуацыю на самой Беларусi таго часу, дзе, наадварот, згортвалася вывучэнне нават марксiсц-кай беларускай гiсторыi, iшло паўсюднае вынiшчэнне беларускай мовы, асаблiва ў ВНУ. Усё гэта ведалi i нашыя эмiгранты, але спадзявалiся, што Беларусь усё ж у хуткiм часе атрымае незалежнасць i будуць патрэбныя iхныя рукi i веды. Аднак, як адзначыў Рагуля, падзеi на Карэйскiм паўвостраве пачатку 50-х г. “пераканалi нас, што… трэба настройвацца на даўжэйшы перыяд эмiграцыi… быць гатовымi да доўгага выгнання… да доўгага змагання” (138).

Значную частку мемуараў займаюць каштоўныя для нас “старонкi жыцця”, або жыццяпiсы 28-мi былых беларускiх студэнтаў на чужыне, створаныя паводле архiўных матэрыялаў i лiстоў. Прынамсi, за час iснавання Беларускага Студэнцкага згуртавання ў Лювэне (1945-1963 г.) унiверсiтэт скончылi 34 беларусы (140).

На маю думку, “Беларускае студэнцтва на чужыне”, ня-гледзячы на пэўныя недахопы, уласцiвыя мемуарам i прычыненыя малалiкасцю патрэбных архiваў, некаторую схематычнасць, можа прэтэндаваць на тое, каб стаць тэарэтычнаю асно-ваю для экспазiцыi па гiсторыi беларускай вышэйшай асветы па-за межамi Беларусi ў XX ст. ў будучым Музеi Беларускай Адукацыi.

Такiм чынам, мемуары Барыса Рагулi дазваляюць на прыкладзе лёсу аднаго чалавека, як у люстры, убачыць агульны лёс актыўнай, нацыянальна свядомай паваеннай беларускай моладзi, якая апынулася па-за межамi Беларусi. Таму гэтую кнiгу хацелася б рэкамендаваць, у першую чаргу, сучасным беларускiм школьнiкам i студэнтам, ды нагадаць словы аўтара: “… мы не маем права забыцца, што нашая Бацькаў-шчына яшчэ далёка ня тая, пра якую мы марылi, i яна патрабуе нашай духовай, культурнай ды матарыяльнай дапамогi”. (143).

Менск

Вiктар Астрога

Галоўная » Архіў катэгорыі '1997 Т.4 Сш. 1-2'