Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 1998 Т.5 Сш. 1

Успаміны Еўлашоўскага па–літоўску* (Уладзімір Свяжынскі, Міхаіл Спірыдонаў)

Чэрвеня 8, 1998 |


* Jevlašauskis Teodoras. Atsiminimai. Iš senosios gudų kalbos išvertė N. Pranckevičiutė-Lužienė. Parenge D. Vilimas. Vilnius, 1998, 90 p.

Канец XVI — пачатак XVII ст. знамянальныя тым, што ў гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім і інш. (ВКЛ) з’явіўся прынцыпова новы жанр гістарычных крыніц — мемуары. Паўстаўшы на хвалі Рэнесансу, яны адлюстравалі карціну свайго часу ва ўсёй яго разнастайнасці, супярэчлівасці — ад войнаў да дэталяў побыту, даўшы гэтым у рукі гісторыкаў багаты матэрыял па самых розных баках даўнейшага жыцця. І першым, хто занатаваў падзеі свайго часу — значныя і не вельмі — не як летапісец (той прытрымліваўся больш-менш афіцыйнага пункту погляду на падзеі), а як прыватная асоба з уласцівым ёй суб’ектыўным светаўспрыманнем, імкненнем „дятком свым раду свою зоставити”, быў шляхціч з Новагародскага павету Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі. Ён прыцягнуў увагу сучаснікаў сваімі здольнасцямі і набытымі самастойна ведамі. Менавіта выключнасць яго ўчынку ў запачаткаванні нашай мемуарыстыкі спрычынілася да таго, што цікавасць да яго мемуарнай спадчыны не слабее вось ужо другое стагоддзе. Як піша сучасны польскі літаратуразнаўца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш, „Мемуары Еўлашоўскага — можа самы цікавы твор на даўняй беларускай свецкай мове, які і зараз прыемна чытаць”[1] .

Мемуары Еўлашоўскага здаўна прыцягвалі ўвагу польскіх вучоных і выдаўцоў, якія шмат зрабілі дзеля вывучэння і выдання ягонай спадчыны. Гэта найперш Т.Любамірскі, Я.Цямнеўскі, А.Банецкі, А.Сайкоўскі, М.Сякерскі, В.Сянкевіч, З.Лясоцкі, В.Чаплінскі, М.Качмарак і інш. Варта згадаць, што ўпершыню ўспаміны Еўлашоўскага былі апублікаваныя на польскай мове.

Твор Еўлашоўскага прывабіў у свой час і гісторыка ВКЛ У.В.Антановіча, які двойчы публікаваў тэкст успамінаў[2]. Але публікатар не валодаў арыгіналам, месцазнаходжанне якога ў той час яшчэ было невядомым, а пазнейшай рукапіснай копіяй з бібліятэкі Асалінскіх у Львове, што значна адрозніваецца ад арыгінала. Характар эпохі шмат у чым прадвызначыў узровень публікацыі. Шматлікія паланізмы ў мове помніка, якімі ён якраз і вылучаецца з ліку фактычна ўсіх астатніх старабеларускіх тэкстаў, публікатар выправіў на тыя, што былі характэрныя для большасці падобных тэкстаў. Моўныя праўкі пацягнулі за сабой скажэнні тэксталагічныя, у выніку вартасць публікацыі як крыніцы стала вельмі нізкай[3].

Пакуль арыгінал не быў адшуканы, тэксталагічна скажонае выданне У.Антановіча доўга служыла даследчыкам адзінай крыніцай вывучэння „Успамінаў” Еўлашоўскага. Яно ж сталася асновай для прац нашых суайчыннікаў у Англіі А.Надсана і Р.Патры-Тамушанскага[4]. Але больш за дваццаць гадоў таму быў нарэшце адшуканы і надрукаваны арыгінал твора[5]. Да беларускага выдання „Успамінаў” Еўлашоўскага не было дакладнага ўзнаўлення тэксту гэтага помніка. Дрэнная захаванасць рукапісу і складанасць почырку аўтара не дазвалялі папярэднім публікатарам выдаць тэкст у тэксталагічных адносінах бездакорна.

Літоўскія вучоныя доўга не выяўлялі цікавасці да гэтай унікальнай крыніцы. І вось, нарэшце, гэты прабел ліквідава ны. Пераклад „Успамінаў” на літоўскую мову выканала Нярынга Пранцквявічутэ-Лужэне[6].

Як напісана ў прадмове да выдання, „Успамінамі” Ф.Еўлашоўскага Інстытут літоўскай літаратуры і фальклору пачынае выпускаць серыю „Вытокі” („Ištakos”) (Р.7). Яна прызначаецца для таго, каб „пазнаёміць літоўскае грамадства з яго культурнай спадчынай”. Выданне „Вытокаў” мае на мэце дапоўніць ужо выдаваныя колькі гадоў кнігі серыі „Даўняя літоўская літаратура” („Senoji lietuvos literatūra”), апошняя, чацвёртая з якіх („Летапісы і княжацкія лісты”) убачыла свет два гады таму[7]. Чым адрозніваюцца гэтыя дзве серыі? Першая з іх, „Даўняя літоўская літаратура”, уключае фундаментальныя крыніцы, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі этнічнай Літвы і часцей за ўсё створаныя на яе тэрыторыі. „Вытокі” ж закліканы папулярызаваць тыя даўнія тэксты, якія быццам дапаўняюць „Даўнюю літоўскую літаратуру”, рэпрэзентуючы на сваіх старонках гісторыю Літвы ў больш шырокіх геаграфічных межах ВКЛ. Таму зразумела, што ў гэты цыкл трапляюць і крыніцы, створаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, як, напрыклад, „Успаміны” Еўлашоўскага.

Чаму ж менавіта „Успамінам” Ф.Еўлашоўскага наканавана было запачаткаваць новую серыю? Прычына ў незвычайных якасцях „Успамінаў” як сведчання той эпохі. „Тодар Еўлашоўскі — асаблівы сведка той, другой Літвы, чулы, шчыры, красамоўны” (7). Так высока твор ацэньваецца таму, што ім адлюстраваны ў многім выключны лёс аўтара: „сын праваслаўных бацькоў, падапечны князя-каталіка, меўшы праваслаўную жонку і аддаўшы сваё дзіця ў арыянскую школу, Еўлашоўскі не толькі наглядней апісваў рэчаіснасць ВКЛ на стыку XVI-XVII ст., але і асабліва яе перажываў. Яго мемуары — самая першая аўтэнтычная гісторыя жыцця чалавека, поўная спадзяванняў, зямных радасцяў, стратаў, меланхоліі і адчаю. Яны вартыя не толькі ўсебаковага навуковага даследавання, але і чалавечага спачування і разумення” (7).

У адпаведнасці з канцэпцыяй серыі, Ф.Еўлашоўскі інтэрпрэтаваны як літоўскі пісьменнік. У той жа час, ва „Успамінах” Еўлашоўскага мала звестак, якія датычаць выключна этнічнай Літвы, а тэрміны „Літва”, „літоўскі”, „ліцвін” ён ужывае толькі ў сэнсе „Вялікае Княства Літоўскае” і „той, які належыць Вялікаму Княству Літоўскаму”, у адрозненне ад Польшчы. А ВКЛ, як вядома, было супольнай дзяржавай балтаў і славян. У кнізе чытаем, што Еўлашоўскі — літоўскі шляхціч („lietuvos bajoras”, с.7), хоць вядома, што род Еўлашоўскіх — беларускі. Нягледзячы на тое, што спадчына Ф.Еўлашоўскага вывучаецца ўжо, як адзначалася, другое стагоддзе, ступень яе даследаванасці далёка няпоўная.

Згодна з агульнай канцэпцыяй серыі, ўкладальнікі прынялі за правіла ўжываць заходні адпаведнік імя аўтара ўспамінаў — Тэадор. Абгрунтоўваецца гэта тым, што так, маўляў, называлі б яго ў Вільні і Троках літоўцы, гэтаксама называюць яго і палякі, а Фёдарам — толькі беларусы (8).

Структурна выданне ўключае ўсе асноўныя элементы, неабходныя для максімальнага раскрыцця зместу твора. Апроч тэксту, у яго ўваходзяць прадмова, жыццяпіс аўтара, агляд публікацый тэксту, спіс скарачэнняў, спіс геаграфічных назваў і паказальнік імёнаў. У якасці дадатку змешчаны дакумент, які адыграў бадай самую важную ролю ў лёсе аўтара — прывілей Жыгімонта Вазы на пасаду падсудка Наўгародскага павета. Кніга сканчаецца адзінай ілюстрацыяй выдання — картай, якая адлюстроўвае некаторыя асноўныя месцы жыцця і дзейнасці мемуарыста.

Агульнавядома, што найважнейшым патрабаваннем да публікацыі гістарычнай крыніцы лічыцца дакладнасць узнаўлення ў ёй тэксту арыгінала. Таму самымі надзейнымі з’яўляюцца публікацыі крыніц на мове арыгінала — у такім выпадку ўдаецца пазбегнуць недакладнасцяў, магчымых пры перакладзе. У той жа час асобаў, што валодаюць іншымі мовамі на ўзроўні каардынацыйнага білінгвізму (г.зн. роднай і няроднай аднолькава выдатна), у грамадстве звычайна адзінкі, асабліва калі мець на ўвазе пісьмовыя мовы тыпу старабеларускай, а кола карыстальнікаў гістарычнымі крыніцамі дастаткова шырокае. Таму даводзіцца звяртацца да перакладу, асабліва калі публікацыя, як і дадзеная кніга, прызначаецца для шырокага кола чытачоў.

Супастаўленне перакладу з арыгіналам дае падставы сцвярджаць, што пераклад зроблены дастаткова кваліфікава на. Гэта асабліва ярка відаць на прыкладзе перадачы па-літоўску надзвычай цяжкіх для разумення сучасным чытачом фрагментаў тэксту. Укладальнікі не прыводзяць паралельна літоўскаму арыгінальны тэкст крыніцы. Адсутнасць паралельнага старабеларускага тэксту ў нейкай ступені кампенсуецца яго фрагментамі ў падрадковых заўвагах, якія ўяўлялі пэўную цяжкасць для перакладу на літоўскую мову. Напрыклад: „Daktarai tą ligą pavadino inkubu” — Лац. incubus — начны кашмар, які-небудзь дух, які прыстае, дэманічны каханак ці каханка (25); „Aš nuolat matau, kaip aitvaras čia pas tą šeimininkę lankosi” — „У арыгінале рукапісу: „лятавец”. Каб аблегчыць літоўскаму чытачу разуменне тэксту, шматзначныя тэрміны перакладаюцца словамі ў тых значэннях, у якіх гэтае шматзначнае слова арыгінала актуалізавана ў тэксце. Напрыклад: листы — privilegijos, коморник — rūmininkas — „прыдворны”. На карысць дакладнасці перакладу сведчыць і правіла рэканструкцыі тых фрагментаў, якія ў арыгінале не актуалізаваныя, але мысляцца, што характэрна для вуснай мовы, запісам якой у значнай ступені з’яўляецца гэтая крыніца. Пра акуратнасць стаўлення перакладчыцы да тэксту арыгінала сведчыць тое, што гэтыя рэканструяваныя фрагменты падаюцца ў квадратных дужках, як гэта звычайна робіцца. Напрыклад: „А так, кгды се готовано вэсэле пана Жалинского с панною виленскою Галшкою и Тлуховскому дойзреть поручоно, попадла кго хороба дворска” (40) — „Bet kai buvo ruošiamasi pono Žalinskio ir paneles Galškos vestuvems ir Tluchovskiui pavesta [jomis] rūpintis, užpuole ji rumu liga” (60) — І вось, калі рыхтавалася вяселле пана Жалінскага з паннаю віленскаю Гальшкаю і Тлухоўскаму было даручана [аб іх] паклапаціцца, спасцігла яго прыдворная хвароба (пераклад У.Свяжынскага).

У змястоўным нарысе пра Ф.М.Еўлашоўскага, напісаным Д.Вілімасам, на шырокім фоне асноўных палітычных і рэлігійных працэсаў другой паловы XVI ст. у краінах Еўропы, асабліва Рэчы Паспалітай і яе часткі ВКЛ, у храналагічным парадку асвятляюцца ўсе асноўныя падзеі жыцця аўтара „Успамінаў” — „літоўска-беларускага баярына” (9-18).

Прыступаючы да агульнай характарыстыкі „Успамінаў” Еўлашоўскага, аўтар называе іх „неацэннай энцыклапедыяй паўсядзённага жыцця шляхты другой паловы XVI-XVII ст., якія даюць зрэз менталітэту сярэдніх слаёў шляхты. Апавяданне Еўлашоўскага адлюстравала не толькі важныя падзеі, але і грамадскія працэсы (знікненне талерантнасці, змену веравызнанняў, шляхецкае самакіраванне, рэформу судоў). Асвятленне тых ці іншых падзеяў залежала ад цікавасці да іх Еўлашоўскага: войны ён згадвае толькі мімаходзь, паколькі ўпэўнены, што ад іх для Рэчы Паспалітай няма ніякай карысці. Пра смерць Жыгімонта Аўгуста ён згадвае таму, што засталіся непадпісанымі каралём прывілеі на абяцаныя яму двары. Пра паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі — таму, што яно закранула і мясціны, дзе жыў мемуарыст. На думку аўтара нарыса, падзеі эпахальнага значэння патанулі ва „Успамінах” у побытавых дэталях (14).

Вілімас слушна адзначае пераважна асабісты характар звестак, занатаваных мемуарыстам: ва „Успамінах” больш за ўсё гаворыцца пра падзеі, што так ці інакш тычыліся самога Еўлашоўскага або зацікавілі яго, г.зн. фактах яго біяграфіі (14). Канкрэтная інфармацыя „Успамінаў”, што дазваляе ўявіць менталітэт Еўлашоўскага як аднаго з прадстаўнікоў шматлікага шляхецкага стану ВКЛ — найбольш каштоўная для сучасных чытачоў і гісторыкаў іх частка.

Асноўныя факты біяграфіі Ф.Еўлашоўскага выкладзены Вілімасам амаль выключна на падставе сведчанняў толькі „Успамінаў”. Але нават адпаведныя даследаванні, якімі карыстаўся аўтар нарыса, дазваляюць істотна ўдакладніць і дапоўніць біяграфію мемуарыста, што, на нашу думку, і павінен быў зрабіць Вілімас.

Не прэтэндуючы на ахоп усіх бакоў жыцця Еўлашоўска га, а тым больш усіх вядомых цяпер фактаў, спынімся толькі на некаторых і, як мяркуем, важных.

Адным з істотных фактараў жыцця і дзейнасці Еўлашоўскага было тое, што ён знаходзіўся пад вотчыннай юрысдыкцыяй уласнікаў маёнтка Ляхавічы. Але, як вядома, паўнапраў нымі лічыліся толькі шляхцічы — непасрэдныя васалы вялікага князя літоўскага. Таму адной з асноўных мэтаў дзейнасці мемуарыста стала імкненне пазбавіцца яе шляхам набыцця маёнтка пад юрысдыкцыяй павету. Купля ім у 1586 г. маёнтка Скубятоўшчына (цяпер вёска Гаслаўшчына), ўладальнік якога ў 1567 г. дабіўся прывілея аб вызваленні яго ад прысуду ляхавіцкага ўраду і пераводзе ў склад гаспадарскай шляхты Навагародскага павета, значна падвысіла статус Еўлашоўскага[8]. Такім чынам, галоўны элемент шляхецкага менталітэту — сапраўдны шляхціч той, хто мае маёнтак — быў уласцівы і яму. На жаль, аўтар нарыса не звярнуў належнай увагі на гэты важны стымул яго дзейнасці.

У нарысе не знайшлі канкрэтнага адлюстравання і вядомыя з іншых крыніц факты вельмі складаных і цяжкіх васальна-службова-маёмасных адносінаў Ф.Еўлашоўскага са сваімі сеньёрамі-панамі Янам Еранімавічам Хадкевічам, а потым і яго сынамі Аляксандрам і асабліва Янам Каралем. Ён верна служыў пераважна ім амаль ўсё сваё жыццё з адзінай мэтай выслужыць у іх маёнтак. Але мара не збылася: у прыватнасці, маёнтак Еўлашэвічы ў Ляхавіцкай воласці, які ён трымаў ад іх на ўмовах ваеннай і іншай службы, а таксама закладу, па распараджэнню Я.К.Хадкевіча быў выкуплены ў сыноў Ф.Еўлашоўскага[9]. Складаная і цяжкая служба аказалася марнай.

Нам уяўляецца таксама недастатковай увага аўтара нарыса да дзяцей Ф.Еўлашоўскага. Са сваіх дзевяці сыноў і пяці дачок мемуарыст называе імёны толькі пяці хлопцаў і дзвюх дзяўчат. Вілімас жа згадвае толькі чатырох яго сыноў. Аўтару было б варта пералічыць усіх вядомых цяпер дзяцей Еўлашоўскага: Лізавета („Гальшка”, 1588—?), Лаўрын (1584—?), Марцін (1585—?), Пётр (?—?), Раіна (1587—?), Самуэль (?—?), Фёдар (?—?), Ян (1579—1602), Яраш (?—?) і Яўхім (1581—?). У дадатак мы можам паведаміць, што ў 1628 г. уладальнікамі маёнтка Еўлашова былі толькі Пётр і Фёдар Фёдаравічы Еўлашоўскія, якія пастановай Новагародскага земскага суда былі абавязаны вярнуць яго новаму ўласніку маёнтка Ляхавічы маршалку ВКЛ і далей пану Яну Станіславу Сапегу[10].

Тым не менш нарыс Д. Вілімаса ў цэлым дае дастаткова поўнае ўяўленне пра асноўных фактары і факты жыцця і дзейнасці мемуарыста Ф.М.Еўлашоўскага.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць таксама напісаныя Д.Вілімасам 248 падтэкставых каментараў да „Успамінаў” Ф.Еўлашоўскага. У іх тлумачацца амаль усе гістарычныя падзеі, асобы і часткова месцы падзеяў, некаторыя фрагменты тэксту, якія цяжка зразумець. Гэта найбольш грунтоўныя і дакладныя каментары сярод існуючых.

Да выхаду дадзенай публікацыі адзіным цалкам каментаваным было выданне, падрыхтаванае А.Коршунавым. Супастаўленне паказвае, што імкненне Вілімаса да лаканічнасці дазволіла яму, не завышаючы аб’ёму, дапоўніць каментары істотнымі для зместу крыніцы звесткамі, прапушчанымі ў А.Коршунава. Так, каментар пра доктара Сэрпца дапоўнены геаграфічнай даведкай пра Сэрпец, адкуль паходзіў доктар (24); каментар пра ляхавіцкага старосту У.Забалоцкага — спасылкай на „Гісторыю Расіі” С.Салаўёва, дзе гаворыцца пра перабежчыкаў на бок ВКЛ (26); каментар пра літоўскага стольніка М.Монвіда Дарагастайскага Кухмістровіча — звесткамі пра літоўскі перыяд яго жыцця і дзейнасці, што істотна для літоўскага выдання крыніцы (51) і г.д.

У нязменным выглядзе каментары А.Коршунава пераносіліся ў літоўскае выданне тады, калі яны задавальнялі ўкладальніка сваім зместам, аб’ёмам і стылем. Гэта, напрыклад, каментары пра суддзю менскага земскага суда Рыгора Макаровіча (38), шляхціча Новагародскага павета Івана Баку (42), удаву Яна Еранімавіча Хадкевіча Хрысціну Збароўскую (58). У большасці ж выпадкаў каментары А.Коршунава ўдакладняліся. Супастаўленне паказвае, што літоўскі выдавец пайшоў значна далей у тлумачэнні фактаў „Успамінаў” ў параўнанні з Коршунавым. Яму ўдалося выявіць памылкі, дапушчаныя ў выданнях У.Антановіча і А.Коршунава. Так, аказалася, што У.Антановіч замест даты 1567, калі Еўлашоўскаму споўніўся 21 год, дае 1565; у Коршунава памылкова ўказана, што сын Еўлашоўскага Ян быў забіты 16 лютага, а ў перакладзе Н.Пранцкявічутэ-Лужэне, як і ў арыгінале — 17-га. Яму ўдалося дапоўніць і крыніцазнаўчую апрацоўку „Успамінаў”. Ім выяўлена больш недакладнасцяў у самога Ф.Еўлашоўскага. Д.Вілімас устанавіў, што Ф.Колычаў-Разумны — хоць і быў у Літве ў 1567 г. — удзелу ў мірных перамовах не браў (26).

Публікацыя „Успамінаў Еўлашоўскага” — не першае і не апошняе выданне крыніцы адпаведнага гістарычнага перыяду. Укладальнік добра разумеў, што гранічна поўнае і падрабязнае каментаванне ўсіх без выключэння найменняў вядзе да паўтарэння тых з іх, якія ўжо былі ў папярэдніх. Каб пазбегнуць гэтага, ён вырашыў апускаць тлумачэнні функцый афіцыйных асобаў ВКЛ, абгрунтавана спасылаючыся пры гэтым на пэўную дасведчанасць чытача.

Мэце зрабіць публікацыю практычнай і зручнай для карыстання падпарадкаваны і аб’ём падрадковых каментараў. У гэтым выданні яны часцей за ўсё нашмат карацейшыя, чым у выданні А.Коршунава. Гэта тычыцца тых асобаў і населеных пунктаў, якія згадваюцца ва „Успамінах” эпізадычна і не выконвалі ў гісторыі ВКЛ значнай ролі.

Пра больш высокі ўзровень падрыхтоўкі „Успамінаў” параўнальна з выданнем А.Коршунава сведчыць той факт, што ў першым асобны каментар даецца на кожнае найменне, тады як у другім — на два і больш. Так, у Коршунава ў каментары да Ансбаха (Аншпаха) гаворыцца і пра Ганну Ягелонку, жонку Стэфана Баторыя, тады як у выданні літоўскім ёй прысвечаны асобны каментар. Сцісла каментуюцца тыя асобы ці населеныя пункты, якія згадваліся ў тэксце вышэй: нябожчык, у каментары: гэта значыць Ян Еранім Хадкевіч (34).

Недастатковая вывучанасць перш за усё генеалогіі шляхты і гістарычнай геаграфіі ВКЛ XVI ст., не дазволіла аўтару дакладна расшыфраваць некаторыя месцы помніка. Абмяжуемся некалькімі адпаведнымі прыкладамі.

Як і ў А.Коршунава, тут засталіся неўстаноўленымі асобы Балтрамея Нядзвіцкага, Х.Радзівілаўны, дачкі М.Радзівіла Рудога, Лаўрэнцыуша, М.Тлухоўскага, Я.Крачатоўскага, нелакалізаванымі — населеныя пункты Бабіна, Гарадзея, Малкавічы, Канюхі, Дзераўная, Сіневічы, Козі Рынак. Аўтар каментараў спрабуе ўдакладніць некаторыя згаданыя ва „Успамінах” рэлігійныя святы. Выраз Еўлашоўскага „о светом Михале” у А.Коршунава — Дзень св. Міхаіла-архангела, 8 лістапада, у Д.Вілімаса — св. Міхаіла, 29 верасня (26); выраз „по святках” паводле А.Коршунава — Сёмуха, сёмая нядзеля пасля Вялікадня, паводле Д.Вілімаса — Žolinė (Зельная), 15 жніўня (41). Аднак пры гэтым каментатар не прыводзіць аргументаў на карысць сваёй, адрознай ад А.Коршунава, версіі. Некаторыя тэрміны ў каментарах тлумачацца залішне агульна („лист зашитый, отвороный” — віды дакументаў) (66).

Канстатуючы неўнармаванасць мовы (у Вілімаса — „канцылярскай славянскай мовы”) (20), на якой у XVI ст. вялося амаль усё справаводства ў ВКЛ, аўтар тым не менш памылкова лічыць, што дакладнае прозвішча мемуарыста — толькі „Евлашовский”, а не „Евлашевский” (21). Аднак можна спаслацца на шэраг аўтэнтычных актаў, і перш за ўсё на апублікаваны ў кнізе прывілей (90), у якіх яго прозвішча, як і назва маёнтка, пішацца і з літарай „е”[11].

Нам уяўляецца, што ва „Успамінах” ідзе гаворка не пра Андрэя Тараноўскага, як лічыць Вілімас (52), а пра зямяніна Віленскага павета Габрыеля Тарноўскага. Дарэчы, звесткі Еўлашоўскага пра гэтую справу адпавядаюць дадзеным судовай справы ад 17 ліпеня 1586 г. па іску Г.Тарноўскага да Янавай Хадкевічавай-Крыстыны са Зборава аб уплаце яму 1200 залатых за вайсковую службу ў 1575 г. у Інфлянтах[12].

Не зусім дакладныя, на нашу думку, і звесткі аўтара каментараў пра Міхайлу Багданавіча Гарабурду. У прыватнасці, ён быў свіслацкім дзяржаўцам толькі ў 1566-68 г. Калі 1 чэрвеня 1568 г. Свіслацкая воласць была пажалавана яму ва ўласнасць („навечность”), ён перастаў быць яе дзяржаўцам, хоць іншы раз тытулаваўся так і далей[13]. Варта таксама падкрэсліць, што Еўлашоўскі ў адрозненне ад гісторыкаў дае дакладную дату (12 ліпеня 1586 г.) смерці гэтага пана (53)[14].

Іншы раз у спробах ідэнтыфікацыі і лакалізацыі некаторых населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў аўтар ігнаруе кантэкст і шукае іх на відавочна занадта шырокай прасторы. Таму недакладна лакалізаваны, напрыклад, наступныя населеныя пункты:

„Деревная”, фальварак і сяло „Деревная” маёнтка Мыш у Новагародскім павеце, цяпер вёска Навамышскага сельсавета Баранавіцкага раёна (43)[15];

„Конюхи”, сяло Ляхавіцкай воласці, цяпер вёска Канюхі Жарабковіцкага сельсавета Ляхавіцкага раёна (60)[16];

„Лососиная”, маёнтак у Слонімскім павеце, цяпер вёска Ласасіна Варанілавіцкага сельсавета Пружанскага раёна (69)[17];

„Малковичи”, сяло ў Новагародскім павеце, цяпер вёска Малькавічы, цэнтр сельсавета Ганцавіцкага раёна, якое належала да маёнтка Ляхавічы (60)[18];

„Селцо” „на Руси” — гэта сяло „Сялец” (цяпер вёскi Балонаў Сялец I і II Чарнаборскага сельсавета Быхаўскага р-на) Быхаўскай, пазней Старабыхаўскай воласці ў Аршанскім павеце. Гэтая воласць да 1549 г. належала берасцейскаму старасце А.І.Хадкевічу, а пасля раздзелу 6 снежня 1549 г. — яго сыну Ераніму, потым — нашчадкам апoшняга. У прыватнасці, на пачатку 1590-х г. яе ўласнікамі былі ўнукі Е.А.Хадкевіча Аляксандр — „грабя на Шклове и Мыши з Быхова” і Ян Караль — „грабя на Быхове з Шклова и Мыши”. У 1590 г. іх менавіта быхаўскім упраўляючым („врядником”) быў Мікалай Тлухоўскі, пра падкопы якога згадвае Еўлашоўскі (59-60)[19].

Варта таксама адзначыць, што ў азначэнні пасады „мостовничство пинское и сэрвецкое” маецца на ўвазе не паселішча „Сэрвеч”, а рака Сэрвач, левы прыток Нёмана (39)[20].

У літоўскім выданні прыменены дыферэнцаваны спосаб падачы асабовых імёнаў у залежнасці ад этнічнай прыналежнасці носьбіта. Укладальнікі, як сказана ва ўводзінах „стараліся па магчымасці не „літуанізаваць” імёны. Падачу ў літуанізаванай форме імёнаў некаторых асобаў, якія мелі дачыненне да ўсяго Княства (Radvila, Katkevičius), яны тлумачаць тым, што менавіта ў такіх формах яны зафіксаваны ў тагачасных літоўскіх тэкстах. Імя Radvila ў такой форме давалася ў літоўскіх тэкстах заўсёды, і гэта апраўдана, паколькі слова „radvila” ў літоўскай мове выконвае яшчэ і апелятыўную функцыю (бел. „падкідыш”). Падача ж у літуанізаванай форме другога імя можна разглядаць як адступленне ад прынятага ўкладальнікамі правіла, паколькі як прозвішча, так і яго носьбіты маюць славянскае паходжанне. Тое ж можна сказаць і пра форму Jurgis Sluckis — Юры Слуцкі.

Мы вымушаны канстатаваць таксама тое, што аўтары перакладу „Успамінаў” Ф.М.Еўлашоўскага са звычайнай для ўсіх асобаў і ўстановаў ВКЛ у XVI ст. самабытнай „рускай” мовы на літоўскую і каментараў да іх літуанізавалі амаль усе імёны, прозвішчы і геаграфічныя назвы, хоць і імкнуліся пазбегнуць гэтага (19-20). Таму, напрыклад, „Михал Гарабурда” стаў „Mykolas Haraburda”, „Федор Евлашовский” — „Teodoras Jevlašauskis”, „Володымир Семенович Заболоцкий” — „Vladimiras Zabolockis” , а „Добромышль” — „Dobromišlis”, „Городно” — „Gardinas”, „Новгородок” — „Naugardukas” і г.д. Уяўляецца, што зусім не літуанізаваць іх пры перакладзе на літоўскую мову немагчыма. Таму варты ўвагі правамерны прынцып захавання арыгінальных форм напісання названых рэчаў хоць бы ў іх спісах і паказальніку, як гэта і зрабіў у разгляданай кнізе Д.Вілімас.

Часта з памылкамі пададзены загалоўкі артыкулаў і кніг пра Еўлашоўскага ў бібліяграфічным спісе, кірылічныя фрагменты арыгінала ў падрадковых каментарах, ёсць разнабой у падачы адных і тых жа тэрмінаў: назва пасады венграў Ферэнцыя і Асемерыя пры двары караля Стэфана Баторыя даецца ў паланізаванай і адаптаванай формах: pacholianta i pacholiata, да таго ж у такой форме множнага ліку, яна пададзена ў імянным паказальніку пры імені кожнага з іх паасобку.

Вельмі карысным для чытача з’яўляецца „Спіс геаграфічных назваў” (73-78), што сустракаюцца ва „Успамінах”. Да большасці іх дадаюцца каментары, у якіх прыведзены кароткія звесткі пра іх статус у мінулым і цяпер. Аднак іншы раз яны, не адпавядаюць сапраўднасці. Напрыклад, прачытаная няправільна ў арыгінале назва замка ў Лівоніі „Зэлборк” дала ў перакладзе „Борк” (35). Таму аўтар каментараў, не ўлічваючы кантэкст, памылкова атаясаміў „Зэлборк” з паселішчам з крыху падобнай назвай („Боркавічы”) не ў Лівоніі, а ў Беларусі (73). Аднак у 1575 г. Дзвінскае правабярэжжа Полацкага ваяводства было акупавана войскамі Рускай дзяржавы, і таму Я.Е.Хадкевіч з войскам ніяк не мог там размясціцца. Замак „Зэлборк” знаходзіўся на левым беразе Дзвіны на захад ад сучаснага горада Плявіняс у Латвіі[21].

Насуперак меркаванню аўтара, былы маёнтак „Мыш” з замкам і мястэчкам у Новагародскім павеце цяпер з’яўляецца вёскай Старая Мыш (а не Новая) Цешаўлянскага сельсавета Баранавіцкага раёна (51,58)[22].

Недакладнымі ўяўляюцца і звесткі пра „Полюбичи” (76). У XVI ст. Палюбічы — маёнтак у Берасцейскім павеце[23], а цяпер — вёскі Палюбічы-Дворскія і Палюбічы-Вейскія Вішніцкай гміны Бялападляскага павета Люблінскага ваяводства Польскай Рэспублікі[24].

Варта прынцыпова падкрэсліць важнасць уключэння ў дадзены „Слоўнік” тых населеных пунктаў, што фігуруюць у пасадах многіх асобаў „Успамінаў”. Аўтар такую спробу зрабіў толькі часткова („Servečai”, „Trobas”). Таму ў „Слоўніку” няма, напрыклад, Нясвіжа („Несвижа”), які неабходна было рэканструяваць аналітычна ад пасады „несвижский староста” (69). Калі гэта не рабіць, канкрэтныя звесткі пра пэўныя населеныя пункты чытачу будзе адшукаць вельмі цяжка.

У „Слоўніку” не заўсёды выкарыстаны тыя важныя канкрэтныя дадзеныя пра населеныя пункты, якія маюцца ва „Успамінах”. Так, адміністрацыйна-гаспадарчым цэнтрам маёнтка Мыш быў замак, але аўтар яго не згадвае (51,58,75).

Здзіўляе такі агульны недахоп „Слоўніка”, як адсутнасць спасылак на адпаведныя старонкі „Успамінаў”.

Адной з істотных частак навукова-даведачнага апарата разгляданага выдання з’яўляецца „Паказальнік асобаў” (79-89). У ім да кожнага дадаецца сціслы каментар, што грунтуюцца амаль выключна на дадзеных „Успамінаў”. Такімі ж разгорнутымі, як падтэкставыя каментары да вядомых гістарычных асобаў, яны, відавочна, быць пакуль што не могуць: іншыя звесткі пра іх адшукаць вельмі цяжка.

Каштоўным дадаткам да „Успамінаў” трэба лічыць узяты з Метрыкі ВКЛ прывілей Ф.Еўлашоўскаму на пасаду падсудка Новагародскага павятовага земскага суда ад 10 верасня 1592 г. (90-91). Добра тое, што ён надрукаваны не толькі на літоўскай мове, але і на мове арыгінала. Варта было б толькі адзначыць адну тыповую недакладнасць прывілея. Еўлашоўскі быў зацверджаны падсудкам земскага суда Новагародскага павета, а не ваяводства. Як вядома, такая недакладнасць — альтэрнатыўнае ўжыванне тэрміна „ваяводства” замест „павета” — звычайная з’ява ў справаводстве павятовых судовых устаноў ВКЛ другой паловы XVI ст. Абумоўлена яна, верагодна, тым, што тэрмін „ваяводства” ўспрымаўся шляхтай як больш прэстыжны, чым „павет”.

У кнізе ёсць яшчэ адзін неабходны дадатак — арыгінальная карта. Аднак толькі некаторыя з пазначаных на ёй населеных пунктаў фігуруюць ва „Успамінах” Ф.Еўлашоўска га. На жаль, яна не мае загалоўка, не паказвае ўсёй тэрыторыі нават тых краін, дзе бываў мемуарыст, і іх адміністрацый на-тэрытарыяльнага падзелу. Трэба было б па-рознаму пазначыць усе тыя населеныя пункты, дзе бываў Еўлашоўскі, і якія ён толькі згадвае. Некаторыя населеныя пункты, якія ідэнтыфікаваны і лакалізаваны ў каментарах сумніўна („Деревна”, „Мыш”), на карце пазначаны слушна. Праўда „Осташин” на карце — не той, які фігуруе ва „Успамінах”, і не там. Нягледзячы на недахопы, карта мае пэўную навуковую вартасць.

Больш змястоўную карту да „Успамінаў” Ф.Еўлашоўска га скласці не так і складана, калі творча выкарыстаць існуючыя адпаведныя гістарычныя карты ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Выданне выглядала б нашмат лепей, калі б, акрамя карты, у якасці ілюстрацый былі змешчаны здымак рукапісу арыгінала і выява пячаткі Ф.Еўлашоўскага[25].

Навукова-папулярнае выданне „Успамінаў” Ф.Еўлашоўскага у літоўскай мове дазваляе цяпер і літоўскаму чытачу пазнаёміцца з адным з выдатных помнікаў нашай агульнай гістарычнай спадчыны, што была створана ў перыяд супольнага жыцця нашых продкаў у складзе поліэтнічных і поліканфесійных ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Уладзімір Свяжынскі,
Міхаіл Спірыдонаў


[1] Miłosz, Cz. Historia literatury polskiej. Warszawa, 1996. S. 113—120.
[2] Антонович В.Б. „Дневник” новгородского подсудка Федора Евлашевского (1546—1604) // Киевская старина. Киев, 1886. Т.14. С.124-160; тое ж у: Мемуары, относящиеся к истории Южной Руси. Киев, 1896. Вып.2. С.1-39.
[3] Пры Львоўскай рукапіснай копіі маецца толькі адна старонка факсіміле, супастаўленне з якой адпаведнага фрагмента копіі і выявіла характар і маштабы разыходжанняў паміж гэтымі дзвюма версіямі.
[4] Nadson A. The memoirs of Theodor Jeułaszeuski, assesor of Nawahrudak (1546—1604) // The Journal of Byelorussian Studies, 1968. V.I, № 4. P.269-348; Patry-Tamuszanski R.J. German lexical borrowings in the „Gronicle of Barkulabava” and the „Memoirs” of Theodore Jeulašeuski // The Journal of Byelorussian Studies, 1980. V.4, №3-4. P.112-128.
[5] Свяжынскі У.М. Арыгінал знойдзены // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №4. С.48-49; Коршунаў А. Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мінск., 1983; Еўлашоўскі Ф. „Гістарычныя запіскі” // Свяжынскі У.М. „Гістарычныя запіскі” Ф. Еўлашоўскага. Мінск., 1990. С.90-122.
[6] Pranckevičiutė-Luюienė Neringa. Teodoro Jevlaševskio atsiminimai: XVI a. pabaigos LDK piliečio pasaulėvoka ir gyvensena // Senoji lietuvos literatūra. Knyga 4: Metraščiai ir kunigaikščių laiškai. Vilnius, 1996. P.370-372.
[7]Senoji lietuvos literatūra. Knyga 4: Metraščiai ir kunigaikščių laiškai. Vilnius, 1996.
[8] Гл., напр.: Спірыдонаў М. З сівой даўніны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск., 1989. С.35-38. Сучасныя характарыстыкі населеных пунктаў Беларусі даюцца па: Рапановіч Я.Н.: Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці. Мінск, 1977; Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. Мінск, 1980; Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці. Мінск, 1981; Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. Мінск, 1982; Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. Мінск, 1983; Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мінск, 1986. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная (пераважна павятовая) прыналежнасць населеных пунктаў ВКЛ тут і далей вызначаецца па стану пасля адпаведнай рэформы 1565 г. Гл. карту: Спиридонов М.Ф. Беларусь в конце XVI в. 1:1 000 000 // Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Минск., 1993. Приложение.
[9] Sienkiewicz W. O podsędku nowogródzkim Fedorze Jewłaszewskim raz jeszcze // Studia żródłoznawcze. 1983. T.28. S.207-210.
[10] Галоўны архіў старажытных актаў (ГАСА). Архіў Роскі. №415. С.108-114. Мы шчыра дзякуем былому Генеральнаму консулу Польскай Рэспублікі ў Мінску пану Тадэвушу Мысьліку, які дапамог атрымаць у якасці дара мікрафільмы ўсіх актаў, што выкарыстаны ў артыкуле В.Сянкевіча: Sienkiewicz W. O podęкdku… S.207-210.
[11] Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф.389 („Літоўская метрыка”). Воп.1. (Метрыка ВКЛ). А.з.257. А.22-28 адв.; ГАСА. Архіў Патоцкіх з Радзыня. №400. С.21-22,49-50; Метрыка ВКЛ. А.з.279. А.296 адв.-299 адв.
[12] Метрыка ВКЛ. А.з.281. А.117 адв.-118 адв.
[13] Там жа. А.з.64. А.205-208.
[14] Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII w.: Spisy / Oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba. Kórnik, 1994. S.131-132.
[15] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. Старажытныя акты (СА). А.з.6. А.1294-1297; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф.1928. Воп.1. А.з.174. А.1-111; Метрыка ВКЛ. А.з.269. А.74-77адв.
[16] Спірыдонаў М. Вытокі // Памяць… С.73.
[17] Гильтебрандт П.А. Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Вып.І. Вильна, 1871. С.104-105.
[18] Спірыдонаў М. З сівой даўніны. С.30; НГАБ. Ф.694. Воп.5. А.з.554. А.13-15; КМФ 5. Воп.1. А.з.1687. А.56.
[19] НГАБ. Ф.694. Воп.7. А.з.832. А.1-4; Литовская Метрика: [кн.225] 6-я кн. судных дел (1528-47). Вильнюс, 1995. № 116; ДГАЛ.Ф.СА. А.з.5349. А.686-692.
[20] Раку Сэрвач паўднёвей мястэчка Карэлічы перасякала вялікая дарога Ноўгародак—Пінск, якая праходзіла праз Мір, Нясвіж і іншыя населеныя пункты. Добры стан менавіта гэтай дарогі і абавязаны быў з 1577 г. забяспечваць пінскі і сэрвецкі, або ноўгародскі, мастаўнічы Ф.Еўлашоўскі. У прыватнасці, у такой пасадзе і з такой мэтай ён выязджаў у 1590 г. у маёнткі Ліпск, што належаў Нясвіжскай езуіцкай калегіі, а ў 1591 г. — у маёнтак Востраў Л.Кернажыцкага. Метрыка ВКЛ. А.з.77. А.91-91 адв.; Pergamentų katalogas / Par. R. Jasas. Vilnius, 1980. № 724.
[21] Atlas historyczny Polski. Wyd. 11. Warszawa; Wrocław. 1991. S.26.
[22] Метрыка ВКЛ. А.з.38. А.472-475 адв.; Спірыдонаў М. Беларусь на карце Вялікага княства Літоўскага 1613 г. // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып.2. Мінск, 1997. С.170;
[23] Wawrzyńczyk A. Rozwój wielkiej własności na Podlasiu w XV i XVI w. Wrocław, 1951. S.51-55.
[24] Rzeczpospolita Polska. Podział administracyjny. 1:1 250 000. Warszawa, 1998.
[25] Свяжынскі У. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3. Мінск., 1996. С.357.

Наверх

Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да 1996 г. Т.1. (Юры Заяц)

Чэрвеня 7, 1998 |


Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да 1996 г.: у трох тамах. Т.1. Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. Мінск, 1997. 431.

Да другой паловы ХХ ст. сялянства складала асноўную частку насельніцтва Беларусі, таму не дзіўна, што яго мінуламу прысвечана шмат гістарычных даследаванняў. «Гісторыя сялянства Беларусі», першы том якой выйшаў у канцы 1997 г., уяўляе сабой абагульняльную працу. Асноўная мэта такіх выданняў — стварэнне на падставе ранейшых даследаванняў гістарычнай панарамы (у дадзеным выпадку — сялянскага жыцця) у шырокіх прасторавых і часавых рамках. Разгляданае выданне  мае асаблівасці. Задуманае яшчэ ў часы БССР, калі планавалася стварыць асобныя гісторыі асноўных класаў савецкага грамадства, пісалася яно ў часы «перабудовы», калі з’явілася магчымасць адыходу ад старых догмаў, а дапрацоўвалася і пачало выходзіць ужо пасля абвяшчэння афіцыйнай гістарычнай навукай незалежнай Беларусі прынцыпаў «новых канцэпцый і падыходаў». У выніку акрамя традыцыйных сюжэтаў гаспадарчага жыцця, сацыяльнага стану і барацьбы сялянства супраць прыгнёту ў кнізе аддадзена ўвага таксама побыту, духоўнай і матэрыяльнай культуры. Зроблены таксама спробы пераацэнкі некаторых падзей сацыяльнай гісторыі.

У напісанні першага тома брала ўдзел дваццаць аўтараў не толькі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, але і з вядучых універсітэтаў краіны. Большасць даследчыкаў з’яўляюцца аўтарамі кніг і дысертацый па аграрнай гісторыі, якія  склалі значную частку навуковай базы выдання.

Зразумела, праца не прэтэндуе на вычарпальнае асвятленне мінулага сялянства. Паўната раскрыцця асобных яе аспектаў і перыядаў залежыць ад ступені іх вывучанасці, што і адзначана ва «Уступе» да першага тома (с.9). Тым не менш, як будзе паказана ніжэй, выкарыстаны далёка не ўсе магчымасці для таго, каб карціна сялянскага жыцця ў разгляданы перыяд стала больш поўнай.

На наш погляд, аўтарскі калектыў быў пастаўлены ў даволі складаныя ўмовы дзіўным падзелам аб’ёму выдання паміж рознымі храналагічнымі перыядамі: шматвяковую гісторыю сялянства давялося «уціскаць» у адзін том, у той час як два астатнія будуць ахопліваць параўнальна кароткія перыяды ў некалькі дзесяцігоддзяў (адпаведна 1861–1917 і 1917–1996 г.) (7). Такая дыспрапорцыя не  мае аб’ектыўнай прычыны і не можа тлумачыцца ні забяспечанасцю крыніцамі, ні ступенню вывучанасці, ні важкасцю і цікавасцю матэрыялу. Відаць, спрацавала старая ідэалагічная завядзёнка, згодна  з якой асноўная ўвага і адпаведна аб’ём у такіх выданнях аддаваліся перыяду пасля 1917 г. (Дарэчы, па гэткай самай схеме выдадзена і папярэдняя калектыўная праца акадэмічнага Інстытута гісторыі — «Нарысы гісторыі Беларусі: у двух частках»). Вынікам такога падыходу стаў у пэўным сэнсе нарысавы характар першага тома. З прычыны абмежаванасці аб’ёму аўтары іншы раз былі вымушаныя толькі называць, канстатаваць  з’яву, не ілюструючы яе канкрэтнымі матэрыяламі, ці адсылаючы чытача да ненадрукаваных архіўных крыніцаў (напрыклад с.66, 105, 106, 122, 149, 334–335 і інш.). Гэта збядняе кнігу.

Нарысавасць адчуваецца і ў структуры тома: першыя пяць раздзелаў прысвечаны праблемам сацыяльна–эканамічнай гісторыі сялянства, а ў шостым, мала ўвязаным з папярэднімі, робіцца скразны агляд культуры і побыту. Такім чынам, абвешчаны ва «Уводзінах» прынцып адлюстравання эвалюцыі беларускага сялянства з улікам усіх фактараў, што ўплывалі на гэты працэс, у тым ліку культурных, рэлігійных, побытавых (6) у дачыненні да першага тома застаўся дэкларацыяй пра намеры, якія, на жаль, не былі цалкам рэалізаваны.

Паўната гістарыяграфічнага агляду таксама не адпавядае ўзроўню капітальнай працы. У ім не згаданы замежныя выданні і публікацыі, нават тыя, на якія спасылаюцца аўтары тома, ды і некаторыя вядомыя працы беларускіх аўтараў, няма агляду археалагічных даследаванняў[1].

Выклікае здзіўленне адсутнасць у спецыяльнай працы пра сялянства азначэння прадмета даследавання. Невядома, што ж разумеюць аўтары пад сялянствам: сацыяльную групу, клас ці проста людзей, якія стала жывуць у вёсцы і займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай. Між тым, дакладнае вызначэнне тэрміна дазволіла б акрэсліць ніжнюю храналагічную мяжу даследавання, якая выглядае расплывістай і неабгрунтаванай. З аднаго боку, паводле назвы выдання і загалоўкаў першага тома,  гісторыя сялянства пачынаецца з «старажытных часоў», «ад старажытнасці». Праўда, у беларускай, як і ў расійскай традыцыі гэтае слова не адпавядае паняццю «антычны (старажытны) свет». Тым не менш, згадка ва «Уводзінах» пра перыяд, «калі сялянства было адзіным асяроддзем існавання чалавека» (5) як быццам паказвае, што аўтары схільны пачаць яго гісторыю ад першабытнай эпохі, калі не існавала яшчэ ні гарадоў, ні падзелу грамадства на класы. Аднак крыху ніжэй удакладняецца, што гісторыя беларускага сялянства ў выданні разглядаецца, «пачынаючы з ранняга сярэднявечча», якое, паводле аўтараў, на Беларусі, «як і ў асноўнай частцы Еўропы, вядзе свой адлік з пачатку другой паловы 1 тысячагоддзя» (6). Беспадстаўнасць і штучнасць спробаў весці адлік беларускага Сярэднявечча ад VI ст., як і адсутнасць у заходнееўрапейскай медыявістыцы адзінага погляду на пачатак і працягласць гэтай эпохі, паказаны ў артыкуле Г.Сагановіча[2]. Прадэклараваўшы пачатак Сярэднявечча і, адпаведна, эпохі феадалізму з VI ст. (6, 9), аўтары першага тома аб’ектыўна мусілі  характарызаваць VI–VIII ст. як перыяд разлажэння першабытных адносінаў (19). Больш за тое, яны лічаць, што ў гэты час «працэс станаўлення сялянства ў славян» толькі пачаўся (27), а ў клас феадальнага грамадства яно пераўтвараецца ў канцы I — пачатку II тысячагоддзя (6). Насуперак пісьмовым крыніцам выказваецца думка, што племянныя ўтварэнні перарастаюць у «феадальныя княствы–дзяржавы» на працягу IХ–ХI ст. (404)! Духоўная культура сялянства разглядаецца ў выданні толькі з ХIII ст., а матэрыяльная і ўвогуле з XIV cт. , што абсалютна незразумела. Між тым, аналіз вялізнага пласта назапашанага археалагічнага матэрыялу ў спалучэнні з фальклорам і звесткамі пісьмовых крыніц дазволіў бы паказаць побыт насельніцтва Беларусі ў VI–XIII ст., ахарактарызаваць (хай сабе і не ў поўнай меры) культуру эпохі язычніцтва, прасачыць распаўсюджванне ў сялянскім асяроддзі хрысціянства. Зразумела, гэта патрабавала б ад аўтараў пераважна не кампілятыўна–рэфератыўнай, а даследчыцкай працы.

Не зусім прадуманымі і лагічнымі падаюцца нам структура першага тома і ўнутраная будова некаторых яго раздзелаў. Вышэй ужо звярталася ўвага на няўдалы прынцып разгляду культуры і побыту ў асобным раздзеле, у адрыве ад іншых аспектаў гісторыі сялянства. Прыкладам няўдалай унутранай структуры з’яўляецца раздзел «Культура і быт сялянства». Тут да матэрыяльнай культуры чамусьці далучаны такія пытанні, як шлюб, выхаванне дзяцей, тыпы сялянскіх сем’яў, узнікненне прозвішчаў у сялян.

Сацыяльна–эканамічная гісторыя сялянства падзелена храналагічна на пяць раздзелаў, што адлюстравана ў іх назвах. Але калі ў раздзелах 3–5 унутраная структура (падраздзелы, параграфы) падпарадкаваны раскрыццю асобных бакоў гаспадарчага і грамадскага жыцця сялян у зададзеных храналагічных межах, то два першыя раздзелы маюць дадатковае храналагічнае чляненне. Раздзел 1 ахоплівае адпаведна VI–VIII ст., якія характарызуюцца аўтарамі як перыяды разлажэння першабытных адносінаў і ранняга феадалізму (19, 36). Такім чынам, тут аб’яднаны розныя гістарычныя эпохі, розныя этапы эвалюцыі сялянства. У раздзеле 2 — «Сялянства ў XIV — першай палове XVII ст.» — глава I ахоплівае перыяд да канца XVI ст., а дзве наступныя прысвечаны канцу XVI — першай палове XVII ст. Па сутнасці, у першай главе разглядаецца гісторыя сялянства перыяду Вялікага Княства Літоўскага да ўтварэння Рэчы Паспалітай. З улікам важнасці і працягласці перыяду, а таксама аб’ёму главы лагічна было б вылучыць яе ў асобны раздзел, тым больш, што падобнае спалучэнне выглядае штучным.

Раздзел 3 — «Сялянства ў другой палове XVII –– першай трэці XVIII ст.» — на справе ахоплівае перыяд да сярэдзіны XVIII ст.; адзін з параграфаў цалкам прысвечаны падзеям 1740–1744 г. (паўстанне ў Крычаўскім старостве). А наступны раздзел — «Сялянства ў другой трэці –– канцы XVIII ст. (да далучэння Беларусі да Расіі)» — пачынаецца словамі «Другая палова XVIII ст. …» і матэрыялаў раней гэтага часу не кранае. Незразумела, як гэткае прыкрае разыходжанне паміж храналогіяй зместу і назвамі раздзелаў 3 і 4 засталося па–за ўвагай рэцэнзентаў і шматлікіх рэдактараў.

Большасць раздзелаў кнігі, прысвечаных сацыяльна–эканамічным аспектам гісторыі сялянства (2–5), па сутнасці, з’яўляюцца рэфератамі адпаведных манаграфій, артыкулаў, дысертацый і ўтрымліваюць уласцівыя ім як станоўчыя рысы, так і недахопы.

На працягу разгляданага ў першым томе перыяду Беларусь была аграрным краем, у эканоміцы якога пераважала земляробства. Таму ў аграрнай гісторыі вялікая ўвага аддавалася пытанням землеўладання і землекарыстання, стану земляробства ў феадальнай і сялянскай гаспадарках. Дасягненні беларускай гістарыяграфіі ў гэтай сферы дазволілі М.Ф. Спірыдонаву, З.Ю. Капыскаму, В.І. Мялешку, П.Р. Казлоўскаму, І.А. Груцу, В.Ф. Голубеву і П.А. Лойку грунтоўна выкласці гэтую праблему. Менш удалым падаецца сюжэт аб землеўладанні і землекарыстанні ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. (Я.К.Анішчанка). У тэксце дамінуюць матэрыялы апошняй чвэрці XVIII ст., дадзеных па першай палове ХIХ ст. няшмат, таму высновы, якія аўтар робіць у канцы параграфа, не выглядаюць дастаткова аргументаванымі. Незразумела, чаму аўтар не выкарыстаў манаграфію В.У.Чапко, прысвечаную сельскай гаспадарцы Беларусі першай паловы ХIХ ст. Адзначым таксама даволі цяжкі стыль выкладання, адсутнасць тлумачэння тэрмінаў, невядомых шырокаму чытачу (напрыклад, «генеральнае межаванне», «люстрацыі»).

Значна горш, з прычыны недастатковай даследаванасці, паказаны такія віды гаспадарчай дзейнасці, як жывёлагадоўля і вясковае рамяство. У гаспадарцы беларускага селяніна жывёлагадоўля не з’яўлялася спецыялізаванай галіной. Магчыма таму аўтары абмежаваліся падлікамі колькасці цяглавай і прадукцыйнай жывёлы, якой валодалі сяляне. І толькі па першай палове ХIХ ст. прыведзены звесткі пра пароды жывёл і іх распаўсюджанне па асобных рэгіёнах (П.Р. Казлоўскі, І.А. Груца). Але і там няма інфармацыі аб працоўных якасцях цяглавай, прадукцыйнасці і плоднасці іншай жывёлы. Нельга не адзначыць, што пры характарыстыцы забяспечанасці сялянаў рабочай і прадукцыйнай жывёлай імкненне да «сярэдніх» лічбаў некаторымі аўтарамі даведзена да абсурду: фігуруюць «0,3 каня, 0,5 вала» і г.д. (65, 190, 223, табл. 1,2). Гэта ўваскрашае ў памяці вядомы сюжэт пра палову каня барона Мюнгаўзэна. Разам з тым, прыводзяцца і аб’ектыўныя дадзеныя (іншы раз тымі ж аўтарамі) па колькасці гаспадарак, што не мелі цяглавай жывёлы, мелі адну галаву, дзве і г.д. (110, 222). Каб больш не вяртацца да гэтага пытання, адзначым, што такія ж «сярэднія лічбы» фігуруюць і пры характарыстыцы велічыні сялянскіх сем’яў.

Вясковае рамяство адносна поўна асветлена толькі па ХIХ ст. В.Ф.Голубеў і П.А.Лойка прыводзяць поўны рэестр спецыяльнасцяў сялян–рамеснікаў па Гарадзенскай губерні, даюць працэнтныя суадносіны паміж імі. На жаль, аўтары, фіксуючы выкарыстанне ў вотчынных мануфактурах наёмнай і наёмна–прымусовай працы сялян, не паказваюць маштабаў гэтай з’явы. Для іншых перыядаў наяўнасць рамяства толькі канстатуецца (66) ці прыводзяцца агульныя звесткі па колькасці сялян–рамеснікаў у асобных рэгіёнах ці па колькасці рамесных спецыяльнасцяў, без поўнага іх пераліку (112). Неземляробчыя заняткі сялян  — вазніцтва, сплаў плытоў і інш. — у другой палове XVIII ст. падрабязна ахарактарызаваны В.І.Мялешкам.

Добра распрацаванымі ў гістарыяграфіі Беларусі з’яўляюцца праблемы становішча сялян, іх павіннасцяў і падаткаў. Адпаведна на высокім узроўні ў рэцэнзуемай кнізе разгледжаны пытанні запрыгоньвання сялянства ў XIV–XVI ст. (М.Ф.Спірыдонаў), зменаў, якія адбываліся ў іх становішчы ў наступныя часы (З.Ю.Капыскі, В.І.Мялешка, П.А.Лойка, У.А.Сосна). На жаль, некранутай засталася тэма сялянаў, якія жылі на землях, што належалі гарадам ці асобным мяшчанам.

Розныя феадальныя павіннасці сялян аналізуюцца М.Ф.Спірыдонавым, З.Ю.Капыскім, В.Ф.Голубевым і П.А.Лойкам. Добра паказаны пераход ад пазямельнага абкладання паншчынай праз падымнае да падушнага (209 ff.). Аднак тлумачэнне В.Ф.Голубева і П.А.Лойкі маруднага ўмацавання фальварачна–паншчыннай сістэмы на ўсходзе Беларусі аддаленасцю рэгіёна ад асноўных транспартных шляхоў (205) не выглядае пераканальным, тым больш што крыху ніжэй В.І. Мялешка гаворыць пра ажыўленыя сувязі Магілёўскага Падняпроўя і Пасожжа, а таксама Рэчыцкага і Гомельскага старостваў з партамі на Балтыцы, уцягванне сялян у дастаўку тавараў да прыстаняў на Заходняй Дзвіне, а ўзімку сухапутнымі шляхамі ў Рыгу, Каралявец і Гданьск (216–219). Пры паказе росту грашовых падаткаў аўтары не заўжды ўлічваюць абясцэньванне грошай, нават калі канстатуюць яго (120, 121, 307). Такім чынам, рэальны рост падаткаў не адлюстроўваецца.

З тэмай землеўладання і павіннасцяў цесна звязаны сюжэты па аграрных рэформах. Выразнасць, з якой выкладзены сутнасць рэформы сярэдзіны XVI ст. і асаблівасці яе правядзення (М.Ф. Спірыдонаў), можа быць узорам нават для падручнікаў. Сутнасць рэформы П.Д. Кісялёва і яе асаблівасці ў беларускіх губернях удала раскрыты В.Э. Загарульскай і У.А. Соснам. Але некаторыя іх высновы (напрыклад, што абавязковыя інвентары, нягледзячы на ўсе іх недахопы, усё ж «ставілі межы памешчыцкай уладзе і стваралі некаторую легальную аснову для абароны сялянамі сваіх інтарэсаў» (341)), не маюць дастатковага развіцця і абгрунтавання ў тэксце. На наш погляд, аўтары недаацанілі значэнне павелічэння зямельнага фонду дзяржаўных сялян. Так, сапраўды, падушны падзел пры гэтым не ўзрос (334), але, калі прыняць да ўвагі значнае павелічэнне за гады рэформы колькасці рэвізскіх душ, то становіцца відавочным, што без гэтай прырэзкі зямлі падушны надзел скараціўся б.

Ва ўсёй яе супярэчнасці раскрываюць праблему сувязі сялянаў з рынкам у канцы XVI — першай палове XVII і ў другой палове XVIII ст. З.Ю. Капыскі і В.І. Мялешка. Падкрэсліваецца, што разам з сялянамі, якія мелі лішкі прадукцыі, у рынак паступова былі ўцягнуты і менш забяспечаныя вяскоўцы, вымушаныя прадаваць неабходныя самім прадукты, каб заплаціць чынш. Адзначаецца, што забарона феадаламі прадаваць сялянскае збожжа за межамі панскіх уладанняў, імкненне феадалаў скупляць і перапрадаваць сялянскае жыта звужалі геаграфію рынкавых сувязяў асноўнай масы сялян. Трэба звярнуць увагу на не зусім карэктную аргументацыю З.Ю. Капыскага тэзы наконт росту гандлёвай актыўнасці феадалаў (павелічэнне вывазу збожжа з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з 37646 лаштаў у 1568 г. да 87312 лаштаў у 1649 г. — с.119). Па–першае, на працягу азначанага перыяду Вялікае Княства Літоўскае мела розную тэрыторыю. Па–другое, у 1568 г. частка дзяржавы была акупавана маскоўскім войскам, але самае галоўнае, у выніку Інфлянцкай вайны былі блакаваны Дзвінскі гандлёвы шлях і частка прыбалтыйскіх портаў, што значна ўскладняла вываз. У 1649 г., пад час казацка–сялянскай вайны, феадалам было выгадна не захоўваць лішкі прадукцыі, а пазбаўляцца ад яе, ператвараючы ў грошы, што стымулявала вываз з тэрыторый, якія не кантраляваліся паўстанцамі.

Характарыстыку маёмаснай дыферэнцыяцыі сялян у розныя перыяды даюць З.Ю. Капыскі, В.І. Мялешка і А.Г. Каралёва, В.А. Мілаванаў. Найбольш удала гэтая праблема выкладзена А.Г. Каралёвай і В.І. Мялешкам (222–228). Аўтары вырашаюць яе на падставе комплекснага аналізу дадзеных па забяспечанасці гаспадарак цяглавай і прадукцыйнай жывёлай, памерамі зямельных надзелаў (у тым ліку і дадатковых, узятых у арэнду ці ў заклад за грашовую ссуду феадалам), выкарыстанні сялянамі наёмнай працы.

Вельмі цікавымі з’яўляюцца сюжэты пра бюджэт сялян у другой палове XVIII ст. (П.Р. Казлоўскі), па дэмаграфіі сялянскага насельніцтва ў канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. (А.Г. Каралёва). Шкада, што аналагічныя даследаванні не праведзены па іншых перыядах.

Усебакова разгледжана пытанне абароны сялянамі сваіх правоў і інтарэсаў, розных формаў супраціву феадальнай эксплуатацыі — ад легальных да ўзброенай барацьбы — на працягу XIV–XVIII ст. (М.Ф. Спірыдонаў, З.Ю. Капыскі, В.І. Мялешка). Недастаткова поўна ахарактарызаваны сялянскі рух канца XVIII — сярэдзіны ХIХ ст. (С.Г. Свірка). Адзначыўшы новую мэту барацьбы сялян  — імкненне да волі, аўтар не раскрывае прычыны гэтай з’явы, не паказвае, як уплывала на яе дараванне ўрадам асабістай волі сялянам Эстляндыі, Курляндыі і Ліфляндыі ў 1816, 1817 і 1819 г. Нічога не сказана пра адносіны сялянаў да паўстання 1830–1831 г. Цалкам неабгрунтаваным падаецца адна з ключавых тэзаў аўтара — аб сувязі ўздыму сялянскага руху ў 1846–48 г. з рэвалюцыйнымі падзеямі ў Заходняй Еўропе (350). Ніякіх доказаў гэтага аўтар не прыводзіць, а вышэй тлумачыць узмацненне барацьбы сялян голадам і штучным павелічэннем сялянскіх павіннасцяў пры складанні памешчыкамі абавязковых інвентароў (348–349). А.Г.Свірка слушна адзначае, што ўзброеная барацьба сялян у 1812 г., па сутнасці, часта насіла антыфеадальны характар, але трэба падкрэсліць, што асноўнай яе мэтай была абарона сялянскай маёмасці ад вайсковых рэквізіцыяў і марадзёрства, паколькі напалеонаўскае войска звычайна забяспечвалася за кошт жыхароў акупаваных тэрыторыяў. Аб такой скіраванасці сялянскай барацьбы сведчаць і ўспаміны генералаў Вялікага войска, прынамсі Армана дэ Каленкура[3]. На жаль, гэтыя крыніцы засталіся па–за ўвагай аўтара.

У асобныя сюжэты вылучаны падзеі 1648–51 г. і паўстанне ў Крычаўскім старостве (В.І.Мялешка). У характарыстыцы падзеяў сярэдзіны XVII ст. В.І.Мялешка адмовіўся ад традыцыйнай трактоўкі іх як «нацыянальна–вызваленчай вайны беларускага народа». Але ацэньваючы гэтае выступленне толькі як антыфеадальную вайну (128), аўтар ніжэй сам супярэчыць такому аднабаковаму азначэнню і паказвае, што ў вайне «прымалі ўдзел усе слаі насельніцтва, а таксама частка дробнай беларускай шляхты, праваслаўнага духавенства» (128; выдзелена намі — Ю.З.). Тое, што паўстанцы ці частка іх выступалі супраць гвалтоўнага насаджэння уніі і каталіцызму, бачна з таго, што разам з панамі, адміністрацыяй, наогул ляхамі ад іх ратавалася ўцёкамі каталіцкае і уніяцкае духавенства, што ўрадавыя войскі пры ўтаймаванні паўстанцаў падкрэслівалі, што тыя з’яўляюцца адзінаверцамі з чаркасамі (казакамі) і гульцяямі (130, 133). Паколькі тады нацыянальная прыналежнасць атаясамлівалася з канфесійнаю, а акаталічванне спалучалася з паланізацыяй (асабліва ў прывілеяваных станах), з прыведзеных вышэй фактаў вынікае, што вайна 1648–51 г. насіла не толькі антыфеадальны характар.

Пры разглядзе праблем сацыяльна–эканамічнай гісторыі сялянства мы невыпадкова не краналі перыяду VIII–XIII ст.: яго ўзровень значна ніжэйшы за астатнія. Першая глава гэтага раздзелу, нагадаем, ахоплівае перыяд VI–VIII ст.,  вызначаны як перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносінаў, калі існавалі перадумовы фармавання сялянства. Значная частка параграфа 1 «Усходнеславянскія плямёны і іх гаспадарка» (Э.М. Загарульскі) прысвечана апісанню прыродных умоў, якія мелі велізарнае значэнне для сельскай гаспадаркі. (Па гэтай прычыне лепш было б, на наш погляд, разгледзець іх асобна, не далучаючы да таго ці іншага храналагічнага перыяду). Выклікае здзіўленне, што клімат аўтар характарызуе на падставе дадзеных за апошняе стагоддзе, ігнаруючы даследаванні, якія паказалі значныя змены ў клімаце часткі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў 200–1200 г.[4].

Вельмі цьмяна выкладзена праблема асваення ўсходнеславянскімі плямёнамі тэрыторыі Беларусі. Не паказана нават верхняя храналагічная мяжа гэтага працэсу. Тэза Э.М. Загарульскага аб уступленні асноўнай часткі мясцовага балцкага насельніцтва ў «актыўныя ўзаемадачыненні» са славянамі (23) не грунтуецца на аналізе матэрыялу і разліках, таму з’яўляецца, на наш погляд, бяздоказнай. Некарэктнай выглядае спасылка на працу В.В.Сядова 1970 г., паколькі ў найноўшых публікацыях гэты даследчык пераглядае свае погляды на этнічную атрыбутацыю некаторых археалагічных культураў. Апісваючы гаспадарку ўсходніх славян VI–VIII ст., Э.М. Загарульскі даволі шырока выкарыстоўвае матэрыялы больш позняга часу — IХ і Х ст. (24–26), што недапушчальна. Заключныя абзацы ён чамусьці прысвяціў характарыстыцы грамадскага ладу ўсходніх славян, абшчыне — пытанням, якія падрабязна разглядаюцца ў наступным параграфе Г.В. Штыхавым. Насуперак пісьмовым крыніцам, якія фіксуюць у дрыгавічоў і полацкіх крывічоў зараджэнне дзяржаўнасці ў форме княжанняў[5], сведчаць пра ўключэнне палачанаў у другой палове IХ ст. у дзяржавы Рурыка і Алега, Э.М. Загарульскі сцвярджае, што ўсе ўсходнеславянскія плямёны «у VIII–IX ст. знаходзіліся на апошняй, заключнай стадыі распаду першабытнаабшчыннага ладу» (26).

Гаворачы пра ўсходнеславянскую абшчыну, Г.В.Штыхаў таксама не прытрымліваецца храналагічных межаў главы (VI–VIII ст.). Ён выкарыстоўвае пісьмовыя і археалагічныя крыніцы, даследаванні, якія адносяцца да IХ–ХIII ст., прычым не заўжды падае гэты матэрыял у храналагічнай паслядоўнасці (31–34), што не спрыяе паспяховаму раскрыццю пытання. Зразумела, працэс эвалюцыі абшчыны не завяршыўся да IХ ст., але лагічна было б прасачыць яго працяг у адпаведнай главе. Для апісання абшчыны VI–VIII ст. Г.В. Штыхаў прыцягвае вынікі археалагічных даследаванняў сумежных, пераважна заходнеукраінскіх земляў. Такі прыём у навуцы дапускаецца пры недахопе дадзеных па тэрыторыі, якая вывучаецца, пры ўмове тоеснасці ці значнай блізкасці археалагічнага матэрыялу ў гэтых рэгіёнах. Але Г.В.Штыхаў не прыводзіць доказаў такой блізкасці і, больш за тое, ён амаль цалкам абстрагуецца ад матэрыялаў і даследаванняў, якія маюць непасрэднае дачыненне да тэрыторыі Беларусі.

Адзінкавыя спробы аўтара даць уласную сацыяльную інтэрпрэтацыю археалагічнага матэрыялу нельга прызнаць паспяховымі: напрыклад, выснова пра вялікія і малыя сем’і ў насельніцтва, якое пакінула курганны могільнік каля в.Ізбішча, зроблены не на падставе ўсебаковага аналізу, а на эмпірычным узроўні і выглядае даволі наіўна (30–31). Прыкметай маёмаснай няроўнасці ў абшчыне Г.В. Штыхаў лічыць наяўнасць багатых і бедных пахаванняў у межах аднаго курганнага могільніка (34). Аднак у манаграфіі, да якой ён адсылае чытачоў, не толькі фіксуецца гэтая з’ява, але і адзначаецца, што яна «не столькі сацыяльная, якая сведчыць пра маёмасную няроўнасць, колькі этнагенетычная»[6]. Падобна, што інтэрпрэтацыя аднаго і таго ж матэрыялу вар’іруецца аўтарам у залежнасці ад патрэбы.

Не заўжды карэктна выкарыстоўвае Г.В. Штыхаў працы іншых даследчыкаў. Напрыклад, выснова пра адлюстраванне ў планіроўцы і шчыльнасці забудовы селішчаў сацыяльна–эканамічных працэсаў, што адбываліся ў славянскай абшчыне VI–VII ст., якая завяршаецца спасылкай на артыкул Я.У. Барана (30), на самой справе з’яўляецца злёгку рэтушаванай цытатай, якую трэба даваць у двукоссі. Вынікі даследавання А.А.Зіміна пададзены такім чынам, што цяжка зразумець, хто ж прааналізаваў «звесткі аб усходнеславянскай абшчыне, якія змешчаны ў найбольш старажытных помніках» — Зімін ці сам Штыхаў? (31). Дарэчы, «найбольш старажытныя помнікі», якія згадвае Штыхаў, гэта толькі рэканструкцыя звычаёвага права VIII–IХ ст., зробленая А.А. Зіміным на падставе вывучэння заканадаўства ХI ст. У спасылцы на гэтую публікацыю А.А. Зіміна Г.В. Штыхаў дапусціў адну памылку і адну недакладнасць: па–першае, праца называецца «Феодальная государственность и «Русская правда» (у спасылцы — «Феодальная собственность…», па–другое, раздзел «Обычное право Древней Руси VIII–IX вв.» змешчаны на с.230–233, а с.230–275, якія прыведзены ў спасылцы, — гэта ўвесь тэкст публікацыі.

Нямала хібаў і ў тэксце, прысвечаным сялянству ў IХ–ХIII ст. (Г.В. Штыхаў, С.А. Шчарбакоў). Асабліва ў гэтым сэнсе вылучаецца першы параграф — «Формы феадальнай залежнасці і катэгорыі сельскага насельніцтва», хоць ён у значнай ступені кампілятыўны. Напрыклад, аўтары не паказалі ўсіх крыніц поўнага (абельнага) халопства, адзначыўшы толькі палон і самапродаж (40). Вельмі блытана выкладзена такая дыскусійная праблема, як статус смердаў (38–39). Датаванне двух этапаў у развіцці феадальнай залежнасці сялян (да сярэдзіны ХII ст. і другая палова ХII–ХIII ст.), якія ў заключным абзацы параграфа вылучаюць аўтары, не мае адпаведнага абгрунтавання (41). На наш погляд, інтэнсіўнае развіццё баярскага землеўладання (асноўны крытэрый другога этапу, паводле Г.В.Штыхава і С.А.Шчарбакова), пачынаецца з канца ХI ст., пасля юрыдычнага замацавання на княскім з’ездзе 1097 г. у Любечы спадчыннага права на ўдзельныя княствы. Гэта прывяло да «асядання» княскіх баяраў і дружыннікаў на зямлi. Але працэс гэты, як сведчаць археалагічныя крыніцы, пачаўся не пазней канца Х — пачатку ХI ст.[7]

Недакладна перадаюцца аўтарамі і агульнавядомыя гістарычныя падзеі. Так, напрыклад, без усялякіх падставаў сцвярджаецца, што Уладзімір Святаславіч, вялікі князь кіеўскі, аднавіў полацкую княскую дынастыю «па патрабаваню мясцовай знаці» (37). Час з’яўлення на полацкім княскім стале Рагвалода азначаны «прыкладна ў 70–я гады Х ст.» (37). Паводле крыніц, гэта адбылося «во дни Святослава Игоревича»[8] (964–972 г., але фактычна з 970 г. у Кіеве ўжо княжыў Яраполк Святаславіч).

Наогул дадзены параграф уражвае сумбурнасцю, адсутнасцю логікі будовы тэксту. Аўтары пераскокваюць ад аднаго сюжэта да другога, потым зноў вяртаюцца да першага. У выніку тэкст нагадвае цераспалосіцу паслярэформеннага землеўладання. Да таго ж асобныя месцы ў сюжэце пра феадальны клас пераклікаюцца з адпаведнымі месцамі ў першай главе (34–35 і 37) ці не маюць ніякага дачынення да разгляданай праблемы (згадванне даніны, якую плацілі Полацку латгалы і лівы).

У параграфе «Павіннасці і сацыяльнае становішча сялян» аўтары памылкова паказваюць генэзіс пагостаў (летапісных «павостаў»). Гэтыя пункты збору рэгламентаванай даніны і знаходжання прадстаўнікоў вялікакняскай адміністрацыі былі, як адназначна паказваюць крыніцы, заснаваны ў сярэдзіне Х ст. княгіняй Вольгай. І хоць некаторыя з іх маглі размяшчацца ў межах існаваўшых ужо паселішчаў, няма падставаў сцвярджаць, як гэта робяць аўтары, што пагосты — гэта «паселішчы суседскіх абшчын», якія «становяцца адміністрацыйна–фіскальнымі акругамі» (42). Як справядліва адзначыла Н.І. Платонава наконт другой паловы Х–ХI ст., «территориального деления на погосты–округа в указанный период нельзя проследить ни для Южной Руси, ни для Северной»[9].

Але галоўным хібам главы па сялянству IХ–ХIII ст. з’яўляецца вузкасць кола разгледжаных пытанняў. Аўтары зусім не кранаюць такой значнай праблемы, як асаблівасці сельскага рассялення IХ–ХIII ст. Абышлі яны ўвагай і тэму гаспадарчай дзейнасці сялян (толькі пра земляробства IХ–Х ст. асобныя звесткі ёсць у папярэдняй главе). А менавіта па Х–ХIII ёсць дадзеныя пра экстэр’ер свойскай жывёлы, доказна абгрунтавана галоўная роля палявання ў забеспячэнні насельніцтва мясной ежай[10], сістэматызаваны  дадзеныя па земляробству[11]. Рэчавы матэрыял, атрыманы пры раскопках могільнікаў і паселішчаў, дае ўяўленне пра вясковае рамяство і сувязі сялян з рынкам. Але згаданыя даследаванні і вялізны пласт крыніц засталіся ў працы незапатрабаванымі. Вызначэнне грамадства IХ–ХIII ст. як феадальнага з’яўляецца крокам назад у параўнанні з ацэнкай яго як шматукладнага, дадзенай, як гэта ні дзіўна, адным з аўтараў «Гісторыі сялянства Беларусі»12.

Вышэй мы ўжо адзначалі храналагічную абмежаванасць і структурныя хібы раздзела «Духоўная культура і быт насельніцтва», пэўную яго адасобленасць ад астатніх частак тома. Найбольш удалай у гэтым раздзеле з’яўляецца глава «Духоўная культура». Аўтар, Г.Я.Галенчанка, з уласцівым яму высокім прафесіяналізмам асвятляе розныя яе грані: фальклор, каляндарную абраднасць, мастацтва і г.д. Аўтар імкнецца да паказу духоўнага жыцця ў яго развіцці, з улікам уплываў, які аказвалі на яго сацыяльна–палітычныя, этнічныя і іншыя фактары. Праўда, у асобных выпадках гэтыя фактары ўлічваюцца не ў поўнай меры. Некаторыя высновы аўтара грунтуюцца на фармальным успрыманні крыніц. Так у запрашэнні маршалку надворнаму ад крайчага ВКЛ Тышкевіча наведаць яго «ўбогі дамок» і патанчыць «пры дудках нашых сельскіх» Г.Я.Галенчанка бачыць факт захаплення часткі магнатаў і шляхты «народнай музычнай эстэтыкай» (390), не ўлічваючы асаблівасцяў стылю паслання. Як «убогі дамок» Тышкевіча на самой справе быў палацам, так і «дуды сельскія» маглі быць ансамблем прафесійных музыкаў, магчыма, нават замежных.

Якасць тэксту, аднак, зніжаецца, калі аўтар піша пра тэмы, далёкія ад яго навуковых інтарэсаў (мастацкія рамёствы, пахавальныя абрады). Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што пахавальны абрад па прынцыпу трупапакладання ў Беларусі не быў нязменным нават у межах перыяду, які разглядае Г.Я.Галенчанка, не кажучы ўжо пра рэгіянальныя, этнічныя і канфесійныя асаблівасці, што мелі месца. Тэза аўтара пра захоўванне архаічнасці абраду крэмацыі (387) грунтуецца на апісанні ў беларуска–літоўскіх летапісах могільніка літоўскай знаці ва ўрочышчы Швінтарогі (тэрыторыя сучаснай Вільні). Яны, зразумела, не маюць дачынення ні да сялянаў, ні да беларусаў наогул.

Шмат заўваг выклікае глава «Матэрыяльная культура», асабліва першыя яе параграфы (В.У. Шаблюк). Незразумела, чаму менавіта тут разглядаецца пытанне рассялення сялян у XIV–XVII ст. Праўда, маючы на ўвазе паўнату раскрыцця праблемы, больш дакладна было б сказаць, што яна закранаецца. Планіроўка сельскіх паселішчаў XIV–XV ст. чамусьці асвятляецца па этнаграфічных дадзеных і выніках археалагічных даследаванняў цэнтральных раёнаў Смаленшчыны (355–356). Аўтар слушна канстатуе, што такія назвы сельскіх паселішчаў, як сяло, вёска (весь) узніклі яшчэ ў старажытнаславянскую эпоху, але не паказвае, што сялом (сяльцом) у Х–ХII ст. звычайна называліся паселішчы феадальна залежнага насельніцтва. Так, відаць, было і ў XIV–XVI ст., бо менавіта сёлы пасля аграрнай рэформы сярэдзіны XVI ст., як адзначае В.У. Шаблюк, падзяліліся на цяглыя, асадныя, дворныя, у залежнасці ад павіннасцяў, якія неслі прыгонныя сяляне (354).

Апісанне сялянскіх жытлаў зроблена на добрым узроўні, але яно было б яшчэ лепшым, калі б для пазнейшага перыяду аўтар прыцягнуў дадзеныя даследаванняў беларускага драўлянага дойлідства. Гэта дазволіла б яму паказаць рэгіянальныя асаблівасці пабудоў і планіроўкі сядзіб. Немэтазгодна было, на наш погляд, спыняцца тут на земляробчых прыладах працы, якія ўжо характарызаваліся (дарэчы, больш поўна і дэталёва) пры аналізе гаспадарчага жыцця сялянства. Незразумела, чаму такія прылады працы як цапы, вілы, добра вядомыя па беларускіх этнаграфічных калекцыях, а таксама па асобных знаходках пад час археалагічных раскопак, В.У. Шаблюк апісвае па польскіх публікацыях (363).

Транспартныя сродкі сялян (калёсы, сані), прыстасаванні для прадзення і ткацтва, шмат якія рэчы сялянскага побыту засталіся па–за ўвагай аўтара, затое з падрабязнасцю, патрэбнай толькі ў археалагічных публікацыях, ён спыняецца на асобных дэталях керамічнага посуду і характарызуе тэхналогію вырабу жалезных прыладаў працы (365–366). Пры апісанні адзення акцэнт зроблены толькі на розніцу паміж сялянскай і шляхецкай вопраткай, градацыя адзення па маёмасных групах сялян ігнаруецца. Недастаткова выразна паказваюцца і храналагічныя змены ці навацыі ў адзенні сялян.

У цэлым можна прыйсці да высновы, што матэрыяльная культура сялян не атрымала дастатковага адлюстравання ў дадзенай працы і што да перыяду да ХIХ ст. яна застаецца яшчэ мала вывучанай.

Лічым неабходным зрабіць таксама некалькі агульных заўваг. Аўтары першага тома «Гісторыі сялянства Беларусі» мала паклапаціліся аб ілюстрацыях. Яны нешматлікія, выпадкова адабраныя, нярэдка вызначаюцца малой інфармацыйнасцю (яскравы прыклад — малюнак сярпа ХI ст. з Барысава, які займае амаль трэць старонкі), тыражуюцца малюнкі, што пераходзяць з выдання ў выданне. Між тым, у публікацыях па этнаграфіі і археалогіі змешчана шмат разнастайных ілюстрацый, якія можна было выкарыстаць у першым томе і зрабіць яго цікавейшым.

Аўтары і рэдактары тома не праявілі вялікага клопату пра чытача: няма спісу скарачэнняў, якія ўжываюцца ў спасылках, тэрміналагічнага слоўніка. Праўда, большасць тэрмінаў тлумачыцца ў пастаронкавых каментарах, што нязручна для чытача — кожны раз трэба шукаць у кнізе месца, дзе той ці іншы тэрмін ужыты ўпершыню. Не пашкодзіла б змясціць у дадатку да тома 1 табліцу значэнняў старажытных мераў плошчы, аб’ёму, вагі і г.д. Без іх, напрыклад, цяжка зразумець, ці змяніліся памеры сялянскіх надзелаў і грашовых падаткаў пасля ўваходжання беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі (у раздзелах па папярэднім перыядзе фігуруюць валокі і злотыя, па ХIХ ст. — дзесяціны і рублі).

На заканчэнне падкрэслім, што, нягледзячы на заўвагі, большасць раздзелаў першага тома пакідае добрае ўражанне. Магчыма, некаторыя заўвагі рэцэнзента пададуцца не вельмі істотнымі, але мы робім іх са спадзяваннем, што адзначаныя хібы не будуць паўтораны ў шасцітомнай «Гісторыі Беларусі», якая ствараецца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.

Першы том «Гісторыі сялянства Беларусі» з усімі яго станоўчымі рысамі і хібамі несумненна ўяўляе сабой гістарыяграфічную цікавасць перш за ўсё таму, што ў значнай ступені адлюстроўвае стан беларускай гістарычнай навукі на сучасным этапе.

Менск

Юры Заяц


[1] Коробушкина Т.Н. Земледелие на территории Белоруссии в Х–ХІІІ вв. Минск, 1979; Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине ХІХ в. Минск, 1966.
[2] Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча // БГА. Т.4 (1997). Сш.1–2 (6–7). С.8–17.
[3] Арман де Коленкур. Мемуары. Таллинн–Москва, 1994. С.128.
[4] Хотинский Н.А. Дискуссионные проблемы реконструкции и корреляции палеоклиматов голоцена // Палеоклиматы позднеледниковья и голоцена. Москва, 1989. С.12–17.
[5] Повесть временных лет. Москва—Ленинград, 1950. Ч.1. С.13; Заяц Ю.А. У истоков белорусской государственности // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Ч.1: Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С.25, 27.
[6] Штыхаў Г.В. Крывічы. Мінск, 1992. С.46.
[7] Заяц Ю.А. Социальные групы населения Изяславля на стадии формирования и раннем этапе развития города (Х–ХІ вв.): по материалам Заславского курганного могильника // Гістарычна–археалагічны зборнік. 1996. №8. С.139.
[8] Московский летописный свод конца XV в. // ПСРЛ. Москва—Ленинград, 1949. С.31.
[9] Платонова Н.И. Сельское расселение и система погостов в Новгородской земле // Древнерусская деревня: Археологическое исследование регионов. Тезисы докладов конференции. Москва, 1991. С.16–17.
[10] Щеглова В.В. Роль охоты в снабжении мясом населения на территории Белоруссии в Х–XIV в. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі: Новыя матэрыялы і даследаванні. Мінск, 1993. С.74–82.
[11] Коробушкина Т.Н. Оpus cit.
[12] Нарысы гісторыі Беларусі. У 2–х частках. Ч.1  Мінск, 1994. С.78.

Наверх

Марзалюк, Ігар. Магілёў у ХІІ–ХVIII cт. (Ірэна Ганецкая)

Чэрвеня 6, 1998 |


Марзалюк, Ігар. Магілёў у ХII-ХVIII cт. Мінск, 1998. 258.

Гарадская тэматыка карыстаецца папулярнасцю сярод беларускіх гісторыкаў і археолагаў. Рэгулярна з’яўляюцца выданні, у якіх асвятляюцца асобныя аспекты ці перыяды гісторыі беларускіх гарадоў.  Шэрагу з іх  прысвечаны спецыяльныя манаграфіі — Полацку, Мeнску, Заслаўю, Ваўкавыску, Віцебску, Берасцю, Наваградку, Горадні, а таксама Магілёву[1]. І вось сёлета пабачыла свет яшчэ адна праца па гісторыі Магілёва — кніга Ігара Марзалюка. Вялікі храналагічны дыяпазон, значнасць абранага аб’екту даследавання і шырокі падыход да тэмы далі магчымасць скарыстаць вялікі аб’ём крыніц: археалагічных (здабытых пераважна самім аўтарам), пісьмовых і іканаграфічных. У адрозненне ад папярэднікаў, малады даследчык звяртае ўвагу не толькі на сацыяльна-эканамічнае развіццё горада, аблічча яго матэрыяльнай і духоўнай культуры, але спрабуе таксама зрабіць рэканструкцыю некаторых рысаў ментальнасці гараджан і гарадскога побыту XVI–XVIII ст.

Кніга складаецца з прадмовы, уводзінаў, трох раздзелаў асноўнага зместу, дадаткаў і вялікай колькасці ілюстрацый.

Пачнем з назвы. Фармулёўка яе падаецца не надта ўдалай. Агульнае «Магілёў» у дачыненні да «XII–XVIII ст.» у дадзеным выпадку патрабуе тлумачэння. Магілёў — гэта горад, тэрыторыя ці што іншае? Калі горад, то які сэнс укладваецца ў гэтае паняцце? Што маецца на ўвазе пад Магілёвам ХII, ХIII ст.? Часам фігуруе нават ХI ст. Па XIV ст. крыніцаў, апроч згадкі ў «Спісе рускіх гарадоў бліжніх і дальніх», няма наогул. Увёўшы ў назву жорсткія храналагічныя межы, аўтар звязаў сябе па руках і нагах. Па яго ўласным прызнанні, «гарадскі комплекс толькі пачынае фармавацца» ў XV ст. (с.22). Тым не менш, І.Марзалюк вымушаны звяртацца да ранейшага перыяду, нягледзячы на яўны недахоп інфармацыі або поўную яе адсутнасць.  Таму невыпадкова, што ХII–ХIII ст. згадваюцца (звычайна мімаходзь) толькі ў дзевятнаццаці параграфах з сарака двух. Гэтых нязручнасцяў можна было лёгка пазбегнуць, змякчыўшы назву, у прадмове ясна акрэсліўшы аб’ект даследавання, змяніўшы структуру кнігі.

Падмурак тэмы, закладзены папярэднікамі, важкі, што цалкам адлюстравана ў гістарыяграфічным аглядзе (Уводзіны, с.5–10). Даследаваны наступныя праблемы: дачыненні насельніцтва і адміністрацыі, эканоміка (асабліва гандаль і рамесная вытворчасць), сацыяльная і канфесійная структура горада, кнігавыдавецкая справа. Трэба сказаць, што і матэрыяльная культура беларускіх гарадоў эпохі Сярэднявечча, у тым ліку і Магілёва, вывучана няблага, прынамсі дастаткова, каб не блытацца ў матэрыяле, не займацца пераказваннем ужо агульнавядомых рэчаў, інтэрпрэтаваць канкрэтны матэрыял.

У прадмове вызначана мэта аўтара: «Стварыць комплекснае, сінтэзнае даследаванне гісторыі феадальнага горада…» (3). Больш канкрэтна яна сфармулявана ва ўводзінах на старонцы 11: «Паказаць этапы гістарычнага развіцця Магілёва, ахарактарызаваць яго матэрыяльную культуру, штодзённае жыццё гараджан, важнейшыя элементы іх светапогляду».

Як бачым, заяўленыя тэма і мэты даследавання маштабныя. Настолькі маштабныя, што шанцаў на поспех у маладога аўтара ад пачатку было няшмат, асабліва з улікам недастатковасці манаграфічнай распрацоўкі шэрагу аспектаў тэмы.

Дысанансам абвешчанай стратэгічнай мэце адразу гучаць пастаўленыя задачы — вывучыць стратыграфію, даследаваць асноўныя этапы росту, вызначыць і апісаць асноўныя катэгорыі рэчавага матэрыялу, etc. Але ў «комплексным, сінтэзным даследаванні» не месца такім задачам. Гэта рабочая кухня. Усю гэтую працу даследчык павінны быў зрабіць да таго, як сесці за пісанне такой манаграфіі. Тут трэба было ўжо не вывучаць ды вызначаць, а апераваць высновамі вывучэння і вызначэння канкрэтных фактаў і артэфактаў. Параграфы кшталту «Агульная характарыстыка культурнага слою», пералік раскопаў з траншэямі, іх плошчаў ды квадратаў, метраў ды сантыметраў ад дзённай паверхні ці магутнасці слоя баласта ў абагульняльнай манаграфіі недапушчальныя! Тое ж тычыцца і дадаткаў 1.1 і 1.2. У дадзеным выпадку гэта нават не будаўнічы матэрыял, а сыравіна для яго. Пералік нумароў квадратаў з’яўляецца нават пры характарыстыцы забудовы горада (39).

Далёкая ад дасканаласці, на мой погляд, і структура манаграфіі. Некаторыя істотныя праблемы засталіся неасветленымі, іншыя ж звесткі і факты, прычым не першай значнасці, паўтараюцца па некалькі разоў. Няўдалая і ўнутраная структура шмат якіх параграфаў. У выніку тэкст рассыпаецца на асобныя сюжэты, не ствараецца больш–менш цэласнай карціны сярэднявечнага Магілёва.

Вось некалькі прыкладаў. Так, параграфы «Этнічны і сацыяльны склад насельніцтва» і «Канфесійнае жыццё» апынуліся далёка ззаду за характарыстыкай этнічных і канфесійных стэрэатыпаў гараджан. Сацыяльнай структуры насельніцтва варта было б прысвяціць асобны параграф і знайсці яму месца бліжэй да пачатку. Ад сацыяльнага ж стану залежалі і заняткі насельніцтва, і забудова, і ментальнасць і інш. У другім раздзеле знаходзім параграф «Культурныя сувязі горада», у канцы якога аўтар выказвае ўпэўненасць у «еўрапейскім кантэксце як матэрыяльнай, так і духоўнай культуры Магілёва ў XVI–XVIII ст.» (66). Дык можа варта было сказаць хоць нешта пра саму культуру, перш чым пра яе кантэкст і сувязі. Аб’ектыўна ж у кнізе не прысутнічае ні культура Магілёва, ні яе кантэкст.

На жаль, прыведзеныя прыклады не з’яўляюцца выключэннем.

Цяпер звернемся да некаторых аспектаў методыкі апрацоўкі аўтарам фактычнага матэрыялу і спосабу яго падачы ў манаграфіі.

Пачнем з археалогіі, паколькі археалагічныя крыніцы выконваюць важкую ролю ў разгляданым даследаванні, а ў асобных параграфах абсалютна дамінуюць.

Аўтар нам падрабязна пералічвае хто, дзе, калі і колькі плошчы раскапаў. Паводле дадатка 1.2, у Магілёве археалагічна даследавана тэрыторыя агульнай плошчай 5708,2 кв.м. Лічба сапраўды ўражвае, бо рэдка яшчэ які горад можа пахваліцца такой вывучанасцю. Але пры гэтым аўтарам не вылучана аніводнага комплексу, хоць з тэксту і дадатка 1.1 вынікае, што яны былі (у адваротнае ўвогуле цяжка паверыць). На с.39 нам паведамляюць пра знаходкі сядзібаў залатара і гарбара. Чаму ж ні ў манаграфіі, ні ў асобнай публікацыі гэтыя сядзібы належным чынам не апісаны? Невядома, ці былі яны наогул вывучаныя. Бяздоказнай канстатацыі тут мала. Рэчы з закрытых ці паўзакрытых комплексаў павінны быць вылучаны асобна, самым дэталёвым чынам вывучаны, бо яны служаць своеасаблівымі маячкамі, неабходнымі для распрацоўкі тыпалогіі і храналогіі матэрыялу з таго ці іншага помніка. Датаванне па аналогіях само па сабе маланадзейнае і дапускаецца з пэўнымі агаворкамі, тым больш калі аналогіі праводзяцца толькі на падставе малюнкаў з публікацый ды яшчэ даследчыкам, які не мае дастатковага практычнага вопыту ў нейкай спецыфічнай галіне (напрыклад, у кераміцы). Калі ж комплексы не вылучаны і не апісаны, то гэта можа азначаць наступнае: або раскопкі праводзіліся з грубымі парушэннямі методыкі палявой працы, або фіксацыя была непрафесійнай, або матэрялы раскопак не былі апрацаваны належным чынам. Усё гэта ставіць пад сумненне кваліфікацыю даследчыка як археолага. У выніку археалагічная частка кнігі гучыць надзвычай непераканальна. Скажам, аўтар гаворыць, што ў некаторых месцах захаваўся слой ХII стагоддзя. Дык дайце характарыстыку пласта, абгрунтуйце яго права называцца  слоем ХII ст. і толькі яго, спаслаўшыся на канкрэтныя профілі (чарцяжы, якія можна было б разгледзець), пакажыце асобна комплекс знаходак з гэтага слоя і толькі з яго. А іначай, прабачце, не верыцца, бо ў атрыбутацыі і датаванні рэчаў на ілюстрацыях ёсць памылкі. Апісанне ж ва ўсіх дробязях  стратыграфіі па гадах раскопак не дае ніякага ўяўлення пра культурны слой Магілёва як такі. Тэкст большасці параграфаў першага раздзелу нагадвае ў лепшым выпадку справаздачу аб археалагічных раскопках, ніяк не аналітычны тэкст.

Усё сказанае вышэй тычыцца і таго, як паказаны рэчавы археалагічны матэрыял. Аўтар меў рацыю, калі не збіраўся даваць ніякіх апісанняў, апроч самых неабходных, каб увесці новыя матэрыялы ў навуковы ўжытак. Атрымалася так, што як раз неабходных апісанняў часта бракуе, ці зроблены яны нездавальняльна, затое непатрэбнай, банальнай інфармацыі ў манаграфіі дастаткова. Некалькі прыкладаў будзе прыведзена ніжэй.

І.Марзалюк, як бачна з прадмовы, разумее, што прафесіяналізм   гісторыка вызначаецца найперш яго ўменнем працаваць з крыніцамі, і кажа нам, што ён сам «свята пільнаваўся патрабавання, якім мусіць кіравацца кожны сапраўдны гісторык, — імкнуцца вычарпальна (наколькі гэта магчыма) скарыстаць крыніцы па аналізуемай праблеме» (4). Але ці разумее аўтар, як карыстацца крыніцамі (і археалагічнымі, і гістарычнымі), як адабраць іх і размясціць, каб склалася больш-менш цэласнае ўяўленне па кожным з аспектаў і праблеме ўвогуле?

Дазволю сабе некалькі ілюстрацый. У параграфах «Ганчарнае рамяство» і «Рэчы хатняга ўжытку…» на старонках 41 і 129 нам паведамляецца, што да канца XV ст. адзінай формай посуду ў Магілёве быў гаршчок. Немагчыма паверыць. Выснова неправамерная і памылковая, бо зроблена, відаць, толькі на падставе знойдзеных аўтарам матэрыялаў таго перыяду (а іх — жменька!). Няўжо ў XV ст. жыхары Магілёва не ведалі ні місак, ні накрывак, ні збаноў, у той час як у іншых месцах гэтыя віды посуду распаўсюджваюцца значна раней?

Параграфы, прысвечаныя рамёствам, зведзены практычна да пераліку археалагічных знаходак, нават без іх аналізу, не тое што спробы ўпісаць у «кантэкст штодзённага жыцця магілёўскіх месцічаў» (3). Не атрымалася гэтага і ў параграфе «Рэчы штодзённага ўжытку…». Дасягнуць пастаўленай мэты можна было толькі пры ўмове глыбокага вывучэння матэрыялу, пачаўшы з яго тыпалогіі і храналогіі. Павярхоўны пераказ агульнавядомых звестак і беглы пералік знаходак ствараюць надзвычай неадэкватную карціну. Так, навошта даваць спрошчанае апісанне тэхналогіі вырабу кафлі, паўтараючы сказанае ўжо ў дзесятках іншых публікацый? Замест гэтага варта было б пацікавіцца эвалюцыяй стылістычнага афармлення магілёўскіх печаў, якая была вынікам зменаў у духоўнай культуры насельніцтва, ці засяродзіцца на развіцці і ўдасканальванні канструкцыі печаў, што ў сваю чаргу прыводзіла да змены архітэктонікі гаршка (асноўнага датуючага матэрыялу ў археалогіі) і, адпаведна, густаў насельніцтва ў дачыненні да кухоннага посуду. Простага пераліку вырабаў і тэхналогій недастаткова. Справа ў тым, што прычынамі пашырэння асартыменту і з’яўлення новых тэхналогій былі змены ў практычных і духоўных патрэбах людзей, іх светапоглядзе, павышэнні якасці жыцця. Вось пра што трэба было б сказаць у кантэксце заяўленых аўтарам намераў. Схематычнае ж апісанне і пераказ агульных звестак толькі займае месца і парушае цэласнасць, перашкаджае нармальнаму ўспрыманню тэксту.

Адным з найбольш паказальных у гэтым сэнсе з’яўляецца параграф «Гандаль і гандлёвыя сувязі». Гандлю Магілёва XVI–XVIII ст. прысвечана паўтары старонкі тэксту (усяго!), з іх паўстаронкі займае пералік гарадоў, з якімі вёўся гандаль, яшчэ паўстаронкі — апісанне рэйнскага куфля XVII ст. і бутэлек XVIII–XIX ст., апошнія паўстаронкі распавядаюць нам пра галандскія люлькі, памадныя банкі ды шкляныя кварты. І ўсё! Гэта пры тым, што, паводле Г.Лаўмяньскага і інш., менавіта знешні гандаль быў галоўным чыннікам развіцця горада ў XVI ст. (гл. с.9). Не знайшлося месца нават элементарнай інфармацыі пра тое, якія тавары маглі прапанаваць самі магілёўцы. Але найбольш красамоўная ілюстрацыя падыходу аўтара да крыніц і імкнення да іх «вычарпальнага скарыстання» — параграф «Матрыманіяльныя паводзіны насельніцтва ў XVI–XVIII ст.». Сустрэў спадар Марзалюк сярод пісьмовых сведчанняў апісанні некалькіх яўных адступленняў ад нормы шлюбных традыцый не тое што таго, але і нашага часу, і тут жа з вялікім задавальненнем пераказаў іх нам ў параграфе, які, паводле назвы, павінны быў бы змяшчаць інфармацыю пра матрыманіяльныя паводзіны, тыповыя для гараджан XVI–XVIII ст.

Бессістэмна і больш чым схематычна пададзены культурныя сувязі горада. Агульнаеўрапейскія мастацкія стылі  згадваюцца толькі выпадкова. На якім узроўні, калі і ў якой ступені  былі яны запазычаны і адаптаваны ў розных галінах культуры і мастацтва Магілёва? Чым адрозніваліся элітарная і масавая культура гараджан таго часу? Такія пытанні перад аўтарам нават не паўставалі. І дарэмна. Напрыклад, у той жа кафлі адзін і той арнаментальны матыў (скажам, любыя аўтару дрэва жыцця ці херувім) у розных стылях атрымлівае розную трактоўку. Таму варта было б паказаць стылістычную эвалюцыю сюжэтаў на кафлі, калі ўжо весці пра іх размову. Ці можа мода і эстэтычныя густы не маюць ніякага дачынення да светапогляду і ментальнасці гараджан?

Такая манера працы з крыніцамі і падачы матэрыялу часта прыводзіць да паспешлівых, недастаткова абгрунтаваных, а то і ўвогуле супярэчлівых высноваў. Да апошніх я аднесла б, у прыватнасці, тэзу, што ў XVI–XVII ст. адбываецца кардынальная змена ў стаўленні гараджан да Бога, «добра прасочваецца» антрапацэнтрызм (92). На старонцы ж 79 сцвярджаецца, што ў XVII ст. у масавай свядомасці жыхароў Магілёва «усё дзеецца з ласкі ці кары Божай. Боскі промысел — … асноўны чыннік развіцця чалавечай гісторыі». У агульных высновах на с.145, як і на с.82, таксама чытаем: «базавыя структуры свядомасці ў магілёўцаў у XVI–XVII ст. працягвалі заставацца традыцыйнымі для Сярэднявечча. Нязменнымі заставаліся ўяўленні аб тэацэнтрычным малюнку светабудовы і правідэнцыяналістычная трактоўка развіцця гістарычнага працэсу». Дык што ж было на самой справе? Можа і пачынае выяўляцца тэндэнцыя да станаўлення антрапацэнтрызму, але гэта яшчэ не кардынальная змена. Тым больш, што ў якасці аргументаў аўтар спасылаецца на творы элітарнага мастацтва, што, як вядома, часта арыентаваліся на еўрапейскія ўзоры, а нярэдка і вырабляліся іншаземнымі майстрамі. Трэба сумленна і ўважліва працаваць з крыніцамі, а не імкнуцца падганяць свае высновы пад заходнееўрапейскія клішэ. Іншы раз увогуле ўзнікае ўражанне, што аўтар часам не задумваецца не толькі над лагічнасцю сваіх аргументаў і высноў, але і над сэнсам ужываных ім слоў. Чаго варта, напрыклад, такое выказванне: «Упершыню ў твар смерці жыхары Магілёва зазірнулі ў ХIII ст. …»! Дык што, да ХIII ст. яны былі несмяротныя, не сутыкаліся з такой з’явай, як смерць?

У прадмове І.Марзалюк абвяшчае сябе прыхільнікам школы «гістарычнага сінтэзу». Але быць прыхільнікам і быць паслядоўнікам — не адно і тое ж. Апошняе мае на ўвазе валоданне адпаведнай методыкай даследавання і пісання гісторыі. Тут, на жаль, аўтар дэманструе поўнае бяссілле. Ён пасіўны ў дачыненні да фактаў, крыніц. Ён не кіруе імі, паказваючы няўменне выцягнуць з крыніц максімум інфармацыі, хоць неяк прааналізаваць іх, згрупаваць, размясціць, пабудаваць салідную канструкцыю. Ён проста ідзе за крыніцамі, беручы з іх толькі тое, што ляжыць на паверхні. Менавіта гэтым тлумачыцца, у прыватнасці, поўнае фіяска ў археалагічнай частцы, затое добра напісаны шэраг сюжэтаў у параграфе «Спецыфіка гарадскога менталітэту». Справа ў тым, што археалагічныя крыніцы самі па сабе «маўклівыя». Размаўляюць яны толькі ў руках прафесіянала. Калі ж крыніца (асабліва наратыўная) красамоўная і эфектная, тэкст чытаецца лёгка і з цікавасцю, як большасць параграфаў трэцяга раздзелу. Але і тут даследчык, фактычна, проста пераказвае ці цытуе пісьмовыя сведчанні XVI–XVIII ст. На рахунак няўмення працаваць з крыніцамі так, як гэта рабілі Блок з Ле Гофам, трэба аднесці і яўныя дэфармацыі ў асвятленні асобных бакоў гарадскога жыцця.

Такім чынам, станоўча тое, што І.Марзалюк усведамляе важнасць комплекснага падыходу да вывучэння гісторыі гораду, звяртае ўвагу на раней некранутыя аспекты жыцця сярэднявечнага грамадства, імкнецца зрабіць героем свайго даследавання чалавека. Дадзеная кніга — спроба маладога даследчыка прачытаць горад як «цалкавіты» тэкст. Але пакуль толькі спроба. Мусім канстатаваць, што сапраўды багаты, прынамсі археалагічны, матэрыял прадстаўлены ў манаграфіі павярхоўна і бессістэмна, што ў значнай ступені ўскладняе яго ўспрыманне і зніжае яго каштоўнасць для далейшага навуковага карыстання. Большасць уведзеных крыніц так і засталася належным чынам непрааналізаванай. Не здолеў аўтар і скарыстаць напрацаванае папярэднікамі. Сур’ёзныя хібы ў падыходзе да археалагічных і гістарычных сведчанняў не дазволілі яму дасягнуць пастаўленай мэты. Не заўсёды карэктны тон, прыкрыя моўныя памылкі кшталту «падзякаваць (каго?!) Д.Марухіну, А.Трусава …» (4) і інш., неахайнасць у афармленні ілюстрацый ствараюць не вельмі прывабны фон манаграфіі.

Канструкцыя, паспешліва ўзведзеная на ненадзейным падмурку, не выглядае ні функцыянальнай, ні прыгожай, нягледзячы на добрую якасць будаўнічага матэрыялу. Спачатку варта скласці трывалы падмурак з высноваў і абагульненняў, дасканала апрацаваўшы і сістэматызаваўшы эмпірычны матэрыял, надрукаваўшы вынікі ў шэрагу навуковых артыкулаў ці асобнай манаграфіі (асабліва па археалогіі Магілёва). І не трэба баяцца вялікага аб’ёму нуднай, чарнавой працы, бо толькі прайшоўшы такі шлях, можна стварыць «гістарычную канструкцыю», «якая можа прэтэндаваць на навуковасць» (4) і мець глыбокі сэнс.

Менск

Ірэна Ганецкая


[1] Мелешко В.И. Могилёв в XVI — середине XVII вв. Минск, 1988.

Наверх

Rowell, Stephen. Lithuania ascending (Генадзь Сагановіч)

Чэрвеня 5, 1998 |


Rowell, Stephen C. Lithuania ascending: A pagan еmpire within East-Central Europe, 1295-1345. Cambridge Studies in Medieval Life and Thought. Fourth series. Cambridge Universty Press, Cambridge, New York, Melbourne, 1994. XXXVIII, 375.

Манаграфія Стэфана Ровэла падалася мне добрым прыкладам працы гісторыка наогул. Гэта кніга пра Літву сярэднявечную для Літвы цяперашняй, праца ў меру заангажаванага ў цяперашнюю грамадска-палітычную рэальнасць вучонага, чаго ён зусім не тоіць, а нават дэкляруе (манаграфія прысвечана памяці герояў змагання за незалежнасць найноўшай Літвы — ахвярам 13 студзеня 1991 г.). Надта доўга, піша Ровэл на самым пачатку кнігі, сярэднявечная літоўская гісторыя трактавалася як tabula rasa, чакаючы, пакуль суседзі як сілы, што «цывілізавалі» Вялікае Княства, напішуць на ёй сваю славу (р.хіі) (Хіба гэта на рахунак і цяперашніх суседзяў, г.зн. і Беларусі?). Аўтар адразу ясна вызначаецца з прадметам і рамкамі даследавання, канстатуючы, што мае на мэце паказаць, «як Літва ўпершыню прыйшла да міжнароднага прызнання» (хі), і далей, каб удакладніць храналогію, адзначае, што даследуе палітычны ўздым  Літвы пад уладай Гедыміна з прыгадваннем дасягненняў ягонага папярэдніка і брата Віценя (1295-1315) ды яго абранага паслядоўніка Яўнута (1342-1345) (хіі).

У прадмове знаходзім важныя агаворкі, асабліва што да тэрміналогіі. Каб неабазнанага чытача не бянтэжыла ўжыванне тэрміну «Русь» (Rus’, Rus’ian) у дачыненні да ўсходніх славянаў, аўтар тлумачыць: «Гэта бясшкодная навуковая ўмоўнасць, што пазначае абшары супольнай палітычнай, рэлігійнай і літаратурнай культуры да ўзвышэння вялікарасіянаў (Great Russians) (г.зн. маскавітаў) над іх братамі русінамі (Rus’ians) Украіны і Беларусі» (хііі). Малахарактэрную для ранейшых літуаністычных даследаванняў карэктнасць сустракаем і ў стаўленні да ўласных імёнаў. «Праваслаўныя хрысціянскія імёны не літуанізаваліся» — дэкляруе аўтар адзін з сваіх прынцыпаў. Больш за тое, са словаў вучонага, улічваючы адчувальнасць нашчадкаў большасці насельніцтва колішняга ВКЛ (цяперашняй Беларусі і Украіны) да тэрміну «Літва», ён свядома адрознівае Літву гістарычную ад этнічнай, дзеля чаго апрача апошняй выкарыстоўвае як азначэнні проста «Вялікае Княства» і «Русь».

Кніга складаецца з дзесяці асноўных раздзелаў. У першым аўтар дае агульную характарыстыку Цэнтральна-Усходняй Еўропе 1290-1320 г., асобна спыняючыся на канфлікце папы з імператарам, Польскім каралеўстве, Мазовіі, Ордэнскай дзяржаве, Візантыйскай супольнасці і Русі. Цэлы наступны раздзел прысвечаны аналізу крыніцазнаўчай базы, пасля чаго чытачу прапануюцца ўводзіны ў літоўскую палітычную і эканамічную гісторыю да 1315 г. Затым адпаведна разглядаюцца «Экспансія Літвы», «Палітычная рэмістыфікацыя паганскага культу», «Мітраполітанат Літвы», «Паганцы, мір і папа, 1322-24», «Найбрутальнейшая рэальная палітыка», «1339-45: канцы і пачаткі». Агульныя высновы падводзяцца ў заключным раздзеле «Фактары, якія спрыялі фармаванню Вялікага Княства». У дадатку апублікаваны крыніцы па падзенню Кіева (1322-23) і спіс праваслаўных ерархаў 1283-1461 г.

Беларускія гісторыкі на ўласным досведзе добра ведаюць, як няпроста даследаваць перыяд пасля заняпаду Полацкага княства прыкладна да XVI ст. — так нехапае крыніцаў. Гэта ж стала галоўнай праблемай і для Стэфана Ровэла. Ягоная сітуацыя, можна сказаць, нават больш складаная. У адрозненне ад нарманаў, — разважае ён, падпарадкаваўшых цывілізаванае грамадства, якое фіксавала уражанні аб прыхаднях і практычны эфект сцвярджэння новага рэжыму, літоўцы прыйшлі да ўлады на абшарах, якія страцілі свае запісы. У Полацку і іншых княствах цяперашняй Беларусі пісаліся граматы, дамовы, летапісы, але ад іх мала што засталося. Калі ж пісьмовых крыніц пабольшала, літоўскія князі асіміляваліся ў русінскім грамадстве і былі гатовыя міфалагізаваць сваё мінулае (48). Аўтар тлумачыць, што з прычыны адсутнасці літоўскіх дакументаў вымушаны быў факусавацца «на ўсіх аспектах міжнародных спраў». І, як сведчыць крыніцазнаўчы раздзел, з праблемай ён справіўся выдатна. Гэтаксама  бліскуча даследчык валодае і літаратурай прадмету.

У асноўных раздзелах кнігі Літва паўстае ў эпоху палітычна-рэлігійнага крызісу як Візантыі, так і каталіцкага Захаду. Аўтар імкнецца паказаць, як яна, знаходзячыся практычна на памежжы светаў, умела выкарыстоўвала сваё выгаднае геаграфічнае становішча: маніпулявала канфесійнай канфрантацыяй паміж праваслаўнаю Руссю і каталіцкімі дзяржавамі Балтыйскага рэгіёну, манеўруючы і выкарыстоўваючы іх ваенную слабасць, нарошчвала сваю дамінацыю перад Тэўтонскім ордэнам, Польшчай і княствамі Русі. Найлепшы прыклад – ініцыятыва Гедыміна, які ў 1322 г. звярнуўся з пасланнем да рымскага папы ў справе хрышчэння, а фактычна — выкарыстаў папскую ўладу ў сваіх інтарэсах, бо ў цяжкай для Літвы сітуацыі гэта прывяло да працяглых дэбатаў і разборак таго, ці ён сапраўды жадае хрысціцца. Аналізуючы рэлігійную дыпламатыю, манеўраванне Літвы паміж Рымам і Візантыяй, аўтар паказвае ўплыў рэлігіі на палітыку. Наогул, у кнізе знаходзім адметнае, зусім нехарактэрнае для нашай гістарыяграфіі трактаванне паганства, бо яно цалкам пазбаўленае пеяратыўных канатацый, а хутчэй наадварот. Высвятляецца таксама, што яно было палітычна зручным, бо дазваляла лепей манеўраваць.

Ровэл засяроджвае ўвагу на тым, як пры Гедыміне здавалася б заціснутая суседзямі Літва ажыццяўляе актыўную экспансію і ўжо перад ягонай смерцю становіцца адной з буйнейшых дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Такое ўзвышэнне паганскай Літвы ў ХIV ст., заўважае даследчык, папросту падважвае гістарыяграфічнае ўяўленне пра гэты час як «век таталітарна хрысціянскай Еўропы». Аўтар неаднаразова звяртае ўвагу на геаграфічныя пазіцыі Літвы. Так званыя пусткі (Wildnis, Wilderness) у разгляданы перыяд сталі натуральным адмежаваннем краю ад каталіцкай Еўропы. Дзікія лясы, балоты і азёры закрывалі яго ад тэўтонаў, татараў і Русі. Але не геаграфічны фактар галоўны ў тым, што Літва стала шчаслівейшай за яе балцкіх суседзяў і суродзічаў, цвердзіць вучоны: вызначальную ролю тут выканала яе здольнасць абараняцца і далучаць слабейшыя славянскія землі на Усходзе (291).

Чытаючы гэтую салідную працу, лёгка заўважыць адну асаблівасць: Ровэл цалкам прызнае вялікі ўплыў праваслаўнай Русі на развіццё Літвы, ды і наогул згадвае яе досыць часта, але ён імкнецца паўсюль падкрэсліць вызначальную ролю літоўскага элементу на чале дзяржавы. У выніку русінскае (беларускае і ўкраінскае) Вялікае Княства пакінуты амаль без увагі, — у выкладанні гісторыі яму проста не адводзіцца месца. Хоць і сустракаюцца канстатацыі кшталту таго, што ў часы Альгерда Літва як дзяржава была найбольш арыентаваная на Русь (116), яны амаль не змяняюць агульнай устаноўкі. І тут мне бачыцца сутнасная праблема, з якой сутыкаўся і сутыкаецца ці не кожны, хто бярэцца за гісторыю ВКЛ: бракуе выразнай вызначанасці, паслядоўнай адпаведнасці. Бо калі кніга прысвечана гісторыі ўласна Літвы, то ніякіх пытанняў не паўстане, калі ж манаграфія пра ўсё Вялікае Княства, — навідавоку выразная тэндэнцыя і непаслядоўнасць. Бо не можа ж Вялікае Княства Літоўскае трактавацца як «паганская імперыя» (гл. тытул). Ровэл і сам піша, што ў часы Гедыміна быў сцверджаны поліэтнічны і шматканфесійны характар ВКЛ. Між тым, у многіх месцах аўтар ужывае Grand Duchy, а мае на ўвазе паганскую Літву.

Магчыма, ужо адным гэтым абумоўлена дыскусійнасць некаторых раздзелаў манаграфіі. Рэч у тым, што пры ўсёй навуковай аб’ектыўнасці Ровэла, многія яго тэзы проста правакуюць на палеміку і, думаю, яшчэ выклічуць палемічныя галасы беларускіх гісторыкаў, — каб толькі аргументаваныя і ўзважаныя. Не распачынаючы гэтай спрэчкі, пазначу пакуль толькі некаторыя моманты. Так, адносна каранацыі Міндоўга, дакладней яе месца, аўтар піша, што версія Наваградку фігуруе, маўляў, толькі ў кніжнай традыцыі, тэкставай жа базы яна не мае; Г.Пашкевіч прапаноўваў лічыць рэзідэнцыяй Міндоўга Кернаву, але з такім жа поспехам ёю магла быць і Вільня (71). Дакладна ў Кернаве рэзідаваў адно Трайдзень, а Віцень мог мець за рэзідэнцыю і Наваградак, у якім узвёў касцёл. Шмат пытанняў выклікае раздзел «Экспансія Літвы». Прыкладам, сцверджанне, што Горадня  ўжо з 1250-х была ў руках літоўцаў (82). Яно нічым пераканаўча не падмацавана, а шматгадовыя археалагічныя даследаванні Старога замка ў Горадні[1] хутчэй выключаюць яго, чым падмацоўваюць. Пра часы ўкняжання Таўцівіла ў Полацку і само далучэнне Полацка да ВКЛ даўно дыскутуюць даследчыкі, таму гэтая праблема вымагае прынамсі нейкіх агаворак, а не звычайнай канстатацыі адной версіі. Ня ведаю, чым пацвярджаецца, што «у канцы ХIV ст. галоўная гандлёвая магістраль Полацк-Рыга рэгулярна праходзіла праз Вільню» (78). Гэтаксама неверагоднай уяўляецца і тэза пра тое, што археалагічныя матэрыялы даюць падставу гаварыць пра існаванне Вільні як гандлёвага цэнтру задоўга да сярэдзіны — другой паловы ХIII ст. (289).

Дарэчы, абяцаная карэктнасць у выкарыстанні праваслаўных імёнаў не паўсюль вытрымана: у кнізе спатыкаем Даўмантаса, Вайшвілкаса, Шварнаса (52), хоць яны былі праваслаўныя, а апошні да ўсяго русін. Што праўда, як бы кампенсуючы гэта, Ровэл па-джэнтэльмэнску абыходзіцца з назвамі заходнебеларускіх гарадоў: у яго Grodno, Kreva, Novgorodok, а не літуанізаваныя Gardinas, Kriavas, Naugardukas, якія спатыкаем паўсюль у літоўскай гістарычнай літаратуры і картаграфіі.

Варта зазначыць, што ў бліскучым выкладзе аўтар чамусці часта выходзіць за вызначаныя храналагічныя рамкі і акрэсленую праблематыку даследавання (што тычыцца і апублікаваных у дадатку крыніц).

Аднак дробязныя заўвагі нічога не значаць у параўнанні з вартасцямі кнігі «Lithuania ascending». Мабыць, гэта стандартная кембрыджская манаграфія, якіх шмат, але ўласна беларуская гісторыя дасюль такіх не мае. Застаецца канстатаваць, што для кожнага, хто займаецца праблемамі станаўлення Вялікага Княства Літоўскага, мінімум такіх падставовых прац, як даследаванні Генрыха Пашкевіча[2], Уладзіміра Пашуты[3] і Зянонаса Івінскіса[4], папоўніўся выдатнай кнігай Стэфана Ровэла.

Менск

Генадзь Сагановіч


[1] Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н. Стары замак у Гродне ХI—XVIII ст.: Гістарычна–археалагічны нарыс. Мінск, 1993.

[2] Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa. I: Litwa a Moskwa w XIII i XIV w. Warszawa, 1933.

[3] Пашуто В.Т. Образование литовского государства. Москва, 1959.

[4] Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. Rome, 1978 (Vilnius, 1991).

Наверх

Ластовский, Геннадий. История и культура Смоленщины с древнейших времён до конца XVIII в. (Валеры Пазднякоў)

Чэрвеня 4, 1998 |

Ластовский, Геннадий. История и культура Смоленщины с древнейших времён до конца XVIII в. Учебное пособие для школ Смоленской области. Смоленск, 1997. 136.

Кнiга Г.Ластоўскага належыць да новага для Расii жанру — гэта навучальны дапаможнiк для сярэднiх школаў, у якім разглядаецца гiсторыя асобнай вобласцi сучаснай Расiйскай Федэрацыi, у дадзеным выпадку Смаленскай. Такую з’яву можна разглядаць як адбiтак росту рэгiяналiзму ў Расii.

Наколькi правамоцна вылучаць сучасную Смаленшчыну як асобны культурны i гiстарычны рэгiён? Вобласць на памежжы найбуйнейшых дзяржаваў Усходняй Еўропы — Вялiкага Княства Лiтоўскага i Вялiкага Княства Маскоўскага, пазнейшай Расiйскай Імперыi — некалькi разоў пераходзiла з рук у рукi. Цi гаворыць гэта пра нейкую цэласнасць Смаленшчыны? З кнiгi гэтага не бачна. І паводле iншых дадзеных, Смаленская вобласць у гiсторыi трывала падзялялася на заходнюю i ўсходнюю часткi, прыкладна па лiнii верхняга цячэння Дняпра. Гэта ўсходняя мяжа «беларускай вобласцi», як яе вызначыў у 1903 г. акадэмік Я.Ф.Карскi, маючы на ўвазе тэрытарыяльнае распаўсюджанне беларускай мовы. У гэту «вобласць» уваходзiць i сам Смаленск, i такiя старажытныя цэнтры, як Дарагабуж, Ельня, Рослаў, Красны. Па–за яе межамi, але ў складзе сучаснай Смаленскай вобласцi — Вязьма, Гжацк (Гагарын). Усходняя частка вобласцi, акрамя таго што нiколi не была «беларускай», мела i асобную палiтычную гiсторыю. Вяземскае княства стала часткай ВКЛ толькi ў 1403 г., а ў канцы XV ст. гэта тэрыторыя ўвайшла ў склад Вялiкага Княства Маскоўскага. Аднак, нягледзячы на такi гiстарычны i культурны падзел Смаленшчыны, аўтару кнiгi ўдалося ахапiць разглядам яе ўсю, так што можна атрымаць досыць поўнае ўяўленне пра гэты край.

Адметнасцю аўтарскага падыходу ёсць тое, што не хаваецца складаная палiтычная i этнiчная гiсторыя Смаленшчыны, i беларуская тэма гучыць на старонках кнiгi досыць выразна. Тое, што заходняя Смаленшчына — край беларусаў, беларускай мовы, ведама ж, не напiсана, ды i цяжка было б такога чакаць ад «афiцыйнага» выдання, якiм з’яўляецца навучальны дапаможнiк. Напiсана крыху iнакш: «Смаленска–полацкая гаворка стане пазней асновай беларускай мовы» (гэта пра XII–XIII ст.).

Важнае месца ў кнiзе займае перыяд, калi смаленскiя землi ўваходзiлi ў склад ВКЛ. Утварэнне гэтай дзяржавы аўтар разглядае як плён узаемадзеяння лiтоўскiх i рускiх земляў i падкрэслiвае гэта ва ўведзеным ім скарачэннi — ВКЛР (Вялiкае Княства Лiтоўскае i Рускае). Што датычыць Смаленскага княства, то аўтар спярша адзначае лiтоўскiя набегi на яго тэрыторыю, аднак канчатковае далучэнне Смаленшчыны да ВКЛ пазбягае называць «захопам». «У 1404 годзе Вiтаўт зноў заняў горад, цяпер ужо канчаткова» — прыкладна так напiсана i пра ранейшыя спробы лiтоўскiх князёў падпарадкаваць сабе Смаленск. Такi падыход трэба прызнаць узважаным i адпаведным гiстарычным крынiцам, бо i ў самiм Смаленску iснавалi «лiтоўскiя» партыi, якiя iмкнулiся да зблiжэння з ВКЛ.

З наступных падзей аўтар не прамiнуў нiводнай больш–менш важнай. На старонках кнiгi знайшлi месца i падзеi ваеннай гiсторыi, i палiтычныя стасункi, і з’явы культуры. Адзначаны ўдзел «трох палкоў са Смаленской зямлi» ў Грунвальдскай бiтве 1410 г. Самой бiтве прысвечаны цэлы раздзел. Адзначана дзейнасць у Смаленску князя Свiдрыгайлы, паўстанне ў горадзе ў 1440 г., падзеi Інфлянцкай вайны, заключэнне Люблiнскай унii. Ахарактарызаваны сацыяльны лад ВКЛ, гаспадарчае развiццё краю ў той перыяд. Праўда, тут не абышлося без некаторых недарэчнасцяў. У 1440 г. вялiкi князь Казiмiр не мог асабiста кiраваць паходам на Смаленск, бо меў на той час толькi 12 гадоў; Полацк быў захоплены войскам Івана IV не пасля аблогi 1565–1566 г., а ў 1563 г.

Далучэнне Смаленска да Вялiкага Княства Маскоўскага у 1514 г. у кнiзе асветлена як акт агрэсii з боку ўсходняга суседа. «Па загаду вялiкага маскоўскага князя смаленскiх баяр i мяшчан выселiлi ў Падмаскоўе, а ўзамен прыбылi людзi з цэнтральных зямель Масковii… ВКЛР не прызнала захоп Смаленска i вакольных зямель…». У 1611 г. Смаленск зноў увайшоў у склад ВКЛ i быў тут да 1654 г. Аўтар ахарактарызаваў гаспадарчае i культурнае развiццё краю ў гэты перыяд досыць падрабязна, растлумачыў такiя тэрмiны, як магiстрат, войт, калегiум. На жаль, пасля сярэдзiны XVII ст. беларуская тэма знiкае са старонак кнiгi. Чаму выкладанне даведзена да канца XVIII ст., аўтар не патлумачыў. Мiжволi напрошваецца аналогiя з ВКЛ, якое таксама датрывала да канца XVIII ст. Можа, паралель гэтая выпадковая, але было б варта адзначыць у кнiзе дзейнасць Смаленскай следчай камiсii, якая пасля задушэння паўстання Тадэвуша Касцюшкi ў 1794 г. наладзiла ў горадзе карны канвеер, шчодра раздаючы беларусам, лiтоўцам i палякам колькi каму гадоў у Сiбiры.

Асобна трэба сказаць пра iлюстрацыi кнiгi. Зробленыя на высокiм узроўнi, яны не абцяжараны натуралiзмам i вельмi пасуюць да навучальнага характару кнiгi. Мастак Ю.Каштанаў грунтоўна вывучыў гiстарычныя рэалii, аднак вялiкарускiя дэталi часам падмяняюць iншыя. Чамусцi на малюнках гараджане сярэдневяковага горада збольшага абутыя ў лапцi, хоць з археалогii добра вядома, што яны аддавалi перавагу скураному абутку. Не атрымалася iлюстрацыя «Каталiцкi крыж». Па форме ён, зразумела, каталiцкi, чатырохканцовы. Аднак каталiкi ў асноўным выяўляюць распятага Хрыста на правiслых руках, а не як праваслаўныя — на гарызантальных, i ногi Збавiцеля павiнны быць прыбiтыя адным цвiком. З гiсторыi Беларусi добра вядома, як з–за «няправiльна» прыбiтых ступняў унiяцкiя распяццi знiшчалiся праваслаўным начальствам. Шмат разоў паказаны «старажытны лiтоўскi герб „Залаты певень“». Адкуль ён узяўся? Але i «Пагонi» пашчасцiла — яе на старонках кнiгi можна пабачыць з дзесятак разоў.

Вялiкай удачай аўтара можна лiчыць тое, што ён здолеў сказаць пра многае з дапамогай нямногiх слоў. Кнiга напiсана зразумелай i лаканiчнай мовай, і зусiм не суха. Яе варта прачытаць i аматарам беларускай гiсторыi, бо дасюль гiсторыя не абыякавай нам Смаленшчыны застаецца для беларусаў малавядомай.

Менск

Валеры Пазднякоў

Старабеларускі лексікон. (Алена Клімава)

Чэрвеня 3, 1998 |

Старабеларускі лексікон. Падручны перакладны слоўнік (Прыгодзіч, М.Р., Ціванова, Г.К.). Мінск, 1997. 174.

Аўтары гэтай працы — загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта М. Р. Прыгодзіч і дацэнт гэтай кафедры Г.К. Ціванова — вызначылі яе як падручны перакладны слоўнік. Падручны — бо вельмі кампактны і пры гэтым утрымлівае дастаткова матэрыялу, каб разумець творы беларускіх пісьменнікаў на гістарычную тэматыку, часам перанасычаныя словамі, сэнс якіх недаступны без спецыяльнай падрыхтоўкі. У гэтым слоўніку мы не знойдзем, як у акадэмічным, сказаў–ілюстрацый з арыгінальных тэкстаў, каб прасачыць адценні значэння кожнага слова, не зможам вызначыць, калі тая ці іншая лексема з’явілася і калі перастала ўжывацца ў беларускай мове, аднак „Старабеларускі лексікон“ з поспехам можна выкарыстоўваць пры чытанні старабеларускіх тэкстаў, бо гэты слоўнік перакладны — старажытныя словы перакладаюцца на сучасную беларускую мову (увогуле ж дзяленне гістарычных слоўнікаў на перакладныя і тлумачальныя, на нашу думку, даволі ўмоўнае, кожны з такіх слоўнікаў — камбінацыя аднаго і другога).

Звычайна пры стварэнні слоўніка адной з самых складаных задач з’яўляецца адбор лексічнага матэрыялу — тых, а не іншых слоў і формаў. У „Старабеларускім лексіконе“ падаецца галоўным чынам безэквівалентная лексіка, „гэта значыць тыя словы, якім у сучаснай беларускай літаратурнай мове адпавядаюць адрозныя лексемы (с.3), напрыкл.: бакати — лаяць, згмызети — знішчыць, здвижъ — ахвяра, навентура — абнаўленне“[1]. Крыніцай матэрыялу паслужылі выпускі „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы“, лексічныя зборы Лаўрэнція Зізанія, Памвы Бярынды, Пятра Шпілеўскага, Івана Насовіча, Мікалая Гарбачэўскага, навуковых даследаванняў сучасных лінгвістаў і ўласная картатэка аўтараў, складзеная на матэрыяле найбольш распаўсюджаных помнікаў беларускага пісьменства. Варта было б, на нашу думку, падаць спіс гэтых помнікаў, тым больш, што часам у слоўніку сустракаюцца спасылкі на пэўны твор (гл., напр., лицемъ). Такі спіс стаўся б карысным для выкладчыкаў гістарычнай граматыкі, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, іншых дысцыплін пры падборы тэкстаў для заняткаў са студэнтамі.

Слоўнік утрымлівае больш за 6 тысяч слоў і выразаў. Семантыка слоў раскрываецца рознымі спосабамі: шляхам падбору адпаведнікаў (эквівалентаў) у сучаснай беларускай мове (герштъ — завадатар, нестыдатый — бессаромны, обмовца — паклёпнік); часцей перакладная частка ўяўляе сабой цэлы сінанімічны шэраг, які ўдакладняе значэнне рэестравага слова (горливе — старанна, рупліва; зголдовати — завалодаць, пакарыць, заўладаць, захапіць) або перадае сінанімічныя значэнні (звонтпелый — знявераны, расчараваны; роспачны); і, нарэшце, семантыка слова можа быць раскрыта шляхам апісання (бигосъ (бикасъ) — страва з тушанай кіслай капусты з мясам, каўбасой і вострымі прыправамі). Якраз апошні спосаб перакладу старабеларускай лексікі выяўляе вялікую колькасць слоў, якія ў старабеларускай і ў сучаснай мове фармальна супадаюць, але маюць рознае значэнне (т. зв. „фальшывыя сябры перакладчыка“): багоръ — каштоўная тканіна барвовага колеру; вата — рыбалоўная снасць; кватера — 1. квадратная або прамавугольная шыба; 2. квадрат, роўная чатырохвугольная плошча, дзялянка (і толькі трэцяе значэнне гэтага слова супадае з сучасным — ‘кватэра’); область — панаванне.

Слоўнік падрыхтаваны ўдумліва. Яго перакладная частка ўтрымлівае лаканічныя і дакладныя азначэнні, і толькі асобныя выпадкі перакладу слоў выклікаюць нязгоду. Напрыклад, даволі размытым, на нашу думку, падаецца тлумачэнне слова городовщина як від пошліны, тады як іншыя віды пошлін і падаткаў тлумачацца больш канкрэтна (параўн.: возовое — пошліна за вываз тавараў за мяжу з кожнага воза; ворковое — пошліна ад тавараў, што перавозіліся ў мяшках, дубащына —  падатак за правоз тавараў на судне, якое звалася дубасам, і інш.). Здараецца, што само значэнне цяжка зразумець без дадатковых намаганняў (базановецъ — лазаніца, у гэтым выпадку дарэчы была б памета тыпу „батанічнае“). Нельга пагадзіцца з тым, што аўтары, услед за акадэмічным „Гістарычным слоўнікам“, прыводзяць устойлівыя спалучэнні тэрміналагічнага характару і фразеалагізмы пры дапамозе аднаго знака (а), г. зн. ніяк іх не размяжоўваюць, хоць гэтыя моўныя адзінкі адрозніваюцца і паводле структуры, і паводле ўжывання.

Дадатак у канцы слоўніка дапаможа неспрактыкаванаму чытачу разабрацца, як у старабеларускіх помніках абазначаліся лікі, як перавесці даты, пазначаныя ў тэкстах, у сучаснае летазлічэнне, якія былі спосабы скарачэння слоў і якія надрадковыя знакі выкарыстоўваліся ў графіцы. Важную і цікавую інфармацыю можна было б дапоўніць невялікім спісам слоў, якія часта сустракаюцца пад цітламі. Кідаецца ў вочы тое, што ў дадатку назвы літар перадаюцца бессістэмна — палова з іх традыцыйна, па–старажытнаруску, палова на беларускай мове (азъ і ведзі; глаголъ (часцей у літаратуры глаголь) і дабро; есть, зело і зямля; нашъ, онъ, червь і людзі, ксі, пакой і г.д.; гукавое значэнне літары т наогул не вынікае з яе назвы — цвёрда (традыцыйнае твьрдо). Лагічней было б назвы ўсіх літар даць традыцыйна.

Увогуле ж выхад гэтай кнігі можна ацэньваць толькі станоўча. На наш час гэта бадай ці не адзіны даступны завершаны гістарычны слоўнік, не абмежаваны пры падборы матэрыялу ні аўтарствам, ні паходжаннем слоў, ні іншымі фактарамі. Уводзіцца ў навуковы зварот вялікая колькасць цікавых слоў, якія характарызуюць ступень развіцця тагачаснага грамадства, яго побыт і ўзровень культуры.

Менск

Алена Клімава

[1] Не ўсе даследчыкі згодны з такім азначэннем безэквівалентнай лексікі. Гл., напрыклад, Шкраба І. Самабытнае слова: Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні). Мінск, 1994. С. 5–9.

Białokozowicz, Bazyli. Między Wschodem a Zachodem (Рышард Радзiк)

Чэрвеня 2, 1998 |


BIAŁOKOZOWICZ, BAZYLI.  Między Wschodem a Zachodem. Z dziejów formowania  się białoruskiej świadomości narodowej. Białystok, 1998.  180.

Гэтая кнiга — дваццаць першы выпуск Бiблiятэчкi Беларускага Лiтаратурнага Таварыства „Белавежа“. Складаюць яе, апрача ўступу i заканчэння, чатыры раздзелы, апублiкаваныя раней у навуковых часопiсах i зборнiках. Версii, змешчаныя ў кнiзе, значна пашыраныя i дапоўненыя аўтарскімі развагамi, друкаванымі ў iншых артыкулах знанага польскага славiста Базыля Белаказовiча. (Гл.: Рэдакцыйныя каментары, с.152–153).

У адрозненне ад тэматыкi чатырох галоўных раздзелаў працы, датычных больш цi менш далёкага мiнулага, «Уступныя заўвагi» прысвечаныя сучаснай Беларусi. Аўтар спыняецца на прычынах сённяшняй цяжкай гаспадарчай, грамадскай і нацыянальнай сiтуацыi ў Беларусi. Ён бачыць iх у аслабленнi моцных гаспадарчых сувязяў, якiя калiсьцi лучылi Беларусь з Савецкай Расiяй, а таксама ў слаба развiтай нацыянальнай самасвядомасцi. З разуменнем трактуе схiльнасць беларусаў да паўторнай гаспадарчай iнтэграцыi з усходнiм суседам, падкрэслiваючы, аднак, неабходнасць больш партнёрскага трактавання iх расіянамі, асабліва ў сферы культурнай i нацыянальнай асобнасцi.

Беларусь бачыцца яму мостам памiж Усходам i Захадам, і аўтар ахвотна спасылаецца на погляды Ігната Абдзiраловiча, як вакно Расii на Захад. Белаказовіч звяртае ўвагу на хуткае развiццё гаспадаркi Беларусi ў СССР (хутчэйшае за сярэдняе для ўсёй дзяржавы, у вынiку чаго нацыянальны даход на аднаго жыхара быў у Беларусi вышэйшы на 18% за сярэднi для СССР) i яе заняпад у 90–х г.

Да апошняга, відаць, варта дадаць, што беларуска–расiйскiя ўзаемаадносiны характарызуе iстотная супярэчнасць iнтарэсаў. Расiя, маючы свае велiзарныя прыродныя багаццi, так i не стварыла заможнага дэмакратычнага грамадства, таксама як i цяпер — прынамсі на дадзены момант — не ў стане хутка правесцi рэформы i выйсцi з перманентнага крызiсу. Адначасова расiйская элiта не была ў стане канчаткова адмовiцца ад iмперскіх мараў ды iмкнення падпарадкаваць суседнiя краiны. Дзяржавы Цэнтральнай Еўропы i прыбалтыйскiя рэспублiкi, кiруючыся рацыянальнымi меркаваннямi (як i пачуццём культурнай прыналежнасцi да Захаду), парвалi гаспадарча i палiтычна некарысныя сувязi з такой Расiяй, звужаючы iх i надаючы iм больш партнёрскую сутнасць. Яны мацуюць сувязі з Захадам дзеля таго, каб мець больш высокі ўзровень жыцця. Беларусь жа, у процілегласць да Лiтвы, Латвii i Эстонii, схілілася перад усходнiм выбарам, церпячы ўсе наступствы гэтага, аддаляючыся ад Еўропы не толькi палiтычна, але i — у ступенi непасрэдна больш адчувальнай для сярэдняга беларуса — гаспадарча. Расiя разумее, што заможная, дэмакратычная i адкрытая свету Беларусь будзе ўсталёўваць сваю незалежнасць i мацаваць сувязi з Захадам. Таму яна зацiкаўленая ў Беларусi беднай, недэмакратычнай, iзаляванай ад Еўропы, урэшце, залежнай ад Расii. Беларусы, як паказваюць сацыялагiчныя даследаваннi, праведзеныя Маркам Слiвiнскiм i Валерыем Чэкмонасам, у процілегласць да лiтоўцаў, кiруюцца ў сваiх геапалiтычных выбарах не рацыянальна зразуметым нацыянальным iнтарэсам, але эмацыйна адчуваным пачуццём культурных (моўных) сувязяў з расiянамi[1]. І наступствы гэтага вiдавочныя ў Менску, асаблiва калi параўнаць яго з Варшавай, цi сталiцамi прыбалтыйскiх рэспублiк.

Даследаваная Белаказовiчам беларуская праблематыка ахоплівае ў асноўным перыяд падзелаў Рэчы Паспалiтай. Развагi пра Францiшка Скарыну, першага выдаўца Бiблii на старабеларускай мове, вынiкаюць з зацiкаўленасцi гэтай постаццю Мiколы Янчука, навуковую дзейнасць якога ў галiне беларусазнаўства і аналiзуе Белаказовіч. На беларускую культуру польскi славiст часта паглядае праз бiяграфii асобаў, якiя паходзяць з памежжа трох культураў: беларускай, польскай i расiйскай. Яго цікавіць iх навуковая, лiтаратурная і народазнаўчая дзейнасць.

У першым раздзеле працы аўтар засяроджваецца на дзвюх тэмах. Па–першае, яго цiкавяць «беларускiя каранi Адама Мiцкевiча», у тым лiку беларуска–яўрэйскае паходжанне сям’i апошняга, і асаблiва наяўнасць беларускiх культурных элементаў у яго творчасцi. Звяртае ўвагу, што паэт не толькi ведаў беларускi фальклор (што бачна з яго твораў) i з любоўю ставiўся да сваёй «рэгiянальнай» лiтоўска–беларускай айчыны, але ведаў таксама, што старадаўняя „рушчызна“ была ўрадавай мовай Вялiкага Княства Лiтоўскага. Па–другое, аўтар пiша пра iдэнтыфiкаваную iм у Музеi Адама Мiцкевiча ў Парыжы лiтаграфiю Ёзафа Аземблоўскага „Niewolnik słowiański“, якая моцна ўразіла Герцэна. Яе не ведалі выдаўцы твораў Герцэна ў 1962 г. (нягледзячы на тое, што раней яна была апублiкаваная ў Польшчы). Параўноўваючы погляды Мiцкевiча i Герцэна, Б.Белаказовiч пiша: „Мiцкевiч разглядаў Беларусь як складовую частку Вялiкага Княства Лiтоўскага ў межах Рэчы Паспалiтай Абодвух Народаў, якую мела прыняць у спадчыну абноўленая на падставе Канстытуцыi 3 Мая 1791 г. супольная польская дзяржава. Герцэн у той час, хоць паслядоўна баранiў прынцыпы свабоднага самавызначэння народаў i, як вынiк, падтрымлiваў польскi нацыянальна–вызваленчы рух на ўсёй тэрыторыi былой Рэчы Паспалiтай да ейных падзелаў, у справах незалежнасцi Лiтвы, а ў гiстарычным разуменнi гэтага тэрміна — і Беларусi, не меў да канца сфармаваных поглядаў“ (42).

Другi раздзел, што мае назву „Ля вытокаў станаўлення новачаснай беларускай нацыянальнай свядомасцi“, найбольшы i, як мы лiчым, найцiкавейшы.  Напiсаны ён на беларускай мове. Яго праблематыка да гэтага часу рэдка ўздымалася ў навуковых працах. У апошнiя гады як у Беларусi, так i ў Польшчы пачалi згадваць пра навуковую дзейнасць групы маладых даследчыкаў (пераважна сыноў унiяцкiх святароў), звязаных у другiм i трэцiм дзесяцiгоддзях ХIХ ст. з Вiленскiм унiверсiтэтам. Сярод iх былi, у прыватнасцi, Мiхал Баброўскi, Ігнат Данiловiч, Язэп Ярашэвiч. Цiкавiла iх мiнулае Вялiкага Княства Лiтоўскага, культурная, прававая, рэлiгiйная даўніна, яго русiнская спецыфiка. Б.Белаказовiч слушна заўважае, што яны „нiколi не называлiся беларусамi, бо не ўсведамлялi сябе кiмсьцi нацыянальна“ (58). Лiчым, што прыпiсваць iм (як у некаторых навуковых тэкстах) беларускую нацыянальную свядомасць неправамерна. Яны не пiсалi па–беларуску i не сфармавалi беларускай нацыянальнай iдэi (гэта зрабiлi ўпершыню творцы пецярбургскага „Гомана“). Іх дыстанцыяванне ад польскасцi лучылася з экспанаваннем „русінскасцi“, аднак жа без выразнага акрэслення яе межаў, а тым больш нацыянальнай сутнасцi. Яны не перайшлi бар’ер нацыянальнай самасвядомасцi, нацыянальнага самавызначэння. Іх „рускасць“ была культурнай, а не нацыянальнай. Што цiкава, яны не супрацiўлялiся лiквiдацыi унiяцкай царквы. Аўтар кнiгi спасылаецца на цiкавае сцвярджэнне Алега Латышонка, што, працiвячыся паланiзацыi, М.Баброўскi i ягоныя паплечнікі не былi падрыхтаваныя да супрацьстаяння русiфiкацыi краю, якая праводзiлася ўрадам Мiкалая I (76).

Значная частка другога раздзелу прысвечаная разгляду агульных умоваў, у якiх выпала дзейнiчаць маладым даследчыкам „рускасцi“, магчымасцям нацыянальнага развiцця (культурнага, рэлiгiйнага, моўнага) тагачаснай беларускай грамадскасцi. Напрыканцы раздзелу аўтар разважае пра нацыянальную сiтуацыю беларусаў на сённяшняй Беласточчыне.  Можна дадаць, што навуковая дзейнасць М.Баброўскага i яго таварышаў не аказала значнага ўплыву на фармаванне нацыянальнай беларускасцi. Яна ў значнай ступенi была забытая. У Беларусі да яе звярталіся спарадычна. У Польшчы гэта зрабiў Б.Белаказовiч на пераломе 50–х i 60–х г. у беластоцкай беларускамоўнай „Ніве“. Артыкулы на гэтую тэму апошнiмі гадамі змяшчаліся ў украiнскай газеце „Над Бугом i Нарвою“.  Даследаваннi тоеснасцi тагачасных шукальнiкаў „рускасцi“ толькi распачатыя. Іх працяг вымагае звароту да архiўных матэрыялаў.

Два апошнiя раздзелы працы прысвечаныя Мiкалаю Янчуку, даследчыку культуры ўсходніх славянаў, якi паходзiў з Падляшша (Б.Белаказовiч з’яўляецца аўтарам кнiгi, прысвечанай гэтай постацi: „Mikołaj Janczuk (1859–1921). Podlaskie skrzyżowania tradycji sіowiańskich, Olsztyn 1996“). У трэцім раздзеле аўтар апiсвае прадстаўлены Янчуком у 1907 г. мемарыял, у якiм вучоны выказваўся за тое, каб  сабраць у адно цэлае i выдаць тагачасную беларускую народную i лiтаратурную творчасць, надрукаваную i тую, што захоўвалася ў рукапiсах. Мэтай гэтай, нiколi не рэалiзаванай, ініцыятывы мусіў стаць навуковы аналiз тэкстаў, ацэнка iх культурнай i моўнай вартасцi. Белаказовіч пiша, што Янчук зразумеў асобнасць беларускай мовы i неабходнасць яе самастойнага развiцця, у тым лiку ў нацыянальным вымярэннi.

Чацвёрты, апошнi  раздзел называецца „Францiшак Скарына ў разуменнi М.Янчука“. Галоўным прадметам зацiкаўленасцi аўтара тут ёсць частка выдадзенай пасля смерцi Янчука працы „Нарыс гiсторыi беларускай лiтаратуры. Старадаўнi перыяд“, якая датычыць Скарыны. Янчук — пiша польскi даследчык, — „на першы план высоўвае патрыятызм Скарыны, любоў i шанаванне роднага айчыннага краю, роднай зямлі („каханьне бацькаўшчыны“), яго эмацыянальныя сувязi з Полацкам i Беларуссю, якiя хацеў пацвердзiць учынкам у форме паспалiтага дабра“ (125).  Палемізуе тут таксама з Уладзiмiрам Свяжынскiм, аўтарам энцыклапедычнага артыкула „Янчук“, якi быў надрукаваны ў выданнi „Скарына. Энцыклапедычны даведнiк“.

У развагах, названых „Замест заканчэння“, аўтар змясцiў цiкавыя заўвагi пра некаторыя аспекты (галоўным чынам палiтычныя, лiтаратурныя, моўныя) беларускага нацыянальнага адраджэння ў XIX–XX ст. і яе сувязь з беларушчынай, якая iснавала ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм.

Усе раздзелы працы лучыць агульна зразуметая беларуская тэматыка. Яе галоўныя героi не з’яўляюцца ў прынцыпе беларусамi па нацыянальнасцi ў сённяшнiм разуменнi гэтага слова. Сутнасцю працы ёсць па–рознаму зразуметая iмi „русінскасць“, ці беларускасць, iх блiзкi стасунак да яе i грамадскiя перадумовы фармавання тагачасных пазiцый. Шмат увагi аўтар прысвячае прадстаўленню поглядаў на згаданыя пытаннi ў беларускай i польскай лiтаратуры. Цягам многіх дзесяцiгоддзяў фармаванне беларускай нацыянальнай свядомасцi не належала да галоўнага кiрунку даследчыцкiх зацiкаўленняў у Беларусi. У Польшчы ёю займалiся ў 1980–90–х г. перадусiм Юры Туронак, Крысцiна Гамулка, Яўген Мiрановiч, Алег Латышонак, Алена Глагоўская. Апошнiмі радкамі сваёй кнiгi Б.Белаказовiч дэкларуе свой зварот да гэтай праблематыкi. Неабходна напiсаць вялiкі і цэльны нарыс фармавання беларускага нацыянальнага руху, а адсюль — і беларускай iдэалогii ды нацыянальнай свядомасцi ў XIX–XX ст.

Люблін

Рышард Радзiк


[1] Гл.: Sliwiński M., Čekmonas V. Swiadomość narodowa mieszkańców Litwy i Białorusi // Przegląd Wschodni. T.IV (1997). Z.3 (15). S.561–596.

Наверх

Польска–беларуская канферэнцыя ў Белавежы (Рышард Радзік)

Чэрвеня 1, 1998 |

2—3 лiпеня 1998 г. у Белавежы адбылася чарговая пятая сустрэча навукоўцаў у рамках польска–беларускай навуковай канферэнцыi «Шлях да ўзаемнасцi» (Droga ku wzajemnoњжi). У адрозненне ад папярэднiх гадоў, гэтым разам кола арганiзатараў было абмежаванае выключна навуковымi ўстановамi. Былi iмi Кафедра беларускай фiлалогii Варшаўскага Унiверсiтэту i Польскае Беларутэнiстычнае Таварыства. Узначальвае iх праф.Аляксандр Баршчэўскi, якi адначасова з’яўляўся арганiзатарам канферэнцыi. Паколькi бальшыня ўдзельнiкаў канферэнцыi з Беларусi не прыехала, працягласць пасяджэнняў скарацiлася з запланаваных трох да двух дзён.

Тэма пасяджэнняў, якая традыцыйна ахоплівала польска–беларускiя культурныя сувязi ў шырокiм сэнсе, асаблiва лiтаратурныя i моўныя, гэтым разам была ўзбагачана мiцкевiчаўскай праблематыкай, што звязана з 200–годдзем з дня нараджэння паэта. Дакладчыкамi былi перад усiм лiтаратары i мовазнаўцы, але таксама сацыёлагi i культуролагi.

Аляксандр Баршчэўскi (Варшава) гаварыў пра беларускае эмiграцыйнае пiсьменства ў Парыжы ў другой палове 30–х — пачатку 40–х г. XX ст. (тэма да гэтага часу не была прадметам вялiкай зацiкаўленасцi даследчыкаў як у Беларусi, так i за яе межамi). У Парыжы ў той час выходзiлi беларускiя часопiсы «Бюлетэнь» i «Рэха», якiя пiсалi не толькi пра жыццё беларускай эмiграцыi ў Францыi, але i пра беларусаў у тагачаснай Польшчы ды Савецкай Беларусi. Зацiкаўленасць удзельнiкаў выклiкаў узровень лiтаратурнай творчасцi беларусаў, якi пiсалi ў той час у Парыжы, дыскусiю — магчымасць iнспiрацыi iх актыўнасцi праз асяродкi, якiя мелi свае сядзiбы ў тагачасным СССР.

Выступ Яна Чыквiна быў спробай прасачыць — на ўзроўнi навуковага тэксту — працэс нараджэння новага тыпу лiтаратуразнаўчага мыслення. Аўтара цiкавiла, як яно развiваецца ў людзей бiяграфiчна звязаных з сацыялiзмам, «зрошчаных» з камунiстычнай iдэяй. Прыкладам, якi быў ўзяты для аналiзу, сталi даследчыя працы прафесара Уладзiмiра Калеснiка. Праявы новага мыслення Я.Чыквiн шукаў на ўзроўнi лiтаратуразнаўчай тэрмiналогii. А вось Нiна Баршчэўская гаварыла пра ідэю абароны беларускай мовы, прэзэнтаванай рэдактарамi эмiграцыйнай беларускай газеты «Бацькаўшчына», якая выдавалася ў Мюнхене  ў 1947–66 г. Яна заклiкала карыстацца беларускай мовай, трымацца прынцыпаў моўнага пурызму, апiсвала стан беларускай мовы ў розныя гiстарычныя перыяды. Паказвала прычыны iснуючага стану рэчаў, шукала спосабы вяртання прэстыжу беларушчыне. Рышард Радзiк (Люблiн) гаварыў пра спецыфiчнае ўспрыняцце часу цяперашнiмi беларусамi. Iх грамадскi час наогул не ёсць часам нацыянальным; ён не мае моцнага лiнеарнага вымярэння. Не праяўляецца ў афарбаванай эмоцыямi нацыянальнай актыўнасцi; не насычаны рытмам капiталiзму. Ён заглыблены ў цяперашняе. Лучыць элементы этнiчнага часу сялянскага насельнiцтва вёсак з савецкiм часам жыхароў урбанiзаванага краю. Гэта заiдэалагiзаваны палiтычны час перыядычных рэвалюцыяў, пераломаў i часам штодзённага маразму, а не рытмiчнай эвалюцыi, запланаваным i эфектыўна рэалiзаваным iмкненнем да атрымання матэрыяльных дабротаў.

Госцем канферэнцыi быў Баляслаў Хмялiньскi (Bolesław Chmieliński), старшыня Галоўнай управы Таварыства Супрацоўнiцтва Польшча–Беларусь, арганiзацыi, што падтрымлiвае супрацоўнiцтва мiж краiнамi ў гаспадарчай, навуковай i культурнай сферы (зарэгiстравана ў 1992 г. i цяпер налiчвае каля 2 тысяч сяброў).

Тры рэфераты тычылiся мовазнаўчых праблемаў. На думку Базыля Цiханюка (Зялёна Гура), даследаваннi ўжывання формаў уласных iмёнаў маладых польскiх беларусаў дазваляюць сцвердзiць, што ў гэтай групе адбываецца моцны працэс асiмiляцыi да пальшчызны. Пра гэта сведчыць адыход ад тыповых для беларускай этнiчнай групы iмёнаў i формаў i паўсюднае перайманне iмёнаў польскiх. Альберт Барташэвiч (Ольштын) гаварыў — аналiзуючы 5–томны акадэмiчны тлумачальны слоўнiк — пра выкарыстанне элементаў (марфемаў) грэцкага i лацiнскага паходжання ў сучасным беларускiм словаўтварэннi. Дакладчык адзначыў факт развiцця тэндэнцый акцыдэнталiзацыi, галоўным чынам пад уплывам ангельскай мовы. Ядзвiга Глушкоўская (Варшава) прадставiла стан працы над «Вялiкiм беларуска–польскiм слоўнiкам», якi павiнен налiчваць 60—70 тысяч слоў. Запланаваны двухтомавы слоўнiк можа з’явiцца не раней, чым праз 5 гадоў.

Тэрэза Занеўская (Беласток) сваё выступленне назвала «Пясняр любовi. У паэтычным свеце Рыгора Крушыны». Гаварыла цiкава прыгожай мовай пра беларускага эмiграцыйнага паэта (1907–79), якi пiсаў свае творы спачатку ў Нямеччыне, а пазней у Амерыцы. Магдалена Мiхалоўская (Варшава) расказала пра беларускiх дамавiкоў, а Базылi Белаказовiч (Ольштын) — пра беларускiя крынiцы творчасцi Адама Мiцкевiча. Апошнi дакладчык шмат увагi прысвяцiў паходжанню паэта. Паказаў разнастайнасць поглядаў, прадстааўленых у польскiм i беларускiм лiтаратуразнаўстве ды гiстарыяграфii. Выказаўся пра крытэрыi вызначэння нацыянальнай, культурнай i рэгiанальнай прыналежнасцi тагачасных элiт гiстарычнай Лiтвы. Гэтая тэма выклiкала жывую дыскусiю.

У апошнiх выступленнях Надзея Панасюк (Варшава) гаварыла пра рэлiгiйныя матывы у сучаснай беларускай паэзii, Алiцыя Беднарчук (Кракаў) — пра Адама Мiцкевiча ў iканаграфii Нацыянальнага Музея ў Кракаве, Ян Жамойцiн (Варшава) — пра уплыў гiстарычнай спадчыны на творчасць Алеся Барскага (Аляксандра Баршчэўскага), а Сяргей Кавалёў (Люблiн) — пра паэтычную спадчыну паэта XVI ст. Цыпрыяна Базылiка.

Цiкавую iнфармацыю падаў Сяргей Габрусевiч (Горадня) у выступе «Культура як фактар трывання i развiцця этнiчных групаў». Паводле ягоных дадзеных, у 1997/98 навучальным годзе толькi 3,7% вучняў першых класаў усiх  школ Гораднi вучылiся ў беларускамоўных класах, у Менску — 7%. У Гарадзенскiм унiверсiтэце каля паловы прадметаў выкладаецца па–беларуску, але толькi адна дзесяцiгодка ў гэтым горадзе з’яўляецца поўнасцю беларускамоўнай.

Канферэнцыя завяршылася двума паведамленнямi. Наталя Марцiнкевiч (Менск) прадставiла вынiкi сацыялагiчных даследаванняў у выступе «Сучасны стан i перспектывы беларускай адукацыi ў краiнах «блiзкага замежжа». З 34 даследаваных школаў 26 знаходзяцца ў Польшчы. Эва Раманоўская (Беласток) рэпрэзентавала меркаваннi настаўнiкаў беларускай мовы пра беларускамоўнае школьнiцтва ў ПНР.

Удзельнiкi канферэнцыi ўсведамлялi, што некаторыя з закранутых iмi праблемаў маюць не толькi навуковае вымярэнне, але выходзяць за сцены залы пасяджэнняў, кранаюць кожны дзень самiх беларусаў. Жывую дыскусiю будзiў стан нацыянальнай свядомасцi, моўнай тоеснасцi беларусаў, iх выдавецкая актыўнасць (слоўнiкi, энцыклапедыi). Гаварылi пра гаспадарку, культуру, школьнiцтва i пашырэнне пратэстантызму. У роўнай меры як пра мiнулае, так i пра будучыню Беларусi.

Люблiн

Рышард Радзiк

Галоўная » Архіў катэгорыі '1998 Т.5 Сш. 1'