Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 1998 Т.5 Сш. 2

Грицак, Ярослав. Нарис історії України: формування модерної україньской нації (Андрэй Кіштымаў)

Снежня 15, 1998 |


Грицак, Ярослав. Нарис історії України: формування модерної українськой нації ХIХ–ХХ ст. Київ: Генеза, 1996. 360.

Гэтая кніга пра тое, як украінцы, яшчэ зусім нядаўна самая вялікая ў свеце „бездзяржаўная“ нацыя, знайшлі, збудавалі сваю дзяржаву. Гартаючы старонкі велізарнай (45 друк. арк.) працы Яраслава Грыцака, міжволі ставіш сабе пытанне: „Калі б так і такая гісторыя была напісана пра і для беларусаў, то ці ўспрыняло б яе сучаснае беларускае грамадства?“. Другое пытанне чыста прафесійнае: „Ці ёсць у нас сёння гісторыкі, здольныя на такую працу?“. І ўжо наогул рытарычнае: „Ці ёсць пры гэтым магчымасць атрымаць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на дазвол выкарыстання такой кнігі ў якасці навучальнага дапаможніка для вучняў гуманітарных гімназій, ліцэяў, студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ, настаўнікаў?“. Нашыя суседзі ў Украіне на ўсе гэтыя пытанні далі станоўчы адказ. Для нас жа яны застаюцца адкрытымі.

Галоўная тэма працы Я.Грыцака — „сцвярджэнне прынцыповай нармалёвасці ўкраінскай гісторыі“ (с.3). Пасля знаёмства з тэкстам прыходзіш да высновы, што гэтая фармулёўка ў гранічна завостранай форме можа гучаць і так: „Сцвярджэнне прынцыповай нармалёвасці саміх украінцаў і іх шляху да нацыі“. Кола замкнулася — народ знайшоў сябе ў гісторыі, гісторыя ўвасобілася ў народзе. Такім чынам аўтар вырашае праблему „этналізацыі“ гісторыі Украіны. Пры гэтым станаўленне ўкраінскай нацыі ёсць не проста вынік навукова–культурніцкага пошуку ўкраінцаў, а, што больш значна, падсумаванне шматгадовай асветніцкай і, як найвышэйшая стадыя, палітычнай працы сярод народу. „Большасць атрыбутаў існавання нацыі — мова, тэрыторыя, традыцыі і г.д. — не існуюць у прыродзе ў гатовым стане, усе яны ў той або іншай меры створаны заўсёды свядомымі намаганнямі некалькіх пакаленняў нацыянальных інтэлектуалаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў“, — падкрэслівае аўтар (4). Лагічна выглядае „рэабілітацыя“ нацыяналізму. Паводле Грыцака, украінскі нацыяналізм — „у шырокім сэнсе рух украінцаў за ўласныя культурныя і палітычныя правы“ (102–103). Праўда, ёсць яшчэ і „крайнія нацыяналісты“ (300). Пра іх, як пра палітычны кірунак, аўтар узгадвае пры разглядзе падзеяў канца 80–х г., але, на жаль, не вызначае, чым яны адрозніваюцца ад „простых“.

Праца ахоплівае гістарычныя падзеі ад 1772 да 1996 г. Пераўтварэнне ўкраінцаў як этнасу ў нацыю ішло ў надзвычайна складаных і неспрыяльных умовах: адсутнасць уласнай дзяржавы, шматканфесійнасць, асіміляцыйны ціск, моўнае пытанне (як вынік, сёння амаль палова ўкраінцаў размаўляе на расійскай мове). На працягу дзесяцігоддзяў украінцы складалі меншасць сярод насельніцтва вялікіх гарадоў і прамысловых цэнтраў Украіны. Усё гэта спалучалася з вялікімі сацыяльнымі катаклізмамі ХХ ст.: дзвюма сусветнымі і грамадзянскай войнамі, акупацыямі, масавымі рэпрэсіямі. Дадамо нешматлікасць нацыянальнай эліты і абыякавасць т.зв. вялікіх дзяржаваў да ўкраінскай справы. На такі пералік складанасцяў у той або іншай меры могуць прэтэндаваць і беларусы.

Але, пры ўсім падабенстве гістарычных шляхоў украінцаў і беларусаў канца XVIII–XX ст., яны маюць і прынцыпова розныя рысы. Вось некаторыя з іх: наяўнасць „казацкага міфа“ як падмурка станаўлення ўкраінскай нацыі; украінцы, адрозна ад беларусаў, апынуўшыся ў межах Расійскай імперыі, атрымалі магчымасць даволі рэзка пашырыць тэрыторыю свайго этнічнага пражывання; яшчэ адзін важкі фактар фармавання нацыі — рэгіяналізацыя Украіны: украінцы „праварыліся“ ў двух імперскіх катлах — расійскім і аўстра–вугорскім, і палітычныя ўмовы па розных баках мяжы, што падзяліла ўкраінскі этнас, моцна розніліся. Беларуская інтэлігенцыя як ХIХ, так і ХХ ст. значна саступае па ўсіх параметрах украінскай.

Аўтар упэўнена і дакладна датуе пачатак першай хвалі ўкраінскага нацыянальнага адраджэння 1798 г. — годам выхаду ў свет першай часткі „Энеіды“ І.Катлярэўскага. У рэцэнзіі не варта ўслед за аўтарам расказваць усю складаную і шматбаковую, як ідэалагічную, так і арганізацыйную эвалюцыю ўкраінскага нацыянальнага руху. Адзначым некаторыя прынцыповыя моманты. Напрыклад, непасрэднае параўнанне ўкраінскага нацыянальнага руху з беларускім на пачатку ХХ ст. і трактоўка ўкраінцаў і беларусаў як „сялянскай нацыі“ (100). На думку аўтара, як для чэхаў, славакаў, літоўцаў, палякаў, фінаў і інш., для ўкраінцаў рэвалюцыя пачалася не ў 1917, а ў 1914 г., таму што для іх цэнтральным пунктам была не змена тагачаснага палітычнага дзяржаўнага ўладкавання, а нацыянальная рэвалюцыя, стварэнне ўласных дзяржаваў. Пры гэтым пачатковым пунктам адліку Я.Грыцак прапануе лічыць утварэнне нацыянальных камітэтаў і вайсковых фармаванняў (103).

Па–сутнасці, аўтар праводзіць гістарычную рэабілітацыю Паўла Скарападскага і „гетманшчыны“ — паўгадовага рэжыму 1918 г. пад яго кіраўніцтвам (134). А вось Украінская Народная Рэспубліка, на яго погляд, была „нежыццяздольным дзяржаўным утварэннем“ (148). Тым самым Я.Грыцак салідарызуецца з украінскімі гісторыкамі 20–х г. з т.зв. „кансерватыўнага лагера“ (161).

Дарэчы, беларускі нацыянальна–адраджэнцкі і, y меншай ступені, нацыянальна–вызвольны рух шмат у чым ішоў па шляху, паказаным украінскай нацыянальнай мадэллю. Менавіта ўкраінскія нацыянальныя палітыкі далі фармулёўку Украіны як народнай рэспублікі. Аналогія з БНР відавочная. Таму, мяркую, у беларускіх гісторыкаў наперадзе параўнальны і дэталёвы аналіз зместу беларускіх Устаўных грамат і Універсалаў украінскай Цэнтральнай Рады. Нельга прызнаць здавальняльным і сучасны стан вывучэння стасункаў паміж палітычнымі дзеячамі абодвух народаў.

Калі весці гаворку пра гісторыю Украіны і Беларусі, непазбежна паўстае цень двух „братоў“ — Польшчы і Расіі. Сапраўды, палякі згубілі сваю незалежнасць як раз у той момант, калі на ўсім еўрапейскім кантыненце нараджаліся нацыянальна–вызвольныя рухі. Таму польская барацьба за аднаўленне сваёй дзяржаўнасці надоўга стала ўзорам для іншых пакораных народаў. Але не для ўкраінцаў і беларусаў. Так, яны ўспрынялі мадэль польскага нацыяналізму, ды аказаліся глухімі да закліку барацьбы „За вашу і нашу свабоду!“, таму што польскія дэмакраты ў пераважнай большасці пераставалі быць дэмакратамі, як толькі гаворка заходзіла пра нацыянальныя правы ўкраінцаў і беларусаў. Пры гэтым нам ўяўляецца вельмі слушнай думка Я.Грыцака пра польскі нацыяналізм, які „правакуе і абуджае“ іншыя (56).

Расійскі ўплыў — іншы бок праблемы. Расія — імператарская і сталінская, з’явілася сапраўдным збіральнікам украінскіх земляў, а само існаванне ўкраінцаў, іх культурная і палітычная дзейнасць служылі падмуркам для такой „інтэграцыі“. Чыста ўкраінскія спробы аднавіць адзінства ўласнай тэрыторыі, як у цэлым, так і на рэгіянальным узроўні, скончыліся паразай. Вынікі II сусветнай вайны, падведзеныя пад дыктоўку Сталіна, канчаткова вырашылі шматвяковае ўкраінска–польскае пытанне і вызначылі заходнюю мяжу Украіны. У адрозненне ад Польшчы, якая аднаўлялася польскімі збройнымі сіламі праз вяртанне сваіх земляў са складу іншых дзяржаваў — Расіі, Нямеччыны, Аўстра–Вугоршчыны, Украіна, як, дарэчы, і Беларусь, спачатку атрымала сваё сучаснае тэрытарыяльнае адзінства ў складзе адной дзяржавы — СССР, а ўжо потым, у 1991 г., абвясціла незалежнасць гэтай тэрыторыі. Апрача тэрытарыяльнага, на рахунку ў Расіі і другі фактар станаўлення ўкраінскай нацыі — індустрыялізацыя Украіны, спачатку царская (вугаль Данбаса і жалеза Крыварожжа), а потым — сталінскія пяцігодкі (ад Днепрагэса да заводаў па вытворчасці стратэгічных ракет).

Чым была „ўлада Масквы“ для Украіны? І як быць з „савецкімі“ ўкраінцамі, якія раптам сталі загадкай для сучасных гісторыкаў? Праблема „савецкіх“ украінцаў, як і пытанне пра калабарацыю ў час II сусветнай вайны, сталі найбольш складанымі для гістарычнай інтэрпрэтацыі. Акурат іх як быццам раз і назаўсёды вырашыла савецкая гістарыяграфія. Вядома, сёння патрэбныя новыя погляды. Але, калі гаварыць пра калабарацыяналізм з немцамі, дык чаму тую ж гістарычную логіку і аргументацыю не пашыраць на савецкую ўладу? Пытанне без адказу.

І яшчэ. Як для ўкраінскіх, так і для беларускіх нацыяналістаў сур’ёзным пытаннем была і застаецца праблема выбару замежнага саюзніка. У ХХ ст. яны двойчы, у гады першай і другой сусветных войнаў, рабілі выбар на карысць Нямеччыны, і абодва разы гэта была стаўка на таго, хто пацярпеў паразу.

Бясспрэчную цікавасць уяўляе дэталёвы разбор аўтарам старонак партыйнага і інтэлектуальнага жыцця Украіны часоў Хрушчова і Брэжнева, у прыватнасці „чысткі“ ў галіне гісторыі і гуманітарных навук на пачатку 70–х г. і тагачасны „разгром“ украінскай літаратуры. Тое самае датычыць і гісторыі ўкраінскага дысідэнцкага руху ў 70–80–я г.

Цікава, што Я.Грыцак свядома пакінуў за межамі свайго даследавання гісторыю ўкраінскай дыяспары. Гэта выглядае неяк не па–беларуску, таму што разважанні нашых гісторыкаў на нацыянальную тэматыку цяпер амаль што заўсёды ідуць побач з рытуальным успамінам пра „суайчыннікаў за мяжой“. Пры гэтым атрымліваецца, што лепш любіць Беларусь у сабе, чым сябе ў Беларусі. Таму мы згодныя з Я.Грыцаком: дыяспара — гэта асобная тэма, якая патрабуе асобнага разгляду.

За даследаваннем гісторыі народу мы час ад часу нібы забываемся, што яна адлюстроўваецца на асабістым узроўні, і трагедыя народа — гэта заўсёды і трагедыя асобнага чалавека. Кніга Я.Грыцака даволі густа „заселеная“ людзьмі, і ў гэтым яе дадатковая вартасць.

Аўтар не пазбегнуў некаторай публіцыстычнасці, што невыпадкова пры звароце да такой тэмы, хоць і застаўся цалкам у рэчышчы гістарычнага даследавання. Яўным перабольшаннем гучыць выраз: „Украінцы былі адзіным народам, у якога рэпрэсіі адчула родная мова — падмурак яго культуры“ (71). Наўрад ці трэба тлумачыць прыродныя ўмовы як асноўнага „саюзніка“ Сталіна ў барацьбе супраць Гітлера ў 1941 г. (219).

Трэба адзначыць і прыкрую памылку ў тэксце: замест дакладнага 1917 г. выданне Першага Універсала Цэнтральнай Рады датуецца 1918 г. (114). Дарэчы, і Адэса па колькасці насельніцтва напрыканцы ХIХ ст. была не трэцім (20), а чацвёртым, пасля Варшавы, горадам у Расійскай імперыі.

Аўтар не дарма марыць пра другое, дапрацаванае выданне (9) — кніга заслугоўвае гэтага. Нам застаецца спадзявацца, што ў наступным выданні, калі гаворка пойдзе пра А. Сталыпіна і яго палітыку, не абмінецца пытанне пра стварэнне Холмскай губерні і не будзе забытая спроба ўкраінскіх уладаў падпарадкаваць сабе паўднёвыя беларускія землі ў 1918–1919 г.

Нельга не пагадзіцца з выразам Я.Грыцака, быццам „большасць усходнееўрапейскіх (у тым ліку ўкраінскіх) гісторыкаў паводле спосабу свайго мыслення належаць хутчэй да ХIХ, а не ХХ ст.“ (10). Аўтар прынцыпова крытычна ставіцца да гістарычнай спадчыны. Ён засцерагае ад занадта шырокага трактавання тэзіса, быццам бы ўкраінцы на працягу сваёй гісторыі былі толькі ахвярамі і не былі адказнымі за тыя падзеі, што здараліся на іх зямлі. Спакуса вельмі знаёмая і для нас: і сёння ёсць беларускія гісторыкі і палітыкі, якія адказнасць за ўсё беларускае мінулае і сённяшняе гатовыя ўскласці на „старэйшага брата“. „Адлюстраванне нацыянальнай гісторыі як суцэльнай мартыралогіі ператварае яе ў сапраўдную карыкатуру, — падкрэслівае даследчык. — Толькі здольнасць крытычнага перагляду нацыянальнай спадчыны і прызнанне нацыянальных грахоў ёсць адзнака маральнай сілы і паслужыць аднаўленню даверу да ўкраінскай гістарыяграфіі ў акадэмічным свеце“ (9). Таму цалкам справядліва аўтар засцерагае сучасных украінскіх гісторыкаў ад спакусы ствараць гісторыю выключна для „хатняга ўжывання“ (7).

Кніга Я.Грыцака — відавочны крок наперад. З аднаго боку, перад намі выразны ўзор погляду на фармаванне ўкраінскай нацыі з пункту гледжання заходнеўкраінскай гістарычнай традыцыі. Такі „галічанскі акцэнт“ адчуваецца па тэксце вельмі выразна. Гэтая школа шмат у чым складае і метадалагічны падмурак кнігі, што не хавае і сам аўтар.

Але гэта не ўсё. Праца Я.Грыцака — адначасова прыклад новых падыходаў у сучаснай, шырэй постсавецкай, гістарыяграфіі, што характарызуецца як крытычным стаўленнем да папярэдняй, партыйна–дагматычный, савецкай гістарыяграфіі, так і выкарыстаннем здабыткаў заходняй, у першую чаргу т.зв. эмігранцкай гістарычнай школы. Здаецца, на гэтай глебе і будзе фармавацца сучасная ўкраінская гістарычная навука.

Менск

Андрэй Кіштымаў

Наверх

Porębski, S. Paleografia łacińska (Іван Сiнчук)

Снежня 14, 1998 |

Porębski, S.A. Paleografia łacińska; Podręcznik dla studentów. Warszawa, 1997. 85.

Выдавецтва Акадэмii Каталiцкай Тэалогii выпусцiла вялiкага фармату (А3) падручнiк па лацiнскай палеаграфii. Для iлюстрацый выкарыстаны рэпрадукцыi рукапiсаў Ягелонскай бiблiятэкi.

Вiдавочна, што падручнiк арыентаваны на практычнае авалоданне навыкамi чытання лацiнскiх тэкстаў — тэарэтычная частка складае каля 10 старонак, астатняе месца займаюць тэксты: злева — друкаваны тэкст, справа — рукапiс.

У тэарэтычнай частцы падаецца азначэнне палеаграфiі, а таксама пералiк тыпаў пiсьма. Непасрэдна ў тэксце прыводзяцца як iлюстрацыi розныя варыянты раннiх тыпаў — маюскулы i мiнускулы, нацiск зроблены на гатычнае пiсьмо (XIII-XV ст.), помнiкi якога найбольш захавалiся. Падрабязна разглядаюцца гатычныя маюскула i мiнускула, гатычны курсiў, бастарда, гатычнае дыпламатычнае пiсьмо.

Надзвычай практычны апошнi раздзел, веданне зместу якога, напэўна, палегчыць карыстанне лацiнскамоўнымi крынiцамi. Маецца на ўвазе частка падручнiка пра абрэвiятуры. Даюцца прыклады скарачэнняў слоў, якiя часта ўжывалiся ў хрысцiянскай лiтаратуры, тытулаў (добра вядомы ў кiрылiчнай палеаграфii спосаб перадачы «пад цітлай»). Таксама ёсць кароткi спiс ўмоўных знакаў для асобных слоў i сiлабаў, нешматлiкiмi прыкладамi тлумачацца розныя варыянты суспензii (скарачэнняў слоў да адной лiтары i розных спосабах пазначэння зробленых скарачэнняў), контрактацыi (адпавядае звыкламу ў сучасным пiсьме скарачэнню праз дэфiс замест сярэдняй часткi слова). Вельмi важна, што на заканчэнне вынесена ведамасць пра брахеаграфiчны знак 3 (з’яўляецца ў XIV ст., дажывае да XVII ст.), ужыванне якога на канцы слоў замест некалькiх літар у спалучэннi з узгаданымi спосабамi скарачэння ператварае нават простыя па характары пiсьма тэксты ў красворды.

На дасягнуты ўзровень у вышэйшай адукацыi паказвае адсылка польскiх студэнтаў да сучаснага (1990 г.) замежнага — iтальянскага — слоўнiка лацiнскiх i iтальянскiх абрэвiятур.

Варта адзначыць, што польская палеаграфiя мае дзве грунтоўныя пазiцыi па лацiнскім пiсьме — В.Семковiча «Лацiнская палеаграфiя» (1950) i А.Гейштара «Нарыс гiсторыi лацiнскага пiсьма» (1973). Напэўна, будзе прыдатны i гэты кароткi практычны курс лацiнскай палеаграфii. Яго маглі б выкарыстоўваць i ў беларускай вышэйшай школе.

Менск

Іван Сiнчук

Белорусский сборник. Вып.1. (Валеры Пазнякоў)

Снежня 13, 1998 |

Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Ред. В.В.Антонов, Н.В.Николаев. Вып. 1. Санкт–Петербург, 1998. 172.

Расійская нацыянальная бібліятэка і Санкт–Пецярбургская асацыяцыя беларусістаў распачалі новае выданне, якому, трэба думаць, наканавана доўгае жыццё. Ужо даўно, пачынаючы з 1993 г., у Санкт–Пецярбургу праходзяць штогадовыя канферэнцыі пад назовам „Санкт–Пецярбург і беларуская культура“. Цяжкасці рознага характару перашкаджалі выдаваць раней матэрыялы гэтых канферэнцый. Цяпер пачатак пакладзены, і больш шырокае кола спецыялістаў і зацікаўленых (абмежаванае накладам зборніка ў 400 паасобнікаў) атрымала магчымасць пазнаёміцца не толькі з прачытанымі цікавымі дакладамі, але і з новымі матэрыяламі, спецыяльна падрыхтаванымі да друку.

У першым выпуску Валянцін Грыцкевіч выступае з артыкулам „Сённяшнія клопаты беларускай гістарыяграфіі“. Для азначэння таго, што цяпер культывуецца ў гэтай галіне, ён прапануе новы тэрмін — „неаславісцкая ідэя“, якая, на думку аўтара, адлюстроўвае курс на ліквідацыю дзяржаўнасці Беларусі на карысць Расіі і на замену беларускай мовы расійскай. Выказваецца надзея, што беларускія гісторыкі змогуць супрацьстаяць націску „аўтарытарнай улады“. Выданне „Беларускага зборніка“ — добрая дапамога ў гэтай справе. Важныя праблемы этнічнай гісторыі беларусаў закранутыя ў артыкулах Аляксандра Мыльнікава „Беларусы: этнас і этнонім у польскай, нямецкай і шведскай гістарычнай думцы XVI–XVII ст.“, Ігара Жураўскага „Працэсы экспансіі і Беларусь: пастаноўка праблемы“, Васіля Беланенкі „З гісторыі культурных узаемасувязяў народаў Усходняй Еўропы ў XVII–XVIII cт.: Людзі і кнігі“. Назіранні расійскіх даследчыкаў карысныя тым, што збоку ў беларускай гісторыі можна ўгледзець тыя рысы, якія не надта заўважныя знутры. Часам высоўваюцца і экстравагантныя ідэі.

Адным з выдаўцоў зборніка выступіла Расійская нацыянальная бібліятэка, таму шмат матэрыялаў у кнізе прысвечана беларускай кніжнай культуры. Вядома, што пецярбургскія кніжныя сховішчы багатыя на сапраўдныя рарытэты нашай культуры. Іх даследаванне, як і вывучэнне культурнага ўплыву беларускай кніжнасці на суседнія народы, мае вялікае значэнне. Вывучэнню беларускай кнігі і кніжнікаў прысвечаны артыкулы Барыса Сапунова „Друкаваныя беларускія кнігі ў рускіх бібліятэках другой паловы XVI–XVII ст.“, Аляксея Аляксеева „Памінальная практыка ў Маскоўскай Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім“, Наталлі Рамазанавай „Стыхіра «На пракляцце ерэтыкоў» у паўднёварасійскіх Ірмалагіёнах“, Міколы Нікалаева „Ці меў рацыю ў сваім даносе Павел Неграбецкі?“.

Аўтары матэрыялаў зборніка даследуюць і іншыя вобласці беларускай культуры, уплыў на яе палітычных фактараў, а таксама яе сувязі з іншымі культурамі (працы Ігара Маціеўскага пра беларускую мастацкую плынь у фармаванні еўрапейскага абрысу музычнай культуры Пецярбурга, Галіны Таўлай пра музыканта–фалькларыста Антона Грыневіча, Андрэя Катлярчука пра Жазэфа дэ Местра і Полацкую езуіцкую акадэмію, Аляксандра Смаленчука пра Элізу Ажэшку, Ларысы Бойкі пра этнографа Аляксандра Сержпутоўскага, Міхаіла Кандрацюка пра М.Каяловіча, Юрыя Туронка пра Вацлава Іваноўскага. Скрупулёзным крыніцазнаўчым падыходам вылучаюцца працы Дзмітрыя Левіна „Першыя сталічныя рэцэнзіі на Памятныя кніжкі Віленскай губерні (1852–1854 г.)“ (праўда, з’яўляюцца сумненні, ці будзе запатрабаванае даследаванне, бо не тое што рэцэнзіі, але і самі памятныя кніжкі забытыя), Аляксея Раздорскага „Матэрыялы курскіх мытных кніг пра гандаль з беларускімі гарадамі (1640–я г.)“ (зусім невядомыя звесткі для беларускіх навукоўцаў) і Вольгі Бабук „Выдавецкая дзейнасць Віленскай навучальнай акругі па матэрыялах Аддзелу рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі“ (новы і вельмі цікавы архіўны матэрыял). Некаторыя даследчыкі напісалі пра сваё, можа, не вельмі цікавае для шырокага кола чытачоў — працы Уладзіміра Бурачка і Аляксандра Макейчыка прысвечаны іх уласным радаводам, але і гэта патрэбнае. Нарэшце, у „Беларускім зборніку“ змешчана крытычная рэцэнзія Валерыя Антонава і Міколы Нікалаева на кнігу „Памяць. Навагрудскі раён“, якая ўжо з’явілася ў „Беларускім Гістарычным Аглядзе“ (т.4, сш.1/2).

Ацэньваючы зборнік у цэлым, яго рэдкалегія адзначыла „мазаічнасць, пярэстасць, стракатасць“ уключаных у яго публікацый. Безумоўна, гэта кідаецца ў вочы, але было б дзіўным, каб выйшла інакш. Бо арганізатарам беларусазнаўчых канферэнцый і самога зборніка ўдалося далучыць да беларускай справы вельмі шырокае кола людзей з рознымі інтарэсамі і ўзроўнем навуковай падрыхтоўкі. Тут даследчыкі з Беларусі, Польшчы, самі піцерцы. На 1990 г. у Пецярбургу жылі 93,9 тыс. беларусаў, што складала 1,9% насельніцтва горада. Такая вялікая беларуская дыяспара, найбагацейшыя зборы музеяў, архіваў і бібліятэк у спалучэнні з намаганнямі мясцовых беларусістаў даюць надзею на новыя сустрэчы з „Беларускімі зборнікамі“.

Менск

Валеры Пазнякоў

Istoriją Lietuvos aukštuju mokyklu mokslo darbai, XXXVI (Уладзімір Свяжынскі)

Снежня 12, 1998 |

Istoriją Lietuvos aukštuju mokyklu mokslo darbai, № ХХХVІ. Vilnius: Vilniaus pedagoginis universitetas, 1997. 335.

Чарговы, ХХХVI выпуск гістарычнай серыі Навуковых прац вышэйшых навучальных установаў Літвы адкрываецца раздзелам «Мемуары», які прадстаўлены ўспамінамі вядомага літоўскага дыпламата, палітыка, публіцыста С.Бачкіса „Літоўская дыпламатычная служба (15.06.1940—11.03.1990)“.

У другім раздзеле «З мінулага народа» змешчаны артыкулы літоўскіх даследчыкаў па актуальных праблемах розных перыядаў гісторыі Літвы: Я.Явайшы «Ранні жалезны век: помнікі і культуры» (з дадаткам у выглядзе ілюстрацый і карты), Н.Асадаўскене «Шлюбныя традыцыі магнатаў Кішкаў у канцы ХV–ХVI ст.», А.Шанавічуса «Развіццё літоўскага суда», А.Каспаравічуса «Рэакцыя заходніх краін на пераварот 1926 г. у Літве», А.Гайгалайтэ «Пяць дзён у гісторыі Літвы», Ю. Скіруса «Пункт погляду літоўскага кіраўніцтва на сусветныя выставы ў Злучаных Штатах Амерыкі ў 1926–1940 г.».

Трэці раздзел «Гістарычныя крыніцы» ўключае даследаванні А.Вісоцкіса «Студэнты з Літвы ў Кіеўскім універсітэце Св.Уладзіміра за сто гадоў», Б.Вансавічуса «Новыя дакументы па пытанні Народнага дома».

У чацвёртым раздзеле «Гістарыяграфія» змешчаны артыкулы М.Гельцэра «Пра некаторыя новыя праблемы гісторыі Старажытнага Усходу і біблеістыкі», Г.Маркевіч «Дзейнасць Віленскага дабрачыннага таварыства ў пачатку ХIХ ст.»

У пятым раздзеле «Гісторыя навукі» чытач знойдзе артыкул Л.Клімкі «Картаграфія, тапаграфія і геадэзія ў Віленскім універсітэце».

Раздзел шосты «Філасофія гісторыі» прадстаўлены цікавым артыкулам прафесара універсітэта г.Осла (Нарвегія) Отара Даля «Самабытнасць гісторыі», які складаецца з частак «Што ёсць гісторыя?», «Мінулае», «Змест гісторыі», «Што важна ў гісторыі?», «Гуманітарная навука», «Герменеўтыка», «Сэнс гісторыі», «Гісторыя і сучаснасць», «Што мы можам ведаць?»; «Сэнс і рэчаіснасць».

Раздзел сёмы «Дыдактыка гісторыі» складаецца з артыкула А.Бальчыцене «Перадумовы гіпертэкставага вывучэння гісторыі». Артыкул Э.Крышчунаса «Кірункі супрацоўніцтва літоўскіх, латвійскіх і эстонскіх радыкальных палітычных сілаў у 1987–1992 г.» утварае раздзел восьмы «Погляд».

У раздзел дзевяты ўваходзяць рэцэнзіі Д.Карвяліса «Біржанскія Радзівілы і кніга ў ХVII ст.» (на кнігу М.Ярчыкавай «Кніга і літаратура ў коле біржанскіх Радзівілаў у першай палове ХVII ст.» (Катавіцы, 1995); В.Раўдзялюнаса «Другі том Літоўскай Метрыкі» [на выданне «Літоўская Метрыка (1528–1547)». 6–я Кніга судных справаў. (Копія — канца ХVI ст.). Падрыхтавалі С.Лазутка (адк. рэд.), І.Валіканітэ, Р.Ціцянене, Ю.Карпавічэне, Л.Сцяпанавічэне, Н.Трускаўскайтэ, І.Відугірытэ. Вільнюс, 1995]; С.Сташайціса «Кніга настаўніку гісторыі» (на кнігу К.Панялене і Ю.Бразаўскаса «Гісторыя Літвы ў VI–VII класах». Каўнас, 1997); Б.Шаткуса «Новы і незвычайны падручнік» (на кнігу Э.Баконіса і Р.Вірганавічутэ «Старажытная гісторыя. Падручнік для VI–VII класаў». Вільнюс, 1996); яго ж: «Вучням — пра гістарычных асобаў» [на кнігу Ю.Скіруса «Гістарычныя асобы і іх эпоха (1918–1945). Чытанні па гісторыі навейшага часу». Каўнас, 1997].

Варта асобна спыніцца на грунтоўнай рэцэнзіі Вітаўтаса Раўдзялюнаса. Аўтар піша, што выхад у свет 2–га тома Літоўскай Метрыкі — значны факт навуковага і культурнага жыцця народа, які чамусьці застаўся па–за ўвагай сродкаў масавай інфармацыі. Разам з тым выданне мае шэраг недахопаў, дапушчаных, на яго думку, укладальнікамі. Так, у тэксце гэта: разнабой у перадачы тых самых слоў (ижбы — иж бы), лішнія спасылкі («Падкрэслена алоўкам»), няўдалыя спробы выправіць памылкі арыгінала («Справа пану Каспора» замест «Справа пана Каспора»), выпадкі недакладнага прачытання арыгінала (гасподару замест господару). Асноўная ж частка заўваг рэцэнзента — да паказальнікаў. Нягледзячы на тое, што выдадзеная кніга змяшчае шмат судовых рашэнняў, у прадметны паказальнік не ўключаны цэлы шэраг юрыдычных тэрмінаў накшталт грабеж, збитье, змученье, зазвати, позвати ку праву, карати шыею, наеханье кгвалтовное, отозватися, охроменье, поднести право, присяга, справедливость, суженье, суд: децкого, намесника, копный, неправный, обычай: права, права земского, давный, старый, стародавный, статут: господарский, земский, прав земских. Не ўсе варыянты слоў зведзены ў гнёзды па алфавіце паводле іх частотнасці ў тэксце (на першым месцы жбожье, а не збожье). Складаныя тэрміны часам даюцца не на назоўнік, а на прыметнік: непохожий (чоловек). Часам формы слоў у паказальніку і тэксце разыходзяцца (адпаведна выводец — выводца). Пры падачы ў паказальніку недакладна рэканструююцца зыходныя формы: женети замест гнати (ад женеть). Беларускае слова часам перакладаецца этымалагічна, а не семантычна тоесным літоўскім (уморыти — pamiršti «забыць»). Часам тэрміны тлумачацца ў адрыве ад кантэксту і рэальнасці свайго часу (пожегнати — «перахрысціцца», а трэба — «развітацца», обчый — «чужы», а трэба — «агульны»). Робячы экскурсы ў гісторыю, рэцэнзент даказвае памылковае тлумачэнне і шэрагу іншых тэрмінаў — коморник, подкоморый, конюшый, крайчый, кухмистр, чашник і інш. У асабовым паказальніку часам пад адным прозвішчам зводзяцца розныя людзі (конішскі прыстаў Якуб Юхнавіч і відуклеўскі шляхціч Ян Юхнавіч). Акрамя таго, асабовы паказальнік у выданні застаўся незавершаным.

Адносна ўводзінаў рэцэнзент зазначае, што часам літоўскі і расійскі іх варыянты не супадаюць тэксталагічна: асобныя фрагменты літоўскага тэксту адсутнічаюць у расійскім. Не адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне ўкладальнікаў, што ўсе дакументы апублікаванага тома з’яўляюцца так ці інакш судовымі справамі. Бо дакументаў, якія не з’яўляюцца судовымі рашэннямі, тут 70. Насуперак сцвярджэнням укладальнікаў, што публікуемая кніга — унікальная крыніца па гісторыі Літвы, рэцэнзент лічыць, што яна даўно вядомая даследчыкам і таму не з’яўляецца унікальнай.

Разам з тым не ва ўсім, на нашу думку, мае рацыю сам рэцэнзент. Так, ён, як і іншыя літоўскія гісторыкі, ужывае тэрміны „Літва“, „літоўскі“ без удакладнення іх сэнсу прымяняльна да гістарычнага часу. Атрымліваецца, што Літоўская метрыка, Літоўскія Статуты — гэта культурная спадчына ледзь ці не выключна этнічных літоўцаў. Між тым, калі быць дакладнымі, то пераважная большасць пісьмовых тэкстаў, якія адносяцца да ВКЛ, асабліва на старабеларускай (стараўкраінскай) мове, напісаны беларусамі ці ўкраінцамі. Гэта сцвярджэнне, аднак, не мае на мэце паменшыць уклад этнічных літоўцаў у культурную скарбонку ВКЛ. Усведамленне беларускімі гісторыкамі неадпаведнасці прынятых у Літве загалоўкаў выданняў Статутаў і Метрыкі гістарычнай рэальнасці ставяць перад імі праблему пошуку загалоўкаў для той часткі выданняў, якія плануецца ажыццявіць у Беларусі. Гэта праблема ўскладняецца серыйнасцю выданняў згаданых комплексаў.

Вядома, што другім пасля «Літоўскае» азначэннем Вялікага Княства было «Рускае». Калі ўлічыць той факт, што менавіта так называліся ў часы ВКЛ беларусы і іх мова, і пагадзіцца з логікай літоўскіх калегаў, мы маглі б назваць Статуты і Метрыку ў сваіх выданнях «Рускімі». Аднак гэтаму перашкаджае акалічнасць, што сёння этнонім «рускі» адпавядае іншаму народу. Як недахоп адзначаецца, што ў выданні не вылучаны літоўскія рэаліі, такія як бонда, велдомый, дякло, жлукт, клебания, копа, мезлева, посед, свирен, стырта і інш. Аднак як пра літоўскія, пра іх можна гаварыць толькі ў сэнсе паходжання. Функцыянавалі ж гэтыя тэрміны ў большасці сваёй і за межамі этнічнай Літвы. Тым больш гэта датычыць такіх тэрмінаў, як литовская монета, гроши личбы литовское. З другога боку, даследчыкі падкрэсліваюць, што многія асноўныя юрыдычныя дакументы ВКЛ маюць тыповыя беларускія прыкметы. Гэта дазваляе лічыць, што старабеларуская мова выконвала ў той час камунікатыўныя функцыі як у межах Беларусі, так і Літвы і Жмудзі[1].

Рэцэнзент у якасці недахопу выдання адзначае, што яго ўкладальнікі проста пераклалі ў паказальніку старабеларускую («рускую») тэрміналогію на сучасную расійскую мову. Гэтыя пераклады, аднак, не даюць чытачу магчымасці выявіць актуалізаваныя ў актах значэнні гэтых тэрмінаў, «тым больш, што мы не маем слоўніка мовы гэтых актаў». Такім чынам, шмат якіх недакладнасцяў у выданні можна было б пазбегнуць, калі б укладальнікі, акрамя слоўніка Дз.Ушакова, карысталіся і слоўнікам мовы гэтых актаў і іншых помнікаў Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове. А такі слоўнік існуе, хоць ён яшчэ і не завершаны. Гаворка ідзе пра «Гістарычны слоўнік беларускай мовы». Сёлета ўбачыў свет 17–ы выпуск гэтага унікальнага лексікаграфічнага даведніка па пісьмовай спадчыне ВКЛ[2], а на момант выдавецкай падрыхтоўкі рэцэнзаванай В.Раўдзялюнасам кнігі іх было ўжо 13. Мы не ставім пад сумненне бясспрэчна высокія якасці слоўніка Дз.Ушакова, аднак гэта слоўнік не той мовы, на якой напісана выдадзеная кніга Літоўскай Метрыкі, і вывучаць мову гэтай кнігі па слоўніку Ушакова тое самае, што літоўскую мову вывучаць па слоўніку, напрыклад, Ю.Лаўчутэ, таксама унікальнай у сваім родзе працы.

Менск

Уладзімір Свяжынскі


[1] Климчук Ф.Д. К истории распространения белорусских говоров в Юго–Bосточной Литве // Балто–славянские исследования. Москва, 1981. С.214–221.
[2] Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып.1–17. Мінск, 1982–1998.

Янин, Валентин Л. Новгород и Литва (Генадзь Семянчук)

Снежня 11, 1998 |

Янин, Валентин Л. Новгород и Литва. Пограничные ситуации ХIII — XV веков. Москва: Издательство Московского Университета, 1998. 216.

Гэтая кніга вядомага расійскага вучонага прысвечана, на першы погляд, канкрэтнай праблеме гісторыі Ноўгарада Вялікага ХIII — XV ст. і мае няшмат інфармацыі пра мінулае Беларусі. Аднак пры глыбейшым знаёмстве з даследаваннем В. Яніна вартасці працы для нас выяўляюцца больш выразна.

Кніга складаецца з дзвюх самастойных частак: непасрэднага даследавання В. Яніна і вялікага дадатку Л.Басалыга і В.Яніна „Историко–географический обзор новгородско–литовской границы“. Галоўная частка кнігі напісана ў выглядзе сямі нарысаў. Высновы кожнага з іх можна лічыць часткамі адзінай аўтарскай канцэпцыі вытлумачэння спецыфічнасці і унікальнасці сітуацыі, якая склалася на памежжы Вялікага Княства Літоўскага і Ноўгарада Вялікага ў ХIII — XV ст. Сутнасць гэтых палітычных адносінаў бачыцца В.Яніну ў наступным: з сярэдзіны ХIII да першай трэці XIV ст. паўночныя тэрыторыі Смаленскага княства Тарапец і Ржэў, а трохі пазней паўднёвыя наўгародскія землі (Вялікія Лукі) адышлі да ВКЛ. Пасля ўдалых вайсковых дзеянняў Ноўгарада супраць ВКЛ у 20–х г. XIV cт. падпісваецца дамова 1326 г. Галоўным вынікам гэтага міру было стварэнне сістэмы ўзаемаадносінаў паміж ВКЛ і Ноўгарадам. Першая дзяржава прызнавала суверэнітэт Ноўгарада на ўсёй тэрыторыі яго ўладанняў, за гэта апошні плаціў ВКЛ з памежных тэрыторый адпаведную фінансавую кантрыбуцыю („черную куну“). Падобная кампрамісная сістэма існавала да канца XV ст., апошняга моманту незалежнасці Ноўгарада, што выклікала ўвесь час моцнае супрацьдзеянне з боку Масквы.

Трэба прызнаць, што кніга В.Яніна — добры ўзор гістарычна–геаграфічнага даследавання і прафесійнага падыходу нават да лакальных праблемаў гісторыі. Аўтар выступае як карпатлівы даследчык, выкарыстоўваючы комплексны падыход пры вырашэнні пастаўленых мэтаў.

Гэта першае. Па–другое, В.Янін адышоў ад некаторых усталяваных у навуцы канцэпцый, якія былі прыняты без адэкватных доказаў. Гэта дазволіла яму прапанаваць некалькі новых важных падыходаў да канструявання наўгародска–смаленскіх і наўгародска–літоўскіх узаемаадносінаў ХII — XV ст. У сувязі з гэтым была перагледжана храналогія шэрагу важных для беларускіх даследчыкаў крыніцаў: комплекс дакументаў, звязаных з стварэннем Смаленскай епархіі ў ХII ст. („Устаўная грамата Расціслава Мсціславіча“, „Пацвярджальная грамата епіскапа Мануіла“, запіс „А се погородие“), і агляд „А се имена градом всем русскым, далним и ближним“. „Устаўная грамата Расціслава Мсціславіча“, на думку В.Яніна, павінна датавацца часам не раней за 1138–1139 г. і складзена яна была не ў момант стварэння новай епархіі (1136–1137 г.), а ўжо на нейкім этапе яе існавання. Больш за тое, пры ўласнай рэканструкцыі гэтай „Граматы“ маскоўскі даследчык вылучае тэксты двух дакументаў, якія пераблытваліся пазнейшымі капістамі. Дарэчы, да другога дакумента вельмі добра пасуе запіс ад імя Расціслава „О холме“, які нелагічна змешчаны ў канцы „Пацвярджальнай граматы епіскапа Мануіла“. Новая „Грамата“ датуецца 1150 г. і звязана з другім асвячэннем саборнага храма Смаленска. У сярэдзіне — трэцяй чвэрці ХII ст., як лічыць В.Янін, паўстаў запіс „А се погородие“. Важным для беларускіх даследчыкаў з’яўляецца і прапанаванае аўтарам датаванне агляду, вядомага як „А се имена градом всем рускым…“, у якім утрымліваецца шмат арыгінальнай інфармацыі звязанай з нашымі землямі. У адрозненне ад папярэднікаў В.Янін лічыць, што гэты дакумент паўстаў паміж 1375 — 1381 г., а ў выніку карэкцыі ў другой палове 30–х або ў 40–х г. XV ст. набыў вядомую ўсім нам форму.

Па–трэцяе, гісторыя Ноўгарада Вялікага разглядаецца тут не з пазіцый Масквы як цэнтра, а з пазіцый самастойнай Наўгародскай дзяржавы, якая спыніла сваё існаванне менавіта ў канцы XV ст. (1478 г.) пасля яе гвалтоўнага захопу маскоўскім князем Іванам III. Адной з прычынаў нападу Масквы на Ноўгарад і былі кампрамісныя, пралітоўскія адносіны апошняга з ВКЛ.

Значным недахопам кнігі, на нашую думку, з’яўляецца недакладнасць тэрміналогіі. Аўтар выкарыстоўвае паўсюль тэрмін „Літва“, як спрошчаны варыянт поўнай назвы тагачаснай дзяржавы — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (абрэвіятура ВКЛ сустракаецца ў кнізе толькі адзін раз, на с.102). Не вытлумачыўшы чытачу, што ВКЛРіЖ было федэратыўнай поліэтнічнай дзяржавай, В.Янін, як бы не жадаючы таго, адсунуў на другі план яе славянскую частку. У выніку атрымалася, што даніну з памежных наўгародскіх тэрыторый плацілі Літве (недасведчаны чытач зразумее — сучаснай неславянскай Літве), а ўсходнеславянскіх земляў ВКЛ яна быццам і не тычылася. Аднак збор даніны і кантроль за ёй адбываўся з бліжэйшых да наўгародскіх тэрыторый цэнтраў ВКЛ — з Полацка, Віцебска і Смаленска, а ішла яна пераважна, на ўмацаванне менавіта ўсходніх тэрыторый дзяржавы.

Памылкай лічым меркаванне Валянціна Яніна наконт магчымага падпарадкавання Віцебска менскаму князю Васілію, які згадваецца ў дамове 1326 г. (56). Тады ў Віцебску княжыў Альгерд Гедымінавіч, зяць апошняга віцебскага князя Яраслава Уладзіміравіча. Размешчаны на памежжы з Ноўгарадам, Віцебск быў адным з цэнтраў, зацікаўленых у даніне з суседняй тэрыторыі.

Горадня

Генадзь Семянчук

Mažeika, Rasa. The role of pagan Lithuania in Roman Catholic and Greek Orthodox religious diplomacy (Наталля Брэль)

Снежня 10, 1998 |

MAŽEIKA, RASA JOAN. The role of pagan Lithuania in Roman Catholic and Greek Orthodox religious diplomacy in east–central Europe (1345—1377). Unpublished doctoral dissertation. Fordham, New York, 1987, revised. (Univer-sity Microfilms International, Ann Arbor, MI, 1987). 202.

Гэтая кнiга — доктарская дысертацыя канадскай даследчыцы літоўскага паходжання Расы Мажэйкi, прысвечаная гiсторыi рэлiгiйных дачыненняў Вялiкага Княства Лiтоўскага з праваслаўным i каталiцкiм светам у часы вялiкага князя Альгерда (1345—1377). Аўтарка ставiць на мэце даследаваць наступныя пытаннi: цi быў Альгерд паганцам, цi праваслаўным? Як мог паганскi ўладар удзельнiчаць у свецкай i царкоўнай дыпламатыi Цэнтральна–Усходняй Еўропы ў перыяд, калі, як лiчыцца, панавала рэлiгiйная iдэалогiя? Наколькi важнай, насамрэч, была рэлiгiя ў адносiнах памiж паганскiмi лiтоўцамi i iх хрысцiянскiмi суседзямi i цi была яна мэтай, або сродкам дыпламатыi?

Р.Мажэйка паўсюдна выкарыстоўвае сучасныя, лiтуанiзаваныя iмёны лiтоўскiх князёў, праўда, адзначаючы часам добра вядомыя альтэрнатывы, напрыклад, Algirdas [Olgerd], Gediminians [Gediminaiciai/Gediminovichi]. Імёны iншых манархаў пададзеныя так, як яны вядомыя ў англамоўнай гiстарыяграфii i паказальнiках, нягледзячы на тое, што, як заўважае аўтарка, гэтыя англiзаваныя формы могуць моцна адрознiвацца ад сапраўдных сярэднявечных iмёнаў. Усе геаграфiчныя назвы падаюцца ў iх сучасных формах (апрача Канстанцінопаля, якi цяпер Стамбул). Р.Мажэйка не вызначаецца з геаграфiчным размяшчэннем летапiснае Лiтвы i, як i ўсе літоўскiя гiсторыкi, атаясамлiвае гiстарычную Лiтву з сучаснай тэрыторыяй Рэспублiкi Летува. Досыць няўважлiва яна абыходзiцца і з тэрмiнамi „рускi“, “Русь“ ды геаграфiчным размежаваннем расійскiх i беларускiх земляў. Піша, напрыклад, што Вiцебск — рускi (Russian) горад.

Праца складаецца з уводзiнаў i трох асноўных раздзелаў. Першы прысвечаны праблеме персанальнай рэлiгiйнай прыналежнасцi вялiкага князя Альгерда, другi — адносiнам з праваслаўнымi, i трэцi — перамовам аб прыняццi Лiтвой каталiцкага хрышчэння ў 1349, 1351, 1358 i 1373 г. У дадатку прыводзяцца прынцыпы выкарыстання iмёнаў, назваў i транслiтэрацыя.

Прыцягнутыя ў даследаваннi крынiцы ўключаюць лацiнскiя хронiкi i рускiя летапiсы, папскiя лiсты i рэестры, лiсты канстанцiнопальскiх патрыярхаў, тэксты дамоваў, заключаных лiтоўцамi i iх суседзямi. Для беларускiх гiсторыкаў гэта дае магчымасць пазнаёмiцца з тэкстамi некаторых дакументаў, якія раней былi ім практычна недаступныя i не ўводзіліся ў шырокi навуковы ўжытак. Прыкладам, лiст Альгерда да канстанстанцінопальскага патрыярха Фiлафея ад 1370 г. (50—51), што з’яўляецца адным з нямногiх дайшоўшых да нас дакументаў, напраўду выдадзеных Альгердам, i непасрэдна выяўляе ягоны характар i спосабы дзейнасцi. Спiс выкарыстанай лiтаратуры ўтрымлiвае, апрача англамоўных, працы на польскай, расійскай, нямецкай, літоўскай i французскай мовах.

У першым раздзеле Р.Мажэйка аналiзуе гicтарыяграфiчныя дэбаты i дакументальныя сведчанні па пытаннi рэлiгiйнай прыналежнасцi Альгерда. Паслядоўна разгледзеўшы гiпотэзы адносна праваслаўнага веравызнання Альгерда (у параграфах „Цi быў Альгерд ахрышчаны ў Вiцебску?“, „Цi быў Альгерд ахрышчаны перад смерцю?“, „Грамадзяне Пскова запрашаюць Альгерда прыняць хрышчэнне“), аўтарка прыходзiць да высновы, што Альгерд быў напраўду паганцам. Грунтам для большасцi доказаў гэтае тэзы з’яўляюцца сумненнi ў праўдзiвасцi летапiсных паведамленняў пра праваслаўнае хрышчэнне Альгерда, найперш „Хронiкi Быхаўца“ i Густынскага летапiсу. Р.Мажэйка, аднак, адзначае, што „перадсмяротнае навяртанне не можа быць абвергнута, хоць маюцца добрыя падставы ў iм сумнявацца…У кожным выпадку, перадсмяротнае хрышчэнне не даказвае нiякiх папярэднiх схiльнасцяў да праваслаўя цi факту нейкага выбiтнага навяртання“.

Увогуле ў працы назiраецца тэндэнцыя называць Вялiкае Княства Лiтоўскае паганскай дзяржавай. Вось вельмi красамоўны ўрывак: „У XIV ст. памiж Заходняй Еўропай i Маскоўскай Руссю ляжала вайскова i палiтычна магутная паганская дзяржава. Яе ўладарамі былi лiтоўцы, чыя радзiма знаходзiлася на ўсходнiм узбярэжжы Балтыйскага мора, але якiя заваявалi многiя землi Русi i Украiны“ (200), або яшчэ: „народ, якім правiў Альгерд, быў усё яшчэ паганскiм, мясціўся там, дзе Усходняе i Заходняе хрысцiянства ўсё яшчэ сутыкаліся, адчужаны ад абодвух светаў“. Калi гаворка iдзе толькi пра этнiчную Лiтву, то наўрад цi можна казаць адно пра гэтую тэрыторыю як пра „магутную вайскова i палiтычна“ дзяржаву XIV ст. Калi ж маецца на ўвазе ўсё Вялiкае Княства, дык гэта нi ў якiм разе не паганская дзяржава, бо пераважная большасць яе земляў — тэрыторыi з праваслаўным славянскiм насельнiцтвам, i менавiта яны надавалi Княству немалую, а можа, i вызначальную долю гэтае магутнасцi. На жаль, падобная непаслядоўнасць у працы сустракаецца неаднойчы. Лiтоўскi элемент пададзены як вызначальны ў ВКЛ.

У другiм раздзеле даследавання — „Адносiны з праваслаўнымi“ — распавядаецца пра намаганнi Альгерда здабыць для ВКЛ асобную Лiтоўскую мiтраполiю, ягонае магчымае аднаўленне прыязных адносiнаў з Вiзантыяй, а таксама разглядаецца пытанне, чаму Альгерд, якi быў вядомы сваёй верацярпiмасцю, пакараў трох праваслаўных неафiтаў.

Р.Мажэйка робiць выснову, што Альгерд выкарыстоўваў перамовы па рэлiгiйных справах у чыста палiтычных мэтах. Ён атрымлiваў рэальныя палiтычныя выгоды ад дыпламатычных манёўраў, якiя, верагодна, палягчалiся ягонай унiкальнай пазiцыяй паганскага правiцеля, не падпарадкаванага ўладзе анiякай царкоўнай ерархii. Адносна пакарання смерцю трох прыдворных вяльможаў Альгердавага двара, прыняўшых праваслаўе, даследчыца заўважае, што прычынай iх зняволення, а потым i смерцi, было не адкрытае вызнанне хрысцiянства як такое, але публiчнае непадпарадкаванне вялiкаму князю. Датаваць гэтую падзею прапануецца па–новаму — 1370 годам. У працы тры вiленскiя пакутнiкi называюцца лiтоўцамi, хоць iх паганскiя iмёны (Круглец, Няжыла, Кумец) сведчаць пра славянскае паходжанне. Акцэнтуючы прыналежнасць Альгерда да паганства, Р.Мажэйка сцвярджае, што „у гiсторыi трох лiтоўскiх неафiтаў добра iлюструецца стаўленне Альгерда да праваслаўнае веры мноства ягоных падданых“ (?).

Апошнi раздзел падае, паводле вызначэння аўтаркi, новую iнтэрпрэтацыю чатырох спробаў (1349, 1351, 1358 i 1373) весцi перамовы аб прыняццi рыма–каталiцкага хрышчэння лiтоўскiмi князямi. Гiстарычны кантэкст забяспечаны параўнаннем з перамовамi аб хрышчэннi, што вялiся папярэднiкамi Альгерда — Мiндоўгам, Вiценем i Гедымiнам. У параграфе, прысвечаным Мiндоўгу, таксама не абышлося без дробных недарэчнасцяў. Мiндоўг тут названы адзiным уладаром Лiтвы, ахрышчаным да 1386 г. (81). А як жа тады быць, напрыклад, з Войшалкам? Хіба ён не быў манархам Лiтвы, ці не быў ахрышчаны? Можна прыгадаць у гэтай сувязi i Шварна Данiлавiча, зяця Мiндоўга. Адносна забойства Мiндоўга сказана, што ён, верагодна, стаў ахвярай незадаволенасцi паганцаў, i ягоныя наступнiкi мусілі засвоiць навуку, што неабачлiвае хрышчэнне можа аказацца фатальным (82).

Р.Мажэйка лiчыць, што пад час перамоваў аб хрышчэннi Альгерд умела выкарыстоўваў сваю пазiцыю як патэнцыйнага нованавернутага, каб аблегчыць адносiны з хрысцiянскiмi дзяржавамi, якiм таксама гэтыя перамовы былі палiтычна выгадныя.

Дысертацыя Расы Мажэйкi вытрыманая, безумоўна, у традыцыях літоўскае гiстарыяграфii, якая не пакiдае беларусам права на спадчыну Вялiкага Княства. Адсюль i зразумелая тэндэнцыйнасць i непаслядоўнасць у аспектах, датычных ролi i месца славянскага элементу ў ВКЛ, у тым лiку i ў святле сярэднявечнай еўрапейскай рэлiгiйнай дыпламатыi. Тым не менш, гэтая праца будзе карыснай беларускiм даследчыкам Вялiкага Княства Лiтоўскага. Яна ўводзiць у навуковы ўжытак шэраг матэрыялаў, цяпер амаль недаступных многiм нашым гiсторыкам. І яшчэ. Даследаванне Р.Мажэйкi пераконвае ў неабходнасцi разглядзець пастаўленыя ёю праблемы з беларускага боку.

Гомель

Наталля Брэль

Nikodem, Jarosław. Rola Skirgiełły na Litwie (Генадзь Семянчук)

Снежня 9, 1998 |


Nikodem, Jarosław. Rola Skirgiełły na Litwie do 1394 roku // Scripta minora. Poznań, 1998. T. II. S. 83—129.

Apтыкул Яраслава Нікадэма, гісторыка з Познані, прысвечаны адной з галоўных палітычных асобаў Вялікага Княства Літоўскага канцa XIV ст. — Скіргайлу. Постаці значнай, аднак у пэўным сэнсе таямнічай і мала вывучанай. Да сённяшняга дня Скіргайла выклікаў маргінальную зацікаўленасць гісторыкаў. Яго імя заўсёды выступала разам з імем Ягайлы, пакідаючы першага ў ценю старэйшага і больш вядомага брата. Зацьміў Скіргайлу і феномен Вітаўта, які перамог яго ў барацьбе за палітычную ўладу ў ВКЛ, што адлюстравалася ў гістарыяграфіі. Вітаўт заўсёды выступае як сімвал дзяржавы і амаль ідэальны ўладар, а яго стрыечны брат як бязвольны выканаўца волі Ягайлы і няўдалы палітык.

Я.Нікадэм, выкарыстоўваючы беларуска–літоўскія, польскія і ордэнскія хронікі і летапісы, актавыя і эпісталярныя матэрыялы, паспрабаваў рэканструяваць падзеі, звязаныя з асобай Скіргайлы, пры гэтым часта выказваючы свой пункт погляду, які не заўсёды адпавядае агульнапрынятым у гістарыяграфіі меркаванням і высновам. Глыбокі аналіз і крытычны падыход да некаторых вядомых дакументаў і наратыўных інфармацый дазволіў аўтару змяніць храналогію часткі важных падзей у гісторыі ВКЛ, якія былі шчыльна звязаныя з Скіргайлам. На пачатку артыкула аўтар прыводзіць найбольш распаўсюджаныя варыянты напісання імя Скіргайлы ў крыніцах: Скірігайла, Скіргейла, Скергайла, Скрігайла, Скрыгайла і іншыя ў беларуска–літоўскіх летапісах; Скіргелла, Скіргалла, Скіргаллоне, Скыркгелла, Скердзейка і іншыя ў польскіх хроніках і актавым матэрыяле; Схіргаль, Скіргаль, Скегелла і іншыя ў прускіх хроніках і ордэнскіх актах. А ўсяго налічваецца больш за 50 розных формаў яго імя. Такая іх колькасць формаў выклікана фанетычнымі цяжкасцямі, з якімі сутыкаліся сучаснікі пры перадачы ўласна літоўскіх імёнаў на пісьме.

Яраслаў Нікадэм услед за Генрыхам Пашкевічам лічыць, што Скіргайла ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах пад 1373 г. у „Chronicon Livoniae“ Германа Вартберга з змененым імем Syrogayle. Ад моманту першай згадкі крыніцы далей паказваюць Скіргайлу як актыўнага палітычнага дзеяча ў жыцці ВКЛ (два паходы яшчэ пры жыцці Альгерда — 1373, 1376, дыпламатычная місія летам 1379 г. у Прусiю і на Мазовію, аблога Полацка і падтрымка Ягайлы ў 1381 г.). Аднак шмат у чым інтэрпрэтацыя дадзеных гістарычных крыніц пра падзеі ў Вялікім Княстве Літоўскім выклікала сумненні аўтара.

Па–першае, Яраслаў Нікадэм засумняваўся ў храналогіі (1377/78, 1378/79 і 1380/81 г.), а галоўнае, у прычынах выгнання Скіргайлы з Полацка (бунт палачанаў супраць свайго паганскага князя), якія замацаваліся ў гістарыяграфіі (гл. Л.Калянкоўскага, Г.Пашкевіча, А.Прахаску, Я.Кжыжынякову і Е. Ахманьскага). Грунтоўны аналіз крыніц (беларуска–літоўскіх летапісаў, ордэнскіх хронік) і верыфікацыя поглядаў папярэднікаў схілілі аўтара да думкі, што Скіргайла да 1381 г. ніколі не кіраваў Полацкам, а прычына бунту была іншай — непадпарадкаванне насельніцтва Полацкай зямлі рашэнню Ягайлы прызначыць намеснікам свайго брата, таму апошні спрабаваў у 1381 г. вайсковай сілай выканаць загад вялікага князя.

Яшчэ адзін цікавы для нас момант — спроба Яраслава Нікадэма больш крытычна паставіцца да канфлікту паміж Кейстутам і яго пляменнікам Ягайлам у 1379—1381 г. Гэты канфлікт пададзены ў гістарыяграфіі як вельмі крывавы і доўгачасовы, а прычынай яго лічыцца незадавальненне і недавер Кейстута да палітыкі Ягайлы, што выклікала бунт першага ў 1381—1382 г. На самой справе Я.Нікадэм даказвае, што да траўня 1380 г. паміж Кейстутам і Ягайлам не існавала прычын для канфлікту. Больш за тое, яны выступалі часам разам пры вырашэнні агульнадзяржаўных справаў і ніхто з іх не меў намераў выступаць адзін супраць аднаго. Таму прычынай канфлікту была не падазронасць Кейстута да Ягайлы ў яго кантактах з Тэўтонскім ордэнам ці надакучлівасць апякунства Кейстута над Ягайлам або своеасаблівы дуумвірат у ВКЛ. Сапраўднай прычынай грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім, на думку Я.Нікадэма, была тонкая інтрыга з боку Тэўтонскага ордэна. Пацвярджэнне гэтага ёсць у крыніцах: 1) у лісце да Уляны, маці Ягайлы, прадстаўнікі Ордэна нагаворваюць на Кейстута; 2) з іншага боку, комтур Аструды спрабуе пераканаць Кейстута ў тым, што Ягайла рыхтуе яго згубу. Нават гэтыя ордэнскія ініцыятывы не сталі прычынай канфлікту. Хутчэй за ўсё, як лічыць Я.Нікадэм, галоўнай прычынай стаў клопат Кейстута пра лёс усяго ВКЛ. Ён не бачыў у Ягайлу вялікага князя, роўнага Альгерду. На нашую думку, такое вельмі смелае дапушчэнне не пацвярджаецца крыніцамі, праўда, аўтар і сам гаворыць пра гэта.

Значную ролю ў перамозе Ягайлы над сваім дзядзькам Кейстутам у грамадзянскай вайне 1381—1382 г. выканаў Скіргайла. Спачатку ён аблажыў Полацк (восенню 1381 г., магчыма, ахрысціўся там па праваслаўным абрадзе, атрымаўшы імя Іван), потым шукаў патрымкі сярод інфлянцкіх рыцараў, а пазней тэўтонскіх. З ініцыятывы Ягайлы падпісваў перамір’е з нямецкімі рыцарамі 6 ліпеня 1382 г. пад Бразолай. Усё гэта, як сцвярджае Я.Нікадэм, вызначыла будучыню Скіргайлы. Ён займаў месца Кейстута пры Ягайлу (пацвярджае гэта наданне ў 1382 г. Скіргайлу Трокаў), а пасля смерці першага станавіўся на дзесяць гадоў другой асобай у ВКЛ, набываючы тыя самыя правы, як калісьці Кейстут пры Альгердзе. Больш за тое, калі Ягайла зрабіўся польскім каралём, улада ў ВКЛ цалкам канцэнтравалася ў руках Скіргайлы. Ён фігуруе побач з Ягайлам у найважнейшых міжнародных дакументах ВКЛ — лістападаўскай умове 1382 г. паміж Княствам і Ордэнам, падпісанай на востраве каля вусця Дубісы, прывілеі люблінскім купцам і мірнай дамове з Дзмітрыем Данскім з 1383 г. Браты Альгердавічы разам правялі паспяховую акцыю вяртання Вітаўта ў Княства з Ордэна, што пазбавіла на пэўны час Тэўтонскі Ордэн важнага аргумента ў вайне з ВКЛ. Менавіта Скіргайла ўзначаліў літоўскае пасольства зімой 1385 г. у Карону. Скіргайла фігуруе першым і ў акце Крэўскай уніі 14 жніўня 1385 г.

Даказваючы адсутнасць радыкальнага супрацьстаяння Кейстута з пляменнікамі, Яраслаў Нікадэм спрабуе апраўдаць Ягайлу і Скіргайлу перад пазнейшымі абвінавачваннямі Вітаўта ў нярыцарскіх і несумленных адносінах да яго і ягонага бацькі. Менавіта гэтая версія Вітаўта пануе па сённяшні дзень у гістарыяграфіі. Галоўнымі крыніцамі па гэтых пытаннях Я.Нікадэм лічыць сведчанні сучаснікаў — Віганда, Посільге, Таруньскія аналы, Хроніка Янкі з Чарнкова. З гэтых крыніц вынікае, што Кейстут добраахвотна здаўся Ягайлу, а пазней у Крэўскім замку скончыў жыццё самагубствам.

У 1385—1386 г. Скіргайла актыўна бараніў і вайскова, і палітычна Вялікае Княства Літоўскае ад нямецкіх рыцараў і ад сепаратызму сваіх братоў, у першую чаргу Андрэя Альгердавіча Полацкага. Менавіта ён быў надзейным абаронцам інтарэсаў Ягайлы ў ВКЛ у гэты перыяд, прымусіў прысягнуць на вернасць каралю і вялікаму князю Юрыя Святаславіча смаленскага ў 1386 г. У выніку такіх дзеянняў Ягайла 28 красавіка 1387 г. выдае прывілей Скіргайлу, дзе вылучае яго на першае месца сярод усіх Альгердавічаў у ВКЛ, пацвярджае наданне яму Троцкага княства і дадаткова надае Полацкую зямлю.

Не абмінуў Я.Нікадэм у сваім артыкуле і контраверсійных праблемаў, звязаных з кіраўнічай дзяржаўнай дзейнасцю Скіргайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1386—1392 г. На яго думку, Скіргайла ў свой час выконваў абавязкі, роўныя тытулу вялікага князя літоўскага. Праўда, як прынята лічыць у гістарыяграфіі, першым падобны тытул меў Вітаўт пасля Віленска–радамскай уніі 1401 г.

Па–новаму разглядае Яраслаў Нікадэм і праблему польскай прысутнасці ў Вялікім Княстве ў часы Скіргайлы. Зноў насуперак агульнапрынятаму ў гістарыяграфіі сцвярджэнню пра значную ролю палякаў (Клеменса з Маскажова і Яна Алесьніцкага) ва ўнутраным жыцці ВКЛ аўтар рэцэнзаванага артыкула пераканальна паказвае, што такая пазіцыя не адпавядае рэчаіснасці і не мае пацвярджэнняў у крыніцах. Абодва палякі выконвалі абавязкі камандзіраў польскіх вайсковых адзінак у Вільні, а Скіргайла надалей выконваў функцыі кіраўнічай асобы ў дзяржаве.

Лёс Скіргайлы, які доўгі час быў „другім Кейстутам“, склаўся не зусім шчасліва. Ягайла, дзеля пэўнага спакою ў адносінах з нямецкімі рыцарамі, увесь час спрабаваў знайсці выйсце ў дачыненнях з стрыечным братам Вітаўтам, які знаходзіўся пад апекай Тэўтонскага ордэна і ўяўляў страшэнную небяспеку. З ініцыятывы польскага караля Вітаўт у канцы 1391 г. атрымлівае амаль поўнасцю свае дзедзічныя ўладанні, а 4 жніўня 1392 г. падпісвае з Ягайлам вядомае Востраўскае пагадненне. Такім чынам, Вітаўт з гэтага часу займае папярэднюю пазіцыю Скіргайлы ў дзяржаўным жыцці ВКЛ. Праўда, на думку Я.Нікадэма, гэтая змена адбылася па згодзе Скіргайлы і пасля яго паразумення з Ягайлам. Нават выглядала на тое, што Вялікім Княствам Літоўскім кіравалі ў гэты час Скіргайла з Вітаўтам разам, падзяліўшы свае ўплывы: Вітаўт на заходнюю частку ВКЛ, Троцкую зямлю і Падляшша, а Скіргайла — на ўсходнюю Полаччыну, Віцебшчыну і Вільню.

Апошнім контраверсійным момантам жыцця Скіргайлы, лічыць Яраслаў Нікадэм, з’яўляецца магчымае панаванне яго ў Кіеве пад канец жыцця. На думку аўтара артыкула, справа скончылася толькі абяцаннем з боку Ягайлы і Вітаўта пераводу Скіргайлы на княжанне ў Кіеў. Аднак далей абяцанняў справа не рушылася. Галоўным аргументам на карысць думкі Я.Нікадэма лічыцца адсутнасць інфармацыі ў сучасных падзеям крыніцах, асабліва ордэнскіх хроніках. Перавод Скіргайлы ў Кіеў не прыносіў таксама карысці і Вітаўту, бо мог выклікаць незадавальненне прыхільнікаў брата Ягайлы. Таму адпадае і версія пра атручванне Скіргайлы ў Кіеве. Ён памёр пасля хваробы 23 снежня 1394 г. пад Кракавам.

І апошняе. Скіргайла бараніў інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага, якое атаясамліваў з Ягайлам, таму не праводзіў самастойнай палітыкі, магчыма, насуперак свайму брату. Аднак гэта зусім не азначае, што не змог бы гэтага рабіць. Зусім супрацьлеглая пазіцыя Вітаўта. Яго ўлада ў ВКЛ была накіравана на незалежнае становішча Вялікага Княства Літоўскага, звязанае ў некаторых аспектах з Каронай Польскай. Менавіта рознае жыццёвае крэда дзвюх выдатных асобаў у гісторыі ВКЛ канца XIV ст. адбілася на іх характарыстыках у гістарыяграфіі.

Горадня

Генадзь Семянчук

Наверх

Мыльников, Александр С. Картина славянского мира (Альбіна Семянчук)

Снежня 8, 1998 |


Мыльников, Александр С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы: Этногенетические легенды, догадки, протогипотезы XVI — начала XVIII века. С.–Петербург: Центр „Петербургское Востоковедение“, 1996. 320.
Сярод інтэлектуальных бэстсэлераў Расіі 1996 г. „Книжное обозрение“[1] называла гэтую кнігу прафесара А.Мыльнікава. Ужо ў назве яе адлюстравана галоўная задача, якую ставіць перад сабой аўтар — падаць цэласную карціну славянскага свету на пачатку Новага часу. Аднак ён не прэтэндуе на ахоп усіх аспектаў глабальнай славянскай праблематыкі. Рэканструюючы панараму славянскага свету на падставе этнагенетычных легендаў, здагадак, протагіпотэзаў XVI — пачатку XVIII ст., А.Мыльнікаў свядома выбірае пункт погляду з Усходняй Еўропы (дакладней, Расіі). Галоўная мэта манаграфіі — пошук і аналіз інфармацыі пра біблейскіх продкаў славян (разглядаюцца так званая Грамата Аляксандра Македонскага пра наданне славянам правоў на іх землі, а таксама аповед пра трох „харвацкіх братоў“ Чэха, Леха і Руса ды паходжанне і гісторыя гэтых і некаторых іншых, звязаных з імі, легендаў).

У працэсе навуковага пазнання вобраз славянства істотна змяняўся ў розныя часы пад уплывам гістарычных умоваў. А.Мыльнікаў падкрэслівае, што яго праца напісана з пазіцый этнічнай (этнакультурнай) імагалогіі (вобласць ведаў аб фармаванні вобразаў і ўяўленняў людзей пра макра– і мікракосм, пра такія катэгорыі, як „час“, „прастора“, „шчасце“ і інш.). Падыход да тэмы новы і арыгінальны. Ён дае шырокую прастору для аўтарскіх трактовак сярэднявечных нарацый і разважанняў. Мы не знойдзем тут дакладных штудыяў пра этнагенэз славян, пра шляхі іх міграцый і г.д. Свядома адмаўляючыся ад традыцыйнага спосабу разгляду славянскай праблематыкі і звязанага з ім кола крыніц, А.Мыльнікаў засяроджваецца на „няўдзячным“ матэрыяле, які гісторыкі звычайна адкідваюць як непатрэбны — біблейскіх, эпанімічных легендах і протагіпотэзах пра радаводы розных еўрапейскіх народаў, — і паказвае эвалюцыю „навуковых“ поглядаў на праблему этнагенэзу славян у асяроддзі цэнтральнаеўрапейскай інтэлектуальнай эліты. Ён падкрэслівае, што „большасць аўтараў, якія займаюцца гісторыяй славянскіх даследаванняў, … зрэдку або амаль ніколі не звярталіся да перадгісторыі, пагардліва трактуючы спадчыну навуковай думкі да XVIII ст. як нейкі яе „данавуковы“ перыяд“ (с. 7–8).

У цэлым славянская тэматыка добра распрацаваная ў польскай і чэшскай гістарыяграфіі. Дастаткова ўспомніць сінтэтычныя працы польскіх археолагаў Л.Лецеевіча[2], У.Шыманьскага[3], З.Курнатоўскай[4]. Бліжэй да тэмы разгляданай манаграфіі падышлі Бенедыкт Зентара[5] і Ежы Клачоўскі[6], у якіх многія сюжэты перакрыжоўваюцца з кнігай А.Мыльнікава. Аднак іх працы маюць сцісла гістарычны характар і разглядаюць значна больш шырокі спектр праблем у рамках дадзенай тэмы. У польскай гістарыяграфіі існуюць і шматлікія працы, у якіх даследуюцца народныя і навуковыя легенды[7], але без выхадаў на агульнаславянскую праблематыку. Т.Улевіч у сваёй кнізе „Сармацыя. Даследаванні славянскай праблематыкі XV і XVI ст.“[8] паказаў выдатны прыклад аналізу ўяўленняў пра славяншчыну на пачатку Новага часу. Ягоныя працы, напісаныя поўстагоддзя таму, дагэтуль актуальныя і прыцягваюць увагу даследчыкаў. А.Мыльнікаў у сваёй кнізе дае вялікі спіс крыніц і літаратуры на лацінскай, польскай, чэшскай, нямецкай і іншых мовах, а таксама называе нешматлікія расійскія даследаванні па славянскай праблематыцы.

Такім чынам, як адзначае аўтар манаграфіі, „пры надзвычай вялікай айчыннай і замежнай гістарыяграфіі славянскага свету ў эпоху пераходу ад Сярэдніх вякоў да Новага часу непасрэдна цікавая нам праблематыка як нешта цэласнае вывучана або нераўнамерна, або крайне недастаткова“ (17). А.Мыльнікаў бадай упершыню спрабуе комплексна прааналізаваць уяўленні навукоўцаў той эпохі пра этнагенетычныя працэсы ў славянскім свеце на падставе шырокага кола наратыўных крыніц: летапісаў, хранографаў, касмаграфій, навуковых трактатаў польскіх, чэшскіх, нямецкіх, шведскіх, паўднёваславянскіх, украінскіх і расійскіх аўтараў, лексікаграфічных, багаслоўскіх і энцыклапедычных выданняў таго часу (прычым перавага аддаецца польскім, крыху менш чэшскіх аўтараў і твораў).

У свой час Ежы Тапольскі падкрэсліваў, што гісторыку даводзіцца мець дачыненні з трыма відамі рэчаіснасці: непасрэдна мінулым, якое адышло ў нябыт, з яго „навуковым“ і „папулярным“ вобразамі[9]. Два апошнія павінны імкнуцца да ізамарфізму ў суадносінах з першым і паміж сабой. Аднак далёка не заўсёды гэта адбываецца. Напрыклад, у гістарычных рэканструкцыях XVI ст. „навуковы“ і „папулярны“ вобразы мінулага з прычыны слабасці гістарычнага пласта ў іх збліжаюцца, прычым дамінуе апошні. А.Мыльнікаў спрабуе аналізаваць менавіта міфалагізаваную свядомасць інтэлектуалаў XV–XVIII ст.

Манаграфія падзяляецца на дзве часткі, першая з якіх мае назву „Славянская суперэтнічная супольнасць: ўяўленні пра этнагенэз першага ўзроўню“. Яна, у сваю чаргу, складаецца з трох раздзелаў, якія канцэптуальна раскрываюць дадзеную праблему. Першы раздзел „У пошуках біблейскіх продкаў“ паказвае, што агульным для ўсіх гістарычных твораў XVI–XVII ст. было вывядзенне продкаў таго ці іншага еўрапейскага народу ад сыноў Ноя — Сіма, Хама і Яфета. Другі раздзел называецца „Міфалагема прасторы: пра Грамату Аляксандра Македонскага“. У трэцім раздзеле першай часткі, затытулаваным як „Панарама славянскага свету“, у найбольш шырокім выглядзе пададзены розныя прыкметы складовых частак (этнасаў) гэтак званай славянскай суперэтнічнай супольнасці: межы, мова, канфесіі.

Другая частка манаграфіі называецца „Славянскія народы: уяўленні пра этнагенэз другога ўзроўню“ і складаецца з чатырох раздзелаў. У першым раздзеле „Міфалагема часу: легенда пра Чэха, Леха і Руса“ распавядаецца, як паўставала і развівалася названая легенда; у „Нямецка–літоўска–расійскіх суадносінах“ разглядаюцца паралелі легенды ў нямецкіх, літоўскіх і расійскіх эпанімічных міфалагемах; у раздзеле „Міфалагічная свядомасць: пастулаты і функцыянаванне“ паказана, як трансфармавалася легенда ў часе, як яна ўспрымалася барочнай, раннеасветніцкай і рацыяналістычнай свядомасцю. У апошнім раздзеле манаграфіі, які носіць назву „Пра прыроду і сэнс славянскіх этнагенетычных легендаў“, абагульняецца і падсумоўваецца змест даследаванай інфармацыі з мэтай паказу прыроды і сэнсу этнагенетычных легендаў.

Гісторыкі XVI ст. лічылі, быццам бы ўсе народы Захаду і Поўначы, у тым ліку славянскія, паходзяць ад трэцяга сына Ноя Яфета, што, відаць, павінна ўскосна сведчыць пра агульнасць паходжання ўсіх славян, г.зн. пра існаванне славянскай суперэтнічнай супольнасці. Дарэчы, гэты пастулат, прыняты аўтарам апрыоры, патрабуе больш шырокага абгрунтавання. А.Мыльнікаў разглядае магчымыя адгалінаванні радаслоўнага дрэва Ноя, якія, з пункту погляду сярэднявечных храністаў, далі пачатак славянам (праз другога сына Яфета Гамера і ўнука Рыфата, або шостага сына Яфета Мосаха). У розныя часы і ў розных частках Еўропы ерархія сыноў і ўнукаў Ноя выглядала па–рознаму і павінна была служыць ідэалагічным мэтам. У гэтым сэнсе характэрным з’яўляецца той факт (на жаль, на яго не звярнуў увагі аўтар манаграфіі), што на нямецка–славянскім памежжы яшчэ ў канцы ХIII ст. паўстала цікавая, хоць і адасобленая, спроба вываду славян ад біблейскага Хама. У вачах людзей таго часу гэта быў вельмі дрэнны радавод: з племені Хама выводзіліся, між іншым, нявольнікі і негры. Аўтар хронікі, які выказваў гэты погляд (сам з паходжання, пэўна, славянін), лічыў, што славяне — нашчадкі Хама — адсунулі калісьці далёка на Захад нашчадкаў Яфета германаў, заняўшы іх зямлю. Цікава, што Длугаш таксама палічыў патрэбным увайсці ў палеміку з тэорыяй паходжання славян ад Хама — відаць, яна мела значэнне яшчэ ў ХV ст.[10]

Пазней Мацей Стрыйкоўскі звязваў з Яфетам, вялікім праайцом славян, урадава–рыцарскія функцыі, адсюль тэза пра асаблівае прызначэнне ўсіх славян. Сама іх назва паходзіць ад славы вайсковай або слова[11]. Літоўцы, на думку Стрыйкоўскага, таксама паходзяць ад Яфета, але калі славяне выводзяцца ім ад Яфетавага сына Мосаха (быў гэта „айцец і патрыярх усіх народаў маскоўскіх, рускіх, польскіх, валынскіх, чэшскіх, мазавецкіх, балгарскіх, сербскіх, харвацкіх і ўвогуле ўсіх колькі іх ёсць народаў, што ад пачатку славянскую мову ўжывалі…“[12]), ліцвіны, жмудзіны і немцы, паводле Стрыйкоўскага, бяруць пачатак ад іншага сына Яфета — Гамера.

Біблейская генеалогія народаў Вялікага Княства Літоўскага ў інтэрпрэтацыі Стрыйкоўскага адлюстроўвала патрабаванні пераломнага перыяду ў гісторыі гэтай дзяржавы, звязаныя з уваходжаннем яе ў федэрацыю Рэч Паспалітая (чаго яшчэ не было ў М.Мяхоўскага, М.Бельскага або М.Кромэра — ідэолагаў сарматызму). Менавіта ў гэты момант завязваўся вузел многіх этнасацыяльных праблем, якія не знайшлі і не маглі знайсці вырашэння ў тагачасным грамадстве і засталіся ў спадчыну нам.

На жаль, аўтар кнігі не разглядае асобна феномен Вялікага Княства Літоўскага (асабліва яго славянскай асновы), нават не кранае некаторых глабальных праблем, якія вырастаюць у сувязі з яго існаваннем. Так, на старонках кнігі амаль няма месца для беларусаў — аднаго з цэнтральных славянскіх народаў, праз пасярэдніцтва якога пранікалі ў Расію як помнікі гістарычна–навуковай думкі заходніх славян, так і ідэі, якія панавалі ў Заходняй Еўропе. Захапіўшыся адлюстраваннем легенды пра рымскае паходжанне літоўскай знаці і перакрыжаваннем з ёй легенды пра Чэха і Леха ў рускім Хранографе другой рэдакцыі, А.Мыльнікаў мала ўвагі аддае беларуска–літоўскім летапісам і іх карэляцыі з польскімі хронікамі, пра што ў свой час пісаў М.Улашчык у кнізе „Уводзіны ў вывучэнне беларуска–літоўскага летапісання“.

Праўда, аўтарам адзначаецца, што ператварэнне легендарнага дуэта „Лех і Чэх“ у трыо „Лех, Чэх і Рус“ звязана з вялікай роляй, якую пачалі выконваць славяне ВКЛ на палітычнай арэне Цэнтральна–Усходняй Еўропы ў XIV ст.: „Звяртае на сябе ўвагу тое, што прыярытэт уключэння ў легенду Руса належаў польскай гістарычнай думцы, прычым… ён быў названы не на трэцім, але на другім месцы, адразу ж пасля Леха“(250). Гэта магло быць выклікана і тым, „што ў перыяд афармлення польскай рэдакцыі легенды ідэі літоўскай дзяржаўна–палітычнай супольнасці прыхільнікі польскага боку мелі падставы супрацьпаставіць ідэю этнагенетычнай супольнасці палякаў і заходнерускага насельніцтва“ (251). А.Мыльнікаў таксама адзначае: наколькі складаным быў лёс усходнеславянскіх этнасаў у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, настолькі нетрывалым быў лёс выдуманага Руса — ужо ў ХVII ст. ён не згадваецца як брат Чэха і Леха, у ім папросту адпала неабходнасць. Аўтар прасочвае легенду пра Чэха, Леха і Руса ад першых кніг, дзе яна згадваецца („Чэшская хроніка“ Казьмы Пражскага, хроніка Даліміла, Вялікапольская хроніка), да інтэрпрэтацый ХVIII ст.

Пра існаванне славянскай суперэтнічнай супольнасці, на думку аўтара кнігі, сведчаць не толькі біблейскія і легендарныя продкі, але і паданне пра Грамату Аляксандра Македонскага. На сённяшні дзень, бадай, няма больш глыбокага аналізу этымалогіі і эвалюцыі гэтага помніка, чым у працы прафесара А.Мыльнікава. Ён адзначае, што „насуперак агульнаму меркаванню, гісторыя Граматы пачалася не з публікацыі яе чэшскага перакладу Гайкам і нават не з першага Венскага спісу 1516 ст., а значна раней. Гэта быў спіс у зборніку са збору Цэроні, які сёння захоўваецца ў Брненскім архіве“ і датуецца 1443 г. (на самай справе ён больш ранні) (49). А.Мыльнікаў аналізуе ўсе наяўныя заходнеславянскія спісы Граматы і яе ўсходнеславянскія адаптацыі дзеля высвятлення пытання — дзе, калі і з якой мэтай яна паўстала; вучоны прыходзіць да высновы, што яна „заключала ў сабе ідэю этнакультурнай і (што неабходна падкрэсліць) надканфесійнай супольнасці славянства; яна абвяшчала нібыта дараванае славянам права ўлады над іншымі народамі, якія сяліліся на падараваных землях, — але гэтым замацоўвала ідэю законнасці права саміх славян на незалежнае развіццё і на супраціўленне іншаэтнічнаму прыгнёту; яна ўсталёўвала этнагеаграфічныя межы ажыццяўлення гэтых правоў — але адначасова, хоць і ў вельмі агульным выглядзе, варыятыўна акрэслівала межы славянскага рассялення“ (93).

У раздзеле „Панарама славянскага свету“ паказана, як выпрацоўваліся ўяўленні пра этнічныя межы славянства, замацоўвалася разуменне яго не як дзяржаўнай, але этналінгвістычнай супольнасці.

Аўтар зазначыў, што „калі нейкай звышзадачай так званай Граматы Аляксандра Македонскага з’яўлялася спроба абгрунтаваць легітымнасць межаў славянскага рассялення (міфалагема прасторы), то легенда пра Чэха, Леха і Руса аказвалася адной з ілюзорных спосабаў трактоўкі абставін і ўсталявання „дакладнай“ даты этнічнай дыферэнцыяцыі першапачатковай славянскай супольнасці (міфалагема часу)“ (225).

Не выпадае наракаць, што вучоны не закрануў некаторых іншых праблемаў, таксама звязаных з паўставаннем панарамы славянскага свету. Асабліва гэта адчуваецца ў раздзеле „Этнічнае і канфесійнае“, дзе, на жаль, на с.122 з’явілася недарэчная памылка — Капіевіча звалі не Іван, а Ілля.

У цэлым кніга А.Мыльнікава — рэдкі прыклад грунтоўнага комплекснага даследавання славянскай праблематыкі на падставе вялізнага корпуса наратыўных крыніц (хоць усе іх ахапіць, вядома, немагчыма). Уражвае навуковая эрудыцыя аўтара, якую, зрэшты, ён дэманструе ва ўсіх сваіх працах. На сённяшні дзень гэта, відаць, адзінае даследаванне расійскага вучонага, дзе мы не сустракаемся з гіпербалізацыяй ролі расійскага этнасу ў славянскім этнагенэзе.

Горадня

Альбіна Семянчук


[1] Книжное обозрение. 1996. № 48. 3 дек.
[2] Leciejewicz L. Słowiańszczyzna zachodnia. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1976.
[3] Szymaсski W. Słowiańszczyzna wschodnia. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1973.
[4] Kurnatowska Z. Słowiańszczyzna południowa. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977.
[5] Zientara B. Świat narodów europejskich: Powstanie świadomości narodowej na obszarze Europy pokarolińskiej. Warszawa, 1985.
[6] Kłoczowski J. Europa słowiańska w XIV-XV wieku. Warszawa, 1984.
[7] Класічнымі сталі працы: Malecki A. Lechici w świetle historycznej krytyki. Lwów, 1897, Tymieniecki K. Polska legenda średniowieczna // „Przeszłość“, R.7: 1935, nr 4, Slaski K. Wątki historyczne w podaniach o początkach Polski. Poznań, 1968, Pomian K. Przeszłość jako przedmiot wiary. Historia i filozofia w myśli średniowiecza. Warszawa, 1968, Malicki J. Mity narodowe. Lechiada. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lódz, 1982, Banaszkiewicz J. Podanie o Piaście i Popielu. Studium porównawcze nad wczesnośredniowiecznymi tradycjami dynastycznymi. Warszawa, 1986 і інш.
[8] Ulewicz T. Świadomość słowiańska Jana Kochanowskiego. Z zagadnień psychiki polskiego renesansu. Kraków, 1948; яго ж. Sarmacja. Studium z problematyki słowiańskiej XV i XVI w. Kraków, 1950.
[9] Topolski J. Świat bez historii. Warszawa, 1972. S. 160-162.
[10] Kłoczowski J. Europa słowiańska… S. 285.
[11] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi. T. 1. Warszawa, 1846. S. 16.
[12] Тамсама. S. 19-20.

Наверх

Nagielski, Mirosław. Rokosz Jerzego Lubomirskiego w 1665 roku (Генадзь Сагановіч)

Снежня 7, 1998 |

Nagielski, Mirosław. Rokosz Jerzego Lubomirskiego w 1665 roku. Warszawa, 1994. 260.

Мяне даўно заінтрыгаваў факт, што адной з прычын зрыву вялікай выправы супольных сілаў Рэчы Паспалітай за Дняпро зімою 1663/64 г. сталі ўнутраныя забурэнні ў Кароне, пераросшыя хутка ў рокаш эксмаршалка Ежага Любамірскага. Літаральна праз год Польшчу скаланула сапраўдная ўнутраная вайна. У Рэчы Паспалітай гэта быў другі за ХVII ст. узброены выступ шляхты супраць манарха, і калі першы (рокаш Зебжыдоўскага) прынёс каралю перамогу, дык гэты, пачаты ў цяжкі ваенны час, завяршыўся яго паражэннем.

І вось падзеі важнейшага для лёсаў усёй Рэчы Паспалітай рокашу ўпершыню манаграфічна даследуюцца ў кнізе Міраслава Нагельскага, прафесара Гістарычнага Інстытуту Варшаўскага універсітэту. Шкада, што пакуль толькі яго першага году, бо мяцеж ахапіў і 1666 г.

Праца складаецца з уступу, шасці раздзелаў, заканчэння і бібліяграфічнага дадатку. У невялікім уступе (5–10) аўтар сцісла характарызуе літаратуру прадмету і базу апрацаваных крыніц. Адметна, што апрача шматлікіх архіўных збораў Польшчы ён выкарыстаў багацейшыя замежныя сховішчы — Архіва Міністэрства замежных спраў і Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы, венскага Haus– Hof– und Staatsarchiv, ЦГАДА у Маскве і інш.

У першым раздзеле („Rzeczpospolita a Europa w dobie rokoszu Lubomirskiego w 1665 r.“, s.11–40) разглядаюцца спробы супернікаў — каралеўскага двара і лагеру Любамірскага – знайсці саюзнікаў за мяжой, а таксама рэакцыя еўрапейскіх дзяржаў на сітуацыю ў Польшчы. Французы стараліся стварыць саюз, каб дапамагчы каралю ваеннай сілай, а эксмаршалак шукаў фінансавай дапамогі або дыпламатычнай падтрымкі ледзь не па ўсім свеце — у Берліне і Вене, у рымскага папы і ў Канстанцінопалі, у іспанскага караля і нават у маскоўскага цара.

У другім раздзеле („Między Wiedniem a Berlinem. Funkcjonowanie opozycji antydworskiej w 1665“, s.41–74) аўтар паказвае старанні апазіцыі здабыць падтрымку Фрыдрыха Вільгельма і Леапольда I — самых моцных суседзяў Польшчы, не зацікаўленых у тым, каб польскую карону атрымаў француз. З Берліна і Вены Любамірскі атрымліваў такую фінансавую падтрымку, без якой наўрад ці адважыўся б кідаць выклік каралю.

Асабліва важны для разумення ўнутранай сітуацыі ў тагачаснай Рэчы Паспалітай трэці раздзел („Stanowisko Armii Koronnej wobec rokoszu Lubomirskiego“, s.75–111), у якім аналізуецца стаўленне да паўстання галоўнай дзеючай сілы — войска. Яго стараліся перацянуць на свой бок і кароль, і бунтаўнік. І хоць магчымасці першага былі непараўнальна большыя, сканфедэраваная армія стала на абарону Любамірскага. Яго падтрымала і большасць шляхты ВКЛ, хоць эліта ўлады як у Кароне, так і ў Вялікім Княстве, заняла бок караля.

Для беларускага чытача важным эпізодам кампаніі супраць Любамірскага можа быць малазнаны ўдзел у ёй корпусу ВКЛ на чале з палявым пісарам Аляксандрам Палубінскім. Апошні зусім не жадаў выконваць даручанай яму місіі, не гарэлі жаданнем ваяваць супраць каронных братоў і яго жаўнеры. Корпус складаўся з харугваў Пацавай дывізіі (левага крыла), якія анічым не дапамаглі каралю. Частка жаўнераў ВКЛ пасля перамогі ракашан пад Чанстаховай трапіла ў палон і вярнулася дамоў толькі пасля замірэння.

Чацвёрты раздзел („Elekcja vivente rege“, s.112–136) (у змесце ён памылкова пастаўлены на месца трэцяга) раскрывае ідэю каралеўскай пбры правесці элекцыю французскага кандыдата пры жыцці караля (гэта была ўжо другая спроба пасля правалу ініцыятывы ў 1661–62 г.), розныя захады па яе ажыццяўленню і рэакцыю шляхецкага грамадства на дзеянні двара.

Пяты, самы вялікі па аб’ёму раздзел („Społeczeństwo szlacheckiej Rzeczypospolitej w dobie rokoszu Lubomirskiego“, s.137–210) прысвечаны стаўленню да справы рокашу шырокіх слаёў шляхты. Для беларускага чытача тут многа інфармацыі пра пазіцыі палітычнага народу ВКЛ. Шляхту агітавалі на свой бок і кароль, і Любамірскі. Але яе найбольш хвалявала вайна з Масквой, рокашам жа цікавіліся адно лідэры галоўных палітычных груповак (Пацы, Радзівілы, Сапегі), разглядаючы яго праз прызму ўласных інтарэсаў (209). Аўтар паказвае, што большасць дыгнітарыяў з самых уплывовых родаў (Павел Сапега, Міхал Казімір Радзівіл, Аляксандр Нарушэвіч і інш.), хоць сімпатызавала Любамірскаму, не адважылася супрацьпаставіць сябе манарху, каб не трапіць у апалу (140). Магутныя Пацы, займаўшыя бок караля, кантралявалі ўсю карэспандэнцыю і так уплывалі на шляхту, што прапаганда эксмаршалка ў ВКЛ не дасягнула значнага эфекту (148).

Іншым сур’ёзным фактарам, вызначаўшым пазіцыі шляхты Беларусі і Літвы, стала цяжкае становішча краіны: усходнія землі заставаліся пад акупацыяй, а для паспяховага завяршэння вайны з Масквой патрабаваліся вялікія фінансы на войска. У гэтай сувязі зрыў вальнага сойму, так патрэбны апазіцыі, не адпавядаў інтарэсам паслоў ВКЛ. І калі ў сакавіку 1665 г. прадстаўнікі Кароны такі сарвалі сойм, Вялікае Княства апынулася ў цяжкай сітуацыі, бо маскоўскія ваяводы ўзнавілі ваенныя дзеяні на ўсходзе Беларусі. Неадкладныя пытані абароны тэрмінова вынеслі на канвакацыю, якая сабралася ў Горадні. Але Сапега са сваёй партыяй падтрымаў караля, і тады на дапамогу Яну Казіміру быў высланы згаданы вышэй корпус Палубінскага. Сілы гэтыя нічым не дапамаглі каралю, а вось у Беларусі іх недахоп моцна адчуваўся: царскі ваявода Хаванскі атакаваў левы бераг Дзвіны і бесперашкодна вярнуўся назад.

У апошнім раздзеле („Po Palczynie“, s.211–233) М.Нагельскі разглядае падпісаны ў Пальчыне мірны дагавор паміж ракашанамі і каралём, рэалізацыю яго ўмоў і стаўленне ўсіх бакоў канфлікту да замірэння.

На заканчэнне аўтар прыводзіць ацэнкі, дадзеныя рокашу Любамірскага рознымі гісторыкамі, і фармулюе ўласныя высновы (234–245). У прыватнасці, ён лічыць, што шляхта кароннай арміі ў пераважнай большасці падтрымала Любамірскага з палітычных прычынаў; што сваёй сілай ракашане абавязаны не толькі шляхце, але і апецы суседніх манархій, незацікаўленых у рэалізацыі праграмы караля Яна Казіміра і Людвікі Марыі; што гады рокашу былі часам павышанай дыпламатычнай актыўнасці суседніх дзяржаў, якія фармавалі свае партыі для падтрымкі адпаведнага кандыдата на польскі трон (але свайго кандыдата хацела пасадзіць у Варшаве толькі Францыя); што адносіны шырокіх колаў грамадства да рокашу розніліся, а двор проста не здолеў выкарыстаць сваіх прыхільнікаў; урэшце, што рокаш яшчэ больш падарваў аўтарытэт манарха і зменшыў шанцы на ажыццяўленне рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. А пабочным вынікам грамадзянскай вайны стала рэзкае ўзрастанне варожасці да чужаземцаў, выразнай ксенафобіі (242).

Змястоўная манаграфія Міраслава Нагельскага стала несумненна важкім гістарыяграфічным укладам у нашыя веды пра найбуйнейшае ў гісторыі Рэчы Паспалітай сутыкненне ўрадавых сілаў з апазіцыяй, згуртаванай вакол эксмаршалка Любамірскага, пра метады і механізмы дзеяняў апазіцыі і двара, пра стаўленне да справы рокашу шырокіх шляхецкіх колаў, асабліва палітычнага народу Беларусі і Літвы.

Менск

Генадзь Сагановіч

Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.) (Віктар Фядосік)

Снежня 6, 1998 |


Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.) / В.В.Грыгор’ева, У.М.Завальнюк, У.І.Навіцкі, А.М. Філатава. Навук. рэд. У.І.Навіцкі. Мінск: ВП „Экаперспектыва“, 1998. 340.

Аб’ектыўнасць даследавання — вось, бадай што, галоўная рыса гэтага цікавага і грунтоўнага выдання. Перыяд, абраны аўтарамі для даследавання (ад пачатку падзелу Рэчы Паспалітай і да сучаснасці) — надзвычай складаны і дынамічны ў гістарычным лёсе Беларусі. Нельга сказаць, што ён не вывучаўся. Шмат прац па асобных аспектах гісторыі канфесій на Беларусі было выдадзена да 1917 г. Аднак іх характэрнымі рысамі былі канфесійная прадузятасць, палітызaванасць аўтарскіх канцэпцый. У часы панавання марксісцкай парадыгмы пытанням рэлігійнай гісторыі Беларусі аддавалася мала ўвагі, а калі яны ўсё ж такі разглядаліся, то рабілася гэта (за рэдкім выключэннем) з пазіцый атэізму, нярэдка ваяўнічага. Рэцэнзаванае выданне — фактычна, першая спроба абагульняльнага нарыса па гісторыі канфесій на Беларусі з канца XVIII ст.

Аўтары выкарысталі багаты фактаграфічны матэрыял. Нямала з яго (гэта датычыць перш за ўсё савецкага часу) яшчэ якіх–небудзь пятнаццаць гадоў таму было „зачынена“ для даследчыкаў. Памятаю, як у тыя гады з майго сшытка ў архіве гістпарта выразалі запіс пра судовую справу некаторых кіраўнікоў Саюза ваяўнічых бязбожнікаў у 30–я г., хоць там не было ніякай палітыкі, а простая растрата грошай. А што ўжо казаць пра рэпрэсіі супраць святароў…

Плённая праца з першакрыніцамі дазволіла аўтарам „Канфесій на Беларусі“ зрабіць грунтоўныя высновы. У выніку было абвергнута шмат ранейшых штампаў накшталт: „беларус–каталік — гэта паляк“, „уніяцтва — пераходная ступень да поўнай каталізацыі беларускага насельніцтва“, „рэлігія адмірае ў сацыялістычным грамадстве“, „у СССР існавала сапраўдная свабода сумлення“ і інш.

Структура даследавання В.Грыгор’евай, У.Завальнюка, У.Навіцкага і А.Філатавай — храналагічна–тэматычная. Выдзелены шэсць главаў, першая з якіх ахоплівае 1772–1860 г., другая — 1861–1904 г., трэцяя — 1905–1917 г., пятая 20–30–я г. ХХ ст. і шостая — 40–90–я г. Чацвёртая глава прысвечана нехрысціянскім канфесіям на Беларусі ў 1772–1917 г., што цалкам абгрунтавана з улікам, напрыклад, таго факту, што ў губернях, у якія ўваходзіла тэрыторыя Беларусі ў 1897 г., жыло больш за 1 млн. 200 тыс. іудзеяў. Праўда, храналагічныя рамкі главаў не заўсёды вытрыманыя. Так, у пятую ўведзены раздзел пра рэлігійнае жыццё ў гады II сусветнай вайны. На маю думку, у якасці храналагічнага бар’еру паміж першай і другой главамі лепш было ўзяць не традыцыйны (для сацыяльна–эканамічнай праблематыкі) 1861 г., а 1863, пасля якога адбыліся значныя змены ў рэлігійнай палітыцы царызму на Беларусі, што, дарэчы, добра паказана ў кнізе.

Пачынаецца даследаванне з раздзела пра уніяцкую царкву і Полацкі сабор 1839 г. Такая „першачарговасць“ цалкам абгрунтаваная. Аўтары зыходзяць з падлікаў літоўскіх даследчыкаў (але ёсць і такія самыя падлікі польскіх вучоных), у адпаведнасці з якімі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XVIII ст. большасць насельніцтва складалі менавіта уніяты (39%), каталікоў было 38%, праваслаўных — толькі 6,5%, старавераў — 4%, пратэстантаў — каля 1,6%. Становішча уніяцкай царквы ў Расійскай імперыі ў канцы XVIII — пачатку ХХ ст., як паказвае А.Філатава, характарызавалася ціскам на яе з двух бакоў — праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Колькасць уніятаў паступова змяншалася. Частка з іх пераходзіла ў праваслаўе, якое было панавальнай канфесіяй Расійскай імперыі, частка — у каталіцызм. Пераход уніятаў у праваслаўную царкву адбываўся рознымі шляхамі: і добраахвотна, і пад прымусам, ва ўсякім разе царскія ўлады падтрымлівалі такі пераход. Зварот жа уніятаў да каталіцкай царквы сустракаў перашкоды з боку ўладаў, але каталіцкае духавенства на Беларусі было вельмі зацікаўлена ў новых верніках, і таму ішло нават на парушэнне папскіх распараджэнняў і нават самога акта уніі, якія забаранялі пераход з уніяцтва ў каталіцызм. Ціск на уніяцкую царкву ўзрос пад час кіравання Мікалая I. Неўзабаве пасля падаўлення паўстання 1830–1831 г. быў створаны спецыяльны Сакрэтны камітэт, які са згоды найвышэйшых уніяцкіх ерархаў фактычна і „арганізаваў“ Полацкі царкоўны сабор 1839 г. і ліквідацыю уніяцкай царквы праз далучэнне яе да праваслаўнай царквы Расіі.

У даследаванні добра паказана, што не ўсё было так адназначна, як можа падацца на першы погляд, у становішчы праваслаўнай царквы на Беларусі з канца XVIII ст. і да 1863 г. Нягледзячы на павелічэнне колькасці вернікаў за кошт былых уніятаў яна не выконвала значнай ролі ў грамадскім жыцці Беларусі. Да „первенствующей и господствующей“ у Расійскай імперыі канфесіі належалі ў Беларусі, галоўным чынам, сяляне, мяшчане, дробная шляхта. Праваслаўныя святары былі незадаволеныя сваім матэрыяльным становішчам, а дзяржава (як гэта ні здаецца дзіўным) амаль не клапацілася пра яго паляпшэнне.

На Беларусі да 60–х г. ХІХ ст. найбольш багатай і ўплывовай заставалася каталіцкая канфесія, да якой належала асноўная маса памешчыкаў, а яе духавенства было больш адукаваным і актыўным, чым праваслаўнае і уніяцкае. Даволі лагоднае стаўленне царызму да каталіцкай царквы пры Кацярыне ІІ і Паўлу І рэзка пагоршылася пасля паўстання 1830–1831 г., у якім узялі актыўны ўдзел каталіцкія святары. Асноўнымі ж кірункамі ў рэлігійнай палітыцы царскіх уладаў на Беларусі было імкненне абмежаваць уплыў каталіцкага духавенства на мясцовае насельніцтва (ксяндзам, напрыклад, забаранялася прамаўляць казанні на рускай мове, а на самыя казанні была ўведзена цэнзура) і падпарадкоўваць святароў–каталікоў у большай меры расійскаму імператару, чым папу рымскаму.

Пабудаваныя на багатым, рознабаковым матэрыяле першакрыніц сюжэты і высновы першай главы падаюцца дастаткова абгрунтаванымі. Шкада, праўда, што не разглядаецца палітыка ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай расійскага самадзяржаўя напярэдадні і пад час яе падзелаў праз выкарыстанне рэлігійнага пытання. Такое адкрытае (у тым ліку і ваеннае) умяшальніцтва адбывалася пад лозунгам абароны правоў праваслаўнай і пратэстанцкай меншасцяў. Гэтую праблему, дарэчы, у свой час грунтоўна даследаваў вядомы беларускі гісторык Анатоль Грыцкевіч.

У другой главе прааналізавана канфесійная сітуацыя на Беларусі пад час паўстання 1863 г. На падставе шматлікіх фактаў В.Грыгор’ева прыйшла да высновы, што пазіцыі каталіцкага і праваслаўнага духавенства былі тут супрацьлеглымі. Каталіцкія святары адыгралі вялікую ролю ў паўстанні, асабліва на стадыі яго падрыхтоўкі. Восем святароў было расстраляна, трыццаць шэсць ксяндзоў сасланыя на катаргу, дваццаць пяць — на пасяленне ў Сібір. Але ўжо ў верасні 1836 г. кіраўніцтва каталіцкай царквы на Беларусі і ў Літве выступіла з заклікам скласці зброю і падпарадкавацца расійскім уладам. Праваслаўныя ж ерархі патрабавалі ад святароў перасцерагаць сваю паству ад змовы з паўстанцамі. Шэраг праваслаўных святароў пацярпелі ад паўстанцаў, некалькі чалавек было забіта. Былыя уніяцкія святары, як і былыя уніяцкія вернікі, паўстання не падтрымалі.

Пасля падаўлення паўстання стаўленне царызму да каталікоў на Беларусі стала больш жорскім, чым раней. Было зачынена шмат касцёлаў, кляштараў, каталікоў прымушалі пераходзіць у праваслаўе. Калі ў 1864 г. у Беларусі налічвалася 2 502,1 тыс. праваслаўных і 1 333,7 тыс. каталікоў, то ў 1897 г. адпаведна 5 114,7 тыс. і 1 947,5 тыс. Інтэнсіўна праводзілася палітыка русіфікацыі, у ажыццяўленні якой, як адзначае В.Грыгор’ева, „не апошняя роля адводзілася праваслаўнай царкве“. У храмах не гучала беларуская мова. Пад кантролем праваслаўнай царквы знаходзілася шырокая сетка царкоўна–прыходскіх школ, прычым рост іх колькасці ў 1880–90 г. у беларускіх губернях ішоў больш інтэнсіўна, чым у іншых губернях Расіі. Адраджаліся праваслаўныя брацтвы. У касцёлах жа панавала польская мова, праўда, былі і выпадкі, калі ксяндзы–беларусы прамаўлялі казанні па–беларуску. У 1869 г. царскім загадам было ўведзена фактычна абавязковае выкарыстанне расійскай мовы ў касцёлах. Аднак русіфікацыя касцёла сустрэла сур’ёзны адпор сярод часткі ксяндзоў.

Парэформенныя законы палегчылі становішча старавераў. Калі ў расійскіх губернях пачаліся масавыя пераходы з праваслаўя ў раскол, то, як заўважае В.Грыгор’ева, на Беларусі назіраўся адваротны працэс — рух старавераў да аднавер’я. Сярод беларусаў стараверства не мела поспеху — надта далёкімі і незразумелымі былі асновы самога расколу. Лютэранам і рэфарматарам з прычыны іх малалікасці ўлады не стваралі асаблівых перашкодаў. Але калі рэфарматарам было прапанавана ўвесці ў богаслужэнне расійскую мову, яны адмовіліся і працягвалі выкарыстоўваць нямецкую і польскую.

Цікавы матэрыял і назіранні выкладзены ў главе пра нехрысціянскія канфесіі на Беларусі ў 1772–1917 г. Тут распавядаецца пра іудаізм і іслам. Асабліва важным з’яўляецца вывучэнне іудаізму, які займаў трэцяе месца ў канфесійнай структуры насельніцтва. Аўтары прасачылі сітуацыю ў іудаізме ў сувязі з распаўсюджаннем хасідызму і іншых плыняў. На шэрагу прыкладаў паказана, што ўлады заахвочвалі пераход з іудаізму да праваслаўя і забаранялі адваротныя пераходы. Ствараліся перашкоды рэлігійнай адукацыі яўрэяў. Аўтары адзначаюць, што ў другой палове ХІХ ст. узрасла цяга яўрэйскай моладзі да свецкай адукацыі, да культуры Расіі. Аднак пагромы 80–х г. хоць і не дакаціліся да Беларусі, але адмоўна адбіліся на гэтым працэсе. Нешматлікасць мусульман на Беларусі, на думку В.Грыгор’евай і А.Філатавай, прывяла да таго, што царскі ўрад не рабіў тут рэлігійных абмежаванняў, хоць у 80–я г. ім было забаронена весці набажэнствы і чытаць рэлігійныя кнігі на польскай мове.

Пэўныя змены ў становішчы канфесій на Беларусі адбыліся пасля царскага ўказу ад 17 красавіка 1905 г., вядомага як указ аб верацярпімасці. У адпаведнасці з ім праваслаўная царква засталася „первенствующей и господствующей“, але адмяняліся рэпрэсіі за пераход з праваслаўя ў іншыя канфесіі, закон Божы для неправаслаўных павінен быў выкладацца на роднай мове вучняў. За 1905–1909 г. у Беларусі з праваслаўя ў каталіцызм перайшло некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у выніку чаго з’явіўся сакрэтны ўказ імператара, які патрабаваў ад праваслаўнага духавенства актыўнага супрацьдзеяння гэтаму працэсу. Што тычыцца выкладання закона Божага на роднай мове вучняў, то, як паказвае В.Грыгор’ева, ксяндзамі гэта разумелася як выкладанне па–польску, а ўладамі — па–расійску. Аўтар аналізуе і ўдзел духавенства ў беларускім нацыянальным руху. Некаторая частка духавенства, беларусаў з паходжання, актыўна ўдзельнічала ў справе беларускага адраджэння. Цэнтрам гэтага руху сярод ксяндзоў быў Пецярбург з яго каталіцкай акадэміяй і семінарыяй, сярод праваслаўных святароў — Масква. Беларусы–каталікі ў траўні 1917 г. стварылі партыю „Беларуская хрысціянская злучнасць“, да якой далучыліся і шэраг праваслаўных святароў–беларусаў.

Больш за палову зместу кнігі прысвечана гісторыі канфесій на Беларусі з 1917 г. да нашых дзён. Кастрычніцкі пераварот унёс істотныя змены ў становішча канфесій. Як слушна заўважае У.Навіцкі, дэкрэт СНК „Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы“ (студзень 1918 г.), у якім абвяшчалася права чалавека спавядаць любую рэлігію або не спавядаць ніякай, супярэчыў праграмным устаноўкам бальшавікоў, накіраваным на „поўнае адміранне рэлігійных забабонаў“. І на справе ажыццяўлялася не дэклараваная свабода сумлення, а зусім іншая палітыка. „Умяшанне ў канфесійныя справы, — канстатуе У.Навіцкі, — стала нормай на працягу ўсіх гадоў існавання СССР. Вынікам гэтай палітыкі стала тое, што ва ўсходняй частцы Беларусі да пачатку 40–х гадоў былі гвалтоўна закрыты ўсе праваслаўныя цэрквы, за выключэннем толькі двух (!) храмаў, фактычна спынена дзейнасць каталіцкай царквы, ліквідаваны ўсе сінагогі. Шквал рэпрэсій абрынуўся на духавенства і вернікаў“. Аўтар прыводзіць шмат прыкладаў такіх расправаў, звесткі пра многія з якіх доўгі час былі схаваныя ў надзейных „спецхранах“. Прычым факты сведчаць пра тое, што жорсткія рэпрэсіі супраць святароў пачаліся задоўга да злавеснага 37–га. Так, ужо ў красавіку 1923 г. быў прыгавораны да расстрэлу каталіцкі магілёўскі архібіскуп Ян Цэпляк, у 1929 г. такі самы прыгавор быў вынесены ксяндзу Я.Мацеўскаму. У 1922 г. у БССР быў расстраляны 201 праваслаўны святар. Новая хваля рэпрэсій супраць духавенства пачалася з 1937 г. НКУС адну за адной фабрыкаваў „гучныя справы“. У 1937 г. адбыўся суд па „справе“ Беларускай аўтакефальнай царквы, створанай праваслаўнымі святарамі ў 1922 г. Расстраляна 11 чалавек. У 1938 г. — працэс над „шпіёнска–паўстанцкай арганізацыяй“ на чале з мітрапалітам П.Бліновым. Усяго каля 2000 праваслаўных святароў было расстраляна або загінула ў лагерах. У дачыненні да ксяндзоў з ЦК КП(б)Б у Маскву было накіраванае данясенне, дзе гаварылася, што „абсалютная большасць іх за апошні час арыштавана, бо яны выкрыты ў вядзенні шпіёнскай работы“. У 20–30–я г. разгарнулася масавая атэістычная прапаганда, у якой было шмат прымітыўнага, прымусовага. У пятай главе даследавання прыведзена шмат канкрэтных фактаў, якія выкрываюць крывадушнасць бальшавіцкага кіраўніцтва ў дачыненні да свабоды веравызнання. Аднак, на маю думку, дзеля аб’ектыўнасці трэба было паказаць і пазіцыю духавенства пад час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны.

Ліхалецце II сусветнай вайны прывяло да актывізацыі рэлігійнага жыцця, ды і сталінскаму рэжыму не патрэбна было ў той час штучнае абвастрэнне адносін у грамадстве. А пасля вайны зноў пачаўся наступ на рэлігію. Як адзначае У.Навіцкі, адчувалася нейкая лібералізацыя ў стаўленні дзяржавы да праваслаўя, але вельмі жорсткімі заставаліся адносіны да іншых канфесій, асабліва да каталікоў і іудзеяў. У гады палітычнай „адлігі“ прыйшла новая хваля ўціску на рэлігійныя арганізацыі. Праўда, яны ўжо разглядаліся не як „класавы вораг“, а як „ідэалагічна чужая“ сацыялізму з’ява. У 1960 г. на Беларусі былі зачынены два з трох манастыроў, 219 праваслаўных храмаў — па гэтым паказчыку Беларусь была лідэрам сярод саюзных рэспублік. Дайшло да таго, што кіраўніцтва рэспублікі звярнулася ў Маскву з прапановай пераўтварыць БССР у першую „бязбожную“ рэспубліку СССР. Уціск з боку ўладаў, паводле ацэнкі У.Навіцкага, цярпелі ўсе канфесіі на Беларусі, акрамя старавераў, бо існавала перакананне, што іх абшчыны выміраюць. Прапагандысцкая работа супраць „рэлігійных забабонаў“ значна ўзмацнялася з прыняццем КПСС курса на хуткую пабудову камуністычнага грамадства, у якім не магло быць месца рэлігіі.

У „брэжнеўскія“ часы ў атэістычнай прапагандзе выкарыстоўваліся старыя формы і метады працы. Застой назіраўся і ў гэтай сферы. Узрастальнае незадавальненне вернікаў антыдэмакратычнай рэлігійнай палітыкай дзяржавы прывяло да распаўсюджання такой з’явы, як „рэлігійны экстрэмізм“ (паводле тэрміналогіі ўладаў). На самай справе асноўныя патрабаванні гэтых экстрэмістаў зводзіліся да ажыццяўлення сапраўднай свабоды веравызнання. Найбольш праявы „рэлігійнага экстрэмізму“ сустракаліся сярод пратэстанцкіх вернікаў. На думку У.Навіцкага, на той час забараняльныя меры сябе вычарпалі, колькасць жа вернікаў узрастала.

Радыкальныя змены ў становішчы канфесій адбыліся ў часы „перабудовы“. Ідэалагічны ўціск паступова слабеў, адыходзілі ў нябыт рэпрэсіі. Колькасць вернікаў на Беларусі толькі за 1988–1989 г. павялічылася ўдвая. Сапраўднае адраджэнне рэлігійнага жыцця назіралася з набыццём Беларусі незалежнасці. Ад васьмі да дваццаці васьмі павялічылася колькасць канфесій. Важную ролю выконвае прыняты ў снежні 1992 г. закон „Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях“. У апошнім раздзеле кнігі, напісаным У.Навіцкім і У.Завальнюком, прыведзена шмат прыкладаў актывізацыі дзейнасці розных канфесій, праўда, на мой погляд, не пашкодзіла б растлумачыць, у чым „дэструктывізм“ шэрагу сектаў.

Даследаванне выконвалася чатырма аўтарамі. Адчуваецца, што аўтарскі калектыў працаваў зладжана, гэта калектыў аднадумцаў. Але часам сустракаюцца паўторы ў розных главах, напісаных рознымі аўтарамі. Але не будзем прыдзірлівымі, ужо само выданне першага абагульняльнага даследавання па гісторыі канфесій на Беларусі — станоўчая з’ява ў навуковым жыцці краіны.

Менск

Віктар Фядосік

Наверх

Черепица, Валерий Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества; яго ж, Польское национальное движение в Белоруссии (Алесь Смалянчук)

Снежня 5, 1998 |

Черепица, Валерий Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества. Гродно, ГрГУ, 1998. 328;
ён жа, Польское национальное движение в Белоруссии (последняя треть ХIХ в.): факты, события, комментарии. Гродно, 1996. 142.

У 1998 г. у Горадні выйшла з друку кніга прафесара Валерыя Чарапіцы, прысвечаная аднаму з самых прыкметных тэарэтыкаў і дзеячаў «заходнерусізму». Манаграфія выдадзена пры ўдзеле Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта як «навуковае выданне». Яна складаецца з «Прадмовы» і васьмі раздзелаў, большасць з якіх прысвечана асобным этапам станаўлення М.Каяловіча як навукоўца і грамадскага дзеяча. У апошніх раздзелах аўтар засяродзіў увагу на дзейнасці вучняў і паслядоўнікаў М.Каяловіча, на лёсе ягоных сыноў. Аповед В.Чарапіцы суправаджаецца спробамі ахарактарызаваць гістарычную cітуацыю ў «Заходняй Расіі»[1] ў ХIХ ст. Завяршае кнігу спіс публікацый М.Каяловіча і пералік найбольш важных падзей ягонага жыцця.

Спіс выкарыстаных крыніц і навуковай літаратуры адсутнічае. Аднак «Прадмова» і «Заўвагі», дзе пералічаны цытаваныя выданні, даюць магчымасць убачыць падмурак даследавання. Аўтар абапіраўся на публіцыстычную і навуковую спадчыну Каяловіча, карыстаўся ягонымі запісамі біяграфічнагу характара, перапіскай з І.Карнілавым, І.Аксакавым, І.Катовічам і некаторымі іншымі дзеячамі грамадскага і культурнага жыцця, тэкстамі некралогаў пра М.Каяловіча і інш.

Тэкст кнігі паказвае веданне аўтарам шырокага кола прац расійскіх гісторыкаў ХIХ і пачатку ХХ ст. (асабліва даследчыкаў з духоўнымі званнямі), у якіх пэўная ўвага аддавалася асобе М.Каяловіча і ягоным канцэпцыям. В.Чарапіца коратка ахарактарызаваў стаўленне да М.Каяловіча з боку як савецкай, так і беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Узорам адносінаў апошняй для В.Чарапіцы стала кніга Аляксандра Цвікевіча «Западно–руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХIХ і пачатку ХХ в.» (Мінск, 1993). Кніга была напісаная ў канцы 20–х г., і ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі ўжо мелі месца спробы крытычнага аналізу гэтай працы[2]. Але, па сутнасці, з выбарам В.Чарапіцы можна пагадзіцца. Праца А.Цвікевіча і сапраўды адлюстроўвае асноўныя падыходы нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі да асобы і канцэпцый М.Каяловіча.

Кніга В.Чарапіцы напісана на высокім эмацыйным уздыме. Адчуваецца аўтарскае захапленне асобай М.Каяловіча, якое пры пераказе найбольш важных момантаў канцэпцыі даследчыка дазваляе гаварыць пра ідэйнае яднанне аўтара з сваім героем. Узнікае нават уражанне, што вуснамі М.Каяловіча і яго паслядоўнікаў у пэўныя моманты прамаўляе сам В.Чарапіца. У прыватнасці, гэта датычыць характарыстыкі беларускага нацыянальнага руху.

Феномен гэтага яднання ў «навуковым выданні» адразу насцярожвае. Пазней насцярожанасць саступае месца перакананню, што аўтар нават і не спрабаваў «адшукаць» рэальнага М.Каяловіча і пазнаёміць з ім беларускага чытача. Пра гэта сведчаць ужо першыя радкі біяграфіі М.Каяловіча ў трактоўцы В.Чарапіцы: «Михаил Осипович Коялович родился 20 сентября (2 октября по новому стилю) 1828 г. в семье священника местной (Кузницкой — А.С.) православной церкви» (с.15–16). Гісторыкам добра вядома, што М.Каяловіч нарадзіўся ў сям’і уніяцкага святара. Недакладнасць В.Чарапіцы можна расцаніць як спробу свядомага падману. Амаль адразу чытачу навязваецца вобраз М.Каяловіча, які больш адпавядае пажаданням аўтара, чым гістарычнай рэчаіснасці.

Тэкст кнігі ўяўляе сабой аўтарскі пераказ зместу асноўных прац М.Каяловіча («Литовская церковная уния», «Лекции по истории Западной России», «История русского самосознания…» і інш.) з мноствам цытатаў. Гэты пераказ перамяжоўваецца ўласнымі аўтарскімі разважаннямі ў духу «заходнерусізму». Спроба грунтоўнага аналізу навуковых канцэпцый і грамадскіх поглядаў М.Каяловіча ў кантэксце эпохі ў кнізе адсутнічае. Усё гэта, на жаль, не дазваляе зразумець рэальнага месца аднаго з галоўных тэарэтыкаў «заходнерусізму» ў гістарычнай і грамадскай думцы другой паловы ХIХ ст.

Вызначаць гэтае месца ў дадзенай рэцэнзіі — значыць пераказваць змест прац Аляксандра Цвікевіча, Янкі Станкевіча, Уладзіміра Конана, Мікалая Улашчыка, Аляксея Каўкі ды інш. Хацелася б толькі заўважыць, што «заходнерусізм» уяўляе сабой даволі складаны феномен грамадска–палітычнай думкі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку «заходнерусізму» (у прыватнасці, К.Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам «польска–каталіцкай экспансіі» і прапаноўвалі знішчыць іх для аднаўлення «спрадвечна рускага характару краю». Гэты кірунак быў разнавіднасцю вялікадзяржаўнай шавіністычнай ідэалогіі, якая адмаўляла існаванне беларусаў як самабытнага этнасу. Але «заходнерусізм» меў і іншы кірунак — ліберальны, ці «ліберальна–памяркоўны» (П.Церашковіч). Якраз да яго належаў і М.Каяловіч. Прыхільнікі гэтага кірунку прызнавалі рэальнасць існавання Беларусі як этнаграфічнага рэгіёна, але адхілялі ідэі стварэння нацыянальнай культуры і фармавання нацыянальнай супольнасці. Дарэчы, у адным з лістоў, адрасаваных да І.Карнілава, М.Каяловіч, маючы на ўвазе русіфікацыйную дзейнасць расійскіх чыноўнікаў у Беларусі, пісаў: «…первейших из русских негодяев должна бы душить та же верёвка, которая душила измену польскую» (РНБ. Аддзел рукапісаў. Фонд 629. В.Ф.Ратч. №393). Гэты кірунак «заходнерусізму», як здаецца, пры пэўных умовах мог стаць адной з формаў развіцця беларускай этнічнай самасвядомасці ў другой палове ХIХ ст.

Хацелася б звярнуць увагу на разуменне М.Каяловічам (і В.Чарапіцам) сутнасці гістарычнага даследавання і тых задач, якія стаяць перад кожным гісторыкам–даследчыкам.

Пераказваючы асноўныя моманты «Истории русского самосознания…», В.Чарапіца падрабязна спыняецца на разуменні М.Каяловічам сутнасці даследчыцкай працы. М.Каяловіч прыйшоў да высновы, што ў працы кожнага даследчыка непазбежна прысутнічае суб’ектывізм (110). Слушная думка. Гісторыку вельмі цяжка пазбегнуць суб’ектывізму, народжанага ягоным светаўспрыманнем, якое залежыць ад выхавання, адукацыі, асаблівасцяў характару, ад сацыяльных і нацыянальных сімпатый, антыпатый і г.д. Што ж рабіць даследчыку, які разумее гэтую абмежаванасць? М.Каяловіч сцвярджае, што трэба выбраць той суб’ектывізм, які з’яўляецца «найменшым злом», і працаваць на яго карысць (110–111). Аўтар, як здаецца, цалкам падтрымлівае гэтую выснову, а значыць, пагаджаецца з абвешчаным правам даследчыка рабіць з гістарычнай навукі паслухмяную служку свайго суб’ектывізму.

Між тым, многія даследчыкі выбіраюць іншы шлях. Яны настойліва шукаюць магчымасць абмежаваць уласны суб’ектывізм з дапамогай пэўных метадалагічных сродкаў, выпрацаваных сусветнай гістарычнай навукай. Але ж для гэтага трэба, па меншай меры, яе ведаць. Сучаснік М.Каяловіча Сяргей Салаўёў, які ў свае маладыя гады слухаў лекцыі Леапольда Ранке і Карла Рытэра, выкарыстоўваў прынцып максімальнай паўнаты крыніц, якія б адлюстроўвалі самыя розныя погляды на аб’ект гістарычнага даследавання. Безумоўна, гэты прынцып у пэўнай ступені паспрыяў навуковым дасягненням С.Салаўёва. М.Каяловіч, як можна зразумець з тэксту кнігі, з вопытам і метадалогіяй еўрапейскай гістарычнай навукі быў знаёмы досыць слаба. Наўрад ці неадукаванасць можна лічыць моцным бокам даследчыка. Але аўтар кнігі лічыць менавіта так: «Он первым бросил серьезный и глубоко аргументированный вызов тем силам в исторической науке и общественной жизни, кто следовал в изучении прошлого и настоящего белорусского народа не с позиций его собственного многовекового опыта, а жил заемным умом новомодных завоеваний западноевропейской науки…. Он говорил и писал о прошлом, настоящем и будущем Белоруссии, лишь исходя из своей уверенности в той правоте, которая находила подтверждение в исторических документах и реалиях современной ему жизни» (261).

Вядомая ўкраінская даследчыца Наталя Якавенка ў адным з артыкулаў справядліва заўважыла: «Без дыялогу з сусветнай навукай кожная нацыянальная навука ператвараецца ў запаведнік правінцыйных дзівакоў, з якога час ад часу вылазіць чарговы анахранізм, але ніколі не выходзіць адэкватная часу думка». Ігнараванне дасягненняў гістарычнай навукі амаль непазбежна нараджае этнічны, дзяржаўны або канфесійны цэнтрызм, які, у сваю чаргу, прыводзіць да панавання «двайнога стандарту» ў ацэнках, спрыяе актывізацыі пошука «ворагаў» і г.д. Здаецца, усё гэтыя наступствы самаізаляцыі прысутнічаюць у навуковай спадчыне галоўнага героя кнігі. Па меншай меры, пра гэта дазваляе гаварыць тэкст В.Чарапіцы.

У канцэпцыі М.Каяловіча галоўны вораг «белорусского племени» — палякі. Прыхільнікі «заходнерусізму» абвінавачвалі палякаў амаль ва ўсіх бедах эпохі: ад прыгоннага ладу да стварэння беларускага нацыянальнага руху. Пры гэтым чамусьці не заўважалася, што расійскі памешчык быў не меншым прыгоннікам, і што прыгонны лад трымаўся ў ХIХ ст. якраз на расійскім заканадаўстве.

М.Каяловіч сцвярджаў нават, што менавіта палякі («Польский Виленский земельный банк») былі галоўнай перашкодай на шляху набыцця зямлі беларускімі сялянамі (75). І сапраўды, у апошняй трэці ХIХ ст. рынак зямлі ў Беларусі і Літве практычна адсутнічаў. Але віной таму была, галоўным чынам, антыпольская палітыка расійскага ўраду, якая актыўна ажыццяўлялася (праўда, не заўсёды паслядоўна) пасля падаўлення паўстання 1863–1864 г. У межах гэтай палітыкі 10 снежня 1865 г. быў падпісаны Аляксандрам II указ, які забараняў палякам (і каталікам) набываць зямлю ў беларуска–літоўскім краі. І польская грамадскасць рабіла ўсё магчымае, каб яе не страціць. А калі зямля ўсё ж такі ішла на продаж, то ўжо расійскія ўлады клапаціліся пра тое, каб яна трапіла або расійскім дваранам–землеўладальнікам, або расійскім сялянам–перасяленцам[3].

Пратэст выклікае і аўтарская ацэнка беларускага нацыянальнага руху. В.Чарапіца ўпэўнены, што для беларускага руху было „трагедией … что его зачинателями стали выходцы из полонизированной католической шляхты «двойные ренегаты, ренегаты ренегатов»…“ (22). Адзначым, што размова, у прыватнасці, ідзе пра такіх выдатных дзеячаў беларускай культуры, як Людвік Кандратовіч, Арцём Вярыга–Дарэўскі, Вінцэнт Дунін–Марцінкевіч. На думку В.Чарапіцы, яны толькі на словах выступалі за беларускасць. На самой справе іх мэтай было акаталічванне і апалячванне беларусаў, бо яны «не маглі адарвацца ад шляхецка–польскай культуры» (24). У гэтым сцвярджэнні прафесар Гарадзенскага універсітэта таксама ідзе ўслед за М.Каяловічам, які лічыў, што палякі прыдумалі беларускасць, бо адчулі небяспеку сваім пазіцыям у Беларусі з боку расійскага ўраду (43). Галоўны аргумент на карысць тэзіса пра «крывадушша» беларускіх дзеячаў — ужыванне імі польскай мовы. Аўтар быццам не ведае, што рэальнасцю беларускай гісторыі сярэдзіны ХIХ ст. было дамінаванне польскай мовы сярод адукаваных колаў грамадства. Тое, што згаданыя беларускія дзеячы, не баючыся абвінавачванняў у «хлопаманстве», пачалі карыстацца ў сваёй творчасці беларускай мовай, сведчыць якраз пра шчырасць гэтых людзей. На першы план свядомасці гэтых «ліцвінаў» пачало выходзіць усведамленне імі свайго этнічнага паходжання, сваёй сувязі з беларускай зямлёй і беларускім народам. І гэтае пачуццё паступова станавілася мацнейшым, чым адчуванне культурнай сувязі з польскім этнасам. Блізкасць беларускага і польскага рухаў у ХIХ ст. была абумоўлена існаваннем агульнага ворага — расійскага самаўладдзя. Па меры развіцця падзеяў сувязі з шляхецкім кірункам польскага руху былі разарваныя. А вось супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў абодвух рухаў працягвалася яшчэ доўгі час. Аднак яно ніколі не азначала несамастойнасці беларускага руху.

Над кнігай лунае дух рэлігійнай абмежаванасці. М.Каяловіч, а разам з ім і В.Чарапіца ўпэўненыя, што канфесійная прыналежнасць з’яўляецца галоўным крытэрыем вызначэння нацыянальнасці. Для беларускай гісторыі гэта азначае, што праваслаўны — значыць «рускі», а католік — «паляк». «Западная Россия» пры гэтым успрымаецца як памежная тэрыторыя, дзе на працягу стагоддзяў адбывалася (і адбываецца?!) змаганне дзвюх варожых цывілізацый — «ўсходняй» і «заходняй». Беларусы як частка «рускага народу» належаць да «руска–праваслаўнай», або «ўсходняй» цывілізацыі. Наступ «заходняй цывілізацыі» («польска–каталіцкая экспансія») пагражае самому існаванню беларускага народа. Прыхільнікі ідэалогіі «заходнерусізму» упэўненыя, што будучыня беларусаў — гэта або вяртанне да сваіх «вытокаў», г.зн. поўнае абрусенне, або акаталічванне і апалячванне. Трэці варыянт — самастойнае існаванне беларускай нацыі ў межах уласнай дзяржавы — для іх не існуе. Адпаведна, беларускі рух ці, як піша В.Чарапіца, «белорусский национал–сепаратизм» (6) і «так называемое „адраджэнне“» (6) — гэта толькі інтрыгі падступнага і зламыснага Захаду.

Можна зразумець прычыны пераканання М.Каяловіча ў няздольнасці беларусаў да самастойнага існавання. У другой палове ХIХ ст. у гэтае існаванне верылі нямногія. Але на чым грунтуецца гэтае пераканне ў В.Чарапіцы? Можа, на выніках майскага рэферэндуму 1995 г.? Можа, на ўласнай апантанасці ідэалогіяй «вялікай і непадзельнай праваслаўнай Расіі»? Калі так, то гэта даволі хісткі падмурак для гісторыка.

Беларуская зямля не з’яўляецца прыдаткам ні да Польшчы, ні да Расіі. Беларусь мае сваю гісторыю, свой уласны гістарычны шлях. Магчыма, якраз «рускі суб’ектывізм» аўтара не дазваляе гэтага зразумець.

На пачатку кнігі аўтар у сувязі з тым, што працы М.Каяловіча доўгі час не перавыдаваліся, ставіць пытанне: чаму гэтыя працы «страшили и страшат новых монополистов в науке истории?» (7). Паспрабую адказаць. Працы М.Каяловіча нікога не палохаюць. «Заходнерусізм» здаўна атрымаў належную ацэнку беларускіх гісторыкаў і беларускага грамадства. А сённяшняе адраджэнне гэтай ідэалогіі ў Беларусі звязана як з ажыўленнем шавіністычных настрояў у пэўных палітычных колах Расіі, так і з тым, што, як трапна заўважыў В.Чарапіца, прэзідэнт Лукашэнка «знает и понимает» беларускі народ дакладна так, як гэта рабіў у свой час доктар багаслоўя М.Каяловіч (43). З навуковага пункту погляду канцэпцыя «заходнерусізму» цікавая толькі ў якасці пэўнага феномену эпохі, а вывучэнне яго дазваляе больш глыбока зразумець умовы, у якіх адбывалася фармаванне беларускай нацыі і шляхі развіцця яе свядомасці.

Беларусы сапраўды і ў ХIХ ст., і сёння пазбаўлены нацыянальнага адзінства. Але, здаецца, адказнасць за гэта нясуць не дзеячы беларускага адраджэння, а тыя, хто прыкладаў усе намаганні, каб не дапусціць пашырэння беларускай нацыянальнай ідэі. Да іх ліку трэба аднесці вучняў і паслядоўнікаў М.Каяловіча. Яны і сёння адмаўляюць існаванне беларускай і ўкраінскай культуры, сцвярджаюць, што беларуская мова — гэта «язык католическо–литвинской культуры (сработанный наскоро топором на задворках у польской)» (263) і г.д. У іх уяўленнях магчымасць «возрождения подлинной белорусской национальной культуры» з’явіцца толькі «на основе такого сущностного признака как общерусскость» (265). (Цікава, які сэнс пры гэтым укладвае прафесар В.Чарапіца ў паняцце «беларуская нацыянальная культура»?)

Наогул, у кнізе выкарыстоўваецца шэраг ненавуковых паняццяў (напрыклад, «белорусский национал–сепаратизм»). Многія паняцці («восточная цивилизация», «западная цивилизация», «русско–православная цивилизация» і г.д.) патрабуюць спецыяльнага тлумачэння. Ужыванне ненавуковай тэрміналогіі непазбежна прыводзіць да некарэктнасці ў высновах. Хоць у публіцыстычных выданнях, а менавіта да такіх трэба аднесці кнігу В.Чарапіцы, гэты недахоп не з’яўляецца парушэннем жанру.

*

Аўтарская ацэнка месца і ролі польскага этнасу ў беларускай гісторыі, разуменне В.Чарапіцам сутнасці даследчыцкай працы прымушае звярнуць увагу на выдадзены гэтым самым аўтарам у 1996 г. зборнік дакументаў «Польское национальное движение в Белоруссии …».

Зборнік складаецца з пяці раздзелаў («Польское национальное движение в Белоруссии после поражения восстания 1863 г.», «Попытки оживления польского национального движения в 1866–1868 г.», «Активизация польского национального движения в Белоруссии в 1870–1871 г.», «Подъём польского общественного движения в Белоруссии в 1875–1878 г.», «Польское национальное движение в Белоруссии в 80–90–е г. ХIХ в.»), у якіх змешчаны 138 дакументаў. Адразу кідаецца ў вочы аднабаковы (дакладней, тэндэнцыйны) характар іх падборкі. 135 дакументаў «нарадзіліся» ў недрах расійскіх дзяржаўных устаноў. Яны характарызуюць польскі рух з пункту гледзішча расійскага чыноўніка. Толькі тры (?!) маюць дэклараванае «польскае» паходжанне. Праўда, змест некаторых з іх (у прыватнасці, пракламацый 1867 г.) выклікае думкі пра звычайную паліцыйную правакацыю.

Такі падыход да падбору дакументаў не дазваляе ўсебакова ахарактарызаваць феномен польскага нацыянальнага руху ў Беларусі. В.Чарапіца цвёрда стаіць на пазіцыі асуджэння ўсіх праяваў польскага руху ў «Заходнім краі Расіі». (Дарэчы, гэты тэрмін у зборніку прыводзіцца без двукосся.) Дарэчы, асуджае ён не толькі дзеячаў польскага руху. Укладальнік палічыў неабходным у прадмове «ахарактарызаваць» і беларускі рух. Працягваючы традыцыі ідэолагаў кансерватыўнай плыні «заходнерусізму», В.Чарапіца фактычна заявіў, што беларускі рух з’яўляецца толькі адной з польскіх інтрыг супраць расійскай нацыі.

Пачуццё, што мы маем справу з чарговым ненавуковым выданнем, яшчэ больш узмацняецца, калі чытач пачынае знаёміцца з зместам дакументаў. Матэрыялы зборніка адразу нараджаюць пытанне, што разумее ўкладальнік пад гістарычным фактам, пра веліч якога гаворыць у прадмове. Большасць айчынных і замежных даследчыкаў ужо даўно прынялі дзвюхступенную класіфікацыю гістарычнага факта. Яшчэ ў 1969 г. маскоўскі гісторык А. Гурэвіч падкрэсліваў розніцу паміж рэальнасцю мінулага і фактам як прадметам навукі. Апошні, на ягоную думку, гэта не проста кожны дакумент, знойдзены даследчыкам у архіве або бібліятэцы, а вынік пэўных навуковых аперацый. Толькі тады, калі гісторык ацэніць «рэальнасць мінулага» і ўключыць яе ў сістэму заканамерных сувязяў, народзіцца гістарычны факт, які будзе мець навуковую каштоўнасць. Іншы вядомы расійскі даследчык М. Барг вылучаў «факт гісторыі» і «навукова–гістарычны факт», падкрэсліваючы значнасць апошняга. Гэтая класіфікацыя ў вялікай ступені грунтавалася на працах еўрапейскіх гісторыкаў, у прыватнасці, Л.Голдстайна. Англійскі гісторык пераканальна давёў, што гістарычны факт нараджаецца толькі ў выніку навуковага даследавання.

Прыкладам «гісторыі», якую можна напісаць, калі ігнараваць адзначаныя палажэнні метадалогіі навукі, з’яўляецца тэзіс пра падрыхтоўку польскага паўстання ў Беларусі ў другой палове 60–х г. В.Чарапіца на падставе афіцыйных данясенняў сцвярджае, што «идея возможности восстания стала заявлять о своём существовании (? — А.С.) демонстрациями, пением революционных (? — А.С.) гимнов, а также частыми находками при обысках у помещиков шарфов и чемарок, ношением на груди чёрных крестов и других эмблематических изображений» (41). Між тым, добра вядома, што ў другой палове 60–х г. у грамадстве Беларусі, Літвы і Польшчы панавалі настроі расчаравання і апатыі. Толькі ў данясеннях расійскіх жандараў, якім трэба было пацвярджаць неабходнасць сваёй прысутнасці ў краі, магла з’явіцца ідэя падрыхтоўкі паўстання.

Апублікаваныя матэрыялы ствараюць уражанне, што польскі нацыянальны рух — гэта распаўсюджванне чутак, якія ганьбілі праваслаўную веру і імператарскую ўладу, засылка ў Беларусь польскіх эмігранцкіх агентаў, размова па–польску ў публічным месцы, падрыхтоўка чарговага паўстання, нашэнне шпілек з польскім арлом і г.д. Няўжо гэта і ёсць нацыянальны рух? Здаецца, што ўкладальнік і сам не разумее, пра што ідзе гаворка. Ні ў прадмове, ні ў каментарах ён нават не паспрабаваў растлумачыць сэнс паняцця «польскі нацыянальны рух» у дачыненні да Беларусі апошняй трэці ХIХ ст. Між тым, ёсць усе падставы сцвярджаць, што польскі нацыянальны рух у Беларусі і Літве напрыканцы ХХ ст. — гэта грамадска–палітычная, эканамічная і культурна–рэлігійная дзейнасць польскай грамадскасці, накіраваная на барацьбу супраць антыпольскай палітыкі расійскага ўрада. Палякі імкнуліся захаваць і ўмацаваць дамінавальныя пазіцыі ў эканоміцы краю, ягоным грамадскім і культурным жыцці. Якраз гэтыя кірункі дзейнасці польскай грамадскасці і павінны стаць галоўным аб’ектам увагі гісторыка, які спрабуе ахарактарызаваць польскі рух у Беларусі.

Можна было б спадзявацца, што адзначаныя недахопы зборніка будуць кампенсаваныя каментарамі ўкладальніка. Аднак, на жаль, гэтага не адбылося. Каментары часцей або не датычаць тых дакументаў, пасля якіх яны змешчаны (разд. 1 і разд. 5), або з’яўляюцца простым пераказам зместу надрукаваных у раздзеле дакументаў (разд. 2).

Сапраўднае абурэнне выклікае вельмі нізкі ўзровень археаграфічнай апрацоўкі дакументаў. Досыць часта замест дакумента ўкладальнік змяшчае ўласны пераказ некалькіх старонак архіўнай крыніцы (гл. с.5–7, 8–9, 19, 22–23, 24, 25, 30 і г.д.). Сам факт пераказу ніяк не пазначаны. Не пазначаны і скарачэнні. У шэрагу выпадкаў апошні абзац «дакумента» ўяўляе сабой галоўную ідэю некалькіх старонак архіўнага тэксту, сфармуляваную ўкладальнікам. Такім чынам, В.Чарапіца на с.5–7 змясціў дакумент аб’ёмам у 97 старонак, на с.36 — дакумент аб’ёмам у 39 старонак, на с.96–97 — дакумент аб’ёмам у 64 старонкі і г.д.

Археаграфічная неахайнасць, тэрміналагічная блытаніна, цьмянасць некаторых абзацаў каментараў, ігнараванне сучаснай польскай і беларускай гістарыяграфіі па праблеме польскага руху ў Беларусі, навязванне чытачу ідэалогіі «заходнерусізму» не дазваляе карыстацца гэтым зборнікам у навуковых даследаваннях.

Горадня

Алесь Смалянчук


[1] Менавіта так аўтар звычайна называе Беларусь і Літву.
[2] Гл., напр.,: Біч М. «Заходнерусізм» і беларускі нацыянальны рух: гістарыяграфічны аспект// Беларусь паміж Усходам і Захадам. Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч.1. Мінск, 1997.
[3] Гл.,напр., «Всеподданейший отчёт…» виленского, гродненского и ковенского генерал-губернатора П.Д.Святополк-Мирского Николаю ІІ // Беларускі гістарычны часопіс.1997. №2.

Наверх

Turonek, Jerzy. Weißruthenien: Zweitfrontenkrieg der Ideologien (Сяргей Новікаў)

Снежня 4, 1998 |

TURONEK, JERZY. Weißruthenien: Zweifrontenkrieg der Ideologien, y: Anpassung — Kollaboration — Widerstand: kollektive Reaktionen auf die Okkupation / Wolfgang Benz u.a. (Hrsg.). Berlin: Metropol, 1996. S.191–198.

Артыкул Юрыя Туронка з’яўляецца адной з 15 навуковых работ, змешчаных у першым выданні Цэнтра даследаванняў Берлінскага тэхнічнага універсітэта. На працягу трох апошніх гадоў тут пабачыла свет серыя выданняў пад агульнай назвай „Нацыянал–сацыялістычная акупацыйная палітыка ў Еўропе 1939—1945 г.“. Адзначым, што выканаўцы маюць дваякую мэту: па–першае, ліквідаваць навуковы і грамадскі дэфіцыт ведаў па згаданай праблеме, а па–другое, надаць ёй сапраўды „еўрапейскі“ характар даследавання праз пераадоленне дагэтуляшніх нацыянальных абмежаванняў.

У некаторай меры на дасягненне вызначанай мэты скіраваны артыкул вядомага беларускаму чытачу аўтара кнігі „Беларусь пад нямецкай акупацыяй“ — Ю.Туронка, які цяпер разглядае праблему „Ідэалагічная вайна на два франты ў Беларусі“.

Публікацыя складаецца з чатырох невялікіх частак. У першай аўтар характарызуе складанасць беларускага нацыянальнага руху і звяртае ўвагу на той факт, які меў месца ў пачатку ХХ стагоддзя, калі пад час I сусветнай вайны імкненні беларусаў да нацыянальнай і культурнай самастойнасці знайшлі падтрымку з боку нямецкай акупацыйнай улады. З пачаткам другой сусветнай вайны беларускі народ трапляе „другі раз“ (191) пад нямецкую акупацыю. Палітычны лёс Беларусі, ці „беларускае пытанне“ да вайны не мела яснага ўспрымання ў вышэйшых колах Трэцяга Рэйху. На этапе нямецка–савецкага супрацоўніцтва яму зноў „не надаюць асаблівай увагі“. Гэта адбываецца толькі ў час ваеннай і ваенна–эканамічнай падрыхтоўкі да вайны. Са спасылкай на даступныя дакументы аўтар сцвярджае, што ў дачыненні да Беларусі Гітлер канчаткова вызначаецца 17 сакавіка 1941 г., калі перадае пытанні распрацоўкі палітычных і эканамічных мэтаў Імперскаму міністэрству па акупаваных усходніх абласцях. Супрацоўнікі Рэйхсміністэрства хоць і ўхвалялі нацыянальна–дзяржаўную аўтаномію Беларусі, аднак свае разважанні ў дачыненні да гэтага абмяжоўвалі поглядамі пра слабасць нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і недахопамі іх культурна–эканамічнага развіцця. Адпаведна ўсё гэта патрабавала цяжкіх і працяглых намаганняў для ўтварэння „дзеяздольнага дзяржаўнага арганізму“. Пра нявызначанасць пытання сведчыць і ліст Генеральнага камісара Беларусі на адрас Рэйхскамісарыята „Остланд“ ад 12 жніўня 1943 г., у якім Вільгельм Кубэ вымушаны быў заявіць пра адсутнасць дакладнага палітычнага рашэння пра будучыню Беларусі. На сваё пытанне — „Рэйхсвобласць“, „Мясцовае кіраванне“ ці „Калонія“? — ён так і не атрымаў з Берліна канкрэтнага адказу.

Складаным было гэтае пытанне і для насельніцтва, якое пад час нямецкага ваеннага нашэсця займала пазіцыю чакання ці маўчання. Значна прасцей можна вызначыцца ў дачыненні да паводзінаў інтэлігенцыі (194), асабліва яе нацыянальна арыентаваных колаў. Іх шматлікія прадстаўнікі пакінулі Беларусь яшчэ ў верасні 1939 г., калі ў якасці бежанцаў знайшлі прытулак на Нямеччыне. Адной з мэтаў іх тамтэйшага знаходжання было спадзяванне на магчымасць падрыхтоўкі справаў нацыянальна–дзяржаўнай самастойнасці Беларусі. У гэтым іх чыннасць не адрознівалася ад дзейнасці ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх і эстонскіх эмігрантаў.

Другую частку Ю.Туронак пачынае з тэзы, што нямецкае ваеннае нашэсце ў Заходняй Беларусі было сустрэта з радасцю як з боку польскага, так і карэннага беларускага насельніцтва. Гэта ж тычылася ў значнай меры і ўсходняй часткі краіны, нягледзячы на акцыі вайсковых фармаванняў. Прычыны такога стаўлення даследчык шукае не ў ідэалагічных матывах, а ў незадаволенасці жыхароў калектывізацыяй і жахам прымусовай высылкі ва ўсходнія часткі СССР. У Беларусі летам 1941 г. было ўсталявана часовае вайсковае кіраванне, перад якім стаялі дзве задачы: захаванне спакою і парадку і ваенна–эканамічнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў. Для вырашэння некаторых пытанняў трэба было звяртацца да мясцовага насельніцтва. Запланаваны пераход да цывільнага кіравання на ўсёй тэрыторыі не атрымаўся з прычыны ваенных падзеяў, у выніку якіх дайшло да „чарговага падзелу“ Беларусі.

У наступнай частцы аўтар паказвае структуру „заходняга“ цывільнага кіравання, якое знаходзілася ў Менску, аднак было падпарадкавана райхскамісару Лёзэ. Прамежкавыя адміністрацыйныя ступені займалі галоўныя камісарыяты ў Менску і Баранавічах, якія пад час акупацыі не адыгралі значнай ролі і таму былі ліквідаваныя ў сакавіку 1943 г. На ніжэйшай ступені нямецкага акупацыйнага бюракратычнага апарату знаходзіліся Менскі гарадскі і 10 абласных камісарыятаў, а таксама зямельныя адміністрацыі. Становішча Кубэ як прадстаўніка цывільнага кіравання ў Беларусі аўтар характарызуе як „не вельмі трывалае“. Гэта тлумачыцца часам супярэчлівымі і контрпрадукцыйнымі дырэктывамі, якія прыходзілі з Берліна і не ўлічвалі мясцовых інтарэсаў наконт усталявання моцнай структуры кіравання. Сярод іншых сфераў дзейнасці Генеральнага камісара былі такія, як прапаганда, паліцыя, пошта, транспарт, а таксама палітычна–эканамічныя праблемы. Да ўсяго, параўнальна з Украінай, дзе Генеральны камісар кіраваў „пры дапамозе махоркі, гарэлкі і кнута“, Кубэ наадварот, звяртаўся да „палітычных метадаў і культурных мераў“. Сярод іх аўтар называе школьны загад ад 10 верасня 1941 г., паводле якога беларускаму і польскаму насельніцтву гарантавалася правядзенне заняткаў на родных мовах. У адпаведнасці з сваёй канцэпцыяй аўтаноміі Кубэ спрабаваў, з аднаго боку — умацаваць уласную ініцыятыву насельніцтва, напрыклад, у форме „Беларускай самапомачы“, а з другога — праз уключэнне карэннага насельніцтва ў склад нямецкай акупацыйнай адміністрацыі надаць ёй характар сумеснага кіравання. На практыцы такі крок быў ажыццёўлены праз стварэнне пры Генеральным камісарыяце асобнага беларускага „Нэбенбюро“, якое магло стаць пачаткам будучага цэнтральнага „самакіравання“ (197).

Заключная частка прысвечана разважанням наконт „паразумення і кааперацыі“ Генеральнага камісарыята з мясцовымі палітычнымі арганізацыямі. Мясцовыя беларускія „партыі“ ствараліся ў гэты перыяд на падставе сваіх асабістых ці нацыянальных інтарэсаў, прычым былі гатовыя супрацоўнічаць з нямецкім цывільным кіраваннем. Насуперак гэтаму выступалі слабыя падпольныя польскія і савецкія арганізацыі. Але для большасці жыхароў, асабліва сельскіх, гэта быў час, калі яны прытрымліваліся адзінай пазіцыі: далей ад палітыкі, каб выжыць. Па меры павелічэння рабавання і рэквізіцый як з боку акупаванай улады, так і партызанскіх фармаванняў, такая пазіцыя замацоўвалася. Адносіны да акупацыйнай улады ўскладняла ейная ж палітыка генацыду, асабліва супраць ваеннапалонных і яўрэяў. Аднак гэтыя фактары паасобку не з’явіліся дастатковымі падставамі для актыўнага супраціву. Таму насельніцтва, заключае аўтар, магло б быць больш актыўным у дачыненні да кожнай з тых дзвюх партый вайны, калі б палітычная воля ўлады магла прывесці да сацыяльна–эканамічных зменаў.

Менск

Сяргей Новікаў

Весткі з экспедыцый беларускіх археолагаў (сезон 1998)

Снежня 3, 1998 |

Каменны і бронзавы век

У сярэдзіне 1980–х краязнаўцы з Баранaвічаў выявілі шматлікія крамянёвыя вырабы і фрагменты арнаментаванай керамікі ля канала, якім было выпрастана і паглыблена рэчышча Шчары пры яе вытоку з Калдычэўскага возера. Абследаванне і раскопкі аўтара паказалі, што тут знаходзяцца рэшткі паселішча з напластаваннямі розных археалагічных культур. Стаянка, названая Войкавічы–1, размешчана праз 0,8 км на захад ад вёскі Старыя Войкавічы Баранавіцкага раёну, 2,5 км на паўднёвы захад ад маёнтка Завоссе, што належаў Міцкевічам. Рэшткі паселішча займаюць выступ карэннага берага тарфяніка, абмежаваны з захаду рэчышчам Шчары. Побач знаходзяцца менш значныя помнікі Войкавічы–2,–3,–4.

Узнікненне паселішча датуецца фінальным палеалітам, пра што, у прыватнасці, сведчыць наканечнік стралы з арэнсбургскімі рысамі. Яно існавала і ў эпоху мезаліту (знаходкі мікралітычнага характару), нэаліту (крамянёвыя вырабы і кераміка ўсіх трох этапаў Нёманскай культуры), а таксама ў бронзавым веку. Сярод пазнейшых матэрыялаў частка належыць да культуры шнуравой керамікі, ёсць абломкі шліфаваных сякер з свідравінамі, пачатая каменная булава. У Сярэднявеччы на гэтым месцы таксама была вёска.

Міхась Чарняўскі

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі праводзіла археалагічнае абследаванне правабярэжжа Нёмана каля вёскі Дакудава Лідскага раёну (міжрэчча Гаўі і Нарвы). Выяўлена шэсць новых помнікаў каменнага і бронзавага веку, якія названы адпаведна Дакудава–2,–3,–4,–5,–6,–7. Культурны пласт стаянак Дакудава–2,–4,–6 моцна развеяны. Культурная прыналежнасць помнікаў пакуль не вызначана.

Дакудава–7 мае культурныя напластаванні магутнасцю да 0,25 м, у якіх выяўлены расшчапаныя крамяні і фрагменты ляпной керамікі ранняга этапу нёманскай нэалітычнай культуры. Культурны пласт стаянкі Дакудава–3 пашкоджаны. Тут знойдзены фрагменты другаснай апрацоўкі крэменю, нуклеусы, разцы, скрабкі, вастрыі яніславіцкага тыпу. Помнік датуецца эпохай мезаліту. Дакудава–5 размешчана за 2,5–3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на дзюне, над правябярэжным поплавам Нёмана. Магутнасць культурнага пласта да 0,5 м, у ім выяўлены крамянёвыя прылады працы, фрагменты ляпнога посуду з расліннымі, пясчанымі і жарсцвянымі дамешкамі, цэлы ляпны пласкадонны кубак са штрыхаванымі паверхнямі і адбіткам зерня. Матэрыялы дазваляюць датаваць помнік перыядам ад ранняга нэаліту да сярэдняга бронзавага веку. За гэты час на паселішчы пражывала насельніцтва нёманскай нэалітычнай культуры, культуры шнуравой керамікі і тшцінецкай. Апрача таго, у верхніх слаях знойдзены гліняныя рыбалоўныя грузікі жалезнага веку, жалезныя восці X—XII ст., сустракаецца ганчарная кераміка.

Вадзім Лакіза, Віталь Сідаровіч

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі разам з Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы праводзіла археалагічныя даследаванні ў ваколіцах Начы Воранаўскага раёна з мэтай дакладнай лакалізацыі вядомых помнікаў бронзавага і жалезнага веку ва ўрочышчах Ланкішкі і Плітніца, капаных яшчэ Вандалінам Шукевічам на пачатку ХХ ст. Асноўныя працы праводзіліся на хутары Ланкішкі, дзе былі знойдзены тры каменныя свідраваныя сякеры. У раскопе на невялікім узвышшы выяўлены тры пахаванні па абрадзе трупаспалення, але ў іх не было керамікі, якая дала б магчымасць вызначыць культурную прыналежнасць могільніка. Лакалізаваны помнік і ва ўрочышчы Плітніца, матэрыял якога датуецца бронзавым векам.

Вадзім Лакіза, Генадзь Семянчук

Ранні жалезны век

З ініцыятывы Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладэчне праведзены раскопкі замчышча ў вёсцы Гарадок Маладэчанскага раёна. Пляцоўка даследаванага помніка была заселена ў апошнія стагоддзі да н. э. — першыя стагоддзі н.э. Культурныя адкладанні таго часу добра захаваліся па ўсёй плошчы гарадзішча. Па мацерыковых ямах прасочаны фрагменты трох комплексаў таго перыяду. Выяўлена вытворчая пляцоўка, выбрукаваная невялікімі камянямі з вялікай колькасцю кавалкаў спечанай гліны, шлакаў, вугольчыкаў, з фрагментамі ляпных гаршкоў (шурпатых, гладкасценных і штрыхаваных), жалезныя праколкі, серп і сякера. Вакол пляцоўкі па крузе размешчаны слупавыя ямы — сляды навеса ці пабудовы. Два астатнія комплексы вызначаны па мацерыковых ямах і канцэнтрацыі знаходак керамікі. Даследаваны іх фрагменты.

Па выніках раскопак 1989 і 1998 г. можна канстатаваць, што ў эпоху ранняга жалеза пляцоўка гарадзішча прымыкала непасрэдна да валоў. Уваход найверагодней размяшчаўся з паўднёва–заходняга боку (сцежка праз вал існуе тут і сёння). Такім чынам, усе выяўленыя комплексы знаходзіліся ў цэнтральнай частцы пляцоўкі, абнесенай высокімі валамі. Пад час узвядзення тут замка ў XVI ст. з унутранага боку валоў быў выкапаны вадзяны роў, і помнік набыў цяпераші выгляд. Мацерыковы грунт, які вымалі пры капанні рова, ссыпаўся на пляцоўку, плошча якой, у выніку, значна скарацілася, а ўзровень павысіўся на 1,5–2 м. З поўдня пры валах засталася тэраса. З боку мястэчка (паўднёвы захад) праз вал быў зроблены галоўны ўезд. Завяршае стратыграфічную карціну помніка слой XVI–XVII ст.

Ірэна Ганецкая

У 1998 г. працягваліся раскопкі на раннеславянскім селішчы ва ўрочышчы Цямшава Поле ў в.Сіманавічы Глускага раёна. Раскоп быў разбіты на краі тэрасы правага берага Пцічы. Магутнасць культурнага пласту 0,6–0,8 м. Знойдзены фрагменты ляпнога і кругавога керамічнага посуду, гліняныя праселкі, шлакі, косткі жывёлы, фрагмент шкляной пацеркі, жалезная посахападобная булаўка I–II ст., бронзавая пранізка, жалезыя нажы і інш. Самая позняя знаходка — манета часоў ВКЛ. Атрыманы археалагічны матэрыял пацвярджае дадзеныя раскопак папярэдніх гадоў і сведчыць пра бесперапыннае функцыянаванне паселішча. Заснаванае насельніцтвам верхнедняпроўскага варыянту кіеўскай археалагічнай культуры ў II ст.н.э., паселішча працягвала функцыяваць і ў другой палове I тысячагоддзя. У XI ст. яно было перанесена на поўнач (цяпер урочышча Селішча), дзе існавала да XVII ст.

Наталля Дубіцкая

Сярэднявечча

У 1998 г. даследаваліся курганы ў Бабруйскім, Клічаўскім і Лагойскім раёнах. У Бабруйскім раскапана 5 курганоў каля вёскі Обча і 3 курганы ля вёскі Маяк. У Обчы выяўлены пахаванні па абрадзе трупапакладання на мацерыку галавой на захад ці на паўночны захад. Побач са шкілетамі знойдзены гліняны посуд. Каля вёскі Маяк у двух курганах раскапаны пахаванні па абрадзе трупапакладання ў яме галавой на захад (у адным ля шкілета былі фрагменты глінянага гаршка) і ў адным — па абрадзе трупапакладання на гарызонце галавой на паўднёвы захад. У апошнім на вяршыні насыпу зафіксаваныя сляды вогнішча з раструшчаным познесярэднявечным гаршчком. З правага боку каля чэрапа ляжалі ахвярапрынашэнні — спаленыя косткі жывёлін, з якіх вызначаны сабака. Разам з косткамі былі фрагменты жалезнай дужкі ад драўлянага вядзерца.

У Клічаўскім раёне каля вёскі Патока раскапана 4 курганы па абрадзе трупапакладання на падэшве (1) і ў яме (3). У трох курганах былі жаночыя пахаванні з упрыгожаннямі, сярод якіх шкляныя пацеркі, бронзавыя крыжык, манетападобная падвеска, зярнёная пацерка, гузік, пярсцёнкі і алавяныя скроневыя колцы. У адным з насыпаў знойдзена пахаванне хлопчыка. Каля яго чэрапа ляжала палова сківіцы каня. Курганы на тэрыторыі Бабруйскага і Клічаўскага раёнаў пакінулі летапісныя дрыгавічы.

У Лагойскім раёне працягвалася вывучэнне каменных курганоў каля вёскі Сухая Гара. Раскапана 5 насыпаў, выяўлены сляды пахаванняў у ямах. Знойдзены два бронзавыя бранзалеты (віты і гладкі) і два пярсцёнкі (віты і гладкі). Этнічная прыналежнасць пахаваных у каменных курганах яшчэ канчаткова не вызначана.

Людміла Дучыц

Летам 1998 г. праведзены раскопкі ля вёскі Лучна Полацкага раёна на месцы магчымага знаходжання манастыра св.Міколы на Лучне. Зафіксавана некалькі пабудоў, знішчаных пажарам. Выяўлены знаходкі XI–XII ст., звязаныя з паселішчам, што існавала тут да манастыра, а таксама рэчы манастырскага побыту, якія датуюцца XIII–XVI ст. Гэта будаўнічыя матэрыялы, ключы, замкі і інш. У выніку даследавання сельскага паселішча XI–XII ст. ля вёскі Астроўшчына Полацкага раёна выяўлены рэшткі двух пабудоў — жытла і вытворчага комплексу па апрацоўцы жалеза.

Марат Клімаў

У 1998 г. працягвалася вывучэнне Глускага замка — помніка абарончага дойлідства Беларусі XVI–XVIII ст. Асаблівая ўвага надавалася даследаванню вежы–брамы, якая захавалася да ўзроўню 1,5 м першага паверха. Скончана расчыстка сутарэнняў, зроблены архітэктурныя абмеры ацалелых канструкцый, на 10 м прасочаны падземны ход, што выводзіў за замкавы вал і прымыкаў да паўднёвай сцяны вежы. За тры сезоны працы на помніку высветлены характар стратыграфіі культурнага пласту, дакладна прадатаваны асноўныя этапы жыцця замка, выяўлены масавыя пахаванні сярэдзіны XVII ст., якія ўдалося звязаць з канкрэтнай гістарычнай падзеяй, атрыманы матэрыялы для вывучэння матэрыяльнай культуры замка, адкрыта і даследавана вежа–брама і падземны ход.

Ірэна Ганецкая

Галоўная » Архіў катэгорыі '1998 Т.5 Сш. 2'