Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 1999 Т.6 Сш. 1-2

Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развiцця заходняга рэгiёна Беларусi: Матэрыялы мiжнароднай навукова–практычнай канферэнцыi (Іван Сінчук)

Снежня 4, 1999 |

Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развiцця заходняга рэгiена Беларусi: Матэрыялы мiжнароднай навукова–практычнай канферэнцыi. Брэст, 23–24 красавiка 1998 г. Частка II. Брэст, 1998. 338.

У красавіку 1998 г. у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная самым розным аспектам развіцця заходняга рэгіёну Беларусі. Матэрыялы канферэнцыі выдадзены дзвюма кнігамі. Публікацыі па гістарычнай тэматыцы ўвайшлі ў другую частку, якая складаецца з трох раздзелаў: «Гiстарычныя шляхi развiцця заходнiх зямель Беларусi ад старажытнасцi да пачатку XX ст.» (21 артыкул), «Этнасы заходняга рэгiёна Беларусi: гiсторыя i культура ў XX ст.» (34 артыкула), «Гiстарыяграфiя i крынiцазнаўства заходняга рэгiёна Беларусi» (11 артыкулаў).

Матэрыялы першага раздзела прысвечаны археалогiі, этнаграфiі i ранняй гiсторыі Заходняга Палесся. Сярод самых значных тут — публікацыя С.Жлобы пра задачы даследавання рэгіёну. Кранаючы праблему этнічнай прыналежнасцi заходніх палешукоў, аўтар паслядоўна асвятляе тры асноўныя меркаваннi: гэта — украінцы; беларусы; асобны этнас. Звяртаецца ўвага на iстотныя адрозненні ў абраднасцi памiж Усходнiм i Заходнiм Палессем, разглядаецца пытанне саманазвы мясцовага насельніцтва. Аўтар выказвае меркаванне аб наяўнасцi рысаў першапачатковага этапу этнагенэза.

Добрае ўражанне застаецца ад працы па дэмаграфii яўрэяў Гарадзенскай губернi на падставе кагальных запiсаў 1840 г. (В.Сабалеўская, В.Волкаў). Праўда, на мой погляд, даследчыкі не дастаткова крытычна паставіліся да крынiцы. Вывучэнне дадзеных па полавай структуры насельніцтва павiнна б насцярожыць аўтараў i прымусiць яшчэ раз задумацца над спецыфiкай крынiцы.

Вынікі перапiсу 1897 г. па Гарадзенскай губерні прааналізаваны П. Корневым і У.Здановiчам. У публікацыю ўведзена зручная таблiца з размеркаваннем этнасаў па ўездах. Аўтары звяртаюць увагу на цесную карэляцыю памiж канфесiйнай прыналежнасцю апытаных беларусаў i іх пiсьменнасцю. Без малога 1/3 беларусаў былі каталiкамі, з iх больш за 1/3 — пiсьменныя, у той жа час сярод праваслаўных беларусаў пiсьменных было ў 2 разы менш.

Матэрыялы другога раздзелу звяртаюць увагу на некаторыя малавядомыя моманты гiсторыi Заходняй Беларусi, такія, як аграрная палiтыка акупантаў пад час першай сусветнай вайны (Т.Бабкоў), нацыянальныя працэсы ў пераважна яўрэйска–польскай Горадні 1919—1920 г. (Т.Чарнякевiч), станаўленне пратэстантызму ў Палескiм ваяводстве ў 1918—1931 г. (Т.Пiсарук), яўрэйскi гандаль i прамысловасць у Палескiм ваяводстве ў мiжваенны час (Шэпецюк В.В.), першачарговыя мерапрыемствы новай савецкай улады ў Кобрыне (М.Бодак), пасляваенная калектывiзацыя на Кобрыншчыне (Н.Белавус), дзейнасць юдэнратаў у 1941—1942 г. (Я.Розенблат), гандлёва–прамысловае жыццё Берасця ў 1941—1944 г. (С.Бялоцкая) i iнш. Шмат аўтараў пры асвятленнi гаспадарчых цi палiтычных праблем закранаюць этнiчныя пытаннi.

Артыкул Я.Е.Мiлеўскага прысвечаны этнiчнай структуры паўднёва–ўсходніх земляў ІІ Рэчы Паспалітай. Ён спецыяльна спыняецца на праблеме «палешукоў» (так афiцыйна акрэслівалi «тутэйшых») i планы ўрада па стварэнню з iх клiна памiж украiнцамi i беларусамi.

Асобна варта адзначыць артыкулы аб станаўленнi элiты на новых савецкiх землях. А.Пятроўская і Я.Лiцвiновiч раскрываюць прычыны «дэмаграфiчнага выбуху» 1939—1941 г. у Берасці. Тады, пры норме штогадовага натуральнага прыросту ў 2,6%, насельніцтва горада павялічылася на 10% за кошт мiгрантаў. Працягваючы тэму, А.Бодак піша пра мэтанакiраванае фармаванне неаўтахтоннай элiты пераважна за кошт мiгрантаў у першыя пасляваенныя гады. Інструментам такой палітыкі была ратацыя кадраў, у вынiку чаго выціснутымі на другi план апынуліся нават былыя савецкiя партызаны — этнiчныя беларусы.

У трэцiм раздзеле найбольшую цікавасць выклікае статыстычнае даследаванне этнiчнага складу насельнiцтва Гарадзенскай губернi ад пачатку ХІХ ст. да 1860–х г. (С.Токць). Аўтар разглядае пытанні крытэраў аднясення да таго ці іншага этнасу (мова цi канфесiя i г.д.), уплыву перапiсчыкаў i чыноўнiкаў на канчатковыя фармулёўкi сабраных звестак у дакументах («западно–россы» нiзавых чыноўнiкаў i «беларусы» губернскiх чыноўнiкаў). Агляд пачынаецца з С.Плятэра (1825 г.) i працягваецца да трывалага замацавання ў 1860–х г. тэрмiна «беларусы». Робiцца выснова, што царская адмiнiстрацыя з 1860–х г. свядома ўводзіла этнонiм «беларус», не зважаючы на тое, што ён не выкарыстоўваўся як саманазва беларусамi Гарадзенскай губернi.

Вельмi цiкавы таксама артыкул па праблеме вызначэння этнiчнай прыналежнасцi насельнiцтва тэрыторыi Заходняй Беларусi ў гiстарыяграфii «западно–руссизма» (А.Лiцвiнскi). Аналіз прынцыпаў П.Баброўскага дае магчымасць зразумець, як выпрацоўваліся крытэры перапiсу 1897 г., калі за аснову нацыянальнай ідэнтыфікацыі была прынята мова, i як спрацаваў механiзм знiкнення саманазвы заходнiх беларусаў «лiцвiн».

Менск
Iван Сiнчук

Квятковская, Алла В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.) (Аляксандр Мядзведзеў)

Снежня 3, 1999 |


Квятковская, Алла В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.). Вильнюс, 1998. 327, илл., табл.

Вывучэнне старажытнасцяў Беларусі ХІ—ХVII ст. мае свае традыцыі і набыткі. Нямала зроблена ў даследаванні гарадоў, сельскіх паселішчаў, пахавальных помнікаў ІХ—ХІІІ ст. Летась выйшла з друку манаграфія А.Квяткоўскай, прысвечаная каменным могільнікам на тэрыторыі Беларусі. Актуальнасць вывучэння гэтых помнікаў несумненная і мае вялікае значэнне для асэнсавання гісторыі нашай Бацькаўшчыны, на абшарах якой у старажытнасці праходзілі складаныя этнічныя працэсы. Нягледзячы на тое, што каменныя курганы і магілы Беларусі раней даследаваліся і іншымі аўтарамі, кніга А. Квяткоўскай — першая спроба манаграфічнага вывучэння гэтай катэгорыі пахавальных помнікаў, спроба прасачыць іх эвалюцыю на вялікім адрэзку часу.

Лейтматывам манаграфіі гучыць тэза, што каменныя могільнікі пакінуты яцвягамі, якія праз увесь акрэслены перыяд і нават да ХIХ ст. на тэрыторыі Беларусі захоўвалі сваю этнічную, лінгвістычную адметнасць. У шэрагу месцаў манаграфіі змяшчаюцца эмацыйныя радкі пра тое, якія гэта былі высакародныя, мужныя і свабодалюбівыя людзі, як гераічна яны супраціўляліся захопнікам. Няма нічога кепскага ў зацікаўленасці аўтара прадметам свайго даследавання, але навуковая праца мае на ўвазе дакладнасць у аналізе і выкладанні матэрыялу, надзейную сістэму аргументаў, шырокае прыцягненне дадзеных літаратуры. А якраз у гэтым праца мае шэраг сур’ёзных недахопаў.

Кніга складаецца з уступа, 6 раздзелаў, заключэння, шэрагу дадаткаў (бібліяграфія, скарачэнні, імянны і геаграфічны паказальнік, 14 табліц).

Ва ўступе акрэслены межы распаўсюджання каменных могільнікаў на Беларусі. Разгляд арэалу і храналогіі каменных курганоў на тэрыторыі, дзе розныя аўтары размяшчалі яцвягаў, дае шмат інфармацыі для роздуму. Так, існуюць розныя думкі наконт арэалу распаўсюджання яцвягаў. Частка даследчыкаў (найбольш асцярожныя) лічаць, што яцвягі займалі толькі частку паўночна-ўсходняй Польшчы, паўднёвай Літвы (Занёманне) — абшары, на якіх у ХIII ст. несумненна жылі яцвягі (сведчанні пра паходы Ордэна і Русі). Іншыя, у тым ліку аўтар дадзенай кнігі, далучаюць сюды яшчэ значную частку заходняй Беларусі. Адзначым, што каменныя курганы ў паўночна-ўсходняй Польшчы існуюць толькі да VII ст. н.э.[1], у паўднёвай Літве — да VIII ст. н.э.[2] Помнікі пазнейшага часу тут даследаваны адзінкавыя. У Беларусі ж каменныя курганы вядомы толькі з Х ст. Такім чынам, паміж несуменнымі яцвяжскімі старажытнасцямі Польшчы і Літвы, з аднаго боку, і могільнікамі з Беларусі, з другога, існуе значны храналагічны разрыў (каля двух—трох стагоддзяў). А калі ўлічыць той факт, што каменыя канструкцыі шырока выкарыстоўваліся ў пахаваннях мазаўшанаў[3], то ў кнізе неабходна было абгрунтаваць тэзу аб яцвяжскай прыналежнасці каменных могільнікаў Беларусі, а не сцвярджаць гэта a priori, ужо ў назве манаграфіі.

Далей робіцца агляд гісторыі гэтых земляў, кранаецца гісторыя стварэння Вялікага Княства Літоўскага. Але падзеі ХІІІ ст. падаюцца ў надта спрошчаным і скарочаным выглядзе са спасылкай на агульную працу «Гісторыя Беларускай ССР» (1972). Ні слова не гаворыцца пра Наваградскі перыяд жыцця гэтай дзяржавы. А тады адбываліся вельмі цікавыя падзеі, якія тычацца тэмы манаграфіі. Так, напрыклад, супраць Міндоўга ў 1252 г. склалася кааліцыя, у якую ўваходзілі Рыга, галіцка-валынскія князі, князь Таўцівіл і яцвягі[4] .

Ва ўводзінах, на жаль, не вызначаны аб’ект даследаван ня. На с. 3 сказана, што першапачаткова існавалі каменныя курганы, а потым у ХI—ХII ст. адбываецца паступовая трансфармацыя абраду пахавання — замена курганоў грунтовымі бескурганнымі могільнікамі. Гэты працэс цягнуўся да сярэдзіны ХIII ст. (160). У кнізе падаюцца помнікі з канца ХI ст. (у часы суіснавання дзвюх традыцый), але каменныя курганы не апісаны, не вылучаны асобна, не вызначана іх адрозненне ад грунтовых могільнікаў. Яшчэ ў часы раскопак Э. Вальтэра і В. Шукевіча (ХIХ ст.) могільнікі інтэрпрэтаваліся не толькі як грунтовыя, але і як «курганы» ці «палі нізкіх курганоў» (16—17, 19). Тым больш, што ў Менскай і Віцебскай абласцях каменныя магілы сустракаліся толькі побач з курганамі (38).

Першы раздзел прысвечаны агляду гісторыі даследаван няў каменных могільнікаў. Пералічаны даследчыкі, што праводзілі раскопкі іх на Беларусі (В.Шукевіч, Э. Вальтэр, Г. Савіцкі, П. Рыкаў і інш.), і даследаваныя помнікі, але не ўказана агульная колькасць вывучаных пахаванняў. А іх усяго 650. На фоне гэтай лічбы надзвычай эфектна глядзелася б колькасць магіл, раскапаных самім аўтарам — 383 на 16 могільніках, што складае большую палову ад усіх.

Асобны параграф адведзены методыцы раскопак могільнікаў. Праўда, звычайная практыка (раскопкі грунтовых могільнікаў вялікімі плошчамі)[5] падаецца як вынаходніцтва аўтара. Да таго ж адзначым, што сама А. Квяткоўская капала раскопамі памерамі 4Ч4, 4Ч8 i 6Ч10 м, якія могуць лічыцца толькі шурфамі і невялікімі раскопамі.

Дакладная фіксацыя ўсіх выяўленых асаблівасцяў таксама з’яўляецца неабходным патрабаваннем методыкі (у т.л. размяшчэнне каменных канструкцый). Для раскопаў выбіраліся асобныя часткі могільнікаў, дзе несумненна былі камяні (23, 24), астатняя ж плошча заставалася недаследаванай, што катэгарычна забаронена сучаснымі методыкамі, бо з’яўляецца рабаўніцтвам і вядзе да разбурэння помнікаў. Такім чынам, каменныя канструкцыі апынуліся па-за агульным кантэкстам могільнікаў, а значыць, немагчыма вызначыць размяшчэнне магіл (радамі, ці былі сямейныя скапленні з больш свабоднымі прамежкамі). Па гэтай прычыне прапанаваная методыка ёсць крокам назад нават у параўнанні з працамі В. Шукевіча, які праводзіў даследаванні ўсёй плошчы помніка з дапамогай траншэй. Дэкларацыя дакладнай фіксацыі асаблівасцяў пахаванняў так і засталася добрым намерам. Па матэрыялах манаграфіі бачна, што вельмі часта была нявызначанай форма каменных канструкцый на даследаваных аўтарам могільніках (гл. табл. 14 — Беліца; частка Вензаўшчыны, ур. Барок; Івашкавічы, Калпакі, Куклі, частка Клепачоў, Навасёлкі Зэльвенскага р-на і інш.).

У раздзеле II дадзена агульная характарыстыка каменных могільнікаў, апісаны размяшчэнне могільнікаў, тыпы магіл па форме каменных канструкцый. Гэтыя апошнія прыкметы і лічацца асаблівасцямі разгляданых помнікаў (42). Аднак у табліцы 1 «Размеры и форма надмогильных кладок ХI—XVII вв.» (207—212) даецца апісанне канструкцыяў толькі 183 магіл з 650 вывучаных (ці 28,2%). Пры аналізе памераў магільных ям, палажэння і арыентацыі нябожчыкаў (табл. 2, 213—237) выкарыстаны дадзеныя прыкладна з 500 магіл (у такім выпадку толькі 36,6% з іх маюць канструкцыі). Нават калі браць пад увагу толькі магілы, што даследавала аўтар (іх 383), то і тут можна сцвярджаць, што каменныя канструкцыі маюць 47,8% магіл — менш за палову.

Пры стварэнні тыпалогіі аўтарам парушаны правілы выдзялення варыянтаў, таму карыстацца ёй вельмі цяжка. У выніку ў кнізе няма аналізу распаўсюджання розных варыянтаў форм канструкцый на помніках асобных груп у розныя часы, яны не пададзены ў табл. 1 і 14 (у тэксце прыводзяцца толькі прыклады, на якіх могільніках яны сустракаюцца). Інакш кажучы, створаная тыпалогія каменных канструкцый не працуе. Дадамо і тое, што з ліку 183 (табл. 1) ці 383 даследаваных аўтарам (ці 650) магіл па тыпе кладкі (круглая, авальная, прамавугольная) вызначаны толькі 175 магіл.

На мой погляд, зашмат месца аддадзена этнаграфічнай інфармацыі (мясцовыя назвы, легенды пра могільнікі, гісторыя хрысціянізацыі гэтых мясцін), і ўведзена яна часта бессістэмна, што толькі шкодзіць успрыманню матэрыялу.

У наступным, трэцім, раздзеле робіцца спроба аналізу пахавальнага абраду. Цэлы параграф гаворка ідзе пра каменныя канструкцыі, ужо разгляданыя ў папярэднім раздзеле. Адзначыўшы вялікі ўплыў культу каменю на характар пахаванняў, аўтар выказвае арыгінальную версію тлумачэння выкарыстання камянёў у абкладцы магілы: «А делали это, возможно, и по причине того, чтобы звери не разрушали погребения» (50).

Асобны параграф прысвечаны драўляным абставам у магілах. Адна з высноваў, да якой прыйшла тут А.Квяткоўская, што змацоўваць дамавіны жалезнымі цвікамі сталі толькі з сярэдзіны XVI ст., супярэчыць археалагічным дадзеным. Апісваецца арыентацыя і палажэнне нябожчыкаў (55—56), але, нягледзячы на прысутнасць табл. 2 (каля 500 магіл), няма аналізу з вылучэннем характэрных асаблівасцяў са статыстычнымі выкладкамі. Гэтую працу, аўтар, верагодна, пакідае чытачу.

Не зусім зразумела, навошта было вылучаць асобны параграф «Погребения сдвоенные, пустые и детские», у якім ідзе толькі іх апісанне. Відавочна, што з 650 даследаваных магіл такія выпадкі павінны сустракацца.

Пасля вызначэння ўсіх гэтых другарадных момантаў справа даходзіць да апісання пахавальнага абраду. І зноў жа сказваецца недасканаласць пабудовы тыпалогіі, што асабліва відавочна ў наступным параграфе «Другие особенности погребального обряда и культа умерших».

Пры аналізе пахавальнага інвентару (глава IV) даецца апісанне знаходак. Спадзяюся, што гэтая частка манаграфіі дачакаецца грунтоўнай рэцэнзіі іншых археолагаў. Аднак звернем увагу на некаторыя хібы ў самім падыходзе да разгляду матэрыялу. Перш за ўсё, аўтар некарэктна праводзіць аналогіі. Напрыклад, адсылае чытача да публікацый знаходак з помнікаў Польшчы і Літвы, храналагічна адарваных ад вывучаных ёю на некалькі стагоддзяў або недатаваных у літаратуры. Пры апісанні ляпной керамікі робяцца спасылкі на аналогіі ў Польшчы (па яцвяжскіх помніках), на Беларусі па помніках трэцяй чвэрці—канца I тыс. н.э. (157—149). Трэба ўлічваць, што ў паўночна -ўсходняй Польшчы няма помнікаў яцвягаў гэтага часу. Такім чынам, аўтар проста ўводзіць чытачоў у зман.

Кераміку, упрыгожаную штампам, А.Квяткоўская лічыць яцвяжскай (149), сярод іншых робячы спасылку на матэрыялы Наваградка і працу М. Малеўскай. Але ў гэтым артыкуле кераміка такога кшталту звязана з валынянамі (г.зн. славянамі). Да таго ж і на наваградскіх гаршках арнаментацыя штампам сустракаецца як выключэнне[6]. Пры разглядзе ганчарнай керамікі, асабліва ХIII—XVI ст., даюцца вельмі шырокія датаванні тыпаў (як правіла, у межах выдзеленага адрэзка часу, ХIII—XVI ст.). Пераважаюць спасылкі на польскіх і літоўскіх даследчыкаў. Матэрыялы з гарадоў Беларусі, апроч Ліды, проста ігнаруюцца. Між тым лагічна было б абапірацца менавіта на даследаванні па кераміцы той самай тэрыторыі, з якой паходзяць могільнікі. Відавочна, што вызначэнне датаванняў розных тыпаў посуду аўтар не можа зрабіць таму, што проста не валодае матэрыялам. Гэтая недакладнасць у апрацоўцы керамічнага матэрыялу, які найчасцей сустракаецца ў інвентары пахаванняў, не можа не насцярожваць.

Відаць таму ў наступным раздзеле V («Хронология каменных могильников территории Беларуси…») керамічны матэрыял застаўся нявыкарыстаным для датавання комплексаў, а асноўная ўвага аддадзена ўпрыгожванням і манетам. Тлумачэнне, што кераміка ў меншай ступені падвяргаецца ўплывам моды (г.зн. змяняецца) і што для сельскага насельніцтва характэрны кансерватызм, абсалютна беспадстаўнае. Да таго ж пры аналізе ўпрыгожванняў аўтар спасылаецца і на матэрыялы гарадоў, у тым ліку Ноўгарада. Як жа тады ўспрымаць выказванне пра кансерватызм вёскі?

У выніку колькасць комплексаў, якія можна выкарыстоў ваць пры аналізе храналогіі, штучна скарацілася (толькі 240). Прычым гэта зроблена менавіта за кошт помнікаў позняга Сярэднявечча (XIV—XVI ст.), дзе колькасць інвентару змяншаецца, а часта зводзіцца толькі да посуду.

Дадаткі ў выглядзе табліцаў 11—14 павінны дапамагчы чытачу зразумець доказы па храналогіі. У табл. 12 улічана толькі 240 комплексаў (Х—ХI ст. — 2, ХII — 21, ХII—ХIII ст. — 55, ХIII ст. — 36, ХIII—ХIV ст. — 43, XIV ст. — 7, XIV—XV ст. — 51, XV ст. — 9, XV—XVI ст. — 16). Выклікае здзіўленне такая недакладнасць у датаванні — ажно да двух стагоддзяў. Адзначым, что раннія комплексы Х—ХII ст. лакалізуюцца ў асноўным на правабярэжжы Нёмана. Некаторыя храналагічныя групы паказаны адзінкавымі комплексамі (басейн Бярэзіны) ці нават не прадстаўлены наогул (Пабужжа). Такім чынам, гэтая табліца дэманструе храналогію толькі аднаго рэгіёна (правабярэжжа Нёмана). Звернем увагу на несупадзенне датавання паміж табліцамі 12 і 14 па тых самых комплексах: Волча 3, 5, 9, 12, 13, 17 у табл. 12 (261—262) датуюцца XII—XIII ст., а ў табл. 14 (293) — ХII ст. На якой падставе магіла 4/6 могільніка Вензаўшчына (ур. Барок) у табл. 14 датавана Х—ХI ст. (с. 295), калі ён не паказаны ў табл. 12 (г.зн. не мае закрытага комплексу рэчаў, толькі кераміка)?

На такім ненадзейным падмурку ў кнізе вылучаецца тры этапы эвалюцыі помнікаў (пераход да абрада трупапалажэння — канец Х—ХI ст., пераход ад курганных да грунтовых могільнікаў — канец ХI — сярэдзіна ХIII ст., пахаванне ў дамавінах, змацаваных жалезнымі цвікамі, спрашчэнне пахавальнага інвентару — з сярэдзіны XVI ст.). Важным аўтару ўяўляецца толькі апошні этап, які звязваецца з хрысціянізацыяй пад уплывам езуітаў. Але чаму ўсё ж ігнаруюцца першыя два, не вызначаюцца прычыны гэтых зменаў, хоць матэрыялаў для супастаўлення з іншымі абшарамі Беларусі і Усходняй Еўропы хапае?

Так, для дрыгавічоў пераход ад абраду трупаспалення да трупапалажэння адбываўся таксама ў канцы Х — пачатку ХІ ст., а з сярэдзіны ХII ст. распаўсюджваюцца пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў падкурганных ямах[7]. Па датуючых рэчах можна вызначыць познюю дату існавання дрыгавіцкіх курганоў — ХIII ст.[8]. У курганных могільніках каля старажытнага Заслаўя пахаванні па абрадзе трупаспалення датуюцца ў межах другой паловы Х — першай паловы ХI ст., калі ўжо дамінуюць пахаванні па абрадзе трупапалажэння, пераход да пахаванняў у ямах адбываўся ў ХI — пачатку ХI ст. У першыя дзесяцігоддзі ХII ст. знікаюць курганныя могільнікі[9]. У Беларускім Падзвінні абрад інгумацыі таксама распаўсюджваецца на мяжы Х—ХI ст.[10]. Пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў ямах з’яўляюцца з пачатку ХI ст. і шырока распаўсюджваюц ца ў ХII—ХIII ст.[11]. Пераход да грунтовых могільнікаў адбыўся ў другой палове ХII — ХIV ст.[12].

Цікавыя дадзеныя ёсць па тэрыторыі паўночнай Русі (сучасныя Ленінградская, Пскоўская, Наўгародская вобласці), дзе зафіксаваны сотні жальнікаў — грунтовых могільнікаў, пры будаўніцтве якіх шырока выкарыстоўваліся камяні. Ім папярэднічаюць курганныя могільнікі, змена пахавальнага абраду на трупапалажэнне ў якіх адбывалася ў ХI ст. У ХI—XIV ст. тут хавалі памерлых у курганах з каменнымі абкладкамі па абрадзе інгумацыі. Грунтовыя могільнікі з’яўляюцца ў ХI—ХII ст. (адзіныя пахаванні), але шырока распаўсюджваюцца з ХIII—ХIV ст. Такім чынам, відавочна поўнае супадзенне з асаблівасцямі каменных могільнікаў Беларусі. Акрамя таго, для жальнікаў таксама характэрны магілы з канструкцыямі круглай, авальнай і прамавугольнай формы, пераважае заходняя арыентацыя памерлых. Канструкцыі звычайна складаюцца з валуноў, размешчаных па перыметры магілы, ёсць з выкладкай дробнымі камянямі і з вялікімі камянямі толькі каля галавы і ў нагах. Адзначана развіццё тыпаў канструкцыяў у часе (ад суцэльных да асобных камянёў). Шмат супадзенняў можна бачыць і ў пахавальным абрадзе, і ў інвентары. Але жальнікі Г.Пронін звязвае з сельскімі помнікамі мясцовага прыбалтый ска-фінскага насельніцтва і адзначае прысутнасць славянскага элементу[13].

У той жа час археалагічныя матэрыялы з Літвы (там, дзе па гістарычных дадзеных язычнікі пераважалі да канца XIV ст.) паказваюць зусім іншую карціну развіцця. Тут пахаванні па абрадзе трупаспалення існуюць і ў ХIII—ХIV ст. (пахаванні на могільніках Абяляй, Барыне, Куршай, Павірвітэ—Гудай, Тулпякеліс). Толькі ў XV ст. ён змяняецца звычаем трупапала жэння (частка пахаванняў у Абяляй, Барыне, Куршай, Павірвітэ—Гудай, Тулпякеліс; могільнікі Ажугірай, Бячай, Дыктарай, Кармелаве, Краштай, Мажэйкяй, Шяймінінкеляй)[14].

Такім чынам, змены пахавальнага абраду (з’яўленне трупапалажэння ў канцы Х—ХI ст., грунтовых могільнікаў у канцы ХI—сярэдзіне ХIII ст.) у арэале каменных могільнікаў Беларусі адпавядаюць па часе і змесце падзеям, што адбываліся на шырокіх прасторах Усходняй Еўропы сярод насельніцтва рознай этнічнай прыналежнасці. Несумненна, што такія аднолькавыя падзеі могуць тлумачыцца не ўнутраным развіццём, а агульнымі знешнімі прычынамі, і перш за ўсё ўплывам хрысціянства. Зразумела, што гэты ўплыў на насельніцтва асобных груп каменных могільнікаў Беларусі быў розным, таму яны і адрозніваюцца толькі па ступені захаванасці перажыткаў язычніцтва .

У шостым раздзеле пададзены гістарычна -культурныя высновы. Тут пераказваюцца думкі розных аўтараў пра каменныя могільнікі, пра размяшчэнне асобных плямён яцвягаў, гісторыю паходаў на іх і зноў жа пра гістарычныя падзеі часоў Вялікага Княства Літоўскага (174—183), шмат месца займае апісанне пахавальных помнікаў валынян, дрыгавічоў, крывічоў, усходнелітоўскіх курганоў. Спрабуе аўтар інтэрпрэта ваць пахавальны інвентар. Развагі пра асаблівасці матэрыяль най культуры суседзяў (валынян, дрыгавічоў, крывічоў, літвы) (171—173) падмацаваны вялікай колькасцю спасылак, але відавочна бракуе спасылак там, дзе беспадстаўна прыводзяцца аналагі пахавальнага абраду і інвентару сярод старажытна сцяў яцвягаў, прусаў, літвы і латгалаў.

Не абыходзіць увагай аўтар і праблему пасяленчай структуры Панямоння, выказваючы сумненні наконт мірнага пранікнення славянаў на тэрыторыю гэтага краю і перакананне, што яцвягі не маглі аддаваць сваю зямлю. На самай справе, на тэрыторыі Беларускага Панямоння няма даследаваных паселішчаў другой паловы I тыс. н.э., якія можна было б звязаць з яцвягамі (адсутнічаюць яны і ў Польшчы, пачынаючы з VII ст.н.э.). Адзіны раскапаны помнік Панямоння другой паловы I тыс. н.э. — гарадзішча каля в. Радагошча Наваградскага раёна — належыць да славянскай культуры тыпу Лукі-Райкавец кай і датуецца IХ—Х ст.[15]. Навошта тады на працягу многіх старонак разважаць пра пасяленчую структуру, пра ваяўнічасць яцвягаў, пра іх упарты супраціў заваёўнікам, калі не ўказана ніводнае іх паселішча (а тым больш гарадзішча ці крэпасць) на Беларусі, якое датавалася б у рамках перыяду VII—ХIII ст.?

А рэч у тым, што для аўтара манаграфіі археалагічны матэрыял (г. зн. асаблівасці матэрыяльнай культуры) не з’яўляецца галоўным доказам этнічнай прыналежнасці насельніц тва. Так проста і напісана: «Дело не в том, что материальная культура представляет собой симбиоз различных культур в пределах одного города, а в том — на чьей земле располагал ся город. Земли же Понеманья и Побужья никогда не входили (курсіў мой — А.М.) в состав Древнерусского государства, а с начала ХIII в. находились в составе Великого княжества Литовского». Далей ідуць шматлікія спасылкі на працу 1872 г. І.Д. Бяляева (відаць, іншых не існуе), цытуюцца яго выказванні пра высокія маральныя якасці яцвягаў (178—180), прыводзяцца думкі і дадзеныя розных даследчыкаў (гісторыкаў, лінгвістаў, этнографаў) аб прысутнасці яцвягаў на тэрыторыі Панямоння і Пабужжа з XV і да ХIХ ст. (186—187).

Усё пачалося з рабаўніцкай методыкі раскопак могільнікаў, калі ў пагоні за колькасцю даследаваных магіл выбіраліся лепшыя, найбольш захаваныя часткі помніка. Прывядзём тут цытату з першага ва Усходняй Еўропе «Руководства для археологических раскопок» 1914 г. — «Раскопка почти всегда равняется полному разрушению остатков старины, а это возлагает на исследователя нравственную ответственность перед наукой, тем более, что сделанные при раскопках ошибки исправляются с большим трудом, а иногда остаются и совершенно неисправленными: поэтому лучше совсем не производить раскопок, чем производить их неправильно или неудовлетворительно» (пункт 13).

Недасканалая методыка пацягнула за сабой цэлы ланцуг памылак. Ці можна апісваць матэрыялы толькі з грунтовых могільнікаў ХI—XVII ст., калі побач, а часам і ў адных групах, знаходзяцца каменныя курганы ХI—ХIII ст.[16]? Як можна ўвесь час цвердзіць пра асаблівасці каменных могільнікаў, калі, па дадзеных самой А.Квяткоўскай, большасць магіл не мае каменных канструкцый? У кнізе ігнаруюцца высновы і матэрыялы іншых аўтараў па праблеме эвалюцыі пахавальнага абраду на суседніх тэрыторыях, што дазволіла адмаўляць несумненныя сведчанні ўплыву хрысціянства ў ХI—ХIII ст. на развіццё пахавальнага абраду каменных могільнікаў. Увогуле, пры апісанні гістарычных падзей і археалагічных матэрыялаў выбіраюцца толькі тыя працы, што блізкія да пункту гледжання аўтара, астатнія ж ігнаруюцца. Некаторыя «адкрыцці» (як уваходжанне Панямоння ў склад Літоўскай дзяржавы ў 1219 г. і тое, што Панямонне і Пабужжа ніколі не ўваходзілі ў склад Старажытнарускай дзяржавы) робяцца без спасылак (верагодна, гэта асабісты даробак А.Квяткоўскай у праблему фармавання Вялікага Княства Літоўскага). Асобныя знаходкі і цэлыя катэгорыі рэчаў (кераміка) засталіся належным чынам неапісанымі і недатаванымі, таму яны не выкарыстаны пры датаванні магіл. Занадта шырокія датаванні (у межах двух стагоддзяў) могуць істотна ўплываць на гістарычныя высновы ці на прывязку да вядомых па пісьмовых крыніцах падзеяў. Так, напрыклад, калі ў ХII ст. мелі месца толькі паходы на яцвягаў, то помнікі гэтага часу на правабярэжжы Панямоння могуць разглядацца як пакінутыя мясцовым насельніцтвам. Але можна іх датаваць і ХIII ст., калі ў выніку войнаў з Ордэнам і галіцка-валынскімі князямі адбывалася рассяленне груп бежанцаў — яцвягаў, прусаў, борцяў. У кнізе прусы — борці лакалізуюцца на правабярэжжы Нёмана (183—184), таму не выключана, што могільнікі ХIII ст. на гэтай тэрыторыі пакінуты імі. Гэтым можна патлумачыць і сведчанні значных перажыткаў язычніцтва, якія адбіліся ў матэрыяльнай культуры. Пры пасяленні бежанцы былі абавязаны службай, але і захоўвалі значную аўтаномію. На такіх самых умовах пазней, у XIV—XV ст., тут былі паселеныя і татары, якія захавалі сваю рэлігію да сённяшняга часу.

Не ўдалося аўтару пазбегнуць шэрагу нестыковак, супярэчнасцяў паміж тэкстам і дадаткамі, фактаграфічных памылак. Так, на думку аўтара, група каменных могільнікаў у басейне Бярэзіны з’яўляецца ў выніку пасялення тут палонных яцвягаў пасля паходаў Барыса Полацкага ў 1102 г. Датаванні ж комплексаў могільніка Волча (басейн Бярэзіны) у табл. 12 адпавядаюць ХII—ХIII ст., а комплексы з большай колькасцю датуючага матэрыялу — канцу ХII—ХIII ст. Праўда, у табл. 14 (295) гэтыя датаванні выпраўляюцца на патрэбныя — толькі ХІІ ст. На старонцы 5—6 са спасылкай на А.Іова гаворыцца пра суседзяў яцвягаў: «На юго—востоке — курганы дреговичей, — смешанного балто-славянского населения…». На самай справе, тут А.Квяткоўская папросту прыпісвае свае думкі іншаму даследчыку, бо А.Іоў, разглядаючы этнічную сітуацыю ў Пабужжы, піша «Яны [славяне] паступова асімілявалі тутэйшыя яцвяжскія плямёны злінцаў і да VIII—IX ст., верагодна, складалі большасць насельніцтва рэгіёна». І далей: «Рэгіён Брэсцкага Пабужжа ўключна з бассейнамі Лясная і Мухавец становіцца перыферыйнай вобласцю рассялення валынян, прыток якіх у Х ст. павялічваецца»[17]. Несумненна, адносіць заснаванне гарадоў Кобрын і Камянец (1252 г.) да ХІ—ХІІ ст. — таксама памылка, як і сцвярджэнне, што Чорная Русь апынулася пад уладай літоўскіх князёў у выніку дамовы 1219 г. Пераблытана нават дата заснавання Лаўрышаўскага манастыра. У кнізе гэтая падзея адносіцца да пачатку ХІІІ ст. (179), але ж гэта адбылося пры Войшалку, сыну Міндоўга, толькі праз паўстагоддзя.

Такім чынам, даводзіцца канстатаваць, што, па-першае, ідэя аб прыналежнасці каменных могільнікаў да яцвягаў не новая, яна была выказана і абгрунтавана раней — В. Шукевічам у 1918 г., Я.Звяругам у 1989 г. і інш. Па-другое, вялікі энтузіязм аўтара не можа замяніць дасканалага выкладання і аналізу матэрыялу, а толькі на гэтай аснове можна аргумента ваць свае палажэнні, гіпотэзы, тэорыі. На мой погляд, аўтару не ўдалося абгрунтаваць галоўныя высновы сваёй манаграфіі. Па-трэцяе, парушэнні методыкі археалагічных даследаванняў і апрацоўкі матэрыялаў робяць іх амаль непрыдатнымі для наступных даследчыкаў (нагадаем, што аўтарам манаграфіі раскапана 383 магілы).

Аляксандр Мядзведзеў
Менск


[1] Jaskanis J. Obrządek pogrzebowy zachodnich bałtoó w schyłku starożytności (I—VІI w. n.e.). Wroclaw etc., 1974.
[2] Lietuvos TSR archeologijos atlasas. Vilnius, 1978. T. III.
[3] Rauhyt A. Wczesnośredniowieczne cmentarzyska w obudowie kamiennej na Mazowszu i Podlasiu // Materiały starożytne i wczesnośredniowieczne. Wroclaw etc., 1971. T. 1.
[4] Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 341, 378—380.
[5] Авдусин Д.А. Археологические разведки и раскопки. Москва, 1959. С. 102—103.
[6] Малевская М.В. Некоторые исторические связи Новогрудка в Х в. (по материалам керамики) // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Москва, 1972. Вып. 129. С. 14—18.
[7] Лысенко П.Ф. Дреговичи. Минск, 1991. С. 46.
[8] Тамсама, с. 91.
[9] Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализама. Минск, 1995. С. 43—48.
[10] Штыхаў Г.В. Крывічы. Мінск, 1992. С. 63.
[11] Тамсама, с. 90.
[12] Тамсама, с. 92, 93.
[13] Пронин Г.Н. Об этнической принадлежности жальников (опыт ретроспективного анализа) //Археологические памятники Европейской части РСФСР. Погребальные памятники. Москва, 1988. С. 13, 19—20, 25—26, 29, 42.
[14] Гл. артыкулы ў Lietuvos archeologija. Vilnius, 1988. Kn. 6; Lietuvos archeologija. Vilnius, 1995. Kn. 11.
[15] Зайкоўскі Э.М. Раскопкі каля Радагошчы // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск, 1995. № 7. С. 137.
[16] Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ІХ—ХІІІ вв. Минск, 1989. С. 30—37.
[17] Іоў А.В. Этнічны склад насельніцтва Заходняга Палесся ў Х—ХІІІ стст. (па матэрыялах сельскіх паселішчаў) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 25—36.



Наверх

Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich (Аляксандр Лакотка)

Снежня 2, 1999 |


Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich. Warszawa, 1999. 101 s., 309 f.

Гэта другі том каталога татарскіх помнікаў, прысвечанага збору і сістэматызацыі звестак пра помнікі гісторыі і культуры татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Названую працу трэба разглядаць як працяг даследавання культуры татараў пазначанага арэалу, якое амаль стагоддзе выконваецца польскімі даследчыкамі і вучонымі–святарамі татарскіх абшчынаў. Найбольш даўняй спробай навуковага асэнсавання гісторыі татараў–мусульманаў Літвы і Беларусі быў артыкул Антона Мухлінскага (1858). Праз дзесяць гадоў (у 1968 г.) з’явіўся артыкул Аляксандра Асіповіча „Мячэць у Вінкшнупе“. Грунтоўныя і сістэматычныя даследаванні па праблеме ў трыццатыя гады былі праведзены Станіславам Крычынскім. Ім быў апублікаваны шэраг артыкулаў па гісторыі мячэцяў і прыходаў. Падагульняльнай стала яго манаграфія „Татары Літвы. Спроба гістарычна–этнаграфічнай манаграфіі“ (1938). Гісторыі асобных мячэцяў былі прысвечаны даследаванні Лявона Крычынскага (гісторыя мячэцяў у Лоўчыцах і Наваградку, 1934). Былі і сумесныя працы пазначаных аўтараў („Татары ў Слоніме“). Уяўляюць каштоўнасць і асобныя даследаванні Алі Варановіча („Мусульманскія могілкі ў Відзах“, 1931; „Прадмова да гісторыі мячэцяў у Польшчы“, 1957). У 1976 г. выйшаў артыкул Яна Тахтэрмана пра вёску Сорак Татар. Увогуле, вывучэнню праблемы спрыяла наяўнасць адпаведнай перыёдыкі: часопісаў „Татарскі штогоднік“, „Ісламскі погляд“, „Татарскае жыццё“, „Штогоднік польскіх татараў“ і іншых выданняў краязнаўчага і культуразнаўчага кірункаў.

У апошнія дзесяцігоддзі гісторыя і культура татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы знайшла адлюстраванне ў даследаваннях М.Канапацкага (1982), П.Бароўскага і А.Дубінскага (1986), Р.Брукоўскага (1988), І.Александровіча (1995), Л.Багдановіча, С.Хазбіевіча, І.Тышкевіча (1997) і іншых вучоных. Архітэктурныя помнікі, мячэці разглядаюцца на старонках архітэктуразнаўчых манаграфій М. і В. Пакропекаў (1976), І.Тлочака (1979). У пазначаных працах даследаваны і сістэматызаваны не толькі архіўныя крыніцы, матэрыялы старажытных актаў (АВАК, т.38), але і значныя вынікі шматлікіх натурных вывучэнняў (малюнкі, абмеры, фотаздымкі), якія ўяўляюць вялікую каштоўнасць, у тым ліку і для вырашэння пытанняў рэстаўрацыі і аднаўлення татарскіх мячэцяў.

Гэтая публікацыя — першае выданне, у якім комплексна і сістэмна выкладзены звесткі па гісторыі мячэцяў і могілак татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Каталог складаецца з прадмовы, артыкулаў пра рэлігію татараў, пра мячэці, мусульманскія могілкі і прыходы на землях Рэчы Паспалітай, і ўласна каталога, што змяшчае 34 населеныя пункты з месцам знаходжання мячэцяў і татарскіх могілак. Завяршаюць том спіс выкарыстанай літаратуры і альбом фотаздымкаў, малюнкаў і чарцяжоў.

У прадмове аўтары вызначаюць актуальнасць даследавання, неабходнасць вывучэння помнікаў культуры татараў–мусульманаў і характарызуюць структуру каталога: уводзіны, каталог, альбом. Агляд татарскіх помнікаў ахоплівае дыяпазон часу ад канца XIV і XV ст., перыяду ўзнікнення першых татарскіх пасяленняў, да канца XIX—XX ст. Даецца кароткая характарыстыка крыніц і даследаванняў.

Уводзіны пачынаюцца з артыкула М.Дзекана пра рэлігію польска–літоўскіх татараў. Артыкул складаецца з параграфаў, прысвечаных дактрыне ісламу ў практыцы польскіх мусульманаў, мусульманскім святым, абрадам жыццёвага цыклу. Аўтар артыкула, спасылаючыся на Джамаіла Александровіча, вызначае трыяду прынцыпаў, на якіх грунтуецца формула рэлігійнай дактрыны: няма іншага Бога акрамя Алаха, а Мухамед ёсць яго Прарок; няма Бога акрамя Алаха, а Адам ёсць яго выбраннік; няма іншага Бога акрамя Алаха, а Ізмаіл ёсць яго ахвяра.

Падаецца структура і змест набажэнства, роля кіблы і міхраба ў сакральнай прасторы мячэці. Характарызуюцца асноўныя святы (Рамазан, Курбан–байрам, Міўлюд), радзінная, шлюбная і пахавальная абрадавасць.

Артыкул Андрэя Дразда прысвечаны татарскім мячэцям. Падаецца агляд гісторыі фармавання татарскіх пасяленняў і прыходаў, колькасці мячэцяў у розныя гістарычныя перыяды; рэлігійная арганізацыя, фундацыя і будаўніцтва, стан захавання, архітэктурныя асаблівасці, будова інтэр’ера.

Наступны артыкул гэтага самага аўтара пра могілкі польска–літоўскіх татараў. Тут змешчана характарыстыка могілак (размяшчэнне, памеры, фармаванне прасторы), асаблівасці ўсталявання надмагільных помнікаў, іх тыпы і аздабленне, атрыбуцыя. Падаецца спіс могілак у прывязцы да парафій.

Апошні артыкул уводзінаў прысвечаны пераліку мусульманскіх мячэцяў і парафій на землях Рэчы Паспалітай. Апошнія згрупаваны паводле тэрытарыяльнай прыналежнасці: у Польшчы (Карона), Вялікім Княстве Літоўскім (Беларусь і Літва). Усяго пералічана 70 мячэцяў і парафій з звесткамі пра час стварэння (будоўлі), адміністрацыйна–тэрытарыяльную прыналежнасць у розныя гістарычныя перыяды, колькасць прыхаджан, фундатараў, даты рамонту і перабудоваў.

Сам каталог уключае 34 населеныя пункты з звесткамі пра гісторыю фармавання татарскіх пасяленняў, будаўніцтва мячэцяў, гісторыю і апісанне могілак, атрыбуцыю надмагільных помнікаў з пазначэннем памераў, тэкстамі надпісаў, адзнакамі пра стан захаванасці помніка. Пры канцы падаюцца архіўныя і літаратурныя крыніцы, крыніцы выяўленчых матэрыялаў. З 34 паселішчаў 8 размешчаны на тэрыторыі Літвы (Трокі, Вільня (Лукішкі), Сорак Татар, Рэйзы, Базары, Немец, Вінкшнуп, Коўна); 19 — у Беларусі (Доўбучкі, Някрашунцы, Сандыкаўшчына, Іўе, Лоўчыцы, Наваградак, Мір, Асмолава, Арда, Клецк, Ляхавічы, Слонім, Узда, Смілавічы, Мінск, Мядзель, Глыбокае, Відзы, Гродна), 7 — у Польшчы (Крыжыньяны, Бахонкі, Студзянка, Лебедзеў, Варшава, Гданьск, Беласток). Па кожным з паселішчаў падаюцца дакументальныя звесткі гісторыі фармавання татарскіх пасяленняў, мячэцяў, могілак. З паселішчаў на тэрыторыі Беларусі найбольш грунтоўна апісаны Доўбучкі (Смаргонскі раён), Іўе, Лоўчыцы (Наваградскі раён), Наваградак, Слонім, Смілавічы, Менск. У кожным канкрэтным выпадку прыводзяцца крыніцы, артыбуцыя, ілюстрацыі.

Сабраная ў каталогу інфармацыя стварае шырокую карціну жыцця і побыту татараў Беларусі, Літвы і Польшчы канца XIV — пачатку XX ст., адлюстроўвае асаблівасці іх матэрыяльнай і духоўнай культуры, сакральных і мемарыяльных помнікаў. Даведкі змяшчаюць вялікую колькасць датаў, прозвішчаў, тапанімічных звестак, тэрмінаў, якія адлюстроўваюць рысы рэлігійнага і грамадскага жыцця, рытуалаў і абрадаў.

У спісе выкарыстанай літаратуры названыя 9 часопісаў і календароў 1934—1998 г., дзве рукапісныя працы і 58 артыкулаў і манаграфій.

Вялікую каштоўнасць уяўляе альбом ілюстрацый. Ён налічвае 309 адзінак каляровых здымкаў, праектных і абмерных чарцяжоў, гравюраў. Унікальныя абмерныя матэрыялы 20–30–х г. прыведзены па мячэцях у Доўбучках, Лоўчыцах, Іўі, Глыбокім. Многія ілюстрацыі фіксуюць сучасны стан помнікаў, багацце іх унутранага абсталявання, насычэнне ўзорамі дэкаратыўна–ужытковага мастацтва. На каляровых здымках зафіксавана вялікая колькасць унікальных могілкавых помнікаў (у Доўбучках, Садыкаўшчыне, Іўі, Лоўчыцах, Наваградку, Міры, Асмолаве, Ардзе і інш.).

Пры бясспрэчнай карысці гэтага выдання для гісторыкаў, этнографаў, мастацтвазнаўцаў, рэстаўратараў неабходна адзначыць і некаторыя недахопы працы. Звяртае ўвагу несуаднесенасць тэрытарыяльнай сістэматызацыі матэрыялу з гістарычнай рэчаіснасцю, якая склалася на даследаваным арэале ў ХХ ст. У кантэксце адзначанага назва каталога і некаторых яго артыкулаў не зусім абгрунтаваная. Названыя ў ім паселішчы і помнікі размешчаны на тэрыторыях Беларусі, Літвы і Польшчы. У кожнай з гэтых краін ёсць свае грамадскія аб’яднанні татараў–мусульманаў. Іх культурная спадчына — частка шматграннай культуры народаў асобных дзяржаваў. Эклектычна выглядаюць і спробы класіфікацыі, абмежаваныя XVI—XVIII ст. і характэрным для гэтага перыяду адміністрацыйна–тэрытарыяльным падзелам (Карона, Вялікае Княства Літоўскае, ваяводствы і паветы), у якіх падаюцца помнікі ХІХ—ХХ ст. (Докшыцы, Мядзель, Відзы, Глыбокае і інш.).

Пазначаныя заўвагі не зніжаюць у цэлым грунтоўнасці і значнасці выдання. Дарэчы, у яго падрыхтоўцы дапамагалі многія беларусія навукоўцы, даследчыкі, фатографы. Іх імёны падаюцца аўтарамі з выказваннем удзячнасці. Трэба таксама адзначыць вялікую дапамогу ў арганізацыі экспедыцыі па Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях і зборы звестак пра помнікі культуры, якую аказалі польскім даследчыкам Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт у Мінску, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі ў Гродне, Беларускае згуртаванне татараў–мусульманаў „Аль–Кітаб“ і таварыствы татарскай культуры ў гарадах і населеных пунктах гэтых абласцей. Удзел спецыялістаў з Беларусі дапамог папоўніць каталог вялікай колькасцю новага матэрыялу, які адлюстроўвае сучасны стан помнікаў.

Выданне каталога „Мячэці і могілкі польска–літоўскіх татараў“ — несумненна важная падзея ў справе даследавання культуры этнічных груп Беларусі, Літвы і Польшчы.

Аляксандр Лакотка
Менск

Наверх

Fugеdі, Еrіk. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred (Уладзімір Канановіч)

Снежня 1, 1999 |

Fugеdі, Еrік. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred. Edіted by D. Karbіc, foreword by J.M.Bak. Budapest: Central European Unіversіty Press, 1998. 174.

У 1475 г. пасол венгерскага караля Мацея Корвіна пад час візіту да міланскага герцага ахарактарызаваў Венгрыю як краіну 1700 шляхецкіх родаў. Іх прадстаўнікі, незалежна ад іхнай этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, складалі палітычную эліту каралеўства cв.Стэфана, або інакш кажучы Natіo Hungarіca. Aднаму з гэтых 1700 рoдaў і прысвечана даследаванне слыннага венгерскага гісторыка Эрыка Фюгедзі (1916—1992).

Выбар даследчыка не выглядае выпадковым. Сам Фюгедзі паходзіў з таго самага рэгіёну, дзе былі карані шляхецкага дома Элефанці (Еlefanthy). Маёнтак Элефант, ад якога гэты род прыдбаў сваё прозвішча, знаходзіўся ў графстве Нітра ў Верхняй Венгрыі (як тады называлася Славакія). Гэтаксама і першая буйная навуковая праца Э.Фюгедзі была прысвечана паселішчам у графстве Нітра[1]. Менавіта ў гэты час (канец 30-х—40 г.) ён сур’ёзна зацікавіўся даследаван нем гісторыі і культуры шляхты сярэднявечнай Венгрыі. Нават наступнае працяглае адлучэнне па палітычных матывах ад навуковай дзейнасці не змагло паўплываць на намер Фюгедзі займацца сацыяльнай гісторыяй. Вярнуўшыся ў вялікую навуку (1961 г.), ён спярша даследуе гарадскую тэматыку[2], а потым, нарэшце, засяроджваецца на сваім даўнім навуковым інтарэсе — даследаванні сярэднявечных эліт Венгерскага каралеўства[3].

Сваёй працай Эрык Фюгедзі, як адзначаюць спецыялісты, рэпрэзентуе якасна новы ўзровень вывучэння сацыяльнай гісторыі венгерскай шляхты ў эпоху Сярэднявечча. Каб ацаніць рэальны ўнёсак даследчыка ў сучасную венгерскую гістарыяграфію, трэба сцісла нагадаць пра асноўныя этапы ў вывучэнні праблемы ў апошняе стагоддзе. У ХІХ ст. сярод гісторыкаў пераважаў ідылічны, у пэўнай ступені нават хвалебны вобраз венгерскай шляхты, які, аднак, у пачатку ХХ ст. стаў прадметам грунтоўнага пераасэнсавання. Наступныя пакаленні даследчыкаў, сярод якіх можна згадаць такія вядомыя імёны, як Петэр Вацы (Peter Váczy), Енё Сюч (Jeno Szücs), Iштван Саба (István Szábo), Пал Энгель (Pál Engel), вывучалі перадусім сацыяльна -эканамічнае становішча, юрыдычны статус, а таксама дэмаграфічныя фактары развіцця шляхецкага стану ў сярэднявечнай Венгрыі. Абапіраючыся на дасягненні вышэйзгаданых гісторыкаў, Фюгедзі зрабіў паспяховую спробу даследаваць унутраную структуру і розныя аспекты штодзённага жыцця шляхты. У якасці канкрэтнай сацыяльнай адзінкі аўтар выбраў для вывучэння род (сям’ю)[4], якая ў сярэдневеччы з’яўлялася асновай біялагічнага ўзнаўлення і крыніцай сацыяльнага прэстыжу шляхецкага грамадства.

Даследчыцкі метад, што выкарыстоўвае Эрык Фюгедзі, адпавядае метадам школы «Аналаў», з якой аўтар азнаёміўся пад час працяглага стажу ў Парыжы ў пачатку 70-х г. Даследчык быў адным з першых венгерскіх гісторыкаў, хто пачаў прымяняць метады культурнай антрапалогіі, этнаграфіі і сацыялогіі. Асаблівасцю Фюгедзі як вучонага стаў вывераны, разважлівы падыход, асабліва ў гістарычнай тэрміналогіі.

Напачатку даследавання аўтар спрабуе суаднесці нормы венгерскага звычаёвага права, выкладзеныя ў вядомым кодэксе Стэфана Вербёцы (1514)[5], з тагачаснай практыкай, якая вызначала дзеянні шляхты каралеўства. Фюгедзі робіць выснову, што некаторыя нормы, асабліва ў дачыненні да шляхецкага статуса, правоў спадчыны і шлюбу, не заўжды адпавядалі рэальнаму жыццю грамадства. Ён прасочвае лёс розных галінаў роду Элефанці на на працягу некалькіх стагоддзяў, ад іхнага міфічнага паходжання ў канцы ХІ — пачатку ХІІ ст. прыкладна да 1490 г., г.зн. да смерці караля Мацея Корвіна і ўсталявання ў каралеўстве дынастыі Ягайлавічаў. Асаблівая ўвага звяртаецца на маёмасную палітыку і пытанні, звязаныя са спадчынай унутры роду, шлюбную стратэгію ягоных прадстаўнікоў, іхную вайсковую службу, стасункі з царквою, каралеўскай уладай, сувязі з іншымі шляхецкімі і арыстакратычнымі родамі Венгрыі, нарэшце, дзейнасць на мясцовым узроўні (перадусім у графстве Нітра).

Завяршаецца праца некаторымі абагульненнямі наконт стратыфікацыі, рэальнага маёмаснага становішча шляхецкага стану, інстытута кліентэлы ў сярэднявечнай Венгрыі. На жаль, абмежаваная база крыніц не дазволіла больш дэталёва асвятліць вышэйзгаданыя аспекты гісторыі сям’і Элефанці, што добра ўсведамляў і сам даследчык. Сваю працу ён успрымаў як падмурак для далейшых падобных даследаванняў у галіне сацыяльнай гісторыі[6].

Наватарская праца Эрыка Фюгедзі cтала важнай з’явай сучаснай венгерскай гістарыяграфіі. Як адзначыў вядомы медыевіст Я.Бак, яна ўяўляе прыклад крытычнага падыходу да вывучэння грамадства сярэднявечнай Венгрыі, які спрыяе пераадоленню рамантычнага вобразу айчыннай мінуўшчыны. Разам з тым, для гісторыкаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы гэтая праца становіць ўзор магчымага падыходу да глыбокага вывучэння палітычных эліт рэгіёна. Падобныя даследаванні спрыяюць ажыўленню даследчыцкага інтарэсу, асабліва сярод моладзі, да праблемаў сацыяльнай гісторыі (пацвярджэннем таму праект «Nobility in Medieval and Early Modern Central Europe: A Comparative Study in Social Structure», распачаты ў Цэнтральным Еўрапейскім Універсітэце ў 1996 г.). Метады, прапанаваныя Фюгедзі, маглі б прымяняцца і да вывучэння грамадства ВКЛ, асабліва з улікам таго, што статус, тэндэнцыі развіцця і высокая ўдзельная вага шляхецкага стану ў ВКЛ, Венгрыі і Польшчы былі вельмі блізкімі.

Уладзімір Канановіч
Менск


[1] Fugedi E. Nyitra megye betelepulese // Százádok, 72 (1938), 273—319, 488—500.
[2] Даследаванні Э.Фюгедзі па гарадской тэматыцы прадстаўлены шэрагам артыкулаў у кнізе: Fugedi Е. Kings, Bishops and Burgers in Medieval Hungary. London, 1989.
[3] Акрамя папярэдняй працы гл.: Fugedi E. Castle and Society in Medieval Hungary. Budapest, 1983.
[4] Гэтая сацыяльная адзінка ў венгерскіх сярэднявечных крыніцах называлася genus ці generatіo.У сучаснай венгерскай мове гэтаму тэрміну, на думку аўтара, найлепей адпавядае слова klan. У англійскім перакладзе паўсюдна выкарыстоўваецца тэрмін kindred, які азначае рэальную або фіктыўную кроўную роднасць.
[5] Вядомы таксама як «Tripartitum».
[6] Fugedi E. Op. cit. P. 142.

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej (Генадзь Сагановіч)

Лістапада 30, 1999 |

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej. Redakcja naukowa Jerzy Kłoczowski, Pawel Kras, Hubert Łaszkiewicz. Lublin, 1999. 224.

У кнігу ўвайшлі ў асноўным матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 425–й гадавіне Люблінскай уніі (частка тэкстаў рыхтавалася спецыяльна, як і змешчаная ў дадатку выбраная бібліяграфія па праблеме уніі). Навуковы форум гісторыкаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны пад назвай «Люблінская унія ды інтэграцыйныя традыцыі ў Цэнтральна–Усходняй Еўропе» праходзіў яшчэ летам 1994 г. у Любліне, дзе яго арганізаваў Інстытут Цэнтральна–Усходняй Еўропы — што цікава — з ініцыятывы беларускага боку.

Прафесар Ежы Клачоўскі ў невялікім уступным дакладзе ёмка і глыбока акрэсліў праблематыку уніі, яе актуальнасць для сучаснай Еўропы, прычым не толькі для Цэнтральна–Усходняй, народы якой, стаўшы пасля развалу СССР незалежнымі, мусяць знайсці формы добрага паразумення і далучэння да Еўрапейскай уніі, але для ўсяго еўрапейскага кантынента, які шукае шляхоў далейшай вольнай інтэграцыі. У такой перспектыве гістарычны вопыт нашых чатырох народаў даўняй Рэчы Паспалітай надзвычай каштоўны для Еўропы. Як не згадаць таго, што былі стагоддзі, калі яны не залежалі ні ад Расіі, ні ад Аўстра–Венгрыі, ні ад Нямеччыны, і пры гэтым (ці, пэўна, дзякуючы гэтаму) добра сабе радзілі. Гэта акурат тая эпоха, у якой нашыя дзяржавы лучыла унія, канчаткова аформленая ў Любліне. Гэта часы, якія дагэтуль выклікаюць у нас найглыбейшы сантымент, пра што так слушна сказаў Е.Клачоўскі: «Цяпер з еўрапейскай гісторыі нам бліжэй … эпоха перадабсалютыстычная з усім яе багаццем рэгіянальнай разнастайнасці, вольных ініцыятыў і сілаў, яе захапляльных – у тых умовах — дасягненняў, яе змаганняў за свабоду з усялякімі тыранамі» (10).

Цэнтральнай публікацыяй кнігі з’яўляецца, несумненна, аб’ёмны даклад найлепшага знаўцы праблемы Юліуша Бардаха («Od aktu w Krewie do Zaręczenia Wzajemnego Obojga Narodów: 1385—1791», s.12—34). Пра яго значэнне сведчыць і тое, што рэзюмэ да гэтай публікацыі перакладзена на беларускую, літоўскую і ўкраінскую мовы. Вучоны паказаў актуальны стан даследаванняў і акрэсліў асноўныя погляды на сутнасць і значэнне уніі ад падпісання першага акту ў Крэве да апошніх гадоў існавання шляхецкай рэспублікі. Рэзюмуючы, ён зазначыў, што унія была выдатным тварэннем «не праз сваю выключнасць, а праз час трывання – чатыры стагоддзі, а ў грамадскай свядомасці значна даўжэй, аж да канца ХІХ ст.», падкрэсліўшы, што цяпер яна ёсць «супольнай гістарычнай спадчынай палякаў, літоўцаў, беларусаў і украінцаў» (34).

У іншых дакладах разгледжаны самыя розныя аспекты унійнай праблематыкі. На праўных аспектах уніі Кароны і Вялікага Княства ў ХVІІ–ХVІІІ ст. засяродзіўся другі варшаўскі гісторык права Анджэй Закшэўскі («Prawno–ustrojowe aspekty związku Polski i Litwy», s.106—107). Канстатаваўшы, што традыцыйнае меркаванне аб тым, быццам Канстытуцыя 3 траўня уніфікавала лад Рэчы Паспалітай, даўно абвергнута даследаваннямі Е.Мальца, Е.Міхальскага і Ю.Бардаха, ён зазначыў, што новае разуменне пастаноў Вялікага Сойму вымагае дыскусій. Дадам, што гэта найбольш актуальна для гісторыкаў беларускіх, якімі яно яшчэ зусім не акцэптаванае. Браніслаў Макоўскі прэзентаваў асноўныя моманты разумення унійнай праблемы літоўскімі гісторыкамі (такімі, як А.Шапока, К.Авіжоніс, Б.Дундуліс, Ю.Якштас, А.Тыла, М.Ючас і З.Кяўпа) (45—49). Анджэй Вычаньскі (Варшава) разглядзеў магчымасці новага разумення праблемы уніі ў перспектыве яе супольнага даследавання (103—105), Эва Дубась–Урбановіч (Беласток) – стаўленне Кароны да Люблінскай уніі ў гады бескаралеўя і пасля смерці Жыгімонта Аўгуста (89—94), Януш Тазбір (Варшава) — канфесійную, культурную і дзяржаўна–палітычную спецыфіку Рэчы Паспалітай ХVІІ ст. (127—133), Ежы Урвановіч (Беласток) і Збігнеў Вуйцік (Варшава) разгледзелі праблемы так званага літоўскага сепаратызму (адпаведна s.95—98 і 100—102). Апошні на старонках гэтага ж выдання прэзентаваў таксама канцэпцыю федэралізму былога Вялікага Княства Літоўскага, распрацаваную Вітольдам Камянецкім у 1918 г. (134—138).

На інтэграцыйных праектах і дэзінтэграцыйных працэсах ад падзелаў Рэчы Паспалітай да нашых дзён, а таксама значэнні спадчыны шляхецкай рэспублікі для сучаснай Украіны спыніліся Яраслаў Ісаевіч (Львоў) і Міхайла Кірсэнка (Кіеў) (адпаведна «Федералізм на Україні ХІХ—ХХ ст.: політичні програми та спроби іх реалізаціі», s.187—195 i «Україна і цивілізаційна спадщина Речі Посполітої», s.144—148). Па–мойму, зусім па–новаму вызначае пазітыўную ролю уніі ў развіцці ўкраінскай нацыянальнай свядомасці і самавызначэння Украіны Ежы Бажэнцкі («Unia lubelska jako czynnik kształtowania się ukraińskiej świadomości narodowej», s.60—78). Наталля Якавенка даводзіць, што ідэя Русі як трэцяга народа аформленай у Любліне Рэчы Паспалітай выкрышталізавалася ўжо каля 1620 г. («Русь як третій член Речі Посполитої „Двох Народів“ в українській думці першої половини ХVІІ ст.», s.74—78).

Не меншую цікавасць могуць выклікаць публікацыі Зігмантаса Кяўпы (Вільня) «Refleksje na temat funkcjowania Wielkiego Księstwa Litewskiego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów dwa stulecia po zawarciu unii Lubelskiej» (50—53), Генрыка Віснэра (Варшава) «Kalwiniści litewscy i Rzeczpospolita I połowy XVII w.», s. 99—100), Уладыслава Сэрчыка «Unia a inne plany integracyjne w XIX w. (do powstania 1863/1864)», s.116—122), Яраслава Валенты «Federalizm w historii i tradycji czeskiej», s.196—201) і інш.

Што да беларускага блоку, то, хоць акурат беларусы ініцыявалі гэтую канферэнцыю, у кнізе з 24 дакладаў толькі 4 беларускія – Алега Трусава, Адама Мальдзіса, Міхася Біча і Алены Філатавай; няма згаданага ў справаздачы рэферата Георгія Галенчанкі. Найбольш канцэптуальны рэферат па беларуска–люблінскай тэматыцы належыць Алегу Трусаву («Прыйшоў час збіраць камяні». Да ўгодкаў Люблінскай уніі) (57—59). Аўтар паспрабаваў тэзісна ўпісаць значэнне Люблінскага акта ў вялікую панараму гісторыі Беларусі ад Сярэднявечча да постсавецкіх часоў, звяртаючыся да яе палітычнага аспекта. Ацэнка выйшла цалкам пазітыўная: дзякуючы уніі з Каронай ВКЛ «здолела захавацца як дзяржава са сваёй грашовай сістэмай, эканомікай, мовай, войскам …» (58). З усіх дакладаў гэта ці не самая аптымістычная візія уніі і, трэба прызнаць, нехарактэрная для ранейшай беларускай гістарыяграфіі. Адам Мальдзіс у дакладзе «Беларускае стаўленне да Люблінскай уніі і інтэграцыйныя традыцыі ў ХХ ст.» (154—159) звяртае ўвагу акурат на негатыўныя ацэнкі уніі ў працах Вацлава Ластоўскага і Усевалада Ігнатоўскага (дадам, што вельмі крытычна ўспрымалі яе і Мітрафан Даўнар–Запольскі, і Мікалай Улашчык). Пра тое ж згадаў і Міхась Біч у рэфераце «Ад ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай да барацьбы за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы» (на жаль, ён не дажыў да выхаду гэтай публікацыі, гл. In Memoriam), які падаў агляд нацыянальна–вызваленчага беларускага руху да абвяшчэння БНР, спыняючыся на рознагалоссях з суседзямі, адзначаючы этапы эвалюцыйнага самавызначэння беларусаў да ідэі ўласнай дзяржаўнасці (169—177). Алена Філатава характарызуе прадажнасць, карумпаванасць і беспрынцыпнасць палітычнай эліты апошняга перыяду існавання Рэчы Паспалітай, т. зв. саскай эпохі («Прарускія тэндэнцыі ў палітычнай дзейнасці магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, 1762—1795», с.112—115). Праўда, некаторыя тэзы сфармуляваны ёй надта катэгарычна, іх спрэчнасць відавочная. Прыкладам, сцвярджэнне, што ВКЛ ужо ў другой палове ХVІІІ ст. «фактычна… страціла сваю дзяржаўнасць».

З пункту гледжання аб’ектыўнасці і ўзроўню абгрунтаванасці асноўных тэзаў апублікаваныя ў кнізе даклады вельмі няроўныя, што ў прынцыпе натуральна для выдання рэфератаў канферэнцыі. Думаю, іх контраверсійнасць зробіць добрую справу і справакуе гісторыкаў на дыскусіі па гэтай сапраўды цэнтральнай праблеме некалькіх стагоддзяў супольнай гісторыі нашай часткі Еўропы.

Генадзь Сагановіч
Менск

Dylągowa, Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596—1918) (Святлана Марозава)

Лістапада 29, 1999 |

Dylągowa, Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596—1918). Warszawa — Olsztyn, 1996. 228.

Манаграфія Ганны Дылянговай выдадзеная да 400–й гадавіны заключэння царкоўнай уніі ў Берасці. Праца складаецца з трох раздзелаў. Першы — „W Rzeczypospolitej“ — раскрывае прычыны уніі, яе ідэю і заключэнне акту уніі, станаўленне уніяцкай царквы ў нялёгкае для яе XVII ст.; паказвае яе тэрытарыяльную і ерархічную структуру, ролю базыльянскага ордэна і працэс лацінізацыі. У другім раздзеле — „Pod rozbiorami“ — прасочваецца лёс царквы на тэрыторыях, якія ў канцы XVIII ст. падпалі пад уладу Аўстрыі і Расіі; канфесійная палітыка расійскіх манархаў ад Пятра І да Мікалая І і барацьба царквы за выжыванне.

Калі першыя два раздзелы кнігі ўяўляюць сабой даволі беглы агляд трохсотгадовай гісторыі уніяцкай царквы, заснаваны ў асноўным на вядомых фактах, то на іх фоне выгадна адрозніваецца трэці раздзел — „W Królewstwie Polskim“. Ён складае больш за палову кнігі і прысвечаны падзеям ХІХ ст. у Холмскай уніяцкай епархіі, паўночная частка якой ахоплівала беларускія этнічныя тэрыторыі Падляшша, а тэрыторыя былога Аўгустоўскага дэканата часткова (вёскі Лабна, Галынка, Перстунь, пасёлак Сапоцкіна) сёння ўваходзяць у склад Гарадзенскай вобласці. Напісаны на дакументах польскіх (люблінскага, седлецкага), ватыканскіх і расійскіх (пецярбургскага і маскоўскага) архіваў, гэты раздзел уяўляе вялікую цікавасць, навуковую каштоўнасць і чытаеццца як сенсацыйная аповесць. Даволі стрыманая ў сваёй ацэнцы Берасцейскай уніі, Дылянгова паказвае ў гэтым раздзеле ўвесь фальш і жах „добраахвотнага“ далучэння нашых продкаў да праваслаўя.

Аўтар зыходзіць з добраахвотнасці прыняцця Берасцейскай уніі магутнымі гэтага свету: да яе можна было прыступіць і ад яе можна было адысці, не баючыся наступстваў, — шляхта мела поўную свабоду ў выбары веравызнання. Зразумела, думкі пазбаўленых грамадзянскіх правоў сялян ні пад час сабора ў Берасці, ні пазней ніхто не пытаўся. Ліквідацыя ж уніі расійскім урадам суправаджалася прымусам упартых уніятаў прыняць праваслаўе. Іншай магчымасці, як, напрыклад, пераходу на лацінскі абрад, ім не пакідалі.

Аўтар акцэнтуе ўвагу на такіх прычынах Берасцейскай уніі, якія і сёння не заўважаюцца шэрагам беларускіх даследчыкаў: „не найлепшы“ стан праваслаўнай царквы Беларусі і Украіны ў канцы XVI ст., боязь падпасці пад уладу Маскоўскага патрыярха, прыцягальнасць каталіцкага касцёла лепшай арганізаванасцю.

Хоць рэлігійных войнаў у Рэчы Паспалітай не было, але, паводле Г.Дылянговай, сітуацыя тут не была такой ідылічнай. Адназначна ненавідзелі унію казакі. Варожа да яе ставіліся і карысталі кожнай аказіяй, каб з ёй расправіцца, расійскія цары і падпарадкаваны ім Маскоўскі патрыярхат. Замест усталявання рэлігійнага адзінства хрысціянства пасля Берасцейскага сабора надышоў дадатковы яго падзел на уніяцкую і праваслаўную цэрквы. Выкліканы уніяй падзел і канфлікты не абмежаваліся чыста веравызнавальнымі справамі, а ахапілі сферы палітычную, нацыянальную, грамадскую, культурную. Дагматычныя разыходжанні адыходзілі на другі план, а на першы высоўваліся, у залежнасці ад абставінаў, часам адзін з пералічаных фактараў, часам усе разам.

Трэба прызнаць справядлівай думку даследчыцы, што становішча уніяцкай царквы, якая мела падтрымку караля і Ватыкана, і царквы праваслаўнай, фармальна не прызнанай дзяржавай, але фактычна талераванай (так, бо захоўвалі свае пасады і маёнткі епіскапы, што не прынялі унію), не было ні моцным, ні пэўным. Абедзве яны страчвалі найвышэйшыя пласты грамадства і ўсё больш станавіліся „хлопскімі“. 1635 г. зацвердзіў падзел усходняй царквы на дзве легальныя і раўнапраўныя Кіеўскія мітраполіі — уніяцкую і праваслаўную. Пры канцы XVII ст. уніяцкая мела 7 епархій, праваслаўная — 6. Усталявалася перавага уніяцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім і на паўночна–заходняй частцы „рускіх“ земляў Кароны, у цэнтральных жа і паўднёва–ўсходніх землях Русі кароннай дамінавала тады праваслаўе. Слушна адзначаецца, што страта палітычнай ролі казацтва, заняпад праваслаўных царкоўных брацтваў, пераход рэшты шляхты ў каталіцтва прывялі да заняпаду праваслаўя і росту уніяцкіх настрояў у грамадстве. Многія уніяцкія храмы былі фундаваныя рыма–каталіцкай магнатэрыяй, якая заказвала для сябе і нашчадкаў рымскую імшу ў заснаваных ёю цэрквах. Аўтарка зазначае, што заснаванне новай уніяцкай царквы абыходзілася танней, чым лацінскага касцёла.

Падзяляем думку Дылянговай, што лацінізацыя і паланізацыя уніяцкай царквы, праваднікамі якой былі базыльяне, рэкрутаваныя з каталіцкіх шляхецкіх родаў і выхаваныя ў лацінскіх школах епіскапы, а таксама Рым, былі праявай польскай палітычнай, грамадскай і культурнай экспансіі на „рускіх“ землях Рэчы Паспалітай. Яны давалі неаднолькавыя вынікі, розніца якіх залежала ад размяшчэння парафіі.

Дарэчы прыгадаць, што назву „грэка–каталіцкі“ як афіцыйную назву для уніяцкага абраду ўвяла ў 1774 г. аўстрыйская імператрыца Марыя Тэрэзія.

Паводле дадзеных Дылянговай, напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай уніяты мелі тут 8 епархій з 9300 парафіямі, 10 300 святарамі, 4,5 млн. вернікаў і 172 кляштары з 1458 манахамі, тады як праваслаўныя мелі толькі 2 епархіі з 400 парафіямі, 52 манастырамі і 0,5 млн. паствы. Уніяты трапілі пад Расію і Аўстрыю. Толькі невялікая іх колькасць — каля 70 тыс. — была пад прускім панаваннем, але ў 1807 г. і яны перайшлі пад уладу Расіі. У 1794–1795, 1839 і 1875 г. уніяцкая царква была ліквідаваная на землях, якія апынуліся пад панаваннем Раманавых. Засталася яна толькі пад аўстрыйскай уладай ва Усходняй Галіцыі і там паспрыяла „нацыянальнаму выспяванню“ галіцыйскіх русінаў — украінцаў, стала важным элементам фармавання іх нацыянальнай свядомасці. Але і тут у 1946 г. была ліквідаваная.

Пасля акцыі Кацярыны II 1794–1795 г. па знішчэнні уніі апошняя засталася пад расійскай уладай толькі на тэрыторыі Беларусі. Ліквідацыйны план Мікалая I, заўважае Г.Дылянгова, адрозніваўся ад кацярынінскага: ён прадугледжваў не аднаразовае пераварочванне уніятаў у праваслаўе, а доўгапланавую дзейнасць. Уся аперацыя была падрыхтаваная старанна, з раскладам на некалькі гадоў. Уступам да яе павінна было стаць вяртанне ўсходніх абрадаў і звычаяў. Спрыяльны расклад для ліквідацыі уніяцкай царквы стварыла смерць пяці епіскапаў — праціўнікаў зліцця з праваслаўем. Новы епіскапат — І.Сямашка, А.Зубко, В.Лужынскі, І.Жарскі — былі да гэтай акцыі гатовыя. Пасля паўстання 1830—1831 г. быў аслаблены базыльянскі ордэн, які мог стаць дадатковай перашкодай у ліквідацыйных планах. Фактычна лёс уніі ў Расійскай Імперыі быў вырашаны яшчэ да 1839 г.

Г.Дылянгова адзначае моцны адпор уніяцкага кліру і паказвае метады ліквідацыі уніі: заключэнне ўпартых святароў у кляштарах, пазбаўленне прыходаў, высылка ўглыб Расіі. 593 манахі і святары не далі тады згоды на злучэнне з праваслаўем (1305 чалавек згадзілася). Прымаліся меры, каб у замежжа не трапілі звесткі пра пераслед ці прымус уніятаў. Усё павінна было ствараць уражанне добраахвотнасці прыняцця праваслаўя. Улады пастараліся, каб папская алакуцыя ад 22 лістапада 1839 г. з асуджэннем адступнікоў ад уніі не дайшла да тых, хто цярпеў пераслед за веру, каб яны не спадзяваліся на чыюсьці дапамогу.

Для беларускага даследчыка гісторыя уніі завяршаецца звычайна 1839 г. Кніга Дылянговай раскрывае далейшы лёс уніяцкай царквы на тэрыторыі, што апынулася пад уладай Раманавых, дае магчымасць правесці гістарычную нітку ад 1839 да 1946 г. І нават да распачатага ў 1991 г. працэсу беатыфікацыі падляшскіх пакутнікаў за веру.

Пасля выкаранення уніі на забраных землях у Расійскай імперыі засталася толькі адна уніяцкая дыяцэзія — Холмская ў Каралеўстве Польскім. У ёй як у лінзе сфакусаваліся адносіны Расіі да уніяцтва. Працэс яго ліквідацыі ў 1864–1875 г. царызмам выразна паказаў, што Пецярбург не лічыўся з еўрапейскай думкай. Значная частка уніятаў на працягу многіх гадоў бараніла тут сваю веру перад праваслаўем, што прыносіла ім толькі матэрыяльныя страты ды фізічныя пакуты, аж да страты жыцця наогул.

Расійскія ўлады дзейнічалі тут адміністрацыйнымі метадамі, не адмаўляючыся і ад сродкаў фізічнага ўздзеяння. Адпор вернікаў быў амаль усеагульным. Распачаліся арышты, накладанне кантрыбуцыі, размяшчэнне войскаў па уніяцкіх вёсках. Шырока ўжывалася збіццё, заключэнне ў турму як сродак пераканання да пераходу ў праваслаўе. Фізічныя здзекі складалі значную частку арсеналу метадаў далучэння да гэтай веры. У тых умовах некаторыя уніяты пачалі пераходзіць на лацінскі абрад, што наогул не ўваходзіла ў планы царызму. З такім моцным масавым адпорам, як адзначае Дылёнгова, расійскія ўлады не сустракаліся пры папярэдніх ліквідацыйных акцыях (у 1794—1795 і 1833—1839 г.). Арганізацыя уніятаў у барацьбе супраць навязванага сілай праваслаўя была першым, як здаецца аўтару, нізавым грамадскім рухам такога масавага маштабу не толькі ў Каралеўстве, але наогул на землях былой Рэчы Паспалітай. На аснове малавядомых тагачасных карэспандэнцый, пратаколаў, справаздач і падобных дакументаў даследчыца раскрывае механізм дзеяння расійскіх уладаў, іх страх перад салідарным адпорам уніятаў, метады адпору апошніх: байкот парохаў–адступнікоў, перавернутых у панавальную веру храмаў і набажэнства ў іх, уцёкі ад пераследу ў лясы.

Афіцыйна закрытая уніяцкая праблема нагадвала пра сябе і пазней. Уніяты неаднойчы звярталіся да ўладаў і Ватыкана з просьбамі дазволу вярнуцца ў сваю веру, пра што распавядае асобны пункт манаграфіі. У 80–я г. найбольш упартых высылалі ў Арэнбургскую губерню. Праз 30 гадоў пасля скасавання уніяцтва на Падляшшы (1875) пасля ўказу Мікалая ІІ пра талерантнасць значная частка былых уніятаў і іх нашчадкаў запісалася ў рыма–каталіцызм і на працягу наступных дзесяцігоддзяў цалкам паланізавалася.

У працы Г.Дылянговай шмат цікавай статыстыкі, арыгінальныя карты: „Уніяцкія епархіі Рэчы Паспалітай (каля 1772 г.)“ і „Холмская уніяцкая епархія (1874 г.)“, выява унікальнага помніка драматычных падзеяў 1874 г. у Дрэлёве, Пратуліне і Палюбічах — медаля з надпісам „Братам русінам, замардаваным маскоўскім царызмам за вернасць касцёлу і Польшчы“.

Багатая на факты, кніга з’яўляецца важкім укладам у сучаснае уніязнаўства і істотна ўзбагачае ўжо вядомую нам карціну берасцейскага працэсу, які пачаўся ў канцы XVI ст. і, нягледзячы на неаднаразовыя спробы спыніць яго (у 1794, 1839, 1875 г.), мае рэальны працяг і сёння.

Святлана Марозава
Горадня

Марозава, Святлана В. Уніяцкая царква ў культурна–гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839) (Павел Лойка)

Лістапада 28, 1999 |

Марозава, Святлана В. Уніяцкая царква ў культурна–гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839) / Навучальны дапаможнік. Гродна, 1996. 111.

Выхад гэтай манаграфіі пад грыфам навучальнага дапаможніка па аднайменным курсе для студэнтаў–гісторыкаў і культуролагаў — гэта своеасаблівы і своечасовы адказ на запыт навукі і грамадства на пазбаўленыя старых штампаў веды па гісторыі рэлігійнай згоды 1596 г., цікавасць да якой асабліва ўзмацнілася ў сувязі з 400–мі ўгодкамі уніі. Праца падрыхтаваная на аснове грунтоўнага вывучэння шматлікай літаратуры — дарэвалюцыйнай расійскай, савецкай і постсавецкай, айчыннай і замежнай. Яна мае багатую базу крыніц, як надрукаваных, так і архіўных, узятых аўтарам з дакументасховішчаў Менска, Горадні, Вільні, Львова, Масквы і Санкт–Пецярбурга (царкоўнае справаводства, інвентары, судова–следчыя матэрыялы, ватыканскія дакументы, заканадаўства, помнікі царкоўнага права, саборныя пастановы, мемуары, рэлігійная публіцыстыка і інш.).

Аўтарка адышла ад традыцыйнай рускацэнтрычнай міфалагемы гісторыі уніяцкай царквы і спрабуе падаць дзейнасць апошняй на фоне агульнаеўрапейскіх культурна–гістарычных працэсаў. Еўрапейскі кантэкст у спалучэнні з нацыянальным падыходам — дадатны бок рэцэнзаванай працы. Імпануе аўтарская канцэпцыя уніі як пошук продкамі беларусаў свайго месца ў агульнагістарычным працэсе, як імкненне да фармавання самабытнага нацыянальна–культурнага аблічча ў канфесійнай сферы.

Кніга складаецца з двух раздзелаў. Першы прысвечаны культурным, другі — этнічным аспектам стварэння, функцыянавання і ліквідацыі уніяцкай царквы. Хоць структура працы ў цэлым пярэчанняў не выклікае, аднак патрабуе карэкцыі назва першага раздзела «Брэсцкая унія і ўключэнне Беларусі ў культурна–гістарычны працэс», бо гэтае ўключэнне пачалося не з Берасцейскай уніі, як вынікае з назвы, а значна раней, узмацнілася ў сярэдзіне XVI ст., а 1596 г. спрыяў паглыбленню гэтага працэсу, быў адной з формаў гэтага ўключэння. Аўтарка зыходзіць з гістарычнай дэтэрмінаванасці уніяцтва.

Лагічным выглядае пачатак кнігі з этнакультурных перадумоваў уніі, да якіх С.Марозава адносіць дэградацыю зарыентаванай на заняпалую Візантыю праваслаўнай царквы Вялікага Княства Літоўскага і звязанае з яе ахоўна–ізаляцыянісцкай палітыкай культурнае «спазненне» беларуска–ўкраінскага грамадства, што і падштурхоўвала яго перадавых прадстаўнікоў аддаць прыярытэт культурным кантактам з хрысціянскім Захадам. Арыентацыя на яго ўплывовых духоўных і свецкіх колаў дзяржавы ў канцы XVI ст. узмацнілася, ператварылася ў «хранічную хваробу» і вылілася ў афармленне уніяцтва, якое стала культуратворчым фактарам. Атмасферы ахоўніцтва і ізаляцыянізму яно супрацьпаставіла адкрытасць да замежных плыняў заходняга паходжання, не сыходзячы пры гэтым з традыцыйных грэка–ўсходнеславянскіх асноваў. 1569 г. стаў своеасаблівым адказам на магутны культурна–рэлігійны выклік хрысціянскага Захаду, які, пераадолеўшы рэфармацыйны крызіс, даў прыцягальны прыклад жыццястойкасці, узвышэння культурнага ўзроўню і гатовыя мадэлі рэформаў для Кіеўскай мітраполіі.

Разглядаючы этнакультурныя перадумовы Берасцейскай уніі, аўтарцы варта было б засяродзіць увагу на дэнацыяналізацыйных працэсах у грамадстве, паланізацыі яго эліты, перашкодай якога павінна было стаць уніяцтва, якое дапускага элементы каталіцтва, але захоўвала «рускі» абрад.
Святлана Марозава разглядае Берасцейскую унію як буйную царкоўную рэформу, што паклала пачатак больш–менш далёкаму пераўтварэнню многіх сфераў жыцця беларускага грамадства. Новая вера, паводле аўтарскай версіі, сінтэзавала ў сабе візантыйскую культурна–рэлігійную спадчыну, старажытныя ўсходнеславянскія і мясцовыя нацыянальныя традыцыі, заходнееўрапейскія запазычанні і развівалася ва ўзаемадзеянні дзвюх тэндэнцый: арыентальнай, якая абараняла чысціню і недатыкальнасць усходняга абраду, і празаходняй, накіраванай на лацінізацыю. Яны то ўжываліся разам, то спрачаліся за прыярытэт. Аналізуючы артыкулы уніі, аўтарка паказвае, што яны забяспечвалі адасобленасць уніяцкай царквы ад рыма–каталіцкай, яе самабытнасць і насілі этнаахоўны характар (сярод іх захаванне сваіх святаў, абрадаў і цырымоній, царкоўнаславянскай мовы, прызначэнне на духоўныя пасады толькі мясцовых, забарона пераходу уніятаў на лацінскі абрад і пераўтварэння цэркваў у касцёлы). Уніяцтва, такім чынам, як сцвярджае Марозава, не адмаўляла і не разбурала рэлігію і культуру, а стваралася шляхам трансфармацыі праваслаўя з захаваннем дастаткова жорсткай пераемнасці. Сказалася 600–гадовая (у тэксце памылкова — 500–гадовая) традыцыя залежнасці ад Канстанцінопаля, глыбока ўкаранёная ў свядомасці беларускага народа, выхаванага на канонах, звычках, традыцыях, навуцы праваслаўнай царквы і візантыйскай культуры. Крытыкуючы гэтую традыцыю, яе абмежаванасць, творцы уніі і выкарысталі яе.

Уніяцтва, як сцвярджае аўтарка, было задумана і ажыццяўлялася як альтэрнатыва праваслаўю і каталіцтву, якія з XVI ст. канкуравалі паміж сабой. Не адно пакаленне царкоўных лідэраў імкнулася прымірыць іх на аснове уніі. Але місія прымірэнцы аказалася нялёгкай. Уніяцтва аддалілася ад праваслаўнай рэлігіі і не злілося з каталіцкай. З моманту свайго нараджэння і да ліквідавання яно было асуджана на пастаяннае балансаванне паміж дзюма цывілізацыямі, культурамі, рэлігіямі, і яго схіленне ў адзін ці другі бок, рэзкая перавага заходніх ці ўсходніх элементаў была аднолькава небяспечнай для яго. Так, узмацненне рыма–каталіцкіх і польскіх уплываў у базыльянскім ордэне прывялі да яго лацінізацыі і апалячвання. Арыентальна скіраваныя рэформы 30–х г. ХІХ ст. ссунулі унію ва ўлонне праваслаўя.

Прамежкавае становішча уніяцтва ў многім вызначыла яго трагічны лёс. Лацінская партыя, не схільная падтрымаць асобнасць і самабытнасць уніяцтва, бачыла ў ім апаганьванне каталіцкай веры, бо папскім імем асвячала «памылкі схізматаўскія». Іх апаненты лічылі, што пад абліччам уніі захавалася сапсаванае заходнімі скажэннямі праваслаўе. Непрыняцце культурна–рэлігійных каштоўнасцяў, выпрацаваных уніяцкай царквой, прадстаўнікамі «сумежных» з ёю канфесій не спрыяла пашырэнню сферы яе дзейнасці і кола прыхільнікаў. Паспяховаму функцыянаванню веры перашкаджала грубае ўмяшанне ў пасляберасцейскі працэс палітычных колаў Рэчы Паспалітай і Расійскай дзяржавы. Штучны абрыў у 1839 г. не даў гэтай веры магчымасці канчаткова сфармавацца.

Чатыры параграфы першага раздзела прысвечаны стварэнню таго пласта беларускай культуры, які звязаны з функцыянаваннем уніяцкай царквы. Гэта, у прыватнасці, наладжванне ўласнай сістэмы адукацыі, кніжнай культуры, удзел царквы ў развіцці архіўнай справы, мастацтва. Незайздросны стан асветы на Беларусі ў апошняй чвэрці XVI ст., няздольнасць праваслаўнай царквы стварыць належную сістэму адукацыі і задаволіць інтэлектуальныя патрэбы сваёй эліты былі адным з тых фактараў, якія падштурхнулі лідэраў беларуска–ўкраінскага праваслаўя да дыялогу з каталіцкім Захадам. Даследчыца прыходзіць да высновы, што на працягу XVII — першай трэці XIX ст. уніяцкая царква ўнесла істотны ўклад у развіццё асветы на Беларусі, і знаёміць з найбуйнейшымі базыльянска–уніяцкімі навучальнымі ўстановамі.

Параграф «Кніжная культура» дае сціслы агляд кнігадрукарскай дзейнасці на патрэбы царквы і знаёміць з базыльянскімі бібліятэкамі. Аўтарка лічыць патрэбным перагледзець ранейшую ацэнку гэтых бібліятэк як рэакцыйных асімілятарскіх установаў. Як вынікае з працы, уніяцкая царква паставіла архіўную справу на сур’ёзную аснову.

Кніга С.Марозавай падрывае стэрэатып пра выключна разбуральную місію уніяцтва ў дачыненні да беларускай культуры, які панаваў у папярэдняй савецкай гістарыяграфіі, і дазваляе ўбачыць яе ўнёсак у нацыянальнае мастацтва, адукацыю, кнігавыдавецкую справу. Яна абвяргае і непахіснае раней сцвярджэнне пра мастацкую няпаўнавартаснасць уніяцтва. 34 старонкі сваёй кнігі С.Марозава прысвячае стварэнню уніяцкай царквой свайго ўласнага культурнага набытку, а наступныя 16 — яго мэтанакіраванаму знішчэнню ў канцы XVIII — сярэдзіне XIX ст. Духоўная пераарыентацыя Беларусі на праваслаўны Усход, закліканая ўзмацніць яе палітычную інтэграцыю ў складзе Расійскай імперыі, суправаджалася руйнаваннем культурных каштоўнасцяў уніяцтва. Нішчылася ўсялякая мясцовая даўніна, якая не была падобнай па форме і стылі да прынятага ў Расіі. На працягу двух–трох дзесяцігоддзяў, сцвярджаецца ў манаграфіі, руйнавалася многае з таго, што стваралася цягам двух з паловай стагоддзяў. Не дзіўна, што сёння уніяцкія абразы, кнігі, скульптуры і г.д. — рэдкія і унікальныя экспанаты ў музеях і бібліятэках. У апошніх параграфах першага і другога раздзелаў падаецца нямала прыкладаў абароны уніятамі сваёй веры і яе культурных каштоўнасцяў.

Цікавыя факты, назіранні і дастаткова абгрунтаваныя высновы ўтрымлівае другі раздзел працы «Уніяцтва ў этнічнай і рэлігійнай свядомасці беларусаў». У ёй паказана, што 1596 г. спрычыніўся да актывізацыі грамадска–палітычнага і культурна–рэлігійнага жыцця, абуджэння этнічнай і гістарычнай самасвядомасці беларускага народа, якая менавіта з таго часу стала выяўляцца масава. І прыхільнікі уніі, і яе праціўнікі лічылі, што менавіта яны — выразнікі інтарэсаў свайго народа, і кожны па–свойму разумеў нацыянальна–рэлігійны патрыятызм. Першыя лічылі сябе вернымі ідэі продкаў, унію яны ўважалі справай законнай, годнай і нават выратавальнай. Свой патрыятызм яны выяўлялі ў дзейнасці на карысць духоўнага адраджэння грамадства праз «паправу» царквы з выкарыстаннем вопыту каталіцкага Захаду. Патрыятызм жа праваслаўнай апазіцыі выяўляўся ў недапушчэнні зменаў у царкве ў празаходнім духу, у адданасці Канстанцінопальскаму патрыярхату, адкуль продкі 600 гадоў назад прынялі веру. Унія абражала іх нацыянальнае і рэлігійнае самалюбства, з’яўлялася нацыянальнай здрадай. Хоць замест чаканай кансалідацыі 1596 год яшчэ больш распаліў канфесійную напружанасць, Беларусь перажывала тады перыяд паскоранага нацыянальнага развіцця.

Святлана Марозава падзяляе уніятаў на шчырых, што свядома прынялі веру, і міжвольных, далучаных да яе пад прымусам, хоць даказвае, што пры пашырэнні веры дамінавалі культурна–стваральныя метады. Другіх было больш на ўсходзе Беларусі. Уніяты не мелі боязі да Захаду і варожасці да яго, але заходнія элементы дапускалі толькі да пэўнай мяжы — пакуль гэтае не пагражала іх этнаканфесійнай адметнасці. Аўтарка лічыць уніяцтва формай пэўнага царкоўнага «нацыяналізму» ды паказвае яго нялёгкае становішча пад ціскам польскага касцёла, апалячанага панства, з аднаго боку, і кіраўнічых колаў Расіі, з другога.

Уніяцкая царква, як вынікае з кнігі, імкнулася праводзіць самастойную моўную палітыку. У аснове яе ляжала захаванне кананічнасці царкоўнаславянскай мовы і ўвядзенне ў сакральную сферу нацыянальнай мовы, якую ўзаконіла базыльянская кангрэгацыя 1636 г. Дзяржаўная палітыка і культурныя павевы часу карэктавалі гэтую лінію. Польская мова і латынь з часам становяцца мовамі уніяцкай інтэлігенцыі і базыльянскага манаства. З’яўляецца беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы (у гэтым заслуга уніяцкай царквы). Пранікненне польскага слова выклікала супраціў у патрыятычных колах. Шараговае святарства і вернікі засталіся беларускамоўнымі. Выкарыстанне царквой роднай мовы садзейнічала паглыбленню моўнага бар’еру паміж беларусамі і рускімі, а абарона яе ва ўмовах паланізацыі станавілася фактарам нацыянальнай самасвядомасці. З канца XVIII ст. моўная сітуацыя ў царкве і грамадстве мяняецца спачатку на карысць польскай мовы, а з 1830–х г. — расійскай.

Пры ўсёй інтэграванасці з Ватыканам, даказвае С.Марозава, уніяцтва абараняла самабытнасць і адасобленасць ад каталіцтва, найперш у яго польскай форме. Сімпатыі папства і ўладаў Рэчы Паспалітай да уніі, на яе думку, перабольшаны гістарыяграфіяй. Абараняючы царкоўна–культурную індывідуальнасць сваёй веры, уніяцкія дзеячы тым самым аберагалі самабытнасць народа, ратавалі яго ад дэнацыяналізацыі.

Даследчыца лічыць гістарыяграфічным міфам сцвярджэнне пра паланізацыю беларускага народа праз унію, пра уніяцкую барацьбу як барацьбу за захаванне сваёй народнасці, пра беларусаў як выключна праваслаўную этнаканфесійную супольнасць.

Палякамі уніятаў спачатку лічылі афіцыйныя колы Расійскай імперыі, якія садзейнічалі эвалюцыі іх этнічнай свядомасці ў польскім кірунку. З пачаткам русіфікацыі Беларусі, першыя захады якой былі зробленыя ўжо Кацярынай ІІ, яны сталі спекуляваць на этноніме «рускі», абвясцілі уніятаў тоеснымі расіянам, але сапсаванымі «злашкоднай» уніяй, і за кошт іх у 30–я г. ХІХ ст. павялічвалі «рускую народнасць». Пры гэтым дэфармавалася гістарычная памяць уніятаў, ім штучна прышчаплялася расійская самасвядомасць і патрыятызм.

Уніяцкая вера, на думку аўтаркі, была прыстасаваная да нацыянальна–культурных памкненняў і сацыяльнага статусу яе носьбітаў, якія лічылі яе сваёй і не бачылі патрэбы мяняць. Скансалідаванасць народа уніяцтвам, прывязанасць да веры найбольш выявіліся тады, калі над ёй навісла пагроза знішчэння. Рух уніяцкага супраціву набыў шырокі размах у 1830–я г. Задушаны адміністрацыйнымі мерамі супраціў народа і духавенства перайшоў у скрыты стан і да пачатку ХХ ст. выяўляўся ў настальгіі па уніі.

Кніга паглыбляе нашыя веды пра адзін са складаных і супярэчлівых перыядаў этнаканфесійнага і культурнага развіцця Беларусі і ўяўляе цікавасць не толькі для студэнтаў факультэта гісторыі і культуры Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта, якія слухаюць аднайменны курс. Застаецца толькі шкадаваць, што праца выйшла малым накладам, а нейкая тэхнічная недарэчнасць — амаль поўная адсутнасць падзелу тэксту на абзацы — ускладняе яе чытанне.

Тым не менш, першую спробу спецыяльнага манаграфічнага асэнсавання этнакультурных аспектаў уніяцтва ў беларускай гістарыяграфіі, зробленую С.Марозавай, можна лічыць удалай.

Менск
Павел Лойка

Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі (Уладзімір Свяжынскі)

Лістапада 27, 1999 |

Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі. З рукапіснай спадчыны. Укладальнікі Я.Кісялёва, В.Скалабан. Мінск, БелНДІДАС, 1999. 120.

Асноўную ўвагу ў сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Улашчык аддаваў таму, без чаго немагчыма развіццё гістарычнай навукі – археаграфіі і крыніцазнаўству. Аналітычны розум, незвычайная эрудыцыя дазволілі яму бліскуча вырашыць тыя кардынальныя праблемы згаданых гістарычных навук, за якія ён браўся. Заглыбіўшыся ў тысячы старонак крыніц і іх публікацый, ён умеў выбраць самае істотнае для іх характарыстыкі, а потым трапна і лаканічна сфармуляваць свае высновы. Не ўсё з напісанага вучоным пабачыла свет у свой час. І вельмі надзённай стала ініцыятыва па публікацыі яго рукапіснай спадчыны. У зборніку, выдадзеным у Навукова–даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы, змешчаны працы Улашчыка, якія з’яўляюцца працягам распачатага ім у манаграфіі «Очерки по источниковедению и археографии истории Белорусии феодального периода» аналізу крыніц айчыннай гісторыі дасавецкага перыяду. У кароткай прадмове «Першыя крокі ўлашчыказнаўства» аднаго з укладальнікаў зборніка беларускага гісторыка В.Скалабана апавядаецца пра мерапрыемствы, якія былі праведзены ў гонар 90–х угодкаў М.Улашчыка, пра задачы, звязаныя з публікацыяй яго багатай навуковай спадчыны.

Уласна зборнік пачынаецца аглядам выдадзеных у міжваеннай Польшчы «Актаў уніі Польшчы з Літвой» (Кракаў, 1932). Аўтар адзначае паўнату характарыстыкі гістарычнай падзеі, паказанай уключанымі ў выданне дакументамі, высокі ўзровень яго археаграфічнай падрыхтоўкі, як недахоп — перадачу тэкстаў кірылічных дакументаў лацінскім шрыфтам, што публікатары чамусьці тлумачаць адсутнасцю ў іх адпаведнага шрыфта.

Наступны раздзел «Пасляваенныя публікацыі гістарычных крыніц у Беларусі» складае асноўны змест зборніка. Ён прысвечаны аналізу выданняў, якія ўяўляюць сабой найноўшы этап развіцця беларускай археаграфіі. Ва ўступным археаграфічным нарысе даецца грунтоўны агляд арганізацыі археаграфічнай справы ў Беларусі пасля другой сусветнай вайны. Гаворачы пра першую публікацыю перыяду — чатырохтомнік «Белоруссия в эпоху феодализма», ажыццёўленую сіламі Інстытута гісторыі АН БССР, даследчык адзначае яе хрэстаматыйны, папулярны характар. Перадрукоўка тых дакументаў, якія былі напісаны на іншых, акрамя старабеларускай і стараўкраінскай, мовах, ва ўжо апублікаваных раней перакладах без іх неабходнай падрыхтоўкі сталася прычынай паўтору ў выданні недакладнасцяў гэтых перакладаў. Тэксталагічныя і факталагічныя недакладнасці мае і прадмова да чацвёртага тома. Тым самым недахопам (недакладнасцю перакладаў крыніц) характарызуецца і другая публікацыя Інстытута гісторыі — Інвентары маёнткаў Смаргонь і Цімкавічы (адпаведна 1977 і 1982 гады выдання). Сцвярджаючы, што публікацыі крыніц у перакладах ўвогуле не з’яўляюцца навуковымі, аўтар ставіць у прыклад публікатарам выданні Віленскай археаграфічнай камісіі, у якіх паралельна з перакладамі змешчаны і арыгіналы.

Характарызуючы выдадзены гісторыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта зборнік дакументаў «Русско–белорусские связи» у двух тамах, Улашчык адзначае ўмоўнасць гістарычнага перыяду (1570–1667 г.), вызначанага для дакументаў першага тома выданняў. Прычына недакладнасцяў другога тома — нявызначанасць пазіцыі ўкладальнікаў у дачыненні да тэрмінаў Беларусь і беларусы прымяняльна да перыяду, які ахопліваюць змешчаныя тут дакументы (1667—1686 г.).

У 70—80–я г. выданне гістарычных крыніц як твораў літаратуры, а таксама як біяграфічных дакументаў пра выдатных пісьменнікаў ажыццяўляў і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Не змяншаючы прыярытэтнасці і актуальнасці выданняў, падрыхтаваных супрацоўнікам інстытута А.Коршунавым (лісты Філона Кміты Чарнабыльскага, Баркулабаўскі летапіс, мемуары Фёдара Еўлашоўскага і Яна Цадроўскага, прадмовы і пасляслоўі Францішка Скарыны і дыярыуш Апанаса Філіповіча), М.Улашчык адзначае характэрныя для гэтага публікатара недахопы іх археаграфічнай падрыхтоўкі — шматлікія недакладнасці ў перадачы тэксту публікаваных крыніц, тэндэнцыйнасць і непаўнату прадмоваў. З выданняў Інстытута літаратуры самай высокай ацэнкі археографа заслужылі тыя, якія былі падрыхтаваныя выпускніком Маскоўскага гісторыка–архіўнага інстытута Г.Кісялёвым (зборнік «Пачынальнікі», зборнікі, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу). Па словах даследчыка, гэта лепшыя з усіх публікацый Беларусі як у пасляваенны перыяд, так і ўвогуле, бо адпавядаюць археаграфічным патрабаванням нашага часу (с.106).

Трэба адзначыць вялікую працу ўкладальнікаў па падрыхтоўцы апублікаваных матэрыялаў да друку, што дазволіла пазбегнуць магчымых недакладнасцяў. Застаецца толькі пашкадаваць, што такое патрэбнае выданне выйшла надзвычай малым накладам (сто асобнікаў), ператварыўшыся фактычна адразу ў бібліяграфічную рэдкасць.

Менск
Уладзімір Свяжынскі

Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda (Алесь Смалянчук)

Лістапада 26, 1999 |


Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda. Wojna polsko-bolszewicka 1919—1920. Kraków, 1998. 308.

Гістарычная навука не можа быць цалкам свабоднай ад ідэалагічных уплываў. Але заўсёды існуе мяжа, якая аддзяляе навуковую працу ад фальсіфікацыі мінулага ва ўгоду пэўных ідэалагічных мэтаў. На жаль, для бальшыні беларускіх савецкіх гісторыкаў, што займаліся праблематыкай ХХ ст., гэтай мяжы не існавала. Тая гісторыя, якая навязвалася грамадству Беларусі, на самай справе ніколі не перажывалася беларускім народам. Яе асноўныя пастулаты фармуляваліся ў кабінетах партыйных кіраўнікоў. Яскравы прыклад такой «навукі» — афіцыйная канцэпцыя т.зв. «савецка-польскай вайны 1920—1921 г.» і яе наступстваў. (Гл., напр.: Гісторыя Беларускай ССР. Пад рэд. І.Ігнаценкі, Л.Абэцэдарскага і інш. Т.3. Мінск, 1993. Адпаведныя раздзелы напісаныя П.Селіванавым і Н.Каменскай.) Падмуркам гэтай канцэпцыі было поўнае атаясамліван не беларускіх нацыянальных інтарэсаў з інтарэсамі бальшавіцкіх уладаў Савецкай Расіі.

Кніга Нормана Дэвіса дазваляе ўбачыць ключавыя моманты фальсіфікацыі гісторыі гэтай вайны. Гэта вельмі важна для нас, бо ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі ўсё больш відавочнай становіцца тэндэнцыя аднаўлення былых ідэалагічных канцэпцый. (Гл., напр.: Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля. Мінск, 1998; И.Ковкель, Э.Ярмусик. История Беларуси с древнейших времён до наших дней. Мінск, 1998[1].)

Першае выданне кнігі адбылося ў Лондане ў 1972 г. У польскамоўным выданні 1998 г. (ужо 4-м) аўтар захаваў сваю канцэпцыю без зменаў. Норман Дэвіс лічыць, што гістарыяграфія апошняй чвэрці стагоддзя (у т.л. і публікацыя раней недаступных матэрыялаў з архіваў СССР) толькі пацвердзіла яе асноўныя пазіцыі.

Поспех навукоўца, магчыма, абумоўлены грунтоўным аналізам шырокага кола крыніц, якія адлюстроўваюць самыя розныя погляды на падзеі вайны. У працы былі выкарыстаны матэрыялы з архіваў СССР, ПНР і Вялікабрытаніі (у т.л. дакументы з асабістых архіваў Уінстана Чэрчыля і Лойд Джорджа), запіскі, карэспандэнцыя, успаміны і аналітычныя працы непасрэдных удзельнікаў падзей: Ю.Пілсудскага, І.Дашыньскага, Ст.Грабскага, У.Леніна, Л.Троцкага, І.Сталіна, М.Тухачэўскага, французскага генерала М.Вейганда і інш. Бібліягра фія толькі надрукаваных крыніц і навуковай літаратуры склала каля 120 пазіцый. Сярод іх прысутнічаюць асноўныя даследаванні савецкай, польскай (як ПНР, так і эмігранцкай) і заходнееўрапейскай гістарыяграфіі 20—60-х г.[2]

Што сабой уяўляюць асноўныя палажэнні канцэпцыі Нормана Дэвіса?

Па-першае, аўтар не лічыць гэтую вайну абарончай для Савецкай Расіі. Ён звяртае ўвагу на тое, што менавіта бальшавіцкія войскі першымі пачалі займаць тэрыторыю «Крэсаў»[3]. Ужо 16 лістапада 1918 г. была створана бальшавіцкая Заходняя армія, якая пасля эвакуацыі нямецкіх войскаў заняла Менск і Вільню.

У канцы 1918 — пачатку 1919 г. Чырвоная aрмія пачала ваенную аперацыю («Мэта Вісла»), галоўнай задачай якой была разведка баявых магчымасцяў Польшчы. Апошняй адпаведна з планамі бальшавікоў адводзілася роля «чырвонага моста», які б злучыў рэвалюцыю ў Расіі з рэвалюцыяй у Германіі. Польскія войскі рушылі на ўсход толькі ў лютым 1919 г. Менавіта бальшавіцкую спробу экспарту рэвалюцыі Н.Дэвіс лічыць галоўнай прычынай вайны паміж Савецкай Расіяй і Польшчай.

На карысць гэтага тэзісу сведчаць і некаторыя факты палітычнай гісторыі, якім даследчык чамусьці не аддаў належнай увагі. Адначасова з пачаткам аперацыі «Мэта Вісла» ўрад Леніна распусціў польска-расійскую Ліквідацыйную камісію па справах Каралеўства Польскага, якая з вясны 1917 г. рыхтавала аддзяленне Польшчы ад Расіі. Старшыня камісіі А.Лядніцкі (з студзеня 1918 г. — паўнамоцны прадстаўнік польскага ўрада) быў арыштаваны. Да таго ж, на пачатку лютага 1919 г. кіраўнікі Савецкай Расіі ўтварылі Літбел ССР, урад якой быў сфармаваны пераважна з бальшавікоў польскага паходжання. Ёсць вялікія падставы разглядаць гэтую «рэспубліку» як плацдарм для распаўсюджвання рэвалюцыі ў Польшчу. Гэтыя падзеі многімі кіраўнікамі польскай дзяржавы былі ўспрыняты як непасрэдная пагроза незалежнасці і суверэнітэту. Аперацыя «Мэта Вісла» паказала, што паход Чырвонай арміі на Варшаву быў толькі справай часу.

Англійскі гісторык улічыў і фактар тэрытарыяльных прэтэнзій абодвух бакоў на тэрыторыю «гістарычнай Літвы». Ён справядліва адзначыў, што ў 1918 г. гэтыя землі не належалі ні Польшчы, ні Расеі: «Калі Крэсы і належалі каму-небудзь, то толькі мясцоваму насельніцтву…» (23). На думку аўтара, пачаткам вайны трэба лічыць 14 лютага 1919 г., калі ў раёне Бярозы Картузскай адбылося першае баявое сутыкненне польскага войска і Чырвонай арміі.

Па-другое, аналіз памераў ваеннай дапамогі Польшчы з боку Антанты і характарыстыка пазіцый урадаў Вялікабры таніі і Францыі дала даследчыку падставы для высновы, што наступленне польскіх войскаў не было часткай адзінага плана інтэрвенцыі Антанты супраць Савецкай Расіі. На Парыжскай мірнай канферэнцыі ўзімку 1919—1920 г. з ініцыятывы Лойд Джорджа было прынята прынцыповае рашэнне: ваеннай дапамогі наступальным дзеянням польскіх войскаў не аказваць. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі імкнуўся перанесці барацьбу супраць бальшавізму ў сферу эканомікі. Ён прапанаваў развіваць эканамічныя адносіны з расійскім народам з адначасовым байкотам бальшавіцкага ўрада (89).

Ваенная дапамога, якая ўсё ж такі даходзіла да Польшчы адпаведна з ранейшымі дамовамі (у прыватнасці, ваенны крэдыт французскага ўрада), магла быць выкарыстана пераважна на вядзенне абарончай вайны. Н.Дэвіс лічыць, што дапамога для Польшчы была хутчэй накіравана супраць германскага рэваншызму, чым бальшавіцкай рэвалюцыі (90). У крызісны для палякаў час Антанта актыўна дапамагала толькі сваімі генераламі -дарадцамі. Пасля Варшаўскай бітвы (13—25 жніўня 1920 г.) генерала Вейганда і іншых прымалі ў Еўропе як галоўных выратавальнікаў Польшчы і свету ад «бальшавіцкай чумы». На самай справе, як пераканальна паказаў Н.Дэвіс, ваенныя місіі Вялікабрытаніі і Францыі істотнай ролі ў абароне Варшавы не мелі.

Адной з прычын даволі «халоднага» стаўлення Антанты да Польшчы быў недавер да Юзафа Пілсудскага. Еўрапейскія палітыкі насцярожана глядзелі на дзяржаўную дзейнасць гэтага былога сацыяліста, які не збіраўся быць марыянеткаю ні ў чыіх руках. Ю.Пілсудскі разумеў, што ні Дзянікін, ні Ўрангель не прызнаюць незалежнай Польшчы. А вось з савецкім урадам, які знаходзіўся ў коле франтоў, існаваў шанс знайсці паразуменне. Але для гэтага трэба было паказаць сваю ваенную моц.

Канчатковая выснова англійскага даследчыка, што Польшча абараніла сваю незалежнасць самастойна , не выклікае пярэчанняў: «Насуперак меркаванню, якое ўпарта паўтараец ца зноў і зноў, Антанта не адыграла ролю апекуна Польшчы. Яна не падтрымала Польшчу ні палітычна, ні маральна, ні — па вялікім рахунку — матэрыяльна. Да ліпеня 1920 г. палітыка Антанты не была палітыкай нейтралітэту. Гэта быў курс афіцыйнай абыякавасці. Бальшыня французскай ваеннай дапамогі для Польшчы была прыстасавана да абарончых мэтаў. Пасля жніўня 1920 г. Антанта настойліва і паслядоўна выказвала сваё незадавальненне Пілсудскім, палітыкай польскага ўрада і ягонымі планамі. Яна спрабавала адхіліць Начальніка (Ю.Пілсудскага — А.С.) ад улады, аслабіць пазіцыі ўрада і перакрэсліць яго планы. Французская ваенная дапамога была зменшана да восьмай часткі параўнальна з папярэднім перыядам. «Малодшы», «слабейшы» і «залежны» партнёр Антанты здолеў перамагчы ў вайне і заключыць мірны дагавор самастойна» (249).

Адпаведна, становіцца відавочнай уся штучнасць і ненавуковасць такога паняцця савецкай гістарыяграфіі, як «белапалякі». Тое самае можна сказаць і ў дачыненні да паняцця «буржуазна -памешчыцкая Польшча».

Адной з галоўных прычынаў перамогі палякаў у Варшаўскай бітве і паспяховага контрнаступлення ўвосень 1920 г. была кансалідацыя польскага народа вакол свайго кіраўніцтва. Гэтаму спрыяла стварэнне ў ліпені 1920 г. кааліцыйнага ўрада. Яго ўзначаліў селянін з Галіцыі, кіраўнік найбуйнейшай сялянскай партыі «Пяст» Вінцэнт Вітас. Пасаду віцэ-прэм’ера заняў вядомы дзеяч ППС І.Дашыньскі. Н.Дэвіс ахарактарыза ваў гэты ўрад як «урад народа» (163). Улічваючы тыя сацыяльна -эканамічныя пераўтварэнні, якія гэты ўрад праводзіў у Польшчы пасля заканчэння вайны, з ацэнкай Н.Дэвіса можна пагадзіцца. Не буржуазія і памешчыкі, а сяляне і рабочыя Польшчы, якія ўтваралі аснову польскай нацыі, абаранілі незалежнасць краіны.

Даследчык прааналізаваў ход асноўных ваенных аперацый 1919—1920 г. Вынікі ваенных аперацый вызначала хуткасць і манеўранасць войскаў, што прынцыпова адрознівала гэтую вайну ад першай сусветнай. Н.Дэвіс прыйшоў да высновы, што галоўную ролю ў паразе Тухачэўскага пад Варшавай выканала не празмерная хуткасць руху яго армій з усімі наступствамі, а тое, што ён ўсё ж такі не здолеў апярэдзіць праціўніка. Ю.Пілсудскі паспеў правесці перагрупаванне войскаў і нанёс моцныя контрудары па флангах Чырвонай арміі.

Англійскі гісторык звярнуў увагу на дзейнасць створанага ў Маскве т. зв. «Польревкома» на чале з Ю.Мархлеўскім і «ревкомов», якія ствараліся на занятай польскай тэрыторыі. Спробы бальшавікоў праводзіць у Польшчы «сацыялістычныя» пераўтварэнні (між іншым, кіраўнікі «ревкомов» лічылі, што дзяржаўнымі мовамі рэвалюцыйнай Польшчы павінны быць расійская мова і ідыш) таксама спрыялі кансалідацыі польскай нацыі (152—160).

Н.Дэвіс падкрэсліў велізарную ролю Ю.Пілсудскага ў перамозе пад Варшавай, якая, на яго думку, свядома прыніжалася. Менавіта імкненнем прынізіць ролю Ю.Пілсудскага даследчык тлумачыць з’яўленне ў міжваеннай гістарыяграфіі паняцця «цуд на Вісле». І сапраўды, упершыню гэты выраз з’явіўся на старонках друку нацыянальных дэмакратаў. Яго адразу падхапілі брытанскія і французскія газеты. Перамогу палякаў выкарысталі кіраўнікі ўрадаў Вялікабрытаніі і Францыі дзеля ўмацавання сваіх пазіцый: «Лойд Джордж не выратаваў Польшчы ў 1920 г., гэта Польшча выратавала Лойд Джорджа»(228).

Панарама мірных перамоваў паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, якія з перапынкамі цягнуліся ад пачатку 1919 г. і да канца вайны, аналіз ходу і вынікаў перамоваў у Рызе знішчаюць яшчэ адзін міф савецкай гістарыяграфіі. Галоўныя прычыны падзелу Беларусі хаваліся не столькі ў імкненні польскіх палітыкаў захапіць як найболей беларускай зямлі, колькі ў палітыцы ўрада Савецкай Расіі. Спроба экспарту рэвалюцыі, фактычна, развязала вайну. Няўдача гэтай спробы прымусіла бальшавікоў дзеля захавання ўлады ў Расіі пайсці на адкрыты гандаль беларускай зямлёй. У пэўны момант перамоваў у Рызе кіраўнік савецкай дэлегацыі А.Іофе адпаведна з дырэктывай У.Леніна аддаваў палякам тэрыторыю Беларусі да лініі Дрыса — Бердзічаў (261)[4] .

Польская дэлегацыя ўзяла менш, чым магла толькі таму, што ў ёй дамінавалі прыхільнікі палітыкі «інкарпарацыі». Колькасць далучанай беларускай зямлі яны прыстасоўвалі да асіміляцыйных магчымасцяў польскай дзяржавы.

Н.Дэвіс лічыць, што аб’ектыўны аналіз вынікаў вайны не дазваляе сцвярджаць, што перамогу атрымаў той або іншы бок: «Бальшавікі не прарвалі варожай блакады, не развязалі рэвалюцыі ў Еўропе, не абаранілі Літбел ССР. Палякі не стварылі ні федэрацыі з Крэсамі, ні польскай дзяржавы „ад мора да мора”. Вынікам польска-бальшавіцкай вайны быў не кампраміс, а тупік» (267). Нельга не заўважыць, што гэтыя высновы пярэчаць аўтарскаму тлумачэнню прычынаў вайны. Калі галоўнай прычынай было імкненне бальшавікоў ператварыць Польшчу ў «чырвоны мост» для экспарту рэвалюцыі далей у Еўропу, то вайна закончылася перамогай Польшчы. Яна абараніла сваю незалежнасць. Што датычыць польскіх геапалітычных памкненняў, то, здаецца, ніхто з палітыкаў Польшчы сур’ёзна не разглядаў планаў стварэння нацыянальнай дзяржавы «ад мора да мора».

Асобна трэба адзначыць той спосаб аповеду, які з поспехам выкарыстоўвае Н.Дэвіс. Гісторык раскрыў глабальную карціну гістарычнай падзеі (рух армій, дыпламатычная барацьба на міжнародных канферэнцыях і г.д.) і ў той самы час засяродзіў увагу на людзях, дзеянні якіх і прывялі ўрэшце да складвання гэтай глабальнай карціны. Даследчык быццам папераменна ўжываў то тэлескоп, то мікраскоп. Гэтае сумяшчэнне дазволіла яму глыбока адчуць, зразумець і данесці да чытача гісторыю вайны. Таленавіта напісаныя партрэты Ю.Пілсудскага, С.Пятлюры, М.Тухачэўскага, Ф.Дзяржынскага і іншых напаўняюць кнігу жыццём. Гэтаму паспрыяла і выкарыстанне аўтарам апавяданняў І.Бабеля. Апошнія ў руках навукоўца ператварыліся ў цікавую гістарычную крыніцу.

Аднак у беларускага чытача не могуць не ўзнікнуць крытычныя заўвагі. У першую чаргу, яны датычаць самой канцэпцыі вайны. Беларусь (разам з Украінай) была галоўнай арэнай ваенных дзеянняў і адной з галоўных яе ахвяраў. Але ў кнізе Н.Дэвіса Беларусі проста няма. Яна не існуе ні як аб’ект гістарычнага даследавання, ні як суб’ект гістарычнага працэсу. Як ужо адзначалася, англійскі даследчык шырока ўжывае тэрмін «крэсы».

Між тым тэзіс пра палітычную пустку, якая ўтварылася на землях гістарычнай Літвы пасля эвакуацыі нямецкага войска (23), не выглядае абгрунтаваным. Аўтар праігнараваў існаванне БНР як пэўнага выразніка палітычнай волі беларусаў, якую, дарэчы, ні савецкі ўрад, ні ўрад Польшчы не збіраліся ўлічваць. У выніку аўтар не здолеў паказаць поўную карціну палітычнага жыцця ў Беларусі.

Перадгісторыя вайны патрабавала ад даследчыка аддаць пэўную ўвагу палітычным наступствам дзеянняў на Беларусі польскага корпуса генерала Ю.Доўбар-Мусніцкага (восень 1917 — вясна 1918 г.). Гэты корпус пакінуў страшную памяць сярод беларусаў. Нават некаторыя польскія даследчыкі міжваеннага часу характарызавалі яго дзеянні ў дачыненні да мясцовага насельніцтва як «ганьбу польскай гісторыі»[5]. Масавыя рэквізіцыі, карныя акцыі, здзек і глумленне выклікалі пратэсты і абурэнне беларусаў. Многія беларускія палітыкі ўспрынялі дзеянні войскаў Доўбар-Мусніцкага як праяву імкнення польскага кіраўніцтва захапіць беларускія землі.

Безумоўна, большай увагі патрабуе лёс беларускага і ўкраінскага насельніцтва, якое стала закладнікам палітычных і геапалітычных амбіцый ваяваўшых бакоў. На жаль, у кнізе не згадваецца тая антыбеларуская палітыка польскага ваеннага кіраўніцтва (смяротныя пакаранні за беларускасць, якую атаясамлівалі з бальшавізмам, раззбраенне беларускіх атрадаў, ліквідацыя беларускіх школ, інтэрнаванне палітыкаў і г.д.), якая выклікала шматлікія акцыі народнага супраціўлення (у т.л. і ўзброенага) польскім уладам. (Гл., напр.: Луцкевіч А. Польская акупацыя ў Беларусі. Вільня, 1920). Нічога не гаворыцца і пра рабаванне Беларусі часткамі Чырвонай арміі, пра фактычна прымусовую мабілізацыю мужчынскага насельніцтва ў войска бальшавікоў. А між тым усё гэта прымусіла частку беларусаў стаць на шлях узброенага супраціўлення «вызваліцелям» з Усходу. (Гл, напр., Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: вызваленне ці акупацыя? //Беларускі гістарычны агляд. Т.4, сш.1—2. Снежань 1997).

Ацэнка вынікаў вайны таксама падаецца без уліку інтарэсаў Беларусі. А між тым, Рыжскі мір стаўся трагедыяй беларускай зямлі і беларускага руху, якая моцна паўплывала на ўсю гісторыю Беларусі ў ХХ ст.

Прычынамі ігнаравання Беларусі ў кнізе Н.Дэвіса, магчыма, быў стан развіцця беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, адсутнасць апублікаваных беларускіх крыніц і, нарэшце, адсутнасць беларускай дзяржавы на карце Еўропы. Але ў канцы стагоддзя сітуацыя змянілася. І сёння ігнараван не «беларускага фактару» ў гісторыі польска-бальшавіцкай вайны дазваляе казаць пра пэўную састарэласць канцэпцыі Н.Дэвіса. Зрэшты, было б несправядліва вінаваціць у гэтым англійскага гісторыка. На жаль, беларуская нацыянальная гістарыяграфія да гэтага часу не здолела стварыць уласнага даследавання гісторыі вайны. Наогул, па ўзроўні асэнсавання многіх праблемаў сваёй гісторыі ХХ ст. мы недалёка адыйшлі ад 60—70-х г. І наўрад ці да бальшыні беларускіх даследчыкаў можна аднесці аўтарскае прысвячэнне, зробленае ў прадмове да польскага выдання. Норман Дэвіс прысвяціў сваю кнігу памяці тых гісторыкаў, якія ўласным жыццём даказалі, што падтрыманне полымя гістарычнай праўды з’яўляецца самым высакародным прызваннем вучонага.

Алесь Смалянчук
Горадня


[1] Раздзел «Беларусь во время советско–польской войны 1919—1920 г.» у апошнім выданні патрабуе асобнай заўвагі. Аўтары «Истории Беларуси» паспрабавалі ў гэтым раздзеле аднавіць ідэалагічную канцэпцыю 30—50–х г. Нават Рыжскі мір атрымаў у цэлым станоўчую ацэнку І.Коўкеля і Э.Ярмусіка, бо быў выратавальным для бальшавіцкіх уладаў. У пэўны момант знаёмства з тэкстам нараджаецца пачуццё, што яго аўтары — не гісторыкі, а чырвонаармейцы адной з армій Тухачэўскага, якія пішуць «гісторыю» ў перапынках паміж баямі з «белапольскімі акупантамі» і іх «беларускімі пасобнікамі».
[2] Для параўнання П.Селіванаў і Н.Каменская ва ўжо згаданым выданні свае матэрыялы грунтавалі толькі на дакументах савецкіх архіваў, артыкулах У.Леніна, матэрыялах бальшавіцкага друку пачатку 20–х г. і працах савецкіх гісторыкаў.
[3] Н.Дэвіс шырока выкарыстоўвае тэрмін, прыняты польскай публіцыстыкай і гістарыяграфіяй.
[4] Гэтая інфармацыя пацвярджаецца працамі польскіх гісторыкаў. Гл.,напр., Pobog–Malinowski W. Najnowsza historia polityczna Polski. T.2, 1914––1939. Londyn,1967, і інш.
[5] Lipiński N. Walka zbrojna o niepodleglość Polski.1905–1918. Warszawa, 1931. S.254.

Наверх

Einsatz im „Reichskommissariat Ostland“. Berlin, 1998. (Сяргей Новікаў)

Лістапада 25, 1999 |

Einsatz im „Reichskommissariat Ostland“: Dokumente zum Völkermord im Baltikum und in Weisßrusßland 1941 — 1944 / hrsg. von Wolfgang Benz, Konrad Kwiet, Jürgen Matthäus. Berlin: Metropol, 1998. 301.

Нямецкі напад на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 г. паклаў пачатак вайне, якую палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Трэцяга Райху разглядала як „вайну на вынішчэнне“. З асаблівай жорсткасцю акцыі тэрору праводзіліся на тэрыторыі балтыйскіх краін і Беларусі, дзе ўся паўната грамадзянскай улады знаходзілася ў руках адміністрацыі райхскамісарыяту „Остлянд“. На парадку дня тут стаялі розныя пытанні, у тым ліку сістэматычнае знішчэнне яўрэяў, камуністаў, цыган і інш. Шэраг дакументальных крыніц дае канкрэтныя звесткі пра дзейнасць удзельнікаў „вайны светапоглядаў“, якая вынікала з праграмы акупацыйнай палітыкі нацыянал–сацыялісцкай партыі фашысцкай Нямеччыны.

Публікацыя дакументаў пра масавы генацыд у краінах Прыбалтыкі і ў Беларусі пабачыла свет дзякуючы дзейнасці Цэнтра даследаванняў Берлінскага тэхнічнага універсітэта, у якім за апошнія тры гады выйшла серыя выданняў пад агульнай назвай „Нацыянал–сацыялістычная акупацыйная палітыка ў Еўропе 1939—1945“. Праект мае на ўвазе дзве мэты: па–першае, ліквідаваць навуковы і грамадскі дэфіцыт ведаў па згаданай праблеме, а па–другое, надаць ёй сапраўды „еўрапейскі“ характар шляхам пераадолення панаваўшых дагэтуль нацыянальных абмежаванняў.

Адметнасць рэцэнзаванай працы палягае ў тым, што яна пабудавана выключна на дакументальных матэрыялах, знойдзеных у архівах розных краінаў свету, у тым ліку Беларусі (Берасце, Менск), Літвы (Вільня), Латвіі (Рыга), Расіі (Масква), а таксама Нямеччыны (Фрайбург, Бон, Лудвігсбург), Ізраіля (Ерусалім), ЗША (Вашынгтон) і інш. — разам 263 архіўныя дакументы. Адзначым, што сярод іх даволі часта сустракаюцца крыніцы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Брэсцкага абласнога архіва — 82 дакументы, або амаль трэцяя частка ўсіх сабраных у выданні матэрыялаў. Пераважаюць дакументальныя крыніцы з архіўных фондаў даследчага Інстытута ЗША ў Вашынгтоне і сусветна вядомага Мемарыяльнага музея халакоста. Практычна кожная прыведзеная ў зборы крыніца падмацавана спасылкай. Аўтары адзначаюць, што вялікая колькасць дакументаў пачала трапляць у рукі даследчыкаў і ўводзіцца ў навуковы ўжытак толькі пасля адкрыцця архіваў і дазволу з боку афіцыйных установаў на вывучэнне новых фондаў.

Структура выдання і выбар матэрыялу падпарадкаваны мэце паказаць злачыннасць нацыянал–сацыялісцкай акупацыйнай палітыкі гітлераўскай Нямеччыны на аснове раней непублікаваных архіўных дакументаў. Галоўнай тэмай збору з’яўляецца праблема генацыду супраць яўрэйскага насельніцтва, таму па–за межамі выдання застаюцца іншыя злачынствы гітлераўцаў як супраць ваеннапалонных, так і супраць мірных грамадзян.

Увесь матэрыял тэматычна падзелены на 5 частак, перад кожнай з якіх даецца невялікі гістарычны нарыс.

У першым раздзеле („Rahmenplanungen und übergreifende Bestimmungen“, S. 13—71) аўтары прыводзяць шматлікія дырэктыўныя распараджэнні Гітлера і яго падначаленых па ажыццяўленні галоўнай мэты — заваёвы „жыццёвай прасторы на Усходзе“. Сярод 33 дакументаў, сабраных тут, можна сустрэць загады, указы, дырэктывы, лісты, заклікі вышэйшага кіраўніцтва фашысцкай Нямеччыны і прадстаўнікоў новай грамадзянскай адміністрацыі ў Генеральным камісарыяце Остлянд, Генеральных акругах Беларусі, Латвіі, Літвы. Асаблівую цікавасць для беларускіх гісторыкаў, на наш погляд, уяўляе першы дакумент — „Ліст райхсміністра і шэфа імперскай канцылярыі Ламэрса ад 18 ліпеня 1941 г.“, якім на адрас вышэйшага кіраўніцтва дасылаецца „Першы ўказ фюрэра аб увядзенні грамадзянскага кіравання на новазанятых усходніх тэрыторыях“. Апроч таго, у даследаванні сабраны важнейшыя дакументы, якімі дакладна рэгламентаваліся дзеянні немцаў па вырашэнні „яўрэйскага пытання“. Змест іх вызначаўся шматлікімі сакрэтнымі загадамі і прадпісаннямі.

У цэнтры ўвагі другой часткі — першая хваля забойстваў на тэрыторыі Прыбалтыкі і Беларусі („Erste Tötungswelle“, S. 71—115). Ход злачынстваў можна ўбачыць праз вывучэнне шэрагу дакументальных крыніц (рэгулярныя пісьмовыя паведамленні камандзіраў паліцэйскіх батальёнаў, зондэркаманд, атрадаў аховы, парадку і г.д.). Дваццаць шэсць дакументаў характарызуюць падзеі на тэрыторыі Латвіі. Заключнай часткай раздзела ахоплены ўсе краіны Прыбалтыкі і Беларусь, якія знайшлі адлюстраванне ў гадавых справаздачах зондэргруп і зондэркаманд.

Адметнасцю першай хвалі забойстваў, на думку аўтараў, можна лічыць „гетызацыю“, г.зн. з’яўленне на тэрыторыі Остлянда сістэмы гета. Менавіта так называецца трэцяя частка кнігі („Das Ghetto–System“, S. 115—220). Дваццаць два дакументы раскрываюць геаграфію стварэння сістэмы гета на тэрыторыі райхскамісарыята Остлянд паводле польскага ўзору 1939/40 з элементамі збору, вызначэння, экспрапрыяцыі і эканамічнай эксплуатацыі. Выкарыстанне яўрэйскага насельніцтва на працах, падзел і перадача яго маёмасці, становішча гета паказаны аўтарамі на матэрыялах амаль трыццаці дакументаў. Яны даюць уяўленне пра асноўныя формы кантролю, забойстваў, тэрору супраць яўрэяў, якія ажыццяўляліся Генеральнымі камісарыятамі Беларусі і Латвіі. Галоўным прыкладам для разгляду гэтай праблемы ў дачыненні да Літвы аўтары выбралі гета горада Каўнаса.

Чацвёртая частка („Zweite Tötungswelle“, S. 220—263) амаль цалкам прысвечана Генеральнаму камісарыяту Беларусь, на прыкладзе якога разглядаецца „другая хваля забойстваў“. Дакументы розных архіваў дазваляюць прасачыць ажыццяўленне „канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання“, даведацца пра спецыяльныя „яўрэйскія акцыі“, расстрэлы „зондэркаманды В“, а таксама падзеі ў Слуцку, Клецку, Лідзе, Вілейцы і іншых месцах Беларусі. Апроч таго, прыведзены сведчанні аб партызанскай барацьбе і „паляванні на яўрэяў“. Змест 16 дакументаў, аб’яднаных пад назвай „Акцыя Баранавічы“, раскрывае злачынную дзейнасць пастоў жандармерыі ў Міры, Ляхавічах, Нясвіжы, Баранавічах і Стоўбцах. Напрыканцы пададзена схема ваеннага жандармскага падпарадкавання з усімі звёнамі і ступенямі.

У заключнай і самай кароткай частцы дакументальнага збору („Konzentrationslager“, S. 264 — 271) разгледжаны факты, якія тычацца знаходжання яўрэяў у канцэнтрацыйных лагерах. Чытач можа пазнаёміцца толькі з сямю дакументамі (лісты райхскамісара Остлянда, датаваныя жніўнем, кастрычнікам і снежнем 1943 г., паведамленні каменданта канцэнтрацыйнага лагера ў Каўнасе, інфармацыя гарадскога камісара Рыгі і інш.).

Завяршае працу бібліяграфія, куды ўваходзяць надрукаваныя зборы крыніц і дакументаў, найважнейшыя публікацыі па тэме, а таксама дзённікі, мемуары і г.д.

Такім чынам, рэцэнзаванае выданне ўводзіць у навуковы ўжытак значны корпус арыгінальных крыніц па гісторыі другой сусветнай вайны, якія беларускія гісторыкі могуць выкарыстаць для запаўнення прабелаў у даследаванні акупацыйнай палітыкі гітлераўскай Нямеччыны.

Сяргей Новікаў
Менск



Юрэвіч, Лявон. Жыцьцё пад агнём (Алег Гардзіенка)

Лістапада 24, 1999 |

Юрэвіч, Лявон. Жыцьцё пад агнём. (Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі). Менск. Спэцвыпуск часопісу «ARCHE». 1999. 256.

Гэтая кніга чарговы раз падрывае міф пра ўсенародны характар савецкага супраціву гітлераўскім акупантам пад час апошняй вайны. У СССР усіх выхоўвалі на легендах пра піянераў–герояў і Сусаніных ХХ ст. Аднак у Беларусі было ўсё ж інакш. «Жыцьцё пад агнём» і ёсць поглядам на вайну з іншага, несавецкага боку.

Барыс Рагуля — галоўны герой кнігі і аўтар успамінаў, пакладзеных у яе аснову, пад час нямецкай акупацыі працаваў у беларускай адміністрацыі ў Наваградку, у настаўніцкай семінарыі, а напрыканцы 1943 г. арганізаваў і ўзначаліў Наваградскі конны эскадрон, які найперш змагаўся з савецкімі партызанамі, а таксама бараніў насельніцтва ад рабаўніцтва з боку як немцаў, так і польскіх партызанаў.

У прадмове да выдання яго рэдактар зазначыў: «Дык што ўсё ж такі дзеялася на Беларусі падчас другой сусветнай вайны? — на гэтае і іншыя пытаньні чытачы кнігі знойдуць адказы на старонках гэтай кнігі». Аднак чытачы не знойдуць тут адказу на гэтае пытанне, бо погляд Барыса Рагулі — гэта адзін з мноства поглядаў беларускіх нацыянальных дзеячоў на падзеі вайны, і лічыць ягоныя погляды ісцінай было б неразумна. На ісціну могуць прэтэндаваць у сваіх успамінах і Радаслаў Астроўскі, і Леанід Галяк, і Язэп Малецкі, але ўсе яны выказваюць часам зусім працілеглае разуменне падзеяў вайны.

Структурна кніга складаецца з дзвюх частак: «Згадак» і «Дакумэнтаў». «Згадкі» распавядаюць пра жыццёвы шлях героя кнігі ад нараджэння ў 1920 г. да стварэння Беларускага эскадрону ў 1943 г. (чатыры часткі: «Сталенне», «Ваеннапалоны», «Свабода», «Нарэшце — вызваленне! Альбо?»). Аўтарам кнігі пазначаны Лявон Юрэвіч, хаця аповед вядзецца ад першай асобы, ад Б.Рагулі. Першая частка, хоць і самая маленькая, ахоплівае найбольшы перыяд жыцця героя — да 1939 г., пачатку ІІ сусветнай вайны. Другая частка — пра нямецкі палон, у якім апынуўся Рагуля ў верасні 1939 г., становішча беларусаў у лагеры для ваеннапалонных. Цікава апісаны прыезд у лагер Часлава Ханяўкі, беларускага палітычнага дзеяча ў Нямеччыне, сябра Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне, ды механізм вярбоўкі беларусаў на супрацоўніцтва з немцамі. Вось як Рагуля характарызуе Ханяўку: «Я вельмі добра ўсьведамляў, што Ханяўка — здраднік, які адкрыта супрацоўнічае зь немцамі, але ў мяне хапіла розуму нічога не сказаць яму ў твар» (30). Іроніяй лёсу, літаральна праз паўтары гады Рагуля ў гэтых адносінах ужо нічым не адрозніваўся ад Ханяўкі.

Аўтар неаднаразова спробаваў уцячы з палону. Ён з горыччу піша, што і пры панскай Польшчы, і ў нямецкім палоне з Савецкай дзяржавай звязваліся вялікія надзеі. Камуністычная прапаганда добра працавала, і ў нямецкім лагеры хлопцу мроілася вольнае жыццё ў Заходняй Беларусі, якая ўжо была акупаваная Саветамі. Туды ён нарэшце і ўцёк.

Першыя радкі трэцяй часткі «Свабода?» могуць шакаваць чытача жорсткай праўдай пра «вызваленне» верасня 1939 г. «На досьвітку мы прыйшлі на падворак, які стаяў у баку ад дарогі. Мы падышлі да хаты, пагрукалі ў дзьверы й чакалі адказу. У дзьвярах зьявіўся спужаны чалавек і спытаўся , хто мы такія. Мы адказалі, што ваеннапалонныя, уцяклі ад немцаў і толькі–толькі апынуліся на радзіме. Мы папрасілі яго расказаць нам пра тое, што чуваць у краіне. Селянін паглядзеў на нас і сказаў: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам зь імі, каб вызваліць нас!» (60).

Вяртанне ў Беларусь стала фатальным для Барыса. З першых дзён у краіне Саветаў ён на сабе адчуў усе выгоды савецкага жыцця. Самыя драматычныя старонкі — гэта расповед пра арышт Рагулі супрацоўнікамі НКВД і пра жудасныя катаванні. Арыштаваць яго было проста: вярнуўся з нямецкага палону — значыць падасланы вораг і шпіён. Яго абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць Нямеччыны, прымушалі падпісаць патрэбныя паперы. Прыгаварылі да расстрэлу, але ажыццявіць яго чэкістам перашкодзіў пачатак вайны.

У чацвёртай частцы «Згадкаў» апісваецца жыццё на Наваградчыне пад нямецкай акупацыяй. Рагуля характарызуе ўсталяванне на Наваградчыне беларускай адміністрацыі, змаганне з польскімі дзеячамі за «жыццёвую прастору». Беларускія нацыянальныя дзеячы, піша Рагуля, спадзяваліся на тое, што нямецкая ўлада дасць беларусам аўтаномію. «Немцы былі спыненыя саветамі й прымушаныя контратакаваць. Гэта дало нам надзею, што зь немцамі будзе лягчэй дамовіцца й яны дадуць нам больш свабоды й незалежнасьці, створаць буфэрную дзяржаву зь Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі, што дазволіць супрацьстаяць Савецкаму Саюзу. Мы ўсё яшчэ аддавалі перавагу нямецкай акупацыі, а не савецкай. Магчыма, таму, што яшчэ дрэнна ведалі немцаў» (128).

Аўтар успамінаў характарызуе культурнае, школьнае і грамадскае жыццё Наваградчыны ў часе нямецкай акупацыі. Роля самога Рагулі на Наваградчыне не зусім зразумелая. Свой узлёт ён тлумачыць прыхільным стаўленнем да ягонай асобы нямецкіх чыноўнікаў. Падаецца, што ўласная роля ў тагачасных падзеях ім перабольшана. Ён быў звычайным перакладчыкам пры нямецкай адміністрацыі. Прывядзем цытату: «Я ведаў мясцовых людзей і ведаў, хто чаго варты. Паступова я стаў набіраць усё большы ўплыў пры вызначэньні лёсаў тых, каго падазравалі ў сувязях з камуністамі, і ў мяне зьявілася магчымасьць абараняць. Я не рабіў адрозненьняў між людзьмі…» (131). Чытаючы гэтыя ўспаміны, робіцца ўражанне, што Рагуля быў асноўным абаронцам народу на Наваградчыне. Чаму ж тады на Наваградчыне ад рук фашыстаў загінула блізу 45 тыс. жыхароў?

Спыняецца Б. Рагуля і на такіх падзеях часоў вайны, як стварэнне Беларускай Незалежніцкай Партыі, сябрам якой ён стаў, увайшоўшы ў кіраўнічае ядро. Цікава, што ў «Жыцьці пад агнём» Рагуля падае інфармацыю пра тое, што ён быў рэдактарам друкаванага органа партыі «Бюлетэня БНП» — «адказным за выпуск шмат якіх нумароў быў я» (145), але Сяргей Ёрш, даследчык БНП, у сваёй кнізе «Вяртаньне БНП», базуючыся на вядомых яму крыніцах, піша, што ў акупаванай Беларусі выйшла два нумары «Бюлетэня», і толькі другі нумар рэдагаваў Барыс Рагуля (Ёрш, Сяргей. «Вяртаньне БНП». Менск—Слонім, 1998, с.126–130).

У «Згадках» трапляецца шмат недакладнасцяў, блытаніны ў датах, перакручвання фактаў. Напрыклад, сцвярджаецца, што доктар Ермачэнка быў высланы ў Прагу гаўляйтэрам Готбэргам пасля смерці Кубэ (151). На самай справе Ермачэнку выдалілі пасля чэрвеня 1943 г. Няпраўда і тое, што Саюз Беларускай Моладзі меў уніформу (154): СБМ не меў грошай, каб забяспечыць сваіх сяброў аднолькавай формай. Інтрыгуе і сказ пра сяброў СБМ, якія «аддавалі салют рымскім узмахам рукі» (151). Шкада, што Б. Рагуля абрывае ўспаміны на 1943 г. і чарговы раз унікае размовы пра свой эскадрон.

У «Дакумэнтах» першымі змешчаны ўспаміны «Наваградзкі эскадрон» пад псеўданімам Рагулявец. Яны напісаны, мяркуючы па дасведчанасці аўтара, ці чалавекам вельмі набліжаным да самога Рагулі, ці ім самім. Хоць тэкст прэтэндуе на статус крыніцы, гэта хутчэй літаратурны твор. «Наваградзкі эскадрон» падзяляецца на дзве часткі: «Эскадрон фармуецца» і «Эскадрон у акцыі». У першай распавядаецца пра стварэнне коннага эскадрона ў 1943 г., і аўтар падае тут шмат цікавага матэрыялу пра механізм узнікнення фармавання, пра палітычнае жыццё Наваградчыны, пра тое, як «рагуляўцы» канфліктавалі з немцамі і гэта заўсёды сыходзіла ім з рук (177—178). У другой частцы асвятляецца ваенная дзейнасць эскадрона ў 1944 г., пераможнае (!) змаганне як з савецкімі, так і з польскімі партызанамі. Пішацца, што ў баі з партызанамі каля Карэлічаў (220—230) партызаны страцілі каля 65 забітымі і столькі ж параненымі, рагулеўцы ж — тры лёгка параненых і пяць патрапілі ў палон. Калі б з партызанамі можна было так лёгка распраўляцца, то немцы сваімі сіламі знішчылі б іх яшчэ ў 1941—1942 г. Такое ўражанне, што «Наваградзкі эскадрон» напісаны па тым прынцыпе, што і творы афіцыйнай савецкай літаратуры.

У наступным раздзеле «Дакумэнтаў» змешчаны артыкул Язэпа Сажыча «Мілітарызацыя Нямеччыны ў часе нямецкай акупацыі 1941–1944». Аўтар, будучы Прэзідэнт Рады БНР, пад час вайны быў камандзірам падафіцэрскай школы Беларускай Самааховы ў Наваградку, а потым узначаліў чыгуначны батальён у Лідзе. Ён характарызуе дзейнасць вайсковых фармаванняў на Наваградчыне, змену нямецкіх адносінаў да праблемаў беларускага войска, вайсковую эміграцыю з Беларусі на Захад. Успаміны Сажыча не выклікаюць такіх нараканняў, як успаміны Рагулеўца. Аднак звернемся да характарыстыкі Другога Усебеларускага Кангрэсу. «У часе Другога Усебеларускага Кангрэсу мне даручана была зь іншымі нашымі афіцэрамі ахова гэтага кангрэсу — у выпадку нападу партызанаў або Немцаў, якім магло не спадабацца завялікае вымаганне незалежнасьці» (246). Гэта няпраўда, што немцы маглі выступіць супраць ўдзельнікаў Кангрэсу. Кангрэсмены маглі прымаць якія заўгодна пастановы, нават пра далучэнне Беларусі да Злучаных Штатаў: немцам было ўсё роўна, бо ўжо пачалася аперацыя „Багратыён“ і яны, усведамляючы, што прайгралі, сталі адступаць. Так што казаць пра незвычайную смеласць беларусаў на Кангрэсе не выпадае. Варта прыгадаць, што па першым патрабаванні немцаў была пасланая прывітальная тэлеграма Гітлеру, прычым без аніякага супраціву з боку беларускіх палітычных дзеячаў.

Выдаўцы кнігі сцвярджаюць, што прыведзеныя ў канцы выдання Песні Штурмовага Звязу (251—255) друкуюцца ўпершыню. Не ведаю, як «Родная краіна» і «Новыя часы», а вось «Чутны гоман — там войска спявае» друкавалася ў гарадзенскай газеце «Пагоня» ў сакавіку 1995 г.

«Жыццё пад агнём», як і іншыя эмігранцкія выданні, стракаціць штампамі: вораг беларускага народу, прыяцель беларускага народу, польскія дзяўчаты лёгкіх паводзінаў, якія, спакушаючы немцаў, працуюць на АК. Разам з тым, гэтая кніга, — дакладней яе першая частка, — лепшае з мэмуарыстыкі, напісанай на эміграцыі. Магчыма таму, што апрацоўваў матэрыялы Лявон Юрэвіч. Што да выгляду кнігі, то ён мог быць лепшым: няўдалы макет, дрэнная якасць фотаздымкаў, кепска вычытаны тэкст.

Менск Алег Гардзіенка

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944—56 г. (Якуб Наваградцаў)

Лістапада 23, 1999 |

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944–56 гг. Даведнік. Архіў найноўшай гісторыі / Пад рэдакцыяй А. Дзярновіча. Менск, 1999.

Сама назва кнігі інтрыгуе, бо перыяд 1944–56 г. у беларускай гісторыі цалкам невядомы. Пра які–кольвечы антыкамуністычны супраціў у Беларусі пасля 1944 г. проста нідзе не пісалася. Мусім пагадзіцца з тым, што ў Беларусі супраціў не быў такі моцны, як у прыбалтыйскіх рэспубліках ці ў Заходняй Украіне. Аднак, як сведчаць матэрыялы кнігі, змаганне з савецкай уладай на тэрыторыі Беларусі ўсё ж вялося, і беларусы не былі сляпой бясформеннай масай, што здаліся на міласць новай уладзе.

У складанні гэтага даведніка бралі ўдзел Сяргей Ёрш, Міхась Чарняўскі, студэнты Беларускага Калегіюма і інш. Кнігу складаюць раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, партыі, фармацыі“, „Акцыі“, „Выданьні“, „Узнагароды“, а таксама спіс літаратуры па тэме. Спецыфіка антысавецкага супраціву ў Беларусі вымушае звярнуцца перш да другой часткі кнігі „Асацыяцыі, асяродкі, рухі, фармацыі“. Паваенны антыкамуністычны рух у даведніку класіфікуецца па наступных крытэрах: па нацыянальнай прыкмеце (беларускі, польскі, украінскі) і па ідэйнай аснове (збройная партызанка, моладзевае падполле, духоўная апазіцыя (рэлігійныя рухі)). Дык вось найбольш пытанняў выклікае „партызанка“ (беларускі партызанскі рух пасля вайны), па якой абсалютную большасць артыкулаў напісаў папулярызатар тэмы Сяргей Ёрш. Можна было чакаць, што ў даведніку нарэшце будзе пададзена і колькасць партызанаў, і арэал іхнай дзейнасці, і акцыі, і наогул, хто ёсць хто ў партызанскім руху. Аднак гэтага няма. „Нацыянальныя партызанскія аддзелы … пад час нямецкай акупацыі дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі“, піша Ёрш (129). Што значыць „многія“? Хацелася б ведаць хоць некалькі канкрэтных раёнаў. Бо можа стварыцца ўражанне, што нацыянальная партызанка была масавай. Чытаем далей: „Звычайна партызаны праводзілі дыверсіі й тэрарыстычныя акты напярэдадні або пад час савецкіх святаў, палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя участкі, на сельсаветы, знішчалася дакумантацыя, савецкая сымболіка, праводзіўся тэрор супраць савецкіх, партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі, дзяржбяспекі, вайскоўцаў. Нярэдка супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў“ (128). Хацелася б пабачыць пералік мясцовасцяў, хаця б тых, дзе адбываліся паўстанні і які быў іхны размах.

Пяройдзем да артыкула „Чорны кот“ (157–159). Недасведчанаму чытачу патлумачу, што „Чорны кот“ — асноўнае беларускае нацыянальнае партызанскае фармаванне пасля вайны. Спасылка ў артыкуле на гісторыка А. Міхальчанку, які падае дату ўзнікнення гэтай арганізацыі, здаецца недарэчнай, бо Міхальчанка не займаецца даследаваннем беларускага паваеннага супраціву. Тым больш, што згаданая публікацыя Міхальчанкі, апублікаваная ў „Советской Белоруссии“ ў 1990 г., пісалася для ганьбавання беларускай нацыянальнай сімволікі, і яе аўтар наўмысна адшукваў „смажаныя“ факцікі. Адносна „Чорнага ката“ ў даведніку не знойдзем ніводнага факта, ніводнай лакалізацыі дзейнасці партызанаў. Зразумела, што большасць архіўных крыніцаў па антысавецкай партызанцы надзейна схаваныя ў спецсховішчах КДБ, аднак падаецца немэтазгодным абсалютнае прыняцце на веру публікацый беларускіх эміграцыйных выданняў, а тым больш „Беларускага Голасу“ (Таронта). Не варта безаглядна ўслаўляць антысавецкую партызанку, бо там (у партызанскіх атрадах) былі і звычайныя бандыты. Выходзіць, што мы надаем ранг герояў усім партызанам, што змагаліся за светлыя ідэалы супраць камуністычнай чумы, але яны ж забівалі і звычайных людзей, адзінай віной якіх была падтрымка савецкай улады.

Значна лепш выглядаюць нарысы Сяргея Ярша пра ўкраінскае падполле: тут мы знаходзім звесткі і пра арэал дзейнасці, і пра колькасць партызанаў, і пра акцыі ды кіраўніцтва (149—154). На добрым навуковым узроўні артыкул пра „Армію Краёву“, напісаны Аляксеем Ліцвіном (113—118). Руху моладзі тычацца артыкулы пра моладзевыя арганізацыі на Глыбоччыне, Пастаўшчыне, Наваградчыне, серыя артыкулаў Міхася Чарняўскага пра Смаргонска–Мядзельскае падполле. Яны раскрываюць незвычайныя старонкі гісторыі пасляваеннай Беларусі — моладзевага супраціву, непрыняцця савецкай улады і жорсткіх рэпрэсіяў з боку савецкіх карных органаў. Але й гэтыя артыкулы напісаныя пераважна на падставе ўспамінаў удзельнікаў антысавецкіх арганізацый. Яны не могуць даваць цэласнай карціны тагачасных падзеяў, бо памяць чалавека суб’ектыўная, а аўтары ўспамінаў, якія маглі не ведаць ўсёй палітры падзеяў, імкнуцца рабіць абагульняльныя высновы.
Асобна варта выдзеліць артыкулы рэлігійнай праблематыкі: „Каталіцкі рух у Беларусі“ (133—137) і „Пратэстанцкі рух у Беларусі“ (142—143), напісаныя Алегам Гардзіенкам. Вера (каталіцкая, пратэстанцкая) стала своеасаблівай апазіцыяй бальшавіцкаму ладу. Людзі, якія не далучаліся ні да партызанкі, ні да антысавецкіх арганізацый, але і савецкай улады не прымалі, знаходзілі ўласнае „я“ ў веры ў Бога, праз якую пазбаўляліся ідэалагічнага савецкага дыктату. Праўда, у вышэйзгаданых артыкулах мусілі быць скарыстаныя крыніцы з Нацыянальнага Архіва.

Раздзел „Персаналіі“ змяшчае звесткі больш чым пра 200 асобаў, прычым артыкулы тут самыя розныя: ад кароценькіх зацемак да нарысаў па некалькі старонак. Атрымалася, што нарыс пра аднаго з кіраўнікоў і арганізатараў супраціву Усевалада Родзьку (80) меншы, чым артыкул пра шараговага ўдзельніка моладзевага падполля. Падаецца, што некаторыя нарысы пра ўдзельнікаў гэтага падполля, напісаныя студэнтамі Беларускага Калегіюма, неапраўдана вялікія. Зусім інакш выглядаюць артыкулы пра партызанаў Сяргея Ярша, кампактныя і лагічныя.
У раздзеле „Акцыі“ самых акцыяў няшмат. Пераважна гэта рэпрэсіі савецкіх карных органаў супраць партызанаў: „Антыпартызанская апэрацыя ў Заходняй Беларусі напрыканцы 1944 г.“ (161), „Чэкісцка–вайсковая апэрацыя ў Берасьцейскай і Пінскай абласьцёх з 15.01. па 20.02.1945“ (161), „Антыпартызанская акцыя ў Маладэчанскай вобласьці ў студзені–траўні 1946 г.“ (164) і г.д. Ёсць інфармацыя пра дэсанты дыверсійных групаў у Беларусь, пра акцыі партызанаў супраць органаў савецкай улады. Але таксама і да гэтых матэрыялаў трэба адносіцца з насцярогай, бо што датычыцца крыніцаў, то базуюцца яны на паведамленнях у эміграцыйнай прэсе, а значыць, не пазбаўленыя перабольшванняў.

Лічу, што раздзел „Выданні“ (171—177) не варта было ўключаць у даведнік, бо выданняў, якія тут апісваюцца, у нас проста няма: яны ці не захаваліся, ці надзейна схаваныя ў спецсховішчах. То ці варта было пісаць, спасылаючыся адно на згадкі. Тое ж можна сказаць і пра раздзел „Узнагароды“ (179—181), уведзеныя для змагароў з савецкай уладай Радай БНР пад старшынствам Міколы Абрамчыка. На маю думку, эмігранты маглі далёка ад Радзімы распрацоўваць розныя рэчы, якія не мелі ніякага дачынення да ўнутранага жыцця краіны. Паказальны ў гэтым плане прыклад Радаслава Астроўскага, прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады, які быццам узнагароджваў на эміграцыі медалямі і званнямі сваіх сваякоў. Таму да ўсталявання сістэмы ўзнагародаў трэба ставіцца крытычна. Рэальная каштоўнасць дадзеных узнагародаў невядомая.

Кніга багата ілюстраваная, але надзіва бракуе фотаздымкаў некаторых значных дзеячаў антысавецкага супраціву і нацыянальнага руху, артыкулы пра якіх падаюцца: гэта Васіль Супрун, Антон Сокал–Кутылоўскі, Усевалад Родзька, Янка Філістовіч, Лявон і Юрка Луцкевічы, Зміцер Касмовіч. Наколькі вядома, здымкі гэтых людзей ёсць, трэба было толькі адшукаць. Няма ў кнізе артыкулаў пра некаторых асобаў, хоць дадзеная спасылка на тое, што такі артыкул мусіць быць (напрыклад, Барыс Рагуля, Іван Шынько, Міхась Ганько).

Трэба аднак прызнаць, што як першы досвед падобнага выдання кніга мае вялікае значэнне. Фактычна яна сцірае белую пляму з часткі нашай гісторыі ХХ ст.

Менск
Якуб Наваградцаў

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991 г. (Якуб Наваградцаў)

Лістапада 22, 1999 |

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991.  Пэрсанажы і кантэкст / Даведнік. Пад рэд. А. Дзярновіча. Менск, 1999. 186.

Гэтая кніга выйшла як працяг вышэй рэцэнзаванага даведніка пра апазіцыйныя рухі ў Беларусі 1944—1956 г. Паваеннае падполле было разгромлена, а ягоныя ўдзельнікі, што вярталіся дахаты, мусілі потым выехаць з Беларусі, бо ім савецкая ўлада стварыла невыносныя ўмовы жыцця. Так што многіх проста выключылі з далейшага грамадскага жыцця, і дысідэнцкі рух (калі не лічыць Ларысы Геніюш, айца Віктара Данілава, ксяндза Вацлава Пянткоўскага) фактычна пачынаўся з нуля.

Як і папярэдні том, праца падзяляецца на раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, рухі“, „Выданьні“, „Музычны нонканфармізм і маладзёвыя субкультуры“, „Кроніка дэмакратычнай апазіцыі Беларусі: 1956—1988“. Калі ў кнізе пра „Антысавецкія рухі“ палітра грамадскага жыцця Беларусі характарызуецца найперш раздзелам „Арганізацыі, асяродкі, рухі, фармацыі“, дык у „Дэмакратычнай апазыцыі“ неабходна пачынаць ab ovo, з персаналіяў, бо менавіта асобы вызначалі дух дысідэнцкага жыцця краіны.

У кнігу ўвайшло блізу 70 асобаў. Калі ў першы даведнік уключаліся амаль усе асобы, тым ці іншым чынам заангажаваныя ў антысавецкім змаганні, то для другога адбіраліся найбольш значныя постаці, якія прадстаўлялі нейкі кірунак або плынь у дысідэнцтве.

Храналагічны падзел этапаў існавання дэмакратычнай апазіцыі 1956—1991 г. выглядае лагічна: 50–я г. — паасобныя акцыі дысідэнтаў, 60–я — складванне навукова–адраджэнскіх гурткоў („Акадэмічны асяродак“, „На Паддашку“); рэакцыя беларускага грамадства на падзеі Пражскай вясны (1968), пачатак ганенняў на беларускіх літаратараў, якія ці скажалі лінію партыі, ці пісалі „няпраўду“ пра вайну, або проста заміналі дзяржаве весці народ да светлай будучыні (Васіль Быкаў, Валянцін Тарас, Лідзія Вакулоўская і інш.); 70–я — час узнікнення маладзёвых суполак, з’яўленне паняцця „Музычны нонканфармізм“; у 80–х г. апазіцыйны рух набыў новыя формы, стаў больш колькасным, прыйшла новая генерацыя маладых людзей, прагных да дзеяння, стварылася мноства маладзёвых суполак і патрыятычных клубаў.

Першае, што кідаецца ў вочы, гэта храналагічная неадпаведнасць назвы кнігі і яе зместу. У назве пазначаецца апошнім 1991 г., а падзеі фактычна абрываюцца  на 1988—1989 г. Зразумела, тут не знойдзем артыкулаў ні пра Беларускі Народны Фронт, ні пра Беларускую Сацыял–Дэмакратычную Грамаду.

Пачатак дысідэнцкага руху пазначаны стварэннем „Партыі Свабоды Рускага Народу“ (с. 125—126). Партыя ўзнікла як водгук на хрушчоўскую „адлігу“, а таксама на падзеі ў Венгрыі ў кастрычніку 1956 г., аднак залішні рамантызм і адсутнасць мераў канспірацыі прывялі да арышту і турэмнага зняволення яе сяброў. Гэтым артыкулам фактычна ставіцца пад пытане тэза пра лібералізацыю савецкага грамадства ў часы Мікіты Хрушчова. Цікавая інфармацыя ў нарысах пра першых беларускіх дысідэнтаў братоў Лявона і Міхася Белых (17—18), якія ў 1957 г. распаўсюджвалі па Менску ўлёткі з заклікам да абароны беларускай мовы, за што былі асуджаныя савецкімі органамі ўлады. Варта адзначыць артыкул пра выкладчыка Гарадзенскага педінстытута Браніслава Ржэўскага, які публічна выступаў супраць русіфікацыі і гвалтоўнай дэбеларусізацыі (74—77), за што быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі. Выступ у абарону роднай мовы разглядаўся як злосны нацыяналізм і паклёп на савецкую рэчаіснасць.
Наступны артыкул, які варта адзначыць, напісаны ўдзельнікам тагачасных падзеяў беларускім археолагам Міхасём Чарняўскім. Ён распавядае пра „Акадэмічны Асяродак“ (103—109), які склаўся з супрацоўнікоў Акадэміі Навук. Акадэмічны Асяродак займаўся вывучэннем невядомых старонак беларускай гісторыі, раней забароненых тэмаў, папулярызацыяй ідэяў Адраджэння. Ён зрабіўся асноўнай плыняй апазіцыйнага руху ў 70–х г., але намаганнямі КДБ і партыйных кіраўнікоў быў разгромлены, а яго ўдзельнікі звольнены з працы. Цікава, што асобы, якія грамілі гурток, і сёння займаюць нейкія пасады, не панёсшы аніякага пакарання. Асобныя артыкулы даведніка прысвечаны сябрам Акадэмічнага асяродка: Міхасю Чарняўскаму (90—93), Міколу Прашковічу (67—69), Алесю Каўрусу (46—48), Сцяпану Місько (61—62), Валянціну Рабкевічу (72—73).

Асобна вылучаецца нарыс пра Міхаіла Кукабаку (49—54), беларускага праваабаронцу, які адкрыта пратэставаў супраць савецкай акцыі ў Чэхаславаччыне, за што трапіў пад пераслед. Імя Міхася Кукабакі стала вядомым у свеце, у ягоную абарону праводзіліся слуханні ў сенаце ЗША.

Сярод іншых персаналіяў зборніка — артыкулы пра Лявона Баразну, Яўгена Куліка, Алеся Марачкіна, Генадзя Каханоўскага, Аляксея Каўку, Міколу Ермаловіча, Міхася Ткачова, Анатоля Сідарэвіча і інш. Выклікае шчырае здзіўленне факт неўключэння ў кнігу такіх асобаў, як Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Мікола Купава… Яны ж зрабілі для станаўлення апазіцыйнага руху значна больш, чым некаторыя з уведзеных у даведнік.
У 80–х г. хутка пашыраліся апазіцыйныя колы, у асноўным за кошт моладзі, таму і інфармацыі пра апазіцыйны рух гэтага часу ў кнізе значна больш. Патрыятычныя гурткі ствараліся не толькі ў Менску, але й у Гомелі, Горадні, Магілёве і іншых гарадах. У даведніку пералічаныя толькі асноўныя з іх: „Беларуская сьпеўна–драматычная майстроўня“, „Талака“, „Канфэдэрацыя беларускіх маладзёвых суполак“, клуб „Современник“, „Сьвітанак“, „Тутэйшыя“, „Бабілён“, „Мартыралёг Беларусі“, „Зьніч“, „Паходня“. У раздзеле „Арганізацыі, асяродкі, рухі“ змешчаныя таксама праблемныя артыкулы: „Беларускі патрыятычны рух ва ўзбройных сілах СССР“, „Краязнаўчы рух“, „Фальклорны рух“, „Чарнобыльскі рух“. Большаць тых, хто ўнесены ў даведнік, і цяпер актыўна займаецца палітыкай: Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка, Станіслаў Шушкевіч, Ігар Гермянчук, Павал Жук і інш. Аднак няма нарыса пра Юрыя Хадыку, пры тым што ўпамянуты нават Мікола Шаляговіч.

Раздзел „Выданьні“ падрыхтаваны Ларысай Андросік і фактычна базуецца на кнізе гэтай жа аўтаркі „Пазацэнзурны беларускі пэрыядычны друк“. Сюды ўключана большасць выданняў, якія выдаваліся ў 1971—1991 г. у Беларусі і былі ў апазіцыі да ўлады. У адрозненне ад аналагічнага раздзелу ў „Антысавецкіх рухах“, гэты раздзел напісаны пра рэальныя выданні, большасць якіх знаходзіцца ў Архіве Найноўшай Гісторыі. Асноўная іх частка з’явілася ўжо ў гады перабудовы, але апісваюцца і ранейшыя выданні („Блакітны ліхтар“, „Мілавіца“, „Гутаркі“, „Падснежнік“).

Апошні раздзел „Музычны нонканфармізм  і музычныя субкультуры“ (157—161) падрыхтаваў Сяржук Сахараў, знаўца беларускай маладзёвай музыкі. У ім апісваюцца маладзёвыя акцыі пачатку 70–х г. Гэта, напрыклад, два выступы хіпі ў Горадні, хваляванні ў Менску ў 1970 г. з нагоды забойства менскага хіпі Уладзіміра Максакава. Фактычна, гэта была яшчэ адна форма духоўнай апазіцыі, музычны нонканфармізм, які супрацьпастаўляўся афіцыйнай музычнай культуры.

Невядома чаму ў даведніку няма раздзелу „Акцыі“. Зусім незразумела, навошта артыкул Ігара Бабкова „Ліст студэнтаў–філёзафаў за акадэмічныя свабоды, красавік 1981 г.“ (122—123) змешчаны ў раздзеле „Арганізацыі, асяродкі, рухі“.

Чытаючы даведнік, адчуваеш, што рабіўся ён паспешліва. Варта было больш сур’ёзна паставіцца нават да структуры кнігі. Тым не менш гэтая частка цікавейшая за „Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944—1956)“. Там — пераважна пра партызанку і арганізацыі моладзі, а тут шырокі спектр апазіцыйнага руху, розныя кірункі апазіцыйнай дзейнасці.

Менск
Якуб Наваградцаў

Галоўная » Архіў катэгорыі '1999 Т.6 Сш. 1-2'