Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 1999 Т.6 Сш. 1-2

Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі: 1971—1990 г. (Алег Гардзіенка)

Лістапада 21, 1999 |

Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі 1971—1990 г. Каталёг. Складальнікі: Юрась Лаўрык і Ларыса Андросік. Менск: БГАКЦ, 1998.172.

У аснову гэтага выдання лягла калекцыя перыядычных выданняў са збору Юрася Лаўрыка. Узначаліла працу па збіранні перыёдыкаў і сістэматызавала іх Ларыса Андросік. У кнізе апісаны ўсе вядомыя і выяўленыя на другую палову 1998 г. перыёдыкі Беларусі. Яны класіфікуюцца ў даведніку па наступных параметрах: загаловак, звесткі пра адказных (склад рэдакцыі, выдавецкія групы і г.д.), год выдання, месца выхаду, фармат, наклад, інфармацыя пра спосаб выдання, характарыстыка самога выдання ці асобных нумароў.

«Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі 1971–1990 г.» падзяляецца на дзве часткі, згодна з храналогіяй беларускага незалежніцкага руху: перыёдыкі 1971—87 г. і перыёдыкі 1988–90 г. Чаму менавіта такая храналогія? У 1971 г., узятым за дату нараджэння беларускага незалежніцкага друку, выйшаў часопіс «Блакітны ліхтар», які выдаваўся ў Наваполацку накладам адзін асобнік тамтэйшымі студэнтамі політэхнічнага інстытута і школьнікамі (В. Мудровым, В. Шлыкавым, А. Рыбікавым, пазней да іх далучыліся студэнты–гісторыкі з Менску У.Арлоў і Г. Кулажанка). «Блакітны ліхтар» задумляўся як мастацка–літаратурны часопіс. Нягледзячы на тое, што часопіс быў пераважна апалітычны, КДБ зацікавілася ім, і пасля прафілактычных гутарак чэкістаў з выдаўцамі выхад перыёдыка быў спынены.

Пасля «Блакітнага ліхтара» У. Арлоў разам са студэнтамі 3–га курса гістфака БДУ Г. Кулажанкам, І. Чарняўскім, Э. Зайкоўскім заснаваў літаратурны альманах «Мілавіца». Яна выдавалася ў 1974—76 г., зноў жа накладам адзін асобнік, пакуль у выдавецкія справы не ўмяшалася КДБ.

Вельмі цікавым быў перыёдык 1975—76 г. — «Гутарка», рэдагаваны Сымонам Бурачком. За гэтым псеўданімам хаваўся вядомы беларускі гісторык Мікола Ермаловіч. Механізм выдання быў даволі унікальны. Мікола Ермаловіч рыхтаваў нумар часопісу ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна, а потым перадаваў яго мастаку Яўгену Куліку, які ў сваю чаргу памнажаў і распаўсюджваў «Гутаркі». Такім чынам выйшла каля 50–ці «Гутарак» па розных надзённых тэмах.

Да 1981—88 г. належаць апісаныя ў даведніку «Бурачок», «Люстра дзён», «Идиот», «Містыка», «Набойні». Апошнія выданні можна класіфікаваць як літаратурныя часопісы, «Бурачок» і «Люстра дзён» вызначаюцца як гамадска–палітычныя.

Другая частка кнігі характарызуе выданні 1988–1990 г. Яна значна большая па памерах. Гэта тлумачыцца рознымі прычынамі, але галоўная — значная лібералізацыя грамадскага жыцця, якая дала першыя свабоды слова. Хоць Беларусь была запаведнікам камунізму і дэмакратычныя перамены ў ёй пачаліся толькі з падзеннем камуністычнай дыктатуры ў Маскве, умовы 1988—1991 г. усё ж моцна адрозніваліся ад абставінаў 1970–х.

У другой частцы сістэматызаваныя амаль усе выдаваныя тады перыёдыкі, якія класіфікуюцца так: нацыянал–дэмакратычныя — «Белорусская трибуна», «Весткі Адраджэння», «Мартыралог», «Навіны Беларускага народнага фронту за перабудову „Адраджэньне“», «Наша слова», «Свабода», «Студэнцкая думка», «Супольнасць»; рэлігійныя выданні — «Вера», «Праваслаўная думка», «Унія»; выданні беларускай правінцыі — Гомля, Наваполацка, Полацка, Горадні, Берасця, Магілёва, Маладэчна, Баранавічаў, Слуцка, Мазыра і г.д.; літаратурныя выданні — «Ксэракс беларускі», «Літаратура» і г.д. Рэпрэзентаваныя ў кнізе і выданні нацыянальных меншасцяў: газета габрэйскай моладзі — «Мадригин», заходнепалескія выданні «Балесы Полісся» і «Збудінне», сюды ж унесены і сатырычныя выданні («Анекдотъ», «Позірк»), і перыёдыкі, якія класіфікуюцца як нармальная жоўтая прэса, напрыклад, «Светские ведомости». У даведнік уключаныя і беларускія перыёдыкі, выдадзеныя па–за межамі Беларусі: «Голас беларуса» (Рыга), «Грунвальд» (Талін), «Рокаш» (Джэзказган), «Шляхам Скарыны» (Масква).

Другая частка завяршаецца 1990 г., бо ў 1991 г. прэса стала сапраўды свабоднай, з’явілася безліч новых выданняў, але іх апісанне становіць прадмет даследавання іншай эпохі.

Менск

Алег Гардзіенка

Заснавана Археаграфічная камісія

Лістапада 20, 1999 |

28 кастрычніка 1999 г. была заснавана Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве  Рэспублікі Беларусь на чале з Р.Платонавым. Забяспечваць функцыянаванне камісіі павінен Беларускі навукова–даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Канцэпцыю новай беларускай Археаграфічнай камісіі распрацавалі Р.Платонаў, Я.Янушкевіч, М.Шумейка, якія наладзілі яе абмеркаванне на старонках часопіса «Архівы і справаводства» і ў межах працы міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы беларускай археаграфіі», якая адбывалася 11—12 сакавіка 1999 г. ў Мінску і была прысвечана 175–годдзю выхаду з друку «Беларускага архіва старажытных грамат» І.Грыгаровіча.

Ідэя стварэння ў Беларусі падобнай установы не новая. Яшчэ ў мінулым стагоддзі тут досыць плённа працавала арганізаваная царскім урадам Віленская Археаграфічная камісія. Актыўныя спробы аднавіць археаграфічную традыцыю былі зроблены і ў першыя гады існавання БССР. З 1925 г. гэтай справай займаліся вучоныя Інстытута беларускай культуры. У 1927 г. пры Інбелкульце была створана Археаграфічная камісія, якая дзейнічала да  рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук і потым нейкі час пры БелАН. Працу камісіі фактычна забяспечваў адзін вучоны — Дз. Даўгяла. У 60—80–ыя г. пытанне аб неабходнасці аднаўлення Археаграфічнай камісіі ў БССР неаднаразова ўздымалі на навуковых нарадах і ў літаратуры беларускія гісторыкі і архівісты, аднак плёну гэта не прынесла.

У 1994 г. выйшла распараджэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб стварэнні Археаграфічнай камісіі, аднак яно ніяк не было падмацавана матэрыяльна. Толькі ў 1996 г. быў створаны аддзел археаграфіі БелНДІДАС (загадчык — Я.Янушкевіч).

У 90–х г. дзейнасць беларускіх вучоных у галіне даследавання методыкі, гісторыі і тэорыі археаграфіі актывізавалася. Вынікі гэтай працы былі прадстаўленыя на шматлікіх канферэнцыях (у тым ліку, 14–15.02.1996 г. на навуковай канферэнцыі «М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцызнаўства і археаграфіі (Да 90–х угодкаў вучонага)»), а таксама ў навуковай літаратуры. Сярод найбольш значных прац неабходна адзначыць «Рэкамендацыі па арганізацыі работы з гістарычнымі дакументамі (для навуковых выданняў)» (Мінск, 1997), складзеныя Р. Платонавым і З. Яцкевічам, шматлікія працы М.Шумейкі пра станаўленне і развіццё архіўнай справы і археаграфіі ў Беларусі, распрацоўку Ю. Несцяровіча «Класіфікацыя археаграфічных публікацый і беларускія археаграфічныя выданні» (Мінск, 1997).

Безумоўна, стварэнню сучанай Археаграфічнай камісіі паспрыяла і пэўная актывізацыя археаграфічнай працы ў другой палове 90–х г. Гэты перыяд вызначаецца выхадам з друку шэрагу значных археаграфічных і гістарычна–археаграфічных публікацый, карысных для даследавання мінулага Беларусі. Сярод іх выдадзеныя БелНДІДАС: «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў / Склад. У.М. Міхнюк, У.К. Ракашэвіч, Я.С. Фалей, А.В. Шарапа, С.А. Шупа. Т.1 (1917—1922 г.)» (Мінск, 1997); «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў / Склад. У.М. Міхнюк, У.К. Ракашэвіч, Я.С. Фалей, А.В. Шарапа. Т.2 (1923—1927 г.)» (Мінск, 1999); «На крутым павароце: ідэолага–палітычная барацьба на Беларусі 1929–1931 г. Дакументы, матэрыялы, аналіз / Аўтар–склад. Р.П. Платонаў» (Мінск, 1999); «Бунд в Беларуси 1897–1921. Документы і материалы / Сост. Э.М. Савицкий» (Мінск, 1997); «Платонаў Р.П. Лёсы. Гісторыка–дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30–х гадоў» (Мінск, 1998), «Платонаў Р.П. Палітыкі, ідэі, лёсы. Грамадзянская пазіцыя ва ўмовах нарастанння ідэолага–палітычнага дыктату ў Беларусі 20—30–х гадоў» (Мінск, 1996); «Валахановіч А.І., Міхнюк У.М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Аўтабіягр. Б. Тарашкевіча» (Мінск, 1999); «Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. В.Н. Михнюком, Н.М. Климовичем и А.П. Гесь» (Мінск, 1997); «Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное. О реституции белорусских архивов в прошлом и настоящем» (Мінск, 1997). У 1998 г. БелНДІДАС быў таксама выдадзены анатаваны даведнік «Документы по истории Великой отечественной войны в государственных архивах РБ».

Усе гэтыя публікацыі і практычная дзейнасць стварылі падставы для арганізацыі новай Археаграфічнай камісіі. Гэтая ўстанова задуманая як каардынацыйны, навукова–метадычны і публікатарскі цэнтр, які павінен аб’яднаць вакол сябе лепшых спецыялістаў Беларусі, чыя дзейнасць звязана з выданнем гістарычных крыніц. Акрамя таго, камісія мае намер наладзіць навукова–метадычную і кансультацыйную дапамогу тым установам, якім яна патрэбная.
Хоць тэрмін працы Археаграфічнай камісіі яшчэ невялікі, яе ўдзельнікі сумесна з Дзяржкамітэтам па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і БелНДІДАС ужо здолелі арганізаваць археаграфічную публікацыю «Первая всебелорусская конференция архивных работников. 12—15 мая 1924 г. Документы и материалы». Прадстаўнікі камісіі ўжо сёння падрыхтавалі да выдання такія працы, як: Платонаў Р.П. «Палітычнае і духоўнае жыццё Беларусі ў другой палове 20–х гадоў. Тэндэнцыі развіцця (На матэрыялах Нацыянальнага архіва РБ)»,  Янушкевіч Я. «Грамадска–палітычны рух Беларусі ў пач. ХХ ст.», Скалабан В. «Максім Гарэцкі (публіцыстыка 1918—1919 г.)». Акрамя таго, Археаграфічная камісія плануе наладзіць і іншыя публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь,  якія яна будзе падаваць да друку ў залежнасці ад сваіх фінансавых магчымасцяў.

8—9 лютага 2000 г. Камісія плануе разам з іншымі ўстановамі правесці міжнародную навукова–практычную канферэнцыю «Архівы Беларусі на рубяжы ХХ—ХХІ ст.: Гісторыя, стан, перспектывы развіцця». Камісія запрашае да супрацоўніцтва ўсе арганізацыі, зацікаўленыя ў археаграфічнай распрацоўцы гісторыі Беларусі, а таксама вучоных, якія не баяцца руплівай археаграфічнай працы.

Юры Несцяровіч,
вучоны сакратар Археаграфічнай камісіі
ДКАС Рэспублікі Беларусь

Мiжнародная канферэнцыя па гендэрнай гiсторыi

Лістапада 19, 1999 |

У жанчын няма сваёй гiсторыi. Амаль усе вялiкiя мысляры ад часоў Арыстоцеля адмаўлялi жанчыне ў гiстарычнай свядомасцi, у здольнасцi да надасабовага, гiстарычнага пункту гледжання. Калi б у свеце панаваў выключна жаночы пачатак, гiсторыi б не было, — лiчыў Мікалай Бярдзяеў. Не дзiўна, што новая навуковая галiна, якая можа вярнуць жанчынам хоць крыху гiсторыi, цi вярнуць у гiсторыю жанчын (паводле пiянеркi новага кiрунку Джаан Келi–Гадол), пачала фармавацца ў заходняй акадэмiчнай прасторы пад уздзеяннем фемiнiстычнага руху ў 1960–х г.

Гiсторыя жанчын (не ў выглядзе жыццeапiсанняў вядомых палюбоўнiц цi славутых каралеў, а як наданне жаночаму вопыту гiстарычнай перспектывы) патрабавала крытычнага перагляду самой метадалогii гiстарычнага даследавання, а таксама тых рэпрэзентатыўных мадэляў, якiя ўлiчваюць толькi мужчынскi вопыт. Гэта прывяло да распрацоўкi сутнасна новых гiстарычных катэгорыяў: гiсторыi рэпрадукцыi, гiсторыі сэксуальнасцi, гiсторыі будзённасцi. Рэканструяванне жаночага вопыту як асобнай версiі гісторыі атрымала назву «herstory» («яе–гiсторыя»), у процiвагу да «history» («яго-гiсторыi»). Паступова гэта прывяло да неабходнасцi пераасэнсавання самой дысцыплiны. Паставiўшы пад сумненне традыцыйны падзел жыцця на сферы прыватнага і публiчнага, вучоныя падышлi да пытання, што прызнаецца «гiсторыяй», а што не, i чаму.

Як вядома, гiсторыя падзяляецца на перыяды у адпаведнасцi з войнамi i рэвалюцыямi. Але там, дзе прымалiся рашэннi пра вайну ці мiр, жанчын няма. Цi значыць гэта, што яны па-за гiсторыяй? П’ер Бурдзье, распрацаваўшы тэорыю панавання ў сімвалiчнай сферы, паказаў, якім чынам тыя, хто мае доступ да iнструментаў «вытворчасцi рэчаiснасцi» (летапiсцы, гiсторыкi, юрысты, сацыёлагi, псiхолагi i г.д.), фармуюць і робяць легiтымнымi пэўныя версіі таго, што адбываецца. У жанчын амаль няма пiсанай гiсторыi (кнiга французкiх даследчыц — i ўдзельнiц нашай канферэнцыi — Ан Рoш i Мары–Клод Таранжэ, напрыклад, завецца «Тыя, якiя не пiсалi»). Часта яны былі проста непісьменныя. А той, хто не мае доступу да вытворчасцi сімвалiчнага панавання, не можа стварыць і легiтымiзаваць сваю версiю. Таму новы падыход прадугледжвае вывучэнне гiсторыi наогул «з iншага пункту гледжання», перагляд яе дыскурсiўных асноў.
У такiм навуковым кантэксце Цэнтр гендэрных даследаванняў Еўрапейскага гуманiтарнага унiверсiтэта (Мiнск) сумесна з праграмай «Гендэр і культура» Цэнтральна–Еўрапейскага унiверсiтэта (Будапешт) і Institutum Studiorum Humanitatis (Любляна) пры падтрымцы Фонда Макартураў і Iнстытута адкрытага грамадства арганiзаваў канферэнцыю «Ад Гiсторыi да гiсторыi: гендэрны падыход да гiстарычнай навукi ў краiнах пераходнага перыяду». На ўдзел у ёй з 22 краiнаў свету прыйшло больш за 200 заявак. На 12 панэлях трохдзённага форуму, што адбыўся 30 верасня — 2 кастрычніка 1999 г., прагучала 63 даклады. Некалькі панэляў былі спецыяльна прысвечаны пераасэнсаванню гісторыі: «Перапісваючы гісторыю жанчын», «Наратыў і вусная гісторыя», «Палiтыка культурнай памяці», «Фемінізм да фемінізма», «Праблемы выкладання жаночай і гендэрнай гісторыі»; некаторыя тычыліся гісторыі будзённасці: «Сям’я, традыцыя, рэлiгiя», «Права і маргiнальнасць». На некалькіх панэлях разглядаліся падзеі ХХ ст. («Вайна і супрацiў ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе», «Міграцыя»), а таксама гісторыя сучаснасці («Ад сацыялізма да транзітыўнага грамадства»).

Уражвала багацце ўзнятых пытанняў і глыбіня дакладаў. Вызначылася некалькі галоўных тэм, адной з якіх стала праблема памяці, яе выратавання і канструявання ў грамадствах, што перажылі вялікія страты ў войнах і рэвалюцыях. Краналіся таксама пытанні ідэнтычнасці, новых вобразаў маскуліннасці і жаноцкасці на постсавецкай публічнай прасторы.

Канферэнцыя выклікала міжнародную цікавасць як першы ва Усходняй Еўропе міжнародны навуковы форум па жаночай/гендэрнай гісторыі. Для некаторых беларускіх удзельнікаў і гасцей яна адкрыла, паводле іх уласных прызнанняў, новы свет нетрадыцыйнага падыходу да мінулага. Вучоныя адказвалі на адны пытанні і ставілі новыя, наладжвалі прафесійныя кантакты, абменьваліся арыгінальнымі навучальнымі курсамі, планамі новых выданняў. Увогуле ж, гэтая падзея стала, паводле словаў маёй венгерскай каляжанкі Андрэі Пето, «пачаткам пачаткаў».

Алена Гапава,
Дырэктар Цэнтра гендэрных даследаванняў
Еўрапейскага Гуманiтарнага Унiверсiтэта

Весткі з экспедыцый беларускіх археолагаў (сезон 1999 г.)

Лістапада 18, 1999 |

Каменны і бронзавы век

У 1999 г. праводзіліся археалагічныя разведкі ўжо вядомых і новых помнікаў эпохі каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Уздзенскага, Капыльскага і Стаўбцоўскага раёнаў Мінскай вобласці, Баранавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці, Карэліцкага, Наваградскага, Дзятлаўскага, Гарадзенскага, Слонімскага, Лідскага, Воранаўскага раёнаў Гарадзенскай вобласці.
Працягваліся археалагічныя раскопкі на помніку Дакудава–5. Ён размяшчаецца на правабярэжжы Нёмана ў Лідскім раёне. За сезоны 1998 і 1999 г. атрымана значная калекцыя артэфактаў, якая дазваляе казаць пра доўгачасовае і шматкультурнае па характары паселішча. Упершыню тут селяцца плямёны паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў — носьбіты нёманскай неалітычнай культуры (на дубічайскім этапе). Потым на зручнай для жыцця дзюне спыняюцца плямёны той жа культуры на яе лысагорскім і дабраборскім этапах, што пакінулі характэрны арнаментаваны вострадонны посуд з расліннымі, а потым і мінеральнымі дамешкамі ў керамічнай масе.
Яскравы матэрыял сведчыць аб пранікненні на правабярэжжа Нёмана насельніцтва культуры шарападобных амфар. Магчыма, з адной з даследаваных ямаў звязана пахаванне гэтай культуры, якое прадстаўлена развалам пасудзіны і крамянёвай шліфаванай сякерай.
У бронзавым веку на паселішчы нейкі час пражывала насельніцтва, што было носьбітам аднаго з варыянтаў культуры шнуравой керамікі, а пазней і тшцінецкай культуры. У раскопе 1999 г. была знойдзена каменная свідраваная сякера, і, што вельмі важна, сведчанні мясцовай вытворчасці каменных сякер, іх шліфоўкі. На жаль, як і на большасці помнікаў Панямоння, характэрная для бронзавага веку кераміка і крамянёвыя вырабы складаюць нязначны працэнт ад агульнай колькасці ўсіх артэфактаў.
Папоўніліся таксама леташнія матэрыялы па перыядах жалезнага веку і Сярэднявечча.

Вадзім Лакіза

У 1999 г. пачаліся міжнародныя (Інстытут гісторыі НАН Беларусі супольна з Інстытутам археалогіі Варшаўскага універсітэта і Дзяржаўным археалагічным музеем у Варшаве) археалагічныя даследаванні помнікаў каменнага і бронзавага вякоў у верхнім цячэнні Нёмана. Пад час археалагічных разведак былі абследаваны лева– і правабярэжжа Нёмана паміж Горадняй і вёскамі Жукевічы (пасёлак „Турыст“) і Сіўкава. Выяўлены некалькі стаянак каменнага веку каля вёсак Солы, Кашэўнікі, Пагараны, Жылічы, Славічы, Кавальцы, Сіўкава, Берагавая. Атрымана багатая калекцыя крамянёвага інвентара, папярэдні аналіз якой дазваляе адносіць большасць помнікаў да фінальнапалеалітычнага і мезалітычнага часу.
Найбольш перспектыўным для стацыянарных раскопак і комплексных даследаванняў (з удзелам супрацоўнікаў Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі) стала месца ўпадзення ў Нёман ракі Горніцы. Тут, паміж Кавальцамі і садовым участкам „Турыст“, на розных узроўнях тэрас і мысах размяшчаецца каля дзесяці помнікаў каменнага і бронзавага вякоў. Асноўныя работы праводзіліся на стаянцы Кавальцы–1. Сабрана найбагацейшая калекцыя крамянёвых знаходак, сярод якіх маюцца і унікальныя прылады працы, цікавая для навукі крэмнеапрацоўчая майстэрня, а таксама геалагічны пласт пахаванай глебы. Помнік датуецца фінальным палеалітам.
Невялікімі шурфамі даследаваліся помнікі Кавальцы–2, –3, –4, –5. Па сваім размяшчэнні, захаванасці культурнага пласта і колькасці атрыманых крамянёвых прыладаў працы самы значны з іх — Кавальцы–4. Даследаванні 1999 г. паказалі перспектыўнасць выбранага для археалагічных работ рэгіёна і неабходнасць далейшых комплексных экспедыцый.

Віктар Абухоўскі, Вадзім Лакіза

Эпоха ранняга жалеза
Цягам чатырох гадоў (1996—1999) вывучалася паселішча Дзеднава другой чвэрці I тыс. н.э., размешчанае ў Бабруйску на першай надпоплаўнай тэрасе левага берага ракі Бабруйкі, правага прытока Бярэзіны.
У выніку раскопак выяўлены круглыя/авальныя ў плане ямы з вертыкальнымі сценкамі і амаль плоскім дном, запоўненыя камянямі, сярод якіх знаходзіліся вугольчыкі, фрагменты керамікі, кальцынаваныя костачкі і неабпаленыя косткі свойскіх і дзікіх жывёлаў. Жалезная фібула і вялікія кавалкі посуду датуюць ямы другой паловай III тыс. н.э. Пакуль не вызначана, ці належалі спаленыя косці чалавеку, немагчыма дакладна інтэрпрэтаваць дадзеныя аб’екты — як рэшткі агменяў, месцы адпраўлення культу ці пахаванні.
Знойдзены таксама рэшткі аднаго жытла: аднакамерная зрубная канструкцыя квадратнай формы з цэнтральным апорным слупом і адкрытым агменем, заглыбленая ў мацярык на 0,4 м. Па фрагментах гаршкоў паўзямлянку можна датаваць канцом II — сярэдзінай III ст.
Пад час археалагічнага даследавання помніка сабрана вялікая калекцыя рэчаў: фрагменты посуду з гладкай, штрыхаванай паверхняй і з расчосамі, керамічныя праселкі, жалезныя фібулы, нажы, галякі, наканечнікі стрэлаў і дзіды, а таксама вырабы з каляровых металаў (манета Марка Аўрэлія 161—180 г., пярсцёнкі, пранізкі, рыбалоўны кручок).
Знаходкі сведчаць, што даследаваны помнік датуецца канцом II—III ст. н.э. і пакінуты плямёнамі верхнедняпроўскага варыянту кіеўскай культуры. У X—XIII ст. тут з’яўляюцца славяне.

Ала Ілюцік

Сярэднявечча
Працягваліся археалагічныя даследаванні курганоў у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Каля вёскі Дубніца адкрыты новы могільнік з адзінаццаці земляных насыпаў. Вывучаны адзін курган, на падэшве якога выяўлена безінвентарнае пахаванне па абрадзе трупапалажэння.
Даследавана яшчэ чатыры каменныя курганы каля вёскі Прудзішча. У двух насыпах знойдзены пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў яме, у адным — на падэшве галавой на захад, яшчэ ў адным слядоў пахавання не зафіксавана. Знойдзены бронзавыя ўпрыгожванні (пярсцёнак, два ромбашчытковыя скроневыя колцы), жалезны нож, фрагменты глінянага посуду.
Пачалося вывучэнне курганнага могільніка каля вёскі Селішча, дзе раскапаны тры каменныя курганы. Выяўлены пахаванні ў падкурганных ямах (два галавой на захад, адно — на поўнач). Знаходкі прадстаўлены золаташклянымі пацеркамі, рэшткамі алавяннага нашыйнага ўпрыгожвання, двума жалезнымі нажамі (адзін з касцяным тронкам).
Характар пахавальнага абраду і знаходкі дазваляюць датаваць раскапаныя курганы XI ст.

Людміла Дучыц, Ірэна Ганецкая, Міхаіл Лашанкоў

Група па даследаванні паганскіх культавых помнікаў летам 1999 г. праводзіла раскопкі ў двух месцах. Каля вёскі Радагошча Наваградскага раёна ўжо пяты сезон даследавалася мяркуемае гарадзішча–свяцілішча культуры тыпу Лукі–Райкавецкай. Прасочваюцца рэшткі згарэлых драўляных збудаванняў. Знойдзена ляпная гладкасценная кераміка, двухшыпныя ўтулкавыя наканечнікі стрэлаў, гліняныя праселкі, металічныя ўпрыгожванні і дэталі адзення.
Каля вёскі Ашмянец Смаргонскага раёна праводзілася комплекснае вывучэнне культавага каменя і аднаго з размешчаных побач курганоў. Курган быў пашкоджаны самавольнымі раскопкамі школьнікаў, якія шукалі там зброю загінуўшых «у час вайны са шведамі» (паводле мясцовага падання). Дзеці знайшлі некаторыя старажытныя рэчы. Па атрыманні гэтай інфармацыі паўстала неабходнасць завяршыць даследаванне кургана паводле навуковай методыкі. Устаноўлена, што ў кургане змяшчаліся рэшткі прыблізна дзевяці пахаванняў па абрадзе крэмацыі. Апроч кавалачкаў перапаленых касцей, вуголля і попелу шмат дзе знойдзены фрагменты разбітых ці раздушаных гліняных пасудзін, частка з якіх упрыгожана арнаментам, не характэрным для славянаў.
Звычайна пры раскопках славянскіх курганоў у іх знаходзяць у лепшым выпадку кучку попелу або шкілет, гліняную пасудзіну і адзінкавыя сціплыя ўпрыгожванні. Зусім інакш было ў згаданым кургане на Смаргоншчыне. Ён літаральна перапоўнены зброяй: меч, булава, 7 баявых сякераў, 6 наканечнікаў дзідаў, шмат нажоў (у некаторых пахаваннях іх было па два), а таксама 2 галякі, 3 шпоры, колькі крэсіваў (адно разам з крэменем), каменны брусок, ключы ад замкоў, чатырохвугольныя з кропкавым арнаментам і круглыя з заклёпкамі бляшкі, спражкі. Шмат было металічных упрыгожванняў: разнастайных пярсцёнкаў (у тым ліку адзін з выявай свастыкі), бранзалетаў, абломкі вітай шыйнай грыўні, паўсферычныя бляшкі з маленькімі цвічкамі. Амулетам служыў невялікі ключык з каляровага металу. Сярод пахаванняў два былі напэўна жаночыя: у адным замест дзіды ці сякеры ляжаў серп, а ў другім адсутнасць зброі кампенсавалася большай колькасцю ўпрыгожванняў. Адно з пахаванняў належала дзіцяці ці падлетку, таму што пярсцёнак дужа малы, не было і наканечніка дзіды, хоць ляжалі сякера і два нажы.
Самай каштоўнай знаходкай з’яўляецца меч (даўжыня 95 см) — знаходка, надзвычай рэдкая для Беларусі. Захаваўся і наканечнік похваў ад яго. Мячы такога тыпу трапляюцца на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Калінінградскай вобласці Расіі, у краінах Паўночнай Еўропы. Датуецца XI—XIII ст. Як мяркуюць, цэнтры вытворчасці такіх мячоў знаходзіліся ў краінах усходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора.
Больш вузкае датаванне кургана даюць шпоры з зорачкамі: XIII—XIV ст. Такім чынам, пахаванні пакінуты ў XIII ст. балцкамоўным насельніцтвам культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, што ахоплівала абшары паўночна–заходняй Беларусі і паўднёва–ўсходняй Літвы. Вакол кургана захавалася яшчэ блізу 40 насыпаў, у асноўным меншых за раскапаны. Па знаходках можна меркаваць, што адзін з пахаваных там быў знатным воінам ці нават князем. Дагэтуль лічылася, што сярод усходнелітоўскага насельніцтва курганны абрад пахавання ў XIII ст. ужо не існаваў.
Цікава, што ўсяго за 12 метраў ад крайняга з курганоў, бліжэй да берага Вяллі, знаходзіцца буйны валун, званы «Вялікім каменем», пра які распавядаюць розныя легенды. Адна з іх кажа, што валун пакінуты чортам, які нёс яго, каб перашкодзіць будаўніцтву бліжэйшага касцёла. Як вядома, чорт у фальклоры нярэдка ёсць хрысціянізаваным вобразам паганскага бога багацця, жывёлагадоўлі, зямных водаў і замагільнага свету (адпавядае славянскаму Вялесу). З гэтай легендай добра стасуюцца як аповеды пра схаваныя пад валуном скарбы, так і суседства могільніка. Фактычна «Вялікі камень» і курганы ўтваралі адзіны сакральны комплекс. Граф Канстанцін Тышкевіч, абследаваўшы камень у сярэдзіне мінулага стагоддзя, згадваў пра знаходку ў тайніку каля валуна скарбу з 2 каменных сякераў, а таксама выявіў два колцы авальнай каменнай абкладкі з меншых валуноў. Пры нашых даследаваннях вакол каменя культурны пласт выявіць не ўдалося, але на глыбіні каля 0,5 м адкапана частка каменнай абкладкі.

Эдвард Зайкоўскі

Напярэдадні 1000–годдзя старажытнага Друцка працягваліся археалагічныя даследаванні вядомага помніка. Вывучаліся ўсе часткі горада: гарадзішча (дзядзінец), вакольны горад, пасад.
На дзядзінцы раскопкі праводзіліся побач з верагодным месцазнаходжаннем (па меркаванні Л.Аляксеева) княскага хораму. Раскрыты гаспадарчы комплекс з жорнамі, зернем і іншымі рэчымі, які, магчыма прымыкаў да княскіх пакояў. Пра гэта сведчаць знаходкі бляшак–нашыванак на адзенне і фрагмент пярсцёнка ці часткі бармы з устаўкай (сапфір?), вырабленыя, верагодна, з золата і срэбра, якія маглі належаць да княскага ўбору.
Вызначана, што на пляцоўцы вакольнага горада ў трэцяй чвэрці I тыс. н.э. — IX ст. размяшчалася паселішча, якое дазваляе разглядаць Друцк як племянны цэнтр Аршанскага Падняпроўя. XII—XIII стагоддзямі датуецца знойдзеная тут драўляная пабудова свецкага ці культавага прызначэння з керамічнай падлогай. Пазнейшыя адклады культурнага слою прадстаўлены рэшткамі пабудоваў XIV—XVI ст. з сутарэннямі. Падлога аднаго з іх выбрукавана невялікімі камянямі.
Пра развіццё рамёстваў у Друцку можна меркаваць па слядах кузні XII—XIII ст., а таксама па выяўленых на гарадскім пасадзе знаходках, шкляных нарыхтоўках для вырабу бранзалетаў і пацеркаў. Сабрана багатая калекцыя рэчаў, якія характарызуюць матэрыяльную культуру X—XVI ст., у тым ліку імпарт з Візантыі, Сірыі, Пярэдняй Азіі.

Вольга Ляўко

Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 1999 г.

Лістапада 17, 1999 |

Доктарскія

1. Бяспалая, Марыя Аркадзеўна. Беларуская вёска ў 1921 — 1927 г. (07.00.02; БДПУ)
2. Галенчанка, Георгій Якаўлевіч. Францішак Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар (07.00.02; ІГ НАНБ)
3. Гарбацкі, Андрэй Анатолевіч. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. (60 г. ХІХ ст. — 1917 г.) (07.00.02; ІГ НАНБ)
4. Расадзін, Сяргей Яўгенавіч. Плямёны і народы «заскіфскай» Поўначы і Паўночнага Усходу. (07.00.03; Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству)
5. Снапкоўская, Святлана Валянцінаўна. Адукацыйная палітыка царызму і педагагічная думка ў Беларусі (60–я г. XIX ст. — 1917 г.) (07.00.02; ІГ НАНБ)

Кандыдацкія

6. Адзярыха, Вадзім Уладзіміравіч. Сінтэз традыцыйнага і сучаснага ў грамадска–палітычным жыцці Лівана (1943 — 1975) (07.00.03; БДПУ)
7. Бабовіч, Алена Паўлаўна. Гісторыя фармавання і развіцця садова–паркавай культуры Беларусі (канец XVI — пачатак ХХ ст.) (07.00.02; БДПУ)
8. Багдановіч, Аляксей Барысавіч. Фармаванне этнічнай самасвядомасці беларусаў (ІХ — першая палова ХVII ст.) (07.00.02; БДУ)
9. Балсун, Галіна Аляксандраўна. Супрацьстаянне нямецкай і савецкай прапаганды на акупаванай тэрыторыі Беларусі (1941 — 1944) (07.00.02; БДУ)
10. Барабаш, Віталь Васілевіч. Палякі ў антыфашысцкай барацьбе на тэрыторыі Беларусі (1941 — 1944) (07.00.02; ГДУ)
11. Белазаровіч, Віктар Аляксандравіч. Аграрныя пераўтварэнні ў Заходняй Беларусі ў 30 — 50–х г. ХХ ст. (07.00.02; ГДУ)
12. Бенчава, Каця Барыславава. Праблема этнаканфесійных адносін на Балканах (канец 80–х — сярэдзіна 90–х г. ХХ ст.) (07.00.03; БДУ)
13. Глушакова, Наталля Аляксандраўна. Беларуская партыя сацыялістаў–рэвалюцыянераў: станаўленне і палітычная дзейнасць (1918 — 1924) (07.00.02; БДУ)
14. Гудаў, Міхаіл Віктаравіч. Антысавецкае падполле ў Беларусі ў 1919 — 1925 г. (07.00.02; БДУ)
15. Карпіевіч, Дзмітры Віктаравіч. Сістэма ўзнагарод Рэчы Паспалітай і яе ўплыў на сацыяльна–эканамічныя працэсы на Беларусі (07.00.02; БДПУ)
16. Келер, Вольга Барысаўна. Рэаліі жыцця і побыту сярэдневяковай Германіі па дадзеных «Саксонскага зерцала» (07.00.03; БДУ).
17. Ластоўскі, Генадзь Альбертавіч. Палітычнае развіццё Смаленскай зямлі ў канцы ХIII —ХV ст. (07.00.02; ІГ НАНБ)
18. Лугаўцова, Святлана Леанідаўна. Палітыка расійскага самадзяржаўя ў адносінах да дваранства Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. (07.00.02; БДПУ)
19. Лукашэвіч, Андрэй Міхайлавіч. Падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў у кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі (1778 – 1863) (07.00.02; БДУ)
20. Мігунова, Алена Анатолеўна. Прапагандыская і культурна–асветніцкая дзейнасць нямецкай акупацыйнай улады ў генеральнай акрузе Беларусь (1941 — 1944) (07.00.02; БДПУ)
21. Міхуб, Нізар. Прасоўванне НАТА на Усход. Фармаванне сусветнай антынатаўскай грамадскай думкі СМІ Расіі (на прыкладзе газет «Правда» і «Известия» 1986–1998 г.) (07.00.03; БДУ)
22. Новік, Наталля Яўгенаўна. Прафесійная адукацыя Беларусі ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. (07.00.02; БДУ)
23. Пурышава, Наталля Міхайлаўна. Дзяржаўная палітыка ў сферы мастацкай культуры ў 20–я г. (на матэрыялах Беларусі) (07.00.02; БДУ).
24. Раманава, Ірына Мікалаеўна. Фармаванне савецкай сістэмы адукацыі ў БССР (1921 — 30–я г.) (07.00.02; ІГ НАНБ)
25. Рыбакоў, Андрэй Яўгенавіч. Агульнае справаводства ў цэнтральным апараце дзяржаўнага кіравання Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст. (07.00.02, 05.25.02; Беларускі навукова–даследчыцкі інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы)
26. Сервачынскі, Ігар Мікалаевіч. Калабарацыяністы на акупаванай тэрыторыі Беларусі (ліпень 1941 — 1945 г.) (07.00.02; БДУ).
27. Стpынкоўскі, Сяргей Пятровіч. Гарадское самакіраванне ў вялікакняжацкіх уладаннях заходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага ў XV — XVIII ст. (07.00.02; БДПУ)
28. Хоціна, Ала Іосіфаўна. Святочныя земляробчыя традыцыі беларусаў ХІХ — пачатку ХХ ст. (структурны аналіз) (07.00.07; ІЭІФ НАНБ)
29. Ялінская, Ірына Эдуардаўна. Дакументы нямецка–фашысцкіх органаў кіравання і ўстаноў як гістарычная крыніца (па матэрыялах Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці) (07.00.09; ІГ НАНБ)
30. Яшчанка, Аксана Рыгораўна. Этнаканфесійны склад і асаблівасці побыту насельніцтва Гомеля ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. (07.00.07; ІЭІФ НАНБ)

Анастасія Скеп‘ян

Новыя выданні, атрыманыя рэдакцыяй

Лістапада 16, 1999 |

Археалогія Беларусі. У чатырох тамах. Т.1. Каменны і бронзавы вякі. Мінск, 1997; Т.2. Жалезны век і ранняе сярэднявечча. Мінск, 1999.
Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. Нью–Ёрк, 1999.
Беларусы: У 8 тамах. Том 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння / В.К.Бандарчык. Мінск, 1999.
Борисов, Николай С. Политика московских князей: конец ХІІІ – первая половина ХІV в. Москва, 1999.
Горобець, Віктор. Білорусь козацька: Пілковник Іван Нечай та українські змагання за Південно–Східну Білорусь (1655—1659). Київ, 1998.
Дзербіна, Галіна. Права і сям’я ў Беларусі эпохі Рэнесансу. Мінск, 1997.
Заборовский Л.В. Католики, православные, униаты. Проблемы религии в руско–польско–украинских отношениях конца 40–х — 80–х гг. ХVІІ в. Часть 1. Документы и исследования. Москва, 1998.
Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Беларускі кнігазбор. Сер.ІІ: Гістарычна–літаратурныя помнікі. Мінск, 1999.
Кузнецов, Игорь; Шелкопляс, Валентина. История государства и права Беларуси. Минск, 1999.
Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica. №3. Менск, 1998.
Место России в Европе (Материалы международной конференции). Будапешт, 1999.
Репина, Лорина П. «Новейшая историческая наука» и социальная история. Москва, 1998.
Стороженко, Іван С. Богдан Хмельницький і воєнне мистецтво у Визвольній війні українського народу середини ХVІІ ст. Книга 1. Дніпропетровськ, 1996.
Україна модерна. № 2—3. 1997—98. Львів, 1999.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 тамах. Том 5. Мінск, 1999.
Arnold, Udo (Hrsg.). Deutscher Orden 1190—1990 / Tagungsberichte der Historischen Kommission fur Ost– und Westpreussische Landesforschung, Bd.11. Lŭneburg, 1997.
Arnold, Udo (Hrsg.). Die Hochmeister des Deutschen Ordens: 1190–1994. Marburg, 1998.
Białloruskie Zeszyty Historyczne. № 11, 12. Białystok, 1999.
Bibliografia litewska: 1995—1997 / Bibliografia Europy Wschodniej. T.8. Warszawa—Wilno— Mińsk—Lwów —Moskwa, 1998.
Bibliografia polska: 1995 / Bibliografia Europy Wschodniej. T.7. Warszawa —Wilno— Mińsk—Lwów —Moskwa, 1998.
Bibliografia rosyjska: 1992—1995 / Bibliografia Europy Wschodniej. T.5. Warszawa—Wilno—Mińsk—Lwów—Moskwa, 1998.
Bock, Petra; Wolfrum, Edgar (Hg.). Umkämpfte Vergangenheit. Gechichtsbilder, Erinnerung und Vergangenheitspolitik im internationalen Vergleich. Göttingen, 1999.
Bogucka, Maria. The lost world of the «Sarmatians». Warszawa, 1996.
Centrum i regiony narodowościowe w Europie od XVIII do XX w. Pod red. Edwarda Wiśniewskiego. Łódź, 1998.
Chiari, Bernhard. Alltag hinter der Front (Bezatzung, Kollaboration und Widerstand in Weissrussland: 1941—1944). Düsseldorf, 1998.
Christiansen, Eric. The northern Crusades. London, 1997.
Děiny zemi Koruny Česke. I: Od prichodu slovanu do roku 1740; II: Od nastupu osvicenstvi do naši dobu. Praha, 1998.
Deutsches Archiv für Erforschung des Mittelalters. Jg.54. Hf.2. Köln–Weimar–Wien, 1998.
Europäische Mentalitätsgeschichte. Hauptthemen in Einzeldarstellungen. Hrsg. von P.Dinzelbacher. Stuttgart, 1993.
Ferry, Luc. Człowiek–Bóg, czyli o sensie życia. Warszawa, 1998.
Golczewski, Frank; Pickhan, Gertrud. Russischer Nationalismus. Göttingen, 1998.
Harvard Ukrainian Studies. Vol. XXI. № 1/2. 1997
Historische Zeitschrift. 267/1—3. 1998.
Howarth, Ken. Oral History. A Handbook. Sutton Publishing, 1998.
Iggers, Georg G. Deutsche Geschichtswissenschaft: eine Kritik der traditionellen Geschichtsauffassung von Herder bis zum Gegenwart. Wien, Köln, Weimar, 1997.
Illig, Herbert. Das erfundene Mittelalter. Die grösste Zeitfälschung der Geschichte. München, 1998.
Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. 47/2. 1999.
Kittsteiner, Heinz Dieter. Listen der Vernunft. Motive geschichtsphilosophischen Denkens. Frankfurt am Main, 1998.
Korczak, Lidia. Litewska Rada wielkoksiążęca w XV w. Kraków, 1998.
Kwartalnik Historyczny. № 4. 1997; № 1. 1998.
Lazutka, Stanislovas. Leonas Sapiega (Gyvenimas, valstybine veikla, politines ir filosofines paziuros). Vilnius, 1998.
Lindner, Rainer. Historiker und Herrschaft. Nationsbildung und Geschichtspolitik in Weissrussland im 19. und 20. Jahrhundert. R.Oldenbourg Verlag München, 1999.
Lithuania. № 1/2 (26/27). 1998.
Lithuanian Historical Studies. Vol.3 (1998).
Lituano–Slavica Poznaniensia. Studia Historica. Vol. VII (1995). Poznań, 1997.
Lozek, Gerhard (Hrsg.). Geschichtsschreibung im 20. Jahrhundert. Berlin, 1998.
Niezabitowski, Stanisław. Dzienniki 1695—1700. Opracował A.Sajkowski. Poznań, 1998.
Przegląd Wschodni. T.V (1998). Z.3 (19).
Quaestiones medii aevi novae. Vol.1—4 (Warszawa, 1996–99).
Saeculum. 50/I. München, 1999.
Samsonowicz, Henryk. O «historii prawdziwej». Mity, legendy i podania jako źródla historyczne. Warszawa, 1997.
Sapper, Manfred (Hg.). Rußland und der zweite Tschetschenienkrieg. Fakten, Hintergründe, Interpretationen. Mannheim, 1999.
Sprawy Narodowościowe. Seria nowa. T.VI (1997). Z.2 (11).
Studia Russica. XVII. Budapest, 1999.
Studia z dziejów Rosji i Europy Środkowo–Wschodniej. T.XXXIV. Warszawa, 1999.
Ther, Philipp. Deutsche und polnische Vertriebene. Vandenhoeck & Ruprecht in Göttingen, 1998.
Wisner, Henryk. Litwa. Dzieje państwa i narodu. Warszawa, 1999.
Witthof, Ekkehard. Grenzen der Kultur. Differenzwahrnehmung in Randbereichen (Irland, Lappland, Russland) und europäische Identität in der Frühen Neuzeit. Frankfurt am Main, 1997.
Zeitschrift für Geschichtswissenschsft. 47/5. 1999.
Zeitschrift für Historische Forschung. 26/1. Berlin, 1999.
Zeitschrift für Ostmitteleuropa—Forschung. 47/1—3. 1998.
Zwischen Christianisierung und Europäisierung. Beitrage zur Geschichte Osteuropas in Mittelalter und Früher Neuzeit. Festschrift für Peter Nitsche zum 65. Geburtstag. Hrsg. Von E.Hübner, E.Klug und J.Kusber. Stuttgart, 1998.

Міхась Восіпавіч Біч (1937—1999)

Лістапада 15, 1999 |

17 траўня 1999 г. памёр гісторык Міхась Восіпавіч Біч. Некалькі дзён ён не дажыў да свайго 62 дня нараджэння. Смерць была раптоўнай і імгненнай. Не стрывала сэрца. Страту панеслі не толькі блізкія, сваякі і сябры. Смерць Міхася Біча — гэта велізарная страта для беларускай гістарычнай навукі, для беларускай грамадскасці.

Навуковая праца Міхася Восіпавіча, пазбаўленая вонкавай эфектнасці, была вельмі эфектыўнай: дзве навуковыя манаграфіі («Развитие социал–демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 г.», «Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 г.»), удзел у падрыхтоўцы шэрагу калектыўных выданняў (сярод якіх «Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч.» і інш.), два выданні навучальнага дапаможніка па гісторыі Беларусі канца XVIII — пачатку ХХ ст., вялікая колькасць навуковых артыкулаў, кіраванне аддзелам Інстытута гісторыі НАН Беларусі (з 1983 г.), удзел у канферэнцыях, лекцыі для студэнтаў і г.д. Пад ягоным навуковым кіраўніцтвам толькі ў 90–я г. было абаронена некалькі дысертацый. Адным з яго вучняў я маю гонар лічыць і сябе.

Асоба Міхася Восіпавіча заўсёды выклікала павагу. Менавіта ён адным з першых беларускіх гісторыкаў старэйшага пакалення падтрымаў беларускае Адраджэнне 90–х г. Ён узначальваў творчы калектыў па распрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, якая ў значнай ступені перадвызначыла асноўныя кірункі даследавання мінулага нашай зямлі і нашага народа. Міхась Біч узяў на сябе вельмі патрэбную, але цяжкую і няўдзячную працу стварэння новага школьнага падручніка па гісторыі Беларусі канца XVIII — пачатку ХХ ст.

На жаль, у апошнія гады ягоная навуковая дзейнасць і праца над падручнікам сталася сапраўдным «полем бою». (Гл., напрыклад, публікацыі прафесара П.Петрыкава.) Пасля 1995 г., як грыбы пасля дажджу, у нашай гістарычнай навуцы адно за адным пачалі з’яўляцца «тэрмінатары», якія, адрозна ад вядомай кінастужкі, прыходзілі не з будучыні, а з нядаўняга мінулага. У гэтай сітуацыі Міхась Біч не страціў твару. Ён застаўся беларускім даследчыкам, і для сучасных прыхільнікаў прасавецкага або прарасійскага варыянтаў гістарыяграфіі быў той самай «крэпасцю», якую аніяк не маглі ўзяць бальшавікі. Зрэшты, Міхась Біч меў вопыт змагання. Нават у змрочныя для беларускай гістарычнай навукі савецкія часы ён не схіляўся перад партыйнымі ўладамі ў паклоне: «Чего–с изволите?».

Дастаткова нагадаць, якія абвінавачванні выклікалі ўжо першыя ягоныя артыкулы ў сярэдзіне 60–х г. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР у публікацыях, прысвечаных БСГ, „Нашай Долі“ і „Нашай Ніве“, паказаў навуковую беспадстаўнасць тых ідэалагічных клішэ („рэакцыйнасць“, „буржуазны нацыяналізм“, „здрада беларускаму народу“ і г.д.), якія з часоў сумнавядомага кароткага курса „Истории ВКП(б)“ былі замацаваныя за беларускім Адраджэннем пачатку стагоддзя. Малады даследчык абараняў не толькі гонар беларускіх адраджэнцаў. Фактычна, ён абараняў гонар самой гістарычнай навукі. Не меншае абурэнне „гісторыкаў ад ідэалогіі“ выклікалі публікацыі, у якіх разглядалася месца і роля БУНДа ў рабочым руху Беларусі. Чуліся нават заявы, што М.Біч падрывае „марксистско–ленинское учение о гегемонии пролетариата“. Але „падрыўнік“ вытрымаў. У 1970 г. ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, якая паслужыла асновай ягонай першай манаграфіі. У 1984 г. была абаронена доктарская дысертацыя.

Ва ўмовах амаль татальнай залежнасці ад дзяржавы даволі цяжка захаваць самастойнасць, асабліва калі вакол цябе прадстаўнікі «савецкай інтэлігенцыі» амаль адкрыта гандлююць сваім сумленнем за месца каля «карытца», за ласку чарговага «хозяина» беларускай зямлі. Міхась Біч не займаўся гандлем.

Маё асабістае знаёмства з М.Бічом адбылося ў 1990 г., калі я стаў ягоным аспірантам. Памятаю заўвагі Міхася Восіпавіча на старонках маіх першых рукапісаў. Адным з самых папулярных было пытанне: «Навошта?». Кіраўнік патрабаваў навуковай дакладнасці, вучыў жорстка экзаменаваць кожны гістарычны факт. Менавіта ў гэтым ён бачыў сапраўдны патрыятызм беларускага даследчыка. Гісторык цаніў самастойнасць мыслення, прызнаваў права маладога даследчыка на ўласную пазіцыю, калі яна была дастаткова абгрунтаванай.

У 1997 г. мне прапанавалі напісаць рэцэнзію на рукапіс новага навучальнага дапаможніка М.Біча для VIII класа школы. Я згадзіўся на гэта не без пэўных ваганняў, бо лічыў, што ягоны дапаможнік 1993 года выдання з метадычнага пункту погляду не адпавядаў патрабаванням школьнага навучання. Рэцэнзія на новы варыянт дапаможніка атрымалася даволі крытычнай, і ў Менск на сустрэчу з аўтарам я ехаў з моцным хваляваннем. Як прафесар успрыме крытыку нядаўняга вучня? Хваляванне знікла ўжо на пачатку размовы. Мы працавалі з Міхасём Восіпавічам некалькі гадзін. Ён пагадзіўся з бальшынёй заўвагаў і быў удзячны за крытыку. Нехта можа сказаць: «Гэта ж нармальная рэакцыя навукоўца!». Так, гэта нармальная рэакцыя, але як моцна не хапае такой нармальнасці бальшыні нашых навукоўцаў з высокімі званнямі і пасадамі. З гэтага моманту я пачаў ставіцца да Міхася Біча не толькі як да настаўніка, але як і да сябра.

Міхась Восіпавіч быў добрым і сардэчным чалавекам, але выяўляў жорсткасць і настойлівасць, калі сустракаўся з несумленнасцю, са спробай з дапамогай калянавуковай дэмагогіі прыкрыць унутраную чалавечую і навуковую пустэчу.

Смерць перарвала яго працу, але засталіся кнігі, засталіся вучні, застаецца памяць. Быць верным памяці гісторыка Міхася Біча — гэта значыць захаваць у чысціні сваё сумленне, любіць родную зямлю і не «перакручваць» беларускую гісторыю дзеля ідэалагічнага аргазму некаторых чыноўнікаў.

Вечная памяць Табе, Міхась Восіпавіч!

Алесь Смалянчук

Галоўная » Архіў катэгорыі '1999 Т.6 Сш. 1-2'