Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2000 Т.7 Сш. 1

Kryŭja. №1—3 (1994—1998) (Валеры Пазнякоў)

Чэрвеня 16, 2000 |


Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica. Менск, №1. 1994. 224; №1(2). 1996. 124; №1(3). 1998. 164.

Часопіс «Kryŭja», які выдаецца Цэнтрам этнакасмалогіі «Крыўя», не мае аналагаў у Беларусі, але добра ўпісваецца ў плынь этналагічнай літаратуры суседніх краін. Найбліжэйшым аналагам ёсць маскоўскае выданне «Балто-славянские исследования» ды іншыя серыйныя публікацыі Інстытута славяназнаўства і балканістыкі Расійскай Aкадэміі навук. Меркавалася, што «Kryŭja» будзе выходзіць з 1994 г. раз на тры месяцы, атрымалася — раз на два гады. Апошні № 1(3) з`явіўся на пачатку 2000 г.

За час свайго існавання часопіс цвёрда прытрымліваўся вызначанай праграмы — даследавання найстаражытнейшых каранёў беларускай мовы і духоўнай спадчыны ў культурах Блізкага Ўсходу, іншых індаеўрапейскіх народаў, вывучэнне балцкай спадчыны ў культуры беларусаў, беларускага язычніцтва. № 1 за 1994 г. утрымлівае даследаванні пра сувязі беларускай традыцыйнай культуры з хецкай (артыкулы Сяргея Санько, Генадзя Даўгялы), пра індаарыйскую цывілізацыю (Алег Перзашкевіч, Міхаіл Міхайлаў, Юры Драздоў). У артыкуле Алега Дзярновіча і Алы Квяткоўскай «„Свастыка” як касмалягічны ды этнавызначальны сымболь» адхіляецца погляд, што свастыка ў сярэднявеч най беларускай культуры была непасрэднай агульнаіндаеўрапейскай спадчынай. На думку аўтараў, гэта — сімвал культурных традыцый балтаў, і яе знаходкі на Беларусі — сведчанне культурнага ўплыву балтаў на беларусаў. Калі б аўтары пры збіранні славянскага матэрыялу выйшлі за межы Беларусі, магчыма, яны б прыйшлі да іншых высноваў. Непасрэдна беларускаму язычніцтву прысвечаны працы Эдварда Зайкоўскага і Ўладзіміра Лобача. Па фалькларыстыцы змешчаны артыкул Ірыны Мячыкавай, па біялагічным складальніку культуры — Андрэя Прохарава.

Другі нумар «Kryŭji» (1996, № 1) працягвае публікацыю прац Генадзя Даўгялы пра хецкую культуру (у гэтым нумары выкарыстанае больш звычнае напісанне слова «хеты» ў адрозненне ад папярэдняга нумара, у якім была зроблена спроба адрозніць «гетаў» (Hittite) ад «ґетаў» (Getti) — зусім іншага індаеўрапейскага народа) і прац Алега Перзашкевіча пра ведыйскую культуру.

Артыкул Алы Квяткоўскай «Вясковы мужчынскі строй ХI—XVII ст. паводле матэрыялаў каменных могільнікаў Беларусі» падсумоўвае вынікі археалагічных раскопак. Гэта тэма мела працяг у іншых працах аўтара[1]. Археолаг Людміла Дучыц, вядомая як карпатлівы даследчык беларускага язычніцтва, выступае з артыкулам «Некаторыя дадзеныя пра культавыя дрэвы на Беларусі». Ён прысвечаны асабліваму аб’екту культу — дрэвам, тым з іх, пра якія ёсць пэўныя гістарычныя і этнаграфічныя звесткі. Дакладнасць аўтара пры збіранні матэрыялу пра знакамітыя дрэвы (мяркуецца, што яны былі аб’ектамі культу) крыху перайшла рацыянальныя межы: побач з Перуновым дубам, Вітаўтавым дубам адзначаны Сувораўскі дуб, Напалеонаўскі дуб, дуб Адама Міцкевіча. Апошнія сведчаць хіба што пра міфалагічнасць сучаснага мыслення.

Трэці нумар «Kryŭji» (№ 1(3) за 1998 г.) пачынаецца працамі Сяргея Санько і Галіны Кутыровай-Чубалі па даследаванні беларускага фальклору. Уладзімір Лобач працягвае публікацыю вынікаў даследаван ня язычніцтва артыкулам «Чараўніцтва на Беларусі на тле сярэднявеч ных судовых працэсаў». Праўда, размова ідзе не пра Сярэднія вякі, а пра Новы час. Сапраўднага агляду тла не атрымалася, бо ў працы даследуецца ў асноўным айчынны матэрыял. Між тым прычыны палявання на вядзьмарак ў Беларусі і іншых краінах Еўропы ў многім падобныя (параўнайма, прыкладам, з высновамі, зробленымі А.Гурэвічам[2]). Матэрыял пра суды над беларускімі вядзьмаркамі збольшага ўжо сабраны, яго шырокая гістарычная і культуралагічная інтэрпрэтацыя яшчэ наперадзе. Для аўтара характэрны пошук хоць найменшых слядоў язычніцтва. Аднак вынікі пошуку не заўсёды вытрымліваюць крытыку. Славуты полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, здаецца, у бальшыні прысвечаных яму нарысаў падаецца як вядзьмак, чарадзей. У.Лобач далучаецца да думкі, што яго можна разглядаць нават як прадстаўніка язычніцкага «жрэцкага, чарадзейскага стану». Між тым, летапісны матэрыял і «Слова пра паход Ігаравы» малююць Усяслава як узорнага хрысціяніна, пакорнага мучаніка, які нявінна пацярпеў ад парушальнікаў хрысціянскай клятвы. Князь у сваёй дзейнасці карыстаўся падтрымкаю хрысціянскіх пачуццяў: «Яму ў Полацку рана да ютрані пазванілі ў званы ў святой Сафіі, а ён у Кіеве звон чуў!». Згода летапісца і аўтара «Слова» ў канфесійнай ацэнцы полацкага князя не знаходзіць значнай супрацьвагі ў пісьмовых крыніцах, адно ў мастацкіх эпітэтах «Слова», якіх, мабыць, недастаткова для «перахрышчвання» князя.

Пярэчанні выклікае інтэрпрэтацыя дакументаў XVI ст. пра язычніцтва ў Беларусі, якія выйшлі з-пад пяра пратэстанцкіх пісьменнікаў. Тыя, як вядома, любілі параўноўваць «старых» хрысціянаў з язычнікамі. Такіх прыкладаў безліч. Некаторыя з іх падае Ў.Лобач, але з інтэрпрэтацыяй, што размова ідзе пра сапраўдных язычнікаў. Аднак цытата «где ся идол и розличных болъванов вже от колька сот лет так намножило, иже за ними и бога люд посполитый забыл» — сведчанне, паводле Ў.Лобача, пашырэння язычніцтва — належыць не Фёдару Еўлашэўскаму, а Сымону Буднаму. Гэта не прадмова да «Катэхізіса», а непасрэдны тэкст кнігі, выдадзенай у Нясвіжы ў 1562 г. Галоўнае, гэта проста яшчэ адно сведчанне таго, што так папулярныя сярод каталікоў скульптуры святых і распяцці ў вачах пратэстантаў былі адно толькі непатрэбнымі балванамі — пратэстантызм адмаўляе рэлігійную скульптуру. Доказ таго — сапраўдная прадмова Буднага да нясвіжскага «Катэхізіса», дзе чытаем: «Для того именья, села, места отписовали, монастыри и будованые церкви надавали або знову будовали, колоколы, потирионы, дыскосы, ризы, иконы или балваны куповали, надеваючися для таковых справ спасениа»[3]. Зразумела, што скульптуры або распяцці, ахвяраваныя ў царкву, у разуменні Буднага былі язычніцкімі балванамі, таму ён у палемічным імпэце і пісаў, што жыве сярод язычнікаў (па-праўдзе — праваслаўных і каталікоў).

Рыторыка старадаўніх рэлігійных дзеячаў павінна выклікаць пільнасць у даследчыка. Тыя любілі жанглёраваць абразлівымі мянушкамі кшталту «язычнік», «паганец», за якімі хаваліся іншыя з’явы. Ці супраць язычнікаў была ўведзена ў Вялікім Княстве Літоўскім пад час кіравання Жыгімонта Кейстутавіча інквізіцыя? Сапраўды, ці можна лічыць язычнікамі ерэтыкоў, супраць якіх і была створана найсвяцейшая інквізіцыя? Яе ўвядзенне тлумачаць перш за ўсё тым, быццам ВКЛ дало прытулак гусітам. Увогуле дзейнасць гэтай установы трэба яшчэ даследаваць.

Яшчэ адзін кірунак, які вымалёўваецца з прац У.Лобача, — «балцкая» плынь у чарадзействе. Дзейнымі асобамі аднаго вядзьмарскага працэсу 1615 г. выступаюць нейкія Тумель і Гасюль. Імёны відавочна балцкія. Зважаючы на «балцкую» скіраванасць часопіса «Kryŭja», было б пажадана ў будучыні пабачыць даследаванні таго, як моцна ў беларускіх язычніцкіх абрадах XVI—XVIII ст. выступаюць балцкія элементы.

Варта зрабіць удакладненне наконт адной даўняй памылкі. Скрозь у расійскамоўнай, а цяпер беларускай навуковай літаратуры ўспамінаецца славуты падручнік па барацьбе з вядзьмаркамі, які называецца «Молат вядзьмарак». Гэта памылковы пераклад з лаціны, слушны будзе: «Молат супраць вядзьмарак» або «Молат на вядзьмарак».

Вялікі нарыс мовазнаўца Фёдара Клімчука «Да вытокаў фармавання ўсходнеславянскіх народаў» паказвае этнічную гісторыю галоўным чынам беларусаў, і з вельмі далёкіх часоў — ад сярэдняга бронзавага веку. Напісаны на падставе шматлікіх і новых археалагічных публікацый, нарыс дае адэкватную карціну з’яўлення і знікнення археалагічных культур ва Ўсходняй Еўропе. Некаторыя нявырашаныя археолагамі праблемы адбіліся і ў працы Ф.Клімчука. Так, адзін з ключавых пунктаў славянскай археалогіі — з’яўленне і распаўсюджванне пражскай культуры — ніяк не абгавораны аўтарам. Недагаворанасць у гэтым моманце адбілася на наступных разважаннях аўтара. Незразумела, як суадносяцца нашчадкі пражскай і банцараўскай культур. Для аўтара яны абедзве славянскія, але ён лічыць магчымым казаць пра «банцараўцаў» як субстрат пазнейшага славянскага насельніцтва на Беларусі. Ці былі тады дзве хвалі славянскага засялення Беларусі? З тэксту нарыса гэтага не вынікае. Банцараўская супольнасць для Ф.Клімчука — найстаражытнейшы Крыўскі саюз (старая думка А.П’янкова), які меў свой цэнтр недзе паміж сучаснымі Гомелем і Магілёвам. Гэта, вядома, ніякім шляхам давесці немагчыма. Наступная думка аўтара: «Відаць, ён заставаўся цэнтрам радзімічаў. Радзімічы, хутчэй за ўсё, былі найбольш „чыстымі” нашчадкамі банцараўцаў» — у пэўным сэнсе разбурае саму пабудову пра Крыўскі (а не, скажам, Радзіміцкі) саюз.

Самыя вядомыя археалагічныя славянскія супольнасці пасля пражскай і банцараўскай культур — культуры тыпу Лукі-Райкавецкай і роменска-боршаўская. Апошняя зусім не асэнсаваная беларускімі археолагамі, што прывяло да яе няслушнай інтэпрэтацыі Ф.Клімчуком. Роменска-боршаўскія помнікі — гэта не толькі Левабярэжная Ўкраіна і прылеглая Расія, але і вялікая частка Беларусі. Таму гэта не толькі сляды севяранаў, але і ладнай часткі дрыгавічоў, магчыма, крывічоў.

Як мовазнавец, які шмат гадоў даследуе палескія гаворкі, Ф.Клімчук мае асаблівую прыхільнасць да Палесся. Гэта выявілася ў нарысе пра палескія «імпульсы» ў славянскай гісторыі, пад якімі маюцца на ўвазе розныя міграцыі з гэтага рэгіёна. Трэцяя палеская «ініцыятыва», паводле Ф.Клімчука, палягае ў ідэі стварэння старажытнарус кай народнасці ў часы Кіеўскай Русі. Мяркуецца, што адным з кампанентаў (галоўным?) старажытнарускай пісьмова-літаратурнай мовы былі гаворкі Палесся, у тым ліку наваколляў Кіева. Праўда, адначасова Ф.Клімчук сумняваецца ў моцы гэтай тэндэнцыі, якая вяла да стварэння старажытнарускай народнасці. Аўтар шукае тую прычыну, тую аснову, якая дазволіла беларусам вылучыцца ва ўсходнеславянскай стыхіі ў асобны этнас. Беларусы канчаткова кансалідаваліся ў рамках Вялікага Княства Літоўскага, але кансалідуецца тое, што і дагэтуль было блізкім. «Крывічы, дрыгавічы і радзімічы былі блізкія паміж сабою, яны ўзыходзілі да аднаго банцараўскага субстрату». Гэтае палажэнне аўтара выклікае здзіўленне, бо раней даказвалася, што «банцараўцы» — славяне, Крыўскі саюз. Як у гэтым разе яны маглі стаць субстратам для славянаў? «Таму яны (нашчадкі „банцараўцаў”. — В.П.), апынуўшыся ў спрыяльных умовах, этнічна кансалідаваліся». Чаму ж перад гэтым нашчадкі Крыўскага саюза этнічна разышліся?

У аснове вялікарусаў — паўночных і паўднёвых (гэта дзве асноўныя групоўкі вялікарускай народнасці) Ф.Клімчук бачыць таксама старажытныя славянскія ўтварэнні: славен наўгародскіх і вяцічаў. Пытанне пра даславянскі субстрат і тут у аўтара адыходзіць на другі план (абмяркоўваецца думка пра фінамоўны субстрат адно толькі пры фармаванні славен і вяцічаў). Карані паўночнай і паўднёвай груповак вялікарусаў Ф.Клімчук бачыць яшчэ ў дакіеўскай эпосе і не выключае, што існавала і супольная правялікаруская этнакультурная зона, якая аб’ядноўвала шэрагам рысаў прапаўночнавялікарусаў і прапаўднёвавяліка русаў.

А ці існавала так званая вялікаруская народнасць увогуле, карані якой імкнецца намацаць Ф.Клімчук? Гісторыкі і палітыкі ў гэтым не сумняваюцца. А вось вядомы расійскі (вялікарускі!) этнограф Дз.Зяленін у гэтым сумняваўся і абгрунтоўваў адваротны пункт погляду[4]. Яго аргументы можна падмацаваць з пазіцыі неславянскіх субстратаў. Прынамсі, межы паўночнавялікарускай народнасці супадаюць з арэалам даславянскіх фінамоўных супольнасцяў. Уяўляецца, што тэорыя фінскага і балцкага субстрату яшчэ не вычарпала сваіх магчымасцяў, і неправамоцна іх уплыў адсоўваць на задні план.

Назва артыкула Вольгі Губінай «З гісторыі вывучэння беларуска -балтыцкіх сувязяў» шырэйшая за змест працы. Сам артыкул пачынаецца з удакладнення, што размова ў ім пойдзе толькі пра моўныя сувязі. Гэты карысны агляд, на жаль, вельмі кароткі, часам павярхоўны, што істотна зніжае яго вартасць. Як больш шырокі (але таксама досыць кароткі) агляд можна параіць адпаведны раздзел фундаментальнай працы Г.Бірнбаўма[5]. Некаторыя прагалы ў працы В.Губінай уяўляюцца істотнымі. Са шматлікіх прац У.Топарава (не Тапарова) не прыгаданыя істотныя (у сэнсе руху наперад) працы 1958 г.[6] (у суаўтарстве з В.Іванавым), 1961 г.[7] і іншых гадоў. Абмінутыя ўвагай працы А.Вяржбоўскага[8], В.Чэкмана (Чэкманаса), В.Мартынава і інш. Не прыгадана колішняя камісія вывучэння балта-славянскіх стасункаў і тыя шматлікія лінгвістычныя форумы, дзе абмяркоўваліся гэтыя праблемы (яны былі ў цэнтры ўвагі IV Міжнароднага з’езда славістаў), не кажучы ўжо пра менш шматлікія асобныя і серыйныя выданні (тыя самыя «Балто-сла вянские исследования»).

Аўтар слушна падкрэслівае адну тэрміналагічную асаблівасць у дыскусіі пра балта-славянскія сувязі. Папулярны тэрмін «субстрат» перш за ўсё мае лінгвістычны змест. Толькі ў 1960-х г. у працах В.Сядова ён пашырыў свае межы як этналагічны феномен, з’явілася паняцце «этналагічнага субстрату». На жаль, пра дыскусію 1960-х г. В.Губіна дае мала звестак. Не названыя ўсе ўдзельнікі дыскусіі, а дыялог у нейкім сэнсе працягваецца і цяпер, хоць яго ўдзельнікі ўжо амаль не заўважаюць адзін аднаго. Як вядома, В.Сядоў не спыніўся на артыкульным выкладзе сваёй пазіцыі і да сёння выпускае грунтоўныя манаграфіі, дзе разглядаецца балта-славянская праблематыка[9].

Істотнай у першых двух нумарах «Kryŭji» была рубрыка «Крытыка і бібліяграфія», дзе выступалі вельмі дасведчаныя аўтары. Цікавым раздзелам у другім нумары часопіса былі «Весткі з экспедыцый». На жаль, нічога гэтага няма ў апошнім нумары «Kryŭji». Вялікую нязручнасць выклікае адсутнасць у часопісе хоць кароткіх звестак пра аўтараў, а, пэўна ж, яго чытаюць не толькі самі аўтары ды іх знаёмыя. З уласнага досведу мяркую, што кола чытачоў «Kryŭji» даволі шырокае. Чаго яшчэ бракуе ў часопісе — палемікі, бо на яго старонках з’яўляюцца вельмі смелыя гіпотэзы. Прычына зразумелая: дыскусію немагчыма весці на старонках выдання, якое выходзіць з перыядам у два гады — забываюцца аргументы, сціхае імпэт. Застаецца выказаць спадзяванне, што не знікне жаданне дзейнічаць у выдаўцоў і аўтараў «Kryŭji».

Валеры Пазнякоў


[1] Квяткоўская А.В., Бохан Ю.М. Вясковы жаночы касцюм XI–XVII стст. (па матэрыялах каменных могільнікаў Беларусі. Спроба рэканструкцыі) // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск, 1994. № 4; Квятковская А.В. Ятвяжские могильники Беларуси (к. XI—XVII вв.). Вильнюс, 1998.
[2] Гуревич А.Я. Средневековый мир: культура безмолвствующего большинства. Москва, 1990. С. 308—375.
[3] Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны. Мінск, 1991. С. 27.
[4] Зеленин Д. Восточнославянская этнография. Москва, 1991.
[5] Бирнбаум Х. Праславянский язык: Достижения и проблемы в его реконструкции. Москва, 1987.
[6] Иванов В.В., Топоров В.Н. К постановке вопроса о древнейших отношениях балтийских и славянских языков. Москва, 1958.
[7] Топоров В.Н. К проблеме балто–славянских языковых отношений // Актуальные проблемы славяноведения. Москва, 1961.
[8] Вержбовский А.А. Белорусско–литовские лексические взаимосвязи. Вильнюс, 1961.
[9] Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. Москва, 1970; Яго ж. Славяне в древности. Москва, 1994; Яго ж. Славяне в раннем средневековье. Москва, 1995; Яго ж. Древнерусская народность. Москва, 1999.

Наверх

Канапацкі, Ібрагім; Смолік, Аляксандр. Гісторыя і культура беларускіх татар (Алена Філатава)

Чэрвеня 15, 2000 |

Канапацкі, Ібрагім; Смолік, Аляксандр. Гісторыя і культура беларускіх татар. Мінск, 2000. 258.

Навучальны дапаможнік «Гісторыя і культура беларускіх татар» як бы працягвае і дапаўняе, а па некаторых аспектах і паўтарае кнігу Ібрагіма Канапацкага і Станіслава Думіна «Беларускія татары: мінулае і сучаснасць» (Мінск, 1993).

Гісторыя нацыянальных меншасцяў заўсёды выклікала цікавасць не толькі з боку даследчыкаў і выкладчыкаў, але і студэнтаў, краязнаўцаў і наогул усіх тых, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны. Аўтары гэтай кнігі аддалі ўвагу не толькі сацыяльна-эканамічнаму і прававому становішчу татар, але і асаблівасцям іх гутарковай мовы, пісьменнасці, святочна-абрадавым традыцыям, фальклору, мусульманскай адукацыі. Тут выкарыстаны апошнія даследаванні не толькі беларускіх, польскіх, літоўскіх вучоных, але і працы, выдадзеныя ў Казані. Таму ў некаторых выпадках дзеля параўнання падаюцца прыклады пра становішча татарскага насельніцтва, яго адукацыю, духоўнае кіраванне ў Казані, Уфе, Арэнбургу і г.д.

У кнізе пяць раздзелаў: 1. Паходжанне татар і іх рассяленне на Ўсходне-Еўрапейскай раўніне; 2. Мова беларускіх татар; 3. Мусульманская адукацыя татар; 4. Рэлігійнае жыццё татар у Беларусі; 5. Літаратурная і вусная народная творчасць. Невялікая гістарыяграфія пададзена ў прадмове. Кніга дапоўнена спісам літаратуры па раздзелах, картамі і ілюстрацыямі.

Як і кожнае выданне, «Гісторыя і культура беларускіх татар» не пазбаўлена некаторых недахопаў. Так, напрыклад, я не згодна з аўтарамі, што тэрмінам «беларуска-літоўскія татары» здаўна карыстаюцца гісторыкі і этнографы. Даўняя назва, замацаваная за імі — «літоўскія татары». Выклікае сумненне і сцвярджэнне аўтараў, што «старажыт ныя пісьменнікі Грэцыі і Рыма зусім не згадвалі пра татараў, а разумелі іх (? — А.Ф.) пад агульным імем скіфаў».

У тытуле кнігі заяўлена «гісторыя і культура» (выдзелена А.Ф.) татарскага народа, але ў тэксце пераважае матэрыял, прысвечаны толькі культуры, а дакладней — рэлігійнаму жыццю. Неяк практычна выпала ў аўтараў становішча татар у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак ХХ ст.). Яны засяродзілі сваю ўвагу толькі на ўдзеле татар у палітычных падзеях краю. І гэта нягледзячы на існаванне кніг С.Крычынскага, Я.Тышкевіча, кніг і артыкулаў Т.Байрашкаўскайтэ, калектыўнай працы «Канфесіі на Беларусі», шэрагу цікавых артыкулаў у зборніках на пяці навуковых канферэнцыях, прысвечаных гісторыі татарскага народа на Беларусі.

Тым не менш кніга Ібрагіма Канапацкага і Аляксандра Смоліка напісана добра і выклікае цікавасць.

Алена Філатава

Менск

Jones, Siân. The Archaeology of Ethnicity (Мікола Крывальцэвіч)

Чэрвеня 14, 2000 |


Jones, Siân. The Archaeology of Ethnicity. Constructing Identities in the Past and Present. Routledge, London and New York, 1997. 180.

У аснову манаграфіі Ш’ён Джонс пакладзена яе доктарская дысертацыя, абароненая ў 1994 г. ва універсітэце Саўсэмптана. «Мне хочацца, — піша ў прадмове аўтарка, — каб гэтая кніжка была ўнёскам у развіццё новых падыходаў па інтэрпрэтацыі ідэнтычнасцяў мінуўшчыны і новых перспектываў па выкарыстанні мінулага ў пабудове групавых ідэнтычнасцяў сёння». Ш’ён Джонс імкнецца паглыбіць крытыку існуючых тэорый этнічнасці ў гуманітарных навуках, развіваючы адначасова многія тэарэтычныя аспекты інтэрпрэтацыі этнічнасці ў археалогіі. Праблема ўзнаўлення этнічных ідэнтычнасцяў мінулага, скіраваная на археалогію, вымушае да разгляду тэорыі і практыкі ўзаемадачыненняў этнасу і культуры. Супярэчнасці ідэнтыфікацыі тых ці іншых старажытных і сённяшніх этнічных груп у многіх выпадках перакрыжоўваюцца не толькі з сучаснымі палітычнымі запатрабаваннямі, але і вынікаюць з нераспрацаванасці ці застарэласці тэорый этнічнасці[1].

Найперш аўтарка вызначае для чытача сваё разуменне асноўных дэфініцый, якія з’яўляюцца ключавымі ў манаграфіі: этнічная ідэнтычнасць, этнічная група, этнічнасць. Этнічная ідэнтычнасць , піша Ш.Джонс, — ёсць самаўсведамленне асобы, якое ў сваю чаргу вынікае з самаўсведамлення больш шырокай групы асобаў у супрацьпастаў ленні іншым на падставе ўсвядомленай культурнай адметнасці, вылучнасці і/ці агульнасці паходжання. Этнічная група, у такім разе, разглядаецца ёю як група людзей, якая абасабляе сябе і/ці аддзяляе сябе ад іншых людзей, з якімі яны знаходзяцца ва ўзаемадзеянні ці суіснуюць на аснове свайго ўспрымання культурнай адметнасці і/ці агульнага паходжання. Этнічнасцьусе тыя сацыяльныя і псіхалагічныя феномены, якія асацыююцца з культурна акрэсленаю групавою ідэнтычнас цю, як гэта вызначаецца вышэй. Канцэпцыя этнічнасці засяроджвае ўвагу на тых кірунках, дзе сацыяльныя і культурныя працэсы, цягам ідэнтыфікацыі этнічных груп і іх узаемадзеяння, перакрыжоўваюцца адно з адным.

Традыцыйна, — працягвае Ш.Джонс, — ужо ад часоў Рэнесансу, археалагічныя матэрыялы атрыбутуюцца з гістарычна вядомымі народамі. Цікавасць да атаясамлівання з тым ці іншым легендарным народам, а значыць, і цікавасць да археалогіі асабліва ўзраслі ў ХIХ ст., калі хутка распаўсюджвалася ідэалогія нацыяналізму. У ХХ ст. у выніку такой зацікаўленасці сталі фармулявацца метадалагічныя прынцыпы, паводле якіх археалагічныя культуры атаясамліваліся з мінулымі «народамі» ці этнічнымі групамі. Этна-гістарычны метад вядомага нямецкага археолага Густава Касіны засноўваўся на аксіёме: «… ва ўсе перыяды дакладна акрэсленыя арэалы археалагічных культур адпавядаюць вядомым народам ці плямёнам» (1911 г.). Працамі Касіны быў пакладзены пачатак культурна-гістарычнай (culture-history) археалогіі, ідэі якой дагэтуль застаюцца надзвычай распаўсюджанымі ў Еўропе. Ад пачатку ХХ ст. вылучэнне культурных арэалаў становіцца, бадай, асноўным кірункам у еўрапейскай археалогіі.

Культурна-гістарычная археалогія засноўваецца на адпаведнай канцэпцыі культуры, згодна з якой пэўная група людзей супольна выкарыстоўвае тую ці іншую культуру і мае схільнасць да сходных нормаў і правілаў паводзінаў. Паступовыя змены, якія адбываюцца ў культуры — кансерватыўна замкнёнай і тэрытарыяльна абмежаванай структуры, тлумачацца павольнымі зрухамі культурных нормаў унутры групы, у той час як нечаканыя і шырокамаштабныя змены тлумачацца вонкавымі ўплывамі, міграцыямі, захопамі і г.д.

У англа-амерыканскай археалогіі адначасова з сканчэннем культурна-гістарычнай археалогіі як дамінавальнага падыходу пачала развівацца працэсуальная, ці новая археалогія , якая шмат увагі аддавала вытлумачэнню сацыяльных працэсаў і культурнай эвалюцыі, найперш з пазіцый функцыяналізму. Цяпер археолагаў пачало цікавіць не столькі апісанне фактаў дагісторыі, але і прычыны таго, чаму тыя ці іншыя падзеі адбываліся. Культура стала разглядацца як інтэграваная сістэма, якая складалася з розных функцыянавальных падсістэм. «Новыя археолагі» сканцэнтравалі ўвагу на функцыянальным і працэсуальным аналізе мінулых сацыяльна-культурных сістэм, тым самым робячы неактуальнымі этнічныя інтэрпрэтацыі. Этнічнасць станавілася аспектам сацыяльных працэсаў, а ў некаторых выпадках другасным кампанентам у сацыяльнай сістэме. Для многіх «новых археолагаў» праблема этнічнасці стала асацыявацца з старамоднымі і нават рэакцыйнымі культурна-гістарыч нымі канцэпцыямі.

Пазней сталі з’яўляцца найноўшыя працы, дзе разглядаліся ўзаемадачыненні паміж матэрыяльнай культурай і этнічным усведамлен нем. Напрыклад, Ян Годэр на падставе этна-археалагічных даследаванняў пераконваў (1982), што рэдка сустракаецца адпаведнасць паміж культурным падабенствам і этнічнымі групамі. Толькі некаторыя элементы матэрыяльнай культуры могуць адпавядаць пэўным не вельмі выразным этнічным межам, у той час як іншыя матэрыяльныя формы і стылі могуць пераходзіць межы групаў. Іншымі даследчыкамі паказвалася таксама, што ў асобных выпадках этнічнасць выконвала вялікую ролю ў структураванні эканомікі і палітычных ўзаемадачыненнях.

У традыцыйнай археалогіі варыянтнасць матэрыяльнай культуры звычайна разглядаецца у плоскасці культурных і этнічных узаемаадносінаў. Многія археолагі дагэтуль у разнастайнасці матэрыяльных комплексаў бачаць толькі прысутнасць розных этнічных груп або вытлумачваюць існаваннем комплексаў у розныя перыяды, у той час як тоеснасць артэфактаў, тыпаў вельмі часта адназначна разглядаецца доказам падабенства груп людзей, якія жылі толькі ў пэўны храналагічны перыяд. Аднак такая адналінейная інтэрпрэтацыя можа мець многа іншых альтэрнатываў. Ш.Джонс паказвае гэта на прыкладзе традыцыйнага разгляду так званай «раманізацыі» — працэсу падпарадкавання рымлянамі паўночна-заходняй Еўропы і Брытаніі паміж 100 г. да н.э. і 200 г. н.э. Побач з найбольш распаўсюджанай канцэпцыяй інкарпарацыі і наступнай акультурацыі — г.зн. паказу зменаў праз атаясамліванне культуры і этнасу ў кантэксце культурна-гістарычнай археалогіі — развіваюцца іншыя даследчыцкія стратэгіі, скіраваныя на эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае вымярэнне «раманізацыі» , адзначэнне патэнцыяль най розніцы сацыяльна-культурных сістэм народаў, якія былі ахоплены раманізацыяй у розныя часы. Аўтарка развівае адно са сваіх вытлумачэнняў у кантэксце сацыяльнага падзелу грамадства (кантэкстаў можа быць бясконцае мноства, што безумоўна памножыць спектр тых ці іншых вытлумачэнняў). У познім жалезным веку грамадства характарызавала ся ерархічнай ranking-сістэмай, заснаванай на суперніцтве і жорсткасці адносінаў. Рымляне найперш паступова пашыралі свой удзел у жыцці мясцовай эліты, адаптуючы свой стыль культуры і жыцця, пазбягаючы, такім чынам, татальнага ваеннага і адміністрацыйнага ўварвання. У сістэме мясцовай ерархіі пазіцыя мясцовай эліты ўзрастала, рымская культура станавілася фокусам існуючай практыкі суперніцтва. Паводзіны эліты пераймаліся іншымі стратамі грамадства, што можа атаясамлівацца з працэсам «раманізацыі».

Разглядаючы тэорыі этнічнай ідэнтыфікацыі, аўтарка ўважліва прасочвае этапы развіцця канцэпцый класіфікацыі людскіх супольнасцяў у гуманітарных навуках. Праз ХIХ ст., падсумоўвае яна, канцэптуальна ў якасці сіноніма для нацыянальных, культурных, лінгвістычных груп выкарыстоўвалася паняцце «раса». Вытлумачэнне культурных, сацыяльных і маральных адрозненняў засноўвалася найчасцей спадчыннасцю. У пачатку ХХ ст. пры класіфікацыі народаў назіраецца зрушванне акцэнтаў ад расавай канцэпцыі да культурнай. З культурай ці цывілізацыяй пачынаюць атаясамліваць універсальны працэс развіцця (ад ніжэйшай да вышэйшай стадыі), які ўключае веды, права, мастацтва, мараль, звычаі і г.д. Культурніцкі падыход пачынае фармаваццца ў археалогіі. У археалагічнай тэорыі і практыцы развіваюцца ідэі гамагеннасці (аднароднасці) культуры. Матэрыяльна-культурніцкія асаблівасці, на думку многіх, адлюстроўвалі ментальнасць тых людзей, якія стваралі культуру. Адсюль, рабіліся высновы, гэтыя нормы павінны быць гамагеннымі ў межах сацыяльна-культурных груп.

У канцы 1960 — 1970-х г. разам са зменамі ў канцэпцыі культуры (дыферэнцыяцыя паняццяў «культура», «грамадства», «племя») пачынае разглядацца феномен этнічнасці. Этнічнасць выкарыстоўваец ца для самаідэнтыфікацыі многіх маладых народаў. Назіраецца тэндэнцыя да сацыяльнай канцэптуалізацыі этнічных груп як груп з пэўнымі эканамічнымі і палітычнымі запатрабаваннямі.

Сістэматызуючы тэарэтычныя падыходы да паняцця этнічнасці, Ш’ён Джонс вылучае некалькі асноўных канцэпцый, якія распрацоўваюцца даследчыкамі ў апошнія два-тры дзесяцігоддзі. Паводле адной з іх, этнічныя групы фармуюцца ў выніку сумеснай культурніц кай дзейнасці і/ці сацыяльна-структурных адносінаў, якія мала залежаць ад суб’ектыўна-індывідуалісцкага ўспрымання. У іншай канцэпцыі, найперш у выніку даследаванняў Ф. Баса, развіваюцца ідэі, паводле якіх этнічная атрыбуцыя ўспрымаецца праз чалавечае ўласнае ўспрыманне і самасцвярджэнне, праз ўласную катэгарызацыю сябе, вызначэнне сябе па паходжанні і вытоках на шляху ідэнтыфікацыі сябе сярод іншых. Пры гэтым культурным адрозненням не належыць дэтэрміноўная роля. Гэта азначае, што няма прамой залежнасці паміж этнічнай групай і культурным падабенствам. Такі падыход становіцца адным з папулярных, у тым ліку пры вырашэнні этна-палітычных праблем.

У апошнія два-тры дзесяцігоддзі шырока распаўсюджваецца канцэпцыя «primordial imperative» («першабытнага імператыву»), паводле якой тая ці іншая ідэнтычнасць набываецца асобаю ад нараджэння. Этнічная ідэнтычнасць, сцвярджаюць яе прыхільнікі, мае свае карані ў самой чалавечай прыродзе і засноўваецца на тым, што даецца ад нараджэння, па роднасных сувязях і «крыві». У гэтым, працягваюць яны, і заключаецца яе больш натуральная і фундаментальная форма ў адрозненні ад іншых сацыяльных формаў ідэнтычнасці. Ацэньваючы «першабытны імператыў», Ш.Джонс адзначае, што такая тэорыя ёсць вынікам рамантызацыі і містыфікацыі этнічнай ідэнтычнасці. Фізічны патэнцыял і вымярэнне такіх сувязяў вытлумачваецца невыразна ці ніяк не вытлумачваецца. Па-за вытлумачэннем, працягвае яна, застаюцца дачыненні «чалавечай прыроды» этнічнасці, а таксама сацыяльны, гістарычны, культурны ды іншыя яе кантэксты.

У сацыяльнай антрапалогіі актыўна развіваецца «instrumental» (інструменталісцкі) тэарытычны падыход, пры распрацоўцы якога асноўную ролю адыгралі працы Ф. Баса (1969) і А.Кохэна (1974). Паводле Ф. Баса, у выніку ўзаемадзеяння паміж чальцамі розных этнічных груп не заўсёды назіраецца змяншэнне культурнай дыферэнцыяцыі (як пры працэсе акультурацыі). Культурная разнастайнасць можа захоўвацца нягледзячы на цесныя міжэтнічныя кантакты. Прысутнасць межаў можа вытлумачвацца часам як адаптацыя да пэўных сацыяльных ці экалагічных нішаў. Незалежныя групы, якія займаюць розныя нішы, могуць набываць розныя формы адаптацыі: займаць тыя самыя тэрыторыі з мінімальнымі прэтэнзіямі на рэсурсы; займаць тыя самыя нішы і быць канкурэнтамі за рэсурсы; займаць розныя, але ўзаемазвязаныя нішы, захоўваючы пры гэтым поўную незалежнасць. Больш за тое, для змяншэння сваіх асабістых страт, у сваіх асабістых эканамічных і палітычных зацікаўленасцях людзі могуць змяняць сваю ідэнтычнасць. Абнэр Кохэн, падсумоўваючы свае даследаванні, сцвярджаў, што этнічная група ёсць калектыўна арганізаваная стратэгія па абароне эканамічных і палітычных інтарэсаў, для чаго выкарыстоўваюцца пэўныя культурныя дасягненні (рытуалы, цырымоніі і г.д.), інакш кажучы, сістэматызуюцца сацыяльныя паводзіны.

Ш.Джонс адзначае, што пры «інструменталісцкім» падыходзе этнічнасць вельмі часта заўважацца толькі ў пэўных сітуацыях. Сутнасць яе звужаецца да праблем мабілізацыі і палітызаванасці культуры ў часе абароны інтарэсаў групы. З другога боку, звядзенне этнічнасці да палітычных і эканамічных узаемаадносінаў прыводзіць да занядбання культурнага і фізіялагічнага яе вымярэнняў. Пры такім падыходзе цяжка адрозніць этнічныя групы ад іншых груп.

Аналізуючы згаданыя канцэпцыі, аўтарка схіляецца да ідэі «шматмернасці этнічнасці», рухаючыся ў сваіх поглядах па шляху да кантэкста вай аналітыкі. Прынамсі, Ш. Джонс звяртаецца да даследаванняў Р. Bourdieu (1977), у прыватнасці, да яго канцэпцыі habitus. Habitus — трывалая схільнасць да пэўнага жыццёвага парадку, звычаяў, якія становяцца часткаю сэнсу кожнага з ранняга ўзросту і могуць пераходзіць ад аднаго кантэксту да другога. Сумесная падсвядомая схільнасць, якая ўзнікае ў рознакультурным асяроддзі, набывае рэальную форму і змест, што пазнаецца па адпаведных пачуццях і зацікаўленасцях, па прыняцці тых ці іншых культурных адрозненняў і падабенстваў. У выніку дзеяння habitus суб’ектыўныя прынцыпы арганізацыі і аб’яднання формаў ведаў, напрыклад, такіх як сістэмы класіфікацыі ў датычнасці да полу і класа, скіроўваюцца на адпаведнасць з абставінамі існавання. Памкненне да habitus узнікае пры пэўных сацыяльных умовах. Пачуццю роднасці спрыяюць: сумесная жыццёвая практыка, агульнасць вопыту, якія фармуюць падобныя жыццёвыя норавы. Утварэнне этнічнай групы засноўваецца на развіцці этнічнага ўсведамлення, якое вылучае «мы» — той, хто валодае верай і перакананнем у сваім адметным вобразе жыцця — ад «вы». Такім чынам этнічнае самаўсведамленне патрабуе пэўнай культурнай практыкі, якая, у сваю чаргу, таксама абумоўлівае разуменне сваёй адметнасці і вымушае да іншых формаў паводзін у апазіцыі да іншых груп. Пры гэтым, як падкрэслівае Ш.Джонс, самаідэнтыфікацыя можа сфармавацца пры цесных культурных ды іншых узаемадачыненнях.

Ш.Джонс піша пра адноснасць этнічнасці, якая не толькі структуруе культурную практыку, але і сама арганізоўваецца ёю. Культурная рэчаіснасць, як і пэўны вобраз ідэнтычнасці, залежыць ад многіх абставін і мае схільнасць да разнастайнасці і пастаянных трансфармацый у прасторы і ў часе. Вельмі рэдка пэўнай этнічнай групе можа адпавядаць нейкая суцэльная культурная прастора. Наадварот, этнічнасць, паводле Ш.Джонс, ёсць «мультыпрасторавы феномен», які зараджаецца рознымі шляхамі і можа ахопліваць прадстаўнікоў розных сацыяльных сфераў і асацыявацца з рознымі культурнымі традыцыямі. Апошнія, зменлівыя ў сваім прасторавым распаўсюджванні, схільныя да пастаяннага рэпрадукавання і трансфармацыі. Сёння этнічныя групы не ёсць дакладна «ўпакаваныя», тэрытарыяльна абмежаваныя і культурна аднародныя аб`яднанні, не былі яны такімі і ў мінулым. Этнічнасць не ёсць унітарны феномен ані ў сучасным грамадстве, ані ў мінулым. Падобна больш на тое, што, як у мінулым, так і ў сучаснасці, яна ствараецца культурнымі рознасцямі зменлівых абрысаў, якія рэпрадукуюцца і пастаянна перацякаюць у варыянты сацыяльных сфераў.

Насуперак тым ідэям, паводле якіх этнічнасць з яўляецца асноўнай сутнасцю людскіх супольнасцяў і працягвае існаваць у часе (што дае магчымасць заглыбіцца ў старажытнасць, каб даведацца пра вытокі таго ці іншага этнасу), Ш.Джонс імкнецца паказаць, што этнічная ідэнтычнасць засноўваецца на пастаяннай зменлівасці, у залежнасці ад тых ці іншых абставінаў, суб’ектыўных вызначэннях сябе і іншых. Самаўсведамленне сваёй адметнасці не можа быць пастаянным, яно бясконца трансфармуецца, рэпрадукуе іншыя ідэнтычнасці. Этнічнасць пазнаецца праз «вычытванне» тых ці іншых канкрэтных кантэкстаў.

Імкнучыся да распрацоўкі тэарэтычных падставаў інтэрпрэтацыі этнічнасці ў археалогіі, Ш.Джонс скіроўвае шмат увагі на праблемы ўзаемадачыненняў этнічнасці і матэрыяльнай культуры. Найперш аўтарка адназначна не прымае ідэі атаясамлівання мінулых культур і народаў, калі абмежаваныя, маналітныя культурныя ўтварэнні («археалагічныя культуры») карэлююцца з мінулымі народамі, этнічнымі групамі, плямёнамі і/ці расамі. У культурна-гістарычнай археалогіі сумненні правільнасці такога атаясамлівання звычайна тычыліся не столькі прынцыпаў інтэрпрэтацыі, колькі дастатковасці ці недастатковасці археалагічных дадзеных і заклікаў да большага заглыблення ў эмпірычныя даследаванні (удасканаленне тыпалагічных распрацовак і г.д.). Аднак толькі ў 1960-х г., з развіццём т.зв. «новай археалогіі», культурна-гістарычная ідэя атаясамлівання археалагічнай культуры і этнасу пачала кардыналь на крытыкавацца. Напрыклад, паводле Л.Р. Бінфарда (1965), культура не заўсёды выкарыстоўваецца супольна, яна падзеленая. Культура, працягваў ён, ёсць такая сістэма, праз якую адбываецца інтэграцыя розных асобаў і сацыяльных груп з рознымі задачамі. Гэтыя асобы і сацыяльныя групы праз разнастайныя інстытуты звязваюцца ў больш шырокія аб’яднанні, якія, у сваю чаргу, маюць розныя ўзроўні карпаратыў насці. Такім чынам, паводле «новых археолагаў», аналіз структуры археалагічнага матэрыялу ў кірунку яго функцыянальнага прызначэння дазваляў вылучыць розныя сацыяльныя сістэмы. Функцыянальная варыянтнасць археалагічных комплексаў у такім разе не магла інтэрпрэтавацца толькі як этнічная адметнасць, яна найчасцей бачылася як адаптацыйны механізм. Паводле шэрагу археолагаў культура хутчэй шматварыянтны, чым адварыянтны аднародны феномен. Аўтарка нагадвае высновы С. Шэнана (1989), з якіх вынікае, што няма цэласных арганізмаў кшталту «культура», сутнасць яе заключаецца ў шматабліч насці, яна бачыцца кангламератам узаемасувязяў рознага прадстаўніц тва, рэпрэзентаванага рознымі фактарамі.

Услед за прадстаўнікамі пост-працэсуальнай археалогіі Ш.Джонс аспрэчвае не толькі традыцыйнае разуменне, згодна з якім матэрыяльная культура толькі адлюстроўвае сацыяльныя нормы, але і не пагаджаецца з функцыяналісцкай канцэптуалізацыяй культуры бальшыні «новых археолагаў», адным з вынікаў якой з’яўляецца бачанне культуры ў якасці «эпіфенаменальнага адаптацыйнага механізму». Ш.Джонс абараняе ідэю шматзначнасці матэрыяльнай культуры. Значэнне культуры можа варыяваць у залежнасці ад часу, пэўных падзей сацыяльнай гісторыі і сацыяльных фактараў і непасрэдна ад таго кантэксту, у якім тая ці іншая культурная з’ява разглядаецца. Больш за тое, матэрыяльная культура не ёсць простае змесцішча сабраных значэнняў, якія ўпісваюцца ў яе вытворцам, яна ёсць чыннік розных сацыяльных кантэкстаў, яна выконвае актыўную ролю ў структураванні культурнай практыкі ўвогуле. Гэта азначае, што матэрыяльная культура не можа быць разгледжаная ў якасці пасіўнага адлюстравальніка, яна ёсць актыўная ў працэсах сацыяльнага рэпрадукавання і трансфармацыі. Культура паказвае сябе па-рознаму ў розных кантэкстах. Аўтарка спыняецца на тым, што археолагам неабходна адаптаваць кантэкставы і гістарычны падыходы да аналізу археалагічнага матэрыялу ў сваёй спробе зразумець сацыяльную практыку і сацыяльныя адносіны, а не спыняцца толькі на структуры і змесце матэрыяльнай культуры.

Адсюль вынікае, што Ш.Джонс развівае свае тэарэтычныя разважанні такім чынам, што яны выступаюць альтэрнатывай не толькі для прыхільнікаў поўнага адмаўлення этнічнасці як прадмета археалагічнага даследавання, але і для функцыянісцкіх даследаванняў этнічнасці, у якіх культура прыніжаецца да другаснай ролі.

Толькі цяпер, піша Ш.Джонс, на працягу 1980—1990-х г. спосабы канструявання супольнасцяў у археалогіі сталі прадметам сур’ёзнага аналізу і крытыкі, найперш у кантэксце сацыяльнай палітыкі, ў якасці рэагавання на інтэнсіфікацыю этнічных і нацыянальных пачуццяў. Высвятленню прыроды археалогіі як сучаснай практыкі, паводле якой яна ўцягваецца ў канструяванне культурных ідэнтычнасцяў, сацыяльны і ідэалагічны рух і г.д., прысвячаюць шмат увагі пост-працэсуаль ныя археолагі. У сувязі з гэтым аўтарка спасылаецца на Б.Дж.Трыгера, які піша пра існаванне «нацыяналістычнай археалогіі», маючы на ўвазе тую археалогію, якая ў многіх сваіх аспектах спалучаецца з нацыяналі змам, што істотна ўплывае на фармаванне калектыўнай ідэнтычнасці. Археалогію, у аснове якой ляжаць ідэі экспансіянізму, Трыгер называе «імперыялістычнай археалогіяй». Ён вылучае таксама «каланіяльную археалогію», якая можа развівацца там, дзе ўлада належыць не мясцовым народам, а каланізатарам. Звычайна апошнія разглядаюць абарыгенную дагісторыю перыядам даўно мінулых часоў, у сувязі з гэтым, маўляў, яна не мае сувязі з сённяшнім днём, а таму губляе актуальнасць.

Многія з археолагаў, звяртаючы шмат увагі на сацыяльную ролю гуманістычных навук, падкрэсліваюць мабілізоўную ролю археалогіі ў працэсе нацыянальнага будаўніцтва, посткаланіянальнай рэгенерацыі, вызвольнага руху і г.д. На такое «чытанне» мінулага знаходзіцца многа крытыкаў, якія спрабуюць дэклараваць замест гэтага «аб’ектыўную інтэрпрэтацыю мінулага», г.зн. незалежна ад палітычных рэалій, выстаўляючы археалогію ў якасці адмысловага арбітра ў спрэчках. Іншыя ў гэтай сувязі дадаюць, што археалагічныя факты павінны быць нейтральнымі, археолаг павінен стаяць збоку, пакуль іншыя высвятляюць свае палітычныя мэты. Аспрэчвацца, маўляў, павінны толькі дакладнасць атрыманых фактаў і дакладнасць інтэрпрэтацый, якія вынікаюць з атрыманых фактаў.

З гэтай нагоды для Ш.Джонс праблема заключаецца ў тым, што археалогія ў якасці адной з гуманітарных навук павінна быць сацыяльна вартаснай навукай, у дадзеным выпадку археалагічны досвед павінен быць выкарыстаны для вытлумачэння сучасных этнічных ідэнтыфікацый. Але ў тым выглядзе, у якім традыцыйная археалогія праводзіла і працягвае праводзіць этнічную ідэнтыфікацыю, існуе мноства заганаў, у тым ліку і сацыяльных. Адзін з трывожных наступстваў існуючай практыкі — замацаванне «музейнага вобраза» за мясцовым абарыгенным насельніцтвам, якое, маўляў, павінна развівацца ў рамках традыцый і аўтэнтыкі, змены якіх бачацца нічым іншым, як апаганьваннем і згубаю ідэнтычнасці.

Манаграфія Ш’ён Джонс — адно з рэдкіх даследаванняў па тэорыі этнічнасці ў археалогіі за апошнія дзесяцігоддзі. Унікальнасць і актуальнасць гэтай працы ўжо адзначалася ў еўрапейскай навуковай перыёдыцы. Прынамсі, у сваёй рэцэнзіі на згаданую манаграфію Бёрнар Ольсэн[2] падсумоўваў, што кніжка з’яўляецца «…добрым унёскам у археалагічныя і антрапалагічныя распрацоўкі па этнічнасці і культурнай ідэнтыфікацыі. Яна шчыра мае быць прапанаваная, а таксама заслугоўвае шырокай чытацкай аўдыторыі ўласна па-за археалагічным навуковым колам»[3].

Мікола Крывальцэвіч

Менск


[1] Гл., напр.: Крывальцэвіч М. Археалогія і палітыка // Шуфляда. №1. 1999. С. 33—54. Тамсама бібліяграфія па згаданай праблеме.
[2] Bjønar Olsen. Siân Jones: The Archaeology of Ethnicity. Constructing Identities in the Past and Present. Routledge, London & New York, 1997 // Norwegian Archaeological Review. Vol. 32. №2. 1999. Р. 115—117.
[3] Ibidem. Р. 117.

Наверх

Тарасаў, Сяргей В. Полацк IX—XVII ст. (Васіль Варонін)

Чэрвеня 13, 2000 |


Тарасаў, Сяргей В. Полацк IX—XVII ст.: Гісторыя і тапаграфія. Мінск: Беларуская навука, 1998. 183. іл.

Полацк з яго найбагацейшым мінулым і выбітнай роляй у станаўленні беларускага этнасу і дзяржаўнасці, здавалася б, мусіў стаць адным з цэнтральных аб’ектаў вывучэння айчыннай медыявістыкі. Аднак, на вялікі жаль, беларуская гістарыяграфія налічвае толькі некалькі манаграфій і досыць нешматлікія артыкулы па названым горадзе і яго рэгіёне. Прычым унёсак гісторыкаў у гэтую важную працу вельмі сціплы. Аўтарамі большай часткі работ з’яўляюцца археолагі. Пачынаючы з 60-х г., калі пабачыла свет славутая кніга Л. Аляксеева, іх манаграфіі, прысвечаныя Полацку і Полацкай зямлі, выходзяць з перыядычнасцю ў сярэднім адна на дзесяць гадоў. Праца С. Тарасава стала, такім чынам, своеасаблівым падагульненнем археалагічнага і ў значнай ступені ўвогуле гістарычнага вывучэння горада Полацка за 90-я г. У гэтай рэцэнзіі асноўная ўвага будзе аддадзена менавіта гістарычнай частцы даследавання.

Манаграфія складаецца з уводзінаў, 4 раздзелаў («Агляд крыніц і даследаванняў», «Культурны слой Полацка як гістарычная крыніца», «Архітэктурна-планіровачная структура Полацка» і «Дэмаграфічная структура Полацка IX—XVII ст.»), заключэння, а таксама аб’ёмнага дадатку ў выглядзе 71 малюнка і 9 табліц.

У аснову працы пакладзена салідная база гістарычных крыніц: археалагічных і пісьмовых. Прычым многія археалагічныя матэрыялы з’яўляюцца вынікам шматгадовых раскопак самога аўтара і ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак. Праведзеныя археалагічныя пошукі дазволілі даследчыку распрацаваць уласную перыядызацыю галоўных этапаў гістарычна-тапаграфічнага развіцця горада Полацка ад самага ранняга этапа яго існавання і да канца XVII ст. Асабліва важнымі і цікавымі падаюцца наступныя факты, меркаванні і высновы, якія былі выяўлены ці выказаны аўтарам.

Першапачатковае гарадзішча знаходзілася на левым беразе Палаты, поруч з ім — паселішча-пасад, якое большай часткай таксама размяшчалася на левым беразе Палаты. Згодна з думкай даследчыка, агульная іх плошча складала больш як 8 га: каля 1 га — гарадзішча і прыкладна 7 га — селішча. Месцазнаходжане і плошча апошняга выяўлены С. Тарасавым упершыню. Ён схільны датаваць перанос умацаванага дзядзінца на тэрыторыю пазнейшага Верхняга замка 3-й чвэрцю XI ст., у чым вядзе палеміку з Л. Аляксеевым і Г. Штыхавым, якія прапаноўвалі крыху іншую храналогію: адпаведна мяжу X—XI ст. і канец XI ст. Вялікі інтарэс уяўляе адкрыццё ўчастка пасадскай абарончай сцяны на тэрыторыі колішняга Вялікага пасада. Даследчык вызначыў, што гэта была каменна-драўляная канструкцыя, і датаваў яе XI ст. Выдатны вынік даў дэндрахраналагічны аналіз аднаго з падпорных слупоў драўляных канструкцый абарончых збудаванняў Верхняга замка: высветлілася, што дрэва было высечана ў 1363 г. Гэты факт дае магчымасць скласці больш поўнае ўяўленне пра дзейнасць апошняга полацкага князя — Андрэя Альгердавіча (1348—1387). Вельмі пераканаўча аўтару ўдалося давесці, што Ніжні замак быў пабудаваны толькі пасля ўзяцця Полацка войскамі Івана Жахлівага, а менавіта ў 1563—1564 г. Пры гэтым, на яго думку, было пракапана новае рэчышча Палаты, у выніку чаго першапачатковае гарадзішча было аддзелена ад сінхроннага селішча і аказалася ўжо на правым беразе названай ракі. Аўтар упершыню зрабіў спробу выявіць абарончыя збудаванні Запалоцця, узвядзенне якіх ён датаваў XIII — пачаткам XIV ст.

С. Тарасаў прапанаваў уласны погляд на дынаміку тэрытарыяль нага росту Полацка за ўвесь вывучаемы перыяд і яе лічбавыя характарыстыкі. Ён прасачыў змяненні ў колькасці гарадскога насельніцтва, выканаўшы арыгінальныя падлікі, якія грунтуюцца на археалагічных дадзеных. Сярод шматлікіх іншых значных знаходак варта вылучыць адкрыццё і даследаванне сядзібы залатара сярэдзіны XII — пачатку XIII ст. на Вялікім пасадзе.

Аднак разам з адзначанымі несумненна станоўчымі бакамі і дасягненнямі хацелася б звярнуць увагу на шэраг хібаў манаграфіі, а таксама прапанаваць некаторыя дапаўненні і ўдакладненні да яе.

Некалькі разоў (с. 25, 27, 28) аўтар ужыў выраз «часоў Полацкай зямлі». Незразумела, як яго належыць інтэрпрэтаваць храналагічна. Тэрміналагічныя і сэнсавыя прэтэнзіі могуць быць высунуты і да такога, напрыклад, выказвання: «У часы Руска-Польскай вайны 1654—1667 г. горад неаднаразова пераходзіў з рук у рукі» (4). Па-першае, падзеі 1654—1667 г. больш дакладна было б называць вайной Расіі з Рэччу Паспалітай. А па-другое, ніякіх шматлікіх пераходаў Полацка ад адной дзяржавы да другой не было: ён быў узяты расійскімі войскамі летам 1654 г., вернуты ж Рэчы Паспалітай згодна з умовамі Андрусаўскага перамір’я ў 1667 г. Не зусім зразумела таксама, што меў на ўвазе даследчык, калі пісаў пра «шматлікія гандлёвыя дагаварныя граматы Полацка з Рыгаю, Смаленскам» (4). Да гэтага часу ніводны гандлёвы дагавор Полацка са Смаленскам не выяўлены.

У першым параграфе першай главы пададзены даволі падрабязны пералік пісьмовых крыніц па тэме даследавання і прааналіза ваныя іх магчымасці. У цэлым ён ахоплівае асноўнае кола крыніц, але не пазбаўлены некаторых недакладнасцяў і пропускаў. Напрыклад, сцвярджаецца (7), быццам полацкая рэвізія 1552 г. захавалася ў складзе Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. На сённяшні дзень рэвізія вядомая ў дзвюх копіях, аднак ніводную з іх немагчыма знайсці ў кнігах Метрыкі.

Істотным дапаўненнем крыніцавай базы даследавання стала б прапрацоўка такой важнай крыніцы па гісторыі Полаччыны, як расійскія пісцовыя кнігі эпохі Інфлянцкай вайны. Яны ўтрымліваюць у асноўным апісанні сельскай мясцовасці і граніц Полацкага, а таксама часткова Віцебскага ваяводстваў, таму практычна не выкарыстоўва юцца пры вывучэнні гарадоў — у прыватнасці, Полацка. Пісцовыя кнігі захаваліся ў складзе Метрыкі ВКЛ як 566-я і 573-я кнігі (былыя 9-я і 16-я кнігі перапісаў). Яны публікаваліся: 566-я — цалкам, а 573-я — большай часткай[1] . 573-я кніга складаецца з 394 аркушаў. У публікацыі 1877 г. указана, што аркушы 143—394, г. зн. другая палова кнігі, надрукаваныя поўнасцю[2]. Аднак насамрэч апублікаваныя былі толькі аркушы 143-372. Такім чынам, аказаліся прапушчанымі 20 апошніх аркушаў кнігі. Пры іх праглядзе высветлілася, што аркушы 378—383адв. утрымліваюць надзвычай цікавыя звесткі 1570—1571 г. па тапаграфіі горада Полацка і яго блізкіх ваколіц. Напрыклад, згаданыя курганы «на гореломъ посаде»[3] — аб’ект, які вельмі цікавіць аўтара манаграфіі (11).

Вялікая ўвага цалкам правамерна аддадзена гістарычна-картаг рафічным дакументам. Іх крыніцазнаўчы аналіз у цэлым удалы, а пералік — поўны. Варта толькі дадаць, што, апрача расійскіх планаў горада Полацка 1779, 1786, 1793 г. і яшчэ двух дакладна не датаваных апошняй трэці XVIII ст. (дадатак, мал. 4—9), якія захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным архіве Ваенна-марскога флота (97), пэўную цікавасць можа ўяўляць і план Полацка 1785 г., што зберагаецца ў Аддзеле картаграфіі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі пад сігнатурай Ко 5/VII — 37.

Патрабуе ўдакладнення лічба гарадскіх пасадаў Полацка ў эпоху яго найбольшага росквіту. Згодна з думкай даследчыка, іх было 6: Вялікі, Запалоцкі, Востраўскі, Крыўцоў, Слабадскі, Экіманскі (24). Сапраўды, напрыклад, такая важная крыніца, як полацкая рэвізія 1552 г., згадвае ўсе 6 названых пасадаў. Аднак чамусьці падрабязна апісвае толькі 5 з іх — усе, апрача Крыўцова.[4] Гэты пасад фігуруе ў рэвізіі толькі ў двух выпадках[5]. Пры апісанні Востраўскага пасада рэвізія адзначае: «В том … посаде на земли земянина полоцкого Василя Картеня мещан трыдцат(ь), которых позем под имем его описан»[6]. Калі ж звярнуцца да пераліку ўладанняў полацкага шляхціца Васіля Карценя, які ўтрымлівае тая самая крыніца, дык высвятляецца, што «в Крывцове посаде на его земли мещан трыдцать, которые з местом тягнуть, а ему позма з них две копе и сорокъ осмъ гр(о)шей прыходить»[7]. Відавочна, што ў абодвух цытаваных фрагментах гаворка ідзе пра тых самых мяшчан, а Востраўскі і Крыўцоў — гэта назвы таго самага пасада. Такім чынам, «места Полацкае» складалася з Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага (ці Крыўцова), Экіманскага і Слабадскога пасадаў.

Супярэчліва трактуецца роля Задзвіння ў тэрытарыяльным і гаспадарчым развіцці Полацка. У адным выпадку (95) са спасылкай на рэвізію 1552 г. сцвярджаецца, быццам к сярэдзіне XVI ст. задзвінскія пасады ўжо былі паўнапраўнай гарадской тэрыторыяй. У другім жа (38) са спасылкай на тую самую крыніцу робіцца выснова, што іх можна разглядаць у такой якасці толькі з мяжы XVI—XVII ст., якая падаецца даволі рызыкоўнай — асабліва ў сувязі з вельмі слабой археалагічнай даследаванасцю Задзвіння (30). Небясспрэчным з’яўляецца вывад пра тое, што ў XIV—XVI ст. развіццё горада ў яго левабярэжнай частцы не мела вялікай перспектывы (95). Калі для XIV—XV ст. гэта, магчыма, і слушна, дык для 1-й паловы XVI ст. — наўрад ці. 1-я палова XVI ст. была эпохай амаль што безупынных войнаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім. Пад час гэтых войнаў Полацк быў аб’ектам надзвычай частых нападаў рускіх армій. У самым неспрыяльным становішчы апынулася правабярэжная частка горада: замак, Вялікі і Запалоцкі пасады. Менавіта яны найбольш цярпелі ад аблог і штурмаў варожых войскаў. У гэтай сітуацыі перасяленне мяшчан за Дзвіну, праз якую рускія войскі пераходзілі даволі рэдка, у значнай ступені вырашала праблему бяспекі гарадскіх жыхароў, што і стала галоўнай прычынай прыкметных маштабаў іх перасялення. У сувязі з гэтым хуткі рост і развіццё задзвінскіх пасадаў Полацка, прынамсі ў 1-й палове XVI ст., мелі пэўную перспектыву.

Патрабуе ўдакладнення ці перагляду лакалізацыя і датаванне існавання шэрагу будынкаў і іншых тапаграфічных аб’ектаў. Так, можна пагадзіцца з меркаваннем аб месцазнаходжанні полацкай ратушы на Вялікім пасадзе, аднак прывязваць яе пабудову да 1498 г. (72) — памылкова. Сапраўды, прывілей вялікага князя літоўскага Аляксандра Полацку на магдэбургскае права ўтрымлівае дазвол на ўзвядзенне ратушы. Аднак сам па сабе дазвол яшчэ не значыць, што будынак ратушы з’явіўся ў гэтым годзе. Захаваўся дакумент[8], з якога вынікае, што полацкія мяшчане набылі пляц пад ратушу толькі ў 1538 г. ці крыху раней.

Слушнае сцвярджэнне наконт прыбыцця каталіцкіх манахаў-бернардынаў у Полацк у 1498 г. спалучаецца з памылковай версіяй першапачатковага месцазнаходжання бернардынскага кляштара ў Задзвінні (82). Трэба зазначыць, што гэта даволі распаўсюджаная памылка[9]. Прывілей вялікага князя Аляксандра, паводле якога бернардынам дазвалялася пасяліцца ў Полацку, апісвае падараваны ім участак горада наступным чынам: ён ляжыць «пад замкам … уздоўж ракі Палаты, пачынаючы ад ракі Палаты каля шырокага моста і трымаючыся паабапал дарогі ці гасцінца, які вядзе ад замка да царквы Святога Духа, і зноў даходзячы да вышэйзгаданай ракі Палаты, разам з … лугам, размешчаным там жа»[10]. Гэты ўрывак цікавы з пункту гледжання вызначэння месцазнаходжання цэлага шэрагу тапаграфічных аб’ектаў горада Полацка. Што ж датычыцца лакалізацыі бернардын скага кляштара, дык ён дазваляе змясціць яго на абодвух берагах Палаты: як на Вялікім, так і на Запалоцкім пасадах. Аднак выкарыстанне дадатковай крыніцы дае магчымасць больш дакладнай лакалізацыі. Полацкая рэвізія 1552 г. паведамляе, што на землях царквы Святога Духа жылі чацвёра мяшчан, а на зямлі бернардынскага кляштара — адзін. Гэтыя мяшчане пералічаныя сярод жыхароў Запалоцкага пасада[11]. Таму месцазнаходжанне і бернардынскага кляштара, і Святадухаўскай царквы ў Запалоцці не выклікае сумненняў. Згодна з хронікай М. Стрыйкоўскага, пасля ўзяцця Полацка войскамі Івана Жахлівага ў 1563 г. манахі-бернардыны былі перабітыя. Верагодней за ўсё, тады ж быў разбураны і іх кляштар. Бернардыны зноў былі паселены ў Полацку — на гэты раз у Задзвінні — толькі напрыканцы XVII ст. тутэйшым ваяводам Дамінікам Служкам. Тут яны і ўзвялі спачатку драўляныя, а потым і мураваныя будынкі свайго новага кляштара, якія часткова дайшлі да нашага часу.

Можа мець іншае вырашэнне і праблема месцазнаходжання манастыра Святога Міхаіла на Гарадцы. Згодна з думкай аўтара манаграфіі, ён стаяў на правым беразе Палаты, недалёка ад Запалоцця, на асвейскай дарозе (79, 82). Галоўным аргументам на карысць гэтага дапушчэння стаў факт наяўнасці ў гэтым раёне ў XVIII — на пачатку XX ст. Міхайлаўскіх могілак. Аднак гэтая акалічнасць яшчэ не з’яўляецца дастатковым доказам існавання тут аднайменнага манастыра. Пісьмовыя крыніцы даюць матэрыял і для іншай яго лакалізацыі. У апісанні зямельных уладанняў Міхайлаўскага Гарадзецкага манастыра, якое ўтрымлівае рэвізія 1552 г., адзначана: «пры том манастыру село Улазовичы»[12]. У пераважнай большасці выпадкаў, звязаных з апісаннем маёнткаў, рэвізія ўжывае стандартны выраз «к тому (напрыклад, манастыру)». Ён азначае, што тое ці іншае паселішча належыць таму ці іншаму землеўладальніку ці, як тады казалі, «цягне» да яго. Выраз жа «пры том манастыру» належыць разумець па-іншаму — а менавіта літаральна, у тым сэнсе, што манастыр знаходзіўся недзе ў непасрэднай блізкасці ад названага населенага пункта. У XVI ст. вёска Ўлазавічы ляжала на ўсходнім ускрайку Полацкага ваяводства. Паводле сучаснага тэрытарыяльна-адміністрацыйнага падзелу яна ўваходзіць у склад Каўлякоўскага сельсавета Бешанкавіцкага раёна Віцебскай вобласці. Такім чынам, не выключана, што полацкі праваслаўны манастыр Святога Міхаіла на Гарадцы знаходзіўся ў ваколіцах вёскі Ўлазавічы. Канчатковы ж адказ на пастаўленае пытанне маглі б даць археалагічныя пошукі.

Увогуле, даволі рызыкоўнай выглядае спроба даследчыка вызначыць дакладную лічбу полацкіх цэркваў і манастыроў. На яго думку, на працягу XI—XVII ст. у горадзе існавала адначасова ад 1—2 да 18 цэркваў, а ў XV—XVIII ст. — 12 манастыроў (84, 95, 171—176). Аднак у адной толькі полацкай рэвізіі можна знайсці згадкі пра істотна большую колькасць цэркваў:

Цэрквы горада Полацка паводле дадзеных рэвізіі 1552 г.

Назва Старонкі Месцазнаходжанне
Афанасаўская 15,22* Вялікі пасад
Багаслоўская 6, 22 Вялікі пасад
Багаяўленская 21 Вялікі пасад
Благавешчанская «в месте» 21, 176 Вялікі пасад
Св. Васіля «в месте» 176 адзін з пасадаў
Св. Дзмітрыя «в замку» 175 замак
Св. Духа 24 Запалоцкі пасад
Екіманская 22, 26 Экіманскі пасад
Ільінская 21 Вялікі пасад
Св. Міколы «з места» 9, 22, 25 адзін з пасадаў
Св. Міколы «дворная… в замку» 174 замак
Св. Міколы «другая …в замку на Полупете» 5, 174 замак
Міхайлаўская 21 Вялікі пасад
Пакроўская 25 Запалоцкі пасад
Прачысценская 21, 26 Вялікі ці Экіманскі пасад
Пятніцкая «в месте» 22, 178 Вялікі пасад
Ражства Хрыстова «в месте» 21, 175 Вялікі пасад
Сафійскі сабор і два яго прыдзелы: 21, 25, 136, 143,144, 161, 174 замак
1. Траецкі 5, 21, 174 замак
2. Усіх Святых 174 замак
Стрэчання Хрыстова «в замку» 21, 174 замак
Узнясення Хрыстова «в месте» 9, 21, 176 Вялікі пасад
Юр’еўская 22 Вялікі пасад

* Нумары старонак указаныя паводле выдання 1905 г.

Такім чынам, на 1552 г. у Полацку налічвалася найменш 21 праваслаўная царква. Прычым гэта менавіта мінімальная колькасць. Рэвізоры не ставілі перад сабой задачу перапісаць усе гарадскія храмы. Цэрквы (як, дарэчы, і манастыры) цікавілі іх як землеўладальнікі. У сувязі з гэтым пераважная іх большасць і патрапіла ў рэвізію: тут пералічаны іх землі, а таксама сяляне і мяшчане, якія на тых землях жылі. Аднак шэраг цэркваў — відавочна, найбяднейшых — згадваецца ў рэвізіі мімаходзь, між іншым, і можна толькі здагадвацца пра тое, колькі такіх цэркавак увогуле не адлюстравалі пісьмовыя крыніцы. Таму ў рэчаіснасці цэркваў у Полацку было не васемнаццаць і не дваццаць адна, а больш. І, відаць, значна больш — асабліва калі ўлічыць шматлюднасць насельніцтва Полацка. Згодна з падлікамі самога С. Тарасава, на сярэдзіну XVI ст. яно складала прыблізна 34 662 чалавекі (91).

Нарэшце, нельга не звярнуць увагі на шэраг крыўдных абдрукаў у тэксце манаграфіі. Так, на с. 4 можна даведацца пра тое, што Полацк атрымаў магдэбургскае права ў 1490 г. (трэба 1498), а на с. 17 — што горад быў узяты войскамі Івана Жахлівага ў 1536 г. (1563).

Тым не менш, нягледзячы на выказаныя заўвагі, кніга С. Тарасава стала ў цэлым удалай спробай вырашэння пастаўленай праблемы. Выкананая на высокім навуковым узроўні, яна робіць значны ўнёсак у даследаванне археалогіі і гісторыі Полацка і адначасова пазначае шэраг важных кірункаў іх далейшага вывучэння.

Васіль Варонін

Менск


[1] Найбольш поўнае выданне: Писцовые книги Московского государства. Ч. 1. Отд. 2. С-Петербург., 1877. С. 421-566.
[2] Тамсама. С. 462.
[3] Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 389. Воп. 1. Адз. зах. 573. Арк. 382адв.
[4] Полоцкая ревизия 1552 года (далей — ПР 1552 г). М., 1905. С. 15-27.
[5] Тамсама. С. 2, 148.
[6] Тамсама. С. 26.
[7] Тамсама. С. 148.
[8] Беларускі архіў. Т. 2. Менск, 1928. С. 274-275.
[9] Гл., напр.: Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 397.
[10] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileсskiej. Kraków, 1948. S. 538.
[11] ПР 1552 г. С. 24, 25.
[12] Тамсама. С. 171.

Наверх

Łowmiański, Henryk. Polityka Jagiellonów (Андрэй Янушкевіч)

Чэрвеня 12, 2000 |

Łowmiański Henryk. Polityka Jagiellonów. Poznań, 1999. 673.

Хтосьці з даследчыкаў заўважыў, што ў творчасці Генрыка Лаўмяньскага існуе выразная „белая пляма” — пад час нямецкае акупацыі. „Час маўчання” ў першай палове 40-х г. прыводзіў да думкі, што пераход ад вывучэння гісторыі ВКЛ да вывучэння польскага ранняга Сярэднявечча не меў творчай узаемасувязі і быў выкліканы толькі вонкавымі абставінамі, у першую чаргу пераездам з Вільні ў Познань. 40-я гады здаюцца ўвогуле выкрасленымі з навукова-творчай дзейнасці гэтага выбітнага гісторыка — знакавай постаці ў польскай гістарыяграфіі XX ст.

Аднак, як паказваюць апошнія (на жаль, пасмяротныя) выданні неапублікаванай спадчыны вучонага, гэта зусім не так. Пад час акупацыі ім была давершана такая важная і актуальная нават і для сённяшняй гістарычнай навукі (дый не пераўзыдзеная ёю) праца, як „Насельніцтва Літоўскай дзяржавы ў XVI ст.” („Zaludnienie państwa litewskiego w XVI wieku”), выдадзеная толькі два гады таму.

Другая значная праца, створаная ў тыя часы (якая так і не пабачыла свету пры жыцці аўтара), — „Палітыка Ягелонаў”. Яна стваралася ў складаных умовах акупацыі, калі аўтар меў доступ толькі да ўласнай бібліятэкі, што відавочна адбілася на якасці кнігі, якая грунтуецца ў асноўным на высновах тагачасных канкрэтна-гістарычных даследаванняў. Кніга таму і не выйшла адразу пасля свайго стварэння, бо аўтар лічыў яе не дапрацава най для друку. Па словах праф. Кшыштафа Пяткевіча, які падрыхтаваў гэтае выданне да публікацыі, яно паслужыла ў творчай біяграфіі Г. Лаўмяньскага своеасаблівым мостам паміж віленскім і познаньскім перыядамі яго жыцця, якія так моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго прадметамі навуковых інтарэсаў даследчыка.

Гэты твор задумваўся як курс універсітэцкіх лекцый. Але ў выніку паўстаў арыгінальны сінтэз палітычных дзеяў ягелонскіх дзяржаваў, які яўна перавысіў рамкі навучальнага дапаможніка для студэнтаў.

Так сталася, што ў другой палове ХХ ст. не было створана абагульняльных прац па палітычнай гісторыі Польшчы і ВКЛ. Праца Г. Лаўмяньскага па гэтай прычыне з’яўляецца своеасаблівым гістарыяг рафічным дакументам, які падагульняе развіццё даследаванняў па палітычнай гісторыі дзвюх паспалітых краінаў.

Аўтар паставіў перад сабой, апрача гэтай, задачу ўпісаць палітыку Ягелонаў у шырокі кантэкст еўрапейскай гісторыі, не цураючыся супастаўленняў з тэндэнцыямі развіцця ў іншых краінах кантынента. У адрозненне ад іншых сінтэтычных прац тагачасся, у структурную аснову пакладзены не храналагічны, а праблемны прынцып выкладання. Па словах даследчыка, гэта дазваляе больш грунтоўна паглыбіцца ў разуменне прычынаў і ўнутраных узаемасувязяў паміж гістарычнымі падзеямі, што, на яго думку, з’яўляецца галоўнай задачай гістарычнага даследавання. Пры гэтым вучоны не забываецца і пра важную ролю храналогіі, дэталёва аргументуючы выбраную ім перыядызацыю гістарычнага працэсу. Спецыяльна прыпыніўшыся на праблеме 1386 г., ён бачыць яго пераломнае значэнне для польскай гісторыі ў сінхроннасці карэнных зменаў сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Польшчы і іншых усходнееўрапейскіх дзяржавах.

Зважаючы на гэта, робіцца зразумелай пільная ўвага Г. Лаўмяньскага да знешнепалітычнай праблематыкі, якой прысвечана большая частка кнігі. Кожнаму кірунку знешняй палітыкі і кожнай значнай ваеннай падзеі прысвечаны асобны раздел. Пры гэтым ім пастаянна прасочваецца ўзаемасувязь знешняй і ўнутранай палітыкі, дзякуючы чаму аналіз падзей атрымлівае дадатковую вартасць.

Не здраджваючы свайму таленту і адчуванню навуковае стылістыкі, аўтар „Палітыкі Ягелонаў” віртуозна аперуе тэрміналагічным інструментарыем, праводзячы цвярозы аналіз фактаў і даючы дасканальна вывераныя ацэнкі падзей і тэндэнцый развіцця гісторыі. Г. Лаўмяньскі заклікае вывучаць гістарычныя дакументы, не адрываючы іх зместу ад кантэксту эпохі, не змешваць у адно фармальныя дэкларацыі крыніц з фактычным станам рэчаў, які часта разыходзіўся з абвешчанымі на паперы ідэямі. Асабліва сімптаматычнай з’яўляецца крытыка канцэпцыі развіцця унійных дачыненняў, прэзентаванай у творах Оскара Галецкага. Яна накіраваная супраць этычна-ідэалістычнага трактавання уніі як нестасоўнага да задач гісторыка, які павінен паказваць перш за ўсё самую гістарычную рэчаіснасць, а не падмяняць яе толькі абстрактным аналізам і фармальнай інтэрпрэтацыяй гістарычных тэкстаў. Гэта адна з самых прыкметных рысаў кнігі — сталая барацьба яе аўтара са стэрэатыпамі, якія замацаваліся па тых ці іншых прычынах у гістарыяграфіі. Дарэчы, найбольш моцным месцам у кнізе як раз і з’яўляецца нарыс, прысвечаны Крэўскай уніі і яе наступствам.

У гэтым даследаванні ёсць шмат зацемак на метадалагічную тэматыку: аўтар характарызуе ўласнае стаўленне да праблемы асобы ў гісторыі, дае разгорнутае тлумачэнне, прычым з улікам спецыфікі палітычнае сітуацыі ў Сярэднявеччы, дэфініцыі „палітычная групоўка”. Аўтар спрабуе прымірыць спрэчныя погляды, шукае „залатой сярэдзіны”, указваючы на індывідуальнасць кожнага выпадку, сцвярджаючы, што ўрэшце ўсё вырашае складаная і супярэчлівая рэальнасць гісторыі.

Адзіным відавочным недахопам „Палітыкі Ягелонаў” ёсць, на нашу думку, ігнараванне аўтарам распрацовак расійскай гістарыяграфіі па ўнутрыпалітычнай праблематыцы гісторыі ВКЛ, а без іх уліку аналіз стану вывучэння уніі паміж Польшчай і ВКЛ выглядае няпоўным.

Так, гэтую працу можна крытыкаваць (асабліва калі звяртацца да канкрэтных дэталяў), але гэта будзе простай няўдзячнасцю ў дачыненні да аўтара, які ствараў яе ў экстрэмальных жыццёвых варунках палову стагоддзя таму. Яна, зразумела, не адлюстроўвае актуальнага стану гістарычных ведаў, аднак сваімі арыгінальнымі высновамі дае шмат матэрыялу для роздумаў, прымушае па-новаму паглядзець на, здавалася б, даўно вядомыя рэчы. Захапляе рэфлексія аўтара. Гэта, напэўна, найбольшая каштоўнасць гэтай кнігі — вучыцца ў Майстра разуменню гісторыі.

Андрэй Янушкевіч

Горадня

L’architetto Gian Maria Bernardoni sj tra l’Italia e le terre dell’Europa centro-orientale (Алесь Жлутка)

Чэрвеня 11, 2000 |

L’architetto Gian Maria Bernardoni sj tra l’Italia e le terre dell’Europa centro-orientale / A cura di Sante Graciotti e Jerzy Kowalczyk. Roma: Editrice «il calamo», 1999. 182.

Зборнік навуковых артыкулаў, выпушчаны ў свет рымскім выдавецтвам «il calamo» пад эгідаю фундацыі Джорджа Чыні, прысвячаецца аднаму з выдатных італьянскіх архітэктараў, які стаяў ля вытокаў нацыянальнага беларускага дойлідства. Джан Марыя Бернардоні належаў да Ордэна езуітаў, велізарнае значэнне якога для айчыннай культуры даўно і адпаведным чынам ацэненае ў працах замежных даследчыкаў. Пакрысе, у выніку даследаванняў апошніх гадоў, пачала вызваляцца ад старых ідэалагічных стэрэатыпаў і беларуская навука. Фармаванню новага погляду на ролю езуітаў у мастацкім працэсе Беларусі, несумненна, будзе садзейнічаць і кніга пра жыццё і творчасць Бернардоні.

Складаецца зборнік з дзвюх частак: уводнай, з артыкуламі пра Бернардоні і ягоныя творы, і дакументальнай, з рэпрадукцыяй і апісаннем «кодэкса Бернардоні» — альбома архітэктурных малюнкаў, праектаў і эскізаў, копіяў з заходнееўрапейскіх трактатаў па дойлідству другой паловы ХVI ст., якія былі зробленыя самім майстрам і ягонымі наступнікамі. У канцы дадаецца бібліяграфія, іменны паказальнік, а таксама індэкс геаграфічных аб’ектаў і архітэктурных помнікаў. Распачына ецца кніга прадмоваю і ўступам.

У прадмове выдатны італьянскі славіст Сантэ Грачыёці, прафесар рымскага універсітэта «La Sapienza» і галоўны рэдактар часопіса «Ricerche slavistiche» («Славянскія даследаванні»), вядомы шэрагам працаў, пераважна ў галіне паланістыкі, спыняецца на гісторыі зборніка, знаёміць з яго аўтарамі і зместам. Ідэя публікацыі «кодэкса Бернардоні» і даследаванняў пра яго нарадзілася пад час канферэнцыі «Італія — ад Падуі да Рыма — у еўрапейскім навіцыяце Беларусі», арганізаванай фундацыяй Джорджа Чыні 21/22 кастрычніка 1992 г. у Венецыі. За дзень да гэтай падзеі — 20 кастрычніка — у Падуі з удзелам беларускага міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі адбылося афіцыйнае ўшанаванне беларускага выпускніка Падуанскага універсітэта Францішка Скарыны. На канферэнцыі ў Венецыі сярод іншых прагучаў і даклад беларускага гісторыка Георгія Галенчанкі «Новая архіўная знаходка» — пра адкрыццё ў Нацыянальнай бібліятэцы Ўкраіны (Кіеў) «кодэкса Бернардоні». Паведамленне выклікала цікавасць у прысутных італьянскіх і польскіх навукоўцаў і было выказанае пажаданне публікацыі кодэкса. Пазней намер канкрэтызоўваўся на сустрэчах у Мінску, Варшаве і Венецыі, ператвараючыся ў праект, да якога паступова далучаліся новыя спецыялісты, і нарэшце матэрыялізаваўся ў адмысловым выданні. Апрача прэзентацыі аўтараў, у прадмове адзначаныя таксама жывое зацікаўленне ў рэалізацыі праекта і спрыянне з боку мастацтвазнаўцы, калекцыяне ра і мецэната графа Анджэя Цеханавецкага.

Мастацтвазнавец Ежы Кавальчык, прафесар варшаўскага універсітэта, спецыяліст у галіне польска-італьянскіх мастацкіх сувязяў эпохі Адраджэння і Барока, ва ўступе знаёміць з самім Бернардоні, асвятляючы галоўныя моманты яго біяграфіі і даючы агульную характарысты ку творчасці. Джан Марыя Бернардоні, «просты, бедны муляр з вёскі ў ваколіцах Кома», які «дзякуючы дасведчанасці ў рамястве, асабістым талентам, жаданню вучыцца і працы над трактатамі па тэорыі архітэктуры дасягнуў прафесіянальнай здольнасці рабіць аўтаномныя архітэктурныя праекты» (P. XI). Каля 20 гадоў (1564—1583) ён удзельнічаў у рэалізацыі праектаў у Рыме, Неапалі, на Сардыніі побач са знакамітымі езуіцкімі архітэктарамі Джавані Трыстана, Джавані дэ Розіс і Віньёлем. У Ордэне ён знайшоў спрыяльныя ўмовы для развіцця сваіх здольнасцяў. Маючы 42 гады, у ліку першых езуіцкіх архітэктараў быў накіраваны ў польскую правінцыю Ордэна, якая адміністрацыйна ўлучала і беларускую тэрыторыю. З канца 1583 г. і аж да самай смерці ў 1605 г. архітэктар працаваў на землях Польшчы і Беларусі. Для прафесійнага сталення мастака былі вельмі важныя 13 гадоў (1586—1598), праведзеныя ў Нясвіжы на службе ў князя Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі. Пасля пераходу з кальвінізму ў каталіцтва князь стаў гарачым пашыральнікам пост-трыдэнцкай ідэалогіі і фундатарам шматлікіх касцёлаў. Найбольш велічныя з фундаваных ім пабудоваў — нясвіжскі езуіцкі калегіюм і касцёл Божага Цела. Будаўнічая актыўнасць Радзівіла была натхнёная ягонай велізарнай адукаванасцю і архітэктурнымі зацікаўленнямі: у час сваёй пілігрымкі ў Святую Зямлю ён вывучаў і нават рабіў абмеры архітэктурных шэдэўраў Старажытнасці. Арыгінальныя мастацкія ідэі князя былі адаптаваныя і ўвасобленыя ў праектах Бернардоні. Дойлід карыстаўся таксама багатай бібліятэкай свайго патрона, дзе не бракавала і трактатаў па архітэктуры. Відаць, невыпадкова менавіта ў Нясвіжы і быў створаны «кодэкс Бернардоні», які служыў дапаможнікам для навучання мясцовых майстроў. Архітэктурныя рэалізацыі Бернардоні — адзначае Ежы Кавальчык, — характарызуюцца навізною прасторавай кампазіцыі, якая палягала ў восевым размяшчэнні храма адносна ўсяго канвентуальнага комплексу (як у езуіцкім калегіюме ў Калішы і нясвіжскім кляштары бенедыктынак). Па-новаму арганізоўвалася і ўнутраная прастора храмаў. На ўзор рымскага касцёла Дэль Джэзу ён ураўняў вышыню і шырыню прэзбітэрыя з галоўным нефам, да якога па баках дадаў лоджыі над капліцамі (езуіцкія касцёлы ў Калішы і Нясвіжы). У адпаведнасці з «Інструкцыямі» Карла Барамея гэткая форма касцёла забяспечвала лепшую бачнасць вялікага алтара з табернакулюмам. Наватарства Бернардоні выявілася і ў кампазіцыі фасада нясвіжскага касцёла Божага Цела, які ёсць першым творам Барока не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Аднак у сваіх праектах мастак абапіраўся таксама на мясцовую традыцыю: у некаторых яго касцёлах можна заўважыць паралелі з цэрквамі — ужыванне ў архітэктурным комплексе трыабсідальных формаў і нават бакавых капліц, якія нагадваюць «крылы» ўсходніх храмаў. На некаторых малюнках архітэктара змешчаныя дыдаскаліі на польскай і беларускай мовах. На падставе гэтага — лічыць Кавальчык, — кодэкс трэба аднесці да агульнай італьянска-польска-беларускай культурнай спадчыны. Бернардоні паходзіў з краіны, дзе ўжо сталі цаніцца людзі мастацтва. У Польшчы, куды ён патрапіў перад прыездам у Беларусь, больш павагі выклікалі становішча і радавітасць. Таму канфлікт, які меў мастак з рэктарам Люблінскага езуіцкага калегіюма Станіславам Варшавіцкім, набыў знакавы характар. Суперыёр патрабаваў ад яго самому ўзяць кельму ў рукі і паказаць прыклад мулярам, і гэта выклікала абурэнне архітэктара, які з годнасцю адказаў, што яго задача — ствараць праекты.

Артыкул Лідзіі Сальвучы Інсалера, знаўцы езуіцкага мастацтва і дацэнта гісторыі мастацтва ў папскім Грыгарыянскім універсітэце (Рым), прысвечаны італьянскаму перыяду дзейнасці Бернардоні. Пералічыў шы ў храналагічным парадку ранейшыя публікацыі па праблеме польскіх і італьянскага навукоўцаў (Станіслава Тамковіча, Юзафа Лепярчыка, Яна Паплатка і Ежы Пашэнды, П’етра Пірры), даследчыца звяртаецца да архіўных крыніц, перад усім, да фонду П’етра Пірры ў Рымскім архіве Таварыства Езуса[1]. На падставе крыніц яна рэканструюе жыццёвы шлях мастака і працэс яго творчага выхавання. Джан (Джавані, Джован) Марыя Бернардоні нарадзіўся ў адным з прыходаў італьянскага біскупства Кома. Да прыходу ў Ордэн найверагодней працаваў мулярам. 19 студзеня 1564 г. ён звярнуўся з просьбаю прыняць яго ў рымскі навіцыят Таварыства Езуса і, склаўшы першы іспыт, быў залічаны. Згодна з вопісам, апрача іншага юнак прынёс з сабою некалькі кніжак духовага зместу, што дазволіла пазней П.Пірры канстатаваць яго імкненне да рэлігійнага ўдасканалення. Пэўная дасведчанасць у рамястве неўзабаве дазволіла Бернардоні вылучыцца як майстру ў мулярстве, а потым паспрабаваць сябе ў якасці праектавальніка і тэарэтыка архітэкту ры. Вялікую ролю ў ягоным творчым росце адыгралі вядомыя архітэктары таго часу Джавані Трыстана і Якопа Бароцы, званы Віньёлем, а таксама знакаміты езуіцкі матэматык Крыстафора Клавіё. Паступіўшы да езуітаў, Бернардоні стаў вучнем і супрацоўнікам галоўнага езуіцкага дойліда Джавані Трыстана, які разам з іспанцам Барталомэ дэ Бустамэнтэ паклаў пачатак архітэктурнай школе Ордэна. Трыстана першы атрымаў пасаду «consiliarius aedificorum» (дарадцы будаўнічых), абавязкам якога было даваць для генерала Ордэна ацэнку ўсіх праектаў, якія паступалі для зацвярджэння ў Рым. Дапамагаў яму ў гэтым ордэнскі матэматык, якім у той час, хутчэй за ўсё, быў Крыстафора Клавіё. З ім Бернардоні падтрымліваў перапіску да канца жыцця. Мастак амаль напэўна працаваў з Трыстана пад час пабудовы касцёла Дэль Джэзу ў Рыме ў 1564-1571 г. У Італіі кар’ера Бернардоні выглядала гэткім чынам. Пачынаў ён працаваць на будоўлях Ордэна ў якасці «faber murarius» (рамеснік муляр) у Рыме, але пазней таксама выязджаў на місіі ў іншыя італьянскія гарады — Мілан, Фларэнцыю, Абруццо. Потым, у 1573—1577 г., ён быў накіраваны ў Неапальскую правінцыю, дзе ўжо выконваў функцыі кіраўніка будоўляў. У прыватнасці, ён мог курыраваць будаўніцтва касцёла Джэзу Вэкк’ё ў Неапалі. З канца 1577 да 1582 г. займаўся рэалізацыяй ордэнскіх праектаў на Сардыніі ў Кальяры, Сасары і Бузакэ, а таксама спрабаваў сябе ў праектаванні. У той час ён ужо быў знаёмы з творамі Віньёлі. 25 ліпеня 1583 г. Бернардоні ўрачыста склаў ордэнскія шлюбы і неўзабаве быў накіраваны ў польскую правінцыю.

Ежы Пашэнда, польскі езуіт і гісторык мастацтва, добра вядомы беларускім мастацтвазнаўцам сваімі працамі па архітэктуры касцёлаў і калегіюмаў Ордэна на тэрыторыі польскай правінцыі. Яго артыкул на падставе архіўных крыніц асвятляе жыццё Бернардоні пасля прыезду ў правінцыю, дзе ён апынуўся ў канцы 1583 г. Планы разбудовы Ордэна ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім патрабавалі наяўнасці дасведчаных архітэктараў. І таму польскі правінцыял Францішак Суньер доўгі час атакаваў лістамі генерала Ордэна. Нарэшце ў 1575 г. быў прысланы Джузэпэ Брыц’ё, а за ім — Бернардоні. Апошні, відаць, ужо ад пачатку быў прызначаны ў Нясвіж, але польскія езуіты вырашылі скарыстаць з яго знаходжання ў Кароне. Рэктар Люблінскага калегіюма ўсяляк затрымліваў ад’езд Бернардоні да Радзівіла, нават насуперак прамому загаду правінцыяла. У Польшчы архітэктар браў удзел у праектаванні і пабудове Пазнанскага, Люблінскага і Калішскага калегіюмаў. У Нясвіж ён прыбыў у канцы 1586 г. і адразу ж уключыўся ў рэалізацыю велічных планаў Радзівіла. У 1586 г. ён браў удзел у карэктаванні дасланага з Рыму праекта нясвіжскага езуіцкага калегіюма і сам праектаваў касцёл Божага Цела. У праектаванні купала яму, відаць, дапамагаў Брыц’ё. Касцёл будаваўся ў 1586—1593 г., калегіюм у 1586—1588 і 1593—1599 г. Бернардоні, безумоўна, спрычыніўся і да праектавання іншых, фундаваных Радзівілам будынкаў. За час знаходжання ў Нясвіжы дойлід паспеў падрыхтаваць таленавітага вучня і наступніка Яна Франкевіча з Менску, які, верагодна, праектаваў калегіюмы ў Ломжы і Крожах, а таксама касцёл св.Казіміра ў Вільні. У 1599 г. Бернардоні на загад правінцыяла мусіў перабрацца ў Кракаў, каб замяніць пераведзенага ў Маравію Джузэпэ Брыц’ё. У Кракаве ён кіраваў будаўніцтвам спраектаванага Брыц’ё езуіцкага касцёла, а таксама стварыў праекты парафіяльнага касцёла ў Зебжыдовіцах і францішканскага канвента ў Кальварыі Зебжыдоўскай.

Тадэуш Бернатовіч, польскі даследчык, навуковая дзейнасць якога шчыльна звязаная з Беларуссю і які займаецца мастацтвам эпохі мецэнацтва Радзівілаў на землях ВКЛ, у сваім аглядзе мастацкай спадчыны Бернардоні ў «Нясвіжскім княстве» апісвае гісторыю рэалізацыі праектаў дойліда ў Беларусі і дае іх эстэтычную характарыстыку. Архітэктурны талент Бернардоні ва ўсёй велічы разгарнуўся ў Нясвіжы, дзе ён спраектаваў шэсць сакральных каталіцкіх будынкаў: тры канвентуаль ныя комплексы — езуітаў, бернардынаў і бенедыктынак, а таксама шпіталь з капліцаю Святога Духа, капліцу св.Лазара ў прыгарадзе і капліцу св.Рафала за межамі горада на Анёльскай Гары. Апошняя мела гексаганальную ў плане форму і была першым храмам такога роду ў Рэчы Паспалітай. Будавалася згодна з абетам, дадзеным князем у Святой Зямлі, і ўсяго за дзесяць дзён. Апрача гэтых шасці будынкаў Бернардоні мог спраектаваць касцёл св.Пятра і Паўла ў Новым Свержані, а таксама касцёл св.Мікалая ў Міры. Усе рэалізаваныя праекты зрабілі вялікі ўплыў на развіццё архітэктурнай думкі і на фармаванне архітэктурнага ландшафту ВКЛ.

Беларускія даследчыкі Тамара Габрусь і Георгі Галенчанка добра вядомыя навуковай грамадскасці шэрагам грунтоўных прац. Іх публікацыі пра Бернардоні фактычна адкрылі мастака для беларускай навукі. Мастацтвазнаўца Тамара Габрусь разглядае ў сваім артыкуле тыя архітэктурныя помнікі Беларусі, якія знайшлі адлюстраванне ў «кодэксе Бернардоні», і характарызуе іх у кантэксце ўсёй беларускай архітэктуры. Яна аналізуе выявы першага касцёла ў Нясвіжы, касцёлаў у Клецку і Горадні, нясвіжскага касцёла і калегіюма езуітаў, палаца і замка Радзівілаў, рады і семінарыі горада Нясвіжа, вілы ў Альбе.

Гісторык Георгі Галенчанка дае агульнае апісанне «альбома Бернардоні», які ён наноў адкрыў у 1984 г. пад час знаёмства з фондамі Аддзела рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Ўкраіны імя В.Вернадскага (сігнатура 721/589 S). Матэрыялы былі пададзеныя для мастацкага аналізу Тамары Габрусь, і ў 1990 г. выйшлі першыя публікацыі, прысвечаныя альбому. Апісваецца вонкавы выгляд рукапіса: памер, папера, вокладка ды інш. На падставе дэталёвага аналізу філіграняў і зместу рукапіса робіцца важная выснова пра час яго паўстання. Альбом складаўся ў 90-х г., максімум — у другой палове апошняга дзесяцігоддзя ХVI ст. і на пачатку ХVII ст. Падрабязна разглядаецца гісторыя рукапіса.

Польскі мастацтвазнавец Ежы Кавальчык апісвае «альбом Бернардоні» з мастацкага пункту гледжання. Кодэкс мае 72 нумараваныя аркушы. 128 ягоных старонак запоўненыя 149 малюнкамі. З іх толькі 40 малюнкаў з’яўляюцца эскізамі і праектамі трох ці чатырох аўтараў, найперш Бернардоні. 105 выяваў — гэта перамалёўкі з архітэктурных трактатаў трох італьянскіх аўтараў — Себасцяна Сэрліё, Якопа Бароцы дэ Віньёлі, Андрэа Паладыё, а таксама швэйцарца Ганса Блюма. Паходжанне астатніх чатырох малюнкаў нявызначанае. Малюнкі ўяўляюць з сябе дакладныя копіі, зробленыя пераважна даволі дасведчанай рукой, несумненна, Бернардоні. Малюнкі рабіліся спачатку алоўкам, а потым даводзіліся тушшу. Выкарыстоўваліся пяро, лінейка і цыркуль. Копіі рабіліся ў маштабе 1:1, за выняткам копіяў з трактатаў Віньёлі. Мастак творча падыходзіў да капіявання, прапускаючы неістотныя элементы. Для копіяў маглі выкарыстоўвацца творы з бібліятэкі Радзівіла і прывезеныя Бернардоні з сабою.

Да ўсіх артыкулаў зборніка дададзеныя ілюстрацыі, змешчаныя асобна ў канцы яго першай часткі. Другую частку складае каталог малюнкаў «кодэкса Бернардоні». Апісанне ўсіх малюнкаў з падрабязнымі тлумачэннямі і каментарамі зроблена Ежы Кавальчыкам, іх рэпрадукцыя — Георгіем Галенчанкам.

Алесь Жлутка

Менск


[1] Archivum Romanum Societatis Iesu, Fondo Pirri, busta G.M. Bernandoni.

Wisner, Henryk. Wіadysław IV Waza (Віталь Галубовіч)

Чэрвеня 10, 2000 |

Wisner, Henryk. Wladysław IV Waza. Wrocław — Warszawa — Kraków, 1995. 210.

У вядомай бiяграфiчнай серыi польскага выдавецтва «Ossolineum» яшчэ ў 1995 г. пабачыла свет кнiга Генрыха Вiснэра, прысвечаная Ўладзiславу IV — другому прадстаўнiку дынастыi Вазаў на пасадзе караля Польшчы i князя Вялiкага Княства Лiтоўскага. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо пяць гадоў, абмiнуць увагай яе з’яўленне не выпадае як з-за павагi да асобы вядомага гiсторыка, гэтак i з прычыны адсутнасцi аналагiчных даследаванняў у айчыннай гiстарыяграфii.

Кнiга разлiчана на досыць шырокае кола чытачоў, але аўтар не выходзiць за межы навуковага стылю, што падкрэслiваецца наяўнасцю спасылачнага апарату, дастаткова добрага агляду гiстарыяграфii пытання i крынiц. Праца падзяляецца на дванаццаць раздзелаў (I—XII), кожны з якiх мае храналагiчныя i тэматычныя межы, хоць можа ўтрымліваць некалькі асобных сюжэтаў. Адметнасць працы Г.Вiснэра ў тым, што факты бiяграфii Ўладзiслава IV адлюстроўваюцца ў шырокiм кантэксце гiстарычнага жыцця Рэчы Паспалiтай i Еўропы першай паловы XVII ст.

Першы раздзел кнiгi ахоплiвае час ад 9 чэрвеня 1595 да 1613 г., дзе разглядаюцца ўмовы, асяродак i паасобныя сiтуацыi, якiя маглi паўплываць на фармаванне асобы Ўладзіслава. Аўтар засяроджвае ўвагу на заклапочанасцi Жыгiмонта III лёсам сына i дынастыi, каб падкрэслiць пераемнасць пэўных рысаў эпохi панавання Вазаў. Наступныя раздзелы (II — III) прысвечаны першым самастойным крокам каралевiча, на колькi гэта было магчымым ва ўмовах залежнасцi ад волi караля: змаганне за царскi вянец i ўдзел у хоцiмскай кампанii. Менавiта тут Г.Віснэр адзначыў ролю Ўладзiслава ў згаданых падзеях і ахарактарызаваў каралевiча як «чалавека, якi, што пакажа будучыня, не быў здольны да ацэнкі наступстваў прынятых рашэнняў» (23). Блiжэйшае атачэнне таксама сведчыла пра няздольнасць Уладзiслава падбiраць сапраўды вартых прыхiльнiкаў (24). У цэлым Г.Вiснэр слушна даводзiць думку, што каралевiч быў хутчэй спадарожным, чым вырашальным фактарам у ваенных кампанiях.

Першыя тры раздзелы, як i два наступныя (IV. «Пазнанне Еўропы» i V. «Чаканне — элекцыя — каранацыя»), амаль цалкам напiсаны ў кантэксце гiсторыi Кароны Польскай, Рэчы Паспалiтай, з мiнiмальным улiкам матэрыялаў, датычных Вялікага Княства Лiтоўскага. Распавядаючы пра падрыхтоўку i само падарожжа Ўладзiслава па Еўропе, аўтар падкрэслiвае, што яго почат складаўся пераважна з ураднiкаў ВКЛ, у той час у даверанае кола Жыгiмонта III уваходзiлi пераважна караняжы. У чацвёртым раздзеле ёсць шэраг заўваг наконт нялепшага фiнансавага становiшча Ўладзiслава, вынiкаў яго гаспадарчай дзейнасцi, у тым лiку згадваецца спроба злучыць водным шляхам Вiльню i Барысаў (41).

Нетрывалае становiшча Ўладзiслава ў палiтычнай сiстэме Рэчы Паспалiтай першай трэцi XVII ст. нiяк не адбiлася на вынiках элекцыi. Не апошнюю ролю тут, як лічыць аўтар, адыграў палявы гетман ВКЛ Крыштап Радзiвiл, якi гарантаваў у 1630 г. падтрымку Ўладзiславу з боку Радзiвiлаў, а можа, i ўсёй Лiтвы (56). Галоўным аргументам у змаганнi за трон у краi шляхецкай дэмакратыi была падтрымка павятовых соймiкаў. У паветах Кароны i Лiтвы кандыдатуру каралевiча ўхвалiлi. Больш за тое, вiцебская шляхта папярэджвала, што не прызнае вынiкаў элекцыi, калi не будзе абраны Ўладзiслаў (57).

Зацвярджэнне новага манарха па часе супала з пачаткам чарговай вайны з Маскоўскай дзяржавай. У кнiзе гэтаму прысвечаны асобны раздзел — шосты. На тле разгортвання падзей Г.Вiснэр акцэнтуе ўвагу на канфлiкце, які ўзнiк з-за перадачы кiраўнiцтва войскамi смаленскаму ваяводу Аляксандру Корвiну Гасеўскаму ў абыход гетманаў Вялікага Княства Льва Сапегi i Крыштапа Радзiвiла. У вынiку Ўладзiслаў быў вымушаны адмовiцца ад спробы змянiць кампетэнцыю гетманскiх урадаў ВКЛ, а гэта адразу ж узмацнiла гетманаў i аслабiла пазіцыi караля (67). Дарэчы, саступiць цiску Радзiвiлаў кароль быў вымушаны i ў справе вiленскай кашталянii (71—72). Аўтар адзначае змены ў структуры кароннага i лiтоўскага войска і падкрэслiвае выключную заслугу ў гэтай справе Ўладзiслава IV (68).

Палянаўскi мiр, акуплены тэрытарыяльнымi саступкамi, які не прынёс жаданых вынiкаў асабiста Ўладзiславу апрача славы пераможцы, ацэньваецца дастаткова крытычна. Уладзiслаў адначасова страцiў больш за 20 000 руб. (паводле «Энцыклапедыi гiсторыi Беларусi»: У 6 т. Т. 2. Мінск, 1994. С. 189 — 200 000 руб.), правы на царскi трон i не дамогся ад Масквы гарантыяў падтрымкi ў змаганнi за шведскую карону (75).

Наступны, сёмы раздзел прысвечаны пераважна шведскаму кiрунку знешняй палiтыкi Ўладзiслава IV Вазы («За спадчынную дзяржаву Вазаў»). Г.Вiснэра не ў апошнюю чаргу цiкавiць тут сутнасць асабiстых прэтэнзiяў Уладзiслава IV. Ён спрабуе разгледзець канфлiкт як барацьбу за карону краiны (Швецыі) са спадчынным характарам каралеўскай улады. Пры гэтым, як адзначаецца, пазней Уладзіслаў «ужо не за трон, а хоць бы за надзею яго атрымаць пагаджаўся на ўсё» (81). Частка гэтага ж раздзела кнігі прысвечана відавочна апошняй спробе караля выявіць уласную ініцыятыву, не звязаную з меркаваннем сейма, па арганізацыі вайны з туркамі. Адрачэнне ад планаў падрыхтоўкі экспедыцыі пад ціскам усёй Рэчы Паспалітай стала чарговай паразай і каралеўскай улады, і Ўладзіслава асабіста (109).

Восьмы раздзел («Элекцыйны уладар элекцыйнай Рэчы Паспалітай») аўтар пачынае канстатацыяй: «Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай не змяніўся ў гады кіравання Ўладзіслава IV» (112), чым прадвызначае далейшую характарыстыку ўнутранай палітыкі караля. Параўнальна з іншымі гэты раздзел вылучаецца асаблівай увагай да ВКЛ. Паказваючы магчымыя спосабы ўплыву, ціску на грамадства з мэтай змяніць закаснелую дзяржаўную структуру Рэчы Паспалітай, Г.Віснэр падрабязна спыняецца на асаблівасцях дзяржаўнага ўладкавання менавіта ВКЛ. Прычына няздольнасці караля даводзіць свае праекты да пэўнага выніку, як лічыць Г.Віснэр, хавалася ў адсутнасці шырокага кола падтрымкі, арыентацыі на асобных людзей (117).

Асаблівасці канфесійнай палітыкі Ўладзіслава IV разглядаюцца ў дзевятым раздзеле — «Каталікі, людзі грэцкай рэлігіі і іншыя». Пры ўсёй вонкавай паслядоўнасці і прагматычнасці канфесійнай палітыкі Ўладзіслава IV, накіраванай на пошук кампрамісу, Г.Віснэр заўважае неадназначнасць некаторых рашэнняў караля (142). У сувязі з апошнім згадваецца цікавы факт выступлення ў 1638 г. полацкіх мяшчан і як вынік яго — знішчэнне евангельскага збора (139).

Дзевяты раздзел кнігі («Двор і дом») падсумоўвае вынікі даследаванняў гісторыі двара Ўладзіслава Вазы. Асобна Г.Віснэр спыняецца на стане здароўя, абставінах шлюбаў, асабістых зацікаўленнях Уладзіслава. Дзякуючы Ўладзіславу ў Рэчы Паспалітай адбылася першая пастаноўка опернага спектакля (164), а сталіца ВКЛ «стала месцам выступленняў каралеўскага тэатра» (165).

Апошнія невялікія раздзелы кнігі падсумоўваюць адпаведна вынікі кіравання Ўладзіслава Вазы (XI) і прэзентуюць адлюстраванне перыяду яго панавання ў мастацкай літаратуры (XII).

Кніга Г.Віснэра заслугоўвае ўвагі як спецыялістаў па дадзеным перыядзе, так і аўтараў сінтэзных прац. Багацце апрацаванага фактычнага матэрыялу і змястоўнасць высноў дазваляюць лічыць яе ўдалай спробай асэнсаваць эпоху і асабліва асобу Ўладзіслава Вазы.

Віталь Галубовіч

Наваполацк

Siebert, Diana. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR (Сяргей Новікаў)

Чэрвеня 9, 2000 |

SIEBERT, DIANA. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR: die Zerstörung patriarchalischer Familienwirtschaft (1921—1941). Stuttgart, 1998. 416.

У будзённым жыцці сям’і беларускага селяніна міжваеннага часу сустракалася шмат выпрабаванняў, асабліва ў яго імкненні захавання ўласнай патрыярхальнай гаспадаркі. Пошук стратэгіі актыўнага і пасіўнага супраціву безгападарчасці — прывабны аб’ект навуковай працы нямецкай даследчыцы Дзіяны Зіберт, якая абараніла дысертацыю ў Кёльнскім універсітэце ў 1997 г. і праз год выдала яе ў серыі „Крыніцы і даследаванні па гісторыі Ўсходняй Еўропы”. Варта асобна адзначыць, што сярод 52 манаграфічных прац, якія былі падрыхтаваны за апошнія трыццаць гадоў у рамках дзейнасці Аб’яднання ўсходнееўрапейскіх гісторыкаў Нямеччыны, толькі кніга Зіберт прысвечана гісторыі Беларусі.

Праца складаецца з уступу, шаснаццаці раздзелаў, заключэння і тэматычнага дадатку. Ва ўступе (s.11—34) аўтарка акцэнтуе ўвагу на вузлавых пытаннях даследавання, вызначае сутнасць асноўных гістарычных паняццяў, разглядае стан распрацаванасці абранай праблемы ў сучаснай нямецкай гістарыяграфіі. Адметна, што аснову навуковай працы складаюць дакументы Нацыянальнага Архіва Рэспублікі Беларусь і навуковыя працы беларускіх аўтараў.

Ва ўступе аўтарка засяроджвае сваю ўвагу на выяўленні тых аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў, якія ў значнай ступені абумовілі тэмпы, характар і асаблівасці развіцця беларускай вёскі на працягу двух перадваенных дзесяцігоддзяў. Да ліку такіх, на погляд Дзіяны Зіберт, трэба аднесці: а) памежны характар тэрыторыі БССР; б) урадлівасць земляў і адсутнасць умоў для экспарту збожжа; в) неаднароднасць сацыяльнага складу вёскі на захадзе і ўсходзе; г) абмежаванасць распаўсюджання абшчынных форм гаспадарання; д) нетрадыцыйнае спалучэнне сацыяльнай і этнічнай ідэнтычнасці і інш. Наогул, сям’я беларускай вёскі 20—30-х і пачатку 40-х г. істотна адрознівалася ад расійскіх і ўкраінскіх сялянскіх сем’яў.

У двух наступных раздзелах разглядаецца палітычная гісторыя („Abriß der politischen Geschichte der BSSR 1917—1939″, s. 35—79) і дэмаграфічная сітуацыя ў БССР („Die demographische Entwicklung in der BSSR”, s. 80—99). Стратэгія штодзённага жыцця сялянства ў значнай меры вызначала і дынаміку дэмаграфічных зменаў. У кнізе адзначаец ца, што самыя адметныя змены сярод сельскага насельніцтва Беларусі адбываліся ў трыццатыя гады, калі, з аднаго боку, колькасць мужчын на вёсцы істотна зменшылася, а з другога боку, яна хутка павялічылася ў вялікіх гарадах, дзе да ўсяго назіралася іх „пралетарызацыя” (95). Адмоўны ўплыў на дэмаграфічную сітуацыю беларускай вёскі мела і прымусовая калектывізацыя, адзначае аўтарка (99).

У чацвёртым, самым вялікім раздзеле („Die Landwirtschaftspolitik der BSSR zwischen staatlichen und bäuerllichen Interessen (1921—1941)”, s.100—161) у цэнтры навуковага доследу Зіберт знаходзяцца дзяржаўныя і сялянскія інтарэсы. У 1920-х г. яны перакрыжоўваюцца з праблемамі нівелявання сялянскіх запатрабаванняў, увядзення розных падаткаў, нормаў зямельнага выкарыстання і г.д., што ўрэшце прывяло да заняпаду сялянскіх гаспадарак, збяднення беларускіх сем’яў і голаду ў асобных раёнах (112). Мяжой сельскагаспадарчай палітыкі, на думку даследчыцы, можна лічыць канец 20-х і пачатак 30-х г., калі для кантролю за сялянствам на вёсцы з’яўляюцца камуністы, праводзіцца ліквідацыя кулакоў і ўсталёўваецца калгасная сістэма.

Стратэгія і тактыка дзейнасці беларускага сялянства выяўлялася на гістарычных прыкладах: кааперацыі 20-х („Kooperativen der zwanziger Jahre: Vorläufer oder Gegenmodell der Kolchosen?”, s.162—175), узброенага супраціву рабаванню сялянства („Die militanten Aktionen der Bauern: Offensivstrategie”, s. 176—183), масавым зыходам з вёскі („Zeitweiliges und endgültiges Verlassen des Dorfes: Ausweichstrategie”, s. 184—191) і інш., што знайшло сваё адлюстраванне ў некалькіх раздзелах гэтай працы.

Раздзел восьмы („Der Alltag in seinen äußeren Erscheinungen”, s.192—207) знаёміць з сялянскімі буднямі. У якасці прыкладу Дзіяна Зіберт разгледзела ўсходнебеларускую гаспадарку, ахарактарызавала ўмовы яе існавання ў сярэдзіне 1920-х г., вызначыла асаблівасці гаспадарання і побыту сялянскай сям’і. Стратэгія прыстасавання сялянскай сям’і да жыцця ва ўмовах арганізацыі калгаснага ладу даследуецца ў дзевятым раздзеле („Soziale Organisation in der Kolchose: Die Anpassungsstrategie”, s. 208—222). Стаўленне сялянства да рынкавых адносін разглядаецца ў раздзеле „Das Verhältnis der Bauern zum Verkaufen, zum Kaufen und zum Geld” (s. 223—233), дзе аўтарка дае агляд сялянскага гандлю, вызначае месца ў ім сялянскіх і калгасных гаспадарак, ролю першых калгасных кірмашоў і робіць высновы пра значэнне грашовых адносін і магчымасц яў сялянства браць удзел у новым жыцці (233).

Новыя гаспадарчыя адносіны на вёсцы, асабліва ўвядзенне прымусовай здачы ўраджаю і рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі, штурхалі сялян да розных формаў супраціву, у тым ліку да ўтойвання ці нязбору ўраджаю (234, 237). Гэтая праблема нямецкай даследчыцай разгледжана ў адзінаццатым раздзеле („Die Strategie des Versteckens und Nicht-Aberntens”, s. 234—239). Затым яна пераходзіць да стаўлення сялянства да сельскагаспадарчай тэхнікі і механізацыі сельскагаспадар чай вытворчасці („Die Einstellung der Bauernfamilien zum Traktor und zu Maschinen”, s. 240—247). Трынаццаты раздзел („Normaufstellungen, Arbeitsorganisation und Verteilung der Produkte: Die Verweigerungsstrategie”, s. 248-274) знаёміць са стратэгіяй адмаўлення ад новых формаў працоўнай арганізацыі. Фактычнае жыццё беларускай вёскі ў 30-я г. сведчыла пра пошук сялянствам свайго асабістага варыянту актыўнага, пасіўнага або нядбайнага ўдзелу ў калектыўнай працы, выкананні планавых паказнікаў, нарматыўных заданняў у сувязі з агульным ураўняльным размеркаваннем прыбыткаў (274).

У чатырнаццатым раздзеле („Die Auswirkungen der Kolchosenwirtschаft auf die landwirtschaftliche Produktion”, s. 275-302) Дзіяна Зіберт разглядае формы ўздзеяння калгаснай гаспадаркі на сельскагаспадарчую вытворчасць. Сярод новых з’яў на вёсцы даследчыца называе агульнае ўтрыманне жывёлы, павелічэнне пасяўных плошчаў, іх меліярацыю і г.д. У той жа час калгасная форма гаспадарання прывяла да парушэння паслядоўнасці севазвароту, спрэчак адносна культывавання асобных тэхнічных культур. Менавіта тут сутыкаліся інтарэсы сялянства і калгаса, „грамадскай гаспадаркі” (298). Тым не менш, аўтарка адзначае, што беларуская вёска ў асноўным забяспечвала краіну асноўнымі прадуктамі харчавання (302).

Перадапошні раздзел („Die Frau in der Familie und in der Kolchose”, s. 303— 323) прысвечаны жанчыне, на прыкладзе якой даследчыца вызначае месца і ролю жанчыны-маці і жанчыны-калгасніцы. Спробы дзяржавы мабілізаваць сялянак на самыя розныя агульнадзяржаў ныя справы былі скіраваны на ўвядзенне рацыянальнага падзелу працы для жанчыны, яе адыходу ад старога патрыярхальнага ладу, звычак, сямейных традыцый. Аднак практыка паказала, што пад час калектывізацыі мужчына займаўся ў таварнай гаспадарцы, а жанчынам заставаўся лёс хатняй гаспадыні і асноўнай працаўніцы на прысядзібных надзелах. Цяжкая доля выпадала беларускай жанчыне практычна паўсюль. Таму невыпадкова істотным вынікам зменаў на вёсцы даследчыца лічыць разбурэнне дзяржавай вясковай салідарнасці ў БССР, але зусім не патрыярхальнай структуры сям’і (319).

У шаснаццатым раздзеле („Siedlungsform und Flurverfassung: Die Nischenstrategie”, s. 324—367) чытач пазнаёміцца з гісторыяй прымусовага перасялення сялян, іх самараскулачвання, стварэння новых пасяленняў і ўзорных сялянскіх гаспадарак. Да гэтага прывяла палітыка бальшавіцкай партыі па ліквідацыі хутароў і аднаасобных гаспадарак. Апрача таго, партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва БССР у час суцэльнага калгаснага будаўніцтва спачатку абмяжоўвала памеры зямлі сялянскіх двароў, і толькі пасля 1932 г. сітуацыя змянілася на карысць сялян, якія спрабавалі зрабіць зямельны надзел „цэнтрам сваёй гаспадарчай актыўнасці” (358). Праведзены Дзіянай Зіберт аналіз статыстыч ных дадзеных пераканаўча сведчыць, што менавіта прысядзібныя надзелы з’яўляліся больш прадукцыйнымі, чым калгасныя палі.

У заключным раздзеле („Fazit”, s. 368—373) падведзены вынікі навуковага пошуку. Варта адзначыць вельмі змястоўны дадатак да працы („Anhang”, s. 374—414). Тут аўтарка палічыла патрэбным даць шматлікія важныя звесткі пра меры масы і вагі, гадавы каляндар беларусаў, тэрміналагічны гласарый, спіс кіраўнікоў беларускіх органаў улады на працягу 1917—1941 г., асабовы склад кіруючых партыйных органаў БССР, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя змены з 1920 да 1939 г., спіс скарачэнняў, пералік 54 табліц, 11 картаў і 4 дыяграмаў, а таксама двух фотамалюнкаў.

Даследаванне Дзіяны Зіберт можна лічыць выдатным узорам нетрадыцыйнага разгляду супярэчлівых пытанняў беларускай гісторыі. Нам падаецца, што без уліку гэтай змястоўнай працы Дзіяны Зіберт сучасная беларуская гістарыяграфія сялянства не зможа абыходзіцца.

Сяргей Новікаў

Менск

Chiari, Bernhard: Alltag hinter der Front (Сяргей Новікаў)

Чэрвеня 8, 2000 |

CHIARI, BERNHARD. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weißrußland 1941—1944. Düsseldorf, 1998. 380.

Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі 1941—1944 г. — вось праблемы, якія даследуюцца ў манаграфіі нямецкага гісторыка Бернгарда К’яры. Праца замежнага вучонага з’яўляецца 53-й работай з серыі выданняў Федэральнага архіва Нямеччыны. Прэзідэнт гэтай установы Фрыдрых Каленберг ва ўступным слове да манаграфіі адзначае асаблівую вартасць такога даследавання як магчымасці нетрадыцый нага „погляду звонку”.

Неабходна адразу падкрэсліць, што гэтая праца — першая спроба зірнуць на нявырашаныя, найбольш значныя пытанні не столькі ваеннай гісторыі, колькі гісторыі самой вайны ці гісторыі ваеннай штодзённасці беларускага грамадства ў перыяд нямецкай акупацыі. Пры такім падыходзе нельга было абысціся без выкарыстання новых матэрыялаў, якімі для даследчыка сталі дакументальныя крыніцы 55 фондаў, выяўленых аўтарам у архівах Англіі (Лондана), Беларусі (Берасце, Менск), Нямеччыны (Аахен, Берлін, Кобленц, Фрайбург) і Расіі (Масквы).

Кніга складаецца з дзевяці частак, у тым ліку ўступу і заключэння, а таксама дадаткаў: 32 адбіткаў арыгінальных фотаздымкаў, спісу крыніц і літаратуры, пераліку скарачэнняў, паказальніка імёнаў і геаграфічных назваў.

Ва ўводзінах („Einleitung”, s.6—26) аўтар знаёміць чытача з новымі метадалагічнымі падыходамі да пытанняў „ваеннай гісторыі” і „гісторыі вайны”, прапануе арыгінальную структуру навуковага доследу, крытычна аналізуе выкарыстаныя крыніцы і літаратуру.

У першай частцы („Weißrußland als periphere Region Polens und der Sowjetunion”, 27—50) разглядаюцца пытанні эканамічнага, палітычна га, сацыяльнага, рэлігійнага і нацыянальнага жыцця мясцовага насельніцтва ў Заходняй Беларусі. Да верасня 1939 г. яна была рэгіёнам панавання палякаў ва ўсіх органах дзяржаўнага кіравання, у прамысловай вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы, гэта пры колькаснай перавазе беларускага сельскага насельніцтва. Пасля 17 верасня „спадзяванні беларусаў на лепшае жыццё не спраўдзіліся” (36). З усталяваннем савецкай улады ў новым рэгіёне ўзнікаюць міжэтнічныя праблемы, якія спрабуюць вырашыць не толькі эканамічнымі сродкамі, але і метадамі паліцэйскай дзяржавы: палітычнымі чысткамі, дэпартацыяй, турэмным зняволеннем і г..д. (47—48). У выніку склалася выбухованебяспечная сітуацыя. Менавіта такой бачыцца Беларусь аўтару даследавання напярэдадні „аперацыі Барбароса”.

Наступная частка („Verwaltung und Verwalter: Deutsche im Generalkommissariat Weißruthenien”, 51—95) уводзіць чытача ў праблематыку штодзённага жыцця насельніцтва, якое апынулася на захопленай тэрыторыі Беларусі. На прыкладзе дзейнасці немцаў у Генеральным камісарыяце Беларутэніі К’яры знаёміць чытача з мэтамі новага цывільнага кіраўніцтва, пры дапамозе якога занятыя землі падлягалі „эканамічнаму выкарыстанню і забеспячэнню вермахта” (51). Аўтар паказвае, як пачувалі сябе многія з немцаў у новай рэчаіснасці на беларускай зямлі, пра якую яны практычна нічога не ведалі і таму не маглі самастойна арыентавацца, аднак слепа верылі ў сваю „гістарычную місію” (63). Праціўленне ваеннай рэчаіснасці не з’яўлялася характэрнай рысай для выканаўцаў гітлераўскіх дырэктыў, указаў, загадаў, а немагчымасць іх выканання па прычыне ўзмацнення партызанскай і падпольнай барацьбы з боку мясцовага насельніцтва прыводзіла захопнікаў да „зусім звычайнага вар’яцтва” (72).

Незвычайныя цяжкасці штодзённых абставін вымагалі ад жыхароў акупаванай Беларусі самых непрадказальных формаў паводзін, што і разглядаюцца Бернгардам К’яры ў чацвёpтай частцы манаграфіі — „Kollaboration, weißrussischer Nationalismus und Selbstverwaltung”, 96—159). Акупацыя „азначала рубеж у штодзённым жыцці, аднак не яго канец” (97). Беларусы, палякі і яўрэі не ведалі, чаго можна было чакаць ад новага рэжыму. Некаторыя спадзяваліся на службовае павышэнне ці матэрыяльныя прывілеі. Клопат практычна кожнага чалавека быў знітаваны з праблемамі ваенных будняў — са знікненнем ці палонам членаў сям’і, іх пошукам, а гэта вымушала людзей уступаць у кантакт, ісці на супрацоўніцтва з нямецкай адміністрацыяй. Калабарацыя ў сэнсе гарантавання сабе магчымасці перажыць складаны час „адбывалася на ўсіх узроўнях грамадства” (97).

Дзеля дэталёвага аналізу з’явы калабарацыі на Беларусі ў манаграфіі прыводзяцца шматлікія факты, аналізуюцца падзеі, згадваюцца імёны і г.д. Але першапачаткова разглядаюцца тыя ўстановы, якія на ўзроўні грамадства праводзілі ўзгодненую з акупацыйнай уладай палітыку. Да ліку такіх устаноў аўтар адносіць „беларускі марыянетачны ўрад” — Беларускую Цэнтральную Раду (98), праваслаўную царкву (106), судовыя ўстановы (108). Яны з’яўляліся паслухмяным інструментам у руках нямецкіх захопнікаў. Між тым галоўную ролю, як лічыла новае цывільнае кіраўніцтва, маглі выканаць мясцовыя органы самакіравання, да якіх даследчык у першую чаргу адносіць „Беларускую самапомач” (была створана 22 кастрычніка 1941 г. ў Менску (114). Апрача яе акупацыйная ўлада мела незвычайны інтарэс да арганізацыі „беларускага самакіравання” (123), якое разглядалася ў якасці надзейнага механізму працы на ўзроўні ад раёна да асобнай вёскі. Якраз на гэтым узроўні і „вырашаўся лёс нямецкай акупацыйнай палітыкі” па эканамічнай эксплуатацыі мясцовага насельніцтва. Апрача арганізацый нага падпарадкавання беларускай вёскі акупацыйная ўлада спрабавала як мага безашчадней выкарыстаць сельскую гаспадарку, прычым не толькі для вермахта, цывільнай адміністрацыі, але і для Трэцяга Райху. Пры гэтым германскі даследчык адзначае, што часцей за ўсё сітуацыя на сяле фармавалася пад уплывам барацьбы за ўладу і кантроль не толькі з боку акупацыйнай адміністрацыі, але і розных узброеных груп і асобных людзей (151). Апошняе стварала вялікую напружанасць вакол беларускіх вёсак, дзе панавала атмасфера агульнага жаху, назіралася эскалацыя насілля, а насельніцтва было цалкам пазбаўлена спакою (153—159).

Хваля знішчэння мірнага насельніцтва ўзнялася на новую ступень у сувязі з радыкалізацыяй дзейнасці мясцовых паліцэйскіх фармаванняў. Іх месца ў сістэме нямецкай цывільнай улады К’яры разглядае ў пятай частцы сваёй працы („Macht und Gewalt: Polizisten als Täter und Opfer”, 160—194). Характарызуецца дзейнасць усіх паліцэйскіх сіл, якія знаходзіліся на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларутэніі. Фармаванне і выкарыснанне мясцовых паліцэйскіх лічылася „палітычна непажаданым” (160) і з’яўлялася хутчэй рэакцыяй на недахоп нямецкіх паліцэйскіх сілаў на занятай тэрыторыі. У адпаведнасці з дырэктывамі па паліцэйскім забеспячэнні грамадзянскага кіравання на новазанятых тэрыторыях кіраўніцтва СС планавала стварыць сетку апорных пунтктаў з асобных фармаванняў СС і паліцыі, якія б ажыццяўлялі кантроль, адказваючы за анямечванне новых тэрыторый, і такім чынам выконвалі планы СС па каланізацыі Ўсходу. Гісторыя мясцовых паліцэйскіх сілаў дае магчымасць убачыць іх унутраную эвалюцыю. На шматлікіх архіўных дакументах нямецкі даследчык паказвае прычыны, якія прывялі беларусаў у лагер акупацыйнай улады, разглядае структуру і паслядоўнасць стварэння паліцэйскіх фармаванняў, прыводзіць звесткі пра іх нацыянальны і сацыяльны склад, а таксама паказвае логіку паліцэйскай штодзённасці (186—194). Фармаванні нямецкай і мясцовай паліцыі з’яўляліся вузлавымі звёнамі „акупаванага грамадства”, зрабіўшыся „цэнтрам абагачэння, тэрору, лютасці, садызму, насілля і нянавісці” (194).

Шостую частку манаграфіі („Gestohlene Kindheit”, 195—230) Бернгард К’яры прысвяціў беларускім дзяцям, у якіх вайной было „ўкрадзена дзяцінства”. Дзеці і падлеткі ў параўнанні з дарослымі былі практычна безабароннымі перад хаосам вайны. Разгляд гэтай гістарычнай праблемы прывёў вучонага да высновы, што ўвогуле лёсы „дзяцей вайны ў Беларусі не падлягаюць колькаснаму вымярэнню” (201). Пераадолець жорсткія выпрабаванні акупацыі аказалася пад сілу толькі некаторым сем’ям, якія перажылі гэты цяжкі час без стратаў. Агульную ж карціну дзіцячага лёсу вызначылі, па-першае, разбуральныя механізмы акупацыйнага рэжыму; па-другое, магчымасць атрымаць школьнае навучанне, і па-трэцяе, пранямецкія структуры беларускіх юнакоў і дзяўчат і інш.

У цэнтр увагі наступнай часткі свайго даследавання нямецкі гісторык паставіў праблему генацыду яўрэяў Беларусі („Die Ermordung der weißrussischen Juden”, 231—269). К’яры прыводзіць колькасныя дадзеныя, з якіх вынікае, што з 820 000 яўрэйскага насельніцтва Беларусі перажыць II сусветную вайну ўдалося толькі 120—150 тыс. (231). На шматлікіх архіўных дакументах даследчык паказвае храналогію фізічнага вынішчэння яўрэйскага насельніцтва ў Генеральнай акрузе Беларутэнія, дзе нацыянал-сацыялістычнае кіраўніцтва арганізавала „дынамічнае вынішчэнне” беларускіх яўрэяў (263). Разгляд праблемы прывёў гісторыка да заключэння, што „галакост у Беларусі меў усеахопнае разбуральнае дзеянне, якое закранула ўсё грамадства” (269). У навуковым плане К’яры прыходзіць да наступнай думкі: сёння цяжка правесці поўны аналіз геаграфіі генацыду яўрэйскага насельніцтва, удакладніць колькасныя дадзеныя, знайсці неабходныя дакументальныя пацвярджэнні.

Перадапошняя частка („Polen in „Weißruthenien”, 270—302) дае магчымасць пазнаёміцца з яшчэ адным ракурсам ваенных будняў, але ў дачыненні да палякаў. Кім яны сталі пасля пачатку вайны і стварэння Генеральнага губернатарства і Генеральнага камісарыята — ахвярамі ці злачынцамі? Новая нямецкая ўлада абыходзілася з польскім насельніцтвам і асабліва з кіраўнікамі-спецыялістамі як з людзьмі ніжэйшай расы, якія з першых дзён былі абвешчаны ворагамі і небяспечнымі грамадскімі элементамі (272). Тым не менш пад час захопу вермахтам заходніх беларускіх гарадоў адна частка палякаў нейтральна ставілася да дзеянняў акупантаў. Другія амаль адразу пачалі ладзіць „польскі ўзброены супраціў”, які ўзнік у заходніх вобласцях БССР яшчэ задоўга да 1941 г. (280). З нямецкай акупацыяй ён набывае новы характар, паколькі пераўтвараецца ў польскую падпольную армію пад назвай „Армія Краёва”. Разгляд дадзенага і іншых аспектаў гэтага пытання прыводзіць аўтара навуковага даследавання да высновы, што ў час акупацыі Беларусі палякі разам з іншымі патрапілі ў „«рулет» эксплуатацыі, расавай палітыкі і насілля” (271).

Апошняя частка („Schluß: Nach dem Sturm”, 303 — 317) выконвае ролю заключэння, у якім К’яры падсумоўвае вынікі сваёй навуковай працы і прыходзіць да важных вывадаў наконт будзённага жыцця ў Беларусі ў гады нямецкай акупацыі. Вузлавым момантам аналізу з’яўляецца думка — усё, што мела месца ў будзённым жыцці ў час нацысцкай акупацыі, можна лічыць катастрофай. Нямецкі даследчык інтэрпрэтуе гады другой сусветнай вайны ў Беларусі як сітуацыю хаатычных будняў, на працягу якіх адбывалася дэструктыўнае ўздзеянне вайны на асобнага чалавека, большасць мясцовага насельніцтва — сялянства і акупаванае грамадства, якія вайна дашчэнту разбурыла (312—317).

Відавочна, змястоўная работа Бернгарда К’яры — рэдкі прыклад комплекснага даследавання адной са складаных праблем як сучаснай нямецкай, так і беларускай гістарыяграфіі. Уражвае і навуковая эрудыцыя аўтара, якую ён прадэманстраваў выкарыстаннем рознамоўных крыніц і літаратуры. На сёння гэта, відаць, адна з прынцыпова новых навуковых прац, дзе мы знаёмімся са смелым і рашучым пошукам аб’ектыўнай ісціны ў дачыненні да найбольш складаных старонак гісторыі вайны ў Беларусі.

Сяргей Новікаў

Менск

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Клаўс Ё. Арнольд)

Чэрвеня 7, 2000 |

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschaffts_ und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. Hamburg, 1999.

Апошнім часам роля вермахта ў вайне на Ўсходзе выклікала крытычныя каментары як з боку грамадскасці, так і ў навуковым асяроддзі Нямеччыны. Спрэчка разгарнулася вакол выставы «Вермахт» Гамбургскага інстытута сацыяльных даследаванняў, якая праходзіла амаль у 30 нямецкіх гарадах[1] і закранала таксама партызанскую вайну 1941—1944 г. у Беларусі. На адным з экспазіцыйных стэндаў быў змешчаны шэраг фотаздымкаў, якія дэманстравалі злачынства ў дачыненні да бязвінных грамадзян — павешаных у Мінску жанчыны і двух мужчын. Па сведчанні мінскіх журналістаў размова вядзецца пра вядомую яўрэйскую партызанку Машу Брускіну, якая паспяхова змагалася супраць нямецкіх акупантаў[2]. Гледзячы з сённяшняга дня, даволі цяжка ўявіць, што пры дакладных умовах згодна з Гаагскай канвенцыяй вядзення сухапутнай вайны (1907 г.) павешанне партызан адпавядала міжнародным прававым нормам. Для абодвух бакоў, як беларускага, так і нямецкага, вайна была смяротнай рэчаіснасцю. Беларускае насельніцтва было расколата на два лагеры, і партызанская вайна адначасова з’яўлялася грамадзянскай. З аднаго боку беларусы змагаліся на баку немцаў супраць Сталіна, іншыя вялі партызанскую вайну супраць акупантаў. Тэме нямецкай акупацыйнай і эканамічнай палітыкі прысвечана нядаўна выдадзеная праца Хрысціяна Герлаха. Больш чым на тысячы старонках аўтар разглядае дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў і іх барацьбу з партызанскім рухам. Зразумела, паўстае пытанне пра калабарацыю беларускага насельніцтва з нямецкай адміністрацыяй, хоць раней гэта даволі падрабязна, але зусім не вычарпальна разглядаў Бернгард К`яры[3]. Герлах не выкарыстаў у сваёй працы беларускіх (рускіх) крыніц з-за дрэннага валодання як адной, так і другой мовамі. Таму ён шырока выкарыстоўвае ўсе даступныя нямецкія крыніцы, датычныя тэмы. Менавіта з гэтых пазіцый складалася ўяўленне Герлаха пра партызанскую вайну. Якой жа яе бачыць аўтар?

Згодна з тэзаю аўтара, не было вайны супраць партызан, а быў «план» вынішчэння беларускага цывільнага насельніцтва. Герлах кажа пра гэта на старонках кнігі (229, 1010): «Што тычыцца барацьбы з партызанамі, то тут вялося пераважна пра мэтанакіраваныя, арганізаваныя масавыя забойствы». Утаймаванне партызан складалася ў асноўным з забойства няўзброеных сялян, а да вынішчэння вёсак дайшло, на думку Герлаха, не ў працэсе барацьбы з партызанамі, а яно паўстала пераважна з эканамічна матываванага плану забойстваў (975—1036).

Герлах лічыць, што барацьба з партызанамі мела некалькі этапаў. На першым у 1941 г. праз калектыўныя акцыі насілля і «прэвентыўнай барацьбы» мусілі быць знішчаныя ў асноўным ваеннапалонныя і цывільнае насельніцтва. Але ў супярэчнасць гэтаму ён нагадвае, што не магло б быць і мовы пра «барацьбу з партызанамі без партызан» (861). Падыход Герлаха лепей відаць, калі ён законны абавязак вермахта па ўзяццю ваеннапалонных і знішчэнню чырвонаармейцаў тлумачыць існаваннем нейкага невядомага плана масавага забойства простага насельніцтва (878 і далей). Другі этап складаўся з «Вялікай кампаніі 1942 — пачатку 1943 г.» і характарызаваўся пераважна неразборлівым масавым вынішчэннем людзей і спальваннем вёсак. Трэці быў у 1943 г. і пазначаны «Канцэпцыяй мёртвай зоны», а чацвёрты этап (1944 г.) уяўляў сабой «Wehrdorfproekt». Такі падзел акупацыі Беларусі не новы, ён заснаваны на вядомых фазах змагання з партызанамі. Новым з’яўляецца толькі падыход Герлаха, які істотна аддзяляе нямецкую акупацыйную палітыку ад акцый супраць партызанскага руху. На яго думку, акцыі гэтыя былі праявай ці канкрэтнага жадання знішчаць бязвіннае цывільнае насельніцтва, ці патрэбы ў «эканамічных рабаўнічых нападах». Акрамя гэтага аўтар цвердзіць, што партызаны ў 1941 г. прытрымліваліся нормаў міжнароднага права (869). Але ў 1941 г. партызанскія масы ніяк не выяўлялі сябе і не вялі адкрытай барацьбы, нягледзячы на гэта ўзятыя імі палонныя часта расстрэльваліся, падвяргаліся катаванням. І з саюзнымі немцам беларускімі вёскамі партызаны абыходзіліся радыкальна, у парушэнне міжнароднага права. Нярэдка яны ўзорна расстрэльвалі ўсіх членаў сям’і таго, хто знаходзіўся на службе ў немцаў.

Праца Герлаха выклікае такое ўражанне, што калі і гаварыць пра «вермахт» ці «СС», дык зыходзячы з аднароднасці арганізацыі і адпаведнага розным акцыям метаду дзеяння. Паколькі вермахт і СС рэпрэзентуюцца пратаганістамі палітыкі самых розных масавых забойстваў, аўтар робіць выснову, што паміж імі і іх акцыямі не было істотных адрозненняў. Акурат на тэрыторыі акупаванай Беларусі вермахт і СС пад выглядам барацьбы з партызанамі праводзілі жорсткія акцыі масавага знішчэння насельніцтва. Праз апісанне кампаніі «Bamberg», пачатай увесну 1942 г., у Герлаха неаднаразова сцвярджаецца, што падобная аперацыя была тыповай для антыпартызанскай барацьбы (884—893). Але гэтая аперацыя, праведзеная сумнавядомай 707 пяхотнай дывізіяй, славацкім пяхотным палком і батальёнам паліцаяў, адрознівалася ад іншых аперацый вермахта. Суадносіны ў стратах партызанаў і немцаў ды мясцовых, беларускіх фармаванняў (пры перавазе ўдзельнікаў з боку вермахта) паказваюць, што вялося не пра сістэматычнае масавае забойства цывільнага насельніцтва, але пра барацьбу з моцнай партызанскай групоўкай, ахвярамі якой стала зашмат людзей, як бязвінных, так і тых, хто падтрымліваў партызанаў. Але толькі больш падрабязным даследаваннем можна ўсё растлумачыць. СС-групы Готберга разам са спецгрупамі Дзірлервангера сталі ў Герлаха «нармальнай» з’явай у барацьбе з партызанамі. Ён прысвячае цэлы раздзел кнігі таму, каб даказаць залежнасць барацьбы супраць партызан ад эканамічных інтарэсаў немцаў, пачынаючы з 1942 г. Шкада, што аўтар не высветліў некаторых асаблівасцяў, якія мелі значны ўплыў на развіццё падзеяў. Усё зліваецца ў адну вялізную аперацыю па здабычы трафеяў, і ўжо малаважна, ці яе праводзіў вермахт, ці СС. Аднак такая выснова непрымальная, бо больш за 100 000 партызанаў, якія аперавалі ў канцы 1943 г. у Беларусі, зусім не браліся пад увагу.

Даволі часта інтэрпрэтацыя выклікае пытанні з-за выкарыста ных крыніцаў. Напрыклад, на с. 843 аўтар сцвярджае, што выкананне карных аперацыяў часта ўспрымалася як пачэсная справа і выконвала ся толькі афіцэрамі (падкрэслена ў арыгінале). Ён спасылаецца на адзін з дакументаў Ostkomendatur 930. Пасля падрабязнага даследавання дзейнасці вышэйшых чыноў і гэтага дакумента ўсё стала зразумелым: уласнаручны расстрэл палонных партызанаў ці мірных жыхароў выклікаў абурэнне афіцэраў, менавіта таму і быў складзены гэты дакумент, які стаў няўклюднай спробай апраўдаць дзейнасць такіх афіцэраў. Таго ж дня было выдадзена распараджэнне, каб афіцэры не бралі ўдзелу ў падобных экзекуцыях супраць партызан[4]. Такім чынам, Герлах сказіў змест крыніцы да яго супрацьлегласці.

Калі партызаны не з’яўляюцца актыўным суб’ектам у працы, то такое цэнтраванае выключна на нямецкай палітыцы даследаванне можа лёгка пайсці падманлівым шляхам. Шмат дзе праца адрозніваецца недастатковай уважлівасцю і памылковым тлумачэннем крыніц. Яна ў пэўным плане стаіць ніжэй за цяперашні стан даследаванняў вайны з партызанамі на акупаваных тэрыторыях Савецкага Саюза. У той час яна ёсць яркай праявай сучасных даследчыцкіх тэндэнцый у Нямеччыне, для якіх нямецкая акупацыйная палітыка ўяўляецца выключна палітыкай знішчэння. На думку рэцэнзента, без увагі засталіся падставы нямецкай акупацыйнай палітыкі, напруга ў адносінах, розныя праблемы, змены, а таксама вядзенне вайны Савецкім Саюзам.

Клаўс Ёхэн Арнольд

Мюнстэр


[1] Гл.: Bogdan M. Bilder einer Ausstellung. Kritische Anmerkungen zur Wanderausstellung «Vernichtungskrieg. Verbrechen der Wermacht 1941 bis 1944» // VJHZG (1999), Jg. 47, Heft 4, S.563—591; Krisztian U. Echte Bilder-problematichse Aussagen. Eine quantitative und qualitative Analyse des Bildmaterials der Ausstellung «VernichtungskriegVerbrecher der Wehrmacht 1941—1944» // GWU, Nr.10/1999. S. 584—595, а таксама Dieter S.-N. Die Tarnopol-Stellwand der Wanderausstellung «VernichtungskriegVerbrechend der Wehrmacht 1941 bis 1944» // Ebenda, S. 596-603.
[2] Гл.:Arno L. Zum Kampf auf Leben und Tod! Das Buch vom Widerstand der Juden 1933—1945. Köln, 1944. S. 370f.. Ausstellungskatalog: Vernichtungskrieg. Verbrechen der Wehrmacht 1941—1944, hrsg. vom Hamburger Institut fur Sozialforschung, 3. Auflage. Hamburg, 1997. S.144f. Тым часам з’явіліся новыя выданні.
[3] Гл.: Bernhard С. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weissrussland 1941—1944. Düsseldorf, 1998.
[4] Bundesarchiv — Militärarchiv. Korück 582, vom 7.10.1941. RH 23-228.

Dann kam die deutsche Macht (Юры Грыбоўскі)

Чэрвеня 6, 2000 |

Dann kam die deutsche Macht. Weissrussische Kinderhaftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941—1945. Eine Dokumentation / Frank Groskinsky, Andreas Hollender, Katja Matthias, Adrian Stellemacher, Bettina Vitt. Köln, 1999. 206.

Кніга падрыхтавана на сродкі нямецкіх складальнікаў, якія не з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі, а толькі аматарамі. Выданне складаецца з дзвюх частак. Першая — «Успаміны» 17 былых вязняў-беларусаў нацысцкіх канцлагераў пад час II сусветнай вайны, якія цяпер жывуць на Беларусі . Другая частка — «Укладанне», кшталту своеасаблівага дакументальнага дадатку або нямецкага даведніка пра Беларусь, пачынаючы з XIII ст. да 90-х г. XX ст.

Што тычыцца першай часткі кнігі, то запіс успамінаў былых вязняў канцлагераў зроблены прадстаўнікамі нямецкага антыфашысцкага моладзевага руху пад час знаходжання беларусаў летась у Нямеччыне. Сярод апытаных вязні не толькі такіх вядомых лагераў, як Майданэк, але і зусім невядомых (канцлагер Канстантынаў). Апытанні праводзіліся з нагоды прэзентацыі выставы «Невядомая вайна. Злачынствы Вермахту 1941—44 г.». Знаёмства з успамінамі дазваляе чытачу вачыма беларускага дзіцяці ўбачыць усе жахі лагернага існавання. У кнізе змешчаны аповеды людзей, якіх вайна напаткала ў розных кутках Беларусі — на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Меншчыне, што стварае даволі добрую панарамную карціну нямецкаму чытачу.

Даволі цікавы матэрыял з гістарычнага гледзішча змешчаны ў другім раздзеле кнігі. Ён падрыхтаваны дасведчанымі ў айчыннай гісторыі спецыялістамі з Беларусі і Нямеччыны. Адзін з падраздзелаў ахоплівае прамежак часу ад узнікнення беларускай дзяржаўнасці ў XIII ст. і да Рыжскага міру 1921 г., займаючы тры невялічкія абзацы. Тут згадваецца татара-мангольскае нашэсце, Люблінская унія 1569 г., бальшавіцкі пераварот 1917 г. і яшчэ колькі падзеяў. Трэба зазначыць, што аўтар не пільнаваўся дакладнасці ў датах і назвах. Так, сцвярджаецца, што Беларусь з XIII ст. увайшла ў літоўскае княства. Праўда, зазначаецца, што насельніцтва Беларусі размаўляла па-беларуску. Такую сціплую падачу звестак можна, пэўна, абгрунтаваць тым, што аўтар бачыў гэты падраздзел не самым галоўным сярод іншых.

Дастаткова падрабязна для нямецкага чытача распавядаецца гісторыя Беларусі з 1921 да 1945 г. У асобныя раздзелы вылучаны такія тэмы, як польская палітыка ў міжваенны час у дачыненні да заходнебе ларускага насельніцтва, БССР напярэдадні вайны, пакт Гітлера-Стал іна 23 жніўня 1939 г., савецкая партызанка пад час другой сусветнай вайны ў Беларусі, знішчэнне жыдоў гітлераўцамі, нацысцкая прапаганда на Беларусі. Адначасна з тэкстамі змяшчаюцца і карты (фармаванне тэрыторыі БССР у 1921-39 г.), малюнкі (антыпартызанскі плакат на беларускай мове), цікавыя фотаздымкі, карта размяшчэння партызанскіх зонаў з іх колькасным складам, узятая з аднаго з нямецкіх вайсковых нататнікаў групы Арміі «Цэнтр» ад 1 студзеня 1944 г.

Каб паказаць памеры ажыццяўлення галакосту на Беларусі, аўтары прыводзяць колькасць габрэйскага насельніцтва БССР напярэдадні нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Апрача таго, аўтары зважаюць на стан габрэяў і адносіны да іх пасля пакта Гітлера-Сталіна. Таксама зазначаецца, што на Беларусі пад час нямецкай акупацыі знішчалася габрэйскае насельніцтва з краін Заходняй Еўропы.

У асобным раздзеле «Партызанскі рух на Беларусі», апрача савецкай партызанкі, вылучаецца дзейнасць Арміі Краёвай і габрэйскі партызанскі збройны чын.

Сярод згаданых антысавецкіх рухаў у часе II сусветнай вайны тут выступае расійскі генерал Камінскі са сваёй брыгадай, якая доўгі час кватаравала на Наваградчыне. Чамусьці ні слова няма пра беларускія нацыянальныя вайсковыя фармаванні пад нямецкай камандай.

Заслугоўвае ўвагі шэраг невялічкіх даведкавых артыкулаў пад агульнай назвай «Гісторыя Беларусі з 1944 г.». Апрача звестак пра дзяржаўнае будаўніцтва ў паваеннай БССР, страты беларускага народа ў выніку вайны і інш., аўтар даводзіць пра наяўнасць сярод часткі беларускага грамадства антысавецкіх настрояў. У прыватнасці, згадваецца дзейнасць Саюза Беларускіх Патрыётаў (СБП) на Пастаўшчыне і Глыбоччыне. Аддаецца ўвага палітычным рэпрэсіям на Беларусі пасля вайны. Падаюцца таксама падзеі апошніх гадоў, адлюстроўваюцца асноўныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага жыцця Рэспублікі і яе эканамічны стан.

Пры канцы кнігі ёсць дадатак у выглядзе гістарычнага календара 1939—1945 г., дзе змяшчаецца шэраг асноўных датаў, звязаных, галоўным чынам, з палітыкай знішчэння цівільнага насельніцтва Беларусі пад час нямецкай акупацыі.

Апрача гэтага ёсць і тэматычны паказальнік шэрагу паняццяў, якія тычацца часоў акупацыйнага рэжыму на Беларусі і не толькі. Так, побач з даведкай пра СД можна ўбачыць адпаведны матэрыял наконт НКУС. Праўда, ёсць і пралікі. Так, апрача лагера смерці Малы Трасцянец, варта было б распавесці пра Баранавіцкае гета і іншыя буйныя месцы знішчэння цывільнага насельніцтва на Беларусі.

Калі казаць пра крыніцы, на падставе якіх падрыхтавана другая частка кнігі, то яны вельмі разнастайныя. Галоўным чынам аўтары абапіраліся, з аднаго боку, на нямецкія матэрыялы па ваеннай гісторыі і акупацыйным рэжыме ў Еўропе, у тым ліку і архіўныя, а з другога боку — на беларускую літаратуру апошніх гадоў, сярод якой праца Уладзіміра Адамушкі «Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі 20—50-х гг.» (Мінск, 1994), а таксама кніга «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў» (Мінск, 1997).

Нягледзячы на шэраг недакладнасцяў у гістарычных падзеях, кніга з’яўляецца адметнай з’явай, яна будзе добрым даведнікам пра нашу краіну для замежнага чытача. Дзякуючы гэтай працы нямецкія аматары гісторыі могуць даведацца пра сапраўдны цяжар II сусветнай вайны, які выпаў на Беларусь. Апрача таго, шмат каму з нямецкіх чытачоў другі раздзел кнігі падасца добрым экскурсам у гісторыю Беларусі, паколькі пра большасць праблемаў, узнятых у гэтай працы, яны даведаюцца ўпершыню. Добрае спалучэнне ўспамінаў сведкаў вайны са змястоўным гістарычным даведнікам робіць кнігу даступнай і зручнай для чытання.

Юры Грыбоўскі
Менск

Spod Monte Cassino na Sybir (Юры Грыбоўскі)

Чэрвеня 5, 2000 |

Spod Monte Cassino na Sybir. Deportacja byłych żołnierzy Polskich sił zbrojnych na Zachodzie z Białorusi, Litwy i Ukrainy w 1951 roku. Warszawa, 1998.

Гэтая кніга цалкам складаецца са спісаў дэпартаваных з тэрыторыі савецкіх Беларусі, Літвы і Ўкраіны былых жаўнераў Корпуса Андэрса, які пад час другой сусветнай вайны ваяваў супраць гітлераўцаў у Італіі. На старонках працы змешчаны звесткі пра былых «андэрсаўцаў». З іх 888 асобаў складаюць тыя, хто ў ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 г. паводле распараджэння спецыяльнай калегіі пры Міністэрстве Дзяржаўнай Бяспекі СССР быў разам з сем’ямі выселены ў Іркуцкую вобласць, на г. зв. спецпасяленні з тэрыторыі Савецкай Беларусі.

Спіс высяленцаў падрыхтаваны вядомым беларускім гісторыкам Уладзімірам Адамушкам, які займаецца тэмай палітычных рэпрэсіяў 20—50–х г. на Беларусі, на падставе дакументаў з цэнтральнага Архіва Міністэрства Ўнутраных Справаў Рэспублікі Беларусь. Гэты спіс быў дапрацаваны польскімі даследчыкамі, у выніку чаго на кожнага «андэрсаўца» склаўся своеасаблівы жыццяпіс: адзначаюцца вайсковыя часткі, у якіх служыў чалавек пад час I і II сусветных войнаў ці ў міжваенны час; месца, куды быў выселены жаўнер; імёны сваякоў, з якімі яго выселілі; лёс пасля вяртання з спецпасялення; узнагароды, якімі ганаравалі ваяра. Дарэчы, апошні паказчык даволі карысны ў тым сэнсе, што гэткім чынам можна даведацца, у якіх ваенных баталіях удзельнічала асоба. Так, паводле спісу звыш паловы былых вайскоўцаў Польскіх Збройных Сілаў на Захадзе (ПЗСЗ) удзельнічалі ў бітве за Монтэ–Касіна (травень 1944), бо былі ганараваныя памятным крыжам Монтэ–Касіна.

Апрача вайскоўцаў 2–га Польскага Корпуса генерала Уладыслава Андэрса ў ліку дэпартаваных і жаўнеры са складу 1–га Польскага Корпуса і польскай ваеннай авіяцыі, якія ў часе вайны кватаравалі на Брытанскіх выспах. Сустракаюцца і ўдзельнікі баёў з нямецкімі войскамі ў Паўночнай Афрыцы, на італьянскай паўвыспе ды інш. Шмат хто з лётчыкаў браў удзел у паветраных бамбаваннях Нямеччыны. Варта зазначыць, што сярод дэпартаваных у 1951 г. былых вайскоўцаў ПЗСЗ трапляюцца прозвішчы людзей, якія ніколі там не былі, але трапілі пад спецпасяленні за гэткія дробязі, як шчырае сяброўства з сем’ямі былых «андэрсаўцаў» або частае гасцяванне ў іх.

Усе асобы са спісу, скончыўшы свой шлях жаўнера II сусветнай вайны ў Вялікай Брытаніі ў 1946 г., дзе адбывалася расфармаванне ixных злучэнняў, павярталіся пры канцы 40–х г. у тыя мясціны, адкуль яны самі паходзілі і дзе засталіся да вайны сем’і. Адпаведна, вайскоўцы польскага паходжання маглі вяртацца ў Польшчу, а на «Крэсы Ўсходнія» патрапілі беларусы — грамадзяне II Рэчы Паспалітай. Bядома, што не менш за 1/3 вайскоўцаў Арміі Андэрса складалі беларусы.

Увагі беларуcкага даследчыка заслугоўвае і спіс дэпартаваных вайскоўцаў ПЗСЗ з Літвы. Яны таксама маюць непасрэднае дачыненне да айчыннай гісторыі, таму што былыя жаўнеры са спісу — нараджэнцы пераважна Віленшчыны. А ведаючы яе нацыянальны склад у міжваенны перыяд, можна лічыць дэпартаваных за беларусаў, пра што яны ўласна сведчылі пры жыцці. Тым болей, што ў спісе рэпрэсаваных у 1951 г., які складаецца з 40 асобаў, няма ніводнага літоўскага прозвішча. Праўда, сам чалавек з–за адсутнасці нацыянальнай свядомасці мог лічыць сябе палякам.

Звесткі пра дэпартаваных грунтуюцца цалкам на дакументальных крыніцах і польскай вайсковай літаратуры, таму кніга з’яўляецца вельмі дасканалай. Зразумела, што дзеля паўнавартасных даследаванняў у гэтым кірунку адной такой працы мала, бо значная частка нашых землякоў з ліку вайскоўцаў ПЗСЗ засталася пасля вайны на эміграцыі. Апрача тэкстаў, кніга насычана рэдкімі фотаздымкамі баявога шляху Арміі Андэрса, выняткамі са справаў пад час арышту былых жаўнераў ПЗСЗ. Кніга даволі зручная ў карыстанні — ёсць шэраг тлумачэнняў асноўных скарачэнняў, алфавітны паказчык і інш.

Юры Грыбоўскі

Менск


Катковіч, Анеля; Катковіч–Клентак, Вераніка. Успаміны (Алена Арэшка)

Чэрвеня 4, 2000 |

Катковіч, Анеля; Катковіч–Клентак, Вераніка. Успаміны. Беласток, Беларускае Гістарычнае Таварыства, 1999. 142.

Надрукаваныя мемуары беларусаў дагэтуль можна было літаральна пералічыць на пальцах. Быццам беларусы іх увогуле не пісалі, або пісалі вельмі мала і хавалі ад публікі. Зразумела, каб пісаць цікавыя для іншых успаміны, трэба не толькі ўмець паглядзець на падзеі збоку, асэнсаваць сваё месца ў гісторыі і запісаць іх больш–менш літаратурнаю моваю, трэба таксама не баяцца зрабіць гэта адкрыта і не хвалявацца потым за лёс свой і сваіх блізкіх. Іншымі словамі, мемуары — гэта выяўленне вольнага чалавека, які ведае цану сабе і свайму досведу і хоча паведаміць пра іх свету… Лёс ледзь не кожнага свядомага беларуса звычайна не ўкладваўся ў рамкі савецкіх схемаў і тых стэрэатыпаў, што запанавалі ў свеце пасля заканчэння II сусветнай вайны ў поглядах на падзеі вайны і першай паловы ХХ ст. Вось чаму мемуары ў пэўных абставінах становяцца справаю досыць рызыкоўнаю. І таму любое зафіксаванае сведчанне неадназначнасці беларускага лёсу, беларускага шляху — каштоўны ўнёсак у разуменне нашай гісторыі. Беларускае Гістарычнае Таварыства ў Беластоку рэгулярна выдае кнігі, якія, напэўна, яшчэ не змаглі б быць надрукаваныя ў Беларусі (прынамсі, у дзяржаўных выдавецтвах). Апошняе выданне гэтай своеасаблівай серыі — успаміны Анелі Катковіч і Веранікі Катковіч–Клентак. Кніга складаецца з уводзінаў, якія напісалі Алена Глагоўская і Янка Жамойцін, саміх успамінаў, а таксама заўвагаў, каментароў і некалькіх дзесяткаў фотаздымкаў. Выдадзеная яна ў 1999 г. пры фінансавай дапамозе Міністэрства Культуры і Нацыянальнай Спадчыны Польшчы.

Успаміны сясцёр Каткавічанак, якія чытаюцца адным подыхам, напісаныя як бы пункцірам — некаторыя падзеі вылучаюцца, некаторыя затушоўваюцца. Безумоўна, не ўсё памятаецца аднолькава, але часам здаецца, што рукою Веранікі і Анелі рухала несвядомае жаданне апраўдацца, а некаторыя рэчы схаваць паміж радкоў. Так, праца і жыццё ў Менску пад час нямецкай акупацыі прагавораны хутка і без падрабязнасцяў, асабліва ў Анелі, і тлумачыцца гэта пэўна, тым, што пісала яна свае ўспаміны ў 60—70–я г., калі панавалі адназначныя погляды на сітуацыю пад час вайны. А шкада, бо сёстрам было пра што распавесці — Анеля працавала перакладчыцай у менскай гарадской управе, а Вераніка, якая з дапамогаю Івана Ермачэнкі паступіла ў Менскую медычную школу, была намесніцай кіраўнічкі Саюза Беларускай Моладзі Надзеі Абрамавай. Найбольш дэталёвымі аказаліся радкі ўспамінаў Анелі, прысвечаныя дзяцінству і бацькам. Вераніка пра гэта не піша, бо гадавалася без бацькоў, якія рана памерлі. Падрабязнасці побыту, апісанне святкаванняў Калядаў, Вялікадня, успаміны пра вечарыны, звычаі, хатнія стравы амаль што фізічна даносяць да нас вобраз даваеннай Заходняй Беларусі, якая, нягледзячы на ўсе абставіны, развівалася, калі можна так мовіць, нармальна — гэта значыць, што беларускі характар, традыцыі, а, галоўнае, мова, няхай і не ў самых спрыяльных умовах, але існавалі і мелі перспектыву развіцця. Каткавічанкі нарадзіліся ў Будславе. Гэтае мястэчка праз сваіх слаўных прадстаўнікоў — такіх, як Вінцэнт Жук–Грышкевіч, Эдвард Будзька, Паўліна Мядзёлка — даказала, разам з іншымі местамі, мястэчкамі і вёскамі Заходняй Беларусі, што ў краі ёсць вялікі патэнцыял, які пачаў рэалізавацца дзякуючы гістарычным падзеям пачатку стагоддзя. З падобных мястэчак у тыя гады натуральным быў шлях здольнай і актыўнай часткі беларускай моладзі да навукі — Анеля, напрыклад, патрапіла ў славутую Першую Беларускую Гімназію ў Вільні, якую закончыла ў 1934 г. Потым працягвала вучыцца ў Віленскім універсітэце, дзе актыўна ўлучылася ў дзейнасць Беларускага Студэнцкага Саюза, спявала ў хоры Рыгора Шырмы і нават рэдагавала дзіцячы часопіс, але ўспаміны яе з тых гадоў, нягледзячы на россып імёнаў, на жаль, вельмі суб’ектыўныя і кароткія. Сціпла падае Анеля інфармацыю пра далейшыя падзеі — праца ў будслаўскай школе пры саветах, пачатак вайны, акупацыя, уцёкі ў Нямеччыну ў 1944 г. і праца ў польскай рэпатрыяцыйнай місіі ў Берліне. Але нават і гэтыя штрыхі, дзякуючы пэўным дэталям, дазваляюць амаль асязальна адчуць вобраз эпохі і зразумець немагчымасць паводзіць сябе і трымацца па–іншаму ў абставінах, падрыхтаваных для беларусаў чужою воляю… Каткавічанкі былі дэпартаваныя ў СССР як былыя грамадзянкі, дзе іх чакалі арышт і па 10 гадоў папраўчых лагераў. Па колькасці старонак лагерныя ўспаміны займаюць амаль што палову пададзенага ў кнізе тэксту. Глыбокі след у свядомасці сясцёр пакінулі ірацыянальнасць абвінавачванняў, фізічныя і маральныя здзекі, якія яны перанеслі ў турме і лагерах, а таксама іх супольная асабістая трагедыя — Вераніку арыштавалі цяжарную, і яна страціла ў няволі сына. І толькі ўспаміны пра даўняе даваеннае жыццё, якое адбывалася па нармальных, людскіх, а значыць, і боскіх законах, ратавалі іх у самыя цяжкія моманты. Пасля вызвалення ў 1958 г. шлях сясцёр ляжаў у Польшчу — з вялікага лагера на адносную вольнасць.

Успаміны Веранікі і Анелі Катковіч разлічаныя на шырокага чытача, якому, пашыраючы веданне акалічнасцяў гісторыі, дапамогуць пазбавіцца артадаксальнасці і шораў. Жывая гісторыя, агучаная, няхай суб’ектыўна і фрагментарна, яе неабыякавымі сведкамі, удакладняе сапраўдную гісторыю Беларусі ХХ ст., дагэтуль яшчэ не дапісаную. Суцяшае толькі, што дзякуючы намаганням беларусаў на эміграцыі і на бацькаўшчыне, такія сведчанні друкуюцца ўсё часцей, што само па сабе стварае процівагу афіцыйнай хлусні і ўстойлівым савецкім забабонам, якія сёння актыўна аднаўляюцца.

Алена Арэшка

Менск

Галоўная » Архіў катэгорыі '2000 Т.7 Сш. 1'