Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2000 Т.7 Сш. 2

The Icon Critical Dictionary of Postmodern Thought. Ed. By Stuart Sim. (Марына Сакалова)

Снежня 16, 2000 |


The Icon Critical Dictionary of Postmodern Thought. Ed. By Stuart Sim. Icon Books Ltd Cambridge 1998. 2ed. 1999.

„Крытычны слоўнік постмадэрнісцкай думкі”, складзены Сцюартам Сімам, прафесарам Сандэрлэндскага універсітэта, вытрымаў тры выданні: два — у 1998 і адно — у 1999 г. Гэта ўсебаковы агляд інтэлектуальных пераменаў і феноменаў, якія змянілі культурныя перспектывы грамадства. Слоўнік падзелены на дзве часткі: 1) эсэ, 2) імёны і тэрміны. Нарысы першай часткі прысвечаны выяўленню постмадэрнісцкіх тэндэнцый у філасофіі, культуралогіі, палітыцы, навуцы, тэхналогіі, архітэктуры, мастацтве, фемінісцкіх тэорыях, музыцы, поп-культуры, кінематографе і г.д. Не абышоў складальнік слоўніка ўвагай і такія пытанні, як постмадэрнізм і стылі жыцця, постмадэрнізм, сучаснасць і традыцыя расколу. Другая частка — гэта даведнік „хто ёсць хто” і „што ёсць што” ў постмадэрнісцкім руху. Выразныя і сціслыя дэфініцыі слоўніка дапамагаюць зарыентавацца ў складанай тэрміналогіі, у незразумелым і невыразным постмадэрнісцкім жаргоне.

Сім адзначае, што пры складанні слоўніка карыстаўся разуменнем постмадэрнізму як шырокага культурнага, філасофскага і палітычнага руху, для якога характэрнае скептычнае стаўленне да шматлікіх фундаментальных для заходняй думкі і сацыяльнага жыцця прынцыпаў і пасылак: веры ў непазбежнасць прагрэсу ва ўсіх сферах жыцця, у сілу розуму і г.д. Па меркаванні складальніка, постмадэрнізм упісваецца ў традыцыю філасофскага скептыцызму (тэхнічны тэрмін для такога роду філасофствавання — антыфундаменталізм). Вось чаму постмадэрнізм шмат чым абавязаны філосафу-іканаборцу Ф. Ніцшэ з яго заклікам да „пераацэнкі каштоўнасцяў”. Як сучасная версія скептыцызму постмадэрнізм больш займаецца крытыкай спробаў стварэння абагульняльных тэорый, чым пабудовай уласнай пазітыўнай тэорыі. Цікава, што і постструк туралізм — аснову постмадэрнісцкай ідэалогіі — Сім азначае не як філасофскі кірунак, а як шырокі культурны рух, што ахапіў розныя інтэлектуальныя дысцыпліны.

Складальнік слоўніка прапануе і сваю гісторыю тэрміна „постмадэрнізм”. Ён адзначае, што слова ўвайшло ва ўжытак пасля публікацыі эсэ англійскага пісьменніка Дж.Барта „The Literature of Exhaustion” (1967), якое стала лічыцца маніфестам постмадэрнісцкай літаратуры, і кнігі Ч.Джэнкса „The Language of Post-Modern Architercture” (1975). У 80-х г. Джэнкс пашырыў сваё паняцце на іншыя галіны культуры. Далейшая канцэптуалі зацыя тэрміна адбылася ў працах Ж.-Ф. Лётара і Ж.Бадрыяра.

У частку „Імёны і тэрміны” ўведзены кароткія нарысы як пра найбольш уплывовых тэарэтыкаў постмадэрнізму[1], так і пра яго крытыкаў[2]. Адпаведна свайму разуменню постмадэрнізму як шырокага культурнага, палітычнага і філасофска га руху складальнік змясціў нарысы пра тэарэтыкаў фемінізму[3], пісьменнікаў[4], культурных тэарэтыкаў і літаратурных крытыкаў[5], мастакоў[6], музыкантаў[7], архітэктараў[8] і рэжысёраў[9]. Увайшлі ў слоўнік і імёны філосафаў, сацыёлагаў, антраполагаў, псіхолагаў, навукоўцаў, тэксты якіх знаходзяцца ў фокусе постмадэрнісцкага тэарэтызавання[10].

Трэба адзначыць, што вартасць кнігі не ў глыбіні аналізу. Здаецца, складальнік паставіў перад сабой задачу характары заваць тэрміны перш за ўсё як элементы шырокага постмадэрнісцкага дыскурсу[11]. Пра гэта сведчыць і тэматыка артыкулаў слоўніка, і змест гэтых артыкулаў.

Так, у слоўніку ёсць артыкулы пра разуменне ў постмадэрнісцкім руху такіх паняццяў, як тэкст (Ж.Дэрыда), знак (Ж.Дэрыда, Г.Співак, Р.Барт, Ж.Бадрыяр), жаданне (Ж.Дэлёз, Ф.Гватары, М.Фуко, Ж.-Ф.Лётар), суб’ект (Р.Барт, М.Фуко, Ж.Дэлёз, Ф.Гватары), генеалогія і археалогія (М.Фуко), полісемія (Р.Барт), гегемонія, рэпрэзентацыя, легітымацыя (Ж.Дэрыда, Ж.-Ф.Лётар, Ж.Бадрыяр), паганізм (Ж.-Ф.Лётар); тэрмінаў, створаных тэарэтыкамі постмадэрнізму[12]; наватворы з прыстаўкай пост-[13] у шырокаўжываным постмадэрнісцкім жаргоне[14].

Для характарыстыкі стылю тлумачэння можна прывесці параўнанне трактоўкі паняцця „хора” ў слоўніку Сіма і ў кнізе расійскага даследчыка І. Ільіна[15]. Ільін так тлумачыць „хору”[16]:

Юлия Кристева „попыталась обозначить «хорой» то, что у Лакана носит название «реального», обусловив ее функционирование действием «семиотического», в свою очередь порождаемого пульсационным, «дерганным», неупорядоченным ритмом энергии либидо. Тот, условно говоря, «слой», который образуется «над» первично разнородными, т. е. гетерогенными по своей природе импульсами (Кристева недаром использует выражение «пульсационный бином») и уже претендует на какую-то степень «упорядоченности», поскольку в нем живая энергия либидо начинает застывать, тормозить ся в «стазах» и представляет собой «хору» — неэкспрессив ную целостность, конструируемую этими импульсами в некую непостоянную мобильность, одновременно подвижную … регламентируемую» «Специфической особенностью Кристевой было то, что она придала «хоре» подчеркнуто семиотический характер. Исследовательница никогда не скрывала специфичность своего толкования «хоры»:

«Если наше заимствование термина «хора» связано с Платоном, следовавшим в данном случае, очевидно, за досократиками, то смысл, вкладываемый нами в него, касается формы процесса, который для того, чтобы стать субъектом, преодолевает им же порожденный разрыв (имеется в виду лакановская концепция расщепления личности — И. И.) и на его месте внедряет борьбу импульсов, одновременно и побуждающих субъекта к действию и грозящих ему опасностью. Что же такое все-таки «хора»? Это, очевидно, самый поверхностный бессознательный уровень деятельности либидо, то «предпороговое состояние» перехода бессознательного в сознательное, которое пыталась уловить и зафиксировать Кристева. Тщетно было бы стараться найти у исследовательницы достаточно четкую систематику этого перехода: иррациональ ное всегда с трудом переводится на язык рациональности. Фактически, как это объясняется в «Революции поэтическо го языка», «хора» у Кристевой сливается с гено-текстом, да и с «семиотическим диспозитивом». Заманчиво было бы, конечно, выстроить стройную иерархию: хора, гено-текст, семиотический диспозитив, фено-текст, — но мы не найдем четких дефиниций — все осталось (и не могло не остаться) на уровне весьма приблизительной и мало к чему обязывающей описательности, позволяющей делать довольно противоречивые выводы».

А вось слоўнікавая трактоўка (с.212):

У платонаўскім „Тымеі” хора — гэта безыменнае, зыбкае сховішча, якое існавала да з’яўлення Адзінага. У постмадэрнісцкім ужывнні хора, галоўным чынам, азначае месца недыферэнцаванага быцця і звязана з перажываннем еднасці з мацярынскім целам як з бясконцай прасторай. У прыватнасці, у працах Ю. Крысцевай хора — гэта прадазначальныя сляды (presignifying traces), якія ляжаць у аснове і час ад часу прабіваюцца праз парадак азначэння (signification). Агульная цялесная прастора маці і дзіцяці супраціўляецца рэпрэзентацыі, пры гэтым яна адчуваецца як жаданне, як жудаснае ці містычнае. Хора як мацярынскае жаданне пагражае дэстабілізацыяй канечнага адзінства і аўтаномнай ідэнтычнасці сучаснага „чалавека”.

Відавочна, што складальнік слоўніка імкнуўся даць тэрмінам найбольш сціслае тлумачэнне, звяртаючы ўвагу не на глыбокае раскрыццё паняццяў, а на найбольш агульнае іх разуменне. І ў гэтым — прычына папулярнасці выдання. Можна цалкам пагадзіца з меркаваннем аднаго з рэцэнзентаў, змешчаным на вокладцы: „Я б рэкамендаваў кожнай сям’і набыць два экзэмпляры гэтага слоўніка. Адзін — для падлеткаў…; а другі — для бацькоў, каб яны … зноў і зноў не пыталіся, што такое метанаратыў”.

Менск

Марына Сакалова


[1] Deleuze G. (1925—1995), Derrida J. (н. 1930), Faucault M (1926—1984), Levinas E. (1905—1995), Lyotard J-F. (н. 1928), Rorty R. (н. 1931), Vattimo G. (н. 1936) Baudrillard J. (н.1929), Bauman Z. (н. 1925), Baurdieu P. (н. 1930), Giddens A. (н.1938), Barthes R. (1915—1986), Guattari F. (1930—1992), Lacan J. (1901—1981) і інш.
[2] Нabermas J. (н.1929), Jameson F. (н.1934), Eaglton T. (н. 1943).
[3] Bradotti R. (н.1954), Cixous H. (н. 1937), Irigary L. (н.1932), Jardine A. (н.1951), Spivak G. (н. 1941), Wolf N. (н.1962), Young I. ( н.1949) і інш.
[4] Acker K. (1948—1997), Acroyd P. (н. 1949), Amis M. (н.1949), Auster P. (н.1947) Baker N. (н. 1957), Banwille J. (н. 1945), Barth J. (н. 1930), Barthelme D. (1931—1989), Calvino I. (1923—1987), Carter A. (1947—1992), Coover R. (н. 1932), Coupland D. (н. 1961), Dellilo D. (н. 1936), Eagleton T. (н.1943), Eco U. (н.1932), Ellis B. (н. 1964), Federman R. (н. 1928), Gibson W. (н. 1948), Pynchon T. (н. 1937), Sukenicki R. (н. 1932), Vonnegut K. (н. 1922) і інш.
[5] Belsey K. (н. 1940), Benjamin W. (1892—1942), Bhabha H. (н. 1949), Bloom H. (н. 1930), De Man P. (1919—1983), Dollimor J. (н. 1948), Gates H. (н. 1950), Hartman G. (н. 1929), Hassan I. (н. 1925), Kroker A. (н. 1945), Mcluhan M. (1911—1980), Miller H. (н. 1928), Norris C. (н. 1947), Paglia C. (н. 1947), Said E. (н. 1935), Sifield A (н. 1941), Hawkins S. (н. 1942), Mandelbort B. (н. 1920), Penrose R. (н. 1931) Thom R (н. 1923) і інш.
[6] Beuys J. (1921—1986), Halley P. (н. 1953), Kreifer A. ( н. 1945), Koons J. (н. 1955), Phillips T. (н. 1937), Prince (н. 1958), Sherma S. (н. 1954).
[7] Adams J. (н. 1947), Anderson L. (н. 1947), Вryars G. (н. 1943), Eno B. (н. 1948), Fitkin G. (н. 1963), Madonna (н. 1958), Nyman M (н. 1944), Reich S. (н. 1936), Riley T. (н. 1935).
[8] Bofill R. (н. 1939), Frampton K. (н. 1930), Koolhaas R.(н. 1944), Jenks Ch. (н. 1939), Tshumi B. (н. 1944), Stirling S. (1926—1992), Venturi R. (н. 1925) і інш.
[9] Greenway P. (н. 1942), Lynch D.(н. 1946).
[10] Adorno N. (1903—1969), Berlin I. (1906—1997), Feyerabend P. (1924—1994), Heidegger M. (1889—1975), Horkheimer M. (1895—1973), Husserl E. (1859—1938), Kant I. (1724—1804), Kuhn T. (н. 1922), Marx K. (1818—1883), Nietzche Fr. (1884—1900), Fukuyama (н. 1952), Laclau E. (н. 1935), Mauffe C. (н. 1943), Geertz C. (н. 1926), Levi-Strauss C. (н. 1908), Freud Z. (1856—1939) і інш.
[11] Слова «дыскурс» у сучаснай айчыннай літаратуры ўжываецца вельмі адвольна, таму мы лічым неабходным прывесці дакладнае «слоўнікавае» значэнне гэтага тэрміна. „Дискурс — произвольный фрагмент текста, состоящий более чем из одного предложения или независимой части предложения. Часто, но не всегда, концентрируется вокруг некоторого опорного концепта; создает общий контекст, описывающий действующие лица, объекты, обстоятельства, времена, поступки и т.п., определяясь не столько последовательностью предложений, сколько тем общим для создающего дискурс и его интерпретатора миром, который «строится» по ходу развертывания дискурса, это точка зрения «этнографии речи». Исходная структура для дискурса имеет вид последовательности элементарных пропозиций, связанных между собой логическими отношениями конъюнкции, дизъюнкции и т.п. Элементы дискурса: излагаемые события, их участники, перформативная информация и „не-события”, т.е. а) обстоятельства, сопровождающие события; б) фон, поясняющий события; в) оценка участников событий; г) информация, соотносящая дискурс с событиями” ( Англо-русские термины по прикладной лингвисти ке. Вып. 2. Методы анализа текста // Всесоюзный центр переводов. Тетрадь новых терминов. Москва: Наука, 1982. Вып. 39. С.7); Дискурс — связный текст в совокупности с экстралингвистическими (прагматическими, социокультурными, психологическими и др. факторами); текст, взятый в событийном аспекте; речь, рассматриваемая как целенаправленное социальное действие, как компонент, участвующий во взаимодействиях людей и в механизмах их сознания (когнитивных процессах). «Дискурс — речь, погруженная в жизнь». Дискурс понимается как последовательность речевых актов» (Лингвистический энциклопедический словарь. Москва, 1990).
[12] Дэканструкцыя, рассейванне, след, тэкст, саскрабанне (erasure), differance — Ж.Дэрыда; тэрытарыяльнасць, рызома, Desiring-macines — Ж.Дэлёз і Ф.Гватары; гнуткасць (sveltness), sublime (узвышанае, высокае), differend, вялікі наратыў (метанаратыў), малы наратыў — Ж.-Ф.Лётар; тэкст-чытанне і тэкст-пісьмо (writerly texts and readerly texts) „смерць аўтара” — Р.Барт; jouissanse аб’екцыя, інтэртэкстуальнасць — Ю.Крысцева; апустыньванне, сімулякр, сімуляцыя, гіперрэальнасць — Ж.Бадрыяр, двайное кадаванне — Ч.Джэнкс.
[13] Постмарксізм у двух сэнсах: адмаўленне ад марксізму — пост-марксізм, перагляд марксізму пост-марксізм; постмадэрнісцкая навука (навука, якая імкнецца адкрываць новыя невядомыя вобласці, а не ведаць больш; якая больш зацікаўлена ў адкрыці невядомых тэрыторый, чым у вырашэнні праблем); постгуманізм як супрацьлегласць „праекту Асветы”; посткаланіялізм; постфемінізм; постфіласофія, для якой характэрны плюралізм і несупастаўляльнасць моўных гульняў і інш.
[14] Віртуальная рэальнасць, запінг, кіберпанк, кіберпрастора, кібарг, штучны інтэлект, штучнае жыцце, гіпертэкст.
[15] Ильин И.П. Постструктурализм. Деконструктивизм. Постмодернизм. Москва: Интрада, 1996. 256 с.
[16] Тамсама. С. 129—132.

Наверх

Bialoruskie Zeszyty Historyczne Nr 1—14 (Аляксандр Краўцэвіч)

Снежня 15, 2000 |

Віałoruskie Zeszyty Historyczne Nr 1—14, Białystok 1994—2000. (red. J.Kalina: Nr. 1—4, E. Mironowicz: Nr. 5—14).

„Беларускі Гістарычны Зборнік“ (Віałoruskie Zeszyty Historyczne) з першых сваіх нумароў перайшоў рамкі ад пачатку падрыхтаванай яму ролі маргінальнага выдання адной з нацыянальных меншасцяў Трэцяй Рэчы Паспалітай. Звязаўшы асноўны свой кірунак — гісторыю беларуска–польскага памежжа — з асвятленнем агульных праблемаў беларускай гісторыі, выдаўцы зборніка перанесліся праз усходнюю мяжу і паставілі свой паўгадавік на заўважнае месца сярод выданняў метраполіі. Месца гэтае сапраўды адметнае па дзвюх прычынах. Па–першае, на беларускім рынку гістарычнай літаратуры цяжка згубіцца, бо ён амаль пусты. Па–другое, зборнік сам па сабе — салідны навуковы перыёдык. Даваць яму такую ацэнку на сённяшні дзень уяўляецца цалкам правамерным, бо за мінулыя ад пачатку выдання сем гадоў і чатырнаццаць выдрукаваных нумароў БГЗ, несумненна, набыў уласнае аблічча.

Адна з выразных рысаў гэтага аблічча — дамінаванне ў выданні матэрыялаў з найноўшай гісторыі. Такая дыспрапорцыя дакладна адлюстроўвае агульную сітуацыю ў беларускай гістарыяграфіі як у краіне, так і за мяжой, і тут нічога нельга змяніць, па меншай меры, у бліжэйшае дзесяцігоддзе. Важна, аднак, што зборнік друкуе тэксты з сапраўды беларускай суб’ектнай гістарыяграфіі, якая разглядае гісторыю краіны з пазіцыі „рацыі стану“ яе народа. На ягоныя старонкі не пранікаюць (за вельмі рэдкім выключэннем) узоры неасавецкай, каланіяльнай па сваёй сутнасці, гістарыяграфіі, якая сёння на Беларусі стала афіцыёзам.

Аксіёма „народ — суб’ект уласнай гісторыі“ з’яўляецца ідэалагічным падмуркам нацыянальнай гістарыяграфіі кожнай краіны і ўспрымаецца грамадствам як нешта бясспрэчнае і натуральнае. З гэтай прычыны і небеларускія аўтары „Беларускага Гістарычнага Зборніка“ ў сваіх тэкстах прымаюць пад увагу беларускую рацыю стану. Анамальная сітуацыя ў самой Беларусі, дзе пад патранатам рэжыму Лукашэнкі ўзмацняе свае пазіцыі прарасейская гістарыяграфія, замежнымі гісторыкамі ўспрымаецца як недарэчнасць. Часта ўспамінаецца здзіўлены выраз твару добрага гісторыка і калегі з Торуня Збігнева Карпуса, калі пасля прачытання кнігі пра стварэнне БССР ён наіўна запытаўся: „Чаму не ўсе беларускія гісторыкі пішуць гісторыю Беларусі, зыходзячы з яе інтарэсаў?“

Сёння „Беларускі Гістарычны Зборнік“ — адзін з двух вядучых, побач з „Беларускім Гістарычным Аглядам“, беларускіх навуковых выданняў у галіне гісторыі. Абодва гэтыя перыёдыкі маюць яшчэ адну агульную рысу — поўную адсутнасць узаемасувязяў (ідэалагічных, фінансавых ці якіх іншых) з беларускімі ўладамі. Адзіны ў краіне дзяржаўны „Беларускі гістарычны часопіс“ за апошнія пяць гадоў моцна дэградаваў у выніку, па–першае, няўдалага пераўтварэння яго ў „часопіс для настаўнікаў“, па–другое, з–за празмернага запабягання перад уладамі (напрыклад, публікацыя хронікі жыцця Лукашэнкі). Спробы стварэння іншых навуковых часопісаў, у тым ліку нашага гарадзенскага „Гістарычнага Альманаху“, яшчэ рана ацэньваць як стабільна рэалізаваныя. Адсюль вынікае, што „Беларускаму Гістарычнаму Зборніку“ незалежна ад жадання ці нежадання ягоных творцаў давядзецца выступаць у ролі лідэра беларускай гістарычнай перыёдыкі на працягу не акрэсленага дакладна часу.

Акрамя таго, БГЗ ідэальна надаецца для рэалізацыі яшчэ адной надзвычай важнай справы, а менавіта — арганізацыі на яго старонках навуковага дыялога–дыскусіі (а не спрэчкі) паміж польскімі і беларускімі гісторыкамі па праблемах нашай агульнай гісторыі. Выпрацоўка прымальных для абодвух бакоў падыходаў да ацэнкі такіх важных падзеяў і з’яваў, як унія ВКЛ з Польшчай, польска–беларускія міжэтнічныя стасункі (гісторыя палякаў у Беларусі і беларусаў у Польшчы) ад Сярэднявечча да Новага часу, палітычна–нацыянальныя адносіны ў найноўшы час, патрэбна не толькі для развіцця гістарычнай навукі. Такія навуковыя даследаванні, несумненна, акажуць свой уплыў і могуць стаць мадэллю для пабудовы беларуска–польскіх міждзяржаўных узаемаадносінаў пасля вяртання Беларусі на шлях дэмакратыі. Навукоўцам варта ўжо цяпер працаваць, каб быць гатовымі да такой змены. Змешчаны ў апошнім нумары (№14) артыкул люблінскага этнолага Рышарда Радзіка «Вобраз Польшчы і Расеі ў „Кароткай гісторыі Беларусі“ Вацлава Ластоўскага» ўжо самой назвай просіцца да абвяшчэння яго пачаткам такой дыскусіі–дыялога.

Да лідэра заўжды завышаныя патрабаванні. Зыходзячы менавіта з такой пазіцыі, лічу, што галоўны кірунак паляпшэння БГЗ — павышэнне ўзроўню культуры выдання. Зборніку яўна бракуе тэхнічнай завершанасці, і гэта відаць практычна на кожным выдадзеным нумары. Для ўсіх ягоных стваральнікаў зборнік — грамадская справа, другасная пасля асноўнага занятку. Аднак падрыхтоўка выдання такога кшталту патрабуе шмат кваліфікаванай тэхнічнай працы, якая мае добры вынік пры ўмове арганізацыі яе на сталай аснове. Фармаванне рэдакцыйнага партфелю (БГЗ не можа паскардзіцца на недахоп аўтараў) і зместу кожнага нумару належыць да кампетэнцыі найперш рэдакцыйнай рады. Затое давядзенне яго да ладу — задача рэдактарская ды сакратарская, і забірае яна намнога больш часу і высілкаў.

Рэдакцыя пакідае за сабой права праўкі стылю тэкстаў без кансультацыі з аўтарам. У выніку праз скарачэнне часу падрыхтоўкі тэксту да друку дасягаецца аператыўнасць выдання. Аднак пры гэтым губляецца нешта іншае, на мой погляд, больш істотнае, а менавіта — дакладнасць перадачы аўтарскай думкі і часта з тым звязаная дакладнасць факталагічная. У выпадку з маімі тэкстамі практычна ніводная рэдакцыйная праўка не абышлася без памылак. Або пераблытаныя нумары і подпісы пад ілюстрацыямі („Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы“, № 8), або зроблены арфаграфічныя памылкі і скажоны сэнс выказвання. Характэрны выпадак у № 11 (артыкул „Formowanie się koncepcji genezy Wielkiego Księstwa Litewskiego w polskiej historiografii“) на с. 7 і 8. З–за рознага прачытання адной літары — „и“ ці „й“ у летапісным слове „старейшей(и)“ (адсюль выснова пра наяўнасць аднаго ці некалькіх вялікіх князёў на Літве ў 1219 г.) — у польскай гістарыяграфіі разгарэлася цэлая дыскусія пра генезіс ВКЛ. Пад час праўкі майго артыкула рэдактар змяніў у тым слове іншую літару, дакладней, проста выкінуў яе, і атрымалася нешта бессэнсоўнае — „тарейшеи“ і „тарейшей“. У гэтым выпадку мінімальнымі сродкамі нанесена значная шкода ўсёй публікацыі.

Мне здаецца, калі выбіраць паміж аператыўнасцю і дакладнасцю публікацыі навуковага тэксту, перавагу трэба аддаць прынцыпу дакладнасці перадачы аўтарскай думкі. Арганізацыя пастаяннай сувязі з аўтарам (перасылка тэксту на верыфікацыю, узгадненне правак) складае частку чарнавой сакратарскай працы, без якой цяжка падтрымліваць адпаведны ўзровень выдання, а значыць, і яго прэстыж.

Практыка паказвае, што пры публікацыі навуковых тэкстаў, якія часта бываюць вузкаспецыялізаваныя, патрэбна іх навуковае рэцэнзаванне. З той жа практыкі ведаю, што найлепей мець сталае кола вартых даверу рэцэнзентаў, якія могуць аператыўна вычытаць тэкст з мэтай выяўлення відавочных для спецыялістаў памылак, супярэчнасцяў (так характэрных для аўтараў нашага занадта імклівага часу) і ў адным–двух абзацах падаць сваё меркаванне наконт магчымасці публікацыі.

Акрамя рэцэнзавання (хоць бы найважнейшых матэрыялаў) ды карпатлівай сакратарскай працы (сувязь з аўтарамі, рэцэнзентамі, кампутаршчыкамі, выдаўцамі, кантроль за датрыманнем належных тэрмінаў) патрэбна яшчэ і пільнае вока рэдактара, здольнае адсачыць яўныя лагічныя недакладнасці і недахопы тэксту. Напрыклад, у апошнім, 14–м нумары змешчана цікавая публікацыя пра пасла Генадзя Шыманоўскага (с.148—156). У ёй толькі з апошняга абзаца тэксту высвятляецца, што змест артыкула — пераказ успамінаў гэтага беларускага дзеяча, апублікаваных выдавецтвам Адама Маршалка. Аднак поўныя выдавецкія дадзеныя (назва, год выдання) тых успамінаў не падаюцца. У гэтым выпадку відавочная яўная недапрацоўка рэдактара. Акрамя таго даволі часта рэдакцыйныя праўкі пунктуацыі не адпавядаюць нормам беларускай мовы, прынятым на Беларусі.

Таксама ўзнікаюць праблемы і з адборам матэрыялаў да публікацыі. Тэксты, змешчаныя ў адным нумары, часам значна розняцца сваім навуковым узроўнем. Напрыклад, незразумела, якую навуковую каштоўнасць маюць неапрацаваныя інвентары праваслаўных манастыроў Падляшша з 1786—1789 г., што занялі ў № 11—13 некалькі дзесяткаў старонак. На мой недасведчаны погляд, толькі далучаныя да гэтай публікацыі план і два малюнкі Драгічына ХIХ ст. уяўляюць сабой неаспрэчную навуковую вартасць.

Як да лідэра да БГЗ можна прад’явіць прэтэнзію за перавагу ў ім публікацый канкрэтных матэрыялаў над абагульняльнымі і тэарэтычнымі артыкуламі. Таму часам розніца паміж рубрыкамі „Артыкулы“ і „Камунікаты“ заключаецца толькі ў памерах тэкстаў.

Выказаныя вышэй заўвагі, нягледзячы на іх шматлікасць і прыдзірлівасць, не могуць уплываць на агульную станоўчую ацэнку «Беларускага Гістарычнага Зборніка». Наадварот, лічу сваім абавязкам выказаць шчырую павагу і захапленне пасвячэннем і ахвярнасцю нашых калегаў у Польшчы, якія здолелі распачаць і падняць справу зборніка на міжнародны ўзровень.

Гародня

Аляксандр Краўцэвіч

Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі (Віталь Галубовіч)

Снежня 14, 2000 |

Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі: Зборнік навуковых артыкулаў і дакументаў / Пад рэд. В.М.Лебедзевай . Гомель—Рэчыца: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2000. 293 с.

У зборнік увайшлі, як пазначаецца (2), найноўшыя матэрыялы і даследаванні архівістаў, гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, эканамістаў і правазнаўцаў Беларусі, Расіі, Украіны і Германіі, у тым ліку апрабаваныя на Першых і Другіх доўнараўскіх чытаннях у г. Рэчыцы (1997, 1999), а таксама частка эпісталярных дакументаў.

Кніга складаецца з трох тэматычных раздзелаў. Два першыя — „М.В.Доўнар-Запольскі: навуковец і ХХ стагоддзе” і „Навуковая спадчына і традыцыя М.В.Доўнара-Запольскага” — утрымліваюць матэрыялы і даследаванні, а трэці — „З эпісталярнай спадчыны” — прысвечаны непасрэдна ліставанню Мітрафана Доўнара-Запольскага і змяшчае публікацыі яго лістоў. Трэба адзначыць, што ў зборнік не патрапілі ўсе матэрыялы ўдзельнікаў канферэнцый, а частка была апублікавана[1].

У першы раздзел зборніка ўвайшлі даследаванні, пераважна прысвечаныя пэўным сюжэтам жыцця і творчасці гісторыка. У артыкуле А.Ліса даецца агульны агляд навуковай дзейнасці Доўнара-Запольскага. Каштоўнай спробай рэканструя ваць радавод вучонага з’яўляецца артыкул З.Яцкевіча, напісаны на падставе аналізу дакументаў Нацыянальнага Гістарычнага архіва Беларусі. Наступны матэрыял належыць вядомаму на Беларусі нямецкаму гісторыку Р.Лінднэру. Аўтар грунтоўна спыняецца на трох аспектах: жыццё, гістарычныя погляды, адносіны гісторыка да савецкай сістэмы. Заслугоўвае ўвагі, у першую чаргу, аўтарскі аналіз творчасці Доўнара-Запольскага, яго ўнёску ў распрацоўку нацыянальнай беларускай гісторыі. Разгляд савецкага перыяду ў жыцці гісторыка адбываецца ў кантэксце тэзіса: „Гісторыя беларускай гістарыяграфіі ў сталінскім Савецкім Саюзе была гісторыяй яе ліквідацыі” (24). У цэлым асноўныя высновы аўтара вядомыя з ранейшых публікацый[2]. Педагагічнай дзейнасці Доўнара-Запольскага і яго навуковай школе прысвечаны артыкул С.Міхальчанкі. Аўтар вылучае адметнасці школы вучонага, прадстаўнікі якой канцэнтравалі ўвагу на эканамічных даследаваннях гісторыі Русі ХV—XVII ст., грунтуючыся пераважна на пісцовых кнігах (53). Улічваў Доўнар-Запольскі і асабістую зацікаўленасць сваіх вучняў у галіне ўкраіназнаўства (53). Міхальчанка сцвярджае, што гісторыкі гэтай школы не стварылі нейкай цэнтральнай канцэпцыі рускай гісторыі, а бальшыня прац была ілюстрацыяй да канцэпцыі Доўнар-Запольскага аб крызісе палітычнага і гаспадарчага жыцця Расіі ў 2-й палове XVI—XVII ст. (54) Школа спыніла існаванне пасля ад’езду яе кіраўніка з Кіева ў 1920 г. (55)

Два артыкулы зборніка належаць І.Вярбе. Адзін прысвечаны гуртку і лёсу вучняў Доўнара-Запольскага. Сярод вучняў асаблівая ўвага аддаецца Н.Палонскай, якая мела з Доўнарам-Запольскім больш шчыльныя і неафіцыйныя адносіны. Другі матэрыял Вярбы прысвечаны ўдзелу Доўнара-Запольс кага ў стварэнні Кіеўскага археалагічнага інстытута. Станоўча ацэньваецца роля беларускага гісторыка, які ўмеў не толькі арганізоўваць навучальны працэс, але і падбіраць выкладчыкаў-прафесіяналаў. Аўтар адзначае, што менавіта пагроза правінцыялізацыі, якая была, на думку Доўнара-Запольскага, вынікам украінізацыі, вымусіла яго адмовіцца ад пасады дырэктара інстытута (92). Тым не менш, Доўнар-Запольскі стаяў ля вытокаў першай ва Ўкраіне ўстановы для падрыхтоўкі археолагаў, архівістаў, музейных і бібліятэчных супрацоўнікаў.

Кіраўніцтву Доўнарам-Запольскім Кіеўскім камерцыйным інстытутам і ўвогуле спецыфіцы гэтай установы прысвечаны артыкул А.Кіштымава. Гэты матэрыял, заснаваны на прапрацоўцы шэрагу фондаў кіеўскіх архіваў, яскрава дэманструе арганізацыйныя таленты Доўнара-Запольскага. Аўтар засяроджвае ўвагу на арганізацыі працы інстытута, друкаваных выданнях ККІ, дзейнасці студэнцкіх зямляцтваў, у тым ліку беларускага. Акрэсліваючы зацікаўленасць Доўнара-Запольскага ў асноўным сферай гісторыі і археаграфіі, Кіштымаў падкрэсліў, што „…адказ на выклік часу, на новыя эканамічныя рэаліі, на неабходнасць арганізацыі вышэйшай адукацыі для падрыхтоўкі будучых прадпрымальнікаў узяўся шукаць універсітэцкі гісторык, а не эканаміст” (85). Менавіта гэты перыяд жыцця, звязаны з кіраўніцтвам ККІ, быў, на думку Кіштымава, „…перыядам найбольшай творчай і асабістай свабоды вучонага” (86). Адзначым, што матэрыялы зборніка, падрыхтаваныя з улікам звестак з украінскіх архіваў, уяўляюцца больш інфармацыйна насычанымі і актуальнымі для беларускага чытача.

Даследчыкі В.Мазец і В.Лебедзева звярнулі ўвагу ў сваіх артыкулах на супрацоўніцтва Доўнара-Запольскага з БНР, З.Шыбека спыніўся на менскіх эпізодах жыцця гісторыка, а К.Козак на яго ролі ў арганізацыі архіўнай справы на Беларусі. Цікавасць выклікае заснаваны на матэрыялах закрытых пасяджэнняў бюро, сакратарыята і пленумаў ЦК КП(б)Б першай паловы 1926 і 1929—1931 г. артыкул Р.Платонава. Аўтар аналізуе абставіны высялення Доўнара-Запольскага з БССР. Праца па шэрагу пазіцый удакладняе механізм вырашэння лёсу вучонага, спыніць выгнанне якога не мог нават кіраўнік Дзяржплана і намеснік старшыні СНК БССР С.Карп (120). Дарэчы, у артыкуле пазначаецца і магчымы кірунак пошуку страчаных частак доўнараўскай „Гісторыі Беларусі» (123).

Другі раздзел зборніка ўтрымлівае тэматычна больш стракатыя матэрыялы. Можна вылучыць некалькі праблемных блокаў. Шэраг артыкулаў прысвечаны этнаграфічнаму кірунку дзейнасці Доўнара-Запольскага. Ролю этнаграфіі і фальклору ў фармаванні гісторыка прааналізаваў А.Ліс, У.Конан крытычна разгледзеў працу „Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных забабонах” і выявіў крыніцы тэарэтычных поглядаў Доўнара-Запольскага. Праблему вызначэння беларускай этнічнай тэрыторыі вучоным асвятліў В.Шур, а А.Сувалаў засяродзіў увагу на поглядах вучонага адносна фармавання беларускага этнасу. Адштурхоўваючыся ад традыцыі этнаграфічных даследаванняў Доўнара-Запольскага, даследчыца Т.Літвінова паспрабавала класіфікаваць ручнікі Гомельшчы ны, А.Яшчанка прывёў вынікі апрацоўкі анкетных дадзеных на хрысціянскія сем’і прызыўнікоў Магілёва пачатку ХХ ст., В.Новак прасачыў пераемнасць сучасных палескіх вясельных абрадаў з этнаграфічнымі звесткамі Доўнара-Запольскага.

Наступны блок праблем звязаны з такой значнай часткай спадчыны вучонага, як археаграфія і крыніцазнаўства. Менскія даследчыкі А.Гануш і П.Кручок падрабязна разгледзелі падрыхтаваныя Доўнарам-Запольскім даследаванні і публікацыі гістарычных крыніц. У артыкуле разглядаецца схема аналізу дакументаў, прапанаваная Доўнарам-Запольскім, яго ўнёсак у распрацоўку прынцыпаў публікацыі архіўных матэрыялаў, рэфармавання архіўнай справы ўвогуле. Аналагічнай праблематыцы прысвечаны артыкул М.Шумейкі. У сваю чаргу, украінская даследчыца І.Мацяш асвятліла ролю вучонага ў арганізацыі архівазнаўства на Ўкраіне ў кіеўскі і харкаўскі перыяды яго жыцця.

Аналіз поглядаў Доўнара-Запольскага на эканамічную гісторыю Беларусі ХVII—XVIII ст. у сваім артыкуле даў І.Кітурка, Х.Бейлькін крытычна прааналізаваў высновы навукоўца па развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі ў перыяд капіталіз му. Іншыя аспекты эканамічных поглядаў вучонага разгледжаны ў матэрыялах Д.Казлова, Б.Сарвірава, Ю.Ключнікава.

Асобным праблемам навуковай спадчыны Доўнара-За польскага прысвечаны матэрыялы Э.Іофэ (погляды вучонага на палітычны лад Беларусі IХ—ХХ ст.), Г.Штыхава (гістарычная геаграфія IХ—ХII ст. у працах Доўнара-Запольскага), А.Каўкі (Доўнар-Запольскі як літаратуразнавец).

Апошні раздзел зборніка змяшчае: па-першае, даследаванне Ю. Мыцыка „Лісты М.В.Доўнара-Запольскага да М.С.Грушэўс кага”, дзе даецца агляд 18 лістоў, якія былі выяўлены ў асабістым архіве М.Грушэўскага; па-другое, публікацыю Мыцыкам лістоў беларускага гісторыка да Д.Яварніцкага; па-трэцяе, 19 лістоў Доўнара-Запольскага да Я.Ляцкага, пераважна за перыяд студэнцтва, падрыхтаваныя да друку С.Міхальчанкам. Апошняя публікацыя з’яўляецца найкаштоўнейшай ілюстрацыяй да таго калектыўнага партрэта, які ствараюць матэрыялы зборніка.

Наваполацк

Віталь Галубовіч


[1] Беларускі Гістарычны Агляд. 1997. Т. 4. Сш. 1—2. С. 310.
[2] Лінднэр Р. Беларускія гісторыкі пад Сталіным (1870—1945) // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 2. С. 367—394.

Михайло Брайчевський. Выбрані твори (Наталля Бандарэнка)

Снежня 13, 2000 |


Михайло Брайчевський. Выбрані твори. Историко–археологічні студії. Публицистика. Нью–Йорк — Київ, 1999. 600.

Выданне ў 1999 г. выбраных гістарычных прац М.Брайчэўскага — значная падзея не толькі для творчай біяграфіі аўтара, але і для ўсёй украінскай гістарычнай навукі і, у прыватнасці, для ўкраінскага славяназнаўства.

Брайчэўскі, навуковыя інтарэсы якога ахоплівалі гісторыю, археалогію, філасофію, кібернетыку, найбольш значны ўнёсак зрабіў усё ж у вывучэнне старажытнай гісторыі ўсходніх славян і Старажытнай Русі. У манаграфіях „Калі і як узнік Кіеў“ (1963), „Ля вытокаў славянскай дзяржаўнасці“ (1964), „Паходжанне Русі“ (1968) аўтар выкладае свае погляды на перадкіеўскі перыяд гісторыі ўсходніх славян. Для тэарэтычнага абгрунтавання гэтых даследаванняў сярэдзіны — другой паловы 60–х г., якія вонкава абапіраліся на абавязковыя ў тыя часы марксісцкую фразеалогію і працы Маркса, Энгельса, Леніна, як можна пераканацца, дагматызм не характэрны. Наадварот, па некаторых істотных пытаннях Брайчэўскі адышоў ад артадаксальнай савецка–марксісцкай схемы ў разуменні заканамернасцяў славянскай гісторыі. Ужо ў пачатку 60–х у манаграфіі „Ля вытокаў славянскай дзяржаўнасці“ відавочнае адступленне Брайчэўскага ад фармацыйнага прынцыпу. Варта прыгадаць, што Б.Грэкаву спатрэбілася прыкласці вялікія намаганні, каб падагнаць пад марксавы фармацыі славянскую гісторыю; ён стварыў схему (артыкул 1931 г. „Рабаўладальніцтва ці феадалізм?“), згодна з якой славянская першабытнасць „абмінала рабаўладальніцкі лад, каб змяніцца на старажытнарускі феадалізм“[1].

Брайчэўскі вылучае працяглы перыяд славянскай гісторыі, які папярэднічаў Кіеўскай Русі, — раннекласавы. Гэтая ідэя ўжо прысутнічае ў першых „археалагічных манаграфіях“, развіты і аформлены яе тэарэтычна–метадалагічны пастулат у „Паходжанні Русі“ і „Антах“. Разам з тым, логіка навуковага мыслення, пошук заканамернасцяў у развіцці грамадства ў класікаў і Брайчэўскага ў некаторых пытаннях і, перш за ўсё, у пытанні сацыяльна–эканамічнага развіцця, супадалі. Як мы даведаемся, ён і пазней не змяніў ніводнай спасылкі ці цытаты пры перавыданні сваіх прац, напісаных у 60–я г., у той час, калі многія „сапраўдныя марксісты“ выкраслілі імёны былых куміраў са сваіх прац, нічога не выправіўшы ў іх па сутнасці.

У выданне „Выбраныя творы“, якое здзейснілася дзякуючы „КМ Academia“ (Нью–Ёрк, 1999), увайшлі манаграфічныя даследаванні па раннеславянскай і старажытнарускай гісторыі: „Калі і як узнік Кіеў“, „Паходжанне Русі“, „Анты“, праблемныя артыкулы па гісторыі ўкраінскага Сярэднявечча; гістарычная навуковая публіцыстыка.

Бальшыня прац з „Выбраных твораў“ былі апублікаваныя ў 70–я г. і ўжо сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму для гісторыкаў малодшага пакалення канца 90–х г. гэтае выданне стала першай сустрэчай з навукоўцам. Многімі з іх Брайчэўскі ўспрымаўся хутчэй як жывая легенда ўкраінскай гістарыяграфіі. Было вядома, што яго кнігі надоўга выключаліся з звароту і асабісты лёс вучонага быў звязаны з украінскім праваабарончым рухам 70–х г., у якім удзельнічала немалая колькасць навукоўцаў і публіцыстаў: І. Дзюба, І. Святлічны, Е. Компан і іншыя аўтары „забароненых“ гістарычна–публіцыстычных твораў[2].

Брайчэўскі адзін з першых пашырае храналагічныя межы крыніцазнаўчага выкарыстання археалогіі — для вывучэння позняга Сярэднявечча; паглыбляецца ў пытанні тэорыі і метадалогіі археалогіі[3].

Спынімся на праблемах паходжання Русі і ранніх славян, што мае непасрэднае дачыненне да тэмы артыкула. Заслуга Брайчэўскага ў распрацоўцы гэтай праблемы ў тым, што ён вылучае і дае канкрэтную характарыстыку дакіеварускаму антапалянскаму перыяду ў гісторыі ўсходніх славян і раскрывае яго сутнасць з дапамогай не толькі пісьмовых (візантыйскіх хронік Ярдана і Пракопія Кесарыйскага), але і археалагічных крыніц, перш наперш, матэрыялаў чарняхоўскай культуры. Згодна з яго сцвярджэннямі ў палян–антаў фармуецца „племянное княжанне“ — ранняя форма дзяржаўнасці — якая даследавана ў іншых славянскіх плямёнаў польскім гісторыкам Г.Лаўмяньскім і расійскім гісторыкам Б.Рыбаковым. У тэарэтычных адносінах гэтыя ідэі абапіраюцца на тэорыю раннекласавых грамадстваў з іх асаблівасцямі — ранняй формай дзяржавы, прыватнай уласнасці і эксплуатацыі.

У сувязі з гэтым асаблівую цікавасць уяўляе манаграфія Брайчэўскага „Калі і як узнік Кіеў“, выдадзеная ў Кіеве па–ўкраінску ў 1963 г., а ў 1964 г. па–расійску. Паколькі аналагаў дадзенаму даследаванню не было, кніга стала бестселерам яшчэ пад час першай публікацыі.

Ва ўводзінах, прысвечаных кароткаму гістарыяграфічнаму агляду праблемы, аўтар вылучыў два асноўныя кірункі: першае — разуменне ўзнікнення горада як іманентнага працэсу гістарычнага развіцця прыдняпроўскіх славян; другое — уяўленне пра заснаванне горада як выніку гістарычнага панавання тых ці іншых „заваёўнікаў“ — сарматаў, готаў, гунаў, і нарэшце, нарманаў.

Сам аўтар прытрымліваецца думкі, што склалася ў савецкай гістарыяграфіі ў 30–я г., згодна з якой старажытнарускія гарады былі заканамерным вынікам сацыяльна–эканамічнага развіцця ўсходніх славян. Брайчэўскі фармулюе асноўнае палажэнне наступным чынам: „Праблема паходжання горада Кіева павінна вырашацца ў кантэксце сацыяльна–эканамічнай гісторыі Русі“. Аднак пры фармальным падабенстве гэтага палажэння з поглядамі сваіх папярэднікаў Б.Грэкава, М.Каргера, М.Ціхамірава і іншых, Брайчэўскі істотна разыходзіцца з імі ў разуменні канкрэтнага шляху развіцця, які прывёў да ўзнікнення Кіева.

Найбольш блізкая яго пазіцыя ў пытаннях пра этапы ў гісторыі горада, а таксама крыніцазнаўчай базы для даследавання гэтай праблемы была да Ў.Даніленкі і Б.Рыбакова. Усе яны лічылі, што сярэднявечнаму Кіеву Х—ХIII ст. папярэднічалі больш раннія паселішчы, з якіх і ўзнік горад. Па Брайчэўскаму гэта быў раннекласавы перыяд развіцця старажытных славян.

Брайчэўскі першы вылучыў протагарадскі перыяд і пачатковы этап y фармаванні горада, раскрыў гістарычную сувязь паміж імі. У крыніцазнаўчым плане важныя два моманты. Па–першае, комплекснае выкарыстанне розных пісьмовых крыніц: Рускага летапісу, заходнеславянскіх і армянскіх паралеляў, легенд пра заснаванне Кіева, візантыйскіх крыніц, скандынаўскай традыцыі, Германарыкавай легенды; іх параўнальны аналіз раскрывае першакрыніцу таго ці іншага тэксту, яго іншамоўную кальку ці сюжэтную запазычанасць.

Па–другое, асаблівую ўвагу аўтар аддае археалагічным крыніцам. Археалогія прыцягваецца не толькі як адна з крыніц і як ілюстрацыя, але і набывае метадалагічнае значэнне: раскрывае этнакультурны і сацыякультурны змест кожнага з этапаў. Асноўны метад, які выкарыстоўваецца аўтарам, — гісторыка–археалагічныя аналогіі.

Для свайго часу Брайчэўскі здолеў сабраць амаль увесь археалагічны матэрыял, які быў атрыманы пад час раскопак ці выпадкова знойдзены ў межах старжытнага горада. Ім упершыню было пастаўлена пытанне пра прынцыповыя адрозненні найстаражытнейшых паселішчаў на тэрыторыі Кіева ад помнікаў пачатковага этапу гісторыі горада.

„…Археалогія Кіева разгортвае… поўную карціну гісторыі сярэднедняпроўскіх плямёнаў — ад часу з’яўлення чалавека ў верхнім палеаліце і да часоў, калі пачынаецца гісторыя славянскага Кіева“[4].

Пачатак гісторыi Кіева Брайчэўскі адносіць да схілу нашай эры і звязвае са „з’яўленнем паселішча, якое ў далейшым непасрэдна стварае ядро будучага горада“. Гэта — „протакіеўскія“ паселішчы, што былі пакінуты прадстаўнікамі зарубінецкай культуры, якія ў крыніцах I—II ст. выступаюць пад імем вянедаў.

Археалагічныя даследаванні 70–х г. на Абалоні толькі пацвердзілі высновы Брайчэўскага пра канцэнтрацыю насельніцтва на тэрыторыі будучага горада ў Зарубінецкую эпоху. У далейшым мэтанакіраваныя і шырокамаштабныя працы Кіеўскай экспедыцыі ўдакладнілі адносіны ўсіх прыгаданых культур да сярэднявечнага горада і пацвердзілі слушнасць высноваў Брайчэўскага.

Чацвёрты раздзел прысвечаны тэарэтычным праблемам утварэння „старажытнарускіх“ сярэднявечных гарадоў.

Брайчэўскі, які фармальна прытрымліваўся палажэнняў марксізму пра значэнне падзялення працы, у прыватнасці, пра вылучэнне рамяства пад час утварэння сярэднявечных гарадоў Еўропы, пашырыў метадалагічную базу, распрацаваў арыгінальную канцэпцыю. Горад прынцыпова адрозніваецца ад патрыярхальных паселішчаў наяўнасцю ў ім рамеснай вытворчасці і канцэнтрацыяй купецтва. „Сутнасць выдзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі і вылучэння самастойных галін вытворчасці менавіта ў тым, што гэтыя галіны пачынаюць працаваць на абмен“. Утвараецца клас, які займаецца не вытворчасцю, а толькі абменам прадуктаў — купецтва. „Рамеснік і купец непарыўныя паміж сабой як рамяство і гандаль“.

У святле гэтай тэорыі перадумовы з’яўлення гарадоў ва ўсходніх славян склаліся ў выніку ўнутраных працэсаў на рубяжы нашай эры, калі ў іх складваюцца такія галіны рамяства, як жалезавытворчае і ганчарнае. Утварэнне горада было працяглым працэсам. Пад час напісання кнігі яшчэ не быў адкрыты металургічны цэнтр у Люцежы, але Брайчэўскі не выключае такой магчымасці. Разам з тым ён звяртае ўвагу на другую акалічнасць — знаходкі рымскіх манет. Рымская манета распаўсюдзілася сярод варварскіх плямёнаў Еўропы дзякуючы гандлю з Рымскай імперыяй. Аднак Брайчэўскі абараняе пастулат пра тое, што рымская манета выкарыстоўвалася і для ўнутранага абарачэння. На тэрыторыі Кіева знойдзена, па падліках аўтара, каля 6 тыс. рымскіх манет. Яны канцэнтруюцца на месцах старажытных паселішчаў: Падолле, Старакіеўская гара, Замкавая гара.

Аўтар звяртае ўвагу на тое, што цяжка пераацаніць узровень развіцця гандлю на паселішчах першых стагоддзяў н. э. — протагарадскіх, протакіеўскіх.

Заканамернай з’явай стала будаўніцтва замкаў князямі–кіраўнікамі. Іх рэшткі — тысячы гарадзішчаў, недастатковая вывучанасць якіх не дазволіла Брайчэўскаму адказаць на пытанне пра час іх узнікнення. Аднак наяўнасць ляпной керамікі на многіх з іх давала падставы аўтару казаць, што ўзнікненне апошніх адносіцца да сярэдзіны I тыс., што потым пацвердзілася раскопкамі Старакіеўскага гарадзішча 70—80–х г. Пацвярджэнне гэтага палажэння Брайчэўскі знаходзіць у працы К.Маркса і Ф.Энгельса, якія пісалі, што „супрацьлегласць паміж горадам і вёскай можа здзяйсняцца толькі ў межах прыватнай уласнасці. Менавіта адтуль з’яўляецца традыцыя ўмацавання горада, што так выразна выяўляецца ў старажытныя часы“[5]. У сваёй метaдaлагічнай распрацоўцы праблемы Брайчэўскі асаблівую ўвагу аддае пытанню гарадзішчаў, умацаваных цэнтраў. Замкі як фарпосты феадалізму „…былі неабходныя феадалам для абароны сваіх уладанняў і маёмасці ад іншых феадалаў“. Замкі, па Брайчэўскаму, сталі пунктам, вакол якога ажыццяўлялася канцэнтрацыя рамесна–гандлёвага нaсельніцтва.

Брайчэўскі адзначае, што сацыяльнае значэнне гарадзішчаў — такіх, якім быў Кіеў, не абмяжоўвалася гаспадарча–адміністрацыйнымі функцыямі, яны былі таксама і рэлігійнымі цэнтрамі, што пацвярджаецца раскопкамі на Старакіеўскай гары — адкрыццём В.Хвойкам язычніцкага капішча.

Разуменне Брайчэўскім працэсу ўзнікнення старажытнарускага горада як адлюстравання заканамернасцяў унутранага развіцця ўсходніх славян падводзіла яго да рашэння вельмі актуальнай праблемы пра ролю нарманаў ва ўтварэнні старажытнарускіх гарадоў. Гэтаму пытанню прысвечаны пяты раздзел, раздзел пра гісторыю Кіева часоў антаў і Русі, палянскага княства, Аскольда і Дзіра, Алега, Вольгі і Ўладзіміра, у якім разглядаюцца вытокі канцэпцыі нарманізму.

На падставе дакументаў аўтар крытыкуе нарманскую тэорыю і лічыць яе састарэлай для сённяшняга дня. Брайчэўскі не абвяргае актыўнай палітычнай ролі нарманаў на Русі ў IХ—ХI ст. і скандынаўскага паходжання дынастыі Рурыкавічаў, аўтар катэгарычна не згодны з тэндэнцыяй прызнаваць нарманскіх авантурыстаў стваральнікамі старажытнарускай дзяржавы і старажытнарускіх гарадоў, у тым ліку і Кіева. Апошняе абгрунтоўваецца ўсёй аргументацыяй праблемы дадзенай манаграфіі.

Кіеў

Наталля Бандарэнка


[1] Греков Б. Киевская Русь. Москва, 1953; История СССР. Т. 1. С древнейших времен до конца ХVIII в. / Под ред. Б.Грекова. Москва, 1947.
[2] Творчая біяграфія М. Брайчэўскага пачынаецца ў канцы 40–х г., калі пасля заканчэння Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта ён стаў працаваць ў Інстытуце Археалогіі, якім у тыя гады кіраваў выбітны навукоўца П.Ефіменка. Брайчэўскі рэгулярна ўдзельнічаў у археалагічных экспедыцыях, спачатку пад кіраўніцтвам карыфеяў — П.Ефіменкі, Б.Рыбакова, М.Рудынскага; потым стаў кіраўніком раннеславянскай (Пароскай) экспедыцыі. Ён вёў раскопкі помнікаў чарняхоўскай культуры (Лескі, Чарапін — на Росі), пачаў распрацоўку Пастырскага гарадзішча (1949). У той жа час Брайчэўскі выканаў шэраг даследаванняў, сабраў і сістэматызаваў велізарны археалагічны матэрыял па раннеславянскай археалогіі і нумізматыцы, абагульніў яго ў манаграфіях і дысертацыях. Першай была „Рымская манета на тэрыторыі ЎССР“ (у 1955 г. на гэтую тэму абаронена кандыдацкая дысертацыя). Названая праца як у сваёй крыніцазнаўчай частцы, так і ў гістарычнай не страціла актуальнасці, пра што сведчыць індэкс спасылак.
У 1960 г. Брайчэўскі падрыхтаваў доктарскую дысертацыю на тэму „Усходнія славяне ў 1–м тыс. н.э.“. Аднак яна была адхілена Вучоным саветам з ідэалагічных меркаванняў (толькі ў 1989 г. Брайчэўскі атрымаў доктарскую ступень). На працягу 60–х Брайчэўскі выдаў шэраг манаграфій: „Калі і як узнік Кіеў“, „Ля вытокаў славянскай дзяржаўнасці“, „Паходжанне Русі“ …, у якіх ён выклаў свае погляды на дакіеўскі перыяд гісторыі ўсходніх славян.
[3] Брайчевский М. Информационный поиск в области археологической литературы // Научн.–техн. Информ. ВИНИТИ. 1963. № 8. С. 5—7; Брайчевский М. Археологія і кібернетика. I. Застосування ручних перфокарт в археoлогії // Археология. Т. 21. Київ, 1968. С. 36—49; яго ж. Перспективи дослідження українських старожитностей ХIV—ХVIII ст. // Середні віки на Україні. Вип. I. Київ, 1971. С. 20—31 еtc.
[4] Брайчевский М. Вибрані творі. Київ, 1999. С. 49.
[5] Маркс К., Энгельс Ф. Немецкая идеология. Т. 3.

Наверх

Леонтьева, Галина А. Палеография, хронология, археография, геральдика (Максім Гардзееў)

Снежня 12, 2000 |

ЛЕОНТЬЕВА, Галина А. Палеография, хронология, археография, геральдика: Учеб. пособие для студ. высш. учеб. заведений. Москва: Гуманит. изд. центр ВЛАДОС, 2000. 200 с.: ил.

Развіццё гістарычнай навукі ў Беларусі апошнім часам паказала, за некаторымі выключэннямі, недахопы ў становішчы спецыяльных гістарычных навук. Узрастанне цікавасці да іх патрабуе стварэння моцнай базы навукова-метадычнай і навучальнай літаратуры, якая б дапамагала сучасным студэнтам і навукоўцам лепш арыентавацца сярод масы спецыфічных метадаў і ведаў, без якіх немагчыма правесці дасканалае гістарычнае даследаванне. Асабліва гэта тычыцца вывучэння Сярэднявечча і Новага часу.

У гэтай сувязі звяртае на сябе ўвагу новы навучальны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльных гістарычных дысцыплінах[1]: палеаграфіі, храналогіі, археаграфіі і геральдыцы. Тэкст дапаможніка складаецца з кароткіх уводзінаў, чатырох адпаведных раздзелаў, падзеленых на параграфы, каментараў да рэпрадукцый тэкстаў, заданняў да семінарскіх заняткаў і спісу асноўных прац па пытаннях, з якімі сутыкаешся пры выкарыстанні дапаможніка.

Тэксты тэматычных раздзелаў падзеленыя на параграфы і забяспечаныя апаратам сціслых, змястоўных і лёгкіх для запамінання азначэнняў. Кожны раздзел мае кароткі агляд развіцця адпаведнай навукі. Да палеаграфічнага дадаюцца рэпрадукцыі арыгінальных тэкстаў, да геральдычнага — адпаведны ілюстрацыйны дадатак. У палеаграфічным раздзеле найбольш разгорнута разгледжаны пытанні знешніх прыкмет пісьмовых крыніц Старажытнай Русі, Маскоўскай, Рускай дзяржаваў і Расійскай імперыі ХI—ХIХ ст. Раздзел пра храналогію змяшчае шмат інфармацыі пра перавод рознага летавылічэння на сучаснае, табліцы непераходных царкоўных святаў па Юліянскім календары і разгорнутага календара рухомых святаў (на 7 старонках) з каментарамі да абедзвюх, рэкамендацыі па датаванні з дапамогай індыктаў, дзён тыдня (па формуле М.Беражкова), таксама разглядаюцца методыкі ўскоснага датавання. У археаграфічным раздзеле ў агульных рысах прыводзяцца правілы транскрыпцыі і публікацыі пісьмовых крыніц ХII — канца ХVII ст., неабходныя студэнту для таго, каб мець уяўленне пра арыгінал (калі аналізуецца апублікава ны тэкст) і слушна цытаваць тэкст крыніцы (калі праца ідзе з архіўнымі матэрыяламі). У геральдычным раздзеле ўражвае сціслы, але карысны ў прыкладным сэнсе параграф па асновах тэарэтычнай геральдыкі.

Звяртае на сябе ўвагу дадатак. На с. 66—170 змешчаны рэпрадукцыі арыгінальных тэкстаў розных часоў, якія адлюстроўваюць шырокі ў графічным плане спектр почыркаў. Асобна варта адзначыць, што зрокаваму ўспрыманню тэкстаў вельмі спрыяе вялікі (60´88/8) фармат кнігі. У каментарах і заданнях, што размешчаны перад гэтым (52—65), даюцца апісанні прыведзеных дакументаў: загалоўкі; архіўныя спасылкі; фармат; апісанні філіграняў, калі яны ёсць; агульныя характарыс тыкі почыркаў з вылучэннем іх асаблівасцяў (напрыклад, трывалае выкарыстанне пісарам асобных вынасных надрадковых літар); апісанні чарнілаў, пераплётаў; даюцца тлумачэнні мераў вагі, плошчы і даўжыні, калі яны ёсць у тэкстах (напрыклад, трэтнай сістэмы дзялення і яе слоўнага выразу); падаюцца паметы, што не належаць да асноўнага тэксту. Кожны дакумент суправаджаецца разнастайнымі заданнямі, якія дазваляюць навучыцца рабіць палеаграфічны, храналагічны і часам геральдычны аналіз. Адзіны недахоп гэтага дадатка, на наш погляд, — адсутнасць ужо транскрыбаваных з рэпрадукцый тэкстаў, бо пры вядомай складанасці паўночна-ўсходня га (маскоўскага) скорапісу ХVII ст. яго прачытанне студэнтам самастойна застаецца спрэчным. Пажадана было б таксама размясціць перад рэпрадукцыямі або пасля іх табліцы, дзе б прыводзіліся хоць бы найбольш распаўсюджаныя варыянты напісання кірылічных літар. Ілюстрацыйны дадатак да раздзела „Геральдыка” падзелены на дзве часткі. Першая належыць да параграфа «Асновы тэарэтычнай геральдыкі», другая змяшчае прыклады дваранскіх, губернскіх і гарадскіх гербаў.

Павышэнне ролі спецыяльных навук у айчынных гістарычных даследаваннях патрабуе навучальных дапаможнікаў, напісаных на адпаведна высокім узроўні. У плане вывучэння, напрыклад, старажытных тэкстаў сучасныя навукоўцы і студэнты маюць у сваім распараджэнні толькі навучальны дапаможнік С.Куль-Сяльверставай „Беларуская палеаграфія” (які выйшаў у Горадні ў 1996 г. накладам у 70 асобнікаў)[2] і метадычныя рэкамендацыі да курса „Руская палеаграфія” па скорапісе, напісаныя А.Стуканавым і А.Плавінскім і выдадзеныя БДУ ў 1987 г. накладам 300 асобнікаў. У 1999 г. у Менску выйшаў ілюстраваны курс лекцый А.Цітова па сфрагістыцы і геральдыцы. Але ўсяго гэтага, бясспрэчна, недастаткова для забеспячэння высокага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне спецыяльных гістарычных навук.

У гэтым сэнсе выхад у свет маскоўскага дапаможніка можа паслужыць добрым прыкладам. Застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе айчынныя навукоўцы і выкладчыкі здолеюць зрабіць навучальна-практычныя дапаможнікі па гэтых галінах гістарычных ведаў на адпаведным навуковым і навучальна-метадычным узроўні.

Менск

Максім Гардзееў


[1] Па нашым меркаванні, больш дакладна было б ужываць у гэтым выпадку тэрмін „спецыяльныя гістарычныя навукі”. Тым больш, што на працягу ўжо некалькіх гадоў адпаведны аддзел Інстытута гісторыі НАН Беларусі носіць такую назву.
[2] Гл. рэцэнзію на гэтае выданне ў: БГА. Т.3. Сш.2. 1996. С.301—305.

Marek Ferenc. Dwór Zygmunta Augusta (Анастасія Скеп’ян)

Снежня 11, 2000 |

Marek Ferenc. Dwór Zygmunta Augusta. Organizacja i ludzie. Kraków, 1998. 311.

Даследчык гісторыі Беларусі ХVI ст. звычайна сутыкаецца з фактамі таго ўплыву, які аказвала на развіццё падзей цэнтральная ўлада і яе інстытуты. Вельмі часта для Вялікага Kняства Літоўскага асноўную ролю ў вызначэнні ўнутранай і знешняй палітыкі выконвала магнатэрыя, што займала найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, але і асоба вялікага князя, і склад яго двара таксама накладвалі свой адбітак на гістарычныя працэсы ў дзяржаве.

Роля вялікакняжацкага (у нашым выпадку каралеўскага) двара ў дзяржаве і грамадстве шматбаковая і дастакова ўплывовая, бо менавіта ён фармаваў частку палітычнай і грамадскай эліты, дазваляў шляхцічу праз прыдворную кар’еру выйсці на новы грамадскі ўзровень, павысіць уплыў свайго роду. Асноўную ўвагу аўтар сканцэнтраваў на прадстаўніках Кароны пры двары Жыгімонта Аўгуста, аднак не абмінуў і тых прыдворных, якія паходзілі з Вялікага Kняства Літоўскага. У сувязі з гэтым праца Марэка Феранца мае несумненную цікавасць, бо ўтрымлівае вялікую колькасць звестак пра структуру, прынцыпы пабудовы двара, ерархію прыдворных пасадаў і іх функцыі, а таксама асабовы склад каралеўскага двара.

Кніга амаль цалкам напісана на падставе архіўных крыніц (пераважна з АГАДа), у бальшыні з выкарыстаннем звестак з «кнігі маршалкоўскай» і рахункаў каралеўскага двара, якія часткова публікаваліся польскімі навукоўцамі. Шырока скарыстаны і матэрыялы кароннай метрыкі, разнастайных хронік і арыгінальных публіцыстычных твораў ХVI ст.

Праца пабудавана на падставе ўяўлення аўтара пра каралеўскі двор, які складаецца з дзвюх частак: прыдворных і службы дворскай. Гэта значыць да каралеўскага двара прылічваюцца толькі тыя людзі з атачэння Жыгімонта Аўгуста, хто атрымліваў сталую аплату за прыдворную службу. Склад двара, функцыі яго службоўцаў былі акрэслены пэўнымі правіламі, таму аўтар скарыстаўся аналагічным фармальным падыходам да аналізу матэрыялу, што дазволіла яму сістэматызаваць вялікі факталагічны матэрыял і лагічна выкласці яго.

У працы дастаткова падрабязна падаецца пазіцыя М.Феранца па праблемах фармавання і функцыянавання каралеўскага двара, а таксама яе параўнанне з падыходамі шэрагу польскіх навукоўцаў, што стваралі біяграфіі апошняга Ягелона ці аналізавалі асобныя бакі прыдворнага жыцця — Ф.Фухса, М.Каролькі, С.Тамковіча, С.Цынарскага, З.Гаральскага, К.Хлапоўскага і інш.

Праца Феранца складаецца з 15 раздзелаў, прысвечаных розным катэгорыям прыдворных, і двух дадаткаў: спісу дваран, якія былі на каралеўскай службе, і імяннога паказальніка. Пра грунтоўны ўзровень працы і сапраўды навуковы падыход сведчыць кола скарыстаных крыніц і вялікія табліцы ў раздзелах, складзеныя на падставе архіўных дакументаў.

Першы раздзел «Ерархія дворская» прысвечаны пытанням прыдворнай ерархіі і вызначэнню аб’екта навуковага даследавання. Пры аналізе імяннога паказальніка можна заўважыць, што там прыведзена нязначная колькасць літоўскіх шляхцічаў. Але гэта тлумачыцца тым, што прыдворныя з Вялікага Княства Літоўскага пераважна займалі кіраўнічыя «надворныя» пасады і служылі непасрэдна самому каралю, таму іх нельга аднесці ні да дваран конных, што маглі ўтрымліваць за каралеўскі кошт коней і службы, ні да дваран платных, якія жылі за кошт каралеўскіх узнагарод. У працы пераважна разглядаецца тая частка шляхты, для якой прыдворная служба была асноўнай магчымасцю зрабіць кар’еру, бо прыналежнасць да пэўнай катэгорыі прыдворных вызначала і грамадскае становішча чалавека. У дадзеным раздзеле дастаткова дакладна вызначаюцца сацыяльныя групы, з якіх фармуюцца тыя ці іншыя катэгорыі службоўцаў, а таксама прыводзіцца сама ерархічная лесвіца. Па аналагічнай ерархічнай схеме пабудавана астатняя частка кнігі.

У другім раздзеле «Урады дворскія — кола абавязкаў» разглядаецца пытанне абавязкаў менавіта вышэйшых прыдворных чыноў, г.зн. officiales, якія кіравалі непасрэдна жыццём каралеўскага двара і прызначаліся на гэтыя пасады пажыццёва самім уладаром. У той жа час адзначаецца, што гэтая праблема вымагае асобных падрабязных навуковых даследаванняў, і таму ў дадзенай працы яна паказана дастаткова схематычна, толькі ў сувязі з арганізацыяй двара Жыгімонта Аўгуста. Вызначэнне такіх ураднікаў дастаткова складанае, бо дакументы не адносяць іх да асобнай катэгорыі прыдворных, а значыць, яны і не фігуруюць разам у рахунках і іншых фінансавых дакументах. Усяго ў гэтым раздзеле аналізуюцца функцыі 58 асоб, якія займалі ўрады дворскія. У часы Жыгімонта Аўгуста канчаецца фармаванне структуры прыдворных урадаў і да старых дадаецца толькі адзін — гетмана надворнага. Таму Феранц разглядае класічную схему арганізацыі дворскіх урадаў і прыводзіць апісанне функцый наступных ураднікаў — маршалка надворнага, падскарбія надворнага, гетмана надворнага, каменданта драбантаў, рэферэндарыя, інстыгатара, асабістага сакратара, падкаморыя, харунжага, мечніка, канюшага, абознага, падчашага, крайчага, стольніка, кухмістра і памочнікаў апошніх. Акрамя гэтага прыводзяцца дадзеныя на тых асобаў, якія займалі гэтыя пасады пры двары Жыгімонта Аўгуста, і абставіны іх прызначэння, час выканання функцый.

Наступныя адзінаццаць раздзелаў прысвечаны кожнай катэгорыі службоўцаў, вызначаных прыдворнай лесвіцай, а менавіта: дваранам конным, драбантам, кур’ерам, юргельднікам свецкім і духоўным (часцей за ўсё капланам), службе пакаёвай, медыцынскай, паляўнічай, стайневай, кухні і рамеснікам.

У гэтых раздзелах падрабязна разглядаецца колькасць службоўцаў у розныя часы, сістэма кіравання імі, функцыі, іх этнічнае і сацыяльнае паходжанне, тэрмін выканання абавязкаў. Кожны раздзел багата праілюстраваны табліцамі, у якіх ёсць звесткі пра пагадовую колькасць людзей на той ці іншай службе. У раздзелах пра вышэйшых рангам службоўцаў прыведзены табліцы з дадзенымі іх далейшага прасоўвання па службе, а таксма пра тыя пасады, што яны займалі пазней (табліцы кірункаў прасоўвання).

У раздзеле чатырнаццатым «Кваліфікацыя і прынцыпы рэкрутацыі» разглядаюцца пытанні, звязаныя з вызначэннем якасцяў, неабходных для прыдворнай службы. Сам ідэал шляхціча не вызначаецца, бо за аснову ўзяты «дваранін польскі» Лукаша Гурніцкага. Шэраг прыдворных пасадаў вымагалі пэўнага ўзроўню адукацыі, які шляхта магла атрымаць як ў Кракаве, так і за мяжой. У раздзеле акрэслены асноўныя цэнтры навучання і пасады, для якіх універсітэцкая адукацыя была пажаданай. У шматлікіх спасылках падаюцца як імёны такіх студэнтаў, так і месца іх навучання. Вызначаецца роля ваеннай службы пры заходнееўрапейскіх дварах для шляхцічаў і высокай прафесійнай падрыхтоўкі для рамеснікаў, лекараў і г.д. У якасці прынцыпаў рэкрутацыі новых прыдворных вылучаны наступныя: пратэкцыя, асабістая воля караля і групавы прыём на службу (для драбантаў).

Раздзел пятнаццаты «Узнагароджванне дваран і службы дворскай» цалкам пабудаваны на архіўным матэрыяле і фінансавых дакументах. Дадзеныя выкладзены ў выглядзе табліц па наступных пазіцыях: пасада, імя і прозвішча, утрыманне ў грошах (пагадовае), выдаткі на харчанне (тыднёвыя) і аплата натуральнымі прадуктамі (тканіна на вопратку і зерне), а таксама заўвагі да згаданых пазіцый. Аналіз гэтых дадзеных дазваляе нам вылучыць найбольш прывілеяваныя групы службоўцаў, а таксама крытэрыі, якія вызначалі дадатковую аплату.

Асаблівую каштоўнасць для даследчыка, які цікавіцца праблематыкай, звязанай з шляхецтвам, уяўляе спіс дваран і службы дворскай Жыгімонта Аўгуста. У ім, у залежнасці ад катэгорыі службоўца, падаюцца ў алфавітным парадку імёны прыдворных з спасылкамі на архіўныя крыніцы, дзе захоўваюцца ўспаміны ці інфармацыя пра іх, а таксама са спасылкамі на наяўную літаратуру. Ёсць інфармацыя пра пасаду, тэрмін службы і далейшую кар’еру шляхціча.

У алфавітным паказальніку акрамя прозвішчаў пазначана яшчэ пасада і прафесія, калі чалавек не належаў да шляхты.

Відавочна, што праца Марэка Феранца заслугоўвае ўвагі з боку шырока кола гісторыкаў, асабліва тых, хто займаецца перыядам панавання Жыгімонта Аўгуста ці арганізацыяй прыдворнага жыцця.

Менск

Анастасія Скеп’ян

Гудзяк, Борис. Криза і реформа (Святлана Марозава)

Снежня 10, 2000 |


Гудзяк, Борис. Криза і реформа: Київська митрополія, Царгородський патріархат і генеза Берестейської унії / Переклад з англ. М.Габлевич, під редакціею О.Турія. — Львів: Інститут Історії Церкви Львівськоі Богословськоі Академіі, 2000. ХVI + 426 c.

Берасцейскай уніі прысвечаны велізарны аб’ём прац. Аўтары, у залежнасці ад сваіх прыхільнасцяў, канфесійнай арыентацыі, абраных крытэраў ацэнкі (палемічных, імперскіх, рэлігійных, нацыянальных і інш.), ухвалялі унію або ганілі яе. Чатыры стагоддзі палемікі так і не прывялі да кансэнсусу ў поглядзе на феномен уніі. Тэма дагэтуль застаецца адной з найбольш вострых і дыскусійных у гісторыі ўсходніх славян і ўсходняй царквы.

Выдадзеная ў 1998 г. на англійскай мове ў Кембрыджы і ў 2000 г. у перакладзе на ўкраінскую мову манаграфія Барыса Гудзяка стала важкім словам у сусветным уніязнаўстве. Яна адкрывае новыя факты, разбурае некаторыя стэрэатыпы і прымушае пераасэнсаваць падзею 1596 г., у выніку якой ерархі праваслаўнай царквы Беларусі і Ўкраіны перайшлі з падпарадкавання Царгараду пад вяршэнства папы рымскага, працягваючы трымацца візантыйска–славянскай літургічнай традыцыі. Аўтар кнігі — нараджэнец г. Сіракузы (ЗША) — у 1992 г. атрымаў у Гарвардскім універсітэце ступень доктара філасофіі ў галіне славянскай і візантыйскай культурна–царкоўнай гісторыі. Тады ж пераехаў на сталае жыхарства на Ўкраіну. У 1998 г. рукапаложаны ў святары. Цяпер — віцэ–рэктар Львоўскай Багаслоўскай Акадэміі, дырэктар Інстытута Гісторыі Царквы пры гэтай Акадэміі.

Над праблемай даследчык працаваў 10 гадоў, вывучаючы працы папярэднікаў, расшукваючы рэдкія і неапублікаваныя матэрыялы на Ўкраіне, у Польшчы, Італіі, Нямеччыне, ЗША. Для распрацоўкі тэмы выкарыстаны многія сотні рознамоўных публікацый і крыніц, толькі пералік якіх займае 46 старонак. Праца Б.Гудзяка чытаецца з вялікай цікавасцю. Унікальны ілюстрацыйны матэрыял, карты, арыгінальныя дадаткі, грунтоўны навуковы апарат надаюць кнізе важкасці.

У манаграфіі распрацавана і абгрунтаваная стройная канцэпцыя генэзіса Берасцейскай уніі, цэнтральнае месца ў якой, на нашу думку, належыць палажэнню, што да уніі з Рымам, як альтэрнатыве крызісу ва ўсходнехрысціянскім свеце, падштурхнуў беларуска–ўкраінскіх епіскапаў не хто іншы, як сам царгарадскі патрыярх.

У працэсе навуковых пошукаў аўтар прыйшоў да пераканання, што ключом да разумення міжканфесійнай сітуацыі на тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі з’яўляецца аналіз узаемадачыненняў паміж Кіеўскай мітраполіяй і Царгарадскім патрыярхатам, якія склаліся ў Х—ХVI ст. Пры гэтым асноўная ўвага канцэнтруецца на падзеях апошніх дзесяцігоддзяў ХVI ст. Вучоны бярэ пад увагу не столькі традыцыйнае пытанне стаўлення беларусаў і ўкраінцаў да католікаў і каталіцтва, што, несумненна, з’яўляецца важнай тэмай ў гісторыі Берасцейскай уніі, колькі ўзаемадачыненні паміж Кіеўскай мітраполіяй і мацярынскай царквой — Царгарадскім патрыярхатам; даследуе папярэднія і непасрэдна звязаныя з уніяй падзеі, абставіны, настроі, малюе псіхалагічныя партрэты вядомых дзеячаў і хрысціянскіх правадыроў, што мелі дачыненне да уніі. На фоне гэтых узаемадачыненняў і рэлігійна–культурнай сітуацыі ў Еўропе даследчык прасочвае зараджэнне, эвалюцыю і рэалізацыю ідэі уніі ў Кіеўскай мітраполіі.

Рэформы распачаў царгарадскі патрыярх Ярэмія II у 1589 г. пасля наведвання Масквы, дзе быў вымушаны надаць Маскоўскай царкве ранг патрыярхату. Гэтыя пераўтварэнні яшчэ больш ускладнілі ўнутраныя праблемы беларуска–ўкраінскага грамадства і сталі прычынай рашэння ерархіі Кіеўскай мітраполіі выйсці з падпарадкавання заняпалага Царгарада. Заняпад і крах у 1453 г. Візантыйскай імперыі, асманскае панаванне, нестабільнасць у Царгарадскім патрыярхаце, які апынуўся пад турэцкай уладай, яго інстытуцыйная слабасць, карупцыя сярод кліра, недзеяздольнасць ва ўмовах сур’ёзных праблем, паўсталых перад праваслаўнай супольнасцю, фінансавая залежнасць ад філіяльных цэркваў, падзенне аўтарытэту ў аддаленых мітраполіях і інш. — усё гэта было сведчаннем крызісу хрысціянства на Ўсходзе.

Б.Гудзяк выказвае цікавую ідэю, што адданасць Царгарадскаму патрыярхату Кіеўскай мітраполіі, геаграфічна і інтэлектуальна аддаленай ад юрысдыкцыйных і багаслоўскіх цэнтраў як грэцкага, так і лацінскага светаў, што процістаялі адно аднаму, не перашкаджалі ёй непасрэдна кантактаваць з заходняй царквой, браць удзел у царкоўных саборах, што адбываліся на Захадзе (у Ліёне ў 1245, Канстанцы ў 1414—1418 і Фларэнцыі ў 1439 г.), ухіляцца ад скрайніх пазіцыяў у грэка–лацінскім процістаянні. Кіеўская мітраполія, сувязі якой з Царгарадскім патрыярхатам у XVI ст. аслаблі і сталі чыста фармальнымі і якая ў апошнія дзесяцігоддзі ХVI ст. таксама апынулася на мяжы інстытуцыйнага, маральнага і культурнага краху, востра адчула на сабе подых новых рэлігійных і культурных павеваў, звязаных з пратэстантызмам і каталіцкай контррэфармацыяй.

Перажыўшы сістэмны крызіс, заходняя царква праз карэнную рэформу выпрацавала новыя прыёмы і падыходы ў пастырскай, педагагічнай, інтэлектуальнай, арганізацыйнай і місіянерскай працы, адаптавалася да жыцця ў поліканфесійным асяроддзі, выраўняла курс свайго карабля і кінула выклік хрысціянскаму Ўсходу. Езуіцкія палемісты зноў узнялі пытанне царкоўнага аб’ядання русінаў з Рымам. Русіны ж выйшлі на новае поле бою з састарэлай зброяй.

На фоне выкліку абноўленага каталіцкага Захаду яшчэ больш відавочнымі становяцца багаслоўская, інтэлектуальная, культурная і ідэалагічная слабасць «рускага» праваслаўя. Гэта абуджае ў беларуска–ўкраінскім грамадстве ўсведамленне патрэбы ў ім рэформ і пошуку шляхоў іх правядзення, адзін з якіх бачыўся ў саюзе з Рымам. У першай палове—сярэдзіне 1580–х г. гэтая ідэя нараджаецца ў асяродку свецкіх асобаў (К.Астрожскі і Астрожскі гурток, брацтвы), пазней (у першай палове 90–х г.) яна авалодвае і царкоўнай ерархіяй.

Распачаты ў грамдстве рух за рэлігійна–культурнае адраджэнне прывёў яго дзеячаў да ўсведамлення важнасці стасункаў з Царгарадскім патрыярхатам. У 1583—1584 г. нават існавала задума перасяліць патрыярха на тэрыторыю Кіеўскай мітраполіі. З свайго боку, патрыярхат адчувае адказнасць за лёс мітраполіі. У 80–ыя г. усходнеславянска–царгарадскія адносіны становяцца больш інтэнсіўнымі. Найвышэйшай праявай цікавасці Царгарада да спраў Кіеўскай мітраполіі было чатырохмесячнае наведванне патрыярхам Ярэміем Рэчы Паспалітай у 1589 г.

У манаграфіі падрабязна апісваюцца прычыны, акалічнасці і вынікі візіту Ярэміі II у 1588—1589 г. у Маскву, а таксама распавядаецца пра значныя змены ў Кіеўскай мітраполіі пасля яго. Ярэмія спрыяў працэсу царкоўнай рэформы, росту ўсведамлення яе неабходнасці сярод епіскапаў, але яго рэфарматарская дзейнасць, з пункту гледжання Б.Гудзяка, часта мела супярэчлівы характар, была імпульсіўнай, парушала традыцыйны царкоўны ўклад. Відавочнай стала слабасць мацярынскай царквы. Былі развеяны марныя спадзяванні на яе канкрэтную практычную дапамогу ў імкненні Кіеўскай мітраполіі задаволіць культурна–рэлігійныя патрэбы сваіх вернікаў, а таксама ў барацьбе супраць радыкальных рэфармацыйных рухаў, супраць ціску абноўленага каталіцтва за захаванне ўсходнеславянскай культурнай самабытнасці ў Рэчы Паспалітай. Прагнучы ажывіць дзейнасць Кіеўскай мітраполіі, Ярэмія расхістаў некаторыя з яе галоўных інстытутаў. Па іроніі лёсу, менавіта дзякуючы царгарадскаму архірэю ў «руска»–праваслаўным кантэксце набыла легітымнасць думка пра магчымасць фундаментальных змен у царкоўна–рэлігійным жыцці. Дэзарыентаваны супярэчлівымі дзеяннямі і пастановамі свайго традыцыйнага патрона, беларуска–ўкраінскі епіскапат, як і многія іншыя хрысціянскія правадыры ХVI ст., выбраў змены. Нязначнасць, слабасць і недарэчнасць маральнай падтрымкі з боку Царгарада прыводзілі «рускіх» уладыкаў да пошукаў агульнай мовы з адным з сваіх праціўнікаў. Б.Гудзяк дапускае, што наведванне Ярэміям Кіеўскай мітраполіі стала каталізатарам унійных пачынанняў мясцовага епіскапату.

Радыкальная ідэя разрыву з Царгарадам і уніі з Рымам тым больш укаранялася сярод «рускіх» уладыкаў, чым глыбей яны ўсведамлялі крызіс «рускага» грамадства і патрэбу рэфармавання і духоўнага абнаўлення царквы. Праваслаўная ерархія перадольвае інeрцыю, у якой знаходзілася амаль усё ХVI ст., і на саборах першай паловы 90–х г. выпрацоўвае стратэгію і праграму рэформ царкоўнага кіравання, літургічнай практыкі, народных рэлігійных звычаяў, выдавецкай справы, асветы і вызначае рэсурсы для іх ажыццяўлення. Епіскапы ўзяліся за справу з рашучым намерам перамагчы крызіс у Кіеўскай мітраполіі. Іх унія мела на мэце адрадзіць дух Фларэнційскага паяднання 1439 г. на лакальным узроўні. Для іх было відавочным, што ў тагачасных абставінах універсальная унія ў праваслаўным свеце, за якую змагаўся князь К.Астрожскі, была нездзяйсняльнай марай.

Новы імпульс руху за унію надаў былы берасцейскі кашталян Адам Пацей (1541—1613), які вясной 1593 г. прыняў пострыг і манаскае імя Іпаці. Новы ерарх, які быў высокаадукаваным прадстаўніком украінска–беларускай эліты, хутка выйшаў на першыя ролі ў ерархіі Кіеўскай мітраполіі. Паводле канцэпцыі Б.Гудзяка, князь Астрожскі — адзін з найбагацейшых і найбольш уплывовых магнатаў Еўропы — ускладаў вялікія надзеі на Іпація і іншых епіскапаў, мяркуючы, што тыя возьмуць адказнасць на сябе і выведуць «рускую» супольнасць з крызісу. Настойваючы на тым, каб яны неадкладна выступілі з ініцыятывай царкоўнага яднання, К.Астрожскі асабліва турбаваўся пра захаванне традыцыі. Згодна з унійнымі планамі князя, «руская» царква павінна была дамовіцца з усходнімі патрыярхамі ды маскоўскай і малдаўскай цэрквамі пра агульнае паразуменне з папскім сталом. Памятаючы пра сумны лёс маскоўскага мітрапаліта Ісідара — падпісанта Фларэнційскай уніі, Іпацій больш цвяроза ацэньваў стаўленне Масквы да хрысціянскага Захаду. Ён імкнуўся схіліць князя да епіскапскага праекту яднання, з–за чаго той палічыў сябе абражаным. Летам 1595 г. стасункі паміж князем і яго стаўленікам епіскапам Іпаціем зусім разарваліся. Астрожскі стаў жорсткім і ўпартым праціўнікам уніі, чым у значнай меры спрычыніўся да таго, што яе прыняла толькі частка міран і духавенства.

Выклікае пярэчанне адмаўленне Б.Гудзяком ролі ў заключэнні Берасцейскай уніі такога фактару, як боязь падпасці пад уладу Маскоўскага патрыярхату, боязь расійскай экспансіі. Можа, для Ўкраіны першай паловы 1590–х г. гэта і сапраўды не мела такой актуальнасці, як пазней у ХVII ст., чаго нельга сказаць пра Беларусь, якая зведала маскоўскую агрэсію ў Інфлянцкай вайне і маскоўскае ўмяшальніцтва ў рэлігійныя справы яшчэ з канца ХV ст. Усходні сусед у дакументах перадберасцейскага перыяду, хоць і згадваецца рэдка, але называецца не інакш як «маскоўскі непрыяцель». Адчуваецца нейкая непаслядоўнасць у аўтарскай пазіцыі, калі, з аднаго боку, сцвярджаецца, што Маскоўшчына заставалася за гарызонтамі «рускай» царквы з яе пякучымі праблемамі, а, з другога, спробы К.Астрожскага — адной з галоўных дзейных асобаў тых падзеяў — і Львоўскага брацтва навязаць з ёй кантакты называюцца выключэннем з правіла. Князь стаў праціўнікам уніі, калі ўбачыў, што яна рыхтуецца не па ягоным сцэнары, дзе прадугледжвалася ўзгадненне гэтай справы з Масквой. Сама храналогія падзей (ідэя уніі захапіла беларуска–ўкраінскі епіскапат на наступны год пасля абвяшчэння Маскоўскага патрыярхата) і шматлікія факты беларускай гісторыі ХVI ст. абвяргаюць палажэнне Б.Гудзяка, што Маскоўшчына была для нашых продкаў terra inkognita і адтуль для іх не сыходзіла ніякай пагрозы.

На працягу 1590—1595 г., як пераканаўча паказана ў манаграфіі, епіскапат усё больш ясна акрэсліваў умовы паяднання. Уладыкі разумелі, што іх намеры сустрэнуць адпор, але таго, што унія абернецца трывалым расколам у Кіеўскай мітраполіі, яны не прадбачылі.

Насуперак сцвярджэнням многіх сваіх папярэднікаў, што унія — гэта польская інтрыга, Б.Гудзяк пераканаўча даводзіць, што унія русінаў не надта хвалявала польскую свецкую і царкоўную эліту, якая больш ахвотна адразу лацінізавала б усіх праваслаўных Рэчы Паспалітай. Жыгімонт III, які пазней лічыўся зацятым прыхільнікам уніі, да яе ініцыятараў, відаць не належаў. На заяву епіскапаў ад 24 чэрвеня 1590 г. аб намеры прыступіць да уніі ён даў станоўчы адказ толькі праз 21 месяц.

Вынік 5–гадовых дыскусій — 33 артыкулы, на якіх заключана унія, даследчык небеспадстаўна лічыць выдатным дакументам, які сведчыць пра рашучы намер епіскапаў абараняць і ўмацоўваць самабытнасць сваёй царквы, зберагаць літургічныя традыцыі. Яны абгаворваюць права развіваць царкоўную адукацыю і кнігадрукаванне. Шэраг артыкулаў прысвечаны пытанню міжцаркоўных стасункаў і роўнасці правоў. Імкненне епіскапаў атрымаць месцы ў сенаце, зведзенае гісторыкамі толькі да прыватнай матывацыі іх пачынанняў, даследчык кваліфікуе як спрошчаны і няслушны падыход калег да справы. Ад статуса ерархаў залежаў сацыяльна–палітычны стан усёй царквы і супольнасці «грэцкага закону». Дасягненне роўнасці з лаціннікамі, да якой уладыкі, мажліва, імкнуліся і з асабістых матываў, было першачарговай справай падвышэння статусу «рускай» царквы і грамадства.

Артыкулы сведчаць пра высокае пачуццё годнасці прадстаўнікоў Кіеўскай мітраполіі, якія лічылі сваю царкву годным, хоць і «малодшым» па рангу партнёрам у вядзенні унійных перамоваў з папскім сталом. Побач з намерам парваць з мінулым і далучыць сваю царкву да Рыма ў артыкулах адчуваецца не менш цвёрдая рашучасць не адступаць ад уласных і агульнахрысціянскіх пазіцый. Гэта антыномія выклікала трывалую палеміку і процілеглыя ацэнкі намераў і логікі епіскапату. Нельга не заўважыць факта, што ён шчыра і адважна намагаўся рэфармаваць уласную царкву і зберагчы адначасова яе традыцыі.

Аўтар акцэнтуе ўвагу і на такой істотнай рэчы, як розніца ў поглядах Рыма і беларуска–ўкраінскай ерархіі на унію. Як «рускія» ўладыкі бачылі ў сваіх дзеяннях акт уз’яднання памеснай царквы — Кіеўскай мітраполіі — з рымскім прастолам, так у вачах Рыма унія была паваротам да сябе і далучэннем групы схізматыкаў, вяртаннем грэшнай паствы ў лона сапраўднай царквы. Ад часу заключэння уніі ў Рыме 23 снежня 1595 г. папскі стол не адно дзесяцігоддзе дастаткова паслядоўна абараняў прэрагатывы «рускай» царквы, нават пры тым, што сярод польска–літоўскай палітычнай эліты стаўленне да уніі было неадназначным.

Даследаванне завяршаецца разглядам берасцейскіх сабораў. Спрэчка вакол таго, які з іх трэба лічыць легітымным і правамоцным з царкоўнага і свецкага пунктаў гледжання, не завершана да нашага часу. Ідэя універсальнай уніі, сфармуляваная антыуніяцкім саборам, за спіной якога стаяў К.Астрожскі, проціпастаўлялася рэгіянальнаму аб’яднанню, на якое пагадзіліся ерархі, пры усім тым, што пратаганісты з абодвух лагераў хацелі аднаго і таго ж: хрысціянскага адзінства, роўных правоў з рыма–каталікамі, рэфармавання царкоўнага жыцця. Прыехаўшы ў Берасце з вызначанымі ўзаемавыключальнымі пазіцыямі ды так і не здолеўшы дамовіцца паміж сабой, апаненты закідалі адзін аднаго абвінавачваннямі. «Узаемныя адлучэнні ад царквы і аб’яднанне з Рымам — такая супярэчлівая спадчына засталася нам ад тых бурлівых кастрычніцкіх дзён у невялікім цяпер мястэчку непадалёку ад таго месца, дзе зыходзяцца межы Беларусі, Польшчы і Ўкраіны», — падсумоўвае аўтар.

Б.Гудзяк не бярэцца адказваць на пытанне, якое тым не менш уздымае: ці прынесла унія «рускай» царкве тое, на што спадзяваліся епіскапы. Каб адказаць на яго, трэба напісаць яшчэ некалькі кніг. Рознааспектная гістарычная трактоўка працэсаў лацінізацыі і паланізацыі уніяцкай царквы ў ХVIII ст., высвятленне ролі адукаванага грэка–каталіцкага духавенства ва ўкраінскім нацыянальным адраджэнні ХIХ ст., паказ сілы і трываласці хрысціянскага духу, якія выявіла ўкраінская каталіцкая царква ў супрацьстаянні таталітарызму ў ХХ ст., і іншых вынікаў спадчыны уніі ўкраінцаў і беларусаў з Рымам адкрылі б новыя перспектывы ў вывучэнні праблемы.

Заключэнне Берасцейскай уніі стала пераломнай падзеяй у гісторыі Кіеўскай мітраполіі, яе вынікі выклікалі глыбінны рэзананс у рэлігійным, культурным і палітычным жыцці Ўсходняй Еўропы і да нашага часу адбіваюцца на міжканфесійных узаемадачыненнях у хрысціянскім свеце.

У ацэнцы Берасцейскай уніі Б.Гудзяк адыходзіць ад канфесійнай заангажаванасці і тэндэнцыйнасці, якой грашылі многія яго папярэднікі і якая затуманьвала іх гістарычнае бачанне, чым робіць уклад у фармаванне такога кансэнсусу адносна мінулага, які мог бы стаць перадумовай міжканфесійнага прымірэння.

Напісаная з мэтай растлумачыць падзеі 400–гадовай даўніны, кніга Б.Гудзяка дапамагае зразумець і сённяшнюю рэлігійную сітуацыю ва Ўсходняй Еўропе, у якой аўтар бачыць шмат падобнага з атмасферай канца ХVI ст. Грандыёзныя ўзрушэнні ў грамадстве часоў рэфармацыі, контррэфармацыі і каталіцкай рэформы шмат у чым нагадваюць змены ў посткамуністычнай Еўропе; пашырэнне кнігадруку — кампутарную і відэарэвалюцыю. Заходняя сістэма каштоўнасцяў, якая прарвалася ў духоўны свет Усходняй Еўропы ў канцы ХVI ст., на пачатку ХХI ст. глабалізуецца, ахопліваючы амаль усю планету. Гэтак жа, як і калісьці, традыцыйнаму ўкладу рэлігійнага жыцця кідаюць выклік новыя пратэстанцкія рухі і напаўхрысціянскія секты, а каталіцкая царква пасля II Ватыканскага сабору, як і ў посттрыдэнцкія часы, нанова кансалідуе свае сілы. Гэтак жа вядзе барацьбу за выжыванне Царгарадскі патрыярхат. Сучасным аналагам крызіса, які ў канцы ХVI ст. перажыло грэцкае праваслаўе пад турэцкім панаваннем, з’яўляецца неабароненасць пазіцый хрысціянскага свету пасля стагоддзя ўціску таталітарызму. Насцярожанасць расійскага праваслаўя ў дачыненні да Захаду, якая тады дыктавалася протаімперскімі амбіцыямі, цяпер выклікана гістарычнай настальгіяй па страчаным імперскім мінулым. Аналагам духоўнага голаду сярод сучасных посткамуністычных краін з’яўляецца ўласцівае канцу ХVI ст. узрастанне духоўных патрэбаў. Дзве эпохі, аддаленыя чатырма стагоддзямі, такія далёкія і ў той жа час надзіва падобныя між сабой.

Прасочаны Б.Гудзяком у кантэксце ўзаемадачыненняў Кіеўскай мітраполіі з Царгарадскім патрыярхатам генезіс Берасцейскай уніі, несумненна, адкрывае, перспектывы для новага бачання праблемы сёння.

Горадня

Святлана Марозава

Наверх

Bernatowicz, Tadeusz. Miles Christianus et peregrinus (Валеры Пазнякоў)

Снежня 9, 2000 |


Bernatowicz, Tadeusz. Miles Christianus et peregrinus. Fundacje Mikołaja Radziwiłła «Sierotki» w ordynacji Nieświeskiej. Warszawa, 1998. 234, IX.

Доктар Тадэвуш Бернатовіч, віцэ–дырэктар Інстытута гісторыі мастацтва Варшаўскага універсітэта, добра вядомы даследчыкам і аматарам беларускага мастацтва і гісторыі. Ужо больш за дзесяць гадоў ён вывучае мастацкія помнікі Нясвіжа. Тое адчуванне, што радзівілаўская сталіца мае шэдэўры еўрапейскай вартасці, у працах Т. Бернатовіча знайшло поўнае навуковае абгрунтаванне. Дзякуючы папярэднім артыкулам аўтара, а цяпер і яго манаграфіі даведзена, што Нясвіж сапраўды можна лічыць мастацкай сталіцай старой Беларусі.

Нясвіжу пашанцавала не толькі з таленавітым даследчыкам яго мінуўшчыны, але і з мецэнатам, які заклаў непарыўную традыцыю мастацкага развіцця горада — Мікалаем Крыштапам Радзівілам Сіроткам. Ён, па сутнасці, збудаваў горад. І не проста населены пункт, а горад–храм, горад–святыню, горад–музей. У шматлікіх ранейшых даследаваннях мастацкай спадчыны Нясвіжа бракавала сістэмнасці. Дзякуючы ўсебаковаму ахопу найранейшай мастацкай гісторыі Нясвіжа, а менавіта часоў Радзівіла Сіроткі, Бернатовічу ўдалося раскрыць не адну мастацкую таямніцу радзвілаўскай сталіцы.

Перадумовай непасрэдна мастацтвазнаўчага даследавання аўтара было высвятленне ідэйных матываў, якімі кіраваўся Сіротка, калі праводзіў сваю будаўнічую і мецэнацкую дзейнасць. М.К.Радзівіл вызначаецца як «miles christianus et peregrinus» (гэтыя словы вынесеныя ў загаловак кнігі) — «рыцар хрысціянскі і паломнік». Навернуты ў маладосці з кальвінізму ў каталіцтва, Сіротка ўсё жыццё імкнуўся быць «хрысціянскім рыцарам», князем — падмуркам рыма–каталіцкага касцёлу, які пасля Трыдэнцкага сабору перайшоў у рашучую атаку на «ерэтычныя» плыні тагачаснай Еўропы: кальвінізм, лютэранства ды шмат іншых. Адметнасць сітуацыі ў Беларусі палягала ў тым, што бальшыня насельніцтва належала да праваслаўнай рэлігіі, «схізматыкаў», не яўных ворагаў каталіцызму, але, як меркавалася, ворагаў патэнцыйных. Аднак насуперак афіцыйнай дактрыне Рыма вялікія князі беларуска–літоўскай дзяржавы былі вымушаны праводзіць талерантную палітыку ў дачыннені да праваслаўя, у пэўнай ступені апеквацца ім, праўда, досыць паблажліва. Радзівіл Сіротка праводзіў палітыку ўмацавання каталіцызму ў праваслаўным асяроддзі і насуперак волі пратэстантаў. Ён перамог, а для нас каштоўнае тое, што разам перамагло яго мецэнацтва, добры густ, любоў да мастацтва. Мастацкая спадчына М.К.Радзівіла Сіроткі стала часткай сучаснага мастацкага жыцця Беларусі.

Горадабудаўнічыя і мастацкія адкрыцці Бернатовіча цяжка пералічыць. Найважнейшыя з іх: высветлены першапачатковы праект, які быў пакладзены ў аснову пабудовы Нясвіжа, і адметнасці яго рэалізацыі; высветлены этапы пабудовы Нясвіжа і адметнасці яго рэалізацыі; вызначаны этапы пабудовы Нясвіжскага замка, аўтарства збудаваных Сіроткам каталіцкіх і уніяцкіх святыняў у іншых княжацкіх гарадах, мястэчках і вёсках — Свержані, Міры, Дзераўной, Чарнаўчыцах (у т.л. працы Яна Марыі Бернардоні); мастацкія асаблівасці і аўтарства пастаўленых Сіроткам надмагілляў сваякам і родным, выкарыстанне ў італьянскіх творах мастацтва ў Нясвіжскім езуіцкім касцёле (алтар Св.Крыжа, надмагілле К.М.Радзівіла) рэдкага мастацкага прыёму «рота» — наўмыснага разбурэння помніка, што адным з выдавецкіх рэцэнзентаў кнігі вызначана як адкрыццё еўрапейскага маштабу; высветлены імёны нясвіжскіх майстроў — памочнікаў і паплечнікаў знакамітых архітэктараў і скульптараў; вызначаецца першапачатковы склад Нясвіжскай галерэі партрэтаў і г.д. Кніга Бернатовіча ўтрымлівае такі вялізны матэрыял, што патрабуюцца доўгія гады на яго засваенне, верыфікацыю, крытыку. Але і сёння можна зрабіць некаторыя назіранні і заўвагі на палях гэтай працы.

Адной з юрыдычных падставаў ператварэння Нясвіжа ў трывалы адміністрацыйны і культурны цэнтр Радзівілаў было заснаванне Нясвіжскай, а разам з ёй Алыцкай і Клецкай ардынацый — буйных непадзельных маёнткаў, якія перадаваліся ў спадчыну старэйшаму ў адпаведнай мужчынскай лініі роду Радзівілаў. Тадэвуш Бернатовіч мяркуе, што спачатку дамову пра ўтварэнне ардынацый заключылі ў 1579 г. уладальнікі Нясвіжа і Алыкі М.К.Радзівіл Сіротка і Станіслаў Радзівіл, а пасля да іх у 1586 г. далучыўся ўладальнік Клецка Альбрыхт Радзівіл (ёсць спасылка на навукова неахайную працу Аляксандра Меленя 1929 г.). Пра дакумент умовы 1579 г. гісторыкі дагэтуль не ведаюць, яго і не магло быць, бо ў гэты час Станіслаў Радзівіл вандраваў па Еўропе, а Сіротка ўдзельнічаў у вызваленні Полацка.

Заслугаю Бернатовіча ёсць распрацоўка першапачатковага плана Нясвіжа, як ён задумваўся М.К.Радзівілам Сіроткам. Дагэтуль у беларускай літаратуры з кнігі ў кнігу пераходзілі пазнейшыя планы Нясвіжа канца ХVIII — пачатку ХIХ ст., якія, як меркавалася, перадавалі выгляд горада і ў больш раннія часы. Нясвіж на гэтых планах меў выгляд няправільнага шматвугольніка, меркавалася, што план горада першапачаткова быў блізкі да квадрата і меў рэгулярную, прамавугольную разбіўку на кварталы (Уладзімір Чантурыя). Бернатовіч даводзіць, што Нясвіж быў задуманы як сіметрычны пяцівугольны ў плане горад з лабірынтавай сеткай вуліц і 5 праязнымі брамамі. Такая рэканструкцыя, аднак, параджае некаторыя сумненні. Па–першае, яна не вынікае з пазнейшых планаў горада, з гравюры Томаша Макоўскага (від Нясвіжа на мяжы XVI—XVII ст.) Па–другое, з прывілея М.К.Радзвіла Сіроткі нясвіжскім мяшчанам 1586 г. вядома, што ён абавязваў іх вымураваць дзве праязныя брамы. Падаецца, што Сіротка меркаваў спачатку выбудаваць Нясвіж прамавугольным у плане і толькі з дзвюма брамамі (верагодна, праз першую ішла дарога на Слуцк, праз другую — на Вільню). У цэнтры месціўся прамавугольны Рынак, ад бакоў якога адыходзілі чатыры вуліцы. Толькі з заснаваннем бенедыктынскага жаночага кляштара (фундуш быў выдадзены ў 1590 г.) Нясвіж набыў больш складаныя абрысы ў плане, бо жаночы кляштар абавязкова павінен быў ахоплівацца гарадскімі ўмацаваннямі.

Вялікую цікавасць маюць назіранні Бернатовіча над архітэктурнымі асаблівасцямі і стылістыкай тых святыняў, якія былі збудаваны паводле загаду Сіроткі. Аўтар упэўнены, што Новасвержанскі (паўстаў паміж 1588 і 1660 г.) і Мірскі (1685—1604 г.) касцёлы, якія захаваліся да нашага часу, а таксама нясвіжскі шпіталь з капліцай Св.Духа з’яўляюцца творамі Я. М.Бернардоні. Зразумела, заўсёды існуе тэндэнцыя прыпісваць ананімныя творы мастацтва якому–небудзь знакамітаму майстру. Але ў гэтым выпадку довады Бернатовіча выглядаюць вельмі пераканаўча і з імі можна пагадзіцца. Больш за тое, ёсць падставы звязаць з творчасцю знакамітага архітэктара яшчэ адзін касцёл, а менавіта ў Клецку. У іншым месцы намі былі высунуты некаторыя аргументы на карысць гэтай гіпотэзы (Клецкі касцёл збудаваны паміж 1585 і 1592 г.)[1]. Да творчасці Бернардоні Т.Бернатовіч схільны адносіць і уніяцкую царкву ў Новым Свержані. Касцёлы ў Дзераўной (1590—1598 г.), Белай (1596—1603 г.) і Чарнаўчыцах (да 1616 г.), пабудаваныя з фундацый М.К.Радзівіла Сіроткі, адносяцца да іншага кола сакральнай архітэктуры — люблінскай, з яшчэ моцнымі гатычынмі рысамі. На жаль, не збярогся да нашага часу нясвіжскі прыгарадны касцёл св.Рафала, аднак, абапіраючыся на тагачасныя крыніцы і назіранні сучаснага даследчыка Ежы Пашэнды, аўтар абмаляваў і яго асаблівасці і далучыўся да погляду, што і гэта твор Бернардоні. Шкада, што Тадэвуш Бернатовіч не ўлічыў артыкул пра касцёл, які належыць пяру беларускай даследчыцы Тамары Габрусь[2].

Вельмі цікавыя звесткі і разважанні аўтара наконт праваслаўных і уніяцкіх святыняў Нясвіжа. Сіротка, ганарлівы каталік, менш увагі аддаваў пераважным на Нясвіжчыне і Беларусі ў цэлым гэтым двум канфесіям, але і яны карысталіся падтрымкай з яго боку. Паказальна, што Сіротка перад адбыццём у Святую Зямлю ў 1582 г. надаў фундуш менавіта праваслаўнай святыні — Мірскай Святатраецкай царкве. Пасля падпісання Берасцейскай уніі 1596 г. князь падтрымліваў уніятаў. Ён надаў фундуш Нясвіжскай царкве св.Юрыя, даручыў Бернардоні будаваць цэрквы ў Новым Свержані (паўстала хутка пасля 1596 г., гэткім чынам, яна — першы уніяцкі мураваны храм Беларусі, выбудаваны спецыяльна для грэка–каталіцкай канфесіі) і Міры (мяжа XVI—XVII ст.). Верагодная праца Бернардоні над Новасвержанскай і Мірскай цэрквамі, якая прывяла да некаторых рысаў, не ўласцівых храмам усходняга абраду, дала магчымасць Бернатовічу казаць пра раннюю, спрадвечную «акцыдэнталізацыю» і «лацінізацыю» уніяцкіх святыняў, што раней аналізавалася ў асноўным у помніках XVIII і пачату ХIХ ст. Некалькі слоў варта было сказаць пра плябанію пры езуіцкім касцёле. Будынак стаяў ужо пры Сіротку, што можна разгледзець на гравюры Нясвіжа аўтарства Т.Макоўскага. Камяніца, якая стаіць цяпер амаль насупраць касцёла, мае больш познія рысы, але верагодна, што яна ўключыла больш раннюю пабудову. Бернатовіч адно змясціў здымак плябаніі, але ніяк не пракаментараваў яго.

Значная заслуга Бернатовіча — устанаўленне аўтарства надмагілляў і алтара Св. Крыжа ў Нясвіжскім езуіцкім касцёле. Цяпер гэтыя шэдэўры не безыменныя. Алтар Св. Крыжа быў створаны ў Венецыі майстрамі Джыралама Кампана і Чазарэ Франка (сігнатуру апошняга Бернатовіч адшукаў на самім творы). Час стварэння алтара — 1583 г., як вынікае з надпісу на ім, а ў 1586 г. венецыянскі дож даў дазвол на яго вываз у Нясвіж. Такім чынам, гэты цудоўны твор венецыянскага разьбярства прызначаўся да першапачатковага касцёла, які быў разабраны ў сувязі з пабудовай новага, і толькі пасля быў перанесены ў новы, езуіцкі касцёл.

Праект надмагільнай табліцы над пахаваннем М.К.Радзівіла Сіроткі, як мяркуе Бернатовіч, мог скласці Я.М.Бернардоні. Аўтарам надмагілля Сіроткі быў мастак з кола радзівілаўскага архітэктара і разьбяра італьянца Каспера Фадыгі (надмагілле выканана паміж 1593 і 1596 г.). Надмагілле жонкі Сіроткі — Эльжбеты Яўфіміі з Вішнявецкіх — знаходзіцца з іншага боку ад алтара Св.Крыжа і разам з надмагіллем мужа адпавядае адзінай задуме. Надмагілле княгіні было пастаўлена паміж 1596 і 1608 г. Пэўна, яно таксама было зроблена ў Венецыі майстрам Чазарэ Франка. На жаль, да нашага часу не дайшла вялікая сярэбраная табліца з рэльефнай выявай княгіні. Рэдкі помнік надмагільнага разьбярства — табліца над пахаваннем немаўляці Мікалая Радзівіла — першынца М.К.Радзівіла Сіроткі. Помнік паўстаў між 1588 і 1593 г., гэта твор малапольскага разьбярства.

Нарэшце, адным з найбольш вядомых і цудоўных твораў сепулькральнага мастацтва з Нясвіжа з’яўляецца надмагілле яшчэ аднаго з сыноў Сіроткі — Мікалая Крыштафа Радзівіла. Яно таксама выйшла з венецыянскай майстэрні Чазарэ Франкі і Джыралама Кампаніа (апошняму належыць праца над бюстам маладога князя). Помнік зроблены ў тым самым 1607 г., калі памёр М.К.Радзівіл.

Такім чынам, Бернатовіч вызначыў аўтарства найбольш значных твораў мастацтва з Нясвіжскага езуіцкага касцёла, пра італьянскія карані якіх даследчыкі раней толькі здагадваліся. Але былі адшуканы і імёны майстроў другога роду, аб працах якіх можна меркаваць на падставе нешматлікіх дакументаў з менскай часткі Радзівілаўскага архіва. Аўтарамі карцін з галерэі Сіроткі былі мастакі Юрый (упамінаецца некалькі разоў аж да 1609 г.), Эмануэль (1589 г.), Матэвуш (1599 г.). Т.Бернатовіч выказаў цікавыя думкі наконт таго, як магла выглядаць карцінная галерэя Сіроткі. Безумоўна, найбольш знакамітым мастаком пры двары князя быў гравёр Томаш Макоўскі, вядомы як выканаўца першай дакладнай карты Вялікага Княства Літоўскага і аўтар гравюр з выявамі беларускіх гарадоў. На жаль, Бернатовічу застаўся невядомым артыкул М.Ткачэнкі, у якім апублікавана забытая праца Макоўскага — партрэт Жыгімонта III[3], і абмінута гравюра Макоўскага з панарамай Гародні, таму характарыстыка творчасці знакамітага майстра аказалася не зусім поўнай.

Яскравай старонкай мастацкай культуры Нясвіжа была вытворчасць бронзавых, багата аздобленых гармат. Іх звязваюць з дзейнасцю майстра Германа Мольцфельта. Т. Бернатовіч, аднак, паказаў, што той не можа лічыцца сапраўдным мастаком. Мяркуючы па жалаванні, якое майстар атрымліваў ад князя, ён быў адно ліцейшчыкам, а мастацкія формы для адліўкі гармат вырабляў невядомы па прозвішчы разьбяр Філіп.

З імем М.К.Радзівіла Сіроткі звязаны пачатак разбудовы прыгараднай княжацкай рэзідэнцыі Альбы. Яе росквіт як палацава–паркавага комплексу прыпадае на XVIII ст. Бернатовіч адзначае, што Сіротка пасяліў тут галандскіх рамеснікаў, якія, між іншым, пачалі асушаць балоцістыя ваколіцы Альбы. Выказваецца меркаванне: калі галандцы займаліся бяленнем палатна, то адсюль утварылася назва паселішча Альба («белая» па лацінску). Відавочна, такая этымалогія некалькі павярхоўная. Больш пераканаўчая гіпотэза, якая выводзіць імя нясвіжскай прыгараднай рэзідэнцыі ад вілы Альба пад Рымам — месца адпачынку рымскай знаці.

На жаль, па–за даследаваннямі Бернатовіча застаўся М.К.Радзівіл Сіротка як апякун яўрэйскай грамады Нясвіжа. У старой літаратуры сустракаюцца звесткі пра прывілей князя яўрэям 1589 г. і пра тое , што ён збудаваў для іх барокавую сінагогу. Вядома, адзінкавыя экзэмпляры польскамоўнага выдання не натоляць чытацкай прагі, але папулярызацыя высноваў працы Т.Бернатовіча давядзе яго цікавыя адкрыцці да шырокага чытацкага кола. Аптымальным крокам было б выданне кнігі на беларускай мове.

Менск

Валеры Пазнякоў


[1] Пазднякоў В.С. Хрысціянскія святыні Клецка ХV—XIX стст. // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск. 1996. № 10.
[2] Габрусь Т. На гары Анёльскай // Мастацтва. 1993. № 12.
[3] Ткачэнка М. Аўтарству стагоддзі не замінка // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12.

Наверх

Łaszkiewicz, Hubert Mikołaj. Dziedzictwo czy towar? (Валеры Пазнякоў)

Снежня 8, 2000 |

Łaszkiewicz, Hubert Mikołaj. Dziedzictwo czy towar? Szlachecki handel ziemią w powiecie chełmskim w II połowie XVII w. Lublin, 1998. 284.

Кніга доктара Губерта Мікалая Лашкевіча прысвечана тэме, якая ў польскай гістарычнай навуцы даследавана мала, а ў беларускай — зусім не кранутая. Гаворка ідзе пра шляхецкія аперацыі з зямельнай нерухомасцю і іх сацыяльныя наступствы. Храналагічныя межы даследавання — другая палова XVII ст., час паміж II і III Паўночнымі войнамі, самымі спусташальнымі для Рэчы Паспалітай. Геаграфічныя межы – Холмскі павет Рускага ваяводства Каралеўства Польскага. Між іншым, у склад павета ўваходзілі вёскі Павіцце, Радастава і некалькі іншых на тэрыторыі сучасных Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў. Такім чынам, даследаванне Лашкевіча непасрэдна датычыць Беларусі. Яно мае каштоўнасць для беларускай гістарыяграфіі і як узор наватарскай працы.

Па–першае, матэрыі, закранутыя аўтарам, яшчэ не зацікавілі беларускіх гісторыкаў як аб’ект спецыяльнага вывучэння. Чым былі зямельныя ўладанні для шляхты — дзедзічнай спадчынай ці проста таварам? Наколькі моцнымі былі сувязі паміж прывілеяваным станам і зямлёю — адной з адзнакаў яго прывілеяванага становішча? Па–другое, даследаванне Лашкевіча цікавае метадамі. Апрацаваны матэрыял мае масавы характар, таму ён паказаны з дапамогай апісальнай статыстыкі. На падставе вывучанага матэрыялу былі выведзены статычныя серыі, якія падвергнуты інтэрпрэтацыі. Быў скарыстаны метад аналізу масіваў для акрэслівання падабенства паміж аб’ектамі — абшарамі пэўных парафій. Шырока выкарыстаны магчымасці кампутарнай тэхнікі.

У раздзеле 1 аўтар даў агульную характарыстыку Холмскага павета ў другой палове XVII ст. Былі вызначаны межы гэтага адміністрацыйнага ўтварэння (на жаль, няма падрабязнай карты), прыродныя ўмовы на яго тэрыторыі, гісторыя засялення з даўнейшых часоў. Пра нацыянальны склад павета можна меркаваць па звестках пра рэлігійныя ўстановы. Холмскі павет падзяляўся на 29 каталіцкіх і 143 уніяцкія парафіі, што сведчыць пра перавагу ўсходнеславянскага (украінскага) насельніцтва. Пазней, у сярэдзіне XVIII ст., уніяты складалі 74% жыхарства Холмшчыны. Агульную лічбу насельніцтва павета ў 1662 г. Лашкевіч вызначае як 72 тыс. чал., ацэньваючы 1 дым у 6 чалавек, з таго ліку шляхты было 1 тыс. чал. Аселай шляхты было 48%, што значна меней параўнальна з Вялікай і Малой Польшчай. Значную частку — каля 11% — складала зусім немаёмасная шляхта. Структура ўласнасці выглядае так: 65% паселішчаў належалі шляхце, 30% — каралю, 5% — царкве.

Пераходзячы непасрэдна да тэмы даследавання, Лашкевіч у раздзеле 2 спыняецца на тыпах і колькасці кантрактаў, звязаных з зямельнай уласнасцю шляхты. Аб’ектамі ўвагі сталі акты куплі–продажу зямлі (паводле тагачаснай тэрміналогіі — данацыі, г.зн. дару), цэсіі, заставы, выкупу з заставы, аддачы ў дажывоцце. У агульнай лічбе 2 087 кантрактаў за 1625—1705 г. па 26% прыпадае на акты куплі–продажу і аддачы ў заставу. Найчасцей кантракты заключаліся і ўносіліся ў судовыя кнігі ў ліпені. Ад 1652 да 1705 г. вылучаецца некалькі перыядаў, калі шляхта часцей заключала кантракты, што аўтар ілюструе графікамі. Лашкевіч прасачыў па пяцігодках і ваганні ў прапорцыі паміж актамі куплі–продажу і аддачы ў заставу, паміж актамі аддачы ў заставу і цэсіі. У дэталях прасочаны ўмовы і рэалізацыя актаў аддачы маёнткаў у заставу. Высновы даследчыка — храналагічныя змены даследаваных з’яваў не вялікія, значыць, мясцовы рынак нерухомасці быў даволі стабільны. Стабільнасць была ўласцівая і геаграфіі тыпаў кантрактаў. Бальшыня дамоваў, заключаных на пэўны час, доўжылася да пяці гадоў. Высокая хуткасць абароту маёнткаў не дазваляла рабіць значныя інвестыцыі як укладальнікам, так і трымальнікам зямельных уладанняў. Разам з іншымі дадзенымі гэта дазволіла Лашкевічу зрабіць выснову, што адбудова сельскай гаспадаркі Холмшчыны ішла ў другой палове XVII ст. вельмі марудна, а ў другой частцы маёнткаў зусім не мела месца.

У раздзеле 3 прасочаны велічыня звароту і цана зямлі. І тут не заўважаецца значнага вагання лічбаў у межах даследаванага перыяду. Урэшце, агульнай тэндэнцыяй было падзенне намінальных цэнаў пры заставе зямлі. У раздзеле 4 аўтар даследуе групавыя і індывідуальныя асаблівасці ўдзельнікаў кантрактаў. Увогуле такіх зафіксавана 4 618 чал. З іх каля 20% складалі жанчыны. Сярэднезаможная шляхта, што выступала з тытулам generosi, складала каля 30% шляхты–падаткаплацельшчыкаў, але сярод удзельнікаў кантрактаў яе было каля 89%. А вось з дробнай шляхты, якая складала каля 69% падаткаплацельшчыкаў, толькі блізу 5% удзельнічалі ў аперацыях з зямлёю. Лашкевіч падрабязна прасачыў удзел прадстаўнікоў асобных груповах шляхты ў розных зямельных здзелках. Напрыклад, у выпадку заставы зямлі галоўным крэдытадавальнікам (г.зн. тым, хто браў зямлю ў заставе) была сярэдняя шляхта. У адносінах да гэтай групоўкі раслі даўгі іншых шляхецкіх праслоек. На працягу другой паловы XVII ст. значная частка вялікіх маёнткаў змяніла ўладальнікаў. Пры гэтым назіраецца агульнае драбненне шляхецкіх маёнткаў Холмшчыны, расце колькасць уладанняў з некалькімі гаспадарамі.

Параўноўваючы атрыманыя вынікі з адпаведнымі дадзенымі з Львова і Калішскага павета, Лашкевіч прыйшоў да высновы, што для шляхты Холмскага павета не ўласцівы працэсы канцэнтрацыі зямельнай уласнасці. Адказваючы на пытанне, чым жа была на Холмшчыне шляхецкая зямля — варштатам працы, адзнакай грамадскага прэстыжу — спадчынай або таварам, Лашкевіч робіць выснову, што маёнтак быў спадчынай. Пра гэта сведчыць і тое, з якой неахвотай зямлі пазбаўляліся. Было б цікава прасачыць, наколькі вынікі, атрыманыя пры даследаванні Холмскага павета, характэрныя для іншых частак Рэчы Паспалітай, у прыватнасці, для Беларусі. Крыніцазнаўчая база з некаторых беларускіх паветаў дае магчымасць правесці даследаванні паводле методыкі, прапанаванай Лашкевічам.

Кніга ўражвае абагульненнем вялікай колькасці актавага матэрыялу, статыстычных дадзеных. Пра гэта сведчаць і вялікія дадаткі: паказальнік скарыстаных архіўных справаў, алфавітны пералік маёнткаў з паказаннем актаў аперацый з нерухомасцю (з адсылкамі да адпаведных архіўных дакументаў), паказальнік умоў куплі–продажу зямлі (г.зн. узроўню коштаў) па асобных маёнтках. Апрача шматлікіх табліц ёсць 10 картаў, якія ілюструюць геаграфічнае размяшчэнне даследаваных з’яваў па парафіях.

Менск

Валеры Пазнякоў

Куль-Сяльверстава, Святлана Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур (Андрэй Кіштымаў)

Снежня 7, 2000 |

Куль-Сяльверстава, Святлана Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова ХVIII ст. 1820-я г.) / Навук. рэд. П.І. Брыгадзін. Мінск, 2000. 260.

Асноўны сюжэт рэцэнзаванай манаграфіі, які зададзены яе храналагічнымі рамкамі, у вельмі кароткай форме можа быць сфармуляваны так: гістарычная сустрэча шляхецкай рэспублікі Рэчы Паспалітай з абсалютнай манархіяй Расійскай імперыяй і вынік гэтай сустрэчы. Месца дзеяння — Беларусь. Змест дзеяння — культурныя працэсы.

Вельмі складана адказаць на пытанне: «чыя культура?», калі дагэтуль маецца вельмі цьмянае ўяўленне пра тое, якая яна была. Не, гэта, вядома, не азначае, што польскія гісторыкі не даследавалі розных аспектаў развіцця культуры таго часу. Ёсць і грунтоўныя працы расійскіх даследчыкаў па гэтай тэматыцы. Урэшце, штосьці рабілася і беларускімі гісторыкамі, і, не ў апошнюю чаргу, аўтарам рэцэнзаванай манаграфіі. Але пакуль гэта былі толькі «дрэвы», за якімі слаба праглядаецца «беларускі лес». Адзначаныя хібы павінна запоўніць кніга Святланы Куль–Сяльвеpставай.

Вобразна кажучы, перад намі прыклад гістарычнай археалогіі, калі даследчык мінулага пласт за пластом адкрывае ўсё новыя і новыя культурныя слаі, дасканала фіксуючы кожную знаходку і звяртаючы асаблівую ўвагу на яе датаванне і месца ў шэрагу іншых.

Месца самога гісторыка — у полі паміж задумай і сведчаннямі пра мінулае, паміж пытаннем і комплексам архіўных і іншых гістарычных матэрыялаў. Менавіта ў гэтым прамежку нараджаецца гістарычнае даследаванне, менавіта яно яго запаўняе. Калі заўгодна, крытэрыем сапраўднасці навуковага даследавання з’яўляецца наяўнасць гармоніі паміж зададзеным пытаннем, гістарычнымі фактамі і аргументацыяй аўтара. Часам у манаграфіі такая гармонія назіраецца.

Уся манаграфія — пошук магчымасцяў для культурна–гістарычнай трансфармацыі Беларусі на памежжы ХVIII і ХIХ ст., які ўключыў у сябе як вывучэнне дзейных асобаў гэтай трансфармацыі, так і даследаванне ўмоў, пры якіх яна адбывалася. Перад чытачом узнікае вельмі складаная карціна, насычаная людзьмі і падзеямі, і ён павінны быць удзячны за гэта аўтару. Але, напрыклад, у мяне пры чытанні даволі хутка ўзнікла і ў далейшым узмацнілася думка, што рэальная гістарычная рэчаіснасць была яшчэ больш складанай. У дадзеным выпадку гэта якраз не папрок, а камплімент аўтару. Яна ведала пра гэта, і, тым не менш, свядома пайшла на адпаведную навуковую рызыку — ахапіць неабсяжнае.

Даследаванне культурных працэсаў, на мой погляд, найбольш цяжкая праблема для гісторыка, бо ён сам уцягнуты ў гэтыя працэсы і яго праца — частка іх. Надзвычайная задача — быць унутры, адначасова спрабуючы даць выгляд звонку. Гэта не палітыка, вайна ці эканоміка, дзе гісторыку лягчэй захоўваць дыстанцыю, абстрагавацца ад уласнага ўваходжання ў аб’ект даследавання, ад уласных стэрэатыпаў і прыхільнасцяў. Для гістарычнага вандравання ў свет культуры як ніколі неабходны дакладны компас і прадуманы інструментарый гісторыка — ладная структура, вывераная тэрміналогія, абгрунтаваная перыядызацыя.

Нам уяўляецца прывабным крайні аскетызм «Зместу» манаграфіі Куль–Сяльверставай. Там, дзе звычайна гісторыкі культуры грашаць шматслоўем, якое пераходзіць у словаблудства, мы бачым выразнае структурнае дзяленне: формы арганізацыі; спажыўцы і стваральнікі, ідэйна–стылёвы і сутнасны лад культуры. Такі каркас працы стварыў трывалую аснову для інвентарызацыі культурных здабыткаў Беларусі другой паловы ХVIII — 1820–х г.

Цяжэй было выпрацаваць і аргументаваць неабходную тэрміналогію. Тут удалося не ўсё — супраціўлялася тэма даследавання, супраціўляўся гістарычны матэрыял і, галоўнае, трэба было вызначыць тое, што, па справядлівай заўвазе аўтара, пакуль часцей выкрывала сябе ў тэндэнцыях (с.5) і не набыло характару закончанай з’явы.

Зрэшты, упершыню ў беларускай гістарыяграфіі дадзена разгорнутае вызначэнне інтэлігенцыі (14—15) і нават у асобную катэгорыю вылучана «праінтэлігенцыя» (147). Праўда, яе кола звужана да «стваральнікаў духоўных каштоўнасцяў», што прадыктавана тэмай даследавання. Што ж, таму, хто пойдзе далей, давядзецца даць адсутнае вызначэнне «інтэлектуальнай працы», падумаць пра ролю ў дадзены перыяд адвакатаў, медыкаў і тэхнічнай інтэлігенцыі, вырашыць ўсё ж, куды далучыць чыноўнікаў і, што яшчэ больш цікава, — афіцэрскі корпус і святароў.

У прынцыпе, не здзіўляе, што кніга пра культуру ўтрымлівае мноства «культур», «ментальнасцяў», «традыцый». Гэта і «сармацкая» ментальнасць шляхты — паняцце, уведзенае без азначэння (142), і «ліцвінская культурная традыцыя», і «традыцыйная субкультура», і «культура Новага часу».

Сустракаючыся са складанасцямі тэрміналогіі, якія выкліканы мноствам азначэнняў, што не носяць вычарпальнага характару, аўтары нярэдка спрабуюць пераадолець іх, прапануючы новы тэрмін. Гэты тэрмін, на іх меркаванне, здольны растлумачыць невытлумачальнае, стаць новым інтэгратарам. Для манаграфіі Куль–Сяльверставай такім ключавым паняццем стала «ардадамінантная культура». Аднак, у залежнасці ад кантэксту, яна выступае то ў абліччы суб–, то ў абліччы проста культуры. Тэрмін пазычаны з працы выдатнага расійскага даследчыка А.Мыльнікава і нясе на сабе асноўную сэнсавую нагрузку манаграфіі. Аднаго ўзора (13) для яго тлумачэння яўна малавата. Усё ж працэс чытання апрыёры мае на ўвазе і працэс разумення, што ўключае ў сябе своеасаблівую дамову наконт тэрмінаў паміж аўтарам і чытачом. Нават не падвяргаючы сумненню слушнасць і правамоцнасць выкарыстання тэрміна «ардадамінантная культура» ў рэцэнзаванай кнізе, чакаеш і не знаходзіш адказаў на цэлы шэраг пытанняў: Чаму ўзяты тэрмін, прапанаваны Мыльнікавым? Наколькі шырока выкарыстаў яго сам Мыльнікаў і іншыя даследчыкі? Дзе межы гэтага паняцця, гістарычныя і часавыя?

Што да перыядызацыі, то прынцыпова новым словам стала прапанова аўтара лічыць другую палову ХVIII — 1820–я г. межамі аднаго культурнага працэсу, адной культуры — культуры Асветніцтва на беларускіх землях. Такім чынам, застаючыся ў адзінай гістарычнай прасторы з палітычнымі і эканамічнымі зменамі, культурныя з’явы, тым не менш, даволі рэзка аддзелены ад іх паводле сваёй сутнасці і зместу, яны маюць свой гістарычны тэмп, у іх свае законы. Верагодна, апрача манаграфіі Куль–Сяльверставай, метадалагічная каштоўнасць гэтай перыядызацыі будзе пацверджана далейшымі працамі гісторыкаў.

Зразумела, у манаграфіі прасочаны далёка не ўсе сюжэты, якія тычацца абранай тэмы. Напрыклад, у гэты час як у Рэчы Паспалітай, так і ў Расійскай імперыі ішло інтэнсіўнае фармаванне феномена сядзібнай культуры — з’явы ў дастатковай меры сінхроннай і даволі падобнай. Знамянальна, што ў рамках менавіта сядзібнай культуры, нягледзячы на ўсе палітычныя падзелы і гістарычныя трансфармацыі, культурная традыцыя не перарывалася і насіла падобныя рысы. Хоць, несумненна, «паступовае перамяшчэнне культурнага жыцця з магнацкіх сядзібаў у гарады» (91) мела месца, тады ж узнікалі новыя шыкоўныя рэзідэнцыі са сваімі культурнымі традыцыямі, такімі, як Залессе М.Агінскага ці Гомельскі маёнтак графа М.Румянцава. Да таго ж, культурныя навацыі развіваліся ўшырыню, робячы ўсё больш разнастайным культурнае жыццё сярэдніх маёнткаў. Сюжэт пра сядзібную культуру дазволіў бы змякчыць залішне рэзкае супрацьпастаўленне Захаду і Ўсходу пры аналізе культурных працэсаў у Беларусі.

Такое супрацьпастаўленне стала адным з лейтматываў манаграфіі. Сапраўды, Беларусь канца ХVIII — пачатку ХIХ ст. апынулася паміж Варшавай і Пецярбургам. Першая заняпала, уплыў другога не набраў сваёй моцы. Беларускія землі на час апынуліся быццам бы самі па сабе. Гэта прывяло да абуджэння мясцовага патрыятызму, узнікла гістарычная неабходнасць стварэння і ўсведамлення ўласных культурных каштоўнасцяў і арыенціраў. Пра гэта шмат і пераканаўча гаворыцца ў манаграфіі. Шкада, што ў сваёй аргументацыі аўтар ніяк не адзначае стварэння Царства Польскага ў 1815 г. Гэтым актам імператар Аляксандр I, па сутнасці, зноў адсек Польшчу ад былых земляў ВКЛ, што аб’ектыўна працавала на фармаванне беларускай нацыі і яе культуры.

Мы ў еўрапейскім кантэксце ці еўрапейскі кантэкст у нас? Гэтае пытанне — не парадокс ці голая сафістыка. Нічога не маю супраць становішча Беларусі «на мяжы» стагоддзяў ці розных іншых храналагічных адрэзкаў. Але як пагадзіцца з традыцыйным размяшчэннем Беларусі на мяжы чужых палітык, эканомік і культур?

Культурнае лідэрства Захаду цяжка падвергнуць сумненню, але гэта калі мы мяркуем па еўрапейскіх маштабах. У маштабах Беларусі адказ на пытанне: Чаму роўная культура, памножаная на геаграфію? не выглядае гэтак адназначна. Па меркаванні аўтара, «захад і цэнтр Беларусі на працягу канца ХVIII — першых дзесяцігоддзяў ХIХ ст. мелі лідэрства ў інтэнсіўнасці культурнага жыцця і паступальнасці працэсаў, што ў ім адбываліся» (258). Аднак з чым мы сапраўды маем справу? З натуральнай хадой культурнага працэсу ці культурнымі зменамі, якія выкліканы палітычнымі прычынамі? Дык услед за падзеламі адбывалася перасоўванне з усходу на захад значных слаёў набілітэта і носьбітаў той самай «ардадамінантнай культуры» з усходу на захад. Адпаведна з імі перасоўваўся і культурны імпульс, ды яшчэ і канцэнтраваўся на меншай тэрыторыі.

Паміж першым і трэцім падзеламі Рэчы Паспалітай — больш за два дзесяцігоддзі. У гэты перыяд разам з беларускімі землямі, якія заставаліся ў яе складзе, Рэч Паспалітая была скавана пятлёй сціснутых межаў, унутры якіх, як перад плацінай, ішло збіранне культурна–інтэлектуальных сілаў — прыкладаў таму ў манаграфіі прыведзена мноства. Тыя ж беларускія землі, якія апыналіся ў складзе Расійскай імперыі, мелі мяккую ўмоўную мяжу на ўсходзе, якая не канцэнтравала, а якраз рассейвала гэтыя сілы. Пра тое, колькі носьбітаў культуры ў гэты час мы «падаравалі» Расіі, колькі іх згубілася для гістарычнай радзімы на імперскіх абшарах, у пецярбургскіх гасцёўнях і салонах, і як гэта ўплывала на айчынныя культурныя працэсы, у манаграфіі можна было б сказаць болей.

Манаграфія даволі шчыльна «заселена» гістарычнымі асобамі. Гэта яе несумненны плюс. І ўсё ж, на мой погляд, застаўся забыты Адам Чартарыйскі і, у адпаведным сэнсе, Міхал Клеафас Агінскі. Постаці далёка не апошнія, амаль знакавыя ў культуры таго часу. Ці не А.Чартарыйскі зрабіў прышчэпку Асветніцтва на расійскую імператарскую глебу?

Беларуская гістарыяграфія за апошняе дзесяцігоддзе перажыла даволі імклівую трансфармацыю, прайшоўшы шлях ад ранейшага татальнага нівелявання сваёй гісторыі пад «чужыя» ва ўмовах жорсткага марксісцка–ленінскага ідэалагічнага прэса да стараннага, на мяжы калекцыянавання, пошуку адрозненняў і спецыфікі беларускай гісторыі. Сёння гэтага ўжо мала. Пара ісці далей. Ад прызнання «непадобнасці» айчыннай гісторыі да іншых перайсці да тэзы пра яе самакаштоўнасць і самадастатковасць. Іншымі словамі, забыць пра спецыфіку гісторыі Беларусі, бо гэтая «спецыфіка» і ёсць асноўны, а не адметны змест нашай гісторыі. Крок новы, і як ўсё сапраўды новае не пазбаўлены ўнутраных супярэчнасцяў, частка якіх адзначана вышэй.

Дадзеная рэцэнзія — толькі першае прачытанне тэксту. Безумоўна, у кнігі Куль–Сяльверставай будуць свае чытачы і свае крытыкі. У канечным выпадку гэта і ёсць галоўная мэта кожнага аўтара.

Менск

Андрэй Кіштымаў

Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową (Лія Салавей)

Снежня 6, 2000 |


Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo–Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. 301 s.

Гэтае грунтоўнае даследаванне ў жанры гістарычнай сацыялогіі, прысвечанае вывучэнню шматлікіх важных аспектаў, што характарызуюць стан свядомасці беларускага грамадства ХIХ ст., яго асобных груп і адзінак, належыць доктару сацыялогіі з Люблінскага універсітэта імя Марыі Кюры–Складоўскай. Выбар аўтарам праблематыкі для сваёй працы быў абумоўлены, найперш, той акалічнасцю, што беларусы дагэтуль не маюць абагульняльнага даследавання, якое б у адным томе прасачыла пачаткі фармавання беларускай нацыянальнай ідэі на працягу ўсяго ХIХ ст. Як слушна заўважае аўтар ва «Ўступе», яшчэ недастаткова навуковых прац пра ўсведамленне тагачаснымі беларусамі сваёй этнічнай і нацыянальнай прыналежнасці. Публікацыі, прысвечаныя нацыянальна–вызваленчаму руху і фармаванню беларускай нацыянальнай ідэалогіі, з’яўляюцца рэдкасцю не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Недастаткова, лічыць аўтар, комплексных даследаванняў, якія праводзілі б аналіз прычын запозненасці фармавання беларускай нацыі ў сучасным разуменні гэтага тэрміна, хоць, на наш погляд, асноўныя прычыны такога стану добра вядомыя, не ўсведамляюцца хіба маштабы пэўных з’яў, механізмы, паслядоўнасць і спалучанасць розных фактаў.

У аўтара гэтых радкоў, як, напэўна, і ў іншых прадстаўнікоў беларускай навуковай грамадскасці другой паловы ХХ ст., было адчуванне, што на многія пастаўленыя ў гэтай працы пытанні ўжо знойдзены адказы беларускімі даследчыкамі мінулага стагоддзя, што ўжо дастаткова выяўлена дакументаў, прааналізаваны погляды галоўных дзеячаў нацыянальна–вызваленчага, адраджэнскага руху на Беларусі, да таго ж сказана значна больш, чым дазвалялі рамкі афіцыйнай савецкай навукі. Даследаванне доктара Рышарда Радзіка паказвае, што патрэбна было прыкласці яшчэ шмат намаганняў, каб агульны малюнак фармавання беларускай нацыі ў ХIХ ст. стаў больш поўным і грунтоўным.

Рышард Радзік адзначае, што па ХIХ ст. шмат зроблена найперш літаратуразнаўцамі, этнографамі і значна меней гісторыкамі (хоць этнаграфія таксама адносіцца да гістарычных навук), што і сярод польскіх гістарычных публікацый адсутнічаюць манаграфічныя працы, прысвечаныя цалкам працэсу фармавання беларускай нацыі ў ХIХ ст. Гэты аспект закранаецца толькі ў артыкулах ці часткова прысутнічае ў большых працах. Як і беларускія, польскія даследчыкі больш увагі аддалі разгляду працэсу станаўлення беларускай літаратуры, вывучэнню фальклору, этнаграфіі, а потым ужо гісторыі. Сярод гэтых даследчыкаў шмат заслужаных імёнаў, такіх як Ю.Туронак, А.Латышонак, Ф. Сяліцкі, М.Чурак і шэраг іншых.

Аўтар слушна заўважае, што ва ўмовах СССР глыбокае і ўсебаковае вывучэнне адметнасці беларусаў як нацыі было немагчымым па палітычных і ідэалагічных прычынах. Аб’ектыўныя даследаванні тармазіліся партыйнымі ўладамі, што ажыццяўлялі маскоўскую палітыку, якая з царскіх часоў працягвала ігнараванне нацыянальнай адметнасці беларусаў. Зрухі ж у палітыцы 80–х г. дазволілі змяніць сітуацыю ў лепшы бок. «З’явіліся тэксты, якія апісвалі ўзнікненне беларускага народа не толькі ў апазіцыі да польскасці, але — што раней было немажліва — таксама ж да расійскасці, у канфлікце з ёй» (с. 9). Належна ацэньваючы агулам дасягненні беларускіх гісторыкаў новай генерацыі, доктар Радзік не лічыць, аднак, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай гістарычнай навуцы адбыўся радыкальны колькасны і якасны пералом, паколькі над беларускімі гісторыкамі вісіць цяжар замацаваных у мінулым навыкаў, і, што істотна, вызваленню ад путаў мінулага перашкаджае сённяшняя палітычная сітуацыя ў краіне. Адсюль і зацікаўленасць гісторыяй у нас значна слабейшая, чым у суседняй Польшчы, і колькасць гісторыкаў у нас прыкметна меншая.

Разгляду працэсаў станаўлення беларускай нацыі ў ХIIХ ст. папярэднічаюць два першыя раздзелы даследавання (1. «Ад этнічнай супольнасці да супольнасці нацыянальнай»; 2. «Фармаванне нацый у Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе»), у якіх высвятляецца сэнсавая напоўненасць такіх асноўных катэгорый, як этнічная супольнасць, нацыянальная супольнасць, без якіх немагчымы навуковы аналіз народатворчых працэсаў у грамадстве. Хоць непасрэдным аб’ектам даследавання з’яўляецца грамадства Беларусі, аднак гэтыя катэгорыі апісваюцца так, каб іх можна было параўноўваць, суадносіць з адпаведнымі з’явамі ў тых народаў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы, што знаходзіліся ў сітуацыі, падобнай да сітуацыі беларусаў. Такім чынам, у гэтых раздзелах ствараецца гістарычна–тэарэтычны грунт для наступных раздзелаў, у якіх праводзіцца аналіз сацыяльных рэаліяў Беларусі таго часу. Як узор сучаснай нацыі падаецца нацыя французаў, што злучыла палітычна розныя этнічныя супольнасці (брэтонцаў, эльзасцаў, правансальцаў і інш.), якія аб’ядналіся ў змаганні за новыя формы дзяржаўнай арганізацыі. У грамадскі рух былі ўцягнуты шырокія народныя масы («плебейскія слаі»), якія ў выніку сталі не «падданымі», а «грамадзянамі» дзяржавы. Змястоўнымі з’яўляюцца таксама падраздзелы другога раздзела: «Нацыянальная ідэя ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе ў эпоху Асветніцтва», «Дзяржава як чыннік нацыянальнай кансалідацыі», «Паміж рэвалюцыйнымі лозунгамі і феадальна–кансерватыўнымі рэаліямі», «Спозненае ўключэнне сялянства ў нацыянальны працэс». Запознены ўдзел сялянства ў фармаванні нацый раўназначны спозненасці ўдзелу этнічных чыннікаў у гэтым працэсе. Доктар Радзік адзначае, што «на працягу значнай часткі ХIХ ст. інтэлігенцыя, якая выкрышталізавалася з плебейскіх слаёў, у большасці паддалася германізацыі, мадзьярызацыі, паланізацыі альбо русіфікацыі» (76). Былі ўсё ж невялікія групы, іншы раз проста адзінкі, якія выходзілі з плебейскіх асяродкаў і якія абапіраліся ў фармуляваных імі нацыянальных пастулатах, у асноўным, на асаблівасці этнакультуры. Абмежаванасць колькасці іх паслядоўнікаў адбівалася на распаўсюджанні першых друкаваных твораў на родных мовах у славакаў, славенцаў, галіцыйскіх русінаў і інш. Гэты паказчык мае універсальнае значэнне, ён характэрны нават для сучаснай Беларусі.

Трэці раздзел «Эвалюцыя самасвядомасці польскай грамадскасці на Беларусі (пад расійскім уціскам)» прысвечаны разгляду складанай этнічна–палітычнай сітуацыі на беларускіх абшарах пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Аўтар прыводзіць наступныя дадзеныя з беларускіх даследаванняў: пад канец ХVII ст. 70% насельніцтва Беларусі складалі уніяты, 6% — праваслаўныя, 15% — каталікі, сярод якіх былі і сяляне, і шляхта, і магнаты–землеўласнікі. Пад канец ХIХ ст. суадносіны крыху змяніліся. Тым не менш, польскія даследчыкі лічылі, што сярод насельніцтва Беларусі польская меншасць складала 10%. Аўтар добра разумее вытокі гэтай польскай групоўкі. Людзі, якія размаўлялі па–польску (прытым не заўсёды, не ва ўсіх выпадках) і былі арыентаваны на былую Рэч Паспалітую, на Захад, на непрыняцце Расіі, былі людзьмі мясцовымі. Гэта былі, на наш погляд, пратэстуючыя палякі, як і высяленцы з Беларусі пасляваенных гадоў, што ратаваліся ад прымусовай калектывізацыі ці ў нашы дні ад адсутнасці ці пачварнай мутантнасці дзяржаўнай палітыкі, калі мэтай ставіцца знішчэнне ўсіх яшчэ не замацаваных праяў незалежнасці на карысць суседняй імперыі. Р. Радзік прыводзіць вельмі вымоўнае назіранне Паўла Баброўскага, які ў 1864 г. пісаў: «…Сучасная шляхта Гарадзенскай губерні не можа быць у сэнсе паходжання (…) залічана да польскага племені; але яна адносіцца да рымска–каталіцкай веры, размаўляе па–польску, дыхае Польшчай і ненавідзіць Расію. Усе дваране лічаць сябе палякамі, так што і мы не можам называць іх беларусамі». Складаная сітуацыя на Беларусі аналізуецца ў падраздзелах «Эвалюцыя разумення катэгорыі „народ“ у рускіх», «Спробы русіфікацыі польскай грамадскасці», «Ад gente lithuanus natione Polonus да нацыянальнага паляка (каталіка)», «Ад айчыны прыватнай да ідэалагічнай», «Ад шляхты да інтэлігенцыі». Даецца складаны малюнак настрояў і адчуванняў прадстаўнікоў беларускага грамадства, што выяўляліся ў розных дзеяннях супраць расійскай агрэсіі аж да ўзброенага змагання. Выдатныя людзі нашага краю, людзі прапольскай арыентацыі, добра ўсведамлялі сваю няпростую сітуацыю, што была вынікам усяго ходу гістарычных падзей, і, змагаючыся за Польшчу, называлі сябе ліцвінамі, мелі вялікія пачуцці замілаванасці да сваёй радзімы — Літвы–Беларусі. «Я нарадзіўся ліцвінам», — пісаў у 1815 г. Тадэвуш Касцюшка. «Так званымі ліцвінамі, — адзначае Р.Радзік, — лічылі сябе Міцкевіч, Крашэўскі, Ліманоўскі, а таксама Пілсудскі» (110). Характэрна, што ва ўмовах расійскага ўціску, настойлівых намаганняў русіфікацыі на працягу ХIХ ст. эліты беларускіх зямель gente lithuanus natione Polonus сваёй культурай і зместам нацыянальнай свядомасці збліжаліся, а не аддаляліся ад эліт Кангрэсоўкі. Разглядаючы свядомасць верхніх спольшчаных слаёў тагачаснага грамадства Беларусі, аўтар паказвае недастатковае ўсведамленне імі вартасці культурнага патэнцыялу беларускага этнасу, патэнцыялу носьбітаў беларускасці — шырокіх народных мас. Празорлівасць выяўлялі адзінкавыя творчыя асобы, як, напрыклад, Марыя Канапніцкая, якая ў 1888 г. у лісце да Т.Ленартовіча пісала пасля наведвання Горадні: «Тое, што народзіцца там калісьці сярод люду, не будзе гэта Польшча і Літва, але Беларусь. Рысы, што сфармавала гісторыя, часам і няволяй будуць разбураны: рысы этнаграфічныя застануцца» (122—123). Можна дадаць, што, напэўна, так ці падобна думалі шматлікія энтузіясты народазнаўства, збіральнікі беларускага фальклору, этнаграфічных звестак, даследчыкі мовы і інш. Іх самаадданая праца выразна была накіравана на стварэнне грунту для будучага ўваскрэсення народа ўжо пад сваім уласным імем — беларусы.

У раздзеле IV «Народ» (lud, што трэба разумець як «працоўны люд», «народныя масы») разглядаюцца многія аспекты існавання беларускага народа, у тым ліку: «Эвалюцыя структуры беларускага грамадства», «Паміж польскім і расійскім», «Беларуская этнічнасць». У апошнім падраздзеле прасочваецца самавызначэнне беларусаў, гістарычная свядомасць, мова, этнічная свядомасць, асобна асвятляецца сітуацыя па веравызнаннях. Акрамя прац еўрапейскіх і польскіх вучоных, аўтар тут шырока выкарыстоўвае даследаванні беларускіх навукоўцаў як ХIХ, так і ХХ ст.

Гаворачы пра свядомасць селяніна–беларуса, аўтар адзначае, што яго ўяўленне пра навакольны свет мела «моцна выяўлены агістарычны характар», што адбівалася на асаблівасці беларускага фальклору, у якім, у параўнанні, напрыклад, з украінскім, мала песень і паданняў, дзе б культываваліся «традыцыі ўласнай палітычнай адметнасці ў грамадскім і мілітарным вымярэнні» (176). Са сказаным не цалкам можна пагадзіцца. Справа ў тым, што частка беларускіх фальклорных твораў гістарычнай тэматыкі супадае з украінскай: напрыклад, тэма барацьбы з татарскімі (турэцкімі) наездамі, якая яскрава адлюстравана ў нашых баладах і іншых творах. Скразным матывам праз многія творы прайшоў успамін пра даўнія войны з Кіеўскай Руссю (матыў паездкі «на Русь на вайну»), ёсць згадкі пра «турэцкую зямлю», «шведскую», «валошскую», пра шведскія капцы, паданні пра французаў і інш. Але нельга фальклорны гістарызм зводзіць да апісання канкрэтных падзей, асобаў, мілітарных чыноў і да т.п. Зусім не мілітарны жанр фальклору можа мець куды большае гістарычнае значэнне, калі ён набывае рысы этнавызначальнага фактару, чым рэдка прадстаўлены чыста гістарычны твор. У беларусаў асаблівым такім жанрам сталі невядомыя іншым славянскім народам валачобныя песні, як і валачобны абрад. Усюды, дзе жылі беларусы, як бы яны сябе ні называлі, на ўсёй этнічнай тэрыторыі ад Смаленска да Беластока, ад Трокаў да паўночнай Чарнігаўшчыны на першы дзень Вялікадня гучалі валачобныя песні, якія давалі малюнкі ідэальна наладжанага, заможнага мірнага жыцця, дзе на першым месцы — адвечныя каштоўнасці, адвечныя радасці, адвечная цыклічнасць зменаў. Валачобны абрад ладзіўся ў гонар пачатку старажытнага новага году на веснавое раўнадзенства. Калі ў нашым фальклоры недастаткова адбіткаў пэўных падзей недалёкага мінулага, то гэта па той прычыне, што беларусы спавядалі арыйскую філасофію цыклічнасці, і адмаўляліся ад лінейнага ўяўлення пра час, на якім будуецца сучасная гісторыя. На нашу думку, багатая і разнастайная фальклорная творчасць беларусаў можа быць і надзейным паказчыкам нашай этнічнай інтэграванасці, і ўсвядомленай носьбітамі, хоць можа нідзе не сфармуляванай, не выказанай словамі прыкметай нашай адметнасці, і сродкам падтрымання моўнай агульнасці, і шмат чым іншым.

Раздзел «Пратаганісты беларускасці ХIХ ст.» уключае аналіз поглядаў дзеячаў, якія паходзілі з незаможнай беларускай шляхты каталіцкага веравызнання, такіх як Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін–Марцінкевіч, Рамуальд Падбярэскі і інш., творчасць якіх даволі добра вывучана беларускімі даследчыкамі. Асобна вылучаны падраздзел «Ад Каліноўскага да Багушэвіча», дзе аўтар даводзіць сваю нязгоду з высновамі беларускіх навукоўцаў, якім «Чачот уяўляецца найчасцей як паэт беларускі і польскі, Дунін–Марцінкевіч як творца беларускі, беларуска–польскі ці які піша па–беларуску і па–польску, затое дзвюм апошнім постацям (Каліноўскаму і Багушэвічу — Л.С.) прыпісваецца наогул беларускасць у яе сучасным (ці блізкім да яго) нацыянальным значэнні. Лічу, што такое разуменне па меншай меры некаторых з гэтых постацяў і іх творчасці з’яўляецца сведчаннем спрошчання тагачасных рэаліяў. Гэта асабліва датычыцца Каліноўскага, але таксама Багушэвіча, у значна меншай ступені Дуніна–Марцінкевіча» (206). Доктар Радзік уважліва аналізуе пісьмовую спадчыну нашых нацыянальных герояў і прыходзіць да высноў, якія, на нашу думку, зніжаюць, зазямляюць гэтыя вобразы. Магчыма, тут дзейнічае інерцыя суровага падыходу польскага боку да як–ніяк беларускага сепаратыста Каліноўскага, магчыма, маштаб гэтай постаці з польскага боку бачыцца іншым, чым з беларускага, пры ўсёй аб’ектыўнасці падыходу даследчыка. Ён піша: «Бясспрэчна, Каліноўскі быў тыповым прадстаўніком культурнага пагранічча. Злучаў у сабе — па неабходнасці трактаваны выбарачна — свет каштоўнасцяў, што выводзіцца з шляхецка–інтэлігенцкай польскасці і з блізкай яму народна–сялянскай беларускасці. Беручы пад увагу тагачасныя рэаліі, ён не быў, аднак, чалавекам нацыянальнага пагранічча. На нацыянальную свядомасць беларускага народа яго пісанні не паўплывалі, хіба што толькі на класавую свядомасць» (235—236). Думаем, што маштаб постаці Каліноўскага тут звужаны. Па сваёй адукацыі і жыццёвым вопыце, калі ўлічыць яго вучобу ў Пецярбургу, ён мог быць незалежны ад шляхецкай польскасці, што выразна і выявілася ў яго ўчынках і пісаннях. Калі б ажыццявілася тое, чаго жадаў Каліноўскі: беларуская зямля — беларусам–сялянам ва ўласнасць, рэлігія бацькоў унія — вернікам, беларуская мова зноў пісьмовая, дзяржаўная незалежнасць і ад Расіі і ад Польшчы, — што больш патрэбна для развіцця беларускай нацыі? Хай сабе ў гісторыі вырашае ўсё грубая сіла, хай сабе думкі Каліноўскага сталі зразумелыя і прынятыя праз дзесяткі гадоў пасля яго пакутніцкай смерці, для Беларусі ён застанецца героем, надзеленым міфічнымі рысамі, нібы ён паўтарыў шлях Хрыста: адданы свайму народу, здраджаны блізкім чалавекам, укрыжаваны (павешаны) ворагам–захопнікам пры абыякавасці ці варожасці тых, каго ён хацеў уратаваць, услаўлены пасля смерці. Ні адна гісторыя не абыходзіцца без міфаў. Тым больш патрэбны стваральныя міфы для народаў, нацыянальнае існаванне якіх усё яшчэ патрабуе абароны, змагання, ахвярнасці. Урэшце, беларускасць Каліноўскага даказана яго лістом з–пад шыбеніцы, яго апошнім словам, сказаным па–беларуску.

Падраздзел «Беларуская нацыянальная ідэя ў выданнях народнікаў, згрупаваных вакол пецярбургскай газеты „Гоман“» дае шмат звестак пра ідэйныя пошукі беларускай інтэлігенцыі ў другой палове ХIХ ст.

Высвятляючы прычыны слабасці (спозненасці) беларускага працэсу нацыянальнай крышталізацыі, Р.Радзік вылучае тры найважнейшыя: 1) змест беларускай народнай культуры, 2) структура грамадства, 3) палітыка тагачасных дзяржаўных уладаў у адносінах беларускага грамадства. Гэта здаецца нам не зусім слушным, паколькі багатая, па словах аўтара, фалькларыстычная культура беларусаў была, наадварот, грунтам беларускасці. Замыкаючыся ў фальклорнай прадзедаўскай культуры, народ ратаваўся спачатку ад паланізацыі, якой паддаліся сацыяльныя вярхі, потым ад паланізацыі і русіфікацыі, што дзейнічалі хоць і не разам, але адначасова і, па–сутнасці, аднолькава. Расшыфроўваючы змест ці характэрныя асаблівасці беларускай народнай культуры, аўтар адзначае «вельмі нізкі ўзровень гістарычнай свядомасці, трактаванне ўласнай мовы як «простай», непрыгоднай для друку і карыстання ёй сярод адукаваных культурных людзей, горшай за «панскую» пальшчызну і суадносную з уладай рускую мову» (257). На наш погляд, гэта даволі павярхоўнае сцвярджэнне. Ніхто ў ХIХ ст. спецыяльна не вывучаў механізмаў народнай аховы сваёй мовы. А яе бераглі, вучылі моладзь гаварыць правільна, не дапускалася «перакручвання» слоў, ужывання іншамоўных. Былы салдацік, што прызвычаіўся гаварыць «здзесь» замест «тут», атрымаў кплівую мянушку Здзясёк і памёр з ёй, усе яго так называлі, смеючыся; сястра папа, што «ўкідвала» ў размове рускія словы, атрымала мянушку Руская, так яе «за вочы» ўсе і называлі, кпілі з яе і да т.п. Уменне талкова, прыгожа гаварыць вельмі цанілася ў беларусаў, што знайшло адлюстраванне ў выслоўях, прымаўках і інш. А якая крыштальная высакародная мова нашых традыцыйных песень ды і ўсяго фальклору! Гэта сапраўдная літаратурная мова, але яна не была паказана яе носьбітам у пісьмовым выглядзе, таму і цяжка было яе параўнаць з польскай літаратурнай, «панскай» ці з рускім канцылярытам, з якім хіба беларусы найчасцей і сутыкаліся. Іншая справа, што беларуская мова не стварала такога значнага бар’еру пры сутыкненні яе носьбітаў з польскай і рускай мовамі, як літоўская са славянскімі, як славацкая з венгерскай, як славенская з нямецкай. Зусім слушна заўважае аўтар ролю рэлігіі ў нацыянальным працэсе: «Разам з ліквідацыяй уніі ў 1839 г. беларусы былі пазбаўлены таго грамадскага асяроддзя, якое стварала найбольшыя шансы для з’яўлення беларускага нацыянальнага руху» (261).

Доктар Рышард Радзік у сваёй змястоўнай, багатай на факты і высновы манаграфіі даў складаны панарамны малюнак жыцця беларусаў ХIХ ст., што «як гарох пры дарозе» трывалі паміж молатам расійскага імперыялізму і кавадлам польскай культурнай экспансіі. Беларусы на сваёй зямлі, што па волі божай стала гасцінцам Усход — Захад, не абароненай ні высокімі гарамі, ні вялікімі морамі, не аддзеленай ад суседзяў моўным бар’ерам, жылі без права называцца сваім імем і маліцца на роднай мове, раздзеленыя канфесійна, аднак зберагаючы ўласную культуру, асновы якой вынесены з індаеўрапейскай, агульнаславянскай духоўнай скарбніцы, на грунце якой яны павінны былі стварыць сучасную нацыю.

Вельмі пажадана, каб гэта каштоўная кніга была выдадзена па–беларуску і стала даступнай кожнаму, хто цікавіцца нашым мінулым, прычынамі нашых сённяшніх цяжкасцяў і стратаў, хто верыць у нашу будучыню.

Менск

Лія Салавей

Наверх

Бежанства 1915 года. Рэд. Віталь Луба (Станіслаў Рудовіч)

Снежня 5, 2000 |

Бежанства 1915 года. Рэд. Віталь Луба. Беласток, 2000. 416.

1915 год (у адрозненне, напрыклад, ад 1812, 1861 ці тым больш 1917) яшчэ не ўспрымаецца ў навуковым дыскурсе і тым больш у грамадскай свядомасці беларусаў як больш–менш выразная храналагічная дамінанта і пэўная веха ў айчыннай гісторыі. Падзеі і працэсы перыяду першай сусветнай вайны ўсё яшчэ выцеснены на другі план Кастрычніцкім пераваротам у Расійскай імперыі і больш блізкім да нас па часе другім сусветным ваенным катаклізмам. Між тым менавіта ў 1915 г. Беларусь упершыню ў ХХ ст. стала плацдармам крывавага сутыкнення двух геапалітычных монстраў — Германскай і Расійскай імперый. Менавіта тады нямецка–расійскі фронт упершыню падзяліў этнічную тэрыторыю беларусаў на заходнюю і ўсходнюю часткі (так што польска–савецкая дамова 1921 г. у Рызе была ўжо фактычна другой рэдакцыяй падзелу). Па сутнасці, упершыню за сваю гісторыю (а не толькі найноўшую) Беларусь спазнала тады і такія маштабныя міграцыі насельніцтва на ўсход. Акрамя соцень тысяч мужчын, мабілізаваных у расійскае войска, да паўтара мільёна чалавек (прыкладна кожны пяты жыхар краю!) пад уплывам афіцыйнай прапаганды, а нярэдка і пад непасрэдным ціскам уладаў, пакінуўшы сваё жытло і страціўшы сталыя крыніцы існавання, вымушаны былі рушыць на ўсход, у глыб Расійскай імперыі.

Больш за паўтары сотні ўспамінаў такіх бежанцаў з Беласточчыны былі запісаны ў 1958—2000 г. карэспандэнтамі беларускай газеты „Ніва“, навукоўцамі, а таксама ўдзельнікамі маладзёвых летнікаў 1997 і 1998 г. Вынікам гэтай працы стаў выдадзены ў Беластоку зборнік успамінаў „Бежанства 1915 г.“. Як адзначае ва ўступным артыкуле Яўген Мірановіч, аўтары ўспамінаў належалі да наймалодшага пакалення бежанцаў. Такім чынам чытач атрымаў магчымасць пачуць першае ў ХХ ст. пакаленне „дзяцей вайны“ — далёкай і напаўзабытай вайны. З іншага боку, на час запісу іх аповедаў — гэта ўжо людзі вельмі сталага веку, многіх па праву можна лічыць за доўгажыхароў: кожны трэці дасягнуў або перасягнуў 90–гадовую мяжу, а некалькі чалавек — і 100–гадовую. Верагодна, у гэтым адна з прычын лаканічнасці большай часткі ўспамінаў, якія перадаюць толькі асноўны бег падзей жыцця апавядальнікаў ды іх сваякоў. Аднак у зборніку ёсць і разгорнутыя мемуарныя нататкі. Яны належаць Антону Акачуку, святару Ўладзіміру Гарусевічу, Антону Порацу, Ціхану Трахімюку, Аляксандры Яновіч (у апрацоўцы сына — Сакрата Яновіча) і іншым.

Матэрыялы зборніка даюць магчымасць убачыць, па сутнасці, нацыянальную трагедыю вачыма яе сведак і ахвяраў. У памяці былых бежанцаў захаваліся непаўторныя „рысы часу“, якія наўрад ці могуць адлюстраваць іншыя крыніцы. Не кожны афіцыйны дакумент можа перадаць псіхалагічны стан асобы, настрой уцекачоў, даць магчымасць адчуць удушлівую атмасферу спякотнага „бежанскага“ лета 1915 г.: „Паветра, насычанае смуродам конскага поту, перамешвалася з пылам і выхлапнымі газамі аўтамабіляў. Затыкала нос і горла. Людзі хварэлі, а смерць збірала жніво. Трупы валяліся побач дарогі. Ніхто не прыбіраў, не звяртаў на памерлых увагі“ (32). Вось бежанскі абоз трапляе пад нямецкую бамбёжку. На полі застаюцца самыя безабаронныя — шасцігадовае дзяўчо–сірата са старэнькім дзядулем. „А бомбы падаюць, выбіваюць ямы, агонь! Дзедку вочы прысмаліла […] Што дзедку рабіць… Мяне не пакідае. Мы толькі двое на тым полі, людзі разбегліся, толькі вазы, коні амаль усе раненыя вішчаць“ (163). Успамін іншай малалетняй бежанкі — пра жыццё ў далёкім горадзе Кургане: „У час рэвалюцыі цяжка было. Бацькі няма, нас трое малалетніх. Мы, бывала, ходзім, шнырым. Прыцягнулі мяшок мукі, прыкацілі бочку з маслам. Мама лавіла рыбу, ракаў лавіла, мы тых ракаў высысалі, так і карміліся. У бараках мы жылі, сорак сем’яў. Пацукі нам па галовах бегалі, не было дзе схаваць апошняга кусочка хлеба — то ў печцы яго вешалі. Ой, страшна было…“ (266).

Нястача, эпідэміі, смерць родных і блізкіх — усе гэтыя няшчасці спаўна зведалі героі кнігі. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць ў іх аповедах азлобленасці і нараканняў на лёс. Наадварот, шмат у якіх успамінах гучыць даволі нечаканы матыў: шчырае здзіўленне беларускіх сялян ад ветлівасці і шчодрасці тых людзей, якіх яны, па сутнасці, абцяжарылі сваім з’яўленнем, і пачуццё ўдзячнасці. „Рускія людзі вельмі добрыя, шанавалі нас, бежанцаў, у бядзе памагалі, харчы прыносілі“ (56). Пра чувашоў: „Гэта вельмі прыемны і добры народ. Чувашы вельмі часта абдароўвалі бежанцаў, апекаваліся намі“ (87). „Мясцовыя казакі (на Кубані. — С.Р.) прыхільна сустрэлі бежанцаў“ (194). „А найлепшыя людзі то на Украіне былі“ (210).

Аднак з пачаткам у 1917 г. рэвалюцыйных эксперыментаў бежанцы адчулі пагаршэнне свайго становішча. „Добра там было, але толькі да рэвалюцыі. А як стала рэвалюцыя, то і стаў голад“ (139). „З прыходам рэвалюцыі […] станавілася штораз цяжэй, нічога нельга было купіць, усё было на талоны“ (78). Рэвалюцыйнае бязладдзе і тэрор падштурхоўвалі да хутчэйшага вяртання на радзіму.

Шлях у зваротны бок часам цягнуўся па некалькі месяцаў і зноў суправаджаўся голадам, хваробамі і смерцю. Менавіта пад час пераездаў — у бежанства і назад — уцекачы панеслі найбольшыя страты.

Апублікаваныя ўспаміны — пры ўсёй спецыфічнасці гэтай крыніцы — найкаштоўнейшы матэрыял для асэнсавання лёсу народа праз лёсы тыповых яго прадстаўнікоў. Зрабіўшы папраўку на асобныя недапрацоўкі складальнікаў (напрыклад, працу з кнігай вельмі абцяжарвае адсутнасць поўнага геаграфічнага паказальніка), беластоцкі зборнік можна браць за прыклад пры падрыхтоўцы аналагічных выданняў па іншых праблемах гісторыі Беларусі ХХ ст.

Менск

Станіслаў Рудовіч

Mueller, Rolf–Dieter / Ueberscaer, Gerd R. Hitlers Krieg im Osten (Сяргей Новікаў)

Снежня 4, 2000 |

MUELLER, ROLF–DIETER / UEBERSCHAER, GERD R. Hitlers Krieg im Osten. 1941—1945. Ein Forschungsbericht. Darmstadt, 2000. 451 s.

Пачнем з удакладнення, якое неабходна зрабіць у сувязі з тым, што нямецкія аўтары новай гістарыяграфічна–бібліяграфічнай працы Рольф–Дзітэр Мюлер і Герд Р. Юбершэр часткова змянілі назву свайго першапачатковага англамоўнага выдання Hitler’s war in East, 1941—1945: a critical assesment, падрыхтаванага чатырма гадамі раней дзякуючы творчаму супрацоўніцтву навукоўцаў Цэнтра ваенна–гістарычных даследаванняў у Патсдаме і Федэральнага ваеннага архіва ў Фрайбургу. Што падштурхнула аўтараў да ўнясення зменаў у назву новага выдання? Наколькі яно адрозніваецца ад папярэдняга? У чым каштоўнасць рэцэнзаванай кнігі для сённяшняга беларускага студэнта, чытача, навукоўцы?

Адразу зазначым, што больш пільнай увагі патрабуе іншы момант працы — аўтарская канцэпцыя, у межах якой даследуецца адна з самых складаных і важных праблем, якія, з аднаго боку, з’яўляліся кропкай ідэалагічнага непаразумення, нават навуковага супрацьстаяння, а з другога — аб’ектам пастаяннага вывучэння з дэтэрмінаванымі поглядамі, падыходамі, тэхналогіямі, высновамі, ацэнкамі, канцэпцыямі і г.д. Таму аўтарам працы давялося не толькі асэнсаваць сутнасць такой сітуацыі, але і ўзяць на ўлік шэраг аспектаў палітычнага, навуковага і грамадскага характару і толькі потым прыйсці да ўласнага гістарыяграфічна–бібліяграфічнага доследу. Як вынік — аўтарам удалося знайсці арыгінальную канцэпцыю навуковай сістэматызацыі, аналізу і выкарыстання больш за 4 тыс. выданняў па тэме «Вайна Гітлера на Ўсходзе».

Спачатку параўнаем назвы абодвух выданняў. Адразу відавочна перавага англамоўнага варыянта, паколькі ён насіў больш прывабны характар, засяроджваў увагу чытача на крытычным аналізе другой сусветнай вайны на «ўсходзе». Аднак сваю задачу аўтары бачылі якраз у аналізе бібліяграфічных выданняў, а не ў даследаванні гісторыі вайны. У новым жа выданні акцэнт пастаўлены не столькі на аналіз навуковых прац, збораў дакументальных крыніц і літаратуры, колькі на вынікі даследавання гэтай гістарычнай праблемы ў шырокім міжнародным кантэксце. З унясеннем такога ўдакладнення, на наш погляд, праца не страціла сваёй навуковай каштоўнасці. Бясспрэчна, што яна была раней і з’яўляецца цяпер першым у сусветнай гістарыяграфіі даследаваннем такога кшталту.

Звернемся да тэхналогіі правядзення доследу ці метадалагічных асноў навуковай канцэпцыі Р.–Д.Мюлера і Г.Р.Юбершэра. На наш погляд, і першае, і другое з’яўляюцца падмуркам для вывучэння міжнароднай бібліяграфічнай спадчыны тэмы другой сусветнай вайны. Вось чаму нямецкія аўтары як у англа–, так і ў нямецкамоўным выданнях зыходзілі з галоўнай навуковай тэзы — даследаванне асобных гістарычных праблем ці цэлых кірункаў мінулага нельга лічыць завершаным без сістэмнага гістарыяграфічнага аналізу (с. Х), які з’яўляецца самай эфектыўнай рухальнай сілай даследчага пошуку. Нямецкія гісторыкі звяртаюцца да альтэрнатыўных ацэнак і пошуку абгрунтаваных высноў. Такі даследчыцкі ключ сёння ўжо нельга пакінуць незаўважаным і беларускім даследчыкам толькі па той прычыне, што ў айчыннай гістарычнай навуцы параўнальны аналіз пакуль не выйшаў за межы традыцыйных падыходаў. Як вынік — праблемныя пытанні ці цэлыя кірункі не толькі гісторыі другой сусветай вайны, а, перш за ўсё, і акупацыі Беларусі пакуль не даследаваны ў кантэксце патрабаванняў сусветнай гістарычнай навукі і ў святле «новага крытычнага вывучэння гісторыі» (ХI).

Разгляд структуры і зместу новай працы нямецкіх аўтараў паказвае, што яны акцэнтуюць увагу на вузлавых праблемах гісторыі другой сусветнай вайны на «ўсходзе» і менавіта праз іх кампазіцыйна дзеляць кнігу на 7 раздзелаў, прысвечаных нацысцкай палітыцы і стратэгіі; кіраўніцтву ваеннымі аперацыямі; вайне светапоглядаў і вайне на вынішчэнне; палітыцы акупацыі; наступствам вайны; пераадоленню мінулага; заключэнню. Змястоўнае вывучэнне кожнага з іх прыводзіць да высновы: праца «Вайна Гітлера на Ўсходзе» мае трывалы падмурак навуковых крыніц, збораў дакументаў, аўтарскіх і калектыўных манаграфій, артыкулаў і інш., што складае бібліяграфічную частку рэцэнзаванага даследавання. У пералік літаратуры, створанай за пасляваенныя гады, трапляюць побач з заходнімі выданнямі і найбольш значныя працы прадстаўнікоў савецкай, сённяшняй расійскай і беларускай школ гісторыкаў, а таксама навукоўцаў ГДР (Х, ХI). Характэрным крытэрыем выяўлення і адбору такіх публікацый быў прынцып навуковай адпаведнасці ці метадалагічны падыход, у якім гісторыя вайны на Ўсходзе разглядаецца комплексна, г.зн. шырэй, чым «чыста аператыўныя дзеянні», але з улікам «самых розных знешніх, унутраных, эканамічных і грамадскіх праяў» (IХ).

Асноўную частку працы Р.–Д.Мюлер і Г.Р.Юбершэр прысвяцілі тэматычнай сістэматызацыі літаратуры агульнай колькасцю амаль у 3,5 тыс. выданняў, якія скампанаваны ў чатырох раздзелах. У кожным з іх аўтары адлюстравалі: па–першае, гісторыю палітыкі і стратэгіі Гітлера з моманту ўсталявання яго рэжыму ў 1933 г. (46) і да ліквідацыі ў 1945 г.(65), а таксама праграму па стварэнні «ўсходняй імперыі» (71); па–другое, планы вышэйшага кіраўніцтва Нямеччыны па падрыхтоўцы і правядзенні ваенных аперацый у рамках дырэктывы «Барбаросы» (162) і да заканчэння ваенных падзей у Берліне ў траўні 1945 г. (217); па–трэцяе, праблемы гістарычнага ўдзелу вермахта ў выкананні «злачынных загадаў» вышэйшага нацысцкага кіраўніцтва (277) у адносінах да камісараў, камуністаў, ваеннапалонных, а таксама ў «генацыдзе яўрэяў» (281); па–чацвёртае, пытанні дзейнасці акупацыйнага рэжыму як на ўсходзе ўвогуле (310—373), так і на тэрыторыі Беларусі (359—361, 365—371) у прыватнасці; па–пятае, месца ваеннай праблематыкі ў навуковым, палітычным і грамадскім развіцці краін Усходу і Захаду на працягу амаль 50 пасляваенных гадоў (396—409), ролю гістарычнай навукі Нямеччыны ў вяртанні «праўды» грамадству (435) і інш.

Такім чынам, нават агульнае знаёмства з бібліяграфічнай часткай рэцэнзаванай працы Р.–Д.Мюлера і Г.Р.Юбершэра пераканаўча сведчыць пра каштоўнасць такога выдання, неабходнасць яго выкарыстання ў якасці даведніка па гісторыі другой сусветнай вайны і гісторыі вайны Гітлера на Ўсходзе, у тым ліку ў Беларусі. І вывучэнне гістарыяграфічнай часткі працы з’яўляецца патрэбай дня на падставе таго, што без уліку сучасных высноў і заключэнняў беларускім даследчыкам амаль немагчыма скласці сістэмнае ўяўленне пра сутнасць вузлавых гістарычных падзей, якія б да ўсяго адпавядалі сусветным навуковым здабыткам.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова звярнуцца да некаторых момантаў чацвёртага раздзела. Галоўны вынік, з якога аўтары пачынаюць знаёміць чытачоў са сваімі матэрыяламі, заключаецца ў тым, што вельмі цяжка адшукаць паралелі паміж першай і другой сусветнай войнамі на Ўсходзе (310). Яшчэ больш кантраставымі з’яўляюцца разыходжанні нямецкай акупацыйнай палітыкі на захопленай тэрыторыі. З першых дзён свайго ўсходняга паходу немцамі вялася «вайна на вынішчэнне». Пры гэтым аўтары прыходзяць да высновы, што абодва бакі вялі «татальную вайну». Заваёва ўсходніх тэрыторый на новы лад між тым не магла разглядацца толькі як адзіны крок па стварэнні падмурка для нямецкага сусветнага панавання. Наступным крокам была гаспадарчая перабудова як «непасрэдная перадумова» эканамічнага панавання (312). Роля выканаўцы такіх праграм на Ўсходзе была адведзена «нямецкаму акупацыйнаму рэжыму», які ўсталяваўся на захопленай тэрыторыі і трымаўся пры гэтым «на чатырох слупах — вермахце, войсках СС, гаспадарцы і грамадзянскай адміністрацыі» (312). Разгляд гісторыі акупацыі ў Беларусі аўтары паказваюць праз шэраг англа– і нямецкамоўных публікацый, але асаблівую ўвагу аддаюць даследаванням сваіх калег–гісторыкаў: Вольфганга Бенца, Крысціяна Герлаха, Ганнеса Герра, Бернгарда К’яры, Ёгана Шлотца і інш. Беларускім гісторыкам ужо вядомыя гэтыя прозвішчы, аднак айчынны чытач толькі цяпер пачынае знаёміцца з іх гістарычнымі даследаваннямі, прысвечанымі гісторыі нямецкай акупацыі, калабарацыі, супраціву на Беларусі ў гады другой сусветнай вайны і г.д.

Менск

Сяргей Новікаў

Галоўная » Архіў катэгорыі '2000 Т.7 Сш. 2'