Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2000 Т.7 Сш. 2

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Сяргей Новікаў)

Снежня 3, 2000 |

GERLACH, CHRISTIAN. Kalkulierte Morde. Die Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. 2. Auflage. Hamburg: Hamburger Ed., 2000. 1232.

Праца Хрысціяна Герлаха — „Скалькуляваныя забойствы: Нямецкая эканамічная палітыка і палітыка вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944″ — вартая таго, каб на яе яшчэ раз звярнулі ўвагу беларускія гісторыкі (першы раз яна рэцэнзавалася ў папярэднім нумары БГА, гл.: БГА. Т.7 (2000). Сш. 1(12). С.276—280).

Выявіць навуковую, гістарычную і грамадскую каштоўнасць даследавання мы можам толькі пасля разгляду яго тэматыкі і асноўных палажэнняў. Адразу звернемся да агульнай характарыстыкі працы нямецкага навукоўцы, выявім яе бібліяграфічную і дакументальную аснову. Зварот да такіх рабочых момантаў спрыяе ўсведамленню аўтарскай канцэпцыі доследу.

Кніга з’яўляецца перапрацаваным варыянтам дысертацыі, абароненай у Тэхнічным універсітэце Берліна ў 1997 г. Яна пабачыла два выданні (у 1997 і 2000 г.), што тлумачыцца, па-першае, фундаментальнасцю працы, даследчы падмурак якой складаюць найбагацейшыя архіўныя матэрыялы, выяўленыя аўтарам у больш за 200 фондах з 37 архіваў Беларусі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі; па-другое, арыгінальнасцю навуковых падыходаў да пытанняў гісторыі нямецкай эканамічнай палітыкі і палітыкі вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944 г.; па-трэцяе, грунтоўнасцю аўтарскай канцэпцыі ў дачыненні да аналізу дзейнасці акупацыйнага рэжыму.

Даследаванне ўключае ўступ з трыма раздзеламі, дзве галоўныя часткі з дзевяццю раздзеламі і 51 падраздзелам. Пры гэтым чатыры пятых агульнага аб’ёму ўсёй кнігі прыпадае на галоўныя часткі. Заканчвае працу спіс крыніц і літаратуры, а таксама рэестр скарачэнняў, паказальнік імёнаў і геаграфіч ных назваў.

Уступ („Einleitung”, s. 11—35) раскрывае сутнасць узнятай гістарычнай і навуковай праблемы, стан яе навуковай распрацоўкі. З улікам гэтага аўтар вызначае даследчыя мэты і задачы, характарызуе крыніцы і расстаўляе акцэнты на метадалогіі ўласнага доследу.

Два наступныя раздзелы даюць мажлівасць пазнаёміц ца, з аднаго боку, з гісторыяй нямецкага планавання ў дачыненні да Беларусі („Deutsche Planungen für Weißrußland und ihre Grundlagen, 36—127), а з другога — са структурай і функцыямі акупацыйнага рэжыму (Aufbau und Funktion der Besatzungsverwaltung”, 128—231). Такі пашыраны спектр даследчага пошуку, выкарыстанне арыгінальных падыходаў, спасылкі на багатую дакументальную базу амаль не пакідаюць чытачу падстаў для сумнення, непрыняцця ці аспрэчвання высноваў, якія вынікаюць з аналізу: па гісторыі ўзнікнення планаў вынішчэння мірнага насельніцва; па выкарыстанні тэорыі „перанаселенасці на Беларусі” (76); па ўліку эканамічных інтарэсаў Германіі ў вайне на ўсходзе; па дапасаванні распрацаваных планаў да вызначанай „палітычнай канцэпцыі для Беларусі” (94); па адпаведнасці нямецкіх перасяленцаў патрабаванням планаў і праграм; па аптымальнасці структуры ваеннай адміністрацыі (134), гаспадарчых органаў (142) і грамадзянскага кіравання, а таксама апарата СС і паліцыі, іншых акупацыйных службаў; па патэнцыяле мясцовых органаў кіравання з ўдзелам калабарантаў і саміх немцаў як кіраўнічага персаналу на акупаванай тэрыторыі (196) і інш.

Першая галоўная частка ахоплівае пытанні нямецкай эканамічнай палітыкі ў Беларусі („Die deutsche Wirtschaftspolitik in Weißrußland 1941—1944″, 231—502).

Спачатку Х.Герлах разглядае сельскагаспадарчую і харчовую палітыку нямецкай акупацыйнай адміністрацыі („Landwirtschàfts- und Ernährungspolitik”, 231—265). Аўтар спыняецца на поўнамаштабным выкарыстанні рэсурсаў беларускай вёскі для забеспячэння нямецкага войска прадуктамі харчавання (253). На аснове дакументаў высветлены праблемы харчавання мясцовага насельніцтва („Ernährung der Zivilbevölkerung”, 265—319), якое трапіла ў складаную сітуацыю „голаду” (289). Праблемы сельскагаспадарчай вытворчасці („Probleme der landwirtschaftlichen Produktion”, 319—341) разглядаюцца ў кантэксце пошукаў нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй любых сродкаў для павышэння вынікаў дзейнасці асноўнага прадукцыйнага фактара — „чалавека” (329). Сярод арганізацыйных формаў Х.Герлахам называецца „аграрная рэформа” (342), з правядзеннем якой прадугледжваліся змяненні ў сельскагаспадарчай вытворчасці беларускай вёскі („Die Änderung der landwirtschaftlichen Betriebs- und Bevölkerungsstruktur: die deutsche Agrarreform in Weißrußland “, 342—371).

Наступны раздзел прысвечаны палітыцы дэіндустрыялі зацыі і дэурбанізацыі („Die deutsche Politik der Entindustrialisierung und Entstädterung”, 371—449). Аўтар паказвае вынікі разбурэння прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў першыя тыдні вайны (373); дае ацэнку прадукцыйнаму патэнцыялу і спрабуе выявіць перашкоды на шляху да яго выкарыстання для патрэб вайны (385); спыняецца на асобных галінах вытворчасці металу і тэкстылю (395), здабычы торфу і забеспячэнні электраэнергіяй (404); разглядае нямецкую палітыку дэурбанізацыі (418); паказвае сутнасць інвестыцыйнай і фінансавай палітыкі (431), а таксама вынікі гаспадарчага „аднаўлення” прамысловасці ў асобных гарадах (436); „сацыяльную палітыку” акупацыйнага рэжыму ў дачыненні да гарадскога насельніцтва Беларусі (442).

Заключны раздзел першай галоўнай часткі свайго даследавання Х.Герлах прысвячае палітыцы ў дачыненні да рабочай сілы („Die Arbeitskräftepolitik”, 449—502). У першым падраздзеле паказана стварэнне акупацыйных органаў і вынікі іх дзейнасці („Der Aufbau der Arbeitsverwaltung und die anfängliche Phase des geringen Arbeitskräftebedarfs”, 449—456). Метады і праблемы зносін з мясцовым насельніцтвам, вярбоўка рабочай сілы, формы прымусовага захопу і вывазу на працу ў райх разглядаюцца ў наступным падраздзеле („Die Verschleppung von Zwangsarbeitern nach Deutschland”, 456—479). Пры гэтым даследчык прыводзіць памесячныя дадзеныя вывазу „ўсходніх працоўных” з Беларусі на працягу 1942—1944 г. (460). Апрача таго, Х.Герлах аналізуе матэрыялы аб метадах і сродках, якія выкарыстоўваліся акупацыйным рэжымам для захавання патэнцыялу мясцовай рабочай сілы ў межах самой Беларусі („Die Optimierung des Arbeitskräfteeinsatzes innerhalb Weißrußlands 1942—1944, ihre Methoden und Folgen”, 480—502).

Асновай другой галоўнай часткі кнігі з’яўляецца тэма нямецкай палітыкі вынішчэння ў Беларусі („Die deutsche Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944″, 503—1161).

Аўтар даследуе гісторыю забойстваў беларускіх яўрэяў („Die Ermordung der weißrussischen Juden”, 503—555), падрабязна паказвае першыя антыяўрэйскія мерапрыемствы на працягу толькі двух месяцаў, чэрвеня і ліпеня 1941 г. Наступны матэрыял ахоплівае перыяд ад лета да зімы 1941 г., калі вермахт, войскі СС, паліцэйскія фармаванні пачынаюць планавае вынішчэнне беларускіх яўрэяў („Der Beginn der vollständigen Vernichtung der weißrussischen Juden im Spätsommer und Herbst 1941″, 555—655). Як бачна, гэта самы вялікі раздзел з усіх папярэдніх і астатніх. У ім Х.Герлах акцэнтуе ўвагу чытача на самых розных аспектах палітыкі і практыкі вынішчэння беларускіх яўрэяў (557, 574, 585), спыняецца на вытоках „злачынных загадаў” (630) і іх выкананні. Гістарычныя факты жыцця і смерці („Das Leben und Sterben in den Ghettos — Ausbeutung und Vernichtung”, 655—683) падаюцца аўтарам на прыкладах эксплуaтацыі і вынішчэння яўрэяў у гета Мінска, Слоніма, Ліды, Гродна, Баранавіч, Пружан і інш. Даследаванне ўключае гістарычны перыяд з лета 1942 да лета 1943, калі планавалася завяршыць ліквідацыю яўрэяў на ўсёй тэрыторыі Беларусі („Die Vernichtung der weißrussischen Juden 1942/43″, 683—774), пачаць іх дэпартацыю з іншых краін: Нямеччыны, Аўстрыі і Чэхіі (747).

Восьмы раздзел утрымлівае значны матэрыял аб вынішчэнні ваеннапалонных на беларускай зямлі („Die Vernichtung sowjetischer Kriegsgefangener auf dem Boden Weißrußlands”, 774—859). Аўтар пачынае разгляд з выяўлення фактаў „ваенных злачынстваў” у час летняй аперацыі 1941 г. (776), спыняецца на дырэктывах вышэйшага нацысцкага кіраўніцтва па вызначэнні адносін да ваеннапалонных (781), паказвае арганізацыю лагераў па іх утрыманні (785), вынішчэнні праз голад і хваробы (788—796), шляхам расстрэлаў палітычных і „расавых” ворагаў (834) і г.д., што адлюстравана ў спецыяльнай табліцы (851). Аўтар дае ўласныя падлікі „вынішчэння савецкіх ваеннапалонных у самых вяліках лагерах Беларусі” (856).

Наступны, дзевяты раздзел можна не разглядаць на той падставе, што ў папярэднім нумары БГА рэцэнзія Клаўса Арнольда была прысвечана акурат аднаму гэтаму раздзелу (выдзелена мной. — С.Н.) кнігі Х.Герлаха. Але агaворка на конт гэтага ў рэцэнзіі адсутнічае. Не вынікае такое меркаванне і з назвы рэцэнзіі. Паважаны рэцэнзент сцвярджае, што ў працы Хрысціяна Герлаха „больш чым на тысячы старонках аўтар разглядае дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў і іх барацьбу з партызанскім рухам” (!?) (277). Такое сцвярджэнне, на наш погляд, па-першае, не адпавядае зместу працы нямецкага калегі; па-другое , скажае сутнасць аўтарскай канцэпцыі Герлаха; па-трэцяе, дэзарыентуе навукоўцаў і чытачоў. Як у гэтай сувязі ўспрымаць нашу рэцэнзію, у якой мы, як бачна вышэй, вывучылі амаль 900 старонак тэксту, але пакуль не сустракалі матэрыялу пра барацьбу з партызанскім рухам „больш чым на тысячы старонках”. Фактам застаецца і тое, што Х.Герлах упершыню звяртаецца да згаданай праблемы толькі ў раздзеле 9.

У гэтай сувязі нельга абысці ўвагай і такі момант, як дакладнасць выкарыстання гістарычнай тэрміналогіі, згаданай у рэцэнзаваным нямецкамоўным выданні ўвогуле і ў 9 раздзеле ў прыватнасці. Напрыклад, Х.Герлах у назве раздзела і ўсіх шасці падраздзелаў ужывае аж 6 разоў тэрмін „Partisanenbekämpfung” (змаганне з партызанамі) (859, 870, 959, 975, 996, 1007) і толькі адзін раз „Partisanenbewegung” (партызанскі рух) (860). Таму зноў звернемся да думкі, згаданай у той жа рэцэнзіі, і заўважым, што ў ёй аўтар прымае азначэнне апошняга тэрміна (выдзелена мной. — С.Н.). Аднак ці можна толькі праз такі падыход перадаць сутнасць поглядаў Х.Герлаха, калі ён у дзевятым раздзеле засяроджвае ўвагу чытача менавіта на першым, а не другім азначэнні.

Для праяснення сітуацыі звернемся да назвы раздзела „Strukturpolitik durch Terror: die „Partisanenbekämpfung” (859). На наш погляд, па Х.Герлаху назва гістарычнай праблемы заключаецца ў палітыцы структурнага/сістэмнага тэрору, скіраванага на барацьбу супраць партызан/ з партызанамі . Прыняцце такой формулы азначае, што аўтар раздзела 9 ставіў перад сабой мэту раскрыць сутнасць барацьбы, суб’ектам якой з’яўляліся самі немцы, а не наадворот. Калі ж прыняць за аснову „партызанскі рух”, дык у ім галоўная роля якраз за непасрэднымі ўдзельнікамі руху — партызанамі, якія і былі суб’ектамі партызанскай барацьбы. Х.Герлах жа даследуе палітыку рэжыму — тэрор як аснову барацьбы ўсіх нямецкіх акупацыйных структур супраць партызан .

Дзесяты раздзел працы абмежаваны разглядам палітыкі вынішчэння ў дачыненні да камуністаў, удзельнікаў гарадскога супраціўлення, „усходніх людзей”, польскай інтэлігенцыі, цыганаў, псіхічна і фізічна хворых, дзяцей і інш. („Weitere Opfer der deutschen Vernichtungspoitik”, 1055—1104).

У перадапошнім раздзеле („Die Beteiligung einiger Angehöriger der Offiziersopposition gegen Hitler an den Massenverbrechen in Weißrußland”, 1104—1126) даследчык закранае пытанне ўдзелу ў масавых злачынствах на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікоў афіцэрскай апазіцыі, якая летам 1944 г. выступіла супраць Гітлера.

Заключэнне і вывады даследчыка выклікаюць асобную цікавасць, паколькі ў апошнім раздзеле („Zusammenfassung und Schlußfolgerungen”, 1126—1161) нямецкі гісторык Х.Герлах падсумоўвае вынікі шматпланавага пошуку, праведзенага ў дачыненні да нямецкай эканамічнай палітыкі і палітыкі вынішчэння на Беларусі ў гады акупацыі. Між тым, даследаван не паказала, што вывучэнне навуковых праблем не спыняецца нават з напісаннем такіх фундаментальных прац. Чым глыбей і шырэй вядзецца навуковы пошук, тым больш сур’ёзны і прафесійны аналіз гістарычных з’яў, падзей, працэсаў і г.д. У кантэксце такога вывучэння акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, як адзначае нямецкі гісторык, пакуль застаюцца „адкрытыя пытанні” (1161).

На нашу думку, разгляд навуковай тэматыкі і асноўных палажэнняў рэцэнзаванай працы дае аргументаваную падставу заключыць: кніга Хрысціяна Герлаха „Скалькуляваныя забойствы: Нямецкая эканамічная палітыка і палітыка вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944″ мае поўнае права быць замацаванай у якасці фундаментальнага выдання сярод здабыткаў сусветнай, нямецкай і беларускай гістарыяграфіі.

Менск

Сяргей Новікаў

Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion // Transformation und historisches Erbe in den Staaten des europaischen Ostens (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 2, 2000 |


Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion // Transformation und historisches Erbe in den Staaten des europäischen Ostens. Hrsg. von Carsten Goehrke u. Seraina Gilly. — Bern—Berlin—Bruxelles—Frankfurt/M.—New York—Oxford—Wien: Lang, 2000. S. 285—329. Яго ж. Transformation und nationale Identität in der Ukraine und in Belarus. Ein historischer Vergleich // ebenda. S. 331—364.

Зборнік матэрыялаў, прысвечаных палітычным, сацыяльным і эканамічным пераўтварэнням ва Ўсходняй Еўропе цягам апошняга дзесяцігоддзя, з’яўляецца плёнам працы Гістарычнага семінара пры Цюрыхскім універсітэце ў Швейцарыі. У прадмове да зборніка яго ўкладальнікі і рэдактары прафесар усходнееўрапейскай гісторыі Цюрыхскага універсітэта К.Гёрке і колішні асістэнт названага Гістарычнага семінара С.Жылі зазначаюць, што мэтай гэтага выдання было праз параўнанне сітуацый у паасобных краінах і праз ажыццяўленне гістарычна–параўнальнага аналізу наблізіцца да разумення пытання, «чаму ў адных краінах працэс пераўтварэнняў адбываўся больш хутка, а ў іншых больш павольна, і чаму для адных краін ён стварае лепшыя, а для іншых горшыя перспектывы далейшага развіцця». Два артыкулы, аўтарам якіх з’яўляецца супрацоўнік Усходнееўрапейскай бібліятэкі ў Бэрне Крыстаф фон Вэрт, непасрэдна звязаныя з беларускай праблематыкай.

Першы з артыкулаў, «Беларусь і сучаснасць Савецкага Саюза», пачынаецца з тэрміналагічнага пытання. Як вядома, у нямецкамоўных крыніцах досыць працяглы час ужываліся адпаведнікі слоў «Беларусь» — «Weißrussland», «беларусы» — «Weißrussen» і «беларускі» — «weißrussisch». Крыстаф фон Вэрт патрабуе ўжывання новых тэрмінаў — адпаведна, «Belarus», «Belarusen» і «belarusisch» — і дае наступнае абгрунтаванне: «У англійскай мове ўжо замацавалася ўжыванне слоў «Belarus», «Belarusians» і «belarusian». Таму і ў нямецкай мове таксама павінна быць адлюстраванае этымалагічнае паходжанне беларускай тэрміналогіі». Апошняе адсылае да сярэднявечнага дзяржаўнага ўтварэння — Кіеўскай Русі, з якога сябе выводзяць і сучасная беларуская нацыя, і ўкраінская нацыя, і Расія. Гэткім чынам бярэцца пад увагу той факт, што гістарычны шлях развіцця беларусаў шмат у чым адрозніваецца ад гістарычнага шляху развіцця рускіх — гэтая розніца нівелюецца праз ужыванне паняццяў «Weißrussen» або «Belarussen» і, адпаведным чынам, амаль не прысутнічае ў шырокай грамадскай свядомасці. З дапамогаю такой крыху незвычайнай тэрміналогіі таксама звяртаецца ўвага на тое, што абодва гэтыя паняццевыя шэрагі абавязаныя сваім узнікненнем розным ідэалагічным канцэпцыям — той шэраг, што ўжываецца намі тут — больш выразна нацыянальнай, другі шэраг — расійскацэнтрычнай. Як будзе паказана ў далейшым, ужыванне абодвух паняццевых шэрагаў апраўданае, бо працэс утварэння беларускай нацыі ў абедзвюх канцэпцыях разглядаецца па–рознаму. З гэткім самым абгрунтаваннем таксама паслядоўна выкарыстоўваецца беларуская транслітарацыя геаграфічных назваў і асабовых імёнаў». Трэба адзначыць, што аўтар артыкула ўжывае замест традыцыйнага нямецкага тэрміна «Russische Föderation», што даслоўна можа быць перакладзена як «Руская Федэрацыя», больш дакладны тэрмін «Russländische Föderation» (менавіта Расійская Федэрацыя).

Ва ўступнай частцы артыкула «Беларусь і сучаснасць Савецкага Саюза» К. фон Вэрт зазначае, што беларускае грамадства і ягоныя эліты да гэтай пары вельмі асцярожна і інтуіцыйна–кансерватыўна адгукнуліся на распад Савецкага Саюза і толькі ў асобных момантах дыстанцыяваліся ад савецкага мінулага. У раздзеле «Узорная краіна развітога сацыялізму» даецца агляд найважнейшых момантаў развіцця БССР з сярэдзіны 50–х г. да абвяшчэння незалежнасці ў 1991 г. У прыватнасці, сцвярджаецца, што ў гэты час ключавыя пасады ў кіраўніцтве БССР займала так званая «партызанская фракцыя», якая «выявіла сябе параўнальна мала скарумпаванаю і ў пэўнай меры нават карысталася сярод насельніцтва пры кіраўніку рэспубліканскай кампартыі і «бацьку краіны» П.Машэраве (1965—1980) папулярнасцю; тады была досыць пашыраная вера ў тое, што гэтая сістэма справядлівая». У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што беларуская савецкая прапаганда здолела сфармаваць у вачах мноства людзей уяўленне пра партызанскі рух у гады другой сусветнай вайны як пра спецыфічна нацыянальны савецкі супраціў. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што эканамічныя поспехі Беларусі ў пасляваенныя гады нельга назваць ашаламляльнымі, К. фон Вэрт лічыць неабходным усё ж такі адзначыць, што рэспубліка прайшла шлях ад вынішчанай вайной краіны да адной з самых паспяховых у дынаміцы развіцця краін былога Савецкага Саюза. Жыхары БССР мелі ў СССР самыя большыя пасля жыхароў Расіі і рэспублік Прыбалтыкі даходы на душу насельніцтва, у той час як паводле росту прадукцыйнасці працы Беларусь займала тут першае, а паводле росту прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі — другое месца. Спасылаючыся на думку беларускіх даследчыкаў (у прыватнасці, В.Карбалевіча, Л.Крывіцкага, Л.Лойкі), аўтар артыкула сцвярджае, што напрыканцы 80–х г. БССР яшчэ не вычарпала патэнцыялу росту вытворчых магутнасцяў і ўкаранення новых тэхналогій. Мадэрнізацыя беларускай прамысловасці ішла ў той час даволі хуткімі тэмпамі, а імклівая урбанізацыя рэспублікі, натуральна, суправаджалася і паскораным ростам агульнага ўзроўню адукацыі. Таму ў гэты час яшчэ не магло быць гаворкі пра нейкі сістэмны крызіс «развітога сацыялізму» ў БССР. Да таго ж, на думку К. фон Вэрта, калі не браць пад увагу пратэсты некаторых асобаў, амаль непрыкметнымі былі праявы антыкамуністычнай апазіцыі («тут нават не ўзнікла аніякага хельсінскага руху»). Аўтар тлумачыць сваю выснову наступнымі прычынамі: па–першае, рэспубліканскае партыйнае кіраўніцтва запабягала такім настроям рэпрэсіямі ўжо на стадыі іх узнікнення; па–другое, свой уплыў мелі адносныя поспехі «савецкай мадэрнізацыі». Толькі вельмі тонкая, маладая праслойка інтэлігенцыі магла зрабіцца вытокам пазнейшых апазіцыйных груповак.

Наступны раздзел артыкула змешчаны пад загалоўкам «Чужы крызіс і турботы грамадзянскай супольнасці». К. фон Вэрт зноў робіць акцэнт на тое, што карэннай прычынай пазнейшага крызісу БССР былі падзеі, якія развіваліся ў тагачасным саюзным цэнтры. Разам з тым, ён адзначае, што пра наяўнасць крызісу нацыянальнай ідэнтычнасці гаворка ў інтэлектуальных і студэнцкіх колах пачалася ў другой палове 80–х г., а «сацыяльныя і эканамічныя пытанні пры гэтым, у адрозненне ад іншых нацыянальных рухаў на заключнай стадыі існавання Савецкага Саюза, адыгрывалі другасную ролю». У якасці прычыны гэтага аўтар артыкула зноў–такі бачыць наяўнасць «савецкага поспеху мадэрнізацыі» ў тагачаснай БССР. З гэтага вынікаюць недастатковае распаўсюджанне ў беларускім грамадстве канца 80–х г. «антыкамуністычнага крызіснага настрою» і звязаныя з гэтым цяжкасці фармавання незалежнай грамадзянскай супольнасці. За мабілізацыйныя чыннікі нацыянальнага адраджэння ў БССР К. фон Вэрт небеспадстаўна ўважае змаганне супраць русіфікацыі, наступстваў сталінскіх рэпрэсій і Чарнобыльскай катастрофы.

Са спасылкамі на пяты том «Коммунистической партии Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК», працы эміграцыйных даследчыкаў У.Глыбіннага, І.Любачкі, Я.Запрудніка, а таксама на «Гісторыю культуры Беларусі» Л.Лыча і Ў.Навіцкага аўтар адзначае, што пытанне адраджэння беларускай мовы і культуры ў БССР уздымалася на афіцыйным узроўні яшчэ ў кароткі перыяд пасля ХХ з’езда КПСС, а ў 80–я г. яно было зноў пастаўлена новым, маладзейшым адукаваным пакаленнем. У гэтым кантэксце згадваецца вядомы ліст беларускай інтэлігенцыі да генсека ЦК КПСС М.Гарбачова (снежань 1986 г.) і першы сойм беларускіх моладзевых суполак, які адбыўся годам пазней.

Як найважнейшыя моманты аднаўлення памяці пра ахвяры бальшавіцкіх рэпрэсій у артыкуле адзначаюцца: мітынг 1 лістапада 1987 г. у парку каля помніка Янку Купалу, адкрыццё групай археолагаў на чале з Зянонам Пазьняком месца масавых пахаванняў сталінскіх ахвяраў у Курапатах, заснаванне «Мартыралогу Беларусі». Пры гэтым К. фон Вэрт у прынцыпе слушна зазначае: усведамленне таго, што менавіта беларусы сталі адным з тых народаў, якія найбольш пацярпелі ад таталітарнага камуністычнага рэжыму, павінна было, на думку ініцыятараў гэтага руху, стаць краевугольным каменем у адраджэнні нацыянальнай свядомасці. Адначасна «Мартыралогам Беларусі», які меў падтрымку «шырокага фронту» інтэлектуалаў, ставілася пытанне і пра наданне беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай у тагачаснай БССР.

Трэцім, «не чыста нацыянальным» чыннікам, які меў, паводле аўтара артыкула, найбольшае ўздзеянне на шырэйшыя колы беларускага грамадства, была Чарнобыльская катастрофа. У артыкуле падаюцца вядомыя звесткі пра яе наступствы для беларускага насельніцтва, а таксама пра тое, што «дзяржава аказалася няздольнай эфектыўна супрацьдзейнічаць» гэтым наступствам.

Падсумоўваючы сказанае, К. фон Вэрт, на наш погляд, дакладна вызначае, што падмуркам апазіцыйнага руху, які фармаваўся ў выглядзе Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», былі «клопат пра лёс беларускай мовы, культуры і нацыі, а таксама наступствы радыяцыйнай катастрофы». Са спасылкамі на публікацыі В.Вячоркі, А.Лябедзькі і П.Церашковіча аўтар пераказвае асноўныя палажэнні першай праграмы БНФ, прынятай у 1989 г., і робіць у цэлым небясспрэчную выснову, што «Беларускі Народны Фронт у першую чаргу аддаваў увагу нацыянальнаму пытанню; яго праграма канцэнтравалася на пытаннях адраджэння беларускай нацыі і яе атрыбутаў». К. фон Вэрт практычна не аналізуе сутнасці, рэальных магутнасцяў антыфронтаўскай прапаганды і лічыць, што «ў канцы 80–х — пачатку 90–х г. … перадумовы для масавых пратэстаў былі самыя лепшыя». Ён бачыць прычыну таго, што праграма БНФ «здолела згуртаваць вакол сябе абмежаваную колькасць грамадзян», у хібах гэтай праграмы (яны, безумоўна, былі), а не ў псіхалагічным стане беларускага грамадства, якое ў той час з насцярожанасцю ставілася да самой магчымасці існавання незалежнай беларускай дзяржавы. Грунтуючыся на дадзеных, што ўтрымліваюцца ў публікацыях нямецкіх даследчыкаў А.Зам, Э.Шнайдэра і Г.Тымермана, аўтар памылкова сцвярджае, што «з сярэдзіны 1989 да чэрвеня 1991 г. колькасць сяброў Народнага Фронту ўсё ж такі ўзрасла з 40 000 да 150 000». На жаль, гэтыя лічбы абсалютна не адпавядаюць рэальнасці. К. фон Вэрт, на нашу думку, ідзе ўслед за вядомымі стэрэатыпамі антыбеларускай прапаганды, калі піша пра нейкі «радыкалізм» палітыкі Народнага Фронту ў пачатку 90–х г. (узгадаем ацэнку Васіля Быкава, які гаварыў якраз пра недастатковы радыкалізм Фронту ў той час). Небясспрэчнай выглядае і ацэнка аўтарам артыкула вядомых публікацый Зянона Пазьняка як «русафобскіх» (такімі іх зрабіла расійская і прамаскоўская ў Беларусі прапаганда). У сваіх высновах такога кшталту К. фон Вэрт найперш грунтуецца на высновах расійскіх палітолагаў Д.Фурмана і А.Бухаўца («Белорусское самосознание и белорусская политика» // Свободная мысль, 1996, № 1), а не на ўласным аналізе тых працэсаў, што рэальна адбываліся ў Беларусі ў першай палове 90–х г. Разам з тым, цяжка не пагадзіцца з яго сцвярджэннем наконт таго, што антыкамуністычныя, антыімперскія пастулаты праграмы БНФ, а таксама крытычнае стаўленне да палітыкі афіцыйных беларускіх уладаў у чарнобыльскім пытанні аб’ектыўна з часам гублялі сваю вастрыню ў стомленым ад перыпетый постперабудовачнай эпохі беларускім грамадстве. Безумоўна, слушным падаецца і сцвярджэнне К. фон Вэрта пра тое, што асабісты рэйтынг Пазьняка быў звычайна ніжэйшы за рэйтынг Народнага Фронту як палітычнай партыі. Што праўда, прычыны гэтай з’явы пададзеныя аднабакова, бо, зноў–такі, вельмі малая ўвага ў артыкуле аддаецца такому пытанню, як уздзеянне афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі на свядомасць грамадзян Беларусі ў апошнія гады перабудовы і гады пасля распаду СССР.

Аўтар артыкула таксама спыняецца на пытанні альтэрнатыўнай, не непасрэдна народнафронтаўскай самаарганізацыі апазіцыйных частак беларускага грамадства ў канцы 80–х — першай палове 90–х г. Гаворыцца пра ўтварэнне моладзевых суполак, адраджэнне невялікай колькасці (15, на канец 1996 г.) абшчын уніяцкай царквы, стварэнне шырокай сеткі (каля 1400, на канец 1997 г.) беларускіх няўрадавых арганізацый, у чым вельмі значную ролю зноў–такі выканала моладзь. Аналізуючы стварэнне незалежнага прафсаюзнага руху, К. фон Вэрт адзначае цесную сувязь яго лідэраў з Народным Фронтам у 1989 — пачатку 1991 г., але адначасова гаворыць пра «разрыў паасобных прафсаюзных арганізацый» з БНФ, што быццам бы меў месца пад час масавых выступаў рабочых у Менску ўвесну 1991 г. Здаецца, што і ў гэтым выпадку аўтара падвялі яго крыніцы — публікацыі расійскіх аглядальнікаў Нялюбіна і Ніканава ў «Известиях ЦК КПСС» (1991, № 7), а таксама згаданых нямецкіх даследчыкаў Зам і Шнайдэра.

Крыстаф фон Вэрт спыняецца на працэсе фармавання ў Беларусі іншых, акрамя Народнага Фронту, палітычных партый цягам 90–х г. і слушна адзначае, што папулярнасць партыйнай палітыкі сярод шырокіх слаёў беларускага грамадства ў цэлым застаецца досыць невысокай, хоць грунтоўнага аналізу прычын гэтай з’явы ў артыкуле зноў–такі няма. Аўтар таксама падкрэслівае існаванне фактычнай дзяржаўнай манаполіі ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, заўважаючы, што незалежныя друкаваныя выданні маюць у цэлым меншыя наклады, чым дзяржаўныя, і іх уплыў па–за Менскам невялікі.

Падводзячы вынікі сваіх разважанняў у гэтым раздзеле артыкула, К. фон Вэрт, у прыватнасці, адзначае, што станаўленне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў 90–я г. ішло вельмі марудна, і адной з прычын гэтага быў празмерны давер вялікай колькасці беларускіх грамадзян да дзяржаўнага патэрналізму. Нават праўда пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы, хоць і ўскалыхнула беларускае грамадства, але «хутчэй яго спаралізавала, чым змусіла да актыўных дзеянняў на сваю абарону».

Наступны раздзел артыкула мае загаловак «Кантраляваная рэвалюцыя наменклатуры». К. фон Вэрт зазначае: калі ў шмат якіх іншых рэспубліках Савецкага Саюза з шэрагаў камуністычнай наменклатуры вылучыліся палітычныя сілы, што выкарысталі момант узначаліць нацыянальныя незалежніцкія рухі, то ў Беларусі тутэйшыя эліты мала (калі зусім не) скарысталі з гэтага шанцу. У артыкуле адзначаецца, што пасля адыходу «партызанскай фракцыі» ад найвышэйшага кіраўніцтва ў КПБ гэтыя пасады ў значнай ступені занялі прадстаўнікі менскай прамысловай эліты, якія былі спараджэннем вышэйзгаданай савецкай мадэрнізацыі і, з аднаго боку, не бачылі неабходнасці ў якіх–небудзь істотных рэформах у галіне эканомікі, а з другога боку, не адчувалі патрэбы ў разрыве з саюзным цэнтрам. Апазіцыйныя выступы напачатку забараняліся і падаўляліся з дапамогай міліцыі, а цалкам падкантрольная ўладам прэса імкнулася любым спосабам здыскрэдытаваць Народны Фронт і яго лідэраў. Далей аўтар артыкула робіць агляд найважнейшых палітычных падзеяў у жыцці Беларусі з моманту абнародавання праўды пра расстрэлы ў Курапатах (1988 г.) да снежня 1991 г., калі ў выніку падпісання і ратыфікацыі Віскулёўскіх пагадненняў канчаткова распаўся Савецкі Саюз. К. фон Вэрт сцвярджае, што калі ў жніўні 1991 г. супраць маскоўскага путчу ў Менску пратэставала дзве–тры тысячы чалавек, то ў апошнія дні жніўня перад будынкам Вярхоўнага Савета іх было да пяцідзесяці тысяч, «але падзея гэтая ў цэлым у грамадстве станоўчага рэзанансу не мела».

У раздзеле «Працяг існавання і абнаўленне савецкай сістэмы» аўтар піша пра вядомыя падзеі нашай гісторыі ад канца 1991 г. да моманту прыходу да ўлады Лукашэнкі. Гаворачы пра ролю ў гэтых падзеях Станіслава Шушкевіча, К. фон Вэрт адзначае, што ён не меў ані свайго лобі ў кансерватыўным Вярхоўным Савеце, ані канстытуцыйных паўнамоцтваў ажыццяўляць рэальную ўладу. У той жа час прэм’ер В.Кебіч мог абапірацца на старую партыйна–гаспадарчую наменклатуру, што дамінавала ва ўсіх мясцовых органах улады, а таксама на вялікую (120 чалавек) фракцыю ў Вярхоўным Савеце. І хоць напачатку перспектывы паступовага, але няўхільнага рэфармавання беларускай палітычнай і эканамічнай сістэмы, паводле ацэнкі аўтара артыкула, не выглядалі занадта змрочнымі, «эканамічны крызіс, які пачаў сябе прыкметна выяўляць у 1992–93 г., змусіў беларускую наменклатуру адмовіцца ад датыхчасовай асцярожнай суверэннай палітыкі». Трэба адзначыць, што К. фон Вэрт упэўнена разбурае той міф, які ўсё яшчэ жыве ў галовах пэўнай часткі нашых дэмакратычна скіраваных грамадзян, нібыта палітыка адмовы ад суверэнітэту і правядзення дэмакратычных рэформаў была згорнутая ўжо за часам кіравання прэзідэнта Лукашэнкі. Абапіраючыся на факты, ён паказвае, што гэты працэс пачаўся прыкладна з ліпеня 1992 г., калі было падпісана эканамічнае і вайскова–тэхнічнае пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі, і ён, гэты працэс, ніколі пасля таго не спыняўся. Замацаваць status quo «новай–старой» беларускай наменклатуры павінны былі прэзідэнцкія выбары 1994 г.

У раздзеле «Лукашэнка і рэсаветызацыя» К. фон Вэрт без аналізу таго, хто стаяў за прыходам да ўлады Лукашэнкі, сцвярджае, што гэты факт стаў вялікай нечаканасцю. Перыяд кіравання Лукашэнкі ён, услед за амерыканскай даследчыцай К.Міхаліска, называе «populism–turned–despotism» і, услед за згаданым маскоўскім аглядальнікам Фурманам, гаворыць пра «перамогу народа над элітай» у Беларусі. З гэтым можна пагадзіцца, напэўна, толькі часткова: на наш погляд, хутчэй тут мела месца перамога хоць і неаднароднай, але ўсё ж больш моцнай маскоўскай эліты над несфармаванай з пункту погляду палітычных арыенціраў элітай беларускай. К. фон Вэрт расказвае біяграфію Лукашэнкі, звяртае ўвагу на яго вядомыя адыёзныя выказванні ў падтрымку гітлераўскага «парадку» і называе перыяд кіравання першага прэзідэнта перыядам «адзяржаўлення грамадства» (якое, паводле нашага меркавання, якраз і не паспела «раздзяржавіцца» да 1994 г.). Аўтар досыць падрабязна аналізуе антыдэмакратычную, антырэфарматарскую сутнасць праведзеных Лукашэнкам рэферэндумаў, падкрэслівае яго імкненне да адзінаасобнай улады ў добра вядомым змаганні з новаабраным Вярхоўным Саветам улетку і ўвосень 1996 г. Апісваючы сённяшнюю сістэму беларускай дзяржаўнай улады, ён гаворыць пра надзвычай істотную ролю ў ёй прэзідэнцкай адміністрацыі (якая «дублюе функцыі Савета Міністраў»), спецслужбаў («колькасць іх супрацоўнікаў перавышае колькасць арміі») і прэзідэнцкай «вертыкалі». Гэтыя структуры, паводле К. фон Вэрта, «бескантрольна распараджаюцца фінансавымі сродкамі ў памерах некалькіх мільярдаў даляраў»; пры гэтым «прэзідэнцкі фонд ствараецца праз карупцыйны механізм, шляхам здачы ў арэнду дзяржаўных земляў і нерухомасці». Аўтар ацэньвае эканамічную палітыку прэзідэнта Лукашэнкі як павернутую ў мінулае, як паступовае (пачатае ў сярэдзіне 1995 г.) вяртанне да савецкай планавай гаспадаркі. Пры гэтым нават параўнальна з часам кіравання ўрада Кебіча недзяржаўны сектар эканомікі быў істотна аслаблены. К. фон Вэрт таксама прытрымліваецца думкі, што функцыянаванне гэтай эканамічнай сістэмы ў вялікай ступені з’яўляецца магчымым дзякуючы ўскоснаму яе фінансаванню з боку Масквы. Далейшая частка раздзела якраз прысвечаная інтэграцыйным ініцыятывам кіраўнікоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, што мелі месца ў 1996–98 г. На думку аўтара, па абодва бакі беларуска–расійскай мяжы розныя палітычныя групоўкі звязваюць з расійска–беларускім «Саюзам» розныя, часам абсалютна несумяшчальныя паміж сабою спадзяванні. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць асабістыя амбіцыі Лукашэнкі, які «бачыць сябе на чале новага антызаходняга, (усходне)славянскага Саюза, рэакцыйнага праваслаўнага Інтэрнацыянала».

Далей К. фон Вэрт таксама зазначае, што беларускія афіцыйныя СМІ вярнуліся да стылю савецкай прапаганды сярэдзіны 70–х г., што ўлады ўвесь час імкнуцца абмежаваць свабоду друку, спаралізаваць дзейнасць незалежных выданняў. «Грамадскія арганізацыі, якія фінансава залежаць ад дзяржавы (каля 90% усіх арганізацый), атрымоўваюць падтрымку з прэзідэнцкага фонду, калі яны дэманструюць сваю лаяльнасць да рэжыму». Аўтар артыкула падрабязна асвятляе спробы рэсаветызацыі грамадства з боку ўлады на ідэалагічным узроўні (цэнзураванне школьных і універсітэцкіх падручнікаў, найперш па гісторыі Беларусі, замоўчванне злачынстваў камуністычнага рэжыму ў савецкі час, вяртанне БССРаўскай дзяржаўнай сімволікі, перанос святкавання Дня незалежнасці, афіцыйныя дэманстрацыі з партрэтамі Леніна, Сталіна і Лукашэнкі, змяншэнне хрысціянскіх святаў у афіцыйным календары і г.д.). У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што рэжым пастаянна мабілізуе свае досыць вялікія рэсурсы, каб забяспечыць грамадскую падтрымку свайму далейшаму існаванню. Пры гэтым, на думку К. фон Вэрта, беларускае грамадства толькі ў вельмі абмежаванай ступені аказвае супраціў прэзідэнту і ягонай палітыцы, што найперш тлумачыцца маларазвітой структурай грамадзянскай супольнасці ў цяперашняй Беларусі. Асяродкам пашырэння апазіцыйных настрояў пры гэтым з’яўляюцца свабодныя прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, студэнцтва. Найбольш масавымі выступамі беларускай апазіцыі аўтар справядліва лічыць вядомыя дэманстрацыі супраць заключэння саюзных дагавораў з Расіяй. Адзначана і роля Вярхоўнага Савета 13–га склікання, які «згуртаваўся ў палітычнае аб’яднанне шырокага спектру поглядаў і сёння выконвае ролю ценявога парламента». І ўсё–такі, нягледзячы на сказанае, паводле К. фон Вэрта, і пасля чатырох гадоў кіравання Лукашэнкі (артыкул ствараўся ў канцы 1998 г.) беларускае грамадства давярала яму ў такой меры, «перад якой блякне любая палітычная альтэрнатыва».

Падагульняючы свае разважанні, аўтар артыкула робіць выснову, што трансфармацыя ў постсавецкай Беларусі дагэтуль праходзіла ў абсалютна адметнай і безальтэрнатыўнай форме. Беларуская інтэлігенцыя, па–за вузкай праслойкай нацыянальна арыентаваных інтэлектуалаў, не выявіла сябе ў якасці актыўнай рухальнай сілы, якая б магла ажыццявіць рэальныя перамены. Старая наменклатура, якая без праблем захавала свае пазіцыі пры пераходзе Беларусі ў стан незалежнай дзяржавы, «у вельмі абмежаванай ступені і непаслядоўна здолела адказаць на выклік часу». Пасля абвастрэння сацыяльна–эканамічнага крызісу на постсавецкай прасторы на палітычную авансцэну ў Беларусі разам з прэзідэнтам Лукашэнкам выйшла «аўтарытарна–папулісцкая, кансерватыўная, ахопленая настальгіяй па савецкіх парадках сіла», якая па сёння мае значную падтрымку ў грамадскіх настроях беларусаў.

Другі артыкул Крыстафа фон Вэрта, змешчаны ў тым самым зборніку, носіць больш канцэптуальны характар і мае назву «Пераўтварэнні і нацыянальная тоеснасць ва Ўкраіне і ў Беларусі: гістарычна–параўнальны аналіз». Ва ўступнай частцы аўтар адзначае асаблівую ролю нацыянальнага самаўсведамлення народаў на постсавецкай прасторы ў іх мажлівасці кансалідавана адказваць на палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя выклікі часу. «Нацыяналізм з’яўляецца выразна сучасным феноменам, з дапамогай якога грамадствы, і найперш іх эліты, рэагуюць на мадэрнізацыйныя хвалі». К. фон Вэрт адзначае асаблівы характар постсавецкіх пераўтварэнняў для Ўкраіны і Беларусі, бо перад імі стаіць задача абгрунтаваць само існаванне дзяржавы з лаяльнай палітычнай супольнасцю, самой дзяржаватворнай нацыі. Прытым той факт, што абедзве краіны менавіта за савецкім часам атрымалі атрыбуты квазі–дзяржавы і квазі–нацыі, на думку аўтара, ставіць перад імі нялёгкую задачу — вырвацца з–пад трывалае традыцыі савецкага і расійскага ўплыву.

Аналізу беларускай сітуацыі прысвечаны адмысловы раздзел артыкула, на якім мы і спынімся ў гэтым аглядзе. Паводле К. фон Вэрта, для Беларусі зыходныя пазіцыі адносна дасягнення грамадскага пагаднення наконт стварэння незалежнай дзяржавы, відавочна, выглядаюць яшчэ менш трывалымі, чым для Ўкраіны. Аўтар зазначае, што існаванне ў Беларусі савецкай сістэмы ніколі не страчвала сваёй легітымнасці, і падмурак для ўласнага дзяржаўнага ўтварэння тут быў закладзены ў выглядзе БССР. Той стан рэчаў, што толькі за дзесяцігоддзе да першай сусветнай вайны ў Беларусі з’яўляецца праслойка інтэлігенцыі, якая пачынае агітаваць за нацыянальную ідэю, аўтар артыкула тлумачыць амаль выключна сялянскім характарам беларускай народнасці. У артыкуле згадваюцца тыя вядомыя працэсы грамадска–палітычнага жыцця Беларусі, што мелі месца ў ХIХ — пачатку ХХ ст. (адсутнасць нацыянальнай эліты, ліквідацыя уніяцкай царквы, забарона беларускага кнігадрукавання, змаганне Расіі і Польшчы за ўплывы ў Беларусі і г.д.). У канцы ХIХ ст., на думку К. фон Вэрта, для фармавання беларускай нацыі практычна адсутнічалі перадумовы, у тым ліку наяўнасць мабільнай больш–менш аднароднай гарадской супольнасці; інтэлігенцыя мусіла пераадольваць вельмі моцныя ўплывы рускай і польскай нацый, якія на той час далёка прасунуліся ў сваім развіцці. Вынікам кароткага перыяду ажыўлення нацыяўтваральнай дзейнасці беларускай інтэлігенцыі, што фармавалася ў перыяд паміж дзвюма расійскімі рэвалюцыямі, стала абвяшчэнне ў 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, аднак, пасля сыходу нямецкіх войскаў не магла выстаяць перад наступам бальшавікоў. Таму сучасная беларуская нацыя, як лічыць К. фон Вэрт, па сутнасці, пачала фармавацца ў 20–я г. ХХ ст. у савецкім рэчышчы. Палітыка беларусізацыі, што праводзілася тады ў БССР, непазбежна мусіла абапірацца на расійскамоўныя кадры (бо іншых папросту амаль не было), і таму для беларусізацыі ў прынцыпе не маглі быць уласцівымі антырасійскія і антысавецкія настроі. Развіццё ж Заходняй Беларусі ў гэты перыяд аўтар артыкула лічыць яшчэ больш маргінальным і ў меншай ступені культураўтваральным, з чым нам цяжка пагадзіцца, бо якраз антысавецкія настроі і, прынамсі, насцярожанае стаўленне да расійцаў і да расійскай ўлады, безумоўна, мелі і маюць месца менавіта ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Адначасова можна цалкам пагадзіцца з высновай К. фон Вэрта наконт таго, што пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР і падзеяў, што адбываліся ў выніку гэтага, адбываўся разрыў сацыяльных повязяў у беларускім грамадстве — г.зн., яго атамізацыя і гамагенізацыя. Поўным ходам ішло новае структураванне беларускага грамадства і яго элітаў. Пасля рэзкага змяншэння долі яўрэйскіх кіраўнічых і культурных кадраў (у выніку масавага вынішчэння яўрэяў пад час другой сусветнай вайны) Сталіным праводзілася палітыка запаўнення вакантных месцаў расійцамі або зрусіфікаванымі кадрамі. Акрамя таго, К. фон Вэрт заўважае, што калі доля беларускага жыхарства з вышэйшай адукацыяй яшчэ ў 1970 г. складала каля 3 %, то праз дваццаць гадоў гэты працэнт вырас да 11 — а гэта значыць, што беларуская інтэлігенцыя ў прынцыпе яшчэ маладая, і яна не стаіць на тым узроўні прэстыжу, як, напрыклад, інтэлігенцыя ў той жа Расіі. Пры гэтым менавіта зрусіфікаваныя эліты цягам доўгага часу атрымлівалі ў Беларусі пераважныя магчымасці для творчага і кар’ернага росту. У артыкуле робіцца таксама агляд моўнай палітыкі кіраўнічых рэжымаў у Беларусі, якія «з меншай або большай ступенню інтэнсіўнасці праводзілі палітыку русіфікацыі». К. фон Вэрт выказвае небясспрэчны для нас тэзіс, што беларуская мова сёння выглядае хутчэй непрыдатным сродкам стварэння беларускай культурнай ідэнтычнасці на новым падмурку. Пры гэтым ён аперуе дадзенымі перапісу насельніцтва 1989 г., згодна з якімі беларуская мова заставалася ў штодзённым ужытку толькі 10,5% насельніцтва БССР (нагадваем, што, згодна з афіцыйнымі дадзенымі перапісу насельніцтва Беларусі 1999 г., гэтая лічба склала ўжо 37%). «Страта» беларусамі сваёй мовы, пра якую гаворыць К. фон Вэрт, аднак, толькі часткова можа абгрунтаваць выснову, нібыта беларуская культурная тоеснасць «растварылася» ў расійскай. Хутчэй, на думку даследчыка, «сфармавалася своеасаблівая савецка–беларуская самасвядомасць, якая ўвабрала ў сябе элементы расійскай культурнай самаідэнтыфікацыі». Так, прапаганда дасягненняў савецкага партызанскага руху ў другой сусветнай вайне сфармавала ў пасляваенны час трывалы савецка–беларускі самаідэнтыфікацыйны міф, які маніпуляваў паняццямі «вайна», «адбудова», «адраджэнне» і да т.п., і досыць моцна ўкараніўся ў галовах вялікай часткі беларускага насельніцтва. Прытым названы савецка–беларускі міф у сваёй сутнасці быў адначасова і прасавецка–інтэрнацыяналісцкім, бо ўвесь час падкрэслівалася, што Беларусь вызваліла Савецкая Армія, што перамогу здабыў братні расійскі народ, а з ім і іншыя народы Савецкага Саюза. Прыхільнікі гэтага міфа маюць і сёння ў сваіх руках прапагандысцкі «козыр» супраць прыхільнікаў несавецкай дзяржаўніцкай канцэпцыі, бо абедзве спробы нацыянальна арыентаваных элітаў абвясціць пра стварэнне сваёй дзяржавы рабіліся пад час нямецкай акупацыі ў першую і ў другую сусветныя войны. Усё гэта стварае пакуль што непераадольныя цяжкасці ў пераарыентацыі вялікіх пластоў сучаснага беларускага грамадства на дасавецкія каштоўнасці і фіксуе той «асаблівы шлях», якім пакуль што ідзе Беларусь у постперабудовачныя гады. Для параўнання з беларускай сітуацыяй К. фон Вэрт аналізуе сітуацыю з нацыянальнай самасвядомасцю ва Ўкраіне і адзначае, што, адрозна ад Беларусі, у 1997 г. толькі 6% украінскага насельніцтва хацела б «вяртання ў СССР», хоць колькасць тых, хто жадае вярнуцца да камуністычнай сістэмы з 1993 да 1998 г. узрасла з 25 да амаль 51%. Аўтар спыняецца на добра вядомых нашаму падрыхтаванаму чытачу гістарычных, сацыяльных, эканамічных і культурных чынніках, што абумовілі сённяшнюю розніцу ў кшталтаванні нацыянальнай самасвядомасці ўкраінцаў і беларусаў. У канцы артыкула аўтар робіць выснову, што «прыклады Беларусі і Ўкраіны выразна сведчаць пра ключавую ролю той стадыі гістарычнага развіцця, цягам якой пэўнае грамадства інтэгруецца ў сацыяльным плане ў супольнасць шырокага нацыянальнага паразумення».
Менск

Лявон Баршчэўскі

Наверх

Скеп’ян, Анастасія: Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2000 г.

Снежня 1, 2000 |

Доктарскія

1. Грыгор’еў, Аляксандр Дзмітрыевіч. Станаўленне і развіццё сацыяльнай працы на Беларусі (Х—ХХ ст.). (07.00.02; БДПУ)
2. Забаўскі, Мікалай Міхайлавіч. Грамадска–палітычная барацьба ў Беларусі ў ходзе выбараў і дзейнасці Расійскай Дзяржаўнай думы 1—4 скліканняў (1906—1917 г.). (07.00.02; БДПУ)
3. Каваленя, Аляксандр Аляксандравіч. Прагерманскія саюзы моладзі. 1941—1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць. (07.00.02; БДПУ)
4. Літвін, Аляксей Міхайлавіч. Антысавецкія ваенна–паліцэйскія фармаванні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941—1944 г. Вытокі, структура, дзейнасць. (07.00.02.; ІГ НАНБ)
5. Ляўко, Вольга Мікалаеўна. Фармаванне і развіццё тэрытарыяльна–адміністрацыйных цэнтраў паўднёва–ўсходняй Беларусі ў IХ—ХVIII ст. (07.00.02., 07.00.06; ІГ НАНБ)
6. Сяльверстава, Святлана Яўгенаўна. Культура Новага часу на беларускіх землях у другой палове ХVIII — першай чвэрці ХIХ ст. (07.00.02; БДУ)
7. Часноўскі, Мечыслаў Эдвардавіч. Сістэмныя пераўтварэнні ў рэспубліцы Польшча (1989—1999). (07.00.03, 07.00.05; БДУ)
8. Шадурскі, Віктар Генадзевіч. Культурныя сувязі Беларусі з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. (07.00.05; БДУ)

Кандыдацкія

9. Атрушкевіч, Марат Міхайлавіч. Заканадаўчыя акты пра гарады другой паловы ХVIII — першай паловы ХIХ ст. і асаблівасці іх рэалізацыі ў Беларусі. (07.00.02; БДПУ)
10. Башкоў, Аляксандр Аляксандравіч. Прадметы хрысціянскага культу індывідуальнага выкарыстання канца Х—IV ст. на тэрыторыі Беларусі (класіфікацыя, храналогія, тапаграфія). (07.00.06; ІГ НАНБ)
11. Варонін, Васіль Аляксеевіч. Сацыяльна–эканамічнае развіццё полацкага ваяводства ў першай палове ХVI ст. (07.00.02; БДУ).
12. Даніловіч, Вячаслаў Віктаравіч. Дзейнасць арганізацыі «Змаганне» ў Заходняй Беларусі (1927—1930). (07.00.02; БДПУ)
13. Дубіцкая, Наталля Мікалаеўна. Вытворчасць керамічнага посуду ў плямён Беларускага Падняпроўя ў жалезным веку (7 ст. да н.э. — V ст.). (07.00.06.; ІГ НАНБ)
14. Кізіма, Сяргей Анатолевіч. Сістэмны падыход ў гістарычным даследаванні: сутнасць, методыка, рэалізацыя (на прыкладзе вывучэння рэформ і этнічных працэсаў). (07.00.09; БелНДІ дакументазнаўства і архіўнай справы)
15. Корсак, Анатоль Уладзіміравіч. Нацыянальныя меншасці Смаленскай губерні і Заходняй вобласці ў першае 20–годдзе Савецкай улады. (07.00.02, 07.00.03; ІГ НАНБ)
16. Крывашэй, Дзмітрый Антонавіч. Развіццё культурных сувязяў Рэспублікі Беларусь з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы (1991—1996). (07.00.02; БДУ)
17. Кустоўскі, Міхаіл Мікалаевіч. Кааператыўнае будаўніцтва ў Беларусі (1921—1927). (07.00.02; БДУ)
18. Махоўская, Ірына Станіславаўна. Беларуская традыцыйная радзінная абраднасць ва ўсходнееўрапейскім кантэксце (к. ХIХ — пач. ХХ ст.). (07.00.07; БДУ)
19. Паўловіч, Раман Канстанцінавіч. Пінская і Дняпроўская рачныя флатыліі на тэрыторыі Беларусі (1940—1951). (07.00.02; ІГ НАНБ)
20. Перзашкевіч, Алег Валер’евіч. Варна брахманаў у сацыяльнай структуры рыгведыйскага грамадства. (07.00.03.; БДУ)
21. Прыбытка, Генадзь Віктаравіч. Барацьба магнацкіх груповак у Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне ХVII ст. (1655—1668). (07.00.02; 07.00.03; ІГ НАНБ)
22. Розенблат, Яўген Сямёнавіч. Нацысцкая палітыка генацыду ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва заходніх абласцей Беларусі. 1941—1944 г. (07.00.02; ІГ НАНБ)
23. Русаковіч, Андрэй Уладзіміравіч. Беларуска–германскія адносіны ў 1990–х г. (07.00.05.; БДУ)
24. Сакалова, Марыяна Анатолеўна. Грамадскія аб’яднанні і рухі як фактары фармавання грамадзянскіх супольнасцяў у Беларусі (к. ХVIII — пач. ХХ ст.). (07.00.02.; ІГ НАНБ)
25. Сілава, Святлана Ўладзіміраўна. Праваслаўная царква ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945). (07.00.02; ГрДУ)
26. Сільвановіч, Станіслаў Алёйзавіч. Антысавецкае падполле ў заходніх абласцях Беларусі (верасень 1939 — чэрвень 1941). (07.00.02; ГрДУ)
27. Скеп’ян, Анастасія Анатолеўна. Шляхецкае мецэнацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХVI — першай палове ХVII ст. (07.00.02; ІГ НАНБ)
28. Сяменчык, Міхаіл Баляслававіч. Рабочы рух у Заходняй Беларусі (1921—1939). (07.00.02, ГрДУ)
29. Хоміч, Сяргей Мікалаевіч. Фармаванне тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (канец 1918—1926 г.). (07.00.02; ІГ НАНБ)
30. Шавялёў, Дзмітрый Леанідавіч. Генэзіс палестынскай праблемы. 1882—1917 г. (07.00.03; БДУ)
31. Шаланда, Аляксей Іванавіч. Шляхецкая геральдыка ў другой палове ХVI—ХVIII ст. (07.00.09; ГрДУ)
32. Шумскі, Ігар Іванавіч. Неакансерватыўная палітыка адміністрацыі Рональда Рэйгана (07.00.03; БДУ)
33. Шчаўлінскі, Мікалай Барысавіч. Беларускі нацыянальны рух у гады першай сусветнай вайны 1914—1918 г. (07.00.02; БДУ)
34. Шымуковіч, Сяргей Фадзеевіч. Дзейнасць дабрачынных устаноў па сацыяльнай абароне насельніцтва Беларусі (90–я г. ХIХ ст. — чэрвень 1914 г.). (07.00.02; Рэспубліканскі Інстытут Вышэйшай школы)
35. Рыбакоў, Андрэй Яўгенавіч. Агульнае справаводства ў цэнтральным апараце дзяржаўнага кіравання Вялікага Княства Літоўскага ў ХVI ст. (07.00.09; БелНДІ дакументазнаўства і архіўнай справы)*
36. Функ, Юлія Валер’еўна. Яўрэйская дабрачыннасць у Беларусі ў ХIХ — пачатку ХХ ст. і крыніцы яе даследавання. (07.00.09; БелНДІ дакументазнаўства і архіўнай справы)*

*Дысертацыі абаронены ў 1999 г.

Падрыхтавала Анастасія Скеп‘ян

Галоўная » Архіў катэгорыі '2000 Т.7 Сш. 2'