Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2001 Т.8 Сш. 1-2

Пытанні на заўтра (Алесь Смалянчук)

Снежня 18, 2001 |


Хачу павіншаваць калегу з выдатнай рэцэнзіяй. Больш грунтоўнага разбору маіх тэкстаў яшчэ не было. Калі я правільна зразумеў рэцэнзента, ён не адвяргае самую канцэпцыю працы, хоць выказвае некалькі вельмі істотных заўвагаў і ставіць шэраг прынцыповых пытанняў.

Першая заўвага датычыць «рабочага » вызначэння нацыі. Вось яно: нацыя — гэта сацыяльная група, прасякнутая нацыянальнай свядомасцю, складовымі якой з’яўляюцца ўсведамленне супольнасці інтарэсаў, адметнасці ўласнай культуры, мовы, рэлігіі і палітычнай гісторыі, уяўленне пра ўласную этнічную тэрыторыю. Пры гэтым, каб быць нацыяй, дастаткова мець адну альбо болей з пералічаных характэрных якасцяў. Як лічыць рэцэнзент, гэтае паняцце не працуе ў дачыненні да названага перыяду, а выраз „каб быць нацыяй, дастаткова мець адну альбо болей з пералічаных характэрных якасцяў” дазваляе, напрыклад, аднесці да нацыі ўсіх каталікоў Еўропы.

Хачу заўважыць, што прыведзенае вызначэнне тычылася пэўнага ідэальнага тыпу нацыі. Зразумела, што нацыі, якія фармаваліся ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. на беларускіх і літоўскіх землях, не маглі цалкам адпавядаць такому ідэалу. У працы гаворка ідзе пераважна пра нацыянальныя рухі, а г.зн. пра працэс фармавання нацый. Што датычыць апошняга выразу, то мелася на ўвазе, што нярэдка вырашальную ролю ў фармаванні нацыянальнай свядомасці адыгрываў адзін (або два-тры) з пералічаных фактараў. Напрыклад, вядомая роля, якую для фармавання чэшскай і літоўскай нацый адыграла родная мова, для ірландцаў — палітычная гісторыя і ўсведамленне супольнасці інтарэсаў, для харватаў — веравызнанне, для яўрэяў і палякаў — культура, мова і рэлігія. Згодны, што не зусім дакладна выказаў сваю думку. Замест словаў „каб быць нацыяй” у вызначэнні павінна стаяць „каб усвядоміць сябе нацыяй”.

Наступная заўвага Станіслава Рудовіча датычыць адсутнасці ў манаграфіі вызначэння паняцця „грамадзянскай (палітычнай) нацыі”. Вызначэнне не прагаворвалася, бо здавалася, што ідэя „грамадзяніна краю”, „краёвага грамадзянства”, якую прапагандавалі ідэолагі краёвасці розных кірункаў, дастаткова выразна гаворыць сама за сябе. Аднак, відаць, я памыляўся. Хачу адзначыць, што паняцце „грамадзянская (палітычная) нацыя” трактуецца ў манаграфіі як поліэтнічная сацыяльная група, прадстаўнікі якой лічаць сябе прыналежнымі да адзінай нацыі. Апошняя атаясамліваецца з дзяржаўнай прыналежнасцю і грунтуецца на масавым успрыяцці гэтай дзяржавы як агульнай гістарычнай Айчыны.

На думку С.Рудовіча, якую ён падмацоўвае спасылкамі на Ю.Хабермаса, фармаванне палітычнай нацыі непазбежна вядзе да свайго роду „пераплаўкі” культурных сістэмаў этнасаў, якія ўваходзяць у яе склад. Пры гэтым этнакультурныя меншасці падаўляюцца або ізалююцца. У выніку мадэлі этнамоўнай і палітычнай нацый фактычна накладваюцца адна на адну. Адмаўляючы існаванне нацый грамадзянскага (палітычнага) тыпу, Рудовіч ставіць пытанні: Ці разумелі прыхільнікі краёвасці гэтую дыялектыку? Калі разумелі, то якой з мясцовых культур адводзілі ролю „рэферэнтнай”? Якім чынам збіраліся ў этнакультурным краёвым саюзе здымаць этнічныя напружанасці? і г.д.

Паспрабую адказаць. Адразу хачу заўважыць, што гісторыя ведае выпадкі, калі фармаванне грамадзянскай палітычнай нацыі не вяло да „пераплаўкі” этнакультурных сістэмаў. Такія прыклады — Швейцарыя, ЗША, Канада. Падаецца, што ва ўмовах дэмакратычных палітычных рэжымаў падаўленне ці ізаляцыя этнакультурных меншасцяў не з’яўляецца агульнай заканамернасцю. Што датычыць краёўцаў, то наўрад ці яны разумелі тыя складанасці фармавання грамадзянскай (палітычнай) нацыі, пра якія гавораць сучасныя тэарэтыкі нацыяналь нага пытання. Але ці маем мы права сёння патрабаваць гэтага ад іх? Краёўцы вывучалі гэтую праблему на сваім уласным жыцці, а не па навуковых працах. Сам крах краёвасці, які стаў відавочным пад час Першай сусветнай вайны, паказаў, што гэтая ідэалогія не была ў стане нейтралізаваць, напрыклад, польска-літоўскія этнічныя супярэчнасці.

Аналіз канцэпцый асобных ідэолагаў краёвасці сведчыць пра тое, што яны разумелі складанасць праблемы, але адзінага падыходу да яе вырашэння так і не здолелі выпрацаваць. Але ж яны былі першымі. Дарэчы, канцэпцыя фармавання „нацыі ліцвінаў” М.Ромэра сапраўды магла прывесці да „пераплаўкі” культурных сістэмаў, і ролю рэферэнтнай культуры пры гэтым магла адыграць польская культура. Затое канцэпцыі Л.Абрамовіча або Р.Скірмунта (маюцца на ўвазе ягоныя погляды часоў рэвалюцыі 1905—1907 г.) прадугледжвалі якраз існаванне поліэтнічнай супольнасці, дзе ролю кансалідуючага фактара павінна была адыграць гістарычная памяць. С. Рудовіч выказвае сумненні ў тым, што „тэарэтычныя ўяўленні 1/20 часткі насельніцт ва (няхай сабе і эліты) маглі стаць настолькі моцным інтэгратарам, які б перакрыў усе культурныя і сацыяльныя падзелы”. Сумненне правамернае. Але хачу заўважыць, па-першае, што практычна ва ўсіх нацыястваральных працэсах гістарычная памяць звычайна адыгрывала велізарную ролю, бо з’яўлялася выключна моцным сродкам кансаліда цыі насельніцтва. Гэта агульнавядома. Месца ў гісторыі быццам гарантуе за нацыяй ролю суб’екта ў сучасным палітычным і нацыянальным жыцці. Прыклад палякаў і літоўцаў сведчыць якраз пра гэта. Вядома і тое, што ўсе першыя спробы выпрацоўкі нацыянальнага погляду на гісторыю былі разлічаныя першапачаткова на эліту.

Па-другое, трэба звярнуць увагу, што велізарныя намаганні краёўцаў па выпрацоўцы і пашырэнні ўласнага варыянта гісторыі Беларуска-Літоўскага краю спалучаліся з імкненнем дасягнуць аўтаноміі або (пазней) дзяржаўнай незалежнасці краю. На маю думку, менавіта гэтае спалучэнне магло стаць моцным фактарам, які б спрыяў фармаванню палітычнай нацыі. Нарэшце, па-трэцяе, прыкметнае месца ў канцэпцыях краёўцаў займаў фактар г.зв. тутэйшасці, якую можна паспрабаваць зразумець з дапамогай паняцця „протанацыяналізм”, уведзенага Э.Хабсбаўмам. Апошні трактуе протанацыяналізм як пачуццё калектыўнай надлакальнай масавай ідэнтычнасці, якая папярэднічае нацыяналізму .

Станіслаў Рудовіч ставіць яшчэ адно істотнае пытанне: У якой ступені краёвасць была альтэрнатывай ваяўнічаму нацыяналізму, а ў якой праявай данацыянальнага касмапалітызму тутэйшай шляхты, яе кансерватыўным адказам на гістарычныя выклікі эпохі мадэрнізацыі? Мне здаецца, у манаграфіі досыць выразна прачытваецца ідэя, што краёвасць спалучала і першае і другое. І гэтае спалучэнне адлюстравалася ў двух дамінавальных кірунках развіцця краёвай ідэалогіі — кансерватыўна-ліберальным (у пэўнай ступені „кансерватыўны адказ”) і ліберальна-дэмакратыч ным (альтэрнатыва ваяўнічаму нацыяналізму).

Рэцэнзент таксама выказаў сумненне ў тым, што краёвая ідэя магла стымуляваць палітычную мабілізацыю „масаў беларускамоўнага насельніцтва”. Хачу адзначыць, што прыведзеныя ў манаграфіі факты, на маю думку, досыць пераканаўча сведчыць, што краёвая ідэя спрыяла пэўнай кансалідацыі, па меншай меры, беларускай эліты. Якраз з ёй звязана прыцягненне да беларускага руху Р.Скірмунта і рост сімпатый да беларускага Адраджэння з боку мясцовай арыстакратыі (маюцца на ўвазе асобныя прадстаўнікі родаў Радзівілаў, Вайніловічаў, Скірмунтаў). Таксама краёвая ідэя стварала магчымасць далучэння да беларускага руху часткі рускамоўнай і польскамоўнай мясцовай эліты. Гэта пацвярджаюць прыклады І.Краскоўскага, А.Заштаўта, Я.Манькоўскага, В.Чыжа ды інш. Краёвая ідэя, як падаецца, спрыяла пераадоленню пэўнай этнамоўнай і сацыяльнай абмежаванасці беларускага руху. Яна ж была сродкам палітычнай мабілізацыі тых колаў мясцовай грамадскасці, якія раней адмяжоўваліся ад беларускага руху.

С.Рудовіч таксама зрабіў заўвагу адносна структуры працы. Дакладней, структуры II раздзела. На яго думку, рубяжом у развіцці польскагу руху на беларускіх і літоўскіх землях з’яўляўся пачатак I сусветнай вайны, а не выбары і пачатак працы Дзяржаўнай думы IV склікання. Згодны, што больш адпаведным быў бы рубеж Першай сусветнай вайны, а дакладней, нават верасня 1915 г. Нямецкая акупацыя часткі беларускіх і літоўскіх земляў стварыла цалкам іншыя ўмовы для этнапалітычнай дзейнасці і спрыяла актывізацыі нацыянальных рухаў, у т.л. і польскага. Тым не менш у аснову перыядызацыі пакладзены „думскі фактар”, а менавіта, дзейнасць фракцый літоўскіх і беларускіх палякаў у Думах. Такі падыход абумоўлены тым, што дзейнасці гэтых фракцый на працягу ўсяго даследавання польскага руху (гл. маю манаграфію «Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 г.» [Гародня: Ратуша, 2000]) аддавалася спецыяльная ўвага. Ва ўмовах адсутнасці ўласных партыйных арганізацый якраз фракцыі на працягу дзейнасці I—III Думы і I—II сесій IV Думы адыгрывалі ролю каардынатараў мясцовага польскага руху (чыноўнік Дзмітрыеў-Мамонаў, аналізуючы польскую грамадска-палітычную дзейнасць пад час II Думы, нават назваў г.зв. „Тэрытарыяльнае кола” палітычнай партыяй). Для перыяду IV Думы гэта ўжо не характэрна, аднак было вырашана не парушаць прыняты раней структурны прынцып. Рубежнасць верасня 1915 г. адлюстравалася ў структуры § 2 II раздзела.

Што датычыць заўвагі С.Рудовіча пра тое, што „цяперашнiя пошукі альтэрнатывы для той мадэлі беларускай нацыі, якая гістарычна склалася, і «этнічнай субстанцыяй» якой з’яўляецца беларускі этнас, не вымагаюцца навуковай патрэбай і не спрыяюць умацаванню і без таго дэзарыентаванай гістарычнай свядомасці грамадства”, то яна абсалютна не звязаная з тэкстам манаграфіі. С.Рудовіч мае на ўвазе артыкул „Беларускі рух на пачатку ХХ ст. і ідэя палітычнай нацыі”, аснову якога склаў выступ пад час „круглага стала” „Ідэя беларускасці і ідэя польскасці на рубяжы тысячагоддзяў: да вызначэння паняццяў”, які адбыўся ў верасні 2000 г. у Скарынаўскім цэнтры. У выступе я звярнуў увагу на тыя перспектывы, якія, на маю думку, на сучасным этапе развіцця Рэспублікі Беларусь мае канцэпцыя палітычнай нацыі. Пры гэтым спаслаўся на тыя пазітыўныя вынікі, якія прынесла беларускаму руху выкарыстанне краёвай ідэалогіі ў міжрэвалюцыйны перыяд (1907—1917 г.). Як падаецца, пэўная палітызаванасць гэтай заўвагі не мае дачынення да навуковай праблемы.

Рэцэнзент звярнуў увагу, што ў манаграфіі так і не прагучала выразнага адказу на пытанне пра месца і ролю польскай супольнасці ў гісторыі Беларусі апошняй трэці ХIХ — пачатку ХХ ст. Мне ж здавалася, што ўвесь тэкст кнігі выразна сведчыць пра тое, што польская супольнасць на беларускіх і літоўскіх землях апошняй трэці ХIХ — пачатку ХХ ст., якая сфармавалася ў выніку ранейшых працэсаў паланізацыі і самапаланізацыі (ці спантаннай паланізацыі) карэннага насельніцтва, не страціла сувязі з Айчынай і не ператварылася ў „польскіх прыгнятальнікаў”. Яна заставалася „мясцовым элементам”, неад’емнай часткай культурнага і грамадска-палітыч нага краягляду гістарычнай Літвы. Толькі палітычныя падзеі часоў Першай сусветнай вайны спрыялі ўцягванню беларускіх і літоўскіх палякаў у працэс фармавання сучаснай польскай нацыі, і толькі ў гэты перыяд „польскае пытанне” ў беларускай гісторыі перастала быць формай змагання палітычнай і культурнай эліты гістарычнай Літвы за захаванне традыцый уласнага палітычнага, эканамічнага, культурнага і рэлігійнага ладу жыцця. У 1916—1917 г., калі стаў відавочным крах краёвай ідэі, яно ператварылася ў барацьбу за ўтварэнне незалежнай польскай нацыяналь най дзяржавы, да якой у той або іншай форме павінны былі быць далучаны г.зв. усходнія крэсы або іх частка. Цалкам верагодна, што перамены 1916—1917 г. маглі мець часовы характар, але каб зразумець асаблівасці гэтага працэсу, трэба давесці даследаванне польскага руху па меншай меры да лістапада 1918 г.

Вельмі глыбокія і абгрунтаваныя заўвагі рэцэнзента не перакрэсліваюць канцэпцыю працы. Яны ствараюць выдатныя перадумовы далейшай распрацоўкі праблемы „краёвасць у беларускай гісторыі” і ставяць пытанні, якія павінны прыцягнуць увагу даследчыкаў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння.
Горадня

Алесь Смалянчук

Наверх

Еўрапейскі падручнік па беларускай гісторыі (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 17, 2001 |


* Handbuch der Geschichte Weißrußands / Herausgegeben von Dietrich Beyrau und Rainer Lindner. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 2001. 543 S.

Падручнік па гісторыі Беларусі на нямецкай мове такога аб’ёму і такой ступені распрацоўкі найважнейшых тэм беларускай гісторыі ад яе пачаткаў да 2000 г. убачыў свет упершыню. Парупіліся пра гэта ўкладальнікі і суаўтары кнігі, прафесар усходнееўрапейскай гісторыі Цюбінгенскага універсітэта Дытрых Байраў і навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі і сацыялогіі універсітэта ў Канстанцы доктар гісторыі Райнэр Лінднэр, ужо вядомы беларускім гісторыкам, найперш дзякуючы яго грунтоўнай манаграфіі „Гісторыкі і ўлада. Утварэнне нацыі і палітыка ў гістарычнай навуцы Беларусі ў ХIХ—ХХ ст.” (Мюнхен, 1999).

У анатацыі, змешчанай на вокладцы калектыўнай працы, укладальнікі пішуць: „Падручнік прапануе грунтоўны агляд сацыяльнай і культурнай гісторыі Беларусі ад Сярэднявечча да пачатку ХХI ст. У шматлікіх раздзелах, створаных нямецкімі і замежнымі аўтарамі, апрацаваныя вынікі даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў і пададзеная тая гістарычная інфармацыя і зробленыя тыя высновы, якія сёння знаходзяцца ў нашым распараджэнні”. Распачынаецца кніга „Прадмовай” і „Ўводзінамі”, напісанымі тымі ж прафесарам Байраў і доктарам Лінднэрам. У „Прадмове” яны, у прыватнасці, адзначаюць, што „з пашырэннем Еўрапейскага Саюза да ўсходняй мяжы Польшчы новы сусед, Беларусь, у большай ступені, чым гэта было раней, уваходзіць у свядомасць грамадстваў заходніх краін” (9). Ва „Ўводзінах” вядзецца гаворка пра тое, наколькі апраўданым з’яўляецца вывучэнне гісторыі той ці іншай краіны „ад пачаткаў да сучаснасці” ў святле таго, што пытанне пра „радавод” той або іншай сучаснай нацыі ці дзяржавы ўвогуле ўяўляецца спрэчным. Аўтары „Ўводзінаў” адзначаюць асаблівыя цяжкасці вывучэння беларускай гісторыі не толькі таму, што яе можна разглядаць і як рэгіянальную гісторыю, і як гісторыю ўласна-беларускай дзяржаўнасці, але і таму, што, каб асэнсаваць крыніцы па гісторыі Беларусі, „гісторыкі павінны ўмець чытаць па-царкоўнаславянску, старабеларуску (як мясцовай канцылярскай мове Вялікага Княства Літоўскага), на лаціне, на польскай, расійскай, беларускай, стараніжненямецкай мовах, а таксама на ідышы ды іўрыце”. Далей праф. Д.Байраў і д-р Р.Лінднэр абагульнена выказваюць свае меркаванні па наступных колах праблем: Беларусь як рэгіён, „малая айчына” і нацыянальная дзяржава; саслоўі і „шляхецкая нацыя на беларускіх тэрыторыях; ад саслоўна-этнічнай структуры да нацыянальнай дзяржавы; неадназначнасць нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў; Беларусь як рэгіён катастрофаў. Напрыканцы ўступнага раздзела даюцца ўводзіны ў гістарыяграфію Беларусі (найперш у заходнюю). Апроч таго, укладальнікі падручніка зазначаюць, што яго аўтары належаць да розных гістарыяграфічных і палітычных традыцый, таму ў ім было немагчыма пазбегнуць пэўнай разбежнасці ў поглядах.

Асноўны тэкст кнігі складаецца з трох раздзелаў: „Гістарыяграфія і геральдыка” (25—68), „Храналогія з Х да пачатку ХХI ст.” (69—198) і „Аспекты сацыяльнай і культурнай гісторыі” (199—490), а таксама „Дадатку”, у які ўваходзяць чорна-белыя карты-схемы да гісторыі Беларусі (491—498), храналагічная табліца (499—502), спіс прынятых скарачэнняў (503—504), выбраная бібліяграфія (505—516), паказальнік імёнаў (517—531), паказальнік геаграфіч ных назваў (532—539), нарэшце, падаюцца звесткі пра аўтараў працы (540—543).

Першы раздзел падручніка складаецца з даследаван няў: „Беларусь вачыма сваіх гісторыкаў” (Р.Лінднэр) і „Гербы і дзяржаўная сімволіка беларусаў: ад Сярэднявечча да нашага часу” (Дз.Сямушын). Падраздзел, напісаны Райнэрам Лінднэрам, фактычна ўяўляе сабою вельмі сціслы пераказ найважнейшых палажэнняў яго вышэйзгаданай працы 1999 г. па беларускай гістарыяграфіі. Аўтар разглядае тут такія праблемы, як „Нацыянальная гісторыя і заходнерусізм у Расійскай імперыі апошняга перыяду існавання” (з асаблівым акцэнтаваннем вядомых прац М.Вакара, А.Цвікевіча, М.Доўнара-Запольскага, Я.Карскага, У.Ігнатоўска га, В.Ластоўскага, А.Кіркора), „Нацыянальная гісторыя і савецкі патрыятызм: савецкія версіі гісторыі” (спасылкі на працы У.Пічэты, В.Шчарбакова, І.Трайніна, Ц.Гарбунова, 2-тамовую „Историю Белорусской ССР” 1954 года выдання і інш.), „Гістарычная культура постсавецкага часу: нацыянальная эйфарыя, ранейшыя падзелы” (між іншым, згадваюцца працы В.Сядова, М.Ермаловіча, А.Трубачова, В.Чаропкі, У.Конана, У.Арлова, А.Ростава, А.Грыцкевіча, Р.Гарэцкага і інш.).

Цікавым падаецца даследаванне беларускай гістарычнай сімволікі, зробленае дацэнтам Вышэйшай школы Бержэня (г.Сомбатхей, Венгрыя) Дзмітрыем Сямушыным. Асабліва грунтоўна ён разглядае гістарычныя карані герба „Пагоня” („Вершнік на гербе”, „Крыж на гербе”, „Распаўсю джанне і ўжыванне герба «Пагоня» з часоў Сярэднявеч ча”, „Нацыянальныя эмблемы пасля 1917 г.”, „Спрэчкі вакол дзяржаўнай сімволікі пасля 1991 года”). У гэтым падраздзеле ўтрымліваюцца спасылкі не толькі на добравядо мыя ў нас публікацыі геральдыста А.Цітова, дадзеныя Нацыянальнага архіва Беларусі, а і на кнігу В.Леанарда „Вялікая кніга мастацтва гербаў” (Leonard, W. Das große Buch der Wappenkunst), што выйшла ў Мюнхене ў 1976 г. Свае разважанні Дз.Сямушын заканчвае наступным чынам: „Неабходна заўважыць, што ініцыятывы прэзідэнта Лукашэнкі па змене дзяржаўнай сімволікі [маецца на ўвазе правядзенне рэферэндуму ў 1995 г. — Л.Б.] не былі добра прадуманымі. Ён сам аддаў у рукі сваім праціўнікам бела-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня” — сімвалы, якія маюць шматвекавую традыцыю ўжывання. Мора гэтых сцягоў пад час дэманстрацый, што адбываліся пачынаючы з 1996 г., засведчыла той факт, што на гэтым новым гістарычным этапе бела-чырвона-белы сцяг зрабіўся сімвалам змагання за дэмакратычны канстытуцыйны лад”. Акрамя таго, у падраздзеле змешчаная досыць багатая падборка ілюстрацый.

Другі раздзел кнігі, „Храналогія з Х да пачатку ХХI ст.”, пачынаецца з двух падраздзелаў: „Распад Кіеўскай Русі і Полацкае княства (IХ—ХII ст.)” і „Беларускія тэрыторыі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (ХIII—ХVI ст.)”, аўтар якіх — вядомы беларускі гісторык — даследчык Сярэднявечча, загадчык кафедры БДУ Павел Лойка. Наступныя два падраздзелы, „Уваходжанне Вялікага Княства Літоўскага ў склад Рэчы Паспалітай: Беларусь у ХVI і ХVII ст.” і „Беларусь і агонія Рэчы Паспалітай (1648—1795 г.)”, напісаныя іншым вядомым беларускім гісторыкам Генадзем Сагановічам, а аўтарам падраздзела „Паўночна-заходнія правінцыі ў Расійскай імперыі (1795—1917 г.)” з’яўляецца доктар гістарычных навук Захар Шыбека. Погляды названых даследчыкаў на асаблівасці развіцця нашай гісторыі ў адпаведныя перыяды добра вядомыя і адлюстраваныя ў шматлікіх публікацыях, даступных нашаму чытачу, у т.л. масаваму, таму няма неабходнасці падрабязна спыняцца на змесце вышэйзгаданых падраздзелаў „Падручніка гісторыі Беларусі” [гл., напрыклад, напісаныя П.Лойкам адпаведныя раздзелы першага тома „Нарысаў гісторыі Беларусі" 1994 г. выдання або адпаведныя раздзелы „Нарыса гісторыі Беларусі (ад старажытнасці да 1795 г.)" Г.Сагановіча, а таксама працягу гэтай кнігі, напісанага З.Шыбекам]. Варта зазначыць толькі, што высновы аўтараў падмацава ныя вялікай колькасцю спасылак на самыя разнастайныя крыніцы, апублікаваныя ў розныя гады ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, ЗША, Аўстрыі, Чэхіі, Францыі, Швейцарыі, Вялікай Брытаніі, Галандыі, Швецыі, Італіі.

Падраздзелы кнігі „Беларуская ССР у 1917—45 г.” і „Беларуская ССР у 1945—91 г.” напісаныя аўтарам дзвюх кніг па гісторыі Беларусі ХХ ст., прафесарам універсітэта правінцыі Альберта (Канада) Дэвідам Марплзам. Першы з названых падраздзелаў складаецца з невялікага ўступу і наступных частак: „Час рэвалюцыі і Беларуская Народная Рэспубліка”, „Заснаванне Беларускай ССР”, „Беларусіза цыя ў 1920-я г.”, „Калектывізацыя сельскай гаспадаркі”, „Індустрыялізацыя аграрнай Беларусі”, „Уключэнне ў склад БССР Заходняй Беларусі”, „Нямецкае ўварванне і акупацыя”. Высновы аўтара грунтуюцца найбольш на пункце погляду некаторых аўтараў другога тома „Нарысаў гісторыі Беларусі” (Мінск, 1995), „Эканамічнай гісторыі Беларусі” пад рэдакцыяй В.Галубовіча (Мінск, 1996), працах М.Вакара, Р.Платонава, Ю.Туронка, нямецкіх гісторыкаў Б.К’яры, Р.Лінднэра, успамінах С.Кабыша. Праф. Д.Марплз таксама робіць спробу абагульніць вывучаны матэрыял і даць уласныя ацэнкі ключавым падзеям жыцця Беларусі. Так, аналізуючы прычыны паразы Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918—20 г., ён зазначае, што ў варунках 1918 г. гэтая дзяржава не магла б праіснаваць нейкі працяглы час, бо беларуская эліта была малалікаю, не мела вялікага ўплыву на масы насельніцтва, у той час як увогуле гарады былі занадта слабыя (137). Разважаючы пра вынікі бальшавіцкіх рэпрэсій 30-х г., аўтар падраздзела прыходзіць да высновы, што ў выніку гэтых падзей „датыхчасовае культурнае развіццё БССР, у т.л. развіццё беларускай мовы, былі зведзеныя на нішто” (142). Падсумоўваючы вынікі даваеннай калектывізацыі 20-х—30-х г. у БССР, праф. Д.Марплз выказвае меркаванне, што гэтыя працэсы „настроілі большасць этнічных беларусаў супраць савецкага рэжыму і прывялі да таго, што быў развеяны аптымізм дваццатых гадоў” (144). Адзначаючы пэўныя станоўчыя бакі савецкай індустрыялізацыі ў БССР, канадскі гісторык заўважае, што ў той самы час беларускія рабочыя жылі ў цяжкіх умовах, былі дрэнна забяспечаныя прадуктамі харчавання і таварамі штодзённага спажывання (146). Першыя месяцы нямецкай акупацыі 1941 г. былі, паводле Д.Марплза, адзначаныя тым, што „шмат хто з жыхароў БССР вітаў прыход акупантаў. Шмат хто ўзгадваў нямецкі акупацыйны рэжым 1918 г. і бачыў яго лепшым за тыя рэжымы, якія ўсталёўвалі Саветы або палякі. Людзі, найперш у заходніх рэгіёнах Беларусі, не выказвалі ахвоты наладжваць супраціў акупантам” (149). А вырашальны для вайны 1943 год быў адзначаны сярод беларусаў не толькі агульным усплёскам патрыятызму, але і ажыўленнем — асабліва сярод маладзейшых людзей — спадзяванняў на беларускае адраджэнне (151).

Другі з напісаных Д.Марплзам падраздзелаў пачынаецца з канстатацыі таго факту, што ў пасляваеннай Беларусі паступова пачала прыходзіць да ўлады новая эліта, аснову якой складалі ўдзельнікі і ідэолагі савецкага партызанскага руху часоў Другой сусветнай вайны. Падраздзел утрымлівае такія часткі, як: „Пасляваенныя дзесяцігоддзі: адбудова і індустрыялізацыя (1945—65 г.)”, „Гады ўлады Машэрава (1965—80)”, „Чарнобыль і эпоха перабудовы” і, нарэшце, „Падсумаванне”. У апошняй частцы Д.Марплз, у прыватнасці, піша: „У постсавецкай Беларусі неўзабаве можна было назіраць настальгічнае аднаўленне савецкага мінулага. У 60-я і 70-я г. рэспубліка перажыла надзвычай хуткую урбанізацыю, абумоўленую яе індустрыяльным ростам. Рэспубліка, якая перад вайною ў цэлым была аграрнай краінай, перасялялася з вёсак у гарады ў такім тэмпе, падобны да якога цяжка знайсці ў гісторыі. Да таго ж, Мінск… зрабіўся воссю і ключавым пунктам партыйнай палітыкі і дамінавальным цэнтрам у цэлым… БССР, натуральна, развівалася як камуністычная рэспубліка, у якой шмат хто з вядучых фігур здабыў сабе аўтарытэт дзякуючы працы ў партыйных і дзяржаўных структурах. Трывалага руху за перамены тут не існавала. Беларускі Народны Фронт не быў у стане займець у БССР уплыў, падобны да таго, які мелі „Саюдзіс” у Літве альбо нават „Рух” ва Украіне… БССР была моцна зрусіфікаваная і саветызаваная. Нават ініцыяваная Гарбачовым дэсталінізацыя не набыла тут такога размаху, як гэта мела месца ў іншых саюзных рэспубліках…” (176—177).

Падраздзел „Крэсы. Беларускія землі ў Польскай Рэспубліцы (1921—39 г.)”, змешчаны ў кнізе паміж двума вышэйназванымі падраздзеламі аўтарства Д.Марплза, напісаны 37-гадовым доктарам гісторыі Гётынгенскага універсітэта Вэрнэрам Бэнэке. У сваім выкладзе аўтар ў асноўным абапіраецца на вынікі даследаванняў польскіх (Й.Тамашэўскі, К.Гамулка, В.Рашкоўскі, П.Эбэрхарт, В.Арміцкі, Х.Дамінічак) і польска-беларускіх (Я.Мірановіч, А.Бэргман, В.Харужы) гісторыкаў і сацыёлагаў. У цэлым ён прыходзіць да высновы, што беларускі рух на гэтых тэрыторыях — як палітычны, так і культурна-асветніцкі — хоць і меў пэўны ўздым у 1920-я г., пасля пайшоў на спад — што зноў-такі абумоўлена адноснай малалікасцю і слабасцю беларускай культурніцкай эліты. Значэнне беларускага пытання ў другой Рэчы Паспалітай палягала не столькі ў ступені самаарганізацыі тамтэйшага беларускага насельніцтва, колькі ў геапалітычнай сітуацыі, у якой тады апынулася Заходняя Беларусь (165).

Заключны падраздзел другога раздзела „Падручніка гісторыі Беларусі”, які мае назву „Ад БССР да Рэспублікі Беларусь (1988—2000 г.)”, створаны маладым, але ўжо добра вядомым у нас палітолагам і гісторыкам, доктарам Мангаймскага універсітэта спадарыняй Астрыд Зам. Аўтар дае свае ацэнкі тым падзеям, што адбываліся ў Беларусі перад распадам СССР і неўзабаве пасля яго, разважае пра ролю Беларускага Народнага Фронту ў тых падзеях. У прыватнасці, яна нагадвае, што, паводле сацыялагічных апытанняў, у канцы 1990 г. 61,3 % насельніцтва Беларусі выступала за актыўную рэалізацыю дзяржаўнай праграмы пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы. А ў снежні 1991 г. 69% грамадзян падтрымлівала роспуск Савецкага Саюза (184). „Пашырэння свайго ўплыву, —піша далей А.Зам, — БНФ тады дамогся дзякуючы ўзаемадзеянню розных чыннікаў: сваёй уласнай дзейнасці, ціску на беларускія ўлады з боку тагачаснага маскоўскага кіраўніцтва, патрэбе ў легітымізацыі сваёй улады, якую наменклатура адчувала ў выніку ўвядзення альтэрнатыўных выбараў і эканамічных разлікаў прамысловай фракцыі ўнутры кампартыі Беларусі” (тамсама). Характарызуючы сітуацыю, што склалася ў Беларусі ў першыя гады пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне, Астрыд Зам гаворыць пра „кароткатэрміновы нацыянальны кампраміс паміж наменклатурай і нацыяналь ным рухам”. Пры гэтым, відавочна, не ўсе дадзеныя, што прыводзіць аўтар у сваім выкладзе (напрыклад, пра быццам бы 150-тысячную колькасць сяброў БНФ у чэрвені 1991 г. — 179), з’яўляюцца карэктнымі і абгрунтаванымі. На наш погляд, А.Зам пераацэньвае і сілу супраціўлення беларусізацыі сярэдняй школьнай адукацыі, якая мела месца ў 1992—94 г. (185—186). Далейшае развіццё падзей у Беларусі 1990-х г. выкладзена ў частках, назвы якіх гавораць самі за сябе: „Эканамічны калапс і новае збліжэнне з Расіяй”, „Паўзучы дзяржаўны пераварот беларускага прэзідэнта”, „Нядоўгатрывалая стабілізацыя аўтарытарнага рэжыму”, „Рэзюмэ: Парадаксальнасць у пабудове асноў беларускай самастойнай дзяржаўнасці”. Прывядзём пераклад фрагмента названага рэзюмэ:

„Для паслядоўнай пабудовы ўласнай дзяржаўнасці і самастойнага вызначэння стратэгіі пераўтварэнняў Беларусі пасля 1991 г. бракавала найперш неабходных для гэтага нацыянальных элітаў і гістарычных пунктаў суаднясення. Таму пад моцным уплывам драматычнага гаспадарчага крызісу тут адбываўся рэгрэс у галіне палітычнай культуры, які меў сваім вынікам усталяванне ў 1996 г. аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Хоць апошні, здаецца, адназначна прытрымліваецца курсу на ўз’яднанне з Расіяй, рэальныя дачыненні з гэтай краінай вызначаюцца шматлікімі парадаксальнымі рэчамі. Хоць бальшыня беларускага насельніцтва і перакананая, што Беларусь не можа існаваць без Расіі, найчасцей тут маюцца на ўвазе ўсё ж такі цесныя кантакты з той самай Расіяй, але не ліквідацыя ўласнай дзяржаўнасці…” (196).

Разгляд праблемнага кола „Сацыяльныя працэсы і эканоміка” трэцяга раздзела кнігі распачынаецца даследаваннем прафесара гісторыі з Варшавы Тэрэсы Зяліньскай „Баяры, князі і магнаты: эліты ў Беларусі ў перыяд да канца ХVIII ст.”. У першай частцы гэтага падраздзела гаворка ідзе пра паходжанне княскіх і магнацкіх родаў, далей разглядаюцца правы і абавязкі тагачаснай шляхты, канфесійна-моўныя пытанні ў шляхецка-магнацкім асяроддзі, палітыка датычна шляхецкай маёмасці ў Вялікім Княстве Літоўскім, гісторыя і спосаб ажыццяўлення ўлады магнацкімі родамі. У найбольшай ступені тут выкарыстаны матэрыялы як даўнейшых даследаванняў Ю.Вольфа, Г.Лаўмяньскага, так і прац апошніх дзесяцігоддзяў (Я.Кшыжаняк, Е.Ахманьскі, А.Зімін, М.Кром, Й.Сухоцкі, М.Мальчэўская, А.Рахуба, Л.Кандзеля і інш.). Так, услед за ранейшымі даследчыкамі Т.Зяліньская сведчыць: „У публічным жыцці Вялікага Княства літоўская мова не выкарыстоўвалася — прынамсі ў той час, з якога паходзяць пісьмовыя крыніцы, што дайшлі да нас. Перамагла русінская канцылярская мова, якую таксама называюць „старабеларускай”; прычым яна адрознівалася ад маскоўскай канцылярскай мовы. За часоў панавання Ягелонаў у афіцыйных дакументах выкарыстоўвалася лаціна. Пазней яна мусіла саступіць сваё месца польскай мове. Літоўскія Статуты (1529, 1566, 1588 г.) ствараліся яшчэ на русінскай канцылярскай мове, і яны да сёння з’яўляюцца важным помнікам беларускай культуры і мовы… Пачынаючы з 1697 г., выкарыстоўвалася выключна польская мова… Карэспандэнцыя Радзівілаў, што дайшла да нас, паказвае, што ў 75% выпадкаў яны ўжывалі польскую мову, а ў астатніх выпадках — русінскую. Слядоў літоўскай мовы выяўлена не было” (210). Т.Зяліньская дае кароткі нарыс гісторыі родаў Радзівілаў (213—215), Сапегаў (216—217), Тышкевічаў (217), Агінскіх (217—218), Пацеяў (218), Вішнявецкіх (218—219), а таксама магнацкай групоўкі, якая ўзнікла ў ХVIII ст. і да якой належалі браты Чартарыйскія і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (219). Асобна расказваецца пра ролю Антонія Тызенгаўза (219—220), Ёахіма Храптовіча (220), а таксама родаў Масальскіх і Касакоўскіх (220—221).

Падраздзел, напісаны беларускім даследчыкам кандыдатам гістарычных навук Андрэем Кіштымавым, прысвечаны становішчу шляхты ў Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У якасці галоўных праблем, з якімі сутыкнулася ў гэтай сувязі расійская царская ўлада, называецца тое, што яна мусіла дзеля падтрымання феадальна га парадку даваць правы сваім нядаўнім зацятым праціўнікам, большасць якіх, да таго ж, была рыма-каталіцкага веравызнання, а таксама тое, што беларуская шляхта была шматлікаю; апроч таго, існавала праблема падробак даўнейшых шляхецкіх прывілеяў (223—224). Дзеля гэтага расійскім урадам быў праведзены „разбор шляхты” ў канцы ХVIII—пачатку ХIХ ст. Са спасылкамі на працы расійскіх гісторыкаў В.Дзьякава, В.Зайцава, Л.Абушэнкавай, А.Карэліна, С.Байковай аўтар падраздзела паказвае дынаміку змен у колькасным і якасным складзе шляхты і дваранства „заходнерасійскіх земляў” цягам ХIХ ст. (226—228). Абапіраючыся на высновы В.Панюціча, С.Самбук, П.Заянчкоўскага, А.Смаленчука, тых самых А.Карэліна і В.Зайцава, ён разглядае такія пытанні, як эканамічнае аслабленне беларускай шляхты, змены ў яе саслоўных прывілеях, супраціў і падпарадкаванне сіле царскай улады — г.зн., тыя працэсы, што адбываліся на працягу ХIХ і ў пачатку ХХ ст. (229—234).

Аналізу эвалюцыі беларускага сялянства і прыгоннага права ў Беларусі ў ХVI—першай палове ХIХ ст. прысвечаны наступны падраздзел падручніка, апрацаваны вышэйзгаданым беларускім гісторыкам П. Лойкам. Падраздзел складаецца з наступных частак: уступ (тэрміналагічныя высвятленні), „Сялянскі двор”, „Увядзенне Ўставы на валокі”, „Прыгоннае права”, „Паншчына”, „Чынш”, „Сацыяльныя супярэчнасці”, „Сяляне ў Расійскай імперыі”. Галоўныя крыніцы, на якіх будуе свае высновы П.Лойка, — ягоная манаграфія „Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVI—ХVIII ст.” (Мінск, 1991), вядомыя апублікаваныя працы П.Казлоўскага, В.Голубева, М.Спірыдонава, В.Мялешкі, польскага гісторыка А.Каміньскага, нямецкага даследчыка сярэдзіны ХХ ст. В.Концэ.

Працягам папярэдняга падраздзела выглядае напісаны кандыдатам гістарычных навук дацэнтам БДУ Аляксандрам Каханоўскім падраздзел „Эвалюцыя сялянства: ад адмены прыгоннага права да калектывізацыі (1861—1929 г.)”. Тут, са спасылкамі на вядомыя даследаванні беларускіх гісторыкаў як савецкага (К.Шабуня, Х.Бейлькін, В.Панюціч, Л.Ліпінскі), так і постсавецкага часу (У.Крук, С.Ходзін, Н.Стужынская), а таксама з выкарыстаннем матэрыялаў расійскіх (С.Караленка, А.Бухавец) і нямецкіх (Д.Зіберт, Р.Марк) даследчыкаў разглядаюцца наступныя праблемы: змены ў сістэме гаспадарання беларускай вёскі пасля адмены прыгоннага права, дзве мадэлі правядзення аграрнай рэформы ў гэты перыяд, класіфікацыя сялянства паводле маёмаснага і праўнага стану, камерцыялізацыя сельскагас падарчых адносін, сыход сялян на свабодныя землі ў эміграцыю і ў аддаленыя рэгіёны Расіі, эвалюцыя і распад сельскай абшчыны, палітычныя пратэсты сялянства, сітуацыя сялянства ў часе рэвалюцый грамадзянскай вайны, першыя пасляваенныя гады і ў перыяд НЭПу.

Аўтарам яшчэ аднаго падраздзела кнігі пад назвай „Адсталасць і працэс індустрыялізацыі ў ХХ ст.” з’яўляецца вышэйзгаданы А. Кіштымаў. Ва ўступе да гэтай часткі падручніка ён вылучае тры этапы індустрыялізацыі Беларусі: 1. Развіццё беларускіх губерняў у складзе Расійскай імперыі (канец ХIХ—пачатак ХХ ст.); 2. Сацыялістычная індустрыялізацыя Беларускай ССР (1920-я—30-я г.); 3. Мадэрнізацыя беларускай эканомікі (1940-я г.—канец ХХ ст.). А.Кіштымаў заўважае, што „пачатак беларускай індустрыялізацыі прыпадае на ХIХ стагоддзе, а не на часы сталінскіх пяцігодак” (259) і прыводзіць даныя пра развіццё прамысловай вытворчасці ў нашай краіне, пашырэнне механізацыі гэтай вытворчасці, пачынаючы з 20-х і асабліва з 60-х г. ХІХ ст. Даючы характарыстыку развіццю індустрыі ў пачатку ХХ ст., аўтар асабліва канцэнтруе ўвагу на рэфарматарскіх задумах і практычных дзеяннях дзеяча ўраду Мікалая II С.Вітэ, у т.л. скіраваных на індустрыялізацыю тагачаснага Паўночна-Заходняга краю. Адзначаны такі факт: пры тым, што беларускія землі складалі не больш за 1% ад агульнай плошчы Расійскай імперыі, перад пачаткам Першай сусветнай вайны працягласць чыгуначнай сеткі складала тут 10% ад агульнарасійскага паказчыка (260). Зроблены акцэнт і на тым, што Беларусь у пачатку ХХ ст. была вельмі прывабнай для замежных інвестараў, якія ўсё больш ахвотна ўкладалі свае капіталы ў развіццё прамысловасці на гэтай тэрыторыі (261). Дадзеныя, прыведзеныя ў табліцы 1 на с.262, сведчаць пра тое, што ў беларускіх губернях у 1900—13 г. назіраўся досыць значны эканамічны рост, асабліва адносна колькасці буйных прадпрыемстваў і аб’ёмаў прадукцыі, што на іх вытваралася. Гаворачы пра развіццё працэсу індустрыялізацыі ў Савецкай Беларусі, А.Кіштымаў зазначае, што аналіз гэтых працэсаў і па сённяшні дзень моцна ўскладнены праз тое, што ў шмат якіх аспектах (напрыклад, вынікі працы ваенна-прамысловага комплексу) дадзеныя статыстыкі адсутнічаюць або моцна сфальсіфікаваныя (264). Грунтуючыся на высновах У.Асмалоўс кага, У.Вышынскага, аўтараў „Эканамічнай гісторыі Беларусі” пад рэдакцыяй В.Галубовіча, ён на канкрэтных лічбах і фактах паказвае рэальныя тэмпы індустрыялізацыі ў даваеннай БССР і пагаджаецца з высновамі названых аўтараў, што ў цэлым яны былі ніжэйшыя за сярэдні паказчык па Савецкім Саюзе (267). У той самы час тэмпы развіцця прамысловасці БССР у першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны былі значна больш высокімі і ў шэрагу галін індустрыі перавышалі сярэднестатыстычныя паказчыкі па СССР. Пры гэтым асаблівая ўвага аддавалася пераструктураванню беларускай індустрыі: удзельная вага машынабудаўніцтва, металаперапрацоўкі, вытворчасці электраэнергіі ў агульным аб’ёме вытворчасці за адносна кароткі час вельмі істотным чынам вырасла (267—268). Даволі значныя тэмпы набыла і індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі. Але ў 70-я г. „савецкая мадэль індустрыяліза цыі дасягнула межаў свайго развіцця” (269). Вынікам гэтага стаў паступовы, але няўхільны спад вытворчасці ў Савецкім Саюзе. Аднак у БССР застойныя працэсы выявілі сябе пазней, чым у большасці іншых былых саюзных рэспубліках, і ў 1988 г. каля 80% ад агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі экспартавалася ў іншыя краіны або вывозілася ў іншыя рэспублікі СССР (270). На момант жа распаду СССР найважнейшыя магутнасці беларускай індустрыі былі зарыентаваныя на перапрацоўку сыравіны або паўфабрыкатаў, а сельская гаспадарка развівалася выключна экстэнсіўнымі метадамі. Усё гэта, на думку аўтара, стала перадумовай сістэмнага крызісу беларускай эканомікі ў постсавецкі перыяд. У табліцы 2 на с.273 аўтар прыводзіць дадзеныя, у якіх параўноўваюцца паказчыкі яе развіцця ў 1990 і 1998 г.: аб’ём валавога нацыянальнага прадукту знізіўся на 21%, прамысловай прадукцыі — на 19%, сельскагаспадарчай прадукцыі — на 28%, рэальнай заработнай платы насельніцтва — на 9% і г.д. Цікавыя звесткі пра дынаміку развіцця асобных галін вытворчасці, у т.л. прамысловасці, утрымліваюцца ў табліцах 3 і 4, змешчаных на с.274—275. У канцы падраздзела аўтар робіць выснову адносна таго, што перспектывы далейшага развіцця беларускай эканомікі цяпер самым непасрэдным чынам залежаць ад правядзення паўнавартасных рынкавых рэформаў.

Наступнае праблемнае кола трэцяга раздзела падручніка прысвечана тэме „Функцыянаванне горада і гарадская культура”. Падраздзел „Гарады на беларускіх тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага (XV—XVIII ст.)” апрацаваў прафесар Торуньскага універсітэта (Польшча) Станіслаў Александровіч. У якасці найважнейшых крыніц па гэтай тэме аўтар называе працы польскіх даследчыкаў, такіх як Ю.Бардах, М.Багуцкая, Х.Самсановіч, а таксама манаграфію вядомага беларускага гісторыка А.Грыцкевіча „Прыватнаўласніцкія гарады Беларусі ў XVI—XVIII ст.” (Мінск, 1975, на рус. мове), працы З.Капыскага, М.Ткачова, У.Чантурыі, В.Мялешкі, І.Марзалюка, расійскага гісторыка А.Дварнічэнкі і інш. Праф. С.Александровіч спыняецца на працэсах пашырэння Магдэбургскага права на беларускіх землях, разглядае асаблівасці функцыянавання горада, мястэчка і сяла ў ВКЛ, звяртае ўвагу на ўзаемадзеянне дэмаграфічных фактараў у развіцці гарадоў і мястэчак, на культурныя асаблівасці развіцця беларускіх гарадоў; нарэшце на прыкладзе горада Магілёва ён паказвае асобныя тыповыя рысы і тэндэнцыі развіцця беларускага горада ў вышэйазначаны перыяд.

Несумненную цікавасць для чытачоў кнігі (нягледзячы на пэўныя тэрміналагічныя недакладнасці) павінен уяўляць падраздзел „Эвалюцыя гарадскога рэгіянальнага цэнтра ад часоў феадальнай разробленасці да ўзнікнення шляхецкай рэспублікі (1563 г.): прыклад горада Полацка”, напісаны самым маладым удзельнікам аўтарскага калектыву ліцэнцыятам філасофіі з Цюрыха (Швейцарыя) Штэфанам Родэвальдам. У яго матэрыяле выкарыстаныя дадзеныя не толькі такіх добра вядомых у нас прац, прысвечаных гісторыі Полацка, якімі з’яўляюцца публікацыі С.Тарасава, C.Александровіча, Г.Харашкевіч, Дз.Аляксандрава, Дз.Валадзіхіна і інш., але і прац, якія адносна нядаўна ўвайшлі ва ўжытак гісторыкаў. Да іх належаць, сярод іншых даследаванні Э.Мюле (Mühle, E. Die städtischen Handelszentren der nordwestlichen Rus’… Stuttgart, 1991), К.Гёрке і У.Кэлін (Goehrke, C. Unter Mitwirkung von Kälin, U. Frühzeit des Ostslaventums. Darmstadt, 1992), Г.Руса (Rüß, H. Die soziale und politische Mentalität des russischen Adels. 9.—17. Jh. Köln, 1994). Ш.Родэвальд разглядае такія пытанні, як: узнікненне і развіццё горада Полацка да канца перыяду феадальнай раздробленасці, эвалюцыя полацкага грамадства ў перыяд пераадолення наступстваў феадальнай раздробленасці, эвалюцыя грамадскіх інстытутаў Полацка ў 1386—1498 г., ступень радыкальнасці зменаў у арганізацыі гарадскога жыцця пасля надання Полацку Магдэбургскага права (1498), асаблівасці развіцця пісьмовай культуры і рэлігійна-духоў нага жыцця горада, змены ў забудове і архітэктурнай планіроўцы Полацка. Свае высновы да падраздзела аўтар фармулюе наступным чынам:

„Для полацкай гісторыі справядлівай выглядае выснова, што глыбінныя змены тут адбываліся паводле ўсходнесярэдне еўрапейскай мадэлі. Праз гэта да сярэдзіны ХVI ст. Полацк стаў істотна адрознівацца ад гарадоў Маскоўскага царства, хоць калісьці ён таксама з’яўляўся горадам Старажытнай Русі. Пад лацінскім уплывам усё больш і больш мяняліся ўзоры самаарганізацыі і спосабаў дзеяння полацкага праваслаўнага насельніцтва. Асабліва ў апошняй трэці ХV ст. гэта дало адметныя вынікі. Але ва ўсіх сферах жыцця горада і ў 1563 г. можна было выразна заўважыць спецыфічныя ўласцівасці, якія можна растлумачыць уздзеяннем даўнейшай спадчыны. У прыватнасці, у той час сядзіба шляхецкай рэгіянальнай улады па-ранейшаму мясцілася ў цэнтры горада <…> У цэлым жа, гісторыя Полацка арганічна ўпісвалася ў гісторыю рэспублікі многіх народаў: у ім узнікла супольнасць каталікоў, праваслаўных, іудзеяў і вернікаў армянскай царквы, якія знаходзілі формы самаарганізацыі свайго жыцця паводле агульных узораў.

У 1563 г. маскоўскі цар Іван IV напаў на Польска-Літоўс кую дзяржаву і „праз вялікі гвалт узяў Полацк пасля шостага штурму, спаліўшы ўвесь горад датла”, як паведамляла лістоўка, выпушчаная ў тым самым годзе ў Аўгсбургу. Натуральна, у тым, што так здарылася, была і доля віны моцнага літоўска-польскага гарнізону: з тактычных меркаванняў ім быў спалены горад наўкол умацаванай часткі. У адрозненне ад таго, як гэта бывала ў ХII і нават яшчэ ў першай палове ХV ст., гарадское жыхарства цяпер, на пачатку ранняга Новага часу, было занадта слабым, каб прадухіліць у сваіх жа інтарэсах разбурэнне места. На выявах, што адносяцца прыблізна да 1579 г., калі Стэфан Баторы адваяваў Полацк, па-ранейшаму няма вялікай часткі даўнейшага горада” (306—307).

Падраздзел Захара Шыбекі „«Стары» Мінск: ад царскага губернскага горада да савецкай сталіцы” складаецца з трох частак. Першая, „Мінск як губернскі і гарнізонны горад”, у сваёй сутнасці паўтарае тэзісы аўтара, вядомыя з яго кніг „Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (сумесна з С.Шыбека, 1990, 2-е выд. 1993), „Мінск у канцы ХIХ—пачатку ХХ ст. Нарыс сацыяльна-эканамічна га развіцця” (1995) і „Гарады Беларусі (60-я г. ХIХ—пачатак ХХ ст.” (1997). У другой („Мінск у часы Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў”), трэцяй („Мінск да Другой сусветнай вайны”) і чацвёртай („Мінск ваеннага і пасляваеннага часу: нямецкая акупацыя і адбудова”) аўтар сцісла выкладае найважнейшыя падзеі з гісторыі Мінска ў цеснай сувязі з падзеямі агульнабеларускай гісторыі, насычаючы свой аповед шматлікімі статыстычнымі дадзенымі і фактамі, некаторыя з якіх да нядаўняга часу знаходзіліся ў спецсховах савецкіх архіваў.

Тэму, распачатую З.Шыбекам, працягвае падраздзел „«Новы» Мінск: пабудова сацыялістычнага горада пасля Другой сусветнай вайны”, аўтарам якога з’яўляецца доктар гісторыі з Енскага універсітэта Томас Бон. Актыўна карыстаючыся даследаваннямі і абапіраючыся на ілюстрацыйны матэрыял у асноўным беларускіх аўтараў савецкага часу (М.Асмалоўскі, А.Лысенка, С.Польскі, В.Анікін, А.Собалеў, А.Ясінскі, А.Квачоў, А.Войнаў і інш.), Т.Бон у даволі крытычным духу разглядае праекты забудовы пасляваен нага Мінска і спосабы іх рэлізацыі. Асаблівую ўвагу ён звяртае на няўдалае праектаванне Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы і плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці): архітэктурны праект сённяшняга Палаца Прафсаюзаў называе „скандальным” і да т.п. Аўтар падрабязна аналізуе дынаміку росту насельніцтва Мінска ў пасляваенны перыяд і абумоўленыя гэтым асаблівасці развіцця забудовы горада. На заканчэнне ён піша: „Адказ на пытанне, ці здолеюць праекты новай эпохі — культурны цэнтр альбо рынкавы павільён — калі-небудзь надаць сталіцы Рэспублікі Беларусь выгляд еўрапейскай метраполіі, будзе залежаць ад таго, якім шляхам краіна пойдзе ў будучыню. Урбанізаванасць і ўплыў заходняй культуры тут, без усялякага сумневу, можна адчуць ужо сёння” (333).

Падраздзел „Геаграфія культуры і этнічная эвалюцыя беларусаў у Сярэднявеччы і ў пачатку Новага часу”, напісаны вядомым беларускім этнографам кандыдатам гістарычных навук Ігарам Чаквіным, складаецца з наступных частак: 1. Гістарычная прастора засялення і ранні этнагенэз беларусаў; 2. Сацыяльная структура і самаазначэнні беларускага этнасу; 3. Формы вядзення гаспадаркі: 4. Фармаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры; 5. Радыкальныя змены ў дэмаграфічнай, культурнай і сацыяльнай сферах. У цэлым тут адлюстраваныя погляды навукоўца, добра вядомыя з яго папярэдніх публікацый, таму няма неабходнасці спыняцца на іх больш падрабязна. У той жа час, праблему фармавання унікальнай поліканфесійнай сітуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім ў падраздзеле „Беларускія рэгіёны ў эпоху канфесіяналізацыі” разглядае нямецкі аўтар, доктар гісторыі з Франкфурта-на-Майне Юлія Освальт. Пасля ўступу, у якім характарызуецца канфесійная сітуацыя ў Кароне і ў ВКЛ у сярэдзіне ХV ст., гаворка ідзе пра асаблівасці Рэфармацыі на польскіх і беларуска-літоўскіх землях, заключэнне Берасцейскай уніі, далейшае развіццё поліканфесійнасці і звязанае з гэтым пашырэнне адукацыі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц свайго даследавання Ю.Освальт найчасцей называе і цытуе працы заходніх, найперш нямецкамоўных, аўтараў (А.Йобэрт, Й.Маендорф, Н.Дэвіс, Ё.Бальке, А.Штромаер, Г.Шрам, Э.В.Цэдэн, Т.Вочке, Т.Цэрнак, К.Фёлькер, Д.Фрык, К.Х.Фэльмі і інш.), што, напэўна, павінна асабліва зацікавіць нашых гісторыкаў.

„Этнічная эвалюцыя і палітыка ў дачыненні да нацыянальнасцяў у беларускіх губернях (1795—1914 г.) — такую назву мае падраздзел вядомага беларускага даследчыка этналагічных працэсаў кандыдата гістарычных навук Паўла Церашковіча. У падраздзеле разглядаюцца такія пытанні, як: этнічныя змены да сярэдзіны ХIХ ст. (сяляне, дробнае мяшчанства і купецтва, духавенства, шляхта, інтэлігенцыя); этнічная эвалюцыя ў перыяд з сярэдзіны ХIХ ст. да 1914 г.(палітыка ў дачыненні да асобных нацыянальнас цяў паміж 1860 і 1890 г., этнічныя групы паводле перапісу 1897 г., тэндэнцыі і змены палітыкі ў дачыненні да нацыянальнасцяў паміж 1900 і 1910 г., рух за нацыянальнае адраджэнне ў перыяд з 1870 да 1914 г.). Кожная з названых частак утрымлівае багаты статыстычны і лічбавы матэрыял — з выкарыстаннем дадзеных Архіва Расійскай Акадэміі навук, публікацый прэсы адзначанага перыяду, вынікаў перапісу насельцтва 1917 г. у гарадах Мінску і Магілёве, прац такіх даследчыкаў, як І.Зяленскі, А.Гілер, А.Смірноў, І.Карнілаў, С.Шалковіч, С.Самбук, В.Радкевіч, С.Брук і В.Кабузан, а таксама капітальнай працы па аналізе вынікаў усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г., выдадзенай пад рэдакцыяй Х.Баўэра, А.Капэлера і Б.Рот (Штутгарт, 1991). Акрамя таго, тут зробленыя ўводзіны ў гісторыю беларускага нацыянальнага руху ў канцы ХIХ—пачатку ХХ ст. (спасылкі на працы той жа С.Самбук, А.Цвікевіча, Сцяпана Александровіча, Э.Дарашэвіча і У.Конана і інш.).

Тэме „Яўрэі Беларусі ў ХVII—ХVIII ст.” прысвечаны наступны падраздзел „Падручніка гісторыі Беларусі” аўтарства доктара гістарычных навук з Мінска Эмануіла Іофэ. У яго ўваходзяць кароткі ўступ і наступныя часткі: 1. Развіццё яўрэйскіх структураў; 2. Гаспадарчае жыццё яўрэяў; 3. Наступствы падзелаў Рэчы Паспалітай для яўрэйскага насельніцтва; 4. Праўнае становішча яўрэяў у ХIХ ст.; 5. Пытанні рэлігійна-духоўнага развіцця. Гэты падраздзел яшчэ багацейшы, чым папярэдні, удакументаваны лічбамі і фактамі, большасць якіх ужо прыводзілася ў рэдагаванай аўтарам сумесна з С. Асіноўскім працы „Яўрэі. Па старонках гісторыі” (Мінск, 1997), а таксама ў добра вядомых у Беларусі кнігах А.Скіра („Яўрэйская духоўная культура ў Беларусі”. Мінск, 1995) і С.Кузняевай („Яўрэйскія абшчыны ў Беларусі ў канцы ХVIII—канцы ХХ ст.”. Мінск, 1998, абедзве на рус. мове).

Разгляд гісторыі беларускіх яўрэяў працягваецца ў падраздзеле прафесара універсітэта ў Аполе (Польшча) і супрацоўніка Беларускай рэдакцыі радыё „Свабода” Міколы Іванова „Яўрэйскі свет у Беларусі ад канца ХIХ ст. да халакосту”. Выкарыстоўваючы матэрыялы разнастайных статыстычных зборнікаў, публікацый М.Доўнарa-Запольска га, С.Кацэнбогена і інш., праф. М. Іваноў аналізуе колькасны склад яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў азначаны перыяд, закранае праблему самавызначэння яўрэяў-„літва коў”, паказвае працэс хуткага пашырэння хасідызму ў асяроддзі беларускіх яўрэяў на працягу ХIХ ст. Аўтар падкрэслівае мірны, а часам вельмі дружалюбны характар супольнага жыцця беларусаў і яўрэяў, адсутнасць больш ці менш значных праяў антысемітызму сярод асноўнай масы беларускага насельніцтва. Асвятляецца вельмі істотны ўклад яўрэяў у развіццё прадпрымальніцтва на беларускіх землях: напрыклад, у 1884—86 г. 91% гандлёвага абароту ў Мінскай, 69% у Віленскай, 66% у Гродзенскай губернях ажыццяўлялася прадпрымальнікамі-яўрэямі (395). Асобна разглядаецца працэс узнікнення яўрэйскіх сіянісцкіх арганізацый (прыкладам, рэлігійнай арганізацыі „Мізрахі” ў г.Лідзе, 1913 г.), сацыял-дэмакратычных партый. Між іншым, адзначаецца, што пасля заснавання ў 1897 г. (Вільня) першай на тэрыторыі Расійскай імперыі палітычнай партыі, „Бунда”, напачатку да 90% яе членаў паходзіла з паўночна-заходніх рэгіёнаў (396). У цэлым, да 1917 г. тут былі адносна спрыяльныя ўмовы для развіцця розных формаў яўрэйскага жыцця, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі нават падпольныя дагэтуль палітычныя арганізацыі сталі дзейнічаць адкрыта, выпускаць свае перыядычныя выданні. На гэты момант большасць беларускіх яўрэяў мела прасіянісцкія настроі, з чым адразу ж пасля свайго ўсталявання пачала змагацца бальшавіцкая ўлада (398). Адмяніўшы, аднак, абмежаванні, уведзеныя царскімі ўрадамі для яўрэяў, савецкія дзеячы займелі шмат прыхільнікаў сярод яўрэйскага насельніцтва, што спрыяла значнаму „палявенню” яўрэйскіх арганізацый у Беларусі, нават сіянісцкіх. Да таго ж, Чырвоная Армія была тым войскам, у якім пераследавалася практыка яўрэйскіх пагромаў. Праф. М.Іваноў таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што урад БНР нязменна дэклараваў палітыку салідарнасці з яўрэйскім народам, падтрымкі яго сацыяльных і нацыянальна-культурных памкненняў, але ў тагачасных умовах не мог рэалізаваць сваю палітычную праграму належным чынам. Гаворачы пра яўрэйскае жыццё на беларускіх землях у міжваенны перыяд, аўтар падраздзела паказвае, што яно развівалася на польскіх „Усходніх Крэсах” і ў БССР фактычна ў дыяметральна супрацьлеглых кірунках: калі ў Заходняй Беларусі паступова паляпшаліся варункі для паглыблення самаарганізацыі яўрэяў, развіцця іх культурных і рэлігійных патрэб (нягледзячы на антысеміцкія рэцыдывы „эндэцкай” палітыкі, стварэнне ў 1937 г. т.зв. Лагера нацыянальнага яднання), то ў Савецкай Беларусі напачатку вынішчаліся сінагогі, ліквідаваліся сіянісцкія арганізацыі, а ў 30-я г. надышла чарга і яўрэйскіх адукацыйных устаноў, і яўрэйскага перыядычна га друку. Пасля злучэння абедзвюх частак Беларусі ў 1939 г. такая палітыка паскоранымі тэмпамі пачала ажыццяўляцца Савецкай уладай і на заходнебеларускіх тэрыторыях.

Прафесар Мікола Іваноў таксама з’яўляецца аўтарам падраздзела „Тэрор, дэпартацыя насельніцтва, генацыд: дэмаграфічныя змены ў Беларусі ў ХХ ст.”. Са спасылкамі на шматлікія крыніцы (В.Войтка, Б.Урланіс, А.Урублеўскі, Т.Процька, У.Адамушка, М.Касцюк, Р.Платонаў, М.Сташкевіч, А.Хацкевіч, І.Кузняцоў, С.Польскі, С.Мацюнін, І.Арад, Я.Чарнякевіч, шэраг калектыўных прац) ён падае лічбы тых найважнейшых страт, што панесла насельніцтва Беларусі ў час Першай і Другой сусветных войнаў (у т.л. у выніку халакосту), грамадзянскай вайны, савецка-польскай вайны, бальшавіцкіх рэпрэсій. „На завяршэнне гэтага агляду, — піша праф. М.Іваноў, — можна весці гаворку пра катастрафічныя вынікі дэмаграфічных зменаў, якія ў маштабах Еўропы з’яўляюцца унікальнымі. Значэнне гэтых вынікаў не змяншаецца праз тое, што іх выкарыстоўвала ў палітычных мэтах афіцыйная прапаганда, найперш за савецкім часам. Гэта была другая вялікая катастрофа ў новай гісторыі беларускіх земляў. Узгадайма, што ў другой палове XVII ст. у ходзе вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай насельніцтва Беларусі скарацілася напалову, а ў некаторых мясцінах нават на тры чвэрці. Гэты рэгіён і яго насельніцтва ў гэтым сэнсе маюць трагічны гістарычны досвед. З відавочных прычынаў Другая сусветная вайна з яе велізарнымі ахвярамі ўсё яшчэ займае цэнтральнае месца ў нацыянальнай самасвядомасці беларусаў” (436).

Названаму падраздзелу ў падручніку папярэднічае падраздзел „Грамадства Беларусі ў часе Другой сусветнай вайны”, напісаны вядомым нямецкім даследчыкам найноўшай беларускай гісторыі доктарам Бэрнгардам К’яры (г.Потсдам). Аўтар даволі дэталёва аналізуе стан грамадства Беларусі на пачатку вайны, называючы яго досыць апатычным і скіраваным на ўласнае фізічнае выжыванне, на магчымасць існавання ва ўмовах штодзённай неабходнасці задавальнення хоць бы самых элементарных чалавечых патрэбаў. Такое становішча, паводле Б.К’яры, склалася ў выніку масавых рэпрэсій апошняга перад вайной дзесяцігоддзя ва Ўсходняй і апошніх менш як двух гадоў у Заходняй Беларусі, з-за поліэтнічнага і поліканфесійнага складу насельніцтва Беларусі і іншых, менш значных прычын. Аўтар не згаджаецца з панавальнай у савецкай гістарыяграфіі тэзай аб быццам бы маналітнасці беларускага народа ў супрацьстаянні нямецка-фашысцкім акупантам. Прыводзячы лічбы і факты, якія сведчаць пра масавыя злачынствы апошніх, аўтар робіць таксама спробу прааналізаваць тыя варункі, якія склаліся на акупаванай беларускай тэрыторыі, тое, якія знешнія і ўнутраныя сілы імкнуліся дасянуць тут сваіх інтарэсаў. Б.К’яры лічыць,што ў Беларусі не існавала такой з’явы, якую можна было б, да прыкладу, супаставіць з польскім „падпольным грамадствам” часоў Другой сусветнай вайны. Адной з прычын гэтага было тое, што пасля свайго прыходу ў Заходнюю Беларусь напярэдадні вайны бальшавіцкая ўлада дазволіла найбольш агрэсіўна настроеным жыхарам гэтых тэрыторый зводзіць асабістыя рахункі, найперш з „класава-чужымі элементамі” (414). У інтарэсах гэтай улады было нацкоўванне людзей адзін на аднаго, пашырэнне даносаў і г.д. Такая практыка фактычна была прадоўжаная нямецкімі акупантамі, якія, не ведаючы рэальнай сітуацыі, адразу ж бачылі сваёй галоўнай мэтай забяспечыць магільны спакой на гэтай, для іх у цэлым маргінальнай, тэрыторыі (415—416). У той самы час вялікая частка беларускага насельніцтва была зарыентаваная на адну мэту — самазахавацца, выжыць. Яўрэі, сагнаныя ў гета, таксама вельмі часта замыкаліся ў сабе, не імкнуліся выбрацца са свайго становішча, да канца не верачы, што абсалютную іх большасць чакае фізічнае вынішчэнне (422—423). А „маштабы забойства яўрэяў можна бачыць на прыкладзе Баранавічаў. Тут 16 тысяч жыхароў-неяўрэяў у 1942 г. маглі назіраць, як за тры хвалі масавых расстрэлаў было забіта 15 тысяч яўрэяў”, — піша Б.К’яры са спасылкай на дадзеныя „Невядомай Чорнай Кнігі” (Ерусалім—Масква, 1993) і зборніка „Знішчэнне яўрэяў СССР у гады нямецкай акупацыі” (Ерусалім, 1992). Адзначаючы ахвярнасць і гераізм многіх жыхароў Беларусі ў арганізацыі супраціву акупантам, ва ўратаванні жыццяў іншых людзей, яўрэяў і неяўрэяў, аўтар падраздзела заўважае, што выпадкі ўдзелу жыхароў Беларусі (палякаў, беларусаў, расійцаў, украінцаў) у ажыццяўленні фашысцкага генацыду таксама былі нярэдкімі (423—424). Падсумоўваючы сказанае, Б.К’яры піша пра тое, што шматвектарныя, часам вельмі хаатычныя, тэндэнцыі развіцця беларускага грамадства ў гады Другой сусветнай вайны не дазваляюць зрабіць нейкіх адназначных абагульненняў або прывесці, ці, тым болей, асэнсаваць нейкія абсалютна дакладныя лічбы. Адно выдаецца аўтару бясспрэчным — тое, што вынікі крывавай вайны, безумоўна, паспрыялі ўсталяванню кантролю над беларускім пасляваенным грамадствам з боку таталітарнага камуністычнага рэжыму (424—425).

Вядомы англійскі беларусіст Джым Дынглі напісаў вельмі адметны для падручніка такога кшталту падраздзел „Мовы ў Беларусі да канца ХIХ ст.”. Ва ўступе ён адзначае, што пэўная асаблівасць разгляду дадзенага пытання палягае ў тым, што, з аднаго боку, у Беларусі знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы, а з іншага боку, гэты рэгіён здаўна вызначаўся поліэтнічнасцю, поліканфесійнасцю, мноствам пераходных гаворак, што звычайна бывае ўласціва для культурнай перыферыі. Разважаючы пра паходжанне беларускай мовы, аўтар аддае перавагу версіі тых даследчыкаў, што лічаць яе асновай групу гаворак (дыялект) полацка-смаленскай галіны крывіцкага племя, які пазней меў усё большы ўплыў і на палескія дыялекты поўдня сучаснай тэрыторыі Беларусі. Дж.Дынглі пагаджаецца з той думкай, што ва ўзвышэнні гэтага дыялекту да паўнавартаснай мовы з дзяржаўнымі функцыямі вырашальную ролю адыграла станаўленне Вялікага Княства Літоўскага (439). У сваім аналізе вышэйназванага працэсy (частка падраздзела „Ад дыялекту да афіцыйнай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім”) аўтар найперш абапіраецца на высновы вядомай працы Кр.Станга (Осла, 1939). Далей Дж.Дынглі аналізуе ўжыванне ў дачыненні да дзяржаўнай мовы ВКЛ тэрмінаў „руская”, „старабеларуская”, „сярэднебеларуска-ўкраінская”, англ. „ruthenian”, нямецк. „Ruthenisch” і прыходзіць да высновы, што тэрміны „старабеларуская мова”, а таксама „ruthenian” і „Ruthenisch” выглядаюць найбольш удалымі і адэкватнымі (440—441). Асобна ён спыняецца на сітуацыі „чатырохмоўя”, якая асабліва была характэрная для Беларусі ў XVII ст. Падаецца аналіз ролі перакладаў Святога Пісьма, ажыццёўленых Ф.Скарынам і В.Цяпінскім, „Катэхізіса” С.Буднага, трох Статутаў ВКЛ, лістоў Ф.Кміты-Чар набыльскага, „Мемуараў” Ф.Еўлашоўскага ў разуменні асаблівасцяў старабеларускай мовы. У наступнай частцы падраздзела, „Мова і моўная палітыка ў Рэчы Паспалітай”, Дж.Дынглі гаворыць пра імкненне значнай часткі беларускай шляхты да замены ў афіцыйным ужытку старабеларус кай пісьмовай мовы на лаціну і польскую мову: сярод галоўных прычын гэтага называецца недастатковая ў параўнанні з дзвюма апошнімі мовамі кадыфікацыя старабела рускай мовы таго часу, імкненне часткі шляхты пацвердзіць легенды пра нібыта рымскае паходжанне ліцвінаў (442—444). Аўтар падраздзела адзначае, што наступ „лацінізацыі” і паланізацыі стаў прычынай таго, што ў паслядоўных прыхільнікаў праваслаўя ўзнікла імкненне да архаізацыі старабеларускай мовы, набліжэння яе да мовы царкоўнасла вянскай. Такім чынам беларуская мова апынулася як бы „заціснутай” паміж апошняй, з аднаго боку, і польскай мовай, з другога. Зніжэнню прэстыжу старабеларускай мовы пасадзейнічала тое, што Вільня ўсё ў большай меры рабілася каталіцкім горадам, а цэнтр праваслаўя ў ВКЛ перамяшчаўся ў Кіеў (444—445). Такім чынам, выцясненне старабеларускай мовы з афіцыйнага ўжытку ў цэлым завяршылася да канца XVII ст., хоць у штодзённым побыце шляхта вельмі часта карысталася беларускай мовай і надалей, а сялянства іншай мовы і не ведала. Пазіцыю ўжывання роднай мовы ў цэлым абараняла і yніяцкая царква (446). Пачатак ХIХ ст. стаў пачаткам адраджэння беларускай мовы, чаму, пад уплывам вядомых ідэй Ё.Г.Гердэра, моцна паспрыялі Я.Чачот, А.Міцкевіч, іншыя філаматы і філарэты, а таксама пазнейшыя беларускія этнографы, збіральнікі фальклору (П.Шпілеўскі, І.Насовіч), вядомыя сёння беларуска моўныя пісьменнікі і публіцысты ХIХ ст. (развіццю беларускай мовы і літаратуры ў той час прысвечана асобная частка падраздзела). Асобна Дж.Дынглі спыняецца на моўнай сітуацыі ў асяроддзі яўрэяў і татар Беларусі, адзначаючы ўплывы беларускай мовы на паўночную літаратурную норму мовы ідыш і згадваючы пра „кітабы”.

Тэму, пачатую Джымам Дынглі, працягвае прафесар Зальцбургскага універсітэта Герман Бідэр у падраздзеле „Барацьба за мову ў ХХ ст.”. Ён вылучае 5 этапаў змагання беларусаў за паўнапраўнасць роднай мовы:

1. „Нашаніўскі” перыяд (1906—15);

2. Этап „беларусізацыі” ў БССР і нацыянальнага руху ва Ўсходняй Польшчы (да пачатку 30-х г.);

3. Этапы рознай інтэнсіўнасці русіфікацыі і т.зв. „набліжэння” беларускай мовы да расійскай у 30-я г. і, у фарсіраваным рэжыме, пачынаючы з 60-х г.;

4. Эфемерная беларусізацыя часоў нямецкай акупацыі ў Першую і Другую сусветныя войны;

5. Спробы створанага ў гады перабудовы руху БНФ „Адраджэньне” забяспечыць годнае месца беларускай мовы і культуры ў грамадскім жыцці.

Апісваючы паслядоўна кожны з названых этапаў, праф. Г.Бідэр актыўна выкарыстоўвае як больш вядомыя ў нас (працы У.Навіцкага, Р.Платонава, А.Жураўскага, А.Падлужнага, Б.Плотнікава, С.Запрудскага, Закон „Аб мовах у беларускай ССР”, прыняты ў 1991 г., выдадзены ТБМ імя Ф.Скарыны зборнік „Аняменне”, публікацыі „Народнай газеты” ў 1992—94 г.), так і менш вядомыя крыніцы (даследаванні П.Ўэкслера, С.Гайль, самога Г.Бідэра).

Аўтарам заключнага падраздзела кнігі, „Беларусь у сваёй мастацкай літаратуры ХХ ст.”, з’яўляецца дацэнт Гомельскага дзяржуніверсітэта Іван Афанасьеў. Падраздзел складаецца з наступных частак: „Набыццё мовы і абуджэнне патрыятызму: дасавецкая літаратура”, „Купала, Колас і ранняя савецкая літаратура: падстройванне сябе і адмаўленне”, „Другая сусветная вайна як народны боль і боль літаратуры”, „Гісторыя ў літаратуры”, „Чарнобыль і літаратура”. Напісанае ў выглядзе невялікага эсэ даследаванне І.Афанасьева ўяўляе сабою развагі на тэмы: пошукі нацыяналь най тоеснасці ў беларускай літаратуры; пошукі героя; трагізм беларускага светаадчування ў ХХ ст. і інш. Падраздзел утрымлівае бібляграфію асноўных твораў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя (у т.л. рускамоўнай), выдадзенай на нямецкай мове.

На заканчэнне нашага кароткага агляду застаецца толькі дадаць, што ў афармленні вокладкі „Падручніка гісторыі Беларусі” выкарыстаная праца сучаснага беларускага мастака Ігара Кашкурэвіча „Паверхня”.

Лявон Баршчэўскі

Мінск

Наверх

Беларусізацыя ў дакументах (Ігар Клімаў)

Снежня 16, 2001 |


* Беларусізацыя: 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы / Пад агульнай рэд. Р. П. Платонава і У. К. Коршука. Мінск: БДУ, 2001. 270 с.

Публікацыя дакументаў, здзейсненая кафедрай сусветнай і айчыннай гісторыі БДУ і Археаграфічнай камісіяй Рэспублікі Беларусь, асвятляе адно з найбольш цікавых і актуальных цяпер пытанняў — пра моўную палітыку савецкай дзяржавы на Беларусі. Падзеі 1920-х г. і дагэтуль займаюць не толькі навукоўцаў, але і шырокую грамадскасць. Сваю кнігу выдаўцы слушна адрасуюць разнастай най аўдыторыі — ад навукоўцаў да «ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі». На Беларусі пакуль няма грунтоўнай сінтэтычнай працы, прысвечанай беларусізацыі, і таму дадзенае выданне можа на нейкі час закрыць гэтую лакуну.

Зборнік змяшчае дакументы галоўным чынам Нацыяналь нага архіва Рэспублікі Беларусь (з фондаў партыйных ды ўрадавых органаў і адукацыйных устаноў краіны). Публікатары таксама перадрукавалі некаторыя акты, што выйшлі тады ў друку, і асобныя матэрыялы з савецкай перыёдыкі тых часоў.

Падборам дакументаў выдаўцы імкнуліся «паказаць працэсы распрацоўкі палітыкі беларусізацыі, раскрыць яе сутнасць, разуменне ў 1920-я г., асаблівасці і этапы правядзення, тэндэнцыі і супярэчнасці развіцця» (3). Свой матэрыял яны згрупавалі ў тры цыклы, якія адлюстроўваюць: а) мэты і кірункі гэтай палітыкі; б) спосабы і формы яе ажыццяўлення; в) праблемы, што ўзнікалі пры гэтым (маюцца на ўвазе выступы супраць палітыкі беларусізацыі). Публікацыя складаецца з трох частак, кожная з якіх так ці інакш характарызуе «палітыку», «практыку» і «супярэчнасці» беларусізацыі за дзесяцігоддзе. Дакументальны матэрыял атачае працяглая прадмова Р. Платонава, а таксама кароткае заключэнне і іменны паказальнік. Некаторыя персаналіі і рэаліі дакументаў суправаджаюцца сціслымі каментарамі Р. Платонава ў выглядзе пастаронкавых заўваг.

У кожнай частцы дакументы змешчаны ў храналагіч ным парадку. Паводле жанру яны вельмі разнастайныя: гэта рэзалюцыі органаў улады і пратаколы нарад ды паседжанняў; статыстычныя даведкі партыйных канцылярыстаў і імперсанальныя справаздачы партыйных органаў; дырэктывы, пастановы, заклікі і звароты; тэзісы партыйнага кіраўніцтва і артыкулы ці зацемкі з перыёдыкі. Сярод іх як зусім невядомыя дакументы, якія ўпершыню вынесеныя на свет з архіва, так і вядомыя раней — па згадках ці цытатах у працах беларускіх гісторыкаў, але поўнасцю ніколі не публікаваныя ці апублікаваныя ў маладасяжных цяпер крыніцах.

Многія архіўныя матэрыялы ўяўляюць сабой сакрэтныя дакументы (25). У СССР пратаколы і допісы кіруючых органаў партыі і ўраду, а таксама шмат відаў статыстыкі і справаздачнасці гэтых органаў не прызначаліся для публікацыі, а самі іх паседжанні і нарады часта насілі закрыты характар. Такія дакументы больш адкрыта і непрыхавана адлюстроўвалі сапраўдныя матывы ды мэты бальшавіцкага кіраўніцтва; менавіта яны ў першую чаргу прыцягваюць увагу гісторыка. Большасць жа публічных дакументаў, вядомых у тыя часы ці апублікаваных пазней у савецкі час, маюць для гісторыка меншую карысць. Публічная сфера ў краіне саветаў падлягала жорсткай цэнзуры і была арэнай буйнамаштабных прапагандысцкіх акцый і фальсіфікацый. Уся інфармацыя, што трапляла да шырокай публікі праз друк і радыё, была адмыслова прэпараваная і сфальшава ная ў кірунку, патрэбным уладам (не выключаючы і навуковыя публікацыі дакументаў). Таму карыстанне савецкай публічнай інфармацыяй патрабуе валодання эзопавай мовай і пэўнага досведу вычытвання паміж радкоў, што, зразумела, не ўсім дасяжна.

У цяперашні час беларусізацыя 1920-х г. выглядае калі не перыядам імклівага і паспяховага развіцця нацыі, дык, па меншай меры, бяскрыўдным і карысным культурніцкім праектам. Сапраўды, праз крывавыя сталінскія рэпрэсіі і анемічныя гады застою тая эпоха выглядае «залатым векам», перыядам адраджэння і росквіту беларускай мовы і культуры. Цяпер шмат хто ідэалізуе той перыяд, ствараючы новыя міфы пра адносіны паміж беларускай культурай і дзяржавай, перабольшваючы поспехі і дасягненні беларусізацыі. Здзейсненая публікацыя дае магчымасць лепш зразумець прычыны і мэты савецкай палітыкі на Беларусі ў галіне мовы і культуры, дэталёва разгледзець яе чыннікі і механізмы, нанова асэнсаваць яе вынікі і здабыткі.

Савецкая дзяржава мела вельмі грунтоўныя прычыны, каб праводзіць беларусізацыю. Частка гэтых прычын вынікала з бальшавіцкай дактрыны (як яна разумелася і рэалізоўвалася ў тыя часы) аб пабудове сацыялізму ў адной, прычым адсталай краіне, сярод варожага атачэння. Другая частка прычын стваралася бягучым момантам, жывілася запатрабаваннямі бальшавіцкай унутранай і знешняй палітыкі.

Палітыка беларусізацыі, што праводзілася ў 1920-я г., сваёй мэтай мела пабудову беларускага сацыялістычнага грамадства, а зусім не беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, як гэта ўдае камусьці з сучасных назіральнікаў. Таму беларусізацыя не падмяняла і тым больш не адмяняла нацыянальнай палітыкі[1] (4—5, 94), што тады падкрэслівалі бальшавіцкія лідэры. Беларусізацыя была накіравана на беларускі этнас як найбольш адсталы культурна і эканамічна, які, аднак, складаў пераважную большасць насельніцт ва ў ССРБ / БССР (14, 55—56, 60). Беларускае сялянства[2] ў рэспубліцы супрацьстаяла малалікаму расійскамоўнаму гораду (59), што аслабляла пазіцыі горада (і ўлады) на вёсцы (60). Будаваць сацыялізм у гарадах Беларусі без падтрымкі вёскі, якая забяспечвала горад харчаваннем, сыравінай і людскімі рэсурсамі, але «варылася» ў дробнабуржуазнай стыхіі, было немагчыма. Таму савецкае кіраўніцтва разлічвала праз беларусізацыю дзяржаўнага апарату зрабіць сялянства саюзнікам новай улады (43, 55, 56, 99, 147).

У гэтых мэтах і папулярызацыя бальшавізму сярод сялян-беларусаў (гэта называлася «палітыка-асветнай», пазней «ідэалагічнай» працай) мусіла весціся на беларускай мове (98): «Патрэбна навучаць і ўцягваць у комунізм беларускага поўпролетара і пролетара беларускай вёскі на яго роднай, зразумелай яму, штодзённай і бытавой для яго беларускай мове» — заклікала яшчэ ў 1921 г. адна з партыйных рэзалюцый (43). У тым самым годзе «заява 32-х» (беларускіх нацыянал-камуністаў) патрабавала: «Необходимо как можно обильнее снабжать беларусское крестьянство и рабочих коммунистической литературой на белорусском языке (крестьянская газета, орган профессиональных союзов, листки, брошюры, календари и т. п.). Необходимо, чтобы ЦБ Коммунистической партии Белоруссии повело агитацию и пропаганду среди белорусских масс на белорусском языке» (30). «Крестьянину нужна понятная, популярная научная литература на белорусском языке, в которой он находил бы чёткую партийную линию», — патрабаваў у 1923 г. эмісар ЦК РКП(б) (56). «…Рабочий должен подойти к крестьянину с его родным белорусским языком, только так можно полно руководить крестьянством», — згаджаўся ў 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б (98). Яму падтакваў у 1928 г. і его пераемнік В. Кнорын: «Верхавіны павінны вывучыць гэтую мову, каб кіраваць масамі» (120). У тым годзе адзін з беларускіх пісьменні каў-камуністаў лічыў: «Изучение рабочим классом Белоруссии её культуры и языка должно cтать одним из средств влияния этого класса на крестьянство» (249).

У адваротным выпадку вялізная сялянская маса, якой бальшавікі не давяралі з прычыны яе дробнабуржуазнасці, магла застацца без «пралетарскага» ўплыву (42—43) і выйсці з-пад кантролю ўлад. Такім чынам, беларусізацыі вымагаў тагачасны «палітычны момант», задачы «пабудовы сацыялізму» ў эканамічна і культурна адсталым рэгіёне, усталявання кантролю новай гарадской улады над вясковым насельніцтвам Беларусі.

Апрача гэтых ідэалагічных мэтаў, істотных на той час для бальшавікоў, беларусізацыя дазваляла ўладам вырашыць шэраг вельмі важных задач унутранай і знешняй палітыкі:

а) усталяваць кантроль над беларускім нацыянальным рухам, што шырыўся з пачатку XX ст. сярод мясцовых беларускіх інтэлектуалаў. Гэты рух бальшавіцкае кіраўніцтва аніяк не магло пакінуць без увагі (53) і ўплыву камуністыч най ідэалогіі, а таму патрабавала ўсталявання супрацоўніц тва з беларускай інтэлігенцыяй (79), большасць з якой стрымана паставілася да маскоўскіх бальшавікоў, варожых беларускай культуры[3];

б) з’агітаваць беларускае насельніцтва ў Польшчы, дзе беларусы падлягалі пэўным абмежаванням, а іх любыя інстытуцыі не мелі падтрымкі і часта нават сімпатыіі дзяржавы. Таму «прыклад» узорнай Савецкай Беларусі меў «рэвалюцыянізуючы» характар для нацыянальна-вызвольна га руху беларусаў Польшчы і спрыяў дэстабілізацыі становішча ў гэтай краіне[4];

в) выкарыстаць дасягненні нацыянальнай палітыкі ў знешнепалітычнай дзейнасці і ва ўнутранай прапагандзе. Найважнейшай перамогай тут сталася нейтралізацыя і раззбраенне беларускай эміграцыі, якая спыніла антысавец кую барацьбу і прызнала Савецкую Беларусь у якасці «адзінага цэнтра беларускага нацыянальнага руху». Некаторыя эмігранцкія лідэры нават пераехалі ў Менск, дзе занялі высокія, хоць і не адказныя пасады.

Гэтыя мэты і задачы выдатна разумеліся бальшавікамі, аб чым пераканаўча сведчаць матэрыялы публікацыі. Так, ужо ў «заяве 32-х» ад 1921 г. беларускія нацыянал-каму ністы падкрэслівалі перш за ўсё палітычныя выгоды, што прыносіла новай уладзе беларуская дзяржаўнасць (28). Ігнараванне «беларускага пытання», адзначалі яны, вяло да вельмі небяспечных памылак: «незадаволенасць у народных працоўных масах» і «змена настрояў сялянства не на карысць Савецкай улады» (30). Гэтыя перамены былі абумоўленыя хутчэй за ўсё цяжарам эканамічнай ды сацыяльнай палітыкі бальшавікоў, аднак беларускія нацыянал-ка муністы выдавалі іх за пралік цэнтра ў нацыянальным пытанні. У іншым дакуменце, што адлюстроўвае дыскусію на партканферэ нцыі ў 1923 г., партыйныя кіраўнікі падкрэслі валі перш за ўсё знешнепалітычныя дывідэнты ад беларусізацыі (49—51).

Сапраўдныя мэты і сэнс палітыкі беларусізацыі ўжо ў 1920-я г. былі відавочныя і замежным назіральнікам. Тамаш Грыб, адзін з дзячаў БНР і лідэраў партыі беларускіх эсэраў, так бачыў мэты гэтай палітыкі:

«Kab dziaržaŭnyja ŭradoŭcy-biurokraty, viedajuczy biełaruskuju movu, sprytniej i czym chutczej mahli abduryć biełaruskaha sielanina i rabotnika, źbiantežanaha intelihienta, dy macniej zacisnuć biełaruski narod u žaleznyja abcuhi kalonijalnaha vyzysku. Niachaj sabie, maŭlaŭ, i ŭ biełaruskaj movie havorać, piszuć i drukujuć — heta nia važna, aby tolki źmiest byŭ ahulnaruski, vialikadziaržaŭnicki»[5].

У 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, канстатаваў магчымасць двух шляхоў, па якіх можа пайсці партыя на Беларусі: «либо стать безоговорочно на путь полной ассимиляции, т. е. полного приспособления, обрусения белорусского населения… Либо можно дать поддержку … белорусизации» (97). У 1920-я г. партыя абрала другі шлях, і толькі шмат пазней вярнулася да першага. Зразумела, чаму партыя вырашыла «размаўляць з масамі … на іх роднай мове» (119). У 1920-я г. ступень і інструменты яе ўздзеяння на грамадства былі абмежаваныя і недаскана лыя. Беларусізацыя бачылася партыйным лідэрам дзейсным інструментам, які дазваляў дасягнуць шэрагу важных знешне- і ўнутрыпалітычных мэтаў, спрыяў планам па пабудове сацыялістычнай Беларусі. Сукупнасць палітычных выгод і ідэалагічных прыярытэтаў і падштурхнула ўлады да беларусізацыі.

Шырокамаштабная палітыка беларусізацыі была абвешчаная ліпеньскімі 1924 г. пастановамі ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР, а таксама рэзалюцыямі некалькіх наступных пленумаў ЦК КП(б)Б у 1925-26 г.[6] У сваіх кірунках яна цалкам адпавядала праграме нацыянальнага будаўніцтва, шырока разгорнутай з 1924 г. па нацыянальных рэгіёнах СССР[7].

Беларусізацыя стала інтэгральным складнікам бальшавіцкай культурнай рэвалюцыі, мэтай якой была пабудова ў СССР мадэрнізаванага грамадства. Аднак большасць этнасаў Савецкай імперыі ўяўлялі сабой даіндустрыяльныя соцыумы з патрыярхальнымі адносінамі і досыць архаічнай культурай нееўрапейскага кшталту (гл. у партыйнай рэзалюцыі таго часу, 59). Менавіта культурная рэвалюцыя і мусіла вывесці іх з такога стану, далучыць да перадавых тэхналогій і ідэй, давесці да патрэбнага ўладам узроўню мабілізацыі. Таму культура разам з мовай і навукай зрабілася ў краіне саветаў сферай дзяржаўнай палітыкі. Гэтая палітыка ў дачыненні да ўсіх народаў Савецкай імперыі, апрача расійскага, атрымала назву нацыянальна-культур нага будаўніцтва . Яна палягала ў паскораным фармаванні «сацыялістычнай нацыі», іншымі словамі — у фарсаванай мадэрнізацыі адсталых этнасаў (а зусім не ў адраджэнні беларускага народа, як мяркуе Р. Платонаў, 7).

Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў СССР прадугледжвала шэраг культурна-асветніцкіх і адміністрацый ных мераў. Падобныя меры актыўна выкарыстоўваліся на той час па ўсім СССР, былі яны ўжытыя і ў Савецкай Беларусі. Такія меры залучалі:

а) перавод выкладання на родную мову карэннай нацыянальнасці не толькі ў пачатковай, але і ў сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай школе, а па магчымасці і вышэйшай (62, 76—77, 132—134);

б) пашырэнне кнігавыдання на нацыянальных мовах, па магчымасці, з давядзеннем долі нацыянальных выданняў прапарцыйна колькасці насельніцтва гэтай нацыяналь насці (61, 85, 135), але ў фокусе выдавецкай палітыкі была пераважна прапагандысцкая літаратура;

в) перавод (у большасці выпадкаў частковы) органаў рэспубліканскага і мясцовага друку на мову карэннай нацыянальнасці (73);

г) перавод зносін і справаводства ў савецкім і (па магчымасці) партыйным апараце, прафсаюзах, службах камунікацыі і ў мясцовых адзінках Чырвонай Арміі на мову карэннай нацыянальнасці (65, 72—73, 85, 87, 130—131), перад усім тых галін апарату, што кантактавалі з мясцовым насельніцтвам (99) і ў тых камунікацыйных жанрах, што мелі масавы, публічны характар (78);

д) пры заняцці пасад аддаваць перавагу кадрам з ліку карэннай нацыянальнасці, а сярод іншанацыянальных кадраў — тым, хто ведае мясцовую мову і мясцовыя ўмовы (67, 81—82); адпаведна гэтаму павялічваўся і працэнт прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці ў складзе выбарных органаў (82—83);

е) вывучэнне супрацоўнікамі апарату мясцовай мовы і культуры (68, 131, 137—138).

Гэтыя меры тычыліся не толькі беларускага этнасу і яго мовы, але і яўрэйскага, чыя прысутнасць была адметнай на Беларусі; звярталася ўвага таксама на польскае і нават літоўскае ды латышскае насельніцтва. З мэтай уцягнуць нацыянальныя меншасці ў сацыялістычнае будаўніцтва на Беларусі ствараліся нацыянальная саветы і нават цэлыя раёны, нацыянальныя школы і асветніцкія ўстановы (123).

Важным кірункам нацыянальнага будаўніцтва было развіццё моў раней прыгнечаных народаў. На думку бальшавіцкіх лідэраў, толькі з распрацаванай ды дасканалай літаратурнай мовай можна дасягнуць эканамічнай ды палітычнай спеласці этнасу (г. зн., яго мадэрнізацыі), ператварыць яго ў сацыялістычную нацыю. Дзеля гэтага мовы, што не мелі літаратурнай формы, атрымлівалі яе; мовы, слаба распрацаваныя ці чыя распрацаванасць не задавальняла бальшавікоў (напрыклад, як адарваная ад жывой гаворкі), набывалі новыя кірункі развіцця. Развіццё літаратурнай мовы штучна прыспешвалася : яна набывала належную апрацоўку ў слоўніках, граматыках і падручніках, дапускалася ў тыя галіны камунікацыі (напрыклад, навука і тэхніка), дзе раней не ўжывалася. Разам з гэтым улады стымулявалі развіццё нацыянальнай школы, тэатра і друку, падтрымлі валі літаратурную творчасць і народную самадзейнасць. А гэта, у сваю чаргу, стварала новыя сферы ўжытку нацыянальнай мовы. Яна пачынала абслугоўваць этнас на ўсёй тэрыторыі яго распаўсюджання — таму важнае значэнне мела межаванне і правільнае вызначэнне этнічнай тэрыторыі . Менавіта такі лёс зазнала ў 1920-х г. і беларуская мова, якая перад тым не мела допуску нават у друк і школу, не кажучы ўжо пра афіцыйныя ўстановы, і доўгі час нават была забаронена (была «вне закона», 95).

Галоўным пытаннем беларусізацыі партыя абвяшчала беларускую мову (60). Тут улады, сапраўды, сутыкнуліся са значнай праблемай. Беларуская літаратурная мова не была падрыхтаваная да функцыянавання ў якасці сродку высокай камунікацыі. Яе рэсурсы былі недастаткова распрацаваныя, а нормы нестабільныя. Да таго часу беларуская мова існавала як дыялект і не мела адметнай практыкі выкарыстання ў пісьмовай галіне (за выключэннем мастацкай літаратуры), тым больш у сферы грамадска значнай камунікацыі (16, 60—61, 102, 232). «…Белорусский язык составляет ся искусственно. <…> …В школах … внедряется искусствен но созданный белорусский язык. <…> …Фактически вся учительская масса не знает белорусского языка» — гэтак трактаваў тагачасную беларускую мову адзін з партыйных актывістаў у 1923 г. (48—49). На гэта У. Ігнатоўскі адказваў:

«Это факт, что у нас … нет единого белорусского языка, и тот язык, который преподаётся, не есть ещё народный. <…> Верно замечено, что тот белорусский язык, о котором идёт речь, во многом искусственный, в нём мало взято из жизни. Но следует отметить, что язык литератур ный приближается к народному по мере пользования им массой. До сих пор белорусский язык создавался интеллигентами. <…> Поэтому вполне естественно различие между искусственным и народным языком, и разрыв будет преодолён тогда, когда мы все будем пользоваться белорусским языком» (51).

Разам з укараненнем беларускай мовы ў прэстыжных сферах мусіла ісці і далейшая распрацоўка яе сродкаў, развіццё спецыяльнай тэрміналогіі, чаму партыя аддавала пільную ўвагу (61, 72). Рэзалюцыя 1925 г. пленума ЦК КП(б)Б нават абавязала «Наркомпрос и Инбелкульт срочно организовать работу по выработке популярного белорусского языка, наиболее близкого к деревне» (61). Рэзалюцыя іншага пленума таго самага года абвяшчала «вопросы развития и разработки языка», асабліва «под тем же углом зрения максимальной понятности для деревни», аб’ектам «ближайшего внимания партии» (72). Партыя заклікала «вести решительную борьбу против не преодолённого ещё до конца шовинистического взгляда на белорусский язык как на якобы выдуманный и „искусственный” » (72).

Удасканаленне беларускага правапісу зрабілася адным з аб’ектаў партыйнай увагі, што аформілася ў Акадэмічную канферэнцыю па правапісу, якая адбылася ў Мінску ўвосень 1926 г. Публікацыя сакрэтнага даклада У. Ігнатоўскага (102—109) сведчыць, што ўлады разглядалі яе перш за ўсё як палітычна-прапагандыскую акцыю, і толькі потым — як навуковае мерапрыемства[8]. Канферэнцыя рыхтавалася (пры ўдзеле органаў ОГПУ) вельмі паспешліва, як процівага да Усебеларускага з’езду, які «варожыя» арганізацыі замежжа меркавалі неўзабаве склікаць (103). З дакладу бачна, што канферэнцыя, на задуму ўладаў, мусіла насіць пераважна рэкламна-прапагадысцкі характар, разлічаны ў асноўным на замежную аўдыторыю (104—109), і, як паказвае ў прадмове Р. Платонаў (10), гэтая мэта была дасягнутая.

Пашыраючы ўжытак беларускай мовы, улады сутыкнуліся яшчэ з адной складанасцю. Пераважная большасць беларускага насельніцтва была слаба знаёмая са сваёй літаратурнай мовай. Набыццё адукацыі раней для беларусаў заўжды адбывалася ў чужой мове і азначала асіміляцыю з чужыннай культурай. Таму яны, маючы нізкі ўзровень свядомасці, выяўлялі піетэт да больш распрацаваных расійскай ці польскай моў і на іх фоне ўспрымалі беларускую мову як штучную ці недасканалую (48—49, 52, 56—57, 95), незразумелую (212, 215), нават «холопскую, не дающую никаких прав» (60, 90—91). Улады добра разбіраліся ў тагачаснай моўнай сітуацыі. Бліскучы сацыялінгвістычны аналіз становішча беларускай мовы ў грамадстве падаў А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б (94—97, 100—101). Партыйнае кіраўніцтва зважала на русіфікаванасць часткі беларускага насельніцтва і меркавала мяккімі мерамі, прыкладамі і праз тлумачальную працу заахвоціць беларусаў да карыстання роднай мовай у прэстыжных сферах камунікацыі (20—21, 98—99, 101). Насельніцтва, пад уплывам шавіністычнай ідэалогіі, напачатку сустрэла ўвядзенне беларускай мовы непрыхільна, так што нават спатрэбілася весці ў масах тлумачальную працу аб мэтах і задачах гэтай палітыкі беларусізацыі (84, 91). Але ўжо ў 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, адзначаў, што ў беларускіх акругах:

«…Крестьянин уже на практике, на опыте убедился, что белорусский язык это не есть „бесправный язык” и „мужицкий язык”, с которым учиться нельзя, с которым только „детей запутать можно”, а дальше никуда не пойдёшь, там крестьянин видит, что этот язык такой же равноправный, как язык русский, потому предпочитает пользоваться своим белорусским языком» (97).

Нігілізм беларусаў да роднай мовы актыўна скарыстоўвалі праціўнікі беларусізацыі. Паводле Ігнатоўскага, яны ператварылі «белорусский язык в жупел, которым пугают крестьян, говорящих на этом языке» (52, аналагічна 147). У 1926 г. сход сялян адной вёскі Капыльскага раёна нават пастанавіў: «Ликвидировать белорусский язык и потребовать от власти быстрого его уничтожения» (212). Насельніцтва настройвалася супраць беларускай мовы расійскамоўным чынавенствам і настаўніцтвам, у асаблівай меры прасякнутых шавіністычнай ідэалогіяй (210—211); іншы шыхт, апантаны гэтай ідэалогіяй, духавенства, быў выключаны з грамадскага жыцця, хоць і яго ўплыў нельга ігнараваць. Свае погляды шавіністы наважваліся абараняць публічна (214—217, 222—224, 228—230), падаючы іх за меркаванне ўсяго насельніцтва Беларусі ці супрацьпастаўляючы «беларусіфікацыю» марксісцкаму, пралетарскаму інтэрнацыяналізму (48, 230). Непрыхільнае стаўленне да беларускай мовы існавала і сярод яўрэйскіх рабочых (192—193), асабліва ў іх русіфікаванай частцы. Трываласць і пашыранасць шавіністычнай, імперскай ідэалогіі сярод насельніцт ва Беларусі сведчыць пра высокую ступень русіфікацыі краіны за царскім часам. Партыя ставіла задачу пераадолець у насельніцтве пагардлівае стаўленне да беларускай мовы (60, 71, 94), асабліва звяртаючы ўвагу на рэакцыйныя погляды былых расійскіх чыноўнікаў, што знаходзіліся на службе ў савецкай улады (65, 70, 110—111, 218).

Іншым важным кірункам нацыянальна-культурнага будаўніцтва быў тэрытарыяльны аспект. Для буйных ці важных этнасаў[9] СССР ствараліся саюзныя і аўтаномныя рэспублікі, нацыянальныя акругі і раёны, праводзілася вылучэнне нацыянальных адзінак у межах ужо існуючых утварэнняў, іх узбуйненні ці размежаванні. У тагачаснай партыйнай тэрміналогіі гэта называлася нацыянальна-дзяр жаўным будаўніцтвам . Яго мэтай было аб’яднанне пад адной нацыянальнай адміністрацыяй усёй тэрыторыі распаўсюджання дадзенага этнасу, калі яна ўтварала адзіны эканамічны рэгіён. На думку бальшавікоў (далёка небеспадстаўную), гэта паскарала працэс складвання (развіцця) сацыялістычнай нацыі («рэвалюцыянізавала » працоўных) і дазваляла перадухіліць магчымыя злоўжыванні з боку кіраўнічага апарату, што пагражала дэстабілізацыяй становішча ў шматнацыянальнай дзяржаве.

Менавіта з гэтых пазіцый зыходзіла кіраўніцтва Савецкай Беларусі, калі ў 1-й палове 1920-х г. патрабавала далучэння да Савецкай Беларусі ўсходніх абшараў, населеных беларусамі, якія на той момант знаходзіліся ў складзе РСФСР[10]. Такія патрабаванні выстаўлялі яшчэ раней беларускія эсэры і нацыянал-камуністы, аднак тагачаснае маскоўскае кіраўніцтва ігнаравала іх. Толькі пасля ўтварэння СССР і ўсталявання дзейснага кантролю над Беларуссю яно згадзілася вырашыць і пытанне аб павелічэнні тэрыторыі ССРБ на ўсход. Вядома, што мясцовае бальшавіцкае кіраўніцтва гэтых раёнаў адмоўна паставілася да такога далучэння (88, 91—93), паколькі гэта перасякала кантакты мясцовых функцыянераў з маскоўскім кіраўніцтвам і прымушала іх праводзіць беларусізацыю , гэтак ненавісную шавіністам . Аднак беларускае кіраўніцтва высоўвала шэраг аргументаў, якія Маскве цяжка было аспрэчыць: а) эканамічны: аб’яднанне ў межах адной рэспублікі раёнаў з аднолькавым гаспадарчым ладам і з цеснымі ўзаемасувязямі, б) ідэалагічны : узмацненне ў аграрнай Беларусі пралетарскай базы, в) прапагандысцкі : стымуляванне прасавецкага руху сярод беларусаў Польшчы (92).

Дакументы зборніка пераканаўча сведчаць, што беларусізацыя мела рысы чарговай буйнамаштабнай кампаніі , якую ўлады самі ініцыявалі і праводзілі пад сваім кантролем . Ужо з 1921 г. кіраўніцтва патрабавала ўводзіць беларускую мову «ўдарнымі тэмпамі» ў друк, установы асветы і ўлады. «Наркомпрос решил в течении года перевести преподавание во всех школах на белорусский язык, не имея для этого ни достаточного количества педагогов, ни учебных пособий», — выказваўся ў 1923 г. адзін з партыйных кіраўнікоў (55). З 1924 г. да гэтага дадаліся дырэктывы, планы і нават лічбы беларусізацыі (з абавязковымі рапартамі аб іх выкананні). Яны падлягалі праверцы вышэйшымі органамі (прычым правяралася нават асабістае карыстанне службоўцамі беларускай мовай!) і ў выпадку невыканання цягнулі розныя санкцыі (198—205). Праўда, пад пакаранні найчасцей траплялі шараговыя супрацоўнікі (206). З 1925 г. «раздзелы пра беларусізацыю… сталі ўключацца ва ўсе колькі-небудзь значныя рашэнні партыйных і дзяржаўных органаў. Без спасылак на беларусізацыю не абыходзілася амаль ні адна прамова…» — піша Р. Платонаў (16). Але ў 1928—29 г. імпэт партыйнага кіраўніцтва ў правядзенні беларусізацыі значна саслабнуў, хоць па інерцыі кампанія працягвала каціцца далей. Калі ж улетку 1929 г. погляды маскоўскіх уладаў на мэты і змест нацыянальнай палітыкі радыкальна змяніліся, то і беларусізацыя была хутка згорнутая менш чым за адзін год.

Зразумела, і ў партыі, і сярод насельніцтва заўжды знаходзіліся прыхільнікі гэтай кампаніі, якія спрыяльна і зацікаўлена ставіліся да беларускай справы. Р. Платонаў у сваёй прадмове слушна адзначае, што галоўнымі энтузіястамі беларусізацыі сталі беларускія нацыянал-камуністы, якія актыўна ўключыліся ў нацыянальную працу (13). Вядомыя матэрыялы паказваюць, што беларусізацыя ішла імкліва і нефармальна ў тых раёнах і галінах, дзе ёю кіравалі менавіта нацыянальна свядомыя адміністратары. Калі яны з’язджалі, то беларуская справа часта губляла свой імпэт і хутка ператваралася ў казённае мерапрыемства[11].

На гэтай падставе некаторыя сучасныя аўтары мяркуюць, што палітыка беларусізацыі была навязаная бальшавіцкаму кіраўніцтву мясцовымі нацыяналістамі і праводзілася ледзь не выключна іх высілкамі[12]. Сапраўды, публікацыя паказвае, што да 1924 г. выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржапараце БССР было абмежаванае ў лепшым выпадку сістэмай адукацыйных устаноў. Але і туды беларуская мова, якая да рэвалюцыі не мела легальнага доступу ў школу, пачала трапляць пад ціскам беларускіх нацыянал-ка муністаў. Іх удзел у правядзенні палітыкі беларусізацыі, безумоўна, значны. Яны адыгрывалі ролю групы ціску і напаўнялі афіцыйнае мерапрыемства жывой працай.

Аднак абсалютна слушна даводзіць у прадмове Р. Платонаў, што беларусізацыя была складнікам тагачаснай партыйнай палітыкі, якая праводзілася на дзяржаўным узроўні (7—8, 259). Матэрыялы публікацыі пераканаўча сведчаць, што ініцыятарам, правадніком, потым душыцелем беларусізацыі была кампартыя[13]. Гэта і зразумела, паколькі ёй належала кіраўнічая роля ў савецкім грамадстве, яна была адзіным арганізатарам усіх перамог (і параз) савецкага народа.

У цэлым беларусізацыя вялася не нацыянальна свядомымі актывістамі, а дзяржаўным апаратам і амаль выключна — дырэктыўным, загадным метадам (гл. розныя матэрыялы ў 2-й частцы, асабліва 139—146, 149—198). Інакш і быць не магло ў таталітарнай краіне; як у любой савецкай кампаніі, у ёй пераважалі казёншчына і фармалізм[14]. Улады і самі прызнавалі памылкі і недахопы ў яе правядзенні, павярхоўнасць і хаатычнасць сваіх мераў, злоўжыванне голымі метадамі адміністравання і камандавання (77, 83). Мноства мераў і справаздач насілі парадны, паказны характар (120). Таму трэба з вялікай насцярогай ставіцца да тагачасных паказчыкаў беларусізацыі (18—19) — савецкая бюрактатыя была вельмі здатная рапартаваць аб выкананні цэнтральных дырэктыў. Так, у 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, быў вымушаны канстатаваць, што «государственный аппарат говорит до сих пор в [белорусских] округах с крестьянином только по-русски, только по-русски выходит печать» (95). Прымушаныя да выкарыстання беларускай мовы, чыноўнікі нават і ў 1929 г. ведалі яе вельмі павярхоўна і калі і ўжывалі, то альбо недалугую мешаніну з расійскіх і беларускіх словаў, «альбо ўсе словы і пабудаванне мовы» ў іх мелі «расійскі выгляд з некаторым адценнем беларусізацыі» (199). Карыстанне беларускай мовай, недастаткова распрацаванай і нестабільнай у сваіх нормах, спараджала камунікацыйныя цяжкасці і ў расійскамоўных навукоўцаў Беларусі. Выкладчык вну ў Горках так казаў у 1927 г. пра моўныя складанасці:

«Беларуская мова ў галіне нашых ведаў, у галіне нашай навукі недастатачна распрацавана, недастатачна развіта. Праца на беларускай мове прадстаўляе большую складанасць… Наколькі палажэнне навуковых працаўнікоў, працуючых за межамі Беларусі, адрозніваецца ў гэтых адносінах, я нядаўна адчуў на сабе, калі трапіў у Саратаў, дзе павінен быў чытаць лекцыі. Мне, працуючаму ўжо некалькі гадоў у Беларусі, проста здалося незвычайным, што людзі зусім свабодна гавораць, што ў іх няма гэтых труднасцей, няма гэтай сталай думкі аб тым, як быць з мовай» (232).

Без сумневу, большасцю дзяржаўнага апарату беларусізацыя нават у часы яе апагею ўспрымалася як чарговая кампанія, досыць непаслядоўная па метадах і не зусім уцямная паводле сваіх мэт, як і іншыя савецкія акцыі. На думку ўладаў, у дзяржаўным апараце беларусізацыя павінна была праводзіцца прымусова (99—100), паколькі «асноўныя кадры нашых [апаратных] працаўнікоў прайшлі русіфікатарскую царскую школу, праз яе далучыліся да культуры і тым самым адарваліся ад шырокіх беларускіх мас» (119). Даволі рэзкія меры (уласцівыя наогул бальшавіцкай палітыцы), якія выкарыстоўваліся ў дачыненні да апарату (але пераважна шараговых яго працаўнікоў), не спрыялі прыхільным адносінам да беларускай мовы (20, 206, 225—228) і выклікалі патрабаванні аб запавольванні беларусіза цыі (232).

Значная частка бальшавіцкага кіраўніцтва сама была прасякнутая шавіністычнай ідэалогіяй. Але незалежна ад сваіх антыпатый, партыйнае кіраўніцтва разумела небяспеку і нявыгаду прапаганды расійскага шавінізму на нацыянальных ускраінах ў 1920-я г., калі пазіцыі савецкай улады яшчэ не былі трывалыя (220). Аднак пры гэтым бальшавікі не жадалі ўласнымі рукамі ўзрошчваць там і нацыяналізм, які абуджаў сепаратысцкія настроі, што магло разбурыць Савецкую імперыю (як, урэшце, і адбылося).

Таму ад самых пачаткаў беларусізацыі партыя звяртала ўвагу на «небяспекі» расійскага вялікадзяржаўнага ўхілу, пагарды мясцовымі нацыянальнасцямі і мясцовага нацыяналізму (64, 66, 78—79). Партыя заклікала камуністаў змагацца тут на два бакі: з аднаго боку, пераадольваць супраціў нацыянальнай палітыцы партыі, а з другога, даваць рашучы адпор розным «ухілам» і «замахам». Таму партыя адзначала небяспеку не толькі беларускага ды яўрэйскага нацыяналізму, але і расійскага таксама (110—118, 217—221, 231—232); беларускаму нацыяналізму ў гэтай крытыцы аддавалася гэтулькі ж увагі, колькі і іншым нацыяналізмам. Кампанія беларусізацыі абудзіла свядомасць насельніцтва (96—97, 212) і актывізавала спадзяванні беларускай інтэлігенцыі, што «белорусизация это есть уступка этой, мелкобуржуазной по существу, части белорусской интеллиген ции» (115). Зразумела, партыя не магла з гэтым мірыцца і павяла барацьбу з беларускім нацыяналізмам, які ўжо з сярэдзіны 1920-х г. атрымаў у партыйным жаргоне назву нацыянал-дэмакратызму.

Напачатку гэтая барацьба мела мяккія формы і абмяжоўвалася «адзёргіваннем» камуністаў-беларусаў у тых выпадках, дзе пільным цэрберам бальшавізму бачыўся «ўхіл». Але недзе з канца 1928 г. партыйныя колы пачалі пераходзіць ужо да цкавання асобных беларускіх нацыяналістаў з ліку маладых пісьменнікаў (235—239, 255—258). Тады ж і пачынаецца «распрацоўка» беларускага нацыянал-дэмакратызму ў друку (239—242), а тыя, хто трапіў пад яе агонь пачынаюць каяцца (242). З паблажлівасці вышэйшага кіраўніцтва асобныя партыйцы беспакарана ладзяць публічныя абструкцыі беларускай мове (253—254). Улетку 1929 г. з Масквы прыехала партыйная камісія Затонскага, якая рэзка раскрытыкавала кіраўніцтва БССР за спаўзанне на пазіцыі нацыянал-дэмакратызму. «Беларускі шавінізм» і нацыянал-дэмакратызм афіцыйна быў абвешчаны «галоўнай небяспекай» (21—22). Партыя асноўны агонь сваёй крытыкі перанесла на беларускі нацыяналізм, тады як расійскі шавінізм усё больш і больш станавіўся толькі дзяжурнай тэмай. Хоць фармальна палітыка беларусізацыі не была згорнутая[15], аднак, як слушна адзначае ў сваёй прадмове Р. Платонаў, гэта была «ўжо іншая беларусізацыя» (22), якая «стала паскорана перарастаць у сваю процілегласць» (24). З 1930 г. распачынаецца масавая кампанія па барацьбе з нацдэмамі, і ў БССР на працягу пяці гадоў нагнятаецца антынацыяналістычная істэрыя, якая набывае антыбеларускі і шавіністычны характар. У 1930—31 г. шэраг найбольш актыўных і выбітных нацыянал-каму ністаў і культурных дзеячаў Савецкай Беларусі былі абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і рэпрэсаваны. Нарэшце, у 1933 г. беларуская літаратурная мова зазнала радыкальную рэформу, якая гвалтоўна наблізіла яе да расійскай мовы.

Бальшавіцкай уладзе ўжо быў непатрэбны «захоп» сялянскіх мас праз беларусізацыю дзяржаўнага апарату, і яна з лёгкасцю адмовілася ад гэтай палітыкі. Яна знайшла іншыя, больш дзейсныя і радыкальныя сродкі панавання над вёскай — калектывізацыю. А гучнае згортванне беларусізацыі выклікана зменамі ў афіцыйнай ідэалогіі: з перамогай у апараце Сталіна ўмацоўвалася ідэя магутнасці савецкай дзяржавы (і дзяржавы наогул), якая мусіла надалей цэментавацца расійскай культурай і мовай. Улады з жахам убачылі, што палітыка каранізацыі правакуе на нацыяналь ных ускраінах СССР рост нацыяналізму, які пагражаў сепаратызмам і дэцэнтралізацыяй. Ва ўмовах узмацнення камандна-адміністрацыйнай сістэмы, складвання моцна цэнтралізаванай бюракратыі такія тэндэнцыі выглядалі вельмі небяспечна. Таму на іх і абрынулася ў 1929—31 г. хваля жорсткіх рэпрэсій. Падзеi тых гадоў можна разглядаць як барацьбу расiйскага (iмперскага) камунiзму з беларускiм нацыянал-камунiзмам[16], барацьбу цэнтральнай улады супраць сепаратызму нацыянальных ускраін, за цэнтралiзацыю дзяржавы. Менавіта таму беларусізацыя была не проста згорнутая, а згорнутая гучна, і на змену ёй прыйшла новая кампанія — па барацьбе з нацдэмаўшчы най, якая мусіла ўмацаваць на нацыянальных ускраінах гэтыя цэнтралізацыйныя тэндэнцыі.

Але нягледзячы на параўнальна кароткі перыяд, беларусізацыя адыграла выключна важную ролю ў развіцці беларускай мовы і культуры, абуджэнні нацыянальнай свядомасці ў шырокіх колах насельніцтва і сярод кіраўнічай эліты. Упершыню на Беларусі дзяржава актывізавала ўсе сродкі і магчымасці «для приостановки процесса дальнейшего обрусения белорусской национальности» (97). І хоць палітыка беларусізацыі вымагалася задачамі нацыянальна -культурнага будаўніцтва ў СССР і мадэрнізацыі яго нацыянальнай перыферыі, эканамічна і культурна адсталай, аднак аб’ектыўна яна вельмі паспрыяла нацыянальнаму адраджэнню беларусаў.

Нягледзячы на супраціў шавіністычных колаў, беларуская мова ўпершыню здабыла падтрымку дзяржавы, якая прыклала значныя намаганні ў бок распрацоўкі яе рэсурсаў і пашырэння яе ўжытку ў прэстыжных сферах камунікацыі. Дасягненні ў гэтых адносінах за часы беларусізацыі становяцца зусім відавочнымі ў параўнанні з іншымі мовамі, што мелі статус, блізкі да беларускай. Марксісцкі гісторык М. Пакроўскі ў 1928 г. прывёў дзеля прыкладу Нарвегію, якая доўгі час знаходзілася пад дацкім панаваннем. Там у якасці літаратурнай мовы засталася дацкая мова, тады як нарвежская (заснаваная на мясцовых дыялектах) амаль не мела доступу ў вышэйшыя сферы камунікацыі (251—252).

Нават і ў 1930-х г., калі беларусізацыю згарнулі, улады былі вымушаныя падтрымліваць пэўны ўжытак беларускай мовы (праўда, не такі шырокі, як планавалася ў 1920-я г.) у высокіх сферах камунікацыі — ад навукі і мастацтва да публічных выступленняў і справаводства. Фактычна, у 1930 г. спынілася толькі кампанія па беларусізацыі, але яе інтэнцыі і шэраг дасягненняў захаваліся. Пагардлівыя адносіны да беларусаў, беларускай мовы ці культуры ўжо не маглі папулярызавацца, нават у часы барацьбы з нацдэмаўшчы най — інакш гэта патыхала ўжо дыскрэдытацыяй усёй бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі і магло наклікаць рэпрэсіі. Упершыню за некалькі стагоддзяў этнічная самастойнасць беларусаў, аўтаномнасць іх мовы і вартасць іх культуры не браліся дзяржавай пад сумнеў і нават атрымлівалі з яе боку пэўную санкцыю на захаванне і развіццё. Пасля рэпрэсій 1930 г. засталіся беларуская школа, беларуская літаратура, друк, тэатр, народная самадзейнасць; захаваліся і беларуская інтэлігенцыя (зразумела, у сервільным стане), і беларускія культурныя ўстановы (якія мусілі гадаваць насельніцтва толькі ў вызначаным уладамі духу).

Захаваліся і тэрытарыяльныя набыткі беларусізацыі. БССР ужо нельга было скасаваць ці зменшыць, яна стала важным складнікам Савецкай імперыі. Беларусь ляжала на мяжы з «варожым буржуазным атачэннем» і ў выпадку замежнай агрэсіі магла прыкрыць сабой раёны цэнтральнай Расіі, дзе разгортвалася індустрыялізацыя. На погляд маскоўскага кіраўніцтва, беларусізацыя разам з узбуйненнем рэспублікі дастаткова ўзняла патэнцыял беларусаў, каб стварыць з іх надзейную заслону на шляху магчымай агрэсіі. Цяпер беларусы мусілі змагацца з агрэсарам не толькі пад прымусам Масквы, але і дзеля абароны сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці.

Здзейсненая публікацыя касуе недахоп падставовых дакументальных крыніц па гэтым важным перыядзе і забяспечвае даследчыкаў карысным матэрыялам для далейшай працы. Застаецца спадзявацца, што публікацыя паспрыяе развянчанню некаторых міфаў, што ўсталяваліся ў цяперашняй літаратуры, дасць магчымасць кожнаму чытачу зрабіць уласныя назіранні і высновы.

Хоць аўтары падкрэсліваюць важнасць дакументаль най гісторыі (3), але выкананая імі публікацыя дакументаў выклікае некаторыя заўвагі. Зразумела, што ў адрозненне ад філалагічнай публікацыі, публікацыя для гісторыкаў не патрабуе такой дакладнасці ў перадачы ўсіх пісьмовых і моўных асаблівасцяў тэксту. Але чамусьці толькі адзін дакумент (рэзалюцыя КП(б)Б 1921 г., выдадзеная ў 1926 г.) друкуецца «тарашкевіцай» (40—45), тады як усе астатнія тэксты на беларускай мове падаюцца ў сучаснай арфаграфіі, хоць тады яны пісаліся на «тарашкевіцы». Дарэчы, у тыя часы і напісанне некаторых расійскіх слоў таксама было інакшым. Такая непаслядоўнасць крыху дэзарыентуе чытача, не кажучы ўжо пра тое, што ўнікненне «тарашкеві цы» пазбаўляе яго адчування духу і каларыту той эпохі.

Аўтары не заўжды ўдала скарацілі некаторыя дакументы. Так, у дакладзе У. Ігнатоўскага аб выніках Акадэмічнай канферэнцыі чамусьці апушчаны важны раздзел з пералічэннем недахопаў (у т. л. ідэалагічных) у правядзенні канферэнцыі (гл. 105).

У наборы сустракаюцца памылкі: дружнмым (235), буларус (121) і інш., трапляюцца прагалы ў сярэдзіне слова: рамка ми (49), пра цаўнікоў (225), пра весці (232), не калькі (235), пакі нуць (236) і далей вельмі часта. Відаць, публікатары цалкам паклаліся на кампутарную праграму і не зрабілі апошняй карэктуры гатовага тэксту.

Падобныя недахопы крыху аслабляюць у чытача давер да публікацыі і нараджаюць сумнеў, ці дакладна арыгіналы суадносяцца з публікацыяй? Так, амаль усюды ў дакументах зборніка фігуруе БССР — ці так гэта ў арыгіналах? Вядома, што да сярэдзіны 1920-х г. краіна называлася ўсё ж такі ССРБ (такая назва выступае толькі ў адным дакуменце, 32).

Аднак гэтыя дробныя хібы не зніжаюць значнай вартасці і актуальнасці дадзенай дакументальнай публікацыі.

Ігар Клімаў

Мінск


[1] Нацыянальная палітыка ахоплівала ўвесь дыяпазон нацыянальных адносін у савецкім грамадстве. Яе мэтай было не толькі ўсталяванне бесканфліктнага і кампліментарнага суіснавання розных нацый у межах унітарнай дзяржавы — СССР, але і «мабілізацыя» іх на пабудову сацыялізму: «пралетарскай, нацыянальнай палітыкай прасякнута ўся наша праца па эканамічным і культурным будаўніцтве, па арганізацыі Савецкай улады», — казаў у 1927 г. В. Кнорын, першы сакратар ЦК КП(б)Б (119).
[2] Беларускі народ складаўся пераважна з сялянства — прыгнечанага і пагарджанага класу, які бальшавікі залічалі да сваіх натуральных саюзнікаў. Адпаведна, і беларуская мова сустрэла падтрымку бальшавіцкай улады перш за ўсё таму, што была мовай сялянства і царскім рэжымам трактавалася як мужыцкая і некультурная (41—42, 43, 100).
[3] У беларусаў адсутнічаў адметны шыхт уласнай інтэлігенцыі, і бальшавіцкія ўлады спадзяваліся, што беларусізацыя дазволіць ім выхаваць на Беларусі лаяльную беларускую інтэлігенцыю (4—6), і як паказала далейшыя гісторыя, у гэтым яны не памыліліся.
[4] У міжваенны перыяд Польшча зрабілася для бальшавіцкага кіраўніцтва ці не галоўным ворагам сярод суседніх краін (244—247). Працяглая мяжа з ёю, набліжанасць да найважнейшых цэнтраў СССР, ваяўнічы антысаветызм, які мяшаўся з русафобіяй, ператваралі Польшчу ў зручны плацдарм для магчымай агрэсіі супраць краіны саветаў. Таму адной з найважнейшых мэтаў бальшавіцкай знешняй палітыкі была дэстабілізацыя становішча ў Польшчы. Галоўным чыннікам гэтага ў 1920-х г. стаў «нацыянальна-вызвольны рух», які разгортвала камуністыч ная агентура сярод беларусаў і ўкраінцаў II Рэчы Паспалітай.
[5]Iskry Skaryny. Praha, lipiec 1931. S. 5.
[6] Яны апублікаваныя: Постановления второй сесии Центрального Исполнительного Комитета БССР VI созыва. Менск, 1924; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (25—29 января 1925 г.). Менск, 1925; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (12—15 октября 1925 г.). Менск, 1925; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (октябрь 1926 г.). Менск, 1926. З гэтых крыніц пастановы апублікаваныя і ў рэцэнзаваным зборніку (с. 58—80, 83-87, 129-135). Яшчэ раней, у ліпені 1923 г., ЦБ КП(б)Б распрацавала «платформу па нацыянальным пытанні», якая залучала шэраг мераў па шырокай беларусізацыі ў рэспубліцы (14—15).
[7] У прадмове Р. Платонаў спрабуе давесці, што «да беларусізацыі ў рэспубліцы падыходзілі паступова, па меры ліквідацыі цяжкіх вынікаў грамадзянскай вайны, пазбаўлення ад бандытызму, вывядзення народнай гаспадаркі з крызіснага стану, падвядзення пад гэтую палітыку неабходнай эканамічнай базы, стварэння кадравых перадумоў» (10). Але калі цяжкасці, адсутнасць базы і перадумоў спынялі бальшавікоў, асабліва ў ідэалагічных кампаніях? Старт палітыкі беларусізацыі ў 1924 г. тлумачыцца не гэтым, а загадам Масквы. З 1924 г. у СССР, паводле пастаноў X і XII з’ездаў РКП(б), пачала праводзіцца палітыка каранізацыі, складнікам якой і сталася палітыка беларусіза цыі. Платонаў згадвае пра гэта (13), але неяк мімаходзь.
[8] У беларускай навуцы, як афіцыйнай, так і неафіцыйнай, канферэнцыя падаецца як вялізнае навуковае дасягненне беларускай лінгвістыкі, але гэта рэлятыўна. Шмат прапаноў ці выступленняў на ёй не мелі навуковай вартасці, а некаторыя з іх нават былі чыстай фантастыкай (праўда, большай навуковасцю ў СССР тады не магло пахваліцца ніводнае мерапрыемства падобнага кшталту). Навуковыя задачы, якія ўлады ставілі перад канферэнцыяй, былі ў асноўным практычнага характару: ад канферэнцыі ў галіне правапісу яны патрабавалі «поставить вопрос практически и упростить» (104).
[9] Важнасць таго ці іншага этнасу вызначалася яго стратэгічным значэннем для савецкай дзяржавы: колькасцю і геаграфіяй — размяшчэннем пры мяжы з варожымі краінамі. Таму «іншародцы» ўнутры Расіі нават і з высокім узроўнем нацыянальнага руху да рэвалюцыі (напрыклад, татары) не атрымалі статусу саюзнай рэспублікі, тады як народам, што ляжалі на мяжы з «варожым» атачэннем (напрыклад, туркмены), пашанцавала нашмат больш, хоць патрабаванні іх нацыянальных эліт былі на той час непараўнальна сціплейшымі.
[10] Калі ў 1921 г. была ўтворана ССРБ, то яе абмежавалі адной Мiнскай губерняй (нават без Рэчыцкага павету), а астатнія этнічна беларускiя абшары шчодра аддалі РСФСР, а таксама Лiтве і Польшчы, якія Масква бачыла ў перспектыве савецкімі (ці прасавецкімі) рэспублiкамі.
[11] Гл. напрыкл.: Гесь А. Калінінская акруга: Хроніка беларускага культурнага жыцьця 1920-х гадоў // Спадчына. 2001. № 3. С. 3—49.
[12] Гл.: Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000. С. 62; Вялікі А. Чырвоная беларусізацыя // Спадчына. 2001. № 3. С. 50—51. Нават Р. Платонаў у сваёй прадмове, абапіраючыся на неапублікаваныя дакументы пачатку 1920-х гг., спрабуе давесці, быццам «партыя» ставіла пытанне аб пашырэнні ўжытку беларускай мовы і да 1924 г. (10—12, 13—15). Сапраўды, такое пытанне асобнымі камуністамі-беларусамі ставілася, але ніякія патрабаванні нешматлікіх беларускіх нацыянал-камуністаў не здолелі б прымусіць спрэс русіфікаваную і апантаную шавінізмам КП(б)Б да беларусізацыі, калі б на тое не было дазволу і нават патрабавання маскоўскага кіраўніцтва. Таксама мае рацыю А. Вялікі (цыт. публ. у «Спадчыне», с. 51), калі даводзіць, што нацыянальная праца мала турбавала партыйнае кіраўніцтва на пачатку 1920-х г.
[13] Праўда, Р. Платонаў у сваёй прадмове, здаецца, лічыць ініцыятарам палітыкі беларусізацыі адну толькі кампартыю Беларусі, але з гэтым нельга згадзіцца. Хоць яна была манапольным кiраўнiком Савецкай Беларусi, але самастойнай i незалежнай партыяй не з’яўлялася. У кадравых i iдэалагiчных пытаннях яна цалкам падпарадкоўвалася РКП(б) / ВКП(б), якая разглядала КП(б)Б як сваю рэгiянальную арганiзацыю, няспынна тасавала яе кіраўніцтва і прадвызначала аб’екты ды кірункі асноўных ідэалагічных і палітычных акцый. Таксама і палітыка беларусізацыі распачалася (як і скончылася) з падачы маскоўскага кіраўніцтва.
[14] Памылкова А. Вялікі ў «Спадчыне» (с. 52—61) тлумачыць гэта шавіністычным байкотам на месцах — але пра такі байкот ганебнай бюракратыі казаў яшчэ Ленін. Савецкі кіраўнічы аппарат, асабліва ў 1920-я— 30-я г., вызначаўся няўмельствам і прафесійнай некампетэнтнас цю. У выпадку з беларусізацыяй «цэнтр» ставіў нерэальныя і супярэчлівыя задачы, якія «месцы» проста не ў стане былі выканаць.
[15] А. Вялікі ў сваім артыкуле ў «Спадчыне» (с. 62) указвае, што беларусізацыя праводзілася яшчэ напачатку 1930-х г.
[16] Р. Платонаў разглядае гэтую барацьбу як супрацьстаянне дзвюх сіл: нацыянальна арыентаванай і звышінтэрнацыяналістычнай (12, 22—24), але такая тэрміналогія здаецца не вельмі ўдалай. Барацьба паміж нацыянал-камуністамі і масквафіламі разгарнулася тады ва ўсіх нацыянальных рэспубліках СССР. Негледзячы на беларусізацыю 1920-х г., «фракцыя» Масквы заўжды была моцная ў КП(б)Б, а ў 1930 г. яна канчаткова выціснула нацыянал-камуністаў з улады. З таго часу кампартыя Беларусi да канца XX ст. рэпрадукавала выключна масквафiльскiя кадры. Нават беларусы-камуністы выхоўваліся ў духу зацятай варожасці да «беларускага нацыяналізму» і захаплення «расійшчынай».

Наверх

Ходзін, Сяргей М. Крыніцы гісторыі Беларусі (Максім Шчадровіч)

Снежня 15, 2001 |

Ходзін, Сяргей М. Крыніцы гісторыі Беларусі (гісторыка–генетычнае і кампаратыўнае выву­чэнне) / Вучэбны дапаможнік. Мінск, 1999. 193.

Першы беларускі дапаможнік па крыніцазнаўству расчароўвае. Aдразу выразна кідаецца ў вочы, што аўтар прывязаны да расійскай гісторыі і гістарыяграфіі. З першых жа старонак літаральна навязваюцца расійскія сюжэты ды імёны: царэвіч Дзмітры, Карамзін, Салаўёў, Ключэўскі, цытаты з Сумарокава, Крылова, прыклады з савецкай гістарыяграфіі… Але ж мы дзесяць гадоў пасля Саюзу! Дзесяць гадоў, як заслона рухнула і свет адкрыўся. Студэнты, якім дапаможнік адрасаваны, думаю, пэўна ж ведаюць Гурэвіча з яго „Адысеем“,  чыталі і Ле Гофа і Тойнбі, арыентуюцца ў гістарычнай антрапалогіі і постмадэрнізме — балазе за гэты час  шмат такой літаратуры выйшла ў перакладах і стала агульнадаступнай. Словам, яны ведаюць значна больш за тое, што ёсць у старой расійскай і савецкай гістарыяграфічнай традыцыі, і слушна чакаюць большага ад сучасных дапаможнікаў.

Лёгка заўважаецца і другая асаблівасць выдання: на ім —  адбітак старой эпохі. Пра яе нагадвае як аўтарская лексіка [мяне, прынамсі, уражваюць „феадалы“, „рэакцыйныя феадальныя сілы“ (157), асуджэнне шляхціча за несімпатыю да паказачаных паўстанцаў („аднак сімпатыі Б.Маскевіча не на баку ўдзельнікаў паўстання“ — с. 136), крытыка „эгацэнтрызму“ мемуарыста Яна Цадроўскага (137)  і да т.п.], так і прапорцыі размеркавання тэксту па перыядах і тэмах. Напрыклад, на параграф „Соймавыя матэрыялы ХVI—ХVII ст.“ у падручніку адведзена паўстаронкі (68), а на мемуарную літаратуру найноўшага (фактычна савецкага) часу — больш за 6 старонак (143—149)!

Але першачарговай крытыкі заслугоўвае прынцып адбору літаратуры, ужо неаднакроць заўважаны ў дапаможніках апошніх гадоў, выдадзеных у беларускіх універсітэтах. Хоць аўтар сцвярджае, што „пачынаць пошук неабходна з апублікаваных крыніц“ (13), сваім дапаможнікам ён сам жа і абвяргае гэтае патрабаванне, бо ў змешчаны спіс апублікаваных крыніц, як і ў спіс літаратуры, не ўключаны выданні некірылічным шрыфтам! Нічым неапраўдальны прынцып! У кнізе пра крыніцы гісторыі Беларусі — толькі руска– і беларускамоўныя пазі­цыі! Дзеля дакладнасці скажу, што ў „Публікацыях крыніц“ зроблена адно выключэнне: тут названы „Volumina legum“ (189), а ў спісе літаратуры да ўводзінаў — літоўскамоўная кніга Э.Лаўцэвічуса пра літоўскую паперу ХV—ХVIII ст. (180). Але гэта такая ж незразумелая выпадковасць, як выданні „Archiwum Sapiehów“ А.Прахаскі i „Korespondencja filomatów“ М.Зялінскай (171) сярод спасылак да асноўнага тэксту. Чаму выключэнне зроблена толькі для гэтых малазначных пазіцый? Між тым, атрымалася тое, чаго ў прынцыпе нельга было ўявіць: на гісторыю Беларусі прапанавана глядзець фактычна толькі праз візантыйска–рускую перспектыву! Навошта ж так збядняць сваё мінулае?

Увогуле, у скарыстанай літаратуры, як і ў кнізе ў цэлым, адчуваецца нейкі зададзены мінімалізм. Бо нават у абзацах пра палеаграфію аўтар спасылаецца не на класічныя падручнікі і дапаможнікі, а на такое ж універсітэцкае малатыражнае выданне неспецыяліста па фаху С.Куль–Сяльверставай (19, спас.7).

Лішне казаць, што ў так напісанай кнізе і канкрэтных недахопаў нямала. Спынюся толькі на некаторых, найбольш тыповых.

Ужо ў тэарэтычнай частцы хочацца аспрэчыць некаторыя сцвярджэнні. Так, у дапаможніку напісана, што аб’ект вывучэння — гэта „тое, на што накіравана пазнавальная дзейнасць чалавека“, а прадмет — „канкрэтныя бакі, якасці і адносіны аб’ектаў, якія даследуюцца з пэўнай мэтай у пэўных абставінах і ўмовах“ (10). Але тут жа ў аўтара атрымліваецца, што гістарычныя крыніцы з’яўляюцца і аб’ектам, і прадметам для крыніцазнаўства. Адрозненне павінна быць прыкладна такое, як навуковая дысцыпліна адрозніваецца ад навучальнай.

Зашмат невыразных і цьмяных азначэнняў. Прыкладам, „атрыбуцыя“ — гэта „вызначэнне аўтара“ (16), „са­праўднасць гістарычнай крыніцы“ — гэта тое, што „яна мела месца як гістарычны факт“ (17) (але што такое „гістарычны факт“? — яго дэфініцыя ж таксама праблематычная), „герменэўтыка“ — гэта асобная галіна крыніцазнаўства, якая „мае на мэце вызначыць сэнс, зыходзячы з яго аб’ектыўных (значэнне слоў і іх гістарычныя абумоўленыя варыяцыі) і суб’ектыўных (намеры аўтараў) падстаў“ (16).

Наогул, у дапаможніку ўсё неяк спрошчана, часам да непрымальнасці. Не ведаю, як і ўспрымаць, калі ў падраздзеле „Аналіз гістарычнай крыніцы“ чытаю: „Вывучаючы пісьмовыя крыніцы, гісторык выкарыстоўвае розныя слоўнікі і даведнікі (дыялекталагічныя, тлумачальныя і інш.)“ (15). Дыялекталагічнымі і тлумачальнымі слоўнікамі карыстаецца, спадзяюся, кожны, хто піша і хоча адчуваць мову.

Характарыстыка актавага матэрыялу эпохі ВКЛ, як і соймавых пастаноў, — па–за крытыкай (дарэчы, у параграфе пра соймавыя матэрыялы „Volumina legum“ нават не згаданы — дарма, што гэтае выданне соймавых канстытуцый неяк трапіла ў спіс літаратуры). Не кажу ўжо пра методыку іх аналізу. Аўтар, дарэчы, сам падае кепскі прыклад, неабгрунтавана ставячы пад сумненне аўтэнтычнасць такога важнага дакумента, як акт Крэўскай уніі (55): тут варта як мінімум падаваць аргументы прызнаных спецыялістаў, прычым з абодвух бакоў і з канкрэтнымі спасылкамі на адпаведныя публікацыі.

У раздзеле „Апавядальныя крыніцы“ ёсць параграф „Лацінамоўныя крыніцы ХII—ХIII ст.“, у якім характарызуюцца толькі дзве польскія хронікі і „Хроніка Лівоніі“ Генрыха Латыша (122—123), далей ідуць ісландскія сагі, і потым аўтар пераходзіць да летапісаў. Незразумела, чаму праігнараваны асноўны корпус лаціна– і нямецкамоўных хронік ХIII—ХV ст., якія інфармацыйна для гісторыка Беларусі куды багацейшыя, чым, напрыклад, разгледжаная аўтарам „Хроніка Гала Аноніма“.

Нямала ў дапаможніку і звычайных фактаграфічных памылак і недакладнасцяў. Прыкладам, у 1229 г. паміж Полацкам, Віцебскам і Смаленскам з Рыгай была падпісаная не першая дамова (21), а, хутчэй, трэцяя.

Недакладна патлумачана сутнасць прывілеяў 1432 і 1434 г. (23). Вельмі скажона пракаментавана сутнасць магдэбургіі і практыка яе атрымання гарадамі Беларусі. Факты зусім не сведчаць, што ў ХV—ХVI ст. магдэбургскае права атрымлівалі менавіта „буйныя“ гарады (24). З іншага боку, казаць, што ў прывілеях на магдэбургскае права змяшчаліся „найперш агульныя, характэрныя для многіх гарадоў прававыя нормы “ (25), значыць свядома спрашчаць сутнасць пытання.

Аўтар піша, што Першы Статут ВКЛ (1529 г.) быў створаны на аснове „кадыфікацыі і сістэматызацыі нормаў мясцовага звычаёвага права, пастаноў дзяржаўных і судовых устаноў, прывілеяў“ (26). І ўсё? Але тады ён не быў бы такім прарывам. Важнай крыніцай Статута стала рымскае права, а шмат нормаў запазычана з польскага, чэшскага, нямецкага. Цікава, што і ў якасці крыніцаў другога Статута ВКЛ (1566) аўтар бачыць толькі ранейшыя прывілеі, звычаёвае права і папярэдні звод. Фактычна тое ж сказана і пра Статут 1588 г. (28). Выходзіць, гэта проста рээдыцыі аднаго зводу.

Спробу звязаць асноўную патрэбу падрыхтоўкі новага Статута з „антыфеадальнымі выступленнямі сялянства“ (27) можна аднесці хіба што да кур’ёзаў. Цяжка ўспрымаць  усур’ёз і характарыстыку, дадзеную „Адпіскам“ Філона Кміты–Чарнабыльскага (156).

Незразумелым застаецца прынцып адбору замежных падарожнікаў, якія пакінулі звесткі пра Беларусь (138—139) (да ўсяго, характарыстыку іх запісак аўтар чамусьці пачаў з Джэрома Гарсэя), як і шмат–шмат чаго іншага.

Многа заўваг выклікае выкарыстаная ў кнізе тэрміналогія. Прыкладам, поўнае атаясамленне ўсходнеславянскіх зямель з „рускімі“ (20), што даўно лічыцца недапушчальным у навуковай літаратуры, як і атаясамленне „Маскоўскай“ дзяржавы з „Рускай“ (84). Адначасовае ўжыванне азначэнняў „старабеларуская“ і „старажытнабеларуская“ мова таксама заблытвае чытача, тым больш студэнта. На адной старонцы, нават у адным сказе пішацца то „сойм“, то „сейм“ (68). Наогул, з беларускай мовай аўтар абыходзіц­ца недаравальна самавольна. Чытач спаткнецца тут на выразах кшталту „паводзінскія“ (рус. „поведенческие“) крыніцы (8),  „частка застаўшыхся кніг“ (67), „падрастаючае пакаленне“ (153) і г.д.

Датычна моўнай культуры выдання адзначу яшчэ адну дэталь: у пятай тэме праграмы курса крыніцазнаўства ў характарыстыцы перыёдыкі 1990–х ёсць незалежныя выданні, але слова незалежныя аўтар чамусьці ўзяў у двукоссе (178). Двукоссе можа ўспрымацца вельмі шматзначна, асабліва ў такім дапаможніку.

Максім Шчадровіч

Мінск

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1—2 (Віталь Галубовіч)

Снежня 14, 2001 |


Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1/ Рэд. кал.: Р.П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2000. 266 с.; Вып. 2. 2001. 360 с.

У 2000 г. беларуская гістарычная навука нарэшце атры­мала доўгачаканае выданне, прысвечанае археаграфіі, архівазнаўству і архіўнай справе, крыніцазнаўству, тэксталогіі, гісторыі дзяржаўных устаноў, якое было названа „Беларускі археаграфічны штогоднік“ (БАШ). Два тамы БАШа за 2000—2001 г. ужо сталі заўважнай з’явай айчыннай гістарыяграфіі, але з–за мізэрнага накладу (па­значана толькі 100 асобнікаў) зборнікі недасягальныя нават для спецыялістаў і бібліятэк правінцыйных ВНУ.

Выданне рыхтуецца сумесна супрацоўнікамі створанай у 1999 г. Археаграфічнай камісіі Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Беларускім навукова–даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы. Неабходна адзначыць, што БАШ з’яўляецца першай рэалізаванай спробай беларускіх архівістаў заснаваць уласны часопіс. Намаганні айчынных навукоўцаў пачатку 30–х г. ХХ ст., як вядома, скончыліся беспаспяхова (Вып. 1, с. 3), а ў 50—80–я г. ХХ ст., калі не існавала нават асобнага гістарычнага часопіса для БССР, такі тэматычны перыёдык не меў перспектываў.

Адметнасцю БАШа як спецыялізаванага выдання з’яўляецца больш шырокая праблематыка публікацый у адрозненне ад аналагічных замежных выданняў, што выклікана адсутнасцю на Беларусі традыцыі падрыхтоўкі такіх перыё­дыкаў, недахопам спецыялістаў і сродкаў (Вып. 1, с. 3—4). У адпаведнасці з пастановай Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2000 г. БАШ мае наступную тэматычную структуру: артыкулы, пры­свечаныя тэорыі, гісторыі і методыцы археаграфіі, архіва­знаўства, дакумента­знаўства і крыніцазнаўства; агляды і апісанні архіўных фондаў і калекцый гістарычных дакументаў; публікацыі дакументаў; матэрыялы па гісторыі дзяржаўных устаноў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў; матэрыялы па краязнаўстве; матэрыялы пра аўтаматызаваныя архіўныя тэхналогіі і электронную дакументацыю; інфармацыя пра архівазнаўства за мяжой; бібліяграфія, рэцэнзіі, хроніка, юбілеі (Вып. 1, с. 4). Але, як відаць з першых выпускаў, пошук структуры выдання працягваецца.

Цэнтральная тэматычная частка штогодніка — раздзел „Археаграфія“. У двух першых нумарах выдання друкуюцца матэрыялы М. Шумейкі, прысвечаныя станаўленню беларускай археаграфіі ў ХIХ— пач. ХХ ст. Аўтар аналізуе пераважна ўжо добравядомыя археаграфічныя выданні таго часу. Думаецца, што гэтая публікацыя стане пачаткам серыі матэрыялаў па гісторыі археаграфіі. На сённяшні дзень было б мэтазгодна ў большай меры засяродзіць увагу на археаграфічным вывучэнні тых публікацый дакументаў, у тым ліку перыядычных, якія не трапілі ў вядомую манаграфію М. Улашчыка і толькі згадваюцца ў працы М. Шумейкі. Даўно наспеў час зрабіць грунтоўны абагульняльны аналіз публікацый дакументаў па беларускай гісторыі, якія падрыхтавалі польскія навукоўцы ў ХIХ—ХХ ст.

У раздзеле „Археаграфія“ звяртае на сябе ўвагу артыкул У. Казлова і А. Міхальчанкі „Некаторыя пытанні археаграфіі як гістарычнай дысцыпліны“, змешчаны ў другім выпуску штогодніка. Гэты матэрыял, па словах галоўнага рэдактара першых выпускаў БАШа Р. Платонава, з’яўляецца першай у краіне за апошнія гады публікацыяй, прысвечанай тэарэтычна–метадалагічным і метадычным праблемам археаграфіі (3). Як пазначаюць самі аўтары, у артыкуле была зроблена спроба адшукаць „законы альбо заканамернасці ў той сферы чалавечай жыццядзейнасці, якую вывучае археаграфія“ (6). З трох частак артыкула першая прысвечана характарыстыцы археаграфіі як навуковай дысцыпліны, дзе У. Казлоў і А. Міхальчанка спыніліся на асноўных археаграфічных паняццях і ахарактарызавалі гістарычныя этапы станаўлення археаграфіі. У другой частцы артыкула „Асновы археаграфічнай тэорыі“ вызначаюцца прадмет і аб’ект археаграфіі, прынцыпы выяўлення і сістэматызацыі, крытэры фільтрацыі і выбару асноўнага тэксту дакумента для дакументальнай публікацыі, а таксама прынцыпы перадруку тэксту ды інфармацыйнага суправа­джэння дакументаў для дакументальнай публікацыі. Асобна даецца тыпалогія археаграфічных выданняў. Аўтары адзначаюць, што „найбольш важнай заканамернасцю дакументальнай публікацыі з’яўляецца яе біпалярнасць. З аднаго боку, яна заклікана забяспечыць найлепшае набліжэнне да самога дакумента, а з другога — найбольшае набліжэнне дакумента да карыстальніка. Аднак гэтая біпалярнасць не антаганістычная, а арганічная. Нават парушэнне раўнавагі біпалярнасці, напрыклад, свядомыя і несвядомыя скажэнні тэксту дакумента, недакладныя каментары і інш., з’яўляецца ўсяго толькі зменай тыпу дакументальнай публікацыі“ (14—15). Апошняя частка артыкула прысвечана такой спецыфічнай заканамернасці існавання дакументальных публікацый, як узаемадзеянне апошніх з грамадскай свядомасцю.

Сярод іншых публікацый раздзела „Археаграфія“ неабходна адзначыць таксама матэрыялы Г. Запартыкі, прысвечаныя гісторыі калекцыі аўтографаў з Бібліятэкі і музея старажытнасцяў А. Ельскага ў Замосці (Вып. 1), а таксама агляд археаграфічных і архівазнаўчых публікацый у часопісе „Архівы і справаводства“, які зрабіў С. Асіноўскі (Вып. 2).

Другі асноўны раздзел БАШа ўтрымлівае матэрыялы, датычныя архівазнаўства і архіўнай справы. У першым выпуску выдання свае развагі адносна кірункаў развіцця архіваў на Беларусі прапанаваў А. Міхальчанка. Аўтар адзначае, што «само слова „архіў“ больш не мае адназначных адносін толькі да паперы» (57), а ў працы архівіста паўстае адной з асноўных задач выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій (60). Абсалютна слушнай падаецца думка пра неабходнасць стварэння фонду копій дакументаў айчынных і замежных архіваў шляхам сканавання (61), але ў сённяшняй сітуацыі з айчыннай навукай хіба актуальнейшым будзе стварэнне фонду падтрымкі беларускай археаграфіі. Значную цікавасць выклікае артыкул С. Жумара „Публікацыі архіўных даведнікаў на Беларусі ў 1990–х г.“. У да­следаванні крытычна аналізуюцца дасягненні айчынных архівістаў у справе падрыхтоўкі архіўных даведнікаў за апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст. Ацэньваючы станоўча сам факт з’яўлення новых даведнікаў, С. Жумар канстатуе наяўнасць шматлікіх недахопаў. Падсумоўваючы агляд публікацый, аўтар адзначае, што пачатак ХХI ст. будзе характарызавацца пэўным запавольваннем актыўнасці ў разгляданай сферы, але якасць выданняў палепшае (90). У гэты ж раздзел першага выпуску БАШа ўвайшоў агляд дакументальных матэрыялаў фонда „Радзівілы, князі“ А. Галубовіч, артыкул С. Рыбчонка, прысвечаны праблеме перапісу яўрэйскага насельніцтва на Беларусі ў другой палове ХIХ ст. і інш.

Раздзел „Архівазнаўства і архіўная справа“ ў другім выпуску штогодніка пачынаецца з артыкула С. Жумара „Архіў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі“. С. Жумар адзначае: „Відавы склад дакументаў архіва дастаткова аднародны, так як АІГ — гэта, па сутнасці, калекцыя ўспамінаў былых партызанаў, вайскоўцаў, падпольшчыкаў“ (73). Толькі нязначную частку архіва складаюць аўтэнтычныя дакументы часоў Другой сусветнай вайны (75). Сам архіў, які пачаў фармавацца з 50–х г. ХХ ст. дзякуючы намаганням члена–карэспандэнта, а потым акадэміка АН БССР І. Краўчанкі (75), увесь час свайго існавання пакутваў ад адсутнасці ўліку і забеспячэння захаванасці дакументаў, з–за чаго значная колькасць дакументаў была страчана (79). С. Жумар мяркуе, што на сённяшні дзень у архіўнай калекцыі захоўваецца больш за 1000 успа­мінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны (80). Сярод іншых цікавасць выклікае таксама публікацыя „Дакументальныя матэрыялы XVI—XVIII ст. у фондах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі“, падрыхтаваная Г. Брэгерам і Л. Лінскай. Гэтым матэрыялам, дарэчы, распачынаецца праца па публікацыі археаграфічнага апісання дакументаў XVI—XVIII ст. з фондаў НМГКБ. Тут дадзена характарыстыка 46 дакументаў, большасць якіх паходзіць з родавых архіваў Слізняў і Быхаўцаў (102). У артыкуле В. Пазднякова «„Беларуская энцыклапедыя“ і архівы: здабыткі і праблемы супрацоўніцтва» звернута ўвага на факты і матэрыялы з айчынных і замежных архіваў, якія ўпершыню былі апублікаваны на старонках „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“. Аўтар акрэслівае кола асоб (архівістаў, гісторыкаў), чый персанальны ўнёсак у стварэнне энцыклапедыі асабліва заўважальны.

Асобная частка зборніка прысвечана праблемам крыніцазнаўства. Магчыма, менавіта дадзены раздзел стане падмуркам для з’яўлення асобнага крыніцазнаўчага выдання, паколькі іншага шляху для хутчэйшага развіцця гэтага перспектыўнага кірунку айчыннай гістарычнай навукі няма. Сумарна ў раздзеле „Крыніцазнаўства“ ў двух выпусках БАШа змешчана восем артыкулаў. Распачынаецца раздзел матэрыялам Г. Кісялёва „Над старымі радкамі“, дзе аўтар знаёміць чытача з досведам уласнай працы ў НГАБ у Мінску і непасрэднымі вынікамі пошукаў, на якіх заснаваны шматлікія публікацыі даследчыка. Наступны артыкул раздзела належыць галоўнаму рэдактару БАШа Р. Платонаву. На падставе аналіза крыніц аўтар прапануе ўласнае бачанне cутнасці, прызначэння і этапаў правядзення працэсу беларусізацыі ў 20–х г. мінулага стагоддзя. Актуальнасць працы Р. Платонаў абгрунтоўвае адсутнасцю манаграфічных даследаванняў дадзенай праблемы (127). Р. Платонаў сцвярджае, што беларусізацыя была ў значнай ступені спробай кіраўніцтва КП(б)Б адхіліць беларускую інтэлігенцыю ад уплыву на сялянства (129). Адзначаецца, што беларусізацыя „стала дзецішчам нацыянальна–арыентаванай часткі КП(б)Б, якая ў 1920–я г. выступала своеасаблівым рухавіком вырашэння ў рэспубліцы нацыянальнага пытання“ (138), а згортванне яе было „вынікам сілавых дзеянняў, прамых і тайных, звышінтэрнацыяналісцкага крыла, якое на рубяжы 1920—1930 г. ператварылася ў непадзельна пануючае“ (150). У першым выпуску БАШа змешчаны агляд гістарыяграфіі і крыніц па праблеме палітычных рэ­прэсій на Беларусі ў 1920—1950–х г. У. Адамушкі. Аналізуючы дакументальныя багацці асобных архіваў, У. Адамушка адзначае, што толькі ў архівах Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь захоўваецца звыш 175 тыс. спраў у адносінах 250 тыс. чалавек, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій (162). Аўтар звяртае ўвагу на наяўнасць імянной картатэкі на болей чым 150 тыс. рэпрэсаваных асоб, якая была створана ў Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводстве РБ, на падставе якой былі складзены ў 1991—1997 г. спісы ахвяр палітычных рэпрэсій па асобных гарадах і раёнах краіны (162—163).

З матэрыялаў раздзела „Крыніцазнаўства“, якія ўвайшлі ў другі выпуск БАШа, вылучаецца, на нашу думку, артыкул В. Насевіча „Комплекс дакументаў да гісторыі адной беларускай мікрапапуляцыі“. Праведзенае даследаванне мае значную каштоўнасць у якасці ілюстрацыі крынічных рэсурсаў і кірункаў пошуку звестак па гісторыі невялікіх паселішчаў. Ёсць падставы для выкарыстання артыкула В. Насевіча ў якасці дадаткаў да курса „Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі“. Тры наступныя артыкулы другога выпуску закранаюць розныя аспекты Другой су­светнай вайны на Беларусі: Я. Бараноўскі аналізуе дакументы па гісторыі мінскага падполля, Э. Іофэ — зборнікі дакументаў па праблеме Халакоста, апублікаваныя на Беларусі, а І.Варанкова разглядае частку эпісталярнай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, раней не ўведзеную ў навуковы зварот, якая складаецца з нямецкіх лістоў.

Раздзел „Тэксталогія“ прадстаўлены ў БАШы двума артыкуламі. У першы выпуск увайшоў артыкул М. Мушынскага „Першы поўны збор твораў Янкі Купалы: канцэпцыя выдання і яе практычнае ўвасабленне“, а ў другім выпуску змешчаны артыкул Т. Біндзіч „Рукапісная беларуская лацінка“, у якім аўтарка актуалізуе праблему вывучэння беларускай (старабеларускай) лацінкі.

Істотна адрозніваецца першы і другі выпуск БАША памерамі раздзела „З гісторыі дзяржаўных устаноў“. Першы зборнік змяшчае толькі артыкул У. Ракашэвіча, прысвечаны такой спецыфічнай установе, як Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецтва БССР у 1923—1991 г., сярод функцый якой былі і цэнзурныя. У другім выпуску зборніка раздзел „З гісторыі дзяржаўных устаноў“ складаецца ажно з сямі розных матэрыялаў: А. Груша аналізуе інфармацыйныя элементы фармуляра дакументаў канцылярыі ВКЛ 40–г. XV — першай паловы XVI ст. (адзнака пра асоб, якія былі сведкамі прыняцця рашэння аб выдачы дакумента ці аддавалі загад аб яго падрыхтоўцы, подпісы вялікага князя, канцлера і інш.), С. Рассадзін прэзентуе адшуканы ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве прывілей 1643 г. на магдэбургію м. Казімежу ў Бабруйскім старастве, З. Яцкевіч закранае пра­блему набілітацыі мяшчан у ВКЛ, І. Шпілеўская звяртаецца да гісторыі мытнай службы Мінска XV—XVI cт., У. Ракашэвіч дае агляд дзейнасці Дзяржаўнага арбітража БССР за 1921—1991 г., Р. Платонаў характарызуе стан валодання беларускай мовай кіраўнічай элітай БССР ў 20–я г. ХХ ст., М. Бандарэнка асвятляе праблему беларусі­зацыі ў вайсковых частках Чырвонай арміі ў 1920—1930–я г.

Другі выпуск БАШа ўтрымлівае шэраг новых раздзелаў. У раздзеле „Постаці“ Г. і А. Запартыкі друкуюць унікальны матэрыял — частку „Формулярного списка о Священноцерковнослужителях, с их семействами, церкви Собственнаго Его Императорского Величества Дворца за 1850 год“, прысвечаную знакамітаму беларускаму гісторыку і археографу І. Грыгаровічу. Збярогся гэты дакумент у асабістым архіве сям’і Грыгаровічаў, а цяпер захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (260). Вялікія перспектывы для БАШа мае раздзел „У замежных архівах“. С. Новікаў, аўтар адзінай публікацыі, якая ўвайшла ў дадзены раздзел, зрабіў агляд архіўных фондаў Федэральнага ваеннага архіва Германіі (Bundesarchiv–Militärarchiv) у Фрайбургу, якія адлюстроўваюць нямецкую акупацыйную палітыку на Беларусі ў 1941—1944 г. Аналізуючы найбагацейшыя зборы фрайбургскага архіва, С. Новікаў адначасова адзначыў, што ў фондзе міністэрства Розенберга ўтрымліваецца ўдвая менш дакументаў, чым у Расійскім дзяржаўным ваенным архіве ў Маскве, а аналагічны нямецкаму фонд Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзе захоўваюцца дакументы аб дзейнасці генеральнага камісара Кубэ, складаецца з 3421 справы, у той час як у Фрайбургу на ўліку знаходзяцца толькі 18 спраў (270). С. Новікаў таксама заўважае, што выкарыстанне даследчыкамі фондаў Федэральнага ваеннага архіва для вывучэння шматлікіх праблем гісторыі Беларусі 1941—1944 г. „можна лічыць бясспрэчным фактам сучаснай нямецкай гістарыя­графіі“ (275—276).

Найбольш разнастайны і стракаты па змесце раздзел БАШа атрымаў назву „Дакументы“. Раздзел укамплектаваны пераважна адносна невялікімі тэматычнымі публікацыямі дакументаў з адпаведнымі каментарамі. Так, у першы выпуск штогодніка ўвайшлі: публікацыя акта аб раздзеле маёмасці Брагіна ў 1574 г. (М. Спірыдонаў), дакумент з Метрыкі па гісторыі справаводства канцылярыі ВКЛ першай паловы XVI ст. (А. Груша), шэраг матэрыялаў аб паўстанні 1794 г. (Я. Анішчанка), дакументы, якія засведчваюць факты катаванняў у турмах і лагерах пад час польскай акупацыі Беларусі ў 1919—1920 г. (Р. Платонаў), два новыя дакументы, датычныя М. Доўнара–Запольскага, адшуканыя ў НАРБ у Мінску (В. Селяменеў). У другім выпуску БАШа апублікаваны: чатыры канфірмацыйныя прывілеі з Метрыкі ВКЛ часоў Жыгімонта I Старога і Жыгімонта II Аўгуста (В. Мянжынскі, Ю. Несцяровіч), аўтабія­графічная нататка М. Доўнара–Запольскага пра яго службовую і навуковую дзейнасць (В. Лебедзева), урывак з успамінаў загадчыка партархіва ЦК КП(б)Б Ф. Папова аб эвакуацыі партархіва ў г. Уфу на пачатку Вялікай Айчыннай вайны (В. Свярчкоў), а таксама паведамленне С. Жумара пра знаходку ў НАРБ у Мінску страчанага яшчэ ў гады акупацыі (1941—1944 г.) дакумента аб масонах на Беларусі з фондаў Дзяржаўнага музея БССР.

Значны аб’ём БАШа займаюць інфармацыйныя раздзелы — „Бібліяграфія. Рэцэнзіі. Інфармацыя“, „Хроніка“, некралогі: у 1 вып. aгулам 29 с., у 2 вып. — 49 с. Выданне забяспечана паказальнікам спіса аўтараў.

На вялікі жаль, прафесар Р. Платонаў,  плёнам працы якога і быў „Беларускі археаграфічны штогоднік“, у 2001 г. пакінуў гэты свет.

Віталь Галубовіч

Наваполацк

Наверх

Belarus: Between the East and the West (Cяргей Запрудскі)

Снежня 13, 2001 |

Belarus: Between the East and the West // International Journal of Sociology. Fall 2001. Vol. 31. No. 3. 93 p.; Winter 2001—2002. Vol. 31. No. 4. 91 p.

У двух нумарах „Міжнароднага часопіса сацыялогіі“, укладзеных супрацоўніцай кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта Ганнай Энгелькінг і аб’яднаных агульным загалоўкам „Беларусь: паміж Усходам і Захадам“, змешчаны працы васьмі польскіх і беларускіх аўтараў, прысвечаныя розным праблемам гістарычнага і сучаснага быцця Беларусі. Абодва нумары адкрываюцца ўступнымі словамі рэдактаркі, у якіх яна знаёміць чытача (меркавальна перадусім заходняга) са спецыфікай беларускай сітуацыі і зместам нумароў. Рэдактарка зазначае, што Беларусь вельмі мала ведаюць — прычым не толькі на Захадзе, але і ў суседніх краінах. Што да Захаду, то там нярэдка бытуюць спрошчаныя ўяўленні, згодна з якімі Беларусь ёсць усяго толькі нешта накшталт „малой Расіі“. Між тым геапалітычнае становішча Беларусі вельмі важнае і яно можа служыць падставай як для паспяховага развіцця ў будучыні, так і для стварэння вялікай пагрозы — „не толькі для Беларусі, але таксама для Еўропы і ўсяго свету“.

Першы беларускі выпуск адкрываецца артыкулам доктара філасофіі Рышарда Радзіка з Інстытута сацыялогіі Люблінскага універсітэта „Беларусь паміж Усходам і Захадам: савецка–расійскі выбар versus нацыяналістычны выбар у беларускім грамадстве“. Гэта найбольшая праца з усіх надрукаваных, яна выконвае функцыі асноўнай публі­кацыі для ўсяго цыкла. Р.Радзік робіць спробу растлумачыць, хто такія беларусы і якія гістарычныя, культурныя і палітычныя ўмовы сфармавалі аблічча сучаснага беларускага грамадства як грамадства, размешчанага паміж Усходам і Захадам. Беларускае грамадства, паводле Радзіка, аформілася вакол комплексу савецкіх каштоўнасцяў, а не вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і салідарнасці. Рысамі, якія сягаюць у расійскую і савецкую гістарычную спадчыну, з’яўляецца прыняцце расійскай мовы як агульнай мовы беларускага грамадства, асаблівая чуйнасць да класавых праблем, сацыяльная роўнасць і залежнасць краю ад Расіі. Але існуе і іншая (хоць і намнога слабейшая), нацыянальная арыентацыя, скіраваная не толькі да нацыянальнага самавыяўлення, але і да Захаду і заходніх дэмакратычных каштоўнасцяў. З аднаго боку, працяглае знаходжанне ў рамках расійска–савецкай арыентацыі спрыяла выпрацоўцы і ўкараненню ў беларускім грамадстве такіх рысаў як яго плебейскі характар, патэрналісцкі менталітэт і прыняцце аўтакратычнага кіравання. З другога, стаўленне беларусаў да Расіі не адназначнае, апошнім часам назіраецца ўсё большае імкненне падтрымаць фармальную незалежнасць Беларусі, якое, аднак, парадаксальна спалучаецца з жаданнем захаваць агульнанацыянальны характар расійскай мовы і пэўны расійскі адбітак у культуры. На думку Радзіка, „будучыня Беларусі ў значнай ступені знаходзіцца ў расійскіх руках“, а заўсёднае „прамежкавае“ становішча Беларусі паміж дзвюма моцнымі сутнасцямі і нязначная падтрымка грамадствам нацыянальнай і праеўрапейскай арыентацыі даюць падставы прадказваць, што ў агляднай будучыні „палітычна сталая і самабытная беларуская нацыя“ не адбу­дзецца.

Артыкул Юрыя Туронка „Паміж Візантыяй і Рымам: аб прычынах рэлігійных і культурных адрозненняў у Беларусі“ прысвечаны асэнсаванню месца і ролі ў жыцці беларускага грамадства цягам гісторыі каталіцызму і праваслаўя. Аўтар паказвае сацыяльную і геаграфічную дыферэнцыяцыю ў сярэднія вякі паміж вернікамі гэтых канфесій, характарызуе дынаміку зменаў канфесійнай структуры насельніцтва. У 80–я г. XVIII ст. каталікі складалі 15% насельніц­тва Беларусі (а праваслаўныя толькі 6%), за Паўлам I і Аляксандрам I іх доля яшчэ больш павялічылася, аднак урэшце расійская царкоўная палітыка прывяла да таго, што на працягу другой паловы XIX ст. праваслаўныя ўзялі верх, — і гэтую перамогу Ю.Туронак характарызуе як „гістарычную“. Ва ўмовах канфесійнага расколу беларусаў спроба стварыць у 1917—1918 г. незалежную беларускую дзяржаву, паводле аўтара, не магла быць паспяховай, бо „ўнутраная варажнеча працавала супраць такога выбару“. У ХХ ст. доля каталікоў у Беларусі яшчэ больш скарацілася, і гэта зрабіла край больш арыентаваным на Ўсход, чым гэта калі–небудзь было ў яго гісторыі. Арыентаваная на Ўсход большасць Беларусі будзе мець, паводле Туронка, вызначальны голас у фармаванні будучыні беларускага народа.

Рэлігійныя праблемы разглядаюцца і ў артыкуле „Беларускі нацыяналізм і сутыкненне цывілізацый“ супрацоўніка кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта Алега Латышонка. Услед за Самуэлем Гантынгтанам Латышонак залічае Беларусь да ліку так званых расшчэпленых краін. Рэлігійны падзел насельніцтва на праваслаўную большасць і каталіцкую меншасць быў і застаецца вялікай праблемай для беларускага нацыянальнага руху. Аўтар зазначае, што беларускі нацыяналізм ад пачатку паспяхова развіваўся толькі ў рэлігійна змешаных рэгіёнах (на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі), але амаль не існаваў у аднародных — як каталіцкіх, так і праваслаўных — мясцовасцях. Аўтар разглядае спробы заходнебеларускіх дзеячоў 1920–х г. абаперціся на неапратэстантызм як кансалідуючую сілу.

Рэлігійны фактар адыграў сваю ролю і пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці ў 1990–я. Паводле аўтара, на пачатку 90–х каталікі валодалі ў Беларусі большай палі­тычнай уладай, чым праваслаўныя, і, як паведамляецца ў артыкуле, беларускія дзеячы ў Польшчы бачылі ў гэтым пагрозу для беларускага нацыянальнага руху і папярэджвалі на гэты конт лідэраў беларускага руху ў Беларусі. Грубай памылкай аўтар лічыць выказаныя тагачасным лідэрам БНФ З.Пазняком публічныя абразлівыя заўвагі на адрас Расіі і праваслаўнага Ўсходу. А.Латышонак звяртае ўвагу на сённяшні імклівы рост пратэстантызму ў Беларусі і сцвярджае, што сёння больш падстаў лічыць Беларусь краем трох, а не дзвюх канфесій. Канфесійная трыхатамія, паводле Латышонка, падвядзе лепшы грунт пад беларускі нацыяналізм, які зможа ў гэтай сітуацыі з большым поспехам узвысіцца над рэлігійнымі антаганізмамі.

Аўтар працы „Беларускі шлях да сучаснасці“, вы­кладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта Павел Церашковіч лічыць, што сярод краін Усходняй Еўропы Беларусь займае вельмі спецыфічнае месца. У многіх адносінах Беларусь была найменш рэфармаванай часткай былога Савецкага Саюза, адпаведна, няма падстаў лічыць, што сённяшняе вельмі павольнае разгортванне ў Беларусі рынкавых рэформаў, захаванне „сацыялістычных“ грамадскіх структур і выразна антызаходняя знешняя палітыка выпадковыя — папраўдзе, гэта свядомы выбар значнай часткі беларускага насельніцтва. Гэтаксама прадуктам зусім свядомага выбару з’яўляецца і абыякавасць да праблем нацыянальнай ідэнтычнасці і дзяржаўнай незалежнасці. Церашковіч бачыць карані сённяшніх праблем у далёкай гісторыі, звязанай з тым, якім чынам Беларусь улучалася ў працэсы мадэрнізацыі. Аўтар паслядоўна разглядае працэсы мадэрнізацыі Беларусі ў XVI, XIX ст., у 1920—1950–я, нарэшце, у 1960–я — першай палове 1980–х г. П.Церашковіч мяркуе, што Беларусі яшчэ трэба прайсці свой шлях да сучаснасці.

У артыкуле „Беларуская мадэль трансфармацыі: рэжым Аляксандра Лукашэнкі і настальгія па савецкай мінуўшчыне“ палітолаг Валерый Карбалевіч сцвярджае, што беларусь дэманструе прыклад таго, што здзейсненыя на пераломе 80—90–х г. дэмакратычныя змены не абавязкова з’яўляюцца незваротнымі. За Савецкім Саюзам Беларусь была своеасаблівай „вітрынай сацыялізму“, а нізкая нацыянальная самасвядомасць была характэрнай рысай беларускага грамадства. На пачатку 90–х Беларусь атрымала незалежнасць насуперак жаданню большасці насельніцтва і кіраўнічых элітаў, а грамадства аказалася непадрыхтаваным да рэформаў, распачатых Гарбачовым.

Перамогу А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. аўтар разглядае як народную рэвалюцыю. Неўзабаве пасля выбараў ідэалогія нацыянальнага беларускага адраджэння была заменена на ідэалогію панславізму, а пераварот 1996 года ўсталяваў адзінаўладдзе прэзідэнта. У выніку ў другой палове 90–х у грамадстве адбыўся раскол, у цэлым грамадства ўсё больш атамізуецца. Усталяваная ірацыянальным шляхам мадэль дзяржаўна–эканамічнага кіравання ў Беларусі, паводле Карбалевіча, не мае перспектывы, яна асуджана на пастаянны сацыяльна–эканамічны крызіс, які, аднак, не можа быць вырашаны ў межах гэтай мадэлі.

У артыкуле „Краіна, якая амаль асуджана на няўдачу“ эканаміст і сацыёлаг, кіраўнік даследчага цэнтра Міністэрства фінансаў Міхаіл Залескі аналізуе эканамічную і дэма­графічную сітуацыю ў Беларусі  ў апошнім дзесяцігоддзі. Паводле аўтара, дзяржава вельмі моцна ўплывае на ўздым або, наадварот, заняпад эканамічнага жыцця. Нязменны аб’ём прыродных рэсурсаў і рэзкія ваганні насельніцтва пад уплывам знешніх чыннікаў ствараюць асаблівы тып бачання свету і эканамічнай стратэгіі. У Беларусі, аднак, рэвалюцыя, войны, будаўніцтва камунізму і Чарнобыль амаль разбурылі канвенцыйны свет і канвенцыйны спосаб дзеяння для беларусаў. Ранейшыя спосабы быцця сталіся неэфектыўнымі, і краіна павінна змяніцца. Якім чынам? Спробы кіраваць эканамічным жыццём праз унутраныя законы, паводле аўтара, штораз церпяць крах. Патрэбны грунтоўныя структурныя змены, якія немагчымыя без таго, каб не змяніліся самі людзі. Неабходна свабода; калі ж імкненне да свабоды робіцца лёсам многіх людзей, то свабода для іх хутка робіцца рэальнасцю. Артыкул насычаны шматлікімі лічбамі і графікамі, якія ілюструюць эканамічнае і дэмаграфічнае развіццё Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе.

Праца Ганны Энгелькінг „Менталітэт калгаснікаў“ грунтуецца на палявых этнаграфічных і сацыялінгвістычных даследаваннях, што праводзіліся з 1993 г. у вёсках Гара­дзеншчыны. Даследчыцу зацікавілі прычыны пашырэння сярод вяскоўцаў перакананняў, згодна з якімі „калгасы павінны быць захаваны, бо без іх людзі прападуць“. Энгелькінг паказвае, што ў савецкай сістэме, якая ў значнай ступені захавала структуру феадальных зносінаў, захаваўся і міфалагічны спосаб мыслення, і элементы феадальнага бачання жыцця. У сялянскім жыцці асаблівае месца займаюць стаіцызм, прагматызм і фаталізм, гэтыя рысы дапамагаюць людзям адаптавацца да нялёгкай калгаснай рэчаіснасці. Людзі прымаюць гэтую рэчаіснасць як дадзенасць, бо яны вераць у законнасць устаноўленага парадку рэчаў. З усталяваннем савецкай улады дзяржава ўзяла ў свае рукі кантроль над рэлігійнымі перакананнямі людзей і іх штодзённай сялянскай працай, і сёння людзі з цяжкасцю ўяўляюць, што можа быць інакш. Утварылася своеасаблівае зрашчэнне калгаса і калгаснікаў, пры якім, аказваецца, людзям патрэбен калгас, яны маюць выгоды з яго існавання, а калгасу патрэбны людзі. Гэты сімбіёз уклю­чае таксама мясцовую ўладу і сферу рэлігійнай дзейнасці. У беларускай рэчаіснасці, сцвярджае Энгелькінг, да постфеадальных і постсавецкіх інстытуцый належыць, такім чынам, і царква.

Беларуская падборка завяршаецца працай Яўгена Мірановіча „Стаўленне беларусаў і палякаў да незалежнасці сваіх краін“. Аўтар паказаў розніцу ў адносінах да суверэнітэту з боку беларусаў і палякаў, якая пашыраецца на ўсе слаі грамадства, у тым ліку і на інтэлігенцыю. Толькі на пачатку 90–х г., паводле Мірановіча, усталяванне дзяржаўнага суверэнітэту і спробы пабудаваць дэмакратыю сустрэлі маўклівае адабрэнне ў беларускім грамадстве, але пазней стала пераважаць настальгія па былым, Савецкім Саюзе і жаданне вярнуцца да эканамічнай інтэграцыі з Расіяй.

Беларускія нумары „Міжнароднага часопіса сацыялогіі“ ўяўляюць сабой вельмі добра падрыхтаваныя зборнікі разнастайных матэрыялаў. Аўтары разглядаюць ключавыя праблемы беларускага быцця і імкнуцца паглядзець на блізкую і далёкую гісторыю з нечаканага боку, па–новаму, без шаблонаў і стэрэатыпаў, якія яшчэ даволі моцна пашыраны ў сучаснай беларускай гуманітарнай навуцы. Рэцэнзаваныя нумары, несумненна, будуць вельмі добрым укладам у корпус ангельскамоўнай літаратуры, прысвечанай Беларусі.

Сяргей Запрудскі

Мінск

Język a tożsamość na pograniczu kultur (Ігар Клімаў)

Снежня 12, 2001 |


Język a tożsamość na pograniczu kultur / Pod red. E. Smułkowej i A. Engelking. Białystok, 2000. 257 s. (Prace katedry kultury białoruskiej Uniwersytetu w Białymstoku, 1)

Праца ўяўляе сабой зборнік матэрыялаў аднайменнай канферэнцыі, якая праводзілася ў канцы лістапада 1998 г. на кафедры беларускай культуры універсітэта ў Бела­стоку. У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з Польшчы і Беларусі: у зборніку прадстаўлена 6 аўтараў з Беластоцкага універсітэта і 6 з кафедры беларускай культуры Гарадзенскага універсітэта, 5 аўтараў з Польскай Акадэміі Навук (пераважна з Інстытута славістыкі) і 5 з Варшаўскага універсітэта; апрача таго, удзельнічалі навукоўцы з Мінска (5 аўтараў з розных інстытутаў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі і 3 даклады ад БДУ, а таксама 3 аўтары з іншых устаноў Мінска), 2 аўтары з Апольскага універсітэта (Верхняя Сілезія), па адным аўтары з універсітэтаў Берасця, Гданьска і Любліна. Канферэнцыя аб’яднала сацыёлагаў, этнографаў (спецыялістаў па культурнай антрапалогіі), мовазнаўцаў, гісторыкаў, якія засяродзілі сваю ўвагу пераважна на часах ад XIX ст. да сучаснасці.

Зборнік складаецца з трох тэматычных раздзелаў. Два першыя: «Беларусь і памежжа» і «Параўнальныя і тэарэтычныя кантэксты» змяшчаюць рэфераты (г.зн. тэзісы) і даклады ўдзельнікаў канферэнцыі. У трэцім раздзеле друкуюцца матэрыялы дыскусіі, якія ўдакладняюць пазіцыі аўтараў. Напрыканцы выдання пададзены кароткія заўвагі пра аўтараў, з якіх можна даведацца таксама і пра кола іх навуковых зацікаўленняў.

У першы раздзел увайшлі працы, прысвечаныя моўнай ды этнакультурнай асіміляцыі беларусаў і кшталтаванню сярод іх нацыянальнай самасвядомасці і нацыяналізму. У фокусе даследчыкаў знаходзіцца ўся Беларусь ці асобныя яе заходнія рэгіёны, перш за ўсё Падляшша / Беласточчына. Другая частка зборніка месціць у асноўным тэарэтычныя даклады пераважна лінгвістычнага ці сацыялінгвістычнага характару, непасрэдна не звязаныя з Беларуссю.

У шэрагу прац падаюцца вынікі сацыялагічных абследаванняў на Беларусі. С. Яцкевіч (23—26) аналізуе да­дзеныя розных апытанняў 1990–х г. сярод студэнцтва і настаўніцтва Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Беласточчыны, у якіх рэспандэнтаў прасілі вызначыць фактары страты ці захавання роднай мовы беларусамі. Л. Навуменка (60–70) даследавала ўяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай прыналежнасці і месца роднай мовы сярод іх. Яна прыйшла да высновы, што беларуская мова займае ў такіх уяўленнях зусім не вядучае месца (за выключэннем прафесіяналаў–беларусістаў) і не абумоўлівае кшталтаванне пазітыўнай этнічнай ідэнтычнасці. Гэтая тэма знаходзіць развіццё ў дакладзе С. Запрудскага і Г. Лаўжаля (129—133), дзе аналізуюцца матэрыялы апытання мінскіх студэнтаў па праблеме жыццёвасці беларускай і расійскай супольнасцяў і іх моў на Беларусі. Вынікі гэтага апытання ўжо публікаваліся аўтарамі ў 1998 г., цяпер падаецца іх наступная частка.

Этнастатыстыка заўжды з’яўляецца важным чыннікам фармавання нацыянальнай свядомасці, што робіць яе аб’ектам маніпуляцый і злоўжыванняў з боку ўлад. Таму нядзіва, што рэпрэзентацыя беларускай этнічнасці ў даўнейшых статыстычных крыніцах цікавіць даследчыкаў. П. Церашковіч (11—16) аналізуе этнамоўнае і канфесійнае самакрэсленне стракатага насельніцтва Падляшша (трох паветаў Гарадзенскай губерні) у другой палове XIX— пачатку XX ст. Крыніцай яму служаць парафіяльныя спісы, сабраныя ў 2–й палове 1850–х г. з ініцыятывы П. Кепена, а таксама матэрыялы вядомага агульнарасійскага перапісу 1897 г. Даволі высокі ўзровень самасвядомасці беларусаў Падляшша (каля 35—32% ад усяго насельніцтва) аўтар тлумачыць як параўнальна высокім узроўнем пісьменнасці, так і эфектам памежжа, калі ў кантакце з іншым этнасам уласная этнічная прыналежнасць адчувалася мацней. Шырэй гэтая тэма раскрываецца ў дакладзе С. Токця (101—114), які дае падрабязны агляд шырокага кола этнастатыстычных матэрыялаў па Гарадзенскай губерні за XIX— пачатак XX ст. Да сярэдзіны XIX ст. улады былі не ў стане прафесійна вызначыць этнаструктуру насельніцтва і не мелі дзеля гэтага ясных і дакладных крытэрыяў (103). Звычайна, арыенцірам служыла веравызнанне, аднак з сярэдзіны 1860–х г. погляды царскага ўрада на прыроду этнічнасці мяняюцца. Крытэрыем вызначэння беларусаў становіцца іх моўная і этнаграфічная спецыфіка. Таму пачынаючы з 1860–х г. у афіцыйнай статыстыцы фігуруе тэрмін «беларусы» (108), а губернскія чыноўнікі нават выкрэсліваюць тэрмін «заходнерусы» ў справаздачах сваіх мясцовых падначаленых і замяняюць яго тэрмінам «беларусы» (107). Такім чынам, з канца 1860–х г. гэты тэрмін свядома ўкараняецца царскімі ўладамі ў заходніх губернях, дзе перад тым ён быў амаль невядомы. Аўтар адзначае, што афіцыйная акцэптацыя беларусаў зрабілася фактарам станаўлення нацыянальнай ідэі і ўзростам самасвядомасці сярод беларусаў (108).

Увага шэрагу аўтараў засяродзілася на кірунках і чынніках фармавання беларускай этнічнасці. Я. Мірановіч (51—55) разглядае працэс кшталтавання нацыянальнай свядомасці праваслаўных жыхароў Беласточчыны з пасляваенных часоў. Ён падкрэслівае ролю ў гэтым працэсе праваслаўнага вызнання, якое ў каталіцкай Польшчы захавала асобнасць беларусаў і перашкаджала іх поўнай асіміляцыі. Аднак аўтар сумняецца, ці далучаў гэты фактар да беларускай свядомасці, і мяркуе, што ён спрыяў хутчэй тварэнню «палякаў праваслаўных», г. зн. часткова асіміляванай (паводле мовы) супольнасці. Праваслаўная царква на Падляшшы засталася цалкам індыферэнтнай да беларускай ідэі, а мова (мясцовы беларускі дыялект) у пасляваенны час страціла сваё значэнне як сродак нацыянальнай ідэнтыфікацыі. В. Лабачэўская (32—37) даследуе стан нацыянальнай свядомасці ў асяроддзі гуманітарнай інтэлігенцыі Беларусі, найбольш заангажаванай на мяжы 1980–х — 90–х г. у працэсы нацыянальнага адраджэння. Яе ўвагу прыцягнула этнічна небеларуская частка гэтага асяроддзя, якая ў тыя часы перайшла, вымушана ці свядома, да карыстання (поўнага ці частковага) беларускай мовай і ўтрымала яе нават і пры лукашэнкаўскім рэжыме. Аўтарка тлумачыць гэты пераход разбурэннем імперскай савецкай свядомасці, досыць эфемернай і абстрактнай, і фармаваннем замест яе нацыянальнай свядомасці, больш устойлівай і індывідуальнай. Гэта дазваляе ёй разглядаць нацыятворчы працэс як інтэграцыю рознаэтнічных элементаў вакол аднаэтнічнага ядра ў этнакультурную супольнасць праз мову і іншыя фактары нацыянальнай свядомасці (34). Высновы аўтаркі супадаюць і меркаваннем В. Вярэніча (115), які на прыкладзе „крэсовай пальшчызны“ паказвае кшталтаванне польскай нацыянальнай свядомасці не толькі сярод этнічных палякаў, але таксама літоўцаў і ўсходніх славян, што на працягу некалькіх апошніх стагоддзяў служылі крыніцай папаўнення польскай нацыі за межамі Польшчы (115—128). У адрозненне ад Украіны, дзе супольнасць крэсовых палякаў складвалася пераважна за кошт міграцыі з карэннай Польшчы (118—122), на Беларусі яе фармаванне (122—125) ішло амаль выключна шляхам паланізацыі беларускай і літоўскай шляхты ды мяшчанства (124). Гэтая тэма знаходзіць далейшае развіццё ў другой частцы зборніка, дзе А. Садоўскі (186—201) аналізуе моўныя прыхільнасці палякаў, што жывуць за межамі Польшчы — на Беларусі, Украіне, Румыніі і ў Казахстане. Шмат іншых аўтараў у зборніку таксама даследуюць ступень захвання польскай мовы ў асяродках палякаў на Украіне (К. Фяляшка, 142—151; У. Галяхоўска, 152—154; С. Рудніцкі, 177—179) і Беларусі (Г. Энгелькінг, 17—22).

Асабліва пільна, з улікам падставовай навуковай літаратуры Беларусі і Польшчы, працэс фармавання ў беларусаў нацыянальнай самасвядомасці разгледжаны Р. Радзікам (71—82). Ён канстатуе: нацыянальная свядомасць у беларускага сялянства напачатку не была сфармаванай, што тыпова для аграрных этнасаў, чыя салідарнасць і пачуццё еднасці не працягваецца далей за вёску ці парафію (73—74). Сваю родную мову беларусы трактавалі толькі як інструмент, сродак зносін, а не як сімвал этнічнасці, нацыянальную вартасць. Таму пры змене сацыяльнага асяроддзя яны з лёгкасцю паддаваліся асіміляцыі і пры пераездзе ў горад ахвотна пераймалі мову горада, паколькі яна мела больш прэстыжу, палягчала інтэракцыю ў новым асяроддзі і спрыяла сацыяльнаму ўздыму. Аўтар падкрэслівае, што такі пераход адбываўся негвалтоўна (73), пры сацыяльных зменах. Змена мовы заўжды адбываецца пры міграцыі вяскоўцаў у горад, аднак спецыфіка Беларусі палягае ў тым, што мова вёскі і мова горада былі розныя. Але гарадская мова не ўспрымалася беларускім селянінам як нацыянальна чужынная яму. Расійская мова ў савецкія часы мела для яго інакшы сацыяльны і культурны статус, але не нацыянальны. Таму і змена мовы з беларускай на расійскую не трактавалася ім у катэгорыях здрады сваёй этнічнасці (74). Расійская мова ўспрымалася беларускім сялянствам як сродак шырэйшай, супралакальнай камунікацыі, сродак, які далучаў яго да больш высокай культуры — культуры горада і савецкай дзяржавы, да багатай расійскай літаратуры (77).

Фактычна, мадэрнізацыя, як заўважае Р. Радзік, прыйшла на Беларусь не разам з нацыяналізмам, які фармаваў нацыю на грунце адзінай нацыянальнай мовы, а замест яго, праз бальшавіцкую ідэалогію і савецкую дзяржаўнасць, носьбітам чаго выступала расійская мова (76). У выніку, менавіта савецкасць (а не нацыяналізм) сфармавала мадэрнізаванае грамадства на Беларусі, што, як слушна мяркуе аўтар, і адрознівае беларусаў ад іншых еўрапейскіх нацый (76). Адпаведна гэтаму, у савецкі час склалася дэфармаванае адчуванне беларускім селянінам і ўласнай этнічнасці. Беларускасць і Беларусь у яго светаадчуванні ўваходзіла ніжэйшым і менш каштоўным складнікам у пачуццё вялікай савецкай айчыны, якая і была ўласна айчынай беларускага сялянства (74). Беларуская мова зрабілася ў такім разе прыкметай лакалізму і адсталасці (76), ніжэйшай мовай, якой не варта размаўляць (78). Савецкасць пераадолела лакалізм сялянскай самаідэнтыфікацыі і замкнёнасць традыцыйнай сялянскай культуры (74—75), а расій­ская мова адкрыла перад ім магчымасці для сацыяльнага ўздыму і руху па неабсяжнай савецкай імперыі (77). Гэта тлумачыць тую моцную настальгію па савецкіх часах, якая праявілася пасля разбурэння СССР (75), а таксама і моцную прыхільнасць да расійскай мовы, што выявілася ў беларусаў (як вясковых, так і гарадскіх) у 1990–я г. Разрыў сувязяў з Расіяй і абніжэнне статусу расійскай мовы адсякала масы ад гэтых вартасцяў, а ўздым беларускай мовы здаваўся вяртаннем да ізаляванасці і прымітывізму вясковага жыцця. Расійская мова зрабілася мовай настальгіі збяднелых саветызаваных масаў па былым камуністычным дабрабыце і парадку (77), а беларуская мова — мовай дэмакратаў і незалежнасці, што прынесла ім збядненне, мовай вартасцяў, канфліктных з савецкасцю (78). Гэта выклікала негатыўнае стаўленне да беларускай мовы ў часы нядаўняй беларусізацыі і ўхвалу лукашэнкаўскіх захадаў супраць беларускай мовы (у т. л. і рэферэндума па мове). Такая выснова відавочна вынікае з матэрыялаў аўтара.

Разам з тым Р. Радзік адзначае і павярхоўнае засваенне расійскай мовы на Беларусі, сведчаннем чаго можа служыць трасянка — мяшаная мова з рускіх слоў на глебе беларускай фанетыкі і часткова марфалогіі (75—76). Ра­сійская мова не зрабілася для беларусаў мовай нацыянальнага самавыяўлення, а засталася толькі сродкам здабыцця матэрыяльна–цывілізацыйных вартасцяў, транслятарам культурных, інтэрнацыянальных здабыткаў (77). Найбольш вартая літаратура, што ствараецца на Беларусі, паўстае на беларускай мове (79), тады як мясцовая расійскамоўная літаратура не знаходзіць цікавасці на Беларусі і наогул не заўважаецца ў Расіі. Аўтар падкрэслівае, што расійская мова нясе вартасці, якія падпарадкоўваюць Беларусь Расіі. Яна адлучае беларусаў ад іх шматвяковай гісторыі ў рамках ВКЛ і РП, супрацьпастаўляе палякам як чужым і яднае з расійцамі як сваімі, але ў апошнім выпадку пакідае Беларусі ролю расійскамоўнай правінцыі (77). Сучасныя беларусы паводле сваёй культуры належаць больш да Ўсходу, чым да Захаду, таму беларуская літаратура, што натхняецца празаходнімі вартасцямі і творыцца вузкім колам інтэлектуалаў–нонканфармістаў, застаецца незапатрабаванай шырокімі масамі (79). Для цяперашняй гарадской моладзі заходнія ўплывы ідуць з Усходу, з Масквы і Пецярбургу, што тым самым пашырае базу расійскага моладзевага слэнгу на Беларусі (76).

Тэма, закранутая Р. Радзікам, знаходзіць працяг у да­кладзе Э. Смулковай (90—100), дзе разглядаецца моўная сітуацыя на Беларусі. Ёй уласцівы рысы білінгвізму і дыгласіі, што ў культурным плане прадугледжвае не столькі бікультуральнасць, колькі дыэтнію (тэрмін Дж. Фішмана), пры якой дзве культуры зліты ў гарманічны сімбіёз. Аўтарка адзначае глыбокае і даўняе пранікненне ў беларускую культуру элементаў польскай і расійскай культуры, што прывяло да ўтварэння супольнай дыэтнійнай культуры (96—97). Беларусы рознымі спосабамі ўцягваюцца ў лінгвакультурную сферу расейшчыны: ад праваслаўнай царквы да амерыканскай масавай культуры, транслятарам якой на Беларусь выступае расійская мова (97—98). Родная мова ўсё больш і больш губляе сваю функцыю ідэнтыфікацыі беларускай этнічнасці, паколькі ўсё большая частка беларусаў страчвае здольнасць эфектыўна валодаць ёю і пераходзіць на расійскую мову ці на яе сурагат — трасянку. Таму чыннікі, інакшыя за мову, пачынаюць служыць крытэрыямі вызначэння беларускай этнічнасці (98—99). Беларуская сітуацыя знаходзіць шмат агульнага з кашубамі і лужычанамі (гэта адзначыў у дыскусіі Я. Мірановіч, 227—228) — двума малалікімі заходнеславянскімі этнасамі, што развіваюцца ў сферы дамінацыі іншых моў: кашубы — польскай, лужычане — нямецкай. Аднак тэндэнцыі развіцця гэтых этнасаў цяпер розныя, як указваюць у сваіх дакладах Г. Папоўска–Таборска (171—176) аб кашубах і Е. Жатэльска–Фяляшка (180—185) аб лужычанах. Вартасць захавання і развіцця мінарытарных моваў і мясцовых дыялектаў для творчай самарэалізацыі носьбітаў гэтых моў падкрэслівае ў сваім дакладзе Г. Цыхун (134—141).

Некалькі рэфератаў у зборніку прысвечаны старабеларускаму перыяду, аднак яны напісаны, на жаль, спехам і павярхоўна, таму прымаць іх да сур’ёзнага разгляду не выпадае. А. Краўцэвіч (27—31) эскізна абмалёўвае асноўныя фактары і кірункі развіцця беларускага этнасу за паўтара тысячагоддзя, аднак фармулёўкі яго негрунтоўныя і стылістычна неахайныя. А. Семянчук (83—89) разглядае самасвядомасць аўтараў пісьмовых твораў Беларусі ХVI—ХVII ст. Ужо напачатку XVI ст. яна знаходзіць праявы дэнацыяналізацыі беларускай шляхты і інтэлектуальнай эліты (84) і тлумачыць гэта ўзрастаннем у ВКЛ ролі жамойцкай (балцкай) шляхты (яна лічыць гэта літуанізацыяй) і распаўсюджаннем лацінскай ды польскай мовы і культуры. На яе думку, сапраўдная нацыянальная і гістарычная свядомасць існавала ў беларусаў у XIV—XV ст., калі ў краіне панавала праваслаўна–візантыйская культура (84) і ішоў «натуральны» працэс «рутэнізацыі этнічна літоўскай шляхты» (85). Аўтарка заяўляе, што яна аналізуе сярэднявечныя навуковыя легенды як крыніцу інтэгруючага нацыянальнага міфа (83—84), але здаецца, што яна хутчэй творыць новы міф, пераносячы сучасныя ўяўленні аб нацыянальнасці на старажытную эпоху. Ва ўсялякім выпадку, матэрыял для сваіх аргументаў яна бярэ часта з выпадковых і другаступенных крыніц.

Некаторыя рэфераты ў зборніку маюць публіцыстычны характар ці напісаны наспех або павярхоўна. Як гэта зрабілася тыпова для падобных канферэнцыйных выданняў, у тэксце многіх дакладаў шмат дробных памылак і хібаў, большасць з якіх застаецца на сумленні аўтараў, што прыслалі неахайны ці неадрэдагаваны матэрыял. Часам чытач можа сутыкнуцца з адкрытай непісьменнасцю, як напрыклад: больш часта стустракаючыяся … значэнні (62); этнадыфірынцыруючых прыкмет (67) — і гэтак піша кандыдатка навук з НАНБ! І пра што — пра шанаванне роднай мовы! Але ў цэлым зборнік атрымаўся цікавы. Ён бу­дзе карысны перш за ўсё тым, хто даследуе этнанацыянальныя працэсы ў славянскім свеце і сацыялінгвістычныя аспекты функцыянавання і ўзаемадзеяння славянскіх моў.

Ігар Клімаў

Мінск

Наверх

Cyrillic Books printed before 1701 in British and Irish Collections (Юрась Лаўрык)

Снежня 11, 2001 |

Cyrillic Books printed before 1701 in British and Irish Collections: A Union Catalogue / R.Cleminson et al. — S. 1.: The British Library, [2000]. — xlvii, 16 fig., 172 p.

Брытанская Бібліятэка выдала зводны каталог кірылічных друкаў XVI—XVII ст., якія захоўваюцца ў бібліятэчных і прыватных зборах у Вялікай Брытаніі ды Ірландыі. Каталог уяўляе сабой густоўна выдадзены том, які змяшчае апісанні 171 старадрукаванага выдання ў 262 асобніках з 38 кнігазбораў Брытанскіх выспаў — галоўным чынам з Лондана, Оксфарда, Кембрыджа і Дубліна. Падрыхтавана гэтая праца высіл­камі чатырох навукоўцаў з розных краін: прафесара Ральфа Клемінсана з Портсмуцкага універсітэта, загадчыцы Славянскага і Ўсходнееўрапейскага аддзела Брытанскай Бібліятэкі доктара Крысціны Томас, доктара Андрэя Вазнясенскага з аддзела рэдкай кнігі бібліятэкі Санкт–Пецярбургскага дзяржуні­версітэта і Дзіляны Радаслававай з Інстытута літаратуры Балгарскай Акадэміі навук. Том задэдыкаваны знакамітаму бібліё­графу, патрыярху ангельскай славістыкі Дж.С.Г.Сімансу з Оксфардскага All Souls College.

Каталог падзяляецца на 3 часткі. Першая змяшчае тэксты спецыяльна напісанай Прадмовы самога Дж.С.Г.Сіманса і аўтарскіх Уводзінаў з апісаннем ужытых прынцыпаў укладання каталогу, праблем і знаходак, а таксама — аповедам пра колішніх уладальнікаў гэтых кніг.

У другой частцы размешчаны 16 якасна зробленых чорна–белых ілюстрацый з выявамі старонак, мініяцюр і аправаў апісваных старадрукаў. Шэсць з тых ілюстрацый рэпрэзентуюць старабеларускія кнігі. Вялікую цікаваць, у прыватнасці, уяўляе рэпрадукцыя арыгінальнай аправы віленскага брацкага выдання «Новага Запавету» і «Псалтыра» 1623 г.

Апошняя і найбольшая па аб’ёме частка тома — уласна каталог, які ўключае 171 нататку і дапаможныя паказальнікі да ўсяго выдання. Асаблівай увагі заслугоўвае методыка падачы інфармацыі пра старадрукі. Кожная каталожная картка складаецца з бібліяграфічнага апісання, спісу бібліяграфіі другой ступені, інфармацыі пра месца захоўвання асобніка і анатацыі. У выпадку наяўнасці некалькіх асобнікаў дадзенага выдання інфармацыя пра кожны з іх падаецца дадаткова, адпаведна падаванаму месцу захоўвання.

Бібліяграфічнае апісанне даволі тыповае, яно змяшчае:

— тытул выдання па–ангельску (у асобных выпадках на лаціне, па–грэцку або па–нямецку) і ў напісанні арыгінала, з захаваннем скарачэнняў і дыякрытыкаў;

— месца і год выдання з пазначэннем імя выдаўца або назвы выдавецкай інстытуцыі;

— фармат у частках друкарскага аркуша;

— колькасць лістоў і, часам, старонак.

Бібліяграфічны спіс падае інфармацыю пра наяўнасць апісання выдання ў асноўных профільных каталогах і паказальніках (у тым ліку ў айчынным каталозе «Кніга Беларусі», Мінск, 1986), а таксама пра факсімільныя ўзнаўленні.

Інфармацыя пра месца захавання суправаджаецца падачай бібліятэчных шыфраў, што выгодна вылучае гэты каталог сярод шэрагу аналагічных і часам можа значна палегчыць працу даследчыка.

Найцікавейшай, аднак, для навукоўца ў рэцэнзаваным каталозе будзе анатацыя, дзе ў сціслай форме падаецца максі­мум бібліяграфічнай інфармацыі пра апісваны асобнік. Тут змяшчаюцца дэталёвыя звесткі пра варыянтнасць набору, аправу, пропускі і ўстаўкі і да т.п., а таксама, у выпадку патрэбы, даецца склад зместу. Пры наяўнасці надпісаў і пячатак нярэдка падаецца іх тэкст і апісанне, што вельмі спрашчае працу даследчыка. У апошнім параграфе анатацыі прасочана гісторыя прыналежнасці дадзенага асобніка.

Для айчыннага бібліёграфа рэцэнзаваны каталог будзе цікавы тым, што амаль трэцюю частку пададзеных у ім кніг складаюць менавіта выданні беларускія — пражскія і віленскія Скарыны, заблудаўскія, віленскія Мамонічаў, брацкія, куцеінскія і г.д. Паказана прадукцыя, бадай, усіх найбуйнейшых тагачасных нашых друкарняў. На жаль, некаторыя з беларускіх друкаў, як, напрыклад, куцеінскі «Буквар» (1653), залічаны да «Russian printed books» (с. 115), хоць звычайна ўкладальнікі адрозніваюць беларусаў і ўкраінцаў ад расіян. Напрыклад, пры апісанні аправы выпушчаных у 1648 г. у Маскве «Святцаў» гаворыцца пра «seventeenth–century Belarusian or Ukrainian leather on boards with tooling» (с. 107).

Дарэчы, наяўнасць у анатацыі апісання аправаў, якое звычайна так рэдка сустракаецца ў каталогах старадрукаў, — несумненна, вялікая заслуга ўкладальнікаў, і гэта значна павышае вартасць выдання.

Вельмі каштоўнай рысай рэцэнзаванай працы таксама з’яўляецца тое, што ў ёй карэктуюцца недакладныя або памылковыя звесткі з раней выдадзеных паказальнікаў і каталогаў (у тым ліку і з «Кнігі Беларусі», параўн., напрыклад, с. 28, 45 і інш.). Больш за тое, укладальнікі падаюць у каталозе невядомую папярэднім бібліяграфіям кнігу — «Часаслоў» Мамонічаў 1590–х г., адрозны ад іншых мамоніцкіх часасловаў гэтага часу (с. XVIII, 45). Таксама падаецца інфармацыя пра наяўнасць не ўлічанага раней другога выдання брацкага «Часоўніка з азбукай» 1596 г. (с. XVIII, 52).

Сярод іншых беларускіх старадрукаў у каталозе варта адзначыць публікацыю малавядомага варыянту выдавецкага надпісу скарынаўскай «Кнігі Ёва», што захоўваецца ў лонданскай Беларускай Бібліятэцы: „а то сѧ стало накладомъ богдана ωнь / ковича. радци мѣста виленьского“, які толькі нядаўна быў упершыню апублікаваны аўтарам гэтых радкоў у артыкуле «Autograph Dedications in the Skaryna Library», London (Belarusian Cronicle, 1999—2000, autumn—winter, Nos 9—10). Тут, дарэчы, трэба адзначыць, што пры складанні каталога былі шырока выкарыстаны фонды Беларускай Бібліятэкі імя Францішка Скарыны і некаторыя рарытэты апісаны выключна паводле яе збораў. Гэтая бібліятэка валодае унікальнай калекцыяй кірылічных старадрукаў, другой па велічыні ў Лондане пасля збору Брытанскай Бібліятэкі.

Рэцэнзаваны каталог падрыхтаваны на высокім прафесій­ным узроўні і можа стаць добрым дапаможнікам для беларускіх гісторыкаў у правядзенні бібліялагічных даследаванняў.

Юрась Лаўрык

Лондан

Rare Polonica in the New York Public Library: Books of the 15th—18 c. (Юрась Лаўрык)

Снежня 10, 2001 |

Rare Polonica in The New York Public Library: Books of tne 15th—18th Centuries = Polonica XV—XVIII wieku w zbiorach Nowojorskiej Biblioteki Publicznej / The New York Public Library. Ed. by M.Czapnik; comp. by R.H.Davis, Jr. New York: N. Ross Publishing Inc., [2001]. 227, ill.

Гэта яшчэ адзін вялікі ангельскамоўны (аднак, з паралельнымі тэкстамі па–польску) каталог старадрукаў, што змяшчае беларускі матэрыял. Гэтым разам апіcаныя выданні толькі лацінскага шрыфту, i толькі на падставе кніга­збору Нью–Ёркскай Публічнай бібліятэкі. Матэрыялы ўкладзеныя Робэртам Г.Дэвісам–малодшым i падрыхтаваныя да друку Марыянай Чапнік.

Каталог складаецца з прадмовы па–ангельску i па–польску, шасці аркушаў з ілюстрацыямі, уласна каталогу i некалькіх дапаможных паказнікаў: 1) імёнаў i назваў інстытуцый (названы чамусці дзіўна: Index of Surnames… / Indeks nazwisk… — г.зн. паказнік прозвішчаў); 2) ана­німных выданняў; 3) друкароў i фундатараў; 4) уладальнікаў i кнігагандлёвых фірмаў.

У прадмове прапануецца нарыс гісторыі Нью–Ёркскай публічнай Бібліятэкі i ейнага Славянска–Балтыйскага Аддзялення, a таксама самой паланійнае калекцыі; апісваецца методыка ўжытага бібліяграфічнага апісання i складаецца падзяка асобам, што спрычыніліся да выхаду каталога ў свет.

Пры ўкладанні выкарыстаны польскія правілы бібліяграфічнага апісання старадрукаў, якія рэгламентуюць паданне наступных элементаў: аўтарскі або тытульны загаловак (з першага слова назвы кнігі); тытул з найбольш істотнымі для ідэнтыфікацыі выдання ягонымі элементамі; адрас выдавецтва; год выхаду i фармат. Далей змяшчаюцца заўвагі, у якіх падаецца інфармацыя пра наяўнасць дадзенай пазіцыі ў бібліяграфічных паказальніках старадрукаў (толькі ў эстрайхераўскім і госкінсаўскім амерыканскае палонікі ды некалькіх іншых), звесткі пра дадатковы змест, дэфекты i правінэнцыйныя запісы; напрыканцы змешчана сігнатура выдання ў Бібліятэцы. Аправы не разглядаюцца «because most publications in this collection are pamphlets, many of which are either devoid of any binding oш are in wrappers» (c.14), што, аднак, не падаецца найлепшым развязаннем — можна было проста апісаць аправы там, дзе яны ёсць, i зазначыць іхную адсутнасць.

Ілюстрацыі пададзены чорна–белыя, i прадстаўляюць, галоўным чынам, тытульныя аркушы старадрукаў. Даволі сімвалічна, што кніжку, паказаную ўжо на першай ілюстрацыі (Іп Рrіто Excellentissimi DominiAlexandri in Bychow, Druja, Dąbrówna, Czereja etc. Comitis Sapieha Palatini Polocensis in Urbem Magistratus Sui Metropolím Ingressu Gratulatio Nomine Litvanae Basilianae Provinciae Facta… Vilnse MDCCLV), мы можам залічыць да беларускіх выданняў паводле кожнае характарыстыкі: аўтарства, зместу, месца выдання. Сапраўды, значная частка пададзеных y каталогу пазіцый з роўным (калі нават не з большым!) правам можа быць ахарактарызавана як «Rare Albaruthenica». Дарэчы, сама Чапнік, кажучы пра прэзентаваныя выданні, прызнае, што: «The majority belonged to the Jesuit college libraries in Słonim, Mohylew (Mahilou [?!!! — Ю.Л.]), Krože, and Pińsk (Belarus) and Dyneburg (Daugavpils, Latvia). The Piarist fathers from Łużki (Luts’k, Ukraine) and Połock province (Polatsk, Belarus) or Trynitarian and Bernardin brothers in Vilnius and Słonim owned some of the publications. Private collectors like Zygmunt Krüger, Karol Glinojecki, Aleksander Ignacy Jeleński, Hilary Iwanowicz were also members of the Jesuit order in Lithuania» (13). Такім чынам, мы бачым, што гэты біблія­графічны дапаможнік можа быць карысны для даследавання гісторыі бібліятэк на Беларусі.

Асноўная частка каталога, названая Alphabetical Listing of Imprints / Alfabetyczny spis druków, складаецца з двyх пералікаў: Спісу ужытых скаротаў (List of Abbreviations) i ўласна Алфавітнага cпіcy друкаў. Крыху незразумела, чаму спіс скаротаў, y якім пералічаны цытаваныя працы, не вынесены асобна ў пачатак ці канец кнігі, як гэта звычайна робіцца ў падобнага тыпу выданнях, a далучаны структурна да спісу старадрукаў. Апрача таго, y ім нават не згаданы цэлы шэраг класічных бібліяграфіяў, y т.л. польскіх (напрыклад, Бандтке, Бенткоўскага, Вержбоўскага, Ёхера, Лялевеля i інш.), якіх укладальнікі палічылі магчымым аб­мінуць. Рашэнне дапушчальнае, але гэта змяншае вартасць рэцэнзаванага каталогa.

У Алфавітным спісе друкаў прадстаўлена 509 пазіцый y 516 паасобніках, выдадзеных як y Рэчы Паспалітай, так i па–за ейнымі межамі, але так ці інакш звязаных з гэтай дзяржавай або яе грамадзянамі. Вялікая колькасць тых старадрукаў акурат была выдадзена ў Заходняй Еўропе: y паказальніках фігуруюць Аахен, Амстэрдам, Антвэрпэн, Аўгсбург, Базэль, Берлін, Балоння i г.д. 3 тых жа кніг, што выйшлі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, беларускія толькі паводле месца выдання — віленскія i берасцейскія — складаюць больш за 80 тытулаў (Вільня ўвогуле знаходзіц­ца на другім месцы пасля Кракава па колькасці пазіцый), a экс–тэрытарыяльная альбарутэніка ў некалькі разоў павялічвае гэтую лічбу.

Трэба прызнаць, гэтая частка каталога ўкладзена вельмі дбайна i прафесійна, хоць часам і тут сустракаюцца моманты, што выклікаюць пярэчанне. Прыкладам, прозвішчы аўтараў у загалоўках выданняў пры кожнай магчымасці спольшчаны — нават тады, калі аўтар не з’яўляецца палякам, a кніга апублікавана на лаціне (гл. пазіцыі 167 i 168 ca с.86, дзе імя аўтара пазначана y загалоўках на лаціне ў творным ды родным склонах: Alexandro Gvagnino / Alexandri Gvagnini, a пры апісанні пададзены не лацінскі, не ангельскі i не італьянскі адпаведнік, a чамусьці польскі — Aleksander Gwagnin). Падобная тэндэнцыя заўважаецца, дарэчы, і ў іншых частках: напрыклад, y Прадмове, дзе не толькі ў польскім, але і ў ангельскім варыянце тэксту геаграфічныя назвы пададзены ў польскай транскрыпцыі i нават з выкарыстаннем польскай графікі пісьма (!); толькі ў рэдкіх выпадках ажыццёўлена спроба падаць хаця б y дужках назву ў мове народа, на тэрыторыі краіны якога дадзены населены пункт знаходзіцца, дый і тое, часам, з памылкамі. Выключэнне зроблена адно для Вільні — «Vilnius», але зноў жа няўдала, бо калі размова ідзе пра яе не як пра сталіцу сучаснай Рэспублікі Літва, a як пра старажытнае места, тады па–ангельску прынята ўжываць стандартызаваную назву «Vilna». Апрача таго, як відаць з тэксту ўсё той жа Прадмовы, для публікатаркі Марыяны Чапнік тэрміны «Польшча» i «Рэч Паспалітая» цалкам раўназначныя i ўзаема­замяняльныя. Баюся памыліцца, але здаецца, што роля М.Чапнік палягала, перадусім, y наданні каталогу польскага характару, што, на маю думку, значна змяншае ягоную вартасць як міжнароднага выдання i робіць тэкст этнацэнтрычным.

Што да Прадмовы, то не магу не сказаць пра разбежнасці паміж ангельскім i польскім варыянтамі тэксту ды пра фактаграфічныя памылкі. Сустракаюцца часам выпадкі, калі факт, згаданы ў адным варыянце, ігнаруецца ў іншым. Напрыклад, y польскім пераліку кляштарных бібліятэк, з якіх старадрукі паходзяць (24), згаданы трынітарскі кляштар y Трынаполі (вёска пад Вільняй), тады як у ангельскамоўным — як тое відаць з пададзенай мною вышэй цытаты са с.13 — гэтая назва не фігуруе ўвогуле. Або, y папярэднім сказе з той жа цытаты Крожы пералічаны ў шэрагу беларускіх местаў, тады як насамрэч яны знаходзяцца ў Жамойці (Kražaj).

Далей, прапанаваны пераклад далёка не заўсёды адэкватны. Бо нельга перакладаць, напрыклад, «czіłokowie zakonu jezuitów prowincji litewskiej» як «members of the Jesuit order in Lithuania» (тамсама), бо па–ангельску, на адрознасць ад «Litwy» ў польскай мове, «Lithuania» будзе вы­клікаць асацыяцыі, звязаныя з сучаснай Літвой, a не з Вялікім Княствам Літоўскім, i тым больш не з літоўскай правінцыяй ордэнa. Вось i атрымліваем, што размова нібы ідзе толькі пра езуітаў з Аўкштоты i Жамойці.

I яшчэ адна «тэрміналагічная» заўвага: як відаць з загалоўка асноўнай часткі каталогa, y ім ахоплены толькі друкаваныя кнігі. Незразумела, чаму тады гэта не паказана ў тытуле ўсяго выдання, якое нясе падзагаловак Books of the 15th—18th Centuries [не «Printed Books» i не «Imprints»] — што мела б сведчыць пра наяўнасць y каталогу ману­скрыптаў, якіх насамрэч няма.

Каталог складзены даволі грунтоўна, але ўсё ж, з увагі на вялікую колькасць недахопаў, міжнародных стандартаў не дасягнуў (параўн. з рэцэнзаваным у гэтым жа нумары БГА зводным каталогам кірылічных друкаў, што быў апублікаваны Брытанскай Бібліятэкай, якому немагчыма закінуць фактычна нічога — гл. с. 322). Для айчыннага даследчыка каталог, аднак, можа быць вельмі прыдатны з увагі на пералік кніг лацінскага шрыфту (на лаціне i па–польску), які змяшчае шмат пазіцый, выдадзеных у Беларусі, звязаных з беларускай тэматыкай або з кнігазборамі Беларусі.

Юрась Лаўрык

Лондан

Błaszczyk, Grzegorz. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności (Валеры Пазнякоў)

Снежня 9, 2001 |


Błaszczyk, Grzegorz. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności 1492—1569. Poznań, 2002. 336 s., mapy.

Пазнанскі даследчык Гжэгаж Блашчык добра вядомы ў Беларусі сваімі даследаваннямі ў галіне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, асабліва яго паўночна–заходняй часткі — Жамойці. Апошняя вялікая праца гісторыка — абагульняючы нарыс (сінтэза) па гісторыі ВКЛ ад пачатку княжання Аляксандра I да Люблінскай уніі, якая, як адзначае аўтар, паўстала з адпаведнага раздзела планаванага сінтэтычнага нарыса гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, што рыхтаваўся пазнанскімі літуаністамі на чале з прафесарам Ежы Ахманьскім. З розных прычын нарыс не пабачыў свету, а свой раздзел у перапрацаваным выглядзе Г.Блашчык цяпер прадстаўляе чытачу. Гэта сапраўды абагульняючае даследаванне, якое з розных бакоў асвятляе гісторыю ВКЛ канца XV— сярэдзіны XVI ст. Адносна невялікія памеры прамежка часу, які абраў аўтар для разгляду, дазволілі яму многія з’явы асвятліць нават у дробных дэталях. З іншага боку, 70—80 гадоў для эпохі Сярэднявечча — задужа малы прамежак, каб многія з’явы грамадскага жыцця выявіліся ў дынаміцы свайго развіцця. Такім чынам, кніга Г.Блашчыка ў нечым уяўляе хранала­гічны зрэз ВКЛ. Не ўпэўнены, што да працы ў стылі „храналагічнага зрэзу“ цалкам пасуе выраз „сінтэтычнае даследаванне“. Кніга забяспечана вялі­кай бібліяграфіяй і 2 картамі.

Некалькі слоў вымагае сказаць назва кнігі. У загаловак трапіла слова „Літва“. Добра ведаючы захапленні Г.Блашчыка гісторыяй Літвы ў вузкім значэнні слова („Літва этнічная“, якая больш–менш супадае з тэрыторыяй сучаснай Літоўскай Рэспублікі), чытач можа чакаць ад аўтара асвятлення гісторыі менавіта гэтай, этнічнай Літвы. Да таго схіляе і выява на вокладцы — фрагмент старажытнай карты, што паказвае тэрыторыю менавіта этнічнай Літвы, з абрэзанымі абшарамі Беларусі і Ўкраіны (чаго ніколі б не зрабілі  даследчыкі з гэтых краін). У назву кнігі было б варта ўвесці поўную назву аб’екта даследавання — „Вялікае Княства Літоўскае“. Да таго, аўтар у многіх месцах некарэктна карыстаецца тэрмінам „Літва“, сустракаюцца дзіўныя фразы, як гэта: „Францішканцы мелі свае два кляштары ў паганскай Літве — у Вільні і Новагародку“.

Структуру даследавання лучаць храналагічны і тэматычны падыходы. Раздзел 1 прысвечаны разгляду палітыкі вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Аляксандра (1492—1506). Асаблівая ўвага тут аддадзена асвятленню зменаў ва ўладнай будове ВКЛ (дзейнасці Рады паноў, генэзісу сойма), дзвюм войнам Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494 і 1500—1503 г., заключэнню новых уній ВКЛ з Польскім каралеўствам.

Раздзел 2 асвятляе унутраную і знешнюю палітыку вялікіх князёў ВКЛ і каралёў Польшчы Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста („жыгімонтавы часы“): новыя войны з Масквой (1507—1508, 1512—1522, 1534—1536 г.), адносіны з Крымам, Малдовай, Інфлянтамі, Нямецкім ордэнам, новыя змены ва ўладнай структуры ВКЛ, прыняцце Першага Статута, гаспадарчую рэформу („валочную памеру“), дзяржаўныя адносіны ВКЛ з Польскім каралеўствам, заключэнне Люблінскай уніі.

Трэці раздзел прысвечаны агульнай характарыстыцы ВКЛ, яе гаспадаркі і грамадства. Тут разглядаюцца тэрыторыя дзяржавы, яе межы, заселенасць, сельская гаспадарка (вёска, фальварак), гарады, Вільня як сталіца ВКЛ, магдэбургскае права, юрысдыкі, рамяство, рамесныя цэхі, гандаль, купецтва, саслоўі (шляхта, святарства, мяшчанства, сялянства, казацтва), этнічныя групы.

Апошні, чацвёрты раздзел кнігі прысвечаны разгляду канфесій і культуры ВКЛ: развіццю каталіцкага касцёла, палажэнню праваслаўнай царквы, пачатку Рэфармацыі, асаблівасцям рэлігійнай талерантнасці ў ВКЛ, праявам Рэнесансу ў розных галінах мастацтва. Нарэшце, тут разглядаюцца праблемы этнічнай самасвядомасці і моўнай сітуацыі ў ВКЛ.

Такім чынам, праца Г.Блашчыка — гэта сапраўды ўсебаковы разгляд Вялікага Княства Літоўскага на працягу хоць і невялікага, але вельмі істотнага перыяду ў яго гісторыі. Колькі слоў аўтар прысвяціў абгрунтаванню абраных гра­нічных гадоў. Першы з іх (1492) — гэта ўкняжанне вялікага князя Аляксандра, адметны тым, што пачаўся новы перыяд узброенага супрацьстаяння з Масквой, якое было цэнтральнай знешнепалітычнай праблемай ВКЛ усе наступныя стагоддзі. Другі гранічны год (1569) — гэта год падпісання Люблінскай уніі і з’яўлення ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе найбольшай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Абраныя аўтарам храналагічныя межы працы цалкам абгрунтаваныя.

Ва „Уступе“ Г.Блашчык закрануў балючае і дасюль актуальнае пытанне пра этнічны характар ВКЛ і яго выяўленне ў тэрміналогіі гісторыкаў розных краін у ХIХ—ХХI ст. Як вядома, у Расійскай імперыі было пашырана вызначэнне ВКЛ як Літоўска–Рускай дзяржавы. З пачаткам ХХ ст. у беларускай гістарыяграфіі ўзнікла вызначэнне „Літоўска–Беларуская дзяржава“. Пасля з’явіліся азначэнні „Беларуска–Літоўская дзяржава“, „Беларуская дзяржава“, „Літоўска–Беларуска–Ўкраінская дзяржава“, „Літоўска–Ўкраінская дзяржава“. Літоўскія гісторыкі ўсіх часоў, натуральна, карыстаюцца тэрмінам „Літоўская дзяржава“. Са свайго боку, Г.Блашчык адразу адкінуў азначэнні ВКЛ, у якіх фігуруюць прыметнікі „беларуская“ і „ўкраін­ская“, бо, на яго пункт погляду, да 1569 г. беларусы і ўкраінцы як народы са сваёй асобнай самасвядомасцю яшчэ не сфармаваліся. З двух тэрмінаў — „Літоўска–Руская дзяржава“ і „Літоўская дзяржава“ — Г.Блашчык схіляецца да другога, бо ў ВКЛ літоўскі элемент відавочна дамінаваў палітычна. „Рускі“ элемент меў вагу ў этнічным плане, але гэта, на думку аўтара, больш адносіцца да грамадства, а не да дзяржавы. Як бачна, саму дзяржаву Г.Блашчык разглядае ў вузка палітычнай сферы, менавіта як палітычны механізм (гэтак разумелі яе і марксісты ў ХIХ ст. — „апарат гвалту“).  Калі ж само вызначэнне „дзяржава“ разглядаць шырэй, як пэўны сінонім грамадства, то, вядома, маюць правы на жыццё і іншыя этнічныя азначэнні ВКЛ.

Відавочны „літвацэнтрызм“ аўтара прыкметна адбіўся на змесце яго працы. Пры асвятленні падзей і з’яў у межах ВКЛ ён перш за ўсё звяртаецца да тэрыторыі этніч­най Літвы, пасля пераходзіць да беларускіх і ўкраінскіх зямель. Цікава пабудаваны падраздзелы з характарыстыкамі ўладароў ВКЛ — Аляксандра, Жыгімонта Старога, Жыгімонта Аўгуста, Боны. Перш за ўсё аўтар падае меркаванні пра пэўную асобу даўнейшых польскіх аўтараў, пасля — найноўшых, нарэшце, — літоўскіх гісторыкаў. Думкі беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў наогул не ўлічаны. Адзначана, што літоўскія аўтары часта называюць Жыгімонта Старога — Жыгімонтам II (а не Жыгімонтам I, як палякі) і, адпаведна, Жыгімонта Аўгуста — Жыгімонтам III. Так іх цяпер называюць і беларускія гісторыкі, але ў кнізе і гэта не адзначана. Пэўная абыякавасць да беларускай і ўкраінскай праблематыкі выявілася і ў адсутнасці біяграфічнага нарыса пра праваслаўную вялікую княгіню Алену Іванаўну, жонку Аляксандра. Яна была не такой энергічнай дзеячкай, як Бона, але ўсё ж значнай палітычнай фігурай, якая адыграла прыкметную ролю ў маскоўска–літоўскіх войнах канца XV— пачатку XVI ст.

Гэтым войнам у кнізе Г.Блашчыка адведзена належнае месца. Пярэчанне можа вызваць адзін важны момант. Ідучы за пэўнай традыцыяй, Г.Блашчык палічыў патрэбным занумараваць іх, такім чынам, на старонках кнігі прысутнічае апісанне пяці, з 1–й да 5–й, маскоўска–літоўскіх войнаў. Сцвярджаецца, што „з канца XV ст. пачаліся шматгадовыя войны паміж Масквой і Вялікім Княствам Літоўскім за панаванне на Русі“. Між тым, ваенныя сутычкі ВКЛ з Масквой пачаліся значна раней, і вяліся яны таксама за панаванне на Русі. ВКЛ намагалася дамінаваць над Масквой. Першы ўзброены канфлікт паміж імі — серыя паходаў на маскоўскія землі вялікага князя ВКЛ Альгерда ў 1378—1382 г. Гэтыя паходы ў сукупнасці як вайну вызначыў буйны расійскі гісторык–медыявіст Л.У.Чарапнін. Другая вайна паміж ВКЛ і Масквой — серыя ўзаемных буйных узброеных нападаў 1406—1408 г., што скончылася падпісаннем „вечнага міру“ на р. Угра. Такім чынам, на шырокай гістарычнай шкале вайна Масквы з ВКЛ 1492—1494 г. была не першай, а трэцяй.

Шмат увагі аддаў Г.Блашчык асобе каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны. Гэта і зразумела, бо яна — адна з цэнтральных постацей у гісторыі Польшчы і ВКЛ разгляданага часу. Сярод іншага, аўтар палічыў па­трэбным адзначыць, што Бона садзейнічала наплыву вялі­кай колькасці палякаў на абшар Літвы, гэта значыць, прычынілася да пачатку паланізацыі ВКЛ. Г.Блашчык падкрэс­лівае, што „асаблівыя заслугі каралевы Боны заключаюцца ў яе дасягненнях у дзвюх сферах: грамадска–гаспадарчай і культурнай“. Што датычыць першых, то ў дачыненні да Беларусі яны не падлягаюць сумненню. Сапраўды, Бона пачала ў Беларусі валочную памеру, якая захапіла вялізныя абшары на яе захадзе і поўдні. Мусім удакладніць палажэнне Г.Блашчыка: уладанні Ягелонаў, прыватныя і дзяржаўныя, не ляжалі „галоўным чынам“ толькі ў двух рэгіёнах ВКЛ — на Палессі і ўздоўж заходняй дзяржаўнай мяжы ад Падляшша да Прыбалтыкі. Не менш вялізныя дзяржаўныя ўладанні ляжалі ўздоўж усходняй і паўночнай межаў ВКЛ — так званыя Падняпроўскія і Падзвінскія воласці. Да таго, Рагачоўская воласць — гэта не Палессе, а менавіта Падняпроўе. Г.Блашчык вылучае 3 этапы валочнай памеры: 1530–я г. — „дзейнасць каралевы Боны“, 1547—1566 г. (рэформа ў этнічнай Літве, на Жамойці, Падляшшы, у Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, Заходняй Украіне) і канец XVI— сярэдзіна XVII ст. (Усходняя Беларусь). Відавочна, дзейнасць Боны не абмяжоўвалася  толькі 1530–мі гадамі, таму што і ў 2–м перыядзе валочнай памеры яна адыграла вельмі значную ролю. Характарыстыка вызначаных аўтарам перыядаў патрабуе большай дакладнасці.

Як і перад іншымі даследчыкамі, перад Г.Блашчыкам паўстала праблема аб ацэнцы заслуг Боны ў сферы гаспадаркі. Адразу ацэньваючы яе дзейнасць вельмі высока, Г.Блашчык вымушаны пасля адзначыць і негатыўныя бакі гаспадарання Боны. Для сваіх разлеглых маёнткаў яна дамаглася статуса прыватных, гэта значыць, вольных ад дзяржаўных падаткаў. А дзяржаве грошы былі вельмі патрэбныя, у тым ліку на войны з Масквой. Да таго, атрыманыя са сваіх уладанняў прыбыткі Бона вывезла ў Італію. На думку аўтара, у выніку аграрнай рэформы эксплуатацыя сялян вырасла, як выраслі і прыбыткі дзяржаўнага скарбу (больш чым у 4 разы). Аднак пры агульнай ацэнцы рэформы Г.Блашчык упэўнены, што яна была пазітыўнай.

Да заслуг Боны можна залічыць і пракладку каналаў. У Заходнім Палессі дасюль захаваўся Канал Боны; магчыма, яна паклала пачатак меліярацыі тых зямель (гэтыя факты ў кнізе Г.Блашчыка не адзначаны, ды і ў беларускай гістарыяграфіі не распрацаваныя).

Аўтар адзначае вялікія заслугі Боны ў развіцці культуры: яна калекцыянавала карціны, габелены, ювелірныя вырабы, антыкі; закладала паркі („італьянскія сады“); была апякункай пісьменнікаў — Анджэя Кшыцкага, Яна Дантышка, Мікалая Рэя, магчыма, Міколы Гусоўскага. Г.Блашчык адзначае яе намаганні ў перабудове каралеўскіх палацаў у Вільні і Гародні, а таксама гарадзенскага фарнага касцёла. Што маецца на ўвазе ў апошнім выпадку, аўтарам не раскрываецца. Той мураваны фарны касцёл, які замяніў сабой драўляны, быў пабудаваны ў самым канцы XVI ст., значна пазней часоў Боны. Дарэчы, Г.Блашчык не прывёў ніводнага выпадку фундацыі Бонай якога–небудзь касцёла, шпіталя ці школы на Беларусі. Выглядае на тое, што добрая каралева Бона разглядала Беларусь выключна як крыніцу даходаў. Што ж, за грамадскі прагрэс заўсёды трэба было плаціць, і Беларусь заплаціла спаўна.

Належную ўвагу аўтар кнігі аддаў разгляду фальваркаў — аднаму з асноўных элементаў новага эканамічнага парадку. Падкрэсліваецца ранняе паходжанне фальварка, які, пэўна, старэйшы за валочную памеру. Як першае ўпамінанне фальварка ў ВКЛ прымаецца звестка з 1450 г. (маёнтак Менедыкаўскі ў Новагародскім павеце). Са­праўды, такая інфармацыя існуе. Але яна досыць заблытаная. Арыгінал адпаведнага дакумента напісаны па–лацінску і апублі­каваны[1]. Маёнтак там названы, канешне, не нямецкім словам „фальварак“, а лацінскім „curia“ (двор). Да таго, у 1602 г. новагародскі суд прызнаў дакумент 1450 г. фальшывым[2]. Выглядае, што звестка пра фальварак у 1450 г. — вынік непаразумення, пазнейшага недакладнага перакладу лацінскага тэксту. Перад гісторыкамі застаецца задача пошуку сапраўды найстаражытнейшых звестак пра фальваркі ў Беларусі і ВКЛ.

Вялікую цікавасць уяўляюць раздзелы працы Г.Блашчыка пра рэлігію і культуру ВКЛ у 1492—1569 г. Сапраўды, звестак пра многія бакі рэлігійнага і культурнага жыцця ў ВКЛ захавалася не вельмі многа. Часта інфармацыя проста фрагментарная. Многія адшуканыя аўтарам звесткі унікальныя і ўяўляюць значную навуковую каштоўнасць (пра школы, шпіталі і г.д.). На жаль, беларускія матэрыялы прыцягнуты аўтарам у другую чаргу; у цэнтры яго ўвагі зноў застаецца этнічная Літва. Сцвярджаецца нават, што казаць пра беларускую культуру да 1569 г. — гэта пэўнае злоўжыванне і спрашчэнне, што вынікае з аўтарскага тэзіса пра адсутнасць у тыя часы беларускай этнічнай самасвядомасці.

Культура ў Беларусі, між тым, развівалася. Толькі сведчаць пра яе зусім не археалагічныя знаходкі „прылад для навучання пісьму“. Можна здагадацца, што аўтар мае на ўвазе пісалы — прылады для пісьма на вошчаных дошчачках. Але яны датуюцца ХI—ХIII ст., гэта значыць, нашмат ранейшым часам, чым разгляданы ў кнізе. Яшчэ некалькі дробных заўваг. Францішканцы асталяваліся ў Пінску значна раней, чым падае аўтар (1440 г.), бо вядомы фундуш на заснаванне кляштара яшчэ князем Жыгімонтам Кейстутавічам у 1396 г[3]. Што датычыць шпіталяў, то, паводле некаторых звестак, упершыню на Беларусі яны адзначаны ў 1495 і 1503 г. у Бярэсці, у 1508 г. — у Зэльве, у 1513 г. — у Менску, у 1516 г. — у Мазыры[4]. Касцёлы ў Новым Свержані і Клецку, якія, на думку Г.Блашчыка, адносяцца да „беларускай готыкі“, па праўдзе збудаваныя ўжо па–за храналагічнымі межамі разгляданага твора, бо паўсталі ў канцы XVI ст. дзякуючы намаганням вядомага італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні, заснавальніка барока ў Рэчы Паспалітай; гатычных рыс у іх няшмат[5]. Што датычыць касцёла ў Чарнаўчыцах, то той, не зважаючы на больш выразныя гатычныя рысы, таксама не ўпісваецца ў храналагічныя рамкі агляду Г.Блашчыка, бо змураваны ў канцы XVI— пачатку XVII ст.6.

Падобныя заўвагі можна зрабіць і наконт пералічаных Г.Блашчыкам бастыёнавых замкаў Беларусі ў Заслаўі, Нясвіжы, Ляхавічах, Кароліне. Самы ранні з іх, Нясвіжскі, таксама паходзіць з канца XVI ст. і ёсць творам Бернардоні. Што датычыць Мядзела з яго замкам, то ён знахо­дзіцца, вядома ж, на паўночны захад ад Мінска, а не на паўднёвы ўсход, як напісана ў рэцэнзаванай працы.

Увогуле, праца Г.Блашчыка — адна з самых удалых спроб накрэсліць нарыс Вялікага Княства Літоўскага, хай сабе і на даволі абмежаваным храналагічным адрэзку. Калі яго твор атрымае працяг, гэта будзе важкім крокам да стварэння ўсёабдымнай сінтэзы ВКЛ, якой дасюль не існуе. На жаль, планаваная пазнанская сінтэза не выйшла з друку. Не выйшла даўней планаваная праца „Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага“. Між тым патрэба ў абагульняльных нарысах Вялікага Княства Літоўскага ўсё больш расце.

Валеры Пазнякоў

Мінск


[1] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. Kraków, 1948. T. 1. S. 223—224.
[2] Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Минск, 1978. С. 71.
[3] Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. Вып. 2. Вильна, 1897.
[4] Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа: Из истории белорусской медицины. Минск, 1987. С. 57—58.
[5] Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus. Fundacje Mikołaja Radzwiłła „Sierotki“ w ordynacji nieświeskiej. Warszawa, 1998.

Наверх

Listy polskie XVI wieku / pod red. K. Rymuta. T. 1. Listy z lat 1525—1548 (Анастасія Скеп’ян)

Снежня 8, 2001 |

Listy polskie XVI wieku / pod red. K. Rymuta. T. 1. Listy z lat 1525—1548 ze zbiorów Władyslawa Pociechi, Witolda Taszyckiego i Adama Turasiewicza. — Kraków, 1998. XII, 504.”

Увагу любога даследчыка i эпохі Сярэдневечча, і Новага часу асабліва прыцягваюць лісты, аўтарамі якіх былі і розныя дзяржаўныя асобы, і простыя людзі, бо такія крыні­цы  могуць значна ўзбагаціць веды пра побыт, менталітэт, сістэмы каштоўнасцяў грамадства ў пэўную гістарычную эпоху і, вядома, даць вельмі каштоўную факталагічную інфармацыю. Даследаванне перапіскі дазваляе ўдасканаліць свае веды па шэрагу невядомых ці спрэчных пытанняў гісторыі, і не варта пераконваць гісторыкаў, філолагаў у неабходнасці новых навуковых выданняў крыніц.

Цікавасць да эпісталярнай спадчыны XVI ст. не згасла і цяпер. І справа не толькі ў страце ці цяжкадаступнасці арыгіналаў, раскіданых па розных рукапісных аддзелах бібліятэк і архіваў Еўропы і Амерыкі (так, напрыклад, частка сямейных архіваў шляхты ВКЛ, у тым ліку і Сапегаў, была набыта мармонамі і цяпер захоўваецца ў Солк–Лейк–Сіці), але і ў невялікай колькасці выданняў лістоў, што паходзяць з названага перыяду. Большасць эпісталярнай спадчыны, калі і выдавалася, то ў ХIХ ст., а частка гэтых выданняў ужо бібліяграфічная рэдкасць і амаль недаступная для гісторыкаў. Тым больш важнай варта лічыць працу, што ў апошнія гады проводзяць польскія даследчыкі, якія ўзяліся за перавыданне ці выданне новых крыніц.

Патрэба ў новым выданні адчувалася ўжо даўно, і не толькі па названых вышэй прычынах, але і з-за вялікай колькасці памылак, абдруковак ці пропускаў у тэксце, недакладнасцяў у гістарычных каментарах пры ранейшых публікацыях, зробленых М. Балінскім, Ю. Нямцэвічам, А. Пшэздзецкім. На жаль, названых хібаў не пазбеглі і сучасныя выдаўцы, як польскія, так і айчынныя, пра што могуць сведчыць крытычныя артыкулы на выданне Ірэнай Канеўскай лістоў Жыгімонта Аўгуста да Радзівілаў[1].

Хацелася б пазнаёміць беларускіх даследчыкаў з выданнем польскіх лістоў ХVI ст., падрыхтаваным ў Кракаве. Само выданне складаецца з двух тамоў, што выйшлі ў 1998 і 2002 г. Мы разгледзім першы том, які ўтрымлівае лісты да сярэдзіны ХVI ст. Не робячы аналізу дакладнасці выдання самога тэксту, бо гэта патрабуе параўнання пададзеных лістоў з арыгіналамі ці ранейшымі іх выданнямі, што дастаткова цяжка з-за іх раскіданасці па розных сховішчах, паспрабуем пазнаёміць чытача з гэтым карысным выданнем крыніц ХVI ст.

На мэце выдання «Listów polskich ХVI wieku» было абвяржэнне міфа пра недастатковае распаўсюджванне і ўжыванне польскай мовы прадстаўнікамі розных слаёў грамадства ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у канцы ХV—ХVI ст. не толькі ў афіцыйнай, але і ў прыватнай перапісцы. Падыходы польскіх навукоўцаў, якія спрабуюць паказаць шматаблічнасць і разнастайнасць тэм надрукаваных лістоў, будуць цікавымі не толькі для да­следчыкаў агульных пытанняў айчыннай гісторыі, але і для спецыялістаў па мове канцылярыі ВКЛ, пытаннях этнічнай самасвядомасці жыхароў ВКЛ у ХVI ст., для філолагаў, якія вывучаюць працэсы фармавання і функцыянавання славянскіх моваў.

Значная частка лістоў была надрукавана раней у розных зборніках, але разам яны сабраны ўпершыню. Кожны ліст (а іх 185) суправаджаецца кароткай анатацыяй, дзе ўказаны паходжанне, аўтар, адрасат і месца захавання арыгінала (калі ён ёсць), а таксама папярэднія выданні крыніцы. Кніга таксама цікавая і тым, што дакументы пада­дзены ў транслітарацыі і транскрыпцыі, прычым у апошняй улічаныя асаблівасці напісання і вымаўлення ў ХVI ст. Асаблівую цікавасць уяўляюць каментары да тэкстаў. Гэта пераважна тлумачэнне слоў са старапольскай, якія могуць быць не зразумелыя чытачу, а таксама палеаграфічная інфармацыя пра пашкоджанні тэксту, паперы, почырку таго ці іншага аўтара ці пісара. Успрыманне тэксту і карыстанне названым выданнем значна аблегчана наяўнасцю спісаў скарачэнняў, бібліяграфіі, скарочанага азначэння моваў і прынцыпаў транслітарацыі.

Цікавасць уяўляюць і самі лісты. Тут можна спаткаць і афіцыйныя паперы, што датычацца міжнароднай і ўнутранай палітыкі Польшчы і ВКЛ, і невялікія «цыдулкі», што  перадаюць гутарковую мову. Частка тлумачэнняў нехарактэрных для польскай мовы слоў утрымлівае т.зв. састарэлыя ці «сапсутыя» формы. Аднак пры бліжэйшым аналізе мы можам заўважыць, што да іх залічаны словы ці агульнаславянскія, ці, магчыма, т.зв. «старарускія», напрыклад, «raczej», «przyczyna», «karalewa», «zapisać się» (грошы, землі), «wyszej», «bratski», «walny» і г.д. Асабліва часта такія «памылкі» сустракаюцца ў лістах карэспандэнтаў з зямель ВКЛ — Альбрэхта Гаштаўта,  прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Хоць асабістая перапіска не нясе значнай палітычнай ці сацыяльнай інфармацыі, яна, несумненна, яскрава сведчыць пра штодзённае жыццё шляхты і заможнага мяшчанства, асабліва калі ўлічыць, што не менш чвэрці ўсіх лістоў належыць жыхарам Вялікага Княства Літоўскага. Прыкладам менавіта асабістай перапіскі такога кшталту можа быць шэраг лістоў Барбары Радзівіл да мужа Жыгімонта Аўгуста, лісты Мікалая Радзівіла Чорнага да польскіх сенатараў. Шмат цікавага можна даведацца з самога стылю паслання, асабліва калі яно звернута да асобы, што стаяла ніжэй па сацыяльнай лесвіцы, напрыклад, ліст Жыгімонта Аўгуста да свайго набліжанага.

Анастасія Скеп’ян

Мінск


[1]Janicki M., Jaworski R. Nad nową edycją listów Zygmunta Augusta do Radziwiłłó // Przegląd Historyczny. T. XC (1999). Z. 3. S. 347–356.

Bues, Almut. Das Herzogtum Kurland und der Norden der polnisch–litauischen Adelsrepublik (Генадзь Сагановіч)

Снежня 7, 2001 |

BUES, ALMUT. Das Herzogtum Kurland und der Norden der polnisch–litauischen Adelsrepublik im 16. und 17 Jahrhundert. Möglichkeiten von Integration und Autonomie. Giessen, 2001. 370 S.

У кнізе нямецкай даследчыцы Альмут Бюс упершыню комплексна асвятляецца гісторыя Курляндскага герцагства (афіцыйна называлася Курляндска–Земгальскім) у яго цеснай сувязі з Рэччу Паспалітай. Сінтэтычнае даследаванне, заснаванае на надзвычай шырокім корпусе архіўных матэрыялаў (аўтар працавала ў архівасховішчах па ўсёй Еўропе — ад Масквы, Пецярбурга і Рыгі да Стакгольма, Парыжа і Рыма!) і багатай спецыяльнай літаратуры, напісана на ўзроўні захапляльнай эрудыцыі.

Праца складаецца з уводзінаў, якія ўтрымліваюць агляд гістарыяграфіі, васьмі асноўных раздзелаў, заключных разваг і дадатку са спісу крыніц і літаратуры. У першым раздзеле («Зыходнае становішча», с. 29—53) аўтар разглядае ўтварэнне Рэчы Паспалітай, Люблінскую унію (1569) і першае міжкаралеўе (1572/73), а таксама параўноўвае федэратыўную Рэч Паспалітую з іншымі дзяржавамі еўрапейскага абшару. У другім («Геаграфічнае і дэмаграфічнае становішча», 55—92) паказаны ландшафт Курляндскага герцагства, яго насельніцтва (сельскае і гарадское) і адлюстраванасць рэгіёну ў картаграфіі. Наступны («Дзяржаўныя слаі», 93—146) прысвечаны дынастыі, двару і органам улады, станам і іх ландтагам, адносінам сярод шляхты, шляхецкай ідэалогіі ў Рэчы Паспалітай. Зместам чацвёртага («Правы і судовая справа», 147—174) стаў разгляд фундаментальных правоў (герцагства з 1617 г. мела свой зямельны асноўны закон), заканадаўства і судаводства. У далейшых раздзелах даследаваны мясцовыя ўзброеныя сілы, наступствы войнаў у рэгіёне і абарончыя ўмацаванні краю («Ваенная і цытадэльная справа», 175—200), рамёствы, гандаль і грашовая сістэма («Гісторыя гаспадаркі і фінансаў», 201—242). Раздзел сёмы («Рэгіянальная і культурная палітыка», 243—294) дае яснае ўяўленне пра царкоўную арганізацыю герцагства і рэфармацыйны рух, пра каталіцкі касцёл і яго адносіны да іншых рэлігійных супольнасцяў, а таксама пра адукацыйную справу. Урэшце, у апошнім («Магчымасці інтэгравання і аўтаноміі», 306—318) аўтар паказвае, якія магчымасці інтэграцыі і яе межаў, з аднаго боку, і якія перспектывы аўтаноміі і шансы яе захаванння, з другога, меў перыферыйны рэгіён Рэчы Паспалітай.

Курляндскае герцагства невыпадкова мела аўтаномны статус у Рэчы Паспалітай. Яно было асаблівай складовай часткай шляхецкай рэспублікі. Балтыйскі абшар адрозніваўся ад яе іншых рэгіёнаў не толькі фізічна, але і гістарычна: яго мінулае прайшло ў Ганзейскім саюзе і Нямецкім ордэне. Плюсам для герцагства было і лютэранства, што адрознівала яго ад іншых зямель дзяржавы. Тут адсутнічалі канкуруючыя тэалагічныя навучальныя ўстановы. Для самаідэнтыфікацыі Курляндскага герцагства і атрымання ім асаблівага становішча ў складзе Рэчы Паспалітай шмат значыла ўласная дынастыя. Аўтар адзначае, што на лакальным узроўні тут цалкам дамінавала мясцовае рыцарства. Гэта была гамагенная ўладная эліта, 15 сямей якой трымалі ў сваіх руках, згодна з падлікамі аўтара, палову самых важных дзяржаўных пасадаў герцагства. Аднак курляндская эліта не кансалідавалася. Ёю толькі часткова інвеставаліся найважнейшыя для існавання дзяржавы сферы — войска, гаспадарка, адукацыя. У войнах ХVII ст. не было ўласнай арміі курляндскага герцага.

Пераканаўча паказваючы на прыкладзе Курляндыі, што і ў ХVI—ХVII ст. малыя дзяржавы мелі пэўныя магчымасці для ўтрымання сваёй аўтаноміі, якія, праўда, залежалі ад умоў захавання міру і ад інтарэсаў вялікіх еўрапейскіх дзяржаў, Альмут Бюс дае змястоўную характарыстыку Рэчы Паспалітай. Гэта дзякуючы спецыфіцы яе палітычнай сістэмы перыферыйныя рэгіёны маглі захоўваць асобнасць.

Цэнтр у Рэчы Паспалітай не браў на сябе функцый манапалізацыі, а дапускаў плюральнасць: рэгіёны атрымлівалі незалежнасць для ўласнай актыўнасці, пры гэтым да канфлікту даходзіла толькі калі гэта пярэчыла інтэграцыйнай ідэалогіі шляхты. Дзяржаўны лад тут пакідаў складовым часткам федэрацыі асаблівыя формы сувязі з цэнтрам. Эліта рэгіёнаў схілялася на карысць такой палітычнай сістэмы, якой найбольш сімпатызавала. І ў цэнтры, і на перыферыі шляхта адчувала сябе з’яднанай супольнай згодай. У гэтым сэнсе прывабнасць федэратыўнай мадэлі шляхецкай рэспублікі ўсё ХVII ст. заставалася нязменнай. Калі ў Еўропе Новага часу ролю асноўнага фактару дзяржава– і нацыяўтварэння выконвала рэлігійная прыналежнасць, то ў Рэчы Паспалітай, поліканфесійнай прынамсі да канца ХVII ст., было інакш. Супольнаму жыццю і адкрытай камунікацыі тут не заміналі ні розныя рэлігіі і адрозненні ў летазлічэнні, ні розныя мовы і культуры.

Палітычнае адзінства Рэчы Паспалітай пакоілася на асаблівай калектыўнай ментальнасці і рэгіянальнай лаяльнасці, аднак у кожным часе трансфармацыйны працэс мог змяніць актуальны баланс, бо апошні быў не статычным станам, а, гаворачы словамі Рэнана, «штодзённым плебісцытам».

Як ужо даўно паказана ў гістарыяграфіі, выдатнае функцыянаванне рэгіянальнага шляхецкага самакіравання ў Рэчы Паспалітай спалучалася з палітычнай слабасцю яе цэнтра. Пра гэта піша і Альмут Бюс, заўважаючы, што федэратыўная мадэль, якая ў ХVI ст. выглядала яшчэ мадэрновым варыянтам дзяржаўнасці, у канкурэнцыі з абсалютысцкімі манархіямі ХVIII ст. выявіла сваю няздатнасць.

Варта адзначыць канстатацыю аўтарам адмоўнага ўплыву шляхецкай інтэграцыі на абуджэнне нацыянальнай свядомасці этніяў усёй Рэчы Паспалітай. Бюс заўважае, што менавіта шляхта перыферыйных рэгіёнаў, набыўшы супольную з цэнтрам ідэнтычнасць, асабліва моцна трымалася старых традыцый надрэгіянальнай шляхецкай культуры. У выніку гэта абярнулася тармажэннем росту нацыянальнай свядомасці і нацыятворчага працэсу латышоў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў (323).

Рэч Паспалітую гісторыкі даўно супастаўлялі з Нямецкай імперыяй. Параўноўваючы іх, аўтар задаецца пытаннем, ці сапраўды абедзве дзяржавы былі monstra ХVII ст.? Са спасылкай на працу Гайнца Шылінга, які нядаўна выступіў з крытыкай распаўсюджаных меркаванняў пра Sonderweg Нямецкай імперыі і, зыходзячы з пазіцыі, што ў тыя часы дзяржаватворчы працэс здзяйсняўся не ў нацыянальнай, а ў тэрытарыяльнай плоскасці, паказаў яе частковую мадэрнізаванасць у еўрапейскім параўнанні, Альмут Бюс лічыць, што ў такім выпадку асаблівай застаецца адна Рэч Паспалітая: яна была мультыэтнічнай і мультыканфесійнай, але не мультытэрытарыяльнай.

Застаецца сказаць, што гэтая надзвычай змястоўная манаграфія па малавядомай нам гісторыі Курляндыі багатая не толькі фактурай, але і смелымі ідэямі ды шырокімі параўнаннямі. Шкада, што яна зусім пазбаўленая картаў і візуальных матэрыялаў, якія толькі спрыялі б успрыманню зместа.

Генадзь Сагановіч

Мінск

Рудовіч, Станіслаў. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 (Валянціна Лебедзева)

Снежня 6, 2001 |


Рудовіч, Станіслаў C. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мінск, 2001. 200 c.

Нягледзячы на значную цікавасць сучасных даследчыкаў да праблемы барацьбы за дзяржаўна–нацыянальнае вызначэнне, яе распрацоўка на сёння не прывяла да стварэння грунтоўных абагульняльных прац. У адрозненне, прыкладам, ад Украіны, у нас няма нават нарысаў і біяграфічных даведнікаў пра дзеячаў нацыянальнага руху. Таму выхад працы Станіслава Рудовіча — вельмі заўважная для сучаснай гістарыяграфіі з’ява.

У кнізе ўтрымліваецца ўзважаны гістарыяграфічны аналіз: вызначаны асноўныя этапы і вынікі даследавання праблемы, эвалюцыя канцэпцый і ацэнак. Аўтар слушна заўважае, што, нягледзячы на пераўтварэнне тэмы ў цэнтральную ў вывучэнні гісторыі Беларусі ХХ ст., сённяшнія даследаванні застаюцца на эмпірычным узроўні. Праблема самавызначэння Беларусі разглядалася ў асноўным „знутры“, адарвана ад міжнароднага кантэксту, агульнаеўрапейскага нацыянальнага пытання. Агаворваючы пры гэтым, што прадметам даследавання з’яўляюцца палітычныя аспекты беларускай праблемы і прэтэндуючы на пераадоленне „адзначанай звужанасці“ і падвышэнне тэарэтычнага ўзроўню даследавання, аўтар ставіць на мэце аналіз беларускага пытання „ў яго ўзаемасувязях з агульнарасійскімі і міжнароднымі працэсамі“. Зместам гэтых працэсаў аўтар уважае расійскія рэвалюцыі 1917 г., таму аддае ўвагу метадалагічнай праблеме вызначэння іх сутнасці, але заўважым, што гэтае пытанне займае досыць сціплае месца ва ўводзі­нах да манаграфіі і замест уласна аўтарскіх меркаванняў абмяжоўваецца спасылкамі на апошнія вы­сновы і канстатацыі расійскіх гісторыкаў.

Метадалогію даследавання склаў праблемна–храналагічны падыход, што вызначыла падзел працы на 3 раздзелы паводле галоўных падзей–працэсаў расійскай рэвалюцыі — падзенне самаўладдзя, разгортванне палітычнай барацьбы па нацыянальным пытанні з лютага да кастрычніка 1917 г. і, нарэшце, праблема лёсу Беларусі пасля кастрычніцкага паўстання.

Варта звярнуць увагу на грунтоўную крыніцазнаўчую базу працы, асабліва на выкарыстанне перыёдык — як беларускіх, так і расійскіх. Аўтар не ігнаруе таксама і крыніцазнаўчую ролю савецкіх выданняў, выкарыстоўваючы факты, лічбы, статыстычныя выкладкі і г.д. Хоць, на наш погляд, даставернасць такога кшталту матэрыял па­трабуе праверкі новымі методыкамі. Можна заўважыць таксама, што выкарыстаная аўтарам расійская літаратура належыць у большасці да савецкага часу або перыяду да сярэдзіны 90–х г.

Стартавым пунктам даследавання стала вызначэнне палітычнага становішча Беларусі пасля падзення самаўладдзя. Аўтар прасочвае размежаванне палітычных сілаў і станаўленне грамадска–ўладных інстытуцый на тэрыторыі неакупаванай германскай арміяй часткі Беларусі. Найбольш удалай тут стала спроба вызначыць прычыны замаруджвання працэсу нацыянальна–палітычнага самаўсведамлення беларусаў, якія падзяляюцца на гістарычныя і сітуацыйныя — выкліканыя наступствамі Першай сусветнай вайны і прыфрантавога становішча Беларусі.

Сярод першых аўтар пералічвае зацверджаныя ўжо ў літаратуры адмоўныя фактары, такія, як адсутнасць „нацыянальнай дзяржаўнасці“ (хоць, на наш погляд, ва ўмовах Расійскай імперыі можна ў лепшым выпадку ўважаць толькі пэўную форму нацыянальна–тэрытарыяльнай аўтаноміі накшталт фінскай ці польскай, і становішча беларусаў у гэтым сэнсе зусім не было адметным); рэлігійна–канфесійны падзел насельніцтва; русіфікатарская палітыка царызму; этнакультурная блізкасць да суседніх, больш моцных нацый як фактар асіміляцыі. Разам з тым, звяртаецца ўвага таксама на тэрытарыяльнае становішча Беларусі ў складзе Расіі, адсутнасць непасрэднага „выхаду“ да суседніх дзяржаў, што, на думку аўтара, абцяжарвала ўсведамленне беларусамі сябе як самастойнага этнасу і магчымага суб’екта міжнародных адносін. Большага ана­лізу, на наш погляд, заслугоўвае такая прычына, як недахват нацыянальнай, у першую чаргу эканамічна–інтэлектуальнай эліты, хоць у тэксце канстатуецца адсутнасць вышэйшых навучальных устаноў і дэнацыяналізацыя выпускнікоў расійскіх універсітэтаў.

Можна пагадзіцца з аўтарам, што дзеянне гэтых фактараў, павялічанае ва ўмовах вайны моцнымі іншаэтнічнымі міграцыямі, пераўтварыла пострэвалюцыйнае беларускае грамадства ў стракаты нацыянальна–палітычны кангламерат, пры структураванні якога пад уздзеяннем рэзкай змены палітычнай сітуацыі беларускі элемент заставаўся досыць аморфным.

Зыходзячы са слушнай пасылкі, што пасля падзення царызму галоўным суб’ектам палітычнага жыцця становяцца не новыя ўладныя структуры, а расійскія палітычныя партыі, аўтар прысвячае спецыяльны раздзел аналізу праграм па нацыянальным пытанні найбольш значных агульнарасійскіх партый — ад кансерватыўна–чарнасоценных да ліберальных і сацыялістычных. Нарыс параўнання іх пазіцый прыводзіць да высновы аб адмаўленні ўсім расійскім партыйным спектрам нацыянальнага развіцця як цывілізацыйнай каштоўнасці. Неабходнасць рэагаваць на яго была абумоўлена нарастаннем нацыянальных рухаў, і ў залежнасці ад моцы і размаху апошніх станавілася прадметам стратэгічных або тактычных уступак.

Раздзел, прысвечаны пачатковаму перыяду арганізацыйнага станаўлення беларускага руху, уяўляе сабой ці не першую падрабязную хроніку зараджэння і дзейнасці нацыянальных арганізацый, утрымлівае новыя цікавыя факты і характарыстыкі. У прыватнасці, новую рысу драматызму дадае паказ варожа–нігілістычнай пазіцыі сімвала народніцкай дэмакратыі 70–х г. С.Каваліка. Аўтар паказвае, што ўзнікненне Беларускага нацыянальнага камітэта як кіраўнічага цэнтра нацыянальнага руху на этнічнай тэрыторыі было зусім не тэхнічнай справай, а азначала спалучэнне палітычнага чынніка з сацыяльнай базай руху. Яго дзейнасць дэманстравала значны палітычны і інтэлектуальны патэнцыял нацыянальнай ідэі. Хроніка першых крокаў руху дэманструе імклівае, літаральна на працягу некалькіх тыдняў, выспяванне праграмных падыходаў: ад нацыянальна–культурнага адраджэння да дзяржаўніцка–аўтанамісцкага. На наш погляд, ацэнка аўтарам кампетэнцыі Беларускага нацыянальнага камітэта як краёва–ўладнай з’яўляецца перабольшаннем. Тым больш, што прыве­дзены матэрыял пацвярджае яго ролю найперш як палітычна–інтэлектуальнага цэнтра і каардынатара руху — гэта адпавядала тагачаснай стратэгіі. Аўтар звяртае ўвагу на адсутнасць канфрантацыі розных палітычных сілаў як унутры руху, так і адносна яго, што, пэўна, было не толькі праявай „вясны расійскай дэмакратыі“, а паказвала аб’ектыўную неабходнасць пошуку краёвай мадэлі самаідэнтыфікацыі. Такім чынам, ствараўся шанс для беларускага руху стаць цэнтрам аб’яднання ўсіх зацікаўленых грамадска–палітычных сілаў, як гэта адбылося з нацыянальнымі рухамі суседніх краёў — Польшчы, Літвы, на гэтым этапе і Ўкраіны.

Асобны параграф манаграфіі прысвечаны такой маладаследаванай і складанай з’яве, як заходнерусізм. Яго аўтар уважае не толькі грамадска–палітычнай плынню, але і формай этнічнай самасвядомасці пэўных пластоў мясцовага жыхарства, сродкам сацыяльна–канфесійнай кансалідацыі праваслаўных дробна–ўласніцкіх і інтэлігенцкіх колаў, апазіцыйных да польскага абшарніцтва і яўрэйскага гандлёва–прамысловага капіталу, якія шукалі апякунства Расіі. Асноўны падыход да аналізу заходнерусізма ў рабоце не выходзіць за межы прапанаванай яшчэ А.Цвікевічам тэзы аб яго іманентнай супярэчлівасці. Разгляданыя С.Рудовічам арганізацыі кладуцца на схему: правыя (віцебскі Беларускі народны саюз і праваслаўны клір), цэнтр (гомельскі Саюз беларускай дэмакратыі), левыя — аршанская арганізацыя, Беларуская народная грамада ды інш. Такім чынам ілюструецца заяўленая ў назве параграфа нібыта нявызначаная пазіцыя заходнерусізма: „паміж імперскасцю і беларускай ідэяй“. Аднак сваімі разважаннямі аўтар паказвае, як крушэнне імперскай апоры 1917 г. стала моцным фактарам пераарыентацыі гэтай плыні на ўласнакраёвыя сілы, вынікам чаго становіцца нараджэнне ў яе ўлонні ідэі „абласніцтва“, што аб’ектыўна азначала „найважнейшую перадумову дзяржаўнасці“ і збліжэнне левацэнтрысцкага крыла заходнерусізма з беларускім рухам.

Апошняя частка другога раздзела працы прысвечана пошукам аптымальнай канцэпцыі самавызначэння і кансалідацыі нацыянальных сілаў. Як і ў іншых раздзелах, моцным бокам аўтара тут з’яўляецца хроніка падзей, багатая факталагічная база. З намаляванай аўтарам карціны яскрава вынікае, што ў справе пошуку мадэлі нацыянальнага самавызначэння ў перыяд паміж лютым і кастрычнікам 1917 г. асноўным фактарам з’яўлялася пазіцыя суседніх народаў Беларусі, найперш літоўцаў і расіян. Няспеласць нацыі і слабая нацыянальная свядомасць мелі сваім вынікам недастатковую сацыяльную базу (у раздзеле гэта яскрава праілюстравана акцыямі неўспрыняцця нацыянальных патрабаванняў беларускім сялянствам і настаўніцтвам) і палітычную нерашучасць беларускага руху, яго імкненне да трывалага саюзніцтва з больш моцнымі суседзямі і вельмі павольную эвалюцыю праграмна–дзяржаўных мэтаў: ад абласніцтва да аўтаноміі і федэрацыі. Заўважым, што ня­гледзячы на задэклараваную ў назве параграфа задачу, аўтар не ацэньвае аптымальнасці названых канцэпцый самавызначэння і канстатуе вострую актуальнасць фармавання агульнанацыянальнага фронту „на грунце краёвага патрыятызму“ напярэдадні бальшавіцкага перавароту. На жаль, не прапанаваны і ідэі, якія маглі б увасобіць патрыятычную праграму, здольную аб’яднаць такія розныя сілы, як адраджэнцы і заходнерусы.

Аўтар паказвае, як пасля прыходу да ўлады бальша­вікоў абвастрэнне палітычнай барацьбы ў краіне і актывізацыя працэсаў дзяржаўна–нацыянальнага самавызначэння суседніх народаў, асабліва іх прэтэнзіі на беларускія землі, выклікалі пашырэнне і кансалідацыю свядомых нацыянальных сілаў восенню 1917 г. Пры гэтым працэс ішоў парадаксальна: больш дынамічна ён адбываўся па–за межамі Беларусі, у бежанскіх, франтавых і падобных асяродках. На этнічна беларускіх землях ён здабываў пры­знанне з цяжкасцю. У выніку беларускі рух ні колькасна, ні палітычна не быў дастатковым для пераймання ўлады пасля крушэння Часовага ўраду, што паказалі ў тым ліку і выбары ў агульнарасійскі Ўстаноўчы сход, у якіх беларускія партыі атрымалі менш за 1% галасоў. Аднак не толькі слабасць нацыянальных сілаў стала прычынай умацавання ў краі бальшавікоў. С.Рудовіч здолеў раскрыць прагматычна–цынічны механізм ператварэння ў агульнакраёвую ўладу заходнефрантавых бальшавіцкіх сілаў, прычым ва ўмовах фактычнай ліквідацыі самога фронту. Крытычны аналіз прадстаўніцтва на вядомых лістападаўскіх сялянскіх, армейскіх і рабочых з’ездах, а таксама партыйна–нацыянальнага складу Аблвыканкамзаха прыводзіць да высновы аб свядомай недэмакратычнасці і фармальнасці іх фармавання, што рабілася для забеспячэння абсалютнай перавагі немясцовага элемента, які цураўся інтарэсаў Беларусі.

Асобны радзел у манаграфіі прысвечаны цэнтральнай падзеі ў гісторыі нацыянальнага самавызначэння 1917 г. — снежаньскаму Ўсебеларускаму з’езду. Заслугай аўтара стала ўдалая спроба факталагічнага ўдакладнення і канцэптуальнага аналізу з’езда з улікам уведзеных апошнім часам у навуковае карыстанне новых дакументальных і мемуарных крыніц. Падрабязны разгляд падрыхтоўкі і працы форума, яго фракцыйнага падзелу і палітычных арыентацый прыводзіць да некаторых канцэптуальных высноваў. Даследчык паказаў, што ўзнікненне як унутры беларускага руху так і па–за ім некалькіх цэнтраў, што ініцыявалі правядзенне з’езда, сведчыла аб наспеласці яго ідэі і ў той жа час з непазбежнасцю пераўтварала яго ў поле вострай палітычнай барацьбы. Цікавай, на наш погляд, падаецца думка аўтара, што канкурэнцыя дзвюх галоўных палі­тычных арыентацый — беларуска–радавай і абласніцка–заходнерускай — стала не толькі працягам папярэдняга размежавання, але і адлюстраваннем спрадвечнага цывілізацыйнага разлому паміж захадам і ўсходам, які праходзіў па Беларусі. Як і ў іншых выпадках, аўтару ўдаецца праілюстраваць гэтую тэзу адзінай, але вельмі сімптаматычнай дэталлю — пэўна інтуітыўным, але шчырым прызнаннем аднаго з дэлегатаў–абласнікоў у „захадафобіі“. Абгрунтаваным падаецца таксама меркаванне даследчыка наконт таго, што заслуга з’езда заключалася зусім не ў кансалідацыі нацыянальных сілаў і сцвярджэнні дзяржаўна–незалежніцкай праграмы, як гэта часам падаецца ў навуковай і папулярнай літаратуры. Яго роля палягала ў рэалізацыі першай гістарычнай магчымасці па–рознаму скіраваных палітычна, але арыентаваных на беларушчыну сілаў супольна абмеркаваць лёс радзімы і самастойна зрабіць свой выбар. Рашэнні з’езда па пытанні самавызначэння былі не толькі тактычным кансэнсусам, але і паказчыкам узроўню дзяржаўна–палітычнай спеласці беларускай нацыі ў пачатку ХХ ст., якая была яшчэ не падрыхтаванай для поўнага суверэнітэту і незалежнасці, але ўсвядоміла сябе суб’ектам гістарычнага працэсу.

Валянціна Лебедзева

Гомель

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2001 Т.8 Сш. 1-2'