Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2001 Т.8 Сш. 1-2

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939); Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (Юрась Лаўрык)

5 снежня, 2001 |

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939) / Instytut Sławistyki PAN. Warszawa, 2000. 79 s.;

Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944). Мінск, 2002. 142 с. (Б–ка часопіса БГА, Серыя «Матэрыялы да беларускай гісторыі»).

Дзве новыя працы беларускага гісторыка з Польшчы Юрыя Туронка, прысвечаныя гісторыі кнігі найноўшага перыяду, асвятляюць тэмы, якія дагэтуль былі вельмі мала даследаваны, i не непасрэдна ў бібліялагічным плане, а хутчэй y сувязі з іншымі дысцыплінамі. Аўтар, стала жывучы ў Польшчы, мае пэўную перавагу перад навукоўцамі з Беларусі ў магчымасцях доступу як да саміх выданняў, якія ён вывучае (асабліва гэта датычыць заходнебеларускіх), так i да звязаных з імі матэрыялаў. Напэўна гэта, а таксама яго прафесійныя якасці гісторыка дазволілі Туронку стварыць два выключныя па сваім характары даследаванні i закласці падмурак гістарыяграфіі названых тэмаў.

Першая праца прысвечана гісторыі беларускай кнігі ў міжваеннай Польшчы. Адна з падставовых задачаў аўтара — складанне магчыма поўнага каталогу беларускіх выданняў y II Рэчы Паспалітай, што i было выканана. Гэты каталог, пададзены ў Aneksie напрыканцы кнігі, прадстаўляе 446 пазіцый (складальнік, аднак, не ўлічвае календары, улёткі, выданні, меншыя аб’ёмам за 4 старонкі, выдавецкія каталогі i да т.п.). Кнігі i брашуры размешчаны паводле года выдання i з указаннем падставовых характарыстык: аўтара, загалоўка, выкарыстанага алфавіта, жанравае прыналежнасці, выдавецтва і друкарні, аб’ёму i накладу.

Асноўны тэкст кнігі складае апісанне беларускага кнігавыдавецтва ў міжваеннай Польшчы як з’явы, з паданнем выдаўнічага i тэматычнага аналізу публікаванае літаратуры. Гісторыя беларускай кнігі паказана дынамічна, y сваім развіцці i ў лагічнай сувязі са зменнай палітыкай польскага ўраду ў адносінах да беларускае нацменшасці; шмат увагі аддадзена канфіскацыям накладаў, чаму ўласна прысвечаны асобны раздзел. Несумненнай заслугай аўтара трэба лічыць тое, што ён не толькі звярнуў адмысловую ўвагу на колькасць выдаваных асобнікаў, але і знайшоў спосаб вызначыць яе для вялікага шэрагу выданняў (наклад з’яўляецца, бадай, найскладанейшай для вывучэння характарыстыкай кнігі ў большасці перыядаў ейнае гісторыі).

Д–р Туронак дапаўняе свой тэкст паказаннем фактаграфічнага матэрыялу ў форме табліцаў, што, безумоўна, да­зваляе падаць матэрыял y сціслай і, разам з тым, больш «празрыстай» форме. Аднак y такім падыходзе часам крыецца небяспека разбежнасці паміж тэкстам i табліцамі, асабліва калі апошнія складаліся не ў адзін час з пісаннем кнігі. На жаль, гэтае небяспекі не ўнікнуў i спадар Туронак, i ў яго падобныя разбежнасці можна сустрэць некалькі разоў. Як прыклад прывяду крыптанім кс. Яна Семашкевіча «J.S.», які Туронак y табліцы псеўданімаў і крыптанімаў не падае, хоць, несумненна, ведае, бо на с.35 сярод іншых выданняў Семашкевіча пералічае i перакладзены ім Rużaniec Najśviaciejśaj Dziewy Мarуі, які быў менавіта так падпісаны.

Яшчэ адна рэч, якую можна закінуць рэцэнзаванай кнізе (тым разам, аднак, ужо не ейнаму аўтару, a выдаўцам) — гэта часам сустраканая друкарская нядбаласць выдання. У шэрагу месцаў (пр., на с.18) неапраўдана ўжыты розныя памеры шрыфту: абзац пачынаецца адным шрыфтам, a праз некалькі радкоў, часам нават пры пераносе слова, працягваецца буйнейшым. У некалькіх месцах таксама (25, 38) замест паслядоўных парадкавых нумароў y дачыненні да розных катэгорый літаратуры прастаўлены толькі рымскія адзінкі.

У цэлым жа кніга пакідае вельмі станоўчае ўражанне. Хацелася б бачыць яе выдадзенай па–беларуску з увагі як яе неаспрэчнай навуковай каштоўнасці, так i дзеля таго, каб яна служыла ўзорам, як пішуцца «традыцыйныя» працы ў галіне бібліялогіі.

Для другой працы даследчыку ўдалося знайсці нетрадыцыйную і вельмі ўдалую назву: тытулам канкрэтна i дакладна паведамляецца, пра што напісана кніга (тое, што не вельмі характэрна для назваў беларускіх навуковых выданняў апошняга часу).

Сама кніга напісана даволі жыва, чым розніцца ад сухога, «акадэмічнага» стылю папярэдняга даследавання. Відавочна, яна ад пачатку рыхтавалася для больш шырокага чытача; ёсць ілюстрацыі i біяграмы дзеячоў кнігадруку, a табліцы зведзены да мінімуму. Жывасць аповеду, аднак, ніякім чынам не адбіваецца на навуковым узроўні: матэрыял пададзены лагічна i дакладна, з паказаннем крыніцаў інфармацыі. Часам аўтар, не маючы пэўных дадзеных пра тыя ці іншыя характарыстыкі даследаванага выдання, спрабуе ix «пралічыць», абапіраючыся на ўнутраную i знешнюю крытыку тэксту (напрыклад, на с.23), — і робіць гэта абгрунтавана i пераканаўча. А такі аналіз, трэба адзначыць, вымагае немалога ведання як палітычнае гісторыі Еўропы ў цэлым, так i тагачаснае кніжнае справы ў прыватнасці.

На жаль, аднак, i ў гэтай кнізе часам сустракаюцца пэўныя недакладнасці, хай, можа, i не заўсёды звязаныя з галоўнай тэмай. Напрыклад, словы Туронка  ва Ўступе, што ён купіў усю кніжную калекцыю Пятра Ластаўкі, «блізу 20 беларускіх кніг», могуць ўвесці ў зман будучых даследчыкаў гісторыі беларускіх бібліятэк. Бо, напрыклад, толькі ў лонданскай Скарынаўскай Бібліятэцы захоўваецца, прынамсі, з дзесятак кніжак са збору варшаўскага бібліяфіла, a на адной з ix (акурат, на асобніку Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску, Прага, 1941), побач з подпісам Ластаўкі, знаходзіцца надпіс ягонай жа рукой: «Nr катал. 117», які сведчыць, што выданняў y калекцыі было прынамсі не менш за гэтую лічбу.

Інфармацыю, пададзеную ва ўспамінах Язэпа Найдзюка пра Беларускую друкарню імя Францішка Скарыны, варта было б узгадніць са звесткамі ў мемуарах іншых працаўнікоў друкарні (напрыклад, Янкі Багдановіча), што дазволіла б пазбегнуць некаторых прыкрых хібаў y біяграмах. Дарэчы, пры чытанні біяграмаў y мяне нярэдка з’яўлялася вялікае жаданне ix дапоўніць. Я разумею, што аўтар адмыслова выбраў кароткую форму, падаючы толькі асноўныя факты біяграфіяў, але, з другога боку, хіба тое, напрыклад, што ксёндз Адам Станкевіч быў адным са стваральнікаў Друкарні ім. Францішка Скарыны i Беларускага Каталіцкага Выдавецтва, фактычна заснавальнікам i рэдактарам віленскай Крыніцы, да такіх фактаў не належыць? Не маю найменшага сумнення, што д–р Туронак гэта ўсё ведае, але чаму б было не падзяліцца сваёй ведай з чытачом?

Яшчэ адзін негатыўны момант — гэта непаслядоўнае паданне інфармацыі пра месцазнаходжанне кніг. Бо ў некаторых выпадках аўтар пазначае ўсе вядомыя яму месцы захавання, як, напрыклад, пры апісанні 10–й пазіцыі каталога (Верес У. Шляхам барацьбы Беларусі з Масквой): «Месца захавання — НАРБ, калекцыя аўтара»; тады як y іншых выпадках пададзена толькі месцазнаходжанне асобніка, з якім аўтар працаваў, як гэта, напрыклад, відаць з апісання пазіцыі 1 (Аляхновіч Ф. Круці, ня круці — трэба памярці), дзе паказана толькі, што кніга захоўваецца ў БДАЛіМ, хоць яна, зноў жа, ёсць i ў лонданскай Скарынаўцы. Д–ру Туронку, які быў y кантакце з ББФС, варта было б звярнуць увагу на такога роду інфармацыю.

На заканчэнне хацелася б яшчэ раз падкрэсліць, што мая крытыка не змяншае вартасці аналізаваных працаў i датычыць, пераважна, момантаў другасных. Зазначаю гэта адмыслова, бо рэцэнзаваныя кнігі з’яўляюцца сапраўды значным дасягненнем беларускага гістарычнага кнігазнаўства i вартасць абедзвюх яўна перавышае тыя недахопы, якія ў ix можна адшукаць. Маю смеласць спадзявацца, што мае заўвагі, як i заўвагі іншых рэцэнзентаў (гл. беластоцкую Ніву №12 за 25.03.01), будуць улічаны пры далейшых перавыданнях. Згадайма таксама, што доктару Ю.Туронку належаць навуковыя публікацыі па іншых перыядах новай i найноўшай гісторыі беларускай кнігі; перакладзеныя на беларускую мову ды выдадзеныя пад адной вокладкай разам з разгляданымі вышэй працамі, яны б склалі цэласнае даследаванне ды маглі б стаць важнай дапамогай як для навукоўцаў, так і для выкладчыкаў i студэнтаў.

Юрась Лаўрык

Лондан

Смиловицкий, Леонид. Катастрофа евреев в Белоруссии: 1941—1944 (Эмануіл Іофэ)

4 снежня, 2001 |

Смиловицкий, Леонид. Катастрофа евреев в Белоруссии: 1941—1944 гг. Тель–Авив, 2000. 432 с. 2 карты.

Хоць даследчык Даніэль Раманоўскі назваў кнігу Л. Смілавіцкага першай навуковай працай па гісторыі катастрофы яўрэяў у Беларусі, напісанай на расійскай мове (с. 7), гэта не адпавядае рэчаіснасці. Дастаткова  згадаць кнігу Яўгена Розенблата ды Ірыны Яленскай „Пинские евреи. 1939—1944 г.“ (Берасце, 1997), кандыдацкую дысертацыю Я. Розенблата „Нацысцкая палітыка генацыду ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва заходніх вобласцяў Беларусі (1941—1944 г.)“, абароненую 28 студзеня 2000 г. у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, а таксама шэраг навуковых прац М. Батвініка, Э. Іофэ, Р. Чарнаглазавай ды іншых даследчыкаў. Разам з тым, праца „Катастрофа евреев в Белоруссии. 1941—1944 г.“ з’яўляецца значным унёскам у вывучэнне дадзенай праблемы. Гэта своеасаблівы летапіс гісторыі нацысцкай палітыкі генацыду супраць яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў гады II су­светнай вайны.

Чым жа кніга Л.Смілавіцкага адрозніваецца ад папярэдніх даследаванняў па гісторыі катастрофы на беларускай зямлі?

Па–першае, шырэйшай базай крыніц. Гэта архівы Беларусі, Расіі ды Ізраіля, энцыклапедыі гэтых краінаў, а таксама Вялікай Брытаніі і ЗША, зборнікі дакументаў і матэрыялаў, манаграфіі, кнігі, брашуры, часопісныя і газетныя артыкулы на іўрыце, рускай, беларускай і англійскай мовах.

Па–другое, прадметам даследавання. У кнізе Л.Смілавіцкага ім сталі такія тэмы, якія яшчэ адмыслова не вывучаліся. Гаворка ідзе пра змены ў дэмаграфічным балансе рэспублікі, пра дапамогу і выратаванне яўрэяў нямецкімі вайскоўцамі, пра лёс дзяцей у гады акупацыі, пра канфіскацыі яўрэйскай маёмасці, пра сямейныя лагеры і атрады, пра яўрэяў і палякаў сярод беларускіх партызанаў, пра антысемітызм у партызанскім руху. Усе сюжэты Л. Смілавіцкі даследуе даволі грунтоўна і глыбока. Так, разглядаючы лёс дзяцей у гады акупацыі, ён акцэнтуе ўвагу на такіх ключавых праблемах, як статус і становішча дзяцей у пачатку вайны, дзеці ў гета, выратавальнікі дзяцей, антысемітызм і дзеці, дзеці ад змяшаных шлюбаў, паводзіны неяўрэйскіх сем’яў, адрозненне статуса яўрэйскіх дзяцей ад неяўрэйскіх, колькасць ахвяраў сярод дзяцей, уплыў катастрофы на лёс дзяцей.

Па–трэцяе, аўтар кнігі зрабіў сур’ёзную спробу вывучэння такой важнай тэмы, як увекавечанне памяці ахвяраў генацыду. На падставе аналізу шэрагу крыніцаў ім складзена арыгінальная табліца „Мемориальные комплексы, памятники и памятные знаки жертвам Холокоста в Белоруссии, установленные в 1945—1999 г.“.

У рэцэнзаваным даследаванні прыведзены цікавыя табліцы, малавядомыя фотаздымкі, іменны і геаграфічны паказнікі, а таксама слоўнік асноўных выкарыстаных тэрмінаў і імёнаў.

Аднак праца Л. Смілавіцкага не пазбаўлена і пэўных недахопаў.

Выклікае пярэчанне структура кнігі. Ёй не хапае цэласнасці і лагічнасці. Так, у сярэдзіне матэрыялу „Яўрэі і палякі сярод беларускіх партызанаў“ змешчаны звесткі (не зусім дакладныя) пра яўрэяў — камандзіраў і камісараў, начальнікаў штабоў партызанскіх атрадаў і брыгадаў (134—137). У чытача можа з’явіцца пачуццё, што Л. Смілавіцкі стараўся ўціснуць у кнігу ўсё, што ёсць у яго па „яўрэйскай“ тэме. Навошта ў працы пра катастрофу беларускіх яўрэяў даваць спісы кіраўнікоў абшчын Аб’яднання яўрэйскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь (паміж іншага, правільная назва — Саюз беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын — Э.І.), яўрэйскіх арганізацый у Мінску і кіраўнікоў абшчын Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі (пададзеных у змесце як „Адрасы яўрэйскіх абшчын у Беларусі“ і „Адрасы яўрэйскіх абшчын у Ізраілі“) (389—393). У выніку ў працы дастаткова другаснага, таго, што не датычыць тэмы даследавання, паўтораў тых самых фактаў.

Навуковую значнасць даследавання зніжаюць шматлікія недакладнасці. Так, на с. 356 Л.Смілавіцкі змяшчае спіс сакратароў падпольных абласных камітэтаў КП(б)Б — яўрэяў. У сапраўднасці, з трох чалавек у гэтым спісе, толькі адзін — Каган В.Я. — быў яўрэем. Але ён быў сябрам падпольнага абкама партыі, а не сакратаром. Адкуль, з якіх крыніцаў аўтар кнігі ўзяў звесткі, што сакратары Мінскага падпольнага абкама партыі Раман Навумавіч Мачульскі і Іосіф Аляксандравіч Вельскі — яўрэі? Мне дакладна вядома, што яны не яўрэі. Мачульскі і Вельскі па дакументах Нацыянальнага архіва Рэспулікі Беларусь у сапраўднасці беларусы.

Нямала фактычных недакладнасцяў дапушчана ў спісе яўрэяў–кіраўнікоў партызанскага руху. Назаву толькі некалькі. На якой падставе ў яго ўключаны камандзір партызанскай брыгады ім. Панамарэнкі, што ўваходзіла ў свой час у склад украінскага паліцэйскага батальёна, Сямён Ганзенка (137), камандзір Трэцяй Беларускай партызанскай брыгады Аркадзь Марчанка, камандзір 210–га асобнага атрада 1–й Асіповіцкай брыгады Дзмітры Барысавіч Шрэйн (135 — 136)? Прозвішча камандзіра партызанскага атрада Мукацэр, а не Мукацаў, як пададзена на с. 134.

Выклікае шкадаванне, што недарэчныя фактычныя недакладнасці бяруць пачатак ужо з першых старонак рэцэнзаванай кнігі. Так, у матэрыяле „Ад аўтара“ (с. 13) даводзіцца, што паўстанне ў Клецкім гета адбылося 21 ліпеня 1943 г. У сапраўднасці яно было 21—22 ліпеня 1942 г. На гэтай жа старонцы адзначана, што ў верасні 1942 г. адбылося паўстанне вязняў гета ў Тучынцы. Але гэта тэрыторыя Ўкраіны, а не Беларусі. На с. 339 сцвярджаецца, што гістарычна–дакументальная хроніка „Памяць“ Бярэзінскага раёна пабачыла свет у 1987 г. Гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо яна не выдадзена да цяперашняга часу і толькі зусім нядаўна пачалася падрыхтоўка да яе напісання. У некаторых месцах няма спасылак на выкарыстаную літаратуру.

Не магу пагадзіцца з меркаваннем арганізатара паўстання ў Нясвіжскім гета, вядомым ізраільскім навукоўцам Шаломам Халяўскім, што „постсавецкія гісторыкі, нягле­дзячы на адкрытыя для іх архівы, не падрыхтаваныя да сапраўднага асвятлення падзеяў“ (388).

І ўсё ж выхад у свет кнігі Л.Смілавіцкага „Катастрофа евреев в Белоруссии. 1941—1944 г.“ — значная падзея ў навуковым жыцці і Беларусі, і Ізраіля. Гэта вынік шматгадовай працы і актыўных навуковых пошукаў, які пад­штурхне да комплекснага, усебаковага вывучэння катастрофы яўрэяў на беларускай зямлі ў час апошняй вайны, паспрыяе больш аб’ектыўнаму вывучэнню гісторыі беларускіх яўрэяў ды іх адносін з беларусамі і палякамі ў 1941—1944–х г.

Эмануіл Іофе

Мінск

Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы (Юры Грыбоўскі)

3 снежня, 2001 |

Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы… / Отв. ред.–сост. Р.П. Платонов, В.В. Федосов. Минск, 2001. 145 с.

Гэта зборнік матэрыялаў „круглага стала“, прысвечанага 60–годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, што быў праведзены ў чэрвені 2001 г.  Ён складаецца з шаснаццаці дакладаў удзельнікаў „круглага стала“, якімі сталі супрацоўнікі БелНДІДАС, гістарычнага факультэта БДУ, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, МДПУ імя М.Танка і інш. Заўважна, што аўтары намагаліся адлюстраваць як мага больш аспектаў, звязаных з пачаткам нямецка–савецкай вайны, шмат з якіх па пэўных прычынах дасюль абміналіся ўвагай айчынных даследчыкаў. У гэтым сэнсе можна звярнуць увагу на наступныя даклады: Аляксандра Жайваронка („Аб ваенна–эканамічнай гатоўнасці СССР да адбіцця фашысцкай агрэсіі“), Ігара Валахановіча („Дзейнасць НКДБ БССР па стварэнні аператыўных груп і партызанскіх аддзелаў у чэрвені–жніўні 1941 г.“), Юрыя Зверава („Становішча савецкіх ваеннапалонных у першыя месяцы вайны: адлюстраванне ў дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь“), Таццяны Рахманько („Пачатак Вялікай Айчыннай вайны: фотаздымкі распавядаюць“), Міхася Шумейкі („Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і беларускія архівы“). Апошні падрыхтаваў звесткі не толькі пра стан архіваў БССР пасля нямецкага нападу, але і пра непасрэдныя страты архіўных матэрыялаў. Шумейка адзначае, што за вайну цэнтральныя і абласныя архівы Беларусі ў гады вайны страцілі не менш за 58% свайго даваеннага аб’ёму. Матэрыял Валахановіча падрыхтаваны пераважна на аснове дакументаў з фондаў архіва КДБ РБ.

Асаблівую цікавасць чытача павінны выклікаць звесткі, падрыхтаваныя на матэрыялах нямецкіх архіваў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра даклады Сяргея Новікава („«Зялёная тэчка»: да гісторыі з’яўлення, выкарыстання і крытычнага асэнсавання“) і Сяргея Курбекі („Лета 1941 г.: старонкі ваеннай гісторыі Беларусі ў адлюстраванні нацыянальнай калекцыі «Александрыйскіх мікрафільмаў»“). Тэме абарончых баёў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі прысвечаны працы Анатоля Валахановіча („Абарона Мінска: Мінскі ўмацаваны раён“), Паўла Журкевіча („Абарона Барысава ў 1941 г.“), Расціслава Платонава („Аб прычынах паражэння войскаў Заходняга фронта ў першыя месяцы вайны“). Сярод асноўных прычын, якія выклікалі буйныя страты з боку Чырвонай Арміі, аўтар вылучае сталінскія рэпрэсіі супраць каманднага складу ўзброеных сіл у 1937—1938 г. Платонаў пагаджаецца з выказваннем: „Без 1937 года не было б і лета 1941–га“. Абапіраючыся на айчынныя архіўныя матэрыялы і апелюючы да нямецкіх трафейных дакументаў, аўтар звяртае ўвагу на малавядомыя старонкі з падзей на Заходнім фронце ўлетку 1941 г. Каштоўныя звесткі ёсць у матэрыялах Аляксандра Кавалені („Міждзяржаўныя адносіны напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў дакументальных крыніцах“), Эмануіла Іофэ („Генацыд з першых дзён“) і Яўгена Бараноўскага („Асаблівасці зара­джэння ў Беларусі ў 1941 г. антыфашысцкага падпольнага руху“). У дакладзе Кузьмы Козака „Усталяванне германскага акупацыйнага рэжыму на Беларусі ў 1941 г.“ прыве­дзены пералік асноўных акупацыйных ведамстваў і структур, якія дзейнічалі на Беларусі — ад вайсковых (Вермахт) і вайскова–паліцыйных фармаванняў да вайскова–эканамічных (гандлёвыя таварыствы, фірмы) і цывільных органаў. Калі вышэйзгаданыя аўтары карысталіся айчыннымі і замежнымі матэрыяламі з архіваў, а таксама апублікаванымі дакументамі, то даклад Ірыны Варанковай („Мінск 22—28 чэрвеня 1941 г.“) падрыхтаваны па матэрыялах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У якасці дадатку складальнікі зборніка надрукавалі частку ўспамінаў першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі пра пачатак вайны, дзе апошні распавядае аб разгортванні савецкай партызанкі ўлетку 1941 г. Нагадаем — напісаў чалавек, што быў членам Ваеннага савета Заходняга фронта, і яго абмінула пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны (ДКА) ад 10 ліпеня 1941 г., паводле якой шэраг вышэйшых камандзіраў і палітработ­ні­каў былі перададзены суду вайсковага трыбунала, а пазней атрымалі смяротны вырак.

Юры Грыбоўскі

Мінск

Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование (Юры Грыбоўскі)

2 снежня, 2001 |

Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование / Г.Д.Кнатько, В.И. Адамушко, Н.А. Бондаренко, В.Д. Селеменев; Под ред. Г.Д.Кнатько. Минск, 2001. 336 с.

Кніга з’яўляецца падсумаваннем ранейшых напрацовак па праблеме прымусовага выгану беларускага насельніцтва на працу ў Райх, апублікаваных айчыннымі і замежнымі даследчыкамі ў 1990–я г. У савецкі час гэтая тэма згадвалася ў асноўным у кантэксце разгляду пытанняў гітлераўскага генацыду і антыфашысцкага руху ў Беларусі ў гады вайны.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У прадмове (с.5—14) аўтары робяць поўны агляд савецкай, сучаснай беларускай і замежнай гістарыяграфіі. У першым раздзеле („Крах «бліцкрыга»  як імпульс да з’яўлення остарбайтэраў“, 15—29) з’ява „беларускіх остарбайтэраў“ разглядаецца ў кантэксце агульнага асвятлення пытання замежных працоўных у Райху. Так, зазначаецца, што яшчэ ў 1940 г. у Нямеччыне знаходзілася каля аднаго мільёна працоўных з акупаваных Нямеччынай краін. Даючы характарыстыку дзяржаўным органам у Трэцім Райху, якія займаліся забеспячэннем кіравання працоўнай сілай, аўтары падкрэсліваюць, што гэтыя функцыі  выконвалі райхсміністэрствы для акупаваных усходніх тэрыторый і эканамічны штаб „Усход“ (24). Таксама зазначаецца, што да практыкі выкарыстання іншаземнай прымусовай працоўнай сілы нямецкі ўрад звяртаўся яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, пасля таго як у 1914 г. выйшла распараджэнне вайсковага ведамства аб затрыманні на сваёй тэрыторыі цывільных грамадзян краін, з якімі Нямеччына  знаходзілася ў стане вайны, і накіраванні іх на т.зв. тэрміновыя работы (18).

Другі раздзел „Выган насельніцтва ў Нямеччыну“ (30—109) прысвечаны распрацоўцы планаў гвалтоўнага вывазу беларускага насельніцтва і непасрэднаму ажыццяўленню гэтых злачынстваў. Аўтары асвятляюць становішча Беларусі напярэдадні нямецка–савецкай вайны, а перш–наперш — дэмаграфічнае. Праўда, аўтары, прыводзячы афі­цыйныя дадзеныя аб колькасці насельніцтва рэспублікі ў 1939 г., не зважаюць на шэраг фактараў, якія паўплывалі на змену колькасці грамадзян на працягу 1939—1941 г. (32—33). Вынікі вышэйзгаданага перапісу былі сфабрыкаваны савецкім кіраўніцтвам, і апеляваць да іх не варта. Тут таксама падрабязна характарызуюцца планы гітлераўцаў у дачыненні да Беларусі яшчэ да нападу на СССР. Так, напрыклад, усходнімі ведамствамі Нямеччыны планавалася ўключыць у склад генеральнай акругі Беларусь абшар з гарадамі Мінск, Баранавічы, Магілёў, Смаленск, Віцебск (33). Аўтары кранаюць праблему дачынення беларускіх нацыянальных арганізацый, у прыватнасці — Саюза Беларускай Моладзі (СБМ) і Беларускай Нацыянальнай Самапомачы (БНС) да вывазу цывільнага насельніцтва на захад (50—53, 75—81). Яшчэ адзін момант кнігі — насычанасць лічбамі: колькасць прымусова вывезеных, лік запланаваных, людскія страты, групаванне грамадзян па пэўных катэгорыях і г.д. Так, напрыклад, згодна з улікам насельніцтва на 25 сакаві­ка 1943 г., праведзеным акупацыйнымі органамі, на тэрыторыі генеральнай акругі Беларусь было зарэгістравана 2 903 468 чал., тады як у Нямеччыну ў гэты час было вывезена 40 тыс. чал. У наступныя месяцы нацысты прапаноўвалі павялічыць гэтую лічбу больш чым утрая (68—71).

У наступным раздзеле „Становішча беларускіх остарбайтэраў у Райху“ (110—167) асвятляюцца іх жыллёвыя ўмовы, медычнае абслугоўванне, харчаванне, узаемаадносіны ўсходніх працаўнікоў з мясцовым нямецкім насельніц­твам. Тут можна знайсці звесткі пра распрацоўку гітлераўцамі адзнак для остарбайтэраў — нарукаўных апасак (115—117). Аўтары адзначаюць стаўленне беларускай палітычнай эміграцыі ў Нямеччыне да беларускіх остарбайтэраў. Цікава, што дзеячы Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) намагаліся весці свой улік падняволеных (165—167).

Апошні раздзел кнігі „Рэпатрыяцыя“ (168—297) распавядае пра складаны працэс вяртання остарбайтэраў на радзіму. Варта падкрэсліць, што ў працы падаюцца звесткі не толькі пра прымусова вывезеных працаўнікоў у Нямеччыну, але і пра іншыя катэгорыі беларускага насельніцтва, якія за гады вайны апынуліся па–за межамі Беларусі. Так, прыводзяцца ўрыўкі з дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія ўскосна сведчаць пра вяртанне ў БССР беларусаў–вайскоўцаў польскіх вайсковых адзінках у складзе брытанскага войска, а таксама нараджэнцаў Заходняй Беларусі, якія ў міжваенны час выехалі ў Францыю, і інш. (288—289). Разам з тым адзначаецца, што, ня­гледзячы на руплівую арганізацыю з савецкага боку вяртання жыхароў свайго абшару на радзіму, шмат нашых суайчыннікаў засталіся на чужыне. На думку аўтараў працы, „невяртанцамі“ стала не менш за 100 тысяч беларусаў, пераважна з заходняй часткі краіны.

У пасляслоўі (298—303) аўтары асвятляюць сучасны стан былых остарбайтэраў і стаўленне цяперашняй нямецкай дзяржавы да праблемы былых нявольнікаў.

Уражвае спіс выкарыстанай па тэме літаратуры і крыніцаў. Акрамя фондаў айчынных і расійскіх архіваў выкарыстаны дакументы з Бундэсархіва ў Кобленцы, а таксама Вайсковага федэральнага архіва, які знаходзіцца ў Фрайбургу (306). Да ліку апошніх адносяцца: дакументацыя Галоўнага камандавання Вермахта, Службы кантролю над вайсковай прамысловасцю, Эканамічнага штаба „Усход“ і інш.

Юры Грыбоўскі

Мінск

Гужалоўскі, Аляксандр А. Нараджэнне беларускага музея; ён жа, Музеі Беларусі (1918—1941) (Вольга Коваль)

1 снежня, 2001 |

ГУЖАЛОЎСКІ, АЛЯКСАНДР А. Нараджэнне беларускага музея. Мінск, 2001. 124 с.;
ён жа, Музеі Беларусі (1918—1941 гг.) Мінск, 2002. 176 с.

Першая праца Аляксандра Гужалоўскага прысвечана станаўленню на беларускіх тэрыторыях музеяў як сацыяльнага інстытута. У кнізе разглядаецца развіццё ўсіх музеяў Беларусі ў рамках яе этнічных межаў, якія былі створаны да 1917 г. Чытач можа прасачыць працэс станаўлення беларускага музея ад з’яўлення прыватных збораў у XI—XIII ст. да пачатку арганізацыі сеткі дзяржаўных музеяў.

Структурна праца складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў і заключэння. Ва ўводзінах (с. 3—12) падаецца па­драбязны агляд айчынных ды замежных крыніц і гістарыя­графіі па тэме. Першы раздзел кнігі «Прыватнае збіральніцтва» (13–52) распавядае  пра фантастычныя беларускія калекцыі, першыя перадмузейныя зборы пачынаючы з эпохі Вялікага Княства Літоўскага да пачатку ХХ ст. Чытач можа знайсці інфармацыю пра дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Нясвіжскія скарбы, калекцыі Сапегаў, зборы Ганны Ябланоўскай, Канстанціна Тышкевіча, Канстанціна Тызенгаўза і г. д. Аўтар падкрэслівае, што на беларускіх землях існавала значная колькасць разнастайных калекцый, якія пазней папоўнілі фонды музеяў Беларусі, Расіі і Польшчы.

Другі раздзел «Музеі навучальных устаноў» (53—72) апісвае стварэнне першых музеяў пры некаторых свецкіх і духоўных навучальных установах Беларусі з канца ХVIII ст., што спрыяла зараджэнню адукацыйна–выхаваўчай сацыяльнай функцыі музея. У дадзеным раздзеле сабрана дакладная інфармацыя пра музеі ў Гарадзенскай медыцынскай акадэміі, Горы–Горацкам земляробчым інстытуце, духоўнай семінарыі ў Мсціславе і г. д. Акрамя таго, на пры­кладзе земскіх музеяў, нягледзячы на непрацяглы перыяд існавання земстваў, прасочваецца патрэба інтэлігенцыі ў музеях як сродку павышэння агульнакультурнага ўзроўню насельніцтва.

Апошні раздзел «Музеі навуковых устаноў» (73—104) распавядае пра складанне разнастайных калекцый з сярэдзіны ХIХ ст. Тут разглядаецца дзейнасць Тамаша Зана, а таксама Яўстафія Тышкевіча, які стаў ініцыятарам стварэння музея Віленскай археалагічнай камісіі. Таксама тут размешчаны даволі цікавыя звесткі  пра з’яўленне статыстычных і царкоўна–археалагічных музеяў ды іх працу.

У заключэнні (105—106) аўтар падкрэслівае, што на развіццё музейнай справы на Беларусі паўплывалі складаныя сацыяльна–палітычныя і культурныя зрухі, наклалі адбітак адносіны Расіі і Польшчы. Напрыканцы кнігі размешчана табліца «Спіс музеяў Беларусі, заснаваных у дакастрычніцкі перыяд», дзе ёсць звесткі пра 51 музей, год заснавання, горад, ведамасную прыналежнасць і даступнасць для агляду публікай.

Другая кніга аднаго з вядучых музеязнаўцаў краіны з’яўляецца, па сутнасці, першай спробай комплекснага разгляду развіцця музейнай справы на Беларусі ў міжваенны час ад першых ініцыятыў Савецкай улады на ўсходніх землях да спынення музейнай дзейнасці ў 1941 г. На падставе шматлікіх як беларускіх, так і замежных крыніц аўтар дае грунтоўную і падрабязную характарыстыку музейнай справы таго перыяду і вызначае агульныя заканамернасці яе развіцця.

Варта адзначыць, што дасюль у айчыннай гістарычнай навуцы сустракаліся толькі асобныя публікацыі, прысвечаныя непасрэдна музейным установам, якія мелі ў большасці апісальны характар. Кніга Аляксандра Гужалоўскага стварае цэльную гістарычную карціну, комплексны навуковы аналіз дадзенай праблемы, не толькі асвятляе працэс станаўлення і развіцця музейнай справы ў міжваенны час, але і аналізуе грамадска–палітычную і сацыяльна–эканамічную сітуацыю, ва ўмовах і пад уплывам якой адбывалася музейнае жыццё.

Праца складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў і за­ключэння. Уводзіны (3—12) акрэсліваюць перыяды развіцця музейнай справы  і падаюць агульны агляд савецкіх, беларускіх і замежных выданняў і разнастайных архіўных крыніц, якімі карыстаўся аўтар.

Першы раздзел кнігі называецца «Дзяржаўныя музеі БССР» (13—68). Тут разглядаецца ўзнікненне і развіццё музейнага заканадаўства і органаў кіраўніцтва музейнай справай, стварэнне сеткі дзяржаўных музеяў у савецкай краіне, фармаванне прапагандысцкай і ідэалагічнай функцый музейных устаноў.

Другі раздзел працы «Грамадскія краязнаўчыя музеі ў БССР» (69—104)  паказвае ўздым і заняпад беларускага краязнаўчага руху ў міжваенны перыяд, з’яўленне края­знаўчых музеяў і арганізацый па каардынацыі іх дзейнасці, фармаванне выдатных калекцый па гісторыі краю і спыненне дзейнасці энтузіястаў у гады рэпрэсій, імкненне партыйных ідэолагаў вытравіць памяць людзей пра свае карані і традыцыі.

Апошні раздзел кнігі «Музеі Заходняй Беларусі» (105—141) дазваляе чытачу параўнаць развіццё музейнай справы дзвюх частак краіны, якія тады знаходзіліся ў складзе розных дзяржаў. Аўтар падкрэслівае, што ў дадзены перыяд музеі як у БССР, так і ў Заходняй Беларусі знаходзіліся ў досыць складаных умовах (у першым выпадку — партыйна–ідэалагічны ціск, у другім — пазбаўленне нацыянальнай афарбоўкі). У раздзеле грунтоўна распавядаецца пра дзейнасць і лёс Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, пра музейную справу ў Горадні, Пінску, Баранавічах, Слоніме, Наваградку і г. д.

У заключэнні (142—145) аўтар абагульняе і ацэньвае міжваенны перыяд, падкрэслівае, што, нягледзячы на ўсе складанасці  эканамічнага і ідэалагічнага характару, гэта быў час, калі выпрацоўваліся прававыя нормы музейнай справы, музеі спрыялі захаванню помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.

Адметнасцю абедзвюх кніг з’яўляецца іх добрая ілюстраванасць. У дадатку да першай можна ўбачыць як партрэты вядомых беларускіх дзеячаў Яўхіма Храптовіча і Тамаша Зана, так і выявы экспанатаў і былых экспазіцый, будынкаў, дзе захоўваліся калекцыі. У дадатку да другой працы змешчана каля 20 ілюстрацый, прычым некаторыя з іх публікуюцца ўпершыню. Сярод іх — фота­здымкі будынкаў і экспазіцый музеяў, вядомых музейных дзеячаў. Таксама тут прыведзена табліца «Музеі Беларусі, створаныя ў перыяд з 1917 да 1941 г.», дзе ёсць звесткі пра 81 музей, час іх заснавання, горад, ведамасную прыналежнасць і лёс калекцый.

Аддаючы своеасаблівую даніну пашаны рупліўцам культурнай спадчыны ў міжваенны перыяд, аўтар напрыканцы кнігі ў табліцы «Музейныя дзеячы Беларусі, пацярпелыя падчас рэпрэсій 1930–х г.» падае сціслыя звесткі пра музейных дзеячаў Беларусі, якія сталі ахвярамі сталінскага тэрору. У спіс патрапілі як агульнавядомыя імёны, так і прозвішчы кіраўнікоў рэгіянальных краязнаўчых музеяў.

Вольга Коваль

Мінск

Nyomárkay István. Kroatističke studije (Сяргей Запрудскі)

30 лістапада, 2001 |

Nyomárkay István. Kroatističke studije. Zagreb, Matica hrvatska, 2000. 303 S.

Кніга вядомага венгерскага харватыста, загадчыка кафедры славістыкі і балтыстыкі універсітэта імя Лоранда Этвеша ў Будапешце Іштвана Нёмаркаі «Харватыстычныя даследаванні» выйшла ў Заграбе ў серыі «Бібліятэка замежных харватыстаў». У 1961 г. І.Нёмаркаі скончыў філасофскі факультэт Будапешцкага універсітэта па спецыяльнасці «славістыка і венгерыстыка» і з таго часу займаецца вывучэннем (сербска)харвацкай мовы, асаблівую ўвагу аддаючы яе кантактам з венгерскай мовай. На рахунку навукоўца манаграфіі «Замежныя словы ў харвацкасербскай (сербскахарвацкай) мове» (1984), «Венгерскія ўзоры харвацкага моўнага абнаўлення» (1989), «Моўна–гістарычны слоўнік градзішчанскіх харватаў» (1996) і шматлікія публікацыі ў навуковай перыёдыцы. У зборнік «Харватыстычныя даследаванні» ўключаны працы розных гадоў, якія даюць уяўленне пра кола навуковых інтарэсаў І.Нёмаркаі.

Найбольш месца ў кнізе займаюць працы, прысвечаныя вывучэнню рукапіснай малітоўнай літаратуры на градзішчанска–харвацкай мове. Уласна, такога тыпу даследаванняў у кнізе змешчана толькі тры, але адна з іх («Першы рукапісны малітоўнік градзішчанскіх харватаў 1728 г.») даволі вялікая. У 1983 г. І.Нёмаркаі надрукаваў нямецкамоўны артыкул пра гэты малітоўнік; у зборніку колішняя публікацыя ўзноўлена па–харвацку, пры гэтым яе мэтай было апублікаваць харвацкую частку рукапісу «Libellus infirmorum desеrviens Patri Hungaro Croatae, conscriptus industria P.Fratris Seraphini Gyivkovics» — з прывядзеннем паралельных частак з венгерскіх і іншых харвацкіх помнікаў. Пры вывучэнні рукапісных малітоўнікаў удзячнай справай з’яўляецца пошук іх патэнцыяльных крыніц, і І.Нёмаркаі прыводзіць чатыры венгерскамоўныя і тры харвацка–кайкаўскія малітоўнікі, якія ў рознай ступені паслужылі ўзорамі  малітоўніка С.Дзіўкавіча. Акрамя таго, даследчык падае аналіз правапісу, фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу помніка.

Нёмаркаі знаходзіць вельмі значнае падабенства паміж рознымі фрагментамі малітоўніка і яго крыніцамі. Што да мовы, то даследчык паказвае вялікую тоеснасць, уключна да сінтаксісу; увогуле ж, І.Нёмаркаі сцвярджае, што ў пачатку XVIII ст. многія венгерскія запазычанні былі цалкам засвоены марфалогіяй і сінтаксісам таго тыпу харвацкай літаратурнай мовы, на якой быў напісаны малітоўнік. У выніку такія запазычанні не ўспрымаліся тады як элементы чужой мовы. На гэта паказваюць выпадкі, калі ў харвацкім тэксце ўжываюцца запазычанні з венгерскай мовы, якія адсутнічаюць у адпаведных фрагментах венгерскіх узораў. Напрыклад, у харвацкіх частках рукапісу ўжываюцца словы венгерскага паходжання valuvati ’спавядацца’, morguvanje ’мармытанне’, harc ’барацьба, бойка’, у той час як у венгерскіх прататыпах–узорах ужываюцца іншыя венгерскія словы (gyónni, zúgolós, bajvís).

Важнае месца сярод зацікаўленняў І.Нёмаркаі займаюць даследаванні, прысвечаныя харвацкім граматычным працам другой паловы XVIII — першай паловы XIX ст. Марыя Тэрэзія лічыла, што асвета з’яўляецца неад’емнай часткай палітыкі, і дзеля падрыхтоўкі уніфікаванай адукацыйнай праграмы запрасіла ў Аўстрыю вядомага нямецкага педагога Ёгана Ігнаца фон Фэльбігера. Фэльбігер выпрацаваў рэгламент школьнага навучання, у тым ліку падрабязна разгледзеў праблемы выкладання роднай і чужых моў. Ён сцвярджаў, што школьнікі найперш павінны засвоіць родную мову, бо толькі яе добрае веданне дазволіць у будучыні паспяхова вывучыць чужую мову. Для вывучэння роднай мовы патрэбны былі адпаведныя вымогам свайго часу падручнікі, і неўзабаве яны з’явіліся. Спачатку ў 1774 г. згодна з законам Ratio educationis у якасці абавязковых дапаможнікаў па нямецкай мове былі прыняты падручнікі пад рэдакцыяй Фэльбігера, пазней гэтыя падручнікі былі перакладзены на венгерскую, харвацкую, славенскую і іншыя мовы манархіі.

Да апошняга часу недастаткова ўвагі звярталася на тую акалічнасць, што часта харвацкія граматыкі XVIII—XIX ст. мелі прататыпы сярод прац, прысвечаных венгерскай або нямецкай мовам. І.Нёмаркаі лічыць, што харвацкія граматычныя дапаможнікі канца XVIII ст. трэба разглядаць у шырокім кантэксце, і дэманструе гэты падыход на прыкладзе аналізу выдадзенага ў Будзе ў 1795 г. нямецкамоўнага падручніка „славонскай“ мовы Марыяна Ланосавіча „Anleitung zur slavonischen Sprachlehre“. І.Нёмаркаі параўноўвае граматыку Ланосавіча з працай Фэльбігера „Verbesserte Anleitung zur deutschen Sprachlehre“ (Вена, 1785), з заснаванымі на працах І.Готшэда лацінамоўных дапаможніках „Compendiosa Linguae Germanicae Gramatica“ (Клуж, 1769) і „Grammatica Germanica“ (Эгер, 1780), з працай І.Готшэда „Kern der Deutschen Sprachkunst“ (1753, 1773), з венгерскамоўнай граматыкай Янаша Кратцэра (Браціслава, 1787) і трыма нямецкамоўнымі граматыкамі венгерскай мовы Мацяша Бэла, Ёгана Фаркаша і Георга Салера. І.Нёмаркаі прыходзіць да высновы, што ў працэсе падрыхтоўкі сваёй працы Ланосавіч у рознай ступені абапіраўся на падыходы, структуру, дэфініцыі названых нямецкіх і венгерскіх граматык. Напрыклад, першая, „падрыхтоўчая“ частка граматыкі Ланосавіча сягае да працы „Сутнасць мастацтва нямецкай мовы“ Готшэда. Уплыў гэтай жа працы І.Нёмаркаі бачыць у апісанні Ланосавічам часоў і ладу дзеяслова. На падставе таго, што Ланосавіч, на адрозненне ад галоўнага аб’екта параўнання (працы Фэльбігера) вылучаў не шэсць, а восем склонаў (гэта супадала з спісам склонаў у граматыцы Бэла), даследчык робіць асцярожную здагадку, што, магчыма, Ланосавіч ведаў гэтую граматыку. Сінтаксічная частка працы Ланосавіча адпавядае пятаму раздзелу граматыкі Фэльбігера, а пачатак яе даслоўна супадае з адпаведным фрагментам з працы нямецкага педагога. Грунтоўнае вывучэнне магчымых крыніц граматыкі Ланосавіча дае магчымасць І.Нёмаркаі гаварыць пра „глыбокія цэнтральна–еўрапейскія культурныя ўзаемасувязі, якія, аднак, без іх даследавання былі б зусім не відавочныя“ (162). (У 2001 г. у „Studia Slavica“ з’явілася чарговая праца І.Нёмаркаі наконт харвацкіх граматык XVIII—XIX ст., гэтым разам увагу даследчыка прыцягнула выдадзеная ў Заграбе ў 1837 г. кайкаўская граматыка Крысціянавіча. І.Нёмаркаі падрабязна параўнаў яе — найперш сінтаксічную частку — з выдадзеным у Будзе ў 1799 г. двухмоўным харвацка–нямецкім дапаможнікам па нямецкай мове і паказаў шматлікія элементы пераймання.)

Два артыкулы ў кнізе прысвечаны ўплыву венгерскіх моўных узораў на харвацкія перыяду харвацкага моўнага абнаўлення другой паловы XIX ст. У першым з іх І.Нёмаркаі разглядае факты венгерскага ўздзеяння на прыкладзе тэрміналагічнага матэрыялу, выбранага з шэрагу слоўнікаў, у тым ліку нямецка–харвацка–сербска–славенскага слоўніка юрыдычна–палітычнай тэрміналогіі (Вена, 1853), „Слоўніка нямецкай і ілірыйскай моў“ (Вена, 1854), „Новага слоўніка харвацкай і нямецкай моў“ (Заграб, 1869), „Малога слоўніка харвацкай і нямецкай моў“ (Заграб, 1900). З канца 60–х г. XIX ст. значная частка харвацкіх вайсковых дапаможнікаў была падрыхтавана на аснове венгерскамоўнай літаратуры; артыкул „Венгерскія ўзоры харвацкага моўнага абнаўлення. Вайсковыя назвы“ прысвечаны асэнсаванню венгерскага ўздзеяння ў сферы вайсковай тэрміналогіі. І.Нёмаркаі прыходзіць да высновы, што ў апошняй трэці XIX ст. паводле венгерскіх узораў у харвацкай мове былі створаны сотні слоў  (у тым ліку і такія, „славянская“ структура якіх, здавалася б, не павінна выклікаць сумнення — напрыклад, razvodnik ‘яфрэйтар’ і desetnik ‘капрал’). У перыяд пачатковага фармавання харвацкай мовы ў ёй мела месца полінайменнасць, і ў шэрагу выпадкаў І.Нёмаркаі дэманструе, што для адных назваў (напрыклад, pravno sredstvo ‘абскарджанне’) можна ўстанавіць нямецкую мадэль (Rechtsmittel), а для іншых (pravni lijek ‘тс’) — венгерскую (jogorvoslat). У шэрагу выпадкаў складана вызначыць, якая, нямецкая ці венгерская, мова ўплывала на харвацкую больш. Часам І.Нёмаркаі задавольваецца тым, што да ўжо вядомых нямецкіх прататыпаў харвацкіх слоў  (Rechnungsführer як узор для računovoda, Exzeß як мадэль для izgred) дадае такія ж верагодныя венгерскія прататыпы  (számvezeto, kihás). Паколькі развіццю венгерскай і харвацкай моў быў уласцівы скіраваны супраць інтэрнацыяналізмаў пурызм, то часам венгерскі ўплыў на харвацкую можна канстатаваць ужо ў самым факце выкарыстання ў харвацкай мове свайго слова замест інтэрнацыянальнага. Даследаванне харвацкага моўнага абнаўлення другой паловы XIX ст. дазваляе І.Нёмаркаі гаварыць у тым ліку пра тое, што чэшскае ўздзеянне на харвацкую мову ў гэты час было меншае, чым дагэтуль прынята лічыць. Змешчаныя ў зборніку артыкулы пра харвацкае моўнае абнаўленне другой паловы ХIХ ст. уяўляюць сабой вытрымкі (часам „мікраскапічныя“) з апублікаванай у 1989 г. на нямецкай мове габілітацыйнай працы І.Нёмаркаі, і чытачы, якія жадаюць атрымаць больш поўнае ўяўленне пра гэтую тэму, павінны будуць звярнуцца да ранейшай публікацыі.

У іншых артыкулах зборніка даследуюцца венгерска–харвацкія кантакты на прыкладзе падобных біблейскіх прыпавесцяў XVI і XIX ст. („Да вывучэння літаратурных і моўных кантактаў“) і перакладзенага ў XVIII ст. з венгерскай мовы Ералімам Ліпаўчычам барокавага твора „Наведванне, якое ахоўвае душу“ біскупа Марціна Біро дэ Паданьі. Артыкул „Стратэгіі ветлівасці ў камунікацыі“ прысвечаны вывучэнню з пункту гледжання прагматыкі і глотадыдактыкі катэгорыі моўнай ветлівасці, пры гэтым значная ўвага аддаецца вяртанню ў венгерскую мову ў апошнія гады пачцівага звароту úr ’спадар, пан’, фактычна выцесненага за часамі сацыялізму. У артыкуле „Культура і ідэнтычнасць“ І.Нёмаркаі асэнсоўвае складаныя праблемы суадносінаў культуры з нацыянальнай свядомасцю ў сітуацыі новага грамадска–палітычнага ўкладу ў Цэнтральнай Еўропе апошніх гадоў.

Сяргей Запрудскі

Мінск

Povolý Daniel. Operativní technika v rukou StB. (Таццяна Буйневіч)

29 лістапада, 2001 |

Povolý Daniel. Operativní technika v rukou StB. Úřad dokumentace a vyšetřování zločinů komunismu. Praha, 2001. 112 s.

Прадметам даследавання аўтара стала сістэма выкарыстання аператыўнай тэхнікі службамі дзяржаўнай бяспекі Чэхаславакіі з 1948 да пачатку 80–х г. Дэфініцыю  „аператыўная тэхніка“ ён падае наступным чынам: гэта „абсталяванне, што рабіла магчымым незаўважны відэазапіс ахвяраў (патаемны светадрук, уласна відэазапіс і цікаванне з дапамогай відэакамеры), аўдыёзапіс (каротка–  і доўгатэрміновае сканаванне гукавай прасторы і праслухоўванне тэлефонаў), перлюстрацыя ліставання (механічная і хімічная праверка карэспандэнцыі), пранікненне ў замкнёныя памяшканні (тайны тэхнічны падгляд)“ (с.5). У адпаведнасці з гэтай класіфікацыяй выбудоўваюцца першыя сем раздзелаў кнігі, кожны з якіх прысвечаны асобнаму віду аператыўнай тэхнікі: 1. Каротка– і доўгатэрміновае сканаванне гукапрасторы. 2. Праслухоўванне тэлефону і тэлеграфу. 3. Тайны светадрук і відэазапіс. 4. Патаемны тэхнічны пад­гляд. 5. Перлюстрацыя ліставання. 6. Хімічная праверка карэспандэнцыі. 7. Фальшывыя пасведчанні асобы і фальшывыя пасведчанні наогул.

Усебакова апісваюцца спосабы ўжытку памянёных відаў аператыўнай тэхнікі. Не прамінуў аўтар і праблемы ейнага развіцця, выкліканага як простым тэхнічным удасканаленнем, так і адмовай ад „правальных“ метадаў, а таксама зменамі ў палітычнай сітуацыі (асабліва пасля 1968 г.).

Для аматараў дэтэктываў зазначу, што ў кнізе амаль няма канкрэтных прыкладаў (так бы мовіць, „з жыцця жучкоў“) — хіба толькі рэдкія ілюстрацыі складанага для разумення  тэхнічнага працэсу або вытрымкі з дырэктываў пасля „правальных“ акцыяў. Цікавымі шырокаму колу чытачоў могуць быць такія моманты, як апісанне спосабаў „камуфлявання“ розных прылад, каштарыс апаратуры, дэталяў, стужак, сведчанні пра тое, якія грошы з бюджэту былі выдаткаваныя на аператыўную тэхніку і інш. Асаблівую ўвагу аўтар аддае хімічнай праверцы ліставання, якая рабілася для выкрыцця агентаў з „варожых“ краінаў, а таксама з мэтай развіцця ўласных сродкаў тайнапісу. У 1960—1966–я г. гэткім чынам была нейтралізаваная дзейнасць 15–ці амерыканскіх і заходненямецкіх шпіёнаў. Паказальным чыннікам аператыўнасці і прафесіяналізму спецслужбаў аўтар лічыць надзвычайную складанасць выкрыцця: „палахлівыя“ агенты варожых краін свае цыдулкі шыфравалі, потым занатоўвалі праз сістэму тайнапісу і толькі пасля хавалі.

А апісанне сродкаў тайнапісу, якімі карысталіся самі чэшскія спецслужбы, магло б стаць някепскім практычным дапаможнікам для маладога канспіратара.

Асобна стаіць апошні, восьмы раздзел, прысвечаны выкрыццю Здэнекам Млынаржам сваіх „праслухоўшчыкаў“ у 1973—1974 г. Гэты выпадак падаецца аўтарам як прыклад „правалу“ ў змаганні з „унутраным ворагам“. Гэта, бадай, адзіны раздзел, у якім разглядаецца маральны аспект пытання: парушэнне правоў чалавека, нахабства супрацоўнікаў дзяржбяспекі. Млынарж, абураны выпадкамі „ўмяшальніцтва ДБ у сваю асабістую і хатнюю свабоду“, скіраваў да тагачаснага міністра ўнутраных спраў ліст з патрабаваннем „сур’ёзнай размовы“, аднак яно было праігнаравана.

Праца Даніэля Павольнага, напрыканцы якой змешчана вялікая колькасць разнастайных табліцаў,  робіць здабыткам чытача недаступны раней фактычны матэрыял, у значнай ступені ўзяты з архіваў Міністэрства ўнутраных спраў Чэшскай Рэспублікі: дырэктываў, пратаколаў, статыстыкі і інш.

Таццяна Буйневіч

Мінск

Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2001 г.

28 лістапада, 2001 |

Доктарскія

1. Еўтухоў, Ігар Арэставіч. Познаантычны менталітэт (захад Рымскай імперыі IV-V ст. н.э.). (07.00.03; БДУ)

2. Рэвяка, Казімір Адамавіч. Барацьба Рыма і Карфагена за сусветнае панаванне. (07.00.03; БДУ)

3. Ляпешка, Барыс Міхайлавіч. Эўрыстычная роля аналогіі ў гістарычным пазнанні. (07.00.09; БДУ)

4. Лазько, Рыгор Рыгоравіч. Еўрапейская палітыка Польшчы (1932-1939 г.). (07.00.03; БДУ)

5. Сяменчык, Мікалай Яфімавіч. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917 – сакавік 1918 г.). (07.00.03; БДУ)

6. Швед, Вячаслаў Віталевіч. Грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772-1863). (07.00.03; ГрДУ)

Кандыдацкія

7. Аль Катаулех Ахмад Тані. Роля Іарданіі ў станаўленні і развіцці мірнага працэсу на Бліжнім Усходзе ў 90-я г. (07.00.14; БДУ)

8. Бобышаў, Валеры Іванавіч. Міжнародныя адносіны ва Ўсходняй Еўропе ў 30-80-я г. ХVI ст. (07.00.03, 07.00.05; БДУ)

9. Вансовіч, Ларыса Васілеўна. Каралеўская ўлада ў сярэднявечнай Нямеччыне. (07.00.03; БДУ)

10. Віцязь, Сяргей Пятровіч. Фармаванне каляндарных традыцый Беларусі: гістарыяграфічна-крыніцазнаўчае даследаванне. (07.00.09; ІГ НАНБ)

11. Груша, Аляксандр Іванавіч. Канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага 40-х г. ХV – першай паловы ХVI ст. (07.00.02; ІГ НАНБ)

12. Зельскі, Артур Гарыевіч. Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна – барацьба Понта і Рыма за гегемонію ва Ўсходнім Міжземнамор’і. (07.00.03; БДУ)

13. Івашчанка, Наталля Альбертаўна. Дзейнасць прафсаюзаў Беларусі (1981-1995 г.). (07.00.02; БДПУ)

14. Казлоўская, Наталля Ўладзіміраўна. Шляхта беларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага (расійская дарэвалюцыйная і савецкая гістарыяграфія і крыніцазнаўчыя праблемы). (07.00.09; ГрДУ)

15. Кіштымаў, Андрэй Леанідавіч. Беларусь на выставах ХIХ – пачатку ХХ ст. (07.00.02; ІГ НАНБ)

16. Ленцэвіч, Вольга Міхайлаўна. Жанчына ў антычнахрысціянскай ідэалогіі царквы. (07.00.03; БДУ)

17. Ляховіч, Ларыса Васілеўна. Францыя і Беларусь: эканамічныя, навукова-тэхнічныя і культурныя сувязі ў 1971-1999 г. (07.00.03; БДУ)

18. Мазарчук, Дзмітры Валер’евіч. Рэлігійна-палітычныя рухі ў Іудзеі персідскага перыяду. (07.00.03; БДУ)

19. Мігун, Дзмітры Адамавіч. Палітыка Германіі ў адносінах Беларусі (1914-1922). (07.00.03; БДУ)

20. Міхедзька, Валянцін Аляксеевіч. Крайне правыя арганізацыі ў Беларусі: фармаванне і дзейнасць (1903-1914). (07.00.02; БДУ)

21. Патапейка, Павел Алегавіч. Паўночнаірландскі канфлікт ў міжнародных адносінах ў 90-я г. ХХ ст. (07.00.05; БДУ)

22. Паўлава, Таццяна Якаўлеўна. Знешнепалітычная дзейнасць Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-1920 г. (07.00.05; БДУ)

23. Пуцік, Уладзімір Станіслававіч. Аграрнае пытанне ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1894-1906). (07.00.02; БДПУ)

24. Рыбак, Наталля Аляксандраўна. Дзейнасць Арміі Краёвай і пастакаўскіх фармаванняў у Заходняй Беларусі ў 1944-1954 г. (07.00.02; БДПУ)

25. Самахвалаў, Дзмітры Сяргеевіч. Даследаванне групавых працэсаў у псіхагісторыі. (07.00.09; БелНДІ дакументазнаўства і архіўнай справы)

26. Філатава, Алена Мікалаеўна. Канфесійная палітыка царскага ўрада ў Беларусі (1772-1860). (07.00.02; ІГ НАНБ)

27. Фральцоў, Уладзімір Валер’евіч. Усходнегерманскі фактар і яго ўплыў на ўнутраную і знешнюю палітыку ФРГ у 90-я г. (07.00.03, 07.00.05; БДУ)

28. Харычкава, Людміла Віктараўна. Рэлігійная палітыка імператарскай улады ў Рымскай імперыі ў канцы III – пачатку IV ст. (07.00.03; БДУ)

29. Чaрняковіч, Андрэй Мікалаевіч. Палітыка Польшчы на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў перыяд польска-савецкай вайны (люты 1919 – сакавік 1921). (07.00.02; БДПУ)

30. Чыкалава, Ірына Рамуальдаўна. Гендэрная палітыка вядучых партый ЗША і Вялікабрытаніі ў 70-90-я г. (07.00.03; БДУ)

31. Шамак, Аляксандр Анатолевіч. Развіццё фізічнай культуры Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. (1772-1917). (07.00.02; БДПУ)

32. Янушэвіч, Іван Іванавіч. Палітыка савецкай дзяржавы ў адносінах да рускай праваслаўнай царквы 1917-1927 г. (на матэрыялах Беларусі). (07.00.02; БДУ)

Падрыхтавала Анастасія Скеп’ян

Галоўная » Архіў катэгорыі '2001 Т.8 Сш. 1-2'