Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2002 Т.9 Сш. 1-2

450 Jahre Sigismund von Herbersteins Rerum Moscoviticarum Commentarii 1549—1999. Jubiläumsvorträge herausge-geben von Frank Kämpfer und Reinhard Frötschner (Уладзімір Канановіч)

Снежня 16, 2002 |


450 Jahre Sigismund von Herbersteins Rerum Moscoviticarum Commentarii 1549—1999. Jubiläumsvorträge herausge-geben von Frank Kämpfer und Reinhard Frötschner. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2002. 408 (Schriften zur Geistesgeschichte des östlichen Europa, Bd.24).

Зборнік змяшчае пашыраныя і дапрацаваныя версіі дакладаў і паведамленняў, што прагучалі ў часе міжнароднай канферэнцыі з нагоды 450–й гадавіны выхаду ў друк „Запісак пра маскавіцкія справы“ (Rerum Moscoviticarum Commentarii) барона Жыгімонта Герберштайна. Канферэнцыя, што адбылася 12—16 кастрычніка 1999 г. у Мюнстары, была арганізаваная Аддзелам усходнееўрапейскай гісторыі Гістарычнага Семінара Вестфальскага універсітэта і ягоным кіраўніком прафесарам Франкам Кэмпфэрам. Пры фінансавай падтрымцы Нямецкага Даследчыцкага Таварыства ў канферэнцыі бралі ўдзел даследчыкі з усёй Еўропы. Нягледзячы на працяглую традыцыю Герберштайніяны, у многіх дакладах уздымаліся зусім новыя аспекты і праблемы.

Тэматычна апублікаваныя ў томе артыкулы можна ўмоўна падзяліць на наступныя блокі:

1) асоба і адукацыя Герберштайна;

2) змест і характар „Запісак пра маскавіцкія справы“;

3) Герберштайн і ягоныя папярэднікі і сучаснікі;

4) вобраз маскоўскай палітычнай улады, палітычная тытулатура і палітычная ідэалогія, адлюстраваныя ў „Запісках“;

5) міжнародныя адносіны ва Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропе ў часы Герберштайна;

6) рэлігійныя і культурныя кантакты і сувязі ў XVI—XVIII ст.;

7) пераклады, рэцэпцыя і распаўсюджанне „Запісак“ у Еўропе.

Зборнік таксама ўтрымлівае бібліяграфію Герберштайніяны з 1949 да 2002 г., падрыхтаваную доктарам Райнгардам Фрочнарам і магістрам Эфай Маурар.

Першы блок тэкстаў адкрывае Крысціна Гарауэр (Сhristina Harrauer) артыкулам „Sigmunt von Herberstein als Humanist. Mit der Erstpublikation eines Briefes an Herberstein aus dem Jahr 1535 über die neuen astronomischen Erkenntnisse des Nicolaus Copernicus“ (Жыгімонт Герберштайн як гуманіст. Першая публікацыя ліста да Герберштайна з 1535 г. пра новыя астранамічныя адкрыцці Мікалая Каперніка). Вядомая венская даследчыца пачынае свой артыкул крытыкай спробаў сучаснай гістарыяграфіі правесці выразны водападзел паміж г.зв. „гуманістамі“, якім прыпісваюцца выключна філалагічныя штудыі і дыскурсы, і г.зв. прыродазнаўцамі. Ідучы за Дытарам Вутке (Dieter Wuttke), К. Гарауэр сцвярджае, што светапогляд эпохі Адраджэння быў яшчэ цэльны і маналітны, а ў свядомасці адукаваных людзей таго часу не існавала падзелу на прыродазнаўчыя і гуманітарныя галіны. У якасці прыкладу аўтарка прыводзіць дзейнасць вядомага венскага гуманіста, чалавека энцыклапедычных ведаў і рознабаковых навуковых інтарэсаў Конрада Цэльціса (Conrad Celtis), пад кіраўніцтвам якога, магчыма, навучыўся або па меншай меры пераняў некаторыя ягоныя погляды і падыходы сам Герберштайн. Дарэчы, Цэльціс займаўся два гады (1488—1490) у Кракаўскім універсітэце, дзе прыкладна ў той самы час вучыўся будучы вялікакняскі сакратар Адам з Вільні (Котры) і некаторыя іншыя выхадцы з ВКЛ. Ліст вядомага сакратара польскага караля Жыгімонта Старога Бернарда Вапоўскага да Жыгімонта Герберштайна з 1535 г., які друкуецца ўпершыню, толькі пацвярджае непадробны інтарэс аўстрыйскага гуманіста да самых розных бакоў і праяваў тагачаснага навуковага жыцця, у дадзеным выпадку — да геліяцэнтрычнай сістэмы торуньскага астранома.

Ксеня фон Эрцдорф (Xenja von Ertzdorff) з Гісэна вызначае лацінскамоўныя „Rerum Moscoviticarum Commentarii“ і іхны нямецкамоўны варыянт „Moscovia. Haupstadt in Reussen“ як гістарычна–геаграфічнае краіназнаўчае апісанне, узмоцненае асабістымі перажываннямі аўтара, звесткамі прыватнага характару і біяграфічнымі фактамі (27). На думку аўтаркі, назва лацінскага выдання кнігі аўстрыйскага дыпламата „Commentarii“ з’явілася пад уплывам твора Юлія Цэзара „Commentarii de bellо gallico“ або больш позняга ўзору, як „Commentarii de gestis Concili Basiliensis“ Энея Сільвія Пікаламіні. Даследчыца ставіць працу Герберштайна ў адзін шэраг з падарожнымі нататкамі і апісаннямі замежных краін позняга Сярэднявечча і Новага часу, якія, у сваю чаргу бяруць свае вытокі ў антычных аналагах. У гэтым сэнсе „Commentarii“ (Moscovia) стаяць каля сучасных ім паведамленняў пра адкрытыя землі Хрыстафора Калумба і Амерыга Веспучы.

Складовымі часткамі падарожных нататак і апісанняў замежных земляў з’яўляюцца даследаванне рэлігіі і звычаяў, а таксама і хараграфія, г.зн. як апісанне самой зямлі, так і разгляд яе галоўных населеных пунктаў. Вышэйзгаданым тэмам прысвяцілі свае працы Ганна Харашкевіч (Масква) і Андрэй Юрасаў (Масква). У „Запісках“ Герберштайна абодва аспекты займаюць першачарговае месца. Твор, умоўна кажучы, можна звесці да гэтых дзвюх тэмаў.

Ганна Харашкевіч разглядае рускія звычаі ў апісанні славутага падарожніка. Лагічна і абгрунтавана высветліўшы сэнс слова „звычай“ у творы Герберштайна, аўтарка адрознівае яго кантэксты і сэнсавыя адценні ў „Запісках“. Даследчыца вылучае два комплексы абрадаў: царкоўны і побытавы. Першы комплекс з’яўляецца найбольш інфармацыйным (хрышчэнне, споведзь, пасты і інш.). Апісанне абрадаў у „Запісках“ сведчыць пра своеасаблівы рэлігійны сінкрэтызм у тагачаснай Маскоўскай дзяржаве (асабліва сярод простых людзей), які складаўся з дахрысціянскіх вераванняў ды абрадаў і хрысціянскага царкоўнага культу. Працэс хрысціянізацыі яшчэ зусім мала закрануў сацыяльныя нізы. Такое спалучэнне царкоўных і народных формаў вызначаецца запазычаным у этнографаў тэрмінам „побытавае праваслаўе“, ці „побытавае хрысціянства“. Аднак, тым не менш, Герберштайн адзначае значны прагрэс царкоўных нормаў і адпаведных ім рэлігійных формаў у Маскоўскай Русі. У першай чвэрці ХVI ст. царкоўныя звычаі і нормы ўжо глыбока праніклі ў жыццё тамтэйшых людзей, асабліва вышэйшых пластоў насельніцтва, вызначаючы шматлікія бакі іх паводзін і дзейнасці. Не засталіся па–за ўвагай Герберштайна і г.зв. побытавыя, народныя, штодзённыя звычаі, да якіх належалі кулачныя баі, паляванне, вялікакняскія піры і інш. Многія з іх мелі яшчэ дахрысціянскія, язычніцкія карані.

Андрэй Юрасаў разглядае паведамленні Жыгімонта Герберштайна пра рускія гарады. Як і Ганна Харашкевіч, ён пачынае з тэрміналагічных аспектаў, спрабуючы высветліць тое значэнне тэрміна „горад“, якое надаваў яму аўстрыйскі дыпламат. Юрасаў адзначае, што разуменне Герберштайнам „горада“ было абумоўлена заходнееўрапейскімі ўяўленнямі пра сярэднявечны горад як не проста ўмацаванае паселішча, але шматфункцыянальны гандлёва–рамесны і ваенны цэнтр. Даследчык даводзіць, што Герберштайн стварыў даволі рознабаковую карціну рускіх гарадоў: „Запіскі“ ўтрымліваюць важныя звесткі пра рускія гарады канца XV — першай чвэрці XVI ст., іх геаграфічнае становішча, знешняе аблічча, тапаграфію, заняткі насельніцтва, норавы і звычаі гараджан і г.д. Далейшую перспектыву даследаванняў рускіх гарадоў Юрасаў бачыць у шырокім параўнаўчым аналізе рускага і заходнееўрапейскага горада.

Вольга Сімчыч (Перуджа) у артыкуле „Франческо да Колло и его „Доношение о Московии“ между Меховским и Герберштейном“ прасочвае лёс адной геаграфічнай канцэпцыі таго часу. Яна піша пра спрэчкі вакол існавання або неіснавання г.зв. Рыфейскіх і Гіпербарэйскіх гарадоў, а таксама пра вызначэнне вытокаў Дзвіны, Волгі, Дона — Танаіса. Аўтарка паказвае, як цяжка новыя геаграфічныя канцэпцыі (у дадзеным выпадку ўяўленні Мацея Мяхоўскага) прабівалі сабе дарогу і якія рабіліся незвычайныя спробы, каб прыстасаваць новыя геаграфічныя адкрыцці да традыцыйных поглядаў.

Алег Кудраўцаў (Масква) параўноўвае погляды Герберштайна і ягоных папярэднікаў на Русь. Аўтар даводзіць, што іх вобразы Русі істотна адрозніваліся, нягледзячы на тое, што ўсе яны тварылі прыблізна ў адзін і той жа час, — пры вялікім князю Васілю Ш. А.Кудраўцаў робіць выснову, што папярэднікі Герберштайна, такія як Паола Джовія (Paolo Giovio), Ёхан Фабры (Johann Fabri) і Альберт Кампензэ (Alberto Campense), падалі станоўчы, пазітыўны вобраз Масковіі, у той час як сам Герберштайн — адмоўны і непрыязны. Аднак, думаецца, што з такім аўтарскім поглядам можна толькі часткова пагадзіцца. Твор Герберштайна нельга ўспрымаць як нейкі аднастайны тэкст. Яшчэ пры жыцці аўтара ён прайшоў значную эвалюцыю, неаднаразова дапрацоўваўся. Ды і пазней, асабліва ў часе Інфлянцкай вайны, калі ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе шырыліся антымаскоўскія настроі, з ініцыятывы рэдактараў у тэксце „Запісак“ сталі з’яўляцца пасажы пра маскоўскую тыранію і варварства, якіх амаль не было ў першых выданнях (гл. артыкул Г.Гралі ў гэтым зборніку, с.323). Акрамя таго, існуе і іншае прачытанне „Масковіі“ (гл., напрыклад, артыкул Джаванні Маніскалька Базіле), згодна з якім карціна Масковіі ў Герберштайна была ў асноўным станоўчая ці прынамсі нейтральная, а адносіны да яе жыхароў — больш прыязныя.

Вобраз „іншага“ даследуецца і ў публікацыі нямецкага навукоўца Экехарда Вітгофа (Ekkehard Witthoff) з Эсэна. У артыкуле „Grenzen der Kulturen — Irland, Lappland und Russland im Spiegel frühneuzeitlicher europäischer Reisebeschreiburgen“ (Межы культуры — Ірландыя, Лапландыя і Русь у люстэрку Новага часу) даследчык паказвае, як тагачасныя заходнееўрапейскія аўтары разглядалі перыферыі Еўропы з пункту гледжання ўласных культурных уяўленняў, абапіраючыся на запазычаныя з класічнай літаратуры мадэлі і ўзоры. Пры гэтым нярэдка „чужое“, „іншае“ ўспрымалася як поўная супрацьлегласць уласнай культурнай традыцыі. Размежаванне культур, адзначае аўтар, яскрава праступае ў падарожнай літаратуры таго часу, асабліва з перспектывы „цэнтр — перыферыя“.

Асабліва прадстаўнічым і інфармацыйным з’яўляецца чацвёрты блок тэкстаў, прысвечаны маскоўскай палітычнай уладзе, палітычнай тытулатуры ды ідэалогіі. Не дзіўна, бо палітычны лад Маскоўскай Русі прыцягваў асаблівую ўвагу Герберштайна як дыпламата і палітычнага дзеяча. Уладзімір Калабкоў (Санкт–Пецярбург) паказвае той уплыў, які мелі „Запіскі пра Масковію“ Жыгімонта Герберштайна на фармаванне стэрэатыпнага, на думку аўтара, уяўлення еўрапейцаў пра форму кіравання ў Маскоўскай дзяржаве. Гэты вобраз улады, які наследавалі шматлікія наступнікі аўстрыйскага дыпламата, быў народжаны, як сцвярджае У. Калабкоў, пад уплывам тагачаснай імперскай дыпламатыі. Апошняя, маючы на мэце прыцягнуць на свой бок кіраўніцтва Масквы ў якасці патэнцыйных партнёраў на міжнароднай арэне, мусіла абгрунтаваць свой выбар. Дзеля гэтага кніга Герберштайна павінна была паказаць моц і багацце Масковіі, перадусім трываласць улады яе ўладара. Разам з тым, імперскай дыпламатыі даводзілася сур’ёзна ўлічваць і вагу Ягайлавічаў. З мэтай адцягнуць апошніх ад венгерскіх спраў Габсбургі стараліся пераканаць кіраўніцтва Польшчы і Літвы, што яны не мелі ніякага дачынення да прыняцця тытула цара (1547) і не падтрымліваюць палітычных амбіцый маскоўскага ўладара. У выніку Герберштайн спрычыніўся да стварэння на старонках „Масковіі“ вобраза абсалютнай манархіі Рурыкавічаў.

Створаны Герберштайнам вобраз неабмежаванай улады манарха ў Масковіі аказаўся надзвычай жывучы ў наступныя дзесяцігоддзі. Пастулаты аўстрыйскага дыпламата былі ўзяты на ўзбраенне многімі замежнымі аўтарамі, што пісалі пра Расію, у тым ліку і англічанінам Джэромам Джыльсам Флэтчэрам. Аднак Герберштайнаў вобраз неабмежаванай манархіі, на думку аўтара публікацыі, з цяжкасцю стасуецца з тагачаснай палітычнай рэчаіснасцю ў Маскоўскай дзяржаве. Сам У. Калабкоў прытрымліваецца пастулата пра супрацоўніцтва самаўладдзя з арыстакратыяй. У XVI ст. арыстакратычная вярхушка выконвала важную ролю ў кіраванні дзяржавай і прыняцці палітычных рашэнняў, у яе руках знаходзіўся не толькі цэнтральны адміністрацыйны апарат (прыказы), але і ваяводская ўлада ў найбуйнейшых цэнтрах. Маскоўскія ўлады вымушаныя былі абапірацца на гэтую вярхушку, лічыцца з яе саслоўнымі інтарэсамі, і таму яны не мелі абсалютнай улады — робіць выснову аўтар. Але само баярства эвалюцыянавала паступова на працягу XVI ст. ад вотчыннай арыстакратыі да службовай. Менавіта службовы характар арыстакратыі, а таксама неразвітасць астатніх станаў і дазволілі самаўладдзю ўзвысіцца над грамадствам (126—7). У гэтым супрацоўніцтве і выявілася своеасаблівасць станавай манархіі ў Расіі.

Артыкул Маршала По (Marshall Poе) з Гарварда працягвае і развівае тэму, закранутую У. Калабковым. Аднак амерыканскі даследчык ідзе далей, спрабуючы адшукаць вытокі вобраза маскоўскай улады ў Герберштайна. На думку По, аўстрыйскі дыпламат не вынайшаў вобраза рускай палітычнай сістэмы, але ягонае адлюстраванне маскоўскай улады было першым, што грунтавалася на асабістым досведзе (132). Пра неабмежаваную ўладу маскоўскага ўладара пісалі Кампензэ (Campense) і Фабры (Fabri), якія, несумненна, паўплывалі на аповед Герберштайна пра форму ўлады ў Маскоўскай дзяржаве. Аднак створаны ім вобраз гэтай улады быў далёкім ад ідэалізаванай карціны Масковіі ягоных папярэднікаў, якія хацелі бачыць у ёй тое, што адсутнічала ў тагачаснай Еўропе, перадусім павагу і культ уладара. Наадварот, у „Запісках“ намаляваны вобраз Івана III і Васіля III як жорсткіх уладароў, якія падпарадкавалі сабе ўсіх князёў Паўночна–Ўсходняй Русі. Тое, што намаляваў Герберштайн у „Запісках“, рэзка пярэчыла ўсяму бачанаму ім дома, дзе рэальна былі вызначаныя межы ўлады імператара, а правы арыстакратыі юрыдычна забяспечваліся (138). Ці не таму аўстрыйскі дыпламат падаў такую змрочную карціну маскоўскага палітычнага жыцця — спрабуе знайсці адказ на пытанне пра Герберштайнаў вобраз маскоўскай улады аўтар.

Прасачыўшы распаўсюджанне „Запісак“ у Еўропе XVI—XVII ст. і высветліўшы іх уплыў на сучаснікаў, М.По спрабуе адказаць на пытанне, як апошнія выкарыстоўвалі тэкст „Запісак“ і да якой ступені на іх паўплываў змест гэтага твора. Але перад тым аўтар паказвае, якім попытам карысталіся „Запіскі“ у Еўропе. У другой палове XVI ст., у звязку з адкрыццём маскоўскага гандлю англічанамі, падзеямі Інфлянцкай вайны і тэрорам Івана IV, кніга набыла асаблівую папулярнасць і стала фактычна тагачасным бестселерам. Да таго ж, доўгі час „Запіскі пра Масковію“ з’яўляліся ледзь не адзіным друкаваным творам, што спаталяў прагу ведаў заходнееўрапейцаў пра Расію. З 1549 да 1611 г. „Запіскі“ вытрымалі 22 выданні ў 8 еўрапейскіх гарадах. Больш за тое, праца Герберштайна істотна паўплывала на тых аўтараў, што пісалі пра Маскоўскую Русь. Многія этнографы і касмографы XVI i XVII ст. старанна і актыўна выкарыстоўвалі „Запіскі“ ў якасці крыніцы для сваіх нататкаў і аглядаў Масковіі, пра што яскрава сведчаць аўтарскія табліцы №3 і №4 (146—148). Маршал По паказвае, што галоўныя характарыстыкі маскоўскай палітычнай улады (абсалютная ўлада вялікага князя, ягоны поўны кантроль над сваімі падданымі і іхнай уласнасцю, надзвычайнае ўшанаванне ўладара) былі запазычанымі большасцю этнографаў, што пісалі пра Масковію паміж 1549 і 1700 г. З 12 аўтараў, якія цытавалі Герберштайна альбо абапіраліся на тэкст, крыніцай якога былі „Запіскі“, 11 падаюць тры і больш асноўных характарыстык дэспатычнага кіравання. Але калі Гваньіні і Ройтэнфэльдс цытуюць „Запіскі“ ледзь не даслоўна, дык Маржарэт і Колінз, якім „Запіскі“ найверагодней не былі вядомыя, нідзе не характарызуюць маскоўскі палітычны лад у такіх тэрмінах Герберштайна. Узровень прамога запазычання змяншаўся з часам. Акрамя таго, з пачатку XVII ст. „Запіскі“ ўжо не валодалі манаполіяй на звесткі пра палітычны лад у Масковіі, бо з’явіўся шэраг новых твораў на гэтую тэму. У галовах заходнееўрапейцаў у гэты час ужо трывала замацавалася агульнае ўяўленне пра маскоўскі дэспатызм.

Італьянскі даследчык Джавані Маніскалька Базіле (Giovanni Maniscalco Basile) зрабіў спробу новага прачытання „Запісак“ Герберштайна. Аўтар разглядае „Запіскі“ як своеасаблівы палітычны даклад, чым яны першапачаткова і былі, пакуль не выйшлі асобным выданнем у 1549 г. Тым не менш, адзначае Базіле, намаляваная Герберштайнам карціна мала стасуецца з сапраўднай маскоўскай рэчаіснасцю, што вынікае з жанравай асаблівасці палітычнага дакладу. У гэтым творы чужая рэчаісасць звычайна падаецца ў адпаведнасці з палітычнымі ўяўленнямі і поглядамі самога ўкладальніка, якія зразумелыя ягонаму чытачу. Аднак адлюстраваны свет ніколі не бывае адпаведнікам рэальнага, апісанне якога ў значнай ступені з’яўляецца недасягальнай мэтай і які куды больш складаны, чым той, які пададзены на старонках наратыўнага твора. У гэтым сэнсе палітычны (дыпламатычны) даклад набліжаецца да утопіі і утапічных твораў — у абодвух адлюстраваная карціна рэальнасці, якая на справе ніколі не існуе ў тым выглядзе, у якім яна падаецца. Любы дыпламатычны даклад, працягвае Базіле, мае на мэце перадачу карыснай інфармацыі пра складаную рэчаіснасць шляхам яе спрошчвання. У вышэйвызначаных метадалагічных рамках Дж. М. Базіле і аналізуе „Запіскі“, карыстаючыся пры гэтым навуковым інструментам гістарычна–палітычнай тэорыі, што скіраваны на стварэнне адпаведных мадэляў і ўзораў ды пошук заканамернасцяў. Высновы, да якіх прыходзіць італьянскі даследчык у выніку аналізу, на першы погляд, могуць збянтэжыць „традыцыяналістаў“, г. зн. прыхільнікаў традыцыйнага разумення „Запісак“ як твора, што рэзка асуджаў палітычную ўладу маскоўскага ўладара, ягоны дэспатызм і свавольства. Нічога падобнага Герберштайн не сцвярджаў і не збіраўся сцвярджаць — аўтарытэтна заяўляе Дж.М. Базіле! Адзінае, што аўстрыйскі дыпламат хацеў перадаць свайму патрону, эрцгерцагу Фердынанду Габсбургу, гэта тое, што маскоўскі ўладар, нягледзячы на ягоныя нязвыкла шырокія ўладныя паўнамоцтвы і абагаўленне падданымі, а таксама на дзіўныя і незразумелыя законы і звычаі, якія пануюць у ягонай дзяржаве, з’яўляецца як раз тым уладаром, з якім можна мець справу. Увогуле, у Маскоўскай дзяржаве і яе палітычнай сістэме, на думку аўтара, аўстрыйскі дыпламат не мог не прызнаць тых рысаў, якія былі ўласцівыя еўрапейскім манархіям у далекім мінулым і якія ўжо даўно сталі набыткам гісторыі, але ўсё яшчэ жылі ў гістарычнай памяці еўрапейца сярэдзіны XVI ст. Для Герберштайна вялікі князь маскоўскі быў тыповым партыманіяльным сюзерэнам, якімі былі і заходнееўрапейскія ўладары ў перыяд феадальнай дэцэнтралізацыі і анархіі. Але, у адрозненне ад многіх з іх, маскоўскі ўладар меў сродкі і сілы стварыць цэнтралізаваную дзяржаву. Джавані Базіле заяўляе, што, паводле Герберштайна, у гэтым і толькі гэтым сэнсе ён тыран. Маўляў, для аўстрыйскага дыпламата вялікі князь маскоўскі быў хрысціянскім уладаром, жорсткім, але міласэрным правіцелем, чыя легітымнасць была прызнаная і асвечаная (183).

Праблема светапогляду Герберштайна разглядаецца і ў працы фінскага даследчыка Які Лехтавірты (Jaakko Lehtovirta). Звярнуўшыся да выкарыстання тытулатуры маскоўскага ўладара ў „Запісках“, Яка Лехтавірта спрабуе высветліць яе дакладнае значэнне і разглядае праблему ў двух аспектах — палітычным і лінгвістычным. Аўтар даводзіць, што тая настойлівасць, з якой Герберштайн адмаўляе вялікаму князю маскоўскаму ў царскім тытуле, — справа хутчэй палітыкі, чым лінгвістыкі. Зразумела, імператарскі слуга жадаў давесці да чытача ідэю аб першынстве свайго сюзерэна над астатнімі манархамі і яго манапольным праве размяркоўваць каралеўскія тытулы і кароны, нават тады, калі сам гэты сюзерэн з палітычных меркаванняў не меў нічога супраць прызнання імператарскага (царскага тытула) і за іншымі ўладарамі, а гэта і мела месца ў выпадку з тытулатурай вялікага князя маскоўскага Васіля III у імперска–маскоўскай дамове 1514 г. Зразумела і палітычнае імкненне спрыяць імперска–ягелонскаму збліжэнню, паставіць маскоўскага ўладара на ніжэйшы ўзровень, чым польскага караля. Адносна лінгвістычнага аспекту Я.Лехтавірта даводзіць, што не варта разводзіць абодва значэнні тэрміна „цар“: маскавіты разумелі пад ім як імператара (цара), так і караля ў заходнееўрапейскім разуменні гэтага слова. Такая гнуткасць у выкарыстанні палітычных тэрмінаў была на карысць маскавітаў: іх уладары былі з заходнееўрапейскімі каралямі як каралі, а з імператарамі — як імператары. Аднак такі тэрміналагічны падыход маскавітаў не мог задаволіць такіх асобаў і палітыкаў, як Жыгімонт Герберштайн, дакладней, не адпавядаў іх палітычнаму светапогляду.

У артыкуле Райнгарда Фрочнара (Reinhard Frötschner) з Мюнхена „Ugrier — Ungarn — Hunnen. Herberstein über ein Motiv der Moskauer polischen Mythologie“ („Угры — венгры — гуны. Герберштайн пра адзін матыў маскоўскай палітычнай міфалогіі“) даследуецца адзін асобна ўзяты аспект маскоўскай палітычнай думкі канца XV — першай паловы XVI ст. Гутарка вядзецца пра сувязь паміж уяўнай ідэнтычнасцю уграў, венграў і гунаў ды палітычнымі прэтэнзіямі маскоўскага кіраўніцтва на землі Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы.

Для даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага будзе цікавым блок з наступных трох артыкулаў. Яцэк Віячка з Кельцаў у артыкуле „Die moscovitiche Frage in den diplomatichen Beziehungen Polen–Litauens zum Reich in der Zeit Kaiser Karls V (1519—1556) разглядае адносіны паміж Рэччу Паспалітай ды Імперыяй у часы імператара Карла V (1519—1556) у святле г.зв. маскоўскага пытання. Аўтар адзначае, што імператар у той час выкарыстоўваў адносіны з Ягайлавічамі дзеля ўмацавання ўласных пазіцый на міжнароднай арэне. Яму ўдалося навязаць сваё пасярэдніцтва для перамоваў паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Але за падтрымку імператара ў маскоўскім пытанні кіраўніцтву ВКЛ і Польшчы даводзілася нярэдка плаціць вельмі высокую цану. Напрыклад, у 1553 г. Жыгімонт Аўгуст пагадзіўся на шлюбны саюз з Габсбургамі, які сур’ёзна звязаў яму рукі ў венгерскім пытанні. Віячка пераканаўча паказвае, што ў Вільні і Кракаве не заўжды разумелі і ведалі, што рэальна адбываецца на маскоўскім двары.

Даследчык з Санкт–Пецярбурга Міхаіл Кром у артыкуле „Polnische Einflüsse auf diĺ Rossica im Reich in der 1. Hälfte des 16. Jahrhunderts“ (Польскія ўплывы на русістыку ў Імперыі ў першай палове 16 ст.“) звяртаецца да тэмы крыніц і інфарматараў для нямецкіх аўтараў, якія пісалі пра Маскоўскую Русь. Аўтар адзначае, што нямецкія аўтары, у тым ліку і Герберштайн, шырока выкарыстоўвалі тыя звесткі пра Русь, якія яны знаходзілі ў польскіх калегаў (Мацей Мяхоўскі, Бернард Вапоўскі і інш.), або якімі іх забяспечвалі іх добрыя знаёмыя ў Польшчы і ВКЛ (сярод інфарматараў Герберштайна быў і тагачасны канцлер ВКЛ, віленскі ваявода Альбрыхт Марцінавіч Гаштаўт). Аднак, як заўважае даследчык, пры перапрацоўцы і выкарыстанні атрыманых паведамленняў нямецкія аўтары імкнуліся звычайна адкідваць з іх палітычныя тэндэнцыі. Таму і вобраз Масковіі ў нямецкіх землях у першай палове XVI ст. не меў негатыву; стаўленне нямецкіх аўтараў гэтага перыяду да Маскоўскай дзяржавы было нейтральным (Себасцьян Мюнстар, Ёхан Бён, Жыгімонт Герберштайн) або нават спрыяльным (Ёхан Фабры). Тлумачэнне гэтай з’яве Міхаіл Кром знаходзіць у адносна познім адкрыцці Масковіі нямецкімі дыпламатамі, падарожнікамі і пісьменнікамі, а таксама ў асаблівасцях тагачаснага палітычнага становішча (суперніцтва паміж Габсбургамі і Ягайлавічамі, спробы палітычнага супрацоўніцтва Імперыі і Маскоўскай дзяржавы супраць Польшчы і ВКЛ). Толькі ў другой палове XVI ст., сцвярджае аўтар, калі кардынальна змянілася палітычнае становішча ў гэтай частцы Еўропы, радыкальна змяніўся і вобраз Масковіі ў свядомасці еўрапейцаў: з нейтральна–спрыяльнага ён стаў адкрыта варожым.

Польскі гісторык Геранім Граля выступае з артыкулам „Die Rezeption der „Rerum Moscoviticarum Commentarii“ des Sigismund von Herberstein in Polen–Litauen in der 2. Hälfte des 16. Jahrhunderts“ (Рэцэпцыя „Запісак пра маскавіцкія справы“ Жыгімонта Герберштайна ў Польшчы і ВКЛ у другой палове XVI ст.). Аўтар вызначае тое сацыяльнае кола ў Рэчы Паспалітай, у якім праца слыннага імперскага пасла была асабліва запатрабаваная: гэта палітыкі і дыпламаты. Аднак, як падкрэслівае Граля, „Запіскі“, асабліва першае выданне 1549 г., не былі адназначна ўспрынятыя грамадскай думкай на Вісле і Нёмане. Асобныя прадстаўнікі культурнай і палітычнай эліты, перадусім у Польшчы (напрыклад, канонік Ст. Гурскі, выдаўца „Acta Tomiciana“) крытычна паставіліся як да іх зместу (маскоўскі палон кн. Канстанціна Астрожскага), так і прагабсбургскіх палітычных тэндэнцый, што ўтрымліваліся ў кнізе. Але перапрацаваныя „Запіскі“ Жыгімонта Герберштайна карысталіся значным поспехам у польскіх аўтараў; на працу аўстрыйскага дыпламата часта спасылаўся Мацей Стрыйкоўскі ў сваіх творах. Цікава было б высветліць, ці мелася гэтая Герберштайнава кніга ў старабеларускіх зборах, прыкладам, у бібліятэцы Алелькавічаў у Слуцку. Толькі пасля заключэння Ям–Запольскай мірнай дамовы (1682) паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай пачала змяншацца цікавасць да працы Герберштайна ў Рэчы Паспалітай. У наступныя тры дзесяцігоддзі мірнага існавання паміж абедзвюмa дзяржавамі на змену Герберштайну ў якасці знаўцаў Масковіі паступова прыходзяць іншыя, пераважна мясцовыя аўтары (Кромэр, Бельскі і інш.).

Рэлігійныя і канфесійныя пытанні ў творах Герберштайна і заходніх аўтараў разглядаюцца пераважна ў артыкулах даследчыкаў з Фінляндыі і Швецыі. Сяргей Багатыроў, які працуе ва універсітэтах Хельсінкі і Ёэнсу, разглядае міжканфесійныя кантакты паміж каталікамі, пратэстантамі і праваслаўнымі ў часе дыпламічных зносінаў у XVI ст. Даследчык адзначае, што тагачасныя дыпламаты як на захадзе, так і на ўсходзе кантынента ва ўзаемаадносінах кіраваліся перадусім прынцыпам практычнай талерантнасці, што асабліва выяўлялася ў хрысціянскай рыторыцы (спасылкі на агульнахрысціянскую еднасць) і прыняцці некаторых абрадаў і практыкаў іншых канфесій і рэлігій. Пры гэтым, аднак, ніхто з дыпламатаў не збіраўся адмаўляцца ад думкі пра адзіную правільную веру, пад якой кожны з іх разумеў тую веру, якую асабіста спавядаў. Увогуле ж, як робіць выснову аўтар, у культурным жыцці хрысціянскага свету ў XVI ст. было надзвычай мала месца для сапраўднай рэлігійнай талерантнасці.

Маскоўскае праваслаўе ў кантэксце пратэстанцкай тэалогіі пачатку XVII ст. даследуецца ў артыкуле „Московское православие в западной богословской традиции. С.Герберштейн и Й. Ботвиди“ Ларысы Макрабародавай з Турку (Аба). Аўтарка паказвае, як шведскі тэолаг, абапіраючыся на лагічныя працэдуры схаластычнай рыторыкі, узмоцненыя крытэрыямі новай гуманістычнай навукі, станоўча вырашае пытанне пра хрысціянства маскавітаў. Пры гэтым Й. Батвідзі абапіраецца на „Запіскі“ Ж. Герберштайна, у якіх якраз і сцвярджаюцца новыя навуковыя прынцыпы эпохі гуманізму.

Маргарэт Атыус Зольман (Margareta Attius Sohlman) з універсітэта Упсалы, аналізуючы твор Ж. Герберштайна і працы шведскіх аўтараў Алауса Магнуса (Olaus Magnus) і Петруса Петрэюса (Petrus Petrejus), прыходзіць да высновы, што ўсе яны кіраваліся аднолькавай дуалістычнай канцэпцыяй, у адпаведнасці з якой „цывілізаваная“ Еўропа супрацьстаяла „варварскай“ Масковіі. Аднак тэрмін „варварскі“, дастасаваны да пэўнай зямлі або народа, яшчэ не сведчыць пра негатыўнае стаўленне да іх. Маргарэт Зольман адзначае, што вышэйназваныя аўтары расплюшчылі заходнееўрапейцам вочы на гісторыю, традыцыі і рэлігію Русі, а гэта, на думку даследчыцы, набывае асаблівую актуальнасць у святле сучаснага паступовага збліжэння абедзвюх частак кантынента.

З вышэйназванымі артыкуламі звязаная і публікацыя Габрыэле Шайдэгер (Gabriele Scheidegger) з Цюрыха, якая даследуе дзяржаўна–прававое значэнне галоўных убораў (у дадзеным выпадку капелюша) у дыпламатычным цырыманіяле XVI—XVII ст. Аўтарка адзначае, што прывілей насіць галаўны ўбор у прысутнасці замежнага ўладара сімвалізаваў прызнанне паўнамоцтваў дыпламата, а таксама міжнародны аўтарытэт таго манарха, якога дыпламат прэзэнтаваў. Даследчыца таксама сцвярджае, што ў часы цара Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) адбыўся паступовы адыход ад вышэйзгаданай традыцыі: падданыя мусілі з’яўляцца перад уладаром толькі з непакрытай галавой. Далей у публікацыі паказана, якія складанасці на міжнароднай арэне, у тым ліку ў дыпламатычных зносінах з замежнымі ўладарамі, выклікаў адыход ад гэтага старарускага звычаю. Шайдэгер робіць выснову, што ўся гэтая гісторыя з капелюшамі (Hut–Gеschichte) сведчыць пра дынамічны, але не статычны характар старажытнарускай культуры. Шмат з таго, што назіраў Ж. Герберштайн у Масковіі ў першай чвэрці XVI ст., у другой палове XVII ст. незваротна адышло ў гісторыю

Два артыкулы ў зборніку прысвечаныя найранейшым перакладам на англійскую мову „Запісак“ Герберштайна, а таксама распаўсюджанню гэтай кнігі ў Вялікай Брытаніі. Патрыярх Герберштайніяны, прафесар Вальтар Ляйч (Walter Leitsch) з Вены даследуе самы ранні пераклад асобных частак „запісак“ на англійскую мову, зроблены ў 1555 г. Рычардам Эдэнам (Richard Eden). Аўтар артыкула грунтоўна аналізуе крытэрыі тэкставага выбару, метады перакладу, нарэшце, саму якасць перакладу, параўноўваючы англамоўны варыянт з італамоўным. Варта адзначыць, абапіраючыся на даследаванні В.Ляйча, што ў перакладным тэксце Р. Эдэна знайшоў месца і раздзел пра Вялікае Княства Літоўскае. Гэта значыць, што некаторыя англійскія чытачы сярэдзіны другой паловы XVI ст. мелі ўжо пэўнае ўяўленне пра беларускія землі на берагах Нёмана, Віліі і Дняпра.

Пол Д’юкс (Paul Dukes) з Абердына разглядае месца „Запісак“ Герберштайна ў кантэксце замежных апісанняў Масковіі XVI ст. Даследчык спыняецца ў першую чаргу на асобе Рычарда Гаклюйта (Richard Hakluyt), які выдаў у канцы XVI ст. зборнік падарожных нататак, што ўтрымлівалі і невялікую перакладзеную Эдэнам частку працы Герберштайна, у справе рэцэпцыі і распаўсюджання звестак пра Масковію ў Вялікай Брытаніі. Гаворачы пра інтарэс да Герберштайніяны ў Вялікай Брытаніі, П. Д’юкс робіць выснову: цікавасць да яе, на жаль, у ХIХ і ХХ ст. зменшылася, што было выклікана перамяшчэннем цэнтра палітычных і эканамічных інтарэсаў Вялікай Брытаніі з Еўропы на трансатлантычныя прасторы, у бок Паўночнай Амерыкі.

Тэму ўплыву кнігі Герберштайна на нашчадкаў працягвае і артыкул Валерыі Жэранімі (Valerie Geronimi) з Страсбурга. Аўтарка прасочвае тую значную ролю, якую адыграў Герберштайн і ягоная праца на фармаванне поглядаў Юрыя Крыжаніча адносна Русі. Гэты харвацкі асветнік пачаў сваю царкоўную і навуковую дзейнасць у „Рутэніі“, у Смаленску, які тады знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. Толькі пазней ён перабраўся ў Маскву, дзе і напісаў сваю асноўную працу „Палітыка“, якая прынесла яму заслужаную славу як аднаго з самых арыгінальных славянскіх мысляроў.

Нарэшце, у артыкуле Інгэ Ауэрбах (Inge Auerbach) з Марбурга засяроджваецца ўвага чытача на адным малавядомым эпізодзе з гісторыі аўстрыйска–рускіх палітычных адносінаў пачатку XVII ст., а менавіта праекце ўзвядзення на царскі трон аднаго з Габсбургаў. Аўтарка паказвае, якую ролю павінна была адыграць праца Герберштайна як крыніца ведаў пра Маскоўскую Русь у часе падрыхтоўкі і выканання дыпламатычнай місіі Адама Турна, што, дарэчы, скончылася беспаспяхова і на трон узышоў малады прадстаўнік старога тамтэйшага баярскага роду Міхаіл Раманаў.

Ужо сёння можна смела адзначыць, што зборнік з’яўляецца сур’ёзным унёскам у сучасную Герберштайніяну. Большасць артыкулаў маюць міждысцыплінарны падыход. Многія аўтары спрабуюць весці даследаванні з пазіцый гістарычна–антрапалагічнага і культурна–антрапалагічнага метадаў. Артыкулы ў зборніку істотна пашыраюць і ўзбагачаюць нашыя веды і ўяўленні пра асобу і ўнутраны свет Герберштайна, ягоныя палітычныя погляды і асабістыя повязі з дзеячамі культуры свайго часу. Не забытыя і аўтарскі творчы метад ды жанравыя асаблівасці „Запісак“, тэма культурных уплываў і запазычанняў, нарэшце, агульная культурная дамінанта ў тагачаснай Еўропе. Асаблівая ўвага аддаецца рэцэпцыі і распаўсюджванню „Запісак“ у Еўропе ў XVI і наступных стагоддзях. Верыцца, што зборнік натхніць міжнародную навуковую супольнасць на далейшыя пошукі і даследаванні ў галіне Герберштайніяны.

Мінск

Уладзімір Канановіч

Наверх

Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе международных отношений середины XVI века (Андрэй Янушкевіч)

Снежня 15, 2002 |


Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе между­­народных отношений середины XVI века. Москва, 2003. 621.

Зусім нядаўна з друку выйшла так доўгачаканая ў навуковых колах новая кніга знанай маскоўскай даследчыцы Ганны Харашкевіч, першапачатковы варыянт якой быў гатовы яшчэ ў сярэдзіне 90–х г. Выходзіць, на шляху да выдання гэтую кнігу чакалі немалыя цяжкасці, што пацвердзіла і сама шаноўная аўтарка. На шчасце, цяпер мы можам азнаёміцца з грунтоўным па аб’ёме даследаваннем, прысвечаным тэматыцы міжнародных адносін у Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст. Трэба прызнаць, што манаграфічныя працы па знешнепалітычнай гісторыі краін гэтага рэгіёну (а значыць — і Вялікага Княства Літоўскага) выходзяць вельмі рэдка. З расійскіх публікацый як найбліжэйшую па часе з’яўлення можна ўзгадаць цікавую, хоць і неадназначную працу І. Б. Грэкава[1], з польскіх — грунтоўныя, але ўжо не задавальняючыя цяпер апрацаванні Я. Натансона–Лескага[2]. Акра­мя іх, нельга, безумоўна, абысці ўвагай фундаментальныя даследаванні навукова–біяграфічнага жанру Ю. Ясноўскага і найноўшае — Г. Гралі, у якім пытанні знешняй палітыкі знаходзяцца на першым месцы[3]. Таму манаграфія Г. Харашкевіч наспела да выдання ўжо хоць бы з ненасычанасці гістарыяграфічнай прасторы інфармацыяй на тэму міжнародных адносін і знешняй палі­тыкі паасобных дзяржаў рэгіёну ў перыяд ранняга Новага часу.

Структура манаграфіі пабудавана па традыцыйнай схеме, якая складаецца з характарыстыкі крыніц і літаратуры, асноўнай часткі і выніковага заключэння. Асноўная частка змяшчае сем раздзелаў, у якіх асвятляюцца падзеі ад прыняцця Іванам IV царскага тытула да заканчэння першага этапу Інфлянцкай вайны, г. зн. 1570 г. Аўтарка, такім чынам, адыходзіць ад традыцыйнай храналогіі Інфлянцкай вайны. Атрымліваецца, што вайна 1558—1570 г. вылучаецца ёю ў асобную падзею (але на гэтым Г. Харашкевіч не засяроджвае пільнай увагі, хоць праблема вельмі актуальная). Ад сябе хацелася б дадаць, што з гледзі­шча логікі падзей падобны падыход цалкам апраўданы і мае неабходнае гістарычнае абгрунтаванне, на што намі, дарэчы, раней звярталася ўвага.

Аўтарка прысвяціла сваю кнігу памяці выбітнага даследчыка эпохі Івана IV гісторыка А. А. Зіміна. Гэтае прысвячэнне ў пэўнай ступені тлумачыць канцэптуальны падыход Г. Харашкевіч. Сваю канцэпцыю яна будуе ў рэчышчы ідэй, выказаных у свой час А. Зіміным, негатыўна ставячыся да меркаванняў яго галоўнага апанента Р. Скрыннікава і інш. Такім жа чынам Г. Харашкевіч адносіцца да меркаванняў аб неіснаванні „Выбранай рады“ і ардынарнай ролі ў вялікай палітыцы А. Адашава і Сільвестра, выказаных у апошні час у спецыяльным даследаванні А. Філюшкіна[4].

У аснову выкладання праблемы аўтарка паклала строгі храналагічны прынцып, прытрымліваючыся дэклараванага А. А. Зіміным „прагматычнага падыходу“ — комплекснага вывучэння крыніц разам з храналагічным выкладаннем матэрыялу („повествовательностью“). Аднак падобны падыход атрымаў у выкананні даследчыцы і пэўныя хібы. Часта гэта ператваралася ў рэгі­страцыю фактаў. Відавочна, што кніга перанасычана фактычным матэрыялам, часта малаістотнымі для сутнасці справы дадзенымі.

Прыкладам, можа скласціся ўражанне, што лакальныя бая­выя сутычкі 1565 г. маюць такое ж значэнне, як, скажам, бітва над Улай 1564 г. ці захоп ліцвінамі Улы ў 1568 г. (гэтай падзеі ўвогуле прысвечаны толькі адзін радок!). Некаторыя ўзгаданыя факты, як след не пераправераныя, проста не мелі месца (пры­кладам, інфармацыя пра тое, што ў чэрвені 1568 г. Лепель перайшоў у рукі ліцвінаў (498), што Жыгімонт Аўгуст у верасні 1567 г. быў у Дуброўне, г. зн. на памежжы з Маскоўскай дзяржавай (482) і інш.). Увогуле, да інфармацыі, якая датычыць удзе­лу ВКЛ у Інфлянцкай вайне і яго ўнутранай гісторыі, пада­дзенай у манаграфіі, трэба ставіцца з вялікай асцярожнасцю.

Кніга Г. Харашкевіч шчыльна звязана з даследаваннямі ўнутранай гісторыі Расіі эпохі Івана IV, якія інтэнсіўна вяліся ў СССР у другой палове ХХ ст. У прынцыпе, аўтарку хвалююць тыя ж пытанні, што і А. Зіміна. Толькі галоўны акцэнт кладзецца на аналіз знешнепалітычных фактараў, і ў гэтым — істотнае адрозненне кнігі ад астатніх, прысвечаных гісторыі Расіі эпохі Івана IV. Мэта даследавання, па словах аўтаркі, — прасачыць узаемасувязі паміж міжнароднымі падзеямі і такімі з’явамі расій­­скай гісторыі, як рэформы і апрычніна Івана IV. Сцісла кажучы, у канцэптуальным плане аўтарку перш за ўсё цікавіць, хто ж адыгрываў галоўную ролю ў працэсе прыняцця знешнепалітычных рашэнняў, якое месца тут займаў, з аднаго боку, цар Іван IV, а з другога — „Выбраная рада“ і Баярская Дума. Не абыдзена ўвагай і праблема рэакцый розных сацыяльных і палі­тычных груповак на характар дзяржаўнай палітыкі, а таксама адпаведнасці знешнепалітычнага курсу аб’ектыўным па­трэбам краіны. Такім чынам, знешняя палітыка разглядаецца як ключ да зразумення сутнасці ўлады ў Маскоўскай дзяржаве.

Трэба прызнаць, што Г. Харашкевіч, у адрозненне ад савецкіх папярэднікаў, уласціва цалкам крытычная, без усялякай эйфарыі, ацэнка сутнасці знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы. Яна адкрыта заяўляе пра агрэсіўныя памкненні кіраўніцтва дзяржавы, якія выцякалі з аб’ектыўных сацыяльна–эканамічных перадумоў. На думку аўтаркі, „иной альтернативы, кроме войны, в то время у России объективно не было“ (204). Даследчыцца выразна вылучаецца з асяроддзя расійскіх даследчыкаў новай якасцю падыходу да аналізу складаных праблем, звязаных з месцам Расіі ў тагачаснай сістэме міжнародных адносін.

Аўтарка бадай што ўпершыню звяртае такую пільную ўвагу на знешнюю палітыку Расіі эпохі Івана IV у рэчышчы яе ўнутрыпалітычнага развіцця. Назва кнігі крыху заводзіць у зман, бо не зусім дакладна вызначае прадмет даследавання. Г. Харашкевіч прысвяціла сваю працу не аналізу міжнародных адносін і знешняй палітыкі Расіі як такім, а менавіта таму, як знешнія чыннікі ўплывалі на ўнутраную палітыку кіраўнічых колаў дзяржавы. Цэласнага асвятлення міжнароднай сітуацыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне сярэдзіны XVI ст. тут не знойдзеш. У гэтым можна пры жаданні ўбачыць істотны недахоп кнігі, але калі ведаць пра задачы, якія паставіла перад сабой аўтарка, то гэтая сітуацыя робіцца зразумелай. Да таго ж, трэба прызнаць прадуктыўнасць падобнага падыходу. Асвятленне падзей на міжнароднай арэне само па сабе мала што дае, калі не шукаць унутраных крыніц знешнепалітычнага дзеяння. У сучасных варунках развіцця гістарычнай навукі разглядаць знешнюю палітыку у адрыве ад палітыкі ўнутранай — метад не эфектыўны.

Падсумоўваючы набыткі гістарыяграфіі, Г. Харашкевіч, на наш погляд, дае вельмі дакладную ацэнку стану рэчаў у вывучэнні гісторыі знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы і суседніх краін у сярэдзіне XVI ст.: „Мифы, созданные еще современниками–панегиристами Грозного, преобразованы были их преемниками и оспаривались противниками, создававшими в свою очередь новые — антимифы. Внешняя политика и международные отношения — одно из наиболее плодородных полей для произрастания такого растения как „миф“, именно в этой сфере сталкиваются государственные интересы не только прошлого, но и сегодняшнего времени“ (38—39). Цяжка штосьці дадаць да гэтай лаканічнай, але ёмістай характарыстыкі.

Што датычыць выкарыстанай літаратуры, то тут, на жаль, існуюць вельмі вялікія лакуны. Прыкра, што з найноўшых беларускіх прац выкарыстаны толькі невялікі артыкул Г. Сагановіча, а таксама выданне Метрыкі ВКЛ, падрыхтаванае А. Грушам[5]. Але ж за апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі па меншай меры пяць даследчыкаў звярталася да праблематыкі міжнародных адносін ва Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст.! Не выкарыстаны шматлікія выданні крыніц, якія дапамаглі б лепей зразумець сутнасць Інфлянцкай вайны і палітыкі Масквы і ВКЛ у раёне ваенных дзеянняў (прыкладам, вельмі цікавая рэляцыя пасла нямецкага імператара Г. Гофмана 1560 г.[6], найкаштоўнейшая перапіска паміж Рыгорам Хадкевічам і Раманам Сангушкам[7], пісцовая кніга Полацкага павету 1568—1570 г.[8] і інш.). Чамусьці амаль што ніяк не задзейнічаны пры апісанні падзей польска–літоўскія хронікі (асабліва дзівіць ігнараванне хронікі М. Стрыйкоўскага). Пры аналізе палітыкі ВКЛ Г. Харашкевіч карыстаецца ў асноўным двума зборнікамі крыніц: найноўшым выданнем лістоў Жыгімонта Аўгуста да Радзівілаў і шматтомавым праектам „Elementa ad Fontium Editiones“, а таксама расійскімі дарэвалюцыйнымі выданнямі[9]. Гэтага недастаткова, каб зразумець сутнасць падзей, якія адбываліся ў ВКЛ, сутнасць яго ўнутранай і знешняй палітыкі.

Несумненны плюс манаграфіі — скрупулёзны аналіз маскоўскіх пасольскіх кніг. Здаецца, гэтыя найкаштоўнейшыя крыніцы ўпершыню ўведзены ў кантэкст гістарычнай навукі з такой дэталёвасцю. Аўтарка справядліва адзначае, што матэрыялы пасольскіх кніг важныя не толькі пры апісанні знешнепалітычных працэсаў, але і для вывучэння ўнутранай гісторыі Маскоўскай дзяржавы.

Кніга Г. Харашкевіч яшчэ раз паказала, як цяжка захоў­ваць бесстароннасць пры аналізе міжнародных адносін. Гэта асабліва моцна выяўляецца пры асвятленні ўзаемадачыненняў Масквы і Вільні. Даследчык вымушаны грунтавацца на рацыі аднаго з бакоў, бо праблема царскага тытула, якая паўстала ў Маскоўскай дзяржаве ў сярэдзіне XVI ст., і звязаная з ёй праблема наймення дзяржавы была не толькі адным з самых балючых пытанняў ва ўзаемных стасунках, але і сур’ёзным выпрабаваннем для гісторыка. Можна сказаць, гэтая праблема ляжыць у аснове прыхаванага „канфлікта гістарыяграфій“. Напэўна, літоўскія і беларускія гісторыкі, якія разглядаюць ВКЛ як уласную дзяржаўна–гістарычную спадчыну, ніколі не пагодзяцца з правам Масквы на „ўз’яднанне зямель Старажытнай Русі“. А менавіта з гэтага палажэння выходзіць Г. Харашкевіч, аргументуючы сваю пазіцыю, што, у прынцыпе, уласціва расійскай гістарыяграфіі. Аўтарка адмаўляецца выкарыстоўваць тэрміны кшталту „Масковія“, „Маскоўская дзяржава“ (бо яны мелі польска–літоўскае (sic!) паходжанне) і прапануе тэрмін „княжество всея Руси“, бо менавіта такой была саманазва дзяржавы ў азначаны перыяд. Аднак калі глядзець на справу з гледзішча рацыі інтарэсаў ВКЛ, то найменні „Масковія“, „Маскоўская дзяржава“ маюць такое ж права на існаванне, бо добра стасуюцца з гістарычнымі рэаліямі і таксама былі „в ходу у современников описываемых событий“ ( 59). Здаецца, ад праблемы выбару „званіцы“ тут не па­збавіцца.

У сваёй кнізе Г. Харашкевіч мэтанакіравана даводзіць, што Іван IV не валодаў паўнатой улады ў знешнепалітычнай сферы. Да Інфлянцкай вайны прэрагатывы прыняцця знешнепалітычных рашэнняў трымала ў сваіх руках „Выбраная рада“ і Баярская Дума, якія часта дзейнічалі насуперак меркаванням цара. Асноўнай задачай для яго было ўзяцце пад свой поўны кантроль знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Аднак нават у перыяд апрычніны Іван IV быў вымушаны прыслухоўвацца да меркаванняў баяраў.

Гэтая барацьба за знешнепалітычныя прэрагатывы паміж царом і баярамі (а таксама „Выбранай радай“) — адзін з найважнейшых канцэптуальных момантаў кнігі. Найбольш відавочным выяўленнем гэтага суперніцтва з’яўлялася стаўленне палітычнай эліты дзяржавы да пытання прызнання царскага тытула Івана IV. Як вядома, з самага пачатку, г. зн. з 1547 г., гэтая праблема значна ўскладніла ўзаемадачыненні паміж Маскоўскім княствам і ВКЛ. Апошняе не жадала называць Івана IV царом, бо бачыла ў гэтым акце імкненне па–новаму абгрунтаваць маскоўскія прэтэнзіі на ўсе „рускія“ землі. Пад націскам баяраў у канцы 40–х і ў 50–х г. XVI ст. пытанне царскага тытула часта апускалася пры дыпламатычных перамовах з ліцвінамі. Таксама з боку баяраў і „Выбранай рады“ ігнаравалася жаданне Івана IV распачаць з–за гэтай прычыны вайну з ВКЛ. Прыярытэты знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы яны бачылі на ўсходзе — у змаганні з рэшткамі Залатой Арды. Пасля авалодання Казанню ў 1552 г. галоўная ўвага мусіла быць звернута на ліквідацыю „крымскай пагрозы“.

Аўтарка лічыць, што змаганне з Крымскім ханствам было выкананнем менавіта баярскай знешнепалітычнай праграмы. Гэта адпавядала нацыянальным інтарэсам дзяржавы. Іван IV, у сваю чаргу, звярнуў свой позірк на Інфлянты, зыходзячы з гіпертрафаванага жадання авалодаць „усім Сусветам“, зацвердзіць сябе ў якасці сапраўднага пераемніка Пруса (204). Гэтыя эгаістычныя памкненні прывялі да распачынання Інфлянцкай вайны. Аўтарка лічыць, што ўскладненне маскоўска–інфлянцкіх стасункаў у 1554 г. і распачынанне Інфлянцкай вайны ў 1558 г. былі справакаваныя царом (148—149).

Ганна Харашкевіч сцвярджае, што цар з самага пачатку меў яснае ўяўленне аб мэтах сваёй інфлянцкай палітыкі. Дзіўны, супярэчлівы характар вайны на пачатковым этапе вынікаў з рознагалоссяў паміж Іванам IV і „Выбранай радай“. На яе думку, прадстаўнікі баярскай эліты займаліся амаль што непрыхаваным сабатажам намераў цара, жадаючы заключыць анты­крымскі саюз з ВКЛ. Гэтая разарванасць інтарэсаў палітычнай эліты прывяла да няўдач на знешнепалітычным фронце.

Думка пра свядомы пачатак Інфлянцкай вайны выглядае непераканаўчай, бо дакладна вядома, што першыя ваенныя акцыі маскоўцаў у Інфлянтах не мелі на мэце захопу тэрыторыі і нагадвалі маланкавыя „татарскія“ набегі. Невядома, ці адбыўся б захоп Нарвы ў траўні 1558 г., калі б яе гарнізон не распачаў правакацыі супраць Івангорада. Аўтарка таксама выразна не тлумачыць, чаму ж Іван IV пайшоў на часовае замірэнне з інфлянцамі ў сакавіку 1559 г., а не працягваў далейшы наступ на Інфлянты.

Гэтаксама непераканаўча гучыць меркаванне, што сябры „Выбранай рады“ рабілі перашкоды на шляху рэалізацыі царскіх задумаў у Інфлянтах. Дакументы сведчаць, што знешняя палітыка праводзілася згуртавана ўсімі членамі ўрада. Так, на перамовах з інфлянцкімі пасламі стала ўдзельнічаў лідэр „Выбранай рады“ А. Адашаў. Ягоны брат, Д. Адашаў, быў адным з кіраўнікоў аперацыі па захопу Нарвы, за сваю службу неаднаразова атрымліваў падзякі ад Івана IV. Нічога аб супярэчнасцях унутры маскоўскага ўрада па знешнепалітычных пытаннях не паведамляе Г. Гофман, які, гледзячы на ўсё, меў шырокі доступ да сакрэтнай інфармацыі. Згаданыя ў пасланнях Івана IV да Андрэя Курбскага „супротисловия“ кіраўнікоў „Выбранай рады“ маглі быць проста альтэрнатыўнымі меркаваннямі, якія паўсталі пад час абмеркавання далейшых дзеянняў. Магчыма, рознагалоссі ўзніклі з–за розных поглядаў не на мэты вайны, а на метады падпарадкавання Інфлянцкай дзяржавы. Менавіта такім чынам можна праінтэрпрэтаваць тыя палемічныя i тэндэнцыйныя выпады цара ў першым пасланні да Курбскага, якімі звычайна абгрунтоўваецца асаблівая пазіцыя „Выбранай рады“.

Нават калі Іван IV расправіўся з лідэрам „Выбранай рады“, гэта не прывяло да актывізацыі ваенных дзеянняў у Інфлянтах. З іншага боку, атрымліваецца, што актыўныя дзеянні супраць Крымскага ханства напрыканцы 50–х г. XVI ст. не мелі санкцыі цара, у што цяжка паверыць. Падаецца, аўтарка не ўлічвае, што разам са зменай сітуацыі на міжнароднай арэне маглі кардынальным, часта непрадказальным чынам мяняцца і пазіцыі розных палітычных сілаў. Іван IV раздзьмуў вогнішча Інфлянцкай вайны, добра не ўсведамляючы, што гэта можа прывесці да значнага міжнароднага канфлікту.

Пры аналізе пазіцыі ВКЛ у інфлянцкім канфлікце на яго пачатковай стадыі з–за недастатковага ведання сутнасці падзей даследчыца прыходзіць да няслушных высноваў. Так, яна здзіўляецца, чаму ВКЛ, заключыўшы восенню 1557 г. Пазвольскую дамову з Інфлянтамі, абыякава глядзела на падзеі ў Інфлянтах у 1558 г. Такое пытанне не ўзнікла б, калі ведаць, што гэтая дамова мела таемны характар, а ваенны саюз ВКЛ з Інфлянцкім ордэнам пачынаў дзейнічаць, згодна з дамоўленасцю, не раней за 1562 г. Далей гаворыцца, што толькі ў сакавіку 1561 г. Жыгі­монт Аўгуст вырашыў увесці свае войскі на тэрыторыю Інфлянтаў (266). Але яшчэ па надрукаваных у „Актах Западной России“ дакументах вядома, што кантынгент ліцвінаў з’явіўся тут ужо напрыканцы 1559 г. па заключанай у жніўні таго ж года дамоўленасці з інфлянтцамі.

Варта адзначыць яшчэ адну сімптаматычную дэталь для зразумення падыходу аўтаркі да інтэрпрэтацыі падзей. Аналізуючы ліставанне паміж І. Фёдаравым і Р. Хадкевічам восенню 1562 г., Г. Харашкевіч прыходзіць да высновы, што дзякуючы намаганням маскоўскага баярына і ліцвінскага праваслаўнага магната было заключана нефармальнае перамір’е. З–пад увагі пры гэтым губляецца той факт, што звычайна з надыходам зімы ваенныя дзеянні сцішваліся. Да таго ж, пачынаючы з верасня 1562 г., Іван IV мэтанакіравана рыхтаваўся да шырокамаштабнага паходу на Полацк, і ўвядзенне ў зман ліцвінаў сваімі міралюбнымі намерамі яму было толькі на карысць.

Увогуле ж матыў супрацьпастаўлення баярскіх і царскіх інтарэсаў і дзеянняў у знешнепалітычнай сферы праходзіць праз усю кнігу. Асабліва арыгінальна ён з’яўляецца пры трактоўцы вынікаў і значэння захопу маскоўскім войскам Полацка ў 1563 г. Г. Харашкевіч сцвярджае, што гэтая падзея стала толькі фармальнай перамогай для цара. У рэчаіснасці ж Іван IV зноў спа­знаў прыкрае пачуццё паразы, калі баяры не рашыліся далей працягваць наступ на ВКЛ, а заключылі перамір’е з раднымі панамі.

Падобнае трактаванне выклікае падвойнае ўражанне. З аднаго боку, аўтарка раскрывае вельмі цікавы аспект унутраных разыходжанняў у кіраўніцтве Маскоўскай дзяржавы. З іншага ж, відавочным ёсць празмернае захапленне ідэяй супрацьстаяння баяр і цара. А можа, Іван IV проста пагадзіўся з аб’ектыўнымі рэаліямі вайны? Полацкая выправа была грандыёзнай акцыяй і патрабавала надзвычайных высілкаў. Аўтарка не задаецца пытаннем, ці мела вялізнае маскоўскае войска ў неспрыяльных зімовых умовах рэсурсы для працягу выправы. Да таго ж, цяжка аспрэчваць той факт, што пасля захопу Полацка ініцыятыва цвёрда перайшла ў рукі Масквы. Кароткачасовае перамір’е для ўзнаўлення сілаў было ёй толькі выгадным.

А той факт, што маскоўскае войска прыпынілася ў гарадскіх граніцах, цалкам вытлумачальны. Як сведчыць змест дыпламатычных перамоў, маскоўскае кіраўніцтва зыходзіла з таго пастулата, што пасля захопу галоўнага адміністрацыйнага цэнтра тэрыторыя ўсяго „павету“ пераходзіць пад новую ўладу. Дый што яшчэ можна было захапіць у Полацкай зямлі, акрамя неўмацаваных паселішчаў? Пасылкі маскоўскіх атрадаў углыб Полаччыны прымаць у мясцовага насельніцтва прысягу на вернасць цару часта канчаліся збройнымі выступленнямі супраць акупантаў. Кантраляваць сітуацыю ў падобных варунках можна было толькі з добраўмацаваных замкаў, якім з’яўляўся Полацк. Дарэчы, Г. Харашкевіч нічога не піша пра ўсталяваны ў Полацку і акрузе акупацыйны рэжым, пра стаўленне новых уладароў да тутэйшых людзей і наадварот — рэакцыі палачан на палітыку маскоўскай улады. А гэтая тэма вельмі важная для зразумення сутнасці палі­тыкі Маскоўскай дзяржавы.

Спроба ўзнаўлення татальнага наступлення на ВКЛ была прадпрынятая праз год, але пацярпела фіяска з–за паразы ў бітве над Улай. На жаль, Г. Харашкевіч аддае ёй мала ўвагі, хоць і падкрэслівае яе важнае значэнне для змянення сітуацыі ў вайне паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Даследчыца некрытычна паставілася да інфармацыі аб колькасці войска ВКЛ пад час няўдалай выправы пад Полацк восенню 1564 г. Аніяк не магло яго там быць 50 тысяч чалавек. І палякі прынялі чынны ўдзел у вайне з маскоўцамі зусім не пад час гэтай выправы, а нашмат раней. Узяць пад увагу хоць бы бітву пад Невелем у жніўні 1562 г., дзе войска А. Курбскага разбілі якраз дзевяць польскіх конных ротаў.

Адным з найважнейшых момантаў для зразумення канцэпцыі кнігі з’яўляецца трактаванне падзей на Земскім саборы 1566 г. Як вядома, на ім было прынята рашэнне аб працягу Інфлянцкай вайны. Гэтую ідэю, у прыватнасці, падтрымала Баярская Дума. Г. Харашкевіч лічыць, што гэта было фатальнай памылкай, больш за тое, яна ўскладвае на баяр віну за крах у далейшым часе знешняй палітыкі Масквы. У 1566 г. быў прадвырашаны зыход Інфлянцкай вайны (440—441).

Аднак такая інтэрпрэтацыя не ўзгадняецца з многімі фактамі. На нашу думку, у 1566 г. стаяла пытанне не столькі працягу шырокамаштабнай наступальнай вайны (для гэтага ўжо сапраўды бракавала рэсурсаў), колькі непрымальнасці варункаў прымірэння з ліцвінамі. Звернем увагу на два прынцыповыя моманты: маскоўцам так і не ўдалося дамагчыся ад паслоў з ВКЛ адмовіцца ад прэтэнзій на Рыгу, ліцвіны прапаноўвалі толькі кароткачасовае перамір’е — на пяць–шэсць гадоў, што было не ў інтарэсах маскоўскага боку. Кампрамісу так і не ўдалося дасягнуць.

Нельга казаць, што ў 1566 г. міжнароднае становішча Маскоўскай дзяржавы было бязвыхадным. Ці абавязкова ў Крамлі маглі прадбачыць у гэты час, што ў 1568 г. у Швецыі зменіцца ўлада, а напрыканцы 60–х г. XVI ст. абвострацца адносіны з Турцыяй і Крымскім ханствам?

Безумоўна, былі надзеі калі не перамагчы ВКЛ у вайне, дык па меншай меры ўмацаваць сваё становішча на дасягнутым узроўні. Даследчыца зусім выпускае з–пад увагі, што пасля 1564 г. маскоўскае кіраўніцтва не прадпрымала шырокамаштабных ваенных акцый, а са жніўня 1566 г. пачало будаваць у Полацкай зямлі невялікія, але добраўмацаваныя замкі, тым самым паступова пашыраючы зону свайго кантролю. Неўзабаве распачалася раздача зямельных надзелаў новаяўленым памешчыкам. Гэта азначала, што Масква перайшла да палітыкі ўмацавання сваёй прысутнасці на захопленых землях.

Цяжка пагадзіцца з аўтарскай ацэнкай перамір’я 1570 г. Згодна з ёй, заключэнне гэтага перамір’я прадэманстравала поў­нае фіяска знешняй палітыкі Івана IV на заходнім напрамку (554). Даследчыца тлумачыць, што Масква не замацавала за сабой тэрытарыяльных набыткаў: яна толькі прэтэндавала (!) на збудаваныя сваімі рукамі памежныя замкі на Полаччыне. Вы­снова ніяк не стасуецца з логікай і гістарычнымі фактамі. Дарэчы, яшчэ Р. Мяніцкі адзначыў, што вызначаная ў маскоўскай перамірнай грамаце мяжа больш адпавядала рэчаіснаму стану рэчаў, чым тая, якую прадставілі ліцвіны[10]. Таму меркаванне Г. Харашкевіч, што Маскоўская дзяржава выйшла з вайны з нічым, не зусім слушнае. На наш погляд, ваюючыя бакі знайшлі кампраміс у патрэбе перадышкі і з гэтай прычыны заключылі перамір’е на падставе status quo.

Увогуле ж, у Г. Харашкевіч складваецца вельмі песімістычная ацэнка знешняй палітыкі Івана IV на першым этапе Інфлянцкай вайны. Для расійскай гістарыяграфіі падобная візія з’яўляецца чымсьці абсалютна новым. Аўтарка тым самым правакуе на сур’ёзную дыскусію, без якой цяпер не абысціся. Арыгінальная пастаноўка пытанняў, зробленая Г. Харашкевіч, сама па сабе з’яўляецца крокам наперад у вывучэнні праблематыкі.

У заключэнне трэба адзначыць, што, нягледзячы на ўсе недахопы манаграфіі, яна з’яўляецца важнай пазіцыяй у асвятленні знешняй палітыкі і міжнароднага становішча Расіі ў сярэдзіне XVI ст. І хоць не заўсёды пастаўленыя пытанні ўдалося вырашыць на належным узроўні, трэба прызнаць безумоўным дасягненнем увядзенне знешнепалітычных падзей і працэсаў у кантэкст унутранай гісторыі Расіі. Тым самым аўтарка раскрыла новыя аспекты ўзаемных стасункаў цара Івана IV, „Выбранай рады“ і Баярскай Думы, акцэнтавала ўвагу на значнасці прэрагатыў улады ў знешнепалітычнай сферы. На нашу думку, толькі падобны падыход можа быць прадуктыўным пры аналізе знешняй палітыкі дзяржавы, бо дазваляе ўбачыць яе ўнутраныя механізмы і зразумець матывацыі дзеяння кіруючых колаў.
Мінск

Андрэй Янушкевіч


[1] Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI  вв. Москва, 1963.
[2] Natanson–Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1: Granica moskiewska w epoce Jagiellońskiej. Lwów—Warszawa, 1922.; Natanson–Leski J. Epoka Stefana Batorego w dziejach granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Lwów-Warszawa, 1924.
[3] Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł (1515—1565): kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939; Граля И. Иван Михайлов Висковатый: Карьера государственного деятеля в России XVI в. Москва, 1994.
[4] Филюшкин А. И. История одной мистификации: Иван IV и „Избранная рада“. Москва, 1998.
[5] Сагановіч Г. М. Захоп Полацка Іванам IV паводле нямецкіх „лятучых лісткоў“ 1563 г. // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Полацк, 1998. С. 263—270; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга запісаў 44 (1559—1566). Мінск, 2001.
[6] Посольство И. Гофмана в Ливонию и Русское государство в 1559—1560 г. // Исторический архив. 1957. № 6. С. 131—142.
[7] Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 7. Lwów, 1910
[8] Писцовая книга Полоцка и Полоцкого повета // Писцовые книги Московского государства / Под ред. Н. В. Калачова. Ч. 1, отд. 2. С.–Петербург, 1877. С. 421—566.
[9] Listy króla Zygmunta Augusta do Radziwiłłów / Opr. I. Kaniewska. Kraków, 1998; Elementa ad Fontium Editiones. T. 1—96. Roma, 1960—1997.
[10] Mienicki R. Egzulanci Połłoccy (1563—1580) // Ateneum Wileńskie. 1934. R. IX. S. 31—128.

Наверх

Кавалёў, Сяргей. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу (Альбіна Семянчук)

Снежня 14, 2002 |


Кавалёў, Сяргей В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полі­лінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мінск, 2002. 218.

Гiстарычнае літаратуразнаўства ўзбагацілася яшчэ адной працай, прысвечанай мала даследаванай тэматыцы польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу — манаграфіяй доктара філалагічных навук Сяргея Кавалёва. Аўтар даўно і плённа займаецца вывучэннем полілінгвістычнага кантэксту беларускай літаратуры эпохі Рэнесансу і Барока. Яго папярэдняя кніга была пры­свечана героіка–эпічнай паэзіі канца ХVI ст.[1], а менавіта даследаванню твораў Францішка Градоўскага, Андрэя Рымшы, Яна Радвана і тым канкрэтным гістарычна–культурным умовам, у якіх яны паўставалі. Ужо ў першай кнізе было бачна імкненне аўтара змясціць дадзеныя творы ў канкрэтную часава–прасторавую сітуацыю, паказаць рэаліі грамадска–палітычнага жыцця, у якіх яны ўзнікалі, наблізіць да нас постаці аўтараў і герояў іх твораў.

У новай кнізе відавочна пашыраныя інтэлектуальна–эрудыцыйныя далягляды аўтара. Застаючыся ў той самай эпосе Рэнесансу, ён значна паглыбляе і пашырае кола сваіх даследаванняў; распрацоўвае новыя культурныя пласты, у якіх знаходзіць россыпы бліскучых імёнаў і твораў напаўзабытых сёння пісь­меннікаў.

Для ХVI ст. вельмі адметнай з’явай было мецэнацтва. Які б помнік культуры ці твор мастацтва, літаратуры і гісторыі таго часу мы не ўзялі, побач з імем яго аўтара стаіць імя фундатара, апекуна або хлебадаўцы, які часам не толькі матэрыяльна забяспечваў аўтара, але натхняў яго духоўна, даваў сюжэты для твораў. Дзякуючы мецэнацтву магутнага роду Радзівілаў мы маем сёння цэлую плеяду паэтаў, гісторыкаў, друкароў, мастакоў, архітэктараў і іншых творцаў. З Нясвіжам былі звязаны Сымон Будны, Цыпрыян Базылік  і інш. З Біржамі (а пачаткова Любчай — ранейшай рэзідэнцыяй другой лініі Радзівілаў) — Беняш Будны, Альбрыхт Карманоўскі, Пётра Кахлеўскі, Збігнеў Морштын, Даніэль Набароўскі, Саламон Рысінскі, Францішак Градоўскі, Андрэй Рымша, Ян Радван.

Мецэнацтва Радзівілаў не было выклікана іх вялікадушшам, а мела цалкам прагматычны характар, часта было звязана з палі­тычнымі перспектывамі або іх рэлігійнымі прэферэнцыямі. Спачатку пры двары пратэктара кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім Мікалая Радзівіла Чорнага, а потым Крыштафа Радзіві­ла Пeруна і яго сына, таксама Крыштафа, знайшлі сабе прытулак шматлікія прыхільнікі Рэфармацыі.

Зразумела цяпер, чаму першы раздзел манаграфіі „На хвалі рэфармацыйнага руху: польскамоўная паэзія ў берасцейскіх і нясвіжскіх выданнях 50—60–х г. ХVI ст.“ С.Кавалёў пачынае з аналізу прадукцыі друкарняў, заснаваных Мікалаем Радзівілам Чорным. Аўтар кнігі адзначае, што на сённяшні дзень вядома больш за сорак берасцейскіх старадрукаў ХVI ст., сярод якіх ёсць некалькі паэтычных кніжак, напрыклад, каль­вінскі канцыянал Яна Зарэмбы, выдадзены ў 1558 г. Аўтар аналізуе толькі некаторыя, на яго думку, найбольш цікавыя вершы з гэтага зборніка, а таксама верш Андрэя Воляна „Да Палякаў і да Літвы“ з трактата Аўгустына Ратундуса „Размова Паляка з Ліцвінам“ (1564/1565), ананімную паэму „Пратэй, або Пярэварацень“ (1564), паэму „Апі­санне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл“ (1562) Цыпрыяна Базыліка.

Аналізуючы ўступныя словы канцыянала Яна Зарэмбы, Кавалёў заўважае, што „ў першым паэтычна–музычным збор­ніку, выдадзеным на тэрыторыі Беларусі, мы сустракаем нараканні на засілле любоўных песняў пры дварах беларуска–літоўскіх магнатаў“ (с.17), з чым актыўна змагаўся Я.Зарэмба, друкуючы духоўныя спевы. Гэтая заўвага датычыцца не толькі літаратурнага працэсу, але дадае штрых да характарыстыкі маральна–этычнай сітуацыі ў грамадстве ў сярэдзіне ХVI ст.

Вельмі важнай акалічнасцю, на наш погляд, з’яўляецца і тое, што ў берасцейскі канцыянал увайшлі каля 140 песняў на словы ледзь не самых выдатных польскіх паэтаў ХVI ст. — Мікалая Рэя, Анджэя Тшэцескага, Сымона Зацыюса і іншых, а музыку напісалі Вацлаў з Шаматул і Цыпрыян Базылік. Гэта значыць, што Мікалай Радзівіл Чорны актыўна прапагандаваў польскую культуру на беларускіх землях, хоць С.Кавалёў адзначае, што віленскі ваявода і берасцейскі стараста „наўрад ці сам… быў ініцыятарам выдання канцыянала: кніга прысвечана не Радзі­вілу, а яго пад­скарбію Пякарскаму“ (18—19), але далей пага­джаецца, што віленскі ваявода паспрыяў „актыўнаму пранікненню ў Княства польскай культуры“ (66).

Аўтар манаграфіі аналізуе таксама і нясвіжскі канцыянал 1563 г., што захоўваецца ў бібліятэцы Упсальскага універсітэта, а таксама знаходзіць у дададзеным спеўніку да яго 1564 г. вершаваны тэкст пад назвай „Pieśń nowa w ktorej się zamyka prośba ludzi wiernych, aby ich Pan od Moskwicina uchować raczył“, які, на яго думку, можна лічыць правобразам свецкай палітычнай паэзіі (21).

Развівае гэтую тэму С.Кавалёў у раздзеле, прысвечаным першаму ўзору палітычнай паэзіі ў Беларусі — вершу Андрэя Воляна „Да Палякаў і да Літвы“, які быў змешчаны ў „Размове Паляка з Ліцвінам“, аўтарства якой прыпісваецца Аўгустыну Ратундусу. Палеміка, што разгарнулася ў Вялікім Княстве Літоў­скім пасля выхаду ў свет трактата С.Ажахоўскага „Quincunx, гэта значыць узор Кароны Польскай“, на жаль, яшчэ не знайшла належнага адлюстравання ў беларускай гістарыяграфіі і літаратуразнаўстве, да яе рэдка звяртаюцца даследчыкі грамадска–палітычнай думкі[2]. Але ж яна мела шырокі розгалас па ўсім Княстве і напярэдадні Люблінскай уніі набыла яскрава выражаны палітычны характар. Супраць Ажахоўскага выступілі і каталік Аўгустын Ратундус, і кальвініст Андрэй Волян. Закрануўшы ў сваім творы патрыятычныя пачуцці жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, скандальна вядомы ксёндз С.Ажахоўскі свядома справакаваў бурлівую палеміку ў тагачасным грамадстве, прымусіў спажыўцоў інтэлектуальнай прадукцыі акрэсліць свае палітычныя погляды. На нашу думку, пад уплывам гэтай палемікі знаходзіліся ўсе тагачасныя творцы. Яна прымусіла Мацея Стрыйкоўскага ў „Польскай Хроні­цы“ аформіць у пэўную канцэпцыю погляды прыхільнікаў палітычнай уніі Літвы і Кароны. Падобныя ідэі выказваў і Андрэй Волян: каб „адна галава кіравала ўсімі членамі“ (25). Аднак аўтар манаграфіі падкрэс­лівае дыпламатычную пазіцыю Воляна ў спрэчцы паміж ліцві­намі і палякамі і адначасова яго прынцыповы ліцвінскі патрыятызм (26—27).

На жаль, С.Кавалёў не аналізуе іншых узораў палітычнай паэзіі ХVI ст., абмяжоўваючыся пералікам назваў некаторых з іх. Таму выбраны для аналізу верш А.Воляна як бы „павісае ў паветры“. Аўтар манаграфіі падкрэслівае, што верш „цікавы перадусім сваім актуальным зместам, а не мастацкай формай. Гэта не толькі першы ўзор польскамоўнай палітычнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але ўвогуле першы палітычны верш у гісторыі беларускай літаратуры“ (28). Варта было б даць яшчэ хоць бы некалькі прыкладаў твораў гэтага жанру, каб мець магчымаць гаварыць пра пэўны літаратурна–гістарычны дыскурс. Тут, на жаль, С.Кавалёў працягвае заганную традыцыю айчынных літаратуразнаўцаў — выхопліваць з літаратурнага і гістарычнага кантэксту асобны твор і брацца за яго крытычны аналіз з дапамогай чыста літаратуразнаўчага інструментарыя, не ўлічваючы (або толькі фармальна ўлічваючы) гістарычныя рэаліі. Хоць С.Кавалёў у пэўнай ступені пераадольвае гэтую традыцыю сваёй спробай ахапіць новыя пласты гістарычнага пісьменства і прасачыць генезіс твораў, аднак ён робіць гэта яшчэ непаслядоўна, як бы навобмацак. Тут яму прыдаліся б сумежныя гістарычныя, крыніцазнаўчыя і нават археаграфічныя метады даследавання.

Далей аўтар манаграфіі пераходзіць да сатырычных твораў, што існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХVI ст., і аналізуе ананімную паэму „Пратэй, або Пярэварацень“, якая была наследаваннем „Сатыра, або дзікага мужа“ Яна Каханоўскага (Кракаў, 1564). Наш „Пратэй…“ быў выдадзены ў Берасці, у тым жа 1564 г. Аўтар манаграфіі робіць смелую спробу вярнуць аўтарства ананімнаму дагэтуль твору. Ён лічыць, што аўтарам яго быў французскі эмігрант Пётр Статорыус (Стаенскі) разам з Цыпрыянам Базылікам, які выпраўляў мову і стыль сатыры (32). У гэтым меркаванні ён ідзе ўслед за польскімі даследчыкамі Т.Грабоўскім і Т.Вітчакам.

Цыпрыяну Базыліку (каля 1535 — пасля 1591) спрыяў Мікалай Радзівіл Чорны. Гэтая постаць яшчэ таксама не даследавана айчыннымі гісторыкамі. Акрамя вершапісання ён займаўся музыкай, перакладамі гістарычных твораў на польскую мову. У прыватнасці, здзейсніў польскі пераклад выдатнага лацінамоўнага твора А.Фрыча Маджэўскага „Аб направе Рэчы Па­спалітай“, які выдаў у Лоску у 1577 г.

Сяргей Кавалёў падрабязна аналізуе змест паэмы „Пратэй, або Пярэварацень“, яе сатырычную накіраванасць супраць магнацкага і шляхецкага свавольства, іншых заган і хвароб грамадства. Падобныя палітычныя памфлеты, у якіх сурова асуджаліся некаторыя сацыяльна–палітычныя з’явы ў Вялікім Княстве Літоўскім і маральныя недахопы суграмадзянаў, былі вельмі папулярныя у ХVI ст. Да падобных твораў з пэўнымі агаворкамі можна аднесці і знакаміты трактат „Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў“ Міхалона Літвіна, у якім аўтар так бязлітасна крытыкуе сваіх суайчыннікаў, што побач з імі нават адвечныя непрыяцелі татары і маскавіты падаюцца ўзорам для пераймання. Аўтар манаграфіі адзначае, што Пярэварацень таксама выступае з прамовай, „нібы пасол на сойме“, „паказваючы невясёлы малюнак грамадска–палітычнага жыцця ў Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім…, звяртае ўвагу на няўдачы ў вайне з Масковіяй (з–за нежадання шляхты выконваць свае вайсковыя абавязкі перад Айчынай), асуджае рэлігійные міжусобіцы і праявы неталеранцыі ў краіне“ і да т.п. (с.39).

На жаль, зноў жа С.Кавалёў не супастаўляе ананімны твор „Пратэй“ з трактатам Міхалона Літвіна або іншымі падобнымі, а толькі ўзгадвае, што „такія самыя або блізкія ідэі сустракаюцца ў публіцыстычных трактатах А.Фрыча Маджэўскага, С.Буднага, у паэтычных творах М.Рэя, М.Бельскага і ў „Сатыры…“ Я.Каханоўскага“ (39). Аўтар манаграфіі пайшоў шляхам падрабязнага, амаль парадковага аналізу тэксту паэмы, падкрэсліваючы яго літаратурныя вартасці або недахопы. Хоць сучаснага чытача, безумоўна, больш хвалююць не яго літаратурныя вартасці, а пуб­ліцыстычная завостранасць супраць канкрэтных грамадскіх і палітычных з’яў, якія ўжо сталі фактамі нашай гісторыі. Таму гістарычны і крыніцазнаўчы аспект усіх твораў, разгледжаных С.Кавалёвым у манаграфіі, значна больш важны, чым проста літаратурны аналіз. Аднак трэба сказаць „дзякуй“ калегам–літаратуразнаўцам за тое, што яны знаходзяць і звяртаюць увагу на старажытныя творы пісьменства. Так было ў нас у выпадку з беларуска–літоўскімі летапісамі, пра якія спачатку напісаў літаратуразнаўца В.А.Чамярыцкі[3], а ўжо потым гісторыкі прысвяцілі ім спецыяльныя даследаванні (зрэшты, гэты корпус айчынных крыніц застаецца не даследаваным да канца).

Пасля ананімнай паэмы „Пратэй“ Кавалёў пераходзіць да іншага жанру вершаў, які называецца ars bene moriendi. Тут ён таксама падрабязна аналізуе толькі адзін верш названага жанру — „Krótkie wypisanie sprawy przy śmierci i pogrzebie Oświeconej Księźny Paniej Halźbiety z Szydłowca Radziwiłłowej, wojewodzinej wileńskiej. Roku 1562“, што налічвае 654 радкі. Гэтая паэма, як адзначае С.Кавалёў, — „першы вядомы нам фунеральны твор у польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу“ (48).

Дастаткова шмат месца даследчык прысвячае постаці аўтара твора Цыпрыяну Базыліку. Гэты культурны і рэлігійны дзеяч ХVI ст. мала вядомы ў Беларусі, хоць, будучы палякам, амаль усё жыццё аддаў нашай краіне. „Перакладныя творы Ц.Базыліка карысталіся вялікай папулярнасцю ў Вялікім Княстве Літоў­скім, некаторыя з іх былі перакладзены пазней на старабеларускую мову („Аповесць пра Скандэрбега“, „Гісторыя Атылы“) (47). „Апі­санне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл“, жонкі Мікалая Радзівіла Чорнага, было напісана Цыпрыянам Базілікам яшчэ і таму, што першы быў мецэнатам апошняга. Некалькі вершаў былі прысвечаны гэтай княгіні, памерлай ва ўзросце 29 гадоў (паэма Я.Каханоўскага „Зузана“, эпітафія Пятра Ройзіўша), менавіта таму, што віленскі ваявода быў вядомым прыхільнікам творцаў.

Верш на смерць Альжбеты Радзівіл можна па–рознаму ацэньваць з літаратурнага пункту гледжання, але ён нікога не пакідае абыякавым як адбітак глыбокай чалавечай трагедыі і шляхетных пачуццяў, як дакумент сваёй эпохі, калі людзі жылі са штохвілінным адчуваннем „memento mori“. Аўтару мана­графіі ўдалося ўсё гэта вельмі дакладна перадаць у дадзеным раздзеле, ледзь не самым удалым ва ўсёй манаграфіі. Тут жа мы знаходзім і іншыя ўзоры фунеральнай паэзіі, прыкладам, „Napis na grobie zacnego szlachcica Pawіa Secygniowskiego“ (1570) таго ж Цыпрыяна Базыліка. Трэба адзначыць, што менавіта С.Кавалёў першым уводзіць у гісторыю беларускай культуры напаўзабытае імя Цыпрыяна Базыліка і дае аналіз яго арыгінальных літаратурных твораў.

Да фунеральнай паэзіі належыць і твор С.Кулакоўскага, які аналізуецца С.Кавалёвым у адпаведным раздзеле, прысвечаным творчасці гэтага выдатнага паэта. Ягоны „Cathamerinon Księstwa Słuckiego z żałobliwym lamentem na pośpieszną śmierć sławnej pamięci książąt słuckich: Jerzego, Jana Siemiona y Aleksandra, ostatnich dziedziców“ (Вільня, 1593) — „самы грандыёзны па задуме фунеральны твор у шматмоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага ХVI ст“ (121), які таксама можа служыць гістарычнай і генеалагічнай крыніцай.

Усе вышэйзгаданыя літаратары былі палякамі і „ў сваіх творах рэпрэзентавалі польскую самасвядомасць, хоць пісалі і выдавалі іх на тэрыторыі Беларусі“ (64). Аднак у аўтара мана­графіі не ўзнікае сумнення,  што аб’ектыўна яны спрычыніліся да развіцця шматнацыянальнай культуры і полілінгвістычнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага, „таксама як крыху раней гуманісты з Італіі і Нямеччыны ўзбагацілі сваёй творчасцю рэнесансавую культуру Польшчы“ (64).

Далейшым зместам сваёй кнігі аўтар манаграфіі пераконвае нас, што польскамоўная (як, зрэшты, і новалацінская) паэзія лоскіх і віленскіх выданняў 70—80–х г. ХVI ст. таксама ёсць фактам беларускай культуры. Мы ўжо звыкліся залічваць да беларускай культуры Сымона Буднага і яго брата Беняша, палякаў з паходжання. Ёсць меркаванні, што палякам з Падляшша быў і Мікола Гусоўскі, Андрэй Волян, кола прыдворных паэтаў біржанскіх (любчанскіх) Радзівілаў, якія спрэс пісалі па–польску, але выказвалі ідэі ліцвінскага патрыятызму і, магчыма, пачувалі­ся як Саламон Рысінскі „леўкарусамі“ (leucorussus), г.зн. беларусамі. Ёсць пераканаўчыя падставы меркаваць, што да нашай гістарыяграфіі належыць і творчасць Мацея Стрыйкоўскага, якому С.Кавалёў прысвяціў даволі вялікі раздзел, дзе разглядае феномен гэтага творцы ў сукупнасці яго жыцця, літаратурнай і гістарычнай спадчыны.

Для гісторыкаў, бадай, найбольшую цікавасць уяўляе аналіз ліра–эпічнай паэмы С.Лаўрэнція „Лямант няшчаснага Рыгора Осціка“, „прысвечанай не подзвігам герояў у славу Айчыны, а гісторыі здрады радавітага беларускага шляхціча Рыгора Осціка на карысць Маскоўскай дзяржавы“ (89). Гэта адна з найбольш цьмяных і мала даследаваных старонак гісторыі Беларусі. У задачу літаратуразнаўцы не ўваходзіла вырашаць за­блытаныя палітычныя калізіі гэтай справы, але аналіз літаратурнага твора, які насіў маральна–палітычны характар, можа праліць пэўнае святло на гісторыю падзеі і звязаных з ёю ака­лічнасцяў. Да гонару даследчыка трэба сказаць, што ён спрабуе высветліць сапраўдныя матывы напісання паэмы С.Лаўрэнціем і ўчынкаў Рыгора Осціка, звяртаючыся да прац польскіх гісторыкаў, у выніку чаго ён сцвярджае, што „трэба прызнаць слушнай выснову М.Лаўмяньскай: „Сюжэту «Ляманту…» можна ўвогуле верыць“ (99).

Далейшы разгляд рэлігійна–палемічнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ больш прымушае аўтара засяродзіцца на драматычных грамадска–палітычных і рэлігійных рэаліях тагачаснага беларуска–літоўскага грамадства. Ім прысвечаны ананімны твор „Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі“ (Вільня, 1582). Калі гаварыць больш канкрэтна, то штуршком да напісання гэтага рэлігійна–палемічнага твора паслужыла першае спаленне пратэстанцкіх кніг у Вільні ў 1581 г. па зага­дзе біскупа Юрыя Радзівіла (101) і „мініварфаламееўская ноч“, якую Вільня перажыла ў жніўні таго ж года. Як і „Лямант няшчаснага Рыгора Осціка“, „Апалагетык“ можна лічыць гістарычнай крыніцай. Нявысветленая асоба аўтара, які, па словах С.Кавалёва, дэманструе „зайздросную эрудыцыю і глыбокае веданне Бібліі“ (103), патрабуе ад гісторыкаў больш грунтоўна заняцца тагачаснымі культурнымі і духоўнымі элітамі ВКЛ. Сам факт ананімнасці многіх паэтычных твораў, якія зыходзілі з лагера пратэстантаў, прымушае задумацца над рэлігійнай сітуацыяй у краіне. Ці існавала талеранцыя ў дадзены момант? У той жа час адкрыта падпісваліся сваімі імёнамі паэты, якія мелі моцную падтрымку ў асобе ўплывовага пратэктара.

З Радзівіламі біржанскімі былі звязаны шматлікія паэты, як вельмі таленавітыя, так і шараговыя. Kрыштаф II Радзівіл быў самаадданым апекуном евангелістаў у Вялікім Княстве, фундаваў стыпендыі для студэнтаў, якія выязджалі на вучобу ў пратэстанцкія вучэльні за мяжой. Ён фундаваў пратэстанцкія гімназіі ў Kейданах (1625) i Слуцку (1632). Адначасова падтрымліваў добрыя кантакты з прадстаўнікамі іншых канфесій, у тым ліку з езуітамі. Крыштаф II быў мецэнатам шматлікіх пісьменнікаў пры яго двары: Беняша Буднага, Альбрыхта Карманоўскага, Пятра Кахлеўскага, Збігнева Морштына, Даніэля Набароўскага, Саламона Рысінскага ды iншых, сярод якіх асобнае месца займае паэт–панегірыст і аматар гісторыі Самуэль Доўгірд, які ў 1626 г. у Любчы выдаў „Genealogia, albo krótkie opisanie Wielkich Książąt Litewskich y ich wielkich a mężnych spraw wojennych. Uczynione Niegdy przez Matysa Stryjkowskiego, a teraz odnowione, y znowu na świat wydane: Przez Samuela Dowgirda z Pogowia“.

Асобнай галіной культурнай дзейнасці біржанскіх Радзівілаў было калекцыянерства. У любчанскіх і біржанскіх інвентарах, некаторыя з якіх захоўваюцца ў Варшаве, можна знайсці звесткі пра мастацкія калекцыі Радзівілаў (а ім належала каля 700—900 твораў), дзе фігуруюць імёны Лукаса Кранаха, Альбрэхта Дзюрэра, Клода Кало, Паола Веранэзэ.

Радзівілы–мецэнаты былі і вялікімі военачальнікамі, чые бліскучыя перамогі апяваліся ў шматлікіх панегірычных і эпічных творах. У манаграфіі С.Кавалёў звяртаецца да славутай паэмы Андрэя Рымшы „Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштофа Радзівіла“ (1585). Для нас гэтая надзвычай цікавая праца важная, у першую чаргу, як крыніца па гісторыі апошняга дзесяцігоддзя (1572—1582) Інфлянцкай вайны, калі „непасрэдна праявіў свае военачальніцкія здольнасці палявы гетман літоўскі Крыштоф Радзівіл Пярун“ (127), а сведкам усіх ягоных перамог быў непасрэдны ўдзельнік паходу Андрэй Рымша. Паводле твора А.Рымшы аўтар працы дае цудоўную характарыстыку галоўнаму герою паэмы гетману К.Радзівілу. На жаль, у паэме не так падрабязна акрэслены постаці ягоных па­плечнікаў — Міхала Гарабурды, Гальяша Пельгрымоўскага, Кашпара Бекеша, Філона Кміты–Чарнабыльскага. Кавалёў адзначае, што А.Рымша — „майстар дэталі, і гэта ў першую чаргу абумоўлена яго чалавечай назіральнасцю і глыбокім веданнем жаўнерскага рамяства“ (129). „Дзесяцігадовая аповесць…“ — рыцарская, жаўнерская паэма, якая па дакладнасці апісанняў і гістарычнасці пераўзыходзіць усе іншыя гераічна–эпічныя творы паэтаў Беларусі і Літвы ХVI ст.“ — сцвярджае аўтар (127).

Напрыканцы раздзела С.Кавалёў адзначае, што ў 70—80–я г. ХVI ст. у Лоску і Вільні выдавалася няшмат польскамоўнай паэзіі: яму вядомыя імёны „пяці аўтараў, чатыры асобна выда­дзеныя паэмы і каля трох дзесяткаў вершаў“ (132). Аднак ён справядліва падкрэслівае, што „дасягненні польскамоўнай паэзіі гэтага перыяду заключаюцца не ў колькасці выдадзеных твораў, засвоеных жанраў і новых аўтараў, а ў адметным адлюстраванні важнейшых падзей тагачаснага жыцця, у ідэйна–мастацкай значнасці такіх паэм, як „Чалавечы век, „Лямант няшчаснага Рыгора Осціка“, „Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштофа Радзівіла“, у станаўленні творчай індывідуальнасці такіх паэтаў, як М.Стрыйкоўскі, С.Кулакоўскі, А.Рымша“ (133). З эпохай Рэнесансу мы звязваем звычайна імёны выдатных творцаў, пакідаючы па–за ўвагай шматлікія творы менш вядомых ці ананімных аўтараў, якімі поўняцца зборнікі таго часу, т.зв. „silva rerum“. Аднак без іх няпоўнай была б карціна рэнесансавай культуры. Не выключана, што сярод іх знойдуцца яшчэ згубленыя або забытыя шэдэўры.

У апошнім, трэцім, раздзеле манаграфіі, названым „На сутыку эпох: польскамоўная паэзія канца ХVI— пачатку ХVII ст.“, С.Кавалёў пераходзіць да характарыстыкі наступнай эпохі і мастацкага стылю — барока. Мяжа паміж Рэнесансам і Барока, як падкрэслівае аўтар манаграфіі, — паняцце вельмі эфемернае. Аднак ён спрабуе акрэсліць верхнюю мяжу Адраджэння ў ВКЛ: „калі Е.Зёмак умоўна пазначыў канец эпохі Рэнесансу ў Поль­шчы 1629 г., годам смерці Шымона Шымановіча, то для Вялікага княс­тва Літоўскага такой умоўнай датай можа быць 1611 г. — год смерці Яна Карцана“ (144). Ён, праўда, падрабязна не аб­грун­тоўвае свайго меркавання, але з прыкладнай датай, думаю, па­годзяц­ца многія даследчыкі рэнесансавай літаратуры і культуры.

На нашу думку, графаманства і эпігонства, якія развіліся пасля адкрыцця Віленскай езуіцкай акадэміі і шырокіх поспехаў адукацыі ды асветы ў Вялікім Княстве Літоўскім, гэта ўжо з’ява чыста барочная. Невыпадкова С.Кавалёў пачынае свой агляд пераходнай эпохі з творчасці „пасрэднага вершапісца“ Я.Казаковіча. „Верш у кнізе А.Рымшы і чатыры вершы ў кнізе Я.Радвана — такі сціплы творчы даробак Я.Казаковіча ў 80–я г. ХVI ст.“ (147). „На працягу 90–х г. Я.Казаковіч апублікаваў каля пятнаццаці вершаў у сямі кнігах іншых аўтараў. Але найбольшую вядомасць прынёс яму выдадзены Я.Карцанам пераклад на поль­скую мову кнігі Іосіфа Флавія „Woyna żydowska“ (Вільня, 1595)“ (150). Гэта значыць, што пасрэдны паэт усё ж такі зрабіў важкі ўнёсак у развіццё культуры ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай. Падобнае можна сказаць і пра іншых творцаў той эпохі. Напрыклад, Ян Пратасовіч — аўтар шасці кніг, якія дайшлі да нас, — развіваў маральна–дыдактычны і рэлігійна–філасофскі жанры.

Зусім нельга назваць графаманам Гальяша Пельгрымоўскага, творчасць якога С.Кавалёў разглядае ў апошнім раздзеле, але галоўныя творы якога храналагічна належаць да перыяду Інфлянцкай вайны. Аўтар у папярэдняй кнізе ўжо звяртаўся да постаці гэтага выдатнага пісьменніка. У гэтай жа працы ён вы­праўляе шматлікія памылкі і недакладнасці, якімі абраслі бія­графія і творчасць Пельгрымоўскага ў беларускім і літоўскім літаратуразнаўстве, а таксама разглядае надзвычай важны з пункту гледжання гісторыка твор „Дыялог літоўскага шляхціча праўдзівы пра Інфлянцкую вайну караля Стэфана з князем маскоўскім“ і інш. Каралеўскі сакратар, дыпламат, Г.Пельгрымоўскі сам у „1583 г. па даручэнні Стэфана Баторыя ездзіў да князя маскоўскага з лістом і падарункамі“ (160), таму ў сваім творы ён выступае як жывы сведка гістарычных падзей. „Водгукі па­дзей Інфлянцкай вайны чуваць і ў ананімна выдадзеным збор­ніку вершаў на лацінскай і польскай мовах „Патрыёт Айчыны да сената і дзяржавы Літоўскай (1597)“ (161), які аўтар манаграфіі называе „уні­кальнай гістарычнай геаграфіяй Вялікага Княства Літоўскага, створанай у паэтычнай форме“ (164).

У кнізе С.Кавалёва пададзены творы амаль усіх жанраў і плыняў літаратуры Рэнесансу ў Беларусі, якія даюць магчымасць меркаваць аб сапраўдным культурным кантэксце гэтай эпохі. Аўтар упершыню выканаў глыбокі аналіз творчасці малавядомых пісьменнікаў, такіх як Ц.Базылік, С.Кулакоўскі, С.Лаўрэнцій, ці ананімных твораў, такіх як „Апалагетык“ або „Румяны для аздобы дзявочага твару“, паказаўшы іх розны мастацкі ўзровень і жанравую разнастайнасць.

Бясспрэчнай заслугай аўтара манаграфіі з’яўляецца спалучэнне цудоўнай літаратурнай формы і жывой манеры апавядання са зграбнай кампазіцыйнай структурай і абгрунтаванай навуковай аргументацыяй.
Горадня

Альбіна Семянчук


[1] Кавалёў С.В. Героіка–эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца ХVI ст. Мінск, 1993.
[2] Найбольш поўна з пункту гледжання зместу нядаўна разгледзеў „Размову Паляка з Ліцвінам“ пецярбургскі даследчык А.С.Мыльнікаў у сваёй кнізе „Картина славянского мира“ (С.–Петербург, 1999).
[3] Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969.

Наверх

Michaluk, Dorota. Ziemia mielnicka wojwództwa podlaskiego w XVI—XVII w: Osadnictwo, własność ziemska i podziały kościelne (Міхаіл Спірыдонаў)

Снежня 13, 2002 |


Michaluk, Dorota. Ziemia mielnicka wojwództwa podlaskiego w XVI—XVII w: Osadnictwo, własność ziemska i podziały kościelne. Torn, 2002. 220, 11 map.

Польскія гісторыкі зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ), у тым ліку і, што варта падкрэсліць, яго гістарычнай геаграфіі і картаграфіі[1]. У 2002 г. выдавецтва Торуньскага універсітэта імя Мікалая Каперніка апублікавала новае, пераважна геаграфічна–картаграфічнае даследаванне Дароты Міхалюк па гісторыі Мельніцкай зямлі ХVI—ХVII ст., якое, безумоўна, вартае ўвагі і гісторыкаў Беларусі. Разгледзім змест дадзенай манаграфіі з пункту гледжання яе асноўных вартасцяў і, як мы мяркуем, некаторых недахопаў.

Ва ўводзінах Д.Міхалюк слушна адзначае недастатковую вывучанасць гісторыі Падляшша і асабліва Мельніцкай зямлі (6—8), што і стала прычынай з’яўлення разгляданай працы. У пошуках адпаведных крыніц аўтар вывучыла фонды розных архіваў Польшчы, Літвы, Беларусі і Расіі (9—12), а таксама публікацыі крыніц (12—13). Нягледзячы на шырока разгорнуты пошук, крыніцавая база даследавання, асабліва да сярэдзіны XVI ст., як канстатуе аўтар, аказалася аб’ектыўна фрагментарнай (15). Варта таксама адзначыць шырокае выкарыстанне аўтарам старых, навуковых гістарычных і сучасных тапаграфічных карт (13—15).

Раздзел першы ўсебакова асвятляе амаль выключна сучасную геаграфію Мельніцкай зямлі (17—24).

Раздзел другі прысвечаны фармаванню тэрыторыі Мельніцкай зямлі (25—52). Мяркуючы па акце 1391 г., замак Мельнік ужо тады служыў адным з цэнтраў адміністрацыйна–тэрытарыяльных акруг Дарагічынскай зямлі (26). Значную ўвагу аддае аўтар паступоваму прававому адасабленню Мельніцкай зямлі і пераўтварэнню ў самастойную адміністрацыйна–тэрытарыяльную адзінку (27—28). Удалай уяўляецца арыгінальная спроба па павятовай прыналежнасці прыгранічных населеных пунктаў вызначыць і апісаць (28—35), а таксама абазначыць на прыкладзенай карце гістарычныя межы Мельніцкай зямлі (павету) у XVI—XVII ст. (карта 1). Пры гэтым канкрэтна раскрываецца сутнасць іншы раз беспадстаўных шматгадовых прэтэнзій падляскіх зямян на значную частку прылеглай да Мельніцкага павету тэрыторыі Берасцейскага павету, асабліва пасля рэформы адміністрацыйна–судова–ваенна–тэрытарыяльнага дзялення ВКЛ 1565 г. і Люблінскай уніі 1569 г., калі па волі і пад націскам караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста да Каралеўства Польскага было далучана Падляшскае ваяводства (31—45). Урэшце, у выніку настойлівых дамаганняў мельніцкай шляхты, у прыватнасці той, што, як мельніцкі падкаморый Каспар Дэмбіньскі — галоўны ініцыятар пагранічных канфліктаў, мела маёнткі ў Берасцейскім павеце, адна са шматлікіх сеймавых пагранічных камісій у 1616 г. вырашыла даўнія працяглыя тэрытарыяльныя спрэчкі. Ад Берасцейскага павету Берасцейскага ваяводства ВКЛ да Мельніцкага павету Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага былі далучаны маёнткі, пераважна буйныя: Бокавічы, Вітулін, Гарадзішча, Казерады, Межырэч, Палюбічы, Росаш, Яблань ды іншыя (45—50). Так, як сцвярджае Д.Міхалюк, у першай чвэрці XVII ст. закончыўся складаны працэс фармавання граніц і тэрыторыі Мельніцкай зямлі (50—52). Гэтая мяжа паміж Мельніцкай зямлёй і Берасцейскім паветам стала часткай дзяржаўнай граніцы паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ, якія знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай.

У трэцім раздзеле разглядаецца працэс засялення Мельніцкай зямлі пераважна мазавецкай шляхтай, узнікненне новых населеных пунктаў, а таксама гісторыя апошніх, асабліва гарадоў і мястэчак (53—79). Адзначаюцца вялікія страты ад войн сярэдзіны XVII ст.

Эвалюцыі зямельнай уласнасці, г. зн. гісторыі маёнткаў каралеўскіх, шляхецкіх, а таксама каталіцкай і праваслаўнай, а пасля Берасцейскай уніі 1596 г. уніяцкай цэркваў, прысвечаны чацвёрты раздзел даследавання (80—115). Нягледзячы на пажалаванні маёнткаў шляхце каралю па–ранейшаму належала значная частка зямельнай уласнасці Мельніцкай зямлі: у 1580 г. яна складала 19,55% (разам з дзяржавамі, якія трымала шляхта) усёй. Яе асновай з’яўляліся буйныя стараствы Мельнік і Лосічы. У 1674 г. у іх было, акрамя гарадоў, адпаведна дзевяць і восем вёсак. Гаворачы аб шляхецкай зямельнай уласнасці, якая ў 1580 г. складала 77,8% усёй, аўтар падрабязна аналізуе факты звычайнай змены ўласнікаў пераважна буйных 29 маёнткаў: Бацікі, Вознікі, Гарадзішча, Грушаў, Казерады (Канстантынуў), Межырэч, Нівіцы (з 1616 г. Няміраў), Носава, Палюбічы, Росаш, Сарнакі, Фалятычы, Яблань і інш. З іх найбольшым быў Межырэч: у 1674 г. тут налічвалася 4167 падданых, 5 панскіх двароў, 8 фальваркаў, 2 горада і 47 вёсак.

Даволі грунтоўна ў пятым раздзеле асвятляецца развіццё тэрытарыяльнай арганізацыі каталіцкай і праваслаўнай (з 1596 г. уніяцкай) цэркваў (116—141). Тут асобна выкладаецца гісторыя ўсіх 11 парафій, а таксама некалькіх з 22 у канцы XVI ст. прыходаў, што існавалі ў Мельніцкай зямлі. Гэта сведчыць аб значнай перавазе ў канфесійнай структуры насельніцтва дадзенай зямлі праваслаўных, пазней — уніятаў.

У заключэнні Д.Міхалюк нагадвае асноўныя вывады свайго даследавання, а таксама каментуе карты, што прыкладзены да яго (142—148).

Да манаграфіі прыкладзены шэсць каштоўных дадаткаў — спісаў населеных пунктаў Мельніцкай зямлі ў першай палове XVI ст., у 1580 і 1674 г. з вызначэннямі іх гістарычных і сучасных назваў, тыпаў паселішча і ўласнасці, уласнікаў і ўладальнікаў, колькасці ў іх валок або падданых, а таксама трох дыяграм дынамікі структуры зямельнай уласнасці ў адпаведныя перыяды і гады (149—182).

Вельмі каштоўнымі з’яўляюцца картаграфічныя дадаткі: адзінаццаць каляровых гістарычных карт, якія выразна аформлены на камп’ютары К.В.Валоўскім па матэрыялах Д.Міхалюк. Карты наглядна адлюстроўваюць асноўныя гістарычна–геаграфічныя дадзеныя гэтага даследавання: фармаванне граніц і тэрыторыі Мельніцкай зямлі ў XVI—XVII ст., развіццё сеткі паселішчаў з вызначэннем іх тыпу і прыналежнасці ў пачатку XVI ст., у 1580 і 1674 г., прыблізныя граніцы маёнткаў розных тыпаў уласнасці ў розныя часы, стан сеткі парафій каталіцкай царквы ў 1580 і 1674 г. і прыходаў уніякай царквы на 1674 г.

Бібліяграфія дае канкрэтнае ўяўленне пра выкарыстаныя ў працы крыніцы (у тым ліку і карты), архіўныя і апублікаваныя, а таксама пра даследаванні, у т.л. і аўтара (183—191).

У канцы манаграфіі змешчаны індэксы — імянны (194—204) і геаграфічны (205—214), а таксама рэзюме на англійскай (215—217) і рускай (218—220) мовах.

Такім чынам, манаграфія Д.Міхалюк з’яўляецца салідным гістарычна–геаграфічна–картаграфічным даследаваннем развіцця Мельніцкай зямлі Падляшскага ваяводства да Люблінскай уніі 1569 г. ВКЛ, а потым Каралеўства Польскага Рэчы Паспалітай. У ім на падставе шырокага кола крыніц і даследаванняў усебакова і канкрэтна асвятляюцца істотныя праблемы яе гісторыі: фармаванне граніц і тэрыторыі, эвалюцыя сеткі населеных пунктаў, развіццё зямельнай уласнасці розных тыпаў, стан сеткі парафій і прыходаў дзвюх асноўных канфесій. На жаль, па–за ўвагай даследчыцы пакуль засталіся некаторыя іншыя праблемы гісторыі Мельніцкай зямлі, напрыклад, развіццё панскай і сялянскай гаспадарак, формы асабістай залежнасці і эксплуатацыі сялянства і інш.

Тым не менш асобныя пазіцыі рэцэнзаванага даследавання выклікаюць пэўныя, пераважна прыватныя крытычныя заўвагі і пажаданні. Спынімся на некаторых асноўных з іх.

1. У польскай гістарыяграфіі даўно ўсталявалася не ўсебакова абгрунтаваная, а таму, на наш погляд, сумніўная традыцыя ўключаць Берасцейскі павет Троцкага ваяводства ў склад Падляшскага ваяводства з моманту ўтварэння апошняга (1513 г.). Услед за ёю гэтую традыцыю некрытычна ўспрынялі і некаторыя гісторыкі Беларусі[2]. На жаль, як аксіёму яе падзяляе і Д. Міхалюк (25, 31, 35). Аднак уся маса вядомых крыніц ВКЛ, акрамя прывілею караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ад 10 ліпеня 1520 г.[3], такой падставы не дае. У іх прыналежнасць Берасцейскага павету ў процілегласць Бельскаму, Дарагічынскаму і Мельніцкаму Падляшскаму ваяводству як адміністрацыйна–тэрытарыяльнай адзінкі ВКЛ першага рангу ў адрозненне ад Падляшша як гістарычнага рэгіёну[4] канкрэтна не зафіксавана. Ва ўсіх крыніцах ВКЛ Берасцейскі павет узгадваецца шматразова, але без якой–небудзь сувязі з Падляшскім ваяводствам. У адпаведных крыніцах да прывілею Жыгімонта Аўгуста ад 30 красавіка 1565 г. „всем обывателем“ Берасцейскага ваяводства аб яго граніцах, увядзенні ў ім земскага суда і яго персанальным складзе[5] фігуруюць берасцейскія павет, харужства, стараства і воласць у складзе Троцкага ваяводства. Таму мы не падзяляем сумніўнай традыцыі польскай гістарыяграфіі і далучаемся да заявы ў 1579 г. на пагранічнай камісіі троцкага кашталяна, падканцлера ВКЛ, берасцейскага і кобрынскага старасты Астафія Валовіча: Берасцейскі павет здаўна быў аддзелены ад Падляшскага ваяводства[6].

2. Пры апісанні берасцейска–мельніцкай граніцы да 1565 г. мэтазгодна было ўлічыць і пракаментаваць вядомыя навуковыя карты ВКЛ Я. Якубоўскага і Берасцейскага павета А.Ваўжыньчык, а пасля таксама арыгінальны тэкст прывілею Берасцейскаму ваяводству Жыгімонта Аўгуста ад 30 красавіка 1565 г.[7], а не абмяжоўвацца толькі адпаведнай цытатай з кнігі А. Ваўжыньчык, і, безумоўна, выкарыстаць карту ВКЛ 1613 г.[8]

3. Насуперак традыцыйнаму меркаванню аб правядзенні рэформы адміністрацыйна–судова–ваенна–тэрытарыяльнага дзялення ВКЛ у 1565—1566 г. (31, 37, 146) ёсць слушныя падставы сцвярджаць, што яна ў асноўным была рэалізавана ў 1565 г., бо адпаведныя прывілеі шляхце Берасцейскага, Менскага, Новагародскага, Ашменскага і Слонімскага паветаў былі выдадзены Жыгімонтам Аўгустам у красавіку 1565 г., а толькі Кіеўскага і Пінскага — у студзені 1566 г.[9]

4. Нам уяўляюцца супярэчлівымі палажэнні аб заканчэнні працэсу фармавання тэрыторыі Мельніцкай зямлі ў першай чвэрці XVII ст. і ў пачатку XVI ст. (50, 142).

5. Варта адзначыць, што пры выкарыстанні звестак перапісу войска ВКЛ 1528 г. па яго публікацыі 1915 г. аўтар дапусціла шэраг недакладнасцяў. Так, замест 25 коней паказана 28 (93); замест старонкі 121 спасылка даецца на старонку 120 (93), замест с.9 — на с.14 (93) і замест с. 121 — на с.120 (106, 107).

6. Не зусім адпавядае спасылцы на крыніцу канстатацыя, што ў 1528 г. мельніцкі зямянін Ю. Горнаўскі ставіў у войска пяць коней нібыта з „маёнтка Хрушаў над Точнай“ (107). Але маёнтак з такой назвай у перапісе войска ВКЛ 1528 г. не згадваецца.

7.Дарэчы, усе імёны і прозвішчы мельніцкіх зямян, як і ўтвораныя ад апошніх назвы адпаведных паселішчаў, што фігуруюць у дадзеным перапісе толькі на тагачаснай „рускай“ мове, у манаграфіі прыводзяцца чамусьці толькі па–польску (149—151). Чаму было б не прыкласці асобны спіс хоць бы геаграфічных назваў у іх гістарычнай форме[10]. Дарэчы, на нашай карце „Беларусь у другой палове XVI ст. 1:1 500 000“ назвы населеных пунктаў на тэрыторыі ВКЛ, у т.л. і Падляшскага ваяводства, у адпаведнасці з прынцыпам гістарызму дадзены на тагачаснай „рускай“ мове, г. зн. згодна з асноўнай формай іх напісання ў крыніцах ВКЛ XVI ст.[11]

8. Валока была не столькі надзелам (66), колькі аб’ектам і адзінкай абкладання сялян феадальнымі павіннасцямі[12].

9. Аўтар, на жаль, амаль не адрознівае гарады ад мястэчак — аграрна–рамесна–гандлёвых паселішчаў, хоць і разумее істотную розніцу паміж імі (71—79, 143).

10. У манаграфіі часта прыводзяцца спісы населеных пунктаў розных маёнткаў, але, на жаль, у хаатычным (81, 83, 87, 140), а не ў алфавітным парадку.

11. Пры аналізе дадзеных аб развіцці зямельнай уласнасці аўтар адрознівае буйную, сярэднюю і дробную (83, 106, 108, 112 і інш.), але крытэрыі такога дзялення не прыводзіць.

12. Карты, што прыкладзены да манаграфіі, робяць добрае ўражанне. Але варта пашкадаваць, што яны не маюць геаграфічнай сеткі і адпаведна — індэксаў, а таму, на жаль, не мае індэксаў і геаграфічны паказальнік. Усё гэта ўскладняе канкрэтнае разуменне тэксту.

13. На жаль, небездакорны і геаграфічны паказальнік. Так, на большасці старонак ёсць толькі Boratyniec, а не Boratynіec Szlachecki, як паказана ў індэксе. Konstantynów упамінаецца толькі адзін раз (147), а не столькі і не там, як Kozierady.

14. Наогул удала вырашыўшы даволі складаную праблему індэнтыфікацыі гістарычных населеных пунктаў, у прыватнасці тых, якія фігуруюць у перапісе войска ВКЛ 1528 г., з сучаснымі, а тым самым і лакалізацыі іх, аўтар дапусціла памылку адносна маёнтка дарагічынскіх зямян Астроўскіх. Насуперак паказальніку Ostrowiec (150) — гэта, на нашу думку, цяпер вёска Ostrówek Рэпкаўскай гміны Сакалоўскага павету Мазавецкага ваяводства Рэспублікі Польшча, а не Ostrowiec Мельніцкай зямлі Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага, як паказана аўтарам у індэксе. Дарэчы, аналагічная дадзенай праблема ідэнтыфікацыі і лакалізацыі гістарычных паселішчаў намі таксама ў асноўным вырашана ў геаграфічным паказальніку–каментарыю да перавыдання перапісу войска ВКЛ 1528 г., што падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі НАН Беларусі і цяпер знаходзіцца ў выдавецтве „Беларуская навука“. Але ў адрозненне ад Д. Міхалюк, якая налічыла 35 маёнткаў мельніцкіх зямян (149—151), мы вызначылі іх толькі 29. Часткова розніца ў падліках тлумачыцца рознымі методыкамі ўліку такіх маёнткаў. Наогул ўключэнне ў спіс маёнткаў перапісу войска ВКЛ 1528 г. тых уладанняў (Czeberaki, Czuchów, Droblin, Falatycze, Hruszniew–Ruśniew, Łuzki, Mystkowice, Ruskow), якія ў ім не названы, нам уяўляецца ў прынцыпе некарэктным.

Такім чынам, нягледзячы на пэўныя недахопы, грунтоўнае гістарычна–геаграфічна–картаграфічнае даследаванне Дароты Міхалюк па гісторыі Мельніцкай зямлі ў XVI—XVII ст. можна лічыць важным даробкам у гістарыяграфію ВКЛ, Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай.
Мінск

Міхаіл Спірыдонаў


[1] Alexandrowicz S. Geneza i rozwój sieci miasteczek Białorusi i Litwy do połowy XVII w. // ABS. T.7 (1970). S.47 —108; Jakubowski J. Mapa Wielkiego Księstwa Litewskiego w poł. XVI w. Część północna. 1 : 1 600 000. Objaśnienia do mapy. Kraków, 1928; Natanson–Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz.1: Granica Moskiewska w epoce Jagiellońskiej. Lwów, Warszawa, 1922; Wawżyńczyk A. Rozwój wielkiej wlasności na Podlasiu w XV i XVI w. Wrocław, 1951; Wojtkowiak Z. Litwa Zawilejska w XV i 1 poł. XVI w. Poznań, 1980.
[2] Камінскі М. Берасцейскі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.2. Мінск, 1994. С.18; Камянецкі павет // Тамсама. Т.4. Мінск, 1997. С.80; Пазднякоў В. Кобрынскае княства // Тамсама. С.219; Казлоў Л. Кобрынская эканомія // Тамсама. С.219; ён жа, Кобрынскі павет // Тамсама. С.220; Падляшскае ваяводства // Тамсама. Т.5. Мінск, 1999. С.373.
[3] żródła dziejowe. T.17. Cz.1: Polska XVI wieku pod względem geograficzno–statystycznym. T.6. Cz. 3: Podlasie (województwo) / Opisanie przez A. Jabłonowskiego. Warszawa, 1910. S.157—159, 257—259.
[4] Литовская метрика. Кн.51: Кн. Записей (1566—1574) / Подгот. А.Балюлис, Р.Рагаускене, А.Рагаускас. Вильнюс, 2000. №111 (1567).
[5] Аддзел рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Збор Дуброўскага. А.127. №3. А.4—12 адв. Афіцыйная копія ад 13.04.1578 і 12.01.1590; Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве. Архіў Радзівілаў (далей — AGAD. AR). Аддзел 2. №45. Афіцыйная копія ад 12.03.1578; Метрыка ВКЛ. Кн. 59. А.103 адв. — 109 адв. (Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Фонд 389. Воп.1). Афіцыйная копія ад 13.04.1578 г. Дата прывілею ў ёй — 13.04.1565 г., мяркуючы па іншых крыніцах, недакладная; Тамсама. Кн. 64. А. 282—287. Афіцыйная копія 1579 г.
[6] Протокол комиссии, назначенной королём Стэфаном Баторием для определения границы между воеводством Подляшским и Брестским и указания подсудности пограничных имений того и другого воеводств. (Из актовой книги Мельницкого гродского суда за 1578—1580 г. Л. 145—154). 21.03.1579 // Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России / Сост. и издал С.Шолкович. Вып.2. Вильна, 1887. С.87—88.
[7] Гл. спас. 5.
[8] Спірыдонаў М. Беларусь на карце Вялікага княства Літоўскага 1613 г. // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.–культуралаг. зб. Вып. 2. Мінск, 1997. С.133—195.
[9] Аддзел рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Збор Дуброўскага. А.127. №3. А.4—12 адв. Афіцыйная копія ад 13.04.1578 і 12.01.1590; AGAD. AR. Аддзел 2. №45. Афіцыйная копія ад 12.03.1578; Метрыка ВКЛ. Кн. 59. А.103 адв. — 109 адв. Афіцыйная копія ад 13.04.1578 г. Тамсама. Кн.64. А. 282—287. Афіцыйная копія 1579; Спірыдонаў М. Паны і прыгонныя // Памяць: Гістор.–дакум. хроніка Навагрудскага раёна. Мінск, 1996. С.100, 102—105; Спиридонов М.Ф. Источники о реформе административно–территориального деления Великого княжества Литовского 1565 г. в зарубежных архивах // Замежная архіўная беларусіка. Матэрыялы міжнар. навук. канф. 25—26 красавіка 1996 г., г. Мінск. Мінск, 1998. С.77—80, 310—312; Ён жа. Завяршэнне фарміравання Пінскага павета ў 1566 г. // Весці НАН Беларусі. СГН. 1998. №4. С.42—50; Ён жа. Тры Мядзелы // Памяць: Гіст.–дакум. хроніка Мядзельскага раёна. Мінск, 1998. С.72.
[10] Спиридонов М.Ф. Населенные пункты в географических указателях публикаций источников Великого княжества Литовского XVI в. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. Мінск, 2002. С.42—50.
[11] Спірыдонаў М.Ф. Беларусь у другой палове XVI ст. 1:1500 000 // Нацыянальны атлас Беларусі. Мінск, 2002. С.266—267.
[12] Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.) Мінск, 1993. С. 73—76.

Наверх

Moser, Michael. Die polnische, ukrainische und weißrussische Interferenzenschicht im russische Satzbau des 16. und 17. Jahrhunderts (Ігар Клімаў)

Снежня 12, 2002 |


Moser, Michael. Die polnische, ukrainische und weißrussische Interferenzenschicht im russische Satzbau des 16. und 17. Jahrhunderts. Frankfurt am Main u. a.: Peter Lang, 1998. 398 (Schriften uber Sprachen und Texte, Bd. 3).

Доктарская дысертацыя аўстрыйскага мовазнаўца Міхаэля Мозара, прысвечаная лінгвістычнай тэматыцы, закранае і шэраг актуальных гістарычных пытанняў. Аўтар даследуе праявы іншамоўнай інтэрферэнцыі ў сінтаксісе пісьмовых помнікаў Масковіі XVI—XVII ст. Гэтая інтэрферэнцыя выявілася перш за ўсё ў творах, перакладзеных з польскай ці старабеларускай/стараўкраінскай моў або напісаных выхадцамі з Беларусі ці Ўкраіны. У сувязі з гэтым аўтар разглядае культурнае жыццё Масковіі таго часу, перш за ўсё ў аспекце кантактаў з Захадам.

Праца складаецца з дзвюх прэлімінарных частак і вялізнай асноўнай часткі. У першых даецца агляд культурных і сацыяльных умоў, у якіх развіваліся кантакты Масковіі з Захадам у XV—XVII ст., апісваецца склад даследаваных помнікаў, раскрываюцца мэты і задачы працы. У асноўнай частцы аўтар падрабязна аналізуе сінтаксічныя канструкцыі, якія ён прызнаў запазычанымі.

У першай частцы аўтар разглядае культурна–гістарычныя ўмовы, што спрыялі заходняму ўплыву, формы і кірункі, якія набываў гэты ўплыў, а таксама спрабуе вызначыць асяроддзе яго носьбітаў. З прычыны важнай ролі, што належала Беларусі і Ўкраі­не ў гэтым працэсе, даследчык дае сціслы агляд моўнай і культурнай сітуацыі ў гэтых краінах, адзначаючы яе непадабенства да маскоўскай і нават супрацьлегласць[1] (20). Дзеля больш кароткага наймення тагачаснай літаратурна–пісьмовай мовы Беларусі і Ўкраіны аўтар ужывае назву паўднёвазаходнеруская мова (sьdwestrussisch), але агаворваецца (11, спас. 3), што гэта — толькі ўмоўны тэрмін, і ні гэтая мова, ні беларускія ды ўкраін­скія дыялекты, што ляжалі ў яе падмурку, ні ў якім разе не разглядаюцца як залежныя ад рускай мовы.

Аўтар канстатуе, што да Пятроўскай эпохі расійская культура вызначалася моцнай ксенафобіяй і закрытасцю для заходніх уплываў. Тым не менш, Масковія падтрымлівала з Захадам гаспадачыя зносіны, пераважна дзеля імпарту новых тэхналогій у вайсковай галіне. Але яна доўгі час упарта ізалявалася ад яго культурных і рэлігійных уплываў, што маглі паслабіць яе рэлігійнасць і формы самаўладства ды змяніць традыцыйны побыт і грамадскі лад. Пэўныя кантакты з заходнім светам некаторы час існавалі дзякуючы наўгародскаму гандлю з ганзейскімі гарадамі, а потым забяспечваліся гаспадарчымі, культурнымі і палітычнымі зносінамі з ВКЛ (потым з Рэччу Паспалі­тай), бліжэйшым суседам Масковіі на захадзе, роднасным ёй паводле мовы і культуры[2]. Аднак гэтыя зносіны развіваліся на фоне перманентных вайсковых і рэлігійных кафліктаў паміж абедзвюма дзяржавамі, якія прэтэндавалі на аднолькавыя абшары былой Кіеўскай Русі. Нягледзячы на такую канфрантацыю, менавіта Рэч Паспалітая і стала галоўнай крыніцай культурных і моўных навацый для Масковіі, якія паступова падрыхтоўвалі глебу для правядзення пятроўскіх рэформаў.

Гэтыя кантакты знаходзілі свой адбітак і ў літаратуры[3]. З XVI ст. шмат беларускіх і ўкраінскіх, а таксама польскіх твораў перакладалася ў Масковіі на тагачасную яе літаратурна–пісьмовую мову. Таму даследчык падрабязна спыняецца на моўных кантактах XVII ст., якія ў гэты час набылі больш маштабны характар, чым у папярэдняе стагоддзе (22—38), і сцісла разглядае існуючыя ў славістыцы працы па даследаванні запазычанняў (38—46).

Захапленне Захадам пачынаецца ў асяроддзі маскоўскай арыстакратыі ўжо на пачатку XVII ст.[4]. Моўныя кантакты, як гутарковыя, так і ў пісьмовай галіне, што мелі месца ў час інтэрвенцыі войскаў Рэчы Паспалітай у Маскву (1605—1612 г.), спрычыніліся да паланафільства пэўнай часткі маскоўскага дваранства. Менавіта тады польская мова і культура на доўгі час (аж да пятроўскай эпохі) зрабіліся модай у іх асяроддзі. Нават маскоўскія цары Аляксей Міхайлавіч і яго сын Фёдар Аляксеевіч былі паланафіламі і выяўлялі прыхільнасць да тагачаснай беларуска–ўкраінскай культуры і адукаванасці (28, 29). З гэтай з’явай цікава параўнаць татальную спаланізаванасць эліты беларускай і ўкраінскай шляхты, уніяцкага і нават праваслаўнага духавенства ў Рэчы Паспалітай, што якраз прыпадае на гэты час.

Але асноўная частка рутэнізмаў[5] і паланізмаў пранікла ў маскоўскія літаратурныя помнікі XVII ст. дзякуючы перакладчыцкай дзейнасці службоўцаў пасольскага прыказу, якія разам з дыпламатычнымі тэкстамі перакладалі таксама і спецыяльную ды мастацкую літаратуру. Большасць з іх паходзіла з Беларусі ці Ўкраі­ны і не заўжды добра валодала пісьмовай мовай, што ўжывалася на Маскве (23, 47, 49). Таму за рэдкім выключэннем іх пераклады ўяўляюць сабой транслітарацыі польскага тэксту (з ладным дамешкам беларускіх або ўкраінскіх элементаў, 39) ці падаюць узор старабеларускай/стараўкраінскай мовы; іх царкоўнаславянскія пераклады цьмяныя без рэдактуры вопытнага маскавіта. Рутэнізмы часта выступаюць і ў перакладах, зробленых духоўнымі асобамі, што паходзілі з Беларусі ці Ўкраіны (23—24).

Пераважная колькасць польскіх перакладаў на Маскве прыпадае на 2–ю палову XVII ст., а ў XVI ст. і 1–й палове XVII ст. яны яшчэ параўнальна рэдкія. У гэты час часцей перакладаюцца творы з Беларусі і Ўкраіны, часта вершаваныя (яны сталі першымі спробамі вершаскладання на расійскай глебе). У 1640–я г. на Маскве выходзяць друкам некалькі беларускіх і ўкраінскіх царкоўных выданняў, прысвечаных дагматычным пытанням, а таксама русіфікаваны варыянт граматыкі Мялета Сматрыцкага.

Затое ў 2–й палове XVII ст. у Маскве перакладаецца з поль­скай мовы вялізная колькасць твораў, ад спецыяльных (геаграфічныя, гістарычныя і палітычныя трактаты, творы па гаспадарцы і медыцыне) да літаратурных (навелістыка, казкі, анекдоты, рыцарскія аповеды, пераклады антычнай класікі). Яны былі ва ўжытку на працягу ўсяго наступнага XVIII ст. і, на думку розных даследчыкаў, значна паўплывалі на ўзнікненне асобных жанраў рускай літаратуры.

З 2–й паловы XVII ст. у Маскву мігруе (добраахвотна ці прымусова) вялікая колькасць беларусаў і ўкраінцаў, якія займаюць адказныя пасады ў пасольскім прыказе, у адукацыйных і выдавецкіх установах, а таксама ў бліжэйшым атачэнні цара[6]. Пад іх уплывам, а потым і кіраўніцтвам на Маскве з’яўляюцца вучэльні, пабудаваныя на ўзор адукацыйных устаноў Рэчы Паспалітай. З імі прыходзіць у Масковію выкладанне лацінскай мовы, школьная драма, сілабічная паэзія і панегірычныя вершы. Змяняецца выгляд друкаваных кніг, у рукапісы пранікаюць украінскія рысы, навацыі зазнаюць іканапіс і царкоўныя спевы, у царкоўную практыку (пакуль толькі для ерархаў) уводзіц­ца казанне, якога Масковія не ведала з XV ст. Вядомая рэформа па­трыярха Нікана таксама была інспіраваная гэтымі заходнімі ўплывамі. Сэнс яго рэформы палягаў у набліжэнні маскоўскага рытуалу да рытуалу канстанцінопальскага патрыярхата, у юрысдыкцыі якога знаходзіліся Беларусь і Ўкраіна. Напачатку рэформы ўзорам Ніканавым рэдактарам служылі беларускія і ўкраінскія літургічныя тэксты, і толькі пазней — непасрэдна грэцкія. Хоць напрыканцы XVII ст. сярод царкоўных колаў Масковіі абу­джаецца адмоўная рэакцыя на беларускія і ўкраінскія ўплывы, аднак дзейнасць Пятра Вялікага, які абапіраўся на падтрымку выхадцаў з Беларусі і Ўкраіны, надала ім новыя імпульсы[7].

Рутэнізацыя культурнага жыцця Масковіі ў XVII— пачатку XVIII ст. уяўляла сабой форму еўрапеізацыі краіны. Аднак пры ўсёй буйнамаштабнасці змен навацыі закранулі толькі вузкае кола сталічнай эліты і выявіліся ў асноўным у кніжнай культуры і рэлігійным жыцці. У шырокія колы насельніцтва нават толькі Масквы, не кажучы ўжо пра жыхарства іншых гарадоў краіны, яны ў XVII ст. амаль не трапілі. Спатрэбіліся пятроўскія рэформы, каб зрабіць вестэрнізацыю краіны больш адчувальнай.

Вынікам інтэнсіўных кантактаў з суседзямі на Захадзе сталі лексічныя, фразелагічныя і сінтаксічныя запазычанні, а таксама семантычныя навацыі ў літаратурнай мове Масковіі, перш за ўсё ў яе актавым пісьменстве і свецкай літаратуры. Тут памер запазычанняў, напрыклад, у галіне сінтаксісу, быў нагэтулькі моцным, што Мозар кажа пра шырокую інтэрферэнцыю. Такая інтэрферэнцыя выявілася не толькі ў перакладных, але таксама і ў некаторых арыгінальных творах, якія, аднак, як падкрэслівае даследчык, былі напісаныя двух– ці шматмоўнымі аўтарамі. Разам з гэтымі інтэрфераванымі творамі на Маскве адначасова існавалі ды ствараліся іншыя помнікі, якія абсалютна не мелі такіх чужынных рысаў (47). Многія з інтэрферэнцыйных асаблівасцяў, што з’явіліся ў сінтаксісе маскоўскіх помнікаў той пары, ніколі не былі засвоеныя рускай мовай, што сведчыць пра абмежаванасць заходняга ўплыву ў XVII ст. і яго пераважна кніжны характар.

Запазычанні ў рускую мову рабіліся з польскай і старабеларускай/стараўкраінскай моў, якія часта ў такім выпадку вы­ступалі і пасярэднікамі ў перадачы заходнееўрапейскіх элементаў. Памер і характар лексічных запазычанняў у рускую мову той эпохі ўжо добра даследаваны ў навуцы (40), тады як прац па сінтаксічным ўздзеянні няма, што і абумовіла ўвагу даследчыка менавіта да сінтаксісу (43).

Падкрэсліваючы апрацаванасць гістарычнага сінтаксісу польскай і рускай мовы, Мозар канстатуе нераспрацаванасць гэтай тэматыкі ў беларускім і ўкраінскім мовазнаўстве. Ён ад­значае агульнасць ды фактаграфічнасць сінтаксічных прац беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў, якія часам хібяць на змяшэнне розных храналагічных шыхтоў і застаюцца беднымі ў прывя­дзенні адпаведных прыкладаў (42). Да таго ж у гэтых працах не рэдкасць адметная адкрыта рускацэнтрычныя перспектыва, што часам вядзе да поўнага ўнікнення старабеларускіх і стара­ўкраінскіх асаблівасцяў, а факты іншаславянскіх уплываў, як і наогул улік моўных кантактаў у ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, набываюць у такіх працах недастатковае асвятленне (42—43). З гэтай прычыны, на думку М. Мозара, том Карскага, прысвечаны сінтак­сісу (1912), у складзе серыі „Беларусы“, застаецца каштоўнай крыніцай і дагэтуль. Разам з тым, аўтар адзначае (46) таксама і тэндэнцыю расійскіх навукоўцаў разглядаць усе тэксты, створаныя беларусамі або ўкраінцамі на Маскве або маскавітамі ў Рэчы Паспалітай, як аўтахтонна рускія, ігнаруючы іх відавочную гетэрагенную, полілінгвальную прыроду[8]. На погляд даследчыка, такія помнікі трэба адасабляць ад уласна рускіх тэкстаў (50—51).

Даследаванне сінтаксічных запазычанняў палягчаецца тым, што сінтаксічныя з’явы пранікаюць пад уплывам тэксту–арыгінала. Лексічныя запазычанні ў гэтых адносінах менш прывязаныя да тэксту, яны маглі трапіць у твор і не з літаратурнага твора, ва ўсялякім выпадку, гэта часта цяжка даказаць. Затое даследаванне сінтаксічных запазычанняў патрабуе дэталёвага адбору крыніц і ўважлівых адносін да храналогіі і пашырэння прыкладаў.

Мозар дае сціслы агляд інтэрфераваных помнікаў, што паслужылі матэрыялам для яго працы. Для XVI— 1–й паловы XVII ст. ён налічвае больш за 20 перакладаў літаратурных твораў розных жанраў (51—56) і больш за два дзесяткі арыгінальных твораў. Сярод апошніх — тэксты Івана Перасветава, беларуса на царскай службе, цара Івана Жахлівага, кн. Андрэя Курбскага, кн. Хварасцініна, Каташыхіна, Аўрама Фірсава і іншых аўтараў XVI—XVII ст. (56—60). Пазней, у 2–й палове XVII ст. — пачатку XVIII ст. у Масковіі паўстала больш за дзесятак розных твораў пад пяром выхадцаў з Беларусі, Украіны ці Малдовы: Сімяона Полацкага, Феафана Пракаповіча, Зміцера Растоўскага, Стафана Яворскага, Міколы Спафарыя і інш. (60—61). Разам з тым даследчык пераліч­вае (64—69) каля сотні невялікіх маскоўскіх пісьмовых помнікаў (пачынаючы з XIII ст., але пераважна XVI—XVII ст.), узятых з самых розных жанраў і сфер ужытку. Гэтыя помнікі цалкам пазбаўленыя праяваў сінтаксічнай інтэрферэнцыі (аўтар падае ў каментарах да гэтых тэкстаў цікавыя назіранні адносна выкарыстання імі тых ці іншых сінтаксічных навацый).

Такі вялікі абсяг маскоўскіх помнікаў спатрэбіўся даследчыку ў якасці фону, на якім можна вызначыць спрадвечнасць ці запазычанасць той ці іншай сінтаксічнай канструкцыі (69—70). Вучоны зыходзіць з таго, што лічыць пэўную канструкцыю аўтахтоннай, пакуль не будзе несумненна засведчана першая навацыя; амаль заўжды такія сведчанні пачынаюцца з інтэрфераваных тэкстаў (71). Таму вялікая ўвага ў працы аддадзена разгляду сінтаксічных асаблівасцяў у ранніх царкоўнаславянскіх і ўсходнеславянскіх помніках (74—76), а таксама ў старабеларускіх крыніцах. Менавіта апошнім даследаванне Мозара карыснае для беларускіх вучоных.

Вядзенне даследавання і разгляд матэрыялу ў працы Мозара вытрыманы ў лепшых традыцыях нямецкамоўнай філа­лагіч­най навукі і вызначаецца падрабязнасцю і яснасцю. Даследчык адзначае прысутнасць сінтаксічнай канструкцыі ў стараславянскай/царкоўнаславянскай мове, у польскім і старабеларускім пісьменстве, а потым паслядоўна разглядае кожны з маскоўскіх інтэрфераваных помнікаў на прадмет наяўнасці ў ім гэтай рысы. Гэта дазваляе аўтару не толькі добра абгрунтаваць свае высновы, але і абвергнуць некаторыя далёкасяжныя за­ключэнні гістарычнага сінтаксісу наконт храналогіі і пашыранасці той ці іншай навацыі, зробленых на недастатковым ці памылковым матэрыяле (366). У гэтым плане паказальныя два выпадкі з ужываннем у рускай мове формы будучага часу як буду + інфінітыў і злучніка если.

Для апісальнага выражэння будучага часу ў рускай мове першапачаткова ўжывалася форма имамь / начну / хочу + інфінітыў, а канструкцыя буду + інфінітыў з’явілася пазней. Шэраг заходніх даследчыкаў лічыць, што гэтая канструкцыя была перанятая рускай мовай са старабеларускай і польскай моў. Але некаторыя расійскія аўтары працягваюць бачыць у ёй самастойную навацыю рускай мовы і прыводзяць розныя прыклады ўжывання гэтай канструкцыі ў ранніх усходнеславянскіх помніках. Мозар падрабязна разбірае (308—310, 312—319) такія прыклады і адхіляе іх як памылковыя (асабліва для ранніх помнікаў эпохі Кіеўскай Русі) ці некарэктныя (для ўзятых з беларускіх ці ўкраінскіх помнікаў) або непаказальныя (паходзяць з пскоўскіх крыніц канца XV ст., у мове якіх нярэдка трапляюцца рутэнізмы). Ён канстатуе, што надзейныя выпадкі выкарыстання гэтай канструкцыі ў маскоўскіх помніках адзначаны толькі ў тэкстах беларуса Івана Перасветава і ў перакладных творах сярэдзіны XVI ст.[9]. Яшчэ для пачатку XVII ст. гэтая мадэль застаецца рэдкай для рускай гутаркі і інтэгруецца ў рускую мову толькі напрыканцы XVII ст. (320—322, гл. таксама с. 65, зн. 70, і с. 67, зн. 76, 77, 78).

Гэтаксама злучнік ес(ть)ли добра вядомы ў заходнеславянскіх мовах ужо ў XV і XVI ст., тады як у рускіх помніках ён з’яўляецца толькі з XVI ст. і выключна ў інтэрфераваных тэкстах. Тым не менш некаторыя даследчыкі, як заходнія, так і расійскія, сцвярджаюць, што гэты злучнік самастойна развіўся ў рускай мове, незалежна ад заходнеславянскіх уплываў. Мозар падрабязна разбірае (345—346) такія прыклады і адхіляе іх як памылковыя (асабліва для ранніх помнікаў эпохі Кіеўскай Русі) ці некарэктныя (для ўзятых з беларускіх ці ўкраінскіх помнікаў або з маскоўскіх інтэрфераваных крыніц, часам аж XVIII ст.!). Хоць гэтая мадэль злучніка, сапраўды, патэнцыйна магчымая для ўсіх славянскіх моў, аднак Мозар прыходзіць да цвёрдай высновы, што гэты злучнік у рускай мове ўяўляе сабой паланізм або рутэнізм (347), і хутчэй паланізм, паколькі ў сучасных беларускіх і ўкраінскіх дыялектах гэты злучнік вельмі рэдкі (349). А для рускай гутаркі яшчэ ў другой палове XVII ст. гэты злучнік застаецца рэдкі (344).

Інтэрфераваныя помнікі, разгледжаныя ў працы Мозара, былі ўласцівыя рускай мове толькі ў пэўны перыяд, калі Масковія паступова адкрывалася перад Захадам і назапашвала крытычную масу ведаў і ідэй, неабходных для ўспрыняцця заходняй культуры. З Пятроўскай эпохі пачынаецца фармаванне расій­скай мовы ў новых умовах. Яна звяртаецца да непасрэдных кантактаў з заходнімі мовамі і бярэ з іх запазычанні напрасткі. З 1720–х г. уплыў старабеларускай/стараўкраінскай мовы, а пазней і польскай паступова занікае, таксама як і веданне польскай мовы ў расійскім грамадстве (37—38). Тым не менш, шмат якія навацыі, прынесеныя інтэрфераванымі тэкстамі, замацоўваюцца ў рускай мове і з пятроўскіх часоў становяцца яе інтэгральнай часткай (366, 368) ды нават выцясняюць некаторыя ранейшыя сродкі выражэння. Гэта яшчэ раз падкрэслівае важнасць запазычання для развіцця любой мовы і ролю беларускай ды ўкраінскай моў у развіцці суседняй рускай мовы.
Мінск

Ігар Клімаў


[1] Аўтар абапіраецца (15, 19—20) на вядомую канцэпцыю маскоўскага вучонага Б. Успенскага аб дыгласіі на Русі, якая, на думку Успенскага, існавала ў кіеўскі перыяд і ўтрымалася ў Масковіі аж да сярэдзіны XVII ст. Ва ўмовах дыгласіі ў Масковіі пісьмовы тэкст, асабліва звязаны з „высокай“, літаратурнай ці канфесійнай сферай, мусіў стварацца на царкоўнаславянскай мове, тады як для „нізкіх“ утылітарных мэтаў (акты дзяржаўнага кіравання і суда) выкарыстоўвалася маскоўская актавая мова (г. зв. „прыказная“). Новай тэндэнцыяй з канца XVI ст. у складзе гэтай царкоўнаславянскай мовы Масковіі стала стварэнне (за кошт стылістычнай дыферэнцыяцыі элементаў) „простай кніжнай мовы“ — больш спрошчанага варыянта царкоўнаславянскай (20). Як мяркуе Успенскі (32, 33), у Маскве другой паловы XVII ст. ды­гласія замяняецца дзвюхмоўем менавіта на ўзор моўнай сітуацыі Беларусі і Ўкраіны, а маскоўская „простая кніжная мова“ ўспрымаецца эмігрантамі з Кіева як аналаг старабеларускай/стараўкраінскай мовы.
[2] Крыху пазней, з 2–й паловы XVII ст., да гэтага фактару дадаліся і непасрэдныя кантакты беларусаў і ўкраінцаў з маскавітамі, у выніку эміграцыі права­слаўных дысідэнтаў з Рэчы Паспалітай і часткова гвалтоўнай дэпатрыяцыі беларускага мяшчанства пад час маскоўскай агрэсіі на Беларусь у 1654—67 г.
[3] На жаль, у спецыяльнай працы (Нарысы па гісторыі беларуска–рускіх літаратурных сувязей: У 4–х кн. Кн. 1: Старажытны перыяд — XIX ст. Мінск, 1993) гэтаму пытанню аддадзена мала ўвагі. Для перыяду XVI—XVII ст. яе аўтары абмежаваліся апісаннем падзей і плыняў у грамадскім і культурным жыцці Беларусі, якія так ці інакш атрымалі ўвагу ў Масковіі, разгледзелі старабеларускія творы, тэматычна звязаныя з Масковіяй, і адзначылі асобныя маскоўскія помнікі, прысвечаныя ВКЛ. Але сапраўдны ўнёсак Беларусі ў маскоўскую літаратуру XVII ст. застаўся ў гэтай кнізе, па сутнасці, неацэнены, хіба што за выключэннем творчасці Сімяона Полацкага.
[4] Яшчэ раней маскоўскі цар Іван IV Жахлівы таксама валодаў польскай мовай, а ў мове яго лістоў прысутнічае адметная колькасць паланізмаў, украінізмаў і беларусізмаў. Гэта тлумачыцца ўплывам на цара яго маці Алены Глінскай і яго дзядзькі ды выхавацеля Міхаіла Глінскага, якія паходзілі з ВКЛ (21).
[5] Так далей у рэцэнзіі называюцца тыя запазычанні са старабеларускай/стараўкраінскай мовы, у дачыненні да якіх нельга вызначыць, на якой моўнай ці дыялектнай базе (беларускай ці ўкраінскай) яны ўзніклі ці праніклі ў іншую мову. У тым жа выпадку, калі фанетычная абалонка запазычанняў выразна сведчыць пра іх беларускае або ўкраінскае паходжанне, іх можна называць, адпаведна, беларусізмамі ці ўкраінізмамі.
[6] Абапіраючыся на працы ўкраінскіх вучоных, Мозар (29—30, 31—33) паўтарае вядомую думку пра ўкраінізацыю культурнага і царкоўнага жыцця Масквы ў 2–й палове XVII ст. Сапраўды, пад уплывам эмігрантаў з Кіева ў царкоўным вымаўленні Масковіі XVII — пачатку XVIII ст. нават з’яўляюцца рысы ўкраінскай гутаркі (36). Тым не менш, больш карэктна было б казаць пра „рутэнізацыю“ некаторых галін маскоўскай культуры таго часу, паколькі яе асаблівасці вызначалі выхадцы не толькі з Украіны, але і з Беларусі. У гэтых адносінах каштоўнай застаецца праца Абэцэдарскага (Абецедарский Л. С. Белорусы в Москве XVII в. Минск, 1957), дзе, напэўна, упершыню ў савецкі час падкрэсліваўся ўнёсак беларусаў у культуру Масковіі XVII ст.
[7] Аўтар, услед за дасяжнай яму літаратурай, называе сярод іх пераважна ўкраінцаў (Ст. Яворскі, Ф. Пракаповіч, Дз. Растоўскі (Туптала) і інш.), але тут можна згадаць таксама беларусаў, напрыклад, пратэстанта І. Капіевіча (ці Капіеўскага), які ў Галандыі друкаваў на замову цара Пятра кнігі для Масковіі, а пазней некаторы час служыў перакладчыкам у Пасольскім прыказе. Як мяркуюць, менавіта ён спрычыніўся да распрацоўкі новага кірылічнага шрыфту свецкіх выданняў Масковіі, які атрымаў назву „грама­дзянкі“. Яна была створана на падставе галандскай антыквы, але з улікам некаторых рашэнняў Скарынавага шрыфту.
[8] У якасці прыкладу даследчык прыводзіць тэксты Андрэя Курбскага (маскоўскага эмігранта ў ВКЛ) і Івана Перасветава (выхадца з ВКЛ, які каля 1538 г. перайшоў на царскую службу), што лічацца ўзорамі рускай мовы, хоць яны насычаныя паланізмамі і рутэнізмамі (21—22, 50). На думку даследчыкаў, вядомы пераклад Цыцэрона, які прыпісваецца Курбскаму, на самай справе быў выкананы нейкім беларусам, які вучыўся ў Польшчы (50, 57). Мозар указвае, што некаторыя лісты Курбскага, якія таксама лічацца ўзорамі рускай мовы, у сапраўднасці напісаны на старабеларускай мове з дамешкам царкоўнаславянскіх элементаў (57).
[9] Першыя рэлевантныя натацыі апісальнага будучага з буду з’яўляюцца ў асобных маскоўскіх актах канца XV ст., што ствараліся для дыпламатычных зносін з нямецкай імперыяй. Аднак гэтая форма выступае там толькі ў скла­дзе этыкетнай формулы, а ў мове гэтых актаў прысутнічаюць паланізмы і рутэнізмы. Таму Мозар акрэслівае мову гэтых актаў як інтэрфераваную і лічыць з’яўленне ў іх формаў апісальнага будучага вынікам запазычання, а не самастойнага развіцця (317—318). Складальнікі гэтых актаў або былі добра знаёмыя са старабеларускай мовай, або былі беларусамі паводле паходжання.

Наверх

Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius (Генадзь Сагановіч)

Снежня 11, 2002 |


Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius. Wiesbaden, 2001. 336 (Forschungen zur osteuropäischen Geschichte, Bd.58).

„Даследаванні па ўсходнееўрапейскай гісторыі“ (For­schungen zur osteuropäischen Geschichte), што выдаюцца Інстытутам Усходняй Еўропы пры Вольным універсітэце Берліна, былі заснаваны ў 1954 г. Горстам Ябланоўскім і Вернэрам Філіпам. З таго часу ў гэтай серыі штогод выходзілі асобныя манаграфіі або зборы даследаванняў. Цягам дваццаці гадоў рэдактарам серыі быў прафесар Ганс Ёахім Торке, які памёр у 2000 г. Памяці гісторыка і прысвечаны том 58, складзены з артыкулаў яго калегаў і шматлікіх вучняў. Тэматычныя рамкі выдання вызначаны даследчыцкімі інтарэсамі памёрлага — яго „любімым ХVII стагоддзем“ усходнеславянскіх абшараў. Увесь том сапраўды прысвечаны фактычна гісторыі адной Расіі (за выключэннем двух украінскіх сюжэтаў), што ж да храналогіі, то аўтары не абмежаваліся раннім Новым часам і ахапілі перыяд ад Сярэднявечча да ХIХ ст.

Том змяшчае 29 артыкулаў і спіс навуковых публікацый Г.–Ё. Торке. Яго пачынае „The Significance of the Seventeenth Century“ (13—20) — апошні даклад Торке, прэзентаваны ім яшчэ з 1998 г. на канферэнцыі „Ад Масквы да Пецярбурга — шлях Расіі з ХVII у ХVIII ст.“ у Берліне. Торке лічыць, што ў Расіі, у адрозненне ад іншых краін, ХVII ст. яшчэ не дачакалася належнай увагі гісторыкаў. Спаслаўшыся на Ключэўскага, які новымі з’явамі для Расіі таго перыяду называў новую дынастыю, новыя межы, новую сацыяльную структуру і новыя рысы эканомікі (такія думкі выказваліся і пасля Ключэўскага), Торке прапануе свае рэфлексіі наконт гэтых фактараў ды паказвае, наколькі важны быў кожны з іх для трансфармацыі Маскоўскага царства. Прыкладам, калі б працягнулася панаванне Рурыкавічаў, то не было б Смуты, замежнай інтэрвенцыі, а значыць не было б і разрыву з традыцыяй („старыной“), у выніку і вестэрнізацыя Маскоўскай Русі, магчыма, адбывалася б як пабочны прадукт агульных тэндэнцый, а не свядомай палітыкі, якую ўзяўся праводзіць Пётр I. Гаворачы пра межы, аўтар адзначыў, што калі ўсю Еўропу ахапіў палітычны і сацыяльны крызіс, тэрытарыяльная экспансія Расіі часоў другога Раманава прывяла да т.зв. усходняга варыянта „крызісу ХVII ст.“, з якога Масква выйшла з карысцю для сябе, і г.д. Словам, прыклады нямецкага гісторыка яшчэ раз пераконваюць, што сапраўды ХVII ст. канстытуявала пачатак Новага часу (modern times) у Расіі, яно нарадзіла большасць важных феноменаў наступнага, ХVIII ст.

Роберт Грамі вяртаецца да манаграфіі Торке „Die staats­bedingte Gesselschaft im Moskauer Reich. Zar und Zemlja in der altrussischen Herschaftsverfassung, 1613—1689“ (Leiden, 1974), каб верыфікаваць яго аргументы і высновы, параўноўваючы іх з вынікамі найноўшых даследаванняў Маскоўскай Русі ХVII ст. („Die staatsbedingte Gesellschaft revisited“, 21—27). Грамі прыгадвае незвычайную асцярожнасць Торке ў выкарыстанні тэрмінаў, бо і сам стаіць перад праблемай падбору англійскіх эквівалентаў для нямецкіх „Die staatsbedingte Gesellschaft“, „Ver­fassungs­geschichte“ і інш. У названай працы Торке даказаў неіснаванне ў Расіі станаў у сэнсе карпарацый з юрыдычна замацаванымі правамі, прывілеямі і абавязкамі[1] (т.зв. Земскія саборы нельга лічыць прадстаўнічым органам, яны былі хутчэй інстытутам збору інфармацыі для цара пра фінансавае станові­шча ў зямлі і рэальныя магчымасці збору падаткаў на войска і вядзенне вайны). Значыць, беспадстаўна называць Маскоўскую дзяржаву станава–прадстаўнічай манархіяй, як рабілася ў савецкай гістарыяграфіі для доказу паралеляў паміж развіццём Заходняй Еўропы і Расіі. Гэта была аўтакратычная манархія, тэарэтычна нічым не абмежаваная, якая ў канцы ХVII ст. эвалюцыянавала ў „аўтакратычны абсалютызм“ (26). Няма падстаў пера­глядаць высновы Торке. Яго дэтальнае, глыбока аналітычнае даследаванне і праз чвэрць стагоддзя застаецца падставовым, а яго канцэпт „Die staatsbedingte Gesellschaft“ па–ранейшаму выкарыстоўваецца ў нямецкай гуманістыцы — заключае аўтар.

Вядомы знаўца ўсходнеславянскай гісторыі Карстэн Гёрке, заінтрыгаваны даўнім сцвярджэннем Мікалая Кастамарава пра існаванне вечавога ладу ў Вятцы (той нават ставіў Вятку ў адзін шэраг з Ноўгарадам Вялікім і Псковам — як прататып „севернорусского народоправства“), шукае адказу на пытанне, ці сапраўды Вятка магла быць настолькі ж развітай, як названыя гарады („Die Republik ‘Vjatka’ — Mythos oder historische Realität?“, 63—78). Грунтоўны аналіз грамат і летапісаў не даў для гэтага ніякіх падстаў. Даследчык піша пра рудыментарныя формы палітычнай арганізацыі, якія знаходзіліся толькі на шляху да ўласна дзяржаўнасці (77—78). Так што, як выразна паказаў Гёрке, не можа быць і мовы пра развітыя палітычныя структуры Вяткі, неабходныя для кожнай аўтаноміі.

Артыкул Вальтэра Ляйча прысвечаны таму, як пасля захопу Смаленска Рэч Паспалітая, не маючы дастатковага ваеннага патэнцыялу для працягу вайны, прасіла дапамогі ў Габсбургскай імперыі ды Іспанскага каралеўства  (Polnische Propagandatexte über die Smuta, 270—280). Каб атрымаць падтрымку ў Вене, а ў Філіпа III хоць выпрасіць грошы для новага паходу на Маскву, дыпламатыя Жыгімонта Вазы прэзентавала там сваю, даволі тэндэнцыйную інтэрпрэтацыю гісторыі адносін з Масквой, асабліва падзей часоў Смуты. Тым часам маскоўская дыпламатыя на тых жа дварах прапагандавала сваю версію той жа гісторыі, якая была процілеглай польскай. Аўтар знаходзіць, што як польскую, так і маскоўскую версіі Смуты можна лічыць добрым прыкладам адпаведнага прэпаравання гісторыі і выкарыстання яе ў якасці сродку палітычнай прапаганды (277).

Валеры Ківельсон у артыкуле з красамоўнай назвай „Bitter Slavery and Pious Servitude: Muscovite Freedom and its Critics“ (109—119)  даследуе канцэпт рабства і халопства ў Маскоўскім царстве. Ад ранняга Новага часу (з апісанняў Герберштайна і Алеарыя) як у народным, так і ў навуковым заходнім мысленні Расія асацыюецца з рабскай пакорай. Еўрапейцаў найбольш уражвала, што самая высокая маскоўская эліта, думныя баяры прыніжалі сябе перад царом, называючыся „царскімі халопамі“. Ківельсон згадвае Маршала По, які нядаўна адкрыў іншую „метафізіку палітычнага жыцця“ Маскоўскай дзяржавы: рабства там было найкаштоўнейшым станам, а свабода азначала хаос. Гэты даследчык дапамог лепш зразумець спецыфіку Расіі, дзе сапраўды „рабству“ надавалі іншае значэнне, яно лічылася там пазітыўным дабром і стала важнай метафарай у рыторыцы маскоўскай эліты, неабходнай для лепшых узаемаадносін з уладаром (112).

Аўтар заключае, што Масква пакінула імідж культуры, у якой тыран бескантрольна пануе над прыніжанымі рабамі, „цар уладарыць над элітамі, якія бессаромна прыніжаюць сябе перад іх суверэнам, а памешчыкі з такой жа бескантрольнасцю пануюць над іх сялянамі“. І хоць ёсць іншыя прыклады, „было б занадта смела спрабаваць замяніць гэты імідж іншым, іміджам свабодалюбівай культуры“, — заключае Ківельсон (118).

З артыкулаў нямецкіх даследчыкаў[2] заслугоўвае ўвагі і канцэптуальная публікацыя Клаўса Цэрнака „An den östlichen Grenzen Ostmitteleuropas“ (323—331). Палітычныя межы  бываюць перадумовамі структурных пераменаў, але яны могуць быць і іх наступствам, таму Цэрнак вылучае як эпохі, так і структурныя адрозненні паміж Цэнтральна–Ўсходняй Еўропай, з аднаго боку, ды Расіяй — Усходняй Еўропай, з другога. Першыя прыкметы структурнай канвергенцыі гісторык звязвае з „хрысціянскім дзяржаваўтварэннем“. Для 950—1150 г. усё вы­глядае проста: палітычная, уладна–структурная і культурная мяжа пралягла тады паміж Польшчай і паганскімі народамі Балтыкі ды праваслаўнай Руссю. У перыяд 1150—1350 г. нямецкая каланізацыя і каланізацыя на нямецкім праве аднеслі гэтую мяжу далей на Ўсход. У перыяд Сярэднявечча „заходнім“ прававым формам (Ius Theutonicum i Ius Polonicum) адкрыўся і праваслаўны свет. Дзякуючы Крэўскай уніі 1386 г. усходнеславянская гісторыя атрымала новыя асновы развіцця. Найдалейшае распаўсюджанне палітычнай культуры польска–цэнтральна–ўсходнееўрапейскага тыпу на Ўсход звязана са стварэннем „федэральнай адзінай дзяржавы“ Рэчы Паспалітай у 1569 г., аднак ужо з канца ХV ст. пачала расці маскоўская супрацьвага гэтай тэндэнцыі. Праграму „збірання рускіх зямель“ Цэрнак вобразна называе маскоўскім „Drang nach Westen“ (326). Пачаткам апошняга перыяду ён лічыць 1648 г.: войны, што пачаліся з паўстання Хмяльніцкага, змянілі расстаноўку сілаў, і Маскоўскае царства ператварылася ў старарускую імперыю, а Рэч Паспалітая стала інструментам у руках моцных суседзяў. Што да структурных адрозненняў, то найвыразнейшай прыкметай прыналежнасці да Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы быў горад на нямецкім (Магдэбургскім) праве (па той бок Вялікага Княства, у Маскоўскай дзяржаве панаваў візантыйскі тып горада), характар землекарыстання (на Захадзе — індывідуальнае сялянства, надзеленае зямлёй, а на Ўсходзе — сялянская грамада і калектыўная ўласнасць) і наяўнасць феадалізму. Паводле О.Гінтцэ, для існавання феадалізму як сістэмы мусяць быць такія тры элементы, як сацыяльна–эканамічная база ўтрымання рыцарскага стану, лакальнае панаванне над зямлёй і людзьмі ды ўдзел станаў у дзяржаўным кіраванні. Калі для Беларусі і Ўкраіны наяўнасць гэтага бясспрэчная, дык адносна Расіі гаварыць пра іх вельмі праблематычна, — лічыць К.Цэрнак (330).

Значны блок расійскіх тэкстаў прадстаўлены гісторыкамі Масквы і Санкт–Пецярбурга. Артыкул А.Паўлава „Эволюция государства и общества в России во второй половине ХVI в.“ (29—39) прысвечаны асаблівасцям грамадска–палітычнага ладу ў Маскоўскай дзяржаве. Аўтар пагаджаецца, што высновы Торке прымушаюць адысці ад традыцыйнага для савецкай гістарыя­графіі погляду на Маскоўскую Русь як на станава–прадстаўнічую манархію, аднак даводзіць, што адносіны паміж дзяржавай і грамадствам за тыя стагоддзі не заставаліся нязменнымі. На думку гісторыка, менавіта развіццё пачаткаў станавага прадстаўніцтва і справакавала апрычніну, і толькі праз яе ўлада значна ўзвысілася над грамадствам, што забяспечыла канчатковую перамогу самадзяржаўя (35).

Ганна Харашкевіч у артыкуле „Судьба христианина в царстве Ивана Грозного. Эпизод из жизни И.П.Фёдорова“ (163—174) раскрывае драматычны лёс баярына Івана Фёдарава, які быў ваяводам у Юр’еве пад час Інфлянцкай вайны. Сапраўды, невялікі фрагмент з жыцця Фёдарава ўражвае. Увосень 1562 г., калі надворны гетман ВКЛ Грыгор Хадкевіч звярнуўся да юр’еўскага ваяводы з прапановай устрымацца ад ваенных дзеянняў і намаўляць сваіх манархаў да заключэння міру, паміж імі завязалася перапіска. Фёдараў пагадзіўся і ўзяўся інфармаваць пра ініцыятыву Хадкевіча маскоўскіх баяр і цара, а да іх рашэння сваёй уладай як інфлянцкі ваявода перапыніў ваенныя дзеянні. Праз Хадкевіча ён уступіў у самастойную перапіску і з троцкім ваяводам Мікалаем Радзівілам ды панамі–радаю. Нечуваны для маскоўскай дыпламатыі факт! Праўда, міру Фёдараў не збярог, бо цар даўно ўсё вырашаў сам, і неўзабаве пачаўся паход на Полацк. А яго ініцыятыўнасць і самастойнасць дорага каштавалі прадстаўніку старамаскоўскай знаці: у 1568 г. сам Іван IV па­збавіў яго жыцця.

Смелы агляд эвалюцыі дзяржаўнага апарату Расіі ад рэформаў Пятра I да Кацярыны II прапанаваў Е.Анісімаў („Самодержавие ХVIII века: право править без права“, 53—61). Ён піша, што калі вялікі рэфарматар Пётр I стварыў у Расіі „новую дзяржаўную машыну“, дзеянні якой строга рэгуляваліся сістэмай „інструкцый, рэгламентаў і уставаў“, то толькі адна сфера заставалася па–за рэгламентамі ды інструкцыямі — сфера царскай улады. Даследчык бачыць у гэтым глыбокую супярэчнасць пятроўскіх пераўтварэнняў: Пётр I, з аднаго боку, усталёўваў парадак, заснаваны на законах, а з другога — заканадаўча замацоўваў „беззаконны“ характар самадзяржаўя (55). Самадзержац быў „падсправаздачны“ толькі перад Богам, але гэта ўжо тады ўспрымалася як чыста рытарычная фігура, — зазначае Е.Анісімаў. Цар пастаянна ўмешваўся і ў працу „дзяржаўнай машыны“, бясконца парушаючы і мяняючы ім жа прынятыя законы. Практыка такога ўмяшання засталася і па­сляпятроўскім часам. Характарызуючы самадзяржаўе, аўтар цытуе правазнаўчае даследаванне І.Дзіцяціна, які яшчэ ў 1881 г. пісаў, што ў рэальным жыцці ў Расіі „на всем протяжении этих четырех веков начало законности в «государевом царственном и земском деле» вполне отсутствовало“ (59). Расійскае сама­дзяржаўе ўсталявалася за межамі поля законаў, на праве „правіць без права“, і менавіта ў гэтым пецярбургскі гісторык бачыць прычыну хранічнай палітычнай няўстойлівасці ў Расіі (дварцовыя змовы, перавароты, узурпацыі ўлады).

На акалічнасцях стварэння вышэйшага судовага органа пры Баярскай думе, яго кампетэнцыях і функцыяванні спыняецца П.Сядоў („Создание расправной палаты“, 97—108), а ў да­кладзе А. Юрасава характарызуецца гандаль Пскова як аднаго з найважнейшых цэнтраў знешнегандлёвых сувязяў тагачаснай Расіі („Тенденция развития и динамика объема торговли Пскова в ХVII в.“, 301—310).

Украінскай гісторыі, заяўленай у тытуле выдання, непа­срэдна прысвечаныя толькі даследаванні Фрэнка Сысына і Андрэаса Капэлера. Фрэнк Сысын спрабуе вызначыць вобраз Расіі ў свядомасці ўкраінцаў на падставе гістарычнага твора „Диіствіе“, напісанага гадзяцкім палкоўнікам Грыгорам Грабянкам у 1710 г.(„The Image of Russia in Early Eighteenth–Century Ukraine: Hrуhorii Hrabianka’s Diistvie“, 243—250). Сысын знаходзіць, што ў гісторыі вайны Хмяльніцкага, якую Грабянка малюе справядлівай, у вобразе слаўнага казацтва з яго правамі і свабодамі, прыхільны да Расіі палкоўнік быццам мадэлюе, як цар павінен ставіцца да Малой Расіі, стварае такі вобраз вялікарусаў, якія жывуць пад тым жа манархам, што і маларосы. Грабянка бачыў Малую Расію пад скіпетрам расійскага цара, хоць і ведаў пра розніцу палітычных культур. Гэта адна з праяў уплы­ву Расійскай імперыі на культуру ды інтэлектуальнае жыццё Ўкраіны, асабліва адчувальнага пасля рэформаў Пятра I, — лічыць даследчык (244).

Праф. Андрэас Капэлер аналізуе публікацыі часопіса „Киевская старина“ і выяўляе асаблівасці канструявання ім нацыянальнай гісторыі („Die Kosaken–aera als zentraler Baustein der Konstruktion einer national–ukrainischer Geschichte: das Beispil der Zeitschrift Kijevskaja Starina 1882—1991“, 251—262). Даследчык паказвае, што часопіс імкнуўся кампенсаваць набор дэфіцытаў, характэрны для ўсіх народаў, што не мелі сваёй дзяржавы (т.зв. „малых“, „негістарычных“), і рабіў гэта перадусім праз стварэнне галерэі нацыянальных герояў Украіны ды сцвярджэнне наяўнасці высокай украінскай культуры. Кутнім каменем украінскай гісторыі ўжо на старонках гэтага органа стаў міф казацтва, які дазваляў унікнуць супярэчнасці паміж гісторыяй элітаў і сацыяльных нізоў (257—260). Вартая ўвагі сама з’ява: у перыяд рэакцыі і антыўкраінскіх рэпрэсій у Кіеве здолелі выдаваць часопіс, які, лічачыся з цэнзурай, інтэнсіўна займаўся канструяваннем нацыянальнай украінскай гісторыі, канфрантуючы як з польскімі, так і з вялікарасійскімі канструкцыямі.

Не магу не адзначыць, што ўвогуле том „Даследаванняў па ўсходнееўрапейскай гісторыі“, прысвечаны памяці Ганса Торке, надзвычай насычаны інфармацыйнымі, арыгінальнымі даследаваннямі як прызнаных, так і яшчэ малавядомых спецыялістаў па гісторыі Расіі і Ўкраіны. Даводзіцца шкадаваць, што з ландшафту „ўсходнееўрапейскай гісторыі“ гэтага выдання выпала Беларусь і Вялікае Княства Літоўскае ў цэлым.
Мінск

Генадзь Сагановіч


[1] На рускай мове гл.: Торке Х.Й. Так называемые земские соборы в России // ВИ. 1991. №11.
[2] Шэраг артыкулаў, на мой погляд менш істотных, даводзіцца пакінуць па–за аглядам.

Наверх

Remy, Johannes. Higher Education and National Identity: Polish Student Activism in Russia 1832—1863 (Наталля Анофранка)

Снежня 10, 2002 |


Remy, Johannes. Higher Education and National Identity. Polish Student Activism in Russia 1832—1863. Helsinki, 2000. 380.

Кніга Ёганэса Рэмі, прысвечаная праблеме нацыянальнай ідэнтычнасці і складванню нацыянальнай самасвядомасці так званых „польскіх“ студэнтаў у расійскіх універсітэтах, стала вынікам грунтоўных даследаванняў архіўных матэрыялаў Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы, пра што сведчыць спіс выкарыстаных крыніц. Як вядома, у рэчышчы рэпрэсіўных захадаў расій­скага ўрада пасля паўстання 1830—1831 г. адбылося закрыццё ўсіх „польскіх“ вышэйшых навучальных установаў, сярод якіх універсітэты ў Варшаве і Вільні, а таксама ліцэй у Крамянцы. У выніку, на тэрыторыі, заселенай палякамі (маюцца на ўвазе заходнія губерні Расійскай імперыі), не засталося свецкіх вышэйшых навучальных установаў, і гэтае становішча захоўвалася да 1848 г., калі быў адкрыты Горы–Горацкі Земляробчы інстытут.

Такім чынам, паміж 1832 і 1862 г. маладыя палякі атрым­лівалі вышэйшую адукацыю ў расійскіх універсітэтах. Стаўленне расійскага ўрада да польскіх студэнтаў было даволі пераменлівым, але стабільна падазроным. Так, у 1830—1840–х г. улады спрыялі таму, каб польскія студэнты вучыліся ў расійскіх універсітэтах, у спадзяванні, што навучанне ў Расіі дапаможа стварыць новую русіфікаваную польскую інтэлігенцыю. Аднак потым сталі нарастаць антыпольскія настроі, якія дасягнулі найвышэйшай ступені напрыканцы царавання Мікалая I. З прыходам на трон Аляксандра II распачаўся ліберальны перыяд, які скончыўся паўстаннем 1863 г.

Польскія студэнты прынеслі ў расійскія універсітэты традыцыі студэнцкіх тайных таварыстваў кшталту варшаўскіх або віленскіх перыяду 1810—1820 г. У 1838 г. такія тайныя таварыствы былі раскрыты ва універсітэтах Кіева, Дэрпта (цяпер Тарту) і Віленскай медыцынскай акадэміі. Нягледзячы на жорсткую палітыку царскага ўрада, у другой палове 1850–х г. студэнцкая актыўнасць дасягнула велізарнай інтэнсіўнасці, а ў 1861—1863 г. універсітэты ўжо былі ахоплены масавымі хваляваннямі.

Ёганэс Рэмі ў сваёй манаграфіі, якая ахоплівае час з 1832 да 1864 г. і грунтуецца на архіўных матэрыялах універсітэтаў Масквы, Санкт–Пецярбурга, Кіева, Дэрпта, а таксама медыцынскіх акадэмій Санкт–Пецярбурга і Вільні, імкнецца даследаваць сам феномен навучання польскіх студэнтаў у Расійскай імперыі і іх палітычную актыўнасць. З прычыны цеснай узаемасувязі палітыкі расійскага ўрада і дзейнасці студэнтаў аўтар звяртаецца да разгляду двух галоўных аспектаў адзначанай праблемы: адукацыйнай і нацыянальнай палітыкі ўладаў і спецыфічных рысаў самой польскай супольнасці, з увагай да нацыянальных рухаў ды ідэяў, і таго, як яны былі перaнесены ў Расій­скія ўніверсітэты.

З мэтай усебаковага раскрыцця абранай тэмы Ёганэс Рэмі разглядае такія істотных моманты, як колькасць палякаў, што атрымлівалі вышэйшую адукацыю ў Расійскай імперы, іх станавая прыналежнасць, крытэрыі вызначэння нацыянальнасці студэнтаў, характар і формы палітычнай дзейнасці польскіх студэнтаў, асабовыя характарыстыкі актывістаў студэнцкіх рухаў (іх сацыяльны статус, рэлігійная прыналежнасць, ідэі), асаблівасці ўзаемаадносінаў паміж польскімі студэнтамі ды іх расійскімі калегамі, і, нарэшце, характар і прычыны зменаў палітыкі царскага ўрада ў дачыненні да польскіх студэнтаў. Зварот да крытэрыяў вызначэння нацыянальнасці вымусіў аўтара аддаць асаблівую ўвагу студэнтам з Заходніх губерняў Расійскай імперыі, якія адрозніваліся ад этнічных палякаў мовай і канфесійнай прыналежнасцю. Даследаванне станавага і рэлігійнага паходжання студэнтаў былых польскіх тэрыторый дае магчымасць як прасачыць фармаванне ўласна польскай інтэлігенцыі, так і параўнаць яе з інтэлігенцыяй іншых нацыянальнасцяў рэгіёну.

Кніга добра структуравана і складаецца з 14 раздзелаў, вы­значаных згодна з храналагічна–тэматычным прынцыпам. У першым раздзеле „Польскі нацыянальны рух“ (с. 17—34) разглядаюцца тэарэтычныя падыходы да вывучэння нацыяналізму і нацыянальных рухаў. Вялікая ўвага аддаецца дзейнасці поль­скай эміграцыі пасля паўстання 1830—1831 г., стварэнню ў яе асяроддзі палітычных партый і груп, яе ўплыву на грамадства як Царства Польскага, так і Заходніх губерняў Расійскай імперыі. Не застаецца па–за ўвагай аўтара ўплыў на тагачасную поль­скую грамадскасць (асабліва на студэнтаў) паэзіі А. Міцкевіча, З. Красінскага і Ю. Славацкага, пры гэтым вызначаюцца асаблівасці рэгіянальнай папулярнасці аўтараў. Таксама ў гэтым раздзеле даецца агляд дзейнасці тайных таварыстваў, што ўзнікалі на тэрыторыі Царства Польскага і ў Заходніх губернях, ды іх сувязяў з міжнароднымі палітычнымі арганізацыямі і саюзамі.

Раздзел „Рускае і польскае пытанне“ (40—50) прысвечаны аналізу асабістага стаўлення Мікалая I да палякаў, расійскага нацыяналізму і агульных антыпольскіх настрояў у асяроддзі расійскіх чыноўнікаў ды інтэлігенцыі. Аўтар паказвае своеасаблівы механізм стварэння міфаў і стэрэатыпаў адносна Польшчы і палякаў. Тут жа даецца кароткі агляд асноўных пераўтварэнняў расійскага ўрада на тэрыторыях, далучаных да Расіі ў вы­ніку падзелаў Рэчы Паспалітай.

У раздзеле „Нацыянальнае абуджэнне ўкраінцаў, беларусаў і літоўцаў“ (50—56) аўтар даследуе фактары, што ўплы­ваюць на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці, і паказвае асаблівасці гэтага працэсу для кожнага народа.

Аналізуючы сістэму адукацыі ў Расійскай імперыі („Адукацыя і палітыка“, 56—65), аўтар разглядае яе заканадаўчую базу, дзейнасць афіцыйных урадавых структур, а таксама працэс укаранення ў сістэму адукацыі расійскага нацыяналізму. Рэмі паказвае сістэму кіравання універсітэтамі, характар дзейнасці органаў універсітэцкага самакіравання і асаблівасці статутаў.

У частцы „Адукацыйная палітыка ў рэгіёнах, населеных палякамі (1830—1837)“ (65—76) даецца агляд дзейнасці сістэмы адукацыі ў Заходніх губернях Расіі напярэдадні паўстання, а таксама наступнай адукацыйнай палітыкі царскага ўрада на гэтых землях як часткі агульнай палітыкі русіфікацыі.

У раздзеле „Палякі ў вышэйшай адукацыі“ (76—94) праводзіцца даследаванне сацыяльнага складу, нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці польскіх студэнтаў, іх размеркавання па факультэтах (для зручнасці падаецца шэраг зводных табліц). Разглядаюцца непасрэдна падзеі студэнцкага жыцця ў розных расійскіх універсітэтах і асаблівасці ўзаемаадносінаў расійскіх і польскіх студэнтаў.

Частка „Народная помста і асабістыя справы ў 1833 г.“ пры­свечана праблеме стварэння тайных таварыстваў польскіх студэнтаў у расійскіх універсітэтах на прыкладзе аналізу справы студэнта Маскоўскага універсітэта Тадэвуша Лады–Заблоцкага (выхадца з Віцебскай губерні), арыштаванага за распаўсюджванне нелегальнай паэзіі і спробу стварэння тайнага таварыства ў універсітэце.

Аналіз актыўнасці студэнцкіх групаў у расійскіх універсітэтах пачынаецца з раздзела „Студэнцкія групы, што далучыліся да Саюзу Польскага Народа (СПН)“ (99—154), які змяшчае матэрыялы дзейнасці Сымона Канарскага і СПН у Заходніх губернях, групы Ўладыслава Гардона ва універсітэце Св. Уладзіміра ў Кіеве, „Маладой Польшчы“ і яе паслядоўнікаў у Віленскай Медыцынскай акадэміі, студэнцкага саюзу „Палонія“ і групы Караля Гільдэбранта ва універсітэце Дэрпта, а таксама Севярына Галембёўскага і нелегальнай літаратуры ў Санкт–Пецярбургу.

Дзейнасці польскіх студэнтаў у расійскіх універсітэтах таксама прысвечаныя раздзелы „Польскія студэнты і іх актыўнасць (1841—1854)“ (177—216) і „Польскія студэнты (1856—1860)“ (239—282), якія маюць практычна аднолькавую структуру і ўтрымліваюць інфармацыю пра дзейнасць польскіх студэнтаў у асобных універсітэтах Расійскай імперыі ў розныя перыяды, а таксама падсумаванне вынікаў студэнцкай актыўнасці за пазначаныя перыяды. Асаблівасці і кірункі дзейнасці, сацыяльны, нацыянальны і канфесійны склад студэнтаў прыводзяцца аўтарам па кожным з разгледжаных універсітэтаў, што дае магчымасць параўнання і выяўлення агульных характарыстык студэнцкага руху. Непасрэдна адукацыйнай палітыцы расійскага ўрада пры­свечаныя тры раздзелы — „Адукацыйная палітыка і палякі: 1838—1848“ (154—177), „Адукацыйная палітыка і палякі: 1848—1854“ ды „Новае цараванне і новая палітыка (1856—1860)“ (94—99). У апошняй частцы манаграфіі з вельмі лака­нічнай назвай „1861—1863“ (287—358) аўтар разглядае крызісную сітуацыю напярэдадні паўстання 1863 г., спецыфіку рэформы адукацыі ў Царстве Польскім, а таксама стан студэнцкай супольнасці ў 1861—1862 г. і студэнцкую актыўнасць як адказ на рэакцыйныя меры ўрада.

Праца забяспечана індэксам персаналій (373—380), які палягчае пошук патрэбнай інфармацыі. Застаецца дадаць, што гэтае грунтоўнае даследаванне заслугоўвае сур’ёзнай увагі гісторыкаў Беларусі.
Мінск

Наталля Анофранка

Наверх

Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999 (Віталь Зайка)

Снежня 9, 2002 |


Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. Yale University Press, New Haven and London, 2003. 367.

Нягледзячы на значную колькасць публікацыяў пра феномен беларускай самасвядомасці (або феномен адсутнасці такой), няшмат было дададзена да нашага разумення фармавання і развіцця беларускай нацыі. Пераважную большасць працаў займала расцягнутая канстатацыя фактаў і з’яваў, датычных бeларускай самасвядомасці/ідэнтычнасці ў гістарычнай перспектыве, са шчодрым прыцягненнем  істотных (і часта неістотных) факта­графічных дэталяў, гушчыня якіх часам замінала ўбачыць і апісаць тэндэнцыі і прычынна–выніковыя сувязі у разгляданай сферы. Нядаўна выдадзеная кніга амерыканскага даследчыка Тыматы Снайдара „Адбудова нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь. 1569—1999“ шчасліва пазбаўленая вышэйзгаданых недахопаў і дае новы пункт погляду на беларускія праблемы праз параўнальны разгляд лёсу этнасаў–спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага, і праз скарыстанне імі спадчыны Вялікага Княства. Спробы ўлучыць ВКЛ у беларускі гістарычны дыскурс, безумоўна, рабіліся раней, рабіліся цэлы час, але атрыманыя вынікі былі фрагментарныя, часам штучна выведзеныя і непераканаўчыя, а галоўнае — рэдка падаваліся ў выглядзе арганічна прасочанага і адкаментаванага працэсу на працягу стагоддзяў; старасветчына не ўвязвалася з новым часам, з сучаснасцю ў гарманічны канструкт, які б трывала стаяў на нагах. У гэтай сувязі ўспамінаецца адзін з мітынгаў БНФ у канцы 1980–х, калі др. Юры Хадыка ўзгадаў Вялікае Княства і ліцвіноў як нашых гераічных продкаў. Людзі побач са мной няўцямна пера­глядаліся, гаворачы адзін аднаму: „Пры чым тут літоўцы?“ На гэтае пытанне шырокае грамадства дасюль не атрымала паслядоўнага вычарпальнага адказу. „Пра­клён“ блізкасці саманазову, мовы і рэлігіі да велізарнага ўсходняга суседа дагэтуль не зняты. Шмат якія рысы палітыкі ўладаў і агульнаграмадскай сітуацыі ў Беларусі сённяшняга дня, па–за фактам існавання сваёй дзяржавы, парадаксальна, нагадваюць палітыку ўладаў і грамадскую сітуацыю ў Беларусі стогадовай даўніны, пра якую піша Т. Снайдар.

Аўтара цікавяць нацыянальныя мадэлі развіцця, нацыянальная ідэалогія.  Шмат якія даследчыкі нацыяналізму наагул адмаўляюць існаванне ў нацыяналізме нейкай тэарэтычнай базы (Э. Гелнэр, Б. Андэрсан), што перагукаецца з савецкімі марксісцкімі сцвярджэннямі пра нацыяналізм як адмоўны, „дробнабуржуазны“ сацыяльны інстынкт, які скарыстоўвае ў сваіх мэтах капітал, каб сварыць пралетарыяў. Падобны погляд, надзіва, да сённяшняга дня захоўваецца ў некаторых даследчыкаў Усходняй Еўропы з вольнага свету. Так, Стывен Коткін у аглядзе кніг пра постсавецкі абшар у „Нью Рыпаблык“ (15 красавіка 2002) з пагардай праводзіць тэзу пра Трашканістан, або „Смеццестан“, карумпаваную пост–савецкую дзяржаўку[1] (гэта пра Узбекістан ды іншых; пра Малдову ёсць таксама: „асноўная прадукцыя Малдовы — жаночае цела“). Асноўная ідэя артыкула — што самавы­значэнне ёсць вільсанаўскі і ленінскі фантом, які нясе адно пакуты і разбурэнне простым людзям. Тыповыя развагі: „Балкарская рэспубліка? Каму гэта трэба? Самім балкарцам? А ў простых лю­дзей вы спыталі?!“.  Між тым за нацыя­налізмам стаіць–такі тэорыя, і яна вартая разгляду, што даво­дзяць у сваіх працах Энтані Сміт, Раман Шпарлюк, Лія Грынфэлд, Эрык Гобсбаўм, а таксама Жан–Жак Русо, Эдмунд Бэрк, Фрыдрых Ліст, Ё.–Г. Гэрдар. Больш за тое, без разумення тэорыяў нацыяналізму немагчымае разуменне амаль усёй гісторыі Еўропы і свету апошніх двух стагоддзяў. У сваю чаргу, без разумення такіх тэорыяў немагчыма даць кагерэнтную карціну развіцця беларускага нацыянальнага руху, вытлумачыць ягоныя фенаменальныя дасягненні (прыкладам, стварэнне дзяржавы) і нe менш фенаменальныя няўдачы (няздольнасць кансалідаваць этнас).

Але вернемся да Снайдара. Ягонай задачай, як ён піша ў прадмове, было прасачыць, як паўстаюць нацыі і як яны прыходзяць да мадэрнага стану, а таксама як узнікаюць і трансфармуюцца нацыянальныя ідэі, калі і чаму супярэчнасці паміж нацыямі ператвараюцца ў крывавыя канфлікты або вырашаюцца мірна. Свой разгляд аўтар будуе на доследзе феномена і спадчыны Рэчы Паспалітай, або Польска–Літоўскай Садружнасці (Polish–Lithuanian Commonwealth) — апошні тэрмін, які робіцца штошырэй прыняты ў англамоўнай літаратуры, больш да­кладна перадае сутнасць гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Дарэчы, пра тэрміны — аўтар прызнае, што яны, у тым ліку тапонімы і этнонімы, нясуць ідэалагічную нагрузку, і абгаворвае ўжыванне тэрмінаў у розных кантэкстах. Аўтар адмыслова абмяркоўвае ўжыванне адпаведных рэаліяў у сваёй кнізе, дае напачатку параўнальную табліцу найважнейшых геаграфічных назваў з рэгіё­ну ў 8 мовах (на жаль, Менск па–беларуску прадстаўлены там як „Мінск“, с. хі). У выпадку Беларусі „тэрмін Беларусь (Belarus) сведчыць пра прыхільнасць да мясцовых традыцыяў, а тэрмін Беларусія (Belorussia) мае на ўвазе веру ў інтэгральную лучнасць з Расіяй“ (х). Выклад матэрыялу паказвае кампетэнтнасць аўтара ў  рэаліях і гісторыі земляў былой Рэчы Паспалітай, або Польска–Літоўскай Садружнасці.

У папярэдняй кнізе, манаграфіі пра Казімера Келес–Краўза, ідэолага ППС на пераломе ХIХ і ХХ ст., Снайдар раскрывае яго як аднаго з першых мысляроў, што спасціглі вытокі і сэнс сучаснага нацыяналізму, які заклікаў прызнаць нацыянальны статус няпольскіх насельнікаў былой Польска–Літоўскай Са­дружнасці і падтрымаць нацыянальныя памкненні ўсходніх суседзяў Польшчы і габрэяў. Гэтая салідная і грунтоўная праца, што ахоплівае розныя аспэкты ўзнікнення і развіцця нацыянальных і палітычных рухаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе у часы мадэрнізацыі, сталася добрай перадумовай для не менш грунтоўнай працы, што разглядаецца тут.

Найбольш каштоўнай рысай дадзенай кнігі ёсць, безумоўна, метадалагічна выніковы спосаб пабудовы доследу — разгляд мясцовых ідэнтычнасцяў у насельнікаў на землях Вялікага Княства ад старажытнасці і да новага часу, вызначэнне асаблівасцяў нараджэння і развіцця нацыянальных рухаў і параўнанне гэтых ідэнтычнасцяў і рухаў, з адзначэннем асноўнай палітыкі дзяржаваў (пераважна Расійскай імперыі) у дачыненні да ўзгаданых нацыяў (этнасаў) і рухаў. „Найбольш эфэктыўныя нацыянальныя ідэі ўлучаюць скажэнне мінулага; каб зразумець сілу, што здольная прынесці змены, якія ўтрымліваюць гэтыя ідэі, мы мусім адэкватна ацаніць мінулае“(17). Аўтар дае кароткі агляд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і адмыслова разглядае пытанні, што з’яўляюцца вузлавымі ў гістарыяграфіі разгляданага рэгіёну. Сярод іх — паходжанне і статус старабеларускай актавай мовы, паланізацыя арыстакратыі, канцэпт „тутэйшасці“, канцэпт гістарычнай Літвы ў творчасці Міцкевіча ды іншых пісьменнікаў, уніяцкая царква і мовы, якія ўжываліся ў ёй (з графікам працэнту ўжывання розных моваў па гадах), этнічная прыналежнасць Вільні і Віленшчыны ды шэраг іншых пытанняў.

Прыкладам, „тутэйшасць“ падаецца як „свядомае адмаўленне ад ідэалогіяў, што здаваліся непрыдатнымі для акрэсленых мясцовых рэаліяў і традыцыі. Тутэйшасць сялянаў з–пад Вільні была практычным адказам на скамплікаваныя ўзоры лінгвістычнай асіміляцыі і спробай дыпламатычным спосабам унікнуць абавязку станавіцца на бок або польскамоўнай шляхты, або расійскіх імперскіх чыноўнікаў“ (40). Адзначаецца таксама, што „патрыятызм Міцкевіча быў збудаваны не на мадэрнай этнічнай або лінгвістычнай дэфініцыі Польшчы, а на настальгічных рэспубліканскіх ідэях Вялікага Княства Літоўскага, якія ён супрацьстаўляў гістарычнаму ўяўленню аўтакратычнай Расіі“ (41).

У аналізе поспехаў адных нацыянальных рухаў і паразаў другіх аўтар даследуе, у які спосаб трактавалі гісторыю прадстаўнікі адпаведных рухаў. Там, дзе пэўныя этапы гісторыі ад­кідаліся і замест ужываліся вынаходніцтвы, справа ішла лягчэй, чымся ў выпадках, калі змена традыцыяў думалася праз  змены паводзінаў эліты. „Традыцыя ўлучае рэчы, што людзі робяць фактычна ў дадзены момант, тады як гісторыя апавядае пра тое, што людзі (як мяркуем) рабілі ў мінулым. Тое, дзе традыцыя спыняецца і дзе пачынаецца гісторыя, у вялікай меры залежыць ад сацыяльнага паходжання нацыянальных актывістаў.“ Літоўскія актывісты, пераважна сялянскага паходжання, ахвотна і лёгка выкідалі з свайго наратыву некалькі стагоддзяў і гаварылі пра адраджэнне. Беларускія актывісты, пераважна паходжаннем з польскамоўнай каталіцкай шляхты, з меншай лёгкасцю ўспрымалі ідэю стварэння этнічнай Беларусі на падставах насельніцтва і мовы, не азіраючыся на гісторыю. І гэта сталася адным з чыннікаў, што заміналі поспеху беларускага нацыянальнага руху. Паставіўшы сабе пытанне „Чаму беларускі рух пацярпеў няўдачу там, дзе іншыя мелі поспех?“, Тыматы Снайдар адзначае, што ў параўнанні з іншымі этнасамі раннемадэрновай гістарычнай Літвы „протабеларускі“ этнас меў усе падставы для поспеху. Ён быў самым шматлікім на разгляданым абшары, на ягонай мове вялося справаводства Вялікага Княства, дыялекты гэтай мовы былі прыдатнай падставай для стварэння літаратурнай мовы, у гэтым руху бралі ўдзел адданыя актывісты. Далей Снайдар аналізуе поспехі літоўцаў і палякаў, паралельна адзначаючы цяжкасці або немагчымасць скарыстаць з тых жа рэчаў для беларускага руху. Сярод перашкодаў для беларускага руху на пераломе ХIХ—ХХ ст. названыя некадыфікаванасць мовы, адсутнасць суро­дзічаў па–за межамі Расіі, на дапамогу якіх можна было б спа­дзявацца, як гэта было для палякаў і літоўцаў, адсутнасць насельніцтва, што чытала б толькі па–беларуску, бліз­касць беларускай мовы да моваў суседзяў, адсутнасць „нацыянальнага“ веравызнання і г.д. Усё гэта не новае, але ідэя сістэматычнага аналізу прычынаў, што выклікалі няўдачы беларускага руху ў ХХ ст., дагэтуль не рэалізаваная, і таму яна вартая самай пільнай увагі гісторыкаў, палітолагаў, культуролагаў ды спецыялістаў у розных галінах беларусаведы. Вельмі плённым падаецца параўнаўчы аналіз з’яваў адносна іншых, суабшарных або суседніх нацыянальных групаў, а таксама канцэнтрацыя ў гэткім аналізе на нейкай канкрэтнай з’яве, як гэта бліскуча зрабіў Снайдар, аналізуючы гісторыю віленскага пытання ў ХХ ст.

Аўтар не ўзгадвае і, здаецца, не дае сабе справы з размежаванасці беларускага грамадства па нацыянальных, веравы­знаўчых, сацыяльных „курыях“, і з рэзкай мяжы паміж імі, нават наўпрост — у прасторы (расійска–габрэйскі горад — габрэйскае мястэчка — „каталіцкі“ двор/фальварак — „тутэйшая“ вёска, акіян вёсак). Ці хто калі задумваўся над такімі вось словамі габрэя з Беларусі: „Калі б я не ведаў тэарэтычна, што мы, габрэі, жывем на выгнанні, я меў бы права сказаць, што жыву ў габрэйскай краіне — так мала рэчаў у нашым краі, Беларусі, нагадвала нам пра выгнанне. Здавалася, край  гэты некалі належаў гоям, але мы, габрэі, захапілі яго зброяй і, як часта бывае ў гісторыі, па праву пераможцаў сталі валадарамі — калі не ў палітычным сэнсе, дык дакладна ў сэнсе эканамічным, нацыянальным і культурным“[2].

Цікавыя думкі ёсць у ягоным аналізе імперскай расійскай і савецкай нацыянальнай палітыкі, напрыклад спробы зрабіць гісторыю Вялікага Княства, як „Рускай дзяржавы“, часткай гісторыі Расіі і праз тое элімінаваць магчымасць выкарыстання яе (гісторыі Княства) канкуруючымі гістарыяграфіямі. З гэтай нагоды можна пашкадаваць, як мала Расія вывучаная беларускімі навукоўцамі. Менавіта дакладнае вывучэнне Расіі, гісторыі расій­скага нацыянальнага ўсведамлення паможа больш дакладна, навукова акрэсліць, чым мы не ёсць. Расія зрабілася шматнацыянальнай імперыяй перад тым, як сфармавалася расійская нацыянальная ідэнтычнасць; паміж калоніямі і метраполіяй не было яснага тэрытарыяльнага размежавання; роля дзяржавы была ўсеахопнай, грамадства атаесамлялася з дзяржавай; гэтая роля дзяржавы не паменшылася, а нават узрасла, калі ўладу ад аўтакратыі перанялі радыкальныя сацыялісты[3]. І так далей, і да таго падобнае — кожная бадай расійская рыса ёсць унікальная, і кожная мусіць стаць, так бы мовіць, „штакецінай у плоце“ паміж дзвюма ідэнтычнасцямі, беларускай і расійскай.

Вартыя ўвагі назіранні Т. Снайдара пра тое, як літоўская і расійская гісторыясофіі спалучылі ў наратывах Сярэднявечча з сучаснасцю, прапускаючы раннемадэрны час; як савецкі камунізм браў удзел у гамагенізацыі нацыяў і ўзмацненні паваенных Польшчы і Літвы, як рознілася палітыка і трактаванні польскай нацыянальнай меншасці ў БССР і ў Літоўскай ССР, як развіваліся падзеі 1989—1991 г. у Беларусі і ў Літве, як Беларусь змянілася ў першае дзесяцігоддзе незалежнасці. Тут падаецца вартым нагадаць пра адсутнасць салідных доследаў гісторыі савецкага часу, савецкай нацыянальнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Шмат можна было б скарыстаць з ідэяў Снайдара, выказаных пры аналізе сітуацыі вакол Вільні, польска–ўкраінскага канфлікту і другога адраджэння Польшчы. Недаследаваны і ўплыў мадэрнізацыі на беларускае грамадства ў ХХ ст., і трансфармацыя Беларусі пад гэтым уплывам.

Аўтар менш інфармаваны пра функцыянаванне беларускай нацыянальнай ідэі, лічыць, што яна ў сучасным выглядзе яшчэ не існуе, і лічыць падставай для яе поспеху сінтэзу міфічнага канцэпту Вялікага Княства, праваслаўнай рэлігіі і савецкай гістарычнай памяці бальшыні беларускага насельніцтва. „Такая сінтэза, як і з’яўленне Адама Міцкевіча ў ролі беларускага нацыяналіста, будзе знакам павароту беларускай нацыянальнай ідэі да сучаснасці“ (284).  І яшчэ: „Нацыяналізм прэтэндуе на пераемнасць. На справе ж ён мусіць улучаць рэканструкцыю раннемадэрных палітычных традыцыяў дастаткова радыкальна, каб даць магчымасць масам зразумець і пажадаць далучыцца да новаазначанай палітычнай супольнасці“ ( 281).

Наагул аўтар стрымана аптымістычны ў адносінах да беларускага руху, паказвае, што ён мае, урэшце, не менш падставаў для поспеху, чым рухі літоўскі і польскі. Усё гэта паказвае, што гісторыя Беларусі — гэта захапляльная, хоць і малавядомая па–за краем, навуковая дзялянка, якая дае прастору выпрабаваць інтэлектуальныя сілы, што паказвае цяпер і паспяховая праца гарвардскага даследчыка Тыматы Снайдара.
Нью–Ёрк

Віталь Зайка


[1] Kotkin, Stephen. Trashcanistan // New Republic. April 15, 2002.
[2] Жытлоўскі, Хаім. Зіхройнэс фун майн лэбн [„Успаміны з майго жыцця“, Ідыш]. Нью–Ёрк. 1935. С. 119.
[3] Szporluk R. Communism and Nationalism. Karl Marx Versus Friedrich List. Oxford University Press, New York—Oxford. 1988. Р. 206—207.

Наверх

Die polnische Heimatarmee: Geschichte und Mythos der Armia Krajowa seit dem Zweitem Weltkrieg. Im Auftrag des Militärgeschichtlichen Forschungsamtes herausgegeben von Bernhard Chiari unter Mitarbeit Jerzy Kochanowski (Сяргей Новікаў)

Снежня 8, 2002 |


Die polnische Heimatarmee: Geschichte und Mythos der Armia Krajowa seit dem Zweitem Weltkrieg. Im Auftrag des Militärgeschichtlichen Forschungsamtes herausgegeben von Bernhard Chiari unter Mitarbeit Jerzy Kochanowski. R.Oldenbourg Verlang München 2003. 948.

Кніга ўяўляе сабой том навуковых артыкулаў польскіх, нямецкіх, беларускіх, амерыканскіх і англійскіх аўтараў, якія імкнуцца выявіць сутнасць складанага працэсу асэнсавання праблемы польскай Арміі Краёвай і яе гісторыі з часоў II сусветнай вайны. Асновай такога пошуку з’яўляўся прынцып актуальнасці навуковай праблематыкі і яе дыскусійнасці сярод навукоўцаў Польшчы, Нямеччыны і краін былога СССР. Менавіта такі падыход да навуковых матэрыялаў павінен, як адзначана ва ўступным артыкуле адказнага рэдактара, садзейнічаць „нямецкаму разуменню польскай нацыянальнай гісторыі“ (12).

Адкрываюць зборнік словы падзякі адказнага рэдактара, які звяртае ўвагу чытача на важнасць праведзенай работы „як вялікага гістарычнага праекта“ і пры гэтым заўважае, што мэтай было выданне „кнігі, а не зборніка артыкулаў“ (ХI).

Асноўны змест кнігі складаюць чатыры раздзелы, прысвечаныя асобным тэмам. Выданне пачынаецца кароткай прадмовай, у якой кіраўнік Цэнтра ваенна–гістарычных даследаванняў у Патсдаме доктар Йорг Дуплер адзначае, што гэтая кніга ўпершыню робіць даступнымі шырокай нямецкамоўнай аўдыторыі вынікі польска–беларускіх і англійска–амерыканскіх даследаванняў.

Ва ўступным артыкуле „Айчынная армія ў адлюстраванні польскай нацыянальнай ідэнтычнасці“ (1—25) нямецкі даследчык Бернгард К’яры спыняецца на гістарычных і гістарыягра­фічных аспектах гісторыі Арміі Краёвай, кіраўніцтва якой у гады II сусветнай вайны ажыццяўляў польскі эміграцыйны ўрад спачатку з Францыі, а потым — з Лондана. Менавіта з гэтай амаль 400 000 арміяй звязана гісторыя польскага ваеннага су­праціву. Б. К’яры канстатуе, што АК аб’яднала вакол сябе значную частку палітычна разрозненых падпольных арганізацый і „стала сінонімам ваенных поспехаў польскага падполля“. Калі да 1943 г. формамі барацьбы былі дыверсіі і разведка, дык на за­ключнай фазе — дзейнасць вялікіх ваенных фармаванняў. З лета 1944 г. Чырвоная Армія і савецкі НКУС пачалі разгром частак Арміі Краёвай. У рамках „чыстак“ быў арыштаваны і ліквідаваны кіроўны корпус, вайсковыя часткі раззброены ці ўключаны ў склад прасавецкіх фармаванняў. Аўтар ставіць перад сабой пытанні: чым у сапраўднасці была Армія Краёва і ў чым яе значэнне для палякаў і польскага грамадства як у ваенным, так і ў палітычна–маральным сэнсе? Нямецкі даследчык добра ўсведамляе, „наколькі складаным за­стаецца па сённяшні дзень абыходжанне палякаў з цэнтральнай тэмай сваёй ваеннай гісторыі ХХ ст.“ (3, 12). Ён зазначае, што прапанаваныя ў гэтым выданні навуковыя працы ўяўляюць сабой частку складанай дыскусіі, таму навуковыя артыкулы ператвараюць кнігу не столькі ў працу аб нейкім адным аспекце польскай гісторыі, колькі ў сведчанне пра пэўнае „абыходжанне з ёй“. Аўтар адзначае, што ў дачыненні да пасляваеннай гісторыі размова ідзе пра тое, якую ролю адыгралі „міфы аб Арміі Краёвай“ непасрэдна ў Польшчы, у посткамуністычнай Польшчы, а таксама ў нацыянальнай самасвядомасці і ў дзяржаўнай інсцэніроўцы.

Першы раздзел („Польская Армія Краёва і яе ваенна–гістарычнае поле“, 29—299) уключае матэрыялы, якія акрэс­ліваюць гістарычныя, арганізацыйна–структурныя і ваенныя рамкі праблемы. Пачынаецца раздзел навуковым артыкулам прафесара Фрайбургскага універсітэта Бернда Марціна „Бар’еры — масты — барыкады. Гістарычныя перспектывы нямецка–польскага суседства ў ХIХ—ХХ ст.“. Разглядаючы гісторыю адносін дзвюх краін і народаў, аўтар прыходзіць ад высновы пра неабходнасць „сумесных намаганняў“ пры пераадоленні „нацыянальна абумоўленых і гістарычна замацаваных ментальных бар’ераў“ (49).

Ганс–Юрген Бёмельбург — навуковы супрацоўнік Нямецкага Інстытута ў Варшаве — прапануе аналіз нямецкай палітыкі на акупаванай тэрыторыі Польшчы ў 1939—1945 г., зыходзячы пры гэтым з агляду „неабходнай літаратуры“ і вызначаючы новыя тэндэнцыі ў даследаванні нямецкай акупацыйнай палітыкі на тэрыторыі Польшчы ў гады II сусветнай вайны. Ванда Крысціна Раман прапануе чытачу гістарычны разгляд „палітыкі Савецкага Саюза ў дачыненні да ўсходніх тэрыторый Рэспублікі Польшча“ ці „крэсаў усходніх“, „польскіх усходніх абласцей“ у 1939—1941 г.“ Аўтарка падрабязна паказвае гістарычныя этапы правядзення палітыкі „савецкай акупацыі“ пасля 17 верасня 1939 г. (88), характарызуе яе на пры­кладзе „саветызацыі“ анексаваных усходніх ваяводстваў (90), раскрывае сутнасць „грамадскай перабудовы“ (96), паказвае „супраціў і тэрор на анексаваных тэрыторыях“ (100), разглядае асаблівасці „дэпартацыі насельнітцва“ (104), а таксама выяўляе „перспектывы акупаваных і анексаваных польскіх тэрыторый“ (106). Аўтары абодвух артыкулаў звяртаюць увагу на неабходнасць аб’ектыўнага ўліку ўсіх гістарычных фактаў, якія сталі прычынай стварэння Арміі Краёвай, яе рашучай барацьбы супраць акупантаў і захавання ў памяці польскага народа пасля II сусветнай вайны.

Прафесар Ягелонскага універсітэта Гжэгаж Мазур у артыкуле „Саюз узброенай барацьбы — Армія Краёва“ падрабязна спыняецца на гісторыі фармавання вайсковага саюзу, разглядаючы розныя ўзброеныя групы, асновай якіх лічыліся „ўкамплектаваныя часткі“ колькасцю ад 35 да 54 чалавек. У аснове дзейнасці тэрытарыяльнай структуры АК ляжалі акругі, падпарадкаваныя непасрэдна галоўным камендатурам у Варшаве, Кракаве, Познані, Львове. Артыкул Марэка Ной–Крвавіч паказвае „сістэму і храналогію“ мерапрыемстваў польскага эміграцыйнага ўрада па кіраўніцтву Арміяй Краёвай (151—168). Служба інфармацыі і разведкі АК выконвала назвычай важную ролю ў барацьбе яе канспіратыўных структур. У гэтай сувязі выклікаюць цікавасць звесткі пра супрацоўніцтва польскай падпольнай разведкі і службаў брытанскай разведкі, якія атрымлівалі інфармацыю пра падрыхтоўку Нямеччынай найноўшага „ракетнага ўзбраення“ (182).

Пётр Колакоўскі з Памеранскай педагагічнай акадэміі да­следуе пытанне аб раскрыцці польскага падполля савецкімі службамі разведкі і бяспекі на працягу 1939—1945 г. Ён разглядае гэта паэтапна: спачатку ва ўмовах „саветызацыі 1939—1941 г.“, потым пасля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз, на пры­кладах паказу „барацьбы супраць незалежнага польскага падполля“, выяўлення ролі польскага камуністычнага падполля і, урэшце, пасля разгрому Чырвонай Арміяй „польскай падпольнай дзяржавы“ (205). Даследчык заключае, што савецкім службам бяспекі спатрэбілася каля трох месяцаў, ад студзеня да сакавіка 1945 г., для „амаль поўнай ліквідацыі“ польскага падполля. Увогуле за перыяд з лета 1944 да канца вясны 1945 г. савецкімі службамі бяспекі і „смершам“ было арыштавана 50 000 салдат Арміі Краёвай (216).

Найвышэйшай кропкай „антынямецкага супраціву палякаў у гады Другой сусветнай вайны“ прафесар Варшаўскага уні­версітэта Владзімеж Барадзей лічыць „Варшаўскае паўстанне“, якое працягвалася з 1 жніўня да 2 кастрычніка 1944 г., але пацярпела жорсткую паразу. Вынікам стала гібель вялікай колькасці паўстанцаў. Правесці дакладныя падлікі агульнай колькасці ахвяр Варшаўскага паўстання, заўважае аўтар, пакуль практычна немагчыма. Часцей за ўсё размова ідзе пра 150—180 тыс. загінулых, сярод якіх колькасць цывільных грамадзян складала амаль 90%. На думку аўтара, прычыны паражэння Варшаўскага паўстання неабходна шукаць „не ў ваеннай, а ў палітычнай галіне“ (217). Да ліку другой цэнтральнай ваеннай аперацыі, праведзенай кіраўніцтвам польскай Арміі Краёвай, аднесена і аперацыя „Бурса“. Пад такой назвай АК правяла важную аперацыю, добра падрыхтаваную і скаардынаваную, але безвыніковую. Аднак у тых умовах, калі ўдзельнікі аперацыі выяўлялі прыклады гераізму, гэта была „вельмі высокая цана“, сцвярджае ў сваім артыкуле аўтар матэрыялу — Гжэгаж Мазур. Хоць абедзве аперацыі і пацярпелі жорсткую паразу, аднак менавіта гэтыя падзеі застаюцца найбольш значнымі для „самавызначэння пакалення ваеннага супраціву“.

На вынікі ваенных аперацый значна ўплывала дзейнасць савецкіх органаў НКУС, — сцвярджае ў заключным артыкуле першага раздзела Гаральд Мольдэнхаўэр (275—299). Разглядаючы падзеі „перыяду люблінскай Польшчы з ліпеня 1944 да чэрвеня 1945 г.“, аўтар спыняеца на асобных пытаннях: пра савецкую палітыку ў дачыненні да Польшчы на за­ключнай фазе вайны; пра раззбраенні і інтэрнаванні АК; пра формы і маштабы барацьбы НКУС з польскай падпольнай арміяй; пра „чыстку“ новых польскіх органаў улады ад „акаўцаў“ і пра „маскоўскі працэс 16–ці“ супраць кіраўнікоў падпольнай Арміі Краёвай.

Другі раздзел „Ваенная штодзённасць“ пачынаецца артыкулам дактаранта Варшаўскага універсітэта Пятра Маеўскага „Праграма і арганізацыі «цывільнай барацьбы» польскага акупаванага грамадства“. Істотным момантам той барацьбы аўтар лічыць тое, што польскае насельніцтва ва ўмовах жорсткай нямецкай акупацыі „чэрпала сілы для выжывання ў дзейнасці падпольных арганізацый“ і гартавала свой характар у барацьбе, дзякуючы патрыятызму і салідарнасці змагароў, веры ў будучае сваёй краіны (304). Гэта было бачна на шэрагу прыкладаў дзейнасці як органаў польскага падпольнага ўрада, так і многіх ініцыятыў палітычных арганізацый і асобных падпольных груповак. Артыкул кіраўніка аддзела гданьскага Інстытута нацыянальнай памяці Януша Маршалэка прысвечаны раскрыццю „рэальнай штодзённасці акупаванага грамадства“ ва ўмовах тэрору нямецкіх акупантаў. Ён паказвае, што непасрэдна ў гістарычным цэнтры Польшчы, дзе ні нацыянальныя пытанні, ні праблемы межаў не здолелі аслабіць „волю супраціву насельніцтва“, салдаты Арміі Краёвай праходзілі складаныя выпрабаванні ва ўмовах „тэрору нямецкіх акупантаў“ з аднаго боку, а з другога — пастаяннымі канфліктамі з савецкімі партызанскімі фармаваннямі (353).

Памежную вобласць інтэракцыі паміж захопнікамі і захопленымі асвятляе вядомы даследчык праблем халакосту Марцін Дзін. На аснове дакументаў і матэрыялаў судовых працэсаў у Польшчы і Савецкім Саюзе супраць „здраднікаў радзімы“ аўтар паказвае ўдзел палякаў у „стварэнні нямецкай добраахвотнай паліцыі“. М.Дзін прыводзць прыклады беспаспяховых намаганняў нямецкіх службаў бяспекі ў стварэнні выключна „этнічна аднародных паліцэйскіх службаў“. На справе рэальнасцю стала „штодзённасць злачынстваў“. На думку аўтара, да міфаў пра Армію Краёву і савецкі партызанскі рух можна аднесці сцвярджэнне, што і першыя, і другія вялі „барацьбу супраць мясцовых паліцэйскіх“. Тэма „непасрэднага“ ўдзелу польскіх паліцэйскіх фармаванняў у забойствах яўрэяў на тэрыторыі ўсходняй Польшчы застаецца пакуль складанай па прычыне недастатковасці яе распрацоўкі на аснове выяўлення новых матэрыялаў. Між тым, аўтар даводзіць, што „не менш за 10% паліцэйскіх у Беларусі з’яўляліся палякамі“ (368). Спецыяльнае даследаванне гэтага пытання Марцін Дзін прапануе знайсці чытачу на старонках сваёй найноўшай англамоўнай працы „Калабарацыя ў часы халакосту. Злачынствы мясцовай паліцыі ў Беларусі і Ўкраіне: 1941—1944“ (Лондан, 2000).

Узаемаадносінам каталіцкага касцёла і АК прысвечана публікацыя прафесара тэалогіі універсітэта ў Катавіцах Ежы Мішора. Ён спыняецца на дзейнасці асобных прадстаўнікоў польскага духавенства, выяўляючы пры гэтым у асноўным факты адэкватнасці ацэнак „узброенай барацьбы“. Пытанне маштабаў удзелу ў падпольнай барацьбе польскіх жанчын раскрываецца ў артыкуле настаўніцы гімназіі з Бадэн–Бадэна Каці Хёгер. Дакладныя прыклады такога ўдзелу яна знаходзіць у гісторыі Варшаўскага паўстання, у якім жанчын можна было пабачыць на „класічна жаночых ролях“ (408). Вальдэмар Беднарскі малюе „твар вайны ў абшчыне Котліцы“, разглядаючы гісторыю абшчыны на прыкладзе „польска–ўкраінскіх супярэчнасцяў“, якія з 1944 г. перараслі ў адкрыты ваенны канфлікт (426).

„Польскі супраціў і Армія Краёва ў прапагандзе і друку „генерал–губернатарства“ разглядае навуковы супрацоўнік універсітэта Бундэсвера ў Гамбургу Ларс Йокхек (431—471). Ён спыняецца на дзейнасці польскага супраціву, інфармацыя пра які ў гады акупацыі на старонках друку знаходзілася пад кантролем нацыянал–сацыялісцкай прапагандысцкай машыны, у выніку чаго ў дачыненні да ўдзельнікаў польскага супраціву ў „генерал–губернатарстве“ распаўсюджвалася інфармацыя як пра „бандытаў“, „тэрарыстаў“ і „агентаў“ (471). Пра ацэнку Варшаўскага паўстання салдатамі германскага вермахта вядзецца ў матэрыяле дактаранткі Базэльскага універсітэта Анкі Стэфан, якая знаходзіць пацверджанні таму, што існавала прынцыповае разыходжанне ў ацэнцы дзейнасці Арміі Краёвай паміж нацысцкай прапагандай і самімі салдатамі вермахта (494). Заключны матэрыял раздзела, аўтарам якога з’яўляецца Бернгард К’яры, пры­свечаны лакальным „нямецка–польскім кантактам“, ці асобным фактам „ваеннай кааперацыі паміж АК і вермахтам“ на рубяжы 1943/44 г.

Трэці раздзел кнігі прысвечаны нацыянальным і тэрытарыяльным аспектам праблемы (529—676). У тэкстах польскіх, беларускіх, нямецкіх і амерыканскіх аўтараў раскрываюцца асаблівасці рэгіянальнай, канфесійнай, моўнай і палітычнай ідэнтычнасці польскага насельніцва ва ўмовах ваеннага су­працьстаяння і нацыянальных эксцэсаў. Гжэгаж Матэйка і Цімаці Шнайдэр спыняюца на „польска–ўкраінскіх супярэчнасцях“ на тэрыторыі Падоліі, Усходняй Галіцыі і Заходняй Украіны ў гады II сусветнай вайны, Пётр Нівінскі — на „нацыянальных пытаннях“ у Віленскай акрузе. Франк Гальчэўскі акцэнтуе ўвагу на адносінах паміж Арміяй Краёвай і яўрэямі, у тым ліку на паўстанні ў Варшаўскім гета.

Асаблівы інтарэс для айчыннага чытача ў трэцім раздзеле маюць тры навуковыя артыкулы, прысвечаныя беларускаму рэгіёну. Першы належыць супрацоўніку Варшаўскай рады па захаванні памяці аб загінулых змагарах Казімежу Краеўскаму. Спачатку аўтар дае агульную характарыстыку ваяводству Нава­градак да пачатку вайны: з тэрыторыяй (плошча 22 966 кв.км); складам насельніцтва (усяго 1 055 147 чалавек, у тым ліку ў Баранавічах — 36 000 і Лідзе — 30 000 жыхароў); моўнай сітуацыяй (размаўлялі па–польску — 553 859 чалавек, па–беларуску — 413 466, да яўрэяў адносілася 74 025 чалавек); рэлігійным (рымска–каталіцкая царква ахоплівала 424 549 жыхароў, праваслаўных было 542 333 чалавекі, яўрэйскай веры прытрымлівалася 82 972 чалавекі) і гаспадарчым становішчы (за выключэннем апрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і дрэваапрацоўкі адсутнічала прамысловасць, 29% тэрыторыі акру­гі займалі лясы) (563—564). На фоне гістарычных падзей 1939—1945 г. К.Краеўскі разглядае асобныя пытанні пачатковай фазы вайны 1939—1941 г. (565—567), структуру, арганізацыю і баявыя дзеянні АК у Наваградскай акрузе (567—572), беларускае пытанне ў гэтай акрузе і нямецкую палітыку (572—576), савецкі партызанскі рух на тэрыторыі Наваград­скай акругі і яго ўплыў на польскае насельніцтва ды АК (576—579), польска–нямецкія сувязі на гэтай тэрыторыі (579—582) і інш.

„Дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі“ (585—597) стаіць у цэнтры ўвагі прафесара Гродзенскага універсітэта І.Крэня. Неабходнасць такога разгляду тлумачыцца тым, сцвярджае аўтар, што ў „навуцы (і не толькі)“ дзейнасць Арміі Краёвай на працягу доўгага часу была „белай плямай“ як для беларускіх гісторыкаў, так і для беларускіх чытачоў (с. 585). Для ўсебаковага раскрыцця пастаўленай праблемы І.Крэнь прапануе агляд беларускай гістарыяграфіі ў дачыненні да польскага падполля і заключае, што на сённяшні дзень у гістарычнай навуцы ёсць патрэба ў „пошуку ісціны шляхам шырокай дыскусіі на аснове дакументаў і сведчанняў відавочцаў“ (с. 590). Апрача таго І.Крэнь разглядае пытанні „гістарычнага развіцця беларускай мяжы“ (с.591—596), „афіцыйнага стаўлення да „польскай спадчыны“ ў Беларусі“ (с.595—596).

Другі беларускі гісторык, які браў удзел у стварэнні кнігі „Польская Армія Краёва“ — выкладчык гістарычнага факультэта Мінскага педуніверсітэта Зыгмунт Барадзін, апублікаваў артыкул „Беларуская гістарыяграфія ды публіцыстыка і Армія Краёва ў паўночна–усходніх абласцях Рэчы Паспалітай у 1939—1945 г.“ (599—616). Зыходнымі момантамі для разгляду праблемы аўтар лічыць: па–першае, той факт, што да Патс­дамcкай канферэнцыі „польскія паўночна–ўсходнія вобласці“ належалі дэ юрэ да Польшчы і толькі ад жніўня 1945 г. — да БССР (599); па–другое, сярод навуковых прац беларускіх да­следчыкаў асаблівае значэнне маюць работы А.Літвіна, Л.Скрабінай, У.Барабаша і А.Хацкевіча (599); па–трэцяе, большасць апублікаваных артыкулаў і кніг характарызуе тое, што ацэнка дзейнасці Арміі Краёвай складвалася пад „моцным уплы­вам прапаганды і эмоцыяў“ (600). Барадзін аспрэчвае шэраг састарэлых гістарыяграфічных і гістарычных пастулатаў, спыняючыся на юрыдычных аспектах дзейнасці АК на т.зв. „крэсах усходніх“ (600—601), перыядызацыі гісторыі АК у Беларусі (601—602), выкарыстанні беларускімі гісторыкамі ар­хіўных дакументаў (605—607), раззбраенні фармаванняў АК савецкімі партызанамі ў Віленскай і Наваградскай акругах (608—610), маштабе і цане канфлікту паміж савецкімі партызанамі і АК (610—613) і інш. Аўтар завяршае артыкул пытаннем пра тое, ці існуе беларускі погляд на гісторыю польскай АК. Барадзін лічыць, што беларускія гісторыкі часцей за ўсё „атаесамляюць інтарэсы беларускага народа з палітыкай сталін­скага кіраўніцтва“ (616). Барацьба супраць польскай падпольнай арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы з’яўлялася „выключна элементам знешняй палітыкі СССР“ (616). Яе мэтай былі „падпарадкаванне і саветызацыя дзяржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы“ (616). На жаль, як заўважае аўтар, да сённяшняга дня ў беларускай гістарыя­графіі немагчыма знайсці новы падыход у даследаванні праблематыкі АК (616), паколькі дагэтуль выкрыстоўваецца „старая версія гісторыі часоў Л.Цанавы“. Барадзін перакананы, што сапраўднае вывучэнне гісторыі Арміі Краёвай у Беларусі „толькі пачалося“ (616).

Заключны раздзел кнігі прысвечаны пасляваеннаму часу. У ім разглядаюцца пытанні стварэння міфа Арміі Краёвай і таго, якую ролю ён адыграў у Польскай Народнай Рэспубліцы, а таксама пасля заканчэння эры камунізму (679—861). Цэнтральнымі тут можна лічыць артыкулы Рафаля Ўнука, Эдмунда Дзмітрова і Барбары Шчакі. Аўтар першага заключае, што менавіта пазітыўная карціна АК як арганізацыі, што змагалася за свабоду і дэмакратычныя каштоўнасці, са­дзейнічала ўзнікненню супраціву „камуністычнаму рэжыму“ (806). Эдмунд Дзмі­троў у суаўтарстве з Юры Кулаком звяртаюцца да „польскай спрэчкі гісторыкаў“ наконт таго, чым была АК і якую ролю яна адыграла ў гісторыі палякаў у 1939—1945 г. Падрабязна разглядаючы асноўныя этапы шматгадовай навуковай, палітычнай і грамадскай дыскусіі, аўтары пагаджаюцца, што гісторыя АК „стала ўзорам і кры­ніцай духоўных сіл“. У заключным матэрыяле, аўтарам якога з’яўляецца прафесар Варшаўскага універсітэта Барбара Шчака, прапануецца сацыялагічны аналіз гісторыі Арміі Краёвай у польскай калектыўнай памяці.

Завяршаюць кнігу дадаткі — храналогія гісторыі АК з 26/27 верасня 1939 г. да 1 ліпеня 1945 г.; фота­здымкі; карты, у тым ліку Варшаўскага паўстання; спіс скарачэнняў; імянны паказальнік і бібліяграфія польскай „Айчыннай Арміі“ з 1945 да 2002 г.
Мінск

Сяргей Новікаў

Наверх

Independent Belarus: Domestic Determinants, Regional Dynamics, and Implications for the West. Ed. By Margarita M. Balmaceda, James I. Clem, Lisbeth L. Tarlow (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 7, 2002 |

Independent Belarus: Domestic Determinants, Regional Dynamics, and Implications for the West. Edited by Margarita M.Balmaceda, James I.Clem, Lisbeth L.Tarlow. Harvard Ukrainian Research Institute and Davis Center for Russian Studies. Cambridge, Mass., 2002. 483.

Калектыўная манаграфія, падрыхтаваная гарвардскімі Цэнтрам украінскіх даследаванняў і Цэнтрам Дэвіса па вывучэнні Расіі, была выдадзеная з дапамогай Фундацыі Сміта Рычардсана. Кніга складаецца з уступу рэдактараў, чатырох (умоўна вызначаных рэдактарамі) рознавялікіх раздзелаў:  „Унутраная палітыка“  (21—108), „Беларуская эканоміка“ (109—196), „Расія і Беларусь: узаемаўспрыманне і ўзаемаўплывы“ (197—255), „Беларусь і еўрапейская бяспека“ (256—458); у Дадатку змешчаны тэкст „Хартыі–97“ (на беларускай і англійскай мовах) і Паказальнік стрыжнявых паняццяў ды імёнаў, што згадваюцца ў тэксце.

Ва Ўступе рэдактары манаграфіі, у прыватнасці, сцвярджаюць: „Беларускі досвед як выключэнне з агульнай больш тыповай рэгіянальнай тэндэнцыі руху ў кірунку рэформаў прапаноўвае каштоўную магчымасць зрабіць аналіз таго выпадку, калі дэмакратыя ў постсавецкім кантэксце церпіць паразу. Параўноўваючы беларускі досвед з іншым, можна даць ацэнку слабасці беларускае нацыянальнае самаідэнтычнасці, а таксама ахарактарызаваць індывідуальную ролю прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Разуменне ступені выключнасці беларускай сітуа­цыі вельмі істотнае для ацэнкі верагоднасці таго, што сцэнар развіцця беларускай сітуацыі можа паўтарыцца ў суседніх з ёй краінах“ (5). Далей аўтары Ўступу ўводзяць чытача ў гісторыю палітычнага жыцця Беларусі з часу ўзнаўлення яе незалежнасці ў 1991 г., падкрэсліваючы, у прыватнасці, што на пачатку 90–х г. „апазіцыя Беларускага Народнага Фронту заставалася невялікай групай інтэлектуалаў, а беларуская дзяржава стваралася і была кіраваная тымі самымі камуністычнымі кіраўнікамі, што яшчэ за год перад абвяшчэннем незалежнасці былі яе праціўнікамі“ (6). Асноўныя раздзелы кнігі пачынаюцца артыкулам кіраўніка Цэнтра Дэвіса па вывучэнні Расіі Тыматы Дж. Колтана (Timothy J.Colton) пад назвай“Беларуская грамадская думка і саюз з Расі­яй“. Аўтар разважае пра неадназначныя і часта ўзаемавыключальныя вынікі грамадскіх апытанняў, што цягам апошніх гадоў праводзіліся сярод беларусаў па пытанні незалежнасці краіны і саюзу Беларусі з Расійскай Федэрацыяй (у мана­графіі найчасцей цытуюцца звесткі па выніках сацыялагічных апытанняў Незалежнага інстытута сацыяльных, эканамічных і палітычных даследаванняў). Робячы высновы, Т.Дж.Колтан падкрэслівае, што „дзесяць мільёнаў беларусаў будуць шчаслівейшыя, маючы аўтаномнае грамадства і свабоду выбару ў пабудове мастоў супрацоўніцтва з Усходам або з Захадам, чым калі б яны былі прыдаткам да новай Расіі“ (51—52). Разам з тым, аўтар гэтага падраздзела за­значае абмежаванасць заходніх уплываў на стан свядомасці бальшыні жыхарства Беларусі, у т.л. на інфармаванасць беларусаў пра падзеі ўнутранага і міжнароднага жыцця. У наступным падраздзеле канадскі гісторык Дэвід Р.Марплс (David R.Marples) і беларускі палітпсіхолаг Уладзімір Падгол разглядаюць гісторыю, патэнцыял і перспектывы дзейнасці беларускай палітычнай апазіцыі, у цэлым адмаўляючы песімістычныя прагнозы наконт яе будучыні. Матэрыял „Феномен Лукашэнкі“ напісаны добравядомым у Беларусі нямецкім гісторыкам Райнэрам Лінднэрам (Rainer Lindner), які чарговы раз дэманструе сваю добрую аба­знанасць у падзеях найноўшай беларускай палітычнай гісторыі і разам з тым, на наш погляд, пераацэньвае магчымасці пашырэння эканамічнага супрацоў­ніц­тва Захаду з Беларуссю пры сённяшнім беларускім рэжыме. Патрысія Брукоф (Patricia Brukoff) у наступным падраздзеле манаграфіі выказвае вялікі сумнеў наконт магчымасці беларускай эканомікі ў перспектыве забяспечваць адносную стабільнасць сённяшніх жыццёвых стандартаў. Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў, у сваю чаргу, аналізуе магчымасці развіцця прыватнага сектара ў сучаснай эканоміцы Беларусі і пашырэння ўплыву сярэдняга класа на палітычную сітуацыю і  змены, што маюць адбыцца. Гэты падраз­дзел кнігі цікавы падборам табліц вынікаў сацыялагічных даследаванняў, праведзеных НІСЭПД  па пытаннях стаўлення насельніцтва Беларусі (і паасобных беларускіх рэгіёнаў) да формаў уласнасці, да іншых эканамічных, сацыяльных і маральных каштоўнасцяў, высвятлення прычын таго або іншага стаўлення рэспандэнтаў да сённяшняй улады і персанальна да А.Лукашэнкі. Маргарыта Бальмасэда (Margarita M.Balmaceda) у наступнай частцы першага раздзела разглядае пытанне ўнутранай ды знешняй палітыкі Беларусі як транзітнай краіны ў кантэксце яе асаблівага геапалітычнага становішча, зазначаючы, у прыватнасці,  што сёння плённаму выкарыстанню выгодаў ад спрыяльнага транзітнага становішча Беларусі перашкаджае „нестабільнасць яе дачыненняў з заходнімі краінамі–суседзямі“ (195).

Даследчык з Інстытута Еўропы Аркадзь Мошас (Arkady Moshes) аналізуе ролю Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай палітыцы. Высновы гэтага аўтара супадаюць з высновамі шмат якіх беларускіх палітолагаў: першасным  для А.Лукшэнкі ёсць пытанне яго асабістай улады, а ўся астатняя дзейнасць, у т.л. па прасоўванні інтэграцыі з Расіяй, падпарадкаваная задачы захавання і ўзмацнення гэтай улады. Колішні беларускі дыпламат Андрэй Саннікаў робіць спробу аналізу эвалюцыі стаўлення Масквы да Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсліваючы, што за пуцінскім часам яно набыло больш прагматычныя рысы. Гістарычны экскурс у дачыненні да пытання беларуска–расійскай інтэграцыі на постсавецкай прасторы робяць беларускі журналіст Юры Дракахруст і  расійскі палітолаг Дзмітры Фурман. Выканаўчы дырэктар Цэнтра міжнародных даследаванняў інстытута кіравання імя Дж. Ф. Кенэды пры Гарвардскім універсітэце Джон Рэперт (John C.Reppert)  прысвяціў свой падраздзел манаграфіі разгляду ролі фактару бяспекі ў гістарычным развіцці Беларусі ў недалёкім мінулым і ў агляднай будучыні. На яго думку, актывізацыя палітыкі НАТО ў справе пашырэння на ўсход пад­штурхоўвае Беларусь і Расію да больш шчыльнага супрацоўніцтва ў вайсковай сферы, а пры пэўных акалічнасцях да гэтага супрацоўніцтва магла б далучыцца і Ўкраіна; але ўцягванне Беларусі ў дзеянні ў „гарачых кропках“ на постсавецкай прасторы, наадварот, мусіла б прывесці да больш актыўнага павароту Ўкраіны ў бок НАТО. Нямецкія даследчыцы Астрыд Зам (Astrid Sahm) і  Кірстэн Вэстфаль (Kirsten Westphal) падрабязна асвятляюць гісторыю беларускага  ўдзелу ў рэалізацыі праекта газа­правода „Ямал—Еўропа“, у прыватнасці, палітычнай заангажаванасці ўрада В.Чарнамырдзіна і кіраўніцтва расійскага „Газ­прома“ пад час палітычнага крызісу ў Беларусі, звязанага з правядзеннем рэферэндуму 1996 г.

Кіраўнік Ваеннага аддзела Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў ва Ўкраіне Рыгор Перапяліца (Григорій Перепелиця) аналізуе беларускі чыннік у еўрапейскай палітыцы Ўкраіны. Ён акцэнтуе ўвагу на сённяшніх „супрацьлеглых геапалітычных арыентацыях Украіны і Беларусі“ і бачыць у гэтым прычыну „адноснага ізаляцыянізму“ ва ўзаемадачыненнях абедзвюх краін. Найлепшай жа доўгатэрміновай альтэрнатывай сённяшнім інтэграцыйным сцэнарыям для абедзвюх краін аўтар падраздзела бачыць ажыццяўленне стратэгіі субрэгіянальнага супрацоўніцтва, паяднанне высілкаў Украіны і Беларусі з высілкамі суседніх краін — Літвы, Польшчы, Турцыі і інш.

У сваю чаргу, Альгімантас Грыцюс (Algimantas Gricius) вядзе гаворку пра „розныя шляхі“, якімі Літва і Беларусь ішлі цягам апошніх дзесяці гадоў, а Агнешка Магдзяк–Мішэўска (Agnieszka Magdziak–Miszewska) гаворыць пра Беларусь як пра „дзіўнага суседа“ Польшчы. Артыкул колішняга кіраўніка Кансультацыйна–назіральнай групы АБСЕ ў Беларусі Ганса–Геарга Віка (Hans–Georg Wieck) прысвечаны ролі міжнародных арганізацый у сучаснай Беларусі. Нямецкі дыпламат паказвае сваю ўвогуле неблагую абазнанасць у найважнейшых падзеях і працэсах старадаўняй, новай і найноўшай гісторыі Беларусі, выкладае гісторыю стварэння і дзейнасці місіі АБСЕ ў Беларусі, у т.л. у арга­нізацыі дыялогу паміж уладай і апазіцыяй, робіць аналіз прычын безвыніковасці гэткіх намаганняў, а таксама абмежаванасці ўплыву міжнародных арганізацый на ўнутраную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Прафесар Мічыганскага універсітэта Шэрман Гарнэт (Sherman Garnett) разважае пра палітычную дылему ў трактоўцы Беларусі Злучанымі Штатамі ды іх саюзнікамі: з аднаго боку, яны ўсведамляюць геапалітычную ролю краіны для забеспячэння стабільнасці аб’яднанай Еўропы, з іншага боку, бачаць надзвычайную складанасць сённяшняга руху Беларусі да дэмакратыі ды рынкавай эканомікі. Аўтар падраздзела прапануе ў цэлым вядомыя рэчы: пераадолець ізаляцыю Беларусі ў галіне бяспекі, заахвочваць развіццё рэгіянальных ініцыятыў з удзелам Беларусі, далучаць Расію да стымулявання рэформаў у Беларусі, спрыяць выбару Беларусі на карысць Еўропы, больш актыўна падтрымліваць развіццё грамадзянскай супольнасці. Элен Канкевіч (Elaine M.Conkievich) аналізуе сучасны стан „трэцяга сектара“ ў Беларусі, вызначае яго моцныя і слабыя бакі, аналізуе прычыны найважнейшых цяжкасцяў у развіцці няўрадавых арганізацый, падкрэслівае неабходнасць падтрымкі міжнародных фундацый для беларускіх арганізацый сапраўды няўрадавага характару. Тэму працягвае Кэрын Ўайлд (Caryn Wilde), якая акцэнтуе асаблівую ўвагу на гісторыі развіцця беларускіх няўрадавых арганізацый і вызначае прынцыпы падтрымкі дзейнасці такіх арганізацый у будучыні.

Хоць калектыўная манаграфія „Незалежная Беларусь“, магчыма, не ўтрымлівае якой–небудзь звышновай або сенсацыйнай інфармацыі для падрыхтаванага беларускага чытача, яна цікавая, на наш погляд, ужо самой колькасцю суаўтараў, якія даследуюць праблемы найноўшай беларускай гісторыі і выказваюцца па іх. Гэта сведчыць, напэўна, пра тое, што беларуская праблематыка перастае быць экзатычнай і незвычайнай у заходніх цэнтрах сучасных гістарычных, палітычных і эканамічных даследаванняў.

Мiнск

Лявон Баршчэўскі

Radzik, Ryszard. Kim są Białorusini? (Павел Церашковіч)

Снежня 6, 2002 |


Radzik, Ryszard. Kim są Białorusini? Toruń, 2002. 246.

Здаецца, не будзе вялікім перабольшаннем сцвярджэнне, што польская школа беларусістыкі сёння наймацнейшая ў свеце. Гэта заўважна на фоне амаль суцэльнай адсутнасці сістэматычных беларускіх даследаванняў у Расіі ці іх спантаннай фрагментарнасці на Захадзе (у Нямеччыне і ЗША). Польская беларусістыка моцная перш за ўсё таму, што яна менавіта школа, з традыцыямі, якія сягаюць у ХIХ ст. і прадстаўленыя такімі імёнамі, як Л. Васілёўскі, Й. Абрэмбскі, У. Паўлючук. Здаецца таксама, не будзе вялікім перабольшаннем і сцвярджэнне пра тое, што прафесара Люблінскага універсітэта імя Марыі Кюры–Складоўскай Рышарда Радзіка сёння можна лічыць сапраўдным лідэрам польскай беларусістыкі. Падставай гэтаму не толькі вялікая колькасць працаў, амаль заўсёдная прысутнасць на ўсіх навуковых форумах, прысвечаных Беларусі, але, што самае галоўнае, сапраўды еўрапейскі ўзровень даследавання праблематыкі, сінтэтычны падыход да яе, якога так не хапае беларусістыцы ўласна беларускай, і сёння паглыбленай у тыпова савецкую метадалагіч­ную анталагічнасць ці/і наіўную міфатворчасць.

Менавіта таму кожная публікацыя Р. Радзіка выклікае стабільную цікавасць, асабліва калі гэта публікацыя — кніга. „Kim są Białorusini?“, зразумела, не манаграфія. Гэта збор тэкстаў, надрукаваных аўтарам у розных спецыялізаваных выданнях за апошнія 5—7 гадоў. Але гэта ўсё ж такі не „збор твораў“. Нягле­дзячы на непазбежныя ў такіх выданнях паўторы, кніга ўспрымаецца як адзінае цэлае, аб’яднанае лагічнай, прадуманай структурай.

Цэнтральнае месца ў працы займае адказ на пытанне — кім жа на самай справе ёсць гэтыя энігматычная беларусы. Няма сэнсу крывіць душою, шмат каму аўтарскі адказ на гэтае пытанне падасца, ці ўжо падаўся не зусім прыемным. Малюнак атрымаўся збольшага ў колеравай гаме „не“: не склалася, не прысутнічае, не захавалася, не ўтварылася, не было і г.д. Вельмі часта аўтарскія высновы выглядаюць як дыягназ, ці, што яшчэ горш, як прысуд, прычым бязлітасны, які не пакідае якіх–небудзь шанцаў на апеляцыю.

Шмат хто будзе схільны патлумачыць гэта традыцыйнай польскай фанабэрыяй, поглядам на беларусаў з вышыні культуры арыстакратычнай на культуру плебейскую (аб стаўленні да апошняга вызначэння крыху пазней). Заўважу адразу — такія думкі наўрад ці маюць рэальныя падставы. Рышард Радзік, па–першае, выдатны навуковец, яго высновы замацаваны на грунце дасканалага валодання сучаснай метадалогіяй, ведання крыніцаў і гістарыяграфіі. Па–другое, адхіляючы адразу хоць бы мінімальныя падазрэнні ў якой–небудзь палітычнай ангажаванасці, трэба падкрэсліць, што кніга Р. Радзіка выконвае сацыяльны (і менавіта сацыяльны!) заказ польскага грамадства, дакладней той яго часткі, якой патрэбны адэкватныя рэальнасці веды пра Беларусь. Падкрэслім яшчэ раз — Польшчы сёння не да фанабэрыі ці сантыментаў. Рэалістычнасці пазіцыі вымагае геапалітычная сітуацыя. Спашлюся на сентэнцыю трохі задзірыстага, шырока вядомага нарвежскага тэарэтыка міжнародных адно­сінаў Ёохана Галтунга: „Польская гісторыя ёсць функцыяй моцы Нямеччыны і Расіі: калі абедзве гэтыя дзяржавы слабыя — Польшча пашыраецца; калі Нямеччына слабая, а Расія моцная — Польшча рухаецца за Захад; калі абедзве моцныя — Польшча знікае“. Пры сённяшняй моцнай Нямеччыне (небяспека якой адчуваецца, нягледзячы на унійную эйфарыю; яна, паміж іншым, паўплывала і на нетыповую для кантынентальнай Еўропы польскую пазіцыю ў Ірацкім крызісе) цяперашнія адносіны Польшчы да сваіх усходніх суседзяў, асабліва да Беларусі, можна толькі вітаць. І адсутнасць рэпpэзентацыі беларусаў у структуры традыцыйных польскіх этнічных стэрэатыпаў, пра што сведчыць Р. Радзік, толькі падкрэслівае пільную патрэбу аб’ектыўных доследаў.

Згаданая вышэй адзнака працы Р. Радзіка зусім не азначае, што з аўтарам няма сэнсу спрачацца. Гэта можна і трэба рабіць. Адзінае, каб зрабіць гэта сапраўды грунтоўна, патрэбна праца, роўная памерам рэцэнзаванай, таму дазволю сабе сканцэнтравацца толькі на асобных момантах крытыкі.

Па–першае, кніга Р. Радзіка рэпрэзентуе польскі погляд на Беларусь. Зразумела, такая тэза выкліча пытанне: а які ж яшчэ погляд можа мець паляк? Справа ў тым, што з пункту гледжання культурнай (сацыяльнай) антрапалогіі такі пункт гледжання не бездакорны. Яе базавым метадалагічным прынцыпам на працягу без малога ста гадоў з’яўляецца прынцып культурнага рэлятывізму. Гэта азначае, што даследчык, які вывучае іншую культуру, павінен цалкам адмовіцца ад сістэмы каштоўнасцяў культуры ўласнай і падыходзіць да аб’екта вывучэння зыходзячы з уласцівай яму структуры традыцыйных каштоўнасцяў. Р. Радзік разлядае беларускую гісторыю і рэчаіснасць, зыходзячы з сістэмы еўрапейскіх вартасцяў у іх цэнтральнаўсходнееўрапейскім варыянце, рэпрэзентаваным у першую чаргу (хоць і не выключна) прыкладам Польшчы. Менавіта таму вобраз беларусаў прадстае асіметрычным, амаль што анамальным. І хоць аўтар неаднаразова падкрэслівае, што такое параўнанне не носіць каштоўнаснага характару, горкі прысмак усё роўна застаецца. Вінаваціць яго ў гэтым цяжка. Р.Радзік усё ж не антраполаг, а сацыёлаг. Але навукі гэтыя блізкія, што пакідае нам надзею.

Па–другое, тое, што мне асабіста крытыкаваць прасцей, гэта тлумачэнні прычынаў (паўтораныя яшчэ раз) спазнення фармавання беларускай нацыі ў ХIХ — пачатку ХХ ст. Гэтая праблема разгледжана Р. Радзікам у шырокім параўнаўчым кантэксце Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы і, галоўным чынам, на параўнанні з прыкладамі літоўцаў, славакаў і галіцыйскіх украінцаў. Аўтар сцвяржае, што спазненне нацыянальных працэсаў сярод беларусаў было абумоўлена зместам беларускай народнай культуры, асаблівасцямі сацыяльнай структуры і палітыкай расійскай адміністрацыі.

На думку Р. Радзіка, для традыцыйнай ментальнасці беларусаў быў характэрны нізкі ўзровень гістарычнай свядомасці. Такое сцвярджэнне небеспадстаўнае, але, на нашу думку, сапраўды даказанай такая выснова можа быць толькі ў выніку скрупулёзнага параўнальнага аналізу фальклору. Такое даследаванне ўяўляецца не толькі надзвычай працаёмкім, але і метадалагічна праблематычным: у якіх адзінках, напрыклад, вымяраць інтэн­сіўнасць гістарычнай свядомасці. Аўтар прыводзіць некалькі поглядаў (В.Шукевіча, Ф. Віслауха) адносна гістарычнай свядомасці беларусаў у першай палове ХХ ст., што само па сабе і цікава (ня­гледзячы на тое, што гэта зноў такі польскі погляд на праблему), але не тоесна ўласна народным гістарычным уяўленням. Трэба прызнаць, што формы традыцыйных гістарычных уяўленняў беларусаў вывучаныя яўна недастаткова. Але нават самыя першыя крокі ў гэтым кірунку сведчаць, што яны не такія мізэрныя, як гэта здаецца на першы погляд. Спашлюся на нядаўна абароненую дысертацыю У. Лобача, асобны раздзел якой прысвечаны беларускім гістарычным паданням, у якіх фігуруюць Рагвалод і Рагнеда, Сцяпан Баторы і Станіслаў Панятоўскі, Кацярына II. Дадам ад сябе (хоць і не лічу сябе спецыялістам у гэтым пытанні) некалькі беларускіх прыказак. Напрыклад, пажаданне „Каб табе ўсё жыццё каменне на Крэўскі замак вазіць“ сведчыць пра захаванне ў памяці падзей XIV ст. Яшчэ больш цікавай падаецца зафіксаваная М. Федароўскім прыказка, у якой не толькі захaвалася памяць пра гістарычныя падзеямі, але нават прысутнічае аналіз прычынаў распаду Рэчы Паспалітай — „Палякі былі гайдамакі, аб краі мала дбалі і для таго прапалі“.

Рышард Радзік неаднаразова падкрэслівае літаральна фатальныя наступствы ліквідацыі ў Беларусі уніяцкай царквы, у выніку чаго беларусы, у адрозненне ад заходняй часткі ўкраінцаў, літоўцаў, славакаў і славенцаў, былі пазбаўлены сацыяльнай групы святароў, якая на пачатковым этапе ўтварэння нацыі магла найлепшым чынам артыкуляваць нацыянальныя ідэі. Зразумела, што скасаванне уніі наўрад ці паспрыяла фармаванню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, але перабольшваць значэнне гэтай падзеі няма сэнсу. Развіццё нацыянальных рухаў шэрагу народаў адбывалася паспяхова і без значнага ўдзелу святароў (напрыклад, сярод латышоў, эстонцаў, фінаў, ды і сярод украінцаў у Наддняпроўскай Украіне).

Уніяцтва, сапраўды, шмат у чым паспрыяла развіццю га­ліцыйскага ўкраінскага руху. Але справа тут не толькі ва уніяц­тве як такім, а ў тым месцы, якое яно займала ў сістэме сацыяльных і палітычных адносінаў у Галіцыі і Аўстрыйскай імперыі у цэлым. Справа ў палітыцы Марыі–Тэрэзіі адносна уніятаў, накіраванай на прадстаўленне роўных правоў з каталікамі і развіццё уніяцкай адукацыі. Да гэтага трэба дадаць і вынікі няхай і не паслядоўных рэформаў Іосіфа II, якія ўсё ж такі зрабілі сялян асабіста незалежнымі ад памешчыкаў. А наяўнасць індывідуальнай свабоды лічыцца адным з неабходных фактараў паспяховага развіцця нацыянальнага руху.

Адзначым, што захаванне уніяцтва на Валыні і Падоллі да 1839 г. не выклікала не толькі падобных на Галіччыну, але і увогуле хоць якіх наступстваў для развіцця тут украінскага руху. Дадам, што і ў Беларусі, нават пры наяўнасці такога моцнага фактару, як Віленскі універсітэт, уніяцтва не паспрыяла настолькі ж моцнай артыкуляцыі этнічнасці, як у выданні „Русалки Дністрової“ (1837).

Апроч гэтага, трэба мець на ўвазе, што роля уніяцкага святарства і на Галіччыне была далёка не адназначнай. Пэўная колькасць прадстаўнікоў яго мела не нацыянальную, а прарасійскую арыентацыю. Паказальная ў гэтых адносінах эвалюцыя поглядаў аднаго з заснавальнікаў „рускай тройцы“ Я. Галавацкага.

Сярод прычынаў, якія ўскладнілі працэс фармавання беларускай нацыянальнай супольнасці, Р. Радзік адзначае адсутнасць уласнага „П’емонта“, ролю якога ў украінцаў адыгрывала Галіччына, а ў літоўцаў — Усходняя Прусія. На наш погляд, па–першае, такое параўнанне далёка не бездакорнае, бо роля П’емонта ў аб’яднанні Італіі была ў значнай ступені іншай. Па–другое, не трэба перабольшваць значэнне Галіччыны. Неабходна ўлічваць, што ўкраінскі рух тут быў вымушаны канкураваць (што яму не заўсёды добра ўдавалася, напрыклад у 1860—1880–х г.) з масквафільскім. Да таго ж трэба дадаць, што ўкраінцы ва Ўсходняй Галіцыі падвяргаліся даволі моцнай асіміляцыі: іх удзель­ная вага на працягу ХIХ ст. скарацілася з 19,6% да 14,6% насельніцтва, у той час як на падрасійскай украінскай тэрыторыі, наадварот, падвысілася з 80,4% да 85,3% . На наш погляд, украінскі рух на Наддняпроўскай Украіне меў усе шанцы на поспех, нават калі б галіцыйскага фактару не існавала ўвогуле. Пра гэта сведчыць этнічная гісторыя іншых народаў Расійскай імперыі, напрыклад, эстонцаў, фінаў, латышоў, якія кансалідаваліся ў нацыі і без якіх–небудзь „П’емонтаў“.

Па–за ўвагаю Р. Радзіка засталася галоўная, на наш погляд, прычына спазнення фармавання беларускай нацыіі — цывілізацыйная адсталасць. Аўтар закранае такія яе складнікі, як сацыяльная структура і пісьменнасць, але найбольш істотны — эканамічную сітуацыю — амаль што не ўлічвае. Зразумела, увага да гэтага фактару сёння выглядае ледзь не непрыстойнай, маўляў, пахне марксізмам. Ну і што з таго. Э.Гэлнер, напрыклад, сваю канцэпцыю лічыў амаль што марксісцкай і не саромеўся гэтага. Не маючы жадання ўступаць у дыскусію адносна гэтага, а тым больш хоць у якой–небудзь форме браць пад абарону марксісцкую метадалогію, заўважу, што канкрэтныя факты сведчаць пра істотную ролю эканамічнага фактару. Спашлюся на наступны прыклад. На мяжы ХIХ і ХХ ст. было праведзена грунтоўнае да­следаванне эканамічнага развіцця, матэрыялы якога адлюстраваліся ў шматтомавай працы „Торговля и промышленность Европейской России по районам“. Аналіз іх да­зваляе падлічыць інтэнсіўнасць рынкавых адносінаў на пэўнай тэрыторыі ў рублях на душу насельніцтва на працягу года. Вынікі атрымаліся наступныя (маюцца на ўвазе тэрыторыі, якія прыкладна адпавядаюць сучасным): Латвія — 204,8 рубля на душу, Эстонія — 85,5, Украіна (расійская частка) — 70,2, Літва — 39, Беларусь — 25,8. Дадам, што па гэтым паказніку Беларусь займала апошняе месца ў Еўрапейскай частцы імперыі, саступаючы нават Архангельскай губерні. Лічбы гэтыя, відавочна, шмат што тлумачаць, але зразумела, гэта толькі пачатак размовы, якую нам хацелася б прадоўжыць у іншай публікацыі.

І апошняе, пра плебейскасць. Магчыма, у польскай мове такое азначэнне не мае таго ацэначнага зместу, які ўкладаецца ў гэтае слова ў нашай традыцыі. Але ўсё роўна, калі сустракаеш яго ў польскім тэксце ў дачыненні да сацыяльнай структуры беларусаў у мінулым — становіцца крыўдна. А ці варта? Так, бу­дзем шчырымі, ну не былі беларусы арыстакратычным народам, такім як палякі. Ну не той у нас этас. І што? А ці мала такіх, як мы? Няма сумненняў — большасць. І гэта не стыгма, не кляймо. Не. Вунь і сёння „плебейская“ ў мінулым Эстонія апярэджвае палякаў па тэмпах далучэння да Заходняга свету. І гэта нягле­дзячы на куды больш сумны сацыялістычны досвед і ледзь не 40% неэстонскага насельніцтва. Ды і тая нацыя (як бы да яе ні ставілі­ся), якая сёння з’яўляецца лакаматывам эканамічнага развіцця ўсёй планеты, ці яна не плебейская?

Мінск

Павел Церашковіч

Наверх

Радзік, Рышард. Беларусы (Погляд з Польшчы) (Юры Вашкевіч)

Снежня 5, 2002 |


Радзік, Рышард. Беларусы (Погляд з Польшчы), Мінск, 2002. 132 [Край — Kraj. Polonica — Albarutheniсa — Lithuanica, 5(8) 2002].

У кнігу выбраных прац вядомага польскага навукоўца, прафесара сацыялогіі Люблінскага універсітэта ім. Кюры–Складоўскай Рышарда Радзіка ўвайшлі артыкулы, што былі напісаны ім на працягу 1995—2002 г. Шэсць з іх ужо публікаваліся ў Беларусі і вядомыя калі не шырокаму беларускаму чытачу, дык прынамсі навукоўцам, а два друкуюцца ўпершыню. Дарэчы, гэта толькі малая частка „беларускіх“ публікацый, што выйшлі з–пад пяра аўтара, які займаецца даследаваннем беларушчыны з канца 80–х г. Трэба адзначыць даволі ўдалы тэматычны падбор артыкулаў, дзякуючы чаму беларускі чытач мае магчымасць пазнаёміцца з дыяпазонам зацікаўленасцяў аўтара і глыбінёй вывучэння ім праблем. У сваіх даследаваннях, і перш за ўсё ў грунтоўнай манаграфіі „Między źbiorowością etniczną a wspołnotą narodową“, выдадзенай у Любліне ў 2000 г., Р. Радзік імкнецца ўсебакова разгледзець, апісаць і зразумець працэсы, што адбываліся на Беларусі цягам апошніх двухсот гадоў, а таксама сучасны стан беларускага грамадства. Аўтар робіць гэта, зразумела, з пункту гледжання паляка, але і вучонага, што патрабуе ад яго аб’ектыўнасці, якая, дарэчы, не заўсёды можа падабацца тым, хто з’яўляеца аб’ектам даследавання. Магчыма, гэта і тлумачыць адсутнасць у нас рэцэнзій, абмеркаванняў і дыскусій адносна вышэйзгаданых публікацый, якія, на маю думку, з’яўляюцца найбольш вартаснымі і глыбокімі навуковымі працамі, датычнымі Беларусі, што з’явіліся апошнім часам у Польшчы. Гэта перш за ўсё грунтоўны сацыялагічна–гістарычны аналіз беларускага грамадства, якое аўтар добра ведае (ён адмыслова вывучыў беларускую мову і шматразова наведваў Беларусь) і да якога ставіцца з павагай і разуменнем.

Якія ж асноўныя тэзісы і высновы прафесара Радзіка можна знайсці ў серыі яго артыкулаў, што выйшлі па–беларуску?

Аўтар, безумоўна, не мог пакінуць па–за ўвагай пытанне пачатку беларускага нацыянальнага руху. У гэтым сэнсе, піша ён, беларусы з’яўляюцца выключным грамадствам Еўропы. Векам нараджэння народаў лічыцца ХIХ ст., але беларускі рух паўстаў толькі на пачатку ХХ ст. (больш дакладна —  1905—1906 г.), і ў той час яшчэ не знайшоў масавай падтрымкі сярод беларускага насельніцтва. Пошукам адказу на пытанне, чаму так сталася, Р. Радзік адводзіць шмат месца ў сваіх даследаваннях. У якасці адной з галоўных прычын запозненасці беларускага нацыятворчага працэсу былі, на яго думку, няздольнасць пераважнай большасці беларускага сялянства да ўспрыняцця хоць якой–небудзь нацыянальнай ідэі і адсутнасць у беларускім грамадстве пра­слойкі, якая была б зацікаўлена ў стварэнні нацыі. Шляхта Беларусі, якая, безумоўна, усведамляла сваё мясцовае пахо­джанне, не стала такой праслойкай, як не стала яна, дарэчы, базай літоўскага ці ўкраінскага руху. Паланізаваная моўна і культурна, яна даўно ўжо лічыла сябе часткай польскага народа. Беларускасць ус­прымалася ёю хутчэй не на нацыянальным узроўні, а як лакальная этнічная адметнасць, асаблівасць рэгіянальнай культуры.

Асаблівую цікавасць уяўляюць разважанні пра стан нацыянальнай свядомасці беларусаў у савецкую эпоху, на якую, як вынікае з храналогіі падзей, прыпадае асноўны перыяд фармавання сучаснай беларускай нацыі. Узнікшы пад час прыспешанай індустрыялізацыі і ўрбанізацыі, новыя беларускія эліты перанеслі на гарадскі грунт старыя катэгорыі мыслення, мадыфікаваную звычаёвасць. Яны паўсталі, лічыць аўтар, як частка савецкіх кіраўніча–інтэлектуальных асяродкаў, як іх анацыянальнае правінцыйнае адгалінаванне, якое моцна хілілася да расій­скага цэнтра, прывучанае да кіравання зверху. Характэрнай рысай тагачасных беларускіх эліт, ці, як іх акрэслівае аўтар, новага бюракратычна–інтэлектуальнага класа, было маніфестацыйнае адмежаванне ад сваіх грамадскіх і сямейных каранёў. Таму гэты клас уяўляў сабой вельмі падатлівы грунт для камуні­стычнай ідэалогіі і быў менш здольным да дзейнасці ў агульнанацыянальных інтарэсах за кошт уласных, неахвотна звяртаўся да мінулага і будучыні сваёй краіны, што характэрна для нацыянальнага мыслення. Гэта, між іншым, і прывяло да сітуацыі, якая, у мадыфікаваным выглядзе, існуе дасюль: каштоўнасці, што ў іншых еўрапейскіх краінах традыцыйна прызнаваліся нацыянальнымі, у Беларусі атаясамліваліся з негатыўна зразуметым нацыяналізмам.

Змешчаны ў кнізе артыкул „Хто такія беларусы“ прызначаўся, вядома, перш за ўсё для польскага чытача, але публікацыя яго тут не выглядае лішняй. Варта беларусам яшчэ раз прыпомніць, што гаворка на сваёй радзіме і ў сваёй дзяржаве па–беларуску на публіцы ўспрымаецца атачэннем як маніфестацыя нацыяналізму і выклікае негатыўную рэакцыю, а вялікая частка беларускага грамадства ўважае, што найбліжэй да ідэалу палітыка стаяць для іх Машэраў з Брэжневым (побач з Леніным і Сталіным) ды яшчэ чамусьці Пётр I.

Безумоўна, пытанне пачатку беларускага нацыянальнага руху было наўпростава звязана з працэсам фармавання нацыянальнай свядомасці. Беларускае грамадства пачатку ХХ ст., піша Р. Радзік, у непрапарцыянальна высокай ступені было сфармавана на змесце, які меў карані ў сялянскай культуры. Беларускіх жа сялян гуртавалі не ідэалагічныя паняцці (народ, нацыя), а звычаёвыя сувязі, пры якіх этнічнасць не выяўлялася ў арганізаваных формах. Нацыянальныя паняцці заставаліся чужымі для беларускага селяніна, у лепшым выпадку ён усведамляў сваю адметнасць у сутыкненні з прадстаўнікамі іншых народаў, меў хутчэй этнічную, а не нацыянальную свядомасць. У той час як іншыя народы Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы фармаваліся яшчэ ў ХIХ ст. на падставе такіх вызначальных фактараў, як мова, рэлі­гія, усведамленне ўласнай гістарычнай традыцыі, беларускі селянін разглядаў сваю мову інструментальна — у якасці сродку зносін, а не як самадастатковую ў нацыянальным вымярэнні вартасць. Таму можна меркаваць, уважае аўтар, што калі Беларусь нацыяналізуецца, яна непазбежна стане больш празаходняй, дзеля вяртання да сваіх заходніх, культурных каранёў і зменлівых адносін з Расіяй. Ці не таму беларушчына ў сваёй уласнай суверэннай дзяржаве сустракае такі ярасны і добра спланаваны, я б нават сказаў, грунтоўна прадуманы су­праціў?

У БССР, лічыць Р. Радзік, савецкая ідэалогія развівалася не побач з нацыянальнай, як гэта было ў большасці нацыянальных рэспублік СССР, а замест яе, на яе месцы. Да таго ж Масква не без поспеху прыклала шмат намаганняў, каб беларускасць асацыявалася з этнаграфіяй, фальклорам і рэгіянальнасцю. Такім чынам была моцна аслаблена патрэба фармавання агульнанацыянальных сувязяў. У выніку, піша даследчык, беларусам сёння не хапае сістэмы вартасцяў, якая мабілізавала б іх на грамадскую актыўнасць, падштурхоўвала б да ахвяраў у імя будучай супольнай карысці. „Беларускае грамадства сёння ў сваёй асноўнай масе — гэта сукупнасць асоб, якія змагаюцца галоўным чынам за выжыванне (дасягненне мінімальнай матэрыяльнай стабілізацыі), пазбаўленых як далёкасяжных індывідуальных мэтаў, так і вялікіх групавых ідэалаў, і, што звязана з гэтым, механізмаў іх індывідуальнай і калектыўнай рэалізацыі,“ — робіць выснову аўтар.

Што да чыста этнічнага боку пытанняў, дык тут таксама выяўляецца спецыфіка. Паняцце „я — беларус“ не з’яўляецца адпаведнікам паняцця „я — паляк“ або „я — чэх“, — піша Р. Радзік, бо яно часцей за ўсё вельмі слаба нацыянальна афарбавана. Беларусы ўваходзілі ў бальшавіцкі сацыялізм як грамадства сялянскае, у сваёй масе нацыянальна несвядомае, практычна пазбаўленае ўласнага мяшчанства, з вельмі невялікай групай інтэлігенцыі. Таму замест нацыянальных вартасцяў яны прымалі ідэалогію новага ладу. Сучасная беларускасць найчасцей мае тэрытарыяльнае вымярэнне, постсавецка–рэспубліканскае (наменклатура і звычайныя грамадзяне дасюль ужываюць у дачыненні да сваёй краіны тэрмін „рэспубліка“, разумеючы пад гэтым не форму дзяржаўнага ладу, а адміністрацыйную адзінку былога Савецкага Саюза). Беларусам з’яўляецца той, хто нара­дзіўся ў Беларусі і не з’яўляецца выхадцам з–за яе межаў, і калі не лічыць адносна нешматлікую нацыянальна свядомую меншасць грамадства, дык астатняя яго частка трактуе сваю беларускасць у рэгіянальна–культурных катэгорыях моцна развітага лакалізму, які мае сваю моўна–этнаграфічную, ментальную, а таксама слаба акрэсленую гістарычную спецыфіку. Дарэчы, пытанню гістарычнай свядомасці беларусаў у публікацыях Р. Радзіка адводзіцца асобнае месца, бо менавіта яна з’яўляецца адным з вырашальных чыннікаў, якія інтэгруюць сучасны народ. (Нездарма так актывізаваліся на ніве чарговага змянення гісторыі апалагеты „імперыі“ і г. зв. „саюзу з Расіяй“.) Даследчыкі культуры беларускага народа перыяду падзелаў, піша польскі вучоны, адзначалі нізкую гістарычную свядомасць сялянскага грамадства, або нават яе адсутнасць. Дасюль, сцвяр­джае ён, беларусы — за выключэннем досыць вузкай эліты — не маюць выразна сфармаванага пачуцця гістарызму. У грамадстве адсутнічае пачуццё ўласнай шматвяковай гісторыі. Калектыўная гістарычная памяць гэтага ўсё яшчэ савецкага грамадства рэдка сягае далей за 1917 г., а першапланавай гістарычнай рэфлексіяй застаецца II сусветная вайна. Адсюль амаль поў­ная адсутнасць у ім ідэалаў, адрозных ад савецкіх. Беларусы ва ўсіх сітуацыях арыентуюцца на сучаснасць. Гэта прыводзіць да мыслення значнай часткі грамадства Беларусі ў катэгорыях моманту і абмяжоўвае магчымасці даўгатэрміновых дзеянняў. Рышард Радзік называе гэта „жыццём тут і зараз“, што адрознівала і цяпер адрознівае беларусаў ад іншых народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, гістарычны час якіх насычаны катэгорыямі нацыянальнага мыслення, якому спадарожнічае моцная гістарычная свядомасць і жыццё паводле глыбока ўкаранёных традыцый.

Для кожнай нацыянальнай супольнасці абсалютнай вартасцю з’яўляецца мова, дзякуючы якой народ не толькі зберагае і перадае наступным пакаленням сваю культурную спадчыну, але і захоўвае сваю адметнасць, што вылучае яго непаўторныя рысы ў сям’і народаў свету. На жаль, у выніку элімінацыі беларускай мовы на карысць расійскай адбыўся распад традыцыйнага культурнага ўкладу беларускага грамадства і разрыў сацыяльна–культурнай пераемнасці. Беларусы, лічыць Р. Радзік, у параўнанні з народамі Цэнтральнай Еўропы не вельмі моцна адчуваюць вы­значальную ролю сваёй мовы. Прычыны гэтага, на яго думку, трэба шукаць у іх слабой нацыяналізаванасці, блізкасці моў і культур — беларускай і рускай, а таксама ў адсутнасці моўнай стабіль­насці беларускай эліты цягам апошніх стагоддзяў, у пераходзе некалькіх пакаленняў з адной мовы на другую. Такое ж уздзеянне на самаўсведамленне беларусаў аказалі рэлігійныя змены, адносна частая канвертацыя веравы­знання цэлых груп насельніц­тва. Такім чынам, робіць выснову прафесар Радзік, у ХIХ і ХХ ст. беларуская мова для большасці беларусаў была мовай народнай, рэгіянальнай, мовай этнаграфічнай адметнасці, арыентаванай некалі на Варшаву, а пазней на Маскву. Сёння расійская мова на Беларусі стала носьбітам палітычных і культурных каштоўнасцяў, што яднаюць Беларусь з Расіяй, а не вылучаюць Беларусь у нацыянальнай сістэме, падсумоўвае Радзік. Натуральна, аўтар не мог абысці і пытанне русіфікацыі Беларусі. „Рускасць, раней праваслаўная, а потым савецкая, затрымала нярускія славянскія супольнасці на ўзроўні мадыфікаванай этнічнасці, этнаграфізму, фалькларызму (…). Рускія эфектыўна паўсталі супраць фармавання беларускай нацыі, дайшлі да фізічнага вынішчэння беларускіх нацыянальных асяродкаў, якія развіваліся з 1905 па 1930 г. Яны ўнушылі беларусам, што Вялікае Княства Літоўскае (а тым больш уся Рэч Паспалітая) не было іх дзяржаваю, адцінаючы іх тым самым ад традыцыі, якая адмяжоўвала іх ад рускіх…“. Расій­цы, піша Р. Радзік, на працягу ХIХ і ХХ ст. сістэматычна падпарадкоўвалі Беларусь і прыніжалі яе да ўзроўню этнаграфічнага (плебейскага) фармавання, а грамадскай актыўнасцю кіравалі на класавым узроўні. І сёння Расія не зацікаўленая ў хуткім росквіце беларускай эканомікі, моцным эканамічным і палітычным становішчы беларускай дзяржавы, бо з часам гэта магло б прывесці да незалежнасці Беларусі, выхаду яе з расійскай сферы ўплыву.

Тут варта прыгадаць, што нават савецкая гістарыяграфія не вагалася крытыкаваць разбуральны ўплыў царскай Расіі на нацыянальныя рухі ў імперыі — „турме народаў“. Цяперашнія ж прадстаўнікі афіцыйнай гістарычнай навукі ў Беларусі проста абыходзяць гэтае пытанне, або залагоджваюць такім чынам, быццам бы яно не мела ніякага значэння для фармавання сённяшняга грамадства. Ці не спрацоўвае тут застарэлы інстынкт — „гаспадара нельга злаваць“?

Даследуючы эвалюцыю крытэрыяў нацыянальна–культурнай прыналежнасці беларусаў двух апошніх стагоддзяў, аўтар закранае вельмі важны для сучаснай гістарычнай навукі метадалагічны аспект. Гаворка ідзе пра частую памылку, якую робяць даследчыкі, разважаючы пра паняцце нацыянальнасці. Найбольш часта сённяшнія катэгорыі мыслення пераносяцца ў аддаленае мінулае. Апісанне рэалій ХIХ ст. з дапамогай зменлівых паняццяў і катэгорый ХХ ст. (трэба прызнаць, даволі частае ў нашай гістaрыяграфіі) праф. Радзік лічыць навуковай спекуляцыяй, бо, напрыклад, у ХIХ ст. вызначэнне „я — беларус“ выступала ў іншым значэнні, чым тое, якое сёння надаюць яму беларусы. Ды і тэрмін „ліцвін“ таксама меў рэгіянальна–палітычнае значэнне, адрознае ад сённяшняй літоўскасці. Таму ўжыванне гэтых тэрмінаў у дачыненні да тэрыторыі Беларусі ХIХ ст. у іх цяперашнім, нацыянальным значэнні — відавочны агістарызм, уважае даследчык.

У працах Р. Радзіка, датычных нацыятворчых працэсаў, часта ўжываецца тэрмін „плебейскі“, у яго сацыялагічным сэнсе і разуменні. Улічваючы, што ў свядомасці большасці нашых суайчыннікаў (у тым ліку і навукоўцаў) гэты тэрмін чамусьці ўспрымаецца як пеяратыўны (калісьці ў савецкім грамадстве такое адценне надавалася слову арыстакрат), трэба асабліва падкрэсліць яго чыста навуковы і метадалагічны характар. „Плебейскі“ ў да­дзеным выпадку ў дачыненні да грамадства азначае не што іншае як пазбаўлены нацыянальных эліт, нацыянальна свядомых сацыяльных слаёў. Незалішне будзе, аднак, заўважыць, што па­дзел народаў на тых, што маюць эліты і не маюць іх (і, значыць, на плебейскія і неплебейскія) усё ж даволі умоўны і ў значнай ступені суб’ектыўны. Шмат што залежыць ад пункту гледжання і пазіцыі аўтара. Калі беларусы ў ХIХ ст. не мелі ўласных эліт у сучасным разуменні беларускасці, дык гэта не значыць, што тагачасныя эліты працавалі выключна на карысць польскай або ра­сійскай культуры і нацыі. Культурна  і моўна паланізаваныя gente Rutheni, канешне, не былі носьбітамі беларускай нацыянальнай ідэі, да таго ж, яна ў тыя часы папросту не існавала, але яны, тым не менш, былі элітай гэтай зямлі, дарэчы, вельмі своеасаблівай у кантэксце агульнапольскай культуры. Менавіта яны рыхтавалі глебу для таго рэгіяналізму, які пазней увасобіўся ў „краёвай“ ідэі і спрыяў развіццю аўтэнтычна беларускага руху.

Вельмі цікавыя ацэначныя заўвагі аўтара адносна сённяшняга стану Беларусі і саміх беларусаў. На ягоную думку, яны заўсёды маюць клопаты з аддзяленнем сферы сімпатый і эмоцый ад сферы палітычнага працэсу, асновай якога звычайна з’яўляецца нацыянальная або дзяржаўная свядомасць. Не кіруючыся нацыянальнымі ідэаламі, беларусы ў непрапарцыянальна вялікай ступені залежныя ад знешніх сілаў. Таму будучыня Беларусі ў значнай ступені залежыць ад раскладу міжнародных сілаў Еўропы, а таксама ад палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Расіі. Прычым усё гэта, адзначае Р. Радзік, з’явілася вынікам пазіцыі саміх беларусаў, прызнання імі самімі той сістэмы каштоўнасцяў, якая, відаць, доўга будзе вызначаць кірунак „беларускага шляху“. Як бы там ні было, свой будучы выбар павінны рабіць самі беларусы — заключае аўтар.

Мінск

Юры Вашкевіч

Наверх

Протько, Татьяна. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.) (Анатоль Вялікі)

Снежня 4, 2002 |


Протько, Татьяна. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Минск, 2002. 688.

Да праблем, якія слаба распрацаваны ў беларускай гістарыяграфіі, належыць зараджэнне і станаўленне таталітарнай сістэмы ў Беларусі і, магчыма, самае галоўнае, механізм яе функцыянавання. Сутнасныя аспекты гэтай праблемы да цяперашняга часу застаюцца па–за межамі гістарычных даследаванняў. Да іх, перш за ўсё, адносяцца: станаўленне і ўмацаванне аднапартыйнай сістэмы, фармаванне рэспубліканскай сістэмы наменклатуры і яе ўзаемаадносіны з Масквой, механізм прыняцця рашэнняў, іх выканання і кантролю за выкананнем, характар узаемаадносін партыйных і савецкіх органаў, роля і месца спецслужбаў у таталітарным грамадстве, знішчэнне правоў і свабод чалавека і шмат іншага. Нельга сказаць, што ў Беларусі не існуе да­следаванняў па згаданай праблематыцы. За апошняе дзесяцігоддзе асобныя аспекты праблемы атрымалі адлюстраванне ў працах беларускіх гісторыкаў. Аднак, як заўважыў акадэмік Міхаіл Касцюк, айчынныя гісторыкі „падыходзяць да праблемы таталітарызму дастаткова асцярожна. Такая абачлівасць не спрыяе актывізацыі работы, не спрыяе яе набліжэнню да таго ўзроўню, на якім ужо прызнаная таталітарная сутнасць бальшавіцкай сістэмы кіраўніцтва грамадствам“. Дадам, што для даследаванняў айчынных гісторыкаў характэрны не толькі „асцярожнасць“, але і „правінцыялізм“, які выяўляецца ў „вузкасці“ тэм даследавання, пераважнай канстатацыі фактаў, без аналізу сутнасных характарыстык таталітарнай сістэмы. Пераадоленнем такой асцярожнасці і правінцыйнасці ў вывучэнні таталітарызму ў Беларусі і вывядзеннем даследаванняў на якасна новы ўзровень стала кніга вядомай грамадскай дзеячкі, старшыні Беларускага Хельсінскага Камітэта, гісторыка і філосафа Таццяны Процькі.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У першым „Таталітарызм як гістарычны феномен“ Т. Процька разглядае прыроду таталітарызму з улікам характарыстык, якія дадзены гэтай з’яве перш за ўсё заходнімі даследчыкамі. Аналізуючы вытокі савецкага таталітарызму, аўтарка прыходзіць да высновы, што яго „айцамі–заснавальнікамі“ былі не столькі бальшавіцкія лідэры Ленін, Сталін, Троцкі ды іх бліжэйшыя паплечнікі, колькі рэалі­зацыя таго таталітарнага патэнцыялу, што быў назапашаны ў працэсе гістарычнага развіцця Расіі.

Самыя грунтоўныя па колькасці выкарыстаных крыніц (як, зрэшты, і па аб’ёме) — раздзел другі „Фармаванне таталітарнага палітычнага кіравання“ і трэці „Знішчэнне правоў і свабод асобы“. Яны па змесце ўзаемазвязаныя, таму адзначым агульнае, што ім уласціва.

Даследчык гісторыі дзяржаўнага будаўніцтва любой краіны ў першую чаргу павінен адказаць на пытанне, хто кіруе краінай і як гэтае кіраўніцтва ажыццяўляецца. Аналізуючы ролю партыі ў палітычнай сістэме Беларусі, Т.Процька паказвае не толькі працэс фармавання і станаўлення аднапартыйнай сістэмы, але і „апартыйванне“ дзяржаўнай сістэмы ды пераўтварэнне яе ў складаную, строга ерархічную, нават ваенна–бюракратычную сістэму „партыя–дзяржава“, з жорсткім падпарадкаваннем па схеме „зверху — ўніз“. „Партыя–дзяржава“, захапіўшы ўладу, падпарадкавала сабе грамадства і рэалізоўвала сваю палі­тыку пераважна сілавымі метадамі.

Усталяванне і ўтрыманне панавання своеасаблівага бальшавіцкага дуумвірата „партыя–дзяржава“ стала магчымым як дзякуючы выкарыстанню спецслужбаў, так і эфектыўнасці ідэалагічнага ўздзеяння на грамадства, што і падкрэслівае аўтарка. Найважнейшай задачай ідэалогіі было фармаванне ў масавай свядомасці вобраза „ворага“ — як унутранага, так і знешняга. „Ворагі“ на кожным этапе гістарычнага развіцця былі розныя. Іх вызначалі добра адпрацаваныя і скаардынаваныя дзеянні прапагандысцкай машыны і спецслужбаў. Моцная, масавая ідэалагічная апрацоўка грамадскай свядомасці, дэманстраванне грамадству, хто яго „вораг“, — усё гэта падрыхтоўвала поле дзейнасці для спецслужбаў, якія, парушаючы законы, знішчалі „ворага“. Так наступальная, „агрэсіўная“ бальшавіцкая ідэалогія дасягала мэты — палітыка рэжыму знаходзіла падтрымку сярод розных сацыяльных групаў насельніцтва. Да таго ж, ідэалагічная апрацоўка здымала сацыяльную напругу ў грамадстве, стварала ілюзію палітычнай стабільнасці і еднасці грамадства.

Асаблівасцю кнігі з’яўляецца тое, што Т.Процька, выкарыстаўшы архівы КДБ РБ, ФСБ РФ, НАРБ, паказала ролю спецслужбаў у станаўленні аднапартыйнай сістэмы ў БССР, іх выкарыстанне супраць нацыянальнага руху, палітычных праціўнікаў, іншадумства, святароў, кантролю над грамадскімі арганізацыямі і творчымі саюзамі. Выклікае цікавасць выснова Т.Процькі пра тое, што Беларусь у дзейнасці расійскіх спецслужбаў з’яўлялася своеасаблівым „палігонам“, на якім адпрацоўвалася тэхніка і назапашваўся „вопыт“ дзейнасці па нейтралізацыі і зніш­чэнні па­літычных апанентаў і ўвогуле ўсіх, хто не быў згодны  і не выказваў лаяльнасці да рэжыму. Так, 3 сакавіка 1921 г. Надзвычайная камісія Беларусі падрыхтавала і правяла шырокамаштабную аперацыю па ліквідацыі партыі беларускіх эсэраў. У Маскве публічны працэс над эсэрамі адбыўся толькі ў чэрвені–жніўні 1921 г. Гэтае ж самае адбывалася і з меншавікамі. Калі ў БССР „зачыстка“ меншавікоў пачалася восенню 1922 г., то ў маштабе ўсесаюзным яна праходзіла вясной 1923 г. Гэтыя ды іншыя прыклады, якія прыводзіць Т.Процька, сведчаць і даказваюць, што рэпрэсіі, татальны кантроль над беларускім грамадствам пачаўся не ў сярэдзіне 20–х г., як сцвярджаецца ў шмат­лікіх публікацыях, а значна раней — на пачатку 20–х г. Спецслужбы „адзначыліся“ і ў ліквідацыі беларускага нацыянальнага руху. Справы СВБ, БНЦ і БНГ прывялі да таго, што на пачатку 30–х г. была знішчана нацыянальная інтэлектуальная эліта беларускага грамадства, а гэта можна кваліфікаваць як генацыд супраць беларускага народа.

Адной з галоўных задач створанай сістэмы „партыя–дзяржава“ была барацьба супраць чалавека як асобы. Ці не першым крокам у гэтым кірунку стала абмежаванне свабоды руху, якое ў сярэдзіне 20–х г. набыло форму знакамітай прапіскі, не адмененай да цяперашняга часу. Вясной 1934 г. была праведзена пашпартызацыя ўсяго насельніцтва, галоўнай мэтай якой з’яўлялася ўсталяванне татальнага кантролю над кожным чалавекам. Паралельна з гэтым праходзіла абмежаванне ці знішчэнне такіх фундаментальных правоў і свабод чалавека, як свабода веравы­знання, права на атрыманне інфармацыі, права на свабоду слова. Важная роля ў гэтым належала Галоўліту, які на пачатку 20–х г. поўнасцю кантраляваў выпуск друкаванай прадукцыі. Т.Процька сцвярджае, што ідэалагічны тэрор, які ажыццяўляўся рэспубліканскім Галоўлітам, па эфектыўнасці ўздзеяння на грамадства быў нават больш жорсткім, брутальным і ўсеахопным, чым тэрор фізічны.

Выкарыстанне спецслужбаў як аднаго з найважнейшых элементаў таталітарнай сістэмы неабходна разглядаць у кантэксце іх удзелу ў тэроры дзяржавы супраць грамадства. Таталітарызм у сталінскай інтэрпрэтацыі ўнёс у тэрор сваю спецыфіку — спецслужбы і тэрор сталі найважнейшымі элементамі ў падтрыманні стабільнасці сістэмы. Тэрор быў больш шырокай з’явай, чым рэ­прэсіі. У сістэме татальнага тэрору ніхто не адчуваў сябе ў бяспецы: ні першы сакратар ЦК КП(б)Б, ні просты селянін ці рабочы. Так, з дзесяці першых сакратароў ЦК КП(б)Б сем у 1937—1939 г. былі прысуджаны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, а яшчэ адзін, Я.Гамарнік, скончыў жыццё самагубствам. Тэрор не пашкадаваў і сялян Рыгора Раманіна, Антона Сташэўскага, як і дзесяткі тысяч беларускіх вяскоўцаў, што сканалі ў шматлікіх лагерах ГУЛАГа.

У чацвёртым раздзеле кнігі „Асаблівасці развіцця таталітарнай эканомікі“ аўтарка паказвае, як тыя метады і сродкі, з дапамогай якіх бальшавікі дасягнулі ўлады, непазбежна пераносіліся і на эканоміку. Эканамічная трансфармацыя грамадства звялася да формулы „індустрыялізацыя—калектывізацыя“. Аднак Т.Процька адыходзіць ад складзеных стэрэатыпаў у даследаванні працэсаў „калектывізацыі—індустрыялізацыі“ і звяртае ўвагу на ўсталяванне жорсткага дзяржаўнага кантролю за развіццём эканомікі, аналізу выкарыстання формаў пазаэканамічнага прымусу, ролі камандна–адміністрацыйнага планавання. Дзяржаўны кантроль над эканомікай, бюракратычным увасабленнем якога стала стварэнне  і дзейнасць Рабоча–сялянскай інспекцыі (РСІ), заканамерна эвалюцыянаваў у бок узмацнення кантролю. Яго лагічным  працягам стала выкарыстанне органаў суда і пракуратуры ў 1923—1934 г., а завяршылася ўсё ўмяшальніцтвам спецслужбаў у эканоміку ў 1934—1941 г.

Дзяржаўнае кіраванне эканомікай было жорстка падпарадкавана выкананню планавых паказнікаў (пяцігодак, дзярж­па­ставак сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтовак і г.д.). Іх выканання можна было дасягнуць толькі з дапамогай страху і рэ­прэсій. Так, да крымінальнай адказнасці з пазбаўленнем волі тэрмінам да 10 гадоў (арт. 93 і 94 Крымінальнага Кодэксу БССР) людзей прыцягвалі за невыкананне планаў сяўбы, дзярж­паставак, рознага кшталту нарыхтовак і г.д. Толькі за першае паўгоддзе 1933 г. па гэтых артыкулах асудзілі  21 405 чалавек. Не адставалі ад органаў юстыцыі і пракуратуры і органы НКУС, якія на працягу 1930—1935 г. „раскрылі“ 18 „шкодніцкіх“ арганізацый у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У 1937—1938 г. зноў пракацілася хваля рэпрэсій супраць „шкоднікаў і сабатажнікаў“ у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, якія быццам завышалі аб’ёмы будаўніцтва і капітальных укладанняў, складалі „ня­правіль­ныя“ планы і г.д. Разам з тым, савецкая эканоміка выкарыстоўвала не толькі страх і рэпрэсіі, яна стварыла сістэму ільгот і заахвочвання для перадавікоў вытворчасці і работнікаў апарату кіравання (прынцып „бізуна і перніка“).

Таццяна Процька адзначае, што планавыя паказчыкі афіцыйнай статыстыкі (падкантрольнай органам АДПУ—НКУС), падагнаныя пад патрэбныя лічбы, дасягнутыя з выкарыстаннем працы зняволеных, вымагаюць даволі асцярожна падыходзіць да сцвярджэнняў аб эфектыўнасці савецкай эканомікі, яе накіраванасці на паляпшэнне ўмоў жыцця людзей. Калі і былі якія „перамогі“, то дасягаліся яны коштам вялізных намаганняў мільёнаў людзей, жабрацкім жыццёвым узроўнем насельніцтва, бясплатнай працай зняволеных.

Бяспрэчнай каштоўнасцю кнігі стаў ілюстрацыйны матэрыял — больш за 100 фотаздымкаў, многія з якіх чытач можа пабачыць упершыню. Сярод іх фота партыйных кіраўнікоў рэспублікі, ведамасць працы зняволеных Мінскага лагера прымусовых работ, мемарандум аб „беларускім шавіністычным руху“, анкета арыштаванага органамі АДПУ мітрапаліта Мелхіседеэка і шмат іншых, якія выявіла аўтарка ў архівах КДБ РБ і ФСБ РФ.

Трэба заўважыць, што кніга Т.Процькі выйшла ў Беларусі ў час, калі, як адзначае аўтарка, яшчэ „ў другой палове 90–х гадоў вызначылася тэндэнцыя аднаўлення элементаў савецкай таталітарнай сістэмы з некаторай мадэрнізацыяй“. Нельга не пагадзіцца з ёй, што гэтая тэндэнцыя знайшла падтрымку сярод значнай часткі насельніцтва, палітычнага істэблішменту і нават навуковай грамадскасці. Праявамі новай тэндэнцыі стала рэзкае скарачэнне публікацый, якія закранаюць падзеі 20—30–х г., згортванне дзейнасці групы па вывучэнні сталінскіх рэпрэсій у Інстытуце гісторы НАН, абмежаванне доступу да архіваў КДБ РБ, публікацыя прац адыёзнага гісторыка–сталініста Адама Залескага, у якіх адкрыта абараняецца таталітарная сістэма і яе лідэры. Поглядам артадоксаў, што абапіраюцца на камуністычную ідэалогію 30—50–х г., Т.Процька супрацьпаставіла вялізны дакументальны матэрыял з архіваў КДБ РБ, ФСБ РФ, НАРБ, які паказвае жудасны твар таталітарызму ў Беларусі. Прачытаўшы кнігу, многія калі не адмовяцца ад камуністычных ідэй, то ў кожным разе задумаюцца пра кошты „перамог і дасягненняў“ савецкай улады ў час будаўніцтва сацыялізму. Задумаюцца і над тым, ці патрэбны былі такія „перамогі“ і „дасягненні“.

Зразумела, у кнізе ёсць і недахопы. Прыкладам, некаторыя тэмы агучаны тэзісна, асобныя параграфы надта дробныя, галоўная ўвага аддаецца аналізу дзейнасці спецслужбаў, але гэта ніякім чынам не змяншае вартасцяў працы. Кніга Таццяны Процькі стала значнай з’явай у беларускай гістарыяграфіі, і гэтая праца не застанецца незаўважанай. Несумненна, яна знойдзе як добразычлівых чытачоў, так і зацятых праціўнікаў, выклі­ча спрэчкі і палеміку, што таксама будзе сведчыць пра вартасць працы гісторыка.

Мінск

Анатоль Вялікі

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2002 Т.9 Сш. 1-2'