Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2002 Т.9 Сш. 1-2

Чарота, Іван. Беларуская мова і царква (Ігар Клімаў)

Снежня 3, 2002 |


Чарота, Іван А. Беларуская мова і царква. Мінск: БДУ, 2000. 119.

Аўтарам кнігі пад такой шматабяцальнай назвай з’яўляецца філолаг–літаратуразнавец, які загадвае кафедрай славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага універсітэта; рэцэнзентам кнігі выступіў Павел Шуба, вядомы мовазнавец з той жа ўстановы, якога ўжо няма сярод жывых. Хоць жанр выдання ў выхадных звестках не пазначаны, у анатацыі гаворыцца, што кніга разглядаецца выдаўцамі як навуковая праца: „манаграфія доктара філалагічных навук прафесара Чароты Івана Аляксеевіча — першая ў айчыннай і замежнай філалогіі спроба комплексна прааналізаваць праблему «Беларуская мова і Царква»“ (3). На карысць прафесійнай падрыхтоўкі аўтара мусіць сведчыць і той факт, што ён узначальвае секцыю мастацкага пера­кладу Саюза беларускіх пісьменнікаў і з’яўляецца сакратаром беларускай біблійнай камісіі беларускага экзархата Рускай Права­слаўнай Царквы (далей РПЦ), якая існуе пры мітрапаліце Філарэце з 1989 г. ды займаецца перакладам Св. Пісьма на сучасную беларускую мову (на жаль, плён яе працы пакуль сціплы, за 10 гадоў дзейнасці перакладзена толькі тры Евангеллі). Аўтар пад­крэслівае, што ў напісанні сваёй кнігі абапіраўся на вопыт перакладчыцкай і да­следчыцкай працы гэтай камісіі (5). Нарэшце, дадатным бокам кнігі з’яўляецца даволі прадстаўнічая бібліяграфія (152—174), якая налічвае больш за 300 пазіцый.

Аднак знаёмства з кнігай расчароўвае: значная частка манаграфіі ўяўляе сабой публіцыстычны памфлет, а дакладней, нізку памфлетаў, досыць тэндэнцыйных паводле зместу і слаба сістэматызаваных паводле формы і выкладу. Чытач не знойдзе тут спадзяванай навуковай грунтоўнасці і аб’ектыўнасці. Аўтар не разглядае ступень і характар выкарыстання беларускай мовы ў царкве — ні ў праваслаўнай, ні наогул у хрысціянскай, ні ў мінуласці, ні ў сучаснасці, ні на падставе дакументаў, ні на падставе прац іншых вучоных. Першыя пяць раздзелаў манаграфіі ўяўляюць сабой нізку нарысаў, у якіх аўтар вядзе палеміку са сваімі апанентамі.

У першым раздзеле кнігі, прысвечаным гістарычным аспектам выкарыстання беларускай мовы ў рэлігійнай сферы (6—25), аўтар спрабуе абараніць Праваслаўную Царкву ад абвінавачанняў у русіфікацыі Беларусі i ігнараванні ёю беларускай мовы (8, 12, 15), гэтая тэма знаходзіць свой працяг і ў заключным раздзеле (гл. 139—147). Нешматлікія аргументы аўтара суправа­джаюцца фрагментарнымі звесткамі з гісторыі выкарыстання беларускай мовы ў царкве, пераважна праваслаўнай. У другім раздзеле ён вядзе гаворку пра значэнне кірыла–мяфо­дзіеўскай спадчыны для беларусаў (26—42), разумеючы пад такой спадчынай перш за ўсё кірылічны алфавіт і царкоўнаславянскую мову. Дзеля гэтага аўтар гларыфікуе кірыліцу і даказвае яе большую перавагу перад лацінкай (28—30), адстойвае вартасць царкоўнаславянскай мовы і правамернасць выкарыстання паняцця „старажытнаруская мова“ (32—33), абмяркоўвае праблематыку царкоўнага пера­кладу (37—39). Для аўтара не падлягае сумневу, што ў сакральнай функцыі (для праваслаўнага абраду) павінна выкарыстоўвацца толькі царкоўнаславянская мова (35—36, 39—41). Трэці раздзел паводле назвы нібы прысвечаны сучаснай моўнай сітуацыі на Беларусі (43—56), аднак гаворка ў ім ідзе пра самыя розныя рэчы, толькі не пра ролю і функцыі моў на Беларусі. Гэтай тэме якраз прысвечаны пяты раздзел (57—65), названы „Неаднамоўе з розных пунктаў гледжання“, у якім даво­дзіцца карысць для беларусаў ад захавання сітуа­цыі дзвюхмоўя.

Наступныя раздзелы кнігі больш спецыяльныя, у іх увага засяроджана ў асноўным на лінгвістычных пытаннях, перад усім у галіне рэлігійнай тэрміналогіі. Аўтар абгрунтоўвае ўвядзенне царкоўнаславянізмаў у мову беларускіх перакладаў Св. Пісьма (асабліва гл. 93—95, 99—111, 145—146, 149) і разглядае варыятыўнасць беларускамоўнай рэлігійнай тэрміналогіі (119—136). Ён распавядае пра арганізацыю і працу беларускай біблійнай камісіі (113—118, 150) і дае крытычны агляд папярэдніх біблійных перакладаў на беларускую мову (71—93, 148). Параў­нальна з папярэдняй часткай кнігі гэтыя раздзелы выглядаюць лепш з–за канкрэтнасці і падставовасці палемікі, хоць як і раней, аўтар хутчэй абгрунтоўвае свае погляды, чымся аналізуе моўныя праблемы ў комплексе з патрэбнай для навукоўца аб’ектыўнасцю. Большасць спрэчных пытанняў, што закранаюцца ў гэтых раздзелах, тычацца праблем біблійнага перакладу на беларускую мову, г. зн. маюць практычную значнасць, але аўтар вядзе палеміку не столькі з мэтай знайсці прымальную форму ці выраз, колькі навязаць чытачу свой пункт гледжання.

Цікава паглядзець, з кім палемізуе аўтар. У лік яго апанентаў трапілі: „некаторыя сучасныя публіцысты“ (8), „ангажаваныя публіцысты“ (4), проста журналісты і публіцысты (17, 27, 63), „сучасная публіцыстыка“ (31), „публіцысты–прагрэсісты“ (38), нарэшце ўся „сучасная беларуская публіцыстыка“ (44) і „матэрыя­лы рэспубліканскага друку“ (53), „носьбіты антыправаслаўнай ідэалогіі“ (47) ды „прадстаўнікі інтэлектуальных і творчых колаў“ (137). Гэтыя апаненты пераважна безасабовыя, але часам Чарота называе аўтараў і артыкулы, з якімі палемізуе (гл. 38, сп. 44; 44, сп. 48; 46, сп. 50; 53, сп. 53—55, 69, сп. 60; 125, сп. 141). Апаненты Чароты абвінавачваюцца ў бястактнасці і няверстве (38), абыякавасці ці варожасці да Царквы, у „радыкалізме, светапогляднай павярхоўнасці і безадказнасці“ (136). Аўтар пада­зрае іх у наўмысных спробах „увесці ў зман недасведчаных“ (63), у „ідэалагічнай апрацоўцы сучаснага грамадства пэўнымі сродкамі СМІ“ (68), у „апантанасці павярхоўна за­своенымі ідэямі асветніцтва і прагрэсу“ (69). Калі прасачыць за стылістыкай аўтара, то можна заўважыць, што ў кнізе апаненты проста дэманізаваныя: яны эксплуатуюць праблемы і стэрэа­тыпы, ствараюць міфалогіі, прыкрываюцца стэрэатыпамі і залежаць ад іх, ігнаруюць (ды яшчэ ўпарта) факты, злоўжываюць медыямі і штучна навязваюць праблемы. Цікава, што сам аўтар абураецца, калі знаходзіць падобныя прыёмы палемікі ў сваіх апанентаў (125 і наст.).

Але часам прэтэнзіі да апанентаў набываюць палітычную афарбоўку. Яны не толькі „павярхоўна дасведчаныя“, але і гатовыя сцвярджаць нешта „адпаведна кан’юнктуры“ (27) ці падпарадкоўваючыся „надзённа–палітычным фактарам“ (44). Апаненты ператвараюцца ў „пэўныя сілы“ (53), што імкнуцца да „дыс­крэдытацыі Праваслаўнай Царквы“ (43, 139), а абвінавачанні гэтай царквы — хоць стэрэатыпныя (15) і беспадстаўныя (53), — з’яўляюцца „асабліва небяспечнымі“ (45), бо яны „ўмешваюцца ў чужыя для іх справы“ (137), „падрыхтоўваюць глебу“ (46), „правакуюць дэзарыентацыю масавай свядомасці, блытаніну і нават відавочную падмену паняццяў“ (44, таксама 139) і імкнуцца „стымуляваць «паварот» назад“ (54). Ну чым не фармулёўкі ў „сумнавядомыя часы“ (27) ці „змрочнай памяці часы“ (53—54), пра якія згадвае аўтар?

З першых старонак кнігі бачна, што ўся палеміка вядзецца аўтарам на карысць і славу праваслаўя, у прыватнасці, РПЦ. Варта ўвагі, што кніга выдадзена з „благаславення Яго Высо­капра­свяшчэнства“ мітрапаліта Філарэта коштам некалькіх царкоўных інстытуцый РПЦ у Мінску. Гэта значыць, што погляд аўтара супадае з пазіцыяй РПЦ, а яго кніга выконвае пэўны заказ. Аўтар не хавае гэтага і адкрыта выступае ў абарону пазіцый РПЦ амаль на кожнай старонцы кнігі. Ён замілавана гларыфікуе маскоўскае праваслаўе, ледзьве заўважаючы іншыя права­слаўныя цэрквы, і негатывуе іншыя хрысціянскія канфесіі, якія канкуруюць з РПЦ у Беларусі. Раздражненне ў яго выклікае місіянерства інша­слаўных і сектантаў, а таксама уніяцтва (46, 68), але асабліва непрыхільна ён ставіцца да аўтакефалістаў, г. зн. тых самых праваслаўных, якія толькі выходзяць з юрыдычнай падпарадкаванасці РПЦ. Аўтар дакарае аўтакефалістаў за іх адрыў ад мацярынскай царквы (20, 140) і кваліфікуе іх дзейнасць як шкодную: „разгортваецца небяспечная дзейнасць … прадстаўнікоў так званай Беларускай аўтакефальнай царквы, у справах якіх цяжка знайсці і сапраўдную беларускасць, і царкоўнасць“ (46). Нават захады праваслаўных ерархаў у часы міжваеннай Польшчы па здабыцці аўтакефаліі ён лічыць „супярэчлівай“ ды „неабачлівай“ палітыкай (18).

Увогуле аўтар выступае супраць усіх тых, хто наракае на неадпаведнасць сучаснасці царкоўнай практыкі ды інстытутаў і патрабуе зменаў у царкве. Паказальна, што сваіх апанентаў ён абзывае прагрэсістамі і называе сучаснымі. Захапленне прагрэсам і „актуальнай тэндэнцыяй“ Чарота лічыць грахом (39) і з піетэтам цытуе Пабеданосцава (40—41), вядомага рэакцыянера і цемрашала эпохі царызму.

Погляды, якія выкладае ў сваёй кнізе Чарота, не новыя, а прыведзеныя ім аргументы выкарыстоўваліся яшчэ ў XIX ст. Але ў Беларусі яны ўсё яшчэ ўжываюцца прыхільнікамі г. зв. славянафільскай ідэі, а дакладней вялікадзяржаўнага шаві­нізму. Таму варта больш дэталёва разгледзець некаторыя з галоўных тэзісаў аўтара, перш за ўсё тыя, што трактуюць стасункі беларускай мовы і царквы (праваслаўнай) у гістарычным аспекце.

Аўтар лічыць, што ўсе абвінавачанні РПЦ у русіфікацыі Беларусі здымаюць некалькі простых аргументаў: 1) царкоўнаславянская мова істотна не адрознівалася ад мовы пісьменства беларусаў і была зразумелая ім; 2) прыходскае духавенства было, як правіла, мясцовага паходжання, а значыць, не магло карыстацца іншай мовай, апрача мясцовай гаворкі; 3) мовай казання і катэхізацыі была мясцовая мова, зразумелая насель­ніц­тву (12). Але факты якраз пярэчаць гэтым тэзісам.

Тэзіс пра зразумеласць царкоўнаславянскай мовы беларусам і „нязначнасць“ яе адрознення ад мясцовага пісьменства даволі рэлятыўны. І структурна, і функцыянальна царкоўнаславянская мова ад самых сваіх пачаткаў адрознівалася ад народных славянскіх моў, вынікам чаго была моцная інтэрферэнцыя мясцовых гутарковых элементаў нават у літургічныя тэксты (на с. 32 аўтар і сам гэта прызнае). Гэтая з’ява адзначаецца ў пом­ніках Кіеўскай Русі і Балгарыі з XII ст., Сербіі з XIII ст., а ў XIV ст. становіцца ўсеагульнай. Ва ўсіх гэтых краінах ўзнікае мясцовае пісьменства, хоць і на падмурку царкоўнаславяншчыны, але структурна і функцыянальна супрацьпастаўленае ёй. З цягам часу гэтыя пісьменствы ўсё больш разыходзіліся з царкоўнаславянскім і ўрэшце далі пачатак нацыянальным літаратурна–пісьмовым мовам.

Неразуменне насельніцтвам Беларусі царкоўнаславян­скай мовы — не толькі простым народам, але нават праваслаўным духавенствам — адзначалася назіральнікамі ўжо ў XVI ст. (хоць, зразумела, яно не тады ўзнікла, а нашмат раней, проста згадкі дайшлі з таго часу). Таму і з’яўляюцца пераклады з царкоўна­славянскай мовы на старабеларускую (напрыклад, Перасопніцкае Евангелле 1556—61 г.) і нават выходзяць паралельныя выданні на дзвюх мовах (напрыклад, Евангелле Ця­пінскага каля 1580 г.). А ў XVII ст. няведанне нават кірылічнага пісьма сярод уніяцкага духавенства Беларусі дасягнула такого ўзроўню, што запатрабавала выдання літургіі польскім пісьмом. Досьвед іх грэка–праваслаўных калег у тыя часы быў не лепшы.

Наступны тэзіс, пра мясцовае паходжанне праваслаўнага духавенства, справядлівы толькі для часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, калі на землях Беларусі не было ўлады маскоўскага права­слаўя. Але ён аніяк не можа быць стасаваны да XIX і XX ст., калі значная частка праваслаўнага духавенства ў Беларусь дасылалася з Расіі (асабліва пасля задушэння паўстання 1861–– 63 г.), а тая частка, што рэкрутавалася з мясцовага насельніцтва, выхоў­валася ў расійскім духу і на расійскай мове, у атмасферы варожасці да беларускай мовы і культуры. Таму аб’ектыўна ацаніць „канкрэтна значэнне“ (так!) маскоўскага праваслаўя „ў асвеце беларусаў“ (52), як намагаецца аўтар, можна толькі ў тым выпадку, калі прыгадаць, што гэтая „асвета“ вялася на рускай мове і з русіфікацыйным зместам, адмаўляла беларусам у нацыянальнай і культурнай самастойнасці.

Нарэшце, апошні тэзіс Чароты, пра выкарыстанне мясцовай мовы ў катэхізацыі і казанні, нічога не даказвае, паколькі такая практыка ад самых пачаткаў вядомая ўсім хрысціянскім цэрквам, але яна сама па сабе яшчэ не вядзе да паўстання пісьменства на роднай мове. Напрыклад, каталіцкая царква ў свой час хрысціянізавала галаў, саксаў, бургундаў, лангабардаў, вест– і остготаў на мовах гэтых народаў, але з таго ў іх яшчэ не выраслі літаратура і пісьменства на роднай мове. Таксама хрысціянізацыя Поль­шчы пачынаецца з канца Х ст. і вядзецца на славянскай мове, пра што сведчыць ранняе ўзнікненне польскай хрысціянскай тэр­міналогіі, але польская літаратура і пісьмовая мова паўстаюць толькі ў ХVI ст., а да таго часу ў пісьменстве пануе лаці­на.

У іншым месцы аўтар сцвярджае, што „асвета на землі беларускія прыходзіла дзякуючы амаль выключна праваслаўнаму манаству, сістэме брацкіх школ і друкарань“ (47). Але асвета гэтая была абмежаваная (напрыклад, яна амаль не залучала антычную спадчыну) і сціплая (напрыклад, у ёй не было універ­сітэтаў і доўгі час нават сярэдняй адукацыі). Ён сам прызнае, што веданне сакральнай мовы ў праваслаўным асяроддзі стаяла „далёка не ў той меры, як у асяроддзі каталіцкім“ (64).

Гаворачы пра выкарыстанне беларускай мовы ў набажэнстве РПЦ, аўтар падкрэслівае, што на памесным саборы 1917—18 г. гэтае пытанне афіцыйна не ўздымалася, у адрозненне ад пытання з мовамі рускай і ўкраінскай (13, 142). Разам з тым ён цытуе вядомы ліст патрыярха Ціхана да старшыні Рады мініс­траў БНР з 1922 г., дзе патрыярх дазваляе выкарыстанне беларускай мовы ў дадатковым набажэнстве і пры перакладзе Бібліі (14). На падставе аднаго толькі гэтага ліста крыху паспешліва лічыць усе абвінавачанні РПЦ у русіфікацыі Беларусі і ігнараванні беларускай мовы „недастаткова абгрунтаванымі“ (15).

Асобнай увагі заслугоўваюць лінгвістычныя прыхільнасці аўтара. Ужо першы раздзел кнігі, прысвечаны гістарычным аспектам выкарыстання беларускай мовы ў рэлігійнай сферы, ён пачынае сціслым пераказам гісторыі царкоўнаславянскага пера­кладу Св. Пісьма (і выключна ва ўсходніх славян) і стварэння рускага перакладу (6—8). Згадкам жа пра беларускія пераклады тут не знаходзіцца месца. Тым не менш, аўтар сцвярджае, што праваслаўе не ігнаравала жывую народную мову, і ў доказ прыводзіць (9—10) выданні ці пераклады Св. Пісьма, што здзяйсняліся „сярод нашых продкаў“. Цікава, што ён згадвае тут … пратэстантаў Цяпінскага і Буднага (!), а да перакладаў чамусьці залічвае і царкоўнаславянскія кодэксы і выданні: Генадзіеўскую біблію, кодэкс Мацвея Дзесятага (дарэчы, спісаны Мацвеем зусім не ў Вільні, як памылкова лічыць Чарота, а ў Супрасльскім манастыры, спіс толькі захоўваецца ў Вільні), Заблудаўскае евангелле, маскоўскі катэхезіс Лаўрэна Зізанія, „Псалтыр рыфматворны“ Сімяона Полацкага і яшчэ шмат іншых, часам зусім няўцямных кніг і крыніц. У гэтым пераліку факты царкоўнаславянскай кніжнасці аднесены да жывой народнай мовы, а да праваслаўных залічаны пера­клады пратэстантаў. Але гэта не перашкодзіла аўтару заключыць, што ўсе „прыведзеныя факты адлюстроўваюць … працэс фарміравання … агульнай для ўсходніх славян, унармаванай паводле царкоўнаславянскай традыцыі“ рускай мовы (10). Ён нават спрабуе абгрунтаваць і даказаць тэзіс, што „праваслаўны — значыць рускі“ (17, 18).

Яшчэ большы піетэт аўтар выказвае да царкоўнаславянскай мовы, якой карыстаецца РПЦ. Ён імкнецца ўсяляк давесці, што замяніць яе ў царкоўным дыскурсе гутарковай мовай ніяк немагчыма (36—37, 39—42, 141—144), паколькі яна лепш перадае самыя разнастайныя містычныя моманты, недасяжныя звычайнай логіцы (40—41). Хіба здольная справіцца з усімі гэтымі функцыямі беларуская мова? — задаецца пытаннем аўтар (35). Ідэалам для Чароты з’яўляецца вернік, „навучаны ад роду маліцца па–царкоўнаславянску … пры любых умовах“ (40). На яго думку, якраз масавасць выкарыстання царкоўнаславянскай мовы (у РПЦ) і служыць сведчаннем жывучасці гэтай мовы. Для беларусаў, сцвярджае Чарота, матчынай мовай „у дачыненні да Царквы [была] царкоўнаславянская“, гэтая мова ім больш зразумелая і родная „ў рэлігійным жыцці параўнальна з сучаснай беларускай“ (54). Але тады чаму нават праваслаўныя святары вучаць гэтую „матчыну“ і „зразумелую“ ды „родную“ мову ў сваіх вучэльнях? Сам аўтар прызнае, што „змест Пісання … не заўжды зразумелы па–царкоўнаславянску“ (66). Чарота рашуча абвяргае погляд, што царкоўнаславяншчына — мёртвая, застылая ў сваіх формах мова (31—32, 34) і даводзіць, што яна „свая“ для беларусаў (28), „свая“ для праваслаўных славян (8), і наогул — для ўсіх славян (33), „фактар веравызнаўчага яднання праваслаўных славян у пра­сторы і часе“ (39, гл. таксама 41). Менавіта гэты тэзіс, хутчэй палітычны, чымся лінгвістычны, выклікае асаблівы энтузіязм у аўтара.

Зусім інакшае стаўленне аўтара да беларускай мовы. Ён дакарае гэтую мову за камунікацыйную слабасць (54), канстатуе незапатрабаванасць мастацкай літаратуры на нацыянальнай мове (60—63), у сувязі з чым і пераклады Св. Пісьма на беларускую мову мала запатрабаваныя карыстальнікамі (36—37, 146). Гэта сапраўды ненармальна, як адзначае Чарота (54), але хто стварыў гэтую ненармальнасць, адказу ён не падае (хоць прызнае, што „цяперашняя сітуацыя ў значнай ступені прадвы­значаецца папярэднім развіццём“, 58).

Аўтар настойвае, што найменне беларуская мова „з поўнай правамернасцю і карэктнасцю можа ўжывацца толькі ў дачыненні да перыяду, калі беларусы самаўсведамляюцца і звонку прызнаюцца як асобная нацыя“ (10—11). Цікава, а да якой тады нацыі адносіцца царкоўнаславянская мова? Чамусьці аўтар нічога не гаворыць пра гэтую нацыю, хоць на працягу ўсёй кнігі ён не шкадуе эпітэтаў, аргументаў і высілкаў для гларыфікацыі царкоўнаславяншчыны, а адносна беларускай мовы заклікае да стрыманасці і карэктнасці. Але і гэтага мала для беднай беларускай мовы: каб атрымаць права звацца беларускаю, ёй трэба яшчэ мець нейкую няўцямную „канвергенцыю гаворак як складнікоў (так!) агульнай сістэмы“, і „здзяйсненне адметнай кадыфікацыі, стварэнне і прыняцце ўласнай граматыкі, якая становіцца абавязковай для ўсіх“ (11), ды й больш таго, апрача „наяўнасці кадыфікацыі“ і „агульнапрынятай граматыкі“ ёй трэба мець яшчэ і „грунтоўную лексікаграфію“ (45). Няўжо каб быць мовай, па­трэбныя кадыфікацыі, граматыкі і лексікаграфіі, ды яшчэ грунтоўныя? У такім выпадку вельмі мала моў у свеце могуць адпавядаць крытэрыю Чароты. А калі быць паслядоўным, то трэба адмовіць у самастойнасці і царкоўнаславянскай мове, паколькі яе першыя граматыкі і лексіконы (далёка не грунтоўныя) з’явілі­ся толькі ў канцы XVI ст. (дарэчы, у Беларусі), і яшчэ пазней яны сталіся абавязковымі ці агульнапрынятымі для тых, хто пісаў на гэтай мове (нават ва Ўсходняй Славіі, не кажучы ўжо пра Балканы). Ці пагодзіцца аўтар прызнаць, што да таго часу любая яго сэрцу мова Кірылы і Мяфодзія яшчэ не была асобнай мовай?

Аўтару спатрэбілася гэтак зацугляць беларускую мову толькі для таго, каб заявіць, што „беларуская мова — мова XX стагоддзя“ (11), а стасаваць яе да XVIII––XIX ст., не кажучы ўжо пра ранейшыя часы — легкадумна і антыгістарычна (45). На яго думку, да ХХ ст. беларускай мовы ўвогуле не было, а быў „варыянт“ ці „рэдакцыя“ (г. зн. нешта другаснае, залежнае ад) мовы „(усходне)славянскай“, „стара(бела)рускай“ (11). Тут аўтар, прыдумляючы двусэнсоўныя тэрміны і настойваючы на іх выкарыстанні, чамусьці зусім не клапоціцца ні пра іх правамернасць, ні пра карэктнасць.

Навошта гэта, калі сам пратаярэй Плакід Янкоўскі ў „Літоў­скіх Епархіяльных ведамасцях“ за 1864 г. засведчыў: беларуская гаворка Пружаншчыны — гэта „чырвона–руская ці галіцкая“ (11). Г. зн., канвергенцыя, прадпісаная Чаротам, яшчэ не адбылася, беларуская мова яшчэ не склалася. Праўда, Чарота дапускае, што „можна, бадай, ставіць пад сумненне абгрунтаванасць прыватных момантаў менавіта такой высновы“ пратаярэя (але не саму выснову!), можна нешта ўдакладняць, „абапіраючыся на вынікі пазнейшых дыялекталагічных даследаванняў“ (11—12), але не аспрэчваць „у цэлым“ падыход пратаярэя (12). Вось так, мімаходнай заўвагай вынесены прысуд цэлай мове!

Тое, што было ад­крыццём і навіной у часы пратаярэя, цяпер напісана ў кожным падручніку беларускай дыялекталогіі: на Пружаншчыну заходзіць пас палескіх гаворак, пераходных паміж беларускай і ўкраінскай мовамі, а ў складзе гэтых гаворак прысутнічае шмат рысаў, аднолькавых з украінскай мовай; ва ўсялякім выпадку аўтару, які паходзіць з Кобрыншчыны, гэта мусіць быць вядома. Той факт, што на Беларусі ёсць дыялекты з асаблівасцямі ўкраінскай мовы, ані не прыніжае самастойнасці беларускай мовы і не адмаўляе ёй у праве на існаванне. На тэрыторыі Расіі ёсць нярускія дыялекты, аднак гэта не перашкаджае расійскім вучоным адносіць такія тэрыторыі да абшараў рускай мовы. Напрыклад, на пачатку ХХ ст. расійскія дыя­лектолагі адносілі да беларускай мовы ўвесь абшар на захад ад лініі Старадуб — Бранск — Масальск — Вязьма — Ржоў — Тарапец — Себеж, што засведчана на карце Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі 1914 г. Але цяпер увесь гэты абшар (да мяжы з Беларуссю) у Расіі лічыцца заходняй групай рускіх народных гаворак ці заходнерускім дыялектам. Чаму ж на тэрыторыі Беларусі не можа быць „чырвонарускіх гаворак“? Калі ж не, то дзеля паслядоўнасці варта прызнаць, што і канвергенцыя рускіх гаворак таксама не адбылася, і, значыць, „фарміраванне“ рускай мовы трэба лічыць не даведзеным да канца.

У такой жа ступені своеасаблівыя і погляды аўтара на этнагенез беларусаў. Ён упэўнены, што да XX ст. беларусаў не было, а замест іх існавала „(агульна)руская супольнасць“, ад якой і дагэтуль захваліся „выразна фіксаваныя … шматлікія прыкметы“ (45); праўда, пераліку гэтых прыкмет ён чамусьці не падае. Беларусы для Чароты — з „катэгорыі запозненых нацый“ (54) і хутчэй казус этнагенезу, чымся самастойны этнас ці нацыя. Для жыхароў даўняй Беларусі (XI ст. і пазней) у яго не знаходзіцца іншага тэрміна, апрача назваў „прабеларусы“ (6), „(пра)беларускасць“ (31), хоць ён сам адзначае, што беларусы мелі з палякамі агульную дзяржаву, у якой квітнела лаціна, а мову Беларусі таго перыяду называе беларускай (64). Пры такім эклектызме аўтар, аднак, вельмі строгі да поглядаў іншых. Ён папярэджвае чытача, што „працэс фарміравання беларускай нацыі такі складаны і супярэчлівы аж па сённяшні дзень“ (45), і таму ў разважаннях на гэтую тэму патрабуе „максімальнай адказнасці і сумленнасці“, прычым не толькі ад даследчыкаў, але і ад інтэрпрэтатараў–публіцыстаў (45).

Увогуле, метадалагічныя падмуркі аўтарскай аргументацыі выглядаюць вельмі хістка. Замест дакладных высноваў ці кваліфікацый, усталяваных навукай на падставе сур’ёзнага аналізу фактаў за доўгі час, ён паклікаецца на меркаванні розных аўтарытэтаў, пераважна царкоўных. Пры гэтым багатая навуковая біблія­графія, прыведзеная ў канцы кнігі, аўтарам у першых раздзелах амаль не выкарыстоўваецца. Падыходы свецкіх вучоных ён часам ацэньвае з царкоўных пазіцый (гл. 44), а з рытарычных разважанняў робіць далёкасяжныя высновы (гл. напры­клад, 54—56).

У некаторых выпадках у аўтара можна заўважыць спробы падмяніць паняцці, хоць ён змагаецца менавіта з гэтым (44). Самы адметны прыклад звязаны з праваслаўнай царквой. Хоць у кантэксце ідзецца толькі пра маскоўскае праваслаўе, а дакладней, РПЦ, Чарота амаль нідзе гэтага не ўдакладняе. Чытачу падсвядома накідаецца думка, быццам усё праваслаўе тоеснае маскоўскаму і іншых праваслаўных цэркваў не існуе. Гэта праяўляецца і ў графіцы: маючы на ўвазе РПЦ, аўтар піша з вялікай літары Праваслаўе, Праваслаўная Царква, тады як назваў іншых хрысціянскіх канфесій ён з вялікай літары не піша.

Іншы выпадак падмены паняццяў можна назіраць, калі аўтар, адстойваючы захаванне царкоўнаславянскай мовы ў набажэнстве за кошт унікання беларускай, параўноўвае „малітоўнае слова“, якое лепш перадае стан душы і максімальную змястоўнасць, з побытавым словам (40). Фактычна тут параўноўваюцца розныя стылі мовы, але не самі мовы. Параўнанне моў аўтар непрыкметна падмяніў параўнаннем стыляў, пры гэтым маўк­ліва адвёўшы беларускай мове ролю нізкага, побытавага ўтварэння. Але кожная жывая мова мае гэткія побытавыя словы, якія, зразумела, не ў стане перадаць узнёслы стыль, аднак самая „вясковая“ мова здольная развіць у сабе і высокі стыль, калі ў гэтым стане патрэба.

Часам у кнізе адно выдаецца за іншае. Так, ён падае спіс розных праваслаўных святароў і выкладчыкаў царкоўных уста­ноў (досыць механічна складзены, бо сюды трапіў марксіст Ус. Ігнатоўскі) XIX — пачатку XX ст. (48—52), каб нагадаць іх „гістарычныя заслугі … у сцвярджэнні беларускасці, развіцці беларусазнаўства і асветы нашага люду…“ (48). Але большасць іх прац або мела этнаграфічны характар або была напісаная з пазіцый вялікадзяржаўнага шавінізму. Трапна пра гэта сказаў сам аўтар (хоць меў на ўвазе адваротнае): „тады і фалькларыстыка, і этна­графія, і лінгвістыка падпарадкоўваліся задачам русіфікацыі, прысваення нашых скарбаў рускімі“ (53).

Такое вольнае абыходжанне з матэрыялам кантрастуе з дэкларацыямі самога аўтара, які любіць спасылацца „на паўнату фактаграфіі“. Ён шчыра лічыць, што „элементарная праўда факталогіі … пераканаўча паказвае беспадстаўнасць антыправаслаўных стэрэатыпаў–ідэалагем“ (45). Гэта выкрывае ў ім пазітывіста, што тыпова для гуманітарыяў Беларусі. Але яго нешматлікія факты, наспех сабраныя і дрэнна прэпараваныя, наўрад ці здольныя каго‑небудзь пераканаць.

Пра вартасць гэтых фактаў красамоўна сведчаць некалькі прыкладаў. Каб абвергнуць тэзіс, што беларуская мова знітаваная з уніяцтвам, Чарота звяртаецца „да сведчанняў больш годных веры ўжо таму, што яны даюць жывыя, непасрэдныя адлюстраванні таго часу і належаць асобам, не падлеглым … гарачцы [ідэалагічных баталій]“ (46). Крыніца Чароты сцвярджае, што аж да 1855 г. сяляне–уніяты Гарадзеншчыны нават у праваслаўнай царкве „молитвы и песни церковные там читали и пели все польские, и в тоже время не в состоянии были пропеть по русски даже «Господи, помилуй»“ (46). Аўтар радасна выдае гэта за „аўтэнтычныя матэрыялы пра рэальную моўную сітуацыю“ ў асяроддзі уніятаў, але не паведамляе, што яны належаць права­слаўнаму святару[1], якога аніяк нельга прызнаць асобай, аб’ектыўнай у характарыстыцы уніяцтва[2]. І тое, што права­слаўна­му свя­тару сярэдзіны XIX ст. здавалася польскай мовай, у рэаль­насці магло быць беларускай (ці польска–беларускай трасянкай)[3]: „рускі“ выраз Господи, помилуй на самай справе ўяўляе сабой царкоўнаславянізм[4]. Суб’ектыўнае ўспрыняцце рэальнасці яшчэ не тоеснае самой рэальнасці, таму любы факт патрабуе пэўнай апрацоўкі і асэнсавання.

Не вытрымліваюць крытыкі і іншыя „паказальныя факты“ аўтара (12): у 1832 г. расійскі цар Мікалай I заўважыў царкоўным уладам, каб уніяцкія святары ў казанні і катэхізацыі не выкарыстоў­валі лаціны, а прыстасоўваліся да гаворкі мясцовага насельніцтва. На думку Чароты, гэта мусіць сведчыць пра панаванне чужынных моў у неправаслаўных цэрквах. Але лаціну ў катэхізацыі мясцовага насельніцтва не ўжывалі нідзе ў Еўропе і заўвагу цар зрабіў дарэмна. Другі „факт“: мінскі паліцмайстар у 1905 г. жадаў, каб у пінскім касцёле пры дадатковым набажэнстве выкарыстоўвалася беларуская мова парафіянаў. Але, як вымушана дадае Чарота, паліцмайстар гэтага прагнуў „у мэтах разаблачэння паланізму“; можна не сумнявацца, што ён наўрад ці зга­дзіўся з выкарыстаннем беларускай мовы парафіянаў у царкве права­слаўнай.

У тэксце кнігі шмат царкоўнаславянізмаў: багахульствы, святатацтвы, кашчунствы (39), прападобныя (7), свяшчэнна­служыцелі, царкоўнаслужыцелі (12, 48) і інш. Часам трапляюцца ненарматыўныя ці памылковыя напісанні: Кімвар (47), Сцяфан (47), дзвюхмоўе (57 і наст.), беларскай мовы (110, сп. 120), хоць аўтар выступае супраць „ігнаравання агульнапрынятых норм, правіл існуючай акадэмічнай граматыкі“ (55). Імкненне выказвацца квяціста часам замінае яснаму выразуменню: „нельга асэнсаваць без уліку сукупнасці ўсіх умоў, нам пакуль што вядомых недастаткова“ (16), „нельга прымаць як тэндэнцыю сцвяр­джэнні…“ (27), „прыведзены факт усёй супярэчлівасці рэчаў не адлюстроўвае“ (17) — навошта ж яго тады прыводзіць? У некаторых месцах (напрыклад, на с. 31) аўтар забіраецца ў такія эмпірэі, дзе цяжка зразумець, пра што ідзе размова.

Кніга Чароты — гэта палемічная праца, напісаная свецкай (хоць і „ўцаркоўленай“) асобай з клерыкальных пазіцый. Таму адчуваецца пэўны дысананс паміж высокім ды складаным прадметам і палемічнымі прыёмамі ды публіцыстычнай тэхнікай яго раскрыцця. Пра сакральныя рэчы трэба гаварыць не так. Шкада, што ўзважанай і ўдумлівай размовы не атрымалася. Аўтару можна адрасаваць той папрок, які ён закідае сваім апанентам: „не зважаць на сутнасць праблемы ў яе развіцці, у заканамернай эвалюцыі ад старажытных часоў да савецкіх, а таксама пост­савецкіх, цяперашніх — гэта парушэнне элементарных прынцыпаў гістарызму“ (17).
Мінск

Ігар Клімаў


[1] І.А.Карскаму. Чарота спасылаецца проста на матэрыял П.Шэйна, 1902 г.
[2] Хоць І.А.Карскі досыць аб’ектыўна характарызуе уніяцкіх святароў, гл.: Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо–Западного края / Собр. П.В.Шейн. С.–Петербург, 1902. Т.3 (Тое самае: Сб. ОРЯС. Т.72). С. 90—91.
[3] Што гэта сапраўды было так, адзначыў (магчыма, не зусім акрэслена), сам І.А.Карскі: сяляне „всегда молились по–польски, и то коверкая слова на свой лад. <…> Одни только дворовые люди, которые научались польской грамоте при дворах своих панов, произносили молитвы правильно“, г.зн. па–польску (гл. цытаваныя „Материалы для изучения быта…“, с.87). Чамусьці Чарота абмінуў увагай гэтыя істотныя сведчанні сваёй крыніцы.
[4] Параўн. прыклады маўлення гэтых сялян, што падае І.А.Карскі: „Мы не москалé, кап спеваць «Господзи помилуй!»“  (гл. цытаваныя „Материалы для изучения быта…“, с.86, а таксама іншыя прыклады на с. 92).

Наверх

Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія. Складальнікі Вітаўт Кіпель і Зьміцер Саўка (Сяргей Запрудскі)

Снежня 2, 2002 |


Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія. Складальнікі Вітаўт Кіпель і Зьміцер Саўка. Нью Ёрк—Менск: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, [2002]. ХХХVIII, 568.

У 1932 г., у перыяд гучных „класавых баёў“ крытык Сымон Куніцкі быў надрукаваў артыкул з характэрнай для свайго часу назвай — „Ці ўсё спакойна на бібліяграфічным фронце?“ На пачатку 30–х, напярэдадні блізкай калектывізацыі пісьменніцкіх сілаў нават такая руцінная „навукова–практычная дзейнасць“ (БелЭн, 3, 141) як бібліяграфічная станавілася не абы–якім фронтам барацьбы. Сёння можна толькі з усмешкай згадваць колішніх пераўтваральнікаў грамадства, якія ўсё імкнуліся ідэа­лагізаваць, зрэшты, маючы на ўвазе фатальныя наступствы іх дзейнасці. Сённяшнія „класавыя баі“, бадай, у нязначнай ступені ўплываюць на змест бібліяграфічнай працы, затое больш выпадае гаварыць пра заняпад некаторых колішніх інстытуцый, якія яшчэ нядаўна больш ці менш паспяхова займаліся ўкладаннем бібліяграфій. Што да беларускай лінгвістычнай бібліяграфіі, то, несумненна, цэлую эпоху ў ёй склалі тры бібліяграфічныя паказальнікі „Беларускае мовазнаўства“ 1967, 1980 і 1993 г., укладзеныя з удзелам або непасрэдна А.Васілеўскай і Я.Ра­мановіч. Гэтыя працы на доўгі час сталі незаменнай крыні­цай інфармацыі аб розных напрамках беларускай лінг­вістыкі ХIХ — ХХ ст., настольнымі кнігамі для многіх беларускіх мовазнаўцаў[1]. Я.Рамановіч доўгі час працавала ў Інстытуце мова­знаўства Акадэміі навук, і гэта дазваляла ёй займацца зборам бібліяграфічнага матэрыялу ў межах выканання „планавых заданняў“. У параўнанні з 60—80–мі г. цяпер у Інстытуце мова­знаўства намнога горшая кадравая і фінансавая сітуацыя, і, падобна, заснаваную бібліяграфічную традыцыю проста няма каму пераняць.

Зыходзячы з гэтых акалічнасцяў трэба прызнаць, што падрыхтаваная В.Кіпелем і З.Саўкам бібліяграфія ўдала запаўняе лакуну, якая ўжо стала была ўтварацца пад час структурных перабудоваў у сістэме беларускай гуманітарнай навукі і яе дапаможных падраздзяленняў. Укладальнікі добра адчулі кан’юнктуру, асаблівы попыт на беларускія слоўнікі, уласцівы апошнім дзесяцігоддзям, і падрыхтавалі кнігу, якая, несумненна, будзе вельмі карыснай многім. Ля вытокаў гэтай працы ляжалі, падобна, бібліяграфічныя запісы В.Кіпеля, якія ён рабіў цягам 40 гадоў. Некалькі дзесяцігоддзяў таму В.Кіпель браў удзел у падрыхтоўцы „Бібліяграфіі славянскіх слоўнікаў“ („A Bibliography of Slavic Dictionaries“), пазней укладаў некаторыя іншыя, нефілалагічныя бібліяграфіі. Актыўнасць З.Саўкі да апошняга часу рэалізоўвалася на іншым, не звязаным з бібліяграфіяй полі. Можна меркаваць, што раздзяленне працы паміж рознаўзроставымі і рознадосведнымі аўтарамі было наступным: В.Кіпель прапанаваў у агульную скарбонку свае бібліяграфічныя нататкі, магчыма, неяк уплываў на прыняты ў кнізе спосаб апісання слоўнікаў, у той час як Саўка ўзяў на сябе асноўны клопат па фармаванні паўнаты бібліяграфіі, праверцы наяўных дадзеных, выпрацоўцы канцэпцыі бібліяграфічнага апісання і г.д. Гэтая нераўнамернасць укладу двух аўтараў відаць і з змешчаных у кнізе уступных матэрыялаў. Калі В.Кіпель надрукаваў ва ўступе толькі кароткую „напутную“ нататку у значнай меры мемуарнага характару (VII—VIII), то Саўкаваму пяру належыць „уласна“ прадмова, зрэшты, сціпла названая „Асноўныя заўвагі для карыстальнікаў“ (IX—XXVI). У прадмове ахарактарызаваны мэта складання бібліяграфіі, аб’ект бібліяграфічнага апісання, будова выдання, будова каталогаў, будова артыкула і пазіцыі. У дапаможную частку кнігі ўключаны спіс скаротаў і ўмоўных знакаў (XXVII—XXXVIII) і сем паказнікаў: паводле тыпаў слоўнікаў (467—474), тэматычны (475—489), моўны (490—495), асабовы (496—536), геаграфічны (537—553), паводле месца выдання (554—558) і паводле года выдання (559—568).

Асноўная частка кнігі складаецца з трох розных па велічыні раздзелаў: „Каталогу выданняў і публікацый“ (1—442), „Каталогу рукапісаў і картатэк“ (443—464) і „Каталогу электронных слоўнікаў“ (465—466). У ёй (асабліва ў першым раздзеле, які налічвае 2181 пазіцыю) даволі поўна прадстаўленая разнастайная інфармацыя, датычная лексікаграфічнай літаратуры пачынаючы ад 1596 г. (першым беларускім слоўнікам лічыцца выдадзены ў Вільні „Лексіс“ Лаўрэнція Зізанія). Несумненнай вартасцю бібліяграфіі з’яўляецца ўвага да літаратуры, апублікаванай за межамі Беларусі. Аднак выказаная Мячкоўскай заўвага ў дачыненні да бібліяграфій Я.Рамановіч адносна няўліку небеларускамоўнай літаратуры была б справядлівай і ў гэтым выпадку. У сваёй прадмове да кнігі З.Саўка піша, што рэцэнзаваная праца ёсць „першая спроба складання бібліяграфіі беларускіх слоўнікаў [...] без тэматычнага, часавага, прасторавага ці якога іншага абмежавання“ і спасылаецца як на прыклады такіх „абмежавальных“ бібліяграфій на бібліяграфіі сваіх папярэднікаў (IX). Папраўдзе гэткае абмежаванне ў кнізе ёсць: беларускім (імпліцытна, бо гэтае пытанне ў прадмове ніяк не абмяркоўваецца) не лічыцца слоўнік, у якім зусім няма беларускай мовы[2]. З прычыны такога падыходу па–за межамі бібліяграфіі аказаліся даволі шматлікія двухмоўныя ангельска–, нямецка–, французска–, іспанска–, польска–расійскія і іншыя перакладныя (з удзелам расійскай мовы) слоўнікі, што друкаваліся і друкуюцца ў Беларусі пераважна дзеля навучальных мэтаў. Між тым некаторыя з гэтых слоўнікаў (напрыклад, „Slownik wojskowy rosyjsko–polski i polsko–rosyjski“ 1917 г., „Новейший русско–немецко–польский карманный словарь“ 1920 г. і інш.) уяўляюць цікавасць як мінімум з гістарычнага гледзішча. Іншыя ж (напры­клад, „Jidiš–rusišer verterbuch“ С.Рохкінд і Г.Шкляр 1940 г.) важныя як помнікі, у якіх засведчаны ўплыў беларускай мовы на нейкую іншую мову (у дадзеным выпадку на ідыш), не кажучы ўжо пра тое, што яны былі падрыхтаваны людзьмі, якія адначасова займаліся і беларускім мовазнаўствам. З другога боку, у бібліяграфію ўключаны толькі расійскамоўныя працы, калі ў іх ёсць біяграфіі людзей, якія нарадзіліся (або жывуць) у Беларусі, а таксама працы, якія змяшчаюць інфармацыю пра беларускія населеныя пункты. Так, напрыклад, у працы чытач знойдзе інфармацыю пра кнігі аб начальніках службы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі „Есть такая служба: Воспоминания, очерки, публицистика“ (Мінск, 2002) і матэрыялы другога Ўсебеларускага народнага сходу „За сильную процветающую Беларусь“ (Мінск, 2001), зборнік „Милиция Гродненщины: Страницы истории“ (Гародня, 2002), трохстаронкавы артыкул Н.Міцковіча „Топонимические этюды Жабинковщины с источниковедческими экскурсами“ (2001), выдаваную „для служебного пользования“ брашуру „Список улиц и переулков гор. Могилева“ (1962) і інш.

Укладальнікі лічаць слоўнікам „спіс з як найменш 10–ці тыпалагічна аднародных моўных адзінак…, што як сукупнасць нясуць лексікаграфічную і/або энцыклапедычную інфармацыю, у якім выконваецца хоць бы адзін з наступных прынцыпаў: 1) альфабэтны парадак размяшчэння адзінак; 2) калі такі спіс мае больш за адно поле…, слоўнікавая адзінка мусіць знаходзіцца ў першым полі, а дэфініцыя павінна ўтрымлівацца ў другім і наступным палях…; 3) афармленне кожнай адзінкі асобным абзацам“ (XIII). Такое, відавочна, шырокае разуменне тэрміна слоўнік[3] дазволіла ўключыць у бібліяграфію шэраг спісаў (параўн., напрыклад, „списки лесных дач“, змешчаныя ў кнізе „Сведения о лесах Гродненской губернии…“; толькі пад літарай „С“ розныя спісы займаюць у кнізе 12 старонак), каталогаў, кадастраў (параўн., напрыклад, „Кадастр карысных выкапняў Магілёўскай вобласці“) і іншых (пераважна навуковых) прац, якія ў іншай сітуацыі, падобна, не маглі б быць залічаны ні да слоўні­каў, ні да энцыклапедый. Акрамя таго, што падобныя пазіцыі часам выглядаюць у кнізе даволі чужародна, іх улучэнне ставіць пытанне паўнаты прадстаўленага матэрыялу. Можна сумнявацца, што ў бібліяграфію ўвайшлі ўсе спісы, якія папраў­дзе друкаваліся ў Беларусі. Так, зварот да летапісаў друку за 1917—1925 г. паказвае, што ў бібліяграфіі не ўлічаны, напрыклад, наступныя пазіцыі: Кнігаспіс [Дзяржаўнае выдавецтва БССР]. Мінск, 1925. 55 с.; Кнігапіс кнігарні Беларускага выдавецтва „Савецкая Беларусь“. Мінск, 1924.13+[2] с. Тое ж датычыцца і даволі выпадкова падабраных навуковых артыкулаў, якія, можна меркаваць, уключаны ў бібліяграфію таму, што яны „нясуць лексікаграфічную і/або энцыклапедычную інфармацыю“. Скажам, у біблія­графію ўключаны ў якасці паралексічнага слоўніка тэзісы этымалагічнага па сваёй прыродзе даклада Р.М.Казловай „Да пытання беларуска–паўднёваславянскіх лексічных паралеляў“ (у арыгінале: „паралелей“), прачытанага ў 1973 г. у Гомелі на канферэнцыі „Рэгіянальныя асаблівасці беларускай мовы, літаратуры, фальклору“ (у арыгінале: „літаратуры і фальклору“). Але ці не трэба было б тады знайсці лексікаграфічны фермент і ў больш позніх і больш грунтоўных працах Р.Казловай „Характарыстыка некаторых усходнеславянска–сербскахарвацкіх ізалекс“ (зборнік „Беларуская мова“. Вып. 7. 1980) і „Беларуска–паўднёваславянскія ізалексы праславянскага паходжання“ (Беларуская лінг­вістыка. Вып. 21. 1982)? Выклікае сумненне аб­грунтаванасць уключэння ў бібліяграфію артыкулаў М.Паўленкі „Жаночыя асабовыя намінацыі на –к–а ў беларускай мове савецкага часу“ (без іншых яго падобных публікацый), А.Лапкоўскай (у кнізе памылкова дадзена: Папкоўскай) „Сістэмнасць тэрмінаў беларускай батанічнай тэрміналогіі“ (без іншых яе падобных публікацый), Г.Семяньковай „Адыменныя прозвішчы ў антрапанімічнай сістэме Віцебшчыны“ (без іншых падобных публікацый іншых аўтараў) і г.д. і да т.п. У кнізе можна знайсці артыкул К.Панюціч „З лексікі гаворак Ушаччыны“ з пазнакай, што ў ім пададзены словы, якіх няма ў „Тлумачальным слоўніку беларускай мовы“ або якія прыведзены ў ім з паметай „абл.“ — але няма славутага артыкула П.Садоўскага „Час одуму“, у якім пропускі „Тлумачальнага“ слоўніка ахарактарызаваны, бадай, найбольш грунтоўна. У бібліяграфіі ёсць праца П.Сцяцко „Народная лексіка і словаўтварэнне“, але няма ягонай жа кнігі „Беларускае народнае слова­ўтварэнне“ — нягледзячы на тое, што яна цалкам магла сыйсці за „слоўнік афіксаў“, і, па–другое, у даведніку Марліна Кручара (Murlin Croucher) „Slavic Studies. A Guide to Biblio­graphies, Encyclopedias, and Handbooks“ (том 2, Вілмінгтон, 1993) яна кваліфікуецца акурат як „a dictionary of written and spoken Byelorussian“.  У кнігу ўлучаны ў якасці бія­графічнага слоўніка артыкул Р.Платонава „Агляд настрояў: Гартаючы старонкі дакладаў «сакрэтнага супрацоўніка»“ — верагодна, таму, што, як сведчыць рэмарка ўкладальнікаў, у ім „упамінаюцца імёны“. Але ці ўсе іншыя працы (ці хоць бы іх большасць), у якіх фігуруюць імёны, увайшлі ў бібліяграфію? Пытанне, вядома, рытарычнае.

Пры тым, што ў кнізе Кіпеля і Саўкі знайшлі месца некаторыя публікацыі, якія, мне здаецца, не ёсць ні слоўнікі, ні энцыклапедыі, трохі нечакана не ўбачыць у даведніку фактычна ніякіх звестак аб слоўнікавых матэрыялах, што публікаваліся ў складзе каментароў у зборах твораў або й нават у асобных творах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і многіх іншых пісьменнікаў. Каментатары шматлікіх беларускіх тэкстаў мусілі і мусяць мець пэўныя навыкі лексікаграфічна–тлумачальнай дзейнасці, і гэты пласт літаратуры, на маю думку, мог знайсці адлюстраванне ў даведніку.

Ніжэй прывядзем спіс некаторых прапушчаных у кнізе слоўнічкаў.

Азбукін М. Геаграфія Еўропы. Масква—Ленінград, 1924. С. 390—393: Слоўнік тэрмінаў: Перакладны: бел.–рас.; тэрміналагічны: геа­графія.
Гліннік, Вадзім. Матэрыялы да англа–беларускага тэрміналагічнага слоўніка „Захаванне культурнага набытку“ // Тэрміналагічны бюлетэнь. Вып. 1. Мінск, 1997. С. 24—28. (Акрамя гэтага слоўніка, у бібліяграфіі не пазначаны яшчэ 4 тэрміналагічныя слоўнічкі з апублікаваных у 1997 і 1999 г. у двух выпусках „Тэрміналагічнага бюлетэня“; у нашым пераліку не прыводзяцца.)
Круталевіч А. Элементарная алгебра. Ч. II. Масква—Ленін­град, 1924. С. 173—176: Слоўнік тэрмінаў: Перакладны: бел.–рас.; тэрміналагічны: матэматыка. (У бібліяграфіі, аднак, пададзена першая частка гэтага падручніка, надрукаваная ў 1922 г.).
Круталевіч А.; Міцкевіч А. Трыганаметрыя. Мінск, 1927. С. 201—202: Слоўнік тэрмінаў: Перакладны: бел.–рас.; тэрміналагічны: трыганаметрыя.
Круталевіч А.; Сагаловіч Г. Методыка матэматыкі. Ч. 1. Мінск, 1930. С. 203—204: Слоўнік тэрмінаў: Тлумачальны: тэрміналагічны: матэматыка.
Лёсік, Антон. У справе беларускае навуковае тэрміналогіі // Полымя. 1926. № 1. С. 142—151. (На сс. 148—151 прыведзены некалькі маленькіх слоўнічкаў).
Маскалевіч С. Лес на службе чалавеку. Мінск, 1930. С. 132—133: Слоўнік тэрмінаў і малазразумелых слоў: Тэрміналагічны: лясная гаспадарка.
Мікельсар Ф.Г. Пачатковая геаметрыя. Масква—Ленін­град, 1924. С. 105—106: Слоўнік тэрмінаў: Перакладны: бел.–рас., тэрміналагічны: геаметрыя.
Мікуліч Т.М. Мова і этнічная самасвядомасць. Мінск, 1996. С. 136—146: Слоўнік тэрмінаў: Тлумачальны: перакладны: бел.–рас.: тэрміналагічны: этналогія.
Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мінск. Беларусь, 1971. [Энц. даведнік.] (Фігуруе ў бібліяграфіі Кручара.)
Шимкевич Ф.С. Словник білоруської мови // Галас Б.К. Ф.С.Шимкевич як лексикограф і українське словникарство: кінець XVII— початок ХХ ст. Ужгород, 1995. С. 145—180: Перакладны: бел.–рас. Галас Б.К. Покажчик білоруської лексики в „Корнеслове русского языка“ Ф.С.Шимкевича (1842) // Тамсама. С. 211—235. (Рэцэнзіі на кнігу Б.Галаса друкаваліся двойчы ў беларускім друку ў 1997 г. — у „Весніку БДУ“ і „Кантактах і дыялогах“.)
Bosak V.; Bosak A. Russisch–Belorussisches Würterbuch der Bodenkunde und Agrochemie. Мінск, 1999. Слоўнік тэрмінаў: перакладны.
Marples, David R. Belarus: From Soviet Rule to Nuclear Catastrophe. Edmonton. The University Alberta Press. C. 170—171: Glossary. Тлумачальны.

Арыгінальнай уяўляецца спроба ўкладальнікаў бібліяграфічна апісаць не толькі апублікаваныя слоўнікі й энцыклапедыі, але й нявыдадзеныя крыніцы: рукапісы й картатэкі. Тут В.Кіпель і З.Саўка сутыкнуліся з большымі праблемамі, чым гэта было пры камплектаванні першага раздзела кнігі. Калі пераважная частка слоўнікаў і энцыклапедый увогуле даступная, гэтыя працы можна патрымаць у руках, калі слоўнікі й энцыклапедыі звычайна раней рэгістраваліся ў нейкіх іншых бібліяграфіях, то гэтага нельга сказаць пра лексікаграфічныя рукапісы і картатэкі[4]. Інфармацыю пра іх можна сабраць хіба на падставе нейкіх пісьмовых звестак, дакументаў, навуковых прац або вусных сведчанняў канкрэтных асобаў. Вось жа ў другім раздзеле пры большасці з 129 пазіцый змешчаны і звесткі пра крыніцы інфармацыі, выкладзеныя пасля скарачэння „пвд.“ (‘паводле’) або нейкім іншым спосабам. Так, згодна з вусным паведамленнем З.Санькі, у прыродзе існуе рукапіс беларуска–нямецкага слоўніка на 50 тысяч слоў. Паводле перакладчыка і выдаўца Змітра Коласа, Мікола Бусел уклаў 15–тысячны італьянска–беларускі слоўнік. Паводле сведчання, знойдзенага ўкладальнікамі ў „Этымалагічным слоўніку беларускай мовы“, ёсць картатэка „Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа“ і г.д. Укладальнікам аказаліся невядомымі брашуры 1932—1935 г. „Вытворчы план Беларускай Акадэміі навук на 1932…5 год“, у якіх зафіксаваны факты (у некаторых выпадках, магчыма, больш намеры) падрыхтоўкі некалькіх слоўнікаў (беларуска–латышскага, беларуска–польскага, руска–літоўска–беларускага па сацыялістычным будаўніцтве,  арфаграфічнага, тэрміналагічных па арганічнай і неарганічнай хіміі, выяўленчым мастацтве, палітэканоміі і філасофіі, лінгвістыцы і інш.). У бібліяграфіі прапушчана праца В.Ластоўскага 1917 г. „Niamiecki dla pačynajučych: hutarki bielaruska–niamieckije“ (пра яе пісала ў 2001 г. у „Кантактах і дыялогах“ К.Любецкая). З спецыяльнай публікацыі А.Гурло 1932 г. „Інстытут мовы на шляхох перабудовы“ („За пралетарскую навуку“, 6 ліс­тапада) вядома, што ў Інстытуце мовы быў складзены слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі на ідыш, які, аднак, меў і беларускі тэкст (быў хутчэй за ўсё ідыш–беларускім). Да сярэдзіны 1935 г. у Беларусі быў падрыхтаваны і латышска–беларускі слоўнік (гл.: „Звязда“, 16 кастрычніка 1935 г.). Падобна, укладальнікі не давалі сабе клопату з верыфікацыяй выяўленых звестак аб рукапісах і ўключылі ў біблія­графію ледзь не ўсялякі слоўнік, інфармацыю пра які яны знайшлі ў друку. Скажам, на падставе публікацыі А.Луцкевіча ў віленскіх „Запісах Беларускага навуковага таварыства“ за 1938 г. (дарэчы, перадрукаванай ў №1—2 за 2001 г. у „Спадчыне“) паведамляецца, што Ф.Багушэвіч рыхтаваў „слоўнік беларускай мовы“.  Ці не пісалі пра гэты факт з канкрэтнымі спасылкамі якія–небудзь сучасныя даследчыкі творчасці Ф.Багушэвіча? На падставе сведчання ковенскай „Часопісі“ ад 1920 г. у бібліяграфію ўключаны рукапіс „Беларускага Нацыянальнага Слоўніка“, пра які толькі й вядома было тое, што ён „рыхтуецца“. Чаму ж тады ў біблія­графіі абмінуты слоўнікі па заалогіі, антрапалогіі, садоўніцтве і агародніцтве, ветэрынарыі, электратэхніцы, фінансавай справе, этна­графіі, таваразнаўстве, гандлёвай справе, жывёлагадоўлі, археалогіі, мікрабіялогіі, гідраўліцы і інш., якія мелі быць выда­дзенымі ў 1931—1933 г.? (Гл.: Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 87).

У каталогу рукапісаў і картатэк фігуруюць лексікаграфічныя дадаткі да кандыдацкіх дысертацый М.Бірылы і Л.Выгоннай, але ж падобных дадаткаў існуе намнога больш. Сярод картатэк адсутнічае самая вялікая з існуючых — фундаментальная лексічная картатэка Інстытута мовазнаўства. Уласныя картатэкі маюць, бадай, усе хоць колькі сур’ёзныя лінгвісты, між тым у бібліяграфіі адзначаны толькі асобныя з такіх картатэк.

Нягледзячы на адзначаныя заўвагі (абумоўленыя, відаць, тым, што ўкладальнікі кваліфікавалі сваю дзейнасць найперш як практычную і, у меншай ступені, як навуковую) рэцэнзаваная бібліяграфія уяўляе сабой выдатны практычны (і вельмі зручны ў карыстанні) дапаможнік не толькі для лексікографаў і энцыклапедыстаў, але й для шырэйшага кола спецыялістаў. Можна не сумнявацца, што старанна падрыхтаванай кнізе В.Кіпеля і З.Саўкі наканавана вельмі доўгае (мінімум некалькі дзесяцігоддзяў) і актыўнае жыццё.
Мінск

Сяргей Запрудзкі


[1] Пра тое, наколькі важнымі былі гэтыя працы для славістаў, можа сведчыць той факт, што, напрыклад, бібліяграфія 1967 г. рэцэнзавалася ў нямецкім часопісе „Zeitschrift für Slawistik“. Трохі нечакана даведнікі 1980 і 1993 г. нядаўна падлеглі даволі рэзкай крытыцы пад пяром доктара філалагічных навук Ніны Мячкоўскай. Гл.: Мячкоўская Н. Сацыялінгвістычны погляд на чыннікі, тармазы і прыярытэты нацыянальнага адраджэння // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мінск, 2001. С. 178—179; Nina Mechkovskaia. Чем Белорусы Отличаются от Русских // New Zealand Slavonic Journal. 2002. C. 166—167. Прэтэнзіі Н.Мячкоўскай да названых даведнікаў тычацца няўліку ў іх прац пра мовы, іншыя, чым беларуская, напісаных на мовах, іншых, чым беларуская, расійская і ўкраінская, нарэшце, прац, выдадзеных за межамі колішняга Савецкага Саюза. Незразумела, чаму гэтая крытыка не з’явілася адразу пасля выхаду з друку гэтых прац?..
[2] Гэты падыход, аднак, не пашыраны на выдадзеныя ў Беларусі расійскамоўныя энцыклапедыі: яны, здаецца, у любым выпадку лічацца беларускімі.
[3] Укладальнікі напісалі, што яно мае „выключна ўжытковы характар, закліканы абслугоўваць патрэбы гэтае працы“ (XIII), тым самым аўтаматычна знізіўшы навуковую вартасць сваёй кнігі.
[4] Паколькі рэцэнзаваная бібліяграфія была б, бадай, немагчымай у цяперашнім яе выглядзе, калі б не існавалі бібліяграфіі Я.Рамановіч, то чакалася, каб укладальнікі ў прадмове замест таго, каб крытыкаваць працы сваіх папярэднікаў (акрамя бібліяграфій Я.Рамановіч, да іх ліку належыць і даведнік „Тэрміналагічныя слоўнікі (асобныя выданні): 1918—1998“; згадваецца ў кнізе як праца, якая адлюстроўвае „толькі адзін сегмент акрэсленай намі сукупнасці крыніцаў“), зусім выразна сказалі, у якой меры яны іх выкарысталі. Відаць, няўдалым, ці, прынамсі, неэканомным трэба прызнаць прыняты ў біблія­графіі спосаб пазначэння крыніцы інфармацыі аб шэрагу тэрмінала­гічных слоўнікаў, пры якім даведнік „Тэрміналагічныя слоўнікі…“ ў поўным яго апі­санні фігуруе ў кнізе ці не з дзесятак разоў. Верагодна, лепш было б прыняць для яго нейкае адмысловае скарачэнне.

Наверх

In memoriam

Снежня 1, 2002 |

Вітаўтас Раўдзялюнас
(2.II.1930—4.V.2002)

З cупольнасцi гісторыкаў старажытнага літоўскага права раней часу адышоў Вітаўтас Раўдзялюнас — адзін з найлепшых яго даследчыкаў, выдавец і знаўца крыніцаў Вялікага Княства Літоўскага, таленавіты педагог і літоўскі патрыёт. Аптыміст, заўсёды поўны сілаў, памёр раптоўна, не рэалізаваўшы ўсіх сваіх планаў і намераў. Не стала выбітнага прадстаўніка літоўскай гістарычнай навукі другой паловы ХХ стагоддзя — эрудыта, адданага не толькі навуцы, але і сваім вучням.

Вітаўтас Раўдзялюнас прыйшоў на свет 2 лютага 1930 г. у вёсцы Падаляй, воласці Жасляй, у павеце Кайшадорай. Быў адным з сямі дзяцей у сялянскай сям’і. Бацькі мелі каля 45 га зямлі, у тым ліку каля 30 га лесу. У 1946 г. бацька і брат былі зняволеныя савецкай уладай, а ў 1948 г. ужо ўсю сям’ю вывезлі ў Сібір, у Краснаярскі край. У высылцы будучы даследчык працаваў дрывасекам і пастухом, там жа атрымаў атэстат сталасці. Потым пераехаў у Іркуцк, дзе скончыў тэхнікум фізічнай культуры. Працаваў настаўнікам, трэнерам, актыўна займаўся спортам — стаў нават чэмпіёнам Казахстану ў кіданні дзіды. У 1959 г. апублікаваў рэцэнзію да слоўніка спартовых тэрмінаў.

Вывучаць права Вітаўтас Раўдзялюнас пачаў яшчэ ў Казахстанскім універсітэце і працягнуў гэта ў Віленскім універсітэце пасля вяртання з высылкі ў 1958 г. Пасля заканчэння універсітэта ён некалькі гадоў не меў магчымасці займацца навукай і быў вымушаны працаваць у розных інстытуцыях на дапаможных пасадах, пакуль у 1969 г. не быў рэабілітаваны. У 1971 г. Вітаўтас Раўдзялюнас стаў супрацоўнікам Інстытута філасофіі, права і сацыялогіі Літвы, у якім працаваў да самай смерці. З 1991 г. таксама пачаў выкладаць гісторыю літоўскага права на кафедры гісторыі Літвы гістарычнага факультэта Віленскага педагагічнага універсітэта.

Яшчэ ў маладыя гады (1947—1948) друкаваўся ў прэсе і як студэнт Віленскага універсітэта актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх, літоўскіх рэспубліканскіх, а таксама агульнасаюзных канферэнцыях. Ужо ў той перыяд, часам галадаючы, пачаў выязджаць да бібліятэк і архіваў усяго Саюзу ў пошуках экзэмпляраў Літоўскіх Статутаў.

Багаты і разнастайны навуковы скарб Вітаўтаса Раўдзялюнаса цяпер складана ацаніць. Не здолеў, хоць мерыўся, пакінуць сінтэзы. Яго найвялікшым навуковым захапленнем быў Літоўскі Статут, і ў гэтым накірунку ён зрабіў вельмі шмат, хацеў яшчэ болей — аднак не хапіла часу…

Даследчык знайшоў і апублікаваў шмат звестак пра вялікую колькасць копіяў I і II Статутаў, пра выданні і папраўкі III Статута ВКЛ, а таксама пра іх прававую тэрміналогію. З найважнейшых публікацый можна пералічыць: Pirmieji Lietuvos Statuto leidimai, Rusų knygos spausdinimo pradžia ir Lietuva, Vilnius, 1966, p. 119–159; Pirmojo (1529) Lietuvos Statuto lotyniškieji nuorašai, Teisės bruožai Lietuvoje XV—XIX a., Vilnius, 1980, p. 42—57; Antrojo (1566) Lietuvos Statuto nuorašai, Teisinių institutų raida Lietuvoje XIV—XIX a., Vilnius, 1981, p. 6—30.

З польскімі даследчыкамі Вітаўтаса Раўдзялюнаса звязвалі вельмі цёплыя адносіны, ён заўсёды апякаўся імі ў Вільні. Шматразова працаваў (нярэдка за свой кошт) у польскіх архівах і бібліятэках. Выдатна арыентаваўся і цаніў польскую гістарыяграфію, меў найлепшы яе збор ў Літве, які складаўся галоўным чынам (але не толькі) з выданняў па гісторыі права. Асабліва быў захоплены гісторыкамі кракаўскага асяродка, якіх заўсёды ставіў сваім вучням за прыклад. Высока цаніў прафесара Юліюша Бардаха, прафесара Анджэя Рахубу, прафесара Генрыха Віснэра, прафесара Гжэгажа Блашчыка, прафесара Тадэвуша Васілеўскага. Зрэшты, разам з Генрыхам Віснэрам апублікаваў некалькі артыкулаў (Trzeci Statut Litewski, Mówią wieki, 1984, nr 3, p. 1—3; Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego 1581—1648, Kwartalnik Historyczny, 1986, t. 83, nr 4, s. 947—968).

Вітаўтас Раўдзялюнас як ніхто іншы быў падрыхтаваны да выдання Першага Літоўскага Статута, аднак не атрымаў магчымасці рэалізаваць гэтай справы. Па розных (суб’ектыўных) прычынах не стаў ні кіраўніком, ні нават ўдзельнікам даследчыцкай групы, сабранай для падрыхтоўкі акадэмічнага выдання гэтага славутага помніка права. Гэта было недарэчнасцю не толькі для Вітаўтаса Раўдзялюнаса і для згаданай групы, але і ўвогуле для даследавання Статутаў Літоўскіх. Больш шчыльна заняўся „Крыніцамі II Статута (1566)“ і ў 1976 г. гэтую тэму абраў для доктарскай дысертацыі, якую з–за розных прычынаў так ніколі і не напісаў. Аднак вынікам гэтай працы стаў пераклад на літоўскую мову таго Статута і шмат грунтоўных публікацыяў.

Вітаўтас Раўдзялюнас шмат зрабіў у галiне гісторыі права ў шырокiм сэнсе. З найважнейшых навуковых даследаванняў трэба адзначыць, між іншым, працы пра Літоўскі Статут ва ўкраінскім праве, пра выкарыстанне рымскага права ў ВКЛ, пра становішча караімаў, татараў, а таксама пра смяротныя пакаранні і рэлігійную талерантнасць (Ukrainos 1743 m. kodekso „Teisės“ originalas, Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija, 1974, Nr. 4; Romėnų teisės recepcija Lietuvoje, Socialistinė teisė, 1974, nr. 3, p. 45—51; Priesaika kaip įrodymas senojoje Lietuvos teisėje (XVI—XVIII a.), Socialistinė teisė, 1974, nr. 1, p.52—56, а таксама ў суаўтарстве з Рамуальдам Фірковічам: Teisinė karaimų padėtis Lietuvoje (XIV—XVIII a.) Socialistinė teisė, 1975, Nr. 4, p. 48—53; Įstatymų leidyba feodalinėje Lietuvoje (iki 1569 m. Liublino unijos), Socialistinė teisė, 1975, nr. 2, p. 51–56; Seimų nutarimai — II Lietuvos Statuto šaltinis, Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija, 1976, Nr. 3; Tortūros Lietuvos teismuose. (Jų panaikinimo 200 m. sukaktį minint), Socialistinė teisė, 1977, nr. 1, p. 44—50; Mirties bausmė senovės Lietuvoje, Pozicija, 1997, Nr. 2, p. 8—9.

Апублікаваў каштоўныя, малавядомыя звесткі па гісторыі даўняга Віленскага універсітэта, сярод якіх даследаванні пра навуковыя ступені знаўцаў права, пра знакамітых выкладчыкаў права, пра універсітэцкі суд, студэнцкія пакаранні: Teisės mokslų laipsniai senajame Vilniaus universitete, Socialistinė teisė, 1978, nr. 2, p. 48—53; Senojo Vilniaus universiteto teismas: Iš teisės istorijos, Socialistinė teisė, 1978, nr. 4, p. 44—48; Įžymieji senojo Vilniaus universiteto teisininkai, Socialistinė teisė, 1979, nr. 3, p. 32—37.

Сярод даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага Вітаўтас Раўдзялюнас вядомы перш за ўсё як выбітны выдавец крыніц. Так, ён быў ініцыятарам стварэння серыі „Помнікі літоўскага права“, у межах якой разам з Альгердасам Балюлісам, а таксама з Рамуальдам Фірковічам апублікаваў два фундаментальныя, агульнавядомыя цяпер выданні: судовую кнігу Біржанскага двара і пастановы Галоўнага Літоўскага Трыбунала (Biržų dvaro teismo knygos (1620—1745), parengė V. Raudeliūnas ir R. Firkovičius, Vilnius, 1982. 475 p.; Lietuvos Vyriausiojo Tribunolo sprendimai (1583—1655), parengė V. Raudeliūnas ir A. Baliulis, Vilnius, 1988. 670 p). У сувязі з гэтымі працамі Вітаўтас Раўдзялюнас заняўся таксама сялянскім судом, і ў выніку гэтага даследавання з’явіліся вельмі цікавыя артыкулы, сярод якіх: Biržų dvaro teismas (XVII—XVIII a.), Socialistinė teisė, 1977, nr. 4, p. 44—49. Варта дадаць, што ён таксама быў інцыятарам і суаўтарам яшчэ аднаго каштоўнага выдання „Studia prawa z historii prawa litewskiego“ (Teisės bruožai Lietuvoje XV—XIX a., Vilnius, 1980; Teisinių institutų raida Lietuvoje XIV—XIX a., Vilnius, 1981).

Вітаўтас Раўдзялюнас патрабавальна ставіўся не толькі да сябе, але і да іншых. Быў уважлівым аўтарам часам дастаткова вострых рэцэнзій, большасць якіх па сутнасці з’яўляюцца сапраўднымі грунтоўнымі артыкуламі. Для прыкладу варта ўзгадаць рэцэнзію да выдання дыярыуша канцлера Альбрэхта Станіслава Радзівіла, „Memoriale rerum gestarum in Polonia…“ (Lietuvos istorijos metraštis, 1972, Vilnius, 1973, p. 210—213), часопіса „Studia Źródłoznawcze“ (Lietuvos istorijos metraštis, 1973, Vilnius, 1974, p. 208—213), Метрыкі ВКЛ (Antrasis Lietuvos Metrikos tomas, Lietuvos aukštųjų mokyklų mokslo darbai, Istorija, 1997, t. 36, p. 280—298).

Вітаўтас Раўдзялюнас знайшоў і сабраў вялікую колькасць каштоўнага матэрыялу, з якога, аднак, апублікаваў не вельмі шмат: перадусім (калі помніць іншыя пазіцыі) гэта рукапіс Людвіка Юцэвіча (L. Jucevičius, Mokyti žemaičiai, parengė Meilė Lukšienė, Vytautas Raudeliūnas, Vilnius, 1975), а таксама лісты славутага літоўскага гісторыка Сімонаса Даўкантаса.

Вітаўтас Раўдзялюнас меў разнастайныя навуковыя інтарэсы і заслугоўваў таго, каб лічыцца літоўскім полігісторыкам. Ён займаўся гістарыяграфіяй, асаблівую ўвагу аддаваў гістарычнай бібліяграфіі, цікавіўся таксама найбольш вядомымі гісторыкамі права. Апублікаваў шмат цікавых артыкулаў і рэцэнзій. Энцыклапедычныя ж артыкулы (усяго каля 300) дзякуючы выключна сур’ёзнаму падыходу аўтара, як правіла, заўсёды былі кароткімі манаграфіямі. Увогуле Вітаўтас Раўдзялюнас аднолькава адказна і ўважліва ставіўся як да навуковых і энцыклапедычных артыкулаў, так і да папулярных публікацый.

Адкуль браліся яго незвычайна шырокія веды? З пастаяннай, руплівай працы ў бібліятэках і архівах: літоўскіх, польскіх, расійскіх і іншых. Ведаў вельмі шмат, аднак вельмі мала — у параўнанні з велізарнымі ведамі — апублікаваў. І адной з прычын гэтага была пачатая ў 1991 г. выкладчыцкая дзейнасць у Віленскім педагагічным універсітэце. Для сваіх вучняў Вітаўтас Раўдзялюнас не шкадаваў ні сілаў, ні часу. Разам з імі праводзіў над кнігамі, выданнямі крыніцаў і слоўнікамі цэлыя дні і нават апекаваўся імі нефармальна (у прыватным жыцці).

Былы сасланы, палымяны літоўскі патрыёт, аднойчы быў кандыдатам у Сойм. Актыўна (погляды меў хутчэй правыя) удзельнічаў у грамадскім жыцці, што было падставай для запрашэння яго да ўдзелу ў якасці суддзі ў працэсе Міжнароднага Віленскага Трыбунала над камунізмам. Вынікам гэтай цяжкай і інтэнсіўнай працы стала выданне вялізнага тома судовых матэрыялаў: „Tarptautinio Vilniaus visuomeninio tribunolo nuosprendis“.

Не стала найвыбітнага навукоўца, аднаго са старэйшых гісторыкаў літоўскага права. Засталася няскончаная праца, нявыдадзеная судовая кніга загорскага двара, таксама арыгінальны тэкст і пераклад II Літоўскага Статута. Засталася унікальная бібліятэка і багаты архіў. Выданне незавершаных прац, іх працяг, захаванне бібліятэкі і ўпарадкаванне архіва — гэта абавязак яго сям’і, вучняў і супрацоўнікаў. Толькі з часам стане магчымым ацаніць унёсак Вітаўтаса Раўдзялюнаса ў развіццё гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага. І першым крокам у гэтым кірунку можа быць памятная кніга з удзелам польскіх, беларускіх і іншых гісторыкаў.

Айвас Рагаўскас

Галоўная » Архіў катэгорыі '2002 Т.9 Сш. 1-2'