Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2004 Т.11 Сш. 1-2

Том 11 Сшыткі 1-2 (20-21) (Снежань 2004)

Студзеня 3, 2011 |

БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД

Том 11 Сшыткі 1-2 (20-21)  (Снежань 2004)

Артыкулы
Анты Сэларт. Полацкі князь Канстанцін і гісторыя Інфлянтаў у трэцяй чвэрці ХIII ст. С. 3-25.
Генадзь Сагановіч. Русіны пад Грунвальдам (Дуброўнай) y 1410 г. С. 26-40.
Васіль Варонін. „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“. С. 41-57.
Расціслаў Баравы. Менск у ХVI стагоддзі: першы „генеральны“ план горада і яго магчымы аўтар. С. 58-74.
Валянцiн Калнiн. Зорны шлях Яна Марыi Бернардонi. С. 75-102.
Кшыштаф Касажэцкі. Бітва пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 г. С. 103-136.
Вайда Камунтавічэне. Каталіцкія парафіі слонімскага дэканата віленскага біскупства ў XVII ст. С. 137-156.
Ірэна Кадульская. Формы тэатральнага жыцця ў Полацкай Акадэміі (1812—1820). С. 157-197.
Юры Туронак. Саюз Беларускай Моладзі ў Нямеччыне. С. 198-219.

Гістарыяграфія
Ігар Клімаў. Кваліфікацыя літаратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі. С. 220-262.

Пераклады
Алан Мэгіл. „Вялікі наратыў“ і гістарычная навука. С. 263-303.

Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі
Рышард Радзік. Дапаможнік па дзяржаўнай ідэалогіі . С. 304-327.
Соціум. Альманах соціальної історії. Вип. 1—3 (Васіль Варонін). С. 328-333.
Biblia ruska, vyložena doktorom Franciskom Skorinoju (Prag, 1517—1519): Kommentare; Apostol (Wilna, 1525): Facsimile und Kommentar (Юрась Лаўрык). С. 333-336.
Geier, Wofgang. Russische Kulturgeschichte in diplomatischen Reiseberichten aus vier Jahrhunderten (Уладзімір Канановіч). С. 336-342.
Jaroszewicz–Pieresławcew, Zoja. Druki cyrylickie z oficyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku (Ігар Клімаў). С. 342-353.
Носов, Борис В. Установление российского господства в Речи Посполитой 1756—1768 гг. (Яўген Анішчанка). С. 353-356.
Носевич, Вячеслав. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе (Сяргей Токць). С. 357-374.
Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania (Андрэй Катлярчук). С. 374-379.
Solak, Zbigniew. Między Polska a Litwą. Życie i działalność Michała Römera (Алесь Смалянчук). С. 379-388.

Хроніка
Да 90–годдзя прафесара Юліюша Бардаха (Марцэлі Косман). С. 389-393.
„Беларусь у ХХ стагоддзі“ (Ганна Запартыка). С. 394-396.

(DOC)

Анты Сэларт. Полацкі князь Канстанцін і гісторыя Інфлянтаў у трэцяй чвэрці ХIII ст.

Снежня 22, 2004 |


У крыніцах па гісторыі Інфлянтаў з ХIII і ХIV ст., як вядома, неаднаразова згадваецца нейкі князь Канстанцін Полацкі, які меўся падараваць Латгалію Нямецкаму (Тэўтон­скаму) ордэну. З прычыны ў цэлым вельмі скупых звестак пра полацкую гісторыю 1260—1270–х г. улучэнне гэтага князя ў шэрагі полацкіх уладароў таго часу ўяўляецца складанай задачай. Гісторыкі прапанавалі значную колькасць гіпотэзаў, якія, аднак, не могуць быць падмацаваныя адпаведнымі крыніцамі. Невядомы Канстанцін быў нібы джокерам, якога да­следчыкі ў сваіх гістарычных працах часам амаль што адвольна ўстаўлялі ў тых месцах, што адпавядалі іх канцэпцыям. Так, выказвалася здагадка, нібыта ён быў сынам літоў­скага князя Таўцівіла, які валадарыў у Полацку да 1263 г.[1], а часам яго атаесамлялі з крыху пазней згадваным князем Ізяславам[2]. Акрамя таго, некаторыя лічылі, што імя Канстанцін было прынята Таўцівілам пад час хросту[3], або што Канстанцін мог быць кім заўгодна, толькі не сынам Таўцівіла[4]. За магчымых продкаў Канстанціна ўважалі таксама латгальскага князя Герцыке (лат.: Jersika) Усевалада (памёр да 1239)[5], полацкага князя Ўладзіміра (памёр у 1216)[6] або смаленскага князя Давыда Расціслававіча (памёр у 1197)[7].

Інфлянцкія крыніцы, у якіх згадваецца пра „Канстанцінаў дар“, паходзяць з другой паловы ХIII і з ХIV ст. Каб зрабіць дакладную інтэрпрэтацыю гэтых крыніцаў, неабходна разгледзець агульнае палітычнае становішча тагачасных Інфлянтаў. Падпарадкаванне крыжовымі рыцарамі тэрыторыяў плямёнаў, што насялялі сучасную Латвію, пачалося напрыканцы ХII ст., і ў другой палове ХIII ст. яно якраз актыўна працягва­ла­ся. Пасля першых поспехаў — калі ў 1201 г. быў заснаваны го­рад Рыга, а неўзабаве і рыжскае біскупства — у 30–я г. ХIII ст. пры­хадням давялося адчуць на сабе моц удараў у адказ. Пасля ня­ўдалай для рыцараў–хрысціянаў бітвы пад Шаўлямі (1236 г.) Інфлянцкі ордэн быў далучаны да Нямецкага ордэна, а праз гэта фактычна ўзнікла інфлянцкае адгалінаванне Нямецкага ордэна. Новыя дачыненні, што ўзніклі ў 1237—1238 г., прывялі да ўнутранай стабілізацыі ў Інфлянтах, якая зноў–такі ўмажлівіла знешнюю экспансію. Пачынаючы пры­кладна з 1242 г. у Курляндыі ішла вайна, і край паступова быў заваяваны. Але ўлада Нямецкага ордэна і курляндскага біскупа на поўдзень ад Дзвіны (лат. Daugava) доўгі час заставалася досыць няпэўнаю. У 1260 г. інфлянцкае войска было разбітае ў Дурбэ (Durbe) жамойтамі. Пасля гэтага Нямецкаму ордэну ў Інфлянтах давялося заняцца справай вяртання сабе Курляндыі, чаго ўдалося дасягнуць толькі ў 1267 г. Другая вайна вялася прыкладна ад 1260 г. супраць земгалаў, якіх — гэтаксама як і куршаў — падтрымлівалі жамойты і літоўцы. Гэтыя войны доўжыліся са зменным поспехам да 1290 г. У выніку былі заваяваныя землі сярэднявечных Інфлянтаў, але межы краіны на поўдні і паўднёвым усходзе аж да ХVI ст. за­ставаліся нявы­значанымі і няпэўнымі[8].

Адным аспектам, які трэба браць пад увагу ў дачыненні да гэтых антыязычніцкіх войнаў, была канкурэнцыя паміж Нямецкім ордэнам у Інфлянтах ды рыжскім арцыбіскупам. Рыжскае арцыбіскупства было заснаванае ў 1245—1246 г., калі арцыбіскупам Прусіі, Інфлянтаў ды Эстляндыі быў прызначаны былы брэменскі канонік і пазнейшы арцыбіскуп у Армагу (Ірландыя) Альбэрт Зюрбэер (Suerbeer) — у якасці наступніка біскупа Крысціяна Прускага (Christian von Preußen). Насамрэч, у яго не было нерухомасці і прыбыткаў, паколькі ўся прызначаная для біскупства пруская зямля кантралявалася Ордэнам. Урэшце, у 1251 г. было вырашана, што Рыга мусіць стаць цэнтрам касцельнае правінцыі, але толькі ў 1253 г. арцыбіскуп здолеў стварыць тут сваю рэзідэнцыю — пасля смер­ці датыхчасовага рыжскага біскупа Мікалая (паміж 1229 і 1231—1253)[9]. У 1246 г. Альбэрт Зюрбэер зрабіўся папскім легатам Прусіі, Інфлянтаў, Эстляндыі, Готланда, Гальштэйна і Ругена[10]. Да таго ж, ён быў папскім легатам на Русі, які забяспечваў кантакты валынскіх і паўночна–ўсходнерускіх князёў з папам, у тым ліку ў тагачасных спробах ажыццяўлення царкоўнае уніі[11].

Пад 1239 г. у Ноўгарадскім летапісе ўзгадваецца полацкі князь Брачыслаў, цесць князя Аляксандра Яраслававіча[12]. Колішняя падуладная Полацку тэрыторыя была ўжо раздробленая і праз гэта значная частка палітычнага ўплыву князёў страчаная, з прычыны чаго яны знікалі з рускіх летапісаў. У сярэдзіне таго ж стагоддзя іх скансалідавала ўлада вялікага князя літоўскага Міндоўга і пачалася экспансія літоўскае вярхоўнае ўлады на ўсход і поўдзень. Пры гэтым на Русі мясцовыя кіраўнічыя дынастыі нярэдка захоўвалі сваю ўладу — у выпадку прызнання імі літоўскага дамінавання. Каб умацаваць свае вялікакняскія пазіцыі, Міндоўг мусіў таксама змагацца з унутранай апазіцыяй іншых літоўскіх князёў. Напрыканцы 1240–х г. галоўным супернікам Міндоўга быў яго пляменнік Таўцівіл, якога падтрымлівалі валынскія князі Даніла і Васілька[13]. Яшчэ аднаго хаўрусніка Таўцівіл здолеў знайсці ў Інфлянтах: ён асабіста прыбыў у Рыгу ў 1250 г. і быў тут па­хры­ш­чаны[14]. Такім шляхам была ўтвораная хрысціянская ка­алі­цыя супраць Міндоўга. Са свайго боку, Міндоўгу неўзабаве ўдалося раскалоць гэтую кааліцыю, паколькі ён заключыў хаўрус з Нямецкім ордэнам у Інфлянтах і таксама прыняў хрост. Праз пасярэдніцтва магістра Інфлянцкага ордэна Андрэаса Фэльбенскага (Andreas von Felben) ён у 1251 г. быў па­хры­шчаны, а яшчэ праз два гады атрымаў карону з рук біскупа Гайдэнрайха Хэлмінскага (Heidenreich von Culm / Chełmno)[15]. Сярод іншага, Міндоўг адступіў Ордэну Селію, на якую раней прэтэндавала арцыбіскупства[16]. Нямецкі ордэн цяпер пад­трымліваў Міндоўга ў змаганні супраць Таўцівіла ды яго хаўруснікаў, аж пакуль, урэшце, літоўскія князі не дасягнулі паміж сабою часовага замірэння[17].

У 1262 г. Таўцівіл княжыў у Полацку. Яшчэ ў 1258 г. Вайшчыну, непадалёк ад Смаленска, заваявалі „Литва с Полочаны“[18]. Пытанне пра тое, ці атрымаў Таўцівіл уладу ў Полацку яшчэ напрыканцы 1240–х г. або значна пазней, дагэтуль за­стаецца нявырашаным[19]. Калі б ён княжыў у Полацку яшчэ раней, да свайго хросту, у гэткім выпадку яго, язычніка, му­сілі б прызнаць за князя. Гэта, відавочна, выглядае немагчымым. Значыць, напачатку ён мусіў быць ахрышчаны і толькі пасля таго забяспечыць свае пазіцыі ў Полацку. Яшчэ менш верагодным выглядае меркаванне, нібыта Таўцівіл хрысціўся два разы — у праваслаўе і каталіцтва. У балтыйскім рэгіёне рэлігійнае супрацьстаянне ў той час яшчэ цалкам сябе не выявіла, і хрысціянства (як каталіцкае, гэтак і праваслаўнае) у тагачасных крыніцах падаецца як пэўная супольнасць, што ўтварала супрацьвагу паганству[20]. Аднак польскі храніст ранняга новага часу Мацей Стрыйкоўскі сцвярджаў, што „Theo­phila <…> był ochrzczony w Ruską wiarę“, але, відаць, тут мае месца тыповая для гістарыяграфіі таго часу вучоная рэканструкцыя на падставе імя гэтага князя (Tovtivil > Theophil)[21].

Калі ж пасля 1250 г. Таўцівіл, ужо ахрышчаны ў Рызе, княжыў у Полацку, гэта значыла, што рыжскі касцёл пазней з гэтае прычыны мог прэтэндаваць на рэлігійнае дамінаванне ў По­лацку. Пра гэта сведчаць крыніцы з ХIV ст. Калі, пачынаючы з апошніх гадоў ХIII ст., канфлікт паміж Нямецкім ордэнам і рыжскім арцыбіскупам набыў асаблівую вастрыню, а ў 1297 г. выбухнула вайна[22], у 1311—1312 г. у Інфлянты быў прысланы папскі капэлан і канонік Лаона (Lâon) Францыск Мальянскі (Franciscus de Moliano), які правёў тут грунтоўную інкві­зіцыю. Шэраг інфлянцкіх святароў быў дапытаны ў звязку з абвінавачваннямі, што былі ім выстаўленыя. Пратакол гэтых допытаў[23], ад якога, паводле ацэнак, ацалела прыблізна палова, з’яўляецца галоўнай крыніцай па гісторыі Інфлянтаў канца ХIII — пачатку ХIV ст. Але гэта надзвычай спрэчная крыніца — як і ўсе тагачасныя інфлянцкія працэсуальныя дакументы, якія меліся пераканаць „еўрапейскую грамадскасць“ у тым, што іншы бок з дапамогай паганцаў і схізматыкаў вядзе барацьбу супраць праўдзівага хрысціянства[24].

У гэтых працэсуальных дакументах згадваецца, што Полацк некалі належаў каталікам, але пазней з віны Ордэна быў страчаны. Прыёр Генрык з цыстэрцыянскага кляштара ў эстляндскім Фалькенаў (эст. Kärkna), што непадалёк ад Дэрпта (эст. Tartu), чуў пра нейкага брата (недухоўнага стану?) (conversus) свайго Ордэна, які tunc (тады) знаходзіўся ў Полацку і таксама чуў пра „шматлікіх іншых добранадзейных мужоў“, пра тое, што полацкі rex і яго людзі зрабіліся вернікамі і мелі тым сваіх біскупаў, прэлатаў ды іншых асобаў ду­хоў­нага звання. Але потым браты Нямецкага ордэна, маўляў, зра­білі на княства гэткі вялікі ўціск, што народ мусіў паклікаць сабе на дапамогу паганцаў, якія супольна з братамі Ор­дэ­на выганялі вернікаў–хрысціянаў, арыштоўвалі і забівалі лю­дзей, а пазней была разбураная кафедра[25]. Маўляў, Ордэн пра­даў біскупскую сядзібу, горад Полацк здаў паганцам. Гэтак, хрысціяне a tota frontaria былі прагнаныя язычнікамі[26]. Згод­на са скаргамі лагера рыжскага касцёла, некалі ў Полацку ўладарыў князь, які не меў легітымнага наступніка і з гэтае пры­чыны перадаў горад менавіта рыжскаму касцёлу. Але з ві­ны Ордэна язычнікі–літоўцы завалодалі гэтай зямлёю, і або­два кафедральныя саборы, Czelouensis videlicet et Ruthe­niensis ecclesie conssitentes in regno predicto, былі разбураныя[27]. Са свайго боку, Нямецкі ордэн імкнуўся самаапраўдацца, сцвярджаючы, што Полацк заўсёды быў горадам „рускае“ царквы[28].

Тое, што полацкі ўладар быў навернуты ў хрысціянства, сведчыць пра яго ранейшае язычніцтва. Значыць, тут трэба мець на ўвазе Таўцівіла[29]. Хоць у Таўцівіла быў сама меней адзін сын[30], але яго легітымнасць — як сына бацькоў–язычнікаў — магла быць пастаўленая пад сумнеў рыжскімі касцельнымі ўладамі. Сцверджанне, нібыта ў Таўцівіла не было ніякае спадчыны і нібыта Полацк калісьці меўся быць лацінскім, магло запісвацца больш як праз 50 гадоў і таму адлюстроўвае хутчэй жаданы вобраз сітуацыі, чым перадае дакладную ін­фармацыю пра рэальныя гістарычныя падзеі. Але і ў крыніцах, што паходзяць непасрэдна з таго часу, гаворыцца пра рускае біскупства на чале з рыжскім біскупам–суфраганам. На просьбу арцыбіскупа папа Аляксандр IV у 1255 г. прыняў Альбэрта Зюрбэера разам з усімі яго суфраганавымі біскупствамі пад сваю апеку, і ў гэтым шэрагу біскупстваў, што першапачаткова быў зафіксаваны не ў папскай канцылярыі, а ў най­блі­жэйшым атачэнні Зюрбэера, побач з біскупствамі ў Эзелі (Ösel, эст. Saaremaa), Дэрпце (Тарту), Курляндыі (лат. Kur­zeme), Вірляндыі (эст. Virumaa), Хэлмне, Варміі, Памезаніі і Самбіі згадваліся таксама біскупствы Rutheniensem et Werso­niensem[31]. Хоць гісторыкі ў сваёй бальшыні перакананыя, што пад „рускім біскупствам“ тут маецца на ўвазе Полацк[32], гэтую інфармацыю ні ў якім разе нельга ўспрымаць адназначна. Выказвалася таксама меркаванне, што тут насамрэч гаворка ішла пра Карэлію і Watland[33] або пра Пскоў (ням. Pleskau)[34]. Адначасова тут маецца на ўвазе шэраг прэтэнзіяў на ўладу, бо, да прыкладу, вірляндскі біскуп у якасці рыжскага біскупа–суфрагана быў адно толькі тытулярным біскупам, які, відаць, ніводнага разу не здолеў прыехаць у Вірумаа. Гэтая зямля на паўночным усходзе Эстляндыі была хрысціянізаваная датчанамі і ў 1250–я г. ужо знаходзілася пад трывалым касцельным кантролем рэвельскага (талінскага) біскупа, які з’яўляўся біскупам–суфраганам дацкага Лунда (Lund)[35]. Гэткім чынам, немагчыма вызначыць, ці ў які–небудзь момант часу насамрэч існавала полацкае каталіцкае біскупства, або і тут выяві­ліся ўсяго толькі прэтэнзіі рыжскіх касцельных уладаў. У некаторых крыніцах, акрамя вышэйзгаданага рускага біскупства, таксама называлася Czelouensis ecclesia. Тут мелася на ўвазе Селія (ням. Selonien)[36] — заснаванае ў 1218 г. місіянерскае біскупства, якое дэ–факта не мела маёмасці, а папярэдне вы­значаная тэрыторыя якога ўжо ў 1226 г. была ўз’яднаная з Рыжскім біскупствам. За гэта бі­скуп атрымаў Земгалію — яшчэ адну мясцовасць, якая не была заваяваная канчаткова. У 1251 г. адбылося новаўпарадкаванне, і Земгалія была падзеленая паміж Нямецкім ордэнам і рыжскім касцёлам. Апошні біскуп Земгаліі стаў біскупам Курляндыі, у выніку чаго было заснаванае Курляндскае бі­cкупства. Паколькі паняцці Wer­soniensis і Czelouiensis у адной тэкставай крыніцы адначасова не сустракаюцца, паняцце Wersoniensis ecclesia, відаць, трэба атаясамляць з Селіяй[37]. Словатвор Wersoniа павінен быць па­тлумачаны памылкай друку, што ляжыць у аснове тэкставай традыцыі. Час, калі Селія — вобласць на мяжы Інфлянтаў з Літвой ды Полацкай зямлёю — была канчаткова далучаная да каталіцкіх Інфлянтаў, невядомы. Паўднёвая част­ка Селіі назаўсёды засталася пад кантролем літоўскіх князёў. У кожным разе, напрыканцы ХIII ст. тут вяліся амаль бесперапынныя войны паміж Інфлянтамі і Літвой.

У прынцыпе, можна мець на ўвазе яшчэ адну магчымасць. Каля 1232—1233 г. каталіцкім біскупам на Русі, між іншага, быў пасвечаны Гергард (памёр у 1254), абат кляштара ў поль­скім Апатаве (Opatów)[38]. Мяркуецца, што яго дзейнасць адбывалася ў звязку з прускім біскупам Крысціянам[39]. Калі цяпер Альбэрт Зюрбэер зрабіўся „спадкаемцам“ Крысціяна, ужо з гэтай прычыны ён мог разглядаць Русь у якасці часткі сваёй касцельнай правінцыі. Паколькі, аднак, на пачатку ХIV ст. менавіта Полацк згадваўся як апірышча таго, што называлася Ruthenicus ecclesia[40], тут усё–такі неабходна аддаць перавагу Полацку. Полацк здаўна быў сядзібаю праваслаўных епіскапаў, і ў звязку з палітычным хаўрусам Полацка з Рыгаю ён мог, сама меней у тэорыі, разглядацца каталіцкімі ерархамі ў якасці суфраганавага рыжскага біскупства.

У Літве ў 1263 г. былі забітыя Міндоўг і яго двое сыноў. Ужо ў тым самым го­дзе быў знішчаны адзін са змоўцаў, Таўцівіл; яго сын, імя якога невядомае, уцёк у Ноўгарад. Новым уладаром Полацка стаў князь Гердзень з Нальшчанаў (літ. Nalšia). Дэталі яго прыходу да ўлады засталіся невядомымі, і таксама няясна, хто складаў канкурэнцыйныя бакі пад час гэтых падзеяў. У той час як, з аднаго боку, рыжскі касцёл пазней сцвярджаў, нібыта полацкі князь, у якога не было легітымнага спадкаемцы, перадаў сваю зямлю касцёлу, у распараджэнні Нямецкага ордэна было некалькі граматаў, згодна з якімі ўсходняя Латгалія мелася быць падораная Ордэну. Выдадзеная ў Рызе грамата, датаваная „коли богъ былъ 1000 лет и 200 летъ и 60 лет и 4 лет по роженьи божии дни за три дни“ — г.зн., 28 снежня 1264 або — што больш верагодна — 1263 г. (у залежнасці ад таго, ці ў Рызе ў той час пачаткам году лічылася 1 студзеня ці 25 снежня)[41] — паведамляе ад імя Гердзеня, што магістр Нямецкага ордэна ў Інфлянтах і горад Рыга заключылі мір з Полацкам і Віцебскам. Гердзень даў абяцанне не прэтэндаваць на Латгалію і „не въступатися на тую землю, што князь Костянтин дал местерю съ своею братьею, съ своею грамотои и съ печатью“, але Ордэн адмовіўся ад Полацкай зямлі: „…што Руськая земля словеть Полчькая, от тое земли местерю и братьи его отступити с всею правдою“. Дадаткова з абодвух бакоў была гарантаваная свабода гандлю[42]. Праз больш як паўгода папа Урбан IV адначасова іншымі граматамі, з якіх ордэн атрымаў выгоды, пацвердзіў Нямецкаму ордэну валоданне мясцовасцямі, якія Constantinus, rex Ruthenorum illustris, quasdam terras et possessiones in suo regno Rusciae vobis, prout spectabant ad eum, regia liberalitate donavit[43]. Пацверджанне было зробленае ў адказ на просьбу Нямецкага ордэна.

Грамата Гердзеня складзеная па–руску, але ў адпаведнасці з прынятай у лацінскіх граматах формай; яе датаванне пачынаецца са словаў: anno Domini. Тэкст захаваўся ў копіі, вырабленай на пачатку ХV ст. У звязку з гэтым вядомы даследчык гісторыі Сярэднявечча Манфрэд Гэльман (Hellmann) задаваў пытанне: а ці не ёсць гэты дакумент фальшыўкаю?[44]. Аднак можна прывесці колькі аргументаў у якасці абвяржэння гэтае тэзы. Грамата Гердзеня 1263 г. была вырабленая ў Рызе, бо тады літоўскія князі яшчэ не мелі сваёй канцылярыі, і менавіта таму яна адпавядае лацінскім узорам[45]. У нейкі час у Полацку насамрэч уладарыў князь невядомага паходжання Канстанцін Бязрукі, пра якога ёсць згадка ў „Наказе“ цвярскога епіскапа Сімяона з Полацка. У крыніцах Сімяон упершыню з’яўляецца ў якасці цвярскога епіскапа ў 1271—1272 г.[46]. У „Наказе“ апісваецца ўрачыстая трапеза, пад час якой Семенъ епископъ заклікаў князя прызначаць толькі справядлівых „ці­вуноў“. Калі гэты Канстанцін княжыў у Полацку ў 1260–я г., ён мог быць тым самым данатарам[47].

Неаднаразова Канстанцін згадваецца ў крыніцах, створаных у Нямецкім ордэне ў ХIV ст. Тут яго імя і яго дар увязваюцца з тэрытарыяльнымі спрэчкамі Ордэна з рыжскім арцы­біскупам. Konnick Constantinus van Ploskow таксама называўся і ўсхваляўся як дабрадзей Ордэна[48]. Калі ж Нямецкі ордэн і ар­цы­­біскупства вялі судовую спрэчку за правы на ўладанне ў на­ва­коллях Лубанскага возера (лат. Lubānas ez.) у Латгаліі, „дар“ апіс­ваецца яшчэ больш падрабязна. Паколькі Рыжскі кас­цёл прэ­тэндаваў на возера, Нямецкі ордэн пацвердзіў, што во­зера на­лежыць да ордэнскай фартэцыі Рэжыца (ням. Rosit­ten, лат. Rē­zekne) і, з невялікім выняткам, заўсёды было ўлас­на­сцю Ня­мец­кага ордэна, бо, маўляў, князь Канстанцін По­лац­кі па­да­рыў гэтую зямлю менавіта Ордэну[49]. Гэткім чынам, дар да­ты­чыў тэрыторыі Ўсходняе Латгаліі — г.зн., ордэнскай тэ­ры­то­рыі Рэ­жыца і Люцын (лат. Ludza, ням. Ludsen) на полацкім памежжы.

Падпарадкаванне гэтай вобласці[50] адбывалася ў атмасферы канкурэнцыі Нямецкага ордэна з рыжскім арцыбіскупам. Хаду падзеяў рэканструяваць нялёгка. Ва ўсіх іх удзельнікаў былі і поспехі, і няўдачы. У 1260—1270–х г. існавала ордэн­ская фартэцыя Волькенбург (Wolkenburg) на поўдзень ад возера Разна (Rāzna)[51]. Мяркуецца, што гэтая фартэцыя была за­снаваная якраз пасля Канстанцінавай данацыі[52]. Ордэнская фартэцыя Рэжыца існавала самае позняе ў 1280–я г. Падпарадкаванне розных тэрыторыяў старадаўніх Інфлянтаў у ХIII ст., аднак, значыла не толькі заваяванне вайсковай сілай, але і ўмацаванне палітычнае ўлады з дапамогай іншых вагароў (заключэнне нераўнапраўных хаўрусаў, „падвойнае васальнае падпарадкаванне“ і г.д.). Праўнае і палітычнае становішча тэрыторыяў магло быць досыць розным, іх ураўнаванне адбывалася толькі цягам часу[53]. Паўднёва–ўсходняя Латгалія на пачатку ХIII ст., відавочна, у пэўнай ступені знаходзілася пад кантролем Полацка. У 1209 г. латгальскі дзвінскі князь Герцыке Ўсевалад быў вымушаны заключыць васальнае пагадненне з рыжскім біскупам Альбэртам[54]. Нягледзячы на гэта, Усевалад і надалей праводзіў досыць незалежную палітыку, хоць на падуладнай яму тэрыторыі ўплыў Рыгі рабіўся ўсё мацнейшы. Каля 1226 г. у Латгаліі леннік рыжскага біскупа Тэодэрых фон Кокенгузэн (Theoderich von Kokenhusen) вёў спрэчку з мечаносцамі за ўладанні Warkunde[55]. У 1256 г. гэтая мясцовасць ужо лічылася тэрыторыяй Ордэна — пры тым, што людзям арцыбіскупа тут і надалей дазвалялася свабодна займацца рыбалоўствам[56]. У ХV ст. Warka (відавочна, адпавядае сённяшняму латышскаму Varakļāni, што знаходзіцца на поўдні ад Лубанскага возера) усё яшчэ была ленным уладаннем сям’і Тызенгаўзенаў (Tiesenhausen), нашчадкаў Тэодэрыха фон Кокенгузена, але цяпер ужо ў складзе тэрыторыі Ордэна[57]. Вось жа, у той час калі ў 2–й палове ХIII ст. Нямецкі ордэн дамогся поспехаў у Латгаліі[58], арцыбіскупства спрабавала забяспечыць свой уплыў у Полацку; аднак Ордэн замацаваў свой тытул на валоданне праз Канстанцінавы граматы.

Пасля забойства Таўцівіла палітычнае становішча Полацка, відаць, было вельмі няпэўным. Паколькі рыжскі касцёл сцвярджаў пазней, нібыта ён дзякуючы Таўцівілу здабыў Полацк для каталіцызму, а Нямецкі ордэн у той самы час разам з Канстанцінам бараніўся ад прэтэнзіяў арцыбіскупства, шукаць Канстанціна, напэўна, трэба ў шэрагах полацкай антытаўцівілаўскай апазіцыі. Ён мог быць прадстаўніком старой полацкай дынастыі[59] або належаць да роду смаленскіх князёў. Грамата Гердзеня добра ўпісваецца ў палітычную сітуацыю 1260–х г. Князь Гердзень з Нальшчанаў меў кантроль над Полацкам да самае свае смерці ў 1267 г.[60]. Гердзень прызнаў вярхоўную ўладу праваслаўнага вялікага князя літоўскага Войшалка, які, у сваю чаргу, залежаў ад Валыні. Каля 1265 г. у якасці полацкага князя згадваецца нейкі Ізяслаў, які — гэтаксама як і згаданы ў той самай грамаце князь віцебскі Ізяслаў — знаходзіўся ў залежнасці ад Войшалка[61]. Калі меркаваць па імёнах, абодва Ізяславы маглі быць прадстаўнікамі старой полацкай дынастыі. У Войшалка былі добрыя дачыненні з Нямецкім ордэнам у Інфлянтах[62]. Цытаваная грамата Гердзеня сведчыць пра верагоднасць таго, што, са свайго боку, Канстанцін прызнаваў вярхоўную ўладу Гердзеня.

Адразу ж пасля смерці Таўцівіла ўзімку 1263—1264 г. палі­тычная сітуацыя для заключэння дарчае дамовы была спрыяльнай. Калі праз гэтую дамову падтрымлівалася ўлада Канстанціна ў Полацку і забяспечваліся пазіцыі Ордэна ў Латгаліі, за гэта фактычна мусіла заплаціць арцыбіскупства. Той факт, што Ордэн звярнуўся па зацверджанне дарчага акта да папы Рымскага, сведчыць пра тое, што бакі зважалі на каталіцкіх праціўнікаў пагаднення. Адным з удзельнікаў дамовы Нямецкага ордэна з Гердзенем быў яшчэ горад Рыга, які самае позняе напрыканцы 60–х г. ХIII ст. разам з Ордэнам змагаўся супраць арцыбіскупа[63]. Пад час жорсткае барацьбы за ўладу, што ішла ў Літве, і ў выніку значнага аслаблення Ордэна пасля прайгранай бітвы пры Дурбэ (1260 г.), зразумелымі робяцца і саступкі абодвух бакоў.

Пазнейшыя закіды наконт таго, нібыта з віны Нямецкага ордэна каталіцызм страціў свае пазіцыі ў Полацку, у пэўным сэнсе якраз адлюстроўваюць сутнасць дамовы Ордэна з Гер­дзенем ды Канстанцінам, бо ў гэткі спосаб Ордэн пацвердзіў уладу Гердзеня ў Полацку, а за гэта полацкі князь адмовіўся ад сваіх правоў у Латгаліі. Ці ішла гаворка пад час фармулявання інфлянцкай „Канстанцінавай данацыі“ аб прызнанні ўлады Ордэна, якая ўжо насамрэч існавала ва ўсходняй Латгаліі, або тут ішлося пра прызнанне леннага вышняга права Ордэна, пры захаванні ранейшых дачыненняў уласнасці (feu­dum obla­tum)[64], ці можа прэтэндэнт на трон паабяцаў тэрыторыі Нямецкаму ордэну ўзамен за будучую дапамогу, — усё гэта застаецца невядомым[65].

У перыяд прыблізна з 1285 да 1300 г. рыжскі магістрат скардзіўся віцебскаму князю Міхаілу на тое, што рыжскім купцам на Русі чыняцца розныя несправядлівасці. Пры гэтым згадваецца, што ў той час, калі княжыў бацька Міхаіла Канстанцін, праблем у гандлі не ўзнікала[66]. Не выключана, што гэты Канстанцін быў адной і той асобаю, што і полацкі. Іншае пытанне: ці полацкі Канстанцін можа быць атаясамлены з тым, хто згадваецца, як Костянтинъ князь, зять Александровъ, які ў 1262 г. разам з сынам вялікага князя Аляксандра Яраслававіча Дзмітрыем, з братам вялікага князя Яраслава і з Таўцівілам учыніў аблогу Дэрпта і ў 1268 г. таксама браў удзел у вайне супраць Інфлянтаў[67]. Дзякуючы аўтарытэту за­снавальніка расійскай гістарыяграфіі Мікалая Карамзіна (1766—1826), зять Александровъ амаль аднадушна атаесамляецца з сынам смаленскага князя Расціслава[68]. Імя Канстан­цін было галоўным імем (Leitname) смаленскай княскай дынастыі. Але зять Александровъ з’яўляецца толькі ў звязку з Ноўгарадам, і, відавочна, ён знаходзіўся ў залежнасці ад паўночна–ўсходнерускіх князёў. Таму, відаць, гаворка ідзе тут пра дзве розныя аднайменныя асобы.

У апошняй чвэрці ХIII ст. войны за дамінаванне ў паўднёва–ўсходняй Латгаліі прадоўжыліся. Удзел у гэтых канфліктах бра­лі, з аднаго боку, Літва і больш–менш кантраляваны Літ­вою Полацк, а з іншага боку — Нямецкі ордэн і канкурэнтнае яму рыжскае арцыбіскупства. У сувязі з няпэўнай сітуацыяй з лі­тоўскімі ўладарамі ў Полацку, відаць, таксама адбывалася час­тая змена князёў. Магістр Інфлянцкага ордэна Эрнст фон Рат­цэ­бург (Ernst von Ratzeburg, 1274—1279) на месцы лат­галь­ска­га ўма­цаванага паселішча Naujene (Novene) узвёў новую фар­тэцыю Дынабург (Dünaburg — Дзвінск), якая, аднак, хут­ка адышла да ліцвінаў і толькі ў 1313 г. была заснаваная нанова[69]. Перад інквізітарам Францыскам Мальянскім (de Moliano) было засведчана, нібыта Ордэн аддаў дзве фартэцыі паганцам. Відавочна, тут меліся на ўвазе Полацк і Дзвінск[70]. Цягам гэтага і наступных разбіральніцтваў Ордэн быў абвінавачаны ў тым, што ён, маўляў, забраў Дынабург ад біскупа і ці то прадаў яго літоўцам, ці разбурыў яго, паводле літоўскага загаду[71]. Ордэн апраўдваўся і сцвярджаў, што Дзвінск заўсёды заставаўся ордэнскай крэпасцю[72]. Што да Полацка, дык тут, відавочна, усё яшчэ маецца на ўвазе „данацыя Канстанціна“.

Выказваная часам у гісторыяпісанні думка, нібыта Полацк толь­кі на пачатку XIV ст. — пасля вайны паміж Нямецкім ор­дэ­нам і вялікім князем літоўскім Віценем (1295—1315) — быў кан­чаткова падпарадкаваны Літвою, напэўна, не мае дастат­ко­вага абгрунтавання. Яна абапіраецца на інфармацыю Стрый­­­коўскага, згодна з якою Полацк у 1307 г. быў заваяваны Літ­вою[73], якую гісторыкі аб’ядналі са звесткамі пра ціск Ордэна на Полацк, што насамрэч меў месца ў 1260–я г.[74]. Гэтае меркаванне замацавалася як факт перадусім у расійскай гіс­тарыяграфіі дзякуючы Карамзіну[75]. Ужо ў часы Таўцівіла і Гердзеня Полацк быў вельмі цесна звязаны з Літвою. І гэтая повязь захоўвалася і пазней, хоць мясцовы князь у прынцыпе мог быць і прадстаўніком рускай княскай дынастыі. Часам у горадзе князя магло і не быць. Каля 1300 г. епіскап Якаў быў у Полацку найвышэйшай службовай асобай, якая прызнала вышнюю ўладу Віценя над Полацкам[76].

Крыніцы па гісторыі полацкага князя Канстанціна досыць малалікія і неадназначна трактаваныя. Істотным уяўляецца тое, што яго хаўрус з Нямецкім ордэнам у Інфлянтах пераканаўча даводзіць: палітычнае супрацоўніцтва паміж ката­ліцкімі і праваслаўнымі ерархамі тады яшчэ магло ажыццяўляцца беспраблемна. Войны за дамінаванне ў Інфлянтах, у Літве і ў Полацку былі звязаныя паміж сабою, і гаворка не ішла пра падзел кананічных тэрыторыяў паміж канфесіямі; наадварот, палітычнае супрацоўніцтва зрабіла ўсе межы размытымі і досыць празрыстымі. Акрамя таго, у выпадку з ін­флянцкай гісторыяй неабходна заўсёды мець на ўвазе тое, што крыніцы, створаныя ў інтарэсах бакоў у змаганні за ўладу, могуць адлюстроўваць не толькі гістарычную рэчаіснасць, а і пажаданыя некаму вобразы гісторыі.

Пераклаў з нямецкай Лявон Баршчэўскі

* Праца выкананая ў межах даследчага праекта фонду „Eesti Teadus­fond“ (грант № 5514).


[1] Bonnell E. Russisch–livländische Chronographie von der Mitte des neun­ten Jahrhunderts bis zum Jahre 1410. St. Petersburg, 1862. Comm. S. 239 — параўн.: Chron. S. 75; von Taube M. Internationale und kir­chen­politische Wandlungen im Ostbaltikum und Russland zur Zeit der deu­tschen Eroberung Livlands (12. und 13. Jahrhundert) // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Bd. 3 (1938). S. 11—46, у гэтым выпадку: S. 38—40; Пашуто В. Образование Литовского государства. Москва, 1959. C. 381—386; Кучкин В. А. Особая редакция „Наказания“ Симеона Тверского // Изучение русского языка и источниковедение. Ред. В. Ф. Дубровина. Москва, 1969. С. 243—251, у гэтым выпадку: с. 244; Giedroyć M. The Arrival of Christianity in Lithuania: Early Contacts (Thirteenth Century) // Oxford Slavonic Papers. Vol. 18 (1985). P. 1—30, у гэтым выпадку: p. 26; Fennell J. The Crisis of Medieval Russia, 1200—1304. London, New York, 1993 (Longman History of Russia). P. 133; Сагановiч Г. Полацк i iнфлянцкiя немцы ў XIII ст. // Беларусь памiж усходам i захадам. Праблемы мiжнацыянальнага, мiж­рэ­лi­гiйнага i мiжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу i сiнтэзу. Частка 2. Мiнск, 1997 (Беларусiка 6). C. 15—21, у гэтым выпадку: с. 19.
[2] von Taube M. Russische und litauische Fürsten an der Düna zur Zeit der deutschen Eroberung Livlands (XII. und XIII. Jahrhundert) // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 11 (1935). S. 367—503, у гэтым выпадку: S. 411—412.
[3] Dircks B. Russisch–livländische Beziehungen in der zweiten Hälfte des 13. Jahrhunderts // Jahrbuch des baltischen Deutschtums. Bd. 1986 (1985). S. 25—34, у гэтым выпадку: S. 29.
[4] Ammann A. M. Kirchenpolitische Wandlungen im Ostbaltikum bis zum Tode Alexander Newski’s. Studien zum Werden der Russischen Ortho­doxie. Roma, 1936 (Orientalia christiana analecta 105). S. 276; Rowell S. C. Between Lithuania and Ruś: Dovmont–Timofey of Pskov, his Life and Cult // Oxford Slavonic Papers. Vol. 25 (1992). P. 1—33, тут p. 6; Александров Д., Володихин Д. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках. Москва, 1994. C. 35.
[5] Bonnell E. Chron. S. 75 Параўн.: Comm. S. 239.
[6] Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев, 1896. С. 142—144, 251, генеал. табліца.
[7] Rowell S. C. Lithuania Ascending. A pagan empire within east–central Europe, 1295—1345. Cambridge, 1994 (Cambridge studies in medieval life and thought, 4th series 25). P. 20—21.
[8] Гл. найноўшыя працы: von zur Mühlen H. Livland von der Chris­tia­nisie­rung bis zum Ende seiner Selbständigkeit (etwa 1180—1561) // Deu­tsche Geschichte im Osten Europas. Baltische Länder. Hrsg. von G. von Pistohl­kors. Berlin, 1994, S. 25—172; Urban W. The Baltic Crusade, 2. ed. Chica­go, 1994; Šterns I. Latvijas vēsture 1180—1290. Krustakari. Rīga, 2002.
[9] Goetze P. Albert Suerbeer, Erzbischof von Preussen, Livland und Ehst­land. St. Petersburg, 1854. S. 15—16; Rohkohl M. Albert Suerbeer, Erzbischof von Livland, Estland und Preußen // Zeitschrift der Gesell­schaft für Schleswig–Holsteinische Geschichte. Bd. 47 (1917). S. 68—90, у гэтым выпадку: S. 70—87; Forstreuter K. Die Gründung des Erz­bistums Preussen 1245/1246 // Jahrbuch der Albertus–Universität zu Königsberg/Pr. Bd. 10 (1960). S. 9—31; Forstreuter K. Die Fragen der Mission in Preußen von 1245 bis 1260 // Zeitschrift für Ostforschung (=ZfO). Bd. 9 (1960). S. 250—268, у гэтым выпадку: S. 250—254; Herrmann R. Lübeck und die Päpste (1201—1267) // Zeitschrift des Vereins für Lübeckische Geschichte und Altertumskunde. Bd. 75 (1995). S. 9—52, у гэтым выпадку: S. 29—30. Гл. таксама: Schonebohm F. Die Besetzung der livländischen Bistümer bis zum Anfang des 14. Jahr­hunderts // Mitteilungen aus dem Gebiete der Geschichte Liv–, Est– und Kurlands. Bd. 20 (1910). S. 295—365, у гэтым выпадку: S. 319—324; Donner G. A. Kardinal Wilhelm von Sabina, Bischof von Modena 1222—1234. Päpstlicher Legat in den nordischen Ländern (†1251). Helsingfors, 1929 (Societas Scientiarum Fennica. Commentationes Humanarum Litte­rarum 2/5). S. 404—405; Hauck A. Kirchengeschichte Deutschlands. Bd. 4. Berlin, Leipzig, 1954. S. 682—684.
[10] Liv–, esth– und curländisches Urkundenbuch nebst Regesten. Hrsg. von F. G. von Bunge (=LUB). Bd. 1. Reval, 1853. Nr. 189; Senās Latvijas vēstures avoti. Izd. A. Švābe. Rīga, 1937—1940 (Latvijas vēstures avoti 2) (=LVA). Nr. 286.
[11] LUB. Bd. 1. Nr. 189, 191, 214, 262, 291; Documenta Pontificum Roma­norum historiam Ucrainae illustrantia (1075—1953). Vol. 1. Ed. A. G. Welykyj. Romae, 1953 (Analecta ordinis S. Basilii Magni sectio 3, 2/1). Nr. 14.
[12] Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Pед. А. Насонов и др. Москва, 2000 [Полное собрание русских летописей (= ПСРЛ) 3] (=НЛ1). С. 77.
[13] Ипатьевская летопись. Pед. Б. Клосс и др. Москва, 1998 (ПСРЛ 2). C. 815. Міхайла Грушэўскі (1866—1934) датаваў падзеі прыблізна канцом 1248 — 1249 годам: Грушевський М. Хронольогія подїй Галицько–Волинської лїтописи // Записки Наукового Товариства імени Шевченка. T. 3(41) (1901). C. 1—72, у гэтым выпадку: с. 35.
[14] Ипатьевская. C. 815—816. Паводле: Грушевський М. C. 35. Таўцівіл мог быць ахрышчаны каля 1250 г., у кожным разе перад 1251 г. Гл. таксама: Gudavičius E. Polityczny problem królestwa Litewskiego w połowie XIII w. // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII. do połowy XVI wieku. Red. M. Biskup. Toruń, 1990. S. 61—84, у гэтым выпадку: S. 65—66; Gudavičius E. Mindaugas. Vilnius, 1998. P. 336.
[15] Ипатьевская. C. 816—817; Livländische Reimchronik mit Anmer­kun­gen, Namensverzeichnis und Glossar. Hrsg. von L. Meyer. Paderborn, 1876 (=LR). Vers 3451—3608; Ivinskis Z. Mindaugas und seine Krone // ZfO. Bd. 3 (1954). S. 360—386, у гэтым выпадку: S. 373—375; Hell­mann M. Der Deutsche Orden und die Königskrönung des Mindaugas // ZfO. Bd. 3 (1954). S. 387—396, у гэтым выпадку: S. 389—394; Hell­mann M. Die Stellung des livländischen Ordenszweiges zur Gesamtpolitik des deutschen Ordens vom 13. bis zum 16. Jahrhundert // Von Akkon bis Wien. Studien zur Deutschordensgeschichte vom 13. bis zum 20. Jahr­hundert. Festschrift zum 90. Geburtstag von Althochmeister P. Dr. Marian Tumler O.T. am 21. Oktober 1977. Hrsg. von U. Arnold. Marburg, 1978 (Quellen und Studien zur Geschichte des Deutschen Ordens 20). S. 6—13, у гэтым выпадку: S. 9; Wojtecki D. Zur Identität einiger Livländischer Landmeister des Deutschen Ordens im 13. Jahrhundert // Jahrbuch für die Geschichte Mittel– und Ostdeutschlands. Bd. 20 (1971). S. 40—68, у гэтым выпадку: S. 50—53; Nikћentaitis A. Die litauische Gesellschaft der vorchristlichen Zeit (13.—14. Jahrhundert) zwischen Rom und Byzanz // Rom und Byzanz im Norden. Mission und Glaubenswechsel im Ost­seeraum während des 8.—14. Jahrhunderts. Hrsg. von M. Müller–Wille. Bd. 2. Mainz, Stuttgart, 1997 (Akademie der Wissenschaften und der Literatur, Abhandlungen der geistes– und sozialwissenschaftlichen Klasse Jg. 1997, 3/2). S. 115—130, у гэтым выпадку: S. 116—117. Параўн.: Maћeika R. When Crusader and Pagan Agree: Conversion as a Point of Honour in the Baptism of King Mindaugas of Lithuania (c. 1240—63) // Crusade and Conversion on the Baltic Frontier, 1150—1500. Ed. by A. V. Murray. Aldershot, 2001. P. 197—214.
[16] Preußisches Urkundenbuch (=PUB). Bd. 1/2. Hrsg. von A. Seraphim. Königsberg, 1909. Nr. 39—40, 79, 106; LUB. Bd. 1. Nr. 252, 255, 294, 308, 342, 354, 363 Параўн.: LUB. Bd. 1. Nr. 153; LVA. Nr. 219. Гл. таксама: Hermanni de Wartberge Chronicon Livoniae. Hrsg. von E. Strehlke // Scriptores rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der preussischen Vorzeit bis zum Untergange der Ordensherrschaft. Bd. 2. Leipzig, 1863. S. 9—178, у гэтым выпадку: S. 135—139; Ivinskis Z. Mindaugas. S. 368; Gudavičius E. Mindaugas. P. 336—339; Ma˛eika R. Crusader. P. 202—203.
[17] Ипатьевская. C. 817—820. Пра дачыненні Міндоўга з папам гл.: Кароль Мiндоўг i яго дзяржава ў дакументах папскай курыi XIII ст. Публ. А. Жлуткі // Беларускі археаграфічны штогоднік. Ч. 4 (2003). C. 194—241.
[18] НЛ1. C. 82—83, 310—312.
[19] Улащик Н. Введение в изучение Белорусско–литовского летописания. Москва, 1985. C. 97—99. Параўн.: Rowell S. C. Dovmont. P. 4; Янин В. Новгород и Литва. Пограничные ситуации XIII—XV веков. Москва, 1998. C. 52; Горский А. Русские земли в XIII—XIV веках. Пути политического развития. Москва, 1996. C. 73; Александров, Володихин. C. 24, 29. Тое, што Таўцівіл яшчэ ў 1240–я г. княжыў у Полацку, ёсць меркаваннем, што сустракаецца ў крыніцах XVI ст.: Хроники: Литовская и Жмойтская, и Быховца. Летописи: Баркулабовская, Аверки и Панцырного. Pед. Н. Улащик. Москва, 1975 (ПСРЛ 32). C. 26. Параўн.: с. 132. Пасланне папы Інакенція IV за 15 верасня 1248 г. Alexandro Illustri Regi Nogardie, дзе згадваюцца планы будаваць ката­ліцкую катэдру in Pleskowe Civitate tua (von Goetze P. S. 174—175 Nr. 5), датычыць вялікага князя Аляксандра Яраслававіча і Пскова, а не каго–кольвечы з полацкіх князёў, як гэта часам мяркуецца. Гл. па гэтым пытанні: Горский А. Два „неудобных“ факта из биографии Александра Невского // Александр Невский и история России. Новгород, 1996. C. 64—75.
[20] Гл.: Kappeler A. Ethnische Abgrenzung: Bemerkungen zur ostslavischen Terminologie des Mittelalters // Geschichte Altrusslands in der Be­griffswelt ihrer Quellen. Festschrift zum 70. Geburtstag von Günther Stökl. Hrsg. von U. Halbach u.a. Stuttgart, 1986 (Quellen und Studien zur Geschichte des östlichen Europa 26). S. 124—138; Dircks B. Krieg und Frieden mit Livland (12.—15. Jahrhundert) // Deutsche und Deutsch­land aus russischer Sicht 11.—17. Jahrhundert. Hrsg. von D. Herrmann. München, 1988 (West–östliche Spiegelungen, Reihe B 1). S. 116—145; Флоря Б. У истоков конфессионального раскола славянского мира (Древняя Русь и ее западные соседи в XIII веке) // Из истории русской культуры. T. 1 (Древняя Русь). Pед. А. Кошелев, В. Петрухин. Москва, 2000. C. 717—724.
[21] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiéj Rusi. Wyd. M. Malinowski. T. 1. Warszawa, 1846. S. 285. Параўн.: Ammann A. M. S. 273; Giedroyć M. P. 13.
[22] Гл.: Haller J. Die Verschwörung von Segewold (1316) // Mitteilungen aus dem Gebiete der Geschichte Liv–, Est– und Kurlands. Bd. 20 (1910). S. 125—168; Friedrich W. Der Deutsche Ritterorden und die Kurie in den Jahren 1300—1330. Phil. Diss Königsberg. Königsberg, 1915; Niess U. Hochmeister Karl von Trier (1311—1324). Stationen einer Karriere im Deutschen Orden. Marburg, 1992 (Quellen und Studien zur Geschichte des Deutschen Ordens 47).
[23] Допыт сведкі: Franciscus de Moliano (1312). Quellen zur Geschichte des Deutschen Ordens. Bearb. von A. Seraphim. Königsberg, 1912.
[24] Гл.: Selart A. Confessional Conflict and Political Co–operation: Livonia and Russia in the Thirteenth Century // Crusade and Conversion. P. 151—176.
[25] Допыт сведкаў. S. 27. T. VII, §14: quod ille ecclesie cathedrales… fuerunt postea destructe.
[26] Допыт сведкаў. S. 57. T. VIII, §182; S. 164. B. IV, §13; S. 169. B. V, §13.
[27] Допыт сведкаў. S. 169. B. V, §14 (вар.: Goloviensis videlicet et Puche­mensis). Weitere Schreib– und Lesarten: Colomensis videlicet et Ruthe­niensis (LUB. Bd. 2. Reval, 1855. Nr. 630. S. 50; Codex diplomaticus regni Poloniae et magni ducatus Lituaniae. Ed. M. Dogiel. Vol. 5. Vilnae, 1759. Nr. 37 p. 34); Zelouiensis videlicet et Rutheniensis (Ioannis Dіugossi seu Longini Historiae Polonicae libri XII. T. 1. Lipsiae, 1711. Liber IX, sub anno 1311, p. 947.
[28] Допыт сведкаў. S. 200 B. IX, § 215—216.
[29] Hellmann M. Das Lettenland im Mittelalter. Studien zur ostbaltischen Frühzeit und lettischen Stammesgeschichte, insbesondere Lettgallens. Münster, Köln 1954 (Beiträge zur Geschichte Osteuropas 1). S. 195; Dircks B. Beziehungen. S. 28—29.
[30] НЛ1. С. 84.
[31] LVA. Nr. 418; Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae gentiumque finitimarum historiam illustrantia. Ed. A. Theiner. Vol. 1. Romae, 1860. Nr. 124. Іншыя спосабы напісання і прачытання: Ruteniensem et Wer­soviensem (LUB. Bd. 1. Nr. 282); Rutheniensem et Wersoniensem (PUB. Bd. 1/1. Hrsg. von R. Philippi. Königsberg, 1882. Nr. 317); Ruthenensem, Wersomensem (Die päpstlichen Kanzleiordnungen von 1200—1500. Hrsg. von M. Tangl. Innsbruck, 1894. S. 13); Ruthenensis, Worthoniensis, Semigallensis (Arbusow L. Römischer Arbeitsbericht II. // Latvijas Ūni­versitātes Raksti. Bd. 20 (1929). S. 475—657, у гэтым выпадку: S. 491—493; Päbstliche Urkunden und Regesten aus den Jahren 1343—1378, die Gebiete der heutigen Provinz Sachsen und deren Umlande betreffend. Hrsg. von P. Kehr, G. Schmidt. Halle, 1889 (Geschichtsquellen der Pro­vinz Sachsen und angrenzender Gebiete 22), S. 386); Litoniensem tenent infideles, Zimaliensem (Diedrichs H. Die Annaten–Taxe der livländischer Bisthümer // Sitzungsberichte der Gesellschaft für Geschichte und Alt­hertumskunde der Ostseeprovinzen Russlands aus dem Jahre 1873. Riga, 1874. S. 27—30, у гэтым выпадку: S. 30). Апошнія версіі паходзяць з біскупскіх спісаў XIV ст., складзеных з фіскальных прычынаў; відаць, таму тут згадваецца як найбольшая колькасць біскупстваў аднае касцельнае правінцыі, праз гэта памылкова двойчы названае ўжо даўно няіснае біскупства Селія—Земгалія. Гл. таксама: Göller E. Der Liber taxarum der päpstlichen Kammer // Quellen und Forschungen aus italie­nischen Archiven und Bibliotheken. Bd. 8 (1905). S. 113—173, 305—343.
[32] Ammann A. M. S. 273; Hellmann M. Lettenland. S. 184—185; Johansen P. Das Lettenland im Mittelalter // ZfO. Bd. 5 (1956). S. 106—111, у гэтым выпадку: S. 110; Dircks B. Beziehungen. S. 28—29.
[33] Wirkkunen A. H. Albert Suerbeeri aegsed üritused Roomakatoliku usku Venes levitada // Ajalooline Ajakiri. Kd. 4 (1925). Lk. 41—44, siin lk. 43.
[34] von Goetze P. S. 71.
[35] Kaestner G. Das refundierte Bistum Reval. Untersuchungen zur Ge­schichte von Harrien und Wirland im dreizehnten Jahrhundert. Göt­tingen, 1876.
[36] Гэтак падаецца яшчэ ў: Johansen P. Lettenland. S. 110.
[37] Параўн. іншыя гіпотэзы: von Goetze P. S. 70, 144—146, дзе маецца на ўва­зе непраўдзівае прачытанне слова Revaliensis; і: Johansen P. Let­ten­land. S. 110, дзе, паводле Леаніда Арбузава, Wersonia ідэнтыфікуецца як Karšuva, бо ў 1259—1260 г. была заснаваная ордэнская фартэцыя Геор­генбург (Georgenburg). Hellmann M. (Lettenland. S. 185—186) лі­чыць, што гэта Višķi, што крыху на поўнач ад Даўгаўпілса (Дынабурга); von Taube M. (Russische und litauischeēni, прыблізна за 20 км на поўдзень ад Varakļāni.
[38] Kronika Wielkopolska. Wyd. B. Kürbis. Warszawa, 1970 (Pomniki dziejo­we Polski seria 2, 8). S. 82, §61; s. 101, §105; Documenta Pontificum Romanorum. Nr. 6.
[39] Ludat H. Bistum Lebus. Studien zur Gründungsfrage und zur Entstehung und Wirtschaftsgeschichte seiner schlesisch–polnischen Besitzungen. Weimar, 1942. S. 216—278; Rhode G. Die Ostgrenze Polens. Politische Entwicklung, kulturelle Bedeutung und geistige Auswirkung. Bd. 1. Köln, Graz, 1955 (Ostmitteleuropa in Vergangenheit und Gegenwart 2). S. 158—161; Szymański J. Kanonicy opatowscy w planach polityki ruskiej z przełomu XII i XIII wieku // Przegląd Historyczny. T. 56 (1965). S. 388—396; Щавелева Н. Древнерусские известия Великопольской хроники // Летописи и Хроники 1976 г. Москва, 1976. C. 54—66, у гэтым выпадку: с. 62—64; Dunin–Wąsowicz T. Projets missionaires cisterciens dans la Rus’ du sud–ouest aux XIIIe—XIIIe siècles // Harvard Ukrainian Stu­dies. Vol. 12—13 (1988—1989). P. 531—550, у гэтым выпадку: p. 538—540.
[40] Допыт сведкаў. S. 200. B. IX, § 215; S. 27. T. VII, §14.
[41] Гл.: Bonnell E. Chron. S. 76, Comm. S. 91—92.
[42] Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. Cост. А. Хорошкевич (=ПГ). T. 1. Москва, 1980. № 1; LUB. Bd. 6. Riga, 1873. Nr. 3036. Гл. таксама: ПГ. T. 3. Москва, 1980. C. 112—117.
[43] LUB. Bd. 1. Nr. 380. Параўн.: LUB. Bd. 1. Nr. 345 (1260. a.), дзе ў ахоўным прывілеі папы Аляксандра IV Нямецкаму ордэну згадваюцца будучыя ўладанні Ордэна на Русі — сярод якіх як легітымна падораныя Ордэну, гэтак і заваяваныя татарамі тэрыторыі.
[44] Hellmann M. Lettenland. S. 197—200.
[45] Гл. таксама: Benninghoven F. Der Livländische Ordensmeister Konrad von Mandern // Hamburger mittel– und ostdeutsche Forschungen. Bd. 6 (1967). S. 137—161, у гэтым выпадку: S. 152—153.
[46] Наставление тверского епископа Семена // Библиотека литературы Древней Руси. Pед. Д. Лихачев и др. T. 5. С.–Петербург, 1997. C. 394—395; Кучкин В. Особая редакция. C. 244—245; Горский А. Земли. С. 53, 106. Біскуп Симеон Полотьский згадваецца таксама пад 1274 г. без усялякага звязку з Цверру: Памятники древнерусскаго каноническаго права. Ч. 1 (памятники XI—XV в.). Изд. 2. С.–Петербург, 1908. C. 83—84. № 6.
[47] Гл.: Hellmann M. Lettenland. S. 201; Klug E. Das Fürstentum Tver’ (1247—1485). Aufstieg, Selbstbehauptung und Niedergang // For­schungen zur osteuropäischen Geschichte. Bd. 37 (1985). S. 7—355, у гэтым выпадку: S. 54—56.
[48] Die Statuten des Deutschen Ordens nach den ältesten Handschriften. Hrsg. von M. Perlbach. Halle, 1890. S. 132, §11.
[49] Hermanni Chronicon. S. 153. §9; LUB. Bd. 2. Nr. 1036. §9. Гл. таксама: Laakmann H. Zur Geschichte Heinrichs von Lettland und seiner Zeit // Beiträge zur Kunde Estlands. Bd. 18 (1932—34) S. 57—102, у гэтым выпадку: S. 100—101; Švābe A. Straumes un avoti. Sēj. 2. [Lincoln], 1965. 385—386 lpp.; Hellmann M. Lettenland. S. 196.
[50] У пытанні гісторыі ўсходнелатгальскіх тэрыторыяў гл.: Mugurēvičs Ē. Novadu veidošanās un to robežas Latvijas teritorijā (12. gs.—16. gs. vidus) // Latvijas zemju robežas 1000 gados. Sast. A. Caune. Rīga 1999. 54—90 lpp., у гэтым выпадку: 74—84 lpp.; Radiņš A. 10.—13. gadsimta senkapi Latgaļu apdzīvotajā teritorijā un Austrumlatvijas etniskās, sociā­lās un politiskās vēstures jautājumi. Rīga, 1999 (Latvijas Vēstures Muzeja Raksti. Arheoloģija 5). 174—175 lpp.
[51] LUB. Bd. 1. Nr. 378, 425, 426, Regest Nr. 423; Siegel und Münzen der weltlichen und geistlichen Gebietiger über Liv–, Est– und Curland bis zum Jahre 1561 nebst Siegeln einheimischer Geschlechte. Hrsg. von J. Sachs­sen­­dahl. Reval, 1887 (Est– und Livländische Brieflade 4). S. 79—80 Nr. 83; von Goetze P. S. 212 Nr. 24, Tafel 3 Nr. 12.
[52] Taube M. Fürsten. S. 409, 463; Hellmann M. Lettenland. S. 192—194 Параўн.: Benninghoven F. Ordensmeister. S. 153. Гл. таксама: Militzer K. Von Akkon zur Marienburg. Verfassung, Verwaltung und Sozialstruktur des Deutschen Ordens 1190—1309. Marburg, 1999 (Quellen und Studien zur Geschichte des Deutschen Ordens 56 = Veröffentlichungen der Inter­nationalen historischen Kommission zur erforschung des Deutschen Ordens 9). S. 377. Паводле іншага меркавання, фартэцыя мелася быць заснаваная яшчэ да 1236 г. мечаносцамі. Гл.: Hellmann M. Lettenland. S. 192 (вуснае выказванне Гайнрыха Лакмана — Heinrich Laakmann); Benninghoven F. Der Orden der Schwertbrüder. Fratres milicie Christi de Livonia. Köln, Graz, 1965 (Ostmitteleuropa in Vergangenheit und Gegen­wart 9). S. 316—317.
[53] Гл., напр.: Auns M. Acquisition of the acquired. The establishing of a real administration in Livonia // Culture Clash or Compromise? The Europe­anisation of the Baltic sea Area 1100—1400 AD. Ed. by N. Blomkvist. Visby, 1998 (Acta Visbyensia 11). Pp. 259—267; Mägi M. At the Cross­roads of Space and Time. Graves, Changing Society and Ideology on Saaremaa (Ösel), 9th—13th Centuries AD. Tallinn, 2002 (CCC Papers 6).
[54] Livländische Güterurkunden. Bd. 1 (aus dem Jahren 1207 bis 1500). Hrsg. von H. von Bruiningk, N. Busch. Riga, 1908. Nr. 2; Heinrichs Liv­ländische Chronik. Bearb. von L. Arbusow, A. Bauer. Hannover, 1955 (Scriptores rerum germanicarum in usum scholarum ex MGH separatam editi). S. 71 XIII.4.
[55] LUB. Bd. 1. Nr. 84; LVA. Nr. 129.
[56] LUB. Bd. 1. Nr. 288; LVA. Nr. 432; Hermanni Chronicon. S. 40. Параўн.: LUB. Bd. 1. Nr. 329, 330; LUB. Bd. 2. Nr. 968; Benninghoven F. Orden. S. 455 Nr. 125; Ritterbrüder im livländischen Zweig des Deutschen Ordens. Hrsg. von L. Fenske, K. Militzer. Köln, Weimar, Wien, 1993 (Quellen und Studien zur baltischen Geschichte 12). S. 318. Nr. 396.
[57] Livländische Güterurkunden. Nr. 554, 558. Гл. таксама: Des Ban­ner­herrn Heinrich von Tiesenhausen des Aelteren von Berson ausgewählte Schriften und Aufzeichnungen. Hrsg. von R. Hasselblatt. S. l., 1890. S. 11. Параўн.: S. 41; Laakmann H. Zur Geschichte des Grossgrundbesitzes im Erzstift Riga in älterer Zeit // Sitzungsberichte der Gesellschaft für Geschichte und Altertumskunde zu Riga. Vorträge zur Hundertjahrfeier am 6.9. Dezember 1934. Riga, 1936. S. 51—62, у гэтым выпадку: S. 60.
[58] Гл.: Stern C. Livlands Ostgrenze im Mittelalter vom Peipus bis zur Düna // Mitteilungen aus der livländischen Geschichte. Bd. 23 (1924—26). S. 195—240, у гэтым выпадку: S. 234; Laakmann H. Zur Geschichte. S. 100—101; Hellmann M. Lettenland. S. 183—184, 195—196; Hellmann M. Der Deutsche Orden und die Stadt Riga // Stadt und Orden. Das Verhältnis des Deutschen Ordens zu den Städten in Livland, Preußen und im Deutschen Reich. Hrsg. von U. Arnold. Marburg, 1993 (Quellen und Studien zur Geschichte des Deutschen Ordens 44 = Veröffentlichungen der Internationalen Historischen Kommission zur Erforschung des Deu­tschen Ordens 4). S. 1—33, у гэтым выпадку: S. 15; Benninghoven F. Ordensmeister. S. 153—154; Mortensen G. Beiträge zur Kenntnis des nordöstlichen Mitteleuropa um 1400 // ZfO. Bd. 9 (1960). S. 333—361, у гэтым выпадку: S. 342—343.
[59] Параўн.: de Baumgarten N. Généalogies et mariages occidentaux des Rurikides Russes du Xe au XIIIe siècle. Roma, 1927 (Orientalia christiana. Vol. 9/1, nr. 35.). P. 33.
[60] Новгородская четвертая летопись. Pед. Ф. Покровский и др. Москва, 2000 (ПСРЛ 4/1). C. 236 (и Герденя оубиша): параўн.: НЛ1. C. 84—85, 313—315; Ипатьевская. C. 860—863. Гл.: Штыхов Г. Древний Полоцк IX—XIII вв. Минск, 1975. C. 14; Giedroyć M. P. 12; Rowell S. C. Lithua­nia. P. 21.
[61] ПГ. Т. 1. Nr. 2; LUB. Bd. 6. Nr. 3037. Сказ „Чего ся есме отступили въ Ризе, к тому вамъ не приискывати ни людеи, ни земли, ни воды, ни борти“ можа быць яшчэ пазнейшым пацверджаннем „Канстанцінавага дару“. Параўн.: Hellmann M. Lettenland. S. 194; Горский А. Земли. С. 53.
[62] LR. Vers 7133—7209. Параўн.: Hermanni Chronicon. S. 45.
[63] Гл.: LUB. Bd. 1. Nr. 406, 412; Johansen, P. Eine Riga–Wisby–Urkunde des 13. Jahrhunderts // Zeitschrift des Vereins für Lübeckische Ge­schichte und Altertumskunde. Bd. 37 (1957). S. 93—108.
[64] Параўн. прыклад feudum oblatum гэтага часу: Perlbach M. Urkunden des Rigaschen Capitel–Archives in der Fürstlich Czartoryskischen Biblio­thek zu Krakau // Mitteilungen aus dem Gebiete der Geschichte Liv–, Est– und Kurlands. Bd. 13 (1886). S. 1—23, у гэтым выпадку: s. 17—18. Nr. 17b.
[65] Гл. таксама: Сагановіч Г. Нямецкая каталіцкая місія і Полацк у XIII стагоддзі // Полацк: карані нашага радавода. Полацкая зямля як сацыякультурная прастора ўзнікнення і развіцця беларускага этнасу і нацыянальнай дзяржаўнасці. Полацк, 1996. C. 59—63, у гэтым выпадку: c. 62.
[66] LUB. Bd. 6. Nr. 3059. Адносна датавання гл.: Goetz L. K. Deutsch–Russi­sche Handelsverträge des Mittelalters. Hamburg, 1916 (Abhandlungen der Hamburgischen Kolonialinstituts 37. Reihe A: Rechts– und Staats­wissenschaften 6). S. 332—334.
[67] НЛ1. С. 83, 86, — параўн.: с. 620. Параўн.: LUB. Bd. 1. Nr. 546.
[68] Карамзин Н. История государства Российского. Kнига 1 (т. 1—4). Москва, 1988. T. 4. C. 56, прим. 107. У якасці крыніцы тут згадваюцца „родословные книги“. Гл. таксама: Янин В. Л. К вопросу о датировке экземпляров D и K „Смоленской правды“ // Археографический ежегодник за 1968 г. Москва, 1970. С. 102—108, у гэтым выпадку: с. 105—106. Параўн. працу, хутчэй, агіяграфічнага кшталту: Бегунов Ю. Александр Невский. Жизнь и деяния святого и благоверного великого князя. Москва, 2003. C. 150, 167, дзе зять ужываецца ў дачыненні да віцебскага князя і аднаго з Таўцівілавых сыноў.
[69] Hermanni Chronicon. S. 48, 56—57; LR. Vers 8169–8294. Польскі пера­клад не захаваных у арыгінале так званых „Ронэбургскіх аналаў“ („Ron­­­ne­burger (па–латышску: Rauna) Annalen“ Мацея Стрыйкоўскага згадвае пэўнага мніха Ордэна, званага Henricus Sazendob, comendator Nieschowski, ze dwunaścią braciej, што загінулі познім летам (Stryj­kowski M. T. 1. S. 284). Меркаванне, што Генрык у 1240–я г. быў дынабургскім комтурам, не мае пад сабою падставаў, бо Дынабург тады яшчэ не існаваў. Параўн.: Arbusow L. Die im Deutschen Orden in Liv­land vertretenen Geschlechter // Jahrbuch für Genealogie, Heraldik und Sphragistik. Bd. 1899 (1901). S. 27—130, у гэтым выпадку: S. 88. Nr. 392; Benninghoven F. Orden. S. 460; Ritterbrüder. S. 560. Nr. 753; Militzer K. Von Akkon. S. 377). Гл.: LUB. Bd. 1. Nr. 363; Mugurevics E. Die archäologischen Ausgrabungen im Burgflecken bei der alten Düna­burg // „Homburger Gespräch“ vom 12. bis zum 14. September 1984. Beiträge zur Geschichte der Kunst im Ostseeraum. Hrsg. von E. Böckler. Heft 6. Bad Homburg, [1985]. S. 106—115, у гэтым выпадку: S. 106—107, 112. Ёсць сведчанні, што Дынабург быў разбураны больш як 60 гадоў перад тым (Hermanni Chronicon, S. 152; LUB. Bd. 2. Nr. 1036, §7). Калі зрабіць дапушчэнне, што крыніца была складзеная з нагоды Данцыгскага Кангрэсу 1366 г. (Her­manni Chronicon. S. 11—12, 148—149), з летазлічэннем узнікаюць нелады. Не выключана, што Герман карыстаўся крыніцай, складзенай каля 1340 г. Параўн.: Taube M. Fürsten. S. 410—414; Hellamann M. Lettenland. S. 204.
[70] Допыт сведкаў. S. 40. T. VII, §182; S. 164. B. IV, §13. Параўн.: Taube M. Fürsten. S. 495—497.
[71] Hermanni Chronicon. S. 152, §7; Допыт сведкаў, S. 7. T. VI, §13; S. 27. T. VII, §13; S. 40. T. VII, §182; S. 111. T. XX, §13; S. 126. T. XXII, §182; S. 164. Beil. IV, §13; LUB. Bd. 2. Nr. 968.
[72] Hermanni Chronicon. S. 152. §7; LUB. Bd. 2. Nr. 1036, §7; Допыт сведкаў. S. 201. B. IX, § 236—239.
[73] Stryjkowski M. T. 1. S. 349: Nálazłem też wstárych Látopißczach Ruskich zktorych mam kilko exeplarzow: iż Litwá roku 1307. Połocko wzięłá, ále iáko y pod kim nie pisse. Тое самае паведамляе „Ольшевская летопись“: Litwa wzięli Poltewsk po lati bożego narodzenia tysiącz trzista siodmego: Ле­тописи белорусско–литовские. Ред. Н. Улащик. Москва, 1980 (ПСРЛ 35). S. 192 — параўн.: 94—95. Гл. таксама: Западнорусския летописи. Ред. С. Л. Пташицкий. С.–Петербург, 1907 (ПСРЛ 17). С. 291, 469; Хроники. C. 135—136. Гл. таксама: Улащик Н. C. 58—60; Рогов А. Русско–польские культурные связи в эпоху Возрождения (Стрыйковский и его Хроника). Москва, 1966. C. 152—153.
[74] Супраць гэткай камбінацыі фактаў выступаў ужо Э.Бонэль — гл.: Bonnell E. Comm. S. 133. Гл. таксама: Сагановіч Г. Нарыс гiсторыi Беларусi ад старажытнасцi да канца XVIII ст. Мiнск, 2001. C. 65—66.
[75] Карамзин Н. История государства Российского. Москва, 1988. T. 4, с. 100—101. Новыя мадыфікацыі гл., напр, у: Данилевич В. С. 153—154; Штыхов Г. C. 14—15; Hellmann M. Grundzüge der Geschichte Litauens und des litauischen Volkes. Darmstadt, 1990. S. 19; Горский A. Земли. C. 53; Rowell S. C. Lithuania. P. 78. Параўн.: Александров, Володихин. C. 39.
[76] ПГ. Т. 1. Nr. 3; LUB. Bd. 6. Nr. 3056.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Русіны пад Грунвальдам (Дуброўнай) y 1410 г.

Снежня 21, 2004 |


Праблема ўдзелу русінаў (пазнейшых беларусаў і ўкраінцаў) у галоўнай бітве з Нямецкім ордэнам у 1410 г., хоць ужо не раз краналася, заслугоўвае асобнага разгляду. Вырашэнне яе, як і апісанне самой бітвы, істотна залежала ад нацыянальнай пазіцыі аўтараў. Калі ў літаратурнай спадчыне данацыянальнага перыяду лаўры Грунвальду прыпісваліся адным палякам[1], а не славянам наогул ці літоўцам, дык пазней, дзелячы славу грунвальдскага трыумфу, нацыянальныя гістарыя­графіі сутыкаліся ў вострых канфрантацыях[2]. Роля народаў у дасягненні перамогі часта ставілася ў залежнасць ад ліку харугваў „сваіх“, якія ўдзельнічалі ў бітве, а ступень іх гераізму — ад маштабаў сечы і ліку разгромленых нямецкіх фармаванняў. Перад спакусай завышаць дадзеныя адносна колькасці армій з абодвух бакоў, перабольшваць ролю „сваіх“ і не заўважаць заслуг іншых не ўдавалася ўстаяць не толькі папулярызатарам гісторыі, але і аўтарам навукова–папулярных ці нават навуковых публікацый[3].

Каб наблізіцца да больш–менш адэкватнага ўяўлення пра ўдзельную вагу канкрэтнага народа ў арміі Вітаўта ці Ягайлы, пачынаць неабходна з „самага складанага і спрэчнага пытання“[4] — з вызначэння агульнай колькасці ўзброеных сілаў, што ліпеньскай раніцай 1410 г. сутыкнуліся ў смяротнай сечы каля Грунвальда і Танэнберга. Рабіць гэта можна або на падставе мабілізацыйных магчымасцяў дзяржаў, з чаго нельга атрымаць дакладных вынікаў, або зыходзячы з колькасці харугваў — калі ведаць сярэдні лік яе воінаў.

Польскі гісторык Тадэвуш Ладагурскі, які прысвяціў гістарычнай дэмаграфіі Польшчы ХIV ст. спецыяльныя працы, на падставе дадзеных аб каланізацыі сцвердзіў, што яшчэ ў 1340 г. насельніцтва тэрыторыі Польшчы (апрача Заходняга Памор’я і Любускай зямлі) складала 1800 тыс. чалавек, з чаго палова (936 тыс.) жыла ў межах Польскага Каралеўства[5]. Вынікі яго даследаванняў трапілі пад крытыку[6], тым не менш некаторыя вядомыя гісторыкі (і польскія — Г.Лаўмяньскі, Л.Кры­віц­кі, З.Качмарчык, Э.Вельрозэ, і нямецкія — напрыклад, В.Кун[7]) ацэньвалі дэмаграфічны патэнцыял каралеўства Казіміра Вялі­кага яшчэ вышэй. Хоць для пачатку ХV ст. не захавалася крыніц для дакладных разлікаў, сучасны польскі грунвальда­знаўца Мар’ян Біскуп прыйшоў да заключэння, што перад 1410 г. у Польскім Каралеўстве жылі 1800 тыс. жыхароў, тады як у межах Нямецкага ордэна магло налічвацца да 500 тыс. насельнікаў. Што да дэмаграфічнага патэнцыялу ВКЛ, то М.Біскуп вызначыў яго толькі для этнаграфічнай Літвы — 300 тыс., тады як пра колькасць жыхароў вялізных абшараў Русі гісторыкам не гаворыцца нічога з прычыны „адсутнасці да­дзеных“[8].

Сапраўды, да ХVI ст. няма статыстычных матэрыялаў, на аснове якіх можна было б рабіць разлікі, аднак, як даўно прынята лічыць у гістарыяграфіі, колькасна ў часы Вітаўта русіны ВКЛ шматкроць перасягалі літоўцаў[9]. Згодна з меркаваннем знаўцы праблемы Г.Лаўмяньскага, на тагачаснай тэрыторыі ВКЛ (каля 1 млн. км. кв.) магло жыць да 2 млн. чалавек[10], з якіх уласна літоўцы мелі б налічваць не больш за 300 тыс. Нават калі зменшыць колькасць русінаў прыкладна да 1 млн., то су­польны дэмаграфічны патэнцыял саюзнікаў на 1410 г. бу­дзе пе­расягаць 3 млн. чалавек супраць 500 тыс. у Нямецкага ор­дэ­­на[11]. Іншымі словамі, у людскіх рэсурсах Ягайла і Вітаўт да­ся­­галі больш чым 6–разовай перавагі над непрыяцелем. Да гэ­та­­га трэба дадаць, што і ў гаспадарчых адносінах поль­скія зем­лі на той час ужо мала саступалі прускім уладанням Ордэна[12].

Вось жа, зыходзячы з такой розніцы патэнцыялаў, лёгка засумнявацца, ці мог Ордэн рэальна ўяўляць „смяротную небяспеку“ для існавання Польскага Каралеўства і ВКЛ, або па­грозу знішчэння іх народаў, пра што так часта сцвярджалася ў айчыннай гістарычнай літаратуры[13]. Яшчэ рэцэнзуючы першае выданне кнігі С.Кучыньскага, Г.Лаўмяньскі справядліва скрытыкаваў гэты тэзіс. Ён даводзіў, што па гаспадарча–дэмаграфічных рэсурсах Ордэн саступаў нават асобна ўзятай Польшчы[14]. Таму Ордэнская дзяржава не пагражала існаванню Польскага Каралеўства і ВКЛ. Праўда, умацаванне Ордэна на Балтыцы шкодзіла іх эканамічным інтарэсам, але гэта ўжо праблема іншага ўзроўню.

Зыходзячы з вялізнай перавагі сілаў, Ягайла і Вітаўт у 1410 г. маглі правесці толькі частковую мабілізацыю, і яны сабралі для паходу толькі лепшыя сілы. Дыспануючы, на думку Г.Лаўмяньскага[15], прыкладна такімі ж ваеннымі рэсурсамі, як Польскае Каралеўства, Вітаўт задзейнічаў у прускай кампаніі іх меншую частку — маштаб мабілізацыі ўзгадняўся з рэальнай неабходнасцю, а выведныя службы абодвух манархаў, трэба думаць, валодалі дастатковай інфармацыяй наконт арміі непрыяцеля. Выпраўленне большых чым патрэбна сілаў у далёкую дарогу было і нерацыянальным, і небяспечным. Да таго ж, пакінутае дома баярства пэўна мела заданнем звязваць сваёй актыўнасцю Інфлянцкі ордэн, каб не даваць яму магчымасці выслаць армію да Ульрыха фон Юнгінгена.

На падставе дадзеных Яна Длугаша пра колькасць харугваў гісторыкі вызначалі больш дакладныя памеры армій. Не пе­ралічваючы ўсіх, прывяду вынікі самых аўтарытэтных да­след­чыкаў. Так, згаданы вышэй М.Біскуп падае для польскай ар­міі 30 тыс. (што выглядае перабольшаннем), з якіх 16 тыс. кон­ніцы, тады як сілы Вітаўта ацэньвае на 11 тыс. коннікаў[16]. Больш рэалістычным і ўзважаным, хоць не бездакорным уяў­ля­ецца падыход А.Надольскага, які прапанаваў лічыць, што вой­ска Вялікага Княства магло налічваць 10 тыс. — палову ад коль­касці польскай арміі (20 тыс.), і разам з тым „палову агуль­нага мабілізацыйнага патэнцыялу Літвы, акрэсленага по­пісам 1528 г.“[17] Тое, што Вітаўт прывёў у Прусію меншую ар­­мію, чым Ягайла, не выклікае сумненняў, але ў супастаў­лен­­ні яе памераў з дадзенымі 1528 г. наўрад ці была неабходнасць.

Само па сабе выкарыстанне першага перапісу войска ВКЛ для вызначэння памераў арміі 1410 г. надзвычай праблематычнае. Як вядома, гэты перапіс быў няпоўны — ахапляў не ўсю тэрыторыю Вялікага Княства і не ўсе катэгорыі жыхароў (не пашыраўся, прыкладам, на панцырных і путных)[18], а некаторыя з тых земляў, што выстаўлялі харугвы ў 1410 г., на час стварэння попісу былі ўжо ў складзе Маскоўскай дзяржавы (Смаленская і Чарнігава–Северская). За амаль 120 гадоў, цягам якіх тэрыторыя ВКЛ зменшылася на 1/3, і колькасць, і структура насельніцтва кожнай зямлі хутчэй за ўсё істотна змяніліся. Асабліва значнай магла быць розніца акурат на сумежных з Прусіяй абшарах Літвы і Жамойці, для развіцця якіх 1410 г. адкрыў сапраўды новую эпоху. Наогул, вызначаць дэмаграфічны патэнцыял дзяржавы на год славутай бітвы па звестках, створаных праз 5—6 пакаленняў, мякка кажучы, недастаткова карэктна. Здаецца, і сам А.Надольскі добра разумеў адноснасць прапанаванай ім вeлічыні, бо песімістычна заўважаў, што на цяперашнім узроўні даследаванняў дакладнае вызначэнне колькасці войскаў з абодвух бакоў проста немагчымае, таму ўсе меркаванні, якія выказваюцца цяпер па гэтым пытанні, застаюцца адно толькі больш ці менш абгрунтаванымі гіпотэзамі[19].

Калі вызначэнне агульнай колькасці арміі звязана з такімі складанасцямі, то яшчэ менш падстаў дакладна вызначаць этнічны склад сілаў ВКЛ. З народаў арміі Вітаўта, сярод якіх польскі храніст адрозніваў „літоўцаў“, „русінаў“, „жамойтаў“ і „татараў“[20], прасцей за ўсё гаварыць пра колькасць і ўдзельную вагу апошніх. Татары хана Джалаладдзіна, якія ўваходзілі ў армію Вітаўта, налічвалі, паводле Длугаша, адно 300 вершні­каў, аднак даследчыкі лічаць, што іх было не менш за 1 тыс.[21] А вось наконт суадносін літоўцаў і русінаў у гістарыяграфіі даўно выказваюцца самыя розныя меркаванні. Некаторыя гісторыкі прымалі, што на полі пад Грунвальдам, магчыма, пераважалі русіны[22], або што іх налічвалася ўдвая больш, чым літоўцаў[23], іншыя ж дапускалі, што тых і другіх у Вітаўта было прыкладна пароўну[24]. Асобна вылучаецца пазіцыя Т.Васілеўскага, які палічыў магчымым сцвяр­джаць, што балты складалі 2/3 арміі ВКЛ[25], але не падаў пераканаўчай аргументацыі.

На якіх падставах можна атрымаць уяўленні аб этнічных суадносінах у арміі Вітаўта? Відаць, толькі са сведчанняў Длугаша, выкарыстоўваючы якія, праўда, важна ўсведамляць іх ненадзейнасць. Як паказаў Свэн Экдаль, на падставе інфармацыі з Branderia Prutenorum і лік харугваў (г.зн. і падлікі колькасці войска), і прапорцыі відаў узбраення могуць быць непраўдзівымі[26]. Да асцярожнага абыходжання з Длугашавым апісаннем харугваў заклікалі і польскія гісторыкі[27]. Тым не менш, амаль усе разлікі і рэканструкцыі, датычныя арміі Ягайлы і Вітаўта, абапіраюцца на звесткі Длугаша, бо іншых проста не захавалася.

З усіх 40 харугваў ВКЛ польскі храніст назваў 21: „троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая, старадубская. Іншыя насілі назвы ад асобаў літоўскіх князёў, якім Вітаўт даручыў іх кіраванне, менавіта Жыгімонта Карыбутавіча, Сямёна Лугвена, Юрыя“[28]. Такім чынам, па назвах нам вядомая толькі палова фармаванняў, прычым 18 з пералічаных харугваў — земскія. З апошніх 8 супадаюць з пазнейшымі ваяводствамі (віленскае, троцкае, смаленскае, полацкае, віцебскае, наваградскае, берасцейскае і кіеўскае), астатнія 10 адпавядаюць землям ці паветам[29]. Большасць харугваў ВКЛ (30 з 40), паводле Длугаша, мела на штан­­дарах герб „Пагоню“[30], што непраўдападобна, і толькі на 10 былі „калюмны“ („Слупы Гедыміна“), г.зн. яны з’яўляліся надворнымі харугвамі вялікага князя.

Тут варта адразу закрыць пытанне наконт меркаванага ўдзелу ў бітве „рускай“ харугвы з Ноўгарада Вялікага. Хоць у Длугаша нічога падобнага не згадваецца, у гістарычнай літаратуры даўно пашырылася меркаванне, што ў бітве з Ордэнам браў удзел і „отряд новгородцев под руководством Лугвеня“[31]. На павер яно аказваецца зусім недаказаным. Усе развагі пра ноўгарадцаў абапіраюцца толькі на адну канкрэтную згадку ў ніжненямецкай хроніцы, створанай па чутках пасля бітвы, якая за­фіксавала фантастычныя ўяўленні пра яе ўдзельнікаў: „кароль Ноўгарада“, які быццам „прыйшоў з русінамі“, названы тут разам з царом татараў, мільёнамі сарацэнаў, турак, пер­саў і г.д.[32] Гэтую неверагодную інфармацыю немагчыма ўспрымаць як вартае ўвагі сведчанне, што даказвала б пры­сут­насць наўгародцаў на полі бітвы. У пачатку ХV ст. Ноўгарад Вялікі традыцыйна ўхіляўся ад адкрытай вайны з Ордэнам, аберагаючы сваю самастойнасць палітыкай нейтралітэту[33]. Калі ж дапускаць, што за пералічанымі ў хроніцы правадырамі ўсё ж хаваліся рэальныя постаці, то не выключана, што „каралём Ноўгарада“ мог быць названы князь Ноўгарада–Северскага — зямлі, якая ў 1410 г. выставіла сваю харугву[34]. Што да князя Сымона Лугвена Альгердавіча як камандзіра ноўгарадцаў, то ён узначальваў пад час бітвы смаленскія харугвы. А згаданы Длугашам князь Юры, якому Вітаўт таксама даручыў кіраванне часткай харугваў, не мог быць Лугвенавічам, бо сын Сымона Лугвена меў тады якіх–небудзь 10 ці крыху больш гадоў.

Паколькі большасць харугваў арміі ВКЛ фармавалася па тэрытарыяльным прынцыпе[35], а насельніцтва многіх рэгіёнаў было, як правіла, поліэтнічным, то іх этнічная ідэнтыфікацыя можа быць вельмі прыблізнай. Напрыклад, на Падляшшы русіны сутыкаліся з палякамі, а ў Панямонні і Павіллі — з літоўцамі. Падобная сітуацыя склалася на ўкраінска–польскім і польска–прускім памежжы. Урэшце, асобныя харугвы, як і ўсё войска, маглі быць і этнічна „пярэстымі“, бо этнічны фактар на той час яшчэ не вызначаў прыроду канфліктаў. Прыкладам, большасць рыцараў хелмінскай зямлі, якая ваявала пад штандарамі Ордэна, размаўляла па–польску[36], а ў арміі Ягайлы, наадварот, былі і нямецкія рыцары[37].

Не аддаючы належнага ўсёй складанасці разлікаў, Аляксандр Барбашоў у свой час даводзіў, што ў арміі Вітаўта з 40 харугваў ажно 36 былі „рускія“ (г.зн. беларускія і ўкраінскія), і толькі 4 — літоўскія і жамойцкія. Дадаўшы да іх яшчэ 7 „рускіх“ харугваў каралеўскай арміі (львоўскую, пярэмышльскую, холмскую, галіцкую і тры падольскіх), ён атрымліваў 43 харугвы русінаў — амаль столькі ж, колькі палякаў[38]. Да бліз­кіх разлікаў прыйшоў Дзмітры Даўгяла, які, праўда, называў літоўскімі не 4, а 5 з пералічаных Длугашам харугваў (вілен­скую, ваўкавыскую, ковенскую, медніцкую і троцкую)[39]. І хоць такі павярхоўны падыход быў слушна раскрытыкаваны С.Кучыньскім, у сучаснай айчыннай літаратуры да яго часам вяртаюцца[40].

Між тым, з этнічнай ідэнтыфікацыяй некаторых вядомых па назве фармаванняў не ўсё так проста. Так, харугву Жыгімонта Карыбутавіча, хоць тая і на штандары мела „Пагоню“, і яе князь быў літоўскага паходжання, Длугаш пад нумарам 51 чамусьці змясціў у складзе польскай арміі. Праўдападобна, гэта было звязана з тым, што яна складалася з рыцарства валынскіх зямель, спрэчных паміж Літвой і Польшчай[41]. Малаверагодна, каб прычынай стала цалкам польскае рыцарства, навербаванае Карыбутам у сваю харугву, як гэта тлумачыў А.Надольскі[42].

Доўгі час вялася вострая палеміка адносна прыналежнасці згаданай Длугашам медніцкай харугвы, і пытанне, думаю, засталося адкрытым. З моманту выхаду „Вялікай вайны“ С.Кучыньскага гэтая харугва залічвалася да палкоў Жамойцкай зямлі[43]. Магчыма, пад яго ўплывам да Жамойці аднеслі яе і аўтары крытычнага разбору хронікі Длугаша[44]. С.Кучыньскі сцвярджаў, што тыя Меднікі, якія пад Вільняй, „не могуць уваходзіць у разлік, паколькі не выконвалі палітычна–адміністрацыйнай ролі, тады як Меднікі—Ворні з 1417 г. былі сядзібай жамойцкага біскупа“, ды што Длугаш у сваёй хроніцы заўжды згадвае менавіта іх[45]. Больш за тое, спасылаючыся на пераказ ліста рагнецкага комтура ад 13 чэрвеня 1410 г.[46], дзе гаворыцца, быццам Вітаўт загадаў жамойцкім землям падрыхтаваць для вайны па 300 узброеных людзей (Кучыньскі апублікаваў копію арыгінала, у якім сказана нават пра 400 чалавек), да­следчык настойваў, што 7 жамойцкіх паветаў сапраўды вы­ставілі 2800 коннікаў, якія і склалі медніцкую харугву[47].

Меркаванне аўтарытэтнага грунвальдазнаўцы ў свой час востра крытыкаваў Ежы Ахманьскі, які адназначна звязаў медніцкую харугву 1410 г. з Меднікамі пад Вільняй і пад­крэсліў, што Жамойць ніколі не дзялілася на 7 паветаў[48]. У адказ на крытыку С.Кучыньскі выступіў з глыбокім абгрунтаваннем сваёй пазіцыі[49], аднак яго аргументацыя не паўсюль пераканаўчая. У прыватнасці, прывёўшы шэраг згадак, мястэчка Меднікі ў хроніцы Длугаша, ён зноў заявіў, што ва ўсіх іх гаворыцца пра пазнейшыя Ворні (Меднікі жамойцкія), між тым гэта не зусім так. Напрыклад, апісваючы паход маршала Генрыха на ВКЛ пад 1312 г., Ян Длугаш паведамляе, што рыцары рушылі на „Myedniky, Cruwiczin, Trziwiczany[50]. На думку С.Кучыньскага, храніст і тут мае на ўвазе Меднікі жамойцкія[51], аднак гэта непраўдападобна, бо ў Жамойці „Крывічан“ не выяўлена[52]. Затое Пётр з Дусбурга пісаў пра „terra Crivicie“ у Беларускім Панямонні, на Наваградчыне[53]. Услед за ім „Kriwitzin“, „Kriwi­tzenland“ на Наваградчыне змясціў Мікалай з Ярошына[54]. Вядома, што Длугаш шырока выкарыстоўваў гэтыя нямецкія хронікі, з іх у польскага аналіста і з’явіліся „Крывічаны“. Няма сумнення, што ў гэтым выпадку Длугаш мае на ўвазе Меднікі ў Павіллі, а не ў Жамойці. Пра тыя ж віленскія Меднікі неаднаразова пісалася раней у „Літоўскім апісанні шляхоў“, створаным у канцы ХIV ст. (маршрут 72, 81, 97 і інш.)[55]. Менавіта яны з’яўляліся аб’ектам нападаў ордэнскіх кантынгентаў і на пачатку ХV ст.[56]. Таму наўрад ці можна сцвярджаць, быццам на момант генеральнай бітвы гэтыя Меднікі былі настолькі нязначнымі, што не маглі выставіць харугвы. Тым больш, што да цэнтральнай харугвы маглі далучацца іншыя суседнія, меншыя двары. Паводле перапісу 1528 г. Меднікі з–пад Вільні мусілі выставіць 138 коней[57]. Значыць, Длугашава медніцкая харугва магла выстаўляцца не з Жамойці, а з павілейскіх абшараў, на той час моцна каланізаваных славянамі. У такім выпадку і яе прынамсі напалову мусілі складаць русіны.

Калі прыняць версію С.Кучыньскага і паверыць, быццам адна Жамойцкая зямля выстаўляла амаль 3–тысячнае войска (2800 коннікаў), прычым, гэта былі 7 харугваў, якія называлі­ся адной, „медніцкай“[58], то трэба дапускаць, што і іншыя земскія харугвы маглі налічваць прынамсі па 1—2 тыс. У вы­ні­ку агульная колькасць арміі Вітаўта дасягне неверагодных памераў, што само па сабе абвяргае сцвярджэнне С.Кучынь­скага. Пагадзіцца з ім немагчыма і з іншых меркаванняў. Жамойць толькі–толькі выйшла з–пад улады Ордэна, перажыўшы антынямецкія паўстанні і вайну 1409 г., да таго ж значныя сілы яна мусіла пакідаць дома на выпадак уварвання прускіх або інфлянцкіх кантынгентаў. Цяжка ўявіць, каб гэтая зямля без неабходнасці пайшла на максімальныя мабілізацыйныя высілкі, ставячы сябе пры гэтым у небяспечнае становішча. З іншага боку, ваенныя рэсурсы небалцкай часткі ВКЛ некаторымі гісторыкамі, здаецца, безпадстаўна заніжаюцца[59]. Ядро арміі Вітаўта ўтварала коннае паспалітае рушанне шляхты і баяраў, а таксама — хоць у меншай ступені — фармаванні, выстаўленыя ад мяшчанства[60]. Калі ўлічваць, што ў 1410 г. было мабілізаванае і путнае, дробнае баярства, вельмі шмат­лі­кае акурат на ўсходніх абшарах ВКЛ[61], то правамерна меркаваць, што за кошт іх, а таксама фармаванняў ад гарадоў землі Беларусі маглі выставіць дастатковую колькасць харугваў, і не менш укамплектаваных, чым этнічная Літва або маленькая і аслабленая Жамойць.

Такім чынам, пры пэўнай спрошчанасці можна меркаваць, што з русінаў (беларусаў) былі сфармаваныя такія харугвы, як гарадзенская, лідская, смаленскія (тры), полацкая, віцебская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, а ў медніцкай (калі прымем яе за павілейскую), віленскай і нават троцкай яны маглі складаць значную частку коннікаў. У фармаваннях з Падляшша (драгічынскім, мельніцкім і крамянецкім) іх доля магла быць яшчэ большай. Да пералічаных трэба дадаць 3 харугвы з Украіны — кіеўскую, старадубскую і валынскую (Жыгімонта Карыбутаві­ча). Невядома, дзе фармаваліся астатнія харугвы, але нават калі б яны паходзілі з этнічнай Літвы, то русінаў усё адно было б у арміі Вітаўта не менш за палову. Між тым, сярод неназваных Длугашам харугваў хутчэй за ўсё былі яшчэ кантынгенты з некаторых іншых зямель Беларусі — Менскай, Слуцкай, Тураўскай і інш. З улікам 7 харугваў з Русі кароннай, хоць яны фармаваліся і з удзелам польскага элементa, русіны сапраўды ўяўлялі ў арміі саюзнікаў вялікую сілу, магчыма — другую пасля палякаў. У гэтай сувязі была б несправядлівай неда­ацэнка іх удзелу ў бітве, падобна як неапраўданым з’яўляецца прысваенне ім галоўнай заслугі ў перамозе[62].


[1] Nowak–Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Śred­nio­wiecze. Warszawa, 1963. S. 51f.
[2] У гэтым плане з расійскага боку паказальнымі можна лічыць публікацыі П.Гейсмана і А.Барбашова, якія востра палемізавалі з польскай традыцыяй Грунвальда, а з польскага — Ф. Канечнага і Л.Кочы, які, прыкладам, і ў паваенным часе сцвярджаў, што „бітва пад Грунвальдам была бітвай польскай, а не славянскай“ (гл. Koczy L. Grunwald. Dzień chwały polskiego oręża. Glasgow, 1966. S.27).
[3] Пра падобныя з’явы ў айчыннай літаратуры гл.: Сагановіч Г. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі // БГА. Т. 9 (2002). Сш. 16—17. С. 155—165.
[4] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. Olsztyn, 1990. S. 106.
[5] Ładogórski T. Studia nad zaludnieniem Polski XIV w. Wrocław, 1958. S. 168f.
[6] Dziewulski W. Nowa praca o zaludnieniu ziem polskich XIV w. // ZH. T. 27 (1962); Buczek K. Rachunki świętopietrza jako podstawa badań nad zaludnieniem Polski XIV w. // Mediaevalia. W 50–rocznicę pracy nau­kowej Jana Dąbrowskiego. Warszawa, 1960. S. 7—102.
[7] Kuhn W. Ostsiedlung und Bevölkerungsgeschichte // Ostdeutsche Wis­sen­­schaft. Jahrbuch des Ostdeutschen Kulturrates. T. VII (1960). S. 31—68.
[8] Biskup M. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S. 173; Idem. Wojny Polski z Zakonem Krzyżackim 1308—1521. Gdańsk, 1993. S. 54—55.
[9] Łowmiański H. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Wilno, 1934. S. 32—33.
[10] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżac­kim w latach 1409—1411 (Warszawa, 1955) // KH. R. 62 (1955). Nr. 4—5. S. 226.
[11] Нават калі прыняць 700 тыс., вызначаныя калісь для Прусіі пачатку ХV ст. нямецкім гісторыкам Л.Вэбэрам (гл.: Weber L. Preussen von 500 Jah­ren in kulturhistorischer, statistischer und militärischer Beziehung. Dan­zig, 1878. S. 123—126), дыспрапорцыя застанецца амаль той самай.
[12] У польскай літаратуры прадмета канстатуецца, што на мяжы ХIV—ХV ст. менавіта дзякуючы ўзрастанню ваеннага патэнцыялу Польскага Каралеўства з’явілася магчымасць вярнуць забранае Ордэнам Памор’е (гл.: Nowak T. M. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego. S. 79).
[13] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 10. Тое ж у беларускай гістарыяграфіі гл.: Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска–Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы ХIV — першай палове ХV ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып. 1. Мінск, 1995. С. 39; Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. №2. С. 14, 21; Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. Мінск, 1994. С. 118.
[14] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżac­kim. S. 224.
[15] Ibidem. S. 226.
[16] Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 89—90.
[17] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 113.
[18] Пра перапіс як крыніцу для вызначэння колькасці насельніцтва гл.: Łowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI. Zalud­nienie w roku 1528. Poznań, 1998; Idem. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Wilno, 1934. Сучаснае выданне помніка нядаўна пабачыла свет у Мінску: Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Падрыхтавалі А.Груша, М.Спірыдонаў, М.Вайтовіч. Мінск, 2003.
[19] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 115.
[20] Długosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 107, 124 і інш.
[21] Гл.: Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 59.
[22] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 81.
[23] Dąbrowski J. Grunwald // MSH. 1960. Z. 1/2. S. 9; Biskup M. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S. 174.
[24] Kuczyński S. М. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 243. Палемізуючы з Барбашовым, аўтар даводзіў, што ўдзел русінаў быў „не меншы, чым літоўцаў“. Гл. таксама: Nowak T. M. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego. S. 87.
[25] Wasilewski T. Uwagi o liczebności, składzie etnicznym i uzbrojeniu litewskiego pospolitego ruszenia konnego w latach 1410—1529 // Studia Grunwaldzkie. T. 1. Olsztyn, 1991. S. 55.
[26] Ekdahl S. Die „Branderia Prutenorum“ des Jan Długosz — eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg. Göttingen, 1976. S. 156.
[27] Гл.: Łojko J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSP. T. III. Poznań, 1989. S. 145—152.
[28] Dlugosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 10—108.
[29] Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385—1444. T.1. Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocław etc., 1961. S. 106.
[30] Dlugosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 107.
[31] Барбашев А. Витовт, последние двадцать лет княжения: 1410—1430. С.–Петербург, 1891. С. 59, спас. 45. У пазнейшай літаратуры іх удзел стаў падавацца як бясспрэчны факт. Гл., напр.: Бернадский В. Новгород и Новгородская земля в ХV веке. Москва — Ленинград, 1961. С. 209.
[32] „…konnigk von Neugarde mit den Russen“ (SRP. Bd. 3. S. 405).
[33] Казакова Н. Русско–ливонские и русско–ганзейские отношения. Конец ХIV — начало ХVI в. Ленинград, 1975. С. 46.
[34] На малаверагоднасць прысутнасці наўгародцаў у арміі ВКЛ першым звярнуў увагу П. Остэн–Закен. Гл.: Osten–Sacken P. Livländisch—Russische Beziehungen während der Regierungszeit des Grossfürsten Witowt von Litauen (1392—1420) // MLG. Bd. 20 (1908). S. 233.
[35] Родавых харугваў, відаць, як і ў польскай арміі, у Вітаўта былі адзінкі. Гл.: Mosingiewicz K. Chorągwie rodowe i ich dowodcy w bitwie pod Grunwaldem // Ordines militares. II. Toruń, 1984. S. 107—125.
[36] Urban W. Tannenberg and after. P. 168, footnote 65.
[37]etliche Deutsche“ (SRP. Bd. 3. S. 628).
[38] Барбашев А. Танненбергская битва // ЖМНП. Ч. CCLIV. 1887. ЧШ. С.171—172; ён жа. Витовт, последние двадцать лет княжения… С. 58—59, 60—61. Такую выснову аўтар рабіў на падставе „пералічэння харугваў Длугашам“, але, нагадаю, у Длугаша названа толькі 21 харугва ВКЛ.
[39] Довгяло Д. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. (К 500–летнему юбилею). Вильна, 1909. С. 21.
[40] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта (заходні накірунак) // Наш Радавод. Кн. 2. Гродна, 1990. С. 173.
[41] Semkowicz W. O ustroju chorągiewnym w bitwie pod Grunwaldem // Miesięcznik heraldyczny. R. 3. Lwów, 1910. S. 95.
[42] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 64.
[43] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409—1411. Warszawa, 1955. S. 396.
[44] Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385—1444. T. 1. Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocław, 1961. S. 106.
[45] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240, спас. 396.
[46] Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376—1430. Wyd. A.Prochaska. Cracoviae, 1882. №444. S. 209.
[47] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240; Idem. Charągiew Miednicka Długosza // Europa — Słowiańszczyzna — Polska. Poznań, 1970. S. 442.
[48] Ochmański J. Rec.: Spieralski Z. W sprawie rejestru popisowego z czasów Wielkiej wojny z Zakonem Krzyżackim, in: SMHW. T. 5 (1960) // Studia Źródłoznawcze. T. 7. Poznań, 1962. S. 185. Гэтую пазіцыю С.Кучынь­скага слушна крытыкаваў і нямецкі гісторык Готхалд Родэ. Гл.: Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 (Zu einem Buch von Stefan M. Kuczyński) // ZfO. Jg. 22 (1973). Hf. 3. S. 475—486.
[49] Kuczyński S. M. Charągiew Miednicka Długosza // Europa — Sło­wiań­szczyzna — Polska. Poznań, 1970. Тое ж, in: Idem. Spór o Grunwald. Warszawa, 1972. S. 177—191.
[50] Długosz J. Roczniki… Ks. 9. Warszawa, 1975. S. 105.
[51] Kuczyński S. Charągiew Miednicka Długosza // idem. Spór o Grunwald. Warszawa, 1972. S. 181.
[52] Няма іх і на карце Жамойці і Медніцкай зямлі, створанай самім С.Кучыньскім (Гл.: Kuczyński S. М. Charągiew Miednicka Długosza. S. 188—189).
[53] Petri de Dusburg. Chronica terre Prussie // SRP. Bd.1. Leipzig, 1861. №322. Падобную згадку „Крывічан“ утрымлівае і эпітома самбійскага каноніка, аднак, магчыма, яна не самастойная: не выключана, што храніст Пётр з Дусбурга і аўтар эпітомы былі адной асобай. Гл.: Wenta J. Kronika Piotra z Dusburga. Szkice źródłoznawcze. Toruń, 2003. S. 96—97.
[54] Nikolaus von Jeroschin. Kronike von Pruzinlant // SRP. Bd. 1. Leipzig, 1861. S. 584—585.
[55] Die littauischen Wegeberichte // SRР. Leipzig, 1863. S. 696, 700, 707.
[56] Prochaska A. Dzieje Witolda w. księcia Litwy. Wilno, 1914. S. 103.
[57] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Мінск, 2003. С. 60—61.
[58] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240.
[59] Wasilewski T. Uwagi o liczebności, składzie etnicznym i uzbrojeniu litewskiego pospolitego ruszenia konnego w latach 1410—1529. S. 54—55.
[60] Прысутнасць сялян, пра якіх пісаў С.Кучыньскі, нічым верагодным не пацвярджаецца, і яны наўрад ці ўдзельнічалі ў паходзе.
[61] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzy­żackim. S. 227.
[62] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст. / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава і інш. Мінск, 2000. С. 237, 239.

Наверх

Васіль Варонін. „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“

Снежня 20, 2004 |


Сярод беларуска–літоўскіх летапісаў ёсць твор, які да гэтага часу спецыяльна не разглядаўся. Ён, аднак, падаецца досыць цікавым і важным адразу па некалькіх прычынах. Ён узбагачае нашы ўяўленні пра шляхі развіцця айчыннага летапісання, а таксама дапамагае высветліць, якім чынам узнік і фармаваўся адзін з самых застарэлых міфаў у гісторыі Беларусі.

Гэты помнік не заўсёды разглядаўся нават як асобны твор. Напрыклад, Б. Вахевіч, які пакінуў пра яго цікавыя назіранні[1], лічыў яго ўсяго толькі „рядом записей с хронологическими датами“[2]. Але, як падаецца, гэтая характарыстыка далёка не самая трапная і бясспрэчная. Помнік, безумоўна, трэба кваліфікаваць па–іншаму, і ў айчынным летапісанні яму належыць намнога больш прыкметнае месца.

Гаворка ідзе пра летапіс, польскі пераклад якога мае загаловак „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“. На сённяшні дзень „Хронічка“ вядомая ў двух спісах на старабеларускай мове і адным на польскай.

Адзін спіс увайшоў у тэкст Румянцаўскага летапісу. Ру­мян­цаўскі рукапісны зборнік, у склад якога ўваходзіць Ру­мян­цаўскі летапіс, быў перапісаны недзе ў Расіі адным почыркам напрыканцы XVII ст.[3] „Хронічка“ ўстаўлена ў летапіс да­стат­кова механічна — пасля пераліку прадстаўнікоў маскоў­скай знаці, узятых у палон у бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г. Яна пачынаецца не з новай старонкі, а ідзе непасрэдна за згаданым запісам 1514 г., з верхняй часткі аркуша 95. „Хроніч­­ка“ заканчваецца на аркушы 99, а адварот гэтага аркуша чысты[4]. З аркуша 100 пачынаецца твор, які не мае ніякага дачынення да беларуска–літоўскага летапісання.

Другі спіс занатаваны на аркушы 136 зборніка былой Сінадальнай бібліятэкі, напісанага беларускім почыркам канца XVII ст. Паводле зместу ён не звязаны ні з папярэднім, ні з наступным творам[5].

Польскі пераклад „Хронічкі“ паходзіць з вядомага Альшэўскага кодэкса Хамінскіх і займае ў ім, паводле сучаснай пагінацыі, аркушы 166—167адв. (згодна са старой нумарацы­яй — старонкі 331—334). Ён пачынаецца з новага аркуша і мае свой асобны загаловак. Кампазіцыйна „Хронічка“ не звязана з Альшэўскім летапісам, які змешчаны ў зборніку перад ёй. Пасля ж яе, з новага аркуша, ідзе польскі пераклад прывілею Жыгімонта I яўрэям Вялікага Княства Літоўскага 1507 г.

„Хронічка“ некалькі разоў публікавалася. З Альшэўскага зборніка яе друкавалі Ст. Пташыцкі[6] і М. Улашчык[7], з Румянцаўскага — Б. Вахевіч[8] і М. Улашчык[9], з Румянцаўскага і Па­трыяршага — Ст. Пташыцкі[10]. У далейшым усе цытаты і спасылкі на тэкст „Хронічкі“ будуць давацца на падрыхтаваны Ст. Пташыцкім сямнаццаты том Поўнага збору рускіх летапісаў як на найбольш дасканалае з пункту гледжання археаграфіі выданне. Рыхтуючы сваю публікацыю летапісных помнікаў, у тым ліку і „Хронічкі“, М. Улашчык, на жаль, не ўлічыў Пат­ры­яр­шы спіс. Апрача таго, для даследавання гісторыі „Хронічкі“ важнае значэнне мае перадача дат менавіта лічбамі–літарамі царкоўнаславянскага алфавіта, як гэта і было зроблена ў двух старабеларускіх кірылічных спісах помніка. У падрыхтаваным жа М. Улашчыкам трыццаць пятым томе корпуса рускіх летапісаў яны пераведзены на арабскую сістэму.

„Хронічка“ — зусім невялікі твор. Тым не менш вядомыя нам два яго спісы і адзін пераклад прыкметна паміж сабой адрозніваюцца складам, асабліва ў заключнай частцы. Гэта з’яўляецца адной з праблем яго вывучэння. Да ліку іншых належаць шматлікія памылкі і розначытанні, якія сведчаць пра складаную гісторыю помніка, яго неаднаразовае перапісванне і рэдагаванне. Аднак хоць бы прыкладна высветліць час стварэння і гісторыю „Хронічкі“, а таксама рэканструяваць яе першапачатковы выгляд, як здаецца, усё ж такі магчыма.

У арыгінале „Хронічка“ была напісана, відавочна, па–старабеларуску кірыліцай. Хутчэй за ўсё, яна не мела тады загалоўка. У двух вядомых на сённяшні дзень кірылічных спісах ён адсутнічае. Назва „Wielkiego Xięstwa Litewskiego Kronyczka krotko pisana“ была ёй нададзена ў Альшэўскім кодэксе пры перакладзе на польскую мову (праўда, у змесце зборніка загаловак гучыць крыху па–іншаму: „Kroniczka litewska krotko pisana“). Гэта было зроблена, відавочна, для таго, каб адрозніць твор ад Альшэўскага летапісу, які змешчаны ў гэтым жа зборніку пад дужа падобнай назвай — „Wielkiego Xięstwa Litewskiego i Zmodskiego Kronika“.

Храналагічна „Хронічка“ ахоплівае перыяд ад пачатку XIV ст. і да 1567 г. Твор складаецца з кароткіх аднатыпных запісаў, у якіх указваецца падзея і год, калі яна адбылася, паводле наступнай схемы: тое і тое здарылася „лета Божья нароженя … году“. Часам, калі пад адным годам зафіксавана некалькі па­дзей, наступныя запісы ўводзяцца выразам “того ж году“. Сутнасць падзей выкладзена вельмі лаканічна, з мінімальнай дэталізацыяй ці ўвогуле без яе.

„Хронічка“ пачынаецца з паведамлення пра далучэнне Літвы да хрысціянства паводле „закону римского“ каралём польскім Уладзіславам II Ягайлам і вялікім князем літоўскім Вітаўтам у 1386 г. Далей аўтар звяртаецца да падзей першай паловы XIV ст., якія працягвае паведамленнямі, укладзенымі ў асноўным у храналагічнай паслядоўнасці. Пры гэтым вельмі цяжка вызначыць „ідэалогію“ твора. Акрамя сцісласці запісаў, гэтаму перашкаджае таксама іх тэматычная раскіданасць. Гэта паведамленні пра ваенныя падзеі (іх найбольш). Пра смерць адных (вялікага князя літоўскага Вітаўта, каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх Казіміра і Аляксандра, вялікага князя маскоўскага Васіля III) і прыход да ўлады новых (Жыгімонта I Старога) манархаў. Пра царкоўных ерархаў і святых (віленскіх каталіцкіх біскупаў Войцеха Табара і Яна з князёў літоўскіх, праваслаўнага мітрапаліта Іосіфа III, каралевіча Казіміра). Пра прызначэнне на пасады і пра смерць вяльмож (князя Канстанціна Астрожскага, Станіслава Гаштаўта, Пятра Кішкі, Юрыя Радзівіла). Пра падзеі з гісторыі горада Вільні і іншае. Адным словам, за ўсёй гэтай мазаікай разнастайных здарэнняў цяжка заўважыць нейкую заканамернасць і, такім чынам, наблізіцца да адказу на пытанне: калі, кім і з якой мэтай была створана „Хронічка“?

Мы, на жаль, не маем першапачатковага варыянта твора нават у якаснай копіі. Больш за тое, усе спісы „Хронічкі“ дэ­фект­ныя і не маюць заканчэння, абрываючыся літаральна на паўслове. У Румянцаўскім спісе адсутнічае частка тэксту — запісы за 1530—1535 г. Відавочна, быў страчаны аркуш. Усё гэта вельмі ўскладняе пастаўленую задачу.

Для высвятлення часу ўзнікнення „Хронічкі“ адзін са спі­саў, Патрыяршы, непрыдатны, бо абрываецца на падзеях 1528 г. Апошняе ж тэкставае супадзенне Альшэўскага і Румянцаўскага спісаў — гэта паведамленне пра бітву на Голтве, якая адбылася ў 1530 г. Далей у Румянцаўскім спісе ідзе пропуск за кошт страчанага аркуша, а ў Альшэўскім — запісы за 1530—1535 г. У абодвух спісах чытаюцца паведамленні пра ўзяцце войскам Вялікага Княства Літоўскага і палякамі Старадуба ў 1535 г., але тэксталагічна яны не маюць нічога супольнага і, мяркуючы па ўсім, былі ўнесены ўжо рознымі аўтарамі ў розныя копіі помніка. Такім чынам, пратограф „Хронічкі“ завяршаўся адной з падзей у прамежку паміж 1530 і 1535 г. — больш дакладную дату вызначыць, бадай, немагчыма. Потым з яго было знята некалькі спісаў, якія пачалі самастойную гісторыю.

Пасля паведамлення пра ўзяцце Старадуба запісы ў Румянцаўскі спіс нейкі час не ўносіліся і былі адноўлены толькі ў 1545 г. Прычым гэта было зроблена не аўтарам пратографа. На карысць гэтага сведчыць, напрыклад, выкарыстанне ін­шай сістэмы летазлічэння — „ад стварэння свету“. І, нарэшце, апошні блок запісаў прысвечаны падзеям Інфлянцкай вайны і ахоплівае 1563—1567 г. Ён быў зроблены недзе на падкант­роль­най маскоўскай адміністрацыі тэрыторыі — і, хутчэй за ўсё, на памежжы з Вялікім Княствам Літоўскім. На думку Б. Ва­­хе­віча, прынамсі для артыкула 1563 г. гэта быў Полацк[11], што зусім не выключана. Аднак асаблівасці мовы гэтых запісаў, у праватнасці лексіка, выдаюць хутчэй рускае, чым беларускае паходжанне іх аўтара.

У Альшэўскім спісе пасля паведамлення пра ўзяцце Старадуба запісы працягвалі ўносіцца, прычым вельмі актыўна. За той жа 1535 г. мы чытаем яшчэ тры паведамленні, а чацвёртае, разам з усім творам, абрываецца на паўслове. Пра змест пазнейшых запісаў Альшэўскага спіса „Хронічкі“ мы можам толькі здагадвацца.

„Хронічка“ была створана, безумоўна, у Вільні[12]. Што даты­чыцца аўтарства, назваць імя немагчыма. Больш за тое, вель­мі цяжка вызначыць нават колы, у якіх быў створаны помнік — настолькі стракатыя і маладэталізаваныя звесткі ён аб’яднаў.

Праўда, некаторы матэрыял для высноў дае запіс пра хрыш­­чэнне Літвы Ягайлам і Вітаўтам у 1386 г., якім распачынаецца твор. Такі погляд быў пашыраны ў колах інтэлектуалаў — патрыётаў Вялікага Княства Літоўскага („Літвы“) каталіцкага веравызнання. Паводле назіранняў Е. Ахманьскага[13], у Літве ў гэты час існавалі два асяродкі інтэлектуальнай эліты: адзін склаўся вакол віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага А. Гаштаўта, а другі — вакол віленскага капі­тула. Творы, якія сталі вынікам функцыянавання асяродка А. Гаштаўта, указваюць на тое, што „Хронічка“ была напісана, хутчэй за ўсё, не там. Напрыклад, адзначаныя ў „Па­хвале караля Жыгімонта“ А. Гаштаўта 1529 г.[14] ваенныя перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага не супадаюць з па­дзеямі, унесенымі ў „Хронічку“. У ёй няма паведамленняў пра бітву з татарамі пад Вішняўцом (пад Лапушнай) 1512 г., таксама як і пра войны Польшчы з Малдавіяй у 1509—1510 г. і з Тэўтонскім ордэнам у 1519—1521 г.

Не выключана, што твор быў звязаны з віленскім капітулам. На карысць гэтага могуць сведчыць досыць шматлікія запісы царкоўнага зместу. Але і тут поўнай упэўненасці няма.

„Хронічка“ магла быць створана і ў яшчэ нейкім, горш нам вядомым, асяродку. Такім чынам, тэкст твора не дае магчымасці надзейна звязаць яго з тымі ці іншымі асобамі і інтэлектуальнымі коламі. Бясспрэчна толькі, што ў цэнтры ўвагі аўтара — „Літва“, зразуметая як Вялікае Княства Літоўскае, а вызначальным пунктам яе гісторыі ён лічыў хрышчэнне па заходнім абрадзе. У сувязі з гэтым досыць упэўнена можна  сцвярджаць, што складальнік „Хронічкі“ быў каталіком. Увогуле выглядае на тое, што ён ставіў перад сабой досыць сціп­лую задачу проста фіксаваць векапомныя падзеі, без нейкай асаблівай сістэмы і заканамернасці, не імкнучыся нават да звязнага апавядання, але збольшага (хоць і не заўсёды) трымаючыся храналагічнага прынцыпу.

Існуюць, як здаецца, дзве версіі стварэння „Хронічкі“.

Згодна з першай, „Хронічка“ з’яўлялася крыху перапрацаваным і  дапоўненым некаторымі дадатковымі звесткамі канспектам поўнай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу. Ён прадстаўлены на сённяшні дзень летапісамі Рачынскага і Еўраінаўскім. Пераважная большасць запісаў „Хронічкі“ знаходзіць у іх свае прамыя паралелі. Лічыцца, што поўная рэдакцыя другога зводу была створана ў 50–я г. XVI ст.[15]

Паводле другой версіі, наадварот, „Хронічка“ была тым планам, на падставе якога шляхам разгортвання запісаў і была створана поўная рэдакцыя. Пры гэтым некаторыя з за­пісаў „Хронічкі“ былі адкінуты і не трапілі ў другі звод.

Для высвятлення абгрунтаванасці кожнага з выказаных дапушчэнняў важнае значэнне мае храналогія самага старажытнага — Альшэўскага спіса „Хронічкі“.

Альшэўскі кодэкс Хамінскіх быў створаны ў сярэдзіне XVI ст., верагодна, у Вільні[16]. Некалькі твораў, у тым ліку Статут 1529 г., якія знаходзяцца на аркушах 1—116 зборніка, былі перапісаны ў 1550 г.[17] Уладальніцкі запіс Юзафа Ясінскага — віленскага арцыдыякана, скальбмірскага прэпазіта, віцебскага пробашча, на прыватную замову якога выкананы зборнік[18], быў зроблены ў 1551 г.[19] Аднак невядома, калі ў кодэкс былі ўнесены Альшэўскі летапіс і „Хронічка“. Альшэўскі кодэкс меў тую асаблівасць, што частка аркушаў у ім была пакінута чыстай — відавочна, з тым разлікам, каб потым дапісваць новыя творы[20]. Да іх ліку, магчыма, і належалі летапісы. Таму мы можам сцвярджаць толькі, што Альшэўскі летапіс і „Хронічка“ былі ўнесены ў зборнік ужо пасля перапіскі Статута і звязаных з ім твораў, але наколькі пазней — цяжка вырашыць. Перапіскай летапісаў займаліся тыя самыя пісцы, якія працавалі і над Статутам, на што ўказваюць почыркі[21]. Таму гэта адбылося, магчыма, у 1550—1551 г. Але нельга выключаць і пазнейшы час.

Такім чынам, разгляд Альшэўскага кодэкса не дае, на жаль, дастатковых падстаў для таго, каб адназначна выказацца на карысць нейкай адной з прапанаваных версій. Ён дапускае, што „Хронічка“ была створана ў трыццатыя ці саракавыя гады, г. зн. прыблізна ў адзін час з пашыранай рэдакцыяй другога зводу[22] і раней за яго поўную рэдакцыю. Аднак не выключае таксама і таго, што гэта адбылося ў пяцідзесятыя гады, г. зн. пазней за стварэнне поўнай рэдакцыі.

Пераважная большасць звестак „Хронічкі“ чытаецца і ў іншых крыніцах, і іх, такім чынам, нельга аднесці да ліку унікальных. Але ёсць прынамсі адна, вартая адмысловай увагі і дэталёвага разгляду. Гаворка ідзе пра паведамленне аб захопе Полацка літоўцамі ў 1307 г. Стаўленне да гэтай звесткі ў найноўшай літаратуры вельмі скептычнае[23]. Аднак, прынятая (як здаецца, абсалютна некрытычна) гісторыкамі XIX ст. і кана­нізаваная ўжо беларускай савецкай гістарыяграфіяй, гэтая дата і да сённяшняга дня застаецца хрэстаматыйнай у гісторыі Беларусі[24]

Не выклікае ніякага сумнення, што менавіта з „Хронічкі“ запазычыў гэтае паведамленне М. Стрыйкоўскі. Гэта выразна выяўляецца пры супастаўленні звестак:

„Хронічка“ Литва взяли Полтескъ лета Божьего нароженья ҂҃а ҃т ҃з  (1307).
Maciej Stryjkowski. Kronika Polska, Litewska, Zmódzka i wszyst­kiej Rusi. T. 1. War­sza­wa, 1846. S. 349. Nalazłem też w starych La­topiszczach Ruskich, z któ­rych mam kilko exemp­larzów, iż Lit­wa roku 1307 Połocko wzięła, ale jako i pod kim, nie pisze.

Як відаць, у „Хронічцы“ сапраўды не сказана, „як і пад кім“ быў узяты Полацк. Спасылка храніста на „старыя рускія летапісцы“ не можа разглядацца ў якасці доказу існавання нейкіх рускіх (расійскіх) летапісаў, з якіх ён узяў полацкую звестку і якія быццам бы не дайшлі да нашага часу. М. Стрыйкоўскі мог называць і называў „рускімі“ ў тым ліку і летапісы, для якіх сёння прыняты тэрмін „беларуска–літоўскія“. Напрыклад, маючы на ўвазе вядомую „Аповесць пра Падолію“, ён спасылаецца на „рускія летапісцы“[25]. Але гэтая аповесць чытаецца толькі ў беларуска–літоўскіх летапісах. Тое самае можна сказаць і пра гісторыю Кейстута і Біруты[26].

Аднак паспрабуем высветліць, адкуль мог узяць інфармацыю пра захоп Полацка літоўцамі ў 1307 г. аўтар „Хронічкі“. Трэба сказаць, што ўсе звесткі помніка за XIV ст. запазычаны, мяркуючы па ўсім, з польскіх крыніц. У любым выпадку, усе яны там зафіксаваны. Пры гэтым у „Хронічцы“ за гэтыя сто гадоў няма ніводнага паведамлення, якое б бясспрэчна пахо­дзіла з беларуска–літоўскіх ці, напрыклад, рускіх летапісаў. Лагічна дапусціць, што з польскіх хронік узята і полацкае паведамленне.

Але пры вывучэнні гэтых крыніц высвятляецца, што нічога падобнага пад 1307 г. там не зафіксавана. Адначасова кідаюцца ў вочы памылкі, якія дапускаў аўтар „Хронічкі“ пры пераносе паведамленняў польскіх крыніц у свой твор. Напры­клад, пад 1331 г. ён змясціў інфармацыю пра тое, што „король Якгоило, отец Казимиров, поразил немцов“. Зыходзячы з імёнаў, гаворка ідзе пра Грунвальд. Але гэтая бітва адбылася, як вядома, у 1410 г. Праблема вырашаецца проста, калі дапу­с­ціць наступнае. Жадаючы занесці ў свой твор звестку сапраўды пра славутую Грунвальдскую перамогу, аўтар „Хронічкі“ звярнуўся да сваіх звычайных крыніц — польскіх хронік — і знайшоў там нешта падобнае. Гэта было апавяданне пра перамогу польскага войска над крыжакамі пад Плоўцамі 27 верасня 1331 г. Менавіта яго аўтар і прыняў за інфармацыю пра Грунвальдскую бітву. Аўтару „Хронічкі“ няцяжка было памы­ліц­ца. У лацінскай мове, на якой напісаны тагачасныя польскія хронікі, ён арыентаваўся вельмі прыблізна — як, верагодна, і ў храналогіі падзей. Толькі гэтым і можна рас­тлумачыць тое, што польскага караля Ўладзіслава II Лакетка (1304/1305—1333) ён прыняў за Ўладзіслава II Ягайлу (1386—1434). Яго магла збіць з тропу і тая акалічнасць, што і Ўладзіслаў I Лакетак, і Ўладзіслаў II Ягайла мелі сыноў з аднолькавым імем Казімір, у будучым польскіх каралёў адпаведна Казі­міра III Вялікага (1333—1370) і Казіміра IV Ягелончыка (1447—1492). Пры гэтым у апісанні бітвы пад Плоўцамі  хронік Яна Длугаша[27] і Мацея Мяхоўскага[28], адной з якіх, відавочна, і карыстаўся аўтар „Хронічкі“, кароль Уладзіслаў Лакетак і яго сын Казімір дзейнічаюць разам, што таксама магло падштурхнуць да памылкі.

Памылковае іншым разам разуменне замежных, і асабліва іншамоўных, крыніц не было ўласцівасцю аднаго толькі аўтара „Хронічкі“. У шэрагу летапісаў, якія прадстаўляюць другі і трэці беларуска–літоўскія зводы, ёсць наступны фрагмент:

„Будучы великому князю Кгидимину пры старости своеи, и сплодилъ семъ сыновъ, а осмую дочку, именем Ганну, которую далъ до Ляхов в малженство сыну Казымерову Владиславу Локетку, коли писано от Божого нароженя тисеча трыста двадцатого году“[29] (у Еўраінаўскім летапісе год не пазначаны, у „Хроніцы Быхаўца“ ўказаны 1323 год).

Урывак упершыню з’явіўся ў пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу (спісы Археалагічнага таварыства і Альшэўскі). Ён быў складзены на падставе дадзеных „Лета­пісца вялікіх князёў літоўскіх“, адкуль узята звестка пра сем Гедымінавых сыноў, і польскіх крыніц. У хроніках Яна Длугаша і Мацея Мяхоўскага пад 1325 г. знаходзім паведамленне пра шлюб дачкі Гедыміна, якая ў хрышчэнні атрымала імя Ганна, і Казіміра, сына караля Ўладзіслава Лакетка[30]. Гэта звестка ёсць таксама ў польскіх рочніках[31]. Такім чынам, летапісец памылкова прачытаў год, указаўшы 1320 замест правільнага 1325, і сваяцтва, зрабіўшы Ўладзіслава Лакетка сынам Казіміра, хоць насамрэч было наадварот. Пры гэтым нельга не заўважыць адвольнасць, з якой аўтары другога беларуска–літоўскага зводу абыходзіліся са сваім матэрыялам. Між іншым, звестка польскіх крыніц зусім не азначае, што Гедымін меў толькі адну дачку, як гэта пададзена ў цытаваным фрагменце. На самай справе іх у яго было найменш шэсць[32].

У дадатак заўважым, што і аўтар „Хронічкі“, і складальнікі пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу, вельмі верагодна, карысталіся аднымі польскімі крыніцамі. Нават звесткі яны ў іх бралі за той самы перыяд — 20—30–я г. XIV ст. І тут нельга не згадаць, што польскі пераклад „Хро­нічкі“ і Альшэўскі летапіс трапілі ў склад аднаго зборніка — Альшэўскага кодэкса. Усё гэта можа служыць дадатковым аргументам на карысць таго, што складальнік пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу і  аўтар „Хронічкі“ належалі да блізкіх ці нават да аднаго кола.

Пры вывучэнні „Хронічкі“, ды і беларуска–літоўскага летапісання ўвогуле трэба абавязкова ўлічваць указаныя асаблівасці працы іх стваральнікаў — у прыватнасці, магчымасць памылак.

Той факт, што аўтар „Хронічкі“ запазычыў звестку пра Полацк з польскай крыніцы, можа выклікаць здзіўленне. Сапраўды, землі сучаснай Паўночнай Беларусі знаходзіліся на далёкай перыферыі інтарэсаў сярэднявечных польскіх храністаў і звесткі пра іх сустракаюцца ў гэтых творах надзвычай рэдка. Аднак пад 1324, 1337 і 1368 г. у хроніках Длугаша[33], Мяхоў­скага[34] і некаторых іншых крыніцах[35] зафіксаваны напады літоўцаў на Мазоўша. Аб’ектам гэтых нападаў быў, між ін­шым, горад Пултуск, які ў лацінскіх тэкстах транскрыбаваны як „Polthowsko“. Нашаму не вельмі добра падрыхтаванаму аўтару было зусім няцяжка прыняць Пултуск за Полацк, бо назву апошняга старарускія і старабеларускія крыніцы XIII—XVI ст. перадаюць як „Полтескъ“[36], „Полотескъ“[37] і нават „Полоть­ско“[38] ды „Полотеско“[39]. Прычым тады гэта былі шырока распаўсюджаныя формы яго назвы. Цікава ў сувязі з гэтым адзначыць, што ў польскамоўным Альшэўскім спісе „Хро­нічкі“ назва захопленага літоўцамі ў 1307 г. горада перададзена як „Poltewsk“.

Увогуле, розныя копіі „Хронічкі“ падаюць розныя гады за­хо­пу Полацка: Альшэўскі — 1307, Румянцаўскі — 1360, у Па­трыяр­шым жа звестка адсутнічае. Розначытанне паходзіць, ві­да­­вочна, ад таго, што даты пры перапісцы лёгка пераблытаць. Пры напісанні лічбамі–літарамі яны выглядаюць як ҂҃а ҃т ҃з (1307) і ҂҃а ҃т ҃ ѯ (1360). Знакі „з“ і „ѯ“ вельмі падобныя, і прыняць адзін за другі зусім нескладана. Адметна, што такая блытаніна з лічбамі–літарамі сустракаецца ў „Хронічцы“ прынамсі яшчэ адзін раз, калі Альшэўскі спіс фіксуе мяцеж Глін­скага пад правільным 1508 г., а Румянцаўскі і Патрыяршы — пад памылковым 1520. Розначытанне ўзнікла таксама, як і ў першым выпадку. Апошнюю лічбу–літару даты ҂҃а ҃ф ҃и (1508) вельмі лёгка прачытаць не як „и“ (лічбавае значэнне 8), а як „к“ (20): пісаліся яны вельмі падобна, і іх часта блыталі. І тады 1508 год ператвараецца ў 1520.

У выніку мы дакладна не можам сказаць, пад якім годам у пратограф „Хронічкі“ быў унесены запіс пра захоп Полацка: 1307 ці 1360. Нельга выключыць ні адзін, ні другі варыянт. Аўтар „Хронічкі“ мог прыняць зафіксаваную ў польскіх хроніках дату „1337“ за „1307“, а „1368“ за „1360“. Чытаючы, напрыклад, хроніку М. Мяхоўскага, дзе для напісання гадоў выкарыстаны арабскія лічбы, зрабіць такую памылку зусім няцяжка, бо друк вельмі дробны. Аднак і тут няма поўнай упэўненасці, як узнікла памылка з датай і менавіта з якой. Можна сцвярджаць толькі, што М. Стрыйкоўскі карыстаўся тымі спісамі „Хронічкі“, дзе фігураваў 1307 год. Але ў любым выпадку можна ўпэўнена сцвярджаць, што звестка „Хронічкі“ пра захоп Полацка літоўцамі з’яўляецца вынікам памылковага зразумення тэксту і такога ж памылковага прачытання даты яе аўтарам.

У дадатку прапанаваны рэканструяваны пратограф твора. Для зручнасці артыкулы пранумараваны. У квадратных дужках пададзены фрагменты, прыналежнасць якіх да пратографа небясспрэчная, з указаннем спісаў, у якіх яны чытаюцца: Альш. — Альшэўскага, Патр. — Патрыяршага, Рум. — Румян­цаў­­скага. Да тэксту „Хронічкі“ дададзены гістарычны каментар.


[1] Вахевич Б.А. Западнорусская летопись по списку Румянцевского музея // Записки императорского Одесского общества истории и древностей. 1902. Т. XXIV. Отд. I. С. 221—222.
[2] Тамсама. С. 220.
[3] Тамсама. С. 214; Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско–литовского летописания. Москва, 1985. С. 62.
[4] Гл.: Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 17. Санкт–Петербург, 1907. С. 290—294.
[5] Тамсама. С. V, VI, 290—292.
[6] Ptaszycki St. Kodeks Olszewski Chomińskich. Wielkiego Księstwa Litew­skiego i Zmódzkiego Kronika. Wilno, 1907. S. 39—40 (у выданні 1932 г. — с. 53—56); ПСРЛ. Т. 17. 469—472.
[7] ПСРЛ. Т. 35. Москва, 1980. С. 192.
[8] Вахевич Б.А. Назв. праца. С. 210—213.
[9] ПСРЛ. Т. 35. С. 212—213.
[10] Тамсама. Т. 17. С. 290—294.
[11] Вахевич Б.А. Назв. праца. С. 222.
[12] Тамсама. С. 221, 222.
[13] Ochmański J. Deodatus Septennius — zagadkowy autor „Pochwały“ Olbrachta Gasztołda z około 1529 roku // Lituano–Slavica Posnaniensia. Studia Historica. 1994. T. VI. S. 80, przyp. 12.
[14] Vide: Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529. Tudzież roz­prawy sejmowe o tychże prawach od roku 1544 do roku 1563 / T. Dzia­łyński. Poznań, 1841. S. 92—95.
[15] Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969. С. 161.
[16] Pirmasis Lietuvos Statutas — Первый Литовский Статут (далей — PLS–ПЛС). Т. 1. Ч. 1 / Ст. Лазутка, Э. Гудавичюс. Вильнюс, 1983. С. 136, 138. Гл. таксама: Lizisowa M.T. Język Kodeksu Olszewskiego (1550). Z recepcji staropolskiego języka prawno–sądowego w Wielkim Księswie Litewskim w szesnastym wieku. Kraków, 2000. S. 7, 139—141.
[17] PLS–ПЛС. Т. 1. Ч. 2. Вильнюс, 1985. С. 665.
[18] Абгрунтаванне гл.: Тамсама. Т. 1. Ч. 1. С. 136—139.
[19] Тамсама. Т. 1. Ч. 2. С. 435.
[20] Тамсама. Т. 1. Ч. 1. С. 139.
[21] Тамсама. С. 132.
[22] Чамярыцкі В.А. Назв. праца. С. 160.
[23] Гл.: Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. / Сост. А.Л. Хорошкевич (далей — ПГ). Вып. 3. Москва, 1980. С. 124; Сагановіч Г. Інфлянцкія немцы ў Полацку ў сярэдзіне XIII і пачатку XIV ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 2000. Сш. 1 (12). С. 104—105.
[24] Бібліяграфію гл.: Сагановіч Г. Назв. праца. С. 97—98.
[25] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Zmódzka i wszystkiej Rusi. T. 2. Warszawa, 1846. S. 145, 178—179.
[26] Ibid. S. 43.
[27] Dlugossius J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber IX. Varsaviae, 1978. P. 156—170.
[28] Miechowita M. Chronica Polonorum. Cracoviae, 1521. P. 210—212.
[29] ПСРЛ. Т. 17. C. 262, 314, 375, 440—441, 494.
[30] Dlugossius J. Op. cit. P. 131; Miechowita M. Op. cit. P. 207.
[31] Monumenta Poloniae Historica (MPH). T. 3. Lwów, 1878. P. 133, 190, 191.
[32] Tęgowski Jan. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Poznań — Wroc­ław, 1999. S. 19, 42—44, 162—163, 232—234, 246—252, 304—305.
[33] Dlugossius J. Op. cit. P. 130, 198, 337.
[34] Miechowita M. Op. cit. P. 220—221, 235, 246.
[35] MPH. T. 3. P. 119.
[36] Гл.: ПСРЛ. Т. 17. С. 73, 79, 105, 113, 133 і інш.; ПГ. Вып. 1. Москва, 1977. № 10. С. 53; Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов (далей — НПЛ). Москва — Ленинград, 1950. С. 125, 159, 220, 476; Псковские летописи (далей — ПЛ). Вып. 1. Москва — Ленинград. С. 10; Тамсама. Вып. 2. Москва, 1955. С. 10, 19.
[37] ПСРЛ. Т. 17. С. 10, 61; ПГ. Вып. 1. № 2. С. 36; ПЛ. Вып. 1. С. 99.
[38] ПЛ. Вып. 1. С. 45; Тамсама. Вып. 2. С. 45.
[39] ПГ. Вып. 1. № 3. С. 37.

ДАДАТАК

[Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krótko pisana]

1386

[1] Вера закону римского уставлена в Литве через короля полского Якгоила и через великого князя литовского Александра Витовта лета Божъя нароженя ҂҃а ҃т ҃п ҃ѕ 1.

1331

[2] Корол Якгоило, отец Казимиров, поразил немцов лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃л ҃а 2.

1307 (1360)

[3] Литва взял(и) Полтеск лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃з (Рум.҂҃а ҃т ҃z)3.

1497

[4] Короля Олбрахта поразили волохове лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃ч ҃з 4.

1484

[5] Велебныи Казимир умер лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃п ҃д 5.

1386

[6] Витовт окрщон в Кракове поспол с Якгоилом лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃п ҃ѕ.

1430

[7] Витовт умер по Божем нароженю ҂҃а ҃у ҃л 6.

1488 (1500)

[8] Корол Андреи Казимир (Патр. — Андреи) умер лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃п ҃и (Альш. — +҃а ҃ф)7.

1500

[9] Панов поимано на Ведроши лета Бож нарож ҂҃а ҃ф году8.

1506

[10] Татаров побито под Клецком [в день Панны Марыи Снежнои Альш.] лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃ѕ 9.

1506

[11] Корол [и великии князь Альш.] Александр умер, а Жикгимонта на великое князьство взяли лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃ѕ году на день светого Симона и Юды10.

1507

[12] Табор умер лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃з году11.

1508

[13] Глинскии стял Заберезынского [и з земли побег на Москву Рум., Патр.] лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃и году12.

1514

[14] Москву побито под Оршею лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃д ҃i году сентебря ҃и на Рожество Богородицы13.

1520

[15] Захарьяш лекгат был в Вилне лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к году14.

1524

[16] Золота улочка была отворена лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃д году15.

1526

[17] Корол Жикгимонт данщан стинал лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃ѕ году16.

1527

[18] Татар побито [за Киевом в сороку милех о Гром­ницах Альш.] на Голшаницы лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃з году17.

1527 (1528)

[19] Того ж году ҃к ҃з (Альш. — Лета Бож нарож ҂҃a ҃ф ҃к ҃и) и царя заволского з Литвы проч выпустили18.

1528

[20] Королевая Бона напервеи до Литвы приехала днем лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃и году19.

1528

[21] Того ж лета списывали всю землю20.

1529

[22] Королевича Жикгимонта Августа молодого посадили на Великом Князьстве Литовском в понеделник, на день светого Луки евангелиста, а ему тогды было ҃ θ лет, лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃θ году21.

1529

[23] Того ж году права писаныи даны Великому Князь­ству Литовскому (Альш. — всеи земли Литов­скои) на светого Михаила день22.

1530

[24] Место и замок виленскии горел лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃л году23.

1530

[25] Того ж году татаров побито на Голтве, а тогды был князь Иван [Юрьевич Альш.] Дубровицкии…24

1 Хрышчэнне Літвы адбылося ў 1387 г. Аднак у XV—XVI ст. мела распаўсюджанне і іншая дата — 1386 год. Яна ўзнікла, відавочна, у сувязі з хростам Ягайлы і некалькіх яго братоў менавіта ў 1386 г. Апошнюю дату як год хрышчэння Літвы называюць, у прыватнасці, Міхалон Літвін (Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян / Отв. ред. А.Л. Хорошкевич. Москва, 1994. С. 88) і польскія рочнікі (MPH. T. 3. P. 82, 234, 311, 704).

2 Каментар гл. на с. 47—48.

3 Каментар гл. на с. 49—50.

4 Гаворка ідзе пра выправу польскага караля Яна Альбрэхта супраць Малдавіі, калі яго войска было разгромлена ў Букавіне ваяводам Стэфанам III Вялікім. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 401).

5 Другі сын Казіміра IV Ягелончыка каралевіч Казімір памёр 4 сакавіка 1484 г. у Горадні, быў пахаваны ў Вільні, пазней кананізаваны (гл.: Wojtyska H.D. Początki kultu i procesy kanonizacyjne św. Kazimierza // Analecta Cracoviensia. 1984. T. XVI).  Ва ўсіх вядомых спісах „Хронічкі“ год смерці Казіміра ўказаны памылкова: у Румянцаўскім — 1080, у Патрыяршым — 1480, у Альшэўскім — 1494. Аднак параўнанне гэтых дат дазваляе зрабіць выснову, што ў пратографе ён быў напісаны, хутчэй за ўсё, правільна. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 401).

6 Не выключана, што артыкулы 6 і 7 не ўваходзілі ў пратограф, бо ў найбольш поўным, Альшэўскім, спісе іх няма. Да таго ж яны прыкметна выбіваюцца з тканіны твора, разрываючы даволі паслядоўную яго храналогію.

7 Казімір Ягелончык, з 1440 г. — вялікі князь літоўскі, з 1447 г. — адначасова кароль польскі. Пры нараджэнні атрымаў імя Казімір Андрэй. Памёр 7 чэрвеня 1492 г. у Горадні. Ва ўсіх спісах „Хронічкі“ год смерці ўказаны памылкова: у Румянцаўскім і Патрыяршым — 1488, у Альшэўскім — 1500. У сувязі з гэтым цяжка сказаць, ці правільная дата фігуравала ў пратографе. Звестка чытаецца ў летапісах Рачын­скага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 341—342, 401).

8 14 ліпеня 1500 г. на рэчцы Ведрашы пад Дарагабужам войска Вялікага Княства Літоўскага было разбіта маскоўскімі ваяводамі. У палон трапілі камандуючы — князь Канстанцін Астрожскі, а таксама паны Рыгор Осцікавіч, Літавор Хрыптовіч, Мікалай Глябовіч, Мікалай Зяноўевіч і іншыя (ПСРЛ. Т. 17. С. 560). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 402).

9 Князь Міхаіл Глінскі разбіў крымскіх татар пад Клецкам 5 жніўня 1506 г. Цікава, што ў лісце да вармійскага біскупа Лукі Ватцэнродэ ад 12 жніўня 1506 г. М. Глінскі пісаў, што бітва адбылася „ў дзень святой Ма­рыі Снежнай“ (Akta Aleksandra króla polskiego, wielkiego księcia li­tew­skiego i t. d. (1501—1506). Kraków, 1927. Nr 331. P. 546). Звестка чы­таецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344, 402).

10 Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр памёр у ноч з 18 на 19 жніўня 1506 г. у Вільні. Дзень святых Сымона і Юды — 28 кастрычніка. Беларуска–літоўскія летапісы называюць і іншы дзень абрання Жыгімонта вялікім князем — 21 верасня (ПСРЛ. Т. 17. С. 185). Паводле М. Мяхоўскага (Miechowita M. Op. cit. P. 372) і Б. Вапоўскага (Wa­powski B. Kroniki… część ostatnia czasy podługoszowskie obej­mująca. Kraków, 1874. P. 71), гэта адбылося 20 кастрычніка, а згодна з інфармацыяй Ю. Дэцыя (Decius J.L. De Sigismundi regis temporibus liber. Kraków, 1901. P. 18) — 26 кастрычніка 1506 г. Польскі гісторык Л. Фінкель прыйшоў да высновы, што абранне Жыгімонта вялікім князем літоўскім адбылося 20 кастрычніка 1506 г. (Finkel L. Elekcya Zygmunta I. Kraków, 1910. S. 175).

11 Віленскі каталіцкі біскуп Войцех Табар памёр 27 сакавіка (Acta Tomiciana (AT). T. 1. Posnaniae, 1852. Nr 8. P. 18), паводле іншых звестак 28 красавіка 1507 г. (Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileń­skich. T. 1. Petersburg, 1860. S. 89). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344, 402).

12 Мяцеж князя М. Глінскага. Першай акцыяй М. Глінскага на шляху да ад­крытага выступлення супраць Жыгімонта I было забойства свайго аса­бістага ворага — Яна Заберазінскага 2 лютага 1508 г. У выніку па­даў­лення мецяжу М. Глінскі і яго прыхільнікі напрыканцы 1508 г. па­кі­нулі тэрыторыю ВКЛ і перайшлі ў Маскву. Звестка чытаецца ў лета­пі­сах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344—345, 402—403).

13 Перамога войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем К. Аст­рожскім і палякаў над маскоўскай арміяй пад Оршай 8 верасня 1514 г. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 347, 403).

14 Папскі легат Захарый Ферэры знаходзіўся ў Вільні з верасня 1520 да лютага 1521 г. (Acta nuntiaturae Polonae. T. 2 / Ed. H.D. Wojtyska. Romae, 1992. P. XXXIX, 77, 85, 93, 94).

15 Падзея адбылася ў Вільні.

16 У 1525 г. на грунце сацыяльна–палітычных і канфесійных супярэчнасцяў у Гданьску выбухнула паўстанне гарадскіх жыхароў. Да ўлады ў горадзе прыйшоў новы склад рады. Каралеўская ўлада вырашыла ўмяшацца ў сітуацыю. Вясной 1526 г. Жыгімонт I Стары на чале 3–ты­сячнага войска ўступіў у Гданьск, дзе ў хуткім часе былі ў асноўным адноўлены старыя парадкі. У чэрвені — ліпені правадыры і найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстання былі пакараны смерцю. Паводле беларуска–літоўскіх летапісаў, такіх было 13 чалавек (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 404. Гл. таксама: Historia Gdańska. T. 2 / Red. E. Cieślak. Gdańsk, 1982. S. 245—246; Cieślak E., Biernat Cz. Dzieje Gdańska. Gdańsk, 1975. S. 135). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 349—350, 404).

17 Пераможная бітва войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем князя Канстанціна Астрожскага з крымскімі татарамі на рацэ Альшаніцы адбылася 27 студзеня 1527 г. — за тыдзень перад Грамніцамі (2 лютага). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

18 Хан Заволжскай (Вялікай) арды Шых–Ахмат быў захоплены ў палон кіеўскім ваяводам князем Дзмітрыем Пуцяцічам у другой палове 1502 ці ў 1503 г. Доўгі час утрымліваўся пад вартай у ковенскім і троцкім замках. Здзейсніў некалькі няўдалых спроб уцёкаў. Быў адпушчаны на свабоду ў красавіку 1527 г., калі выехаў з Вільні, а потым праз Слуцк і Кіеў накіраваўся ў стэпы ніжняга цячэння Волгі (AT. T. 9. Posnaniae, 1876. Nr 202. P. 212, nr 248. P. 252; ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405, 563—564). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

19 Кароль Жыгімонт I Стары, каралева Бона і іх дзеці Жыгімонт Аўгуст і Ізабэла прыехалі ў Вялікае Княства Літоўскае ў сакавіку 1528 г. Гэта быў сапраўды першы прыезд Боны ў Вялікае Княства. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

20 Гаворка ідзе пра перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г. На думку А. Грушы, ён быў праведзены на працягу жніўня — кастрыч­ніка. Падрабязна пра гісторыю стварэння „попіса земскага“ 1528 г. гл.: Груша А.І. Прадмова [да:] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кніга Публічных спраў 1 / Падрыхт. А.І. Груша, М.Ф. Спірыдонаў, М.А. Вайтовіч. Мінск, 2003. С. 31—39. Звестка чытаецца ў лета­пі­сах Рачын­скага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

21 Дзень святога Лукі евангеліста — 18 кастрычніка. Дата пацвярджаецца Б. Вапоўскім (Wapowski B. Op. cit. P. 229). Жыгімонт Аўгуст нара­дзіўся 1 жніўня 1520 г. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

22 Гаворка ідзе пра Першы статут Вялікага Княства Літоўскага, які першапачаткова сапраўды насіў назву „права“ ці „права писаныи“. Увя­дзенне ў дзеянне гэтага заканадаўчага кодэкса ў дзень святога Міхаіла (29 верасня) 1529 г. падмацоўваецца і актавым матэрыялам (гл.: Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2 / Сост. И.И. Григорович. Санкт–Петербург, 1848. № 165. С. 211). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 406).

23 Паводле хронікі М. Бельскага, якую паўтарыў М. Стрыйкоўскі, пажарам былі знішчаны дзве траціны горада (Bielski M. Kronika wszyst­kiego świata. Kraków, 1551. List 288v; Stryjkowski M. Op. cit. T. 2. S. 395). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 406).

24 Войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем кіеўскага ваяводы Андрэя Неміровіча, князя Івана Дубровіцкага і іншых разбіла татар ля ўрочышчаў Голтва і Палазор’е ў верасні ці першай палове кастрычніка 1530 г. (AT. T. 12. Posnaniae, 1906. Nr 331. P. 302). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 351, 406).

Далейшая рэканструкцыя помніка ўскладнена тым, што на гэтым фрагменце заканчваецца супольны тэкст Альшэў­скага і Румянцаўскага спісаў „Хронічкі“.

Наверх

Расціслаў Баравы. Менск у ХVI стагоддзі: першы „генеральны“ план горада і яго магчымы аўтар

Снежня 19, 2004 |


ХVI стагоддзе пачалося для Менска ў 1499 г., калі вялікі князь Аляксандр „…хотечы положенье места нашого Менского в мере лепъшой поставити, абы люди нашы там мјшкаючыи, через врад добрый а справедливый были размножены…“[1], выдаў гораду грамату на магдэбургскае права. У юрыдычным плане магдэбургскае права, калі казаць спрошчана, зводзілася да таго, каб мяшчане дадзенага горада („фізічныя асобы“) і горад у цэлым („юрыдычная асоба“) былі выдзелены з навакольных зямель і іх насельніцтва, гэта значыць — са сферы ўладарных паўнамоцтваў вялікакняжацкага намесніка. Звязаныя з гэтым эканамічныя прывілеі заключаліся ў вызваленні жыхароў горада ад шэрагу агульнадзяржаўных падаткаў і натуральных павіннасцяў. Часам некаторыя з іх замяняліся грашовымі выплатамі. Уводзіўся таксама шэраг пра­тэкцыя­ні­с­ц­кіх мераў для рамеснікаў, дробных гандляроў і купцоў горада.

Часта атрыманне якім–небудзь населенным пунктам магдэбургскага права суправаджалася і шэрагам мерапрыемстваў горадабудаўнічага характару — аж да „адводу і вымярэння“ гарадской плошчы, вуліц і пляцовак для кожнага домаўладальніцтва[2]. Аднак гэта датычылася толькі дробных і перш за ўсё новых („осаженых… на сыром корени…“) мястэчак, што было асабліва характэрна для другой паловы XVI — пачатку XVII ст. Улічваючы, што Менск да моманту атрымання магдэбургскага права існаваў ужо каля пяці стагоддзяў і быў адным з найбуйнейшых гарадоў ВКЛ, прывілей на магдэбургскае права не мог паўплываць непасрэдна на планаванне, забудову і знешні выгляд горада.

Сапраўды, акрамя дазволу „на местъцу годномъ… справити ратуш…“, у яго тэксце можна адзначыць толькі два параграфы, ускосна звязаныя з пытаннямі горадабудаўніцтва. Вялікі князь аддае „войту и бурмистром… вси места пустыи в месте и вкруг места поля наши ку осаженью и розмноженью людей…“ — з гэтай тэрыторыі выключаецца толькі „пашня наша городовая“, г. зн. уласная вялікняжацкая ралля „двора Менского“[3]. З гэтым параграфам прывілею пераклікаецца і наступны, які дае „доброволенство всим мещаном, подле давного обычаю, брати дерево на будоване домовъ их и теж на кухню — в борехъ и в лесехъ за тры мили около местъца… окроме бортного древа… Такежъ где пред тымъ скоть свой… пасывали и нине доброволно имъ… паствити“[4].

Пакідаючы пакуль убаку горадабудаўнічыя праблемы і ацэньваючы прывілей 1499 г. у цэлым, можна адзначыць, што да вельмі выгаднага (у нейкай меры — выключнага) геа­графічнага палажэння Менска[5] дадаўся шэраг спрыял­ьных фактараў адміністрацыйна–юрыдычнага характару, якія ў многім вызначылі далейшы лёс горада. Аднак ваенна–палітычная сітуацыя, што складалася ў першай чвэрці XVI ст., не дазволіла Менску адразу і ў поўнай меры выкарыстаць тыя магчымасці.

У 1505 г. горад быў узяты, поўнасцю разрабаваны і спалены крымскімі татарамі (ацалеў толькі Замак)[6]. У 1508 г. Менск трапіў амаль у месячную асаду (але горад узяты не быў), пазней навакольная мясцовасць горада тры або чатыры ра­зы спусташалася маскоўскім войскам — апошні раз у 1519 г.[7] Хаця пасля 1505 г. Менск ні разу не быў узяты, але неаднаразовае спусташэнне навакольнай мясцовасці, ужо не гаворачы пра сам факт пастаянных ваенных дзеянняў на ўсходніх і паўночна–ўсходніх межах ВКЛ, пазбавіла горад асноўнай крыніцы даходаў — непасрэдных і ўскосных паступленняў ад транзітнага гандлю. Працяглы мірны перыяд — амаль уся другая чвэрць XVI ст. — спрыяў буйнаму росквіту горада. Паказчык гэтага — рэзкі рост „мыта“, якое спаганялася з мясцовых і замежных купцоў на Менскай мытні[8].

Безумоўна, усе гэтыя працэсы так ці інакш адбіва­ліся на выглядзе горада — перш за ўсё на яго тэрытарыяльным росце. Аднак стыхійны рост ускраін толькі ў невялікай ступені мог уплываць на структуру горада ў цэлым. Практычна ня­зменнымі заставаліся асноўныя элементы гэтай структуры — Замак і Стары горад, якія тапаграфічна і генетычна былі звязаны з галоўнай планавальнай воссю горада — сухапутным транзітам „усход — паўднёвы захад“, прывязаным да пераправы (потым — моста) цераз р. Свіслач[9]. Вакол гэтых трох асноўных элементаў, якія складалі першапачатковую структуру горада, групаваліся пасады — неўмацаваныя (у адрозненне ад Замка або Старога горада) жылыя і гандлёвыя тэрыторыі.

Першапачатковыя пасады імкнуліся да месцаў, зручных для рачных прычалаў (раён т. зв. Менскага порта на стыку сучасных вуліц Гандлёвай і Інтэрнацыянальнай, таксама раён сучасных вуліц Старавіленскай і Старажоўскай), да тэрыторый, размешчаных паблізу ад асноўнай транзітнай артэрыі рэгіёну (у межах горада — сучасныя вуліцы Няміга і Багдано­віча), і да наваколля Замчышча (сучасныя вуліцы Ракаўская — Вызвалення — праспект Машэрава). Пра дакладнае месцазнаходжанне, памеры, канфігурацыю і дынаміку росту гэтых пасадаў мы можам толькі здагадвацца[10].

Гэтыя тэндэнцыі стыхійнага развіцця, што былі атрыманы Менскам у спадчыну ад першых стагоддзяў існавання, ужо не адпавядалі ні новым рэаліям жыцця горада першай паловы XVI ст. (буйны цэнтр транзітнага гандлю з самакіраваннем па магдэбургскім праве, цэнтр ваяводства), ні сацыяльна–культурным патрабаванням эпохі ў цэлым. Першым, фармальным, і ў нейкай ступені выпадковым імпульсам да ажыццяўлення прынцыповых зменаў у выглядзе горада, перш за ўсё, у яго планавальнай структуры, паслужыў, як гэта часта здаралася ў гісторыі горадабудаўніцтва, вялікі пажар 1547 г.[11] У выніку гэтага пажару „Замак Менски“ згарэў цалкам, а „места Менскае“, хаця і не поўнасцю, але, як можна меркаваць па тэксце гэтага і некаторых больш позніх дакументаў, — амаль цалкам. Для „успаможенья“ пацярпелым жыхарам горада Жыгімонт Аўгуст[12] вызваліў іх тэрмінам на дзесяць гадоў ад усіх падаткаў і мытных выплат[13].

Відаць, горад у цэлым дастаткова хутка акрыяў пасля гэтага стыхійнага бедства — ускосным сведчаннем можа быць рост мыта (гл. вышэй). У 1552 г. горад клапаціўся аб пацвярджэнні прывілею на магдэбургскае права, які таксама згарэў на гэтым пажары разам з іншымі дакументамі, што захоўва­ліся ў „Замку Менскім“[14]. У 1569 г., непасрэдна на Люблінскім сойме, гараджане прасілі і атрымалі новае пацвярджэнне грамат 1499 і 1552 г.[15]. Абедзве гэтыя граматы не даюць ніякіх новых звестак або фактаў, звязаных з гісторыяй горада.

Першае канкрэтнае ўпамінанне аб работах па перапла­на­ван­ні Менска мы знаходзім у дакуменце, датаваным 10 сака­ві­ка 1571 г.[16] Жыхары горада прасілі ў якасці эканамічнай дапамогі прывілею праводзіць „два кірмашы ў год“ і браць „маставыя на рацэ Свіслач“ з купцоў, што праязджаюць праз Менск, спасылаючыся пры гэтым на наступныя прычыны: 1) страты горада ад пераходаў войска і праезду паслоў[17]; 2) не­ўраджай, якім жыхары „от колка лет скарани будучи…“[18]; 3) нарэшце на тое, што „…порадокъ в месте тамошнемъ чине­­чи, домы свои знову на инъшие местца переносят и будують…“.

З тэксту граматы вынікае, што самае позняе на мяжы 60—70–х г. XVI ст. у Менску пачалося інтэнсіўнае перапланаванне горада, прычым па непасрэдным распараджэнні вя­лікага князя („з росказанья нашого…“)[19].

Наступны вядомы нам дакумент, што адлюстроўвае хаду гэтага працэсу, адносіцца ўжо да 1589 г. Хаця з пачатку перапланавання прайшло ад 20 да 30 гадоў (гл. ніжэй), ажыццяўленне новага праектнага плана горада было ўсё яшчэ далёкім ад завяршэння і патрабавала пастаяннага ўмяшання ўладаў. Гэты працэс быў звязаны, як заўсёды, з шэрагам юрыдычных і эканамічных праблем, мноства з якіх не маглі быць вырашаны на мясцовым ўзроўні[20].

Яшчэ адзін дакумент, датаваны тым жа днём і адрасаваны ўжо непасрэдна да „рэвізораў“, якія накіроўваліся ў Менск[21], мяркуючы па загалоўку[22], таксама звязаны з перапланаваннем горада. Хаця ў тэксце дакумента ўпамінанне аб гэтым адсутнічае, аднак у скрытым выглядзе („абы …всякие непорадъки и розьницы… поровънали и померъковали…“) гэта тэматыка, несумненна, прысутнічае і тут[23].

Праз два гады менскія мяшчане атрымалі ад Жыгімонта III грамату, датаваную „12 студня 1591 года“ — „Привилей… подтвержденья прав и вольностей их…“[24], у прэамбуле якога ўпамінаецца таксама „…ратуш, который они теперъ збудовати хочуть…“. На аснове гэтага паведамлення можна заключыць, што тэрыторыя, прызначаная пад цэнтр горада („рынак і вуліцы“), была да 1591 г. канчаткова распланавана, паколькі паўстала пытанне аб пабудове ратушы, якая, зразумела, па­він­на была займаць цэнтральнае месца ў структуры горада.

Да 1600 г. ратуша на плошчы ўжо была пабудавана[25], а навакольныя кварталы з рэгулярным планаваннем, якія атры­малі назву „Новага“, ці „Высокага места“ (пазней — „Рынку“), сталі амаль на тры стагоддзі адміністрацыйным ды эканамічным цэнтрам горада, і нават на мяжы XIX—XX ст. у значнай меры захоўвалі свой першапачатковы статус.

Рэальнае ажыццяўленне ўсяго комплексу мерапрыемстваў па перапланаванні такога масштабу, несумненна, працягвалася яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XVII ст. Ва ўсякім разе, будаўніцтва знешніх умацаванняў горада — валоў з бастыёнамі і некалькіх брам — працягвалася яшчэ да 30—40–х г. XVII ст.[26] У выніку ажыццяўлення праектнага плана горада, распрацаванага яшчэ ў сярэдзіне XVI ст., узнік якасна новы цэнтр — сучасная плошча Свабоды, якая ўяўляе сабой амаль правільны прастакутнік, і шэраг вуліц, што разыходзяцца ад яе ў паўднёвым і заходнім напрамках.

Можна сцвярджаць, што перапланаванне, праведзенае ў другой палове XVI ст., не закранула ні Старога горада, які мясціўся на левабярэжжы Свіслачы, ні раён вуліц Нямігі, Ракаў­скай і Татарскай вакол Замчышча. Не закранула яно і вуліц, якія звязвалі новы цэнтр горада з той старадаўняй вуліцай–да­рогай, якая ішла ўздоўж правага берага ракі Свіслачы ад раё­на г. зв. Менскага порта да варот Менскага замка (у XVII ст. — вул. Зыбіцкая, пазней — Гандлёвая).

Такім чынам, праект перапланавання захоўваў у непарушнасці шэраг вулічак і завулкаў правабярэжнай часткі Менска, размешчаных на складаным рэльефе, — менавіта тую структуру „пасадаў“ старадаўняга горада, якая ўзнікла ў першыя стагоддзі яго існавання і традыцыйна аднаўлялася пасля шматлікіх пажараў. Падлягала знішчэнню толькі тая старая забудова, якая знаходзілася на месцы новай плошчы і вуліц (на паўднёвы ўсход, поўдзень і захад ад яе)[27].

Праектны план, максімальна „ашчадны“ да тагачаснай забудовы, быў выкананы ў той жа час з яўным разлікам на да­статкова аддаленую перспектыву росту горада. Далей гэты працэс павінен быў адбывацца ўжо ў рамках новай, рэгулярнай планавальнай структуры, якая цалкам адпавядала патрабаванням часу.

Непазбежна ўзнікае пытанне — хто быў, або хто мог быць аўтарам гэтага, вельмі ўдалага (як паказала гісторыя) і перадавога для сваёй эпохі праектнага плана? Простага і бяс­спрэчнага адказу на гэтае пытанне дакументы, якія ёсць у нашым распараджэнні, не даюць.

Спачатку паспрабуем вызначыць храналагічныя рамкі працэсу перапланавання Менска. Магчымая ніжняя мяжа — 1547 год, калі адбыўся пажар горада. Першую палову 1550–х г., мабыць, неабходна выключыць: адзіны вядомы нам дакумент гэтага перыяду — прывілей, выдадзены гораду Жыгімонтам–Аўгустам у 1552 г., фактычна з’яўляецца паўторам прывілею 1499 г. і не ўтрымлівае ніякіх новых фактаў (акрамя ўпамінання пра пажар 1547 г.)[28]. Адсутнічае згадка пра пера­пла­наванне горада і ў тэксце прывілею 1569 г. Але, хоць ён паўтарае на 2/3 прывілею 1552 г., у канцы дабаўлена некалькі новых параграфаў, у т. л. адзін, які мае некаторае дачыненне да горадабудаўніцтва: менскім мяшчанам дазваляецца „…двор гостиный на местцу слушномъ для стоянья купцовъ збудовати…“. Нагадаем: у дакуменце ад 10 сакавіка 1571 г. ужо адкрыта гаворыцца пра тое, што жыхары горада па ўказанні вялікага князя пераносяць і нанова будуюць свае дамы на новых месцах „…порадокъ в месте тамошнемъ чинечы…“ — г.зн., праз паўтара года перапланаванне ўжо актыўна вялося. У гэтым кантэксце адсутнасць упамінання пра горадабудаўнічыя працы ў грамаце 1569 г.[29] яшчэ не можа лі­чыцца сцвярджэннем таго, што працэс быў пачаты толькі ў 1570 або ў 1571 г. Нам уяўляецца, што пытанне аб новым плане горада наўрад ці магло ставіцца раней другой паловы 1550–х г. З другога боку, першую (праектную) стадыю гэтых работ мы павінны датаваць, верагодней за ўсё, пачаткам ці першай паловай 1560–х г.

Звяртаючыся да асноўных падзей гэтага даволі вузка­га храналагічнага перыяду, мы павінны перш за ўсё звяр­нуць увагу на так званую Валочную памеру, правядзенне якой (на агульнадзяржаўным узроўні) пачалося менавіта ў гэты час. Выдадзеная ў 1557 г. Устава на валокі (як і „Дапаўненні“ да яе 1558 г.) не змяшчаюць непасрэдных рэкамендацый адносна планавання і землеўпарадкавання гарадоў і мястэ­чак, аднак шэраг вядомых гісторыкам фактаў недвухсэнса­ва ўказвае на тое, што практычная дзейнасць па ажыццяўлен­­ні гэтай грандыёзнай зямельнай рэформы далёка не вы­чэрп­валася тэарэтычнымі палажэннямі адзначаных дакументаў[30].

Зямельная рэформа Жыгімонта Аўгуста закранула не толь­­кі воласці, г. зн. абшары сялянскіх, уладальніцкіх і дзяржаўных зямель, што выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы, лясоў, пусташаў і г.д., але і землі, якія належалі насельніц­тву гарадоў, мяшчанам. Па назіраннях Уладзіміра Пічэты, „…волочное измерение городской площади коснулось только городов, еще не имевших магдебургского права“[31], г. зн. зямель Менска гэта, у прынцыпе, не павінна было закранаць, аднак гэты ж аўтар далей указвае на разнастайнасць праблем і пытанняў, якія паўставалі перад каралеўскімі рэвізорамі ў час рэалізацыі Валочнай памеры.

Літоўскія даследчыкі, у прыватнасці, прыйшлі да высновы, што „складанне праектных планаў гарадоў або іх эскізаў у Вялікім Княстве Літоўскім было пачата ў сувязі з будаўніцтвам новых або перабудовай ужо існуючых гарадоў і мястэчак у час правядзення Валочнай рэформы ў сярэдзіне XVI ст. Такім чынам, рэвізоры і каморнікі, якія ў адзначаных месцах вымяралі валокі, могуць прызнавацца аўтарамі праектных планаў і эскі­заў канкрэтных гарадоў і мястэчак“[32]. Так, напрыклад, Войцэх Дзевялтоўскі, які „вымяраў на валокі“ ў 1550 г. Расенскую воласць[33], прызнаецца адным з аўтараў праекта рэканструкцыі мястэчка Баганяй[34], а Якуб Лашкоўскі, які „вымяраў на валокі… Палангаўскую дзяржаву“, атрымаў у 1566 г. „Загад… засадити местечко (Полангу) …и пляцы ку будованью и волоки тому месту розмерити“[35], што і было ім выканана.

Як сведчаць згаданыя дакументы, у Менску пачатку 1570–х і ў канцы 1580–х г. гаспадарскія рэвізоры таксама вялі работы па „розмеренню пляцов“ і „назначенню места …для будовання домов…“, аднак уласна „праектны план“ горада быў, несумненна, складзены значна раней, пра што сведчаць ужо некаторыя фразы каралеўскай граматы 1571 г. (гл. вышэй). Грамата 1589 г., адрасаваная „Юру Радзивилу“, не толькі па­цвярджае, што „рэвізоры“ канца 1580–х г. кіраваліся менавіта гэтым, раней складзеным, „планам“, але і прама ўказвае, што шукаць аўтараў гэтага плана неабходна сярод „…перъшихъ ревизоровъ от продка нашого …Жикгимонта Августа высыланыхъ зъ стороны перенесеня на инъшое местъце рынъ­ку и некоторых улицъ…“.

Абапіраючыся на выдадзеныя да 2005 г. дакументы Літоўскай Метрыкі, мы можам назваць толькі аднаго „каралеўскага рэвізора“, „засланного“ ў Менск у часы Жыгімонта Аўгуста. Больш за тое, ён прыязджаў у Менск якраз у год завяршэння дзесяцігадовай „налоговай ільготы“ (1547—1557) і па справах, непасрэдна звязаных з землямернымі работамі.

Восенню 1557 г. у Менск прыехаў „…его королевское милости секретаръ, державца Скирстомонский и Росенский Венц­лав Миколаевич…“. Яго прыезд быў выкліканы неабходнасцю аднаўлення „знешніх“ межаў гарадскіх зямель — г.зн. той трохмільнай тэрыторыі вакол Менска, якая была зацвер­джана яшчэ прывілеем 1499 г. Дакументы, што апісвалі і за­цвярджалі гэтыя межы, згарэлі пры пажары 1547 г., і навакольная шляхта ўсё часцей захоплівала памежныя ўчасткі зямель, якія належалі гораду[36].

Акт датаваны 2 кастрычніка 1557 г., г. зн. сам працэс „аб’езду“ і апісання межаў[37] быў, мабыць, пачаты яшчэ ў верасні. Колькі ўсяго часу знаходзіўся Венцлаў Мікалаевіч у Менску ў гэты свой прыезд, дакладна невядома. Аднак можна меркаваць, што не менш за чатыры месяцы, таму што „устава подводная“, якая ўпамінаецца ў прэамбуле дакумента, была ім выдадзена „Месту Менскoму“ толькі 4 студзеня 1558 г.[38]

Гэтыя два дакументы, што не ўпамінаюцца ў даследаваннях Ежы Ахманьскага[39], Міколаса Рочкі[40] і Егідыюса Рымшы[41], дазваляюць дадаць яшчэ дзве даты да скупой і ўрыўкавай дакументальнай канвы біяграфіі Венцлава Мікалаевіча, якая прасочана гэтымі аўтарамі ў рамках гіпотэзы аб тоеснасці Венцлава Мікалаевіча і Міхалона Літвіна, упершыню выказанай Ежы Ахманьскім яшчэ ў першай палове 1970–х г.[42] Па назіраннях Ежы Ахманьскага, комплекс агульных рысаў і фактаў біяграфіі ў аўтара „Трактата…“ і Венцлава Мікалаевіча ўключае, у прыватнасці, такія, як: універсітэцкая адукацыя (В.М. — Кракаў); веданне лацінскай, „рускай” (старабеларускай) і літоўскай моў ды права; шматгадовая работа ў вяліка­княскай канцылярыі (В.М. — 26 гадоў); дастаткова цесныя сувязі з вялікакняскім дваром; нарэшце, неаднаразовы ўдзел у важных дыпламатычных місіях (В.М.— пасольства ў Маскву і ў Крым, перамовы з маскоўскімі пасламі ў Любліне ў 1554 г.) і г.д.[43]

Уведзеная ў навуковы зварот каля трыццаці гадоў назад гіпотэза Е.Ахманьскага ў цяперашні час набыла статус навуковай канцэпцыі, якая практычна нікім не аспрэчвалася і падмацоўваецца дастатковай колькасцю ўскосных доказаў[44]. Згодна з высновай даследчыка, Венцлаў Мікалаевіч „…у яка­сці аўтара трактата „De moribus…“ уяўляецца выдатнай па сваім разумовым кругаглядзе фігурай. Ён быў адным з найбольш адукаваных людзей сваёй эпохі ў Літве, адным з першых гуманістаў з шырокім кругаглядам …“[45].

Нават вельмі скупыя факты яго біяграфіі[46], узятыя ў кантэксце прыведзенай вышэй характарыстыкі і падмацаваныя фактам яго знаходжання ў Менску ў канцы 1557 — пачатку 1558 г. у якасці гаспадарскага рэвізора па ўрэгуляванні межаў гарадскіх зямель, дазваляюць бачыць у Венцлаве Мікалаевічы найбольш верагоднага аўтара першага перапланавання Менска — гэтай унікальнай для дадзенага рэгіёну і часу „праектнай прапановы“. Ні храналогія вядомых нам гістарычных па­дзей, якія датычацца ўнутранага жыцця Менска другой паловы XVI ст., ні вынік аналізу вядомых нам дакументальных звестак аб ходзе перапланавання горада 1571—1600 г. (гл. вышэй) не супярэчаць гэтаму сцвярджэнню[47].


[1] Упершыню надрукавана ў: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1. С.–Петербург, 1846. С. 187—189. Цытуецца па: Беларускі архiў. Т. 3. Менскія акты. Менск, 1930. С. 3—5. Мяркуючы па агаворцы ў тэксце граматы „…в месте вышей речоном Меньском войтовъство знову вставъляем …“ (аналагічная агаворка ёсць і ў тэксце Полацкага прывілею 1498 г.) Менск, як і Полацк, належаў да ліку тых гарадоў, якія, на думку Юліуша Бардаха, „атрымалі гарадскую юрысдыкцыю раней, але яна не замацавалася“ (гл. Бардах Ю. Штудыi з гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага. Менск, 2002. С. 119). Відавочна, што Менск і Полацк атрымалі магдэбургскае права яшчэ ад Казіміра Ягайлавіча, г.зн., у 1450—1480–я г.
[2] Гл.: Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда–Августа в Литовско–Русском государстве. Москва, 1958. С. 434, 456 і інш.
[3] Пичета В.И. Цыт. праца. С. 143—147. Гл. таксама: Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Мінск, 1997. С. 52—53.
[4] „Міля“ ў сістэме мераў ВКЛ раўнялася „пяці верстам“ (798 сажань) — г. зн. складала прыкладна 7,8 км (гл.: Гольштейн С.М. Польско–литовские древности. С.–Петербург, 1913. С. 136; Скурат К.У. Даўнiя беларускiя меры. Мінск, 1974. С. 43). Такім чынам, радыус у „тры мілі“ адпавядаў прыкладна 23 км. Можна таксама меркаваць, что гэта быў на самай справе „радыус“ — г.зн. адлегласць бралася не ад „мяжы“ горада, якая маглa мяняцца, а ад нейкай умоўнай кропкі, якая прыкладна адпавядала яго „цэнтру“.
[5] Пичета В.И. Цыт. праца. С. 68. Падрабязней пра гандлёвыя шляхі Мін­скага рэгіёну гл.: Боровой Р.В. Историческая топография древнего Минска: Обзор источников и современное состояние проблемы // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск, 1997. № 12. С. 31—41.
[6] Хроника Литовская и Жемойтская // ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 101; Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 170.
[7] Магчыма, у ваколіцах Менска маскоўскае войска пабывала і ў 1535 г. Гл.: Акты Западной Росии. Т. 2. С.–Петербург, 1848. С. 23; Кром М.М. Между Русью и Литвой. Москва, 1995. С. 125, 186, 189, 196.
[8] Гл.: Довнар–Запольский М.В. Государственное хозяйство Велико­го Кня­жества Литовского при Ягеллонах. Т.1. Киев, 1901. Приложе­ния ССXXII—XXXIV — „Мыто менское“: 1509 г. — 300 „коп грошей; 1519 г. — 150 к.г.; 1525 г. — 450 к.г.; 1532 г. — 550 к.г.; 1553 г. — 15000 к.г.; 1563 г. — 2200 к.г.; 1571 г. — 2630 к.г.
[9] Гл.: Боровой Р.В. Минские древности: „Старый город“ средневекового Минска по письменным источникам // Гiстарычна–археалагiчны зборнiк // Мінск, 2000. № 15. С. 128—131.
[10] Гл.: Боровой Р.В. Историческая топография древнего Минска.
[11] Фармулёўка „того лета прошлого …“ можа разумецца двухсэнсава (1546 або 1547 г.), але ўлічваючы тыя абставіны, што такія прашэнні (гл. ніжэй) падаюць па гарачых слядах, а не праз год з лішнім (час і месца выдачы граматы: „21 кастрычніка, Вільня“), пажар трэба аднесці менавіта да лета 1547 г.
[12] Хаця Жыгімонт I („Стары“) памёр толькі 1.04.1548, граматы Жыгі­мон­та Аўгуста з тытулам „…кароль …Вялікі князь…“ сустракаюцца ўжо у пачатку 1547 г. (Гл.: Daniłowicz J. Skarbiec diplomatów. T. 2. Wil­no. 1862. № 2344. № 2345. Тытулатура гэтых грамат абапіраецца, ма­быць, на акт яго фармальнага выбрання і каранацыі ў канцы 1529 — пачатку 1530 г., а таксама на тыя абставіны, што ён фактычна правіў ВКЛ ужо з 1544 г.
[13] Беларускi архiў. Т. 3. № 17. С. 14—15. „ …Били намъ чоломъ подданые наши, войть и вси мещане места Менского, о томъ, ижъ што того ле­та прошлого, з божьего допущенья, замокъ нашъ Менский и место Мен­ское, зо всими маетностьями их, подданыхъ нашихъ, погорело, и для того они к немалому впаду пришли и подачокъ нашихъ не могуть по­полнити <…> Ино мы, бачечи на тое згоренье и на впад, и на шкоду ихъ, …даемъ имъ воли на десять годъ, то есть от м–ца сентябра первого дня, который былъ в року лета божьего нароженья тисеча пять­сотъ чотырдесятъ семомъ от инъдикта шостого, ажъ до десяти год, до того жъ м–ца сентябра первого дня до инъдикта первого, што бу­деть в року пятдесятъ шостомъ. И в тую десять годъ вызволяемъ ихъ от серебъщины и от ордынъщины и от капъщины медовое и пивное, и горелковое, и от инъшихъ подачокъ… <…> Нижли в которых ме­щанъ домовъ и маетности в замъку не было, ани тежъ в месте до­мы ихъ з маетъностями ихъ не погорели, — таковымъ воли не даемъ, и от жадных подачокъ и повинъностей ихъ не вызволяемъ. <…>
[14] Акты Южной и Западной России. Т. 1. С.–Петербург, 1836. С. 135—137; Беларускi архiў. Т. 3. № 19. С. 16—18.
[15] Беларускi архiў. Т. 3. № 23. С. 27—31.
[16] Беларускi архiў. Т. 3. № 24. С. 31—33.
[17] Хаця Менск і не панёс непасрэдных стратаў ад ваенных дзеянняў у хо­дзе Інфлянцкай вайны, таму што запланаваны рэйд маскоўскага вой­ска ў напрамку Менск — Наваградак (1564) не адбыўся, але горад праз сваё геаграфічнае размяшчэнне сапраўды быў асноўным месцам збо­ру войскаў, з’ездаў вышэйшых ваенных і грамадзянскіх чыноў ВКЛ, а таксама адным з пунктаў прыпынку шматлікіх пасольстваў і ганцоў.
[18] Гл.: Борисенко Е.П., Пасецкий В.М. Тысячелетняя летопись необычных явлений природы. Москва, 1988. Приложения (XVI в.); Бараш С.И. История неурожаев в Европе. Москва, 1989. С. 204—207.
[19] „<…> Били намъ чоломъ бурмистры, радцы и вси мещане места нашого Менского и поведили перед нами, ижъ от немалого часу, яко з непиятелемъ нашимъ княземъ великимъ Московскимъ валка почалася, гетмани и войски наши, и послы наши через место тамошнее Менское часто–крот хоживали, и люд нашъ служебный, немалый час уставичне тамъ у нихъ мешкаючи, великие трудности имъ задавалъ, для чого на маетностяъ своихъ знищене немалое приняли. А к тому тепер, з расказанья нашого, порадокъ в месте тамошнемъ чинечи, домы свои знову на инъшие местца переносят и будують, звалаща от пана бога великимъ неврожаемъ от колка лет скарани будучи, просили, абыхмо ласку нашу гдръскую учинили…“ (Літ. Метр. Кн. зап. № 50 адв.—346 адв. У заўвагах складальнік адзначае, што „Такі ж акт запісаны ў Кн. зап. № 51 л. 280—181 з датай 1581 г. 10 лют.“).
[20] Беларускi архiў. Т. 3. № 30. С. 37—38: „Лист, писаный до его милости князя Юря кардынала Радивила, бискупа Виленского, абы мещане Меньские костелные для порадного будованья тому месту домы свои, которые бы были на перешкоде будованью места, зносили альбо отъмену отъ ревизоровъ брали за пляцы свои“.
„<…> Ознаймуемъ твоей милости, ижъ хотечи мы то мети, абы в месте нашомъ Меньскомъ зачатый порадокъ перъшихъ ревизоровъ отъ продка нашого славъное памети короля его милости Жикгимонъта Августа, высыланыхъ зъ стороны перенесеня на инъшое местъце рынъку и некоторых улицъ и порадъного будованья домовъ в томъ месте Меньскомъ, пристойне сконьчитисе моглъ, и тежъ для выведанья, яко шкоды скаръбу нашого, в чомъ бы се отъ кого не деела, такъ тежъ кривдъ подданыхъ и для поровънанья всякихъ инъшихъ розницъ, которые бы се одъно в томъ месте Меньскомъ показати могли, зъсылаемъ тамъ до места Меньского равизоръми маръшалъка нашого старосту Меньского, писара замъковъ и волостей наших украинъныхъ рускихъ, пана Дмитра Скумина, а воеводича берестейского Марътина Тишкевича Логойского, росказавъши имъ обо все науку, яко се тамъ на той ревизыи справовати и заховати мають, на инъструкъцыи с канъцляреи нашое дати.
А ижъ маемъ того ведомость, же в томъ месте Меньскомъ немало под­даныхъ костельныхъ плебании Меньское межи мещаны Мень­скими домами своими непорадъне седять, за чимъ тотъ зачатый порадокъ селенья домовъ и переношенья рынъку и улицъ пристой­не отъ­правоватисе не можеть, — про то хочемъ мети, абы твоя милость через листъ свой плебану Менскому росказалъ, ижъ бы онъ всимъ таковымъ подъданымъ костела католицъкого с тыхъ пляцовъ, кото­рые бы на перешкоде будованью места были, за росказаньемъ тыхъ ре­визоровъ нашихъ прочъ зноситисе, и за тые пляцы и кгрунты свои отъ­мену, отъ тыхъ же ревизоровъ указаную, брати и приймовати ве­ле­ли, никоторого в томъ спротивеньства тым паномъ ревизоромъ на­шимъ не чинечи, яко бы се тымъ жадъное затрудъненье и перека­зы порадъному селенью и будованью места нашого Меньского не дея­ло.
Писанъ у Городъне, лета божого нароженья тисеча пятьсотъ осмъдесятъ девятого, м–ца генъвара петънадъцатого дня“.
[21] Тышкевiч Дзiмiтр Скумiн, з 1588 г. пiсар дваровы гаспадарскi (да 1609 г.) i стараста менскi (да 1592 г.). Гл.: Urzędnicy centralni i dostoj­ni­ci Wielkiego Księstwa Litewskiego. XIV—XVIII w. Spisy. Kórnik. 1994. S. 245; Тышкевiч Марцiн (Лагойскi), з 1582 г. войт менскi (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Вып. 1. Мінск, 2003. С. 552).
[22] Беларускі архіў. Т. 3. № 31. С. 38—39: „Лист, писаный до ревизоров пана Дмитра Скумина а пана Мартина Тишкевича, абы до Меньска зъехавъши и для будованя домовъ месту Меньскому местце назначили и пляцы розмерили“.
[23] „<…> Маючи мы о томъ ведомость, ижъ в месте нашомъ Меньскомъ великий се непорадокъ дееть: многие подъданые наши, мешане Меньские, угелаючи повинъностей местъскихъ, подъ моцъ и послушеньство князей, пановъ духовъных и шляхтъ з домами, пляцами и кгрунътами нашими местъскими задаються. Ку тому немало кгрунътовъ нашихъ отъ того староства Меньского и тежъ отъ костела католицъкого, монастыровъ и церквей закону греческого через князей, пановъ шляхту забрано. <…> О чомъ всемъ хотечи мы достаточънейшую ведомость мети и таковыхъ непорадъковъ и сволволеньства погамовати, — хочемъ мети и приказуемъ вамъ, абы есте до того места Меньского ревизоры зъехавъши, того досмотрели, яко всякие непорадъки и розъницы, в чомъ бы ся межи паны шляхътою, а местомъ Менским деели, — поровънали и померъковали… водлугъ инъструкъцеи и науки, вамъ в столу с канъцляреи нашое даное“.
[24] Беларускi архiў. Менск, 1930. Т. 3. № 34. С. 42—47.
[25] НГА Беларусi. Ф. 1727. Воп. 1. Адз. зах. 1. Арк. 336—338 адв. Гл. таксама: Боровой Р.В. Минские древности: „Старый город“ средневекового Минска по письменным источникам…“.
[26] Знешняя лінія ўмацаванняў, акрамя толькі абарончых функцый, з’яўлялася таксама нейкай „метафізічнай канстантай“ ранне– і, часткова, познесярэднявечнага еўрапейскага горада. Лінія ўмацаванняў уяўляла сабой таксама свайго роду „нясучы каркас“ для планавання — г.зн. была адным з асноўных элементаў усялякага „новага“ плана горада, асабліва на „праектнай стадыі“. Несумненна, такую ж ролю гэта „лінія“ іграла і ў новым плане Менска. Аднак на практыцы з–за расцягнутасці (больш чым на паўстагоддзя) працэсу ажыццяўлення гэтага плана, што выклікала (за сабой) „маральнае старэнне“ гэтых умацаванняў, яны, мабыць, так і не былі выкананы на ўсім працягу і ў прадугледжаным праектам аб’еме. У дакументах 1620 — 1630–х г. неаднойчы ўпамінаецца пра неабходнасць завяршыць звязаныя з гэтым земляныя работы, адсутнасць сродкаў, нежаданне жыхароў горада выконваць натуральныя павіннасці (земляныя работы, возніцтва) і г.д. Валы, відаць, былі насыпаны вельмі нізкія, бастыёны таксама не былі даведзены да прадугледжанага праектам „абарончага“ стану. Аднак, калі не ў ваенных, то ў побытавых адносінах, горад усё ж меў нейкую „лінію“, што аддзяляла яго ад навакольнай прасторы, таму што ў дакументах XVII ст. упамінаецца некалькі „брамаў“. Так, напрыклад, пад 1649 г. упамінаецца „дом… пры браме Юр’еўскай…“, у 1653 г. — „ніва… за брамай Койданаўскай“, адзін раз упамінаецца і „бра­ма Лошыцкая“ (часцей за ўсё ў дакументах першай паловы XVII ст. упамінаецца брама Койданаўская).
[27] Да ліку гэтых вуліц адносяцца (існуюць і цяпер) — Інтэрнацыянальная (да сярэдзіны XIX ст. яе частка на ўсход ад плошчы Свабоды называлася Валоскай, а на захад — Зборавай; Рэвалюцыйная (Койданаў­ская); Энгельса (Дамініканская); Леніна (Францысканская або Лошыцкая); Камсамольская (Феліцыянская). Не існуюць у наш час вуліцы: Школь­­ная (спуск з плошчы Свабоды да Нямігі ўздоўж сучаснага будынка „Белпрампраекта“) і Юр’еўская (праходзіла прыкладна паралельна пра­спекту Скарыны, ад Палаца прафсаюзаў да сучаснай вуліцы Леніна).
[28] Беларускі архіў. Т. 3. № 19. С. 16—18.
[29] Можна меркаваць, што падставамі з’яўлення „Подтвердительного привилея“ менавіта ў 1569 г. быў факт заснавання на Віленскім сойме 1565—66 г., у ліку іншых, Менскага ваяводства. У выніку гэтага горад атрымаў, замест вялікакняскіх намеснікаў (пасада з няпэўнымі паўнамоцтвамі і абавязкамі, якая часта была вакантная на 10, 15 і нават 40 гадоў — гл. Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księ­stwa Litewskiego. Kraków, 1885. S. 25), ваяводу і кашталяна. Гэтыя пасады маглі пуставаць толькі ў сувязі з якімі–небудзь надзвычайнымі абставінамі, а паўнамоцтвы (г. зн. і асабістыя інтарэсы) у адносінах да горада і гараджан у новых уладаў былі значна шырэйшыя, і мяшчане, відаць, хацелі падстрахавацца. Магчымая таксама сувязь гэтага прывілею з рэвізіяй вялікакняскіх уладанняў, якая адбывалася ў 1569 г.
[30] Гл. Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда–Августа. С. 186—190, 203—228, 424—430 і інш.
[31] Тамсама. С. 203.
[32] Мишкинис А., Балюлис А. Планы городов и местечек Литвы, составленные до 1800 г. // Научные труды вузов Лит. ССР. Градостроительство и районная планировка. Градостроительство и формирование окружающей среды. Вильнюс, 1986. С. 140.
[33] Пичета В.И. Аграрная реформа… С. 240.
[34] Мишкинис А. Балюлис А. Планы городов… С. 140—141.
[35] Пичета В.И. Аграрная реформа… С. 242.
[36] Беларускі архіў. Т. 3. № 20. С. 18—23: „<…> З росказанья господа­ра короля его милости и великого князя Жыкгимонта Августа, его ко­ролевское милости секретаръ, державца Скирстомонский и Росен­ский, Венцлав Миколаевич, будучи зесланым до места господарьского Менского для ревидованья кгрунътов, земль, поль, сеножати и бору господаръского, которого мещане Менские его королевское милости права местского Майдеборского держать и ужывают, щого они до скарбу господарьского поплат давать, то есть пенези подводные такъ же и стацыями послов и гонцов господарских и чужоземских подыймоват повинны, <…> с тое прычыны, ижъ прывилия и листы ревизыйные, тым мещаном господарьским наданые, в которых были меновите описаны границы тых кгрунтов их, в городе Менском, з допущеня божего, дей погорели, а князи, бояре повету Менского ста­­ро­­житные границы тых кгрунтов их псують и некоторые земли, сеножати и боры, кгрунты господарские местские до дворов именей своих заходят. Ино я секретар для поданья уставы тому месту Мен­скому за пенези подводные и змену тых подвод, такъ же выписанья границ кгрунтов господарьских, месту Менскому належачых, зосланый от его милости господара короля будучи, тогда есми з маршалком господарьскимъ старостою и войтомъ Менскимъ паном Васильем Тишъкевичомъ, маючы зъ собою бояр господарьских тогож повету Минского: князя Ивана Домонта, пана Петра Пятевича, пана Томка Рецгесевича, а пана Павла Тишу — лентвойта Менского, а пры насъ мещане господарьские Менские, маючы зъ собою подданых митропольих, замковых и манастырских, также князских, боярских, в месте Менском мешкаючих и людей околичных, суседей розных панов, ведомцов тых границ, немало показовали границы свои кгрун­­тов господарьских, местских, где а в котором месте которое врочищо от их кгрунтов делять кгрунты князей, панов и бояр повету Менского. <…>
<…> За высланьемъ господарским, на сем лист мой ревизорский мещаномъ господарским Менским права Майдеборского дал есми, под печатью моею и с подписом руки моее.
Писан у Менску, лета божого нароженя тысеча пятсот петдесят семого, месяца октебра второго дня.
У того листу граничного печать прытистненая одна. А подпис руки писъмом руским тыми словы: Венцлав секретар“.
[37] Падрабязней пра практычнае ажыццяўленне гэтага мерапрыемства гл.: Боровой Р.В. Историческая топография древнего Минска. С. 34—35.
[38] Беларускі архіў. Т. 3. № 47. С. 72—75. „<…> З росказаня господара его милости короля и великого князя Жикгимонта Августа, за его господарьское милости, секретаръ, державца Скирстомонский и Росенский Венцлав Миколаевич, посланый отъ его милости з уставою новою на подводы по местомъ и волостямъ Великого Князства, дал есми у Менску мещаномъ уставу тую подводную, з выроку его милости господарского выписаную. <…>
<…> На то выпис сей под печатью моею дан там у Менску, року тисеча пятьсотъ пятьдесятъ осмого, генвара четвертого.
У тое уставы печать притисненая, и на другой стороне написано тыми словы: Выписъ уставы господарьское на подводы месту Менскому мещанамъ всимъ, яко господарьским, такъ и тым, чии колвек в месте том, або на передместьи мешкают <…>“.
[39] Ochmański J. Michalon Litwin i jego traktat o zwyczajach tatarów, litwinów i moskwicinów z polowy XVI w. // Kwartalnik Historyczny. 1976. № 4. S. 765—783; Охманьский Е. Михалон Литвин и его трактат „О нравах татар, литовцев и москвитян“ середины XVI в. // Россия, Польша и Причерноморье в XV—XVIII вв. Москва, 1979. С. 97—117.
[40] Ročka М. Mykolas Lietuvis. Vilnius, 1988.
[41] Rimša E. Venclovas Agripa ir jo gimine (1: Kilme ir pirmtakai; 2: Agripu gimine) // Lietuvos TSR Mokslu Akademijos darbai. Ser. 1986. N. 1. (94). P. 63—75; N. 2 (95). Р. 72—83.
[42] Ochmański J. Michalon Litwin…
[43] Охманьский Е. Михалон Литвин… С. 111—112.
[44] Гл.: Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и московитян / Пер. В.И. Матузовой; отв. ред. А.Л. Хорошкевич. Москва, 1994. С. 6—55.
[45] Охманьский Е. Михалон Литвин… С. 115.
[46] Гл. згаданыя працы Е. Ахманьскага, М. Рочкі і Е. Рымшы.
[47] На наш погляд, існуючыя гістарычныя крыніцы, пры ўмове выкарыстання пэўнай метадалогіі, дазваляюць рэканструяваць хаця б найбольш яўныя і бясспрэчныя адметнасці гэтага першага „генеральнага плана Менска“, зразумела, у яго „ідэальным“ (праектным) выглядзе. Гэтае пытанне аўтар плануе разгледзець у асобным артыкуле.

Наверх

Валянцiн Калнiн. Зорны шлях Яна Марыi Бернардонi

Снежня 18, 2004 |

Сёлета міне чатыры стагоддзі з дня смерці Яна Марыі Бернардоні, італьянскага архітэктара, які працаваў на землях Беларусі. Гэта выдатная нагода для ўшанавання памяці асобы, вельмі значнай у гісторыі нашай культуры і мастацтва. Пра Я.М.Бернардоні вядома даўно, спачатку з польскіх публікацый XIX ст.[1], а ад паловы XX ст. імя яго пачало з’яўляцца ў савецкіх выданнях[2]. Нажаль, дагэтуль у нас няма яшчэ абагульняльнай працы, прысвечанай жыццю і творчасці архітэктара.

У апошнія паўтара дзесяцігоддзя назіраецца павышаная цікаўнасць да італьянскага майстра. Прычынай таму стала адкрыццё ў 1984 г. спецыялістам па беларускім старажытным пісьменстве Георгіем Галенчанкам у Інстытуце манускрыптаў Нацыянальнай Бібліятэкі Ўкраіны імя В.І.Вернадскага (Кіеў) зборніка архітэктурных чарцяжоў XVI—XVII ст., датычных Беларусі[3]. Першыя беларускiя даследчыкi згаданага збору чарцяжоў прафесар Г.Галенчанка і доктар архітэктуры Т.Габрусь даводзяць, што большая частка арыгiнальных чарцяжоў у iм выканана самiм Бернардонi пад час праектавання пабудоў, адлюстраваных на тых чарцяжах[4]. Тады ж збор чарцяжоў атры­маў рабочую назву „Альбом Бернардоні“.

У 1999 г. па iнiцыятыве варшаўскага прафесара Ежы Кавальчыка ў Рыме быў выдадзены зборнiк артыкулаў, цалкам прысвечаны творчасцi Я. М. Бернардонi[5]. У гэтым зборніку, апра­ча асобных артыкулаў вядомых навукоўцаў[6], надрукаваны ўсе старонкi „Кiеўскага альбома“ і грунтоўныя каментары да іх, выкананыя праф. Е. Кавальчыкам. У канцы выдання пададзены бібліяграфія і паказнікі па імёнах і мясцовасцях. Экзэмпляр кнігі праф. Е. Кавальчык прэзентаваў мне, таму што ў тэксце ёсць спасылкі на маё меркаванне па тэме. Давялося вучыць італьянскую мову.

Знаёмства з тэкстамі артыкулаў у зборніку пра Бернардоні яш­чэ больш пацвердзіла слушнасць гіпотэзы наконт пахо­джан­ня „Кіеўскага альбома“, выказанай мною ў 1993 і 1998 г.[7], і дазволіла ўбачыць жыццё самога Бернардоні ў новым святле. Гэта адзiн з падмуркаў прапанаванага ніжэй разбору.

Італьянскі перыяд. Рым

Бернардонi паходзiў з мясцовасцi Кан’ё (Cagno), размешчанай на поўначы Італii паблізу мясцовасці Кома. Ва ўзросце 23 гадоў ён з’явiўся ў Рыме з мэтай уступiць у Ордэн езуiтаў i стаць архiтэктарам. У той зімовы дзень 19 студзеня 1564 г. Бернардонi меў пры сябе „зношаную чорную капу, тры сурвэткі, пару старых жаўнерскіх порткаў, скрутак палатна, малы ліхтарык, шчотачку для валасоў, куфэрак, яшчэ малы куфэрчык з двума ключамі, хрысціянскае вучэнне Тэаціна, духоўнае жыціе брата Керубіні, люстра крыжа, цуды Рыма, кніжачку св.Антонія, старыя нажніцы, прыладу з чарнілам“[8]. Па ягоных словах, выказаных пад час экзамену перад айцамі–езуітамі, ён дзесяць гадоў працаваў мулярам.

60–я гады XVI стагоддзя былі яшчэ пачатковым перыядам пашырэння Ордэна езуітаў, калі стварэнне новых пляцовак і іх забудова мелі надзвычай важнае значэнне. Ужо адчуваўся недахоп прафесійных будаўнікоў. Адразу пасля прыняцця ў Ордэн Бернардоні накіраваўся на будаўніцтва галоўнага храма езуітаў — рымскай царквы іль Джэзу і працаваў тут, не лічачы кароткіх ад’ездаў у іншыя гарады Італіі, на працягу 1564—1571 г. Кіраваў будоўляй вопытны архітэктар Джавані Трыстана (1515—1575), які адначасова быў „інспектарам пабудоў“ (consiliarius aedificorum) пры генерале Ордэна. На будаўнічай пляцоўцы іль Джэзу Бернардоні мог яшчэ ўбачыць (хоць такіх звестак няма) знакамітых майстроў Мікеланджэла і Вінёлу. Мікеланджэла Буанароці памёр у тым самым 1564 г., але вядома, што пад канец жыцця, не патрабуючы ніякай платы, ён выканаў для езуітаў план іх галоўнай царквы, выкарыстаны пазней наступнымі архітэктарамі[9]. Пераемнікам архітэктурных спраў Мікеланджэла ў Рыме стаў Джакоба Бароцы да Вінёла (1507—1573), якога лічаць галоўным творцам царквы іль Джэзу.

Прыняты ў Ордэн „братам прыслужнiкам“, Бернардонi заставаўся такiм да самага ад’езду з Iталii. Аднак не так важны быў для яго ўзровень манаскага статуса — ва ўсіх езуіцкіх запісах ён узгадваецца ў першую чаргу як муляр. Прафесійныя здольнасці Бернардоні, мабыць, адразу былі ацэнены, бо ўжо праз паўгода яго паслалі на некалькі месяцаў у Мілан для прыспешвання працы па рэканструкцыі калегіяльнага будынка, прылеглага да царквы Сан–Фідэле[10].

Неапалітанская правінцыя

У Рыме Бернардоні заставаўся да канца 1571 г. На кароткі тэрмін яго накіроўвалі ў Фларэнцыю, потым ад пачатку 1572 да канца наступнага года ён знаходзіўся ў Чывіта Сан–Анжэла на тэрыторыі Абруца, падпарадкаванай неапалітанскай правінцыі Ордэна езуітаў, дзе меркавалася будаўніцтва новага дома для навіцыяту. Аднак па розных прычынах кіраўніцтва Ордэна адмовілася ад далейшых работ у гэтым мястэчку, а сабраных там манахаў пачалі размяркоўваць па іншых месцах. У лісце генерала Ордэна да віцэ–правінцыяла Неапаля ад 11 кастрычніка 1573 г. па гэтай справе ёсць такія радкі: „Ян Марыя з Вальтэліны будзе накіраваны ў распараджэнне Вашай правінцыі, паколькі мы бачым, што рымская правінцыя моцна перагружана вялікай колькасцю людзей. Калі ж Вы заўважыце, што гэты або хто іншы з манахаў здольны стаць са­крысціянам у Мачэрата, то можаце яго туды высылаць“. Мачэрата — горад у Абруца. У той самай перапісцы генерала з Неапалем, якая захоўваецца ў рымскім архіве Ордэна, пад датай 31 кастрычніка пазначана: „A Macerata Giovan Maria Val­telina“ [У Мачэрату Ян Марыя Вальтэліна].[11]

У прыведзеных вышэй нататках Ян Марыя ўпершыню згадваецца з прыдомкам Вальтэліна, хоць дагэтуль паўсюдна менаваўся як Бернардоні. Звычайна прыдомак у тыя часы даваўся па месцы паходжання. У архіве езуітаў ёсць такі запіс: „Giovan Maria di Bernardoni di Cagno sul Milanese“[12] [Ян Марыя з Бернардоніяў з Каньё каля Мілана). Мястэчка Каньё знахо­дзіц­ца у 15 км на захад ад горада Кома[13]. Сальвіучы цытуе яшчэ дзве занатоўкі з езуіцкага архіва: „nato a Lajno“ [Нарадзіў­ся ў Лайна] і „appido Caino“ [з мясцовасці Кайна] і заўважае пры гэтым, што Lajno і Caino існуюць у рэгіёне Брыанца [Brian­­za]. Гэты рэгіён размешчаны таксама блізу горада Ко­ма, на ўсход ад яго. Што датычыцца Вальтэліна, то гэта працяглая даліна ўздоўж ракі Ада, з галоўным горадам Сондрыа, значна далей ад Кома і Мілана, на поўначы ад Бергама.

Такі падрабязны разбор прыдомка Бернардоні мае прынцыповае значэнне па некалькіх прычынах. З ліста генерала ў Неапаль відаць, што лёс Яна Марыі вісеў на валаску: або вяртацца ў Рым, або выпраўляцца ў Мачэрату і станавіцца сакрысціянам (служкай пры касцёле). А мы памятаем — ён марыў стаць архітэктарам! Таму, каб удакладніць звесткі пра Бернардоні, трэба зрабіць дапушчэнне, што дакументы з рымскага архіва не прачытаны як належыць, што пад прыдомкам Вальтэліна меўся на ўвазе зусім іншы манах, таксама Ян Марыя, але не наш, з–пад Кома. Наш жа ва ўсіх іншых цытатах, перад і пасля падзей у Абруца, мянуецца Бернардоні і ніколі Вальтэліна. Магчыма таксама, што менавіта сам Бернардоні нават і не з’яўляўся ў Абруца. Калі ж гэта не так і Бернардоні ўсё ж быў у Абруца і лёс яго вісеў на валаску, то трэба нанова перагледзець праблему дакладнага месца яго паходжання.

Аднак вернемся да самога Бернардоні. Ад 1573 г. на працягу чатырох гадоў мы знаходзім яго ў правінцыі Неапаль. Тут разгортваліся працы пры будоўлях царквы Джэзу ў самім Неапалі (т.зв. „старой“ царквы, замененай пазней на „новую“ Джэзу), а таксама ў горадзе Леча царквы Джэзу і Марыі і дома езуітаў–прафесаў. Праект царквы ў Неапалі выканаў Дж.Трыстана перад сваім ад’ездам у Рым. Замест яго ў 1568 г. працамі кіраваў іншы архітэктар–езуіт, Джавані Дэ Розіс[14]. Паступова будаўніцтва разгортвалася і набывала большую інтэнсіўнасць. Узнікла неабходнасць мець пры архітэктары вопытнага супрацоўніка. Выбралі Бернардоні. Яго імя пастаянна ўзгадваецца ў спісе тубыльцаў неапалітанскай калегіі: „Ioannes Maria Bernardus coad.temp.“[15].

19 жніўня 1575 г. у Рыме памёр Трыстана і генерал Ордэна запатрабаваў прыбыцця туды Дэ Розіса, каб не перапыняць будаўніцтва галоўнага храма іль Джэзу. Нагляд за ўсімі будоўлямі Неапалітанскай правінцыі даручылі Бернардоні. Яго працай, відаць, былі задаволены. Ужо праз два месяцы пасля ад’езду Дэ Розіса галоўны вікары правінцыі пісаў генералу: „Мы радуемся, што Бог ашчаслівіў нас, даючы такога майстра, які быў так неабходны ў дапамогу айцу Джавані [Дэ Ро­зісу]“[16].

Сардынія

Прайшлі яшчэ два гады. 2 кастрычніка 1577 г. генерал Ордэна Меркурыяна напісаў неапалітанскаму правінцыялу Аквавіа пра сваю ўпэўненасць, што „Я.М.Муляр… не праміне пры першай магчымасці выехаць у Сардынію, у якой, дзякуй Богу, наш Ордэн пачынае ўмацоўвацца“[17]. У наступным лісце ад 26 кастрычніка пра канчатковае прызначэнне Бернардоні ў Сардынію генерал дадаў: „Разам з гэтым дасылаю кнігу Вінёлы для Джавані Марыя Муляра“[18].

Гэтаму рашэнню папярэднічала доўгая падрыхтоўка. Яш­чэ ў студзені 1575 г. візітатар Сардыніі дакладаў, што „ёсць патрэба ў добрай царкве як мага хутчэй. А паколькі на гэтым востраве няма архітэктара і нават асобы, якая б разбіралася ў гэтым мастацтве, якое патрабуецца для такой справы, прашу Вас… даслаць да нас на некалькі месяцаў каго–небудзь з адукаваных нашых братоў“[19]. І толькі 20 жніўня 1577 г., мабыць, пасля таго як справы ў Неапалі пайшлі на лад, генерал даў афі­цыйны адказ: „Муляр, якога Вы патрабуеце, здольны быць карысным не толькі у будаўніцтве…, але таксама ў навучанні іншым мастацтвам, так пільным у Вашым краі“[20].

На Сардыніі езуіты з’явіліся каля 1560 г. У гэтага вострава ці­кавая і складаная гісторыя. У канцы I тысячагоддзя да н.э. ім ва­лодаў Карфаген. Тут здавён часу здабывалі і апрацоўвалі ме­талы, што прыцягвала сюды заваёўнікаў. У выніку барацьбы карфагенцаў з фінікійцамі абарыгены былі выціснуты ўглыб во­страва. Трэба адзначыць, што прырода вострава даволі жорсткая. У асноўным гэта гарыстае плато, слаба залесенае, з не­багатай расліннасцю з–за сухасці і гарачыні вятроў; мала рэ­чак, ды й тыя ўлетку бязводныя. Таму выгнаныя ўглыб во­стра­ва мясцовыя жыхары былі асуджаныя на беднасць. У ча­сы рымскіх заваёў (пасля Пунічных войнаў) востраў служыў ме­сцам ссылкі няўгодных і злачынцаў. Загартаваныя суровы­мі ўмовамі сардынцы пасля распаду Рымскай імперыі здолелі ства­рыць ваярскія дружыны, якія нават дапамагалі Рыму зма­гац­ца супраць арабаў. Пазней Рым здзяйсняў патранат над су­верэнным востравам. У ХI ст. пачалася экспансія генуэзцаў і пізанцаў. Апошнія моцна паўплывалі на мясцовае мастацтва.

На працягу ХIV і ХV ст. за востраў змагалася каралеўства Ара­гон. Пад яго ўладай (пазней іспанскай) аднавіліся феа­даль­ныя адносіны, мясцовым правіцелем быў прызначаны ві­цэ–кароль. Іспанскае праўленне доўжылася да пачатку ХVIII ст.[21] Па гэтай прычыне ўсе дакументы, звязаныя з дзейнасцю Бернар­доні на востраве, напісаны на іспанскай мове. Вядома, што сам Бернардоні валодаў ёю — іспанская блізкая да італьянскай, як беларуская да польскай, да таго ж, тэрыторыя Неа­палі­тан­скага каралеўства ў тыя часы таксама належала Іспа­ніі.

Самыя буйныя гарады вострава — Кальяры на поўдні і Сасары на поўначы. Менавіта ў іх езуіты заснавалі свае першыя пляцоўкі. Планавалася таксама будаўніцтва царквы ў мястэчку Бузакі — гэта самы цэнтр вострава. Бернардоні даручылі праектаванне і зачынанне будаўніцтва ў згаданых мясцовасцях. Першы камень царквы св.Міхала ў Кальяры быў за­кладзены ў канцы 1578 г., а ў сакавіку наступнага Бернардоні выслаў у Рым на зацвярджэнне чарцяжы царквы і калегіума для Сасары.[22] Атрымаўшы назад чарцяжы, прагледжаныя ў Рыме, Бернардоні ў лісце да генерала ад 29 ліпеня 1578 г. выказаў нязгоду адносна некаторых заўваг: „Тое, што мне да­слана, мне не падабаецца, бо будзе не вельмі добра, паколькі капліца занадта вялікая“[23].

Нажаль, праектаў Бернардоні для Сардыніі не захавалася, але танальнасць адказу на заўвагі сведчыць пра яго прафесійную ўпэўненасць, набытую пад час працы на востраве. Вядома, што ён не перапыняў дасканаленне свайго майстэрства. Доказ таму — яго ліст да генерала ў траўні 1579 г.: „Я трохі разбіраюся ў матэматыцы, і таму меў бы за ласку, каб айцец Клавіё дапамог мне трошкі некаторымі кніжкамі па–італьян­ску або па–іспанску, або запісамі, таму што гэтыя рэчы дапамагаюць мне ў архітэктуры, і іх так не хапае на гэтым востраве.“[24]

Спадзяванне Бернардоні на дапамогу Клавія паказвае на іх знаёмства. Хрыстафор Клавій (Christopher Clavius, 1538—1612) — знакаміты вучоны свайго часу, матэматык і астраном. Яго імя, вядомае ўсяму свету, у нас мала хто чуў, мабыць, з–за таго, што ён быў езуітам. Яго называлі „Эўклідам XVI стагоддзя“ за выданне ў 1574 г. Эўклідавых „Пачаткаў“ у 15 кнігах, якія перавыдаваліся па ўсёй Еўропе аж да пачатку XVIII ст., існаваў нават іх кітайскі пераклад[25]. Гэта быў не проста пераказ „Пачаткаў“ грэцкага матэматыка (330—275 г.). Клавій уключыў у сваю працу шырокія каментары і дадаў мноства новых рашэнняў і доказаў, а па сутнасці і форме стварыў узорны падручнік матэматыкі. Аднак галоўнай яго справай лічыцца навуковая падрыхтоўка ўвядзення грыгарыян­скага календара ў 1582 г., па якім мы жывем і цяпер.

Клавій сябраваў з маладым Галілеем і падтрымліваў яго назіранні праз тэлескоп, калі іншыя лічылі гэта ілюзіёнам; у адзінае толькі ён не мог паверыць — што на Месяцы ёсць горы. Між тым, яго імем названы адзін з найбуйнейшых месяцавых кратэраў.

Яшчэ адна асаблівасць навуковай дзейнасці Клавія — яго багатае ліставанне з рознымі асобамі: навукоўцамі, каралямі, князямі, вышэйшымі клірыкамі. У яго асабістым архіве захавалася каля трох соцень доўгіх адказаў або зваротаў да яго. Дацкі астраном Тыха Браге маліў Клавія не пісаць так многа, бо не мае часу адказваць.Чытанне гэтай карэспандэнцыі нагадвае сучасным даследчыкам тэлефоннае падслухоўванне праз стагоддзі[26]. Адзін з лістоў да Клавія належыць Бернардоні, але пра гэта пазней.

Архітэктурная творчасць Бернардоні ў Сардыніі, відаць, была плённай і карыснай, хоць будоўляў там ён і не завяршыў[27], бо 3 лютага 1583 г. ужо ў Неапалі Бернардоні аглядаў працы, выкананыя без яго, а 25 ліпеня ў Рыме прысягаў на вернасць Ордэну як коад’ютар: „Я, Ян Марыя Бернардоні, абяцаю ўсёмагутнаму Богу ў прысутнасці прасвятой Дзевы маці Марыі, і ўсёй нябеснай моцы, і вашай Найсвяцейшасці Айцу Ўсёмагутнаму Генералу ордэна Езусовага, які замяшчае Бога, і вашым паслядоўнікам вечную Беднасць, Цноту i Паслушэнства згодна з правіламі, якія ёсць у апостальскіх кнігах і ў законах Ордэна“[28]. Далей яго чакала падарожжа ў Рэч Паспалітую і Нясвіж, што было вызначана яшчэ на два гады раней.

У Рэчы Паспалітай

Па дарозе ў Нясвiж Бернардонi затрымаўся ў Польшчы на тры гады (1583—86): пабыў некаторы час у Познанi, даўжэй у Люб­лiне з кароткiм выездам у Калiш. Ва ўсіх гэтых месцах ён пра­ектаваў калегіумы, але ў Любліне застаўся пры будоўлі. Рэк­тару люблінскага калегіума Варшэвіцкаму ён адразу заявіў, што „ані фартуха муляра не апране, ані кельмы ў рукі не возь­ме, паколькі ўжо адзінаццаць гадоў, як айцец Генерал вы­зваліў яго ад фізічнай працы і што ён быў запрошаны ў Поль­шчу выключна дзеля праектавання планаў і кіравання працамі ў Любліне і па ўсёй правінцыі“. У Рым быў пасланы ліст са скаргай і нават прапановай вяртання неслуха ў Італію: „Et iam videtur magis animum applicare ad ea quae non sunt coadiu­torum. Videlicet ad lectionem librorum non tantum mathe­ma­ticorum sed etiam aliorum“ [„І відаць вялікія душэўныя памкненні, якія не адпавядаюць коад’ютару. Пэўна і тое, што заняты ён чытаннем кніг не толькі матэматычных, але таксама і іншых“] [29]. Варшэвіцкі спрабаваў пераканаць збунтаванага архі­тэктара, патрабуючы ад яго хоць нейкай ручной працы, можа не такой, якую выконваў яго папярэднік, таксама архітэктар, Джузэпе Брыцыо, што „працаваў за двух добрых майстроў“, але хаця б такой, каб падаваць добры прыклад і дзеля ўласнай пакоры[30].

Канчатковае вырашэнне гэтага канфлікту невядомае. Магчыма, Бернардоні падпарадкаваўся вымогам, а магчыма, рэктар пагадзіўся на вызваленне архітэктара ад працы на рыштаваннях з–за пільнай патрэбы ў праектах і нагляду за будоўлямі[31].

За тры гады працы ў Любліне Бернардоні выканаў некалькі варыянтаў праекта калегіума і дома прафесаў, праект драўлянай капліцы, рэканструкцыю школы, праект касцёла ў Калішы, пачаў будаўніцтва касцёла ў Любліне.

Нясвіж

Пра асабiстае жыццё Бернардонi ў Нясвiжы пiсьмовых свед­­чанняў мала. Пасля шматразовых напамінкаў князя Радзі­ві­­ла Сіроткі ў сярэдзіне 1586 г. Бернардоні з’явіўся ў Ня­сві­­жы і адразу прыступіў да галоўнай працы ў сваёй творчасці — праектавання касцёла езуітаў. Адначасова яму даручылі кі­раваць будаўніцтвам ужо запраектаванага ў Рыме калегіума. Праца вялася вельмі хутка: праект касцёла быў скончаны ў тым жа 1586 г., у наступным закладзены фундамент, а ў 1590–м ужо можна было ўзводзіць купал. Аднак гэтую адказную справу не рызыкнулі даверыць Бернардоні. Праз год прыехаў Джузэпе Брыцыо і, пабыўшы тут некалькі восеньска–зімовых месяцаў, ад’ехаў. Мяркуецца, што ён абмежаваўся толькі парадамі для Бернардоні. 1 верасня 1593 г. у гатовым касцёле справілі першае набажэнства, а 7 кастрычніка 1601 г. адбылося яго ўрачыстае асвячэнне, але ўжо без архітэктара.

Кіраўніцтва будоўляй калегіума Бернардоні здзяйсняў у два этапы. Першы заняў 1586—88 г., потым архітэктар цалкам быў заняты на працах пры касцёле, а з 1593 да 1599 г. (да ад’езду ў Кракаў) зноў займаўся калегіумам. Ужо ў 1596 г. Бернардоні паслаў запыт да генерала Ордэна па новае пры­значэнне, палічыўшы асноўную сваю дзейнасць у Нясвіжы завершанай[32]. Яму прыпісваецца аўтарства яшчэ некалькіх пабудоў у самім Нясвіжы і ў ваколіцах[33], але дакументальных спасылак на гэта няма.

Наконт паслядоўнiкаў, якiх у Нясвіжы Бернардонi навучаў бы архiтэктуры, прамых сведчанняў пакуль не знойдзена. Вядома толькi, што ў Нясвiж з Люблiна архiтэктар з’явiўся разам з памочнiкам Мiхалам Рэганам. Апошнi працаваў тут толькi год, потым яго iмя нiдзе не ўзгадваецца[34]. Пра другога кандыдата на вучня — Яна Франкевiча — вядома, што ён быў пры­сланы езуiтамi да Нясвiжа ў 1594 г. у якасцi пекара, а праз пяць гадоў прызначаны кiраваць будоўлямi пасля ад’езду Бернардонi ў Кракаў. З гэтай пары да канца жыцця ў 1627 г. Франкевiч згадваецца як архiтэктар[35].

Кракаў

Бернардоні з’явіўся ў Кракаве ў траўні 1599 г., каб кіраваць будаўніцтвам вялікага езуіцкага касцёла Пятра і Паўла, які пачынаў Дж.Брыцыо, давёўшы фундаменты да ўзроўню зямлі. Бернардоні заставаўся пры будоўлі аж да смерці 19 лістапада 1605 г. Ёсць меркаванне, што прычынай хуткага сканання (ён хварэў 9 дзён) была яго прафесiйная адказнасць. Да таго часу гатовыя былі сцены, скляпенні і дах, які заставалася толькі пакрыць бляхай, але не было яшчэ купала. На гэтым этапе Бернардоні заўважыў нейкія адхіленні ў падмурках, загадаў іх выкопваць і пачаў нешта выпраўляць. Увесну наступнага года, калі Бернардоні ўжо не было, сабралася рада архітэктараў, але прычыну яго пераробак не вызначыла. Будаўніцтва касцёла Пятра і Паўла ў асноўным было завершана ў 1608 г.[36]

Акрамя працы пры касцёле ў Кракаве Бернардоні падрыхтаваў праекты кляштара з касцёлам для францысканцаў у Кальварыі Зэбжыдоўскай і парафіяльнага касцёла ў Зэбжыдовіцах. Кляштар пазней быў значна перабудаваны, парафіяльны касцёл існуе дагэтуль[37].

Астранамічныя загадкі

Бернардоні пакінуў яшчэ адну спадчыну — эпісталярную. Яна невялікая, усяго два лісты, ад іншых лістоў вядомы толькі кароткія выпіскі[38]. Але і тыя захаваныя два лісты вельмі важныя. Абодва яны напісаны ў 1599 г. у Кракаве. Першы, ад 29 ліпеня, адрасаваны Радзівілу Сіротку і захоўваецца ў радзі­вілаўскім архіўным фондзе ў Варшаве[39]. Копія арыгінала, пераклад і каментары да яго ўжо друкаваліся ў 1998 г.[40] Другі ліст ад 1 лістапада быў накіраваны матэматыку і астраному Хрыстафору Клавію і захоўваецца ў зборы яго карэспандэнцыі ў Рыме[41]. Мы падаем тут тэкст гэтага ліста на мове арыгінала (з артыкула Сальвіучы[42]) і беларускі пераклад (гл. дадатак).

У сваім каментары Сальвіучы заўважае, што даследчыкі Бернардоні яшчэ не разглядалі гэты ліст, у той час як спецыялісты па Клавію ўжо праводзілі яго дэталёвы аналіз[43]. Як піша сама аўтарка, „з ліста праяўляецца тон эрудыта і навуковая падрыхтаванасць Бернардоні“.

Невядома, ці мела Сальвіучы пад час напісання свайго артыкула копію ліста Бернардоні да Сіроткі. Наяўнасць двух эпісталярных арыгіналаў архітэктара дазваляе шляхам пера­крыжаванага аналізу высветліць некаторыя эпізоды і характарыстыкі з яго біяграфіі.

Першае, што кідаецца ў вочы пры параўнанні двух лістоў — характар почырку. Ліст да Сіроткі вызначаецца стараннасцю напісання, роўнасцю радкоў і аднолькава вытрыманага між­радоўя. Ліст да Клавія — паспешлівы, радкі часам адхіляюцца ад гарызанталі, маюць розную шчыльнасць паміж літарамі, прапушчаныя словы ўстаўлены ці зверху радка, ці на палях. Яшчэ адна асаблівасць параўнання — уласны подпіс Бернардоні. У лісце да Сіроткі свае імёны і прозвішча ён пачынае з вялікіх літар, а да Клавія — з маленькіх, але ў абодвух выпадках пададзены скарочаны варыянт першага імя — „Gio“. Апошні факт і аднолькавасць графікі кожнай асобнай літары сведчаць пра тое, што абодва лісты напісаны ўласнай рукой Бернардоні, толькі псіхічны стан іх аўтара ў момант напісання лістоў быў розны. Першы дае нам уражанне спакою, раўнавагі, другі — пачуцця ўзбуджанасці. Гэта па­цвярджаецца і зместам апошняга ліста.

Радкі тэксту і перакладу ліста для зручнасці пранумараваны ў адпаведнасці з арыгіналам. Усяго ў лісце 46 радкоў (акра­­мя першага, зваротнага, які цяжка разабраць па фотакопіі, а ў раздрукоўцы Сальвіучы ён апушчаны). Спачатку кароткае прывітанне і пералік наяўных у Бернардоні кніг па матэматыцы і астраноміі. Ад 10–га радка да 18–га ідзе падрабязны разбор астранамічных вымярэнняў рознымі метадамі, потым тры радкі (19—21) збянтэжанасці ад вынікаў гэтых вымярэнняў, радкі 22—23 паўтараюць сэнс радкоў 13—14. Далей — просьба дапамагчы разабрацца ў вылічэннях і пералік сваіх астранамічных інструментаў, ад радка 28 — зноў прось­ба дапамагчы, потым падаецца апісанне часткі неба, бачнай з яго акна, ад 35–га радка чарговая просьба разабрацца ў вылічэннях. Заключны кавалак тэксту (радкі 39—45) пачынаецца з яшчэ адной просьбы пра тлумачэнне новага спосабу разліку даўгаты, а ад 43–га радка — раптоўны, імклівы пераход да развітальных зваротаў.

Асноўная тэма ліста — астраномія. Яна вельмі хвалюе аўтара, прымушае яго паўтарацца, настойваць. Пры чытанні ліста адчуваецца крык душы чалавека, які апынуўся ў тупіковым становішчы. Міжволі ўзнікае думка, ці не была для Бернардоні астраномія галоўным сэнсам жыцця? Пасля пастаноўкі такога пытання ўсе жыццёвыя падзеі архітэктара пачалі выстройвацца ў паслядоўную сістэму.

Спачатку нам неабходна ўсвядоміць тагачаснае ўяўленне Сусвету. Першае, што прыходзіць на памяць — старажытная гравюра, названая „Сумненне“, дзе чалавек на ўскрайку зямлі прабівае галавой нябесную сферу. Мабыць, такім цікаўным сумніўцам быў і Бернардоні. Яшчэ на радзіме, прыглядаючыся да неба, ён мог пачуць дзіўную назву „Strada di Roma“. Так на поўначы Італіі называлі Млечны Шлях — „Дарога да Ры­ма“[44]. І сапраўды, у познюю восеньскую пару там Млечны Шлях скіраваны на Рым. Бернардоні з’явіўся ў „вечны горад“ 19 студзеня і рушыў да яго, напэўна, недзе ў кастрычніку ці лістападзе — ад Кома да Рыма па сучасных дарогах 650 км.

Але гэта толькі пачатак яго „зорнага шляху“. Знаёмства бу­дучага архітэктара з матэматыкам Клавіем, напэўна, адбы­ло­ся тут, у Рыме і замацавалася адной незвычайнай астра­на­міч­най з’явай. Маецца на ўвазе сонечнае зацьменне 2 чэрвеня 1567 г. –– акурат тады, калі Бернардоні працаваў пры будоўлі іль Джэзу, а Клавій быў кансультантам па разліках гэтай бу­доў­лі. Няцяжка ўявіць уражанне, якое перажыў малады майстар (яму было каля 26 гадоў) пры агляданні чорнага дыска, акай­маванага цудоўным эліптычным ззяннем, слухаючы пры гэ­тым тлумачэнні мудрага знаўцы нябесных спраў. Апісанне за­цьмення вядомае з ліста Клавія да іншага знакамітага аст­ра­нома — Тыха Браге[45]. На падставе гэтага падрабязнага і да­кладнага апісання сучасныя астраномы зрабілі выснову, што сонца сціскаецца, бо пры цяперашніх назіраннях сонечнага зацьмення заўважанай Клавіем эліпснай кароны ўжо няма[46].

Другую нябесную з’яву Бернардоні таксама не мог прамінуць, знаходячыся ў Сардыніі. На гэты раз начное неба ўпрыгожвала вялікая камета, якая расцягнулася са сваім хвастом ад сузор’я Стральца да Казярога. Бляскам яна перавышала Венеру і заставалася бачнай ад сярэдзіны лістапада 1577 г. да сту­дзеня наступнага года[47].

Аднак непасрэднае назіранне незвычайных касмічных з’яў яшчэ не гарантавала спазнання Сусвету. Бернардоні жыў у эпоху нараджэння новых астранамічных паняццяў. Яшчэ па­ўсюд­на панавала геацэнтрычная мадэль сонечнай сістэмы Пта­­ламея. Тэорыя Каперніка хоць пакуль і не забаранялася, але ставілася пад сумнеў. Тыха Браге (1546—1601), знакаміты астраном таго часу, пад цяжарам такога сумневу стварыў сваю, прамежкавую паміж пталамеевай і капернікавай, сістэму, якая толькі заблытвала справу. Павінны былі з’явіцца Кеплер, Галілей і іншыя, каб навесці хоць нейкі парадак у „нябесным царстве“, але гэта адбылося ўжо пасля смерці Бернардоні.

Што датычыцца вызначэння даўгатых зорак, аб чым так тур­баваўся Бернардоні ў сваім лісце, то ўжываныя на тую па­ру прыёмы і табліцы разлікаў (якіх было нямала) грашылі знач­­най недасканаласцю. Пры астранамічных вымярэннях так­са­ма вялікае значэнне мае веданне дакладных геаграфічных каардынатаў месца назірання. Спосаб разліку па экліптыцы Месяца, пра які ўзгадвае Бернардоні, больш дасканалы за ін­шыя, але на той час ён яшчэ не меў значнага распаўсюджання.

Пасля раскрыцця астранамічных памкненняў Бернардоні становяцца зразумелымі яго паводзіны ў Любліне пад час адмовы ўзяць кельму ў рукі. Верагодна, раніцай, пасля начных пошукаў у нябёсах, архітэктар выглядаў не надта бадзёрым. Каб канчаткова яго абудзіць, яму загадалі ісці на рыштаванні і падаваць прыклад іншым працаўнікам. Напэўна, у яго заўважылі кнігі па астраноміі і палічылі іх „непрафесійнымі“, пра што і дакладалася генералу Ордэна езуітаў. Аднак Бернардоні працягваў мужна бараніць свой „нябёсны свет“ ад разбурэння і паўсюдна настойваў, што кнігі па астраноміі і матэматыцы прыносяць яму „molto a caro“ [вялікую карысць].

Ёсць падставы меркаваць пра ўдзел Бернардоні як матэматыка і астранома ў стварэнні знакамітай „Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага“, апублікаванай у 1613 г. і актуальнай на працягу двух стагоддзяў. Вядома сцвярджэнне даследчыкаў старажытнай картаграфіі пра тое, што „ў навуковай падрыхтоўцы карты бралі ўдзел езуіты, пратэктарам і дабрачынцам якіх быў князь Сіротка“[48]. Найбольш інтэнсіўная падрыхтоўка згаданай карты прыпадала на 1596—99 г.[49].  Акурат у 1596 г. Бернардоні далажыў генералу Ордэна пра тое, што асноўную працу ў Нясвіжы ён скончыў і чакае новых прызначэнняў. Але выехаў архітэктар з Нясвіжа толькі праз тры гады. Паўстае пытанне: чым жа ён тады займаўся, калі не архітэктурай? Цяпер мы ведаем, што матэматыка і астра­номія былі ўлюбёнымі заняткамі Бернардоні. І яго ўдзел у падрыхтоўцы знакамітай карты становіцца амаль бясспрэчнай высновай.

„Кіеўскі альбом“ — аўтарская спадчына

Архітэктурных чарцяжоў, выкананых Я.М.Бернардоні, да гэтай пары не выяўлена. У рукапіснай Книге, включающей в себя планы, фасады, детальные чертежи различных зданий конца XVI в., выяўленай праф. Г.Галенчанкам у Кіеве, знайшліся беларускія рэаліі. У „Кіеўскім альбоме“ можна налічыць сем аб’ектаў (касцёл і калегіум езуітаў, замак Радзівілаў, ратуша, семінарыя ў Нясвіжы, палацык у Альбе, касцёлы ў Клецку і Гародні), аўтарства якіх прыпісваецца Бернардоні[50]. Дапаўняюць гэты спіс яшчэ сем культавых пабудоў у Нясвіжы і ваколіцах, вызначаныя па ўскосных дадзеных і аналагах (кляштары бенедыктынак і бернардзінцаў, шпіталь, капліцы Рафала і Лазара ў Нясвіжы, касцёлы ў Новым Свержні і Міры[51].

Аднак пасля знаёмства з новымі біяграфічнымі фактамі цяжка ўявіць, каб італьянскі архітэктар, апантаны пошукамі неба, мог абцяжарыць сябе праектаваннем вялікай колькасці пабудоў рознага характару не толькі ў Нясвіжы і ваколіцах, але і значна далей. Ані перад Нясвіжам, ані пасля яго Бернардоні не працаваў так шматгранна, як яму часам дапіс­ваюць.

Можа, „зоркавая хвароба“ італьянца і не з’яўляецца важкай падставай скарачэння колькасці пабудоў, ім запраектаваных. Аднак трэба ўлічваць таксама іншыя довады і факты. Па–першае, яго значную занятасць і адказнасць пры ўзвядзенні нясвіжскага касцёла Божага Цела, з–за чаго ён нават прыпыніў на некалькі гадоў будаўніцтва калегіума[52].

Па–другое, тэза пра ўдзел Бернардоні ў будаўніцтве ня­свіж­­скага замка Радзівілаў з’явілася на свет з артыкула поль­ска­га даследчыка Ф.Маркоўскага, напiсанага ў 30–я г. мiнулага ста­годдзя, а надрукаванага яшчэ праз трыццаць гадоў[53]. Аднак мала хто спасылаецца на крытычныя заўвагi па гэтым ар­ты­куле А.Грушэцкага, вядомага польскага спе­цыя­лiста па гiс­то­рыi фартыфiкацыi, аб тым, што Бер­нар­донi не меў анi вопыту, анi часу займацца праектаваннем умацаваных комплексаў[54].

Па–трэцяе, выкарыстанне мэтаду аналагаў па планах і асобных дэталях для атрыбуцыі аўтарства мае вельмі хісткія падставы. У разгляданую эпоху трыманне стылю або імкненне да яго было вельмі пашырана. Архітэктары лічылі натуральным і нават неабходным капіяваць дасягненні больш вопытных майстроў. І, як мы бачым на прыкладзе самога Бернардоні, вандраванне будаўнікоў па свеце было даволі інтэн­сіўным. Аднак сустракаюцца раз–пораз у сучасных даследчыкаў паспешлівыя высновы пра аўтарства на падставе падабенства. Так, будаўніцтва касцёла св.Казіміра ў Вільні прыпісваецца таксама таму ж Бернардоні[55], хоць будаваў яго ад пачатку і да канца ў 1604—1616 г. яго вучань Ян Франкевіч[56].

І, нарэшце, па–чацвёртае, запыт самога Бернардоні да генерала Ордэна пра свой далейшы лёс абмяжоўвае магчымасць яго шырокай архітэктурнай дзейнасці, паколькі працу ў Ня­свіжы ўжо ў 1596 г. ён лічыў завершанай[57]. Пасля ад’езду Бернардоні ў Кракаў у 1599 г. завяршальнымі працамі на касцёле і калегіуме езуітаў у Нясвіжы кіраваў Ян Франкевіч. Магчыма, перад гэтым Бернардоні навучаў архітэктуры не толькі Франкевіча, але і іншых здольных мясцовых людзей, якія потым узводзілі пабудовы як у самім Нясвіжы, так і навокал.

„Кіеўскі альбом“ — графалогія

Наяўнасць двух арыгінальных лістоў Бернардоні павінна дапамагчы нам у вызначэнні аўтарства „Кіеўскага альбома“. У свой час мною быў зроблены кароткі лінгвістычны аналіз надпісаў пры чарцяжах альбома. Сутнасць яго зводзілася да таго, што надпісы ў альбоме зроблены на польскай мове з характэрным для ХVI ст. фанетычным запісам, маюць беларускія дыялектныя адхіленні і ніводнага адхілення ў граматыцы, уласцівага іншаземцу[58]. Тут трэба дадаць, што перад з’яўленнем у Нясвіжы (дзе напэўна пачаў стварацца альбом) Бернардоні тры гады (1583—86) знаходзіўся на этнічна польскіх землях (Люблін, Познань, Каліш) і не мог пачуць столькі беларушчыны, каб яе засвоіць. Таксама няма пацверджанняў таго, што ён валодаў польскай мовай — інакш не пісаў бы ліст да Радзівіла Сіроткі па–італьянску. Гэта першы довад таго, што надпісы ў альбоме рабіў не Бернардоні, а нехта іншы, з мясцовых, г.зн. беларус па паходжанні.

Другі довад на карысць аўтарства „Кіеўскага альбома“ за іншай асобай, а не за Бернардоні, выводзіцца з параўнання почыркаў у альбоме і разгляданых лістах. Як ужо адзначалася вышэй, аднолькавасць графікі кожнай асобнай літары сведчаць пра тое, што абодва лісты, нягледзячы на некаторыя структурныя адрозненні, выкліканыя псіхічным станам у момант іх складання, напісаны ўласнай рукой Бернардоні. У надпісах з альбома кідаецца ў вочы больш вертыкальная па­става літар, шыротны абрыс і даволі няпэўная іх графіка ў па­раў­нанні з выпрацаваным, упэўненым почыркам у лістах. Пастаянна адзначаецца адрознае напісанне асобных літар, асабліва „g“, „h“, „p“, „r“, „z“.

Што датычыцца зместу саміх надпісаў пры чарцяжах „Кіеў­скага альбома“, то такія заўвагі, як „tu ma bic obnoga. Alem ya yei nie ułożił“ [тут павінна быць абнога (?), але я яе не памясціў][59], „Ale ya tu risował“ [Але я тут рысаваў][60], „A yam ye risował yako murawone“ [А я яе рысаваў як мураваную][61], то іх пісаў той, хто чарцяжы накрэсліў. І напэўна гэта быў не Бернардоні. Калі б нават дапусціць яго аўтарства, то ўзнікае пытанне — дзеля чаго і для каго складаўся альбом? Для сябе? Нашто тады рабіць надпісы на чужой мове? Для князя Ра­дзівіла? Але той цудоўна валодаў італьянскай мовай. Як справаздача для кіраўніцтва Ордэна езуітаў? Не падобна. Гэта трэці довад таго, што альбом складаў не Бернардоні. Хоць прафесар Е.Кавальчык і лічыць аўтарам альбома Я.М.Бернардоні, ён дапускае і тое, што альбом ствараўся як рукапісны дапаможнік для маладога навучэнца архітэктуры, або выкананы самім вучнем, магчыма, Янам Франкевічам[62].

„Кіеўскі альбом“ — структура

Перад канчатковым вызначэннем прыналежнасцi „Кіеў­скага альбома“ неабходна прааналiзаваць яго структуру. Вялiкую дапамогу тут аказваюць грунтоўны разбор прафесара Г.Галенчанкі па пагінацыі і вадзяных знаках паперы[63], а таксама каментары прафесара Е.Кавальчыка да кожнага чарцяжа разглядага альбома[64].

У альбоме 72 аркушы, не лічачы 2, наклееных на вокладку, вадзяныя знакі ёсць на 35 з іх. Нажаль, ніхто з да­след­чыкаў не прагледзеў, колькі сшытачкаў у альбоме і дзе яны сутыкаюцца. Трэба ўлічваць, што пры сшыўцы альбома зыходны аркуш перагінаўся на 2 меншых і вадзяны знак мог заставацца толькі на адной палове аркуша. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ўсе аркушы маюць вадзяныя знакі.

Умоўна альбом падзяляецца на тры часткi. Першая трэць, да аркуша 25, запоўнена чарцяжамі беларускіх помнікаў і перамалёўкамі з трактатаў Паладыё, асноўны вадзяны знак — „Ostoja“. Другая трэць (аркушы 26—51) запоўнена выключна перамалёўкамі з трактатаў Блюма з двума пазнейшымі дамалёўкамі ці ўстаўкамі (а.28v і 50v), большасць аркушаў мае той самы знак „Ostoja“, а ў канцы некалькі аркушаў са знакам „Topór“ і дзве выявы з Вінёлы. Апошняя трэць — гэта перамалёўкі з Вінёлы і Сэрліа, знакі „Topór“ і „Jelita“ з адзінкавымі ўстаўкамі іншай паперы. Уражанне такое, што альбом складаецца з трох сшыткаў: першыя два да ліста 45 уключна з паперы „Ostoja“, трэці — з „Topór“, „Jelita“ і пары іншых.

Згодна з меркаваннем Г.Галенчанкі, папера са знакам „Ostoja“ выраблялася ў Уздзе ў 1591—93 г., „Topór“ датуецца 1575, 1587 і 1589 г., „Jelita“ — 1593 г. Звычайна папера на складах не залежвалася — у першыя два гады каля 70% яе прадавалі[65]. Адсюль ніжняя дата альбома абмяжоўваецца 1593 г. Час стварэння альбома яшчэ больш удакладняецца прысутнасцю ў ім перамалёвак з Блюма, трактат якога ўпершыню быў выдадзены ў 1596 г. у Цюрыху[66]. Малюнкі з гэтага выдання з’яўляюцца ў альбоме на аркушы 26v са знакам „Ostoja“. Таму можна нават удакладніць, што альбом быў пачаты менавіта ў гэтым, 1596, годзе, калі Бернардоні палічыў сваю працу ў Нясвіжы завершанай. Яго паслядоўнік быў ужо вызначаны — Ян Франкевіч. Верагодна, апошнія 3 гады прысутнасці італьянца ў Нясвіжы былі прысвечаны канчатковаму фармаванню здольнага вучня.

„Кіеўскі альбом“ — графіка

На першы погляд „Кіеўскі альбом“ можна акрэсліць як рабочы сшытак архітэктара–прафесіянала канца ХVI ст. Так ён быў успрыняты першымі яго даследчыкамі. Сапраўды, у альбоме прысутнічаюць чарцяжы як мясцовых (г. зн. беларускіх) пабудоў, так і копіі з вядомых архітэктурных трактатаў. Зразумела, што перамалёўкі з трактатаў рабіліся дзеля прафесійнага ўдасканалення.

Аднак чаму ў выпадку прызнання за альбомам рабочага ха­рактару спачатку ідуць праекты і толькі потым дасканаленне? Гэта першае пытанне. Другое: чаму па мясцовых пабудовах пададзены адзінкавыя чарцяжы і калі іх нават некалькі па ней­кім адным будынку, то прадстаўлены яны на розных ста­рон­ках альбома (нясвіжскі замак — а.3v, 4v,15v, 16; касцёл — а.7, 17v, 18, 18v, 21,22; калегіум — а.20, 24)? І, нарэшце, трэцяе: калі мы ведаем, што альбом створаны не раней за 1596 г., а ў Нясвіжы ўжо былі ўзведзены сцены езуіцкага касцёла і калегіума, то нашто было іх праектаваць?

З усіх выказаных пытанняў выводзіцца адзін адказ — чарцяжы ў „Кіеўскім альбоме“ не праектныя, а паўторныя. А паколькі яны размешчаны ўперамежку з прыкладамі з розных архітэктурных трактатаў, то, напэўна, яны навучальныя. Больш за тое, асобныя аркушы проста прамаўляюць пра іх вучнёўскі характар.

У часе прагляду альбома–арыгінала ў Кіеве мною была звернута ўвага на тое, што пад наклейкай аркуша 5 ёсць нейкі чарцёж. Яго ўдалося скапіяваць без адрыву верхняга чарцяжа настолькі дакладна, наколькі дазвалялі ўмовы, каб не нанесці ніякай шкоды альбому (малюнак 1). Там аказаўся план палаца Радзівіла, аналагічны змеш­­чанаму на аркушы 16, нават тэкст надпісу па­добны. Але ёсць два зна­кавыя адрозненні. Па–першае, план пад за­клейкай разгорнуты ўваходам да га­ры, а не да ні­зу, як прынята ў архітэктурных чарцяжах. Па–дру­гое, вуглавыя алькежы–вежачкі звонку не гра­нёныя, як на аркушы 16, а круглыя. Тое, што гэты варыянт плана за­клее­ны, сведчыць — выканаўца чарцяжа меў ад кагосьці заўвагу на памылкі і перара­біў чар­цёж нанова, а памылковы варыянт заклеіў выявамі комінаў.

Другі прыклад вучнёўства маем на лісце 3v з выявай фасада таго ж палаца (малюнак 2). Асабліва выразна праяўляецца непрафесійнасць выканаўцы пры адлюстраванні франтона: няўмела накрэслена цагляная парадоўка (параўнай тое ж з ліс­том 6), адсутнічаюць ніжні і сярэдні кар­нізы, незразумелым застаецца размяшчэнне і форма верхняга акна накшталт мін­далю. Апошняе, на­пэўна, вы­нік перспектыўнай дэфармацыі: калі пазіраць на франтон зблізу, то дэталі знікаюць або скажаюцца — цяжка адасобіць мноства карнізаў; круглае акно ператвараецца ў вуглаваты эліпс.

Нарэшце, трэці прыклад вучнёўства знаходзіцца побач, на аркушы 4. На ім паказаны тры квадраты — адзін у другім і ў трэцім. На вонкавым квадраце па перыметры два ланцужкі лічбаў — знешні парадкавы ад 1 да 73, другі ланцужок пад першым, памножаным на 2. Другі квадрат заштрыхаваны. Унутраны квадрат падзелены на сетку ў 12Ч12 ячэек, якія запоўнены чатырма парамі лічбавых слупкоў. У першай пары размешчана табліца множання лічбы 28 на цотную з паловай арыфметычную прагрэсію (г.зн. 0,5Ч28; 2,5Ч28; 4,5Ч28…), у другой — множанне тых жа 28 на няцотную прагрэсію, у трэцяй — на няцотную з паловай, у чацвёртай — на цотную. У кожным левым слупку пададзены множнікі, палова цэлага па­значана рысачкай (напр. 20 азначае 20,5); у правым слупку — вынік множання.

Вынікі множання запісаны ў табліцы правільна. А вось множ­нікі ў левым слупку кожнай пары маюць збіўку пры канцы слупка. У першай пары прастаўлена 25 замест 22, у другой — 23 і 26 замест 21 і 23, у трэцяй — 23 і 26 замест 21 і 23, у чацвёртай пары — 24 і 27 замест 22 і 24. Відаць, не вельмі пільны, але кемлівы вучань уцяміў, што ва ўсіх парах слупкоў кожны наступны вынік множання адрозніваецца ад папярэдняга на 56. Але яму абрыдла пільнаваць парадак запісу множнікаў і ён пачаў збівацца.

Па ўсім відаць, што тут пададзена матэматычная гульня, прызначаная навучыць множанню лічбаў з дробамі. Сюжэт гульні можна ўявіць як рыцарскі турнір або аблогу замка. Звонку лічбы–гледачы рознага рангу, або войска, потым роў, а за ровам на двары замка б’юцца лічбы–рыцары. У нашым выпадку вучань у канцы кожнага бою не спраўляецца з завяршэннем паядынка і яго чакае кара. А магчыма, тут ставілася іншая задача, напрыклад, разлік прапорцый, і запазычана матэматычная гульня з падручніка Клавія[67] — ніхто гэтага пакуль не правяраў.

Сярод чарцяжоў архітэктурных ордэраў і дэталяў, скапіяваных з трактатаў ХVI ст. Паладыя, Блюма, Вінёлы і Сэрліа, сустракаюцца спрашчэнні ў параўнанні з арыгіналамі (аркушы 54v—59v), вызначаныя прафесарам Е.Кавальчыкам у каментары да альбома як выкананыя або вучнем, або памочнікам Бернардоні[68].

Трэба аднак адзначыць, што вучань, які складаў сшытак, быў даволі таленавітым рысавальшчыкам, пра што сведчыць аркуш 70 з адвольнымі малюнкамі архітэктурных і фігуратыўных матываў, т.зв. „проба пяра“.

Заключэнне

Пры знаёмстве з гэтым артыкулам у некаторых чытачоў можа ўзнікнуць уражанне, нібыта аўтар імкнецца давесці нейкую праўду, аспрэчвае высновы іншых даследчыкаў, настойвае на перамене назвы альбома з чарцяжамі ХVI ст., знойдзенымі ў Кіеве. Але, у рэшце рэшт, не ў назве справа. Больш за тое, прыпісанне альбома Яну Марыі Бернардоні справакавала актыўную цікавасць да асобы італьянскага архітэктара і эпохі, у якую ён тварыў. Розныя погляды і палеміка адносна некаторых з’яваў толькі павялічваюць значнасць тэмы, пашыраюць кола даследчыкаў і поле для іх пошукаў.

Як відаць з папярэдняга аналізу, прапанаванага ў артыкуле, цудоўны італьянскі зборнік артыкулаў пра Бернардоні ўзняў мноства нявырашаных пытанняў. Не менш пытанняў узнікне пры знаёмстве з дадзеным аналізам — ніхто не можа прэтэндаваць на канчатковае слова. Неяк сучаснік Бернардоні, знакаміты астраном Тыха Браге казаў:

„У паветраных прасторах нябеснага свету нічога не мяняецца, нябёсы і нябесныя целы не растуць і не змяншаюцца, яны не падвяргаюцца ніякім зменам ані па колькасці, ані па выгляду, ані па ззянню, ані ў якіх іншых адносінах, не мяняючыся з гадамі“[70].

Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя такога ўяўлення пры­трымліваўся фізік А.Эйнштэйн. Цяпер мы ведаем, што гэта не так.

Магчыма, Ян Марыя Бернардоні ўглядаўся ў начное неба, каб знайсці сваю зорку і захавацца на ёй назаўжды. Не знайшоў. Ягонаму сябру і настаўніку Хрыстафору Клавію пашанцавала болей — імя яго ёсць на Месяцы. Аднак зорны шлях Бернардоні не быў марны. Ён пакінуў свой след у пабудовах, якія з’яўляюцца зоркамі не апошняй велічыні на небасхіле помнікаў архітэктуры Беларусі і Польшчы. Як выдатны настаў­нік, ён скіраваў на зорны шлях архітэктуры, здаецца, не аднаго толькі Яна Франкевіча, пра што даведаюцца будучыя да­следчыкі. Нарэшце, ён павінен заняць пачэснае месца ў спісе выдатных астраномаў свайго часу, які, хоць і не зрабіў значных адкрыццяў, але напэўна сваёй дапытлівасцю спрыяў пашырэнню і паглыбленню ведаў пра Сусвет.

Напярэдадні 400–годдзя з дня смерці архітэктара, якое прыпадае на 19 лістапада 2005 г., пажадана ўшанаваць яго памяць праўдзівай павагай — такой, якую ён сапраўды заслужыў.

Дадатак

(ліст Бернардоні да Клавія ад 1.10.1599).

1. L’anno passato ho ricevuto una di V R con la quale mi consolai asai

2. per intendere della bona salute di V. R. et se V. R. Desidera

3. di sapere dela mia he asai bona laus deo. Et il simile spero

4. di V. R. Nella letera che V. R. mi scrisi mi promise di mandar-

5. me un libro di giometria opera di V. R. Quando io laverт me sarа

6. molto a caro quanto a libro de astrolabio che io domandavo gio non

7. me ne curo perche giа lo veduto et lo autto per doi setimane;

8. quanto a libro che si ciama radio latino me venuto ale mane in presto de

9. l’architeto del rи et perche eri me lo impresto non lo ancora ben

10. esaminato, giа alcune altre volte ho scrito a V. R. circa la longitu-

11. dine dele Stelle ma mai neo autto vera certezza da niscuno ma io isteso

12. mene sono certificato perche io o fato lo oservatione de alcune stelle delle princi-

13. pali verbi grada larturo nella facia del planisfero ada esere

14. nel 17. gra. della libra ma nella rette delastrolabio ada esere nel 2.

15. grado del la corona nela facia sta nel 5. grado de et nela rette

16. del 20 et 30 minuti del medesimo , cauda cigni nela facia

17. sta nel 5. minuto deli pesci et nela retta ada esere nel 4. grado

18. del — et cosм de molte altre stelle dele quale io ne poso ben far

19. fede per averle io osservate diligentisimamente, per questo io desiderarla molto

20. di sapere perchй queste stelle nela facia del planisferio sono atanti grandi di lon-

21. gitudine et nela rette in altri gradi verbi gratia come ho detto del

22. arturo che nela facia e a 17 gradi dela — et nela rette ali 2.

23. del . Si che mai ho potuto trovare chi me labia saputo dicerare

24. siche se V. R. me decerara questo misterio molto me sarа acaro.

25. Li in Roma viene il fratello Alberto Ciarnacoschi il qual’ dirа da me

26. quello che lui a visto et deli miei strumenti matematici cioи astro-

27. labio comune et il planisferio del giema frisio et uno stromento de

28. tute le longitudine per tutto il mondo. Adeso che vine lanvernata

29.   voglio con la gratia del Signore far di novo la oservatione

30. di alcune stelle perche adeso tengo le finestre dela mia camera verso il mezo di bene

31. evero che la lira et lumero di aurga cioи lirco dificile le potrт oser-

32. vare nela linea meridiana per esere le dette stelle molto alte perche

33. lirco qua a cracovia pasa giusto per il zenit et la lira non si discosta

34. se non 11. gradi et mezo, sia lo che se sia di quele che potrт fare

35. comodamente lo faro di poi lo farа intendere a V. R., et se V. R.

36. sa qualche bel modo per oservare de longitide oltro quelo che

37. io so V. R. melo facia sapere che lo avero molto acaro dico le longitu-

38. dine delle stelle nel zodiaco.

39. Medesmamente per oservare le longitudine delle regioni

40. desiderarei di sapere oltra quelo dele eclipse dela luna

41. perche frate ignatio dante promise de discerire il modo di

42. oservare dette longitudine dele regini per altra via che per

43. le eclipse, ma perche non voglio eser piщ longo con questo facio

44. fine con ricomendarme molto ale orationi et sancti

45. sacrificii di VR di cracovia il primo di

46. octobre 1599.

1. Год мінуў як атрымаў я ад Вас [ліст], якім Вы мяне супакоілі, даючы

2. зразумець пра Вашае добрае здароўе, і калі Вы жадаеце

3. ведаць пра маё, дык я чуюся добра, дзякуй Богу і таго ж спа­дзяюся

4. для Вас. У лісце, які Вы мне напісалі, Вы абяцаеце даслаць

5. Вашую кнігу па геаметрыі, якая ў маёй працы будзе

6. вялікай дапамогай, што датычыцца кнігі па астралябіі, пра якую я пытаўся, то

7. яна мяне ўжо не турбуе, паколькі яе ўжо аглядаў і карыстаю два тыдні;

8. а таксама кнігу пад назвай геаметрыя лацінская мне часцяком выдае на рукі

9. каралеўскі архітэктар, і паколькі мне толькі ўчора яе пазычылі, то яшчэ добра

10. яе не прагледзеў. Ужо нейкім іншым разам чуў — ад Вас тое–сёе пра даўгату

11. зорак, аднак нічога новага ад нікога я не маю і ў гэтым

12. [пытанні] мала ўпэўнены, паколькі я назіраў некалькі зорак па

13. правілах вуглоў: Арктур упрост на нябеснай сферы меў

14. 17 градусаў ад Вагаў, а згодна з астралябіяй 2 градусы

15. ад (Скарпіёна); Карона мае ўпрост 5 градусаў ад , а па разліку

16. 20 і 30 хвілін ад таго ж ; ад Хваста (Дэнеб) Лебедзя наўпрост

17. ёсць 5 хвілін ад Рыбаў, а па разліку было 4 градусы

18. ад (Вадалея); і так па большасці іншых зорак, па якіх я не магу даць

19. рады, між тым я рабіў старанныя назіранні, таму я жадаю добра

20. разабрацца, чаму тыя зоркі на нябеснай сферы маюць такую вялікую

21. даўгату, а па разліку па правілах іншыя градусы, як ужо ўзгадвалася пра

22. Арктур, які наўпрост мае 17 градусаў ад (Вагаў), а па разліку 2

23. ад . А паколькі нікога не знаходжу, хто мог бы мне дапамагчы зразумець,

24. то звяртаюся да Вас патлумачыць гэтую з’яву, што было б мне вельмі карысна.

25. У Рым прыязджае брат Альбэрт Чэрнякоўскі, які раскажа мне

26. пра тое, што ў Вас убачыць і пра мае прыборы, асабліва пра астра­лябію

27. звычайную і нябесную сферу giema frisio і інструмент

28. спецыяльна для даўгаты па ўсім свеце. Як усё высветліцца,

29. жадаю з дапамогай Пана аднавіць назіранні

30. іншых зорак, паколькі зараз маю акно маёй келлі акурат пасярод

31. погляду на сузор’е Ліра і святло Aurga (Вега), г.зн. Лірку з цяжкасцю можна

32. назіраць уздоўж мерыдыяну з–за таго, што тая зорка значна вышэй, таму што

33. ў Кракаве яна праходзіць акурат праз зеніт і Ліра не адыходзіць далей

34. за 11 градусаў з паловай; як той або іншы спосаб, які мог бы палічыць

35. для сябе зручным, будзе зразумела ад Вас і калі Вы ведаеце

36. спосаб вызначэння даўгаты іншы ад таго, які я ведаю,

37. Вам значна лягчэй зразумець, што гэта будзе вялікай дапамогай пры выяўленні

38. даўгаты зорак задыяку.

39. Таксама пры вылічэнні мясцовай даўгаты

40. пажадана зразумець болей пра экліптыку месяца,

41. паколькі брат Ігнацы Дантэ абяцаў паказаць спосаб

42. аблічэння мясцовай даўгаты адрозны ад

43. экліптычнага, але паколькі не жадаю працягваць з гэтай справай,

44. канчаю са словамі бязмежнай падзякі за прыгожыя

45. словы і святую ахвярнасць з Вашага боку з Кракава першага

46. кастрычніка 1599.

Зорны шлях Яна Марыi Бернардонi


[1] Wielewicki J. Dziennik spraw domu zakonnego oo.Jezuitów u Św.Barbary w Krakowie. T. I. Kraków, 1881. S.101, 129—130, 235, 267—268; Załęski St. Jezuici w Polsce T.IV, Kraków, 1905. S.136, 750.
[2] Квитницкая Е.Д. Архитектура (Белоруссии) XVII в. // Всеобщая история архитектуры. Т. 6. Москва, 1968. С.489; Чантурия В.А. История ар­­хитектуры Белоруссии. Дооктябрьский период. Минск, 1969. С. 49, 78.
[3]Книга, включающая в себя планы, фасады, детальные чертежи различных зданий конца XVI в.“ пад шыфрам 721/589. На час знаходкі гэта быў аддзел рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя В.І.Вернадскага Акадэміі навук Украінскай ССР.
[4] Габрусь Т. Архитектурное проектирование в Белоруссии. У истоков //Строительство и архитектура Белоруссии. 1990. №4. С.36—38; Яна ж. Новыя звесткі аб грамадзянскіх пабудовах Нясвіжа канца XVI ст. //Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння. Мінск, 1994. С.169—179; Габрусь Т., Галенчанка Г. Правераная алгебрай гармонія. Пачатак архітэктуры новага часу на Беларусі // Мастацтва Беларусі. 1990. №5. С. 70—75; Тыя ж. Скарбы старажытнага альбома // Навіны Беларускай Акадэміі. 13 і 20 чэрв. 1990. С. 6; Галенчанка Г. Альбом Бернардоні: Новая крыніца да гісторыі архітэктуры і будаўніцтва ў Нясвіжы (канец XVI— пачатак XVII ст.) // Ад Полацка і Нясвіжа да Падуі і Венецыі. Мінск, 1994. С. 79—86.
[5] L’architetto Gian Maria Bernardoni sj tra l’Italia e le terre dell’Europa centro–orientale (a cura di Sante Graciotti e Jerzy Kowalczyk). Roma, MCMIC [1999]. Экзэмпляр кнігі ёсць у Навуковай бібліятэцы НАН РБ імя Я. Коласа ў Мінску.
[6] Змест зборніка падрабязна разгледжаны ў рэцэнзіі Алеся Жлуткі. Гл.: БГА. Т. 7 (2000). Сш. 1(12). С. 257—263.
[7] Kałnin V. Vučnioŭski sšytak // Naša Niva. 1993. №18. S. 6—7; Калнін В. Архітэктар Я.М.Бернардоніпрадвеснік барока на Беларусі // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мінск, 1998. С. 124—139.
[8] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano di Giovan Maria Bernardoni //L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 3.
[9] Всеобщая история архитектуры. Т. 5. Москва, 1967. С. 236; Pevsner N. Historia architektury europejskiej (przekł. z angielskiego). Warszawa, 1976. S. 229.
[10] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 9. Магчыма, што паездка ў Мілан была выклікана затрымкай будаўніцтва рымскай іль Джэзу і по­шукамі новага архітэктара. Вяртанне Бернардоні ў пачатку 1567 г. у Рым Сальвіучы тлумачыць згортваннем прац езуітаў у Мілане з пры­­чыны пераводу калегіі ў Брэду (Salviucci Insolera L., Il periodo ita­liano… P. 10). З другога боку, да выезду з Мілана вымушала аднаў­лен­не будаўніцтва іль Джэзу пасля таго, як аўтарам яе становіцца Вінёла. Ва ўсіх даведніках будаўніцтва царквы датуецца 1568—1584 г.
[11] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 10—11.
[12] Тамсама. P. 2.
[13] Калнін В. Архітэктар Я.М.Бернардоні… С. 127.
[14] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 11.
[15] Тамсама. P. 12.
[16] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 13.
[17] Тамсама. P. 13.
[18] Тамсама. P. 8.
[19] Тамсама. P. 14.
[20] Тамсама. P.15.
[21] Encyclopaedia Britannica. V. 19. London—Toronto, 1962. P. 992—994.
[22] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 15.
[23] Тамсама. P. 17.
[24] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 5—6.
[25] Clavius Chr. „Euclidis Elementorum Libri XV“ (Rome 1574, 1589, 1591, 1603, 1605; Frankfort 1612; Cologne, Frankfort, Amsterdam 1617, 1627, 1654, 1663, 1717). Цытуецца па http://www.faculty.fairfield.edu/jmac/sj/clavius.htm
[26] http://www.faculty.fairfield.edu/jmac/sj/clavius.htm
[27] Poplatek J., Paszenda J. Słownik jezuitów artystów. Kraków, 1972. S. 83.
[28] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 3—4.
[29] Kowalczyk J. Il codice dei disegni del Bernardoni e la loro genesi europea //L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 83.
[30] Paszenda J. Bernardoni in Polonia // L’architetto Gian Maria Ber­nar­doni… P. 26.
[31] Тамсама. P. 27.
[32] Paszenda J. Bernardoni in Polonia… P. 30
[33] Bernatowicz T. Le chiese del Bernardoni nel Ducato di Njasviž // L’archi­tetto Gian Maria Bernardoni… P. 39—55.
[34] Poplatek J., Paszenda J. Słownik jezuitów artystów. Kraków, 1972. S.183.
[35] Paszenda J. Bernardoni in Polonia… P. 36—37.
[36] Paszenda J. Bernardoni in Polonia… P. 31—32.
[37] Тамсама. P. 33.
[38] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 6.
[39] Archiwum Glówne Akt Dawnych, Archiwum Radziwiłłów, dz.V, listy, teka 15, N 590.
[40] Калнін В. Архітэктар Я.М.Бернардоні С.129—130, 139.
[41] Archivio Pontificia Universitб Gregoriana, Fondo Clavio, 529, ff.110—111v.
[42] L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 20—21, ill.1.
[43] Baldini U. — Napolitani P.D. (a curia di), Christoph Clavius: corris­pon­denza, Pisa 1992, IV, 1 Lettere e testi, pp. 92—93, N.156; IV, 2 Note, pp. 49—50. Цытуецца па: Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 6.
[44] Карпенко Ю.А. Названия звездного неба. Москва, 1981. С. 18.
[45] Белый Ю.Н. Тихо Браге. Москва, 1982. С. 28.
[46] http://www.faculty.fairfield.edu/jmac/sj/clavius.htm
[47] Белый Ю.Н. Тихо Браге… С. 134—135.
[48] Alexandrowicz St. Rozwój kartografii Wielkiego księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku. Poznań, 1989. S. 79.
[49] Тамсама. S. 84.
[50] Gabrus’ T. L’architettura in Bielorussia nel XVI secolo alla luce del codice di Bernardoni // L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 58—65.
[51] Paszenda J. Bernardoni in Polonia // L’architetto Gian Maria Ber­nar­doni… P. 27.
[52] Paszenda J. Bernardoni in Polonia // L’architetto Gian Maria Ber­nar­doni… P. 26.
[53] Markowski F. Zamek Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki w Nieświeżu. // Kwartalnik architektury i urbanistyki, t.IX, z.2. Warszawa, 1964. S.185—192.
[54] Gruszecki A. Fortyfikacja zamku w Nieświeżu // Kwartalnik architektury i urbanistyki, t. X, z. 2. 1965. S. 141—145.
[55] Adamonis T., Čerbulėnas K. Lietuvos TSR dailės ir architektūros istorija. D. 1. Vilnius, 1987. P. 204.
[56] Poplatek J., Paszenda J. Słownik jezuitów… S. 111.
[57] Paszenda J. Bernardoni in Polonia… P. 30.
[58] Калнін В. Архітэктар Я.М.Бернардоні. С. 132.
[59]Книга, включающая в себя планы…“, а. 3v.
[60] Тамсама, а. 6v.
[61] Тамсама, а. 22v.
[62] Kowalczyk J. Il codice… P. 89.
[63] Galenčanka G. L’„album di Bernardoni“. Descrizione generale // L’archi­tetto Gian Maria Bernardoni… P. 68—71.
[64] Codice Bernardoni. Catalogo dei disegni // L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 96—165.
[65] Galenčanka G. L’„album di Bernardoni“… P. 70—71.
[66] Kowalczyk J. Il codice… P. 84.
[67] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 5—6.
[68] Kowalczyk J. Il codice… P. 85—89.
[70] Максимович Б.А., Комаров В.Н. В звёздных лабиринтах. Москва, 1978. С. 17.

Наверх

Кшыштаф Касажэцкі. Бітва пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 г.

Снежня 17, 2004 |


Казацкае паўстанне ў 1648 г. адкрыла сабою доўгі перыяд войнаў, з якога пачаўся заняпад магутнасці Рэчы Паспалітай. У 1654 г. вайну з апошняй распачаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч. У Маскве яшчэ задоўга да таго звярталі ўвагу на слабасць Рэчы Паспалітай, што абяцала магчымасць рэваншу за паразы пачатку XVII ст. Поспехі царскіх войскаў у 1654—1655 г. перасягнулі самыя смелыя спадзяванні. Удалося захапіць амаль усё Вялікае Княства Літоўскае разам з Вільняю. Марш царскіх арміяў быў прыпынены толькі ўваходам улетку 1655 г. у польскія межы шведаў, чыёю мэтай, сярод іншага, было — загарадзіць пераможнай Маскве дарогу да балтый­скага ўзбярэжжа. Шведскае нашэсце прывяло да паразумення Рэчы Паспалітай з Масквою, якая глядзела на экспансію скандынаваў без сімпатыяў. 3 лістапада 1656 г. у Нямежы пад Вільняю было заключана замірэнне. Рэч Паспалітая пагаджалася на вельмі цяжкія ўмовы — напрыклад, прызнавала за царом тытул вялікага князя літоўскага, пагаджалася з ягонаю ўладай над украінскімі і беларускімі землямі, забавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Масква затое спыняла ваенныя дзеянні супраць яе і распачынала ў Інфлянтах вайну са шведамі. У выніку дамовы значная частка маскоўскіх войскаў пакінула землі на захад ад Бярэзіны і на поўдзень ад Дзвіны[1]. Аднак у Вільні, Коўне, Горадні маскоў­скія гарнізоны засталіся.

Рэч Паспалітая пагадзілася на такія цяжкія ўмовы толькі з прычыны шведскай пагрозы. Калі гэтая пагроза аддалілася, Рэч Паспалітая пачала рабіць захады дзеля пераможнага заканчэння вайны з Масквою. Варшаве ўдалося перацягнуць на свой бок казакоў: у верасні 1658 г. у Гадзячы была заключана унія, паводле якой новы казацкі гетман Іван Выгоўскі разам з казакамі станавіўся на бок польскага караля. Ініцыятыўнасць палякаў, няўступлівасць і заваёўніцкія амбіцыі Масквы хутка выклікалі моцны рост напружання ў стасунках паміж абе­дзвю­ма дзяржавамі. У такой атмасферы ў сярэдзіне года пад Вільняю распачаліся чарговыя перамовы[2]. У прынцыпе або­два бакі імкнуліся да сутыкнення. Рэч Паспалітая разлічвала на хуткую перамогу пры падтрымцы казакоў. Першапачатковыя ўдачы, аднак, перакрэсліла параза войскаў Вялікага Княства Літоўскага пад Веркамі 21 кастрычніка 1658 г. Перамовы сарваліся, і вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай разгарэлася зноў. Цар прыступаў да яе з лепшых пазіцый, бо ў снежні 1658 г. заключыў замірэнне са шведамі, адмовіўшыся ад змагання за доступ да Балтыкі. Такім чынам, ён мог накіраваць усё сваё войска супраць Рэчы Паспалітай, якая надалей скіроўвала свае галоўныя намаганні супраць шведскіх войскаў. Таму ў Беларусі расійцы вельмі хутка здушылі шляхецкіх і казацкіх паўстанцаў, а ва Ўкраіне скінулі Выгоўскага.

Гэтыя паразы, а таксама няспынная вайна са Швецыяй схілілі Рэч Паспалітую напрыканцы 1659 г. распачаць перамовы з царом. Было спадзяванне не столькі дасягнуць пагаднення, колькі выйграць час і запыніць ваенныя дзеянні маскоў­скіх ваяводаў, пакуль будуць ісці перамовы. Гэта дало б магчымасць выгадна скончыць мірныя перамовы са Швецыяй, якія якраз пачыналіся, а потым кінуць усе сілы супраць Масквы. Расійцы добра разумелі гэтую гульню і пагаджаліся на перамовы, але не збіраліся спыняць ваенныя дзеянні, якія павінны былі дадаткова ціснуць на Рэч Паспалітую і вымусіць яе прыняць усе царскія ўмовы. Таму, зусім нечакана для поль­ска–літоўскага боку, у момант, калі камісары абодвух бакоў распачалі перамовы, з Полацка на безабаронныя беларускія землі рынула армія князя Івана Хаванскага.

Яна здабыла багата поспехаў. Хаванскі пайшоў праз Віль­ню, а па дарозе некалькі разоў сустракаў харугвы ВКЛ і разганяў іх; ён заняў Горадню, увайшоў на Падляшша, заняў Берасце, выразаўшы абаронцаў горада і зграмаджаную там шляхту. Падобна, што ён меўся ісці аж на Варшаву, але стомленасць ягоных войскаў, а перадусім канцэнтраванне сілаў ВКЛ (пад камандаю гетмана вялікага літоўскага Паўла Сапегі) і Кароны (пад камандаю рускага ваяводы Стэфана Чарнецкага) прымусілі яго ў першыя дні лютага 1660 г. адысці да Наваградка[3]. Там ён распачаў аблогу фартэцыі ў Ляхавічах, пад якой і стаяў аж да канца чэрвеня.

Тым часам становішча Рэчы Паспалітай выразна палепшала. 3 траўня 1660 г. яна заключыла ў Аліве мір з Швецыяй і магла цяпер скіраваць усе свае сілы супраць Масквы. Паколькі на Падляшшы ўжо была сабраная армія Чарнецкага і значная частка войскаў ВКЛ, пастанавілі як найхутчэй ўдарыць па арміі Хаванскага. Да такога рашэння каралеўскі двор схіляла як слушная ацэнка вагі небяспекі з гэтага боку ў выпадку ўзмацнення сілаў Хаванскага, так і нараканні і пагрозы ліцвінаў, якія гвалтоўным чынам дамагаліся ратунку для сваёй айчыны.

Ужо ў красавіку на каралеўскім двары было вырашана, што наступ на Хаванскага распачнецца 15 чэрвеня. У апошнія дні траўня ў Варшаве прайшоў шэраг ваенных нарадаў з удзелам караля, Чарнецкага і Сапегі. Было вырашана, што войскі выступяць 12 чэрвеня, хоць яшчэ трэба было канчаткова супакоіць літоўскіх жаўнераў, бо тыя бунтаваліся[4]. Напачатку меркавалася пакінуць камандаванне ў руках аднаго Чарнецкага, аднак урэшце кіраванне войскамі ВКЛ кароль даручыў Сапегу[5]. Літоўскія харугвы правага крыла пачалі збірацца пад Суражам на Нарве, каля 50 км на паўднёвы ўсход ад Беластока[6]. Меркавалася таксама адклікаць з Курляндыі левае крыло арміі ВКЛ, а блакаваннем маскоўскіх гарнізонаў у замках у Вільні, Коўне, Горадні, Берасці, Чадосах мелася пасля адыходу рэгулярных войскаў заняцца мясцовая шляхта[7].

Чарнецкі рыхтаваўся да наступу ў сваім лагеры пад Казя­ра­дамі. Раз за разам ён высылаў раз’езды, якія даносілі, што мас­коўскія войскі працягваюць стаяць пад Ляхавічамі. Як толь­кі прыйшла вестка, што фармаванні ВКЛ гатовыя, рускі вая­вода выступіў са сваімі харугвамі ў напрамку Мсцібава. У гэ­тыя ж ці наступныя дні свае аддзелы вывеў на марш і Сапега[8].

Вельмі важная і разам з тым надзвычай складаная праблема — ацэнка колькасці войскаў, якія ўзялі ўдзел у бітве пад Палонкаю. Польскія і літоўскія аўтары дзённікаў і рэляцыяў пра бітву падаюць вельмі завышаныя лічбы войскаў, асабліва маскоўскіх. Аднак акрэсліць прыблізную колькасць жаўнераў абедзвюх арміяў мы можам паспрабаваць на падставе іншых крыніц.

Найбольшыя цяжкасці ўзнікаюць пры вызначэнні колькасці войскаў князя Хаванскага. Цяжка прыняць звесткі адной маскоўскай крыніцы пра 5 тыс. жаўнераў, з якімі ён нібыта рушыў супраць 20 тыс. палякаў[9]. З годных веры рэляцыяў князя Багуслава Радзівіла, якія дайшлі да нашых дзён, мы ведаем, што ў снежні 1659 г. армія Хаванскага налічвала 11 500 чалавек і 12 гармат. Спіс баявых адзінак паказвае відавочную перавагу аддзелаў іншаземнага строю[10]. Лічбу гэтую пацвяр­джае падкаморы смаленскі Ян Антоні Храпавіцкі, пішучы пра прыход 19 лістапада 1659 г. у Вільню Хаванскага і 10 тыс. маскоўскага войска з 15 гарматамі[11]. Зімовыя і вясновыя ваенныя ня­годы ў спустошанай краіне вялі да няспыннага спаду коль­кас­ці жаўнераў. У другой палове студзеня вестка пра войска Ха­ванскага была атрымана ад сына царскага ваяводы Афанасія Ардын–Нашчокіна, які ўцёк у ВКЛ. Згодна з Ардын–Нашчо­кі­ным, царскі военачальнік, які стаяў тады пад Берасцем, меў уся­го 6 тыс. чалавек, у тым ліку толькі 3 тыс. добрых жаўнераў[12]. Увесну 1660 г. з ваколіц маскоўскага лагера, раскінутага тады пад Ляхавічамі, таксама даходзілі весткі пра слабасць ар­міі Хаванскага. Іх прыносілі высланыя на перамовы кара­леў­­скія камісары, якія знаходзіліся паблізу, і слугі Б.Радзівіла са Слуц­ка. Колькасць войскаў князя ўвесну ацэньвалася ў 5000—7600 чал.; да гэтага дадавалася, што яны пакутуюць ад голаду, хваробаў і дэзерцірства[13]. Пад канец траўня маскоў­скія палонныя і ўцекачы з лагера Хаванскага таксама налічвалі ў ягоным войску 5988 жаўнераў[14], дадаючы, што ў хо­дзе штурмаў пад Ляхавічамі, пад час вылазак абаронцаў, сутычак з раз’ездамі і ў выніку ўцёкаў з абозу войска страціла не менш як 2 тыс. чалавек.

Вельмі часта Хаванскі прасіў у цара падмацаванняў. Больш–менш сур’ёзнай успамогі ён дачакаўся толькі 19 траўня; у крыніцах яна ацэньваецца ў 3 тыс. чалавек. Гэта, напэўна, быў згаданы ў крыніцах аддзел з 2 тыс. пяхоты, падзеленай на тры прыказы, і да 1 тыс. конніцы. Новапрысланыя пяхотнікі панеслі, аднак, вялікія страты пры няўдалым штурме Ляхавіч 24 траўня[15]. З паказанняў палонных было таксама вядома, што Хаванскі мае два палкі, якія называліся „польскімі“. Гэта быў полк Рамана Аскеркі, які налічваў 200 коней, і Фларыяна Слонскага — 390 коней. Яны складаліся з прысяжнай шляхты ВКЛ. Значная частка гэтай шляхты была незадаволена службаю і выконвала яе пад прымусам. Адслужыўшы належныя дзве чвэрці, шмат хто пакідаў лагер, разносячы весткі пра стан арміі Хаванскага[16]. Нямала шляхты засталося, аднак, у маскоўскім войску, бо пазней мы сустракаемся з ёю ў бітве пад Палонкаю.

6 чэрвеня 1660 г. у маскоўскі лагер прыбыло больш за 2400 жаўнераў, сабраных з гарнізонаў Полацка, Віцебска, Смаленска, Быхава і Магілёва, на чале з князем Сямёнам Ільічом Змеевым; палонныя, узятыя з царскай арміі, дадавалі ў сваіх паказаннях, што яшчэ 2 тыс. жаўнераў у дарозе[17]. Ад­дзелы Змеева Хаванскі адразу накіраваў пад Нясвіж, што знаходзіўся непадалёк[18]. Пра прыход у лагер пад Ляхавічамі ін­шых падмацаванняў нам невядома. Каралеўскія камісары, якія знаходзіліся адносна недалёка — у Менску — і рэгулярна кантактавалі з Хаванскім, ацэньвалі ягоную армію разам з гэтым падмацаваннем у няпоўныя 9 тыс., ясна падкрэсліваючы ў лістах каралю і кіраўніцтву Рэчы Паспалітай яе слабасць — „A co się tknie potęgi nieprzyjacielskiej wszystkiego wojska dziewię­ciu tysięcy nie masz, a więcej ludzi non sperantur“ [А што ты­чыцца непрыяцельскай моцы, усяго войска дзевяці тысяч няма, а больш людзей не спадзяюцца]. Камісары дадавалі, што цяпер найлепшы час, каб „frangere potentiam nieprzyja­ciela, która jest słaba, posiłki błahe, a o drugich nie słychać[19] [зламаць сілу непрыяцеля, якая слабая, падмацаванні кволыя, а пра іншыя не чуваць].

Вось жа, можна прыняць, што напярэдадні бітвы пад Палонкаю пад маскоўскімі сцягамі стаяла каля 8,5—9 тыс. жаўнераў. За пару дзён да самой бітвы яны панеслі вялікія страты ў баях з кароннымі аддзеламі пад Слонімам і ў сутычцы з літоўскім раз’ездам. Да таго ж, трохі жаўнераў пакінулі пад Ляхавічамі, разам з хворымі і параненымі. Такім чынам, на полі бітвы магло стаць нават крыху меней за 8 тыс. маскоў­скіх жаўнераў[20]. Затое, як вельмі часта зазначаецца ў крыніцах, царскі военачальнік валодаў моцнай артылерыяй.

Трэба адзначыць, следам за Багуславам Радзівілам, што ў царскай арміі было надзіва шмат рэйтараў, то бок войскаў іншаземнага строю. Адпаведныя адзінкі складаліся з дробнай маскоўскай шляхты. Пяхоту князь Радзівіл дзеліць на тую, што „ў сярмягах“, і на стральцоў. Пад першай, магчыма, мелася на ўвазе нерэгулярная пяхота, якую складалі сяляне з тэрыторыі ўсяе дзяржавы; стральцы ж былі досыць элітарным утва­рэннем, якое паступова трансфармавалася на ўзор іншаземнай пяхоты. Вось жа, належыць прызнаць, што армія, якую Іван Хаванскі позняй восенню вёў на захоп Літвы, была арміяй навачаснаю. На 70% яна складалася з адзінак, узброеных і арганізаваных на заходнееўрапейскі ўзор. У траўні 1660 г. князь атрымаў вышэйзгаданую падтрымку ў выглядзе трох прыказаў маскоўскіх стральцоў, навучаных і ўзброеных падобным жа чынам. У гэтым не было нічога дзіўнага. У сярэ­дзіне XVII ст. у маскоўскай арміі адбываліся глыбокія рэформы, якія праз колькі дзесяцігоддзяў зрабілі яе адной з наймацнейшых і найбольш навачасных арміяў Еўропы[21]. Баяздольнасць войскаў Хаванскага, аднак, у значнай меры была пада­рвана вялізнаю стомаю ад шматмесячных ваенных нягодаў.

Што да сілаў Рэчы Паспалітай, якія бралі ўдзел у бітве, то найлягчэй, дзякуючы працам Я.Вімэра[22], вызначаецца склад і колькасць войскаў Стэфана Чарнецкага. У чэрвені 1660 г. дывізія рускага ваяводы налічвала пад Палонкаю 4723 баявыя стаўкі, ад іх адымаем „сляпых“ і атрымаем каля 4250 жаўнераў. Гэтую лічбу складалі дзве гусарскія харугвы — караля (201 конь) і Чарнецкага (184 кані), 30 казацкіх, татарскіх, валашскіх харугваў і адна харугва казакоў–выборцаў [seme­nów]. Да гэтага трэба дадаць рэгімент і тры харугвы драгунаў і рэгімент рэйтараў.

Найбольшыя цяжкасці стварае для нас літоўская частка каралеўскай арміі. У бітве пад Палонкаю бралі ўдзел харугвы правага крыла, левае ж крыло ваявала са шведамі ў Курляндыі. З 1659 г. да студзеня 1660 г. яму дапамагаў выдзелены з правага крыла корпус на чале з Аляксандрам Палубінскім. У лютым гэты корпус вярнуўся на Падляшша. Спіс накіраваных туды адзінак вядомы, так што мы можам прыблізна акрэсліць іхнюю колькасць. З улікам панесеных стратаў можна прыняць, што ў чэрвені 1660 г. корпус Палубінскага налічваў няпоўныя 3,5—4 тыс. чалавек.

Асаблівы клопат выклікаюць тыя харугвы правага крыла, якія не пайшлі ў Курляндыю і заставаліся на мяжы 1659 і 1660 г. расцярушанымі паміж Бярэзінай і Падляшшам. Яны панеслі страты, прайграўшы шэраг сутычак з войскамі Хаванскага, да таго ж іх дэмаралізавалі бунтаўнічыя настроі. Перад пачаткам наступу, на сыходзе вясны 1660 г., вялікаму гетману ўдалося сабраць бальшыню гэтых харугваў на Падляшшы. Не было, аднак, таямніцай, што фармаванні гэтыя досыць куртатыя [dość kuse][23]. На падставе часта зусім гіпатэтычных пасылак і далейшых падлікаў — з прычыны адсутнасці крыніц — я мяркую, што Павел Сапега ў чэрвені 1660 г. мог мець пры­бліз­на 2,5—3 тысячаў жаўнераў, а харугвы, якія раней біліся пад камандаваннем Палубінскага ў Курляндыі, наліч­валі каля 3,5 тыс. жаўнераў. Агулам перад бітваю пад Палонкаю было крыху больш за 6 тыс. жаўнераў ВКЛ. Разам з дыві­зіяй рускага вая­воды, што налічвала 4250 жаўнераў, гэта давала каля 10500 чалавек войска, якое мелася выступіць супраць аддзелаў князя Івана А. Хаванскага[24].

Не падлягае сумненню, што з пункту гледжання баявога досведу, дысцыпліны і высокага баявога духу, не падарванага яшчэ канфедэрацкімі настроямі, найвышэйшы ўзровень у гэтым войску прадстаўлялі каронныя аддзелы Чарнецкага. Тут служылі ветэраны баёў з праціўнікам усходняга тыпу, у якіх за плячыма былі і гады змаганняў з шведамі і брандэнбуржцамі. 35,5% дывізіі складалі адзінкі іншаземнага строю. Гэта былі галоўным чынам драгуны, якія валодалі значнай агнявой сілай і маглі пры неабходнасці біцца і як пяхота. Чарнецкі, сам здольны ваявода, меў у сваёй дывізіі цэлую плеяду выдатных военачальнікаў ніжэйшага рангу. Яны выдатна ўмелі камандаваць як раз’ездамі ў некалькі соцень коней, так і буйнейшымі групамі харугваў, выконваючы самастойныя заданні на полі бітвы. У дзённіках, якія вялі жаўнеры Чарнецкага, чуваць аптымізм і вера ў хуткую перамогу над Масквою.

Найбольш каштоўнымі аддзеламі ў войску ВКЛ, несумненна, былі тыя, што вярнуліся разам з Палубінскім з Курляндыі. І ўсё ж да войскаў Чарнецкага іхняя якасць не дацягвала. Яе зніжалі шматлікія паразы ў змаганні з маскоўскімі войскамі ды проста нявера ў тое, што гэтага праціўніка ўвогуле можна адужаць. Нястача здольных камандзіраў сярэдняга ўзроўню, якіх у Януша Радзівіла было яшчэ нямала, толькі паглыбляла гэты стан. Дэмаралізаванае паразамі, нястачай платы жаўнерам, сваркамі сярод уласнага начальства ды інтрыгамі каралеўскага двара, літоўскае войска ўвесну 1660 г. лёгка паддалося канфедэрацкім настроям. Пераадолець гэты стан удалося толькі напярэдадні выступу, што да самага канца не дазваляла Чарнецкаму быць упэўненым у настроях літоўскага войска. Таму нічога дзіўнага, што ў чэрвені 1660 г., калі арміі з’ядналіся, ініцыятыва дзеянняў належала каронным войскам, хоць яны і былі колькасна меншыя. Гэтаксама камандаванне над усімі войскамі на полі бітвы перайшло ў рукі рускага ваяводы, хоць на землях ВКЛ, згодна з правам, вярхоўнае камандаванне належала гетману вялікаму літоўскаму Паўлу Сапегу і яно фармальна заставалася ў ягоных руках. Ніхто з ліцвінаў у той час супраць гэтага не пратэставаў. Вяршэнства Чарнецкага было прызнана, і на каронныя падмацаванні, якія нарэшце прыбылі пасля такога доўгага чакання, ускладаліся вялікія надзеі.

Абмінуўшы 23 чэрвеня Мсцібаў, Чарнецкі пайшоў на Сло­нім — прыблізна за 35 км на ўсход. Набліжацца да яго ён пачаў 24 чэрвеня. Чарнецкі вельмі спяшаўся, бо даведаўся, што ў горад якраз прыбыў моцны аддзел маскоўскіх войскаў — 200 жаўнераў[25]. Па дарозе быў усталяваны кантакт з арміяй ВКЛ, якая якраз дайшла да Жыровіч паблізу Слоніма. Перш чым абодва войскі шчыльней паядналіся, Чарнецкі вырашыў заняць Слонім і разбіць варожы аддзел.

Жыхары горада перажывалі драматычныя хвіліны. Маскоўскія жаўнеры даволі доўга не ўсведамлялі, што да горада набліжаюцца войскі непрыяцеля. Неўзабаве, аднак, гэтая вест­ка абрынулася на іх, як гром з яснага неба[26]. Яны вырашылі даць адпор, арганізаваўшы абарону ў горадзе. Цалкам магчыма, што яны не ўяўлялі сабе сілы войскаў, з якімі збіраліся біцца. Яны, напэўна, прымалі іх за яшчэ адзін буйны польскі або літоўскі раз’езд, — адзін з тых, якія апошнім часам нярэдка заязджалі ў гэты край. З ранейшага досведу расійцы выдатна ведалі, што мясцовае насельніцтва спрыяе палякам і ліцвінам. Не давяраючы яму, яны вырашылі пазбыцца жыхароў Слоніма, пазабіваўшы іх. Перапалоханая шляхта беспаспяхова намагалася запэўніць расійцаў у сваёй адданасці. Лю­дзей пачалі заганяць у сінагогу, каб спаліць усіх жыўцом. Адбывалася мноства жахлівых сцэнаў, шмат людзей страціла жыццё ад рук царскіх жаўнераў, падобна што п’яных[27]. На шчасце, хутка падышла дапамога, якая перашкодзіла ра­сійцам здзейсніць іхнія планы. Чарнецкі 24 чэрвеня выслаў моцны аддзел пад камандаваннем асецкага старасты Адама Чарнкоўскага. Маскоўскіх жаўнераў, мабыць, набліжэнне гэтых харугваў заспела знянацку, і яны выйшлі з места, каб даць палякам бой у полі[28]. Тыя, аднак, іх разграмілі; пэўным чынам ім дапамаглі слонімцы, якіх маскоўцы кагадзе мардавалі. Назаўтра пад Слонім падышоў яшчэ адзін маскоўскі раз’езд, які налічваў 600 коней, і — мабыць, неспадзявана для сябе — наткнуўся на пераважныя каронныя сілы. Тыя, лікам тысяча чалавек, рушылі ў атаку гэтым разам, магчыма, пад камандаю Паляноўскага — і паблізу места раптоўна абрынуліся на ра­сій­цаў. Апошнія доўга адбівацца не сталі і кінуліся наўцёкі. За імі пагналіся праз горад па мосце цераз раку Шчару і палажылі трупам 400 непрыяцеляў. 18 палонных, узятых у абе­дзвюх сутычках, выслалі каралю[29].

Набліжэнне каралеўскіх войскаў стала для Хаванскага нечаканасцю. Ён даведаўся пра яго толькі ў самы апошні момант, ад уцекачоў–недабіткаў з–пад Слоніма, і напачатку спадзяваўся, што гэта проста яшчэ адзін моцны раз’езд[30]. Хутка, аднак, дзякуючы ўцекачам з–пад Слоніма ён усвядоміў сапраўдную сілу праціўніка. Таму толькі 26 чэрвеня Змееў, які дзейнічаў пад Нясвіжам, паводле загаду Хаванскага зняў з гэтага горада аблогу. Абозы ён адправіў за Нёман, а сам, спаліў­шы лагер, рушыў пад Ляхавічы да Хаванскага. Злучыўшыся, яны 27 чэрвеня выступілі супраць арміі Рэчы Паспалітай, спадзеючыся заспець яе знянацку на маршы і разбіць[31].

Пад час баёў пад Слонімам ці крыху пазней адбылася су­стрэча Чарнецкага з Сапегам, на якой быў узгоднены план супольных дзеянняў. Гетман літоўскі выслаў наперад з–пад Жыровічаў моцны раз’езд — 13 харугваў на чале з Самуэлем Кміцічам і Станіславам Ліпніцкім[32].

Тым часам занепакоены Хаванскі выслаў у бок праціўніка, што набліжаўся, моцны раз’езд на чале з Нашчокіным, напэўна Астафіем. Раз’езд нібыта налічваў аж 2 тыс. жаўнераў (хоць гэтая лічба абсалютна непрымальная)[33]. Абодва раз’езды су­стрэліся 27 чэрвеня на лясной паляне на ўсход ад Слоніма. Ліцвіны, убачыўшы такога моцнага непрыяцеля, напачатку спужаліся і ўжо думалі, што маюць справу з усёй сілай Хаванскага. Да Чарнецкага і Сапегі, што стаялі з войскам непадалёк, паслалі просьбу аб дапамозе. У страху перад магчымасцю новай паразы Павел Сапега адразу даў падмогу і адначасна паслаў просьбу да рускага ваяводы, каб той таксама памог як найхутчэй[34]. Тым часам расійцы, бачачы перад сабой ліцві­наў, якіх прывыклі перамагаць, смела рушылі на іх. Літоўскія харугвы, аднак, адбіваліся гэтак зацята, што паспелі падысці літоўскія і каронныя падмацаванні. Іхняе прыбыццё аказалася для расійцаў поўнай неспадзяванкаю. Пасля нядоўгага су­праціву яны пусціліся наўцёкі да места Мыш у напрамку пазіцый Хаванскага[35]. Ліцвіны гналіся за ўцекачамі ажно да ваколіцаў гэтага горада, узяўшы багата палонных і правёўшы заадно глыбокую разведку непрыяцельскіх войскаў.

Занепакоены гэтымі падзеямі, Чарнецкі на працягу дня пад­няў астатняе войска на марш у напрамку месца бою паміж раз’­ездамі. Улічваючы верагоднасць бітвы, вазы і прыпасы па­кі­нулі на месцы. Яшчэ ў той самы дзень, напэўна ўвечары, вой­ска стала на полі нядаўняй бітвы, паблізу ад вёскі Палон­кі[36]. У любую хвіліну чакалі сустрэчы з арміяй Хаванскага, та­му ахову паставілі моцную, а жаўнеры ляглі спаць у поўнай зброі. На працягу ночы з 27 на 28 чэрвеня ў лагер вярталіся з пе­раможнай пагоні літоўскія харугвы, ведучы з сабою маскоў­скіх палонных. Тыя паказалі, што пад Мышшу сабраліся вой­скі лікам 3 тыс. жаўнераў. Нейкі час Чарнецкі разважаў, ці маг­чыма іх атакаваць. Неўзабаве, аднак, стала не да таго. На зол­ку прывялі аднаго мясцовага шляхціча, які прыбыў у лагер, каб данесці, што Хаванскі з усім сваім войскам выйшаў з ля­хавіцкага лагера і знаходзіцца ўжо зусім блізка ад каралеў­скіх войскаў. Гэта адразу ж пацвердзіў другі шляхціч, які прынёс аналагічную вестку[37]. Пасля паспешлівай нарады войска пабудзілі, перавялі бліжэй да вёскі Палонкі ў лукавіне аднайменнай ракі і пачалі строіць яго ў баявыя парадкі[38].

Мясцовасць, на якой мелася разыграцца бітва, выглядала вельмі спецыфічна. Гэта была ўзгоркаватая раўніна. У найніжэйшым яе месцы плыла невялікая рэчка Палонка. Бегла яна не наўпрост, а робячы каля аднайменнае вёскі шырокую луку радыусам каля 2 км, куды і зайшлі каралеўскія войскі. Нягле­дзячы на малыя памеры і нешырокае рэчышча, з абодвух бакоў рака мела шырокія, вельмі забалочаныя ўзбярэжжы. Пасуху цераз яе можна было перайсці толькі грэбляю ў непа­срэднай блізіні ад вёскі Палонкі. Гэта быў фрагмент тракту, які ішоў з захаду ў напрамку Менска, перасякаючы лукавіну ракі. Праз няпоўныя два кіламетры на ўсход ён зноўку перасякаў раку па другой грэблі, вакол якой неўзабаве і разыграліся падзеі. Крыху ніжэй і вышэй гэтай другой грэблі існавалі два не надта зручныя брады, якія можна было скарыстаць для пераправы войскаў. Адзін з іх знаходзіўся на вышыні літоўскіх пазіцыяў, а другі — каронных. Тэрыторыя ў лукавіне Палонкі мела форму ўзвышша з пакатымі адхонамі да берагоў. Частку войскаў можна было схаваць за гэтым узвышшам ад Хаван­скага, які набліжаўся з усходняга напрамку. Сухапутны праход на рачную лукавіну быў амаль цалкам замкнёны лесам.

Войска пачалі паспешліва строіць а шостай гадзіне раніцы[39]. Паставіць яго ў досыць нявыгаднае становішча ў лукавіне балоцістай ракі вырашылі, мабыць, пад уплывам нечаканай весткі пра хуткае набліжэнне ворага. Рака і яе балоцістае ўзбярэжжа аберагалі ад неспадзяванага ўдару і прымушалі Хаванскага прыпыніць наступ. Выйграны час і натуральная перашкода дазвалялі каралеўскім войскам упарадкаваць шэрагі і пераадолець страх перад грозным непрыяцелем. Аднак у выпадку паразы і ўзнікнення панікі гэтая пазіцыя хавала ў сабе вялікую небяспеку. Вузкім шляхам для адступлення магла служыць хіба толькі грэбля ў тыле каралеўскіх войскаў. Цяжка, аднак, уявіць сабе, як вялікія масы войска ўцякаюць праз такую нязручную пераправу. Яшчэ адзін шлях магчымых уцёкаў з рачной лукавіны ляжаў вышэй за левае крыло войскаў ВКЛ; ён вёў па сушы вельмі вузкім праходам паміж забалочаным рэчышчам Палонкі і лесам, што загароджваў выхад з рачной лукавіны. Гэты шлях быў вельмі небяспечны, бо ў выпадку перамогі Хаванскага на крыле ВКЛ маскоўскія аддзелы маглі яго вельмі лёгка перакрыць. Вось жа, пазіцыя, занятая каралеўскімі войскамі раніцой 28 чэрвеня, бараніла іх ад раптоўнага нападу, аднак у выпадку паразы ператваралася ў смяротную пастку. Яна катэгарычна патрабавала ад Чарнецкага і Сапегі энергічных наступальных дзеянняў, каб ініцыятыва ў бітве не перайшла ў рукі праціўніка і не выклікала ў войсках Рэчы Паспалітай замяшання, наступствы якога былі б проста непрадбачныя.

Ліцвіны сталі на поўнач ад грэблі, а каронныя войскі — на поўдзень. Грэбля апынулася на польскім участку фронту. Чарнецкі, прадбачачы, што ў часе бою яна стане цэнтрам увагі, задачу парупіцца пра яе лёс пакінуў за сабой, каб гарантаваць паспяховае выкананне задуманага ім плана бітвы. Сваё войска рускі ваявода расставіў у наступным парадку. Правае, скрайняе польскае крыло — насупраць зарэчнага фальварка Пацяны — складалі аддзелы панцырнай і лёгкай конніцы на чале з Габрыэлем Вайніловічам. Схаваныя за ўзгоркам, яны былі не відаць праціўніку, што стаяў за ракою. Па цэнтры — насупраць грэблі — Чарнецкі паставіў каралеўскі полк, свой драгунскі рэгімент і абедзве каронныя гусарскія харугвы. Над гэтым участкам ён прыняў асабістае камандаванне. На чале левага крыла, якое межавала з правым літоўскім крылом, стаяў Аляксандр Паляноўскі. Тут была сканцэнтравана рэшта пяхоты і нешматлікая артылерыя, якую меў у сваім распара­джэнні Чарнецкі: 7 лёгкіх палявых гарматаў. Далей цягнуліся пазіцыі ВКЛ. На сваіх тылах Чарнецкі схаваў за ўзгоркам невялікі сілы рэзерву — дзве вышэйзгаданыя гусарскія харугвы, якія ў адпаведны момант павінны былі нанесці вырашальны ўдар[40]. Войскі рускага ваяводы стаялі не пры самай рацэ — галоўныя сілы былі схаваныя за невысокім узгоркам, каб непрыяцель не мог зарыентавацца ні ў іх фактычнай сіле, ні ў расстаноўцы, што не дазваляла адразу зразумець план камандавання арміі Рэчы Паспалітай[41]. Напэўна, яшчэ да пачатку расстаноўкі сваіх войскаў Чарнецкі паслаў на ўсходні бераг праз грэблю чатыры лёгкія харугвы пад камандаваннем паручніка Пятра Мянжынскага [Mężyńskiego], якія заселі ў невялікім гайку, што рос адразу за грэбляю. Яны меліся сачыць за набліжэннем непрыяцеля і затрымаць боем яго перадавыя аддзелы, каб падаць знак пра непасрэдную пагрозу. Такім чынам, яны выконвалі ролю авангарду.

З таго самага моманту, як рускі ваявода заняў пазіцыю на бе­рагах Палонкі, у яго ўжо быў прадуманы план бітвы. Шмат хто ў ягоным атачэнні лічыў, што яе трэба весці на сваім беразе, аднак Чарнецкі пастанавіў прабіцца з войскам на непрыя­цель­скі бераг і вырашыць яе лёс там. Каб здзейсніць гэты план, належала вырашыць, як перапраўляцца цераз раку. Най­прасцей раку можна было перайсці па грэблі. Але чакалася, што непрыяцель таксама будзе ўпарта імкнуцца заняць грэб­лю, каб адкрыць сабе дарогу на польска–літоўскі бераг. У рас­параджэнні Хаванскага, акрамя таго, была моцная артылерыя, а пераправа цераз грэблю пад гарматным абстрэлам так­са­ма не прадказвала лёгкіх поспехаў. Таму Чарнецкі па­стана­віў скарыстаць для пераправы брады на крылах кара­леў­скіх войскаў і сканцэнтраваў там моцныя аддзелы кавалерыі. Гэта, аднак, не азначала, што ён адмовіўся біцца за грэблю. Пастаўленая тут пяхота мела заданне ўвесь час прыцягваць да гэтага месца ўвагу Хаванскага, пераконваючы яго сваі­мі атакамі ў напрамку грэблі, што збіраецца яе фарсаваць. Уда­рыць праз грэблю ў цэнтр пазіцыі Хаванскага Чарнецкі пла­наваў толькі пасля таго, як вырашыцца лёс бітвы на крылах.

А восьмай гадзіне з чвэрткаю на ўсходнім баку ракі паказалася армія Хаванскага[42]. Маскоўскі ваявода спярша хацеў быў адразу кінуцца ў бой і яшчэ да набліжэння да польска–літоўскіх пазіцыяў выстраіў войска так, каб найперш разбіць левае крыло каралеўскіх войскаў, дзе стаялі ліцвіны. Да таго ж рэльеф мясцовасці даваў на гэтым адрэзку найлягчэйшы падыход да ракі. З гэтаю мэтай Хаванскі значна высунуў наперад сваё правае крыло. Левае ж заставалася даволі далёка ў тыле: падысці да ракі яму перашкаджаў лес, які рос паблізу грэблі[43]. Намеры Хаванскага былі досыць простыя. Ён разлічваў, што сваім правым крылом, перайшоўшы раку, абы­дзе ліцвінаў, якіх звык лічыць слабым праціўнікам. Знішчыўшы літоўскае крыло ці адапхнуўшы яго ад ракі і выклікаўшы ў ім замяшанне, ён мог бы адагнаць яго на тылы каронных войскаў, выклікаць паніку і пазней скінуць і адных, і другіх у прыбярэжную багну, дзе іх чакала б поўная гібель.

Заспець праціўніка знянацку маскоўскаму ваяводу не ўдалося, бо пра яго набліжэнне ведалі загадзя — першыя сутычкі адбыліся паміж ягоным авангардам і польскімі харугвамі Чарнецкага, выпраўленымі на ўсходні бераг Палонкі. Паперадзе сваіх галоўных сілаў Хаванскі выслаў аддзелы беларускай шляхты на чале з Фларыянам Слонскім. Гэтыя войскі, значна апярэдзіўшы астатнія маскоўскія сілы, яшчэ на досвітку ўдарылі па харугвах польскага авангарду. Бой выйшаў жорсткі. Прысяжная шляхта наступала пеша і білася вельмі заядла. На палякаў, якія хаваліся ў лесе, яна ішла з баявым клічам: „Сёння, сёння пазнаеце Хаванскага!“. Мэтаю маскоўцаў, аднак, быў не лес, а грэбля. Чарнецкі заклікаў абаронцаў трымацца як мага даўжэй[44]. Але жаўнеры Мянжынскага не маглі надта доўга стрымліваць напор праціўніка, асабліва калі ўлічыць, што ў кожны момант маглі падысці яшчэ маскоўскія войскі і знішчыць харугвы, што сядзелі ў лесе. Бачачы гэта, Чарнецкі адклікаў іх на грэблю. На гэтай пераправе ім удалося заняць пазіцыю; магчыма, тут іх падтрымалі нейкія дадатковыя ад­дзелы. Гэта дазволіла разбіць перад грэбляй Слонскага, які пайшоў у новую атаку. Сам Слонскі трапіў у палон і неўзабаве як здраднік быў пасаджаны на кол. Ягоныя ж аддзелы былі адкінутыя ў напрамку Хаванскага, які набліжаўся з усімі сваімі сіламі[45].

Першы бой скончыўся ўдала для харугваў Чарнецкага. Яны, аднак, падпалілі вёску Палонку, каб дым дадаткова за­сланіў іхнія войскі ад вачэй непрыяцельскіх камандзіраў[46]. Маскоўскі ж князь быў упэўнены ў перамозе. Дагэтуль яго нязменна суправаджала ваеннае шчасце, дык няўжо і цяпер яму не павінна выпасці ўдача? „Szli jak na miód i na igrzysko jakie śmiało, mając oręże pewne, a berdysze jasne, polerowane ostre, stryczki konopne do wiązania naszych, u pasów“ [Ішлі смела, як на мёд і на якое ігрышча, з вернаю зброяй, зіхоткімі бердышамі, паліраванымі, вострымі, з канаплянымі вяроўкамі пры поясе, каб вязаць нашых], — пісаў Яўхім Ерліч [Jerlicz], падкрэсліваючы ўпэўненасць у перамозе, якая валодала маскоўскімі войскамі, звыклымі да ранейшых поспехаў[47]. Падвёўшы сваю армію да ракі, Хаванскі канчаткова выстраіў яе паводле сваіх планаў. Ад намеру разбіць крыло ліцвінаў, якіх лічыў найслабейшым звяном у каралеўскай арміі, ён не адмовіўся, таму сканцэнтраваў тут галоўныя сілы сваёй конніцы, асабіста прыняўшы камандаванне над імі. Цэнтр свайго строю ён пакінуў пад камандаю Сямёна Данілавіча Змеева: тут была пяхота, рэйтары і багата артылерыі. Камандаванне левым крылом, якое стаяла насупраць каронных войскаў, прыняў князь Сямён Лукіч Шчарбатаў. У ягоным распара­джэнні была частка кавалерыі, пяхоты і нямала гарматаў. У рэзерве пад камандаваннем князя Трубяцкога заставалася частка конніцы. Яна стаяла досыць далёка на тылах, за гаем паблізу грэблі[48]. Баючыся дзеянняў з боку каронных войскаў у напрамку свайго левага крыла, ён заняў фальварак Пацяны, што знаходзіўся досыць далёка ад ягонага фланга, за балоцістай рэчкай, якая ўпадала з усходу ў раку Палонку, і размясціў там аддзел пяхоты і чатыры гарматы. Пяхоты Хаванскі паслаў туды няшмат: паводле ўспамінаў Пасэка, які біўся з ёю пазней, там было ўсяго 100 жаўнераў, хоць крыху раней ён жа занатаваў, што іх было некалькі соцень[49]. Яна мелася засцерагаць край левага крыла на той выпадак, калі палякі паспрабуюць перайсці раку. Як пазней выявілася, засцярога гэтая была вельмі слабая. Няўвага да краю левага крыла аказалася найвялікшай памылкай маскоўскага ваяводы. Ён зусім не прадбачыў, што туды будзе скіраваны галоўны ўдар найлепшых каронных войскаў.

З крыніц даволі ясна вынікае, што раніцай 28 чэрвеня Хаванскі падыходзіў да пазіцыяў сваіх праціўнікаў вельмі шпарка. Часу на дэталёвую разведку ў яго не было. Ён нічога не ведаў пра моцную групу Вайніловіча, якая заставалася нябачнаю для яго, бо яе прыкрываў узгорак з процілеглага боку лукавіны Палонкі. Свайму леваму крылу ён надаваў найменш вагі ва ўсёй аперацыі, а ягоную апору на рэчку, што ўпадала ў Палонку, палічыў, мабыць, за дастатковую засцярогу, тым больш што яна яшчэ ўзмацнялася высланай у Пацяны сотняй пяхотнікаў. Ён зусім не чакаў, што моцная група конніцы пяройдзе дзве цяжкапраходныя ракі, каб ударыць якраз у гэтае крыло. Затое грэбля была навідавоку, а паблізу яе канцэнтраваліся каронныя сілы. Гэта ясна наводзіла на думку, што якраз на ёй Чарнецкі засяродзіць усе свае намаганні. Хаванскі разлічваў вырашыць лёс бітвы на сваім правым крыле і сканцэнтраваў тут найвялікшую колькасць сваіх найлепшых сілаў. Дзеля гэтага ён значна аслабіў астатнія пазіцыі сваіх войскаў. Вельмі магчыма, што ён разглядаў грэблю гэтаксама, як Чарнецкі: прагнуў яе заняць, а калі гэта ўдасца — рынуць праз яе свае галоўныя сілы на разбітага праціўніка. З іншага боку, ён баяўся, каб каронныя войскі не наважыліся заняць яе, пакуль ён сам будзе распраўляцца з ліцвінамі. Уважаючы на гэта, ён перасунуў бліжэй да яе галоўныя сілы пяхоты і артылерыі[50]. Ім належала бараніць пераправу і ствараць уражанне, што на ёй засяроджана галоўная ўвага маскоўскіх войскаў. Насамрэч жа лёс бітвы павінна была вырашыць маса конніцы на правым маскоўскім крыле, сканцэнтраваная супраць дывізіі ВКЛ.

Здарылася так, што абодва бакі склалі ў прынцыпе падобны план бітвы, адно што вырашэння яе лёсу яны меркавалі шукаць на процілеглых крылах. Усё павінна было залежаць ад таго, чыё левае крыло апынецца найбольш стойкім пад ударам ворага.

Набліжаючыся да ракі, Хаванскі паслаў ганцоў да Чарнецкага, каб у нахабных выразах паведаміць пра сваё прыбыццё. Ён перадаў польскаму военачальніку, што рад нагодзе памерыцца з ім сіламі ў баі. Словы Хаванскага, падобна, былі поў­ныя фанабэрыі і самаўпэўненасці. Чарнецкі, у сваю чаргу, зрабіў выгляд, быццам ён не хоча прымаць бітву і збіраецца адступіць. Ён не дазволіў таксама, каб парламенцёры агле­дзелі ўсе ягоныя сілы. Інакш зрабіў Хаванскі, які адкрыта высунуў свае аддзелы да ракі, так што яны былі добра відаць камандзірам арміі Рэчы Паспалітай[51].

Выпускаць праціўніка з рук Хаванскі не хацеў. У гэты момант ён заўважыў на другім беразе пэўныя рухі, якія прыняў за пачатак адступлення Чарнецкага[52]. Польскі манеўр меў на мэце пераканаць праціўніка, што Чарнецкі сапраўды збіраецца адысці з поля бітвы. Ім важна было вывабіць расійцаў з выгадных пазіцыяў за грэблю. Далейшай мэтаю было, напэўна, адцягнуць увагу Шчарбатава, які камандаваў левым маскоўскім крылом, ад таго, што дзеецца ў яго на левым флангу. Маскоўскі ваявода павінен быў засяродзіць сваю ўвагу на грэблі і выдаткаваць на яе захоп і абарону як найболей сілаў. Вось жа, Хаванскі папаўся ў падрыхтаваную Чарнецкім пастку. Адступленне апошняга ён зразумеў самым сур’ёзным чынам і, убачыўшы яго, загадаў адразу кінуць пяхоту Шчарбатава за грэблю, каб прымусіць праціўніка да бітвы. Яго стрым­лівалі больш асцярожныя Змееў і Шчарбатаў. Князь адмахнуўся ад іхніх перасцярогаў — маўляў, Літва ж уцякае![53] Паводле ягонага загаду на грэблю накіраваліся два аддзелы маскоў­скай пяхоты[54]. Яны лёгка змялі астатніх жаўнераў Мянжын­скага, перайшлі грэблю і пачалі займаць пазіцыю з яе заходняга боку, нават прыцягнулі некалькі гарматак і пачалі малаэфектыўны з прычыны адлегласці абстрэл польскай пяхоты[55]. Чарнецкі, назіраючы рух непрыяцеля, не дазволіў апошняму занадта ўмацавацца на сваім беразе. Ён прызнаў, што надышла адпаведная хвіліна, і бліскавічна вывеў з невідочнага для маскоўскіх жаўнераў месца схаваныя дагэтуль харугвы. Най­праўдападобней, у атаку пайшлі, разам з іншымі, перадусім драгунскія харугвы — іхняй задачай было прагнаць маскоў­скую пяхоту з свайго берага. Сярод іх маглі быць аддзелы гусараў, прызначаныя зламаць сваім ударам на вузкім адрэзку грэблі супраціў пяхотнікаў Хаванскага, якія ў гэтым месцы, мабыць, стаялі нашмат глыбейшым строем. Атакуючы з магутным імпэтам, конніца рынула на маскоўскіх пехацінцаў, якія паспелі толькі раз стрэліць з мушкетаў. Моцны ўдар разбіў іхні строй і скінуў іх у ваду. Польскія кавалерысты пра­скакалі галопам скрозь разбітыя шэрагі пяхоты і ўварваліся на грэблю, з якой прагналі маскоўскую пяхоту. Маскоўскіх жаўнераў, якія заставаліся яшчэ на польскім беразе, у наступныя хвіліны пасекла кавалерыя і пяхота Чарнецкага, што выбегла следам за імі. Тым часам гусары рваліся наперад: яны даскакалі да канца грэблі і, праўдападобна, выехалі ў пагоні за разбітай пяхотай на маскоўскі бераг[56].

Хаванскі, які кіраваў дзеяннямі сваіх войскаў, убачыўшы паразу пяхоты і заезд цяжкай польскай конніцы на свой бераг, мусіў адкласці ўдар на ліцвінаў і перанесці сваю ўвагу на занятыя Шчарбатавым пазіцыі на вышыні грэблі, што апынуліся пад пагрозай. Супраць палякаў ён скіраваў значныя ад­дзелы конніцы з групоўкі Шчарбатава, што дадаткова аслабіла левае маскоўскае крыло. Перайшоўшы ў атаку, маскоўская конніца хутка выціснула праціўніка праз грэблю на процілеглы бераг[57]. Адразу ж за ёю да ракі падцягнуліся моцныя аддзелы маскоўскай пяхоты, якая зноўку заняла грэблю. Гэтым разам Хаванскі выкарыстаў нашмат больш войскаў, падтрымаўшы іх дадаткова моцнай артылерыяй.

Вось жа, Хаванскі мусіў адкласці запланаваныя ім дзеянні на правым крыле сваёй арміі і заняцца тым яе адрэзкам, што знаходзіўся блізка да цэнтра строю, каля грэблі. Гэта адвяло непасрэдную пагрозу ад ліцвінаў і дало ім вялікую свабоду дзеянняў. Маскоўскі князь прыняўся ўмацоўваць сваю пазіцыю на грэблі, ужываючы для гэтага пяхоту з іншых пазіцый фронту. Ён бачыў, што Чарнецкі прыступіў да чарговай атакі на грэблю, выкарыстоўваючы моцныя аддзелы драгунаў на чале з палкоўнікам Янам Тэдтвінам [Tedtwin]. Драгуны, пад­трыманыя казакамі–выбранцамі пад камандаваннем Францішка Кабылэцкага [Kobyłecki], пасля цяжкога бою выбілі маскоў­скую пяхоту і конніцу за грэблю, занялі нават там плацдарм і захапілі гарматы. Маскоўскую пяхоту адкінулі аж да лесу, што рос паблізу грэблі на ўсход ад ракі[58]. Захоп грэблі і заняцце пазіцыі на ўсходнім беразе было іх вялікім поспехам, нягледзячы на значныя страты.

Хаванскі пастанавіў любою цаною пакласці канец гэтаму небяспечнаму ўварванню палякаў у ягоныя пазіцыі. Ён зноўку скіраваў да іх значныя сілы пяхоты і артылерыі, а таксама распачаў абстрэл занятага палякамі плацдарма. На гэтым напрамку ён сабраў таксама досыць моцную групу конніцы, каб памагчы пяхоце адагнаць палякаў на іхні бераг[59]. Чарнецкі, дзякуючы поспеху драгунаў Тэдтвіна, дамогся ў цэнтры значнай перавагі і здзейсніў тут свае мэты, якія дазволілі яму адразу прыступіць да вырашальных для ўсяе баталіі аперацыяў на крылах. Увага расійцаў ужо настолькі засяродзілася на цэнтры, дзе знаходзілася грэбля, што край іхняга левага крыла зусім выпаў з–пад увагі маскоўскіх камандзіраў.

Вырашальны польскі ўдар павінны былі здзейсніць схаваныя на дальнім правым крыле харугвы групы Вайніловіча. Чарнецкі ўсё ж непакоіўся за літоўскае крыло. Ударыць на яго Хаванскі, праўда, не здолеў, але супраць яго працягвалі стаяць шматлікія аддзелы добрай маскоўскай конніцы. Пад ін­шым камандаваннем яны маглі стварыць пагрозу для ліц­вінаў, і ў кожным разе гэта былі вялікія рэзервовыя сілы, якія Хаванскі мог перакінуць на цэнтр або супраць групы Вайніловіча, каб спыніць іхнія дзеянні. Чарнецкі не мог дапусціць, каб хоць якая з гэтых магчымасцяў ажыццявілася, і пастанавіў звязаць боем маскоўскія войскі, што стаялі супраць ліцвінаў. Гэтае заданне павінны былі выканаць людзі Сапегі. Таму, распачынаючы атаку на грэблю сіламі драгунаў Тэдтвіна, ён адначасна паслаў да Паўла Сапегі, каб той сваімі харугвамі распачаў наступ на правае расійскае крыло[60]. У гэты ж момант або крыху пазней аналагічны загад ён аддаў Вайніловічу. Той павінен быў перайсці Палонку ў напрамку да Пацянаў і выйсці на дальнія тылы войскаў Хаванскага, абыходзячы фланг групоўкі Шчарбатава. Адначасна Чарнецкі прыступаў да далейшых дзеянняў, якія былі прызначаныя затрымаць расейцаў у цэнтры. Для польскага военачальніка бітва ўваходзіла ў вырашальную фазу. З пачаткам пераправы ягоных войскаў на абодвух крылах ініцыятыва бою пераходзіла ўжо цалкам у яго рукі. Хаванскаму цяпер даводзілася з усіх сіл бара­ніцца ад каралеўскіх згрупаванняў, якія з’яўляліся і наступалі адусюль.

Атрымаўшы загад да атакі, Сапега паслаў пяхоту, якая праз брод адкінула ад берага нешматлікую там маскоўскую пяхоту. Далей ён кінуў у імпэтную атаку на масы варожай конніцы дзве літоўскія гусарскія харугвы на чале з Палу­бін­скім. З Сапегавай рэляцыі вынікае, што ўдар гусараў нанёс маскоўскай пяхоце, якая стаяла ў іх на дарозе, жахлівыя страты. Строй пяхоты быў разбіты дзідамі так удала, што „żaden drzewca darmoć nie skruszył“ [ніхто дрэўка дарма не зламаў][61]. Гусары рваліся наперад, а за імі Палонку пераходзілі другія лёгкія літоўскія харугвы. Аднак неўзабаве імпэт літоўскіх войскаў быў стрыманы ўпартай абаронай шматлікай маскоўскай конніцы, якая знаходзілася на гэтым крыле. Праз нейкі час расійцы нават перайшлі ў контрнаступ. Іхняй кавалерыі ўдалося абысці з левага боку войскі Сапегі, якія працягвалі наступ, і нават зайсці ў іхнія тылы. Гэта стварыла вельмі пагрозлівую для ліцвінаў сітуацыю. У вялікай небяспецы апынуліся і сам Сапега, які страціў каня, і Палубінскі. Уратавала іх самаадданасць і адвага дваіх таварышаў. Ратуючы гетмана, ахвяраваў жыццём шведскі афіцэр Зас [Zass], якога, як свайго палоннага, Сапега пасля замірэння са Швецыяй узяў да сябе на службу. На полі бітвы пад Палонкай ён уратаваў жыццё гетману, аддаўшы яму свайго каня, а сам, застаўшыся пешым, загінуў ад рук маскоўскіх коннікаў. Гэтыя перажыванні надоўга ўрэзаліся ў памяць вялікага гетмана. Ён успамінаў: „Z tej wielkiej trudności z rąk wroga; prawie Bóg sam cudownie mnie i z Jmcią Panem Pisarzem wyrwał od nich, bo już ścisnęli nas byli“ [З тае вялікае труднасці, з рук ворага, амаль што сам Бог цудоўным чынам мяне з Ягамосцю панам пісарам вырваў (ад іх), бо (тыя) ўжо былі нас сціснулі][62]. Цягам далейшага бою Сапегавы жаўнеры здолелі адбіць атаку войскаў Хаванскага і выратавацца з грознага становішча. Часовы крызіс, на шчасце, быў пераадолены. Магчыма, гэтаму дапамагло з’яўленне новых фармаванняў ВКЛ, якія, фарсуючы брод на рацэ, адно за адным уступалі ў бітву. Несумненна, вялікую ролю адыграла тут чарговае аслабленне правага маскоўскага крыла, з якога на пазнейшым этапе бою была адцягнута частка сілаў у напрамку левага крыла арміі Хаванскага, што апынулася пад пагрозай. Як бы там ні было, войскі Сапегі былі затрыманы і надоўга ўцягнуліся ў пазіцыйныя баі на правым маскоўскім крыле, зусім страціўшы хуткасць дзеянняў.

Аднак пастаўленую Чарнецкім задачу войскі ВКЛ выканалі. Правае маскоўскае крыло само цяпер мусіла бараніцца і не магло ні стварыць пагрозу для каралеўскай арміі, ні даць колькі–небудзь значную дапамогу іншым кантынгентам маскоўскай арміі. Палякі ціснулі на Хаванскага ў цэнтры, правае крыло стварала яму дадатковы клопат, — тым больш ён забываўся пра сваё левае крыло.

Прыступаючы да атакі, Вайніловіч вывеў свае харугвы са схованкі і хутка падышоў да ракі. Незаўважаны маскоўскімі войскамі, ён з вялікай цяжкасцю пераадолеў яе балоцістае рэчышча, парослае густым і высокім зараснікам, і падаўся проста на фальварак Пацяны. Калі ягоная конніца ўжо выбралася з зарасніка, яе заўважыла пяхота, што сядзела ў пабудовах фальварка. Яна адкрыла моцны агонь па паляках, аднак Вайніловіч хутка выстраіў сваю конніцу і рынуўся на пехацінцаў. Вынішчылі іх імгненна. Атрад заўважыў Трубяцкой — каман­дзір коннага рэзерву, які складаўся з баярскіх і рэйтарскіх аддзелаў. Ён імгненна кінуў сваіх коннікаў у атаку. Удар быў такі шпаркі і моцны, што людзі Вайніловіча не паспелі набіць агнястрэльную зброю пасля папярэдняга бою. Пачаўся жорст­кі бой, у якім перамога даволі доўга вагалася на абодва бакі. Урэшце польскі кавалерыст параніў Трубяцкога шабляй у галаву. Гэта зламала маскоўскі супра­ціў, царская конніца кінулася наўцёкі, а харугвы Вайніловіча пагналіся за ёю[63].

Чарнецкі, убачыўшы гэты поспех, вырашыў рэзка ўзмац­ніць націск праз грэблю на маскоўскі цэнтр, каб аблегчыць задачу Вайніловічу і дапамагчы сваім драгунам, якія мужна трымалі плацдарм на маскоўскім беразе, нягледзячы на моцныя атакі. З гэтай мэтай ён выкарыстаў падрыхтаваныя зага­дзя дзве гусарскія і дзве казацкія харугвы, якія стаялі ў тыле. Яны рушылі праз грэблю на цэнтр непрыяцеля. Мінуўшы пяхоту Тэдтвіна, што бараніла плацдарм, яны атакавалі маскоўскую конніцу, якая стаяла каля лесу і рыхтавалася да дзеянняў супраць польскага плацдарма. Паміж маскоўскай і польскай кавалерыяй адбыўся жорсткі бой, пасля якога польскія харугвы адступілі ў напрамку сваіх драгунаў[64]. Грэбля зноў прыкавала да сябе ўвагу Хаванскага. Але гэта працягвалася нядоўга: сітуацыя на забытым левым крыле раптоўна змянілася да непазнавальнасці. Катастрафічны для царскіх войскаў паварот справаў у гэтым баку тэатра ваенных дзеянняў прымусіў маскоўскае камандаванне засяродзіцца на падзеях, якія пачалі разгортвацца на левым крыле і ў тыле іхніх пазіцыяў.

У пагоні за Трубяцкім коннікі Вайніловіча заехалі ў глыбокі тыл арміі Хаванскага. Гэта спарадзіла замяшанне ў шэрагах маскоўскіх жаўнераў на пазіцыях Шчарбатава і Змеева, якія адбівалі атакі войскаў Чарнецкага. Для іх і для Хаванскага сітуацыя складалася вельмі трывожная. Моцны націск з боку пераправы не сціхаў, пераможны праціўнік зайшоў да іх у тыл, а да таго ж на правым крыле ўсё мацней напіралі ліц­віны. Убачыўшы на сваіх тылах моцную групу польскай конніцы, Хаванскі мусіў як найхутчэй зрабіць захады, якія мелі на мэце яе знішчэнне. Іначай яна пагражала яму атакаю з тылу на войскі, якія біліся з Чарнецкім, або на тое крыло, якое дагэтуль без вялікага поспеху змагалася з літоўскімі харугвамі. Пастаўлены перад неабходнасцю ратаваць армію, Хаванскі быў вымушаны прыняць імгненнае рашэнне — перакінуць чарговыя аддзелы сваёй конніцы, выцягнуўшы іх з правага крыла, у тыл супраць палякаў. На пераможных палякаў адразу рушылі значныя аддзелы маскоўскай кавалерыі. Сутычка з імі адбылася на тылах групоўкі Шчарбатава і Змеева[65]. Але, як занатаваў Пасэк, націск гэтых новых войскаў усё больш слабеў, а самі яны ішлі ў атаку няпэўна і з усё большай трывогай, бачачы, як становішча ўсяго іхняга войска з кожнай хвілінай робіцца ўсё горшым. Таму жаўнеры Вайніловіча адбіваліся ад гэтых аддзелаў з усё большай лёгкасцю.

Сочачы за развіццём падзеяў за ракою, Чарнецкі разумеў, што для бітвы цяпер настаў вырашальны момант, і пераможнае яе заканчэнне залежыць ад хуткасці і паспяховасці ягоных дзеянняў у цэнтры на вышыні грэблі. Прамаруджанне магло прывесці нават да знішчэння войскаў Вайніловіча: да іх дабраліся б чарговыя аддзелы маскоўскай кавалерыі, а ў шыхтах Хаванскага тым часам справіліся б з замяшаннем. Таму ў гэты момант належала правесці моцны ўдар, скіраваны ў непрыя­цельскі цэнтр. У выпадку яго ўдачы харугвы Вай­ні­лові­ча і літоўскія харугвы, якія выходзілі на маскоўскія тылы, сталі б тым кавадлам, на якім была б раструшчана ўся армія Хаванскага.

Прыступаючы да рэалізацыі свайго намеру, Чарнецкі меў дзве падрыхтаваныя для гэтага гусарскія харугвы, якія згадваліся вышэй. За імі павінны былі ўдарыць лягчэйшыя казацкія харугвы. Пяхота на плацдарме, а таксама на левым каронным крыле пад камандаваннем А.Паляноўскага [Polanowski], атры­­мала загад рушыць за пераможнай конніцай. Чарнецкі выслаў таксама да Сапегі настойлівы заклік узмацніць націск і кінуць у атаку ўсе сілы. Ён заклікаў гетмана літоўскага: „Dla Boga, żeby wszystkimi siłami natrzeć i rozrywać Moskwę, bo pułk królewski zgubiemy“ [Дзеля Бога, каб усімі сіламі наваліцца і разрываць Маскву, бо страцім каралеўскі полк][66]. Чарнецкаму важна было не толькі дапамагчы харугвам Вайніловіча, якія вялі бой, але таксама разбіць і дэзарганізаваць правае маскоўскае крыло, каб Хаванскі не змог чэрпаць адтуль падмацаванні для свайго цэнтра. Акрамя таго, ён чакаў выхаду ліц­вінаў на тылы арміі праціўніка і канчатковага акружэння ягоных аддзелаў.

Моцная атака праз грэблю на непрыяцельскі цэнтр прынесла поўную ўдачу, прывёўшы да паражэння арміі Хаванскага. Маскоўская конніца, якая спрабавала адбіцца ад гусарскай атакі, была ўшчэнт разбітая і рассыпалася ў бакі. Хаванскі яшчэ спрабаваў арганізаваць сваю кавалерыю для далейшай абароны. Таму ў цэнтры закіпеў жорсткі бой паміж маскоў­скай конніцай і польскімі гусарамі, а таксама лягчэйшымі харугвамі, што надыходзілі следам. Польская кавалерыя ўдарыла таксама на расійскую пяхоту, якая баранілася вельмі мужна і сама пераходзіла ў атаку, ведучы густы агонь[67]. Падобна, што маскоўская конніца аж чатыры разы пускалася наўцёкі, а Хаванскі яе раз за разам заварочваў у чарговыя атакі на поль­скую кавалерыю[68]. Атакі гэтыя, аднак, раз за разам слабелі, і супраціў маскоўскай конніцы рабіўся ўсё менш рашучы. Жаўнеры Хаванскага ўсё больш пачыналі думаць пра свой ратунак, а не пра далейшы адпор непрыяцелю. Маскоўскіх пяхотнікаў, якія стаялі паблізу гаю, абкружыла польская пяхота, але першая сутычка не прынесла ім вялікага поспеху. Удалося толькі захапіць гарматы царскіх ратнікаў. Пройгрышу яны яшчэ не адчувалі, бо поруч з імі працягвала біцца маскоўская конніца, таму не толькі бараніліся, але нават пераходзілі ў лакальныя атакі[69].

Падзеі разгортваліся вельмі шпарка. Убачыўшы разгром цэнтра, кінуліся наўцёкі маскоўскія кавалерысты, якія біліся дагэтуль з Вайніловічам. У іх і ў тых з правага крыла, за кім не замкнуліся яшчэ польска–літоўскія клешчы, было найболей шанцаў уратавацца з поля бітвы цэлымі. Следам за імі патрапіла ўцячы і траціна пяхоты. Гэта былі першыя ўцекачы; жаўнеры Вайніловіча не пусціліся за імі ў пагоню, а ўдарылі з тылу па маскоўскіх шэрагах Шчарбатава. У той жа час напор ліцвінаў раструшчыў супраціў аслабленага правага маскоў­скага крыла, і пераможныя харугвы Сапегі моцна ўрэзаліся з гэтага боку ў правы фланг конніцы Хаванскага, якая білася з харугвамі Чарнецкага. Гэта паглыбіла хаос і замяшанне ў маскоўскіх шэрагах[70].

У гэты момант узнікла сітуацыя, пры якой большая частка арміі князя Хаванскага, асабліва ў цэнтры і на левым крыле, апынулася пад атакай з усіх бакоў. Абкружаная адусюль, маскоўская конніца білася ўжо не за перамогу, а за ўласны ратунак[71]. Вельмі моцна адбівалася ў цэнтры і маскоўская пяхота, якую атакавалі драгуны Тэдтвіна. Да яе на гэтым этапе бітвы спрабавалі дабрацца і польскія кавалерысты, але былі адбітыя царскімі пяхотнікамі, якія заўзята бараніліся сваімі доўгімі дзідамі і бердышамі. Калі ж нарэшце настаў час пагоні за маскоўскай конніцай, польская кавалерыя кінула гэты цяжкі бой і пагналася за ворагам. Пільнаваць гэтых расійцаў Чарнецкі, здаецца, даручыў мальтыйскаму кавалеру Мікалаю Ўладыславу Юдыцкаму[72]. Бой у цэнтры з маскоўскай конніцай і пяхотай, хоць і незвычайна зацяты, працягваўся пасля гэтага ўжо нядоўга. Ён прынёс маскоўскім войскам вялізныя страты. Абарона, якую працягваў падтрымліваць Хаванскі, вельмі хутка гэтага не вытрымала. Першым зламаўся супраціў конніцы. Яна панічна кінулася ўцякаць у тыл. За ёю пагналіся польскія конныя харугвы на чале з Аляксандрам Паляноўскім і пераследавалі іх далёка[73]. У пагоню за ёю рушылі таксама харугвы ВКЛ на чале з Кміцічам. Яны гналіся аж да позняй ночы, зусім рассеяўшы ўцекачоў[74]. У сваіх уцёках масы маскоўскіх коннікаў стварылі нават пагрозу аддзелам Вайніловіча, бо з усяе сілы несліся ў іхні бок. Аднак перапужаным уцекачам не ў галаве было ўвязвацца ў новыя баі. Калі ж стала ясна, што маскоўская конніца ўжо ў поўным складзе ўцякае з поля бою, тады і жаўнеры Вайніловіча пагналіся за ёю[75]. Пачалася разня недабіткаў, што засталіся ў тыле. Аднак галоўную ролю ў пагоні адыграла конніца ліцвінаў. Сярод уцекачоў апынуўся і сам Хаванскі, які ў апошнія хвіліны супраціву атры­маў два ўдары шабляй у галаву[76].

Пасля разгрому маскоўскай кавалерыі на полі бою засталася яшчэ моцная групоўка пяхоты з арміі Хаванскага. Яна стаяла побач з лесам, што рос паблізу грэблі. Сярод пяхотнікаў зна­ходзіўся яшчэ адзін расійскі камандзір — Змееў[77]. Праз нейкі час сюды пасля пагоні пачалі вяртацца харугвы Рэчы Паспалітай[78]. У першую атаку на пяхоту, паводле загаду Чарнецкага, рушыў Юдыцкі на чале гусараў. Удар цяжкой кавалерыі разарваў шэрагі пяхоты. Тады віленскі ваявода па­слаў з бакоў, краем лесу, іншыя — лягчэйшыя — харугвы, каб адцясніць пяхоту ад лесу[79]. Маскве, аднак, удалося адступіць у лес і там арганізаваць зацятую абарону. Тады ўвесь гай абкружылі пяхотай і гарматамі і адкрылі агонь па пяхоце, якая густа стаяла ў тым гаі[80]. Моцны абстрэл прынёс маскоўскім жаўнерам вялізныя страты. Трэба думаць, якраз у гэты час загінуў іхні камандзір Змееў[81]. Тады маскоўскія жаўнеры, што заста­ліся жывыя, выйшлі з гаю і прасілі спыніць бой, збіраючыся здацца. Ніякай літасці, аднак, ім не далі. На іх рынулася каронная і літоўская кавалерыя на чале з Юдыцкім. Але нават цяпер, як пры­знавалі іхнія праціўнікі, яны яшчэ бараніліся мужна і зацята. Бітва была выйграна, а страшны Хаванскі, які з мінулага года дратаваў Вялікае Княства Літоўскае, і яго жаўнеры ўцякалі, ратуючы свае жыцці.

Цяжка дакладна сказаць, якія людскія страты панесла армія Хаванскага. Лічыцца, што на полі бою палегла каля 800 царскіх коннікаў і каля 2,5 тыс. пяхоты. Большай частцы арміі ўдалося ўцячы з поля бітвы. Шмат хто з іх загінуў пазней — пад час заўзятай літоўскай пагоні, сутычак пад Мірам і Жукавым Барком, а таксама ў выніку масавага дэзерцірства[82]. Да Полацка, Барысава і нават Смаленска дабраліся толькі дробныя шматкі маскоўскага войска. У рукі пераможцаў трапілі ўсе маскоўскія гарматы, шмат іншай зброі. Захоплены былі таксама ўсе боепрыпасы ворага, хоць значную частку пораху спаліла пяхота, пакуль баранілася. Пераможцам дасталіся ўсе запасы харчу, нарыхтаванага для маскоўскіх жаўнераў. Было здабыта шмат маскоўскіх харугваў, у тым ліку вялікая царская харугва, якую Хаванскі атрымаў ад Аляксея Міхайлавіча пры ад’ездзе ў літоўскі паход[83]. У няволю трапіла шмат афіцэраў, у тым ліку Шчарбатаў. Палонныя найвышэйшага рангу дасталі­ся галоўным чынам Чарнецкаму, які пазней трымаў іх у суровых умовах у вязніцы ў сваім Тыкоціне, патрабуючы за іх вялі­кага выкупу. Згодна з распаўсюджанай думкай, ён урэшце атры­маў за іх у сваю кішэню вялізную суму — 2 млн. злотых[84]. Жаўнеры на полі бою сабралі багатыя трафеі. І лагерная чэлядзь, і шмат хто з вышэйшых жаўнераў не грэбавалі абдзіраннем палеглых праціўнікаў і апраналіся ў маскоўскія строі: „wojsko, hołota nasza, suknie z Moskwy zdzierając pobrali, już naszych nie rozeznać tylko po czuprynie od moskiewskich ludzi“ [войска, галота нашая, пабрала адзежу, здзіраючы (яе) з Масквы, (так што) ужо нашых толькі па чупрыне і можна адрозніць ад маскоўскіх людзей][85]. Таксама лічылі сваіх палеглых. Страты, хоць і балесныя, былі не надта вялікімі. Павел Сапега ацэньваў іх у сваім войску ў 80 забітых[86]. Страты войскаў Чарнецкага ацэньваліся ў 100 жаўнераў[87]. Магчыма, яны былі і трохі вышэйшыя: Кахоўскі ацэньвае іх сумарна ў 300 забітых і шмат параненых. Найбольшыя страты, трэба думаць, прыпалі на фінальны бой з маскоўскай пяхотай, узброенай бердышамі[88].

Летні дзень быў у разгары. Бітва скончылася каля 12–й га­дзіны. Шматлікія рэляцыі падкрэсліваюць, што яна працягвалася нядоўга — усяго тры гадзіны[89]. На полі бітвы доўга не затрымліваліся і яшчэ таго самага дня рушылі далей — першай мэтай былі Ляхавічы[90]. Па ваколіцы разыходзілася вестка пра вялікую перамогу каралеўскіх войскаў. Даведаўшыся пра яе і пра набліжэнне сваіх, адважны камендант Ляхавічаў, рэчыцкі войскі Станіслаў Міхал Юдыцкі зрабіў вылазку і прычыніў сур’ёзныя страты маскоўскай пяхоце, якая заставалася на валах. Захапіўшы гарматы, ён абярнуў іх супраць непрыяцеля і знішчыў артылерыйскім агнём земляныя работы, якія вяліся дзеля захопу крэпасці[91]. На світанні 29 чэрвеня пад Ляхавічамі з’явілася ўся польска–літоўская армія, разагнаўшы маскоўскіх пехацінцаў, якія яшчэ заставаліся ў акопах. Тут захапілі ўсю маскоўскую артылерыю, якую Хаванскі не ўзяў з сабою пад Палонку, а таксама вялізныя запасы абложных прыладаў і харчу[92]. У абложаную дагэтуль крэпасць зрабілі ўрачысты ўезд, на вялікую радасць яе абаронцаў[93]. Затое гераічнай пяхоце, якая ўсе гэтыя месяцы бараніла Ляхавічы, выпала няўдзячная праца: ёй загадалі хаваць жаўнераў, што загінулі пад Палонкаю. Пахаваць удалося ўсяго тысячу: на ліпеньскай спёцы трупы раскладаліся, і з прычыны вялікага смуроду далейшую працу давялося спыніць[94].

У Варшаву радасныя весткі дайшлі 3 ліпеня. Іх прывёз высланы Чарнецкім яшчэ з поля бітвы, неўзабаве пасля яе заканчэння, пазнанскі харунжы Ўладыслаў Скарашэўскі[95]. Па дарозе ў Варшаву змучаныя жыхары здратаваных Хаванскім земляў даведваліся пра поўную паразу страшнага князя і яго панічныя ўцёкі. Гэтую вестку яны напэўна прымалі з той жа палёгкаю і радасцю, як і шляхта ў Наваградку[96]. Сваю добрую навіну харунжы прынёс у сталіцу, калі каралеўская пара малі­лася ў варшаўскім касцёле візітак. Як пісаў вількамірскі маршалак Ян Мяжэнскі [Mierzeński], што знаходзіўся там, „Ta victo­ria niewymownie Państwo i wszystkich uweseliła“ [Гэтая перамога невымоўна ўзвесяліла караля з каралеваю і ўсіх][97], асабліва калі некаторыя заўважылі, што яна адбылася ў гадавіну пачатку бітвы пад Берасцечкам[98]. Да складзенага ўжо 2 ліпеня, але яшчэ не адасланага ліста камісарам, што знахо­дзіліся ў Мен­ску, адразу ж дапісалі, каб у новай сітуацыі яны не ішлі ні на якія саступкі ў перамовах з Масквою, ані ў казацкіх справах, ані ў тэрытарыяльных, ані ў якіх іншых. Замест гэтага яны павінны былі цвёрда патрабаваць вяртання ўсяго, што захапілі расійцы ад пачатку вайны[99]. Варта дадаць, што рэляцыя, напісаная рускім ваяводам і прывезеная Скарашэўскім, лягла ў аснову іншых апісанняў бітвы пад Палонкаю, якія з’яві­ліся ў наступныя дні і „пайшлі ў свет“. Яна змяшчала тыя галоўныя звесткі пра бітву, якія пераможцы — военачальнікі, афіцэры і жаўнеры — яшчэ на полі бітвы палічылі вартым занатаваць у пісьмовым выглядзе. Таму згаданыя апі­санні зболь­­шага паўтаралі звесткі, пераказаныя рускім ваяводам, часам дапаўняючы іх падрабязнасцямі з іншых паведамленняў, якія прыходзілі на каралеўскі двор.

Наступствам перамогі пад Палонкаю стаў пачатак карыснага для Рэчы Паспалітай пералому ў вайне з Масквой і вы­зваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага на поўдзень ад Дзвіны і на захад ад Дняпра ад маскоўскіх войскаў. Тут засталося ўсяго некалькі замкаў, занятых царскімі гарнізонамі — у Вільні, Коўне, Горадні, Берасці, Наваградку і Барысаве. Некаторыя з іх пратрымаліся яшчэ каля года ці больш, аднак чарговыя поспехі войскаў Рэчы Паспалітай у 1660 і 1661 г. пазбавілі іх надзеі на вяртанне царскага панавання і схілілі да капітуляцыі.

Пераклаў Мікола Раманоўскі


[1] Гл. данясенні каралеўскіх камісараў з Нямежы ад лістапада 1656 г. у Галоўным архіве даўніх актаў у Варшаве (Archiwum Główne Akt Daw­nych, далей — AGAD), Каронны варшаўскі архіў, расійскі аддзел (Archiwum Koronne Warszawskie, dział rosyjski) 55c/28; 55c/29.
[2] Пра ход перамоваў гл.: Dąbrowski J. Polsko–moskiewskie rokowania pokojowe w 1658 r. // Rzeczpospolita w latach Potopu. Pod. red. J. Muszyńskiej i J. Wijaczki. Kielce, 1996.
[3] Пра наезд Хаванскага гл.: Kossarzecki K. Najazd kniazia Iwana Chowańskiego na Podlasie na przełomie 1659/1660 roku // Ostródzki Przegląd Historyczny. 2004. № 1 [у друку].
[4] Senatus Consultum, w Warszawie 25 V 1660. Бібліятэка Чартарыскіх у Кракаве (далей — B.Czart.), 401. C. 133. 28 V 1660. Тамсама. C. 137.
[5] Gazette de France. Gdańsk 12 VI 1660. C. 594—595; Jan Kazimierz do A.H. Połubińskiego, Warszawa 28 VI 1660. B. Czart., 154. С. 178.
[6] Ordynans od P. Sapiehy dany A. H. Połubińskiemu, Dąbrowa 23 V 1660. AGAD, Радзівілаўскі архіў (далей — AR), dz. II, nr 1424; B.Olszewski do B.Radziwiłła, Kiersnów 30 V 1660. Тамсама, dz. V, nr 10816, s. 155.
[7] Senatu Consultum, Warszawa 28 V 1660. B. Czart., 401. С. 135—137; Kubala L. Wojny duńskie i pokój oliwski 1657—1660. Lwów, 1922. С. 338—339.
[8] J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 16 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 9646, cz. II, s. 75. А.Скорабагаты [A. Skorobohaty] занатаваў, што ліцвіны рушылі 15 чэрвеня. Але насамрэч гэта адбылося на некалькі дзён пазней: Skorobohaty A. Diariusz. Opr. T. Wasilewski. Warszawa, 2000. С. 79.
[9] Сборник Муханова. Изд. П. А. Муханов. Москва, 1856. С. 221—222.
[10] B. Radziwiłł do K. Paca, b.m. 9 I 1660 // Kotłubaj E. Galeria nieświeska portretów Radziwiłłowskich. Wilno, 1857. С. 221—222.
[11] Chrapowicki J. Diariusz. Cz. I. Opr. T. Wasilewski. Warszawa, 1978. С. 212.
[12] M. K. Pac do A.H.Połubińskiego, Bowsk 21 I 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 11209, cz. I, s. 144.
[13] K. Kłokocki do B. Radziwiłła, Słuck 7 V 1660. Тамсама, nr 6865, cz. I, s. 199. J. Horbaczewski do B. Radziwiłła, Wyzna 20 VI 1660. Тамсама, nr 5347, s. 9—10.
[14] Confessata o potędze nieprzyjacielskiej z różnych języków tak moskiewskich jako y Perehidczków. Государственная публичная библиотека им. Салтыкова–Щедрина, Санкт–Петербург. Автографы Дубровского, 152, k. 213—214v.
[15] Са Слуцка паведамлялі пра 2 тыс. маскоўскай пяхоты, 1 тыс. конніцы і 8 гарматаў, якія павінны былі 11 траўня праязджаць праз Менск. Гл.: K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 21 V 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 6865, cz. I, s. 209; Komisarze do Jana Kazimierza, Mińsk 21 V 1660. B. Czart., 154, s. 138. Maskiewicza [Bogusława] dyjaryjusz moskiewskiej wojny w Wielkim Księstwie Litewskim będącej // Pamiętniki Maskie­wiczów. Opr. A. Sajkowski. Wrocław, 1961. С. 299—300; Акты Москов­ского государства (далей — АМГ). Петербург, 1901. Т. III. С. 84. Con­fessata o potędze… згадвае, што прыбылі 2 тыс. пяхоты.
[16] S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 7 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 82.
[17] АМГ. Т. III. С. 68. Confessata o potędze… называе лічбу 2465 жаўнераў.
[18] АМГ. Т. III. С. 95; K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 12 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 6865, cz. I, s. 215. Гл. таксама ліст ад 19 VI, с. 219.
[19] Komisarze do K. Paca, Mińsk 17 VI 1660. B.Czart., 154. С. 349—350; Komisarze do P. Sapiehy, Mińsk 22 VI 1660. Тамсама. С. 380.
[20] Алег Курбатаў ацэньвае армію Хаванскага напярэдадні бітвы ў больш як 10 тыс., пры гэтым сцвярджаючы, што падмацаванні, якія прыбылі перад бітваю, складалі амаль палову сілаў Хаванскага. Гл.: Kurbatow O. Połonką 1660 — spojrzenie z Moskwy // Mówią Wieki. 2000. № 3. С. 28—29. Трэба, аднак, памятаць пра тое, што аддзелы полацкай і іншай шляхты ў траўні — чэрвені масава пакідалі маскоўскі лагер, адслужыўшы дзве чвэрці, а таксама пра страты нядаўна прыбылых аддзелаў, панесеныя пад Ляхавічамі ў сутычках з вандроўнымі аддзеламі Аскеркі і Мурашкі або з раз’ездамі Чарнецкага.
[21] Wójcik Z. Dzieje Rosji. Warszawa, 1971. С. 184—186.
[22] Wimmer J. Materiały do zagadnienia liczebności i organizacji armii koron­nej w latach 1655—1660 [далей — Materiały...] // SMHW. 1958. Т. IV. С. 491—533; Wimmer J. Wojsko polskie w drugiej połowie XVII wieku. War­szawa, 1965. С. 125—128.
[23] Vorbek–Lettow M. Skarbnica pamięci. Opr. E. Galos, F. Mincer. Wrocław, 1968. С. 284.
[24] Супольную колькасць кароннага і літоўскага войска Е. Глябовіч ацэньваў у сакавіку ў 10 тысяч жаўнераў. Гл.: J. Hlebowicz do B. Radzi­wiłła, Słonim 11 III 1660. AGAD, AR, dz.V, nr 5226, s. 141. З ім згаджаецца Б. Маскевіч: Maskiewicz B. Op. cit. С. 302. У 11 тыс., у тым ліку 3 тыс. пяхоты і 8 тыс. конніцы, ацэньваў яе аўтар рэляцыі ў „Gazette de France“ ад 1660 г. пад назваю „Les particularitez de la victoire r’emportée par les Polonois sur les Moscovites“ [далей — Les particularitez...]. С. 730, 735. У іншым месцы, следам за Паўлам Сапегам, ён казаў пра 9—10 тыс. жаўнераў.
[25] S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 30 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 84.
[26] Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.
[27] Апісанне гэтых падзеяў змяшчаюць два лятучыя лісткі на нямецкай мове: Ausführliche Relation der glüclischen Victoria, welche die polnische Armee gegen den Moskowiter zwischen Sclonim und Mysz erhalten hat [далей — ARV]. С. 1; Ausführliche Relation von der herlischen Victoria Ihrer Königlischen Majestät von Polen und der Niederlage der Moskowiter zwischen Sclonim und Lachowitz welche geschechen den 28 Junii 1660 (далей — ARVK). С. 1. Пра гэтыя лятучыя лісткі гл.: Zawadzki K. Gazety ulotne polskie i Polski dotyczące XVI—XVIII w. Wrocław, 1977. Т. I. С. 221. Іншую справаздачу пра гэтыя баі мы знойдзем у Les particularitez… С. 731. J. A. Morsztyn do N.N., Warszawa 2 VII 1660. Бібліятэка Польскай акадэміі навук, Кракаў [Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Krakowie] (далей — B.PAN Kr.), nr 1065, s. 225.
[28] ARVK. С. 1; Les particularitez… С. 730, 734.
[29] S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 30 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 84; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 249. Згодна з А.Курбатавым, гэта быў аддзел карнай экспедыцыі, што вярталася з–за Нёмана. Kurbatow O. Op. cit. С. 32. Хаванскі часта высылаў такія экспедыцыі. Яшчэ 7 чэрвеня пра адну з іх, лікам у некалькі соцень коней, выпраўленую ў ваколіцы Ваўкавыска, успамінаў Пшыбароўскі [Przy­borow­ski], гл. ягоны ліст з Ясевічаў [Jasiewicze]. С. 81.
[30] Maskiewicz B. Op. cit. С. 302; Les particularitez… С. 731. Сам П. Сапега прызнаваў, што ўваход войскаў у „kraj słonimski“ заспеў Хаванскага знянацку. Гл.: De data secunda Juliy, Z obozu w drodze. Ягелонская бібліятэка, Кракаў [Biblioteka Jagiellońska w Krakowie] (далей — B.Jag.), nr 5, s. 750.
[31] Vorbek–Lettow M. Op. cit. С. 290—291; Kurbatow O. С. 32.
[32] De data secunda Juliy… B.Jag., nr 5, s. 750; ARV, s. 1; ARVK, s. 2; Zwy­cięstwo z Moskwy od Polaków i Lithwy, Roku 1660 otrzymane. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich PAN we Wrocławiu (далей — B.Ossol.), nr 189, s. 1; Łoś J. Pamiętnik towarzysza chorągwi pancernej. Opr. R. Śreniawa–Szypiowski. Warszawa, 2000. С. 93; Czermak W. Szczęśliwy rok. Dzieje wojny polsko–moskiewskiej z r. 1660 // Przegląd Polski. 1887. Т. 83. С. 511.
[33] ARVK. С. 2. Я. Лось, перабольшваючы, піша пра 24 маскоўскія харугвы: op. cit. С. 93. Але звычайна схільны да гіпербалізацыі Пасэк піша пра 5 тысяч адборнага маскоўскага войска: Pasek J. Op. cit. С. 127.
[34] Łoś J. Op. cit. С. 93; Skorobohaty A. Op. cit. С. 79—80.
[35] Найбольш пластычнае апісанне бою паміж двума гэтымі раз’ездамі пакінуў Пасэк: Pasek J. С. 127—128. Гл. таксама ARVK. С. 2—3; Les particularitez… С. 734.
[36] Zwycięstwo z Moskwy… С. 1174; Les particularitez… С. 734; ARV. С. 1; Pasek J. С. 128.
[37] ARVK. С. 3. Zwycięstwo z Moskwy… С. 1174.
[38] ARVK. С. 3. Zwycięstwo z Moskwy… С. 1174—1175.
[39] Zwycięstwo z Moskwy… тамсама; De data secunda Juliy… B. Jag., nr 5, s. 750.
[40] На падставе: Encyklopedia Wojskowa. Pod red. O. Laskowskiego. War­szawa, 1934—1939. С. 666; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla JMci de data pod Myszą w polu die 28 Junij Anno 1660. B. Jag., s. 749—751.
[41] Zwycięstwo z Moskwy… С. 1175.
[42] Тамсама.
[43] ARVK. С. 4; ARV. С. 4.
[44] У найпаўнейшым выданні апісанне гэтых баёў знаходзіцца ў ARVK. С. 4. Згадваюць пра іх таксама Лось і Кахоўскі: Łoś J. Op. cit. С. 94; Kochowski W. Historya panowania Jana Kazimierza. Wyd. E. Raczyński. Poznań, 1859. Т. II. С. 66—67.
[45] Łoś J. Op. cit. С. 94. Скорабагаты паведамляе, што Слонскаму адсеклі галаву 18 ліпеня пад Бабром і ўзбілі яе на кол: op. cit. С. 81.
[46] Zwycięstwo z Moskwy… С. 1175.
[47] Jerlicz J. Latopisiec albo kroniczka Joachima Jerlicza. Wyd. K.W. Wójcicki. Warszawa, 1853. С. 49. Гл. таксама думку Клакоцкага пра Хаванскага: K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 6 VII 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 6865, cz. I, s. 224.
[48] Encyklopedia… С. 667; Zwycięstwo z Moskwy… С. 1175.
[49] Pasek J. Op. cit. С. 130.
[50] Гл. апісанне сутычкі на падставе прывезеных у Варшаву справаздач з поля бітвы: J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 3 VII 1660. AGAD, AR., dz.V, nr 9646, cz. II, s. 77.
[51] Апісанне візіту паслоў Хаванскага на падставе Les particularitez… С. 731—732; ARV. С. 5.
[52] Les particularitez… С. 732; Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.
[53] J. A. Chrapowicki do B. Radziwiłła. Warszawa 25 VI 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 2153, s. 8; Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.
[54] Пасэк з вялікім перабольшаннем кажа, што там было 6 тыс. жаўнераў: Pasek J. С. 129. Лось называе 1700: Łoś J. С. 94; ARVK падае, што гэта былі два рэгіменты, Кахоўскі ж піша пра два палкі: Kochowski W. С. 66. Найпраўдападобней, гэта было колькі соцень жаўнераў.
[55] AVRK. С. 5; Les particularitez… С. 732.
[56] Encyklopedia… Op. cit. С. 666.
[57] AVRK. С. 6; Kochowski W. Op. cit. С. 67.
[58] Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 750; Les particularitez… С. 732—733.
[59] AVRK. С. 5.
[60] Так паказвае падзеі падрабязная рэляцыя на нямецкай мове, гл.: ARVK. С. 6. Гл. таксама: Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660. Wiadomość od Jmci P. Sapiehy Hetmana WXLitt. B. Jag., nr 5, s. 747.
[61] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez… С. 726.
[62] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez… С. 727; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 250.
[63] Апісанне атакі войскаў Вайніловіча на падставе: Pasek J. Op. cit. С. 130—132.
[64] Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag. nr 5, s. 750; Les particularitez… С. 733; Zwycięstwo z Moskwy… С. 1176.
[65] Pasek J. Op. cit. С. 132; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… С. 750.
[66] Pasek J. Op. cit. С. 132.
[67] AVRK. С. 5.
[68] Les particularitez… С. 733. ARV, с. 6, кажа пра тры вяртанні конніцы Хаванскага.
[69] AVRK. С. 5.
[70] AVRK. С. 5; Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez… С. 728.
[71] Kochowski W. Op. cit. С. 67.
[72] ARV. С. 5; Kochowski W. Op. cit. С. 67.
[73] Kopia listu P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 750.
[74] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748.
[75] Pasek J. Op. cit. С. 132—136.
[76] Тамсама. С. 137.
[77] Гэта быў, аднак, не Сямён Ільіч, стольнік царскі і ваявода магілёўскі, а ягоны сын Змееў Сямёніч, гл.: J. A. Morsztyn do NN., Warszawa 2 VII 1660 // Ochman–Staniszewska S. „Listy Jana Andrzeja Morstina“. Wrocław, 2002. Ліст № 112. С. 169—170. Гл. заўв. № 9. Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 638 (паказальнік).
[78] AVRK. С. 6.
[79] Пра бой конніцы з пакінутай пяхотай перад яе ўцёкамі ў лес згадвае ARV. С. 5. Таксама: Les particularitez… С. 736.
[80] Pasek J. Op. cit. С. 137.
[81] AVRK. С. 6; Gazette de France, z Warszawy 10 VII 1660. С. 715; Łoś J. Op. cit. С. 96.
[82] Kurbatow O. Op. cit. С. 35.
[83] Gazette de France, z Warszawy 5 VII 1660. С. 691. Тамсама, 10 VII 1660. С. 715; Les particularitez… С. 736; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 750; AVR. С. 6; AVRK, s. 6; Pasek J. Op. cit. С. 137—138.
[84] Car Aleksy Michajłowicz do Jana Kazimierza, Moskwa 4(14) VIII 1663. B. Czart., 156. С. 311; Kersten A. Stefan Czarniecki. Op. cit. С. 424—425.
[85] De secunda Julij. Z obozu w drodze. B. Jag., nr 5, s. 751.
[86] Les particularitez… С. 729.
[87] Тамсама. С. 736.
[88] Kochowski W. Op. cit. С. 68.
[89] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748; Zwycię­stwo z Moskwy… С. 1176; ARV. С. 6; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 250.
[90] Kopia listu Jmci P.Wojewody Ruskiego do Krуla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 749.
[91] Ewaryst Jan Bebiecki do W.Lanckoroсskiego, Warszawa 9 VII 1660. B. Czart., 154, s. 463; Gazette de France, z Warszawy 10 VII 1660. С. 715; Kochowski W. Op. cit. С. 68—69.
[92] Łoś J. Op. cit. С. 97.
[93] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748.
[94] Łoś J. С. 97.
[95] Kopia listu Jmci P.Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 751.
[96] Chrapowicki J. A. Op. cit. C. 249—250; Maskiewicz B. Op. cit. С. 303.
[97] J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 3 VII 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 9646, cz. II, s. 77; J. A. Morsztyn do N.N., Warszawa 2 VII 1660. B. PAN Kraków, nr 1065, s. 225; Gazette de France z Warszawy 10 VII 1660. С. 714.
[98] M. Prażmowski do N.N., b.m. 2 VII 1660. B. PAN Kraków, nr 1065, s. 5.
[99] Jan Kazimierz do komisarzy, Warszawa 2 VII 1660. B. Czart., 154, s. 444.

Наверх

Вайда Камунтавічэне. Каталіцкія парафіі слонімскага дэканата віленскага біскупства ў XVII ст.

Снежня 16, 2004 |


У XVII ст. каталіцкі касцёл на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага перажываў перыяд росквіту. За час Рэфармацыі ён дабіўся перамогі над пратэстанцкімі плынямі, а пасля Берасцейскай уніі з праваслаўнай царквой разгарнуў актыўную дзейнасць на землях цяперашняй Беларусі. Захады па ўкараненні каталіцкага касцёла ў Вялікім Княстве, яго адносіны з тутэйшымі жыхарамі мала даследаваны ў гістарыяграфіі. Пры комплексным вывучэнні гісторыі каталіцтва ў ВКЛ неабходна перадусім прааналізаваць стан касцельных парафій. У працах, прысвечаных касцёлу ў Княстве, амаль не асвятляецца яго дзейнасць на землях сучаснай Беларусі ў XVII ст. Нядаўна выдадзены беларускі энцыклапедычны даведнік, прысвечаны каталіцкім храмам[1], пакідае непатлумачаным шэраг пытанняў аб стварэнні касцёлаў ды іх развіцці на беларускіх землях.

За мэту гэтага даследавання ўзяты мікрагістарычны ана­ліз слонімскага дэканата віленскага каталіцкага біскупства. У якас­ці галоўнай крыніцы выкарыстаны акты інспектаванняў ка­таліцкіх касцёлаў слонімскага дэканата ад 1633, 1653, 1668 г., што захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага універсітэта[2]. Апрача інспекцыйных актаў, скарыстаны інвентарныя спісы асобных касцёлаў слонімскага дэканата XVII––XVIII ст. Задачамі аўтара было паказаць становішча каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце (акцэнт рабіўся на падтрымку насельніцтвам каталіцкіх парафій і іх грамадскі ўплыў); асвятліць развіццё брацтваў, лякарняў і школ; ахарактарызаваць жыхароў дэканата і каталіцкай касцельнай эліты.

Спіс касцёлаў слонімскага дэканата на працягу XVII ст. мяняўся: пад час асобных інспекцый яны залічваліся то да аднаго, то да другога дэканата. У дадзенай працы вядзецца пра касцёлы, аднесеныя да слонімскага дэканата біскупскім сінодам, зладжаным біскупам Аляксандрам Сапегам у 1669 г. Паводле гэтага спіса, да слонімскага дэканата належалі чатырнаццаць парафій: Слонім, Дарава, Палонка, Мыш, Ляхавічы, Сталовічы, Задзвея, Гарадзішча, Ельня, Усялюб, Дзятлава, Дварэц, Раготна, Моўчадзь[3].

Пры даследаванні гісторыі парафій слонімскага дэканата прыдаліся прысвечаныя віленскаму біскупству працы Яна Курчэўскага і Ежы Ахманьскага[4], карысныя ў вызначэнні этапаў і адметнасцяў уваходу каталіцкага касцёла да названага рэгіёну, а таксама праца Міндаўгаса Пакніса, у якой вядзецца пра касцельных мецэнатаў на землях ВКЛ у XVII ст.[5] Стаўленне каталіцкага касцёла да Рэфармацыі тлумачаць даследаванні Інгі Лукшайтэ[6], пра палітычную сітуацыю можна атрымаць уяўленне з працаў Генадзя Сагановіча[7].

Інспекцыйныя акты з’яўляюцца незаменнай крыніцай даследавання касцельнай гісторыі, аднак іх не стае, каб вы­значыць даты заснавання каталіцкіх храмаў: пробашчы, за адсутнасцю фундацыйных дакументаў, часцяком не помнілі ці памылкова пазначалі дату закладкі касцёла і фундатараў, якія ініцыявалі яго будову ды забяспечвалі землямі ці ін­шымі, неабходнымі для ўтрымання парафіі, прыбыткамі. Даты за­снавання спраўджваліся намі па працах Е. Ахманьскага, Я. Кур­чэўскага, М. Пакніса — тым не менш, наспявае па­трэба адшукаць самі фундацыйныя дакументы, каб дакладней вы­значыць прыведзеныя даты.

Узнікненне парафій слонімскага дэканата

У другой палове XV ст., з ініцыятывы Казіміра Ягайлавіча і шляхты ВКЛ, пачалі засноўвацца каталіцкія парафіі ў наваколлі Слоніма. Да 1492 г. вялікі князь заснаваў касцёлы ў Слоні­ме (у 1493 г. быў асвечаны драўляны храм), Дзятлаве ды Моўчадзі[8].

У XV ст., а таксама ў першай палове XVI ст., шляхта заснавала восем каталіцкіх касцёлаў. У 1437 г. быў закладзены касцёл у Палонцы[9]: у актах інспекцыі ад 1653 г. сцвярджаецца, што яго заснаваў шляхціч Рачко (Raczko)[10] у часы вялікага князя Аляксандра. У 1466 г. быў закладзены касцёл у Раготне[11], спустошаны набегам татараў; 27 кастрычніка 1551 г. яго дзейнасць была адноўлена пробашчам Мацеем Жміеўскім ды віленскім біскупам Паўлам Альшанскім[12]. Касцёл ва Ўсялюбе заснавалі Мікалай Неміровіч і полацкі ваявода Станіслаў Давойна[13]. 28 кастрычніка 1494 г. Нікастратам Валадковічам быў заснаваны першы драўляны касцёл у Гарадзішчы, дзейнасць якога перапыніў татарскі набег[14]. Прыблізна ў 1460 г. паўстаў касцёл у Ельні, заснаваны віленскім ваяводам і канцлерам ВКЛ Міхалам Кязгайлавічам. У 1516 г. Мікалай Кязгайлавіч перадаў касцёлу зямельныя ўладанні[15]. Тым жа актам быў створаны і забяспечаны касцёл у Дварцы, прызначаны філіяй касцёла ў Ельні[16]. Паводле Е.Ахманьскага, касцёл у Дараве закладзены ды забяспечаны начыннем (убраннем) у 1540 г.[17]. У актах інспектавання сцвярджаецца, што ў 1510 г. яго фундаваў Марцін Пянтковіч з жонкай Аленай Алехаўнай[18]. Касцёл у Ляхавічах, згодна з Е.Ахманьскім, заклалі каля 1552 — 53 г.[19], а паводле іншых звестак, ён паўстаў у 1535 г. стараннямі А.М.Гаштаўта і напрыканцы XVI ст. згарэў[20].

Тры наступныя касцёлы закладзены ў першай палове XVII ст. Наваградскі харужы Юры Галаўня, разам з жонкай Рэгінай Кавачынскай–Галаўнёй, заснаваў касцёл у Задзвеі. Драўляны храм быў збудаваны прыблізна ў 1610 г. і надзелены зямельнымі ўладаннямі 9 жніўня 1617 г.[21]. У 1600 г. троцкі ваявода Аляксандар Хадкевіч заклаў у Мышы драўляны касцёл[22]. 7 сту­дзеня 1624 г. на ўтрыманне касцёла пробашчу былі перада­дзе­ны зямельныя надзелы[23]. Каля 1632 г. князь Алыкі і Нясвіжа, кавалер мальтыйскага ордэна Жыгімонт Караль Радзівіл збудаваў драўляны касцёл у Сталовічах[24]. Прыблізна ў 1638 г. побач з касцёлам была закладзена латэранская капліца Святой Панны Марыі[25].

5 студзеня 1632 г., пастановай віленскага біскупа, парафіяльныя правы атрымаў драўляны касцёл у Дварцы, адбудаваны мінскім старастам Крыштапам Завішам[26].

Такім чынам, падмурак слонімскага дэканата закладзены ў XV ст., калі было заснавана восем парафіяльных касцёлаў. У XVI ст., у выніку рэфармацыйных уплываў, працэс распаўсюду каталіцкага касцёла запаволіўся — былі закладзены толькі два касцёлы і адна філія. У першай палове XVII ст. распачалі дзейнасць яшчэ тры парафіяльныя касцёлы, ды філія ў Дварцы здабыла правы самастойнай парафіі.

Развіццё парафій у першай палове XVII ст.

На мяжы XVI і XVII ст. працэс Рэфармацыі запаволіўся, пачалася рэформа каталіцкага касцёла, узнялася цікавасць да стану каталіцкіх парафій. Аднаўленне старых і з’яўленне новых фундацый істотна паспрыяла дзейнасці касцёлаў. Названыя працэсы не прамінулі і слонімскі дэканат.

Віленскі ваявода Леў Сапега апекаваўся парафіяльнымі касцёламі ў Слоніме і Дзятлаве. Ён збудаваў ды забяспечыў сродкамі парафіяльны касцёл св. Андрэя ў Слоніме, заснаванне якога 15 сакавіка 1595 г. абвясціў Жыгімонт Ваза. Аднак, прыблізна ў 1650 г., калі ў Слонім пераехалі аўгустынцы, мураваны храм быў перададзены ім, насуперак пратэстам пробашча Казіміра Паца. На патрэбы парафіі быў пакінуты драўляны касцёл[27]. У 1646 г. у Дзятлаве падканцлер ВКЛ Казімір Лявон Сапега, спадчыннік маёнткаў канцлера Льва Сапегі, збудаваў мураваны касцёл[28].

Іншыя прадстаўнікі шляхты Вялікага Княства таксама апе­ка­валіся каталіцкімі храмамі, дбалі пра паляпшэнне іх фінан­са­вага становішча. На мяжы XVI—XVII ст. Ян Караль Хадкевіч збу­даваў новы касцёл у Ляхавічах, асвечаны ў 1600 г. ві­лен­скім біскупам Бенедыктам Войнам[29]. 8 кастрычніка 1600 г. Бар­таламей Рэміюш (Рэмеш) заклаў касцёл у Раготне[30]. Драў­­ля­­ны храм у Палонцы ў 1623 г. адбудаваў наваградскі харужы, пазнейшы кашталян Ян Рудаміна Дусяцкі[31]. Прыблізна ў 1617 г. віленскі канонік Альберт Сялява ўзвёў касцёл у Дараве[32].

Цяжка сказаць, колькі каталіцкіх храмаў у часы Рэфармацыі было пераведзена ў пратэстанцкія. Паводле І.Лукшайтэ, пад канец XVI ст. у Гарадзішчы дзейнічаў кальвінскі касцёл[33]. Пасля згасання Рэфармацыі ў Гарадзішчы паўстаў мураваны каталіцкі касцёл, заснаваны 20 мая 1632 г. наваградскім падстоліем Крыштапам Камінскім з жонкай Аленай Друцка–Горска–Камінскай (пазней Курчовай). К.Камінскі памёр перад завяршэннем будовы, аднак тастаментам прызначыў грошы на дабудову і загадаў заняцца гэтым жонцы ды сыну Яну Камін­скаму. Волю памерлага здзейснілі: касцёл быў скончаны пад 1642 г.[34]

З актаў інспекцыі бачна, што касцёлы ў Дараве, Усялюбе, Раготне трапілі ў рукі „ерэтыкоў“. Каталіцкі касцёл у Дараве фармальна існаваў да 1633 г., аднак у вельмі занядбаным стане: толькі ў 1640 г., калі за справу ўзяўся пробашч, віленскі канонік Лаўрэнці Мацарскі, храм канчаткова забралі ў рэфарматаў, пабудавалі новы будынак[35]. Каталіцкі касцёл ва Ўсялюбе дзякуючы ўплывам Мікалая Радзівіла ў 1576—1642 г. функ­цыяваў як кальвінскі збор[36]. Пасля працяглых судовых працэсаў у наваградскіх земскіх судах, трыбуналах, а таксама пасля ўмяшання самога Лаўрэнція Мацарскага 16 чэрвеня 1642 г. касцёл быў вернуты каталікам.[37]. Храм у Раготне спа­гналі з рэфарматаў паміж 1634—1653 г., што адбылося спрыяннямі пробашча Ельні і Раготны Тамаша Пячкоўскага. У руках рэфарматаў ён знаходзіўся больш за дзесяць гадоў. Касцёл вярнулі запушчаным, ім заняўся маршалак ВКЛ Крыштап Заві­ша, які адпісаў храму 400 злотых ды зямельныя ўладанні з сялянамі[38].

Дзейнасць занядбанага касцёла ў Ляхавічах узнавіў Лаўрэнці Мацарскі[39]. Як бачым, за той час яго спрыяннямі былі адноўлены тры касцёлы: у Дараве, Усялюбе ды Ляхавічах. Ён застаўся пробашчам ва ўсіх трох і толькі ў 1650 г. перадаў касцёл ва Ўсялюбе сваяку Андрэю Мацарскаму[40].

Пасля спагнанняў касцёлы былі адрамантаваныя, нанова асвечаныя, ім прызначылі дадатковыя фундацыі. У 1642 г. метоньскі біскуп, віленскі суфраган ды канонік Станіслаў Няборскі асвяціў два касцёлы слонімскага дэканата: 23 чэрвеня ў Гарадзішчы і 2 ліпеня ў Ельні[41].

Як бачна з інспекцыйных матэрыялаў, стан каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце да 1653 г. палепшыўся: былі пераадолены страты часоў Рэфармацыі, выправілася фінансавая сітуацыя. Сітуацыя пагоршылася ў сувязі з войнамі 1654–1655 г. Рэчы Паспалітай са Швецыяй і Расіяй, акупацыяй ВКЛ, голадам і маравой пошасцю, якія забралі каля паловы насельніцтва ВКЛ.

Становішча пасля войнаў сярэдзіны XVII ст.

У 1655 г. расійскае войска пустошыла наваколле на сваім шляху да Вільні. Ратнікі Аляксея Трубяцкога спалілі Мыш, Сталовічы, Слонім разам з навакольнымі пасяленнямі. У ваколіцах Слоніма бітвы ўзнавіліся ў 1660 г. Каля Палонкі войска ВКЛ разам з аддзеламі Стэфана Чарнецкага, прыбылымі з Польшчы, разбіла войска Івана Хаванскага, і неўзабаве пачалося адступленне царскай арміі з земляў Княства[42]. У 1660 г., праз шэсць месяцаў, аблогу перацярпелі Ляхавічы. У 1660—1661 г. перамога Рэчы Паспалітай прадвызначыла канец вайны, а ў 1667 г. быў падпісаны Андрусаўскі мір з Расіяй.

Войны сярэдзіны XVII ст. разбурылі дасягнутае каталіцкім касцёлам за апошнія 50 гадоў. У слонімскім дэканаце былі зруйнаваны касцёлы ў Слоніме, Палонцы, Мышы, Дараве, Ляхавічах, Сталовічах, Задзвеі, Ельні, Дварцы і Раготне. Ацалелі толькі тры мураваныя храмы ў Дзятлаве, Усялюбе і Гарадзішчы[43], а таксама драўляны касцёл у Моўчадзі[44].

Пасля вайны паўстала патрэба ўзвядзення пабураных храмаў. Звычайна іх адбудоўвалі на старых падмурках. Новыя касцёлы на месцы зруйнаваных былі ўзведзены ў пяці мясцовасцях: у Дварцы (1667), Ельні (1667), Ляхавічах, Сталовічах i ў Мышы[45]. За адбудову храма ў Дварцы ўзяўся маршалак ВКЛ Крыштап Завіша. Касцёл у Ельні фундавала і пабудавала Зоф’я Мар’яна Адахоўска–Альшэўска[46]. Касцёл у Ляхавічах адбудаваў тамтэйшы пробашч, смаленскі канонік Мельхіёр Такарскі[47]. У Сталовічах новы драўляны касцёл быў узведзены на сродкі, пакінутыя тастаментам наваградскага кашталяна, кавалера мальтыйскага ордэна Мікалая Юдыцкага[48].

З–за недахопу сродкаў чатыры старыя касцёлы (у Слоніме, Раготне, Задзвеі і Дараве) у 1668 г. былі зведзены да капліц[49]. Капліцай ў Дараве апекаваліся манахі–аўгустынцы, а старэйшы прэпазіт слонімскага кляштара Аляксандр Галімскі быў адначасова і пробашчам у Дараве[50]. Яшчэ горшая доля спасцігла касцёл у Палонцы: пасля вайны дзейнасць парафіі не аднавілася. Каталікоў з наваколля Палонкі абслугоўвала парафія Задзвеі[51].

З дадзенага апісання можна зрабіць выснову, што страты, панесеныя за час войнаў сярэдзіны XVII ст., перасягнулі ўзровень стратаў, абумоўленых Рэфармацыяй. Вяртанне былога становішча вымагала вялікіх высілкаў і фінансаў, аднак да 1668 г. гэтага зрабіць не ўдалося. Так, напрыклад, будову касцёла ў Раготне скончылі толькі пад 1673 г., дзякуючы сродкам, дадзеным менскім старастам і сакратаром ВКЛ Андрэем Казімірам Завішам[52].

Каталіцкая духоўная і шляхецкая эліта
ў слонімскім дэканаце

Развіццю каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце спрыялі выдатныя дыгнітарскія роды — уладальнікі дэканацкіх земляў: найперш Сапегі, якія апекаваліся касцёламі ў Слоніме, Ляхавічах, Дзятлаве, а таксама Радзівілы, што ахвяравалі сродкі на дзейнасць касцёлаў у Сталовічах, Усялюбе ды Моўчадзі. У XV—XVI ст. парафіямі дэканата займаліся Кязгайлавічы — фундатары касцёлаў у Ельні і Дварцы. Потым клопат пра храм у Дварцы ўзялі на сябе Завішы, якія апекаваліся таксама і парафіяй у Раготне. Хадкевічы, у сваю чаргу, фінансавалі дзейнасць касцёла ў Мышы. Шляхецкі род Камінскіх дбаў пра касцёл у Гарадзішчы, а Галаўня фінансаваў касцёлы ў За­дзвеі, Рудаміне, Палонцы ды інш.

Адсюль бачна, што каля паловы касцёлаў фінансаваліся са сродкаў дыгнітарскіх родаў. Гэтыя фаміліі найбольш спрычыніліся да ўмацавання пазіцый каталіцкага касцёла ў сло­німскім дэканаце — не толькі будавалі касцёлы, але за­сноў­валі і фінансавалі лякарні ды парафіяльныя школы.

Апрача шляхты — фундатараў і апекуноў каталіцкіх парафій — важную ролю адыгрывалі прадстаўнікі дэканацкага духавенства. Сярод імёнаў пробашчаў, якія працавалі ў дэканаце, варта згадаць двух дактароў тэалогіі: прыблізна ў 1668 г. ельненскім пробашчам служыў доктар тэалагічных навук Юзаф Папуцэвіч[53], у Слоніме з 1618 г. да канца 40–х г. пробашчам быў Ян Забжэскі (Zabrzeski)[54]. Пасля яго ў 1644 г. гэтае месца заняла іншая значная ў святарскім асяродку XVII ст. асоба — Казімір Пац[55], былы смаленскі і віленскі канонік, які ў 1664 г. стаў смаленскім, а ў 1667 г. жамойцкім біскупам.

Як ужо згадвалася, ва ўзнаўленні дзейнасці парафій сло­нім­скага дэканата ў паваенны час адметную ролю адыграў Лаў­рэнці Мацарскі, віленскі канонік у 1648—1657 г. Ві­ленскім канонікам быў і пробашч дзятлаўскай парафіі Адальбэр Млынэцкі[56], парафіяй у Ляхавічах тым часам кіраваў смаленскі канонік Мельхіёр Такарскі. Гэтае кола святароў утва­рала касцельную эліту XVII ст., чыя дзейнасць была асабліва значнай у часы, калі каталіцкі касцёл мусіў чыніць супраціў Рэфармацыі, а таксама пасля вайны, калі прыкладаліся намаганні аднавіць патэнцыял каталіцкага касцёла.

Жыхары слонімскага дэканата

У інспекцыйных актах змешчана інфармацыя пра рэлігіі, вызнаваныя жыхарамі паасобных парафій. У 1633 г. насель­ніц­тва слонімскага дэканата ў веравызнанні было неаднародным. Побач жылі каталікі (latini), уніяты (graeci uniti), права­слаўныя (schizmatici або rutheni) ды рэфарматы (haeretici). Цяжка вызначыць як прапорцыю, так і пераважную канфесію. Найчасцей інспектар акрэсліваў насельніцтва наступным чынам: уніяты грэцкага абраду жывуць мяшана з каталікамі (mixti graeci uniti cum latinis).

У 1633 г. згадваюцца нешматлікія пратэстанты, у некаторых парафіях іх зусім не было. Не згадваючы пра рэфарматаў, апісваюцца парафіі ў Ляхавічах, Мышы ды Задзвеі[57]. У Моўчадзі быў толькі адзін „ерэтык“ Жандкіўскі[58], у Слоніме два[59], у Ельні пратэстанцтва вызнавалі Маклок з жонкай — былы каталік, ды Свайкоўскі — ранейшы праваслаўны[60]; некалькі рэфарматаў шляхецкага стану было ў парафіі Гарадзішча[61], і г. д. Прыведзеныя звесткі пацвярджаюць прынятае ў гістарыя­графіі меркаванне, што ў першай палове XVII ст. на землях ВКЛ пратэстанцтва паступова знікала.

Сярод шляхты ў 1633 г. у слонімскім дэканаце заставалася трохі праваслаўных родаў. Найбольш іх названа ў Гарадзішчы, дзе „схізматыкамі“ былі такія шляхцічы, як Барадзеж, Ту­кала, Свайкоўскі, Пятрашэвіч, Гаціскія, Трызны, Таханоў­скія[62]. У Гарадзішчы жыло больш праваслаўных, чым рэфар­ма­таў. У іншых парафіях згадваецца, што праваслаўных меншасць, або зусім не адзначана іх прысутнасць[63]. Такі стан рэчаў сведчыць, што ў першай палове XVII ст. на тэрыторыі сло­нім­скага дэканата ўжо ажыццявіліся пастулаты Берасцейскай уніі.

Якім чынам суіснавалі жыхары розных канфесій? Пра тое, што канфлікты здараліся, сведчыць выпадак, зафіксаваны ў Моўчадзі. Тамтэйшы пробашч, незадаволены тым, што праваслаўны святар вянчаў каталікоў у царкве[64], зганіў змяшаныя шлюбы каталікоў з праваслаўнымі. Прыведзены кан­флікт, аднак, не перарос у рэлігійную вайну.

Інфармацыя пра канфесійны склад жыхароў дэканата, змешчаная ў інспекцыйных актах 1653 г., значна бяднейшая, чым у актах ад 1633 г. Звесткі па гэтым пытанні знаходзім толькі ў апісаннях чатырох парафій (Ельня, Мыш, Раготна, Слонім). Апісанні сведчаць, што рэлігійнае размежаванне супадала з сацыяльным. Усе прадстаўнікі шляхты былі каталіцкага вызнання, у той час як сяляне звычайна належалі да уніяцкай царквы[65]. Бачна істотная дынаміка веравызнанняў у слонімскім дэканаце ў 1633—1653 г.: на працягу дваццаці гадоў дэканат зазнаваў выразны працэс пераходу шляхецкага насельніцтва ў каталіцтва. Тэндэнцыя распальвалася палітыкай дзяржавы, якая аддавала перавагу адной канфесіі перад астатнімі, абмяжоўваючы прадстаўнікам іншых вызнанняў магчымасць займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Інфармацыя пра status animarum супольнасці, змешчаная ў інспекцыйных дакументах ад 1668 г., значна больш змястоўная. Хоць сярод прадстаўнікоў шляхты дамінавалі каталікі, падкрэсліваецца наяўнасць асоб іншых вызнанняў. У Дварцы жыла лютэранка пані Зелянёва[66], у Ельні пазначана сем каль­вінісцкіх сем’яў, некалькі мусульманскіх — найчасцей татар­скага паходжання[67]. У Раготне быў толькі адзін некаталік — Уладыслаў Зянкевіч (на жаль, інспектар не згадвае ягоную веру)[68].

Параўноўваючы дадзеныя ад 1668 г. са звесткамі папярэдніх інспектаванняў, можна заўважыць змены ў веравы­знанні сялянства. У Дзятлаве i Ўсялюбе яшчэ заставаліся сяляне праваслаўныя[69], аднак у 1668 г. каталіцтва інтэнсіўна пашыралася і ў гэтай грамадскай групе. У інспекцыйных актах пазначаецца, што ва Ўсялюбе, поруч з праваслаўнымі, частка сялян вызнае каталіцтва, а частка належыць да уніяцкай царквы[70], у Задзвеі вядзецца пра сялян — каталікоў ды уніятаў[71], і г.д. Вяртаннем сялян у каталіцтва займаўся не толькі касцёл, але і шляхта каталіцкага вызнання. Сяляне ў Ляхавічах — ritus graeci — на ўзор шляхты ішлі да каталіцкага касцёла і прымалі таемствы[72]. Нявыключана, што шляхта змушала іх да гэтага. Тым не менш, паступова слонімскі дэканат рабіўся ката­ліц­кім, паколькі дзяржаўны статус касцёла адыгрываў істотную ролю ў яго пашырэнні ў неаднародным асяродку. Найхутчэй дадзенай тэндэнцыі скарылася шляхта, якая хацела атры­маць доступ да палітычнага жыцця і дзяржаўнай кар’еры, а следам за ёй скіравалася сялянства.

Дзейнасць касцельных брацтваў

З часоў Трыдэнцкага сабору каталіцкі касцёл стымуляваў стварэнне касцельных брацтваў, прызначаных у дапамогу пробашчам пашыраць веру ў парафіі, набліжаць касцёл да вернікаў, далучаць іх да працы па разбудове касцёла. Касцельныя брацтвы давалі супольнікам пачуццё грамадскай бяспекі, гарантавалі ўратаванне душы. Сябры брацтва мусілі рэгулярна ўдзельнічаць у набажэнствах, брацкіх сходах, абіраць старэйшынаў — тыя адказвалі за дзейнасць брацтва, захоўвалі спісы ды ардынацкія кнігі. Супольнікі ўдзельнічалі ў святах і мелі свае атрыбуты[73].

Касцельнае брацтва св.Ганны ў ляхавіцкай парафіі паўстала ў часы віленскага біскупа Я.Валовіча ў 20–я г. XVII ст. Брацтва рупілася пра каплічны алтар св.Ганны, яго сябры мелі статут, трымаліся яго рэгулаў, вялі кнігу выдаткаў ды ахвяраванняў, а таксама спіс супольнікаў[74]. Інспектар у 1633 г. загадаў дакладней весці рахункі і ўлік брацкай касы, трымаць яе за­мкнёнай на ключ, выкарыстоўваць толькі ў найбольш важных справах, дбайней рэгістраваць прыбыткі з выдаткамі. У жыцці брацтва адметную ролю адыгрывала кіраўніцтва, абавязанае рэгулярна склікаць сходы[75]. Пра дзейнасць брацтва св.Ганны згадваецца і ў дакументах ад 1668 г.[76]

Апрача брацтва св.Ганны ў Ляхавічах, у слонімскім дэканаце дзейнічалі яшчэ два касцельныя брацтвы, мэтай якіх было шанаванне святой Панны Марыі. 14 лістапада 1635 г. у ельненскай парафіі было заснавана брацтва св.Ружанца. Ві­ленскі падкаморы Яраслаў Шэмет з жонкай Ганнай Сапежанкай паклаў трыста злотых на брацкую дзейнасць[77]. У Раготне ў 1652 г. брацтва св.Ружанца стварыў правінцыял дамінікан­скага ордэна (ordinis praedicatorum) Сымон Акульскі, а сродкі на ўтрыманне прызначыў Адам Казімір Гайжэўскі з жонкай Катарынай Гжывеньскай — трыста злотых[78]. Брацтвы св.Ружанца шанавалі культ Марыі, значнасць якога ў ВКЛ асабліва ўзрасла ў сярэдзіне XVII ст. Брацтвы, заснаваныя дзеля ўшанавання Марыі, былі найбольш пашыранымі ў ВКЛ, і слонімскі дэканат не стаў выключэннем.

Значэнне шпіталяў

Дзейнасць шпіталяў ды школ у слонімскім дэканаце ў 1653—1668 г. ужо даследавана ў артыкуле, прысвечаным аналізу агульнага становішча лякарняў і школ на тэрыторыі ВКЛ у другой палове XVII ст.[79] Дзеля пазбягання паўтораў у цяперашняй працы акцэнтуецца папярэдні этап дзейнасці, вядзецца пра стан рэчаў на працягу ўсяго XVII ст.

У 1633 г. у палове дэканацкіх парафій дзейнічалі парафіяльныя лякарні. Найлепшай сітуацыя была ў Слоніме, За­дзвеі і Дзятлаве, дзе лякарні мелі сталыя сродкі, гарантаваныя фундатарамі. Віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Леў Сапега пры стварэнні лякарні ў Слонімe 19 лютага 1614 г. прызначыў „na każdy miesiąc beczkę żyta także i beczkę słodu do szpitala Słonim­skie[g]o, a na każdy rok abyś dawał po sześciu beczek jęczmieniu, gryki też sześć beczek, grochu dwie beczki, sześć poł­ciów słoniny, trzy sadła“ [штомесяц бочку жыта і бочку соладу на Слонім­скі шпіталь, а штогод даваць па шэсць бочак ячменю, шэсць бочак грэчкі, дзве бочкі гароху, шэсць полцяў саланіны, тры сала]. 6 верасня 1618 г. Ян Сапега загадаў, каб шпіталь утрым­ліваў дзесяць беднякоў, мужчын і жанчын[80]. Калі мураваны касцёл быў перададзены аўгустынцам, лякарня таксама перайшла пад іх кіраванне, і ў пазнейшых інспекцыях пазначана, што ў Слонімскай парафіі лякарня не дзейнічае.

Віленскі ваявода Леў Сапега аднавіў[81] таксама шпіталь у Дзятлаве, прызначыўшы штогод на яго ўтрыманне 20 польскіх злотых, 20 бочак пшаніцы і штотыдзень па 5 вазоў дроў. У 1633 г. у шпіталі знаходзілася чатырнаццаць чалавек[82]. Пасля пажару ў 1653 г. новы шпіталь пабудаваў пад­канц­лер ВКЛ Казімір Лявон Сапега, які забяспечыў яго такімі ж даходамі, якія калісь выдзеліў Леў Сапега[83]. У 1668 г. у ім трымалася дзесяць чалавек[84].

У шпіталі ў Задзвеі, які заснаваў Юры Галаўня, у 1633 і 1653 г. змяшчалася пяць чалавек, а за 1668 г. лічба апекаваных не падаецца[85]. На ўтрыманне гэтай лякарні было прызначана 20 бочак пшаніцы ды іншых відаў ежы, а таксама 10 злотых на адзенне[86]. Тры апісаныя тут лякарні былі найлепей забяспечаны і, бясспрэчна, амаль бесперапынна працавалі на працягу ўсяго XVII ст. Лякарня ў Гарадзішчы, збудаваная перад 1633 г., мела сродкі на ўтрыманне чатырох беднякоў, прызначаныя курыяй, аднак у 1633 г. ніводны жабрак там яшчэ не знаходзіўся, і пробашчу было загадана ўзяць на сябе гэты клопат[87]. Шпіталь функцыяваў у 1653 г., а ў 1668 г. у ім утрымлівалася сем асоб[88].

Шпіталь у Мышы знаходзіўся далёка ад плябаніі, складаўся з чатырох будынкаў і падлягаў юрысдыкцыі касцёла. Пасля няўдалай спробы Альбрэхта Маклока перад 1653 г. тастаментам гарантаваць яму рэгулярнае ўтрыманне шпіталь за­стаўся без сталых сродкаў, а яго жыхары цяжка жылі з мілас­ціны[89].

Шпіталі ў Дварцы i Ляхавічах, дзейныя ў 1633 г., спынілі існаванне каля 1653 г. Хоць перад 1668 г. яны і аднавілі сваю дзейнасць, з–за войнаў былі страчаны сталыя ахвяраванні, і апекаваныя разлічвалі толькі на міласціну. Так, у 1633 г. пісалася, што ляхавіцкі шпіталь утрымліваецца са сродкаў парафіяльнай курыі, фундаванай маршалкам ВКЛ Станіславам Сапегам, аднак гэтых сродкаў не стае, будынак не мае даху. У 1668 г. пішацца, што „fundatio nulla certa[90].

Пасля вайны, каля 1668 г., былі адбудаваны не толькі дварцоўскі ды ляхавіцкі шпіталі, такія ўстановы пачалі дзей­нічаць у Сталовічах і Ўсялюбе. Лякарня ў Сталовічах была за­снавана кавалерам мальтыйскага ордэна Жыгімонтам Ра­дзі­вілам, аднак не стала дзейнай[91]. На ўтрыманне парафіяльнага шпіталю ва Ўсялюбе было прызначана чатыры валокі зямлі, якую апрацоўвалі сяляне[92].

Увогуле, калі ў 1633 г. у слонімскім дэканаце дзейнічала шэсць шпіталяў, то ў 1653 г. іх колькасць была зменшана да чатырох. А пасля войнаў сярэдзіны XVII ст. назіраецца асабліва актыўны працэс стварэння шпіталяў. У 1668 г. у дэканаце дзейнічалі цэлых восем лякарняў. Іх задачай быў клопат пра самотных, нямоглых, пазбаўленых сродкаў жыцця. Жыхарам лякарняў ставілася ўмова быць шчырымі каталікамі, рэгулярна наведваць касцёл, спавядацца, удзельнічаць у імшы, па магчымасці далучацца да прыбірання касцёла і парафіяльнай гаспадаркі, біць у званы.

Парафіяльныя школы

У XVII ст. было толькі дзве парафіі дэканата — у Мышы і Дзятлаве, дзе парафіяльныя школы працавалі амаль бесперапынна. Школа ў Мышы трымала сад для патрэбаў бакалаўра. У 1668 г. згадваецца, што школу ўтрымліваюць езуіты[93]. У 1633 г. у Дзятлаве вучыліся ажно 50 дзяцей — рэдкая лічба для тых часоў, бо звычайна ў парафіяльнай школе было не больш за 20 вучняў. Школа ў Дзятлаве мела валоку зямлі ў вёсцы Хадаўляны, у якой працавалі бакалаўр, кантар ды два памагатыя[94]. У 1653 г. школа заняпала, будынак пачаў развальвацца, але арганіст, бакалаўр ды кантар працягвалі вучыць дзяцей[95]. У 1668 г. у школе працаваў бакалаўр і кантар[96]. Можна сцвярджаць, што дзятлаўская парафіяльная школа належала да шэрагу самых буйных у ВКЛ, мела найбольшы персанал.

У 1633 i 1653 г. парафіяльныя школы працавалі ў Гарадзішчы i Ляхавічах. Школа ў Гарадзішчы валодала дзвюма валокамі зямлі, у 1633 г. у ёй працавалі бакалаўр i кантар: не ставала арганіста, якога інспектар распарадзіўся знайсці[97]. У 1653 г. у Гарадзішчы быў новы школьны будынак, аднак не згадваецца, хто там працаваў і ці быў бакалаўр[98]. Школа ў Ляхавічах у 1633 г. таксама трымала бакалаўрa, кантарa і арга­ніс­та[99]. Ужо ў 1668 г. у ляхавіцкай парафіі школы не было, а інспектар загадаў аднавіць яе дзейнасць і запрасіць ба­ка­лаўрa[100].

У 1633 г. у Слоніме паўстаў невялікі дом, у якім навучаліся дзеці. У 1653 г. пра школу не згадваецца, а інспектар загадвае набраць кантараў з добрымі галасамі, каб умелі спяваць харалы[101]. Перашкоды ўзнікалі і ў дзейнасці іншых парафіяльных школ. Паводле звестак ад 1633 г., чыніліся спробы стварыць парафіяльныя школы ў Дварцы, Ельні, Задзвеі. У Дварцы быў бакалаўр i кантар, у Ельні трымалі бакалаўра з двума памагатымі. У Задзвеі быў бакалаўр, арганіст і кантар, меўся школьны будынак, аднак дзецей там не вучылі[102]. Магчыма, жыхары не пускалі дзяцей у школу, каб не адрываць ад гаспадарчых прац, або не маглі іх належна апрануць, ці з рэлігійных прычынаў. Варта адзначыць, што парафіяльная школа ў Дварцы працавала толькі ў 1668 г.[103], a парафіяльныя школы ў Ельні ды Задзвеі працу так і не пачалі.

Звестак пра дзейнасць школ у іншых парафіях няма для ўсяго XVII ст. Аднак у Сталовічах ды Ўсялюбе ў 1653 і 1668 г. інспектары патрабавалі стварыць школы, запрасіць бакалаўраў з іншымі касцельнымі служкамі, якія б вучылі дзяцей катэхізісу і асновам пісьма[104]. У Сталовічах, праўда, у 1668 г. быў арганіст і два ягоныя памочнікі, аднак гэтага не хапала, каб распачаць дзейнасць парафіяльнай школы[105].

Увогуле асветніцкія цэнтры слонімскага дэканата знахо­дзіліся ў парафіях Мышы і Задзвеі, дзе стала працавалі школы. Лічба дзейных школ у слонімскім дэканаце ўвесь час мянялася. Калі ў 1633 г. дзеці вучыліся ў пяці парафіях, то ў 1653 г. у чатырох, a ў 1668 г. ужо толькі ў трох. Каталіцкі касцёл выказваў занепакоенасць, настойваў, каб стваралі парафіяльныя школы, запрашалі настаўнікаў. Галоўнай мэтай парафіяльных школ было навучанне дзяцей асновам граматы (чытання, пісьма, лічэння), а таксама далучэнне да асноў каталіцкай веры. Вучняў вучылі касцельным спевам, абавязкам касцельных служкаў.

Заключэнне

1. Падмурак слонімскага дэканата паўстаў яшчэ ў XV ст., калі спрыяннямі ўладара ды шляхты былі заснаваны 8 парафіяльных каталіцкіх касцёлаў. У першай палове XVI ст. узніклі яшчэ 2 парафіяльныя касцёлы, у 1632 г. правы касцёла атрымала філія ў Дварцы. У першай палове XVII ст. былі заснаваны апошнія 3 касцёлы. Найцяжэйшыя часы каталіцтва цярпела тут у другой палове XVI ст., калі частка касцёлаў перастала існаваць пад уплывам Рэфармацыі, а таксама ў другой палове XVII ст.: за гады вайны былі разбураны 10 з 14 парафіяльных касцёлаў.

2. З першай паловы XVII ст. дзейнасць каталіцкіх касцёлаў у дэканаце ўзрасла, у значнай ступені дзякуючы падтрымцы выдатных дыгнітарыяў Льва Сапегі і Казіміра Лявона Сапегі. Дыгнітарыі агарнулі апекай палову каталіцкіх храмаў дэканата, іншымі касцёламі рупілася драбнейшая шляхта. Да духоўнай эліты слонімскага дэканата належалі дактары тэалогіі Юзаф Папуцэвіч і Ян Забжэскі, віленскі канонік Лаўрэнці Мацарскі, Адальбэрт Млынэцкі, Мельхіёр Такарскі, Казімір Пац. Апошні быў пазней прызначаны жамойцкім біскупам. Асобна трэба адзначыць заслугі Лаўрэнція Мацарскага, які ў 30–я і 40–я г. XVII ст. істотна паспрыяў аднаўленню дзейнасці касцёлаў у Дараве, Усялюбе і Ляхавічах.

3. Слонімскі дэканат быў шматканфесійны, населены рэфарматамі, праваслаўнымі, уніятамі, каталікамі, мусульманамі і інш. Канфесійны склад насельніцтва ўвесь час мяняўся. Асноўная вызначальная тэндэнцыя першай паловы XVII ст. — раптоўнае змяншэнне колькасці рэфарматаў і праваслаўных на карысць уніятаў і каталікоў. У XVII ст. большасць шляхты спавядала каталіцкае вызнанне, следам за ёй у другой палове XVII ст. у касцёл скіравалася частка сялянства (большасць, тым не менш, засталася ва уніяцтве).

4. Галоўным кірункам дзейнасці каталіцкага касцёла на тэрыторыі слонімскага дэканата была пастарская, асветная і дабрачынная праца. Для яе вядзення ў дэканаце ад пачатку да 50–х г. XVII ст. былі заснаваны тры касцельныя брацтвы (у Ляхавічах — брацтва св.Ганны, у Ельні і Раготне — брацтвы св.Ружанца). У парафіяльных школах дзяцей вучылі катэхізісу і пачаткам пісьма. Мэтай шпіталяў быў клопат пра бедных, няздольных здабыць ежу і дах. У 1633 г. у дэканаце дзейнічала 6 шпіталяў і 5 школ, у 1653 г. іх было па 4, а ў 1668 г. працавала 8 шпіталяў і толькі 3 школы.

Пераклала Вольга Мазурава

Каталіцкія парафіі слонімскага дэканата віленскага біскупства ў XVII ст.


[1] Кулагiн А.М. Каталiцкiя храмы на Беларусi. Мiнск, 2001.
[2] 1633, 1641, 1645 r. Інспектаванні віленскага біскупства, праведзеныя па даручэнні біскупа А.Войны віленскім канонікам Касперам Залеўскім. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Віленскага уні­версітэта (далей — БВУ). F. 57, P. 53—40; Інспектаванні віленскага біскупства ад 1653—1654 г., праведзеныя па даручэнні біскупа Ежы Тышкевіча Сымонам Адальбэртам Млынецкім. БВУ. F.57, P. 53—42; Інспектаванні ружанскага, ваўкавыскага і слонімскага дэканатаў віленскага біскупства ад 1668 г., праведзеныя віленскім біскупам Аляксандрам Сапегам і віленскім scholiasta пралатам Аляксандрам Катовічам. БВУ. F. 57, P. 53—41. (Далей у спасылках на дадзеныя крыніцы будзе падавацца толькі год інспекцыі.)
[3] Acta synodi diaecesis Vilnensis praesidente Illustrissimo ac Reverendissi­mo Domino D. Alexandro in Macieiow Sapieha Dei et Apostolicae sedis gratia Episcopo Vilnensi. Vilnae, Typis Aca­demicis, 1669.
[4] Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912; Ochmański J. Biskup­stwo wileńskie w średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poz­nań, 1972.
[5] Paknys M. Mecenatystės reiškinys XVII a. LDK. Bažnytinės archi­tektūros užsakymai. Vilnius, 2003.
[6] Lukšaitė I. Reformacija Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje ir Mažojoje Lietuvoje. XVI a. trečias dešimtmetis — XVII a. pirmas dešimtmetis. Vilnius, 1999.
[7] Сагановiч Г. Невядомая вайна 1654—1667. Мiнск, 1995; Сагановiч Г. Нарыс гiсторыi Беларусi. Мiнск, 2001.
[8] Ochmański J. S. 64—65.
[9] Ochmański J. S. 66—67.
[10] 1653. K. 452.
[11] Ochmański J. S. 66—67.
[12] 1653. K.370; 1668. L.76.
[13] 1653. K.316; Ochmański J. S. 66—67.
[14] 1653. K.138.
[15] 1668. K.87. Е.Ахманьскі пазначае факт заснавання Кязгайлавічамі касцёла ў Ельні, у 1498 г.: Ochmański J. S. 66—67.
[16] 1668. K.81v. Паводле Е. Ахманьскага, касцёл у Дварцы закладзены ў 1529 г.: Ochmański J. S. 69—70.
[17] Ochmański J. S. 69—70.
[18] 1653. K.255v; 1668. K. 110.
[19] Ochmański J. S. 69—70.
[20] Кулагiн А.М. C. 185.
[21] 1653. K. 464—465.
[22] Інспекцыя парафіяльнага касцёла ў Мышы ад 1651 г. БВУ. F. 57, P. 53—846.
[23] 1653. K. 397—398.
[24] 1633. K. 123; 1653. K. 415—421.
[25] Paknys M. S.187.
[26] 1633. K. 108. У другой палове XVI ст. кіеўскі ваявода Канстанцін Кан­стан­цінавіч Астрожскі збудаваў драўляны касцёл у Дзятлаве: Інвентар­ны спіс дзятлаўскага касцёла і плябані ад 1716 г. БВУ, F.57, P. 53—448.
[27] 1633. K.99—101; 1653. K. 369, 380, 390. Paknys M. S. 191.
[28] 1633. K.114—115; 1653. K. 328; 1668. K.78; Kurczewski J. S. 232.
[29] 1633. K. 142v; 1653. K. 255.
[30] Інвентарны спіс раготніцкага касцёла ад 15.01.1726 г. БВУ. F.57, P.53—952, K. 4.
[31] 1653. K. 452.
[32] Paknys M. S.194.
[33] Lukšaitė I. S. 584–585.
[34] 1633. K. 120—121; 1653. K. 437—439.
[35] 1653. K. 255.
[36] Кулагiн А.М. C.153.
[37] 1653. K. 316; 1668. K.95.
[38] 1653. K. 369.
[39] 1653. K. 255.
[40] 1653. K. 316—317.
[41] 1653. K. 438, 357.
[42] Сагановiч Г. Невядомая вайна… С.51—52; Сагановiч Г. Нарыс… С. 277, 283.
[43] 1668. K. 78, 92, 96.
[44] 1668. K. 79.
[45] 1668. K.80, 84, 104, 111, 115. Інвентарны спіс парафіяльнага касцёла ў Дварцы. БВУ. F.57, P.353—359.
[46] Paknys M. S.209, 177.
[47] 1668. K.104.
[48] 1668. K.111.
[49] 1668. K.73—75, 76, 99, 110.
[50] 1668. K.110.
[51] 1668. K.101v.
[52] Paknys M. S.209.
[53] 1668. K. 93.
[54] 1633. K. 99—101.
[55] 1653. K. 369.
[56] 1668. K. 78v.
[57] 1633. K. 144v, 127, 134v.
[58] 1633. K. 118.
[59] 1633. K. 101.
[60] 1633. K. 112v.
[61] 1633. K. 122.
[62] 1633. K. 122.
[63] 1633. K. 112v, 144v, 127, 101, 134v, 114v.
[64] 1633. K. 118.
[65] 1653. K. 357, 402—403, 371, 382,
[66] 1668. K. 82v.
[67] 1668. K. 91v—93.
[68] 1668. K. 77v.
[69] 1668. K. 79, 95v.
[70] 1668. K. 95v.
[71] 1668. K. 101.
[72] 1668. K. 109.
[73] Jovaiša L. Brolijos // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyri­nėjimai ir vaizdai. Vilnius, 2001. S. 109.
[74] 1633. K. 444—144v.
[75] 1633. K. 146v.
[76] 1668. K. 108.
[77] 1653. K. 359.
[78] 1653. K. 367, 370—371; 1668. K. 76v.
[79] Kamuntavičienė V. Szpitale i szkoły parafialne diecezji wileńskiej i żmudz­kiej w drugiej połowie XVII wieku według danych aktów wi­zy­­ta­cyjnych Kościoła katolickiego // Kwartalnik Historyczny. R.CX. 2003. S. 51—72.
[80] 1633. K. 99v.
[81] 23 верасня 1570 г. Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі за­снаваў шпіталь у Дзятлаве і прызначыў сродкі на яго ўтрыманне: Інвентарны спіс дзятлаўскага касцёла і плябані з 1716 г. БВУ. F. 57, P. 53—448.
[82] 1633. K. 115.
[83] 1653. K. 330.
[84] 1668. K. 78v.
[85] 1633. K. 134; 1653. K. 462; 1668. K. 101.
[86] Гл.: Kamuntavičienė V. S. 64.
[87] 1633. K. 121, 122v.
[88] 1653. K. 438. 1668. L. 98.
[89] 1633. K. 126; Kamuntavičienė V.
[90] 1633. K. 109, 144; 1668. K. 81v, 109.
[91] 1668. K. 114.
[92] 1668. K. 95.
[93] 1633. K. 126; 1653. K. 403; 1668. K. 116.
[94] 1633. K. 114v.
[95] 1653. K. 330.
[96] 1668. K. 78v.
[97] 1633. K. 122v.
[98] 1653. K. 438.
[99] 1633. K. 144; 1653. K. 254.
[100] 1668. K. 109v—110.
[101] 1633. K. 101v; 1653. K. 388.
[102] 1633. K. 108v, 112, 134.
[103] 1668. K. 82v.
[104] 1633. K. 423, 318; 1653. K. 96.
[105] 1668. K. 114v.

Наверх

Ірэна Кадульская. Формы тэатральнага жыцця ў Полацкай Акадэміі (1812—1820)

Снежня 15, 2004 |


Пачынаючы ад дзвюх першых пастановак, здзейсненых у 1585 г., тэатр Полацкага калегіума спрыяў адукацыі сваіх вучняў і завязваў лучнасць з шырэйшаю публікай. Агулам кажучы, можна вылучыць тры прасторы, у якіх відовішчы і спектаклі тэатральнага характару прадстаўляліся публіцы: прастора грамадска адкрытая — сакральная і гарадская; прастора тэатра — грамадска ерархізаваная, даступная для за­прошаных; і прыватная прастора — вясковая сядзіба Ордэна.

Гэтыя прасторы адрозніваліся мэтамі пастаноўкі, формай і абсягам камунікацыі з рэцыпіентамі. Праблема адрозненняў тычыцца і мастацкіх аспектаў — тыпу і мадэлі рэпертуару, выбару мовы і спосабаў інсцэнізацыі. Прасторавая адменнасць спараджае таксама сацыялагічныя пытанні — пра сацыяльную дыферэнцыяцыю публікі, што напаўняла кожную з гэтых трох прастораў.

У цэлым трохпрасторавасць адпавядае тыпалогіі полацкіх інсцэніровак, якія мы падзялілі на ўрачыстасці, тэатр і тэатралізацыі. Урачыстасці адбываліся ў прасторы грамадска адкрытай — горад, касцёл, парадны рынак, часткова вялікая аўдыторыя і актавая зала. Тэатры — студэнцкі і пансіённы [akademicki i konwiktowy] — дзейнічалі ў тэатральнай зале, даступнай для запрошанай публікі. Тэатралізацыі ставіліся пад горадам, у вясковай, камернай абстаноўцы ў прызначаных для адпачынку садах фальварка Спас.

1. Урачыстасці

У адкрытай прасторы горада езуіты ставілі напачатку драмы і дыялогі, уключаныя ў літургію святаў. Тут вялася і рытарычная палеміка — ладзіліся дыспуты на тэалагічныя тэмы, у якіх езуіты дэманстравалі перавагу сваіх аргументаў над доказамі кальвіністаў і арыянаў; апошніх прадстаўляў, між іншым, сам Сымон Будны.

Тэатр урачыстасцяў у гарадской прасторы служыў мэтам місіянерства, прапаганды і ўмацоўвання ў веры; ягоная пышнасць уражвала і прываблівала. Дзейнасць тэатра ў Полацку распачалася польскім дыялогам на Божае Цела. Ён быў па­стаўлены 23 чэрвеня 1585 г. як складовая частка працэсіі на рынку. Поспех прадстаўлення, захапленне шляхты і мяшчанаў, „нават схізматыкаў“, наплыў натоўпу — усё гэта адзначалася і пры наступнай, вераснёвай пастаноўцы: De Martyrum constantia in tormentis et premio in coelis [Пра трываласць мучаніка ў катаваннях і ўзнагароду ў нябёсах]. Гэты выступ, спалучаны з казаннем пра годнасць рэліквіяў, быў часткаю ўрачыстасцяў, якія спраўляліся каля дня св. Міхала і свята Анёлаў і, як занатаваў храніст, добрая слава Таварыства Ісуса зрабілася тады мацнейшаю. Найчасцей тэатр прапаноўваў урачыстае перажыванне свята пад час актавы Божага Цела. Пра гэта паведамляюць запісы ў хроніцы пад 1603, 1641, 1642, 1647, 1702, 1722 г. — згадкі аб працэсіях і спалучаных з імі дыялогах ці дэкламацыях пры кожным з чатырох алтароў[1]. Захапленне і жывая рэакцыя гледачоў — удзельнікаў свята, што так часта адзначаецца ў хроніках, вынікала з засляплення раскошаю, з награмаджэння малюнкаў, эмблемаў, разнастайных мастацкіх сродкаў — слоўных, музычных і архітэктурных, — якія выкарыстоўваліся езуітамі ў працэсіях. Урачыстасць, ла­джаная ў адкрытай прасторы, пашырала кола тых, хто праз супольны ўдзел у ёй далучаўся да тэатральнай культуры.

Вонкавай пышнасцю адзначалася і святкаванне кананізацыі св. Францішка Боргія, аднаго з першых генералаў Таварыства, які вельмі паспрыяў умацаванню першых езуіцкіх пляцовак у Польшчы. Полацкая ўрачыстасць адбывалася 4—5 кастрычніка 1671 г. Гэта было шматэлементавае барочнае свята, у якім з падзячным набажэнствам спалучалася пастаноўка драмы і ўрачыстае шэсце шляхты і вучняў. На трыумфальных павозках везлі партрэты Францішка Боргія (як святара і як святога), стаяла трыумфальная брама, гучала му­­зыка і стрэлы. Веліч і значнасць урачыстасці перадавалася праз багацце сродкаў выразу. Яны дадавалі бляску яе асноўнаму факту, які з важнага для езуітаў рабіўся грамадска важным.

Гэты трыумф барока ў полацкім тэатры ўрачыстасцяў прымае пасля 1773 г. іншую форму. Новая дзяржаўная прыналежнасць, пры тым што Ордэн захаваўся толькі тут і больш нідзе, была надзвычай драматычным і важным фактарам, які істотна адбіўся на пазіцыях езуітаў. Стаўленне да новае ўлады робіцца важным пытаннем, адказваць на якое трэба публічна. Нагодаю для такіх адказаў становяцца падзеі афіцыйнага — свецкага — характару, галоўным чынам візіты і прыезды саноўнікаў. Тут патрабавалася вялікая пышнасць і красамоўныя перабольшванні. Усё гэта дэманстравалася ў адкрытай, пуб­ліч­най прасторы, даступнай для шырокай публікі.

Пасля 1773 г. выступы, якія ладзіць езуіцкі калегіум на гарадскім форуме, яшчэ больш яскрава, чым дагэтуль, паказваюць стаўленне езуітаў да свецкае ўлады і яе прадстаўнікоў, што прыбываюць у горад. Функцыя гэтая не новая, у поль­скай гарадской традыцыі яна мае шматвекавыя карані.

У аснове тэатра ўрачыстасцяў як у Полацку, так і на ўсёй Белай Русі па–ранейшаму застаецца барочная формула. Аднак цяпер гэты тэатр схіляецца да свецкіх нагодаў і, уважаючы на афіцыйны характар праваслаўя, радзей займаецца публічнай прапагандай веры. Гэта, штопраўды, не азначала поў­нага адыходу ад спалучэння афіцыйнай урачыстасці з рэ­лігійным цырыманіялам.

Узорны прыклад — як было арганізавана ўрачыстае пры­ві­танне Кацярыны II, што наведала Полацк у 1780 г. У гэтым годзе Ордэн атрымаў дазвол завесці навіцыят, што зрабіла ягонае становішча больш стабільным. Адгэтуль — узнёслы настрой і прага выказаць яго тэатральнымі сродкамі.

Дадамо тут, што час панавання Кацярыны II даваў волю тэатралізацыі жыцця, патрэбе стварэння ілюзіяў і спрыяў уласна тэатру. Царыца заставалася прыхільніцай ідэі публічнага тэатра, прынесенай у Расію Пятром I, спрыяла развіццю драматургіі, заснаванай на ўзорах французскага Асветніцтва. Лічачы тэатр школаю для народа, яна ліставалася ў тэатральных справах з Вальтэрам і Дзідро.

У траўні 1780 г. Кацярына выехала з Царскага Сяла ў Магі­лёў на спатканне з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Яе маршрут па Беларусі пралягаў праз Полацк. На мяжы Полац­кай губерні картэж імператрыцы віталі генерал–губернатар і мар­шалак шляхты. Царыца ўехала ў Полацк вечарам аўторка — 30 траўня — у сваёй незвычайнай павозцы з чатырох памяшканняў, у атачэнні світы саноўнікаў, найзнатнейшае шляхты, эскадронаў кірасіраў, пікінёраў і нават аддзела паштальёнаў з паштмайстрам. Увесь картэж быў ахінуты духам святочнай пышнасці[2].

Горад прывітаў Кацярыну і двор залпамі салюту, біццём у званы, трыумфальнаю брамаю і граннем аркестра. За брамаю паабапал дарогі стаялі святочна апранутыя габрэі; далей пад барабанны бой схілялі свае сцягі рамеснікі ўсіх цэхаў. З аднаго боку рынку пасталі ў рад чыноўнікі ў парадных строях — белыя камзолы, чырвоныя каптаны з белымі гузікамі[3]. З другога боку — духавенства, „айцы езуіты ў комжах, выстраеныя ў шарэнгу, далей айцы дамініканцы і базыльяне, таксама выстраеныя ў шарэнгу“.

Увечары, з прычыны дажджу і ветру, ілюмінацыя ўдалася толь­кі ў езуіцкім кляштары, дзе ў вокнах трэцяга паверха зіха­це­лі рознакаляровыя піраміды і ўсё злучалі гірлянды, „асвет­ле­ныя цэлым роем лямпаў“. Агні ілюмінацыі адбіваліся ў дзвін­скіх водах. Пасля вечаровага канцэрта і партыі ў карты з кня­зем Станіславам Панятоўскім Кацярына пісала свайму сыну:

„…Между окнами моими и Польшею только одна Двина, которая здесь не очень широка. Въезд мой в Полоцк представлял прекрасную картину… При въезде я видела зрелище совершенно для меня новое“. І далей — [езуіты] представляли собою величественный маскарад“[4].

Раніцой, пасля аўдыенцыяў і пахвальных прамоваў, надышла чарга прывітання ў касцёле айцоў езуітаў. Вітаў царыцу рэктар Станіслаў Чарневіч, убраны ў мантыю; шарэнга езуітаў у комжах цягнулася да раскошнага трона, адмыслова падрыхтаванага дзеля гэтай нагоды. Пасля таго як царыца заняла пасад, ён стаў цэнтрам урачыстасці. Далей адзін за адным адбываліся элементы тэатралізаванага цырыманіялу, спалучанага з літургіяй.

Правінцыял зрабіў прывітальную прамову на італьянскай мове і паднёс складзены Міхалам Карыцкім лацінскі верш, які ўслаўляў царыцу — абаронцу Таварыства Ісуса. Шматмоўнасць надавала прывітанню еўрапейскі характар; гэтак яе ўспрыняла і Кацярына. Далей распачалося бліскучае набажэнства з урачыстаю працэсіяй (была актава Божага Цела) і спевам „Te Deum“ [„Цябе, Бога, славім“]. На заканчэнне касцёльнай част­кі ўрачыстасці адбылося прадстаўленне навіцыяў.

Аналагічным прывітаннем, адно што без літургіі, стаў візіт у калегіум, дзе ў цэнтры прэзентацыі апынуліся ўжо самі езуіты. Тут была падрыхтавана дэманстрацыя навуковых экспе­ры­ментаў, але царыца агледзела толькі вучнёўскія чарцяжы з цы­вільнай і вайсковай архітэктуры і прыняла ў дар эмблемы — гравюры калонаў у карынфскім, дарычным і рымскім стылі, з адпаведнымі ўпрыгожаннямі і надпісамі панегірычнага зместу. Затрымаўшыся ў трапезнай на размову, яна вярнулася ў касцёл; выхад яе таксама насіў урачысты характар.

Пагодны вечар спрыяў ілюмінацыі, якая сабрала „цікаўнага люду многія тлумы“. Падрабязнасці занатаваў базыльянін Ігнацы Сцябельскі, чые сведчанні цытаваліся вышэй. Езуіцкі касцёл св. Стэфана, ганкі калегіума і вокны вежаў былі ярка асветленыя рознакаляровымі ліхтарамі. Чатыры піраміды сягалі вышыні касцёла, выступаючы з начной цемры феерыяй агнёў. На пастаментах цэнтральных пірамід месціліся транспаранты з надпісамі. На адным — victoriis clara beneficiis illust­rior [слаўная перамогамі, яшчэ больш славутая дабрачынствамі]; на другім — terror hostium, amicorum columen, amor subditorum [страх ворагаў, сяброў апірышча, любоў падданых]. Пятая піраміда стаяла насупраць імператарскага палаца. „А ўся ілюмінацыя на зямлі замыкалася парапетам, аздобле­ным густымі агнямі“. З верхняга яруса абедзвюх касцёльных вежаў плыла музыка.

Выразам прызнання і прыняцця ўсяго гэтага бляску сталі міласці, атрыманыя езуітамі ад імператрыцы назаўтра. І адказ на іх быў адпаведны — на трэці вечар ілюмінацыю наладзілі яшчэ больш прынадную. Перад палацам, замест пятае пірамі­ды, „відзён быў на транспаранце медаль з выявай асобы най­яснейшай манархіні, абкружаны з розных бакоў гербамі найважнейшых местаў Расійскай імперыі“.

Прывітанне Кацярыны стала для полацкіх езуітаў першым пасля скасавання Ордэна ўрачыстым відовішчам такога размаху. Яно мела на мэце засляпіць гледача і задзейнічала ўсе спосабы зрокавага, гукавога і інтэлектуальнага ўздзеяння на яго[5]. Вестка была падрыхтавана на некалькіх узроўнях — найшырэйшым, на ўзроўні манархіні, далей — для адукаванага і тытулаванага гледача, і на трэцім узроўні — для гледача масавага. На кожным узроўні і знакі стаўлення да ўладара, і дэманстрацыя прэстыжу калегіума прачытваліся з сваёй ступенню падрабязнасці.

Як форма тэатра ўрачыстасцяў прывітанне было відовішчам, падзеленым на часткі, якое рэалізоўвалася на працягу трох дзён і вечароў. Выкарыстоўвалася прастора горада, касцёла, калегіума і — зноў — параднага рынку. Езуіты выступалі ў святочных строях, дыферэнцыяваных згодна з ерархіяй. У якасці сродкаў выяўлення яны ўжылі сентэнцыі, эмблемы, культурныя знакі, скарысталі пахвальныя прамовы, панегірычныя вершы, непасрэдныя размовы. Бляску дадалі элементы абраду, літургічныя спевы. Адмысловая роля дасталася каляровым агням, музыцы, рэквізіту і архітэктуры. Паднясенне ў дар вершаў і гравюраў падаўжала кантакт і ўмацоўвала памяць пра пышнасць прывітання.

Раніцой, 2 чэрвеня 1780 г., з біццём у званы, з гарматнымі залпамі і развітальнымі воклічамі, пачаўся выезд імператрыцы да Магілёва. Тут царыца спаткалася з імператарам Іосіфам II, які прыбыў інкогніта. Перад трыумфальнаю брамай ёй уручылі ключы ад горада — залаты і срэбны. Езуіты віталі манархіню разам са сваёй моладдзю, падрыхтаваўшы папярэдне адпаведныя прамовы. На замку, у тэатры, што абсталяваў граф Захар Чарнышоў, ставіліся італьянскія оперы і даваліся канцэрты. Увесь тыдзень, пакуль тут былі манархі, штоночы ла­дзілася „захапляльная ілюмінацыя“. Прысутнасць уладароў, а таксама палітыкаў і славутых асобаў, што іх суправаджалі, надавала ўсёй гэтай пышнасці вялікі палітычны сэнс. Тэатралізацыя цырыманіялу, шматэлементавасць урачыстасцяў захаваецца ў традыцыі езуітаў да канца іх існавання на Белай Русі.

Тэатр вялікіх урачыстасцяў паўтараўся пад час прыезду іншых уладароў, якія яшчэ не раз наведвалі Полацк і тутэйшы калегіум. Вось толькі некалькі прыкладаў. Вялікага князя Паўла віталі ў 1781 і 1791 г. у Полацку і, ужо як цара, у 1797 г. у недалёкім адгэтуль Аршанскім калегіуме. Прыезды Аляксандра I мелі месца ў 1802, 1807 і 1812 г. — прывітанні, наладжаныя яму, апісваліся ў езуіцкім часопісе „Месячнік Полацкі“, былі адлюстраваны ў вершах і ў зборы прамоваў[6]. Пра намеры, звязаныя з прывітаннем Аляксандра, пісалі гэтак: „Што толькі магла вынайсці ветлая і дасціпная любоў падданых да свайго Пана або што мела ласку дазволіць воля імператара — нішто з гэтага не было ў той час занядбана, каб аказаць гонар, які належыць гэтаму манарху“. Узровень ангажаванасці пераносіўся на формы яе выразу.

Варта заўважыць, што ў гэты ж час аб праходзе II корпуса на­палеонаўскай арміі на чале з маршалам Н.Ш.Удзіно і заква­та­раванні ягонага штаба ў езуіцкім калегіуме запісы паведам­ля­лі як аб крыніцы прыкрасцяў. Аб прывітанні не было ні слова, затое адзначалася палёгка ад таго, што войска пакінула го­рад. Штопраўда, у запісах езуітаў пра пастой любога войска (на­прыклад, пад час Паўночнае вайны) заўсёды прысутнічала ад­чуванне пагрозы нармальнаму функцыянаванню калегіума і горада.

Урачыста адзначаліся не толькі прыезды цароў. У Полацк прыбывала багата асобаў з уладных колаў, пры вітанні якіх выкарыстоўваліся знакі ўрачыстасці і свята. Сярод іх можна назваць урачыстае прывітанне ў 1774 г. генерал–губернатара графа Захара Чарнышова (які ў 1780 г. зноў прыбыў сюды разам з жонкаю), генерала Міхельсона (1782), сенатара Нарышкіна (1785), князя Пацёмкіна, якога тут віталі не раз, між іншым, па дарозе ў Ачакаў (1782, 1786, 1788, 1789). Прыві­таль­ныя прамовы адрасаваліся таксама тытулаваным дамам — напры­клад, жонцы магілёўскага губернатара Кацярыне Кахоўскай і гра­фіні Салтыковай.

Шматкроць прымалі тут магілёўскага арцыбіскупа Стані­слава Сестранцэвіча, спедзеючыся праз бляск раскошы здабыць ягоную зычлівасць. У 1802 г. урачыста адзначаўся прыезд новаабранага генерал–губернатара Беларусі Аляксандра Рымскага–Корсакава, а сярод асобаў, якіх віталі ў 1811 г., быў ягоны наступнік — князь Аляксандр Віртэмберскі ў суправа­джэнні іншых генералаў і сваіх сямейнікаў.

Урачыстае прывітанне, якім ушаноўвалі ўсіх знатных гасцей, рэалізоўвалася з выкарыстаннем усіх хвалебных формаў; дзе­ля большай узнёсласці прамовы, оды, драматычныя творы ра­біліся шматмоўнымі, уводзіліся эмблемы і алегорыі. Заха­ваны літаратурны матэрыял ілюструе фрагменты тэатра ўрачы­ста­сцяў, хоць ужо не так падрабязна, як пры ўездзе Кацярыны.

Так, захаваўся тэкст homagium 1802 г., у якім выказвалася ра­дасць „усяго абывацельства“ і езуіцкага Ордэна з прычыны пры­быцця новага генерал–губернатара Беларусі — вышэй­згада­нага А.Рымскага–Корсакава. Поруч з паважным настроем уводзіўся таксама настрой радасці і артыстычнага ажыўлення — дзякуючы праспяванай студэнтамі італьянскай канцанеце: Al merito impareggiabile di Sua Eccellenza Il Signiore Alessandro Rimskoi–Korsakov [...] in occasione della graziosa visita falta а P.P. della compagnia di Gesu nel Collegio di Polock [Да незраўнаных заслуг Яго Экселенцыі Пана Аляксандра Рымскага–Корсакава <…> з нагоды ласкавага візіту, нанесенага айцам таварыства Ісуса ў Полацкім калегіуме].

Выканаўцамі музычнага афармлення былі вучні з бурсы му­зыкаў. Васьміслупковая канцанета славіць веліч і геройскія цно­ты губернатара: Korsakov L’Eroe / In pace ed in guerra [Кор­са­каў герой / у час міру і ў час вайны], выказвае, адпаведна на­годзе, нязмерную радасць (E a si lieto giorno / Sia gioja equal) [І ў такі вясёлы дзень / Хай такою ж будзе радасць] з пры­чыны ягонага абрання і добрыя надзеі на „бацькоўскае кі­­ра­ванне“ ў будучыні (Per Tuo governo / Felice Paterno / Amore a Te) [Праз тваё кіраванне / Шчаслівае, бацькоўскае / Любоў да Цябе].

Аўтарства тэксту можна звязаць з асобаю таленавітага іта­ль­янца Алоіза Руснаці [Aloysius Rusnati], чыя багатая літара­тур­ная спадчына (у тым ліку дробныя драматычныя творы) за­хоўваецца ў ATJ (Archiwum Towarzystwa Jesusowego) у Кра­ка­ве. Рукапіс канцанеты, аздоблены каляровым малюнкам, за­хаваўся ў зборах Бібліятэкі Ягелон­скай. Можна меркаваць, што адрасат, згодна са звычаем школы, таксама атрымаў асоб­нік, які служыў як бы працягам урачыстасці і памяткаю пра яе.

У 1811 г., калі ў калегіум прыбыў новы губернатар Беларусі — князь Аляксандр Віртэмберскі з сваёй каралеўскай швагеркай Антанінай Амаліяй і ў суправаджэнні саноўнікаў, тэатралізацыя прывітання імкнулася да яшчэ большае пышнасці. У шматэлементавую ўрачыстасць увайшлі адпаведныя прамовы, складзеныя для гэтай нагоды „Песня“[7] і „Верш“, італьянская Canzonetta cantabile. „Wiersz Na wjazd do Połocka Jaśnie Oświeconego Książęcia Wirtemberskiego Aleksandra“ [Верш на ўезд у Полацк яснавяльможнага князя Віртэмберскага Аляксандра] пазбягае схематычнага паўтарэння гіпербалізаваных пахвальных формулаў, але індывідуалізуе адрасата, згадваючы ганаровыя дэталі ягонае біяграфіі: „Ty Panie wjeż­dżasz, co się z książąt rodzisz“ [Ты, Пане, уязджаеш, сам княскага роду]. Далей адзначаюцца яго родавыя повязі: „Twój brat na tronie królewskim zasiada / I walecznymi narodami włada“ [Твой брат сядзіць на каралеўскім троне і пануе над мужнымі народамі]. Выказваючы добрыя спадзяванні на будучыню, верш побач з гэтым сцвярджае веру ў дапамогу Ўсемагутнага.

Урачыстыя дэкламацыі вершаў і песень суправаджаліся ін­сцэ­ніроўкай канцанеты „A Sua Altezza Reale Antonietta Ama­lia di Coburg Duchessa di Würtemberg in occasione del Suo felice arrivo a Polozco canzonetta cantabile“ [Яе каралеўскай высокасці Анта­не­це Амаліі дзі Кобург, княгіні Віртэмберскай, спеўная канцанета з нагоды яе шчаслівага прыбыцця ў Полацк].

Аўтарам гэтага васьміслупковага твора быў згаданы ўжо італьянец Алоіз Руснаці, які, як мы заўважылі, прыбыў у полацкі калегіум у 1783 г. і напачатку выконваў тут абавязкі прэфекта тэатра. Твор Руснаці вывеў на першы план урачыстасці новага адрасата — Яе каралеўскую высокасць княгіню Вір­тэмберскую, братавую губернатара, якому адрасавалася прывітанне. У гонар яе высокасці моладзь спявала сольныя і харальныя партыі. Элементы спеву і музыкі выкарыстоўваліся тут дзеля ўсхвалення і стварэння ўзнёслай атмасферы. Драматычнасць уносілася праз падзел на ролі і разнастайныя малюнкі радасці, выкліканай прыбыццём высокіх гасцей.

„Канцанета“ захавалася ў форме старанна падрыхтаванага і аздобленага плаката. У якасці памяткі пра felice arrivo e felice giorno [шчаслівае прыбыццё і шчаслівы дзень] яго ўручалі гасцям. Момант перадачы тэксту, звязанага з урачыстым характарам падзеі, таксама быў яе важным, загадзя прадуманым элементам.

Можна толькі дзівіцца прысутнасці на плакаце цэнзурнага дазволу (узятага ў прыгожыя дужкі). Ён рэзка дысанаваў з святочным характарам гэтага выдання, прызначанага для высокіх саноўнікаў. З іншага боку, Старнаўскі звярнуў увагу на далікатны момант, звязаны з візітам Антаніны Амаліі: яе муж Фрыдэрык Вільгельм Караль належаў у той час да саюзнікаў Напалеона I. Гэта можа патлумачыць, чаму ў складанай палітычнай сітуацыі 1811 г. спатрэбілася ўмяшанне цэнзара.

Тэатр прынагодных урачыстасцяў выбіраў формы цырыманіялу ў залежнасці ад свята і ягонага рангу. Святам, прэстыжным для самога Таварыства, стаў перанос у 1807 г. мошчаў бл. Андрэя Баболі з Пінска ў крыпту полацкага касцёла. Ён адзначаўся вяртаннем да традыцыі раскошнага адпраўлення рэлігійнай цырымоніі. У публічным шэсці і ў працэсіі ўдзель­ні­­­чалі жыхары горада і ваколіц. Дынаміка працэсіі развівалася цягам яе праходу, а мастацкі сэнс ёй надавала ўсведам­ленне свята, еднасці мэты і сітуацыя пакланення[8]. Гэтую ўра­чыстасць можна параўнаць з ранейшымі віленскімі інтрадукцыямі святых — Станіслава Косткі і Алоіза Ганзагі[9].

Кульмінацыяй полацкіх урачыстасцяў стала цырымонія надання Прывілея, які ўзвышаў калегіум да рангу Полацкай Езуіцкай Акадэміі. Наданне адбылося напярэдадні ўварвання напалеонаўскіх войскаў у Расейскую імперыю.

Урачыстасць была прызначаная на 15 чэрвеня 1812 г. Яна са­брала шматлікіх гасцей з усяе Беларусі і Літвы — саноўнікаў, паслоў, дэпутатаў, рыма–каталіцкіх і уніяцкіх святароў, мар­шалкаў шляхты, дэпутатаў ад земляў і паветаў, а таксама „тлу­мы абывацельства“. Сярод найзначнейшых асобаў крыніцы згадваюць генерал–губернатара А.Віртэмберскага са сві­таю, мінскага біскупа Якуба Дэдэрку (ён замяшчаў мітрапаліта С.Сестранцэвіча), уніяцкага арцыбіскупа Яна Красоў­скага, біскупа Цыпрыяна Адынца — суфрагана віленскага, і іншых[10]. У цырыманіял атрымання Полацкам рангу універсітэцкага горада быў уключаны горад як цэлае разам з ваколіцай.

Элементы свята мелі свой парадак, ерархію і паўтаральнасць. Урачыстую літургію, упрыгожаную музыкай і спевам, адправіў у касцёле св. Стэфана біскуп Я. Дэдэрка. У казанні з гэтае нагоды ён задаў настрой, адпаведны вялікай значнасці падзеі. Далей грамада ўдзельнікаў літургіі перайшла ў вялікую залу калегіума, якая нават усіх не ўмясціла. Тут адбылася наступная частка. Ва ўбранні аўдыторыі звяртаў на сябе ўвагу бюст імператара Аляксандра, ніжэй — залатая падушка, на якой ляжаў акт „Прывілея“ на Акадэмію. Гэтыя сітуацыйныя аксесуары адыгралі істотную ролю ў сцэнарыі імпрэзы.

Біскуп Дэдэрка, які праводзіў урачыстасць, зачытаў ліст мітрапаліта Сестранцэвіча. Далей генерал Ордэна — Тадэвуш Бжазоўскі звярнуўся да губернатара, князя Віртэмберскага, з просьбаю, каб той зрабіў ласку ўзяць з залатой падушкі дакумент аб заснаванні Акадэміі. Губернатар перадаў „Прывілей“ біскупу, пазначаючы тым самым ерархію ўлады; грамада па­ўставала з месцаў.

Змянілася месца ўрачыстасці — яе ўдзельнікі цыры­ма­ніяль­на вярнуліся ў касцёл. Цяпер яны крочылі ў вызнача­ным па­радку. Паперадзе доўгімі шэрагамі ішлі выхаванцы кале­гіума, падзеленыя на класы. Як знак агульнага адчування свя­точ­насці яны неслі ядвабныя харугвы з гербамі 70 земляў і пра­вінцыяў імперыі. За імі шэрагам крочылі айцы–езуіты з усіх калегіумаў імперыі. За айцамі біскуп, у суправаджэн­ні двух канонікаў, нёс дакумент. Двое шкаляроў у белых стро­ях цы­рыманіяльна падтрымлівалі шнур і пячатку дакумен­та. Шэс­це замыкаў найзнатнейшы — князь Віртэмберскі са сві­таю.

Усе зноў апынуліся ў касцёле. Яго святочнае ўбранне па­цвярджала высокую значнасць падзеі. Цэнтральнае месца займаў пакрыты пурпурам трон, над ім партрэт Аляксандра I у каштоўнай раме. Побач, на пазалочаным століку, ляжаў дакумент, напісаны на польскай і расейскай мовах. Вакол трона пастала моладзь з харугвамі.

Прадстаўнік езуітаў па–польску зачытаў „Прывілей“. За­грымела музыка, на гарадскіх валах далі артылерыйскі салют з 50 гармат. У храме генерал Oрдэна прамовіў пахвальна–ўдзячную казань; моладзь дэкламавала вершы на сямі мовах. Гасцям раздалі выдрукаваныя асобнікі вершаў разам з тэкстам „Прывілея“ — нешта накшталт праграмак. Далей перайшлі да ўрачыстага надання доктарскіх годнасцяў: гэта стала першай акцыяй паўнапраўнай ужо вышэйшай вучэльні. Наданне праводзіў біскуп Ц.Адынец. Загучала ўдзячнае „Te Deum“, і паўтарыўся гарматны салют на валах.

Праходзячы на ўрачысты абед, госці маглі назіраць зна­дворнае аздабленне касцёла — вывешаныя на ім надпісы, зна­кі, эмблемы, што сімвалізавалі веліч і цноты ўсіх высокіх прадстаўнікоў улады, у тым ліку міністра народнай асветы А.Разумоўскага. Усё гэта, разам з высокімі пірамідамі з пальмавых лістоў паабапал партала, неўзабаве было асветлена лампіёнамі і феерверкамі, што дапоўніла аздабленне падзеі „тэатрам вясёлых агнёў“.

Гасцей частавалі святочным абедам, а ўрачыстасць тым часам ахоплівала ўсё новыя пункты горада. Гралі студэнцкія і вайсковыя капэлы, да позняй ночы зацягнуліся феерверкі. У новую прастору тэатр урачыстасцяў перанёсся, калі на фоне цёмнага неба паказаўся рознакаляровы паветраны шар з лацінскім надпісам: Tutus Alexandri auspiciis eo laetus ad astra [Лячу да зораў радасна і бесклапотна пад абаронаю Аляксандра]. Узнясенне гэтага надпісу ў прастору падкрэслівала ўладарную і апякунчую ролю Аляксандра.

Складальнікі праграмы ўрачыстасцяў выявілі значэнне ўтварэння Акадэміі, выкарыстоўваючы ўсе элементы ўздзеяння на гледача. Награмаджэнне сродкаў служыла замацаванню весткі пра гэты ганаровы факт. Шматлікасць публікі пацвяр­джала еднасць перакананняў. Адначасна з гэтым складальнікі падкрэслілі веліч імператара і ягоных прадстаўнікоў. Стварылі яны і вобраз мірных планаў, якія строіла вучэльня напярэдадні вайны. Усё падсумоўвала прэзентацыя пышнасці падрыхтоўкі да атрымання вышэйшых навуковых званняў. Гэтая вялікая публічная падзея пашырыла кола гледачоў і выканаўцаў тэатра ўрачыстасцяў. Яны выступілі як успрымальнікі і сутворцы тэатральнай культуры на тэматычным і эстэтычным узроўні, складаючы супольнасць удзельнікаў урачыстай святочнай цырымоніі.

Пра сціплейшыя ўрачыстасці, звязаныя са звычайным што­гадовым адкрыццём навучальнага года, мы ведаем з вуч­нёў­скіх успамінаў і запісаў. Элементы святкавання тут менш вы­раз­ныя; у памяці вучняў захаваліся прафесарскія прамовы, пры­­­гожа ўбраная заля, смачная вячэра, захапленне ад ілюмінацыяў.

Акадэмічны год прыносіў моладзі ўдзел у шматлікіх урачыстасцях, якія тэатралізаваліся прынагодным аздабленнем, цырыманіяльным парадкам і па–мастацку арганізаваным словам. У прыватнасці, моладзь актыўна ўдзельнічала ва ўрачыстых выбарах прэфекта студэнцкай кангрэгацыі. Ход гэтага акта, які ўваходзіў у традыцыю школы з часоў, калі на пасаду прэфекта быў абраны кароль Стэфан Баторы, апісаў у сваіх успамінах Эдвард Томаш Масальскі:

„У першыя тыдні 1820 г. мае калегі абралі мяне на пасаду прэфекта содалісаў. Гэта быў у нас немалы гонар; бо ж першым у Полацку прэфектам содалісаў быў кароль Баторы, за­снавальнік полацкага калегіума, а пасля яго гэтую пасаду займа­лі зазвычай найвышэйшыя дзяржаўныя саноўнікі; па ўсталяванні ж Акадэміі на прэфекта абіралі найстарэйшых і самых прыстойных вучняў. Гэты выбар вельмі прыемна паказытаў маё самалюбства.

Цырымоніі пры выбары і на содалісаўскіх урачыстасцях былі надта пышныя. Прэфекта садзілі на трон у касцёле; перад ім на табурэтах сядалі паабапал віцэ–прэфекты і асістэнты, а выбраныя з содалісаў вучні чыталі перад прэфектам прамо­вы. Ён падпісваў і раздаваў патэнты новапрынятым содалісам і назіраў за іх паводзінамі. У ягоныя абавязкі ўвахо­дзіла таксама падаваць езуіцкаму начальству спісы вучняў, абраных на стыпендыятаў содалісаўскай касы. Каса гэтая папаўнялася з продажу грамніц на свята Ачышчэння Найсвяцейшай Панны. Бо такі быў звычай, што ў тое свята і на працягу актавы прэфект содалісаў са сваімі асістэнтамі развозіў грамніцы па дамах у горадзе і па ваколічных маёнтках за горадам, а складкі, сабраныя гэткім чынам, ішлі ў сода­лісаўскую касу і абярталася на стыпендыі для бедных вучняў“[11].

Масальскі падкрэсліў прынцып адпаведнасці паміж ганаровай цырымоніяй і спосабам яе правядзення. Адзначыў ён таксама тэатралізацыю жэста, руху, чыннасць прамоўцаў і дэкламатараў. Прамовы з урачыстасцяў выдаваліся друкам, прыгожа аздобленыя.

Аўтар дзённіка прадэманстраваў таксама сувязь содалісаў з жыхарамі і супольнасць філантрапічнай дзейнасці.

Цырымоніі і святы ў полацкім калегіуме суправаджаў му­зыч­ны ансамбль з 27 чалавек. Пра ягоны рэпертуар мы можам меркаваць на падставе спіса інструментаў і інвентара но­таў. У інвентары фігуравалі таксама ноты да музычных ві­довішчаў — 12 драмаў, 3 араторыі, 30 розных партытураў. Спіс мае вы­ключна колькасны характар. Адзінае, што можна з яго выснаваць, — што існавала магчымасць рабіць школьны рэ­пертуар больш разнастайным праз спектаклі музычнага ха­рак­тару або ўводзіць у тэатральныя пастаноўкі музычныя партыі.

Іншы тып школьных выступаў адбываўся ў актавай зале, размешчанай на першым паверсе музейнага будынка. Гэтая зала, распісаная фрэскамі, абсталяваная навуковымі прыладамі, падзеленая на подыум і „глядацкую частку“ — аўдыторыю, была прызначана для іспытаў і публічных актаў — дыс­пу­таў, лекцыяў, паказальных вучнёўскіх выступленняў з роз­ных галін ведаў. Якраз тут перад выкладчыкамі, калегамі, свая­камі і іншымі гасцямі дэманстраваліся прынятыя ў практыцы тагачасных школаў „Dowody rocznego postępku“ [Доказы поспехаў, зробленых за год]. Для даследчыка тэатра істотна тое, што прэзентаваныя перад публікай веды ахоплівалі і навуку пра еўрапейскую драму, якая выкладалася ў Полацку; засведчана знаёмства навучэнцаў з творчасцю Карнеля, Ра­сіна, Крэбіёна, Мальера, Рэньяра, Дэтуша, Лесінга і расейскага драматурга Княжніна. З польскіх драматургаў у Полацку цанілі Францішка Багамольца, Адама Казімера Чартарыскага, Яна Драздоўскага і Войцеха Багуслаўскага. Характарыстыку іхняе творчасці даў Раймунд Бжазоўскі ў сваім „Слоўніку польскіх пісьменнікаў“ [Słownik pisarzów polskich], складзеным у Полацку.

На заканчэнне адзначым, што акадэмічныя ўрачыстасці з такім шырокім выкарыстаннем тэатральных сродкаў пашыралі кола ўспрымальнікаў, якія гэткім чынам набліжаліся да тэатра як формы мастацтва і атрымлівалі новыя эстэтычныя перажыванні.

Апошняй вялікай урачыстасцю Акадэміі стала двухдзённая паніхіда (25—26 студзеня 1820 г.), калі памёр генерал езуітаў Тадэвуш Бжазоўскі. Да яе далучыліся іншыя Oрдэны, прыбылі шматлікія саноўнікі і „люд, тлумам зграмаджаны“. Працэсія ахапіла прастору амаль цэлага горада. Ад касцёла св. Стэфана яна прайшла праз парадны рынак, вуліцамі да моста цераз раку Палату і далей за горад — на могілкі пры касцёле Гроба Гасподняга. Грамада Акадэміі ў апошні раз з’ядналася з жыхарамі горада ў супольнай урачыстай цырымоніі — перажыванні жалобы. Неўзабаве сімвалічны сэнс развітання з генералам Oрдэна зрабіўся відавочным: праз лічаныя тыдні быў абвешчаны ўказ пра выгнанне езуітаў.

2. Тэатры

Агулам беручы, крыніцы паведамляюць, што ў Полацку дзейнічалі два тэатры — студэнцкі і пансіённы [akademicki i konwiktowy]. Захаваныя матэрыялы тычацца галоўным чынам студэнцкага тэатра, у якім выступала моладзь з старэйшых класаў калегіума і студэнты Акадэміі. Пра пансіённы тэатр вядома, што ён ставіў іншамоўны рэпертуар — галоўным чынам французскі, лацінскі, часам італьянскі. Два тэатры — гэта дзве тэатральныя трупы[12], дзве рэпертуарныя праграмы, якія рэалізоўваліся на супольнай сцэне тэатра Акадэміі. Або­два яны будуць тут прадстаўленыя як адно цэлае — з зазначэннем адрозненняў, пра якія вядома з паасобных крыніц.

Тэатральная зала ад 1787 г. месцілася на другім (фактычна трэцім) паверсе крыла друкарні. Гэтае крыло, перпендыкулярнае да лініі галоўнага ўвахода, было відаць (у той частцы, дзе месціўся тэатр) з параднага рынку. Так падкрэслівалася прасторавая блізіня тэатра, рынку і крыху адлеглага ад гэтае лініі касцёла.

Інвентар 1820 г. паведамляе пра тэатральную залу скупыя звесткі. Мы чытаем, што тэатр быў размешчаны ў ансамблі „значнейшых будынкаў“, якія ўтваралі „дзве трохпавярховыя лініі з калідорамі“, перпендыкулярныя да касцёла. Тэатр знаходзіўся на лініі крылаў друкарні і музея, злучаных між сабою.

„Трэці паверх, акрамя калідора, увесь заняты тэатрам, пры якім ёсць пакой, што служыць як склад тэатральных рэчаў, з адным акном і дваімі дзвярыма на замках; тэатр мае чацвёра вокнаў, трое маляваных дзвярэй“.

Тэатральная зала, такім чынам, была значна меншая за ак­тавую. Мы ведаем, што яе даглядалі, рамантавалі. Пра панаў­ленне тэатра і наданне яму новага кшталту піша Нікодам Мусніцкі, зазначаючы далей, што пышнасць тэатра і вы­дат­нае абсталяванне музея вабяць у Полацк шматлікіх заці­каў­леных саноўнікаў і літаратараў. „Theatrum etiam, quo jam an­ti­qui­tus erat extructum pro exhibitione a Studiosa Iuventute Dra­­­matum, in novam formam, eamque multo commodiorem ac ve­nu­stio­rem est redactum, ac picturis non inelegantibus, rei ac­co­mo­­datis exornatum“[13] [Таксама і тэатр, узведзены яшчэ ў даўнія часы дзеля паказу драмаў студэнцкаю моладдзю, абернуты [цяпер] у новую форму, нашмат зручнейшую і пры­­гажэйшую, і аздоблены не пазбаўленымі зграбнасці малюнкамі адпаведнага зместу]. Зала напэўна запатрабавала яшчэ аднаго рамонту пасля 1812 г., бо французскія жаўнеры, што кватаравалі ў калегіуме, занялі, сярод іншага, і тэатральнае памяшканне. Абсталяванне тэатра выклікала ўсеагульнае прызнанне і захапленне, што адзначыў вучань піяраў, пазней выпускнік юнкерскай школы ў Магілёве Ігнат Лянкевіч. У сваім дзённіку, пасля апісання полацкай школы, ён дадаў: „Звыш таго асобны тэатр з усялякімі дэкарацыямі і строямі. Словам, езуіты мелі ўсяго ў дастатку“.

Згаданыя аўтарам дзённіка багатыя дэкарацыі рыхтаваў са сваімі памочнікамі і выхаванцамі Габрыэль Грубэр — выдатны механік, доктар медыцыны, артыст і паліглот. Аднак больш красамоўна, чым інвентары, люстрацыйныя рэестры ці спісы прадметаў, выстаўленых на продаж, пра падрабязнасці абсталявання кажуць драматычныя творы.

Тэксты драмаў пацвярджаюць існаванне паслядоўнай, тэматычна разнастайнай сцэны, якая дазваляла атрымліваць мноства эфектаў. Акрамя тэхнічнай спраўнасці і шматлікасці машын (пра што казаў Мацей К.Сарбеўскі), гэтая сцэна давяла, што тэатральны эфект залежыць ад актора не менш, чым ад усяго астатняга.

Bарта прыгадаць пераказаны Казімерам В.Вуйціцкім анекдот пра полацкае мартыралагічнае прадстаўленне каля 1820 г.:

„За нядаўнім часам у езуітаў у Полацку на прадстаўленні „Адсячэння галавы святога Яна“ студэнт, які доўга ляжаў з закрытай галавой, удаючы тулава святога, заснуў, а галава другога вучня, што вытыркалася непадалёк з–пад дошак, каб удаваць галаву мучаніка, пачала, развесяліўшыся ягоным храпам, голасна смяяцца, прынёсшы пасярод гэтага сумнага дыялогу нямала пацехі гледачам“[14].

Юначая весялосць выканаўцы змяніла характар успрымання прадстаўлення і яго эстэтычную якасць.

Тэатр як структурная адзінка Акадэміі працягваў выконваць свае традыцыйныя функцыі, звязаныя з выхаваннем і адукацыяй. Пра гэта кажа 14 пункт „Статута“ („Устав“, захоў­ваецца ў Пецярбургскім архіве). Сюды, аднак, дадаліся новыя пастановы: на акадэмічнай сцэне не дазвалялася вы­ступаць неакадэмічным тэатральным трупам, больш за тое — студэнтам забаранялася бываць у „чужых“ тэатрах. Студэнцкі тэатр, хоць сам ён і ладзіў адкрытыя спектаклі, па­збаўляў сваю моладзь кантакту з шырэйшым тэатральным мастацтвам. Тэкст, што прамаўляўся са сцэны, падлягаў цэнзуры, якая тут, у Полацку, насіла не толькі традыцыйны для езуітаў рэлігійна–звычаёвы характар, але тычылася і палітычных аспектаў.

Традыцыйна багаты каляндар прадстаўленняў школьнага езуіцкага тэатра абмяжоўваўся ў Полацку спектаклямі на закан­чэнне навучальнага года. Гэта быў ужо той перыяд развіцця езуіцкага тэатра, калі поўны спектакль складаўся з трагедыі і камедыі. Нагода, звязаная з пераводам вучняў у наступныя класы, прадвызначала склад шматлікай публікі.

„У той дзень (успамінае мемуарыст Ян Баршчэўскі) … шум і грукат вазоў разносіўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абы­вацелі; адны — на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы; другія — каб падзякаваць за турботы тым, хто глядзеў іхніх дзяцей; іншыя — каб пабыць у тэатры, бо вучні По­лацкай Акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі па­станоўку“[15].

Тэатральную свядомасць творцаў полацкага рэпертуару пас­­ля 1773 г. працягвалі вызначаць правілы „Ratio studiorum“ [„Спо­­саб навучальных заняткаў“] і сістэма прадпісанняў, якая скла­­лася за два вякі дзейнасці езуіцкіх школ і тэатраў. Іх скру­пу­­лёзнае выконванне ў калегіумах Белай Русі сведчыла пра тры­­валасць функцыянавання інстытутаў Oрдэна. Найважнейшыя з гэтых замацаваных правілаў — прынцып сур’ёзнасці і на­­божнасці, маральная прыстойнасць, дыдактычнасць уз­дзе­ян­­ня і карэктаванне фігураў, адмаўленне ад жаночых роляў і лю­боўных сюжэтаў, памяркоўнасць у выкарыстанні тэат­раль­ных сродкаў. Пільнуючыся прынятых нормаў, полацкія дра­ма­тургі надавалі сваім творам характэрныя рысы езуіцкай дра­мы.

Адначасова аўтары мелі ў сваім распараджэнні базу езуіц­кіх падручнікаў, у якіх фармулявалася прынятая ў школьным выкладанні тэарэтычная канцэпцыя драмы. Не пазбаўлены значнасці той факт, што якраз тут у 1618—20 і 1626—27 г. адчытаў два цыклы лекцыяў Мацей Казімір Сарбеўскі. Змест першага цыкла дакладна невядомы; можна меркаваць, што ён быў мадэрнізаваны ў 1626 г., пасля вяртання паэта з Рыма, дзе ён вучыўся пад кіраўніцтвам майстра А. Данаці [A. Do­nati]. Апошні і растлумачыў Сарбеўскаму, між іншым, прынцып дзейнасці тэатральных машын і прыстасаванняў.

Выклады Сарбеўскага, хоць і не выдадзеныя друкам, функ­­­цыянавалі ў школьнай практыцы ў форме нататак на­стаў­нікаў і студэнтаў яшчэ ў XVIII ст. — не толькі ў Польшчы, але і ў расейскіх вучэльнях. Сарбеўскі зрабіў глыбокі ўплыў на разуменне правілаў драмы і мастацтва тэатра, а таксама на­тхніў іншых аўтараў на стварэнне новых паэтык.

Адначасова, на пераломе XVIII—XIX ст., выкарыстоўваліся падручнікі, якія сфармавалі езуіцкую драму і езуіцкі тэатр эпохі Асветніцтва. Гэтыя паэтыкі належалі да еўрапейскага рэпертуару падручнікаў езуіцкіх школ, яны шматкроць перавыдаваліся і ўжываліся ва ўсіх езуіцкіх асяродках. Сярод найважнейшых трэба назваць дзесяць разоў перавыдадзены ў Польшчы трактат De ratione discendi et docendi [Пра спосаб навучання і выкладання] (1703) Жазэфа дэ Жувансі [Joseph de Jouvancy] і вядомую працу Габрыэля Лежэ [Gabriela La Jay] Bibliotheca rhetorum [Бібліятэка рытараў] (1725), якую завозілі з Захаду. Некалькі разоў выдаваўся таксама слынны праграмны трактат Шарля Парэ [Charles Porée] Oratio de theatro [Прамова пра тэатр] (1733). У Польшчы яго надрукавалі ў Познані ў 1748 г., а пазней пераклалі на польскую мову, уключыўшы ў збор прамоваў. Гэтыя кнігі служылі кшталтаванню літаратуры, якая адпавядала класіцыстычным нарматыўным правілам, з ясным маральным ладам, што адлюстроў­ваў ідэйную канцэпцыю езуіцкай асветы.

Аднак вельмі сумнеўным трэба прызнаць меркаванне, якое сустракаецца ў найноўшай беларускай літаратуры прадмета, што ў Вялікім Княстве Літоўскім ведалі падручнік Францішка Ланга і што гэты падручнік паўплываў на тамтэйшую тэатральную думку.

Баварац Францішак Ланг [Franciszek Lang] (1654—1725), прафесар рыторыкі і паэтыкі ў Інгальштаце і Мюнхене, быў аўтарам дзесяці драматычных твораў і шэрагу тэарэтычных працаў[16]. У рукапісе ён пакінуў „Дысертацыю пра сцэнічнае дзейства з фігурамі, тутака ж растлумачанымі, і некаторымі назіраннямі пра камічнае мастацтва“ [Dissertatio de actione scenica cum figuris eandem explicantibus, et observationibus qui­busdam de Arte Comica…]. Тэкст быў выдадзены пасмяротна (Мюнхен, 1727), адзін раз, невялікім накладам, з прастаўленым напачатку Imprimatur. Падручнік Ланга служыць свед­чан­нем пра фармаванне тэорыі тэатральнай ігры ў ягоную эпо­ху, але на практыцы ён выкарыстоўваўся толькі ў нешмат­лікіх калегіумах, галоўным чынам у нямецкіх правінцыях.

Тэатральны рэпертуар полацкай сцэны пасля 1773 г. мае разнародны характар, абумоўлены яго неаднолькавым пахо­джаннем. Першую групу тэкстаў складаюць самапаўторы — рэалізацыя рэпертуару, завезенага сюды прыезджымі аўтарамі–езуітамі. У другую групу ўваходзіць новы рэпертуар, створаны маладымі полацкімі драматургамі. Трэцяя група ахоплівае творы шанаваных у Ордэне еўрапейскіх аўтараў — французскіх і італьянскіх.

Сярод драматургаў, што прыязджалі ў Полацк са сваім рэпертуарам, мы можам адзначыць Франчэска Анджаліні (1783 г.), Францішка Бароўскага (1801 г.) і Караля Жулкеў­скага (1806 г.).

Франчэска — адзін з чатырох братоў Анджаліні, што прыбылі ў Полацк — прывёз у сваім дарожным багажы ўласныя пераклады на італьянскую мову трагедыяў Сафокла і сатырычнай драмы Эўрыпіда: Elettra, Edipo, Antigone, tragedie di Sofocle, e il Ciclope dramma satirico d’Euripide, il tutto dall’original greco tradotto e illustrato con note dell’abate F.A. … con un saggio infine di sue poesie italiane, latine, greche ed ebraiche, Roma 1782 [Электра, Эдып, Антыгона, трагедыі Сафокла, і Кіклоп, сатырычная драма Эўрыпіда, усе перакладзены з грэцкага арыгінала і пракаментаваны абатам Ф.А. … з узорамі ягоных італьянскіх, лацінскіх, грэцкіх і габрэйскіх вершаў напрыканцы, Рым, 1782].

Вельмі праўдападобна, што элітарная моладзь шляхецкага пансіёна грала на полацкай сцэне італьянскія п’есы класічнага высокага рэпертуару. Іншамоўныя спектаклі ставіліся ў рамках навучання мовам. З пункту гледжання выхаваўчай ролі тэатра заўважым, што Анджаліні прапанаваў моладзі рэгулярныя, поўныя высокага літаратурнага хараства драмы Сафокла, у якіх трагічны лёс чалавека вершыцца сярод выбараў высакароднага духу.

У Полацку Ф. Анджаліні прыступіў да перакладу трагедыяў Сафокла на польскую мову, якою валодаў свабодна[17]. Мэтаю гэтых перакладаў, без сумнення, было іх сцэнічнае ўвасабленне. Гэта пацвярджаецца і тым фактам, што Анджаліні напісаў па–польску некалькі камедыяў — мы ведаем пра іх з нататак Юзафа Броўна і Караля Эстрайхера. Італьянскі драматург падрыхтаваў поўныя спектаклі, якія, паводле традыцыі езуіцкай сцэны, складаліся з трагедыі і камедыі. Мы не ведаем, як называліся антычныя трагедыі, выбраныя для польскага перакладу, але можам сцвердзіць, што дзякуючы Анджаліні на полацкую сцэну прыйшла найлепшая традыцыя еўрапей­скай драмы. З ягоным імем звязаны і пералом у рэпертуарнай палітыцы: на ордэнскую сцэну былі дапушчаныя ў нязмененым выглядзе п’есы, якіх раней тут не хацелі бачыць.

Творчасць Анджаліні надала смеласці маладому драматургу — Яну Мігановічу, які праз дваццаць гадоў узновіць тут працу над перакладамі Эўрыпіда і Сафокла.

Францішку Бароўскаму, калі ў 1801 г. ён вярнуўся ў Беларусь да езуітаў, было ўжо пад шэсцьдзесят. Ягоная драматычная спадчына ахоплівае чатыры творы, што захоўваюцца ў зборах Архіва Таварыства Ісуса ў Кракаве: „Добрая жонка Зенобія“, драма, перакладзеная з Метастазіо; „Фемістокл“, трагедыя, перакладзеная з сін[ьёра] Метастазіо; „Сэнахірым“, трагедыя; „Антыгон“, трагедыя.

Пра ранейшыя інсцэніроўкі трагедыяў, прывезеных у Полацк Ф.Бароўскім, мы можам дакладней сказаць толькі ў дачыненні да трэцяе з іх. Трагедыя „Сэнахірым“ была „Шляхетнаю Моладдзю, што практыкуецца ў красамоўскіх навуках, агалошана ў залі Вінніцкіх Школ Таварыства Ісуса, Года Гасподняга 1762, 23 лютага“. Пра пастаноўкі астатніх п’ес на тытульных лістах няма звестак.

Францішак Бароўскі быў чалавек усебакова адукаваны (атрымаў ступень доктара тэалогіі ў Вільні, пасля скасавання Ордэна навучаўся ў Рыме і Парыжы). Трагедыі ён пісаў у гады, калі характар польскай езуіцкай драмы змяняўся. У сваёй працы ён імкнуўся захаваць раўнавагу паміж традыцыйнай мадэллю езуіцкіх драматычных твораў і спробамі яе рэфармавання.

Да мадэрнізаваных п’ес належаць пераробкі з творчасці П.Метастазіо: „Добрая жонка Зенобія“ і „Фемістокл“[18]. Пад­штурхнуць да такога выбару маглі пастаноўкі сталічнай „Саскай Оперы“ [Operalni Saskiej]: прыдворны тэатр Аўгуста III даваў у Варшаве оперы Метастазіо з музыкай Ёгана А. Гасэ [Johanna A. Hassego]. Тэкст „Добрай жонкі“, верны арыгіналу Метастазіо, пасаваў да школьнае сцэны, бо прапаноўваў узор паслушэнства бацькоўскай волі (каралеўна Зенобія выходзіць замуж за Радаманта, хоць кахае іншага), прыклад сужонскае вернасці (захаванай нягледзячы на крыўды) і вобраз усялякіх сямейных цнотаў паміж братоў і сясцёр. Дзея разыгрываецца ў Арменіі, выкарыстоўваюцца ідылічныя дэкарацыі (лугі, пагоркі, рака Арас), горныя пейзажы, поле бітвы і г.д. Накіданае, дыдактычнае ўспрыняцце ўзмацняецца фінальным хорам (акт III, сцэна 12), які абвяшчае патрэбу эмацыйнай працы над сабою: „Kłamie, kto mówi, że człowiek nie może / zwyciężyć serca…“ [Хлусіць той, хто кажа, што чалавек не можа / перамагчы сэрца…].

Разам з тым варта дадаць, што езуіцкі драматург не баяўся прадставіць на сцэне складанасці закаханых сэрцаў. Гэта ўжо той перыяд развіцця езуіцкае драмы, калі дыскусія пра „жаночыя асобы“ і „мяккія афекты“ збольшага аціхла і аўтары пачалі ўводзіць у свае творы сур’ёзных гераінь.

У даўнейшай манеры — з нагрувашчваннем здарэнняў, складанасцяў, непаразуменняў і інтрыгаў, сярод якіх губляецца сэнс складанага дзеяння, — вытрыманы трагедыі „Антыгон“ і „Сэнахірым“. Другая з іх грунтуецца на біблійных матывах. Яе ўзор — тэкст Ш. Парэ. Вестка, якую яна нясе, мае неадназначны характар, калі ўлічыць, што аўдыторыя складалася з вучняў і іхніх бацькоў. Асірыйскі кароль Сэнахірым збіраецца прынесці паганскім боствам у ахвяру сваіх сыноў; малодшы сын, Шарэцэр, у роспачы прамаўляе: „…сыноўская любоў мусіць змоўкнуць, калі згасла любоў бацькоўская“ (акт III, сцэна 2).

Прысутнасць п’ес Ф.Бароўскага ў Полацку адзначыў Р. Бжа­зоўскі ў сваім „Слоўніку польскіх пісьменнікаў“. Гэта пацвяр­джае, што яны ўваходзілі ў рэпертуар полацкага тэатра.

Пазней за ўсіх прыбыў у Полацк найстарэйшы з трох драматургаў, якія прывезлі сюды ўласны рэпертуар — Караль Жулкеўскі (нар. 1740). Яго біяграфія адлюстроўвае нялёгкую гісторыю Oрдэна; пасля скасавання апошняга (1773 г.) Жулкеўскі зрабіўся вайсковым капеланам у Калішы. Прыехаўшы ў Беларусь у 1806 г., ён узнавіў свае ордэнскія шлюбы. У 1820 г. ён перабраўся з Полацка разам з іншымі выгнаннікамі ў Галіцыю; памёр у новай ужо сядзібе Oрдэна ў Старой Весі [Stara Wieś] у 1829 г. У падарожжах яго суправаджаў рукапіс трагедыі „Святы Алоіз або Людвік Ганзага [Święty Alojzy albo Ludwik Gonzaga]. Перад скасаваннем Oрдэна (у 1770 г.) ён паставіў яе ў Гданьску, прывёз у Полацк і найверагодней паставіў і тут, мяркуючы па тым, што на схіле жыцця, у Старой Весі, перапісаў яе і ўнёс некаторыя праўкі.

П’еса Жулкеўскага мела для студэнцкага тэатра асаблівую вартасць як вобраз духоўнасці св. Алоіза — патрона школы. Агіяграфічная мадэль жыццяпісу, у якой гістарычны пераказ спалучаўся з паэтыкай мастацкага твора, грунтавалася тут на даўніх узорах школьнай драмы. Герой вы­ступае сярод акалічнасцяў, якія абумоўліваюць ягонае становішча: дзея прадстаўляе яго прыналежнасць да хрыс­ціянства і жаданне ўсту­піць у езуіцкі Oрдэн, а поруч з гэтым такія свецкія фактары, як саслоўныя абавязкі, сямейныя спадзяванні і любоў. Алоіз Ганзага пракладае свой шлях, гатоўнасць да якога выказвае ўжо ад першай сцэны першага акта. Яго вядзе знак IHS — атрыбут, што выступае тут як сума езуіцкіх цнотаў.

У гэтым знаку закладзены ягоны псіхалагічны партрэт. Нязломны герой перажывае духоўнае адраджэнне, нягледзячы на ўсе дыялогі, спрэчкі, прамовы, абмеркаванні і пагрозы, праз якія даводзіцца прайсці. Надмерную сур’ёзнасць і дыдактычнасць аўтар змякчае, увёўшы чулыя і разам з тым поўныя мілай наіўнасці просьбы Франуся — найменшага з братоў. Узнёсласці спектаклю дадалі „спяваныя хары“ пасля кожнага акта, якія суправаджаліся ілюмінацыямі.

П’еса Жулкеўскага была не толькі самапаўторам, але і са­ма­прэзентацыяй Таварыства. На прыкладзе цнотаў героя, па­­­ка­занага ва ўсім бляску маладосці, яна паказвала духоўнасць езуітаў.

Поўны рэпертуар езуіцкае сцэны, без сумнення, трэба шукаць у акадэмічных бібліятэках — асабліва гэта тычыцца Biblioteki Polskiej. Сабраныя там трагедыі і камедыі маглі стаць асноваю для полацкіх пастановак. Напэўна знайшлося на полацкай сцэне месца камедыям Багамольца: правінцыял Шыман Пашковіч залічыў іх у 1771 г. да абавязковага рэпертуару ў калегіумах. Пра шмат якія камедыі Багамольца Р. Бжазоўскі адзначаў у сваім полацкім „Слоўніку пісьменнікаў“, што іх прымалі „з воплескамі“.

Новы рэпертуар стварылі маладыя аўтары, народжаныя на Беларусі, якія атрымалі ў Полацку адукацыю, а пазней выконвалі тут абавязкі выкладчыкаў. Гэта былі: Нікодам Мус­ніцкі (1765—1798), Юзаф Маралёўскі (1777—1845) і Ян Мігановіч (1783—1814) [Nikodem Muśnicki, Józef Morelowski, Jan Mihanowicz]. Іхняя творчасць прадстаўляе полацкі асяродак. Фундаментальны ўплыў на тэатр калегіума і Акадэміі зрабіў Н.Мусніцкі, чый драматычны даробак прадстаўлены найшырэй. У Полацку Мусніцкага цанілі найперш як выдатнага паэта — творцу паэмы „Палтава“ [Pułtawa] (1803), аўтара одаў, баек, песень, да якіх ён складаў музыку; як гісторыка, які напісаў гісторыю полацкіх езуітаў; а таксама як тэолага. Яго драматургічныя здабыткі адыходзілі на другі план. Яны складаюцца з двух тамоў „Тэатральных забавак“ [Zabawek teat­ral­nych], выдадзеных у Полацку ў 1803 г., і дзвюх надру­кава­ных асобна камедыяў „Дзівак“ [Dziwak] (1800) і „Пада­зронасць“ [Podejrzliwość] (1802). Згаданы ў бібліяграфіі Ю. Броўна рукапіс трагедыі „Цэльс“ [Celsus] не захаваўся. У двух­тамовае выданне „Тэатральных забавак“ уваходзяць наступныя творы. Том I: „Мучанік Флавій Клеменс“. Трагедыя [Flawius Klemens męczennik. Tragedia]; „Сябра ўсіх і нічый“. Камедыя [Przyjaciel wszystkich i niczyj. Komedia]; „Ілій“. Трагедыя [Heli. Tragedia]; „Марнатраўства“. Камедыя [Marnotrawstwo. Kome­dia]; „Пагарда да навук“. Камедыя [Pogarda nauk. Komedia]. У канец першага тома „Забавак“, які з’яўляецца ўласнасцю Навуковай бібліятэкі ксяндзоў езуітаў у Кракаве, прыплецены асобнік камедыі „Падазронасць“, выдадзенай у Полацку ў 1802 г. Ён захоўвае сваю асобную пагінацыю. Том II: „Смерць Цыцэрона“. Трагедыя [Śmierć Cycerona. Tragedia]; „Бязбож­нік у ня­шчасці“. Камедыя [Bezwiarek w nieszczęściu. Komedia]; „Пётр над Прутам“. Эпічная драма [Piotr nad Prutem. Drama epiczna]; „Багаты Дыяген“. Камедыя [Bogaty Diogenes. Kome­dia]; „Фі­зічны музей“. Камедыя [Muzeum fizyczne. Komedia]. Да другога тома прыплецена камедыя „Дзівак“ (выд. 1800 г.).

Жанравыя сімпатыі аўтара „Забавак“ застаюцца ў рамках прынятай у класіцызме дыхатаміі трагедыі і камедыі; гэты падзел парушае адна эпічная драма. Рашучая перавага камедыі (8) над трагедыяй (3) адлюстроўвае прапорцыі паміж абодвума жанрамі як у станіславаўскім Асветніцтве, так і ў творчасці езуітаў XVIII ст.

Правілы і традыцыя езуіцкае драмы складаюць першы план жанравай прыналежнасці п’есаў Мусніцкага. У рамках гэтае традыцыі аўтар зрабіў спробу фармальнай і структурнай мадэрнізацыі сваіх драмаў. Ён асучасніў тытульныя лісты, адмовіўшыся ад прынятага ў той час лішку звестак пра розныя акалічнасці. З структуры твораў былі выключаныя хары, ін­тэр­медыі і сальты [salty]. Для трагедыі аўтар прыняў пяціактавую будову, а для камедыі, як правіла, трохактавую, з прапарцыйнай колькасцю сцэнаў. Але гэтае прапарцыйнасці ён часта дасягаў праз паўторы і сітуацыйныя рэплікі.

Праблематыка трагедыяў Мусніцкага канцэнтруецца вакол выбару вартасцяў — рэлігійных, патрыятычных і маральных. Фігуры сваіх герояў ён абмалёўвае на фоне старазапаветнай („Ілій“), мартыралагічнай („Флавій Клеменс“) і гіс­тарычнай („Смерць Цыцэрона“) тэматыкі. Мусніцкі засяроджвае ўвагу чытача на псіхіцы герояў, на іхніх сумненнях і на тым, як вы­спявае слушнае рашэнне. Ён далёкі ад нагрувашчвання падзеяў і перыпетыяў. Як выхаванец класіцызму ён імкнецца захоўваць фактары, якія забяспечваюць рэгулярнасць трагедыі. Ставячы на першае месца прынцып праўдападабенства, ён паведамляе пра ход падзеяў у часе, пра адлегласці ў прасторы. Еднасць месца ён разумеў агульна — імператарскі палац („Флавій“), прыморская вёска („Смерць Цыцэрона“), горад Сілом („Ілій“). Ягоныя высакародныя героі прамаўляюць узнёслым стылем, аздобленым патэтычнымі сентэнцыямі.

У трагедыі „Флавій Клеменс“ хрысціянства як пазіцыя падаец­ца праз барочную канцэпцыю, паводле якой, каб да­сяг­нуць Вечнасці і Святой Аркадзіі, патрэбна прайсці праз па­ку­ты, якія вызваляюць. Адважным вызнаннем сваёй веры, ад­маў­леннем ад свецкіх уганараванняў, прыняццем смерці Фла­вій і ягоныя сыны дэманструюць, што даводзіцца адкінуць і страціць па дарозе да святасці. Пераможная вера, радасць закутых у кайданы вызнаўцаў пры абвешчанні прысуду — усё гэта яшчэ раз выклікае этычны сумнеў у правільнасці радаснага трагізму.

Аднак Мусніцкі карэктуе схему школьнай трагедыі пра вызнаўцаў. Ён дае героям магчымасць стрымана, лагічна дэклараваць свае пазіцыі; уводзіць катэгорыю часу пасля мукі, прызначанага на тое, каб вярнуць маральную раўнавагу. Гэта змяняе драматургію людскіх лёсаў. Полацкі аўтар рэалізуе класіцыстычны, апраўданы розумам варыянт езуіцкай мартыралагічнай трагедыі.

У эпічнай драме „Пётр над Прутам“ Мусніцкі звярнуўся да школьнай аптымістычнай трагедыі, сфармаванай у эпоху Асвет­ніцтва. У змаганне Пятра I з туркамі ён упісаў праблему да­веру да ўлады, рэалізуючы адначасна дыпламатычны намер — скласці пахвалу расейскаму трону. Удзячнасць і лаяльнасць былі блізкія да панегірычных ідэяў, якія Мусніцкі выказаў у паэме „Палтава“, у песнях і эпіграмах.

У сваіх шматлікіх камедыях Мусніцкі трымаўся патрабаванняў, згодна з якімі камедыя павінна адыгрываць дыдактычную ролю. Ён выбіраў і назіраў пазачасавыя рысы люд­ской прыроды, пазбаўленыя нацыянальнае тыповасці. Яго цікавілі заганы бацькоў і сыноў, якія ён прадстаўляў публіцы па–ментарску, „больш павучаючы, чым смешачы“ [bardziej ucząc, niż śmiesząc]. Смяшлівым аўтар выявіўся ў камедыі „Фізічны музей“ — выдатнай прэзентацыі сучаснага навучання, абсталявання кабінетаў і бібліятэкі полацкага калегіума.

Гэтая п’еса штосьці накшталт публічнага дыспуту пра мадэль адукацыі. Спосаб навучання сына выбірае бацька, багаты і скупы Дудакевіч [Dudakiewicz]. Ён вагаецца паміж „усёведным“ прыватным гувернёрам Пустамэндрскім [Pusto­mędr­ski] і сучасным настаўнікам калегіума Каперніцкім [Ko­per­nicki]. Пустамэндрскі гаворыць, Каперніцкі дэманструе на сцэне фізічныя эксперыменты.

У дзеянне ўключана і сцэнічная прастора — кабінет Ка­пер­­­ніц­кага повен кніг, фізічных і астранамічных прыбораў. Экс­перыменты, якія ўражваюць Дудакевіча, служаць адначасна наглядным урокам для публікі; апошняя даведваецца, як доб­ра полацкі калегіум і ягоны музей абсталяваны для заняткаў фізікай і астраноміяй. Фінал магчымы толькі адзін — у спа­борніцтве пустаслоўя з эксперыментам перамагае экспе­ры­мент; Дудакевіч адкрывае для сябе вартасць дакладных навук і непасрэдна прыдатных ведаў; ён нават не вельмі будзе шкадаваць грошай, каб аплочваць утрыманне сына ў пансіёне.

У цэлым, аднак, у большасці камедыяў дыскурсіўнасць і дыдактычныя намеры аўтара моцна ўплываюць на ход падзеяў. Статычнае дзеянне, якое прадстаўляе заганы маладых людзей, прыводзіць да маралістычнай развязкі, а часам і да зусім сумнага фіналу, як у камедыі „Марнатраўства“: дзядзька Эрнэста аддае вялікую спадчыну маладому суседу (у якім ад­крыў сына), перадаючы пляменніка пад апеку свайго слугі і дагляд настаўніка.

Маштаб назіранняў у камедыях Мусніцкага вызначаецца характарам публікі. Яна звычайна складалася з вучняў і іхніх сем’яў, а таксама запрошаных гасцей. Мусніцкі засяроджваўся на заганах абодвух пакаленняў гледачоў: пакалення сыноў і пакалення апекуноў. Маладыя выяўляюць павярхоўнасць зацікаўленняў, безадказнасць („Сябра ўсіх і нічый“), марнатраўнасць, непаслушэнства, ляноту („Марнатраўства“), празмерную раздражняльнасць („Падазронасць“). Паралельна ва ўсіх камедыях праз фігуры другога плана акрэсліваюцца малюнкі вернасці ў дружбе і карыслівасці як ладу жыцця маладога чалавека. Заганы і цноты, супольныя ў бальшыні камедыяў і „бацькам“, і „сынам“, тычацца стаўлення да навукі і спосабу здабыцця ведаў.

Пакаленне апекуноў, прадстаўленае дзядзькамі, радзей бацькамі, выяўляе — як заганы свайго ўзросту — няздольнасць прымаць шчырыя думкі, любоў да ліслівасці, несправядлівасць у ацэнках („Багаты Дыяген“, „Фізічны музей“, „Дзівак“), некрытычнасць пры выбары светапогляду і выхаванне кепскім прыкладам („Бязбожнік у няшчасці“), скупасць, бурклівасць („Дзівак“, „Фізічны музей“).

Аўтарскі намер дэманстраваць заганы ў іхніх яскравых сітуацыйных праявах прадвызначае абмежаванне сферы па­дзеяў статычнымі сцэнамі, у якіх раскрываецца механізм назіранае рысы. П’есы Мусніцкага ляжаць у рэчышчы езуіцкіх дыдактычных камедыяў, мадэль якіх сфармаваў у сярэдзіне XVIII ст. Францішак Багамолец. Аднак полацкі драматург ра­дзей адзначаў повязь сваіх герояў з бягучым момантам і сацыяльнымі ўмоўнасцямі, што было характэрна для камедыі станіславаўскай эпохі.

Поруч з п’есамі Мусніцкага аб прыналежнасці полацкіх драматургаў да паслястаніславаўскага класіцызму сведчыла творчасць выдатнага элініста — Яна Мігановіча. Ягоны даробак ахоплівае пераклады грэцкіх трагедыяў — „Арэста“ і „Фі­нікіянак“ Эўрыпіда [Orestesa i Fenicjanek] і „Цара Эдыпа“ Сафокла. Для патрэбаў школьнае сцэны ён пераклаў п’есу „Язэп у Егіпце“ [Józef w Egipcie] французскага езуіта Габрыэля Лежэ [Gabriela Le Jaya], чыю творчасць польскія езуіты эпохі Асветніцтва цанілі вельмі высока[19].

Пераклад „Арэста“ быў апублікаваны на старонках „Месячніка Полацкага“, што дазволіла не толькі распаўсюдзіць гэтую складаную трагедыю Эўрыпіда сярод тэатральных гледачоў, але і данесці яе да шырэйшай чытацкае публікі. Аўтарскі ўклад Мігановіча палягае ў авалоданні майстэрствам перакладчыка і дакладным захаванні класічнай рэгулярнасці арыгінала. Выбар Эўрыпіда перакладчык матываваў у прадмове эмацыйнай атмасферай ягонае трагедыі, здольнасцю „выказваць і напружваць разнастайныя пачуцці“, мастацкаю дасканаласцю. З даробку Мігановіча–перакладчыка захавалася таксама трагедыя Сафокла „Цар Эдып“, якая была прадстаўлена студэнцкаю моладдзю ў лютым 1816 г. з нагоды дня нараджэння рэктара — а. Алоіза Ляндэ — і паднесена апошняму з адпаведным лацінскім прысвячэннем.

Перакладчык, верны арыгіналу, захаваў высокую стылістыку Сафокла і хараство ягонае страфы:

„Patrzcie Tebanie, owo król ów zawołany,

Owo Edyp, którego dowcip niezrównany

Pogrążył w morzu Sfinksa. Owo Edyp, który

Przez swą mądrość wyniósł się do góry

Co go nie złoto do tej przywiodło wielkości

Patrzcie, w jaką dziś trafił przepaść nieszczęsności.

Nauczcie się śmiertelni, nauczcie się z tego

Uważać na ostatni dzień życia ludzkiego,

Abyście za szczęśliwych nie mieli spod słońca

Jedno co bez przygody stanęli u końca“.

(Chór po A.V.)

[Глядзіце, фіванцы, вось той пакліканы цар,

Вось Эдып, чый незраўнаны розум

Патапіў у моры Сфінкса. Вось Эдып, які

Праз сваю мудрасць узнёсся на вышыню,

Прычым яго не золата прывяло да тае велічы,

Глядзіце, у якую ён сёння трапіў прорву няшчасця.

Навучыцеся, смяротныя, навучыцеся з гэтага

Уважаць на апошні дзень людскога жыцця,

Каб за шчаслівых (людзей) не мелі пад сонцам

Нікога, акрамя тых, што без прыгоды спаткалі (свой) канец.]

(Хор пасля V акта.)

Для патрэбаў акадэмічнае сцэны Міхановіч зрабіў у рэгулярнай структуры антычнага твора характэрную мадыфікацыю. Пасля кожнага акта ён увёў інтэрмедыі. Іхні змест нам невядомы; вядома, аднак, іхняя функцыя. На школьнай сцэне яны патрабаваліся дзеля таго, каб з „тэрапеўтычных“ меркаванняў развесяліць публіку і змяніць яе настрой. У „Цару Эдыпу“ змест інтэрмедыяў, хутчэй за ўсё, быў звязаны з нагодаю для пастаноўкі.

Юзаф Маралёўскі працаваў у Полацку, а пазней у Пецярбургу і Раманаве (пад Жытомірам). Ягоны драматычны твор „Язэп. Драма ў 5 актах“ [Józef dramma w 5 aktach] — пераклад з невядомага арыгінала. Найбліжэйшым узорам можа быць згаданая ўжо трылогія Г.Лежэ пра Язэпа: Josephus fratres ag­nos­cens [Язэп прызнае братоў], 1695; Josephus venditus [Язэп прададзены], 1698; Josephus Aegypto praefectus [Язэп прэфект Эгіпта], 1699[20].

У захаваным рукапісе ёсць заўвага, што твор быў падрыхтаваны для пастаноўкі ў сакавіку 1820 г. у Раманаве на імяніны графа Юзафа Аўгуста Ілінскага. Аднак гэта „не здзейснілася з–за выезду езуітаў з Расеі“. Раней тэкст мог ставіцца ў Полацку — пра гэта сведчыць падвойны акторскі склад, упісаны рукою аўтара. Апошні таксама абнавіў спіс актораў.

Драма пра Язэпа, створаная на аснове біблійнага аповеда, ро­біцца ў версіі Маралёўскага псіхалагічным партрэтам чулага Язэпа, ягоных поўных раскаяння братоў і высакароднага Вень­яміна. Колішні аўтар патрыятычных „Трэнаў“ [Treny], Ма­ралёўскі, аднак, гэтым не абмяжоўваецца. У дзеянне ён упля­­тае матывы расстання з радзімаю, адчування самоты ў краі­не чужога ўладара і прагі вярнуцца да ранейшага стану рэчаў.

Патрыятычная ліра — важны матыў у творчасці Маралёўскага, аўтара „Храналогіі польскіх князёў і каралёў“ [Chrono­logii książąt i królów polskich] (1818), што адрасавалася моладзі, і „Верша пра Валынь“ [Wiersz o Wołyniu] гордага ўспа­міну пра бітвы і славу польскае зброі на Крэсах:

„Dzięki wam, cni rycerze, których z taką chwałą

Męstwo na tych ojczyznę polach ratowało.“

[Дзякуй вам, дастойныя рыцары, чыя мужнасць з такою славаю ратавала Айчыну на гэтых палях.]

Прыгожы паклон у бок Беларусі — паказ у паэме „Музы“ [Muzy] заслуг езуітаў перад гэтым краем. Аўтар успамінае Пятра Скаргу, Францішка Багамольца, Ф.Дыянізія Князніна, Нікодама Мусніцкага. Прыгадваючы веліч фундацыі караля Стэфана Баторыя, які ўзняў прэстыж места Полацка, паэт запэўнівае:

„I póki Dźwina przy tych murach płynie,

Takiego pamięć męża nie zaginie.“

[І пакуль Дзвіна плыве пад гэтымі мурамі,

Памяць пра такога мужа не загіне.]

„Да маладых нашых вучняў“ паэт звяртаецца і ў справе нацыянальнае мовы. У жартоўнай паэме „Новая польская мова“ [Nowa polszczyzna] „вясёлая грамадка Музаў“ [wesoł(y) pocz(et) Muz] гамоніць пра моўныя хібы ў моладзі. Смяшлівая муза не цураецца сур’ёзнае перасцярогі:

„Młody nasz uczniu! <…> Jeśli polski zginie

Język, Polacy sami będą w winie <…>

Szanuj więc naród, szanuj i ojczysty,

Od matki wzięty polski język czysty“.

[Малады наш вучань! <...> Калі польская мова загіне,

Палякі самі будуць вінаватыя <...>

Шануй жа народ, шануй і родную,

Ад маці ўзятую чыстую польскую мову.][21]

Драматычныя аўтары, пра якіх мы казалі — Н.Мусніцкі, Я.Мі­гановіч, Ю.Маралёўскі — сталі творцамі аўтэнтычнага тэат­ральнага рэпертуару, які ўзнік на тэрыторыі Белай Русі.

У даробку полацкага пансіённага тэатра знаходзіцца і тра­гедыя „Кодр“ [Kodrus], пастаўленая 1 траўня 1819 г. — пе­раробка арыгінала нямецкага езуіта Андрэаса Фрыца (1711—1719). Тытульны ліст падае прозвішча аўтара пер­ша­ўзору ў змененай форме і змяшчае звесткі пра нагоду для пастаноўкі: Kodrus. Tragedia x. Andreasa Fritz Towa­rzys­twa Jezu­sowego, przełożona od Uczniów zostających w Konwik­cie Połockim Tow. Jez. i podana W.J.X. Jakubowi Pierlingowi Tow. Jez. Regensowi Kon­wiktu w Dzień Jego Imienin Roku 1819 pierwszego dnia maja w Połocku. [Кодр. Трагедыя кс. Андрэаса Фрыца з Таварыства Ісуса, перакладзеная вучнямі, што знаходзяцца ў полацкім Пансіёне Тав(арыства) Іс(уса) і пададзеная … Якубу Перлінгу з Тав(арыства) Іс(уса), рэгенту пансіёна, у дзень ягоных імя­ні­наў першага траўня 1819 году ў Полацку.]

Інфармацыя пра супольны характар працы патрабуе ўда­кладнення: калектыў маладых выканаўцаў падрыхтаваў пераклад пад кіраўніцтвам прафесара літаратуры. Сюжэт пра Кодра, запазычаныы з старажытнай гісторыі, ставіўся раней на езуіцкіх сцэнах у Ловічы (1753) і Полацку (1760).

Прыклад апошняга цара міфічных Афінаў Кодра — патрыёта, які гіне ад рук Гераклідаў, каб забяспечыць Айчыне перамогу і мір, — атрымаў у Полацку новую апрацоўку. Поруч з рашэннем Кодра не меншае значэнне для фабулы мае рашучасць, з якой бароніць бацьку ягоны сын, а неўзабаве наступнік — Мэдон. У фінале ён выказвае думку, якая ў тым месцы і ў той час магла выклікаць здзіўленне:

„Abym tron krwią zbroczony ojca najmilszego

Miał osiąść, niech od tego mnie bogowie strzegą“.

[Каб я сеў на трон, заліты крывёю наймілейшага бацькі, — хай мяне багі ад гэтага бароняць.]

Пастаноўка трагедыі „Ёнатан, або Трыумф дружбы“ [Jona­tas albo Tryumf przyjaźni] не цалкам пацверджана[22]; яе збліжае з гэтым тэатрам тып праблематыкі, характар выбару (дружба Ёнатана з Давідам і абавязак паслушэнства бацьку — Саўлу).

Біблійны матыў Саўла, які змагаецца з філістымлянамі і прыносіць у ахвяру свайго сына Ёнатана, у полацкай версіі быў прадстаўлены ў ідылічных дэкарацыях; жывы ўдзел у п’есе брала група пастухоў, што спявалі і гралі на музычных інструментах. Адначасова гэта была п’еса пра Божы промысел, пра справядлівасць маладых і чыстых сэрцаў, пра свецкі фальш, з якім змагаецца дружба, пра нялёгкае сыноўскае па­слушэнства.

Пансіённы тэатр ставіў таксама „прывазны“ (еўрапейскі) рэпертуар на мове арыгінала. Гэтую групу аўтараў прадстаўляюць Шарль Парэ [Charles Porée] (1675—1741), Джавані Гранэлі [Giovanni Granelli] (1703—1770) і Агастына Паляццы [Agostino Palazzi] (1725—?)[23].

Творчасць Парэ, шырока вядомую ў Еўропе, езуіты ме­­лі за сваю каштоўную спадчыну. Прафесар парыжскага ка­ле­гіума Людовіка Вялікага ставіў свой драматычны рэперту­ар разам з „сюжэтнымі балетамі“. У польскім езуіцкім тэат­ры балеты атры­малі асаблівую папулярнасць у Вільні; пра балетныя па­станоўкі ў Полацку вядома няшмат. Да найпа­пулярнейшых твораў Парэ на­лежалі: „Брут“. Трагедыя [Bru­tus, Tragèdie]; „Ма­рыс“ [Mau­rice]; Трагедыя  „Гермене­гільда“. [Tragйdie Her­mй­nй­gilde]. Трагедыі: „Рэгул“ [Re­gu­lus]; „Агапіт–мучанік“ [Aga­pitus martyr]; „Сэнахірым“. Трагедыя [Sennacherib. Tragoedia]; „Мізапон“ [Misoponus] і іншыя. Сярод гэтых французскіх і лацінскіх п’есаў можна шукаць тыя, што ўваходзілі ў рэпертуар пансіённага тэатра ў Полацку.

Дзеля патрэбаў гэтага тэатра былі таксама выпісаны з Італіі трагедыі Дж.Гранэлі і А.Паляццы і восем камедыяў. Пра гэта мы ведаем з ліста а. Джузэпе Маруці [Giuseppe Maruti], які ў 1781 г. прасіў аднаго з экс–езуітаў у Балонні прыслаць у Полацк трагедыі названых аўтараў разам з 8 камедыямі. Маруці зазначаў, што гэта асабістая просьба а. правінцыяла — С.Чарневіча, які ахвотна пакрые выдаткі на чытэльную перапіску гэтых твораў. Адначасова з замовы выключаліся камедыі тыпу „тамбурляна“ [tamburlana].

З тэатральных твораў пяра Дж. Гранэлі [G. Granelli] былі замоўлены наступныя: „Сэдэкія, апошні цар юдзейскі“ [Se­de­cia ultimo re di Giuda] 1731; „Манасія, цар юдзейскі“ [Manas­se re di Giuda] 1732; „Дыён сіракузец“ [Dione Sira­cu­sano] 1734; „Сей­ла, дачка Ефтая“ [Seila figlia di Jefte] 1761. Гэтыя траге­дыі вы­сока цаніліся ў рэпертуары італьянскага езуіцкага тэатра. У да­робку А.Паляццы найчасцей згадваюць трагедыю „Эўс­тахіо“ [Eustachio], якая выдавалася двойчы — у 1758 і 1763 г. Вя­дома, што ў 1758 г. яе часта ставілі ў італьянскіх кале­гіумах.

Шырыня і разнастайнасць рэпертуару полацкіх тэат­раў — студэнцкага і пансіённага — спрыяла знаёмству моладзі і публікі, якую складалі жыхары горада і ваколіц, са зда­быткамі ўсяго езуіцкага тэатра і са спадчынай тэатра еўра­пей­скага.

3. Тэатралізацыі

„Статут“ Акадэміі вызначаў, што другая палова дня ў аўторак і чацвер прызначаецца на адпачынак і забавы. Моладзь магла ў гэты час займацца дадатковымі прадметамі — музыкай, рысункам, танцам і „рыцaрскім майстэрствам“. Вялі гэтыя заняткі свецкія настаўнікі, нанятыя Акадэміяй.

Формаю адпачынку для студэнтаў у цёплыя і пагодныя дні былі таксама выправы ў прыгарадную сядзібу Oрдэна ў маёнтку Спас (назва ад Спас–Ефрасіннеўскага манастыра). Час, праведзены тут, успамінае Ян Баршчэўскі, выпускнік 1820 г.:

„Сады Спаса нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету“.

Гульні „на зялёным лузе Спаса“ — гэты тэатр на вольным паветры быў тэатрам паэтычнага слова, дэкламацыі і красамоўства. Тут чыталіся ўголас недраматычныя тэксты, а на­пружан­не стваралася дзякуючы самой сітуацыі прамаўлення разам са спевам і музыкай, дзякуючы стасунку паміж вы­канаўцамі і рэцыпіентамі. Стварэнню напружання спрыялі і суадносіны рэчаіснасці з тэматыкай дэкламацыяў, у якіх адлюстроўвалася жыццё вучэльні.

Сады Спаса — ідылічная прастора месца выступаў — не мелі атрыбутаў тэатральнасці. Ю.Маралёўскі ўслаўляў гэтую прастору ў сваёй песні „Да спаскай вёскі“ [Do wsi spaskiej]:

„Spasie! letnie gniazdo moje,

Na wesołe miejsce twoje

Jako słowik przylatuję

Skoro wdzięczną wiosnę czuję“.

[Спасе! маё летняе гняздо,

У твае вясёлыя мясціны

Я прылятаю, як салавейка,

Як толькі адчую мілую вясну.]

Спас быў каштоўны тым, што мог аб’ядноўваць удзельнікаў у пазашкольнай, „тэрапеўтычнай“ прасторы, якая надавала знаходжанню тут прыватны і камерны характар. Можна, бадай, паўтарыць за Крыстафэрам Бальмэ [Christopher Bal­me], што „тэатр можа адбывацца практычна ўсюды“.

Маладыя выканаўцы спаскіх дэкламацыяў не належалі цалкам да свету мастацкага вымыслу, хоць элемент „удавання“ быў ім не чужы. У межах прасторы садоў яны пераходзілі (вярталіся) у супольнасць гледачоў, з якой выходзілі наступныя выканаўцы.

Аўтарамі тэкстаў былі як прафесары Акадэміі, так і студэнты, якія тады спалучалі аўтарскія і выканаўчыя функцыі. Экло­гі, эпіграмы і песні для спаскіх дэкламацыяў пісаў на лацінскай і італьянскай мовах Алоіз Руснаці — італьянец, шматгадовы выкладчык і прэфект полацкага тэатра. Спаскія матывы мы сустракаем і ў творчасці Юзафа Маралёўскага. Магчыма, дэкламаваліся тут і драматызаваныя ідыліі Баніфацыя Кісялевіча, які працаваў паблізу ў Оршы, а потым у Раманаве[24]. Свае аўтарскія вершы і пераклады рыхтавалі і вучні. Гэта былі працы як калектыўныя, так і індывідуальныя. Так, група з пятнаццаці вучняў падрыхтавала для дэкламацыі ла­цін­ска–польскія „carmina“ [песні] у гонар рэктара Антонія Люстыга. Пад прысвячэннем вучні падпісаліся пайменна. А „Спрэчка Аякса і Уліса за зброю Ахіла“ [Spór Aiaxa i Ulissa o zbroję Achil­lesa] была перакладзена з Авідыя „адным вучнем Акадэміі“, хоць сітуацыя дэкламацыі і ўручэння насіла ўжо калектыўны характар[25].

Тутака ж Ян Баршчэўскі „здабыў воплескі сутаварышаў“ і тытул лаўрэата, прадэкламаваўшы сваю паэму „Пояс Венеры“ [Pas Wenery].

Тэматыка дэкламацыяў адлюстроўвала рэчаіснасць, бліз­кую гледачам. Гэта былі прынагодныя, сітуацыйныя вершы — напрыклад, на адкрыццё Акадэміі, на прыезд гасцей і вяртанне „дамоўнікаў“, на заняцце розных пасадаў, вершы на дні нара­джэння і святога патрона, пахвалы прыродзе. Хапала вершава­ных гумарэсак пра далікатэсы велікоднага стала, пра дзей­насць друкарні калегіума і заслугі а. Г.Гарабурды, пра папаўненне бібліятэкі і каталогаў, пра лоўлю рыбы ў Палаце і рыбацкую ўдачу, пра гульню ў карты і пра падрыхтоўку да запуску паветранага шара пад час спаскага адпачынку.

Сярод тэкстаў з навучальнай праграмы, якія выконваліся ў Спасе, мы можам назваць оду „Шчаслівы той…“ [Beatus ille], якую, паводле ўспамінаў Баршчэўскага, дэкламавалі пад акам­­­­панемент сялянскіх гусляў. Рэхам актуальных ваенных падзеяў былі вершы аб прысутнасці французскіх салдатаў на Беларусі, якія пісалі Руснаці і Маралёўскі.

Моладзь таксама спявала тут разам са сваімі выкладчыкамі. Гэта стварала своеасаблівую магчымасць для прыватнага выканання патрыятычных песень. М.Марошкін паведамляе, што ў Спасе спяваліся ўсе польскія бунтарскія песні, асабліва створаныя ў перыяд паўстання Касцюшкі. Незадаволенасць царскіх уладаў стала прычынаю таго, што іх пачалі выконваць на матывы расейскіх песень. Мясцовыя чыноўнікі, не разумеючы зместу спеваў, былі ад іх у захапленні[26].

Атмасфера шчаслівага месца — locus amoenus, — што па­на­вала на спаскіх тэатралізацыях, спрыяла завязванню сяброўства і збліжала моладзь з выхавальнікамі, фармуючы пачуццё су­польнасці.

Апошнім акордам полацкага тэатра была якраз тэатралізацыя: Spór Aiaxa i Ulissa o zbroję Achillesa. Przełożony z Owi­diusza przez jednego ucznia Akademii Połockiej <…> Księdzu Raj­mundowi Brzozowskiemu od Uczniów Akademii pomienionej ofia­­rowany roku 1820 dnia 23 stycznia w Połocku. [Спрэчка Аякса і Уліса за зброю Ахіла. Перакладзена з Авідыя адным вучнем Полацкай Акадэміі <...> Паднесены ксяндзу Раймунду Бжазоўскаму вучнямі названай Акадэміі 23 студзеня 1820 года ў Полацку.]

Вядучы–апавядальнік акрэслівае ўступную драматычную сітуацыю:

„Siedli wodze wśród tłumu prostego żołnierza.

I wstał Aiax pan średnioskórnego puklerza“.

[Селі правадыры сярод натоўпу простых салдатаў.

І ўстаў Аякс, пан сярэдняскурнага (?) шчыта.]

Ён жа прадстаўляе Уліса і Афіну, вызначае чароднасць дыя­логу і раскрывае трагізм самазабойчай смерці Ахіла.

„Спрэчка“ не была выканана ў Спасе; стаяў канец студзеня 1820 г., апошнія дні жыцця генерала езуітаў. Святочнай урачыстасці напэўна не ладзілі: студэнты проста паднеслі сваю працу кс. Раймунду Бжазоўскаму — апошняму рэктару Акадэміі.

*

У гісторыі Акадэміі, ва ўспамінах студэнтаў часта сустракаецца згадка пра своеасаблівую тэатральную форму, створаную мастаком–жывапісцам і геніяльным механікам Г.Грубэрам. Гэта быў новы, невядомы раней спосаб кантакту з гле­­дачамі і слухачамі; называўся ён „Драўляны Дзядок“ [Drew­niany Dziad(ek)].

Як прадмет гэта была драўляная скульптура — павялічаная „галава сівога Сакрата“, якая пры размове з гледачамі механічна рухала вачыма і вуснамі. Як знак Дзядок увасабляў мудрасць і веды пра будучыню. Драўлянага Дзядка ставілі ў нетэатральных памяшканнях. Ён „высоўваўся з–за сцяны“, паказваўся ў акенцы трапезнай ці ў карціннай галерэі акадэмічнага музея. Драўляны Дзядок вызначаўся мабільнасцю — ён з’яўляўся, а потым знікаў пасля кожнага кантакту з слухачамі. На погляд Драўляны Дзядок быў выканаўцам — асобаю, якая гаворыць. Ён усталёўваў вербальны кантакт з кожным гледачом, які задаваў яму пытанне, і адказваў на мове свайго суразмоўцы. Сапраўдны выканаўца, аднак, знаходзіўся за скульптураю. Ігнацы Ходзька піша пра гэта:

„Кажуць, што ззаду за мурам сядзіць езуіт і адказвае на ўсялякія пытанні, якія задаюць старэнькаму; але старэнькі гэтак рухае ротам і вачыма, што можна прысягнуць, нібы ён сам гаворыць“[27].

Такім чынам, гэта была новая форма акторскага выканання, якая патрабавала тэатральных ведаў пра прынцыпы дзейнасці маскі і майстэрства акторскага маўлення, а таксама ведаў і адукацыі, якія належалі ўжо не да мастацтва, а да выкладчыцкай кампетэнцыі.

Гледачы–слухачы маглі не толькі глядзець і слухаць, але і свабодна выбіраць прадмет размовы і пытанняў. „У апошнія дні ліпеня пачыналіся ў полацкіх школах вакацыі. Шкаляры пасля іспытаў, перш чым раз’ехацца па дамах, гуртам прыходзілі пагутарыць з Драўляным Дзядком. Кожны пытаўся ў яго пра сваё…“

Успрыняцце адказу Сакратавай маскі спалучалася для слухачоў з глыбокім эмацыйным перажываннем. Гэтую сферу эмоцыяў, узрушэнняў, што спадарожнічалі размовам з акторам–неакторам, увёў у сваю творчасць Ян Баршчэўскі. Лёс герояў ягоных фантастычна–рамантычных апавяданняў спаўняецца згодна з прароцтвамі Дзядка. Баршчэўскі будуе лучнасць паміж гэтай формай тэатральнай інсталяцыі, рэчаіс­насцю і неспазнавальнаю будучыняй. Цікавіць яго і драматызм далейшага лёсу Дзядка пасля ліквідацыі Акадэміі. Скульп­туру, якая ўмела гаварыць, ён зрабіў сімвалам лёсу вучэльні. Выкінутая, папсаваная, асуджаная на здзекі ў простай вясковай карчме — яна захавала ў апавяданнях Баршчэўскага свой дух, сваю здольнасць справядліва ацэньваць людзей і ўплываць на іхнюю будучыню.

Класіфікацыя Драўлянага Дзядка як тэатральнае формы выглядае неадназначна. Калі ўважаць на форму пластычнага выразу, актывізацыю гледача і новы від прасторы, то, карыстаючыся найноўшымі паняццямі, яна збліжаецца з інсталяцыяй і перформансам[28].

Тэатр Полацкай Акадэміі ахопліваў багата формаў, скарыстоўваў найдаўнейшыя і найноўшыя магчымасці тэатральнага мастацтва, каб ствараць лучнасць са сваёй шырокай публікай і трывалую повязь з вучнёўскай аўдыторыяй.

Пераклаў Мікола Раманоўскі

* Артыкул грунтуецца на фрагментах кнігі аўтаркі: Akademia Połocka ośrodek kultury na Kresach 1812—1820. Gdańsk, 2004 (тут падаюцца заўвагі ў поўным варыянце).


[1] Poplatek J. Materiały archiwalne do dziejów jezuickiego teatru szkolnego, religijnego i ludowego w Polsce w latach 1568—1640. T.II. Pińsk—Wilno. Rkps Archiwum Towarzystwa Jezusowego (ATJ) w Krakowie, sygn. 1537. Simon L. Dykcjonarz teatrów polskich czynnych od czasów najdaw­niej­szych do roku 1863. Warszawa, 1935. С. 62 [Simon паведамляе назву рукапісу Залускіх, які не захаваўся: Różnojęz. Q.XIV.7.: Applausus Deo Eucha­ristiaco („Хвала Богу ў Прычасці“), 1722]; Мальдзіс А. Арганізацыя пастановак і рэпертуару школьных тэатраў // Гісторыя беларускага тэатра. Т. I. Мінск, 1983. С. 133.
[2] Пра прывітанні і ўезды ў гарадской культуры пішуць, сярод іншых: Poplatek J. Studia z dziejów. С. 137—145; Witczak T. Teatr i dramat staropolski w Gdańsku (Przegląd historycznomateriałowy). Gdańsk, 1959. С. 15—30 і інш.; Roszkowska W. Uwagi o programowości teatru ba­rokowego w Polsce // Wrocławskie spotkanie teatralne. Red. W. Rosz­kowska. Wrocław, 1967. С. 47—72. Ślusarska M. O teatralności Wilna w czasach stanisławowskich // Wilno teatralne. Red. M. Kozłowska. War­szawa, 1998. С. 32—33. Kwiatkowski M. Rozkwit i zmierzch sceny jezuic­kiej w Poznaniu // Nasi Dawni Jezuici. Kronika Miasta Poznania 1997. С. 209—213. Пра формы ўрачыстага святкавання каранацыі Станіслава Аўгуста ў 1764 г. у польскіх гарадах піша Pokora J. Obraz Naj­jaś­niejszego Pana Stanisława Augusta (1764—1770). Studium z ikono­grafii władzy. Warszawa, 1993. Пра формы святаў і ўездаў у Еўропе пар. працы ў зборніку: Problémes, interférences des genres au théâtre et les fêtes en Europe. Рэд. I. Mamczarz. Paris, 1985.
[3] Stebelski I. Dwa wielkie światła na horyzoncie połockim. Lwów, 1867. Т. II — частка: Chronologia albo porządne według lat zebrane znacz­niej­szych w Koronie Polskiej i w Wielkim Księstwie Litewskim a mianowicie na Białej Rusi w Połocku dziejów. С. 294—306; тут найпаўнейшае апісанне візіту Кацярыны ў Полацк і Магілёў. Арлоў Ул. Таямніцы полацкай гісторыі. Мінск, 1994. С. 290—291.
[4] Poniatowski S. Pamiętniki synowca Stanisława Augusta. Wstęp i przekł. J. Łojek. Warszawa, 1979. С. 57.
[5] Пар.: Dziechcińska H. Oglądanie i słuchanie w kulturze dawnej Polski. Warszawa, 1987. С. 9—82.
[6] Вершы ў гонар Аляксандра I пісалі паэты, якіх цанілі ў асяроддзі полацкіх езуітаў, напр. Н.Мусніцкі і А.Руснаці (прынагодныя вершы ў рукапісных зборах ATJ у Кракаве). У наступныя гады выдаваліся таксама паэтычныя зборнікі ў гонар Аляксандра I. У 1802 г.: Augustissimo ac potentissimo Alexandro I om­nium Rossiarum Imperatori… [Аўгусцейшаму і наймагутнейшаму Аляксандру I, усяе Расіі імператару…]; у 1812 г.: Augustissimo ac Poten­tissimo Alexandro I, Imperatori et autocratori instituta a sua. Polociae 1812 [Аўгусцейшаму і Наймагутнейшаму Аляксандру I, Імператару і сама­дзержцу instituta a sua. У Полацку, 1812], і збор прамоваў у 1816 г.: Orationes in laudem Augustissimi ac Clementissimi Alexandri l. Imperatori et Autocratoris totius Rossiae [Прамовы на хвалу Аўгусцейшага і Найласкаўшага Аляксандра I, Імператара і Самадзержца ўсяе Расіі]; оды ў гонар Аляксандра таксама ў зборы студэнцкіх вершаў, прысвечаных рэктару Акадэміі а. Антонію Люстыгу (рукапіс Галоўнага Архіва Даўніх Актаў — AGAD у Варшаве).
[7] Mihanowicz Jan. Pieśń na przybycie J.O. Księcia Wirtemberskiego generał–gubernatora Białorusi przedrukowana w Połocku i Jemu podana roku 1811 (рукапіс ATJ у Кракаве).
[8] Софронова Л.А. Поэтика славянского театра XVII—XVIII вв. Польша, Украина, Россия. Москва, 1981. С. 69—70.
[9] Пар. Kadulska I. Długie trwanie baroku w polskim teatrze jezuickim XVIII wieku // Jezuicka ars educandi. Prace ofiarowane Księdzu Profesorowi Ludwikowi Piechnikowi SJ. Kraków, 1995. С. 117—130. Пра тое, як адзначаліся важныя ўрачыстасці ў польскіх гарадах эпохі Асветніцтва, піша таксама Rabowicz E. Okolicznościowa literatura polityczna // Słownik literatury polskiego Oświecenia. Red. T. Kostkiewiczowa. Wroc­ław, 1996. С. 338—351. Пар. таксама: Maksimowicz K. Poezja polityczna a Sejm Czteroletni. Gdańsk, 2000. С. 207—229.
[10] Апісанні ўрачыстага адкрыцця Акадэміі розняцца між сабой ступенню падрабязнасці і пазначэннем даты 10/15 чэрвеня. Пар.: Diarium Collegii Polocensi a. 1810, 1811 et 1812 [Дзённік полацкага калегіума 1810, 1811 і 1812 г.]. Rkps ATJ Kr. 285, k. 223: Rkps ATJ Kr. 1027—XV, s. 124—126 (Giżycki J. Notatka o Akademii i szkołach jezuitów w Połocku. Poznań, 1884).
[11] Massalski E. T. Z pamiętników (1799—1824) // Z filareckiego świata. Zbiór wspomnień z lat 1816—1824. Wyd. H. Mościcki. Warszawa, 1924. С. 254—255.
[12] Трупа школьнага тэатра — група моладзі, аб’яднанай на час падрыхтоўкі і пастаноўкі пэўнага спектакля (найчасцей прэм’ернага). Мэта адукацыі выключала магчымасць утварэння сталай акторскай трупы з вучняў і студэнтаў. Рэалізоўваўся прынцып, паводле якога выступаць дазвалялі многім вучням. Гэта азначала няспынныя змены ў асабовым складзе трупы.
[13] Muśnicki N. Historia Societatis Iesu Rossiaacae conservatae in Alba Russia et propagatae. Rkps ATJ Kraków 614, s. 9.
[14] Wójcicki K. W. Teatr starożytny w Polsce. T. I. Warszawa, 1841. С. 83.
[15] Barszczewski J. Połock // Barszczewski J. Szlachcic Zawalnia czyli Bia­łoruś w fantastycznych opowiadaniach. Petersburg, 1844. С. 11.
[16] Sommervogel Ch. Bibliothèque de la Compagnie de Jésus. Bruxelles—Paris 1890—1932. T. IV. Слупкі 1478—1480. Engle R. G. Franz Lang and the Jesuit Stage // Educational Theatre Journal. May 1970. Vol. XXII. № 2. Appendix D. С. 192—195.
[17] Здольнасць да моваў дапамагла Ф. Анджаліні авалодаць ужо ў 18–гадовым веку габрэйскай, халдзейскай, сірыйскай, грэцкай, лацінскай, нямецкай, французскай, ангельскай і іспанскай мовамі. Ягоны пера­клад твораў Іосіфа Флавія выдаваўся ў Італіі 7 разоў. У Полацку для сваіх суайчыннікаў–італьянцаў ён падрыхтаваў італьянска–расейска–польскую граматыку. Адукацыйная і перакладчыцкая дзейнасць Ф.Анджаліні была перапынена ягонай заўчаснай смерцю ў 38–гадовым веку (1788 г.).
[18] Gambacorta L. Il dramma Metastasiana nella Polonia di Augusto III (1733—1763). Napoli, 1990.
[19] Grabowski T. Ze studiów nad teatrem jezuickim we Francji i w Polsce w wiekach XVI—XVIII. Poznań, 1963.
[20] Sommervogel Ch. Bibliothèque. Т. IV. Слупкі 765—783.
[21] Morelowski J. Nowa polszczyzna // Morelowski J. Wiersze. Wstęp i oprac. E. Aleksandrowska. Wrocław, 1983.
[22] П’еса была занесена ў Падручны каталог бібліятэкі Адама Мялешкі–Малішкевіча сярод полацкіх тэкстаў, без пазнакі пра яе паходжанне. Rkps AGAD Warszawa. Асобнік, якім я карысталася — мікрафільм са збораў Эдмунда Рабовіча, Гданьскі Універсітэт, Інстытут польскай філалогіі, Лабараторыя Асветніцтва.
[23] Inglot M. List o. Giuseppe Maruti SJ z Połocka // Jezuicka ars historica. Prace ofiarowane ks. Prof. Ludwikowi Grzebieniowi. Kraków, 2001. С. 193—207.
[24] Kisielewicz B. Pieśń Pasterska Pasterzem się urodziłem; Sielanka Roczni­cowa Thyrsis — Morson; Pasterka, czyli oczekiwanie na przyjazd Przew. Ojca Prowincjała і інш. // Utwory literackie Ojców białoruskich. Rkps ATJ Kr. 908–B.
[25] Reverendo in Christo P. Antonio Lustyg Assistenti Soc. Iesu nec non Rectori Magnifico Collegii Academici die Ejus Nominalium in vim grati Carmina proprio marte elucubrata [Вялебнаму ў Хрысце А[йцу] Антонію Люстыгу, Асістэнту Таварыства Ісуса, а таксама Слаўнаму Рэктару Акадэміч­нага Калегіума ў дзень Ягоных Імянінаў Песні ўласнаручна з удзячнасці спісаныя]. Rkps AGAD Warszawa.
[26] Морошкин М. Иезуиты в России. Петербург 1867. Паводле: Арлоў Ул. Таямніцы. С. 367. (Старонак публікацыі Марошкіна Арлоў не падае).
[27] Chodźko I. Obrazy litewskie. Seria Trzecia. T. 1. Wilno, 1843. С. 105.
[28] Pavis P. Słownik terminów teatralnych. Wstęp Anne Ubersfeld. Przeł. oprac. i uzup. Sławomir Świontek. Wrocław, 1998. С. 204—5, 349—50. Balme Ch. Wprowadzenie do nauki o teatrze. Przeł. i uzup. W. Dudzik i M. Leyko. Warszawa, 2002. Nowoczesna Myśl Teatralna. Red. nauk.: D. Ratajczakowa. С. 93—94, 215—220.

Наверх

Юры Туронак. Саюз Беларускай Моладзі ў Нямеччыне

Снежня 14, 2004 |


Летам 1941 г. у берлінскім міністэрстве акупаваных усходніх абшараў (Ostministerium, OMi) праектавалася стварэнне аддзела моладзі для распрацоўкі канцэпцыі моладзевай палітыкі на Ўсходзе. Аднак з увагі на спадзяваную хуткую перамогу ў вайне з СССР гэтае пытанне не лічылася асабліва важ­ным і тэрміновым, бо толькі ў снежні 1941 г. міністр Альфрэд Розенберг прызначыў арганізатара і кіраўніка адпаведнага аддзела. Ім стаў гаўптбанфюрэр Зыгфрыд Нікель — вопытны дзеяч нямецкай арганізацыі моладзі „Гітлерюгенд“, які ў даваенныя гады займаўся кантактамі з замежнымі згуртаваннямі моладзі[1]. Адначасова Нікель быў сувязным паміж Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі і ОМі.

Паводле Рудальфа Герцага, у той час у міністэрстве Розенберга часта абмяркоўваліся пытанні арганізацыі працы з моладдзю на акупаваных тэрыторыях СССР, аднак доўга яны не прыводзілі да адназначных рашэнняў. У прыватнасці, заставалася адкрытым пытанне — ці аддзел моладзі павінен апекавацца маладымі людзьмі толькі нямецкай нацыянальнасці, ці таксама займацца стварэннем і кантролем згуртаванняў мясцовай ненямецкай моладзі[2].

З мэтай даследавання канкрэтных мясцовых умоў для арганізацыі працы аддзела ў лютым — сакавіку 1942 г. Нікель наведаў прыбалтыйскія краіны, Беларусь і Ўкраіну, дзе вывучаў погляды кіраўнікоў нямецкай цывільнай адміністрацыі па гэтым пытанні. Наступствам камандзіроўкі Нікеля быў дэкрэт Розенберга ад 3 чэрвеня 1942 г., які аформіў стварэнне аддзела моладзі ў міністэрстве і дазволіў генеральным камісарам у Літве, Латвіі і Эстоніі стварыць аналагічныя аддзелы ў іх установах. Згодна з дэкрэтам, адкрыццё аддзела моладзі ў генеральным камісарыяце Беларусі адкладалася, а ва Ўкраіне ўвогуле не прадугледжвалася[3].

Розенберг надалей не выказваўся наконт магчымасці ства­­рэння нацыянальных арганізацый моладзі. Станоўчае вырашэнне гэтага пытання, якое садзейнічала б росту нацыянальнай актыўнасці юнакоў і юначак, у пэўнай меры залежала ад стаўлення да яго паасобных кіраўнікоў нямецкай цывільнай адміністрацыі на Ўсходзе.

Супраць стварэння нацыянальнай арганізацыі моладзі першым выступіў райхскамісар Украіны Эрых Кох, які ўсе свае праблемы спадзяваўся вырашыць з дапамогай бізуна. Таксама адмоўна паставіўся да гэтай ідэі генеральны камісар Літвы Адрыян Рэнтэльн, затое падтрымалі яе акупацыйныя ўлады ў Латвіі і Эстоніі. У Беларусі прыхільнікам стварэння моладзевай арганізацыі быў яе генеральны камісар Вільгельм Кубэ. Маючы за сабой шматгадовы вопыт працы з моладдзю ў Нямеччыне, ён добра разумеў значэнне такой арганізацыі для актывізацыі беларускага нацыяналізму, які быў асноўнай канцэпцыяй яго палітыкі. Кубэ рэкамендаваў акруговым камісарам падтрымоўваць ініцыятывы беларускіх настаўнікаў і дзеячоў Беларускай народнай самапомачы ў галіне працы з моладдзю. Пад іх кіраўніцтвам яна праводзілася з восені 1941 г. у гуртках у Менску (кіравала Надзея Абрамава), Баранавічах, Вілейцы, Глыбокім і, магчыма, у іншых гарадах[4]. Аднак для стварэння агульнакраёвай афіцыйнай арганізацыі неабходна была згода Розенберга. Тым часам яго чэрвеньскі дэкрэт ад­клаў такую магчымасць на неакрэсленую будучыню. Гэта, вядо­ма, расчаравала Кубэ, хоць і не было для яго асаблівай нечаканасцю, бо Розенберг здаўна скептычна ацэньваў магчымасці беларускага нацыяналізму і не спадзяваўся на перавыхаванне моладзі, якая вырасла ва ўмовах савецкай рэчаіснасці. Праўда, пад канец 1942 г. ён дазволіў стварыць у мен­скім генеральным камісарыяце аддзел моладзі, але гэта яшчэ не сведчыла аб прынцыповай згодзе на заснаванне беларускай арганізацыі моладзі. Аддзел, які ўзначалілі дзеячы Гітлер­югенда банфюрэр Вільгельм Шульц і Юлія Гроземан, апекаваўся галоўным чынам сканцэнтраванай у Смалявічах нямецкай дзятвой, пакуль яна вясной 1943 г. не была пераселена ў Нямеччыну. Лёс СБМ вырашаўся ў Берліне.

Істотную ролю ў заснаванні беларускай арганізацыі мола­дзі адыграў Фабіян Акінчыц — ідэолаг і правадыр нацыянал–сацыялістычнага руху ў Заходняй Беларусі. Вясной 1939 г. ён прыбыў у Берлін, дзейнічаў пры ўстановах Розенберга, а летам 1941 г. стаў супрацоўнікам аддзела прэсы і прапаганды ОМі. Акупацыю Беларусі нямецкай арміяй Акінчыц успрыняў як доўгачаканы шанец перабудовы грамадства, яго абуджэння з летаргічнага нацыянальнага сну, чаго спадзяваўся дасягнуць шляхам перавыхавання беларускага юнацтва ў адпаведнасці з прынцыпамі нацыянал–сацыялістычнай ідэалогіі, у духу радыкальнага антыбальшавізму[5].

Акінчыц крытычна ставіўся да тагачасных эмігранцкіх лідэраў — Мікалая Шчорса, які ўзначальваў групоўку ў Варшаве, Івана Ермачэнкі ў Празе, Радаслава Астроўскага, Вітаўта Тумаша ў Лодзі ды іншых, якіх абвінавачваў у беспрынцыповасці, кар’ерызме і скурніцтве. З–за гэтага ён меў няшмат ідэйных паплечнікаў у Берліне, у сувязі з чым імкнуўся вы­зваліць з лагераў ваеннапалонных беларусаў–інтэлігентаў, якія б падзялялі яго погляды, і такім чынам стварыць сваю групу дзеяння.

Бадай першым з іх стаў малады падхарунжы (прапаршчык) польскай арміі Генрык Барановіч, які з верасня 1939 г. знахо­дзіў­ся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных. Відаць, у гэ­тым ла­геры, які час ад часу наведваў Акінчыц, пачалося іх зна­ём­ства і супрацоўніцтва, чаму спрыяла адмоўнае стаўленне або­двух да бальшавізму. У выніку захадаў Акінчыца і Бела­рус­кага прадстаўніцтва ў Берліне ў кастрычніку 1940 г. Бара­но­віч быў вызвалены з лагера і накіраваны ў Берлін у якасці настаўніка[6].

Аднак „настаўнічаць“ Барановічу давялося толькі праз год у Вустраўскай школе прапагандыстаў, а пакуль што ён быў пільным вучнем Акінчыца, які прышчапляў маладому сябру сваю беларускую стратэгію і пранямецкую тактыку, рыхтаваў яго на дзеяча будучай арганізацыі беларускай моладзі. З гэтай жа мэтай стварыў Барановічу магчымасць кантактаў з Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі, у якім ён вывучаў структуру і ме­тады працы Гітлерюгенда і адначасова прапагандаваў спра­­ву СБМ.

У сваіх зносінах з Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі Акінчыц і Барановіч імкнуліся абгрунтаваць неабходнасць стварэння СБМ такімі аргументамі, якія не пакінулі б абыякавымі немцаў. Гэтаму, у прыватнасці, служыў „тэзіс“ аб бальшавізацыі беларускай моладзі, „якая нідзе не працуе, ахвотна слухае Сталіна і папаўняе партызанскія банды“, які часта выкарыс­тоў­ваўся зацікаўленымі нямецкімі дзеячамі[7]. І хаця гэты „тэ­зіс“ у пэўнай меры адлюстроўваў пазіцыю ўсходнебеларускіх камсамольцаў, яго перанос на ўсю беларускую моладзь стаў прапагандысцкім ходам, разлічаным на станоўчае вырашэнне пытання беларускай арганізацыі, якая можа і павінна быць супрацьпастаўлена бальшавіцкім уплывам шляхам яе перавыхавання ў нацыянальным духу.

Іншы аргумент зыходзіў з вялікага запатрабавання Нямеч­чы­­ны на рабочую сілу і мізэрных вынікаў прымусовай вярбоў­кі ў Беларусі. І гэтае важнае для нямецкага кіраўніцтва пытанне павінен быў вырашыць СБМ. Пра гэта сведчыць праект ста­тута СБМ, апрацаваны Барановічам пры несумненным удзе­­ле юрыста Акінчыца і кансультантаў Дзяржаўнага кіраў­ніц­­тва моладзі. Вось наступныя праграмныя ўказанні, пада­дзе­ныя ў раздзеле „Агульныя вызначэнні“ праектаванага статута:

„Дзейнасць Саюза Беларускай Моладзі ажыццяўляецца ў дзвюх яго аператыўных групах — „Беларусь“ і „Нямеччына“. Да першай належаць члены СБМ, якія жывуць у Беларусі, а да другой — якія працуюць у Нямеччыне. Адной з най­­важ­ней­­шых задач СБМ з’яўляецца ўключэнне беларускіх юнакоў і юначак у аператыўную групу „Нямеччына“. Гэта да­­зво­ліць моладзі актыўна ўдзельнічаць у змаганні з баль­шавіз­мам, развіваць пачуцці сяброўства, удзячнасці і не­­раз­дзельнасці лёсаў беларускага народа і Вялікай Нямеччыны, а таксама падрыхтавацца да пасляваеннай адбудовы бацькаўшчыны. У асобных выпадках для членаў аператыўнай групы „Нямеччына“ будуць выдадзены спецыяльныя вызначэнні“[8].

Вясной 1943 г. нямецкія моладзевыя дзеячы, верагодна, з удзелам Барановіча звярнуліся да авіяцыйнай фірмы Юнкерс у Дэсаў з прапановай накіраваць на вучобу і работу на заводы фірмы тысячу беларускіх юнакоў. Для абмеркавання гэтага пытання быў падрыхтаваны праект пагаднення паміж інспектарам СБМ і фірмай Юнкерс, які некаторыя гісторыкі памылкова выдаюць за заключаны дагавор[9]. Аднак тады за­ключыць такое пагадненне было немагчыма — СБМ яшчэ не існаваў і не мог даць самазванаму інспектару неабходнае паўнамоц­тва. Тым не менш была дасягнута прынцыповая згода на ажыццяўленне гэтага мерапрыемства ў недалёкай будучыні, што значна падмацавала праграмныя ўстаноўкі праектаванага статута СБМ.

Выглядае на тое, што падрыхтаваныя Барановічам пра­грамныя прынцыпы і спроба іх ажыццяўлення задаволілі Дзяржаўнае кіраўніцтва моладзі і яго дзеяча ў ОМі — Нікеля. Вясной 1943 г. яно было гатовае падтрымаць стварэнне СБМ і аказаць яму матэрыяльную дапамогу (між іншага — пастаўляць уніформу), арганізаваць СБМаўскім дзеячам у Беларусі экскурсіі ў Нямеччыну і двухбаковае культурнае супрацоўніцтва паміж Гітлерюгендам і СБМ. Адначасова Кіраўніцтва моладзі падтрымлівала Барановіча, які аказаўся здольным арганізатарам і лектарам Акінчыцавых курсаў падрыхтоўкі прапагандыстаў у Вустраве. На гэта паказвае захаваны ў архіўных матэрыялах ОМі недатаваны і непадпісаны тэкст „Саюз беларускай моладзі“, які нагадвае праект дакладной запіскі Дзяржаўнага кіраўніцтва моладзі, падрыхтаванай Нікелю для дакладу кіраўніцтву міністэрства. Аўтар запіскі рэзюмаваў аргументы на карысць заснавання СБМ і пісаў, паміж іншага: „Статут СБМ падрыхтаваў адзін беларус, які, па–мойму, адпаведны для ажыццяўлення задач (гэтай арганізацыі — Ю.Т.). Акрамя таго ён мае неабходнае для кіраўніка моладзі жаданне і зразуменне патрэбнасці і правільнасці сваёй працы“. Пры гэтым падкрэсліваў яго добрае веданне псіхікі моладзі і яе „безпамылковы інстынктыўны давер да яго“[10]. Такая рэкамендацыя павінна была паспрыяць прызначэнню Барановіча шэфам–правадніком СБМ.

Аднак пад канец красавіка 1943 г., калі ў міністэрстве Розенберга прымалася рашэнне па пытанні СБМ, гэтая рэкамендацыя ўжо не разглядалася, і віной таму стаў сам Барановіч. 11 лютага, незадоўга да свайго прыезду ў Менск з чарговай групай прапагандыстаў, ён выслаў Міхасю Ганько ліст, у якім неабачліва раскрыў намер Акінчыцавай групы расправіцца з Ермачэнкам і яго БНСаўскай камандай, якіх вінаваціў у нелаяльнасці да Нямеччыны і іншых цяжкіх грахах[11]. Ліст Барановіча наўрад ці дайшоў да адрасата — яго перахапілі службоўцы генеральнага камісарыята і перадалі Кубэ, які падтрымліваў свайго супрацоўніка і пратэжэ Ермачэнку.

23 лютага Кубэ з абурэннем паведаміў Розенбергу пра паводзіны Барановіча і адначасова абвінаваціў Ганько ў „раскладовай дзейнасці“, хацеў нават арыштаваць яго[12]. У выніку пад канец лютага 1943 г. ні адзін, ні другі не маглі спадзявацца на прыхільнасць генеральнага камісара, ад якога ў значнай меры залежала прызначэнне кіраўніка СБМ. Аднак ужо ў красавіку Кубэ схіляўся да прызначэння Ганько. Невядома, што паўплывала на гэтую змену — ці Ганько змог неяк апраўдацца, ці пасля прымусовай дэпартацыі Ермачэнкі з Менска ў Прагу пытанне такіх ці іншых адносін да яго было ўжо беспрадметным.

Рашэнне Кубэ не змяніла стаўлення Барановіча да Ганько. Пазнаёміліся яны хутчэй за ўсё на Вустраўскіх курсах прапагандыстаў, дзе Барановіч быў лектарам, а Ганько — слухачом. З таго часу паміж імі склаліся сяброўскія адносіны, на што ўплывала не толькі агульная ідэя, але і іх заходнебеларускае паходжанне, блізкая ментальнасць і нядаўні ваенны вопыт: абодва апынуліся ў нямецкім палоне — адзін з польскай, а другі з савецкай арміі. Абодва як выхаванцы і ідэйныя паслядоўнікі Акінчыца пасля яго забойства (5.03.1943) не карысталіся прыхільнасцю беларускіх дзеячоў і арыентаваліся толькі на працу з моладдзю. Скандал з лістом не пазбаўляў Барано­віча такой магчымасці — яго прысутнасць у Берліне, пад­трымка Нікеля і Ганько дазвалялі яму спадзявацца на прызначэнне членам Кіраўнічага штаба і шэфам Інспекцыі аператыўнай групы „Нямеччына“.

Пасля бюракратычнай валакіты на пачатку траўня 1943 г. ОМі адправіла праект статута генеральнаму камісару ў Менск для зацвярджэння. Тут аднак адбылася нечаканасць: Кубэ не пагадзіўся з вышэй цытаванай часткай „Агульных вызначэнняў“ статута, у якой прадугледжваўся падзел арганізацыі на аператыўныя групы „Беларусь“ і „Нямеччына“, ды выкрасліў яе са статута. Гэтаксама быў выкраслены прадугледжаны ў яго пятым параграфе (Кіраўніцтва) запіс аб стварэнні шостага аддзела Кіраўнічага штаба — Інспекцыі аператыўнай групы „Нямеччына“. Тым самым страцілі сэнс усе палітычныя ўстаноўкі для членаў гэтай групы, у прыватнасці — праектаваны вызначальны запіс: „Адной з найважнейшых задач СБМ з’яўляецца ўключэнне беларускіх юнакоў і юначак у аператыўную групу «Нямеччына»“, якога таксама не стала. Пасля гэтых карэктываў статут СБМ быў апублікаваны ў беларускіх газетах.

Адмаўленне Кубэ ад аператыўнай групы „Нямеччына“, а тым самым ад уключэння СБМ у вярбоўку на працу ў нямецкай эканоміцы, зыходзіла з яго пераканання, што гэтую моладзь чакаюць больш важныя задачы на бацькаўшчыне. У красавіку 1943 г. на нарадзе акруговых кіраўнікоў адміністрацыі ў Менску Кубэ выказаў погляд, што асноўнай задачай у працы з моладдзю з’яўляецца яе выхаванне ў антыбальша­віцкім духу і шырокае выкарыстанне ў адбудове беларускай гаспадаркі[13]. Таму ён не спяшаўся з адпраўкаю моладзі ў Нямеччыну. Невыпадкова пасля афіцыйнага абвяшчэння СБМ 22 чэрвеня 1943 г. яго кіраўніцтва некалькі месяцаў не займалася вярбоўкай добраахвотнікаў і заключэннем кантракта з Юнкерсам. Нічога ў гэтай галіне не мог зрабіць і Барановіч, які ў выніку выпраўлення статута не меў фармальнай падставы выступаць у Берліне ад імя СБМ.

Аднак такое становішча трывала нядоўга. Пасля забойства Кубэ (22.09.1943) яго пераемнік Курт фон Готберг настойліва дамагаўся актывізацыі СБМ і мабілізацыі моладзі на ажыццяўленне вызначаных берлінскім кіраўніцтвам ваенна–эканамічных задач. Цяпер Ганько пачуваў сябе вальней і 12 лістапада 1943 г. пад час сустрэчы ў Вільні прызначыў Барановіча членам Кіраўнічага штаба і кіраўніком Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне, а неўзабаве — упаўнаважаным СБМ у Нямеччыне з службовай ступенню штандаровага[14]. На гэтай падставе Барановіч быў залічаны ў штаб Нікеля і меў сваю канцылярыю ў ОМі на Клёстэрштрасэ, 79 у Берліне. У арганізацыйнай структуры СБМ ён займаў другое месца пасля шэ­фа–правадніка Ганько.

Адначасова пачалося ажыццяўленне задуманага праекта. У канцы 1943 г., пасля ўзгаднення з СБМ, міністэрства акупаваных усходніх абшараў заключыла з фірмай Юнкерс афіцыйны дагавор, які акрэсліў умовы вучобы і працы беларускіх юнакоў, а таксама абавязкі сігнатараў[15].

Згодна з дагаворам, фірма Юнкерс павінна была забяспечыць юнакам прафесійнае навучанне, жыллё, харчаванне і кішэнныя грошы, а СБМ браў на сябе вярбоўку юнакоў ва ўзросце ад 14 гадоў і прызначэнне кіраўнікоў для апекі над моладдзю. Міністэрства са свайго боку абавязалася выдзеліць Юнкерсу аднаразовую субсідыю ў суме 54 тысяч райхсмарак і пакрываць бягучыя выдаткі фірмы на ўтрыманне юнакоў[16].

Першы год юнакі павінны былі вучыцца, рыхтавацца да працы. З такой мэтай быў вызначаны наступны распарадак заняткаў: каля 4 гадзін у дзень яны праходзілі фаховае навучанне пад кіраўніцтвам завадскіх майстроў, а астатнія 3 га­дзіны прысвячаліся агульнай адукацыі пад апекай беларускіх настаўнікаў, якіх меўся даставіць СБМ. Аднак па розных прычынах распарадак заняткаў не вытрымліваўся. Паводле Барановіча, фаховае навучанне юнакоў абмяжоўвалася да шасці тыдняў, пасля чаго іх дзялілі на групы і рассылалі на заводы Юнкерса. На пачатку 1944 г. падобны дагавор ОМі заключыла з будаўнічай Organisation Todt (ОТ) у Берліне.

Адпраўленыя па кантрактах з Юнкерсам і ОТ хлопцы стварылі працоўную групу СБМ у Нямеччыне, якой апекаваўся Барановіч пад наглядам служачых аддзела моладзі ОМі Нікеля і Мэнцэля. Па нашых падліках, да вясны 1944 г. іх агульная колькасць не перавышала 2000. Акрамя СБМаўскіх юнакоў, якія, як правіла, добраахвотна паступалі на работу, у Нямеччыне працавала яшчэ больш за 5000 маладых беларусаў, значная частка якіх была пастаўлена гвалтоўна. Яны належалі да катэгорыі г. зв. остарбайтэраў са статусам, няшмат адрозным ад ваеннапалонных[17]. Гэтыя маладыя остарбайтэры трактаваліся кіраўніцтвам СБМ як рэзервы росту Працоўнай групы. Як паведамлялася ў лістападзе 1943 г. берлінскай „Раніцай“, Кіраўнічы штаб выслаў у Нямеччыну некалькі праваднікоў з мэтай уцягнуць остарбайтэрскую моладзь у СБМ[18]. Нягледзячы на параўнальна лепшыя ўмовы жыцця і працы СБМаўцаў, поспехі гэтай акцыі былі сціплыя. Як пісаў Алесь Галубіцкі (сапр. Аляксандр Марговіч), які ў чэрвені 1944 г. адведаў лагер у Крымічаў, „остаўцы“ не любілі там СБМаўцаў, абзывалі іх здраднікамі і фашыстамі[19]. Аднак не ўсюды пераважалі такія настроі і частка „остаўцаў“ далучылася да СБМ, што спрыяла росту Працоўнай групы ў Нямеччыне, колькасць якой на пачатку чэрвеня 1944 г. складала 3500 юнакоў[20].

Колькасць беларускай моладзі ў Нямеччыне значна павя­лічылася ў чэрвені — ліпені 1944 г., што было выклікана:

а) прымусовым вывазам Вермахтам дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў у рамках г. зв. акцыі HEU (heimatlos, elternlos, unterkunftlos); паводле Галубіцкага, 1000 гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак была ў палове чэрвеня прывезена з Беларусі ў лагер Лертэ каля Гановера, адкуль іх СБМаўскія кіраў­нікі перавезлі ў пераходны лагер Капэн каля Дэсаў[21]; паводле іншых крыніц, колькасць вывезеных дзяцей дасягала 3000[22].

б) эвакуацыяй у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1944 г. перад наступленнем Чырвонай Арміі Кіраўнічага штаба СБМ і больш за 1000 дзеячаў моладзі, групы членаў Беларускай службы бацькаўшчыне і дзесяткаў тысяч цывільных жыхароў разам з моладдзю[23].

У гэты час моцна змянілася мілітарнае становішча Нямеччыны — усходні фронт, які нядаўна стаяў над Дняпром, цяпер стабілізаваўся на лініі Віслы, а на захадзе саюзніцкія войскі развівалі наступленне ў Францыі. Летам 1944 г. ужо мала хто сумняваўся ў паражэнні Нямеччыны. Ва ўмовах узніклага хаосу Кіраўнічы штаб СБМ, які 5 ліпеня апынуўся ў судэцкім горадзе Тропаў, параўнальна доўга не ведаў, ці вызначыць яму задачы ў новых умовах нямецкае кіраўніцтва і якія. Таму ў канцы ліпеня Ганько звязаўся з Астроўскім, які згадзіўся прыняць СБМ пад крыло эвакуяванай Беларускай Цэнтральнай Рады.

Пасля пагаднення з Астроўскім Ганько выдаў дзве адозвы. 1 жніўня 1944 г. ён заявіў аб аднаўленні дзейнасці Кіраўнічага штаба на тэрыторыі Нямеччыны, заклікаў юнакоў і юначак да дысцыпліны, паслухмянасці і сумленнага выконвання сваіх абавязкаў. „З нашай ахвяры, поту і крыві паўстане да жыцця Вольная Беларусь!“ — закончыў Ганько сваё выступленне[24]. А праз тыдзень, 8 жніўня, заявіў: „СБМ добраахвотна пераходзіць ад сённяшняга дня пад маральную апеку і ў сферу кампетэнцыі БЦР, як адзінага праўнага і прызнанага найвышэйшага прадстаўніцтва беларускага народу“[25]. На падставе гэтай дэкларацыі 15 верасня 1944 г. Ганько і Абрамава былі пакліканы ў склад членаў Рады БЦР[26].

Аднак аднавіць рэальную дзейнасць сваёй арганізацыі Ганько ўжо не змог. У новых умовах Саюз Беларускай Моладзі не асабліва цікавіў дзеячоў БЦР, не быў ён патрэбны і аддзелу моладзі ОМі, які з дапамогай Барановіча кіраваў Працоўнай групай СБМ. Праўда, Ганько лічыўся апекуном ваенна–дапаможнай групы беларускай моладзі, аднак і гэтая яго роля не мела практычнага значэння. У гэты час ён снаваў праекты стварэння Саюза Вызвалення Беларусі і, магчыма, удзельнічаў у арганізацыі разведвальна–дыверсійных груп на базе батальёна „Дальвіц“.

Затое множыліся задачы Барановіча. Ён павінен быў са­дзейнічаць уладкаванню на працу беларускіх юнакоў і юначак, якія пасля эвакуацыі апынуліся ў Нямеччыне, дбаць пра забеспячэнне іх асноўных бытавых патрэб і прызначэнне ў працоўныя лагеры СБМаўскіх кіраўнікоў для нагляду за парадкам і дысцыплінай. Дзеля гэтага выкарыстоўваліся эвакуяваныя з Беларусі акруговыя і павятовыя кіраўнікі і кіраўнічкі СБМ, аднак іх было замала. У гэтай сувязі паўстала СБМаў­ская школа „Крывія“ для падрыхтоўкі новых кіраўнікоў, у якую накіроўваліся адпаведныя эвакуяваныя юнакі і юначкі. Летам 1944 г. школа працавала ў мясцовасці Мальта, у Альпах, а з кастрычніка — у Драйсігакер, каля горада Майнінген (Турынгія), пад кіраўніцтвам Станіслава Грынкевіча (малодшага).

З траўня 1944 г. у Берліне выдаваўся „Малады Змагар“ — штомесячны ілюстраваны часопіс для беларускай моладзі, якая працавала ў Нямеччыне. Часопіс рэдагаваў Барановіч, якому дапамагалі эвакуяваныя з Беларусі паэт Лявон Случчанін, прафесар Мікалай Байкоў ды іншыя. Выходзіў ён тыражом 5000 асобнікаў да лістапада 1944 г., пакуль саюзніцкія самалёты не разбамбілі друкарні ў Берліне і Пляўэне, у якіх „Малады Змагар“ друкаваўся. Іншы часопіс, „Вучэбны лісток“, выдавала з лета 1944 г. рататарнай тэхнікай Надзея Абрамава ў Тропаў. Ён прызначаўся для СБМаўскіх кіраўнікоў у працоўных лагерах моладзі. Абодва часопісы былі, па сутнасці, адзінай формай камунікацыі кіраўніцтва СБМ з моладдзю.

Калі кіраўніцтва СБМ і на бацькаўшчыне не выкарыстоў­вала гвалтоўных метадаў вярбоўкі, то ў Нямеччыне не было на тое ні магчымасці, ні патрэбы — моладзь, якая эвакуявалася з Беларусі, сама шукала элементарных умоў для пражыцця. Дапамагаў ёй Барановіч, які накіроўваў новапрыбылых юнакоў і юначак у працоўныя лагеры пры заводах Юнкерса ці Арганізацыі Тот [Todt], да моладзі, якая прыехала раней і была ўжо згуртаванай. Такая яе канцэнтрацыя стварала большыя магчымасці апекі і нагляду ды спрыяла росту Працоўнай групы СБМ.

Паводле афіцыйных дадзеных, на 1 жніўня 1944 г. у Нямеччыне працавала 4500 беларускіх юнакоў і юначак[27]. Гэтыя дадзеныя блізкія да ацэнкі Барановіча, паводле якой лік моладзі ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў у складзе Працоўнай групы СБМ даходзіў да 5000, з якіх 3000 працавалі на заводах Юнкерса, а астатнія 2000 — у Арганізацыі Тот[28]. Пазней да Працоўнай групы было далучана каля тысячы падлеткаў ва ўзросце звыш 10 гадоў, у выніку ў лістападзе 1944 г. яе агульная колькасць перавышала 6000 юнакоў і юначак, размешчаных у 20 лагерах[29].

Моладзь, прымацаваную да фірмы Юнкерс, спачатку прывозілі ў пераходны лагер Крымічаў у Саксоніі, дзе пасля тэх­нічнай падрыхтоўкі дзялілі на групы і рассылалі на заводы ў Дэсаў, Магдэбург, Мульдэнштайн і Цвікаў. Каля паловы юнакоў, якія працавалі ў Арганізацыі Тот, размяшчаліся ў Берліне, а меншыя групы — у Ростаку, каля Фалькенбурга на Памор’і, Рацібара ў Сілезіі і іншых мясцовасцях. Асобныя лагеры былі арганізаваны для дзяцей і падлеткаў. Найбольш іх пражывала ў Дэсаў (два лагеры), Капэн, Крымічаў, менш — у Магдэбургу, Мульдэнштайн і Эберсбах каля Дрэздэна.

Як пісаў Барановіч (Чурыла), у выніку яго намаганняў і прыхільнага стаўлення дырэкцыі Юнкерса ды кіраўніцтва ОТ, „уся беларуская моладзь, ахопленая СБМ у Нямеччыне, мела людскую вопратку, магчымыя баракі, абутак і харчаванне такое самае, як нямецкая моладзь“[30]. Аднак іншыя сведчанні не па­цвярджаюць такой ацэнкі. Так, напрыклад, Мечыслаў Ра­чыц­кі пісаў аб забойстве 14–гадовага хлопца з Наваградчыны ў спрэчцы за мерзлую бручку, што здарылася на пачатку 1945 г. у берлінскім лагеры ОТ[31]. Галіна Бузук, кіраўнічка дзяўчат у Мульдэнштайн, скардзілася, што яе малалетнія падапечныя вымушаны ў марозны час працаваць босымі[32]. Побытавыя ўмовы былі розныя, прычым, відаць, працоўная моладзь забяспечвалася лепш, чым дзеці і падлеткі.

Вывезеныя прымусова з Беларусі ў рамках акцыі HEU насельнікі лагераў патрабавалі спецыяльнай апекі, якую па­він­ны былі запэўніць СБМаўскія кіраўнікі і кіраўнічкі. Рыхтавалі­ся яны на двух–трохтыднёвых курсах у школе „Крывія“. Акрамя агульнага нагляду за дзятвой яны мусілі па магчымасці праводзіць элементарныя заняткі па праграме першых класаў пачатковай школы — вучыць чытаць, пісаць (калі было чым і на чым), навучаць пачаткам арыфметыкі, спевам, ладзіць гульні, пастаноўкі, падтрымліваць у дзетак беларускі дух. „Адным словам, <…> рабілася ўсё магчымае, каб хоць трохі скрасіць гэтым няшчасным дзеткам іх шэрае, аднастайнае, сірочае жыццё на чужыне“[33].

Для старэйшай моладзі прадугледжваліся заняткі па беларусазнаўстве, галоўным чынам на падставе матэрыялаў, публікаваных у выдаваных у Нямеччыне газетах і часопісах „Рані­ца“, „Беларускі работнік“, „Малады Змагар“ ды ў СБМаўскім бюлетэні „Вучэбны лісток“. Часта аднак пасля доўгага працоўнага дня не хапала на тое часу і магчымасцяў. Дарэчы, і ад­дзел моладзі ОМі, і кіраўніцтва СБМ не асабліва настойвалі на правядзенні гэтых заняткаў — яны больш за ўсё цікавіліся пытаннямі парадку і чысціні ў бараках, здароўя і дысцыпліны юнакоў і юначак і г. д.

У Нямеччыне гэтая моладзь перш за ўсё цяжка працавала. Па­водле Барановіча, яна выдатна выконвала свае задачы, чым заслужыла прызнанне дырэкцыі Юнкерса і берлінскага кі­раўніцтва[34]. Змяніў свой погляд на беларускую моладзь нават недаверлівы Розенберг. Пасля свайго візіта ў Дэсаў, 28 ве­рас­ня 1944 г., ён напісаў Гітлеру: „Нядаўна я сам пераканаўся, як гэтыя беларусы працуюць на заводах Юнкерса ў Дэсаў… У вы­ніку адпаведных разважных паводзінаў нямецкія рабочыя на за­водзе згодна супрацоўнічаюць з беларускай моладдзю, у ад­роз­ненне ад замежных рабочых, якія там працавалі раней, у пры­ватнасці, ад італьянцаў. Да гэтага часу сярод беларусаў не за­ўважана ніякіх апазіцыйных настрояў, ані найменшага са­ба­тажу“[35].

Расцярушаныя па розных лагерах, удзельнікі Працоўнай групы рэгістраваліся кіраўніцтам СБМ у Нямеччыне і былі на яго ўліку. Таму прыведзеныя дадзеныя аб іх колькасці можна лічыць блізкімі да сапраўднасці. Затое юнакі і юначкі, якія служылі ў нямецкай арміі, не стваралі асобнай суцэльнай групы СБМ і не падлягалі яго кіраўніцтву. Праўда, шэф–праваднік Ганько лічыўся іх апекуном, але яго кантакт з моладдзю, як правіла, абрываўся пасля яе перадачы нямецкаму камандаванню. Ён нават не меў дакладнай інфармацыі аб месцазнаходжанні сваіх падапечных.

Па гэтай прычыне наўрад ці магчыма вызначыць дакладную колькасць членаў СБМ, якія служылі ў шэрагах нямецкай арміі. Гэтае пытанне не цікавіла нямецкае камандаванне, якое ў сваіх справаздачах не вылучала СБМаўцаў з агульнай масы завербаванай моладзі. Не разглядалася яно і беларускімі гісторыкамі на бацькаўшчыне і на эміграцыі. А значная разбежнасць ацэнак Ганько і Барановіча (пра што гл. ніжэй) толькі выклікае сумненні ў іх верагоднасці. Усё ж паспрабуем разгледзець гэтае няпростае пытанне.

На пачатку 1944 г. у Беларусі ўзнікла ідэя адпраўкі ў Нямеччыну групы юнакоў, якія пасля колькімесячнай падрыхтоўкі павінны былі вярнуцца на бацькаўшчыну ў якасці маладых афіцэраў. Не ведаем, адкуль зыходзіла гэтая ініцыятыва, аднак можам не сумнявацца, што яна ажыццяўлялася са згоды ці па загадзе Готберга. Відаць, па яго ўказанні вярбоўкай добраахвотнікаў заняўся Кіраўнічы штаб СБМ.

16 красавіка 1944 г. у вайсковы падрыхтоўчы лагер у Мальце прыбылі 100 юнакоў. Аднак у выніку адступлення немцаў з Беларусі яны не вярнуліся на бацькаўшчыну і не сталі афіцэрамі. Летам група была расфармаваная: большасць курсантаў накіравалі ў 30–ю дывізію Зіглінга, а невялікую частку перадалі ў часовае распараджэнне кіраўніцтва СБМ у Нямеччыне[36].

У чэрвені 1944 г. з цывільнай і ваеннай зоны Беларусі значная колькасць добраахвотнікаў ва ўзросце 15—20 гадоў прыехала ў Нямеччыну на дапаможную службу ў Люфтвафэ. Вярбоўку праводзілі афіцэры штаба Нікеля, па магчымасці — з дапамогай акруговых кіраўнікоў СБМ. Колькасныя вынікі гэтай акцыі ацэньваліся па–рознаму. Паводле вярхоўнага камандавання войск цэнтральнага ўчастка ўсходняга фронту, на дапаможную службу ў Люфтвафэ з’явілася з Беларусі 4000 юнакоў, Ганько ж ацэньваў іх колькасць на 3000—3200 (разам з юначкамі), а Барановіч — на 5000[37].

Невядома, ці патрэбы Люфтвафэ былі меншыя, ці можа з–за непрыдатнасці часткі кандыдатаў, але ў канчатковым выні­ку не ўсе ахвотнікі былі прыняты камандаваннем паветраных сілаў. Паводле справаздачы штаба Нікеля кіраўніцтву ОМі, на 20 верасня 1944 г. у проціпаветранай ахове ўдзельнічала агулам 2354 беларускіх юнакоў і неакрэсленая колькасць юначак[38]. Пераважная іх колькасць абслугоўвала зенітную артылерыю, астатнія працавалі ў галіне сігналізацыі і іншых сферах. Відаць, немалая частка завербаванай моладзі была накіравана ў дывізію Зіглінга ці іншыя фармаванні Вермахта.

Варта заўважыць, што пэўная частка гэтай моладзі не ўва­хо­дзіла на бацькаўшчыне ў арганізацыю СБМ і толькі ў пры­ём­ных лагерах атрымала членскія білеты і нацыянальныя па­вяз­кі на рукавы. Першапачаткова дружыннікі Люфтвафэ на­кі­роў­валіся ў вучэбны лагер у г. Эгер, у Судэтах, а пасля пад­­­­рыхтоўкі іх падзялялі на групы і пасылалі да зенітных ба­та­­рэяў у розных мясцовасцях Нямеччыны. Для юначак быў ар­ганізаваны падрыхтоўчы лагер у горадзе Пютніц, у Памера­ніі.

Апошнюю групу СБМаўскіх ваяроў складалі эвакуяваныя ў ліпені 1944 г. навучэнцы Менскай школы камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны. Па дарозе ў невядомае большая іх частка вярнулася дамоў, некалькі загінула і толькі 110 — 120 юнакоў дабраліся да месца канцэнтрацыі рэштак БКА і іншых вайскова–паліцэйскіх фармаванняў у раёне Плоцка, над Віс­лай[39]. Пасля кароткатэрміновай падрыхтоўкі іх уключылі ў 30–ю дывізію і 23 жніўня адправілі ў Францыю змагацца з амерыканцамі.

Гэтыя тры групы СБМаўскай моладзі, якія апынуліся ў складзе 30–й дывізіі, супроцьпаветранай аховы і іншых фармаванняў нямецкай арміі, разам налічвалі 4500—5000 юнакоў і юначак. Калі да гэтага дадаць удзельнікаў Працоўнай групы (часткова з падлеткамі да 14–гадовага ўзросту), то восенню 1944 г. агульны лік СБМаўскай моладзі ў Нямеччыне складаў 10—11 тысяч юнакоў і юначак.

Гэтая іх колькасць, па сутнасці, не мянялася да канца ваенных дзеянняў, мянялася толькі сфера прызначэння моладзі. На пачатку 1945 г. нямецкая ваенная прамысловасць была ўжо моцна разбурана саюзніцкай авіяцыяй, у выніку чаго зменшыліся патрэбы заводаў у рабочай сіле і частка моладзі магла быць накіравана ў армію. Паводле Барановіча, афіцыйнага набору ў Вафэн СС з СБМаўскіх рабочых лагераў не бы­ло, і ўсё ж у лютым 1945 г. немцы прывезлі з Дэсаў у Берлін 200 юнакоў, якіх рыхтавалі для абароны горада. Вайсковымі інструктарамі гэтай роты былі падафіцэры СС і СБМаўскія кіраўнікі, а агульны нагляд выконвалі банфюрэр Мэнцэль і Барановіч. „Ані адзін з юнакоў ці кіраўнікоў СБМ не хацеў абараняць Берліна. Але мы не мелі іншага выхаду“, — пісаў Барановіч пасля вайны[40].

На СБМаўскае юнацтва спадзявалася і БЦР. Пасля ўклю­чэн­ня рэштак БКА ў 30–ю дывізію Астроўскі імкнуўся адбудаваць сваё войска. Выступаючы на з’ездзе кіраўнікоў моладзі, які адбываўся 16—17 лістапада 1944 г. у школе „Крывія“ ў Драйсігакер, ён заявіў: „Магчыма, у хуткім часе частку з вас мы па­клічам у беларускі легіён, які будзе, безумоўна, пад палі­тыч­ным кіраўніцтвам толькі і выключна БЦР, а аперацыйна бу­дзе падпарадкоўвацца нямецкаму галоўнаму камандаванню“[41].

Аднак замест спадзяванага легіёна пад канец студзеня 1945 г. пачалося аднаўленне дывізіі шляхам вярбоўкі беларусаў. З гэтага часу яна ўжо звалася „30 Waffen–SS Grenadier Division (weissruthenische № 1)“ (замест ранейшага назову „russische Nr 2“). Месцам яе фармавання былі ваколіцы Вайдэн–Гіршаў у Баварыі. У гэтую дывізію БЦР адправіла частку свайго т. зв. кадравага батальёна БКА, у складзе якога было некалькі дзесяткаў юнакоў, і занялася вярбоўкай новых кан­ды­датаў. На пачатку сакавіка разаслалі вярбоўшчыкаў у рабочыя лагеры, аднак вынікі былі нязначныя: ва ўмовах ужо бліз­кай катастрофы Нямеччыны мала хто хацеў за яе змагацца[42].

З гэтай жа прычыны няшмат ахвотнікаў было сярод юнакоў — удзельнікаў Працоўнай групы СБМ. Усё ж некаторыя ўступілі ў дывізію, якая фармавалася далёка ад меркаванай зоны савецкай акупацыі, а гэта давала надзею на паратунак ад нежаданых сустрэч з Чырвонай Арміяй. Туды ў канцы сакавіка з’ехалі з Берліна, Дэсаў і іншых гарадоў СБМаўскія кі­раўнікі Генрык Барановіч, Дзмітры Стэльмах, Палікарп Манькоў і іншыя. Урэшце недзе за месяц да капітуляцыі ў выніку захадаў БЦР у дывізію прыехала некалькі дзесяткаў юнакоў, якіх адпусціла камандаванне Люфтвафэ[43]. У канцы красавіка 1945 г., калі 30–я дывізія апынулася ў амерыканскім палоне, у яе складзе лічылася амаль 1100 чалавек, у тым ліку — сотні СБМаўцаў.

Удзел юнакоў і юначак у ваенна–эканамічных мерапрыемствах Нямеччыны выклікаў пасля вайны, мякка кажучы, некаторыя праблемы. Ніхто не мог запярэчыць, што яны кавалі ў фабрыках зброю для нямецкай арміі, чым так захапляўся Розенберг, што будавалі ваенныя аб’екты і дапамагалі збіваць саюзніцкія самалёты. Аднак ніводзін з пасляваенных Нюрнбергскіх трыбуналаў, ніводзін даследчык не мог даказаць прымусовай вярбоўкі моладзі (акрамя акцыі HEU, да якой СБМ не меў ніякага дачынення). Яна ішла добраахвотна.

Разглядаючы паступленне моладзі на дапаможную службу ў Люфтвафэ, нямецкі даследчык Герцаг пісаў: „…цяжка ўявіць, што летам 1944 г., калі Вермахт паўсюдна адступаў, а на ра­дзіме практычна панавалі партызаны, і ўжо амаль ніхто не сумняваўся ў паспяховым для Расіі выніку вайны, так многа юнакоў добраахвотна паступіла ў распараджэнне нямецкай арміі. Яны павінны былі ўяўляць, які лёс іх чакае ў выпадку паражэння Нямеччыны“[44].

Такі выбар моладзі быў асабліва невыгодны для беларускіх гісторыкаў. Яны, кіруючыся ідэалагічнымі ўстаноўкамі, з усіх сіл кляймілі СБМ, аднак не спрабавалі даказаць гвалтоўную вярбоўку. Васіль Раманоўскі ў сваёй кнізе Саўдзельнікі ў злачынствах (1964) палічыў за лепшае не разглядаць гэтага пытання, а Аляксандр Каваленя, які ці не першы з беларускіх гісторыкаў нясмела парушыў табу, звярнуў увагу на масіраваную прапаганду, якой паддаваліся нявопытныя беларускія юнакі і юначкі[45]. Да падобных вывадаў дайшоў і былы член Кіраўнічага штаба Ўладзімір Гарэлік, які спасылаўся на „палітычную няграматнасць“ СБМаўскага кіраўніцтва і моладзі[46].

Разглядаючы гэтае няпростае пытанне, неабходна мець на ўвазе і тое, што такую „няграматнасць“ прадэманстравала моладзь з усіх абшараў СССР, якія на той час яшчэ знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Як паведамляў Нікель у сваёй вышэй згаданай справаздачы, да 20 верасня 1944 г. колькасць добраахвотных памочнікаў Люфтвафэ з гэтых абшараў дасягнула 18 917 юнакоў, у тым ліку ўкраінцаў 5933, латышоў 3614, эстаў 3000, беларусаў 2354, рускіх 1383 і літоўцаў 1012. Акрамя іх было яшчэ 2500 дзяўчат, разам — 21 417 юнакоў і юначак, якія ахоўвалі нямецкае неба[47].

Масавы ўдзел „савецкай“ моладзі ў ваенна–эканамічных ме­рапрыемствах Нямеччыны быў несумненным фактам, які не­лагічна тлумачыць толькі яе нявопытнасцю і падатлівасцю на прапаганду моладзевых арганізацый. Дарэчы, вярбоўку праводзілі афіцэры штаба Нікеля: у Беларусі — дзе–нідзе з удзе­лам СБМаўскіх кіраўнікоў як перакладчыкаў, а ў Літве і Галіччыне, дзе падобныя арганізацыі не існавалі, гэтая акцыя пра­водзілася імі самастойна з цалкам задавальняючымі вы­ніка­мі.

Прычыны ўдзелу СБМаўскай моладзі ў працы на ваенную прамысловасць Нямеччыны былі розныя. Адных клікала цыві­лізацыйная прывабнасць Захаду і бясплатная пуцёўка ў Еўропу, іншых — спадзяванне на тэхнічную ці ваенную адукацыю, лепшую долю пасля вайны. Многія імкнуліся застрахавацца перад прымусовай адпраўкай у Нямеччыну ў якасці остарбайтараў ці пазбегнуць прызыву ў партызанскія атрады. Нямала было і такіх, якія імкнуліся пазбегнуць спа­дзяванага бальшавіцкага вызвалення.

Урэшце пэўная частка моладзі кіравалася ідэйнымі матывамі, якія сфармаваліся пад уплывам акупацыйных рэаліяў і выхаваўчай працы ў шэрагах СБМ. Паслядоўная беларусізацыя грамадскага жыцця, нацыянальная сімволіка, прапагандысцкая роля БЦР і многія іншыя фактары хутка ўплывалі на рост нацыянальнай свядомасці і актыўнасць моладзі і разглядаліся як гістарычны шанец аднаўлення дзяржаўнасці. Гэтаму не маглі перашкодзіць трагічныя вынікі партызанскай вайны: паўсюдна асуджаліся не толькі злачынствы карных атрадаў, але і прычыны, якія іх выклікалі — маральнага аўтарытэту савецкага партызанскага руху яны не павялічвалі. Яны ў сваю чаргу спрыялі самачыннаму пашырэнню сярод часткі моладзі палітычнай арыентацыі на Нямеччыну. Гістарычныя вывады ці прапагандысцкія лозунгі тут рабіліся лішнімі — само жыццё наглядна паказвала, што не Расія ці Польшча, а Нямеччына спрыяла нацыянальным інтарэсам Беларусі. Пацвярджалі гэта захопніцкія памкненні абодвух суседзяў пад час вайны. Выпадала з рахунку і арыентацыя на Англію і ЗША, якія ігнаравалі Беларусь, а падтрымлівалі гэтых суседзяў. Заставалася адна Нямеччына, з якой звязваліся надзеі на станоўчае вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці. Але для гэтага па­трабавалася перамога, перш за ўсё — у вайне з СССР.

Набліжалася, аднак, не перамога, а катастрофа, якую раней за немцаў адчула беларуская моладзь. Гімлер, які ніколі раней не пагаджаўся з нацыянальнай палітыкай Розенберга і Кубэ ды пасля замаху на Гітлера (20.07.1944) умацаваў сваю кіраўнічую пазіцыю, у верасні 1944 г. ухваліў уласаўскую канцэпцыю стварэння антыбальшавіцкага Камітэта вызвалення народаў Расіі ды падпарадкаванай яму арміі, у якую загадаў уключыць, між іншым, беларускіх вайскоўцаў[48]. У выніку гэтага патрабавання ў снежні 1944 г. у войска Ўласава былі ўключаны рэшткі 30–й дывізіі Зіглінга (расійская №2), у якой знаходзіліся тысячы беларусаў. Праўда, пад канец студзеня 1945 г. пачалося аднаўленне гэтай дывізіі ўжо як „беларускай № 1“, і невядома, як склаўся б яе лёс, калі б пад канец краса­віка яна не апынулася ў амерыканскім палоне.

Кіруючыся патрабаваннем Гімлера, у сакавіку 1945 г. Нікель спрабаваў перадаць уласаўскаму камітэту таксама ўсю моладзь з савецкіх тэрыторый, якая знаходзілася ў Нямеччыне, а ў яе ліку — і СБМ. 30 сакавіка ў штабе Нікеля адбылася сустрэча з прадстаўнікамі моладзі, між іншага — шэфам–правадніком СБМ Ганько, якія атрымалі машынапісны праект афармлення моладзевых арганізацый пад юрысдыкцыяй Ка­мітэта вызвалення народаў Расіі[49]. Аднак на ажыццяўленне гэтага праекта ўжо не засталося часу — неўзабаве пачаўся штурм Берліна і да капітуляцыі Нямеччыны заставаліся лічаныя дні.

Для многіх юнакоў і юначак, палітычна зарыентаваных на Нямеччыну, стаўка Гімлера на Ўласава была раўназначная здрадзе нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Ніякай іншай апоры яны ўжо не бачылі. Для многіх гэта была драма: сфармаваныя ідэйна ў духу патрыятычных СБМаўскіх „дзесяці запаветаў“, яшчэ да капітуляцыі Нямеччыны апынуліся яны перад прывідам паўторнага маральна–палітычнага заняволення. Адных немцы заганялі ў абдымкі ўласаўскіх апекуноў, іншыя самі кіраваліся ў войска Андэрса, якое імкнулася ж аднавіць польскае панаванне на беларускай зямлі. Нягледзячы на такія ці іншыя матывацыі, кожны, хто мог, клапаціўся ўжо толькі аб свой асабісты лёс.


[1] Herzog R. Besatzungsverwaltung in den besetzten Ostgebieten — Abtei­lung Jugend. Tübingen, 1960. S. 9.
[2] Тамсама. С. 10.
[3] Mitteilungsblatt des Reichsministers für die besetzten Ostgebiete. Berlin. 6.06.1942.
[4] Юрэвіч Л. Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі. Мінск, 2001. С.135.
[5] Туронак Ю. Фабіян Акінчыц — правадыр беларускіх нацыянал–сацыялістаў // Беларускі Гістарычны Агляд. Т.10 (2003). Сш.1—2 (18—19). С.145 — 161.
[6] Генрык Барановіч, сын Уладзіслава і Ганны, нарадзіўся 19.02.1916 г. у вёсцы Крывуля Ашмянскага павету. У сярэдзіне 30–х г. скончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам. Як падхарунжы 5–га Віленскага пяхотнага палка ўдзельнічаў у нямецка–польскай вайне і 22.09.1939 г. трапіў у нямецкі палон. 9.10.1940 г. вызвалены з лагера ваеннапалонных, дзейнічаў у групе Акінчыца ў Берліне. Пасля вайны жыў у Таронта, уваходзіў у склад кіраўніцтва Згуртавання беларусаў Канады, быў прыхільнікам БНРаўскай арыентацыі. Памёр у 2003 г. у Таронта.
[7] Archiwum Akt Nowych (AAN), Mikrofilmy aleksandryjskiе T–454, rolka 23/446–450: Die Lage der Jugend in Weissruthenien.
[8] Тамсама. Т–454, ролік 23/451—458: Satzungen der Jugendorganisation „Weissruthenisches Jugendwerk“.
[9] Белорусские остарбайтеры. Документы и материалы. Книга 2 (1943—1944). Минск, 1997. С. 104; Каваленя А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941—1944. Вытокі, структура, дзейнасць. Мінск, 1999. С. 126; Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование. Минск, 2001. С. 80. У прыватнасці нельга зга­дзіцца з выказваннямі, што дагавор быў заключаны ў маі 1943 г. (а на думку Кавалені — нават у канцы мая), а ўжо 1 чэрвеня, г. зн. праз некалькі дзён, пачалася адпраўка юнакоў у Дэсаў. Нават у выпадку заключэння дагавора на іх вярбоўку спатрэбілася б больш часу.
[10] AAN, Mikrofilmy aleksandryjskiе T–454, rolka 23/465—469: Das weiss­ruthenische Jugendwerk.
[11] Тамсама. Т–454, ролік 39/1055: ліст Г. Барановіча да М. Ганько ад 11.02.1943.
[12] Тамсама. Т.454, ролік 39/1053: ліст Кубэ да Розенберга ад 23.02.1943.
[13] Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 3. 1994. № 1. С.72.
[14] Белорусские остарбайтеры. Документы и материалы. Книга 2. С. 243; Ліст Г. Барановіча да А. Вініцкага ад 11.12.1967. Архіў аўтара.
[15] Herzog R. Op. cit. С. 33—34.
[16] Тамсама.
[17] Белорусские остарбайтеры. Минск, 2001. С.115—165.
[18] Раніца. 21.11.1943. № 47.
[19] Галубіцкі Алесь (сапр. Марговіч Аляксандр). Шляхі беларускіх дзяцей у вапошнюю вайну // Бацькаўшчына. Мюнхен. 12.06.1955. № 24.
[20] Прамова Міхася Ганько // Беларуская Газэта. 28.06.1944. № 51.
[21] Галубіцкі А. цыт. праца.
[22] Herzog R. Op. cit. С.51; Каваленя А. Цыт. праца. С. 213.
[23] Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох. Лёс Анджэлес, 1968 — Менск, 1994. С. 36.
[24] Раніца. 20.08.1944. № 34.
[25] Раніца. 3.09.1944. № 36.
[26] За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Лёндан, выд. БЦР, 1960. С. 121.
[27] Herzog R. Op. cit. С. 35.
[28] Вініцкі А. Цыт. праца. С. 19.
[29] Раніца. 26.11.1944. № 49.
[30] Вініцкі А. Цыт. праца. С. 21—22.
[31] Тамсама. С. 45—46.
[32] НАРБ. Воп. 2, спр. 8, ч. 2, арк. 368—385: лісты Галіны Бузук да Надзеі Абрамавай.
[33] Вініцкі А. Цыт. праца. С. 32.
[34] Ліст Г. Барановіча да А. Вініцкага ад 11.12.1967, архіў аўтара.
[35] Archiwum Głównej Komisji Zbrodni Hitlerowskich w Warszawie, Amery­kański Trybunał Wojenny XI, Dokumenty Prokuratury, tom 45, list Rosen­berga do Hitlera z 28.09.1944 (dok. NO 2464).
[36] Галубіцкі А. Цыт. праца; Вініцкі А. Цыт. праца. С. 26.
[37] Зелений З. Украінське юнацтво в вирі Другоі світовой війны. Торонто, 1965. С. 115; Вініцкі А. Цыт. праца. С. 22.
[38] Herzog R. Op. cit. С. 80.
[39] Грыбоўскі Ю., Козак К. Забытыя жаўнеры Польскага войска ў час Другой сусветнай вайны. Мінск, 2003. С. 84; Вініцкі А. Цыт. праца. С. 56.
[40] Вініцкі А. Цыт. праца С. 22.
[41] Раніца. 26.11.1944. № 49.
[42] Кушаль Ф. Спробы стварэння беларускага войска. Менск, 1999. С. 110.
[43] Запруднік Я. Дванаццатка. Нью Ёрк, 2002. С. 23.
[44] Herzog R. Op. cit. С. 68.
[45] Каваленя А. Цыт. праца. С. 212—213.
[46] Гарэлік У. Успаміны пра арышт Кіраўнічага штабу СБМ вясной 1944 г. // Беларус, 2000, студзень (№ 466).
[47] Herzog R. Op. cit. С. 80.
[48] Гімлер „аргументаваў“ гэта так: „Калі нейкі беларус ці ўкраінец стварае сваё войска, то нягледзячы на гэта ён жа застаецца рускім (ist er doch trotzdem ein Russe). Уявіце сабе, што прыходзіць да мяне нехта, напрыклад нейкі нямецкі эмігрант з Баварыі ці Бадэна, і кажа, што ён не немец, а толькі баварац ці бадэнец, і змагаецца за свабоду Баварыі ці Бадэна. Гэта ж без сэнсу. Такое нам натварыў толькі гэты дурань Розенберг. Дык вось, паведаміце мне пра колькасць усіх гэтых рускіх“ (Thorwald Jürgen. Wen sie verderben wollen. Bericht des grossen Ver­rats. Stuttgart, 1952. S.409—410).
[49] Зелений З. Цыт. праца. С.173, 267—268.

Наверх

Ігар Клімаў. Кваліфікацыя літаратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі

Снежня 13, 2004 |


Уводзіны

Пытанне аб характары і паходжанні літаратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі (X—XIII ст.) дагэтуль застаецца дыс­ку­­сій­ным і вырашаецца даследчыкамі неадназначна. Яшчэ ў XIX ст. былі выказаныя розныя погляды на гэты конт[1], якія ў XX ст. развіліся ў закончаныя тэорыі. Аднак іх супрацьлегласць нарадзіла працяглую і, магчыма, не заўжды плённую дыс­кусію. Яе ўскладнялі аб’ектыўныя праблемы метадала­гіч­нага і крыніцазнаўчага характару. Апрача таго, у гэтае пытанне было прынесена шмат суб’ектыўных ці проста кан’юнктурных момантаў, якія прывялі да панавання міфаў і спекуляцый.

Мову пісьменства Кіеўскай Русі звычайна называюць старажытнарускай ці нашмат радзей (пераважна іншаземныя аўтары) усходнеславянскай. З XIX ст. расійскія (а ўслед за імі і замежныя) вучоныя называлі гэтую мову проста „рускай“, тэрмін „старажытнаруская мова“ для іх быў толькі больш грувасткім і таму рэдка ўжываным сінонімам. Доўгі час сама­стойнасць беларускай і ўкраінскай моў многімі вучонымі не прызнавалася, а руская мова Расіі лічылася агульнай (ці адзінай) мовай усіх усходніх славян. Зразумела, што такое выкарыстанне вяло да неадназначнасці ва ўспрыманні аб’екта да­следавання, і тэрмін „старажытнаруская мова“ для мно­гіх навукоўцаў пазначаў проста старажытны этап развіцця рускай мовы. На гэта ў сярэдзіне XX ст. звяртаў увагу расійскі мова­знавец Л. Якубінскі:

Карыстаючыся тэрмінам старажытнаруская мова, трэба цвёрда памятаць, што ў гэтым тэрміне слова рускі ўжываецца ў іншым сэнсе, чым мы яго ўжываем цяпер (г. зн. рускі, вялікарускі). У старажытнарускую эпоху не было яшчэ ні рускіх–вялікарусаў, ні ўкраінцаў, ні беларусаў. У тэрміне старажытнаруская мова слова рускі ўтвараецца ад слова Русь, якім называлі сябе і сваю зямлю і продкі ўласна рускіх (вялікаросаў), і продкі ўкраінцаў і беларусаў[2].

З мэтай увідавочніць гэтае палажэнне і графічна пад­крэс­ліць яго далей у працы тэрмін выкарыстоўваецца ў напісанні ст.–руськая, хаця больш адэкватным і карэктным (але, праўда, цяжкаватым) застаецца тэрмін „усходнеславянская мова“.

Мову царкоўна–рэлігійнага пісьменства старажытных Балкан і Русі называюць стараславянскай ці царкоўнаславянскай[3] (так — у французскай і ўсходнеславянскай традыцыі, тады як нямецкая, англа–амерыканская і польская навука называе яе старацаркоўнаславянскай мовай, а балгарскія вучоныя і некаторыя іх нямецкія і польскія калегі — старабалгарскай мовай)[4]. Далей у працы гэтая мова называецца царкоўнаславянскай.

Традыцыйная канцэпцыя (канцэпцыя імпартавання)

Пераважная большасць вучоных у 1–й палове XX ст. лічыла, што першапачатковай літаратурна–пісьмовай мовай усходніх славян была прынесеная з балканскага Поўдня царкоўна­славянская мова, якая паступова ўлягала „абрусенню“ (усходнеславянізацыі) пад уплывам мясцовай гаворкі. Най­больш выразную фармулёўку гэтае гледжанне знайшло ў працах выдатнага расійскага мовазнаўца А. Шахматава[5].

Паводле Шахматава, у пісьменстве Кіеўскай Русі існавала адна мова — царкоўнаславянская, якая была перанесена з Балгарыі як мова царквы і духоўнай асветы. Але на Русі гэтая мова развівалася пад уплывам усходнеславянскіх дыялектаў[6]. Асабліва моцна іх уплыў праяўляўся ў арыгінальным пісьменстве Кіеўскай Русі — летапісах, юрыдычных кодэксах і актах, хаця і яны дэманструюць сваю залежнасць ад царкоўнага пісьменства[7]. Нават узорам старажытнаруськіх (далей ст.–руськіх) былінаў пра кн. Ула­дзі­міра і яго дружыну, на думку Шахматава, маглі служыць творы балгарскай народнай паэзіі пра кн. Святаслава[8].

А. Шахматаў падкрэсліваў, што менавіта царкоўнаславянская мова стала асновай рускай літаратурнай мовы, якая ў сваім лексічным і сінтаксічным складзе і дагэтуль застаецца ў значнай ступені царкоўнаславянскай[9]. Руская літаратурная мова, сцвярджаў ён, з’яўляецца перанесенай на рускую глебу царкоўнаславянскай, якая паступова насыцілася ўсходнеславянскім элементам[10]. Гэтая думка падтрымлівалася і іншымі ўплывовымі славістамі, якія падзялялі высновы А. Шахматава[11], хаця савецкія вучоныя імкнуліся іх абвергнуць[12]. Зразумела, руская літаратурная мова не развівалася непасрэдна ці напрасткі ад эпохі Кіеўскай Русі[13], „стартавай базай“ для яе паслужыла царкоўнаславянская мова Масковіі XVII—XVIII ст., а ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. яна зазнала моцны ўплыў французскай мовы[14], але гэта не перашкаджала расійскім вучоным разглядаць мову Кіеўскай Русі як пачатковы этап рускай літаратурнай мовы.

Традыцыйны погляд вызначаў у пісьменстве Кіеўскай Русі толькі адну мову — царкоўнаславянскую, з усходнеславян­скімі дамешкамі (большымі ці меншымі ў залежнасці ад жанру помніка). Праўда, А. Шахматаў меркаваў, што царкоўна­славянская мова стала размоўнай для эліты (пераважна духавенства) Кіева, што прывяло да ўтварэння размоўнага кайнэ Кіева[15]. Аднак у большасці выпадкаў у гутарцы мясцовага насельніцтва захоўваўся свой дыялект, які, праўда, у слабой ступені адлюстроўваўся ў пісьмовых тэкстах.

Паводле традыцыйнай канцэпцыі ў Кіеўскай Русі існаваў культурны білінгвізм: пісьмовая царкоўнаславянская мова функцыянавала ў пісьменстве, а гутарковая ўсходнеславян­ская — у вуснай галіне, знаходзячы нераўнамернае і ў цэлым слабое адлюстраванне ў пісьмовых помніках. Запазычаная ад балканскіх славян мова ўжывалася ў кніжнай сферы і была пэўным чынам унармавана на ўзор замежнай традыцыі. Асоб­ныя ўсходнеславянскія элементы хаця і рана праніклі ў склад гэтай мовы, былі ў цэлым нязначныя. Апрача відавочных царкоўнаславянізмаў, якія структурна (фанетычна і марфалагічна) адрозніваліся ад усходнеславянскіх элементаў, ва ўсходнеславянскай гутарцы прысутнічала вялізная колькасць элементаў, агульных з царкоўнаславянскай мовай. Паміж дзвюма мовамі існавалі пераходныя сферы дыскурсу, блізкія, верагодна, да вуснай гаворкі — гэта былі юрыдычна–актавыя тэксты, якія адлюстроўвалі гібрыдную, мяшаную мову[16].

Некаторыя погляды А. Шахматава цяпер выглядаюць ана­хра­ністычна, напрыклад, меркаванне пра тое, што царкоўна­славянская мова магла быць гутарковай у той ці іншай страце насельніцтва[17]. Паводле свайго генезісу царкоўнаславянская мова была кніжнай мовай, прызначанай для абслугоўвання хрысціянскага набажэнства і царкоўнага дыскурсу, і ніколі не была гутарковай у ніводнага славянскага народа. Аднак адрозненне паміж паўднёваславянскімі і ўсходнеславянскімі мовамі на той час было нязначнае і закранала толькі асобныя рысы[18].

У цэлым погляды А. Шахматава падзяляліся большасцю вучоных XX ст., як расійскіх, так і замежных (В. Істрын, Л. Шчэбра, М. Дурнаво, А. Ісачанка, А. Сялішчаў, Б. Унбегаўн, Г. Лант, Л. Булахоўскі, М. Трубяцкой, М. Талстой і інш.). Буйны расійскі мовазнавец А. Сабалеўскі таксама згаджаўся, што царкоўнаславянская мова зрабілася літаратурнай мовай Кіеўскай Русі, дзе хаця і набыла ўсходнеславянскія рысы, але за­хоў­вала свае асаблівасці да XVIII ст.[19] Аднак пазней ён лічыў, што ў пісьменстве Кіеўскай Русі склаліся дзве літаратурныя мовы: царкоўнаславянская і ст.–руськая, адносячы да апошняй толькі мову юрыдычна–актавых крыніц — чыста ўсходнеславянскую мову[20]. Падобных поглядаў пазней трымаліся таксама А. Шахматаў і М. Дурнаво[21]. Нечаканае развіццё гэты погляд знайшоў у сярэдзіне XX ст.

Аўтахтонная канцэпцыя

Малапрыкметны, але дастаткова кваліфікаваны мовазнавец С. Абнорскі ў 1934 г. выказаў, а ў 1946 г. паўней абгрунтаваў канцэпцыю пра самабытнасць ст.–руськай мовы[22]. Паводле гэтай канцэпцыі, першая літаратурна–пісьмовая мова Кіеўскай Русі была ўсходнеславянскай мовай, толькі пазней у яе склад былі занесены царкоўнаславянізмы. Гэтая ст.–руськая мова існавала ад самых пачаткаў пісьменства сярод усходніх славян (і нават раней) і доўга функцыянавала паралельна з прынесенай царкоўнаславянскай мовай. Царкоўнаславянскі ўплыў на яе першапачаткова адсутнічаў ці быў мінімальны, і толькі паступова (з XV ст., у час г. зв. 2–га паўднёваславянскага ўплыву) узмацніўся, праўда, аднабакова, галоўным чынам у лексічных і стылістычных адносінах.

На думку С. Абнорскага, апірышчам усходнеславянскага элемента быў Ноўгарад, які не меў трывалых сувязяў з Візантыяй; менавіта з Поўначы ст.–руськая літаратурная мова распаўсюджвалася па Русі, а славянізацыя ішла з Поўдня, з Кіева[23]. Гэтая паўночнаруськая мова, паводле Абнорскага, адрознівалася стылістычнай і сінтаксічнай простасцю і адсутнасцю царкоўнаславянізмаў пры наяўнасці слядоў больш ранніх запазычанняў са скандынаўска–германскага арэалу[24]. Праўда, ужо ў пасляваенны час даследчык адмовіўся ад гіпотэзы пра адпачатныя кантакты Паўночнай Русі з германскім і заходнеславянскім светам. У манаграфіі 1946 г., наадварот, пад­крэслівалася самабытнасць і самастойнасць развіцця ст.–руськай мовы, у якую ў лепшым выпадку пранікалі ізаляваныя, амаль непрыкметныя запазычанні, прычым германскія сярод іх (прысутныя ў мове „Руськай Праўды“) не згадваліся зусім[25].

Паводле аўтахтоннай канцэпцыі, у Кіеўскай Русі існаваў білінгвізм, які праяўляўся ў пісьмова–літаратурных тэкстах, дзе выступалі дзве літаратурныя мовы: ст.–руськая і царкоўнаславянская. Гэты погляд, да якога схіляўся ўжо А. Сабалеўскі, пярэчыў традыцыйным поглядам. Высновы Абнорскага і яго прыхільнікаў былі дыяметральна супрацьлеглыя вы­сновам, да якіх прыходзілі Шахматаў і іншыя вучоныя пры знаёмстве з тымі самымі помнікамі. Асаблівую пікантнасць сітуацыі надаваў той факт, што С. Абнорскі з’яўляўся прызнаным вучнем А. Шахматава[26].

Выказаны ў 1934 г. погляд С. Абнорскага нарадзіў тады цэлую дыскусію, якая, аднак, не трапіла ў друк[27]. Але пасля 2–й сусветнай вайны аўтахтонная канцэпцыя атрымала асабістую ўхвалу І. Сталіна[28] і на пэўны час зрабілася афіцыйнай догмай у савецкім мовазнаўстве. Яна ўвайшла ва ўсе навучальныя пра­грамы і падручнікі па гісторыі рускай літаратурнай мовы, прапагандавалася ў папулярных выданнях і перыядычным друку. Аднак пасля смерці Сталіна „яе аўтарытэт рэзка зменшыўся“, як сарамліва пісалі савецкія аўтары[2], і яна ўжо больш не папулярызавалася[30].

Крыху інакшы погляд на паходжанне літаратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі меў Л. Якубінскі[31], які ў пэўнай ступені прызнаваў вядучую ролю царкоўнаславянскай мовы. Аналізуючы мову варажскіх дамоў з грэкамі X ст., ён прыйшоў да вы­сновы, што царкоўнаславянская мова напачатку выконвала функцыі адміністрацыйнай мовы Русі[32]. Пасля хрысціянізацыі краіны яна зазнала некаторы ўсходнеславянскі ўплыў, што прывяло да стварэння ст.–руськай рэдакцыі царкоўнаславян­скай мовы[33]. Аднак ст.–руськая мова ўзнікла самастойна, як перадача славянскімі літарамі жывой усходнеславянскай гутаркі[34]. Царкоўнаславянская мова саступіла ст.–руськай сваю ролю афіцыйнай мовы[35], і на жывой народнай гутарцы з пачатку XI ст. пісаліся акты і юрыдычныя кодэксы[36], а таксама некаторыя літаратурныя творы (да якіх даследчык аднёс казанне Лукі Жыдзяты, павучанне Ўладзіміра Манамаха і „Слова пра паход Ігаравы“)[37]. На яго думку, „царкоўнаславянская мова ператварылася ў стылістычную разнавіднасць ст.–руськай літаратурнай мовы“[38].

Як можна заўважыць, аўтахтонная канцэпцыя з’яўляецца люстэркавым адбіткам традыцыйнай канцэпцыі: там — напачатку царкоўнаславянская мова, якая паступова насычаецца мясцовым элементам, тады як у Абнорскага — напачатку ўсходнеславянская мова, якая паступова прымае прышлы, чужынны элемент. Аднак тэорыя Абнорскага ў сваёй эмпірычнай і тэарэтычнай базе атрымліваецца слабейшай за традыцыйную. Таму для знаходжання „карэнных рускіх асаблівасцяў рускай у сваім абліччы мовы“[39] ён патрабаваў даследаваць у ст.–руськіх тэкстах перш за ўсё ўсходнеславянскі элемент, паколькі ўвага да царкоўнаславянскіх элементаў, на думку Абнорскага, была перабольшана[40]. Фактычна, гэтым ён заклікаў да маніпуляцыі моўнымі адзінкамі[41].

Зразумела, што ў вачах улады аўтахтонная канцэпцыя мела перавагу над канцэпцыяй імпартавання, паколькі пастулавала наяўнасць ранняй ды развітай дзяржаўнасці і культуры ва ўсходніх славян. З 1930–х г. у працах некаторых савецкіх гісторыкаў і філолагаў (Б. Грэкава, А. Арлова, М. Прыселкава і інш.) сцвярджалася самабытнасць і высокі ўзровень культуры Кіеўскай дзяржавы, яе этнічнае і культурнае адзінства. Аўтахтонная канцэпцыя з лінгвістычнага боку цудоўна абгрунтоўвала гэтыя цверджанні, тады як канцэпцыя імпартавання якраз замінала ім. Традыцыйная канцэпцыя пярэчыла дзяржаўнай ідэалогіі, якая пачала распаўсюджвацца з 1930–х г., а з 1940–х зрабілася афіцыйнай палітыкай, што дасягнула свайго апагею ў кампаніі супраць касмапалітызму.

Прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі сыходзілі з таго, што ў X ст. у Кіеўскай Русі склалася высокая культура пісьменства, заснаваная выключна на мясцовай традыцыі, а ст.–руськая літаратурная мова ўзнікла яшчэ ў дагістарычную эпоху[42]. Таму С. Абнорскі ў сваёй манаграфіі падкрэсліваў архаічнасць мовы помнікаў, абраных ім для разгляду[43], хаця паводле часу стварэння яны адносіліся сама раней да пачатку XI — канца XII ст. Тым не менш, свае пабудовы прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі адносілі ў дагістарычныя часы (VIII—X ст.), ад якіх не дайшло ніякіх пісьмовых звестак і пра якія бракавала пэўных гістарычных дадзеных.

Погляды на паходжанне пісьма ва ўсходніх славян

Аўтахтонная канцэпцыя sua conditio sine qua non мела прыпушчэнне аб раннім развіцці пісьма сярод усходніх славян. Менавіта пры ўмове ранняга старту пісьменства Кіеўскай Русі можна было вытлумачыць аднастайнасць і ўнармаванасць мовы яе першых помнікаў. Знаходкі гнёздаўскага надпісу ў 1949 г. і берастовых грамат у 1951 г., здавалася, падмацоўвалі гэтае прыпушчэнне.

З’яўленне пісьма савецкая навука адносіла ў дадзяржаўную эпоху[44]. Пад час кампаніі па барацьбе з касмапалітызмам у канцы 1940–х — пачатку 1950–х г. улады стымулявалі па­шы­рэнне ў навуковым асяроддзі гіпотэз аб раннім ды сама­быт­ным узнікненні „руськага“ пісьма[45], якія нярэдка падавалі­ся на правах фактаў[46]. Як даводзіў Дз. Ліхачоў, пісьменства ў Кіеў­скай Русі прайшло доўгі час развіцця па–за межамі бага­служ­бовай літаратуры яшчэ да афіцыйнага хрышчэння, так што ў розных рэгіёнах Русі маглі самастойна ўзнікнуць нават роз­ныя сістэмы пісьма[47]. Той самай думкі пра ранняе дахры­сці­ян­скае развіццё ст.–руськага пісьма трымаліся М. Ціхаміраў[48] і П. Чарных[49]. На думку апошняга, глагалічнае пісьмо ўзнікла ў Паўночным Чарномор’і ў выніку развіцця „рыс і рэзаў“ задоўга да Кірылы і Мяфодзія[50]. С. Абнорскі нават дапускаў узнікненне ўсходнеславянскага пісьма ў часы дзяржавы антаў (III—IV ст.)[51], вядомай са згадак антычных гісторыкаў. Праўда, неўзабаве П. Кузняцоў быў вымушаны адмаўляць існаванне самабытнага пісьма ў дахрысціянскія часы[52]. Але і пазней некаторыя аўтары дапускалі стыхійнае складванне нейкага „протапісьма“ ва ўсходніх славян да Мараўскай мі­сіі[53]. Час ад часу рабіліся спробы абгрунтаваць існаванне дахрысціянскіх „протаазбук“ ці ранніх кірылічных азбук[54], што заўжды выклікала скептыцызм у спе­цыя­лістаў[55].

Усе такія „гіпотэзы“ грунтаваліся на няясных і фрагментарных звестках розных гістарычных крыніц, а таксама на сумнеўных ці проста неверагодных інтэрпрэтацыях розных эпіграфічных і археалагічных матэрыялаў, што дапускалі неадназначнае тлумачэнне[56]. Іх аўтары імкнуліся давесці самабытны і арыгінальны характар славянскага (а часта — вы­ключна „рускага“) пісьма, ігнаруючы ўплыў больш развітых культур і адмаўляючы запазычанне ад суседзяў[57].

Між тым, суседнія з Руссю культуры мелі ўсталяваныя сіс­тэмы пісьма: грэцкае пісьмо Візантыі, заходнееўрапейская ла­цін­ка, рунічнае скандынаўскае і рунічнае цюркскае, яўрэйскае пісьмо Хазарыі, а з канца IX ст. — і славянскае ў Балгарыі[58]. Неверагодна, што ў такім атачэнні ўсходнія славяне маглі за­й­­мац­ца вынаходніцтвам ці ўдасканаленнем нейкіх „рыс і рэзаў“ або „протапісьма“, як сцвярджалі прыхільнікі ідэі са­мабыт­на­га паходжання „руськага“ пісьма. Сапраўды, шмат якія народы ў Паў­ночным Прычарнамор’і, не маючы сталага пісь­менства, ужывалі нейкія знакі накшталт рунаў ці рысак. Але гэ­тыя зна­кі выкарыстоўваліся толькі для аказіянальных ці ма­ну­мен­тальных кароткіх надпісаў (родавыя знакі і імёны) на ка­мя­нях, дрэве, кераміцы, цэгле і не маглі развіцца ў сама­быт­нае пісьменства[59]. Ва ўсялякім выпадку, фанетычныя алфа­віты ў свеце пашыраліся практычна заўжды шляхам запазычання[60].

Крытыка аўтахтоннай канцэпцыі і яе карэктывы

Пасля смерці Сталіна ў СССР пачалі раздавацца крытычныя галасы супраць гіпотэзы Абнорскага і ўжытай ім метадалогіі ды аргументацыі[61]. Ужо напачатку 1950–х г. рашуча выступаў супраць яе Б. Ларын[62]. У канцы 1950–х г. з крытыкай беспадстаўных і недарэчных цверджанняў Абнорскага і яго паслядоўнікаў выступіў У. Левін[63]. Тады ж акрэсліў гіпотэзу Абнорскага як кан’юнктурную В. Вінаградаў[64], найбольш уплы­вовая асоба ў савецкім мовазнаўстве[65]. Але толькі ў сваёй пасмяротнай працы ён з усёй пэўнасцю ахарактарызаваў гэтую гіпотэзу як тэндэнцыйную, аднабаковую і антыгістарычную[66]. Выступілі супраць аўтахтоннай канцэпцыі і вучоныя ў замежжы[67]; ці не найбольшы ўнёсак па яе дыскрэдытацыі належыць А. Ісачанку[68].

Прычына недаверу навукоўцаў да гіпотэзы Абнорскага па­ля­гае не толькі ў яе відавочнай кан’юнктурнасці і спрэчнай ар­гументацыі, але таксама і ў тым, што яна спараджае некаторыя супярэчлівасці. Так, калі прыняць ідэю аб самабытнасці ст.–­руськай мовы, то цяжка вытлумачыць, як у слабаразвітым гра­мадстве Кіеўскай Русі, ды яшчэ ў дагістарычныя часы магла самастойна з’явіцца такая складаная і распрацаваная сістэма, як ст.–руськая мова, з яе рознастылёвасцю і шмат­жан­ра­васцю. Адэпты аўтахтоннай канцэпцыі напачатку адводзілі гэ­ты аргумент спасылкамі на ранняе развіццё ў дагі­ста­рыч­ныя часы, аднак усур’ёз прымаць іх цверджанні было немагчыма[69].

Таксама паводле Абнорскага атрымлівалася, што мова Кіеўскай Русі (па меншай меры, яе юрыдычна–актавая сфера) з’яўляецца фіксацыяй усходнеславянскай гаворкі[70]. Але на той час гаворка была звязана з тым ці іншым дыялектам і не магла мець адзінай стабільнай нормы, тады як нават у юрыдычна–актавых помніках якраз назіраецца пэўная ста­біль­насць і слаба праяўляюцца дыялектныя ўплывы[71]. Першыя і самыя раннія помнікі фіксуюць зусім не дыялектнае маўленне[72].

Каб адвесці гэты аргумент, прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі высоўвалі шэраг гіпотэз: 1) ст.–руськая мова склалася на грунце вуснага кайнэ Кіева[73], хаця доказаў яго існавання так і не было прыведзена пасля Шахматава[74]; 2) дыялектная адметнасць ва Ўсходняй Славіі ў IX—XI ст. была нязначная, што неверагодна[75]; 3) наддыялектны характар ст.–руськай літаратурнай мовы, што склаўся ў выніку мяшання дыялектаў[76] (але калі паспела адбыцца такое мяшанне і чаму няма яго адлюстравання ў іншых помніках, апрача кіеўскіх?)[77]; 4) мінімальнасць адрозненняў паміж прышлай мовай і мясцовымі дыялектамі[78], што неверагодна, улічваючы сакральны і штучны характар царкоўнаславянскай мовы[79].

Апрача таго, Абнорскага дакаралі ў аднабаковым і тэндэнцыйным падборы моўнага матэрыялу, да таго ж вельмі сціп­лага і непаказальнага[80]. Пры аналізе ст.–руськай мовы ён звярнуўся ўсяго да 4 помнікаў: „Малення“ Данілы Заточніка“ (спісы XVI ст. і пераважна XVII ст.), „Слова пра паход Ігаравы“ (паводле спіса прыкладна XVI ст.), „Павучання Ўладзіміра Манамаха“ (спіс з Лаўрэнцьевага летапісу 1377 г.) і „Руськай праўды“ (спіс у складзе Наўгародскай кормчай 1282 г.)[81]. Аднак сваю гіпотэзу ён пабудаваў галоўным чынам на аналізе „Руськай праўды“ — найбольш старажытнага твора, у мове якога тым не менш прысутнічалі царкоўнаславянскія элементы[82]. Гэта не перашкодзіла яму зрабіць выснову, што помнік мае ўсходнеславянскую аснову, на якую наклаліся царкоўна­славянізмы, абвешчаныя пазнейшымі ўстаўкамі перапісчыкаў[83]. Праўда, усе іншыя помнікі, прыцягнутыя да разгляду С. Абнорскім, дэманстравалі яшчэ большую прысутнасць царкоўнаславянізмаў, што даследчык тлумачыў жанравай спецыфікай ды нагрувашчаннем пазнейшых эпох[84].

Тым не менш, прыцягненне разнастайных помнікаў пры­му­сіла Абнорскага і яго паслядоўнікаў казаць ужо не аб ад­сут­­нас­ці царкоўнаславянскага ўплыву, а аб тым, што „доля цар­коў­­­наславянскага ўздзеяння… вагаецца ў залежнасці ад пом­ні­ка“[85]. Такім чынам, першапачатковы тэзіс пра са­ма­стойнасць і самабытнасць ст.–руськай мовы быў пакрысе скарэктаваны.

У паслясталінскія часы высновы Абнорскага былі кваліфікаваныя як занадта катэгарычныя і не заўжды абгрунтаваныя, хаця і правільныя ў сваёй існасці[86]. Толькі асобныя з прыхільні­каў Абнорскага захоўвалі вернасць усім яго палажэнням[87]. Асабліва пікантна выглядалі іх аповеды пра дахрысціянскае ўзнікненне пісьменства на Русі[88]. Але прыхільнікі традыцыйнай канцэпцыі атрымалі магчымасць выказваць і абгрунтоўваць свае погляды ў СССР[89], хаця іх ганілі як памылковыя і фантастычныя, не абгрунтаваныя фактычным матэрыялам[90]. У сувязі з гэтым крытыку зазнаў нават А. Шахматаў[91].

Аднак аўтахтонная канцэпцыя захавалася ў сваёй аснове: у пісьменстве Кіеўскай Русі існавалі дзве літаратурныя мовы — цар­коўнаславянская і ст.–руськая, а ў вуснай сферы — яшчэ і дыя­лектная ўсходнеславянская гаворка[92]. Такім чынам, у Кіеў­­скай Русі фактычна было прызнана існаванне ў адну эпоху цэлых трох і нават больш моў[93]! Гэты погляд зрабіўся ў са­вец­кім мовазнаўстве аксіёмай і, падтрыманы ўладай, увайшоў ва ўсе падручнікі і навучальныя праграмы, стаў абавязковым для ўкраін­­­­скіх[94] і беларускіх[95] мовазнаўцаў, а таксама для славістаў у „братніх краінах сацыялізму“[96]. Расійскім вучоным у ста­­ліцах дазвалялася падтрымліваць альтэрнатыўныя ідэі ці аспрэч­ваць некаторыя палажэнні афіцыйнай канцэпцыі, але для „малодшых братоў“ на перыферыі гэта было амаль немагчыма.

Калі з царкоўнаславянскай мовай і ўсходнеславянскімі дыялектамі ніякіх тэарэтычных праблем не было, то генезіс і функцыянаванне ст.–руськай мовы выклікалі шмат пытанняў. Па–першае, няяснай заставалася структура гэтай мовы: наколькі значнымі былі ў ёй дамешкі царкоўнаславянізмаў і якімі граматычнымі, лексічнымі і сінтаксічнымі рысамі яна адрознівалася ад царкоўнаславянскай[97]? Многія такія рысы, што лічыліся спецыфічна ст.–руськімі, прысутнічалі і ў царкоўна­славянскай мове. Па–другое, як размяжоўваліся функцыі паміж дзвюма пісьмовымі мовамі, калі яны былі „блізкароднасныя, але самастойныя мовы“[98]? Па–трэцяе, няясны быў склад помнікаў ст.–руськай мовы: розныя аўтары налічвалі розную колькасць тэкстаў. Як вынік, ст.–руськая мова або пашыралася на ўсё пісьменства Кіеўскай Русі[99] ці на ўсё арыгінальнае і перакладное пісьменства[100], або зводзілася да некалькіх помнікаў (мастацкія творы з моцным фальклорным струменем — перш за ўсё „Слова пра паход Ігаравы“, ня­гле­дзячы на значную прысутнасць у ім царкоўнаславянізмаў, — летапісы, павучанне Ўладзіміра Манамаха, маленне Да­нілы Заточніка, некаторыя казанні)[101]. Спрэчным застава­ла­ся аднясенне сюды юрыдычна–актавых тэкстаў: адны са­вец­кія даследчыкі выводзілі іх за межы літаратуры (і разгляда­лі як „дзелавое“ пісь­менства)[102], тады як іншыя, наадварот, лі­чы­лі ці не самымі яскравымі ўзорамі ст.–руськай мовы[103], ад­носячы да іх таксама берастовыя граматы[104]. Па–чацвёртае, няясныя былі суадносі­ны гэтай мовы з жывой гутаркай. Напачатку савецкія мовазнаўцы спрабавалі атаясамліваць ст.–руськую пісьмовую мову з тагачаснай жывой гаворкай, але пазней, наадварот, адзначалі дыстанцыю паміж імі і нават падкрэслівалі штучнасць пісьмовай мовы ды яе наддыялектны характар[105]. Для развязання ўсіх гэтых супярэчлівасцяў было прапанавана некалькі тэорый.

Кампрамісныя тэорыі

Аўтахтонная канцэпцыя ў сваіх крайнасцях пярэчыла здароваму сэнсу многіх мовазнаўцаў. Але ўласны патрыятызм шмат якім расійскім даследчыкам замінаў прызнаць чужынную мову сродкам пісьмовай камунікацыі Кіеўскай Русі. Прапанаваныя імі кампрамісныя тэорыі так ці інакш спалучалі або мірылі абедзве канцыпцыі. Найбольш вядомымі з іх сталі тэорыя „тыпаў мовы“ В. Вінаградава, „стылёвая“ тэорыя, распрацаваная Р. Вінакурам, а потым А. Яфімавым, тэорыя ды­гласіі Б. Успенскага, значна меншую вядомасць атрымала ідэя гібрыднай мовы Б. Ларына. Папулярнасць той ці іншай тэорыі вызначалася не столькі яе эўрыстычнымі вартасцямі, колькі ўплывовасцю яе стваральніка ды шматлікасцю яго школы.

В. Вінаградаў лічыў, што ў Кіеўскай Русі існавала адна мова, але стылістычна (функцыянальна) дыферэнцаваная на 2 тыпы: кніжна–пісьмовы і народна–паэтычны, што былі замацаваныя за пэўнымі жанрамі ці тэмамі[106]. Адны тэксты (або жанры) адлюстроўвалі выключна кніжна–пісьмовы тып, тады як іншыя — амаль чысты народна–паэтычны. Паміж імі існавала шмат прамежкавых тэкстаў (жанраў), напрыклад, лета­пі­­сы, дзе гэтыя тыпы змешваліся і нават стваралі „цераспало­сі­цу“ стыляў альбо „прамежкавых родаў гутаркі“ (ці „разнавід­насцяў“), у залежнасці ад змены аб’екта ці тэмы апавядання[107]. Гэта не былі стылі адной мовы, паколькі яны мелі свае сферы ўжытку і не ўкладваліся ў адзіную моўную структуру, але і не асобныя мовы, паколькі ім была ўласціва значная лексічная, граматычная і семантычная еднасць і яны выступалі ў адным творы ці нават сказе[108]. Гэта была „складаная сістэма мовы“ ці „дзве разнавіднасці мовы“.

Як можна меркаваць, гэтыя два тыпы склаліся ў залежнасці ад памеру царкоўнаславянскіх уплываў[109]. Кніжна–пісь­мовы тып у Вінаградава раўназначны царкоўнаславянскай мове, насычанай усходнеславянскім элементам у ст.–руськіх аўтараў[110]. Уласна царкоўнаславянская мова для яго была абмежавана богаслужбовай і кананічнай літаратурай. Народна–паэтычны тып з’яўляецца ў Вінаградава літаратурнай апрацоўкай гутарковай усходнеславянскай мовы, адлюстраванай у фальклоры і вуснай традыцыі[111]. Гэты тып быў прадстаўлены, паводле Вінаградава, фактычна толькі адным помнікам: „Словам пра паход Ігаравы“; астатнія прыклады прыпадалі на фрагменты і выразы ў летапісах і некаторых іншых арыгінальных творах Кіеўскай Русі[112]. Паміж гэтымі тыпамі ўвесь час існавалі паліятывы — „прамежкавыя роды гутаркі“, да якіх уласна і належалі астатнія творы.

Погляды Вінаградава на мову пісьменства Кіеўскай Русі былі непаслядоўныя[113]. Яшчэ ў 1938 г. ён трымаўся думкі А. Шахматава і лічыў літаратурнай мовай Кіеўскай Русі царкоўнаславянскую[114], а погляды Абнорскага тады ж характарызаваў як кан’юнктурныя[115]. Нават у пасляваенны час Вінаградаў казаў толькі пра адлюстраванне вуснай гутарковай традыцыі ці стыхіі ў мове ст.–руськіх помнікаў[116]. У сваіх пазнейшых працах ён то прызнаваў існаванне дзвюх моў у Кіеўскай Ру­сі — царкоўнаславянскай (у літургічных і кананічных тэкстах) і ст.–руськай[117], то вёў гаворку пра два тыпы толькі ўнутры апошняй мовы, лічачы царкоўнаславянскую мову толькі „адной з разнавіднасцяў“ ст.–руськай мовы[118]. Услед за В. Віна­градавым і іншыя вучоныя пачалі лічыць царкоўнаславян­скую мову стылістычнай разнавіднасцю ст.–руськай мовы[119]. Аднак некаторыя вучоныя выступілі супраць такога залучэння царкоўнаславянскай мовы ў склад ст.–руськай[120]. Пазней Л. Жукоўская ўсур’ёз спрабавала давесці, што царкоўнасла­вян­скія тэксты Евангелля адносяцца да ліку помнікаў ст.–русь­кай мовы[121], але гэта не знайшло падтрымкі нават у пры­хіль­нікаў аўтахтоннай канцэпцыі[122]. Урэшце, было прапанавана разглядаць два тыпы Вінаградава як два варыянты цар­коў­наславянскай мовы[123].

В. Вінаградаў апераваў нейкімі слабаўцямнымі „тыпамі мовы“, але паняцце тыпу ў яго было нагэтулькі няпэўнае, што магло аб’ядноўваць царкоўнаславянскую мову Евангелля і мову царкоўнага казання (напрыклад, „Слова пра закон і дабрадаць“ мітрапаліта Іларыёна, у якім прысутнічае слабы ўсход­­не­славянскі элемент). Вінаградаўскі паслядоўнік А. Гарш­коў, які спрабаваў самастойна разабрацца ў гэтых двух тыпах мо­вы, не мог прыдумаць нічога лепшага за „дзве асобныя (ха­ця і падобныя) структуры, што наблізіліся і ўзаема­дзей­ні­чаюць паміж сабой“[124]. Урэшце, тэорыя Вінаградава была раскрытыкаваная ў замежжы і СССР як няясная, супярэчлівая і неабгрунтаваная[125], хаця ў 1960—70–я г. яе пад­трымлівалі некаторыя вучоныя[126]. Напэўна, адчуваючы слабасць сваіх пабудоў, вучоны ў апошняй сваёй працы ўжо не згадваў пра „два тыпы“[127]. Першапачаткова Вінаградаў казаў пра тры тыпы пісьмовай мовы Кіеўскай Русі: царкоўна–рэлі­гій­ны, літаратурна–мастацкі, актава–юрыдычны. Першы тып быў заснаваны на царкоўнаславянскай стыхіі, апошні на ўсходнеславян­скай, а сярэдні ўяўляў сабой іх сумяшчэнне[128]. Пры стварэнні сваёй тэорыі Вінаградаў пакінуў два першыя тыпы, а трэці проста выдаліў за межы літаратурна–пісьмовай мовы[129], „вярнуўшы“ яго назад толькі ў мову Масковіі XVII ст.[130]

На самай справе, тэорыя Вінаградава была толькі трансфармацыяй „стылёвай“ тэорыі, выкладзенай яшчэ ў даваенны час Р. Вінакурам і развітай потым А. Яфімавым. Вінакур вылучыў у пісьменстве Кіеўскай Русі тры стылі: царкоўна–кніжны, „дзелавы“ і літаратурны, адпаведна тром асноўным групам помнікаў — царкоўным, юрыдычна–актавым і літаратурным[131]. Далейшае развіццё гэты погляд знайшоў у А. Яфімава, які атаясаміў стылі з жанрам. У пісьменстве Кіеўскай Русі ён вылучаў столькі стыляў, колькі было вядома жанраў ці відаў дыскурсу, не прамінаючы акты і кодэксы (дакументальна–юрыдычны стыль) і берастовыя граматы (эпісталярны стыль)[132]. Гэтыя стылі былі аб’яднаныя ў дзве буйныя групы: свецкія і царкоўна–літаратурныя[133], апрача таго існавалі рознастылёвыя, мяшаныя творы (напрыклад, павучанне Манамаха). Усе стылі ўтваралі адзіную літаратурна–пісьмовую мову Кіеўскай Русі[134]. Погляды Яфімава былі крытыкаваныя за механічнасць і супярэчлівасці[135], таксама як і сама ідэя „трох стыляў“[136]. Гэтая ідэя відавочна была перанятая з „трох штыляў“ М. Ламаносава[137]; сам Р. Вінакур характарызаваў тры вылучаныя ім стылі як „высокі, урачысты“, „нізкі, побытавы“ і „сярэдні“[138]. Як і ў Ламаносава, розніца паміж стылямі залежала ад долі царкоўнаславянізмаў[139]. Тым не менш, „стылёвая“ тэорыя знайшла падтрымку многіх вучоных[140] і зрабілася даволі папулярнай[141]. Яна стварала ўражанне, што моўная неаднастайнасць ст.–руськіх помнікаў мае навуковае тлумачэнне і знойдзены нейкі ключ, які дазваляе аб’яднаць у адно мову і літургічных тэкстаў, і грамат. Гэтая тэорыя была зручная і тым, што сцвярджала існаванне ў Кіеўскай Русі адной літаратурна–пісьмовай мовы[142].

Фактычна, канцэпцыя Вінаградава апісвае культурны білінгвізм („суадносіны дзвюх гутарковых стыхіяў“) своеасаблівага тыпу, які праяўляўся ў жанрава–стылёвай сферы: адна мова функцыянавала пераважна ў кніжна–пісьмовай сферы, другая — у народна–паэтычнай. Таму заканамерным развіццём гэтай канцэпцыі стала дыгласійная тэорыя Б. Успен­скага[143].

Тэорыя, распрацаваная Б. Успенскім у 1980–я гг.[144], зыхо­дзіць з таго, што ў Кіеўскай Русі існаваў білінгвізм спецы­фіч­на­га тыпу — дыгласія, пры якой царкоўнаславянская мова і ўсход­неславянская гутарка былі функцыянальна размежаваныя. Царкоўнаславянская мова функцыянавала ў прэстыжных, „высокіх“ жанрах (імі былі кніжныя сферы), а ўсходне­сла­вянская — у непрэстыжных, „нізкіх“ (вусныя і актава–юры­дычныя). Члены моўнага калектыву ўспрымалі гэтыя мо­вы як адзіную мову, якая рэалізавалася ў дзвюх формах: кніж­най і някніжнай (пераважна вуснай). Тэорыя Ўспенскага бы­ла пад­трымана некаторымі вучонымі[145], пераважна на За­ха­дзе[146], але ў многіх яна выклікала крытыку[147]. У СССР нават рыхтаваўся пагром гэтай тэорыі як непатрыятычнай, паколькі яна, на думку крытыкаў, не толькі адмаўляла функцыянаванне ст.–руськай мовы ў пісьмова–літаратурнай сферы і ўздымала ролю царкоўнаславянскай мовы, але і абгрунтоўвала немагчымасць узнікнення літаратурна–пісьмовай мовы на грунце мясцовай гаворкі ўсходніх славян[148].

Паводле Ўспенскага, у Кіеўскай Русі было дзве літаратурна–пісьмовыя мовы, паміж якімі адбывалася пераключэнне, у залежнасці ад змены камунікацыйных установак (тэматыкі вы­каз­вання) карыстальніка[149]. Выбар таго ці іншага элемента быў аб­умоў­лены ўстаноўкамі карыстальніка: калі ён захоча, то „мо­жа карыстацца (у той ці іншай ступені) рус<кімі> формамі“[150]. Але не ва ўсіх выпадках (і такіх выпадкаў больш) гэтыя ўстаноўкі можна было вызначыць і не заўсёды яны самі праяўля­ліся. Тады даследчыку нічога не заставалася, як падзяляць тэксты паводле іх жанравай характарыстыкі[151]. Такім чынам, дыгласійная тэорыя Ўспенскага апісвала толькі характар пераключэння кодаў (якое магло адбывацца нават у адным сказе)[152] і прыроду чаргавання гэтых кодаў, але яшчэ не вызначала характар самой ст.–руськай мовы. Лепшыя ілюстрацыі такіх пераключэнняў і чаргаванняў былі ўзятыя аўтарам з тэкстаў XVI—XVII ст., калі ўжо адрозненне ўсходнеславянскіх і царкоўнаславянскіх элементаў усведамлялася і лёгка кантралявалася пісцамі.

Дыгласійная тэорыя таксама не магла вытлумачыць, чаму ад­ны сферы камунікацыі належаць да „высокіх“, а іншыя да „ніз­кіх“. К.–Д. Зееман тлумачыў гэта тым, што сферы права, су­да, гандлю і канцылярыі фіксавалі вусныя акты мовы, тады як лі­таратура, асабліва тая, што ішла з Візантыі (перакладная), не была звязаная непасрэдна з фіксацыяй вусных формаў[153]. Та­му актавае пісьменства адлюстроўвала вусную гаворку, ха­ця і не было непасрэднай гутарковай імправізацыяй; у ім былі фор­мулы, але не было нарматываў, уласцівых кніж­наму пісь­мен­ству. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што вусная мова права ўсход­ніх славян склалася задоўга да прыняцця імі хрысціянства.

Тэорыя Ўспенскага мела шумлівы поспех (праўда, хутчэй дзякуючы выключнай эрудыцыі аўтара і бліскучаму выкладу яго поглядаў), у 1980–я г. яна трыумфавала па славістычных кафедрах Еўропы і крыху спакайней — СССР, аднак у 1990–я г. надышло больш спакойнае і нават крытычнае стаўленне да яе[154]. Канцэпцыя дыгласіі ўвогуле нічога не тлумачыла і не вырашала. Фактычна, яна апісвала размеркаванне сфераў ужытку гутарковай і пісьмовай моў, але такое размеркаванне ўласціва і сучаснай мове. Больш за тое, наяўнасць тэкстаў з мя­шанай мовай здольна паставіць пад сумнеў само існаванне дыгласіі[155]. Хаця сам аўтар і не адмовіўся ад сваёй тэорыі, але ў артыкуле 1995 г. ён ніводнага разу не згадаў пра ды­гла­сію[156]. У гэтым артыкуле ён вёў гаворку пра гібрыдную царкоўнаславянскую мову, на якой была напісана асноўная маса арыгінальных тэкстаў Кіеўскай Русі, а таксама стандартную царкоўнаславянскую мову. У свядомасці носьбітаў ст.–руськая мова (якая ў аўтара перацякае ў рускую) і царкоўнаславянская выступалі як два рэгістры адзінай сістэмы, што ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго. Фактычна, гэта азначала вяртанне да поглядаў Б. Ларына і да тэрміналагічных паліятываў У. Вінаградава.

Б. Ларын лічыў ст.–руськую мову мяшанай, гібрыднай, у якой спалучаліся паўднёва– і ўсходнеславянскія элементы: у адных жанрах ці помніках пераважалі першыя, у іншых — апошнія[157]. На яго погляд, мяшанне адбывалася немінуча, паколькі ўсходнія славяне не маглі ў масе дасканала авалодаць прынесенай мовай. Пры гэтым некаторыя асобныя царкоўнаславянізмы маглі пранікнуць у жывое маўленне раней, чым у пісьменства[158]. Ён падкрэсліваў, што ў граматах і судовых кодэксах ніколі не існавала чыста ўсходнеславянскай стыхіі без царкоўнаславянскіх дамешкаў[159]. Разам з тым, і ў царкоўных помніках толькі зрэдку адсутнічалі ўсходнеславянскія элементы[160]. Такім чынам, ст.–руськая мова была ўтварэннем, сярэднім паміж царкоўнаславянскай мовай і ўсходнеславян­скай гаворкай. Ідэя гібрыднай мовы (у тэрмінах таго часу — амагальмнай), у якой царкоўнаславянскія і ўсходнеславян­скія элементы суадносіліся ў залежнасці ад жанру помніка, раней выказвалася Р. Вінакурам[161].

Затуханне і плён дыскусій

У выніку зацятай дыскусіі пытанне аб кваліфікацыі мовы Кіеўскай Русі заблыталася канчаткова[162]. Адны аўтары пачалі эклектычна спалучаць кампрамісныя тэорыі[163], тады як іншыя спрабавалі наогул скасаваць пытанне, абвясціўшы існаванне ў Кіеўскай Русі агульнаславянскай мовы, адзінай для паўднёвых і ўсходніх славян[164], што сустрэла крытыку[165]. З разбурэннем СССР пачало здавацца, што гэтае пытанне страціла сваю актуальнасць.

Абедзве канцэпцыі шукалі (і знаходзілі) свае аргументы ў тэк­стах, часта аднолькавых. У ст.–руськіх помніках даследчы­кі знаходзілі і царкоўнаславянскія, і ўсходнеславянскія элемен­ты, якія камбінаваліся па–рознаму ў залежнасці ад жанру пом­ніка і камунікацыі (дыскурсійнай тэхнікі). Гэта сведчыць як пра заганы метадалогіі даследчыкаў, так і пра моўную неадна­роднасць ст.–руськіх помнікаў. З аднаго боку, у Кіеўскай Русі іс­навалі жанры і творы, што вызначаліся выключна чыстай цар­коўнаславянскай мовай ці наадварот, шырокай усходнесла­вянскай стыхіяй і мінімальнай колькасцю царкоўнаславянізмаў, з другога, вядома шмат твораў прамежкавага, палія­тыў­на­га характару. Але сапраўдныя суадносіны адных і другіх эле­ментаў вывучаліся ў лепшым выпадку на прыкладзе асобных помнікаў, да таго ж часта на падставе выбарак ці фрагмен­таў.

Зразумела, што пабудаваныя на такім нязначным матэрыяле тэорыі насілі спекуляцыйны ці схематычны характар[166]. Гэта хутчэй меркаванні, часта аздобленыя суб’ектыўнымі інтэрпрэтацыямі, чым пагрунтаваныя на практычных доследах высновы[167]. Толькі ў 1990–я г. з’явілася сістэмнае даследаванне, якое абапіралася на статыстычны ўлік дадзеных ужо значнай колькасці помнікаў Кіеўскай Русі, як арыгінальных, так і перакладных, перапісаных з паўднёваславянскіх арыгіналаў у розных рэгіёнах[168], хаця колькасць і жанравая разна­стайнасць помнікаў і тут далёка не вычарпальныя[169]. Праўда, папярэднія даследчыкі, што браліся пацвердзіць ці абвергнуць высновы Абнорскага, прыцягвалі значна менш матэрыялу: М. Мяшчэрскі аналізаваў 16 помнікаў, А. Яфімаў — 18, Б. Ларын — 23, А. Кавалеўская — 32, А. Гаршкоў — 55[170].

Яшчэ А. Гаршкоў спрабаваў з дапамогай лінгвістычнага крытэрыю вызначыць адрозненне паміж царкоўнаславянскай мовай і „народнай усходнеславянскай мовай“ (разумеючы пад ёй і дыялект, і мову пісьменства Кіеўскай Русі). Ён прыйшоў да высновы, што фанетычныя, марфалагічныя, слова­ўтваральныя і сінтаксічныя адрозненні паміж імі адсутнічаюць ці вельмі слабыя[171]. Адзіным магчымым крытэрыем магла б служыць лексіка, але яе галоўная частка з’яўляецца агульнай для дзвюх моў, а размежаванне адрознай лексікі не дастаткова выразнае[172]. На працягу XX ст. рабіліся спробы вызначыць уласна ўсходнеславянскую лексіку ў ст.–руськіх помніках, аднак іх вынік (далёка не бясспрэчны) не пераўзыходзіць сотні слоў[173], тады як агульная і ўласна царкоўнаславянская лексіка налічвае дзесяткі тысяч слоў. Таму Гаршкоў прапаноўваў вызначаць ст.–руськія помнікі паводле семантыкі і экспрэсіі іх лексікі, сінтаксічных асаблівасцяў і нават мастацка–выяўленчых прыёмаў (г. зн. дыскурсійных структур)[174]. У сувязі з гэтым ён патрабаваў усё больш тонкіх і глыбокіх доследаў, якія нібы толькі і здольныя вырашыць пытанне, без звяртання да генетычных (фармальных) параметраў[175]. Якраз такія параметры неаспрэчана сведчылі, што аснова царкоўнаславянскай мовы і мовы пісьменства Кіеў­скай Русі — аднолькавая[176]. Праўда, насуперак логіцы А. Гарш­коў лічыў яе… „рускай“, паколькі, маўляў, стваральнікамі тэкстаў і іх карыстальнікамі былі „рускія“ кніжнікі[177]. Такой тэр­міналагічнай эквілібрыстыкай вучоны спрабаваў вырашыць заблытанае пытанне.

Заключэнне

Пытанне аб паходжанні літаратурна–пісьмовай мовы Кіеў­скай Русі доўгі час насіла акадэмічны характар. Аднак на пачатку 1930–х г. у СССР яно было штучна раздзьмутае зусім не па навуковых прычынах. На замову ўлады (калі не прамымі інспірацыямі Сталіна) і ўзнікла аўтахтонная канцэпцыя, якая ў пасляваенны час здабыла поўную падтрымку савецкага кіраўніцтва[178]. Умяшанне ўлады не толькі справакавала пра­цяг­лую дыскусію, але і ператварыла акадэмічнае пытанне ў па­літычнае. Гэта ўскладніла вырашэнне ўсяго пытання ў пас­ля­сталінскія часы, калі недарэчнасці аўтахтоннай канцэпцыі ўжо маглі публічна крытыкавацца. Быў створаны шэраг скла­да­ных і ўвогуле неадэкватных тэорый з мэтай захаваць сутнасць канцэпцыі і прыстасаваць яе да новых фактаў і поглядаў, знайсці кампраміс паміж навукай і дзяржаўнай ідэалогіяй.

І справа тут была ўжо не ў сервілізме савецкіх мовазнаўцаў. Многія з іх шчыра падзялялі аўтахтонную канцэпцыю ці яе мадыфікацыі, паколькі гэта адпавядала іх патрыятычным пачуццям. Для многіх расійскіх аўтараў сама думка, быццам мова „вялікага і магутнага“ народа можа грунтавацца на нярускай, чужыннай аснове, здавалася хлуслівай ці непраўдападобнай[179]. Яны не маглі згадзіцца з тым, што духоўныя каштоўнасці іх народа могуць быць створаныя на чужой, прынесенай мове. Падобны падыход на самай справе з’яўляецца ненавуковым і антыгістарычным, паколькі гісторыя якраз сведчыць, што мовы больш развітых культур абслугоўвалі, нягле­дзячы на сваю чужыннасць, камунікацыю менш развітых (пры­клады, пачынаючы ад Вавілоніі да эпохі Рамантызму, добра вядомыя, каб іх прыводзіць). Аўтахтонная канцэпцыя якраз і была пакліканая абвергнуць гэта і абгрунтаваць з лінгвістычнага боку самабытнасць ды высокі ўзровень развіцця ўсходніх славян у старажытнасці.

Недахоп Абнорскага быў у тым, што ён, імкнучыся распаўсюдзіць сваю гіпотэзу на ўсё пісьменства Кіеўскай Русі, абапёрся толькі на ўсходнеславянскія элементы. Улік толькі гэтых элементаў абмяжоўваў „ст.–руськую мову“ некалькімі юрыдычна–актавымі помнікамі[180]. Сапраўды, менавіта ў та­кім аб’ёме помнікаў, на такой тэкставай базе (вельмі нешматлікай) і можа быць прызнана існаванне ст.–руськай мовы[181]. Гэтак разумелі яе А. Шахматаў, А. Сабалеўскі і шмат іншых вучоных[182]. Але ў такім выпадку адпадае неабходнасць у са­мім тэрміне „ст.–руськая мова“, паколькі для гэтага лінгвоніма не знаходзіцца этноніма (ніякіх „старажытных русаў“ не існавала[183], былі толькі ўсходнія славяне) і з большым правам яго замяняе тэрмін „усходнеславянская мова“. Гаворку можа весці пра ст.–руськую літаратуру ці кніжнасць, але не пра мову[184]. Для большасці расійскіх вучоных гэта здавалася нонсэнсам ці парадоксам[185]. Яны не маглі перамагчы ўласнага па­трыятызму і адмовіцца ад традыцыйнага тэрміна, з якім былі звязаныя ўяўленні пра былую веліч іх дзяржавы[186].

Здавён расійскае імперскае гледжанне разглядала Кіеў­скую Русь як пачатковы этап расійскай імперскай дзяржаўнасці. Адпаведна гэтаму яе мова ўважалася расійскімі вучонымі XIX ст. за пачатковы этап амаль выключна рускай літаратурнай мовы. Гэты погляд у цэлым быў акцэптаваны ў 1930–я г. і савецкай ідэалогіяй, хаця і з дамешкам інакшага разумення этнічнай ды моўнай гісторыі ўсходніх славян, а менавіта як супольнасці / спадчыны трох усходнеславянскіх народаў. Праўда, такое разуменне арыентавалася хутчэй на навукоўцаў УССР і БССР і было неабавязковае для расійскіх вучоных. І сапраўды, імпліцытна расійскае мовазнаўства на працягу ўсяго XX ст. лічыла ст.–руськую мову пачатковым этапам рускай мовы. Ва ўяўленні некаторых расійскіх вучоных Кіеўскую Русь наогул насяляў адзіны „рускі“ народ, а ўкраінцы і беларусы з’яўляліся толькі недзе з XIV ст., прычым са складу „рускага“ народа[187]. У такім выпадку тэрмін „ст.–руськая мова“ аўтаматычна станавіўся запатрабаваным як назва пачатковага этапу рускай мовы.

Таму гіпотэза Абнорскага была раскрытыкаваная савец­кімі аўтарамі не за сваю ненавуковасць, а за тое, што абапіралася толькі на ўсходнеславянскія элементы[188]. Да ст.–руськай мовы трэба было далучыць не толькі некалькі юрыдычна–актавых крыніц, але — і галоўным чынам — усё велізарнае пісьменства Кіеўскай Русі. Менавіта на гэта і былі арыентаваныя ўсе карэктывы аўтахтоннай канцэпцыі і кампраміс­ныя тэорыі, што паўсталі ў 2–й палове XX ст. Усе яны так ці інакш спрабавалі звязаць гэтае багатае пісьменства з рускай мовай і крытыкавалі гіпотэзу Абнорскага хутчэй у дэталях, чым па сутнасці[189]. У выніку, да ліку ст.–руськіх помнікаў пры­лучалі­ся ці не ўсе тэксты ўсходнеславянскага паходжання, напісаныя кірыліцай — усіх іх можна было прызнаваць варыянтамі адной мовы, яе тыпамі ці стылямі[190].

Сама шматлікасць ды складанасць прапанаваных карэктываў і тэорый ужо сведчыць пра іх неадэкватнасць. Да таго ж большасць аўтараў грунтавалася на матэрыяле параўнальна невялікага кола помнікаў, імкнучыся ахарактарызаваць не столькі мову помніка цалкам, колькі паказаць усходнеславянскі элемент у ім, прычым часта абмяжоўваючыся фрагментамі ці прыкладамі. У выніку ўзнікала карціна, што пад­пірала хутчэй ідэі даследчыка, чым адлюстроўвала моўную рэальнасць. Тым не менш, з дапамогай такіх „доследаў“ і „прац“ абгрунтоўваліся „навуковыя“ ідэі палітычна–прапагандысцкай накіраванасці і граміліся няўгодныя навуковыя канцэпцыі, як гэта было, напрыклад, з тэорыяй Б. Успенскага[191].

Насамрэч можна казаць пра існаванне толькі адной лі­таратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі — царкоўнасла­вян­скай[192]. У некаторых творах і жанрах у яе складзе прысут­нічалі ўсходнеславянскія элементы, ці то як вынік памылак, ці то як арганічны складнік тагачаснай нормы, ці то як адлю­страванне народнай гутарковай стыхіі, аднак ва ўсіх вы­пад­ках яны былі нязначныя, каб даць пачатак іншай мове[193]. Гэта быў хутчэй усходнеславянскі (ці ст.–руські) варыянт (інакш — рэдакцыя) царкоўнаславянскай мовы. Пры жадан­­ні, у яго складзе можна вылучаць народна–побытавыя ці эпіч­на–паэтычныя шыхты або плыні (аднак здаецца, што называць іх стылямі метадалагічна хібна, паколькі ў сучаснасці немагчыма адчуваць стылістычную афарбоўку старажытных тэкстаў, а стылеўтваральныя маркеры іх мовы практычна не вывучаныя).

Тым не менш, асобная мова ўзнікла ў Кіеўскай Русі — гэта мо­ва юрыдычна–актавага пісьменства, заснаваная на ранейшай вуснай традыцыі права ўсходніх славян, але не без цар­коў­наславянскага ўплыву. Гэтая мова не выкарыстоўвалася для стварэння літаратурных твораў, таму можна спрачацца, ці лі­чыць яе літаратурнай мовай. У любым выпадку гэтая мова ме­ла абмежаваны і даволі дакладна акрэслены ўжытак; мена­ві­та яна і стала падмуркам для канцылярскай мовы ВКЛ з XIV ст.


[1] Гл.: Виноградов В. В. Основные проблемы изучения образования и развития древнерусского литературного языка. Москва, 1958. (IV Международный съезд славистов: Доклады.) С. 4—6 (перадрук: Исследования по славянскому языкознанию. Москва, 1961. С. 4—113; Виноградов В. В. Избранные труды: История русского литературного языка. Москва, 1978. С. 65—151). У дэталях гісторыю пытання гл.: Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском и древнерусском литературном языке // Древнерусский литературный язык в его отношении к старославянскому. Москва, 1987. С. 7—29, гл. асабліва с. 12—27.
[2] Якубинский Л. П. История древнерусского языка. Москва, 1953. С. 276. Усе інверсіі шрыфту ў цытаце належаць яе аўтару.
[3] Пад тэрмінам „стараславянская мова“ звычайна разумеюць мову самых старажытных помнікаў кірыла–мяфодзіеўскай эпохі (IX—X ст.), у такім выпадку тэрмін „царкоўнаславянская мова“ адносіцца ўжо да пазнейшых па часе з’яўлення помнікаў, гл.: Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 9—10.
[4] Тэрмін „старабалгарская мова“, які адназначна ўказвае на этнічную аснову гэтай мовы, не падабаўся савецкім вучоным, якія аддавалі перавагу тэрміну „стараславянская мова“. Дыскусію па гэтым пытанні гл. напрыклад: Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 8, 10—12; Хабургаев Г. А. К вопросу о терминологическом обозначении объекта палеославистики // Вопросы языкознания. 1987. № 4. С. 59—68.
[5] Гл. шэраг яго асноўных прац, дзе закранаецца гэтае пытанне: Шахматов А. А. Курс истории русского языка. [2–е литограф. изд.] С.–Петербург, 1910—1911. Ч. 1. С. 60, 62; Шахматов А. А. Очерк древнейшего периода истории русского языка. Петроград, 1915 [репринтн. изд.] Москва, 2002 (Энциклопедия славянской филологии. Вып. 11.1.). С. XXXIX; Шахматов А. А. Введение в курс истории русского языка. Ч. 1: Исторический процесс образования русских племён и наречий. Петроград, 1916. С. 81—83. Праца А. Шахматава 1913 г., прысвечаная паходжанню рускай мовы, была ў 1920—30–я г. у СССР галоўным падручнікам па гісторыі рускай літаратурнай мовы і мела некалькі перавыданняў (1925, 1930, 1936); далей цытуецца паводле апошняга савецкага выдання: Шахматов А. А. Очерк современного русского литературного языка. [4–е изд.] Москва, 1941. С. 60—62.
[6] Шахматов А. А. Курс истории русского… Ч. 1. С. 135.
[7] Тамсама, с. 201; Шахматов А. А. Введение в курс истории…. Ч. 1. С. 81—82.
[8] Гл. напрыклад: Шахматов А. А. Введение в курс истории… С. 82. Падставай для такой высновы яму служыла ўзнёслая мова кіеўскіх былін, насычаная царкоўнаславянізмамі, а таксама змест некаторых з іх, звязаны з падзеямі ці асобамі балгарскай гісторыі, гл. таксама: Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 11—12, 81.
[9] Шахматов А. А. Очерк современного русского… С. 70—90; гл. таксама: Šachmatov A., Shevelov G. Die kirchenslavischen Elemente in der modernen russischen Literatursprache. Wiesbaden, 1960. (Slavistische Studienbücher, 1) P. 6—38. Прыведзены Шахматавым матэрыял тычыўся літаратурнай мовы і пазней папаўняўся дыялектным (гл.: Якубинский Л. П. История древнерусского языка… С. 113—118). Гл. таксама: Староболгаризмы и церковнославянизмы в лексике русского литературного языка: Учебный словарь / Сост. П. Филковский. София, 1987. Т. 1—3.
[10] Шахматов А. А. Очерк современного русского… С. 69—70.
[11] Гл. напрыклад: Унбегаун Б. О. Разговорный и литературный русский язык // Oxford Slavonic papers. 1950. Vol. 1. P. 26—36; Unbegaun B. O. L’héritage cyrillo–méthodien en Russie // Cyrillo–Methodiana: Zur Frühgeschichte des Christentums bei den Slaven; 863—1963. Köln; Graz, 1964. (Slavistische Forschungen, 6) S. 470—482; Унбегаун Б. О. Язык русской литературы и проблемы его развития // VI–e Congrès inter­national des slavistes, Prague, 7–13 aoыt, 1968: Communication de la délégation française et la délégation suisse. Paris, 1968. P. 129 і наст., Unbegaun B. O. Le russe littéraire est–il dorigine russe? // Revue des études slaves. 1965. Vol. 44. P. 19–28 (перадрук: Unbegaun B. O. Selec­ted papers of Russian and Slavonic philology. Oxford, 1969. P. 299—311); Унбегаун Б. О. Историческая грамматика русского языка и её задачи // Язык и человек: Сборник статей памяти профессора П. С. Кузнецова. Москва, 1970. (Публикации отдела структурной и прикладной лингвистики, 4) С. 262—267; Унбегаун Б. Русский литературный язык: Проблемы и задачи его изучения // Поэтика и стилистика русского литературного языка: Памяти академика В. В. Вино­градова. Ленинград, 1971. С. 329—333.
[12] Гл. напрыклад: Виноградов В. В. О новых исследованиях по истории русского литературного языка // Вопросы языкознания. 1969. № 2. С. 3—18, гл. с. 3—10; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского литературного языка. Москва, 1981. С. 13—15, 26—60. Гэты аўтар паспрабаваў падлічыць колькасць царкоўнаславянізмаў у рускай мове, але ён усяляк памяншаў колькасць і аб’ём крытэрыяў для іх вылучэння (тамсама, с. 26—58), таму ў яго атрымалася лічба паміж 23 і 10% (тамсама, с. 58—60, 252).
[13] Так меркаваў Шахматаў, гл.: Шахматов А. А. Очерк древнейшего периода… С. XXXIX.
[14] Issatschenko A. Vorgeschichte und Entstehung der modernen russischen Literatursprache // Zeitschrift für slavische Philologie. 1974. Bd. 37. S. 235—274; Исаченко А. В. Когда сформировался русский литературный язык? // Wiener slavistisches Jahrbuch. 1978. Bd. 24. S. 124—136.
[15] Ідэя пра гарадское кайнэ Кіева, якое адрознівалася ад вакольнай гаворкі палян, належыць А. Шахматаву, гл.: Шахматов А. А. К вопросу об образовании русских наречий и русских народностей // Журнал Министерства народного просвещения. 1899. № 4. С. 324—384; Шахматов А. А. Введение в курс истории… С. 80—81, 82—83. Гэтая ідэя мусіла вытлумачыць адсутнасць яскравых дыялектных рысаў у пом­ніках кіеўскага паходжання (пералік гэтых помнікаў гл.: Соболев­ский А. И. Источники для знакомства с древнекиевским говором // Журнал Министерства народного просвещения. 1885. № 2. (Ч. 237.) С. 349—357, пералік гл. на с. 352—356; Соболевский А. И. Древнекиевский говор // Известия отделения русского языка и словесности Императорской академии наук. 1905. Т. 10. Кн. 1. С. 308—323). Са­праўды, у кіеўскіх помніках у найменшай ступені праяўляюцца дыялектныя рысы (напрыклад, практычна няма ўкраінізмаў, гл.: Булаховський Л. А. Питання походження української мови. Київ, 1956. С. 47—103 (перадрук: Булаховський Л. А. Вибрані праці в 5 т. Т. 2: Українська мова. Київ, 1977. С. 12—216), гл. с. 43, 46, 122 і інш.), але гэта тлумачыцца хутчэй канцэнтрацыяй у Кіеве, царкоўным цэнтры тагачаснай Русі, большай колькасці адукаваных кніж­нікаў і пісцоў, гл.: Истрин В. И. Очерк истории древнерусской литературы домосковского периода. Петроград, 1922. С. 82.
[16] Аналіз поглядаў А. Шахматава па гэтым пытанні гл.: Бернштейн С. И. А. А. Шахматов как исследователь русского литературного языка // Шахматов А. А. Очерк современного русского литературного языка. [4–е изд.] Москва, 1941. С. 5—55, гл. с. 23—34.; Виноградов В. В. История русского литературного языка в изображении акад. А. А. Шахматова // Филолошки преглед. 1964. Кн. 2. Св. 3/4. С. 65—88 (пера­друк: Виноградов В. В. Избранные труды: История русского литературного языка. Москва, 1978. С. 216—226).
[17] Так, А. Шахматаў меркаваў, што асобы, якія заканчвалі царкоўныя школы, размаўлялі на царкоўнаславянскай мове, гл.: Шахматов А. А. Введение в курс истории… С. 81—82, таксама гл.: Шахматов А. А. Курс истории русского… С. 199—200, 209.
[18] Соболевский А. И. История русского литературного языка. Ленин­град, 1980. С. 31, 35.
[19] Соболевский А. И. Древняя церковнославянская литература и её значение // Мирный труд. 1908. № 6. С. 90—112, гл. с. 102.
[20] Соболевский А. И. История русского литературного… С. 39.
[21] Гл.: Бернштейн С. И. А. А. Шахматов как исследователь русского… С. 26—27, 33; Дурново Н. Н. Введение в историю русского языка. Москва, 1960. С. 32—33, 35—36 (перадрук: Дурново Н. Н. Избранные работы по истории русского языка. Москва, 2000. (Языки русской культуры, 36.) С. 1—337). Першае выданне гэтай кнігі выйшла ў 1927 г. (Брно), аднак савецкае выданне лепш адрэдагаванае і значна ўдакладненае.
[22] Обнорский С. П. Русская правда как памятник русского литературного языка // Известия АН СССР. Серия VII: Отделение общественных наук. 1934. № 10. С. 749—776 (перадрук: Обнорский С. П. Избранные работы по русскому языку. Москва, 1960. С. 120—144); Обнорский С. П. Очерки по истории русского литературного языка старшего периода. Москва—Ленинград, 1946.
[23] Обнорский С. П. Русская правда как памятник… С. 772—776. Ролю Ноўгарада ў распаўсюджанні пісьменства на „народнай“ мове пад­трымліваў і Л. Якубінскі, гл.: Якубинский Л. П. История древнерусского языка… С. 278, 283.
[24] Обнорский С. П. Русская правда как памятник… С. 774—775.
[25] Обнорский С. П. Очерки по истории русского… С. 7.
[26] Яшчэ ў 1927 г. С. Абнорскі трымаўся поглядаў свайго настаўніка, сцвярджаючы, што літаратурнай мовай Кіеўскай Русі была царкоўнаславянская (гл.: Бархударов С. Г. Творческий путь академика С. П. Обнорского // Обнорский С. П. Избранные работы по русскому языку. Москва, 1960. С. 3—25, гл. с. 15). У сваім артыкуле 1934 г. ён, крытыкуючы канцэпцыю А. Шахматава, нідзе не ўказаў на яго, а палемізаваў з „агульнай ісцінай, што ўвайшла ва ўжытак гісторыі рускай літаратурнай мовы і <…> прымаецца без спецыяльных доказаў“ (гл.: Обнорский С. П. Русская правда как памятник… С. 772). У сваёй манаграфіі ён наогул заўважыў, што А. Шахматаў сам „спецыяльна праблемай гісторыі рускай мовы не цікавіўся, не займаўся“, а пытанне паходжання рускай літаратурнай мовы „выклаў… згодна са звыклымі ўяўленнямі свайго часу“ (гл.: Обнорский С. П. Очерки по истории русского… С. 5). Як бачна, вучань імкнуўся вывесці асобу свайго настаўніка з–пад крытыкі.
[27] Филин Ф. П. Об истоках русского литературного языка // Вопросы языкознания. 1974. № 3. С. 3—13, пра гэта гл. с. 3.
[28] С. Абнорскі, адзіны прадстаўнік савецкай філалагічнай навукі, за сваю манаграфію 1946 г. атрымаў Сталінскую прэмію I ступені. Яшчэ раней, у 1938 г., ён быў абраны на акадэміка СССР.
[29] Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 227.
[30] Напрыклад, у зборнік выбраных прац С. Абнорскага ў 1960 г. з яго манаграфіі 1946 г. увайшла толькі большая частка прадмовы і раздзел, прысвечаны мове „Слова пра паход Ігаравы“, гл.: Обнорский С. П. Избранные работы по русскому… С. 29—98. У прадмове да гэтага зборніка С. Бархудараў пісаў, што гіпотэза Абнорскага патрабуе далейшай праверкі і больш шырокага абгрунтавання, гл.: Бархударов С. Г. Творческий путь академика… С. 18—19.
[31] Яго кніга была падрыхтавана да друку яшчэ ў 1941 г., але апублікавана толькі ў 1953 г.; у якасці апошніх раздзелаў у яе былі ўключаны артыкулы аўтара 1940–х г., напісаныя ўжо пад уплывам афіцыйнай догмы.
[32] Якубинский Л. П. История древнерусского языка… С. 89—92.
[33] Тамсама, с. 92—94, 99—103, 111, 274, 277.
[34] Тамсама, с. 98—99, 275—277, 299—301.
[35] Тамсама, с. 278—279.
[36] Тамсама, с. 279—280, 284—288, 290—295.
[37] Тамсама, с. 283—284, 309—327.
[38] Тамсама, с. 300, гл. таксама с. 301.
[39] Обнорский С. П. Очерки по истории русского… С. 78, гл. таксама с. 125—126, 196.
[40] Тамсама, с. 8.
[41] Горшков А. И. Теоретические основы истории русского литературного языка. Москва, 1983. С. 86.
[42] Обнорский С. П. Культура русского языка. Москва, 1948. С. 12 (перадрук: Обнорский С. П. Избранные работы по русскому языку. Москва, 1960. С. 272—293).
[43] Обнорский С. П. Очерки по истории русского… С. 6, 33.
[44] Пасля разлажэння родавага ладу (гл.: Энгельс Ф. Происхождение семьи, частной собственности и государства. Москва, 1952. С. 25) ці пасля ўзнікнення класаў (гл.: Сталин И. Марксизм и вопросы языко­знания. Москва, 1950. С. 26).
[45] Эпштейн Е. М. К вопросу о времени происхождения русской письменности // Учёные записки Ленинградского университета: Серия исторических наук. 1947. Вып. 15. (№ 95.) С. 21—26.
[46] Гл. напрыклад: Черепнин Л. В. Русская палеография. Москва, 1956. С. 76, 82.
[47] Лихачев Д. С. Исторические предпосылки возникновения русской письменности и русской литерaтуры // Вопросы истории. 1951. №12. С. 30—54, пра гэта гл. с. 31—36, 38—39. Гэты самы матэрыял з некаторымі дадаткамі быў паўтораны пазней, гл.: Лихачев Д. С. Возникновение русской литературы. Москва, 1952. С. 13—24.
[48] Тихомиров М. Н. Начало славянской письменности в свете новейших открытий // Вопросы истории. 1959. № 4. С. 98—105 (перадрук: Тихомиров М. Н. Исторические связи России со славянскими странами и Византией. Москва, 1969. С. 167—179), гл. таксама яго даклад, прачытаны ў 1963 г. на адным з пасяджэнняў АН СССР: Тихомиров М. Н. Начало славянской письменности и Древняя Русь // Тихомиров М. Н. Исторические связи России… С. 184—195. У гэтым дакла­дзе ён вёў гаворку пра дахрысціянскае ўзнікненне пісьма (гл.: с. 187—195), аднак падкрэсліваў яго прымітыўны і аказіянальны характар (гл. с. 189—190).
[49] Черных П. Я. Происхождение русского литературного языка и письма. Москва, 1950. (Вопросы языкознания для учителя, 3.) С. 9—10, 16, 18—19. Аднак у іншай працы ён фармуляваў свае цверджанні больш асцярожна, гл.: Черных П. Я. Язык и письмо // История культуры древней Руси: Домонгольский период. Т. 2. Общественный строй и духовная культура. Москва—Ленинград, 1951. С. 114—138, пра гэта гл. с. 130—138.
[50] Черных П. Я. Происхождение русского литературного… С. 12—13; Черных П. Я. Язык и письмо… С. 133—134.
[51] Обнорский С. П. Культура русского языка… С. 9.
[52] Борковский В. И., Кузнецов П. С. Историческая грамматика русского языка. Москва, 1963. С. 27.
[53] Истрин В. А. Развитие письма. Москва, 1961. С. 287—300.
[54] Высоцкий С. А. Древнерусская азбука из Софии Киевской // Совет­ская археология. 1970. № 4. С. 128—140; Висоцький С. О. Стародавня слов’янська азбука в Софії Київській // Вісник АН УРСР. 1970. №6. С. 74—83, гл. с. 83; Высоцкий С. А. Средневековые надписи Софии Киевской. Киев, 1976. С. 12—23, 225—240; Висоцький С. О. Азбука з Софійського собору в Києві та деякі питання походження кирилиці // Мовознавство. 1976. № 4. С. 74—83; Медынцева А. А. Новгородские находки и дохристианская письменность на Руси // Советская архео­логия. 1984. № 4. С. 49—61.
[55] Иванова Т. А. Об азбуке на стене Софийского собора в Киеве // Во­просы языкознания. 1972. № 3. С. 118—122; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 192—193.
[56] У дэталях гл.: Иванова Т. А. Вопросы возникновения славянской письменности в трудах советских и болгарских учёных за последнее десятилетие (1950—1960) // Известия АН СССР: Отделение литературы и языка. 1960. Т. 12. Вып. 2: март — апрель. С. 130—138; Issa­tschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung… S. 9—10; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 191—193.
[57] Истрин В. А. Развитие письма… С. 277. Скепсіс ужо выказваў В. Ві­на­градаў у 1953 г., гл.: Виноградов В. В. Проф. Л. П. Якубинский как линг­­вист и его „История древнерусского языка“ // Якубинский Л. П. Ис­то­рия древнерусского языка. Москва, 1953. С. 3—40, гл. с. 7—11.
[58] Медынцева А. А. Грамотность в Древней Руси: По материалам эпи­графики X — первой половины XIII веков. Москва, 2000. С. 236—237. Яшчэ раней на гэта ўказваў Л. Якубінскі, гл.: Якубинский Л. П. История древнерусского языка… С. 77.
[59] Медынцева А. А. Грамотность в Древней Руси… С. 234—236, 238—239.
[60] Истрин В. А. Развитие письма… С. 300.
[61] Селищев А. М. О языке „Русской правды“ в связи с вопросом о древнейшем типе русского литературного языка // Вопросы языкознания. 1957. № 4. С. 57—63 (перавыданне: Селищев А. А. Избранные труды. Москва, 1968. С. 129—133). Гэтая праца была напісаная яшчэ ў 1941 г., у ёй крытыкаваліся высновы С. Абнорскага, зробленыя ў артыкуле 1934 г. Але Сялішчаў выказваў сваю нязгоду з гіпотэзай Абнорскага яшчэ пры жыцці Сталіна, гл.: Селищев А. М. Старославян­ский язык… Ч. 1. С. 83.
[62] Ларин Б. А. Лекции по истории русского литературного языка: (X — нач. XVIII в.). Москва, 1975. С. 20—21, 29, 32, 34, 42, 50, 51, 62—64, 65, 90—92, 137, 135—140, 141, 184—185, 193. Яго кніга была па­грунтаваная на цыкле лекцый 1949—51 г., запісаных яго вучнямі, і апублікаваная толькі шмат пазней пасля смерці аўтара.
[63] Левин В. Д. Новые книги по истории русского и украинского литературных языков // Вопросы языкознания. 1959. № 3. С. 110—119; Левин В. Д. Краткий очерк истории русского литературного языка. Москва, 1958. С. 8—12, 38—39; [2–е изд.] 1964. С. 10—17, 49—50.
[64] Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 13—14, хаця ў крыху больш ранняй працы ён нейтральна характарызаваў погляды Абнорскага і яго прыхільнікаў, гл.: Виноградов В. В. Изучение русского литературного языка за последнее десятилетие в СССР. Москва, 1955. С. 58—60.
[65] Узлёт кар’еры Вінаградава пачынаецца пасля таго, як ён разам з некалькімі іншымі вучонымі падрыхтаваў для Сталіна вядомую працу па мовазнаўстве.
[66] Виноградов В. В. Основные вопросы и задачи изучения истории русского языка до XVIII в. // Вопросы языкознания. 1969. № 6. С. 3—34, гл. с. 5—6.
[67] Unbegaun B. O. Some recent studies on the history of the Russian lan­guage // Oxford Slavonic papers. 1954. Vol. 5. P. 117—132.
[68] Исаченко А. В. К вопросу о периодизации истории русского литературного языка // Вопросы теории и истории языка: Сборник в честь профессора Б. А. Ларина. Ленинград, 1963. С. 149—158; Issatschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung der russischen Lite­ra­tursprache. Wien, 1975.
[69] Тым не менш, ідэя ранняга старажытнага развіцця распрацоўвалася на лексічным матэрыяле, гл.: Русанівський В. М., Німчук В. В. Спів­відношення функцій давньоруської і старослов’янської мов у Київ­ській Русі (XI—XIII ст.) // IX Міжнародний з’їзд славістів: Слов’янське мовознавство; Доповіді. Київ, 1983. С. 185—210.
[70] Так меркаваў яшчэ Л. Якубінскі (гл. спас. 34). Таксама А. Гаршкоў раз­глядаў генезіс ст.–руськай мовы як працэс трансфармацыі гу­тарко­вай мовы ў пісьмовую на ўзор кірыла–мяфодзіеўскіх перакладаў, гл.: Горшков А. И. Отечественные филологи о старославян­ском… С. 27.
[71] Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 250—251.
[72] Русанівський В. М. Джерела розвитку східнослов’янських літературних мов. Київ, 1985. С. 12—13; Русанівський В. М., Німчук В. В. Спів­відношення функцій давньоруської… С. 188—189.
[73] Черных П. Я. Происхождение русского литературного… С. 20—25; Черных П. Я. Язык и письмо…С. 119, 120—121, 128; Горшков А. И. История русского литературного языка. Москва, 1969. С. 44—45 (цікава, што аўтар гаворыць пра рускую размоўную мову ў Кіеве XI—XII ст.); Овчинникова В. С., Дибров А. А. Очерк древнерусского языка. Ростов–на–Дону, 1959. С. 13—14. [2–е изд.] 1965. С. 11—13; Самсонов Н. Г. Древнерусский язык. Ч. 1. Якутск, 1965. С. 23; Самсонов Н. Г. Древнерусский язык. Москва, 1973. С. 28—29. З энтузіязмам гэтая думка падтрымлівалася ўкраінскімі даследчыкамі, гл.: Юшков С. В. До питання про походження Русі // Навуковые записки Інституту мовознавства АН УССР: Мовознавство. 1941. Т. 1. С. 137—156, пра гэта гл. с. 153—154; Москаленко А. А. До питання про литературну мову Київської Русі // Праци Одеського державного университета. 1948. Т. 1. Вып. 2. С. 42 і наст.; Плющ П. П. Нариси з історії української літературної мови. Київ, 1958. С. 104—106, 108; Плющ П. П. Iсторія української літературної мови. Київ, 1971. С. 105—108; Півторак Г. П. Формування і діалектна диференціація давньоруської мови: (Iсторико–фонетичний нарис). Київ, 1988. С. 89.
[74] Таму Ісачанка лічыў гэтае кайнэ фантомам, гл.: Issatschenko A. My­then und Tatsachen über die Entstehung… S. 43.
[75] Гл. напрыклад: Филин Ф. П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Историко–диалектологический очерк. Ленин­град, 1972. С. 625, 629.
[76] Напрыклад, Л. Бараннікава сцвярджала, што паколькі літаратурная мова ў Кіеўскай Русі ўзнікла „ў сувязі з фармаваннем агульнадзяржаўных патрэбаў па замацаванні і ўмацаванні ўлады“, то апошняя па­трабавала „спецыяльнай моўнай формы дзеля ажыццяўлення афіцыйных справавых сувязяў унутры краіны і звонку яе. Такая форма мусіла быць пазатэрытарыяльнай (наддыялектнай)…“, гл. с. 98 у: [Баранникова Л. И.] К проблеме соотношения русского литературного языка и общенародного койне // Типы наддиалектных форм языка. Москва, 1981. С. 97—119. Далей (с. 99. і наст.) яна сцвярджала наддыялектны характар ст.–руськай мовы (у выніку мяшання дыялектаў) і нават меркавала, што і ў вусным маўленні ўнікаліся некаторыя дыялектныя з’явы: „наддыялектнасць у пісьмовай мове была звязаная з адпаведнай з’явай у вусным маўленні“ (с. 100).
[77] На думку Ф. Філіна, менавіта ў кіеўскім кайнэ адбылося выраўноў­ванне дыялектных асаблівасцяў, але ў іншых усходнеславянскіх дыялектах гэты працэс не паспеў адбыцца, паколькі надышла эпоха феадальнага падрабнення, гл.: Филин Ф. П. Происхождение и развитие русского языка. Ленинград, 1954. С. 24—25. Пазней А. Трубачоў адносіў працэс мяшання дыялектаў у дагістарычныя часы, гл.: Трубачев О. Н. В поисках единства: Взгляд филолога на проблему истоков Руси. Москва, 1997. С. 23—24.
[78] Аванесов Р. И. К вопросам периодизации истории русского языка // Славянское языкознание. VII Международный съезд славистов: Варшава, август 1973; Доклады советской делегации. Москва, 1973. С. 5—24, гл. с. 6—7, 23; Горшков А. И. История русского литературного… С. 43.
[79] Issatschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung… S. 21—23, 27—34.
[80] Горшков А. И. История русского литературного… С. 29—30.
[81] Гэта не перашкодзіла Абнорскаму назваць іх „асноўнымі помнікамі старэйшай пары“, розных паводле жанраў і арэалу паходжання (гл.: Обнорский С. П. Очерки по истории русского… С. 6) ды лічыць іх „дастатковай падставай для прызнання хлуслівасці старога погляду на паходжанне рускай літаратурнай мовы як мовы ў асноўным нярускай“ (тамсама, с. 7).
[82] У сваёй працы 1934 г. Абнорскі прывёў не ўсе царкоўнаславянізмы твора, што было адзначана Сялішчавым, гл.: Селищев А. М. О языке „Русской правды“… С. 57—58.
[83] Обнорский С. П. Русская правда как памятник… С. 773—774, параўн. таксама: Обнорский С. П. Очерки по истории русского… С. 30.
[84] Обнорский С. П. Очерки по истории русского… С. 79, 127—128, 196.
[85] Тамсама, с. 7, параўн. таксама: Обнорский С. П. Культура русского языка… С. 13, 14.
[86] Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 5, 9; Ковалев­ская Е. Г. История русского литературного языка. Москва, 1978. С. 87—89 (перавыданне: 1992); Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 228—230; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 83—84, 95; Горшков А. И. Теория и история русского литературного языка. Москва, 1984. С. 73.
[87] Ефимов А. И. История русского литературного языка: Курс лекций. Москва, 1954. С. 64—69, 72—73. [3–е испр. изд.] 1957. С. 43—47, 50; Ефимов А. И. История русского литературного языка. Москва, 1961. С. 25—28. [2–е испр. изд.] 1967. С. 28—29; Мещерский Н. А. История русского литературного языка. Ленинград, 1981. С. 5—7, 30—34, 38.
[88] Ефимов А. И. История русского литературного… (1954) С. 36—40. (1957) С. 36—40. (1961) С. 21—23, 30—31; (1967) С. 23—25, 32—33; Овчинникова В. С., Дибров А. А. Очерк древнерусского языка… (1959) С. 26—27. (1965) С. 25—27; Самсонов Н. Г. Древнерусский язык… (1965) Ч. 1. С. 36—41. (1973) С. 43—50; Ават Н. Н., Скиба Ю. Т. Древнерусский язык. [2–е изд.] Киев, 1977. С. 27—30; Мещерский Н. А. История русского литературного… С. 21—27; Жуковська Л. П. Гіпотези й факти про давньоруську писемність до XII ст. // Літературна спадщина Київської Русі і українська література XVI—XVIII ст.: Сбірник статей. Київ, 1981. С. 9—35, гл. асабліва с. 10—16; Медынцева А. А. Начало письменности на Руси по археологическим данным // История, культура, этнография и фольклор славянских народов: IX Международный съезд славистов; Доклады советской делегации. Москва, 1983. С. 86—97; Рождественская Т. В. Письменная традиция Северной Руси по эпиграфическим данным // Древнерусский литературный язык в его отношении к старославянскому. Москва, 1987. С. 36—45.
[89] Толстой Н. И. К вопросу о древнеславянском языке как общем литературном языке южных и восточных славян // Вопросы языкознания. 1961. № 1. С. 52—66 (перадрук: Толстой Н. И. История и структура славянских литературных языков. Москва, 1988. С. 34—52); Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1964) С. 20, а таксама публікацыі Б. Унбегаўна і Б. Ісачанкі, што выйшлі ў 1963 і 1970—71 г. у савецкіх навуковых выданнях (гл. спас. 11 і 68).
[90] Гл. напрыклад: Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 14—15, 60, 72, 228.
[91] Нібыта Шахматаў пры стварэнні сваёй канцэпцыі не абапіраўся на канкрэтныя дадзеныя пісьмовых помнікаў (гл.: Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 67, 95—96, хаця больш памяркоўна пра Шахматава гл.: Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 20—21) і толькі Абнорскі ўпершыню звярнуўся да іх і прывёў багаты матэрыял (гл.: Горшков А. И. Теория и история русского… С. 61 і наст.; Колесов В. В. Древнерусский литературный язык. Ленинград, 1989. С. 4).
[92] Черных П. Я. Происхождение русского литературного… С. 33—36; Ли­­хачев Д. С. Несколько мыслей о языке литературы и литературном язы­ке древней Руси // Историко–филологиченские исследования: Сбор­ник статей к семидесятипятилетию академика Н. И. Конрада. Мос­ква, 1967. С. 302—307; Горшков А. И. История русского ли­тера­тур­ного… С. 48 і інш.; Филин Ф. П. Об истоках русского литера­тур­ного… С. 4, 8—9, 12; Ковалевская Е. Г. История русского литературного… С. 87 і інш.; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 220—226, 248—276.
[93] Некаторыя вучоныя вылучалі і большую колькасць моў. Так, Філін у дадатак да трох моў уводзіў яшчэ і вусную літаратурную мову (гл.: Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 8—9), а А. Iса­чанка раней казаў пра чатыры мовы: царкоўнаславянскую, ст.–руськую актава–юрыдычную, эпічна–фальклорную і ўсходнеславянскі дыялект ([Исаченко А. В.] Какова специфика литературного двуязычия в истории славянских языков? // Вопросы языкознания. 1958. № 3. С. 42—45, гл. с. 43). А. Гаршкоў, напэўна, адчуваючы парадаксальнасць такога становішча, паўставаў супраць ідэі двухмоўя ў літаратурна–пісьмовай сферы, гл.: Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 92—94; Горшков А. И. Теория и история русского… С. 84. Тым не менш ён вымушана прызнаваў існаванне царкоўнаславянскай мовы (праўда, „строга абмежаванай у сваім ужытку строга вызначаным колам кананічных тэкстаў“) і выводзіў літургічныя тэксты з ліку крыніц ст.–руськай мовы, гл.: Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 101—103; Горшков А. И. Теория и история русского… С. 68—69, 77, 86; Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 27—28.
[94] Плющ П. П. Нариси з історії української літературної мови. Київ, 1958. С. 104—108; Німчук В. В. Початки літературних мов Київської Русі // Мовознавство. 1982. № 2. С. 21—32, гл. с. 31; Русанівський В. М. Джерела розвитку східнослов’янських… С. 12, 19 і інш.; Русанівський В. М., Німчук В. В. Спів­відношення функцій давньоруської… С. 194—197, 209.
[95] Шакун Л. М. Нарысы гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы. Мінск, 1960. С. 23—44; Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Мінск, 1963. С. 35—42 [2–е выд.] 1984. С. 38—45; Жураўскі А. І. Двухмоўе і шматмоўе ў гісторыі Беларусі // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мінск, 1982. С. 18—49, пра гэта гл. с. 18—20.
[96] Гл.: Бартошевич А. История русского литературного языка. Ч. 1: Донациональный период. Варшава, 1973 (перавыданне абедзвюх частак у адной кнізе гл.: Варшава, 1979); Филкова П. Д. История русского литературного языка. София, 1973; Böck W., Fleckenstein Ch., Freydank D. Geschichte der russische Literatursprache. Leipzig; Düsseldorf, 1974; Eckert R., Crome E., Fleckenstein Ch. Geschichte der russische Sprache. Leipzig, 1983.
[97] Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 21; Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 5.
[98] Напрыклад: Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 8.
[99] Ефимов А. И. История русского литературного… (1954) С. 76—99. (1957) С. 56—82. (1961) С. 36—54. (1967) С. 38—56; Горшков А. И. История русского литературного… С. 51—87; Мещерский Н. А. История русского литературного… С. 27 і наст.; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 101, 103; Горшков А. И. Теория и история русского… С. 79, 86—110.
[100] Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1958) С. 13—14. (1964) С. 18—19; Ковалевская Е. Г. История русского литературного… С. 59—87.
[101] Черных П. Я. Происхождение русского литературного… С. 27—31; Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 18; Лихачев Д. С. Несколько мыслей о языке… С. 304—305; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 258—266.
[102] Гл.: Горшков А. И. История русского литературного… С. 87—91, 96—97; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 63—67; Горшков А. И. Теория и история русского… С. 110—113. Але зусім інакшы погляд падаецца ў працы: Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 24, 29.
[103] Гл.: Черных П. Я. Происхождение русского литературного… С. 31, 36; Ефимов А. И. История русского литературного… (1957) С. 75—76. (1961) С. 48—50. (1967) С. 51—52; Лихачев Д. С. Несколько мыслей о языке… С. 306—307; Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 5—7, 9; Ковалевская Е. Г. История русского литературного… С. 59—63; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 72, 225, 229—230, 242, 252—255, 258; Мещерский Н. А. История русского литературного… С. 60—69; Колесов В. В. Древнерусский литературный язык… С. 115 і наст.
[104] Мещерский Н. А. Новгородские грамоты на бересте как памятник древнерусского литературного языка // Вестник ЛГУ. 1958. № 2. С. 93—108; Мещерский Н. А. К изучению языка и стиля новгород­ских берестяных грамот // Учёные записки Карельского педагогического института. 1962. Т. 12. С. 84—115, асабліва гл. с. 109—115; Мещер­ский Н. А. Существовал ли „эпистолярный стиль“ в Древней Руси: (Из заметок о грамотах на бересте) // Вопросы теории и истории языка: Сборник в честь профессора Б. А. Ларина. Ленинград, 1963. С. 212—219; Мещерский Н. А. К филологической интерпретации новгород­ских берестяных грамот // Учёные записки Ленинград­ского педагогического института им А. И. Герцена. 1969. Т. 366. С. 85—93; Мещерский Н. А. К филологическому изучению новгородских берестяных грамот // Вестник ЛГУ. 1970. № 20. С. 125—131. Крытыку гэтых поглядаў гл.: Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 21—24.
[105] Лихачев Д. С. Несколько мыслей о языке… С. 306; Русанівський В. М. Джерела розвитку східнослов’янських… С. 12—13, 19. Так, Філін падкрэсліваў, што нават „дзелавая“ мова была апрацаваная і не супадала з жывой гутарковай мовай, а дыялектызмы ў ёй адлюстроўваюцца не больш, чым у мове багаслужбовай літаратуры, а часам нават і менш, гл.: Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 250—251. Парадаксальным чынам Р. Аванесаў адмаўляў штучны характар царкоўнаславянскай мовы і лічыў яе жывой, гл.: Аванесов Р. И. К вопросам периодизации истории… С. 7—8.
[106] Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 37—38, 47, 67, 111.
[107] Тамсама, с. 66—67.
[108] Тамсама, с. 37—38.
[109] Тамсама, с. 21 і інш.; гл. таксама: Горшков А. И. История русского литературного… С. 49 і інш.
[110] Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 58—59.
[111] Тамсама, с. 69—76.
[112] Тамсама, с. 61—64.
[113] Агляд поглядаў Вінаградава па гэтым пытанні гл.: Толстой Н. И. Взгляды В. В. Виноградова на соотношение древнерусского и древнеславянского литературного языка // Исследования по славянской филологии. Москва, 1974. С. 319—329, гл. ад с. 323 (перадрук: Толстой Н. И. История и структура славянских литературных языков. Москва, 1988. С. 210—220).
[114] Виноградов В. В. Очерки по истории русского литературного языка. [2–е изд.] Москва, 1938. С. 5 (перавыданне: 1982). Гэтая думка была выказана ім яшчэ ў 1–м выданні гэтай кнігі (1934).
[115] Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 15.
[116] Виноградов В. В. Великий русский язык. Москва, 1945. С. 30—43; Виноградов В. В. Проф. Л. П. Якубинский как лингвист… С. 5 і наст.
[117] Виноградов В. В. Великий русский язык… С. 41, 46—47.
[118] Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 37—38, 60. У сваіх „чыстых“ формах гэтыя два тыпы генетычна былі рознымі мовамі (гл. тамсама, с. 60). Раней В. Вінаградаў сцвярджаў, што менавіта пад уплывам царкоўнаславянскай мовы пачалі „ўсведамляцца і выпрацоўвацца нормы“, гл.: Виноградов В. В. Великий русский язык… С. 41.
[119] Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1958) С. 31.
[120] Лихачев Д. С. Несколько мыслей о языке… С. 305, 306; Толстой Н. И. Взгляды В. В. Виноградова на соотношение… С. 226—227.
[121] Жуковская Л. П. О некоторых проблемах истории русского литературного языка древнейшей поры // Вопросы языкознания. 1972. № 2. С. 62—76. Свае доказы Жукоўская грунтавала на евангельскіх тэкстах (гл. с. 70—72), памылкова прымаючы тэксталагічныя з’явы за лінгвістычныя. Ухвалу яе спроб гл.: Мещерский Н. А. История русского литературного… С. 11, 37.
[122] Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 241—242; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 62—63, 101—102, пры ўсім спачуванні да гэтых спроб сп. Жукоўскай; у замежжы яе высілкі таксама былі раскрытыкаваныя: Issatschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung… S. 26.
[123] Ремнева М. Л. Ещё раз о типах (видах, стилях) древнерусского литературного языка // Вестник МГУ; Сер. 9: Филология. 1995. № 4. С. 99—105.
[124] Горшков А. И. История русского литературного языка: Краткий конспект лекций. Чита, 1960. С. 26. Не лепшай была і ўласная інтэрпрэтацыя самога Вінаградава: „дзве функцыянальна раздзеленыя і жанрава–разнародныя сістэмы літаратурнага выкладу“, гл.: Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 60. Параўн. таксама ў Аванесава: „дзве сістэмы … ўяўляюць сабой адну складаную сістэму“, гл.: Аванесов Р. И. К вопросам периодизации истории… С. 9.
[125] Исаченко А. В. К вопросу о периодизации истории… С. 152—153; Issatschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung… S. 18—19; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 239—240, 242—247, пры гэтым Філін падкрэсліваў, што Вінаградаў сам старажытных помнікаў не даследаваў, а інтэрпрэтаваў назіранні іншых лінгвістаў (тамсама, с. 242); Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 103—104, 105—106, але крытыка Вінаградава была прыглушана ў наступных працах Гаршкова, гл.: Горшков А. И. Теория и история русского… С. 69—71, 80, 85; Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 21—24, 26—27, 28.
[126] Горшков А. И. История русского литературного… (1960) С. 15, 26—27. (1969) С. 45—50; Шакун Л. М. Нарысы гісторыі беларускай… С. 31—44; Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай… (1963) С. 42—43, 48; Плющ П. П. Історія української літературної… С. 104—105, 109; Самсонов Н. Г. Древнерусский язык… (1965). Ч. 1. С. 59—60. (1973) С. 70—71; Аванесов Р. И. К вопросам периодизации истории… С. 7—8, 19—20; Аванесов Р. И. К вопросам происхождения и развития русского литературного языка // Проблемы общего и германского языкознания. Москва, 1978. С. 88—96, гл. с. 93, 95, 96.
[127] Гаворка ішла толькі пра два пісьмовыя маўленні, гл.: Виноградов В. В. Основные вопросы и задачи… С. 7.
[128] Виноградов В. В. Вопросы образования русского национального языка // Вопросы языкознания. 1956. № 1. С. 3—25, гл. с. 9—10.
[129] Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 105—106.
[130] Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 119 і наст. Услед за ім У. Левін казаў ужо пра тры тыпы, гл.: Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1964) С. 20.
[131] Винокур Г. О. Русский язык: Исторический очерк. Москва, 1945. С. 65 і наст. (перадрук: Г. О. Винокур: Избранные работы по русскому языку. Москва, 1959. С. 11—206, гл. 44 і наст.).
[132] Ефимов А. И. История русского литературного… (1954) С. 76—99. (1957) С. 56—82. Крыху інакш падаваўся той самы матэрыял пазней: Ефимов А. И. История русского литературного… (1961) С. 36—54. (1967) С. 38—56.
[133] Гэта давала магчымасць суадносіць, пры жаданні, яфімаўскія стылі з двума тыпамі Вінаградава, гл.: Русинов Н. Д. Древнерусский язык. Москва, 1977. С. 173—175. [2–е изд.] 1997. С. 173—175.
[134] Ефимов А. И. История русского литературного… (1954) С. 74, 76—78. (1957) С. 51, 56—57. (1961) С. 32, 36—38. (1967) С. 34—35, 38—41.
[135] Исаченко А. В. К вопросу о периодизации истории… С. 151—152; Issatschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung… S. 17; Мещерский Н. А. История русского литературного… С. 42; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 107.
[136] Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 105—106; Горшков А. И. Теория и история русского… С. 79—81.
[137] Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 106. Таксама гл. заўвагу А. Яфімава, што з цягам часу тры тыпы мовы ператвараліся ў тры стылі: Ефимов А. И. История русского литературного… (1957) С. 53. (1961) С. 34. (1967) С. 36.
[138] Винокур Г. О. Русский язык: Исторический… С. 65—78; гл. таксама: Г. О. Винокур: Избранные работы по русскому… С. 44—51.
[139] Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 18—19, 21, 54; Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1958) С. 14—15, 28. (1964) С. 21, 37, 41; Мещерский Н. А. История русского литературного… С. 43, 56, 69—70.
[140] Гл. напрыклад: Виноградов В. В. Великий русский язык… С. 30, 32; Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1958) С. 14, 29—42. (1964) С. 19, 38—56; Лихачев Д. С. Несколько мыслей о языке… С. 306; Плющ П. П. Історія української літературної… С. 109—116; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 263 і наст.; Мещерский Н. А. История русского литературного… С. 43—44; Русанівський В. М. Джерела розвитку східнослов’янських… С. 19—20, 23, хаця гэты аўтар адзначаў, што мова некаторых помнікаў не ўкладваецца ў тэорыю трох стыляў (тамсама, с. 20—21).
[141] Нагэтулькі, што некаторыя даследчыкі імкнуліся пазбягаць тэрміна „стылі мовы“ і казалі пра „манеру выкладу“, гл.: Горшков А. И. История русского литературного… С. 50, 67—68; гл. таксама: Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1958) С. 45—53. (1964) С. 59—69.
[142] Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1958) С. 54. (1964) С. 69.
[143] Яна, напэўна, упершыню была выкладзена ў: Успенский Б. А. Эволюция понятие „просторечие“ („простой язык“) в истории русского литературного языка // Совещание по общим вопросам диалектологии и истории языка (Ереван, 2—5 октября): Тезисы докладов и сообщений. Москва, 1973. С. 218—220; Успенский Б. А. К вопросу о семантических взаимоотношениях системно противопоставленных церковнославянских и русских форм в истории русского языка // Проблемы славянской исторической лексикологии и лексикографии: Тезисы конференции. Москва, 1975. Вып. 1. С. 44—53 (перадрук: Wiener slavistisches Jahrbuch. 1976. Bd. 22. S. 92—100), і потым развітая ў шэрагу прац: Успенский Б. А. Языковая ситуация Киевской Руси и её значение для истории русского литературного языка: До­клад на IX Международном съезде славистов. Москва, 1983; Успен­ский Б. А. Диглоссия и двуязычие в истории русского литературного языка // International Journal of Slavic Linguistics and Poetics 1983. Vol. 27. C. 81—126; Успенский Б. А. История русского литературного языка (XI—XVII). München, 1987 (Sagners slavistische Sammlung, 12); Успенский Б. А. Краткий очерк истории русского литературного языка (XI—XIX вв.). Москва, 1994. Апошняя кніга — скарочаны нарыс кнігі 1987 г., якая выйшла напачатку ў Венгрыі (Budapest, 1986) і зусім нядаўна, папраўленым і дапрацаваным выданнем, на радзіме аўтара (Москва, 2002), далей манаграфія цытуецца паводле мюнхенскага выдання.
[144] Думкі аб своеасаблівым білінгвізме ў Кіеўскай Русі — дыгласіі — выказвалі раней М. Талстой і А. Ісачанка (гл.: Толстой Н. И. К вопросу о древнеславянском языке… С. 57; Исаченко А. В. К вопросу о периодизации истории… С. 154; Issatschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung… S. 8, 48—49), хаця Ўспенскі настойваў на сваім прыярытэце гэтай ідэі.
[145] Хабургаев Г. А. Дискуссионные вопросы истории русского литературного языка (древнерусский период) // Вестник МГУ; Серия 9: Филология. 1988. № 2. С. 47—62, гл. с. 53 і наст.
[146] Хютль–Ворт Г. Спорные проблемы изучения литературного языка в древнерусский период // Wiener slavistisches Jahrbuch. 1973. Bd. 18. S. 29—47; Хютль–Фольтер Г. Диглоссия в древней Руси // Wiener slavistisches Jahrbuch. 1978. Bd. 24. S. 108—123; Исаченко А. В. Когда сформировался русский… С. 127 і наст.; Issatschenko A. Geschichte der russischen Sprache. Bd. 1: Von den Anfängen bis zum Ende des 17. Jahrhundert. Heildelberg, 1980. S. 68—73; Hüttl–Folter G. [Rez.] Успенский Б. А. Языковая ситуация Киевской Руси и её значение для истории русского литературного языка. Москва, 1983 // Die Welt der Slaven. 1984. Bd. 29. S. 426—432; Shevelov G. Y. Несколько замечаний о грамоте 1130 года и несколько суждений о языковой ситуации Киевской Руси // Russian linguistics. 1987. Vol. 11. P. 163—178.
[147] На самым пачатку з лаянкай абрынуўся на яе Філін, гл.: Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 235—236, непрыхільна паставіўся да яе і Гаршкоў, гл.: Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 7—8, гл. спас. 1, 28. Больш узважаную крытыку гл. у замежных аўтараў, напрыклад: Worth D. S. On „Diglossia“ in medieval Russia // Die Welt der Slaven. 1978. Bd. 23. № 2. P. 371—393; Филкова П. Д. Языковая ситуация в Древней и Московской Руси в свете теории билингвизма и диглоссии // Словянска филология. София, 1983. Т. 17. С. 45—56; Freydank D. [rec.] Успенский Б. А. Языковая ситуация Киевской Руси и её значение для истории русского литературного языка. Москва, 1983; Hüttl–Folter G. Die trat/torot–Lexeme in den altrussischen Chroniken // Russian linguistics. 1984. Vol. 8. № 3. S. 313—325, гл. у прыватнасці с. 317—321; Алексеев А. А. Почему в Древней Руси не было диглоссии // Литературный язык Древней Руси: Межвузовский сборник. Ленинград, 1986. (Проблемы истории языкознания, 3) С. 3—11.
[148] Мельничук А. С. Обсуждение проблемы языковой ситуации в Киевской Руси на IX Международной съезде славистов // Известия АН СССР: Серия литературы и языка. 1984. Т. 43. № 2. С. 120—127, асабліва гл. с. 122—123; Колесов В. В. Критические заметки о „древнерусской диглоссии“ // Литературный язык Древней… С. 22—41, асабліва гл. с. 32, 34—35; Клименко Л. Л. История русского литературного языка с точки зрения теории диглоссии // Литературный язык Древней… С. 11—22. Пагромшчыкі неўзабаве атрымалі адпор, гл.: Гиппиус А. А., Страхов А. Б., Страхова О. Б. Теория церковнославянско–русской диглоссии и её критики // Вестник МГУ; Сер. 9: Филология. 1988. № 5. С. 34—49.
[149] Успенский Б. А. История русского литературного… С. 59—63.
[150] Тамсама, с. 59.
[151] Тамсама, с. 64.
[152] Такое пераключэнне кодаў на прыкладзе некалькіх пасажаў з „Аповесці мінулых гадоў“ паказаў ужо Л. Якубінскі, гл.: Якубинский Л. П. История древнерусского языка… С. 302—309, гэтая самая з’ява ад­значалася і іншымі вучонымі, гл. напрыклад: Мещерский Н. А. История русского литературного… С. 112—113; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 265, 269 і інш. Такое пераключэнне А. Гаршкоў лічыў уласцівасцю адной мовы, гл.: Горшков А. И. Теоретические осно­вы истории… С. 90.
[153] Seemann K.–D. Die „Diglossie“ und die Systeme der sprachlichen Kom­munikation im alten Rußland // Slavistische Studien zum IX. Inter­nationalen Slavistenkongreß in Kiev: 1983. Kцln; Wien, 1983. (Sla­vistische Forschungen, 40) S. 553—561; Seemann K.–D. Loquendum es Russice & scribendum est Sclavonice // Russia mediaevalis. 1984. Bd. 5. Hf. 1. S. 103—136; Зееман К.–Д. Двуезичие („диглоссия“) и система на езикова комуникация в Древна Русия // Език и литература. 1984. № 5. С. 1—6.
[154] Шапир М. И. Теория „Церковнославянско–русской диглоссии“ и ее сторонники // Russian linguistics. 1989. Vol. 13. P. 271—309; Rehder P. Diglossie in der Rus’? Anmerkungen zu B. A. Uspenskijs Diglossie–Konzeption // Die Welt der Slaven. 1989. Bd. 34. Hf. 2. S. 362—382; Kretschmer A. Und noch einmal zur Diglossie // Linguistische Beiträge zur Slawistik aus Deutschland und Österreich: JungslawistInnen–Treffen; Wien, 1992. Wien, 1994. S. 181—194; Кречмер А. Актуальные вопросы истории русского литературного языка // Вопросы языкознания. 1995. № 6. С. 96—123, гл. с. 98—106; Schweier U. Die „kirchenslavisch–ostslavische Diglossie“ und ihre Aufläsung als Kategorisierungswandel: Vom aristotelischen zum prototypischen Modell // Die Welt der Slaven. 2001. Bd. 46. Hf. 1. S. 27—43.
[155] Worth D. S. On „Diglossia“ in medieval Russia… P. 372 і наст.; Кречмер А. Актуальные вопросы истории… С. 100—101. Гл. таксама: Seemann K.–D. Diglossie und gemischtsprachige Texte im Kiever Rußland // Fest­schrift für Herbert Bräuer zum 65. Geburtstag am 14. April 1986. Köln; Wien. 1986. (Slavistische Forschungen, 53) S. 515—526.
[156] Успенский Б. А. История русского литературного языка как межславянская дисциплина // Вопросы языкознания. 1995. № 1. С. 80—92.
[157] Ларин Б. А. Лекции по истории русского… С. 23, 50, 200.
[158] Тамсама, с. 133.
[159] Тамсама, с. 25—100.
[160] Тамсама, с. 108—217.
[161] Винокур Г. О. Русский язык: Исторический… С. 40—41; гл. таксама: Г. О. Винокур: Избранные работы по русскому… С. 30).
[162] Так, Філін ужо ў 1974 г. назваў гэтае пытанне „адвечнай праблемай русістыкі і славістыкі“ (Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 3), а ў 1981 г. пісаў, што „разабрацца ў складанай сітуацыі, якая паўстала на Русі, вельмі цяжка“, гл.: Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 4.
[163] Параўн.: Ковалевская Е. Г. История русского литературного… С. 59 і 87 (у першым выпадку аўтарка піша пра два тыпы адной мовы і тры групы помнікаў, у другім пра дзве мовы Кіеўскай Русі).
[164] Жуковская Л. П. О некоторых проблемах истории… С. 67; Аванесов Р. И. К вопросам периодизации русского… С. 6 і наст. Фактычна, гэтым самым прызнавалася існаванне адной мовы, толькі пад іншай назвай.
[165] Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 9—12; Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 240—242.
[166] Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 67—68; Мельничук А. С. Обсуждение проблемы языковой… С.124—125; Колесов В. В. Древнерусский литературный язык… С. 4. На слабую вывучанасць жанраў, стыляў і асобных помнікаў Кіеўскай Русі скардзіўся яшчэ В. Вінаградаў, гл.: Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 20—21, 80.
[167] Горшков А. И. Теория и история русского… С. 58, 74; Русанівський В. М. Джерела розвитку східнослов’янських… С. 20; Колесов В. В. Критические заметки о „древнерусской… С. 4—5.
[168] Древнерусская грамматика XII—XIII вв. Москва, 1995.
[169] Даследаванне залучае матэрыял з наступных крыніц: 5 жыццяў і 2 казанні, пролаг 1262 г., Троіцкі зборнік казанняў, зборнік малітваў Кірылы Тураўскага, стыхіры ст.–руськім святым са стыхірара 1156—63 г., „Закон судны людзям“ кароткай рэдакцыі, „Руськая праўда“, манаскі статут і 11 кананічных твораў з наўгародскай кормчай 1280 г., а таксама кароткі летапісец мітрап. Ніфонта з гэтай кормчай, старажытная частка (першыя 118 лл.) I Наўгародскага летапісу, 5 грамат і 139 берастовых грамат, 25 правіненцый, каля паўсотні графіці, гл.: Древнерусская грамматика… С. 12—16, 512—515.
[170] Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 68.
[171] Горшков А. И. История русского литературного… С. 33—36. Анала­гічнае меркаванне гл.: Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1958) С. 42. (1964) С. 56; Аванесов Р. И. К вопросам периодизации истории… С. 9—10, 23, аднак ён падкрэсліваў агульнасць фанетыкі і фаналогіі ўсходнеславянскіх дыялектаў і царкоўнаславянскай мовы (с. 7, 9, 19, 23).
[172] Горшков А. И. История русского литературного… С. 36—37.
[173] Гл. аглядны артыкул па гэтай тэме: Колесов В. В. О русизмах в составе древнерусского языка // Древнерусский язык домонгольской поры: Межвузовский сборник. Ленинград, 1991. С. 121—155.
[174] Горшков А. И. История русского литературного… С. 49—50; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 105, 107—116; Горшков А. И. Теория и история русского… С. 81—82. Нешта падобнае паспрабавала зрабіць М. Рамнёва, якая вылучыла ўсяго толькі некалькі граматычных і сінтаксічных прыкмет, якія структурна су­працьпастаўлялі царкоўнаславянскую і ст.–руськую мовы, гл.: Ремнева М. Л. Ещё раз о типах… С. 101—102, а таксама яе доктарскую мана­графію: Ремнева М. Л. Литературный язык Древней Руси: Не­ко­торые особенности грамматической нормы. Москва, 1983.
[175] Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 100—101, 109, 114; таксама параўн.: Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 4, 247, 266.
[176] Горшков А. И. История русского литературного… С. 37.
[177] Тамсама, с. 38; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 88; Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 27.
[178] Спробы вытлумачыць актуальнасць, якую ў 1940–я гг. набылі „пытанні… самабытнасці, глыбіні… народнай усходнеславянскай базы“ літаратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі, нейкімі „цалкам аб’ектыўнымі поспехамі савецкай навукі ў галіне гісторыі і філалогіі“ (Горшков А. И. Отечественные филологи о старославянском… С. 17, таксама: Колесов В. В. Древнерусский литературный язык… С. 4) выглядаюць смешна, параўнай скаргі савецкіх вучоных пасляваенных часоў на слабую вывучанасць матэрыялу (гл. спас. 166).
[179] Обнорский С. П. Очерки по истории русского… С. 7; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 93 і інш.
[180] Левин В. Д. Новые книги по истории… С. 115.
[181] Хаця, на думку некаторых вучоных, і ў гэтым няма патрэбы. Мова нешматлікіх грамат Кіеўскай Русі неаднастайная, а мова „Руськай Праўды“ не толькі мае царкоўнаславянізмы (гл.: Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 5), але, за выключэннем юрыдычных формул і тэрмінаў, істотна не адрозніваецца ад тагачаснай кніж­най мовы, гл.: Хабургаев Г. А. Дискуссионные вопросы истории… С. 58—59.
[182] Гл. напрыклад: Унбегаун Б. О. Язык русского права // Unbegaun B. O. Selected papers of Russian and Slavonic philology. Oxford, 1969. P. 312—318, гл. p. 313—314; Issatschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung… S. 8 і інш.; Зееман К.–Д. Двуезичие („диглоссия“) и система… С. 4—5; Алексеев А. А. Почему в Киевской Руси не было… С. 8—9, і нават з абурэннем гэта прызнавалі савецкія аўтары, гл.: Виноградов В. В. Вопросы образования русского… С. 9; Овчинникова В. С., Дибров А. А. Очерк древнерусского языка… (1959) С. 29 і наст. (1965) С. 29—30; Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 5; Ларин Б. А. Лекции по истории русского… С. 21; Аванесов Р.И. К вопросам происхождения и развития… С. 92—93, 96; Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 93.
[183] За выключэннем прац Б. Рыбакова, гл. напрыклад: Рыбаков Б. А. Древние русы // Советская археология. 1953. Т. 17. С. 23—204.
[184] Issatschenko A. Mythen und Tatsachen über die Entstehung… S. 20, 45.
[185] Горшков А. И. История русского литературного… С. 8; Филин Ф. П. Об истоках русского литературного… С. 8; Трубачев О. Н. В поисках единства: Взгляд… С. 21, 23, 25—26.
[186] Гл.: „калі руская літаратурная мова сапраўды ў сваёй аснове іншаземнага паходжання, то… нашая нацыянальная самасвядомасць можа ад гэтага пакутаваць“, Филин Ф. П. Истоки и судьбы русского… С. 12.
[187] Гл.: Рыбаков Б. А. Проблема образования древнерусской народности в свете трудов И. В. Сталина // Вопросы истории. 1952. № 9. С. 40—62, гл. с. 43.
[188] Гл.: Виноградов В. В. Изучение русского литературного… С. 60—61; Виноградов В. В. Основные проблемы изучения… С. 15, 36; Виноградов В. В. Основные вопросы и задачи… С. 8, 14—19.
[189] Паказальна, што для А. Гаршкова канцэпцыя Абнорскага не столькі правільная, колькі справядлівая, гл.: Горшков А. И. Теоретические основы истории… С. 95; Горшков А. И. Теория и история русского… С. 73.
[190] Issatschenko A. Geschichte der russischen Sprache… Bd. 1. S. 74.
[191] Гл. напрыклад, аргументацыю, што выкарыстоўвалася адной з такіх па­громшчыц: Клименко Л. Л. История русского литературного… С. 15—18.
[192] Гэта неаднаразова даводзіў у сваіх працах Г. Лант, гл. напрыклад: Lunt H.G. On the language of old Rus: Some questions and suggestions // Russian linguistics. 1975. Vol. 2. Nr. ѕ. P. 269—281; Lunt HG: On the re­lationship of old Church Slavonic to the written language of early Rus’ // Russian linguistics. 1987. Vol. 11. P. 133—162; Lunt H.G. The language of Rus’ in the eleventh century: Some observations about facts and theo­ries // Harvard Ukrainian Studies. 1988/1989. 12/13. P. 276—313.
[193] Блізкі погляд гл.: Левин В. Д. Краткий очерк истории… (1964) С. 20.

Наверх

Алан Мэгіл. „Вялікі наратыў“ і гістарычная навука

Снежня 12, 2004 |


Ці ўсёпрымальная прафесійная гістарыяграфія?

Ва ўводзінах да зборніка артыкулаў „Новыя перспектывы гісторыяпісання“ Пітэр Бэрк заўважае, што „цягам жыцця апошняга пакалення, ці блізка таго, сусвет гісторыкаў пашыраецца з галавакружнай хуткасцю“[1]. У гэтым артыкуле мне хацелася б — хоць я і вітаю такое пашырэнне — адзначыць некаторыя яго абмежаванні. Задоўга да з’яўлення самых першых „новых“ гісторыяў міфалогія гістарычнай навукі ўключала ў сябе ідэю, што гістарыяграфія — справа, здатная ўбіраць у сябе новае і нязвыклае, адкрытая для любых плённых падыходаў, метадаў і г.д., якія толькі знойдуцца ў іншых галінах навукі[2]. Але пры ўсёй сваёй эклектычнасці і гэтая ўсёпаглынальнасць гістарычнай навукі, і яе адкрытасць маюць суровыя абмежаванні. Вера ў успрымальнасць гісторыі да новых падыходаў грунтуецца на пэўным дапушчэнні, у аснове сваёй онталагічным. Найсціслей кажучы, яно палягае на тым, што сусвет у рэшце рэшт мае еднасць. Гэтае дапушчэнне стаіць за вялікімі наратывамі, якія пануюць у заходняй гістарыяграфіі[3]. У сваім артыкуле я прапаную агляд розных мадыфікацыяў канцэпцыі вялікага наратыву, якія выявіліся ў традыцыі сучаснай заходняй прафесійнай гістарыяграфіі. Я раблю гэта з тым, каб праліць святло на цяперашнюю сітуацыю ў гістарыя­графіі — сітуацыю, якая мае і дыяхранічны аспект, звязаны з працяглаю традыцыяй, і сінхранічны, звязаны з канкрэтнымі ўмовамі сучаснага жыцця і культуры.

Мая задача — разгледзець глыбейшыя інтэлектуальныя падваліны для падзелу гісторыі на паасобныя дысцыпліны або галіны. Навуковыя дысцыпліны, у тым ліку і гісторыя, маюць свае межы. Навукоўцы, добра абазнаныя ў той ці іншай дысцыпліне, найчасцей не задумваюцца пра іх. Наадварот, яны ўспрымаюць такія абмежаванні проста як неад’емную рысу ўсялякай сапраўднай навукі. На тое ёсць інстытуцыйныя прычыны: гэта пытанне супольнасці і спосабаў сацыялізацыі ў ёй. Можа, толькі ў нешматлікіх шматдысцыплінарных галінах — такіх, напрыклад, як гісторыя жанчын, культуры або навукі — спецыялісты ў адной гуманітарнай дысцыпліне звычайна па­збаўлены сур’ёзнага кантакту з спецыялістамі ў іншых галінах. Хоць пры нагодзе яны і могуць нешта запазычваць з іншых дысцыплінаў, у іх няма досведу пераходу на ўласцівы тым дысцыплінам спосаб аргументацыі. Часта выглядае так, што чым буйнейшая акадэмічная ўстанова, чым больш яна прэстыжная, тым вышэй у ёй уздымаюцца міждысцыплінарныя бар’еры. Установы, пра якія тут ідзе гаворка, найчасцей характарызуюцца глыбокай дысцыплінарнасцю. Спецыялізаваны семінар гісторыка дзейнічае ў ізаляцыі ад усіх іншых семінараў па гуманітарных і грамадскіх навуках, і ўсе астатнія семінары гэтаксама ізаляваныя. (На справе такі семінар часта сам аказваецца глыбока фрагментаваным, так што ўдзел у ім бяруць толькі спецыялісты з нейкай канкрэтнай сферы. Падобная вузкасць часта нясе з сабою прыкрыя наступствы, і каб выправіць такое становішча, трэба аддаваць больш увагі тэорыі.) Працэс прызначэння на акадэмічныя пасады таксама характарызуецца глыбокай спецыялізаванасцю.

Я свядома аперую ў гэтым артыкуле вельмі шырокімі абагуль­неннямі, добра ўсведамляючы, што разгляд іншых узроўняў мог бы спарадзіць думкі, нашмат больш складаныя і  больш спецыфічныя для гісторыі. Я іду на гэта, бо мая задача — нешта накшталт Grundlagenreflexion пра лагічныя падставы і агульны характар гістарычнай дысцыпліны. Загадзя вы­бачаю­ся за абстрактнасць, якая вынікае адгэтуль, і прашу з пільнай увагай ставіцца да дэфініцыяў. Разважанні, якія я спрабую тут будаваць — хоць гэта, відавочна, толькі малая частка таго, што могуць і павінны рабіць гісторыкі — важныя таму, што выводзяць на святло рэчы, якія інакш засталіся б недаследаванымі забабонамі. Коратка кажучы, яны маюць тэа­рэтычную значнасць. Больш за тое, я перакананы, што гэтая аргументацыя мае і практычную карысць для вывучэння і пісання гісторыі. Так, у гістарыяграфічных дыскусіях апошнім часам пачалі ўсплываць пытанні сінтэзу[5], гэтаксама як і літаратурнай формы — напрыклад, белетрыстычнасці і наратыўнай „звязнасці“. І ў тыя, і ў другія пытанні лёгка можна ўнесці яснасць, калі трымаць на думцы схему, якая будзе выкладзена ў гэтым артыкуле.

Відавочна, „звязнасць“ становіць тут важнае пытанне, калі не найважнейшае. У адным даследаванні нельга вычарпаць увесь гэты прадмет, але можна прынамсі правесці некаторыя важныя размежаванні. Здаецца, будзе плённым разглядаць „звязнасць“ на чатырох адрозных узроўнях канцэптуалізацыі, а менавіта: (1) уласна наратыў, (2) майстар–наратыў — сінтэз, які прапануе аўтарытэтны выклад нейкага канкрэтнага сегмента гісторыі; (3) вялікі наратыў, які прэтэндуе на аўтарытэтны выклад гісторыі ў цэлым, і (4) мэтанаратыў (звычайна вера ў Бога або ў рацыянальнасць, так ці інакш іма­нент­ную нашаму свету). У гэтым артыкуле я спынюся на ўзроўні вялікага наратыву. Гэта дазволіць распрацаваць канцэптуальныя асновы пастаўленай праблемы, якія, на маю думку, дапамогуць асэнсаваць не толькі пэўныя больш спецыфічныя пытанні, але і той факт, што апошнія ўзніклі як пытанні менавіта ў гэты канкрэтны (постмадэрновы?) гістарычны момант, у якім мы жывем. Па сутнасці, мяне цікавяць прэтэнзіі „прафесійнай“ або „міждысцыплінарнай“ гістарыя­гра­фіі на асабліва аўтарытэтную ролю ў разуменні мінулага — то бок на „аб’ектыўнасць“ у шырэйшым сэнсе гэтага тэрмінa[6].

Чатыры ідэальныя тыпы падыходаў да глабальнае звязнасці гісторыі

Назіральнікі і ўдзельнікі традыцыі сучаснай заходняй прафесійнай гістарыяграфіі, як правіла, уважаюць, што кожная канкрэтная гістарычная праца павінна арыентавацца на гісторыю ў цэлым — г.зн. на адзіную гісторыю, якую я буду тут называць Гісторыяй (з вялікай літары)[7]. Праўдападобна, традыцыя лучыць гістарыяграфію з Гісторыяй чатырма рознымі спосабамі, у якіх выяўляюцца чатыры „падыходы“ да Гісторыі. Гэтыя падыходы можна размеркаваць паводле храналогіі, хоць яны могуць і суіснаваць — як, на маю думку, і бывае ў найлепшай гістарыяграфіі. Яны з’яўляюцца канцэптуальнымі тыпамі. Спачатку мы бачым веру ў канкрэтны „вялікі наратыў“, які прэтэндуе на асэнсаванне гісторыі ў цэлым. Сутнасць „падыходу 1“ у тым, што існуе адзіная звязная Гісторыя і што яе можна расказаць (або пераказаць) цяпер. „Падыход 2“ таксама кажа, што існуе адзіная звязная Гісторыя, аднак яе выклад адтэрміноўваецца на пазнейшы час, пасля таго як будуць праведзеныя „далейшыя даследаванні“. Згодна з „падыходам 3“, адзіная звязная Гісторыя існуе, але распавесці яе немагчыма. Відавочна, мыслячы ў наратывісцкіх катэгорыях, мы ўбачым тут парадокс, бо вялікі наратыў, які немагчыма распавесці, не мае самой формы наратыву. Замест гэтага ён знаходзіць сваё выяўленне ў той адданасці, з якой гісторыкі пільнуюцца аўтаномнасці сваёй дысцыпліны. Гэтая адданасць забяспечвае чысціню і звязнасць дысцыпліны пры тым, што апошняя не зводзіцца ні ў які адзіны аповед. А „падыход 4“ ставіць пад пытанне нават такую форму звязнасці.

Той факт, што прафесійная гістарыяграфія прадугледжвае ў якасці сваёй перадумовы існаванне, хоць не канечне вы­клад, пэўнага звязнага вобразa, застаецца для саміх гісторыкаў амаль незаўважным. Вядома ж, гісторыкі, як правіла, добра ўсведамляюць праблему звязнасці на больш спецыфічных узроўнях, — ці гэта будзе пабудова адзінага (і звязнага паводле вызначэння) наратыву, ці зварот да імпліцытнага або экспліцытнага „майстар–наратыву“ нейкай канкрэтнай галіны гіс­торыі (як робяць Гаер і Ярауш, гл. спасылку 5). Пытанне тут, аднак, палягае ў звязнасці на ўзроўні „сусвету“. Паколькі фармуляваць канцэптуальныя прэзумпцыі — задача хутчэй тэарэтычная, чым гістарыяграфічная, гісторыкі бяруцца за яе вель­мі рэдка. Больш за тое, даследчыкі, у тым ліку гісторыкі гіста­рыяграфіі, схільныя абмінаць якраз тыя рысы апісанай намі сітуацыі, якія для іх найбольш „натуральныя“.

І ўсё ж некаторыя з гісторыкаў гістарыяграфіі патрапілі ўбачыць тое, пра што я тут кажу. Усе яны без выключэння прыйшлі да сваіх высноў праз экстрадысцыплінарныя даследаванні. Рэйнгарт Козэлек, спецыяліст па Begriffsgeschichte, адзначыў, што ў Нямеччыне ў канцы XVIII ст. тэрмін „Ge­schichte“ пачынае ўжывацца як „зборны назоўнік адзіночнага ліку“, і сцвердзіў, што для аўтараў, якія пісалі ў гэтых рамках, „гісторыя ў адзіночным ліку, як зборны назоўнік, прадвызначала ўмовы ўсіх магчымых індывідуальных гісторыяў“[8]. Знаёмства з літаратурнай тэорыяй прывяло Роберта Э. Бэркгофэра–малодшага да думкі, што цікаўнасць прафесійных гіс­торыкаў да кантэксту зыходзіць з дапушчэння пра мінуўшчыну як пра „складаную, але аднастайную плынь падзеяў“, „Вялікі аповед“[9]. Філосаф Луі Мінк выявіў, што характэрнае для XVIII ст. паняцце „усёагульнай гісторыі“ захоўваецца і ў гістарыяграфіі XX ст.[10] Нарэшце, зыходзячы з кантыянскага светапогляду, Леанард Крыгер зрабіў акцэнт на няспынным пошуку звязнасці, які вядзецца ў прафесійнай гістарыя­графіі[11].

Крыгераў выклад атрымаўся асабліва красамоўным. Аўтар паказаў у ім, што калі ў гісторыкаў няма фундаментальнай згоды наконт характару людской гісторыі, звязнасць гістарыяграфічнай справы апынаецца пад пагрозаю — і наадварот. Развіваючы Крыгераву тэзу, мы з сённяшняга пункту гледжання бачым, што прафесійная гістарыяграфія пры сваім узнікненні ў ХIX ст. вызначалася прыкметнай еднасцю ў стаўленні да людской гісторыі. Як бы ні розніліся нацыянальныя і ідэалагічныя пазіцыі, амаль усе прафесійныя гісторыкі пага­джаліся, што гісторыя мае палітычны, еўрапейскі і мужчынскі характар. Але ў апошнія гады прафесійная гістарыяграфія атры­мала імпульс да большага плюралізму. Кідаючы выклік колішняй аднароднасці, гэтая перамена аслабляе надзею на дасягненне еднасці ў поглядах на мінуўшчыну. Аслабляе яна і той погляд, згодна з якім гістарыяграфія можа і павінна быць аўтаномнаю ад іншых дысцыплін. Крыгер быў з крыві і косці прафесійным гісторыкам, глыбока адданым аўтаномнасці сваёй дысцыпліны. Ён уважаў, што гісторыку, хоць той і вучыцца ў суседніх дысцыплінаў, тым не менш належыць выступаць як „чыстаму гісторыку“ (то бок не атручанаму характэрным для іншых дысцыплінаў ладам думак), бо звязнасць „спецыфічна гістарычных ведаў“ гарантуе „звязнасць мінулага“[12]. Аднак сам Крыгер падкрэслівае суадноснасць паміж суб’­ектыўным і аб’ектыўным аспектамі, якая кожны раз, калі ў грамадстве назіраецца раз’яднанне, ставіць пад сумнеў перспектывы звязнасці вобраза, што ствараецца гістарычнаю дысцыплінаю.

Падыход 1: Існуе адзіная Гісторыя, і мы яе ўжо ведаем.

Падыход 1 увасабляецца ў традыцыі „усёагульнай гісторыі“. Усёагульная гісторыя мае дачыненне да нашай праблемы — праблемы бар’ераў паміж дысцыплінамі — таму, што ў сва­ёй секулярызаванай форме яна мела велізарны ўплыў на пра­фесійную гістарыяграфію. Хоць яе карані сягаюць яшчэ ча­соў патрыстыкі, упершыню яна зрабілася трывалаю трады­цы­яй навукі і адукацыі ў нямецкіх пратэстанцкіх універсітэтах, пасля таго як у сярэдзіне XVI ст. гуманіст–рэфарматар Філіп Меланхтон адчытаў на гэтую тэму цыкл лекцыяў ва уні­вер­сі­тэце Вітэнберга. У век, калі нацыянальная дзяржава ў Ня­­меч­чыне, у адрозненне ад Францыі і Брытаніі, яшчэ не скла­лася, усёагульная гісторыя давала немцам–пратэстантам воб­раз еднасці і славы, якіх у іншых дачыненнях ім бракавала[13].

Хрысціянская ўсёагульная гісторыя рабіла акцэнт на гістарычнай ролі габрэяў; храналогію і перыядызацыю яна запазычвала з Бібліі. На пачатку Новага часу бібліяцэнтрызм быў аспрэчаны і ўрэшце адкінуты. Але падрыў хрысціянскай усё­агульнай гісторыі не разбурыў ідэі самой усёагульнай гісторыі, якая прадоўжыла сваё існаванне ў секулярызаванай (г.зн. небіблійнай) форме. У Нямеччыне, вядома, гэтую ідэю пад­ма­цоў­вала існаванне прысвечаных ёй універсітэцкіх кафедраў.

Секулярызаваная традыцыя ўсёагульнае гісторыі стано­віць самы пачатак таго аповеду, які я тут выкладаю. Хоць секулярызаваная традыцыя не пакідала за Бібліяй ніякіх адмысловых прывілеяў, асноўная ідэя ранейшай канцэпцыі, грун­таванай на Бібліі, заставалася непарушнаю — менавіта, ідэя, што ў канчатковым рахунку існуе адзіная гісторыя, еднасць якое гарантуецца Богам. У канцэптуальным сэнсе пераход ад універсальнае гісторыі, грунтаванай на Святым Пісьме, да такой гісторыі, якая хоць і мела перадумовай тэізм, але не адводзіла перавагаў Святому Пісьму, стварыў новую праблему. У першым выпадку вялікі наратыў можна распавесці цяпер, бо гэты расповед фактычна ёсць пераказам; аднак у другім выпадку расповед не мае ўзору, які існаваў бы раней за яго. Як зведаць вялікі наратыў, калі ён больш не прадпісваецца Бібліяй? Ці можна фактычна спазнаць вялікі наратыў? Да якой ступені і якімі сродкамі?

Адказ прапанаваў Імануіл Кант. Ягоны артыкул „Ідэя ўсёагульнай гісторыі ў сусветна–грамадзянскім плане“ (1784) наўпрост прычыніўся да традыцыі ўсёагульнай гісторыі. Яшчэ раз Кант звярнуўся да гэтае справы ў тэксце „Новы разгляд старога пытання: ці адбываецца няспынны прагрэс людскога роду?“ (1795)[14]. У першай з гэтых дзвюх працаў Кант выказаў думку, што можна напісаць „філасофскую гісторыю“ чалавецтва. Такая філасофская гісторыя паказала б, якім парадкам хаатычныя на погляд дзеянні індывідуальнае свабоды, калі разглядаць іх „з пункту гледжання людскога роду як цэлага“, могуць трактавацца як прычынак да „нязменна паступальнага, хоць і маруднага, развіцця“, заканчэннем якога будзе „грамадзянскае адзінства людскога роду“. Напісанне такой гісторыі сапраўды дапамагло б дасягнуць жаданае мэты[15]. Але Кант ведаў, што такую гісторыю нельга было б апраўдаць эмпірычна, і адмаўляў усялякае жаданне зруйнаваць свет „эмпірычных гісторыкаў–практыкаў“[16].

У артыкуле 1795 г. Кант зноў падкрэсліў, што „праблему прагрэсу немагчыма развязаць непасрэдна шляхам досведу“; аднак поруч з гэтым ён сцвердзіў, што нешта ў досведзе павін­на прынамсі паказваць на „схільнасць і здатнасць людскога роду быць прычынай свайго ўласнага руху да лепшага“[17]. Аналізуючы сваю эпоху, Кант убачыў гэткі эмпірычны паказчык у „спосабе мыслення назіральнікаў“ найвялікшай яе падзеі — Французскае рэвалюцыі. Назіральнікі, якім рэвалюцыя не несла ніякіх выгодаў, віталі яе з кранальным энтузіязмам — нават у Прусіі, дзе іхні энтузіязм быў небяспечны. Такая сімпатыя да рэвалюцыі, меркаваў Кант, магла быць выклікана толькі пэўнай „маральнай схільнасцю“, наяўнасць якое ў людскога роду дае падставу верыць, што гісторыя чалавецтва мае прагрэсіўны характар[18]. Таксама і Гегель браўся вылучыць і сфармуляваць істотны абрыс гісторыі, якую ён бачыў як па­ступовую рэалізацыю свабоды: спачатку вольным бывае адзін чалавек, потым некаторыя, нарэшце ўсе[19].

Але распавяданне вялікага наратыву нясе рызыку, таму што будучыя падзеі могуць адступаць ад запраектаванага сюжэта. Вось прыклад: у траўні 1789 г. Фрыдрых Шылер, заняўшы пасаду прафесара гісторыі Енскага універсітэта, чытаў сваю інаўгурацыйную лекцыю. Натхнёны Кантавай „Ідэяй усёагульнай гісторыі“, ён абраў тэму „У чым палягае вывучэнне сусветнай гісторыі і якую мэту яно мае?“ і абмаляваў перад слухачамі рух ад варварства, дагэтуль відочнага ў прымітыўных расаў, да цывілізацыі Еўропы XVIII ст., дзе маральнасць і свабода набіраюць усё большае моцы. На ягоны погляд, „грамада еўрапейскіх дзяржаваў ператварылася як бы ў адну вялікую сям’ю“, члены якое „могуць яшчэ варагаваць міжсобку, але трэба спадзявацца, што яны ўжо не будуць рваць адзін аднаго на шматкі“[20]. Пра разбежнасць паміж сваім самазадаволеным выкладам еўрапейскай гісторыі ў інаўгурацыйнай лекцыі і падзеямі, якія выбухнулі ў Францыі ўсяго праз два ме­сяцы і скаланулі цэлы свет, Шылер, здаецца, не выказаўся ні разу[21].

Звязаная з гэтым праблема тычыцца ўзроўню дэталізацыі ў вялікім наратыве. У рэцэнзіі 1772 г. на „Усёагульную гісторыю“ Вільгельма фон Шлёцэра Ёган Готфрыд Гердэр скрытыкаваў Шлёцэра за тое, што той не рэалізаваў план ўсёагульнае гісторыі, прапанаваны ім у сваёй кнізе. У адказ Шлёцэр пага­дзіўся з Гердэравым назіраннем, што прапанаваць лягчэй, чым зрабіць (dass sich etwas leichter sagen als thun lasse), але заявіў: „што да сусветнае гісторыі,… [то] яна павінна быць сфармулявана (gesagt) перш, чым рэалізавана… трэба скласці план, тэорыю, ідэал гэтае навукі“[22]. Іншымі словамі, Шлёцэр сцвярджаў, што абрыс аповеду можна распавесці ўжо цяпер, але яго поўны выклад адносіў на пазнейшы час. Гэтае пазнейшае апавяданне Шлёцэр напэўна ўяўляў сабе проста як дапаўненне абрысу. Але можна задаць пытанне: што, калі пазнейшы аповед будзе не столькі дапаўняць, колькі папраўляць той абрыс? У такім выпадку нельга было б сказаць, што мы ўжо спазналі адзіную Гісторыю.

Падыход 2: Існуе адзіная Гісторыя, але мы яе спазнаем толькі пасля дадатковых даследаванняў.

Падыход 2 адносіць выклад аповеду на пазнейшы час. Выйшаўшы на арэну гісторыі як адказ на забурэнні рэвалюцыйных і напалеонаўскіх войнаў, гэты падыход быў звязаны з узнікненнем прафесійнай гістарыяграфіі. Кананічны заснавальнік гэтае дысцыпліны, Леапольд фон Ранке, крытычна ставіўся да такіх усёагульных гісторыкаў, як Гатэрэр, Ёганэс Мілер і Фрыдрых Хрыстаф Шлосер[23]. Яшчэ крытычней ён ставіўся да такіх філосафаў, як Гегель, што пастулявалі ход людской гісторыі апрыёрна. Але ягонае стаўленне да ўсёагульнай гісторыі як такой крытычным не было; наадварот, яна заўсёды заставалася прадметам ягонага пераканання[24].

Разгледзім наступнае месца з фрагмента, напісанага Ранке ў 1860–х г.:

Вывучэнне нечага прыватнага заўсёды стаіць у шырэйшым кантэксце. Лакальная гісторыя звязаная з гісторыяй краіны; біяграфія — з шырэйшымі падзеямі ў дзяржаве і царкве, з пэўнай эпохаю нацыянальнай ці агульнай гісторыі. Але ўсе гэтыя эпохі, як мы сказалі, самі толькі частка большае цэласці (Ganzen), якую мы завём усёагульнай гісторыяй. Чым большы абсяг яе даследавання, тым большая ў яго, адпаведна, і вартасць. Канчатковаю ж мэтай, яшчэ не дасягнутай, заўсёды будзе заставацца асэнсаванне і складанне гісторыі чалавецтва… Аднак ахапіць усё цалкам і ўсё ж аддаць справядлівасць патрабаванням даследавання — гэта заўсёды будзе заставацца толькі ідэалам. Перадумова такога ідэалу — разуменне людское гісторыі ў цэлым на трывалым грунце[25].

Тут Ранке разглядае тры розныя ўзроўні цікаўнасці гісторыка. Першы, „даследаванне прыватнага, нават адзінкавага пункту“, спараджае тое, што гісторыкі сёння завуць мікрагі­сто­рыяй. Другі паказвае, як прыватнае робіцца часткаю „шы­рэй­шага кантэксту“; ён таксама назіраецца ў сучаснай гіста­рыя­графіі. Трэці ўзровень, які займаецца „вялікай цэласцю“ — з „асэнсаваннем цэлага“ — прыхаваны, але ідэя яго нам знаёмая: гэта ідэя вялікага наратыву, адзінай гісторыі чалавецтва.

Кажучы пра „канчатковую мэту, яшчэ не дасягнутую“, Ранке прызнаваў, што апавяданне такое гісторыі адкладаецца. Падобныя цверджанні ў яго трапляюцца і ў іншых месцах; напрыклад, у канспекце лекцыі 1867 г. ён пісаў: „Гістарычная навука яшчэ недастаткова саспела, каб перабудаваць усё­агульную гісторыю на новых асновах“[26]. Насамрэч, патрабаванне адтэрмінаваць выклад вялікага наратыву было неабходна для таго, каб гісторыя паўстала як навуковая дыс­­цыпліна. Кант, Шылер і Гегель лічылі, што ім ужо вядомы асноўны абрыс людской гісторыі — або, прынамсі, што ім вядома, які яе абрыс найлепш пастуляваць як праўдзівы. Такая ўпэўненасць пазбаўляла гістарычны дослед лагічнага абгрунтавання, бо, перакананы падобнымі выкладамі, даследчык стаў бы „дашуквацца ведаў толькі пра тое, наколькі магчыма выявіць у гісторыі філасофскі прынцып… было б увогуле нецікава корпацца ў падзеях, якія адбыліся… або хацець даведацца, як людзі жылі ці думалі ў той ці іншы час“. Больш за тое, „калі б гэтая працэдура [пабудовы „гісторыі як цэлага“ на апрыёрнай аснове] была карэктнаю, гісторыя (Historie) страціла б сваю самастойнасць (Selbständigkeit)[27]. Калі праз Святое Пісьмо, або праз веданне людское натуры, ці нейкім іншым шляхам мы можам выкласці гэты аповед цяпер, дык што за патрэба тады ў быццам бы спецыфічных метадах прафесійнага гістарычнага даследавання?[28]

Для Ранке абгрунтаванне веры ў рэальнасць адзінае Гісторыі, нават пры адсутнасці яе сучаснага выкладу, было рэлігійным. Бог стварыў свет і даглядае за ўсім, што ў ім ёсць, адзін Бог — адна і гісторыя, якую Ён творыць. Прыкметы гэтага по­гляду можна знайсці ў Ранке ў „Ідэі ўсёагульнай гісторыі“, дзе, разглядаючы „канцэпцыю татальнасці“ (Auffassung der Tota­lität) — адну з рысаў усёагульнай гісторыі — ён цвер­дзіць, што для нас немагчыма спасцігнуць усёагульную гісторыю ў цэласці: „Сусветная гісторыя вядома толькі Богу“[29]. Але най­ясней гэтая повязь паміж ідэяй Бога і ідэяй еднасці Гісторыі выказана ў лісце маладога Ранке да свайго брата ад 1820 г.:

Бог перабывае, жыве і можа быць спазнаны ўва ўсёй гісторыі. Пра Яго сведчыць кожны ўчынак, Яго імя прапаведуецца кожным момантам, але найбольш, як мне здаецца, злучнасцю гісторыі ў цэлым. Яна [злучнасць] стаіць, як святы іерогліф… Каб жа нам расчытаць гэты святы іерогліф! Якраз гэткім чынам мы служым Богу. Якраз гэткім чынам мы святары. Якраз гэткім чынам мы настаўнікі[30].

Вось жа, паміж Ранке і ранейшаю, хрысціянскаю канцэпцыяй усёагульнай гісторыі існуе відавочная пераемнасць.

Адданасць паняццю вялікага наратыву зусім не канечне патрабавала рэлігійнае веры: формы секулярнае веры пасавалі для яе таксама. Звернемся да інаўгурацыйнае лекцыі Дж.Б.Б’юры „Навука гісторыі“ (1902 г.), прачытанае пры атры­манні ім пасады прафесара каралеўскае кафедры сучаснай гісторыі ў Кембрыджы. Тут Б’юры выказаў думку, што

ідэя будучага развіцця чалавека… служыць… апраўданнем для значнае часткі цяжкой гістарычнай працы, якая ўжо зроблена і якая робіцца цяпер. Збіранне матэрыялаў пра дробныя мясцовыя падзеі, супастаўленне рукапісаў і рэгістрацыя дробных разыходжанняў паміж імі, цярплівая руцінная праца ў дзяржаўных і муніцыпальных архівах, усе мікра­скапічныя даследаванні, што вядуцца арміямі руплівых на­­вукоўцаў… Рабіць гэтую працу — секчы дровы і насіць ваду — трэба з вераю: вераю ў тое, што поўны збор найдрабнейшых фактаў людской гісторыі ўрэшце загаворыць. Гэтая праца робіцца дзеля будучыні — дзеля далёкае будучыні[31].

Апраўданне веры, якую меў Б’юры, ляжыць у глабальнай экспансіі заходняй цывілізацыі напрыканцы ХIX ст. і ідэалаў навукі і супрацоўніцтва, якія, на думку Б’юры, зрабілі гэткую экспансію магчымаю. Пазіцыя Б’юры была структурна ідэнтычнаю пазіцыі Ранке, нягледзячы на яе секулярны фокус. Як і Ранке, Б’юры трымаўся падыходу 2, адносячы выклад вялікага наратыву на будучыню. Ягонай процілегласцю выступаў адкрыты прыхільнік падыходу 1, Томас Арнальд, які ў сваёй інаўгурацыйнай лекцыі 1841 г. пры атрыманні пасады прафесара каралеўскае кафедры сучаснай гісторыі ў Оксфардзе выказаў думку, што „сучасны век“ супаў з „апошнім крокам“ у гісторыі чалавека — што ён мае прыкметы „паўнаты часу, як быццам за ім не мае быць далейшай гісторыі“[32]. Б’юры запярэчыў на гэта, але не таму, што быў супраць ідэі адзінай Гісторыі per se. Ягоная думка палягала ў тым, што ведаць абрыс гісторыі яшчэ зарана, а не ў тым, што такога адзінага абрысу, які можна