Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2005 Т.12 Сш. 1-2

Юсова, Наталія. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.) (Генадзь Сагановіч)

Снежня 18, 2005 |


ЮСОВА, НАТАЛІЯ. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.). Вінниця, 2005. 545 с.

У дыскусіях вакол старажытнарускай народнасці паламана нямала дзідаў, асабліва ў гістарычнай літаратуры Беларусі і Ўкраіны пасля атрымання імі дзяржаўнага суверэнітэту. Для адных яна была і ёсць неабвержным фактам, для другіх — гістарыяграфічным фантомам[1]. Кожнаму, хто браўся пісаць гісторыю Беларусі ці Ўкраіны, даводзілася вызначацца ў стаўленні да даўно ўзятага на веру (або, наадварот, адрынутага) „адзінага кораня“ ўсходніх славян. Стаўкі ад яго прызнання або адмаўлення вельмі вялікія. Невыпадкова прарасійскі прэзідэнцкі рэжым цяперашняй Беларусі дырэктыўным спосабам надаў (дакладней — вярнуў) гэтай канцэпцыі статус базавай тэорыі, ключавога элемента дзяржаўнай ідэалогіі і гістарычнай адукацыі[2]. І гэта пры тым, што этнічная супольнасць эпохі Кіеўскай Русі… спецыяльна нікім не вывучалася. У цяперашняй сітуацыі можна не сумнявацца, што кніга ўкраінскай даследчыцы будзе запатрабавана і ў Беларусі.

Праца Наталлі Юсавай, аднак, чыста гістарыяграфічная. Аўтар адразу зазначае, што не збіраецца ўцягвацца ў даўнюю спрэчку ды прыводзіць аргументы на карысць існавання або неіснавання старажытнарускай народнасці. Яна слушна лічыць, што права выказвацца па гэтай праблеме лепей пакідаць спецыялістам, якія паглыблена займаюцца эпохай Старажытнай Русі (20). Перад ёй жа іншая мэта — даследаваць генэзіс канцэпцыі старажытнарускай народнасці ў перыяд 1930–х — першай паловы 1940–х г. у кантэксце гістарыяграфічнага працэсу СССР. Праблема ўзнікнення і фармавання названай канцэпцыі яшчэ спецыяльна нікім не даследавалася, хоць пісалі пра яе многія, і ў гэтым праца Н.Юсавай сапраўды піянерская.

Ясна ўсведамляючы спецыфіку крыніцазнаўчай базы гістарыяграфічнага даследавання, якое не можа быць зведзена да аналізу апублікаваных кніг і артыкулаў, украінская даследчыца апрацавала вялізны архіўны матэрыял — адпаведныя фонды 24 архівасховішчаў Кіева, Масквы і Санкт–Пецярбурга. Сапраўды, толькі на падставе самага разнастайнага апублікаванага і рукапіснага архіўнага матэрыялу можна высветліць, як нараджаліся ідэі і гіпотэзы, якія фактары і як уплывалі на фармаванне канцэпцыі.

Пасля характарыстыкі ступені распрацаванасці праблемы і даступнай базы крыніц Н.Юсава разглядае меркаванні даследчыкаў ХIХ — першай трэці ХХ ст. наконт паходжання ўсходнеславянскіх народаў (гл. раздзел II, с.52—110). Асобна характарызуюцца пазіцыі М.Кастамарава, А.Шахматава, М.Грушэўскага, Д.Багалія, М.Яворскага, У.Пічэты, М.Любаўскага, М.Пакроўскага і А.Праснякова. Да рэвалюцыі большасць гісторыкаў асвятляла мінулае Русі з пазіцый „трыадзінарускага“ народа. Цікава, што, як вызначаецца ў кнізе, упершыню парадыгма „адзінага“ народа Русі была выказана ў украінскай гістарычнай думцы ХVII ст. Гэтае „вынаходства“ належыць праваслаўнай эліце Гетманшчыны, якая пасля 1654 г. імкнулася давесці „рускае“ паходжанне маларосаў. Падобная думка сфармулявана і ў кіеўскім „Сінапсісе“. Нагадаем, што тэзіс аб генетычна абумоўленым адзінстве „трох галін рускага народа“ — велікарусаў, украінцаў і беларусаў — у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. у Беларусі зацята адстойвалі прадстаўнікі заходнерусізму, якія абсалютызавалі значэнне канфесійнага фактару ў трактоўцы гісторыі.

Сцісла кранаючы сітуацыю ў беларускай гістарыяграфіі, Н.Юсава справядліва канстатуе яе тагачасную слабасць, звязаную з запозненасцю нацыянальнага развіцця беларусаў, адсутнасць значных самастойных прац, якія можна было б параўноўваць з напрацоўкамі М.Грушэўскага (66). Яна не без падставаў найбольшую ўвагу аддае У.Пічэту — як вучонаму, які істотна паўплываў на станаўленне беларускай гістарыяграфіі. Але прыведзеная характарыстыка беларускай гістарыяграфіі не зусім дакладная. Роля мімаходзь згаданага М.Доўнара–Запольскага ў распрацоўцы беларускай гістарычнай канцэпцыі тут недаацэнена, і зусім не ўлічаны яго раннія працы, друкаваныя ў Мінску. Калі Пічэта, як вызначае сама даследчыца, хоць і прызнаваў існаванне трох усходнеславянскіх моў і трох асобных нацыянальнасцяў, заўжды заставаўся на пазіцыях прыхільнікаў „трыадзінага“ „рускага“ народа (68—69), дык Доўнар–Запольскі трымаўся іншых поглядаў. Прыкладам, яшчэ ў 1888 г. ён пісаў, што „беларускі народ да канца ХIV ст. <…> жыў самастойным жыццём“, і што „ўмовы жыцця беларускага народа адрозніваліся цалкам процілеглым накірункам у параўнанні з жыццём маскоўскім“[3].

Вызначаючы пераемнасць канцэпцыі старажытнарускай народнасці і даўняй парадыгмы „адзінага рускага народа“ („трыадзінарускасці“) у складзе беларусаў, расіян і ўкраінцаў, Н.Юсава паказвае, наколькі важнымі для генэзісу канцэпцыі аказаліся многія тэарэтычныя палажэнні А.Праснякова (91—94), у прыватнасці яго тэзіс пра тое, што старажытнарускі перыяд у роўнай ступені належыць гісторыі Беларусі, Расіі і Ўкраіны — пазіцыя, якую ў 1930–я г. акцэптавала і савецкая гістарычная навука.

Навуковыя і палітычна–ідэалагічныя перадумовы ўзнікнення канцэпцыі аналізуюцца ў трэцім раздзеле працы (111—193). Тут паказана, як ва ўмовах савецкай рэчаіснасці адбывалася трансфармацыя „трыадзінарускай“ канцэпцыі ў накірунку прызнання таго факта, што ўсходнеславянская супольнасць эпохі Кіеўскай Русі была агульным продкам будучых хоць і роднасных, але асобных супольнасцяў — беларусаў, велікарусаў і ўкраінцаў. Пачатак гэтага працэсу Н.Юсава звязвае з выхадам кнігі М.Рубінштэйна „Нарыс гісторыі Кіеўскай Русі“ ў 1930 г., у якой упершыню выказвалася палажэнне пра Кіеўскую Русь як „супольную калыску“ ўсходнеславянскіх народаў (праўда, толькі двух — велікарусаў і ўкраінцаў) (125—137).

З метадалагічнага пункту гледжання адной з перадумоваў узнікнення канцэпцыі Н. Юсава называе фармаванне марксісцка–ленінскіх асноваў тлумачэння гістарычнага працэсу. Пытанне генэзісу феадалізму, пастаўленае ў канцы 1920–х — пачатку 1930–х г., актуалізавала і вывучэнне гісторыі Кіеўскай Русі. З іншага боку, важнай прыступкай да ўзнікнення славутай канцэпцыі стала прызнанне Кіеўскай Русі супольным перыядам гісторыі трох усходнеславянскіх народаў, на што ў другой палове 1930–х г. дало „дабро“ і савецкае партыйнае кіраўніцтва.

Як вядома, пры Сталіне парадыгма савецкай гістарыяграфіі мянялася некалькі разоў. Калі пасля разгрому школы Пакроўскага ў Маскве выявіўся паварот да велікарускага патрыятызму, аказаліся запатрабаванымі ідэі дарэвалюцыйных гісторыкаў пра „трыадзінства“ Расіі. І хоць у той час аднаўляліся традыцыйныя погляды на гісторыю ўсходніх славян, характэрныя для дарэвалюцыйных гісторыкаў, савецкая навука — у адрозненне ад расійскай імперскай гістарыяграфіі — прызнавала ўсходнеславянскія народы асобнымі этнічнымі супольнасцямі. Акцэнтаванне элементаў іх этнакультурнай агульнасці ў старажытнарускі перыяд стварала неабходныя падставы нараджэння вучэння пра старажытнарускую народнасць.

Чацвёрты раздзел кнігі (194—300) прысвечаны аналізу прычын пачатку этнагенетычных даследаванняў у савецкай навуцы перад вайною, у кантэксце якіх прасочваюцца пачатковыя формы канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Даследаванні этнагенэзу ўсходніх славян падштурхнула санкцыяваная перад вайной праца над шматтомавай „Гісторыяй СССР“. У выніку археолагі М.Артамонаў і П.Траццякоў прапанавалі лічыць, што старажытнаруская культура і дзяржаўнасць выніклі з кансалідацыі ўсходніх славян у „этнічную цэласнасць“, якую было прапанавана называць народнасцю (238). Іх канструкцыя аказалася важным грунтам для распрацоўкі канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Паўплывала на канцэпцыю і далучэнне Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны да СССР, якое, актуалізуючы пытанне паходжання беларусаў і ўкраінцаў, умацавала ідэю ўсходнеславянскага адзінства. Тэрмін уз’яднанне, слушна выкарыстаны ў адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў у 1939 г., быў перанесены і на характарыстыку падзей ХVII ст., што прывяло да ўзнікнення ідэі „ўз’яднання“ з велікарускім народам. Аўтар прыводзіць прыкрыя факты таго, як гэтыя погляды прапагандаваў У.Пічэта, чый унёсак у фармаванне канцэпцыі ў кнізе ацэньваецца як вельмі значны. У лекцыях і артыкулах ён характарызаваў восеньскія падзеі 1939 г. як уз’яднанне частак украінскага і беларускага народаў не толькі са сваім этнічным цэлым, але і „с великим братским русским народом“ (250).

Разглядаючы завяршальны этап фармавання канцэпцыі, што аднесены да 1942—1945 г. (раздзел V, с.301—383), даследчыца паказвае, як вучэнне набывала адпаведнае тэарэтычнае абгрунтаванне і напаўнялася фактурай. У гады вайны працэс распрацоўкі канцэпцыі паскорыўся пад уплывам пазанавуковых фактараў. Паказальным прыкладам палітычна–ідэалагічнага ўздзеяння на гістарыяграфію можна лічыць нарады гісторыкаў з удзелам сакратароў ЦК ВКП(б), якія праводзіліся ў Маскве ў 1943—44 г.[4]. Партыя яшчэ ў час вайны вызначыла такія падыходы да асвятлення гісторыі, пры якіх Расія выдавалася за самую прагрэсіўную дзяржаву Еўропы, што выконвала ключавую ролю ва ўсіх важных момантах гісторыі. А паколькі адсталая краіна з рэакцыйнай палітыкай не магла выконваць такой місіі, было вырашана паказваць Расію і ўсходніх славян у выключна пазітыўным святле. Апрача партыйна–дырэктыўных імпульсаў погляды на пытанні этнагенэзу тады вызначала ідэалогія панславізму. Ідэя славянскага адзінства ў адвечнай барацьбе супраць фашысцкай Нямеччыны выкарыстоўвалася савецкай уладай для патрыятычнай мабілізацыі славянскіх народаў на вайну.

Наталля Юсава асобна характарызуе ўнёсак у распрацоўку канцэпцыі такіх вядомых гісторыкаў, як А.Удальцоў, С.Юшкоў, М.Пятроўскі, Б.Грэкаў, У.Пічэта і У.Маўродзін. Прыкладам, два першыя, абапіраючыся на артыкул І.Сталіна „Марксізм і нацыянальнае пытанне“ ды глатаганічную тэорыю М.Мара, распрацавалі тэарэтычныя падставы этнагенетычных даследаванняў, увялі тэрмін народнасць у інструментарый вывучэння традыцыйнага грамадства. Грэкаў даказваў высокую ступень этнічнай кансалідаванасці ўсходніх славян у Кіеўскай Русі і нават наяўнасць у іх нацыянальнай самасвядомасці.

У цэлым цягам вайны канцэпцыя старажытнарускай народнасці ўжо ў асноўным была распрацавана, лічыць Н.Юсава. А канчатковае афармленне яна атрымала ў кнізе У.Маўродзіна „Утварэнне старажытнарускай дзяржавы“ (1945). Ленінградскі гісторык сфармуляваў асноўныя палажэнні аб прамежкавай этнасупольнасці паміж усходнеславянскімі плямёнамі і познесярэднявечнымі асобнымі народнасцямі ды назваў яе „старажытнарускай народнасцю“. Акрамя гэтага, ён акрэсліў вызначаную супольнасць „продкам“ беларусаў, расіян і ўкраінцаў, — упершыню ў савецкай гістарыяграфіі, падкрэсліваецца ў кнізе. Як тлумачыць даследчыца, погляды Маўродзіна сталі з часам класічным узорам канцэпцыі таму, што ён прызнаваў існаванне трох асобных усходнеславянскіх народаў. Праўда, названая праца Маўродзіна выйшла ў неспрыяльнай ідэалагічнай сітуацыі, і спачатку яго ідэі не атрымалі прызнання (у 1946—1947 г. кніга рэзка крытыкавалася). Не адразу ўвайшла ў абарачэнне і прапанаваная ім этнакатэгорыя. Гэта заўважна і па беларускіх выданнях. Так, у „Тезисах об основных вопросах истории БССР“, распрацаваных Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ і выдадзеных у Мінску ў 1948 г., усяляк адстойвалася гістарычнае адзінства лёсаў Беларусі, Украіны і Расіі, а адмаўленне „постоянного стремления белорусского народа к единству с русским народом“ кваліфікавалася як „наиболее антинаучная и вредная концепция“, аднак тэрмін народнасць яшчэ не выкарыстоўваўся[5].

Стаўленне да выказаных Маўродзіным ідэй змянілася пасля выхаду кнігі Сталіна „Марксізм і пытанні мовазнаўства“ (1950), якая апраўдала выкарыстанне этнакатэгорыі народнасць y апісанні ранніх этапаў развіцця чалавецтва. Другім фактарам легітымацыі канцэпцыі аказалася яе сугучнасць з парадыгмай „уз’яднання“, якая актыўна прапагандавалася ў сувязі з падрыхтоўкай святкавання 300–годдзя Пераяслаўскай Рады. З санкцыі партыйнага кіраўніцтва формула „найменшага зла“ выцяснялася з гістарыяграфіі ідэяй прагрэсіўнага, заканамернага „ўз’яднання“ братніх усходнеславянскіх народаў у адной расійскай дзяржаве. У сваім класічным выглядзе, піша Н.Юсава, канцэпцыя старажытнарускай народнасці была сфармулявана ў „Тезисах о 300–летии воссоединения Украины с Россией“. Так, дзякуючы збегу названых акалічнасцяў да 1954 г. канцэпцыя старажытнарускай народнасці атрымала палітычнае „дабро“, што забяспечыла ёй выбуховападобнае развіццё і ўдасканаленне, а галоўнае — статус тэорыі (17, 394).

Наданне канцэпцыі старажытнарускай народнасці статусу тэорыі і яе сакралізацыя, як ведаем, мелі далёкасяжныя наступствы. Калі ўсходнеславянскія народы паходзілі ад адзінага продка (ці „адзінага кораня“), то далучэнне Ўкраіны і Беларусі да Расіі трэба кваліфікаваць як „уз’яднанне“, а ўсялякія дзеянні, скіраваныя на дасягненне былой цэласнасці, ацэньваць толькі як справядлівыя. Такой была і ёсць ідэалагічная сутнасць гэтай канцэпцыі, што ў сярэдзіне 1950–х г. стала адным з базавых кампанентаў савецкай гістарычнай дактрыны. Дактрыны, на падставе якой ствараліся ўсе падручнікі і сінтэтычныя акадэмічныя выданні па гісторыі Беларусі літаральна да 1991 г.

Апублікаваныя ў дадатку архіўныя матэрыялы (458— 528) могуць уяўляць самастойную каштоўнасць для даследчыка. Гэта рэцэнзія В.Данілевіча на кнігу А.Праснякова „Образование великорусского государства“, фрагмент даследавання Д.Багалія, даклады С.Юшкова, лісты У.Маўродзіна ды іншых вядомых гісторыкаў, партыйныя пастановы і да т.п.

У пачатку сваёй грунтоўнай кнігі ўкраінская даследчыца задалася мэтай прайсці „паміж Сцылаю агульнага шальмавання развіцця гістарычнай навукі СССР… як такога, што адбываўся па ўказцы партыі, і Харыбдаю адмаўлення ўмяшання „крамлёўскіх вярхоў“ у гістарыяграфічны працэс наогул“ (14). На маю думку, ёй гэта ўдалося, хоць сама тэма старажытнарускай народнасці проста правакуе гісторыка заняць пазіцыю па той ці іншы бок сімвалічнай барыкады, узведзенай удзельнікамі даўняй гістарыяграфічнай баталіі. Даследаванне Н.Юсавай дазваляе рэканструяваць складаны гістарыяграфічны працэс фармавання адной з найбольш уплывовых канцэпцый айчыннай гістарыяграфіі ад яе ўзнікнення да поўнай легітымацыі, вызначыць персанальныя заслугі гісторыкаў, якія да яго спрычыніліся, а таксама ацаніць ролю палітычна–ідэалагічных фактараў ды ўявіць сам механізм узаемадзеяння структур палітычнай улады і гістарычнай навукі ў таталітарным грамадстве. Працу можна лічыць сур’ёзным унёскам у гісторыю гістарычнай навукі.

Мінск

Генадзь Сагановіч


[1] Як адно з найноўшых вяртанняў да дыскусіі гл.: Семянчук Г. Ці існавала старажытнаруская народнасць, альбо пра „калыску“ беларускага народу // Спадчына. 2003. № 6. С.9 — 21.
[2] У „новай канцэпцыі“ Я.Трашчанка, што стала сцвярджацца ў адукацыі ў апошнія гады, як аксіёма ўводзіцца не проста канцэпцыя старажытнарускай народнасці, а дарэвалюцыйная ідэя „трыадзінарускасці“. Гл.: Трещенок Я. К вопросу об общей концепции исторического образования в Республике Беларусь. Могилев, 2002; ён жа. История Беларуси. Ч. 1. Досоветский период. Могилев, 2003.
[3] Довнар–Запольский М. Белорусское прошлое // ён жа. Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909. С.333.
[4] Гл.: Стенограмма совещания по вопросам истории СССР в ЦК ВКП (б) // ВИ. 1996. № 2—3, 4, 5—6, 7, 9.
[5] Тезисы об основных вопросах истории БССР. Ч. 1. История белорусского народа до Великой Октябрьской революции // Известия АН БССР. № 3. Минск, 1948.

Наверх

Блануца, Андрій. Матеріали до реєстру земельних контрактів волинської шляхти (Аляксандр Доўнар)

Снежня 17, 2005 |

БЛАНУЦА, АНДРІЙ. Матеріали до реєстру земельних контрактів волинської шляхти (друга половина XVI ст.). Київ: Інститут історії України, 2005. 129 с.

Даследаванне Андрэя Блануцы прысвечана аналізу кантрактаў адносна зямельнай уласнасці шляхты Луцкага павету Валынскага ваяводства другой паловы XVI ст. Крыніцазнаўчай асновай працы сталі справы Луцкага гродскага (фонд №25) і земскага судоў (фонд №26), якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Ўкраіны ў г. Кіеве. Кніга складаецца з двух раздзелаў. У першым раздзеле „Асаблівасці складання зямельных кантрактаў“ даецца кароткая характарыстыка структуры розных тыпаў зямельных кантрактаў: актаў куплі/продажу, дарэння, заставы, арэнды, абмену зямельных уладанняў.

У працы адзначаецца, што кантракты адносна зямельных уладанняў афармляліся адпаведна тагачаснаму прававому полю згодна з Статутам Вялікага Княства Літоўскага 1566 г., які дзейнічаў на тэрыторыі Ўкраіны пасля Люблінскай уніі 1569 г. (так званага Валынскага Статуту). Структурна кантракты як юрыдычныя дакументы дзяліліся на ўступную частку, асноўны змест і заканчэнне. Згодна з правіламі дыпламатыкі ўнутраная структура дакумента складалася з інтытуляцыі, прамульгацыі, нарацыі, дыспазіцыі, санкцыі, карабарацыі, субскрыпцыі, датацыі. Яскравым прыкладам такой структуры выступаюць акты куплі/продажу. Адзначаецца, што не ва ўсіх кантрактах былі адзначаныя кампаненты. Кожны тып кантрактаў меў у сваім афармленні асаблівасці.

Аўтар характарызуе кожны тып зямельных кантрактаў. Так, пры аналізе актаў–застаў падкрэсліваецца павелічэнне іх колькасці ў XVI ст. Аўтар адзначае існаванне некалькіх варыянтаў застаўных кантрактаў у судовых актавых кнігах: заставы без дзяржання, заставы з дзяржаннем. Застава без дзяржання афармлялася ў выпадку, калі адна асоба пазычала ў другой пэўную суму грошай і атрымлівала гарантыю, што ў выпадку нясвоечасовай выплаты пазычальнік перадаваў у трыманне свайму крэдытору частку сваіх уладанняў. Застава з дзяржаннем афармлялася, калі крэдытор даваў пазычальніку пэўную суму грошай і адразу атрымліваў ад яго на акрэслены ў кантракце тэрмін вызначаную маёмасць. У дадзеным выпадку прыбыткі ад застаўленай маёмасці ішлі крэдытору ў якасці працэнтаў. Аўтарам падкрэсліваецца, што ў кантрактах па заставе з дзяржаннем у большасці выпадках падрабязна апісвалася зямельнае ўладанне, якое закладвалася. Крэдытору перадавалася разам з маёнткам права спагнання павіннасцяў і права суда над падданымі. Характэрнай асаблівасцю заставы з дзяржаннем была магчымасць перазаставіць маёмасць трэцяй асобе. У кантрактах заставы абавязкова пазначаўся тэрмін вяртання грошай. У працы адзначана, што ў Луцкім павеце ў другой палове XVI ст. кантракты па заставе складаліся пераважна на адзін–тры, радзей — шэсць–сем гадоў. Сярод родзічаў часта практыкаваліся пажыццёвыя застаўныя аперацыі („до живота“).

Аўтар аналізуе паводле дадзеных другой паловы XVI ст. тэрміны складання кантрактаў па зямельнай уласнасці і слушна робіць выснову, што час іх складання залежыў ад каляндарнага цыкла сельскагаспадарчых работ. У сувязі з чым найбольшая колькасць актаў па аперацыях з зямельнай уласнасцю ў Луцкім павеце афармлялася ў летне–восеньскі перыяд (летам заключалася 29% кантрактаў, восенню — 27,6%), бо ў гэты час наглядна праяўлялася вартасць зямлі — асноўнага аб’екта аперацый. У працы адзначаецца, што найбольшая колькасць кантрактаў аб зямельнай уласнасці ажыццяўлялася ў студзені (10,4%), чэрвені (12,3%), верасні (10,8%), кастрычніку (13,1%) [аўтар памылкова сцвярджае, што ў месячным цыкле найбольшая колькасць кантрактаў па зямельнай уласнасці заключалася ў чэрвені, хоць паводле яго ж дадзеных гэты тэзіс трэба аднесці да кастрычніка] ( 23—24). З лістапада да красавіка (за выключэннем студзеня) назіралася рэзкае зніжэнне колькасці заключэння кантрактаў аб зямлі. Гэтыя дадзеныя ўказваюць на яшчэ адзін аспект, які не акрэсліваецца ў працы, але які ўплываў на павелічэнне афармлення актаў па аперацыях з зямельнай уласнасцю — гэта паседжанні павятовага земскага суда, сесіі якога якраз прыпадалі на студзень, чэрвень, кастрычнік. У працы канстатуецца ўплыў восеньскіх кірмашоў і таргоў на тэрміны заключэння кантрактаў аб зямлі, але, на жаль, гэты тэзіс не падмацоўваецца аўтарам канкрэтным матэрыялам.

Прыводзячы аналіз дынамікі запісу (актыкацыі) кантрактаў аб зямлі ў актавыя судовыя кнігі, адзначаецца, што ад часу складання кантракта да часу яго актыкацыі ў судзе магло прайсці ад некалькі дзён да аднаго года (27). Высновы аўтара грунтуюцца на аналізе агульнай сукупнасці ўсіх выяўленых актаў, як з земскіх, так і гродскіх судоў, пры гэтым робіцца выснова, што ў месячным цыкле найчасцей кантракты аб зямлі ўносіліся для запісаў у судовыя актавыя кнігі ў студзені (15,6%), чэрвені (16,1%), кастрычніку (28%) і слушна падкрэсліваецца, што гэта было звязана з зімовай, вясновай і восеньскай сесіямі земскага суда, якія праходзілі ў гэты час (28). У сувязі з чым падаецца, што было б больш лагічным пры характарыстыцы дынамікі актыкацыі кантрактаў праводзіць аналіз асобна для запісаў у актавыя кнігі земскага суда і для запісаў у актавыя кнігі гродскага суда. Гэта дало б магчымасць адказаць на пытанне: „Якому суду і ў які час шляхта аддавала перавагу пры актыкацыі сваіх дакументаў?“

У другім раздзеле кнігі „Рэестр зямельных кантрактаў“ прыведзены рэестры кантрактаў аб зямельнай уласнасці па іх тыпах: рэестры актаў куплі/продажу, заставы, дарэння, абмену, арэнды. Пры іх складанні аўтарам была праведзена скрупулёзная праца з архіўнымі справамі, што дало магчымасць выявіць максімальную колькасць дакументаў па прадмеце даследавання. Рэестры кожнага тыпу зямельных кантрактаў дадзены ў выглядзе табліц, якія складзены для кожнай архіўнай справы асобна. Напрыклад, табліца–рэестр актаў дарэння справы №1 26 фонду першага вопісу, табліца–рэестр актаў дарэння справы №2 26 фонду першага вопісу і г.д. Прызнаючы права на існаванне такога спосабу падачы рэестра дакументаў па праблеме і яго зручнасці для крыніцазнаўчага аналізу асобных кніг земскіх і гродскіх судоў па выбранай праблематыцы, трэба адзначыць, што для аналізу зямельных кантрактаў лепш афармляць рэестр асобных тыпаў кантрактаў у выглядзе адной табліцы, складзенай па храналагічным прынцыпе (па даце складання дакумента), а месца знаходжання акта (фонд, вопіс, аркушы) адзначаць у калонцы „Крыніцы“. Гэта б зрабіла больш зручным працу з рэестрамі для чытача.

Структурныя элементы табліц–рэестраў прадуманы і адлюстроўваюць неабходныя дадзеныя кантрактаў. Так, пры складанні рэестра актаў куплі/продажу зямельных уладанняў пазначаецца дата складання і дата запісу ў судовыя кнігі акта, прадавец, пакупнік, аб’ект і цана аб’екта аперацыі, крыніца інфармацыі. Для актаў арэнды: дата складання і дата запісу ў судовыя кнігі акта, уласнік, хто здаваў у арэнду зямельную уласнасць, арандатар, аб’ект і цана аб’екта аперацыі, тэрмін дзеяння арэнды, крыніца інфармацыі і г.д.

Недахопам працы можна лічыць адсутнасць геаграфічнага і імяннога паказальніка. Іх наяўнасць аблегчыла б карыстанне рэестрамі кніг.

У цэлым даследаванне выканана на высокім навуковым узроўні. Яно будзе карысным для вывучэння сацыяльна–эканамічнай гісторыі Ўкраіны і можа выкарыстоўвацца для вывучэння судовага справаводства, стану прававой свядомасці шляхты ў другой палове XVI ст.

Мінск

Аляксандр Доўнар

Kamieniecki, Jan. Szymon Budny: Zapomniana postać polskiej Reformacji (Ігар Клімаў)

Снежня 16, 2005 |


Kamieniecki, Jan. Szymon Budny: Zapomniana postać polskiej Reformacji. Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2002 (Historia literatury). 192 s.

Асоба Сымона Буднага — надзвычай цікавая і рознабаковая, шмат у чым нетыповая для свайго часу. Асабліва значны яго даробак як тэолага і філолага, выдатнага біблеіста, чые дасягненні шмат у чым апярэдзілі свой век. Ён пакінуў пасля сябе багатую спадчыну ў выглядзе арыгінальных і перакладных тэкстаў розных жанраў на некалькіх мовах — старабеларускай, польскай, лацінскай.

Да апошняга часу дзейнасць Буднага, як і яго спадчына, усё яшчэ вывучаны недастаткова (7). Новае сінтэтычнае даследаванне маладога польскага тэолага і філолага Яна Камянецкага з Уроцлава прысвечана вывучэнню здабыткаў Буднага ў галіне тэалогіі і філалогіі — асноўных галін яго дзейнасці.

Для свайго разгляду даследчык выбраў са спадчыны Буднага найважнейшая творы: Нясвіжскі катэхізіс, лацінамоўны ліст Буднага да швейцарскага кальвініста Генрыха Булінгера, польскамоўны пераклад твора Св. Юстына Dialogus cum Tryphone Judaeo, біблійныя пераклады Буднага (разгледжана ў асноўным Нясвіжская біблія), два пазнейшыя палемічныя трактаты Буднага: O przedniejszych wiary chrystyjańskiej artykulech і O urzкdzie miecza użuwającym. Усе яны, апрача Нясвіжскага катэхізіса, у розныя часы набылі крытычныя публікацыі. Іншыя творы Буднага (у асноўным гэта палемічныя памфлеты), а таксама творы, што прыпісваюцца яму, адзначаны даследчыкам мімаходзь або ахарактарызаваны сцісла. Большасць такіх тэкстаў (пераважна на лацінскай мове) не захавалася.

Праца Я. Камянецкага складаецца з уступа, 6 раздзелаў, заключэння, бібліяграфіі і індэкса імёнаў. Аднак паводле аб’ёму і дэталёвасці разгляду асноўная ўвага аўтара сканцэнтравана на 2 раздзелах: адзін з іх (2–і) прысвечаны кірылічнаму катэхізісу Буднага (Нясвіж, 1562), а іншы (5–ы) — біблійным перакладам Буднага на польскую мову, пераважна яго перакладу ўсёй Бібліі (Нясвіж; Лоск, 1572). Даследчык тлумачыць гэта тым, што першы твор найбольш глыбока характарызуе Буднага як тэолага, а другі — як філолага (169—170).

Ва ўступе сваёй працы польскі вучоны вельмі коратка характарызуе асноўную навуковую літаратуру, прысвечаную Буднаму (7—9); у бібліяграфіі (172—184) налічваецца каля 250 прац, пераважна заходніх. Сп. Камянецкі крытычна ацэньвае працы савецкіх вучоных Я. Парэцкага і С. Падокшына як неабгрунтаваныя матэрыялам у той частцы, дзе яны паказваюць Буднага як выразніка перадавых сацыяльных поглядаў і носьбіта беларускай нацыянальнай свядомасці (9). На жаль, польскаму даследчыку засталася невядомай праца І. Саверчанкі 1993 г., прысвечаная якраз разгляду тэалагічнага і філалагічнага даробкy Буднага[1].

Пра жыццё і дзейнасць Сымона Буднага вядома нямала, хоць у яго біяграфіі ўсё яшчэ застаецца шмат белых плямаў. Перш за ўсё невядома, калі ён нарадзіўся і адкуль паходзіў, дзе здабываў адукацыю, якія краіны наведваў. Большасць польскіх даследчыкаў мяркуе, што Будны паходзіў з Паўночнай Мазовіі (так сцвярджаў яшчэ пратэстанцкі гісторык XVII ст. Хрыстафор Сандый), дзе з XVI ст. вядома вёска Буднэ, і вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе на той час выкладаліся біблійныя мовы (11—13). На жаль, надзейных доказаў гэтага так і не было прыведзена, у сувязі з чым Я. Камянецкі пакідае гэтую гіпотэзу пад пытаннем. Але ён не рашаецца аддаць перавагу і альтэрнатыўнаму меркаванню, якое выказваюць некаторыя беларускія і расійскія даследчыкі — што Будны паходзіў з Беларусі (14—15)[2].

Пытанне дапамагла б вырашыць кваліфікацыя дыялектызмаў у мове польскіх перакладаў Буднага, аднак такога даследавання пакуль не зроблена. Назіранні сведчаць, што яго польская мова мае нямала ўсходнеславянскіх элементаў, тады як ніводнага надзейнага мазурскага (ці іншага дыялектнага) элемента ў яго творах пакуль не адшукана. Калі ўлічыць, што ён ад пачатку пісаў кірыліцай і добра валодаў старабеларускай мовай, у дадатак няблага ведаў царкоўнаславянскую мову і быў знаёмы з праваслаўнай абраднасцю і дагматыкай (хоць і не глыбока, гл. 57), то версія яго беларускага паходжання становіцца больш верагоднай, чым польскага. У гісторыі XVI—XVII ст. немагчыма знайсці ніводнага паляка, які б праявіў такую цікавасць да ўсходнеславянскай традыцыі[3]. Дарэчы адзначыць, што ўсё жыццё (наколькі гэта вядома з крыніц), Будны пражыў у Беларусі і выязджаў толькі на кароткі час у Падляшша і ў Малую Польшчу.

Паводле крыніц, упершыню Сымон Будны з’явіўся ў якасці катэхіста ў віленскім кальвінскім зборы ў 1558 г., у 1561 г. ён быў прызначаны кн. Радзівілам на пасаду міністра (кальвінісцкага пастара) у Клецку, каля 1563 г. перакінуўся на бок антытрынітарыяў. У 1562 г. Будны дэбютаваў сваім першым літаратурным творам, прычым на старабеларускай мове — гэта быў катэхізіс (Нясвіж, 1562), выдадзены друкам на грошы кн. Радзівіла.

Ян Камянецкі пасля кароткага нарыса гісторыі катэхізіса (21—24) упершыню падрабязна разглядае склад і змест Нясвіжскага катэхізіса (25—37). Падзел твора на чатыры часткі, прысвечаныя разбору Дэкалога, вызнання веры, малітвы Гасподняй і сакрамантаў, быў тыповы для пратэстанцкай катэхетыкі (25—26) і адлюстроўвае дагматыку і этыку кальвінізму (27—37). Будны прызнае існаванне Тройцы, прадвызначэнне лёсу чалавека, існаванне двух сакрамантаў: хрышчэння (у т. л. дзяцей) і еўхарыстыі.

Асобна даследуюцца Камянецкім метады філалагічнага аналізу і формы біблійнай экзегезы ў катэхізісе (37—47), а таксама спосабы аргументацыі кальвінскай тэалогіі ў творы (47—58). Хоць Біблія цытуецца Будным выключна на царкоўнаславянскай мове, аднак ужо ў Нясвіжскім катэхізісе заўважаецца веданне ім біблiйных моў. Назіранні над мовай катэхізіса (59—63), зробленыя Я. Камянецкім, носяць фрагментарны характар і нічога не дадаюць да ўжо вядомых звестак.

Даследчык прыходзіць да высновы, што Нясвіжскі катэхізіс прызначаўся праваслаўным чытачам, перш за ўсё святарам (56), негатыўнае стаўленне да каталіцызму праяўляецца ў творы толькі зрэдку (58). Пазней езуіт Антон Сялява сведчыў, што на Беларусі гэты катэхізіс Буднага быў папулярны сярод праваслаўнага духавенства (64—65, 69). Начытаны маскоўскі эмігрант старац Арцём спрачаўся з Будным, выкрываючы яго погляды ў сваіх лістах (66—68). Аднак іншыя рэцэпцыі твора Буднага ў праваслаўным асяроддзі не вядомы, таму сп. Камянецкі мяркуе, што твор хутка згубіў сваю актуальнасць. Нясвіжскі катэхізіс, сцвярджае даследчык, быў перакладзены на польскую мову (Нясвіж, 1563), а паэтычныя фрагменты з яго трапілі да польскамоўнага канцыянала (Нясвіж, 1564).

Увесну 1563 г. Будны піша лацінскай мовай ліст да вядомага швейцарскага тэолага–кальвініста Генрыха Булінгера, у якім ставіць пытанні наконт паходжання Св. Духа і крытыкуе погляды на гэты конт як каталіцкіх тэолагаў, так і праваслаўных (71—73). У лісце Будны падае асобны нарыс пра тое, як тлумачаць гэтае пытанне русіны ў сваіх кнігах. З гэтага часу пачынаецца схіленне Буднага да антытрынітарства. Аднаразова даследчык высвятляе меркаванае дачыненне Буднага да ананімнага фальсіфікаванага ліста полаўца Івана Смеры кіеўскаму кн. Уладзімеру і ў выніку адмаўляе аўтарства Буднага (74—77).

Далейшым крокам у кірунку набліжэння да антытрынітарызму стаў выпуск Будным супольна са сваім веравызнаўцам Лаўрэнам Крышкоўскім дыялогу Justyna filozofa i mкczennika rozmowa z Tryfonem Żydem (Нясвіж, 1563). Твор належыць вядомаму раннехрысціянскаму апалагету Юстыну, блізкаму да юдзеахрысціян. Пратэстанты не прызнавалі творы айцоў царквы  раўназначнымі біблійным крыніцам, але ахвотна апелявалі да святых айцоў, лічачы іх толькі сведкамі веры ранняй царквы (80). У прыватнасці, погляды Юстына часта інтэрпрэтаваліся пратэстантамі таго часу як антытрынітарныя. Пераклад твора на польскую мову быў дакладна выкананы з лацінскага тэксту, але ролю Буднага ў гэтай працы вызначыць цяжка.

Аднак галоўнай справай Буднага стала не палемічная публіцыстыка, а біблеістыка. Свой аповед пра здабыткі Буднага ў гэтым кірунку даследчык пачынае з агляду еўрапейскіх традыцый біблійных перакладаў XVI ст. (87—92). Хоць тут ён вызначае тры традыцыі: праваслаўную, каталіцкую і пратэстанцкую, аднак у сваім разглядзе абмяжоўваецца толькі першымі дзвюма. Высвятляецца, што праваслаўная традыцыя палягае пераважна ў арыентацыі на грэцкія крыніцы. На яго думку, усходнія перакладчыкі (аўтар разумее пад імі праваслаўных славян) абапіраліся на Септуагінту (87). Даследчык мімаходзь згадвае пераклады юдаізантаў ва Ўсходняй Славіі, не адзначаючы, з якіх крыніц яны былі выкананыя. Ролю Септуагінты для перакладаў на хрысціянскім Усходзе даследчык параўноўвае з роляй Вульгаты на Захадзе, хоць разам з тым канстатуе шмат адрозненняў паміж імі. Пры разглядзе каталіцкай традыцыі, звязанай з Вульгатай, ён больш падрабязна разбірае перакладчыцкія прынцыпы св. Ераніма (89—91).

Далей Я. Камянецкі пераходзіць да характарыстыкі польскіх перакладаў Бібліі (91—93), канцэнтруючыся ў асноўным на т. зв. Бібліі Леапаліты (Кракаў, 1561). Разгляд каталіцкай і пратэстанцкай экзегезы (95—102) пачынаецца з раннехрысціянскіх аўтараў і Арыгена, хоць пры гэтым адзначаецца, што экзегеты XVI ст. грунтаваліся на пазнейшых аўтарах. На сярэднявечнай экзегезе аўтар спыняецца мала, згадваючы толькі вядомую тэорыю 4 сэнсаў. Больш падрабязна ён засяроджваецца на тэксталагічных росшуках Ларэнца Валы і Эразма з Ратэрдама, а таксама на падыходах асобных пратэстанцкіх тэолагаў, такіх, як Сабасціян Касталіё. Развіццё навуковай крытыкі тэксту ў XVI ст. (102—105) пададзена аглядна, на прыкладзе даследавання класічных тэкстаў і дзейнасці гуманіста Анджэла Паліцыяна. Тут таксама коратка паказваецца ступень зацікаўленняў еўрапейскай навукі яўрэйскімі арыгіналамі Св. Пісання і ведання старажытнай яўрэйскай мовы.

Толькі пасля такой працяглай і крыху зацягнутай экспазіцыі Я. Камянецкі пераходзіць да разгляду крыніц, мовы і тэхнікі перакладу Нясвіжскай бібліі. Пры разглядзе крыніц Буднага (105—107) даследчык цалкам давярае сцвярджэнням самога старажытнага перакладчыка, які заўжды спасылаўся на арыгінальныя тэксты. Таму Камянецкі спрабуе высветліць, якім выданнем яўрэйскага і грэцкага тэксту мог карыстацца Будны. З канца XV ст. такіх выданняў у Еўропе было шмат, і даследчык называе найбольш вядомыя з іх, выказваючы здагадкі, якое з іх магло паслужыць Буднаму крыніцай. Такі падыход нельга назваць удалым: вядома, што дэкларацыі перакладчыкаў, нават і пратэстанцкіх, не заўжды адпавядалі рэальнасці.

Даследчык сцісла адзначыў найбольш прыкметныя асаблівасці мовы перакладу: іншамоўную інтэрферэнцыю (у т. л. лексічныя і сінтаксічныя паўторы, уласцівыя пэўным яўрэйскім выказванням), пераклад ці транскрыпцыю ўласных імёнаў, стварэнне неалагізмаў, непаслядоўнасць у перадачы некаторых рэалій. Гэтыя асаблівасці перакладу Буднага дэталёва былі вызначаныя ў вялікім даследаванні Л. Машыньскага 1994 г.[4], працу якога Камянецкі згадвае. Яго ўласным даробкам стаў разгляд асаблівасцяў Буднавага перакладу кн. Руф (111—113).

Іншым уласным даследаваннем польскага вучонага можа лічыцца разгляд тэхнікі перакладу Будным біблійнай паэзіі псалмоў (114—119). Нягледзячы на тое, што ў еўрапейскай традыцыі гэтая біблійная кніга перакладалася вершамі ці мела нейкія стылістычныя або нават графічныя асаблівасці, якія ўказвалі чытачу на яе паэтычны характар, Будны ні спосабам перакладу, ні размяшчэннем тэксту, ні ў заўвагах на маргінесе ніяк не падкрэсліў гэтага (114). Імкнучыся да літаральнага перакладу, ён не ўлічваў паэтычнай вобразнасці псалмоў, а некаторыя яго польскія выразы малазразумелыя або гучаць ненатуральна (116). Увага Камянецкага засяроджана на лексічным, граматычным і сінтаксічным выражэнні перакладу Буднага. Даследчык таксама адзначае і залежнасць перакладу ад царкоўнаславянскага Псалтыра, прычым большую, чым ад лацінскай Вульгаты.

Экзегеза Буднага (119—129) канцэнтравалася вакол хрысталагічных і трынітарных, а таксама эклезіястычных пытанняў. Даследчык паказвае погляды Буднага–біблеіста на асобу Хрыста, прыроду Св. Духа, дзявоцтва Марыі і прымат апостала Пятра, разуменне перакладчыкам XVI ст. паняццяў хрышчэння, пакаяння, святарства, пасмяротнага лёсу. Сп. Камянецкі адзначае залежнасць філалагічнай інтэрпрэтацыі Буднага, які не спыняўся перад прамымі фальсіфікацыямі тэксту, ад антытрынітарнай дактрыны, на што ўжо звяртала ўвагу Я. Чэрнятовіч[5]. Даследчык таксама разглядае антыкаталіцкія інтэрпрэтацыі Буднага, зробленыя ў маргіналіях да Апакаліпсіса (124—125) і ў каментарах (т. зв. przypiskach), змешчаных напрыканцы выдання Новага Запавету 1574 г. (126—129). Такія маніпуляцыі Буднага тэкстам Св. Пісання выклікалі вострую крытыку з боку як каталіцкіх, так і пратэстанцкіх тэолагаў, і даследчык прысвячае асобны раздзел разгляду рэцэпцыі біблійных вынаходніцтваў Буднага (130—135). Адзначаюцца апаненты Буднага з ліку яго сучаснікаў і сцісла характарызуецца форма іх крытыкі. Згадваецца і станоўчая ацэнка біблійных эмендацый Буднага, выказаная ў яўрэйскім трактаце Іцхака бен Абрахама з Трок, вядомага паводле лацінскага перакладу Ё. Х. Вагензейля 1681 г.[6].

Як адкрыццё Я. Камянецкі ўказвае на залежнасць (па меншай меры ў тэрміналогіі) ад перакладу Буднага малавядомага польскага перакладу, выдадзенага ў 1618 г. захадамі Яна Крэліуса ў Амстэрдаме (133—134). На самай справе, аўтар тут крыху памыляецца. Амстэрдамскае выданне Яна Крэліуса 1618 г. (мелася таксама выданне 1686 г., а таксама некалькі перавыданняў у XVIII ст.)[7] фактычна з’яўляецца публікацыяй перакладу іншага польскага антытрынітарыя  Мартына Чаховіца (Кракаў, 1577; змененае выданне: Ракаў, 1594), прычым яго больш позняй версіі (Ракаў, 1606; 1620), крыху адрэдагаванай паплечнікамі Чаховіца — некалькімі антытрынітарнымі тэолагамі, сярод якіх быў Ян Ліцыній Намыслоўскі. А вось пераклад Чаховіца, сапраўды, выяўляе моцную залежнасць ад рэлігійнай тэрміналогіі Буднага, нягледзячы на тое, што абодва перакладчыкі палемізавалі адзін з адным па некаторых тэалагічных пытаннях. Гэта факт добра вядомы ў навуцы, і дзіўна, чаму ён застаўся незнаёмым сп. Камянецкаму.

Апошні раздзел яго працы прысвечаны разгляду двух буйных твораў Буднага — палемічна–тэалагічнага трактата O przedniejszych wiary chrystyjańskiej artykulech (Лоск, 1576) і грамадскага трактата O urzкdzie miecza używającym (Лоск, 1583).

Першы твор носіць палемічны характар, аднак выяўляе ў сваім змесце грунтоўна распрацаваную метадалогію, абапертую галоўным чынам на філалагічнай аргументацыі. „Яна палягае тут галоўным чынам на тлумачэнні грэцкіх і яўрэйскіх тэрмінаў, а таксама на высвятленні значэнняў слоў і выразаў, ужытых біблійнымі аўтарамі, каб сцвердзіць, што дадзенае слова азначае“ (139). Фактычна, трактат можна разглядаць як каментар да выбраных месцаў Бібліі, перакладзенай Будным (143). Жанр гэтага твора даследчык вызначае як вызнанне веры з апалогіяй (138—139).

Сваім выкладам у трактаце Будны імкнуўся забяспечыць усебаковай аргументацыяй палеміку з праціўнікамі антытрынітарызму, прычым атрымальнік гэтай аргументацыі мог быць не вельмі дасведчаным у замежных мовах, але абазнаным у рэлігійнай палеміцы. Таму большасць цытат з іншамоўных тэкстаў Будны забяспечвае ўласным перакладам ці нават пераказам (часам прыблізным, гутарковай мовай), хоць не заўжды раскрывае сваіх бібліяграфічных крыніц. Апрача філалагічнага аналізу асноўным прыёмам палемікі Буднага з’яўляецца звядзенне да абсурду і вельмі рэдка — перакананне чытача, тады як апеляцыі да аўтарытэтаў часта выкарыстоўваюцца ў якасці дадатковага аргумента (140—142). Твор добра структураваны візуальна і сэнсава і мусіць служыць, на думку яго стваральніка, зборнікам ведаў для антытрынітарнай палемікі (150—151).

Будны згадвае шмат раннехрысціянскіх (заходніх і ўсходніх) і сучасных аўтараў (галоўным чынам вялікіх рэфарматараў XVI ст.), не забываючыся і на сваіх апанентаў — Пятра з Ганёндза, Станіслава Фарноўскага, Мартына Чаховіца і іншых, а таксама на ўласныя працы. Згадваюцца імёны і назвы твораў, часам з іх прыводзяцца цытаты, звычайна ва ўласным і крыху вольным перакладзе Буднага (142—145, 147—148). Выклад вядзецца гутарковай мовай, з выкарыстаннем прыказак і прымавак, утрымлівае няшмат рэлігійнай лексікі (асабліва лацінскай). Апаненты характарызуюцца з іроніяй і сарказмам, асабліва абразлівыя словы дастаюцца Чаховіцу. Сп. Камянецкі прыходзіць да высновы, што твор адрасаваўся прыхільнікам Буднага ў зборах ВКЛ (142), хоць трактат набыў вядомасць за межамі Беларусі і ў XVI—XVII ст. чытаўся па ўсёй Польшчы як пратэстанцкімі, так і каталіцкімі тэолагамі.

Нягледзячы на размоўныя рысы трактата, Будны працягвае ўжываць напісанні біблійных імёнаў, набліжаныя да яўрэйскага вымаўлення, суправаджаючы іх звычайна сінонімамі ў традыцыйным напісанні. Назвы граматычнай ці лагічнай тэрміналогіі, патрэбнай пры тлумачэнні, выкарыстоўваюцца ў лацінамоўным выглядзе. Грэцызмы падаюцца ў эліністычным вымаўленні. Будны дэманструе веданне яўрэйскай мовы, адрозніваючы сефардыйскае вымаўленне ад ашкеназійскага (147). Мове яго трактата ўласцівыя ўсходнеславянскія рысы (146).

Іншаму буйному трактату Буднага, O urzкdzie miecza używającym, польскі даследчык аддае менш увагі (153—166). Сацыяльная праблематыка ніколі не знаходзілася ў цэнтры ўвагі Буднага, які быў засяроджаны на філалагічных пытаннях (164—165), хоць цікавасць да яе прасочваецца ў творах Буднага з сярэдзіны 1570–х г. (17). З’яўленне гэтага трактата было выклікана палемікай з часткай малапольскіх антытрынітаряў, якія адмаўлялі неабходнасць свецкай улады і прыватнай уласнасці. Будны напачатку выкладае тэзы сваіх апанентаў і потым разбівае іх сваёй аргументацыяй, пагрунтаванай (як і тэзы праціўнікаў), на біблійных тэкстах і іх філалагічным аналізе (154—157, 165), хоць часам ён падае замалёўкі гістарычных падзей (162).

Палеміку са сваімі апанентамі Будны вядзе ў спакойнай манеры, актыўна выкарыстоўваючы такія прыёмы, як звядзенне да абсурду, звяртанне да правілаў логікі (165), апеляцыя да аўтарытэтаў (айцоў царквы, пратэстанцкіх аўтараў, старажытных пісьменнікаў). Цытаты падаюцца даволі дакладна, часам цытуюцца пасажы на лацінскай мове з дакладным польскім перакладам, хоць некалькі разоў урыўкі са Св. Пісання падаюцца на лаціне без перакладу (157—159). Сваіх апанентаў Будны крытыкуе востра, але без абразы ці здзеку, толькі традыцыйная царква і рабіны падлягаюць у яго негатыўнай характарыстыцы (159—160). Мове Буднага ўласцівы рутэнізмы і чэхізмы, а таксама неалагізмы (160—161). Твор быў разлічаны на чалавека, які арыентаваўся ў Св. Пісання, але не ведаў замежных моў (161).

Пры вывучэнні спадчыны Буднага ўроцлаўскі даследчык паказаў неблагое валоданне матэрыялам і глыбокую эрудыцыю. Яму ўласціва добрае веданне біблійных моў (і пераважна заходніх крыніц), ён актыўна падае цытаты на розных мовах (і асабліва актыўна на лаціне, з заходніх аўтараў), у тым ліку кірылічным, грэцкім і яўрэйскім шрыфтам. У гэтых адносінах яго манаграфія прыемна кантрастуе з працамі, напрыклад, беларускіх аўтараў.

Разам з тым яна не вытрымана кампазіцыйна. Экскурсы да раннехрысціянскіх ці заходнееўрапейскіх поглядаў не заўжды мэтазгодныя і апраўданыя. Для чытача застаецца незразумелым, як яны звязаныя з перакладамі Буднага. Аўтар не даў сабе працы, каб паказаць, як выкарыстоўваліся Будным набыткі таго ж Паліцыяна, Ларэнца Валы, Эразма з Ратэрдама або Ераніма, чым адрозніваўся Будны ў сваёй працы ад перакладчыкаў, напрыклад, бібліі Леапаліты. Гэта стварае міжвольнае ўражанне некаторай аднабаковасці і фрагментарнасці працы сп. Камянецкага.

Адчуваецца, што тэалагічная эрудыцыя ў польскага вучонага пераважае над філалагічнай. Ён больш арыгінальны і цікавы пры разглядзе экзегетычных пытанняў, тады як ў лінгвістычных больш павярхоўны і менш сістэмны. За выключэннем разбору зместу і экзегезы Нясвіжскага катэхізіса, аўтар у астатніх выпадках часта грунтуецца на выніках даследавання іншых вучоных, пацвярджаючы іх самастойным аналізам невялікіх фрагментаў тэксту. У выніку па–за ўвагай Я. Камянецкага застаюцца некаторыя іншыя важныя пытанні, якія не былі прадметам увагі гэтых вучоных. Часам аўтар палемізуе з Будным, абвяргаючы тыя ці іншыя яго аргументы, але ад гэтага бадай што немагчыма ўстрымацца — нагэтулькі моцнай з’яўляецца палемічная інтэнцыя Буднага.

Насуперак сваёй назве, праца Я. Камянецкага сканцэнтравана на разглядзе найбольш паказальных і значных твораў Буднага. Пры гэтым даследчык не забываецца паказаць іх рэцэпцыю і рэакцыю на творы Буднага сярод яго сучаснікаў і нашчадкаў (хоць і тут не абыходзіцца без крыўдных лакун, асабліва ў дачыненні да біблійных перакладаў). Фактычна, назва твора не суадносіцца з яго зместам. Мала ўвагі аддадзена ўласна самой „постаці Сымона Буднага“, у прыватнасці, найважнейшым момантам яго жыцця і дзейнасці, слаба ахарактарызаваны ідэі і плыні ўласна „польскай Рэфармацыі“. У манаграфіі паказаны хутчэй Будны паводле яго ўласных прац і на фоне тагачаснай філалагічнай культуры Еўропы. І ў гэтых адносінах праца Я. Камянецкага з поўным правам можа служыць грунтоўнымі ўводзінамі ў больш дэталёвае даследаванне творчасці аднаго з выдатных дзеячаў славянскай Рэфармацыі XVI ст. — Сымона Буднага. Постаць гэтага перакладчыка, пісьменніка і тэолага настолькі выключная, што яшчэ доўгі час будзе існаваць патрэба ў такіх уводзінах.

Мінск

Ігар Клімаў


[1] Саверчанка І. В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мінск, 1993.
[2] Найбольш катэгарычна гэта сфармулявана ў працы: Тумаш В. Справа паходжаньня Сымона Буднага // Запісы БІНіМ. 1966. Т. 4. С. 256—259.
[3] Бліжэйшая ў часе постаць, з якой магчыма параўнаць у гэтым плане Буднага — гэта Станіслаў Арахоўскі (Orzechowski), які паходзіў з Перамышля, сын шляхціча і папоўны (дачкі праваслаўнага папа). У маладыя гады ён быў пратэстантам, а пазней зрабіўся гарачым каталіком. У яго творах, пісаных напачатку па–лацінску, а потым і па–польску, прысутнічае выразны „руські“ патрыятызм і ўвага да праваслаўнай дагматыкі і абраднасці. Апошняе тлумачыцца яго барацьбой супраць цэлібату ў каталіцкай царкве, хоць у астатніх пытаннях ён заставаўся на кансерватыўных каталіцкіх пазіцыях. Нягледзячы на тое, што ў сучаснай украінскай навуцы ён лічыцца ледзь не ўкраінскім пісьменнікам, найлепшай ацэнкай яго творчасці застаецца экскурс М. Грушэўскага, гл.: Грушевський М. Історія української літератури. Київ. 1927. Т. 5. Кн. 2. С. 215—219. Мове польскіх твораў Арахоўскага ўласціва шмат усходнеславянскіх рысаў, якія апісаныя, гл.: Hrabec S. Elementy kresowe w języku niektórych pisarzy polskich XVI i XVII w. Toruń, 1949. S. 49—59.
[4] Moszyński L. Zur Sprache der Bibelübersetzung Szymon Budnys von 1572 // Budny S. Biblia, to jest Księgi Starego i Nowego Przymerza. Nieśwież; Zasław, 1571—1572 / Hrsg. H. Rothe, F. Scholz. Padeborn; München; Wien; Zürich, 1994. Bd. 2. S. 354—415.
[5] Czerniatowicz J. Niektóre problemy naukowe grecystyki w pracach biblistów polskich XVI i XVII w.: Teksty greckie a polskie przeklady. Wroclaw; Warszawa; Kraków, 1969. S. 48—50, 61.
[6] У беларускай навуцы пра гэта ёсць звесткі ў: Парэцкі Я. І. Развіццё Сымонам Будным асветніцкіх ідэй Ф. Скарыны // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968. С. 229—243, гл. с. 237—241; Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мінск, 1975. С. 139—143.
[7] Яго назва паводле тытульнага аркуша: Nówy Testáment, To iest, Wszystkie Pismá nowego Przymierza / z Greckiego ięzyká ná Polski z nowu wiernie przełożone przez Niektore sługi Słowa Bożzego. [Ed. Nowa] W Amsterodamie: Jan Krelliusz, 1686.

Наверх

Fałowski, Adam. Język ruskiego przekładu Katechizmu jezuickiego (Ігар Клімаў)

Снежня 15, 2005 |

Fałowski, Adam. Język ruskiego przekładu Katechizmu jezuickiego z 1585 roku. Kraków: Universitas, 2003. (Studia Ruthenica Cracoviensia, 2). 196 s.

Вядомы кракаўскі славіст, які даследуе гісторыю ўсходнеславянскіх моў, Адам Фалоўскі рупліва апрацаваў мову і пераклад аднаго з ранніх беларускіх старадрукаў — каталіцкага катэхізіса, выдадзенага ў 1585 г. у Вільні паводле лацінскага катэхізіса Пятра Канізія. У манаграфіі змешчаны фотатыпічныя публікацыі віленскага старадруку і яго лацінскага арыгінала, узятага з аднаго з ранніх кракаўскіх выданняў (1570 г.)[1].

Да з’яўлення манаграфіі А. Фалоўскага Віленскі катэхізіс заставаўся малавывучаным. У навуцы яму была прысвечана фактычна толькі адна праца (калі не ўлічваць дробных згадак у каталогах ці даведачных працах) — мовазнаўчы артыкул Я. Карскага[2]. Аднак у ім мова помніка мусова апісвалася фрагментарна (15), паколькі даследчыку быў дасяжны адзіны вядомы на той час паасобнік (былой Публічнай бібліятэкі — цяпер Расійскай нацыянальнай — у Санкт–Пецярбургу), да таго ж моцна дэфектны (у ім ацалела ўсяго 11 аркушаў з 52). Толькі нядаўна ва універсітэцкай бібліятэцы Упсалы ў Швецыі былі знойдзены яшчэ два паасобнікі, на шчасце, з поўным тэкстам, якія і паслужылі крыніцай выдання А. Фалоўскага.

Манаграфія налічвае 3 раздзелы. У 1–м раздзеле (11—27) аўтар разглядае ўмовы і акалічнасці, што паспрыялі з’яўленню твора ў друку, у 2–м (29—90) дэталёва аналізуе мову помніка, у 3–м (91—99) ацэньвае тэхніку перакладу катэхізіса. Завяршае даследчую працу падвядзенне вынікаў і індэкс каментаваных слоў і выразаў помніка. Напрыканцы выдання змешчаны фотарэпрадукцыі старабеларускага катэхізіса (111—163) і яго лацінскага арыгінала (167—196).

На пачатку сваёй манаграфіі А. Фалоўскі падае абагульненыя звесткі пра раннія ўсходнеславянскія катэхізісы, што пабачылі свет у XVI ст. Да ліку такіх твораў належаць, апроч Віленскага катэхізіса 1585 г., Нясвіжскі катэхізіс 1562 г., неадшуканы катэхізіс Стафана Зізанія 1595 г., рукапісаны катэхізіс 1600 г., цяпер ужо страчаны, але вядомы паводле публікацыі 1890 г.

Выхад у свет Віленскага катэхізіса абавязаны захадам езуіта Антоніа Пасевіна (1533—1611), папскага легата ў Рэчы Паспалітай, выдатнага пісьменніка і тэолага. Менавіта ён на мяжы 1570—80–х г. распрацаваў шырокую выдавецкую праграму, накіраваную на прапаганду сярод праваслаўных ідэй каталіцызму і царкоўнай уніі. Выдавецкі план Пасевіна залучаў каля 15 разнастайных твораў на розных мовах (17—19). Яны мусілі, з аднаго боку, даводзіць заганнасць праваслаўнай царквы, наяўнасць хібаў у яе дагматыцы і абрадах, а з другога — паказваць перавагу каталіцтва і вяршэнства папы. З іх было надрукавана (у Вільні) толькі некалькі невялікіх выданняў на лацінскай мове і адзінае выданне на старабеларускай — Віленскі катэхізіс[3].

У Пасевіна не было ўласнай друкарні, а сам ён славянскай мовы не ведаў і знайсці супрацоўнікаў, якія здолелі б перакласці складаныя тэалагічныя творы на старабеларускую ці царкоўнаславянскую мову, не змог. Пад час вандроўкі з пасольствам у Маскву ў 1581—82 г. яму дапамагала некалькі славянскіх перакладчыкаў: харват Стафан Дрэнацкі, беларусы Андрэй Палонскі і Васіль Замаскі, прычым апошні пад час вучэння ў Віленскай езуіцкай семінарыі з праваслаўя перайшоў у каталіцызм (15, 22—24). Тым не менш пераклад Віленскага катэхізіса, як мяркуе А. Фалоўскі, быў выкананы, хутчэй за ўсё, не імі. Сам Пасевіна ў 1585 г. згадваў, што ў езуіцкай семінарыі ў Браневе (у Варміі, на мяжы з Прусіяй) быў здзейснены „руські“ пераклад катэхізіса Канізія (25). Сапраўды, патрэбу ў катэхізічным творы мелі перш за ўсё езуіцкія вучэльні, якія сіламі сваіх выкладчыкаў ці вучняў маглі ажыццявіць такую працу. Так, у Віленскай езуіцкай акадэміі, заснаванай у 1570 г., вучылі на „руськай“ мове тлумачэнню Св. Пісання і катэхізіса (16).

Старабеларускі пераклад катэхізіса быў надрукаваны, хутчэй за ўсё, у друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, якая раней належала кн. Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку (26). На той час у горадзе выдавала кнігі кірыліцай толькі друкарня Мамонічаў, і менавіта іх кірылічныя літары былі выкарыстаны езуіцкімі друкарамі. Яны не ведалі кірылічнага пісьма і „руськай“ мовы, таму набор катэхізіса быў зроблены неахайна, з вялікай колькасцю памылак і пропускаў, няправільных пераносаў і немагчымай арфаграфіяй[4].

У 2–м раздзеле А. Фалоўскі дэталёва разглядае графіку і фанетыку, флексіі і слоўнік помніка. Даследчык паказвае, што ў арфаграфіі Віленскага катэхізіса, як і ў іншых помніках старабеларускага пісьменства (асабліва рэлігійных жанраў), спалучаюцца паўднёва–, заходне– і ўсходнеславянскія рысы (29—39), пры відавочнай перавазе апошніх. Ён канстатуе, што марфалогіі катэхізіса ўласціва спалучэнне царкоўнаславянскіх і беларускіх з’яваў (57—58). Пры гэтым флексіі Віленскага катэхізіса амаль поўнасцю супадаюць з выданнямі Скарыны (58). Грунтоўна і рознабакова кракаўскім славістам была вывучана лексіка перакладу. Асаблівую яго ўвагу прыцягнулі паланізмы і лацінізмы помніка, а таксама калькаваныя на лацінскі ці польскі ўзор рэлігійныя тэрміны. Вынікі свайго даследавання вучоны падаў у выглядзе каментаванага слоўніка (59—85). А. Фалоўскі таксама параўнаў лексічныя адзінкі Віленскага катэхізіса са слоўнікам Скарыны і прыйшоў да высновы, што пераважная іх частка (больш чым 910 з 1380 слоў) з’яўляецца агульнай (85), а з астатніх 42 словы блізкія паміж сабой ў структурных адносінах (86—87). Ён адзначае, што перакладчыкі Віленскага катэхізіса шырока выкарыстоўвалі сінанімію, імкнучыся да максімальнай зразумеласці твора (88—90).

Пераклад катэхізіса вучоны ацэньвае ў 3–й частцы не вельмі высока: ён знайшоў шмат памылак і пропускаў (91—99). Аналіз памылак паказаў, што перакладчыкі ў асноўным правільна інтэрпрэтавалі лацінскі тэкст, але сутыкаліся з вялізнымі цяжкасцямі пры перадачы яго на той мове, на якую перакладалі (91). На думку даследчыка, гэта тлумачыцца тым, што пераклад выконваўся на дастаткова штучную літаратурна–пісьмовую мову.

Даследуючы помнік, А. Фалоўскі зрабіў выснову, што мова Віленскага катэхізіса блізкая да мовы выданняў Скарыны. Падабенства да рысаў Скарынавых выданняў ён знаходзіць на марфалагічным і лексічным узроўні. Падводзячы высновы сваёй працы, А. Фалоўскі спрабуе высветліць, якой жа трэба прызнаць мову Віленскага катэхізіса — беларускай ці царкоўнаславянскай (101—102). Абапіраючыся на статыстычны крытэр, выкарыстаны ў беларускім мовазнаўстве А. Жураўскім у дачыненні да мовы выданняў Скарыны, кракаўскі славіст таксама вызначыў шэраг дыферэнцыйных з’яваў, паказальных для характарыстыкі мовы Віленскага катэхізіса. Суадносіны царкоўнаславянскіх і беларускіх рэфлексаў у яго мове атрымаліся вельмі падобныя да дадзеных Жураўскага, сабраных на матэрыяле Скарыны. Таму кракаўскі даследчык мусіў канстатаваць перавагу царкоўнаславяншчыны ў мове Віленскага катэхізіса. Гэта дало яму падставы сцвярджаць, што гэтая мова тоесная мове выданняў Скарыны (102). Як мяркуе даследчык, арыентацыя на мову Скарыны была, верагодна, свядомым выбарам езуіцкіх перакладчыкаў. Яны абралі варыянт мовы, аптымальны ва ўмовах таго часу для каталіцкай прапаганды, адрасаванай усходнім славянам як Рэчы Паспалітай, так і Масковіі. Аднак недасканалы пераклад, відаць, не дазволіў рэалізаваць у прапагандзе тых мэтаў, якія былі закладзены Пасевіна.

Праца А. Фалоўскага ўводзіць у шырокі навуковы ўжытак каштоўную крыніцу беларускай мовы, рэлігійнай літаратуры і старабеларускага друкарства 2–й паловы XVI ст. Даследчык даў грунтоўны і цэласны аналіз мовы і перакладу гэтага помніка, узбагаціўшы беларусістыку і славістыку цікавымі высновамі, зробленымі на рупліва апрацаваным матэрыяле. Манаграфія кракаўскага вучонага стварае добры падмурак для далейшых пошукаў і даследаванняў у галіне старабеларускага пісьменства.

Мінск

Ігар Клімаў


[1] Гэты твор Канізія быў перакладзены Якубам Вуйкам на польскую мову (Кракаў, 1570), але ніводнага яго паасобніка не захавалася.
[2] Карский Е. Ф. Два памятника старого западнорусского наречия: 1) Лютеранский катехизис 1562 года и 2) Католический катехизис 1585 года // ЖМПН. 1893. (Ч. 288) № 8. С. 406—430 (перавыданне: Карский Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. Москва, 1962. С. 188—207).
[3] Цікава, што ў арганізацыі езуіцкіх вучэльняў на землях Цэнтральнай Еўропы Пасевіна меў большы поспех. З 1582 г. ён удзельнічаў у стварэнні папскіх семінарый у Маравіі (Аламоўц), Варміі (Бранева, на мяжы з Прусіяй), Літве (Вільня), Інфлянтах (Рыга), Эстляндыі (Дэрпт), Венгрыі (Калашвар). Відавочна, што ўсе гэтыя вучэльні паўсталі ў землях, ахопленых пратэстанцкімі ідэямі.
[4] Зернова А. С. Типография Мамоничей в Вильне XVII века // Книга: Исследования и материалы. 1959. Т. 1. С. 167—223, гл. с. 181.

Kadulska, Irena. Akademia Połocka. Ośrodek kultury na Kresach 1812—1820 (Тамара Джумантаева)

Снежня 14, 2005 |

Kadulska, Irena. Akademia Połocka. Ośrodek kultury na Kresach 1812—1820. Gdańsk, 2004. 312 s.

Полацкая езуіцкая акадэмія адыграла ў свой час ролю буйнога культурнага цэнтра на еўрапейскай прасторы. Яна была асяродкам высокага мастацтва і адукацыі. Але па прычынах геапалітычнага становішча Полацка даследаванню яе дзейнасці прысвечана не шмат прац. Сярод сучасных беларускіх гісторыкаў ролю езуітаў у арганізацыі адукацыі і асветы даследавала Тамара Блінова[1]. У яе манаграфіі поруч з аналізам педагагічнай дзейнасці Ордэна закранаюцца пытанні арганізацыі і асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі і музея Полацкай акадэміі.

Манаграфія Ірэны Кадульскай вылучаецца з шэрагу апублікаваных апошнім часам у Польшчы выданняў, прысвечаных праблеме дзейнасці езуітаў, перадусім вузка акрэсленым прадметам даследавання і велізарным аб’ёмам выкарыстанага дакументальнага матэрыялу. Аўтар разглядае дзейнасць акадэміі як спецыфічную культурную праграму ў Полацку, рэалізаваную на польскай мове. Пры гэтым падкрэсліваецца важная акалічнасць — акадэмія дзейнічала як цэнтр унутры структуры горада.

Праца даследчыцы заснавана ў асноўным на матэрыялах, якія захоўваюцца ў архівах, бібліятэках і музеях Рыма, Варшавы, Кракава, Вільні, Санкт–Пецярбурга, Мінска і Полацка. Гістарыяграфіі пытання прысвечаны ўступ да манаграфіі. Далей кампазіцыйна праца падзелена на пяць раздзелаў. Першы прысвечаны кароткай гісторыі Полацка і езуіцкай акадэміі. У аснову апісання Полацка часоў акадэміі пакладзены артыкул аб горадзе, што быў надрукаваны ў 1818 г. у адным з нумароў „Miesięcznik Połocki“, які з’яўляўся штомесячным акадэмічным часопісам і адлюстроўваў навуковую, літаратурную і ўвогуле культурную дзейнасць вышэйшай навучальнай установы на працягу 1818—1820 г. Даследчыца часта звяртаецца да яго артыкулаў пры апісанні бібліятэчнага збору, музейных калекцый, лекцый і выступленняў вучняў. Яна неаднаразова падкрэслівала тую вялікую ролю, што адыграў „Miesięcznik Połocki“, але свядома не прысвяціла яму асобнага раздзела.

У другім  раздзеле манаграфіі пададзена даследаванне пра дзейнасць вельмі значнай акадэмічнай адзінкі — бібліятэкі. Статут Полацкай Акадэміі дэклараваў прынцып даступнасці бібліятэкі для ўсіх ахвотных. Багатыя зборы ўтрымлівалі вялікую колькасць рукапісных і друкаваных кніг на розных мовах, але асаблівую ўвагу даследчыца прысвяціла асобнікам на польскай мове. Вядома, што акадэмічная бібліятэка падзялялася на галоўную і польскую, а тыя ў сваю чаргу дзяліліся на студэнцкую, клерыкальную і  бібліятэку акадэмічнай канцылярыі. Ірэна Кадульска выкарыстала шмат дакументаў з падрабязным пералікам рэдкіх асобнікаў і каштоўных калекцый, а таксама падлічыла колькасць кніг, вывезеных з Полацка пасля ліквідацыі Ордэна ў1820 г.

Згодна з архітэктурным планам, які збярогся, і вопісамі даследчыца паспрабавала рэканструяваць аздабленне і агульны выгляд не толькі бібліятэчных залаў, але і друкарні з усім магчымым абсталяваннем. Даследаванню дзейнасці друкарні полацкіх езуітаў прысвечаны трэці раздзел манаграфіі. Ірэна Кадульска падкрэсліла асаблівае становішча і адметную ролю, якую адыграла полацкая езуіцкая друкарня як адзіны выдавецкі цэнтр у той час, калі Ордэн быў забаронены.  Яна была заснавана ў 1787 г., мела свой асабісты Цэнзурны камітэт і дзейнічала да 1820 г. уключна. Выдаваліся школьныя і акадэмічныя падручнікі, слоўнікі, рэлігійная літаратура, гістарычныя працы, мастацкая літаратура на розных мовах. Даследчыца згадвае наяўнасць у друкарні шрыфтоў, якімі можна было карыстацца для выдання кніг на польскай, лацінскай, нямецкай, французскай, італьянскай, латышскай, рускай, старажытнаяўрэйскай і грэцкай мовах. Вельмі каштоўны дадатак да раздзела — складзеныя І.Кадульскай спісы кніг акадэмічнай друкарні, дзе згадваюцца наступныя дадзеныя: імя аўтара, назва кнігі, колькасць тамоў, год і месца выдання, а таксама фармат і кошт. Дарэчы, наклад мог вагацца ад 2 да 5 тыс., а цана аднаго асобніка — ад 10 капеек да 16 рублёў (напрыклад, „Энеіда“ Вяргілія выйшла накладам 3046 ас., „Жыцці святых“ Пятра Скаргі каштавалі 16 руб.).

Сярод надрукаваных у Полацку кніг было шмат драматургічных твораў, якія выкарыстоўваліся па прамым прызначэнні, імі карысталіся для тэатральных пастановак. Тэатру і ўвогуле тэатралізацыі прысвечаны чацвёрты раздзел манаграфіі. Відавочна, што гэтая тэма асабліва блізкая аўтару. Ірэна Кадульска прысвяціла шмат работ даследаванню польскай драматургіі і, у першую чаргу, езуіцкім тэатрам[2]. Пра акадэмічны і інтэрнацкі тэатры, драматургаў, тэатралізаваныя святы і ўрачыстасці, пра рэпертуары і дэкарацыі, студэнцкія дэкламацыі, канцэрты і ілюмінацыі полацкіх езуітаў даследчыца сабрала цікавы і змястоўны матэрыял, які ўражвае і не пакідае чытача абыякавым. Тым больш што Ірэна Кадульска менавіта ў гэтым раздзеле выкарыстала шмат яскравых ілюстрацый і цытат на польскай мове.

Самымі каштоўнымі сярод драматургічных твораў аўтар палічыла драмы Н.Мусніцкага, у якіх знайшлі сваё ўвасабленне жанры высокай класічнай трагедыі і дыдактычных павучальных камедый. У камедыі „Muzeum Fizyczne“ Мусніцкі на сцэне паказаў каштоўнасць акадэмічнага музея для распаўсюджвання ведаў. Езуіцкаму музею і мастацкай галерэі прысвечаны апошні, пяты, раздзел манаграфіі. Музей (у сэнсе не толькі калекцый, але і спецыяльна для яго пабудаванага ў 1787 г. трохпавярховага корпуса) быў заснаваны генералам Ордэна езуітаў таленавітым матэматыкам і мастаком Габрыэлем Груберам. Архіўныя дакументы і вопісы дазволілі ўявіць досыць поўную карціну аздаблення музейных залаў, склад музейных калекцый і тую вялікую ролю, якую музей адыграў у справе навучання студэнтаў, выхавання ў іх мастацкага густу і знаёмства шырокага кола наведвальнікаў (у першую чаргу жыхароў Полацка і ганаровых гасцей акадэміі) з найкаштоўнейшымі дасягненнямі чалавецтва ў сферы культуры і навукі. Трэба дадаць, што існаванне акадэмічнага музея стала стымулам да вывучэння, збірання і сістэматызацыі матэрыялаў, якія ілюстравалі гісторыю і культуру Полаччыны.

У невялікім заключэнні да манаграфіі Ірэна Кадульска яшчэ раз падкрэсліла ролю Полацкай акадэміі як культурнага цэнтра ўсходняй ускраіны былой Рэчы Паспалітай, дзе пасля 1820 г. „лацінска–польскую цывілізацыю пачала выціскаць руская традыцыя і цывілізатарская экспансія Расійскай імперыі“.

Полацк

Тамара Джумантаева


[1] Блинова Т. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. Гродно, 2002. 427 с.
[2] Гл., напрыклад: Kadulska I. Teatr jezuicki XVIII i XIX wieku w Polsce. Gdańsk, 1997; яна ж, Komedia w polskim teatrze jezuickim XVIII wieku. Wrocław, 1993; яна ж, „Zabawki teatralne“ Nikodema Muśnickiego SI // Dramat i teatr postanisławowski. T.1. Wrocław, 1992.

Kowkiel, Lilia. Prywatne księgozbiory na Grodzieńszczyźnie w pierwszej połowie XIX wieku. (Ларыса Доўнар)

Снежня 13, 2005 |


Kowkiel, Lilia. Prywatne księgozbiory na Grodzieńszczyźnie w pierwszej połowie XIX wieku. Kraków, Wydawnictwo Naukowe Akademii Pedagogicznej, 2005. 221 s., ill., mapa.

Знакаміты англійскі бібліяфіл Рычард дэ Бёры, завяршаючы ў канцы свайго жыцця трактат аб любові да кніг „Філабіблон“ (1345 г.), пісаў: „Усё на свеце разбураецца і чахне ад часу, і тых, каго нараджае Сатурн, ён жа нястомна паглынае. Уся слава зямлі была б беспаваротна забыта, калі б не паклапаціўся ўсявышні пра сsродкі выратавання — пра кнігі. <…> Замкі могуць зраўняцца з зямлёй, непераможныя некалі дзяржавы могуць загінуць. Не дадзена ні каралям, ні папам увекавечыць сябе так, як гэта будзе зроблена ў кнізе“.

Увекавечанымі імёны многіх людзей засталіся і дзякуючы нястомнай працы па зборы кніг. Тысячагадовы шлях рассеяных па свеце беларускіх кнігазбораў з вялікай цяжкасцю прасочваецца ў сучаснасці. У большасці выпадкаў з–за таго, што гісторыя кнігазбораў — гэта гісторыя іх разбурэння і знікнення. У іншых — тыя, часта значныя рэшткі гістарычных кнігазбораў, якія захаваліся і прадаўжаюць заставацца ціхмянымі і нябачнымі сведкамі свайго часу, да нашых дзён слаба даследуюцца беларускімі вучонымі. Хоць апошнім часам ў гэтым кірунку з’явілася пэўная колькасць публікацый, у прыватнасці дзякуючы такім выданням, як „Здабыткі“ і „Матэрыялы Кнігазнаўчых Чытанняў“. Праўда, большасць іх артыкулаў асвятляюць толькі пэўныя калекцыйныя зборы з фондаў асобных найбуйнейшых бібліятэк Беларусі (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.Коласа НАН Беларусі, Прэзідэнцкая бібліятэка, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка–археалагічны музей, Наваградскі гісторыка–краязнаўчы музей, Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку, Гомельская абласная бібліятэка, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў і інш.). З’яўляюцца ў беларускім друку часам і працы па асобных прыватных кнігазборах Радзвілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Пуслоўскіх, П.Патоцкага, М.Доўнар–Запольскага, А.Ельскага, М.Улашчыка, А.Матусевіча, У.Пічэты, М.Мялешкі, А.Багдановіча, К.Езавітава, А.Вялюгіна, М.Грынчыка і інш. На вялікі жаль, у сучасных беларускіх даследаваннях адсутнічаюць тэмы комплекснага характару, дзе б гістарычныя кнігазборы разглядаліся цалкам ці за пэўны перыяд іх развіцця і перамяшчэння. Ранейшыя працы беларускіх бібліятэказнаўцаў М.І.Пакала[1], В.А.Цыбулі[2], І.П.Емец[3] і іншых па гісторыі бібліятэчнай справы Беларусі з–за савецкіх ідэалагічных установак амаль не краналі пытання развіцця прыватных збораў. Парадавала ў гэтым годзе сваім з’яўленнем у часопісе „Роднае слова“ (2006. №4. С.80—83) публікацыя Юрася Лаўрыка пра „Найдаўнейшыя беларускія кніжніцы: прыватныя кнігазборы“, бадай — адна з першых спроб абагульнення звестак у храналогіі існавання прыватных кнігазбораў і іх сістэматызацыі па ўладальніцкай прыналежнасці (да сярэдзіны XVI ст.), не кажучы пра энцыклапедычныя артыкулы і „Палату кнігапісную“ М.В.Нікалаева[4].

Зразумела, перад даследчыкамі паўстае шэраг пытанняў, звязаных з методыкай рэканструкцыі кніжных калекцый. Дарэчы, у поле зроку вучоных з Літвы і Польшчы, якія ўдзельнічалі ў Міжнароднай навукова–практычнай канферэнцыі „Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры“ (Мінск, 7—8 лютага 2006 г.), трапілі менавіта гэтыя пытанні. Сярод выступоўцаў была беларуская даследчыца з Кракава Лілія Коўкель, на ліку якой цікавыя навуковыя напрацоўкі ў вывучэнні кнігазбораў Гарадзеншчыны[5]. Нельга сказаць, што рэгіянальны падыход выкарыстоўваецца беларускімі кнігазнаўцамі даволі часта, аднак яго актуальнасць пры разглядзе гістарычных кнігазбораў, іх ролі ў развіцці культуры пэўнага рэгіёну відавочная. Даследаванне рэгіянальнай кніжнай культуры дае магчымасць высвятлення новых больш глыбокіх і падрабязных фактаў, якія спрыяюць прасвятленню больш дакладнай карціны развіцця культуры Беларусі ў яе рэчаіснасці. Што тычыцца Гарадзеншчыны і даследаванняў яе кніжнай культуры, то ў першую чаргу неабходна ўспомніць працы Яўгеніі Умецкай[6] і Алеся Пяткевіча[7] аб выданні і распаўсюджанні кніжнай прадукцыі на Гарадзеншчыне. Сваімі кнігазборамі, дыяментамі рэгіёну, якія атрымалі асвятленне ў друку, могуць ганарыцца Горадня, Слонім, Ашмяны, Шчорсы, Жыровіцы, Ружаны, Мерачоўшчына, Дзевяткавічы. Разгляд гістарычных бібліятэк праз прызму гістарычнай навукі дазваляе зразумець тую ролю, якую яны адыгралі ў жыцці грамадства.

Мэтай рэцэнзаванай манаграфічнай працы Ліліі Коўкель вызначана (і гэта асабліва каштоўна) „комплексная рэгістрацыя“ прыватных калекцый кніг, якія існавалі на гродзенскіх абшарах у азначаны перыяд, сістэматызацыя матэрыялаў, якія датычаць іх уладальнікаў, спосаў фармавання кнігазбораў, іх структуры і лёсаў (6).

Упершыню прыватныя кнігазборы пэўнага рэгіёну Беларусі атрымалі такое грунтоўнае даследаванне, і нягледзячы на тое, што аўтар, згаджаючыся з польскай даследчыцай Галінай Хамерскай, залічвае іх да бібліятэк польскай правінцыі, зроблены аналіз шматлікага корпусу фактаграфічнага матэрыялу сведчыць пра багатае інтэлектуальнае жыццё на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. І гэта яскрава прасочваецца менавіта праз бытаванне кнігі ў прыватных зборах, якія адыгралі найважнейшую ролю ў фармаванні такога тыпу беларускай культуры, як шляхецкая. Карпатлівая праца гродзенскіх бібліяфілаў і аматараў чытання не загінула бясследна, а ўшанавана і па праву ацэнена іх зямлячкай, якой давялося адшукваць сляды гродзенскіх кнігазбораў у розных краінах, каб звесці на адзіны шлях — да Радзімы. Навуковыя вандраванні аўтаркі па архіўных, бібліятэчных і музейных фондах Горадні, Мінска, Вільні, Санкт–Пецярбурга, Варшавы, Кракава і Торуні, скурпулёзныя пошукі апісанняў, інвентароў і каталогаў прыватных гарадзенскіх калекцый, якія складаліся не толькі па жаданні іх уладальнікаў, прынеслі найцікавейшыя вынікі. А імі сталі ні многа ні мала, а ажно 119 прыватных кнігазбораў, якія як найбольш знакавыя функцыянавалі на абшарах Гарадзенскай губерні ў вызначаны час. І трэба сказаць, час вельмі складаны, звязаны з паўстанцкім рухам 1830–х, 1860–х г. і яго наступствамі; са зменамі тэрытарыяльных межаў губерні ў 1842 г., складу яе насельніцтва (рэлігійнага і сацыяльнага).

Манаграфія ўключае чатыры раздзелы. У першым раздзеле „Zbiracze ksążek“ (15—35) на падставе апрацаваных дакументаў аб спісах насельніцтва Гарадзеншчыны з працы М. Улашчыка „Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии“ (Масква, 1965) прыведзены склад насельніцтва губерні, адпаведна якому прапанаваны катэгорыі збіральнікаў кніг: шляхта (арыстакратыя, сярэдняя і дробная шляхта), мяшчанства, інтэлігенцыя, духавенства, сялянства. Разважаючы пра класіфікацыю збіральнікаў кніг, спадарыня Коўкель прыводзіць розныя падыходы да гэтага пытання такіх польскіх даследчыкаў, як напрыклад, Казіміра Малячынская, Альжбета Сладкоўская. Адсутнасць адзінства ў польскай навуковай і даведачнай літаратуры пацвярджаецца дадзенымі і з слоўнікаў польскай літаратуры, дзе вылучаюцца сядзібныя, шляхецкія, пісьменніцкія і мяшчанскія бібліятэкі або наогул толькі родавыя і фундацыйныя. Што тычыцца разгляданай манаграфіі, то, здаецца, яе аўтар знайшла абгрунтаванае і правільнае рашэнне ў класіфікацыі кнігаўладальнікаў, зыходзячы з сацыяльнай структуры тагачаснага грамадства Гарадзеншчыны.

У старадаўніх родавых „гнёздах“, якіх, як зазначае аўтар, было шмат на Гарадзеншчыне, збіраліся і захоўваліся з пакалення ў пакаленне творы мастацтва, архівы і кнігі. Да іх належалі Храптовічы са Шчорсаў, Друцкія–Любецкія з Шчучына, Патоцкія з Росі і Рудавы, Радзівілы з Паланэчкі, Сапегі з Ружанаў і Дзярэчына, Солтаны з Дзятлава, Тышкевічы з Свіслачы, Валіцкія з Азёраў (19—21). Каштоўная інфармацыя прыводзіцца пра нешматлікія каталогі і інвентары кнігазбораў Храптовічаў, Патоцкіх, Сапегаў і Солтанаў, якім наканавана было дайсці да нашага часу (20). З агульнай характарыстыкі бібліятэк сярэдняй і дробнай шляхты паўстае вобраз „польска–французскай бібліятэкі“, якая была найбольш тыповай для збораў Швыкоўскіх у Пружанах, Пуслоўскіх у Альберціне, Слізняў у Дзевяткавічах, Туганоўскіх у Туганавічах, Дамейкі ў Заполлі (22). Аднак страта незалежнасці Рэчы Паспалітай паўплывала, як адзначае аўтарка, на пашырэнне інтарэсу да „памятак мінуўшчыны“, якімі сталі мясцовыя старадрукі, родавыя архівы ў такіх зборах, як Вайніловічаў у Савічах, Скарбкаў–Важынскіх у Ішчальне, Слізняў у Дзевяткавічах. Некаторыя з шляхецкіх кнігазбораў маглі супернічаць нават з навуковымі і асветніцкімі — бібліятэка Наргелевіча ў Войнаве, Пуслоўскіх у Мерачоўшчыне і Альберціне. Толькі некаторыя прадстаўнікі заможнай шляхты вялі свае інвентары (Слізні) ці каталогі (Вайніловічы). Сляды меншых колькасна збораў кніг можна адшукаць толькі па актах канфіскацыі маёнткаў за ўдзел іх уладальнікаў у паўстаннях.

Найменш звестак захавалася пра бібліятэкі мяшчан, якія ў сацыяльнай структуры гарадоў і мястэчак Гарадзеншчыны (паводле прыведзеных дадзеных) складалі найбольшую частку (у 1811 г. — 77,8%, у 1841 г. — 91,9%, у 1861 г. — 63,3%). Аўтару давялося звярнуцца да ўспамінаў, карэспандэнцыі ў перыёдыцы, з чаго робіцца выснова, што мяшчанства прымала нязначны ўдзел у з’явах пашырэння асветы і чытальніцтва. Асноўнымі крыніцамі адшукання ўладальнікаў прыватных збораў сярод мяшчан стала падпіска на пэўныя выданні. І як сведчаць падпісныя білеты — гэта былі Аляксандр Бродскі з Ліды, Юзаф Загаеўскі з Горадні, Лейба Шарашэўскі з Берасця. Найбольш вядомым быў збор (некалькі тысяч) Самуэля Хефта з Берасця, які збіраў літаратуру па філасофіі, гісторыі, мастацкую літаратуру на польскай, лацінскай, французскай, нямецкай і рускай мовах (25).

Каб распавесці пра кнігазборы інтэлігенцыі, аўтар спчатку разважае наконт яе складу і спецыфікі на землях былога ВКЛ, ролі Віленскага універсітэта і сярэдніх навучальных устаноў і прыходзіць да высновы, што інтэлігенцыя заходніх губерняў у акрэслены час існавала найбольш у стане „патэнцыяльным, чым рэальным“ (27). Аднак, нягледзячы на тое, што пэўныя цяжкасці не дазволілі росквіту большасці разумовай эліты, яна, тым не менш, дбала пра пашырэнне асветы, чытальніцтва і кнігі ў краі. У ідэнтыфікацыі кнігазбораў інтэлігенцыі аўтар абапіраецца на карэспандэнцыю філаматаў і перапіску віленскага выдаўца Юзафа Завадскага, што дазволіла ёй вылучыць групу збіральнікаў кніг сярод настаўнікаў (Лявон Бароўскі, Казімір Храмінскі, Ян Вольскі, Ігнацый Кулакоўскі, Міхал Канарскі, Францішак Міцкевіч), вышэйшага і сярэдняга чынавенства (віцэ–губернатар Канстанцін Максімовіч, губернатар Станіслаў Урсын Нямцэвіч і інш.), юрыстаў (Абуховіч з Сеннай, Паўловічы з Горадні), пісьменнікаў і навукоўцаў (Тэадор Нарбут, Уладзіслаў Трамбіцкі, Людвік Кандратовіч). Неабходна адзначыць, што аўтаркай былі выкарыстаны апісанні (інвентары) прыватных бібліятэк, якія засталіся пасля Т.Нарбута, Л.Кандратовіча, К.Храмінскага і К.Максімовіча, і, зразумела, даследаванні, прысвечаныя кнігазборам апошніх трох названых уладальнікаў.

Сярод асоб духоўнага кліру, якія звычайна не збіралі вялікіх бібліятэк, акрамя прадстаўнікоў вышэйшай касцёльнай ерархіі, сп. Лілія называе кнігазборы ксяндзоў Аляксандра Гінтаўта, Любавіцкага, Раймунда Земацкага. Духавенства спрыяла таксама папаўненню кляштарных і публічных бібліятэк (31).

Каб пацвердзіць меркаванне пра збіранне кніг у сялянскім асяроддзі, аўтар прыводзіць наступныя аргументы. Штогод на Гарадзеншчыне ў 1804—1822 г. у пачатковых школах навучалася ад 300 да 1000 сялян, якія, зразумела, умелі чытаць і былі патэнцыяльнымі спажыўцамі, хутчэй, таннай выдавецкай прадукцыі. У архіўных дакументах настойлівай аўтарцы ўсё ж удалося адшукаць нават адзінае прозвішча селяніна з Азёраў — гэта Мікалай Абухоўскі, у якога ў 1864 г. паліцыя канфіскавала патрыятычную і палітычную літаратуру. Аднак дакладных звестак пра існаванне нават невялічкіх бібліятэк у сялянскіх дамах у першай палове ХIХ ст. няма.

Не прамінула Лілія Коўкель і такое складанае пытанне, як структура ўладальнікаў кнігазбораў па веравызнанні і нацыянальнай прыналежнасці (33—35). Напэўна, хутчэй не структура, а склад уладальнікаў кнігазбораў. Аўтарка згадвае імя слыннага аўтарытэта ў справе старажытнаславянскага пісьменства прафесара Віленскага універсітэта, збіральніка кніг, уніяцкага ксяндза, а пасля 1839 г. — праваслаўнага святара Міхала Баброўскага, які, дарэчы, меў у сваім зборы унікальны экзэмпляр „Часаслоўца“ Швайпальта Фіёля на кірыліцы (Кракаў, 1491). Тут мы зноў сустракаем імя яўрэя з Брэста Самуэля Хефта. Не была рэдкасцю кніга і ў татараў Гарадзеншчыны. Для прыкладу — кнігазбор Ахмета Крычынскага са Слоніма. Было на Гарадзеншчыне і пратэстанцкае асяроддзе, прадстаўнікі якога — у асноўным выхадцы з–за мяжы — Караль Готліб Хенінг, Ёхан Крыстыян Нэўен, Ян Утрытз. Аднак адсутнасць, як зазначае Лілія Коўкель, дакументальных сведчанняў пра кнігазборы ў праваслаўным асяроддзі (?), відаць, мелася на ўвазе толькі духавенства і сялянства, не дала магчымасці хоць што–небудзь распавесці на гэты конт, акрамя таго, што праваслаўных у Гарадзенскай губерні на 1857 г. налічвалася 54,5%.

Другі раздзел манаграфіі „Sposoby gromadzenia księgozbiorуów“ (36—72), прысвечаны спосабам фармавання кнігазбораў, пачынаецца аглядам старадаўніх спадчынных кнігазбораў, звесткі пра заснаванне якіх магнатамі і заможнай шляхтай Гарадзеншчыны сягаюць у XV—XVI ст. Гэта родавыя прыватныя зборы Сапегаў, Валовічаў, Скарбкаў–Важынскіх, Патоцкіх, Браніцкіх, Святаполк–Завадскіх, Радзівілаў, Касакоўскіх, Друцкіх–Любецкіх, Замойскіх, Рэйтанаў, Храптовічаў, Стравінскіх, Слізняў, Солтанаў, якія збіраліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Частка прыватных кнігазбораў набывала статус культурна–гістарычнай вартасці дзякуючы куплі бібліяфільскіх калекцый. Да прыкладу, рэдкімі экзэмплярамі з еўрапейскіх бібліятэк валодалі Іяхім Храптовіч, у якога захоўваліся кнігі з рымскай бібліятэкі кардынала Джузэпэ Імперыале, а таксама з варшаўскай бібліятэкі братоў Залускіх. У настаўніка навук маральных свіслацкай гімназіі Казіміра Храмінскага таксама былі бібліяфільскія рарытэты з кнігазбору Залускіх, а ў Леапольда Валіцкага — з бібліятэк Людовіка XVI і Марыі Антуанеты. Драбніцы з кнігазбору віленскага ксяндза Юзафа Міцкевіча знаходзіліся ў Ігната Дамейкі, з бібліятэкі доктара Юзафа Франка — у Ота Слізня; з бібліятэкі Міхала Баброўскага і Яўхіма Булгарына — у Ўладзіслава Трамбіцкага і інш.

Выкарыстаўшы такія крыніцы, як перапіска, мемуары, успаміны, гаспадарчыя занатоўкі, спадарыня Коўкель вылучае яшчэ адзін спосаб збору — гэта закупка кніг у кнігарнях і на кірмашах, найчасцей у бліжніх губернскіх цэнтрах — Горадня, Вільня, Менск. Падрабязна аўтар спыняецца на дзейнасці віленскага кнігара Юзафа Завадскага, якому належала значная роля ў распаўсюджванні кніг па ўсёй Віленскай навучальнай акрузе (44). Пацвярджэннем стасункаў гарадзенскіх бібліяфілаў, у прыватнасці з Завадскім і наогул з Вільняй, паслужылі лісты і заказы на пэўныя выданні ад такіх аматараў кніг, як настаўнікі гімназіі ў Свіслачы Лявон Бароўскі і Ян Вольскі, хатні настаўнік Міхал Канарскі, Марыля Путкамер. Акрамя таго кніжныя склады выдаўца размяшчаліся ў Берасці, Горадні, Нясвіжы, Віцебску. Сталыя кніжныя сувязі не толькі з Завадскім, але і Рубэнам Рафаловічам меў Тэадор Нарбут. Адам Храптовіч падтрымліваў кантакты з віленскім кніжным складам Морытца, а Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) — з Тэафілам Глюксбергам. Не абмінула аўтарка і кірмашовы гандаль у Свіслачы, Слоніме, Жыровіцах, Міры, Наваградку, Зэльве, Нясвіжы, дзе найбольшым попытам карысталіся ў пакупнікоў польскія малітоўнікі і абразкі святых.

Адсутнасць даследаванняў аб развіцці мясцовага кніжнага гандлю не спыніла вучоную, і таму знойдзеныя звесткі пра яго развіццё ў Горадні стануць каштоўным дапаўненнем і кірункам будучых распрацовак гісторыі кніжнага гандлю Беларусі. Першая інфармацыя, як адзначае аўтар, пра самастойную кнігарню ў Горадні паходзіць з „Kroniki Wiadomości Krajowych i Zagranicznych“ 1859 г. — гэта кнігарня з чытальняй Загаеўскага, а таксама кнігарня з чытальняй Кайшара і Васэртрэгера, у якіх былі кнігі на польскай, французскай і нямецкай мовах (52).

Адной з формаў кніжнага гандлю быў абносны, ці вулічны, вандроўны гандаль, паслугамі якога карысталіся ў большасці вучні і студэнты (52).

На падставе карэспандэнцыі Т.Нарбута з кнігарамі, якая захавалася ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы, аўтар зазначае, што пошук букіністычных рэдкасцяў выходзіў і далёка за межы губерні, краю, Расійскай імперыі і дасягаў Санкт–Пецярбурга, Рыгі, Караляўца, Варшавы, Жытоміра, Кіева і інш. Нягледзячы на цяжкасці цэнзуры, кніжны шлях не перапыняўся, а дзе–нідзе ішоў у абыход яе.

Значная ўвага ў другім раздзеле аддаецца і такому спосабу набыцця кніг, як падпіска на асобныя выданні, спроба аналізу крыніц пра якую робіцца адносна Гарадзеншчыны ўпершыню (54—67). Як можна заўважыць, большасць выданняў, на якія гарадзенскія збіральнікі кніг падпісваліся, былі віленскімі: „Mowy i wiersze moralne autorów klasycznych“ Ю.Багуслаўскага (1801), „Wybor poezji z pisarzów polskich“ А.Пінькевіча (1835—1836), „Filozofia życia“ Ф.Шлега (1840), „Słownik łacińsko–polski“ Ф.Баброўскага (Т.1—2, 1841—1844), „Chrześcijańska filozofia życia“ М.Якубовіча (Ч.1—3, 1853), „Obraz bibliograficzno–historyczny literatury polskiej“ А.Ёхера (Т.1—3, 1840—1857). Дзякуючы віленскім выдаўцам Завадскаму, Глюксбергу, Аргельбранду падтрымлівалася падпіска на варшаўскія і пецярбургскія выданні на польскай мове па гісторыі і мастацкай літаратуры (арыгінальныя і перакладныя). Адзначаюцца аўтарам і дадзеныя пра падпіску на рускамоўныя выданні, у прыватнасці на творы Аляксандра Пушкіна ў васьмі тамах (СПб, 1837—1839). Таму ці не з’яўляецца супярэчаннем заўвага Коўкель адносна таго, што кніг на рускай мове ў мясцовых кнігарнях не было, бо яны не мелі тут збыту?

Па–за ўвагай аўтара не засталася і паштовая падпіска на перыёдыку, большасць якой складалі таксама выданні з Вільні, навінамі якіх жылі жыхары Гарадзеншчыны ад нумару да нумару, да кожнай наступнай пошты: „Dziennik Wileński“, „Tygodnik Wileński“, „Dzieje Dobroczynności Krajowej i Zagranicznej“, „Wiadomości Brukowe“ (61). З 1830—1860–х г. на правінцыі пачалі цікавіцца пецярбургскімі, а таксама мясцовымі перыядычнымі выданнямі. Шэраг перыядычных выданняў адлюстраваны і ў інвентарах да прыватных кнігазбораў Т.Нарбута, Слізняў, Валовічаў, У.Сыракомлі, Стравінскіх, К.Максімовіча, Т.Булгака і інш. (62). З табліцы колькасці падпісных выданняў на 1858 г. паводле іх мовы, пададзенай на с.66, відаць, што пераважаюць перыядычныя выданні на рускай (61 назва), французскай (32 назвы), польскай (19 назваў), нямецкай (10 назваў) мовах.

Дзякуючы карпатлівай працы ў даследаванні лістоў падпіскі аўтару ўдалося выявіць шэраг новых прозвішчаў тых асоб з Гарадзеншчыны, якія былі чытачамі і збіральнікамі кніг, што несумненна — значны ўклад у вывучэнне пытання распаўсюджання выдавецкай прадукцыі, развіцця кніжнай культуры і кніжных сувязяў. Выяўленыя факты сведчаць аб працэсе збору кніг не толькі як моднай з’яве, але і як аб свядомым і мэтанакіраваным камплектаванні прыватных бібліятэк.

Завяршае раздзел тэма „Дары і абмен кніг“ (68—72). Вылучаны спосаб фармавання прыватных кнiгазбораў з’яўляецца, як зазначае Коўкель, найбольш характэрным у асяроддзі літаратараў, краязнаўцаў і мясцовых настаўнікаў. Правененцыі прыватных бібліятэк раскрываюць цікавыя старонкі кніжных ўзаемасувязяў. Так, у Храптовічаў захоўваліся, напрыклад, кнігі, атрыманыя ад Тадэвуша Чапскага, у Пуслоўскіх — ад Яўстафія Тышкевіча, у Тышкевіча — ад Тэадора Нарбута. Каштоўнай крыніцай інфармацыі, якую выкарыстала аўтарка, стала, дарэчы, перапіска Т.Нарбута (68—69). Выяўленыя факты значныя тым, што сведчаць пра кніжныя кантакты, пашыраючы тым самым нашы веды і звязваючы ў адзінае цэлае культурную прастору Беларусі і суседніх народаў.

Сапраўды, прыведзены матэрыял дазваляе вызначыць менавіта творчую дзейнасць мясцовых збіральнікаў кніг, бібліяфілаў, у якой галоўная роля належала індывідуальнаму адбору. Адсюль можна зрабіць выснову, што прыватныя кнігазборы набывалі ў нейкай сваёй частцы ці цалкам характар культурнай каштоўнасці, кніжнага помніка. Бібліяфільства ж у сістэме культуры, такім чынам, выступае вельмі дзейсным крытэрам стану грамадства.

Непасрэднай характарыстыцы прыватных кнігазбораў прысвечаны трэці раздзел працы „Struktura księgozbiorów“ (73—131). І тут спадарыня Коўкель паказала, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія паўстаюць пры гэтым перад даследчыкам, усё ж рэканструкцыя прыватных бібліятэк магчымая. Грунтуючыся на традыцыйным кнігазнаўчым падыходзе пры даследаванні кніжных збораў, ёй удалося структураваць прыватныя бібліятэкі па іх колькасным і якасным складзе. У структуры кнігазбораў па іх колькасці вылучаюцца тры групы: ад тысячы да некалькіх тысяч, ад ста да тысячы, ад дзесяткаў да ста тамоў. Логіка даследавання прасочваецца не толькі ў вызначэнні прыватных бібліятэк ад найбуйнейшых да больш дробных, але і ў пытаннях і праблемах, звязаных з іх колькасным вызначэннем ці ідэнтыфікацыяй, тым больш абмежаваных толькі першай паловай ХIХ ст. ці тэрыторыяй Гарадзенскай губерні. Зразумела, што не заўсёды адшуканыя дадзеныя ўкладваліся ў гэтыя рамкі. Тым не менш, да найбуйнейшых шматтысячных прыватных кнігазбораў першай паловы ХIХ ст. Лілія Коўкель адносіць бібліятэкі Адама Храптовіча (ад 15 да 20 тыс.), Яна Наргелевіча (каля 20 тыс.), Пуслоўскіх–Красінскіх (каля 10 тыс.); Вайніловічаў, Патоцкіх, Абуховічаў, Чапскіх, Ліпардтаў, Кірсноўскіх (усе да 5 тыс.); Радзівілаў і Аляксандра Гінтаўта (да 4 тыс.); Касоўскіх (3 тыс.); Святаполк–Завадскіх (больш за 2 тыс.) і інш. Асобна аўтарка вылучае прыватныя кнігазборы, лічба якіх вызначана па архіўных дакументах і каталогах, складзеных у выніку канфіскацыі маёнткаў і маёмасці пасля паўстанняў (Леапольда Валіцкага, Валенція Швыкоўскага, Адама Солтана, Францішка і Яўстахія Сапегаў, Германа і Юзафа Патоцкіх). Яшчэ раз аўтар звяртае ўвагу на рукапісныя інвентары прыватных бібліятэк, па якіх вызначалася іх тысячная колькасць (Пуслоўскіх, Слізняў, Стравінскіх і інш.).

Да найбольш шматлікай групы адносяцца хатнія кнігазборы, якія налічвалі ад 100 да 1000 тамоў — Тэадора Нарбута, Уладзіслава Сыракомлі, Станіслава Нямцэвіча, Францішка Ельскага, Канстанціна Максімовіча і інш. Што тычыцца У.Сыракомлі, то ў Залуччы пад Мірам паэт жыў і працягваў збіраць сваю бібліятэку толькі з 1844 да 1852 г., а пасля 1842 г. фальварак, як і ўвесь Наваградскі павет, адышоў да Мінскай губерні. Пазней „вясковы лірнік“ пераехаў у Барэйкаўшчыну, што паблізу Вільні, і там, як піша У.Мархель, значна папоўніў сваю прыватную бібліятэку[8]. Колькасна ж яго кнігазбор дасягаў 2500 кніг і часопісаў. Праўда, большасць з іх была на руках, а на месцы пасля смерці паэта заставалася 1056. Да якой жа колькаснай групы ў такім выпадку аднесці яго прыватную кніжную калекцыю?..

У каторы раз аўтар звяртае ўвагу на выкарыстанне ў кнігазнаўчых даследаваннях архіўных дакументаў, якія датычацца канфіскацыі маёмасці ўдзельнікаў лістападаўскага паўстання (Казіміра Валовіча, Тамаша Булгака, Ігната Дамейкі, Караля Нямцэвіча, Казіміра Кастравіцкага). Па слядах вандраванняў прыватных кнігазбораў з рук у рукі толькі ўскосна высветлены іх колькасны склад (Вінцэнта Тышкевіча, Міхала Баброўскага, ксяндза Лубавіцкага з Гродна, ксяндза Казіміра Контрыма ў Вярэйках, Канстанціна Туганоўскага, Уладзіслава Брахоцкага, Мікалая Дубічынскага і інш.) і, такім чынам, аднесены да адпаведнай другой групы.

Што тычыцца даследавання трэцяй групы прыватных збораў (да 100 тамоў), то, як адзначае аўтар, гэта быў найскладанейшы пошук, калі інфармацыя амаль адсутнічала. Аднак на падставе рукапісных матэрыялаў бібліятэкі Віленскага універсітэта Ліліі Коўкель усё ж пашчасціла выявіць зборы, напрыклад ксяндза Рамуальда Зімоцкага, ксяндза Феліцыяна Лашкевіча, Анастасія Абламовіча, Люцыяна Бохвіца, Аляксандра дэ Ларыўера.

Вельмі падрабязна разглядае спадарыня Коўкель якасную структуру прыватных кнігазбораў. Грунтуючыся на фармальна–змястоўным крытэры, яна вылучае 9 тэматыка–відавых груп у складзе прыватных бібліятэк: 1) рукапісы і сямейныя архівы (84—93), 2) гістарычныя, палітычны і юрыдычныя працы (93—106), 3) польская і сусветная мастацкая літаратура (106—113), 4) навуковыя і спецыялізаваныя зборы (113—115), 5) рэлігійная літаратура (115—116), 6) падручнікі (116—120), 7) энцыклапедыі, слоўнікі (121—122), 8) календары, кнігі па гаспадарцы (122—128), 9) малюнкі і карты (128—130). З прыведзенай характарыстыкі паўстае тыповы вобраз прыватнай бібліятэкі Беларусі першай паловы ХIХ ст. і выяўляюцца пэўныя спецыфічныя рысы фармавання кнігазбораў Гарадзеншчыны. Неабходна адзначыць, што аўтар заўважыла значную розніцу ў іх колькасным складзе, выявіла як універсальныя, так і спецыялізаваныя зборы, зафіксавала з’яўленне на аснове кнігазбораў бібліяграфічных прац, выявіла тэндэнцыю фармавання менавіта бібліяфільскіх збораў, вызначыла дамінавальнае становішча ў кнігазборах французскай і польскай кнігі. Адзначаючы як характэрную асаблівасць захоўванне старадрукаў і рукапісаў у спадчынных бібліятэках (Храптовічаў, Сапегаў, Патоцкіх, Слізняў), а таксама найбагацейшых па змесце зборах Казіміра Храмінскага, Тэадора Нарбута, Пуслоўскіх, аўтар аднак не раскрывае інфармацыі пра кірылічныя кнігі, асабліва мясцовага паходжання. А тым не менш, у бібліятэцы Храптовічаў захоўвалася першая вядомая рукапісная кніга, створаная на Гарадзеншчыне ў 1241 г. „Напісанія Афанасія мниха к Панкови о древе добру и злу и о наузех и о стреле громней[9].

Характарызуючы рукапісныя і архіўныя матэрыялы ў зборах, вызначаючы іх крыніцазнаўчую вартасць для тагачасных гісторыкаў і пісьменнікаў, якую несумненна разумелі іх збіральнікі, аўтар больш, як падалося, схіляецца да прыкладаў, звязаных па змесце з Рэччу Паспалітай. Як галоўны кірунак фармавання прыватных калекцый спдарыня Коўкель вызначае збор помнікаў польскай гісторыі і культуры. Звяртаючыся да разгляду каралеўскіх прывілеяў, якія захоўваліся ў бібліятэцы Солтанаў, аўтарка ўсё ж адзначае прыналежнасць Аляксандра Солтана да грэцкага веравызнання (87), а тым часам сярод збіральнікаў кніг адпаведнай хрысціянскай канфесіі гэты факт не ўзяты пад увагу.

Колькасна невялікія прыватныя кнігазборы складаліся ў асноўным з літаратуры канца XVIII — першай паловы ХIХ ст., якая, як адзначаецца, выдавалася ў Вільні, Варшаве, Кракаве, Вроцлаве, Познані.

Пералічваючы склад выданняў па мастацкай літаратуры, якія пераважалі ў прыватных зборах, Лілія Коўкель вылучае дамінавальнае становішча твораў польскага Адраджэння і Асветніцтва, папулярных польскіх аўтараў, а разам з імі нараджэнцаў Беларусі Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігната Ходзькі, Уладзіслава Сыракомлі і іншых, творы французскай і рускай літаратуры, пераклады сусветнай літаратуры на польскую мову і нават адзінкавыя мастацкія творы на англійскай і нямецкай мовах. Выклікае пытанне, а чаму не адзначаны, напрыклад, тыя адзінкавыя выданні твораў Вінцэнта Дуніна–Марцінкевіча, якія выйшлі на беларускай мове і былі нават адлюстраваны ў каталогу да кнігазбору Ўладзіслава Сыракомлі, складзеным Аніцэтам Рэніерам[10]? Толькі сярод рэлігійных выданняў аўтар адзначае два нясвіжскія выданні канца XVII ст. — гэта Biblia і Pismo Święte, якія захоўваліся ў прыватным зборы Святаполк–Завадскіх у Крошыне. Як незвычайная цікавасць вызначаецца ў зборы Сапегаў і полацкае выданне 1811 г. — Książkę do nabożeństwa po żmudzku (116). Сярод энцыклапедый і слоўнікаў, якія назапашваліся ў прыватных зборах, адзначаюцца нават выданні на літоўскай мове (у зборах Тэадора Нарбута, Казіміра Валовіча, Адама Храптовіча, Уладзіслава Сыракомлі і інш.). Нарэшце, што тычыцца календароў, то акрамя віленскіх і варшаўскіх выданняў, аўтарка выявіла ў прыватных бібліятэках прадукцыю з Кракава, Горадні, Полацка, Супрасля, Замосця, Каліша, Гданьска, Бярдзічава, Жытоміра, Любліна, Львова. Адным са збіральнікаў календароў, выдадзеных на літоўска–беларускіх землях, быў Вандалін Пуслоўскі і, як заўважыла спадарыня Коўкель, сабраў шмат такіх папулярных выданняў, надрукаваных у Полацку, Горадні і Вільні (с.123).

Такім чынам, кніжныя калекцыі Гарадзеншчыны адлюстроўваюць гістарычнае функцыянаванне як асобных кніг, так і цэлых бібліятэк у пэўнай культурнай прасторы і садзейнічаюць комплекснаму выяўленню розных феноменаў і працэсаў кніжнай культуры ў іх гістарычным развіцці.

У апошнім раздзеле „Losy księgozbiorów“ (132—158) Лілія Коўкель спрабуе закрануць такія найбольш балючыя пытанні, як продаж і распыленне кнігазбораў сваякамі (132—134), канфіскацыя кнігазбораў пасля лістападаўскага паўстання (134—140), студзеньскага паўстання (140—147), знішчэнне ад пажараў (147), страты пад час Першай сусветнай і польска–бальшавіцкай войнаў (147—149), кнігазборы ў руках сям’і (149—150), кнігазборы, перададзеныя навуковым і грамадскім установам (151—153), страты пад час Другой сусветнай вайны (153—154), рэшткі захаваных старадаўніх збораў (154—158).

Як зазначыла аўтар, гісторыя прыватных кнігазбораў Гарадзеншчыны ХIХ ст. у большасці сваёй — гісторыя страт і знішчэння, толькі нязначная іх частка заставалася ў карыстанні сем’яў да Другой сусветнай вайны, а яшчэ менш дайшло да нашага часу. Аднак, калі ўдалося прайсці па слядах слынных кнігазбораў і іх уладальнікаў, то не страчана вера ў іх вяртанне, якое магчыма, а гэта грунтоўна і фактычна пацвердзіла ў сваёй працы Лілія Коўкель, праз іх вывучэнне пры дапамозе метададзеных і паратэкстаў і ўвядзенне ў навуковы ўжытак.

Што яшчэ хацелася адзначыць, дык гэта „Спіс уладальнікаў прыватных кнігазбораў на Гарадзеншчыне (1795—1863)“, які прыведзены ў дадатку. Рэч вельмі неабходная і можа выкарыстоўвацца ў якасці даведачнага матэрыялу шматпланава, бо сцісла адлюстроўвае сістэматызаваны матэрыял па кожным з выяўленых прыватных збораў: уладальнік, мясцовасць, характарыстыка збору (колькасная і якасная), лёс збору, каталогі і інвентары, даследаванні, літаратура (161—194). Акрамя таго змешчаны ілюстрацыі відарысаў Горадні, Альбярціна, Аляшэвічаў, Пружанаў, Мерачоўшчыны, Ружанаў, Варацэвічаў, Вароньчы, Скокаў, Шаўраў; экслібрысы і пячаткі Вандаліна Пуслоўскага, Казіміра Контрыма, Яўхіма і Адама Храптовічаў, аўтограф Я.Тышкевіча, білет падпіскі В.Пуслоўскага на бібліяграфічны твор А.Ёхера. Да месца ў дадатку і карта Гарадзенскай губерні 1829 г., прымацаваная выдаўцамі на с.3 вокладкі, на якой, калі пастарацца, можна адшукаць тыя гарады, мястэчкі і сядзібы, дзе размяшчаліся знакамітыя кнігазборы. А гэта з’яўляецца своеасаблівым пацвярджэннем прыналежнасці месцаў размяшчэння вышэй азначаных кнігазбораў па дзяржаўна–адміністрацыйным падзеле ўраду Расійскай імперыі да Гарадзеншчыны.

Усцешна, што хоць такім чынам, праз польскі друк і польскае пасярэдніцтва, беларуская культура, і ў прыватнасці кніжная, папоўнілася каштоўным даследаваннем, якое, спадзяюся, паслужыць добрым прыкладам у плане метадалогіі і гістарыяграфіі для будучых грунтоўных прац па гісторыі бібліятэчнай справы і бібліяфільства Беларусі. На падставе па–новаму адкрытых і разгледжаных крыніц Гарадзеншчына паўстае ў вачах нашых сучаснікаў як найбагацейшы рэгіён кніжнай культуры Беларусі, развіццё якой і было вызначальным фактарам у фармаванні бібліятэк — характару іх фондаў, спосабаў арганізацыі і вядзення. Сапраўды, слава зямлі нашай і продкаў нашых, якія па драбніцах з пакалення ў пакаленне яе збіралі, не знікае, бо застаюцца кнігі.

Мінск

Ларыса Доўнар


[1] Покало М.И. Библиотеки на территории Белоруссии с древнейших времен до конца XVIII в. // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Вып.5. Минск, 1984. С.36—54; История библиотечного дела в БССР. Минск, 1986.
[2] Цыбуля В. Библиотека латинской книги в Слуцке // Свіцязь. Мінск, 1989. С.200—206; Грамадскія і спецыяльныя бібліятэкі Беларусі (ХIХ — пач. ХХ ст.) // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1976. № 2. С.31—33; Манастырскія і царкоўныя бібліятэкі ў Беларусі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1970. № 3. С.50—51; Народныя бібліятэкі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1977. № 3. С.33—34; Первые библиотеки в Минске // Доклады к ХI конференции молодых ученых Белорусской ССР. Минск, 1967. С.25—39.
[3] Емец И.П. Краткий очерк развития библиотечного дела в Белоруссии с древнейших времен до Великой Октябрьской социалистической революции // Библиотечное дело в Белоруссии (XVI в. — 1917 г.): Библиогр. указатель. Минск, 1983. С.5—68.
[4] Нікалаеў М.В. Бібліятэкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мінск, 1994. Т.2. С.41—43; Таксама: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Мінск, 2004. С.421—422; Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стагоддзях. Мінск, 1993. 239 с.: іл.
[5] Напр.: Коўкель Л. Лёсы прыватных збораў на беларускіх землях пасля паўстання 1830—1831 гг. (На прыкладзе Гродзеншчыны) // Здабыткі: Дакум. помнікі на Беларусі. Мінск, 2005. Вып.7: Матэрыялы Трэціх Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў „Кніга Беларусі: Повязь часоў“ (Мінск, 16—17 вер. 2003 г.). Секцыя 2. Беларускія гістарычныя кнігазборы ў часе і прасторы. Мiнск, 2005. С.57—68; Прыватныя кнігазборы Гродзеншчыны другой паловы ХIХ ст. (на прыкладзе калекцыі Пуслоўскіх–Красінскіх) // Этнасацыяльныя і культурныя працэсы ў заходнім рэгіёне Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Гродна, 1998. С.205—210.
[6] Умецкая Е. С. Книгоиздание в Белоруссии в первом тридцатилетии XIX века (1801—1832) // Книговедение: Сб. докл. науч. конф., посвященной началу книгопечатания в Литве и Белоруссии (Вильнюс, 21 нояб. 1975 г.). Вильнюс, 1979. № (7) 14. C. 76—91; Книгопечатание в Гродно в конце ХIX в. (1861—1900) // Сборник статей по основным направлениям научно–исследовательской работы. Минск, 1991. Ч. I. С. 93—98; Прыватнае кнiгадрукаванне ў Беларусi // Помнiкi гiсторыi i культуры Беларусi. 1979. № 4. C. 22—24; Распространение книги в Белоруссии в дореволюционный период (1801—1860) // Книга в России XVII — начала ХIХ в.: Проблемы создания и распространения. Ленинград, 1989. С.80—86.
[7] Пяткевіч А.М. Маршруты кніжнага слова: з гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне. Warszawa: Fundacja IDEE, 2002. 52 с.
[8] Мархель У. Кнігазбор Сыракомлі // Свіцязь. Мінск, 1989. С.223—224.
[9] Пяткевіч А. Маршруты кніжнага слова: з гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне. С.5.
[10] Мархель У. І. Кнiгазбор Сыракомлi // Книговедение в Белоруссии. Мінск, ФБАН БССР, 1977. С. 89.

Наверх

Vulpius, Ricarda. Nationalisierung der Religion. Russifizierungspolitik und ukrainische Nationsbildung 1860—1920 (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 12, 2005 |

VULPIUS, RICARDA. Nationalisierung der Religion. Russifizierungspolitik und ukrainische Nationsbildung 1860—1920. Harassowitz Verlag, Wiesbaden, 2005. 476 S.

Праца Рыкарды Вульпіюс выконвалася ў Інстытуце Ўсходняй Еўропы пры Вольным універсітэце ў Берліне. Яна складаецца з уводзінаў і наступных раздзелаў: „Украінскія епархіі Рускай праваслаўнай царквы“, „Моўная спрэчка і Біблія“, „Канцэпцыі і формы выразу калектыўнае ідэнтычнасці“, „Ад схаванай барацьбы да адкрытага змагання (1917—1920 г.)“, „Заключэння“ і грунтоўнага спісу выкарыстаных першасных і другасных крыніц (агулам больш за 600).

Аўтар працы шляхам грунтоўнага супастаўлення наяўных фактаў і аналізу вышэйзгаданых крыніц абвяргае як расійска–імперскую канцэпцыю пра цалкам „рускі“ характар праваслаўнага духавенства ва Ўкраіне ХIХ — пачатку ХХ ст., так і больш вытанчаную версію тае самае канцэпцыі, згодна з якою ў гэтую эпоху на ўкраінскіх землях вялося выключна „польска–расійскае змаганне за валоданне ўкраінскімі душамі“. У працы паказваецца, што, прынамсі, пасля студзеньскага паўстання 1863 г. у прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства ва Ўкраіне адбываўся складаны ўнутраны працэс выбару ідэнтычнасці — і частка іх зрабіла гэты выбар на карысць украінскай культурнай і палітычнай ідэнтычнасці. Пры гэтым яны мусілі сутыкацца з зацятым супрацівам каланіяльнага дзяржаўнага апарату і вярхоў царкоўнага кіраўніцтва.

Другая частка клеру зрабіла выбар на карысць расійскай самаідэнтыфікацыі і ўключылася ў больш альбо менш актыўнае змаганне з „украінафіламі“. Трэцяя частка заняла нявызначаную пазіцыю і змірылася са сваёй наогул маргінальнай роляй.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. суадносіны сілаў змяніліся: прарасійскі клер страціў магутную падтрымку з боку дзяржаўных сілавых структураў, пачаўся працэс дэмакратызацыі, па–першае, узаемадачыненняў розных груп духавенства, па–другое, кантактаў паміж духавенствам і пастваю. Рэлігійны рух атрымліваў усё больш трывалае нацыянальнае апірышча.

Адваротны працэс, на думку Рыкарды Вульпіюс, меў месца з грэка–каталіцкай уніяцкай царквою, перадусім на Галіччыне. Па меры дэстабілізацыі царскай імперыі актыўнасць гэтай царквы ў нацыянальным пытанні рабілася не такой выразнай, як гэта адбывалася з праваслаўнай царквою, паколькі уніяцкі клер у былой Аўстра–Венгерскай імперыі меў прывілеяванае становішча і таму лаяльна ставіўся да цэнтральных уладаў у Вене. У сваю чаргу, украінскае рыма–каталіцкае духавенства не спяшалася выразна фармуляваць сваю нацыянальную пазіцыю, бо мела за спінаю моцную структуру касцёла, да таго ж, здамінаваную ксяндзамі польскага паходжання.

Украінская самаідэнтыфікацыя прадстаўнікоў духавенства грунтавалася на традыцыях „маларасійскага“ жыцця, укаранёных у святарскіх дынастыях. У другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. нацыянальныя памкненні пачалі падсілкоўвацца таксама прапагандаванымі праз адукаваную інтэлігенцыю ліберальна–мадэрнізацыйнымі ідэямі. Гэтыя працэсы прывялі, урэшце, у 1917 г. да стварэння праваслаўнай украінскай „нацыянальнай царквы“.

Рыкарда Вульпіюс спыняецца на пытанні, чаму прарасійскай плыні праваслаўнага духавенства так і не ўдалося ў эфектыўны спосаб перашкодзіць вышэйназванаму працэсу. Дастатковая пасіўнасць апошняй тлумачыцца яе звычкай разлічваць на падтрымку ўсёмагутнай дзяржавы, на звычайнае даносніцтва, а таксама бояззю падтрымліваць публічныя дыскусіі.

Разам з тым аўтарка працы даводзіць, што поспехі нацыянальнага крыла ўкраінскага духавенства мелі абмежаваны характар — і не толькі з прычыны дамінавання выхадцаў з імперскага цэнтра сярод ерархаў альбо моцнага ўплыву русафільскага дыскурсу ў прэсе. Значную ролю тут адыгрываў папулярны ў шырокіх слаях насельніцтва міф пра „моц Расіі“ і распаўсюджванне варожых настрояў супраць г. зв. самасційнікаў.

Рыкарда Вульпіюс спрабуе дайсці да вытокаў украінскай нацыянальнай ідэнтычнасці, шукаючы яе карані ў часах прыналежнасці Ўкраіны да Рэчы Паспалітай. Антыкаталіцкі ў сваёй сутнасці рух у абарону гэтай ідэнтычнасці меў свае далёкасяжныя наступствы: у часы Расійскай імперыі шмат хто з украінцаў разглядаў менавіта яе, імперыю, як гаранта трываласці праваслаўнай веры. Палітыка русіфікацыі, што праводзілася афіцыйнай расійскай уладай, імкнулася замацаваць гэты міф. Пэўны вынятак у гэтым сэнсе ўтварала Падолле. Расійскія стратэгі разглядалі памежны з Габсбургскай манархіяй рэгіён як фарпост праваслаўя і давалі магчымасць больш вольна развівацца менавіта праваслаўнаму нацыянальнаму руху, а калі гэты рух выйшаў з–пад кантролю пецярбургскіх уладаў, радыкальна павярнуць справу назад ужо было запозна…

Аўтарка кнігі таксама вызначае прычыны адсутнасці якога–кольвечы сур’ёзнага ўзаемадзеяння паміж нацыянальна арыентаваным украінскім праваслаўным духавенствам і уніяцкім клерам: гэтаму замінаў перадусім выразны „антыкаталіцызм“ першага. Увогуле, паказ вонкавага ворага актыўна выкарыстоўваўся (а, відаць, і сёння выкарыстоўваецца) нядобразычліўцамі ўкраінскай самастойнасці, праціўнікамі выразнай нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Частку сваёй працы Рыкарда Вульпіюс прысвячае аналізу сацыяльнага значэння рэлігіі ў Еўропе ХIХ — пачатку ХХ ст., справядліва зазначаючы, што гэтае значэнне, з прычыны поступу секулярызацыі свядомасці людзей, няўхільна змяншалася. Даследчыца паказвае, у які спосаб ваяўнічыя расійскія шавіністы („саюз рускага народа“ і да т. п.) імкнуліся надаць свайму нацыяналізму рэлігійны характар. „Наданне нацыянальнага кшталту рэлігіі і сакралізацыя нацыі ішлі поруч“. Акрамя таго, у кнізе вядзецца гаворка пра працэс утварэння на рэштках былых імперыяў нацыянальных і рэлігійных супольнасцяў („канфесійных нацыяў“).

Рыкарда Вульпіюс прысвячае таксама нямала ўвагі аналізу актуальнай рэлігійнай сітуацыі ва Ўкраіне. Адзначаючы, што ў цэлым украінцы выяўляюць большую схільнасць да рэлігіі, чым, напрыклад, расійцы, яна падрабязна разбірае ўзаемадачыненні паасобных цэркваў, сцвярджаючы, што ў розных абласцях краіны дамінуюць розныя канфесіі (праваслаўе, Украінская каталіцкая царква, або уніяцтва), прычым у дачыненні да праваслаўя гэта могуць быць альбо Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, альбо Ўкраінская аўтакефальная царква, альбо Руская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату.

Акрамя таго, у кнізе аўтарка робіць спробу даць характарыстыку асаблівасцяў праваслаўнай тэалогіі і праваслаўнага царкоўнага будаўніцтва, падкрэсліваючы, сярод іншага, традыцыйную палітызаванасць дзеянняў праваслаўных ерархаў. Даследчыца сцвярджае, што развязанне расійска–ўкраінскіх міжнацыянальных і міжрэлігійных спрэчак у значнай меры мажлівае толькі на палітычным узроўні.

Мінск

Лявон Баршчэўскі

Євсєєва, Тетяна. Російська православна церква в Україні 1917—1921 рр. (Валянціна Яноўская)

Снежня 11, 2005 |


ЄВСЄЄВА, ТЕТЯНА М. Російська православна церква в Україні 1917—1921 рр.: конфлікт національних ідентичностей у православному полі. Київ, 2005. 362 с.

Манаграфія ўяўляе сабой гістарычна–філасофскі роздум пра ролю Рускай праваслаўнай царквы (або, як піша аўтар, Расійскай) у грамадска–палітычным жыцці Ўкраіны ў 1917—1921 г. Даволі простая (на першы погляд) аўтарская ўстаноўка вылілася, аднак, у складанае тэарэтычнае даследаванне эвалюцыі палітычнай і прававой прыроды Рускай праваслаўнай царквы ў кантэксце канфлікту нацыянальных ідэнтычнасцяў у адзінай праваслаўнай прасторы постімперскай Расіі. Гэта першае ў украінскай гістарыяграфіі спецыяльнае даследаванне па азначанай тэме. Няма аналагаў і ў беларускай гістарыяграфіі. З улікам падабенства тэндэнцый у развіцці дадзенага працэсу на ўсёй заходняй частцы былой Расійскай імперыі дадзенае даследаванне можна лічыць значнай падзеяй не толькі для ўкраінскай, але і для беларускай і расійскай гістарыяграфіі.

У манаграфіі сутыкнуліся, перапляліся некалькі складаных для ўкраінскай і расійскай гістарыяграфіі сюжэтаў. Сюжэтаў, якія да сёння не знаходзяць узаемапаразумення, бо падзеі 100–гадовага мінулага не замыкаюцца на тым, зусім невялікім (у храналагічных адносінах) адрэзку, які аўтар абраў для даследавання. Праблема ў тым, што карані гэтых падзей знаходзяцца ў далёкім мінулым гісторыі Ўкраіны і Расіі, а наступствы адчуваюцца да сёння.

І расійскія, і ўкраінскія сучасныя даследчыкі адзначаюць, што гісторыя руска–ўкраінскіх узаемаадносінаў — рэч даволі далікатная. „Россия и СССР, — піша Г. Харашкевіч у прадмове да кнігі А. Папкова «Порубежье Российского царства и украинских земель Речи Посполитой (конец ХVI — первая половина ХVII века)», — страны с неизменно чётко выраженной государственной властью, выстроенной по вертикали, и входившая в их состав Украина, обретшая государственность лишь в конце ХХ в., поневоле выступали антагонистами, несмотря на ближайшее кровное и культурное родство славянских народов“[1]. Гэтыя антаганістычныя адносіны, на думку даследчыцы, захаваліся да сёння, і нават „создание «незалежной» Украины не изменило общего настроя“[2].

Першае пытанне, што паўстае, калі бярэш у рукі дадзеную кнігу — чаму менавіта гэты перыяд быў абраны для навуковага даследавання? Аўтар даволі дакладна і лагічна дае абгрунтаванне свайго выбару, зыходзячы з гістарычных падзей (палітычных і канфесійных) Расіі і Ўкраіны. Ніжняя мяжа абумоўлена такім „згусткам“ падзей, як пачатак рэформаў царкоўна–адміністрацыйнага складу РПЦ, распадам Расійскай імперыі (люты 1917 г.), пачаткам дзейнасці на тэрыторыі Ўкраіны нацыянальных урадаў. Верхняя мяжа — стварэннем у жніўні 1921 г. паралельнай агульнаўкраінскай структуры (Украінскай праваслаўнай царквы) і вырашэннем патрыярхам Ціханам пытання пра яе легітымнасць на агульнаправаслаўным узроўні, пазбаўленнем Украіны статусу суб’екта міжнароднай палітыкі.

Характарызуючы гэты храналагічны адрэзак часу ў гісторыі Ўкраіны як „гісторыю рэвалюцыі 1917—1921 г.“, даследчык Я. Грыцак вылучае ў ім цэлы комплекс канфліктаў:

1) працяг (да позняй восені 1918 г.) Першай сусветнай вайны, у якой тэрыторыя Ўкраіны з’яўлялася адным з найважнейшых тэатраў ваенных дзеянняў;

2) канфлікт паміж Часовым урадам і Саветамі, які перарос у грамадзянскую вайну, а летам 1919 г. (пад час наступлення Дзянікіна) Украіна стала месцам, дзе вырашаўся лёс таго канфлікту;

3) выспеў і набраў вялікай сілы ўкраінскі нацыянальны рух, які выступаў за палітычнае самавызначэнне Ўкраіны аж да аддзялення яе ад Расіі, якому супрацьстаялі як белыя, так і чырвоныя;

4) грамадзянская вайна паміж украінскімі левымі і правымі сіламі, што набрала найбольшай сілы пад час антыгетманскага паўстання восенню 1918 г. і ва ўнутраных канфліктах у лагеры Дырэкторыі на працягу 1919 г.[3].

З усіх пералічаных канфліктаў, адзначае Я. Грыцак, найбольшую моц набраў трэці — імкненне ўкраінцаў здабыць палітычныя правы для сваёй нацыі. Прысутнасць гэтага моманту, сцвярджае ўкраінская гістарыяграфія, пераўтварыла рэвалюцыю ў Украіне ў рэвалюцыю украінскую. „Українського питання вже нема. Є вільний, великий український нарід, який будує свою долю в нових умовах свободи“, — пісаў у 1917 г. Міхайла Грушэўскі.

Зыходзячы з адзначанага, праблема эвалюцыі палітычнай і прававой прыроды РПЦ у першыя гады пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г. набывае асаблівую вастрыню і выходзіць далёка за межы канфесійнай гісторыі. У дадзеным варыянце яна паўстае як складовая частка праблемы, звязанай з „украінскім кампанентам“ нацыянальна–царкоўнага і дзяржаўнага будаўніцтва Расіі. Узаемаадносіны „царква — дзяржава“ аналізуюцца аўтарам у звязку з трансфармацыяй грамадскіх і нацыянальных адносінаў у імперыі. Навуковая гіпотэза аўтара манаграфіі заключаецца ў наступным: суіснаванне прынцыпова розных ідэнтычнасцяў (украінскай праваслаўнай і расійскай праваслаўнай) у праваслаўнай прасторы Расійскай імперыі правакавала перманентны культурны канфлікт, які пасля рэвалюцыі 1917 г. перарос у крызісную сітуацыю нацыянальнай ідэнтычнасці і фатальна адбіўся ў 1917—1921 г. на выніках барацьбы ўкраінцаў за аднаўленне дзяржаўнасці і стварэнне Памеснай царквы. Гэтая гіпотэза падмацавана даволі грунтоўнай гістарыяграфічнай і крыніцазнаўчай базай і лагічным тэарэтычным абгрунтаваннем.

Разглядаючы нацыю як найбольш складаную і дасканалую супольнасць, што была народжана цывілізацыяй, аўтар вылучае шэраг „кумулятивных линий“, якія, салідарызуючы яе знутры, вызначаюць знешнія праявы нацыі як адзінага цэлага. Да іх аднесены: мова, рэлігія, Царква, тэрыторыя, дзяржава, цывілізацыя (тэхнічная і арганізацыйная структура), звычаі, гісторыя і права, нацыянальная самасвядомасць, нацыянальная эліта (3). Прычым з дадзенага „набору“ нас цікавіць, якая роля адведзена рэлігіі і Царкве ў нацыятворчым і дзяржаватворчым працэсе. Метадалагічнай базай для аналізу гэтай праблемы паслужыла наступная навуковая гіпотэза. Любая палітычная сістэма падпарадкавана пэўнай сістэме каштоўнасцяў, якія ўзвышаюцца над ёю і абараняюць грамадства ад знешніх пагроз. Адзінай такой універсальнай сістэмай, лічыць аўтар манаграфіі, з’яўляецца рэлігія. З яе дапамогай у грамадстве быў створаны механізм перадачы традыцый, знойдзены найбольш спрыяльны спосаб усталявання шматтэрміновых сувязяў паміж грамадствам і дзяржавай. Праз пасярэдніцтва царкоўнай інфраструктуры забяспечвалася лаяльнасць народа да ўлады: „Праз царкву маральныя і этычныя каштоўнасці рэлігіі — у дадзеным выпадку хрысціянскія — з часам адсарбіраваліся ў палітычныя паводзіны членаў дадзенага грамадства ў форме светапоглядных установак, адпаведных яго законам і ўладзе, яго самарэфлексіі і афіцыйнаму ідэалагічнаму вобразу. Праз Царкву грамадства і дзяржава на працягу стагоддзяў мелі магчымасць найбольш прыродным чынам уносіць новыя прававыя і культурныя канцэпцыі ў сваё развіццё, мяняць яго формы, напрамкі і агульныя «контури» культуры“ (87—88).

Увядзенне сінадальнай формы кіравання Царквой парушыла гэтую гармонію. Сінадальны перыяд характарызуецца ў манаграфіі як сінтэз двух процілеглых па сутнасці прававых прынцыпаў: тэакратыі і тэрытарыялізму. Дадзеная канструкцыя прызвана была мадэрнізаваць грамадства, спрыяць стварэнню ў імперыі адзінай палітычнай нацыі еўрапейскага тыпу. Аднак гэтая „вестэрнізацыя“ з цягам часу прывяла да супрацьлеглых наступстваў. Своеасаблівы сінтэз традыцый расійскай палітычнай культуры і еўрапейскіх прававых традыцый на аснове праваслаўя замест фармавання ў межах Расіі адзінай нацыі прывёў да ўтварэння гістарычнай „псевдаморфози“ (88). Свае высновы аўтар падмацоўвае аўтарытэтам О. Шпэнглера, які даў наступную характарыстыку гэтай з’явы: „Усеахопны ціск чужой старой культуры (традыцый кіеўскага праваслаўя — удакладняе Т. Яўсеева) прывёў да рэзкай страты маскавітамі дынамікі развіцця ўласнага. Наступствам гэтага прэсінгу было тое, што маладая і аўтэнтычная для гэтай краіны культура не змагла стварыць уласнай арыгінальнай формы праяўлення… Замест разгортвання ўласных творчых сілаў грамадства спараджае ненавісць да чужога засілля і глыбокую агіду да культурных інавацый агулам“.

Такім чынам, менавіта ўвядзеннем сінадальнага праўлення, на думку аўтара манаграфіі, былі закладзены дэструктыўныя тэндэнцыі ўзаемаадносінаў „Царква — дзяржава“. Пакуль прыроднае развіццё імперыі (а разам і адпаведны ёй тып праваслаўнай цывілізацыі) шляхам экспансіі было магчымым, грамадская стабільнасць захоўвалася. Але, калі Расійская імперыя ўступіла ў эпоху капіталізму, гэтая раўнавага пачала губляцца.

У дадзенай манаграфіі, на жаль, няма глыбокай характарыстыкі апошняга перыяду сінадальнага праўлення ў кантэксце канфесійнай сітуацыі ў Украіне і ў Расійскай імперыі ў цэлым. Але падабенства аналагічных працэсаў на „окраинах“ імперыі (беларускія рэаліі намі былі прааналізаваны ў кнізе „Хрысціянская царква ў Беларусі ў 1863—1914 гг.“[4]) пацвярджае верагоднасць тэарэтычных палажэнняў і абгрунтаванасці высноваў аб тым, што індустрыяльная рэвалюцыя ў Расіі, пачатак якой супаў з апошнім перыядам сінадальнага праўлення, спарадзіла неабходнасць пошуку новай канцэпцыі кансалідацыі грамадства. Старая тэакратычная мадэль дзяржаваўтварэння, у якой Царква з’яўлялася ўнутранай апорай пашырэння імперыі, у новых умовах актывізавала дэструктыўныя тэндэнцыі, закладзеныя ў царкоўна–дзяржаўныя адносіны яшчэ на пачатку сінадальнага праўлення.

Аўтар слушна заўважае, што царкоўныя і дзяржаўныя адносіны знаходзіліся ў такой форме ўзаемазалежнасці, што часткова рэфармаваць цэласную сістэму было немагчыма. Пры змене аднаго кампанента другі быў не ў стане самастойна развівацца, ці, прынамсі, гарантаваць стабільнае існаванне імперыі. Спроба Дзяржаўнай Думы закласці прававую базу для пабудовы дэмакратычнага грамадства паказала, што давядзецца кардынальна мяняць характар царкоўна–дзяржаўных адносінаў: пасля рэформы Сінод (Сабор, патрыярх, або яшчэ якая форма царкоўнага кіравання) перастане быць „органам урада“. А без дзяржаўнай падтрымкі РПЦ не зможа зберагчы тэрытарыяльную цэласнасць структуры, уплыў у праваслаўным свеце, а тым больш — прэтэндаваць на ролю сусветнага духоўнага цэнтра. Таму кардынальных мераў улада, апынуўшыся ў далікатным становішчы, вырашыла не прымаць.

Лютаўская рэвалюцыя прымусіла ўсё ж павярнуцца тварам да праблемы рэфармавання Царквы. Аналізуючы сітуацыю ў РПЦ пасля таго, як Сінод згубіў свой асаблівы статус, аўтар робіць вельмі цікавыя назіранні і высновы. Яна адзначае, што падобна візантыйскаму епіскапату ХV ст., які свядома падвёў да падмены ў царкоўнай свядомаці „імперскага“ — „элінскім“, расійскі епіскапат зрабіў спробу падмяніць „імперскае расійскае“ — „праваслаўным расійскім“. Пры гэтым ступень дэцэнтралізацыі царкоўнага ўпраўлення і самастойнасці новаўтвораных мітрапалічых акругаў непасрэдна залежала ад магчымасці нівеляваць рэальнае самакіраванне са зменай палітычных умоваў. Захаванне адзінай цэнтралізаванай царкоўнай структуры насуперак дэзінтэграцыі імперыі мела надзею, на думку аўтара, падтрымаць у свядомасці насельніцтва колішніх „окраин“ пачуцці таго, што яны не толькі праваслаўныя, але і „русские“, аж да рэстаўрацыі імперыі. Таму звяртанне ўрадаў новаўтвораных дзяржаваў да Вышэйшага Царкоўнага Ўпраўлення РПЦ з прапановамі ўзаконіць адпаведныя нацыянальныя царкоўныя адзінкі разглядаліся ім як замах на правы Царквы.

Аналіз падзей, якія адбываліся пасля кастрычніка 1917 г., падаецца праз прызму вырашэння галоўнага пытання, што праходзіць праз усё манаграфічнае даследаванне: магчымасці ліквідацыі культурнага канфлікту ў праваслаўнай прасторы ў 1917—1921 г. між украінскім і расійскім „націоналізмами“. І гэты аналіз дае толькі адзін (даволі пераканальны, на наш погляд) адказ — адмоўны. Разглядаючы стан РПЦ пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, аўтар робіць слушныя высновы, што рэвалюцыя не прынесла Царкве жаданай свабоды: „Адбылося аддзяленне яе ад дзяржавы, але не вызваленне“ (241). Прычына гэтага бачыцца даследчыцы ў традыцыйнай, запазычанай яшчэ ад Візантыі, арыентацыі РПЦ больш на палітыку і ідэалогію, чым на пастырска–місіянерскую працу. Неабходнасць абслугоўваць імперскія амбіцыі дынастыі і фармуляваць універсальны нацыятворчы міф фатальна адбіваліся на ўкраінска–расійскіх адносінах пры вырашэнні праблемы вызначэння статусу РПЦ у Украіне. Страта „святога Киева“ не толькі пазбаўляла „Третий Рим“ прэтэнзіяў на „вселенскость“, але і правакавала крызіс ідэнтыфікацыі ўласна расійскага грамадства.

Тым не менш, нягледзячы на такія абставіны, ранейшыя адносіны таксама былі немагчымымі. Прычыны такога становішча аўтар манаграфіі бачыць у наступным. Сфармаваны ў свядомасці падданых Расійскай імперыі за колькі стагоддзяў і часткова на падставе нормаў царкоўнага права стэрэатып палітычнай культуры прадугледжваў абавязковую наяўнасць перманентнага ўнутрыпалітычнага канфлікту. У нестабільнай палітычнай сітуацыі гэта зрабіла адзіную праваслаўную прастору, якая аб’ядноўвала некалькі праваслаўных народаў, настолькі канфліктагенным асяродкам, што без паліцэйскіх захадаў ён перастаў утрымліваць у адзінай арбіце не толькі іншанацыянальныя, але і іншаслаўныя складнікі. Адбылося тое, чаго ніяк не чакалі: дыферэнцыяцыя адзінага царкоўнага нацыятворчага міфа і фармаванне на той жа аснове нацыянальных дзяржаваў.

У дачыненні да гісторыі Ўкраіны падзеі гэтага перыяду трактуюцца аўтарам манаграфіі наступным чынам. Украінскі царкоўна–рэлігійны рух ад імя ўкраінскага народа высунуў прапанову змены статусу Кіеўскай мітраполіі. Для яго прадстаўнікоў царкоўная аўтакефалія была непарыўна звязана з дзяржаўнай незалежнасцю, а факт зберажэння царкоўнай самабытнасці — з існаваннем акрамя расіян праваслаўнай украінскай нацыі. Надзея аднавіць status quo (а ў перспектыве — забяспечыць рэстаўрацыю імперыі) прымусіла ВЦУ і ерархію РПЦ выпрацаваць спецыфічную пазіцыю адносна Ўкраіны. Украінскую дзяржаву і нацыю афіцыйна прызналі штучным утварэннем, якое быццам бы сканструявалі ворагі праваслаўя. Адпаведна барацьба з „раскольнікамі“ і „сепаратыстамі“, якіх падтрымліваў „неприхильний до православ’я соціалістичний уряд“ (Дырэкторыі), падавалася як барацьба за зберажэнне праваслаўя аўтаномнай Украінскай царквой. Таму на практыцы „сама широка автономія УПЦ“ не надала ўкраінскім епархіям перавагаў, якія б вылучылі іх сярод іншых адміністрацыйных адзінак РПЦ. Больш за тое, Масква не хацела зберажэння аўтаномнага статусу УПЦ нават на вельмі абмежаваных умовах „Положения“, зацверджанага Ўсерасійскім саборам у 1918 г. Нават актыўная ініцыятыва мітрапаліта Антонія (Храпавіцкага), адзначаецца ў манаграфіі, у вырашэнні пытанняў агульнацаркоўнага значэння ды схільнаць да кампрамісу з урадам гетмана П. Скарападскага не выклікала сумненняў у тым, што пры ўмове замацавання нацыянальнай дзяржаўнасці і палітычнай стабільнасці ў Украіне аўтаномны статус Кіеўскай мітраполіі мог бы стаць падмуркам для інстытуалізацыі Памеснай царквы. Усерасійскі патрыярх добра разумеў, што пры такіх умовах абвяшчэнне аўтакефаліі УПЦ было б справай часу. Таму ў крытычныя моманты кіраўніцтва царкоўнай палітыкай у Украіне пераходзіла да яго асабістага прадстаўніка — мітрапаліта Платона (Раждзественскага), экзарха Каўказскага (восень 1917); архіепіскапа Смаленскага Феадосія (Федасеева) (лета 1919); мітрапаліта Гарадзенскага Міхаіла (Ермакова) (1921).

Такім чынам, робіцца канчатковая выснова: ліквідацыя культурнага канфлікту ў праваслаўным полі ў 1917—1921 г. між украінскім і расійскім нацыяналізмамі была немагчымай з–за адсутнасці наступных чыннікаў: умацавання нацыянальнай дзяржаўнасці ў Украіне; інстытуалізацыі дзвюх памесных цэркваў — Украінскай і Расійскай, усебаковага даследавання і аб’ектыўнага высвятлення царкоўнай і дзяржаўнай гісторыі, аб’ектыўнага перагляду і вызначэння ролі царкоўна–гістарычнага складніка канцэпцый нацыятворчага працэсу. Дадзеная выснова, лічыць аўтар, цалкам з’яўляецца актуальнай для ўрэгулявання ўзаемаадносінаў паміж Кіевам і Масквой і на пачатку ХХI ст.

Мінск

Валянціна Яноўская


[1] Папков А.И. Порубежье Российского царства и украинских земель Речи Посполитой (конец ХVI — первая половина ХVII века). Белгород: Константа, 2004. С. 4.
[2] Тамсама.
[3] Грицак Я. Нарис історїї України: формування модерної укранскої нації ХIХ — ХХ ст. Київ: Генеза, 2000. С. 111—112.
[4] Яноўская В. Хрысціянская царква ў Беларусі ў 1863—1914 гг. Мінск, БДУ, 2002.

Наверх

Робинсон, Михаил А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917— начало 1930-х г.) (Сяргей Запрудскі)

Снежня 10, 2005 |


РОБИНСОН, МИХАИЛ А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917 — начало 1930–х годов). Москва: Индрик, 2004. 432 с.

Кніга М.Рабінсона з’яўляецца даволі нетыповай з таго пункту гледжання, што яна заснавана пераважна на дадзеных карэспандэнцыі паміж навукоўцамі, якая захавалася ў розных архівах.

Манаграфія складаецца з прадмовы, 8 раздзелаў, заключэння і двух дадаткаў.

Першы раздзел („Палітыка, навука, ідэалогія“) уяўляе сабой своесаблівы ўвод да праблематыкі ўсёй кнігі. У ім гаворка ідзе пра настроі расійскіх навукоўцаў у міжчасе паміж лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцыямі, пра іх стаўленне да гвалтоўных дзеянняў савецкай улады ў 1917—1918 г., пра арышты, пра зрухі ў інстытуцыянальным развіцці савецкай славістыкі, ідэалагічна–палітычную цэнзуру ў дачыненні да навуковых прац. Структура гэтага раздзела (а таксама другога) акрамя храналагічнага падыходу ўкладзена ў значнай ступені пры дапамозе своеасасаблівага „кантэнт–аналізу“ корпусу даследаванай аўтарам карэспандэнцыі: з лістоў былі вылучаны тыя фрагменты, якія датычыліся тэмаў „гвалт“, „арышты“, „цэнзура“ і г.д., яны і сталі асновай для напісання канкрэтных падраздзелаў. Пры гэтым аўтар называе падраздзелы з выкарыстаннем цытат з аналізаваных лістоў („Мы задыхаемся ад гвалту“ — цытата з ліста П.Лаўрова М.Нікольскаму; „Арышты: «З глыбіняў кіргізскіх стэпаў заклікаю Вас»“ — цытата з ліста К.Харламповіча А.Сабалеўскаму; „Назіраецца цяпер маленькае ажыўленне ў галіне славянскіх даследаванняў“ — выпіска з ліста Г.Ільінскага М.Папружэнку; „Ідэолага–палітычная цэнзура: «перабудоўвацца па–новаму… неяк унутрана агідна»“ — выпіска з ліста С.Жэбелева У.Бузескулу). У раздзеле пададзены шырокі (зрэшты, амаль заўсёды негатыўны) спектр поглядаў расійскіх навукоўцаў–гуманітарыяў на новую ўладу, прыведзены дадзеныя адносна арыштаў славістаў (пры гэтым спецыяльна апісана дбанне старшыні II аддзялення Акадэміі навук А.Шахматава і іншых у справе хадайніцтваў адносна вызвалення арыштаваных), апісаны намаганні савецкай улады фармаваць кадравы склад гуманітарнай навукі на аснове адданасці новаму ладу і вызнаванай ім ідэалогіі. З лістоў вынікае, што на аснове стаўлення да новай улады ў асяроддзі навукоўцаў выразна акрэсліўся падзел паміж апанентамі (пераважна, схаванымі) тагачаснаму рэжыму і яго апалагетамі. Першыя ў сваёй карэспандэнцыі нярэдка давалі вельмі едкія, часам проста знішчальныя характарыстыкі апошнім. Напрыклад, у адным са сваіх лістоў М.Дурнаво паведамляў, што ў Маскоўскім універсітэце на кафедры рускай літаратуры звольнены ўсе прафесары з навуковай ступенню „акрамя напаўбальшавіка Сакуліна“ (46). На аснове ведання ідэалагічнай біяграфіі В.Караблёва (апошні быў сакратаром „ультраманархічнага“ Славянскага дабрачыннага таварыства, намеснікам галоўнага рэдактара „Правительственного вестника“ і інш.) Г.Ільінскі ў 1932 г. выказваў недавер да любых магчымых поспехаў гэтага чалавека ў славістыцы ў савецкі час: „з такім мінулым і з такой псіхалогіяй можна толькі гвалтаваць навуку, а зусім не рухаць яе наперад!!“ (47). У.Ператц у адным са сваіх лістоў характарызаваў стаўленне да аднаго з калег наступных чынам: „…у тых колах, дзе мы бываем — ён нябачны, як і ўвогуле ўся «левая» прафесура“ (47).

Найбольш месца ў кнізе займае другі раздзел „Навукоўцы ва ўмовах выжывання“, у якім падрабязна апісаны побытавыя ўмовы існавання навукоўцаў. Сярод тэмаў гэтага раздзела — „пасылкі“ (падраздзел „Можна пасылаць: сухары, локшыну. Сала, крупы і мукі — нельга“), „хваробы і смерці“ (падраздзел „Мы, старыя, спяшаемся сысці з гэтай горкай юдолі нэндзы і гора“), „паляпшэнне побытавай сітуацыі“ (падраздзел „У сціплых абставінах наладзіўся нейкі дабрабыт“), „новае пагаршэнне побытавай сітуацыі“ (падраздзел „Вяртанне да ранейшага. Нішто не новае пад месяцам“). У гэтым раздзеле аўтара цікавіць як агульная сітуацыя ўсталявання побыту (аўтар сведчыць, што з 1925 г. тэма матэрыяльных цяжкасцяў паступова фізічна скарацілася ў перапісцы, але з канца 1920–х зноў вярнулася), так і яе шматлікія праяўленні–дэталі (забеспячэнне апалам, ацяпленне і асвятленне жылля; харчаванне, цэны на прадукты і тавары першай неабходнасці; пайкі; пакупніцкая здольнасць грошай, інфляцыя; атрыманне замежнай дапамогі; транспарт; паштовыя зносіны; магчымасць, а таксама выгоды і невыгоды працаўладкавання ў навуковых цэнтрах і правінцыйных універсітэтах; аклады і магчымасць дадатковых заробкаў; праблема спалучэння навуковай дзейнасці з выкладчыцкай; купля царкоўных свечак для адпраўлення рэлігійных абрадаў; дапамога адно аднаму ў межах сваёй карпарацыі; падзенне нораваў у грамадстве; сямейныя абставіны і г.д. і да т.п.). Упершыню ў літаратуры падрабязна ўзнаўляецца побытавая частка (дагэтуль малавядомая з літаратуры, прысвечанай гісторыі навукі) жыцця савецкіх навукоўцаў–гуманітарыяў 1920–х г. З раздзела вынікае, што ў працэсе ўсталявання савецкай улады навукоўцы („научное сословие“, як іх нярэдка любоўна называе аўтар) спачатку страцілі ўсе свае прывілеі, звязаныя з прыналежнасцю да пэўнага сацыяльнага класа, і з рознай ступенню інтэнсіўнасці за іх змагаліся. Зрэшты, часта гаворка ішла не пра аднаўленне „прывілеяў“, але пра элементарную барацьбу за фізічнае выжыванне. Да рэвалюцыі не толькі акадэмікі, але і прадстаўнікі менш паспяховага слоя расійскіх навукоўцаў і выкладчыкаў не займаліся асабіста нарыхтоўкай дроў, купляй прадуктаў, не хадзілі пешшу на працу — у новы час усё гэта і многае іншае ім давялося рабіць. У кастрычніку 1918 г. акадэмік А.Шахматаў паведамляў С.Альдэнбургу, што яму даводзіцца актыўна займацца хатняй гаспадаркай, назапашваць для сям’і да зімы хлеб і дровы, пры гэтым „дроў зусім у горад [Аткарск] не прывозяць, трэба схітрацца купіць іх у вёсках, а ў крайнім выпадку назапасіць кізякоў“ (67). Член (фактычна кіраўнік) Камісіі па выданні славянскай Бібліі І.Яўсееў урэшце заняўся земляробствам і толькі на кароткі час урыўкамі прыязджаў у Петраград (68). У адным з лістоў 1919 г. М.Карынскі паведамляў А.Сабалеўскаму, што ўсімі гаспадарчымі клопатамі (нарыхтоўка дроў, ацяпленне, падрыхтоўка ежы) даводзіцца займацца яму самому (70). Голад і холад, звычайныя з’явы ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, былі спадарожнікамі жыцця навукоўцаў. У кнізе згадваецца выпадак, які адбыўся ў 1922 г. з Б.Ляпуновым у Адэсе. Пайшоўшы набраць вады, ён спрабаваў гэта зрабіць у нейкім чужым двары, і пад час спрэчкі з дворнікам быў збіты так, што атрымаў пералом нагі (114).

Побытавае бязладдзе і агульная няпэўнасць адмоўна адбіваліся на стане навуковых даследаванняў. Вясной 1918 г. Харламповіч скардзіўся А.Сабалеўскаму: „Навука не ідзе ў галаву, ды й працаваць не хочацца, калі не ўпэўнены не толькі ў тым, што ўдасца надрукаваць напісанае, але і ў захаванні жыцця самога аўтара“ (69). Можна толькі ўявіць, якая колькасць навуковых прац не была напісана з–за неспрыяльных умоў жыцця навукоўцаў…

У трэцім раздзеле „«Новая рэлігія» замест навукі: праціўнікі і прыхільнікі“ асвятляецца працэс пранікнення ў лінгвістычную практыку марызму і адносіны да гэтага палітычна–метадалагічнага напрамку навукоўцаў. Станаўленне „новага вучэння аб мове“ М.Мара цяпер добра апісана ў літаратуры (адной з галоўных крыніц для навукоўцаў нашага рэгіёну можа лічыцца кніга У.Алпатава 1991 г. „История одного мифа“), але трэці раздзел кнігі М.Рабінсона дадае новыя штрыхі да разумення таго, як ставіліся лінгвісты да ўзрослай на іх вачах „марксісцкай“ лінгвістыкі і да яе навязвання ўладай у якасці „пэўнага тыпу лінгвістычнага праваслаўя“ (Г.Ільінскі). М.Трубяцкой, напрыклад, лічыў, што адзін з артыкулаў Мара мог належным чынам рэцэнзаваць „не столькі мовазнавец, колькі псіхіятр“, а той жа Г.Ільінскі характарызаваў „яфетычную тэорыю“ М.Мара як „своеасаблівую сумесь неадукаванасці, святой наіўнасці і самай дзікай фантазіі“. У гэтым кантэксце дарэчы будзе згадаць, што ў беларускай лінгвістыцы (якая зазнала адносна позняе насаджэнне марызму) з нагоды публікацыі нейкіх лінгвістычных артыкулаў у другім томе вялікай савецкай энцыклапедыі Л.Цвяткоў яшчэ ў 1927 г. зазначаў, што пакладацца на М.Мара „можна толькі ў тых пытаннях, якія не маюць адносін да яго тэорыі яфетызму“ (Асвета. 1927. № 1. С. 135).

Чацвёрты раздзел кнігі „Навукоўцы–эмігранты і расійская славістычная эліта“ прысвечаны кантактам паміж навукоўцамі, якія пакінулі Савецкі Саюз, і тымі (пераважнай большасцю), якія засталіся. Зместам раздзела з’яўляюцца намаганні эмігрантаў у аднаўленні асабістых сувязяў; садзеянне ў папаўненні савецкіх бібліятэк новай замежнай літаратурай, а замежных — савецкай; абранне некаторых эмігрантаў членамі Акадэміі; магчымасць выехаць за мяжу і вярнуцца ў СССР з–за мяжы; умовы жыцця і працы эмігрантаў за мяжой; матэрыяльная дапамога эмігрантаў савецкім навукоўцам; пашырэнне інфармацыі аб невяртанцах у сваім асяродку; удзел савецкіх навукоўцаў у замежных славістычных выданнях; святкаванне ў 1925 г. 200–годдзя Акадэміі навук і інш. Сярод іншага ўвагу беларускага чытача ў гэтым раздзеле могуць прыцягнуць старонкі, прысвечаныя перапісцы паміж М.Фасмерам і Я.Карскім, эпізод, звязаны з водгукамі на паездку Я.Карскага ў 1924 г. у Прагу на з’езд славянскіх географаў і этнографаў, а таксама меркаванне Г.Ільінскага пра Мінск як месца працы. На думку Г.Ільінскага, навуковы асяродак у Мінску ў 1928 г. уяўляў сабой „асінае гняздо беларускіх шавіністаў. Чалавек з самастойным характарам [гаворка ішла пра М.Дурнаво. — С.З.] наўрад ці там ужывецца, — адтуль бягуць усе, хто толькі можа“. М.Рабінсон пакінуў гэты пасаж без каментару — і тут (і ў шматлікіх іншых выпадках) паўстае пытанне адносна карэктнасці такога спосабу працы з матэрыялам. Выглядае на тое, што аўтар у дадзеным выпадку некрытычна прымае суб’ектыўнасць канкрэтнага навукоўца, паколькі, згодна з агульным падыходам М.Рабінсона, гэтая суб’ектыўнасць дазваляе нам „паўней і аб’ектыўней“ (14) сфармаваць свае ўяўленні пра аўтара выказвання.

Але ці выказванні розных (часта вельмі аўтарытэтных) навукоўцаў служаць толькі падставай фармавання нашай думкі пра іх, але не ўплываюць на нашы меркаванні адносна ацэньваных імі падзей, сітуацый, людзей? Ці ёсць гарантыя, што сучасны расійскі і беларускі чытач зробіць з падобных эмацыянальных пасажаў адэкватныя ці прыблізна падобныя высновы? Хутчэй, не. На нашу думку, зусім верагодна, што сучасны расійскі чытач можа прыняць словы аўтарытэтнага расійскага лінгвіста за „чыстае золата навукі“, балазе падобнага тыпу выказванні ў кнізе падмацоўваюцца і іншымі выпадкамі. Затое беларускі чытач на аснове прадстаўлення ў кнізе нешматлікіх „беларускіх сюжэтаў“ можа зрабіць іншыя высновы.

Ніхто з расійскіх навукоўцаў (з іх ліку вылучаем, натуральна, Карскага) не разглядаў свой магчымы прыезд на працу ў Мінск як пэўную культурніцкую місію ў дачыненні да беларускага народа. Іх цікавілі адзіна асабістыя ўмовы працы, пайкі, побытавае ўладкаванне, захаванасць расійскага асяроддзя, дачыненні з мясцовымі („нацыяналістычнымі“ і, вядома ж, кепска падрыхтаванымі) навукоўцамі. Беларускі чытач у дадзеным кантэксце можа ўспомніць той факт, што з 49 прафесараў, якія прыехалі (найперш з Расіі) на працу ў БДУ ў 1921 г., 32 не змаглі вытрымаць цяжкіх умоў працы і жыцця ў разбураным Мінску і пакінулі універсітэт[1]. У шэрагу выпадкаў можна канстатаваць выразную непрыхільнасць расійскіх навукоўцаў 1920–х г. да поспехаў у развіцці беларускай нацыянальнай навукі. Так, напрыклад, А.Сабалеўскі выказваў задавальненне (зларадства?) з нагоды таго, што патрыярх беларусістыкі Я.Карскі ў 1926 г. не паехаў на Акадэмічную канферэнцыю ў Мінск, куды быў запрошаны[2]. Занадта сур’ёзнае стаўленне да выказвання Г.Ільінскага прымусіла б беларускага чытача задумацца над пытаннямі тыпу „ці мелі магчымасць М.Шчакаціхін, І.Замоцін, А.Вазнясенскі, П.Бузук і іншыя «ўцячы» з Мінска?“ і калі мелі, то „чаму яны яе не выкарысталі?“. Здаецца, гэта поўнае глупства (народжанае, аднак, апублікаваным, але пакінутым без каментару глупствам жа)… Несумненна, асабістая перапіска — даволі далікатны матэрыял, і разгледжаны выпадак паказвае, што публікацыя любых суб’ектыўных меркаванняў навукоўцаў без належнага каментавання можа даваць не толькі станоўчыя вынікі.

У пятым раздзеле кнігі ў кантэксце гаворкі пра асабістыя адносіны настаўніка з вучнямі і, больш шырока, пра падтрыманне акадэмічных традыцый у цэлым разглядаюцца міжасабовыя дачыненні ў рамках навуковай школы акадэміка У.Ператца. Падрабязна апісваюцца старанні У.Ператца падтрымліваць сваіх вучняў, не толькі садзейнічаць перадачы ім навуковых ведаў, але і дапамагаць матэрыяльна (праз бясплатнае атрыманне кніг, прызначэнне стыпендый), а таксама спрыяць прасоўванню іх навуковай кар’еры. Несумненна, важнай характарыстыкай падтрымання акадэмічных традыцый ва ўсе часы былі асаблівыя адносіны паміж кіраўнікамі і іх вучнямі. Але… Сярод іншага ў раздзеле падрабязна паведамляецца пра мітрэнгі акадэміка У.Ператца з нагоды складанасцяў з надрукаваннем ягонай (хвалебнай) рэцэнзіі на дысертацыю ягонай вучаніцы (пазней жонкі) В.Адрыянавай, яго клопат знайсці ёй (ужо жонцы) вартую працу ў Пецярбурскім універсітэце, дбанне, каб у яе быў добры заробак, спробы У.Ператца ў 1927 г. вылучыць сваю жонку ў члены–карэспандэнты АН СССР. У цэлым М.Рабінсону ўласцівы ўзнёсла–рамантычны тон у дачыненні да большасці сваіх герояў, гэткім ён застаецца і ў рамках дадзенага раздзела. Напрыклад, эпізод з неабраннем В.Адрыянавай–Ператц у члены–карэспандэнты АН СССР (галасаваць сярод іншых меўся і ініцыятар вылучэння, яе муж) аўтар трактуе спачувальна. Адпаведны фрагмент у кнізе заканчваецца спасылкай на тое, што час паказаў адсутнасць рацыі ў калег У.Ператца, якія ў дадзеным выпадку вышэй за інтарэсы навукі паставілі нібыта „сваё жаданне дапячы навукоўцу [У.Ператцу. — С.З.] за яго грамадскую актыўнасць і прынцыповасць у пытанні папаўнення шэрагаў акадэміі ў вельмі цяжкі для яе час. У многім менавіта дзякуючы наступнай дзейнасці члена–карэспандэнта АН СССР Адрыянавай–Ператц [жаданае званне было ёю атрымана ў 1943 г. — С.З.] удалося захаваць і прадоўжыць вывучэнне старажытнарускай літаратуры“ (270). На жаль, падрабязнае апісанне „некананічнага“ боку навуковага жыцця ўвогуле і эпізодаў, звязаных з дачыненнямі У.Ператца і В.Адрыянавай(–Ператц), у прыватнасці, насуперак намерам М.Рабінсона можа сфармаваць у чытача проста процілеглае ўяўленне пра апісаных герояў і сітуацыі, тым больш, што пазіцыі апанентаў у кнізе таксама прадстаўлены. (Так, В.Істрын ацэньваў рэцэнзію Ператца на дысертацыю ягонай вучаніцы, супраць публікацыі якой ён пярэчыў, як „палкае праяўленне гарачага кахання“, а іншыя ўцягнутыя асобы — „рэцэнзіяй, заснаванай на каханні“ („любовной рецензией“). Прадстаўнікі III аддзялення спробу II аддзялення, членам якога быў У.Ператц, абраць В.Адрыянаву–Ператц членам–карэспандэнтам называлі „кумаўством“.) Пра непрынцыповасць паводзінаў пры абранні членаў–карэспандэнтаў і акадэмікаў абазнаная публіка, на жаль, занадта добра ведае — і матэрыялы рэцэнзаванай кнігі даюць нямала пацверджанняў гэтай сумнай тэндэнцыі. У ёй, напрыклад, прыводзяцца ўласныя сведчанні А.Шахматава пра ягонае галасаванне „за“ ў справе выбараў акадэмікам Фларынскага, чалавека, чые навуковыя заслугі ён лічыў „вельмі невялікімі“ (245—246). Шахматаў, вядома, знаходзіў сабе апраўданне… У выпадку з сітуацыяй вакол У.Ператца і В.Адрыянавай–Ператц, на нашу думку, даволі няплённай выявілася тэндэнцыя М.Рабінсона падтрымліваць нейкую канкрэтную партыю, маляваць, з аднаго боку, вобразы „чыстых жрацоў навукі“, а з другога — іх „злых духаў“. Трэба яшчэ раз прызнаць, што ў шэрагу выпадкаў выкарыстаны аўтарам кнігі матэрыял асабістай перапіскі з’яўляецца „выбуханебяспечным“, і аўтар гэтых радкоў не можа адназначна сцвердзіць, што публікацыя падобнага матэрыялу ва ўсіх выпадках была карыснай…

У нейкім сэнсе падобна да папярэдняга раздзела шосты раздзел уяўляе сабой своеасаблівае case study. У ім асэнсоўваецца светапогляд гісторыка навукі К.Грота, які выявіўся ў ягонай запісцы 1930 г. „Мой погляд на эпоху, у якую я жыву“, а таксама змены ацэнак спадчыны настаўніка К. Грота — гісторыка У.Ламанскага, якія адбыліся ў савецкай навуцы цягам 1933—1944 г. Аўтар паказаў, бадай, усё ж не такі і нехарактэрны выпадак прыняцця савецкага ладу адным з прадстаўнікоў старой акадэмічнай школы (К.Грот нарадзіўся ў 1853 г.) на падставе пераемнасці новага рэжыму з — у значнай меры „антызаходнім“ — расійскім славяназнаўствам дарэвалюцыйнай пары. У адрозненне ад трактовак дзесяцігадовай даўнасці, у 1944 г., калі славяназнаўства ў Савецкім Саюзе аказалася запатрабаваным, катэгарычна змяніўся погляд у савецкай навуцы на значэнне ў гісторыі У.Ламанскага: з колішняга служкі самадзяржаўнага рэжыму ён быў перафарбаваны ў „найбуйнейшага прадстаўніка рускай дэмакратычнай грамадскасці“. У дадатках да кнігі надрукаваны два важныя дакументы, якія былі выкарыстаны пры напісанні шостага раздзела: запіска К.Грота і даклад В.Караблёва 1933 г. „Славяназнаўства на службе самадзяржаўя (З дзейнасці акадэміка У.І.Ламанскага)“.

У сёмым раздзеле апісана стаўленне членаў II аддзялення рускай мовы і літаратуры (ОРЯС) да маючага адбыцца яго рэфармавання, інакш зліцця з III гісторыка–філалагічным аддзяленнем. (У III аддзяленні пераважалі спецыялісты–ўсходнікі; рэфармаванне, звязанае з прыняццем першага савецкага статута Акадэміі навук, адбылося ў сярэдзіне 1927 г.) Верагоднасць падобнага зліцця надзвычай негатыўна ацэньвалася акадэмікамі–гуманітарыямі; М.Рабінсон кваліфікуе ліквідацыю самастойнасці ОРЯС як „першы крок на шляху саветызацыі Акадэміі навук“ (341) і разглядае перадгісторыю гэтага рэфармавання на фоне ўнутрыакадэмічнай барацьбы і міжчалавечых сутыкненняў у самым аддзяленні.

Восьмы раздзел прысвечаны апісанню падзей канца 1920–х г., якія былі накіраваны на ўключэнне Акадэміі навук у практыку сацыялістычнга будаўніцтва — важным складнікам гэтага працэсу было прадукаванне „новых“ акадэмікаў, абраных не ў адпаведнасці з іх навуковымі заслугамі, а згодна з іх месцам у ерархіі новай улады.

У заключэнні аўтар сярод іншага звяртае ўвагу на выхаваўча–педагагічны бок сваёй працы: імкненне славістаў 20–х у любых умовах кіравацца „высокімі акадэмічнымі традыцыямі“ складае „павучальны прыклад маральнага служэння навуцы“ (385).

Манаграфія М.Рабінсона ўводзіць у навуковы ўжытак багаты арыгінальны матэрыял, датычны сферы палітычных і іншых поглядаў многіх прадстаўнікоў гуманітарнай навукі 1920–х г. У кнізе на канкрэтных прыкладах паказана пранікненне ў навуку радыкальных палітыка–метадалагічных плыняў і апазіцыя гэтаму працэсу з боку славяназнаўцаў. Падрабязнае асвятленне „адваротнага“ (побытавага, міжчалавечага) боку навуковага жыцця дазваляе больш рэльефна ўявіць умовы, у якіх працавалі славісты першых паслярэвалюцыйных дзесяцігоддзяў. Разам з тым недастаткова крытычнае ў шэрагу выпадкаў выкарыстанне матэрыялу асабістай перапіскі ў сукупнасці з выхаваўча–педагагічным yхілам працы ставяць важныя (і не заўсёды вырашаныя станоўча) пытанні адносна спосабу ўвядзення ў навуковы ўжытак такога матэрыялу.

Мінск

Сяргей Запрудскі


[1] Гл.: А.Яноўскі. „Я аддаваў усе свае сілы будаўніцтву Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта“ // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 6. С. 8.
[2] Гл.: На путях становления украинской и белорусской наций: факторы, механизмы, соотнесения / Отв. ред. Л.Е. Горизонтов. Москва, 2004. С. 246.

Наверх

Frank Grelka. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42 (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 9, 2005 |

GRELKA, FRANK. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42. Harassowitz Verlag, Wiesbaden, 2005. 507 S.

Праца Франка Грэлькі выконвалася ў Даследчым цэнтры Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы пры Дортмундскім універсітэце. Яна ўключае ў сябе, акрамя неабходных уводзінаў, наступныя раздзелы: „Украінскі нацыянальны рух да прыходу немцаў“, „Украінскі нацыяналізм і нацыянал–сацыялізм“, „Украінскае пытанне напярэдадні Другой сусветнай вайны“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1918 г.“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1941 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1918 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1941 г.“, а таксама „Падагульненне“. Спіс выкарыстаных крыніц уключае пад тысячу назваў.

У падмурку канцэпцыі Франка Грэлькі ляжыць, як ужо можна здагадацца з пераліку назваў раздзелаў кнігі, метад параўнання і супастаўлення. У цэлым ён зазначае пераемнасць дзеянняў нямецкіх уладаў у 1918 і 1941 г., прынамсі, што датычыць эканамічных мэтаў акупацыі і палітычных мэтаў абмежаванага спрыяння частцы нацыянальнага руху на Ўкраіне.

У раздзеле, прысвечаным украінскаму нацыянальнаму руху да першай нямецкай акупацыі, даследчык разглядае „ўкраінскае пытанне“ ў кантэксце нацыянальнай палітыкі Расійскай імперыі, спыняецца на характарыстыцы ўкраінскай „нацыянальнай рэвалюцыі“ (дзейнасць Цэнтральнае Рады паміж лютым і кастрычнікам 1917 г.), асвятляе тэму абмеркавання мэтаў вайны на Ўкраіне ў кайзераўскай Нямеччыне, апісвае перыяд ад заключэння т.зв. хлебнага міру да ўваходу нямецкіх войскаў, аналізуе дамінаванне ваеннага чынніка ў развязанні нямецкім бокам „украінскага пытання“ ў 1917—18 г., адсоўванне на перыферыю рэвалюцыйных ідэалаў, што ў значнай меры прапаведваліся дзеячамі ўкраінскага нацыянальнага руху.

У наступным раздзеле Франк Грэлька разглядае гэткія пытанні, як: нацысцкая партыя і традыцыя нямецкай палітыкі ў дачыненні да Ўкраіны, правы паварот ва ўкраінскім нацыянальным руху і яго раскол, гегеманісцкія і незалежніцкія памкненні бакоў у перыяд з 1918 да 1941 г. Далей ён разглядае феномен „Карпацкае Ўкраіны“, падзеі верасня 1939 г. на Ўкраіне, дзейнасць украінскай Галоўнай камісіі ў „Генерал–губернатарстве акупаваных польскіх тэрыторыяў“.

Чарговы раздзел манаграфіі прысвечаны вяртанню ў 1918 год: разгляду антыбальшавіцкіх баявых дзеянняў, пачатку нямецкай акупацыі і стварэнню вобраза „габрэйскага бальшавізму“ як з нямецкага, гэтак і з украінскага боку. У сваю чаргу, у наступным раздзеле, ужо прысвечаным падзеям 1941 г., разглядаецца „нацыянальна–ўкраінскі план для нямецка–савецкае вайны“, паказваецца працэс эвалюцыі ад саюзу па зброі ўкраінскіх нацыяналістаў з вермахтам да абвяшчэння аднаўлення ўкраінскай дзяржаўнасці 30 чэрвеня 1941 г. Тут жа Франк Грэлька робіць выснову пра „Піраву перамогу“ ўкраінскага нацыянальнага руху ўлетку 1941 г., а таксама разважае пра „паслядоўны антысемітызм і этнічны нацыяналізм“.

Зноў вяртаючыся да падзеяў 1918 г., гісторык аналізуе працэс пераходу ад стану пратэктарату да ўсталявання нямецкага акупацыйнага рэжыму, фактычнай ліквідацыі Цэнтральнай рады, усталявання ваеннай дыктатуры ў гетманскай рэспубліцы, а з іншага боку, супраціву гетманскай і нямецкай уладзе.

У заключным асноўным раздзеле даследавання аўтар разглядае супярэчнасць ваенных мэтаў вермахта і антысавецкіх украінскіх структур у 1941 г., выяўляе незалежніцкія памкненні ўкраінцаў у ваенным камандаванні і цывільнай адміністрацыі, паказвае спосаб уліку нацыянальных чыннікаў і эканамічнага ціску ў розных рэгіёнах Украіны. Галоўную сваю выснову па выніках выкананага даследавання Ф.Грэлька фармулюе наступным чынам:

„Абедзве спробы дасягнення геапалітычных мэтаў праз вайну скончыліся для немцаў крахам Германскае імперыі як еўрапейскай звышдзяржавы і знішчэннем ваеннага патэнцыялу ажыццяўлення ўлады. Ангажаванне нямецкай вайсковай сілы на Ўкраіне пад час абедзвюх сусветных войнаў утварала заплечча для няўдалых нацыянальна–дзяржаўных памкненняў і падпадання волі ўкраінцаў пад савецкае дамінаванне. Таму тое, што вынікае з аналізу ўкраінска–нямецкіх дачыненняў, можа, бясспрэчна, зрабіцца прадметам будучай дыскусіі датычна параўнальных даследаванняў нямецка–прыбалтыйскіх, нямецка–беларускіх і нямецка–польскіх стасункаў. Калі ж браць пад увагу пастаноўку мэтаў тымі, хто падтрымлівае канкрэтна гэтае даследаванне, дык ключом для разумення паразы як украінскага нацыяналізму, так і нямецкай акупацыйнай палітыкі ў перыяд з 1915 да 1945 г. ёсць узаемная залежнасць гэтых з’яваў“.

Мінск

Лявон Баршчэўскі

К’яры, Бернгард. Штодзённасць за лініяй фронту (Захар Шыбека)

Снежня 8, 2005 |


К’ЯРЫ, БЕРНГАРД. Штодзённасць за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941—1944 г.) / Пер. з ням. Л.Баршчэўскага; нав. рэд. Г.Сагановіч. Мінск, 2005. 390 с.

Бернгард К’яры здзівіў мяне двойчы. Першы раз, калі пазнаёміў са сваёй дзяўчынай незвычайнай прыгажосці. І вось цяпер, калі выдаў сваю кнігу. Аўтар, якога ведаў з 1994 г. такім маладым, вясёлым і бестурботным, раптам паказаў сябе масцітым, таленавітым і арыгінальным даследчыкам. Пасля прачытання яго кнігі застаецца адчуванне набыцця інтэлектуальнага падарунка. Відавочна, што такое ж уражанне кніга зрабіла і на іншых, бо яе наклад разышоўся ў адзін момант.

Манаграфія прысвечана ўзнаўленню рэальнай гісторыі нацысцкай акупацыі Беларусі ў 1941—1944 г. Пасля кнігі Юрыя Туронка — гэта другое сур’ёзнае даследаванне згаданай праблемы. Яно стала адзіным сапраўды праўдзівым і шчырым сярод іншых, якія выйшлі з друку ў Беларусі з нагоды 60–годдзя з дня перамогі. У параўнанні з папярэднікамі аўтар ідзе наперад, бо карыстаеццца адмысловай методыкай, якая дазваляе прасачыць штодзённае жыццё пад акупацыяй і выкарыстоўвае новыя архіўныя матэрыялы.

У кнізе шырока выкарыстоўваюцца сведчанні ўдзельнікаў вайны. Даследчык разумее, што пад уздзеяннем пасляваеннай гераізацыі ваенных падзей успаміны ветэранаў не могуць быць дастаткова праўдзівымі ў адлюстраванні траўмаў ваеннага часу. Таму ён свядома адмаўляецца ад іх і выкарыстоўвае толькі сведчанні, задакументаваныя ў ходзе вайны. Другая асаблівасць методыкі  нямецкага гісторыка палягае ў паказе ваенных падзей з пункту гледжання простых людзей, а не генералаў, партыйных кіраўнікоў ці высокіх чыноўнікаў. І нарэшце пры рэстаўрацыі мінулага Б.К’яры карыстаецца набыткамі сацыялогіі і псіхалогіі. Ён займаецца псіхааналізам людзей вайны, стварае псіхагісторыю. І ў гэтым сэнсе аўтар, — услед за Васілём Быкавам, які мастацкім словам асвятляў цьмяныя і патаемныя бакі ваеннага ліхалецця, — робіць тое ж самае, толькі моваю навукі.

Праца пачынаецца з вялікай прадмовы да беларускага выдання і грунтоўных уводзінаў, якія даюць поўнае ўяўленне пра манаграфію. Навуковец з Нямеччыны не ставіў за мэту ўсебаковае вывучэнне мінулай вайны ў Беларусі. Яго найперш цікавіла разбуральнае ўздзеянне ваеннай акупацыі на грамадства і чалавека. Даследаванне абмяжоўваецца разглядам становішча ў райхскамісарыяце „Беларусь“, што знаходзіўся пад цывільным кіраваннем. Відаць таму, што паўсядзённае жыццё ў гэтай частцы Беларусі было найбольш задакументаваным. Падзеі ў зоне ваеннага тылу закранаюцца мімаходзь.

У другім раздзеле (першы — уводзіны) даецца кароткі агляд развіцця поліэтнічнасці беларускіх земляў пасля 1917 г. Асноўная ўвага скіроўваецца на саветызацыю Заходняй Беларусі пасля яе далучэння ў 1939 г. да БССР. Уз’яднанне Беларусі ацэньваецца толькі як трагедыя польскага народа. (?) У кантэксце даследавання гэта выглядае нібыта лагічна. К’яры ўпершыню звязвае злачынствы гітлераўцаў са злачынствамі сталіністаў на беларускіх землях. Нагнятанне ў грамадстве жорсткасці, нянавісці, нацыянальнай розні пачыналі бальшавікі. Яшчэ да прыходу немцаў беларускае жыхарства пазбаўлялася гуманізму і грамадскай салідарнасці. Таму акупанты, на думку аўтара, змаглі эфектыўна выкарыстоўваць у сваіх планах і антыбальшавізм, і антысемітызм ды іншыя праявы нацыянальнай розні.

У трэцім раздзеле гаворка ідзе пра нямецкую акупацыйную адміністрацыю. Яе дзейнасць вывучаецца не толькі па загадах і распараджэннях. Паказваецца рэальны стан рэчаў. Развенчваецца міф аб нямецкай звышнацыі і знакамітай нямецкай арганізаванасці. Аўтар паказвае, што нямецкая адміністрацыя не мела сапраўдных уяўленняў пра Беларусь, немцам бракавала планаў „новаўпарадкавання“ захопленых земляў. Нямецкі апарат кіравання, яго палітыка і дзейнасць падаецца ўсяго толькі ў якасці агульнага фону, на якім паказваюцца індывідуальныя дачыненні немцаў з мясцовым насельніцтвам. Жыццё пад акупацыяй рэстаўруецца панарамна: з пазіцый і злачынцаў, і ахвяр. Матэрыялы кнігі паказваюць, што мяжу паміж злачынцамі і ахвярамі правесці не заўсёды лёгка. У іх знаходзіліся кропкі судакранання і нават часовае супадзенне інтарэсаў. Ва ўмовах акупацыі простыя людзі мусілі сужывацца. Асабліва каштоўнымі ўяўляюцца спробы псіхааналізу прадстаўнікоў нямецкай адміністрацыі. Аўтар дзеліць іх на дзве групы: перакананых нацыстаў і простых немцаў, якія кіраваліся такімі прагматычнымі рэчамі, як ухіленне ад фронта, магчымасць кар’ернага росту і звычайнае ўзбагачэнне на акупаваных тэрыторыях. Аўтар сцвярджае, што акупанты ў Беларусі ў сваёй бальшыні не паводзілі сябе як фанатычныя нацысты, а кіравалі тэрыторыяй з выключна бюракратычных пазіцый (21). З такімі ацэнкамі акупантаў беларускі чытач знаёміцца ўпершыню. І яны, дарэчы, у шмат чым супадаюць з успамінамі людзей, якія перажылі акупацыю.

Чацвёрты раздзел прысвечаны беларускаму самакіраванню. І тут, што праўда то праўда, аўтар пасля кнігі Юрыя Туронка не можа прэтэндаваць на арыгінальнасць. Затое наступны раздзел пра мясцовую паліцыю — не толькі арыгінальны, але і вельмі актуальны. Слова „паліцай“ у пасляваеннай Беларусі набыло адценне самай вялікай абразы. А што гэта за людзі, паліцаі, і якая была матывацыя іх паводзінаў, якраз і змог праўдзіва паказаць прадстаўнік нямецкай дзяржавы. Ён прывёў нямала фактаў прамога ўдзелу мясцовай паліцыі ў вынішчэнні людзей. Нямецкі даследчык адмаўляецца ад шырокага трактавання калабарацыі — як сродку выжывання на ўсіх грамадскіх узроўнях. Большасць выпадкаў разнастайнага сужыцця акупантаў і мясцовых жыхароў адпавядае, на думку аўтара, паняццю „супрацоўніцтва“. Разглядаюцца матывы такога супрацоўніцтва. Паняццем „калабарацыя“, на думку аўтара,  можна карыстацца толькі тады, калі гаворка ідзе пра свядомы выбар падтрымкі злачынных акцыяў эксплуатацыі і тэрору (13). Такую ж пазіцыю ў першай палове 1990–х г. займаў і беларускі гісторык Аляксей Літвін. Цяпер гэтая пазіцыя ў беларускай гістарыяграфіі замоўчваецца. Матэрыялы кнігі сведчаць, што ўсенароднага характару супраціўлення ў Беларусі не было. У асобных раёнах, па перакананні аўтара, партызанскі рух набываў рысы грамадзянскай вайны (15). К’яры — супраць гераізацыі партызан, як і супраць прыхарошвання паліцаяў. Мінулая вайна для жыхароў Беларусі — далёкая ад героікі. Людзі былі заклапочаныя найперш выжываннем. І тут рэцэнзент поўнасцю салідарны з аўтарам.

У шостым раздзеле разглядаецца становішча дзяцей і моладзі. Асабліва арыгінальнымі атрымаліся сюжэты пра дзяцей. Дзіцячыя дамы мала чым адрозніваліся ад канцэнтрацыйных лагераў. У Беларусі гэтай праблемай займаецца хіба што адзін Якаў Басін. У сёмым раздзеле кнігі расказана пра вынішчэнне беларускіх яўрэяў і іх барацьбу з ворагам. А ў апошнім, восьмым, даследуецца роля палякаў. І робіцца гэта пераважна на аснове прац польскіх аўтараў.

Падзеі не заканчваюцца 1944 годам. Аўтар непазбежна мусіў гаварыць пра прыход Чырвонай Арміі. Іначай гісторыя нацысцкай акупацыі Беларусі была б няпоўнай. Сталінскі рэжым папярэднічаў нацысцкай акупацыі і змяніў яе зноў. Прыход Чырвонай Арміі не прынёс міру на беларускія землі. Эпоха войнаў скончылася ў БССР толькі ў пачатку 1950–х. „Акцыі ўціхамірвання“ антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі былі падобныя да тых, што праводзіліся пад час нямецкай акупацыі (315). Нямецкі даследчык паўтарае меркаванне, што абмен насельніцтвам паміж Польшчай і Беларуссю ў 1944—1945 г. быў этнічнай чысткай (317). Кніга пачынаецца і заканчваецца польскім пытаннем у Беларусі. Не толькі таму, што трагізм і маштабы беларуска–польскага супрацьстаяння ў вайну яшчэ як след не ацэнены. А ў сутыкненнях „акаўцаў“ і савецкіх партызан якраз і праглядалі рысы грамадзянскай вайны. Такі прыём дазваляе паказаць бальшавізм як папярэдніка і паслядоўніка нацыстаў у справе злачынстваў на беларускіх землях.

Каркас манаграфіі ўтвараюць тры фундаментальныя праблемы. Яны не ўкладваюцца ў структурныя рамкі працы. У ёй даследуюцца: 1) праблема ажыццяўлення нямецкай палітыкі вынішчэння, 2) праблема выжывання мясцовага насельніцтва і 3) праблема суадносінаў вынішчэння і выжывання, ці вынікі акупацыі.

Працэс вынішчэння разгледжаны глыбока і панарамна, усебакова і маштабна, з улікам дзяржаўнай палітыкі, рэгіянальных асаблівасцяў, пэўных нацыянальных узаемаадносінаў, індывідуальных трагедый, псіхалогіі катаў і злачынцаў, з выхадам на філасофскія абагульненні (гл. раздзелы 6 і 7). На думку аўтара, працэс гэты часта станавіўся бескантрольным. Акупацыйны рэжым у Беларусі ацэньваецца як больш жорсткі ў параўнанні з Прыбалтыкай і нават з Украінай. Грамадзянская адміністрацыя Вільгельма Кубэ не змякчала цяжкага эканамічнага становішча беларускага жыхарства. Акупацыйныя ўлады праводзілі палітыку самазабеспячэння коштам беларускай вёскі, дэіндустрыялізацыі і змяншэння колькасці гараджан.

Праблема выжывання была галоўнай для мясцовага насельніцтва. Існавалі розныя стратэгіі выжывання, у тым ліку і коштам рабскага падпарадкавання акупантам, і коштам жыццяў іншых. Аднак усё — марна, ілюзорна. Нічога не выратоўвала. Ваеннай штодзённасці ў Беларусі ў большасці выпадкаў, як паказана ў кнізе, бракавала не толькі гераічнасці, але і адданасці нейкай ідэі. Ніхто паводле сваіх перакананняў не падтрымліваў фашысцкіх заваёўнікаў (22). І не ўсе, дададзім ад сябе, хто ішоў у партызаны, былі па сваіх перакананнях камуністамі.

Кнігу чытаць вельмі цяжка. Сабрана, спрасавана столькі жахаў. Апісанне індывідуальных ахвяр успрымаецца асабліва трагічна. Факты, факты, факты… Трэба моцна любіць жыццё, каб так паказваць смерць. Аднак з апорай на гуманістычныя пазіцыі аўтара чытачу становіцца лягчэй адкрываць для сябе новую, жорсткую праўду вайны, якую і цяпер яшчэ можна пачуць ад жывых сведкаў нацысцкай акупацыі.

Наступствы вайны былі нашмат больш жахлівымі, чым іх змаглі паказаць савецкая і постсавецкая гістарыяграфіі. Адбылося масавае вынішчэнне людзей, панесены вялізарныя матэрыяльныя страты. Але аўтара найбольш цікавяць сацыяльныя, псіхалагічныя ды маральныя наступствы акупацыі. Падсумаванне вынікаў вайны набывае філасофскі змест. Вынішчэнне не ўдалося, але якой цаной далося самазахаванне? Разбуралася грамадская супольнасць, разбуралася чалавечая асоба — і гэта велізарная трагедыя беларускага народа, на якую ўпершыню звяртае ўвагу К’яры. Ваеннае грамадства, на думку аўтара, было падобнае да плыта без стырна, які несла праз парогі і вадаспады, і ён памалу разбураўся (22). Канчатковы рахунак вынікам катастрофы ў кнізе не падводзіцца. Пакідаецца прастора для роздуму чытачам. Даецца штуршок, каб сённяшняе патлумачыць мінулым, каб праз мінулае зразумець сённяшняе.

Спачатку падалося, што драматычныя вынікі вайны ў кнізе празмерна перабольшаныя. Мінулая вайна была ж не адзінай трагічнай падзеяй у гісторыі беларускага народа. Усе дэманстравалі адзінадушнасць у жаданні заканчэння вайны. Урэшце, кансалідацыя грамадства адбывалася вакол пераможцаў. Аднак больш уважлівае знаёмства з працай нямецкага калегі дазволіла зразумець, што разбуральнасць мінулай вайны была беспрэцэдэнтнай і сапраўды катастрафічнай, бо і пасля яе завяршэння духоўная дэструкцыя беларускага грамадства не прыпынілася. Вынікі вайны трагічным рэхам адгукаюцца дагэтуль. Кансалідацыя беларускага грамадства ідзе марудна. Можа таму, што за фізічнае ўратаванне ад нацызму беларускі народ заплаціў духоўным рабствам у бальшавіцкай імперыі? Ва ўсякім разе, маштабы разбурэнняў і іх вынікі ў мінулай вайне беларускія гісторыкі яшчэ як след не асэнсавалі. Трагедыя, як правіла, толькі апісваецца, а яе прычыны і вынікі не тлумачацца. Небяспека застаецца, бо незразумелыя і неасэнсаваныя трагедыі маюць уласцівасць паўтарацца.

Нямецкі акупацыйны рэжым упершыню ў нямецкай гістарыяграфіі паказаны з улікам спецыфікі Беларусі і беларускага грамадства. Беларусь выступае ў якасці асобнага аб’екта даследавання. У той жа час закрадваюцца сумненні, што аўтар лічыць Беларусь бясспрэчным суб’ектам еўрапейскай гісторыі. Першы раздзел яго кнігі мае назву „Беларусь як перыферыйны раён Польшчы і Савецкага Саюза“. А ў тэксце Заходняя Беларусь называецца Ўсходняй Польшчай (39). Калі нават такі дасведчаны даследчык трымае Беларусь у цяні Польшчы і Расіі, то што казаць пра іншых.

Бернгард К’яры дэкларуе імкненне да гістарыізацыі Другой сусветнай вайны (7). Іншымі словамі, ён стараецца пазбягаць у сваіх ацэнках такіх крытэраў, як нацыянальныя інтарэсы, а таксама гістарычная справядлівасць. Яго задача — паказаць акупацыю такой, якой яна была гістарычна. Такі падыход з’яўляецца новым не толькі ў беларускай, але і ў нямецкай ды нават сусветнай гістарыяграфіі. Для беларускай грамадскасці неперадузятыя ацэнкі ўяўляюць сабой вельмі вялікую каштоўнасць. Аднак гістарыяграфічнае „раззбраенне“ ў Беларусі застаецца пакуль нерэальным. Гісторыя ператворана ў барыкады, якія дзеляць беларускіх гісторыкаў на дзве школы — нацыянальную і постсавецкую. Не да гістарызму. Мінулае Беларусі яшчэ як след не ацэнена і з нацыянальных пазіцый. Яшчэ не дадзены адпор фальсіфікацыям беларускай гісторыі, яшчэ не знікла сітуацыя, калі расійскія інтарэсы на беларускай зямлі выдаюцца за беларускія. Для зацвярджэння гістарыізацыі ў даследаваннях мінулага Беларусі аднабаковых намаганняў недастаткова. Патрабуецца добрая воля і суседзяў.

А ўвогуле ці варта супрацьстаўляць гістарызм і нацыянальны інтарэс? Думаю, беларускі нацыянальны інтарэс (разумее гэта хто ці не) палягае ў аб’ектыўнай інтэрпрэтацыі ўласнай гісторыі, па сутнасці, ён супадае з гістарыізацыяй, якая цяпер пашыраецца ў еўрапейскіх гістарыяграфіях.

Не ўсё ў аднолькавай меры аўтару, зразумела, удалося. Але галоўнае, што кніга, якую ён напісаў, вельмі паспяхова разбурае „забетанаваны вобраз вайны“, створаны ў савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі.

Пасля абвяшчэння незалежнай Беларусі тры навукоўцы з Нямеччыны — Астрыд Зам, Бернгард К’яры і Райнэр Лінднэр — узяліся за вывучэнне вельмі актуальных праблем яе найноўшай гісторыі. Іх праца стала плённай — напісаны манаграфіі, набыты навуковыя ступені. А перакладзеныя на беларускую мову манаграфіі Лінднэра і К’яры сталі падзеямі ў навуковым жыцці Беларусі. Трэба спадзявацца, што ў беларускага чытача ёсць шанец атрымаць у перакладзе на беларускую мову і даследаванне Астрыд Зам.

Мінск

Захар Шыбека

Наверх

Projektgruppe Belarus im Jugendclub Köln e.V. (Hrsg.). „Existiert das Ghetto noch?“ (Гартмут Рус)

Снежня 7, 2005 |

Projektgruppe Belarus im Jugendclub Köln e.V. (Hrsg.). „Existiert das Ghetto noch?“ Weißrussland: Jüdisches Überleben gegen nationalsozialistische Herrschaft. Verlag „Assoziation A“, Berlin, Hamburg, Göttingen, 2003. 320 S., Abb.

Гэтая вартая падзіву кніга створана дзякуючы пазауніверсітэцкаму кёльнскаму праекту. У рамках завершанай у 2000 г. праграмы візітаў беларускіх ахвяраў нацысцкага тэрору „праектгрупа Беларусь“ правяла апытанне дванаццаці яўрэяў (Фрыды Райсман, Маі Крапінай, Льва Краўца, Зінаіды Нікадзімавай, Уладзіміра Трахтэнберга, Гені Савольнер, Сімы Марголінай, Эльфрыды Азлесавай, Валерыя Мызгаева, Леаніда Рубінштэйна, Розы Герасімавай, Міхаіла Трайстэра) і беларускі Інэсы Булах. Усе яны —  былыя ўдзельнікі супраціву — дзяліліся ўспамінамі пра жыццё ў мінскім гета і досведам абыходжання з імі нямецкіх акупацыйных уладаў. Атрымалася oral history ў лепшым сэнсе, — сведчанні дэтальныя і вельмі пераканаўчыя. Хоць дакументалізацыя асабістых успамінаў змяшчалася і ў нядаўніх беларускіх выданнях, прысвечаных халакосту[1], там яны вельмі часта падаваліся схематызавана і сцісла. Гэтая публікацыя выгодна адрозніваецца ад іх дыферэнцыяваным апытаннем.

Усе апытаныя на момант пачатку вайны былі дзецьмі (дзевяць мелі ад 2 да 11 гадоў) ці юнакамі (чатыры былі ва ўзросце паміж 14 і 17 гадамі). Голад, гвалт і смерць у гета сталі для іх разбуральнай нармальнасцю („Калі, напрыклад, маю маці павесілі і яна вісела на плошчы… Ну, мне тады было 7 ці 8 гадоў, гэта была восень 1943 г. Мы ўжо так наглядзеліся на пакуты і жахі, што гэта стала звычайным… Спачатку мы на ўсё дзівіліся, а потым перасталі“) і, напэўна, траўмай усяго жыцця („Усё, што я перанёс, назаўсёды застанецца ў маёй памяці як жудасны ўспамін пра… смерць родных…, смерць лепшага часу майго жыцця“). Гэта былі акурат найменш падазраваныя дзеці і юнакі, якія, не знаходзячыся пад пільным кантролем паліцыі гета, маглі прапаўзаць пад калючым дротам і прыносіць нешта такое, што можна было есці. Дванаццацігадовыя выконвалі функцыі сувязных паміж падполлем гета і партызанамі або дапамагалі арганізоўваць уцёкі. Лічыцца, што за ўвесь час з мінскага гета ўцякло 10 000 чалавек (Холендэр, с.256), але называюцца і значна меншыя лічбы (Ф.Райсман, с.15). Наогул, як відаць з разыходжанняў у ацэнках колькасці ахвяраў апытанымі (праўдападобна, яны абапіраюцца пераважна на ненадзейныя маскоўскія матэрыялы „Надзвычайнай дзяржаўнай следчай камісіі“ з 1944 г.), агульны падлік яўрэйскіх ахвяраў халакосту ў Беларусі і забітых пад час пагромаў у мінскім гета застаецца вельмі недакладным. У літаратуры гэтая агульная сума ахвяраў вагаецца паміж 245 тыс. і 1 мільёнам (Смілавіцкі, с.277).

Поруч з непазбыўным абліччам жахаў у памяць шмат каго з выжыўшых гэтаксама глыбока ўрэзаўся ўспамін пра „добрых немцаў“. Так, адзін нямецкі супрацоўнік не павёў сваю групу назад у гета і ўратаваў яе ад пэўнай смерці, папярэдзіўшы пра запланаваны пагром. („Я ведаю, … як ён дастаў вялікі кавалак хлеба, парэзаў яго на лустачкі, памазаў мёдам і раздаў усім дзецям. Смак гэтага мёду я помню да гэтага часу“). У суме з інфармацыі апытаных складваецца рознабаковая карціна ўмоў жыцця ў гета. Шкала чалавечых паводзін тут прабягала ад экстрэмальна бяздушнай загартоўкі ў барацьбе за выжыванне да вялікай узаемадапамогі і салідарнасці. Хапала як даносаў з боку неяўрэйскага насельніцтва, так і вартых здзіўлення прыкладаў вельмі спачувальнага стаўлення. У яўрэяў райху („гамбургскія яўрэі“), не меўшых ніякіх кантактаў з навакольным светам, шансы выжыць былі яшчэ меншыя, чым у мясцовых. Некаторыя яўрэйскія дзеці, перапраўленыя кантрабандай з гета ў горад, як, напрыклад, сямігадовая на той час Зінаіда Нікадзімава, у 1944 г. былі завезены эсэсаўцамі ў Нямеччыну.

Праявай прыхаванай антысеміцкай хваробы ў паваенным СССР стала тое, што падполле ў мінскім гета было афіцыйна прызнана рухам супраціву толькі ў 1959 г. „Партызаны былі героямі… У сапраўднасці яны сядзелі… у лесе і нічога не ведалі, што адбывалася ў горадзе“ (З.Нікадзімава).

Успаміны сведкаў грунтоўна дапаўняюцца інфармацыяй васьмі артыкулаў другой часткі кнігі. Сярод аўтараў — два вязні мінскага гета (Фелікс Ліпскі і Гайнц Розенберг). Хрысціян Герлах прадстаўляе сістэмную залежнасць паміж генацыдам і нацыянал–сацыялісцкай палітыкай заваёў на Ўсходзе; Даніэль Раманоўскі (Ерусалім) прапануе кароткую сацыяльную гісторыю мінскага гета, дапоўненую звесткамі Наталлі Яцкевіч з Мінска пра лагер СС на вуліцы Шырокай; Андрэас Холендэр паказвае яўрэўскі супраціў у гета і па–за ім; Дыяна Зібэрт апісвае жыццё яўрэяў напярэдадні фашысцкай акупацыі; Леанід Смілавіцкі (Тэль–Авіў) піша пра працяг антысемітызму ў савецкай Беларусі пасля 1945 г. і ролю яўрэяў у адбудове краіны; у дакладзе Гайнера Ліхтэнштайна, які займаецца прававымі аспектамі нацысцкіх злачынстваў наогул, даюцца кароткія біяграфіі вядомых фашысцкіх дзячоў у Мінску (Блобель, Эрлінгер, Гойзер, Кубэ, Рубэ, незгаданым застаўся Штраўх). Урэшце берлінскі журналіст Паўль Коль, аўтар вельмі пазнавальнай кнігі пра месцы масавых знішчэнняў насельніцтва ў Беларусі[2] і да гэтага часу малавядомага дакументальнага рамана „Schöne Grüße aus Minsk“ (2001) (пра крывавы сцэнар у беларускім цэнтры пад час нацысцкай акупацыі), выступае з артыкулам пра лагер смерці Трасцянец — адно з найбольшых месцаў знішчэння ў Беларусі, што застаецца амаль непрыкмечаным у культуры памяці ў Нямеччыне.

Несумненна, яшчэ большую вагу, чым навуковыя заключэнні рэцэнзентаў, мае ўдзячнае прызнанне аднаго ўражанага заангажаванасцю і маральным імпэтам „праектгрупы Беларусь“: „Я ўсё гэта вельмі цаню. Не толькі тое, што Вы для нас робіце, але і раскаянне, якое Вы адчуваеце, і яно ёсць важным фактарам. Вы робіце гэта незвычайна тактоўна; я цаню гэта як сапраўдны дабрачын“.

Мюнстар

Гартмут Рус


[1] Гл.: Шерман Б.П. Барановичское гетто. Колдычевский лагерь смерти. Барановичи, 1997; Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі 1941—1944. Мінск, 1995; Халакост у Беларусі: 1941—1944. Дакументы і матэрыялы. Мінск, 2002.
[2] Першае выданне — Gütersloh 1990, другое — Fischer, Frankfurt 1995.

Mironowicz Eugeniusz, Tokć Siarhiej, Radzik Ryszard. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko–białoruskim w XX wieku (Аляксандр Пагарэлы)

Снежня 6, 2005 |


Mironowicz Eugeniusz, Tokć Siarhiej, Radzik Ryszard. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko–białoruskim w XX wieku. Białystok, Wydawnictwo uniwersytetu w Białymstoku, 2005. 171 s.

Беларуска–польскае памежжа ўсё часцей становіцца прадметам спробаў сур’ёзнага даследчага асэнсавання. У іх шэрагу і калектыўная манаграфія беларускіх і польскіх гісторыкаў і сацыёлагаў, выдадзеная Беластоцкім універсітэтам. Гэтую працу можна без сумневу назваць падвядзеннем некаторых вынікаў у распрацоўцы дадзенай тэматыкі. Аўтары манаграфіі — Сяргей Токць, Яўген Мірановіч і Рышард Радзік — самі жывуць на памежжы і чэрпаюць свае назіранні з непасрэднага вопыту. Гэтая кніга з’яўляецца апісаннем і аналізам не столькі змены, колькі складвання этнанацыянальнай структуры беларуска–польскага памежжа.

У кнізе надзвычай шмат дакладнай і кампетэнтнай інфармацыі па праблеме. Яна ўтрымлівае 75 табліц са статыстычнымі дадзенымі і з гэтага пункту гледжання дастаткова цікавая. Аднак, на жаль, адсутнічаюць карты памежжа, што для такога выдання было б нялішнім.

Вялікі плюс кнігі ў тым, што яна дае магчымасць параўнаць працэсы зменаў у тэрытарыяльным размеркаванні нацыянальных груп па абодва бакі мяжы. Сучасная мяжа, што падзяліла беларусаў і палякаў, з’явілася толькі ў сярэдзіне 40–х г. ХХ ст. Нармальны добрасуседскі modus vivendi праваслаўных і каталікоў, што размаўлялі на розных дыялектах беларускай мовы, на працягу гэтага перыяду разбураўся разам з традыцыйным сялянскім ладам жыцця. Кантакт паміж жыхарамі розных краін на памежжы максімальна ўскладняўся, калі не перарываўся цалкам, адбывалася перамяшчэнне людзей, што карэнным чынам змяняла этнанацыянальную структуру і дэмаграфічны баланс. Сялянскія супольнасці, што складалі асноўную масу насельніцтва памежжа, былі ў сітуацыі, калі яны мусілі выбіраць не проста нацыянальную прыналежнасць, але і далейшы лёс. „Неадпаведная“ нацыянальнасць магла наклікаць на тых, хто яе абраў, самыя злавесныя наступствы (гвалтоўную мабілізацыю ў войска, дэпартацыі, рэпрэсіі, фізічнае знішчэнне).

Можна сумнявацца ў тым, што нешта іншае, апрача адзінага веравызнання, магло мабілізаваць сацыяльна і тэрытарыяльна фрагментаваную польскую супольнасць беларускіх губерняў у канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. Розныя групы насельніцтва па–рознаму разумелі сваю польскасць і мелі больш агульнага з мясцовымі жыхарамі, чым з этнічнымі палякамі з аўстрыйскай Галіцыі ці аддаленых раёнаў Польскага каралеўства (13). Рышард Радзік робіць у гэтай сувязі даволі слушную заўвагу, зазначыўшы, што польскасць у Беларусі на мяжы ХIХ—ХХ ст. мела досыць разнастайны характар і не зводзілася да адной сацыяльна і этнічна гамагеннай групы: у польскіх памешчыкаў (абшарнікаў) яна выступала ў нацыянальнай (хутчэй палітычнай) форме, у каталіцкай беларускамоўнай дробнай шляхты з польскай нацыянальнай арыентацыяй яна інтэрпрэтавалася ў духу традыцый Рэчы Паспалітай, каталіцкі касцёл (святарства) быў антырасійскім і прапольскім па сваёй прыродзе; этнічна польскія „мазуры“ не мелі польскай нацыянальнай самасвядомасці таксама, як і беларускія сяляне–каталікі з польскай культурнай арыентацыяй (153).

Першым катастрафічным вопытам для беларуска–польскага памежжа ў ХХ ст. было масавае бежанства 1915 г. Яно мела велізарныя наступствы для лёсаў праваслаўных беларусаў у наступныя дзесяцігоддзі (25—28).Тэма бежанства, як і ўвогуле міграцый насельніцтва часоў Першай сусветнай вайны, як заўважае Яўген Мірановіч, адносіцца да шэрагу недастаткова асветленых у гістарыяграфіі (25). У іх выніку некаторыя мясцовасці абязлюдзелі на 80—90%[1]. Мірановіч не можа абысці ўвагай факт таго, што слабасць беларускага нацыянальнага руху на акупаваных немцамі тэрыторыях вынікала з адсутнасці там асноўнай масы беларусаў. У гэтай сувязі трэба разглядаць і дадзеныя нямецкага перапісу насельніцтва 1916 г. (27).

Прыклад спробы „выправіць“ структуру насельніцтва паводле польскай raison d’etat, з выкарыстаннем сучасных магчымасцяў (эканамічных разлікаў і прагназавання) быў прадэманстраваны ў міжваеннай Польшчы. Блізкі па мэтах рэалізаваным пазней мерапрыемствам кіраўніцтва СССР па дэпартацыі вялікіх масаў людзей з Беларусі ў аддаленыя раёны быў праект польскага эканаміста Віктара Арніцкага (51—53). Гэтаму плану не было суджана збыцца, але як ні дзіўна, ён быў ажыццёўлены пазней у іншых абставінах і ўжо ў дачыненні да палякаў.

Мірановіч прасачыў, як змянялася савецкая нацыянальная палітыка ў БССР у 20—30–я г.: яе вышэйшая мэтазгоднасць магла зусім і не лічыцца з інтарэсамі адных груп, прыносячы іх у ахвяру іншым, як гэта здарылася ў польскім аўтаномным раёне ў Койданаве (Дзяржынску). Беларусы (у тым ліку і беларусы–каталікі) і яўрэі, што жылі там, вымушаны былі вывучаць польскую мову, паколькі на тэрыторыі раёна яна была абавязковай (58). Супрацьпастаўленне беларускай культуры культурам нацыянальных меншасцяў не было вынаходніцтвам бальшавікоў, але было запатрабавана ў іх палітычным арсенале (57—58). Але і гэта было толькі прэлюдыяй да масавага вынішчэння ўсіх небяспечных для іх груп і нацыянальных эліт (61—66).

Перыядам самых катастрафічных дэмаграфічных стратаў стаў час Другой сусветнай вайны. У выніку халакосту загінула пераважная бальшыня яўрэйскага насельніцтва[2]. Памежжа ў гэты перыяд стала зонай канкурэнцыі і барацьбы за існаванне паміж палякамі і беларусамі (80—81, 86).

Аўтары заўважаюць, што даследаванне праблематыкі перамен структуры нацыянальнага складу насельніцтва памежжа часта сутыкаецца з фальсіфікаванасцю дадзеных, неверагодным і няпоўным характарам савецкіх статыстычных крыніц, асабліва перапісаў насельніцтва (66, 77, 132).

Але даступныя матэрыялы даюць магчымасць прасачыць дзве тэндэнцыі: змяншэнне колькасці каталікоў — этнічных беларусаў і рост колькасці рускіх, якім адводзілася першасная роля ў пабудове савецкай дзяржавы (133, 137). Русіфікацыя і заваяванне культурнай і камунікатыўнай прасторы рускай мовай павялічвалася ў тэмпах якраз пасля вайны[3].

Вельмі невялікі адсотак мясцовых жыхароў сярод кадраў усіх узроўняў у Гродзенскай вобласці як адлюстраванне гэтых тэндэнцыяў, на думку Сяргея Токця, быў звязаны з тым, што мясцовае насельніцтва разглядалася савецкім кіраўніцтвам як элемент патэнцыяльна нелаяльны, а значыць і небяспечны (126—128). У літаратуры адзначаецца, што недавер да мясцовых жыхароў у памежнай паласе і прыцягненне этнічна рускіх кадраў з глыбінных раёнаў СССР былі характэрнай рысай савецкай палітыкі ў памежных раёнах[4], а знаходжанне Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы і нямецкая акупацыя 1941—44 г. зрабілі магчымым пастаянны прыток грамадзянскіх і вайсковых кадраў усіх профіляў, і наадварот, адток мясцовых жыхароў. Дадзеная тэма не даследавалася да гэтае пары падрабязна і сістэматычна, хоць раней і адзначалася, што беларусы, якія выязджалі па–за межы рэспублікі, болей падвержаныя асіміляцыйнаму ціску, чым тыя, што заставаліся ў межах БССР[5].

Няпэўнасць у дачыненні да ўласнай нацыянальнай прыналежнасці, ваганне колькасці польскага насельніцтва ў Беларусі ў 70–я г. С.Токць тлумачыць большай даступнасцю ў другой палове дзесяцігоддзя польскай культуры, у тым ліку кінематографа (133, 136, 138). Думаецца, што адносна шырокі доступ жыхароў Гарадзеншчыны ў канцы 70–х і ў 80–я г. да польскага тэлебачання таксама адыгрываў сваю ролю. Вельмі важна, што польская нацыянальная самасвядомасць у ідэалагічным вымярэнні стала развівацца толькі з канца 80–х г., калі з’явіліся польскія культурна–асветныя арганізацыі і школы, але гэта, як ні дзіўна, суправаджалася змяншэннем колькасці палякаў з 538,9 тыс. чал. у 1959 г. да 395,7 тыс. чал. у 1999 г. Апрача прычын, звязаных з натуральным змяншэннем, можна меркаваць, што гэтая розніца пайшла на карысць беларусаў: шмат хто з моладзі, адарванай ад сваёй мясцовасці, на новым месцы ідэнтыфікавалі сябе як беларусы, ці то робячы добраахвотны выбар, ці то зыходзячы з кан’юнктурных разлікаў. Наўрад ці яны адчувалі нейкі ціск: вялікай была роля школы і асабістага вопыту. Аднак гэтая асіміляцыя ў беларускасць адбывалася пры адначасовай русіфікацыі, пра што сведчаць лічбы рускамоўных палякаў (149 тыс. чал.) (147).

Паколькі значная частка палякаў (58,9%) і беларусаў (60,5%) Гарадзеншчыны выказала пад час перапісу насельніцтва Беларусі 1999 г. беларускую сваёй мовай хатніх стасункаў, трэба адзначыць, што гаворка можа ісці пра вясковае насельніцтва, ва ўзроставай структуры якога дамінуюць людзі пострэпрадуктыўнага ўзросту (148). Менавіта гэтае насельніцтва ў большай ступені, чым маладое пакаленне, што імкнецца да пераезду ў горад, успрымае рускую мову і культуру як нешта чужое.

Адваротны апісанаму ў кантэксце Беларусі працэс паступовага ператварэння беларускамоўных каталікоў у палякаў на тэрыторыі Польшчы, на думку Яўгена Мірановіча, уступіў у сваю фінальную фазу ў 70–я г. ХХ ст. (112—113). Для асіміляваных у польскую культуру праваслаўных па–старому застаецца актуальнай падзеленасць іх культурнага быцця на ўнутраную прастору, звязаную з праваслаўем і ў меншай ступені з беларускай этнічнай культурай, і знешнюю, звязаную з польскай мовай і каштоўнасцямі, закладзенымі ў польскай нацыянальнай ідэалогіі. Гэтая раздвоенасць вельмі хваравітая ў сітуацыях, калі „трэба выбіраць чыйсьці бок“. Гэта датычыць перш за ўсё парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, найважнейшых здарэнняў у грамадскім і палітычным жыцці Польшчы ў 80—90–я г. У такіх сітуацыях праваслаўныя палякі хутчэй з насцярогай, чым з энтузіязмам ставіліся да фігур Леха Валенсы, Караля Вайтылы, Юзафа Пілсудскага, руху „Салідарнасць“, сімпатызуючы Аляксандру Лукашэнку як увасабленню барацьбіта за адзінства і годнасць праваслаўных (116). Цікава ў гэтай сувязі было б параўнаць сімпатыі палякаў Беларусі, іх маральныя аўтарытэты і палітычныя ўпадабанні. На жаль, гэта выпала з увагі аўтараў. Аднак тут можна адзначыць, што дадзеныя групы ў сваіх упадабаннях часцей за ўсё паводзяць сябе ў цэлым аналагічна з астатнім насельніцтвам Беларусі. Хоць часта ў 90–я г. сімпатыі беларускага каталіцкага і польскага насельніцтва аказваліся на баку нацыянальна–дэмакратычнага лагера (БНФ), выказванне лаяльнасці да цяперашняга палітычнага кіраўніцтва рэспублікі і палітычнага рэжыму сёння даволі часта сустракаецца не толькі пад час выбараў, але і ў штодзённым жыцці. Тут гаворка можа ісці пра цалкам прагматычную маўклівую апазіцыю.

Рышард Радзік у заключным артыкуле настойліва паўтарае, што беларусы не ўяўляюць з сябе нацыі (149, 171). Гэтаму пярэчыць той факт, што жыхары Беларусі пад час перапісаў насельніцтва хоць бы на словах дэманструюць сваю прывязанасць да беларускай мовы, успрымаючы яе ў якасці маркера сваёй ідэнтычнасці і адрознення. Натуральна, магчымы спектр уяўленняў пра беларускасць, беларускую ідэнтычнасць у жыхароў краіны самы разнастайны, і гэтыя ўяўленні часцей за ўсё не супадаюць з гістарычнымі міфамі, што сфармаваліся ў перыяды нацыянальнага адраджэння. Але гэтыя ўяўленні ўжо прывязаныя да самога факта існавання незалежнай Беларусі. Вырасла цэлае пакаленне, для якога незалежнасць Беларусі з’яўляецца каштоўнасцю. Дадзенае палажэнне цалкам не супярэчыць выснове аўтараў, што сёння тое, як сябе самавызначаюць у нацыянальным плане жыхары Польшчы і Беларусі, усё больш залежыць ад самога факта іх знаходжання ў рамах адной з гэтых дзяржаваў (9).

Змены ў ідэнтычнасці і нацыянальным самавызначэнні Р.Радзік звязвае з тым, што Беларусь у XIX—XX ст. паступова пераходзіла з кола польскай, звязанай з еўрапейскай і лацінскай, культуры ў кола рускай. Адпаведна з гэтым мяняўся характар памежжа з беларуска–польскай дамінанты на беларуска–рускую (171). Гэта і складала драму гісторыі беларуска–польскага памежжа, а разам з ім і Беларусі.

Мінск

Аляксандр Пагарэлы


[1] Pawluczuk, Włodzimierz. Swiatopogłąd jednostki w warunkach rozpadu społeczności tradycyjnej.Warszawa, PWN, 1972. S.110.
[2] Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations. Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus. 1569—1999. Yale University Press, New Heaven and London, 2003.
[3] Guthier, Steven, L. The Belorussians: National Identification and Assimilation, 1897—1970. Part 2. 1939—70 // Soviet Studies, Vol. XXIX, no 2, April 1977. P. 280—281.
[4] Chandler, Andrea. Institutions of Isolation. Border Controls in the Soviet Union and Its Successor States, 1917—1993. McGill Queens University Press, Montreal&Kingston — London — Buffalo, 1998. P. 5—6, 59, 66
[5] Guthier… P. 277.

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2005 Т.12 Сш. 1-2'