Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2006 Т.13 Сш. 2

Volksaufstände in Ruβland: Von der Zeit der Wirren bis zur „Grünen Revolution” (Уладзімір Снапкоўскі)

Снежня 3, 2006 |

Volksaufstände in Ruβland: Von der Zeit der Wirren bis zur „Grünen Revolution” gegen der Sowjetherrschaft. Hrsg. von HEINZ-DIETRICH LÖWE. Wiesbaden, Harrassowitz Verlag 2006. – 563 S.

Гэтая кніга пад назвай «Народныя паўстанні ў Расіі: ад смутнага часу да „зялёнай рэвалюцыі” супраць савецкай улады» з’яўляецца вынікам працы семінара па ўсходнееўрапейскай гісторыі Гайдэльбергскага універсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Хайнца-Дытрыха Лёве. Яна выйшла ў серыі „Даследаванні па ўсходнееўрапейскай гісторыі” (том 65), якая выдаецца Ўсходнееўрапейскім інстытутам Свабоднага універсітэта ў Берліне. У зборніку асобныя артыкулы прысвечаны паўстанню Івана Балотнікава 1606-1607 г., гарадскім паўстанням 1648 i 1662 г., стралецкім паўстанням 1682 i 1698 г., казацкім паўстанням пад кіраўніцтвам Сцяпана Разіна 1667-1671 г., Кандрація Булавіна 1707-1708 г. i Емяльяна Пугачова 1773-1775 г., паўстанням здабытчыкаў руды, Уральскаму паўстанню 1754-1766 г., казацкаму паўстанню 1768 г. (Каліўшчына), чумнаму паўстанню ў Маскве 1771 г., хваляванням у сувязі з халерай у Санкт-Пецярбургу летам 1831 г., бульбяным бунтам дзяржаўных i казённых сялян у 1830 i 1840-х г., сялянскім хваляван­ням у Варонежы, сялянскім прашэнням пад час першай расійскай рэвалюцыі 1905-1907 г. i паўстанню Антонава супраць бальшавікоў у Тамбове ў 1920-1921 г.

Галоўны рэдактар выдання прафесар Гайдэльбергскага універсітэта Хайнц-Дытрых Лёве ва ўводным артикуле пад назвай „Паўстанні ў Расійскай імперыі ад познемаскоўскіх часоў да пачаткаў Савецкай Расіі: аспекты параўнальнай інтэрпрэтацыі” адзначае, што паўстанні ў Расіі ніколі не был! рэдкай з’явай. Аднак заходняя гістарыяграфія не аддавала ix вывучэнню належнай увагі. Сучасныя заходнія гісторыкі амаль ніколі не задаваліся пытаннем, якімі — за межамi размытых дадзеных аб „агульнай непрыязнасці” — былі сапраўдныя матывы паўстанняў. Узор тлумачэння гарадскога паўстання зводзіўся ў большасці выпадкаў да слоў пра народную сілу, якая прыгняталася завышанымі падаткамі, занадта цяжкай працай i карупцыяй з боку функцыянераў. Казакі, на думку заходніх аўтараў, падлягалі па-галоўнаму асуджэнню, ix паўстанні з’яўляліся анархічнай праявай ix патрэбы ў старых вольнасцях, жадання свабодна перамяшчацца па „дзікім полі” i ў стане ўсеагульнага беззаконня рабіць традыцыйныя набегі. Таксама заходнія аўтары лічылі галоўнай прычынай паўстанняў, па меншай меры да XX ст., звычайны шлях непалітычных пратэстаў неадукаваных народных масаў.

Паўстанні, якія разглядаюцца ў кнізе, ахопліваюць перыяд больш чым 300 гадоў, i ix наўрад ці можна змясціць пад адзінае дакладнае азначэнне. Па меншай меры да пачатку XX ст. нямецкія даследчыкі паказваюць паўстанні як шэраг падзей з агульнымі рысамі: перш за ўсё гэта выкарыстанне насілля з удзелам самых разнастайных груп людзей. Заўважана таксама, што большасць казацкіх паўстанняў не магла знайсці сваіх лідэраў. У гарадскіх паўстаннях у адрозненне ад казацкіх адсутнічалі дзейсная, мэтанакіраваная падрыхтоўка i планаванне; асноўная рыса гарадскіх паўстанняў — гэта ix спантаннасць. Аўтары падкрэсліваюць стыхійны ход паўстанняў, ix простую народную сілу, адзначаючы адначасова, што паўстанцы часта пераследавалі палітычныя i сацыяльныя мэты i патрабавалі справядлівасці. Аднак сацыяльная рэвалюцыя, за выключэннем, магчыма, паўстання Балотнікава, ніколі не стаяла на парад­ку дня.

Агляд найбольш значных паўстанняў ХІХ ст. у Маскве, Пецярбургу i ў савецкай Расіі ўяўляецца люстэркам палітычнага i сацыяльнага развіцця краіны. Справа даходзіла да паўстання ў першую чаргу тады, калі ix удзельнікі імкнуліся да дасягнення доўгатэрміновых мэтаў i абараняліся ад прамога парушэння канстытуцыі, калі існавала пагроза пагаршэння ix уласнага становішча. Паказана, як людзі імкліва i гвалтоўна абараняліся ад парушэння няпісаных парадкаў, у той час як аднабаковае змяненне царом канстытуцыі ў 1907 г. не стала пачаткам усеагульнага мяцежнага руху.

Завяршаецца кніга матэрыялам пра тамбоўскае антыбальшавіцкае паўстанне 1920-1921 г. Яго аўтар Марцін Крыспін (Martin Krispin) прыходзіць да высновы, што тут на паўстанне ўзняліся не тыя сяляне, якія вечна спрачаліся са знешнім светам i якія хацелі б ізалявацца ад шкодных уплываў капіталізму i рынкавых адносінаў. Наадварот, галоўным патрабаваннем тамбоўскіх паўстанцаў было аднаўленне свабоднага рынку. Аўтар паказаў, што да гэтага часу сяляне ўжо страцілі свае ўласныя грамадска-палітычныя структуры i камунікацыйныя магчымасці. Цікава, што, як i ў паўстаннях часоў першай расійскай рэвалюцыі, сацыяльнай базай i касцяком тамбоўскага паўстання была сялянская абшчына.

Мінск

Уладзімір Снапкоўскі

Cesty k národnímu obrození: Běloruský a český model (Любоў Козік)

Снежня 2, 2006 |


Cesty k národnímu obrození: Běloruský a český model: Sborník přispěvků z mezinárodní vědecké konference „Cesty k národnímu obrození: běloruský a český model ” konané 4 – 6.7.2006 v Praze / ALENA IVANOVA -JAN TUČEK (eds.). Praha: UK FHS, 2006. — 415 s.

У ліпені 2006 г. у Празе адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам нацыянальнага адраджэння чэшскага i беларускага народаў у параўнанні. 3 матэрыялаў канферэнцыі быў падрыхтаваны i выдадзены зборнік, у які ўвайшлі выступы чэшскіх, беларускіх i польскіх даследчыкаў. Ix храналагічны абсяг i праблематыка вельмі шырокія — ад тэарэтычных i метадалагічных праблем даследавання працэсу фармавання нацый да канкрэтна гістарычных сюжэтаў.

Зборнік адкрываюць уступнае слова рэдактара i прывітальная прамова прафесара Карлавага універсітэта Яна Сокала да ўдзельнікаў канферэнцыі, a яго тэарэтычным падмуркам з’яўляецца артыкул вядомага чэшскага гісторыка Міраслава Гроха „Нацыя як прадукт сацыяльнай камунікацыі? (да пытання праблемы параўнання чэшскай i беларускай „мадэляў” нацыянальнага адраджэння)”1. Аўтар робіць невялікі экскурс у гісторыю даследаванняў па сацыяльнай камунікацыі i прапануе свой пункт гледжання. M. Грох называв дзесяць элементарных формаў камунікацыі i падрабязна спыняецца на характарыстыцы кожнай з ix. Ён адзначае, што асобным фактарам у развіцці нацыянальнай свядомасці выступав агітацыя, таму дэталёва разглядае ўмовы яе пачатку, аналізуе прычыны ўдач ці няўдач i адзначае, што сам факт разгортвання агітацыі не гарантуе поспеху нацыянальнага руху.

Прадстаўлены ў зборніку матэрыял можна ўмоўна падзяліць на некалькі блокаў. Першы складаюць артикулы, прысвечаныя разгляду ролі „нацыянальнай гісторыі” ў фармаванні нацыянальных ідэй i ідэалогіі (Ян Рыхлік, Мілаш Рэзнік). Так, Я. Рыхлік у артыкуле «Фармаванне „нацыя­нальнай гісторыі” як сутнасці нацыянальнай ідэі i нацыя­нальнай ідэалогіі (на прыкладзе чэхаў)»[1] адзначае, што ўсе народы маюць свае гістарычныя міфы, якія адыгрывалі i адыгрываюць важную ролю ў паўставанні сучасных нацый. Пад гістарычным міфам ён разумее шырока распаўсюджаную выдуманую падзею, якая прымае форму квазігістарычнага факта або інтэрпрэтацыі рэальнай гістарычнай падзеі, што відавочна супярэчыць праўдзе на працягу ix пастаяннага ці доўгатэрміновага ўздзеяння на гістарычную i нацыянальную свядомасць адносна большай часткі насельніцтва (29). На чэшскім прыкладзе Я. Рыхлік называе такімі міфамі супрацьстаянне „добрых” чэхаў i „дрэнных” немцаў, гусіцкі pyx, падзеі на Белай Гары i інш. Аўтар лічыць, што нельга гаварыць пра гісторыю чэхаў да XIX ст., бо гэта не быў чэшскі народ у яго сучасным разуменні. Проста ў XIX ст. пэўныя аспекты з гісторыі людзей, якія насялялі сучасную тэрыторыю ЧСР, былі выкарыстаны (міфалагізаваны) для развіцця нацыянальнай самасвядомасці. Трэба адзначыць, што прапанаваная Я.Рыхлікам канцэпцыя не знайшла працягу i адлюстравання ў матэрыялах іншых удзельнікаў канферэнцыі, але яго падыход дазваляе па-іншаму паглядзець на гістарычны працэс i яго асэнсаванне ў навуцы.

Іншыя аспекты нацыянальнай праблематыкі закранае артыкул М. Рэзніка „Гістарычная дзяржаўнасць i нацыянальны рух: чэшска-беларускае параўнанне”. Ёнпабудаваны на прынятым у навуцы „класічным” дзяленні нацыянальных рухаў на гістарычныя i негістарычныя. М. Рэзнік, зыходзячы з гістарычнай дзяржаўнай традыцыі абодвух народаў, праводзіць параўнанне на такіх крытэрах як 1) наяўнасць гістарычнай дзяржаўнасці на акрэсленай нацыянальнай тэрыторыі i яе характар у дачыненні да этнічна-нацыянальных рухаў, якія тут узнікаюць, 2) ступень дзяржаўнапраўнай пераемнасці гэтай традыцыі ў часе разгортвання нацыянальнага руху, 3) выкарыстальнасць i выкарыстанне тых традыцый у якасці гістарычных традыцый народа, 4) праблема гістарычнай i нацыяналь­най легітымацыі. Праводзячы супастаўленне беларускай i чэшскай сітуацыі, аўтар прыйшоў да высновы, што беларускі нацыянальны рух нельга аднесці да гістарычнага ці негістарычнага, яго неабходна разглядаць як переходную форму. Галоўным аргументам тут выступае той факт, што на дзяржаўныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага прэтэндуюць не толькі беларусы, але i літоўцы, і палякі.

Другі блок складаюць артыкулы, у якіх параўноўваецца беларускі i чэшскі нацыянальны рух канца XIX – пачатку XX ст. (Рышард Радзік, Аляксандр Смалянчук, Яўген Мірановіч), вызначаецца месца беларусаў у нацыянальна-вызваленчым руху іншых народаў Расійскай імперыі i робіцца спроба знайсці агульныя прычыны адставання беларускага руху на аснове аналізу статыстычных крыніц (Павел Церашковіч). Дапаўненнем да гістарычнага матэрыялу выступаюць мовазнаўчы i літаратуразнаўчы артыкулы, прысвечаныя выяўленню агульнага i спецыфічнага ў беларускім i чэшскім моўным пурызме (Сяргей Запрудскі) i высвятленню адлюстравання ў канцы XIX – пачатку XX ст. у літаратуры абодвух народаў ідэй нацыянальнага Адраджэння (Ірына Багдановіч). Сярод згаданых аўтараў вылучым P. Paдзіка i яго артыкул „Беларускі i чэшскі нацыянальны рух у XIX ст. (да 1914 г.): падабенства i адрозненне”. У ім польскі даследчык адзначае, што працэс фармавання грамадства нацыянальнага тыпу ў XIX ст. быў аб’ектыўным, хаця i меў рэгіянальную спецыфіку. Так, у Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе ён насіў культурны характар, у той час як у Заходняй Еўропе — палітычны. Менавіта нацыянальная ідэалогія перамагла ў гады Першай сусветнай вайны ідэалогію класавую, якая, тым не менш, пазней дамінавала ў Беларусі i Ўсходняй Украіне. Праводзячы параўнанне чэшскага i беларускага нацыянальных рухаў, Радзік указвае, што пачатак ix фармавання быў дастаткова аддеглым у часе: у першым выпадку — другая палова XVIII ст., у другім — толькі пачатак XX ст. Тым не менш, існавала і пэўнае супадзенне: дваранскія эліты абодвух народаў зыходзілі з палітычнага ўспрымання нацыі, а не апелявалі да этнічнай культуры большасці насельніцтва. Далейшае параўнанне Р. Радзік праводзіць па такіх параметрах, як моўная сітуацыя (супрацьстаянне чэшскай i нямецкай моў, у той час як беларуская успрымалася як пераходная паміж польскай i рускай), рзлігійны фактар (падтрымка ніжэйшым каталіцкім клерам чэшскага нацыянальнага руку i супраціў праваслаўных святароў узнікненню самастойнага бела­рускага народа, што прыводзіла ў тым ліку i да канфліктаў з каталікамі, якія сталі стваральнікамі беларускамоўнай літаратуры ў XIX ст.), палітычны фактар (паступовая лібералізацыя Габсбургскай імперыі на фоне ўзмацнення ціску ў Расіі). Зыходзячы з вышэй адзначанага, Р. Радзік прыйшоў да высновы, што беларусаў i чэхаў аб’ядноўвае, па-першае, той факт, што дваранства не стала носьбітам нацыянальнага руху, а па-другое, абодва рухі да пачатку Першай сусветнай вайны не імкнуліся да стварэння самастойнай дзяржавы. Адрозненне заключаецца ў тым, што 1) у Чэхіі меў месца чэшска-нямецкі эканамічны канфлікт, у той час як на беларускіх землях падобнага канфлікту не існавала, 2) гістарычная традыцыя ўласнай дзяржавы ў чэхаў была больш моцнай i заявіла пра сябе яшчэ ў дру­гой палове XVIII ст.

Трэці блок складаюць артыкулы, у якіх аналізуюцца ўмовы фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці (Сяргей Токць, Андрэй Кіштымаў, Любаш Швец). Так, С.Токць разглядае сацыяльна-культурныя перадумовы развіцця беларуска­га нацыянальнага руху ў XIX – пачатку XX ст., засяроджваючы ўвагу на палітыцы Расійскай імперыі, асаблівасцяхфармавання польскай нацыі, аналізе ролі рымска-каталіцкай царквы. Пэўным дапаўненнем да гэтага з’яўляецца матэрыял чэшскага даследчыка Л. Швеца, які разглядае ўплыў русіфікацыі на нацыянальную свядомасць на землях былога Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XIX ст. Іншы фактар развіцця беларускага нацыянальнага руху — мадэрнізацыя — стаў прадметам вывучэння А. Кіштымава. Да гэтай групы матэрыялаў можна таксама аднесці i паведамленне Міраслава Коўбы, у якім даецца параўнанне адраджэнцкіх працэсаў у Беларусі, Маравіі і Македоніі, а так­сама Яраслава Шымава, які аналізуе ўплыў „моцных суседзяў” на развіццё нацыянальных працэсаў на беларускіх і славацкіх землях. Пагаджаючыся з агульнай ідэяй апошняга матэрыялу, неабходна адзначыць памылковасць некаторых сцвярджэнняў аўтара. Адно з ix — што ў 1918 г. перспектыва набыцця незалежнасці ўзнікла перад актывістамі славацкага нацыянальнага руху нечакана. 3 гэтым палажэннем нельга пагадзіцца, паколькі падзеі Першай сусветнай вайны прывялі да распаўсюджання меркавання аб неабходнасці стварэння адзінай чэхаславацкай дзяржавы, у якой славакі мелі б шырокую аўтаномію. Сведчаннем гэтага з’яўляецца падпісанне Кліўлендскай (кастрычнік 1915) i Пітсбургскай (травень 1918) дамоў. Гэтаксама памылкова Я. Шымаў адносіць да заслуг Г. Гусака пераўтварэнне ў 1969 г. ЧССР у федэрацыю. Закон аб федэратыўным статусе дзяржавы быў прыняты Нацыянальным схо­дам 27 кастрычніка 1969 г., калі кіраўніцтва партыяй па-ранейшаму ажыццяўляў А. Дубчак, а пасаду прэзідэнта займаў Л. Свобада.

Хацелася б асобна спыніцца на публікацыі A. Кіштымава „Уплыў працэсаў мадэрнізацыі на развіццё беларускага нацыянальнага руху ў XIX – пачатку XX ст.”. Аўтар вызначае мадэрнізацыю як працэс пераходу ад традыцыинага, аграрнага грамадства да сучаснага, індустрыяльнага (190) i датуе яе пачатак у сусветнай гісторыі XVI ст., а на беларускіх землях — другой паловай XVIII ст. На наш погляд, гэта спрэчны тэзіс, які прынамсі патрабуе аргументацыі. Калі выкарыстоўваць прыведзенае А. Кіштымавым азначэнне мадэрнізацыі, то можна сцвярджаць, што на тэрыторыі Беларусі яна найбольш поўна праявілася толькі пад час індустрыялізацыі 20-30-х г. XX ст. Гаварыць жа пра хуткія тэмпы мадэрнізацыі на беларускіх землях нават у XIX ст. не даводзіцца, бо тут фактычна адсутнічала буржуазія, заможныя сялянскія гаспадаркі былі нешматлікімі, гарадскія прадпрымальнікі ў асноўнай масе не былі беларусамі, памешчыкі выкарыстоўвалі паўфеадальныя метады працы ў маёнтках, адсутнасць жа сыравіннай базы прыводзіла да развіцця лёгкай, харчовай i апрацоўчай, a ніяк не цяжкай прамысловасці. Болын за тое, калі глядзець на гэты працэс шырэй, то трэба закранаць такія сферы, як сацыяльная i палітычная. У першай, як ужо адзначалася, фактычна не было слою буржуазіі, a працоўныя былі прадстаўлены пераважна ў сферы паслуг i на чыгунцы, у другой — адсутнічалі палітычныя партыі i назіралася існаванне нешматлікіх груповак, якія былі малаўплывовымі. Нельга пагадзіцца i ca сцвярджэннем A. Кіштымава аб колькасным i якасным недахопе даследаванняў па эканамічнай гісторыі Беларусь Адсутнасць у яго артыкуле спасылак на работы іншых (акрамя сябе) гісторыкаў па тэме яшчэ не азначае недахопу даследаванняў, хоць i метадалагічна недасканалых ці проста няпоўных. У першую чаргу тут варта згадаць публікацыі Міхася Біча. У артыкуле Кіштымава заўважаецца i спрошчанае бачанне сітуацыі, якое прыводзіць да ўзнікнення супярэчнасцяў у тэксце. Так, на с. 199 аўтар піша аб самадастатковасці эканомікі Беларусі ў пачатку 1910-х г. i ў якасці аргумента называв станоўчы баланс грузаабароту беларускай чыгункі, але не прыводзіць наменклатуру грузу, што падаецца нам недапушчальным. I сапраўды, гэты аргумент не спрацоўвае, бо ўжо на с. 206 Кіштымаў адзначае, што патрэбы ўнутранага беларускага рынку часткова забяспечваліся за кошт імпарту. У цэлым аўтар выстаўляе шмат тэарэтычных палажэнняў, зусім не падмацаваных дакументальнымі крыніцамі, што, на наш погляд, зніжае вартасць яго артыкула.

Наступны блок складаюць публікацыі, прысвечаныя аналізу першакрыніц i гістарыяграфіі. У артыкуле доктара Беластоцкага універсітэта Алега Латышонка падрабязна апісаны працэс дэканструкцыі i наступнай рэканструкцыі гісторыі беларускіх земляў, пачынаючы з „Летапісу 1446 г.” i заканчваючы ананімным выданнем 1863 г. „Разсказы на белорусскомъ наречии”. Умоўным працягам азначанай праблемы з’яуляецца матэрыял Генадзя Сагановіча, у якім прасочваецца ўплыў дзяржаўнай улады на гістарыяграфію і інтэрпрзтацыі мінулага Беларусі ад першай паловы XIX ст. да нашага часу.

Асобна можна вылучыць артыкулы Міхася Скоблы, Язэпа Янушкевіча, Міколы Іванова, прысвечаныя лёсу беларускіх палітычных i культурных дзеячаў у Чэхаславакіі (Ларысы Геніюш, Вацлава Ластоўскага, Тамаша Грыба), ix творчасці i поглядам на нацыянальнае развіццё. Да гэтай групы неабходна аднесці i артыкул Міхала Плаўца „Першыя кантакты чэхаславацкага i беларускага ўрадаў (19181925)”. Аўтар, абапіраючыся на матэрыялы чэшскіх архіваў, паказвае, што распаўсюджанае меркаванне аб прыхільным стаўленні чэшскага кіраўніцтва да ідэі беларускай незалежнасці з’яуляецца памылковым. Ён адзначае, што станоўча ў гзтым пытанні выказваліся толькі прадстаўнікі сацыялістычных, камуністычнай i судэта-нямецкай партый, якія, аднак, абаранялі ў першую чаргу ўласныя інтарэсы. Разам з тым, М. Плавец зусім не зніжае той пазітыўнай ролі, якую адыграў чэхаславацкі ўрад у падтрымцы беларускага нацыянальнага руху ў ЧСР у міжваенны перыяд.

Шэраг выступленняў быў прысвечаны сітуацыі ў сучаснай Беларусь Так, Алена Тэмпер падрабязна разглядае два праекты беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці (генетычны i мадэрнізацыйны), што сталі канкураваць у 1990-я г. – пачатку XXI ст., а Маркус Гігер высвятляе сферу функцыянавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве i праводзіць грунтоўныя параўнанні з ужываннем ірландскай мовы.

Выданне завяршаецца артыкулам беларускага даследчыка Захара Шыбекі, у якім зроблена заяўка на асэнсаванне гістарычнага вопыту беларусаў у XX ст. з пункту гледжання фармавання нацыянал-камуністычнай ідэалогіі. На пачатку аўтар робіць заўвагу, што феномен нацыянал-камунізму да гэтага часу спецыяльна не вывучаўся, а таму яго развагі будуць мець у пэўнай ступені гіпатэтычны характар. Тайм чынам, прэтэндуючы на ролю першаадкрывальніка, З. Шыбека пачынае з тэарэтычнага абгрунтавання праблемы. Але ўжо ў самым пачатку становіцца бачнай тэрміналагічная блытаніна i звязаныя з ей дзіўныя высновы. Напрыклад, што „камунізм узнік у першай палове XIX ст. i ўяўляў сабой рэакцыю нізоў на распаўсюджанне нацыяналізму элітамі грамадства зверху”, зыходзячы з чаго далей Шыбека ставіць знак роўнасці паміж камунізмам і „плебейскім ці сацыяльным нацыяналізмам” (398-399). У гэтай сувязі незразумела, што аўтар мае на ўвазе, калі гаворыць пра нацыяналізм у цэлым i яго характар ды формы ў прыватнасці. У артыкуле сустракаюцца такія азначэнні, як „плебейскі”, „арыстакратычны”, „сялянскі”, „сацыяльны” нацыяналізм, якія ніколі не ўводзіліся ў навуковы зварот, а таму патрабуюць ад аўтара канкрэтызацыі i дэфініцыі, чаго ў тэксце няма. Пасля тэарэтычных развагаў 3. Шыбе­ка пераходзіць да разгляду этапаў развіцця нацыянал-камунізму, дзе абапіраецца на фактычны матэрыял, i тут яго высновы выглядаюць больш праўдападобна. Разам з тым, з некаторымі выказваннямі нельга адназначна пагадзіцца. Напрыклад, што адной з мэтаў беларусізацыі было „выяўленне беларускіх талентаў з тым, каб потым ix выкасіць i расчысціць глебу для русіфікацыі” (404), ці што „менавіта бальшавізм з’яўляецца галоўнай прычынай празмернай дэнацыяналізацыі беларускага грамадства” (410).

У заключэнні неабходна адзначыць, што зборнік выдадзены на дзвюх мовах — чэшскай i рускай, кожны артыкул мае кароткае рэзюмэ. Большасць апублікаваных артыкулаў дэманструюць высокі навуковы ўзровень, i яны несумненна будуць цікавыя шырокаму колу спецыялістаў — гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў.

Мінск

Любоў Козік


[1] Артыкул у перакладзе на беларускую мову змешчаны ў гэтым нумары часопіса, гл. с 260-282. Гл. таксама беларускамоўную публікацыю ў „Пстарычным альманаху”, т. 12 (2006), с. 5-21.

Наверх

Commentarii Polocenses historici. T.I (2004), 2 (2005) (Аляксандр Доўнар)

Снежня 1, 2006 |


Commentarii Polocenses historici / Полацкія гістарычныя запіскі. Полацк: Т. 1 (2004). – 84 с; Т. 2 (2005). -68 с.

У 2004-2005 г. пабачылі свет два тамы новага перыядычнага выдання, заснавальнікамі і рэдактарамі якога з’яўляюцца Віталь Галубовіч i Васіль Варонін. У склад рэдакцыйнай рады ўваходзяць Павел Лойка, Ганна Харашкевіч, Генадзь Сагановіч, Святлана Марозава, Генадзь Семянчук. Мэтай выдання рэдакцыя паставіла вывучэнне рэгіянальнай гісторыі Беларусі, a менавіта гісторыі Полаччыны, ра­зам з тым адзначаецца, што рэдакцыя будзе вітаць рэгіянальныя даследаванні i іншых рэгіёнаў. Структурна кожны том часопіса падзяляецца на артыкулы, паведамленні, матэрыялы i рэцэнзіі.

Частка артыкулаў прысвечана вывучэнню i аналізу асобных крыніц, якія датычацца гісторыі Полаччыны. Першы том часопіса пачынаецца артыкулам М. Спірыдонава „Полаччына ў сярэдзіне XVI ст.”, які з’яўляецца новай рэдакцыяй публікацыі з падобнай назвай, змешчанай у газеце АН БССР „За передовую науку” (1990, 19 студзеня — 16 лютага). Артыкул змяшчае ў сабе грунтоўны аналіз палітычнага i сацыяльна-эканамічнага становішча Полаччыны па рэвізіі Полацкага ваяводства 1552 г. У артыкуле кваліфікавана разглядаецца землеўладанне па яго відах i памерах, найперш іпляхецкае, царкоўнае i мяшчанскае, шляхі ix фармавання, адзначаецца гаспадарчая спецыфіка рэгіёну сярэдзіны XVI ст., якая выявілася ў існаванні панскіх двароў — прататыпаў будучых фальваркаў. Аўтар распавядае пра сацыяльную структуру Полацкай зямлі i слушна адзначае, што мясцовае грамадства мела выразную станава-класавую структуру. Значнае месца ў артыкуле займае разгляд павіннасцяў i становішча розных катэгорый сялянства: дольнікаў, панцырных i путных баяр, „людзей прыгонных”, цяглых сялян, кунічнікаў, агароднікаў, даннікаў псяроў і інш.; адзначаецца эвалюцыя развіцця павіннасных комплексаў простата насельнщтва, раскрываецца значэннеў гэтым працэсе розных формаў асабістай залежнасці. Пры гэтым падкрэсліваецца, што развіццё сацыяльнай структу­ры Полаччыны ішло ў агульнадзяржаўным накірунку запрыгоньвання сялянства, але своеасаблівасцю рэгіёну было захаванне значнага слоя асабіста вольных людзей, якія ў сярэдзіне XVI ст. тут складалі 39% сялянства. Выкладзены матэрыял падмацоўваецца статыстычнымі дадзенымі, змешчанымі ў табліцах у якасці дадаткаў.

Разгляду прывілею на пацвярджэнне правоў, свабодаў i вольнасцяў Полацка, выдадзенага 11 сакавіка 1633 г., прысвечаны артыкул А. Доўнара „Пацвярджальны прывілей Полацку 1633 г. (нарыс з гісторыі Полацка 30-х гадоў XVII ст.)” (т. 1). Аўтар імкнецца з прыцягненнем апублікаваных дадзеных i дадзеных кніг запісаў Метрыкі ВКЛ правесці аналіз палажэнняў названага прывілею i яго значэння для горада.

Асаблівую цікавасць выклікаюць артыкулы М. Гардзеева „Акты па аперацыях з нерухомасцю ў полацкіх магістрацкіх кнігах другой паловы XVII ст.” (т. 1) i „Акты па праблемах самакіравання паводле полацкіх магістрацкіх кніг дру­гой паловы XVII ст.” (т. 2). У ix даецца дыпламатычнае апісанне i прапануецца класіфікацыя адпаведных відаў актаў Так, акты па аперацыях з нерухомасцю аўтар падзяляе на 1) акты па куплі-продажу аб’ектаў нерухомасці; 2) акты па ўводзе ва ўладанне (інтрамісіі); 3) акты па абменах аб’ектамі нерухомасці; 4) акты па прэтэнзіях крэдытораў да нерухомай маёмасці даўжнікоў; 5) акты па дазволах магістрата мяшчанам „будоватсе” на гарадской зямлі; 6) акты па судо­вых працэсах, што тычыліся аб’ектаў нерухомасці; 7) акты па дараванні аб’ектаў нерухомасці; 8) акты па закладанні аб’ектаў нерухомасці за пазычаныя сумы грошай; 9) акты па даручэнні дамоў у дазор; 10) акты па дазволах пражываць у пустых дамах; 11) акты па адкліканнях ужо перададзенай новаму ўладальніку нерухомай маёмасці ў залік доўга; 12) акты, якія фіксавалі страту асабістых дакументаў на нерухомасць.

У другім артыкуле М. Гардзееў прапануе сваю класіфікацыю актаў, датычных самакіравання. Аўтарам выдзяля юцца наступныя падвіды: 1) запісы аб выбарах у склад магістрату; 2) пацвярджальныя акты на права займання магістрацкіх пасад ад войтаў; 3) пастановы магістратаў аб правядзенні выбараў сотнікаў, пяцідзесятнікаў i дзесятнікаў; 4) акты, якія адлюстроўваюць працэс выбараў на магістрацкія i іншыя пасады; 5) акты-паведамленні пра выкананне прысяг; 6) акты аб адтэрміноўцы судаводства; 7) акты-паведамленні аб адсутнасці бурмістраў з кіруючай „сесый” i за­мене ix іншымі бурмістрамі; 8) акты-„лісты” рознага характару. У артыкулах даецца кароткая характарыстыка кожнага падвіду дакументаў. Прапанаваная аўтарам класіфікацыя не носіць характару катэгарычнасці i безумоўнай універсальнасці, бо, на жаль, не пазначаюцца прынцыпы класіфікацыі, але, тым не менш, дапамагае лепш структураваць матэрыял пры даследчай працы.

Здабыткам часопіса можна лічыць даследаванні па асобных праблемах i пытаннях гісторыі Полаччыны. Так, у першым томе змяшчаецца артыкул В. Вароніна „Дрыса ў XVI ст.”, у якім аўтар з прыцягненнем разнастайных матэрыялаў разглядае гістарычныя падзеі, звязаныя з гісторыяй гэтага гарадскога паселішча ў адзначаны перыяд. Дадзены артыкул з’яўляецца пашыранай рэдакцыяй раздзела з адпаведнай кнігі „Памяць”[1]. Асаблівая ўвага ў артыкуле аддадзена аналізу дадзеных аб першай згадцы Дрысы (Верхнядзвінска). Аўтар аргументавана сцвярджае, што першай згадкай Дрысы як населенага пункта трэба лічыць 1517 г., a з’яўленне крэпасці адносіцца да сярэдзіны 40-х г. XVI ст. Далей у артыкуле даецца расповед пра лес Дрысы пад час Інфлянцкай вайны, падкрэсліваецца яе значнасць у тыя гады. Разам з тым адзначаецца, што ў першай палове XVII ст. Дрыса як крэпасць i як гарадское паселішча страціла свае значэнне. У артыкуле ў якасці дадаткаў аўтар змясціў публікацыю чатырох дакументаў з фондаў Метрыкі ВКЛ, якія датычацца Дрысы сярэдзіны XVI ст.

Ваеннай тэматыцы прысвечаны артыкулы А. Янушкевіча „Вульская бітва 1564 г.” (т. 1) i „Захоп Полацка маскоўскім войскам у 1563 г.” (т. 2). Для дадзеных даследаванняў характэрна прадуманая структура, лагічнасць падачы матэрыялу, навуковы аналіз ходу падзей, які заснаваны на грунтоўнай апрацоўцы гістарыяграфіі і якаснай крыніцазнаўчай працы. Аўтар імкнецца высветліць спрэчныя пытанні. Так, даследуючы бітву каля Улы 1564 г., якая была адной з самых буйных у Інфлянцкай вайне, аўтар прыпыняецца на значэнні бітвы. Ён выяўляе адсутнасць спецыяльных даследаваннняў па праблеме, крытычна характарызуе захаваныя крыніцы, распавядае пра перадумовы бітвы, разглядае планы i ступень падрыхтаванасці абодвух бакоў да ваеннай кампаніі 1564 г., дэталёва апісвае ход бітвы, яе вынікі i наступствы. Аналізуючы ход падзей пасля бітвы, А.Янушкевіч адзначае, што, нягледзячы на значную перамогу, з-за неўраджаяў i эпідэмій ВКЛ не змагло пераламіць ход ваенных дзеянняў i ў тым жа 1564 г. у лістападзе нават страціла свой паўночна-ўсходні замак — Азярышчы. Тым не менш, слушна падкрэсліваецца, што Ульская бітва спыніла наступ маскоўскіх войскаў углыб тэрыторыі ВКЛ. У другім сваім артыкуле A. Янушкевіч з такой жа падрабязнасцю i грунтоўнасцю распавядае пра прычыны страты ВКЛ у 1563 г. Полацка, пра ход аблогі горада i замка маскоўскімі войскамі ды ix дзеянні ў рэгіёне, пра наступствы гэтых падзей. Аналізуюцца розныя гіпотэзы адносна вышэйзгаданых падзей.

А. Ярашэвіч у артыкуле „Полацк у час вайны 1812 г. (нарыс падзей)” (т. 1) прыходзіць да высновы, што Полацк з’яўляўся найбольш пацярпелым ад вайны 1812 г. горадам Беларусь Ён апісвае адміністрацыйны падзел, памеры i значэнне горада, колькасць яго жыхароў на той час. Потым падрабязна разглядае непасрэдныя ваенныя дзеянні расійскай i французскай армій у раёне Полацка, аналізуе планы i канкрэтныя дзеянні супрацьлеглых бакоў. А. Ярашэвіч асобна спыняецца на кватараванні французских войскаў каля Полацка i ў самім горадзе, адзначае становішча i адносіны палачан да французаў і расіян. Напрыканцы артыкула закранае пытанне аб помніку падзеям 1812 г. у Полацку. Аўтарам выкарыстаны багаты факталагічны матэрыял, успаміны ўдзельнікаў падзей як з расійскага, так i французскага бакоў, a таксама новыя архіўныя дадзеныя. Для лепшага ўспрымання статыстычныя дадзеныя змешчаны ў дадатку ў выглядзе табліц.

У артыкуле Дз. Матвейчыка «„Вялікая эміграцыя” i лёсы паўстанцаў 1830-1831 г. з Віцебскай губерніі» (т. 2) распавядаецца пра лёс 16 выхадцаў з Віцебскай губерні, якія эмігравалі з Расійскай імперыі пасля падаўлення паўстання 1830-1831 г. Аўтар разглядае дзейнасць у эміграцыі Аляксандра Рыпінскага, Юзэфа Тэадорава (ці Фёдарава), Людвіга Паўлоўскага, Антонія Ражноўскага, Вінцэнта Загорскага i інш. На падставе аналізу ix біяграм паказана палярызацыя i зменлівасць палітычных поглядаў удзельнікаў паўстання 1830-1831 г. у эміграцыі.

А. Самусік у артыкуле „Вышэйшая адукацыя на ўсходзе Беларусі ў першай трэці XIX ст.” (т. 2) падрабязна разглядае дзейнасць піяраў ва ўсходняй частцы краю, прыводзіць цікавыя факты аб імкненні арганізаваць разнастайныя навучальныя ўстановы, паказвае цяжкасці i супярэчнасці развіцця вышэйшай адукацыі з-за складанай палітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Падкрэсліваецца роля ў адукацыйным працэсе ордэна езуітаў i Полацкай езуіцкай калегіі, якая з 1812 г. была ператворана ў Полацкую акадэмію з правамі універсітэта i якая праіснавала да свайго закрыцця ў 1820 г.

Цікавы матэрыял утрымлівае артыкул Ю. Грыбоўскага „Беларускія эмігранты з краінаў Паўднёвай Амерыкі — добраахвотнікі ў Польскіх узброеных сілах на Захадзе (1940-1945)”. У ім разглядаецца гісторыя стварэння i існавання польскіх фармаванняў, укамплектаваных у Вялікай Брытаніі, даследуецца роля i месца ў ix выхадцаў з Беларусі, якія знаходзіліся ў эміграцыі ў Лацінскай Амерыцы.

Н. Рыбак у артыкуле „Канфесійная палітыка савецкай улады ў адносінах да каталіцкага касцёла ў 1944-1949 г. (на прыкладзе Полацкай вобласці)” разглядае прычыны, накірункі, вынікі дзяржаўнай палітыкі адносна каталіцкай царквы ў цэлым, i канкрэтна ў дачыненні да ксяндзоў. Адзначаны яе рэпрэсіўны характар, бо ўлады пераследавалі мэту аслабіць уплыў рымска-каталіцкага касцёла на мясцовае насельніцтва. Але разам з тым падкрэсліваецца, што нягледзячы на такую палітыку ўплыў касцёла ў БССР заставаўся значным.

У паведамленні В. Емяльянчык „Гісторыя антрапалагічнага вывучэння сярэднявечнага насельніцтва беларускага Падзвіння”, змешчаным у першым томе, прыводзіцца грунтоўны аналіз даследаванняў краніялагічных матэрыялаў Х-ХІІІ ст. з тэрыторыі Полаччыны, якія праводзіліся пачынаючы з канца XIX ст. Адзначаецца, што параўнанне краніялагічных матэрыялаў з могільнікаў Полаччыны X-XIII i XVIII-XIX ст. выявілі высокую ступень ix падабенства паводле асноўных расавадыягнастычных прыкмет. Аўтар зазначае, што даследаванні дадзенага накірунку дазваляюць удакладніць этнакультурнаую сітуацыю Полач­чыны ў старажытнасці.

У паведамленні В. Галубовіча „Да гісторыі адной арэнды ў Полацкім ваяводстве ў сярэдзіне XVII ст.” (т. 2) на аснове матэрыялаў архіва роду Падбіпентаў, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Варшаўскага універсітэта, аналізуецца дагавор арэнды на маёнтак Плісы 1652 г. паміж Я. Падбіпентам i полацкім яўрэем Абрамам Іцыкавічам. Аўтар дае кароткую гістарычную даведку пра маёнтак Плісы. A ў якасці дадатку змяшчаецца інвентар маёнтка Пліса 1652 г. з апісаннем панскага двара, мястэчка Плісы i вёсак Крывічы, Паддубе.

Раздзел „Матэрыялы” прадстаўлены спісам земскіх ураднікаў другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. Полацкага (т. 1) i Віцебскага (Віцебскага i Аршанскага паветаў) (т. 2) ваяводстваў, падрыхтаваным А. Радаманам, В. Галубовічам i Д. Вілімасам. Пры складанні дадзеных спісаў аўтары шырока карысталіся архіўнымі матэрыяламі, у пер­шую чаргу Метрыкай ВКЛ i надрукаванымі крыніцамі. У публікацыі змяшчаюцца спісы маршалкаў, падкаморых, харужых, войскіх, земскіх суддзяў, падсудкаў i пісараў, стольнікаў, падстоліяў, падчашых, чэснікаў, скарбнікаў i мечнікаў. У спісе пазначаны час прызначэння на пасаду кожнай асобы, час яе смерці ці апошняй згадкі на пасадзе, а ў выбарных пасадах яшчэ i час выбару прэтэндэнта на пасаду. Трэба падкрэсліць, што ў другім томе дадзеныя лепш структураваныя.

У гэтым жа раздзеле ў т. 2 змешчана публікацыя апісання вяселля Цімаша Хмяльніцкага 1652 г., падрыхтаваная А. Ша­ландам па дакуменце, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні (фонд Слізняў).

Раздзел „Рэцэнзіі” прадстаўлены рэцэнзіямі В. Галубовіча на працы, якія датычацца Полаччыны — на „Витебские губернские ведомости” С. Сарокі (Масква – Наваполацк, 2004), „Иезуиты в Беларуси” Т. Бліновай (Горадня, 2002) i „Akademia Połocka” І.Кадульскай (Гданьск, 2004). У першым томе змешчана таксама слова на ўшанаванне памяці аднаго з аўтараў новага перыядычнага выдання маладога гісторыка Максіма Гардзеева, які трагічна загінуў у 2004 г.

У цэлым можна сказаць, што, як сведчаць змешчаныя ў часопісе публікацыі, рэдактары „Полацкіх гістарычных запісак” ствараюць грунтоўнае навуковае выданне па рэгіянальнай гісторыі Беларусь

Мінск                                               

Аляксандр Доўнар


[1] Гл.: Памяць: Гісторыка-документальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: У 2 кн. Кн. 1. Мінск, 1999.

Наверх

Галоўная » Архіў катэгорыі '2006 Т.13 Сш. 2'