Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2009 Т.16 Сш. 1

Homo historicus 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. Вільня: ЕГУ, 2008 (Сяргей Грунтоў)

Чэрвеня 12, 2009 |


HOMO HISTORICUS 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад рэд. А. Ф. СМАЛЕНЧУКА з удзелам І. М. ДУБЯНЕЦКАй. Вільня: ЕГУ, 2008. – 520 с.

Напрыканцы 2008 г. беларускія чытачы атрымалі новы гістарычны альманах, які выйшаў з непрывычным для Беларусі лацінскім тытулам Homo historicus і прыемна ўразіў сваім аб’ёмам ды якасцю паліграфіі. Назва з прыхаванымі ў ёй дарвінісцкімі алюзіямі падкрэслівала амбіцыі стваральнікаў на тое, каб выданне стала новай прыступкай у развіцці беларускай гістарычнай навукі. На вокладцы ўдакладнена, што гэта „Гадавік антрапалагічнай гісторыі”. Такое інтрыгоўнае азначэнне, не вельмі пашыранае ў беларускім гуманітарным дыскурсе, выклікала ў першую чаргу цікавасць да прадмовы, бо менавіта яна павінна паказаць, як разумеюць самі стваральнікі свае мэты і месца новага выдання ў гістарыяграфічным ландшафце.

Першыя ж радкі, аднак, паведамлялі, што рэдактару даволі складана даць азначэнне антрапалагічнай гісторыі і што гэты тэрмін ідэнтычны тэрміну „гістарычная антрапалогія” (11). Не меншае здзіўленне выклікала і тое, што гэта, „па сутнасці, новы накірунак гістарычный навукі” (11). У пацвярджэнне ніжэй пададзены кароткі гістарыяграфічны экскурс, дзе сярод заснавальнікаў накірунку прыгадваюцца Марк Блок, Люсьен Феўр і Фернан Брад эль. І нават калі пачаць весці адлік ад заяўленых 1970-х г., калі «у энцыклапедычных выданнях упершыню з’явіўся артыкул „Гістарычная антрапалогія”» (12), то і гэта азначае не менш як 30-гадовы ўзрост сталасці. Звяртаючыся да беларускай традыцыі, аўтар прыходзіць да высновы, што азначаныя перамены яе амаль не закранулі, і вінаватыя ў гэтым „савецкі варыянт неапазітывізму” (12), „палітычны рэжым” і „элементарнае нежаданне вучыцца” (13). Закляйміўшы неапазітывізм і падняўшы штандары эпохі мадэрнізму, аўтар, між тым, бярэ ў рукі зброю постструктуралістаў і ў межах толькі двух (!) абзацаў праводзіць дэканструкцыю метанаратыву класічнай гісторыі. Адзначаная аперацыя парадаксальным чынам завяршаецца тэзісам пра тое, што людзі мінулага былі Іншымі і не з’яўляюцца дакладным падабенствам сучасных жыхароў Беларусі. Так, нібы гэта не ёсць відавочным для любога гісторыка, які займаецца дастаткова аддаленай эпохай: любая спроба аналізу матывацыі дзеянняў гістарычных асобаў непазбежна падштурхоўвае нас да разумення змешчанасці сілавых зонаў тагачаснай аксеалагічнай сістэмы. Змешчанасці, але не поўнай адрознасці, і канструяванне катэгорыі Іншага ў дадзеным выпадку не апраўдана ні факталагічна, ні метадалагічна: праца ў гэтым накірунку прывядзе да стварэння ніяк не меншага „міфалагічнага царства”, чым тое, у арганізацыі якога аўтар вінаваціць класічных гісторыкаў. Значна больш плённым падаецца перспектыва пошукаў падабенства, а не адрозненняў, а таксама тых механізмаў і прычын, якія вызначалі іх і іх змены. Адрознасць людзей, якія жылі ў папярэднія эпохі, вядомая гісторыкам больш-менш з часоў Мантэня, а абвінавачваць іх, што яны не займаліся, напрыклад, гісторыяй ментальнасці — тое ж, што вінаваціць мастака-баталіста, што ён не працуе ў бытавым жанры. Насамрэч класічная і антрапалагічная гісторыі не ўваходзяць у канфлікт ні па аб’ектах, ні па метадах даследавання, яны працуюць на розных плоскасцях, розных глыбінях адной і той жа галіны, і пастаноўка іх у апазіцыю надуманая і штучная. Гэткае стварэнне канфлікту характэрна для шматлікіх пачынанняў мінулых эпох, у ім стваральнікі звычайна шукаюць імпульс для развіцця новага праекта і прастору для яго рэалізацыі, таму мы з паразуменнем можам паставіцца да розных неадэкватнасцяў уводнага тэксту, тым больш, што на апошняй старонцы ён канчаткова набывае рысы маніфеста. Рыторыка разгортваецца вакол паняццяў „чалавек”, „ачалавечванне”, „антрапалагізацыя”, пры гэтым варта заўважыць, што рэдактар настойліва карыстаецца метафарай рамяства ў дачыненні да заняткаў гісторыка, а альманах называе „свайго роду майстэрняй развіцця беларускай антрапалагічнай гісторыі” (14). Заўважаю гэта для таго, каб вярнуцца да яго і растлумачыць пазней.

Звернемся цяпер да структуры альманаха. Ён складаецца з трох вялікіх частак („Гісторыя, антрапалогія, этналогія, філасофія”, „Гістарычная біяграфістыка”, „Гісторыя і памяць”) і дзвюх меншых („Крыніцы, бібліяграфія”, „Дакументы”). Найбольш інтрыгоўным артыкулам альманаха нам падаўся змешчаны ў самым пачатку тэкст Алеся Смаленчука, рэдактара і аўтара ўводзінаў, пад назвай „Радкевіч versus Каліноўскі?” І сапраўды, пасля прынцыпаў, сфармуляваных ва ўступным слове, тэкст чакаўся не менш як узорны, які можа стаць прыкладам абяцанага новага стылю мыслення і „метадалагічнага разняволення” (14). У артыкуле разбіраецца сітуацыя вакол Восіпа Радкевіча, адстаўнога салдата царскай арміі, жонка якога была забіта паўстанцамі ў 1863 г., што і стала адным з эпізодаў больш чым 20-гадовага супрацьстаяння Радкевіча з жыхарамі мястэчка Новы Двор. Аўтар ставіць перад сабою мэту прааналізаваць гэтае здарэнне з пункту гледжання „чалавечага вымярэння гісторыі” з мэтай верыфікацыі стэрэатыпных адзнак з пункту гледжання нацыянальна-дзяржаўнай пазіцыі. З дапамогай архіўных дадзеных аўтар акрэслівае сацыяльна-эканамічнае становішча ў Новым Двары ў перыяд даследавання, дае кароткі агляд тагачаснай сялянскай гаспадаркі па матэрыялах этналагічных крыніц, апісвае нават культуры, якія раслі на сялянскіх палетках, і рынкавыя кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю. Вялікі аб’ём артыкула дазваляе стварыць шырокую панараму жыцця навадворцаў. Аднак праблема палягае ў тым, што большасць напісанага тут аніякім чынам не ўключаецца ў далейшы аналіз: пададзеныя факты так і застаюцца пярэстым баластам, які ніяк не дапамагае ў справе асэнсавання прычын забойства Клары Радкевіч у 1863 г. Яшчэ больш дзіўна выглядае падраздзел, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму (31-34), дзе выкладаюцца хрэстаматыйныя факты з гісторыі паўстання і біяграфіі яго кіраўніка. Найбольш цікавы апошні раздзел артыкула „Пасля паўстання. Радкевіч versus Новы Двор”. Аўтарам сабраны дакументы, якія раскрываюць працяг канфлікту ў судова-адміністрацыйным полі. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу відавочная агрэсіўнасць Радкевіча, часам неадэкватнасць яго паводзінаў і асабліва фармаванне той сітуацыі, дзе на пэўны момант вясковая супольнасць трапляе ў залежнасць ад аднаго чалавека, які да таго ж быў інвалідам. У сабраным матэрыяле і яго падачы пазнаецца рука прафесійнага гісторыка, але яму бракуе здольнасці да інтэрпрэтацыі матэрыялу ў антрапалагічным разрэзе. Перад намі відавочны прыклад праблемы адносінаў супольнасці і дэвіянтнай асобы, якая не з’яўляецца нечым новым для антрапалогіі: у структуры беларускага традыцыйнага грамадства такія элементы былі арганічнай часткай супольнасці і прысутнічалі ў большасці пасяленняў (у першую чаргу тыя, каго звалі „ведзьмакамі”, але гэта маглі быць млынары, кавалі ды інш.). У гэтым сэнсе Радкевіч па шэрагу прыкмет цалкам адпавядае традыцыйным для іх маркерам: фізічныя адхіленні, тыя, што называліся „крывізною” — ён быў інвалідам, і тапаграфічная маргінальнасць — жыў у крайняй хаце. Прысутнасць маргінала дазваляла супольнасці верыфікаваць „норму”, стварала базавую сітуацыю бінарнай апазіцыі, неабходную для функцыянавання культуры. Нават па словах мясцовага святара Радкевіч быў „чалавекам з неспакойным характарам і п’яніцай” (47); няма сумневу, што да той жа катэгорыі належала і яго жонка — пабранне шлюбам у 30-гадовым узросце было абсалютна ненармальным для беларускага традыцыйнага грамадства, і відавочна, што яе маргінальны статус і перадвызначыў шлюб з інвалідам і чужаком. Дадамо да гэтага адсутнасць дзяцей і тое, што сельская гаспадарка не была падмуркам у іх стратэгіі выжывання. У гэтым сэнсе „прышласць” Радкевічаў усё ж з’яўляецца другасным фактарам: сацыяльная адаптацыя магла адбыцца, аднак не адбылася, і таму на першы план выступаюць прычыны гэтага.

Перад намі звычайны прыклад канфлікту ўнутры вясковай супольнасці і, як базавы сегмент яе існавання, ён не будзе вырашаны ніколі: гэта яе арганічная частка, якая амаль без зменаў захоўваецца да нашых дзён — варта толькі больш пільна разгледзець праблему таго, што сёння называецца „асацыяльнымі элементамі”, і адносінаў да іх грамадства. І гэта яшчэ адзін доказ памылковасці канструявання катэгорыі „чужы” ў дачыненні да людзей з мінулых стагоддзяў: у аналізе сітуацыі нашмат больш карысці дало б высвятленне іх падабенства з нашымі сучаснікамі. Гэты канфлікт быў закрытай сістэмай, што існавала ў цыклічным часе традыцыйнага грамадства; было толькі дзве кропкі яго размыкання ў вонкавае, лінейнае: прыход паўстанцаў і апеляцыі да ўлады. Толькі праз гэтыя судакрананні ён і захаваўся для нас. І, напэўна, найбольш плённым тут было б вывучэнне саміх механізмаў судакранання і іх уплываў. Гэта, па-першае, вывела б нас на праблему трываласці базавай сістэмы — дыспазіцыя, выражаная аўтарам у слове versus, нягледзячы ні на што, захавала свой status quo ад пачатку і да канца. Па-другое, апісаны канфлікт мог бы паслужыць добрым матэрыялам да аналізу гісторыі ментальнасці, асабліва вывучэнне мадэлі, па якой сяляне будуюць свае стасункі з уладамі і Радкевічам — народныя стэрэатыпы, глыбіня і ўнутраная логіка пабудовы доваду. Заўважныя фобіі шмат маглі б патлумачыць і ў прычынах доўгатрываласці канфлікту ды ў яго непаслядоўнасцях і паўтарэннях. Аўтар робіць крок у гэтым накірунку, апісваючы, са словаў этнографаў, хітрасць сялян і іх схільнасць да хлусні, аднак далей гэтая лінія зусім не развіта.

Артыкул не дае ніякай яснасці пра эпізод з забойствам Клары Радкевіч: яго прычыны застаюцца гіпатэтычнымі, удзел Радкевічаў у даносах нявысветлены, таксама як і ўдзел у гісторыі навадворцаў. Незразумела і тое, дзе быў сам Восіп Радкевіч у ноч забойства і як ужо на наступны дзень ён апынуўся ў Ваўкавыску. Таму канец артыкула, яго высновы выглядаюць змазанымі, складзенымі з набору гіпотэз, якія зводзяцца да аднаго факта: падзеі паўстання наклаліся на стары канфлікт навадворцаў. З невядомых прычын аўтар не дапускае думкі пра тое, што два канфлікты маглі лёгка разгортвацца паралельна, а на заканчэнне падсумоўвае: «Гэты артыкул варта было б назваць „Радкевіч versus Новы Двор”….». З гэтым складана не згадзіцца, няясна толькі, чаму аўтар не зрабіў гэтага, пакінуўшы акцэнт на відавочна бесперспектыўнай лініі з каліноўцамі.

Артыкул пры чытанні выявіўся калажам, падобным да таго, што змешчаны на вокладцы (Каліноўскі побач з „Радкевічам”). Гэта пазнаецца і ў яго пабудове, і ў метадалагічным апараце: тут відавочна праяўляе сябе тое, на што мы звярталі ўвагу, аналізуючы ўводзіны — прыхільнасць да „рамесніцкай метафары”. Фундаментальная памылка ў тым, што нельга паставіць побач, як два крэслы, антрапалогію і гісторыю — і атрымаць антрапалагічную гісторыю. Міждысцыплінарнае запазычванне метадалогій — гэта больш, чым механічны працэс, прычым карыстаюцца ў ім не проста чужой факталогіяй („рэпліка этнографа”), але чужым інструментарыем, спалучаючы яго са сваім.

Мы лічым прынцыповым падкрэсліць гэтую мадэль механічнага спалучэння, таму што яна характарызуе структуру не толькі артыкула, але і ўсяго альманаха. Побач пастаўлены артыкулы па гісторыі, антрапалогіі, філасофіі, тэорыі міфалогіі, бібліяграфіі, а таксама біяграфічныя тэксты, якія разам павінны выглядаць як адзін наратыў з галіны антрапалагічнай гісторыі. Больш пераканальна выглядае апошні раздзел, прысвечаны адносінам гісторыі і памяці, асабліва шэраг перакладных артыкулаў, такіх, як тэксты Ірэны Шуцінене пра Другую сусветную вайну ў калектыўнай памяці жыхароў Літвы і Крыстафа Клесмана пра „палітыку гісторыі і калектыўны ўспамін”. Але і гэты раздзел пасля прачытання падаецца досыць разнародным унутрана. Некаторыя тэксты тут выкананы ў вельмі традыцыйным гістарычным ці гісторыка-публіцыстычным разрэзе.

Звяртае на сябе ўвагу таксама тое, што з трыццаці пададзеных у альманаху тэкстаў толькі два прысвечаны часам, ранейшым за ХІХ ст. Гэта здзіўляе, бо агульнавядома, што лепшыя еўрапейскія ўзоры прац у галіне антрапалагічнай гісторыі выкананы менавіта на матэрыялах Сярэднявечча і Новага Часу. Першы артыкул з тых, пра які ідзе гаворка — тэкст Вольгі Бабковай „Свет пачуццяў і свет рэчаў: шляхецкія тэстаменты другой паловы ХVІ ст.”. З усяго зместу альманаха гэтая публікацыя, магчыма, найбольш набліжаецца да таго, што можна назваць антрапалагічнай гісторыяй. Кароткі аналіз зместу беларускіх тэстаментаў паказвае іх як выдатны матэрыял для вывучэння гісторыі ментальнасці і гісторыі штодзённасці. Шкада толькі, што артыкул па форме набліжаны да каментара да прыведзеных у яго межах трох тэстаментаў. Застаецца выказаць шчырае спадзяванне, што ў будучым мы ўбачым большую па аб’ёме працу, дзе сп. Бабкова ў поўнай ступені раскрые патэнцыял заяўленай ёю тэмы.

Другі артыкул напісаны Наталляй Сліж і называецца „Як вярнуць збеглую жонку: Прыгоды з жыцця Ульяны Гарнастаевай з роду Багавіцінавічаў (? – 1575)”. Ён у асноўным выкананы ў накірунку гендэрнай гісторыі, аднак аўтар працуе з матэрыялам хутчэй як класічны гісторык, пазбягаючы зваротаў да антрапалагічных і сацыялагічных тэорый. Перашкаджае правядзенню аналізу і відавочнае напластаванне ў свядомасці аўтара разумення гістарычных рэалій і прагматычнай падаплёкі канфлікту паміж сужэнцамі, з аднаго боку, і гендэрных клішэ ды стэрэатыпаў, што пануюць у наш час, з другога. Гэта адчуваецца ў сказах накшталт „Учынак, варты мужчыны” (83). Азадачвае і прыведзенае побач выказванне пра тое, што „ў сярэдзіне XVI ст. мараль і норавы не мелі ўстойлівага характару” (83). Але заўвагі не зніжаюць вартасці артыкула менавіта як гістарычнага даследавання.

Найбольшай няўдачай першага нумара альманаха—калі дазволіць сабе праводзіць такую градацыю — можна назваць артыкул Уладзіміра Леўшука „Паходжанне езółцкай сістэмы адукацыі” (128-154). Крыху пафасны ўступ метадалагічнага плана, які абяцае нам сістэмны аналіз прычын „вітальнасці” езółцкага калегіума, пераходзіць у пераказ хрэстаматыйных фактаў з біяграфіі Ігнацыя Лаёлы, гісторыі заснавання калегіума і фундаметальных зменаў эпохі Рэфармацыі, што нечым нагадвае стыль такіх часопісаў, як National Geografie. I ўсё гэта для таго, каб па выніках паведаміць, што асноўнай прычынай „вітальнасці” было самааднаўленне сістэмы.

Аб’ём альманаха дастаткова вялікі, і мы ўстрымаемся ад таго, каб каментаваць кожны артыкул. Нягледзячы на тое, што выданне мае ўскоснае дачыненне да антрапалагічнай гісторыі, яго цікава чытаць проста як гуманітарны альманах: у ім дастаткова карысных і змястоўных матэрыялаў па самых розных дысцыплінах. Нашы крытычныя заўвагі выкліканы найперш жаданнем, каб гэты праект калі не адразу, то ў будучым здолеў спраўдзіцца і запоўніць якаснымі тэкстамі лакуну ў абранай галіне даследаванняў, паколькі неабходнасць развіцця накірунку гістарычнай антрапалогіі сапраўды відавочная. Таму мы спадзяемся, што наша крытыка будзе ўспрынята з разуменнем, і наступныя нумары будуць больш адпавядаць прызначэнню новага перыядычнага выдання.

Мінск

Сяргей Грунтоў

Наверх

Kosman, Marceli. Polska w drugim tysiącleciu. Т.1–2. Toruń, 2007 (Людміла Міхайлоўская, Любоў Козік)

Чэрвеня 11, 2009 |


KOSMAN, MARCELI. Polska w drugim tysiącleciu. Toruń: Adam Marszałek, 2007. T. 1. – 348 s.; T. 2. -468 s.

Навуковыя творы Марцэлія Космана, прысвечаныя гісторыі Польшчы, Літвы, палаба-балтыйскіх славян, могуць скласці цэлую бібліятэку, на якой фармавалася не адно пакаленне гісторыкаў. Рэцэнзаваная манаграфія ўяўляе сабой фундаментальную працу ў двух тамах, якая ў пэўным сэнсе падводзіць вынік папярэднім сюжэтным і праблемным даследаванням.

„Polskа w drugim tysąleciu” ахоплівае гісторыю дзяржавы і грамадства на працягу ўсяго існавання і ў розных палітычных формах — ад узнікнення патрыманіяльнай манархіі і да сучаснага становішча Польшчы. Такая шырокая храналагічная прастора дазволіла аўтару вылучыць, прасачыць і ацаніць гістарычныя заканамернасці, формы і цывілізацыйныя асаблівасці развіцця Польшчы.

Асноўны прадмет даследавання — палітычная культура і палітычная ўлада ў Польшчы, якая рэалізуецца ў сярэдневечных палітычных сістэмах і палітычных адносінах, як унутраных, так і міжнародных. Абраны аўтарам пункт бачання для разгляду ўсёй гісторыі Польшчы ўяўляецца выключна важным і правільным, паколькі менавіта трансфармацыя палітычнай структуры ў большай ступені вызначала знешнюю палітыку, нацыянальную ідэалогію (у прыватнасці, „сарматызм”) і культуру польскага грамадства на працягу стагоддзяў.

Храналагічнаму аб’ёму і мэтам даследавання адпавядае структура манаграфіі. Яна адкрываецца ўступам, які мае важнае значэнне ў разуменні зместу і канцэпцыі даследавання. У ім даецца характарыстыка геапалітычнага становішча Польшчы, якое шмат у чым вызначала напрамкі і формы экспансіі, уплывала на „плынныя” межы, відазмяняла суадносіны этнічных і тэрытарыяльных фактараў у развіцці Польшчы як краіны і дзяржавы.

Аўтарская канцэпцыя гісторыі Польшчы адлюстравана ў перыядызацыі, у аснове якой ляжыць эвалюцыя польскай дзяржаўнасці — ад узнікнення патрыманіяльнай манархіі да ліквідацыі Рэчы Паспалітай у выніку падзелаў. Так уся гісторыя Польшчы умоўна падзелена на тры „эпохі”: I — Польшча і Рэч Паспалітая да падзелаў; II — польскія землі ў складзе іншых дзяржаваў; III — адроджаная Польшча (з 1918 г.).

У межах дадзенай перыядызацыі I „эпоха” лагічна і храналагічна падзелена на чатыры часткі: „этнічная” манархія Пястаў, якая трансфармуецца ў „поліэтнічную” манархію Ягелонаў, Польска-літоўская шляхецкая рэспубліка на чале з выбарным каралем у перыяд стабілізацыі (1569-1648) і крызісу (1648-1795).

У адпаведнасці з храналагічнымі межамі і мэтай даследавання падабраны храналагічны матэрыял, які паходзіць з найбольш важных наратыўных крыніц. Адначасова варта адзначыць, што іх аналіз, характарыстыкі, ацэнкі і гістарыяграфічныя каментары складаюць самастойны і выключна цікавы фрагмент выкладання.

Першая частка — „Манархія Пястаў (каля 960-1370)” — прысвечана даследаванню вытокаў польскай дзяржаўнасці і развіцця манархіі Пястаў да спынення дынастыі. Першы перыяд яе гісторыі супадае з праўленнем князёў ад Мешка I да Баляслава Крываўстага. Аўтар аналізуе працэс складвання дзяржавы ў геапалітычнай прасторы Ўсходняй Еўропы. Несумненна, что ён адбываўся ў складаных знешнепалітычных умовах. Межы Старажытнай Польшчы, негледзячы на іх вялікую працягласць, былі лёгка пранікальныя і прыступныя. Таму імкненне польскіх князеў да пашырэння дзяржаўнай тэрыторыі да натуральных межаў (“do morza”) было зразумелым ва ўмовах сталай пагрозы з боку Свяшчэннай рымскай імперыі і барацьбы з ёй за панаванне на Балтыцы, перманентнага суперніцтва з Чэхіяй за першынства ў рэгіёне і перыядычных канфліктаў з кіеўскімі князямі з-за чэрвенскіх гарадоў. Гэтыя знешнепалітычныя вектары былі вызначальнымі на працягу стагоддзяў. Разглядаючы ўнутраную і знешнюю палітыку першых Пястаў, аўтар ацэньвае іх як сапраўдных „будаўнікоў”, якія заклалі магутную крэпасць Польскай дзяржавы. Менавіта на гэтым падмурку адбывалася яе далейшае развіццё. Аднак гэты працэс не быў лінейным. Часамі „імперыя Пястаў” хісталася ў выніку ўнутраных крызісаў, дынастычнай барацьбы і паганскіх паўстанняў. Логіка развіцця патрыманіяльнай манархіі як карпаратыўнай уласнасці кіроўнага роду, кожны з прадстаўнікоў якога меў права на частку ўлады і частку дзяржаўнай тэрыторыі, прывяла да яе распаду.

Разглядаючы асаблівасці ўдзельнай раздробленасці Польшчы, адначасова з агульнымі і стэрэатыпнымі з’явамі (аслабленне цэнтральнай улады, перманентная барацьба за кракаўскі ўдзел, афармленне „можнаўладства” як палітычнай сілы, спусташальныя ўварванні мангола-татараў), аўтар справядліва вылучае несупадзенне прынцыпу сеньярату рэальнай сітуацыі ў атрыманні ў спадчыну трону, а таксама ўзмацненне пазіцый Касцёла. Можна сцвярджаць, што менавіта з гэтага часу святарства набыло значны ўплыў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і з невялікімі перапынкамі захавала яго да сёння.

Вельмі цікавым сюжэтам раздзела з’яўляецца аналіз неадназначнай ролі знешніх фактараў у актывізацыі працэсу драблення Святой рымскай імперыі і Русі. Пры гэтым, з аднаго боку, раздробленая Польшча адчувала ціск з боку немцаў, якія выкарыстоўвалі канфлікты князёў як падставу для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, польскія землі сталі аб’ектам нямецкай экспансіі (актыўная каланізацыя Шлёнска, замацаванне Тэўтонскага ордэна на Балтыцы), з другога — польскія магнаты (малапольская групоўка) ажыццяўлялі ўласную экспансію ў рускія землі (Галічыну), што замацоўвала сепаратысцкія тэндэнцыі.

Завяршаючы гэтую частку, аўтар разглядае першыя спробы аб’яднання і аднаўлення каралеўства. Сярод найбольш важных палітычных фактараў ён вылучае аб’яднальную палітыку сілезскіх Генрыхаў, саюз з Чэхіяй, сарваны намаганнямі Імперыі, і экспансію Ордэна як значны каталізатар цэнтралізацыі. Працэс аб’яднання пачынаўся ў асобных княствах (Сілезія, Куявія), унутры якіх ішло складванне інстытутаў, якія пазней сталі палітычнай асновай Кароны Польскай. Аднаўленне тэрытарыяльна-адміністрацыйнага адзінства і адраджэнне каралеўскай улады аўтар лічыць найважнейшай падставай для развіцця новых дзяржаўна-палітычных структур. Аднак удзельны перыяд пакінуў у гісторыі Польшчы свой след.

Аналізуючы праўленне Ўладзіслава Лакетка і Казіміра Вялікага, аўтар адзначае, што адноўленая дзяржава не была рэанімацыяй манархіі першых Пястаў. Гэта была якасна новая палітычная канфігурацыя, у якой улада перадавалася па прынцыпе прымагенітуры, аднак была вымушана абапірацца на княска-магнацкія групоўкі. Гэтая сістэма, падкрэслівае М. Косман, стала зародкам таго унікальнага палітычнага ладу, які праз некалькі стагоддзяў аформіўся ў Польшчы. Менавіта гэтыя прычыны прывялі да таго, што распачаты ў Польшчы працэс феадальнай цэнтралізацыі празмерна зацягнуўся і па сутнасці ніколі не быў завершаны, пра што сведчыць заканадаўства Казіміра.

Другая частка — „Дзяржава Ягелонаў (1386-1572)” прысвечана аналізу якасна новага перыяду ў гісторыі Польскага каралеўства, звязанага дынастычнай уніяй з ВКЛ. Характарызуючы Крэўскую унію, аўтар прапаноўвае адысці ад аднабаковых ацэнак і дыскусій, у якіх прысутнічае палітычны кампанент, і падкрэслівае, што яна адпавядала нацыянальным інтарэсам народаў Княства і Кароны і мела аб’ектыўнае значэнне як сродак ратавання ад тэўтонскай агрэсіі і захавання дзяржаўнай незалежнасці.

Найважнейшымі палітычнымі тэндэнцыямі праўлення Ягелонаў М. Косман лічыць станаўленне інстытутаў саслоўнай манархіі, кадыфікацыю права; палітычнае аб’яднанне Польскага каралеўства з ВКЛ; узрастанне міжнароднага значэння Польска-літоўскай дзяржавы, якая ў XV ст. стала даміноўнай сілай ва Ўсходняй Еўропе. Важную ролю ва ўмацаванні Польскага каралеўства, як абсалютна справядліва адзначае М. Косман, мела Трынаццацігадовая вайна з Ордэнам, у выніку якой Польшча вярнула Гданьскае Памор’е, што паўплывала на развіццё шырокіх міжнародных сувязяў, выклікала рост знешняга гандлю, перабудову эканомікі і сацыяльных адносінаў.

Пад уладай Ягелонаў у апошняй трэці XV – першай чвэрці XVI ст. знаходзіўся вялікі тэрытарыяльны комплекс, які ўключаў Польскае, Чэшскае, Венгерскае каралеўствы і Вялікае Княства Літоўскае. Аднак утрымацца на гэтых пазіцыях Ягелоны не здолелі. Аналізуючы ролю Польшчы ў еўрапейскіх адносінах, аўтар адзначае поспехі (далучэнне Мазовіі з Варшавай) і няўдачы, выкліканыя ростам асманскай пагрозы, актывізацыяй знешніх акцый Масквы, што прывяло да тэрытарыяльных стратаў (Смаленск), пераходу чэшскага і венгерскага тронаў да Габсбургаў, аб’яднанню Прусіі і Брандэнбурга пад уладай Гагенцолернаў. Несумненнай заслугай палітыкі Ягелонаў, як сцвярджае аўтар, было захаванне ўнутранай стабільнасці ў Княстве і Кароне, падтрыманне пэўнай раўнавагі паміж магнатамі і шляхтай, дыялог паміж каралём і падданымі.

Змест другой часткі завяршае характарыстыка Люблінскай уніі як значнай і пераломнай падзеі ў гісторыі Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы напярэдадні Новага часу. Створаная нанава дуалістычная дзяржава была поліэтнічнай па складзе, а па форме з’яўлялася шляхецкай рэспублікай. Аўтар адзначае абмежаваную колькасць агульнадзяржаўных структур і сцвярджае, што ў перспектыве яе развіццё павінна было прывесці да фармавання адзінага народа-шляхты на аснове агульнай палітычнай арганізацыі, ідэалогіі і культуры. Сродкам фармавання была паланізацыя.

Трэцяя частка манаграфіі „Польска-літоўская Рэч Паспалітая. Час стабілізацыі (1572-1648)” змяшчае глыбокі аналіз прычын палітычнага крызісу і „бескаралеўя” 70-80 г. XVI ст. Стабілізоўная дамінанта прысутнічала ў знешняй палітыцы — перамозе Рэчы Паспалітай у Інфлянцкай вайне і падаўленні Расіі як галоўнага саперніка на ўсходзе Еўропы. Абранне на трон Рэчы Паспалітай Жыгімонта Вазы адлюстроўвала імкненне развіць гэты поспех. Можна пагадзіцца з сумненнямі аўтара ў тым, што абранне прадстаўніка дома Габсбургаў было б меншым злом для Рэчы Паспалітай, бо ў выніку дынастычных дамаганняў Вазаў яна апынулася ўцягнутай у шэраг крывавых войнаў са Швецыяй, якія не адпавядалі яе нацыяльным інтарэсам. У гэтым сэнсе каралі шведскай дынастыі проціпастаўлены Ягайлавічам, якія паспяхова адбівалі „нямецкі ціск” і „ўмелі дамаўляцца з Крымам”.

Вялікі інтарэс у плане сацыяльна-паліталагічнага аналізу ўяўляе другі раздзел дадзенай часткі, дзе ўздымаецца праблема польскага абсалютызму як спецыфічнага інстытута шляхецкай дэмакратыі, які не меў аналагаў, даследуюцца прычыны грамадскіх канфліктаў, грамадзянскіх войнаў і рокашаў, якія сталі, на думку аўтара, „пастаянным палітычным пейзажам”.

Апошні перыяд праўлення Жыгімонта III і праўлення Ўладзіслава IV ахарактарызаваны як „зацішша перад бурай”. Авантурная палітыка на ўсходзе (першая і другая „Дзмітрыяды”, прэтэнзіі на маскоўскі трон) і адмова ад актыўных дзеянняў на захадзе і паўднёвым усходзе прывялі да таго, што на межах Рэчы Паспалітай збіраліся хмары. Масква лічыла справай гонару новай дынастыі вярнуць Смаленск, на поўдні пагражала Турцыя і Крымскае ханства, а на паўночным захадзе — Швецыя.

Унутранаму крызісу Рэчы Паспалітай і знешнепалітычным правалам прысвечана чацвёртая частка манаграфіі. Яна ахоплівае 1648-1795 г. і ў большай ступені, чым астатнія, мае сінтэтычны характар. У ёй змяшчаецца аналіз прычын гаспадарчага крызісу, палітычнай дэзінтэграцыі, падзення міжнароднага прэстыжу і тэрытарыяльных страт Рэчы Паспалітай у другой палове XVII ст. Сярод іх найбольш важнымі аўтар лічыць няздольнасць кіроўнай эліты кантраляваць вялізныя тэрыторыі, параліч заканадаўчай улады, сацыяльныя і канфесійныя канфлікты, усеўладдзе шляхты, якая замкнулася ў „міфалогіі сарматызму” і далучала Рэч Паспалітую да „вольных дзяржаваў” Еўропы — Англіі, Нідэрландаў, Швейцарыі.

Агульны крызіс востра праявіўся пад час Паўночнай вайны, пасля якой Рэч Паспалітая выступіла ў фарватэры знешняй палітыкі Расіі і пад яе пратэктаратам. З гэтага часу лёс Рэчы Паспалітай залежаў ад Расіі, і любыя спробы структурных пераўтварэнняў маглі ажыццяўляцца толькі з санкцыі Пецярбурга, а таму былі асуджаны на правал. Разам з тым, падкрэслівае аўтар, рэформа адукацыі, дзейнасць Адукацыйнай камісіі, Таварыства сяброў навукі, Рыцарскай школы падрыхтавала новае пакаленне рэфарматараў, ад імя якіх звяртаўся да суайчыннікаў С. Сташыц са сваімі „Перасцярогамі” для Польшчы, і якія прынялі першую ў Еўропе канстытуцыю (3 траўня 1791 г.). Яе ацэнка, як лічыць аўтар, будзе слушнай толькі з пазіцыі яе значэння як пачатку будучых рэформаў, а не іх завяршэння. Гэты дакумент спалучаў у сабе ўсе элементы асветніцкага і прагрэсіўнага, гэта быў помнік адлюстравання волі народа, а не толькі шляхты, яго незалежнасці і непрыняцця чужой тыраніі.

Завяршаецца першы том манаграфіі цікавым аглядам крыніц — „Палякі пра сваё мінулае”. Ён з’яўляецца своеасаблівым урокам інтэрпрэтацыі крыніц з глыбокімі даследчыцкімі каментарамі і гістарыяграфічнымі экскурсамі. Раскрываючы прынцыпы і методыку даследавання, аўтар перасцерагае ад спакусы разглядаць гісторыю як палітыку, „закінутую ў мінулае”, што пазбаўляе гісторыю прызвання быць „magistra vitae” і пераўтварае яе ў дадатак ідэалогіі.

Другі том даследавання М. Космана прысвечаны разгляду дзвюх вышэйадзначаных „эпох”—існаванню польскіх зямель у складзе іншых дзяржаваў і самастойнаму развіццю з 1918 г. Храналагічна яны падзелены на чатыры часткі — „Пад раздзеламі (1795-1918)”, „Паміж войнамі (1918-1939)”, „Пад дзвюма акупацыямі (1939-1945)” і „У цяні Ялты”.

У першай частцы аўтар параўноўвае развіццё польскіх земляў у складзе Расіі, Прусіі і Аўстрыі, аналізуе праведзеныя рэформы, ацэньвае іх вынікі і ўплыў на фармаванне нацыянальнай свядомасці палякаў. Косман адзначае, што страта незалежнасці падштурхнула да складвання на пачатку XIX ст. разнароднага па мэтах і сацыяльным складзе патрыятычнага руху, які праявіўся ў стварэнні тайных саюзаў, арганізацыі змоваў і паўстанняў у 1830-1831 і 1863 г., што адыгралі вялікую ролю не толькі ў фармаванні сучаснай польскай, але і чэшскай, славацкай, венгерскай, румынскай і паўднёваславянскіх нацый.

Вялікую ролю ў гісторыі польскага народа адыгралі падзеі Першай сусветнай вайны, якія вымусілі палякаў ваяваць адзін супраць аднаго на карысць розных краін, прывялі да спусташэння зямляў з боку нямецкай, аўстрыйскай і рускай вайсковай і цывільнай адміністрацый. З іншага боку, вайна спрыяла актывізацыі нацыянальна-вызваленчага руху, вывядзенню „польскага пытання” на міжнародны ўзровень і стварэнню незалежнай дзяржавы, першыя гады існавання якой паказаны ў рабоце праз разгляд супярэчнасцяў паміж Начальнікам дзяржавы Ю. Пілсудскім і прадстаўнікамі Польскага нацыянальнага камітэта, складанасцяў па фармаванню межаў рэспублікі, праблемы нацыянальных меньшасцяў.

Прыняцце Канстытуцыі 1921 г. прывяло да ўсталявання ў краіне парламенцкай дэмакратыі (1921-1926). Характарызуючы гэты этап у польскай гісторыі, аўтар называе вядучыя палітычныя партыі і акрэслівае іх праграмы, апісвае складанасці, звязаныя з першымі прэзідэнцкімі выбарамі, паказвае стаўленне палітыкаў і насельніцтва да сітуацыі ў Польшчы і падводзіць да разумення прычын дзяржаўнага перавароту 1926 г.

Аналізуючы перыяд дыктатуры Пілсудскага (1926-1935), М. Косман справядліва адзначае, што першыя змены ў заканадаўчых актах Польскай рэспублікі дазволілі захаваць бачнасць дэмакратычнай дзяржавы, але наступныя палітычныя падзеі (парламенцкія выбары 1928 і 1930 г., чысткі ў арміі і дзяржаўнай адміністрацыі, рэпрэсіі супраць апазіцыйных дзеячаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, Канстытуцыя 1935 г.) выявілі сапраўднае аблічча рэжыму „санацыі”. Аўтар палемізуе з тымі, хто залічвае да яго станоўчых бакоў эканамічны ўздым другой паловы 1920-х г., даказваючы, што ён стаў вынікам раней праведзеных рэформаў. Галоўная праблема ўлады, па меркаванні даследчыка, заключалася ў неабходнасці пошуку шляхоў выхаду краіны з сусветнага эканамічнага крызісу і вырашэння сацыяльных супярэчнасцяў. Складанасцяў у гэтым дадавалі радыкальна скіраваныя КПП, КПЗБ, КПЗУ, польскія і ўкраінскія нацыяналістычныя групоўкі.

Смерць Ю. Пілсудскага ў 1935 г. прывяла да безвыніковай барацьбы за абсалютную ўладу дзвюх груповак — ваенных на чале з Э. Рыдз-Сміглы і прыхільнікаў прэзідэнта І. Масціцкага, што падрывала палітычную стабільнасць у краіне і вяло да росту ўплыву апазіцыі, якая, як справядліва адзначае М. Косман, не заўсёды выступала з дэмакратычнымі лозунгамі.

У міжваенны перыяд польская дзяржава сутыкнулася не толькі з палітычнымі, але і эканамічнымі праблемамі, якія былі выкліканы пасляваенным заняпадам, а таксама розніцай у развіцці рэгіёнаў, што раней знаходзіліся ў складзе трох дзяржаваў — Расіі, Нямеччыны і Аўстра-Венгрыі. У гэтай сувязі аўтар апісвае мерапрыемствы ўрадаў па інтэграцыі гаспадаркі краіны (у першую чаргу кабінета У. Грабскага), характарызуе наступствы нямецка-польскай мытнай вайны 1925-1930 г. і ацэньвае ўплыў міжнароднай сітуацыі на развіццё нацыянальнай эканомікі. Значная ўвага ў кнізе адводзіцца разгляду становішча ў сельскай гаспадарцы. Косман падрабязна раскрывае працэс падрыхтоўкі да правядзення аграрнай рэформы, называе асноўныя палажэнні закона 1923 г. і асаблівасці яго рэалізацыі. Ён справядліва заўважае, што галоўнай мэтай пераўтварэнняў было павелічэнне польскай уласнасці на нямецкім памежжы і тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, куды прыязджалі палякі з перанаселеных цэнтральных раёнаў краіны. Аўтар не дае адназначных ацэнак працэсу паланізацыі і імкнецца на цікавых, яскравых прыкладах паказаць яго розныя бакі.

Цяжкім выпрабаваннем для польскіх грамадзян сталі трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны. Аўтар апісвае ваенныя кампаніі верасня — кастрычніка 1939 г., паказвае асаблівасці тэрытарыяльнага падзелу, падрабязна характарызуе нямецкую акупацыйную палітыку, дзейнасць польскага ўрада ў эміграцыі, рух супраціўлення на польскіх землях і франтах Другой сусветнай вайны, раскрывае закулісныя акалічнасці прыняцця рашэння аб пасляваеннай усходняй мяжы Польшчы і асобнае месца адводзіць „Катынскай справе”.

Гісторыя пасляваеннай Польшчы выклікае найбольш спрэчак сярод даследчыкаў. Адны лічаць, што краіна мела абмежаваную незалежнасць, іншыя — што яна была акупаваная савецкай арміяй. Косман жа вызначае яе як „дзяржаву, залежную ад СССР”, і разглядае праграму Польскай рабочай партыі, паказвае ўмовы стварэння і дзейнасці прасавецкага Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення і адзначае, што не толькі СССР, але і заходнія краіны нясуць адказнасць за развіццё Польшчы. Не абыходзіць аўтар увагай і тых, хто, не змірыўшыся з рашэннямі Ялцінскай канферэнцыі, застаўся ў эміграцыі, дзе працягвалі існаванне дзяржаўныя структуры, якія, праўда, страцілі міжнароднае прызнанне. Вобразна апісваючы жыццё палякаў па-за межамі радзімы, Косман прыводзіць шмат малавядомых фактаў, якія могуць зацікавіць не толькі аматараў гісторыі, але і прафесійных гісторыкаў.

У параўнанні з міжваенным перыядам пасляваенная Польшча мела не толькі іншы палітычны лад, але і межы, нацыянальны склад насельніцтва. У адрозненне ад часткі польскіх гісторыкаў, Косман не імкнецца стварыць аднабаковы вобраз гэтай краіны. Ён адзначае станоўчыя перамены ў сацыяльна-эканамічным, культурным развіцці Польшчы і негатыўныя моманты ў функцыянаванні палітычнай сістэмы, якія праявіліся ў сілавым падаўленні апазіцыі, фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму 1946 г. і парламенцкіх выбараў 1947 г., палітычных працэсах канца 1940-х—пачатку 1950-х г., усеўладдзі органаў унутранай бяспекі ў 1949-1954 г.

Значныя перамены ў грамадскім, культурым, палітычным жыцці ПНР адбыліся ў 1956 г. ХХ з’езд КПСС, выкрыццё злачынстваў Сталіна, падаўленне выступлення рабочых у Познані і ўнутрыпалітычная барацьба аказалі вялікі ўплыў на сітуацыю ў войску, каталіцкім асяроддзі, моладзевым руху, навуковых колах, у вышэйшых навучальных установах і на польска-савецкія адносіны ў цэлым. Апісваючы развіццё Польшчы ў 1956-1970 г., аўтар адзначае пераменлівасць поглядаў У. Гамулкі, яго адыход ад лібералізацыі сістэмы, паказвае негатыўнае стаўленне Варшавы да падзей Пражскай вясны, вынікам чаго стала страта грамадскага даверу да кіраўніцтва краіны.

Наступныя два дзесяцігоддзі (за невялікім выключэннем першай паловы 1970-х г.) існавання Польшчы М. Косман характарызуе як грамадска-палітычны і сацыяльна-эканамічны крызіс. Аўтар адзначае, што польскія ўлады не маглі прапанаваць дзейснага выйсця з тагачаснай сітуацыі, а прыслухацца да галасоў тых, хто рэальна ацэньваў становішча ў краіне, не хацелі. У гэтых умовах апазіцыя, якая набыла масавы характар, была лепш падрыхтавана да барацьбы з сістэмай. Ацэньваючы палажэнне ў краіне ў канцы 1970 – пачатку 1980-х г., Косман адзначае вышэйшую ступень дэмаралізацыі не толькі партыйнага апарату, але і ўсяго грамадства, і лічыць, што прызначэнне ў 1981 г. прэм’ер-міністрам В. Ярузэльскага, які меў памяркоўныя погляды і выступаў супраць радыкальных мераў, дазваляла нармалізаваць сітуацыю ў Польшчы. Часткова гэта адбылося ў выніку ўвядзення ў снежні 1981 г. ваеннага становішча. Аналізуючы ўмовы (раскол у палітбюро ЦК ПАРП, магчымая рэакцыя Масквы і мясцовай апазіцыі) і працэс прыняцця такога рашэння, аўтар прыходзіць да высновы, што яно можа быць часткова апраўданым. Дадатковым аргументам ён лічыць і той факт, што ЗША ведалі аб падрыхтоўцы да ўвядзення ваеннага становішча і не паінфармавалі прадстаўнікоў апазіцыі, бо лічылі яго меншым злом у параўнанні з інтэрвенцыяй СССР. Ацэньваючы ў цэлым падзеі 1980-х г., Косман выказвае вялікую павагу да асобы і дзеянняў генерала Ярузэльскага, дзякуючы якому адбыліся перамовы з апазіцый і мірная змена ўлады ў краіне.

Заканчваецца другі том разважаннямі аўтара над стаўленнем палякаў XIX і XX ст. да свайго мінулага, грунтоўным аглядам гістарыяграфіі, календ аром падзей 1990-2006 г. Характарызуючы сучасную краіну, М. Косман з жалем канстатуе спад культуры польскіх палітыкаў і даследчыкаў, выказвае негатыўнае стаўленне да так званай гістарычнай палітыкі і прапануе свой падыход да перыядызацыі (хутчэй нават нумарацыі рэспублік) польскай гісторыі.

Падводзячы высновы, неабходна адзначыць, што кніга М. Космана заслугоўвае самай высокай ацэнкі як па метадзе даследавання, так і па аргументацыі і высновах. Яна напісана цікава і даступна для шырокага кола чытачоў. Праблема генезісу, характару і формаў польскай дзяржаўнасці не страчвае навуковага значэння, паколькі займае цэнтральнае месца ва ўсёй гісторыі польскага народа, фармуе нацыянальную самасвядомасць. Яе аналіз з сучасных пазіцый, вольны ад гістарыяграфічных клішэ, можа служыць каштоўным досведам для палітычных прагнозаў і ацэнак. Несумненным плюсам работы з’яўляецца і той факт, што аўтар не замыкаецца толькі на польскай тэматыцы. Сацыяльныя, культурныя, эканамічныя і палітычныя працэсы ён разглядае на фоне развіцця вядучых заходнееўрапейскіх краін і Расіі (СССР), што дазваляе добра зразумець дух розных эпох, умовы паўсядзённага жыцця і традыцыі польскага народа.

Мінск

Людміла Міхайлоўская,  Любоў Козік

Наверх

Pre­Modern Russia and its World. Essays in Honor of Thomas S. Noonan. Wiеsbaden, 2006 (Ірына Ганецкая)

Чэрвеня 10, 2009 |


Pre-Modern Russia and its World. Essays in Honor of THOMAS S. NOONAN. Ed. by KATHRYN L. REYERSON, THEOFANIS G. STAVROU, and JAMES D. TRACY. Wiеsbaden: Harrasowitz Verlag, 2006. – 180 p.

Зборнік „Расія і яе свет напярэдадні Новага часу” пад рэдакцыяй К. Л. Рэерсон, Т. Г. Стаўрова, Дж. Д. Трэйсі ўключае матэрыялы канферэнцыі з такім жа назовам, арганізаванай 2 лістапада 2002 г. і прысвечанай памяці Томаса Нунана,выдатнага амерыканскага гісторыка, які трыццаць пяцьгадоў працаваў ва універсітэце Мінесоты. Абшары навуковых інтарэсаў Т. Нунана вельмі шырокія, яны тычыліся ўсходнеславянскіх, фінскіх, балцкіх плямёнаў, волжскіх булгараў, хазараў, печанегаў і полаўцаў, якія насялялівелізарныя тэрыторыі, што распасціраліся ад Арктычнагаўзбярэжжа да Чорнага мора, ад Карпатаў да Урала. Длябольш глыбокага разумення працэсаў, што адбывалісятам на працягу ІХ-ХІІІ ст., Томас Нунан закранаў таксама гісторыю вікінгаў, Блізкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі. У сваёй працы даследчык выкарыстоўваў пісьмовыя, археалагічныя інумізматычныя крыніцы. Яго даследаванні насілі сінтэтычныі шматузроўневы характар: ад разгляду эканамічнай гісторыі велізарнага рэгіёна ў шырокім сэнсе (гандлёвыя шляхі, аб’ёмы гандлю і інш.) да даволі вузкіх праблем (асобныя рамёствы, перайманне новых тэхналогій, эканоміка качэўнікаў, эвалюцыя рускіх гарадоў і г.д.). Томас Нунан стварыў новае вымярэнне ў падыходзе да вывучэння гэтага складанага рэгіёна, што можа быць узорам сучаснага гістарычнага даследавання.

У зборнік увайшлі сем артыкулаў: „Бліжэйшае знаёмства з Візантыйскім светам: Русь у Керчанскім праліве” Дж. Шэпарда; „Абагаўлёная вярхоўная ўлада хазар” П. Б. Голдэна; „Ідэнтыфікацыя суднабудаўнічых цвікоў з квадратным сячэннем эпохі вікінгаў: на прыкладзе сярэдняй Нарвегіі” Г. Сталзбэрг і Б. ле Бо;  „Гандляры сярод лясоў: паўночнаяперыферыя Русі ў сярэднявечнай сістэме гандлёвых сувязяў”Н. Макарава; „Развядзенне сокалаў у сістэме абмену сярэднявечнай Еўразіі” Т. Т. Олсэна; „Развагі пра маскоўскае грамадства другой паловы ХV ст.” Р. Гэлі; „Манеты, гандаль і канцэптуалізацыя Кіеўскай Русі” Дж. Марцін. На першы погляд, публікацыі вельмі адрозныя тэматычна і храналагічна, аднак усе яны натхнёныя навуковымі ідэямі Томаса Нунана. Выданне адкрывае грунтоўны артыкул Дж. Шэпарда „Бліжэйшае знаёмства з Візантыйскім светам: Русь у Керчанскім праліве”, які ўяўляе сабой непасрэдны працяг і далейшае развіццё даследаванняў Т.Нунана. У цэнтры ўвагі гісторыка знаходзіцца паўночнае і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е. У Х-ХІІ ст. у гэтым рэгіёне сутыкнуліся інтарэсы многіх народаў і дзяржаваў. Этнічная, культурная і палітычная карціна яго была надзвычай складанай і далёка не вывучана да канца. Тут прысутнічалі русь, хазары і іншыя плямёны качэўнікаў, Візантыя; скрыжоўваліся мясцовыя (уздоўж паўночнага і ўсходняга ўзбярэжжаў, а таксама праз мора на поўдзень у Малую Азію і Канстанцінопаль) і важнейшыя міжнародныя гандлёвыя шляхі (па сушы ў Арменію і мусульманскія краіны, на поўнач праз стэпы па Дону і Волзе ў лясную зону і да ўзбярэжжа Арктыкі, на ўсход да Каспія і ў Сярэднюю Азію). Гэта непазбежна прыводзіла да актыўнага культурнага, палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння. Дж. Шэпард у сваім артыкуле закранае наступныя аспекты тэмы: геапалітычная і культурная сітуацыя; стратэгічнае значэнне Керчанскага праліва для Візантыйскай імперыі; дачыненні паміж Візантыяй і Хазарскім каганатам, Візантыяй і рускімі князямі; рускія набегі на ўсходні Каўказ у 1030-х г.; царкоўныя і іншыя кантакты паміж Канстанцінопалем, паўночна-ўсходнім Прычарнамор’ем і Аланіяй у ХІ ст.; дзейнасць Алега Святаслававіча (у Тмутаракані, Чарнігаве, у дачыненнях з Візантыяй); пісьменнасць і летазлічэнне; рускія князі і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е; гандаль і кантакты паміж руссю і грэкамі ў праліве ў ХІ-ХІІ ст. Разгорнуты аналіз пісьмовых сведчанняў з розных краін, культурных і рэлігійных уплываў, дадзеных нумізматыкі і сфрагістыкі дазволілі аўтару зрабіць важныя высновы, якія істотным чынам праліваюць святло на некаторыя аспекты складанай гісторыі такога супярэчлівага рэгіёна, якім было паўночнае і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е ў згаданы перыяд.

У публікацыі П. Б. Голдэна прадстаўлены аналіз прыроды Хазарскага каганата і асаблівасці інстытута вярхоўнага кіраўніка дзяржавы качэўнікаў. Свой погляд на інтэрпрэтацыю цвікоў з суднаў вікінгаў, адрозны ад традыцыйнага, выказваюць у невялікім матэрыяле Г. Сталзбэрг і Б. ле Бо.

Артыкул Н. Макарава „Гандляры сярод лясоў” несумненна будзе цікавым не толькі для гісторыкаў, але найперш для археолагаў. Вынікі дваццацігадовага сістэматычнага даследавання аднаго вясковага паселішча з выкарыстаннем сучасных метадаў, выкладзеныя аўтарам, абвяргаюць шэраг стэрэатыпаў савецкай і постсавецкай археалагічнай навукі. Агульнавядома, што шматлікія пісьмовыя крыніцы ІХ-ХІІІ ст. гавораць пра футра як асноўны прадмет усходнееўрапейскага экспарту. Несумненна, сістэма арганізацыі здабычы і збору футра мела велізарны ўплыў на агульнае эканамічнае развіццё Русі. Аднак пісьмовыя крыніцы толькі канстатуюць факт, кажуць, што футра пераважна атрымлівалі ў выглядзе даніны, але даюць вельмі абмежаваныя звесткі для раскрыцця практычных аспектаў тэмы экспарту футра. Не было акрэслена і значэнне спецыялізаванай здабычы і продажу футра. Натуральна, у такой сітуацыі вучоныя не маглі не выкарыстаць патэнцыял археалогіі і палеазаалогіі.

Археалагічны комплекс Мініна непадалёк ад Волагды ўключае тры неўмацаваныя паселішчы, могільнік і цэнтр па вытворчасці жалеза. Гісторыя помніка налічвае 250-300 гадоў і заканчваецца ў пачатку ХІІІ ст. Вакол Мініна ляжалі вялікія незаселеныя лясныя абшары (на тэрыторыю плошчай 3300 кв.км прыпадае ўсяго 7 паселішчаў такога тыпу). Першапачаткова была пастаўлена задача вывучэння сельскага паселішча з асноўным акцэнтам на эканамічны і экалагічны аспекты яго развіцця. Раскопкі праведзены на двух паселішчах і могільніку. Вёскі былі даволі вялікія — прыкладна 30-35 жытлаў у кожнай. На галоўным з іх знойдзена 1130 вырабаў з каляровых металаў і каля 1330 шкляных пацерак. Атрымліваецца ў сярэднім па 3 такія артэфакты на кожны квадратны метр — прыкладна, як у Бірцы, а таксама ў культурным пласце Ноўгарада і Гнёздава. Геаграфія і асартымент імпартных рэчаў надзвычай шырокія: візантыйскі шкляны посуд, бурштын, керамічны посуд волжскіх булгараў, кіеўскі паліваны посуд, бронзавыя шалі і арнаментаваны металічны пас. Натуральна, не заўсёды можна аддзяліць імпарт ад мясцовых імітацый. Нажы, замкі, ключы, грабеньчыкі паўтараюць заходнія тыпы. Археолагамі зафіксаваны сляды мясцовай вытворчасці металічных упрыгожванняў. Сыравіна паступала з Балтыйскага рэгіёна. Разам з металічнымі ўпрыгожаннямі, характэрнымі для міжрэчча Волгі і Акі, сустракаюцца жаночыя ўпрыгожанні заходніх тыпаў, якія распаўсюджваюцца з ХІ ст. У цэлым жаночы касцюм знаходзіўся пад моцным уплывам балцкіх традыцый. Раскопкі ў Мініна далі 19 заходнееўрапейскіх манет 976-1086 г. (13 з іх паходзяць з паселішчаў). Прынамсі некалькі манет выступалі як сродак грашовага абмену, паколькі на іх адсутнічалі адтуліны для падвешвання.

Задачы, пастаўленыя перад даследаваннем, патрабавалі ўважлівага вывучэння астэалагічнага матэрыялу. 75% агульнай колькасці костак належалі дзікім жывёлам. Доля рэшткаў дзікіх жывёл змяняецца ад перыяду да перыяду: калі ў ХІ – пачатку ХІІ ст. яна складала 76-80%, то з другой паловы ХІІ ст. працэнт костак дзікіх жывёл змяншаецца. Калекцыя дэманструе разнастайныя віды дзічыны, асабліва шмат баброў, вавёрак, куніц. Пэўная дынаміка назіраецца ў аб’ёмах здабычы бабра: 27-56% у розных месцах для Х – пачатку ХІІ ст. і 13-20% — для другой паловы ХІІ-ХІІІ ст. Змяншэнне папуляцыі бабра вяло да павелічэння здабычы вавёркі. Знаходкі спецыяльных жалезных і касцяных наканечнікаў стрэл таксама даюць сведчанні вялікай ролі палявання на пушнога звера.

Здабыча футра на Мініна ішла поруч з іншымі галінамі вытворчасці. Апроч металургіі і металаапрацоўкі жыхары паселішча актыўна займаліся сельскай гаспадаркай: вырошчвалі традыцыйныя зерневыя культуры, разводзілі свойскіх жывёл. Яны самі забяспечвалі сябе прадуктамі харчавання, прыладамі працы, і іх выжыванне не залежала ад знешняга гандлю.

У выніку перад археолагамі паўстала нечаканая карціна. На пушнога звера палявалі і пастаўлялі ў вялкіх аб’ёмах каштоўнае футра на міжнародны рынак жыхары вялікіх вясковых паселішчаў. Пры гэтым не было выяўлена ніякіх паляўнічых станцый ці сезонных стаянак, якія, паводле этнаграфічных крыніц, складалі аснову здабычы футра ў паўночнай Расіі позняга Новага часу. Не выклікае сумнення, што Мініна не было спецыялізаваным паселішчам паляўнічых. Яго эканоміка засноўвалася на розных відах дзейнасці. Насельніцтва тут займалася раслінаводствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, вытворчасцю жалеза і апрацоўкай чорных і каляровых металаў. Інакш кажучы, атрыманы сведчанні шматгаліновай эканомікі, дзе здабыча футра была хутчэй сродкам дасягнення раскошы, а не сродкам існавання. Н. Макараў лічыць, што эканамічная мадэль Мініна была тыповай для велізарных абшараў лясной паласы паўночнай Расіі.

Вынікі даследавання Мініна пацвярджаюць ідэі Нунана, які лічыў таварны абмен у Балтыйскім рэгіёне вельмі важным, і паказваюць, што ўплыў балтыйскага гандлю распасціраўся нашмат далей на ўсход. Пераарыентацыя міжнародных гандлёвых шляхоў ва Ўсходнебалтыйскім рэгіёне ў канцы Х – пачатку ХІ ст., дэталёва даследаваная Нунанам, не толькі стымулявала развіццё Ноўгарада, але і моцна паўплывала на эканамічнае і культурнае становішча велізарных тэрыторый паўночнай Расіі. Асаблівую значнасць вынікі даследавання расійскіх археолагаў набываюць у кантэксце вывучэння працэсу ўзаемадзеяння міжнароднага гандлю і мясцовага эканамічнага развіцця аддаленых раёнаў. Яны пацвярджаюць ідэю, што цыркуляцыя срэбра і іншых тавараў у міжнароднай сістэме гандлю аказвала моцны ўплыў не толькі на гандлёвыя цэнтры, размешчаныя на буйных водных шляхах, але і на аддаленыя раёны, якія самі выраблялі тавары і забяспечвалі гандаль прыроднымі рэсурсамі. Гэтая ідэя, ясна сфармуляваная ў працах Нунана, часта супярэчыць шырока распаўсюджанаму погляду на міжнародны гандаль як дзейнасць, што ажыццяўлялі толькі праз спецыялізаваную інфраструктуру, незалежна ад мясцовых супольнасцяў, якія, як лічылася, на самай справе не былі ўключаны ў таварны абмен. Уважлівы аналіз археалагічных дадзеных паказвае, што ўзровень камерцыялізацыі вясковага насельніцтва і ўзровень іх жыцця былі даволі высокімі. Мясцовыя пасяленцкія структуры ў рэгіёнах, дзе здабывалі футра, былі важнымі элементамі міжнароднай сістэмы абмену і карысталіся выгодамі свайго геаграфічнага становішча гэтаксама, як і гарады.

Аб’ектам увагі артыкула „Развядзенне сокалаў у сістэме абмену сярэднявечнай Еўразіі” сталі паляўнічыя птушкі, навучаныя для сакалінага палявання. Яны разглядаюцца не толькі як з’ява культурнага жыцця асобных народаў, але найперш як тавар, які на працягу стагоддзяў карыстаўся попытам у розных кутках кантынента. Т. Олсэн высвятляе вытокі гэтай паляўнічай традыцыі, вызначае рэгіёны, адкуль пастаўляліся птушкі, краіны і сацыяльныя групы, якія ix спажывалі, прасочвае кірункі руху гэтага жывога тавару ў глабальнай сістэме міжнароднага гандлю. Як паказваюць пісьмовыя крыніцы, у эпохі Сярэднявечча і ранняга Новага часу гандаль паляўнічымі птушкамі насіў глабальны характар і, звязваючы асобныя цывілізацыі Далёкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі, Індыі, мусульманскага свету, Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, быў адным з фактараў паступовага стварэння адзінай культурнай і эканамічнай еўразійскай прасторы.

Рычард Гэлі ў артыкуле „Развагі пра маскоўскае грамадства другой паловы ХV ст.” прадстаўляе свой погляд на гісторыю Масковіі. Ён лічыць, што другая палова ХV ст. сталася часам найвялікшых сацыяльных змен, супастаўляльных з тымі, што адбываліся паміж 1906 і 1936 г. Яны канчаткова былі сфармуляваны ў Саборным Улажэнні 1649 г. і зрабіліся вырашальнымі на стагоддзі далейшай гісторыі краіны. Аўтар паказвае фактары, сутнасць, механізмы і дынаміку перамен у асобных сегментах грамадскай структуры і грамадскіх адносінаў Масковіі: фармаванне класа служылага дваранства, узмацненне правінцыйных элітаў, працэс запрыгоньвання сялянства, рабства, стварэнне ўмоваў урбанізацыі.

Працэсы, якія адбываліся ва ўсіх азначаных сегментах сацыяльнай структуры, прывялі да ўзмацнення ролі дзяржавы / цара над усімі галоўнымі аспектамі грамадскага жыцця. Дзяржава ўзяла пад поўны кантроль асноўныя эканамічныя чыннікі: зямлю, працу, капітал. У той жа час, адзначае аўтар, дзяржава не абавязкова была ініцыятарам працэсаў, што вялі да рашучых зменаў, хоць амаль усе яны былі санкцыянаваны дзяржавай. Новыя з’явы ў маскоўскім грамадстве другой паловы ХV ст. мелі рознае паходжанне, а найбольш відавочным вынікам іх супольнай чыннасці быў уздым і ўмацаванне Маскоўскай дзяржавы.

Публікацыя Джэнет Марцін „Манеты, гандаль і канцэптуалізацыя Кіеўскай Русі” ў пэўнай ступені тычыцца і сярэднявечнай гісторыі Беларусі. Засноўваючыся на вывучэнні гандлю і гандлёвых шляхоў, даследчыца ўмешваецца ў даўнюю спрэчку нарманістаў і антынарманістаў і прапануе свой погляд на праблему паходжання Кіеўскай Русі. Яе галоўныя аргументы ляжаць у гісторыі гандлю паміж поўначчу Еўропы, з аднаго боку, і Візантыяй і мусульманскімі краінамі, з другога боку. Аўтарка прыходзіць да высновы, што менавіта вікінгі — ваяры, вандроўнікі, гандляры, даследчыкі ўнутраных тэрыторый Усходняй Еўропы — былі галоўным чыннікам фармавання ўсходнеславянскай дзяржавы. Аднак скандынаваў прывёў сюды зусім не заклік насельніцтва Русі, а арабскае срэбра, якое стала даступным пасля замірэння арабаў з хазарамі ў другой палове VІІІ ст., што адкрыла і зрабіла бяспечнымі транскаўказскія гандлёвыя шляхі. Менавіта дзякуючы хазарам, якія падпарадкавалі сабе некаторыя ўсходнеславянскія плямёны, прымусіўшы іх плаціць даніну, срэбра рушыла на поўнач. Гэтая акалічнасць не магла не прыцягнуць увагі варагаў. Такім чынам, паводле Дж. Марцін, падзеі, што адбыліся далёка за межамі земляў Русі, паклалі пачатак працэсам, якія прывялі да выкарыстання скандынавамі новых гандлёвых шляхоў, спрыялі ўзнікненню і росту гарадоў, усталяванню Рурыкавічаў у Кіеве і Ноўгарадзе, і ўрэшце — да фармавання Кіеўскай Русі.

Нягледзячы на тое, што падборка артыкулаў рэцэнзаванага выдання тэматычна не мае непасрэднага дачынення да гісторыі Беларусі, усё ж метады даследчыцкай працы, прадэманстраваныя тут, несумненна, вартыя самай пільнай увагі. Хачу ў сувязі з гэтым падкрэсліць тое, што заходнія гісторыкі не толькі не грэбуюць, але і актыўна займаюцца сур’ёзным (не павярхоўным!) вывучэннем археалагічнага матэрыялу, упэўнена ўплятаючы яго ў тканіну свайго даследавання. Трэба разумець, што інтэрпрэтацыя археалагічнага матэрыялу археолагам непазбежна застаецца спецыфічнай і не заўсёды адпавядае патрэбам гісторыка. Томас Нунан і аўтары зборніка, прысвечанага яго памяці, дэманструюць свежы погляд на археалагічныя крыніцы, даволі глыбока пранікаюць у сутнасць матэрыялу, фактычна ператвараюць яго ў яшчэ адну паўнавартасную гістарычную крыніцу. Гэта дазваляе ім не толькі ўзбагаціць свой навуковы арсенал, але і выводзіць на новы ўзровень аргументацыі і абагульненні, адкрывае магчымасці шырэйшага бачання глабальных праблем, з аднаго боку, і глыбейшага разумення прыватных лакальных праблем, з другога.

Мінск                            

Ірына Ганецкая

Наверх

Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. T. 1–2 Praha, 2007 (Марцэлі Косман)

Чэрвеня 9, 2009 |

Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. Uspořádali JIŘÍ MIKULEC а MILOSLAV POLÍVKA. T. I-II. Praha, 2007. — 989 s.

Напярэдадні 60-годдзя вядомага чэшскага гісторыка прафесара Яраслава Панка на старонках БГΑ ў вялікім артыкуле „Яраслаў Панэк — чэшскі гісторык на пераломе эпох” (Т. 13 2(25) 2006, с. 320-348) Юзэф Валка змясціў грунтоўную характарыстыку яго творчасці і дасягненняў на дыдактычнай і арганізацыйнай ніве. Сам юбіляр быў уганараваны прыгожай двухтомавай памятнай кнігай, выдадзенай яго родным Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук Чэшскай Рэспублікі (Historický Ústav Akademie Věd České Republiky). Падрыхтавалі яе Юры Mięулец і Міраслаў Поліўка пры ўдзеле вялікага рэдакцыйнага калектыву (Roman Baron, Jaroslav Boubín, Jiří Friedl, Martin Holý, Václava Horčáková, Eva Irmanová, Dalibor Janiš, Tomáš Sterneck, Emil Voráček, Zlatica Zudová-Lešková).

Tabula gratulatoria, змешчаная ў пачатку 1-га тома, налічвае 144 прозвішчы, з якіх пазней амаль усе выступаюць у якасці аўтараў артыкулаў (130). Сярод іх дамінуюць чэшскія і замежныя аўтары, дзе акрамя гісторыкаў новай і найноўшай гісторыі ёсць даследчыкі дзяржаўнага ладу і права. Амаль палова (60) прэзентуе Прагу, а большасць паходзіць з роднага краю вучонага. Аднак і замежных прозвішчаў амаль такая самая колькасць, прытым рэй у гэтай групе вядзе Польшча, апярэджваючы Нямеччыну (9), Aўстрыю (5), Славенію, Злучаныя Штаты, Японія, Італію, Беларусь і Румынію. Не дзіўна, бо гісторык доўгімі гадамі развіваў супрацоўніцтва з суседнімі з Чэхіяй навуковымі асяроддзямі, што потым рабіў у якасці прарэктара Карлавага універсітэта ў справах міжнароднага супрацоўніцтва, а цяпер працягвае па пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі Навук.

У першай частцы працы пачэснае месца займае згаданы артыкул Юзафа Валкі з Брна пра Яраслава Панка як чэшскага гісторыка пераломнай эпохі найноўшай гісторыі. Вяхой тут стаў 1989 год, які дазволіў даследчыку ранняга Новага часу, не адмаўляючыся ад крыніцазнаўчых даследаванняў, узняцца на высокае месца як грамадзяніну, заангажаванаму ў палітыку пераменаў у краіне пасля „аксамітнай рэвалюцыі”. Першы этап ахоплівае 42 гады, ад дзяцінства да навуковай сталасці, другі — 18, праведзеных у вузкім коле вядучых чэшскіх вучоных з высокім міжнародным аўтарытэтам. І памятная кніга пацвярджае гэта.

Сам юбілейны дарунак складаюць пяць раздзелаў: Сярэднявечча (59-180), Ранні Новы час (181-618), Дзевятнаццатае стагоддзе (619-758), Дваццатае стагоддзе (759-861) і Гістарыяграфія (863-967). У першай (16 тэкстаў) дамінуе палітычная і культурная тэматыка, наступны — найаб’ёмнейшы і цесна звязаны з даследчыцкімі інтарэсамі юбіляра (56), утвараюць наступныя часткі: Палітыка—Дзяржава — Рэпрэзентацыя (шмат месца тут займае праблематыка зменаў дзяржаўнага ладу і дыпламатычных адносінаў з суседзямі, сілезскія і польскія справы), Грамадства — змена эліт — веравызнаўчыя пытанні, Культура і яе прадстаўнікі, Свет у вачах сучаснікаў. Трэці раздзел (19), прысвечаны XIX ст., падставоваму для працэсу фармавання сучасных нацый, уключае шэраг развагаў пра шляхі аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці і людзей, што асабліва паслужылі гэтай справе. Аўтары артыкулаў пра XX ст. (14) засяроджваюць увагу галоўным чынам на яго першай палове, ці на міжваенным дваццацiгоддзі і ІІ сусветнай вайне; адзін тэкст датычыць 1968 г., іншы — польска-нямецкага дыялогу аналагічных шляхоў да нямецка-чэшскага паразумення, апошні—джыхаду як „святой вайны” ў імя палітычных мэтаў. Гістарыяграфічныя артыкулы (15) спалучаюць макра і мікра, i тое і другое ў роўнай ступені цікавае, бо, з аднаго боку, тычацца рэвізіі састарэлых поглядаў, а з другога — асвятляюць т. зв. „дробныя” справы, якія, аднак, маюць вялікую вагу. Тут я звярнуў бы ўвагу на артыкул старэйшыны пражскіх гуманістаў Францішка Шмагеля (Szmahel) пад назвай X Kongres Nauk Historycznych a dziejopisarstwo czeskie 1955-2005. Aўтар звяртаецца да дасягненняў чэшскай гістарыяграфіі пасля І сусветнай вайны, яе сталых каштоўнасцяў перыяду няпоўнага суверэнітэту і канчатковага адраджэння пасля 1989 г.

Можна падзівіцца, як пры такіх адміністрацыйных і дыдактычных нагрузках, прычым з цалкам эфектыўным іх выкананнем, даследчык мог знайсці час на навуковую працу, эсэістыку і папулярызацыю ведаў. Вучоны не толькі даваў шмат інтэрвію ў сваёй краіне і ў замежжы, але і сам браў іх у даследчыкаў на абодвух паўшар’ях. Гэта не павярхоўная, як часта бывае, размова спецыяліста з журналістам, а навуковая дыскусія, якая вядзецца паміж кампетэнтным партнёрам і прадстаўнікамі сусветнай навукі (Rozmluvy s historiky. Česka historiografie a soudobé dĕjiny očima zahraničních kolegů. Praha 2005). Не дзіўна, што такі гісторык мае вялікі аўтарытэт і за межамі свайго краю.

Калі 17 траўня 2001 г. Яраслаў Панак атрымаў тытул доктара honoris causa Апольскага універсітэта, адзін з рэцэнзентаў прапановы аб наданні яму гэтай годнасці назваў вучонага „гісторыкам сапраўды рэнесансавай працавітасці і шырыні зацікаўленняў, з вельмі сур’ёзным даробкам у навуковых даследаваннях і ў сферы арганізацыі навукі”, які „пачаўшы ад Сярэднявечча, aсабліва ад тагачасных польска-чэшскіх адносінаў ва ўсёй іх шматаблічнасці, сканцэнтраваўся ў апошні час на шырока разуметай Новай гісторыі Чэхіі. З аднаго боку, вывучаў праблематыку дзяржаўнага ладу тых часоў, асабліва барацьбу чэшскіх станаў з манархіяй у другой палове XVI ст.”, але значна выходзіў за рамкі гэтага перыяду даследаваннямі, датычнымі грамадскай праблематыкі, сягаючы „далёка па-за чэшскую нацыю і межы Чэхіі”.

Прамотар апольскай ініцыятывы Ян Серадыка прыгадваў цесныя сувязі новага доктара honoris causa з польскай навукай, пра што сведчылі публікацыі ў часопісах, зборных працах і памятных кнігах. Ён часты госць у нашых акадэмічных асяроддзях і між іншага ўдзельнічае ў працы Кафедры гісторыі парламентарызму Апольскага універсітэта, створанай Янам Серадыкам, а цяпер узначаленай Уладзімежам Качароўскім.

60-годдзе чэшскага гісторыка на яго айчыне было ўшанавана і іншымі памятнымі выданнямі (найперш трэба згадаць „Studia Comeniana Historica” 77-78, XXXVIII, Praha 2007), а сярод узнагарод асаблівае значэнне мела статуэтка „Blanicki Rycer”, уручаная яму лідэрамі рэгіяналістаў, з якім ён звязаны з часоў маладосці. Дасягненні юбіляра ўдала падсумаваў выдатны гісторык старэйшага пакалення Ёзеф Петран (Petrбт) у артыкуле Profesor Jaroslav Pánek z Podblanicko (Sbornik Vlastivědných Pracн z Podblanicka, 48, 2008, s. 355-367).

У Польшчы ў Універсітэце Адама Міцкевіча Аддзел палітычных навук і журналістыкі, з якім Я. Панак шмат гадоў супрацоўнічае ў рамках супольных даследаванняў палітычнай культуры і часта гасцюе, ахвяраваў яму найноўшую (пятую) частку серыйнага выдання „Na obrzeżach polityki”. У сваю чаргу, Апольскі універсітэт патранаваў польскае выданне працы пра Вільгельма з Рожэмберка, няўдалага кандыдата на пасад Рэчы Паспалітай. Плануецца таксама выдаць для нашых чытачоў кнігу пра яго малодшага брата Вока, апошняга прадстаўніка магутнага калісь роду і надзвычай каларытную постаць пералому XVI і XVII ст. Уласна ў Апольскім універсітэце з удзелам рэктара Станіслава Славаміра Ніцея 9 студзеня 2008 г. адбылася „польская” частка святкаванняў у гонар юбілею прафесара Яраслава Панка, які ў Блакітнай зале Collegium Maius адчытаў даклад пра Польшчу ў чэшскіх уяўленнях напярэдадні Новага часу.

Познань                        

Марцэлі Косман

Błaszczyk, Grzegorz. Dzieje stosunków polsko-litewskich. Tom II. Od Krewa do Lublina. Część I. Poznań. Poznan, 2007 (Віталь Галубовіч)

Чэрвеня 8, 2009 |


BŁASZCZYK, GRZEGORZ. Dzieje stosunków polsko-litewskich. Tom II. Od Krewa do Lublina. Część I. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. 936 s.

Чарговы том даследавання вядомага польскага гісторыка Гжэгажа Блашчыка, прысвечаны ўзаемаадносінам Польшчы і ВКЛ, можна адразу назваць важкім унёскам у навуку. Сам факт з’яўлення серыі такіх выданняў сведчыць пра назапашанне гістарыяграфіяй дастаткова вялікай колькасці як вузкаспецыяльных даследаванняў, так і канцэптуальных падыходаў, падсумаванне ды верыфікацыя якіх робіцца падмуркам для абагульняльных прац. Гэты том даследавання гісторыі польска-літоўскіх дачыненняў пачаткова меркавалася прысвяціць падзеям ад Крэўскай да Люблінскай уніі, але працу, па прызнанні аўтара, не ўдалося вытрымаць у запланаваных памерах: „Паколькі выявілася, што гэты амаль 200-гадовы этап так багаты на падзеі, што іх не ўдалося закрануць цалкам у адным томе” (7). Такім чынам, Г. Блашчык знайшоў мэтазгодным падзяліць увесь перыяд 1385-1569 г. на дзве часткі. Рэцэнзаваны том храналагічна ахоплівае толькі 1385-1492 г.

У структуры працы вылучаецца чатыры раздзелы (першыя два амаль роўныя па аб’ёме — прыблізна па 250 старонак, трэці — амаль 270 і апошні — 130), першы з якіх ахоплівае 1385-1400 г. Тут аўтар вылучае часам неадназначныя па назве пункты: Ці існавала літоўская дзяржава пасля 1385г.?; Крэўскі перыяд у 1385-1400 г.; Войны 1385-1399 г.; Хрост Літвыў 1387 г.; Ядвіга і унія. Напэўна, не з’явілася б гэтая кніга, калі б адмоўным быў адказ на пытанне пра існаванне самастойнасці Літвы пасля Крэва. Г. Блашчык вылучае фармальны і фактычны бакі справы, прычым перавагу аддае другому, што ў палітычным жыцці мае вядомы прыярытэт (31-32). Не зважаючы на два вялікія крызісы ў адносінах, якія мелі месца ў 1389-1392 г. і ў канцы 1390-х г., увесь вылучаны перыяд (1385-1400 г.) аўтар называе часам „згоднага супрацоўніцтва палякаў і ліцвінаў” супраць супольнага ворага — крыжакоў (104-105). Дэталёвы агляд вайсковых канфлікатаў (105-186) дазволіў зрабіць аўтару выснову, што найбольш прынцыповы характар мелі не ўнутраныя супярэчнасці, а войны з крыжакамі (186). Пры ўсім жаданні выглядаць аб’ектыўным Г. Блашчыку не заўсёды гэта ўдаецца, бо чытача не пакідае ўражанне, што паўсюдна галоўныя дзейныя асобы — палякі. Адчуваецца ўзнёсласць аўтара, калі ён апісвае польскую выправу ў 1390 г. на чале з Ягайлам на тэрыторыю Княства Літоўскага. Палякам прыпісваецца ледзь не літоўскі патрыятызм, калі яны ў тым жа 1390 г. баранілі Вільню ад крыжакоў і (не ў прыклад ліцвінам з русінамі, якія падступна здрадзілі і аддалі „крывы” замак Вітаўту) не здалі вылучаную ім для абароны частку ўмацаванняў сталіцы (148). Самі вайсковыя дзеянні 1390-1392 г. называюцца „польска-крыжацкай” вайной, але, па сутнасці, праўда заключалася ў тым, што і палякі, і немцы саўдзельнічалі ў своеасаблівай грамадзянскай вайне ў ВКЛ, пры гэтым невядома, хто больш яе інспіраваў: палякі, літоўцы ці крыжакі. У гэтым жа рэчышчы разгортваецца выкладанне прычынаў і абставінаў хрысціянізацыі Літвы. Заслуга ў ажыццяўленні гэтай місіі канчаткова прыпісваецца палякам, пры саўдзеле чэхаў і немцаў (199, 237). Альтэрнатыўныя версіі літоўскіх гісторыкаў Г. Блашчык лічыць ці „непраўдападобнымі”, ці „арыгінальнымі” і, напэўна, таму непрымальнымі (193-196). Падкрэсліваецца заслужаная роля ордэнаў у справе пашырэння хрысціянства (199-207), толькі аўтара не насцярожвае, што ці не палова місій была заснавана на тэрыторыі пражывання змешанага балцка-славянскага насельніцтва, або, як у Берасці, на зямлі, здаўна хрысціянізаванай русінамі. Адсюль незразумелая пазіцыя Г. Блашчыка ў адносінах да славянаў, якія, напэўна, прымалі каталіцтва пасля 1387 г., але не карысталіся літоўскай мовай. Здаецца, роля мясцовага славянскага элемента як пасярэдніка ў працэсе хрысціянізацыі балтаў мусіла быць немалой. Ролю польскай каралевы Ядвігі ў адносінах з Літвой Г. Блашчык вызначыў наступным чынам: на рэальныя справы княства Ядвіга ўплывала мінімальна, а яе тытул „вялікая княгіня літоўская” быў фікцыяй (241-243); адзінае, у чым відавочны быў яе ўдзел — гэта спрыянне хрысціянізацыі краіны, дзе, дарэчы, сама каралева ніколі і не была (243-247).

Наступны раздзел кнігі атрымаў назву „Перыяд стабілізацыі і супрацоўніцтва 1401-1428 г. (пад знакам Вялікай вайны)”. Вылучаныя для асвятлення пункты маюць традыцыйны змест: Віленска-радамская унія 1401 г., Вайна з крыжакаміў 1401-1404 г., Вялікая вайна ў 1409-1411 г., Гарадзельская унія 1413 г., Войны з крыжакамі ў 1414-1427 г., Замежная палітыкасупрацоўніцтва бакоў, Чэшскі эпізод 1422-1427 г., Працяг войнаў наўсходзеў 1404-1428 г. Дэталёвая характарыстыка прычыны і зместу польска-літоўскага пагаднення 1401 г. прывяла Г. Блашчыка да кампраміснага пункту гледжання на сутнасць Віленска-Радамскай уніі. Прычынамі апошняй названа аслабленне пазіцыі Вітаўта ў выніку паразы на Ворскле ў 1399 г., смерць каралевы Ядвігі і нестабільнасць улады Вітаўта ў сувязі з прэтэнзіямі на вялікакняскую пасаду з боку Свідрыгайлы (250-258). Аўтар схіляецца да думкі літоўскага гісторыка Я. Адамуса, паводле якой унія была „не рэвалюцыяй, а эвалюцыяй” (279), бо не належала да найважнейшых падзей у адносінах двух народаў, але разам з тым вызначыла накірунак іх будучага развіцця (282-283). Вайна з крыжакамі ў 1401-1404 г., на думку Г. Блашчыка, не адыграла важнай ролі ў польска-літоўскіх адносінах (295). А вось самі вынікі вайны, замацаваныя ў мірным пагадненні 1404 г., былі „досыць карыснымі “для Польшчы, у той час як для Літвы — адмоўнымі (297). Асаблівую значнасць для польска-літоўскіх адносінаў мела Вялікая вайна 1409-1411 г., да якой імкнуліся ўсе зацікаўленыя бакі канфлікту. Непасрэднай прычынай вайны стала жамойцкае пытанне і паўстанне на Жамойці, а яе інспіратарам быў Ягайла (367). У гэтым пункце найбольш цікавыя агляд і крытыка гістарыяграфіі па спрэчных пытаннях гісторыі Грунвальдскай бітвы: велічыня армій праціўнікаў, якасць узбраення, кіраўніцтва, хада бітвы (317-349). Галоўны акцэнт Г. Блашчык зрабіў на пытанні пра так званы „манеўр” арміі Вітаўта і яго інтэрпрэтацыі польскімі, літоўскімі, беларускімі гісторыкамі (326-347). Польскі гісторык схіляецца да версіі аб уцёках літоўскай арміі з поля бітвы, адмаўляючы рацыі літоўскай гістарыяграфіі, якая салідарна даказвае наяўнасць плана ўяўнага адступлення арміі Вітаўта (345). Перамогу польскі гісторык лічыць агульным здабыткам палякаў, літоўцаў, русінаў, настойваючы менавіта на такім парадку падзелу лаўраў (368). Найважнейшай з уній паміж „Крэвам і Люблінам” — Гарадзельскай — прысвечана ў рэцэнзаваным выданні амаль 60 старонак (368-426). Прычынамі уніі Г. Блашчык называе крыжацкую пагрозу, дэманстрацыю крыжакам адзінства Польшчы і Літвы, прыналежнасць апошняй да хрысціянскай цывілізацыі, а літоўскага баярства да еўрапейскага рыцарства, імкненне да збліжэння Польшчы і Літвы; узмацненне пазіцый Вітаўта ў Літве (374-375). Персанальная ж адказнасць за ініцыяванне уніі ўскладаецца асабіста на Ягайлу: „…. Гарадзельская унія з’яўляецца, у першую чаргу, справай польскага караля” (376). На падставе аналізу гарадзельскіх пастановаў Г. Блашчык звяртае ўвагу на супярэчнасці паміж формулай аб інкарпарацыі Літвы ў склад Польшчы і іншымі запісамі, якія, наадварот, спрыялі ўзмацненню літоўскай дзяржаўнасці (426). Тлумачыцца гэта неабходнасцю выступаць фармальна адзіным фронтам перад знешняй пагрозай. Пастановы 1413 г. сталі грунтоўным падмуркам для будучага вайскова-палітычнага супрацоўніцтва, якое рэалізавалася ў наступныя гады. Войны з крыжакамі 1414, 1419 і 1422 г. пачаліся з ініцыятывы Польшчы і Літвы, але мелі розныя вынікі для хаўруснікаў. Мельненскі мір 1422 г. амаль цалкам рэалізаваў мэты княства ў вайне, у той час як для палякаў ён не быў істотным (438-439). У кнізе шмат месца аддаецца характарыстыцы замежнай палітыкі Польшчы і ВКЛ (442-490). Супрацоўніцтва на міжнароднай арэне было важным фактам у адносінах і набывала самыя розныя формы: ад дыпламатычнай дапамогі да супольнай знешняй палітыкі (489). Аб’ядноўваць намаганні Польшча і Літва пачалі з часоў Крэўскай уніі, але датычылася гэта пераважна адносінаў з крыжакамі. Паводле Г. Блашчыка, прыкладам супрацоўніцтва і адзінства пазіцый Ягайлы і Вітаўта была палітыка адносна Чэхіі (490-494). У апошнім пункце другога раздзела дадзена характарыстыка ўсходняй палітыкі Вітаўта і памеры ўдзелу польскага кантынгенту ў яго вайсковых экспедыцыях (494-502). Сумарныя вынікі намаганняў вялікага князя ў першай трэці XV ст. вызначаюцца як нетрывалыя і ілюзорныя.

Найбольшы раздзел кнігі — трэці. Атрымаў ён і неардынарную назву Sturm und Drangperiode 1429-1440 г. (Эпоха штурму і ціску)”. У раздзеле вылучаюцца наступныя пункты: Каранацыйная завіруха; Вітаўт і унія; Луцкая вайна ў 1431 г.; Вайна з крыжакамі ў 1431-1435 г.; Грамадзянская вайна ў Літве ў 1432-1438 г.; Гарадзенская унія 1432 г.; Базельскі сабор 1433-1435 г.; Герой ці здраднік? Слова пра Ўладзіслава Ягайлу; Свідрыгайла ды Польшча і палякі; Жыгімонт Кейстутавіч і план антыпольскай кааліцыіў 1437-1440 г. Г. Блашчык цалкам слушна называе „найбольш драматычным этапам” польска-літоўскія адносіны ў 1429—1440 г. (505). Пачатак дзесяцігоддзя канфліктаў распачынае славутая справа з каранацыйнымі прэтэнзіямі Вітаўта. Хаця ідэя аб каранацыі „нарадзілася ў галаве” Жыгімонта Люксембургскага ў 1428 г., Вітаўт палічыў яе сваёй і паслядоўна імкнуўся рэалізаваць. Каранацыйная эпапея была толькі праявай супярэчнасцяў у бачанні перспектываў Гарадзельскай уніі: палякам залежала на захаванні існуючага з 1413 г. становішча, а літоўцам на рэвізіі пастановаў у накірунку ўраўнання статусу Польшчы і Літвы ў межах саюза (580). У сваіх сінтэзах Г. Блашчык вельмі ўдала спалучае праблемна-храналагічнае выкладанне матэрыялу з характарыстыкай асобных дзеячаў. У гэтым выпадку аўтар падаў крытычны агляд гістарыяграфіі і ўласныя развагі, прысвечаныя постаці Вітаўта, па шэрагу праблемаў: стаўленне да уніі з Польшчай; „сепаратызм” і „макіявелізм” вялікага князя; палякі ў атачэнні Вітаўта і яго прыхільнікі ў Польшчы (584—615). Важнай нам здаецца наступная выснова польскага гісторыка: „У пазнейшы перыяд гісторыі Вітаўта (пасля атрымання спадчыны Кейстута) так склалася, што яго асабістыя планы найчасцей супадалі з нацыянальным інтарэсам Літвы, хаця і не без выключэнняў. Адсюль яго заслуга перад літоўскай дзяржавай і народам” (590). Тры наступныя пункты прысвечаны тром войнам 1431—1438 г. Сярод гэтых канфліктаў, бадай, найбольшы інтарэс у кантэксце тематыкі даследавання выклікае вайна 1431 г. як „выключны эпізод у гісторыі польска-літоўскіх адносінаў” (649). У сваю чаргу, грамадзянскую вайну 1432—1438 г. польскі даследчык называе „тыповай феадальнай вайной за ўладу ў ВКЛ за пасаду ў Вільні”, але адначасова „праявай суперніцтва русінаў і ліцвінаў за ўраўнанне абедзвюх груп з прававога і веравызнаўчага пункту гледжання” (692). У ацэнцы Гарадзенскай уніі 1432 г. Г. Блашчык схіляецца да погляду У. Пічэты, які сцвярджаў, што ў параўнанні з Гарадзельскай уніяй Гарадзенская была менш карыснай для літоўскага баярства, паколькі пытанне пра самастойнасць Літвы было вырашана толькі на час (да смерці Жыгімонта Кейстутавіча) (702). Акрамя вышэйпамянёнай характарыстыкі Вітаўта, у трэці раздзел кнігі ўвайшлі яшчэ два персанальныя падраздзелы, прысвечаныя Ягайлу і Свідрыгайлу (709—733). Роля першага ў гісторыі Літвы польскім гісторыкам ацэньваецца станоўча: «Калі маем выбіраць з двух скрайніх азначэнняў „герой ці здраднік”, то Ўладзіслава Ягайлу можна назваць толькі „героем”» (718). Цікава было б таксама даведацца ад аўтара, ці можна назваць „героем” князя Свідрыгайлу з не вельмі ўдалым лёсам. Нарэшце, апошні пункт раздзела прысвечаны польска-літоўскім адносінам у час умацавання ўлады Жыгімонта Кейстутавіча і асабліва яго планам стварэння антыпольскай кааліцыі. На думку Г. Блашчыка, ініцыятарам кааліцыі быў сам літоўскі князь, мэтай дзейнасці якога быў зрыў уніі з Польшчай (774). Прычынамі забойства Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 г. называюцца „яго пагрозы адпомсціць за супраціў антыпольскай і антыунійнай палітыцы вялікага князя” (774). Апошні раздзел кнігі атрымаўся і найменшым (775-906). Называецца ён „Зрыў і аднаўленне уніі 1440-1492 і складаецца з пяціпраблемныхблокаў: Зрыў унііў 1440-1447г.; Спрэчкі пра землі, правы і прывілеі ў 1447-1453 г.; Літва і 13-гадовая вайна;Іўсёжзбліжэнне… (польска-літоўскія адносіны ў час Казіміра Ягелончыка). Пастановы Гарадзенскай уніі былі сарваныя праз абранне Казіміра Ягайлавіча 29 чэрвеня 1440 г. (779). Толькі на пачатку 1442 г. новы ўладар стабілізаваў сваё становішча ў краіне (784). Вялікае Княства Літоўскае да 1444 г. жыло незалежным ад Польшчы жыццём, і толькі пасля смерці польскага караля Ўладзіслава ІІІ пачаўся складаны працэс збліжэння пазіцый, у выніку якога паўстала „персанальная унія дзвюх дзяржаваў: Польшчы і Літвы пад кіраваннем Казіміра Ягайлавіча” (812). Г. Блашчык адзначае, што 1447-1453 гады прайшлі пад знакам „спрэчак за зямлю, правы і прывілеі”. З’езды 1448, 1451, 1453 г. не прынеслі вырашэння тэрытарыяльных прэтэнзій бакоў, хаця і прывялі да ўсведамлення патрэбы ў кампрамісе, які б абапіраўся на тагачасныя рэаліі (844). У 1453 г. скончыліся непаразуменні юрыдычнага характару, якія працягваліся шэсць гадоў. Казімір Ягайлавіч 30 чэрвеня пацвердзіў правы і прывілеі Польскага Каралеўства, якія не ўтрымлівалі палажэнняў „пра польскія правы на Літву і Валынь” (845-846). Такім чынам, знікла падстава да супярэчнасцяў паміж Казімірам і палякамі. Больш за тое, перамог не толькі ён асабіста, але і літоўцы (849). Крытычна паставіўся польскі гісторык да пазіцыі ВКЛ у 13-гадовай вайне. Нейтральнасць Літвы ў вайне Польшчы з крыжакамі была абумоўлена тэрытарыяльнымі і палітычнымі спрэчкамі з палякамі, а таксама сяброўствам з ордэнам, які разглядаўся як супрацьвага Польшчы. Такая палітыка сталася памылковай: княства нічога не атрымала, акрамя ўзмацнення пазіцый заходняга суседа на Балтыцы (877). Поруч з фактамі супрацоўніцтва ў гады вайны некаторыя дзеянні Літвы кваліфікуюцца як агрэсія: інспіраванне татарскіх наездаў на Падолле (878). У адзнацы польска-літоўскіх адносінаў у 1447-1492 г. Г. Блашчык не схільны, услед за Ф. Папэ, ацэньваць іх вельмі аптымістычна (905). Разам з тым, дыялог двух народаў працягваўся, і асаблівую ролю ў ім адыгрывалі каралеўскі двор, польска-літоўскія шлюбы, каталіцкі касцёл і Кракаўская акадэмія, а таксама асабіста манарх, які ўмела лагодзіў супярэчнасці (906).

Маштаб кнігі Г. Блашчыка выглядае выразней асабліва на тле дасягненняў айчыннай гістарыяграфіі. Мноства датаў, падзей і дробных, але істотных нюансаў, датычных не толькі польска-літоўскіх адносінаў, але і іншых аспектаў гісторыі ВКЛ, змешчаных у працы польскага гісторыка, застаюцца незаўважанымі нават у абагульняльных працах беларускіх гісторыкаў. Сціпласць даробку беларусаў нескладана заўважыць і па спісе літаратуры. Напрыканцы хочацца толькі пажадаць хутчэйшага з’яўлення працягу аўтарскай версіі гісторыі дачыненняў палякаў і літоўцаў, можа, з большым удзелам беларусаў і ўкраінцаў.

Горадня

Віталь Галубовіч

Наверх

Bömelburg, Hans-­Jürgen. Frühneuzeitliche Nationen im ostlichen Europa. Wiesbaden, 2006 (Ірына Сынкова)

Чэрвеня 7, 2009 |


HANS-JÜRGEN BÖMELBURG. Frühneuzeitliche Nationen im östlichen Europa. Das polnische Geschichtsdenken und die Reichweite einer humanistischen Nationalgeschichte (1500-1700). Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2006. – 559 S.

Калі толькі бярэш у рукі гэты важкі том, бегла праглядаеш змест і навуковы апарат, адразу адчуваеш — гэта сур’ёзная грунтоўная праца. Першае ўражанне пры больш уважлівым знаёмстве з кнігай Ганса-Юргена Бёмельбурга толькі пацвярджаецца. Яна, безумоўна, прыцягвае сваёй сістэмнасцю выкладання, яснасцю і дакладнасцю тэзаў, абгрунтаванасцю аргументацыі. Структура кнігі досыць празрыстая і адпавядае паступоваму раскрыццю вызначанай у тытуле тэмы ў сінхранічным і дыяхранічным вымярэнні.

Асноўная тэма даследавання вызначаецца ў першым раздзеле: развіццё польскай гістарычнай думкі ранняга Новага часу, яе месца і значэнне ў палітычнай культуры названага перыяду. У гэтым кантэксце вылучаюцца галоўныя пытанні: якім чынам у творах польскіх гуманістаў асэнсоўвалася мінулае свайго народа (у тым ліку праблема яго паходжання) і як на гэта паўплываў працэс станаўлення нацыі Новага часу. Пад пільную ўвагу трапляе сувязь паміж палітычнай камунікацыяй і нацыянальна-гістарычнай канструкцыяй у польскай дзяржаве XVI-XVII ст. Разгляд перыяду ахопам больш за два стагоддзі (у дадатак да пазначанага ў тытуле часавага прамежку аўтар закранае таксама і гістарычныя творы XV ст. — Вінцэнта Кадлубка, Яна Длугаша, якія складаюць своеасаблівы пралог да творчасці гісторыкаў-гуманістаў) дазваляе аўтару паказаць дынаміку змен.

У першым раздзеле кнігі змяшчаецца таксама кароткі крытычны агляд даследчых парадыгмаў і канцэпцый у польскай гістарыяграфіі ХХ ст., ад характарыстыкі школы Станіслава Кота і да навуковых падыходаў у апошнія дзесяцігоддзі на мяжы ХХ-ХХІ ст. Аўтар супастаўляе тэндэнцыі ў замежнай гістарычнай навуцы з дамінантнымі кірункамі польскай. Так пад уплывам звонку ў польскай гістарыяграфіі схема gens - natioз 80-х г. паступова выцясняецца канцэптам „гістарычнай” або „нацыянальнай свядомасці”, звязаным з гісторыяй ментальнасцяў.

Метадалогію свайго даследавання Г.-Ю.Бёмельбург пазначае як камбінаваную, у якой важнае месца займае параўнальны аналіз польскай і замежнай гуманістычнай гістарыяграфіі, а таксама найноўшыя еўрапейскія распрацоўкі ў галіне „новай духоўнай гісторыі” (або гісторыі камунікацыі сярэдняга ўзроўню) і ў даследаваннях гістарычнай памяці.

Раздзелы з другога да шостага паступова разгортваюць шырокую панараму эвалюцыі гістарычнай думкі ў Польшчы ад канца XV ст. да канца XVII ст. Гістарычная карціна, што паўстае ў творах гуманістаў, уяўляе сабой важную частку сацыякультурнага працэсу, яна актыўна ўзаемадзейнічае з сістэмай палітычнай камунікацыі.

Стаўленне польскіх пісьменнікаў-гуманістаў і наогул адукаванай часткі грамадства да сярэднявечнай гістарычнай карціны паказана ў другім раздзеле. Аўтар заўважае, што „польская гістарычная думка ранняга Новага часу не ведала сучаснага падзелу гісторыі на тры эпохі і не мела ўяўлення пра medium aevum”. Аднак характэрнае для гуманізму выразнае вылучэнне антычнасці прыводзіла да ўмацавання ў свядомасці гістарычнай перспектывы і імкнення вызначыць у ёй сваё месцазнаходжанне. Змена мовы, стылю мыслення, карціны свету і ўспрымання гісторыі, якая адбылася пад уплывам гуманізму, прывяла да выцяснення сярэднявечнай традыцыі. У XVI ст. не было надрукавана ніводнага сярэднявечнага гістарычнага твора, і сувязь з папярэдняй эпохай падтрымлівалася толькі праз чытанне рукапісаў, што, безумоўна, абмяжоўвала ўздзеянне сярэднявечнай гістарычнай карціны на грамадства. Апроч таго, гэтая сувязь селектыўная—выбіраюцца толькі некалькі аўтараў, перадусім „Польская хроніка” Вінцэнта Кадлубка і „Аналы” Яна Длугаша. Першая, напрыклад, адыграла ролю для фармавання канцэпту „непераможнай Польшчы” ў гуманістычнай гістарыяграфіі. Што да другой, то яна захоўвала сваю значнасць у якасці першакрыніцы для ўсіх польскіх гісторыкаў ранняга Новага часу.

Паварот да гуманістычнай гістарыяграфіі стымулявалі прадстаўнікі палітычнай эліты, бо гістарычная карціна, пададзеная ў больш сучаснай форме, мела важнае значэнне і для знешнепалітычных мэтаў (стварэння вобраза дзяржавы), і для ўнутраных (аргументацыя ў палітычных дыскусіях).

Бёмельбург вылучае некалькі этапаў рэканструявання мінулага ў перыяд ранняга Новага часу: першая палова XVI ст. (раздзел 3), другая палова XVI ст. да канца 80-х г. (раздзел 4), 1587-1667 г. (раздзел 5), апошняя трэць XVII ст. (раздзел 6). Гістарычная карціна на кожным з іх акцэнтавала новы змест і звярталася да асобнай часткі грамадства. Для гістарычных твораў гэтага перыяду аўтар падкрэслівае дзве характэрныя рысы: 1) адзінства антычнай і сучаснай геаграфіі і гісторыі; 2) цыцэраніянства, якое ў Польшчы захавалася даўжэй, чым у Заходняй Еўропе.

Значныя штуршкі для ўласнага развіцця польская гістарычная літаратура атрымала з боку італьянскай і нямецкай гістарычнай думкі. З аднаго боку, былі пазычаны некаторыя формы і прыёмы замежнай гістарыяграфіі, з другога — польскія пісьменнікі палемізавалі з заходнімі аўтарамі і тым самым актывізавалася ўласная гістарычная думка. Так, напрыклад, створанае Энеем Сільвіем урывачнае і часткова негатыўнае ўяўленне пра Польшчу было ўспрынята ўсёй Еўропай і дзейнічала доўгі час. І ў асяроддзі польскай палітычнай эліты выспела ідэя стварэння новага гістарычнага твора, які паказваў бы палітыку польскіх каралёў у выгадным асвятленні. Супраць нямецкай гуманістычнай канцэпцыі „вялікай Германіі” (К. Цэльтыс, А. Кранц і інш.) польскія гісторыкі высоўваюць канцэпцыю „сарматызму”, пры гэтым абедзве ідэі грунтаваліся на гістарычных і геаграфічных уяўленнях антычнасці. Першыя гуманістычныя польскія канцэпцыі (М. Мяхоўскага, Дэцыя) былі досыць блізкімі да нямецкіх гуманістычных узораў першай трэці XVI ст.

Для гісторыкаў-гуманістаў, якія арыентаваліся на антычныя ўзоры, было вельмі важным знайсці пункты судакранання ўласнага мінулага з грэка-рымскай старажытнасцю. Але польская гісторыя не мела непасрэднай сувязі з антычнай гісторыяй (у адрозненне ад італьянскай, французскай, іспанскай і нямецкай). Выхадам з гэтага было прыстасоўванне гоцкай, сармацкай ці вандальскай ранняй гісторыі; гэтыя версіі канкуравалі ў першай палове XVI ст. Пакуль (не без уплыву Длугаша) не перамагла сармацкая канцэпцыя.

Паступова ў польскіх гуманістычных творах размяжоўваюцца паняцці Скіфіі і Сарматыі, якія першапачаткова ўжываліся як сінонімы. Абазначэнне „Скіфія” пачало ўжывацца толькі для ўсходніх суседзяў — Масковіі і тэрыторый, заселеных татарамі, а Польшча і Літва заставаліся адзінымі спадкаемцамі „славутых сарматаў”.

У развіцці паняцця Сарматыі прыкметнае змяшэнне вучонага і палітычнага дыскурсу, што тлумачыцца шчыльным кантактам паміж рознымі сацыяльнымі слаямі Кракава, звязанымі з універсітэтам, капітулам, гарадской элітай, каралеўскім дваром.

Сармацкая канцэпцыя мела не толькі знешне-, але таксама і ўнутрыпалітычнае значэнне: „Сарматыя” і „сарматы” выступалі як свядома створаныя шырокія паняцці для пазначэння ўсёй тэрыторыі і насельніцтва, падуладных Ягелонаўскай дынастыі. З дапамогай гэтых паняццяў стваралася інтэграваная канцэпцыя гісторыі, актуальная для ўсяго ягелонаўскага дзяржаўнага саюзу, якая да таго ж надавала дынастыі дадатковую легітымнасць.

Аднак у самой Малой Польшчы з гэтай канцэпцыяй канкуравала прапястаўская гістарыяграфія. У Мазовіі, Прусіі, Літве, на Русі паўставалі свае ўласныя гістарычныя канцэпты, звязаныя з іншымі лініямі традыцыі.

Унутрыпалітычная і рэфармацыйная барацьба ў XVI ст. спрыяла развіццю грамадскай думкі. На працягу аднаго пакалення, паміж 1530 і 1570 г., канстытуявалася грамадскасць, якая рознымі шляхамі (праз друкаваную публіцыстыку альбо праз распаўсюджаныя ў спісах творы) стварала асновы агульнадзяржаўнай камунікацыі ўнутры Кароны, дзейнічала як афіцыйна (у сойме і трыбунале), так і ў неафіцыйных арбітражных утварэннях.

Узрастанне нацыянальнай самасвядомасці і ролі польскай мовы прывяло да сółснавання параў канкурэнтных паняццяў на лацінскай і польскай мовах: Polonia Polska для польскага каралеўства, Sarmatia Sarmacja як геаграфічна-палітычнага абазначэння для кантынуума польска-славянскай гісторыі, Respublica Rzeczpospolita „як абазначэнне для польскай дзяржаўнасці і формы праўлення” (97).

Станаўленне нацыянальна-гістарычнага канона звязваецца з дзейнасцю Марціна Бельскага і Марціна Кромера. Пры гэтым польскамоўная хроніка першага ўздзейнічала пераважна на польскую і таксама на ўсходнеславянскую грамадскасць, а лацінамоўныя творы другога выконвалі рэпрэзентацыйную задачу ў Еўропе.

У другой палове XVI ст. сармацкая канцэпцыя атрымала далейшае развіццё ў творах С. Сарніцкага, Э. Глічнера, К. Варшэвіцкага, В. Дэмбалецкага, М. Стрыйкоўскага, А. Гваньяіні, што прывяло да стварэння аддаленай ранняй гісторыі і інтэграванага сармацка-літоўска-польскага апавядання.

Польская гістарычная думка адлюстравала таксама складанае перапляценне манархічных уяўленняў, якія дамінавалі на працягу XVI-XVII ст., з ідэямі рэспубліканізму. У глыбіні ранняй гісторыі вышукваліся аргументы для падтрымкі тэзіса аб „спрадвечнай польскай свабодзе”.

Наступны этап звязаны з праўленнем каралёў з дынастыі Вазаў (1587-1667). За гэты час у прыдворнай гістарыяграфіі ўсталяваўся культ Ягелонаў, сваяцтва з якімі павінна было служыць легітымацыі новай дынастыі. Падкрэсліванне прамой пераемнасці паміж дынастыямі выразна вылучае папулярныя ў першай палове XVII ст. творы А. Збылітоўскага, К. Мяскоўскага, С. Грахоўскага.

Каталіцкія традыцыі дынастыі Вазаў спрыялі таксама ўзмацненню ў гэты перыяд канфесійнай нагрузкі гістарычных твораў. Распаўсюджванне ў Польшчы твораў Юстуса Ліпсіуса паскорыла рэцэпцыю макіявелізму і неастаіцызму (у гістарыяграфіі — у форме „тацытызму”). У контррэфармацыйным рэчышчы адбылося таксама пранікненне асобнага жанру — хрысціянскія настаўленні князям („княжацкія люстэркі”), якія часта складаліся езółтамі, як твор Р. Беларміна De officio principis, прысвечаны каралевічу Ўладзіславу.

Гістарычная памяць польскай шляхты абапіралася на спецыяльныя тэхнікі запамінання, характэрныя і для эліты іншых краін, аднак з некаторымі асаблівасцямі. Завучванне на памяць паслядоўнасці правіцеляў, пачынаючы з Леха, суправаджалася падкрэсліваннем, што здаўна існавала практыка выбрання валадара і традыцыя „мяккага кіравання”. Такая тэхніка служыла на карысць не толькі дынастычнай памяці, але таксама дзяржаўнай і нацыянальнай. Асобнае значэнне мела шчыльная сувязь паміж прыватнай (сямейна-генеалагічнай) і публічнай (грамадскай, дзяржаўна-нацыянальнай) гістарычнай памяццю, што, на думку Бёмельбурга, было яскравай асаблівасцю грамадскага жыцця ў Польшчы ў адрозненне ад іншых еўрапейскіх краін.

У адукацыйнай сістэме таксама зацвердзіліся прыёмы запамінання, калі з дапамогай панегірычных, рытарычных і драматычных практыкаванняў глыбока ўкаранялася дынастычна-нацыянальная гістарычная памяць.

Пасля 1660 г. галоўны кірунак польскай гістарычнай думкі трывала захоўваў пафас дыскурсу свабоды і сувязь з нацыянальна-каталіцкай канцэпцыяй выбранасці, што, на думку аўтара, паказвала асаблівы шлях развіцця, які не меў паралеляў з іншымі нацыянальнымі гістарыяграфіямі. Аднак разам з гэтым у Польшчу пранікалі таксама некаторыя новыя заходнееўрапейскія плыні (напр., канцэпцыі ў духу правідэнцыялізму Басюэ).

Вельмі цікавым падаецца сёмы раздзел, які вызначае ступень распаўсюджанасці польскай гістарычнай думкі ў розных супольнасцях польска-літоўскага дзяржаўнага аб’яднання. У папярэдніх раздзелах развіццё польскай гістарыяграфіі было паказана ў кантэксце палітычных працэсаў пераважна на фоне каралеўскага двара, цэнтральных дзяржаўных установаў, сталічнага шляхецкага асяроддзя. Таму аўтар падымае пытанне пра тое, наколькі глыбока магла пранікнуць гуманістычная гістарычная карціна, якая адпавядала поглядам польскай эліты, у розныя слаі насельніцтва, улічваючы шматканфесійнасць, рознаэтнічнасць і падзеленнасць грамадства на саслоўі. Пры гэтым разглядаюцца не ўсе, а толькі асобныя саслоўі, канфесіі і рэгіёны.

На прыкладзе некалькіх твораў „гарадской гістарыяграфіі” (Ю. Б. Зімаровіца з Львова, Я. Юркоўскага і М. Галінскага з Кракава) Бёмельбург паказвае моцны ўплыў на іх „шляхецкай” (і адначасова агульнадзяржаўнай) гістарыяграфіі. Прычыны гэтага ён бачыць у пранікальнасці міжстанавых бар’ераў і ў існаванні асяроддзя, прасякнутага адначасова „бюргерскай” і „шляхецкай” ідэнтычнасцю.

Што да розных канфесійных падыходаў, тут Бёмельбург абмяжоўваецца параўнаннем пратэстанцкай і каталіцкай гістарычнай думкі. Ён звяртае ўвагу на аднолькавы ўдзел гісторыкаў гэтых двух хрысціянскіх кірункаў у стварэнні польскай агульнадзяржаўнай гістарыяграфіі. У галоўных пазіцыях гістарычнай карціны і канцэпцыі паходжання іх погляды супадаюць.

Пранікненне ідэй польскай гістарыяграфіі, звязанай з палітычным цэнтрам дзяржавы, у іншыя рэгіёны мела розныя вынікі. У Мазовіі канкурэнцыя агульнадзяржаўнай і мясцовай гістарычных канцэпцый прывяла да загасання ўласнай традыцыі. У Літве пад уплывам польскай гістарычнай думкі ўзніклі змешаныя („гібрыдныя”) канцэпцыі (М. Стрыйкоўскі, А. Гваньіні). Яны адлюстроўвалі інтэграцыйныя настроі часткі шляхты гэтых зямель, зацікаўленай у дзяржаўным аб’яднанні з Польшчай. На землях Русі (украінскіх і беларускіх) з праваслаўным і уніяцкім насельніцтвам доўгі час захоўвалася старая гістарычная традыцыя ад часоў Кіеўскай Русі. Аднак і тут таксама паступова распаўсюджваліся сінкрэтычныя польска-рускія канцэпцыі. Асобны выпадак — Прусія, дзе яшчэ да пранікнення польскіх гістарычных твораў існавала ўласная гуманістычная гістарыяграфія.

У апошнім раздзеле, які адначасова з’яўляецца і своеасаблівым заключэннем, аўтар разглядае асноўныя этапы эвалюцыі польскай гістарыяграфіі XVI-XVII ст. у кантэксце агульнаеўрапейскіх працэсаў, супастаўляючы асноўныя канцэпты нацыянальнай гістарычнай думкі Польшчы і іншых краін Заходняй Еўропы. У цэлым, падсумоўвае Бёмельбург, польская гістарыяграфія паміж 1500 і 1650 г. y сваім развіцці, канцэптах і спосабах тлумачэння рухалася ў кірунку агульнаеўрапейскіх тэндэнцый, а часам нават ішла наперадзе. Славутая канструкцыя сармацкага паходжання заняла месца ў адным шэрагу з падобнымі гуманістычнымі канцэпцыямі этрускаў-італьянцаў, германцаў-немцаў, галаў-французаў, брытаў-англічан, готаў-шведаў, гельветаў-швейцарцаў, батаваў-нідэрландцаў.

Створаная польскімі пісьменнікамі гуманістычная гістарычная карціна спаборнічала з гістарычнымі канструкцыямі гуманістаў іншых краін (перадусім нямецкіх гісторыкаў). Ядром нацыянальнай гісторыі розных еўрапейскіх народаў станавіліся матывы аўтахтоннасці і прынцыповай аўтаномнасці гістарычнага развіцця. Уяўленне пра універсальную манархію і культурны трансфер мінімізуецца альбо пераносіцца ў аддаленую і палітычна не актуальную эпоху (напрыклад, пазычанне сарматамі культурных дасягненняў старажытных грэкаў).

Узнікненне нацыянальна-гістарычнай міфалогіі часта ішло побач са стварэннем нацыянальных стэрэатыпаў іншых народаў. Так, у польскай гістарычнай карціне ранняга Новага часу не было месца для „нямецкай свабоды”. Паводле П. Пясецкага, немцам уласцівае імкненне да „тыранічнай” абсалютнай улады, у той час як палякі ўжо пры Пястах імкнуліся да „мяккага праўлення” і захавання „польскіх свабодаў”. Палеміка паміж гісторыкамі часта засланяла прынцыповае падабенства многіх цэнтральных канцэптаў розных гістарычных карцін.

Польская гістарычная карціна ранняга Новага часу была глыбока ўцягнута ў палітычную камунікацыю, і гістарычная аргументацыя шырока ўжывалася рознымі групоўкамі польска-літоўскага дзяржаўнага аб’яднання, у адрозненне ад нямецкай гістарычнай карціны, якая заставалася ў межах вузкага кола адукаванай грамадскасці.

Паводле Бёмельбурга, гістарычная памяць для польскай эліты не звязвалася ні з выключным кроўным прынцыпам, ні з саслоўнымі і нацыянальнымі межамі, што рабіла яе адкрытай для ўлівання з боку іншых саслоўяў і іншаэтнічнай шляхты. Менавіта ў камунікатыўнай значнасці гістарычнай думкі і ў яе геаграфічным (а не дынастычным, моўным ці этнічным) абгрунтаванні польскія эліты разглядаюцца як раннія сучасныя „супольнасці памяці” грамадзянска-дзяржаўнага ўзору.

Кніга нямецкага гісторыка, багатая на канкрэтны матэрыял, таксама стварае своеасаблівую гістарычную карціну — выяву польскай гістарыяграфіі на розных этапах двухстагоддзевай эпохі. Думаецца, што яна можа зацікавіць з розных аспектаў, перадусім з пункту гледжання крыніцазнаўства, гістарыяграфіі, сучасных падыходаў у гістарычнай навуцы. Хоць трэба адзначыць, што творы большасці польскіх гісторыкаў, згаданых у кнізе Бёмельбурга, досыць добра вядомыя беларускім навукоўцам. У такіх выпадках можа зацікавіць, бадай, толькі сам падыход нямецкага даследчыка да іх разгляду — вычытванне ў гістарычных творах культурна-палітычнага кода, звязанага з працэсам афармлення нацыянальнай самасвядомасці. Як падаецца, больш новых магчымасцяў для выкарыстання ў беларускай гістарыяграфіі дае знаёмства з заходнееўрапейскімі аўтарамі XV-XVII ст. Большасць з іх (за выключэннем Энея Сільвія Пікаломіні) пакуль застаецца па-за межамі навуковай літаратуры па беларускай гісторыі пры іх сур’ёзным крыніцазнаўчым патэнцыяле.

Праца Г.-Ю. Бёмельбурга—прыклад грунтоўнага, дбайнага даследавання. Аднак звяртаюць на сябе ўвагу некаторыя асаблівасці выкладання, якія можна было б разглядаць як недахопы канцэпцыі, калі б за гэтым не стаяла традыцыя нямецкай (ці наогул заходнееўрапейскай) гістарыяграфіі. Так, напрыклад, тэрміналагічна не адлюстроўваецца істотная розніца паміж дзвюма палітычнымі структурамі: 1) саюзнымі адносінамі паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ да 1569 г., 2) федэратыўнай дзяржавай Рэччу Паспалітай. У абодвух выпадках ужываецца паняцце „Польшча-Літва” (Polen -Litauen) або „польска-літоўскае дзяржаўнае аб’яднанне” („polnisch-litauischer Staatsverband”).

Часам узнікае ўражанне, што згадванне „літоўскага” кампанента адбываецца механічна і не напаўняецца канкрэтным зместам. Нічога не змяніла і асобная частка, прысвечаная „рэгіёнам”. Калі і вызначаюцца нейкія ўплывы і ўзаемадзеянні, то яны датычацца толькі аднаго боку: размова ідзе пераважна толькі пра ўплывы польскай гістарычнай думкі на астатнія нацыянальныя традыцыі (як „маргінальныя” адносна гэтай „цэнтральнай”). Аднак культуралагічныя даследаванні падказваюць, што міжкультурныя сувязі звычайна прыводзяць да ўзаемнага ўздзеяння.

Такую пазіцыю нямецкага даследчыка можна патлумачыць уплывам польскай гістарыяграфіі (як гуманістычнай, так і сучаснай), якую ён доўгі час вывучаў. Адсюль, відавочна, і з’явіўся гэты кірунак назірання: погляд з Захаду на Польшчу, за якой „штосьці” яшчэ невыразна мітусіцца. Нават у нарысе, прысвечаным „Літве”, ніяк не паказваецца спецыфіка гэтай дзяржавы, яе асаблівы палітычны і культурны склад. Тут трэба таксама дадаць, што не былі прыцягнуты ў патрэбнай ступені напрацоўкі сучасных гісторыкаў Беларусі, Украіны, Літвы (краін — спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага).

Не зусім апраўданым падаецца выкарыстанне толькі геаграфічна-палітычнай тэрміналогіі XVI-XVII ст. і адмаўленне ад сучаснай ідэнтыфікацыі. Так, напрыклад, словы Беларусь (Weißrussland), „беларускі” (Weißrussisch) амаль не ўжываюцца (за выключэннем некалькіх выпадкаў у першым і сёмым раздзелах). Калі кніга разлічана на нямецкамоўнага чытача, то для яго, відавочна, так і застанецца нявызначанай сувязь паміж сучаснай Беларуссю і гістарычнай „Літвой”.

Аднак ва ўзнікненні такой сітуацыі, безумоўна, ёсць доля віны і з боку беларускай гістарыяграфіі, якая дагэтуль не стварыла выразнай гістарычнай карціны свайго аддаленага мінулага ў вонкавым („экспартным”) варыянце. І дасягненні нашых даследчыкаў пакуль маюць пераважна ўнутранае „спажыванне”. Відавочным застаецца да сёння і недахоп у нашай гістарычнай навуцы твораў, прысвечаных беларуска-еўрапейскім культурным сувязям у перыяд Сярэднявечча і ранняга Новага часу, а таксама даследаванняў вобраза Беларусі ў заходнееўрапейскіх крыніцах. У гэтым кірунку перад нашымі гісторыкамі яшчэ ляжыць велізарнае поле плённых пошукаў, на якім зроблены толькі некалькі крокаў. І знаёмства з кнігай Г.-Ю. Бёмельбурга магло б таксама падштурхнуць для такіх штудыяў.

Мінск

Ірына Сынкова

Наверх

Ilgiewicz, Henryka. Wileńskie towarzystwa i instytucje naukowe w XIX w. Toruń, 2005; Societas Academicae Vilnenses. Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907–1939) I jego poprzednicy. Warszawa, 2008 (Марцэлі Косман).

Чэрвеня 6, 2009 |


ILGIEWICZ, HENRYKA. Wileńskie towarzystwa i instytucje naukowe w XIX wieku. Toruń: Adam Marszałek, 2005. – 480 s.; eadem, Societas Academicae Vilnenses. Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907-1939) i jego poprzednicy. Warszawa: Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego, 2008. – 668 s.

Першае з названых тут даследаванняў Генрыкі Ільгевіч, прысвечаных віленскім навуковым таварыствам, што існавалі пасля падзелаў і ў міжваенны перыяд (XIX ст. -1939 г.), стала вынікам дзесяцігадовай працы, якая грунтуецца найперш на скрупулёзных пошуках у віленскіх зборах (Бібліятэка Літоўскай АН, Аддзел рукапісаў у былым будынку бібліятэкі Ўрублеўскіх, Біб ліятэка Віленскага універсітэта, Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы). На падставе іх матэрыялаў аўтарка пашырыла і неаднакроць верыфікавала ранейшыя веды па тэме, асабліва сягаючы да друкаваных польскіх і расійскіх крыніц, а таксама да часопісаў XIX ст., выдаваных не толькі ў Вільні. Багаты таксама спіс літаратуры прадмета, які апрача даўніх пазіцый утрымлівае мноства найноўшых публікацый; калі першыя звачайна выкарыстоўваюцца як матэрыял, то большасць апошніх у дачыненні да тэмы маюць агульны характар і даводзяць патрэбу яе грунтоўнага даследавання. Уласна гэта і ажыццявіла аўтарка рэцэнзаванай працы.

XIX стагоддзе — асаблівы час для Вільні, якая стала правінцыйнай цвярдыняй польскай культуры на ўсходзе, арэнай сутыкнення паміж ранейшым характарам былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і аднаго з найслаўнейшых цэнтраў першай Рэчы Паспалітай, ды русіфікатарскімі намерамі захопніка, асабліва відавочнымі пасля абодвух вялікіх паўстанняў — 1831 і 1864 г., лістападаўскага і студзеньскага. У свой час перыяд паміж першым з іх пасля ліквідацыі ў 1832 г. Імператарскага публічнага універсітэта я назваў „Перарыў, але не пустка” (M. Kosman, Uniwersytet Wileński 1579-1979. Kraków 1981, s. 52). Тых, хто прыязджаў сюды з Польшчы, з Кракава ці Познані, пад канец XIX ст. перапаўняла павага да абаронцаў справы даўніх вякоў у горадзе, які ўжо жыў духам Міцкевіча і рамантызму, пра што пісалі ў успамінах пасля вяртання з па-над Вяллі. Да багатай бібліяграфіі тут дадаў бы, між іншага, нататкі падарожжа славутага галіцыйскага гісторыка Станіслава Смолькі, а таксама Aнтонія Карпіньскага з Вялікапольшчы.

Праца пра віленскія таварыствы і навуковыя інстытуты XIX ст. ахоплівае час, які вызначаецца для гэтага стагоддзя ў польскай гісторыі, г. зн. 1795-1915 г., ад канца Рэчы Паспалітай да выгнання расіян з Вільні немцамі на другі год вялікай еўрапейскай вайны, названай потым сусветнай. Гэтыя арганізацыі запаўнялі пустку, што ўзнікла пасля закрыцця універсітэта, якому было два з паловай стагоддзя. Kлімат эпохі з літоўскага пункту гледжання падаюць ковенскія даследчыкі Э. Александравічус і А. Кулакаўскас (аўтарка ўказвае на іх сінтэзу ў літоўскай версіі, апублікаванай у 1996, і ў перакладзе на польскую мову, выдадзеным у Кракаве ў 2003 г.), што вельмі істотна для верыфікацыі замацаваных у Польшчы стэрэатыпаў.

Да гэтага часу не хапала агульнай ацэнкі зробленага таварыствамі і навуковымі камісіямі, што дзейнічалі ў Вільні пад расійскім панаваннем, хоць ёсць шэраг публікацый пра асобныя інстытуцыі, пераважна матэрыяльнага характару. Генрыка Ільгевіч падрыхтавала аналітычную сінтэзу, у першым жа сказе нагадваючы пра 200-годдзе заснавання Віленскага лекарскага таварыства, якое выпала на год выхаду яе кнігі. У паасобных раздзелах улічваецца палітычны фон дзейнасці, асабліва стаўленне ўлады да польскіх і расійскіх арганізацый з вылучэннем часоў узрасталага ўціску або пэўнага лібералізму, а таксама сувязі з іншымі асяроддзямі ў краіне (па ўсіх падзелах) і па-за межамі імперыі. Пачатковую дату вызначае заснаванне Навуковага лекарскага таварыства. Aўтарка звярнула ўвагу на генезіс паасобных інстытутаў, асабліва на іх заснавальнікаў, крыніцы фінансавання, навуковыя даследаванні, выдавецкую дзейнасць. Важнае месца займаюць асабовыя справы, а менавіта здзяйсненні паасобных дзеячоў ці арганізатараў культурнага жыцця ў бібліятэках і чытальнях, праз імпрэзы і публікацыі.

Першы з васьмі раздзелаў (Warunki rozwoju wileńskich instytucji naukowych w XIX i na początku XX wieku, s. 13-51) утрымлівае агульную характарыстыку культурнага жыцця з падзелам на тры перыяды: першую трэць XIX ст., калі яно заставалася ў цяні універсітэта, затым часу паміж паўстаннямі і, нарэшце, трэці перыяд да 1915 (калі расійская акупацыя змянілася нямецкай). Як самы творчы аўтарка вызначае першы этап, калі галоўная роля належала універсітэту, які ўплываў, зрэшты, не толькі на амаль 50-тысячны горад, але таксама праз Віленскую навучальную акругу на ўсе заходнія губерні Расійскай імперыі. У ёй функцыянавалі шматлікія кнігарні, друкарні і разнастайныя таварыствы.

Другі этап — пасля падаўлення паўстання — азначаў жорсткую атаку расійскай улады на нацыянальную культуру і яўную вайну з яе шматвяковымі дасягненнямі. Славуты універсітэт знік, яго зборы былі вывезены, але засталіся будынкі і памяць пра іх мінулае. Часова былі створаны сурагаты вышэйшай школы — Медыцынска-хірургічная і Духоўная акадэміі. З іншага боку, пачынанні расійскай улады сутыкнуліся з супрацівам грамадства, які пасля паразы ўзброенай барацьбы меў перадусім пазітывістычны характар, што выявілася найперш у трэцім этапе гісторыі „Паўночна-Заходняга краю”.

Раздзел II (Cesarskie Towarzystwo Lekarskie w Wilnie 1805-1915, s. 52-104) утрымлівае першае мінідаследаванне заслужанай установы, якое амаль цалкам грунтуецца на рукапісных і друкаваных крыніцах. Такім чынам, працы канца ХІХ ст. пяра Юзафа Бяліньскага і Ўладыслава Захорскага на гэтую ж тэму, якія функцыянавалі ў навуковым звароце да гэтага часу, цяпер набываюць чыста гістарыяграфічную вартасць.

Музей старажытнасцяў і Археаграфічная камісія ў Вільні, 1855-1865 (разгляданыя ў раздзеле III) завяршылі дзейнасць, не перажыўшы дэкады пасля ўдушэння студзеньскага паўстання. Хоць гэтыя інстытуцыі былі арганізаваны зямянствам, якое захоўвала лаяльнасць да трона, апошняга не хапіла для таго, каб яны захаваліся. Іх дырэктыўна замяніла заснаваная ў 1864 г. Віленская археаграфічная камісія (раздзел IV), якая служыла — як бы цяпер сказалі — ідэі „гістарычнай палітыкі” і характарызавалася тэндэнцыйнасцю, а яе 39 тамоў крыніц не пазбаўлены ўласцівай для эпохі эдытарскіх недахопаў. Тым не менш яны да гэтага часу выкарыстоўваюцца ў даследаваннях, асабліва тады, калі аснова публікацыі потым згубілася. Aўтарка аб’ектыўна паказала мінусы і плюсы гэтай установы, якая раптоўна скончыла сваю паўвекавую дзейнасць пасля захопу Вільні немцамі.

Дзве чарговыя інстытуцыі былі філіяламі агульнарасійскіх таварыстваў, a менавіта Імператарскага Расійскага геаграфічнага таварыства ў 1867-1915 г. (раздзел V) і Таварыства прыхільнікаў рускай гістарычнай асветы (раздзел VI), аддзел якога, арганізаваны ў Вільні ў 1899 г., ахопліваў сваёй дзейнасцю галоўным чынам расійскае насельніцтва. У працы Музея Мураўёва, які меў падобны характар, Г. Ільгевіч вылучае два этапы: 1901-1907 i 1908-1915 г. Высвятляюцца матывы, што кіравалі яго арганізатарамі, якія імкнуліся сабраць помнікі і сведчанні дзейнасці генерал-губернатара.

Апошні VIII раздзел (Centralne Archiwum Wileńskie 1852-1915) — гэта чарговая мініманаграфія ўстановы, створанай паводле імператарскага ўказу з мэтай узяць пад кантроль найперш дакументацыю зямельных уладанняў. У першым дзесяцігоддзі асноўнай задачай архіва быў збор і ўпарадкаванне матэрыялаў, тады як публікатарская дзейнасць распачалася толькі праз 15 гадоў пасля выпуску першага каталога, які з часам дапаўняўся наступнымі — ажно да 10-томнага вопісу дакументаў. Яго зборы ад пачатку сталі варштатам даследчыцкай працы. Mеліся служыць пацвярджэнню права расійскай улады на былое Вялікае Княства Літоўскае, якое называлася „літоўска-рускім”. Аднак, як падкрэслівае Г. Ільгевіч у заканчэнні, настойлівая прапаганда выклікала адваротны эфект, асабліва калі ўлада прымалі такія захады, як узвядзенне помніка Мураўёву. Затое стварэнне яго музея дазволіла зрабіць тое, на што не спадзяваліся — захаваць багатыя матэрыялы па гіс торыі антырасійскага паўстання на землях Літвы і Беларусі.

Варта высока ацаніць працу Генрыкі Ільгевіч (амаль 40% выдання, якое налічвае каля 500 старонак, складаюць анексы, табліцы, бібліяграфія ды рэзюмэ на англійскай і літоўскай мовах, а тэкст забяспечаны індэксам, ілюстрацыямі звязаных са зместам архітэктурных помнікаў, некаторых з якіх ужо няма), а таксама публікацыю кнігі торуньскім выдавецтвам, што так шмат зрабіла для польскай літуаністыкі. Гэтая кніга зойме важнае месца ў даследаваннях не толькі гісторыі Польшчы і Рэчы Паспалітай пасля падзелаў, але павінна быць з удзячнасцю прынятая найперш віленскім навуковым асяроддзем і таксама беларускай ды расійскай навукай.

Не прайшло і трох гадоў пасля выхаду рэцэнзаванай кнігі, як з’явілася чарговая праца Генрыкі Ільгевіч — „Societas Academicae Vilnenses”. Гэта сапраўдны opus vitae, выдадзены ў прыгожым графічным афармленні пад патранатам Дэпартамента польскай культурнай спадчыны за межамі пры Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны ў Варшаве. Разам з папярэдняй пазіцыяй яна ўтварае адно цэлае. Як і вызначана ў назве, паставіўшы за мэту даследаваць зробленае ў міжваенныя гады, калі Вільня ўваходзіла ў склад адроджанай Польскай Рэчы Паспалітай, першыя тры раздзелы (19-221) аўтарка прысвяціла агульным пытанням і найперш падала сінтэтычную характарыстыку гістарычнага кантэксту. Пасля гэтага яна занялася Таварыствам аматараў старажытнасцяў і народаазнаўства (Towarzystwo Miłośników Starożytnictwa i Ludoznawstwa) (1899-1907), a затым Таварыствам Музея навукі і мастацтва ў Вільні (Towarzystwo Muzeum Nauki i Sztuki w Wilnie) (1907-1914).

Чарговыя шэсць раздзелаў (223-454) прысвечаны галоўнай тэме — Таварыству аматараў Вільні (Towarzystwo Miłośników Wilna) (1919-1933) і найперш Таварыства прыяцеляў навук (Towarzystwo Przyjaciół Nauk). Паказаўшы, як гэтая інстытуцыя паўстала, аўтарка падала гісторыю яе кароткай, але вельмі плённай дзейнасці ў 1907-1914 г., пад час І сусветнай вайны і пасля яе заканчэння, а таксама ў 1922-1939 г. У апошнім раздзеле разглядаюцца лёсы сяброў Таварыства прыяцеляў навук у гады ІІ сусветнай вайны, а таксама яго збораў.

Кніга ўражвае як дасягненнямі інстытуцыі, якой прысвечана, так і працай самой Г. Ільгевіч, якая падсумоўвае вынікі даследавання ў заканчэнні (455-468) і дакументуе ў больш чым 50-старонкавай бібліяграфіі (aрхіваліі, друкаваныя крыніцы, літаратура з вылучэннем — што ёсць, зрэшты, справай дыскусійнай — часопісаў і прэсы). Выданне завяршаецца літоўскім і англійскім рэзюмэ, індэксам асобаў і спісам шматлікіх, выдатна надрукаваных ілюстрацый. Абодва тамы — важны ўнёсак у гісторыю культуры Вільні XIX – сярэдзіны XX ст. як інтэлектуальнага цэнтра паўночна-заходніх правінцый Рэчы Паспалітай. Імі несумненна зацікавяцца найперш навука польская, літоўская і беларуская.

Познань

Марцэлі Косман

Наверх

Staliunas, Darius. Making Russians. Meaning and Practice of Russification in Lithuania and Belarus after 1863. Amsterdam – New York, 2007 (Павел Церашковіч).

Чэрвеня 5, 2009 |

STALIUNAS, DARIUS. Making Russians. Meaning and Practice of Russification in Lithuania and Belarus after 1863. Amsterdam – New York, NY, 2007, 465 p., ill.

Шчыра кажучы, рэцэнзаваць новую кнігу Дарыюса Сталюнаса няпроста. І не толькі таму, што яна выдадзена па-ангельску. Цяжка, па-першае, адэкватна перадаць лаканічную, вельмі трапную, зробленую ў постмадэрнісцкім стылі назву. Сапраўды, як перакласці гэтыя два ангельскія словы „Making Russians”? Другая частка назвы „Meaning and practice of russification in Lithuanian and Belarus after 1863″ перакладаецца без якіх-небудзь цяжкасцяў — „Сэнс і практыка русіфікацыі ў Літве і Беларусі пасля 1863 г.”, а вось „Making Russians”—„вырабляючы рускіх”, „робячы рускімі”? Гучыць не вельмі добра, таму ў сваёй рэцэнзіі вырашыў карыстацца ангельскамоўнай абрэвіятурай „MR”, да якой чытачы вольныя падабраць уласны адпаведнік.

Другая цяжкасць — абраная аўтарам тэма адносіцца да ліку ўлюбёных гісторыкамі сюжэтаў. Не толькі таму, што раны, нанесеныя паўтара стагоддзя таму, баляць да гэтага часу. Дзевятнаццатае стагоддзе, увогуле, улюбёная эпоха для гісторыкаў (добра забяспечана крыніцамі і ўжо сапраўды гісторыя), а тым больш — палітыка ўлады (ці не 90% архіўных сховішчаў таго часу складае яе папяровая прадукцыя). Варта нагадаць адносна нядаўнія публікацыі Вітольда Радкевіча, Алеся Смаленчука, Сяргея Токця, з даўніх — Сусаны Самбук. Ды і аўтар гэтых радкоў таксама закранаў некаторыя сюжэты пазначаных дзяржаўных намаганняў. Што ж новага дае „MR”? Гэта праблема і для аўтара, і для рэцэнзента „MR”.

Што ж, „MR” Дарыюса Сталюнаса — усёабдымны (лепш было б па-ангельску сказаць comprehensive) наратыў пра ўладу і яе ахвяраў, пра тое, што гэтая ўлада хацела зрабіць, чаму і чаго дамаглася. Наратыў скрупулёзны, сістэматычны, грунтоўны. Зусім невыпадкова, што адзін з рэцэнзентаў рукапісу Джон Кліер характарызуе яго як „змястоўнае чытанне для ўсіх, хто вывучае Імперскую Расію”. Сапраўды, часам тэкст нагадвае падручнік, што і здымае пытанне аб навізне. Але і не толькі гэта. Кніга Дарыюса Сталюнаса разлічана на аўдыторыю ангельскамоўную, для якой, за выключэннем лічаных адзінак прафесійных спецыялістаў па гісторыі Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, што б ні было напісана па-ангельску пра Літву і Беларусь — усё будзе новае. Хоць, па вялікім рахунку, і крыўдна, што з гістарычна ўласцівым літоўскаму этнасу экспансіянізмам літоўская гістарыяграфія ў асобе Дарыюса Сталюнаса „ўварвалася” ў „беларускі акадэмічны агарод”, але, па яшчэ большым рахунку, мы павінны быць яму за гэта ўдзячны. На жаль, трэба канстатаваць, беларускім гісторыкам пры думках аб магчымасці падобнага выдання па-ангельску хаця б на беларускім матэрыяле (ужо не кажучы пра „літоўскі агарод”) застаецца толькі сумна ўздыхаць.

Да гэтага трэба дадаць, што пры вонкавым падабенстве на падручнік кніга па жанры—усё ж навуковая манаграфія з усімі неабходнымі атрыбутамі (напрыклад, грунтоўны аналіз гістарыяграфіі, апора на шматлікія архіўныя крыніцы). Гэта відавочна, які б „вывучаны-перавывучаны” сюжэт не закранаў аўтар — ці славутая „walka o zieme”, старанна апісаная і аплаканая польскай гістарыяграфіяй, ці спроба кірылізацыі літоўскага пісьменства, з не меншай апантанасцю адрэфлексаваная гістарыяграфіяй літоўскай. У кожным выпадку аўтару ёсць што дадаць, удакладніць ці зрабіць новае адценне.

Сярод такіх дадаткаў — малавядомы сюжэт, ад звароту да якога я не магу ўстрымацца. Гаворка пра праект далучэння каталіцкай царквы да праваслаўнай (уніі), які ўзнік у сярэдзіне 60-х г. ХІХ ст. (180-188). Аўтары яго разлічвалі за дваццаць гадоў не пакінуць аніводнага касцёла і аніводнага ксяндза (выключэнне рабілася толькі для Царства Польскага). Цікавай была і прапанаваная тэхналогія дасягнення высакароднай мэты: прапаганда праз прыватную ці паўафіцыйную газету, збор подпісаў (як найменей паўмільёна), прашэнне на адрас імператара і, нарэшце, выданне маніфеста. Адмыслова, вытанчана. Сённяшнія нашчадкі тых паліттэхнолагаў эстэтычнымі меркаваннямі не абцяжараны. Не менш цікавы і актыўны ўдзел у стварэнні праекта мясцовай каталіцкай арыстакратыі (Яўстафій Прушынскі) і інтэлектуальнай эліты (Адам Кіркор).

Іншымі словамі, вось пераканальны прыклад таго, што чытаць „MR” варта. І каб пашырыць аўдыторыю, трэба было б падумаць пра пераклад.

Мінск

Павел Церашковіч

Унучак, Андрэй. „Наша ніва“ і беларускі нацыянальны рух (1906–1915) (Сяргей Дубавец).

Чэрвеня 4, 2009 |

УНУЧАК, АНДРЭЙ. „Наша ніва” і беларускі нацыянальны рух (1906-1915 гг.). Мінск: Беларуская навука, 2008. — 186 с., іл.

Манаграфію Андрэя Ўнучка нельга назваць прарывам або этапам у асэнсаванні абранае тэмы. Яна — яшчэ адзін крок да лепшага разумення ролі „Нашае Нівы” ў беларускай гісторыі.

Тэма „НН”, беларускага руху і станаўлення нацыянальнай ідэі прадстаўленая ў літаратуры нагэтулькі шырока, што ахапіць усе крыніцы ў адной агляднай працы немагчыма. У такіх выпадках даследчык дасягае найбольшага плёну, калі абірае з усяго багацця тэкстаў тое, што дапамагае яму вырашаць канцэптуальныя задачы. Калі ж даследчык спакушаецца ідэяй „ахапіць неахопнае”, ён непазбежна губляецца ў нагрувашчванні матэрыялу, страчвае нітку аналізу й падважвае пераканаўчасць уласных высноваў. На шчасце, Андрэй Унучак збольшага пазбегнуў гэтай спакусы, хоць трэба прызнаць, што падбор крыніц мог быць менш грувасткім і больш сістэмным, тады пэўныя важныя сведчанні не выпалі б з поля зроку аўтара (напрыклад, аўтар амаль не карыстаецца літаратурай апошняга дзесяцігоддзя).

Станоўчы бок працы — тое, што яна напісана ў рэчышчы традыцый беларускае гістарыяграфіі, якія й былі запачаткаваныя ў нашаніўскім асяроддзі. Аўтар выразна ўсведамляе тыя арыенціры, у якіх ён развівае свой пошук і аналіз праблем. Важна, што ён не толькі кампілюе вядомыя й невядомыя факты, а аналізуе іх, і на ягоных развагах адбіваецца ягоны час.

Да прыкладу, у параўнанні з ранейшымі часамі, калі даследчыкі адчувалі на сабе ўплыў вайны ці змагарны ўздым, тут дачыненні нашаніўцаў з іх ідэйнымі праціўнікамі разглядаюцца не як канфрантацыйныя, а як спаборныя, што, верагодна, адпавядае характару гэтых дачыненняў, якімі яны былі ў рэальнасці ў нашаніўскі перыяд.

„Такім чынам, можна сцвярджаць, што выдаўцы тыднёвіка выканалі сваю галоўную задачу: па-першае, наладзілі рэгулярнасць выхаду „Нашай нівы”, а па-другое, падрыхтавалі сабе змену. Гэтага, напрыклад, не здолелі зрабіць „заходнярускія” выданні, якія ідэйна супрацьстаялі тыднёвіку. Прычыны поспеху нам бачацца ў паслядоўнасці ідэйнай лініі газеты і ў вялікай ахвярнасці і мэтанакіраванасці першага складу рэдакцыі. Таксама нельга забывацца на наяўнасць аб’ектыўнай патрэбы ў беларускім друку і на тое, што выдаўцы „Нашай нівы” заўсёды разлічвалі толькі на ўласныя сілы, не спадзеючыся на дапамогу звонку”(43).

У прыведзенай цытаце ўжо відаць як станоўчыя рысы ўсёй манаграфіі (канцэптуальную цэльнасць і вынікласць з прац папярэднікаў), так і яе недахопы. Да недахопаў трэба аднесці асобныя праявы публіцыстычнага стылю, шматслоўнасці й адвольнага цытавання („беларусаў і летувісаў”, с. 69 — у арыгінале: „беларусоў и литвиноў”).

Манаграфія ў цэлым дае дастатковае ўяўленне пра „Нашу Ніву”, беларускі рух і нацыянальную ідэю і можа служыць добрай пляцоўкай для далейшых спробаў зразумець спецыфіку фармавання беларусаў як нацыі і Беларусі як дзяржавы.

У неразгаданасці гэтай спецыфікі хаваецца прыцягальнасць нашаніўства. На маю думку, прычына ў тым, што яе нельга апісаць як катэгорыямі канфрантацыі (чаго А.Унучак удала пазбягае), так і складнікамі выключна знешніх праяваў тагачаснай рэчаіснасці (што А.Унучку пакуль зрабіць не ўдаецца).

Асноўную ўвагу аўтар аддае сацыяльным, палітычным, эканамічным устаноўкам беларускага нацыянальнага руху і ролі гэтых чыннікаў у фармаванні нацыянальнай ідэі. Але па-за ўвагай застаецца этычны чыннік—тое, што ініцыятары паходзілі са шляхецкага стану, збяднелай арыстакратыі краю і разглядалі беларускую ідэю як ідэю лепшага чалавека.

Маральны аспект падаецца аўтарам як адна з многіх тэмаў публікацый на старонках „НН” (112, 113), але не як аснова нацыянальнай ідэалогіі, яе кантэкст. Між тым, этычнай устаноўкай тлумачацца многія з’явы ў асяродку „НН” і пазіцыя газэты, якія без уліку гэтай устаноўкі выглядаюць толькі як „прыемная нечаканасць”. Напрыклад, тое, што „Наша Ніва” ў ідэйным спаборніцтве ніколі „не зрывалася на абразы і хлусню” і „была больш ідэйным выданнем, чым многія з яе апанентаў” (139).

Сапраўды, перад выданнямі, якія праводзілі палітыку русіфікацыі і паланізацыі, не стаяла задачы раскрыць у чалавеку яго найлепшыя якасці. А менавіта ў такой ідэі была выйгрышная перспектыва „Нашай Нівы” перад тымі, што займаліся вырашэннем задач бягучай палітыкі з яе цынічнымі мэтамі і вяршэнствам інтарэсаў дзяржавы, чынавенства ды ідэалогіі над інтарэсамі асобы.

Па-свойму падсумаваў гэтую сутнасць нашаніўства Ігнат Абдзіраловіч (1921), звяртаючыся ад імя носьбітаў беларускай ідэі да ідэйных супернікаў: „Яны ня ўцямлялі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасці”[1].

Андрэй Унучак перачытвае верш Янкі Купалы „Хто ты гэткі?” і бачыць у ім заклік паэта да нацыянальнае самаідэнтыфікацыі, але ўсё ж на першае месца ставіць „базіс” — сацыяльны аспект: „Радок „ня быць скотам” паказвае, што толькі сацыяльная свабода можа прынесці рост нацыянальнай свядомасці” (105). Такое сцверджанне характэрнае для „канфрантацыйнай” гістарыяграфіі або прапаганды. Але досвед усяго мінулага стагоддзя паказаў, што толькі ўсвядомлены чалавек можа захацець сацыяльнае свабоды, бо каб адказаць на пытанне „чаго мне трэба?”, я мушу ведаць найперш „хто я” або, па-купалаўску — „хто ты гэткі?”

Яшчэ ў нашаніўскія часы пачалі з’яўляцца аналітычныя публікацыі, якія сцвярджалі гэткі погляд на сутнасць беларускага адраджэння. Вось як сфармуляваў сваю думку на старонках „Тыгодніка Ілюстраванага” Войцех Бараноўскі[2]:

„Mamy przed sobą zjawisko, jak widzimy, niesłychanie ciekawe: przerodzenie się ruchu rewolucyjno-społecznego w ruch narodowy. I transformacya ta dokonywa się niezależnie prawie od woli jej inicyatorów. Agitator socyalistyczny szedі „w lud” budzić nienawiść do pana i protest przeciwko ustrojowi państwowemu… Siał nienawiść do innych, a wzeszła z niej miłość bardziej ś wiadoma do swoich”[3].

3 маральнага характару нацыянальнай ідэі вынікаюць і пошукі нашаніўцаў у сферы этычных рытуалаў. Андрэй Унучак двойчы згадвае, што браты Луцкевічы былі масонамі, але распрацоўку гэтай тэмы пакідае за рамкамі свае працы. Натуральнае пытанне: навошта ім тое было трэба? Ці толькі для пашырэння беларускай ідэі і беларускай прысутнасці сярод віленскіх краёўцаў? Ці дзеля таго ўсё ж, што галоўная ідэя масонства — удасканаленне свету праз удасканаленне сябе — была сутнасцю нашаніўства?

Тое, што нашаніўцы разам з усёй беларускай нацыяй апынуліся на раздарожжы паміж каталіцтвам і праваслаўем, змушала іх да рэлігійных пошукаў і вяло да канфесійнай разнастайнасці ў іх асяроддзі. На жаль, за рамкамі манаграфіі засталіся пратэстанцкія плыні, дачыненні нашаніўцаў з ісламам, юдаізмам, будызмам, што, зрэшты, можа быць тэмай асобнага даследавання.

Характэрным чынам апісвае рэлігійныя пошукі Антона Луцкевіча Алег Латышонак. Хрышчаны ў каталіцтва „Луцкевіч у той час быў ужо пратэстантам. Праўду кажучы, ён перайшоў у кальвінізм з фармальных прычынаў (развод і другі шлюб) і насамрэч быў атэістам… Расчараваўшыся ў вуніі, Антон Луцкевіч перанёс на пратэстантызм свае спадзяваньні на стварэньне беларускай нацыянальнай царквы”[4].

Падкрэслім, што Андрэй Унучак абраў для манаграфіі шырокую тэму. І спалучыць у адной аўтарскай працы задачы агляднага і канцэптуальнага характару было немагчыма. У нашым кароткім водгуку мы закранулі толькі адзін этычны аспект, які аўтар не разгледзеў у дастатковай ступені. Аднак у цэлым новая манаграфія — гэта станоўчы крок у патрэбным накірунку навуковага даследавання.

Вільня

Сяргей Дубавец


[1] 1 Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. С. 16.
[2] 2 Псеўданім W. B. са спасылкай на Яўхіма Карскага раскрыты ў кн.: Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX стст.). Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. С. 161.
[3] 3 W. B. Ruch białoruski. Tygodnik Illustrowany. 1912. Nr 37. 14września.
[4] 4 Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку XX стагодзьдзя: артыкулы і ўспаміны. Мінск: Кнігазбор, 2006. Цыт. паводле: http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/historia/pratestanty/0 1 .htm

Аўтарэфераты дысертацый па гісторыі, дапушчаныx да абароны ў 2006–2007 г. (Ніна Камарова)

Чэрвеня 3, 2009 |

на ступень доктара гістарычных навук

Космач, Е. Н. Политика США в отношении Югославии в 1943-1980 гг.: 07.00.03 / Космач Елена Николаевна; Белорус, гос. ун-т. — Минск, 2006. — 37 с.

Миницкий, Н. И. Методы построения научного и образовательного исторического знания: 07.00.09 /Миницкий Николай Иосифович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007. — 41, [1] с.

Пілецкі, В. А. Выхаваўча-адукацыйны працэс на беларускіх землях у дахрысціянскі перыяд: праблема гістарычнага генезісу: 07.00.02 / Пілецкі Віктар Аляксандравіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2006. — 39 с.

Хмяліньскі, Б. Грамадскі рух у Польшчы за добрасуседства з Беларуссю (1991-2006 гг.): 07.00.15 / Хмяліньскі Баляслаў; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2007. — 40 с.

на ступень кандыдата гістарычных навук

Белы, А. В. Лакалізацыя хароніма „Белая Русь” паводле еўрапейскіх пісьмовых і картаграфічных крыніц XIII-XVII стст.: 07.00.02 / Белы Аляксандр Валерыянавіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2006. — 22 с. (дысертацыя адхілена саветам па абароне).

Борботько, П. В. Правовая политика правящих партий Веймарскай Германии в 1919-1923 гг.: 07.00.03 / Борботько Павел Валентинович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. — 21с.

Важник, О. Н. БССР и Польская Народная Республика: экономические, научно-технические и культурные связи 1949-1979 гг.: 07.00.02 / Важник Ольга Николаевна; Белорус, гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2006. — 21с.

Василевская, Е. В. Социально-политическая мысль Франции в эпоху революции конца XVIII века: 07.00.03 / Василевская Екатерина Викторовна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. — 20 с.

Венгер, Ю. И. Социальная защита населения в Республике Беларусь (1991-2000 гг.): 07.00.02 / Венгер Юлия Ивановна; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2006.         — 22 с.

Винокурова, И. В. Международное сотрудничество по противодействию терроризму в 1990-2000-е годы: 07.05.15 / Винокурова Инна Владимировна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2005. — 23 с.

Ганчар, А. И. Деятельность римско-католического костела по сохранению позиций католицизма на территории Беларуси (1864-1905 гг.): 07.00.02 / Ганчар Андрей Иванович; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2007.  —21с.

Гецевич, А. К. Деятельность польских политических партий и организаций в Западной Беларуси (1918-1926 гг.): 07.00.02 / Гецевич Андрей Казимирович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007. — 21 с.

Грэсь, С. М. Аграрныя пераўтварэнні ў Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг.: 07.00.02 / Грэсь Сяргей Міхайлавіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2007. — 20 с.

Гулюк, М. А. Политика Российского правительства по подготовке педагогических кадров для Виленского учебного округа (вторая половина XIX—начало XX в.): 07.00.03 / Гулюк Михаил Арисович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. — 21с.

Доўнар, Л. А. Дзяржаўная палітыка ў сферы прыватнай прамысловай вытворчасці БССР (1921-1929 гг.): 07.00.02 / Доўнар Людміла Аляксандраўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2007. — 20 с.

Дударенок, А. С. Межгосударственные отношения Индии и Китая во второй половине XX — начале XXI в.: 07.00.15 / Дударенок Антон Сергеевич; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. —21с.

Дулов, А. Н. Женщины Советской Беларуси в общественно-политической жизни и материальном производстве (20-е годы XX века): 07.00.02 / Дулов Анатолий Николаевич; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. — 22 с.

Евдокимович, А. Л. Коминтерн и македонское национально-освободительное движение 1920-1929 гг.: 07.00.03 / Евдокимович Андрей Леонидович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. — 21 с.

Ефімовіч, А. В. Рэформа М. М. Мураўёва ў дзяржаўнай вёсцы Беларусі 1857-1862 гг.: 07.00.02 / Ефімовіч Алена Васільеўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2006. — 20 с.

Казлова, С. Л. Аграрная палітыка нямецкіх акупацыйных улад на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі (1941-1944 г.): 07.00.02 / Казлова Святлана Леанідаўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2006. — 22 с.

Каспяровіч, А. М. Сярэдняя спецыяльная адукацыя Савецкай Беларусі ў 20-я г. XX ст.: 07.00.02 / Каспяровіч Аляксандр Мікалаевіч; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2006. — 23 с.

Кашталян, І. С. Штодзённае жыццё беларускага грамадства (1944-1953 г.): 07.00.02 / Кашталян Ірына Сяргееўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2006. — 20 с. (ВАК не прыняў станоўчага рашэння).

Коваль, В. У. Перыядычныя выданні беларускай дыяспары як крыніца па айчыннай гісторыі (1939-1960 гг.): 07.00.09 / Коваль Вольга Уладзіміраўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2006. — 20 с.

Кузюкович, А. П. Движение за здоровый образ жизни в Беларуси в 20-30-е годы XX века: 07.00.02 / Кузюкович Анна Петровна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. — 21с.

Куніцкая, З. А. Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці: стварэнне, структура, дзейнасць: 07.00.02 / Куніцкая Зоя Аляксандраўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2006.         — 20 с.

Кухаренко, В. Н. Хорватская крестьянская партия и крестьянский интернационал (1923-1929 гг.): 07.00.03 / Кухаренко Варвара Николаевна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007. —24 с.

Латушкін, А. М. Нясвіжскі архіў князёў Радзівілаў у канцы XVIII – першай палове XX стст.: 05.25.02 / Латушкін Андрэй Мікалаевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2007. — 23 с.

Латышева, В. А. Население Беларуси по переписям 1897 и 1926 гг.: сравнительный анализ: 07.00.02 / Латышева Виктория Александровна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007. —20 с.

Лашкевіч, С. А. Знешнепалітычная актыўнасць Вялікага княства Літоўскага пасля заключэння Люблінскай уніі (1569-1600 гг.): 07.00.15 / Лашкевіч Сяргей Анатольевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2007. — 24 с.

Лукашанец, С. А. Палітыка польскай дзяржавы ў адносінах да нямецкага насельніцтва ў перыяд інтэграцыі Заходніх земляў (1945-1950): 07.00.03 / Лукашанец Сяргей Аляксандравіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2007. — 21 с.

Любы, А. У. Унутрыпалітычная барацьба ў Вялікім княстве Літоўскім у 30-40-я гг. XV ст.: 07.00.02 / Любы Андрэй Уладзіміравіч; Беларус. дзярж. ун-т.—Мінск, 2006. —16, [3] с.

Ляхоўскі, У. В. Адукацыя на акупіраваных Германіяй беларускіх землях у гады Першай сусветнай вайны (1915-1918): 07.00.02 / Ляхоўскі Уладзімір Віктаравіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2007. — 22 с.

Мурашко, А. И. Жандармская полиция на железных дорогах Беларуси: организация и деятельность (1861-1917 гг.): 07.00.02 / Мурашко Александр Иванович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. — 20 с.

Нікалаева, І. У. Жанчыны Беларусі ў перыяд германскай акупацыі (1941-1944 гг.): 07.00.02 / Нікалаева Ірына Уладзіміраўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2006. — 22 с.

Павловец, Ю. С. Югославско-албанские отношения в условиях формирования советской сферы влияния в Восточной Европе (ноябрь 1944 — ноябрь 1948 гг.): 07.00.03 / Павловец Юрий Сергеевич; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2006. — 22 с.

Пашкевіч, А. В. Парламенцкія формы змагання за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў міжваеннай Польшчы (1921-1930 гг.): 07.00.02 / Пашкевіч Аляксандр Васільевіч; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2006. — 21 с.

Півавар, М. В. Гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 1961-1991 гг.: 07.00.02 / Півавар Мікалай Васільевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2007. — 21с.

Пилипцевич, В. В. Погребальный обряд населения зарубинецкой культуры на территории Беларуси: 07.00.06 / Пилипцевич Виктория Викторовна; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2006. — 20 с.

Поляк, Н. А. Дысідэнцкае пытанне на Беларусі ў кантэксце міжнародных адносін (1660-1768 гг.): 07.00.02 / Поляк Наталля Аляксандраўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2007. — 21 с.

Пракапович, Л. Э. Становление и развитие фабрично-заводской промышленности в Беларуси в XIX в.: 07.00.02 / Пракапович Людмила Эдуардовна; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2006. — 21 с.

Радзюк, А. Р. Канфіскацыя прыватнай уласнасці на Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст.: 07.00.02 / Радзюк Аляксандр Рыгоравіч; Беларус. дзярж. ун-т.—Мінск, 2006.         — 20 с.

Раманоўскі, Р. Г. Удзел Беларусі ў дзейнасці ЮНЕСКА (1984-2001 гг.): 07.00.15 / Раманоўскі Раман Генадзевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2006. — 20 с.

Рыжанкоў, І. М. Сялянства Беларусі ў вырашэнні грамадска-палітычных і эканамічных праблем (сакавік — кастрычнік 1917 г.): 07.00.02 / Рыжанкоў Ігар Міхайлавіч; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2006. — 22 с.

Селиванов, А. В. Сотрудничество Республики Беларусь с международными организациями в формировании национальной системы защиты беженцев: 07.00.15 / Селиванов Андрей Владимирович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007.        —20 с.

Смирнов, А. В. Великобритания и германский вопрос (1945-1954 гг.): 07.00.03 / Смирнов Артем Владимирович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007. — 20 с.

Толочко, Д. М. Беженцы из Польшы в БССР (сентябрь 1939 — июнь 1941 гг.): 07.00.02 / Толочко Дмитрий Михайлович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007. — 22 с.

Тохиян, Т. М. Становление белорусской государственности в 1917-1922 гг. в оценке отечественной историографии: 07.00.09 / Тохиян Татьяна Михайловна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007. — 21с.

Цішчанка, В. В. Вялікакняжацкая ўлада ў структуры органаў дзяржаўнага кіравання ВКЛ у канцы XIV—пачатку XVI ст.: 07.00.02 / Цішчанка Віктар Васільевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2006. — 21 с.

Чарнякевіч, І. С. Гісторыка-этнаграфічнае раянаванне вясельнай абраднасці Беларускага Палесся: 07.00.07 / Чарнякевіч Ірына Сафронаўна; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі. — Мінск, 2006. — 20 с.

Черняк, Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооруженных формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны: 07.00.02 / Черняк Юрий Вячеславович; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2007. — 20 с.

Шевелева, М. В. Процесс палестино-израильского урегулирования (1991-2001 гг.): 07.00.15 / Шевелева Марина Васильевна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2005. — 19 с.

Шылай, В. У. Замагільны свет у лацінскіх сярэднявечных бачаннях: 07.00.03 / Шылай Вольга Уладзіміраўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2006. — 21с.

Падрыхтавала Ніна Камарова

Паміж Усходам і Захадам (нататкі з канферэнцыі) (Генадзь Сагановіч)

Чэрвеня 2, 2009 |

* Поўная назва канферэнцыі — „Беларусь паміж Усходам і Захадам. Ад польска-літоўскай уніі да расійска-савецкай імперыі”.

Здавалася б, гэты выраз столькі разоў паўтараўся, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, што ператварыўся ў зацёрты штамп. Аднак у назве беларуска-нямецкай навуковай канферэнцыі, што адбылася 13-14 сакавіка 2009 г. у Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Рау ў Мінску, ён выглядаў надзіва адэкватным і сутнасным. Акцэнтаванне гэтага „паміж” адпавядала галоўнаму пастулату канферэнцыі, згодна з якім пагранічнасць Беларусі, яе размешчанасць на цывілізацыйным падзеле станавіла ўсю спецыфіку нашай гістарычна-культурнай ідэнтычнасці і прадвызначыла асаблівую складанасць навуковай рэканструкцыі беларускай гісторыі. Невыпадкова ў сціслым канцэптуальным уступе арганізатары згадалі ўражанне нямецкага журналіста Вольфгана Бюшара, які, пехам прайшоўшы адлегласць ад Берліна да Масквы і не па чутках спазнаўшы на сваім шляху кожны край і яго насельнікаў, назваў Беларусь „самай складанай краінай у свеце”.

Адкрылі форум яго арганізатары — праф. Томас Бон (Мюнхенскі універсітэт Людвіга Максіміліяна), якога можна па праву назваць душой гэтай незвычайнай канферэнцыі, праф. Віктар Шадурскі (Беларускі дзяржаўны універсітэт) і д-р Астрыд Зам (Міжнародны адукацыйны цэнтр). Ад імя Фундацыі Герды Хенкель (Дзюсельдорф), якая падтрымала правядзенне сустрэчы, удзельнікаў вітаў Алег Міранчук. За два дні пасяджэнняў планавалася разгледзець вузлавыя праблемы гістарычнага шляху Беларусі ад сярэдзіны ХVI ст. (дакладней, ад Люблінскай уніі, якая паклала пачатак вестэрнізацыі краю) да сучаснай Беларусі як суверэннай дзяржавы.

Асаблівасцям гісторыі беларускага краю як памежнага, этнічна і канфесійна змяшанага рэгіёну ў перыяд даўняй Рэчы Паспалітай было прысвечана першае паседжанне (мадэраваў аўтар гэтай зацемкі). Праца пачалася выступам швейцарскага вучонага д-ра Крыстафа фон Вердта (Christophe von Werdt), — вядомага даследчыка ўсходнееўрапейскай гісторыі, на жаль, яшчэ мала знанага сярод беларускіх навукоўцаў[1]. У дакладзе аб гарадах і гарадскіх абшчынах позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу ён лаканічна паказаў Беларусь як частку Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, на абшарах якой сустракаліся два асноўныя тыпы гарадоў — усходнеславянскі т.зв. замкавы горад (Burgstadt) і мадэль заходнееўрапейскага горада на Магдэбургскім праве. Другі швейцарскі вучоны д-р Штэфан Родэвальд (Stefan Rohdewald) (цяпер — Пасаўскі універсітэт), больш вядомы ў Беларусі (прынамсі шэрагам беларускамоўных публікацый і як аўтар грунтоўнага скразнога даследавання гісторыі Полацка[2]), таксама ўдала прадэманстраваў спецыфіку рэгіёна, паказаўшы ўплыў культу полацкага уніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча на канфесійныя практыкі і канцэпты ідэнтычнасці ў русінскіх землях Рэчы Паспалітай. У рэфераце Вольгі Лазоркінай былі змястоўна ахарактарызаваны перыпетыі палітычна-дыпламатычных адносінаў Рэчы Паспалітай з нямецкімі дзяржавамі ў ХVІІ ст.

На другім паседжанні (кіраваў Захар Шыбека), прысвечаным праблемам беларускай гісторыі перыяду Расійскай імперыі, жывую дыскусію шэрагам контраверсійных тэзаў выклікаў даклад Валера Булгакава „Расійская імперыя—калыска беларускага нацыяналізму?”. У прыватнасці, спробы абвясціць канструяванне Беларусі гэтакім know how заходнерусізму і найперш М. Каяловіча выглядалі непераканальна. Зрэшты, прэзентаваныя на панэлі погляды аўтара на беларускі нацыяналізм збольшага вядомыя навуковай грамадскасці па яго яшчэ дастаткова свежай кнізе[3], што таксама не засталася без крытычнай увагі чытачоў. У працяг тэмы Аляксандр Ціхаміраў у выступе „Беларусь паміж Расіяй, Польшчай і Нямеччынай (1863-1916)” засяродзіўся на праблемах развіцця беларускага нацыянальнага руху ад антырасійскага паўстання да нямецкай акупацыі часоў I сусветнай вайны і першага абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту (БНР).

Прадметам увагі наступнага паседжання, якім кіраваў Кузьма Казак, быў досвед сталінізму і нацыянал-сацыялізму ў беларускім мінулым. Прынцыпова істотным тут стала само параўнанне двух таталітарызмаў, дагэтуль катэгарычна недапушчальнае ў афіцыйным дыскурсе ў Беларусі. Малады даследчык Аляксандр Фрыдман, дарэчы, нядаўні выпускнік гістфака БДУ, які цяпер працуе ва універсітэце Саарбрукена, прэзентаваў даклад аб уяўленнях беларускіх яўрэяў пра Нямеччыну ў міжваенны перыяд. У прыватнасці, ён паказаў, што не без уплыву савецкай прапаганды мясцовыя яўрэі мелі пераважна пазітыўную візію Райху, таму ў 1941 г. не ўцякалі з Беларусі, чым і прадвызначылі свой лёс. Наступны выступоўца нямецкі гісторык д-р Аляксандр Бракель (Brakel) з Майнца на прыкладзе Баранавіцкай акругі разгледзеў досыць далікатную па сёння тэму ўзаемаадносінаў савецкіх партызанаў з цывільным насельніцтвам. Вось жа практыкай ускладання непамерных цяжараў на мясцовых жыхароў, як і прыкладамі жорсткага абыходжання з імі, савецкія партызаны мала адрозніваліся ад нямецкіх акупантаў. У дакладзе Аляксандра Далгоўскага (Мюнхен) аб прымусовай працы беларусаў у сістэме нацыянал-сацыялізму і сталінізму, заснаваным найперш на выкарыстанні вусных успамінаў (oral history), таксама выявілася прынцыповае падабенства абодвух рэжымаў у арганізацыі максімальнай эксплуатацыі насельніцтва.

Грамадска-палітычныя працэсы ў пасляваеннай Беларусі разглядаліся на чацвёртай панэлі, якой кіраваў Дзмітры Крывашэй. Маладая беларуская даследчыца Ірына Кашталян прэзентавала вынікі свайго вывучэння саветызацыі Заходняй Беларусі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, якую яна паспрабавала паказаць праз перспектыву бачання „маленькіх людзей” (даследаванне ажыццяўляецца таксама ў парадыгме oral history i гісторыі штодзённасці). Прадметам увагі Райка Айнакса (Rayk Einax) з Енскага універсітэта стала жорсткая рэлігійная палітыка ў БССР у часы Хрушчова. У насычаным канкрэтнай фактурай дакладзе „Барацьба супраць царквы і непакора” гісторык разгледзеў як метады барацьбы савецкай улады з царквой, так і наступствы той антыцаркоўнай кампаніі.

Напрыканцы першага дня працы форуму ў рамках канферэнцыі адбылася адметная дыскусія пра Мінск як „узорны горад сацыялізму” з уводным рэфератам Томаса Бона і прэзентацыяй яго новай кнігі, прысвечанай гэтай тэме („Minsk – Muster Stadt des Sozialismus”, Böhlau Verlag, 2008). Меркаваннямі пра спецыфіку беларускай урбанізацыі, між іншага, падзяліліся Захар Шыбека, Фелікс Акерман (Ackermann) і Сяргей Харэўскі.

На другі дзень тэмай асобнага, пятага пасяджэння сталі трансфармацыйныя працэсы ў сучаснай Беларусі (мадэраваў Віктар Астрога). Даклад згаданага вышэй Фелікса Акермана (Франкфурт-на-Одэры) „Унутраная міграцыя і міжэтнічныя адносіны” датычыў дэмаграфічна-этнічных пераменаў у пасляваеннай Горадні. Нямецкі вучоны паказаў, у выніку якіх працэсаў Горадня з пераважна польска-яўрэйскім насельніцтвам ператварылася ў савецка-беларускі, хоць моцна зрусіфікаваны горад. Значэнне нефармальных асабістых сувязяў у штодзённым жыцці савецкіх беларусаў (па-простаму—„блату”) разглядалася ў дакладзе Елізаветы Сляповіч (Мюнхен) („Сацыяльныя сувязі ў паваеннай БССР”). А вядомы мастак, заснавальнік і рэдактар слыннага часопіса „Партызан” Артур Клінаў гаварыў пра „рэвалюцыю”, якую перажывае беларуская культура ў апошнія дзесяцігоддзі, і пра тыя цяжкасці, што замінаюць беларускамоўным творцам даносіць сваё мастацтва да шырокай грамадскасці.

Шостае паседжанне было прысвечана наступствам Чарнобыльскай катастрофы для Беларусі. Кіруючы ім, праф. Томас Бон прадставіў калектыўны праект „Палітыка і грамадства пасля Чарнобыля” (Патсдам – Мюнхен), падтрыманы фундацыяй Фольксваген. Філосаф Андрэй Сцяпанаў аналізаваў, як кіраўніцтва БССР дазавала інфармацыю (а фактычна—дэзінфармавала народ) адносна рэальнай радыяцыйнай сітуацыі ды стрымлівала насельніцтва краіны ў новых умовах нарастальнай галоснасці і дэмакратызаці (Чарнобыльская палітыка ў перыяд перабудовы: 1986-1989″), а Мелані Арндт (Melanie Arndt) з Патсдама гаварыла пра тое, якім штуршком аказалася катастрофа для з’яўлення пратэстных настрояў, развіцця палітычных і экалагічных рухаў у рэспубліках былога СССР („Палітыка і грамадства пасля Чарнобыля”). Даследчыца акцэнтавала ўвагу, наколькі палітызаванай застаецца чарнобыльская тэма ў Беларусі да гэтага часу. Змястоўным каментаром дакладчыкаў дапоўніла Астрыд Зам, — аўтар аднаго з першых спецыяльных даследаванняў уплыву аварыі Чарнобыльскай АЭС на палітычныя і грамадскія трансфармацыі ў Беларусі і Ўкраіне[4], якая даўно звязала свой лёс з пераадоленнем гуманітарных наступстваў катастрофы ў нашай краіне.

На апошняй панэлі, што сабрала поўную аўдыторыю слухачоў, разглядалася беларуская трасянка. Вядучы Сяргей Запрудскі сам вось ужо некалькі гадоў разам з нямецкім славістам праф. Г. Генчэлем (Hentschel) удзельнічае ў калектыўным даследчыцкім праекце (Ольдэнбургскі універсітэт), прысвечаным вывучэнню гэтай складанай моўнай з’явы. У дакладах маладых даcледчыц з Ольдэнбурга Святланы Тэш «Трасянка — „змешаны беларуска-рускі хаос” ці новая мова?» і Дыяны Лінднэр (Lindner) „Моўная сітуацыя ў Беларусі. Першасныя вынікі даследавання” прэзентаваўся фактычна плён гэтай супольнай працы. Цікава, што ў апошнім вынікі эмпірычнага вывучэння моўнай сітуацыі ў сацыялагічным аспекце, хоць яны сапраўды першасныя (грунтуюцца на апрацоўцы ўсяго толькі 1400 анкет з 7 гарадоў краіны), засведчылі высокую сімвалічную значнасць роднай мовы і разам з гэтым узрастанне прызнання трасянкі як самастойнай мовы. Са змястоўным каментаром адносна агульнага становішча беларускай мовы ў цяперашняй Беларусі выступіла Сюзана Гольц (Golz) з Енскага універсітэта, а завяршылася пасяджэнне жывой дыскусіяй з удзелам як вядомых мовазнаўцаў (Ніна Мячкоўская), так і неабазнаных прысутных, неабыякавых да моўнай сітуацыі ў Беларусі.

Як і прынята, заключнае пасяджэнне было аддадзена падвядзенню вынікаў канферэнцыі (мадэраваў праф. Віктар Шадурскі). Упісваючыся ў яго, дэкан гістфака БДУ Сяргей Ходзін выступіў з дакладам „Сучасныя тэндэнцыі гістарычнай адукацыі і гістарычнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь”, расказаўшы, што праўда, пераважна пра гісторыю найстарэйшага гуманітарнага факультэта краіны ды актуальнае становішча з навучаннем гісторыі ў БДУ, якое выглядала надзіва беспраблемна. Удзельнікі форуму, задаволеныя яго вынікамі, абмяняліся думкамі наконт перспектывы супрацоўніцтва нямецкіх і беларускіх гуманітарыяў. Можна без перабольшвання сказаць, што вучоныя з нямецкамоўнай часткі Еўропы моцна ўразілі беларускіх калег і сваёй колькасцю (мала хто ўяўляў, што там столькі маладых навукоўцаў заангажавана ў вывучэнне Беларусі), і асабліва ўзроўнем прэзентаваных дакладаў.

Сімвалічна, што і пасля афіцыйнага закрыцця канферэнцыі зала доўга не пусцела — навукоўцы працягвалі прыватныя размовы, пра нешта дамаўляліся, усталёўвалі персанальныя кантакты. У гэтым — найлепшае сведчанне поспеху канферэнцыі і падстава спадзяванняў на плённае развіццё запачаткаванай супрацы.

Генадзь Сагановіч


[1] Даводзіцца прызнаць, што ў айчыннай гуманістыцы да гэтагачасу заставаліся фактычна непрыкмечанымі яго публікацыі,датычныя і Беларусі. У прыватнасці, гл.: Christophe v. Werdt.Stadt und Gemeindebildung in Ruthenien. Okzidentalisierungder Ukraine und Weißrusslands im Spätmittelalter und in derfrühen Neuzeit / Forschungen zur osteuropäischen Geschichte.Vol. 66. Wiesbaden: Harrassowitz, 2006.
[2] Rohdewald S. „Vom Polocker Venedig”. Kollektives Handelnsozialer Gruppen einer Stadt zwischen Ost- und Mitteleuropa(Mittelalter, frühe Neuzeit, 19. Jh. bis 1914). Stuttgart, 2005.
[3] Булгаков В. История белорусского национализма. Вильнюс, 2006 (на беларускай мове — 2007).
[4] Sahm A. Transformation im Schatten von Tschernobyl. Umwelt-und Energiepolitik im gesellschaftlichen Wandel von Belarus und Ukraine / Studien zu Konflikt und Kooperation im Osten. Bd. 7. Hg. von E. Jahn. Mьnster — Hamburg — London, 1999.

Выданні, атрыманыя рэдакцыяй

Чэрвеня 1, 2009 |

Варонін, Васіль А. Рэестр путных баяр Полацкага ваяводства 1585 года. Мінск: РІВШ, 2009.

Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680-1682 гг. : Зборнік дакументаў / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. Мінск: І. П. Логвінаў, 2009.

Галенчанка, Георгій Я. Невядомыя і малавядомыя помнікі духоўнай спадчыны і культурных сувязей Беларусі ХV – сярэдзіны ХVІІ ст. Мінск: Беларуская навука 2008.

Гардзіенка, Алег. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). Смаленск 2009.

Голубеў, Валянцін. Сельская абшчына ў Беларусі ХVІ -ХVІІІ стст. Мінск: Беларуская навука 2008.

Зашкільняк, Леонід. Сучасна світова історіографія. Посібник для студентів історичних спеціальностей університетів. Львів: ПАІС, 2007.

Криволап Алексей, Матусевич Елена. Культурная идентичность в контексте Пограничья.

Конструирование белорусского медиа-ландшафта: FM-радио. Вильнюс: ЕГУ, 2008.

Образ іншого в сусідніх історіях: міфи, стереотипи, наукові інтерпретаціï. Матеріали міжнародноï науковоï конференціï. Киïв, 15-16 грудня 2005 р. Киïв 2008.

Современные учебники истории на Южном Кавказе. Под ред. Л. Веселого. Прага: АМО, 2009.

Темушев, Виктор Н. Гомельская земля в конце XV— первой половине XVI в. Территориальные трансформации в пограничном регионе. Москва: Квадрига, 2009.

Шыбека, Захар В. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый. Вільня: ЕГУ, 2009.

Яковенко, Наталя. Вступ до історіï. Киïв: Критика, 2007.

Bohn, Thomas M. Minsk — Muster Stadt des Sozialismus. Stadtplanung und Urbanisierung in der Sowjetunion nach 1945. Köln – Weimar – Wien, Böhlau Verlag 2008.

Kirkiene, Genute. LDK politicos elito galingieji: Chodkevičiai XV-XVI amžiuje. Vilnius: Vilniaus universiteto leidykla, 2008.

Kupisz, Dariusz. Wojska powiatowe samorządów Małopolski i Rusi Czerwonej w latach 1572-1717. Lublin: UMCS, 2008.

Litwin, Henryk. Równi do równych. Kijowska reprezentacja sejmowa 1569-1648. Warszawa: DiG, 2009.

Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Województwo mścisławskie 1667 r. Opracował A. Rachuba. Warszawa: DiG, 2008.

Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Województwo smoleńskie 1650 r. Pod red. Andrzeja Rachuby. Opracowali St. Dumin i A. Rachuba. Warszawa: DiG, 2009.

Nad społeczeństwem staropolskim. T.1. Kultura -Instytucje – Gospodarka w XVI-XVIII st. Pod red. К Łopateckiego i W. Walczaka. Białystok 2007.

Rachuba Andrzej, Kiaupienė Jūratė, Kiaupa Zigmantas. Historia Litwy. Dwugłos polsko-litewski. Warszawa: DiG, 2008.

Społeczeństwo staropolskie. Seria Nowa. T.1. Red. nacz. A. Karpiński. Warszawa 2008.

Studia historyczno-prawne. Księga poświęcona pamięci Profesora Jana Seredyki. Pod red. Wі. Koczorowskiego. Opole 2008.

350-lecie Unii hadziackiej (1658-2008) / pod red. T. Hynczewskiej-Hennel, P. Krolla i M. Nagielskiego. Warszawa: DiG, 2008.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. II. Województwo trockie, XIV—XVIII wiek. Pod red. Andrzeja Rachuby. Opracowali H. Lulewicz, A. Rachuba, P. P. Romaniuk, A. Haratym przy współpracy A. Macuka i J. Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009.

Ab Imperio. 2008, №1-4; 2009, №1.

Commentarii Polocenses Historici. T. 3 (2006)

Hansische Geschichtsblätter. 126. Jahrgang (2008).

Kwartalnik Historyczny. 2008, nr. 1-4; 2009, nr. 1.

Przegląd Wschodni. T. X, Z.1 (37), Z.2 (38)

Studia Interkulturowe Europy Środkowo-Wschodniej. T.1 (2007), 2 (2008).

Zapiski Historyczne. 2007, nr. 1-4, Suplement; 2008, nr. 1, 2-3, Suplement.

Галоўная » Архіў катэгорыі '2009 Т.16 Сш. 1'